Новы нумар

Галоўная » Запісы па тэме 'Гiстарыяграфiя'

Артыкулы па тэме ‘Гiстарыяграфiя’

Studia z dziejów Europy Wschodniej. Księga pamiątkowa dedykowana Profesorowi Arturowi Kijasowi w 70 rocznicę urodzin. Poznań, 2010 (Марцэлі Косман)

Снежня 9, 2010 |

Studia z dziejow Europy Wschodniej. Księga pamiątkowa dedykowana Profesorowi ARTUROWI KIJASOWI w 70 rocznicę urodzin / Pod redakcją GRZEGORZA BŁASZCZYKA i PIOTRA KRASZEWSKIEGO. Poznań: Wydawnictwo Poznań skiego Towa rzys twa Przyjacioł Nauk, 2010. 507 s.

Артур Кіяс замыкае спіс вучняў вялікага польскага медыявіста Генрыка Лаўмяньскага (1896–1984), звязанага з Віленскім універсітэтам, а з 1945 г. і да канца жыцця — з Познаньскім універсітэтам, якія атрымалі прафесарскія тытулы (апрача яго, такімі вучнямі, у храналагічнай паслядоўнасці, былі Ежы Ахманьскі, Марцэлі Косман, Станіслаў Александровіч і Марыя Барбара Тапольская). Усе яны, ідучы даваеннымі сцежкамі Майстра, зрабілі вялікі ўнёсак у вывучэнне гісторыі Літвы і Беларусі. Аўтарамі каштоўных доктарскіх дысертацый былі наступныя пяць вучняў Лаўмяньскага, сярод якіх двое займаліся падзеямі на тым самым абшары ў канцы Сярэднявечча — пачатку Новага часу.

Артур Кіяс пачаў займацца гісторыяй у 1965 г. з напісання магістарскай працы пад назвай „Справа Антонія Тызенгаўза ў свядомасці шляхецкіх мемуарыстаў”. Ступень доктара навук ён атрымаў у 1971 г. на аснове дысертацыі „Уласная гаспадарка феадала на Вялікай Русі ў XIV–XVI ст.”, а доктара габілітаванага — у 1983 г., абараніўшы дысертацыю пад назвай „Маянтковая сістэма ў Маскоўскай дзяржаве ў XV — першай палове XVI ст.”. Экстраардынарным прафесарам А. Кіяс зрабіўся ў 1994 г., ардынарным — у 2005 г. на падставе багатага навуковага даробку, які ўключае ў сябе больш як 200 публікацый, у тым ліку шэсць манаграфій — гэта, апрача вышэйпералічаных, „Палякі ў Казахстане”, „Палякі ў Расіі з XVII ст. да 1917 г. Біяграфічны слоўнік”, „Пецярбург — паштоўкі з гісторыі горада”, а таксама „Палякі ў Харкаўскім універсітэце ў 1805–1917 г.”. Тэматыка яго прац ахоплівае перш за ўсё часы ад Сярэднявечча да сучаснасці, а з тэрытарыяльнага пункту гледжання першае месца ў іх займае Усходняя Еўропа — Расійская імперыя і Беларусь, Украіна, Літва. Пра спадчыну даследчыка красамоўна гаворыць пералік яго публікацый за 1969–2010 г., які адкрывае кнігу. Ён налічвае 203 пазіцыі, але гэтая лічба падвоілася б, калі б асобна былі ўлічаны энцыклапедычныя артыкулы (а іх было шмат), залічаныя пад адным нумарам: напрыклад, 24 артыкулы пад № 16 (у 5-м томе фундаментальнага „Слоўніка славянскіх старажытнасцяў”), 28 артыкулаў пад № 27 (6-ы том таго ж слоўніка) ці 190 артыкулаў у „Лексіконе сусветнай гісторыі” (№ 118).

У напісанні зборніка ўдзельнічалі 32 аўтары, а амаль усе змешчаныя ў ім працы датычаць усходніх суседзяў Польшчы. Том адкрывае гістарыяграфічны тэкст, прысвечаны дыскусіі пра феадалізм у даўнейшай Маскоўскай дзяржаве і Вялікім Княстве Літоўскім. Чарговыя аўтары пішуць пра Наўгародскую феадальную рэспубліку ў XII ст. як „твор мастацтва”, легенду пра рымскае паходжанне ліцвінаў („Падарожжа Палямона і яго сыноў па Літве”), генеалогію ўвекавечанага ў „Патопе” Генрыка Сянкевіча роду Білевічаў, кнігі „Літоўскай метрыкі” як крыніцу па эканамічнай дзейнаскі каралевы Боны на Беларусі. Эпоху Рэчы Паспалітай замыкаюць тры тэксты, прысвечаныя дыпламатыі ў польска-расійскіх узаемаадносінах у часы Аляксея Міхайлавіча, а таксама ваеннай і эканамічнай разведцы на паўднёвым усходзе ў часы Станіслава Аўгуста.

Наступныя аўтары даследуюць XIX ст. — артыкулы асвятляюць культуратворчую ролю Вільні і Крамянца пасля заняпаду Рэчы Паспалітай, гісторыю палякаў у Баку, выдавецкія справы, праблемы верацярпімасці ў Санкт-Пецярбургу, працэсы эміграцыі з заходніх губерняў Расійскай імперыі ў Каралеўства Польскае пасля 1864 г., а таксама развіццё сістэмы адукацыі з XIV да канца XX ст. („Паміж Усходам і Захадам. Этапы раз-віцця асветы на Беларусі ў канфесійным і нацыянальным кантэкстах да 1991 г.”). Аўтар (Лешак Заштаўт) вылучае на працягу шасці стагоддзяў шэраг этапаў, пачынаючы з часоў канкурэнцыі паміж Вялікім Княствам Маскоўскім і Вялікім Княствам Літоўскім (потым Рэччу Паспалітай і Расіяй) аж да сучаснай эпохі. Зразумела, што ў рамках артыкула ён здолеў закрануць толькі асобныя пытанні і выкарыстаць толькі частку даступнай літаратуры. Сама ж тэма вымагае напісання грунтоўнай манаграфіі. Гэта дазволіла б паглыбіць праведзены аналіз, а таксама праверыць высновы наконт XVI ст. (роля Рэфармацыі) і далей, аж да цяперашняга часу. Працытуем адну з фінальных заўваг, якая адносіцца да нядаўняй мінуўшчыны і падтрымана думкай іншага даследчыка (Р. Радзіка): „Прыняцце расійскіх асабовых узораў і пашырэнне на Беларусі расійскай тоеснасці ў спалучэнні з даўняй гістарычнай традыцыяй усходняга хрысціянства, непрыхільнага ці адкрыта варожага да заходнееўрапейскай традыцыі, прывялі да таго, што беларуская тоеснасць — нягледзячы на фармальнае здабыццё незалежнасці ў 1991 годзе — па-ранейшаму знаходзіцца на перыферыі як палітычнага, так і культурнага поля” (192).

Цытаваны даследчык разважае над тым, у якім кірунку пойдуць перамены ў беларускай асвеце. Свае аптымістычныя надзеі ён асцярожна звязвае з нацыянальным адраджэннем, якое надыдзе пасля здабыцця дзяржаўнасці (беларусізацыя прозвішчаў, назваў адміністрацыйных пасад, рост ролі нацыянальнай мовы ў СМІ і літаратуры, а таксама яе дамінаванне ў адукацыі). Свае высновы ён завяршае пытаннем: „Ці паспрыяе гэта крышталізацыі і ўзмацненню беларускай нацыянальнай самасвядомасці так, як гэта адбылося ва Украіне? Пакуль што гэтае пытанне даводзіцца пакінуць без адказу”.

Палову аб’ёму кнігі займае XX стагоддзе.

Артыкулы, якія грунтуюцца на архіўных матэрыялах, прысвечаны пецярбургскаму перыяду ў біяграфіі знакамітага класічнага філолага Тадэвуша Зяліньскага, віленскаму аддзяленню Расійскага Імператарскага таварыства рыбагадоўлі і рыбалоўства, паасобным палітычным фігурам і падзеям. Апошнія даследаванні прысвечаны найноўшай гісторыі. Да іх належаць цікавыя развагі Анджэя Хвальбы наконт унутры- і знешнепалітычнай праграмы Міхаіла Гарбачова, яе ўвасаблення на практыцы і думкі, якая склалася пра гэтага палітыка ў былым СССР і за яго межамі. Сінтэтычны характар, грунтоўна падмацаваны статыстычнымі дадзенымі, мае даследаванне Уладзіміра Банусяка пра польска-расійскія эканамічныя ўзаемаадносіны ў 1992–2009 г. Анджэй Банусяк — таксама пры дапамозе грунтоўнай дакументальнай базы, пазычанай у інтэрнэце, — характарызуе сучасныя польскія асяродкі ў Расіі. Марэк Фігура, спыняючыся над палітычнымі дылемамі Кіева ў 2004–2010 г. („Украіна паміж Усходам і Захадам”), так завяршае свае развагі гістарычна-паліталагічнага характару: „У сярэдзіне 2010 г. можна <…> чакаць далейшага паглыблення ўкраінска-расійскага супрацоўніцтва, якое пацягне за сабой павелічэнне прысутнасці расійскага капіталу ва Украіне, аднак тое, як у канчатковым выніку складуцца ўзаемаадносіны паміж Украінай і Расіяй, надалей застаецца адкрытым пытаннем. На форму ж гэтых узаемаадносін можа аказаць свой уплыў і Еўрапейскі Саюз, які не павінен праяўляць абыякавасці да таго, што адбываецца ў яго найбліжэйшых суседзяў” (392).

Прэзентацыю каштоўнага зборніка, прысвечанага заслужанаму даследчыку гісторыі ўсходніх суседзяў Польшчы ў мінулым тысячагоддзі, завяршу высновай пра значэнне падобных памятных кніг для гістарыяграфіі. Значная іх частка дзякуючы ўдзелу ў іх напісанні знаўцаў мінуўшчыны займае трывалае месца ў навуковай літаратуры, асабліва калі такія выданні маюць профільны характар і ўносяць шмат новага з пункту гледжання як аналізу, так і сінтэзу. Зборнік „Даследаванні па гісторыі Усходняй Еўропы” несумненна належыць да такіх выданняў. Ён з’яўляецца пераканальным сведчаннем даследчай актыўнасці Познані і іншых польскіх навуковых цэнтраў гэтага профілю.

Познань

Марцэлі Косман

Między Odrą a Uralem. Księga dedykowana Profesorowi Władysławowi Andrzejowi Serczykowi. Rzeszów, 2010 (Марцэлі Косман)

Снежня 8, 2010 |

Między Odrą a Uralem. Księga dedykowana Profesorowi WŁADYSŁAWOWI ANDRZEJOWI SERCZYKOWI / Pod redakcją WACŁAWA WIERZBIEŃCA. Rzeszow: Wydawnictwo Uniwersytetu Rzeszowskiego, 2010. 599 s.

Прафесар Уладыслаў Анджэй Сэрчык — адна з найбольш выдатных постацяў сярод сучасных польскіх гісторыкаў. Паўднёва-ўсходнімі абшарамі першай Рэчы Паспалітай ён займаўся ад пачатку сваёй навуковай дзейнасці — пачынаючы з кандыдацкай („Магнацкая гаспадарка ў Падольскім ваяводстве ў другой палове XVIII ст.”) і доктарскай (на тэму „каліеўшчыны”) дысертацый. Перад шырокім колам чытачоў — прыхільнікаў гістарычнай трылогіі Генрыка Сянкевіча — У. А. Сэрчык паўстаў як аўтар выдатна напісаных кніжак пра казацкія паўстанні („На далёкай Украіне”, „На палаючай Украіне”), а таксама як навуковы кансультант знакамітага фільма „Агнём і мячом” у пастаноўцы Ежы Хофмана. Трывалае месца ў гістарыяграфіі заняла яго „Гісторыя Украіны”, выпушчаная ў вядомай серыі выдавецтва „Ossolineum”, перавыданні якой былі пашыраны і дапоўнены. Увогуле У. А. Сэрчык апублікаваў 38 кніг, 130 навуковых артыкулаў і амаль 240 газетных, а так-сама каля 100 рэцэнзій.

15 гадоў таму выйшаў з друку памятны зборнік, прысвечаны 60-годдзю з дня нараджэння навукоўца, пад назвай „З гісторыі Цэнтральнай і Усходняй Еўропы”[1]. У яго напісанні ўдзельнічалі 34 аўтары. У кнізе, з якой мы знаёмім сёння і якая ўвекавечвае 75-годдзе з дня нараджэння вучонага і 50-годдзе яго навуковай працы, змешчаны тэксты 44 даследчыкаў — пераважна з жэшаўскага асяроддзя, а ў папярэднім зборніку рэй вяло беластоцкае: У. А. Сэрчык быў тады рэктарам тамтэйшага ўніверсітэта. Тэрытарыяльна першае месца ў новай кнізе займае Украіна, за ёй ідзе Беларусь; храналагічна ж пераважаюць тэксты, што датычаць XVI–XX ст. і апісваюць тагачасныя падзеі ў палітычным, культурным і эканамічным аспекце.

Пётр Урускі разглядае адгалоскі Уладзіміравага хрышчэння Русі ў старажытнарускіх крыніцах, тонкі знаўца царкоўных справаў Антон Мірановіч асвятляе пытанні, звязаныя з заснаваннем Тураўскай епархіі на Палессі. На шырокім сацыяльным фоне аналізуе паняцце уніі ў старапольскія часы знакаміты даследчык гісторыі дзяржавы і права Станіслаў Градзіскі. Наступныя аўтары пішуць пра каралеўскі прывілей для Трамбоўлі, пра няпростыя дылемы, што паўставалі перад Багданам Хмяльніцкім як дзяржаўным дзеячам, пра дыпламатычныя дасягненні Станіслава Бянеўскага. Пётр Борак, дасведчаны выдавец і каментатар літаратурных крыніц XVII ст., аддае сваю ўвагу паэзіі Яна Белабоцкага, а Тэрэза Хінчэўская-Хенэль — „Гісторыі грамадзянскіх войнаў у Польшчы” Альберта Віміна (1603–1667). Даследаванне, прысвечанае адлюстраванню казацкай і ўкраінскай тэматыкі ў польскім жывапісе — „Паміж эпапеяй, вяшчунствам і думкай”, — адзінае ў томе суправаджаецца ілюстрацыямі, неад’емнай часткай артыкула.

У XVIII ст. нас уводзіць артыкул пра Замойскі сі-нод 1720 г. (на гэтым прыкладзе паказваецца працэс лацінізацыі ўніятаў), потым — крыніцазнаўчы нарыс пра польска-ўкраінска-армянскія ўзаемаадносіны на Падоллі (дакументацыя ў выглядзе табліц), а завяршае гэты раздзел невялікі артыкул пра сялянскую гаспадарку ў касцельных уладаннях Браслаўскага дэканата.

Шэсць тэкстаў датычаць XIX ст., асабліва прафесараў і студэнтаў польскіх ды ўкраінскіх універсітэтаў Расійскай імперыі. Але хацеў бы звярнуць увагу на эсэ Януша Тазбіра „Штодзённае жыццё ў сялянскіх хатах”. Аўтар з характэрнай для сябе эрудыцыяй дае ацэнку такім розным паводле сваёй выразнасці крыніцам, прысвечаным ладу жыцця на вёсцы, узаемаадносінам паміж жыхарамі хат і памешчыкамі, якія ў сваіх мемуарах малявалі іх ледзьве не ідылічна. Падобную выснову я зрабіў, слухаючы выступленні былых шляхцічаў (праўда, не ўсе яны былі такія абмежаваныя) на навуковых канферэнцыях — яны жылі ў сваіх дварах, не бачачы навакольнай бяды. І самі за гэта пад час Другой сусветнай вайны паплаціліся. У апошнім сказе аўтар прапануе, каб у шляхецкіх музеях поруч з экспазіцыямі палацавай аздобы „знайшлося месца хоць бы для адной сялянскай хаты”.

Палова тэкстаў датычаць XX ст. (апошнія нават першага дзесяцігоддзя нашага стагоддзя) — гістарычнай традыцыі (у прыватнасці, святкавання 500-годдзя Грунвальдскай бітвы ў Кракаве, у якім актыўна ўдзельнічаў памянёны продак юбіляра, ці расійскіх урачыстацяў з нагоды стагоддзя бітвы пад Барадзіном), Першай сусветнай вайны і часоў міжваеннай Польшчы. Тэкст пра дзяржаўную прыналежнасць Вільні ў 1918–1920 г. уяўляе сабой цікавы ўнёсак у асвятленне так званай справы генерала Жалігоўскага. Сінтэтычны характар мае нарыс пра незалежную Украіну (1989–2009), які дапаўняе артыкул пра яе Вярхоўную Раду. Завяршаюць кнігу нататкі пра сучасную эміграцыю.

Гэты каштоўны том утрымлівае сінтэтычныя ацэнкі выбраных фрагментаў перш за ўсё гісторыі Украіны і Беларусі, а таксама шматлікія пазнавальныя аналітычныя тэксты, якія з’яўляюцца каштоўным унёскам у даследаванні мінуўшчыны і сучаснасці гэтых краін.

Познань

Марцэлі Косман


[1] Z dziejow Europy środkowo-wschodniej. Białystok, 1995. 424 s.

Публікацыі па гісторыі ў часопісах Беларусі за 2009 г. (Яўген Глінскі)

Лістапада 28, 2010 |

БГА адкрывае рубрыкуАгляд перыёдыкаў”, у якой будуць рэгулярна анатавацца часопісныя артыкулы і паведамленні па гісторыі Беларусі. У першым выпуску агляд абмежаваны айчыннымі выданнямі, у наступных плануецца змяшчаць анатацыі і на публікацыі ў замежных часопісах.

Беларускі гістарычны часопіс

„Беларускі гістарычны часопіс” выдаецца з 1993 г. і выходзіць штомесячна. Што часопіс уяўляе сабою аўтарытэтнае выданне, вынікае хаця б з пераліку яго заснавальнікаў, сярод якіх Міністэрства адукацыі, Інстытут гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук, Беларускае таварыства „Веды”. Пазіцыянуецца як „навуковы, навукова-метадычны ілюстраваны часопіс”, г. зн., акрамя ўласна гістарычных тэкстаў, у гэтым перыёдыку друкуюцца таксама артыкулы па методыцы выкладання гісторыі, матэрыялы да ўрокаў і г. д. Наколькі гэта мэтазгодна, улічваючы наяўнасць спецыялізаванага выдання „Гісторыя: праблемы выкладання”, сказаць складана. Што датычыцца „гістарычнай часткі”, то ў ёй немалое месца аддаецца пад матэрыялы, прысвечаныя юбілейным і іншым памятным датам, жыццю і дзейнасці асобных вядомых беларускіх гісторыкаў (матэрыялы пра апошніх, таксама як і рэцэнзіі, за рэдкім выняткам, аглядацца не будуць). Змест асобных нумароў дастаткова разнастайны. Хоць часопіс не выстаўляе нейкіх абмежаванняў наконт геаграфічнага і храналагічнага ахопу тэматыкі матэрыялаў, відавочна, што абсалютная большасць артыкулаў прысвечана гісторыі Беларусі, а ўсеагульная гісторыя рэпрэзентавана невялікай колькасцю прац, што ў цэлым адпавядае структуры беларускай гістарычнай навукі. Куды больш дзіўна выглядае таксама нідзе не дэклараваная, але відавочная перавага артыкулаў пра XIX–XX ст. над артыкуламі ранейшай па часе тэматыкі. Зрэшты, не выключана, што гэта проста супадзенне. Апошняе па парадку, але не апошняе па значнасці, што трэба сказаць агулам пра БГЧ: што часопіс уключаны ВАКам у пералік выданняў для апублікавання вынікаў дысертацыйных даследаванняў.

2009

Першы нумар распачынаецца публікацыяй трох дакладаў, звязаных з 90-годдзем утварэння ССРБ. Аднак выступленні тагачаснага старшыні Прэзідыума НАН Беларусі Міхаіла Мясніковіча і міністра адукацыі Аляксандра Радзькова — гэта хутчэй развагі на тэму гісторыі Беларусі. Іншая справа з артыкулам Міхаіла Касцюка („Сацыялістычная Савецкая Рэспубліка Беларусі: узаемаадносіны з суседзямі на пачатковым этапе існавання”). У ім разглядаюцца ўзаемаадносіны ССРБ з іншымі савецкімі рэспублікамі — Расіяй, Літвой, Укра-інай. Адзначаецца, што аб’яднанне савецкіх рэспублік Беларусі і Літвы планавалася ў Маскве яшчэ ў 1918 г., да абвяшчэння ССРБ.

Артыкул Наталлі Маліноўскай-Франке („Станіслаў Жукоўскі і яго творчасць, прысвечаная родным мясцінам”) распавядае пра мас така, адной з цэнтральных тэмаў творчасці якога было адлюстраванне прыроды захаду Беларусі. Нарэшце, Уладзімір Паўлаў („Беларусы ў французскім руху Су пра ціўлення”) апісвае шмат-лікія выпадкі — і цяпер яшчэ малавядомыя — змагання беларусаў у французскім руху Супраціву.

Другі нумар атрымаўся, можа быць, самым цэласным у 2009 г. Але адбылося гэта, відаць, цалкам выпадкова і было звязана з тэмамі артыкулаў. Так, Аляксандр Груша ў матэрыяле „Credo quia veru: аб прычыне адсутнасці пісьменнасці ў варварскім грамадстве (метадалагічны аспект)” паспрабаваў адаптаваць набыткі т. зв. гісторыка-антрапалагічнага падыходу, перадусім аб структурным значэнні для „варварскага” грамадства такіх з’яваў, як дар, пір, гасціннасць, групавая салідарнасць. Напрыклад, сцвярджаецца, што паходы літоўскіх плямёнаў у XII–XIII ст. былі абумоўлены не столькі „першапачатковым назапашваннем капіталу”, колькі неабходнасцю адорваць супляменнікаў (с. 7). Але галоўнай мэтай працы быў адказ (хутчэй, як падкрэслівае сам аўтар, спроба падыходу да адказу) на пытанне, чаму ў „варварскіх” супольнасцяў не было пісаных дакументаў. У межах той самай „гісторыка-антрапалагічнай” стратэгіі падсумоўваецца, што сінкрэтычная свядомасць тагачаснага чалавека разумела багоў і супольнасць як сведкаў актаў, таму і не патрабавалася іх пісьмовага афармлення. Не выпадае, мяркую, асобна тлумачыць наяўнасць пэўнага структуралісцкага бэкграўнду артыкула. Наступныя дзве працы належаць да этналогіі, мабыць, самай „структуралізаванай” з усіх грамадскіх навук у Беларусі. Святлана Лявонцьева („Мастацтва рукапіснай кнігі Вяткі і народная творчасць”) аналізуе ўзаемасувязь (праз узаемаўплыў) народнай творчасці (перадусім, разьбы) і мастацтва афармлення рукапіснай кнігі на прыкладзе культуры стараабрадцаў Вяткі. Куды большы размах структуралісцкія абагульненні набываюць у артыкуле Яўгена Малікава „Мастацкі дэкор у народнай архітэктуры і ткацтве паўднёва-ўсходняй Беларусі (канец XIX — першая палова XX ст.)”. Аўтар мяркуе, што існуе структурнае падабенства ў вобразах з мастацкага аздаблення архітэктуры і з ткацтва на тэрыторыі паўднёвага ўсходу Беларусі. У гэтым арэале даследчык вылучае два цэнтры распаўсюджання мастацкіх падыходаў. Першы — усходняя частка Заходняга Палесся і Цэнтральнае Палессе, для якога характэрны лінейна-рытмічныя матывы ў дэкоры архітэктуры і ў ткацтве; другі — Гомельскае Падняпроўе і Пасожжа, дзе ў ткацтве і разьбе пераважае семантычна-знакавы арнамент. Гэтае адрозненне выводзіцца з асаблівасцяў прыроды гэтых субрэгіёнаў: на Палессі лінейны дэкор вынікае з балоцістага ландшафту, а характэрны для Гомельскага Падняпроўя і Пасожжа арнамент — з магчымасці „геаметрызаванага ўспрымання наваколля” „на сухім раўнінна-лясістым ландшафце”. Смелая, але не бясспрэчная гіпотэза. У артыкуле Аляксандра Сушы „Ля вытокаў беларускай гістарычнай навукі: творчая спадчына Ігната Кульчынскага” апавядаецца пра жыццё і навуковую дзейнасць Ігната Кульчынскага (апошняя трэць XVII ст. — 1741 г.) — базыльяніна, аднаго з першых гісторыкаў уніяцкай царквы ў Рэчы Паспалітай. Аўтар на падставе шырокага кола крыніц удакладняе гады жыцця гэтага рэлігійнага дзеяча і навукоўца, а таксама асобныя старонкі яго біяграфіі, якія раней недакладна асвятляліся ў гістарыяграфіі. Даецца досыць падрабязны разгляд прац І. Кульчынскага, у тым ліку тых, якія дагэтуль былі вядомы ў гістарычнай навуцы адно што па назвах.

Трэці нумар адкрывае артыкул Аляксандра Рытава „Фарміраванне новай сацыяльнай іерархіі ў БССР у 1920-я гады: адукацыйны аспект”, у якім паказана, што ў міжваенны час у БССР „палітычная адукаванасць” (= лаяльнасць уладзе) мела перавагу над прафесійнай кваліфікацыяй, а для руху па сацыяльнай лесвіцы трэба было мець не высокі ўзровень адукацыі, а, наадварот, сярэдні ці нават нізкі. Запачаткаваную ў папярэднім нумары этналагічную тэму, але ўжо праз прызму рэлігіі, а не мастацтва, працягнулі Уладзімір Лобач і Таццяна Прадко. У. Лобач („Свет людзей і свет багоў: прастора ў міфапаэтычнай карціне свету беларусаў”) разглядае ўяўленні аб прасторы ў традыцыйнай культуры беларусаў. Асноўная ўвага звернута на суадносіны паміж „сваім” і „чужым” у прасторы: падкрэсліваецца, што гэта зменлівыя характарыстыкі, звязаныя перадусім з часам сутак і парой года. Т. Прадко („Эвалюцыя рэлі-гійнага сінкрэтызму на Беларускім Палессі”) вызначае тры перыяды „сінкрэтызацыі” рэлігійных уяўленняў палешукоў — протасінкрэтызацыя паганства (VI–X ст.), сінкрэтызацыя хрысціянства з паганствам (XI–XVIII ст.), поліканфесійная сінкрэтызацыя (XIX–XX ст.), звязаныя з дзейнасцю пратэстанцкіх місіянераў на Палессі. Але толькі апошні перыяд разгледжаны ўласна на палескім „матэрыяле”, для больш ранніх часоў даецца агляд рэлігійнай сітуацыі на ўсім абшары ўсходніх славян і сцвярджаецца, што на Палессі так і было. Супольны артыкул Леаніда Акаловіча, Ігара Гатальскага і Інесы Кароль „Гістарычны нарыс вёскі Прылукі” ўяўляе сабою багата ілюстраваны выклад гісторыі вёскі Прылукі, што пад Мінскам, у якой знаходзіцца палацава-паркавы комплекс XVII–XIX ст.

Чацвёрты нумар, што нязвыкла для БГЧ, распачынаюць два артыкулы па гісторыі ВКЛ. Пётр Дзмітрачкоў у артыкуле „Старажытныя дасягненні і традыцыі ў развіцці дзяржаўнасці і права на беларускіх землях у перыяд ВКЛ (другая палова XIII — першая XVI ст.)” дае змястоўны агляд дзяржаўных інстытутаў і грамадскіх практык у Вялікім Княстве Літоўскім у іх сувязі са „старажытнарускімі” (у тэрміналогіі аўтара) вытокамі. Гэтая сувязь часам паказана добра (асаблівасці кіравання „рускімі” землямі ВКЛ, валасное самакіраванне і інш.), часам — небясспрэчна (ваяводствы ўсё-такі мелі за ўзор польскія, а не „старажытнарускія” прыклады). Іншая справа, што наогул не выпадае перабольшваць ролю генетычных сувязяў: у відавочна новых умовах ВКЛ нават наўпрост паўсталыя з „Русі” інстытуты і практыкі змянялі свае функцыі. У артыкуле Алены Дзянісавай („Гаспадарчая дзейнасць праваслаўных манастыроў Турава-Пінскай епархіі ў другой палове XV–XVII ст.”) разглядаюцца матэрыяльнае становішча манастыроў, крыніцы іх прыбыткаў і артыкулы выдаткаў. Робіцца спроба паказаць манастырскую маёмасць як фактар, які праз права „патранату” ўцягваў манастыры ў залежнасць ад свецкіх асобаў.

Звычайна рэцэнзіі ў БГЧ выносяцца ў канец нумара, але рэцэнзія Сяргея Новікава на даследаванне нямецкага гісторыка Дытэра Поля аб палітыцы Вермахта ў дачыненні да мясцовага насельніцтва ў т. зв. „зоне армейскага тылу”, у якую ўваходзіў і ўсход Беларусі, змеш чана ў асноўнай частцы перыёдыка і адрозніваецца грун тоўнасцю разгляду. Беларускага гісторыка ў дадзенай працы прывабіў, перадусім, кампаратыўны аналіз, пра роблены Д. Полем. Да-следаванне Алены Шычко „Эва люцыя тэматыкі беларускага эстампа ў 1980-я г. (на прыкладзе работ А. Каш курэвіча, Г. Паплаўскага і В. Шаранговіча)” па каз вае, што час зменаў — 80-я гады — быў такім і для беларускага мастацтва, у прыватнасці, эстампа. Хоць аўтар падкрэслівае захаванне ў гэты перыяд традыцыйнай тэматыкі — ваеннай, у артыкуле ад зна-чаецца ўзнікненне як новых тэм (экалагічнай, тэмы ўрбанізацыі), так і новых мастацкіх вырашэнняў. „Гістарычную” частку чацвёртага нумара завяршае артыкул Дзмітрыя Хромчанкі „Круглянскія маладагвардзейцы”, дзе на падставе неапублікаваных архіўных матэрыялаў апавядаецца пра дзейнасць у 1941–1943 г. Круглянскага моладзевага антыфашысцкага падполля. Аўтар не без пафасу прыпадабняе юных падпольшчыкаў да „маладагвардзейцаў”.

Травеньскі, пяты па ліку, нумар, вядома ж, не мог абысціся без тэматыкі Вялікай Айчыннай вайны. Так, Віктар Шомадзі („Вызваленне Беларусі: 18 верасня 1943 — 28 ліпеня 1944 г.”), хоць і быў непасрэдным удзельнікам падзей, абмежаваўся наўпрост хранікальным выкладам: у храналагічнай паслядоўнасці згадвае назвы і даты аперацый і бітваў. Зрэшты, пра постаць чалавека на вайне ідзе гаворка ў артыкуле Васіля Кушнера і Альберта Котава „Сям’я Царукоў — прыклад самаадданага служэння свайму народу”. Артыкул перадусім прысвечаны асобам камуністычнага дзеяча Уладзіміра Царука (1899–1957) і яго сына гісторыка Аляксандра Царука (1923–2008). Асноўная ўвага аддадзена іх партызанскай дзейнасці пад час Другой сусветнай вайны, а таксама ўдзелу Уладзіміра Царука ў беларускім нацыянальным руху ў міжваеннай Заходняй Беларусі. Астатнія публікацыі надзіва пазбягаюць вышэйзгаданай тэматыкі. Так, Людміла Мікалаева („Адносіны ВКЛ і Малдаўскага княства ў канцы XV — першай палове XVI ст.”) падкрэслівае, што якраз у адносінах з Малдаўскай дзяржавай ВКЛ дэманстравала выразна незалежную ад Польшчы знешнюю палітыку, што праявілася ў неаднаразовых адмовах удзельнічаць у польска-валашскіх памежных спрэчках.

Вадзім Белявец („Насельніцтва вельбарскай культуры на тэрыторыі Беларусі”) не без поспехаў імкнецца даказаць, што вельбарская культура („гістарычныя готы”) на тэрыторыі Беларусі не з’яўлялася гамагеннай, а падзялялася на дзве групы помнікаў з адрознымі пахавальнымі традыцыямі і тэрыторыямі, з якіх іх носьбіты прывандравалі ў Заходняе Палессе. Таксама аўтар, насуперак прынятаму меркаванню, сцвярджае, што готы на паўднёвым захадзе Беларусі засялілі не пустыя землі, а тэрыторыі, занятыя носьбітамі пшэворскай і роднаснай познезарубінецкай культур. Вітаўт Чаропка («Жыццё і незвычайныя прыгоды „Андрыёлі з Вільні”») маляўніча і крыху рамантычна распавядае пра Міхала Эльвіра Андрыёлі (1836–1893), паўстанца 1863 г., які стаў вядомым мастаком і працаваў пераважна ў жанры кніжнай ілюстрацыі.

У шостым нумары рэдактар БГЧ Васіль Кушнер апублікаваў матэрыял «Вайна. Народ. Перамога (асэнсаванне матэрыялаў „круглага стала”, які адбыўся ў Інстытуце гісторыі НАН Беларусі 14 мая 2009 г.)». Ён цікавы не столькі пераказам агучаных пад час „круглага стала” думак, у асноўным вытрыманых у афіцыйным, а часам наўпрост „ура-патрыятычным” стылі, колькі ўласна пазіцыяй аўтара агляду. Ён дазволіў сабе выказаць сумненні ў мэтазгоднасці некаторых зусім ужо „радыкальных” прапаноў, кшталту падкрэслівання інтэлектуальнай перавагі савецкіх военачальнікаў над іх праціўнікамі, ідэалагізаванай крытыкі даўняй кнігі Юрыя Туронка і, урэшце, неабходнасці ўвядзення ледзь ці не крымінальнай адказнасці за выяўленне сімпатыі да беларускіх калабарацыяністаў. Галоўнай тэмай з’яўляецца гісторыя культуры беларускай эміграцыі, ёй прысвечаны артыкулы Дзмітрыя Карава („Беларусы і беларусазнаўства ў ЗША і Канадзе ў другой палове XX ст.”), Анастасіі Каравай („Беларусы і беларусазнаў ства ў Вялікабрытаніі ў 1940-я — 1990-я г.) і Ганны Змітрукевіч („Беларуская дыяспара і беларусазнаў ства ў ФРГ у другой палове 1940-х — 1990-я г.). Аўтары аглядаюць (на падставе ўжо досыць шырокай літаратуры прадмета) культурнае, рэлігійнае і навуковае жыццё беларускай эміграцыі ў Паўночнай Амерыцы, Вялікабрытаніі і ФРГ. Артыкулы пабудаваны па адной схеме: пералік даследчыкаў эмігранцкага жыцця, нарыс культурнай працы ў эмігранцкім асяроддзі, прыклады навуковых даследаванняў, здзейсненых як эмігрантамі, так і мясцовымі даследчыкамі-беларусістамі. Сам фармат падобных артыкулаў вядзе да галоўнага недахопу — нагрувашчванне імёнаў, датаў, падзей ускладняе ўспрыманне.

У артыкуле Аляксандра Вабішчэвіча „Беларускае навуковае таварыства ў Вільні (1918–1939 г.)” разглядаюцца арганізацыя і асноўныя напрамкі дзейнасці БНТ. Аўтар выкладае перыядызацыю гісторыі дадзенай установы, акрэслівае спецыфіку навуковай працы ў кожным перыядзе і дачыненні з польскімі ўладамі. Два артыкулы прысвечаны вядомаму гісторыку, этнографу і краязнаўцу Аляксандру Ельскаму (1834–1916). У матэрыяле Васіля Кушнера „Збіральнік народных скарбаў (Да 175-годдзя з дня нараджэння Аляксандра Вікенція Ельскага)” асноўная ўвага засяроджваецца на стаўленні навукоўца XIX ст. да Беларусі. Але артыкул утрымлівае прыкрыя памылкі: так, знакаміты этнограф Міхал Федароўскі названы „Федаркоўскім” (с. 43), а сярод лібералаў, напалоханых рэвалюцыяй 1905–1907 г., чамусьці згадваецца спачылы да таго часу Адам Кіркор (1818–1886). Аляксандр Дуко („Навукова-даследчыцкая дзейнасць Аляксандра Ельскага”) таксама спыняецца на дачыненні А. Ельскага да „беларускай справы”. Робіцца спроба праз разгляд дзейнасці вядомага краязнаўца паказаць ролю ў абуджэнні беларускай самасвядомасці не толькі сялянскай культуры, але і культуры шляхецкіх рэзідэнцый. У выніку Аляксандр Ельскі вызначаецца як «прадстаўнік „краёвай плыні” ў беларускім руху, лібральна-кансерватыўнай па сваёй сутнасці, якая, падтрымліваючы беларускае нацыянальнае адраджэнне, выступала за захаванне адзінства народаў былой Рэчы Паспалітай» (с. 53). Моцным бокам працы з’яўляецца шырокі зварот да архіўных матэрыялаў з AGAD у Варшаве, дзякуючы якім асвятляецца беларуская дзейнасць не толькі Ельскага, але і іншых, дагэтуль малавядомых ці зусім невядомых, асобаў.

Сёмы нумар прысвечаны ўшанаванню памяці ахвяраў Вялікай Айчыннай вайны. З навуковых матэрыялаў, акрамя аповедаў пра Гілера Ліўшыца і ксяндза Уладыслава Завальнюка, можна вылучыць толькі рэцэнзію Сяргея Новікава на зборнік дакументаў і матэрыялаў „Хатынь: трагедия и память” (Мінск, 2009) і артыкул філолага Віктара Іўчанкава „Беларускі правапіс: гісторыя і сучаснасць”. У апошнім аўтар старанна абмінае палітычныя аспекты выкарыстання розных варыянтаў беларускага правапісу і правядзення яго рэформаў. З гістарычнага пункту гледжання цікавыя разважанні пра дамінаванне ў беларускай мове ў мінулым „вуснага элемента”, што і абумовіла спецыфіку яе правапісу.

Восьмы нумар несумненна мае сваёй тэмай юбілей — 75 гадоў гістарычнаму факультэту БДУ. Усе матэрыялы „гістарычнай часткі” нумара ці прысвечаны гістфаку, яго супрацоўнікам і студэнтам, ці з’яўляюцца плёнам працы выкладчыкаў факультэта. Напачатку змешчаны матэрыял «Гістарычнаму факультэту БДУ — 75 гадоў (матэрыялы „круглага стала”)». Хоць зварот мадэратара Васіля Кушнера — „падрыхтоўка і правядзенне юбілею — гэта перш за ўсё падстава паразважаць над тым, што мы самі зрабілі карыснага, што і як трэба зрабіць без карэннай ломкі таго, што мы маем” (с. 3) — выглядаў шматабяцальна, дэкан і загадчыкі кафедраў абмежаваліся выступленнем у стылі „ўсё ў нас добра”, можа толькі камп’ютараў не хапае ды дах на факультэце цячэ. Толькі Віктар Фядосік закрануў „шматлікія рэформы і іх імітацыі ў апошнія гады ў ВНУ” (с. 12) і, можа быць, занадта рэзка выказаўся «пра „розныя псіхагісторыі” і „сінергетыкі” і ім падобныя „метадалогіі”» (с. 12). Астатнія, відаць, былі прасякнуты міралюбівым перадсвяточным настроем. Далей прыведзены ўспаміны („Воспоминания об историческом факультете БГУ”) пра навучанне на гістфаку студэнткі 1946–1951 г. Ідэі Бельскай. У артыкуле „Крыніцазнаўства і спецыяльныя гістарычныя дысцыпліны на гістарычным факультэце БДУ: гісторыя і сучаснасць” Міхаіл Шумейка апавядае пра гісторыю даследавання крыніцазнаўчай і архіўнай праблематыкі ў БДУ.

Галоўная мэта артыкула Эдуарда Загарульскага „Пераадоленне язычніцтва падчас хрысціянізацыі заходніх зямель Русі” — абвергнуць распаўсюджаную ў гістарыяграфіі думку аб маруднай хрысціянізацыі ўсходнеславянскіх абшараў. Аўтар спрабуе зрабіць гэта праз аналіз археалагічных звестак: амаль сінхронны хрышчэнню пераход ад трупаспалення да трупапалажэння і распаўсюджанне ў пахаваннях нацельных крыжыкаў. Артыкул Сцяпана Цемушава („Навуковая і педагагічная дзейнасць А. П. П’янкова ў Беларускім дзяржаўным універсітэце”), прысвечаны навуковаму шляху вядомага славіста-медыявіста Аляксея П’янкова (1901–1987), вылучаецца наяўнасцю не толькі традыцыйнай для падобнага кшталту матэрыялаў усхваляльнай часткі, але і дастатковай крытычнасцю да відавочна небясспрэчных падыходаў гэтага беларускага гісторыка.

Дзявяты нумар пачынае артыкул Уладзіміра Ладысева „Беларускае пытанне ў Другой Рэчы Паспалітай. Уз’яднанне Заходняй Беларусі з БССР”. Гэта прынагодны, але змястоўны аглядны матэрыял, у якім адлюстравана палітыка польскага ўрада па беларускім пытанні і дзейнасць беларускіх арганізацый рознай арыентацыі. Да артыкула дапасаваны дакументы, якія асвятляюць разнастайныя бакі далучэння Заходняй Беларусі да БССР. У артыкуле Юрыя Бажэнава „Сядзібна-паркавы ансамбль у вёсцы Каштанаўка” апавядаецца пра гісторыю фальварка Чахец (гэта гістарычная назва сучаснай вёскі Каштанаўка Пружанскага раёна Брэсцкай вобласці), у якім у сярэдзіне XIX ст. быў створаны сядзібна-паркавы ансамбль.

Гэты нумар БГЧ можна назваць нават „нумарам Дзяконскіх”, бо пра гэты шляхецкі род згадваецца і ў папярэднім матэрыяле, а Вольга Папко („Пятровіцкая галіна роду Дзяконскіх і іх маёнткі на Брэстчыне ў XIX–XX ст.”) падрабязна апісвае гісторыю пятровіцкай галіны Дзяконскіх з пачатку XIX ст. да сённяшняга часу. Да артыкула прыкладзена радаводнае дрэва Дзяконскіх.

Дзясяты нумар прысвечаны святкаванню 80-годдзя Інстытута гісторыі НАН Беларусі. Спачатку ідуць артыкулы Аляксандра Кавалені („Інстытут гісторыі — 80 год творчай працы”), Вольгі Ляўко („Цэнтр гісторыі даіндустрыяльнага грамадства”), Мікалая Смяховіча („Цэнтр гісторыі індустрыльнага грамадства”) і Вячаслава Даніловіча („Даследаванне гісторыі постіндустрыльнага грамадства”). Артыкулы цалкам адпавядаюць свайму прынагоднаму характару і та му складаюцца з аповеду пра гісторыю Інстытута і яго структурных частак, з характарыстыкі напрамкаў дзей насці і дасягненняў. Варта спыніцца на тым, што чамусь ці ў артыкуле В. Ляўко асноўная ўвага звернута на дзейнасць археолагаў, а плён працы „гістарычнай” часткі Цэнтра акрэслена пункцірна. Таксама з матэрыялу В. Даніловіча вынікае, што Цэнтр гісторыі постіндустрыяльнага грамадства распрацоўвае пытанні, звязаныя з гісторыяй ледзь ці не Сярэднявечча.

Валянцін Голубеў („Крыніцы па гісторыі сельскай абшчыны ў Беларусі ў XVI–XVIII ст.”) на падставе шырокага кола крыніц пацвярджае ўласную гіпотэзу, што абшчына (у тым ліку на захадзе Беларусі) не знікла ў XVI ст. ці была толькі органам самакіравання, але часта функцыянавала як распараджальнік зямлі, агент у здзелках з ёй і абаронца калектыўных інтарэсаў сялян. У артыкуле Андрэя Мацука „Узмацненне канфлікту паміж магнацкімі родамі Сапегаў і Радзівілаў і канчатковае афармленне антырадзівілаўскай кааліцыі” апісваецца супрацьстаянне, якое разгарнулася перад і пад час Трыбуналу ВКЛ 1740 г., паміж Радзівіламі і кааліцыяй іх праціўнікаў на чале з Сапегамі. У цэнтры канфлікту — маёмасныя спрэчкі. Аўтар пастулюе палітычны аспект супрацьстаяння (у анатацыі — с. 79), але бліжэй гэтае пытанне не закранае. Выклікае сумненні і вынесенае ў загаловак „канчатковае афармленне антырадзівілаўскай кааліцыі” — з тэксту вынікае, што яна была вельмі рухомай у сваім складзе, як, зрэшты, і шэрагі прыхільнікаў Радзівілаў. У публікацыі Наталлі Новік „Сельскагаспадарчая адукацыя як фактар аграрнай мадэрнізацыі Беларусі ў XIX — пачатку XX ст.” робіцца спроба асэнсаваць сельскагаспадарчую адукацыю на беларускіх землях Расійскай імперыі як фактар мадэрнізацыі. Аднак сама аўтарка прызнае (с. 47), што вызначыць уплыў выпускнікоў навучальных устаноў на стан сялянскіх гаспадарак Беларусі праблематычна. Нарэшце, Міхаіл Старавойтаў („Узровень пісьменнасці і адукаванасці ўсходнеславянскага насельніцтва беларуска-расійска-ўкраінскага памежжа (1920–1930-я г.)”), акрамя акцэнту на пераважна аграрным характары беларускай нацыі як перадумове вялікай непісьменнасці, звяртае ўвагу на тое, што сярод беларусаў, якія жылі ў небеларускіх абласцях, быў вышэйшы працэнт адукаваных людзей, чым у беларусаў у Беларусі. Напрыканцы артыкула сцвярджаецца, што „абсалютная большасць беларусаў па свайму менталітэту была і заставалася ва ўсходнеславянскай цывілізацыі і мела больш агульнага, чым спецыфічнага, з рускімі і ўкраінцамі” (с. 55). Не выключана, што яно так і было. Але якое значэнне гэты пасаж павінен мець у даследаванні пра ўзровень адукаванасці, застаецца незразумелым.

Адзінаццаты нумар прысвечаны далучэнню Заходняй Беларусі да БССР. Рыгор Лазько („Крах Версальскай сістэмы ў Еўропе і аб’яднанне Беларусі”) разглядае палітыку СССР у дачыненні да Заходняй Беларусі ў міжваенны час праз прызму міжнародных адносінаў у Еўропе, перадусім жадання Савецкага Саюза знішчыць Версальскую сістэму. Іван Палуян ледзь ці не ў першых радках свайго артыкула („Той незабыўны верасень 1939 года”) сцвярджае: „некаторыя польскія і нават беларускія гісторыкі і палітыкі імкнуцца сказіць сапраўдную сутнасць гэтага гістарычнага акта [уз’яднання Заходняй Беларусі з БССР], паставіць пад сумненне яго правамернасць” (с. 8). Але насуперак такім падыходам, зрэшты, бліжэй неакрэсленым, даследчык выстаўляе толькі хранікальны выклад (з упляценнем уласных успамінаў) гісторыі захаду Беларусі ў міжваенны перыяд. Польскі гісторык Войцех Сляшыньскі („Грамадска-палітычнае становішча на паўночна-ўсходніх землях II Рэчы Паспалітай (Заходняя Беларусь) з 1 па 17 верасня 1939 г.”) сцвярджае, што сітуацыя на тэрыторыі Заходняй Беларусі да сярэдзіны верасня 1939 г. была ў цэлым спакойнай, што забяспечвалася польскім дзяржаўным апаратам бяспекі, кантролю і прымусу. Але напярэдадні і пасля ўваходжання Чырвонай Арміі (17 верасня 1939 г.) становішча абвастрылася, бо прыгнечаныя нацыянальна і прыніжаныя сацыяльна ў Польшчы беларуская і яўрэйская супольнасці арыентаваліся на савецкую ўладу. Вольга Матусевіч („Сучасная польская гістарыяграфія аб дзейнасці беларускіх палітычных партый у міжваеннай Польшчы”) вылучае дзве плыні ў польскай гістарыяграфіі дадзенага пытання, „якія адлюстроўваюць або інтарэс польскай дзяржаўнасці, або пазіцыю беларускага насельніцтва” (с. 22). Таксама адзначаецца, што палітызацыя і ідэалагізацыя тэмы ў першай палове 90-х г. XX ст. змянілася ў далейшым больш узважаным стаўленнем. Артыкул Людмілы Адзінец „Баранавічы 1939 года: дзейнасць Часовага ўпраўлення” дае магчымасць прасачыць рэальнае ўвасабленне агульных мерапрыемстваў па ўсталяванні Савецкай улады на прыкладзе Баранавічаў. Аўтарка, сярод іншага, адзначае, што адным з першых мерапрыемстваў у сферы культуры было ўвядзенне выву чэння рускай мовы (с. 23), а мясцовых камуністаў было зусім мала, таму „актыў” фармаваўся з выхадцаў з БССР (с. 29). Зрэшты, даследчыца зусім не імкнецца да перагляду тых ці іншых гіс та рыяграфічных пастулатаў аб падзеях 1939 г., наадварот, цалкам застаецца ў межах айчыннай навуковай традыцыі.

Іншая тэматыка ў нумары рэпрэзентавана артыкулам Аляксандра Грушы „Невядомы арыгінал граматы князя Васіля Нарымонтавіча канца XIV ст.”, у якім вызначаецца дата (1390 г.) і месца (Вільня ці Пінск / Піншчына) стварэння адной з найстаражытнейшых грамат ВКЛ, якія зберагаюцца ў беларускіх сховішчах (у дадзеным выпадку — у Музеі беларускага Палесся ў Пінску). Аўтар працягвае аналіз пачаткаў пісьмовай культуры ў ВКЛ (гл. БГЧ, № 2): падкрэслівае прысутнасць сярод сведкаў ігумена Панкрата і святара, які быў пісарам, што павінна сведчыць пра сакральнае падмацаванне здзелкі. Публікуецца крыніца з грунтоўным палеаграфічным апісаннем. У артыкуле Рыгора Васілевіча „Знакавыя змены Канстытуцыі БССР у кастрычніку 1989 г.: да 20-годдзя падзеі” аналізуецца Закон БССР ад 27 кастрычніка 1989 г. „Аб змяненнях і дапаўненнях Канстытуцыі (Асноўнага Закона) Беларускай ССР” і шэраг іншых нарматыўна-прававых актаў, якія дазволілі правесці ў 1990 г. у БССР першыя альтэрнатыўныя выбары. Андрэй Мяцельскі ў матэрыяле „Заснаванне Пустынскага Свята-Успенскага манастыра: загадка гісторыі”, насуперак прынятай думцы пра Сямёна Лугвена Альгердавіча як заснавальніка (у 1380 г.) Пустынскага Свята-Успенскага манастыра ля Мсціслава, мяркуе, што фундатарам манастыра ў 1480 г. быў тагачасны мсціслаўскі князь Іван Юр’евіч. Таксама даецца кароткая гісторыя манастыра.

У дванаццатым нумары колькасную перавагу мелі матэрыялы пра паўстанні 1830–1831 г. і 1863–1864 г., а дакладней, пра грамадска-палітычную сітуацыю пасля іх. Аксана Лепеш у артыкуле „Камітэт заходніх губерняў у Расійскай імперыі другой чвэрці XIX ст.” разгледзела асноўныя напрамкі дзейнасці Асобага камітэта (1830–1831) і Камітэта заходніх губерняў (1831–1848). Аўтарка сцвярджае, што асноўнымі пытаннямі ў дзейнасці Камітэта заходніх губерняў былі саслоўная палітыка, увядзенне расійскага заканадаўства ў былым ВКЛ, рэформа адукацыі і ўсталяванне кантролю над рэлігійным жыццём. Алена Серак („Парадак і ўмовы ссылкі ўдзельнікаў паўстання 1863–1864 г. у Беларусі”) разглядае этапаванне паўстанцаў, у асноўным на падставе заканадаўчых і распарадчых актаў расійскіх уладаў. Адзначаецца, што вялікая колькасць зняволеных прымусіла расійскую адміністрацыю ўнесці змены ў парадак ссылкі. Матэрыял Вольгі Гарбачовай і Зінаіды Антановіч „Лёсы святароў Магілёўскай і Мінскай рымска-каталіцкіх дыяцэзій пасля паўстання 1863–1864 г.” прысвечаны лёсу каталіцкіх святароў, якія па абвінавачванні ці проста падазрэнні ў супрацоўніцтве з паўстанцамі былі высланы ў Сібір.

У артыкуле Таццяны Літвінавай „Творы мастакоў з Польшчы ў Музеі Гомельскага палацава-паркавага ансамбля” атрыбутуюцца і апісваюцца творы польскіх аўтараў, якія належалі І. Ф. Паскевічу, а цяпер знахо-дзяцца ў Гомельскім палацы ды іншых сховішчах. Наталля Мінько („Канстытуцыйна-прававое рэгуляванне ў сферы прыродакарыстання ў БССР і Рэспубліцы Беларусь”) спрабуе прасачыць праявы нормаў рэгулявання ў сферы прыродакарыстання ад першых Дэкрэтаў Савецкай улады да сённяшняга дня.

Весці Нацыянальнай Акадэміі навук Беларусі Серыя гуманітарных навук

Гэта афіцыйнае выданне НАН Беларусі, выходзіць з 1956 г. Цяперашняя перыядычнасць выхаду — чатыры разы на год. „Серыя гуманітарных навук” аб’ядноўвае шырокае кола дысцыплін, па кожнай з якіх з’яўляецца ад 2 да 4 артыкулаў у выпуску. У дадзеным аглядзе пад увагу бяруцца матэрыялы з рубрыкі „Гісторыя”, а таксама выбарачна сумежныя з гістарычнымі даследаваннямі артыкулы з іншых галін навукі.

2009

У першым выпуску толькі два артыкулы былі прысвечаны ўласна гісторыі. У матэрыяле Аляксандра Грушы «Даследаванне Пола Сэнгера „Чытанне пра сябе: яго ўздзеянне на пісьмо і грамадства позняга Сярэднявечча” і сучасныя праблемы вывучэння фарміравання пісьмовай культуры ў Вялікім Княстве Літоўскім» апісваецца надрукаваны ў 1982 г. артыкул П. Сэнгера, у якім той прасачыў пераход у Сярэднявеччы ў Заходняй Еўропе ад абавязковага чытання ўслых і пісьма пад дыктоўку да „маўклівага” чытання і пісьма. Беларускі даследчык ставіць пытанне (пакуль без адказу), ці прасочваюцца падобныя працэсы ў ВКЛ. У артыкуле Уладзіміра Здановіча „Акупацыйны рэжым на тэрыторыі Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны ў працах айчынных даследчыкаў (1991–2007)” акрэсліваюцца тэмы, якія, на думку аўтара, атрымалі грунтоўнае асвятленне ў сучаснай беларускай гістарыяграфіі — канцлагеры, Халакост, прымусовая праца ў Нямеччыне, медыцына і адукацыя пад час вайны.

Гістарычную складовую частку маюць таксама артыкулы Уладзіміра Конана і Валянціны Мароз. У. Конан („Праблемы этыкі і антрапалогіі ў сярэдневяковай Беларусі”) спачатку апісвае этычныя ідэалы Бібліі, а па сля дае агляд этычных поглядаў сярэднявечных асветнікаў і інтэлектуалаў з беларускіх земляў. У артыкуле В. Мароз „Лацінскае пісьмо ў гісторыі Бела ру сі (на матэрыяле летапісаў)” прасочваецца, як на летапісныя тэксты з мовазнаўчага пункту гледжання ўплывала транслітарацыя („Хроніка Быхаўца”) і пераклад на польскую мову („Альшэўскі летапіс”). Адзначаецца выкарыстанне беларускіх слоў у Віцебскай і Магілёўскай гарадскіх хроніках, напісаных у XVII–XVIII ст. па-польску.

Другі нумар адкрывае Сяргей Віцязь артыкулам „Помнікі яцвягаў перыяду ранняга Сярэдневякоўя ў Верхнім Панямонні”, дзе вызначаны асноўныя канцэпцыі лакалізацыі яцвяжскага арэалу. Сам аўтар выкладае сваю версію, паказваючы дынаміку рассялен ня яцвягаў, пералічвае безумоўныя і верагодныя яцвяжскія помнікі, далучаецца да тых навукоўцаў, якія сцвярджаюць, што яцвягі і ўсходнія славяне мірна суіснавалі ў Верхнім Панямонні. Андрэй Ганчар у артыкуле „Увядзенне рускай мовы ў выкладанні Закона Божага ў рымска-каталіцкай царкве Беларусі (другая палова XIX — пачатак XX ст.) падкрэслівае, што захады расійскіх уладаў па ўвядзенні рускай мовы ў касцёле і школе сустракалі як адмоўную, так і станоўчую рэакцыю з боку ксяндзоў. Адзначаецца, што з пачаткам XX ст. прымусовы перавод на рускую мову спыніўся. Змястоўны артыкул, але чамусьці ў шэрагі прадстаўнікоў польскай гістарыяграфіі ў ім запісаны і Адам Станкевіч. Артыкул Ірыны Дмітрук „Патрыятычнае выхаванне як частка дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі ў Рэспубліцы Беларусь”, акрамя агульных слоў пра патрыятызм, пералічэння разнастайных дзяржаўных праграм, канцэпцый і мерапрыемстваў, вылучае два этапы ў патрыятычным выхаванні ў Беларусі: 1991–1995 г. („перыяд крызісу”) і 1996–2000 г., калі пазіцыі дзяржавы ў патрыятычным выхаванні ўмацаваліся. Запачаткаваную ў папярэднім нумары тэму летапісаў працягвае Валянціна Мароз у артыкуле „Беларускія летапісы ў кантэксце старажытнага пісьменства: мовазнаўчы аспект”, у якім сцвярджаецца, што беларуска-літоўскія летапісы XIV–XVI ст. найбольш поўна адлюстроўваюць асаблівасці тагачаснай беларускай пісьмовай традыцыі.

Трэці нумар. У артыкуле Андрэя Мацука „Размеркаванне трыбунальскіх урадаў у межах магнацкай кааліцыі ў 1745 г.” апісваюцца выбары ў Галоўны Трыбунал ВКЛ 1745 г., калі, па сведчаннях сучаснікаў, быў выпадак „згоды даўно не бачанай у Літве”, бо ранейшыя праціўнікі — Радзівілы, Чартарыйскія, Сапегі — дзейнічалі супольна. Два іншыя артыкулы з гістарычнай часткі прысвечаны праблемам міжваеннага перыяду гісторыі Беларусі XX ст. Вячаслаў Даніловіч („Моладзь у грамадска-палітычным жыцці Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусь напярэдадні беларусізацыі”) разглядае дзейнасць Камуністычнага саюзу моладзі Беларусі (КСМБ) у 1923 г. Адзначаюцца першыя праявы беларусізацыі ў яго дзейнасці, хоць яна ішла павольна і кіраўніцтва вялікай актыўнасці не праяўляла. Віталь Крывуць („Сельскагаспадарчая падрыхтоўка моладзі Заходняй Беларусі ў 1920–1930-я г.”) апісвае такія мерапрыемствы польскіх уладаў і грамадскіх арганізацый, як стварэнне народных сельскагаспадарчых школ (у Заходняй Беларусі — беспаспяхова) і так званай „Сельскагаспадарчай падрыхтоўкі” — дадатковых заняткаў па аграноміі.

У літаратуразнаўчай частцы таксама змешчаны артыкулы, звязаныя з гістарычнай тэматыкай. Так, у матэрыяле Г. Васільевай і Т. Харкевіч „Некаторыя аспекты асобаснай рэканструкцыі гісторыі: да праблемы аўтэнтычнасці” пададзены вынікі сацыялагічнага апытвання 100 студэнтаў-негісторыкаў БДПУ імя Максіма Танка. Рэспандэнты адказвалі на пытанні аб ролі мінулага і даверы да розных крыніц звестак пра яго. У артыкуле Жаны Некрашэвіч-Кароткай „Лацінамоўны гераічны эпас Беларусі ў кантэксце еўрапейскай эпічнай традыцыі (XVI — першая палавіна XVII ст.)” адзначаюцца як агульныя рысы з антычнай літаратурай, так і адметныя ў лацінамоўнай гераічна-эпічнай паэзіі ВКЛ і Рэчы Паспалітай.

У чацвёртым нумары Валянцін Голубеў („Абшчына ў расійскай гістарыяграфіі XIX–XX ст.”) пералічвае асноўныя падыходы да аналізу абшчыны ў дарэвалюцыйнай, савецкай і сучаснай расійскай навуцы. Напрыканцы артыкула пададзена параўнанне абшчыны на беларускіх і расійскіх землях. Аляксандр Цымбал у артыкуле „Абвяшчэнне аўтакефаліі Праваслаўнай Царквы ў II Рэчы Паспалітай (першая палавіна 1920-х г.)” апісвае складаны і супярэчлівы працэс атрымання Польскай Праваслаўнай Царквой статусу незалежнай ад Маскоўскага Патрыярхату, які аўтар, дарэчы, лічыць некананічным (с. 87). Адзначаецца, што духоўныя і свецкія асобы Заходняй Беларусі выступалі супраць аўтакефаліі. У артыкуле Марата Жылінскага „Сістэма адукацыі Беларусі напярэдадні Вялікай Айчыннай вайны і яе становішча пасля вызвалення ад германскай акупацыі” адзначаюцца поспехі ў эвакуацыі дзяцей з акупаванай тэрыторыі. Згадваюцца забойствы дзяцей і настаўнікаў, здзейсненыя немцамі, і разрабаванне матэрыяльнай базы навучальных устаноў.

Веснік БДУ

Навуковы часопіс Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта выдаецца з 1969 г. Перыядычнасць — 3 разы на год. Артыкулы на гістарычную тэматыку ўваходзяць у Серыю 3.

2009

Першы нумар за 2009 г. меў відавочны ўхіл у мадэрную гісторыю: усе артыкулы былі прысвечаны XIX–XXI ст. Так, Аляксандр Каханоўскі („Асаблівасці эвалюцыі саслоўных інстытутаў у Беларусі ў XIX — пачатку XX ст.”) паказвае працэс паступовага паслаблення саслоўнай структуры грамадства ў Расійскай імперыі. Адзначаецца больш павольны характар гэтага працэсу ў беларускіх губернях. Сяргей Ходзін („Беларускае сялянства ў 1921–1939 г.: гістарыяграфія, крыніцы, метады вывучэння”), сярод іншага, падрабязна спыняецца на патэнцыяле ўсё яшчэ „новых” для нашай навукі падыходаў (псіха- і мікрагістарычны падыходы, гісторыя паўсядзённасці і вусная гісторыя) у вывучэнні гісторыі беларускага сялянства ў міжваенны перыяд. Уладзімір Снапкоўскі ў артыкуле „Аб прагерманскай арыентацыі лідараў беларускай палітычнай эміграцыі ў Празе (1938–1941)” апісвае кантакты Васіля Захаркі і Івана Ермачэнкі з нямецкімі ўладамі ў 1938–1941 г. Аўтар засяроджвае ўвагу на змесце зваротаў В. Захаркі да А. Гітлера і ўрада фашысцкай Нямеччыны, адзначае асноўныя прапановы лідара БНР.

Два артыкулы датычаць „найноўшай” гісторыі ў поўным сэнсе гэтага слова. Віктар Шадурскі („Интеграционные и дезинтеграционные тенденции на постсоветском пространстве”) спрабуе адказаць на пытанне, чаму мала што атрымліваецца ў плане інтэграцыі на постсавецкай прасторы. Хоць спачатку варта было б паставіць пытанне, ці патрэбна тая інтэграцыя на гэтай „прасторы” наогул. Аляксандр Шарапа ў артыкуле „Тенденции мировой политики на современном этапе” акрэслівае кірункі развіцця Еўрапейскага, Азіяцка-Ціхаакіянскага, Лацінаамерыканскага рэгіёнаў і Злучаных Штатаў Амерыкі.

Другі нумар атрымаўся даволі збалансаваным — ёсць артыкулы, прысвечаныя розным перыядам гісто рыі. У матэрыяле Анастасіі Зуевай „Вывучэнне культуры шарападобных амфар на тэрыторыі Беларусі ў канцы XX — пачатку XXI ст.” пералічваюцца галоўныя даследчыкі культуры шарападобных амфар, асноўныя напрамкі даследавання (храналогія, узаемаадносіны з тубыльцамі, шляхі міграцыі) і спрэчныя моманты — характар узаемаадносінаў з іншымі культурамі, механізмы распаўсюджвання і інш. У артыкуле Леаніда Казакова „Стан жывёлагадоўлі ў шляхецкіх фальварках у Беларусі другой паловы XVI — пачатку XVII ст.” падкрэсліваецца, што асартымент жывёлагадоўчай прадукцыі быў адзіны для ўсяго ВКЛ, затое пэўныя рэгіёны — Палессе, у пэўнай ступені Усходняя Беларусь — спецыялізаваліся менавіта на жывёлагадоўлі, а не на земляробстве. Віктар Кахновіч („Асаблівасці развіцця дваранскага прамысловага прадпрымальніцтва на Палессі ў парэформенны перыяд (1861–1914): некаторыя аспекты яго вывучэння ў беларускай і ўкраінскай гістарыяграфіі”) адзначае, што дваранства ў 1861–1914 г. паступова страчвала свае пазіцыі (акрамя вінакурэння) у прамысловасці. У артыкуле Наталлі Новік „Революционные события начала XX в. и деятельность профессиональной школы Беларуси” паказана, што рэвалюцыя 1905–1907 г. выклікала вялікі рух у вучнёўскім асяроддзі за ператварэнні ў адукацыі, у той час як пасля лютага 1917 г. маштабных акцый вучнёўскага непадпарадкавання не было, затое былі праведзены пэўныя рэформы. У матэрыяле Аляксея Махнача „Этнаграфічнае вывучэнне Беларусі карэспандэнтамі К. Машынскага” адлюстраваны метады збору інфармацыі, якія выкарыстоўваліся польскім этнографам Казімірам Машынскім — праца з непадрыхтаванымі інфармантамі і карэспандэнцыя ад сеткі прафесійных этнографаў. Нарэшце, у артыкуле Сцяпана Стурэйкі „Проблема типологизации вынужденных мигрантов в контексте социально-культурной антропологии” падкрэсліваецца, насуперак побытаваму меркаванню, што бежанцы з’яўляюцца не пасіўнымі ўдзельнікамі грамадскіх працэсаў, а актыўнымі актарамі, якія рэалізуюць на новым месцы жыхарства ўлас ную стратэгію жыццезабеспячэння.

