Новы нумар

Галоўная » Запісы па тэме 'Гiстарыяграфiя'

Артыкулы па тэме ‘Гiстарыяграфiя’

Генадзь Сагановіч. Грунвальд у беларускай гістарыяграфіі

Снежня 21, 2002 |


Бітва 1410 г. пад Грунвальдам (у нямецкай традыцыі — Танэнберг, у літоўскай — Žalgiris, у беларускай магло б быць Дуброўна[1], як лакалізавана месца сечы ў летапісах) стала па­дзеяй, пра якую адразу даведаўся ўвесь тагачасны свет. Як вядома, самы чынны ўдзел у ёй бралі і продкі цяперашніх беларусаў. Але ў грамадска–палітычным жыцці Беларусі тэма вялікай бітвы займае непараўнальна меншае месца, чым у Літве ці Польшчы, у якой Грунвальд даўно стаў нацыянальным сімвалам. Невыпадкова польскія калегі да нядаўняга часу, параўноўваючы грунвальдскую традыцыю сваёй краіны з літоўскай, расійскай, украінскай і чэшскай, пра беларускую нават не згадвалі[2]. Беларускае грамадства сапраўды не ацэньвала і не перажывала грунвальдскай спадчыны, бо, можна сказаць, і не ведала яе. Сітуацыя пачала мяняцца толькі ў канцы 80–х — пачатку 90–х г., калі ўгодкі грунвальдскай перамогі сталі публічна святкавацца ў Мінску, ёй прысвячаліся навуковыя чытанні, расла колькасць папулярных публікацый пра бітву, „Грунвальдам“ называлі перыёдыкі, летнікі і г.д.[3] Сцвярджэнне сваёй грунвальдскай традыцыі актывізавалася з абвяшчэннем дзяржаўнага суверэнітэту Беларусі, і калі б не радыкальная змена ўладаў ды палітычнага курсу краіны, вынікі гэтага працэсу, магчыма, былі б ужо відавочныя.

Калі даследаванне традыцыі ёсць справай хутчэй сацыёлагаў ці антраполагаў, дык гісторыку важна высветліць, як рэагавала гістарыяграфія на рост грамадскай цікавасці да Грунвальда ў 1980—90–я г., і наогул, якое месца заняў Грунвальд у нашай гістарычнай навуцы.

Для кожнага, хто арыентуецца ў айчыннай гістарычнай бібліяграфіі, не сакрэт, што тэма Грунвальда ў беларускай гістарыяграфіі засталася зусім непрыкметнай. У нас няма па ёй ніводнага даследавання манаграфічнага ўзроўню, а спецыяльных артыкулаў, прысвечаных славутай бітве, не набярэцца і дзесятак. Таму, вызначаючы актуальны стан беларускай грунвальдскай гістарыяграфіі, варта разгледзець не толькі навуковыя публікацыі, але і навучальную літаратуру, сінтэтычныя і энцыклапедычныя выданні, а таксама найбольш значныя творы публіцыстыкі.

Не спрабуючы ахапіць усіх аспектаў праблемы і свядома пакінуўшы ў баку шмат спрэчных пытанняў, звернемся да таго, як у беларускай гістарычнай літаратуры падаюцца

1) прычыны „Вялікай вайны“ і паходу саюзнай арміі ў Прусію;

2) колькасць армій праціўнікаў ды іх склад;

3) тактыка дзеянняў і ход бітвы;

4) страты абодвух бакоў;

5) ваеннае і палітычна–гістарычнае значэнне перамогі.

1. Пачаткам айчыннай грунвальдскай гістарыяграфіі можна лічыць публікацыі беларускіх гісторыкаў непадобных лёсаў ды розных ідэалагічных арыентацый — Міхаіла Каяловіча[4] і Дзмітра Даўгялы[5], прысвечаныя славутай бітве. Праўда, тэкст М.Каяловіча мае толькі ўскосныя адносіны да ўласна гістарыяграфіі: гэта яго ўрачыстая прамова ў Славянскім Дабрачынным Таварыстве, у якой гісторык, палемізуючы з асвятленнем Грунвальда ў польскіх і нямецкіх кнігах (якія славу пераможцаў прыпісвалі палякам), эмацыйна канстатаваў, што менавіта смаленскія палкі „спасли славянское дело“, пасля чаго перайшоў да праблемы рэлігійнай палітыкі ў ВКЛ. Больш сур’ёзным выданнем пра Грунвальд стаў нарыс Дзмітра Даўгялы, прысвечаны 500–годдзю вя­лікай перамогі. Узаемаадносіны ВКЛ і Польскай Кароны з Ордэнам гісторык прадставіў у ім як пастаяннае нарастанне канфрантацыі славянскага свету з немцамі, што непа­збежна вяло да развязкі. Наогул, у гэтым юбілейным нарысе, насычаным панславіс­цкай рыторыкай („общеславянское дело“, „общеславянское торжество“ і да т.п.), не выпадае шукаць асаблівай навуковасці, бо, па прызнанні самога аўтара, пісаўся ён у супрацьвагу польскай легендзе Грунвальда, для сцвярджэння першачарговых заслуг „руских“ палкоў наогул і „западно–русских“ у прыватнасці[6].

Калі не ўлічваць даволі папулярнага артыкула Язэпа Лёсіка, прысвечанага параўнанню апісанняў бітвы ў вядомых хроні­ках[7], то атрымаецца, што пасля згаданых выданняў спецыяльных навуковых публікацый пра Грунвальд у Беларусі давялося чакаць цэлае стагоддзе.

З сучасных гісторыкаў першым да вялікай перамогі звярнуўся Анатоль Грыцкевіч[8]. Вось жа, свядома ці не, ён наследаваў традыцыю трактавання немцаў як адвечных ворагаў славянства, дух славяна–нямецкага супрацьстаяння ваенных часоў, які выдаваў бітву пад Грунвальдам за фатальнае наступства нямецкай агрэсіі[9]. „Тэўтонскі ордэн планаваў стварэнне вялікай нямецкай дзяржавы на ўзбярэжжы Балтыйскага мора з уключэннем у яго склад Паўночнай Польшчы, Літвы і большай часткі Беларусі, Пскова і Ноўгарада Вялікага“, — пісаў гісторык. „Па­стаянна існавала пагроза незалежнасці дзяржавы, пагроза заняволення літоўскага і беларускага народаў, магчымага іх зні­ш­чэння або анямечвання (як прусаў)“[10]. Падобна патлумачыў прычыны вайны і аўтар другой спецыяльнай публікацыі Вітаўт Чаропка[11]. На яго думку, імкненне ВКЛ і Кароны разам абара­ніцца ад агульнага ворага стала „адной з галоўных прычын за­ключэння ў 1385 г. Крэўскай уніі“. „Ордэн выношваў планы заваявання Польшчы, Літвы, Ноўгарада і Пскова. Крыжакі здзей­снілі больш за 140 паходаў на ВКЛ, а ў адказ вялікакняскія войскі правялі 60 паходаў на Прусію і Лівонію“[12]. Шкада толькі, што не ўдакладнена, за які перыяд. Калі ў навукова–папулярнай кнізе Аляксандра Краўцэвіча — першым айчынным выданні, прысвечаным Тэўтонскаму ордэну — сцвярджаецца, што ў перыяд паміж 1340 і 1410 г. нямецкія рыцары, апрача 97 вялікіх паходаў на ВКЛ, здзяйснялі па 4—8 „невялікіх рабаўнічых вы­праў“ у год[13], то і гэтыя лічбы выглядаюць не асабліва карэктна, паколькі ў адносінах паміж ВКЛ і Ордэнам былі і перыяды замірэння, пры гэтым абсалютную большасць паходаў рыцары скіроўвалі ўсё ж на Жамойць ці Аўкштоту[14].

Лішне казаць, у якое складанае становішча трапляе энцыклапедычная і асабліва навучальная літаратура, што павінна выкладаць квінтэсэнцыю атрыманых і адаптаваных у навуцы ведаў, калі навукоўцы не забяспечваюць яе кандыцыйнымі распрацоўкамі. Сітуацыя з Грунвальдам тут асабліва паказальная: адсутнасць айчынных акадэмічных прац стварала і стварае самыя спрыяльныя ўмовы для выступлення аматараў у ролі знаўцаў праблематыкі, для пашырэння недаказаных гіпотэзаў, спрашчэнняў ці проста міфаў. Так, у адпаведным артыкуле „Энцыклапедыі гісторыі Беларусі“ сцвярджаецца, што мэтай „Вялікай вайны“ 1409—1411 г., названай этапам нямецкай палітыкі „Дранг нах Остэн“, было „стварэнне вялікай Тэўтоніі ад вострава Руген у Балтыйскім моры да Фінскага заліва“ з землямі Польшчы, Беларусі, Літвы, Пскова і Ноўгарада[15]. Нягледзячы на тое, што гэты план быў прыпісаны вялікаму магістру знаным даследчыкам грунвальдскай праблематыкі Стэфанам М. Кучыньскім, аўтарам вельмі папулярнай сярод беларускіх калегаў „Вялікай вайны з Нямецкім ордэнам“[16], у праўдзівасць падобных намераў проста немагчыма верыць. Як ужо было трапна адзначана ў палеміцы нямецкім гісторыкам, тут у адно сабраны асобныя намеры і спробы ўсіх эпох і часоў, так што такі план Ульрыху фон Юнінгену не мог нават прысніцца[17].

У навучальнай літаратуры прычыны Вялікай вайны з Ордэнам да апошняга дзесяцігоддзя амаль не закраналіся. А вось у новых дапаможніках, якія аддаюць бітве значна больш увагі, стала прасочвацца выразная інтэрпрэтацыйная тэндэнцыя: калі ў даваенных навучальных выданнях можна было прачытаць, што „ваенныя паходы рабілі не толькі рыцары на Літву і Беларусь, але і наадварот, літоўска–беларускія войскі не раз урываліся ў межы тэрыторыі, занятай рыцарамі, у сваю чаргу спусташалі і грабілі яе“[18], дык цяпер тлумачэнне прычынаў „Вялікай вайны“ гранічна спрасцілася і наблізілася да ўжо знаёмай схемы: увесь час узрастала небяспека з боку Ордэна, і генеральная сеча была проста неабходная для самаабароны! Напрыклад, калі ў школьных падручніках савецкага ўзору проста звяртаецца ўвага на значэнне Крэўскай уніі для паспяховай барацьбы славян і літоўцаў супраць Тэўтонскага ордэна[19], дык у новым дапаможніку, у якім упершыню славутай бітве адведзены асобны параграф, сцвярджаецца, што нямецкія рыцары няспынна працягвалі „грабежніцкае наступленне на Ўсход“, што колькасць іх рэйдаў „даходзіла да васьмі за год“, і што „толькі рашучая перамога над крыжакамі магла даць надзею на пазбаўленне ад грознай небяспекі…“[20]. І ў сучасных дапаможніках для ВНУ гаворыцца, што Ордэн пагражаў „балта–славянскім народам [...] духоўным і фізічным вынішчэннем“[21], што „скрушэнне агрэсіўнага суседа стала жыццёвай неабходнасцю ліцвінаў і палякаў“[22]. Нават у акадэмічных „Нарысах“ вайна з тэўтонцамі названая „барацьбой за выжыванне славянства“[23].

Не дзіўна, што гістарычная белетрыстыка і публіцыстыка, разлічаная на эмацыйнае ўспрыманне, дазваляла сабе яшчэ больш драматызаваць адносіны паміж немцамі і ВКЛ. Асаблівае месца ў папулярнай літаратуры заняло майстэрскае эсэ Канстанціна Тарасава „Пагоркі Грунвальда“, уключанае ў яго вядомую кнігу „Памяць пра легенды“[24], якая, стаўшы бестселерам другой паловы 1980–х г., акурат і спрычынілася да абуджэння гістарычнай свядомасці і папулярызацыі Грунвальда сярод шырокай грамадскасці. Можа таму, што сам жанр вымагаў ад пісьменніка кантрастаў, перадгісторыя генеральнай бітвы вы­трымана ў асабліва змрочных фарбах: маўляў, да 15 ліпеня 1410 г. паходы рыцараў на Літву і Беларусь „здараліся да васьмі разоў на год“, у суседстве з Ордэнам беларусаў і літоўцаў чакаў такі ж лёс, як прусаў, „ад якога… немцы не пакінулі нічога, апроч імя“, таму, маўляў, „зруйнаванне Ордэна стала неад­кладнай задачай, жыццёва неабходнай патрэбай літоўцаў, беларусаў і палякаў“, якую і вырашыла „Вялікая вайна“ 1409—1411 гадоў[25]. Пра „злавесную хмару смяротнай небяспекі“ з боку рыцарскай дзяржавы пісалася як у белетрызаваных аповедах пра Грунвальд[26], так і ў публікацыях новага гістарычнага перыёдыка, чытачам якога таксама нагадвалі пра лёс прусаў, што былі быццам „цалкам знішчаны“ немцамі, таму, маўляў, „такая ж горкая доля чакала беларусаў з літоўцамі“[27].

Лёс прусаў, як даўно высветлена даследчыкамі, быў далёка не такі трагічны, у кожным разе пра іх фізічнае вынішчэнне гаварыць не выпадае. Што ж да гвалтоўнага падпарадкавання і хрышчэння прусаў, то не варта забываць пра чынны ўдзел русінаў (у прыватнасці — гарадзенцаў) у адной з крыжовых выправаў супраць прускіх плямёнаў яшчэ ў ХII ст.

А Нямецкі ордэн у пачатку ХIV ст. ужо не ўяўляў для Вялікага Княства той небяспекі, якая зыходзіла з яго да Крэўскай уніі 1385 г. Ды і наогул, рэанімаванне антынямецкай фобіі ў наш час зусім беспадстаўнае. Сцвярджэнне вобраза нямецкіх рыцараў як смяротных ворагаў, што здзяйснялі Drang nach Osten, было характэрна для польскіх гісторыкаў і пісьменнікаў другой паловы ХIХ — пачатку ХХ ст. Традыцыя такога ўспрымання „крыжакоў“ нарадзілася ў ХV ст. у атмасферы вострага польска–нямецкага антаганізму, а развіццё нацыянальнай ідэалогіі ва ўмовах антыпольскай палітыкі прускіх уладаў актуалізавала яе. Тады ж расійскі панславізм, ставячы на мэце аб’яднанне ўсіх славян вакол „русского племени“, ператварыў Грунвальд у сімвал славянскага адзінства, перамогі „славянского дела“ над немцамі, выкарыстаў яго для прапаганды „великой идеи борьбы против вековых врагов и притеснителей славянства“[28]. Ідэалогія панславізму, ад самага пачатку шчыра палітычная і падпарадкаваная вялікарасійскім інтарэсам, асабліва прапагандавалася пад час сусветных войнаў. Цяжка зразумець, чаму пасля распаду СССР і з’яўлення магчымасцяў інтэграцыі ў вольную Еўропу беларуская гістарычная літаратура пераняла прымітыўныя міфы і фразеалогію ваяўнічага панславізму стогадовай даўнасці. Напрыклад, су­працьпастаўляючы славянскі свет нямецкаму, заходняму, аўтары некаторых не толькі папулярных, але нават навучальных выданняў сутыкнулі на Грунвальдскім полі „Еўропу крыжацкую, агрэсіўную“, з „Еўропай славянскай, што бараніла сваю годнасць і незалежнасць“[29].

2. Колькасць сілаў, якія сышліся для генеральнай бітвы, не засведчаная верагоднымі крыніцамі, таму яе вызначаюць да­следчыкі, дакладнасць якіх залежыць ад методыкі падлікаў[30]. Простыя лічбы, ператвараючыся ў колькасць „сваіх“ ці „ворагаў“, таксама выяўляюць пэўную эмацыйнасць падыходу да мінулага. Калі Анатоль Грыцкевіч цалкам прыняў дадзеныя польскага гісторыка Стэфана Кучыньскага (войска Вітаўта — 11 тыс. конніцы і 500 пяхотнікаў, войска Ягайлы — 18 тыс. конніцы, 2 тыс. пяхоты, у Ордэна — 21 тыс. конніцы і 6 тыс. пяхоты[31]), дык для В.Чаропкі нават лічбы Кучыньскага, якія многімі гісторыкамі лічацца моцна завышанымі, падаліся замалыя: як „рэальныя“ ён назваў 30—33 тыс. для Ордэна, а ў арміі саюз­нікаў павялічыў толькі колькасць сілаў Вітаўта да 20 тыс., тады як колькасць польскага крыла ў 20 тыс. яго задаволіла[32].

З аўтараў папулярных выданняў бадай толькі А.Краўцэвіч пагадзіўся з падлікамі С.Кучыньскага[33]. Канстанцін Тарасаў, назваўшы „Вялікую вайну“ польскага гісторыка „найбольш глыбокім“ даследаваннем грунвальдскай праблематыкі, вызначаную ў ёй колькасць войска палічыў заніжанай і напісаў, што Вітаўт меў прынамсі 20 тыс. — не менш за Ягайлу, тады як у Ордэна была 30–тысячная армія[34].

Завышаць колькасць армій, што бралі ўдзел у бітве, нельга не толькі з увагі на абмежаваныя мабілізацыйныя магчымасці дзяржаў — удзельніц вайны. Калі б нават лічбы С.Кучыньскага (не гаворачы пра большыя) адпавядалі сапраўднасці, то атрымалася б, што 15 ліпеня 1410 г. з абодвух бакоў мусіла б сы­сціся 50 тыс. конніцы, а з улікам рэзерву, татараў і малдаўскай дапамогі — 65 тыс.! Готхалд Родэ слушна адзначаў, што такая колькасць войска проста фізічна не змясцілася б на грунвальдскім полі[35].

Заслугі паасобных народаў у разгроме Ордэна немагчыма ўявіць без вызначэння этнічнага складу арміі саюзнікаў. Звычайна гэта рабілася на падставе пераліку харугваў у хроніцы Длугаша, названых па землях. Праўда, як для падліку агульнай колькасці сілаў, так і для вызначэння іх складу дадзеныя славутага храніста, які назваў, дарэчы, у арміі Вітаўта толькі 18 харугваў[36], складана лічыць надзейнай крыніцай[37]. Шкада, што ў нас яго крытыку яшчэ мала бралі да ўвагі. Ці не першым за выра­шэнне пытання складу армій браўся Дзмітры Даўгяла, якому трэба было паказаць, наколькі вялікая роля ў разгроме немцаў належала ўсходнім славянам. Аўтар вызначаў этнічны склад войска Вітаўта „на аснове знаёмства з характарам насельніцтва Заходне–Рускага краю“ і па актавых кнігах Віленскіх архіваў. З пералічаных Длугашам харугваў Вітаўтавага войска да літоўскіх ён аднёс 5 (віленскую, ваўкавыскую, ковенскую, медніцкую і троцкую), а да „рускіх“ — 15 (берасцейскую, віцебскую, гара­дзенскую, драгічынскую, кіеўскую, крамянецкую, лідскую, мельніцкую, наваградскую, пінскую, полацкую, тры смаленскіх і старадубскую)[38]. З патрыятычным максімалізмам падышоў да праблемы А.Грыцкевіч, сцвярджаючы, што з 40 харугваў Вітаўта беларускімі былі 28, украінскімі — 8, а ўласна літоўскімі — толькі 4[39]. Думаю, гісторык напісаў гэта пад уплывам А. Барбашова, які назваў „рускімі“ 36 харугваў арміі ВКЛ[40].

У навучальнай літаратуры ўвага да этнічнага складу войска залежала ад эпохі. Падручнікі савецкага ўзору проста не задаваліся гэтым пытаннем. Яны звычайна суха канстатавалі, што ў складзе армій Польшчы і ВКЛ „акрамя“ палякаў і літоўцаў былі таксама харугвы з Беларусі ды Ўкраіны, пералічваючы толькі іх частку[41], ніколі не забываючыся, аднак, згадаць пра гераічныя смаленскія палкі. Новыя ж, постсавецкія дапаможнікі звяртаюць увагу на вялікі колькасны ўдзел беларусаў у бітве, сцвяр­джаючы, што „ўласна беларускія“ харугвы складалі прынамсі больш за палову арміі Вітаўта[42]. Дзеля справядлівасці трэба адзначыць, што даследчыкі і ў сваіх папулярных публікацыях за­ставаліся даволі асцярожнымі з вызначэннем „удзельнай вагі“ сваіх далёкіх продкаў у саюзным войску. Прыкладам, Вячаслаў Насевіч падаў прапорцыі русінаў і літоўцаў у арміі ВКЛ як 3 да 1 (30 беларуска–украінскіх харугваў на 10 „уласна літоўскіх“[43]). Затое публіцыстыка і тут не ведала меры. Папулярызатары лічылі магчымым пісаць, што беларусы складалі „пераважную большасць“ той „асноўнай сілы“, якая разграміла немцаў[44], а каб іх гераізм уяўляўся яшчэ большым, сцвярджалася, што ворагаў „усё ж такі было болей“, чым пададзена ў С.Кучыньскага[45].

3. Сучасныя беларускія гісторыкі салідарна адзначалі, што першымі бітву пачало войска Вітаўта (тады як палякі ўступілі ў бітву на гадзіну–дзве пазней), ды што яно наткнулася на падрыхтаваныя немцамі „воўчыя ямы“. З версіяй пра ўцёкі Вітаўтавай арміі, уведзенай у гістарыяграфію Длугашам, яны не пагаджаюцца. А.Грыцкевіч піша толькі пра „адступленне“, якое было „звычайнай тактыкай літоўска–беларускіх і татарскіх атрадаў“[46]. Аспрэчыў сцвярджэнне польскага храніста пра слабасць арміі ліцвіноў ды іх уцёкі і В.Чаропка, спрабуючы даводзіць, што ўсё адбывалася згодна з планам Вітаўта ды Ягайлы, і што менавіта Вітаўту з ягоным войскам належыць вырашальная роля ў разгроме непрыяцеля, хоць „аб’ектыўна лаўры пераможцаў падзяляе і польскае войска“[47]. Праўда, аргументацыя тут занадта павярхоўная, каб канкураваць з довадамі С.Кучыньскага[48]. Шкада, што В.Чаропка не пазнаёміўся з грунтоўнай крытыкай „Вялікай вайны з Нямецкім ордэнам“ шведскім гісторыкам Свэнам Экдалем[49].

Падобным чынам стаў асвятляцца ход бітвы і ў сучаснай навучальнай літаратуры. Так, паводле аўтараў аднаго з найноўшых дапаможнікаў, уцёкаў войска Вітаўта наогул не было, яно проста вымушана адступіла[50]. Энцыклапедычны артыкул таксама пераконвае, што гэта быў „падманны манёўр уяўнага панічнага адступлення“[51]. У 1990–х г. адступленне Вітаўтавага крыла стала салідарна падавацца як загадзя спланаваны і арганізаваны манёўр практычна ва ўсіх спецыяльных публікацыях. Прынамсі так яно названа і ў папулярнай кніжцы А.Краўцэвіча[52], і ў белетрызаваным творы С.Цярохіна[53].

Сцвярджэнне Длугаша пра ўцёкі беларуска–літоўскага крыла пагатоў не магло быць прынята ў публіцыстыцы. На думку Канстанціна Тарасава, гэта было манёўравае адступленне да абозу 15 харугваў Манівідавага крыла, якіх потым Вітаўт вярнуў для акружэння Валенрода[54]. Пісьменнік наогул больш праўдзівым лічыў апісанне бітвы ў „Хроніцы Быхаўца“, якая галоўныя заслугі ў разгроме немцаў прыпісвае Вітаўту і яго войску, паведамляе пра „воўчыя ямы“ і вываз паловы ордэнскіх штандараў у Вільню[55]. Між тым, да паведамленняў гэтай позняй хронікі, не пацверджанай іншымі крыніцамі, варта падыходзіць з асаблівай асцярожнасцю. Прыкладам, сумненні многіх гісторыкаў (В.Маеўскага, Г.Родэ, С.Экдаля, А.Надольскага i iнш.) у наяўнасці „воўчых ям“ аказаліся справядлівыя — археалагічныя да­следаванні паказалі, што ў сапраўднасці іх не існавала[56].

Наступным агульным месцам апісання бітвы стаў гераізм „трох смаленскіх палкоў“. Яшчэ Дз. Даўгяла сцвярджаў, што „геройством и доблестью всех превзошли белорусские — смоленские полки князя Мстиславского“[57], г.зн. Сымона Лугвена. У інтэрпрэтацыі Ўсевалада Ігнатоўскага рыцары нават пабеглі „дзякуючы моцнаму націску на ворага беларускіх смаленскіх палкоў[58]“. „Стойкасць і мужнасць“ трох смаленскіх палкоў за­ставалася важным момантам асвятлення бітвы як у выданнях Расійскай імперыі, так і ў савецкіх падручніках. І ў найноўшых беларускіх дапаможніках гераізм смаленскіх харугваў, якімі лічацца аршанская, мсціслаўская і смаленская, называецца „вызначальным фактарам, які вызначыў ход бітвы“[59]. Між тым, сюжэт са смаленскімі харугвамі ёсць толькі ў Длугаша, на што слушна звярнуў увагу адзін А.Грыцкевіч[60], так што верагоднасць гэтага паведамлення не самая высокая.

4. Пра страты, асабліва са свайго боку, у беларускай грунвальдскай гістарыяграфіі пісалася сама меней. А.Грыцкевіч ізноў цалкам прыняў дадзеныя С.Кучыньскага, які сцвярджаў, што Ордэн страціў 18 тыс. забітымі і 14 тыс. палоннымі[61]. З такімі разлікамі польскага гісторыка пагадзіўся і В.Чаропка, прызнаўшы таксама, што „значныя страты“ панеслі ліцвіны (паводле Кучыньскага — 5—6 тыс.), а ў палякаў, са слоў Ягайлы, была адно мізэрная колькасць загінулых[62]. Акцэптаваў падлікі Кучыньскага і А.Краўцэвіч[63]. Між тым, дадзеных для вызначэння стратаў яшчэ менш, чым для колькасці сабраных для бітвы армій, а лічбы С.Кучыньскага відавочна моцна завышаныя[64]. Проста не магло быць, каб страты ордэнскага войска ў дзесяткі разоў перавысілі страты арміі саюзнікаў. Цалкам адвольнай уяўляецца пададзеная ў дапаможніку гарадзенскіх аўтараў лічба ў 20 тыс. загінулых з боку ВКЛ, якімі, да таго ж, „у пераважнай большасці“ былі „сыны беларускай зямлі“[65].

5. Хоць у польскай гістарыяграфіі прынята лічыць, што, параўнальна з ваенным значэннем перамогі, палітычныя наступствы трыумфу саюзнікаў пад Грунвальдам былі нязначныя, у беларускай гістарычнай літаратуры яны часта гіпертрафуюцца. Можна прасачыць, як паступова мянялася ацэнка значэння Грунвальдскай перамогі. Знамянальна, што „Хроніка Быхаўца“ не звязвала з ёй нічога лёсавызначальнага: пераможцы „з великою честю и з невымовным звытяжством, и на весь свет знаменитую славу осягнувши,… до своих земль доехали“[66]. Стрыманымі былі спачатку і ацэнкі беларускіх гісторыкаў. У 1910 г., адзначаючы 500–годдзе Грунвальда, „Наша Ніва“ змясціла толькі фрагмент „Хронікі Быхаўца“ з апісаннем бітвы, да якога ў якасці каментара рэдактар дадаў адзін–адзіны сказ: „Пасьля Грунвальдзкай бітвы […] немцы страцілі сваю сілу“[67]. У першым беларускім падручніку — нарысе Вацлава Ластоўскага — можна прачытаць толькі пра тое, што Вітаўт „сілу крыжацкую ў бітве пад Грунвальдам… зусім зламаў“[68]. Усевалад Ігнатоўскі ўбачыў у перамозе 1410 г. адно „відны пералом у беспарыўным змаганні“ ВКЛ з Ордэнам[69]. І такі аўтарытэт, як Мітрафан Доўнар–Запольскі, у рукапісе свайго падручніка палічыў дастатковым сказаць, што ў выніку паражэння „Ордэн распаўся“[70]. Васіль Шчарбакоў у даваенным падручніку заўважыў толькі, што па­сля Грунвальда „рыцарскія войскі страчваюць сваю мінулую сілу“ і іх дзяржава хутка ліквідуецца[71]. Язэп Найдзюк абмежаваўся тым жа: „Тэўтонскі ордэн не здолеў акрыяць пасля такога разгрому і пачаў слабець“, пакуль не стаў васалам Польшчы[72], а таксама зазначыў, што звязаныя з перамогай міжнародныя перамены спрыялі гандлю ВКЛ.

Трактаванне Грунвальдскай перамогі ў падручніках моцна змянілася пасля II сусветнай вайны. Асвятленне гісторыі адносін з немцамі, пераведзенае на лексіку франтавых часоў, і пасля разгрому фашызму падпарадкоўвалася антынямецкай ідэа­логіі. У першым паваенным акадэмічным выданні гісторыі Беларусі ўпершыню з’явіўся тэзіс, што „дзякуючы гераізму і стойкасці рускіх палкоў далейшая агрэсія нямецкіх феадалаў на славянскія і літоўскія землі была спынена“[73]. У наступнай акадэмічнай гісторыі не толькі сцвярджалася, што Грунвальдская перамога „канчаткова спыніла агрэсію нямецкіх феадалаў на славянскія і літоўскія землі“, але і падкрэслівалася, што „Літва і Польшча могуць весці паспяховую барацьбу супраць нямецкіх захопнікаў толькі пры апоры на ваенныя сілы беларускіх, рускіх і ўкраінскіх зямель“ (заўвага пра значэнне перамогі для эканамічнага развіцця апынулася на апошнім месцы)[74]. У найбольш кандыцыйнай пяцітомавай „Гісторыі Беларускай ССР“ засталася тая ж ідэалагема, сфармуляваная, праўда, больш мякка: перамога „прыпыніла агрэсію“. Праўда, тут упершыню гаварылася, што яна „садзейнічала згуртаванню беларускіх зямель і фарміраванню беларускай народнасці“ (чаго, дарэчы, не паўтарыў ніводзін іншы падручнік) і спрыяла эканамічнаму развіццю краіны[75].

З 1970–х г. пры апісанні значэння перамогі практычна ўсе падручнікі, акадэмічныя і энцыклапедычныя выданні на першае месца выносілі спыненне агрэсіі нямецкіх рыцараў (раней пісалі „феадалаў“, цяпер  — „крыжакоў“), а потым паўтаралі тэзіс пра ажыўленне гандлю і гаспадаркі. У новых падручніках постсавецкай Беларусі трактаванне Грунвальдскай бітвы як эпахальнай падзеі, што ўратавала славян, толькі ўзмацнілася. Напрыклад, у школьным дапаможніку па гісторыі эпохі Сярэднявечча напісана найперш пра „крах 200–гадовай крыжацкай агрэсіі ў Еўропе“[76], а ўжо потым — пра ўзрастанне аўтарытэту ВКЛ, станоўчую ролю перамогі для развіцця эканомікі і культуры. Нельга не здзіўляцца, што і першая ў суверэннай Беларусі акадэмічная сінтэза па айчыннай гісторыі, прапанаваўшы эмацыйнае апісанне бітвы, максімалізавала яе значэнне: перамога 1410 г. паклала канец „страшнаму, больш чым двухсотгадоваму супрацьстаянню двух магутных сіл: славянства і крыжацкіх заваёўнікаў“, яна „прадвызначыла далейшае гістарычнае развіццё многіх еўрапейскіх народаў“, пасля яе „землі ўсходніх славян пяць стагоддзяў не ведалі германскай агрэсіі“[77]. Такім чынам, у ацэнках Грунвальда і школьны дапаможнік, і акадэмічнае выданне, нічым не розняцца.

Складваецца ўражанне, што ў першыя гады незалежнай Беларусі ад празмерных эмоцыяў не маглі ўтрымацца і аўтары навуковых публікацый. Напрыклад, А.Грыцкевіч ацаніў перамогу пад Грунвальдам як выратаванне „ад вынішчэння і анямечвання беларускага народа“[78]. Але, з іншага боку, В.Чаропка, які ў публіцыстычнай кнізе падаў перамогу як „здзяйсненне мары“ літоўскіх князёў, пачынаючы ад Міндоўга[79], у навуковым артыкуле абмежаваўся сціплай канстатацыяй таго, што дзякуючы Грунвальду „польскія, літоўскія, беларускія землі былі выратаваны ад нямецкай агрэсіі“[80]. А Вячаслаў Насевіч, апісаўшы бітву даволі традыцыйна, яе значэнне патрактаваў наогул спакойна і неардынарна: да ваенна–палітычных вынікаў (спыненне нападаў, вяртанне Жамойці) ён дадаў гістарычна–цывілізацыйныя — перамога замацавала унію ВКЛ з Польскай Каронай, што на стагоддзі ўключыла Беларусь і Ўкраіну ў сферу заходняй цывілі­зацыі, а ў суме бітва стала „адным з ключавых момантаў станаўлення этнагенеза“ беларусаў і ўкраінцаў[81].

На завяршэнне агляду нельга не прывесці ў прыклад цалкам іншы падыход, зусім не тыповы для беларускай гістарыя­графіі: у сінтэтычным выкладзе гісторыі Беларусі эміграцыйны гісторык Янка Запруднік зусім сцісла і гранічна нейтральна напісаў пра Грунвальдскую бітву, затое яе наступствы інтэрпрэтаваў арыгінальна: з разгромам Ордэна было непасрэдна звязанае падпісанне Гарадзельскай уніі і манапалізацыя каталікамі вышэйшых царкоўных і дзяржаўных пасадаў, што мусіла заспакоіць Рым, — маўляў, каталіцкі касцёл не страціў у рэгіёне сваіх пазіцый[82].

Агляд літаратуры пра Грунвальд выяўляе, паміж іншага, вартую ўвагі асаблівасць нашай гістарыяграфіі: ніводзін аўтар не пагаджаўся з версіяй пра ўцёкі арміі Вітаўта, не адмаўляўся ад услаўлення смаленскіх палкоў, не ставіў пад сумненне наяўнасць „воўчых ям“, быццам падрыхтаваных немцамі, пры гэтым за многімі заўважаецца імкненне гераізаваць беларуска–літоўскія харугвы, завысіць колькасць ордэнскіх фармаванняў, гіпербалізаваць наступствы перамогі і г.д. Выразная патрыятычнасць падыходаў! Толькі вось з навукай у такога патрыятызму зусім мала агульнага.

Думаю, акурат гэтай патрыятычнасцю можна патлумачыць тое, што вобраз Грунвальда ў навуковых публікацыях у нас мала чым розніцца ад яго легенды ў дыдактычных выданнях і публіцыстыцы. Цяжка, аднак, зразумець, чаму палітычнае разняволенне гістарыяграфіі пасля распаду Савецкага Саюза не аслабіла тэндэнцыю гіпербалізацыі Грунвальда і сцвярджэння канфрантацыі з Захадам, а наадварот, парадаксальным чынам радыкалізавала яе, давёўшы да пераймання панславісцкай рыторыкі. Відавочна, на фармаванне грамадскай візіі Грунвальда ўплывала не навука, а гістарычная публіцыстыка. Сапраўды, складваецца ўражанне, што, напрыклад, грунвальдскае эсэ Канстанціна Тарасава моцна паўплывала на многіх гісторыкаў — надта ж падобныя падыходы і фармулёўкі! У прыватнасці, менавіта К.Тарасаву належыць фраза, якая ў 1990–х г. стала амаль літаральна паўтарацца ў шматлікіх папулярных публікацыях і нават у дапаможніках па айчыннай гісторыі, — што пасля Грунвальда „на працягу пяці стагоддзяў, да 1914 г., на землі Беларусі і Літвы не ступаў узброены немец“[83]. Толькі пры поўным гістарычным дальтанізме абсурднае супрацьпастаўленне „Еўропы крыжацкай“ і „Еўропы славянскай“ з папулярнай публікацыі С.Асіноўскага магло перавандраваць у дапаможнік выкладчыкаў Гарадзенскага універсітэта[84].

Падобныя прыклады сведчаць, што асвятленне грунвальдскай тэматыкі ў Беларусі спаўзала да белетрызацыі і спрашчэння, а навуковая гістарыяграфія нічога не супрацьпаставіла гэтаму. Выконваючы ролю папулярызатараў, нават гісторыкі выступалі ў гібрыдным жанры. Акурат ад гэтага засцерагаў Ё. Гёйзінга, гаворачы, што калі замест сур’ёзнай гістарычнай літаратуры грамадству прапануюцца эмацыйныя публікацыі пра мінулае, разлічаныя на літаратурны эфект, то культуры чыніцца вялікая шкода[85].


[1] Пытанне назвы заслугоўвае асобнай размовы. Нагадаю толькі пра тое, што яшчэ М.Каяловіч і Дз.Даўгяла ў публікацыях пра бітву 1410 г. згадвалі летапісную „Дуброўну“, М.Доўнар–Запольскі і Ў.Ігнатоўскі апрача „Грунвальда“ выкарыстоўвалі „Танэнберг“, а ў беларускай адраджэнскай перыёдыцы 1990–х г. рабілася свядомая спроба прыняць „Дуброўну“ за нацыянальны варыянт назвы славутай бітвы.
[2] Maternicki J. Tradycja grunwaldzka jako przedmiot badań historycznych // Studia Grunwaldzkie. Tom II. Olsztyn, 1992. S.70.
[3] Невыпадкова ў 1990 г. беларуская дэлегацыя ўпершыню брала ўдзел у міжнародных урачыстасцях на Грунвальдскім полі ў Польшчы, прысвечаных 580–годдзю бітвы.
[4] Коялович М. Грюнвальдская битва 1410 года. С.–Петербург, 1885.
[5] Довгялло Д. Битва при Грюнвальде 15 июля 1410 г. Вильна, 1909.
[6] Тамсама. С.3, 25.
[7] Лёсік Я. Бітва пад Грунвальдам у апісанні кронікі Быхаўца, Длугаша, Бельскага і інш. // Спадчына. 1996. №4. С.142—163. Перадрук з выдання 1922 г.
[8] Грыцкевіч А. Знешняя палітыка Вітаўта (Заходні накірунак) // Наш Радавод. Кн.2. Гродна, 1990. С.172—175; яго ж. Барацьба Вялікага Княства Літоўскага і Рускага (Беларуска–Літоўскай дзяржавы) з Тэўтонскім ордэнам у канцы ХIV— першай палове ХV ст. // Адраджэнне. Гістарычны альманах. Вып.1. Мінск, 1995. С.36—61.
[9] Не лішне нагадаць, што ў беларуска–літоўскім летапісанні, найперш у „Хроніцы Быхаўца“, пачатак „Вялікай вайны“ ні з чым не звязваўся і тым больш не падаваўся як заканамерны этап развіцця адносін Вялікага Княства і Кароны з Нямецкім ордэнам (Гл.: ПСРЛ. Т.32. Москва, 1975. С.151).
[10] Грыцкевіч А. Знешняя палітыка Вітаўта. С.172. Гэтаксама падаецца нямецкая пагроза для беларусаў і літоўцаў у другім, больш грунтоўным артыкуле (Гл.: Грыцкевіч А. Барацьба Вялікага княства Літоўскага і Рускага… С.39).
[11] Чаропка В. Удзел войска ВКЛ у Грунвальдскай бітве // Беларускі гістарычны часопіс. 2000. №2. С.14—22. Аўтар не мае спецыяльнай гістарычнай адукацыі, аднак публікацыя змешчана ў профільным перыёдыку, сярод заснавальнікаў якога Інстытут гісторыі НАН Беларусі і Беларускі дзяржаўны універсітэт.
[12] Чаропка В. Удзел войска ВКЛ у Грунвальдскай бітве. С.14.
[13] Краўцэвіч А. Тэўтонскі ордэн: ад Ерусаліма да Грунвальда. Мінск, 1993. С.21.
[14] Гл. падлік колькасці паходаў: Paravicini W. Die Preussenreisen des europäischen Adels. T.2. Sigmaringen, 1995. Tab.49.
[15] Цярохін С. Грунвальдская бітва // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т.3. Мінск, 1996. С.158.
[16] Kuczyński S. M. Wielka wojna z Zakonem krzyżackim w latach 1409—1411. Wyd. 2. Warszawa, 1960.
[17] Rhode G. Polemiken um die Schlacht von Tannenberg 1410 (Zu einem Buch von Stefan M. Kuczyński) // ZfO. Bd. 22 (1973). Hf. 3. S.484.
[18] Шчарбакоў В. Нарыс гісторыі Беларусі. Ч. 1. Менск, 1934. С.93.
[19] Гісторыя БССР. Вучэбны дапаможнік для вучняў сярэдняй школы. Пад рэд. Л.С.Абэцэдарскага. Выд. 13–е. Мінск, 1974. С.30; Гісторыя БССР. Падручнік для 8—9 класаў сярэдняй школы. Пад рэд. Э.М.Загарульскага. Мінск, 1989. С.56—57.
[20] Штыхаў Г., Ракуць В. Гісторыя Беларусі ў сярэднія вякі. Падручнік для 6 кл. сяр. школы. Пад рэд. П.Петрыкава. Мінск, 1996. С.130—131.
[21] Гісторыя Беларусі. Дапаможнік для паступаючых у вышэйшыя навучальныя ўстановы. Пад рэд. Ю.Казакова, А.Каханоўскага, П.Лойкі. Мінск, 1998. С.81.
[22] Гісторыя Беларусі: У 2 ч. Ч.1. Са старажытных часоў да канца ХVIII ст.: Курс лекцый / І.П.Крэнь, І.І.Коўкель, С.В.Марозава і інш. Мінск, 2000. С.234.
[23] Нарысы гісторыі Беларусі. У 2 ч. Ч. 1. Гал. рэд. М.Касцюк. Мінск, 1994. С.118.
[24] Гл. першае выданне на рускай мове: Тарасов К. Память о легендах: Белорусской старины голоса и лица. Минск, 1984 (раздзел „Холмы Грюнвальда“ — с.35—54). Цытаты прыводзяцца па 2–м беларускім выданні: Тарасаў К. Памяць пра легенды: Постаці беларускай мінуўшчыны. Мінск, 1994 („Пагоркі Грунвальда“ — с.77—96). Падзеяй стаў і выхад гістарычнай аповесці К.Тарасава „Погоня на Грюнвальд“ (Москва, 1986), разлічанай, аднак, на „ўсесаюзнага“ чытача і ў Беларусі маладаступнай.
[25] Тамсама. С.78.
[26] Цярохін С. Славутыя адвагай на вайне. Да 580–годдзя Грунвальдскай бітвы (1410—1990). Мінск, 1991. С.13.
[27] Асіноўскі С. Сумленна прынялі свой лёс… // Беларуская Мінуўшчына. 1995. №3. С.2.
[28] Гейсман П. Польско–литовско–русский поход в Восточную Пруссию и сражение при Грюнвальде–Танненберге. С.–Петербург, 1910. С.45.
[29] Асіноўскі С. Сумленна прынялі свой лёс. С.4; Гісторыя Беларусі. У 2 ч. Ч.1. Курс лекцый. С.240.
[30] Праблема падліку і крытыка методык добра разгледжана ў: Ekdahl S. Die „Branderia Prutenorum“ des Jan Długosz. Eine Quelle zur Schlacht bei Tannenberg 1410. Göttingen, 1976. S.144—154.
[31] Грыцкевіч А. Барацьба Вялікага Княства Літоўскага і Рускага… С.45.
[32] Чаропка В. Удзел войска ВКЛ… С.15.
[33] Краўцэвіч А. Тэўтонскі ордэн: ад Ерусаліма да Грунвальда. Мінск, 1993. С.33.
[34] Тарасаў К. Памяць пра легенды. С.82.
[35] Rhode G. Polemiken um die Schlacht von Tannenberg 1410. S.481.
[36] Названы троцкая, віленская, гарадзенская, ковенская, лідская, медніцкая, смаленская, полацкая, віцебская, кіеўская, пінская, наваградская, берасцейская, ваўкавыская, драгічынская, мельніцкая, крамянецкая і старадубская харугвы, а таксама палкі Жыгімонта Карыбута, Cымона Лугвена і князя Юрыя (сына Сымона Лугвена). Гл.: Długosz J. Roczniki, czyli Kroniki sіawnego królewstwa polskiego. Ks. 11. Warszawa, 1982. S.107—108.
[37] Крытыку разлікаў па падставе інфармацыі Длугаша гл. ў: Ekdahl S. Die Schlacht bei Tannenberg 1410. Bd.1. Berlin, 1982; Łojko J. Chorągwie polskie i litewskie w bitwie pod Grunwaldem // LSP. VIII. Poznań, 1989. S.152. і інш.
[38] Довгялло Д. Битва при Грюнвальде. С.21.
[39] Грыцкевіч А. Знешняя палітыка Вітаўта. С.173.
[40] Барбашев А. Танненбергская битва // ЖМНП. 1887, декабрь. С.171; яго ж. Витовт. Последние двадцать лет княжения. С.–Петербург, 1891. С.59.
[41] Гл.: История Белорусской ССР. Ред. колл. И.М. Игнатенко и др. Минск, 1977. С.52; История БССР. Под ред. В.Чепко, А.Игнатенко. Минск, 1981. С.91—92; Гісторыя Беларускай ССР. У 5 т. Т.1. Мінск, 1972. С.166.
[42] Напрыклад, гл.: Гісторыя Беларусі. У 2 ч. Ч. 1. Курс лекцый. Мінск, 2000. С.236.
[43] Носевич В. История не терпит пустоты // Парус. 1990. №8. С.49.
[44] Цярохін С. Славутыя адвагай на вайне. С.77.
[45] Тамсама. С.39.
[46] Грыцкевіч А. Барацьба Вялікага Княства Літоўскага і Рускага… С.47.
[47] Чаропка В. Удзел войска ВКЛ… С.21.
[48] Тамсама. С.17—21. Відавочна слаба арыентаваны як у гістарыяграфіі, так і ў крыніцах, аўтар часта спасылаецца на даўно састарэлыя ці публіцыстычныя выданні, аргументы іншых гісторыкаў выдае за ўласныя, прыпісваючы сабе арыгінальныя падыходы вядомых даследчыкаў, а таксама дапускае шэраг іншых некарэктнасцяў.
[49] Ekdahl S. Die Schlacht bei Tannenberg 1410. Bd.1. Berlin, 1982. S.314—316, 341—357 і далей.
[50] Гісторыя Беларусі. У 2 ч. Ч. 1. Курс лекцый. С.237.
[51] Цярохін С. Грунвальдская бітва. С.159.
[52] Краўцэвіч А. Тэўтонскі ордэн: ад Ерусаліма да Грунвальда. Мінск, 1993. С.40.
[53] Цярохін С. Славутыя адвагай на вайне.
[54] Тамсама. С. 89—91.
[55] Тамсама. С.84, 88.
[56] Nadolski A. Grunwald: problemy wybrane. Olsztyn, 1990. S.139.
[57] Довгялло Д. Битва при Грюнвальде. С.25.
[58] Ігнатоўскі У. Кароткі нарыс гісторыі Беларусі. 5–е выд. Мінск, 1992. С.86.
[59] Гісторыя Беларусі. У 2 ч. Ч. 1. Курс лекцый. С.237.
[60] Грыцкевіч А. Барацьба Вялікага Княства Літоўскага і Рускага… С.47.
[61] Тамсама. С.49.
[62] Чаропка В. Удзел войск ВКЛ… С.21.
[63] Краўцэвіч А. Тэўтонскі ордэн: ад Ерусаліма да Грунвальда. Мінск, 1993. С.42.
[64] Rhode G. Polemiken um die Schlacht von Tannenberg 1410. 3. S.480—481.
[65] Гісторыя Беларусі. У 2 ч. Ч. 1. Курс лекцый. С.239.
[66] ПСРЛ. Т.32. С.151.
[67] Гл.: Наша Ніва. 1910. №28. С.1—2.
[68] Власт. Кароткая гісторыя Беларусі. Вільня, 1910. С.27.
[69] Ігнатоўскі У. Кароткі нарыс гісторыі Беларусі. С.86.
[70] Доўнар–Запольскі М. Гісторыя Беларусі. Мінск, 1994. С.58.
[71] Шчарбакоў В. Нарыс гісторыі Беларусі. Частка 1. Менск, 1934. С.94.
[72] Найдзюк Я., Касяк І. Беларусь учора і сяньня. Мінск, 1993. С.41.
[73] История Белорусской ССР. В 2 т. Т.1. Под ред. В.Перцева, К.Шабуни и Л.Абе¬цедарского. Минск, 1954. С.81.
[74] История Белорусской ССР. В 2 т. Т.1. Ред. колл.: Л.Абецедарский, В.Перцев, К.Шабуня. Минск, 1961. С.72.
[75] Гісторыя Беларускай ССР. Т.1. Гал. рэд. К.Шабуня. Мінск, 1972. С.166.
[76] Штыхаў Г., Ракуць В. Гісторыя Беларусі ў сярэднія вякі. С.135.
[77] Нарыс гісторыі Беларусі. У 2–х ч. Ч. 1. Гал. рэд. М.Касцюк. С.118, 120.
[78] Грыцкевіч А. Барацьба Вялікага Княства Літоўскага і Рускага. С.49.
[79] Чаропка В. Імя ў летапісе. Мінск, 1994. С.383.
[80] Чаропка В. Удзел войск ВКЛ… С.21.
[81] Носевич В. История не терпит пустоты. С.49, 55.
[82] Запруднік Я. Беларусь на гістарычных скрыжаваннях. Мінск, 1996. С.33, 35.
[83] Тарасаў К. Памяць пра легенды. С.77.
[84] Гісторыя Беларусі. У 2 ч. Ч.1. Курс лекцый. С.240.
[85] Хейзинга Й. Задачи истории культуры // яго ж. Об исторических жизненных идеалах. Лондон, 1992. С.37.