Трэці нумар. У артыкуле Паўла Лойкі „Узаемадачыненні шляхецкага і мяшчанскага саслоўя на беларускіх землях у другой палове XVI — першай палове XVII ст.” разглядаюцца як шляхецка-мяшчанскія супярэчнасці з-за ўцёкаў сялян у горад, існавання юрыдык, так і іх супрацоўніцтва — вызваленне сялян ад часткі падаткаў у прыватнаўласніцкіх гарадах, часам абарона інтарэсаў гарадоў шляхтай на соймах. Валянцін Голубеў („Сялянская абшчына ў Беларусі ў другой палове XVII — першай палове XVIII ст.”) робіць высно ву, што пасля спусташальных войнаў у другой палове XVII — першай палове XVIII ст. сялянская грамада ў каралеўскіх сталовых эканоміях мела значныя функцыі — выступала як супольны падаткаплацельшчык і карыстальнік зямлёю, а часам і распараджальнік ёю. Артыкул Вадзіма Аніпяркова „Утварэнне і механізм дзеяння інстытутаў Таргавіцкай канфедэрацыі на беларускіх землях Вялікага Княства Літоўскага” — спроба сістэмнага разгляду інстытутаў Таргавіцкай канфедэрацыі (1792–1793) — Гене ральнай, ваяводскіх і павятовых канфедэрацый — з пункту гледжання выканання імі адміністрацыйных і судовых функцый.

У артыкуле Уладзіміра Коршука „Уплыў ідэалогіі лібералізму на беларускае грамадства пачатку XX ст.” адзначаецца, што на тэрыторыі Беларусі на падзел унутры ліберальнага кола ўплываў шматэтнічны і шматканфесійны склад насельніцтва. У матэрыяле Віталя Барабаша «„Проблема Беларуси” в политике государств антифашистской коалиции (1941–1945)» адлюстравана, як дзякуючы поспехам на савецка-германскім фронце СССР здолеў атрымаць падтрымку ЗША і Вялікабрытаніі ў правядзенні мяжы з Польшчай па „лініі Керзана”. Вольга Барташ у матэрыяле „Общественные традиции цыган Беларуси (вторая половина XX — начало XXI в.)” паказвае значэнне катэгорый „гонар” і „апаганьванне” ў цыганскім асяродку Беларусі. Адзначаюцца змены, якія адбыліся з пераходам цыганоў да аселасці.

Весці БДПУ

Навукова-метадычны (прынамсі, так ён афіцыйна тытулуецца) часопіс Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта выходзіць з чэрвеня 1994 г. Перыядычнасць — чатыры разы на год, гістарычныя матэрыялы друкуюцца ў Серыі 2.

2009

Нумар першы за 2009 г. атрымаўся даволі тэматычна разнастайным. У. Тугай і У. Грыгор’еў за мэту свайго артыкула „Славяне і іх продкі ў літаратурнай традыцыі IV–VII ст. н. э.” паставілі „аб’ектыўна паказаць ход гісторыі ў Еўропе і месца ў ёй продкаў славян у IV ст. н. э.” (с. 17) — у самаўпэўненасці аўтарам не адмовіш. Але насамрэч гэта толькі аглядны матэрыял. Артыкул Сяргея Стрэнкоўскага „Самакіраванне беларускіх гарадоў, не звязанае з нямецкім правам, у XV–XVII ст.” — спроба паказаць, што ў акрэслены перыяд у ВКЛ паралельна з магдэбургскім існавала т. зв. „устаўное” гарадское права. Гарадской тэматыцы прысвечаны і артыкул Юрыя Урублеўскага „Працы беларускіх савецкіх даследчыкаў па гістарыяграфіі гісторыі гарадоў Беларусі ў эпоху феадалізму”.

У артыкуле Наталлі Новік „Прыватныя і грамадскія ініцыятывы ў развіцці прафесійнай адукацыі Беларусі (другая палова XIX — пачатак XX ст.)” адзначаецца, што менавіта ў стварэнні ўстаноў прафесійнай адукацыі вялікую ролю адыгрывалі прыватная і грамадская ініцыятыва. Матэрыял Віталя Барабаша „Беларусь у палітыцы польскага эміграцыйнага ўрада ў перыяд Другой сусветнай вайны” ў асноўным падобны да артыкула ў „Весніку БДУ” (№ 3, 2009), але дададзены агляд пазіцый польскіх палітычных партый па пытанні мяжы з СССР.

Вялікую частку другога нумара займае спецыяльна вылучаны блок, прысвечаны Другой сусветнай вайне. Марат Жылінскі („Дзейнасць партызан і падпольшчыкаў Беларусі па зрыве германскіх пла наў у галіне адукацыі”) малюе карціну шырокага распаўсюджан ня савецкіх школ — партызанскіх, таемных, лясных — у Беларусі пад час нямецкай акупацыі. Артыкул Яраслава Бязлепкіна „Палітыка германскіх акупантаў у сфе ры адукацыі на тэрыторыі Беларусі ў 1941–1944 г. (па ма тэрыялах англа-амерыканскай гістарыяграфіі)” — гэта пе ралік і аналіз нешматлікіх прац па дадзенай тэматыцы.

Віктар Якаўчук у публікацыі „Фарміраванне дзяржаўнага апарату ў заходніх губернях Расійскай імперыі ў XIX — пачатку XX ст.” у асноўным паўтарае даў но вядомыя сцверджанні. Прыцягвае ўвагу адно што апісанне замены „польскіх” чыноўнікаў на „рускіх” пасля паўстання 1863–1864 г. У артыкуле Кацярыны Драздовай „Роля і месца банкаў у сацыяльна-эканамічным развіцці Беларусі (1861–1914)” прасочваецца ўплыў банкаў на інтэнсіфікацыю эканамічнага жыцця беларускіх губерняў. У матэрыяле Міхаіла Цубы „Грамадска-палітычныя накірункі дзейнасці эсэраўскіх арганізацый у Беларусі пад час Першай сусветнай вайны (жнівень 1914 — люты 1917 г.)” паказваецца становішча пар тыі эсэраў на беларускіх землях у 1914–1917 г., раз’яд на-насць у яе шэрагах. Мікалай Клепікаў („Захаванне культурна-гістарычнай спадчыны Беларусі ў пачатку 20-х г. XX ст.”) асвятляе дзейнасць у 1919–1923 г. Мін ска-га таварыства гісторыі і старажытнасці, якое займалася аховай культурна-гістарычнай спадчыны і навуковымі росшукамі. Артыкул Анжэлы Лютай „Працы айчынных даследчыкаў па гістарыяграфіі сацыяльна-эканамічнай гісторыі Беларусі другой паловы XVIII — першай паловы XIX ст.” — фактычна гэта рэцэнзія на кнігу З. Капыскага і В. Чапко „Историография БССР: эпоха феодализма”, выдадзеную ў 1986 г. (!). Рэцэнзія неблагая, але як усё гэта стасуецца з назвай артыкула?

У трэцім нумары ў артыкуле „Яцвягі: да пытання этнічнай прыналежнасці” У. Тугай і У. Грыгор’еў, сярод іншага, сцвярджаюць, што яцвягі паходзяць ад готаў (с. 11). Пры гэтым у артыкуле абсалютна не ўлічана багатая і супярэчлівая найноўшая гістарыяграфія праблемы. У артыкуле Аляксандра Кушнярэвіча „Канвентхаўзы Вялікага Княства Літоўскага” апісваюцца замкі ў Троках і Іказні, якія аўтар адносіць да „канвентхаўзаў”, г. зн. падобных да замкаў Тэўтонскага ордэна. Ігар Вуглік („Этнаніміка беларусаў XVII–XVIII ст.: экзаэтнонімы”) пералічвае асноўныя экзаэтнонімы (назвы, дадзеныя іншымі народамі) беларусаў у XVII–XVIII ст. У матэрыяле Юрыя Урублеўскага „Гісторыя гарадоў Беларусі XIV–XVIII ст. у працах айчынных даследчыкаў пасляваеннага перыяду” аналізуюцца дасягненні і недахопы беларускай савецкай гістарыяграфіі гарадоў.

Ігар Гушчынскі („Крыніцы па вывучэнні дзейнасці судовых устаноў Беларусі перыяду капіталізму: 1864–1914”) падае грунтоўны агляд крыніц з улікам спецыфікі асобных іх груп. Андрэй Багдановіч у публікацыі „Барацьба расійскага самадзяржаўя з тал стоў ствам у Беларусі (канец XIX — пачатак XX ст.)” паказ вае, як жыхары беларускіх губерняў удзельнічалі ў распаўсюджванні ідэй Льва Талстога, акрэсліваецца рэакцыя на гэта ўлад. Аляксандр Цымбал у матэрыяле „Праб лема рэвіндыкацыі праваслаўнай маёмасці ў канфесіянальнай палітыцы польскіх улад у Заходняй Беларусі (1921–1939)” прасочвае правядзенне палітыкі рэвіндыкацыі — вяртання Каталіцкай царкве былых каталіцкіх і ўніяцкіх храмаў, аддадзеных у часы Расійскай імперыі праваслаўным. У артыкуле В. Буракова „Жыллёвая кааперацыя БССР (1924–1929)” разглядаецца жыллёвая арэндная і будаўнічая кааперацыя. А ў публікацыі Івана Саракавіка і Канстанціна Барвінка „Перамены ў вышэйшых органах улады СССР і іх уплыў на кадравую палітыку. 1953–1991 г. (па матэрыялах МУС БССР)” паказана, як кожны новы кіраўнік СССР змяняў ролю міліцыі ў дзяржаўнай сістэме.

У чацвёртым нумары пераважалі артыкулы па гісторыі XX ст. Цікавы артыкул Ігара Гушчынскага „Сутнасць расійскай судовай рэформы 1864 г. і асаблівасці яе рэалізацыі на тэрыторыі Беларусі”, у якім адлюстравана, як абме жавальная дзяржаўная палі ты ка ў да чынен-ні да бе ла рускіх земляў выклікала „ўся чэн не” судовай рэформы.

Публікацыя Аляксандра Субоціна „Харчовае забеспячэнне стаханаўцаў БССР у другой палове 1930-х г.” распавядае пра тое, што ўдзел у стаханаўскім руху вёў не толькі да павелічэння прэстыжу, але і да заможнасці. Артыкул Віталя Барабаша «„Праблема Заходняй Беларусі” ў палітыцы СССР у пачатку Другой сусветнай вайны (1939–1941)» добра ілюструе, як праз эксплуатацыю „беларускай” і „літоўскай” карты СССР у 1939–1941 г. дамагаўся сваіх геапалітычных мэтаў. Н. Барабаш („Перасяленне жыхароў з сельскай мясцовасці БССР у Калінінградскую вобласць: 1946–1956”) акрэслівае колькасць пераселеных сем’яў, апісваюцца ўмовы іх пераезду, складанасці на новым месцы жыхарства. Адзначаецца негатыўны ўплыў гэтай „планавай” міграцыі на дэмаграфічную сітуацыю ў Беларусі. Л. Гаўрылавец („Варшаўскі дагавор 1970 г. аб асновах нармалізацыі ўзаемных стасункаў паміж ПНР і ФРГ”) падае складаны працэс падпісання дамовы ад 4 снежня 1970 г., паводле якой ФРГ прызнала пасляваенную заходнюю мяжу Польшчы. У артыкуле Сяргея Гарбіцкага „Беларуска-чэшскія культурныя адносіны (канец XX — пачатак XXI ст.)” апісваюцца ўсе больш-менш значныя (і пры гэтым дазволеныя беларускай уладай) праявы культурных кантактаў паміж Беларуссю і Чэхіяй.

Веснік Брэсцкага ўніверсітэта Серыя гуманітарных і грамадскіх навук

Часопіс выдаецца з 1997 г., чатыры разы на год. У 2009 г. артыкулы па гісторыі друкаваліся ў „Серыі гуманітарных і грамадскіх навук”. Неабходна сказаць, што за ўвесь год у „Весніку Брэсцкага ўніверсітэта” не было апублікавана ніводнага артыкула, прысвечанага падзеям раней за XIX ст. Спадзяемся, што такая дыспрапорцыя мае выпадковы характар.

2009

У першы выпуск за 2009 г. увайшлі чатыры артыкулы па гісторыі. Кацярына Марозька („Церковные школы на Пинщине: вторая половина XIX — начало XX в.”) на прыкладзе Піншчыны паказвае змяненне колькасці царкоўных школ (у сувязі з дзяржаўнай палітыкай), апісвае працэс навучання ў такога кшталту ўстановах. Надзея Маторава („Социальная политика органов городского самоуправления белорусских губерний: историографический аспект”) падкрэслівае, што комплексных даследаванняў па гэтай тэматыцы ў беларускай гістарыяграфіі не было. Магчыма, сама аўтарка запоўніць гэты прагал.

У артыкуле Андрэя Гарбацкага „Гісторыя стараабрадніцтва: вынікі крыніцазнаўчага вывучэння (1917 — пач. XXI ст.) (Ч. 3)” пералічваюцца і аналізуюцца да-следаванні па гісторыі стараабрадніцтва. Цікава, што аўтар звяртаецца і да шэрагу літаратурных твораў па гэтай тэматыцы. Аляксандр Вабішчэвіч у матэрыяле „Нацыянальна-культурная праблематыка ў грамадска-царкоўным жыцці праваслаўнага духавенства Заходняй Беларусі (1921–1939)” паказвае некаторыя захады беларускіх дзеячаў па „беларусізацыі” Праваслаўнай царквы ў Заходняй Беларусі. Адзначаецца адсутнасць поспеху ў гэтай дзейнасці, раскрываюцца прычыны няўдачы. Акцэнтавана ўвага на спробах уладаў „паланізаваць” Праваслаўную царкву.

Другі нумар змяшчае артыкулы, прысвечаныя амаль што выключна XX–XXI ст. Віталь Гарматны („Палітыка насаджэння асадніцтва і яе асаблівасці ў Палескім ваяводстве ў 1921–1939 г.”), сярод іншага, пастулюе, што асаднікі адыгралі і станоўчую ролю, перадусім, у павышэнні ўзроўню агракультуры, але ніякімі фактамі гэта не пацвярджае. Артыкул Аляксея Радзюка „Создание партизанских зон на территории Беларуси в годы Великой Отечественной войны (1941–1944)” мае аглядны характар і, на жаль, не ўносіць нічога новага ў разгляд тэмы. У артыкуле Эдмунда Ярмусіка „Рымска-каталіцкія манастыры ў сацыяльным і духоўным жыцці Беларусі (30-я г. XX ст. — пачатак XXI ст.)” апісана дзейнасць каталіцкіх кляштараў на беларускіх землях у II Рэчы Паспалітай, іх складанае становішча пад час Другой сусветнай вайны, знішчэнне ў савецкі перыяд і паступовае аднаўленне ў цяперашні час. У матэрыяле Уладзіміра Здановіча „Пачатковы перыяд Вялікай Айчыннай вайны ў працах беларускіх даследчыкаў (1990–2008)” разглядаецца, як беларускія гісторыкі асэнсоўвалі спрэчныя пытанні гісторыі нападу Нямеччыны на СССР — праблему прэвентыўнага ўдару, суадносінаў сіл.

Трэці нумар змяшчае ўсяго некалькі гістарычных публікацый. У артыкуле Святланы Грыбавай „Удзел беларускіх татар у падпольным руху на тэрыторыі Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны” прыводзяцца звесткі пра ўдзел этнічных татараў у мінскім і уздзенскім падполлі. Наталля Бункевіч у артыкуле „Методы палеоантропологии при изучении этногенеза восточных славян” падрабязна спыняецца на краніялагічным метадзе (вымярэнне чарапоў), які найбольш распаўсюджаны ў беларускай навуцы.

Чацвёрты нумар склалі матэрыялы па гісторыі Заходняй Беларусі (што нядзіўна для брэсцкага выдання) і міжнародных кантактах Нямеччыны. Артыкул Аляксандра Вабішчэвіча „Нацыянальна-культурнае жыццё Заходняй Беларусі (1921–1939): праблемы перыядызацыі, тыпалогіі ўзаемаадносін” цікавы тым, што ў ім, акрамя звычайнага разгляду беларуска-польскіх стасункаў, робіцца спроба акрэсліць адносіны беларусаў і палякаў з іншымі этнічнымі супольнасцямі ў Заходняй Беларусі. У артыкуле Вольгі Мярчук „Адміністрацыйна-прававыя асновы эміграцыі з тэрыторыі Заходняй Беларусі (1921– 1939)” па даюцца спецыфіка эміграцыйнага зака-надаўства, асноўныя напрамкі эміграцыі з тэрыторыі Заходняй Беларусі. Павел Корнеў у матэрыяле „Сельская гаспадарка Брэсцкай вобласці ў першыя гады пасля вызвалення ад германскіх акупантаў (1944–1947)” апісвае мерапрыемствы савецкай улады па аднаўленні матэрыяльнай базы сельскай гаспадаркі, паляпшэнні ўмоваў жыцця і стварэнні калгасаў.

Дзве публікацыі датычаць гісторыі адносін з Нямеччынай. Дзмітрый Мігун у артыкуле „Германо-советский торговый договор 1925 г. и его значение” падае агляд нямецка-савецкіх адносінаў у 1921–1925 г., а Андрэй Русаковіч („Основные проблемы белорусско-германских отношений в период 2001–2003 г.”) паказвае пэўныя поспехі ў эканамічных узаемаадносінах Беларусі і Нямеччыны ў 2001–2003 г. і амаль поўную адсутнасць зрухаў у сферы палітыкі ў гэты час.

Веснік Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта

Выдаецца з 1996 г., у 2009 г. выйшла чатыры выпускі. Звычайна ў нумар трапляе 3–4 матэрыялы па гісторыі, часам да іх далучаюцца артыкулы па этналогіі і археалогіі. У 2009 г. у „Весніку” назіралася выразная перавага публікацый па гісторыі Беларусі XIX–XX ст. Большасць аўтараў з ВДУ імя П. М. Машэрава, але друкуюцца і прадстаўнікі з іншых навуковых асяродкаў.

2009

Рубрыку „Гісторыя” ў першым нумары за 2009 г. адкрыў артыкул Аляксандра Самовіча „Турецкие военнопленные 1877–1878 г. в Витебской губернии”, дзе апавядаецца пра паўсядзённае існаванне турэцкіх вайскоўцаў у расійскім палоне, адзначаецца цікавасць да іх з боку мясцовага насельніцтва. Сяргей Зыбін („Первая Всебелорусская молочная выставка 1925 г. в г. Минске: новые архивные материалы”) адзначае прапагандысцкую і эканамічную функцыі выставы 1925 г., але падрабязна спыняецца толькі на другой з іх. Даследаванні найноўшай гісторыі Беларусі рэпрэзентуе артыкул Дзяніса Юрчака „Белорусско-украинские отношения в 1991–2004 г.: успехи и противоречия”, у якім аўтар спыняецца на палітычных і эканамічных аспектах ва ўзаемаадносінах дзвюх краін. Прызнаючы праявы напружанасці (непрызнанне Вярхоўнай Радай Украіны беларускага парламента ў 1996–1999 г., пытанне ўкраінскай запазычанасці і дэмаркацыі мяжы), даследчык ацэньвае беларуска-ўкраінскае супрацоўніцтва як плённае.

Другі нумар змясціў артыкулы па гісторыі і  этналогіі. У артыкуле Аляксея Саўкова «Схема социальной динамики и концепция „всемирной истории” Н. А. Рожкова» аналізуецца цыклічная канцэпцыя гісторыі расійскага навукоўца Мікалая Ражкова (1868–1927). Выяўляюцца яе ідэйныя вытокі, месца ў тагачаснай думцы, моцныя і слабыя бакі. Надзея Маторава ў матэрыяле „Мероприятия органов городского самоуправления Беларуси по улучшению санитарного состояния городов (1875–1914)” апісвае такія мерапрыемствы, як стварэнне санітарных камісій, камітэтаў і апякунстваў, увядзенне пасады санітарных урачоў (не без супраціву з боку гарадскіх Дум), кантроль чысціні вады і інш. У этналагічную частку ўваходзіць артыкул Уладзіміра Лобача „Міфа-семантыка сядзібы і хаты ў традыцыйным светапоглядзе беларусаў”, дзе раскрываецца значэнне сядзібы і хаты ў традыцыйнай беларускай культуры як увасабленняў „сваёй” прасторы і Сусвету ў цэлым.

У трэці нумар уключана найбольшая за 2009 г. колькасць артыкулаў па гісторыі — пяць. У артыкуле Алены Дзянісавай „Гаспадарчая дзейнасць праваслаўных манастыроў Беларусі ў другой палове XV — першай палове XVII ст.” акрэсліваецца маёмасны стан манастыроў, іх узаемаадносіны са свецкімі феадаламі, колькасць прыгонных і характар павіннасцяў. Робіцца выснова, што манастыры былі не вельмі заможнымі, але забяспечвалі патрэбы манахаў. Юрый Петухоў у матэрыяле „Этнополитическое и историческое сознание белорусского дворянства в конце XVIII — начале XX в.: обзор источников” вылучае наступныя групы крыніц па дадзенай праблематыцы: гістарычныя, этнаграфічныя даследаванні і гістарычная публіцыстыка; літаратурныя творы, мемуары і дзённікі; дваранскія перапісы; судова-следчыя матэрыялы і кіраўніцкая дакументацыя (с. 17). Але аўтар засяродзіўся толькі на пералічэнні крыніц, іх вартасцяў і недахопаў і нават не паспрабаваў акрэсліць метадалогію даследавання „этнапалітычнай і гістарычнай свядомасці беларускага дваранства ў канцы XVIII — пачатку XX ст.” ці хаця б раскрыць сутнасць гэтага інтэлектуальнага канструкта. Зрэшты, магчыма, гэта не ўваходзіла ў праблемнае поле артыкула, але разгляд крыніц без бліжэйшага вызначэння прадмета даследавання ўсё-такі немэтазгодны. Васіль Табуноў („Католическое духовенство и церковноприходские школы в Беларуси в начале XX века”) разглядае палітыку расійскага ўрада па выкрыццю нелегальных каталіцкіх школ і насаджэнню царкоўнапрыходскіх школ, у тым ліку сярод каталікоў. Падкрэсліваецца значэнне як супрацьвагі гэтаму цыркуляра № 509 ад 12 лютага 1902 г. віленскага біскупа С. Звяровіча аб ненаведванні каталікамі праваслаўных школ. Выкананне гэтага цыркуляра вернікамі прымусіла ўрад пайсці на саступкі. У артыкуле Сяргея Васовіча „Культурно-просветительская деятельность Витебского Свято-Владимирского братства в начале XX в.” робіцца акцэнт на дабрачыннай і рэлігійна-асветніцкай (натуральна, у праваслаўным рэчышчы) дзейнасці дадзенага брацтва. Адзначаецца антырэвалюцыйная агітацыя брацтва пад час падзей 1905–1907 г. Наталля Новік („Учительские институты в системе профессионального образования Беларуси начала XX в.”) разглядае настаўніцкія інстытуты ў Віцебску (з 1910 г.), Магілёве (з 1913 г.) і Мінску (з 1914 г.), акрэслівае рэлігійны (выключна праваслаўныя) і сацыяльны (большая частка — сяляне) склад навучэнцаў.

У рубрыцы „Філасофія” ў чацвёртым нумары змешчаны цікавы і гісторыкам артыкул Аляксандра Табачкова „Исторический источник: онтогносеологический анализ”: аўтар, хоць нідзе гэта прама не сцвярджае, прытрымліваецца канструктывісцкага падыходу да аналізу паняцця „гістарычны факт”, таксама ён падкрэслі вае, што „крыніца фактычнасці” — гэта акурат і ёсць гістарычная крыніца, актуалізаваная даследчыкам. Ва ўласна гістарычнай частцы нумара змешчаны тры артыкулы. У матэрыяле Кацярыны Марозькі „Организация учебного процесса в Минской духовной семинарии (вторая половина XIX в.)” акрэсліваецца матэрыяльны стан Мінскай духоўнай семінарыі, яе адукацыйны ўзровень, але асноўная ўвага скіравана на побыт навучэнцаў і перспектывы іх далейшай кар’еры. Аляксандр Субоцін („Успрыманне стаханаўскага руху рабочымі БССР у сярэдзіне 1930-х г.”) аналізуе ўспрыманне рабочымі БССР „стаханаўскага руху”. Яго станоўчая матывацыя прасочваецца праз разгляд сведчанняў саміх стаханаўцаў, але большасць прыве дзеных прыкладаў — гэта ідылічныя замалёўкі з тагачаснай савецкай перыёдыкі, што аўтар зусім не ўлічвае. Паказаны таксама праявы адмоўнага стаўлення да „стаханаўскага руху” і прычыны гэтага. Расціслаў Цімафееў у артыкуле „Материально-технические условия развития транспорта БССР в 1943–1991 г.”, акрамя агульнага аповеду аб развіцці транспарту ў БССР, спыняецца на шматлікіх праблемах, якія існавалі ў транспартнай сферы ў той час.

Известия Гомельского государственного университета им. Ф. Скорины

Часопіс дэклараваны як „навуковы і вытворча-практычны”. Выдаецца з 1999 г., выходзіць 6 выпускаў на год, пры гэтым некаторыя з іх у некалькіх частках. Аднак далёка не ва ўсіх нумарах ёсць матэрыялы па гісторыі.

2009

Нумар другі за 2009 г. змясціў два артыкулы па гісторыі, дакладней, па гісторыі асветы і адукацыі. У матэрыяле Сяргея Васовіча „Организация народных чте ний и бесед епархиальными братствами в конце XIX — на чале XX в.” адлюстраваны мерапрыемствы па арга нізацыі чытанняў і гутарак, асаблівасці іх правя дзення ў розных епархіях, тэмы чытанняў і вынікі дзей насці, апошнія, праўда, у некалькі патэтычным стылі. У артыкуле А. Сарокі „Станаўленне сістэмы навучальных устаноў па падрыхтоўцы работнікаў для культурна-асветніцкіх устаноў савецкай Беларусі ў 20-х г. XX ст.” асвятляецца функцыянаванне савецкіх партыйных школ I і II ступеняў і Магілёўскага палітыка-асветніцкага тэхнікума.

Трэці нумар абышоўся без „гістарычнай” часткі, але сярод матэрыялаў у рубрыцы „Фалькларыстыка” вылучаецца даследаванне Аляксандра Карскага „Карские — собиратели белорусского фольклора”, у якім адзначаецца, што актыўным збіральнікам фальклору быў не толькі Яўхім Карскі, але і члены яго сям’і і бліжэйшыя сваякі.

Частка першая чацвёртага выпуску даволі багатая на гістарычныя даследаванні. Мікалай Клепікаў („К истории Гомельского музея”), апавядаючы пра Гомельскі музей у 20–30-я г. XX ст., здолеў змясціць інфармацыю і пра „Румянцаўскі гурток”, і пра распродаж музейных каштоўнасцяў у СССР. Артыкул Віталя Гарматнага „Вайсковае асадніцтва на тэрыторыі палескага1 ваяводства ў 1921–1939 г.” мала адрозніваецца ад іншых матэрыялаў аўтара (гл.: Веснік БрДУ, № 2, 2009; Веснік МДУ, № 1, 2009). У даследаванні Аксаны Яшчанкі „Общественные традиции молодежи Мозырско-Припятского Полесья в 1920-е г.” паказана пранікненне ў

1Менавіта так – з малой літары – у тэксце.культуру моладзі Палесся савецкіх звычаяў. Нягледзячы на згадванне Беларусі ў назве артыкула Дзмітрыя Мігуна „Беларусь в германо-советских отношениях 1939 г.”, тэкст пераважна прысвечаны міжнароднай сітуацыі ў 1939 г. без асаблівай прывязкі да Беларусі. Нарэшце, найбольш змястоўны артыкул у „гістарычнай” частцы прэзентуе Сцяпан Захаркевіч („Маркеры этнических меньшинств Беларуси в XIV–XVIII в.”): на падставе класіфікацый Ф. Барта і Ю. Абрэмбскага аўтар вызначае рысы як у знешнім выглядзе, так і ў свядомасці, якія адрознівалі прадстаўнікоў этнічных меншасцяў на тэрыторыі Беларусі ў XIV–XVIII ст.

У „філасофскай” частцы знаходзіцца артыкул Вячаслава Цацарына „Хэйдэн Уайт і Поль Рыкёр аб структуры гістарычнага тлумачэння”: пераказваюцца ідэі Х. Уайта аб „паэтычным” характары гісторыяпісання і іх перааэнсаванне П. Рыкёрам. Аўтар схільны больш зга-джацца з пазіцыяй Уайта, чым Рыкёра.

Згадаем, што ў нумар увайшлі таксама матэрыялы міжнароднай навуковай канферэнцыі „Беларусь і суседзі: гістарычныя шляхі, узаемадзеянне і ўзаемаўплывы”.

Пачэснае месца занялі матэрыялы на гістарычныя тэмы і ў шостым нумары. У артыкуле Д. Савіча „К вопросу об истории православной церкви Витебщины в пер вые годы после Брестского церковного собора (1596–1625)” пераказваюцца ў асноўным добра вядомыя факты, звязаныя, перадусім, з постаццю Язафата Кунцэвіча, які, дарэчы, абвінавачваецца ў выкарыстанні „дваістых стандартаў”. Алена Корань („Этико-эстетические установки декабристов”) сцвярджае, што ў сваёй грамадскай дзейнасці дзекабрысты кіраваліся этычнымі перакананнямі, у замацаванні якіх вялікую ролю надавалі літаратуры і мастацтву. Рыгор Лазько („Ідэя самавызначэння народаў у ленінскай палітычнай канцэпцыі ў дакастрычніцкі перыяд”) падкрэслівае, што дэклараванае У. Леніным права нацый на самавызначэнне было тактычным крокам бальшавікоў. У публікацыі Анатоля Бабкова „Помощь беженцам Первой мировой войны эвакуационными органами Полоцкого уезда в 1919–1920 г.” паказана, як рассялялі бежанцаў, даглядалі іх пад час савецка-польскай вайны 1919–1920 г. Адзначаны кепскія, фактычна антысанітарныя, умовы ў лагерах для бежанцаў у Полацку. Мікалай Мязга („Падпісанне рапальскага дагавора і рэакцыя польскай дыпламатыі”) апісвае спробы Польшчы спыніць нямецка-расійскае збліжэнне ў першай палове 20-х г. XX ст. праз прыцягненне падтрымкі заходніх краін, кантакты то з Нямеччынай, то з Савецкай Расіяй.

Веснік Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі КупалыСерыя 1: Гісторыя. Філасофія. Паліталогія. Сацыялогія

Часопіс выдаецца з сакавіка 1999 г. тры разы на год. У Серыі 1 матэрыялы па гісторыі складаюць звычайна большую палову тэкстаў. У кожным з нумароў 2009 г. значнае месца было аддадзена пад гістарыяграфічныя і крыніцазнаўчыя матэрыялы, і гэта не выпадкова, бо гістарычны факультэт ГрДУ вядомы сваім інтарэсам да гістарыяграфічнай праблематыкі (працы Аляксандра Нечухрына, Дзмітрыя Карава і інш.). Публікуюцца матэрыялы гродзенскіх навукоўцаў (а ГрДУ — адзін з найбуйнейшых цэнтраў гістарычных даследаванняў у Беларусі) і прадстаўнікоў іншых гарадоў.

2009

У нумары першым у артыкуле „Этническая ментальность белорусского дворянства в конце XVIII — начале XX вв. (историографический аспект)” Юрый Петухоў паказаў, як асэнсоўвалася дваранства беларускіх зямель навукоўцамі і публіцыстамі Расійскай імперыі — спачатку як „польскае”, пасля як „апалячанае”. Адзначаецца, што ў савецкай і постсавецкай навуцы спецыяльных даследаванняў па гэтай тэме не было. Тадэвуш Кручкоўскі („Российско-польские отношения в первой половине XIX века и их влияние на развитие исторической полонистики в России”), акрамя рэтраспектыўнага агля ду разнастайных навуковых і публіцыстыч ных прац, падкрэслівае ролю Мікалая Карамзіна як чалавека, які першым абгрунтаваў ідэю аб немагчымасці незалежнай Польшчы без шкоды для Расіі. На мяжы крыніцазнаўчых штудый і інтэлектуальнай гіс торыі знахо дзіцца артыкул Ганны Паўлоўскай „Хро ніка кляш тара кармелітаў босых гаспадарскага места Гародні як silva rerum Conventus Grodnensis”, у якім да ецца падрабяз нае апісанне Хроні-кі кляштара босых кармелітаў у Гродне (апісвала падзеі 1652–1790 г.). Здзей снена спроба параўнаць яе са шля-хец кімі збор ні камі энцыклапедычнага характару — silva rerum. Сцвяр джаецца, што як і silva rerum, Хроніка ства-рала суму ве даў і ідэалы выхавання, захоўвала калек-тыўную тоеснасць.

Але не толькі гістарыяграфія і крыніцазнаўства вабіць аўтараў дадзенага выдання. У артыкуле Алега Карповіча „Участие населения белорусских уездов Гродненской губернии в восстании 1863–1864 г.” акрэсліваецца і аналізуецца сацыяльны склад паўстанцаў у Брэсцкім, Ваўкавыскім, Гродзенскім, Кобрынскім, Пружанскім і Слонімскім паветах. Робіцца выснова, што большую частку паўстанцаў складалі прадстаўнікі беззямельнага збяднелага дваранства і дробныя чыноўнікі. Даюцца прычыны ўдзелу розных сацыяльных груп у паўстанні 1863–1864 г. на Гродзеншчыне. У публікацыі Вольгі Папко „Прынцыпы наследавання ардынацый князёў Радзівілаў у XIX ст.” адлюстраваны шэраг адыходаў ад прынцыпу ардынацыі (маярату) пры перадачы ўладанняў Радзівілаў у спадчыну ў XIX ст. Разгледжаны ўплыў палітычных аспектаў на маёмасныя адносіны — удзел князя Дамініка Радзівіла ў вайне 1812 г. на баку Напалеона, пераход часткі Радзівілаў, нямецкіх падданых, у пачатку XX ст. у расійскае падданства для магчымасці карыстацца сваімі ўладаннямі на тэрыторыі Расійскай імперыі. Таццяна Хурсан у артыкуле „Пытанні колькаснага вызначэння стараабраднікаў на тэрыторыі Усходняй Беларусі (другая палова XVIII — XIX ст.)” паказвае дынаміку (рост) колькасці стараабраднікаў у другой палове XIX ст. Праўда, пераканаўчага тлумачэння гэтага даследчыца не падае. Артыкул Аляксандра Самовіча „Опыт восприятия турецких военнопленных населением белорусских губерний (1877–1878)” у цэлым падобны да матэрыялу гэтага ж аўтара ў „Весніку ВДУ” (№ 1, 2009, гл. раней), толькі мае большы геаграфічны ахоп. Дадаецца таксама апісанне выпадкаў жадання некаторых палонных застацца ў Расійскай імперыі і перайсці ў праваслаўе. У публікацыі Наталлі Новік „Профессиональное образование в Гродненской губернии в XIX — начале XX в.” адзначаецца адставанне Гродзенскай губерні ў прафесійнай адукацыі ад іншых беларускіх губерняў, што аўтарка тлумачыць адсутнасцю земстваў.

Гісторыя XX ст. таксама багата рэпрэзентавана ў гэтым нумары. У артыкуле Вольгі Шчукі „Еврейские политические партии и организации в Западной Беларуси в условиях мирового экономического кризиса (1929–1933)” падкрэсліваецца, што ў міжваеннай Польшчы ва ўмовах крызісу ўзраслі антысеміцкія настроі. Але асноўная ўвага звернута на дзейнасць яўрэйскіх партый і арганізацый рознай палітычнай накіраванасці. Робіцца выснова, што найбольш уплывовымі з іх былі Бунд і Паалей-Цыён. Анатоль Вялікі („Пытанне нацыянальнасці і грама дзянства ў час рэпатрыяцыі польскага насельніцтва з ПНР у БССР у 1957–1959 г.”) прасочвае, як са змяненнем палітычнай кан’юнктуры ў 40–50-я г. XX ст. (сталае замацаванне тэрыторыі Заходняй Беларусі за БССР, магчымасць выезду ў Польшчу) змянялася і нацыя нальнасць многіх жыхароў захаду Беларусі — з палякаў у беларусы і наадварот. У матэрыяле Эдмунда Ярму  сі ка „Римско-католическая Церковь в Беларуси в период понтификата Иоанна Павла II” апавядаецца пра Рымска-каталіцкую царкву ў Беларусі ў 1978–2005 г., калі папам рымскім быў Ян Павел II. Акрэсліваюцца асноўныя падзеі ў рэлігійным жыцці беларускіх каталікоў. Аўтар старанна абыходзіць тэму ўзаемаадносінаў каталіцкай царквы з уладамі незалежнай Беларусі.

Другі нумар распачынае Андрэй Ганчар („Политика Российской империи в отношении римско-католической церкви на территории Беларуси в посл. трети XIX — нач. XX в.”), які вызначае ў дарэвалюцыйнай гістарыяграфіі гісторыі каталіцкай царквы кансерватыўны (які пераважаў) і ліберальны напрамкі. У савецкай гістарыяграфіі ім вылучаецца два перыяды: 1920–1950-я г., калі каталіцкая царква апісвалася выключна ў змрочных фарбах, і 1950–1980-я г., калі панаваў больш узважаны падыход. У сучаснай расійскай гістарычнай навуцы адзначаецца тэзіс, што адносіны Расіі і Рыма псавала „польскае пытанне”. Сяргей Занеўскі ў матэрыяле „Роль правового положения шляхты ВКЛ в законодательном оформлении российского дворянства (источниковедческий анализ)” сцвярджае, што прававы стан шляхты ВКЛ стаў узорам для расійскага дваранства ў яго імкненні да заканадаўчага замацавання ўласных правоў. Аляксандр Радзівонаў („Комплектование российской армии на территории Гродненской губернии накануне Отечественной войной2 1812 г.”) „парадаваў” яшчэ ў рэзюмэ да артыкула, дзе падзяліў ваенных гісторыкаў на „дваранскіх”, „буржуазных”, „савецкіх” і „айчынных” (с. 81). Абсалютную некарэктнасць (з пункту гледжання логікі) такой класіфікацыі тлумачыць не выпадае. Але ў цэлым гэта неблагі матэрыял пра арганізацыю рэкруцкай павіннасці ў Расійскай імперыі (у прыватнасці, у Гродзенскай губерні) у першым дзесяцігоддзі XIX ст.

У артыкуле Валерыя Чарапіцы „Чины Гродненской губернской, городской и уездной полиции в начале XX века: их типы и судьбы” падаецца кароткі аг ляд арганізацыі паліцэйскай службы ў Расійскай ім перыі, біяграфіі шэрагу значных паліцэйскіх чыноў Гродзенскай губерні, а таксама Пятра Станіслававіча Геніюша, свёкра знакамітай паэткі Ларысы Геніюш. У

2„Накануне Отечественной войной”: менавіта так, з памылкай у дапасаванні, у назве артыкула.даследаванні Вольгі Радзівонавай „Православное духовенство Белорусских епархий в начальный период Первой мировой войны (июль — декабрь 1914 г.)” акрэс-ліваецца дабрачынная і прапагандысцкая дзейнасць праваслаўных святароў у пачатку Першай сусветнай вайны. Аляксей Саўкоў („Проблема личности и личностного фактора в исторической концепции Н. А. Рожкова”) адзначае супярэчлівасць поглядаў расійскага гісторыка Мікалая Ражкова на ролю асобы ў гісторыі: з аднаго боку, пад уплывам пазітывізму і марксізму, яе поўнае адмаўленне, а з іншага, вылучэнне (фактычна на падставе „вялікіх асобаў”) „псіхічных тыпаў”, якімі і адрозніваюцца эпохі.

У артыкуле Дзмітрыя Карава „Западноруссизм и его представители в белорусской историогра фии порефор менного периода (к проблеме вли яния политики на исто рическую идеологию)” паказ ваецца палітызаваная сутнасць „заходнерусісцкай” гістарыяграфіі. Матэрыял Анастасіі Каравай „Белорусская диаспора и становление традиций белорусоведения в Великобритании в 40-е — сер. 80-х г. XX в. (историографические, источниковедческие, историко-культурологические аспекты проблемы)” значна пашыраны і больш сістэматызаваны, чым падобны артыкул аўтаркі ў БГЧ (№ 6, 2009, гл. раней). Асаблівая ўвага звернута на крыніцы па гісторыі беларускай дыяспары ў Вялікабрытаніі. Артыкул Ганны Змітрукевіч „Белорусская диаспора и формирование традиции белорусоведения в Западной Германии и ФРГ (40–80-е гг. XX в.)” — пашыраны варыянт з БГЧ (№ 6, 2009, гл. раней). Бянтэжыць пэўная неахайнасць артыкулаў А. Каравай і Г. Змітрукевіч: граматычныя памылкі, паўторы тэксту, нарэшце, наяўнасць аднолькавых ці вельмі падобных фрагментаў у абодвух матэрыялах: на с. 66–67 і 75 — пра Янку Запрудніка і Міколу Панькова, на с. 66 і 79 — пра газету „Бацькаўшчына”. Гэта значна зніжае навуковую вартасць публікацый.

У матэрыяле Андрэя Боркі „Структура і асаблівасці дзейнасці Гродзенскай гарадской рады (1919–1927)” адлюстраваны нацыянальны (пераважалі палякі і яўрэі), рэлігійны (у асноўным каталікі і іўдзеі) і палітычны (з цягам часу павялічвалася прадстаўніцтва праўрадавых колаў) склад рады, акрэслены яе паўнамоцтвы. Тэму Заходняй Беларусі працягвае Аляксандр Вабішчэвіч у артыкуле „Беларускае тэатральнае і музычнае жыццё ў Польшчы ў 20–30-я г. XX ст.”, дзе апісваюцца спробы стварэння беларускага прафесійнага тэатра, дзейнасць самадзейных тэатраў, беларускіх хораў, музыкаў і спевакоў, перашкоды для беларускага тэатра і музыкі з боку польскіх уладаў.

Нарэшце, Алена Макрушыч („Этнокультурная политика в Республике Беларусь в начале XXI в.”) пералічвае нарматыўна-прававыя акты, мерапрыемствы, дасягненні і г. д. у этнакультурнай палітыцы ў Беларусі.

Трэці нумар запоўнены пераважна гістарыяграфічнымі матэрыяламі. Святлана Марозава („Гісторыка-канфесійныя даследаванні на кафедры гісторыі Беларусі ГрДУ імя Янкі Купалы”) прасочвае дзейнасць трох пакаленняў даследчыкаў (пачынаючы ад Якава Мараша), якія займаліся і займаюцца канфесійнай праблематыкай на гістарычным факультэце ГрДУ. У артыкуле Наталлі Ягнешко „Сістэма атэ стацыі навуковых і навукова-педагагічных кадраў у Рэспубліцы Беларусь і яе вынікі па гістарычных навуках (1991–2007)” пералічваюцца шматлікія ператварэнні ў сіс тэме атэстацыі ў Беларусі, прыводзяцца прыкла-ды ўдалых і няўдалых спробаў атрымання вучоных ступеняў. У артыкуле Руслана Гагуа «„Хроника конфликта…” как один из основных источников для исследования Грюнвальдской битвы 1410 года в отечественной и зарубежной историографии» пра айчынную гістарыяграфію (спадзяюся, аўтар пад ёй меў на ўвазе беларускую) нічога не сказана, магчыма, таму што „Хроніка канфлікту…” не атрымала ў нас (да ўласна Р. Гагуа) належнага разгляду. Што датычыцца замежнай гістарыяграфіі, то, на думку аўтара, у польскай навуцы склалася недакладнае, заніжанае меркаванне аб вартасцях гэтай крыніцы. Асноўную частку працы Тадэвуша Кручкоўскага „Общественно-политические условия развития исторической полонистики в России второй половины XIX века” займае апісанне зменаў ва ўрадавай палітыцы ў дачыненні да „польскага пытання” і стаўленне да яго ў грамадскай думцы. Пра ўласна „гістарычную паланістыку” адзначаецца, што адносіны да Польшчы кансерватыўных і ліберальных гісторыкаў не вельмі адрозніваліся і (за рэдкім выняткам) былі насцярожанымі. У крыніцазнаўчым артыкуле Андрэя Чарнякевіча „Православная церковь Беларуси конца XVIII — начала XX веков (по материалам польских источников и литературы)” чамусьці вельмі выбарачна рэпрэзентаваны крыніцы: колькі прац з XIX ст., у тым ліку публіцыстычных, адна кніга з міжваеннага часу, нічога з перыяду ПНР, а завяршае ўсё агляд сучаснай польскай гістарыяграфіі. Казаць у такім выпадку пра нейкія тэндэнцыі ў адлюстраванні Праваслаўнай царквы ў польскай грамадскай думцы не выпадае. Артыкул Святланы Сілавай „Православная церковь в конце XIX — начале XX вв. (к историографии вопроса)” фактычна ўяўляе сабою два розныя матэрыялы: агляд крызіснага стану Праваслаўнай царквы ў Расіі на памежжы XIX–XX ст. і пералік крыніц і гістарыяграфіі па гісторыі праваслаўя ў Расіі. Як усё гэта суадносіцца з назвай артыкула, сказаць складана. Спіс выкарыстанай літаратуры налічвае 92 (!) пазіцыі, але добра, калі на палову з іх ёсць спасылкі ў тэксце. Артыкул Вольгі Працэнкі «Проблема цивилизационного выбора России на страницах журнала „Отечественная история” (2000–2008 гг.)» — пра вечную праблему „лёсу Расіі” (у тым ліку ў яе цывілізацыйнай мадыфікацыі), якая ўжо стала не толькі гістарычнай, але і гістарыяграфічнай праблемай.

Але не гістарыяграфіяй адзінай жыве „Веснік ГрДУ”. Артыкул Алены Корань „Декабристы после де ка бря. Ретроспективная самооценка и ментали тет”, нягледзячы на заяўленую маштабнасць і „мадэр насць” тэмы, уяўляе сабою вельмі інфарматыўны, але ўсё-  такі панегірык дзекабрыстам. Што датычыцца прааналізаванага аўтарам менталітэту ўдзельнікаў паўстання, то прыцягвае ўвагу адчуванне дзекабрыстамі ўласнай гістарычнай ролі і адказнасці, якое не знікла і ў ссылцы. У артыкуле Андрэя Боркі „Структура і асаблівасці дзейнасці Гродзенскіх гарадскіх радаў у другой палове 20 — 30-х г. XX ст.” асвятляецца дзейнасць II–IV Гродзенскіх ра даў, акрэсліва ец ца партыйны і нацыянальны склад чле наў (прадстаў ні кі польскіх і яўрэйскіх партый і арга нізацый), паўнамоцтвы ра ды, яе залежнасць ад ваяводскага начальства. У публікацыі Дзмітрыя Кіенкі „Авиация Белорусского военного округа в советско-польском конфликте сентября 1939 года” паказана, што СССР меў перавагу ў паветры над Польшчай, асноўная частка ВПС якой змагалася ў гэты час з Нямеччынай. Артыкул Вольгі Харчанкі „Культурные преобразования в западных областях Беларуси (сентябрь 1939 — июнь 1941 г.)” добра ілюструе поспехі Савецкай улады ў некаторых сферах (кантроль СМІ, адукацыя) і правал — у іншых, напрыклад, у антырэлігійнай прапагандзе. Сяргей Піваварчык у матэрыяле «Организация обороны советских войск на „Линии Сталина”» аналізуе з ваенна-гістарычнага пункту гледжання „Лінію Сталіна”, адзін са слупоў афіцыйнай беларускай ідэалогіі. Адзначаецца, што значную ролю адыграў толькі Полацкі ўмацаваны раён, які здолелі падрыхтаваць да прыходу немцаў, астатнія ж, да вайны занядбаныя, не мелі вялікага значэння. Бадай што самым удалым месцам артыкула Расціслава Цімафеева „Государственная политика по управлению деятельностью белорусского тран спорта в 1943–1991 г.” з’яўляецца такі „прысуд” дзяр жаўнай транспартнай палітыцы: „пяцігоддзе ішло за пяцігоддзем, а патрэбных станоўчых зменаў у раз віцці транспарту рэспублікі не назіралася. У адваротным выпадку навошта было зноў і зноў звяртацца [у разнастайных пастановах і г. д.] да аднаго і таго ж” (с. 40). Сам жа матэрыял уяўляе сабою амаль бясконцы пералік ведамстваў, устаноў, іх кіраўнікоў, нарматыўна-прававых актаў.

Веснік Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А. Куляшова

Выдаецца са снежня 1998 г. і да 2010 г. выходзіў тры разы на год без падзелу на серыі.

2009

У нумары першым у артыкуле Міхаіла Наскова «Пример межкультурного обмена Западной Руси и Скандинавии IX–XI в. (белорусская легенда о „главном черте”)» сцвярджаецца, што запісаная Адамам Багдановічам беларуская легенда пра „галоўнага чорта” мае скандынаўскае паходжанне і ўтварылася на падставе адной з легендаў пра Локі. Але пасля такого „сярэднявечнага” пачатку аўтары артыкулаў на беларускую і калябеларускую тэматыку кінуліся ва ўлюбёную нашай універсітэцкай перыёдыкай мадэрную гісторыю. Алена Галавач у артыкуле „Проекты решения аграрного вопроса в I Думе” вызначыла, што найбольшую ўвагу ў Думе аддавалі аграрнаму пытанню (с. 32). Але гэта было вядома і раней. Цікавасць жа ўяўляюць звесткі пра выступленне дэпутатаў ад беларускіх губерняў на паседжаннях Думы. У артыкуле Дзмітрыя Лаўрыновіча «Политический портрет В. К. Стукалича — председателя Витебского отдела „Союза 17 октября”» апавядаецца пра Уладзіміра Стукаліча (1856–1918) — у маладосці блізкага да народнікаў, а ў сталым веку — „заходнерусіста” і акцябрыста. Біяграфічныя матэрыялы працягваюць Уладзімір Навіцкі і Міхаіл Абраменка („Человек своего времени”), якія апісваюць жыццё рэпрэсаванага ў 1937 г. Івана Сурты (1893–1937), які паспеў пабыць стваральнікам сельскагаспадарчай камуны, чэкістам, наркамам аховы здароўя БССР, прэзідэнтам Акадэміі навук БССР.

Віталь Гарматны ў артыкуле „Аграрная палітыка польскіх улад на землях Заходняй Беларусі (1921–1939)” акрэслівае ход такіх мерапрыемстваў, як увядзенне асадніцтва, камасацыя (стварэнне хутароў), ліквідацыя сервітутаў і парцэляцыя. Сяргей Новікаў („Баі за магілёўскі плацдарм з 20 па 26 ліпеня 1941 г.: погляд у святле нямецкіх крыніц”) уводзіць у навуковы ўжытак нямецкае „Данясенне пра бой за Магілёў”, якое дае магчымасць удакладніць абставіны Магілёўскай бітвы. Нарэшце, Аляксандра Буракова ў артыкуле „Отражение истории партизанского движения в экспозициях Могилевского областного краеведческого музея” паказвае ідэалагічную сутнасць першапачатковай экспазіцыі (узвялічванне ролі Сталіна і кампартыі) і паступовы адыход ад такой падачы матэрыялу.

Наступны нумар меў падвойную (2–3) нумарацыю, але на колькасці артыкулаў па гісторыі гэта ніяк не адбілася. У артыкуле Дзяніса Дука „Абарончыя ўмацаванні полацкіх пасадаў XI–XVIII ст.” разглядаец ца развіццё ўмацаванняў Вялікага і Запалоцкага пасадаў у Полацку. Наступныя два артыкулы прысвечаны грамадска-палітычнаму руху ў Расійскай імперыі ў пачатку XX ст. Канстанцін Бандарэнка („Историография монархического движения в России и Беларуси в 20–30-е г. прошлого века”) усяляк падкрэслівае ідэалагізаванасць ацэнак манархічнага руху ў савецкай гістарыяграфіі 20–30-х г. XX ст. У матэрыяле Дзмітрыя Лаўрыновіча „Либеральное движение в Бела руси (ноябрь 1904–1905 г.)” паказана, што на тэрыторыі Беларусі ў 1904–1905 г., яшчэ да афармлення ліберальных партый, існаваў актыўны ліберальны рух. Беларускую тэматыку завяршае Сяргей Зыбін („БССР на Всесоюзной сельскохозяйственной выставке 1939 г. в Москве”), які ў асноўным апісвае павільён БССР на выставе 1939 г.

Чацвёрты нумар (фактычна трэці) змяшчае пяць артыкулаў па гісторыі і адзін па этналогіі. Што датычыцца апошняга, то маецца на ўвазе даследаванне Веры Мішынай „Прасторава-часавыя характарыстыкі традыцыйнага каравайнага рытуалу беларусаў XIX — пачатку XX ст.”, у якім акрэслена значэнне ў традыцыйнай культуры розных этапаў прыгатавання вясельнага каравая і месцаў у хаце і па-за яе межамі пад час гэтага працэсу.

У артыкуле Барыса Сідарэнкі і Пятра Дзмітрачкова «Современная российская историография „русско-литовских” войн конца XV — первой трети XVI в.» пад-крэсліваецца, што ў сучаснай расійскай гістарыяграфіі пераадолены многія ідэалагічныя штампы савецкага часу ў вывучэнні войнаў паміж Масквой і ВКЛ. Наталля Аляксейчыкава ў публікацыі „Влияние цеховых организаций на семейную жизнь ремесленников и купцов в XVI–XVIII в. (на примере г. Могилева)” паказвае падабенства структуры цэху і сям’і, уплыў цэхаў на матрыманіянальныя, сямейныя адносіны.

Два артыкулы напісаны на тэму дзейнасці палітычных партый у 1917 г. Ігар Шардыка („Кадеты в 1917 г.: эволюция взглядов на аграрную проблему”) адзначае, што аграрная праграма кадэтаў у 1917 г. „не паспявала” за патрабаваннямі сялянства. У артыкуле Алесі Мельнікавай „Деятельность Витебской организации Трудовой народно-социалистической партии в 1917 г.” разглядаецца дзейнасць Працоўнай народна-сацыялістычнай партыі (аб’яднанне „народных сацыялістаў” і „трудовиков”) у Віцебску ў 1917 г. Пад крэс лі ваецца, што гэтая партыя, якая выступала за эва лю цый ны шлях грамадскага развіцця, не мела шырокай падтрымкі насельніцтва.

Яўген Грэбень у артыкуле „Чрезвычайные ситуации в жизни населения Беларуси в период нацистской оккупации” паказвае на прыкладзе Магілёва арганізацыю службы ратавання на вадзе і пажарнай службы пад час нямецкай акупацыі.

Веснік Мазырскага дзяржаўнага педагічнага ўніверсітэта імя І. Шамякіна

Выдаецца 4 разы на год, але ў 2009 г. № 4 не змяшчаў артыкулаў па гісторыі. Відавочным адрозненнем часопіса ад іншых універсітэцкіх выданняў з’яўляецца вельмі малая прысутнасць на яго старонках артыкулаў гісторыкаў, якія прадстаўляюць універсітэт-выдавец.

2009

Так, у першым нумары толькі адзін матэрыял быў падрыхтаваны спецыялістам з МДПУ — „Да пытання аб старажытнай спадчыне Мазыра” Алены Барсук: пад некалькі таямнічай назвай хаваецца сціслы агляд гісторыі Мазыра з акцэнтам на помнікі архітэктуры.

У артыкуле Віктара Кахновіча „Асаблівасці памешчыцкага землеўладання і гаспадарання на Палессі ў парэформенны перыяд Расійскай імперыі (1861–1914)” адзначаецца, што Палессе было рэгіёнам латыфундыяльнага землеўладання, але найбольшая прадпрымальніцкая ініцыятыва праяўлялася не ў буйных, а ў сярэдніх латыфундыях. У матэрыяле Дзмітрыя Лаўрыновіча „Участие конституционно-демократической партии в выборах в Учредительное собрание в Беларуси (октябрь — ноябрь 1917 г.)” асвятляецца працэс фармавання выбарчых спісаў кадэтаў, агітацыя, якая вялася партыяй. Адзначаецца, што на выбарах у беларускіх губернях кадэты пацярпелі паражэнне, бо перадусім у аграрнай частцы праграмы не маглі супернічаць з сацыялістамі, якіх, у асноўным бальшавікоў, таксама падтрымлівалі салдаты. Нарэшце, артыкул Ірыны Калачовай „Сям’я беларусаў у горадзе: тэндэнцыі этнакультурнага развіцця на сучасным этапе” — гэта спроба прасачыць ступень захаванасці традыцый „народнай педагогікі” ў сучасных гарадскіх сем’ях.

Другі нумар распачынаюць два артыкулы Аляксандра Вараб’ёва. У першым з іх — „Выборы в Учредительное собрание на территории Мстиславского и Климовичского уездов Могилевской губернии” — адлюстраваны партыйныя спісы, факты парушэнняў на выбарах і вынікі галасавання, якія прынеслі перамогу эсэрам. Другі артыкул („Историография выборов в Учредительное собрание на территории Беларуси и соседних российских губерний”) — гэта пералік (з сур’ёзнай тэндэнцыяй у бок крытыкі) даследаванняў па гісторыі выбараў ва Устаноўчы сход. Праўда, аўтар чамусьці занёс у гістарыяграфію шэраг лістоў У. Леніна, якія выпадае ўсё-такі залічыць у крыніцы. Матэрыял Алены Галавач „Социальные проблемы на территории Беларуси в нач. XX в.” уяўляе сабою агляд рабочага, аграрнага і адукацыйнага пытанняў у беларускіх губернях Расійскай імперыі. У публікацыі Паўла Літвінава „Польское население Мозырщины в 20-е г. XX в.: этническая характеристика” вылучаюцца два віды „польскасці” — касцельная (апалячаная шляхта) і этнічная (перасяленцы з Польшчы). Адзначаецца, што польская самасвядомасць магла быць вышэйшай менавіта ў „касцельных” палякаў. Завяршае „беларускую” частку Дзмітрый Мігун, у артыкуле якога „Германо-белорусские экономические контакты в межвоенный период” апавядаецца пра дзейнасць Гандлёвага прадстаўніцтва БССР у Нямеччыне, а таксама пра ўдзел беларускіх прадпрыемстваў у нямецкіх выставах і наадварот.

Як і другі, трэці нумар абышоўся без артыкулаў гісторыкаў з МДПУ. Ігар Увараў („Развитие институтов государственной власти в Великом Княжестве Литовском в XV–XVI в.”) паўтарае даўно вядомую схему руху ВКЛ да абмежаванай манархіі. У артыкуле Канстанціна Бандарэнкі „Состав монархических организаций в белорусских губерниях Российской империи начала XX в.” сцвярджаецца, што правыя партыі ў беларускіх губернях мелі ўсесаслоўны характар, хоць з тэксту вынікае, што гэта можа быць сказана толькі пра некаторыя з іх, перадусім, СРН. У публікацыі Сяргея Васовіча „Возрождение и развитие православных братств в Беларуси в 1863–1914 г.” адзначаецца, што брацтвы павінны былі змагацца супраць каталіцызму і польскай культуры. Вылучаюцца перыяды росквіту і заняпаду брацкага руху.

Вестник Полоцкого государственного университета

Выдаецца штомесячна, але асобныя нумары прысвечаны тым ці іншым групам навук. Таму матэрыялы па гісторыі трапілі толькі ў першы і сёмы выпускі за 2009 г. Цікава, што часопіс пазіцыянуецца як працяг выдання, якое ладзілася яшчэ ў Полацкай езуіцкай акадэміі.

2009

Нумар першы распачынае Дзяніс Дук артыкулам „Полацкі пасад IX–XVII ст.: гісторыка-параўнаўчая характарыстыка”: параўноўваецца структура пасадаў у Полацку з адпаведнымі ўзорамі іншых гарадоў поўначы Русі. Сцвярджаецца, што Полацк вылучаецца з шэрагу іншых гарадоў, бо да ранняга Новага часу ў ім не склалася „соценнай” сацыяльнай структуры, а гарадскіх „канцоў” не было наогул. У матэрыяле Юрыя Усціновіча „Арганізацыя сістэмы ўтрымання дзяржаўных умацаванняў Вялікага Княства Літоўскага ў XVI ст.” падкрэсліваецца, што насельніцтва мелася выконваць павіннасці па ўтрыманні ўмацаванняў па „даўніне”, але гэтая „даўніна” мела ўласцівасць з часам змяняцца. В. Емяльянчык і І. Кошкін у матэрыяле „Население Полоцка XVII–XVIII в. по данным антропологии (по материалам раскопок на Полоцком городище)” вызначаюць сярэднюю працягласць жыцця людзей, пахаваных на даследаваных Д. Дукам могілках полацкай шляхты, апісваюць выяўленыя паталогіі і хваробы. Робіцца выснова, што па характарыстыках чарапоў полацкая шляхта не вылучалася з тагачаснага насельніцтва беларускіх зямель.

Алеся Мельнікава („Организационное оформление парламентской трудовой группы и формирование ее партийных установок в период деятельности I Государственной думы”) вызначае сацыяльны склад „трудовиков”, прысутнасць у іх шэрагах дэпутатаў ад беларускіх губерняў, асноўныя напрамкі дзейнасці групы і прычыны няўдач. У артыкуле Валерыя Волжанкова «Полемика „Нашай Нівы” с правой прессой» параўноўваюцца аргументы ў спрэчках „Нашай Нівы” з расійскімі выданнямі. Аляксандр Вараб’ёў („К вопросу о выборах во Всероссийское Учредительное собрание в Невельском уезде Витебской губернии”) апісвае ўдзел у галасаванні салдатаў, пераважна прыязных да бальшавікоў, і шматлікія парушэнні, здзейсненыя бальшавікамі і, у меншай ступені, эсэрамі.

У раздзеле „Культуралогія” змешчаны выдатны артыкул Уладзіміра Лобача „Рускія, украінскія і поль скія землі ў міфапаэтычных уяўленнях беларусаў у XIX — пачатку XX ст.”, які добра паказвае стаўленне белару-саў да суседніх земляў як да „чужой”, г. зн. непрыязнай прасторы.

Сёмы нумар таксама адкрыў Дзяніс Дук, які ў артыкуле „Гісторыя археалагічнага вывучэння полацкіх пасадаў” падрабязна апісаў вынікі раскопак, у тым ліку не самых вядомых, на полацкіх пасадах, пералічыў усе важкія адкрыцці і акрэсліў асноўныя навуковыя гіпотэзы па гэтай тэматыцы. У публікацыі Віктара Якубава „Склад войска Вялікага Княства Літоўскага і Польскага каралеўства ў Інфлянтах 1605–1609 г.” даказваецца, што большую частку войска Рэчы Паспалітай у вайне са Швецыяй у перыяд 1605–1609 г. складалі выхадцы з ВКЛ. Андрэй Мацук („Барацьба магнацкіх груповак вакол Трыбунала Вялікага Княства Літоўскага 1741 г.”) паказвае ўсе перыпетыі барацьбы ў 1741 г. Сапегаў і Чартарыйскіх (пры ўдзеле іншых магнатаў) супраць Радзівілаў і перамогу (пераканальную, хоць і часовую) антырадзівілаўскай кааліцыі. У артыкуле Юліі Аўчыннікавай „Становление и деятельность Полоцкой униатской духовной консистории в годы архиерейства Иоасона Смогоржевского и Ираклия Лисовского” апісваецца ўсталяванне ўніяцкай кансісторыі (па ўзоры праваслаўных), а таксама яе функцыі.

Дзмітрый Лаўрыновіч у матэрыяле „Конституционные демократы в Минской губернии (1905–1917)” асвятляе станаўленне кадэцкіх груп у Мінскай губерні, асаблівасці пазіцыі мінскіх кадэтаў, уплыў на функцыянаванне партыі на Міншчыне палітычнай сітуацыі ў Расійскай імперыі ў цэлым. Наталля Даўгяла („Конфессиональная политика органов Советской власти на территории Витебского и Полоцкого округов. 1924–1930”) адзначае, што ў 1924–1928 г. да рэлігіі ўлады ставіліся адносна цярпіма, шырокі наступ пачаўся з 1928 г. Паказана становішча Праваслаўнай, Каталіцкай цэркваў, Пратэстанцкіх намінацый і іўдзейскай супольнасці.

Тры артыкулы ў гэтым нумары належаць да галіны этналогіі. У матэрыяле Уладзіміра Лобача „Латвія і латышы ў традыцыйнай карціне свету беларусаў Падзвіння XIX — першай паловы XX ст.” паказваецца стаўленне беларусаў да латышоў, перадусім, сялян-каланістаў як да „чужых сваіх” — блізкіх па многіх параметрах, але ўсё-такі адрозных па мове і г. д., успрыманых як уладальнікаў „таемных ведаў”, што характэрна для вобразу „чужога”. У публікацыі Уладзіміра Аўсейчыка „Пахавальна-памінальная абраднасць беларусаў Падзвіння: гістарыяграфія і сучасны стан даследаванняў” пералічваюцца асноўныя працы па пахавальна-памінальнай абраднасці, даецца іх апісанне выключна ў станоўчым рэчышчы, адмоўных момантаў аўтар не знаходзіць. Святлана Андрыеўская („Традыцыйнае сямейнае выхаванне і побыт дзяцей на тэрыторыі Беларускага Падзвіння: гістарыяграфія і крыніцы”) разглядае працы педагогаў, культуролагаў і этнолагаў у форме пераліку, без асаблівага крытычнага напаўнення. Адно што падкрэслівае абыходжанне даследчыкамі рэгіянальных асаблівасцяў у выхаванні.

Гістарычны альманах

Выданне „Гістарычнага альманаха” распачалося ў 1998 г. намаганнямі групы гродзенскіх навукоўцаў, у якасці выдаўца выступае „Беларускае гістарычнае таварыства”. На канец 2010 г. выйшла 16 нумароў. Альманах цягам існавання не меў дакладнай перыядычнасці, але з 2004 г. выдаецца адзін нумар на год. Для пачатковых нумароў быў характэрны акрэслены падзел на „гістарычную” і „краязнаўчую” частку, але ён з часам знік. У фокусе перыёдыка — гісторыя Беларусі, асобныя нумары не маюць пэўнай тэматыкі, за выключэннем тых, у якіх публікаваліся тэксты канферэнцый і семінараў (№ 4, 7, 9–13) і якія прысвячаліся выдатным постацям беларускай навукі (№ 6 — памяці Міхася Біча). У першым нумары падкрэслівалася, што пры адборы публікацый „навуковая ступень, пасада, узрост, рэгаліі аўтара ў разлік не прымаюцца”, гэтага правіла альманах прытрымліваецца і сёння, што пацвярджае і склад аўтараў пятнаццатага нумара.

Пятнаццаты нумар (2009) — нетэматычны, матэрыялы ахопліваюць гісторыю беларускіх зямель з канца XIV ст. да Другой сусветнай вайны. У канцы зборніка пад рубрыкай „Сацыялогія” змешчаны артыкул Сяргея Кандрычына «Сацыяльная прастора Украіны і Беларусі ў працэсе „сутыкнення цывілізацый” паводле сацыяльнай і дэмаграфічнай статыстыкі».