Наверх

In memoriam

Снежня 1, 2002 |

Вітаўтас Раўдзялюнас
(2.II.1930—4.V.2002)

З cупольнасцi гісторыкаў старажытнага літоўскага права раней часу адышоў Вітаўтас Раўдзялюнас — адзін з найлепшых яго даследчыкаў, выдавец і знаўца крыніцаў Вялікага Княства Літоўскага, таленавіты педагог і літоўскі патрыёт. Аптыміст, заўсёды поўны сілаў, памёр раптоўна, не рэалізаваўшы ўсіх сваіх планаў і намераў. Не стала выбітнага прадстаўніка літоўскай гістарычнай навукі другой паловы ХХ стагоддзя — эрудыта, адданага не толькі навуцы, але і сваім вучням.

Вітаўтас Раўдзялюнас прыйшоў на свет 2 лютага 1930 г. у вёсцы Падаляй, воласці Жасляй, у павеце Кайшадорай. Быў адным з сямі дзяцей у сялянскай сям’і. Бацькі мелі каля 45 га зямлі, у тым ліку каля 30 га лесу. У 1946 г. бацька і брат былі зняволеныя савецкай уладай, а ў 1948 г. ужо ўсю сям’ю вывезлі ў Сібір, у Краснаярскі край. У высылцы будучы даследчык працаваў дрывасекам і пастухом, там жа атрымаў атэстат сталасці. Потым пераехаў у Іркуцк, дзе скончыў тэхнікум фізічнай культуры. Працаваў настаўнікам, трэнерам, актыўна займаўся спортам — стаў нават чэмпіёнам Казахстану ў кіданні дзіды. У 1959 г. апублікаваў рэцэнзію да слоўніка спартовых тэрмінаў.

Вывучаць права Вітаўтас Раўдзялюнас пачаў яшчэ ў Казахстанскім універсітэце і працягнуў гэта ў Віленскім універсітэце пасля вяртання з высылкі ў 1958 г. Пасля заканчэння універсітэта ён некалькі гадоў не меў магчымасці займацца навукай і быў вымушаны працаваць у розных інстытуцыях на дапаможных пасадах, пакуль у 1969 г. не быў рэабілітаваны. У 1971 г. Вітаўтас Раўдзялюнас стаў супрацоўнікам Інстытута філасофіі, права і сацыялогіі Літвы, у якім працаваў да самай смерці. З 1991 г. таксама пачаў выкладаць гісторыю літоўскага права на кафедры гісторыі Літвы гістарычнага факультэта Віленскага педагагічнага універсітэта.

Яшчэ ў маладыя гады (1947—1948) друкаваўся ў прэсе і як студэнт Віленскага універсітэта актыўна ўдзельнічаў у студэнцкіх, літоўскіх рэспубліканскіх, а таксама агульнасаюзных канферэнцыях. Ужо ў той перыяд, часам галадаючы, пачаў выязджаць да бібліятэк і архіваў усяго Саюзу ў пошуках экзэмпляраў Літоўскіх Статутаў.

Багаты і разнастайны навуковы скарб Вітаўтаса Раўдзялюнаса цяпер складана ацаніць. Не здолеў, хоць мерыўся, пакінуць сінтэзы. Яго найвялікшым навуковым захапленнем быў Літоўскі Статут, і ў гэтым накірунку ён зрабіў вельмі шмат, хацеў яшчэ болей — аднак не хапіла часу…

Даследчык знайшоў і апублікаваў шмат звестак пра вялікую колькасць копіяў I і II Статутаў, пра выданні і папраўкі III Статута ВКЛ, а таксама пра іх прававую тэрміналогію. З найважнейшых публікацый можна пералічыць: Pirmieji Lietuvos Statuto leidimai, Rusų knygos spausdinimo pradžia ir Lietuva, Vilnius, 1966, p. 119–159; Pirmojo (1529) Lietuvos Statuto lotyniškieji nuorašai, Teisės bruožai Lietuvoje XV—XIX a., Vilnius, 1980, p. 42—57; Antrojo (1566) Lietuvos Statuto nuorašai, Teisinių institutų raida Lietuvoje XIV—XIX a., Vilnius, 1981, p. 6—30.

З польскімі даследчыкамі Вітаўтаса Раўдзялюнаса звязвалі вельмі цёплыя адносіны, ён заўсёды апякаўся імі ў Вільні. Шматразова працаваў (нярэдка за свой кошт) у польскіх архівах і бібліятэках. Выдатна арыентаваўся і цаніў польскую гістарыяграфію, меў найлепшы яе збор ў Літве, які складаўся галоўным чынам (але не толькі) з выданняў па гісторыі права. Асабліва быў захоплены гісторыкамі кракаўскага асяродка, якіх заўсёды ставіў сваім вучням за прыклад. Высока цаніў прафесара Юліюша Бардаха, прафесара Анджэя Рахубу, прафесара Генрыха Віснэра, прафесара Гжэгажа Блашчыка, прафесара Тадэвуша Васілеўскага. Зрэшты, разам з Генрыхам Віснэрам апублікаваў некалькі артыкулаў (Trzeci Statut Litewski, Mówią wieki, 1984, nr 3, p. 1—3; Z dziejów Trybunału Wielkiego Księstwa Litewskiego 1581—1648, Kwartalnik Historyczny, 1986, t. 83, nr 4, s. 947—968).

Вітаўтас Раўдзялюнас як ніхто іншы быў падрыхтаваны да выдання Першага Літоўскага Статута, аднак не атрымаў магчымасці рэалізаваць гэтай справы. Па розных (суб’ектыўных) прычынах не стаў ні кіраўніком, ні нават ўдзельнікам даследчыцкай групы, сабранай для падрыхтоўкі акадэмічнага выдання гэтага славутага помніка права. Гэта было недарэчнасцю не толькі для Вітаўтаса Раўдзялюнаса і для згаданай групы, але і ўвогуле для даследавання Статутаў Літоўскіх. Больш шчыльна заняўся „Крыніцамі II Статута (1566)“ і ў 1976 г. гэтую тэму абраў для доктарскай дысертацыі, якую з–за розных прычынаў так ніколі і не напісаў. Аднак вынікам гэтай працы стаў пераклад на літоўскую мову таго Статута і шмат грунтоўных публікацыяў.

Вітаўтас Раўдзялюнас шмат зрабіў у галiне гісторыі права ў шырокiм сэнсе. З найважнейшых навуковых даследаванняў трэба адзначыць, між іншым, працы пра Літоўскі Статут ва ўкраінскім праве, пра выкарыстанне рымскага права ў ВКЛ, пра становішча караімаў, татараў, а таксама пра смяротныя пакаранні і рэлігійную талерантнасць (Ukrainos 1743 m. kodekso „Teisės“ originalas, Lietuvos TSR mokslų akademijos darbai, A serija, 1974, Nr. 4; Romėnų teisės recepcija Lietuvoje, Socialistinė teisė, 1974, nr. 3, p. 45—51; Priesaika kaip įrodymas senojoje Lietuvos teisėje (XVI—XVIII a.), Socialistinė teisė, 1974, nr. 1, p.52—56, а таксама ў суаўтарстве з Рамуальдам Фірковічам: Teisinė karaimų padėtis Lietuvoje (XIV—XVIII a.) Socialistinė teisė, 1975, Nr. 4, p. 48—53; Įstatymų leidyba feodalinėje Lietuvoje (iki 1569 m. Liublino unijos), Socialistinė teisė, 1975, nr. 2, p. 51–56; Seimų nutarimai — II Lietuvos Statuto šaltinis, Lietuvos TSR mokslų akademijos darbai, A serija, 1976, Nr. 3; Tortūros Lietuvos teismuose. (Jų panaikinimo 200 m. sukaktį minint), Socialistinė teisė, 1977, nr. 1, p. 44—50; Mirties bausmė senovės Lietuvoje, Pozicija, 1997, Nr. 2, p. 8—9.

Апублікаваў каштоўныя, малавядомыя звесткі па гісторыі даўняга Віленскага універсітэта, сярод якіх даследаванні пра навуковыя ступені знаўцаў права, пра знакамітых выкладчыкаў права, пра універсітэцкі суд, студэнцкія пакаранні: Teisės mokslų laipsniai senajame Vilniaus universitete, Socialistinė teisė, 1978, nr. 2, p. 48—53; Senojo Vilniaus universiteto teismas: Iš teisės istorijos, Socialistinė teisė, 1978, nr. 4, p. 44—48; Įžymieji senojo Vilniaus universiteto teisininkai, Socialistinė teisė, 1979, nr. 3, p. 32—37.

Сярод даследчыкаў Вялікага Княства Літоўскага Вітаўтас Раўдзялюнас вядомы перш за ўсё як выбітны выдавец крыніц. Так, ён быў ініцыятарам стварэння серыі „Помнікі літоўскага права“, у межах якой разам з Альгердасам Балюлісам, а таксама з Рамуальдам Фірковічам апублікаваў два фундаментальныя, агульнавядомыя цяпер выданні: судовую кнігу Біржанскага двара і пастановы Галоўнага Літоўскага Трыбунала (Biržų dvaro teismo knygos (1620—1745), parengė V. Raudeliūnas ir R. Firkovičius, Vilnius, 1982. 475 p.; Lietuvos Vyriausiojo Tribunolo sprendimai (1583—1655), parengė V. Raudeliūnas ir A. Baliulis, Vilnius, 1988. 670 p). У сувязі з гэтымі працамі Вітаўтас Раўдзялюнас заняўся таксама сялянскім судом, і ў выніку гэтага даследавання з’явіліся вельмі цікавыя артыкулы, сярод якіх: Biržų dvaro teismas (XVII—XVIII a.), Socialistinė teisė, 1977, nr. 4, p. 44—49. Варта дадаць, што ён таксама быў інцыятарам і суаўтарам яшчэ аднаго каштоўнага выдання „Studia prawa z historii prawa litewskiego“ (Teisės bruožai Lietuvoje XV—XIX a., Vilnius, 1980; Teisinių institutų raida Lietuvoje XIV—XIX a., Vilnius, 1981).

Вітаўтас Раўдзялюнас патрабавальна ставіўся не толькі да сябе, але і да іншых. Быў уважлівым аўтарам часам дастаткова вострых рэцэнзій, большасць якіх па сутнасці з’яўляюцца сапраўднымі грунтоўнымі артыкуламі. Для прыкладу варта ўзгадаць рэцэнзію да выдання дыярыуша канцлера Альбрэхта Станіслава Радзівіла, „Memoriale rerum gestarum in Polonia…“ (Lietuvos istorijos metraštis, 1972, Vilnius, 1973, p. 210—213), часопіса „Studia Źródłoznawcze“ (Lietuvos istorijos metraštis, 1973, Vilnius, 1974, p. 208—213), Метрыкі ВКЛ (Antrasis Lietuvos Metrikos tomas, Lietuvos aukštųjų mokyklų mokslo darbai, Istorija, 1997, t. 36, p. 280—298).

Вітаўтас Раўдзялюнас знайшоў і сабраў вялікую колькасць каштоўнага матэрыялу, з якога, аднак, апублікаваў не вельмі шмат: перадусім (калі помніць іншыя пазіцыі) гэта рукапіс Людвіка Юцэвіча (L. Jucevičius, Mokyti žemaičiai, parengė Meilė Lukšienė, Vytautas Raudeliūnas, Vilnius, 1975), а таксама лісты славутага літоўскага гісторыка Сімонаса Даўкантаса.

Вітаўтас Раўдзялюнас меў разнастайныя навуковыя інтарэсы і заслугоўваў таго, каб лічыцца літоўскім полігісторыкам. Ён займаўся гістарыяграфіяй, асаблівую ўвагу аддаваў гістарычнай бібліяграфіі, цікавіўся таксама найбольш вядомымі гісторыкамі права. Апублікаваў шмат цікавых артыкулаў і рэцэнзій. Энцыклапедычныя ж артыкулы (усяго каля 300) дзякуючы выключна сур’ёзнаму падыходу аўтара, як правіла, заўсёды былі кароткімі манаграфіямі. Увогуле Вітаўтас Раўдзялюнас аднолькава адказна і ўважліва ставіўся як да навуковых і энцыклапедычных артыкулаў, так і да папулярных публікацый.

Адкуль браліся яго незвычайна шырокія веды? З пастаяннай, руплівай працы ў бібліятэках і архівах: літоўскіх, польскіх, расійскіх і іншых. Ведаў вельмі шмат, аднак вельмі мала — у параўнанні з велізарнымі ведамі — апублікаваў. І адной з прычын гэтага была пачатая ў 1991 г. выкладчыцкая дзейнасць у Віленскім педагагічным універсітэце. Для сваіх вучняў Вітаўтас Раўдзялюнас не шкадаваў ні сілаў, ні часу. Разам з імі праводзіў над кнігамі, выданнямі крыніцаў і слоўнікамі цэлыя дні і нават апекаваўся імі нефармальна (у прыватным жыцці).

Былы сасланы, палымяны літоўскі патрыёт, аднойчы быў кандыдатам у Сойм. Актыўна (погляды меў хутчэй правыя) удзельнічаў у грамадскім жыцці, што было падставай для запрашэння яго да ўдзелу ў якасці суддзі ў працэсе Міжнароднага Віленскага Трыбунала над камунізмам. Вынікам гэтай цяжкай і інтэнсіўнай працы стала выданне вялізнага тома судовых матэрыялаў: „Tarptautinio Vilniaus visuomeninio tribunolo nuosprendis“.

Не стала найвыбітнага навукоўца, аднаго са старэйшых гісторыкаў літоўскага права. Засталася няскончаная праца, нявыдадзеная судовая кніга загорскага двара, таксама арыгінальны тэкст і пераклад II Літоўскага Статута. Засталася унікальная бібліятэка і багаты архіў. Выданне незавершаных прац, іх працяг, захаванне бібліятэкі і ўпарадкаванне архіва — гэта абавязак яго сям’і, вучняў і супрацоўнікаў. Толькі з часам стане магчымым ацаніць унёсак Вітаўтаса Раўдзялюнаса ў развіццё гістарыяграфіі Вялікага Княства Літоўскага. І першым крокам у гэтым кірунку можа быць памятная кніга з удзелам польскіх, беларускіх і іншых гісторыкаў.

Айвас Рагаўскас

Наталля Бандарэнка. Новы этап развіцця ўкраінскай гістарыяграфіі

Снежня 21, 2001 |


Палітычныя і сацыяльныя перамены, што адбыліся ва Ўкраіне ў 1990-я г., з’явіліся непасрэднымі перадумовамі да ўзнікнення гістарыяграфіі, якую ўжо цяпер можна ахарактарызаваць як якасна новы этап у развіцці ўкраінскай гістарычнай навукі. Гэты этап быў абумоўлены не толькі зменамі палітычнай кан’юнктуры ва Ўсходняй Еўропе, але і развіццём самой навукі, яе тэорыі і метадалогіі.

Сучасная ўкраінская гістарыяграфія — з’ява складаная і дынамічная, у сувязі з гэтым яе аналіз няпросты. Наўрад ці ў цяперашні час можна поўна ахапіць гэтую з’яву. Задачы артыкула больш сціплыя — ахарактарызаваць асноўныя кірункі і праблемы, а таксама паказаць найбольш значныя працы ўкраінскіх даследчыкаў па гісторыі і філасофіі гісторыі.

Украінская палітычная сітуацыя мае свае асаблівасці, што робіць яе вопыт унікальным для гістарычных даследаванняў. Абвяшчэнне ў 1991 г. (паводле вынікаў усенароднага рэферэндума) незалежнасці Ўкраіны паказала няжыццяздольнасць савецка-марксісцкай парадыгмы айчыннай гісторыі. І не толькі ў дачыненні да камунізму (сацыялізму) як найвышэйшай фармацыі «сусветна-гістарычнага працэсу», але і ў дачыненні да тэорыі нацый, згодна з якой найвышэйшай формай нацыянальнага ўкраінства (як і іншых народаў, што ўваходзілі ў СССР) абвяшчалася новая супольнасць — «савецкі народ».

Разам з тым, не нашла пацвярджэння і тэорыя заснавальнікаў старой украінскай гістарыяграфічнай школы Міхайлы Грушэўскага, «народніцкай», заснаванай на культурна-этнічнай схеме. Як заўважыў Яраслаў Грыцак, «абвяшчэнне ўкраінскай самастойнасці перакрэсліла шмат тэорый» нацыягенэзу. З’явіўся моцны імпульс пошуку новых падыходаў, новых шляхоў у даследаванні ўкраінскай гісторыі. Цікавасць да ўкраінскай гісторыі выходзіць за межы ўласна ўкраінскай гістарыяграфіі. На гэтым акцэнтуе ўвагу Грыцак: «Гісторыя Ўкраіны з-за складанасці даследчыцкіх праблем…, багацця інтэлектуальных парадоксаў, якія патрабуюць тлумачэння, дзякуючы нераспрацаванасці мноства сюжэтаў набывае значную прывабнасць для сусветнай гістарыяграфіі»[1].

Пра гэта ж піша амерыканскі даследчык М.Хеген у межах дыскусіі 1995 г. «Ці ёсць ва Ўкраіне гісторыя?», адзначаючы асаблівасці ўкраінскай гісторыі: «Тое, што лічылася «слабасцю» ўкраінскай гісторыі або яе «дэфектамі», параўнальна з пададзенымі стандартамі еўрапейскіх краін на ўзор Англіі і Францыі, на самай справе зрабілася «сілай» новай гістарыяграфіі і ператварыла ўкраінскую гісторыю ў вельмі «мадэрнае» поле даследавання»[2].

Між тым, сітуацыя ў сучаснай украінскай гістарыяграфіі характарызуецца, з аднаго боку, наяўнасцю даследаванняў, што ў асноўным належаць малодшаму пакаленню вучоных-гісторыкаў, якія не вызнаюць пэўных тэарэтыка-метадалагі чных пастулатаў, або прадстаўленых працамі археаграфічна га характару. З другога боку — за выключэннем прац, у якіх павярхоўныя змены тычацца пераважна гістматаўскай тэрміналогіі і некаторых новых сюжэтаў, — гутарка пойдзе перш за ўсё пра даследаванні ў рамках двух кірункаў.

Першы можна назваць «традыцыйным», які азначае вяртанне да пазітывізму і ўзыходзіць да школы заснаваль нікаў украінскай гістарыяграфіі ХIХ—ХХ ст. Уладзіміра Антановіча — Міхайлы Грушэўскага, сюды ўваходзіць таксама гістарыяграфія ўкраінскай дыяспары.

Другі можна назваць «мадэрнісцкім» («мадэрным»), зарыентаваным на метадалогію сучаснай еўрапейскай гістарычнай навукі. Абодвум кірункам уласціва рашучая адмова ад «гістарычнага матэрыялізму», на якім была заснаваная савецкая ўкраінская гістарыяграфія.

Для ўсіх найбольш буйных новых даследаванняў характэрна цікавасць да пытанняў метадалогіі і тэорыі. Ім прысвечаны асобныя працы або раздзелы ў манаграфіях. Да спецыяльных даследаванняў тэарэтыка-метадалагічна га плана належаць працы Міхаіла Брайчэўскага, Юрыя Паўленкі, Міраслава Паповіча, Наталлі Якавенкі, Яраслава Грыцака[3]. Далей мы спынімся на характарыстыцы прац названых аўтараў і найбольш актуальных праблемах, якія абмяркоўваюцца ва ўкраінскай навуковай літаратуры.

З буйных гісторыкаў старой школы пасля рэпрэсій 1930-х г. актыўнымі дзеячамі на радзіме заставаліся Н.Палонская-Васіленка (1884—1973) і П.Дарашэнка (1882—1951), якія ў канцы вайны эмігравалі і прадоўжылі працу на Захадзе, ды львавянін І.Крып’якевіч (1886—1967), які цудам пазбегнуў рэпрэсій. Адраджаць навуку ва ўмовах цяжкага ідэалагічнага прэсінгу трэба было новаму пакаленню. Пераадольваючы догматы афіцыйнай гістарыяграфіі, арыгінальную канцэпцыю стварыў Міхаіл Брайчэўскі , навуковая біяграфія якога пачалася яшчэ ў пачатку 60-х г. ХХ ст.

Доктар гістарычных навук, прафесар універсітэта Кіева-Магілянскай Акадэміі, правадзейны член Свабоднай украінскай акадэміі (ЗША) Міхаіл Брайчэўскі перш за ўсё вядомы як аўтар 10 манаграфій па старажытнай гісторыі ўсходніх славян і Русі. Ён распрацаваў новы падыход да археалагічных крыніц, які ў яго працах набыў метадалагіч нае значэнне; пашырыў храналагічны дыяпазон іх выкарыстання да позняга Сярэднявечча. Яму належыць арыгінальная тэорыя этнагенэзу, распрацаваная вучоным з пазіцый гістарызму.

Адным з першых вучоных-гісторыкаў «шасцідзeсят нікаў» Брайчэўскі ўвёў паняцце раннекласавага грамадства ў дачыненні да славянскіх палітычных саюзаў плямён (анты, славены) перадкіеварускага перыяду. Менавіта з гэтых тэарэтычных пазіцый ім напісаны цяпер ўжо класічныя працы «Біля джерел слов’янської державності» (1964), а таксама манаграфіі «Коли і як виник Київ» (1963, дапоўненае выданне на расійскай мове 1964), «Походження Русі» (1968), «Анты» (1998), якія ўвайшлі ў яго «Вибрані твори»[4].

Цэнтральнымі тэмамі навуковай творчасці прафесара Брайчэўскага можна лічыць канцэптуальнае асэнсаванне этнічнай гісторыі славян і праблему этнагенэзу ўкраінска га народа ў кантэксце ранняй гісторыі Ўкраіны. Стварэнне славянскіх народаў паказваецца не як міфічнае рассяленне «праславян» з нейкай міфічнай «прарадзімы» (хоць нельга адмаўляць і факт рэальных міграцый), а як паступовае ўцягванне ўсё новых і новых этнічных груп у працэс славянскай этнаганіі»[5].

Асаблівую цікавасць выклікае яго манаграфія «Конспект історії України»[6], у якой Брайчэўскі сфармаваў сваё бачанне ўкраінскай гісторыіі ад часоў палеаліта да перабудовы ў стройную гістарыясофскую канцэпцыю. Паводле Брайчэўскага, этнічнае развіццё Русі ішло па схеме: анты VI—VII ст. — пачатковая Русь VII—VIII ст. — Кіеўская Русь IX—XIII ст. Пазбягаючы спрашчэння этнагенетычна га працэсу, аўтар не ставіць знака роўнасці паміж антамі і сучасным украінскім народам. «Непасрэднымі продкамі ўкраінцаў былі не толькі плямёны чарняхоўскай культуры, але і насельніцтва Палесся — пазнейшыя драўляне і севяране» (плямёны чарняхоўскай культуры, паводле Брайчэўскага, — анты)[7].

Пачатак украінскай дзяржаўнасці, на думку Брайчэўскага, вядзе нас менавіта ў анцкія часы. «Распад першай усходнеславянскай дзяржавы, зразумела, не азначаў ліквідацыі тых гістарычных умоваў, якія яе спарадзілі… Замест Анцкага царства на яго развалінах даволі хутка ўзнікае новае палітычнае ўтварэнне — значна большае і магутнейшае — Кіеўская Русь»[8]. «У першай палове ХI ст. ад агульнага стрыжня адгаліноўваецца новая этнічная супольнасць, якая кансалідуецца як беларуская народнасць. Яе тэрытарыяльнай асновай былі Полацкая, Смаленская і Пскоўская землі, а этнічнай асновай (субстратам) — пераважна балцкія плямёны, якія славянізаваліся ў часы зарубінецкай (II ст. да н.э. — II ст. н.э.) і кіеўскай (II ст. н.э. — V ст. н.э.) культуры. Такім чынам, славянская каланізацыя стварыла тут магутны суперстрат, якія пазначыў фінал этнічнага развіцця Паўночна-Заходняй Русі»[9].

Згодна з канцэпцыяй Брайчэўскага, «у сярэдзіне і другой палове ХII ст. адбываецца аналагічны працэс этнічнай асіміляцыі фіна-ўгорскага насельніцтва Надволжаншчыны пад час славянскай каланізацыі паўночна-ўсходніх зямель (Растоўскай, Суздальскай, Мурамскай, Разанскай). Гэтыя землі паслужылі тэрытарыяльнай асновай фармавання расійскай народнасці»[10]. Генетычнай базай фармавання ўкраінскага народа заставаўся, паводле яго меркавання, менавіта гэты першасны агульнарускі стрыжань.

На аснове сістэмнага даследавання пісьмовых, лінгвістычных і антрапалагічных крыніц ім створана новая канцэпцыя перадгісторыі, фармавання і ранняй эпохі Кіеўскай Русі. На гэтым шляху яму папярэднічаў толькі Міхайла Грушэўскі, працы якога былі забаронены ва Ўкраіне да «перабудоўчых» часоў.

У падручніку «Вступ до історичної науки», у аснову якога лёг курс лекцый, прачытаны Брайчэўскім ва універсітэце «Кіева-Магілянская Акадэмія», аўтар выкладае асновы новай канцэпцыі і метадалогіі сучаснай украінскай гістарычнай навукі, якая, на яго думку, патрабуе карэнных зменаў.

Даследчык з іроніяй піша пра савецка-марксісцкую канцэпцыю гісторыі Ўкраіны: «У савецкай гістарыяграфіі з’явілася спецыяльная тэорыя, заснаваная на перакананні, што гістарычнае мінулае можна канструяваць на свой густ і розум… Так фармавалася сітуацыя, з якой украінская гістарыяграфія падышла да сярэдзіны 80-х г. Сітуацыя, сутнасць якой «высочайше утверждена»…, а сам гістарычны працэс — суцэльны шэраг белых плямаў і рознакаляровых фальсіфікацый»[11].

Ужо ў першых сваіх працах Брайчэўскі ўзняўся да разумення складанай узаемасувязі паміж стадыяльна-заканамер ным і рэгіянальна-унікальным у славянскай гісторыі, пазбегнуўшы аднолькава ўласцівых савецкай навуцы фармацыйна га падыходу спрошчанага гістмату і патрыятычнага панславіз му. Стаўленне Брайчэўскага да марксізму — творчае, што выяўлялася, у першую чаргу, у яго «несавецкім» прачытанні «класікаў», якое выключала пошукі ў працах Маркса і Энгельса ілюстрацый да пэўных падзей. І хоць метадалогія Брайчэўска га не выходзіла за рамкі класічнага марксізму ў яго дэтэрміна цыі эканомікай усіх астатніх сфераў жыцця грамадства, у тым ліку і этнічнага развіцця, яго погляды былі пазбаўлены нават ценю дагматызму. Гэта адрознівае Брайчэўскага ад шматлікіх аўтараў, якія адмовіліся ад марксісцкай тэрміналогіі, але не вызваліліся ад уяўленняў гістмату (фармацыйнага падыходу, аналізу з пазіцый класавай структуры грамадства і г.д.). У новых умовах грамадскага развіцця ён не здрадзіў сабе і ў тым, што не перайшоў пад уплывам еўрапейскай гістарыяграфіі на «новую мову» навукі, застаўся арыгінальным мысляром.

Новы кірунак у філософіі гісторыі ўяўляюць фундаментальныя працы Юрыя Паўленкі — доктара навук, аўтара некалькіх манаграфій. Найбольш значныя з іх: «Передісторія давніх русів в світовому контексті», «Історія світової цивілізації» і «Пути и перепутья современной цивилизации» ў суаўтарстве з Ю.Пахомавым і С.Крымскім[12].

У працы «Передісторія давніх русів в світовому контексті» пададзена асэнсаванне старажытнай гісторыі ўсходніх славян і Русі з новых метадалагічных пазіцый. Паўленка падсумаваў разуменне руху этнагістарычнага працэсу ў межах тэрыторыі сучаснай Украіны і сумежных рэгіёнаў ад старажытных часоў да ўзнікнення Кіеўскай Русі. Абавязковай умовай правядзення такога даследавання аўтар лічыць «бачанне месца славянскага і старажытнарус кага этнагенэзу ў сістэме сусветнай гісторыі»[13].

Так, у рамках перадгісторыі старажытных русаў аўтар разглядае пытанні фармавання і развіцця індаеўрапей скай і праславянскай супольнасці. Асаблівую ўвагу аўтар аддаў працэсу грамадскага развіцця славян і іх гістарычных продкаў у межах Лесастэпавай Украіны ў кантэксце асноўных мадэляў сацыяльна-эканамічнай эвалюцыі першабытных і раннекласавых грамадстваў. Галоўным чынам гэта тычыцца раннедзяржаўных сістэмаў скіфа-антычнай і анцка-палянскай эпох. Паўленка таксама рэканструюе структуру праславянскага пантэону, аналізуючы рэлігійна-міфалагічныя ўяўленні старажытных славян. Комплексны, міждысцыплінарны падыход, характэрны для ўсіх даследаванняў гэтага гісторыка і філосафа, аб’ядноўваецца тут з сістэмным разуменнем заканамернасцяў поліварыянтнага развіцця старажытных славян.

Уяўляе цікавасць і праца Ю.Паўленкі ў суаўтарстве з Ю.Храмавым «Українська державність в 1917—1919 р. (історико-генетичний аналіз)»[14]. У кнізе скрозь прызму альтэрнатыўнасці гісторыі асвятляецца пытанне пра страчаныя магчымасці Ўкраіны захаваць сваю дзяржаўнасць — гісторыя фармавання, развіцця і падзення першай у ХХ ст. украінскай дзяржавы, звязаных з гэтым сацыяльных працэсаў, культурных пераўтварэнняў і палітычных падзей.

У працы «Історія світової цивілізації» Паўленка стварае панараму сусветнай цывілізацыі праз сацыякультур нае развіццё чалавецтва ў яго цывілізацыйных і этнанацыянальных формах. Кніга з’яўляецца арыгінальнай спробай стварэння тэорыі і метадалогіі даследавання гісторыі, заснаванай на сучаснай філасофіі навуковага пазнання, у якой пераважае сістэмны падыход, фактарны аналіз, якія знайшлі найбольшае ажыццяўленне ў тэорыі сінергетыкі.

Нагадаем: сінергетыка — гэта канцэпцыя самааргані зацыі сістэм як такіх, у тым ліку і грамадства. Сінергетыч ны падыход да гістарычных даследаванняў замяніў ідэю абумоўленасці працэсу гісторыі эканамічным і вытворчым фактарамі шматфактарным аналізам. Згодна з гэтай тэорыяй гістарычны рух мае верагоднасны характар і заўсёды ўлучае ў сябе альтэрнатыўныя магчымасці. Гісторыя падпарадкоўваецца верагоднаснай логіцы. Паняцце «магчымасці» ў пэўныя моманты азначае больш, чым «закон» і «заканамернасць»[15].

Аўтар падкрэслівае, што «марксізм — як у яго класічным варыянце, так і, тым больш, у вульгарызаванай афіцыйнай інтэрпрэтацыі савецкай гістарыяграфіі — не здольны выконваць ролі базавай тэорыі культурна-гістарычна га працэсу. Але і заходняя філасофія таксама не можа прапанаваць якую-небудзь цэласную канцэпцыю культурна -гістарычнага руху, паколькі тэорыі нават такіх выдатных мысляроў, як М.Вэбер, А.Шпенглер, К.Ясперс, П.Сарокін або А.Дж.Тойнбі па-свойму не менш аднабаковыя, чым канцэпцыя К.Маркса. Яшчэ ў большай ступені гэта датычыць прац сучасных заходніх, у асноўным паўночнаамерыканскіх палітолагаў і сацыёлагаў, якім не хапае менавіта культурна-гістарычнага бачання развіцця чалавецтва»[16].

Асабліва важнай уяўляецца пазіцыя Паўленкі ў пастаноўцы задачы сучаснай метадалогіі. Яна, на яго думку, заключаецца не ў тым, каб, адмяжоўваючыся ад марксізма, прыняць нейкую альтэрнатыўную канцэпцыю, а ў тым, каб выйсці на распрацоўку новай цэласнай тэорыі культурна-гістарычнага працэсу праз сінтэз дасягненняў розных філасофскіх і навуковых школ, тэорыі, якая магла б функцыянаваць як тэарэтыка-метадалагічная аснова пазнання на ўзроўні канкрэтных дысцыплін культуралагіч на-гістарычнага цыклу. Гутарка ідзе пра прынцыпы «стадыяльнасці, полілінейнасці і цывілізацыйнай унікальнасці сацыякультурнага развіцця чалавецтва», на аснове якіх «ажыццяўляецца спроба абгрунтаваць і выкласці агульнае разуменне культурна-гістарычнай эвалюцыі, галоўнае — цывілізацыйнага працэсу», у адрозненне ад ўяўленняў пра адзінства сусветна-гістарычнага развіцця, прынятага ў гістмаце. На думку аўтара, «стадыяльны падыход асветніцкай і гегелеўскай філасофіі гісторыі, марксізму і эвалюцыянізму павінен быць дапоўнены бачаннем полілінейнасці шляхоў развіцця чалавецтва, сярод якіх найуніверсальнейшым з’яўляецца падзел заходняй і ўсходняй мадэляў эвалюцыі»[17].

Апрача таго ў кнізе асэнсоўваецца працэс фармавання сусветнай макрацывілізацыйнай сістэмы, асвятляецца пытанне пра прычыны захопу Новаеўрапейскай цывілізацыяй сусветнага лідэрства і інтэграцыі вакол яе іншых нацыянальных цывілізацый, якія трансфармаваліся, рэагуючы на «выклікі» з яе боку. Крытыкуючы састарэлыя палажэнні марксісцкай філасофіі гісторыі, Паўленка не адмаўляе самую ідэю аб’ектыўнай гістарычнай заканамернасці ў развіцці грамадства. На грунце ідэй А.Тойнбі (лакальная цывілізацыя) у працы развіваецца арыгінальны падыход да паняцця цывілізацыйнай сістэмы як самастойнай рэаліі надэтнічнага маштабу.

Цывілізацыйны падыход звязаны з асаблівай сістэмаўтваральнай роляй культуры — істотным кампанентам асэнсавання гісторыі. Гісторыя культуры з гістарыясофскім ухілам, якая яскрава выяўляе сучасныя навуковыя тэндэнцыі ў культуралогіі, пададзена ў кнізе філосафа, культуролага, гістарыёсафа, акадэміка Міраслава Паповіча . Як даследчык Паповіч арыентаваны на дасягненні сучаснай еўрапейскай навукі. Манаграфія «Нарис історії культури України»[18] заслугоўвае асаблівай увагі.

Кніга ўяўляе сабой нарыс гісторыі культуры Украіны, у якім галоўныя падзеі ўкраінскай гісторыі трактуюцца надзвычай карэктна і неартадаксальна. Глыбіню і энцыклапе дычнасць манаграфіі аўтар спалучае з лёгкасцю і займальнасцю падарожжа ў гісторыю культуры Ўкраіны, з вытанчаным стылем выкладу гістарычнага матэрыялу.

Прыхільнік антрапалагічнай канцэпцыі культуры, Паповіч трактуе культуру як комплекс характэрных матэрыяльных і духоўных дасягненняў грамадства, які ўлучае ў сябе не толькі розныя мастацтвы, літаратуру і філасофію, але і лад жыцця, сістэму каштоўнасцяў, традыцый і вераванняў. Таму ў манаграфіі паказана развіццё не проста разнастайных «галін культуры», але і інтэлектуальных працэсаў, грамадскіх (прававых і адукацыйных) інстытутаў. Варта адзначыць, што стрыжань арганізацыі матэрыялу — не гістарычна-падзейны, а светапоглядны. Уласна ўкраінская культурная гісторыя ў выкладзе Паповіча на кожным сваім этапе паказана ў сусветным ідэйна-культурным кантэксце.

Адмовіўшыся ад агульнапрызнанай дэфініцыі нацыі, аўтар пашырае гэтае паняцце, адкідваючы тэзіс пра ўкраінскую мову як неабходную прыкмету ўкраінскай культуры (а значыць, і трактоўку ўкраінскай культуры як перш за ўсё ўкраінамоўнай культуры этнічных украінцаў). Паповіч лічыць, што «для курса гісторыі культуры дастаткова канстатаваць, што пэўная супольнасць — можа, не такая знітаваная, можа, занадта крохкая, але супольнасць — існавала, а ў рамках яе жыла культура»[19].

Вырашаць пытанне, што з’яўляецца арганічным, а што не арганічным для ўкраінскай культуры, аўтар пакідае гісторыі, разглядаючы, па магчымасці, у цэласнасці ўсё тое, што належыць да культурнага фонду ўкраінскага народа. «Украіна — гэта заўсёды нешта большае, чым выключна ўкраінамоўная або ўкраінская па тэматыцы і сюжэту культура…»[20].

Прафесар Наталля Якавенка — яскравая прадстаўн іца новай украінскай гістарыяграфіі. Ёй належыць фундаментальнае даследаванне «Нарис історії України з найдавніших часів до кінця XVIII століття»[21], якому папярэднічае эсэ метадалагічна-тэарэтычнага зместу. У ім дэкларуецца прыхільнасць да ідэяў сучаснай еўрапейскай гістарыясофіі (М.Блок, Ф.Брадэль, сучасныя польскія гісторыкі Оскар Халецкі, Ена Сюч, Ежы Клачоўскі). Таксама, на наш погляд, прасочваецца ўплыў найноўшай расійскай тэарэтычна-метадалагічнай школы, перш за ўсё, блізкасць да пазіцый аднаго з найбуйнейшых яе прадстаўнікоў А.Гурэвіча.

Свае пазіцыі аўтар падкрэслівае, ідучы ад супрацьлеглага, папярэджваючы чытача, чаго ён не знойдзе ў яе кнізе: «Па-першае, гатовага адказу на ўсе пытанні: асабліва ў галінах, дзе пакуль няма распрацовак патрэбнага ўзроўню. Па-другое, ідэалізаванага набору гераічна-пат рыятычных прыкладаў: выхаваўчай мэце павінна служыць адпаведная папулярная літаратура, тым часам як абавязак навукі — не адварочвацца ад свайго адбітку ў люстэрку, нават калі яно не цешыць. Па-трэцяе, — спачування ультрапатрыятычным гіпотэзам з дылетанцкім адценнем, якога б вузла праблем яны не тычыліся — этнагенэзу, вытокаў пісьменнасці, дзяржаўных традыцый Запарожскай Сечы або яшчэ чаго-небудзь: такія рэчы маюць права на існаванне, але не ў навуцы, а побач з ёй — у спецыяльных друкаваных выданнях і з сваім колам прыхільнікаў»[22].

Метадалагічнае крэда Наталлі Якавенкі — антытэза пазітывізму класічнай украінскай гістарыяграфіі («народніцкаму» кірунку Грушэўскага і «дзяржаўнаму» кірунку Ліпінскага), а таксама савецка-марксісцкай гістарыяграфіі, якую яна лічыць своеасаблівай мадыфікацыяй апошніх. Яе даследаванні ў цэлым выкананы ў фарватары заходнееў рапейскай школы «Аналаў» і польскай гістарыяграфіі. Як даследчык яна ўпэўнена, што для таго каб рухацца наперад ад уяўленняў народніцкай традыцыі ХIХ ст. і гістматаўскіх пастулатаў, «трэба загаварыць мовай канца ХХ ст., мовай заходніх калег»[23].

Разам з тым, недастатковае крыніцазнаўчае даследаванне ўкраінскай гісторыі, на думку Якавенкі, робіць немагчымым дастаткова поўнае выкарыстанне метадаў гэтых вучоных. Сваю гісторыю Ўкраіны аўтар піша як «гісторыю чалавека ў грамадстве» і лічыць немагчымым у цяперашняй сітуацыі «змяніць сучаснае ўяўленне пра гісторыю Ўкраіны»[24]. Такая спроба, мяркуе яна, стане гіпатэтычна магчымай толькі пасля запаўнення тых лакун, якія да гэтага былі зусім не вывучаныя ці іх праблематыка ахутана застарэлымі, сфальсіфікаванымі або занадта «патрыятыч нымі» ўяўленнямі (паказальна, што да гэтых «лакун» належыць гісторыя вёскі і сялянства, гісторыя эканомікі і г.д.). Даследаванне грамадства, яго гісторыі не можа мець універсальных або папярэдне пастулаваных прынцыпаў. Бо сістэма, створаная «чалавечым матэрыялам», рэалізуе сябе праз канкрэтныя — заўсёды розныя ў часе і прасторы — учынкі людзей». Таму вывучэнне ўсёй сістэмы павінна пачынацца на ўзроўні індывіда — мікрагрупы, сацыяльнай праслойкі, стану і г.д. На больш агульным узроўні — гэта адмова ад звыклых ацэнак-вобразаў «суседзяў-захопнікаў», «падступных езуітаў» або «сваіх запраданцаў». Аўтар тлумачць шэраг крызісных перыядаў гісторыі Ўкраіны скрозь прызму глыбінных перамен у сістэме стэрэатыпных каштоўнасцяў.

Кірунак руху сучаснай гістарычнай украінскай навукі Наталля Якавенка бачыць у збліжэнні і дыскусіі з заходняй навукай. Найлепшым партнёрам тут, на думку аўтара, можа выступіць Польшча, вучоным якой цікава на аналагічным навуковым узроўні — у манаграфіях, кнігах, даследаваннях — «капаць» агульную гісторыю. Тут, несумненна, варта пагадзіцца, што менавіта ў сумеснай дыскусіі, у атмасферы ўзаемапавагі і добразычлівасці ёсць усе ўмовы для нараджэння ісціны.

Ідучы ад тэорыі да практыкі, Наталля Якавенка разам з Яраславам Грыцаком прыняла ўдзел у пачатым дзесяць гадоў таму Польскім навукова-даследчым інстытутам Цэнтральна-Ўсходняй Еўропы праекце, які прадугледжваў напісанне нацыянальных гісторый чатырох краін, што ўваходзілі ў склад Рэчы Паспалітай, з максімальна аб’ектыўнага і палітычна карэктнага пункту погляду. З гэтай мэтай украінскія, беларускія, літоўскія і польскія гісторыкі ў пошуках кампрамісаў праводзілі рэгулярныя сустрэчы і кансультацыі, абмяркоўваючы самыя важныя моманты агульнай гісторыі, знаходзячы як мага больш аб’ектыўныя інтэрпрэтацыі і ўзаемапрымальныя фармулёўкі. Вынікам гэтай працы стала публікацыя першых чатырох кніг 9-томавай гісторыі чатырох усходнееўрапейскіх краін — Польшчы, Літвы, Беларусі і Ўкраіны — найноўшай гісторыі Польшчы Ганны Дылянговай і Ежы Клачоўскага і двух вядучых украінскіх гісторыкаў — Наталлі Якавенкі і Яраслава Грыцака[25].

***

Сярод украінскіх гісторыкаў існуе ходкае меркаванне, што ў бальшыні ўкраінскія даследчыкі пісалі гісторыю «страчаных магчымасцяў». Уладзімір Віннічэнка пасля прачытання чарговага фрагмента «Історії Україны-Руси» Грушэўскага запісаў у сваім дзённіку: «Чытаць украінскую гісторыю трэба з бромам, — да такой ступені балюча, прыкра, горка, сумна перачытваць, як няшчасная… нацыя толькі тое і рабіла за ўвесь час свайго дзяржаўнага (або дакладней: паўдзяржаўнага) існавання, як адбівалася на ўсе бакі: ад палякаў, рускіх, татараў, шведаў. Уся гісторыя — шэраг… паўстанняў, войнаў, пажарышчаў, голаду, набегаў, вайсковых пераваротаў, інтрыг… Не, украінскую гісторыю (чытаць) без брома, без валяр’янкі або добрай дозы філасофскага папярэджання нельга»[26].

У адрозненне ад такой пазіцыі Якавенка і Грыцак у сваіх працах сцвярджаюць прынцыповую нармальнасць украінскай гісторыі.

Яраслаў Грыцак — доктар гістарычных навук, аўтар манаграфій і шматлікіх артыкулаў, прысвечаных узнікненню і развіццю канцэпцый украінскай дзяржаўнасці ў канцы ХIХ—ХХ ст., аўтар палітычнай біяграфіі Івана Франка і манаграфіі, прысвечанай гісторыі фармавання сучаснай украінскай нацыі. З 1992 г. працуе дырэктарам Інстытута гістарычных даследаванняў пры Львоўскім дзяржаўным універсітэце, чытае лекцыі ў Мічыганскім, Калумбійскім універсітэтах (ЗША) і ў Цэнтральна-Еўрапейскім універсітэце ў Будапешце.

У працы «Нарис історії України: формування модерної україньскоі нації ХIХ—ХХ ст.» Грыцак супастаўляе ўкраінскі гістарычны матэрыял з найноўшымі тэорыямі еўрапейскіх і амерыканскіх вучоных, аналізуе таксама праблему сучаснай украінскай нацыі. У кнізе Грыцака асвятляецца не проста гісторыя нацыянальнага руху з 1772 (першага падзелу Польшчы) да 1996 г., але і асноўныя праблемы найноўшай украінскай гісторыі, даецца новая трактоўка яе фактаў і падзей. Паводле яго меркавання, «Украіна 1991» не ўпісалася ў структурныя схемы, якія лічылі стварэнне нацый і нацыянальных ідэнтычнасцяў вынікам вялікіх сацыяльна-эканамічных зменаў, пазначаных у еўрапейскай літаратуры паняццем «мадэрнізацыя». Калі пагадзіцца з пастулатам гэтых тэорый, то ўкраінцаў у канцы ХХ ст. зусім не павінна было б быць, паколькі па большасці паказчыкаў украінцы сваю мадэрнізацыю прайгралі. І, як піша на гэты конт Арэст Субтэльны, «ва Ўкраіне мадэрнае было неўкраінскім і ўкраінскае было не мадэрным…»[27].