„Гістарычную” ж частку распачынае Васіль Варонін матэрыялам „Старонка біяграфіі князя Андрэя Полацкага”. Пад гэтай сціплай назвай хаваецца змястоўны артыкул, у якім на падставе лацінамоўных „рахункаў” Кракава і польскага каралеўскага двара асвятляецца побыт князя Андрэя Полацкага ў зняволенні ў 1390–1394 г. у польскім замку Хэнціны. З гэтых крыніц даследчык атрымлівае інфармацыю як пра ролю князя Андрэя ў перамовах паміж Ягайлам і Вітаўтам, якія варагавалі ў той час, так і пра паўсядзённае жыццё вязня — яго гастранамічныя перавагі, адзенне, паездкі на набажэнства. Украінская даследчыца Ала Бортнікава з апорай на амаль „сакральную” цытату з Арона Гурэвіча спрабуе „прыблізіцца да разумення грамадскага зместу сацыяльных працэсаў” (с. 10) праз аналіз пацверджанняў надан-няў уладзімірскаму служэбніку Ваську Калчоўскаму. Часам, праўда, „набліжэнне” здзяйсняецца праз некарэктнае, як здаецца, тлумачэнне стандартных актавых формул, якія нічога не могуць сказаць менавіта праз выпадак з Калчоўскім. Моцны бок працы — апісанне працэсу пераходу уладанняў Калчоўскага са сферы ўжытку звычаёвага гарадскога права ў магдэбургскае і назад, а пасля наогул у земскае права.

У артыкуле Наталлі Сліж „Практыка разводаў у Вялікім Княстве Літоўскім у XVI–XVIIІ ст.” акрэсліваюцца магчымыя падставы для разводу і яго механізм у вернікаў праваслаўнай, каталіцкай і пратэстанцкіх цэркваў. Адзначаюцца змяненні ў сямейным заканадаўстве ВКЛ і Рэчы Паспалітай. Даследаванне Ксеніі Гатальскай „Самагубствы як сацыяльна-культурны феномен на бе ла рускіх землях у пачатку ХХ ст.” пабудаваны па падоб ным да артыкула Н. Сліж прынцыпе. Даецца кла-сіфікацыя прычынаў самагубстваў, а пасля прыводзяцца прыклады, якія ілюструюць кожную з прычын. Такі падыход можа скіраваць працу ў рэчышча збору „анекдотаў” (хоць такое азначэнне і выглядае жахлівым у выпадку апісання самагубстваў). Матэрыял Н. Сліж ускладнены параўнаннем практыкі разводу ў розных канфесіях, аналізам развіцця сямейнага права, у той час як К. Гатальская не выкарыстала выдатную магчымасць разгляду адзначанай ёй жа „моды” на самагубствы пад уздзеяннем літаратуры і г. д.

Артыкул Змітра Крывашэева „Эвалюцыя бортніцтва на беларускіх землях Вялікага Княства Літоўскага” ўяўляе сабою грунтоўны аналіз бортніцтва не толькі з гаспадарчага пункту гледжання, але і як часткі грамадскіх адносінаў: мёд як узнагарода ад вялікага князя, сход бортнікаў для раскладкі даніны, маёмасныя адносіны вакол пчалярскай справы. Адзінае, што засмучае, гэта пэўная некарэктнасць прапанаванай аўтарам перыядызацыі названага промыслу ў ВКЛ у XVI–XVII ст. (с. 36): два першыя перыяды акрэслены на падставе прававых і гаспадарчых аспектаў промыслу, а трэці — толькі на падставе гаспадарчых. Польскі навуковец Марыюш Савіцкі („Артылерыя, цэйхгаўз і замак у крэпасці Стары Быхаў у 1692–1707 г.”) паказаў на падставе архіўных дакументаў стан узбраення прыватнаўласніцкага — належаў Сапегам — замка Стары Быхаў перад пачаткам і пад час Паўночнай вайны. Леанід Лаўрэш („Ян Снядэцкі (1756–1830) — навуковец і асветнік гістарычнай Літвы”) падае біяграфію Яна Снядэцкага, грамадскага дзеяча, рэктара Віленскага ўніверсітэта (1807–1815), але перадусім выдатнага астранома.

У артыкуле Ірыны Раманавай „Палітычныя прыпеўкі 1920–1930-х г.” падаюцца шматлікія прыклады антысавецкіх і антыкамуністычных прыпевак, знойдзеныя аўтарам у архівах і запісаныя ад інфармантаў. Акрэсліваюцца асноўныя тэмы народнай сатыры: наступствы калектывізацыі і калгаснае жыццё, эканамічная палітыка ўладаў, спадзяванні на лепшую будучыню, кпіны з савецкіх кіраўнікоў. Рубрыку „Гісторыя” завяршае артыкул Юрыя Грыбоўскага „Палітычная чыннасць старшыні Рады БНР Васіля Захаркі напярэдадні і ў гады Другой сусветнай вайны (1938–1943)”, у якім аўтар паказвае, што Васіль Захарка ў пачатку вайны гатовы быў супрацоўнічаць з нямецкімі ўладамі, бо яны мэтанакіравана знішчалі непрымальную для Беларусі Версальскую сістэму, акрамя таго, ён знаходзіўся пад уплывам Івана Ермачэнкі, які выразна рабіў стаўку на Нямеччыну. Але ўжо ў 1942 г., як вынікае з яго ліставання, В. Захарка ставіўся са скепсісам і засцярогай да нямецкага рэжыму як магчымага памочніка ў стварэнні незалежнай Беларусі.

Яўген Глінскі

Юліуш Бардах як даследчык ВКЛ і яго спадкаемцаў (Марцэлі Косман)

Лістапада 27, 2010 |

I

26 студзеня 2010 г. еўрапейская навука панесла непапраўную страту: у Варшаве памёр старэйшына польскай гуманістыкі, знакаміты даследчык і арганізатар навуковага жыцця ў другой палове XX ст. — Юліуш Бардах, прафесар Варшаўскага ўніверсітэта, правадзейны член Польскай акадэміі навук і актыўны член Польскай акадэміі ведаў, удзельнік шматлікіх польскіх і замежных (як усходніх, так і заходніх) навуковых арганізацый, у тым ліку Нацыянальнай акадэміі дэі Лінчэі (Рым)[1], Міжземнаморскай акадэміі навук (Катанія), Таварыства параўнальнай гісторыі грамадскіх інстытутаў імя Жана Бадэна (Бельгія), Таварыства гісторыі права (Парыж), Міжнароднай камісіі па славянскіх даследаваннях Міжнароднага камітэта гістарычных навук, Міжнароднай камісіі па гісторыі дзяржаўных саюзаў і парламентарызму МКГН, Таварыства па старажытных дзяржавах і дзяржаўных саюзах (Бельгія), Гістарычнай камісіі ПАН і АН СССР (сустаршыня). Чалавек-інстытут, які выдатна праявіў сябе ў цяжкія для навукі гады, выдатны аналітык і сінтэтык, надзвычай паспяховы ў дзеяннях; чалавек, які цвяроза глядзіць на рэчаіснасць і кіруецца думкай у будучыню. Ён меў за сабой багаты жыццёвы досвед[2].

Будучы навуковец прыйшоў на свет праз некалькі месяцаў пасля пачатку Першай сусветнай вайны (нарадзіўся ў Адэсе 3 лістапада 1914 г.), у дарослае жыццё ўступаў у міжваенны перыяд, заканчэнне якога стала і фіналам першага этапу яго навуковай кар’еры, распачатай у Віленскім універсітэце імя Стэфана Баторыя. Тады яму было ўсяго 25 гадоў і ён быў аўтарам некалькіх артыкулаў, але яшчэ далёка было да абароны доктарскай дысертацыі, падрыхтаванай пад кіраўніцтвам рэктара ўніверсітэта Стэфана Эрэнкройца, закатаванага потым у засценках НКУС. Другім яго настаўнікам на факультэце права і грамадскіх навук Віленскага ўніверсітэта быў Віктар Сукенніцкі. Выбух вайны і лёс Віленшчыны ў 1939–1945 г. сталі жорсткай, але карыснай школай жыцця. У Польшчу ў яе новых межах Ю. Бардах вярнуўся ў вайсковым мундзіры, у складзе I корпуса Войска Польскага ў СССР — тады гэта быў адзіны шлях пазбегнуць ссылкі. З войска ён звольніўся толькі ў 1950 г. у званні палкоўніка. Аднак гэтае дзесяцігоддзе не азначала поўнага перапынку ў навуковай дзейнасці — двума гадамі раней Ю. Бардах абараніў дысертацыю ў Кракаўскім Ягелонскім універсітэце, а неўзабаве стаў прафесарам Варшаўскага ўніверсітэта.

Гэта быў час росквіту вульгарнай гістарыяграфіі, і Бардах адыграў вялікую ролю ў захаванні вартасці польскай навукі — ён бараніў яе як выдатны тактык, які карыстаўся аўтарытэтам з абодвух бакоў барыкад[3]. Ён стварыў знакамітую метадалагічную школу, падваліны якой заклаў яшчэ ў Вільні, дзе дэбютаваў з артыкулам „Адопцыя ў літоўскім праве ў XV–XVI ст.” (1938), а яшчэ раней выступіў у дэбатах на VI Усеагульным з’ездзе польскіх гісторыкаў у Вільні (1935). Ягоны вучань Станіслаў Русоцкі напісаў: «У цяжкі перыяд навязвання „адзіна праўдзівага і слушнага” метаду гістарычных даследаванняў прыроджаная памяркоўнасць і разважлівая пазіцыя ва ўсіх спрэчках дазволілі яму ўмацаваць свой прэстыж у гістарычна-прававым асяроддзі. Яму ўдалося таксама зберагчы ўлюбёную дысцыпліну ад адміністрацыйнага выраджэння эпохі ідэалагізацыі навукі і адукацыі. Яшчэ важней тое, што дзякуючы сістэматычнаму клопату пра маладыя кадры ва ўсіх асяродках ён істотна паспрыяў утрыманню ўсёй дысцыпліны на традыцыйна высокім, еўрапейскім узроўні”. Пасляваенным настаўнікам Ю. Бардаха стаў Адам Ветулані. Бардаху ўдалося выдатна спалучаць уласныя даследаванні з арганізацыяй калектыўнай працы, уласную выкладчыцкую дзейнасць з калектыўнымі мерапрыемствамі. Ён карыстаўся аўтарытэтам у дзяржаўных улад на розных этапах пасляваеннай гісторыі Польшчы. Шмат увагі аддаваў параўнальнаму метаду, рэцэпцыі ў гісторыі дзяржавы і права. Ён быў юрыстам паводле адукацыі і гісторыкам з шырокім колам інтарэсаў.

Творчая спадчына Ю. Бардаха налічвае больш як 600 пазіцый. Ён належаў да суаўтараў першага тома фундаментальнай „Гісторыі Польшчы” Інстытута гісторыі ПАН (1957)[4], разам з Аляксандрам Гейштарам, Генрыкам Лаўмяньскім і Евай Малячыньскай напісаў шматразова перавыдаваны падручнік „Гісторыя Польшчы да 1466 г.”. Але ў першую чаргу ён вядомы як рэдактар „Гісторыі дзяржавы і права Польшчы” і аўтар яе першага тома (да сярэдзіны XV ст.) — у шматлікіх перавыданнях, а пазней у сінтэтычным аднатомным выданні, напісаным разам з Багуславам Лесьнадорскім і Міхаілам Петшакам. Чарговымі яго буйнымі працамі былі манаграфія „Соймы ў старадаўняй Польшчы”, а таксама ўдзел у калектыўнай „Гісторыі польскага сойма” (у 4 т.). Бібліяграфія творчай спадчыны Ю. Бардаха паказвае надзвычай шырокі дыяпазон яго навуковых інтарэсаў. Яна была змешчана ў юбілейных выданнях: „Парламент, права, людзі. Працы, прысвечаныя прафесару Юліушу Бардаху з нагоды 60-годдзя яго творчай дзейнасці” (Варшава, 1996)[5] і „З гісторыі прававой культуры. Працы, прысвечаныя прафесару Юліушу Бардаху на 90-годдзе з дня нараджэння” (Варшава, 2004)[6]. Бібліяграфія, змешчаная ў першым зборніку, налічвае 458 пазіцый, у другім — 564 пазіцыі. Пошукавымі намаганнямі ўдавы гісторыка Ванды Суднік-Бардах к цяперашняму часу гэтая лічба вырасла да 600 назваў. Спецыяльнай кнігай адзначылі наданне Ю. Бардаху ступені доктара honoris causa з боку сваёй ВНУ прадстаўнікі Лодзьскага ўніверсітэта (“Symbolae historicoiuridicae Łodziensis Iulio Bardach dedicatae”, 1997)[7]. Такую самую ступень надаў свайму прафесару і Варшаўскі ўніверсітэт, а таксама ягоная альма-матэр — Віленскі ўніверсітэт. Тым самым быў адзначаны яго вялікі ўнёсак у літуаністыку — гэта шматлікія артыкулы па гісторыі Літвы, большасць з якіх сабраны ў кнігах „Даследаванні па гісторыі дзяржаўнага

ладу і права Вялікага Княства Літоўскага” (1970), „Статуты ВКЛ і рымскае права” (1999), а таксама „Пра даўнюю і нядаўнюю Літву” (1988). Пра шырыню інтарэсаў сведчаць нарысы і артыкулы, апублікаваныя ў апошнія гады жыцця ў зборніках „Феміда і Кліа, ці Права і Гісторыя” (2001) і „У аб’ектыве навукі і ў люстэрку памяці (пра вучоных, пісьменнікаў і палітыкаў XIX–XX ст.)” пад рэдакцыяй Ванды Суднік (2004). Звярну ўвагу на змешчанае там эсэ пра Яраслава Івашкевіча пад назвай „Народжаны на Украіне”. Яго мог напісаць толькі той, хто не толькі добра знаецца ў мінуўшчыне, але і сам прыйшоў на свет на той зямлі, каб гэтак жа, як і вялікі пісьменнік, урэшце пазіраць на яе з надвіслянскай перспектывы.

Шмат прац Юліуша Бардаха апублікавана за мяжой, асабліва на французскай мове. Тым самым аўтар папулярызаваў на Захадзе вынікі даследаванняў (не толькі ўласных), у першую чаргу па гісторыі Рэчы Паспалітай і Вялікага Княства Літоўскага ў яе складзе.

Адышоў адзін з тытанаў польскай гуманістыкі, якому ўдалося згуртаваць даследчыкаў — не толькі польскіх — і які за гэта назаўсёды застанецца ў нашай удзячнай памяці.

II

За два гады да дзевяностагадовага юбілею прафесара Юліуша Бардаха беларускае гістарычнае асяроддзе, дзякуючы ў першую чаргу галоўнаму рэдактару часопіса „Беларускі Гістарычны Агляд” Генадзю Сагановічу, у рамках бібліятэчкі гэтага часопіса ўшанавала чарговыя ўгодкі тагачаснага старэйшыны польскіх даследчыкаў дзяржаўнага ладу выданнем аб’ёмнага тома яго прац пад назвай „Штудыі з гісторыі Вялікага Княства Літоўскага” (Мінск, 2002). У ім змешчаны працы, напісаныя на працягу некалькіх дзесяцігоддзяў і прысвечаныя падзеям на тэрыторыі колішняга ВКЛ[8]. Прафесар падтрымліваў блізкія кантакты з беларускімі гісторыкамі. Увосень 1998 г. ён з задавальненнем прыняў прапанову стаць членам навуковай рады БГА і параіў запрасіць у яе і іншых прадстаўнікоў міжнароднай гістарычнай супольнасці — ад Італіі Сантэ Грачыёці, прафесара Рымскага ўніверсітэта „Ла Сап’енца”, члена Нацыянальнай акадэміі дэі Лінчэі, „выдатнага славіста з гістарычным ухілам”, нагадаўшы, што некалькімі гадамі раней ён ужо ўдзельнічаў у канферэнцыі ў Мінску па ініцыятыве і за кошт аселага ў Лондане доктара Анджэя Цеханавецкага; таксама ад Францыі (прапанаваў Даніэля Бавуа) і Вялікабрытаніі (тут „не меў канкрэтных ідэй”). З уласцівым яму тактам у тым жа лісце ён зазначыў, што гэта толькі яго сціплыя парады, магчыма заўчасныя, і дадаў па-руску: „Дело хозяйское”[9]. Гаспадар скарыстаўся з гэтых парад, пра што сведчыць міжнародны склад рэдакцыйнай рады гэтага часопіса ў наступныя гады. Пазней у асобным лісце прафесар выказаў сваё стаўленне да меркаванага пераліку яго прац, якія меліся быць змешчаны ў рыхтаваным беларускамоўным выданні, і ўнёс у яго дробныя папраўкі[10].

Праз некалькі гадоў, калі пайшоў ужо на пенсію, ён дзяліўся такімі ўспамінамі: „Вучоба ў Вільні скіравала маё зацікаўленне ў бок дзяржаўнага ладу і прававой сістэмы Вялікага Княства Літоўскага. Паспрыяла гэтаму яшчэ і сама атмасфера Вільні — горада, які ўяўляў сабой цэнтр польскага анклава на літоўска-беларускім этнічным памежжы”[11].

Колькасць жыхароў Вільні з больш як 200 тысяч перад пачаткам Першай сусветнай вайны ўпала да 140 тысяч у 1916 г. Пасля заканчэння вайны колькасць насельніцтва паволі расла, але даваенны ўзровень перасягнула толькі ў 1939 г. Палякі складалі ў той час каля 66% віленчукоў, яўрэі — каля 28%, у лік астатніх 5,6% уваходзілі рускія, беларусы, літоўцы і ўкраінцы[12]. Прыгадваючы часта цытаваныя словы Чэслава Мілаша (“Цяжка зразумець гэты характар даваеннай Вільні як анклава — ці то Польшча, ці то не Польшча, ці то Літва, ці то не Літва, ці то правінцыя, ці то сталіца, хоць у першую чаргу ўсё ж правінцыя”), Ю. Бардах піша: „У міжваенныя гады цэнтрам гэтай асаблівай правінцыі быў Віленскі ўніверсітэт — гэтак жа як і ў першыя трыццаць гадоў XIX стагоддзя”, — і зноў спасылаецца на прыгожае эсэ толькі што цытаванага лаўрэата літаратурнай Нобелеўскай прэміі, у якім той разважае пра перапыненне традыцыі альма-матэр у 1832–1919 г., калі захоўвалася памяць пра філаматаў, слава якіх не згасла і пазней, а пасля аднаўлення ўніверсітэта, названага імем Стэфана Баторыя, сумяшалася са славай Клуба Валацуг, а таксама Таварыства Круцялёў ці ложы „Шчыры ліцвін”, якія ў свой час узгадавалі творчасць Адама Міцкевіча. «Так варта меркаваць і з некаторых учынкаў майго прафесара Стэфана Эрэнкройца. Тая атмасфера адыгрывала ў міжваеннай Вільні немалую ролю. Яе падкрэслівае ў сваіх успамінах і іншы мой універсітэцкі настаўнік — Віктар Сукенніцкі. Гэта стварала інтэлектуальны клімат, у якім добра адчуў сябе Станіслаў Лорэнц, калі ў 1929 г. прыхаў у горад над Віліяй, — пра гэта ён піша ў сваім „Віленскім альбоме”»[13].

Лорэнц, знакаміты гісторык мастацтва і арганізатар музейнай справы, хоць і з’ехаў праз некалькі гадоў у Варшаву на пасаду дырэктара Нацыянальнага музея, але назаўсёды закахаўся ў горад над Віліяй, што засведчыў у памянёным томе ўспамінаў, а таксама ў апублікаванай перапісцы са сваім студэнтам і пазнейшым калегам[14], заслужыўшы тытул „віленчука паводле выхавання”. Тое самае азначэнне можна дапасаваць і да Юліуша Бардаха, які свае цёплыя пачуцці да горада маладосці ў пасляваенны перыяд дэманстраваў неаднаразова, асабліва пасля палітычных перамен у Польшчы, звязаных з кастрычніцкімі падзеямі 1956 г. Пад час юбілейных урачыстасцяў з нагоды свайго сямідзесяцігоддзя ён прызнаўся шматлікім калегам і вучням, прысутным у зале імя Брудзінскага Казіміраўскага палаца Варшаўскага ўніверсітэта: „Я да сёння застаюся верны праблематыцы Вялікага Княства Літоўскага і рады, што два мае самыя маладыя і ўжо, відаць, апошнія вучні спецыялізуюцца акурат у сферы дзяржаўнага ладу і права гістарычнай Літвы. Бо сярод польскіх гісторыкаў права не павінны знікнуць даследчыкі таго права, якое дзейнічала прыкладна на . тэрыторыі колішняй Рэчы Паспалітай. Гэтаксама і ў пазнавальных адносінах літоўскае права, якое ўзнікла на скрыжаванні лацінскай і візантыйскай культуры, на скрыжаванні ўсходу і захаду Еўропы, з’яўляецца надзвычай цікавым і дае шмат матэрыялу для разумення шляхоў запазычвання прававых нормаў, а таксама для параўнальных даследаванняў”[15].

Гэта не адзінае выказванне знакамітага даследчыка пра горад яго студэнцкай маладосці, на які ён з цеплынёй глядзеў і праз шмат дзесяцігоддзяў, здабыўшы славу еўрапейскага вучонага, добра вядомага ў гістарычна-прававых асяродках як на Усходзе, так і на Захадзе. Сваю лекцыю ў Лодзьскім універсітэце з нагоды атрымання ў 1995 г. доктарскай ступені honoris causa ён пачаў з успамінаў пра свае першыя кантакты з гэтай ВНУ на пачатку яе існавання, калі роўна паўстагоддзя таму, у канцы лютага — пачатку сакавіка, ён праездам з фронту апынуўся ў Лодзі і атрымаў там прапанову наконт чытання лекцый па гісторыі права ў новаствораным універсітэце. Фармальна ён не меў яшчэ доктарскай ступені. Але згоды не дало вайсковае камандаванне, і яшчэ некалькі гадоў Ю. Бардах правёў у мундзіры ў якасці афіцэра. Дык вось, і ў гэтым выступе ён успомніў пра сваю родную Almae Matris Vilnensis[16].

У спадчыне нязменна актыўнага з канца міжваенных часоў гуманіста гістарычная Літва займае асаблівае месца — досыць зірнуць на бібліяграфію, якая налічвае больш як пяцьсот назваў, каб пераканацца ў гэтым і адначасова заўважыць, што працы на гэтую тэму публікаваліся ў пэўных храналагічных блоках. Кажучы папросту, тут знаходзіла свой адбітак агульнае становішча польскай літуаністыкі за мінулыя паўстагоддзя. Народжаны ў Адэсе будучы вучоны ў перыяд вучобы і адразу ж пасля яе завяршэння быў звязаны з Універсітэтам Стэфана Баторыя ў Вільні і першыя сем сваіх публікацый (за 1936–1939 г.) прысвяціў дзяржаватворчым аспектам спадчыннага права Гедымінавічаў і Ягайлавічаў. У ліку гэтых прац былі пяць рэцэнзій, выступленне ў дэбатах на VI Усеагульным з’ездзе польскіх гісторыкаў, які праходзіў у Вільні ў 1935 г. (“Траціна ў літоўскім праве”), а таксама грунтоўнае, амаль стостаронкавае даследаванне „Адопцыя ў літоўскім праве ў XV–XVI ст.”.

Вільня — гістарычная сталіца Вялікага Княства Літоўскага і адначасова горад, які пакінуў трывалы след у польскай, беларускай, яўрэйскай культурах, горад на шматнацыянальным памежжы — зачаравала дваццацігадовага грамадзяніна міжваеннай Польшчы. Бо гэта ж была дзяржава, якая пры ягоным жыцці, а менавіта калі яму было чатыры гады, здабыла незалежнасць пасля стагоддзяў падзелу паміж чужымі імперыямі.

Абодва гэтыя студэнцкія тэксты аказаліся грунтоўнымі (другі потым паслужыў асновай доктарскай дысертацыі), пра што сведчыць іх уключэнне праз некалькі дзесяцігоддзяў — пасля ўнясення шэрагу паправак і дапаўненняў — у зборнік даследаванняў па гісторыі дзяржаўнага ладу і права Вялікага Княства. І гэтыя працы, і рэцэнзіі, не лічачы выдадзенага ў Львове „Дзённіка VI Усеагульнага з’езда польскіх гісторыкаў”, публікаваліся тут жа, у Вільні, — у „Ateneum Wileńskim” ды „Wiadomościach Studium Historii Prawa Litewskiego USB”. Як заўважыў Станіслаў Русоцкі ў артыкуле з выпадку шасцідзесягоддзя творчасці Юліуша Бардаха (у зборніку „Парламент, права, людзі”, Варшава, 1996, с. 7), не так і часта здаралася, каб 21-гадовы студэнт наважваўся — і прычым з поспехам — узяць слова на пасяджэннях агульнапольскага навуковага форуму і выступіць з заўвагамі да дакладаў такіх аўтарытэтаў, як Войцех Гейнаш і Стэфан Эрэнкройц — тагачасны навуковы кіраўнік будучага даследчыка.

XI Усеагульны з’езд польскіх гісторыкаў прайшоў у Вільні 17–20 верасня 1935 г. і стаў значнай падзеяй у колах аматараў Кліа ва ўсёй тагачаснай Польшчы, а асабліва ў горадзе над Віліяй. З’езд быў старанна падрыхтаваны Польскім гістарычным таварыствам[17], а базай яго правядзення было віленскае аддзяленне гэтага таварыства. Спрэчкі наконт праграмы з’езда былі жывыя і датычыліся прапорцый паміж агульнай тэматыкай і гісторыяй ВКЛ, якому прысвячалася асаблівая ўвага[18].

Тры аналагічныя з’езды, першы з якіх адбыўся ў 1880 г. з нагоды чатырохсотых угодкаў смерці Яна Длугаша, прайшлі яшчэ да здабыцця незалежнасці. У не залежнай Польшчы былі праведзены таксама тры: у Познані (1925), Варшаве (1930) і Вільні (1935). Правядзенне чарговага з’езда гісторыкаў было запланавана на 1940 г. у Львове, але з прычыны выбуху сусветнай вайны гэтага так і не адбылося. У познаньскім з’ездзе ўдзельнічалі каля 500 чалавек, у варшаўскім — каля 640, у віленскім — 633, што было вялікім поспехам, калі ўлічыць перыферыйнае становішча старадаўняй сталіцы Вялікага Княства Літоўскага. Адзін з удзельнікаў гэтага з’езда — Ян Адамус, з якім Бардах быў і тады, і ў пазнейшыя гады цесна звязаны[19], — успамінаў:

“Віленскі з’езд несумненна ўдаўся. Часткова, у якасці дадатковых фактараў, гэтаму безумоўна паспрыялі пэўныя акалічнасці па-за рамкай афіцыйнай праграмы. Стаўленне да з’езда з боку мясцовай прэсы, зацікаўленасць у з’ездзе ўсёй інтэлігентнай віленскай грамады стваралі атмасферу незвычайнай добразычлівасці, у якой маглі ва ўсёй велічы расквітнець традыцыйная старапольская гасціннасць горада Гедыміна і высокая культура яго насельнікаў. Дый сам горад са сваімі поўнымі старадаўніх рэліквій мурамі ствараў настрой, які асабліва спрыяў сур’ёзным дыскусіям. <…> Са ма гісторыя нібы прамаўляла непасрэдна да сэрцаў, а не толькі да розумаў сабраных з усёй Польшчы гісторыкаў”[20].

У памяці студэнта-правазнаўца — і, напэўна, не толькі яго — засталася роля, якую даручылі яму афіцыйныя сакратары другой секцыі з’езда, а менавіта Ян Адамус і доктар Караль Караный з Львоўскага ўніверсітэта імя Яна Казіміра. Праз шмат гадоў Ю. Бардах расказаў, што абодва яны не вельмі хацелі займацца працаёмкім стэнаграфаваннем ходу паседжанняў і таму пасадзілі яго за сакратарскі стол. Так Юліуш Бардах стаў тым, хто вёў паседжанні секцыі гісторыі права, што рабіў, вядома, з гонарам, бо быў „адным з наймаладзейшых удзельнікаў з’езда, меў за плячыма ледзьве дваццаць гадоў”[21].

Студэнт-правазнавец, які толькі два гады знаходзіўся ў Вільні, але ўжо здабыў вядомасць сярод прафесараў не толькі свайго факультэта, дэбютаваў перад гісторыкамі, якія з’ехаліся з усёй краіны — з Львова, Кракава, Любліна, Варшавы і ажно з Познані. Паседжанні адбываліся ў васьмі секцыях — 1) палітычнай гісторыі; 2) гісторыі права; 3) эканамічнай гісторыі; 4) гісторыі культуры; 5) ваеннай гісторыі; 6) прыкладных гістарычных дысцыплін; 7) старажытнай гісторыі; 8) выкладання гісторыі[22].

Юліуш Бардах выконваў функцыі не толькі стэнаграфіста, але і дэ-факта сакратара другой секцыі. Таксама ён узяў слова ў дыскусіі наконт дакладаў, прысвечаных уплыву рымскага права на статуты ВКЛ, а таксама ўзаемаадносінам паміж імі і польскім правам. Яго выступленне, адрэдагаванае і паглыбленае, было апублікавана ў 2-м томе матэрыялаў з’езда, які ахопліваў дэбаты ва ўсіх секцыях[23].

У будучыні Ю. Бардаху наканавана было зрабіцца галоўным аўтарытэтам у вывучэнні Статутаў ВКЛ, ім ён прысвяціў шматлікія артыкулы і манаграфіі. Пачатак быў пакладзены грунтоўным артыкулам пра Статуты ВКЛ як помнікі права эпохі Адраджэння, напісаным у 1974 г.[24]. У наступным годзе на французскай мове быў апублікаваны тэкст выступлення Ю. Бардаха на XIV Міжнародным кангрэсе гістарычных навук у Чыкага[25]. Выказваўся ён пра гэтыя помнікі прававой культуры Залатога веку ВКЛ і на канферэнцыях у Бруселі, Маскве ды іншых месцах, выступаў у друку з рэцэнзіямі на публікацыі, што выходзілі як у Польшчы, так і за яе межамі. Падсумаваннем даследчай дзейнасці ў гэтым кірунку стала выдадзеная ў 1999 г. 160-старонкавая манаграфія, прысвечаная тром статутам ВКЛ у параўнанні з іншымі тагачаснымі еўрапейскімі прававымі кадыфікацыямі з асаблівым акцэнтам на ўплыў рымскага права[26]. Тут мы бачым увасабленне даследчых пастулатаў, вылучаных колішнім віленскім студэнтам-правазнаўцам шэсцьдзясят гадоў таму на з’ездзе гісторыкаў у Вільні.

III

Пасля заканчэння вучобы на факультэце права Віленскага ўніверсітэта малады даследчык меў перад сабой выдатныя перспектывы навуковай працы ў горадзе над Віліяй[27], але неўзабаве эйфарыя прайшла, вайна перапыніла нармальнае развіццё віленскага навуковага асяроддзя (уласна кажучы, знішчыла яго ў ранейшых польскіх формах), таму наступны восьмы пункт у бібліяграфіі з памянёнага юбілейнага выдання з’явіўся на старонках газеты „Polska Zbrojna” толькі праз шэсць гадоў пасля папярэдняга і датычыў дыскусіі наконт вызвалення Познані ад нямецкай акупацыі (артыкул быў настолькі цікавы, што праз 17 гадоў яго ўключылі ў калектыўную „Анталогію польскага ваеннага рэпартажу 1939–1945 г.”). Наступныя паўдзесяцігоддзя былі праведзены на ваеннай службе і таксама не былі плённымі ў навуковай дзейнасці. Толькі ў 1950 г. Ю. Бардах вярнуўся ва ўніверсітэт, гэтым разам у Варшаўскі. «У цяжкі перыяд навязвання „адзіна праўдзівага і слушнага” метаду гістарычных даследаванняў прыроджаная памяркоўнасць і разважлівая пазіцыя ва ўсіх спрэчках дазволілі яму ўмацаваць свой прэстыж у гістарычна-прававым асяроддзі», — трапна заўважае Русоцкі, прычым гэты прэстыж варта пашырыць на ўсё польскае гістарычнае асяроддзе, не забываючы і пра аўтарытэт Ю. Бардаха ў міжнародным маштабе.

Разважлівасць і рэалізм прымусілі пры гэтым — гэтак жа як і значна старэйшага гісторыка з Вільні Генрыка Лаўмяньскага, які пасля заканчэння вайны пасяліўся ў Познані, — у найцяжэйшыя гады пераключыцца з літуаністыкі на гісторыю Польшчы і Славакіі, што, вядома ж, не азначала канчатковага адыходу ад вывучэння гісторыі Літвы, як гэта мела месца ў выпадку з некаторымі іншымі „выгнанцамі” з колішняга Універсітэта Стэфана Баторыя. Ю. Бардах вярнуўся да літуаністыкі, як толькі пасля „кастрычніцкага пералому” склаліся больш-менш спрыяльныя ўмовы для гэтага. 1958 год прынёс, поруч з некалькімі рэцэнзіямі на працы па гісторыі Вялікага Княства, вялікі артыкул (“Непадзельная ўласнасць у статутах ВКЛ”) у юбілейным зборніку ў гонар памянёнага вышэй старэйшага калегі. Праз два гады выйшла праца „Аб практыцы літоўскай канцылярыі часоў Жыгімонта I Старога”, прысвечаная Раману Градэцкаму. У сваю чаргу, Тадэвушу Мантэйфелю быў прысвечаны нарыс з гісторыі адміністрацыі Вялікага Княства Літоўскага ў XV–XVII ст. пад назвай „Чалабіцці і паклоны” (1962). Праз год у „Czasopiśmie Prawno-Historycznym” з’явілася грунтоўнае даследаванне „Свецкі характар звычаёвага шлюбнага права русінаў Вялікага Княства Літоўскага (XV–XVII ст.)”. У тым жа нумары выйшлі ўспаміны пра Яна Адамуса — віленскага гісторыка дзяржаўнага ладу, які пасяліўся ў Лодзі. У нумары ж, прысвечаным Лешаку Раабу, быў апублікаваны вялікі нарыс пад назвай „Віленскія гады: 1933–1944”. 1966 год прынёс рэцэнзію на тэму паўстання на Літве ў другой палове XIX ст., наступны — развагі наконт успрымання „Хронікі” Мацея Стрыйкоўскага ў Расіі і нарыс пра гісторыю выведачнай службы ў ВКЛ XVI ст. (“Рыскун і шпег”), прысвечаны Станіславу Гербсту. У 1969 г. (якраз адзначалася 400-годдзе Люблінскай уніі) „Kwartalnik Historyczny” апублікаваў першую версію ягонай працы пра развіццё дзяржаўнага саюзу паміж ВКЛ і Польшчай у 1385–1569 г., а ў Бруселі выйшла бібліяграфія ВКЛ у рамках маштабнага кампендыума па гісторыі права (Юліуш Бардах быў галоўным з трох аўтараў гэтага выдання).

Неўзабаве — хоць часы для гісторыкаў у палітычным сэнсе былі па-ранейшаму нялёгкія, пра што сведчаць перыпетыі з X Усеагульным з’ездам польскіх гісторыкаў у Любліне, — Ю. Бардах апублікаваў вялікае эсэ пра Люблінскую унію ў папулярным выданні „Kultura i Społeczeństwo” з думкай пра шырокае кола чытачоў, а заходнім даследчыкам адрасаваў французскамоўную версію гэтага твора ў часопісе „Acta Poloniae Historica”. Надзвычай важна тое, што пры гэтым яму ўдавалася падтрымліваць кантакты і з савецкімі вучонымі, што дазволіла польскай літуаністыцы павольна, але няўхільна „выходзіць на паверхню”, у тым ліку і праз гадаванне свайго маладога пакалення, найперш у Познані і Варшаве. Значнай падзеяй стала публікацыя Ю. Бардахам у 1970 г. аб’ёмнай, больш як 400-старонкавай кнігі „Даследаванні па гісторыі дзяржаўнага ладу і права Вялікага Княства Літоўскага (XIV–XVII ст.)”, у склад якой увайшлі новыя версіі называных вышэй прац (усяго адзінаццаці), пачынаючы з напісанай больш як тры дзесяцігоддзі таму „Адопцыі”.

Гэтая манаграфія была з велізарнай цікавасцю сустрэта ў Польшчы і за яе межамі, пра што сведчаць 12 напісаных на яе рэцэнзій, прычым палова з іх — у СССР (у Маскве, Кіеве, Вільні). Поруч з іншымі выступіў на старонках „Kwartalnika Historycznego” Генрык Лаўмяньскі, які — на добры лад, пасля больш як 30-гадовага перапынку — закрануў праграмныя пытанні ў вывучэнні ягелонскай эпохі (сам ён не наважваўся на публікацыю сваіх ваенных прац па гісторыі гэтага перыяду — пра палітыку польска-літоўскай дынастыі, а таксама пра насельніцтва ВКЛ у XVI ст., якія спачывалі ў рукапісах і былі выдадзены толькі пасля яго смерці, у канцы XX ст.) і прыйшоў да наступнай высновы: „Прафесар Бардах ахвотней за ўсё бярэцца за недаацэненыя або пераацэненыя тэмы, амаль не кранутыя ў гістарычнай навуцы, якія, тым не менш, маюць вялікае пазнавальнае значэнне на шырокім параўнальным фоне, які аўтар нязменна бярэ пад увагу, або як істотныя элементы старадаўняга дзяржаўнага ладу і права, асвятляе іх пры дапамозе скрупулёзнага, уважлівага і крытычнага вывучэння першакрыніц і апісвае колішнія грамадскія інстытуты з максімальна магчымай дакладнасцю і дэталізаванасцю. У выніку запаўняюцца праблемныя прагалы, наяўныя ў гістарыяграфіі, а вобраз мінуўшчыны робіцца значна паўнейшым, набывае больш канкрэтныя абрысы. Таму неабходна высока ацаніць як даследчыцкія заслугі аўтара, так і значэнне яго прац. Збор і публікацыя ў адной кнізе шматлікіх прац аўтара на літоўска-русінскую тэматыку будуць з вялікім задавальненнем успрыняты гісторыкамі Літвы, Беларусі і Украіны, а таксама дадуць каштоўныя матэрыялы і цікавае чытво даследчыкам і аматарам гісторыі не толькі са згаданых краін, але і наогул з усяго славянскага свету дзякуючы параўнальным звесткам, узятым непасрэдна з неўжываных дагэтуль крыніц, нярэдка архіўных, а таксама дзякуючы пастаноўцы многіх новых праблем, якія разглядаюцца з дасканалым веданнем справы. Гэтая кніга падводзіць рысу пад пэўным этапам працы аўтара ў гэтай галіне, але ж ніяк не азначае яе завяршэння”[28].

Апошні сказ утрымлівае трапную заўвагу, якая грунтавалася, магчыма, на ўражаннях ад асабістых размоў паміж двума старымі віленчукамі, якіх ядналі даследчыцкія інтарэсы, сфармаваныя яшчэ ў міжваенныя гады, а таксама нязгаслы сантымент да часоў і мясцін Універсітэта Стэфана Баторыя. Тэматычныя прапорцыі ў творчасці Юліуша Бардаха з цягам часу ўсё больш выразна мяняліся (дагэтуль пераважалі даследаванні польскага права) на карысць „даўняй і нядаўняй Літвы” — назва другога вялікага зборніка, выдадзенага ў Познані ў 1988 г. У гэтым выданні пераважалі тэксты храналагічна бліжэйшыя, прысвечаныя падзеям канца XIX — пачатку XX ст., таму сярод рэцэнзентаў (іх было 12) гэтым разам можна бачыць прозвішчы Стэфана Кеневіча, Пятра Ласоўскага і Ежы Тамашэўскага. Тым не менш, быў тут і артыкул „Статуты ВКЛ у іх юрыдычна-культурным акружэнні”.

Пасля трагічнага скону ў верасні 1984 г. Генрыка Лаўмяньскага[29], стваральніка „Пачаткаў Польшчы”, а некалі (у 1931–32 г.) і класічных „Даследаванняў пра пачаткі літоўскага грамадства і дзяржавы”, Ю. Бардах зрабіўся сапраўдным патронам гістарычнай літуаністыкі — шмат увагі аддаваў акурат гэтым помнікам юрыспрудэнцыі Вялікага Княства эпохі Адраджэння, у тым ліку ў кнізе „Статуты ВКЛ і рымскае права” (Варшава, 1999). Гэтыя даследаванні вяліся адначасова з напісаннем многіх іншых прац надзвычай шырокага тэматычнага абсягу, пра шырыню якога сведчыць чарговы зборнік (Варшава, 2001) пад назвай „Феміда і Кліа, або Права і Гісторыя”. У ім няма асобна вылучанай літоўскай тэматыкі, затое яна стала прысутнічае ў бібліяграфіі — у выглядзе спецыяльных артыкулаў, а таксама эсэ, прызначаных для шырокага кола чытачоў, асабліва з нагоды буйных юбілеяў, такіх, як хрышчэнне Літвы (1387) ці новая ўніфікацыя дзвюх частак Рэчы Паспалітай пад час Чатырохгадовага сойма.

У часе памятнага святкавання 50-годдзя навуковай дзейнасці, якое ўвосень 1986 г. сабрала ў Казіміраўскім палацы Варшаўскага ўніверсітэта цэлую плойму гісторыкаў розных пакаленняў (і розных палітычных поглядаў!), герой урачыстасці выступіў з выдатным „звядзеннем рахункаў” з самім сабой у кантэксце навук пра мінуўшчыну і спадарожных ім акалічнасцей, якое потым было апублікавана ў штотыднёвіку „Polityka” (№ 47 за 22 лістапала 1986 г.). У гэтым выступе ён прыгадаў даваенныя часы і атмасферу тагачаснай Вільні, а таксама яе ўніверсітэт, асобна пералічыўшы такія постаці, як Стэфан Эрэнкройц, Віктар Сукенніцкі і Станіслаў Лорэнц. Праз шмат гадоў слынны вучоны зноў апынуўся ў Вільні, дзе ў верасні 1994 г. удзельнічаў у польска-літоўскай канферэнцыі, зладжанай універсітэтам, які праз тры гады надаў свайму даўняму выпускніку (праз 64 гады пасля пачатку яго вучобы) ступень доктара honoris causa.

Умацоўваліся і яго кантакты з другой сталіцай, узніклай на землях колішняга ВКЛ, — Мінскам, які ў пару ягонай маладосці нярэдка называлі „Мінск-Літоўскі”. Калі павевы новых часоў трывала замацаваліся ў тамтэйшай гістарычнай навуцы, праявай чаго стаў, у прыватнасці, новы часопіс „Беларускі Гістарычны Агляд”, у адным з першых нумароў якога (1995, № 1) было змешчана інтэрв’ю з польскім даследчыкам пад красамоўнай назвай „Зачараваны Вялікім Княствам”. Гэтая гутарка, якая адбылася 10 снежня 1994 г., была перадрукавана праз сем гадоў, адкрыўшы сабой выдадзены зноў жа на беларускай мове зборнік прац Юліуша Бардаха — „Штудыі з гісторыі Вялікага Княства Літоўскага”. У савецкі час гісторыкі з Мінска хоць нясмела, але згадвалі пра ўдзел сваіх даўніх продкаў у палітычнай гісторыі Вялікага Княства, мелі нават далёкасяжныя даследчыя планы ў гэтай галіне, але да часу ўсё заставалася пад пераможным уплывам савецкай дактрыны, якая прадпісвала і ў спецыяльных, і ў вялікіх (паводле аб’ёму!) абагульняльных працах апісваць мінуўшчыну старадаўняй Літвы ці Беларусі выключна ў іх межах другой паловы XX ст. У размове Ю. Бардах вяртаецца да старапольскіх рэалій, прыгадвае тагачасны стан рэчаў і гаворыць аб прычынах свайго „зачаравання” краінай, якая ўяўляла сабой мазаіку народаў, рэлігій і культур.

Гэта выдатныя ўводзіны ў атмасферу першага артыкула мінскага выдання, датычнага ўнутранай інтэграцыі Вялікага Княства ў часы Гедымінавічаў — Ягайлавічаў, а таксама яго структурнага набліжэння ў 1385–1569 г. да Еўропы пры пасярэдніцтве Кароны. Я, вядома ж, маю на ўвазе артыкул „Крэва і Люблін. З праблем польска-літоўскае уніі” (с. 17–102), першым месцам дзеяння якога з’яўляецца размешчаная на паўдарозе паміж Мінскам і Вільняй сталіца аднаго з княстваў Русі, памятная таямнічай смерцю ў тамтэйшых лёхах вялікага князя Кейстута за некалькі гадоў да сустрэчы яго пляменніка Ягайлы з польскім пасольствам. Сёння ў Крэве захаваліся руіны замка і часткова ацалелая вежа. Артыкул завяршаецца разважаннямі пра непазбежную адрознасць падыходу да палітычных канцэпцый у часы Ягелонаў і ў сучаснасці ды пра пераацэнку гэтых канцэпцый з цягам часу — прыкладам чаго можа быць польска-літоўская унія, якая так па-рознаму ацэньвалася нашчадкамі, але пры гэтым адыграла значную ролю ў сваёй эпосе.

Наступным у кнізе змешчаны артыкул „Лад местаў на магдэбургскім праве ў Вялікім Княстве Літоўскім да сярэдзіны XVII ст.” (с. 103–160), а адразу за ім — праца „Аб практыцы літоўскай канцылярыі часоў Жыгімонта I Старога” (с. 161–198), якая ўтрымлівае цікавыя назіранні пра функцыянаванне ў складзе канцылярыі паралельных рускага і лацінскага аддзелаў, пазіцыі якіх нярэдка не супадалі. Пазней перавагу пачала здабываць польская мова. Чытачоў з Мінска асабліва зацікавіў чарговы тэкст — „Звычаёвае шлюбнае права русінаў Вялікага Княства Літоўскага (XV–XVII ст.)” (с. 199–274).

Калі пералічаныя працы былі ўзяты — не лічачы першадрукаў — з двух польскіх зборнікаў Ю. Бардаха (1970 і 1988 г.), галоўным чынам з першага, то наступны артыкул, значна меншы паводле аб’ёму (“Дачыненні паміж каталікамі і праваслаўнымі ў Вялікім Княстве Літоўскім (канец XIV–XVII ст.)”, с. 276–291), быў ужо вядомы мясцоваму чытачу па публікацыі ў „Беларусім Гістарычным Аглядзе” (№ 1), а двума гадамі раней выйшаў у Рыме на французскай мове. На XV Усеагульным з’ездзе польскіх гісторыкаў 1994 г. упершыню была прадстаўлена праца „Шматузроўневая нацыянальная свядомасць на літоўска-рускіх землях Рэчы Паспалітай у XVII—XX ст.” (у беларускім выданні на с. 292–311).

Артыкул „Ад палітычных да этнічных народаў у Цэнтральна-Усходняй Еўропе” (с. 312–331) выйшаў па-польску дзесяць гадоў таму, „Літоўскія палякі і іншыя народы гістарычнае Літвы” (с. 332–363) — годам пазней, а «Канстытуцыя 3 траўня і „Узаемныя Заручыны Абодвух Народаў” 1791 г.» (с. 364–408) — на двухсотыя ўгодкі славутага заканадаўчага акта апошніх гадоў існавання Рэчы Паспалітай.

На заканчэнне творчая спадчына аўтара была прадстаўлена беларускім вучоным праз бібліяграфію, якая налічвае 514 пазіцый і даходзіць да 2001 г. Гэта нечакана сімпатычная рыса выдання, рэдкая для такога роду публікацый, асабліва калі справа датычыць замежных вучоных. Праўда, у гэтым выпадку цяжка гаварыць пра замежжа, асабліва калі гутарка ідзе пра супольную некалі дзяржаўнасць, з поўным аб’ектывізмам апісваную даследчыкам, які „зачараваны” гэтай мінуўшчынай і глядзіць на яе з перспектывы зноў аб’яднанай у зусім новых гістарычных умовах Еўропы. За апошнія два дзесяцігоддзі вучоны папоўніў сваю бібліяграфію больш як трыма сотнямі пазіцый (колькасна гэта складае 3/5 ад усёй бібліяграфіі). Пры гэтым усё больш трывалае месца займалі кнігі, артыкулы і рэцэнзіі пра колішнюю Рэч Паспалітую і яе пазнейшых усходніх спадкаемцаў. Гэта такое сабе „вяртанне да вытокаў”, як выказаўся сам вучоны на цырымоніі надання яму доктарскай ступені honoris causa ў віленскім касцёле Святога Яна, — да вытокаў, ад якіх ён ніколі не адыходзіў, хоць паўтара дзесяцігоддзя не мог гэтага паказваць, як і ўся тагачасная польская гістарыяграфія.

Ён тужыў па Вільні, хоць, як некалі мне прызнаўся, не хацеў ехаць у горад сваёй маладосці, пакуль не стаў там выразна запатрабаваны — у новай палі тыч-най рэальнасці. У юбілейным выданні, прысвечаным 400-годдзю заснавання Віленскага ўніверсітэта і 75-годдзю яго аднаўлення пад шыльдай Універсітэта Стэфана Ба торыя, ён згадваў пра ўрачыстасці 1978 г. (яны прайшлі ў Варшаве і былі дапоўнены тыднёвай канферэнцыяй), а таксама пра юбілейныя канферэнцыі, зладжаныя пятнаццаццю гадамі пазней у абедзвюх сталіцах (тут ён заўважыў, што ў Вільню на маштабныя святкаванні ўгодкаў „найстарэйшага ўніверсітэта ў Савецкім Саюзе”, як некалі апавядалі экскурсаводы, прыехалі дзесяць польскіх даследчыкаў, тады як у Варшаву на куды сціплейшае мерапрыемства — толькі двое дакладчыкаў з Вільні). Ва ўніверсітэцкім касцёле Святых Янаў была адпраўлена ўрачыстая імша за памерлых выкладчыкаў, студэнтаў і ўсіх супрацоўнікаў універсітэта, а ў выступленнях дакладчыкаў згадваліся 1919–1939 г. і іх значэнне ў чатырохсотгадовай гісторыі alma mater. Шмат месца Юліуш Бардах прысвяціў трохдзённай канферэнцыі, падкрэсліў значнасць спадчыны часопіса „Ateneum Wileńskie”, Таварыства сяброў навук і „Wiadomości Studium Historii Prawa Litewskiego” (перад вайноў паспеў выйсці толькі адзін нумар гэтага часопіса). На выстаўцы, зладжанай з нагоды юбілею, ён налічыў у суме пад сто польскіх пазіцый. Такім чынам, міжваенны даробак быў не забыты, гэтак жа як і заслугі езуітаў ды караля Стэфана. Другі дзень канферэнцыі быў прысвечаны Універсітэту Стэфана Баторыя: шэсць дакладаў прачыталі госці з Польшчы, а чатыры — гаспадары. Кіраўнік дэлегацыі з-над Віслы Аляксандр Гейштар апісаў тагачаснае асяроддзе гісторыкаў у горадзе над Віліяй, а Юліуш Бардах расказаў пра даследаванні літоўскага права, якія вяліся ў коле Стэфана Эрэнкройца. Ён вярнуўся на радзіму з перакананнем, што ёсць „выразнае жаданне з боку віленчукоў далучыць да гісторыі Віленскага ўніверсітэта дагэтуль зусім замоўчваную спадчыну Універсітэта Стэфана Баторыя”. На яго думку, узнікалі рэальныя перспектывы развіцця паланістыкі ў Віленскім універсітэце (неўзабаве за рэалізацыю гэтай праграмы ўзяўся прафесар Ягелонскага ўніверсітэта Тадэвуш Буйніцкі — колішні вілянчук), ён марыў пра стварэнне кафедраў гісторыі Польшчы, гісторыі культуры і мастацтва, а можа, яшчэ і фізічнай ды эканамічнай геаграфіі. Свае разважанні ён скончыў заўвагамі наконт актуальнасці традыцый Рэчы Паспалітай Абодвух Народаў праз вяртанне да ідэй часоў Стэфана Баторыя: „Паходзячы з Сяміграддзя, г. зн. з тагачаснай Венгрыі, гэты манарх праз заснаванне Акадэміі ўмацоўваў лацінскую культуру над берагамі Віліі і Нёмана. Так супадаюць рацыянальныя палітычныя погляды, пазнавальныя матывы і прыхільнасць не толькі палякаў ды літоўцаў, але і венграў (яны былі трэцім бокам, чые гісторыкі ўзялі ўдзел у сустрэчы 1994 г. М. К.) да старых муроў колішняй Віленскай акадэміі Таварыства Ісуса, потым польскага паводле мовы і духу Імператарскага Віленскага ўніверсітэта, пасля — польскага Універсітэта Стэфана Баторыя і, нарэшце, літоўскага Віленскага ўніверсітэта”[30].

IV

Народжаны ў Адэсе слынны польскі гуманіст, даследчык прававой, гістарычнай і палітычнай культуры, якога „сваім” прызнавалі і юрысты, і гісторыкі, пад час урачыстасцей у гонар яго 70-годдзя і 50-годдзя творчай дзейнасці сказаў з характэрнай для яго вытанчанасцю: „У навуковым асяроддзі пануе перакананасць, што ўласцівыя яму павага і ўшанаванне з’яўляюцца вынікам не столькі стараннасці і працавітасці, колькі дасягнення паважнага ўзросту. Прамінулі дзве круглыя даты — шасцідзесяці- і сямідзесяцігоддзе. Пазнейшыя, калі ўзяць пад увагу сярэднюю працягласць жыцця, з’яўляюцца доляй выбраных”. Гэты выступ штотыднёвік „Polityka” апублікаваў 22 лістапада 1986 г. пад назвай „Пазіраючы назад”, каля якой быў змешчаны красамоўны падзгаловак „Жывём не для таго, каб есці, а для таго, каб есці добра”, варты сапраўднага эпікурэйца. У выступленні юбіляр сцісла падвёў рахунак сваім дасягненням на розных этапах пасляваеннай рэчаіснасці, паказаўшы яе цені, але пры гэтым і магчымасці пазітыўнага дзеяння, а таксама павучальна канстатаваў: „Пазіраючы назад, я ўсведамляю, што дзейнічаў на празмерна шырокім даследчым фронце, што няўхільна вяло да расцярушвання намаганняў і змяншала іх плён. Аднак перш за ўсё я кіраваўся ўласнымі зацікаўленнямі, а яны мяняліся. Калі ж максімальна агульна падысці да справы, лічу, што ў супастаўленні двух процілеглых чалавечых тыпаў я быў — і застаюся — бліжэйшы да homo ludens, чым да homo faber”.

Так можа напісаць толькі творца высокага палёту, дасведчаны чалавек, які ведае сапраўдны смак жыцця.

У аўтара працытаваных слоў засталося шмат сяброў, вучняў на радзіме і за мяжой, і не толькі ў навуковых колах. Ён заслужыў глыбокае прызнанне не толькі сваёй даследчай працай, але і не ў меншай ступені арганізацыйнай дзейнасцю і добразычлівым стаўленнем да людзей, асабліва ў цяжкіх сітуацыях, якіх за апошнія 60 гадоў польскай гісторыі не бракавала. На яго долю выпала таксама святкаваць чарговыя юбілеі — з нагоды васьмідзесяці- і дзевяностагоддзя. Сапраўдным гонарам стаў для мяне ўдзел у стварэнні юбілейнага выдання „З гісторыі юрыдычнай культуры. Працы, прысвечаныя прафесару Юліушу Бардаху на 90-годдзе з дня нараджэння”, якое было ўручана юбіляру ў Зале Сената на першым паверсе таго самага галоўнага корпуса Віленскага ўніверсітэта 20 снежня 2004 г. з удзелам Яго Магніфіцэнцыі Пятра Венгленскага, прадстаўнікоў адміністрацыі факультэта права, у тым ліку дэкана Марэка Вансовіча і дырэктара роднага Інстытута гісторыі дзяржавы і права Анджэя Закшэўскага, прадстаўнікоў навуковых колаў і гасцей з усіх адукацыйных асяродкаў краіны. Герой сустрэчы выступіў вельмі сцісла, пасля чаго з келіхам віна ў руцэ прымаў віншаванні ад прысутных.

Гэтае выданне, якое налічвае роўна 600 старонак, адкрывае (перад тым як даць месца поўнай бібліяграфіі за 1936–2004 г., што складаецца з 564 пунктаў, з прывядзеннем зместу зборнікаў прац) нарыс М. Вансовіча пад назвай „Прававая культура ў спадчыне прафесара Ю. Бардаха”. Сярод удзельнікаў юбілейнай сустрэчы вялікую частку складалі гісторыкі; зрэшты, з іх дысцыплінай у значнай ступені салідарызаваліся прысутныя даследчыкі дзяржаўнага ладу, а пра кірункі зацікаўленняў Юліуша Бардаха найлепш сведчыць уся яго спадчына, а таксама характар кнігі, прысвечанай гэтаму рэдка сустраканаму юбілею. Выданне складаецца з чатырох частак: 1) „Стан права — шляхі ўтварэння і ўспрымання”; 2) „Юрыдычная думка, дактрыны, ідэі, вывучэнне права”; 3) „Функцыянаванне права на практыцы”; 4) „Ацэнкі і адносіны да права”. Над усім зместам, аднак, лунае дух Кліа: аўтары, разглядаючы свой прадмет, перамяшчаюцца ад старажытнасці да XX ст., прычым пачэснае месца займае ранні Новы час, а тэрытарыяльна — Вялікае Княства Літоўскае і найноўшая гісторыя Літвы (яе датычаць 14 артыкулаў з 37). За рамкамі чатырох раздзелаў змешчаны развагі Ганны Роснер (“Даследаванне прававой культуры. Спроба апісання праблематыкі”), на долю якіх у нейкім сэнсе выпала функцыя падсумавання — вядома ж, не творчасці юбіляра, а метадалагічных пытанняў, звязаных са стыкам палітычнай (гістарычнай) і прававой культуры; пачэснае месца ў гэтых развагах занялі класічныя сёння артыкулы Станіслава Эстрэйхера і Юзафа Сяменскага пра XVI ст., якія абодва былі апублікаваны ў зборніку 1932 г. Высока ацаніла аўтарка і матэрыялы торуньскага XI Усеагульнага з’езда польскіх гісторыкаў 1974 г. пра палітычную культуру (асабліва праграмны выступ Стэфана Кеневіча), а таксама разважанні Януша Тазбіра (1976) і працу Эдварда Апаліньскага, каб урэшце дайсці да артыкула Вацлава Урушчака за 1980 г. пра палітычную і прававую культуру польскага парламентарызму эпохі Адраджэння. Усе гэтыя працы ўяўляюць сабой зыходны пункт для астатняга зместу кнігі, над усёй жа ёю — хоць гэта і не зафіксавана на паперы — лунаюць думкі, вядомыя з прац Майстра.

Хоць дыяпазон ягоных навуковых інтарэсаў быў велізарны, ад Сярэднявечча да сучаснасці, а кожны артыкул старанна прадумваўся, пры перавыданнях жа, як правіла, перапрацоўваўся, пашыраўся і паглыбляўся, асаблівае месца ў 70-гадовай спадчыне займае гісторыя гістарычнай і этнічнай Літвы, ВКЛ, перш за ўсё XV–XVIII ст. Пра гэта сведчаць фундаментальныя зборнікі, якія выйшлі ў палітычнай сітуацыі, калі польскай літуаністыцы ўжо не трэба было заставацца ў „падполлі” ці прынамсі ў схованцы (я пісаў пра гэта ў нарысе „Віленскія даследчыкі гісторыі Вялікага Княства Літоўскага на ростанях (пасля 1945 г.)” у зборніку „Апошнія грамадзяне ВКЛ”, Люблін, 2005). Раней ён закладаў яе падваліны ў новай рэчаіснасці (“пястаўскай”, у процілегласць даўнейшай „ягелонскай”) праз менш прыкметныя для цэнзуры публікацыі ў часопісах ці юбілейных выданнях. А потым сапраўднай падзеяй стаў выхад кніг Юліуша Бардаха — „Даследаванні па гісторыі дзяржаўнага ладу і права Вялікага Княства Літоўскага (XIV–XVII ст.)” (Беласток — Варшава, 1970), якая атрымала больш за дзесяць рэцэнзій, у тым ліку аўтарства найлепшага тады польскага літуаніста Генрыка Лаўмяньскага, і „Пра даўнюю і нядаўнюю Літву” (Познань, 1988), што таксама была шматразова рэцэнзавана, гэтым разам пераважна ў Польшчы.

Прафесар Юліуш Бардах пакінуў у людской памяці ўдзячныя ўспаміны, якія датычаць і тых часоў, калі нярэдка неабходна было мець і сілу духа, і прымірэнчы талент. Яго высока цанілі на Захадзе і на Усходзе, асабліва ў сённяшняй Польшчы, а таксама на колішніх ускраінах Рэчы Паспалітай, у Вільні, Кіеве і Мінску. Сімвалічным доказам гэтага з’яўляецца том яго выбраных прац пад назвай „Штудыі з гісторыі Вялікага Княства Літоўскага”, выдадзены па-беларуску ў 2002 г. і перавыдадзены ў 2010 г.

Пераклад Сяргея Петрыкевіча


1 Членам гэтай прэстыжнай арганізацыі — адной з най ста-рэйшых і самых вядомых акадэмій навук у свеце — Юліуш Бардах стаў у 1974 г.
2 Навуковую біяграфію прафесара гл., у прыватнасці: Orzechowski K. Szkis do portretu Uczonego. O Juliuszu Bardachu w pięćdziesięciolecie tworczości // Czasopismo Prawno-Historyczne. 1985. Z. 2. S. 1–38; Sojka-Zielińska K. Juliusz Bardach — Pro-fesor Uniwersytetu Warszawskiego. Historyk prawa. W pięćdziesięciolecie pracy naukowej // Kronika Warszawy. 1986. № 3–4. S. 17–27; Russocki S. Mistrz // Życie Szkoły Wyższej. 1987. № 7/8. S. 131–138; Grodziski S. Historyzm prawniczy Juliusza Bardacha // Czasopismo Prawno-Historyczne. 2010. T. LXII. Z. 2. S. 11–18.
3 Пра яго метадалагічную пазіцыю ў гэты час піша Г. Лябуда: Labuda G. Rozwoj metod dziejopisarskich od starożytności do wspołczesności. Cz. I. Poznań, 2003. S. 156–158; гл. таксама сz. II. Poznań, 2010. S. 150.
4 Разам з Герардам Лябудам напісаў раздзелы пра XII–XIV ст. — агулам больш як 200 старонак (с. 282–488).
5 Кнігу адкрывае прадмова С. Русоцкага: Russocki S. Juliusz Bardach. Sześćdziesiąt lat tworczości Uczonego (1935—1995) // Parlament, prawo, ludzie. Studia ofiarowane profesorowi Juliuszowi Bardachowi w sześćdziesięciolecie pracy tworczej. Warszawa, 1996. S. 7–9.
6 Уступны артыкул: Wąsowicz M. Kultura prawna w dorobku Profesora Juliusza Bardacha // Z dziejow kultury prawnej. Studia ofiarowane Profesorowi Juliuszowi Bardachowi w dziewięćdziesięciolecie urodzin / Red. Dziewanowska H. Warszawa, 2004. S. 11–17.
7 Кнігу адкрываюць тэкст выступу рэктара Лодзьскага ўніверсітэта Міхала Севярынскага (с. 9–10), а таксама пра мова, сказаная Зігфрыдам Рамашэўскім 13 кастрычніка 1995 г. (с. 11–15). Паказальна, што доктар honoris causa абраў такую тэму для сваёй лекцыі: „Польска-літоўская унія — яе змест і спадчына” (с. 17–26).
8 У 2010 г. у Мінску выйшла другое выданне гэтай кнігі.
9 Недатаваны ліст Юліуша Бардаха да Генадзя Сагановіча, якому выказваю ўдзячнасць за прадастаўленне мне копій перапіскі.
10 Ю. Бардах да Г. Сагановіча, Варшава, 11.04.1999 г. Першы ліст мае дату 27.12.1995 і ўтрымлівае віншаванні з Новым годам.
11 Bardach J. Patrząc wstecz // Polityka. № 47 (1542). 22 XI 1986. S. 14.
12 Kosman M. Wilno dawniej i dziś. Toruń, 1983. S. 55.
13 Bardach J. Patrząc wstecz. S. 14. Пра тагачасны клімат у Вільні гл.: Bujnicki T. Szkice wileńskie. Rozprawy i eseje. Krakow, 2002; Idem. W Wielkim Księstwie Litewskim i w Wilnie. Warszawa, 2010.
14 Lorentz S. Album wileńskie. Warszawa, 1986; Vladas Drėma laiškai — Stanislaw Lorentz listy. Vilnius, 1998.
15 Bardach J. Patrząc wstecz. S. 14.
16 Symbolae historico-iuridicae Lodzienses Iulio Bardach dedicatae. Łodź, 1997. S. 17.
17 Пасля здабыцця незалежнасці Гістарычнае таварыства, якое існавала на польскіх землях пад Аўстра-Венгрыяй і мела сядзібу ў Львове, набыло агульнапольскі характар, праявай чаго стала яго змененая назва (Польскае гістарычнае таварыства), і стварыла поруч з „аўтаномным гуртком”, які існаваў у Кракаве, падобныя аддзяленні і ў іншых гарадах, перш за ўсё ў Варшаве (на базе Таварыства аматараў гісторыі), Познані, Вільні і Любліне. Віленскае аддзяленне было ўтворана 15 лютага 1925 г., яго старшынёй стаў прафесар Альфонс Парчэўскі, а сакратаром — доктар Генрык Лаўмяньскі. Гл.: Żytkowicz L. Wileński Oddział Polskiego Towarzystwa Historycznego 1925–1939 // Zapiski Historyczne (далей ZH). T. LI. Z. 4. Toruń, 1986. S. 9–26.
18 Nowak Z. H. Spor o zakres tematyki litewskiej VI Zjazdu Powszechnego Historykow Polskich w Wilnie (17–20 września 1935 roku) // ZH. 1986. T. LI. Z. 4. S. 137–145.
19 Ян Адамус (1896–1862), гісторык дзяржавы і права, пасля вучобы ў Вене быў звязаны з Львовам, а пасля габілітацыі ва Універсітэце Стафана Баторыя (1933) — з Вільняй; у 1940 г. быў адпраўлены ў лагер, з 1942 г. у эміграцыі, пасля вяртання на радзіму — дацэнт, а потым прафесар Лодзьскага ўніверсітэта. Юліуш Бардах у 1995 г. успамінаў: „З радасцю сустрэў <…> вестку, што выкладанне гісторыі права ў Лодзі атрымаў, вярнуўшыся з войска на Захадзе, прафесар Ян Адамус, добразычлівая дапамога і навуковая апека якога вельмі дапамаглі мне пад час вучобы, калі ён, будучы дацэнтам кафедры гісторыі польскага і літоўскага права, якою кіраваў прафесар Стэфан Эрэнкройц, падтрымаў мае першыя крокі ў галіне даследавання права Вялікага Княства Літоўскага, якое ведаў як мала хто іншы. Потым нас яднала цеснае супрацоўніцтва і сяброўства — аж да заўчаснай ягонай смерці”. Гл. Symbolae historico-iuridicae. S. 17. Гл. таксама: Bardah J. Nauka historii ustroju i prawa litewskiego w Wilnie w latach 1920–1939 // Lithuania. 1994. № 14. S. 63–76.
20 Adamus J. Recenzja do „Pamiętnika VI Powszechnego Zjazdu Historykow Polskich”, t. 1–2 // Ateneum Wileńskie. R. XI. Wilno, 1936. S. 610.
21 Bardach J. W obiektywie nauki i w lustrze pamięci. O uczonych, pisarzach i politykach XIX i XX wieku / Pod redakcją Wandy Sudnik. Warszawa, 2004. S. 330 — нарыс пад назвай „Jana Adamusa wspominam”. Перадрук у „Czasopismie Prawno-Historycznym”, т. 49, сш. 1–2, Познань, 1997, с. 163–173.
22 Pamiętnik VIII Powszechnego Zjazdu Historykow Polskich w Wilnie 17–20 września 1936 r. T. I–II. Lwow, 1935.
23 Pamiętnik VIII Powszechnego Zjazdu Historykow Polskich. T. II. S. 101–102.
24 Kwartalnik Historyczny. 1974. № 4. S. 788–818.
25 Poland and the 14th International Congres of Historical Sciences in San Francisco. Studies in Comparative History. Wrocław etc., 1975. P. 45–65.
26 Bardach J. Statuty Litewskie a prawo rzymskie. Warszawa, 1999.
27 Пра культурныя традыцыі горада гл.: Jurkowski R. Z dziejow Towarzystwa Przyjacioł Nauk w Wilnie 1907–1939. Przyczynek do żucia kulturalnego w Wilnie // ZH. 1986. № LI. Z. 4. S. 113–135, а асабліва фундаментальную манаграфію Генрыкі Ільгевіч пра навуковыя таварыствы ў Вільні ў XIX — першай палове XX ст.
28 Łowmiański H. Wielkie Księstwo Litewskie — zagadnienia ustrojowe i prawne // KH. 1972. R. 79. № 4. S. 896. Гэтая вялікая рэцэнзія на літуаністычны зборнік Юліуша Бардаха 1970 г. была перадрукавана ў кнізе выбраных твораў аўтара: Studia nad dziejami Wielkiego Księstwa Litewskiego. Poznań, 1983. S. 351–364.
29 Генрык Лаўмяньскі (нар. у 1898 г.) загінуў 4 верасня 1984 г. пад коламі трамвая па дарозе са свайго дома ў Познаньскую ўніверсітэцкую бібліятэку, ідучы па маршруце, якім ён штодня хадзіў доўгія гады.
30 Bardach J. W Uniwersytecie Wileńskim we wrześniu 1994 roku // Z dziejow Almae Matris Vilnensis. Księga pamiątkowa ku czci 400-lecia założenia i 75-lecia wskrzeszenia Uniwersytetu Wileńskiego / Redakcja naukowa Piechnik L. i Buchowski K. Krakow, 1996. S. 278–281, цыт. з 281.

Наверх

Аляксандр Казакоў. Гістарыяграфія Аршанскай бітвы 1514 г.: дасягненні і праблемы1

Жніўня 1, 2010 |


Аршанская бітва 1514 г., стаўшы рэзанансавай падзеяй сваёй эпохі, была вядомая ў Вялікім Княстве Літоўскім як “Вялікай бітва” [1]. Заняла яна і прыкметнае месца ў нацыянальным гістарычным дыскурсе суверэннай Беларусі пачатку 90-х г. XX ст. Бітва пад Оршай выкарыстоўвалася як прыклад паспяховага змагання беларусаў супраць замежнай агрэсіі нароўні з бітвай Грунвальдскай. На сённяшні дзень, аднак, афіцыйная гістарычная палітыка па зразумелых прычынах не знаходзіць месца Аршанскай бітве ў калектыўнай памяці беларусаў. Тым не менш яна працягвае выклікаць пэўны грамадскі інтарэс, які чакана ўзрос у сувязі з яе 500-годдзем. “Жыццё” гэтай падзеі ўгістарыяграфіі розных эпох і гістарычнай памяці народаў само па сабе становіцца прадметам даследавання [2]. Чытаць далей →

Генадзь Сагановіч. “Новае” старое пра бітву пад Грунвальдам

Снежня 10, 2009 |


Калі я паглядзеў далей, дык толькі таму, што стаю на плячах гігантаў.

Ісак Ньютан

* Гагуа, Руслан Б. Грюнвальд в источниках: „Хроника конфликта Владислава, короля Польши, с крестоносцами в год Христов 1410″. Пинск: ПолесГУ, 2009. — 208 с.

Займацца бітвай пад Грунвальдам (Дуброўнай) гісторыку цяпер няпроста — яе бібліяграфія налічвае тысячы пазіцый[1], і каб пісаць нешта сваё, трэба, ясная рэч, вызначаць стаўленне да напісанага папярэднікамі. У гэтай сувязі выхад кнігі Руслана Гагуа, прысвечанай адной з асноўных крыніц даследавання славутай бітвы, можна было б лічыць падзеяй, асабліва ўлічваючы тое, што яна аказалася першай манаграфіяй у сціплым спісе беларускага грунвальдазнаўства. Шырокай аўдыторыі аматараў гісторыі яна пэўна і ўяўляецца гэтакім піянерскім дасягненнем айчыннага гісторыяпісання, пагатоў у анатацыі шматабяцальна абвяшчаецца: „Комплекснае даследаванне хронікі дазволіла аўтару па-новаму інтэрпрэтаваць розныя аспекты славутай бітвы”. А вось гісторыкаў такое дэклараванне комплекснасці і асабліва навізны інтэрпрэтацый павінна хутчэй насцярожыць, чым абнадзеіць. Хоць бы таму, што „Хроніка канфлікту” (далей — ХК) у большай ці меншай ступені трапляла ў фокус увагі большасці даследчыкаў, якія спецыяльна займаліся „Вялікай вайной” 1409-1411 г. і яе галоўнай бітвай, а таксама таму, што актуальнай застаецца праца Свэна Экдаля[2] — этапная ў крыніцазнаўстве бітвы пад Грунвальдам, у якой грунтоўна разгледжана і ХК. Дык ці не занадта смела заяўлена? Каб разабрацца, трэба чытаць, чым мне і давялося заняцца.

Асноўны тэкст манаграфіі складаюць чатыры раздзелы (у аўтара — „главы”) і заключэнне, пасля якога змешчаны транскрыпцыя, пераклад і факсіміле самой хронікі, затым яшчэ дадатак з тэкстамі лістоў Ягайлы, трактатаў Энэа Сільвіа Пікаламіні і іх кампіляцыямі, што завяршаецца спісам крыніц, літаратуры і рэзюмэ.

Ва ўводзінах, як належыць, гаворыцца пра актуальнасць тэмы даследавання, але… тутчытачачакае першая няўвязка. Пачаўшы з канстатацыі сімвалічнага значэння бітвы 1410 г. для Беларусі, аўтар прысвяціў уводзіны агляду беларускай гістарыяграфіі Грунвальда (хоць, нагадаю, дэкларавана, што ў манаграфіі даследуецца ХК). На жаль, гістарыяграфічны агляд зроблены досыць павярхоўна, па незразумелых прынцыпах адбору публікацый і пры няяснасці самой зыходнай пазіцыі аўтара. Заўважаецца зашмат недакладнасцяў, пачынаючы ад заўвагі наконт самой назвы бітвы, бо ў беларускай літаратуры яна вядомая не толькі як Грунвальдская (5), але і як бітва пад Дуброўнай. У агляд уключаны публікацыі A. Краўцэвіча, А. Грыцкевіча, С. Асіноўскага, С. Цярохіна, B. Чаропкі, адзін артыкул аўтара гэтых радкоў і, натуральнаж, найбольш публікацый (пераважна тэзіснага характару)самога аўтара манаграфіі, і толькі са спасылкай на іх канстатуецца існаванне розных поглядаў на некаторыя аспектыбітвы, што само па сабе расцэньваецца як сведчанне нездавальняючага становішча.

У апісанні падыходаў беларускіх гісторыкаў да асвятлення бітвы лёгка заўважаецца падабенства тэксту Р. Гагуа з маім гістарыяграфічным аглядам тэмы, апублікаваным у 2002 г.[3], — той жа пералік аўтараў, акцэнтаванне пераважна тых жа памылак, тыя ж заўвагі, але — без спасылкі на згаданую публікацыю. Што ж, для пачатку будзем лічыць гэта проста некарэктнасцю. Далей, павярхоўна ахарактарызаваўшы публікацыі шасці гісторыкаў, Р. Гагуа робіць глабальны вывад і піша пра ўсю беларускую гістарыяграфію, сцвярджаючы, што ў ёй бітва 1410 г. „разглядаецца выключна з нацыянальных пазіцый і прадстаўляецца як апагей усенароднай барацьбы за захаванне свайго этнасу, культуры і рэлігіі…” (10, 196). Не толькі беспадстаўнае, але і проста нетактоўнае сцвярджэнне.

Не могуць не выклікаць здзіўлення палажэнні, выказаныя ў канцы ўводзінаў. Напрыклад, што нават „прафесійным гісторыкам” застаецца невядомай „большасць крыніц” па гісторыі бітвы (10-11), і што для выпраўлення такой сітуацыі „ўяўляецца вельмі важным ажыццяўленне перакладу, публікацыі і аналізу корпуса крыніц”, таму, маўляў, „рашэнне гэтай задачы” аўтар пачынае „кнігай, прысвечанай адной з найважнейшых прымарных наратыўных крыніц для рэканструкцыі падзей бітвы” (12).

Такім чынам, кніга ўсё ж прысвечана ХК. Але як задача, так і шлях яе вырашэння, мякка кажучы, надуманыя, бо, па-першае, няварта так заніжана ацэньваць дасведчанасць сваіх калег, па-другое, прафесійным гісторыкам, да якіх апелюе аўтар, трэба імкнуцца працаваць з крыніцамі ў іх аўтэнтычнай мове. Калі ўсё ж можа быць толькі пераклад, то акадэмічны, не аматарскі. А кандыцыйны пераклад сярэднявечных тэкстаў на сучасную мову сам па сабе з’яўляецца складанай навуковай задачай, рашэнне якой вымагае не толькі ведання адпаведных моў. Здаецца, аўтар не да канца здаваў сабе справу, чаго вымагаюць, як выконваюцца і што даюць навуцы пераклады крыніц тыпу ХК, аднак пра гэта далей.

Знаёмства з першым параграфам першага раздзела („Крыніцы”), які займае толькі паўтары старонкі (13-14), зацікаўленаму чытачу дасць не шмат. Фактычна, гэта пералік фактаў археаграфічнай публікацыі ХК, завершаны паведамленнем аўтара пра свой пераклад помніка на беларускую мову (2005), і ў заключэнне такога „аналізу” крыніц прыведзены паштовыя адрасы Курніцкай бібліятэкі, у якой захоўваецца рукапіс (14),—для чаго, застаецца загадкай. Між тым, калі ў параграфе разглядаюцца крыніцы даследавання ХК, то чаму не апісаны рукапіс? Ды і пералічаным выданням варта было даць навуковую характарыстыку. Бо тое, напрыклад, што першая публікацыя ХК (1866) ажыццяўлялася на падставе „копіі з копіі”, немалаважны для даследчыка факт. У прадмове да курніцкага выдання ХК і ў адпаведным параграфе згаданай кнігі С. Экдаля інфармацыі больш, і яна дакладнейшая, чым у рэцэнзаванай кнізе.

Разгляд гістарыяграфіі даследавання ХК (15-21) яшчэ больш пацвердзіў маё насцярожлівае ўспрыманне дэклараванай напачатку навізны. Дазволіўшы сабе адразу ж заявіць, што „практычна ўсе” даследчыкі хронікі (да яго? — Г. С.) грунтаваліся ў сваіх вывадах „больш на ўласных прыхільнасцях…, чым на аб’ектыўным аналізе крыніцы” (15), Р. Гагуа пайшоў несумленным шляхам — фактычна перапісаў гістарыяграфію прадмета з кнігі С. Экдаля[4], не падаўшы спасылак. Пра гэта сведчыць цалкам ідэнтычны па паслядоўнасці разгляду, па аўтарах і па аргументацыі крытыкі пералік публікацый, нават тыя ж старонкі ў спасылках, пры гэтым для развянчання аўтарытэту С. М. Кучыньскага акуратна спісаны абзац з кнігі Экдаля (Die Schlacht bei Tannenberg, s. 145, у Гагуа — с. 18). Наогул, свайго тут Р. Гагуа дадаў няшмат, хіба што па-іншаму прадставіў пазіцыю А. Барбашова ды для ілюстравання эвалюцыі поглядаў С. М. Кучыньскага (адзначанай тым жа С. Экдалем) выкарыстаў найноўшае выданне яго „Вялікай вайны”.

Самой этапнай кнізе С. Экдаля, якую аўтар так не па-джэнтльменску выкарыстаў, у параграфе адведзена пару абзацаў — як адной з агульнага шэрагу публікацый, так бы мовіць, у храналагічнай паслядоўнасці. Даследчыцкая пазіцыя С. Экдаля зведзена тут да некалькіх момантаў: 1) што ён крытыкаваў пазіцыю А. Прахаскі і сумняваўся ў існаванні больш разгорнутага варыянта хронікі, 2) што ўслед за некаторымі папярэднікамі палічыў аўтарам хронікі Мікалая Тромбу і адносіў яе з’яўленне да канца 1410 — пачатку 1411 г., 3) што характарызаваў ХК як польскае прапагандысцкае пасланне і спрабаваў вызначыць яго магчымую аўдыторыю (19). Адзначанага, аднак, недастаткова: на справе шведскі вучоны падаў у сваёй манаграфіі першую ў сучаснай гістарыяграфіі (пасля А. Прахаскі) поўную крыніцазнаўчую ацэнку ХК, многія палажэнні якой аказаліся некарэктна перанесенымі ў рэцэнзаваную кнігу.

У завяршэнне Экдалю прыпісваецца нейкі „нявызначаны вывад” пра ХК: маўляў, ён і прызнае яе найважнейшай крыніцай, і піша, што яна «пэўным чынам „скоўвае” даследчыка ў яго пошуках» (20). Гэта недарэчнасць, абумоўленая або няўвагай да слоў, або недастатковым веданнем мовы (што, зрэшты, пацвярджаецца і іншымі прыкладамі), бо ў цытаваным сказе даследчык называе гэтую хроніку „не толькі адной з найважнейшых, але і разам з тым найбольш захапляльнай крыніцай”[5] па гісторыі бітвы.

Агляд сучаснай польскай гістарыяграфіі прадмета абмежаваны дзвюма аб’ёмнымі цытатамі з прац А. Надольскага і М. Біскупа, на падставе якіх гаворыцца пра „адзіны на сённяшні момант у польскай гістарыяграфіі пункт гледжання” наХК, пасля чаго аўтар выдае прысуд: цягам стагоддзя вывучэнне гэтай крыніцы „насіла фармальны характар”, „ніхто з польскіх, роўна як і з нямецкіх даследчыкаў, не ажыццявіў вычарпальнага аналізу дадзенай крыніцы…, а ў заходняй ненямецкай гістарыяграфіі ўяўленне аб крыніцы па гісторыі бітвы „наогул носіць павярхоўны характар” (21) (у доказ апошняга, дарэчы, прыводзіцца адзіная пазіцыя — папулярная, не навуковая ў сціслым сэнсе кніжачка C. Стэнбула). Пасля такіх высноў застаецца чакаць аднаго, — што толькі Р. Гагуа прадэманструе чытачу вычарпальны аналіз ХК, які дасць фору ўсім фармальным падыходам папярэднікаў.

Галоўная частка працы, уласна абяцаны аналіз названай крыніцы, пачынаецца раздзелам „Знешні аналіз”, у які ўключаны два параграфы — „Апісанне манускрыпта” (22-24) і «Час і месца стварэння хронікі. Пытанне аб існаванні „шырэйшага” варыянта рукапісу» (25-38). Зноў не можа ўспрымацца нармальным тое, што ў апісанні крыніцы не ўказваецца ніхто з ранейшых даследчыкаў, — фігуруе толькі рукапіс, яго курніцкае выданне і сам Р. Гагуа, які выступае спецыялістам і ў вадзяных знаках ХVІ ст., і ў гатычных шрыфтах! Але пры ўважлівым знаёмстве з параграфам нескладана выявіць, што ўся інфармацыя пра памеры рукапісу, паперу, вадзяны знак, характар почырку, датаванне асноўнага тэксту і пазнейшых дапісак, словам — усё апісанне помніка ўзята з каталога рукапісаў Курніцкай бібліятэкі[6], які аўтар чамусьці не пажадаў указаць як крыніцу. Праўда, нават спісаць не атрымалася ўважліва, бо ў апісанні спецыялістаў адзначана, што слова „Brzesczye” нанесена на рукапіс пазнейшым почыркам[7], таму няма падстаў звязваць з ім магчымае месца стварэння хронікі (23), пагатоў разважаць пра Берасце як варыянт такога месца.

Разгляд пытання пра месца і час напісання ХК пачынаецца крытыкай версіі аб яе стварэнні пасля Канстанцкага сабору, хоць згаданая версія даўно адхілена, і найбольш пераканаўча гэта зроблена С. Экдалем[8]. Для гэтага аўтар параўноўвае частку ХК з фрагментам польскіх скаргаў супраць Ордэна, выстаўленых на саборы 13.02.1416 г., і кажа, што яны „па форме зусім не ўзгадняюцца” (25), а потым — з фрагментам ліста Ягайлы за 11.11.1410 г. да Генрыха фон Розенберга, у якім не знаходзіць „ніякіх падрабязнасцяў” пра бітву (27-28). Чаму без усялякіх увядзенняў у праблему параўноўваюцца гэтыя фрагменты названых помнікаў? Наколькі можна здагадвацца — бо менавіта такое параўнане трох гэтых тэкстаў прыведзена ў працы С. Экдаля. Але шведскі гісторык, прасочваючы развіццё і сутнасць польскай паслягрунвальдскай прапаганды, галоўныя рысы якой вызначыліся да канца 1410 г., паказваў акурат іх падабенства — уплыў ХК і лістоў Ягайлы на пазнейшыя польскія скаргі супраць Ордэна[9]. Што ж, хоць аўтар і спасылаецца часам на С. Экдаля, спрэс выкарыстоўваючы вынікі яго назіранняў, высновы піша свае і выстаўляе славутага даследчыка нейкім прастачком у параўнанні з сабой10.

Пасля такога „аналізу”, у якім уласна мне не ўдалося прасачыць логікі, прапануюцца „цалкам адназначныя” высновы, і першая з іх — што ХК „не насіла ярка выражанага прапагандысцкага характару” (29). Выбачайце, але менавіта так яе характарызаваў і С. Экдаль — з той розніцай, што ў яго гэта паказана аргументавана і лагічна[11]. Далей Р. Гагуа піша, што паколькі апісанне падзей завяршаецца восенню 1410 г., а Торуньскі мір 1411 г. у ХК не згадваецца, то на гэтай падставе час стварэння помніка трэба адносіць да перыяду паміж лістападам 1410 — студзенем 1411 г. (29-30). Раней даследчыкі, у тым ліку раскрытыкаваны нашым аўтарам С. М. Кучыньскі, а таксама С. Экдаль, адносілі яе напісанне проста да канца 1410 — пачатку 1411 г., а вось Р. Гагуа вызначае час з дакладнасцю да месяцаў. Можа, выкарыстаў нешта новае? Ды не, і спасылка на згаданае ўХК адпадзенне прускіх зямель ад польскага караля не дае падстаў звязваць пачатак гэтага перыяду з лістападам[12].

Падобным чынам і пры вызначэнні аўтарства хронікі Р. Гагуа паўтарае даўно вядомае — што напісаў яе непасрэдны сведка падзей (праўда, у гістарыяграфіі гэта прымаецца як гіпотэза), які абапіраўся на свежыя ўспаміны, быў „добра абазнаны ў ходзе антыордэнскай кампаніі”, і што такім мог быць ці Збігнеў Алясніцкі, ці Мікалай Тромба (30-31). Заўважым, што версія пра Тромбу як магчымага аўтара — самая пашыраная ў грунвальдазнаўстве. Выбіраючы паміж названымі кандыдатамі, аўтар часам дапаўняе свае развагі важнымі аргументамі — фактамі з біяграфіі абодвух ці ўказаннем на розніцу стыляў хронікі і эпісталярнай спадчыны Алясніцкага (33), але зноў не спасылаючыся на ніводнага з рэальных даследчыкаў, якія пра гэта пісалі. Выглядае так, быццам і спадчыну Алясніцкага ён даследаваў самастойна. Урэшце чытаем заключэнне: „па меркаванні аўтара” на стваральніка хронікі больш пасуе Мікалай Тромба (33). Дык пра гэта ж пісаў яшчэ З. Цэліхоўскі стагоддзе назад, а потым большасць польскіх гісторыкаў уключна з С. М. Кучыньскім, М. Біскупам і інш. У свой час і С. Экдаль заўважыў, што ніхто не пасаваў на гэтую ролю болей, чым віцэ-канцлер Тромба, які ўжо з поля бітвы пісаў лісты і фактычна кіраваў антыордэнскай прапагандай[13]. Але Р. Гагуа хоча выглядаць першаадкрывальнікам, таму пра ўсё гэта піша ад свайго імя, спасылаючыся толькі на свае артыкульчыкі (у якіх, адпаведна, гэтак жа сама замоўчаны рэальныя аўтары даследаванняў). Аргументы ж, якія ён прыводзіць ад сябе, могуць выклікаць хіба што ўсмешку[14].

Каб перайсці да наступнага пытання, трэба нагадаць, што ў свой час А. Прахаска, а ўслед за ім З. Цэліхоўскі ўспрымалі знойдзены ў Курніцкай бібліятэцы рукапіс не першапачатковым арыгіналам хронікі, а яе скарочанай версіяй, зробленай для выкарыстання ў пропаведзях (дзень 15 ліпеня ўрачыста святкаваўся ў касцёлах Польшчы). Гіпотэза, не пазбаўленая рацыянальных падстаў. Аўтарам жа кнігі магчымасць існавання шырэйшага першаўзору хронікі проста спісваецца на „домыслы гісторыкаў, найперш А. Прахаскі і З. Цэліхоўскага” (37), — без належнай аргументацыі, без разбору пазіцый іншых даследчыкаў, якія прынялі яе (у прыватнасці С. М. Кучыньскага і Я. Кшыжаняковай, або Г. Лаўмяньскага, які лічыў, што асновай ХК стаў дзённік каралеўскай канцылярыі). Тое, што пакуль не было знойдзена ніводнага такога варыянта, не пераконвае ў немагчымасці яго існавання.

Наступны раздзел і названы малазразумела (у арыгінале — «Сравнительный анализ „Хроники конфликта” в отношении источникового корпуса для исследования Грюнвальдского сражения», с. 39-110), і па змесце малазвязны. Гэта набор параграфаў, у якіх аўтар разглядае „Хроніку канфлікта” і якія-небудзь іншыя крыніцы, але ні канцэпцыя іх адбору, ні паслядоўнасць разгляду, ні прынцыпы параўнання немагчыма зразумець. Яны, праўдападобна, і не прадугледжваліся, таму ў адных параграфах робіцца спроба параўнаць крыніцы, а ў іншых — разглядаюцца канкрэтныя пытанні, звязаныя з ходам бітвы. Спынімся на некаторых прыкладах такога разгляду.

Аўтар пачынае параўнаннем ХК з хронікамі Тэўтонскага ордэна, але з апошніх разглядаюцца толькі Торуньскія аналы і твор кантынуатара Яна фон Посільге. Чаго менавіта гэтыя і чаму толькі дзве, калі да галоўных прускіх хронік прынята залічваць яшчэ прынамсі два творы? Сэнс падобнага параўнання, яго прынцып, прычыны такога выбару — у кнізе нічога не тлумачыцца, сказана толькі, што „ў першую чаргу варта адзначыць” менавіта гэтыя хронікі (39). Ці не таму, што той жа С. Экдаль паказаў прыярытэтнасць якраз дзвюх гэтых крыніц? Але аўтар бярэцца за параўнанне зноў як піянер — абсалютна без узгаднення сваіх пазіцый з навуковым даробкам папярэднікаў! Нават разважае пра розніцу почыркаў розных частак рукапісу Торуньскіх аналаў, але спасылаецца пры гэтым толькі на сам апублікаваны тэкст хронікі ў 3-м томе „Scriptores rerum Prussicarum”. Падобным жа чынам дадзена характарыстыка твору кантынуатара Яна фон Посільге (43).

Параўноўваючы, як некаторыя падзеі пярэдадня бітвы апісаны ў згаданых прускіх хроніках і ў ХК, аўтар знаходзіць, што яны „цалкам карэлююцца”, але ордэнскія хронікі больш лаканічныя і акцэнтуюць жорсткасць арміі саюзнікаў (46). Выснова банальная, а магла б быць больш значнай, калі б аўтар заглыбіўся ў гістарыяграфію сваёй тэмы. Напрыклад, больш разабраўся б з апісаннем захопу Дуброўны арміяй Ягайлы і Вітаўта, якое ёсць у трох названых хроніках. Эпізодам расправы з Дуброўнай шматкроць займаліся ў спецыяльнай літаратуры (у т. л. С. М. Кучыньскі, В. Маеўскі, А. Надольскі, Я. Вэнта і інш.). Для падставовых крыніц гэта сапраўды агульнае месца, і розніца ў яго інтэрпрэтацыях польскімі крыніцамі (ХК і потым Длугашам), з аднаго боку, і прускімі хронікамі, з другога, у гістарыяграфіі разглядалася. Невядомы аўтар ХК, адлюстроўваючы афіцыйны падыход каралеўскага двара, у той час яшчэ не кіраваўся ўсімі тымі пастулатамі польскай прапаганды, якія сталі нормай у другой палове ХV ст. Таму, каб не даваць падстаў для кампраметацыі арміі, варварскі захоп Дуброўны ўхроніцы прыпісваецца не рыцарам, а „простаму люду” (communi populo). Трымаючыся сваёй устаноўкі на ігнараванне папярэднікаў, Р. Гагуа прыняў, што Дуброўну захапілі „гараджане”, задаўся пытаннем — адкуль яны маглі ўзяцца, але не растлумачыў, і глыбакадумна заключыў: маўляў, „падобная трактоўка падзей, паўсёй верагоднасці, была спробай… зняць з польскага боку віну за выкарыстанне ў ваенных дзеяннях татар…” (42). Але сэнс такой трактоўкі эпізода ў ХК шматразова і больш кваліфікавана тлумачыўся ранейшымі даследчыкамі.

Далей у кнізе робіцца спроба на падставе інфармацыі ХК развязаць пытанні вакол славутых „уцёкаў” арміі Вітаўта (47-57). Пра панічныя „ўцёкі” ліцвінаў паведамляецца толькі ў „Аналах” Длугаша, і яшчэ ў ХІХ ст., разам з крытычным стаўленнем да яго хронікі, пачалася палеміка вакол гэтага эпізоду бітвы, — яна добра апісаная ў літаратуры прадмета. Але Р. Гагуа зноў падае справу так, каб самому выглядаць „адкрывальнікам”. Напачатку, выкарыстаўшы звесткі С. Экдаля, згадвае, што „ўцёкі” ўтой ці іншай меры ставілі пад сумненне Я. Кара, К. Шайноха, Л. Вэбэр, С. Куёт (усе — стагоддзе таму), а затым робіць свае „умозаключения” на падставе ХК і кантынуатара Яна фон Посільге (на справе — паўтарэнне вядомых фактаў), і далей піша, што высновы яго — Р. Гагуа, „пацвярджаюцца” славутым лістом ордэнскага ўрадніка, апублікаваным у артыкуле С. Экдаля ў 1963 г.[15] (50). Логіка непараўнальная!

Не магу не звярнуць увагі на спосаб абыходжання нашага аўтара са згаданым артыкулам С. Экдаля і апублікаваным ім дакументам. Прадэманстраваўшы катэгарычны нігілізм да адкрыцця шведскага гісторыка, аўтар манаграфіі дазволіў прызнаць праўду С. Экдалю ў толькі двух момантах — што ліст датуецца ХV ст. і што ў ім гаворыцца пра Грунвальдскую бітву (52). Але на справе аргументы Р. Гагуа супраць аўтэнтычнасці дакумента — пустая бравада абмежаванага крытыка, які нават не прачытаў уважліва тое, што ўзяўся крытыкаваць. Дастаткова сказаць, што ў С. Экдаля вялося пра аднаго і таго ж пісца, почырк якога пазнаецца ў лістах з замка Шлохаў за 1416-1417 г., а Р. Гагуа аспрэчвае ў ім аўтаpa паслання вялікаму магістру. Для прафесійнага архівіста, якім ёсць С. Экдаль, формы і памераў літар, агульнага выгляду дакумента, уражання ад яго — усяго гэтага можа быць дастаткова, каб адрозніць арыгінал ад копіі, а Р. Гагуа, які, думаю, у вочы не бачыў арыгінальнага гатычнага дакумента, заяўляе, што такі падыход „не вытрымлівае элементарнай крытыкі” (51). Ды каб дыскутаваць наконт гэтага, трэба прынамсі паехаць у архіў, узяць дакумент у рукі. Праўда, Р. Гагуа напэўна паехаў бы ў Гётынген, бо піша, што ліст захоўваецца там (вычытаў у Экдаля, але гэта ж было ў 1963!), хоць увесь ордэнскі архіў даўно перавезены ў Берлін.

Пры нічым не абгрунтаваным агульна крытыканцкім стаўленні да адной з самых важных крыніц, датычных загадкі „ўцёкаў” арміі ВКЛ з поля бітвы, няма сэнсу разбіраць прапанаваную аўтарам версію рэканструкцыі таго, што адбылося з „людзьмі Вітаўта”. Канешне, Р. Гагуа сам „поўнасцю праясняе сітуацыю”, але ў мяне ўжо не можа быць даверу да такога праяснення. Аўтар не зразумеў значэння адкрытага С. Экдалем дакумента і яго зместу або свядома пайшоў на яго заніжэнне, каб узвысіць уласныя „праясненні”, быццам зробленыя на аснове ХК. Для яго С. Экдаль проста „далучыўся да меркаванняў” С. Куёта і А. Корты, але на справе адкрыццё шведскага гісторыка дакументальна пацвердзіла нічым раней не абгрунтаваныя здагадкі. І ўведзены гэты дакумент у навуковы зварот быў менавіта Экдалем, а не Э. Ёахімам і В. Губачам, як хоча Р. Гагуа, бо апошні толькі ўключыў яго ў рэгесты архіва, але да вывучэння ліста і публікацыі шведскім гісторыкам новая крыніца заставалася невядомай навуковай супольнасці.

Параграф, прысвечаны параўнанню ХК з лістамі Ягайлы, напісанымі пасля перамогі (58-62), таксама нагадвае вынаходства ровара. Аўтар параўноўвае іх з мэтай вырашыць пытанне аб удзеле Ягайлы ў бітве, між тым у гістарыяграфіі яно даўно салідна разгледжана, і пэўна найгрунтоўней — у працах С. М. Кучыньскага. Абапіраючыся выключна на самога сябе, Р. Гагуа не забываецца ўпікнуць Яна Длугаша ў непраўдзівасці паведамленняў, каб урэшце абвясціць у якасці высновы, што „Ягайла асабіста прымаў удзел у бітве, знаходзячыся на полі бою…, і што ХК, з якой карэспандуюць лісты Ягайлы, — „на першым месцы сярод наратыўных крыніц для даследавання Грунвальдскай бітвы” (62). Паўтараць вядомае проста.

Большай увагі заслугоўвае параўнанне ХК з паведамленнямі пра гістарычную бітву ў творах Энэа Сільвіа Пікаламіні (63-70). Несумненна, аўтар звярнуўся да спадчыны гэтага славутага гуманіста таму, што яго творы вычарпальна прааналізаваў у сваёй падставовай працы С. Экдаль[16], але апошні тут зноў не згаданы, нават мімаходзь. Рукапіс з бібліятэкі кардынала Флавіа Чыгі, апублікаваны Т. Гіршам у 4-м томе SRP, што з’яўляецца кампіляцыяй з твораў Энэа „De Europa” і яго ж „De situ et origine Prutenorum”, у кнізе абвешчаны „асобнай гістарычнай крыніцай” для даследавання Грунвальда (68). На падставе якіх крытэрыяў ён выдзелены тут у асобную катэгорыю, застаецца невядомым. Наяўнасць у гэтай кампіляцыі новых дэталяў адзначалі і ранейшыя даследчыкі (К. Перадзка, С. Экдаль), але яны лічылі гэты рукапіс усё ж другасным, заснаваным на пісаннях Энэа. Той жа Т. Гірш паведаміў пра яшчэ адзін падобны рукапіс з Гётынгенскай бібліятэкі, таксама заснаваны на творах Энэа[17], і ў іх абодвух некаторыя даследчыкі схільныя бачыць позні след польскіх інфарматараў[18]. З іншага боку, калі ў кнізе ў параўнанні з ХК разглядаецца т. зв. „чыгішскі” рукапіс, створаны верагодна ў пачатку ХVІ ст. (хоць Р. Гагуа лічыць, што яго выкарыстоўваў Длугаш), дык чаму не разглядаць адпаведны фрагмент „Хронікі Быхаўца”, які прэзентуе цалкам арыгінальную версію і ў якім таксама можна знайсці адпаведнасці з ХК.

Зрэшты, параўнанне крыніц, прапанаванае ў кнізе, дае не шмат, бо праводзіцца несістэмна, без крытычнага падыходу, не гаворачы пра належны навуковы апарат. Выяўленыя адрозненні каментуюцца па тыпу „рукапіс пралівае святло…, „дае каштоўныя сведчанні…, крыніцы „цалкам карэлююцца”, або „не супярэчаць у базавай частцы”. Але для даследчыка шмат значаць і тонкія адрозненні, быццам яўна не супярэчлівыя. Напрыклад, для Р. Гагуа апісанне пра перадачу мячоўу „чыгішскім” рукапісе „не супярэчыць паведамленню ХК” (69), але ў названай кампіляцыі герольды прыносяць іх акрываўленымі і ў іншай фазе бітвы, а гэта ўжо вялікая розніца.

Хоць у папярэдніх параграфах „Аналы” Длугаша шматразова цытаваліся, аўтар прысвяціў іх параўнанню з ХК асобную, самую аб’ёмную частку раздзела (71-104). Пра тое, што сто гадоў таму дакладна гэтыя крыніцы ў іх адносінах да славутай бітвы ўжо параўноўваў у сваёй працы А. Прахаска[19], тут нават не згадана, хоць названая публікацыя мусіла стаць зыходнай пазіцыяй гэтага параграфа. Ды і пазней многія даследчыкі сканфрантоўвалі ХК з творам Яна Длугаша, паколькі гэтыя два помнікі агульнапрынята лічыць галоўнымі польскімі крыніцамі для даследавання грунвальдскай праблематыкі.

„Аналы” Длугаша даўно, яшчэ ў ХІХ ст., перасталі быць „святой каровай” для гісторыкаў. У польскай гістарыяграфіі, пачынаючы з А. Сямковіча, творчасць славутага храніста крытычна разбіралася, і спецыяльны том крытычнага аналізу той часткі гісторыі Польшчы, у якой Длугаш апісвае бітву пад Грунвальдам, быў апублікаваны паўвека назад[20]. Акурат у канктэксце грунвальдскай праблематыкі спосаб Длугашавага гісторыяпісання ўнікліва праштудыяваў С. Экдаль — спачатку ў „Banderia Prutenorum”[21], а потым у цытаванай тут кнізе пра крыніцы да гісторыі бітвы пад Грунвальдам[22], у якой сканфрантаваў якраз паведамленні храніста з ХК. У нашага ж спецыяліста — свой гарызонт і свае ўяўленні. Ён лічыць, што толькі з выхадам у Маскве ў 1962 г. часткі хронікі Длугаша ў перакладзе на рускую мову гэтая крыніца стала даступная „айчынным даследчыкам” (73), і сам у кнізе выкарыстоўвае толькі гэтае выданне, хоць на добры лад, калі Длугаша супастаўляць з лацінамоўнай ХК, то варта было працаваць з адпаведным томам сучаснага акадэмічнага выдання „Аналаў” на лацінскай мове[23].

Пераказаўшы біяграфію Длугаша, аўтар даволі выбарачна параўнаў версіі „аналаў” і ХК да пачатку генеральнай бітвы, — пераважна месцы, у якіх крыніцы адрозніваюцца. Для крытычнага аналізу іх адрозненняў з належнымі аргументамі і высвятленнямі месца тут не знайшлося. Тым не менш Р. Гагуа хутка заключае, што ў Длугаша „праўдзівая перадача” звестак пра падзеі „адышла на другі план” (83), пасля чаго пераходзіць да пытанняў „арганізацыі армій” — вызначэння колькасці харугваў, і робіць гэта, натуральна ж, на падставе таго ж Длугаша! Праўда, звесткі храніста выкарыстаны тут „з дугой рукі” — узяты з адпаведнага польскага выдання (рэдкі выпадак, калі крыніца інфармацыі названа).

Цяжка зразумець мэтазгоднасць пераліку ўсіх харугваў з іх выявамі па Длугашу ў кнізе пра ХК як крыніцу, — магчыма тут нейкі прыхаваны сэнс, але мяне зноў больш уразіла не „што”, а „як” зроблена. За апошняе стагоддзе ў навуку ўведзены дзясяткі публікацый гэтага твору Длугаша, з’явілася мноства прац, у якіх разглядалася і гісторыя з’яўлення, і вартасці помніка як крыніцы для даследчыка „Вялікай вайны”. Між тым, у сваёй навуковай манаграфіі наш аўтар спасылаецца толькі на эдыцыю, падрыхтаваную К. Гурскім (1958), а харугвы публікуе паводле аднаго з сучасных папулярных выданняў. Думаю, калі нехта бярэцца аналізаваць „Banderia” ў параўнанні з любой іншай крыніцай, і пры гэтым цалкам ігнаруе названую вышэй эдыцыю С. Экдаля, агульнапрызнаную найлепшай, то гэта адразу сведчыць пра яго недастатковую кампетэнтнасць.

Не менш дзіўна выглядаюць развагі аўтара, калі ён імкнецца паправіць храніста: маўляў, у Длугаша „ўзнікла пэўная блытаніна”, а ён, Р. Гагуа, правёўшы аналогіі ў структуры арміі Ордэна і саюзнікаў, знайшоў іх цалкам падобнымі (?), на падставе чаго „дастаткова пераканаўча дапускае” існаванне не 50, а 51 харугвы ў польскай арміі (96-98). А далей гэтае дапушчэнне ўжо падаецца як адна з даказаных заключных высноў — адкрыта 51 харугва! (139).

Тое, што харугвамі арміі Ягайлы і Вітаўта займалася нямала даследчыкаў, у тым ліку У. Семковіч, К. Масінгевіч, а з больш новых даследаванняў заслугоўвала б увагі спецыяльная публікацыя Е. Лойкі[24], і тое, што яшчэ ў крытычным даследаванні С. Экдаля паказана ўся ненадзейнасць інфармацыі з „Branderia Prutenorum” як падставы для падліку колькасці ці вызначэння структуры войска, усё гэта засталося па-за сферай інтарэсаў адкрывальніка новай харугвы.

Апошні раздзел аўтар прысвяціў „Рэканструкцыі агульнай хады бітвы пад Грунвальдам” (111-137). Зноў сама назва правакуе пытанні: на падставе адной ХК? Калі не, то як гэтая тэма ўпісваецца ў кнігу пра ХК як крыніцу? І ў першым жа сказе Р. Гагуа заяўляе, што менавіта на падставе шэрагу звестак ХК „можна даволі дакладна рэканструяваць размяшчэнне армій на полі бітвы” (111). Сенсацыйна! Бо папярэднікі не тое што па адной ХК, на падставе ўсяго комплексу крыніц ніяк не маглі вызначыць агульнапрынятага маршруту армій, ix тапаграфіі на полі бітвы, многіх этапаў сечы, — усё заставалася на ўзроўні гіпотэз, некаторыя з якіх дасюль аспрэчваюцца. Невыпадкова ў спецыяльнай літаратуры адначасова фігуруюць дзясяткі розных планаў і схем бітвы. Такая сітуацыя вынікае з недахопу крыніц, а часта абумоўлена і розначытаннем наяўных тэкстаў.

Характэрны прыклад — лакалізацыя абозу арміі Ягайлы. Пра месца, дзе кароль сказаў паставіць капліцу, паведамляе толькі Длугаш, — „… supra collem ediсiorem, lacum Luben spectantem…”[25]. Але аўтарытэтныя польскія знаўцы сярэднявечнай лаціны (Б. Кюрбісава, Ю. Мрукуўна, М. Плезя і інш.) па-рознаму перакладалі лацінскі выраз „spectantem”, таму ў розных выданнях Длугаша яно вызначаецца па-рознаму. У архаічным выданні 1869 г. — „на ўзгорку над возерам Любень”[26], а ў акадэмічным перакладзе 1980-х г., выкананым Ю. Мрукуўнай і пазбаўленым многіх неадкладнасцяў, — „на ўзгорку з боку возера Любень”[27]. А гэта дзве розныя лакалізацыі лагера, і да нядаўняга часу пытанне аб яго месцазнаходжанні заставалася спрэчным.

Затое для Р. Гагуа не існуе ні спрэчак, ні сумненняў. Услед за савецкім выданнем перакладу Длугаша (якое базавалася на польскай эдыцыі ХІХ ст.) ён змяшчае палявую капліцу караля „на высокім узгорку над возерам… , і тут жа знаходзіць гэты ўзорак на карце! На якой? Чытачу не даецца ніякай падказкі! Нават найменшага намёку, адкуль у аўтара знаёмства з рэльефам Прусіі ХV ст. Толькі той, хто арыентуецца ў праблеме, можа здагадацца, што ў кнізе, відаць, зноў няяўна выкарыстоўваюцца звесткі з манаграфій С. Экдаля і А. Надольскага[28], якія ў ХХ ст. найбольш грунтоўна даследавалі поле бітвы, трасы маршу армій, іх расстаноўку і г. д. Дыскутуючы са сваім шведскім калегам з Берліна, А. Надольскі выкарыстоўваў нават гіпсаметрычныя разрэзы поля, не кажучы пра вынікі археалагічных і рэльефных даследаванняў. Словам, пасля названых вучоных цяжка выступаць з новай канцэпцыяй. Але для Р. Гагуа ўсё проста — ён жа не ўзгадняе сваю рэканструкцыю з папярэднікамі. Прывычна праігнараваўшы іх працы, аўтар прапануе сваю „дакладную рэканструкцыю размяшчэння армій” саюзнікаў: „польскае рыцарства размяшчалася ў лесе на поўдзень ад узгорка…, а армія Вялікага Княства Літоўскага — на поўнач” (112). Відаць, дакладней не прыдумаеш.

Славуты эпізод перадачы герольдамі двух мячоў Ягайлу і Вітаўту, дасканала праінтэрпрэтаваны ў спецыяльнай літаратуры, асабліва ў даследаваннях С. Экдаля і К. Мілітцэра, у рэцэнзаванай кнізе перададзены таксама ўбога і недакладна (117-118). Яе аўтар не пажадаў разабрацца ні з тым, калі і для чаго яны перадаваліся, ні з сімвалічным значэннем гэтага акта.

Арыгінальна аўтару бачыцца расстаноўка армій перад сечай і прычына таго, што крыло Вітаўта пачало біцца першым. На яго думку, арміі „абодвух бакоў не змяшчаліся на полі бітвы”, таму саюзнікі выставіліся клінамі ў тры лініі, а ў Ордэна не змясцілася амаль траціна войска і засталася ў рэзерве, прычым магчымасць уступаць у бой мела толькі армія ВКЛ, бо палякі аказаліся аддзеленымі ад ворага „забалочанай мясцовасцю” (118-119). Дык як жа яны меркавалі біцца?

Па сцвярджэнні аўтара, бітва пачалася каля 9 гадзін раніцы (119). У літаратуры прадмета да гэтага дамінавала меркаванне, абапертае на асноўныя крыніцы, што гэта адбылося толькі каля поўдня. На якой падстве Р. Гагуа хоча пачаць яе на тры гадзіны раней — зноў таямніца. Такія значныя перагляды мусяць быць аргументаваныя.

Рэканструкцыя бітвы праведзена, як кажуць, з белага аркуша — усе папярэднікі маўчаць, нібыта ніхто ніколі і не займаўся гэтай праблемай! Быццам існавалі нечытаныя, неінтэрпрэтаваныя крыніцы, і вось прыйшоў Р. Гагуа, які ўпершыню стварае лагічную карціну падзей на полі пад Грунвальдам, час ад часу ілюструючы яе цытатамі з крыніц. Праўда, аўтару бракуе крытычнага падыходу, — цытаты служаць менавітаілюстрацыямі. Выняткам можналічыць толькі паведамленне Длугаша пра „тры смаленскія палкі”. Тут ужо Р. Гагуа не паскупіўся на крытыку, хоць не прыгадаў нікога, хто да яго выказваўся адносна вартасці гэтай інфармацыі храніста. Аўтар наогул заявіў, што ён, падыходзячы нават „з мінімальнай доляй крытыцызму”, знаходзіць у Длугаша „суцэльныя супярэчнасці ў яго наратыве” (123).

Шчыра кажучы, тэкст самога крытыка перанасычаны супярэчнасцямі, з-за якіх складана прасачыць логіку. Працяглыя цытаты з некаторых крыніц, якія прыводзяцца быццам у якасці аргументаў, не спрыяюць звядзенню асноўных верагодных звестак у адно звязнае апісанне ўсіх фаз бітвы. Зрэшты, як выглядае, аўтар і не быў гэтым заклапочаны, бо найважнейшыя этапы „рэканструяваны” ім у тэлеграфным стылі: войскі саюзнікаў„ахапілі з флангаў” рэзервы Ульрыха, „часткова знішчылі яго…, астатнія — уцяклі да лагера і ў„заключнай фазе” армія Ягайлы і Вітаўта „ўзяла штурмам лагер крыжаносцаў…” (134-135). Наогул, так званая „дакладная рэканструкцыя” бітвы ўяўляецца не вартай увагі. Дастаткова сказаць, што ў аўтара польская армія спачатку не можа ўступаць у бітву з-за таго, што перад ёй было балота, а праз гадзіну — уступае (128), а ў рэзервовым корпусе Ульрыха „пераважае гарадская пяхота” (131). Відавочна аўтар слаба арыентуецца ў тым, пра што піша.

Калі ж гаварыць сур’ёзна, то агульнае ахайванне „Аналаў” Длугаша проста непрымальнае для навуковага выдання. Застаецца цалкам незразумелым, на якой падставе тую інфармацыю Яна Длугаша пра бітву, якая, на думку Р. Гагуа, не знаходзіць адлюстравання ўХК, ён абвяшчае „домысламі храніста”, яго „здагадкамі” (126). Характэрны падыход да паведамлення пра ролю смаленскіх харугваў: спачатку аўтар піша, што яно „цалкам магчыма” было „недаразуменнем” Длугаша (?! — Г. С.), а далей абвяшчае смаленскія палкі „міфам” (127, 139). Аднак чытач не знаходзіць належнай яснасці, што трэба лічыць міфам: наяўнасць „трох палкоў”? дык у Длугаша вядзецца пра харугвы, і ў нас няма падстаў быць перакананымі, што зямля выстаўляла толькі адну харугву, як хоча Р. Гагуа; гераічную паставу смаленцаў? дык няма ж ніякіх звестак, якія ставілі б гэта пад сумненне, а пра ix „лёсаносны ўплыў” на вынік бітвы, што ўзяўся абвяргаць аўтар, ніхто ў сур’ёзнай літаратуры і не піша.

Даўным даўно заўважана, што пра подзвіг смаленцаў гаворыцца толькі ў Длугаша, але ўнікальнасць, непацверджанасць гэтага паведамлення іншымі крыніцамі яшчэ не дае падставу называць яго „міфам”. Усе крыніцы разам не пацвярджаюць і адной траціны тых звестак, якія сабраны пра бітвуўхроніцы Длугаша, але і не адмаўляюць іх, дык што, усе яны — таксама „міф”? Палічыў бы пытанне недарэчным, калі б не адно з „важных умозаключений” Р. Гагуа, у якім сцвярджаецца, што „канцэпцыі гісторыкаў, заснаваныя на паведамленнях Яна Длугаша, з’яўляюцца скажэннем гістарычнай рэчаіснасці (?! — Г. С.) і патрабуюць радыкальнага перагляду” (137). Каментаваць не бяруся.

Заключныя высновы да кнігі (138-140), шырэй прадубляваныя і ў рэзюмэ (196-201), могуць прывесці чытача ў поўнае недаўменне. Р. Гагуа сцвярджае, па-першае, што ХК, створаная „ў перыяд з лістапада 1410 па студзень 1411 г.” (адзінае аўтарскае вынаходства, але нічым сур’ёзна неаргументаванае), была напісана па ўсёй верагоднасці віцэ-канцлерам Мікалаем Тромбам”. Дык навошта спатрэбілася гарод гарадзіць, калі пра такую верагоднасць амаль у адзін голас з ХІХ ст. гаварылася большасцю даследчыкаў.

Па-другое, і гэтую выснову нельга не зацытаваць цалкам: ХК „дазваляе паспяхова вырашыць шэраг пытанняў адносна бітвы, якія да гэтага насілі дыскусійны характар у гістарычнай навуцы і, перш за ўсё, вырашыць тыя непаразуменні, якія дапусціў у сваёй кампіляцыі Ян Длугаш, што паслужылі падставай для рознагалоссяў наконт хады бітвы” (138). Гучыць, быццам Р. Гагуа ўвёў у зварот новую, невядомую раней хроніку, выкарыстанне якой дазваляла б па-новаму інтэрпрэтаваць спрэчныя моманты і закрыць важныя пытанні даследавання. Але, як ведаем, разглядалася крыніца, якая не выпадала з-пад увагі даследчыкаў Грунвальдскай бітвы з ХІХ ст.

Якія ж пытанні лічацца „паспяхова вырашанымі” ў кнізе? Сабе ў заслугу Р. Гагуа прыпісвае „новы” погляд на прычыну бітвы (ёю называецца разня ў Дуброўне), удакладненне колькасці харугваў польскай арміі (цяпер іх павінна быць 51), „паспяховую рэканструкцыю хады Грунвальдскай бітвы”, а таксама выдаленне „міфалагем і стэрэатыпаў”, такіх, як „наяўнасць ям-лавушак”, „вырашальная роля смаленскіх палкоў у выратаванні саюзнікаў” (?! — Г. С.), апрача таго — „новае асэнсаванне стратэгічных планаў бакоў”, „новае прадстаўленне тактычных асаблівасцяў Грунвальдскай бітвы” і да т. п. (138-139). Аўтар так захапіўся ўзвялічваннем сваіх уяўных адкрыццяў, што прыпісаў рукапісу крыніцы неўласцівыя ёй якасці — быццам ХК дазваляе „больш адэкватна зразумець думкі, учынкі і чаканні людзей” ХV ст. (139).

У цэлым кніга пра ХК атрымалася псеўданавуковай. Практычна ўсё тое, што Р. Гагуа выдае за сваё новае слова пра ХК ці бітву пад Грунвальдам, — гэта або даўно вядомыя вынікі працы папярэднікаў, або агульныя месцы гістарыяграфіі, часам банальныя[29], або аўтарскія фантазіі тыпу апошняга пасажу. Сапраўды карыснымі, відаць, можна было б лічыць апублікаваныя ў дадатку пераклады сярэднявечных крыніц, але і адносна іх я б не быў цалкам пэўны, прынамсі адносна ХК. Проста многа нелагічнага: ХК вывучаецца быццам паводле рукапісу, а перакладаецца з лацінскай і публікуецца паводле курніцкага выдання (1911), і пры гэтым апублікаваны пераклад на рускую мову практычна слова ў слова супадае з польскамоўным выданнем 1980-х г.[30]. Дык усё ж што было падставай перакладу? Не ведаю выпадкаў, каб пераклады сярэднявечных лацінскіх тэкстаў рознымі аўтарамі былі абсалютна ідэнтычныя. Проста містыка нейкая.

Прызнаюся, мне не хацелася рэцэнзаваць гэтую кнігу, бо яна, на маю думку, не заслугоўвае разгляду ў навуковым выданні. Але грубае і дэманстратыўнае парушэнне нормаў навуковай этыкі, гістарыяграфічны нігілізм, ашуканства, непавагу да папярэднікаў нельга абыходзіць маўчаннем. Пішучы навуковую кнігу, Р. Гагуа па-жульніцку паставіўся да ранейшых гісторыкаў — або зусім праігнараваў іх, або абрабаваў і выставіў прастачкамі, або проста пакарыстаўся, так і пакінуўшы іх працы невядомымі, не даўшы ім самім слова. Тое, што і як ён напісаў, проста абражае сапраўды заслужаных даследчыкаў, класікаў грунвальдазнаўства, такіх, як С. М. Кучыньскі, А. Надольскі, С. Экдаль.

Аўтар шматразова ўпікаў Яна Длугаша ў непраўдзівасці, называючы яго звесткі „непаразуменнямі”. Вось жа, сапраўдным непаразуменнем, на маю думку, ёсць сама рэцэнзаваная кніга, яе з’яўленне ў беларускай гістарыяграфіі. І калі за працу падобнага ўзроўню, выкананую падобнымі метадамі, яе аўтару прысвойваюць навуковую ступень, то адразу ж паўстае пытанне: ці ўсё добра ў Дацкім каралеўстве?

Трывожны прэцэдэнт. Спадзяюся, ён застанецца адзінкавым.


1 У бібліяграфіі, укладзенай яшчэ 20 гадоў назад, было ўжо больш за тысячу пазіцый. Гл.: Baranowski H., Czarciński I. Bibliografia bitwy pod Grunwaldem i jej tradycji. Pod red. M. Biskupa. Toruń, 1990.
2 Ekdahl S. Die Schlacht bei Tannenberg 1410. Quellenkritische Untersuchungen. Bd.1: Einführung und Quellenlage. Berlin, 1982.
3 Сагановіч Г. Грунвальд у беларускай гістарыяграфіі // БГА. Т. 9 (2002).Сш. 1-2 (16-17). С. 152-168.
4 Ekdahl S. Die Schlacht bei Tannenberg 1410. Bd. 1. S. 139-149.
5 Ekdahl S. Die Schlacht bei Tannenberg. S. 149.
6 Zathey J. Katalog rękopisów średniowiecznych Biblioteki Kórnickiej. Wrocław — Warszawa — Kraków, 1963. S. 538-539.
7 Cronica conflictus Wladislai Regis Poloniae cum Cruciferis anno Christi1410 / Z rękopisu Biblioteki Kórnickiej wyd. Zygmunt Celichowski. Poznań, 1911. S. 12; Zathey J. Katalog rękopisów średniowiecznych Biblioteki Kórnickiej. S. 538.
8 Ekdahl S. Die Schlacht bei Tannenberg. S. 147.
9 Ekdahl S. Die Schlacht bei Tannenberg. S. 209-216.
10 Маўляў, у адрозненне ад С. Экдаля, якi ў перадачы мячоў герольдамі „не увидел ничего необычного или предосудительного для эпохи Средних веков, связывая его с рыцарскими традициями вызова набой, средневековые авторы усматривали… как минимум, исключительное высокомерие”, — сцвярджае Р. Гагуа (27), але гэты пасаж сведчыць аб тым, што ён сам не разумее, пра што піша.
11 Ekdahl S. Die Schlacht bei Tannenberg. S. 147-148.
12 Дзеля дакладнасці варта заўважыць, што асноўныя тэрыторыі Ордэна вярнуліся пад уладу Мальбарка яшчэ да сярэдзіны кастрычніка 1410 г.
13 Ekdahl S. Die Schlacht bei Tannenberg. S. 147-148.
14 Напрыклад, на карысць М. Тромбы, паводле Гагуа, сведчыць тое, што ён меў тады 52 гады, значыць, „быў сталым, ураўнаважаным чалавекам і выдатным палітыкам”, здольным напісаць хроніку „без лішняй экспрэсіўнасці” (36).
15 Ekdahl S. Die Flucht der Litauer in der Schlacht bei Tannenberg // ZfO. Bd. 12 (1963). S. 11-19.
16 Ekdahl S. Die Schlacht bei Tannenberg. S. 244-259.
17 SRP. Bd. IV. S. 216.
18 Pieradzka K. Bitwa grunwaldzka w obcych relacjach kronikarskich (pruskich, śląskich i zachodnioeuropejskich) // MSH. R. III (1960). Z. 1/2.S.65.
19 Prochaska A. Długosz a Cronica conflictus o grunwaldzkiej bitwie // KH. R.XXIV (1910). Z. 3/4. S. 409-421.
20 Rozbiór krytyczny Annalium Poloniae Jana Długosza z lat 1385-1444. T. 1.Oprac. Gawęda S., Pieradzka K., Radziszewska J., Stachowska K. Wrocławetc., 1961.
21 Ekdahl S. Die ‘Banderia Prutenorum’ des Jan Długosz — eine Quelle zur Schlacht bei Tannenberg 1410. Göttingen, 1976.
22 Ekdahl S. Die Schlacht bei Tannenberg. S. 260-297.
23 Joannis Dlugosii Annales seu Cronicae incliti Regni Poloniae. Liber decimuset liber undecimus (1406-1412). Varsaviae, 1997.
24 Łojek J. Chorągwie polskie i litewskie w bitwie pod Grunwaldem // LSР. Studia Historica. T. 3 (1989). S. 141-154.
25 Joannis Dlugosii Annales seu Cronicae incliti Regni Poloniae. Liber decimuset liber undecimus (1406-1412). Varsaviae, 1997. Р. 87.
26 Jana Długosza kanonika krakowskiego dziejów polskich ksiąg dwanaście.Przekl. K. Mecherzyńskiego. T. 4. Kraków, 1869. S. 34.
27 Długosz J. Roczniki czyli kroniki sławnego Królewstwa Polskiego. Ks. 10-11. Warszawa, 1982. S. 99.
28 Nadolski A. Grunwald. Problemy wybrane. Olsztyn, 1990.
29 Вось адзін з прыкладаў: аказваецца, толькі «пасля… аналізу лістоў Ягайлы і паведамленняў „Хронікі канфлікту” аўтар прыйшоў да высновы, што кароль прымаў непасрэдны ўдзел у бітве, знаходзячыся на полі бою…» (198).
30 Kronika konfliktu Władysława króla polskiego z krzyżakami w roku Pańskim 1410. Przeł. Jołanta Danka i Andrzej Nadolski. Olsztyn, 1983.

Наверх

Леанід Зашкільняк. „Паверхі“ і „лесвіцы“ сучаснай украінскай гістарыяграфіі

Чэрвеня 16, 2009 |


Метафарычная назва гэтага эсэ тлумачыцца спробай даць агульную характарыстыку сучаснага стану ўкраінскай гістарыяграфіі. У цэлым гэта справа няўдзячная, паколькі за гады ўкраінскай незалежнасці гісторыяпісанне зрабілася такім разнастайным і шматколерным, што звесці яго да якіх-небудзь тыповых груп вельмі складана. Тым не менш, суб’ектыўны погляд на тое, што мы называем сучаснай украінскай гістарыяграфіяй, можа быць у нечым карысны. Трэба дадаць, што ў навуковай перыёдыцы да пытанняў сучаснай гістарыяграфічнай творчасці звярталася нямала прафесійных гісторыкаў, гэтая праблематыка неаднаразова абмяркоўвалася на канферэнцыях, кангрэсах і семінарах[1]. A адзін польскі гісторык — Томаш Стрыек — прысвяціў ёй фундаментальную навуковую манаграфію[2].

Спачатку некалькі агульных штрыхоў. Ад Украінскай ССР незалежная Ўкраіна атрымала ў „спадчыну” савецкую версію „гісторыі Ўкраінскай ССР”, складзеную на аснове сацыяльна-эканамічнага дэтэрмінізму і кампартыйнай ідэалогіі, а таксама шматлікі корпус прафесійных гісторыкаў, сярод якіх асноўную частку складалі гісторыкі КПСС і даследчыкі з так званых кафедраў грамадскіх навук. Гэты корпус гісторыкаў, які складаў амаль палову ад усіх спецыялістаў, як, зрэшты, і большасць іншых савецкіх гісторыкаў, меў шэраг характэрных рысаў, сярод якіх трэба ў першую чаргу вылучыць: ідэалагічную індактрынацыю ў рэчышчы вульгарнага марксізму- ленінізму з яго аптымістычнай верай у грамадскі прагрэс і абавязковай знешняй і ўнутранай цэнзурай; невысокі ўзровень прафесійнай падрыхтоўкі пры рабоце з крыніцамі; ігнараванне сусветных тэндэнцый у развіцці гістарычнай думкі і найноўшых метадалогій; адсутнасць сур’ёзных міжнародных кантактаў і няведанне замежных моў. Адным словам, украінская гістарыяграфія мела ўсе рысы правінцыяльнай гістарыяграфіі нават у межах СССР, дзе ўсе найлепшыя сілы і даследчыцкія магчымасці былі засяроджаны ў Маскве. Усё гэта я прыгадваю толькі для таго, каб растлумачыць наступныя тэндэнцыі ў развіцці нацыянальнай гістарыяграфіі.

Пасля абвяшчэння незалежнай Украіны сталася так, што за размовамі пра рэформы і дэмакратызацыю была захавана і нават „удасканалена” ўся інфраструктура гуманітарных ведаў. У першую чаргу былі рашуча замацаваны сувязі вучоных з дзяржавай і іх залежнасць ад яе: пакінута дзяржаўная Акадэмія навук з яе шматлікімі інстытутамі, сістэма вышэйшай універсітэцкай адукацыі, сістэма народнай асветы. Змены закранулі толькі тэматыку гістарычных даследаванняў, напаўненне навучальных праграм ВНУ і школ. Астатнія змены мелі чыста дэкаратыўны ці наогул кан’юнктурны характар (напрыклад, заснаванне „нацыянальных” інстытутаў і універсітэтаў, эксперыменты са зместам навучальных праграм і г.д.).

Што ж да гісторыі і гістарычных ведаў, то яны апынуліся пад магутным прэсам ідэалогіі і палітыкі. Але гэтым разам гаворка ішла не пра „саветызацыю” мінуўшчыны, а пра яе „нацыяналізацыю”[3]. Здавалася, што ў гэтым няма асаблівай праблемы і сам час загадаў „перапісваць” гісторыю з новых метадалагічных і ідэалагічных пазіцый, якія б легітымізавалі новыя суб’екты міжнароднага жыцця — украінскую нацыю і дзяржаўнасць. Аднак для гісторыі гэта павярнулася дзвюма нечаканымі з’явамі. Па-першае, у пошуках схемы і канцэпцыі нацыянальнай гісторыі не знайшлося альтэрнатывы версіям М. Грушэўскага і В. Ліпінскага — гісторыкаў пачатку XX ст., якія жылі і дзейнічалі ў зусім іншых грамадскіх і інтэлектуальных умовах. Па-другое, прапанаваная і, зрэшты, рэалізаваная цяпер версія „нарматыўнай” гісторыі Ўкраіны, або яе канон, мала чым адрозніваецца ад „марксісцка-ленінскага” погляду на мінуўшчыну Ўкраіны і ўкраінцаў; ёй уласцівы ўсе вызначальныя рысы лінейнасці, тэлеалагізму, функцыяналізму, заканамернасцяў гістарычнага працэсу, якія мы знаходзім і ў Гегеля, і ў Маркса, і ў савецкай гістарыяграфіі. І адрознівае яе ад іх толькі тое, што на месца „абсалютнага духу” або „прагрэсіўнага” класа ды класавай барацьбы пастаўлена нацыя і нацыянальная барацьба, якая паспяхова і „заканамерна” завяршаецца на адной стадыі з набыццём Украінай незалежнасці, каб перайсці да наступнай — вышэйшай, г.зн. да будаўніцтва грамадства „ўсеагульнага дабрабыту”. (За адным разам можна згадаць, што ў 1993 г. зусім сур’ёзна ў Міністэрстве адукацыі Ўкраіны разглядалася пытанне пра замену універсітэцкага курса „навуковага камунізму” курсам „навуковага нацыяналізму”, але, на шчасце, хапіла розуму, каб адмовіцца ад такой задумы.) Здавалася б, што ж у гэтым дрэннага? Бо няма ж сумненняў у тым, што для пераадолення вынікаў працяглай савецкай прапаганды і выкаранення ўстарэлых гістарычных стэрэатыпаў неабходна сканструяваць такую версію ўкраінскай мінуўшчыны, якая б адпавядала мэтам фарміравання нацыянальнай свядомасці насельніцтва і легітымацыі ўкраінскіх дзяржаўніцкіх памкненняў. Аднак выявілася цікавая акалічнасць: украінская нарматыўная гістарыяграфія, створаная найлепшымі гісторыкамі Ўкраіны (якая пакладзена ў аснову універсітэцкіх і школьных праграм), мала чым адрозніваецца ад версіі гісторыі Ўкраінскай ССР з пункту гледжання падбору і селекцыі матэрыялу, міфалагічнасці асноватворных пабудоваў, замоўчвання нявыгадных момантаў, фальсіфікацыі дакументальных матэрыялаў і г.д. Іншымі словамі, сучасная нарматыўная версія гісторыі Ўкраіны з’яўляецца аднабока этнацэнтрычнай, гераізаванай, заснаванай на ідэалізацыі ўсяго ўкраінскага і проціпастаўленні яму ўсяго неўкраінскага, г.зн. цалкам міфалагізаванай версіяй неарамантычнага плана[4]. У выніку мы маем нацыянальную выхаваўчую гісторыю, якая з навуковага пункту гледжання не вытрымлівае крытыкі, а з грамадзянскага — фарміруе небяспечныя тэндэнцыі нацыянальнага эгаізму, сацыяльнага калектывізму і падпарадкавання асобы грамадзе, антыдэмакратызму, а горш за ўсё — спараджае канфлікт гістарычнай памяці насельніцтва розных рэгіёнаў Украіны.