Гісторык В.Скуратоўскі адзначае, что ва Ўкраіне нацыянальнае станаўленне пачыналася ў ХVIII ст. з «гістарыяграфічнай, філалагічнай, этнолага-этнаграфічнай мабілізацыі ўсіх знакавых рэсурсаў… этнасу…»[28]. Сучасны ўкраінскі нацыянальны рух фармаваўся таксама ў значнай ступені пад штандарам абароны ўкраінскай мовы, якая была ўзнята пад час гэтай барацьбы да статусу найважнейшай прыкметы ўкраінскай нацыі. Таму ў масавай свядомасці бытуе атаясамленне ўкраінцаў з тымі, хто гаворыць на ўкраінскай мове. Але відавочна, што сучасны «ўкраінскі праект» — вынік узаемадзеяння розных ідэалогій і палітычных рухаў (як ні парадаксальна, у тым ліку і прынцыповых праціўнікаў украінскай самастойнасці). Сучасная Ўкраіна не з’яўляецца стварэннем выключна нацыянальна свядомай інтэлігенцыі або вынікам дзеяння толькі ўкраінскіх масаў[29].

Таму Яраслаў Грыцак ставіць пытанне пра сучасную ўкраінскую нацыю як палітычную структуру, хоць і не адмаўляе ролі этнакультурнага і моўнага фактараў. Украінская гісторыя ведае прыклады, якія дазваляюць выключыць этнічны характар украінскай нацыі або атаясамліваць яе з дзяржавай. Грыцак схіляецца да таго, што няма і не можа быць нейкага набору пэўных характарыстык, якія з’яўляюцца вызначальнымі для існавання нацыі. Спасылаючыся на вядомую сарбонскую (1882) лекцыю французскага гісторыка Э.Рэнана «Што такое нацыя?», Грыцак адзіным такім «адчувальным» фактарам называе «згоду і жаданне жыць агульным жыццём». Вызначальным для нацыі з’яўляецца не набор пэўных прыкмет, а суб’ектыўнае адчуванне членаў нацыі сваёй прыналежнасці да адной супольнасці… Сутнасцю нацыі з’яўляецца адчуванне самаўсведамлення. Яна можа страціць або змяніць свае вонкавыя прыкметы, не губляючы пры гэтым адчування жыццёвай унікальнасці таго, што робіць яе нацыяй»[30].

У пытаннях пра сучасныя нацыі аўтар абапіраецца на сучасныя англамоўныя даследаванні, часта яшчэ не выдадзеныя — машынапісныя і дысертацыйныя. У гэтых адносінах праца, паказваючы найноўшыя дасягненні заходняй гістарыяграфіі на тэму Ўкраіны, выконвае важную ролю пасярэдніка паміж дзвюма навуковымі культурамі. Разам з тым, апошнія дасягненні ў распрацоўцы тэорыі нацыягенэзу, або шырэй — этнагенэзу, у тым ліку і расійскіх, і ўкраінскіх вучоных (Ю.Брамлей, В.Генінг і інш.) выкарыстаны Грыцаком недастаткова[31]. Гэтыя недахопы не змяншаюць значэння працы Грыцака; яго манаграфія, несумненна, — адна з значных з’яваў ва ўкраінскай гістарыяг рафіі апошніх дзесяці гадоў.

Пытанне пра сучасны стан гістарычных даследаванняў ва Ўкраіне, як і праблема далейшых шляхоў іх развіцця, абмяркоўваецца на старонках навуковых перыядычных выданняў і навукова-публіцыстычнай прэсы. У прыватнасці, ва «Ўкраінскім гуманітарным аглядзе», які рэдагуе Якавенка, пад крытычным поглядам апынулася новая літаратура апошніх двух гадоў. У часопісе, мэта якога — зрабіць нормай навуковага жыцця прафесійнае публічнае абмеркаванне прац па гісторыі, на высокім узроўні вядзецца навуковая дыскусія па самых розных аспектах гісторыі Цэнтральнай і Ўсходняй Еўропы. На дыялог і дыскусію зарыентаваны таксама такія выданні, як «Генеза», украінскі культуралагічны альманах «Хроніка 2000», «Дух і літера», «Київска старовина».

На старонках часопіса «Дух і літера», які выдае цэнтр Еўрапейскіх даследаванняў пры Кіева-Магілянскай Акадэміі, змяшчаюцца філасофскія, культуралагічныя і рэлігіязнаўчыя даследаванні ўкраінскіх вучоных, а таксама пераклады папулярных прац заходніх культуролагаў. Адно з апошніх выданняў часопіса — «Энциклопедия політичної думкі» (пад рэдакцыяй Дэвіда Мілера, Киеў, 2000). Спецвыпускі «Генезы» — «Філософські студії» — працягваюць гістарыясофскі кірунак «Генезы». Матэрыялы пасяджэнняў гістарычнай секцыі, якая адбылася ў рамках канферэнцыі (22—23 лістапада 2000 г.) «Гуманітарныя веды на парозе ХХI ст.», будуць апублікаваны ў адным з найбліжэйшых нумароў «Беларускага гістарычнага агляду».

Яскравым, крытычным і адкрытым асвятленнем палітычных і культурных падзей грамадскага жыцця адрозніваецца і штомесячнік «Крытыка», які прапануе чытачу і вучоным-даследчыкам ідэі і спосаб бачання, што прынцыпова адрозніваецца ад канонаў савецкай украінскай гуманістыкі. Дастаткова прыгадаць у гэтай сувязі дыскусію на старонках часопіса, выкліканую аглядам Аляксея Талочкі «The Good, the Bad and the Ugly»[32]. Яна адлюстравала стан не толькі гістарычнай дысцыпліны, але і шмат якіх іншых сфераў гуманістыкі. Талочка ўзняў пытанне наконт правамоцнасці картаграфічнага размяшчэння гісторыі Ўкраіны паміж Усходам і Захадам, нацыянальнай ідэнтычнасці, заснаванай на такой лакалізацыі, наконт самой магчымасці гісторыі, пабудаванай на наратыўным даследаванні. Яго пазіцыя постмадэрнізму ў гістарычным даследаванні, прыхільнікамі якога цяпер з’яўляюцца многія аўтары-пачаткоўцы, тычыцца непасрэдна і прац, пра якія ідзе гаворка і ў нашым нарысе (перш за ўсё Якавенка). Палеміка, у якую адразу ўвайшлі Якавенка, Грыцак, Галенка, закранула надзённыя праблемы ўкраінскай гістарыяграфіі, у тым ліку пераасэнсавання ўкраінскай ідэнтычнасці[33]. Талочка вызначае сучасную даследчыцкую сітуацыю як «дзвюхвер’е», уласцівае гісторыкам, якія страцілі тэарэтычную недатыкальнасць, паспытаўшы ад дрэва постмадэрністычнай мудрасці. «Калі нас пытаюцца пра метадалогію, мы расказваем урок, вычытаны ў Дэрыды і Фуко; сеўшы за пісьмовы стол, адчуваем, што «намі» піша дух пазітывізму ХIХ стагоддзя, утрымліваючы ад метадалагічнага вар’яцтва»[34]. Аўтар засцерагае ад выкарыстання мадэрнага і постмадэр нага гістарычнага інструментарыя, які правамоцны ў рамках сучаснай гістарычнай парадыгмы пры дэманстраванні старых канцэптуальных схемаў, але не падыходзіць для стварэння схемаў новых.

Несумненна, такая дыскусія карысная для далейшага развіцця абраных кожным з аўтараў метадалагічных шляхоў. Больш за тое, Якавенка адзначыла, што «скрупулёзны аналіз калегі акрэсліў ёй падсвядомую задуму ўласнай кнігі: стварыць гісторыю станаўлення ўкраінскай ідэнтычнасці»[35].

Цікавасць да гісторыі з боку ўкраінскай грамадскасці, якая заўважна павысілася ў апошняе дзесяцігоддзе, актуалізавала для прафесіяналаў-гісторыкаў пытанне пра сацыяльную ролю гістарычнай навукі, а для гісторыкаў Украіны — пра ролю гісторыі ў працэсе фармавання сучаснай нацыі. Адзін з сучасных тэарэтыкаў даследавання нацыяналізму сказаў, што «нацыянальныя гісторыкі маюць такія ж адносіны да стваральнікаў нацыі, як і сяляне, якія вырошчваюць мак, да гандляроў опіумам: у абодвух выпадках першыя даюць другім сыравіну»[36]. На думку Грыцака, адной з сацыяльных функцый гісторыі застаецца фармаванне нацыянальнай ідэнтычнасці, роля якой асабліва істотная ва ўсходнеславянскім рэгіёне, дзе многія народы, у тым ліку і ва Ўкраіне, не мелі сваёй дзяржаўнасці. «Гісторыя павінна даць чалавеку ўяўленне пра той спосаб, якім ён звязаны з сваім грамадствам і яго мінулым, і якія магчымыя наступствы адсюль вынікаюць»[37]. Без усведамлення гэтага, лічыць Грыцак, немагчымы шлях як да стварэння нацыі, так і да дэмакратычнага грамадства, што ўзаемазвя зана і ўзаемаабумоўлена ў сучасных умовах. У гэтай сувязі ў навуковай літаратуры і гістарычнай публіцыстыцы ўкраінскімі гісторыкамі шырока абмяркоўваецца праблема гістарычнага нацыянальнага міфа. На гэты конт нямецкі палітолаг і гісторык Гергард Сіман, адзін з аўтарытэтных даследчыкаў гісторыі Ўсходняй Еўропы, адзначае, што «шлях да дэмакратыі праз стварэнне нацыі, несумненна, не зусім бяспечны, але іншых шляхоў папросту няма»[38].

На еўрапейскім Захадзе «этнас» рабіўся самастойнай палітычнай катэгорыяй — нацыяй — у канцы XVIII—XIX ст. Пасля Вялікай Французскай рэвалюцыі галоўным фактарам, які кансалідаваў народ, стаў прынцып нацыяналь най пабудовы еўрапейскіх дзяржаў (кожнай нацыі — свая дзяржава). І калі ў Англіі, Францыі, Іспаніі гэты прынцып перамог, то на ўсход ад Рэйна сітуацыя не адпавядала гэтаму патрабаванню часу. Гэта адбілася і ў нацыянальнай міфалогіі: нацыянальныя ідэі дзяржаўных і недзяржаўных нацый адрозніваліся. Паводле словаў І.Гірыча, «пангерманізм Прусіі адрознівалі такія самыя рысы экспансіянізму і нецярпімасці, як і славянафільства дзяржаўных нацый палякаў і расіян. У той час як чэшская, славацкая, харвацкая, украінская, беларуская ідэі як варыяцыі славянафільства мелі больш талерантны характар, больш узважаныя адносіны да іншых нацый, што жылі на іх тэрыторыі. Кожная нацыянальная варыяцыя міфа, якая клалася ў аснову адпаведнай нацыянальнай ідэі, мела свае пэўныя адрозненні і асаблівасці»[39].

Сучасная нацыянальная міфалогія, паводле вызначэння культуролага А.Грыцэнкі, з’яўляецца нечым блізкім да «грамадзянскай рэлігіі»[40]. Міфы не толькі ўплываюць на ідэалогію, але і інтэграваны ў яе і часам асаясамліваюцца з ёю. Апрача таго ў міфе заўсёды абсалютызуецца дабро, гераізуюцца і дэманізуюцца тыя або іншыя гістарычныя асобы, ствараюцца ўяўленні пра варожы лагер як носьбіт абсалютнага зла, ідэалізуюцца з’явы, да якіх імкнецца грамадства. Усе гэтыя асаблівасці міфа паспяхова выкарыстоўва юцца палітыкамі, якія ствараюць нацыянальны міф і ўкараняюць яго ў масавую свядомасць. Зразумела, гістарычны міф не мае нічога агульнага з акадэмічнай навукай. Але, прызнаючы за гісторыяй пэўныя выхаваўчыя функцыі, частка гісторыкаў прызнае і «права на існаванне» нацыянальнага міфа ва ўмовах фармавання сучаснай украінскай нацыі і дзяржаўнасці. Да прыхільнікаў такога меркавання належыць і Грыцак, які лічыць, што наяўнасць нацыянальных міфаў (як і спосабаў іх пераасэнсавання) — неабходны спадарожнік на шляху фармавання нацыі[41]. Неабходна пагадзіцца, што ні адзін народ свету на шляху свайго ператварэння ў нацыю не пазбегнуў «самаміфалагізацыі». «Гістарычная масавая свядомасць фармуецца праз уласныя каналы — сямейныя ўспаміны, сродкі масавай інфармацыі, папулярныя выданні — г. зн. праз тыя спосабы, на якія акадэмічная гісторыя не мае вырашальнага ўплыву»[42]. Гэтая сфера міфалагізаваная ў найбольшай ступені.

Зусім відавочная сувязь нацыянальнага міфа з нацыянальнай ідэяй, нараджэнне якой звязана з старой украінскай гістарыяграфіяй. Упершыню выказаная лідэрамі Кірыла-мяфодзеўскага брацтва Т.Шаўчэнкам, М.Кастамаравым і П.Кулішом у 40-я г. ХIХ ст., яна ўключала таксама шэраг нацыянальных міфаў, якія ўзыходзілі яшчэ да вядомай ананімнай «Гісторыі Русаў». У яе аснове былі гістарычныя аргументы, якія давалі навуковыя абгрунтаванні для палітычнага супрацьпастаўлення двум галоўным прэтэндэнтам на авалоданне ўкраінскай тэрыторыяй: Польшчы і Расіі.

Гірыч, аналізуючы праблему, супярэчнасці нацыяналь нага міфа гістарычнай праўдзе, адзначае: «Польская гістарыяграфія гаварыла пра існаванне «гістарычнай Польшчы», пра сацыяльны мір паміж украінцамі і палякамі ў мінулым, пра цывілізатарскую місію польскай шляхты; расійская абапіралася на думку пра адзіны «рускі праваслаўны народ» ад Карпатаў да Камчаткі, пра тысячагадовую гісторыю ўкраінцаў і расіян, пра адзіную мову, «сапсаваную» толькі ў XIV—XVII ст. пад час польскага панавання»[43].

Сутнасцю ўкраінскай ідэі было абвяржэнне двух супрацьдзейных пастулатаў украінскай гісторыі, што сфармаваліся ў польскай і расійскай гістарыяграфіях, у адрозненне ад якіх падкрэслівалася самабытнасць і самастойнасць культуры, мовы, гісторыі народа. Сама назва «Ўкраіна» павінна была засведчыць этнічнае адрозненне ад расіян, хоць гістарычна ўкраінцы ў IX—XVIII ст. саманазываліся русічамі, русінамі, рускімі.

Адзначым: у сярэдзіне — канцы ХIХ ст. украінскія гісторыкі, у адказ на ціск пецярбургскай палітычнай эліты, лічылі ўкраінскім народам перш за ўсё просты народ. Эліта ў большасці была носьбітам польскай або расійскай нацыянальных культур. Такім чынам, ва Ўкраіне, побач з культам усяго нацыянальнага, сцвердзіўся і стаў часткай нацыянальнай ідэі тэзіс пра «бяскласавасць» украінскага грамадства. У выніку гэтае міфалагізаванае ўяўленне знайшло адбітак у вядомым супастаўленні В.Антановіча[44] ўкраінцаў з іх найбліжэйшымі суседзямі, згодна з якім палякам уласцівы прыроджаны арыстакратычны, расіянам — аўтакратычны, а ўкраінцам — дэмакратычны дух.

Украінская гістарыяграфія, якой яна склалася на пачатак ХХ ст., была заснавана на культурна-этнічнай схеме, што зводзіла ўкраінства да этнічных (у першую чаргу моўных) адрозненняў, і лічыла абарону гэтых адрозненняў найвышэйшай мэтай украінскага руху. Канцэпцыя Грушэўскага доўга заставалася найбольш уплывовай для наступных пакаленняў нацыянальных гісторыкаў, у тым ліку і сучасных. Як гісторык-пазітывіст з ухілам у сацыялогію, Грушэўскі аб’ектам гістарычнага даследавання лічыў народ, вырашальнымі фактарамі — тэрыторыю і этнас.

У канцы 90-х г. ХХ ст. узнавілася дыскусія па асноўных палажэннях канцэпцыі Грушэўскага, пачатая яшчэ Іванам Франко[45]. Дыскусія закранула ў першую чаргу тэрытарыяльнае бачанне Ўкраіны (каго лічыць «украінцамі»: прадстаўнікоў украінскага этнасу або прадстаўнікоў усіх этнічных груп, якія жылі на тэрыторыі Ўкраіны). Пад сумненне падпаў таксама фундаментальны тэзіс Грушэўскага аб народзе як адзіным героі гісторыі.

У 1920—80-я г. украінская гістарыяграфія паступова развівалася ў эміграцыі, у месцах кампактнага рассялення ўкраінцаў у Польшчы, Чэхіі, Нямеччыне, Аўстрыі, Францыі, а пасля Другой сусветнай вайны — у ЗША і Канадзе. На працягу 1920—60-х г. узнікалі навукова-даследчыя інстытуты ў Празе, Варшаве, Берліне, Парыжы, а з цягам часу ў Нью-Ёрку, Эдмантане і іншых гарадах. У бальшыні гэта паслядоўнікі народніцкага кірунку Грушэўскага або дзяржаўнай школы Ліпінскага.

Як уяўляецца, некаторыя іх погляды фармаваліся на аснове палітычных брашур Грушэўскага, які ўвёў у навуковы зварот некалькі міфаў, зыходзячы з прапагандысцкіх задач будаўніка нацыянальнай дзяржавы. Напрыклад, толькі ў палітычных брашурах Грушэўскі прыраўняў паняцці «анты» і «ўкраінскія плямёны», і ніколі не пісаў пра гэта ў «Історії Україны-Руси».

Фармулёўкі папулярных выданняў Грушэўскага, якія падтрымліваюць міф пра славянства (трыпольцы — таксама даўнія ўкраінцы), перайшлі нават у сур’ёзныя даследаванні дыяспары (А.Аглоблін, І.Лісяк-Рудніцкі, Н.Палонская -Васіленка).

Такім чынам, прысутнасць нацыянальнага міфа ў сучаснай гісторыі Ўкраіны — аб’ектыўная рэальнасць, паняцце «міф» шырока выкарыстоўваецца, і не толькі ў гістарычнай публіцыстыцы — яно стала прадметам спецыяльных даследаванняў[46].

Даследчая сітуацыя ва Ўкраіне характарызуецца абвостранай увагай да пытанняў метадалогіі, сярод якіх на першы план выступае праблема ўплыву суб’ектыўнага і аб’ектыўнага фактараў у даследаванні, альтэрнатыўнасці гісторыі, ролі асобы даследчыка, праблема пазнавальнасці гісторыі. Меркаванні разыходзяцца ад выяўленняў крайняга рэлятывізму да рацыяналізму з прызнаннем адноснасці ведаў у духу «адноснай і абсалютнай ісціны». Паказальнай з’яўляецца цікавасць да новых сюжэтаў, прысвечаных гістарычным біяграфіям, гісторыі палітычных элітаў ва Ўкраіне (Аляксей Талочка, Наталля Якавенка).

Яраслаў Грыцак, далучаючыся да свайго амерыканскага калегі Дэвіса, сцвярджае, што «добрыя гісторыкі павінны прызнавацца ў сваёй абмежаванасці. Найгоршымі гісторыкамі з’яўляюцца тыя, якія лічаць сябе свабоднымі ад якіх-небудзь перадузятых перакананняў»[47].

Зусім пераканальнай уяўляецца пазіцыя Грыцака і Якавенкі, што не вераць у магчымасць існавання якой-небудзь адзіна правільнай украінскай гісторыі, гэтак як і не вераць у магчымасць так званай аб’ектыўнай гісторыі. Не адвяргаючы неабходнасці імкнуцца быць максімальна аб’ектыўным у напісанні гісторыі, Грыцак лічыць, што празмерныя спробы «аб’ектывізаваць» гісторыю вядуць да яе абязлічвання і страты грамадскай цікавасці да яе. «Працы гісторыка павінны несці на сабе адбітак асобы аўтара, з яго моцнымі і слабымі бакамі… Галоўнае, каб гісторык дакладна ўсведамляў сваю мэту, якую ён ставіць пры напісанні або выкладанні гісторыі»[48].

Варта сказаць, што Якавенка стаіць на крайне рэлятывісцкіх пазіцыях у пытанні пра пазнавальнасць гісторыі. Неаднаразова паказвае на тое, што гісторык мае справу не з прадметам, які існуе фізічна, а з «канструктам ўласнага ўяўлення», лічыць, што пераадолець суб’ектыўную сутнасць гістарычнага пазнання можна толькі праз тлумачэнні логікі дзеянняў людзей мінулага і фактараў, якія іх абумовілі[49].

Разважаючы пра стан сучаснай украінскай навукі, нельга не абазначыць яе найбольш слабыя бакі. Сучасныя гісторыкі стаяць адной нагой на платформе старых канцэпцый, карыстаюцца старой тэрміналогіяй, але ў ацэнках падзей мяняюць «плюс» на «мінус». Ідзе засваенне новага факталагічнага матэрыялу, але тэарэтычныя палажэнні застаюцца няпэўнымі.

Варта таксама адзначыць катастрафічны недахоп спецыялістаў неўкраінскай гісторыі. Адзіная «замежная гісторыя», якая крыху развіваецца — гэта гісторыя Расіі. Галоўны рэдактар «Крытыкі» амерыканскі вучоны-славіст Рыгор Грабовіч характарызуе стан навукова-даследчага комплексу як калапс: «Інстытуты на месцах, Акадэмія Навук, як і Міністэрства адукацыі — усё гэта прадукты савецка-сталінскай сістэмы, якія паспяхова перажылі распад імперыі, іх саступкі новай рэальнасці… звяліся да пераменаў назваў…»[50].

Апрача таго, уплывае і такая спадчына савецкай сістэмы, як штучная ізаляванасць ад еўрапейскай навукі, няведанне замежных моваў, комплекс «правінцыйнасці». Таму ў нацыянальнай гісторыі вельмі часта гутарка ідзе не столькі пра распрацоўку новых інтэрпрэтацый, колькі пра элементарнае вызначэнне абгрунтаваных фактаў. У сувязі з гэтым узрастае роля археаграфічных даследаванняў.

Тым значней і яскравей на гэтым фоне вымалёўва юцца няхай яшчэ нешматлікія, але фундаментальныя даследаванні, якія ўвасабляюць новае разуменне гістарычна га працэсу, новае прачытанне ўкраінскай гісторыі. Гэтым працам і прысвечаны наш артыкул. Яны ілюструюць шэраг «прарываў» да сучаснай гістарыяграфіі і метадалогіі гісторыі і з’яўляюцца сведчаннем дынамічнага развіцця сучаснай украінскай гістарыяграфіі і гістарыясофіі.


[1] Грицак Я. Нарис історії України: формування модерної українськоі нації ХIХ—ХХ ст. Київ, 1996. C.7.
[2] Hagen M. Does Ukraine Have a History? // Slavic Review. Vol. 54. 1995. №3. P.670.
[3] Брайчевський М. Вступ до історичної науки. Київ,1995; і спецыяльныя раздзелы ў яго ж манаграфіі «Походженне Русі» (Київ,1968) Павленко Ю. Історія світової цивілізації. Київ, 1996; Попович М. Нарис історії культури України. Київ, 1999; Яковенко Н. Нарис історії Україні з найдавніших часів до кінця ХVIII століття. Київ, 1997.
[4] Брайчевський М. Вибрані твори. Київ, 1999.
[5] Брайчевський М. Вступ до історичної науки. С.158
[6] Брайчевський М. Конспект історії України. Київ, 1993.
[7] Тамсама. С.39.
[8] Тамсама. С.40.
[9] Тамсама. С.162.
[10] Тамсама. С.162.
[11] Тамсама. С.5.
[12] Павленко Ю. Історія світової цивілізації. Київ, 1996; Пахомов Ю., Крымский С., Павленко Ю. Пути и перепутья современной цивилизации. Киев, 1999.
[13] Павленко Ю. Передісторія давніх русів в світовому контексті. Київ, 1994, С.3
[14] Павленко Ю., Храмов. Ю. Украінька державність в 1917—1919 рр. (історико-генетичний аналіз). Київ, 1995.
[15] Пригожин Н., Стенгерс И. Порядок из хаоса. Новый диалог человека с природой. Москва,1986. С.163.
[16] Павленко Ю. Історія світової цивілізації. С.12.
[17] Тамсама. С.13.
[18] Попович М. Нарис історії культури України. Київ, 1999.
[19] Тамсама. С.723.
[20] Тамсама. С.5.
[21] Яковенко Н. Нарис історії Україні з найдавніших часів до кінця ХVIII століття. Київ, 1997.
[22] Тамсама. С.3.
[23] Яковенко Н. Щоб рухатися вперед требо заговорити мовою ХХ століття // День. 2000. № 9.
[24] Тамсама.
[25] Dylągowa H. Historia Polski 1795—1990. Lublin, 2000; Jakоwenko N. Historia Ukrainy do końca ХVIII w. Lublin, 2000; Hrycak J. Historia Ukrainy 1772—1999. Lublin, 2000; Kłoczowski J. Historia Polski do końca ХV w. Lublin, 2000.
[26] Винниченко В. Щоденник // Київ.1990. №9. С.122.
[27] Субтельний О. Україна: історія. Київ, 1993. С.5.
[28] Скуратівский В. До генези міфологічних утворень // Дух і літера. №3—4. С.70.
[29] Грицак Я. Як викладати історію України після 1991 року? // Українська історична дидактика. Київ, 2000. С.71.
[30] Грицак Я. Нарис історії України: формування модерної українськоі нації ХIХ—ХХ ст. Київ, 1996. С. 11.
[31] Химка І. Дві історії України // Критика. 1998. №7—8; Бромлей Ю. Очерки теории этноса. Москва, 1973; Генинг В. Этнический процесс в первобытности. Свердловск, 1970.
[32] Толочко О. The Good, the Bad and the Ugly // Критика. 1998. №7—8.
[33] Яковенко Н. Забобон про забобоны // Критика. 1998. №11; Галенко О. Українці мiж карасями та пiраньями // Критика. 1998. №11; Грицак Я. Східна європа як інтелектуальна конструкція // Критика. 1998. №11.
[34] Толочко О. Свої своя не познаша // Критика.1998. №11.
[35] Яковенко Н. Забобон про забобоны // Критика.1998. №11.
[36] Грицак Я. Як викладати історію України після 1991 року? // Українська історична дидактика. Київ, 2000. С.71.
[37] Грицак Я. Нарис історії України: формування модерної українськоі нації ХIХ—ХХ ст. С.3.
[38] Simon G. Die Unabhängigkeit der Ukraine als Folge der Anti-Revolution in Osteuropa // Ukraine: Gegenwart und Geschichte eines neuen Staates. Baden-Baden, 1993. S.376.
[39] Гирич И. Чи суперечить національний міф історичній правді? // Українська історична дидактика. Київ, 2000. С.49.
[40] Гриценко О. „Своя мудрість”. Національні мифології та „громадянська релігія” в Україні. Київ,1999.
[41] Грицак Я. Як викладати історію України після 1991 року? // Українська історична дидактика. С.71.
[42] Тамcама. С.67.
[43] Гирич И. Чи суперечить національний міф історичній правді? С.50.
[44] Антонович В. Три національні типи народні // Старожитності. 1992. №3. С.11.
[45] Яковенко Н. Нарис історії Україні з найдавніших часів до кінця ХVIII століття. С.3.
[46] Скуратівский В. До генези міфологічних утворень // Дух і літера. 1998. № 3—4; Гриценко О. „Своя мудрість”. Національні мифології та „громадянська релігія” в Україні. Київ,1999; Гончаренко Н. Міфи в сучасних підручниках з историї України // Дух і літера. 1998. № 3—4; Яковенко Н. Кілька спостережень над модифікаціями україньского національного міфу в історіографії // Дух і літера. 1998. № 3—4; Мотиль О. Реконцептуалізація націй // Критика. 2000. №10 (36); Історична міфологія в сучасній українськії культурі. Київ, 1998; Герої та знаменітостї в українськії культурі. Київ, 1999 і інш.
[47] Davies N. Тhe Misuderstood Victory in Europe // New York Review of Books. 1998. May 11. P.10.
[48] Грицак Я Нарис історії України: формування модерної українськоі нації ХIХ—ХХ ст. C.5.
[49] Яковенко Н. Щоб рухатися вперед, требо заговорити мовою ХХ століття // День. 2000. №9.
[50] Грабович Г. Советізація української гуманістики // Критика. 1997. №2.

Наверх

Генадзь Сагановіч. Дзесяць гадоў беларускай гістарыяграфіі (1991—2000)

Снежня 20, 2001 |


З развалам СССР звязаныя несумненна самыя значныя перамены ў беларускай гуманістыцы. Упершыню разам з атрыманнем дзяржаўнага суверэнітэту Рэспублікі Беларусь і беларуская гістарыяграфія зрабілася самастойнай. Першыя гады пасля абвяшчэння дзяржаўнай незалежнасці сталі парой яе бурнага разнявольвання і дэсаветыза цыі, інстытуцыйнага ўмацавання і актыўнага ўсталявання міжнародных кантактаў. Менавіта тады гісторыкі выступалі з найбольш смелымі гіпотэзамі і публікавалі сенсацыйныя дакументы, тады наладжваліся першыя міжнародныя канферэнцыі і круглыя сталы, у прыватнасці — з польскімі і літоўскімі калегамі, ствараліся супольныя камісіі для абмеркавання падручнікаў, нараджаліся новыя выдавецкія ініцыятывы. Па колькасці выдадзенай літаратуры і раптоўным узбагачэнні яе тэматыкі 1992—1994 г. можна лічыць своеасаблівым рэнесансам беларускай гуманістыкі. Рэнесансам, які, аднак, захутка скончыўся.

Аналіз сутнасці пераменаў у беларускім гісторыяпі санні мінулага дзесяцігоддзя з падрабязнай „інвентарыза цыяй” яго дасягненняў і стратаў, навацый і рэанімацый толькі набывае актуальнасць. Калі да яго дойдзе — гэта стане важным крокам росту нашай гуманістыкі. Паспрабую пакуль сцісла агледзець, што мянялася ў беларускай гістарыяграфіі пасля 1991 г. на ўзроўні яе структурных элементаў, такіх як 1) інстытуцыі, 2) кадры, 3) перыядычныя выданні, 4) тэорыя і метад, 5) актуальныя тэмы, стэрэатыпы і міфы.

1. Ад савецкай эпохі ў Беларусі захавалася інстытуцыйная адмежаванасць навукі ад адукацыі: першая лічыцца прыярытэтам акадэмічных інстытутаў, другая — устаноў вышэйшай школы. У галіне гістарычнай навукі вядучай установай быў і застаецца Інстытут гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Разам з археолагамі, якія складаюць каля 1/3 калектыву вучоных, супрацоўнікі інстытута вядуць даследаванні толькі айчыннай гісторыі, ахапляючы ўвесь храналагічны дыяпазон — ад глыбокай старажытнасці да нашых дзён. Па-за Акадэміяй айчыннай гісторыяй ХХ ст. займаюцца ў створаным у 1992 г. Беларускім навукова-даследчым інстытуце дакументазнаўства і архіўнай справы. З 1999 г. функцыянуе Археаграфічная камісія Дзяржаўнага камітэта па архівах і справаводстве (раней свая археаграфічная камісія ў Беларусі існавала толькі пры Інстытуце Беларускай Культуры ў 1925—30 г.), хоць беларуская археаграфія застаецца ў зародкавым стане. Гістарычныя даследаванні ў меру магчымасцяў праводзяць таксама супрацоўнікі Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь і Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі. На жаль, да навуковых устаноў не выпадае аднесці гістарычныя музеі краіны, у якіх (за рэдкім выключэннем) даследчыцкая праца проста не практыкуецца.

У сістэме вышэйшай школы на 1991 г. існавала пяць гістарычных факультэтаў: тры універсітэцкія (у Мінску, Горадні і Гомелі) і два ў педінстытутах (у Мінску і Магілёве). У сярэдзіне 1990-х гадоў паўстаў Полацкі універсітэт, а Берасцейскі, Віцебскі, Магілёўскі і Мінскі педінстытуты, у якіх меліся гістфакі, атрымалі статус універсітэтаў. Такім чынам, цяпер спецыяльнасць гісторыка можна атрымаць у сямі універсітэтах краіны, сярод якіх вядучую ролю выконвае Беларускі дзяржаўны універсітэт у Мінску.

2. Прафесійна-кадравы патэнцыял айчыннай гістарыяграфіі фармальна ацэньваецца колькасцю падрыхтаваных і занятых у сферы навукі спецыялістаў. Па дадзеных на 1990 г. у Беларусі было 62 дaктары і 602 кандыдаты гістарычных навук. На працягу дзесяці гадоў іх колькасць пастаянна расла і на пачатку 2000 г. у краіне налічвалася ўжо 104 дaктары і больш за 700 кандыдатаў. Аднак далёка не ўсе падрыхтаваныя спецыялісты папаўнялі корпус гісторыкаў Беларусі. На той жа 2000 г. у навукова-даследчых установах і вышэйшай школе краіны было занята толькі крыху больш за 2/3 спецыялістаў з навуковымі ступенямі — 75 дактароў і 400 кандыдатаў навук[1]. Для параўнання: на пачатку „перабудовы” (1987 г.) даследчыцкай і навукова-педагагічнай працай у БССР у сферы гісторыі займалася 50 дактароў і 457 кандыдатаў навук[2].

Ядро кваліфікаваных гісторыкаў краіны, як і раней, засяроджана ў дзвюх установах — у Інстытуце гісторыі НАН Беларусі і на гістарычным факультэце БДУ. Фармальна іх кадравыя патэнцыялы прыкладна роўныя: на канец 1999 г. у першым было 15 дактароў і 48 кандыдатаў, а на гістфаку працавала 11 дактароў і 52 кандыдаты. Аднак захавалася істотная розніца ў спецыялізацыі кадраў і прыярытэтах дзейнасці: калі Інстытут гісторыі па-ранейшаму даследуе толькі айчынную гісторыю, то вучоныя універсітэтаў займаюцца і ўсеагульнай гісторыяй. На гістарычным факультэце БДУ, у прыватнасці, распрацоўваюцца праблемы антычнай гісторыі, старажытнага Ўсходу, новай і найноўшай гісторыі краін Заходняй і Цэнтральнай Еўропы, а таксама пытанні метадалогіі гісторыі і тэарэтычнай гістарыяграфіі.

Важным паказнікам навуковага патэнцыялу лічыцца колькасць і якасць дысертацыйных даследаванняў. Падлічана, што калі ў сярэдзіне 1980-х — пачатку 1990-х г. у Беларусі кожны год абаранялася прыкладна па 5—6 дактароў і 24—25 кандыдатаў гістарычных навук, то ў сярэдзіне 1990-х выявіўся пэўны спад у падрыхтоўцы навуковых кадраў. У цэлым з 1991 па 1999 г. уключна ў краіне абаранілася 34 дaктары і 136 кандыдатаў гістарычных навук, г. зн. у сярэднім на кожны год прыпадае 3,5 доктарскіх і 17 кандыдацкіх дысертацый, што амаль у два разы менш, чым у папярэдняе дзесяцігоддзе[3]. Гэты колькасны паказнік стаў расці толькі ў апошнія гады. Так, калі ў 1999 г. было абаронена 5 доктарскіх і 29 кандыдацкіх, то ў 2000 г. — адпаведна 8 і 36[4], а ў 2001 г. — 7 і 26 дысертацыйных даследаванняў[5]. Гэта прыкладна такія ж лічбы, як да распаду Савецкага Саюза.

На жаль, за тэндэнцыяй узрастання колькасці падрыхтаваных спецыялістаў хаваецца якаснае пагаршэнне іх кваліфікацыі. Яно абумоўлена зніжэннем як агульнага адукацыйнага ўзроўню, так і планкі патрабаванняў да дысертацыйнага даследавання. Апошняму паспрыяла, найверагод ней, стварэнне шэрагу спецыялізаваных саветаў па абароне дысертацый пры універсітэтах, як і аслабленне каардынацыйнай функцыі акадэмічнага цэнтра. Адбылася своеасаблівая дэвальвацыя навуковай ступені і „правінцыялі зацыя” гістарычнай навукі.

Затое змены ў спецыялізацыі кадраў, несумненна, станоўчыя. Калі ў 1980-х г. у Беларусі да 70% дысертацый прысвячалася партыйнай тэматыцы (камуністычнай партыі, рабочаму класу, прафсаюзам, камсамолу і г.д.)[6] і адпавядала не столькі навуковым, колькі ідэалагічным патрабаван ням, то ў Рэспубліцы Беларусь гісторыя партыі як навуковая і навучальная дысцыпліна з 1992 г. скасаваная. З падрыхтаваных за 1990-я г. 34 дактароў і 136 кандыдатаў навук ужо больш за 2/3 спецыялізавалася па гісторыі Беларусі, а другое месца па колькасці абароненых дысертацый займала ўсеагульная гісторыя[7]. Што праўда, пры ідэалагіч най нейтральнасці тэмаў дысертацыйных даследаванняў па айчыннай гісторыі яны ў абсалютнай большасці ўсё ж засталіся традыцыйныя.

Ва ўмовах недахопу кадраў большасць былых спецыялістаў па гісторыі партыі ўзялася выкладаць гісторыю Беларусі, што прывяло да зніжэння ўзроўню выкладаных ведаў, а нярэдка і да дыскрэдытацыі прадмета ў вачах студэнтаў. Станоўчым вопытам гістарычнага факультэта БДУ стала шырокая практыка запрашэння на выкладанне спецыялістаў з іншых навуковых устаноў. Частка акадэмічных гісторыкаў даўно вядзе свае курсы ў ВНУ, што спрыяе збліжэнню гістарычнай навукі з адукацыяй. Аднак працэс перадачы ведаў не просты, таму такое камбінаванне не заўсёды эфектыўнае. Увогуле ж сітуацыя з выкладаннем на гістфаках пагоршылася, пра што можна меркаваць не столькі па прыватных назіраннях, колькі па якасці новых дапаможнікаў для ВНУ. Некаторыя з іх да абурэння спрошчаныя і перапоўненыя нават фактаграфічнымі памылкамі[8]. Напісаны яны, як правіла, на падставе толькі руска- і беларускамоўных выданняў, так што ад студэнтаў цяпер ужо не патрабуецца чытаць літаратуру на замежных мовах. Непасрэдным доказам гэтага заняпаду стала зніжэнне агульнага ўзроўню ведаў, якое апошнімі гадамі дэманструюць абітурыенты на ўступных экзаменах у аспірантуру пры Інстытуце гісторыі НАН Беларусі. Дакладна такую ж з’яву адзначаюць у сябе ўкраінскія калегі[9].

Сам акадэмічны флагман гістарычнай навукі, які папаўняецца лепшымі выпускнікамі гістфакаў, даўно перажывае інстытуцыйны крызіс. З аднаго боку, за постсавецкі перыяд у ім адбылася пэўная структурная перабудова: з’явіліся новыя аддзелы — нацыянальна-культурнага развіцця Беларусі, ваеннай гісторыі, міжнародных адносін і спецыяльных гістарычных дысцыплін. З іншага ж боку, за гэты час у інстытуце значна скараціліся навуковыя кадры (амаль на 1/3)[10], што звязана найперш з радыкальным пагаршэннем фінансавання. Частка гісторыкаў перайшла працаваць ва універсітэты, дзе і заробак вышэй, і становішча больш стабільнае, іншыя падаліся ў бізнэс або з’ехалі з Беларусі. З прычыны недахопу фінансавых сродкаў з сярэдзіны 1990-х г. асабліва адчувальна скараціліся аб’ёмы археалагічных даследаванняў і выданне навуковай літаратуры. З 1993 г. некаторыя даследаванні і выданні фінансаваў Беларускі фонд Сораса, але пасля яго выдалення з Беларусі (1996) гістарычная навука і адукацыя краіны сталі залежаць выключна ад дзяржаўнага фінансавання. Між тым, у апошнія гады яно звялося практычна толькі да фонду зарплаты. Пра даследчыцкія камандзіроўкі гісторыкі мусілі забыць. На выданне нават выкананых па дзяржаўнай праграме манаграфій акадэмічнае выдавецтва „Беларуская навука” прапануе аўтарам самім шукаць фінансаванне. Большая частка навуковай літаратуры па гісторыі ў другой палове 1990-х г. стала выходзіць не з дзяржаўных выдавецтваў ці прынамсі не за дзяржаўныя грошы. Не маючы ніякага менеджменту, навуковыя ўстановы гуманітарнага профілю проста не здольныя прыстасоўвацца да новых эканамічных умоў.

3. У адрозненне ад суседніх рэспублік, у Беларусі ў савецкія часы гісторыкі не мелі свайго навуковага перыядычнага выдання. Доўгі час магчымасці іх публікацый абмяжоўваліся танюткім бюлетэнем „Помнікі гісторыі і культуры Беларусі”, які толькі на хвалі „перабудовы” ў 1989 г. быў ператвораны ў гістарычна-культурны часопіс „Спадчына”. Аддаючы належнае гэтаму старэйшаму перыёдыку, старонкі якога так ахвотна выкарыстоўвалі гісторыкі, нагадаю, што ён разлічваўся на масавую аўдыторыю і паслядоўна выконваў місію папулярызацыйна-асветніцкага выдання. Навуковыя ж гістарычныя часопісы з’явіліся ў Мінску адно пасля абвяшчэння краінай дзяржаўнага суверэнітэту.

Першы нумар „Беларускага гістарычнага часопіса”, заснаванага флагманамі гістарычнай навукі, выйшаў у 1993 г. На яго справядліва глядзелі як на цэнтральны перыядычны орган гісторыкаў краіны. Такім яго бачылі і заснавальнікі, абяцаючы, што „часопіс будзе працаваць на станаўленне новай парадыгмы гісторыі”[11]. На жаль, спадзяванні не спраўдзіліся: доўгачаканае выданне з першых жа нумароў стала захапляцца дыдактыкай, а потым і зусім абмежавалася чыста адукацыйнымі задачамі. Другі часопіс „Беларуская мінуўшчына”, заснаваны таксама ў 1993 г., ад пачатку, па самой задуме яго стваральнікаў быў „гістарыч на-публіцыстыч ны”, таму гісторыкі і не маглі шмат чакаць ад папулярызацыйнага выдання. „Беларуская мінуўшчына” праіснавала да 1998 г., а з 1999 г. замест яе сталі выходзіць „Архівы і справаводства” — вузка-ведамасны часопіс Дзяржаўнага камітэта па архівах і справаводстве. Расчарава насць у БГЧ і адсутнасць прафесійнага гістарычнага выдання прывялі да таго, што ў 1994 г. з прыватнай ініцыятывы паўстаў незалежны „Беларускі Гістарычны Агляд”. Фактычна, толькі ён ставіў на мэце ажыўленне ды канцэптуальнае абнаўленне беларускай гістарыяграфіі[12] і кіраваўся гэтай задачай, культывуючы крытычныя рэцэнзіі на айчынныя выданні і знаёмячы чытачоў з немарксісцкай навукай, з новымі падыходамі ў заходняй гуманістыцы. З’явіліся таксама рэгіянальныя перыёдыкі гістарычнага профілю, з якіх найбольш варты ўвагі „Гістарычны альманах”, што выдаецца з 1998 г. у Горадні (нядаўна ператвораны ў выданне „Беларускага Гістарычнага Таварыства”).

Інстытут гісторыі недаравальна доўга абыходзіўся без свайго перыядычнага ці хоць бы серыйнага выдання. Не вытрымаўшы, археолагі інстытута з 1993 г. пачалі выпускаць свой „Гістарычна-археалагічны зборнік”, надаўшы яму статус інстытуцкага[13]. Толькі ў 1999 г., да 70-годдзя інстытута, у свет выйшаў першы нумар даўно чаканага „Штогодніка Інстытута гісторыі НАН Беларусі”, аднак працяг яго выдання няпэўны. У 2000 г. з’явіўся і „Беларускі археаграфічны штогоднік”, выдаваны дзяржаўнымі архіўнымі службамі, які пакуль трымаецца ўпэўнена.

Не ставячы на мэце ацэнку ролі перыядычных выданняў у станаўленні сучаснай беларускай гістарыяграфіі, ужо цяпер можна беспамылкова казаць пра іх бясспрэчную заслугу ў актывізацыі гістарыяграфічнага працэсу і ўмацаванні ў ім самой крытычнай рэфлексіі. Хоць гістарычная перыёдыка ў Беларусі дасюль як след не ацэненая і (таму) — парадокс! — у большасці не запатрабаваная тымі, хто займаецца гісторыяй прафесійна.

4. Убоства гістарычнага матэрыялізму як тэорыі і метаду гістарычных даследаванняў для многіх гісторыкаў было відавочным задоўга да фактычнага распаду СССР. Крах савецкага блоку непазбежна вёў да пераасэнсавання і перапісвання гісторыі, пачаткам чаго мусіла стаць пераацэнка канцэпцый. Адмаўленне ад партыйнага і класавага падыходу азначала прызнанне прыярытэту агульначалавечых і нацыянальных каштоўнасцяў. Не дзіўна, што на ўзроўні агульных канцэптуальных прынцыпаў пераарыентацыя адбывалася хутка і бесканфліктна. За 1991—92 г. беларускія гісторыкі, найперш супрацоўнікі Інстытута гісторыі (пры галоўнай ролі Міхаіла Біча), распрацавалі новую канцэпцыю гісторыі, названую нацыянальна-дзяржаўнай[14]. Яе асноўныя прынцыпы (дэпалітызацыя, дэідэалагізацыя, аб’ектыўнасць і да т.п.) паўтаралі набор стандартных патрабаванняў да кожнага навуковага даследавання, прынцыпова ж новым было прызнанне нацыянальна-дзяржаўных каштоўнасцяў у якасці крытэрыю ацэнкі[15]. Фактычна ўпершыню афіцыйна быў прадэклараваны курс на стварэнне нацыянальнай гістарыяграфіі як „свайго погляду на ўласны гістарычны шлях” (М.Біч). Натуральная місія новай канцэпцыі праглядалася ў гістарычным абгрунтаванні заканамернасці дзяржаўнага суверэнітэту Беларусі.

Прадстаўляючы асноўныя прынцыпы новай гістарычнай канцэпцыі на першым агульнабеларускім форуме гісторыкаў у 1993 г., дырэктар Інстытута гісторыі Міхаіл Касцюк падкрэсліў, што „прыйшоў час крытычных адносін да марксізма-ленінізма”, і ў якасці актуальнай задачы гісторыкаў вызначыў стварэнне „дэідэалагізаванай” і „аб’ектыўнай гісторыі беларускага народа”[16]. Дэкан гістарычнага факультэта БДУ Пётр Шупляк выказаўся больш вобразна: „Беларускім гісторыкам, даследчыкам і педагогам патрэбен свой, беларускі погляд на ўсеагульную гісторыю”[17].

У святле натуральнасці права народа мець свой погляд на гісторыю пафас гэтых слоў зразумелы. Аднак адкрытым заставалася пытанне, пры дапамозе якога метадалагічнага інструментарыя мусіла пісацца „аб’ектыўная гісторыя”? Што мусіла замяніць гістарычны матэрыялізм?

Склалася сітуацыя, якую называюць „метадалагічным вакуумам”. Наіўна было б чакаць імплантацыі новых парадыгмаў на зусім непадрыхтаванай глебе. Адсутнічаў, можна сказаць, сам тэарэтычны дыскурс: за дзесяцігоддзе ў краіне з’явіліся адно лічаныя артыкулы метадалагічнага зместу, а да тэарэтычных дыскусій так і не дайшло. Чаму? Выявілася недастатковасць інтэлектуальнага рэсурсу. Сімптаматычна, што ніякай палемікі не справакавала нават востракрытычная рэцэнзія на першы дапаможнік па метадалогіі гісторыі, падрыхтаваны кафедрамі Мінскага і Гарадзенскага універсітэтаў[18].