Але вернемся да зыходных пазіцый. Пасля 1991 г. поўнасцю знікла палітычная цэнзура, часткова адкрыліся архіўныя сховішчы і палегчыўся доступ да дакументальнай базы, стварыліся спрыяльныя ўмовы для работы гісторыкаў. Гэта прывяло да двух важных працэсаў у гістарычным спазнанні. З аднаго боку, пачалося актыўнае вывучэнне і публікацыя дакументальных матэрыялаў, у першую чаргу на тэму замоўчваных раней праблем мінуўшчыны Ўкраіны і яе ўзаемаадносінаў з іншымі народамі, у тым ліку ў складзе СССР. Гэты працэс працягваецца да цяперашняга часу, і яму не відаць канца-краю; яго плёнам сталі шматлікія дакументальныя публікацыі па ўсіх перыядах нацыянальнай гісторыі, перш за ўсё па гісторыі ўкраінскага казацтва і гетманшчыны, Украінскай рэвалюцыі 1917-1920 г., таталітарнага тэрору ў гады УССР, Галадамору 1932-1933 г., нацыянальна-вызваленчага руху ў гады Другой сусветнай вайны і г.д. З другога боку, новая база крыніц, якая давала значную прастору для новых сучасных інтэрпрэтацый, дазволіла досыць лёгка і хутка рыхтаваць ды абараняць кандыдацкія і доктарскія дысертацыі за кошт „закрыцця” так званых белых і чорных плям мінуўшчыны без асаблівых намаганняў у справе іх асэнсавання — у цэнтры ўвагі апынулася ўкраінская этнічная супольнасць, праз эвалюцыю якой разглядаліся ўсе грамадскія з’явы. Такія дысертацыі масава абараняліся і абараняюцца дагэтуль без асаблівых намаганняў паводле выпрацаванага ў старыя „знаёмыя” часы шаблону: іх назвы, як правіла, гавораць самі за сябе, паколькі пачынаюцца са слоў „барацьба за…”, „нацыянальны рух у…”, „уклад украінцаў у…” і г.д. Як правіла, у такіх дысертацый ёсць „лагічная” мэта, якая робіцца арыенцірам, — паказаць барацьбу ўкраінцаў за незалежнасць, за культуру, супраць нацыянальнага прыгнёту, супраць таталітарных рэжымаў і да т.п. У выніку гэтага маем, што ў 1992-2002 г. гісторыкі абаранілі 192 доктарскія і 1243 (!) кандыдацкія дысертацыі, што склала прыблізна 33% ад усіх доктарскіх і 33% ад усіх кандыдацкіх дысертацый, абароненых ва Ўкраіне па ўсіх спецыяльнасцях[5]. Калі ў канцы 1980-х г. было больш як 3 тысячы дыпламаваных гісторыкаў, дык у канцы 2000-х г. ва Ўкраіне працуюць ужо больш як 6 тысяч дыпламаваных гісторыкаў (кандыдатаў і дактароў навук).

Як бачым, ёсць „статыстыка росту”, ёсць здабыткі ў канструяванні скразной схемы гісторыі Ўкраіны, якая сёння ўведзена ў сістэму вышэйшай і сярэдняй адукацыі. Але за ўсім гэтым стаіць небяспечная тэндэнцыя дэпрафесіяналізацыі гістарычнай галіны як такой праз схематызацыю „вытворчасці” псеўданавуковых дысертацый і стварэння разгалінаванага дзяржаўнага апарату „ідэалагічных змагароў”, якія будуць выконваць любы заказ улады. А гэта азначае, калі гаварыць словамі вядомага расійскага гісторыка Ю. Афанасьева, што «мінуўшчыну зноў трэба „падчышчаць”, з яе зноў трэба выдаляць вельмі шмат таго, што не працуе на патрэбу бягучага моманту, і, адпаведна, дадаваць тое, чаго ўсім сёння так моцна хочацца»[6]. Такая пазіцыя, як падаецца, несумяшчальная з прынцыпамі і этыкай навуковай дзейнасці.

3 іншага боку, грамадства патрабуе пэўнай гістарычнай памяці, без якой не можа існаваць ніводная сацыяльная супольнасць, у тым ліку і нацыя. Таму можна сказаць, што галоўная праблема, з якой сутыкнулася ўкраінская гістарыяграфія пасля 1991 г. і якая працягвае існаваць дагэтуль, заключаецца ў тым, што ўкраінскія гісторыкі зразумелі сацыяльны выклік толькі як „перапісванне” гісторыі і не звярнулі ўвагі на сутнасць праблемы — як яе перапісваць. Таму крызіс сучаснай постсавецкай гістарыяграфіі не з’яўляецца крызісам навукі, а ёсць, паводле выказвання вядомага ўкраінскага гісторыка Н. Якавенкі, крызісам „ідэнтычнасці гісторыка”, крызісам вычарпання макрасацыяльных схем гістарычнага працэсу, якія ўжо даўно не задавальняюць навуку і вучоных[7]. Да яго дадаецца яшчэ і крызіс гістарычнай памяці грамадства, падзеленага на працягу многіх дзесяцігоддзяў і нават стагоддзяў у цывілізацыйных адносінах, — памяці, арыентаванай на „асаблівую” гістарычную місію „паміж Захадам і Ўсходам”, і памяці, што грунтуецца на еўрапейскім вопыце вырашэння грамадскіх праблем.

3 гэтай нагоды нельга не сказаць хоць колькі слоў пра сучасную сусветную эпістэмалагічную сітуацыю, якая вымушае і нас, гісторыкаў, па-новаму зірнуць на мінулую рэальнасць. Гаворка ідзе аб працэсах змены светапогляду і мыслення ў канцы XX – пачатку XXI ст., якія атрымалі такую непапулярную ў сяго-таго назву пераходу ад „мадэрну” да „постмадэрну”, або ад „мадэрнісцкага” вобраза навукі да „постмадэрнісцкага”. Калі сцісла падагульніць адрозненні паміж гэтымі вобразамі, то варта канстатаваць, што „мадэрнізм”, спалучаны з „матэматызацыяй навукі”, успрымае свет як аб’ект пераўтварэння дзеля людской „карысці”, „прыватызуе” яго ў адпаведнасці з прынцыпамі канструявання. „Постмадэрнісцкае” бачанне фарміруе зусім іншы вобраз навукі, вобраз, заснаваны на „дэканструкцыі” сацыякультурных уяўленняў, што ўтрымліваюцца ў мове; гэтыя ўяўленні становяць сабой „армію метафар”, якія нараджаюцца ў выніку кожнай паслядоўнай спробы высветліць стан свету на гэты канкрэтны момант і якія ў іншым часавым вымярэнні ператвараюцца ў „літаратурныя фікцыі”, міфалогію. „Постмадэрнізм” канстатуе адну істотную ісціну: „свет як з’яву” немагчыма адлюстраваць у форме ўсёахопнай „абсалютна праўдзівай тэорыі”. У такіх умовах застаецца толькі адна магчымасць спазнання — інтэрпрэтаваць, вытлумачваць свет пры дапамозе мовы („наратыву”). Але любое быццё, якое можна інтэрпрэтаваць пры дапамозе мовы, будзе „тэкстам”, а сам свет паўстае як своеасаблівы тэкст. „Нішто не існуе па-за тэкстам, — сцвярджаюць постмадэрністы, — або па-за пэўным тэкстам існуюць толькі іншыя тэксты”[8].

Для гісторыка гэтыя вывады безумоўна важныя, паколькі гаворка ідзе пра „адсутную” рэальнасць і канструктыўныя здольнасці чалавечага розуму. Гісторык заўсёды сам „стварае” гісторыю ў адпаведнасці са сваімі светапогляднымі пазіцыямі і сацыяльным становішчам. Але гэты інтэлектуальны працэс у прафесійных колах накіраваны перш за ўсё на рэканструкцыю светапогляду і свядомасці (менталітэту) гістарычных актараў мінуўшчыны, а не на прыпісванне ім сучасных уяўленняў. Іншымі словамі, гісторык сутыкаецца сёння з адной з найскладанейшых спазнавальных праблем — праблемай рэканструкцыі стану свядомасці (і падсвядомасці) людзей мінуўшчыны, а значыць, і тагачаснай сацыяльнай рэальнасці праз расшыфроўку зместаў і значэнняў мовы. Такая гісторыя значна больш глыбокая і праўдзівая, але яна заўсёды з’яўляецца своеасаблівай мікрагісторыяй.

Такім чынам, можна канстатаваць, што ўкраінскія гісторыкі за амаль дваццаць гадоў існавання без цэнзурна-таталітарнага ціску, па-першае, стварылі, або, лепш сказаць, крыху мадэрнізавалі схему скразной і працяглай гісторыі „ўкраінскага народа”, прапанаваную яшчэ на пачатку XX ст. Гэтая схема актыўна служыць нарматыўнай асновай для дысертацый, кніг, падручнікаў, папулярнай літаратуры. Яна з’яўляецца базай, на якую абапіраюцца большасць вядучых украінскіх палітыкаў, у тым ліку і прэзідэнт В. Юшчанка. Яе стваральнікамі выступае пераважная частка гісторыкаў НАН Украіны, вядомых універсітэтаў. Гэта нібы „найвышэйшы” ўзровень гістарычнага істэблішменту, які працуе ў дзяржаўных установах, ад Акадэміі навук і да прыватных універсітэтаў уключна. У апошнія два гады ўсё больш важкую ролю ў правядзенні гістарычнай палітыкі адыгрывае Ўкраінскі інстытут нацыянальнай памяці (створаны ў 2006 г.), на які ўскладзены абавязак фарміраваць нацыянальную гістарычную свядомасць.

Сярод даробку найвышэйшага гістарычнага „эшалона” — грунтоўны кампендыум сінтэтычных выданняў, універсітэцкіх і школьных падручнікаў, дакументальных серый. Няма магчымасці пералічыць усе здабыткі кананічнай гістарыяграфіі, згадаем толькі 15 тамоў выдання „Ўкраіна праз вякі” (1998-2000), ганараваных Дзяржаўнай прэміяй Украіны за 2000 г., пяцітомнік „Гісторыя ўкраінскай культуры” (1998-2003), двухтомнік „Гісторыя ўкраінскага сялянства. Нарысы” (2006), „Энцыклапедыю гісторыі Ўкраіны” (выйшлі пяць тамоў, рыхтуюцца яшчэ столькі ж) і гэтак далей. У аснове большасці з гэтых выданняў — праца Інстытута гісторыі Ўкраіны НАН Украіны (дырэктар — акадэмік НАН Украіны В. А. Смолій). Не даючы цяпер агульнай ацэнкі нарматыўным выданням, адзначым іх важную рысу — настойлівы пошук нацыянальнай гістарычнай ідэнтычнасці і адначасова намаганне выйсці за рамкі мадэрнісцкіх традыцый. Сведчаннем гэтаму з’яўляецца заснаванне Інстытутам гісторыі Ўкраіны НАН Украіны шэрагу цікавых эксперыментальных часопісаў і зборнікаў, якія, па сутнасці, дэманструюць спробы выйсці за межы кананічнай гісторыі, — „Соціум. Альманах соціальної історії”, „Ruthenica. Альманах історії та археології Східної європи”, „Україна в Центрально-Східній європі” і іншых. Апошнім часам інстытут ініцыяваў выданне першага ва Ўкраіне гістарычна-тэарэтычнага часопіса „Ейдос. Альманах теорії та історії історичної науки”. Усе гэтыя выданні даступныя на веб-старонцы Інстытута гісторыі Ўкраіны[9].

Што найбольш характэрнае для нарматыўнага канона ўкраінскай гісторыі? Калі паспрабаваць адказаць вельмі коратка, то найлепш гэта зрабіў ужо згаданы кіеўскі гісторык Георгій Касьянаў. Ён пісаў, што фармаванне нарматыўнага канона прайшло тры этапы: на першым асноўная ўвага была звернута на забароненыя тэмы нацыянальнай гісторыі (а такіх было найбольш); на другім — адбываўся шпаркі падзел гістарычнай памяці і гістарычнай прасторы паводле этнічнай прыкметы; на трэцім — быў сфарміраваны нацыянальны метанаратыў, у якім тытульны этнас ператварыўся ў самадастатковую і трансцэндэнтную адзінку, што дзейнічае па-за часам і прасторай ды процістаіць усім іншым народам і дзяржавам[10]. Такі канон адназначна паказвае на тое, што ў галіне фармавання гістарычнай свядомасці была прадоўжана тая інтэлектуальная традыцыя, якая склалася яшчэ на пачатку XX ст., была перапынена падзеямі 1917-1920 г. і атрымлівае завяршэнне ў нашы дні. Параметры гэтага канона вызначаюцца задачамі „мадэрнасці”, або прынцыпамі так званай украінскай „народніцкай” і „дзяржаўніцкай” гістарыяграфіі першай паловы мінулага стагоддзя. Сярод іх — тэлеалагізм як ідэя аб натуральнасці і заканамернасці ўзнікнення ўкраінскай нацыі і дзяржавы; эсенцыялізм, які дае магчымасць знаходзіць нацыю ў любой гістарычнай эпосе; этнацэнтрычнасць, якая дазваляе атаясамліваць этнас з нацыяй і „ўкраінскім народам”; эксклюзіўнасць як асаблівая трагічнасць або віктымнасць украінскай нацыі; лінейнасць, што прадугледжвае схему „працякання” ўкраінскай гісторыі праз схемы перыядызацый: трыпольская культура — усходнеславянскія плямёны — Кіеўская Русь — Галіцка-Валынскае княства — польска-літоўскі перыяд (з акцэнтам на літоўскім перыядзе) — казацкі перыяд і Гетманат — нацыянальнае адраджэнне — украінская дзяржаўнасць 1917-1920 г. — Савецкая Ўкраіна (у цэлым дыскусійны перыяд) — незалежная Ўкраіна. Неад’емнай складовай часткай канона з’яўляецца нацыянальная міфалогія, якая прадугледжвае міфы пра заснаванне, пра герояў, пра абавязковых ворагаў, пра жрацоў і блазнаў і г.д.[11].

У выніку маем нарматыўны канон, які служыць легітымацыі ўкраінскай нацыі ды дзяржаўнасці і выконвае функцыі кампенсацыі гістарычнай памяці ў сучаснай Украіне. Яго роля вельмі важная ідэалагічна і палітычна, але стварае пэўныя цяжкасці пры супастаўленні з іншымі гістарычнымі наратывамі Цэнтральнай і Ўсходняй Еўропы. Гаворка ідзе пра тое, што адасабленне і вылучэнне ўкраінскай гісторыі з гісторыі польскай, расійскай і савецкай адбылося, але яно спарадзіла пэўныя цяжкасці ў справе ўключэння ўкраінскай гісторыі ў еўрапейскую і ўзгаднення яе з гісторыяй іншых народаў, перш за ўсё рускага. У нас няма магчымасці спыняцца на разыходжаннях паміж украінскай і расійскай схемамі гісторыі, але супярэчнасцяў тут хапае, і сепарацыя ўкраінскай мінуўшчыны адназначна ўступае ў канфлікт з расійскім варыянтам „супольнай” гісторыі, а таксама вельмі балюча адбіваецца на сучасных украінска-расійскіх адносінах: украінскі метанаратыў крайне варожа ўспрымаецца расійскімі гісторыкамі, якія бачаць у ім спробу „перапісаць” гісторыю дзеля палітыкі, не заўважаючы, што ўвесь папярэдні перыяд гісторыятварэння быў навязваннем аднабокай прарасійскай версіі „гісторыі Ўсходняй Еўропы”[12]. Як складана адбываецца адыход расійскіх гісторыкаў ад даўно ўсталяваных схем „агульнага ўсходнеславянскага мінулага”, прадэманстравалі працы Камісіі гісторыкаў Украіны і Расіі, вынікам работы якой стала публікацыя ва Ўкраіне „Нарысаў гісторыі Расіі”, падрыхтаваных расійскімі гісторыкамі, і кнігі „Гісторыя Ўкраіны: навукова-папулярныя нарысы”, напісанай украінскімі гісторыкамі для расійскага чытача. У каментары да гэтай падзеі, дадзеным Ю. Шапавалам, адзначана, што для расійскіх калег украінская гісторыя аказалася неспадзяваным сюрпрызам, але той факт, што такая гісторыя ёсць, дае падставы чакаць плённых навуковых дыскусій[13].

Паводле падлікаў сучасных даследчыкаў, да цяперашняга часу з’явілася больш як два дзесяткі разнастайных сінтэтычных абагульненняў гісторыі Ўкраіны, большасць з якіх у той ці іншай ступені абгрунтоўваюць мадэрнісцкі нарматыўны канон[14]. Нельга сказаць, што ўсе яны аднолькавыя па сваёй фактаграфіі і спосабах інтэрпрэтацыі. Але ўсе яны заснаваныя на тых метадалагічных прынцыпах, пра якія гаварылася вышэй. Былі і застаюцца спробы „мадэрнізаваць” украінскі гранд-наратыў. Адной з іх, якая яшчэ дваццаць гадоў таму магла б выглядаць вельмі прывабна, з’яўляецца спроба двух вядомых і аўтарытэтных гісторыкаў — В. Смолія і В. Сцепанкова—стварыць новую канцэпцыю „ўкраінскай нацыянальна-дэмакратычнай рэвалюцыі XVII ст.”, звязанай з казацкімі войнамі[15]. Гэтая канцэпцыя, што надае Ўкраіне прыярытэт у мадэрнізацыйных працэсах на кантыненце і ўключае ў сябе такія канцэпцыі, як „казацтва — украінскае фермерства”, „казацтва — стрыжань украінскай нацыі ранняга Новага часу” і іншыя, сустрэла сур’ёзную крытыку спецыялістаў, але, тым не менш, у прыгладжаным выглядзе ўвайшла ў сучасныя школьныя і універсітэцкія падручнікі, паколькі дазваляла прасякнуцца гонарам за „ўклад” у еўрапейскую гісторыю. Н. Якавенка назвала гэтую канцэпцыю „мутацыяй” марксісцкага шаблону „пралетарскай рэвалюцыі”[16]. Не імкнучыся празмерна іранізаваць над нацыянальнай тэматыкай, мы ўсё ж мусім акрэсліць некаторыя слабыя бакі сучаснага гістарычнага канона і яго выкарыстання ў ідэалагічных мэтах. Найбольшую колькасць заўваг прафесійных даследчыкаў выклікаюць дзве тэмы—трыпольская культура, ад якой нібыта цягнецца радавод украінскага народа, як і ўсіх іншых еўрапейскіх народаў, і ўкраінскае казацтва. Можна згадаць хоць бы тое, што яшчэ прэзідэнтам Л. Кучмам у 2001 г. была зацверджана „Нацыянальная праграма развіцця ўкраінскага казацтва”, якая прадугледжвала „аказачванне” ў найбліжэйшыя гады многіх дзяржаўных установаў. На шчасце, на праграму забыліся, але казацкая тэма не згасла, а наадварот, атрымала развіццё ў дзейнасці прэзідэнта В. Юшчанкі. Апрача шматлікіх помнікаў і мемарыялаў, В. Юшчанка не забываецца эксплуатаваць казацкую тэму ў сваіх прамовах. Апафеозам гэтага стала выступленне прэзідэнта на ўстаноўчым сходзе Рады ўкраінскага казацтва 6 чэрвеня 2005 г., дзе ён заявіў, што „мірная перамога Майдана („аранжавая рэвалюцыя” 2004 г. — Л. З.)… гэта працяг у чарадзе казацкіх перамог, сярод якіх Кафа і Корсунь, Збараж і Канатоп”[17]. Такая кан’юнктура спарадзіла цэлы паток падручнікаў для універсітэтаў пад лозунгам сцвярджэння „казацкай педагогікі”, напісаных паважнымі прафесарамі і дацэнтамі. У іх гаворыцца аб тым, што „казацкая педагогіка — гэта унікальная з’ява не толькі ўсходнеславянскай, а і сусветнай культуры”. А ў рэзюмэ такіх твораў адзначаецца, што менавіта асаблівая „педагогіка” ператварыла казацтва ў „высокаінтэлектуальны і сацыятворчы унікум дзяржаватварэння, грамадскі цуд Еўропы, у якім кожны казак — гэта мудрэц, казацкі кош — кош мудрацоў, казацкі полк — полк мудрацоў”. Як прыклад такога мудраца прыводзіцца атаман Іван Сярко, „які ваяваў у Францыі, a потым у Парыжскім універсітэце чытаў лекцыі па гісторыі Ўкраіны і Польшчы”[18]. Не дзіўна, што сваім крытычным нататкам на тэму казацкай палітыкі гісторык А. Русіна дала назву „Дзікія танцы”.

Новая міфатворчасць уласціва і іншым тэмам украінскай гісторыі. Сярод іх Украінская рэвалюцыя 1917-1920 г., нацыянальны рух міжваенных часоў і перыяду Другой сусветнай вайны. Зразумела, што ключавыя тэмы ўкраінскай мінуўшчыны маюць і сур’ёзныя навуковыя даследаванні, але імкненне да ідэалізацыі ўсяго, што звязана з нацыянальнай барацьбой, немінуча вядзе да міфалагізацыі, ствараючы для гісторыкаў пэўныя метадалагічныя цяжкасці. Але ж іх задача — развенчваць міфы, а не ствараць новыя. У гэтых адносінах згадаем толькі адну працу, якая прафесійна развенчвае адзін з міфаў „вялікай айчыннай вайны” пра „маральна-палітычнае адзінства ўкраінскага савецкага грамадства” ў барацьбе з „нямецкімі фашыстамі”. Гэта кніга кіеўскага гісторыка У. Грыневіча „Грамадска-палітычныя настроі насельніцтва Ўкраіны ў гады Другой сусветнай вайны (1939-1945 г.)”, выдадзеная ў канцы 2007 г. У ёй на шырокім дакументальным матэрыяле з украінскіх, расійскіх і нямецкіх архіваў пераканаўча паказана велізарная дыферэнцыяцыя і дынамічная трансфармацыя настрояў насельніцтва Ўкраіны ў гады сусветнай вайны. Даследчык аргументавана сцвярджае, што бальшавікам, нягледзячы на выкарыстанне ўсіх магчымых і немагчымых сродкаў, не ўдалося сфарміраваць ва Ўкраіне гамагеннае грамадства з адзінай савецкай ідэнтычнасцю, і таму Ўкраіна ўвесь час заставалася „слабым звяном” у сталінскай імперыі, арэнай магутнага супраціўлення сталінскаму рэжыму[19]. Апошнім часам з’явіўся таксама шэраг прац пра нямецкі акупацыйны рэжым ва Ўкраіне і рух Супраціўлення, у якіх савецкі фактар займаў далёка не асноўнае месца. На жаль, гэтыя праЦЫ вельмі слаба ўплываюць на грамадскую свядомасць, дзе працягвае, асабліва на ўсходзе і поўдні краіны, панаваць міф аб „вялікай айчыннай вайне” і „маральна-палітычным адзінстве савецкага народа”.

Сярод тэм, у якіх паядналіся палітычная і навуковая кан’юнктура, знаходзіцца тэма Галадамору 1932-1933 г. На сёння ва Ўкраіне выдадзена шмат фундаментальных дакументальных зборнікаў і аналітычных прац, у якіх адназначна даводзіцца факт мэтанакіраванай палітыкі Масквы па вынішчэнні ўкраінскага насельніцтва, пераважна сельскага, што падпадае пад азначэнне генацыду. Цяпер распачалася работа над стварэннем шматтомнай „Энцыклапедыі Галадамору”, у якой возьмуць удзел вучоныя не толькі Ўкраіны, але і многіх іншых краін[20]. Актыўна распрацоўваецца тэма палітычнага тэрору ў савецкія часы; ці не найбольш у гэтым плане зрабілі кіеўскія гісторыкі С. Белаконь і І. Білас[21]. Раскрыццё спецархіваў колішніх НКУС, АДПУ і КДБ абяцае інтрыгоўныя „адкрыцці” адносна вядомых падзей савецкага перыяду, пра што сведчаць шматлікія дакументальныя зборнікі, якія ўжо выдадзены[22].

Супярэчлівай тэмай застаецца гісторыя ўкраінскага нацыянальна-вызваленчага руху, яго радыкальнага крыла, вядомага па абрэвіятурах АУН і УПА. Вакол гэтай тэмы ўжо шмат гадоў віруюць палітычныя страсці. Іх сутнасць у трываласці савецкага міфа аб „украінскіх буржуазных нацыяналістах — памагатых гітлераўскіх фашыстаў”. Нягледзячы на тое, што яшчэ ў 1997 г. была створана ўрадавая камісія для вывучэння гэтай справы, а паводле яе даручэння працоўная група з прафесійных гісторыкаў на чале з С. Кульчыцкім падрыхтавала і ў 2005 г. апублікавала вялікую працу і прафесійны аналіз па гэтай праблематыцы, супраціўленне ўзважанаму ўспрыманню гэтай тэмы сярод часткі ўкраінскага насельніцтва застаецца значным[23]. Разам з тым, праяўляецца тэндэнцыя да міфалагізацыі АУН і УПА, падобна да таго як у свой час міфалагізаваўся савецкі патрыятызм. Гэта прасочваецца ў шматлікіх выданнях успамінаў і біяграфій дзеячаў украінскага руху, якія дэманструюць толькі патрыятычныя бакі дзейнасці падпольных нацыянальных арганізацый і замоўчваюць непрывабныя. Асабліва востра гэта назіраецца ў намаганні любой цаной абвергнуць факты калабарацыі з нацысцкім рэжымам ва Ўкраіне або апраўдаць ix барацьбой за нацыянальныя ідэалы, адкінуць антыпольскую акцыю АУН і УПА на Валыні і Галіччыне ў 1943-1944 г. Дыскусіі ўкраінскіх і польскіх гісторыкаў на навуковых семінарах, якія адбываліся ў 1997-2008 г. і знайшлі адлюстраванне ў дзесяці тамах матэрыялаў, дазволілі адкрыць нямала новых старонак украінска-польскага процістаяння ў гады апошняй сусветнай вайны, зменшыць адлегласць паміж польскімі і ўкраінскімі ацэнкамі гэтых падзей, але, зразумела, не скасавалі разыходжанняў у пазіцыях даследчыкаў[24]. У зародкавым стане знаходзіцца навуковае даследаванне савецкага перыяду гісторыі Ўкраіны, які патрабуе асаблівай прыдзірлівасці гісторыкаў у сувязі з пашырэннем (а часам і штучнай падтрымкай) ідэйна-палітычных стэрэатыпаў аб „сацыяльнай справядлівасці і абароненасці” грамадзян у колішнім СССР. У гэтым плане зроблена пакуль што вельмі мала[25]. Затое з’явіліся цікавыя манаграфіі па сучаснай гісторыі Ўкраіны пасля 1991 г., што выйшлі з-пад пяра двух сур’ёзных даследчыкаў — С. Кульчыцкага і Г. Касьянава[26]. Абедзве працы напісаны ў крытычным стылі і падаюць аналіз грамадска-палітычных працэсаў без кан’юнктурных напластаванняў. Таксама грунтоўнага сучаснага вывучэння дачакалася савецкая гістарычная навука ва Ўкраіне. Аналіз, зроблены В. Ярамчуком, паказаў існаванне нонканфармісцкіх плыняў ва ўкраінскай гістарыяграфіі 1950-1980-х г., якія намагаліся ісці ўпоравень з еўрапейскай навукай і адкідалі заідэалагізаваныя версіі афіцыйнай савецкай гістарыяграфіі[27].

Яшчэ адзін „паверх” украінскай гістарыяграфіі прадстаўлены некананічнай гісторыяй, якая за свой узор мае сучасныя заходнія даследаванні і намагаецца працаваць у рэчышчы сучасных метадалогій сацыяльнай і антрапалагічнай гісторыі. Такія даследчыкі абапіраюцца пераважна на недзяржаўныя грамадскія арганізацыі і распрацоўваюць сваю тэматыку пры дапамозе розных міжнародных фондаў. Асноўнымі такімі цэнтрамі з’яўляюцца Інстытут гістарычных даследаванняў Яраслава Грыцака пры Львоўскім нацыянальным універсітэце імя І. Франко, які выдае аўтарытэтны часопіс „Україна модерна”, Таварыства даследчыкаў Цэнтральна-Ўсходняй Еўропы на чале з Наталляй Якавенкай пры Нацыянальным універсітэце „Кіева-Магілянская акадэмія” з часопісам „Український гуманітарний огляд”, Усходні інстытут украіназнаўства імя Кавальскіх пры Харкаўскім нацыянальным універсітэце на чале з Уладзімірам Краўчанкам (выдае часопіс „Схід – Захід”) і некаторыя іншыя. У даробак гісторыкаў, якія гуртуюцца вакол гэтых і іншых падобных цэнтраў, уваходзяць некананічная гісторыя Ўкраіны аўтарства Н. Якавенкі і Я. Грыцака, арыгінальныя даследчыцкія працы накшталт нядаўна апублікаваных даследаванняў Н. Якавенкі пра ўяўленні і ідэі ва Ўкраіне ранняга Новага часу[28], Я. Грыцака — пра акружэнне Івана Франко[29], К. Дысы — пра вядзьмарства ва Ўкраіне[30] і гэтак далей. Адзін з напрамкаў дзейнасці гэтых цэнтраў — адсочванне гістарычнай літаратуры і яе крытычны аналіз.

Шэраг даследчыкаў наватарскага плана працуюць сёння таксама ў розных украінскіх універсітэтах і інстытутах. Варта згадаць фундаментальныя працы чаркашчаніна Ю. Прысяжнюка, прысвечаныя вывучэнню ментальнасці ўкраінскага сялянства канца XIX – пачатку XX ст.[31], днепрапетраўчаніна У. Вашчанкі — пра неўрастэнічны дыскурс гісторыяпісання М. Грушэўскага[32], працы кіяўляніна А. Талочкі пра гісторыяпісанне Тацішчава[33], даследаванні па вуснай гісторыі пад кіраўніцтвам запарожца А. Бойкі[34], львавяніна В. Ададурава пра ўяўленні Напалеона і французскіх уладаў адносна заходніх ускраін Расіі[35], днепрапетраўчаніна Ю. Святца пра кіламетрычныя метады даследавання ўкраінскага сялянства[36] і г.д. Гэтыя работы можна назваць „эксперыментальнымі”, г.зн. такімі, што не ўкладваюцца ў канон, але даюць значна глыбейшую карціну мінулай рэчаіснасці, паколькі абапіраюцца на сур’ёзную працу з крыніцамі, улік шырокага сацыяльнага фону і індывідуальных асаблівасцяў гістарычных актараў, выкарыстанне міждысцыплінарных падыходаў да гістарычнага матэрыялу. Яны так ці інакш уплываюць на кананічную гісторыю, якая вымушана ўлічваць здабыткі эксперыментатараў. Гаворка ідзе пра асобныя спробы даследаваць мінуўшчыну ў рэчышчы культурна-антрапалагічнай гісторыі, інтэлектуальнай гісторыі, гендэрных даследаванняў, мікрагісторыі і г.д.

Такім чынам, украінскі гістарычны канон паступова пазбаўляецца ад неарамантычных рысаў і больш звяртаецца да прафесійнага аналізу на аснове вывучэння гістарычных дакументаў. Гэтаму спрыяюць многія фактары, перш за ўсё адкрытасць украінскай гістарыяграфічнай прасторы для розных поглядаў і метадалогій, азнаямленне з якімі спадарожнічае „індывідуальным і калектыўным адкрыццям”. Шмат у чым гэта абумоўлена фактам навучання і стажыроўкі новых пакаленняў гісторыкаў у заходніх навуковых цэнтрах ЗША, Вялікай Брытаніі, Нямеччыны і г.д. Нямала спрыяе гэтаму праз увесь час украінская дыяспара, у першую чаргу Ўкраінскі навуковы інстытут Гарвардскага універсітэта (ЗША), кафедра гісторыі Ўкраіны універсітэта Альберты (Канада) і інш. Многія ўкраінскія гісторыкі скарысталі польскія стыпендыі і гранты, узнагароды Амерыканскай рады навуковых таварыстваў, фонды Фулбрайта і да т.п.

Нарэшце, акрэслім трохі ніжэйшы „паверх” — групу гісторыкаў, настаўнікаў гісторыі і ўдзельнікаў розных грамадскіх арганізацый, якія працуюць у краязнаўчай і спецыяльнай тэматыцы, як, напрыклад, Навуковае таварыства імя Шаўчэнкі, „Мемарыял”, розныя грамадскія і царкоўныя арганізацыі і таварыствы, занятыя пераважна патрыятычнай работай і закрыццём „цёмных” плямаў мінулага. Не хочам тым самым прынізіць іх уклад у асэнсаванне мінуўшчыны, наадварот, яны маюць важнае агульнаўкраінскае і краязнаўчае значэнне і папаўняюць рэгіянальнае вымярэнне гісторыі. Адметнасць палягае ў тым, што гэтыя арганізацыі не маюць дзяржаўнай падтрымкі і вымушаны разлічваць на добраахвотныя ахвяраванні або ўзносы. Напэўна, найбольш грунтоўныя гістарычныя даследаванні на трывалай дакументальнай аснове публікуюцца ў НТШ, дзе выходзіць шэраг серыйных выданняў „Записки НТШ”, „Вісник НТШ” і манаграфіі з розных перыядаў гісторыі Ўкраіны. Адноўленае НТШ ва Ўкраіне падтрымлівае сувязі з украінскімі дыяспарнымі навуковымі цэнтрамі (напрыклад, Украінскай свабоднай акадэміяй навук і іншымі), намагаецца ствараць „грамадзянскую” нішу нацыянальнага гісторыяпісання, засяроджваючыся на ўкраіназнаўчай тэматыцы.

Сучасная ўкраінская гістарыяграфія мае і свае слабыя звёны. Адно з іх — гэта маргінальнасць у вывучэнні сусветнай гісторыі. За апошнія гады пазначыліся пэўныя зрухі ў вывучэнні гісторыі суседніх краін—Польшчы і Расіі. А што да гісторыі заходніх дзяржаваў і народаў Усходу, то гэтыя кірункі ва Ўкраіне прадстаўлены вельмі слаба: ёсць толькі паасобныя спецыялісты па гісторыі Венгрыі, Чэхіі, Іспаніі, Францыі, Японіі, ЗША. Сусветная гісторыя практычна не мае свайго цэнтра даследавання па-за кафедрамі сусветнай гісторыі, дзе большасць выкладчыкаў прагнуць абараніцца па ўкраінскай гісторыі. Страчаны пазіцыі эканамічнай гісторыі, якая зрабілася „нямоднай”, не створана сапраўднай ваеннай гісторыі. Наогул, павольна развіваюцца спецыяльныя гістарычныя дысцыпліны, тэарэтычныя даследаванні.

Украінскія гісторыкі, на жаль, не стварылі свайго гістарычнага таварыства; існуюць толькі аддзелы Ўкраінскага гістарычнага таварыства з цэнтрам у ЗША (выдаецца часопіс „Український історик”). Вельмі слаба прадстаўлена ўкраінская гістарыяграфія на міжнародных кангрэсах гісторыкаў. Украіна з 1996 г. з’яўляецца членам Міжнароднага камітэта гістарычных навук дзякуючы фінансавай дапамозе дыяспары, але па-ранейшаму мае сур’ёзныя цяжкасці ў фінансавых стасунках з МКГН. Украінскія гісторыкі былі ўдзельнікамі кангрэсаў МКГН пераважна як прыватныя асобы (у Сіднеі на 20-м кангрэсе быў усяго адзін удзельнік з Украіны).

Нарэшце, нельга не сказаць пра яшчэ адзін „паверх” гісторыяпісання — паранавуковы, але найбольш папулярны ў чытачоў. Гаворка ідзе пра папулярныя працы Ю. Шылава, Ю. Канігіна, Сцяпана і Сяргея Налівайкаў і некаторых іншых аўтараў, якія пішуць фантастычныя творы пра мінулае арыяў-украінцаў, ад якіх нібыта пайшлі ўсе іншыя народы, і нават Ісус Хрыстос быў „украінцам” з Галіччыны[37]. Тут і трыпольская цывілізацыя як найстаражытнейшая цывілізацыя свету, на тры тысячы гадоў старэйшая за шумерска-акадскую, якая стварыла кола, пісьменства, праславянскую дзяржаву Арата і г.д. На жаль, гэтыя работы, якія можна аднесці да белетрыстычнага напрамку фэнтэзі, маюць значна большы ўплыў на грамадзян, чым навуковыя, паколькі яны апелююць не да розуму, а да эмоцый. Гэта прыблізна такі ж варыянт „фаменкізму”, з якім сутыкнулася расійская гістарыяграфія. Справа ўскладняецца тым, што падобныя работы часам з’яўляюцца пад грыфам Інстытута ўкраіназнаўства Міністэрства адукацыі і навукі Ўкраіны, якое ўзначальвае паэт і празаік Пятро Кананенка, і прэтэндуюць на статус навуковых даследаванняў, а не мастацкіх твораў. Самая гучная справа гэтага парадку звязана з папулярызацыяй фальсіфікату XX ст. — так званай Вялесавай кнігі, якая нібыта ўтрымлівае дахрысціянскае славянскае пісьмо; кніга нават была рэкамендавана як дапаможнік для сярэдняй школы. А шматлікія крытычныя артыкулы спецыялістаў не мелі ніякага рэзанансу[38].

Кароткія высновы. Сучасная ўкраінская гістарыяграфія наганяе страчаны час, звязаны з фармаваннем мадэрнісцкага бачання нацыянальнай мінуўшчыны, якое ў шматлікіх еўрапейскіх народаў завяршылася ў XIX – першай палове XX ст. Першачарговымі задачамі гістарычных пошукаў застаюцца адасабленне ўкраінскай мінуўшчыны ад расійскай і польскай схем гістарычнага працэсу і стварэнне легітымацыйнай версіі гісторыі Ўкраіны. У цэнтры гістарычнага працэсу знаходзіцца ўкраінскі этнас і яго трансфармацыя ў сучасную нацыю. Паралельна з гэтым украінскія гісторыкі пачынаюць засвойваць сусветны вопыт і напрацоўкі ў інтэрпрэтацыі міну лага краіны, паварочваючыся ад этнацэнтрычнай мадэлі мінуўшчыны да традыцыйнай шматкультурнасці насельніцтва і тэрыторыі Ўкраіны. Галоўным фактарам развіцця ўкраінскай гістарыяграфіі застаецца, на шчасце, свабода навуковай творчасці і выбару светапоглядных пазіцый. Таму можна сказаць, што сучасныя „паверхі” ўкраінскага гісторыяпісання не з’яўляюцца герметычнымі, а злучаюцца паміж сабой многімі лесвіцамі; гэтыя праходы ў значнай ступені абумоўлены як удасканаленнем спазнавальнага інструментарыю, так і грамадскімі чаканнямі. Пазітыўным вынікам агульнай сітуацыі з „гісторыяй” ва Ўкраіне застаецца запатрабаванасць гістарычных ведаў у іх рознай інтэрпрэтацыі і, адпаведна, адсутнасць „беспрацоўя” сярод гісторыкаў. У недалёкай будучыні, калі дойдзе да лагічнага завяршэння працэс фармавання нацыянальнай свядомасці сучасных украінцаў і будзе стабілізавана гістарычная памяць, з’явіцца грамадская цікавасць і ўзнікнуць зусім новыя запатрабаванні да мінуўшчыны, што змусяць даследчыкаў перайсці ад вывучэння макрапрацэсаў да аналізу сацыяльных мікраструктур, пашырыць кола даследаванняў новага парадку, у цэнтры якіх будуць знаходзіцца асобы і супольнасці больш нізкага ўзроўню, чым нацыі, класы ці дзяржавы, а крыніцы сацыяльных паводзінаў будуць шукацца на скрыжаванні індывідуальнага і калектыўнага свядомага і падсвядомага. Але гэта ўжо будзе іншая гісторыя і гістарыяграфія — аддаленая ад ідэалагічнай кан’юнктуры і набліжаная да чалавечага вымярэння.

Пераклад з украінскай Сяргея Петрыкевіча


[1] Гл.: Історична наука на порозі ХХІ століття: підсумки та перспективи. Матеріали Всеукраїнської наукової конференції (Харків, 15—17 липня 1995 р.). Харків, 1995; Українська історична наука на порозі ХХІ століття. Харківський історіографічний збірник. Харків, 1997. Вип. 2; Таран Л.В. Провідні тенденції світової історіографії ХХ ст. та проблема кризи сучасної української історичної науки // Український історичний журнал (далей — УIЖ). Київ, 1998. № 5; 1999. №1; Реєнт О.П. Сучасна історична наука в Україні: шляхи поступу // УIЖ. 1999. № 3; Колесник І.І. Українська історіографія XVIII—початок ХХ століття. Київ, 2000; Міжнародний науковий конґрес „Українська історична наука на порозі ХХІ століття”. Чернівці, 16—18 травня 2000 р. Доповіді та повідомлення. Чернівці, 2000-2001. Т. 1—4; Українська історична дидактика. Міжнародний діалог (Фахівці різних країн про сучасні українські підручники з історії). Київ, 2000; Українська історіографія на рубежі століть: Матеріали міжнародної наукової конференції 25-26 жовтня 2001 р. / Наукові праці Кам’янець-Подільського державного педагогічного університету. Історичні науки. Кам’янець-Подільський, 2001. Т. 7 (9); Потульницький В.А. Україна і всесвітня історія. Історіософія світової та української історії XVII—XX століть. Київ, 2002; Касьянов Г. Ще не вмерла українська історіографія // Критика. Київ, 2002. Число 4; Яковенко Н. Одна Кліо; дві історії // Критика. Київ, 2002. Число 12; Hrycak J. Ukrainian Historiography 1991—2001 // Ősterreichische Osthefte. Wien, 2002. Heft 1/2; Українська історіографія на зламі ХХ і ХХІ століть: здобутки і проблеми / Колективна монографія за ред. Л. Зашкільняка. Львів, 2004; Таран Л.В. Новые тенденции в мировой и украинской историографии // Диалог со временем. Альманах интеллектуальной истории. Москва, 2005. Вып. 13; Яковенко Н. Нариси кризової історіографії // Критика. Київ, 2006. Число 1—2; Портнов А. Історіографія на краях // Критика. Київ, 2006. Число 3, і інш.
[2] Stryjek T. Jakiej przeszłości potrzebuje przyszłość? Interpretacje dziejów narodowych w historiografii i debacie publicznej na Ukrainie 1991—2004. Warszawa: Instytut Studiów Politycznych PAN, Oficyna Wydawnicza Rytm, 2007. 850 s.
[3] Тэрмін «„нацыяналізацыя” гісторыі» быў прапанаваны Г. Касьянавым (гл.: Касьянов Г. „Націоналізація” історії: нормативна історіографія, канон та їхні суперники (Україна 1990-х) // Українська історіографія на зламі ХХ і ХХІ століть: здобутки і проблеми. С. 57—73).
[4] Гл. напр.: Шкільна історія очима істориків: Матеріали Робочої наради з моніторинґу шкільних підручників історії України / Упорядник Н. Яковенко. Київ, 2008; Образ Іншого в сусідніх історіях: міфи, стереотипи, наукові інтерпретації (Матеріали міжнародної наукової конференції, Київ, 15—16 грудня 2005 року) / Упорядник і наук. ред. Г. В. Касьянов. Київ, 2008.
[5] Падлікі зроблены паводле статыстычных матэрыялаў ВАК Украіны, ласкава перададзеных аўтару. Для параўнання варта згадаць, што ў 1970 г. ва Ўкраінскай ССР працавалі 3347 прафесійных гісторыкаў, у тым ліку 138 дактароў навук і 1199 кандыдатаў навук, а да пачатку 1990-х г. гэтая лічба максімум падвоілася (гл.: Subtelny O. The Current State of Ukrainian Historiography // Jornal of Ukrainian Studies. Edmonton, Alberta, 1993. Volume 18. Nr. 1-2. P. 50-51).
[6] Афанасьев Ю.Н. Трагедия победившего большинства. Размышления об отечественной истории и ее интерпретациях //http://www.yuri-afanasiev.ru/tragedy.html.
[7] Яковенко Н. Нариси кризової історіографії, с. 23.
[8] Лукьянець В.С. Эпигенез образа науки: постмодернистский взгляд // Постмодернізм у філософії, науці та культурі / Вісник Харківського університету. Серія: теорія культури і філософія. Харків, 2000. № 464. С. 128-133; Зашкільняк Л. Постмодерністський виклик і сучасна історична наука // Галичина. Науковий і культурно-просвітний краєзнавчий часопис. Івано-Франківськ, 2001. Вип. 5-6. С. 90-99.
[9] http://www.history.org.ua
[10] Касьянов Г. Націоналізація історії та образ Іншого // Критика. Київ, 2006. Число 1-2. С. 21.
[11] Гл.: Касьянов Г. „Націоналізація” історії: нормативна історіографія, канон та їхні суперники (Україна 1990-х) // Українська історіографія на зламі ХХ і ХХІ століть: здобутки і проблеми. С. 57-73.
[12] Больш дэталёва гэтае пытанне пададзена ў: Україна і Росія в історичній ретроспективі. Київ, 2004. Т. 1—3.
[13] Гл.: Шаповал Ю. Контакт, або Точка дотику // День. Київ, 2008. 4 листопада. Книжки: История Украины: научно-популярныеочерки / Под ред. В. А. Смолия. Москва, 2008; Нариси історіїРосії: Пер. з рос. / Б.В. Ананьїч, І.Л. Андреєв, Є. В. Анісімов таін.; За заг. ред. О.О. Чубар’яна. Київ, 2007.
[14] Яремчук В. Загальний образ минулого України: підходи сучасної української історіографії // Українська історіографія на зламі ХХ і ХХІ століть: здобутки і проблеми. С. 74. Адно з апошніх выданняў: Литвин В.М. Історія України. Підручник.2 доопр. та доп. вид. Київ, 2008.
[15] Пар.: Смолій В. А., Степанков В.С. Українська національна революція XVII ст. (1648—1676) / Серія „Україна крізь віки”,т. 7. Київ, 1999.
[16] Яковенко Н. У кольорах пролетарської революції // Український гуманітарний огляд. Київ, 2000. Вип. 3. С. 58—78.
[17] Гл.: http://www.president.gov.ua/.
[18] Русина О. Дикі танці // Критика. Київ, 2005. Число 6.
[19] Гриневич В.А. Суспільно-політичні настрої населення Українив роки Другої світової війни (1939-1945 рр.). Київ, 2007. С. 515-516.
[20] Марочко В. Голодомор 1932—1933 років в Україні: Хроніка /В. Марочко, О. Мовчан. Київ, 2008; Кульчицький С. В. Голод1932—1933 рр. в Україні як геноцид. Київ, 2005; Голодомор1932—1933 рр. в Україні: документи і матеріали / УпорядникР. Пиріг. Київ, 2007.1128 с.; Голодомор в Україні 1932-1933 рр.за документами політичного архіву Міністерства закордонних справ Федеративної Республіки Німеччина / УпорядникА.І. Кудряченко. Київ, 2008. 336 с., і інш.
[21] Політичні репресії радянської доби в Україні. Науково-допоміжний бібліографічний покажчик. Київ, 2008. 684 с.;Політичний терор і тероризм в Україні ХІХ— ХХ ст.: Історичні нариси / НАН України; Інститут історії України / Відп. ред. В. А. Смолій. Київ, 2002; Білокінь С. Нові студії з історії большевизму І-VІІІ. Київ, 2007; Білас І.Г. Репресивно-каральна система в Україні. 1917—1953: суспільно-політичний та історико-правовий аналіз. У 2 кн. Київ, 1994.
[22] Акрамя часопіса „З архівів ВУЧК-ГПУ-НКВД-КГБ”, які пачаў выходзіць з 1994 г., з’яўляюцца тэматычныя зборнікі дакументаў, у прыватнасці: Польща та Україна у тридцятих-сорокових роках ХХ століття. Невідомі документи з архівівспеціальних служб. 7 томів, виданих у Варшаві і Києві в 1998—2007 рр.; Радянські органи державної безпеки у 1939 —червні 1941 р. Документи ГДА СБ України / Упор. В. Даниленкоі С. Кокін. Київ, 2009. 1310 с.
[23] Організація українських націоналістів і Українська повстанська армія: Історичні нариси / НАН України; Інститут історіїУкраїни / С.В. Кульчицький (відп. ред.). Київ, 2005; Організація українських націоналістів і Українська повстанська армія:Фаховий висновок робочої групи істориків при Урядовій комісіїз вивчення діяльності ОУН і УПА / НАН України; Інститут історії України. Київ, 2005.
[24] Гл. напр.: Polska — Ukraina: trudna odpowiedź. Dokumentacja spotkań historyków (1994—2001). Kronika wydarzeń na Wołyniu i w Galicji Wschodniej (1939-1945). Warszawa, 2003; Іллюшин І.УПА і АК: Протистояння в Західній Україні (1939—1945 рр.).Київ, 2009.
[25] Да сур’ёзных даследаванняў можна аднесці не так і шмат прац, у прыватнасці гл.: Баран В.К. Україна: новітня історія (1945-1991 рр.). Львів, 2003.
[26] Кульчицький С. Помаранчева революція. Київ, 2005; Касьянов Г. Україна 1991—2007: нариси новітньої історії.Київ, 2008.
[27] Яремчук В. Минуле України в історичній науці УРСР після сталінської доби. Острог, 2009.
[28] Яковенко Н. Паралельний світ: Дослідження з історії уявлень та ідей в Україні XVI-XVII ст. Київ, 2007.
[29] Грицак Я. Пророк у своїй вітчизні: Франко та його спільнота (1856-1886). Київ, 2006.
[30] Диса К. Історія з відьмами. Суди про чари в українських воєводствах Речі Посполитої XVII—XVIII ст. Київ, 2008.
[31] Присяжнюк Ю.П. Українське селянство Наддніпрянщини другої половини ХІХ — початку ХХ ст. як соціоментальна історична cпільнота. Черкаси, 2008.
[32] Ващенко В. Від самопрезентації до методології: Психобіографічний вимір простору історіописання М. Грушевського. Дніпропетровськ, 2007.
[33] Толочко А. П. „История Российская” Василия Татищева:Источники и известия. Москва; Киев, 2005.
[34] Усна історія Степової України. Запорізький край / А.В. Бойкота ін. Запоріжжя, 2008. Т. 1.
[35] Ададуров В. „Наполеоніда” на Сході європи. Уявлення, проекти та діяльність уряду Франції щодо південно-західних окраїн Російської імперії на початку ХІХ ст. Львів, 2007.
[36] Святець Ю. Українське селянське господарство та новаекономічна політика (кліометричний аналіз соціально-економічного процесу). Дніпропетровськ, 2007.
[37] Гл.: Канигін Ю. Путь аріїв. Україна в духовній історії людства. Київ, 1996; Яго ж. Віхи священної історії: Русь-Україна. Київ, 2005; Яго ж. Початок і кінець часів: Новий погляд на Історію. Київ, 2008; Наливайко С. Українська індоаріка. Київ, 2007; Наливайко Сергій. Етнічна історія Давньої України. Київ, 2007 і інш.…
[38] Гл. напр.: Аксененко С. Велесова книга (история одной фальсификации) // http://h.ua/story/127166; Ісаєвич Я. Сучасні псевдонаукові публікації на історичні теми: два приклади // Україна модерна. Львів; Київ, 2008. Число 13.

Наверх

Марцэлі Косман. Ян Серадыка (1928–2008), гісторык старапольскага парламентарызму і ВКЛ

Чэрвеня 15, 2009 |


16 жніўня 2008 г. пасля доўгай і цяжкай хваробы ў сваёй кватэры ў Аполі памёр прафесар Ян Серадыка, былы рэктар Вышэйшай педагагічнай школы—постаць выключная ў тамтэйшым навуковым асяроддзі і між польскіх гісторыкаў, пра каго ў некралогу, падпісаным рэктарам, Вышэйшай вучонай радай і ўсёй акадэмічнай супольнасцю, сказана: „Пайшоў з жыцця выбітны навуковец, Чалавек вельмі справядлівы, далікатны і сардэчны”[1]. Гэтую вестку я атрымаў па тэлефоне, калі знаходзіўся ў паўднёвай Англіі, за дзень перад вяртаннем дадому, так што змог удзельнічаць у апошнім развітанні са шматгадовым сябрам, знакамітым даследчыкам і чалавекам з характарам, які рэдка сустракаецца. Трапна адзначылі гэта аўтары працытаванага некралога.

Хаця ўжо на працягу некалькіх месяцаў і асабліва апошніх тыдняў можна было чакаць найгоршага (з пэўнага часу пасярэдніцай у тэлефонных размовах была яго жонка Эва), аднак мы шчыра верылі, і сам ён, пэўна, таксама не губляў надзеі, што 8 кастрычніка мы з ім сустрэнемся на ўрачыстым святкаванні ягонага 80-годдзя і паўвекавога стажу навуковай працы і тады ўручым яму памятную кнігу, падрыхтаваную з гэтай нагоды. Кніга—чарговая за апошнія 20 гадоў[2] — з’явілася, але ўжо прысвечаная памяці гісторыка[3]. У ёй змешчана поўная бібліяграфія ягоных публікацый (129 пазіцый) і некалькі астатніх тэкстаў, здадзеных аўтарам у друк.

У здабытку Яна Серадыкі пераважаюць манаграфіі, прысвечаныя соймам (прычым датычныя ўсёй Рэчы Паспалітай), асаблівае ж месца займае кніга пра канфлікт паміж вялікім маршалкам літоўскім Крыштафам Дарагастайскім і ягонай другой жонкай, Соф’яй з Радзівілаў, выкліканы яе пазашлюбным раманам. Гэтая праца грунтуецца на шматгадовых карпатлівых пошуках першакрыніц, увесь сюжэт разгортваецца на беларускім абшары Вялікага Княства Літоўскага. Пад знакам Пагоні застаецца таксама бадай большая частка спадчыны апольскага даследчыка, звязаная з унутранымі справамі і палітычнымі стасункамі (у тым ліку спрэчкамі на парламенцкай глебе пасля заключэння Люблінскай уніі) паміж абедзвюма складовымі часткамі Рэчы Паспалітай. Аддадзім ёй асаблівую ўвагу ў наступнай частцы гэтага нарыса.

***

Літуаністыка ў Польшчы мае даўнія традыцыі як у галіне гістарычных даследаванняў, так і літаратура- і мовазнаўчых[4]. Гэта зразумела, калі мець на ўвазе дзяржаўнае і культурнае адзінства Рэчы Паспалітай на працягу некалькіх стагоддзяў — несумненны феномен на фоне еўрапейскай новай гісторыі[5]. Развітая яшчэ пад уладай захопнікаў, літуаністыка выдатна развівалася далей у міжваеннае дваццацігоддзе, калі яе цэнтрам зрабілася Вільня, але акрамя яе значнае месца займалі таксама іншыя акадэмічныя асяродкі ІІ Рэчы Паспалітай. Урон ёй нанесла Другая сусветная вайна, асабліва яе палітычныя вынікі, якія сталі прычынай сыходу ўцалелых пасля ліхалецця людзей навукі ў падполле, аднак каб з гэтага анямелага стану выйсці на свет — самім або праз уласных вучняў, — ледзь толькі з’явіліся адпаведныя ўмовы[6]. Плён тут прынесла пазітывісцкая пазіцыя, відавочная ў дзеяннях постацяў такога маштабу, як Станіслаў Лоранц (Нацыянальны музей у Варшаве зрабіў цэнтрам для збораў і сустрэч выгнаннікаў з Віленшчыны)[7], аўтар фундаментальнай працы пра пачаткі Літвы Генрык Лаўмяньскі — у Познані (сам перайшоў да вывучэння старажытнага славянства, затое згуртаваў вакол сябе нешматлікае, але адборнае кола вучняў)[8], а ў сталіцы ягоны малодшы калега з-па-над Віліі, Юліюш Бардах, які напярэдадні 1939 г. пачынаў асістэнтам Універсітэта Стэфана Баторыя, з часам прыняў у яго эстафету як даследчык і апякун наступнага пакалення[9]. Навейшыя часы знайшлі знаўцу ў Пётры Ласоўскім, якога з карэннай Польшчы ў вайну лёс закінуў у край над Віліяй, што дало яму магчымасць вывучыць мову і захапіцца даследаваннямі ХХ ст.[10]. Гэта толькі некалькі прозвішчаў з такога шматлікага сёння кола гісторыкаў-літуаністаў у Польшчы, на чыёй карце яны адзначаны не толькі ў Варшаве, Познані ці Кракаве, але амаль ва ўсіх акадэмічных асяродках, што квітнеюць у Торуні, Беластоку, Уроцлаве, Аполі, Гданьску ці Ольштыне. Варта падкрэсліць супрацоўніцтва з сучаснымі Літвой і Беларуссю, якое паглыбляецца і прыносіць двухбаковы плён, традыцыі сувязяў у гэтай галіне з пасляваеннай Масквой, згладжванне недаверу і варожасці, з польскага боку — пераадольванне шкоднага патэрналізму і падкрэслівання „цывілізацыйнай вышэйшасці”[11], узаемныя пераклады кніг — прыгадаю тут біяграфію даволі супярэчлівай постаці гетмана Януша Радзівіла, што выйшла з-пад пяра Генрыка Віснера[12], нарысы па гісторыі Літвы даследчыкаў з Вільні і Коўна[13], нарэшце, эксклюзіўна выдадзеную працу пра культуру Вялікага Княства[14]. Gutta cavat lapidem — кропля камень точыць… А з іншага боку, не бракуе прыдуманых „адкрыццяў”, такіх, як звязанае з імем дзеяча эміграцыі ў Злучаных Штатах, аматара Ёнаса Даінаўскаса, які ў другой палове ХХ ст. падвергнуў сумненню існаванне… дакумента пагаднення ў Крэве 1385 г., назваўшы яго фальсіфікацыяй[15]. Cui bono? На шчасце, такіх надуманых і пазбаўленых навуковай вартасці высноваў, таксама і на тэму іншых аспектаў польска-літоўскай уніі на яе пачатковым этапе, не ўспрымаюць усур’ёз прафесійныя гісторыкі, прычым польскія даследчыкі палічылі мэтазгодным даць ім слушны адпор[16].

У таксама шматлікай сёння ў Польшчы плеядзе літуаністаў, асабліва даследчыкаў Вялікага Княства, пачэснае месца, якое ён замацаваў сваімі дасягненнямі на працягу мінулага паўвеку, займае Ян Серадыка, чые даследаванні парламентарызму Рэчы Паспалітай напярэдадні падзелаў не могуць замыкацца ў межах цяперашняй этнічнай Польшчы, Літвы, Украіны або Беларусі, як гэта калісьці спрабавалі рабіць, але складаюць адзінае цэлае, злучанае інстытутамі сойму і сената. Пры гэтым стымулююць падняцце шэрагу дэталёвых тэм, лакалізаваных ужо тэрытарыяльна ў паасобных мясцовасцях або рэгіёнах, датычных асобаў ці сямействаў, найчасцей магнацкіх.

Не забракавала Яну Серадыку таксама асабістага матыву, звязанага з тым фрагментам біяграфіі, калі семнаццацігадовым пасля заканчэння Другой сусветнай вайны на хвалі міграцый народаў трапіў назаўсёды ў Аполе. Нарадзіўся ў Граеве, на Беласточчыне, а гэта ж паблізу даўняй мяжы паміж Каронай і Вялікім Княствам. У 1939 г. знаходзіўся разам з сям’ёй у Пінску — сэрцы Палесся, і там хлопцам-падлеткам перажыў ваенны час і абедзве акупацыі, працуючы фізічна на мясцовай рачной суднаверфі. Там пад канец вайны страціў старэйшага брата, які быў застрэлены і спачывае на адным з мясцовых пагостаў. Ягоную магілу прафесар здалёк атачаў асаблівым клопатам, а Пінск змог наведаць праз шмат гадоў. Той візіт у 2005 г. у мясціну свайго юнацтва, да якога доўга рыхтаваўся, перажыў і ўспамінаў у размовах з вялікім хваляваннем. Зрэшты, горача намаўляў мяне паўдзельнічаць у гэтай выключнай экскурсіі па Палессі, што ў той час, на жаль, па розных прычынах не было для мяне магчымым. Аднак я пабываў там на дзесяць з нечым гадоў раней, успамінаючы ўласныя даследаванні валочнай памеры ў другой палове XVI ст. Такім чынам, пасля ягонага вяртання мы маглі параўнаць свае ўражанні, а адным з апошніх артыкулаў Яна Серадыкі быў „Пінск Альбрыхта Станіслава Радзівіла”[17]. Даклад пад гэтай назвай, заснаваны на грунтоўных даследаваннях і поўны яркіх апісанняў, ён прачытаў пад час канферэнцыі ва Ўніверсітэце Адама Міцкевіча на пачатку студзеня 2006 г. Тады ў апошні раз наведаў Познань.

***

А цяпер — згадка маёй асабістай рэфлексіі, якую я змясціў у канцы нарыса пра шляхі польскай літуаністычнай гістарыяграфіі ў другой палове мінулага стагоддзя:

„Калі позняй восенню 1972 г. я знаходзіўся ў Вільні і амаль не пакідаў гмаху Бібліятэкі Ўрублеўскіх (цяпер Цэнтральная бібліятэка Літоўскай Акадэміі Навук) над Віліяй, які змяшчае багаты кнігазбор, аддзелы старадрукаў і рукапісаў, у кавярні-сталоўцы на цокальным паверсе ў першы раз сустрэў — на той час таксама дацэнта — Яна Серадыку. Наша знаёмства, а з часам і сяброўства пачалося там пад час доўгіх вячэрніх размоваў, якія мы вялі па меры магчымасці ў вандроўках па старажытнай сталіцы Ягелонаў. Для нядаўняга рэктара Almae Matris Opoliensis гэта быў другі, даўжэйшы выезд у бібліятэкі Ленінграда, Вільні ды іншых асяродкаў, дзе змяшчаюцца архівы XVII ст. Пасля першага выезду—заўсёды рады падзяліцца інфармацыяй, што не надта часта сустракаецца — напісаў інструктыўны даведнік па разведаных зборах, каб аблегчыць працу пазнейшым даследчыкам. А пасля другога, калі мы пазнаёміліся, — з’явілася, між іншым, даследаванне на тэму спрэчак пра касцёл у Кейданах паміж Крыштафам Радзівілам і ксяндзом Матэушам Кабыляньскім <…> Пра гэтую навуковую працу і яе аўтара я думаў праз 21 год, калі мне ўдалося ажыццявіць план наведвання цвярдыні літоўскага кальвінізму[18], калі я паглядаў на касцёл св. Юрыя і ў крыпце збора — на труну, якая хавае астанкі князя Януша…”[19]. Таго самага, увекавечанага ў „Патопе” Генрыка Сянкевіча.

Да крэсаў, але паўднёва-ўсходніх, скіравала Яна Серадыку ўжо ў 1958 г. магістарская праца („Польска-ўкраінскія стасункі ў 1648-1651 гг.”), апублікаваная часткова ў друку, а з гадамі — у першым фрагменце — адноўленая ў томе навуковых прац, заяўленых на 75-годдзе аўтара[20]. З абароненай у 1963 г. доктарскай дысертацыяй („Сойм у Торуні 1626 г.”) трывала ўвайшоў у элітарнае кола найвыбітнейшых знаўцаў парламентарызму, а пры гэтым — і ўнутранай гісторыі старажытнай Літвы, што даказвае шэраг спадарожных гэтай кнізе навуковых прац і дадатковых матэрыялаў. З таго часу аналітычныя падыходы ішлі ў яго поруч з сінтэзам. Варта адзначыць таксама працы дакументальныя і крыніцазнаўчыя. Да найвыбітнейшых дасягненняў Яна Серадыкі трэба залічыць даспелую працу аб схіле панавання Жыгімонта ІІІ Вазы[21], што трактуе тэму ў шырокім кантэксце (яна паслужыла падставай габілітацыйнага звання), якая пры неабходнасці мусіць кампенсаваць пакінутую, на жаль, у праекце манаграфію пра гэтага супярэчлівага ўладара.

Сярод ягоных пяці наступных кніг асаблівае значэнне мае манаграфія сойму 1627 г., які аўтар ужо ў загалоўку назваў соймам, што не спраўдзіў чаканні. Завяршэннем галоўнага этапу даследаванняў, якія ахапілі другую палову панавання Жыгімонта ІІІ, стала манаграфія сойму 1618 г., а таксама заяўленая амаль адначасова кніга пра парламентарыяў гэтага перыяду[22].

Сярод трох галоўных задач прафесара універсітэта Ян Серадыка заўсёды добрасумленна пачынаў з дыдактыкі, на першае месца заўжды ставіў даследаванні першакрыніц. Тым часам пражыванне ў Аполі патрабавала цяжкіх паездак па краіне і замежных, шмат высілкаў было накіравана на пошукі ў архівах і на ўзбагачэнне ўласнага кнігазбору. На месцы не знаходзіў архіваў, датычных старапольскага парламентарызму, бібліятэчныя кнігазборы таксама вымушалі накіроўвацца ў іншагароднія бібліятэкі. На шчасце, паблізу знаходзіўся Ўроцлаў, узбагачоны часткай збораў львоўскага Асалінеума. Тыя пастаянныя больш далёкія экспедыцыі, асабліва ў Варшаву, патрабавалі немалой самаахвярнасці і выездаў глыбокай ноччу, каб адразу прыбыўшы сядаць за працу над рукапісамі ў старадаўнім палацы Рачыньскіх на вуліцы Доўгай альбо ў гмаху на плошчы Красіньскіх. Затое, аддаючы належнае неабходнасці ўдзелу ў арганізацыйным жыцці, навуковец з пачуцця абавязку браў на сябе адказныя функцыі (на чале з пасадай рэктара Almae Matris Opoliensis, якую мусіў заняць пры асабліва складаных акалічнасцях), аднак з найбольшай ахвотай вызваляўся ад іх пасля вызначанага тэрміну, як толькі дазвалялі абставіны. Так было з удзелам у працы Галоўнай рады вышэйшай адукацыі, з тройчы займанай пасадай дырэктара Інстытута гісторыі. Дзякуючы гэтаму — насуперак частым клопатам аб здароўі — Ян Серадыка заявіў пра сябе такім багатым апублікаваным здабыткам[23].

У апісанні падарожжаў гісторыка можна вылучыць два шляхі. Адзін вёў даследчай лініяй, другі звязваўся з турыстычнымі захапленнямі, і на ім абазначыліся перадусім выезды шмат гадоў запар ва ўлюбёную Шчаўніцу і вандроўкі па Пенінах. У апошнія гады, хоць яшчэ не адразу пасля першага сур’ёзнага пагаршэння здароўя ў сярэдзіне 1991 г. — калі здароўе гэтага не дазваляла, яны былі заменены шпацырамі па не менш прывабным сілезскім курорце Кудове побач з чэшскай граніцай. Затое сляды першага шляху знаходзім у дакументацыі ягоных прац у выпісках з архіваў і бібліятэк Кракава, Варшавы (некалькі гадоў быў пастаянным карыстальнікам Галоўнага архіва старадаўніх актаў з найбагацейшым Архівам Радзівілаў у першую чаргу і спецыяльных збораў Нацыянальнай бібліятэкі), Уроцлава, Гданьска, Познані з блізкім Курнікам[24]. Але на гэтым шляху асаблівае месца занялі замежныя навуковыя паездкі — найперш чатырохмесячная, ад снежня 1969 да сакавіка 1970 г., у Савецкі Саюз (яна стала сапраўднай аддушынай сярод будняў бязмерна напружанага рэктарскага тэрміну) і наступная — паўтарамесячная — у апошнім квартале 1972 г., адразу ж пасля таго, як ён пакінуў гэтую пасаду, калі засталіся ўспаміны пра яе цяжар і асабліва—пра справу выбуху ў актавай зале тагачаснай Вышэйшай педагагічнай школы на вуліцы Алескай у Аполі.

Першая вялікая паездка Яна Серадыкі на ўсход ахапіла Маскву, Ленінград, Кіеў, Львоў, Мінск і Вільню. У апошнюю (а таксама ў горад над Нявой) ён вярнуўся пад час другой „пілігрымкі” (гэта тады мне надарылася магчымасць пазнаёміцца з апольскім даследчыкам і пачуць не адну „справаздачу” з навуковых вандровак, прысвечаных першай палове XVII ст., а таксама — галоўным чынам — з нялёгкага досведу ягонага толькі што завершанага рэктарства). У Маскве вывучаў зборы Цэнтральнага дзяржаўнага архіва старадаўніх актаў, а таксама аддзел рукапісаў нацыянальнай кніжнай скарбніцы (Бібліятэкі імя Леніна), у Ленінградзе — такі ж самы аддзел у Бібліятэцы імя Салтыкова-Шчадрына (гэта там знаходзіліся разрабаваныя пасля падзелаў польскія рукапісы і старадрукі, а сярод міжвольных дабрадзеяў прысутнічалі — што мне шматразова прыгадваў з характэрным тонкім гумарам пад час спатканняў — партрэты двух братоў-біскупаў, стваральнікаў Бібліятэкі Залускіх у Варшаве ў XVIII ст.), у Кіеве — Цэнтральны дзяржаўны гістарычны архіў Украінскай ССР, у Львове—ягоны тамтэйшы філіял, а таксама аддзел рукапісаў Бібліятэкі Акадэміі навук УССР імя Стэфаніка (пад гэтай назвай у гістарычным гмаху пад купалам раней хаваўся старадаўні Асалінеум), у Мінску і Вільні — рэспубліканскія Цэнтральныя гістарычныя архівы, больш за тое — а можа, перадусім — у горадзе Гедыміна Універсітэцкую бібліятэку (здолеў дабрацца да яе пад час другога прабывання, таксама як і да збораў Інстытута гісторыі Акадэміі навук у Ленінградзе) і Бібліятэку Акадэміі навук.

Асобныя справаздачы змяшчаюць як спісы даследаваных калекцый разам з сігнатурамі, так і трапныя характарыстыкі ix зместу. Прыезджы з Польшчы канцэнтраваў увагу на крыніцах, датычных перадусім унутрыпалітычных падзей у Рэчы Паспалітай у апошнія (да 1629 г.) тры гады панавання Жыгімонта ІІІ, для сваёй рыхтаванай манаграфіі, якая мусіла ўбачыць свет пасля дзесяці гадоў працы, у 1978 г.[25], аднак, з іншага боку, не забываў пра вялікую прыгоду, якой з’яўляецца для даследчыка архіўная праца, калі ён зусім выпадкова можа натрапіць на сляды найцікавейшых справаў, што пазней схіліць яго да распрацоўкі цалкам новых тэм. Заўважыў жа і „на палях” асноўнага архіўнага даследавання не прамінуў занатоўваць справы, якія на той момант менш яго займалі, напрыклад, з разраду прыватных маёмасных справаў і судовых спрэчак. Гэта мусіла прынесці плён ужо ў недалёкай будучыні ў выглядзе справаў пра „незвичайную гісторыю” роду Максімовічаў-Ломскіх, а таксама пра магнацкія спрэчкі аб Капыскіх уладаннях.

Раней за вышэйзгаданыя крыніцазнаўчыя інструктыўныя справаздачы з навуковых падарожжаў па бібліятэках і архівах на тэрыторыі Расіі і старадаўняй Рэчы Паспалітай[26] з’явіліся першыя артыкулы Яна Серадыкі пра падзеі з гісторыі Вялікага Княства, напрыклад, пра соймавыя дэбаты паміж караняжамі і бацвіннікамі ў 1627 г. або пра спробу байкатавання імі Торуньскага сойму[27], які праходзіў годам раней.

Тыя аналітычныя артыкулы не толькі адкрывалі новыя карціны невядомых фрагментаў гісторыі, але і прыводзілі да цікавых канстатацый, такіх, як, напрыклад, гэтае фінальнае разважанне пра спрэчкі за Копысь паміж біржанскімі Радзівіламі і Львом Сапегам: „Такім чынам, у цэлым, ніколькі не адкідаючы іншых фактараў, здаецца, што тая крыніца пастаяннай палітычнай размежаванасці нашай магнатэрыі, якая выражалася ў слабасці і нетрываласці алігархічных груповак, каранілася перадусім у яе глыбокіх эканамічных антаганізмах, якія гэткім чынам рабілі немагчымым фарміраванне ў тагачаснай Рэчы Паспалітай адзінай улады магнацкай алігархіі”[28]. Аўтар таксама звяртае ўвагу на негатыўныя наступствы несупынных і зацятых маёмасных спрэчак, часта паміж пародненымі магнатамі, якія аслаблялі іх энергію і перашкаджалі пазітыўнай дзейнасці на грамадскай ніве, „але адначасова не давалі магчымасці рэальна стварыць адпаведна моцную магнацкую групоўку. Групоўку, якая здолела б маналітна і на працягу доўгага адрэзка часу выступаць перад каралём ці шляхтай з канкрэтнай палітычнай праграмай…”.

Героі публікацыі—не толькі асобы з галоўнай палітычнай арэны, але і зусім незнаёмыя постаці, як, напрыклад, нейкі Максімовіч, які з’яўляецца на першай старонцы цытаванага доследу. Ян Серадыка, карэктуючы датуль выпадковыя згадкі, змешчаныя ў літаратуры па прадмеце, і скрупулёзна ўзнаўляючы гісторыю роду Максімовічаў-Ломскіх, звыкла трактаваных як адасобленае сямейства, у асобным артыкуле падае тэму як цікавы матэрыял да пытання прасоўвання па сацыяльнай лесвіцы, пранікнення мяшчан на Літве ў шляхецкі стан ды нават у шэрагі магнатэрыі. Памянёныя тут Максімовічы-Ломскія знаходзіліся ў другой чвэрці XVII ст. на прамым шляху да апошняй перамогі, аднак пераацанілі свае магчымасці і нават страцілі пазіцыю, якую напрацавалі сабе сярод мяшчанскай эліты Магілёва, хутка развіталіся з „падманлівым бляскам шляхецкага клейнота <…> і сышлі ўсяго за дзесяць з нечым гадоў у шэрагі арандатараў і нават шляхецкай беднаты, каб неўзабаве знікнуць з гістарычнай арэны”. І далей — трапная заўвага наконт абедзвюх частак Рэчы Паспалітай: „Здаецца, што наколькі лягчэй было здабыць шляхецтва, нават не зусім легальным шляхам, на Літве, настолькі цяжэй было тут, чым у Кароне, увайсці ў магнацкую праслойку. Была яна ў Вялікім Княстве неяк больш замкнёнай і кансерватыўнай, значна пільней ахоўвала сваю каставасць, чым каронная”[29].

Надта высока нацэльваліся Максімовічы-Ломскія, прычым не хапіла ім часу і праславутай крыхі шчасця. У 1606-1641 г. сабралі велізарныя Капыскія ўладанні, пасля чаго пайшло атрыманне павятовых пасадаў (смаленскіх, аршанскіх), сваяцтва са старымі (аднак хутчэй заняпалымі) княжацкімі родамі, стварэнне ўласнай шляхецкай кліентуры і прэстыжнае выстаўленне на ваенныя выправы ўласных узброеных почтаў. Аднак умяшаліся — напэўна, страціўшы адчуванне рэальнасці, а можа, проста ідучы на рызыку — у спрэчкі паміж Крыштафам Радзівілам і Львом Сапегам, пасварыліся паміж сабой, што прывяло іх да згаданага заняпаду. Гісторык звярнуў увагу на матэрыялы, якія далі б пяру Ўладзіслава Лазіньскага імпульс для напісання маляўнічай аповесці ў стылі „Правам і левам” ці „Жыцця польскага ў мінулых стагоддзях”.

Але і Серадыка закрануў і ўвасобіў у кнігу адну з такіх тэм. Да гэтага мы вернемся праз некаторы час. Высновы свае стараўся не толькі пацвярджаць надзейнымі дакументальнымі крыніцамі, але і паказваць на шырокім гістарычным фоне, між іншым, спасылаючыся на літоўскую традыцыю рэлігійнай талерантнасці, што даводзіць напісаны ў перыяд гістарыяграфічных дыскусій на гэтую тэму (звязаных са святкаваннем 400-й гадавіны ўхвалення Варшаўскай канфедэрацыі) дослед пра шлях вяртання каталікамі страчанага ў час Рэфармацыі касцёла ў цвярдыні кальвінізму — радзівілаўскіх Кейданах. Асноўны пласт матэрыялаў быў сабраны ў час другой паездкі ў Вільню[30]. У гэтым выпадку аўтар звярнуў увагу на арыгінальную нават па тагачасных мерках постаць біскупа Якуба Варанецкага, які быў у свой час пробашчам у Коўне і Геранёнах і, нягледзячы на забарону касцельных уладаў, без дакораў сумлення вянчаў у 1593 г. каталіцкім шлюбам Эльжбету з Астрожскіх і кальвініста Крыштафа Радзівіла[31]. Са знакамітай ленінградскай калекцыі Дуброўскага (Бібліятэка імя Салтыкова-Шчадрына) выбраў і апублікаваў з каментарыямі складзены несумненна ў першыя гады панавання Жыгімонта ІІІ дакумент, датычны ўвасаблення лозунгаў рэлігійнай талерантнасці ў Рэчы Паспалітай. Гэтая публікацыя — прыклад дасведчанасці на ніве выдання крыніц[32].

А цяпер — маючы завершаныя працы аднаго з найвыбітнейшых даследчыкаў старапольскага парламентарызму — звернем увагу на адну з рысаў гэтага навукоўца, які заўсёды пазбягаў спрэчак, але пры гэтым цвёрда адстойваў свае дакументальна пацверджаныя аргументы даследчыка: палеміст. Справа датычыць дыскусіі пра спецыфіку літоўскага парламентарызму з іншым знаўцам праблемы — Генрыкам Віснерам, а канкрэтна — пра характар Віленскай канвакацыі. Варшаўскі даследчык распачаў яе ў 1968 г. заўвагамі пра гэты сход, характэрны для Вялікага Княства і скліканы пасля Люблінскай уніі і яшчэ ў XVII ст. пад час бескаралеўя, таксама як і праз уладара, незалежна ад функцыянавання павятовых соймікаў і генеральнага, або вальнага сойму. Серадыка, які трактаваў канвакацыю на сваю думку як праяву разрыву уніі, у дакладна праведзеным разважанні зноў выказаўся за выключны характар гэтага сходу, прывёўшы прыклад падзей 1627 г. Рашуча абараняў сваю пазіцыю, але, з іншага боку, здолеў прызнаць рацыю апанента ў некаторых пытаннях, што, аднак, не зменшыла важкасці агульных вынікаў ягоных разваг[33].

Гэтая палеміка была звязана з доктарскай дысертацыяй Яна Серадыкі пра Торуньскі сойм 1626 г. Чарговым вынікам ягоных шматгадовых даследаванняў стала габілітацыйная дысертацыя пра Рэч Паспалітую ў апошнія гады панавання Жыгімонта ІІІ[34], узбагачоная каштоўнымі артыкуламі, якія дапаўнялі яе асноўныя палажэнні, што, аднак, не датычыліся тыпова літоўскіх пытанняў. Opus magnum, прысвечаны ўнутранай палітыцы, спасылаецца на багатую літаратуру — польскую і замежную, якая здаўна канцэнтравала ўвагу на стасунках з замежжам, і выкарыстоўвае вынікі гэтых даследаванняў. Погляд аўтара скіраваны на здзяйсненні трох тагачасных соймаў, што ён заяўляе ва ўводзінах, паказваючы ў ходзе аналізу, якое вялікае значэнне для спазнання падзей унутры дзяржавы мела яе парламенцкае жыццё. З шасці раздзелаў палова датычыць уласна пасяджэнняў парламента („Лістападаўскія пасяджэнні і рашэнні”, „Няспраўджаныя надзеі на рэформу ў 1631 годзе”, „Апошні пры Жыгімонце ІІІ”), астатнія ж сітуацыі — ад Альтмарскай дамовы да пасяджэнняў, распачатых у сярэдзіне лістапада 1629 г., а таксама перыядаў паміж першым і другім ды другім і трэцім соймамі. Дададзім, што гэтыя няспраўджаныя надзеі былі прыпісаны не толькі пасяджэнням 1631 г., але і ранейшым, 1627-га, якім аўтар прысвяціў асобную кнігу[35], выдадзеную чатырма гадамі раней. Рэч Паспалітая з’яўляецца выразным прыкладам трактоўкі соймаў не як саміх у сабе, але як пункта выхаду да значна шырэйшай карціны, насамрэч унутрыпалітычнай гісторыі, з улікам унутраных стасункаў. Тут мы знаходзім вобраз кіроўнай эліты ў дзяржаве — актыўнай, і залежных ад яе—масавых удзельнікаў соймікаў. Погляд аўтара найперш скіроўваецца на месца пасяджэнняў – каралеўскі замак у Варшаве, аднак бярэ пад увагу спецыфіку розных частак Кароны і Вялікага Княства праз характарыстыку лакальных інтарэсаў у выглядзе соймікавых інструкцый і сенатарскіх выступленняў (галасавання); заўважым, што найчасцей у тэксце кнігі згадваюцца постаці — акрамя, зразумела, самога Жыгімонта ІІІ, каралевіча Ўладзіслава IV, кандыдата ў спадкаемцы трона, нунцыяў Барберыні і Вісконці, а таксама Густава Адольфа, канцлераў Тамаша Замойскага і Якуба Задзіка, а таксама надзвычай папулярнага сярод шляхты князя Ежы Збаражскага, — двух магнатаў-ліцвінаў, Льва Сапегі і Крыштафа Радзівіла, а побач з імі з’яўляюцца шматлікія прадстаўнікі абодвух гэтых родаў. Дакументацыя — заснаваная на матэрыялах віленскіх і з варшаўскага AGAD, у тэксце і каментарыях аўтар асабліва шмат месца аддае галасам з Вялікага Княства, ахвотна цытуе словы аднадумцаў князя на Біржах і Дубінках, асабліва Станіслава Кураша. Пад час парламенцкіх пасяджэнняў 1629 г. у дыскусіі наконт Альтмарскай дамовы даволі шмат месца заняло жаданне літоўскіх паслоў утрымаць у сваіх руках ленніка — электара Клайпеды, беручы пад увагу яе значэнне гандлёвага порта. Гэтая тэма была раней абвешчана ў соймікавых інструкцыях. Іх аналіз адносна ўсіх трох разгледжаных у кнізе соймаў паказвае карціны разыходжання інтарэсаў лакальных і іншым разам — паміж абедзвюма складовымі часткамі Рэчы Паспалітай, хоць было б спрашчэннем вышукваць іх выключна з абодвух бакоў унутранай граніцы, якая гэтыя часткі падзяляла. Супольная палітыка дазваляла дасягнуць таксама паглыблення інтэграцыйных працэсаў і даміноўных агульных мэтаў у замежнай палітыцы. Іншая справа, што дальнабачнасць эліты не была ў той час яе галоўнай вартасцю. На заканчэнне аўтар станоўча ацэньвае дзейнасць дзяржаўнай адміністрацыі ў перыяд выхаду з пасляваеннага хаосу, а таксама пазітыўныя парламенцкія дасягненні на цэнтральным і лакальным узроўнях, імкненне згладзіць супярэчнасці паміж тронам і шляхтай, разрыў з абструкцыяй нават ранейшых вялікіх апазіцыянераў — Радзівіла і Збаражскага. „Жыгімонт ІІІ ніколі датуль не цешыўся такім вялікім прызнаннем і падтрымкай шляхецкага грамадства, як уласна цяпер — пад канец свайго панавання. Гэта сведчыць аб якімсьці насамрэч абмежаваным, але значным у параўнанні з папярэднімі гадамі ўтварэннем адзінства інтарэсаў дзяржаўнай улады і прынамсі часткі шляхецкіх грамадзянаў Рэчы Паспалітай” (с. 212).

Аўтар знаходзіць прычыну такой станоўчай з’явы ў двухбаковым імкненні да кампрамісаў. Яны, звычайна дабраславёныя, у дадзеным выпадку, аднак, мелі і негатыўныя наступствы, прынамсі ў аддаленай перспектыве. Не спрыялі рэформам, неабходным для далейшага спраўнага функцыянавання дзяржаўных інстытутаў. Серадыка, поўны захаплення манархам[36], асабліва за ягонае сумленнае выкананне абавязкаў, усебаковасць інтарэсаў і клопат пра годнае прадстаўленне манаршай велічы, не хавае шкадавання аб тым, што ў той час быў прапушчаны зручны момант для неабходных рэформ, асабліва сістэмы фінансаў, што не было яшчэ немагчыма. Тут ён застаецца салідарным з тымі даследчыкамі, якія лічаць, што паходжанне initium calamitatis Regni (пачатку бедаў каралеўства. — Перакл.), які прыпадае на пачатак вялікага пераможнага казацкага паўстання ў 1648 г. пад правадырствам Багдана Хмяльніцкага, за якім надышлі вялікія войны — Маскоўская і Шведская (не кажучы пра сяміградскія або татара-турэцкія), з якіх Рэч Паспалітая не здолела ўзняцца, трэба шукаць у падзеях з сярэдзіны панавання Жыгімонта ІІІ, часу пасля заканчэння выправаў на Маскву, калі змучаныя ўдзельнікі шматгадовых баталій, у тым ліку ўнутраных (рокаш Зебжыдоўскага) пайшлі ў нейкай ступені па лініі найменшага супраціву, як сказалі б героі Міцкевічавай эпапеі, згодна з выслоўем: „Неяк жа гэта будзе!”. У навейшых сінтэтычных трактоўках гэты пералом in minus у часы першага Вазы, яшчэ мала бачны ў бляску старадаўняй раскошы, найвыразней адзначыў Ежы Тапольскі, прыняўшы 1618 г. за паўзу паміж эпохай Адраджэння і дамінавання шляхты (з 1501 г.) і часамі Барока і развіцця магнацкай алігархіі (да 1733 г.)[37]. А калі нават 1648 г. традыцыйна прымаецца за рубеж паміж часамі стабілізацыі польска-літоўскай Рэчы Паспалітай і перыядам крызісу, які прывёў яе да канчатковага заняпаду, дык пачаткі разбурэння ўгледжвае ў гадах пасля згасання Ягелонаў і ўвядзення вольнай элекцыі, а асабліва ў другой палове панавання Жыгімонта ІІІ[38]. На адмоўнае, хаця выразна відавочнае толькі ў другой палове XVII ст. значэнне паслярокашавага кампрамісу (у правадыроў апазіцыі волас з галавы не ўпаў”) звяртае ўвагу Януш Тазбір[39]. Заслугоўвае ўвагі таксама аналіз сітуацыі аўтарамі вялікага 10-тамовага („Кракаўскага”) агляду гісторыі Польшчы і звязаны з ім сінтэтычны погляд Герарда Лябуды[40].

Ян Серадыка творча выявіўся ў гэтай плыні ацэнак, выказваючы свой жаль да караля (на схіле ягонага праўлення) і яго найбліжэйшых дарадчыкаў, шкадуючы аб іх адмове ад ранейшых намераў фінансавай рэформы, што неўзабаве праявілася негатыўнымі наступствамі, паколькі, на яго думку, рэформа была яшчэ магчыма, што дало б нагоду „да ўздыму і да засцярогі перад паразамі другой паловы XVII ст. і заняпадам у XVIII ст.”. Трэба было схіліць шляхту да гэтага „шляхам умелых кампрамісаў і пераконвання” (затое аўтар сумняваецца ў магчымасці ўвядзення зменаў у сістэму вольнай элекцыі, не кажучы пра абсалютызм або спадчынную манархію). Быць можа, але ж у гісторыі мы маем справу з сітуацыямі магчымымі або адваротнымі, што часта залежыць ад індывідуальнасці правадыроў. Але ж — быць можа…

Перакананасць апольскага даследчыка падаецца захапляльнай і грунтуецца на дасканалым (мала хто сёння так пранікліва застаецца за панібрата з крыніцамі XVII ст. і ведае іх знутры, разумее іх дух!) веданні архіўных дакументаў і друкаваных выданняў эпохі Вазаў. А асаблівую абазнанасць у літоўскіх справах праявіў у выдадзенай амаль на два дзесяцігоддзі пазней кнізе, якая з-за малога накладу і недахопу належнай прэзентацыі не выйшла за межы вузкага кола даследчыкаў эпохі, а з улікам яе дзівоснага зместу павінна б заняць месца побач са шматразова ўзнаўлянымі і шырока папулярызаванымі працамі вышэйзгаданага Ўладзіслава Лазіньскага, Яна Станіслава Быстроня або Станіслава Васілеўскага. Пры гэтым абачлівы аўтар свядома затрымаў на некалькі гадоў яе выданне па меркаваннях… палітычных, бо адзін з яе галоўных герояў воляй выпадку насіў тое ж самае прозвішча, што і гратэскны і таямнічы кандыдат на пасаду Прэзідэнта Польшчы на ўсеагульных выбарах Anno Domini 1990. Станіслаў Тыміньскі — старэйшаму пакаленню вядомая тая авантурная сітуацыя, малодшаму, пэўна, гэта ўжо нічога не гаворыць. Аўтар палічыў патрэбным растлумачыць чытачам, навошта ўзяўся за тэму, настолькі далёкую ад ягоных ранейшых інтарэсаў, сярод якіх побытавая тэматыка, уласна кажучы, адсутнічала. Дадзім жа яму слова, тым болей што справа датычыцца згаданых мною раней даследчых шляхоў, калі ў ходзе рэалізацыі загадзя пастаўленых задач магчыма цалкам пазапланава напаткаць зусім новыя матэрыялы, якія пабуджаюць да да-лейшых пошукаў.

„Кніга гэтая паўстала <…. > неяк выпадкова. Яе нараджэнне пачалося ў той момант, калі пад час прагляду ў Галоўным архіве старадаўніх актаў у Варшаве карэспандэнцыі літоўскіх магнатаў мяне заінтрыгаваў загаловак так званай цыдулы пры адным з лістоў Крыштафа Дарагастайскага, вялікага маршалка літоўскага ў 1597 – 1616 г. <…> Са зместу адназначна вынікала, што жонка маршалка, Соф’я з Радзівілаў, здраджвала яму з нейкім Станіславам Тыміньскім, адным са шляхетных слуг двара Дарагастайскага. Тая сенсацыйная інфармацыя не была, аднак, на той час для мяне дастаткова зразумелай…”[41].

Сенсацыйная… адна з многіхпадобных справаў, хіба што яны звычайна былі ўтоеныя і не знаходзілі адлюстравання ў пісьмовай дакументацыі. А з іншага боку, рэдка калі, раз ужо былі занатаваны, траплялі ў рукі такога дапытлівага даследчыка. І Серадыка пачаў „выношваць” тэму, якая не давала яму спакою. Дзейнічаў зусім не як чысты медыявіст, які з мізэрных фрагментаў узнаўляе цэласны вобраз, найчасцей, аднак, гіпатэтычны. У дадзеным выпадку было інакш — крыніц XVII ст. захавалася непараўнальна больш, чым з Сярэднявечча, тым болей што на дапамогу прыйшлі шчасце і вялізная дасведчанасць эрудыта, які збіраў матэрыялы — аб чым я ўспамінаў — да другога тома задуманай манаграфіі пра Жыгімонта ІІІ, якая мусіла ахапіць 1609-1632 г. А той ліст здраджанага мужа, датаваны студзенем 1610 г., быў напісаны ў абозе пад Смаленскам швагру Крыштафу Радзівілу, стрыечнаму брату той самай Соф’і, другой гераіні рамана.

Заняты іншымі — планавымі — тэмамі, гісторык спачатку быў закінуў далейшыя высвятленні, але праз некаторы час вярнуўся да іх, заахвочаны прачытаннем фрагмента адной з кніг, якая бліжэй падыходзіла да справы відавочна асаблівай, а менавіта — рамана княжны з бедным слугой[42]. Гэтым разам пачаў правяраць недакладнасці і прыступіў да сістэматычных пошукаў, карыстаўся парадамі больш чым дзесятка спецыялістаў (акрамя гісторыкаў, таксама знаўцаў медыцыны) з Польшчы, Літвы, Беларусі і Аўстрыі, чые прозвішчы скрупулёзна пералічыў ва ўступе да сваёй манаграфіі. Вынікі пошукаў прадстаўляў у вузкіх колах (Аполі, Торуні[43], Познані), каб пасля перапынку, выкліканага клопатамі аб здароўі, завяршыць усё і апублікаваць у выглядзе кнігі[44].

Відавочна, „Княжна і бедны слуга” адрозніваецца ад іншых выданняў Серадыкі (але нароўні з імі прафесійна пацверджана дакументамі, маючы ў гэтым аспекце перавагу над працамі вышэйзгаданых эсэістаў[45]) тэматыкай, затое выяўляе шырокія гуманістычныя інтарэсы аўтара. Кніга чытаецца нібы дасканалая, поўная загадак аповесць, складаецца яна з шасці раздзелаў з загалоўкамі сапраўды літаратурнымі: Dramatis personae(„Персанажы драмы”. — Перакл.), „Раман Соф’і і Станіслава”, „Выкрыццё каханкаў”, „Працэс Тыміньскага”, „Прымірэнне сужэнцаў”, „Так мінаюць слава і драмы людскія”. Гэта гатовы матэрыял для кінасцэнарыя або тэатральнай п’есы.

Дазволю сабе на гэтым месцы прыгадаць фрагмент выдавецкай рэцэнзіі, якую ў 1994 г. я напісаў для выдавецтва Апольскага універсітэта: „Аўтар паказаў важны фрагмент старапольскай гісторыі нораваў, трактаваны так, як належыць тонкаму даследчыку, з улікам гістарычнага кантэксту (дадам: і асабліва рэаліяў і спецыфікі Вялікага Княства Літоўскага) і шэрагу спадарожных матываў. Без перабольшвання можна сказаць, што гістарыяграфія атрымала вобраз другога вялікага рамана з радзівілаўскага кола. Той, першы, датычыўся, канешне, Барбары Радзівілаўны”.

Ужо тады я звярнуў увагу на белетрыстычныя матывы, бездакорна прыдатныя да сцэнарыя, а таксама на вартасці навуковай працы ў сферы такога папулярнага сёння жанру, як дакументальная літаратура.

Другі выдавецкі рэцэнзент, Ярэма Мацішэўскі, заўважыў, між іншым: „Ян Серадыка напісаў чарговую цудоўную, выдатна пацверджаную дакументамі манаграфію, прысвечаную айчыннай гісторыі XVII ст., а што ён выйшаў па-за межы апрацаванай датуль тэматыкі — тым лепш. Напісаў яе пры гэтым цёпла, з разуменнем спраў людскіх у індывідуальным і грамадскім вымярэннях. Гэтая кніга паглыбляе нашы веды пра польскае або польска-літоўска-рускае XVII стагоддзе, набліжае да нас людзей, якія жылі ў той час, адкрывае датуль мала спазнаныя рысы іх менталітэту, ладу жыцця, характару”.

Аўтар зрадніўся з тэмай і сваімі героямі, перадусім з Дарагастайскім, адной з найвыбітнейшых постацяў грамадскага жыцця Літвы і Рэчы Паспалітай у першай палове XVII ст. У значнай ступені прачытанне біяграфіі вялікага маршалка літоўскага пяра Казіміра Лепшага[46] ў нацыянальным даведніку заахвоціла яго некалькі гадоў даследаваць любоўна-скандальны матыў. Наколькі гэты тэкст, якому ўжо споўнілася паўстагоддзя, паслужыў для яго адным з арыенціраў (у ім знаходзілася таксама кароткая інфармацыя пра шлюбную здраду), дык, завяршаючы ўласныя даследаванні, мог бы напісаць для PSB значна шырэйшы жыццяпіс гэтага магната. Замяніла яго кніга, а таксама напісаныя пасля яе заканчэння артыкулы, асабліва пра побыт хваравітага Крыштафа на курорце ў Сілезіі і ягоную смерць ва Ўроцлаве[47], адкуль цела было перавезена сваякамі (двойчы быў жанаты, ад шлюбу з Соф’яй Радзівілаўнай пакінуў сына — Уладзіслава) у Мураваную Ашмянку, дзе адбылося пахаванне ў кальвінскім зборы. Асобна заняўся аналізам ягоных выхаваўчых прадпісанняў для другой жонкі (была ёю якраз Соф’я)[48], а таксама тэстаментам[49] і інвентаром рухомай маёмасці[50]. Згадваў гэтую постаць і ў іншых працах, датычных літоўскай магнатэрыі, а таксама стаў хадайнікам ушанавання памяці свайго „пратэжэ” на месцы яго скону: у эпілогу манаграфіі апеляваў менавіта да ўроцлаўскіх гуманітарыяў, каб падтрымалі ініцыятыву ў справе размяшчэння на фасадзе гандлёвага дома „Фенікс” дошкі з паведамленнем, што на гэтым месцы некалькі стагоддзяў таму стаяла камяніца „Пад Залатым Дрэвам”, у якой (трэба было ўспомніць) «памёр па дарозе на лячэнне да Цепліцаў <…> маршалак в. літоўскі, палітык, ваяр, літаратар і навуковец, перадусім аўтар „Гіпікі”. Быў бы сапраўды задаволены, — дадаў, — калі б менавіта такі мог быць дадатковы эфект гэтай кнігі, насамрэч пабочны ў адносінах да яе асноўнага зместу, але, можа, значна больш трывалы за яе. Пэўна ж, больш відовішчны, бо практычна штодня надпіс чыталі б не толькі жыхары Ўроцлава, але і многія турысты, якія наведваюць гэты горад. Думаю таксама, што быў бы гэта прыгожы жэст у напрамку братоў нашых ліцвінаў, які падкрэсліваў бы нашу памяць пра іх вялікага суайчынніка і у той жа час грамадзяніна агульнай для нас тады Рэчы Паспалітай»[51]. Гісторык з Аполя, шукаючы сляды, пакінутыя маршалкам, кансультаваўся, між іншым, з Адамам Мальдзісам з Мінска, а таксама з Вітаўтасам Раўдэлюнасам і Антанасам Цілам з Вільні. Апошні па ягонай просьбе выправіўся ў Мураваную Ашмянку, дзе, аднак, — як напісаў у лісце 8 красавіка 1991 г., слядоў Дарагастайскіх у касцёле, пабудаваным у XVIII ст., не знайшоў, таксама як і ў каталогу рукапісаў Бібліятэкі Акадэміі Навук, спасылаючыся толькі на вядомыя матэрыялы з працы Чэслава Янкоўскага пра Ашмянскі павет і на навейшы — выдадзены ў Мінску — Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі, з якога далучыў да ліста ксеракопію на цікавую тэму.

Кніга „Княжна і бедны слуга” выклікала значнае рэха па Беларусі, дзе яе аўтар стаў класікам даследаванняў XVII ст. і асабліва — постаці Дарагастайскага, якая карыстаецца вялікай пашанай. Каб адзначыць 445-я ўгодкі з дня яго нараджэння — юбілей, які прыпаў на 2007 г. — былі арганізаваны адмысловыя ўрачыстасці і выдадзены ў шыкоўным выглядзе слынны твор маршалка. У сувязі з гэтым цікавую перапіску з аўтарам манаграфіі вяла перакладчыца „Гіпікі” на беларускую мову Святлана Ішчанка. Гісторыка з Аполя, канешне, запрасілі як ганаровага госця на святкаванне, але, на жаль, стан здароўя не дазволіў яму ўдзельнічаць.

З сучаснай Беларуссю ён завязаў знаёмства, як мы ведаем, значна раней — у дзяцінстве, прычым у драматычных абставінах. Праз шмат гадоў наведваў яе некалькі разоў, між іншым, як удзельнік міжнароднай навуковай канферэнцыі ў Мінску „Традыцыі і перспектывы інстытутаў парламентарызму ў Цэнтральнай і Ўсходняй Еўропе XV-XX ст.” (29-30 траўня 2001 г.), пад час якой выступіў з дакладам на тэму ўдзелу міністраў Вялікага Княства Літоўскага ў соймах Рэчы Паспалітай абодвух народаў на прыкладзе эпохі Вазаў[52].

Плёнам выступленняў Яна Серадыкі на канферэнцыях і ўдзелу ў калектыўных працах сталі — акрамя вышэйназваных — публікацыі на тэмы парламентарнай актыўнасці Радзівілаў[53], прававой культуры літоўскай магнатэрыі[54], канфліктаў паміж маршалкамі абедзвюх частак Рэчы Паспалітай[55], нарэшце, цыкл доследаў „Мемарыяла” канцлера Альбрыхта Станіслава Радзівіла[56], у тым ліку пра такі блізкі аўтару Пінск (асяродак Палесся ведаў галоўным чынам са старапольскіх крыніц і з уласнага досведу — таго, часоў акупацыі, а таксама пачатку ХХІ ст.)[57]. Літоўскія сюжэты знаходзілі адлюстраванне ў праблемных трактоўках[58], датычных усёй Рэчы Паспалітай і асабліва — старапольскага парламентарызму[59], найлепей жа гэта відаць у вышэйзгаданых соймавых манаграфіях. Калі ж Інстытут палітычнай гісторыі Вышэйшай школы кіравання і банкаўскай справы ў Познані, з якім прафеcар усталяваў сувязь пасля выхаду на універсітэцкую пенсію і стаў адным з даследчых стаўпоў гэтага калектыву, пастанавіў адзначыць ягонае 75-годдзе з дня нараджэння выданнем тома выбраных прац, Ян Серадыка парэкамендаваў уключыць у яго сярод шасці вялікіх раздзелаў перадусім гэтыя, звязаныя з Вялікім Княствам і выдадзеныя ўпершыню ў папярэднія гады, а менавіта: спрэчкі пра Копысь[60], пра касцёл у радзівілаўскай сядзібе[61], а таксама выхаваўчыя прадпісанні Дарагастайскага жонцы, якая прычыніла яму столькі турбот[62]. Больш за тое—акрамя згадкі дэбюту, звязанага з паўстаннем Хмяльніцкага[63], уключыў у том дзве новыя працы: пра ўдзел у соймавым жыцці сенатараў эпохі Жыгімонта ІІІ[64], а таксама міністраў 1587-1668 г., ці эпохі ўсіх трох польскіх Вазаў[65]. Гэтыя працы былі, вядома, дапоўнены вынікамі даследаванняў і роздумаў апошніх некалькіх дзесяцігоддзяў.

На даследчыя дасягненні свайго настаўніка ў галіне літуаністыкі звярнуў увагу дваццаць гадоў таму ягоны найвыбітнейшы вучань[66], сярод жа 16 аўтараў прысвечанага яму тады юбілейнага выдання знайшліся тыя, што напісалі на тэмы, датычныя ўласна Літвы (епіскапат, войска)[67]. У значна большай колькасці з’явіліся яны ў прыгожай памятнай кнізе да 75-гадовага юбілею ў 2004 г. (Studia Historyczno-Prawne). Успамінаючы ж сёння здабытак Яна Серадыкі ў даследаваннях гісторыі старадаўняй Літвы, не магу не прыгадаць нашых сумесных вандровак у мінулыя гады па Горадзе Гедыміна і Віленшчыне, а таксама пазнейшых навуковых дыскусій, асабліва ў перыяд, калі рэктар з Аполя па маёй просьбе ўдзельнічаў у працах Навуковай рады Бібліятэкі Курніцкай ПАН, часта карыстаўся зборамі гэтага цэнтра і публікаваўся ў яе Pamiętniku(1976-1982), а пазней, у 1998 г., пажадаў прыняць запрашэнне да ўдзелу ў працах калектыву ў Познані, які я тады ўзначальваў, быў таксама ініцыятарам майго дзесяцігадовага штатнага супрацоўніцтва з Апольскай Alma Mater і яе добрым духам у 1983-1993 г. Рэгулярна сустракаліся мы ў той час у ягонай гасціннай кватэры на вуліцы Плебісцытавай і ў атачэнні кніг і нататак вялі доўгія размовы пра гісторыю даўніх вякоў і найноўшую, a таксама пра сучаснасць. А зблізіла нас трыццаць шэсць гадоў таму Вільня „маіх” Ягелонаў і Ягоных Вазаў…

Апоўдні 20 жніўня 2008 г. на могілках у Аполі са сваім выбітным папярэднікам ад імя шматлікіх прысутных сяброў, калег і супрацоўнікаў Апольскага універсітэта развітаўся ў хвалюючых словах рэктар — прафесар Станіслаў Ніцея[68].


[1] Gazeta Wyborcza. 19.VIII.2008 (мясцовая частка, с. 10).
[2] Да 60-гадовага юбілею Яна Серадыкі быў выдадзены том„Z dziejów Rzeczypospolitej szlacheckiej”(Opole, 1988), да 75-годдзяз дня нараджэння і 45-годдзя навуковай працы — „Studia Historyczno-Prawne” (Opole, 2004).
[3] Studia Historyczno-Prawne, pod red. W. Kaczorowskiego. Opole,2008. У падрыхтоўцы гэтай кнігі ўдзельнічалі каля 20 польскіх і замежных аўтараў, большасць змешчаных тэкстаў датычыцца абедзвюх частак Рэчы Паспалітай XVII ст.
[4] Гл. Ochmański J. Lituanistyka w Polsce do 1965 r. // Roczniki Historyczne 34, 1968. S. 137-168. Ён жа, Dzieje Litwy w pracach współczesnych historyków polskich //Rocznik Białostocki 2, 1962.S. 451-458.
[5] Bardach J. O Rzeczpospolitą Obojga Narodów. Dzieje unii polsko-litewskiej. Kraków, 1996. Kosman M. Unia Polski z Litwą i jej echaw XIX-XX wieku // Per saecula ad tempora nostra. Sborník prací k šedesátým narozeninám prof. Jaroslava Pánka. Uspořádali J. MikulecaM. Polívka. Svazek I. Praha, 2007. S. 247-251.
[6] Шырэй: Kosman M. Wileńscy badacze dziejów Wielkiego Księstwa Litewskiego na rozdrożu po 1945 roku // Ostatni obywatele Wielkiego Księstwa Litewskiego. Praca zbiorowa pod red. T. Bujnickiego iK. Stępnika. Lublin, 2005. S. 317-327. Ён жа, Dzieje Litwy w historiografii polskiej drugiej połowy XX wieku. Szkic do tematu // Studia historyczno-prawne. Prace dedykowane Profesorowi Janowi Seredyce w siedemdziesiątą piątą rocznicę urodzin i czterdziestopięciolecie pracy naukowej. Pod redakcją W. Kaczorowskiego i J. Dorobisza. Opole, 2004. S. 119-126.
[7] Jarocki R. Rozmowy z Lorentzem. Warszawa, 1981. S. 24-52. Lorentz S. Album wileńskie. Warszawa, 1986. Kosman M. Stanisław Lorentz i Vladas Drema – przyjaźń ponad podziałami // Kultura polityczna w Polsce. T. VI. Część pierwsza. Praca zbiorowa. Poznań, 2006. S. 337-345. Гл. таксама: Ferdynand Ruszczyc 1870-1936. Pamiętnik wystawy. Pod red. J. Ruszczycówny.Warszawa, 1966. Sleсdziński Ludomir. Pamiętnik wystawy. Podred. I. Kołoszyńskiej. Warszawa, 1977. Крыніцай ведаў пранавуковае — і не толькі! — польска-літоўскае супрацоўніцтвава ўмовах пазітывісцкай канспірацыі пасля Другой сусветнайвайны з’яўляецца апублікаваная ў польскім арыгінале і ўпаралельным перакладзе на літоўскую мову багатая — ахопліваебольш за тры дзесяцігоддзі, ад 1958 да 1991 г. — перапіска паміжшматгадовым дырэктарам Нацыянальнага музея ў Варшавеі віленскім гісторыкам мастацтва, перад Другой сусветнайвайной ягоным студэнтам ва Ўніверсітэце Стэфана Баторыя,Уладзіславам (Владасам) Дрэмай: Vladas Drėma. Laiskai – Stanisław Lorentz, Listy. Vilnius, 1998.
[8] Bardach J. O dawnej i niedawnej Litwie. Poznań, 1988. S. 399-430(rozdział IX: Henryk Łowmiański jako badacz dziejów Litwy historycznej).
[9] Kosman M. Juliusz Bardach – lituanista // Czasopismo Prawno-Historyczne. T. LVI. Zeszyt 1. 2004. S. 323-329.
[10] Гл.: Międzymorze. Polska i kraje Europy środkowo-wschodniej XIX-XX wiek. Studia ofiarowane Piotrowi Łossowskiemu w siedemdziesiątą rocznicę urodzin. Warszawa, 1995. S. 9—29.
[11] Другі бок таксама не застаўся без віны, нярэдка кажучы пра небесстароннасць партнёра з-па-над Віслы, які шукаў у Вялікім Княстве праславутага Эльдарада і прымнажэння жыхароў Кароны за кошт мясцовага насельніцтва. Было гэта рэха даўніх сварак, якія, аднак, не да твару гісторыкам-прафесіяналам. Гл. таксама: Kosman M. Mitologia rediviva. Między litwomaniąs litwofobią // Kultura polityczna w Polsce. T. II: Mity i fakty. Praca zbiorowa. Poznań, 1999. S. 103—111. Ён жа: Litauen zwischen Vergangenheit und Gegenwart. Studien zur politischen Kultur.Teil 1. Poznań, 2003. S. 119-128.
[12] Wisner H. Janusz Radziwiłł (1612-1655) wojewoda wileński hetman wielki litewski. Warszawa, 2000. Ён жа: Jonušas Radvila (1612-1655) Kėdainių šešėlyje. Z polskiego przetłumaczyіa T. Bairašauskaitė. Leidykla Vaga, 2000.
[13] Aleksandravičius E. i Kulakauskas A. Pod władzą carów. Litwa w XIX wieku. Z litewskiego przełożyła B. Kalęba. Kraków, 2003.(Арыгінальнае выданне: Carų valdžioje. Lietuva XIX amžiuje. Baltos Lankos, 1996). Kiaupa Z., Kieupienė J., Kuncevičius A. Historia Litwy od czasów najdawniejszych do 1795 roku. Warszawa, 2007. (Сумесны пераклад з літоўскай мовы з: Lietuvos istorijaįki 1795 metų. Wyd. II. Vilnius, 2000.)
[14] Kultura Wielkiego Księstwa Litewskiego. Analizy i obrazy. Przekładz litewskiego P. Bukowiec, B. Kalęba, B. Piasecka. Kraków, 2006.(Пяццю гадамі раней у Вільні з’явілася ў ідэнтычным мастацкім афармленні выданне першадруку: Lietuvos Didžiosios Kunigaikštijos kultūra. Tyrinėjimai ir vaizdai. Гл.: Косман М. З разваг над культурай Вялікага Княства Літоўскага // Беларускі Гістарычны Агляд. T. 13. Сшытак 2 (25). 2006. С. 375-387.) Згодна з назвай, выклад павінен датычыцца Вялікага Княства,а насамрэч засяроджваецца на этнічнай Літве і яе праблемах.Затое гістарычную Літву ў сувязі з усёй Рэччу Паспалітай трактуе праца, выдадзеная беларускімі гісторыкамі: Вялікае Княства Літоўскае: Энцыклапедыя. T. 1—2. Мінск, 2005-2006,старанна ілюстраваная, пераклад якой на польскую мову быў бы вельмі пажаданы.
[15] Dainauskas J. Autentyczność aktu krewskiego // Lituano-Slavica Posnaniensia. Studia Historica II. 1987. S. 125-144. Прапануючы польскаму чытачу гэты шакуючы тэкст, упершыню апублікаваны на літоўскай мове ў ЗША (Чыкага, 1976), рэдакцыя выказала спадзяванне, што палеміка засяродзіцца на ягоных асноўных тэзісах, а не выключна на шматлікіх фактаграфічных хібах або бібліяграфічных памылках.
[16] Гл. між іншым: Błaszczyk G. Czy była unia krewska? // Kwartalnik Historyczny CX. Zeszyt 1. 2003. S. 83-96.
[17] Kultura polityczna w Polsce. T. VI: Litwa w polskiej tradycji i kulturze politycznej. Praca zbiorowa pod redakcjąM. Kosmana. Część 1. Poznań, 2006. S. 37-49.
[18] Пад час чарговага з таго 1972 г. знаходжання ў Вільні я настойліва прасіў гаспадароў аб магчымасці наведаць старажытную цвярдыню кальвінізму, а яны — аж да вялікай палітычнай пераменыў СССР — не маглі задаволіць маю просьбу, паколькі Кейданы па ваенных разліках былі мясцовасцю пад асаблівай аховай.Але пра гэта я даведаўся не адразу.
[19] Kosman M. Dzieje Litwy w historiografii polskiej. S. 134. Гл.таксама яго: Pasje Jana Seredyki // Strony. Czasopismo Społeczno-Kulturalne, № 3-4 (21-22). Opole, 1998. S. 20 nn. Ён жа: Autor i jego dzieło // Seredyka J. Rozprawy z dziejów XVI i XVII wieku. Poznań, 2003. S. 9-19.
[20] Rozprawy z dziejów XVI i XVII wieku. S. 21-53.
[21] Rzeczpospolita w ostatnich latach panowania Zygmunta III (1629-1632). Zarys wewnętrznych dziejów politycznych. Opole, 1978.
[22] Sejm zawiedzionych nadziei (1627). Opole, 1981. Sejm warszawski z 1618 roku. Opole, 1988. Parlamentarzyści II połowy panowania Zygmunta III Wazy. Opole, 1989.
[23] Гл. біяграмы і біяграфічныя нарысы: Współcześni uczeni polscy. Słownik biograficzny. T. IV. Warszawa, 2002. S. 66 n. Zіota Księga Nauki Polskiej. Naukowcy Zjednoczonej Europy 2006. Warszawa, 2006. S. 723. Гл. спасылку 15, а таксама: Dorobisz J. i Kaczorowski W. Profesor Jan Seredyka. W czterdziestopięciolecie pracy naukowej // Studia historyczno-prawne. S. 9-16.
[24] Два тэрміны (з 1976 да 1982 г.) Ян Серадыка быў членам Навуковай Рады Бібліятэкі Курніцкай, публікаваў свае творы на старонках яе друкаванага органа „Pamiętnik Biblioteki Kórnickiej”.
[25] Гл. спасылку 17.
[26] Źródła do panowania Zygmunta III w archiwach i bibliotekach ZSRR // Sprawozdania Opolskiego Towarzystwa Przyjaciół Nauk.Wydział I: seria A № 7 za rok 1969. Wrocław, 1971. S. 65-71. Źródła do dziejów Polski i Litwy okresu przedrozbiorowego w bibliotekach Wilna i Leningradu — тамсама, № 10 za rok 1973. Wrocław, 1974. S. 37-48.
[27] Konflikt między Koroną i Litwą na sejmie warszawskim 1627 r. //Zeszyty Naukowe Wyższej Szkoły Pedagogicznej w Opolu. Historia VI. Opole, 1967. S. 129—153. Magnackie spory o posiadłość kopyską w XVI i pierwszej połowie XVII wieku // тамсама, HistoriaXIII. Opole, 1975. S. 59—111. Niepospolite dzieje Maximowiczów-Łomskich w końcu XVI i w pierwszej połowie XVII wieku // Śląski Kwartalnik Historyczny Sobótka. T. 30. Zeszyt 2. Wrocław, 1975.S. 203—220. Шырэйшы, комплексны погляд на вышэйпамянёную праблему змяшчае артыкул Polityczne konsekwencje magnackich konfliktów majątkowych dla dziejów dawnej Rzeczypospolitej // Sprawozdania Wydziału I Opolskiego Towarzystwa Przyjaciół Nauk. Seria A, № 12 za rok 1975. Wrocław, 1977. S. 22-27.Праз гады выспеў артыкул вузка парламентарнай тэматыкі: Instrukcja powiatu wileńskiego na sejmy panowania Zygmunta III Wazy // Śląski Kwartalnik Historyczny Sobótka, № 2—3. Wrocław, 1994 (Studia Historyczno-Prawne. Prace ofiarowane Kazimierzowi Orzechowskiemu w 70 rocznicę urodzin. Pod red. K. Matwijowskiego i S. Ochmann Staniszewskiej). S. 189—197.
[28] Magnackie spory, s. 91.
[29] Niepospolite dzieje, s. 216 n.
[30] Dzieje zatargów i ugody o kościół kiejdański w XVI-XVII w. // Odrodzenie i Reformacja w Polsce, XXII. 1976. S. 83-110.
[31] Jakub ze Zbaraża Woroniecki – pechowy biskup polskiego renesansu // Sprawozdania Wydziału I Opolskiego Towarzystwa Przyjaciół Nauk. Seria A, № 12 za rok 1975. Wrocław, 1977. S. 25-41.
[32] Nie znany projekt egzekucji konfederacji warszawskiej // Odrodzenie i Reformacja w Polsce, XX. 1975. S. 155-169. Z dziejów tolerancji religijnej na Litwie za panowania Zygmunta III // Sprawozdania OTPN. Seria A, № 10 zа rok 1973. Wrocław, 1974. S.103—110. Аўтар не паддаецца ўражанням ад жорсткіх, аднакадзінкавых прыкладаў рэлігійных ганенняў, але, паказваючы іх у агульным кантэксце, падкрэслівае атмасферу талерантнасці ўадносінах да іншых веравызнанняў і нават зусім незвычайныя яепраявы. Ягоныя погляды сыходзяцца — за малымі выняткамі—са сцвярджэннямі іншых даследчыкаў, у тым ліку ЯнушаТазбіра, Генрыка Віснера і аўтара гэтых радкоў. Скончыў жа меркаваннем: «Такім чынам, калі, нягледзячы на такую вялікую і шматгадовую контррэфармацыйную акцыю пры Жыгімонце ІІІ, пасля ўжо ягонай смерці не толькі паміжадзінкавым магнатам-кальвіністам (мае на ўвазе віленскагаваяводу і гетмана Крыштафа Радзівіла. — М. К.) і біскупам (віленскім Яўстафіем Валовічам.—М. К.) альбо тым жа магнатамі адным ці другім законнікам, але паміж шляхтай каталіцкай ікальвінскай цэлага ваяводства (Віцебскага. — М. К.) панавалаамаль цэлае стагоддзе Рэфармацыі і Контррэфармацыі нічым неазмрочаная згода, можна хіба без залішняга перабольшвання сцвярджаць, што ў справах свабоды сумлення тагачаснае ВялікаеКняства Літоўскае найбольш заслугоўвае назвы „дзяржава без вогнішчаў”» (с. 110). Сапраўды, скрупулёзныя даследаванні паказалі, што той праект не ажыццявіўся на Літве, а ягоным аўтарам быў нейкі жыхар Кароны, аднак тэкст не ў меншай меры адлюстроўвае талерантныя тэндэнцыі, моцныя перадусім у Вялікім Княстве.
[33] Radziwiłłówski plan zbojkotowania przez Litwę w 1626 roku sejmu nadzwyczajnego w Toruniu // Zeszyty Naukowe WSP w Opolu. Historia 8. Opole, 1971. S. 35—59. Konwokacja wileńska, ale jaka? // Historia XII. 1973. S. 120-139. Гл. асабліва s. 134 n. Por.Kosman M. Parlamentaryzm Wielkiego Księstwa Litewskiego wświetle najnowszych badań // Zapiski Historyczne. T. LXX. Zeszyt 4. Toruń, 2005. S. 97.
[34] Гл. спасылку 17.
[35] Sejm zawiedzionych nadziei. Opole, 1981.
[36] Мы памятаем, што гэта быў і заставаўся ў далейшым, а значыць, на працягу творчага паўстагоддзя, галоўны герой ягоных даследчых змаганняў з гісторыяй, якому (а прынамсі, другой палове яго панавання) меў намер прысвяціць манаграфію, дакументальна заснаваную на ўласных пошуках крыніц і, такім чынам, незалежную ад разрозненых гістарыяграфічных ацэнак. Сааўтарам—у дачыненні да першай паловы панавання—меўся быць Ярэма Мацішэўскі. На жаль, абодва знакамітыя аўтары не здолелі выканаць свой паважны намер. Серадыку засталася ўласцівай сімпатыя да блізкай яму постаці манарха, аднак жа ён здолеў сфармуляваць ацэнкі, далёкія ад аднабаковых, што мы бачым у названай тут працы. А гэткая пазіцыя нячаста сустракаецца сярод біёграфаў. Як згадваў праф. Серадыка ў адной з размоў са мной, пэўнае задавальненне яму прынесла тое, што абодвух патэнцыйных аўтараў у нейкай ступені замяніў у сваіх даследаваннях панавання Жыгімонта ІІІ Генрык Віснер. Аднак мы далей чакаем не менш грунтоўнай біяграфіі манарха, які панаваў амаль паўстагоддзя. Навуковец з Аполя прыгадваў тут Уладзіслава Пацеху, які са сваёй манаграфіяй пра каралеву Бону таксама размахнуўся настолькі амбіцыйна, што не здолеў яе скончыць (апублікаваў чатыры ёмістыя тамы).
[37] Dzieje Polski pod redakcją J. Topolskiego. Warszawa, 1975. S. 254 nn.
[38] Kosman M. Polska w drugim tysiącleciu. Tom I: Czasy narodu ipaństwa szlacheckiego. Toruń, 2007; асабліва раздзел Złudne uspokojenie, які ахоплівае заканчэнне панавання Жыгімонта ІІІ іпраўленне Ўладзіслава IV (падзагаловак: Cisza przed burzą),с. 221-234.
[39] Zarys historii Polski pod redakcją J. Tazbira. Warszawa, 1979. S.238.
[40] Wielka historia Polski: Grzybowski S. Dzieje Polski i Litwy (1506-1648). Kraków, 2000; Gierowski J. A. Rzeczpospolita w dobie Złotej wolności (1648-1763). Kraków, 2001. Labuda G. Zadania i celepoznawcze syntezy historii Polski od prawieku do współczesności // Forum Naukowe Wyższej Szkoły Zarządzania i Bankowości. R. IX,№ 19. Poznań, 2004 (Prace Instytutu Historii Politycznej, № 4). S.29-38.
[41] Seredyka J. Księżniczka i chudopachołek. Zofia z Radziwiłłów Dorohostajska – Stanisław Tymiński. Opole, 1995. S. 7. Кніга з’явілася праз 5 гадоў пасля той прэзідэнцкай кампаніі, калі ўжо мела месца новая элекцыя, у выніку якой Леха Валенсу змяніў пасля першага і адзінага тэрміну Аляксандр Квасьнеўскі, а Станіслаў Тыміньскі, па праўдзе кажучы, зноў з’явіўся, але ўжо як кандыдат другарадны, а не першага плана. Актуалізацыю мы сустракаем толькі ўсярэдзіне тэксту, калі аўтар задумваецца: ці мог тагачасны сапернік Леха Валенсы быць нашчадкам Станіслава Тыміньскага, які жыў на пачатку XVII ст., — і прыходзіць да адмоўнай высновы (гл. с. 85).
[42] Гэта была кніга Ярэмы Мацішэўскага „Szlachta polska i jej państwo”. Warszawa, 1969 (апісанне на с. 158—159).
[43] Гл: Zofia Radziwiłłówna. Z dziejów obyczajów na Litwie okresu wczesnego baroku // Sprawozdania Toruńskiego Towarzystwa Naukowego za rok 1990. S. 18-23.
[44] Гл: Księżniczka i chudopachołek. S. 9 nn.
[45] Бо найноўшыя выданні, напр. Уладзіслава Лазіньскага,навуковыя рэдактары забяспечылі спасылкамі на крыніцы,якія дазваляюць адкарэктаваць не адну цытату з дакумента, што звычайна падаецца „па памяці”. Будучаму выдаўцу гэтай —таксама як і іншых — прац Я. Серадыкі не давядзецца браць на сябе такія клопаты.
[46] Lepszy K. Dorohostajski Krzysztof Mikołaj z przydomkiem Moniwid, h. Leliwa (1562-1615) // Polski Słownik Biograficzny. T.V. Kraków, 1939-1946. S. 330-333.
[47] Krzysztof Dorohostajski na Dolnym Śląsku // Śląski Kwartalnik Historyczny Sobótka. 1996, № 1-3. S. 350-356.
[48] Instrukcje „wychowawcze” Krzysztofa Dorohostajskiego dla żony Zofii Radziwiłłówny // Duktem czasów. Księga pamiątkowa ku czciProfesora Mariana Kaczmarka. Opole, 1996. S. 291-303.
[49] Testament Krzysztofa Moniwida Dorohostajskiego // Aere Perennius. Księga pamiątkowa ku czci Profesora Gerarda Labudy na 85-lecie urodzin. Poznań, 2001. S. 101-114.
[50] Праца з гэтай серыі („Inwentarze majątku ruchomego Krzysztofa Dorohostajskiego, marszaіka wielkiego litewskiego”, камп’ютарны друк, с. 34), падрыхтаваная да друку ў пачатку 2008 г.,завяршае цыкл даследаванняў, звязаных з гэтай постаццю. Гэта скрупулёзна прадстаўлены і пранікліва ахарактарызаваны спіс, які грунтуецца на датычных тэстамента ад 12 траўня 1615 г. нерухомай маёмасці (пералік знайшоўся ў згаданай апошняй волі) і рухомасці (у дадзеным выпадку падрыхтоўка спісаў патрабавала велізарных намаганняў). Гл. таксама: Militaria Krzysztofa Moniwida Dorohostajskiego // Litwa w epoce Wazów. Prace ofiarowane Henrykowi Wisnerowi w siedemdziesiątąrocznicę urodzin. Pod red. W. Kriegseisena i A. Rachuby. Warszawa, 2006. S. 355-371. Некалькі гадоў чакае публікацыі тэкст„Oporządzenia jeździeckie w zbiorach Krzysztofa Dorohostajskiego” (камп’ютарны друк, с. 13), складзены для падрыхтаванайнайноўшай памятнай кнігі для праф. Юліюша Бардаха да юбілеюлітуаністычных даследаванняў (падкрэсліванне маё. — М. К.).
[51] Księżniczka i chudopachołek, s. 129.
[52] Пашыраная версія гэтага тэксту з’явілася ў зборніку прац Я. Серадыкі, гл. спасылку ніжэй.
[53] Udział Radziwiłłów w sejmach panowania Zygmunta III Wazy //Miscellanea Historico-Archivistica (Archiwum Gіówne Akt Dawnych). T. 3: Radziwiłłowie XVI-XVIII wieku. W kręgu polityki i kultury. Praca zbiorowa pod red. E. Potkowskiego. Warszawa, 1989.S. 13-26.
[54] Kultura prawna magnatów litewskich w XVI i XVII wieku // Kultura polityczna w Polsce (I) Przeszіość i teraźniejszość. Pod red. M.Kosmana. Poznań, 1996. S. 35-46.
[55] Konflikty marszałków koronnych z litewskimi od unii lubelskiejdo połowy XVII wieku // Świat pogranicza Księga pamiątkowa na70-lecie urodzin Tadeusza Wasilewskiego, pod red. M. Nagielskiego, A. Rachuby i S. Górzyńskiego. Warszawa, 2003. S. 213-221.
[56] Habsburgowie w Pamiętniku Albrychta Stanisława Radziwiłła //Per saeculaad tempora nostra. Sbornik praci k śedesatym narozeninám prof. Jaroslava Pánka. Uspořádali J. Mikulec a M. Polívka. Svazek 1. Praha, 2007. S. 507-514. Nad Pamiętnikiem Albrychta Stanisława Radziwiłła: 1. O Wielkopolsce i Wielkopolanach; cz. 2:„Inni”Habsburgowie i Habsburżanki // Na obrzeżach polityki. Podred. M. Kosmana. Część czwarta. Poznań, 2007. S. 15-48.
[57] Pińsk Albrychta Stanisława Radziwiłła // Kultura polityczna w Polsce. Pod red. M. Kosmana. T. VI: Litwa w polskiej tradycji i kulturze politycznej, część druga. Poznań, 2006. S. 37-49.
[58] Здалёк пазіраў на Літву і зблізку — на яе ўплывовых прадстаўнікоў Джаванні Паола Мукантэ, цырыманіймайстар папскага двара, які ў 1596 г. суправаджаў у легацыі ў Польшчу кардынала Энрыка Каэтані, а пасля вяртання ў Рым у 1598 г.склаў справаздачу пра экзатычную для яго выправу. Гл.: Kaczorowski W. i Seredyka J. Polska i Polacy końca XVI wieku według Giovanniego Paola Mucante // Kultura polityczna w Polsce.Pod red. M. Kosmana. T. IV: Swoi i obcy, część I. Poznań, 2004. S.49-69.
[59] Прыкладам сапраўды падзвіжніцкай працы назавем багата,як звычайна, дакументаваную і поўную таблічных уставак кнігу Parlamentarzyści drugiej połowy panowania Zygmunta III Wazy (Opole, 1989), што ахоплівае ўсю Рэч Паспалітую. Кніга хоць і патрабуе асаблівай канцэнтрацыі пры чытанні, аднак аблягчае працу наступным пакаленням даследчыкаў. Тут варта заўважыць, што такая каштоўная праца была выдадзена малым — тым старым — накладам, аўтару ж вызначылі ліміт:10 аркушаў, у выніку чаго ён не здолеў рэалізаваць першасную задуму разгледзець сенатараў і паслоў усяго 45-гадовага панавання Ягелона па кудзелі.
[60] Rozprawy z dziejów XVI i XVII wieku. Poznań, 2003. Rozdział II: Magnackie spory o posiadłość kopyską w XVI i pierwszej połowieXVII wieku. S. 55-110.
[61] III. Dzieje zatargów i ugody o kościół kiejdański w XVI-XVII wieku, — тамсама, s. 111—140.
[62] IV. Instrukcje „wychowawcze”Krzysztofa Dorohostajskiego dla żonyZofii Radziwiłłówny, — тамсама, s. 141—154.
[63] I. Stosunki ukraińsko – rosyjskie w 1648 roku, — тамсама, s. 21—54.
[64] V. Senatorowie Rzeczypospolitej na sejmach Zygmunta III Wazy(1587-1632). S. 155-238.
[65] VI. Ministrowie Rzeczypospolitej na sejmach epoki trzech Wazów(1587-1668). S. 239-311.
[66] W. Kaczorowski. Jubileusz profesora Seredyki // Trybuna Opolskaą 50 z 28.II.1989 r. S. 6.
[67] Z dziejów Rzeczypospolitej szlacheckiej // Zeszyty Naukowe Wyższej Szkoły Pedagogicznej im. Powstańców Śląskich w Opolu. Seria Historia, № XXVI. Opole, 1988 (тэксты М. Космана і Г. Віснера, часткова таксама іншых аўтараў).
[68] Матэрыялы пра Яна Серадыку (у тым ліку прамову рэктара Ніцеі) гл. у часопісе Апольскага універсітэта „Index”, № 7—8 (91-92) 2008 г.

Наверх

Генадзь Сагановіч. Мода на плагіят?

Чэрвеня 13, 2009 |

Плагіят — гэта экспрапрыяцыя таго адзінага віду прыватнай уласнасці, які нават… Карл Маркс лічыў неадчужальным і рашуча бараніў.

Роберт К. Мертан

Калі вы знаходзіце свой тэкст там, дзе яго не друкавалі, ды яшчэ і пад іншым прозвішчам, у наяўнасці факт крадзяжу. На мове законаў гэта называецца плагіятам (ад лац. рlagiо—выкрадаю)—наўмысным прысвойваннем прадуктаў чужой творчасці ў сферы навукі, літаратуры ці мастацтва[1]. У літаратуры і мастацтве, што праўда, не заўсёды проста адрозніць плагіят ад блізкіх да яго з’яваў — запазычання, наследавання, пераймання і да т. п. Плагіятарства ж навуковых тэкстаў выяўляецца намнога прасцей. Удакладнім тут, што не вядзецца пра выкарыстанне сюжэтаў ці ідэй чужой працы, — без дакладнага паўтарэння формы іх выяўлення гэта плагіятам не лічыцца, бо супадзенне асобных ідэй можа быць абумоўлена выкарыстаннем тых жа крыніц і да т. п. Трэба таксама ясна адрозніваць ад плагіята кампіляцыю (ад лац. compilatio — збіраю) — стварэнне твора на падставе чужых даследаванняў, без самастойнай апрацоўкі крыніц, але з указаннем пазіцый, з якіх інфармацыя паходзіць, або рэферат, мэтай якога і ёсць выкарыстанне дадзеных іншых аўтараў. Плагіятар жа свядома ідзе на тое, каб чужое выдаць за сваё. Самым класічным відам такога крадзяжу ў гуманітарнай сферы можна лічыць „канспектаванне” (іншым разам даслоўнае) чужых тэкстаў, часцей — прысвойванне ix фрагментаў як плёну ўласнай працы, — без спасылкі на выкарыстаную публікацыю.

Зразумела, стаўленне да такога, фігуральна кажучы, некарэктнага выкарыстання чужых тэкстаў цягам гісторыі мянялася. У даўнія часы, калі паняцця аўтарства як такога не існавала, літаральныя запазычанні ці перапісванні твораў папярэднікаў не лічыліся справай, годнай асуджэння, і шырока практыкаваліся. Аднак тое, што яшчэ ў эпоху Рамантызму было дапушчальным, са станаўленнем гуманітарных навук стала прызнавацца плагіятам. З’яўленне паняцця аўтарскага права і законаў аб яго ахове перанесла праблему плагіяту з чыста этычнай у юрыдычную. У сучасным грамадстве аўтарскія тэксты (пагатоў навуковыя публікацыі!) як прадукты інтэлектуальнай дзейнасці ахоўваюцца аўтарскім правам, за парушэнне якога прадугледжваецца часам і крымінальная адказнасць. У Расіі, напрыклад, плагіятарства як цяжкае парушэнне ў сферы інтэлектуальнай уласнасці караецца ў рэжыме крымінальнага пераследу (гл.: Уголовный Кодекс РФ , ст. 146, ч. 1). Дзейны Закон Рэспублікі Беларусь „Аб аўтарскім праве і сумежных правах”, у якім аб’ектамі такога права, зразумела, лічацца і навуковыя творы (артыкулы, манаграфіі, справаздачы), як і Крымінальны Кодэкс Рэспублікі Беларусь (гл. арт. 138), таксама прадугледжваюць адказнасць за падобныя правапарушэнні. Праўда, нягледзячы на наяўнасць адпаведнага заканадаўства, аб прыкладах паспяховай абароны аўтарскага права ў судовым парадку мы амаль не чуем, — гэта пры тым, што практыка яго злоснага парушэння ў апошнія часы імкліва пашыраецца.