Праўдападобна, беларускія гісторыкі ў большасці застаюцца стыхійнымі пазітывістамі. Тыя недахопы, за якія крытыкавалася савецкая гістарыяграфія (у прыватнасці, эканамізм, прэзентызм, апрыярызм), дасюль характэрныя для нашых працаў. Даследаванняў, заснаваных на прынцыпова новых падыходах, у краіне пакуль не з’явілася, хоць, як вядома, заходняя навука даўно зыходзіць з таго, што і сацыяльную, і эканамічную праблематыку нельга даследаваць без уліку сферы адчуванняў і рэлігійных установак, індывідуальных інтарэсаў і маралі. Такія напрамкі сучаснай гуманістыкі, як сацыяльная гісторыя, гістарычная антрапалогія з яе складовай часткай гісторыяй ментальнасцяў, гісторыя штодзённасці ці мікрагісторыя, папулярныя ўжо і ў суседніх краінах, у Беларусі нічым выразна не прадстаўлены. На гістфаку БДУ ганарацца ўвядзеннем курсаў ды выданнем дапаможнікаў па гістарычнай інфарматыцы і даўно маргіналізаванай псіхагісторыі[19], але абарона дысертацыі і выданне дапаможніка — яшчэ не заснаванне новага кірунку гістарыяграфіі. Важней, думаю, даследчыцкая практыка. У гэтым сэнсе выгодней выглядае Цэнтр гендэрных даследаванняў, што існуе пры Еўрапейскім гуманітарным універсітэце з 1994 г., які, у прыватнасці, нядаўна выдаў салідны том матэрыялаў навуковай канферэнцыі па гендэрнай гісторыі[20]. Калі не лічыць згаданых новаўвядзе нняў у БДУ, то гучнай мадэрнізацыяй 1990-х г. стала хіба што новая перыядызацыя, штучна перанесеная з заходнееўрапейскай гістарыяграфіі ў беларускую[21], і звязаная з ёй настойлівая апеляцыя да „цывілізацыйнага” падыходу, які так і не ўвайшоў у практыку. Цяпер зразумела, чаму і ў тэмах дысертацыйных даследаванняў не выявілася значных навацый.

Такім чынам, нядаўнія працэсы ў айчыннай гуманістыцы не выпадае характарызаваць як „змену парадыгмаў”[22]. Гэта была б вельмі аптымістычная характарыстыка. На справе глыбокіх якасных зменаў не адбылося. Для большасці беларускіх гісторыкаў вопыт заходняй гуманістыкі невядомы, нават яе паняційны апарат малазразумелы. Магчыма, ізаляванасць беларускай гістарыяграфіі так марудна пераадольваецца з прычыны недастатковага валодання замежнымі мовамі, слабых міжнародных сувязяў і кепскага камплектавання бібліятэк новай замежнай літаратурай.

5. Патрэба „пісаць па-новаму” не была забяспечаная новым метадалагічным інструментарыем, таму нярэдка „навізна” зводзілася да замены тэрміналогіі і фактуры. Просты і эфектыўны выхад давала запаўненне „белых плямаў”. Гісторыкі сталі пісаць пра тое, што не дазвалялася кранаць пры савецкай уладзе — найперш пра злачынствы сталінскага рэжыму, антыбальшавіцкія выступленні, калабарацы янізм у гады II сусветнай вайны, эміграцыю і г.д. Прыярытэтнымі напрамкамі даследаванняў сталі папулярныя з часоў „перабудовы” этнагенэз беларусаў, фармаванне беларускай нацыі, вытокі беларускай дзяржаўнасці, палітычная гісторыя ВКЛ і роля ў ім беларускага фактару (праўда, абагульняльнай працы дасюль не існуе), адносіны з Расіяй, беларуская гістарыяграфія і гістарычная памяць. Публікацыі беларускіх гісторыкаў па гэтых тэмах, блізкія да нацыянальнай канцэпцыі, вызначаліся радыкалізмам і паслядоўна канфрантавалі як з пазіцыямі расійскай гістарыяграфіі, так і з літоўскімі распрацоўкамі, датычнымі ўтварэння і характару ВКЛ.

Паказальна змяніўся набор стэрэатыпаў. Найбольш пацярпеў вобраз Расіі і рускіх. З сур’ёзнай гістарычнай літаратуры цалкам знік тэзіс пра „адзінства паходжання” беларусаў з велікарусамі і іх „адвечную цягу” да Масквы. Велікарусы, якія ў савецкай гістарыяграфіі выступалі ў іпастасі „старэйшага брата”, займелі ролю агрэсіўных суседзяў, што ў ХVI—ХVII ст. вялі самыя знішчальныя для Беларусі войны. Невыпадкова „негатыўнае прачытанне гісторыі расійска-беларускіх адносін” як важную характарыстыку новай беларускай гістарыяграфіі, не прамінулі адзначыць у Маскве[23]. У вобразе Польшчы, наадварот, колькасць станоўчых або нейтральных характарыстык павялічылася. Менш за ўсё трансфармавалася візія Ўкраіны, у якой бадай самай істотнай зменай стаў адыход ад трафарэтнага паказу ўкраінскіх казакоў як абаронцаў беларускіх сялян у войнах ХVII ст.

Імкненне пазбавіцца старых міфаў спрыяла стварэнню новых, кансалідацыйных. Найбольш папулярныя з іх — балцкасць беларусаў (вызначальная роля балцкага субстратy ў этнагенэзе), Полацкае княства як „калыска” беларускай дзяржаўнасці, ВКЛ як беларуская дзяржава (і адсюль шмат вытворных), грэка-каталіцтва як беларуская нацыянальная рэлігія, Беларусь як мост паміж Усходам і Захадам. Прыкметна ўзрасла даследчыцкая ўвага да перыяду ВКЛ, з якім атаясамляўся „залаты век” Беларусі, хоць па-ранейшаму пераважная большасць гісторыкаў займаецца ХХ ст.

Новае асвятленне праблемаў этнагенэзу беларусаў, вытокаў беларускай дзяржаўнасці, узаемаадносін з Расіяй, палітыкі расійскага царызму на тэрыторыі Беларусі і асабліва крытыка савецкай рэчаіснасці — усё гэта не магло не выклікаць вострых дыскусій. Прыхільнікі старога ладу не хавалі свайго раздражнення новымі трактоўкамі гісторыі. Усталяванне рэжыму А.Лукашэнкі, які зрабіў стаўку на настальгію па савецкіх часах, абярнулася ваяўнічым саюзам людзей улады з маргінальнай часткай кансерватыўных гісторыкаў (пераважна — аматараў гісторыі). Пачалася зацятая барацьба гэтага альянсу супраць нацыянальнай гістарыяграфіі, і першай яе ахвярай сталі школьныя падручнікі. Праблема падручнікаў па гісторыі, як і перыпетыі згаданай барацьбы — тэма асобнага агляду[24]. Важна, што ў выніку і ў афіцыйнай праграме па гісторыі Беларусі для вышэйшай школы, прынятай ужо ў адпаведнасці з новай дзяржаўнай палітыкай у галіне гістарычнай адукацыі ў 2000 г., захаваліся пэўныя пазіцыі нацыянальнай канцэпцыі: ВКЛ фігуруе як „беларуска-літоўская дзяржава”, гаворыцца пра дзяржаўны статус беларускай мовы ў гэтай дзяржаве, больш-менш цвяроза трактуецца „Наша Ніва”, БНР і г.д.[25]

Палітычны ціск на вучоных падштурхнуў да самавызначэння нават апалітычных. У 1997 г. на II Усебеларускай канферэнцыі гісторыкаў Міхаіл Касцюк канстатаваў, што на пазіцыі нацыянальна-дзяржаўнай канцэпцыі „стала абсалютная большасць гісторыкаў”[26]. Да гонару беларускіх калегаў, гэта праўда. Але згаданая большасць, па трапнай заўвазе Райнэра Лінднэра, прорвай непаразумення аддзелена ад афіцыйнай гістарычнай культуры[27]. У адпаведнасці з тэрміналогіяй той меншасці, якая карыстаецца цяпер поўным даверам і падтрымкай улады, гісторыкі Беларусі раздзеленыя на два лагеры — на „историков-националис тов” і „прогрессивных историков-патриотов”. Першыя асвятляюць гісторыю Беларусі „необъективно, в духе русофобства и преклонения перед Западом”, а другія пішуць „объективные учебные пособия по истории Беларуси с показом единства происхождения и дружбы белорусского народа с братским русским народом”[28].

Цяперашні раскол, замацаваны ўнутранай дзяржаўнай палітыкай, стратны для ўсёй нацыянальнай гістарыяграфіі. Можна пагадзіцца з суцяшальнай заўвагай старэйшага калегі, што, маўляў, „нічога катастрафічнага не адбылося”, захаваліся асноўныя набыткі першай паловы 1990-х гадоў[29] — свабода выбару тэмы даследавання, плюралізм меркаванняў і падыходаў і інш. Так, але рэальная палітычная сітуацыя, абумоўленая пазіцыяй дзяржавы, зводзіць практычную вартасць гэтых набыткаў да мінімуму. Магчымасці большасці намнога меншыя, чым меншасці…

Дзесяць мінулых гадоў для гістарычнай навукі Беларусі былі надзвычай важным перыядам. Пры ўсіх цяжкасцях, наўрад ці апраўдана гаварыць пра яе крызіс, зыходзячы толькі з колькасці кадраў і пагаршэння іх матэрыяль ных умоваў[30]. Цяпер толькі пры празмерна завышаных патрабаваннях можна было б канстатаваць неіснаванне беларускай гістарычнай навукі як самастойнай з’явы, як гэта робіць калега[31], свядома завастраючы ўвагу на ідэалагіч ных аспектах. Адэкватна ацаніць рэальны стан айчыннай гістарычнай навукі наогул складана: яна размытая, не існуе ні дзейсных прафесійных аб’яднанняў агульнанацыяналь нага маштабу, ні цэнтральнага перыядычнага органа, ні нацыянальнай бібліяграфіі па гісторыі[32]. Праявы крызісу, бясспрэчна, відавочныя, як відавочна і тое, што многія магчымасці развіцця, адкрытыя з набыццём дзяржаўнага суверэнітэту, даўно змарнаваліся. Што ж, станаўленне беларускай нацыянальнай гістарыяграфіі супала з эканамічным заняпадам, а потым і палітычнай рэакцыяй. Але нельга не заўважаць і важныя станоўчыя змены. Мінулае дзесяцігоддзе выразна ажывіла гістарыяграфічны працэс у Беларусі, узбагаціла айчынную навуку большым чым калі інтэлектуальна-гуманітарным рэсурсам і важным досведам крызіснага перыяду. Беларуская гістарыяграфія ўрэшце прадэманстравала пэўную ідэйную самастойнасць (няхай з выдаткамі малаканструкцыйнай канфрантацыі з суседзямі) і бадай упершыню выйшла на пазіцыі міжнароднага дыялогу. Так, у ёй яшчэ выразна дамінаваў папулярна-асветніцкі ўхіл, яе пазначаў нацыянальна-патрыятычны пафас, прычым апошні ахапляў нават акадэмічную навуку, якая пакуль не выконвала належнай ролі. Але падобны перакос можна лічыць здаровым адказам на запатрабаванне грамадства, абумоўленае адпаведнай стадыяй развіцця Беларусі, і ён — будзем спадзявацца — не парушыць працэсу натуральнага росту.


[1] Міхнюк У. Кадры гісторыкаў Беларусі: стан і перспектывы // Гістарычная навука ў Белдзяржуніверсітэце на рубяжы тысячагоддзяў. Мінск, 2000. С.156.
[2] Михнюк В., Петриков П. Историческая наука Белорусской ССР в 80-е годы. Минск, 1987. С.10.
[3] Міхнюк У. З кандыдацкай дысертацыяй у навуку ўваходзяць, а з доктарскай — выходзяць // Беларуская думка. 2000. №3. С.102.
[4] Скеп’ян А. Дысертацыі па гісторыі, абароненыя ў Беларусі ў 2000 г. // Беларускі Гістарычны Агляд (далей — БГА). Т.7 (2000). Сш.2 (13). С.616—618.
[5] Скеп’ян А. Дысертацыі па гісторыі, абароненыя ў Беларусі ў 2001 г. // БГА. Т.8 (2001). Сш.1—2 (14—15). С.372—374.
[6] Гл.: Докторские и кандидатские диссертации по историческим наукам БССР. 1944—1987 гг. / Сост. В.Михнюк, Л.Новицкая. Минск, 1988.
[7] Міхнюк У. Кадры гісторыкаў Беларусі: стан і перспектывы. С.156.
[8] Яскравым прыкладам такога дапаможніка можна лічыць адыёзную кнігу: Гісторыя Беларусі: у 2 частках / Пад рэд. Я.Новіка, Г.Марцуля. Мінск, 1998.
[9] Касьянов Г. Ще не вмерла укра¿нська історіографія // Критика. 2002. №4.
[10] Інстытут гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі: Да 70-годдзя ўтварэння / Пад рэд. М.Касцюка. Мінск, 1999. С.53.
[11] Гл.: Беларускі гістарычны часопіс. 1993. №1. С.12.
[12] Гл.: Ад рэдакцыі // БГА. Т. 1 (1994). Сш. 1. С.4.
[13] У 1994 г. складальнікі зборніка абвясцілі, што іх выданне — пераемнік інбелкультаўскага „Гістарычна-археалягічнага зборніка”, першы і адзіны нумар якога выйшаў у 1927 г. У адпаведнасці з такой нумарацыяй у 2001 свет пабачыў ужо 16-ты выпуск ГАЗа.
[14] Біч М. Аб нацыянальнай канцэпцыі гісторыі і гістарычнай адукацыі ў Рэспубліцы Беларусь // Беларускі гістарычны часопіс. 1993. №1. С.15—24.
[15] Тамсама. С.18.
[16] Касцюк М. Нацыянальная канцэпцыя гісторыі Беларусі: асноўныя падыходы // Гістарычная навука і гістарычная адукацыя ў Рэспубліцы Беларусь (Новыя канцэпцыі і падыходы): Усебеларуская канферэнцыя гісторыкаў. Мінск, 3—5 лютага 1993 г. Частка 1. Мінск, 1994. С.5, 8.
[17] Шупляк П. Праблемы гістарычнай адукацыі ў ВНУ Рэспублікі Беларусь // Гістарычная навука і гістарычная адукацыя ў Рэспубліцы Беларусь (Новыя канцэпцыі і падыходы): Усебеларуская канферэнцыя гісторыкаў. Мінск, 3—5 лютага 1993 г. Частка 2. Мінск, 1995. С.6.
[18] Методология истории. Учебное пособие для студентов. Под ред. А.Алпеева и др. Минск, 1996. Рэц.: Сакалова М. Першы дапаможнік па метадалогіі // БГА. Т. 4 (1997). Сш. 6—7. С.217—228. У 2001 г. гэтае выданне выйшла другім накладам.
[19] Историческая информатика: Учебное пособие / Под ред. В.Сидорцова, Л.Бородкина. Минск, 1998; Шутова О. Психоистория: школа и методы. Минск, 1997. Гл.: Карев Д., Нечухрин А. Развитие историчес ких исследований в Республике Беларусь: общие тенденции // Веснік Гродзенскага дзяржаўнага універсітэта. Сер.1. 2000. №1 (3). С.15.
[20] Гендерные истории Восточной Европы. Под ред. Е.Гаповой, А.Усмановой, А.Пето. Минск, 2002.
[21] Сагановіч Г. У пошуках Сярэднявечча // БГА. Т. 4 (1997). Сш.6—7. С. 3—17.
[22] Сідарцоў У. Да пытання аб стане беларускай гістарыяграфіі: праблемы, тэорыі, жанры // Гісторыя штодзённасці і правы чалавека: Матэрыялы міжнароднай канферэнцыі, 1—5 снежня 1999, Мінск / Уклад. П.Садоўскі, М.Тэлюс. Мінск, 2000. С.36.
[23] Национальные истории в советском и постсоветском государствах. Под ред. К. Аймермахера и Г. Бордюгова. Москва, 199. С. 90, 92.
[24] Падрабязней гл.: Лінднэр Р. Падручнікі па гісторыі ў Беларусі // Гісторыя штодзённасці і правы чалавека: Матэрыялы міжнароднай канферэнцыі. С.47—72; ён жа, Нацыянальныя і „прыдворныя” гісторыкі „лукашэнкаўскай” Беларусі // Гістарычны альманах. Т.4 (2001). С.198—215. Сагановіч Г. Вайна з беларускай гісторыяй // АRCHE. 2001. №3(17). С.11—18; ён жа, The War Against Belarusian History // Education in Russia, the independent states and Eastern Europe. V.20. nr.1. Spring 2002. P.18—27
[25] Гл.: История Беларуси. Учебная программа для высших учебных заведений. Минск, 2000.
[26] Касцюк М. Асноўныя вынікі і задачы даследавання гісторыі Беларусі // Гістарычная навука і гістарычная адукацыя ў Рэспубліцы Беларусь: стан і перспектывы развіцця. Матэрыялы II Усебеларускай канферэнцыі гісторыкаў. Мінск, 10—11 красавіка 1997 г. Мінск, 1999. С. 4.
[27] Лінднэр Р. Падручнікі па гісторыі ў Беларусі. С.58.
[28] Милованов В. Об альтернативных („паралельных”) учебных пособиях по истории Беларуси для средней школы // Гістарыяграфія гісторыі Беларусі: стан і перспектывы развіцця / Матэрыялы навуковай канферэнцыі, прысвечанай 70-годдзю Інстытута гісторыі НАН Беларусі (Мінск, 6—7 кастрычніка 1999 г.). Мінск, 2000. С.205—208 (у друку).
[29] Шупляк П. Усеагульная гісторыя ў Беларусі: дасягненні, праблемы, перспектывы // Гістарычны альманах. Том 4 (2001). С.45.
[30] Міхнюк У. Кадры гісторыкаў Беларусі. С.160.
[31] Краўцэвіч А. Праблемы гістарычнай навукі на Беларусі // Гістарычны альманах. Т.4 (2001). С.12.
[32] Пасля таго, як на 1992 г. спынілася выданне бібліяграфічных паказальнікаў „Новая літаратура па гісторыі і гістарычных навуках”, рыхтаваных Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі, у нас не засталося ніякіх выданняў па гістарычнай бібліяграфіі.

Наверх

Еўрапейскі падручнік па беларускай гісторыі (Лявон Баршчэўскі)

Снежня 17, 2001 |


* Handbuch der Geschichte Weißrußands / Herausgegeben von Dietrich Beyrau und Rainer Lindner. — Göttingen: Vandenhoeck & Ruprecht, 2001. 543 S.

Падручнік па гісторыі Беларусі на нямецкай мове такога аб’ёму і такой ступені распрацоўкі найважнейшых тэм беларускай гісторыі ад яе пачаткаў да 2000 г. убачыў свет упершыню. Парупіліся пра гэта ўкладальнікі і суаўтары кнігі, прафесар усходнееўрапейскай гісторыі Цюбінгенскага універсітэта Дытрых Байраў і навуковы супрацоўнік аддзела гісторыі і сацыялогіі універсітэта ў Канстанцы доктар гісторыі Райнэр Лінднэр, ужо вядомы беларускім гісторыкам, найперш дзякуючы яго грунтоўнай манаграфіі „Гісторыкі і ўлада. Утварэнне нацыі і палітыка ў гістарычнай навуцы Беларусі ў ХIХ—ХХ ст.” (Мюнхен, 1999).

У анатацыі, змешчанай на вокладцы калектыўнай працы, укладальнікі пішуць: „Падручнік прапануе грунтоўны агляд сацыяльнай і культурнай гісторыі Беларусі ад Сярэднявечча да пачатку ХХI ст. У шматлікіх раздзелах, створаных нямецкімі і замежнымі аўтарамі, апрацаваныя вынікі даследаванняў апошніх дзесяцігоддзяў і пададзеная тая гістарычная інфармацыя і зробленыя тыя высновы, якія сёння знаходзяцца ў нашым распараджэнні”. Распачынаецца кніга „Прадмовай” і „Ўводзінамі”, напісанымі тымі ж прафесарам Байраў і доктарам Лінднэрам. У „Прадмове” яны, у прыватнасці, адзначаюць, што „з пашырэннем Еўрапейскага Саюза да ўсходняй мяжы Польшчы новы сусед, Беларусь, у большай ступені, чым гэта было раней, уваходзіць у свядомасць грамадстваў заходніх краін” (9). Ва „Ўводзінах” вядзецца гаворка пра тое, наколькі апраўданым з’яўляецца вывучэнне гісторыі той ці іншай краіны „ад пачаткаў да сучаснасці” ў святле таго, што пытанне пра „радавод” той або іншай сучаснай нацыі ці дзяржавы ўвогуле ўяўляецца спрэчным. Аўтары „Ўводзінаў” адзначаюць асаблівыя цяжкасці вывучэння беларускай гісторыі не толькі таму, што яе можна разглядаць і як рэгіянальную гісторыю, і як гісторыю ўласна-беларускай дзяржаўнасці, але і таму, што, каб асэнсаваць крыніцы па гісторыі Беларусі, „гісторыкі павінны ўмець чытаць па-царкоўнаславянску, старабеларуску (як мясцовай канцылярскай мове Вялікага Княства Літоўскага), на лаціне, на польскай, расійскай, беларускай, стараніжненямецкай мовах, а таксама на ідышы ды іўрыце”. Далей праф. Д.Байраў і д-р Р.Лінднэр абагульнена выказваюць свае меркаванні па наступных колах праблем: Беларусь як рэгіён, „малая айчына” і нацыянальная дзяржава; саслоўі і „шляхецкая нацыя на беларускіх тэрыторыях; ад саслоўна-этнічнай структуры да нацыянальнай дзяржавы; неадназначнасць нацыянальнай ідэнтычнасці беларусаў; Беларусь як рэгіён катастрофаў. Напрыканцы ўступнага раздзела даюцца ўводзіны ў гістарыяграфію Беларусі (найперш у заходнюю). Апроч таго, укладальнікі падручніка зазначаюць, што яго аўтары належаць да розных гістарыяграфічных і палітычных традыцый, таму ў ім было немагчыма пазбегнуць пэўнай разбежнасці ў поглядах.

Асноўны тэкст кнігі складаецца з трох раздзелаў: „Гістарыяграфія і геральдыка” (25—68), „Храналогія з Х да пачатку ХХI ст.” (69—198) і „Аспекты сацыяльнай і культурнай гісторыі” (199—490), а таксама „Дадатку”, у які ўваходзяць чорна-белыя карты-схемы да гісторыі Беларусі (491—498), храналагічная табліца (499—502), спіс прынятых скарачэнняў (503—504), выбраная бібліяграфія (505—516), паказальнік імёнаў (517—531), паказальнік геаграфіч ных назваў (532—539), нарэшце, падаюцца звесткі пра аўтараў працы (540—543).

Першы раздзел падручніка складаецца з даследаван няў: „Беларусь вачыма сваіх гісторыкаў” (Р.Лінднэр) і „Гербы і дзяржаўная сімволіка беларусаў: ад Сярэднявечча да нашага часу” (Дз.Сямушын). Падраздзел, напісаны Райнэрам Лінднэрам, фактычна ўяўляе сабою вельмі сціслы пераказ найважнейшых палажэнняў яго вышэйзгаданай працы 1999 г. па беларускай гістарыяграфіі. Аўтар разглядае тут такія праблемы, як „Нацыянальная гісторыя і заходнерусізм у Расійскай імперыі апошняга перыяду існавання” (з асаблівым акцэнтаваннем вядомых прац М.Вакара, А.Цвікевіча, М.Доўнара-Запольскага, Я.Карскага, У.Ігнатоўска га, В.Ластоўскага, А.Кіркора), „Нацыянальная гісторыя і савецкі патрыятызм: савецкія версіі гісторыі” (спасылкі на працы У.Пічэты, В.Шчарбакова, І.Трайніна, Ц.Гарбунова, 2-тамовую „Историю Белорусской ССР” 1954 года выдання і інш.), „Гістарычная культура постсавецкага часу: нацыянальная эйфарыя, ранейшыя падзелы” (між іншым, згадваюцца працы В.Сядова, М.Ермаловіча, А.Трубачова, В.Чаропкі, У.Конана, У.Арлова, А.Ростава, А.Грыцкевіча, Р.Гарэцкага і інш.).

Цікавым падаецца даследаванне беларускай гістарычнай сімволікі, зробленае дацэнтам Вышэйшай школы Бержэня (г.Сомбатхей, Венгрыя) Дзмітрыем Сямушыным. Асабліва грунтоўна ён разглядае гістарычныя карані герба „Пагоня” („Вершнік на гербе”, „Крыж на гербе”, „Распаўсю джанне і ўжыванне герба «Пагоня» з часоў Сярэднявеч ча”, „Нацыянальныя эмблемы пасля 1917 г.”, „Спрэчкі вакол дзяржаўнай сімволікі пасля 1991 года”). У гэтым падраздзеле ўтрымліваюцца спасылкі не толькі на добравядо мыя ў нас публікацыі геральдыста А.Цітова, дадзеныя Нацыянальнага архіва Беларусі, а і на кнігу В.Леанарда „Вялікая кніга мастацтва гербаў” (Leonard, W. Das große Buch der Wappenkunst), што выйшла ў Мюнхене ў 1976 г. Свае разважанні Дз.Сямушын заканчвае наступным чынам: „Неабходна заўважыць, што ініцыятывы прэзідэнта Лукашэнкі па змене дзяржаўнай сімволікі [маецца на ўвазе правядзенне рэферэндуму ў 1995 г. — Л.Б.] не былі добра прадуманымі. Ён сам аддаў у рукі сваім праціўнікам бела-чырвона-белы сцяг і герб „Пагоня” — сімвалы, якія маюць шматвекавую традыцыю ўжывання. Мора гэтых сцягоў пад час дэманстрацый, што адбываліся пачынаючы з 1996 г., засведчыла той факт, што на гэтым новым гістарычным этапе бела-чырвона-белы сцяг зрабіўся сімвалам змагання за дэмакратычны канстытуцыйны лад”. Акрамя таго, у падраздзеле змешчаная досыць багатая падборка ілюстрацый.

Другі раздзел кнігі, „Храналогія з Х да пачатку ХХI ст.”, пачынаецца з двух падраздзелаў: „Распад Кіеўскай Русі і Полацкае княства (IХ—ХII ст.)” і „Беларускія тэрыторыі ў складзе Вялікага Княства Літоўскага (ХIII—ХVI ст.)”, аўтар якіх — вядомы беларускі гісторык — даследчык Сярэднявечча, загадчык кафедры БДУ Павел Лойка. Наступныя два падраздзелы, „Уваходжанне Вялікага Княства Літоўскага ў склад Рэчы Паспалітай: Беларусь у ХVI і ХVII ст.” і „Беларусь і агонія Рэчы Паспалітай (1648—1795 г.)”, напісаныя іншым вядомым беларускім гісторыкам Генадзем Сагановічам, а аўтарам падраздзела „Паўночна-заходнія правінцыі ў Расійскай імперыі (1795—1917 г.)” з’яўляецца доктар гістарычных навук Захар Шыбека. Погляды названых даследчыкаў на асаблівасці развіцця нашай гісторыі ў адпаведныя перыяды добра вядомыя і адлюстраваныя ў шматлікіх публікацыях, даступных нашаму чытачу, у т.л. масаваму, таму няма неабходнасці падрабязна спыняцца на змесце вышэйзгаданых падраздзелаў „Падручніка гісторыі Беларусі” [гл., напрыклад, напісаныя П.Лойкам адпаведныя раздзелы першага тома „Нарысаў гісторыі Беларусі" 1994 г. выдання або адпаведныя раздзелы „Нарыса гісторыі Беларусі (ад старажытнасці да 1795 г.)" Г.Сагановіча, а таксама працягу гэтай кнігі, напісанага З.Шыбекам]. Варта зазначыць толькі, што высновы аўтараў падмацава ныя вялікай колькасцю спасылак на самыя разнастайныя крыніцы, апублікаваныя ў розныя гады ў Беларусі, Польшчы, Расіі, Германіі, ЗША, Аўстрыі, Чэхіі, Францыі, Швейцарыі, Вялікай Брытаніі, Галандыі, Швецыі, Італіі.

Падраздзелы кнігі „Беларуская ССР у 1917—45 г.” і „Беларуская ССР у 1945—91 г.” напісаныя аўтарам дзвюх кніг па гісторыі Беларусі ХХ ст., прафесарам універсітэта правінцыі Альберта (Канада) Дэвідам Марплзам. Першы з названых падраздзелаў складаецца з невялікага ўступу і наступных частак: „Час рэвалюцыі і Беларуская Народная Рэспубліка”, „Заснаванне Беларускай ССР”, „Беларусіза цыя ў 1920-я г.”, „Калектывізацыя сельскай гаспадаркі”, „Індустрыялізацыя аграрнай Беларусі”, „Уключэнне ў склад БССР Заходняй Беларусі”, „Нямецкае ўварванне і акупацыя”. Высновы аўтара грунтуюцца найбольш на пункце погляду некаторых аўтараў другога тома „Нарысаў гісторыі Беларусі” (Мінск, 1995), „Эканамічнай гісторыі Беларусі” пад рэдакцыяй В.Галубовіча (Мінск, 1996), працах М.Вакара, Р.Платонава, Ю.Туронка, нямецкіх гісторыкаў Б.К’яры, Р.Лінднэра, успамінах С.Кабыша. Праф. Д.Марплз таксама робіць спробу абагульніць вывучаны матэрыял і даць уласныя ацэнкі ключавым падзеям жыцця Беларусі. Так, аналізуючы прычыны паразы Беларускай Народнай Рэспублікі ў 1918—20 г., ён зазначае, што ў варунках 1918 г. гэтая дзяржава не магла б праіснаваць нейкі працяглы час, бо беларуская эліта была малалікаю, не мела вялікага ўплыву на масы насельніцтва, у той час як увогуле гарады былі занадта слабыя (137). Разважаючы пра вынікі бальшавіцкіх рэпрэсій 30-х г., аўтар падраздзела прыходзіць да высновы, што ў выніку гэтых падзей „датыхчасовае культурнае развіццё БССР, у т.л. развіццё беларускай мовы, былі зведзеныя на нішто” (142). Падсумоўваючы вынікі даваеннай калектывізацыі 20-х—30-х г. у БССР, праф. Д.Марплз выказвае меркаванне, што гэтыя працэсы „настроілі большасць этнічных беларусаў супраць савецкага рэжыму і прывялі да таго, што быў развеяны аптымізм дваццатых гадоў” (144). Адзначаючы пэўныя станоўчыя бакі савецкай індустрыялізацыі ў БССР, канадскі гісторык заўважае, што ў той самы час беларускія рабочыя жылі ў цяжкіх умовах, былі дрэнна забяспечаныя прадуктамі харчавання і таварамі штодзённага спажывання (146). Першыя месяцы нямецкай акупацыі 1941 г. былі, паводле Д.Марплза, адзначаныя тым, што „шмат хто з жыхароў БССР вітаў прыход акупантаў. Шмат хто ўзгадваў нямецкі акупацыйны рэжым 1918 г. і бачыў яго лепшым за тыя рэжымы, якія ўсталёўвалі Саветы або палякі. Людзі, найперш у заходніх рэгіёнах Беларусі, не выказвалі ахвоты наладжваць супраціў акупантам” (149). А вырашальны для вайны 1943 год быў адзначаны сярод беларусаў не толькі агульным усплёскам патрыятызму, але і ажыўленнем — асабліва сярод маладзейшых людзей — спадзяванняў на беларускае адраджэнне (151).

Другі з напісаных Д.Марплзам падраздзелаў пачынаецца з канстатацыі таго факту, што ў пасляваеннай Беларусі паступова пачала прыходзіць да ўлады новая эліта, аснову якой складалі ўдзельнікі і ідэолагі савецкага партызанскага руху часоў Другой сусветнай вайны. Падраздзел утрымлівае такія часткі, як: „Пасляваенныя дзесяцігоддзі: адбудова і індустрыялізацыя (1945—65 г.)”, „Гады ўлады Машэрава (1965—80)”, „Чарнобыль і эпоха перабудовы” і, нарэшце, „Падсумаванне”. У апошняй частцы Д.Марплз, у прыватнасці, піша: „У постсавецкай Беларусі неўзабаве можна было назіраць настальгічнае аднаўленне савецкага мінулага. У 60-я і 70-я г. рэспубліка перажыла надзвычай хуткую урбанізацыю, абумоўленую яе індустрыяльным ростам. Рэспубліка, якая перад вайною ў цэлым была аграрнай краінай, перасялялася з вёсак у гарады ў такім тэмпе, падобны да якога цяжка знайсці ў гісторыі. Да таго ж, Мінск… зрабіўся воссю і ключавым пунктам партыйнай палітыкі і дамінавальным цэнтрам у цэлым… БССР, натуральна, развівалася як камуністычная рэспубліка, у якой шмат хто з вядучых фігур здабыў сабе аўтарытэт дзякуючы працы ў партыйных і дзяржаўных структурах. Трывалага руху за перамены тут не існавала. Беларускі Народны Фронт не быў у стане займець у БССР уплыў, падобны да таго, які мелі „Саюдзіс” у Літве альбо нават „Рух” ва Украіне… БССР была моцна зрусіфікаваная і саветызаваная. Нават ініцыяваная Гарбачовым дэсталінізацыя не набыла тут такога размаху, як гэта мела месца ў іншых саюзных рэспубліках…” (176—177).

Падраздзел „Крэсы. Беларускія землі ў Польскай Рэспубліцы (1921—39 г.)”, змешчаны ў кнізе паміж двума вышэйназванымі падраздзеламі аўтарства Д.Марплза, напісаны 37-гадовым доктарам гісторыі Гётынгенскага універсітэта Вэрнэрам Бэнэке. У сваім выкладзе аўтар ў асноўным абапіраецца на вынікі даследаванняў польскіх (Й.Тамашэўскі, К.Гамулка, В.Рашкоўскі, П.Эбэрхарт, В.Арміцкі, Х.Дамінічак) і польска-беларускіх (Я.Мірановіч, А.Бэргман, В.Харужы) гісторыкаў і сацыёлагаў. У цэлым ён прыходзіць да высновы, што беларускі рух на гэтых тэрыторыях — як палітычны, так і культурна-асветніцкі — хоць і меў пэўны ўздым у 1920-я г., пасля пайшоў на спад — што зноў-такі абумоўлена адноснай малалікасцю і слабасцю беларускай культурніцкай эліты. Значэнне беларускага пытання ў другой Рэчы Паспалітай палягала не столькі ў ступені самаарганізацыі тамтэйшага беларускага насельніцтва, колькі ў геапалітычнай сітуацыі, у якой тады апынулася Заходняя Беларусь (165).

Заключны падраздзел другога раздзела „Падручніка гісторыі Беларусі”, які мае назву „Ад БССР да Рэспублікі Беларусь (1988—2000 г.)”, створаны маладым, але ўжо добра вядомым у нас палітолагам і гісторыкам, доктарам Мангаймскага універсітэта спадарыняй Астрыд Зам. Аўтар дае свае ацэнкі тым падзеям, што адбываліся ў Беларусі перад распадам СССР і неўзабаве пасля яго, разважае пра ролю Беларускага Народнага Фронту ў тых падзеях. У прыватнасці, яна нагадвае, што, паводле сацыялагічных апытанняў, у канцы 1990 г. 61,3 % насельніцтва Беларусі выступала за актыўную рэалізацыю дзяржаўнай праграмы пашырэння сферы ўжывання беларускай мовы. А ў снежні 1991 г. 69% грамадзян падтрымлівала роспуск Савецкага Саюза (184). „Пашырэння свайго ўплыву, —піша далей А.Зам, — БНФ тады дамогся дзякуючы ўзаемадзеянню розных чыннікаў: сваёй уласнай дзейнасці, ціску на беларускія ўлады з боку тагачаснага маскоўскага кіраўніцтва, патрэбе ў легітымізацыі сваёй улады, якую наменклатура адчувала ў выніку ўвядзення альтэрнатыўных выбараў і эканамічных разлікаў прамысловай фракцыі ўнутры кампартыі Беларусі” (тамсама). Характарызуючы сітуацыю, што склалася ў Беларусі ў першыя гады пасля абвяшчэння незалежнасці ў краіне, Астрыд Зам гаворыць пра „кароткатэрміновы нацыянальны кампраміс паміж наменклатурай і нацыяналь ным рухам”. Пры гэтым, відавочна, не ўсе дадзеныя, што прыводзіць аўтар у сваім выкладзе (напрыклад, пра быццам бы 150-тысячную колькасць сяброў БНФ у чэрвені 1991 г. — 179), з’яўляюцца карэктнымі і абгрунтаванымі. На наш погляд, А.Зам пераацэньвае і сілу супраціўлення беларусізацыі сярэдняй школьнай адукацыі, якая мела месца ў 1992—94 г. (185—186). Далейшае развіццё падзей у Беларусі 1990-х г. выкладзена ў частках, назвы якіх гавораць самі за сябе: „Эканамічны калапс і новае збліжэнне з Расіяй”, „Паўзучы дзяржаўны пераварот беларускага прэзідэнта”, „Нядоўгатрывалая стабілізацыя аўтарытарнага рэжыму”, „Рэзюмэ: Парадаксальнасць у пабудове асноў беларускай самастойнай дзяржаўнасці”. Прывядзём пераклад фрагмента названага рэзюмэ:

„Для паслядоўнай пабудовы ўласнай дзяржаўнасці і самастойнага вызначэння стратэгіі пераўтварэнняў Беларусі пасля 1991 г. бракавала найперш неабходных для гэтага нацыянальных элітаў і гістарычных пунктаў суаднясення. Таму пад моцным уплывам драматычнага гаспадарчага крызісу тут адбываўся рэгрэс у галіне палітычнай культуры, які меў сваім вынікам усталяванне ў 1996 г. аўтарытарнага рэжыму прэзідэнта Лукашэнкі. Хоць апошні, здаецца, адназначна прытрымліваецца курсу на ўз’яднанне з Расіяй, рэальныя дачыненні з гэтай краінай вызначаюцца шматлікімі парадаксальнымі рэчамі. Хоць бальшыня беларускага насельніцтва і перакананая, што Беларусь не можа існаваць без Расіі, найчасцей тут маюцца на ўвазе ўсё ж такі цесныя кантакты з той самай Расіяй, але не ліквідацыя ўласнай дзяржаўнасці…” (196).

Разгляд праблемнага кола „Сацыяльныя працэсы і эканоміка” трэцяга раздзела кнігі распачынаецца даследаваннем прафесара гісторыі з Варшавы Тэрэсы Зяліньскай „Баяры, князі і магнаты: эліты ў Беларусі ў перыяд да канца ХVIII ст.”. У першай частцы гэтага падраздзела гаворка ідзе пра паходжанне княскіх і магнацкіх родаў, далей разглядаюцца правы і абавязкі тагачаснай шляхты, канфесійна-моўныя пытанні ў шляхецка-магнацкім асяроддзі, палітыка датычна шляхецкай маёмасці ў Вялікім Княстве Літоўскім, гісторыя і спосаб ажыццяўлення ўлады магнацкімі родамі. У найбольшай ступені тут выкарыстаны матэрыялы як даўнейшых даследаванняў Ю.Вольфа, Г.Лаўмяньскага, так і прац апошніх дзесяцігоддзяў (Я.Кшыжаняк, Е.Ахманьскі, А.Зімін, М.Кром, Й.Сухоцкі, М.Мальчэўская, А.Рахуба, Л.Кандзеля і інш.). Так, услед за ранейшымі даследчыкамі Т.Зяліньская сведчыць: „У публічным жыцці Вялікага Княства літоўская мова не выкарыстоўвалася — прынамсі ў той час, з якога паходзяць пісьмовыя крыніцы, што дайшлі да нас. Перамагла русінская канцылярская мова, якую таксама называюць „старабеларускай”; прычым яна адрознівалася ад маскоўскай канцылярскай мовы. За часоў панавання Ягелонаў у афіцыйных дакументах выкарыстоўвалася лаціна. Пазней яна мусіла саступіць сваё месца польскай мове. Літоўскія Статуты (1529, 1566, 1588 г.) ствараліся яшчэ на русінскай канцылярскай мове, і яны да сёння з’яўляюцца важным помнікам беларускай культуры і мовы… Пачынаючы з 1697 г., выкарыстоўвалася выключна польская мова… Карэспандэнцыя Радзівілаў, што дайшла да нас, паказвае, што ў 75% выпадкаў яны ўжывалі польскую мову, а ў астатніх выпадках — русінскую. Слядоў літоўскай мовы выяўлена не было” (210). Т.Зяліньская дае кароткі нарыс гісторыі родаў Радзівілаў (213—215), Сапегаў (216—217), Тышкевічаў (217), Агінскіх (217—218), Пацеяў (218), Вішнявецкіх (218—219), а таксама магнацкай групоўкі, якая ўзнікла ў ХVIII ст. і да якой належалі браты Чартарыйскія і Станіслаў Аўгуст Панятоўскі (219). Асобна расказваецца пра ролю Антонія Тызенгаўза (219—220), Ёахіма Храптовіча (220), а таксама родаў Масальскіх і Касакоўскіх (220—221).

Падраздзел, напісаны беларускім даследчыкам кандыдатам гістарычных навук Андрэем Кіштымавым, прысвечаны становішчу шляхты ў Расійскай імперыі пасля падзелаў Рэчы Паспалітай. У якасці галоўных праблем, з якімі сутыкнулася ў гэтай сувязі расійская царская ўлада, называецца тое, што яна мусіла дзеля падтрымання феадальна га парадку даваць правы сваім нядаўнім зацятым праціўнікам, большасць якіх, да таго ж, была рыма-каталіцкага веравызнання, а таксама тое, што беларуская шляхта была шматлікаю; апроч таго, існавала праблема падробак даўнейшых шляхецкіх прывілеяў (223—224). Дзеля гэтага расійскім урадам быў праведзены „разбор шляхты” ў канцы ХVIII—пачатку ХIХ ст. Са спасылкамі на працы расійскіх гісторыкаў В.Дзьякава, В.Зайцава, Л.Абушэнкавай, А.Карэліна, С.Байковай аўтар падраздзела паказвае дынаміку змен у колькасным і якасным складзе шляхты і дваранства „заходнерасійскіх земляў” цягам ХIХ ст. (226—228). Абапіраючыся на высновы В.Панюціча, С.Самбук, П.Заянчкоўскага, А.Смаленчука, тых самых А.Карэліна і В.Зайцава, ён разглядае такія пытанні, як эканамічнае аслабленне беларускай шляхты, змены ў яе саслоўных прывілеях, супраціў і падпарадкаванне сіле царскай улады — г.зн., тыя працэсы, што адбываліся на працягу ХIХ і ў пачатку ХХ ст. (229—234).

Аналізу эвалюцыі беларускага сялянства і прыгоннага права ў Беларусі ў ХVI—першай палове ХIХ ст. прысвечаны наступны падраздзел падручніка, апрацаваны вышэйзгаданым беларускім гісторыкам П. Лойкам. Падраздзел складаецца з наступных частак: уступ (тэрміналагічныя высвятленні), „Сялянскі двор”, „Увядзенне Ўставы на валокі”, „Прыгоннае права”, „Паншчына”, „Чынш”, „Сацыяльныя супярэчнасці”, „Сяляне ў Расійскай імперыі”. Галоўныя крыніцы, на якіх будуе свае высновы П.Лойка, — ягоная манаграфія „Прыватнаўласніцкія сяляне Беларусі. Эвалюцыя феадальнай рэнты ў другой палове ХVI—ХVIII ст.” (Мінск, 1991), вядомыя апублікаваныя працы П.Казлоўскага, В.Голубева, М.Спірыдонава, В.Мялешкі, польскага гісторыка А.Каміньскага, нямецкага даследчыка сярэдзіны ХХ ст. В.Концэ.

Працягам папярэдняга падраздзела выглядае напісаны кандыдатам гістарычных навук дацэнтам БДУ Аляксандрам Каханоўскім падраздзел „Эвалюцыя сялянства: ад адмены прыгоннага права да калектывізацыі (1861—1929 г.)”. Тут, са спасылкамі на вядомыя даследаванні беларускіх гісторыкаў як савецкага (К.Шабуня, Х.Бейлькін, В.Панюціч, Л.Ліпінскі), так і постсавецкага часу (У.Крук, С.Ходзін, Н.Стужынская), а таксама з выкарыстаннем матэрыялаў расійскіх (С.Караленка, А.Бухавец) і нямецкіх (Д.Зіберт, Р.Марк) даследчыкаў разглядаюцца наступныя праблемы: змены ў сістэме гаспадарання беларускай вёскі пасля адмены прыгоннага права, дзве мадэлі правядзення аграрнай рэформы ў гэты перыяд, класіфікацыя сялянства паводле маёмаснага і праўнага стану, камерцыялізацыя сельскагас падарчых адносін, сыход сялян на свабодныя землі ў эміграцыю і ў аддаленыя рэгіёны Расіі, эвалюцыя і распад сельскай абшчыны, палітычныя пратэсты сялянства, сітуацыя сялянства ў часе рэвалюцый грамадзянскай вайны, першыя пасляваенныя гады і ў перыяд НЭПу.

Аўтарам яшчэ аднаго падраздзела кнігі пад назвай „Адсталасць і працэс індустрыялізацыі ў ХХ ст.” з’яўляецца вышэйзгаданы А. Кіштымаў. Ва ўступе да гэтай часткі падручніка ён вылучае тры этапы індустрыялізацыі Беларусі: 1. Развіццё беларускіх губерняў у складзе Расійскай імперыі (канец ХIХ—пачатак ХХ ст.); 2. Сацыялістычная індустрыялізацыя Беларускай ССР (1920-я—30-я г.); 3. Мадэрнізацыя беларускай эканомікі (1940-я г.—канец ХХ ст.). А.Кіштымаў заўважае, што „пачатак беларускай індустрыялізацыі прыпадае на ХIХ стагоддзе, а не на часы сталінскіх пяцігодак” (259) і прыводзіць даныя пра развіццё прамысловай вытворчасці ў нашай краіне, пашырэнне механізацыі гэтай вытворчасці, пачынаючы з 20-х і асабліва з 60-х г. ХІХ ст. Даючы характарыстыку развіццю індустрыі ў пачатку ХХ ст., аўтар асабліва канцэнтруе ўвагу на рэфарматарскіх задумах і практычных дзеяннях дзеяча ўраду Мікалая II С.Вітэ, у т.л. скіраваных на індустрыялізацыю тагачаснага Паўночна-Заходняга краю. Адзначаны такі факт: пры тым, што беларускія землі складалі не больш за 1% ад агульнай плошчы Расійскай імперыі, перад пачаткам Першай сусветнай вайны працягласць чыгуначнай сеткі складала тут 10% ад агульнарасійскага паказчыка (260). Зроблены акцэнт і на тым, што Беларусь у пачатку ХХ ст. была вельмі прывабнай для замежных інвестараў, якія ўсё больш ахвотна ўкладалі свае капіталы ў развіццё прамысловасці на гэтай тэрыторыі (261). Дадзеныя, прыведзеныя ў табліцы 1 на с.262, сведчаць пра тое, што ў беларускіх губернях у 1900—13 г. назіраўся досыць значны эканамічны рост, асабліва адносна колькасці буйных прадпрыемстваў і аб’ёмаў прадукцыі, што на іх вытваралася. Гаворачы пра развіццё працэсу індустрыялізацыі ў Савецкай Беларусі, А.Кіштымаў зазначае, што аналіз гэтых працэсаў і па сённяшні дзень моцна ўскладнены праз тое, што ў шмат якіх аспектах (напрыклад, вынікі працы ваенна-прамысловага комплексу) дадзеныя статыстыкі адсутнічаюць або моцна сфальсіфікаваныя (264). Грунтуючыся на высновах У.Асмалоўс кага, У.Вышынскага, аўтараў „Эканамічнай гісторыі Беларусі” пад рэдакцыяй В.Галубовіча, ён на канкрэтных лічбах і фактах паказвае рэальныя тэмпы індустрыялізацыі ў даваеннай БССР і пагаджаецца з высновамі названых аўтараў, што ў цэлым яны былі ніжэйшыя за сярэдні паказчык па Савецкім Саюзе (267). У той самы час тэмпы развіцця прамысловасці БССР у першыя дзесяцігоддзі пасля Другой сусветнай вайны былі значна больш высокімі і ў шэрагу галін індустрыі перавышалі сярэднестатыстычныя паказчыкі па СССР. Пры гэтым асаблівая ўвага аддавалася пераструктураванню беларускай індустрыі: удзельная вага машынабудаўніцтва, металаперапрацоўкі, вытворчасці электраэнергіі ў агульным аб’ёме вытворчасці за адносна кароткі час вельмі істотным чынам вырасла (267—268). Даволі значныя тэмпы набыла і індустрыялізацыя сельскай гаспадаркі. Але ў 70-я г. „савецкая мадэль індустрыяліза цыі дасягнула межаў свайго развіцця” (269). Вынікам гэтага стаў паступовы, але няўхільны спад вытворчасці ў Савецкім Саюзе. Аднак у БССР застойныя працэсы выявілі сябе пазней, чым у большасці іншых былых саюзных рэспубліках, і ў 1988 г. каля 80% ад агульнага аб’ёму прамысловай прадукцыі экспартавалася ў іншыя краіны або вывозілася ў іншыя рэспублікі СССР (270). На момант жа распаду СССР найважнейшыя магутнасці беларускай індустрыі былі зарыентаваныя на перапрацоўку сыравіны або паўфабрыкатаў, а сельская гаспадарка развівалася выключна экстэнсіўнымі метадамі. Усё гэта, на думку аўтара, стала перадумовай сістэмнага крызісу беларускай эканомікі ў постсавецкі перыяд. У табліцы 2 на с.273 аўтар прыводзіць дадзеныя, у якіх параўноўваюцца паказчыкі яе развіцця ў 1990 і 1998 г.: аб’ём валавога нацыянальнага прадукту знізіўся на 21%, прамысловай прадукцыі — на 19%, сельскагаспадарчай прадукцыі — на 28%, рэальнай заработнай платы насельніцтва — на 9% і г.д. Цікавыя звесткі пра дынаміку развіцця асобных галін вытворчасці, у т.л. прамысловасці, утрымліваюцца ў табліцах 3 і 4, змешчаных на с.274—275. У канцы падраздзела аўтар робіць выснову адносна таго, што перспектывы далейшага развіцця беларускай эканомікі цяпер самым непасрэдным чынам залежаць ад правядзення паўнавартасных рынкавых рэформаў.