Сусветнае павуцінне спрычынілася да таго, што ў наш час плагіятарства абярнулася сапраўднай пошасцю для універсітэтаў, і гэта ні для кога не сакрэт. Кожны выкладчык ведае, наколькі заразлівай хваробай для студэнцтва стала пісанне курсавых і дыпломных метадам выкарыстання камбінацыі клавіш Ctrl + С Ctrl + V. Некаторыя універсітэты спрабуюць ратавацца ад плагіяту з Інтэрнэта, кожны па-свойму, але пакуль іх замала, як і плёну ад прынятых імі захадаў. Большасць глядзіць на студэнцкі плагіят скрозь пальцы. Прыклад адказнага стаўлення да праблемы дэманструюць нашы заходнія суседзі. У Польшчы з 2003 г. даступная ў Інтэрнэце кампутарная праграма Plagiat.pl, якая дазваляе хутка спраўджваць працы студэнтаў на наяўнасць скрадзеных тэкстаў. Адпаведную праграму праверкі сапраўднасці аўтарскіх прац усталявалі ў шэрагу універсітэтаў Украіны, дзе такія сістэмы выкарыстоўвае і ВАК. Свой Інтэрнэт-сервіс „Антиплагиат” уведзены і ў Расіі. Што да Беларусі, то ў нас, пры ўсім зацішшы, у апошнія гады стала нарэшце публічна прызнавацца, што незаконнае выкарыстанне вынікаў чужых даследаванняў зрабілася вострай праблемай гуманітарнай адукацыі і навукі[2]. ВАК Беларусі не так даўно таксама ініцыявала распрацоўку сістэмы для праверкі навуковых прац на наяўнасць плагіяту. Наколькі эфектыўнымі стануць яе захады па кантраляванні якасці навуковай прадукцыі, пакажуць найбліжэйшыя гады, пакуль жа можна крыкам крычаць, — плагіятарства ў беларускай гуманістыцы, так бы мовіць, расцвіло буйным цветам!

Трывожным сігналам для цэха беларускіх гуманітарыяў не магла не стаць разгорнутая рэцэнзія Наталлі Гардзіенкі на абагульняльны курс гісторыі беларускай дыяспары[3], у якой даследчыца дэтальна паказала, наколькі шырока і разам з тым непрыкметна ў нас можа выкарыстоўвацца плагіят у прадукаванні навучальнай літаратуры для вышэйшай школы. Шкада, што гэтая прынцыповая публікацыя не выклікала належнага рэзанансу, бо закранаўся зусім не шараговы інцыдэнт. I каб уявіць маштабнасць узнятай праблемы, дастатковым аказалася звярнуць увагу на тыя прыклады несумленнай навукатворчасці, пра якія нямала гаварылася ў кулуарах інстытутаў ды універсітэтаў, на якія наракалі калегі…

Думаю, у свой час не толькі мне ў калідорах Інстытута гісторыі НАН Беларусі даводзілася чуць, што доктар гістарычных навук Георгі Карзенка не цураўся перапісвання чужых тэкстаў без адпаведных спасылак і шырока практыкаваў выданне пад сваім імем кніг, у якіх быў складальнікам, а не аўтарам. І варта было бліжэй пазнаёміцца толькі з адной дастаткова свежай працай гэтага вучонага — анатаваным паказальнікам дысертацый па гістарычных навуках[4], каб пераканацца, што перад намі сапраўды прыклад чыстага плагіяту. Як аказалася, уступны артыкул Г. Карзенкі да гэтага выдання складзены з фрагментаў шэрагу публікацый іншых аўтараў, „заканспектаваных” часам даслоўна[5]. Каб наглядна паказаць прыклады такога плагіятарства, змяшчаю тут сканы некаторых старонак згаданага выдання (гл. ілюстрацыі № 1—4). Кавалкі тэксту, узятыя ў іншых аўтараў без адпаведнай спасылкі, затушаваны шэрым. Так, на с. 3 і 4 у аўтарскі тэкст інсталяваны фрагменты артыкула аб сістэме навуковай атэстацыі ў Беларусі[6] (толькі ў асобных месцах яны злёгку зменены, сказы падкарочаны, прапушчаны асобныя словы і да т. п.), на с. 34—35 прыкладна палова тэксту, а на с. 36—37 — амаль усё даслоўна спісана з двух часопісных артыкулаў Мікалая Сташкевіча і Ўладзіміра Казлякова[7], з паўтарэннем імі ж прыведзеных спасылак, а на с. 38—39 апрача згаданых публікацый некарэктна выкарыстаны артыкул Уладзіміра Міхнюка[8]. Наогул, у невялікім па аб’ёме ўступе да паказніка дысертацый (40 старонак) такіх месцаў, дзе тэкст па праву належыць іншым аўтарам, вельмі шмат. Падобны метад пісання не выпадае лічыць ні чым іншым, як навуковым крадзяжом…

Думаю, у свой час не толькі мне ў калідорах Інстытута гісторыі НАН Беларусі даводзілася чуць, што доктар гістарычных навук Георгі Карзенка не цураўся перапісвання чужых тэкстаў без адпаведных спасылак і шырока практыкаваў выданне пад сваім імем кніг, у якіх быў складальнікам, а не аўтарам.

Паколькі ў згаданым паказніку былі сплагіяваны пра-цы заўчасна памерлага вядомага беларускага гісторыка Ўладзіміра Міхнюка, які даўно і плёна займаўся праблемамі развіцця айчыннай гістарыяграфіі, выдаючы таксама паказнікі дысертацый па гісторыі, яго удава Аляўціна Міхнюк звярнулася да першай асобы дзяржавы з просьбай разабрацца, наколькі рацыянальна было выдаткоўваць дзяржаўныя сродкі на выкананне падобнай тэмы Г. Карзенкам, і ўказвала на факты прысвойвання ім чужога плёну. Аднак у разгорнутым адказе, атрыманым ёй ад намесніка старшыні Прэзідыума НАН Беларусі А. І. Лесніковіча, сцвярджалася, што пасля абмеркавання справы ў Нацыянальнай АН Беларусі яго ўдзельнікі прыйшлі да высновы, быццам у згаданай прадмове Г. Карзенкі „осуществлен более подробный, глубокий и разносторонний анализ проблем подготовки и повышения квалификации кадров исторической науки Беларуси”, чым гэта зрабіў У. Міхнюк (?! — Г.С.), а сам зварот да А. Лукашэнкі расцэнены як спроба „опорочить высококвалифицированных специалистов”[9]. Справа плагіяту ў цытаваным адказе нават не згадвалася! Больш за тое, у наступным лісце А. І. Лесніковіч, спасылаючыся на тое, што з боку М. Сташкевіча і М. Арцюхіна не выказвалася ніякіх прэтэнзій да Г. Карзенкі, паспяшаўся аптымістычна заявіць: “оснований квалифицировать материалы вводной статьи к упомянутому указателю как плагиат не имеется”*. Просьба А. Міхнюк даручыць дырэктару Інстытута гісторыі А. Каваленю стварыць адпаведную камісію для праверкі фактаў плагіятарства супрацоўнікам інстытута Г. Карзенкам таксама фактычна завісла ў паветры, не прычыніўшы фігуранту справы ніякага дыскамфорту. Не хочацца думаць, але пасля гэтай гісторыі цяжка пазбавіцца адчування, што нават у кіраўніцтве нашай акадэмічнай навукай нелегальнае выкарыстанне чужой інтэлектуальнай уласнасці не выклікае абурэнняў і пярэчанняў…

Варта было толькі зачапіць праблему навуковага крадзяжу, як пачалі выяўляцца ўсё новыя факты ганебнай практыкі. Прыкладам, некаторыя гісторыкі, якія ў апошнія гады пісалі па актуальнай тэме нацыянальна-дзяржаўнага самавызначэння Беларусі, некарэктна пакарысталіся вядомай манаграфіяй Станіслава Рудовіча „Час выбару”[10]. Пры гэтым замяшанымі ў нядобрым аказаліся не толькі „зялёныя”, маладасведчаныя гісторыкі. Так, цэлыя абзацы і пераструктураваныя кавалкі з названага даследавання С. Рудовіча паўстаўляў у сваю першую кнігу малады даследчык з-пад Баранавічаў Міхаіл Кобрын[11]. Яго безадказнасць перад „цэхам” яшчэ можна вытлумачыць. Больш непрыемнай нечаканасцю было даведацца, што не цураліся падобнага метаду і вядомыя ў краіне, аўтарытэтныя гісторыкі. Уважліваму чытачу нескладана заўважыць, што падазрона шмат агульнага з названай манаграфіяй С. Рудовіча „Час выбару” мае кніга Ўладзіміра Ладысева і Пятра Брыгадзіна
„Паміж Усходам і Захадам”[12], асабліва яе абодва першыя раздзелы. Пры бліжэйшым параўнанні выяўляецца, што імі перапісаны практычна без зменаў (як і без неабходнай спасылкі!) фрагменты тэксту на с. 6, 7, 8, 9 (у Рудовіча, адпаведна, с. 17, 22-23, 25-26, 29), далей вялікія кавалкі на с. 34, 35, 36, 37, 38, 39, 40 (у Рудовіча — с. 130, 131-132, 134, 136, 140). Сустракаецца таксама поўнае супадзенне з артыкуламі з „Энцыклапедыі гісторыі Беларусі” — таксама без усялякіх спасылак. Так, на с. 20-21 і 25-27 „запазычаны” фрагменты артыкулаў зноў жа С. Рудовіча, а таксама яго публікацый, напісаных у сааўтарстве з М. Бічом[13].

Нават у заключэнні да кнігі Ў. Ладысева і П. Брыгадзіна знайшліся сказы, спісаныя з манаграфіі С. Рудовіча[14]! Увогуле, мы налічылі 63 цытаты з яго працы (вялікія і малыя фрагменты), з якіх толькі 10 — са спасылкамі. Відаць, сярод беларускіх гісторыкаў С. Рудовіча можна лічыць адным з самых пацярпелых ад злосных парушальнікаў аўтарскага права. Да выхаду манаграфіі „Час выбару” тэксты гэтага вучонага таксама неаднакроць некарэктна выкарыстоўваліся іншымі. Прыкладам, у папярэдняй кнізе ўжо названых аўтараў „На пераломе эпох”[15] выяўлены месцы „шчыльнага канспектавання” артыкулаў С. Рудовіча з „Энцыклапедыі гісторыі Беларусі”[16].

Магчымасцю без асаблівых высілкаў апублікаваць навуковы твор, выдаючы чужое за сваё, спакушаюцца, ясная справа, не толькі гісторыкі. На жаль, даводзіцца зноў канстатаваць, што паддаюцца ёй і вядомыя ў краіне вучоныя. Узор злоснага інтэлектуальнага крадзяжу падае досыць новая кніга літаратуразнаўцы Аляксея Нянадаўца пра чараўніцтва і знахарства ў даўняй Беларусі[17]. У прыватнасці, у раздзел пра варажбітоў на с. 186-193 аўтар проста ўставіў вялікія кавалкі часопіснай публікацыі Святланы Ішчанкі[18], абсалютна не змяніўшы іх, і нідзе не назваў крыніцы паходжання насычанага гістарычнай фактурай тэксту. Для нагляднай дэманстрацыі маштабу гэтага плагіятарства прапануем сканы трох разваротаў (гл. іл. № 5-7, адпаведна с. 186-187, 188—189 і 190—191), якія паказваюць, што ў падобных месцах аўтар выдаў за сваё фактычна цалкам чужы тэкст.

Магчымасцю без асаблівых высілкаў апублікаваць навуковы твор, выдаючы чужое за сваё, спакушаюцца, ясная справа, не толькі гісторыкі. На жаль, даводзіцца зноў канстатаваць, што паддаюцца ёй і вядомыя ў краіне вучоныя. Узор злоснага інтэлектуальнага крадзяжу падае досыць новая кніга літаратуразнаўцы Аляксея Нянадаўца пра чараўніцтва і знахарства ў даўняй Беларусі17. У прыватнасці, у раздзел пра варажбітоў на с. 186-193 аўтар проста ўставіў вялікія кавалкі часопіснай публікацыі Святланы Ішчанкі18, абсалютна не змяніўшы іх, і нідзе не назваў крыніцы паходжання насычанага гістарычнай фактурай тэксту. Для нагляднай дэманстрацыі маштабу гэтага плагіятарства прапануем сканы трох разваротаў (гл. іл. № 5-7, адпаведна с. 186-187, 188—189 і 190—191), якія паказваюць, што ў падобных месцах аўтар выдаў за сваё фактычна цалкам чужы тэкст.

Урэшце, як асобны прыклад заслугоўвае ўвагі і нядаўна выпушчаны падручнік па гісторыі мастацтва і дойлідства Беларусі аўтарства Сяргея Харэўскага[19], прызначаны для студэнтаў універсітэтаў. Асаблівасць гэтага падручніка ў тым, што тут у некаторых раздзелах практычна цэлыя старонкі спісаныя (быццам сканаваныя!) з адзінай крыніцы — кнігі аўтарытэтнага айчыннага гісторыка мастацтваў Барыса Лазукі[20], якая не прыведзена аўтарам нават у спісе выкарыстанай літаратуры. Тое, які памер і характар набыло плагіятарства ў „Гісторыі мастацтва і дойлідства Беларусі”, варта таксама прадэманстраваць з дапамогай сканаў адпаведных старонак. Так, калі на с. 8 і 10 падручніка скрадзенымі можна лічыць толькі асобныя абзацы[21] (гл. іл. № 8), дык на разваротах с. 12-13 (іл. № 9) і 14-15 (іл. № 10) няма амаль нічога свайго, аўтарскага, — усё належыць Б. Лазуку[22]. Нават дзеля прыліку нічога не зменена — ні парадак слоў, ні знакі прыпынку! Незаконнае прысваенне чужых тэкстаў лёгка заўважыць у многіх іншых месцах выдання, не кажучы ўжо аб прыкладах менш яўнага спісвання, калі ўзятыя з ІНШЫХ прац фрагменты злёгку перапрацаваны, касметычна зменены. Лішне казаць, наколькі непрыемным „адкрыццём” аказалася выяўленне ўсяго гэта ў кнізе, што выйшла ў якасці універсітэцкага падручніка, і больш за тое — у аўтара, які зусім нядаўна сам слушна крытыкаваў плагіят як „злачынства, што прыносіць злодзею прыбытак”[23]. Не хочацца верыць, што занятак, справядліва асуджаны тады С. Харэўскім, набыў за апошнія гады статус шырока практыкаванага промыслу, якім не пагрэбаваў і сам аўтар колішняй крытычнай нататкі. Хутчэй справа ў іншым. Бо калі гэта хоць часткова так, то трэба было б прызнаць, што мы перажываем час імклівай эрозіі маральных нормаў нашай інтэлігенцыі…

Урэшце, як асобны прыклад заслугоўвае ўвагі і нядаўна выпушчаны падручнік па гісторыі мастацтва і дойлідства Беларусі аўтарства Сяргея Харэўскага19, прызначаны для студэнтаў універсітэтаў. Асаблівасць гэтага падручніка ў тым, што тут у некаторых раздзелах практычна цэлыя старонкі спісаныя (быццам сканаваныя!) з адзінай крыніцы — кнігі аўтарытэтнага айчыннага гісторыка мастацтваў Барыса Лазукі20, якая не прыведзена аўтарам нават у спісе выкарыстанай літаратуры. Тое, які памер і характар набыло плагіятарства ў „Гісторыі мастацтва і дойлідства Беларусі", варта таксама прадэманстраваць з дапамогай сканаў адпаведных старонак.

Досыць прыкладаў. Ведаючы, што выяўляюцца, як правіла, выпадкі адно яўнага, непрыхаванага плагіяту, пра рэальны маштаб гэтай хваробы можна толькі здагадвацца. І самае няўцешнае, што ўсё ў на нас пры гэтым ціха. У Польшчы, напрыклад, яшчэ ў ХІХ ст. выкраданне чужых тэкстаў выклікала гучныя абурэнні. Калі Яўхім Шыца як сваю выдаў неапублікаваную кнігу Браніслава Трэнтоўскага „Wiara słowiańska” практычна без зменаў тэксту, толькі падкараціўшы і даўшы ёй назву „Słowiańscy bogowie”, дык плагіятар быў аддадзены грамадскаму астракізму і проста выключаны з навуковага асяроддзя[24]. Дзякуючы неабыякавасці навуковай грамадскасці ў нашых суседзяў і цяпер выпадкі прысвойвання чужога (асабліва вядомымі асобамі, палітыкамі) набываюць гучны розгалас. Так, у Польшчы справа плагіяту аднаго палітыка нядаўна разглядалася ў судзе, і пацвярджальны прысуд стаў для правапарушальніка канцом яго палітычнай кар’еры[25]. Ва Ўкраіне, праўда, грамадскае асуджэнне інтэлектуальнага крадзяжу яшчэ не дасяганула належнага эфекту. Адзін з цяперашніх кандыдатаў на прэзідэнцкае крэсла, які і раней не асабліва лічыўся з аўтарскім правам, у 2002 г. дазволіў сабе перапісаць артыкул вядомага амерыканскага вучонага, змяніўшы толькі назву працы[26]. Гучная крытыка не засмуціла палітыка, ахвочага здабыць і навуковыя лаўры, і праз колькі гадоў ён зноў скандальна вызначыўся: амаль палова першага тома выдадзенай пад яго імем трохтомнай „Історії України” была спісана з прац вядучых украінскіх гісторыкаў Наталлі Якавенкі і Аляксея Талочкі, што дэтальна паказалі ў выдатным эсэ самі пацярпелыя[27]. На жаль, у гэтым выпадку нават шматразовае выкрыванне ў плагіяце не перашкодзіла аматару чужога стаць акадэмікам, а потым і віцэ-прэзідэнтам Нацыянальнай Акадэміі Навук Украіны. Аднак гэта ўсё ж іншая праблема, а навуковая грамадскасць Украіны ратавала сваю годнасць тым, што не маўчала.

Як будзе адстойваць сваю рэпутацыю беларуская гуманітарыстыка — пакажа час. Сітуацыя не з простых, і не рэагаваць на цяпер ужо выяўленыя практыкі плагіятарства, так бы мовіць, на шырокую нагу, на перапісванне (слова ў слова!) чужога некаторымі адэптамі гістарычнай навукі было б вялікай самакампраметацыяй. Лішне нагадваць, што плагіят пярэчыць самым падставовым прынцыпам навуковага жыцця, што ён ёсць элементарным ашуканствам, бо чужое выдаецца за плён уласнай працы. Калі крэдам навукоўца ёсць імкненне да праўды, дык плагіят — уцёкі ад яе. Плагіятар проста не адважваецца быць аўтарам, яго тэкст — не аўтарскі, не індывідуальны, псеўданавуковы.

Быць у навуковай супольнасці — значыць прытрымлівацца яе нормаў і правілаў, сярод якіх прынятая практыка цытавання і спасылак — зусім не дробязь, а сур’ёзны, важны маральны абавязак: спасылкай мы пацвярджаем права ўласнасці вучонага, працай якога пакарысталіся[28]. Калі навуковую супольнасць лучаць агульныя прынцыпы прафесійнай этыкі (а ў адваротным выпадку давядзецца прызнаць адсутнасць самога акадэмічнага асяроддзя), то лекам ад хваробы плагіятарства павінна было б стаць маральнае асуджэнне, непрыняцце падобных учынкаў, — хаця б у імя карпаратыўнай салідарнасці. Каб спыніць эрозію элементарных правілаў жыцця нашай акадэмічнай супольнасці, мы не можам заставацца адчужанымі сузіральнікамі. І элементарны, кожнаму пасільны саўдзел у гэтай справе — гэта неабыякавасць, культываванне прынцыпаў прафесійнай этыкі.


[1] Юрыдычны энцыклапедычны слоўнік. Рэдкал.: С. Кузьмін і інш. Мінск, 1992. С. 404.
[2] Гуляева М., Карюхина Т. За доцента ответишь. В Беларуси займутся плагиатом // БелГазета. 2008. 18 февр. Даступна ў Інтэрнэце: http://www.belgazeta.by/20080218.7/320355001; гл.таксама: Патыко Д. Плагиату бой! http://www.aspirinby.org/index.php?go=News&in=view&id=95 (прагляд — 2.08.2009); Дорофеева А. Не списывайте, профессор, http://www.univer.by/ne-spisyvajte-professor/588 (прагляд — 23.07.2009); http://www.univer .by/rubriki/1075/plagiat;
[3] Гардзіенка Н. Плагіят і прафанацыя гісторыі беларускай дыяспары // Беларускі Гістарычны Агляд. Т. XIV (2007). Сш. 1—2(26-27). С. 357—377; яна ж, Плагіят і прафанацыя „Беларускай дыяспары” // Запісы БІНІМ. Т. 31 (2008). С. 374-391.
[4] Корзенко Г. В., Зенькович Ю. В. Аннотированный указатель диссертаций по историческим наукам, защищенных в Республике Беларусь (1991—2005 гг.). Минск: Белорусская наука, 2006.
[5] Гл.: Міхнюк У. З кандыдацкай дысертацыяй у навуку ўваходзяць, а з доктарскай — выходзяць // Беларуская думка.2000. № 3. С. 101—107; Сташкевич Н. С. О качестве диссертаций по историческим дисциплинам //Атэстацыя. 2001. № 2. С. 93-94;Сташкевич Н. С., Козляков В. Е. Квалификационный ресурс историков // Атэстацыя. 2003. № 3. С. 117—122; Артюхин М.,Дмитрук П. Проблемы сохранения, развития кадрового потенциала научно-технической сферы Республики Беларусь //Наука и инновации. 2003. № 3-4. С. 26-27, 30-31; Шаршунов В. А., Морозевич А. Н., Гулько Н. В. Национальной системе аттестации ученых и педагогов Республики Беларусь — 10 лет //Атэстацыя. 2002. № 7. С. 3-5.
[6] Шаршунов В. А., Морозевич А. Н., Гулько Н. В. Национальной системе аттестации ученых и педагогов Республики Беларусь — 10 лет. С. 3-4.
[7] Сташкевич Н. С. О качестве диссертаций по историческим дисциплинам. С. 93, 94, 95; Сташкевич Н. С., Козляков В. Е. Квалификационный ресурс историков. С. 117, 119, 120.
[8] Гл.: Міхнюк У. З кандыдацкай дысертацыяй у навуку ўваходзяць, а з доктарскай — выходзяць // Беларуская думка.2000. № 3. С. 107.
[9] Ліст A. L Лесніковіча да А. М. Міхнюк, 15.08.2006. С. 4-5. Шчыра дзякую Аляўціне Мікалаеўне за магчымасць азнаёміцца з адказамі кіраўніцтва НАН Беларусі. *Адказ А. І. Лесніковіча (25.10.2006) на зварот А. М. Міхнюк (25.09.2006).
[10] Рудовіч С. Час выбару. Праблема самавызначэння Беларусі ў 1917 годзе. Мінск: Тэхналогія, 2001.
[11] Кобрын М. У. Беларускі нацыянальны рух: 1917—1920. Мінск: Беларуская выдавецкае таварыства „Хата”, 2004. Вось пералік старонак гэтага выдання, на якіх заўважаны ўкрадзены тэкст, разам з указаннем сплагіяваных старонак кнігі Рудовіча (падаюцца ў дужках): 7-8 (22, 26), 9 (32, 33, 75), 10 (91), 12 (130, 131), 16 (134), 18-19 (145-146), 20-21 (150-151), 21-22 (156), 25 (180), 27 (181, 182, 183), 29 (185, 189) і інш.
[12] Ладысеў У. Ф., Брыгадзін П. І. Паміж Усходам і Захадам:станаўленне дзяржаўнай і тэрытарыяльнай цэласнасці Беларусі (1917-1939 гг.). Мінск: БДУ, 2003.
[13] Біч М. В., Рудовіч С. С. Беларуская сацыялістычная грамада //Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: у 6 т. Т. 1. Мінск, 1993.С. 411—412; Рудовіч С. С. Беларускі Нацыянальны Камітэт, тамсама, с. 448—449.
[14] Пар. с. 206 кнігі „Паміж Усходам і Захадам” і с. 194 у манаграфіі Рудовіча.
[15] Ладысеў У. Ф., Брыгадзін П. І. На пераломе эпох: станаўленне беларускай дзяржаўнасці (1917—1920 гг.). Мінск: БДУ, 1999.
[16] Пар. с. 5, 7, 8, 9, 11—13 гэтай кнігі з артыкуламі С. Рудовіча „Беларускі народны саюз”, „Беларускі нацыянальны камітэт”, „Беларуская народная партыя сацыялістаў”, а таксама „Беларуская сацыялістычная грамада” ў т. 1 ЭГБ (адпаведнас. 438-439, 448-449, 383-384 і 411-412).
[17] Ненадавец А. М. Сілаю слова. Чорная і белая магія. Мінск:Беларусь, 2002.
[18] Ішчанка С. Справы пра чарадзействы ў копных судох XVII ст. //Спадчына. 2000. №3. С. 183-196, спісана са с. 183-192.
[19] Харэўскі С. Гісторыя мастацтва і дойлідства Беларусі. Вільня: ЕГУ, 2007.
[20] Лазука Б. А. Гісторыя мастацтваў. 2-е выд. Мінск, 2003.
[21] Гл. названую кнігу Б. Лазукі, с. 172, 173, 177.
[22] Спісана адпаведна са с. 173-175, 177 і 171, 174-177 той жа кнігі Б. Лазукі.
[23] Харэўскі С. Плагіят пакараны // Наша Ніва. 2004. 23 студзеня. С.6.
[24] Падрабязней гл.: Linkner T. Słowiańskie bogi i demony: z rękopisu Bronisława Trentowskiego. Gdańsk, 1998.
[25] Konstańczak S. O plagiatorach. Рэжым доступу: http://www.racjonalista.pl/kk.php/s,4642 (прагляд —13.07.2009)
[26] Горобец А. Новая „авария” главы Администрации Президента Украины. На этот раз — интеллектуальная. Даступна ў Інтэрнэце: http://www.informika.ru/text/magaz/newpaper/messedu/cour0202/700.htm; Горобец А. Томас Коротерс о беспардонном плагиате его статьи главой Администрации президента Украины. Рэжым доступу: http://www.informika.ru/text/magaz/newpaper/messedu/cour0202/701.htm (прагляд —23.07.2009)
[27] Толочко О., Яковенко Н. Потрапили в історію // Критика. 2006.№7—8; гл. таксама: Гурин П. Литвин снова украл мысли //Газета по-киевски. 28.10.2006, даступна ў Інтэрнэце: http://mycityua.com/country/2006/10/28/120011.html (прагляд —23.07.2009).
[28] Мертон Р. К. Эффект Матфея в науке, ІІ: Накопление преимуществ и символизм интеллектуальной собственности //THESIS. 1993. T. 3. C. 271-271.

Наверх

Per saecula ad tempora nostra. Sborník prací k šedesátým narozeninám prof. Jaroslava Pánka. T. 1–2 Praha, 2007 (Марцэлі Косман)

Чэрвеня 9, 2009 |

Per saecula ad tempora nostra. Sborník prací k šedesátým narozeninám prof. Jaroslava Pánka. Uspořádali JIŘÍ MIKULEC а MILOSLAV POLÍVKA. T. I-II. Praha, 2007. — 989 s.

Напярэдадні 60-годдзя вядомага чэшскага гісторыка прафесара Яраслава Панка на старонках БГΑ ў вялікім артыкуле „Яраслаў Панэк — чэшскі гісторык на пераломе эпох” (Т. 13 2(25) 2006, с. 320-348) Юзэф Валка змясціў грунтоўную характарыстыку яго творчасці і дасягненняў на дыдактычнай і арганізацыйнай ніве. Сам юбіляр быў уганараваны прыгожай двухтомавай памятнай кнігай, выдадзенай яго родным Інстытутам гісторыі Акадэміі Навук Чэшскай Рэспублікі (Historický Ústav Akademie Věd České Republiky). Падрыхтавалі яе Юры Mięулец і Міраслаў Поліўка пры ўдзеле вялікага рэдакцыйнага калектыву (Roman Baron, Jaroslav Boubín, Jiří Friedl, Martin Holý, Václava Horčáková, Eva Irmanová, Dalibor Janiš, Tomáš Sterneck, Emil Voráček, Zlatica Zudová-Lešková).

Tabula gratulatoria, змешчаная ў пачатку 1-га тома, налічвае 144 прозвішчы, з якіх пазней амаль усе выступаюць у якасці аўтараў артыкулаў (130). Сярод іх дамінуюць чэшскія і замежныя аўтары, дзе акрамя гісторыкаў новай і найноўшай гісторыі ёсць даследчыкі дзяржаўнага ладу і права. Амаль палова (60) прэзентуе Прагу, а большасць паходзіць з роднага краю вучонага. Аднак і замежных прозвішчаў амаль такая самая колькасць, прытым рэй у гэтай групе вядзе Польшча, апярэджваючы Нямеччыну (9), Aўстрыю (5), Славенію, Злучаныя Штаты, Японія, Італію, Беларусь і Румынію. Не дзіўна, бо гісторык доўгімі гадамі развіваў супрацоўніцтва з суседнімі з Чэхіяй навуковымі асяроддзямі, што потым рабіў у якасці прарэктара Карлавага універсітэта ў справах міжнароднага супрацоўніцтва, а цяпер працягвае па пасадзе віцэ-прэзідэнта Акадэміі Навук.

У першай частцы працы пачэснае месца займае згаданы артыкул Юзафа Валкі з Брна пра Яраслава Панка як чэшскага гісторыка пераломнай эпохі найноўшай гісторыі. Вяхой тут стаў 1989 год, які дазволіў даследчыку ранняга Новага часу, не адмаўляючыся ад крыніцазнаўчых даследаванняў, узняцца на высокае месца як грамадзяніну, заангажаванаму ў палітыку пераменаў у краіне пасля „аксамітнай рэвалюцыі”. Першы этап ахоплівае 42 гады, ад дзяцінства да навуковай сталасці, другі — 18, праведзеных у вузкім коле вядучых чэшскіх вучоных з высокім міжнародным аўтарытэтам. І памятная кніга пацвярджае гэта.

Сам юбілейны дарунак складаюць пяць раздзелаў: Сярэднявечча (59-180), Ранні Новы час (181-618), Дзевятнаццатае стагоддзе (619-758), Дваццатае стагоддзе (759-861) і Гістарыяграфія (863-967). У першай (16 тэкстаў) дамінуе палітычная і культурная тэматыка, наступны — найаб’ёмнейшы і цесна звязаны з даследчыцкімі інтарэсамі юбіляра (56), утвараюць наступныя часткі: Палітыка—Дзяржава — Рэпрэзентацыя (шмат месца тут займае праблематыка зменаў дзяржаўнага ладу і дыпламатычных адносінаў з суседзямі, сілезскія і польскія справы), Грамадства — змена эліт — веравызнаўчыя пытанні, Культура і яе прадстаўнікі, Свет у вачах сучаснікаў. Трэці раздзел (19), прысвечаны XIX ст., падставоваму для працэсу фармавання сучасных нацый, уключае шэраг развагаў пра шляхі аднаўлення дзяржаўнай незалежнасці і людзей, што асабліва паслужылі гэтай справе. Аўтары артыкулаў пра XX ст. (14) засяроджваюць увагу галоўным чынам на яго першай палове, ці на міжваенным дваццацiгоддзі і ІІ сусветнай вайне; адзін тэкст датычыць 1968 г., іншы — польска-нямецкага дыялогу аналагічных шляхоў да нямецка-чэшскага паразумення, апошні—джыхаду як „святой вайны” ў імя палітычных мэтаў. Гістарыяграфічныя артыкулы (15) спалучаюць макра і мікра, i тое і другое ў роўнай ступені цікавае, бо, з аднаго боку, тычацца рэвізіі састарэлых поглядаў, а з другога — асвятляюць т. зв. „дробныя” справы, якія, аднак, маюць вялікую вагу. Тут я звярнуў бы ўвагу на артыкул старэйшыны пражскіх гуманістаў Францішка Шмагеля (Szmahel) пад назвай X Kongres Nauk Historycznych a dziejopisarstwo czeskie 1955-2005. Aўтар звяртаецца да дасягненняў чэшскай гістарыяграфіі пасля І сусветнай вайны, яе сталых каштоўнасцяў перыяду няпоўнага суверэнітэту і канчатковага адраджэння пасля 1989 г.

Можна падзівіцца, як пры такіх адміністрацыйных і дыдактычных нагрузках, прычым з цалкам эфектыўным іх выкананнем, даследчык мог знайсці час на навуковую працу, эсэістыку і папулярызацыю ведаў. Вучоны не толькі даваў шмат інтэрвію ў сваёй краіне і ў замежжы, але і сам браў іх у даследчыкаў на абодвух паўшар’ях. Гэта не павярхоўная, як часта бывае, размова спецыяліста з журналістам, а навуковая дыскусія, якая вядзецца паміж кампетэнтным партнёрам і прадстаўнікамі сусветнай навукі (Rozmluvy s historiky. Česka historiografie a soudobé dĕjiny očima zahraničních kolegů. Praha 2005). Не дзіўна, што такі гісторык мае вялікі аўтарытэт і за межамі свайго краю.

Калі 17 траўня 2001 г. Яраслаў Панак атрымаў тытул доктара honoris causa Апольскага універсітэта, адзін з рэцэнзентаў прапановы аб наданні яму гэтай годнасці назваў вучонага „гісторыкам сапраўды рэнесансавай працавітасці і шырыні зацікаўленняў, з вельмі сур’ёзным даробкам у навуковых даследаваннях і ў сферы арганізацыі навукі”, які „пачаўшы ад Сярэднявечча, aсабліва ад тагачасных польска-чэшскіх адносінаў ва ўсёй іх шматаблічнасці, сканцэнтраваўся ў апошні час на шырока разуметай Новай гісторыі Чэхіі. З аднаго боку, вывучаў праблематыку дзяржаўнага ладу тых часоў, асабліва барацьбу чэшскіх станаў з манархіяй у другой палове XVI ст.”, але значна выходзіў за рамкі гэтага перыяду даследаваннямі, датычнымі грамадскай праблематыкі, сягаючы „далёка па-за чэшскую нацыю і межы Чэхіі”.

Прамотар апольскай ініцыятывы Ян Серадыка прыгадваў цесныя сувязі новага доктара honoris causa з польскай навукай, пра што сведчылі публікацыі ў часопісах, зборных працах і памятных кнігах. Ён часты госць у нашых акадэмічных асяроддзях і між іншага ўдзельнічае ў працы Кафедры гісторыі парламентарызму Апольскага універсітэта, створанай Янам Серадыкам, а цяпер узначаленай Уладзімежам Качароўскім.

60-годдзе чэшскага гісторыка на яго айчыне было ўшанавана і іншымі памятнымі выданнямі (найперш трэба згадаць „Studia Comeniana Historica” 77-78, XXXVIII, Praha 2007), а сярод узнагарод асаблівае значэнне мела статуэтка „Blanicki Rycer”, уручаная яму лідэрамі рэгіяналістаў, з якім ён звязаны з часоў маладосці. Дасягненні юбіляра ўдала падсумаваў выдатны гісторык старэйшага пакалення Ёзеф Петран (Petrбт) у артыкуле Profesor Jaroslav Pánek z Podblanicko (Sbornik Vlastivědných Pracн z Podblanicka, 48, 2008, s. 355-367).

У Польшчы ў Універсітэце Адама Міцкевіча Аддзел палітычных навук і журналістыкі, з якім Я. Панак шмат гадоў супрацоўнічае ў рамках супольных даследаванняў палітычнай культуры і часта гасцюе, ахвяраваў яму найноўшую (пятую) частку серыйнага выдання „Na obrzeżach polityki”. У сваю чаргу, Апольскі універсітэт патранаваў польскае выданне працы пра Вільгельма з Рожэмберка, няўдалага кандыдата на пасад Рэчы Паспалітай. Плануецца таксама выдаць для нашых чытачоў кнігу пра яго малодшага брата Вока, апошняга прадстаўніка магутнага калісь роду і надзвычай каларытную постаць пералому XVI і XVII ст. Уласна ў Апольскім універсітэце з удзелам рэктара Станіслава Славаміра Ніцея 9 студзеня 2008 г. адбылася „польская” частка святкаванняў у гонар юбілею прафесара Яраслава Панка, які ў Блакітнай зале Collegium Maius адчытаў даклад пра Польшчу ў чэшскіх уяўленнях напярэдадні Новага часу.

Познань                        

Марцэлі Косман

Bömelburg, Hans-­Jürgen. Frühneuzeitliche Nationen im ostlichen Europa. Wiesbaden, 2006 (Ірына Сынкова)

Чэрвеня 7, 2009 |


HANS-JÜRGEN BÖMELBURG. Frühneuzeitliche Nationen im östlichen Europa. Das polnische Geschichtsdenken und die Reichweite einer humanistischen Nationalgeschichte (1500-1700). Wiesbaden: Harrassowitz Verlag, 2006. – 559 S.

Калі толькі бярэш у рукі гэты важкі том, бегла праглядаеш змест і навуковы апарат, адразу адчуваеш — гэта сур’ёзная грунтоўная праца. Першае ўражанне пры больш уважлівым знаёмстве з кнігай Ганса-Юргена Бёмельбурга толькі пацвярджаецца. Яна, безумоўна, прыцягвае сваёй сістэмнасцю выкладання, яснасцю і дакладнасцю тэзаў, абгрунтаванасцю аргументацыі. Структура кнігі досыць празрыстая і адпавядае паступоваму раскрыццю вызначанай у тытуле тэмы ў сінхранічным і дыяхранічным вымярэнні.

Асноўная тэма даследавання вызначаецца ў першым раздзеле: развіццё польскай гістарычнай думкі ранняга Новага часу, яе месца і значэнне ў палітычнай культуры названага перыяду. У гэтым кантэксце вылучаюцца галоўныя пытанні: якім чынам у творах польскіх гуманістаў асэнсоўвалася мінулае свайго народа (у тым ліку праблема яго паходжання) і як на гэта паўплываў працэс станаўлення нацыі Новага часу. Пад пільную ўвагу трапляе сувязь паміж палітычнай камунікацыяй і нацыянальна-гістарычнай канструкцыяй у польскай дзяржаве XVI-XVII ст. Разгляд перыяду ахопам больш за два стагоддзі (у дадатак да пазначанага ў тытуле часавага прамежку аўтар закранае таксама і гістарычныя творы XV ст. — Вінцэнта Кадлубка, Яна Длугаша, якія складаюць своеасаблівы пралог да творчасці гісторыкаў-гуманістаў) дазваляе аўтару паказаць дынаміку змен.

У першым раздзеле кнігі змяшчаецца таксама кароткі крытычны агляд даследчых парадыгмаў і канцэпцый у польскай гістарыяграфіі ХХ ст., ад характарыстыкі школы Станіслава Кота і да навуковых падыходаў у апошнія дзесяцігоддзі на мяжы ХХ-ХХІ ст. Аўтар супастаўляе тэндэнцыі ў замежнай гістарычнай навуцы з дамінантнымі кірункамі польскай. Так пад уплывам звонку ў польскай гістарыяграфіі схема gens - natioз 80-х г. паступова выцясняецца канцэптам „гістарычнай” або „нацыянальнай свядомасці”, звязаным з гісторыяй ментальнасцяў.

Метадалогію свайго даследавання Г.-Ю.Бёмельбург пазначае як камбінаваную, у якой важнае месца займае параўнальны аналіз польскай і замежнай гуманістычнай гістарыяграфіі, а таксама найноўшыя еўрапейскія распрацоўкі ў галіне „новай духоўнай гісторыі” (або гісторыі камунікацыі сярэдняга ўзроўню) і ў даследаваннях гістарычнай памяці.

Раздзелы з другога да шостага паступова разгортваюць шырокую панараму эвалюцыі гістарычнай думкі ў Польшчы ад канца XV ст. да канца XVII ст. Гістарычная карціна, што паўстае ў творах гуманістаў, уяўляе сабой важную частку сацыякультурнага працэсу, яна актыўна ўзаемадзейнічае з сістэмай палітычнай камунікацыі.

Стаўленне польскіх пісьменнікаў-гуманістаў і наогул адукаванай часткі грамадства да сярэднявечнай гістарычнай карціны паказана ў другім раздзеле. Аўтар заўважае, што „польская гістарычная думка ранняга Новага часу не ведала сучаснага падзелу гісторыі на тры эпохі і не мела ўяўлення пра medium aevum”. Аднак характэрнае для гуманізму выразнае вылучэнне антычнасці прыводзіла да ўмацавання ў свядомасці гістарычнай перспектывы і імкнення вызначыць у ёй сваё месцазнаходжанне. Змена мовы, стылю мыслення, карціны свету і ўспрымання гісторыі, якая адбылася пад уплывам гуманізму, прывяла да выцяснення сярэднявечнай традыцыі. У XVI ст. не было надрукавана ніводнага сярэднявечнага гістарычнага твора, і сувязь з папярэдняй эпохай падтрымлівалася толькі праз чытанне рукапісаў, што, безумоўна, абмяжоўвала ўздзеянне сярэднявечнай гістарычнай карціны на грамадства. Апроч таго, гэтая сувязь селектыўная—выбіраюцца толькі некалькі аўтараў, перадусім „Польская хроніка” Вінцэнта Кадлубка і „Аналы” Яна Длугаша. Першая, напрыклад, адыграла ролю для фармавання канцэпту „непераможнай Польшчы” ў гуманістычнай гістарыяграфіі. Што да другой, то яна захоўвала сваю значнасць у якасці першакрыніцы для ўсіх польскіх гісторыкаў ранняга Новага часу.

Паварот да гуманістычнай гістарыяграфіі стымулявалі прадстаўнікі палітычнай эліты, бо гістарычная карціна, пададзеная ў больш сучаснай форме, мела важнае значэнне і для знешнепалітычных мэтаў (стварэння вобраза дзяржавы), і для ўнутраных (аргументацыя ў палітычных дыскусіях).

Бёмельбург вылучае некалькі этапаў рэканструявання мінулага ў перыяд ранняга Новага часу: першая палова XVI ст. (раздзел 3), другая палова XVI ст. да канца 80-х г. (раздзел 4), 1587-1667 г. (раздзел 5), апошняя трэць XVII ст. (раздзел 6). Гістарычная карціна на кожным з іх акцэнтавала новы змест і звярталася да асобнай часткі грамадства. Для гістарычных твораў гэтага перыяду аўтар падкрэслівае дзве характэрныя рысы: 1) адзінства антычнай і сучаснай геаграфіі і гісторыі; 2) цыцэраніянства, якое ў Польшчы захавалася даўжэй, чым у Заходняй Еўропе.

Значныя штуршкі для ўласнага развіцця польская гістарычная літаратура атрымала з боку італьянскай і нямецкай гістарычнай думкі. З аднаго боку, былі пазычаны некаторыя формы і прыёмы замежнай гістарыяграфіі, з другога — польскія пісьменнікі палемізавалі з заходнімі аўтарамі і тым самым актывізавалася ўласная гістарычная думка. Так, напрыклад, створанае Энеем Сільвіем урывачнае і часткова негатыўнае ўяўленне пра Польшчу было ўспрынята ўсёй Еўропай і дзейнічала доўгі час. І ў асяроддзі польскай палітычнай эліты выспела ідэя стварэння новага гістарычнага твора, які паказваў бы палітыку польскіх каралёў у выгадным асвятленні. Супраць нямецкай гуманістычнай канцэпцыі „вялікай Германіі” (К. Цэльтыс, А. Кранц і інш.) польскія гісторыкі высоўваюць канцэпцыю „сарматызму”, пры гэтым абедзве ідэі грунтаваліся на гістарычных і геаграфічных уяўленнях антычнасці. Першыя гуманістычныя польскія канцэпцыі (М. Мяхоўскага, Дэцыя) былі досыць блізкімі да нямецкіх гуманістычных узораў першай трэці XVI ст.

Для гісторыкаў-гуманістаў, якія арыентаваліся на антычныя ўзоры, было вельмі важным знайсці пункты судакранання ўласнага мінулага з грэка-рымскай старажытнасцю. Але польская гісторыя не мела непасрэднай сувязі з антычнай гісторыяй (у адрозненне ад італьянскай, французскай, іспанскай і нямецкай). Выхадам з гэтага было прыстасоўванне гоцкай, сармацкай ці вандальскай ранняй гісторыі; гэтыя версіі канкуравалі ў першай палове XVI ст. Пакуль (не без уплыву Длугаша) не перамагла сармацкая канцэпцыя.

Паступова ў польскіх гуманістычных творах размяжоўваюцца паняцці Скіфіі і Сарматыі, якія першапачаткова ўжываліся як сінонімы. Абазначэнне „Скіфія” пачало ўжывацца толькі для ўсходніх суседзяў — Масковіі і тэрыторый, заселеных татарамі, а Польшча і Літва заставаліся адзінымі спадкаемцамі „славутых сарматаў”.

У развіцці паняцця Сарматыі прыкметнае змяшэнне вучонага і палітычнага дыскурсу, што тлумачыцца шчыльным кантактам паміж рознымі сацыяльнымі слаямі Кракава, звязанымі з універсітэтам, капітулам, гарадской элітай, каралеўскім дваром.

Сармацкая канцэпцыя мела не толькі знешне-, але таксама і ўнутрыпалітычнае значэнне: „Сарматыя” і „сарматы” выступалі як свядома створаныя шырокія паняцці для пазначэння ўсёй тэрыторыі і насельніцтва, падуладных Ягелонаўскай дынастыі. З дапамогай гэтых паняццяў стваралася інтэграваная канцэпцыя гісторыі, актуальная для ўсяго ягелонаўскага дзяржаўнага саюзу, якая да таго ж надавала дынастыі дадатковую легітымнасць.

Аднак у самой Малой Польшчы з гэтай канцэпцыяй канкуравала прапястаўская гістарыяграфія. У Мазовіі, Прусіі, Літве, на Русі паўставалі свае ўласныя гістарычныя канцэпты, звязаныя з іншымі лініямі традыцыі.

Унутрыпалітычная і рэфармацыйная барацьба ў XVI ст. спрыяла развіццю грамадскай думкі. На працягу аднаго пакалення, паміж 1530 і 1570 г., канстытуявалася грамадскасць, якая рознымі шляхамі (праз друкаваную публіцыстыку альбо праз распаўсюджаныя ў спісах творы) стварала асновы агульнадзяржаўнай камунікацыі ўнутры Кароны, дзейнічала як афіцыйна (у сойме і трыбунале), так і ў неафіцыйных арбітражных утварэннях.

Узрастанне нацыянальнай самасвядомасці і ролі польскай мовы прывяло да сółснавання параў канкурэнтных паняццяў на лацінскай і польскай мовах: Polonia Polska для польскага каралеўства, Sarmatia Sarmacja як геаграфічна-палітычнага абазначэння для кантынуума польска-славянскай гісторыі, Respublica Rzeczpospolita „як абазначэнне для польскай дзяржаўнасці і формы праўлення” (97).

Станаўленне нацыянальна-гістарычнага канона звязваецца з дзейнасцю Марціна Бельскага і Марціна Кромера. Пры гэтым польскамоўная хроніка першага ўздзейнічала пераважна на польскую і таксама на ўсходнеславянскую грамадскасць, а лацінамоўныя творы другога выконвалі рэпрэзентацыйную задачу ў Еўропе.

У другой палове XVI ст. сармацкая канцэпцыя атрымала далейшае развіццё ў творах С. Сарніцкага, Э. Глічнера, К. Варшэвіцкага, В. Дэмбалецкага, М. Стрыйкоўскага, А. Гваньяіні, што прывяло да стварэння аддаленай ранняй гісторыі і інтэграванага сармацка-літоўска-польскага апавядання.

Польская гістарычная думка адлюстравала таксама складанае перапляценне манархічных уяўленняў, якія дамінавалі на працягу XVI-XVII ст., з ідэямі рэспубліканізму. У глыбіні ранняй гісторыі вышукваліся аргументы для падтрымкі тэзіса аб „спрадвечнай польскай свабодзе”.

Наступны этап звязаны з праўленнем каралёў з дынастыі Вазаў (1587-1667). За гэты час у прыдворнай гістарыяграфіі ўсталяваўся культ Ягелонаў, сваяцтва з якімі павінна было служыць легітымацыі новай дынастыі. Падкрэсліванне прамой пераемнасці паміж дынастыямі выразна вылучае папулярныя ў першай палове XVII ст. творы А. Збылітоўскага, К. Мяскоўскага, С. Грахоўскага.

Каталіцкія традыцыі дынастыі Вазаў спрыялі таксама ўзмацненню ў гэты перыяд канфесійнай нагрузкі гістарычных твораў. Распаўсюджванне ў Польшчы твораў Юстуса Ліпсіуса паскорыла рэцэпцыю макіявелізму і неастаіцызму (у гістарыяграфіі — у форме „тацытызму”). У контррэфармацыйным рэчышчы адбылося таксама пранікненне асобнага жанру — хрысціянскія настаўленні князям („княжацкія люстэркі”), якія часта складаліся езółтамі, як твор Р. Беларміна De officio principis, прысвечаны каралевічу Ўладзіславу.

Гістарычная памяць польскай шляхты абапіралася на спецыяльныя тэхнікі запамінання, характэрныя і для эліты іншых краін, аднак з некаторымі асаблівасцямі. Завучванне на памяць паслядоўнасці правіцеляў, пачынаючы з Леха, суправаджалася падкрэсліваннем, што здаўна існавала практыка выбрання валадара і традыцыя „мяккага кіравання”. Такая тэхніка служыла на карысць не толькі дынастычнай памяці, але таксама дзяржаўнай і нацыянальнай. Асобнае значэнне мела шчыльная сувязь паміж прыватнай (сямейна-генеалагічнай) і публічнай (грамадскай, дзяржаўна-нацыянальнай) гістарычнай памяццю, што, на думку Бёмельбурга, было яскравай асаблівасцю грамадскага жыцця ў Польшчы ў адрозненне ад іншых еўрапейскіх краін.

У адукацыйнай сістэме таксама зацвердзіліся прыёмы запамінання, калі з дапамогай панегірычных, рытарычных і драматычных практыкаванняў глыбока ўкаранялася дынастычна-нацыянальная гістарычная памяць.

Пасля 1660 г. галоўны кірунак польскай гістарычнай думкі трывала захоўваў пафас дыскурсу свабоды і сувязь з нацыянальна-каталіцкай канцэпцыяй выбранасці, што, на думку аўтара, паказвала асаблівы шлях развіцця, які не меў паралеляў з іншымі нацыянальнымі гістарыяграфіямі. Аднак разам з гэтым у Польшчу пранікалі таксама некаторыя новыя заходнееўрапейскія плыні (напр., канцэпцыі ў духу правідэнцыялізму Басюэ).

Вельмі цікавым падаецца сёмы раздзел, які вызначае ступень распаўсюджанасці польскай гістарычнай думкі ў розных супольнасцях польска-літоўскага дзяржаўнага аб’яднання. У папярэдніх раздзелах развіццё польскай гістарыяграфіі было паказана ў кантэксце палітычных працэсаў пераважна на фоне каралеўскага двара, цэнтральных дзяржаўных установаў, сталічнага шляхецкага асяроддзя. Таму аўтар падымае пытанне пра тое, наколькі глыбока магла пранікнуць гуманістычная гістарычная карціна, якая адпавядала поглядам польскай эліты, у розныя слаі насельніцтва, улічваючы шматканфесійнасць, рознаэтнічнасць і падзеленнасць грамадства на саслоўі. Пры гэтым разглядаюцца не ўсе, а толькі асобныя саслоўі, канфесіі і рэгіёны.

На прыкладзе некалькіх твораў „гарадской гістарыяграфіі” (Ю. Б. Зімаровіца з Львова, Я. Юркоўскага і М. Галінскага з Кракава) Бёмельбург паказвае моцны ўплыў на іх „шляхецкай” (і адначасова агульнадзяржаўнай) гістарыяграфіі. Прычыны гэтага ён бачыць у пранікальнасці міжстанавых бар’ераў і ў існаванні асяроддзя, прасякнутага адначасова „бюргерскай” і „шляхецкай” ідэнтычнасцю.

Што да розных канфесійных падыходаў, тут Бёмельбург абмяжоўваецца параўнаннем пратэстанцкай і каталіцкай гістарычнай думкі. Ён звяртае ўвагу на аднолькавы ўдзел гісторыкаў гэтых двух хрысціянскіх кірункаў у стварэнні польскай агульнадзяржаўнай гістарыяграфіі. У галоўных пазіцыях гістарычнай карціны і канцэпцыі паходжання іх погляды супадаюць.

Пранікненне ідэй польскай гістарыяграфіі, звязанай з палітычным цэнтрам дзяржавы, у іншыя рэгіёны мела розныя вынікі. У Мазовіі канкурэнцыя агульнадзяржаўнай і мясцовай гістарычных канцэпцый прывяла да загасання ўласнай традыцыі. У Літве пад уплывам польскай гістарычнай думкі ўзніклі змешаныя („гібрыдныя”) канцэпцыі (М. Стрыйкоўскі, А. Гваньіні). Яны адлюстроўвалі інтэграцыйныя настроі часткі шляхты гэтых зямель, зацікаўленай у дзяржаўным аб’яднанні з Польшчай. На землях Русі (украінскіх і беларускіх) з праваслаўным і уніяцкім насельніцтвам доўгі час захоўвалася старая гістарычная традыцыя ад часоў Кіеўскай Русі. Аднак і тут таксама паступова распаўсюджваліся сінкрэтычныя польска-рускія канцэпцыі. Асобны выпадак — Прусія, дзе яшчэ да пранікнення польскіх гістарычных твораў існавала ўласная гуманістычная гістарыяграфія.

У апошнім раздзеле, які адначасова з’яўляецца і своеасаблівым заключэннем, аўтар разглядае асноўныя этапы эвалюцыі польскай гістарыяграфіі XVI-XVII ст. у кантэксце агульнаеўрапейскіх працэсаў, супастаўляючы асноўныя канцэпты нацыянальнай гістарычнай думкі Польшчы і іншых краін Заходняй Еўропы. У цэлым, падсумоўвае Бёмельбург, польская гістарыяграфія паміж 1500 і 1650 г. y сваім развіцці, канцэптах і спосабах тлумачэння рухалася ў кірунку агульнаеўрапейскіх тэндэнцый, а часам нават ішла наперадзе. Славутая канструкцыя сармацкага паходжання заняла месца ў адным шэрагу з падобнымі гуманістычнымі канцэпцыямі этрускаў-італьянцаў, германцаў-немцаў, галаў-французаў, брытаў-англічан, готаў-шведаў, гельветаў-швейцарцаў, батаваў-нідэрландцаў.

Створаная польскімі пісьменнікамі гуманістычная гістарычная карціна спаборнічала з гістарычнымі канструкцыямі гуманістаў іншых краін (перадусім нямецкіх гісторыкаў). Ядром нацыянальнай гісторыі розных еўрапейскіх народаў станавіліся матывы аўтахтоннасці і прынцыповай аўтаномнасці гістарычнага развіцця. Уяўленне пра універсальную манархію і культурны трансфер мінімізуецца альбо пераносіцца ў аддаленую і палітычна не актуальную эпоху (напрыклад, пазычанне сарматамі культурных дасягненняў старажытных грэкаў).

Узнікненне нацыянальна-гістарычнай міфалогіі часта ішло побач са стварэннем нацыянальных стэрэатыпаў іншых народаў. Так, у польскай гістарычнай карціне ранняга Новага часу не было месца для „нямецкай свабоды”. Паводле П. Пясецкага, немцам уласцівае імкненне да „тыранічнай” абсалютнай улады, у той час як палякі ўжо пры Пястах імкнуліся да „мяккага праўлення” і захавання „польскіх свабодаў”. Палеміка паміж гісторыкамі часта засланяла прынцыповае падабенства многіх цэнтральных канцэптаў розных гістарычных карцін.

Польская гістарычная карціна ранняга Новага часу была глыбока ўцягнута ў палітычную камунікацыю, і гістарычная аргументацыя шырока ўжывалася рознымі групоўкамі польска-літоўскага дзяржаўнага аб’яднання, у адрозненне ад нямецкай гістарычнай карціны, якая заставалася ў межах вузкага кола адукаванай грамадскасці.

Паводле Бёмельбурга, гістарычная памяць для польскай эліты не звязвалася ні з выключным кроўным прынцыпам, ні з саслоўнымі і нацыянальнымі межамі, што рабіла яе адкрытай для ўлівання з боку іншых саслоўяў і іншаэтнічнай шляхты. Менавіта ў камунікатыўнай значнасці гістарычнай думкі і ў яе геаграфічным (а не дынастычным, моўным ці этнічным) абгрунтаванні польскія эліты разглядаюцца як раннія сучасныя „супольнасці памяці” грамадзянска-дзяржаўнага ўзору.

Кніга нямецкага гісторыка, багатая на канкрэтны матэрыял, таксама стварае своеасаблівую гістарычную карціну — выяву польскай гістарыяграфіі на розных этапах двухстагоддзевай эпохі. Думаецца, што яна можа зацікавіць з розных аспектаў, перадусім з пункту гледжання крыніцазнаўства, гістарыяграфіі, сучасных падыходаў у гістарычнай навуцы. Хоць трэба адзначыць, што творы большасці польскіх гісторыкаў, згаданых у кнізе Бёмельбурга, досыць добра вядомыя беларускім навукоўцам. У такіх выпадках можа зацікавіць, бадай, толькі сам падыход нямецкага даследчыка да іх разгляду — вычытванне ў гістарычных творах культурна-палітычнага кода, звязанага з працэсам афармлення нацыянальнай самасвядомасці. Як падаецца, больш новых магчымасцяў для выкарыстання ў беларускай гістарыяграфіі дае знаёмства з заходнееўрапейскімі аўтарамі XV-XVII ст. Большасць з іх (за выключэннем Энея Сільвія Пікаломіні) пакуль застаецца па-за межамі навуковай літаратуры па беларускай гісторыі пры іх сур’ёзным крыніцазнаўчым патэнцыяле.

Праца Г.-Ю. Бёмельбурга—прыклад грунтоўнага, дбайнага даследавання. Аднак звяртаюць на сябе ўвагу некаторыя асаблівасці выкладання, якія можна было б разглядаць як недахопы канцэпцыі, калі б за гэтым не стаяла традыцыя нямецкай (ці наогул заходнееўрапейскай) гістарыяграфіі. Так, напрыклад, тэрміналагічна не адлюстроўваецца істотная розніца паміж дзвюма палітычнымі структурамі: 1) саюзнымі адносінамі паміж Польскім каралеўствам і ВКЛ да 1569 г., 2) федэратыўнай дзяржавай Рэччу Паспалітай. У абодвух выпадках ужываецца паняцце „Польшча-Літва” (Polen -Litauen) або „польска-літоўскае дзяржаўнае аб’яднанне” („polnisch-litauischer Staatsverband”).

Часам узнікае ўражанне, што згадванне „літоўскага” кампанента адбываецца механічна і не напаўняецца канкрэтным зместам. Нічога не змяніла і асобная частка, прысвечаная „рэгіёнам”. Калі і вызначаюцца нейкія ўплывы і ўзаемадзеянні, то яны датычацца толькі аднаго боку: размова ідзе пераважна толькі пра ўплывы польскай гістарычнай думкі на астатнія нацыянальныя традыцыі (як „маргінальныя” адносна гэтай „цэнтральнай”). Аднак культуралагічныя даследаванні падказваюць, што міжкультурныя сувязі звычайна прыводзяць да ўзаемнага ўздзеяння.

Такую пазіцыю нямецкага даследчыка можна патлумачыць уплывам польскай гістарыяграфіі (як гуманістычнай, так і сучаснай), якую ён доўгі час вывучаў. Адсюль, відавочна, і з’явіўся гэты кірунак назірання: погляд з Захаду на Польшчу, за якой „штосьці” яшчэ невыразна мітусіцца. Нават у нарысе, прысвечаным „Літве”, ніяк не паказваецца спецыфіка гэтай дзяржавы, яе асаблівы палітычны і культурны склад. Тут трэба таксама дадаць, што не былі прыцягнуты ў патрэбнай ступені напрацоўкі сучасных гісторыкаў Беларусі, Украіны, Літвы (краін — спадкаемцаў Вялікага Княства Літоўскага).

Не зусім апраўданым падаецца выкарыстанне толькі геаграфічна-палітычнай тэрміналогіі XVI-XVII ст. і адмаўленне ад сучаснай ідэнтыфікацыі. Так, напрыклад, словы Беларусь (Weißrussland), „беларускі” (Weißrussisch) амаль не ўжываюцца (за выключэннем некалькіх выпадкаў у першым і сёмым раздзелах). Калі кніга разлічана на нямецкамоўнага чытача, то для яго, відавочна, так і застанецца нявызначанай сувязь паміж сучаснай Беларуссю і гістарычнай „Літвой”.

Аднак ва ўзнікненні такой сітуацыі, безумоўна, ёсць доля віны і з боку беларускай гістарыяграфіі, якая дагэтуль не стварыла выразнай гістарычнай карціны свайго аддаленага мінулага ў вонкавым („экспартным”) варыянце. І дасягненні нашых даследчыкаў пакуль маюць пераважна ўнутранае „спажыванне”. Відавочным застаецца да сёння і недахоп у нашай гістарычнай навуцы твораў, прысвечаных беларуска-еўрапейскім культурным сувязям у перыяд Сярэднявечча і ранняга Новага часу, а таксама даследаванняў вобраза Беларусі ў заходнееўрапейскіх крыніцах. У гэтым кірунку перад нашымі гісторыкамі яшчэ ляжыць велізарнае поле плённых пошукаў, на якім зроблены толькі некалькі крокаў. І знаёмства з кнігай Г.-Ю. Бёмельбурга магло б таксама падштурхнуць для такіх штудыяў.

Мінск

Ірына Сынкова

Наверх

Карев, Дмитрий В. Белорусская и украинская историография конца ХVIII — начала 20-х гг. ХХ в. (Алесь Даніловіч)

Снежня 10, 2008 |


КАРЕВ, ДМИТРИЙ ВЛАДИМИРОВИЧ. Белорусская и украинская историография конца ХVIII — начала 20-х гг. ХХ в. в процессе генезиса и развития национального исторического сознания белорусов и украинцев. Вильнюс: ЕГУ, 2007. — 312 с.

Аўтар рэцэнзаванай манаграфіі асабіста спрычыніўся да развіцця сучаснай беларускай гістарычнай навукі тым, што на працягу 90-х г. ХХ ст. арганізаваў шэраг канферэнцый, звязаных з праблемамі вывучэння гісторыі Беларусі і іншых краін Усходняй Еўропы, якія паўсталі на развалінах СССР, у першую чаргу земляў, што ўваходзілі калісьці ў Вялікае Княства Літоўскае і Рэч Паспалітую. Тады Дзмітрыю Ўладзіміравічу ўдавалася перыядычна збіраць у Горадні актыўных і творчых даследчыкаўз Беларусі, Літвы, Польшчы, Расіі, Украіны, а таксама Венгрыі, Вялікай Брытаніі, Нямеччыны ды іншых краін. У дыскусіях смела выказваліся думкі, нараджаліся новыя погляды на гісторыю ВКЛ, узнікалі новыя праекты. Матэрыялы гэтых сустрэч выдаваліся намаганнямі таго ж Дзмітрыя Карава ў зборніках пад характэрнай назвай „Наш радавод”. Сёння па тых зборніках можна вывучаць працэс станаўлення новай беларускай гістарыяграфіі ў незалежнай Рэспубліцы Беларусь і прасочваць творчую эвалюцыю большасці з удзельнікаў сучаснага гістарыяграфічнага працэсу. Таму і да новай працы Дз. Карава звяртаешся з пэўнымі спадзяваннямі на новае слова ў навуцы.

Кніга складаецца з чатырох раздзелаў і аб’ёмнага спіса выкарыстанай літаратуры. Першы раздзел прысвечаны гістарыяграфіі і крыніцам, а ў наступных выкладзены асноўны змест працы. У другім раздзеле „Ля вытокаў беларускай і ўкраінскай нацыянальных гістарыяграфій (ХVІІ — пачатак 30-х г. ХІХ ст.)” разглядаецца фармаванне гістарычнай навукі Вялікага Княства Літоўскага і Ўкраіны ў перыяд ранняга Новага часу (§ 1), а таксама пачаткі беларускага і ўкраінскага крыніцазнаўства (§ 2). У трэцім раздзеле „Гістарычная навука Беларусі і Ўкраіны і генезіс гістарычнай свядомасці беларусаў і ўкраінцаў у 30-я — пачатку 60-х г. ХІХ ст.” — палітыка расійскага царызму і фармаванне вобраза гістарычнага мінулага Беларусі і Ўкраіны ў расійскай гістарыяграфіі перадрэформеннага перыяду (§ 1), пасля чаго — Вільня, Харкаў і Кіеў як цэнтры гістарычных і архіўна-археаграфічных даследаванняў Беларусі і Ўкраіны 30 — пачатку 60-х г. ХІХ ст. (§ 2). Нарэшце, у чацвёртым раздзеле з самай доўгай назвай „Беларуская і ўкраінская гістарыяграфія ў перыяд паслярэформеннай мадэрнізацыі расійскай дзяржавы і фармаванне нацыянальнай гістарычнай свядомасці беларускай і ўкраінскай нацыянальных эліт (1860-1920-я г.)” аўтар даследуе заходнерусізм і яго прадстаўнікоў у беларускай і ўкраінскай гістарыяграфіі паслярэформеннага перыяду (§ 1), пасля чаго пераходзіць да разгляду фармавання ліберальнага і дэмакратычнага кірункаў у беларускай і ўкраінскай гістарыяграфіі 70-х г. ХІХ — пачатку ХХ ст. (§ 2).

Як бачым, у аснову пакладзены традыцыйны храналагічны (а не праблемны) падыход, што спрашчае ідэю манаграфіі, якую сам аўтар фармулюе наступным чынам: «…у рамках гэтай эпохі адбываецца карэнная эвалюцыя парадыгмаў. Гістарыяграфіі пераважна шляхецкія (па сваім сацыяльным профілі), „краёвыя” (па прадмеце даследавання) і „білінгвістычныя” (па тыпе гістарычнай свядомасці) у канцы ХVІІІ — пачатку ХІХ ст. да канца ХІХ — пачатку ХХ ст. становяцца гістарыяграфіямі нацыянальнымі…».

Аднак ужо ва ўступе нас чакаюць першыя расчараванні. За агульнымі словамі пра важнасць вывучэння гісторыі і пра задачы, якія аўтар ставіць перад сучаснай гістарыяграфіяй, ідзе спасылка на „вучэбны дапаможнік, які нядаўна (вылучана мной. — А. Д.) выйшаў”, — „Историография Белоруссии: эпоха феодализма” (13). На самай справе гэтая кніга З. Капыскага і В. Чапко, выдадзеная ў 1986 г.(!), называецца „Историография БССР: эпоха феадализма”. Беспадстаўнымі выглядаюць нараканні Дз. Карава, што аўтары гэтага выдання „не выделяют собственно белорусскую историографию ХVІІІ — начала ХХ вв. из общего историографического „русла” российской историографии того периода». Незразумелай падаецца і фраза „до сих пор не определена однозначно и доказательно национальная принадлежность ряда видных историков, занимавшихся историей Белоруссии в ХІХ — начале ХХ вв.” (14). Ці ж гэта важна для гісторыі гістарычнай навукі — „однозначно и доказательно” адказаць на пытанне, хто па нацыянальнасці быў, напрыклад, Яўхім Лялевель, калі сам Дзмітры Караў прыводзіць словы Лялевеля, што «его отец был сыном прусака и саксонки, а дед Шалюта был „русином”, а может и москалем» (87). Як можна „однозначно и доказательно” назваць нацыянальнасць братоў Канстанціна і Яўстафія Тышкевічаў, калі агульнавядома, што арыстакратыя „русінскага” паходжання на працягу стагоддзяў паспяхова паланізавалася праз прыняцце каталіцтва і польскай мовы. Якраз адна з задач даследавання, якую павінен быў ставіць перад сабой аўтар, гэта, як нам бачыцца, — высвятленне ўнёску, зробленага ў развіццё гісторыі свайго краю тым ці іншым гісторыкам ХІХ-ХХ ст. незалежна ад яго этнічнага паходжання або веравызнання, але ў залежнасці ад яго самасвя до масці і пераканання ў важнасці вывучэння дадзенага прадмета — гісторыі сваёй зямлі. Ад аўтара манаграфіі мы менавіта і чакаем адказу, як маглі паўплываць на фармаванне нацыянальнай свядомасці беларусаў працы такіх розных гісторыкаў пачатку ХІХ ст., як І. Даніловіч, І. Ярашэвіч, І. Анацэвіч або Тэадор Нарбут. Блізкі ім па паходжанні сын уніяцкага святара Міхаіл Каяловіч выказваў зусім іншыя думкі, чым названыя вышэй прафесары Віленскага універсітэта, аднак і ён увайшоў у кагорту даследчыкаў беларускай гісторыі і гісторыі ВКЛ, хоць як прадстаўнік іншай „школы”. Далей на гэтым падмурку ўзводзяцца „сцены” беларускай нацыянальнай гістарыяграфіі — працы М. Доўнара-Запольскага, І. Лапы, Я. Карскага і інш. Ад сучаснага даследчыка патрабуецца аналіз прац гісторыкаў ХІХ-ХХ ст. з пункту гледжання ix гістарыясофіі, метадалогіі, праблематыкі і праўдзівасці прыведзеных фактаў. А тое, што Даніловіч, Ярашэвіч, Анацэвіч, Баброўскі або Каяловіч гісторыкі беларускія, зразумела і так.

Знаёмстваз першым параграфам першагараздзела„Вывучэнне беларускай і ўкраінскай гістарыяграфіі канца ХVІІІ — пачатку ХХ ст. у гістарычных працах айчынных даследчыкаў найноўшага часу” выклікае па меншай меры здзіўленне, бо прац айчынных даследчыкаў названага часу мы тут якраз і не знойдзем. Пачынаецца раздзел з пералічэння 35 прозвішчаў беларускіх, расійскіх, украінскіх гісторыкаў ХІХ — першай трэці ХХ ст. са спасылкай на 39 пазіцый у бібліяграфіі (уразнабой)! Падобная сістэма спасылак (адразу на цэлы спіс аўтараў, без вызначэння іх пазіцый, характарызуе ўсю манаграфію). Паколькі для працы, прысвечанай гісторыі гістарычнай навукі, навуковы аппарат асабліва важны, падыходзіць да яго трэба было больш адказна.

У спасылках, дарэчы, разабрацца няпроста, бо памылкова, пачынаючы з першага раздзела, у іх замест рымскай лічбы ІІ або ІІІ ідуць арабскія 11 або 111. Рымскімі лічбамі ў „Спісе выкарыстаных крыніц” пазначаны асобныя катэгорыі. Так, пад лічбай І змешчаны неапублікаваныя крыніцы з архіваў, рукапісных збораў, бібліятэк, музеяў Усходняй Еўропы (194 пазіцыі). Паколькі ў кнізе адсутнічае спіс скарачэнняў, нам даводзіцца толькі здагадвацца, што абазначае тая ці іншая абрэвіятура, тым больш што многія з іх не адпавядаюць сучаснаму стану рэчаў. Напрыклад, Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі ў Горадні названы тут „Белорусским государственным историческим архивом (БГИА г. Гродно)”, тое ж датычыцца сховішчаў Расійскай Федэрацыі. Спасылкі ў асноўным даюцца толькі на фонд, без пазначэння вопісу і справы. Акрамя таго, цяжка ўявіць сабе якое-небудзь сучаснае даследаванне па гісторыі Беларусі і Ўкраіны без выкарыстання польскіх архіваў, але аўтар абышоўся без іх. Ухіл, калі не сказаць перакос, у бок расійскай гістарыяграфіі ў кнізе вельмі адчувальны. Пад лічбай ІІ аўтар згрупаваў апублікаваныя крыніцы Новага часу ХVІ — пачатку ХХ ст. (343 пазіцыі, плюс 29 польскамоўных, якія ў тэксце фігуруюць не асобна, а менавіта прыплюсаваныя да 343, пра што, вядома ж, цяжка здагадацца). Тут адсутнічае вялізная колькасць прынцыпова важных польскамоўных крыніц ХVІІІ-ХІХ ст. — працы М. Баброўскага, Сасноўскіх, Даніловіча і многіх іншых. У катэгорыю ІІІ уключаны апублікаваныя крыніцы найноўшага часу (1918-2005). Гэта 333 пазіцыі, з якіх самыя новыя — 1994 г. Аўтарэферат доктара гістарычных навук В. Казлякова, выдадзены ў 2002 г., не ратуе сітуацыі. Польскіх кніг, навейшых за 1981 г., няма зусім! Прычым самай папулярнай „крыніцай” ведаў з’яўляюцца чамусьці аўтарэфераты дысертацый (36 пазіцый), а самым папулярным аўтарам — сам Дз. Караў (24). Нарэшце, у ІV катэгорыі — апублікаваныя крыніцы па гісторыі ўкраінскай гістарыяграфіі новага і найноўшага часу (116 пазіцый). Тут трапляюцца кнігі ўжо і апошняга дзесяцігоддзя, але ў цэлым колькасна ўкраінскія кнігі саступаюць расійскім і беларускім. Спіс украінскіх кніг значна меншы параўнальна з увагай аўтара да ўкраінскай гістарыяграфіі. Яна „прычэплена” да расійскай і беларускай механічна, без усялякіх спробаў арганічна ўвесці яе ва ўсходнеславянскі дыскурс, параўнаць паміж сабой школы і напрамкі, знайсці агульнае і адрознае. Тым не менш, аўтар з піетэтам ставіцца да ўкраінскіх гісторыкаў, бо лічыць, што вызначыў: яны значна больш зрабілі, чым беларускія калегі, як у мінулым, так і цяпер (30).

Дзмітры Караў разглядае развіццё беларускай гістарыяграфіі савецкага перыяду ў цэлым у рэчышчы агульнапрынятай перыядызацыі (21). Разгляд „трудов отечественных исследователей новейшего времени” ён пачынае здалёк. Здагадваемся, што пад „найноўшым часам” ім разумеецца гістарычная эпоха з пачатку ХХ ст. Першыя два дзесяцігоддзі ХХ ст. ён характарызуе як „час стварэння нацыянальна афарбаваных канцэпцый мінулага Беларусі і першых спробаў перанесці іх у сферу масавай свядомасці” (19). Далей ідуць пяць „постулатов на историческое прошлое Белоруссии” (так у кнізе, с. 19. — А. Д.), якія невядома адкуль узяліся. Ніякай спасылкі тут няма, але, напэўна, „пастулаты” прыпісваюцца калектыву аўтараў (яны названыя перад гэтым — М. Доўнар-Запольскі, В. Ластоўскі, браты Луцкевічы, М. Багдановіч, В. Іваноўскі, Е. Канчар, В. Ігнатоўскі, А. Цвікевіч, „Наша Ніва” — відаць, „НН” разглядаецца як калектыўны аўтар, без названых перад гэтым асобаў). „Пастулаты” выклікаюць амбівалентнае стаўленне. Прывядзем ix цалкам: 1) тэзіс аб няспеласці класавых супярэчнасцяў у беларускай нацыі; 2) абсалютызацыя самабытнасці сацыяльна-эканамічнага і культурнага развіцця Беларусі; 3) ідэалізацыя яе гістарычнага мінулага ў эпоху феадалізму; 4) перабольшванне заслугаў Беларускай  сацыялістычнай грамады, эсераў у рэвалюцыйным руху краю; 5) гіпертрафаваная ацэнка рэвалюцыйнасці беларускага сялянства, самастойнасці ролі інтэлігенцыі і інш.” (19).

20-я гады ХХ ст. чамусьці ў манаграфіі названыя „оттепелью” (19), пасля якой надышла «катехизация сталинской разновидности марксистской методологии истории и превращение историков в услужливых дьячков при „новой церкви”», што прывяло да „резкой профессиональной деградации исторической науки, следы которой ощутимы и в наше время” (22). Пра генацыд гістарычнай навукі, або хаця б прыблізны мартыралог — ні слова! Савецкая эпоха ў гістарыяграфіі характарызуецца аўтарам на дзвюх старонках у фельетонным стылі без называння прац і прозвішчаў. Затое падрабязна разбіраецца важная, на думку Дз. Карава, праца пачатку 90-х г. ХХ ст. „100 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі”, якая „поражает полетом фантазии и восхищающим сердце невежеством в вопросах этнологии, гносеологии и теории исторического познания”. Дзе ж быў аўтар у 1993 г., чаму не распачаў тады навуковую дыскусію на старонках саліднага выдання, скажам, „Нашага радаводу”? На шчасце, беларуская гістарычная навука перарасла сваю „дзіцячую хваробу” і станоўча развіваецца далей, здольная да самарэфлексіі і „дарослых” дыскусій на старонках сучасных часопісаў, а вось прафесар Дз. Караў чамусьці застаўся ў тым часе, так і не дайшоўшы да гэтай найноўшай беларускай гістарычнай літаратуры.

Аўтар ва ўсіх раздзелах працы не здраджвае сваёй неахайнай манеры спасылак, таму нават там, дзе на першы погляд з іх нумарацыяй усё добра, застаецца падазрэнне, што пададзены недакладныя старонкі. Часта так і ёсць на самай справе! Калі працы Пічэты Дз. Караў разглядае даволі грунтоўна, то кнігу А. Цвікевіча „Западно-руссизм” характарызуе ад ным словам — „глыбокая” (24), хаця відавочна, што яна павінна была паслужыць падставовой крыніцай даследавання. Далей, у параграфе „Заходнерусізм і яго прадстаўнікі ў беларускай і ўкраінскай гістарыяграфіі паслярэформеннага перыяду”, насуперак спадзяванням, аб працы А. Цвікевіча таксама ні слова. Такім чынам, застаецца таямніцай стаўленне прафесара Карава да гэтай фундаментальнай і вызначальнай для беларускай гістарыяграфіі кнігі і пазіцый яе аўтара. Таксама не дачакаемся мы і аналізу поглядаў і прац Вацлава Ластоўскага або Ўсевалада Ігнатоўскага, затое належная ўвага аддаецца працам акадэміка В. К. Шчарбакова. З „найноўшых” прац беларускіх даследчыкаў названы „манаграфічныя даследаванні Л. В. Аляксеева, М. М. Улашчыка, В. А. Чамярыцкага, В. К. Бандарчыка, М. Ф. Піліпенкі, Г. А. Каханоўскага”. Светлай памяці выдатны маскоўскі археолаг і гісторык Л. В. Аляксееў палічыў бы за гонар апынуцца ў таварыстве выбраных беларускіх гісторыкаў, філолагаў і этнографаў. Пашчасціла таксама быць адзначанымі П. Церашковічу і А. Смаленчуку (29). Больш у Беларусі гісторыкаў быццам і няма…

Ацэньваючы беларускую гістарыяграфію, Дз. Караў піша: „Это явный признак слабости историографической рефлексии как по отношению к созданному белорусскими историками ХІХ-ХХ вв. творческому наследию, так и по отношению к проблеме его влияния на формирование национального исторического сознания белорусов. По сравнению с белорусской историографией украинская… держит эту проблему в фокусе своего внимания уже с конца ХІХ в.” (с. 29-30).

Нарэшце аўтар успамінае пра другую важную складовую частку манаграфіі, а менавіта пра ўкраінскую гістарыяграфію. Яе дасягненні значна прасцей „аналізаваць”: ёсць найноўшыя працы рэцэнзента разгляданай манаграфіі прафесара Чаркаскага універсітэта В. Масненкі, працы В. Вашчанкі, С. Вадатыкі, Д. Дарашэнкі, Л. Зашкільняка, Я. Калакура, І. Калесніка і інш. Ды й з Міхайлам Грушэўскім украінцам пашчасціла. Аднак і тут Дз. Караў цэлыя перыяды развіцця ўкраінскай гістарыяграфіі „пакідае за кадрам”: „У 30-50-я гг. ХХ ст. даследаванні падобнага роду на тэрыторыі УССР былі практычна згорнуты ў сувязі з эпохай сталінскіх рэпрэсій…” (31). На чатырох старонках, пакінутых для ўсёй украінскай гістарыяграфіі, аўтар не можа нават назваць усіх украінскіх даследчыкаў…

Дзмітрый Караў не робіць ніякіх намаганняў параўнаць украінскую і беларускую гістарыяграфію, аднак канстатуе: „…сравнивая уровень осмысления и исследования проблемы влияния исторической науки на формирование национального исторического сознания в белорусской и украинской историографии, нельзя не отметить, что историческая наука Украины опережает своих белорусских коллег по интенсивности и глубине ее освоения как минимум на порядок”. І далей: «Современная белорусская историография в возвращении своего историографического наследия стоит пока „у подножья горы”» (33). Гэты папрок у першую чаргу, думаю, аўтар можа адрасаваць самому сабе!

У параграфе, прысвечаным крыніцам па гісторыі беларускай і ўкраінскай гістарыяграфіі ХVІІІ — пачатку ХХ ст., Дз. Караў цалкам засяроджваецца на тэарэтычных разважаннях па праблемах крыніцазнаўства, піша пра „неабходнасць распрацоўкі тыпалогіі гістарыяграфічных крыніц” і прапануе „пяць асноўных відаў крыніц” (35). Думаю, ніхто з гэтым спрачацца не будзе. Як і з прапановай «стварэння серыі публікацый пад агульнай назвай „Беларусіка. Помнікі гістарычнай думкі”», або „публікацыі зводнага каталогу дакументальнай (архіўнай) спадчыны гісторыкаўВКЛ,Украіны і Беларусі XVIII-XX ст.”, «стварэння біябібліяграфічнага даследавання „Гісторыкі ВКЛ, Украіны і Беларусі ХVІІІ — пачатку ХХ ст.”» і г.д. (52). Але ні слова не гаворыцца пра ўжо створаныя „Энцыклапедыю гісторыі Беларусі”, „Энцыклапедыю Вялікага Княства Літоўскага”, выданні „Метрыкі ВКЛ” і альманаха „Metriciana”, пра шматтамовае гістарычна-этналагічнае выданне „Беларусы”, пра серыі „Беларускі кнігазбор”, „Нашы славутыя землякі” і інш.

У раздзеле „Ля вытокаў беларускай і ўкраінскай нацыянальных гістарыяграфій (ХVІІ — пачатак 30-х г. ХІХ ст.)” здзіўленне выклікае празмернае „заглыбленне” ў вытокі, якое выходзіць далёка за храналагічныя рамкі даследавання: тут вядзецца гаворка пра „фармаванне гістарычнай навукі ВКЛ” з пачатку ХVІ ст.! Нейкага лагічнага тлумачэння такому падыходу няма, паколькі ўхарактарыстыку перыяду ХVІ-ХVІІ ст. аўтар манаграфіі нічога новага не ўносіць. Калі не лічыць, вядома, яго „ўласнага” погляду на сістэму езуіцкай адукацыі ў ХVІІ ст., выкладзенага цалкам у духу рэакцыйнай расійскай гістарыяграфіі ХІХ-ХХ ст. (55-59). Вышэй ацэньвае аўтар піярскую сістэму адукацыі (напэўна таму, што яна была больш свецкай), хаця канкрэтна не гаворыць пра такія асяродкі, як, напрыклад, Шчучынская школа, або пра дзейнасць Станіслава Канарскага ў грамадска-палітычнай сферы.

Для надання большай „прадметнасці” размове аўтар манаграфіі звяртаецца да біяграфій выдатных гісторыкаў ХVІІ-ХVІІІ ст. — А. Віюк-Каяловіча, М. Догеля, А. Нарушэвіча ды інш. Аднак кароткія біяграмы гэтых даследчыкаў без глыбокага аналізу творчасці, архіўных і бібліятэчных збораў, дзе іх працы знаходзяцца, нам нічога не даюць. Што ўяўляюць з сябе„Тэкі Нарушэвіча” з Бібліятэкі Чартарыйскіх у Кракаве або выданні М. Догеля, архівы Радзівілаў і іншых магнатаў? Дзе яны знаходзяцца? Абсалютна недастаткова сказана пра Метрыку ВКЛ, няма спасылак на самыя важныя працы па гісторыі вывучэння Метрыкі. На прыкладзе ўзрастання цікавасці да яе можна паказаць эвалюцыю беларускай нацыянальнай гістарыяграфіі. Механічны пералік адвольных аўтараў і некаторых іх прац нам нічога не гаворыць!

Вядома, што на фоне такіх скупых звестак пра крыніцы нашай гісторыі бурлівая дзейнасць на Ўкраіне выглядае больш плённай. Але ці ёсць неабходнасць супрацьпастаўляць Беларусь і Ўкраіну ў ХVІІ–ХVІІІст.? Браты Зізаніі, Пётр Магіла, Мялеці Сматрыцкі, Інакенці Гізель і іншыя працавалі на ўсю так званую Русь. Тагачасныя гісторыкі перапрацоўвалі творы Стрыйкоўскага, Бельскіх, Гвагніна, на падставе якіх пісалі Хранографы, Сінопсісы, „Густынскі летапіс”, „Хроніку Сафановіча” і г. д. „Рускія землі” Рэчы Паспалітай былі ў той час адзінай культурнай прасторай. Аўтар у сваёй кнізе не дае падставаў для вось такіх высноваў: «Таким образом мы видим, что к концу ХVІІІ в. украинская историография, в отличие от белорусской, на „старте” процессов нациогенеза имела ряд существенных преимуществ, которые позволили ей решать проблему формирования национального и исторического „проекта” в ХІХ в. с гораздо более солидной политической и идеологической оснащенностью (сохранение этноориентированной православной элиты из среды казачьей старшины; наличие сохранившейся сети конфессиональных учебных заведений — кузницы кадров украинской образованной политической элиты XVII—XVIII вв.; традиция автономного политического существования в рамках российского государства (Гетманщина); сохранение в качестве основного транслятора украинской культурной традиции — украинского литературного языка и др.)». Кожнае з гэтых палажэнняў не вытрымлівае крытыкі. „Традиция автономного политического существования в рамках российского государства” была зусім не больш прагрэсіўнай і спрыяльнай для ўкраінскага народа, чым традыцыя аўтаномнага палітычнага існавання ў рамках Рэчы Паспалітай беларускага этнасу. Рызыкую сцвярджаць, што Вялікае Княства Літоўскаеўадпаведную эпоху ўспрымалася этнічна беларускай часткай „палітычнага народа” як свая дзяржава. Перадавыя прадстаўнікі ўкраінскага этнасу ў Расійскай імперыі мусілі даказваць сваю асобнасць. У гэтым плане, безумоўна, барацьба за нацыянальна-культурную аўтаномію спрыяла інтэлектуальнаму развіццю эліты. У той час як беларускія па паходжанні польскамоўныя гісторыкі Адам Нарушэвіч ці Юльян Нямцэвіч поўнасцю паланізаваліся, іншыя нашы гісторыкі, неаднаразова ўзгаданыя вышэй прафесары Віленскага універсітэта, а таксама Тэадор Нарбут, адыходзілі ад кансерватыўнай традыцыі школы Нарушэвіча і паступова пераходзілі на пазіцыі ліцвінскія. Калі ўкраінская нацыянальная гістарыяграфія паўставала ва ўмовах супрацьстаяння з расійскай, то беларуская ў ХІХ ст. кансалідавалася з польскай у сваім змаганні з расійскім панаваннем, а потым павінна была рабіць дадатковыя намаганні, каб адасобіцца ад Польшчы. Гэтыя і іншыя даследчыя кірункі, на жаль, абсалютна не разглядаюцца ў манаграфіі Дз. Карава.

Недастаткова разгледжаны працэс ідэалагічнага абгрунтавання падзелаў Рэчы Паспалітай з боку Аўстріі, Прусіі і Расіі. Дзейнасць захопнікаў была „асвечаная” самім Вальтэрам, які на старонках „Французскай Энцыклапедыі” змясціў гістарычную даведку Герцберга і павіншаваў Фрыдрыха ІІ з падзеламі. Асветніцкімі ідэямі прыкрывалася таксама і Кацярына ІІ. Менавіта ёй „абавязана” Ўкраіна большай цікавасцю да сваёй гісторыі з боку расійскіх даследчыкаў украінскага паходжання (Д. М. Бантыш-Каменскі і інш.), бо гэта былі землі Кіеўскай Русі, адсюль пачыналася імперская ідэалогія. Беларусь у гэтым сэнсе была правінцыяй.

Важным перыядам у фармаванні нацыянальных гістарыяграфій як Беларусі, так і Ўкраіны з’яўляўся пачатак ХІХ ст., калі закладаліся іх падставы. Таму асаблівую цікавасць выклікаюць тыя раздзелы манаграфіі Дз. Карава, якія прысвечаны ўказанаму перыяду. Аўтар адзначае: „Сложность исторических условий, определявших развитие края в это время, отразилась и на замедленности темпов формирования этнического самосознания белорусов и украинцев, а через него и на замедленности процесса вызревания собственно белорусской и украинской историографии со своими предметно очерченными объектами исследований — истории Белоруссии и Украины” (79). Такім чынам, Караў канстатуе запаволенасць у развіцці самасвядомасці і нацыянальнай гістарыяграфіі і бачыць прычыну гэтага ў складаных гістарычных умовах. Але, нягледзячы на складаныя гістарычныя ўмовы, беларуская гістарыяграфія ўсё ж развівалася. Варта б гаварыць не пра запаволенасць працэсаў, а пра з’яўленне і развіццё даследаванняў гісторыкаў беларускага паходжання з Віленскага універсітэта (І. Даніловіча, І. Анацэвіча, М. Баброўскага, І. Ярашэвіча і інш.). У гэты ж час працаваў Уладзіслаў Сыракомля, якога нельга лічыць толькі „вясковым лірнікам”. Дзейнасць гэтых гісторыкаў падаецца, аднак, ледзь не ў тым жа самым святле, што і дзейнасць М. Румянцава, які, па словах Дзмітрыя Ўладзіміравіча, «в своем родовом имении (вылучана мной. — А. Д.) в Гомеле развернул с помощью белорусских членов своей „ученой дружины” энергичные поиски древних славянских рукописей и предметов „западно-русской” старины» (98). Як Гомель ніколі не быў радавым маёнткам Румянцавых, так і нарабаваныя ім каштоўнасці, што быццам бы выкарыстоўваліся дзеля фармавання беларускай нацыянальнай свядомасці, былі вырваныя з нашага культурнага кантэксту.

Здзіўляе таксама трактоўка Дз. Каравым дзейнасці Івана Грыгаровіча: «благодаря его подвижническому труду были открыты глаза на Белоруссию у видных представителей политической элиты России… Лишь очень немногие из них, как граф Н. П. Румянцев, имели в это время ясное представление о белорусском прошлом и активно собирали драгоценные рукописные и книжные раритеты Белоруссии в церковных, государственных и частных архивах Полоцка, Витебска, Мстиславля и Минщины, через своих ученых „корреспондентов”» (100). Але з самага пачатку дзейнасць „видных представителей политической элиты России” ў галіне беларускай культуры мела адназначна каланіяльны характар. Трэба канчаткова пазбаўляцца ілюзій на гэты конт.

Тое, што аўтар манаграфіі разглядае ўсю мінуўшчыну Беларусі праз прызму расійскай гісторыі, пацвярджае і яго характарыстыка Полацкай езуіцкай калегіі (потым Акадэміі) як „центра католического обскурантизма в Белоруссии” (102). Нарэшце, ужыванне ў тэксце манаграфіі замест назвы Беларусь тэрміна Белоруссия таксама пэўным чынам характарызуе метадалагічныя пазіцыі аўтара.

Падсумоўваючы, трэба прызнаць, што багатая па сваім змесце і тэматыцы манаграфія Дзмітрыя Карава мае шэраг вельмі істотных хібаў. Першы з іх — гэта прывязанасць да старых савецкіх падыходаў у разглядзе гістарыяграфіі мінулых эпох. Другі — недапушчальная ў гістарыяграфічнай працы неахайнасць у спасылках на папярэднікаў, якая мяжуе са знявагай. І ўрэшце павярхоўнасць у аглядзе даробку гісторыкаў, ігнараванне найноўшай літаратуры.

Відавочна, гісторыя гістарыяграфіі ў тым выглядзе, як прынята было ёю займацца ў савецкія часы, даўно аджыла сваё. Кожны гісторык, які займаецца той ці іншай „прыкладной” тэмай, лепей ведае гісторыю свайго пытання, чым так званы гісторык гістарыяграфіі. На Захадзе даўно займаюцца гісторыяй ідэй. Нашы гістарыяграфічныя агляды „галопом по Европам” павярхоўныя настолькі, што і найлепшыя з іх нямала пакідаюць „за бортам”. Яны нічога не даюць даследчыкам і вельмі мала — студэнтам.

Вільня

Алесь Даніловіч

Наверх

Наталля Юсава. „У святле Сталінскага вучэння пра мову і нацыю“

Снежня 22, 2007 |


Ва ўмовах адзяржаўлення гуманітарнай навукі пры таталітарным ладзе любыя яе тэорыі і канцэпцыі абавязкова былі знітаваны з пануючай ідэалогіяй, а часам нават уплывалі на развіццё і ўкараненне істотных канцэптаў апошняй. Пры фармаванні некаторых навуковых канструкцый вырашальнае слова для гуманітарыстыкі мелі пастулаты Іосіфа Сталіна, што было звязана са значэннем і месцам правадыра ў таталітарнай сістэме савецкага ўзору. Культ яго асобы складаўся ў СССР на працягу доўгага часу і падымаўся на новы ўзровень з кожнай новай „перамогай” савецкіх людзей на розных „франтах”. Разнастайныя здзяйсненні і дасягненні народаў савецкай імперыі з кожным разам усё больш і больш выдаваліся за вынік „мудрага” кіраўніцтва „стырнавога савецкага народа”. Культ Сталіна дасягнуў апагея, як вядома, у пасляваенны перыяд, паколькі ўсе вырашальныя перамогі над вермахтам былі прыпісаны генералісімусу і ў свядомасці савецкіх людзей вікторыя ў гэтай страшнай вайне звязвалася перш за ўсё з асобай правадыра. Адзін з вядучых чыноўнікаў аддзела агітацыі і прапаганды ЦК ВКП(б) Д. Шапілаў абвяшчаў у вялікім прапагандысцкім артыкуле, які быў апублікаваны ў газеце „Правда” (11 жніўня 1947 г.) і адпавядаў інструкцыям, складзеным у агітпропе, што «„імя вялікага Сталіна” — гэта сімвал „волатаўскай магутнасці народа, яго перамог, яго славы, яго новых творчых планаў”»[1].

Зыходзячы з меркаванняў далейшага замацавання свайго іміджа — рэнамэ нібыта ўсёведнага і ўсюды прысутнага „звышчалавека”, І. Сталін намагаўся максімальна ахапіць розныя бакі жыццядзейнасці, у прыватнасці сказаць „апошняе слова” тэарэтыка марксізму ў розных галінах навукі. Любыя меркаванні „жывога бога” (як вусныя, так і пісьмовыя) набывалі сакральны статус, а новыя яго тэарэтычныя працы папаўнялі „залаты фонд” марксізму (няхай i вульгарызаванага), які, у сваю чаргу, быў „свяшчэннай каровай” бальшавікоў. Працы І. Сталіна, такім чынам, набывалі дактрынальнае значэнне, а іх галоўныя палажэнні дырэктыўна ўкараняліся, як метадалагічныя ўказанні, у гуманітарныя галіны навукі.

Яшчэ ў даваенныя часы пачаў замацоўвацца статус правадыра як галоўнага марксісцкага аўтарытэта ў сферы тэорыі „нацыі”, а ў канцы 1940-х г. гэты статус набыў канчатковае афармленне. З нацыянальнымі пытаннямі былі звязаны і новыя меркаванні Сталіна, выказаныя ім у час так званай лінгвістычнай дыскусіі лета 1950 г. з нагоды тэорыі М. Мара. Гэтыя меркаванні датычыліся адначасова і пытанняў утварэння народаў ды народнасцей, гэта значыць пытанняў этнагенезу, а не нацыягенезу[2]. А таму пастулаты правадыра надалі штуршок новай актуалізацыі этнагенетычных[3] даследаванняў і вызначылі шляхі тэарэтычнай перабудовы этнагенетыкі, што праводзілася ў сувязі з выкараненнем з гэтай дысцыпліны марысцкіх канструкцый. Варта заўважыць: на нашу думку, сталінская нацыялагічная тэорыя была на мяжы „тэрыторый” навукі і ідэалогіі, паколькі гэтую тэорыю трэба разглядаць і як навукова абгрунтаваныя тэзісы, і як ідэалагічныя пастулаты (якімі яны непазбежна рабіліся ў сітуацыі культу асобы І. Сталіна).

У сталінскі перыяд савецкай гісторыі этнагенетычная праблематыка некалькі разоў актуалізавалася (уласна кажучы, этнагенетычныя даследаванні не сыходзілі з парадку дня вучоных-гуманітарыяў на працягу 15 год, г. зн. з канца 1930-х да першай палавіны 1950-х г.), але пры гэтым кожны раз тое ці іншае вырашэнне метадалагічных і агульнатэа-рэтычных пытанняў не мела поўнага і лагічнага завяршэння, а таксама афіцыйнай санкцыі на атрыманне навукова i палітычна прызнанага легітымнага статусу марксісцкай тэорыі этнагенезу. Папярэднія даследаванні гэтага пытання паказваюць на неабходнасць больш паглыбленага вывучэння і раскрыцця ўплыву І. Сталіна на развіццё савецкай этнагенетыкі ў пачатку 1950-х г. і, у прыватнасці, на працэс легітымацыі канцэпцыі старажытнарускай народнасці. Прадметам нашага даследавання з’яўляецца высвятленне значэння пастулатаў І. Сталіна ў галіне нацыязнаўства для апошняй спробы савецкіх вучоных сталінскай эпохі стварыць агульнапрынятую афіцыйную тэорыю этнагенезу. Зрэшты, гэтае значэнне і ўсе асноўныя праблемы перабудовы этнагенетыкі дастаткова рэпрэзентатыўна праявіліся на першым этапе гэтай ідэалагічнай кампаніі (храналагічна гэта лета 1950 г. – зіма 1950-1951 г.). Аднак наша даследаванне абмяжуецца толькі этапам падрыхтоўкі міжінстытуцкай акадэмічнай нарады-дыспуту па метадалогіі этнагенетычных даследаванняў, што храналагічна адпавядае лютаму — лістападу 1951 г. У цэлым жа храналагічны дыяпазон зімы 1950 — восені 1951 г. звязаны з правядзеннем шэрагу навуковых канферэнцый і нарад, якія падвялі першыя вынікі тэарэтычнай перабудовы этнагенетыкі ў сувязі з укараненнем сталінскіх пастулатаў і разам з тым акрэслілі далейшыя перспектывы развіцця названай галіны.

Такім чынам, як ужо мімаходам адзначалася вышэй, адной з найважнейшых акцый падчас апошняга „ўсплёску” актуалізацыі стала падрыхтоўка і правядзенне ў час аб’яднанай нарады акадэмічных інстытутаў гуманітарнага профілю дыскусіі па метадалогіі этнагенетычных даследаванняў „у святле Сталінскага вучэння аб мове і нацыі” (фігуруе менавіта такая поўная назва[4]), якая адбылася 29 жніўня — 3 лістапада 1951 г. Падрыхтоўка гэтай нарады акадэмічным кіраўніцтвам праявілася, у прыватнасці, у арганізацыі і правядзенні серыі пасяджэнняў, у якіх бралі ўдзел прадстаўнікі розных гуманітарных дысцыплін, датычных да распрацоўкі этнагенетычных пытанняў. У гэтым артыкуле мы разгледзім сутнасць дыскусій на гэтых падрыхтоўчых пасяджэннях. У навуковай літаратуры гэтае пытанне яшчэ не асветлена, таму асноўнай крыніцай для рэканструкцыі падзей з’яўляюцца архіўныя матэрыялы. На жаль, пакуль што знойдзена толькі адна справа, якая ўтрымлівае пратаколы гэтых падрыхтоўчых пасяджэнняў (а менавіта чатырох першых), праведзеных на працягу 8 лютага — 19 сакавіка 1951 г.[5]

У агульнай гадавой справаздачы Адзялення гісторыі і філасофіі (далей АІФ) сказана, што працэс падрыхтоўкі аб’яднанай нарады па метадалогіі этнагенетычных даследаванняў трываў паўгода (на самай справе, як можна лёгка падлічыць, дзевяць месяцаў). За гэты перыяд было праведзена, у прыватнасці, 14 спецыяльных падрыхтоўчых пасяджэнняў, „на якіх у абстаноўцы творчых дыспутаў былі падвергнуты абмеркаванню тэзісы ўсіх дакладаў”[6]. Асноўная работа па падрыхтоўцы дыскусіі была ўскладзена на Інстытут этнаграфіі[7]. Першае пасяджэнне з серыі падрыхтоўчых нарад адбылося 8 лютага 1951 г.[8], і ў яго рабоце, згодна з пералікам прысутных, бралі ўдзел 17 вучоных[9]. Гэта прадстаўнікі акадэмічных інстытутаў — мовы, усходазнаўства, этнаграфіі, гісторыі і гісторыі матэрыяльнай культуры. Сярод іх варта назваць такіх вядомых і аўтарытэтных спецыялістаў у сваіх галінах, як мовазнаўцы і гісторыкі мовы Б. Горнунг, В. Левін, Г. Санжэеў; этнолагі М. Левін, С. Токараў, С. Талстоў; гісторыкі і археолагі Б. Грэкаў, А. Насонаў, П. Траццякоў, А. Удальцоў і інш.

Старшынствуючы на гэтым першым сходзе вучоных дырэктар Інстытута этнаграфіі С. Талстоў ва ўступнай прамове акрэсліў кола праблем, якія патрабуюць высвятлення ў дакладах, — гэта археалагічныя, этнаграфічныя, лінгвістычныя, антрапалагічныя крыніцы і іх узаемасувязь з праблемамі этнагенезу. Акцэнтавалася, што абапірацца пра вывучэнні кожнай з праблем трэба перш за ўсё на крыніцы. На думку вучонага, належала б ужо ў сакавіку правесці дыскусію, пачаўшы яе з агульных праблем, а толькі пасля навукоўцам варта разгарнуць цэлую серыю асобных дыспутаў, грунтуючыся на загадзя падрыхтаваных дакладах і прыцягнуўшы да гэтага па магчымасці таксама вучоных з „перыферыі”[10].

Пасля выступлення С. Талстова Г. Санжэеў і Б. Горнунг прапанавалі запрасіць да ўдзелу ў рабоце афіцыйных прадстаўнікоў АІФ і Аддзялення літаратуры і мовы Презідыума АН СССР[11] (адсюль можна зразумець, што Б. Грэкава яны разглядалі як прадстаўніка ад Інстытута гісторыі, а не ад АІФ). А. Насонаў паставіў слушнае пытанне наконт таго, чаго чакаюць ад дыскусіі самі вучоныя: „ці павінна гэтая дыскусія вырашыць усе праблемы, звязаныя з праблемай этнагенезу”[12]. На што С. Талстоў справядліва адказаў: хоць i цяжка сказаць, якія менавіта пытанні атрымаюць сваё вырашэнне, аднак будзе зроблена іх пастаноўка. Да размовы далучыўся П. Траццякоў, зрабіўшы акцэнт на вострай патрэбе дыспуту, і давёў да ведама ўсіх, што Прэзідыумам датэрмінова зацверджана публікацыя магчымых вынікаў у выглядзе запланаванага зборніка дакладаў[13]. Дыскусіі па этнагенезе, на думку археолага, „справа… вельмі балючая і вельмі сур’ёзная”[14]. Гэты дыспут павінен абавязкова мець адкрыты, шырокі фармат, з прыцягненнем спецыялістаў з іншых гарадоў. П. Траццякоў падкрэсліў, што нават у АН, як правіла, вучоныя не ведаюць меркаванняў адзін аднаго. (Цікава, што тое самае адзначыў яшчэ А. Удальцоў на самай першай нарадзе па пытаннях этнагенезу ў верасні 1938 г.[15]).

Спыніўшыся на методыцы вядзення дыскусіі, П. Траццякоў прапанаваў іншы механізм у параўнанні з С. Талстовым. Археолаг лічыў (на нашу думку, цалкам слушна) больш мэтазгодным той шлях, калі вучоныя прадставяць грунтоўныя даклады якраз па асобных невялікіх пытаннях са сферы этнагенезу, а ўжо пасля правядзення абмену думкамі можна было б падысці да вырашэння абагульняльных праблемных пытанняў (калі ўжо карыстацца сучаснымі паняційнымі фармулёўкамі, якімі аперыруе гістарычная навука, то гэта прагучыць так: праз распрацоўку мікрагістарычных праблем падыходзіць да фундаментальных макрагістарычных пабудоў). У гэтым П. Траццякоў быў падтрыманы Г. Санжэевым, які таксама падкрэсліў неабходнасць пастаяннага цеснага ўзаемаабмену думкамі паміж прадстаўнікамі акадэмічных інстытутаў. А зважаючы на сітуацыю ў сферы этнагенетыкі, калі супольная работа толькі-толькі пачынаецца, планаваць правядзенне намечанай комплекснай нарады на канец сакавіка (як прапанаваў С. Талстоў) — гэта занадта рана[16]. (Адметным выглядае пасаж адносна таго, што „супольная работа толькі-толькі пачынаецца”. Аднак у такім выпадку паўстае слушнае пытанне: а што ж рабілі этнагенетыкі з верасня 1938 г., калі адбылася першая нарада па пытаннях этнагенезу, у ходзе якой і была засведчана неабходнасць стварэння міждысцыплінарнай спецыяльнай камісіі якраз для каардынацыі сумеснай работы прадстаўнікоў розных галін гуманітарных навук у сферы этнагенезу?)[17].

Наступны выступоўца, мовазнавец Б. Горнунг, які браў удзел яшчэ ў сесіях (памянёнай вышэй) міждысцыплінарнай спецыяльнай камісіі па пытаннях этнагенезу ў час Вялікай Айчыннай вайны[18] (ён жа і згадаў у сваім выступленні аб працы гэтай камісіі), таксама падкрэсліў, што гэтая „наша сесія — толькі пачатак работы” і не варта разлічваць на намечаную дыскусію як на нейкае падвядзенне вынікаў (аб чым прагаварыўся П. Траццякоў), а таму „мы не павінны згладжваць вострыя вуглы”[19]. Трохі пазней (у ходзе абмеркавання) Б. Горнунг указаў на непаразуменне паміж лінгвістамі і археолагамі адносна этнічнай трактоўкі некаторых археалагічных культур. У сувязі з гэтым ён адзначыў, што „калі мы не дамо рады такім няяснасцям, гэта не будзе спрыяць поспеху дыскусіі”[20].

У сваім выступленні гісторык А. Насонаў падтрымаў i П. Траццякова, і Г. Санжэева, і Б. Горнунга ў тым, што толькі праз пастаноўку асобных пытанняў даследчыцкага характару можна дасягнуць станоўчых рэзультатаў, а таму маючы адбыцца дыспут — не падвядзенне вынікаў, а толькі пачатак работы, і пасяджэнні, што папярэднічаюць гэтай дыскусіі, патрэбны не дзеля таго, каб cяк-так аб нечым дамовіцца, а менавіта для кансультацый. Бадай ці не самым яскравым сведчаннем блытаніны ў этнагенетычнай сферы могуць служыць словы прадстаўніка мовазнаўцаў Б. Сярэбранікава: „Калі мы так (без падрыхтоўкі) збяромся, будзе мардабой, таму што мы дрэнна праінфармаваныя ў элементарных пытаннях розных спецыяльнасцей”[21]. Сітуацыя яшчэ больш ускладняецца тым, што, як адзначае вучоны, пасля выступлення І. Сталіна на старонках газеты „Правда” і выхаду яго кнігі „Марксізм і пытанні мовазнаўства” так і не з’явілася канкрэтных даследаванняў па этнагенезе, якія б праілюстравалі палажэнні правадыра на фактычным матэрыяле.

Ужо з выступленняў згаданых вучоных зразумела, што ўдзельнікі нарады рэальна ўсведамлялі складанасць раскрыцця тэарэтычных пытанняў у галіне этнагенетыкі і разумелі, што сапраўднае навуковае вырашэнне пастаўленых задач запатрабуе руплівай працы, а не „кампанейскага” падыходу, калі, дзеля хуткага дасягнення рэзультатаў, пра якія можна было б фармальна адрапартаваць (пакуль ёсць палітычная актуалізацыя), вучоныя „дамаўляюцца” ці „згладжваюць вострыя вуглы”. Відавочна, што ў апошнім выпадку гэта быў бы не навуковы кампраміс, а кан’юнктурны і палітычна „бяспечны” кансэнсус (паколькі прыкрыццё калектыўным аўтарытэтам засцерагала б ад адказнасці), пабудаваны на аснове выключна схаластычнай інтэрпрэтацыі адпаведных сталінскіх тэарэтычных палажэнняў. Зрэшты, не трэба думаць, што ўдзельнікі нарады дапускалі магчымасць прымянення нейкай іншай метадалогіі, чым тая, што была выкладзена ў працах І. Сталіна па нацыянальным пытанні. На гэты момант звярнуў увагу Б. Сярэбранікаў, адзначыўшы, што гаворка ніяк не можа ісці пра сутыкненне двух светапоглядаў, паколькі магістральная лінія ў аспекце вывучэння этнагенетычных праблем ужо закладзена працамі І. Сталіна. Аднак, нягледзячы на гэта, мовазнавец прагназіраваў жорсткую палеміку, адначасова выказваючы апасенні: „Не тое страшна, што будуць розначытанні, а тое, што асноўныя праблемы могуць выпасці”[22]. Каб пазбегнуць апошняга, іншы прадстаўнік Інстытута мовазнаўства В. Левін (таксама, дарэчы, у мінулым удзельнік сесій камісіі па этнагенезе[23]) прапанаваў папярэдне публічна разглядаць даклады ў сценах інстытутаў[24].

Да абмеркавання працэсу падрыхтоўкі запланаванай дыскусіі далучыўся і А. Удальцоў. Найперш вучоны падкрэсліў (у каторы раз!), што толькі аб’яднанымі намаганнямі прадстаўнікоў розных спецыяльнасцей можна дасягнуць поспеху. Вырашыць жа праблему сіламі адной асобнай дысцыпліны, скажам археалогіі, ён не лічыў магчымым. Разам з тым, на яго думку, паколькі ёсць агульная метадалогія (у археолагаў, этнографаў, гісторыкаў і г. д.) для этнагенетыкі, то патрэбен адзін асноўны метадалагічны даклад. Вучоны таксама не лічыў, што дыскусія будзе падсумавальнай, але яе задача заключаецца ў тым, каб намеціць вырашэнне шэрагу пытанняў „у духу ўказанняў таварыша Сталіна”. А. Удальцоў зрабіў асаблівы акцэнт на тым, што зыходнай пазіцыяй служаць працы І. Сталіна, і нават з гэтага пункту гледжання патрэбен адзін агульны метадалагічны даклад, a ўжо потым можна выступаць з тэзісамі па асобных пытаннях (для прыкладу вучоны прывёў неабходнасць разгляду праблем славянскага этнагенезу і індаеўрапеістыкі). Гісторык прызнаў рацыянальнай прапанову А. Насонава аб тым, што варта праводзіць узаемныя кансультацыі спецыялістаў для падрыхтоўкі дакладаў[25].

Пад уплывам рэплік і публічных выказванняў вучоных старшынствуючы на пасяджэнні трохі змяніў уласную думку. Так, жадаючы падвесці пэўныя вынікі першага падрыхтоўчага пасяджэння, С. Талстоў пагадзіўся з тым, што ідуць пошукі, а таму такая сітуацыя, калі канстатуецца безліч прабелаў, — цалкам натуральная рэч. Ён звярнуў увагу на тое, што, хоць „І. Сталін падказаў (курсіў наш. — Н. Ю.) рашэнні, але яны яшчэ не дадзены”[26] (інакш кажучы, агульнатэарэтычныя і частка канкрэтных задач этнагенетыкі яшчэ не вырашаны). На думку этнолага, дыспуты павінны прывесці да „агульнай для савецкай навукі лініі”[27]. А вось для гэтага i патрэбна шырокае абмеркаванне, паколькі, як ён слушна заўважыў, ні ў якім разе нельга „заганяць у падполле” рознагалоссі. Аднак пры гэтым варта сфармуляваць сапраўды канцэптуальныя супярэчнасці, а таксама тыя, што выкліканы элементарнай недасведчанасцю ці проста спецыфічным успрыманнем той або іншай праблемы.

Для наладжвання прадукцыйнай работы вучоных з мэтай як мага хутчэйшай падрыхтоўкі дыскусіі С. Талстоў прапанаваў арганізаваць спецыяльную камісію; членамі гэтай структуры павінны былі стаць прадстаўнікі акадэмічных устаноў гуманітарнага цыкла[28]. Асноўны шлях падрыхтоўкі комплекснага дыспуту меў аформіцца ў выглядзе паэтапнага абмеркавання тэзісаў дакладаў. Аднак на бягучы момант дырэктар Інстытута этнаграфіі не бачыў такога чалавека, які здолеў бы дастойна прадставіць асноўны метадалагічны даклад па праблемах этнагенезу, паколькі дагэтуль такая праблема ўвогуле яшчэ не ставілася як адно цэлае для ўсёй гуманітарыстыкі. Толькі пасля правядзення намечанай сесіі можна будзе зрабіць такі даклад. Затое на дыскусію неабходна вынесці акрэсленыя вышэй пытанні. С. Талстоў выказаў рэальную занепакоенасць з нагоды таго, што „калі мы дамовімся… пра славянскі этнагенез”, то застанецца нямала пытанняў наконт паходжання іншых этналінгвістычных груп. Рэзюміруючы, этнолаг падкрэсліў, што тэрмін правядзення дыспуту нельга пераносіць на няпэўны час, і хутчэй за ўсё мэтазгодна яго правесці ў красавіку (на самай справе дыскусія адбылася толькі ўвосень). Стрыжнёвае пытанне, якое патрабуе тэрміновага вырашэння, ён бачыў у раскрыцці паходжання лінгвістычных груп народаў; ужо вакол гэтай праблемы можна групаваць і ўсю сукупнасць этнагенетычных задач[29].

Далей паміж вучонымі ўзніклі дэбаты наконт этнагенезу ўсходніх славян. Ініцыяваў іх А. Насонаў, які выказаўся так: „У распрацоўцы праблемы паходжання рускага народа [меўся на ўвазе менавіта народ — продак усходніх славян. — Н. Ю.] шмат спрэчнага”[30]. Таму вучоны выказаў пажаданнне, каб гэтыя пытанні атрымалі належнае высвятленне, пры гэтым варта асаблівую ўвагу надаць больш старажытным перыядам, дзе цяжкасці ў інтэрпрэтацыі тых ці іншых фактаў, як і ў іх фіксацыі, павялічваюцца. С. Талстоў падтрымаў гісторыка, настойваючы на тым, каб цэнтральным звяном усіх дакладаў праходзіла праблема груп народаў, аб’яднаных агульнасцю мовы, а гэтым выпадку і славяне таксама не застануцца абдзеленыя ўвагай. З прапановай А. Насонава салідарызаваўся і Г. Санжэеў. П. Траццякоў, які ўжо прыклаў нямала намаганняў для высвятлення пытанняў славянскага этнагенезу, у сціслай рэпліцы канстатаваў, што праблема славянскай супольнасці не распрацоўваецца ва ўзаемасувязі на розных стадыях этнагенезу: этап роду — этап племені — этап народа[31]. Заўважым, што ў гэтай рэпліцы фактычна была прапанавана пастаноўка досыць змястоўнага і цікавага пытання (у плане, напрыклад, вырашэння праблемы адзінства старажытнарускай народнасці, якая тады набывала вострую актуальнасць): спецыялістам варта адсачыць працягласць этапу адзінства кожнага са славянскіх народаў.

Калі ж весці гаворку пра першачарговую актуальнасць тых ці іншых праблем этнагенезу, дык па-за канкурэнцыяй у пачатку 1950-х г. была праблема старажытнарускай народнасці[32]. (Украінскі археолаг В. Даўжанок адзначаў у 1952 г., што навуковая пастаноўка пытання пра старажытнарускую народнасць зрабілася магчымай толькі пасля выхаду прац І. Сталіна па мовазнаўстве[33].) На пасяджэнні, якое мы разглядаем, калі С. Талстоў запытаў, ці могуць прадстаўнікі інстытутаў зараз жа заявіць тэмы сваіх будучых дакладаў, першай і на той час адзінай заяўленай тэмай была тэма, якую назваў А. Насонаў: „Да пытання ўтварэння рускай [г. зн. старажытнарускай. — Н. Ю.] народнасці”[34].

Лічым, што было мэтазгодна надаць столькі ўвагі менавіта першаму падрыхтоўчаму пасяджэнню, паколькі яго пратакол цалкам дазваляе рэканструяваць крытычную сітуацыю, што склалася ў этнагенетычнай сферы, калі спецыялісты фактычна знаходзіліся на раздарожжы і паасобку, кожны ў сваёй галіне, не наважваліся прапанаваць выразныя азначэнні ці зрабіць пэўныя абагульненні адносна вузлавых момантаў этнагенетыкі.

Другое падрыхтоўчае пасяджэнне было праведзена, згодна з планам, 15 лютага 1951 г.[35] Прадстаўнікамі інстытутаў абвяшчаліся тэмы выступленняў і іх выканаўцы. Галоўныя тэмы, прапанаваныя вучонымі, закраналі пытанні славянскага этнагенезу, перш за ўсё праблему старажытнарускай народнасці (адразу тры тэмы!). Так, мовазнавец Б. Сярэбранікаў паведаміў, што па пытанні паходжання „старажытна-рускай” народнасці падрыхтуе тэзісы старшы навуковы супрацоўнік У. Сідараў[36]. А. Насонаў абвясціў, што ад яго сектара (феадалізму. — Н. Ю.) для ўдзелу ў дыскусіі вылучаны толькі ён, прычым з тэмай „Да пытання аб утварэнні старажытнарускай народнасці”[37] (у дадзеным выпадку прагучаў менавіта такі варыянт словазлучэння). Тады С. Талстоў прапанаваў дадаць да гэтай групы дакладчыкаў яшчэ i Б. Рыбакова, які таксама рыхтаваў тэзісы аб утварэнні старажытнарускай народнасці[38] (на археалагічным матэрыяле). Гэтая праблематыка, будучы найбольш значнай, да таго ж ужо абапіралася на папярэднія распрацоўкі савецкіх вучоных, у якіх цэнтральнае месца займалі агульнатэарэтычныя канструкцыі адносна ўтварэння народнасцей. Аднак А. Насонаў, сумленна падыходзячы да магчымасці вырашэння галоўных задач дыскусіі, выказаў сумненне наконт адпаведнасці свайго будучага даклада, які меў грунтавацца на гістарычным матэрыяле старажытнарускай эпохі (XI—XIII ст.), агульнатэарэтычным падыходам, заяўленым у якасці тэмы дыскусіі. Але С. Талстоў ізноў падкрэсліў, што такія тэмы якраз прымальныя.

На гэтым жа пасяджэнні акрэсліўся і блок дакладаў па праблематыцы славянскага этнагенезу наогул. Так, П. Траццякоў узяўся падрыхтаваць тэзісы „Аб паходжанні славян паводле найноўшых археалагічных даных”, а антраполаг Т. Трафімава (Інстытут этнаграфіі) — „Паходжанне славян у святле даных антрапалогіі”. Ад мовазнаўцаў па гэтай праблематыцы даклад меўся падрыхтаваць С. Бернштэйн. Адначасова А. Удальцоў сказаў, што плануюць далучыцца да дыспуту і археолагі С. Кісялёў ды А. Арцыхоўскі, а ён сам паведаміць аб магчымасцях, якія даюць матэрыялы археалагічных даследаванняў для вырашэння праблем этнагенезу[39]. Агульнатэарэтычную прамову, падобна да А. Удальцова, павінны былі падрыхтаваць і ў Інстытуце мовазнаўства, але калектыўную. Найбольш адэкватна, адпаведна задачам дыскусіі, падышлі да справы этнолагі М. Чэбаксараў і С. Токараў, назваўшы сваё будучае выступленне „Метадалогія этнагенетычных даследаванняў на этнаграфічным матэрыяле ў святле Сталінскага вучэння аб нацыіі і мове”[40].

Павольны ход падрыхтоўкі да дыскусіі, што выявіўся на другім пасяджэнні, прымусіў С. Талстова (нагадаем, што дырэктар Інстытута этнаграфіі настойваў на правядзенні дыспуту ўжо ў красавіку 1951 г.) прасіць прысутных падрыхтаваць для абмеркавання тэзісы дакладаў на наступнае пасяджэнне[41], як ён прапаноўваў яшчэ на першай нарадзе. Неабходна таксама адзначыць, што з гэтага пратакола вынікае, што прапанову мовазнаўца В. Левіна аб тым, каб папярэдне даклады заслухоўваліся ў інстытутах, ужо часткова пачалі выконваць у Інстытуце этнаграфіі[42].

Трэцяе пасяджэнне ў рамках падрыхтоўчага цыкла адносна дыскусіі наконт метадалогіі этнагенетычных даследаванняў „у святле сталінскага вучэння аб нацыі і мове” адбылося 14 сакавіка 1951 г.[43]; у ім узялі ўдзел 14 вучоных, сярод якіх былі А. Насонаў, С. Талстоў, М. Чэбаксараў (Інстытут этнаграфіі), Г. Санжэеў, а вось А. Удальцоў гэтым разам не быў адзначаны ў кантрольным лістку[44]. Былі заслуханы і абмеркаваны тэзісы тэарэтычнага даклада антраполага М. Левіна (Інстытут этнаграфіі) пад назвай „Антрапалагічны матэрыял як крыніца вывучэння пытанняў этнагенезу”. У цэлым гэтыя тэзісы не выклікалі ў прысутных навукоўцаў пярэчанняў.

Неўзабаве была склікана і чацвёртая нарада (19 сакавіка 1951 г.); колькасць прысутных на ёй трохі павялічылася — да 19 чалавек[45]. Гэтае пасяджэнне цікавае тым, што на ім пасля прачытання А. Удальцовым тэзісаў будучага даклада —„Археалагічныя крыніцы для вырашэння праблем этнагенезу” — адбылося досыць жвавае іх абмеркаванне. Найбольш спрэчным аказалася пытанне наконт суаднясення археалагічных культур і народнасцей. Так, С. Токараў выказаў сумненне з нагоды тэзіса „адна культура — адзін народ”, паколькі бывае і так: розныя культуры могуць адпавядаць аднаму народу[46]. З другога боку, як зазначыў вучоны А. Брусаў, археалагічная культура можа адпавядаць некалькім плямёнам, і нават роднасныя плямёны могуць браць свой пачатак ад розных культур. У гэтую справу, на яго думку, унеслі блытаніну М. Мар і яго паслядоўнікі[47]. (Нагадаем, што, згодна з вучэннем М. Мара, старажытныя археалагічныя культуры не варта атаясамліваць з лінгвістычнымі супольнасцямі. Наогул, на думку гэтага акадэміка-лінгвіста, не варта атаясамліваць этнас ці моўную супольнасць з якой-небудзь этнічнай культурай[48].) Прадстаўнікі ІГМК у сувязі з гэтым паспрабавалі даць абагульненае азначэнне археалагічнай культуры, уключыўшы ў яго такія прыметы: археалагічныя культуры з этнічнымі групамі не супадаюць; шэраг розных плямён могуць мець зусім аднолькавую культуру; навуцы вядомы вялікія культуры, што ахопліваюць няроднасныя плямёны, і адначасова роднасныя плямёны, на якія накладаюцца адрозныя культуры[49]. Аднак А. Удальцоў перасцярог даследчыкаў ад наступнага: калі не прызнаваць, скажам, у скіфскія часы пэўных супадзенняў паміж археалагічнымі культурамі і этнічнымі супольнасцямі, дык давядзецца ўводзіць новыя паняцці — археалагічнага племені і археалагічнай народнасці[50].

Старшынствуючы на пасяджэнні, дырэктар Інстытута этнаграфіі С. Талстоў, нагадаў прысутным, што І. Сталін перасцерагаў супраць пераносу спецыфічных з’яў мовы на народнасць. У сувязі з гэтым, на думку этнолага, паўстае дылема: як трэба разумець асіміляцыю мовай роду другой такой мовы, а пасля перарастанне яе ў мову племені і далей — народнасці. Дырэктар Інстытута этнаграфіі ў тэзісах даклада А. Удальцова заўважыў досыць вольны парафраз гэтага сталінскага пастулату. Адзначым, што і адказ археолага прагучаў не выразна, а надта ж блытана, і, падводзячы вынікі, А. Удальцоў прызнаў факт: ён не ведае, як правільна прыкладаць сталінскую аксіёму пры інтэрпрэтацыі канкрэтнага матэрыялу[51]. Канчатковы вердыкт вучонага сходу адносна тэзісаў А. Удальцова заключаўся ў тым, што яны павінны прайсці ўсебаковы разгляд у сценах Інстытута гісторыі матэрыяльнай культуры[52].

А. Брусаў звярнуў увагу прысутных на тое, што не толькі ў А. Удальцова, але і ў іншых вучоных, з тэзісамі якіх ён пазнаёміўся, добра адчуваецца адна агульная загана — недастатковая іх выразнасць[53]. А. Брусаў, мабыць, меў на ўвазе тое, што вучоныя імкнуліся ўхіліцца ад адназначных і дакладных фармулёвак пры апісанні тых ці іншых этнагенетычных механізмаў, а тым больш ад стварэння пэўных дэфініцый. Асноўнай прычынай такога стану рэчаў, як мы дапускаем, была боязь узяць на сябе адказнасць за гэтую справу, паколькі фармулёўкі маглі быць прызнаны неадпаведнымі сутнасці сталінскіх пастулатаў. Заўважым, што апошнія былі выкладзены досыць агульна і ў прымяненні да канкрэтных выпадкаў этнагенезу іх можна было разумець накшталт прароцтваў старажытнагрэчаскага дэльфійскага аракула, гэта значыць інтэрпрэтаваць па-рознаму.

Вышэй ужо было сказана, што ў гадавой справаздачы АІФ ідзе гаворка пра 14 падрыхтоўчых пасяджэнняў да галоўнай метадалагічнай сесіі прадстаўнікоў акадэмічных інстытутаў „у святле сталінскага вучэння аб мове і нацыі”. Відавочна, што калі б знайшліся ў архівах пратаколы яшчэ дзесяці пасяджэнняў, то можна было б скласці больш паўнацэннае і рэпрэзентатыўнае ўяўленне пра ход падрыхтоўкі да заключнай нарады-дыскусіі. У прыватнасці, як адзначалася, папярэдняму разгляду былі падвергнуты ўсе тэзісы дакладаў, а таму матэрыялы іх абмеркавання на падрыхтоўчых пасяджэннях, магчыма, выявілі б пэўныя цікавыя нюансы. Разам з тым, як думаем, і знойдзены матэрыял дае пэўнае ўяўленне пра тагачасныя абставіны і перыпетыі арганізацыі дыскусійнай сесіі па метадалогіі этнагенетычных даследаванняў.

Пераклад Сяргея Петрыкевіча


[1] Гл.: Шепилов Д. Советский патриотизм // Правда. 1947. 11 августа. С. 2—3. (Падрабязна пра гэты артыкул глядзі ў манаграфіі бранскага даследчыка гісторыі гістарычнай навукі сталінскай эпохі А. Дуброўскага: Дубровский А.М. Историк и власть: историческая наука в СССР и концепция истории феодальной России в контексте политики и идеологии (1930—1950-е г.). Брянск, 2005. С.501-503).
[2] Зрэшты, у савецкай навуцы сталінскай эпохі паняцце «этнагенез» ужывалі ў вузкім і шырокім значэнні. У першым выпадкумеўся на ўвазе гістарычны працэс зараджэння і фарміраванняэтнасу, пачынаючы ад роду і канчаючы ўзнікненнем народнасці, а ў другім этнагенез уключаў у сябе і працэсы нацыягенезу.
[3] Тэрмін, вытворны ад паняцця «этнагенетыка», інакш кажучы —навуковая дысцыпліна, што вывучае працэсы этнагенезу.
[4] Гл., напр.: Архіў РАН. Ф. 457. Воп. 1. Адз. зах. 180. А. 19.
[5] А РАН. Ф. 142. Воп. 1. Адз. зах. 363. Протоколы подготовительного совещания по методологии этногенетических исследований. 8 февраля – 19 марта 1951 г. (33 арк.)
[6] Тамсама. А. 19.
[7] Греков Б. Д. За осуществление задач, поставленных И. В. Сталиным в его работе «Марксизм и вопросы языкознания».С. 320.
[8] А РАН. Ф. 142. Воп. 1. Адз. зах. 363. А. 1-11.
[9] Тамсама. А. 11.
[10] Тамсама. А. 1.
[11] Тамсама.
[12] Тамсама.
[13] Так, здача матэрыялаў нарады па метадалогіі этнагенетычныхдаследаванняў у рэдакцыйна-выдавецкі аддзел планаваласяяк рэальная на чацвёрты квартал 1951 г. Гл.: А РАН. Ф. 457.Воп. 1. 1945-1957 г. Адз. зах. 200. А. 163.
[14] Тамсама. Ф. 142. Воп. 1. Адз. зах. 363. А. 2.
[15] Тамсама. Ф. 1577. Воп. 5. Управленческая документация за 1934—1947 г. Адз. зах. 143. Протокол и стенограмма совещанияв Институте по образованию Комиссии и организации работыпо вопросам этногенеза. 10 сентября 1938 г. А. 10. У гэтым выпадку свядома зроблена ўдакладненая спасылка і на саму назву вопісу, дзе захоўваецца архіўная справа, матэрыялы якойадыгрываюць істотную ролю пры рэканструкцыі падзей, звязаных з функцыянаваннем камісіі па этнагенезе пры АН СССР.На жаль, папка з дакументамі была знойдзена толькі ў канцылістапада 2006 г., калі ўжо было змакетавана аўтарскае манаграфічнае даследаванне «”Старажытнаруская народнасць”:зараджэнне і станаўленне канцэпцыі ў гістарычнай навуцыСССР (1930-я – першая палова 1940-х г.)» — гл.: Юсова Н. «”Давньоруська народність”: зародження та становлення концепціїв історичнй науці СРСР (1930-ті – перша половина 1940-х рр.).Київ, 2006. Наконт актуальнасці матэрыялу ўказанай архіўнай справы гл. таксама: Юсова Н. Первое совещание по вопросам этногенеза и создание специальной комиссии по проблематике происхождения народов в контексте актуализации этногенетических исследований в СССР (конец 1930-х г.) // Проблемы славяноведения. Брянск, 2007. Вып. 9. С. 95-113.
[16] А РАН. Ф. 142. Воп. 1. Адз. зах. 363. А. 2.
[17] Тамсама. Ф. 1577. Воп. 5. Адз. зах. 143. А. 1.
[18] Юсова Н. Генезис концепції давньоруської народності в історичній науці СРСР (1930-ті – перша половина 1940-х рр.).С. 311-312.
[19] А РАН. Ф. 142. Воп. 1. Адз. зах. 363. А. 3.
[20] Тамсама. А. 6.
[21] Тамсама. А. 5.
[22] Тамсама. А. 5.
[23] Юсова Н. Генезис концепції давньоруської народності в історичній науці СРСР (1930-ті — перша половина 1940-х рр.).С. 311.
[24] А РАН. Ф. 142. Воп. 1. Адз. зах. 363. А. 5.
[25] Тамсама. А. 6.
[26] Тамсама. А. 7.
[27] Тамсама. А. 7.
[28] З выступлення С. Талстова на пасяджэнні вучонага савета Інстытута этнаграфіі 23 чэрвеня 1951 г. можна дазнацца, штотакі калектыў «будучых дакладчыкаў і выступоўцаў» распачаўпрацу ў першым квартале бягучага года. Асноўнымі яго задачамі было высвятленне «існуючых разыходжанняў» паміж археолагамі, этнографамі, гісторыкамі і лінгвістамі. Гл.: Толстов С. П. Итоги перестройки Института этнографии АН СССР. С. 11.
[29] А РАН. Ф. 142. Воп. 1. Адз. зах. 363. А. 8.
[30] Тамсама. А. 9.
[31] Тамсама.
[32] Гл., напр.: Юсова Н. М. Ідейна й термінологічна генеалогія поняття «давньоруська народність». — С. 117—118.
[33] Довженок В. И. К вопросу о сложении древнерусской народности // Доклады VI научной конференции Ин-та археологии.Киев, 1953. С. 40. Канферэнцыя адбывалася 3—7 червеня 1952 г. — гл.: Тамсама. С. 3.
[34] А РАН. Ф. 142. Воп. 1. Адз. зах. 363. А. 9.
[35] Тамсама. А. 10, 12-20.
[36] Тамсама. А. 12.
[37] Тамсама. А. 17.
[38] Тамсама. А. 18.
[39] Тамсама. А. 12, 14, 15, 16.
[40] Тамсама. А. 16.
[41] Тамсама. А. 18.
[42] Тамсама. А. 18.
[43] Тамсама. А. 21-24.
[44] Тамсама. А. 21.
[45] Тамсама. А. 25-32.
[46] Тамсама. А. 25.
[47] Тамсама. А. 28.
[48] Гл.: Шнирельман В. А. Злоключения одной науки: этногенетические исследования и сталинская национальная политика.С. 53; Юсова Н. Генезис концепції давньоруської народністі вісторичній науці СРСР (1930-ті — перша половина 1940-х рр.).С. 196-197, 201-202; Яе ж. Становлення радянської етногенетики (в світлі глотогонічної теорії М. Марра). С. 169, 171—172.
[49] А РАН. Ф. 142. Воп. 1. Адз. зах. 363. А. 28.
[50] Тамсама. А. 30.
[51] Тамсама. А. 26.
[52] Тамсама. А. 29.
[53] Тамсама. А. 27.

Наверх

Галоўная » Запісы па тэме 'Гiстарыяграфiя'