Наступнае праблемнае кола трэцяга раздзела падручніка прысвечана тэме „Функцыянаванне горада і гарадская культура”. Падраздзел „Гарады на беларускіх тэрыторыях Вялікага Княства Літоўскага (XV—XVIII ст.)” апрацаваў прафесар Торуньскага універсітэта (Польшча) Станіслаў Александровіч. У якасці найважнейшых крыніц па гэтай тэме аўтар называе працы польскіх даследчыкаў, такіх як Ю.Бардах, М.Багуцкая, Х.Самсановіч, а таксама манаграфію вядомага беларускага гісторыка А.Грыцкевіча „Прыватнаўласніцкія гарады Беларусі ў XVI—XVIII ст.” (Мінск, 1975, на рус. мове), працы З.Капыскага, М.Ткачова, У.Чантурыі, В.Мялешкі, І.Марзалюка, расійскага гісторыка А.Дварнічэнкі і інш. Праф. С.Александровіч спыняецца на працэсах пашырэння Магдэбургскага права на беларускіх землях, разглядае асаблівасці функцыянавання горада, мястэчка і сяла ў ВКЛ, звяртае ўвагу на ўзаемадзеянне дэмаграфічных фактараў у развіцці гарадоў і мястэчак, на культурныя асаблівасці развіцця беларускіх гарадоў; нарэшце на прыкладзе горада Магілёва ён паказвае асобныя тыповыя рысы і тэндэнцыі развіцця беларускага горада ў вышэйазначаны перыяд.

Несумненную цікавасць для чытачоў кнігі (нягледзячы на пэўныя тэрміналагічныя недакладнасці) павінен уяўляць падраздзел „Эвалюцыя гарадскога рэгіянальнага цэнтра ад часоў феадальнай разробленасці да ўзнікнення шляхецкай рэспублікі (1563 г.): прыклад горада Полацка”, напісаны самым маладым удзельнікам аўтарскага калектыву ліцэнцыятам філасофіі з Цюрыха (Швейцарыя) Штэфанам Родэвальдам. У яго матэрыяле выкарыстаныя дадзеныя не толькі такіх добра вядомых у нас прац, прысвечаных гісторыі Полацка, якімі з’яўляюцца публікацыі С.Тарасава, C.Александровіча, Г.Харашкевіч, Дз.Аляксандрава, Дз.Валадзіхіна і інш., але і прац, якія адносна нядаўна ўвайшлі ва ўжытак гісторыкаў. Да іх належаць, сярод іншых даследаванні Э.Мюле (Mühle, E. Die städtischen Handelszentren der nordwestlichen Rus’… Stuttgart, 1991), К.Гёрке і У.Кэлін (Goehrke, C. Unter Mitwirkung von Kälin, U. Frühzeit des Ostslaventums. Darmstadt, 1992), Г.Руса (Rüß, H. Die soziale und politische Mentalität des russischen Adels. 9.—17. Jh. Köln, 1994). Ш.Родэвальд разглядае такія пытанні, як: узнікненне і развіццё горада Полацка да канца перыяду феадальнай раздробленасці, эвалюцыя полацкага грамадства ў перыяд пераадолення наступстваў феадальнай раздробленасці, эвалюцыя грамадскіх інстытутаў Полацка ў 1386—1498 г., ступень радыкальнасці зменаў у арганізацыі гарадскога жыцця пасля надання Полацку Магдэбургскага права (1498), асаблівасці развіцця пісьмовай культуры і рэлігійна-духоў нага жыцця горада, змены ў забудове і архітэктурнай планіроўцы Полацка. Свае высновы да падраздзела аўтар фармулюе наступным чынам:

„Для полацкай гісторыі справядлівай выглядае выснова, што глыбінныя змены тут адбываліся паводле ўсходнесярэдне еўрапейскай мадэлі. Праз гэта да сярэдзіны ХVI ст. Полацк стаў істотна адрознівацца ад гарадоў Маскоўскага царства, хоць калісьці ён таксама з’яўляўся горадам Старажытнай Русі. Пад лацінскім уплывам усё больш і больш мяняліся ўзоры самаарганізацыі і спосабаў дзеяння полацкага праваслаўнага насельніцтва. Асабліва ў апошняй трэці ХV ст. гэта дало адметныя вынікі. Але ва ўсіх сферах жыцця горада і ў 1563 г. можна было выразна заўважыць спецыфічныя ўласцівасці, якія можна растлумачыць уздзеяннем даўнейшай спадчыны. У прыватнасці, у той час сядзіба шляхецкай рэгіянальнай улады па-ранейшаму мясцілася ў цэнтры горада <…> У цэлым жа, гісторыя Полацка арганічна ўпісвалася ў гісторыю рэспублікі многіх народаў: у ім узнікла супольнасць каталікоў, праваслаўных, іудзеяў і вернікаў армянскай царквы, якія знаходзілі формы самаарганізацыі свайго жыцця паводле агульных узораў.

У 1563 г. маскоўскі цар Іван IV напаў на Польска-Літоўс кую дзяржаву і „праз вялікі гвалт узяў Полацк пасля шостага штурму, спаліўшы ўвесь горад датла”, як паведамляла лістоўка, выпушчаная ў тым самым годзе ў Аўгсбургу. Натуральна, у тым, што так здарылася, была і доля віны моцнага літоўска-польскага гарнізону: з тактычных меркаванняў ім быў спалены горад наўкол умацаванай часткі. У адрозненне ад таго, як гэта бывала ў ХII і нават яшчэ ў першай палове ХV ст., гарадское жыхарства цяпер, на пачатку ранняга Новага часу, было занадта слабым, каб прадухіліць у сваіх жа інтарэсах разбурэнне места. На выявах, што адносяцца прыблізна да 1579 г., калі Стэфан Баторы адваяваў Полацк, па-ранейшаму няма вялікай часткі даўнейшага горада” (306—307).

Падраздзел Захара Шыбекі „«Стары» Мінск: ад царскага губернскага горада да савецкай сталіцы” складаецца з трох частак. Першая, „Мінск як губернскі і гарнізонны горад”, у сваёй сутнасці паўтарае тэзісы аўтара, вядомыя з яго кніг „Мінск. Старонкі жыцця дарэвалюцыйнага горада” (сумесна з С.Шыбека, 1990, 2-е выд. 1993), „Мінск у канцы ХIХ—пачатку ХХ ст. Нарыс сацыяльна-эканамічна га развіцця” (1995) і „Гарады Беларусі (60-я г. ХIХ—пачатак ХХ ст.” (1997). У другой („Мінск у часы Першай сусветнай і грамадзянскай войнаў”), трэцяй („Мінск да Другой сусветнай вайны”) і чацвёртай („Мінск ваеннага і пасляваеннага часу: нямецкая акупацыя і адбудова”) аўтар сцісла выкладае найважнейшыя падзеі з гісторыі Мінска ў цеснай сувязі з падзеямі агульнабеларускай гісторыі, насычаючы свой аповед шматлікімі статыстычнымі дадзенымі і фактамі, некаторыя з якіх да нядаўняга часу знаходзіліся ў спецсховах савецкіх архіваў.

Тэму, распачатую З.Шыбекам, працягвае падраздзел „«Новы» Мінск: пабудова сацыялістычнага горада пасля Другой сусветнай вайны”, аўтарам якога з’яўляецца доктар гісторыі з Енскага універсітэта Томас Бон. Актыўна карыстаючыся даследаваннямі і абапіраючыся на ілюстрацыйны матэрыял у асноўным беларускіх аўтараў савецкага часу (М.Асмалоўскі, А.Лысенка, С.Польскі, В.Анікін, А.Собалеў, А.Ясінскі, А.Квачоў, А.Войнаў і інш.), Т.Бон у даволі крытычным духу разглядае праекты забудовы пасляваен нага Мінска і спосабы іх рэлізацыі. Асаблівую ўвагу ён звяртае на няўдалае праектаванне Цэнтральнай (цяпер Кастрычніцкай) плошчы і плошчы Леніна (цяпер Незалежнасці): архітэктурны праект сённяшняга Палаца Прафсаюзаў называе „скандальным” і да т.п. Аўтар падрабязна аналізуе дынаміку росту насельніцтва Мінска ў пасляваенны перыяд і абумоўленыя гэтым асаблівасці развіцця забудовы горада. На заканчэнне ён піша: „Адказ на пытанне, ці здолеюць праекты новай эпохі — культурны цэнтр альбо рынкавы павільён — калі-небудзь надаць сталіцы Рэспублікі Беларусь выгляд еўрапейскай метраполіі, будзе залежаць ад таго, якім шляхам краіна пойдзе ў будучыню. Урбанізаванасць і ўплыў заходняй культуры тут, без усялякага сумневу, можна адчуць ужо сёння” (333).

Падраздзел „Геаграфія культуры і этнічная эвалюцыя беларусаў у Сярэднявеччы і ў пачатку Новага часу”, напісаны вядомым беларускім этнографам кандыдатам гістарычных навук Ігарам Чаквіным, складаецца з наступных частак: 1. Гістарычная прастора засялення і ранні этнагенэз беларусаў; 2. Сацыяльная структура і самаазначэнні беларускага этнасу; 3. Формы вядзення гаспадаркі: 4. Фармаванне матэрыяльнай і духоўнай культуры; 5. Радыкальныя змены ў дэмаграфічнай, культурнай і сацыяльнай сферах. У цэлым тут адлюстраваныя погляды навукоўца, добра вядомыя з яго папярэдніх публікацый, таму няма неабходнасці спыняцца на іх больш падрабязна. У той жа час, праблему фармавання унікальнай поліканфесійнай сітуацыі ў Вялікім Княстве Літоўскім ў падраздзеле „Беларускія рэгіёны ў эпоху канфесіяналізацыі” разглядае нямецкі аўтар, доктар гісторыі з Франкфурта-на-Майне Юлія Освальт. Пасля ўступу, у якім характарызуецца канфесійная сітуацыя ў Кароне і ў ВКЛ у сярэдзіне ХV ст., гаворка ідзе пра асаблівасці Рэфармацыі на польскіх і беларуска-літоўскіх землях, заключэнне Берасцейскай уніі, далейшае развіццё поліканфесійнасці і звязанае з гэтым пашырэнне адукацыі на тэрыторыі Рэчы Паспалітай. У якасці крыніц свайго даследавання Ю.Освальт найчасцей называе і цытуе працы заходніх, найперш нямецкамоўных, аўтараў (А.Йобэрт, Й.Маендорф, Н.Дэвіс, Ё.Бальке, А.Штромаер, Г.Шрам, Э.В.Цэдэн, Т.Вочке, Т.Цэрнак, К.Фёлькер, Д.Фрык, К.Х.Фэльмі і інш.), што, напэўна, павінна асабліва зацікавіць нашых гісторыкаў.

„Этнічная эвалюцыя і палітыка ў дачыненні да нацыянальнасцяў у беларускіх губернях (1795—1914 г.) — такую назву мае падраздзел вядомага беларускага даследчыка этналагічных працэсаў кандыдата гістарычных навук Паўла Церашковіча. У падраздзеле разглядаюцца такія пытанні, як: этнічныя змены да сярэдзіны ХIХ ст. (сяляне, дробнае мяшчанства і купецтва, духавенства, шляхта, інтэлігенцыя); этнічная эвалюцыя ў перыяд з сярэдзіны ХIХ ст. да 1914 г.(палітыка ў дачыненні да асобных нацыянальнас цяў паміж 1860 і 1890 г., этнічныя групы паводле перапісу 1897 г., тэндэнцыі і змены палітыкі ў дачыненні да нацыянальнасцяў паміж 1900 і 1910 г., рух за нацыянальнае адраджэнне ў перыяд з 1870 да 1914 г.). Кожная з названых частак утрымлівае багаты статыстычны і лічбавы матэрыял — з выкарыстаннем дадзеных Архіва Расійскай Акадэміі навук, публікацый прэсы адзначанага перыяду, вынікаў перапісу насельцтва 1917 г. у гарадах Мінску і Магілёве, прац такіх даследчыкаў, як І.Зяленскі, А.Гілер, А.Смірноў, І.Карнілаў, С.Шалковіч, С.Самбук, В.Радкевіч, С.Брук і В.Кабузан, а таксама капітальнай працы па аналізе вынікаў усерасійскага перапісу насельніцтва 1897 г., выдадзенай пад рэдакцыяй Х.Баўэра, А.Капэлера і Б.Рот (Штутгарт, 1991). Акрамя таго, тут зробленыя ўводзіны ў гісторыю беларускага нацыянальнага руху ў канцы ХIХ—пачатку ХХ ст. (спасылкі на працы той жа С.Самбук, А.Цвікевіча, Сцяпана Александровіча, Э.Дарашэвіча і У.Конана і інш.).

Тэме „Яўрэі Беларусі ў ХVII—ХVIII ст.” прысвечаны наступны падраздзел „Падручніка гісторыі Беларусі” аўтарства доктара гістарычных навук з Мінска Эмануіла Іофэ. У яго ўваходзяць кароткі ўступ і наступныя часткі: 1. Развіццё яўрэйскіх структураў; 2. Гаспадарчае жыццё яўрэяў; 3. Наступствы падзелаў Рэчы Паспалітай для яўрэйскага насельніцтва; 4. Праўнае становішча яўрэяў у ХIХ ст.; 5. Пытанні рэлігійна-духоўнага развіцця. Гэты падраздзел яшчэ багацейшы, чым папярэдні, удакументаваны лічбамі і фактамі, большасць якіх ужо прыводзілася ў рэдагаванай аўтарам сумесна з С. Асіноўскім працы „Яўрэі. Па старонках гісторыі” (Мінск, 1997), а таксама ў добра вядомых у Беларусі кнігах А.Скіра („Яўрэйская духоўная культура ў Беларусі”. Мінск, 1995) і С.Кузняевай („Яўрэйскія абшчыны ў Беларусі ў канцы ХVIII—канцы ХХ ст.”. Мінск, 1998, абедзве на рус. мове).

Разгляд гісторыі беларускіх яўрэяў працягваецца ў падраздзеле прафесара універсітэта ў Аполе (Польшча) і супрацоўніка Беларускай рэдакцыі радыё „Свабода” Міколы Іванова „Яўрэйскі свет у Беларусі ад канца ХIХ ст. да халакосту”. Выкарыстоўваючы матэрыялы разнастайных статыстычных зборнікаў, публікацый М.Доўнарa-Запольска га, С.Кацэнбогена і інш., праф. М. Іваноў аналізуе колькасны склад яўрэйскага насельніцтва Беларусі ў азначаны перыяд, закранае праблему самавызначэння яўрэяў-„літва коў”, паказвае працэс хуткага пашырэння хасідызму ў асяроддзі беларускіх яўрэяў на працягу ХIХ ст. Аўтар падкрэслівае мірны, а часам вельмі дружалюбны характар супольнага жыцця беларусаў і яўрэяў, адсутнасць больш ці менш значных праяў антысемітызму сярод асноўнай масы беларускага насельніцтва. Асвятляецца вельмі істотны ўклад яўрэяў у развіццё прадпрымальніцтва на беларускіх землях: напрыклад, у 1884—86 г. 91% гандлёвага абароту ў Мінскай, 69% у Віленскай, 66% у Гродзенскай губернях ажыццяўлялася прадпрымальнікамі-яўрэямі (395). Асобна разглядаецца працэс узнікнення яўрэйскіх сіянісцкіх арганізацый (прыкладам, рэлігійнай арганізацыі „Мізрахі” ў г.Лідзе, 1913 г.), сацыял-дэмакратычных партый. Між іншым, адзначаецца, што пасля заснавання ў 1897 г. (Вільня) першай на тэрыторыі Расійскай імперыі палітычнай партыі, „Бунда”, напачатку да 90% яе членаў паходзіла з паўночна-заходніх рэгіёнаў (396). У цэлым, да 1917 г. тут былі адносна спрыяльныя ўмовы для развіцця розных формаў яўрэйскага жыцця, а пасля Лютаўскай рэвалюцыі нават падпольныя дагэтуль палітычныя арганізацыі сталі дзейнічаць адкрыта, выпускаць свае перыядычныя выданні. На гэты момант большасць беларускіх яўрэяў мела прасіянісцкія настроі, з чым адразу ж пасля свайго ўсталявання пачала змагацца бальшавіцкая ўлада (398). Адмяніўшы, аднак, абмежаванні, уведзеныя царскімі ўрадамі для яўрэяў, савецкія дзеячы займелі шмат прыхільнікаў сярод яўрэйскага насельніцтва, што спрыяла значнаму „палявенню” яўрэйскіх арганізацый у Беларусі, нават сіянісцкіх. Да таго ж, Чырвоная Армія была тым войскам, у якім пераследавалася практыка яўрэйскіх пагромаў. Праф. М.Іваноў таксама акцэнтуе ўвагу на тым, што урад БНР нязменна дэклараваў палітыку салідарнасці з яўрэйскім народам, падтрымкі яго сацыяльных і нацыянальна-культурных памкненняў, але ў тагачасных умовах не мог рэалізаваць сваю палітычную праграму належным чынам. Гаворачы пра яўрэйскае жыццё на беларускіх землях у міжваенны перыяд, аўтар падраздзела паказвае, што яно развівалася на польскіх „Усходніх Крэсах” і ў БССР фактычна ў дыяметральна супрацьлеглых кірунках: калі ў Заходняй Беларусі паступова паляпшаліся варункі для паглыблення самаарганізацыі яўрэяў, развіцця іх культурных і рэлігійных патрэб (нягледзячы на антысеміцкія рэцыдывы „эндэцкай” палітыкі, стварэнне ў 1937 г. т.зв. Лагера нацыянальнага яднання), то ў Савецкай Беларусі напачатку вынішчаліся сінагогі, ліквідаваліся сіянісцкія арганізацыі, а ў 30-я г. надышла чарга і яўрэйскіх адукацыйных устаноў, і яўрэйскага перыядычна га друку. Пасля злучэння абедзвюх частак Беларусі ў 1939 г. такая палітыка паскоранымі тэмпамі пачала ажыццяўляцца Савецкай уладай і на заходнебеларускіх тэрыторыях.

Прафесар Мікола Іваноў таксама з’яўляецца аўтарам падраздзела „Тэрор, дэпартацыя насельніцтва, генацыд: дэмаграфічныя змены ў Беларусі ў ХХ ст.”. Са спасылкамі на шматлікія крыніцы (В.Войтка, Б.Урланіс, А.Урублеўскі, Т.Процька, У.Адамушка, М.Касцюк, Р.Платонаў, М.Сташкевіч, А.Хацкевіч, І.Кузняцоў, С.Польскі, С.Мацюнін, І.Арад, Я.Чарнякевіч, шэраг калектыўных прац) ён падае лічбы тых найважнейшых страт, што панесла насельніцтва Беларусі ў час Першай і Другой сусветных войнаў (у т.л. у выніку халакосту), грамадзянскай вайны, савецка-польскай вайны, бальшавіцкіх рэпрэсій. „На завяршэнне гэтага агляду, — піша праф. М.Іваноў, — можна весці гаворку пра катастрафічныя вынікі дэмаграфічных зменаў, якія ў маштабах Еўропы з’яўляюцца унікальнымі. Значэнне гэтых вынікаў не змяншаецца праз тое, што іх выкарыстоўвала ў палітычных мэтах афіцыйная прапаганда, найперш за савецкім часам. Гэта была другая вялікая катастрофа ў новай гісторыі беларускіх земляў. Узгадайма, што ў другой палове XVII ст. у ходзе вайны паміж Рэччу Паспалітай і Расійскай дзяржавай насельніцтва Беларусі скарацілася напалову, а ў некаторых мясцінах нават на тры чвэрці. Гэты рэгіён і яго насельніцтва ў гэтым сэнсе маюць трагічны гістарычны досвед. З відавочных прычынаў Другая сусветная вайна з яе велізарнымі ахвярамі ўсё яшчэ займае цэнтральнае месца ў нацыянальнай самасвядомасці беларусаў” (436).

Названаму падраздзелу ў падручніку папярэднічае падраздзел „Грамадства Беларусі ў часе Другой сусветнай вайны”, напісаны вядомым нямецкім даследчыкам найноўшай беларускай гісторыі доктарам Бэрнгардам К’яры (г.Потсдам). Аўтар даволі дэталёва аналізуе стан грамадства Беларусі на пачатку вайны, называючы яго досыць апатычным і скіраваным на ўласнае фізічнае выжыванне, на магчымасць існавання ва ўмовах штодзённай неабходнасці задавальнення хоць бы самых элементарных чалавечых патрэбаў. Такое становішча, паводле Б.К’яры, склалася ў выніку масавых рэпрэсій апошняга перад вайной дзесяцігоддзя ва Ўсходняй і апошніх менш як двух гадоў у Заходняй Беларусі, з-за поліэтнічнага і поліканфесійнага складу насельніцтва Беларусі і іншых, менш значных прычын. Аўтар не згаджаецца з панавальнай у савецкай гістарыяграфіі тэзай аб быццам бы маналітнасці беларускага народа ў супрацьстаянні нямецка-фашысцкім акупантам. Прыводзячы лічбы і факты, якія сведчаць пра масавыя злачынствы апошніх, аўтар робіць таксама спробу прааналізаваць тыя варункі, якія склаліся на акупаванай беларускай тэрыторыі, тое, якія знешнія і ўнутраныя сілы імкнуліся дасянуць тут сваіх інтарэсаў. Б.К’яры лічыць,што ў Беларусі не існавала такой з’явы, якую можна было б, да прыкладу, супаставіць з польскім „падпольным грамадствам” часоў Другой сусветнай вайны. Адной з прычын гэтага было тое, што пасля свайго прыходу ў Заходнюю Беларусь напярэдадні вайны бальшавіцкая ўлада дазволіла найбольш агрэсіўна настроеным жыхарам гэтых тэрыторый зводзіць асабістыя рахункі, найперш з „класава-чужымі элементамі” (414). У інтарэсах гэтай улады было нацкоўванне людзей адзін на аднаго, пашырэнне даносаў і г.д. Такая практыка фактычна была прадоўжаная нямецкімі акупантамі, якія, не ведаючы рэальнай сітуацыі, адразу ж бачылі сваёй галоўнай мэтай забяспечыць магільны спакой на гэтай, для іх у цэлым маргінальнай, тэрыторыі (415—416). У той самы час вялікая частка беларускага насельніцтва была зарыентаваная на адну мэту — самазахавацца, выжыць. Яўрэі, сагнаныя ў гета, таксама вельмі часта замыкаліся ў сабе, не імкнуліся выбрацца са свайго становішча, да канца не верачы, што абсалютную іх большасць чакае фізічнае вынішчэнне (422—423). А „маштабы забойства яўрэяў можна бачыць на прыкладзе Баранавічаў. Тут 16 тысяч жыхароў-неяўрэяў у 1942 г. маглі назіраць, як за тры хвалі масавых расстрэлаў было забіта 15 тысяч яўрэяў”, — піша Б.К’яры са спасылкай на дадзеныя „Невядомай Чорнай Кнігі” (Ерусалім—Масква, 1993) і зборніка „Знішчэнне яўрэяў СССР у гады нямецкай акупацыі” (Ерусалім, 1992). Адзначаючы ахвярнасць і гераізм многіх жыхароў Беларусі ў арганізацыі супраціву акупантам, ва ўратаванні жыццяў іншых людзей, яўрэяў і неяўрэяў, аўтар падраздзела заўважае, што выпадкі ўдзелу жыхароў Беларусі (палякаў, беларусаў, расійцаў, украінцаў) у ажыццяўленні фашысцкага генацыду таксама былі нярэдкімі (423—424). Падсумоўваючы сказанае, Б.К’яры піша пра тое, што шматвектарныя, часам вельмі хаатычныя, тэндэнцыі развіцця беларускага грамадства ў гады Другой сусветнай вайны не дазваляюць зрабіць нейкіх адназначных абагульненняў або прывесці, ці, тым болей, асэнсаваць нейкія абсалютна дакладныя лічбы. Адно выдаецца аўтару бясспрэчным — тое, што вынікі крывавай вайны, безумоўна, паспрыялі ўсталяванню кантролю над беларускім пасляваенным грамадствам з боку таталітарнага камуністычнага рэжыму (424—425).

Вядомы англійскі беларусіст Джым Дынглі напісаў вельмі адметны для падручніка такога кшталту падраздзел „Мовы ў Беларусі да канца ХIХ ст.”. Ва ўступе ён адзначае, што пэўная асаблівасць разгляду дадзенага пытання палягае ў тым, што, з аднаго боку, у Беларусі знаходзіцца геаграфічны цэнтр Еўропы, а з іншага боку, гэты рэгіён здаўна вызначаўся поліэтнічнасцю, поліканфесійнасцю, мноствам пераходных гаворак, што звычайна бывае ўласціва для культурнай перыферыі. Разважаючы пра паходжанне беларускай мовы, аўтар аддае перавагу версіі тых даследчыкаў, што лічаць яе асновай групу гаворак (дыялект) полацка-смаленскай галіны крывіцкага племя, які пазней меў усё большы ўплыў і на палескія дыялекты поўдня сучаснай тэрыторыі Беларусі. Дж.Дынглі пагаджаецца з той думкай, што ва ўзвышэнні гэтага дыялекту да паўнавартаснай мовы з дзяржаўнымі функцыямі вырашальную ролю адыграла станаўленне Вялікага Княства Літоўскага (439). У сваім аналізе вышэйназванага працэсy (частка падраздзела „Ад дыялекту да афіцыйнай мовы ў Вялікім Княстве Літоўскім”) аўтар найперш абапіраецца на высновы вядомай працы Кр.Станга (Осла, 1939). Далей Дж.Дынглі аналізуе ўжыванне ў дачыненні да дзяржаўнай мовы ВКЛ тэрмінаў „руская”, „старабеларуская”, „сярэднебеларуска-ўкраінская”, англ. „ruthenian”, нямецк. „Ruthenisch” і прыходзіць да высновы, што тэрміны „старабеларуская мова”, а таксама „ruthenian” і „Ruthenisch” выглядаюць найбольш удалымі і адэкватнымі (440—441). Асобна ён спыняецца на сітуацыі „чатырохмоўя”, якая асабліва была характэрная для Беларусі ў XVII ст. Падаецца аналіз ролі перакладаў Святога Пісьма, ажыццёўленых Ф.Скарынам і В.Цяпінскім, „Катэхізіса” С.Буднага, трох Статутаў ВКЛ, лістоў Ф.Кміты-Чар набыльскага, „Мемуараў” Ф.Еўлашоўскага ў разуменні асаблівасцяў старабеларускай мовы. У наступнай частцы падраздзела, „Мова і моўная палітыка ў Рэчы Паспалітай”, Дж.Дынглі гаворыць пра імкненне значнай часткі беларускай шляхты да замены ў афіцыйным ужытку старабеларус кай пісьмовай мовы на лаціну і польскую мову: сярод галоўных прычын гэтага называецца недастатковая ў параўнанні з дзвюма апошнімі мовамі кадыфікацыя старабела рускай мовы таго часу, імкненне часткі шляхты пацвердзіць легенды пра нібыта рымскае паходжанне ліцвінаў (442—444). Аўтар падраздзела адзначае, што наступ „лацінізацыі” і паланізацыі стаў прычынай таго, што ў паслядоўных прыхільнікаў праваслаўя ўзнікла імкненне да архаізацыі старабеларускай мовы, набліжэння яе да мовы царкоўнасла вянскай. Такім чынам беларуская мова апынулася як бы „заціснутай” паміж апошняй, з аднаго боку, і польскай мовай, з другога. Зніжэнню прэстыжу старабеларускай мовы пасадзейнічала тое, што Вільня ўсё ў большай меры рабілася каталіцкім горадам, а цэнтр праваслаўя ў ВКЛ перамяшчаўся ў Кіеў (444—445). Такім чынам, выцясненне старабеларускай мовы з афіцыйнага ўжытку ў цэлым завяршылася да канца XVII ст., хоць у штодзённым побыце шляхта вельмі часта карысталася беларускай мовай і надалей, а сялянства іншай мовы і не ведала. Пазіцыю ўжывання роднай мовы ў цэлым абараняла і yніяцкая царква (446). Пачатак ХIХ ст. стаў пачаткам адраджэння беларускай мовы, чаму, пад уплывам вядомых ідэй Ё.Г.Гердэра, моцна паспрыялі Я.Чачот, А.Міцкевіч, іншыя філаматы і філарэты, а таксама пазнейшыя беларускія этнографы, збіральнікі фальклору (П.Шпілеўскі, І.Насовіч), вядомыя сёння беларуска моўныя пісьменнікі і публіцысты ХIХ ст. (развіццю беларускай мовы і літаратуры ў той час прысвечана асобная частка падраздзела). Асобна Дж.Дынглі спыняецца на моўнай сітуацыі ў асяроддзі яўрэяў і татар Беларусі, адзначаючы ўплывы беларускай мовы на паўночную літаратурную норму мовы ідыш і згадваючы пра „кітабы”.

Тэму, пачатую Джымам Дынглі, працягвае прафесар Зальцбургскага універсітэта Герман Бідэр у падраздзеле „Барацьба за мову ў ХХ ст.”. Ён вылучае 5 этапаў змагання беларусаў за паўнапраўнасць роднай мовы:

1. „Нашаніўскі” перыяд (1906—15);

2. Этап „беларусізацыі” ў БССР і нацыянальнага руху ва Ўсходняй Польшчы (да пачатку 30-х г.);

3. Этапы рознай інтэнсіўнасці русіфікацыі і т.зв. „набліжэння” беларускай мовы да расійскай у 30-я г. і, у фарсіраваным рэжыме, пачынаючы з 60-х г.;

4. Эфемерная беларусізацыя часоў нямецкай акупацыі ў Першую і Другую сусветныя войны;

5. Спробы створанага ў гады перабудовы руху БНФ „Адраджэньне” забяспечыць годнае месца беларускай мовы і культуры ў грамадскім жыцці.

Апісваючы паслядоўна кожны з названых этапаў, праф. Г.Бідэр актыўна выкарыстоўвае як больш вядомыя ў нас (працы У.Навіцкага, Р.Платонава, А.Жураўскага, А.Падлужнага, Б.Плотнікава, С.Запрудскага, Закон „Аб мовах у беларускай ССР”, прыняты ў 1991 г., выдадзены ТБМ імя Ф.Скарыны зборнік „Аняменне”, публікацыі „Народнай газеты” ў 1992—94 г.), так і менш вядомыя крыніцы (даследаванні П.Ўэкслера, С.Гайль, самога Г.Бідэра).

Аўтарам заключнага падраздзела кнігі, „Беларусь у сваёй мастацкай літаратуры ХХ ст.”, з’яўляецца дацэнт Гомельскага дзяржуніверсітэта Іван Афанасьеў. Падраздзел складаецца з наступных частак: „Набыццё мовы і абуджэнне патрыятызму: дасавецкая літаратура”, „Купала, Колас і ранняя савецкая літаратура: падстройванне сябе і адмаўленне”, „Другая сусветная вайна як народны боль і боль літаратуры”, „Гісторыя ў літаратуры”, „Чарнобыль і літаратура”. Напісанае ў выглядзе невялікага эсэ даследаванне І.Афанасьева ўяўляе сабою развагі на тэмы: пошукі нацыяналь най тоеснасці ў беларускай літаратуры; пошукі героя; трагізм беларускага светаадчування ў ХХ ст. і інш. Падраздзел утрымлівае бібляграфію асноўных твораў беларускай літаратуры мінулага стагоддзя (у т.л. рускамоўнай), выдадзенай на нямецкай мове.

На заканчэнне нашага кароткага агляду застаецца толькі дадаць, што ў афармленні вокладкі „Падручніка гісторыі Беларусі” выкарыстаная праца сучаснага беларускага мастака Ігара Кашкурэвіча „Паверхня”.

Лявон Баршчэўскі

Мінск

Наверх

Андрэй Партноў. Саветызацыя гістарычнай навукі ў Украіне і Беларусі

Снежня 20, 2000 |

Саветызацыя гістарычнай навукі ў Украіне і Беларусі
(некаторыя канцэптуальныя меркаванні)

Пра складанасць разгляданай тэмы найлепш сведчыць сукупнасць прац, ужо напісаных з гэтай нагоды. Гэтым працам часта бракуе даследчага такту, смеласці. Да таго ж, гістарычная навука агулам засвоіла канцэпцыю савецкага таталітарызму, паводле якога грамадства было не больш чым пасіўным аб’ектам усёмагутнай дзяржавы[1]. Следства такой устаноўкі — звядзенне праблемы да разгляду палітычных рэпрэсій або неапраўдана спрошчанага сцвярджэння пра ненавуковы характар усіх гістарычных прац, што з’явіліся ва Ўкраіне з другой паловы 1940-х да канца 1980 г.[2] Гэткія тэзісы грунтуюцца на разуменні саветызацыі як працэсу, што завяршыўся ў 1930—40 г., пасля чаго быццам існавала уніфікаваная пакораная гістарыяграфія. Насамрэч гэтак званая савецкая гістарыяграфія не была аднастайнаю[3], побач з прапагандысцкімі выходзілі адмысловыя навуковыя працы, часта створаныя ва ўмовах балючага кампрамісу з сістэмаю.

Канцэпцыя гэтага артыкула грунтуецца на прапанаваным С.Eкельчыкам разуменні дзяржаўнай палітыкі СССР як дыялогу з грамадствам, з рэпрэсаваным, прыгнечаным, але не знішчаным апазіцыйным дыскурсам[4], які пры кожнай нагодзе выяўляў сябе — у смелых выступах асобных вучоных, свядомым падыходзе іншых да археаграфіі і медыявістыкі, намаганні сказаць бадай «напаўпраўду» ў падцэнзурных публікацыях. Мяркую, што саветызацыя навукі працягвалася да апошніх дзён савецкай улады (а з-за інерцыі і пазней), але не была дастаткова паспяховаю, татальнаю, хоць і мела велізарны ўплыў на вучоных.

Адсюль вынікаюць дзве тэзы. Па-першае, падаецца дарэчным адрозненне падсавецкіх і савецкіх гісторыкаў, зыходзячы з іх стаўлення да панавальнай сістэмы. Гэткае адрозненне мае, перш за ўсё, навукова-пазнавальны, а не выкрывальніцкі характар, хоць не сакрэт, што тып гісторыка-партый ца, які жадаў партыйнага кіраўніцтва, адчуваў сябе без яго ніякавата, усё-такі быў створаны[5]. Па-другое, увагі даследчыкаў заслугоўваюць такія праблемы, як стыль мыслення гісторыкаў, формы суіснавання вучоных і рэжыму, спосабы адаптацыі да яго патрабаванняў, аналіз стылістыкі іх прац з увагаю да словаўжытку, метафар і стэрэатыпаў, стварэнне «новамовы» савецкай навукі і намаганні вучоных змагацца з стандартызацыяй стылю і г.д.

Гэты тэкст змяшчае толькі папярэднія меркаванні, вынік вывучэння аўтарам гістарыяграфічных працэсаў у Савецкай Украіне з далучэннем для параўнальнага аналізу беларускага матэрыялу. Гіпатэтычнасць і правакацыйнасць асобных сцвярджэнняў свядома разлічаны на крытыку.

***

Некалькі словаў пра зробленае папярэднімі даследчыкамі ў вывучэнні пытання. Першыя публікацыі пра саветызацыю ўкраінскай гістарыяграфіі выходзяць з-пад пяра гісторыкаў -эмігрантаў, якія перажылі гэтыя працэсы, а пад час другой сусветнай вайны выехалі на Захад[6]. Увогуле, яны характары завалі 1920-я г. як час акадэмічнай свабоды, вольнага развіцця навуковай думкі, канец якому быў пакладзены ў 1930-я — час жорсткіх фізічных рэпрэсій. Пры гэтым у часы хрушчоўскай «адлігі» былі пашыраны спадзяванні на аздараўленне падсавецкай навукі, якія згаслі пад час новых уціскаў пары «застою»[7]. Сярод беларускіх гісторыкаў-эмігрантаў гэтае пытанне вывучаў Павал Урбан, які ў працы «Смена тенденций в советской историографии» падаў узважаны аналіз зменаў партыйнай лініі адносна навукі, абгрунтоўваючы тэзіс, што «лібералізацыя заўжды праводзілася па ўказках зверху»[8] . Яму ж належыць беларускамоўная публікацыя з той самай тэмы, што адрозніваецца вострым публіцыстычным стылем[9].

Вартыя ўвагі англамоўныя кніжкі, што датычацца пераважна расійскай гістарычнай навукі і маюць характар дакладнай хронікі[10], сінтэтычных[11], аналітычных[12] даследаванняў, ды публікацыі польскіх гісторыкаў[13]. Украінскія вучоныя з дыяспары ўважліва сачылі за працамі сваіх падсавецкіх калег. Апрача чыста інфармацыйных[14] з’яўляліся крытычна-аглядныя[15] працы, нават існавала спецыяльнае выданне «Recenzja», дзе рэцэнзаваліся выключна працы, выдадзеныя ў Савецкай Украіне.

Што ж да ўкраінскай і беларускай «мацерыковых» гістарыяграфій, то першыя публікацыі з крытычнай рэвізіяй спадчыны савецкай навукі пачалі з’яўляцца на пачатку 1990-х[16]. З гэтай тэмы паступова было знята табу маўчання, але канцэптуальных яе распрацовак з’явілася няшмат (да таго ж, яны пераважна выходзяць з-пад пяра заходніх даследчыкаў — Райнэра Лінднэра[17], Рыгора Грабовіча[18] і інш.). Увогуле ж, тэрміналагічная нявызначанасць, несвядомыя і свядомыя маніпуляцыі фактамі, страх пісаць шчыра і прынцыпова і надалей характарызуюць гістарычныя публікацыі з разгляданай тэмы.

1. Што такое савецкая гістарыяграфія?

1917 год быў сакральнаю датаю для савецкай навукі: гісторыя жорстка падзялілася на «да- і паслярэвалюцыйную». Таму і паняцце «савецкая гістарыяграфія» ахоплівае ўсе гістарычныя працы, што надрукаваны з 1917 да 1991 г. (нягледзячы на тое, што ў першыя паслярэвалюцыйныя дзесяцігоддзі выходзіла шмат даследаванняў, якія былі напісаныя яшчэ да рэвалюцыі — у прыватнасці, працы А.Яфіменкі, А.Праснякова і інш.).

Абгрунтаваным падаецца метадалагічны крытэр, але не трэба спяшацца з акрэсленнем савецкіх гістарычных прац як «марксісцкіх». Ю.Афанасьеў слушна падкрэслівае, што савецкая гістарычнaя навука была навукова-палітычным феноменам, арганічнаю часткаю таталітарнай сістэмы і, адначасова, інструментам дзяржаўнай палітыкі[19]. Яе сацыяльная функцыя палягала ў выхаванні «савецкага чалавека» — будаўніка камунізму, у адпаведнасці з якім гісторыкі павінны былі як выкрываць «фальсіфікацыі» мінулага, так і ўсхваляць дасягненні сацыялізму.

Тэарэтычнаю падставаю савецкай гістарыяграфіі быў так званы марксізм-ленінізм — адно з прачытанняў марксізму, найважнейшыя тэзісы якога: разуменне гістарычнага працэсу як заканамернага і няўхільнага набліжэння камунізму; просталінейнае ўяўленне пра стадыйны (фармацыйны) характар грамадска-гістарычнай эвалюцыі; класавая барацьба як рухальная сіла гістарычнага працэсу; жорсткая залежнасць свядомасці ад сацыяльных фактараў (адсюль магчымасць падзяляць усе філасофскія ідэі, літаратурныя і навуковыя творы на «прагрэсіўныя» і «рэакцыйныя»)[20].

Але для савецкай гістарыяграфіі вызначальнымі былі не гэтыя ідэалагічныя ўстаноўкі, а партыйныя дырэктывы. Ключом да высвятлення прыроды апошніх можа служыць тэзіс А.Івіна пра разуменне бальшавікамі мінулага як абгрунтавання і апраўдання сучаснасці, у адпаведнасці з чым са зменаю партыйнай лініі змянялася і мінулае[21]. Так, «Вялікая савецкая энцыклапедыя», выдадзеная ў 1936 г., адзначала, што Б.Хмяльніцкі ў казацкай рэвалюцыі, якую ён узначальваў, «адыграў ролю здрадніка і лютага ворага паўсталых казацка-сялянскіх мас», бо «спрыяў замацаванню каланіяльнага панавання Расіі над Украінаю»[22], а менш чым праз 10 гадоў гетман ужо выступае «самаадданым барацьбітом за ўз’яднанне». Пры гэтым спроба Міхайлы Брайчэўскага раскрытыкаваць канцэпцыю «ўз’яднання» з чыста марксісцкіх пазіцый[23] была кваліфікавана як дысідэнцтва, а сам вучоны пацярпеў за сваю смеласць.

Савецкая «навука» не спынілася і перад выкрыўленнем гістарычных фактаў. Сцвярджалася, што Петрыка — лідэра антыгетманскага паўстання — забіў агент І.Мазепы (насамрэч Петрык перажыў старога гетмана і памёр сваёй смерцю), што Ўкраінская Акадэмія навук была заснавана бальшавікамі (насамрэч — Паўлам Скарападскім пад час існавання незалежнай Украінскай Дзяржавы), шляхціч Іван Богун-Федаровіч быў пераўтвораны ў сялянскага сына і г.д. У гісторыі Беларусі расійскую экспансію 1654—1667 г. трактавалі як «вызвален не» гэтых земляў, а сацыяльную гісторыю беларусаў звялі да гісторыі сялянства.

У эвалюцыі савецкага «марксізму-ленінізму» можна вылучыць некалькі этапаў:

1920—1930-я г. — час суіснавання «марксісцкай» і «буржуазнай» навукі, калі марксізм яшчэ не быў дагматызаваны і выклікаў шчырую зацікаўленасць вучоных, якія займаліся сацыяльна-эканамічнай гісторыяй[24];

1930—1940-я г. — паступовая дагматызацыя марксізму -ленінізму (звязаная з зацвярджэннем сталінскага таталітар нага рэжыму), арганічна злучаная з расійскім нацыяналізмам у трактаванні мінулага. «Патрыятызацыя» гісторыі была прыродным адлюстраваннем змены партыйнай лініі — калі арыентацыі на сусветную рэвалюцыю адпавядала «інтэрнацыяна лістычная» ўстаноўка на паказ Расійскай імперыі як турмы народаў, то канцэпцыя сацыялізму ў асобна ўзятай і максімальна цэнтралізаванай краіне выклікала карэнныя змены ў бок праслаўлення расійскага мінулага[25] (якія ўсталяваліся пад час і пасля завяршэння другой сусветнай вайны).

1950—1980-я г. — панаванне дагматызаванага марксізму і, адначасова, напаўпрыхаваныя праявы акадэмічнай апазіцыі да яго, выкарыстанне тэзаў класікаў ці для выключна вонкавага аздаблення працы, ці для пацвярджэння ўласных смелых гіпотэз[26]. Тут трэба зазначыць, што межы акадэмічнай свабоды расійскіх гісторыкаў і вучоных нацыянальных рэспублік істотна адрозніваліся не на карысць апошніх. А асобныя дысцыпліны — усходазнаўства, візантыстыка, гістарычна-культуралагічныя даследаванні — былі манапалізаваныя сталічнымі навукоўцамі.

2. Рысы савецкай гістарычнай прадукцыі

1) Цытатна-ілюстрацыйны спосаб выкладання матэрыялу, «гістарыяграфічны прапагандызм» (выраз Н.Якавенкі), заняпад крыніцазнаўчай культуры даследаванняў. Варта прывесці прыклады кампрамісаў, на якія даводзілася ісці, выдаючы нават салідныя зборнікі дакументаў — І.Крып’якевіч ды І.Буціч, рыхтуючы да друку «Документи Богдана Хмельниць кого» (1961), мусілі ўключыць лісты гетмана да турэцкага султана і крымскага хана ў раздзел «Сумнеўныя дакументы»[27], са зборніка «Першодрукар Іван Федоров та його послідовники на Україні» (1975) былі выкраслены 5 актаў з Луцкіх гарадскіх кніг, якія выяўлялі Фёдарава як кіраўніка збройных сутычак паміж варожымі групамі сялянаў, што быццам кампраметава ла першадрукара[28], ва ўсіх дакументах зборніка «Класова боротьба селянства Східної Галичини» (1974) слова «жыд» было заменена на «карчмар»[29].

2) Ваяўнічая тэрміналогія, запазычаная з пісанняў бальшавіцкіх лідэраў. У сумнавядомым лісце да рэдакцыі «Пралетарскай праўды» «О некоторых вопросах истории большевизма» (1931) І.Сталін адзначыў: «Разве не ясно, что Слуцкий просто клевещет на Ленина, на большевиков», бо «никто не смеет отрицать» ісціннасць словаў правадыра. Выраз «разве не ясно» паўтораны ў артыкуле Сталіна яшчэ 4 разы, а аб’ект крытыкі — даследаванні Слуцкага — ахарактарызаваны ім як «галиматья», «жульническое крючкотворство», «троцкистский хлам»[30]. Сталінскі стыль старанна капіяваўся і ўважаўся ўзорам навуковасці, між тым не Сталін яго вынайшаў. Без заглыблення ў гістарычныя экскурсы (працы расійскіх «рэвалюцыянераў-дэмакратаў» ХIХ ст.) адзначу, што Ленін у артыкуле «О значении воинствующего материализма» (1922) ахарактарызаваў вядомых вучоных Р.Віпера і П.Сарокіна як «идейных рабов буржуазии», «современных крепостников, прикрывающихся, конечно, мантией учености»[31]. У 1921 г. лідэр бальшавікоў з нагоды кнігі С.Маслова «Крестьянское хозяйство» выказаўся так: «насквозь буржуазная пакостная книжонка»[32].

3) Росквіт калектыўных даследаванняў, паступовая уніфікацыя навуковага стылю, калі адрозніць аднаго аўтара ад іншага стала амаль немагчыма, а паняцце «творчасці» неяк не пасавала навуковай працы (можа, таму і адрознівалі «навуковую» і «творчую» інтэлігенцыю). Акрамя гэтага, у рэспубліках праводзілася палітыка максімальнага набліжэння нацыянальных моваў да расійскай. У прыватнасці, украінская і беларуская мовы, пазбаўленыя шматлікіх «нацыяналістычных» словаў, збяднелі лексічна і фразеалагічна, былі арыентаваны не на прадукаван не новых, а на трансляцыю ўжо гатовых думак[33]

4) Стварэнне навуковых аўтарытэтаў («вядучых спецыялістаў»), якія фактычна манапалізавалі распрацоўку пэўнай тэмы (для адпаведных перыядаў гісторыі такімі аўтарытэтамі былі Б.Грэкаў, М.Ціхаміраў, Л.Чэрапнін, Н.Дружынін, М.Нечкіна, А.Сідараў, Б.Рыбакоў). Як адзначае Н.Ілерыцкая, «гісторыкам заставалася толькі падзяліцца паводле праблемна-хра налагічнага прынцыпу і згуртавацца вакол найбольш уплывовых фігур…, якія цалкам кантралявалі распрацоўку той або іншай тэмы»[34].

5) Знішчэнне рэцэнзійнага жанру, культуры навуковай дыскусіі.

Хачу яшчэ раз падкрэсліць, што вызначальнаю рысаю савецкай гістарыяграфіі была дзяржаўна-палітычныя дэтэрмінаванасць яе развіцця (адсюль — і планавасць даследаванняў, і таталітарны інстытут ВАКа, і безліч табуяваных тэмаў, імёнаў, дакументаў).

Такім чынам, насаджэнне гістарыяграфічнай практыцы комплексу пералічаных адзнак і ёсць працэс саветызацыі гістарычный навукі. Працэс, што меў на мэце знішчэнне творчасці, самастойнага мыслення. А супрацьдзеянне саветызацыі было заўжды праяваю індывідуальнасці даследчыка, якая супрацьстаяла сістэме, што самаўпэўнена прамаўляла ад імені «мы».

3. Украінскі і беларускі варыянты саветызацыі

Як украінская, так і беларуская гістарыяграфія ў 1920-х г. мелі акадэмічную свабоду і выразны нацыянальны характар, што заахвочвалася палітыкаю «карэнізацыі». Але тая свабода была часовай, бо ўзмацненне савецкай улады суправаджалася ўзмацненнем увагі да гістарычнай навукі. Спачатку — да найноўшай пары, гісторыі рэвалюцыі і бальшавіцкай партыі[35]. У далейшым — прыйшоў час мэтанакіраванага знішчэння нацыянальнай інтэлігенцыі, пачатага працэсамі над «Суполкаю вызвалення Ўкраіны» і «Саюзам вызвалення Беларусі» (1930)[36] і падсумаванага стварэннем падкантрольных партыі Інстытута гісторыі Ўкраіны (1936) і Інстытута гісторыі Беларусі (1936).

Нават у часы, калі ўласная думка і асабістая годнасць маглі каштаваць чалавеку жыцця, паводзіны вучоных у таталітарным грамадстве былі рознымі. Можна вызначыць некалькі формаў:

1) пазіцыя нейтралітэту — адмова ад актыўнай публікацыі сваіх даследаванняў або адыход да ідэалагічна нейтральнай тэматыкі (што ўласціва асобным вучоным старэйшага пакалення, якія здабылі акадэмічнае прызнанне яшчэ ў перадрэвалюцыйны час). Прыклады — Мітрафан Доўнар-Запольскі, Зміцер Яварніцкі;

2) метадалагічная калабарацыя — шчыры або вымушаны (а дзесьці нават штучны) пераход на марксісцкія пазіцыі. Сярод украінскай старой прафесуры першым публічна заявіў аб прыняцці марксісцкага метаду Зміцер Багалій (1920 г.)[37]. У Беларусі — У.Пічэта, хоць яго калабарацыя была наступствам арышту і пераезду ў Маскву;

3) адэпты марксізму-ленінізму, барацьбіты з акадэмічнай традыцыяй, якія самі сталі ахвярамі рэжыму (М.Яворскі, В.Шчарбакоў);

4) захаванне магчымасці навуковай працы (а часта і жыцця) шляхам выезду за межы Ўкраіны і Беларусі. Найчасцей з-за такіх умоваў даводзілася адмаўляцца ад улюбёнай тэматыкі, але не заўсёды. Працуючы з 1948 г. у Маскве, Мікалай Улашчык напісаў працы па крыніцазнаўстве беларускай гісторыі, выхад якіх у Мінску быў немагчымы. Таксама ў Маскве працаваў вучань М.Грушэўскага Аляксей Барановіч, які ў 1959 г. выдаў грунтоўнае даследаванне сацыяльна-эканаміч ных перадумоваў Хмяльніччыны;

5) даследаванне ўкраінскай тэматыкі на Ўкраіне, але цаною шматлікіх рэверансаў у бок панавальнай ідэалогіі. Прыклад — Кастусь Гуслісты, Іван Гуржы.

Асобна трэба ўзгадаць Міхайлу Грушэўскага і Вацлава Ластоўскага — лідэраў нацыянальнай гістарыяграфіі, якія абодва вярнуліся з эміграцыі на Бацькаўшчыну пад час «карэнізацыі». Ужо была звернута ўвага на канцэптуальную аналогію «Ўкраіны-Русі» Грушэўскага і «Беларусі-Крывіі» Ластоўскага — гістарычных схемаў, што даводзілі самабытнасць, самастойнасць украінскага і беларускага гістарычных працэсаў, даўняй традыцыі нацыянальнай дзяржаўнасці[38]. Паказальна, што пад час рэвалюцыі 1917—1920 г. самі гэтыя гісторыкі ўзначалілі, адпаведна, Украінскую і Беларускую Народныя Рэспублікі.

Патрабуючы Ластоўскага і Грушэўскага для часовай легітымізацыі сваёй улады як «нацыянальнай», бальшавіцкая партыя ў далейшым знішчыла абодвух. В.Ластоўскі ў 1930 г. быў пазбаўлены акадэмічных званняў, высланы ў Саратаў, дзе яго расстралялі ў 1938 г. М.Грушэўскі не страціў тытулаў і званняў, але пасля цкаванняў і арышту памёр на лячэнні ў Кіславодску пры не да канца высветленых абставінах.

1930-я г. — час рэпрэсій, інтэнсіўнага адзяржаўлення навукі, якая выявіла сябе ў абмежаванні вучоных не толькі ідэямі і зместам прац, а і формаю твора, стылем[39]. Забароненымі становяцца асобныя тэрміны. Яшчэ ў першыя паслярэвалюцый ныя гады нормаю стала вызначэнне ВКЛ як «літоўска-беларус кай дзяржавы», а напрыканцы 1920-х гэты тэрмін бясследна знікае[40], беларуская гісторыя атаясамліваецца з гісторыяй «прыгнечаных класаў». Аглядаючы «гістарычны фронт Беларусі» ў 1930 г., М.Югаў адзначае адсутнасць на ім марксісцкіх артыкулаў[41]. Леў Акіншэвіч, этнічны беларус, што працаваў ва Ўкраінскай Акадэміі навук[42], на пачатку 1930-х вымушаны быў напісаць шэраг пагромніцкіх артыкулаў. У прыватнасці, ён выкрываў «палітычныя нацыянал-фашысцкія тэндэнцыі, што выяўляюцца ў замазванні класавай барацьбы ў гістарычным працэсе Беларусі»[43]. Агульныя крытыка прац М.Доўнара-Запольс кага, М.Любаўскага, А.Ясінскага стала «добрым тонам» у публікацыях 1930-х г.[44] Вучоных папракалі акадэмізмам, дакументалізмам, адсутнасцю прапаганды ў іх творах і палітычнай «неактуальнасцю» тэматыкі, г.зн. адзнакі якаснай навуковай працы. Што праўда, у далейшым ацэнкі сталі ўзважанымі — у 1942 г. У.Пічэта характарыз аваў М.Любаўскага як «виднейшего историка ВКЛ», М.Доўнара-Запольскага як «крупного историка»[45], хоць і крытыкаваў асобныя іх сцвярджэнні.

Руйнаванне навуковых і этычных пачаткаў рэцэнзійнага жанру ішло двума шляхамі — стварэннем навуковых аўтарытэтаў, працы якіх аналізу не падлягалі, і пошуку «ворагаў», у крытыцы якіх былі недарэчныя якая-небудзь тактоўнасць і гістарыяграфічная культура.

Непажаданы аўтар абвяшчаўся «пятлюраўскім недабіткам», «нахабным ворагам», «клерыкалам, фашыстам і гетманцам»[46], або «дробным буржуа», што «пераносіць на мінулае сваю палітычную праграму жаданага ў будучым ладу»[47].

У 1930-я г. гістарычныя крытыка ператвараецца ў сродак рэпрэсіўнай палітыкі, пераймае стыль і спосаб аргументацыі партыйных лідэраў. Але аб’ектам крытыкі ўсё яшчэ заставаліся «буржуазныя» або «фашысцкія» ўхілы ў высвятленні сацыяльна -эканамічнай гісторыі. Тады як праявы нацыяналізму (перш за ўсё расійскага) далей уважаліся «антымарксісцкімі». Крытыкуючы С.Бахрушына за шавінізм у яго працы пра заваяванне Сібіры, С.Піянткоўскі патэтычна заўважае: «подменить историю народов СССР историeю Великороссии также не удастся, как не удастся заменить диктатуру пролетариата диктатурой буржуазии»[48]. Гэта быў 1930 г. Неўзабаве «замену» правесці ўдалося.

На працягу 1934-1954 г. была створана антымарксісцкая па сутнасці схема тлумачэння мінулага нерасійскіх народаў СССР. Падаю яе ключавыя тэзісы паводле абагульняльнага даследавання С.Вялічанкі[49]:

1) русацэнтрызм, ідэя апякунства Расіі над палітычным і культурным развіццём нерасійскіх народаў;

2) разгляд гісторыі нерасійскіх народаў праз прызму прыгнечання працоўных мас, пастаяным саюзнікам якіх выступаюць расійскі пралетарыят і сялянства;

3) ацэнка палітычных лідэраў паводле іх сімпатый ці антыпатый да Расіі;

4) паказ анексіі Расіяй нерасійскіх земляў як «прагрэсі ўнай» з’явы (з ужыткам дыяметральна супрацьлеглых крытэраў да гісторыі самой Расіі).

Такім чынам, імператывам развіцця нерасійскіх народаў была абвешчана прага да «ўз’яднання» з Масквою, ідэалы ж уласнай дзяржаўнасці сталі «рэакцыйнымі» і «буржуазнымі».

Але нягледзячы на ўвесь комплекс задзейнічаных сістэмаю механізмаў навука не стала аднастайнаю. Найменшае паслабленне ціску (напрыклад, пад час «адлігі») прыводзіла да з’яўлення таленавітых, высокапрафесійных даследаванняў. Крыніцазнаўчыя працы Івана Буціча, Яраслава Дашкевіча, Яраслава Ісаевіча, Міколы Кавальскага, Алены Компан, Алега Купчынскага, Фёдара Шаўчэнкі і іншых, напісаныя звычайна пазітывісцкім метадам, з’яўляюцца гонарам украінскай падсавецкай гістарыяграфіі. Для Беларусі такая постаць — Мікалай Улашчык. Але (і гэта трэба сумленна прызнаць) большасць навукоўцаў і Ўкраіны, і Беларусі засвоілі этыку і стыль савецкай гістарыяграфіі. Яе рудымент працягвае існаваць у прыхаванай і адкрытай, свядомай і падсвядомай, агрэсіўнай і ліберальнай выявах у сучаснай гістарыяграфіі[50]. Напэўна, яны ёсць і ў гэтым артыкуле.

Замест стройных высноваў хачу на завяршэнне падкрэсліць важнасць папярэдняй дасавецкай традыцыі. Нягледзячы на выразнае тыпалагічнае падабенства палітыкі саветызацыі ва Ўкраіне і Беларусі, умоваю яе параўнальна большай паспяховасці ў Беларусі быў недахоп дасавецкай нацыянальнай акадэмічнай традыцыі, якая, хоць і квола, але існавала ва Ўкраіне.


[1] Гл. крытыку гэтай канцэпцыі ў: Yekelchyk S. How The «Iron Minister» Kaganovich Failed to Discipline Ukrainian Historians: a Stalinist Ideological Campaign Reconsidered // Nationalities Papers. Vol. 27. 1999. № 4. Р. 579—604.
[2] Потульницький В. Основні етапи розвитку української історичної думки в європейському контексті /1800—1991 // Схід-Захід. Вип. 2. Харків, 1999. С.42
[3] Гэтая думка выказана ў некаторых сучасных украінскіх публікацыях: Ісаєвіч Я. Наші три відродження — не лише здобутки, але й втрати // Сучасність. 1998. № 12. С. 136; Ковальський М. Деякі теоретичні питання української історіографії // Джерелознавчі та історіографічні проблеми історії України. Дніпропетровськ, 1995. С. 10—11.
[4] Yekelchyk S. How The «Iron Minister» … Р. 598.
[5] Гл.: Афанасьев Ю.Н. Феномен советской историографии // Советская историография. Серия «Россия. ХХ век». Кн. 2. Москва, 1996. С. 24—25.
[6] Крупницький Б. Українська історична наука під совєтами (1920—1950). Мюнхен, 1957; Полонська-Василенко Н. Історична наука в Україні за совєтської доби та доля істориків // Записки Наукового Товариства ім. Шевченка. Т.С ХХIII. Париж-Чікаго, 1962. С. 7—111; Оглоблин О. Думки про сучасну українську совєтську історіографію. Нью-Йорк, 1963.
<[7] Калі ў 1963 г. А. Аглоблін настойваў на тым, што ўкраінская навука на эміграцыі «мусіць быць дадаткам і працягам … навуковай дзейнасці ва Ўкраіне», то ў 1978 г. ён сцвярджаў, што «ўкраінская гістарычная навука на Бацькаўшчыне перастала існаваць»: Оглоблін О. Завдання української історіографії на еміграції / Український Історик. 1978. № 4. С. 59—63.
[8] Урбан П.К. Смена тенденций в советской историографии. Мюнхен, 1959. С.29.
[9] Урбан П. Сучасныя палітычныя тэндэнцыі ў савецкай гістарычнай навуцы // Беларускі Зборнік. Кн. 7. Мюнхэн, 1957. С. 40—63.
[10] Shteppa K.F. Russian Historians and the Soviet State. New Brunswik, 1962.
Таленавіты гісторык К.Штэпа ў 1920—30-я г. працаваў ва Ўкраіне, быў знаным медыявістам, прафесарам Кіеўскага універсітэта і адначасова з 1927 г. — таемным супрацоўнікам HKУС. У час акупацыі Кіева немцамі працаваў ва ўкраінскіх установах і адначасова супрацоўнічаў з СД. На эміграцыі напісаў названую кнігу бясспрэчнай навуковай вартасці, праўда, прамаўчаўшы пра гістарыяграфічны працэс ва Ўкраіне.
[11] Mazour Anatole G. Modern Russian historiography. Princeton-Toronto, 1958.
А.Мазур — гісторык-эмігрант, які ў свой час скончыў Кіеўскую гімназію, браў удзел у першай сусветнай ды грамадзянскай войнах. Прыцягваюць увагу яго антышавіністычныя погляды і ўзважанае стаўленне да ўкраінскай гістарыяграфіі, у прыватнасці, да прац М.Грушэўскага.
[12] Tillett Lowell The Great Friendship: Soviet Historians and the Non-Russian Nationalities. Chapel Hill, 1969.
[13] Lengauer W. Kierunki rozwoju radzieckiej historiografii starożytności w latach 1917—1956 // Przegląd Historyczny. T. LXXXI. 1990. Zes. 1/2. S. 1—25; Grabski A.F. Stalinowski model historiografii // Dzieje Najnowsze. 1992. № 3. S. 23-45.
[14] Korduba M. Littérature Historique Sovetique-Ukrainienne. Compte-rendu 1917—1931. München, 1972 (перадрукоўка выдання 1938 г.)
[15] Сярод шэрагу такіх артыкулаў з навуковага погляду адрозніваецца праца:
Pelenski J. Soviet Ukrainian Historiography after World War II // Jahrbücher für Geschichte Osteuropas. Band 12. 1964. Hebt 3. Н.375-418.
[16] Ва Ўкраіне такім першым смелым выступам стаў артыкул Сяргея Белаконя «Чи маємо ми історичну науку?» //(Літературна Україна. 1991. 3, 10 січня.
[17] Лінднэр Р. Беларускія гісторыкі пад Сталіным // Беларускі Гістарычны Агляд. Т. 5. Сш. 2. Менск, 1998. С. 365-395.
[18] Грабович Г. Совєтизація української гуманістики. 1. Історія та насильство // Критика. 1997. №1. С. 18-22; 2. Ідеологія та культурний стиль // Тамсама. 1997. № 2. С. 12—14.
[19] Афанасьев Ю.Н. Феномен советской историографии… С.10, 19, 37.
[20] Гл.: Зашкільняк Л. Методологія історії від давнини до сучасності. Львів, 1999. С. 152—162; Kołakowski Leszek Główne nurty marksizmu. Londyn, 1988; Topolski J. Marksizm i historia. Warszawa, 1977; Marcuse H. Soviet Marxism: A Critical Analysis. New York, 1958 і інш.
[21] Ивин А.А. Введение в философию истории. Москва, 1997. С. 189.
[22] Цыт. з: Гриневич В. Як гетьман-«зрадник» став героєм, або Дещо про совітські маніпулювання історією // Пам’ятки України. 1991. № 5. С. 4.
[23] М.Брайчэўскі ў працы «Приєднання чи возз’днання?» (1966) пісаў, што канцэпцыя «ўз’яднання» выводзіць расійскі народ за межы тых заканамернасцяў, якія складаюць змест гістарычнага матэрыялізму, паколькі ўсе гістарычныя з’явы разглядаюцца не з пункту погляду іх класавай сутнасці, а з пазіцый у дачыненні да Расіі. Цыт. з: Брайчевський М. Вибрані твори. Київ, 1999. С. 493, 498.
[24] Гл. напр.: 3лотников М.Ф. К вопросу об изучении истории рабочего класса и промышленности / Критика «Русской фабрики» М.И.Туган-Барановского // Каторга и ссылка. 1935. № 1. С. 37-65; Бречкевич М.В. Доба західньо-европейського феодалізму в новітніх працях радянських істориків // Записки Дніпропетровського Ін-ту Haр. Освіти. 1927. T. I. С. 281—296.
[25] Szporluk R. History and Russian Nationalism // Szporluk R. Russia, Ukraine, and the Breakup of the Soviet Union. Stanford, 2000. Р.164.
[26] Пра «мастацтва выкарыстання класікаў марксізму» ў падсавецкіх умовax гл.: Шмидт С.О. Путь историка: Избр. труды по источниковедению и историографии. Москва, 1997. С. 8-9.
[27] Дашкевич Я. Іван Крип’якевич — історик України // Крип’якевич І. Історія України. Львів, 1992. С.14.
[28] Ковальський М. Джерелознавчі аспекти історії культури України ХVI-ХVIII ст. у працях Ярослава Ісаєвича // Україна: культурна спадщина, національна свідомість, державність. Вып. 5. Львів, 1998. С. 324.
[29] Вусная інфармацыя Алега Купчынскага.
[30]Сталин И.В. Вопросы ленинизма. Москва, 1953. С. 384-395.
[31] Ленин В.И. Сочинения. Т. 33. Москва, 1950. С. 205-208.
[32] Владимир Ильич Ленин. Биография. Москва, 1981. С. 589.
[33] Забужко О. Мова і влада // Забужко О. Хроніки від Фортінбраса. Київ, 1999. С. 116.
[34] Иллерицкая Н.В. Становление советской историографической традиции: наука, не обретшая лица // Советская историография… С. 170—171.
[35] У 1925 г. ЦК КП(б)У крытыкавала тагачасную гісторыю ўкраінскай партыйнай арганізаціі як «трацкізм» і даручыла Н.Папову напісаць іншую. Гл. Velychenko S. Shaping identity in Eastern Europe and Russia: Soviet-Russian and Polish Accounts of Ukrainian History 1914-1991. New York, 1993. Р. 90.
[36] Дакл. гл.: Полонська-Василенко Н. Українська Академія Наук: Нарис історії. Київ, 1993.; Касьянов Г. Українська інтелігенція 1920—30-x pp.: соціальний портрет та історична доля. Київ-Едмонтон, 1992; Кандыбовіч С. Разгром нацыянальнага руху ў Беларусі. Мінск, 2000.
[37] Кравченко В.В. Д.И.Багалей: научная и общественно-политическая деятельность. Харьков, 1990. С. 115.
[38] Лабынцев Ю. Польская культура в концепции истории духовной жизни белорусского народа Вацлава Ластовского // Україна: культурна спадщина … С. 367-368.
[39] Оглоблин О. Академічна свобода й Історична наука в СССР // Український Історик. 1997. № 1/4. С. 174.
[40] Пра гэта сведчыць параўнанне двух бібліяграфічных паказальнікаў: Беларускі перыядычны друк. 1917—1927. Менск. 1929 і Летапіс часопісных артыкулаў. 1928—1933. Мінск, 1992.
[41] Югов М. Положение и задачи исторического фронта в Белоруссии // Историк-марксист. 1930. № 17. С. 41. Сам Югаў у далейшым стаў аб’ектам пагромнай крытыкі: Немец Т., Гурэвіч Ц. Кантрабанда неразброіўшагася трацкіста // Бальшавік Беларусі. 1931. № 12. С. 52—59; 1932. № 1/2. С. 60—71.
[42] Гл.: Партноў А. Леў Акіншэвіч — гісторык украінскі і беларускі // Беларускі Гістарычны Агляд. Т. 6. Сш. 1—2. Менск, 1999. С. 248—255.
[43] Окіншевич Л. [Рэц. на] Беларуская Академія Навук. Працы клясы гісторыі. Т. III. Менск, 1929 // Україна. 1932. № 1—2. С. 177—182.
[44] Б.Л. Супраць буржуазнай метадалогіі ў вывучэнні гісторыі Беларусі // Сав. краіна. 1931. № 2. С. 54—57.; Скардзіс В., Бобрык З. Гісторыя Беларусі ў святле поглядаў Любаўскага // Сав. краіна. 1931. № 6. С. 28—4З; Ротман. Афіцыйны гісторык нацдэмаў (Доўнар-Запольскі) // Сав. краіна. 1931. № 7. С. 10—18.
[45] Пичета В. История Белорусии в советской историографии // 25 лет исторической науки в СССР. Москва—Ленинград, 1942. С. 184.
[46] Кравченко I. Фашистські концепції Грушевського і його школи в українській історіографії // Записки Історично-Археографічного Інституту. T.I. Кіїв, 1934. С. 29. Такім эпітэтам І. Краўчанка ўзнагародзіў заходнеўкраінскага гісторыка Івана Крып’якевіча, які пасля акупацыі Савецкім Саюзам Заходняй Украіны стаў акадэмікам АН УРСР.
[47] Окіншевич Л. Шлях до фашизму / Історично-юридичні праці М.ª.Слабченка // Україна. 1932. № З. С. 38. Акіншэвіч злучыў тэзіс Слабчанкi пра «братэрскую» арганізацыю сечавога казацтва з «фашысцкімі канцэпцыямі пра братэрства ў класава-салідарнай нацыянальнай дзяржаве» (С. 35).
[48] Пионтковский С. Великодержавные тенденции в историографии России // Историк-марксист. 1930. № 17. С. 26.
[49] Величенко С. Перебудова та минуле неросійських народів // Український Історичний Журнал. 1992. № 4. С. 93.
[50] Дакл. гл.: Савченко С. Сучасна українська історіографія: спроба характеристики // Сучасність. 1999. № 11. С. 127—131; Lindner R. Besieged Past: National and Court Historians in Lukashenka’s Belarus // Nationalities Papers. Vol. 27. 1999. № 4. P. 631—647; Сагановіч Г. Вяртанне ў «Северо-Западный край»? // Беларускі Гістарычны Агляд. Т. 5. Сш. 2. Менск, 1998. С. 457—488.

Наверх

Даследчык гісторыі трох народаў: М.В.Доўнар-Запольскі (Віталь Галубовіч)

Снежня 14, 2000 |

Даследчык гісторыі трох народаў: М.В.Доўнар-Запольскі: Зборнік навуковых артыкулаў і дакументаў / Пад рэд. В.М.Лебедзевай . Гомель—Рэчыца: ГДУ імя Ф.Скарыны, 2000. 293 с.

У зборнік увайшлі, як пазначаецца (2), найноўшыя матэрыялы і даследаванні архівістаў, гісторыкаў, этнографаў, фалькларыстаў, эканамістаў і правазнаўцаў Беларусі, Расіі, Украіны і Германіі, у тым ліку апрабаваныя на Першых і Другіх доўнараўскіх чытаннях у г. Рэчыцы (1997, 1999), а таксама частка эпісталярных дакументаў.

Кніга складаецца з трох тэматычных раздзелаў. Два першыя — „М.В.Доўнар-Запольскі: навуковец і ХХ стагоддзе” і „Навуковая спадчына і традыцыя М.В.Доўнара-Запольскага” — утрымліваюць матэрыялы і даследаванні, а трэці — „З эпісталярнай спадчыны” — прысвечаны непасрэдна ліставанню Мітрафана Доўнара-Запольскага і змяшчае публікацыі яго лістоў. Трэба адзначыць, што ў зборнік не патрапілі ўсе матэрыялы ўдзельнікаў канферэнцый, а частка была апублікавана[1].

У першы раздзел зборніка ўвайшлі даследаванні, пераважна прысвечаныя пэўным сюжэтам жыцця і творчасці гісторыка. У артыкуле А.Ліса даецца агульны агляд навуковай дзейнасці Доўнара-Запольскага. Каштоўнай спробай рэканструя ваць радавод вучонага з’яўляецца артыкул З.Яцкевіча, напісаны на падставе аналізу дакументаў Нацыянальнага Гістарычнага архіва Беларусі. Наступны матэрыял належыць вядомаму на Беларусі нямецкаму гісторыку Р.Лінднэру. Аўтар грунтоўна спыняецца на трох аспектах: жыццё, гістарычныя погляды, адносіны гісторыка да савецкай сістэмы. Заслугоўвае ўвагі, у першую чаргу, аўтарскі аналіз творчасці Доўнара-Запольскага, яго ўнёску ў распрацоўку нацыянальнай беларускай гісторыі. Разгляд савецкага перыяду ў жыцці гісторыка адбываецца ў кантэксце тэзіса: „Гісторыя беларускай гістарыяграфіі ў сталінскім Савецкім Саюзе была гісторыяй яе ліквідацыі” (24). У цэлым асноўныя высновы аўтара вядомыя з ранейшых публікацый[2]. Педагагічнай дзейнасці Доўнара-Запольскага і яго навуковай школе прысвечаны артыкул С.Міхальчанкі. Аўтар вылучае адметнасці школы вучонага, прадстаўнікі якой канцэнтравалі ўвагу на эканамічных даследаваннях гісторыі Русі ХV—XVII ст., грунтуючыся пераважна на пісцовых кнігах (53). Улічваў Доўнар-Запольскі і асабістую зацікаўленасць сваіх вучняў у галіне ўкраіназнаўства (53). Міхальчанка сцвярджае, што гісторыкі гэтай школы не стварылі нейкай цэнтральнай канцэпцыі рускай гісторыі, а бальшыня прац была ілюстрацыяй да канцэпцыі Доўнар-Запольскага аб крызісе палітычнага і гаспадарчага жыцця Расіі ў 2-й палове XVI—XVII ст. (54) Школа спыніла існаванне пасля ад’езду яе кіраўніка з Кіева ў 1920 г. (55)

Два артыкулы зборніка належаць І.Вярбе. Адзін прысвечаны гуртку і лёсу вучняў Доўнара-Запольскага. Сярод вучняў асаблівая ўвага аддаецца Н.Палонскай, якая мела з Доўнарам-Запольскім больш шчыльныя і неафіцыйныя адносіны. Другі матэрыял Вярбы прысвечаны ўдзелу Доўнара-Запольс кага ў стварэнні Кіеўскага археалагічнага інстытута. Станоўча ацэньваецца роля беларускага гісторыка, які ўмеў не толькі арганізоўваць навучальны працэс, але і падбіраць выкладчыкаў-прафесіяналаў. Аўтар адзначае, што менавіта пагроза правінцыялізацыі, якая была, на думку Доўнара-Запольскага, вынікам украінізацыі, вымусіла яго адмовіцца ад пасады дырэктара інстытута (92). Тым не менш, Доўнар-Запольскі стаяў ля вытокаў першай ва Ўкраіне ўстановы для падрыхтоўкі археолагаў, архівістаў, музейных і бібліятэчных супрацоўнікаў.

Кіраўніцтву Доўнарам-Запольскім Кіеўскім камерцыйным інстытутам і ўвогуле спецыфіцы гэтай установы прысвечаны артыкул А.Кіштымава. Гэты матэрыял, заснаваны на прапрацоўцы шэрагу фондаў кіеўскіх архіваў, яскрава дэманструе арганізацыйныя таленты Доўнара-Запольскага. Аўтар засяроджвае ўвагу на арганізацыі працы інстытута, друкаваных выданнях ККІ, дзейнасці студэнцкіх зямляцтваў, у тым ліку беларускага. Акрэсліваючы зацікаўленасць Доўнара-Запольскага ў асноўным сферай гісторыі і археаграфіі, Кіштымаў падкрэсліў, што „…адказ на выклік часу, на новыя эканамічныя рэаліі, на неабходнасць арганізацыі вышэйшай адукацыі для падрыхтоўкі будучых прадпрымальнікаў узяўся шукаць універсітэцкі гісторык, а не эканаміст” (85). Менавіта гэты перыяд жыцця, звязаны з кіраўніцтвам ККІ, быў, на думку Кіштымава, „…перыядам найбольшай творчай і асабістай свабоды вучонага” (86). Адзначым, што матэрыялы зборніка, падрыхтаваныя з улікам звестак з украінскіх архіваў, уяўляюцца больш інфармацыйна насычанымі і актуальнымі для беларускага чытача.

Даследчыкі В.Мазец і В.Лебедзева звярнулі ўвагу ў сваіх артыкулах на супрацоўніцтва Доўнара-Запольскага з БНР, З.Шыбека спыніўся на менскіх эпізодах жыцця гісторыка, а К.Козак на яго ролі ў арганізацыі архіўнай справы на Беларусі. Цікавасць выклікае заснаваны на матэрыялах закрытых пасяджэнняў бюро, сакратарыята і пленумаў ЦК КП(б)Б першай паловы 1926 і 1929—1931 г. артыкул Р.Платонава. Аўтар аналізуе абставіны высялення Доўнара-Запольскага з БССР. Праца па шэрагу пазіцый удакладняе механізм вырашэння лёсу вучонага, спыніць выгнанне якога не мог нават кіраўнік Дзяржплана і намеснік старшыні СНК БССР С.Карп (120). Дарэчы, у артыкуле пазначаецца і магчымы кірунак пошуку страчаных частак доўнараўскай „Гісторыі Беларусі» (123).

Другі раздзел зборніка ўтрымлівае тэматычна больш стракатыя матэрыялы. Можна вылучыць некалькі праблемных блокаў. Шэраг артыкулаў прысвечаны этнаграфічнаму кірунку дзейнасці Доўнара-Запольскага. Ролю этнаграфіі і фальклору ў фармаванні гісторыка прааналізаваў А.Ліс, У.Конан крытычна разгледзеў працу „Беларускае вяселле ў культурна-рэлігійных забабонах” і выявіў крыніцы тэарэтычных поглядаў Доўнара-Запольскага. Праблему вызначэння беларускай этнічнай тэрыторыі вучоным асвятліў В.Шур, а А.Сувалаў засяродзіў увагу на поглядах вучонага адносна фармавання беларускага этнасу. Адштурхоўваючыся ад традыцыі этнаграфічных даследаванняў Доўнара-Запольскага, даследчыца Т.Літвінова паспрабавала класіфікаваць ручнікі Гомельшчы ны, А.Яшчанка прывёў вынікі апрацоўкі анкетных дадзеных на хрысціянскія сем’і прызыўнікоў Магілёва пачатку ХХ ст., В.Новак прасачыў пераемнасць сучасных палескіх вясельных абрадаў з этнаграфічнымі звесткамі Доўнара-Запольскага.

Наступны блок праблем звязаны з такой значнай часткай спадчыны вучонага, як археаграфія і крыніцазнаўства. Менскія даследчыкі А.Гануш і П.Кручок падрабязна разгледзелі падрыхтаваныя Доўнарам-Запольскім даследаванні і публікацыі гістарычных крыніц. У артыкуле разглядаецца схема аналізу дакументаў, прапанаваная Доўнарам-Запольскім, яго ўнёсак у распрацоўку прынцыпаў публікацыі архіўных матэрыялаў, рэфармавання архіўнай справы ўвогуле. Аналагічнай праблематыцы прысвечаны артыкул М.Шумейкі. У сваю чаргу, украінская даследчыца І.Мацяш асвятліла ролю вучонага ў арганізацыі архівазнаўства на Ўкраіне ў кіеўскі і харкаўскі перыяды яго жыцця.

Аналіз поглядаў Доўнара-Запольскага на эканамічную гісторыю Беларусі ХVII—XVIII ст. у сваім артыкуле даў І.Кітурка, Х.Бейлькін крытычна прааналізаваў высновы навукоўца па развіцці сельскай гаспадаркі Беларусі ў перыяд капіталіз му. Іншыя аспекты эканамічных поглядаў вучонага разгледжаны ў матэрыялах Д.Казлова, Б.Сарвірава, Ю.Ключнікава.

Асобным праблемам навуковай спадчыны Доўнара-За польскага прысвечаны матэрыялы Э.Іофэ (погляды вучонага на палітычны лад Беларусі IХ—ХХ ст.), Г.Штыхава (гістарычная геаграфія IХ—ХII ст. у працах Доўнара-Запольскага), А.Каўкі (Доўнар-Запольскі як літаратуразнавец).

Апошні раздзел зборніка змяшчае: па-першае, даследаванне Ю. Мыцыка „Лісты М.В.Доўнара-Запольскага да М.С.Грушэўс кага”, дзе даецца агляд 18 лістоў, якія былі выяўлены ў асабістым архіве М.Грушэўскага; па-другое, публікацыю Мыцыкам лістоў беларускага гісторыка да Д.Яварніцкага; па-трэцяе, 19 лістоў Доўнара-Запольскага да Я.Ляцкага, пераважна за перыяд студэнцтва, падрыхтаваныя да друку С.Міхальчанкам. Апошняя публікацыя з’яўляецца найкаштоўнейшай ілюстрацыяй да таго калектыўнага партрэта, які ствараюць матэрыялы зборніка.

Наваполацк

Віталь Галубовіч


[1] Беларускі Гістарычны Агляд. 1997. Т. 4. Сш. 1—2. С. 310.
[2] Лінднэр Р. Беларускія гісторыкі пад Сталіным (1870—1945) // Беларускі Гістарычны Агляд. 1998. Т. 5. Сш. 2. С. 367—394.

Radzik, Ryszard. Między zbiorowością etniczną a wspolnotą narodową (Лія Салавей)

Снежня 6, 2000 |


Radzik, Ryszard. Między zbiorowością etniczną a wspolnotą narodową. Białorusini na tle przemian narodowych w Europie Środkowo–Wschodniej XIX stulecia. Lublin, 2000. 301 s.

Гэтае грунтоўнае даследаванне ў жанры гістарычнай сацыялогіі, прысвечанае вывучэнню шматлікіх важных аспектаў, што характарызуюць стан свядомасці беларускага грамадства ХIХ ст., яго асобных груп і адзінак, належыць доктару сацыялогіі з Люблінскага універсітэта імя Марыі Кюры–Складоўскай. Выбар аўтарам праблематыкі для сваёй працы быў абумоўлены, найперш, той акалічнасцю, што беларусы дагэтуль не маюць абагульняльнага даследавання, якое б у адным томе прасачыла пачаткі фармавання беларускай нацыянальнай ідэі на працягу ўсяго ХIХ ст. Як слушна заўважае аўтар ва «Ўступе», яшчэ недастаткова навуковых прац пра ўсведамленне тагачаснымі беларусамі сваёй этнічнай і нацыянальнай прыналежнасці. Публікацыі, прысвечаныя нацыянальна–вызваленчаму руху і фармаванню беларускай нацыянальнай ідэалогіі, з’яўляюцца рэдкасцю не толькі ў Польшчы, але і ў Беларусі. Недастаткова, лічыць аўтар, комплексных даследаванняў, якія праводзілі б аналіз прычын запозненасці фармавання беларускай нацыі ў сучасным разуменні гэтага тэрміна, хоць, на наш погляд, асноўныя прычыны такога стану добра вядомыя, не ўсведамляюцца хіба маштабы пэўных з’яў, механізмы, паслядоўнасць і спалучанасць розных фактаў.

У аўтара гэтых радкоў, як, напэўна, і ў іншых прадстаўнікоў беларускай навуковай грамадскасці другой паловы ХХ ст., было адчуванне, што на многія пастаўленыя ў гэтай працы пытанні ўжо знойдзены адказы беларускімі даследчыкамі мінулага стагоддзя, што ўжо дастаткова выяўлена дакументаў, прааналізаваны погляды галоўных дзеячаў нацыянальна–вызваленчага, адраджэнскага руху на Беларусі, да таго ж сказана значна больш, чым дазвалялі рамкі афіцыйнай савецкай навукі. Даследаванне доктара Рышарда Радзіка паказвае, што патрэбна было прыкласці яшчэ шмат намаганняў, каб агульны малюнак фармавання беларускай нацыі ў ХIХ ст. стаў больш поўным і грунтоўным.

Рышард Радзік адзначае, што па ХIХ ст. шмат зроблена найперш літаратуразнаўцамі, этнографамі і значна меней гісторыкамі (хоць этнаграфія таксама адносіцца да гістарычных навук), што і сярод польскіх гістарычных публікацый адсутнічаюць манаграфічныя працы, прысвечаныя цалкам працэсу фармавання беларускай нацыі ў ХIХ ст. Гэты аспект закранаецца толькі ў артыкулах ці часткова прысутнічае ў большых працах. Як і беларускія, польскія даследчыкі больш увагі аддалі разгляду працэсу станаўлення беларускай літаратуры, вывучэнню фальклору, этнаграфіі, а потым ужо гісторыі. Сярод гэтых даследчыкаў шмат заслужаных імёнаў, такіх як Ю.Туронак, А.Латышонак, Ф. Сяліцкі, М.Чурак і шэраг іншых.

Аўтар слушна заўважае, што ва ўмовах СССР глыбокае і ўсебаковае вывучэнне адметнасці беларусаў як нацыі было немагчымым па палітычных і ідэалагічных прычынах. Аб’ектыўныя даследаванні тармазіліся партыйнымі ўладамі, што ажыццяўлялі маскоўскую палітыку, якая з царскіх часоў працягвала ігнараванне нацыянальнай адметнасці беларусаў. Зрухі ж у палітыцы 80–х г. дазволілі змяніць сітуацыю ў лепшы бок. «З’явіліся тэксты, якія апісвалі ўзнікненне беларускага народа не толькі ў апазіцыі да польскасці, але — што раней было немажліва — таксама ж да расійскасці, у канфлікце з ёй» (с. 9). Належна ацэньваючы агулам дасягненні беларускіх гісторыкаў новай генерацыі, доктар Радзік не лічыць, аднак, што ў апошнія дзесяцігоддзі ў беларускай гістарычнай навуцы адбыўся радыкальны колькасны і якасны пералом, паколькі над беларускімі гісторыкамі вісіць цяжар замацаваных у мінулым навыкаў, і, што істотна, вызваленню ад путаў мінулага перашкаджае сённяшняя палітычная сітуацыя ў краіне. Адсюль і зацікаўленасць гісторыяй у нас значна слабейшая, чым у суседняй Польшчы, і колькасць гісторыкаў у нас прыкметна меншая.

Разгляду працэсаў станаўлення беларускай нацыі ў ХIIХ ст. папярэднічаюць два першыя раздзелы даследавання (1. «Ад этнічнай супольнасці да супольнасці нацыянальнай»; 2. «Фармаванне нацый у Цэнтральна–Ўсходняй Еўропе»), у якіх высвятляецца сэнсавая напоўненасць такіх асноўных катэгорый, як этнічная супольнасць, нацыянальная супольнасць, без якіх немагчымы навуковы аналіз народатворчых працэсаў у грамадстве. Хоць непасрэдным аб’ектам даследавання з’яўляецца грамадства Беларусі, аднак гэтыя катэгорыі апісваюцца так, каб іх можна было параўноўваць, суадносіць з адпаведнымі з’явамі ў тых народаў Цэнтральна–Ўсходняй Еўропы, што знаходзіліся ў сітуацыі, падобнай да сітуацыі беларусаў. Такім чынам, у гэтых раздзелах ствараецца гістарычна–тэарэтычны грунт для наступных раздзелаў, у якіх праводзіцца аналіз сацыяльных рэаліяў Беларусі таго часу. Як узор сучаснай нацыі падаецца нацыя французаў, што злучыла палітычна розныя этнічныя супольнасці (брэтонцаў, эльзасцаў, правансальцаў і інш.), якія аб’ядналіся ў змаганні за новыя формы дзяржаўнай арганізацыі. У грамадскі рух былі ўцягнуты шырокія народныя масы («плебейскія слаі»), якія ў выніку сталі не «падданымі», а «грамадзянамі» дзяржавы. Змястоўнымі з’яўляюцца таксама падраздзелы другога раздзела: «Нацыянальная ідэя ў Цэнтральна–Ўсходняй Еўропе ў эпоху Асветніцтва», «Дзяржава як чыннік нацыянальнай кансалідацыі», «Паміж рэвалюцыйнымі лозунгамі і феадальна–кансерватыўнымі рэаліямі», «Спозненае ўключэнне сялянства ў нацыянальны працэс». Запознены ўдзел сялянства ў фармаванні нацый раўназначны спозненасці ўдзелу этнічных чыннікаў у гэтым працэсе. Доктар Радзік адзначае, што «на працягу значнай часткі ХIХ ст. інтэлігенцыя, якая выкрышталізавалася з плебейскіх слаёў, у большасці паддалася германізацыі, мадзьярызацыі, паланізацыі альбо русіфікацыі» (76). Былі ўсё ж невялікія групы, іншы раз проста адзінкі, якія выходзілі з плебейскіх асяродкаў і якія абапіраліся ў фармуляваных імі нацыянальных пастулатах, у асноўным, на асаблівасці этнакультуры. Абмежаванасць колькасці іх паслядоўнікаў адбівалася на распаўсюджанні першых друкаваных твораў на родных мовах у славакаў, славенцаў, галіцыйскіх русінаў і інш. Гэты паказчык мае універсальнае значэнне, ён характэрны нават для сучаснай Беларусі.

Трэці раздзел «Эвалюцыя самасвядомасці польскай грамадскасці на Беларусі (пад расійскім уціскам)» прысвечаны разгляду складанай этнічна–палітычнай сітуацыі на беларускіх абшарах пасля трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай. Аўтар прыводзіць наступныя дадзеныя з беларускіх даследаванняў: пад канец ХVII ст. 70% насельніцтва Беларусі складалі уніяты, 6% — праваслаўныя, 15% — каталікі, сярод якіх былі і сяляне, і шляхта, і магнаты–землеўласнікі. Пад канец ХIХ ст. суадносіны крыху змяніліся. Тым не менш, польскія даследчыкі лічылі, што сярод насельніцтва Беларусі польская меншасць складала 10%. Аўтар добра разумее вытокі гэтай польскай групоўкі. Людзі, якія размаўлялі па–польску (прытым не заўсёды, не ва ўсіх выпадках) і былі арыентаваны на былую Рэч Паспалітую, на Захад, на непрыняцце Расіі, былі людзьмі мясцовымі. Гэта былі, на наш погляд, пратэстуючыя палякі, як і высяленцы з Беларусі пасляваенных гадоў, што ратаваліся ад прымусовай калектывізацыі ці ў нашы дні ад адсутнасці ці пачварнай мутантнасці дзяржаўнай палітыкі, калі мэтай ставіцца знішчэнне ўсіх яшчэ не замацаваных праяў незалежнасці на карысць суседняй імперыі. Р. Радзік прыводзіць вельмі вымоўнае назіранне Паўла Баброўскага, які ў 1864 г. пісаў: «…Сучасная шляхта Гарадзенскай губерні не можа быць у сэнсе паходжання (…) залічана да польскага племені; але яна адносіцца да рымска–каталіцкай веры, размаўляе па–польску, дыхае Польшчай і ненавідзіць Расію. Усе дваране лічаць сябе палякамі, так што і мы не можам называць іх беларусамі». Складаная сітуацыя на Беларусі аналізуецца ў падраздзелах «Эвалюцыя разумення катэгорыі „народ“ у рускіх», «Спробы русіфікацыі польскай грамадскасці», «Ад gente lithuanus natione Polonus да нацыянальнага паляка (каталіка)», «Ад айчыны прыватнай да ідэалагічнай», «Ад шляхты да інтэлігенцыі». Даецца складаны малюнак настрояў і адчуванняў прадстаўнікоў беларускага грамадства, што выяўляліся ў розных дзеяннях супраць расійскай агрэсіі аж да ўзброенага змагання. Выдатныя людзі нашага краю, людзі прапольскай арыентацыі, добра ўсведамлялі сваю няпростую сітуацыю, што была вынікам усяго ходу гістарычных падзей, і, змагаючыся за Польшчу, называлі сябе ліцвінамі, мелі вялікія пачуцці замілаванасці да сваёй радзімы — Літвы–Беларусі. «Я нарадзіўся ліцвінам», — пісаў у 1815 г. Тадэвуш Касцюшка. «Так званымі ліцвінамі, — адзначае Р.Радзік, — лічылі сябе Міцкевіч, Крашэўскі, Ліманоўскі, а таксама Пілсудскі» (110). Характэрна, што ва ўмовах расійскага ўціску, настойлівых намаганняў русіфікацыі на працягу ХIХ ст. эліты беларускіх зямель gente lithuanus natione Polonus сваёй культурай і зместам нацыянальнай свядомасці збліжаліся, а не аддаляліся ад эліт Кангрэсоўкі. Разглядаючы свядомасць верхніх спольшчаных слаёў тагачаснага грамадства Беларусі, аўтар паказвае недастатковае ўсведамленне імі вартасці культурнага патэнцыялу беларускага этнасу, патэнцыялу носьбітаў беларускасці — шырокіх народных мас. Празорлівасць выяўлялі адзінкавыя творчыя асобы, як, напрыклад, Марыя Канапніцкая, якая ў 1888 г. у лісце да Т.Ленартовіча пісала пасля наведвання Горадні: «Тое, што народзіцца там калісьці сярод люду, не будзе гэта Польшча і Літва, але Беларусь. Рысы, што сфармавала гісторыя, часам і няволяй будуць разбураны: рысы этнаграфічныя застануцца» (122—123). Можна дадаць, што, напэўна, так ці падобна думалі шматлікія энтузіясты народазнаўства, збіральнікі беларускага фальклору, этнаграфічных звестак, даследчыкі мовы і інш. Іх самаадданая праца выразна была накіравана на стварэнне грунту для будучага ўваскрэсення народа ўжо пад сваім уласным імем — беларусы.

У раздзеле IV «Народ» (lud, што трэба разумець як «працоўны люд», «народныя масы») разглядаюцца многія аспекты існавання беларускага народа, у тым ліку: «Эвалюцыя структуры беларускага грамадства», «Паміж польскім і расійскім», «Беларуская этнічнасць». У апошнім падраздзеле прасочваецца самавызначэнне беларусаў, гістарычная свядомасць, мова, этнічная свядомасць, асобна асвятляецца сітуацыя па веравызнаннях. Акрамя прац еўрапейскіх і польскіх вучоных, аўтар тут шырока выкарыстоўвае даследаванні беларускіх навукоўцаў як ХIХ, так і ХХ ст.

Гаворачы пра свядомасць селяніна–беларуса, аўтар адзначае, што яго ўяўленне пра навакольны свет мела «моцна выяўлены агістарычны характар», што адбівалася на асаблівасці беларускага фальклору, у якім, у параўнанні, напрыклад, з украінскім, мала песень і паданняў, дзе б культываваліся «традыцыі ўласнай палітычнай адметнасці ў грамадскім і мілітарным вымярэнні» (176). Са сказаным не цалкам можна пагадзіцца. Справа ў тым, што частка беларускіх фальклорных твораў гістарычнай тэматыкі супадае з украінскай: напрыклад, тэма барацьбы з татарскімі (турэцкімі) наездамі, якая яскрава адлюстравана ў нашых баладах і іншых творах. Скразным матывам праз многія творы прайшоў успамін пра даўнія войны з Кіеўскай Руссю (матыў паездкі «на Русь на вайну»), ёсць згадкі пра «турэцкую зямлю», «шведскую», «валошскую», пра шведскія капцы, паданні пра французаў і інш. Але нельга фальклорны гістарызм зводзіць да апісання канкрэтных падзей, асобаў, мілітарных чыноў і да т.п. Зусім не мілітарны жанр фальклору можа мець куды большае гістарычнае значэнне, калі ён набывае рысы этнавызначальнага фактару, чым рэдка прадстаўлены чыста гістарычны твор. У беларусаў асаблівым такім жанрам сталі невядомыя іншым славянскім народам валачобныя песні, як і валачобны абрад. Усюды, дзе жылі беларусы, як бы яны сябе ні называлі, на ўсёй этнічнай тэрыторыі ад Смаленска да Беластока, ад Трокаў да паўночнай Чарнігаўшчыны на першы дзень Вялікадня гучалі валачобныя песні, якія давалі малюнкі ідэальна наладжанага, заможнага мірнага жыцця, дзе на першым месцы — адвечныя каштоўнасці, адвечныя радасці, адвечная цыклічнасць зменаў. Валачобны абрад ладзіўся ў гонар пачатку старажытнага новага году на веснавое раўнадзенства. Калі ў нашым фальклоры недастаткова адбіткаў пэўных падзей недалёкага мінулага, то гэта па той прычыне, што беларусы спавядалі арыйскую філасофію цыклічнасці, і адмаўляліся ад лінейнага ўяўлення пра час, на якім будуецца сучасная гісторыя. На нашу думку, багатая і разнастайная фальклорная творчасць беларусаў можа быць і надзейным паказчыкам нашай этнічнай інтэграванасці, і ўсвядомленай носьбітамі, хоць можа нідзе не сфармуляванай, не выказанай словамі прыкметай нашай адметнасці, і сродкам падтрымання моўнай агульнасці, і шмат чым іншым.

Раздзел «Пратаганісты беларускасці ХIХ ст.» уключае аналіз поглядаў дзеячаў, якія паходзілі з незаможнай беларускай шляхты каталіцкага веравызнання, такіх як Ян Чачот, Аляксандр Рыпінскі, Ян Баршчэўскі, Вінцэнт Дунін–Марцінкевіч, Рамуальд Падбярэскі і інш., творчасць якіх даволі добра вывучана беларускімі даследчыкамі. Асобна вылучаны падраздзел «Ад Каліноўскага да Багушэвіча», дзе аўтар даводзіць сваю нязгоду з высновамі беларускіх навукоўцаў, якім «Чачот уяўляецца найчасцей як паэт беларускі і польскі, Дунін–Марцінкевіч як творца беларускі, беларуска–польскі ці які піша па–беларуску і па–польску, затое дзвюм апошнім постацям (Каліноўскаму і Багушэвічу — Л.С.) прыпісваецца наогул беларускасць у яе сучасным (ці блізкім да яго) нацыянальным значэнні. Лічу, што такое разуменне па меншай меры некаторых з гэтых постацяў і іх творчасці з’яўляецца сведчаннем спрошчання тагачасных рэаліяў. Гэта асабліва датычыцца Каліноўскага, але таксама Багушэвіча, у значна меншай ступені Дуніна–Марцінкевіча» (206). Доктар Радзік уважліва аналізуе пісьмовую спадчыну нашых нацыянальных герояў і прыходзіць да высноў, якія, на нашу думку, зніжаюць, зазямляюць гэтыя вобразы. Магчыма, тут дзейнічае інерцыя суровага падыходу польскага боку да як–ніяк беларускага сепаратыста Каліноўскага, магчыма, маштаб гэтай постаці з польскага боку бачыцца іншым, чым з беларускага, пры ўсёй аб’ектыўнасці падыходу даследчыка. Ён піша: «Бясспрэчна, Каліноўскі быў тыповым прадстаўніком культурнага пагранічча. Злучаў у сабе — па неабходнасці трактаваны выбарачна — свет каштоўнасцяў, што выводзіцца з шляхецка–інтэлігенцкай польскасці і з блізкай яму народна–сялянскай беларускасці. Беручы пад увагу тагачасныя рэаліі, ён не быў, аднак, чалавекам нацыянальнага пагранічча. На нацыянальную свядомасць беларускага народа яго пісанні не паўплывалі, хіба што толькі на класавую свядомасць» (235—236). Думаем, што маштаб постаці Каліноўскага тут звужаны. Па сваёй адукацыі і жыццёвым вопыце, калі ўлічыць яго вучобу ў Пецярбургу, ён мог быць незалежны ад шляхецкай польскасці, што выразна і выявілася ў яго ўчынках і пісаннях. Калі б ажыццявілася тое, чаго жадаў Каліноўскі: беларуская зямля — беларусам–сялянам ва ўласнасць, рэлігія бацькоў унія — вернікам, беларуская мова зноў пісьмовая, дзяржаўная незалежнасць і ад Расіі і ад Польшчы, — што больш патрэбна для развіцця беларускай нацыі? Хай сабе ў гісторыі вырашае ўсё грубая сіла, хай сабе думкі Каліноўскага сталі зразумелыя і прынятыя праз дзесяткі гадоў пасля яго пакутніцкай смерці, для Беларусі ён застанецца героем, надзеленым міфічнымі рысамі, нібы ён паўтарыў шлях Хрыста: адданы свайму народу, здраджаны блізкім чалавекам, укрыжаваны (павешаны) ворагам–захопнікам пры абыякавасці ці варожасці тых, каго ён хацеў уратаваць, услаўлены пасля смерці. Ні адна гісторыя не абыходзіцца без міфаў. Тым больш патрэбны стваральныя міфы для народаў, нацыянальнае існаванне якіх усё яшчэ патрабуе абароны, змагання, ахвярнасці. Урэшце, беларускасць Каліноўскага даказана яго лістом з–пад шыбеніцы, яго апошнім словам, сказаным па–беларуску.

Падраздзел «Беларуская нацыянальная ідэя ў выданнях народнікаў, згрупаваных вакол пецярбургскай газеты „Гоман“» дае шмат звестак пра ідэйныя пошукі беларускай інтэлігенцыі ў другой палове ХIХ ст.

Высвятляючы прычыны слабасці (спозненасці) беларускага працэсу нацыянальнай крышталізацыі, Р.Радзік вылучае тры найважнейшыя: 1) змест беларускай народнай культуры, 2) структура грамадства, 3) палітыка тагачасных дзяржаўных уладаў у адносінах беларускага грамадства. Гэта здаецца нам не зусім слушным, паколькі багатая, па словах аўтара, фалькларыстычная культура беларусаў была, наадварот, грунтам беларускасці. Замыкаючыся ў фальклорнай прадзедаўскай культуры, народ ратаваўся спачатку ад паланізацыі, якой паддаліся сацыяльныя вярхі, потым ад паланізацыі і русіфікацыі, што дзейнічалі хоць і не разам, але адначасова і, па–сутнасці, аднолькава. Расшыфроўваючы змест ці характэрныя асаблівасці беларускай народнай культуры, аўтар адзначае «вельмі нізкі ўзровень гістарычнай свядомасці, трактаванне ўласнай мовы як «простай», непрыгоднай для друку і карыстання ёй сярод адукаваных культурных людзей, горшай за «панскую» пальшчызну і суадносную з уладай рускую мову» (257). На наш погляд, гэта даволі павярхоўнае сцвярджэнне. Ніхто ў ХIХ ст. спецыяльна не вывучаў механізмаў народнай аховы сваёй мовы. А яе бераглі, вучылі моладзь гаварыць правільна, не дапускалася «перакручвання» слоў, ужывання іншамоўных. Былы салдацік, што прызвычаіўся гаварыць «здзесь» замест «тут», атрымаў кплівую мянушку Здзясёк і памёр з ёй, усе яго так называлі, смеючыся; сястра папа, што «ўкідвала» ў размове рускія словы, атрымала мянушку Руская, так яе «за вочы» ўсе і называлі, кпілі з яе і да т.п. Уменне талкова, прыгожа гаварыць вельмі цанілася ў беларусаў, што знайшло адлюстраванне ў выслоўях, прымаўках і інш. А якая крыштальная высакародная мова нашых традыцыйных песень ды і ўсяго фальклору! Гэта сапраўдная літаратурная мова, але яна не была паказана яе носьбітам у пісьмовым выглядзе, таму і цяжка было яе параўнаць з польскай літаратурнай, «панскай» ці з рускім канцылярытам, з якім хіба беларусы найчасцей і сутыкаліся. Іншая справа, што беларуская мова не стварала такога значнага бар’еру пры сутыкненні яе носьбітаў з польскай і рускай мовамі, як літоўская са славянскімі, як славацкая з венгерскай, як славенская з нямецкай. Зусім слушна заўважае аўтар ролю рэлігіі ў нацыянальным працэсе: «Разам з ліквідацыяй уніі ў 1839 г. беларусы былі пазбаўлены таго грамадскага асяроддзя, якое стварала найбольшыя шансы для з’яўлення беларускага нацыянальнага руху» (261).

Доктар Рышард Радзік у сваёй змястоўнай, багатай на факты і высновы манаграфіі даў складаны панарамны малюнак жыцця беларусаў ХIХ ст., што «як гарох пры дарозе» трывалі паміж молатам расійскага імперыялізму і кавадлам польскай культурнай экспансіі. Беларусы на сваёй зямлі, што па волі божай стала гасцінцам Усход — Захад, не абароненай ні высокімі гарамі, ні вялікімі морамі, не аддзеленай ад суседзяў моўным бар’ерам, жылі без права называцца сваім імем і маліцца на роднай мове, раздзеленыя канфесійна, аднак зберагаючы ўласную культуру, асновы якой вынесены з індаеўрапейскай, агульнаславянскай духоўнай скарбніцы, на грунце якой яны павінны былі стварыць сучасную нацыю.

Вельмі пажадана, каб гэта каштоўная кніга была выдадзена па–беларуску і стала даступнай кожнаму, хто цікавіцца нашым мінулым, прычынамі нашых сённяшніх цяжкасцяў і стратаў, хто верыць у нашу будучыню.

Менск

Лія Салавей

Наверх

Алесь Cмалянчук. Палякі Беларусі і Літвы ХIХ — пачатку ХХ ст. як этнакультурны і сацыяльны феномен

Чэрвеня 21, 2000 |

(Гістарыяграфічны агляд)

Для разумення феномена польскай грамадскасці беларускіх і літоўскіх земляў у ХIХ — пачатку ХХ ст. уяўляецца вельмі важным асвятленне праблемы радаводу мясцовых палякаў. Цэнтральнымі тут з’яўляюцца пытанні пра памеры міграцыі насельніцтва з этнічных польскіх земляў у Беларусь і Літву і пра сутнасць працэсаў паланізацыі. Якія ж асноўныя падыходы навукоўцаў Беларусі, Літвы і Польшчы да азначаных праблем?

Вызначыць дакладна храналогію першых міграцыйных плыняў насельніцтва з тэрыторыі этнічнай Польшчы на ўсход вельмі цяжка. Суседства польскіх і беларуска-літоўскіх земляў спрыяла таму, што працэсы ўзаемапранікнення распачаліся здаўна. Беларускія даследчыкі Ігар Карашчанка і Анатоль Валахановіч зафіксавалі перасяленні мазураў на землі сучаснай Беларусі ўжо ў ХII–ХIII ст. На іх думку, пасля Люблінскай уніі (1569) польская міграцыя ўзмацнілася. Аднак масавага характару перасяленні не набылі, бо Статут Вялікага Княства Літоўскага 1588 г. істотна абмежаваў магчымасці набыць зямлю і заняць дзяржаўныя пасады ў ВКЛ для шляхты з Каралеўства Польскага[1]. Этнолаг і гісторык Міхаіл Піліпенка лічыць, што актыўная міграцыя польскага насельніцтва (пераважна дробнай шляхты) распачалася толькі ў XV—XVI ст. Прычым асноўнымі кірункамі гэтай міграцыі былі Прыпяцкі, Цэнтральны і Дзвінска-Дняпроўскі рэгіёны[2].

Уласную класіфікацыю асноўных катэгорый польскіх перасялен цаў на беларускія землі з ліку вясковага насельніцтва этнічнай Польшчы распрацаваў Вячаслаў Вярэніч. Сацыялагічнае і этнаграфічнае даследаванне, якое праводзілася ў 60—80-я г. ХХ ст., спалучанае з аналізам гістарычнай літаратуры, дазволіла яму вылучыць чатыры асноўных тыпы польскіх вёсак усходняй і цэнтральнай Беларусі. Да першага з іх даследчык аднёс былыя шляхецкія вёскі, жыхары якіх былі нашчадкамі паланізаванай беларускай шляхты або (радзей) нашчадкамі этнічнай польскай шляхты. Да другога — былыя паселішчы мазавецкіх буднікаў, занятых некалі ў лясной прамысловасці. Да трэцяга — былыя паселішчы сялян і беднай шляхты з этнічна польскіх земляў, якія існавалі каля вялізных маёнткаў і павінны былі забяспечыць іх рамеснымі вырабамі. Чацвёрты тып В.Вярэніч характарызаваў як вёскі польскіх сялян-перасяленцаў, якіх прыцягнулі ў Беларусь неабжытыя і незасвоеныя землі[3].

Даследаванне В.Вярэніча таксама пацвярджае, што значных памераў міграцыя палякаў у Беларусь не набыла. Польскіх сялян перасялялася няшмат, і амаль усе яны даволі хутка праходзілі стадыю культурнай беларусізацыі і асіміляцыі. Прадстаўнікі польскага каталіцкага духавенства, якія займалі высокія пасады ў касцельнай ерархіі ВКЛ, і шляхты, што наймалася на ваенную або цывільную службу ў княстве, пазбеглі асіміляцыі. Але перасяленні прадстаўнікоў вышэйшых сацыяльных колаў мелі эпізадычны характар.

Падобна ацэньваюць міграцыю палякаў на тэрыторыю як „гістарычнай”, так і „этнаграфічнай” Літвы літоўскія даследчыкі[4]. Фактычна, у беларускай і літоўскай гістарыяграфіі пануе тэзіс, што „ў сваёй абсалютнай большасці мясцовыя палякі з’яўляюцца нашчадкамі паланізаваных у мінулым аўтахтонаў Беларусі і Літвы і латгальскай часткі Латвіі”[5].

Цікава, што пры гэтым беларускімі і літоўскімі даследчыкамі на працягу амаль усяго ХХ ст. палякі звычайна трактаваліся як чужародная і варожая беларусам і літоўцам сіла. Напрыклад, прадстаўнікамі беларускай савецкай гістарыяграфіі прысутнасць польскай грамадскасці ў беларускай гісторыі XIХ — пачатку ХХ ст. або ігнаравалася, або характарызавалася ў рэчышчы выключна канфрантацыйнага разумення мінулага: „паланізатары”, „прыгнятальнікі беларускага народа” і г.д. Беларускія савецкія даследчыкі ўслед за расійскай прапагандай часоў Імперыі сцвярджалі, што палякамі з’яўляюцца толькі прадстаўнікі вышэйшых сацыяльных колаў грамадства. Пэўныя ідэалагічныя ўстаноўкі перашкаджалі аб’ектыўнаму асвятленню месца і ролі палякаў у гісторыі.

На пачатку 90-х г. ХХ ст. у беларускай гістарыяграфіі пазначыла ся іншая тэндэнцыя. Упершыню яна выявілася на старонках папулярнага гістарычнага выдання „Сто пытанняў і адказаў па гісторыі Беларусі”. Ганна Сурмач, адказваючы на пытанне „Як на Беларусі з’явіліся палякі?”, падкрэсліла розніцу паміж этнічнымі палякамі і абсалютнай большасцю прадстаўнікоў мясцовай (беларускай) польскай грамадскасці. Апошнія, на яе думку, з’яўляюцца „беларусамі з паходжання” або „апалячанымі беларусамі”[6]. У беларускай гістарыяграфіі пачала распаўсюджвацца ідэя, што мясцовыя палякі — гэта ні што іншае, як польскамоўныя этнічныя беларусы. З’явілася адпаведная тэрміналогія: „беларускія памешчыкі-католікі”[7] і „польска-беларускія памешчыкі”[8] (Міхась Біч), „польска-беларускія пісьменнікі”[9] (Соф’я Кузняева). Некаторыя даследчыкі (Анатоль Жытко) пачалі ўжываць тэрміны „палякі” і „польскія дваране” толькі ў двукоссі, падкрэсліваючы тым самым іх адноснасць у дачыненні да мясцовых палякаў[10]. Леанід Лыч характарызаваў Яна Баршчэўскага, Яна Чачота, Людвіка Кандратовіча (У.Сыракомлю) як „беларусаў па нацыянальнасці, што служылі на карысць польскай літаратуры”[11]. Гэты падыход фактычна ператвараў беларускіх палякаў у нейкіх сапсаваных беларусаў. Ён перакрэсліваў іх гістарычную адметнасць, іх права на ўласнае месца ў беларускай гісторыі.

Значна больш увагі пытанню міграцыі палякаў на беларускія і літоўскія землі аддалі прадстаўнікі т.зв. „ліцвінскай” (на пачатку ХХ ст. — „краёвай”) гістарыяграфіі і польскія навукоўцы.

Падмуркам фармавання „ліцвінскай” („краёвай”) гістарычнай памяці сталі працы прафесараў гісторыі і славістыкі Віленскага універсітэта першай трэці XIХ ст. Такія даследчыкі, як Ігнат Даніловіч, Іван Лабойка, Юзаф Ярашэвіч, Міхаіл Баброўскі, Іван Анацэвіч, а пазней Тэадор Нарбут і Адам Кіркор фактычна ўпершыню зрабілі гісторыю беларуска-літоў скага краю самастойным аб’ектам даследаванняў. Яны адмовіліся глядзець на гісторыю Беларусі і Літвы „вачыма” Пецярбурга або Варшавы. Іх погляд — гэта погляд людзей, для якіх зыходным і канчатковым пунктам разважанняў былі інтарэсы беларуска-літоўскага краю. Характэрнай рысай даследаванняў віленскіх гісторыкаў быў краёвы, беларуска-літоўскі патрыятызм. А.Кіркор у адным з лістоў 1861 г. пісаў: „Ніколі не знікне ўва мне гэтае пачуццё. Я люблю маю Радзіму з натхненнем юнака і самаахвярнасцю мужчыны. Я маю сэрца і адчуваю сімпатыю да Польшчы настолькі, наколькі яе лёс звязаны з нашым”[12].

Навуковыя працы віленскіх гісторыкаў спрыялі ўсведамленню шляхтай краю сваіх мясцовых каранёў. Напрыклад, Т.Нарбут у беларускай і літоўскай шляхце ХIV ст. бачыў продкаў шляхты XIХ ст. Ён жа падкрэсліваў самастойнасць дзяржаўнага развіцця ВКЛ і пасля Крэўскай (1385), і пасля Гарадзельскай (1413) уній[13].

Ідэі віленскай гістарычнай школы жылі, нягледзячы на тое, што пасля разгрому паўстання 1863 г. сфера іх распаўсюджання была моцна абмежавана. З афіцыйных навучальных установаў яе выцесніў „заходнерусізм” у яго найбольш кансерватыўных і антыбеларускіх формах, а ў розных нелегальных асветніцкіх гуртках усё часцей выкарыстоўва ліся працы тых гісторыкаў, якія ўспрымалі беларуска-літоўскі край як польскую правінцыю. На фоне гэтых ідэалагічных пастулатаў сапраўдным бастыёнам ліцвінскай гістарычнай свядомасці выглядаў трэці том „Живописной России” (1882), які быў прысвечаны Беларусі і Літве і напісаны амаль адным Адамам Кіркорам. Палякі на старонках працы А.Кіркора трактаваліся як адзін з карэнных народаў краю.

На пачатку ХХ ст. традыцыі віленскай гістарычнай школы працягвалі публіцысты т.зв. „краёвага” лагеру. Краёўцы падкрэслівалі мясцовае паходжанне вышэйшых колаў польскай грамадскасці: „Значную частку польскіх землеўласнікаў у Беларусі […] складала шляхта мясцовага паходжання, якая некалі спавядала ўсходні абрад, але ўжо ў ХVII ст. была паланізаваная і акаталічаная. Яна адчувала адзінства крыві з мясцовым народам”[14].

Краёўцы актыўна выкарыстоўвалі галоўны прынцып віленскай гістарычнай школы — разгляд гісторыі Беларусі і Літвы як гісторыі самастойнай і самабытнай. Асэнсоўваючы мінулае, яны зрабілі спробу далейшага развіцця гістарыяграфіі. На іх гістарыяграфічны ўклад моцна паўплывала развіццё літоўскага і беларускага нацыянальных рухаў. Ідэолагі літоўскага руху трактавалі мясцовую польскую шляхту як ахвяру гвалтоўнай і прымусовай палітыкі паланізацыі і заклікалі яе вярнуцца да сваіх літоўскіх каранёў. Польска-літоўскі канфлікт прымусіў звярнуцца да новага асэнсавання месца і ролі палякаў у гісторыі Беларусі і Літвы.

Паступова канкурэнцыю ідэі беларуска-літоўскага паходжання шляхты склаў тэзіс агульных польска-літоўска-беларускіх каранёў. Вядомы публіцыст Баляслаў Ялавецкі сцвярджаў, што яшчэ да ўзнікнення ВКЛ шматлікія набегі літоўцаў на польскія землі ў ХII ст. прывялі да з’яўлення на абшарах „этнаграфічнай” Літвы польскіх асаднікаў-катал ікоў. Выкарыстоўваючы аслабленне Польшчы пасля смерці Баляслава III (1138), літоўскія князі перасялілі на свае землі дзесяткі тысяч жыхароў этнічных польскіх земляў, так што ў Літве не засталося ніводнага кута, дзе б ні было палякаў[15]. А пасля далучэння беларускіх земляў да дзяржавы Міндоўга польская і літоўская кроў змяшалася з беларускай. На думку публіцыста-краёўца, ужо ў часы Ягайлы ў Літве не засталося чалавека, які б не меў у сабе крыві ўсіх трох народаў — палякаў, беларусаў і літоўцаў[16]. Распаўсюджваўся тэзіс пра культурнае адзінства гэтых народаў. Па сутнасці, сцвярджалася існаванне на тэрыторыі ВКЛ у часы Сярэднявечча агульнага польска-беларуска-літоўскага этнасу. Аднак гэты тэзіс не атрымаў распаўсюджання.

Найбольш грунтоўныя навуковыя працы, прысвечаныя радаводу польскай грамадскасці Беларусі і Літвы, належаць вядомаму навукоўцу і палітыку Міхалу Ромэру. У пэўным сэнсе ён працягваў традыцыі Тэадора Нарбута. Даследчык быў упэўнены, што палякі Літвы і Беларусі не павінны ўспрымацца як прышлы і чужы элемент тыпу нямецкіх баронаў у Латвіі і Эстоніі. На яго думку, характэрныя для мясцовых палякаў рысы польскай культуры з’яўляюцца вынікам працэсу паланізацыі[17]. На пачатку ХХ ст. М.Ромэр увёў у навуковы зварот паняцце „літоўскія палякі”.

Трэба адзначыць, што гэты тэрмін быў досыць распаўсюджаны ў грамадстве. Вячаслаў Вярэніч сцвярджаў, што ён шырока ўжываўся на беларуска-літоўскіх землях на пачатку ХХ ст. як назва-этнонім[18]. Вядомы эпізод дыскусіі вакол пытання аб уласнай ідэнтыфікацыі, якая разгарнулася на адным са сходаў тайнага гуртка віленскіх гімназістаў „Spójnia” („Саюз”). Гурток быў заснаваны братамі Браніславам і Юзафам Пілсудскімі ў 1882 г. Удзельнікі дыскусіі адмовіліся лічыць сябе палякамі або літоўцамі і абвясцілі, што з’яўляюцца літоўскімі палякамі. („Мы літоўскія палякі і наша задача — захаванне польскай культуры на гэтай зямлі. Мы павінны быць не прыгнятальнікамі іншых слабейшых нацый, а іх апекунамі”[19].)

У далейшай навуковай і грамадска-палітычнай дзейнасці М.Ромэра ідэя мясцовага паходжання польскай шляхты атрымала сваё развіццё. Навуковец катэгарычна абвяргаў сцвярджэнне, што палякі Беларусі і Літвы з’яўляюцца часткай польскай нацыі, якая пасялілася на т.зв. „крэсах усходніх”. Ён даказваў, што мясцовыя палякі — гэта прадукт культурнай паланізацыі вышэйшых колаў грамадства „гістарычнай Літвы”, а таксама гарадскога насельніцтва і сялянскіх рэгіёнаў усходняй часткі этнічнай Літвы[20]. Маючы на ўвазе літоўскіх і беларускіх палякаў, даследчык катэгарычна сцвярджаў: „Мы не імпартаваны экзатычны тавар, а прадукт непасрэднай гістарычнай эвалюцыі, якая адбывалася ў нашым краі па прычыне ўздзеяння пэўных падзей палітычнай гісторыі”[21]. Даследчык характарызаваў палякаў Літвы як адметны этнакультурны феномен, не падобны ні на палякаў, ні на літоўцаў, ні на беларусаў.

Трэба адзначыць, што гэтая канцэпцыя паступова знайшла водгук у польскай гістарыяграфіі. Але пры канцы XIХ і на пачатку ХХ ст. сярод польскіх даследчыкаў распаўсюдзілася сцвярджэнне пра велізарную колькасць палонных палякаў, якія былі выведзены літоўскімі князямі з тэрыторыі этнічнай Польшчы пад час войнаў ХII—ХIII ст.[22] Апроч палонных згадваліся сяляне-асаднікі з Мазоўша і з польскай часткі Падлясся, дробная шляхта[23], рамеснікі і купцы[24]. „Польская экспансія” (выраз належыць вядомаму палітыку і навукоўцу Леону Васілеўскаму) часта параўноўвалася з крыжацкім рухам на Ўсход („Drang nach Osten”)[25]. Пры гэтым меліся на ўвазе не ваенныя, а цывілізацыйныя (культурныя) наступствы гэтых працэсаў. Л.Васілеўскі таксама сцвярджаў факт масавага наплыву палякаў на тэрыторыю „гістарычнай Літвы” пасля Люблінскай уніі[26]. Відавочна, што тэзіс пра масавую міграцыю выконваў пэўную ідэалагічную ролю. Ён сцвярджаў легітымнасць польскіх эканамічных, культурных і палітычных пазіцый на Ўсходзе.

Ідэалагічныя ўплывы ў польскай гістарыяграфіі пачатку ХХ ст. адзначыў таксама даследчык з Познані Ян Юркевіч, які зрабіў грунтоўны аналіз прац, прысвечаных праблеме асадніцтва ў ВКЛ. На яго думку, адказам на літоўскі тэзіс прымусовай паланізацыі шляхты Вялікага Княства было распаўсюджанне трох канцэпцый паходжання палякаў Літвы і Беларусі. Адна з іх сцвярджала факт масавага наплыву палякаў на тэрыторыю ВКЛ. Прычым, калі ў ХIII—XIV ст. гэтае перасяленне мела пераважна прымусовы характар (ваеннапалонныя), то пасля Люблінскай уніі распачалася актыўная добраахвотная міграцыя з Польшчы на неасвоеныя землі княства. Менавіта гэтыя працэсы, на думку шэрагу польскіх даследчыкаў пачатку ХХ ст., змянілі этнічна-культурную сітуацыю ў ВКЛ[27]. Гісторык Якубоўскі ў працы, прысвечанай этнічным адносінам у ВКЛ да Люблінскай уніі („Studia nad stosunkami narodowościowymi na Litwie przed Unią Lubielską”. Warszawa, 1912), даказваў, што масавай міграцыі насельніцтва з Польшчы ў ВКЛ да уніі не было. Галоўную ролю ва ўмацаванні польскіх пазіцый, на яго погляд, адыграў фактар паланізацыі. Леон Васілеўскі бачыў у паляках гістарычнай Літвы нашчадкаў польскіх асаднікаў часоў Сярэднявечча і наступствы працэсаў паланізацыі. Ён быццам спрабаваў прымірыць абедзве згаданыя канцэпцыі[28].

Тэзіс пра вялікую колькасць польскіх палонных, выгнаных у Літву, адным з першых паставіў пад сумненне Генрык Лаўмяньскі, які з недаверам паставіўся да адпаведных запісаў у хроніках. Ён жа сцвярджаў, што палонныя вельмі хутка асіміляваліся ў этнічна чужым асяроддзі. Уладыслаў Вяльгорскі ў сваіх пасляваенных працах таксама адзначаў факт прымусовага перасялення польскіх палонных і міграцыі гарадскога насельніцтва з этнічнай Польшчы і сцвярджаў, што да Люблінскай уніі агульная колькасць палякаў-мігрантаў у гістарычнай Літве была нязначнай. Унія, на яго думку, стварыла дадатковыя магчымасці для пранікнення палякаў, але ўсё роўна масавага прытоку іх не назіралася[29]. Аналіз тапанамікі на тэрыторыі Беларусі і Літвы дазволіў іншаму вядомаму польскаму даследчыку Ежы Ахманьскаму адзначыць невыразнасць і слабасць слядоў польскага асадніцтва. Што датычыць сялянства этнічнай Польшчы, то вывучэнне польскай гістарыяграфіі дазволіла Яну Юркевічу сцвердзіць, што да XVIII ст. „асадніцтва польскіх сялян у ВКЛ не мела істотнага ўплыву на перамены этнічных адносінаў у мясцовай вёсцы”[30].

Аднак польскія імігранты з ліку каталіцкага і пратэстанцкага духавенства, дзеячы культуры Польшчы прыкметна паўплывалі на развіццё культуры Вялікага Княства. Праўда, гэты ўплыў не трэба перабольшваць. Марыя Тапольска паспрабавала вызначыць колькасць палякаў-перасяленцаў з дапамогай аналізу прозвішчаў. Яна звяртала ўвагу на прозвішчы з польскімі каранямі. Гэты метад дазволіў сцвярджаць, што, напрыклад, у Кейданах, Біржах і Нясвіжы ў ХVII ст. палякі-пера сяленцы складалі 25-30% насельніцтва, а сярод выкладчыкаў Віленскай Акадэміі — каля 60%[31]. З тэзісам М.Тапольскай пра тое, што працэсы Рэфармацыі і Контррэфармацыі спрыялі наплыву ў ВКЛ прадстаўнікоў польскай культурнай і палітычнай эліты, можна пагадзіцца. Але прыведзеныя падлікі выклікаюць сумненне. Польскія карані ў прозвішчах могуць сведчыць не столькі пра перасяленні, колькі пра асіміляцыйныя працэсы і пашырэнне ўплываў польскасці. На гэты недахоп выкарыстанай методыкі звярнуў увагу таксама Ян Юркевіч[32]. Гэты ж даследчык заўважыў, што нельга казаць пра моцны ўплыў польскіх перасяленцаў на палітычную эліту ВКЛ. Нават пры хуткай паланізацыі гэтай эліты яна ўяўляла сабой досыць замкнутае для выхадцаў з Каралеўства Польскага кола[33].

На думку Яна Юркевіча, пасляваенныя працы польскіх даследчыкаў сведчаць пра тое, што гістарычная навука Польшчы не дазволіла ўцягнуць сябе ў ідэалагічную спрэчку і адмовілася ад высноваў пачатку ХХ ст., заснаваных не столькі на крыніцах, колькі на пэўных ідэалагемах[34].

У гэты ж перыяд ў польскай гістарыяграфіі пачаў пашырацца погляд краёўцаў. Уладыслаў Вяльгорскі выказаў думку пра фармаванне на тэрыторыі гістарычнай Літвы у выніку працэсу паланізацыі асобнага тыпу палякаў („odmiany polskości”)[35]. Падыходы М. Ромэра і Ў. Вяльгорскага ў пэўнай ступені падзяляе вядомы даследчык Юліуш Бардах. Характарызуючы міграцыю палякаў у Беларусь і Літву, ён адзначыў толькі перасяленні польскіх мяшчан пры канцы XIV ст. у Вільню і Берасце, а таксама мазураў-асаднікаў на Падляссе. Ва ўмацаванні польскіх пазіцый на тэрыторыі „гістарычнай Літвы” значна большую ролю, на яго думку, адыграла пашырэнне польскай мовы і культуры сярод вышэйшых колаў грамадства ВКЛ. Ю.Бардах адзначыў супольнасць паходжання „літоўскіх палякаў” з этнічнымі беларусамі і літоўцамі, культурныя ўзаемаўплывы. На яго думку, у выніку паланізацыі сфармаваўся адметны тып паляка ў Літве і Беларусі, які па сваіх этнакультурных характарыстыках бліжэйшы да літоўца і беларуса, чым да паляка з этнічнай Польшчы[36].

Адметнасць палякаў Беларусі і Літвы адзначыў таксама польскі гісторык Пётр Вандыч[37]. Ён карыстаўся паняццем „Poіono-Litwin”. У польскай гістарыяграфіі для пазначэння палякаў „гістарычнай” Літвы ўжывалася таксама паняцце „ліцвіны, якія размаўляюць па-польску”[38]. Вядомы палітык і гісторык Вацлаў Гізберт-Студніцкі ў свой час прапанаваў увесці тэрмін „ліцвін-паляк”[39].

З тым, што палякі-мігранты не выканалі прыкметнай ролі ў працэсе фармавання польскай грамадскасці Літвы і Беларусі, пагадзіўся вядомы польскі дэмограф і гісторык Пётр Эберхардт: „Паланізацыя беларускай шляхты мела характар эндагенічны, больш культурны, чым дэмаграфічны. Шляхта беларускага паходжання паланізавалася і там, дзе наогул не было польскіх асаднікаў”[40]. Паводле П.Эберхардта радавод большасці палякаў Віленшчыны і Гарадзеншчыны выглядае наступным чынам: насельніцтва літоўскага паходжання прыняло каталіцкую веру, потым славянізавалася і перайшло на беларускую мову, а ў канцы XIХ — на пачатку ХХ ст. эвалюцыянавала да польскасці[41].

У літоўскай гістарыяграфіі паняцце „літоўскія палякі” выкарыстоўвае Рымантас Мікніс, галоўным аб’ектам навуковай зацікаўленасці якога з’яўляюцца погляды і палітычная дзейнасць Міхала Ромэра[42]. Іншы віленскі даследчык Ян Савіцкі ў характарыстыцы свядомасці Міхала Ромэра ўжыў паняцце „Litwino-Polak”[43].

Такім чынам, на сённяшні дзень прынцыповых разыходжан няў у характарыстыцы радаводу палякаў Беларусі і Літвы паміж трыма нацыянальнымі гістарыяграфіямі няма. Галоўным фактарам фармавання польскай грамадскасці беларуска-літоўскага краю лічыцца паланізацыя.

Феномен паланізацыі патрабуе спецыяльнай увагі. Ужо ў перыяд станаўлення беларускай нацыянальнай гістарыяграфіі фактар польскіх уплываў ацэньваўся вельмі негатыўна і параўноўваўся з палітыкай русіфікацыі. Мітрафан Доўнар-Запольскі, напрыклад, лічыў, што ў XVI—XVII ст. і Польшча, і Расія, узаемадапаўняючы свае намаганні, знішчалі палітычную самастойнасць беларускай нацыі і перашкаджалі яе нацыянальна-культурнаму развіццю. „Польска-каталіцкае іга” часоў Рэчы Паспалітай, па меркаванні даследчыка, пазбавіла беларускі этнас вышэйшых сацыяльных колаў[44]. У кнізе “Гісторыя Беларусі” (1926), што ўбачыла свет толькі ў 1994 г., гісторык адзначыў ужо працэс паланізацыі ў дачыненні да „нізоў” насельніцтва беларускай зямлі ў першай трэці XIХ ст. Ён звязваў гэты працэс з адукацыйнай дзейнасцю кіраўнікоў Віленскай навучальнай акругі на пачатку XIХ ст. На думку М.Доўнара-Запольскага, „гэтая эпоха (першая трэць XIХ ст. — А.С.) вырвала з Беларусі шмат яе найлепшых сыноў, якія забыліся пра сваю нацыяналь насць пад уплывам агульнага ўздыму паланізацыі і аддалі свой розум і здольнасці польскай культуры і нацыянальнасці”[45].

Вацлаў Ластоўскі на старонках „Кароткай гісторыі Беларусі” (1910) пачаў выкарыстоўваць тэрмін „апалячванне”[46], пад якім разумеў працэс паланізацыі вышэйшых колаў беларускага этнасу ў ХVII-XVIII ст. У гэтым працэсе даследчык бачыў хутчэй самаапалячванне, чым наступствы палітыкі нацыянальнага ціску: „Людзі вышэйшых станоў, прыймаючы польскую культуру, зусім адрываліся ад свайго народу […]. У другім-трэйцім пакаленьні апалячэные князі і баяры беларускіе забываліся зусім аб сваім беларускім народзе і павелічылі сілу і значэньне палякоў у сваім краю, шырылі самі польскасць. […] Па дварох князёў-рэнэгатоў польшчына выцесьняла ўсё беларускае і ўзгадовывала грамадзян-рэнэгатоў”[47]. В.Ластоўскі таксама шырока цытаваў „Прамову Івана Мялешкі” (XVII ст.). Гэты ананімны твор рэзка асуджаў і высмейваў беларускую шляхту за яе імкненне пераймаць польскасць і служыць не Радзіме („Літве і Русі”), а польскаму каралю.

Шмат увагі польскім палітычным, рэлігійным і культурна-нацыя нальным уплывам, якія разумеліся як перайманне польскага ладу жыцця, польскіх звычаяў і мовы, аддаў Усевалад Ігнатоўскі. Прычым, паводле яго думкі, пашырэнне польскіх уплываў было абумоўлена шэрагам мерапрыемстваў польскіх уладаў у Беларусі[48]. Фактычна, пачынаючы з У.Ігнатоўскага ў савецкай беларускай гістарыяграфіі паланізацыя стала трактавацца толькі як вынік палітычных намаганняў польскіх уладаў. У гістарыяграфіі 30-80-х г. ХХ ст. праблемам гісторыі беларускай культуры, фармавання беларускай нацыі, пытанням гісторыі беларускай дзяржаўнасці вялікай увагі не аддавалася. Паняцце „паланізацыя” часцей выкарыстоўвалася толькі для разумення гістарычнага лёсу беларускай літаратуры[49].

Аўтарам адзінай спецыяльнай працы, прысвечанай праблеме паланізацыі, стаў рэлігійны дзеяч і прадстаўнік эмігранцкага кірунку беларускай пасляваеннай гістарыяграфіі Леў Гарошка. Ён сцвярджаў, што паланізацыя была дзяржаўнай палітыкай Рэчы Паспалітай у XVII—XVIII ст.[50] Пры гэтым даследчык катэгарычна абвяргаў тэзіс, народжаны яшчэ расійскай прапагандай часоў віленскага генерал-губерна тара графа М.Мураўёва, што каталіцызм у Беларусі — выключна сродак паланізацыі мясцовага насельніцтва. Леў Гарошка, наадварот, сцвярджаў беларускі характар каталіцызму ў XV—XVI ст. Ён адным з першых звярнуў увагу на прыкметную ролю Рэфармацыі і Контррэфарма цыі ў працэсе паланізацыі. Хоць і тут гісторык падкрэсліў, што паланізацыя не была мэтаю рэлігійных рухаў. Галоўны стрыжань паланізацыі, на думку беларускага даследчыка, — перанос цэнтра дзяржавы з Вільні ў Кракаў, які ўжо на пачатку XVI ст. стаў галоўнай рэзідэнцыяй вялікага князя літоўскага і караля польскага[51]. Мелася на ўвазе значнае абмежаванне дзяржаўнага суверэнітэту.

Цалкам інакш Леў Гарошка ацэньваў ролю каталіцкага касцёла ў Беларусі ў перыяд расійскага панавання. Узмацненне працэсу паланізацыі ён звязваў непасрэдна з дзейнасцю каталіцкага касцёла. Даследчык пагадзіўся з заўвагай польскага гісторыка Здзіслава Дэмбіцкага (1944): „Ня Польшча стала каталіцкаю, а каталіцызм стаў польскім”[52]. Менавіта ў гэты час, на думку Льва Гарошкі, распаўсюджваецца паняцце „польская вера”. За ім стаяла ўсведамленне, што кожны паляк — гэта каталік, а кожны каталік — паляк. У змаганні з уладамі Расіі за незалежнасць Польшчы прадстаўнікі каталіцкага духавенства „стараліся задушыць усе праявы беларускага вызвольнага руху”[53]. І тым не менш насуперак некаторым уласным тэзісам аўтар адзначыў факты пэўнай „беларусізацыі” каталіцкага касцёла на пачатку ХХ ст. (1911 г. — з’яўленне беларускага гуртка і беларускай бібліятэкі ў Віленскай духоўнай семінарыі; 1912 г. — тое самае адбылося ў Санкт-Пецярбургскай Духоўнай Акадэміі і інш.).

У 90-я г. ХХ ст. беларускія даследчыкі зноў звярнулі ўвагу на характар працэсу і сутнасць паланізацыі. Зноў некаторыя з іх (Соф’я Кузняева, Міхась Біч) пачалі праводзіць аналогію паміж русіфікацыяй і паланізацыяй (па меншай меры для канца XVIII — пачатку XIX ст.)[54]. Галоўным наступствам паланізацыі вярхоў грамадства ў XVI—XVIII ст. М.Біч лічыў страту беларускім этнасам уласнай нацыянальнай інтэлігенцыі. А гэта, на яго думку, прывяло да фалькларызацыі беларускай культуры[55].

Сярод прац апошняга часу звяртаюць на сябе ўвагу тэксты Леаніда Лыча. Паланізацыя трактуецца гэтым гісторыкам амаль выключна як прымусовае апалячванне. У прыватнасці, ён сцвярджаў, што „ідэолагі каралеўскай улады і каталіцкай царквы (у Рэчы Паспалітай. — А.С.) імкнуліся ўсімі сродкамі хутчэй апалячыць беларускі народ, падарваць яго веру ў самабытнасць”[56]. Прычым адным з галоўных сродкаў апалячвання быў „каталіцызм”[57]. Падобную пазіцыю займаюць таксама Ігар Карашчанка і Анатоль Валахановіч: „Частка беларускага насельніцтва, асабліва прадстаўнікі вышэйшых саслоўяў, прымаючы каталіцкую веру, меняла сваю нацыянальную прыналежнасць на польскую”[58]. Яны ж сцвярджаюць, што „за перыяд існавання Рэчы Паспалітай на беларускіх этнічных землях і на беларуска-літоўскім этнічным памежжы ўтварыліся пэўныя тэрыторыі, на якіх сяляне, што былі католікамі па веравызнанні, вызначалі сваю этнічную прыналежнасць як польскую…”[59]

На старонках «Энцыклапедыі гісторыі Беларусі» Л.Лыч вызначыў паланізацыю як „сістэму мерапрыемстваў дзяржаўных органаў, культурных устаноў і каталіцкага духавенства па асіміляцыі беларуска га народа”[60]. Першыя „сімптомы” паланізацыі ён заўважыў ужо пасля Крэўскай уніі (1385). Галоўная прычына страты часткай беларусаў сваёй культурна-моўнай адметнасці ў перыяд Рэчы Паспалітай, паводле Л.Лыча, заключалася ў свядомай дзейнасці свецкай і духоўнай уладаў гэтай дзяржавы. Ён катэгарычна адвергнуў шлях самаапалячвання або добраахвотнага пераймання ўзораў польскай культуры і польскай мовы беларусамі. Л.Лыч лічыў, што паланізацыя працягвалася і пасля далучэння беларускіх земляў да Расіі. Па меркаванні даследчыка, яна аслабела толькі пасля разгрому паўстання 1863—1864 г.

Варта заўважыць, што Леанід Лыч, як і некаторыя іншыя беларускія гісторыкі, для разумення гістарычных працэсаў часоў Сярэднявечча карыстаецца тэрміналогіяй, якая з’яўляецца толькі ў перыяд новай і найноўшай гісторыі, калі, зрэшты, і адбываецца працэс фармавання нацый. Але вядома, што Рэч Паспалітая была феадальна-сас лоўнай шляхецкай дзяржавай і не з’яўлялася механізмам для рэалізацыі нацыянальных інтарэсаў. Трэба адзначыць і тое, што палітычныя прывілеі для каталікоў нельга лічыць прыкметай палітыкі нацыяналь най асіміляцыі, таму што і канфесія не роўная этнічнасці або нацыянальнасці. Тэрмін „паляк” у часы існавання Рэчы Паспалітай быў тэрмінам не нацыянальным, а саслоўным. І толькі ў такім сэнсе гэтую краіну можна лічыць „польскай дзяржавай”. Спроба ахарактарызаваць працэсы паланізацыі часоў Рэчы Паспалітай у катэгорыях палітыкі нацыянальнай асіміляцыі ўладаў II Рэчы Паспалітай (1918—1939) толькі заблытвае сітуацыю. Характэрнае для Л.Лыча атаясамліванне каталіцыз му і польскасці не дазваляе растлумачыць факта прыналежнасці да каталіцкага касцёла шматлікіх дзеячаў беларускага нацыянальна-культур нага Адраджэння пачатку ХХ ст. Што датычыць факталагічнага абгрунтавання тэзіса пра асіміляцыйны курс уладаў Рэчы Паспалітай, то Леанід Лыч, фактычна, усе свае разважанні будуе толькі на адным эпізодзе — замена старабеларускай мовы на старапольскую ў дзяржаўным справаводстве ВКЛ (1696). Здаецца, што ў гэтым выпадку мы сустракаемся з пэўнай ідэалагічнай зададзенасцю, якая перашкаджае навуковаму вырашэнню праблемы.

Вячаслаў Вярэніч і Міхаіл Піліпенка звярнулі ўвагу на ўзаемнасць культурных уплываў. В.Вярэніч лічыць, што паланізацыя „рускага і літоўскага баярства” ў XVI — XVIII ст. была амаль роўнай па этнічных маштабах працэсу асіміляцыі польскіх каланістаў з ніжэйшых колаў грамадства. На яго думку, уплыў беларускай мовы вызначыў фармаванне адметнай т.зв. „літоўскай пальшчызны”[61]. М.Піліпенка звязаў з „польскас цю” з’яўленне новых формаў адміністрацыйнага падзелу, гарадскога самакіравання, новага календара, пранікненне каталіцызму і пэўныя ўплывы на беларускую мову (напрыклад, узбагачэнне слоўнікавага складу і інш.)[62].

В.Вярэніч (услед за польскай даследчыцай Галінай Турскай) адзначыў спантанную самапаланізацыю вясковага насельніцтва Віленшчыны і Гарадзеншчыны ў другой палове ХIХ ст.[63] Ён жа сцвярджаў, што атаясамліванне каталіцызму і польскасці прыйшло ў Беларусь ужо пасля падзелаў Рэчы Паспалітай і было звязана з палітыкай царскіх уладаў. Менавіта апошнія навязвалі грамадству тэрміны „руская вера” і „польская вера”, што спрыяла русіфікацыі праваслаўных і паланізацыі каталікоў[64].

Можна зрабіць выснову, што ў сучаснай беларускай гістарыяг рафіі спробы навуковага падыходу да праблемы польска-беларускіх культурных уплываў суседнічаюць са спрошчаным ідэалагізаваным разуменнем феномена паланізацыі. Адлюстраваннем гэтага з’яўляецца і пэўная неакрэсленасць паняційнага апарату. Тэрмінам „паланізацыя” адначасова характарызуюць працэс прымусовай асіміляцыі і працэс самаапалячвання або спантаннай (стыхійнай) асіміляцыі. Часта ставіцца знак роўнасці паміж паланізацыяй і русіфікацыяй, як пры ацэнцы гэтых з’яваў на працягу ўсёй гісторыі Беларусі, так і для перыяду XIХ — пачатку ХХ ст. За невялікім выключэннем большасць беларускіх даследчыкаў разумее феномен паланізацыі толькі як з’яву палітыкі нацыянальнай асіміляцыі.

У літоўскай гістарыяграфіі працяглы час беспадзельна дамінавала пазіцыя, сфармуляваная яшчэ Сімонам Даўконтасам, які лічыў палякаў і Польшчу галоўнай крыніцай усіх бедаў літоўскай гісторыі. Звычайна ўжываўся тэрмін „паланізацыя” як сінонім прымусовай асіміляцыі. Апошнім часам гэтая пазіцыя падверглася выразнаму перагляду. У працах Эдвардаса Гудавічуса і Альфрэдаса Бумблаўскаса сцвярджаец ца, што паняцце „паланізацыі” (прымусовай асіміляцыі) не з’яўляецца адэкватным для разумення культурных працэсаў перыяду ВКЛ. Даследчыкі выказваюць меркаванне пра дамінаванне працэсу самапаланізацыі, які быў вызначаны параўнальна больш высокім узроўнем польскай культуры. (Рымантас Мікныс: Магнатэрыя і шляхта паланізаваліся „натуральна, без гвалту”[65].) Менавіта паланізацыя паспрыяла далучэнню Літвы дa дасягненняў еўрапейскай культуры. Яна ж выступіла ў ролі пэўнага каталізатара фармавання еўрапейскай мадэлі культуры літоўцаў[66]. У якасці этапу, які папярэднічаў самапаланізацыі і паланізацыі, А.Бумблаўскас вылучыў таксама перыяд „прыняцця элементаў польскай культуры”[67].

Вядомы дзеяч літоўскай культуры Томас Венцлава заявіў пра неабходнасць цалкам адмовіцца ад традыцый С.Даўконтаса: „Унія (з Польшчай. — А.С.) увяла Літву ў сферу цывілізаванага Захаду. <…> Без уніі не было б ні архітэктуры Вільні, <…> ні Віленскага універсітэта, ні нават той каталіцка-вясковай цывілізацыі, якую мы схільныя атаясамліваць з літоўскасцю. Нарэшце толькі пасля уніі ў Літве пачало пашырацца заходняе разуменне палітычных правоў, нягледзячы на абмежаванні і эксцэсы, вядомыя кожнаму, хто хоць нешта чуў пра Рэч Паспалітую абодвух народаў”[68].

Літоўскія даследчыкі звяртаюць увагу і на працэс літуанізацыі палякаў. Яны ўслед за польскім гісторыкам Генрыкам Віснэрам спрабуюць растлумачыць такую з’яву гісторыі ВКЛ, як свядомасць тыпу gente Polonus natione Lithuanus. Можна сцвярджаць, што сучасная літоўская гістарыяграфія выходзіць на ўзровень усебаковага аналізу феномена паланізацыі.

Шмат увагі польскім уплывам у гісторыі Літвы аддалі прадстаўнікі „ліцвінскай” („краёвай”) гістарыяграфіі. Звычайна адзначалася вялікая пазітыўная роля польскай культуры і каталіцкага касцёла. Затое ўплывы польскіх палітыкаў рэзка крытыкаваліся. Т.Нарбут менавіта на польскіх магнатаў усклаў галоўную адказнасць за тое безуладдзе апошніх дзесяцігоддзяў Рэчы Паспалітай, якое палегчыла Расіі, Прусіі і Аўстрыі знішчэнне дзяржавы[69].

А.Кіркор успрымаў паланізацыю як заканамерны і прагрэсіўны працэс: „Нельга не пагадзіцца, што, як у адукацыі, так і ў грамадзянскіх правах і ўстановах, нарэшце, у глыбока ўкаранёным пачуцці патрыятызму, палякі мелі значную перавагу над літоўцамі і беларусамі. Менавіта гэтым тлумачыцца, што паводле натуральнага закона прыроды вышэйшая і мацнейшая цывілізацыя праглынула слабейшую і малодшую”[70]. Пры гэтым А.Кіркор падкрэсліваў, што народы, якія зліліся з Польшчай, ад гэтага зусім не пацярпелі. Наадварот, па разумовых здольнасцях, мужнасці, моцы характару і вытрымцы яны нават пераўзыходзілі палякаў.

Міхал Ромэр трактаваў паланізацыю як добраахвотны працэс пераймання ўзораў польскай культуры. Менавіта Польшча, на яго думку, была галоўным правадніком дасягненняў еўрапейскай культуры ў „гістарычнай Літве”[71]. Працэс паланізацыі М.Ромэр разумеў як працяглы перыяд змяшання элементаў польскай культуры з элементамі культуры мясцовай. Ён падкрэсліваў розніцу паміж паланізацыяй як з’явай палітычнай і паланізацыяй як з’явай культурнага жыцця. Першая, на яго думку, адбылася досыць хутка, а вось другая — зацягнулася. Яшчэ ў XVII ст., сцвярджаў М.Ромэр, шляхта ВКЛ карысталася літоўскай і беларускай мовамі[72].

На пачатку XIX ст., па ацэнцы М.Ромэра, буйная шляхта (землеўласнікі) канчаткова паланізавалася. А вось дробная і сярэдняя — заставалася „літоўскай” (у сэнсе палітычным, а не этнічным), хоць і была ўжо досыць моцна прасякнута польскімі ўплывамі. Яе імкненне да польскасці М.Ромэр тлумачыў не нацыянальна-культурнымі, а саслоўнымі („каставымі”) інтарэсамі[73]. Даследчык адзначыў таксама працяг працэсу паланізацыі насельніцтва Беларусі і Літвы ў другой палове XIX ст. Ён звязваў гэты працэс з сітуацыяй выбару паміж Польшчай і Расіяй, які павінна была зрабіць грамадскасць беларуска-літоўскага краю ва ўмовах рэзкага абвастрэння польска-расійскага супрацьстаяння. Менавіта яно вызначала жыццё Беларусі і Літвы пасля разгрома паўстання 1863—1864 г.

М.Ромэр надаваў паланізацыі выключна важную ролю. Менавіта з ёй навуковец і палітык звязваў нараджэнне адметнага этнакультур нага тыпу („псіхічна-культурнай індывідуальнасці”[74]) — „літоўскіх палякаў”. Да гэтага тыпу ён адносіў і сябе. У сваіх працах М.Ромэр неаднаразова падкрэсліваў мясцовае паходжанне літоўскіх палякаў, іх непарыўную сувязь з гісторыяй, традыцыямі і культурнай спадчынай ВКЛ. Ён звяртаў увагу і на асаблівасці мясцовай польскай мовы („літоўскай пальшчызны”), якая, на яго думку, па сваіх граматычных канструкцыях моцна нагадвала беларускую і літоўскую мовы[75].

Публіцысты-краёўцы пачатку ХХ ст. былі досыць катэгарычнымі ў сцвярджэнні, што дасягненні еўрапейскай культуры прыйшлі на беларускія і літоўскія землі з Польшчы. На іх погляд, у гістарычнай Літве фармавалася адзіная польска-беларуска-літоўская культура: „На ўсёй тэрыторыі Літвы панавалі тыя самыя звычаі, тая самая нацыянальная этыка […]“[76].

У польскай гістарыяграфіі ўжываюцца паняцці „паланізацыя” („polonizacja”) і „самапаланізацыя” („polszczenie sie”). Аднак прынцыповай розніцы паміж імі для бальшыні даследчыкаў няма. Паланізацыя звычайна трактуецца як самапаланізацыя[*]. Менавіта так тлумачыў працэс паланізацыі адзін з першых яго аналітыкаў Леон Васілеўскі. Паланізацыю ён разглядаў як наступствы таго, што „ўсходняя цывілізацыя” не вытрымала канкурэнцыі з „заходняй (польскай)”. Імкненне далучыцца да культуры больш высокага ўзроўню, характэрнае спачатку толькі для вышэйшых колаў грамадства ВКЛ, пазней для мяшчанства і духавенства, яшчэ пазней для тых прадстаўнікоў народа, што ўздымаліся ўверх па службовай лесвіцы, і было, на думку даследчыка, галоўнай прычынай паланізацыі[77].

Л.Васілеўскі адзначыў, што паланізацыя працягвалася і пасля падзелаў Рэчы Паспалітай. Ён зафіксаваў парадаксальную, на першы погляд, сітуацыю: „Найбольшыя поспехі ў паланізацыі няпольскіх земляў былой Рэчы Паспалітай адбыліся ўжо пасля падзелаў Польшчы, у перыяд пераследаў польскасці. Больш за тое. Значнае перамяшчэнне польскай этнічнай тэрыторыі на Ўсход, а таксама пашырэнне этнічных польскіх рэгіёнаў адбываецца ў перыяд самага жахлівага наступу Расіі на ўсё польскае ў Літве і Беларусі, у перыяд Мураўёва-вешальніка…”[78]. Прычыны гэтай пазнейшай самапаланізацыі даследчык бачыў у дзейнасці каталіцкага касцёла і ў культурных уплывах найбуйнейшых гарадоў Літвы (у прыватнасці, Вільні і Коўна)[79].

Польскія публіцысты і даследчыкі пачатку ХХ ст. прызнавалі факт паланізацыі „вярхоў” літоўскага і беларускага этнасаў. Аднак бачылі ў гэтым пазітыўны і заканамерны працэс, які, на іх погляд, ніколі не адбываўся шляхам гвалту. „У культурнай перамозе нашай мовы над літоўскай, — сцвярджалі яны, — ёсць толькі перавага ведаў, працы і гуманізму ў звычаях”[80]. „Польская культура ў Літве не насаджалася полымем і мячом, а распаўсюджвалася праз сяброўства народаў”[81] і г.д. Дарэчы, гэтая ідэя адлюстравалася і ў мастацкай літаратуры. Дастаткова згадаць легенду пра Яна і Цыцылію з вельмі папулярнага ў свой час рамана Элізы Ажэшкі „Над Нёманам” (1887).

Як цывілізацыйную місію Польшчы на Усходзе Еўропы разумеў паланізацыю вядомы польскі дэмограф пачатку ХХ ст. Влодзімеж Вакар. Палякаў у Літве ён параўноўваў з нямецкімі каланістамі ў Польшчы, польскую мову з лацінскай мовай у сярэднявечнай Еўропе або з французскай мовай XVIII ст. у эпоху Асветніцтва[82].

Галіна Турска, якая ў 30-я г. ХХ ст. праводзіла этналагічнае і лінгвістычнае даследаванне польскамоўных рэгіёнаў Віленшчыны, прыйшла да вельмі цікавых высноваў наконт паланізацыі насельніцт ва беларуска-літоўскага этнічнага памежжа. Паланізацыю яна трактавала як пашырэнне арэалу выкарыстоўвання польскай мовы. Даследчыца даказала, што фармаванне польскамоўных рэгіёнаў на беларуска-літоўскім этнічным памежжы (Вільня — Коўна — Дынабург) адбывалася ў трэцяй чвэрці XIХ ст.[83] Сутнасцю гэтага працэсу было добраахвотнае імкненне сялянства далучыцца да польскай мовы і польскай культуры, якая па-ранейшаму ўспрымалася як прыкмета прыналежнасці да вышэйшага кола грамадства. Нават антыпольская палітыка расійскага ўрада не была ў стане стрымаць гэтае імкненне. Сяляне, вызваленыя ад прыгоннага ладу, дзякуючы выгаднай эканамічнай сітуацыі трэцяй чвэрці XIХ ст. паляпшалі сваё матэрыяльнае становішча і імкнуліся да паляпшэння становішча сацыяльнага. Ролю сапраўднага каталізатара працэсу паланізацыі сялянства Віленшчыны адыграў, на яе думку, каталіцкі касцёл. Набажэнствы ў касцёле яна параўноўвала з урокамі польскай мовы[84].

А вось Ю.Бардах не лічыў пашырэнне польскай мовы крытэрыем паланізацыі. Гісторык упэўнены, што для поўнай ідэнтыфікацыі сябе з палякамі менталітэту польскамоўнага насельніцтва не хапала яшчэ адпаведных палітычных і рэлігійных элементаў[85]. Напрыклад, у свядомасці шляхты яны з’явіліся пасля Люблінскай і Берасцейскай уній. Пашырэнне польскай мовы Ю.Бардах тлумачыў не „асіміляцыйнай” палітыкай кіраўнікоў Рэчы Паспалітай, а імкненнем шляхты далучыцца да вышэйшых сацыяльных і культурных колаў грамадства. Акту ўвядзення ў службовае справаводства ВКЛ польскай мовы (1696) даследчык не надаваў вялікага значэння. На яго меркаванне, гэты досыць фармальны акт толькі зафіксаваў тыя перамены, якія ўжо адбыліся. Гісторык звярнуў увагу на тое, што трэці Статут ВКЛ (1588) у 1614 г. быў надрукаваны ў польскім перакладзе, і з таго часу толькі так і перавыдаваўся[86]. На думку даследчыка, распаўсюджванню польскай мовы і культуры спрыялі імігранты з Польшчы. Але толькі гэтым і абмяжоўваецца іх дачыненне да паланізацыі.

Cучасная польская гістарыяграфія наогул не звязвае працэс паланізацыі з міграцыяй насельніцтва з тэрыторыі этнічнай Польшчы ў ВКЛ. „Трэба прызнаць, — заўважыў Ян Юркевіч, — што <…> колькасць імігрантаў з Кароны прынцыпова не паўплывала на працэс самапаланізацыі літоўскай шляхты. Тое самае можна сцвярджаць адносна ролі польскіх асаднікаў у гарадах Літвы ў працэсе самапаланізацыі мяшчанства”[87]. Генрык Лаўмяньскі лічыў паланізацыю прыкладам эфектыўнасці ідэалагічных уплываў[88].

Ю.Бардах грунтоўна прааналізаваў свядомасць тыпу gente Lithuani, natione Poloni. Ён адзначыў характэрную для яе, па меншай меры, з ХVII ст., падвоенасць нацыянальнага пачуцця, калі Літва ўспрымалася як „малая Айчына”, а Польшча — як „вялікая”[89]. Як „караняжы”, так і ліцвіны ў адпаведнасці з тагачаснымі паняццямі былі палякамі. Але гэтыя паняцці мелі дзяржаўны характар, а не этнічна-культурны.

На думку Уладыслава Вяльгорскага, усведамленню гістарычнай значнасці польска-літоўскай дзяржаўнай уніі моцна спрыялі падзелы Рэчы Паспалітай. Даследчык прааналізаваў шэраг дакументаў, звязаных з антырасійскімі паўстаннямі. Сярод іх быў і фрагмент Маніфеста Літоўскага Выканаўчага камітэта ад 19 сакавіка 1863 г.: „Суайчыннікі! Палякі паўсталі, каб скінуць ганебнае ярмо […] Літоўскі Выканаўчы камітэт […] заклікае нашых братоў ліцвінаў і беларусаў, чый лёс непадзельна звязаны з Польшчай, да паяднання ўсіх сіл вакол сцяга незалежнасці. Адна мэта аб’ядноўвае ўсіх нас — вызваленне Айчыны. […] Заклікаем усіх, у чыіх грудзях б’ецца польскае сэрца — наперад, пад сцяг Белага Арла і Пагоні!”[90].

Гэты дакумент належаў т.зв. „белым”. Але і „чырвоныя”, якіх Варшава рэзка крытыкавала за „сепаратызм”, не менш востра адчувалі непадзельнасць лёсу „гістарычнай Літвы” і Польшчы. Нават Кастусь Каліноўскі, адзін з „піянераў” беларускага нацыянальнага руху, сумяшчаў у сваёй свядомасці беларускі (дакладней, ліцвінскі) і польскі патрыятызм. Калі нават пагадзіцца з сумненнямі шэрагу беларускіх даследчыкаў (напрыклад, Міхась Біч) у тым, што менавіта К.Каліноўскі — аўтар вядомага „Pisma Jaski hospodara spad Wilni do muzykou ziemli polskaj”, то можна прыгадаць заклік да сумеснага змагання з „братамі з-пад Варшавы”, які ўтрымліваецца ў „Лістах з-пад шыбеніцы”. Можна пагадзіцца з думкай Станіслава Касцялкоўскага, што „ў барацьбе за перамогу паўстання ліцвіны ў той час яшчэ не бачылі ніякай розніцы паміж сабой і палякамі ні ў Літве, ні ў Беларусі”[91].

Пэўная раздвоенасць свядомасці выразна адчуваецца ў літаратурнай творчасці пісьменнікаў-ліцвінаў, пачынаючы ад Адама Міцкевіча. Славуты паэт-ліцвін стаў гонарам і славай польскай паэзіі. Ю.Бардах звярнуў увагу на характэрны фрагмент з ХII раздзела „Кнігі пілігрымства”: „Ліцвін і мазур — браты. Ці сварацца браты ад таго, што аднаго назвалі Ўладыславам, другога — Вітаўтам? Прозвішча ў іх адно, прозвішча Палякаў”[92].

Варта прывесці таксама ацэнку асобы А.Міцкевіча, якая належыць У.Вяльгорскаму. „Міцкевіч быў ліцвінам у тагачасным разуменні гэтага слова. Ён любіў свой родны край і яго мінуўшчыну сыноўняй любоўю. Жаданне вярнуць незалежнасць Вялікага Княства Літоўскага валодала ім цалкам. Адначасова Міцкевіч быў палякам. Ён належаў да польскай культуры і лічыў яе падмуркам духоўнай незалежнасці Айчыны. Незалежнасць Польшчы таксама была ягонай мэтай. Ён не аддзяляў яе ад свабоды Літвы. Абедзве гэтыя праўды аб’яднала ў душы Міцкевіча замілаванне да Рэчы Паспалітай”[93]. Яскравым прыкладам спалучэння ліцвінства і польскасці была таксама творчасць Людвіка Кандратовіча і Юзафа Крашэўскага.

У.Вяльгорскі лічыў, што менавіта гістарычная свядомасць нарадзіла гэты незвычайны для XIХ ст., перыяду нараджэння этнічных нацыяналізмаў, феномен. „Ліцвінства” ён звязваў з паходжаннем з тэрыторыі былога ВКЛ незалежна ад этнічнай і культурнай прыналежнасці, а польскасць лічыў гісторыка-палітычным утварэннем, вынікам гістарычных сувязяў, якія злучалі дзве дзяржавы і народнасці, што насялялі іх. Ён жа падкрэсліў прынцыповае адрозненне гэтай свядомасці ад свядомасці нацыянальнай[94].

Гэты даследчык таксама заўважыў пранікненне польскасці ў беларускую і літоўскую вёску ў перыяд самых моцных антыпольскіх рэпрэсій. На яго думку, гэтаму працэсу моцна спрыяў пачатак літоўскага нацыянальна-культурнага Адраджэння. Нежаданне часткі сялянства прымаць патрабаванні ідэолагаў і кіраўнікоў літоўскага руху падштурхоўвала яе ў бок польскасці[95].

Праблеме паланізацыі шмат увагі аддаў П.Эберхардт. І ён лічыў галоўным фактарам паланізацыі (=самапаланізацыі) прывабнасць польскай культуры[96]. На яго думку, паланізацыя ў I Рэчы Паспалітай ахапіла ўсю шляхту ВКЛ, а аналагічныя працэсы сярод сялянства беларуска-літоўскага краю на мяжы XIХ—ХХ ст. распаўсюдзіліся толькі ў каталіцкіх рэгіёнах заходняй Беларусі побач з польскай і літоўскай этнічнымі тэрыторыямі[97].

Адзначыўшы „прывабнасць” польскай культуры, П.Эберхардт адмовіўся ад адназначнай ацэнкі тэзіса пра цывілізацыйную місію Польшчы на Ўсходзе. Ён звярнуў увагу на працэс „рутэнізацыі” польскіх сялян-перасяленцаў („мазураў-буднікаў”), адзначыў захаванне палітычна-прававой адметнасці ВКЛ у складзе Рэчы Паспалітай, ахарактары заваў т.зв. „ліцвінскі сепаратызм” і падкрэсліў фактар культурных узаемаўплываў, які і вызначыў культурнае развіццё беларуска-літоўскага краю[98]. Аднак той ступені этнакультурнай адметнасці і таго ўзроўню сваеасаблівасці менталітэту літоўскіх палякаў, які дазволіў М.Ромэру, У.Вяльгорскаму і Ю.Бардаху прызнаваць факт існавання асобнага тыпу палякаў („odmiana polskoœci”), П.Эберхардт не заўважыў. Ён ужывае традыцыйнае паняцце „палякі ў Беларусі і Літве”.

Не надае вялікага значэння адметнасці палякаў Беларусі і Літвы i іншы вядомы польскі гісторык Роман Вапіньскі. Ён не лічыць, што гэтая адметнасць дазваляе карыстацца сучасным навукоўцам паняццем „літоўскія палякі”. На яго думку, гэты тэрмін можна ўжыць толькі ў дачыненні да асобных прадстаўнікоў польскай грамадскасці Беларусі і Літвы. Р.Вапіньскі ўвёў у гістарыяграфію паняцце „малая Айчына”[99]. Адной з такіх „малых Айчын” палякаў былі т.зв „Паўночна-ўсходнія крэсы”. Права лічыць іх сваёй Радзімай палякам даводзілася дзяліць з беларусамі і літоўцамі.

Дарэчы, як паказалі даследаванні Лешка Заштаўта, паняцце „крэсы” пашырылася на тэрыторыю „гістарычнай Літвы” якраз у другой палове XIХ ст., г.зн. у час спантаннай паланізацыі вясковага насельніцтва беларуска-літоўскага этнічнага памежжа. Польскі даследчык звязаў замену раней ужыванага тэрміна „землі забраныя” на паняцце „крэсы” з актывізацыяй палітыкі русіфікацыі, з узмацненнем намаганняў расійскіх уладаў даказаць, што „Паўночна-Заходні край” з’яўляецца спрадвечна рускай зямлёй[100]. Польскасць быццам спрабавала ўзяць пэўны ідэалагічны рэванш.

Такім чынам, у сучаснай польскай гістарыяграфіі беларускія і літоўскія палякі часцей трактуюцца як вынік працэсаў паланізацыі карэннага насельніцтва Беларусі і Літвы. Пры гэтым частка навукоўцаў (напрыклад, У.Вяльгорскі і Ю.Бардах) падкрэслівалі пэўную адрознасць гэтых палякаў ад палякаў з этнічнай Польшчы. Яны досыць шырока ўжывалі паняцце „літоўскія палякі”. Іншыя даследчыкі (напрыклад, П.Эберхардт і Р.Вапіньскі) лічаць беларускіх і літоўскіх палякаў часткай польскай нацыі, якая апынулася ў больш цяжкіх гістарычных абставінах і не здолела захаваць усе польскія этнакультурныя рысы. Яны карыстаюцца традыцыйным паняццем „палякі ў Беларусі і Літве”.

Само паняцце „паланізацыі” звычайна трактуецца як „самапала нізацыя”, як добраахвотны выбар. Гэты тэзіс мае пэўнае абгрунтаван не. Як ужо адзначалася, Рэч Паспалітая не была нацыянальнай дзяржавай у сучасным разуменні гэтага слова. А ў перыяд фармавання нацый Польшча як дзяржава проста не існавала, і дзяржаўных механізмаў для правядзення палітыкі асіміляцыі, напрыклад, беларусаў і літоўцаў, палякі не мелі. Аднак пры гэтым нельга забываць пра існаванне пэўных рэлігійных, культурных і сацыяльных інстытутаў (каталіцкі касцёл, афіцыйная школа ў першай трэці XIХ ст., мясцовая адміністрацыя да паўстання 1863—1864 г., тайная школа ў другой палове XIХ — пачатку ХХ ст., маёнтак), якія адыгрывалі значную ролю ў пашырэнні польскасці нават пры адсутнасці польскай дзяржавы.

Праблема паланізацыі непасрэдна звязана з аналізам польскай грамадскасці як сацыяльнага феномена. У сувязі з гэтым трэба разгледзець пытанне пра колькасць польскага насельніцтва беларуска-літоўскага краю[**]. Тэрыторыя сучасных Беларусі і Літвы ў канцы XIХ — пачатку XX ст. амаль цалкам уваходзіла ў межы шасці губерняў: Віленскай, Віцебскай, Гарадзенскай, Ковенскай, Магілёўскай і Менскай. Па дадзеных Першага ўсеагульнага перапісу насельніцтва Расійскай імперыі 1897 г. тут жылі каля 10 100 тыс. чал.[101] Цывільнае насельніцтва паводле падлікаў польскага даследчыка Влодзімежа Вакара складала 9 917 тыс. чал.[102]

Гістарыяграфія пытання пра колькасць палякаў Беларусі і Літвы на мяжы XIХ—ХХ ст. даволі багатая. Але практычна для ўсіх даследчыкаў адной з галоўных крыніц з’яўляюцца звесткі Першага ўсеагульнага перапісу насельніцтва Расійскай імперыі 1897 г. Дзеля вызначэння нацыянальнай структуры насельніцтва гісторыкі звычайна карыстаюцца звесткамі па роднай мове і канфесійнай прыналежнасці. Прычым, пры пэўным спрошчаным поглядзе на гістарыяграфічную сітуацыю, можна сцвярджаць што беларускія, літоўскія, расійскія і нямецкія даследчыкі галоўную ўвагу аддаюць дадзеным па роднай мове, а польскія навукоўцы — паказчыкам канфесійнай прыналежнасці.

Прадстаўнікі беларускай навукі (як і расійскай) пры вызначэнні нацыянальнасці часта абсалютызуюць крытэрый роднай мовы. У адпаведнасці з такім падыходам колькасць палякаў Беларусі і Літвы ў канцы XIХ — на пачатку ХХ ст. не перавышае 5,6% (563,8 тыс. чал.)[103]. Але трэба прызнаць, што грунтоўны гістарычны, статыстычны і дэмаграфічны аналіз матэрыялаў перапісу 1897 г., асабліва ў дачыненні да этнакультурных паказчыкаў у беларускай і расійскай навуцы, адсутнічае.

Падобны аналіз паспрабавалі зрабіць польскія навукоўцы. Практычна ўсе яны прыйшлі да высновы, што колькасць польскамоўнага і каталіцкага насельніцтва шасці „паўночна-заходніх ” губерняў была свядома заніжана ў палітычных мэтах. Уласныя падлікі польскіх даследчыкаў далі вынікі, якія значна перавышалі колькасць палякаў, якую зафіксавала афіцыйная расійская статыстыка.

Леон Васілеўскі сцвярджаў, што ў Беларусі і Літве пры канцы XIХ ст. жылі да 1 млн. палякаў (10% ад усяго насельніцтва)[104]. Ян Чэканоўскі налічыў у Беларусі і Літве нават 6,5 млн. палякаў (65%)[105]. Еўгеніуш Ромэр — 3 242 тыс. (32%)[106]. Аднак методыка гэтых падлікаў не раскрывалася.

Эдвард Малішэўскі прыйшоў да высновы, што ў Беларусі і Літве ў 1914 г. жылі 1,5 млн. палякаў[107]. Гэтая лічба атрымалася ў выніку залічэння да палякаў усіх каталікоў Вільні, паловы дробнай шляхты Віленскай губерні, паловы сялян каталіцкага веравызнання Гарадзенс кай губерні, амаль усіх сялян-каталікоў Віцебскай губерні і г.д.

Не прыняў дадзеных расійскіх перапісаў і вядомы польскі навуковец пачатку XX ст. Влодзімеж Вакар. Ён таксама лічыў, што „незаўважаных” расійскай статыстыкай палякаў трэба шукаць сярод катэгорыi «беларусы каталіцкага веравызнання “. У выніку ўласных разлікаў Влодзімеж Вакар сцвярджаў, што ў 1897 г. у Беларусі і Літве жылі больш за 1 612 тыс. палякаў (16,3% ад усяго насельніцтва), а ў 1909 г. — больш за 1 846 тыс. (16,1%)[108].

Метадалагічныя падыходы В.Вакара ў значнай ступені падзяляе сучасны польскі даследчык Пётр Эберхардт[109]. Ён таксама ўпэўнены, што толькі веравызнанне можа быць надзейнай падставай вызначэння нацыянальнасці насельніцтва, якое жыло на беларуска-польскім памежжы пры канцы XIХ ст.[110] Тым не менш Пётр Эберхардт прызнаў, што беларусы сустракаліся і сярод каталікоў. Але ён лічыць, што гэта мела месца толькі ў цэнтральнай і ўсходняй частках Беларусі, дзе беларускія каталіцкія вёскі былі адарваныя ад згуртаванага каталіцкага рэгіёна[111].

У выніку падлікаў П.Эберхардта атрымалася, што на мяжы стагоддзяў агульная колькасць цывільнага насельніцтва Беларусі (у сучасных дзяржаўных межах) складала 6424,2 тыс. чал. Беларусаў было каля 4356,2 тыс., або 67,8%, габрэяў — 910,9 тыс., або 14,2%, палякаў — 838,9 тыс., або 13,0%, рускіх — 224,5 тыс., або 3,5%[112].

У працы, прысвечанай нацыянальным змяненням у Літве, Пётр Эберхардт для мяжы XIХ—ХХ ст. прыняў разлікі Влодзімежа Вакара. У адпаведнасці з імі ў 1897 г. у Літве (у сучасных дзяржаўных межах) літоўцы складалі 56,8% (1271,1 тыс.), палякі — 20,6% (461,6 тыс.), габрэі — 14,3% (320,8 тыс.), рускія — 4,1% (92,4 тыс.), беларусы — 1,2% (26,0 тыс.). (Усяго — 2238,5 тыс.)[113] Літоўскі дэмограф П.Гаўчас не пагадзіўся з імі. Паводле ягоных даследаванняў усё насельніцтва Літвы (у сучасных межах) пры канцы XIХ ст. складала 2673,3 тыс. чал. Сярод іх літоўцаў было 1645,8 тыс. (61,6%), габрэяў — 350,5 тыс. (13,1%), палякаў — 258,9 тыс. (9,7%), беларусаў — 126,0 тыс. (4,7%), рускіх — 128,1 тыс. (4,8%)[114]. Як відаць, найбольшыя разбежнасці датычаць колькасці палякаў і беларусаў. У цэнтры спрэчкі па-ранейшаму застаецца праблема нацыянальна га самавызначэння славянскага насельніцтва каталіцкага веравызнання.

Падыход бальшыні польскіх навукоўцаў да праблемы нацыяналь най прыналежнасці насельніцтва Беларусі і Літвы на мяжы стагоддзяў выклікае пэўныя пярэчанні. Нельга цалкам ігнараваць (як і абсалютызаваць) такую прыкмету нацыянальнасці, як родная мова, нават, калі яе лічаць „простай”, а не беларускай. Мова заўсёды была істотнай адзнакай этнасу. Безумоўна, і веравызнанне было (і застаецца!) важным фактарам нацыянальнай свядомасці, менталітэту і нават прыналежнасці да пэўнага культурнага тыпу. Праваслаўны беларускі селянін з-пад Віцебска сваім светапоглядам і культурнымі звычкамі моцна адрозніваўся ад беларуса-каталіка з-пад Гародні. Але атаясамліванне каталіцызму з польскасцю не дазваляе зразумець многія працэсы беларускай гісторыі, у т.л. беларускае нацыянальна-культурнае Адраджэнне пачатку ХХ ст., палітычную пазіцыю многіх дзеячаў Беларускай Народнай Рэспублікі (1918) і інш.

Трэба прызнаць, што дакладную колькасць палякаў Беларусі і Літвы на мяжы стагоддзяў вызначыць немагчыма. І галоўная прычына хаваецца ў стане нацыянальнай ідэнтыфікацыі славянскага сялянскага насельніцтва Беларусі і Літвы, а гэта значыць, галоўным чынам, палякаў і беларусаў. Значная частка гэтага насельніцтва не вызначала ўласную нацыянальнасць у адпаведнасці з сучасным разуменнем „нацыянальнага”. Нават саманазвы „беларусы” і „ліцвіны” звычайна ўжываліся як тапонімы. Сяляне паўночна-заходняй і цэнтральнай часткі Беларусі нярэдка называлі сябе „тутэйшымі”[115]. Тэрміны „палякі” і „рускія” выкарыстоўваліся як канфесіонімы. Дзяленне гэтых людзей па нацыянальнай прыкмеце выглядае як пэўная мадэрнізацыя гісторыі. Аднак такія падлікі трэба рабіць, бо цалкам свабоднымі ад нацыяналь най самасвядомасці гэтыя групы насельніцтва на мяжы стагоддзяў ужо не былі. А як падставу для далейшых разважанняў можна прыняць тэзіс, што колькасць палякаў не была меншай за 563,8 тыс. (5,6%) і не перавышала 1 612,3 тыс. (16,3%).

Дадзеныя перапісу 1897 г. дазваляюць таксама ўявіць у агульных рысах саслоўную структуру польскага насельніцтва. Адразу кідаецца ў вочы даволі вялікая колькасць патомнай шляхты сярод палякаў. Па падліках Міхася Біча, сярод палякаў Віленскай, Віцебскай і Ковенскай губерняў удзельная вага гэтай шляхты складала 24%, а сярод палякаў Менскай, Магілёўскай і Віцебскай губерняў — 29%[116]. (Для параўнання рускае патомнае дваранства — 5,3% ад усіх рускіх, а беларускае — 1,6% ад усіх беларусаў.) Колькасна пераважалі сяляне — 40,2%[***]. А вось па падліках польскіх даследчыкаў сяляне складалі да 80% усяго польскага насельніцтва Беларусі і Літвы. Але не сяляне, а буйныя землеўласнікі (ziemiaсœtwo) і інтэлігенцыя былі галоўнай сілай польскага руху ў Беларусі і Літве на пачатку ХХ ст. Выявіць іх дакладную колькасць даволі цяжка. Перапісы такіх дадзеных не прыводзяць. Ёсць, праўда, падлікі Міністэрства ўнутраных справаў за 1905 г., дзе пазначана колькасць польскіх землеўласнікаў. Аднак параўнанне іх з дадзенымі перапісу 1897 г. паказала, што Міністэрства аднесла да палякаў усіх землеўласнікаў каталіцкага веравызнання. Усяго выходзіла, што ў шасці беларуска -літоўскіх губернях налічвалася 15 752 землеўласнікі каталіцкага веравызнання (75,0% ад агульнай колькасці землеўласнікаў) і валодалі яны 5 460 933 дзесяцінамі зямлі (61,6% ад усіх прыватнаўласніцкіх земляў)[117].

Праблемай памераў польскага землеўладання ў Беларусі і Літве найбольш грунтоўна займаліся польскія гісторыкі. Эдвард Чыньскі сцвярджаў, што ў канцы XIX — пачатку ХХ ст. у Віленскай, Ковенскай і Гарадзенскай губернях палякі валодалі 25,0% агульнай зямельнай плошчы[118]. Влодзімеж Вакар лічыў, што ў гэтых губернях палякам належала 38,3% усіх земляў. Прычым памеры прыватнаўласніцкага польскага землеўладання ва ўсіх шасці беларуска-літоўскіх губернях складалі, на яго погляд, крыху больш за 6 млн. дзесяцін (53,0%)[119]. Леон Васілеўскі называў лічбу 50,6% прыватнаўласніцкіх земляў[120], а Эдвард Малішэўскі — 48,6%[121].

Можна сцвярджаць, што прыблізна палова (50,0%—55,0%) усіх земляў, якія знаходзіліся ў прыватнай уласнасці, належала беларускім і літоўскім землеўласнікам-палякам.

Варта падкрэсліць і тое, што колькасць польскага насельніцтва сярод інтэлігенцыі і прадстаўнікоў улады і права ў Беларусі і Літве значна перавышала працэнтную вагу палякаў сярод усіх жыхароў краю.

Відавочна, што па сваім сацыяльным, культурным і гаспадарчым становішчы вярхі польскай грамадскасці былі прыкметнай грамадскай сілай. Прыведзеныя лічбы дазваляюць зрабіць выснову пра значны палітычны патэнцыял польскага насельніцтва. Царская адміністрацыя, прымаючы тое ці іншае рашэнне, якое датычыла Беларусі і Літвы, павінна была лічыцца з адносінамі да яго польскага насельніцтва і асабліва землеўласнікаў і інтэлігенцыі. Менавіта яны вызначалі характар польскага нацыянальнага руху ў краі. Важную ролю ў польскім руху адыгрывала таксама каталіцкае духавенства. Атаясамліванне польскасці і каталіцызму славянскай часткай вернікаў-каталікоў стварала магчымасці для актывізацыі не толькі рэлігійнай, але і грамадскай дзейнасці касцёла.

Кароткі агляд беларускай, літоўскай і польскай гістарыяграфіі дазваляе паставіць цэлы шэраг пытанняў, на якія яшчэ не дала адказу гістарычная навука. Па-першае, застаецца праблема тэрміналогіі. Усе разважанні пра мэтазгоднасць выкарыстоўвання паняцця „літоўскія палякі” (і блізкіх да яго) звычайна грунтуюцца на аналізе ментальнасці палякаў Беларусі і Літвы. Прычым на першы план выходзяць тыя асаблівасці ментальнасці, якія адрозніваюць мясцовых палякаў ад палякаў з тэрыторыі этнічнай Польшчы. Выкарыстанне паняцця „палякі ў Беларусі і Літве” (і блізкіх да яго) праблему свядомасці палякаў беларуска -літоўскага краю ігнаруе. Пры гэтым польская грамадскасць Беларусі і Літвы разглядаецца як неад’емная частка польскай нацыі. Вырашэнню гэтай праблемы можа спрыяць аналіз грамадска-палітычнай і культурнай дзейнасці палякаў Беларусі і Літвы ў другой палове XIХ (пасля разгрому паўстання 1863-1864 г.) і да 1918 г., калі нарадзілася польская нацыянальная дзяржава. Гэты аналіз дазволіць ацаніць значнасць тых асаблівасцяў ментальнасці мясцовай польскай грамадскасці, якія ігнаруюцца аднымі даследчыкамі і ацэньваюцца як вызначальны фактар іншымі.

Патрабуе спецыяльнай увагі рэлігійная, культурная і грамадска -палітычная дзейнасць каталіцкага духавенства, асабліва з ліку мясцовых нараджэнцаў, якія добра разумелі і адчувалі настроі значнай часткі палітычна і грамадска актыўнага насельніцтва Беларусі і Літвы.

Важнай уяўляецца праблема адносін мясцовай польскай грамадскасці як да агульнапольскага нацыянальнага руху, так і да беларускага і літоўскага культурнага Адраджэння. Як актывізацыя нацыянальных працэсаў паўплывала на эвалюцыю свядомасці мясцовай польскай грамадскасці? Ці магчымае выкарыстанне паняцця „літоўскія і беларускія палякі” ў сэнсе этнакультурным, г.зн. так, як усё часцей на пачатку ХХ ст. разумеюць „Літву” літоўцы, а „Беларусь” беларусы? Вядома, што асобныя прадстаўнікі мясцовай польскай грамадскасці сталі вядомымі дзеячамі беларускага руху (Раман Скірмунт), прымалі актыўны ўдзел у будаўніцтве літоўскай дзяржавы (Міхал Ромэр). Ці існуе сувязь паміж гэтымі працэсамі і феноменам паланізацыі для другой паловы XIХ — пачатку ХХ ст.? Важна таксама зразумець прычыны гэтай спантаннай паланізацыі і рэальныя механізмы пашырэння польскіх уплываў у атмасферы расійска-польскага супрацьстаяння. На многія з гэтых пытанняў дасць адказ аналіз феномена краёвасці і ролі краёўцаў у польскім нацыянальным руху ў Беларусі і Літве на пачатку ХХ ст. Краёвая ідэя ў гэты час складала годную канкурэнцыю польскай нацыянальнай ідэі.

* Выключэннем з’яўляецца толькі ацэнка палітыкі ўладаў II Рэчы Паспалі­тай на тэрыторыі Заходняй Беларусі ў 20—30–я г. ХХ ст., якую ўсё часцей характарызуюць як палітыку нацыянальнага ціску і гвалту.
** Больш падрабязна гэтае пытанне разглядалася аўтарам ў рукапісе падрыхтаванай да друку манаграфіі «Палякі Літвы і Беларусі ў рэвалюцыі 1905—1907 гг.».
*** Гэтыя разлікі былі зроблены ў межах падыходу, характэрнага для беларускай і расійскай гістарыяграфій.


[1] Карашчанка І., Валахановіч А. Палякі // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. Т.5. Мінск, 1999. С. 393; Карашчанка І. Палякі // Этнаграфія Беларусі. Мінск, 1989. С. 381­—382.
[2] Пилипенко М. Возникновение Белоруссии. Минск, 1991. С. 98.
[3] Werenicz W. Historyczne i kulturalne podstawy świadomości narodowej Polaków w Związku Radzieckim (na przykładzie Białorusi) // Polacy w kościele katolickim w ZSSR. Pod red. ks. E.Walewandra. Lublin, 1991. S. 207.
[4] Гл., напр.: Klimas P. Litwa — jej mieszkańcy i granice. Wilno, 1919. S. 19.
[5] Werenicz W. Historyczne i kulturalne… S. 200.
[6] Народная газета. 1993, 27 мая.
[7] Нарысы гісторыі Беларусі: У 2 ч. Пад рэд. М.Касцюка і інш. Ч 1. Мінск, 1994. С. 381.
[8] Тамсама. С. 399.
[9] Тамсама. С. 299–300.
[10] Житко А. Национальный состав дворянства Белоруссии по данным первой всеобщей переписи населения Российской империи 1897 г. // Усебеларуская канферэнцыя гісторыкаў. Тэзісы дакладаў і паведамленняў. Ч. 1. Гісторыя Беларусі. Мінск, 1993. С.129.
[11] Лыч Л., Навіцкі У. Гісторыя культуры Беларусі. Мінск, 1996. С. 158.
[12] Цыт. па: Карев Д.В. Белорусская историография конца ХVII — нач. ХХ в. (Политика царизма и формирование исторической мыслі Белоруссии) // Наш радавод. Кн. 5, ч. 2. Гродна, 1993. С. 308.
[13] Narbutt T. Dzieje narodu litewskiego w krótkości zebrane. Wilno, 1847. S. 213.
[14] Цыт. па: Bardach J. O dawnej i niedawnej Litwie. Poznań, 1988. S. 214.
[15] J…i B. [B.Jałowiecki]. Litwa i jej potrzeby. Narodowy katechizm Litwy. Wilno, 1905. S. 4—5.
[16] Ibidem. S. 5.
[17] Römer M. Litwa. Studium odrodzenia narodu litewskiego. Lwów, 1908. S. 27.
[18] Werenicz W. Historyczne i kulturalne… S. 200–201.
[19] Budny M. Bronisław Piłsudski. Życie i twórczość // Niepodległość. T.XXI. 1988. S. 184.
[20] Römer M. Dwie teorie o Polakach litewskich // Zeszyty historyczne. Z.106. Paryї, 1993. S.132; Rцmer M. Odpowiedź Juzefowi Piłsudskiemu // Znak. 1989. Nr 6. S. 72—75. („Odpowiedź” была напісана ў 1922 г.).
[21] Römer M. Dwie teorie… S. 134.
[22] Głoger Z. Polska i Litwa // Kwestija litewska w prasie polskiej. Warszawa, 1905; Wasilewski L. Kresy wschodnie. Warszawa, 1917. S. 35; Wielhorski W. Polska a Litwa. Stosunki wzajemne w biegu dziejów. Londyn, 1947. S.25.
[23] Wasilewski L. Kresy… S. 35.
[24] Wielhorski W. Polska a Litwa… S.27.
[25] Wasilewski L. Kresy… S. V; Wakar W. Rozwój terytoryalny narodowości polskiej. Część III. Kielce, 1917. S. 2.
[26] Wasilewski L. Kresy… S. 35.
[27] Jurkiewicz J. Osadnictwo Polskie w Wielkim Księstwie Litewskim w światle badań historycznych // Acta Baltico–Slavica. T. 22. 1994. S. 239.
[28] Ibidem. S. 240.
[29] Wielhorski W. Polska a Litwa… S. 219.
[30] Jurkiewicz J. Osadnictwo Polskie… S. 250.
[31] Topolska M. Polacy w Wielkim Księstwie Litewskim w XVI—XVIII w. (Przyczynek do dziejów polskiej emigracji na Wschód w okresie Staropolskim) // Lituano–Slavica Poznaniensia. Studia Historica. T. II. 1987. S. 150–158.
[32] Jurkiewicz J. Osadnictwo Polskie… S. 247.
[33] Ibidem. S. 244.
[34] Ibidem. S. 254.
[35] Wielhorski W. Polska a Litwa… S. 219.
[36] Bardach J. O Litwie dawniej i niedawniej… S. 197–198.
[37] Wandycz P. Pod zaborami. Ziemie Rzeczypospolitej w latach 1795–1918. Warszawa, 1994. S. 483.
[38] Karp M. „Nawet nie mieliśmy dla nich nazwy“ // Znak. 1989. Nr 6.
[39] Gizbert–Studnicki W. Mickiewicz i jego kraj. Chicago, 1955. S.7.
[40] Eberhardt P. Polska ludność kresowa. Rodowód, liczebność, rozmieszczenie. Warszawa, 1998. S. 47.
[41] Ibidem. S. 58.
[42] Miknys R. O „Dzienniku“ Michała Römera //  Lithuania. 1998. Nr 4(29)  і іn.
[43] Sawicki J. Michał Römer a problemy narodowościowe na ziemiańh byłego Wielkiego Księstwa Litewskiego. Toruń, 1998.
[44] Довнор–Запольский М. Исследования и статьи. Т.1. Киев, 1909. С. 330–335.
[45] Доўнар–Запольскі М. Гісторыя Беларусі. Мінск, 1994. С. 263. (У цытаваных беларускамоўных тэкстах захоўваюцца ўсе асаблівасці арыгіналу).
[46] Власт [Ластоўскі В.] Кароткая гісторыя Беларусі. Мінск, 1992. С. 47.
[47] Тамсама.
[48] Ігнатоўскі У. Кароткі нарыс гісторыі Беларусі. 5 выд. Мінск, 1991. С. 140.
[49] Гл., напр.: Гісторыя Беларускай ССР: У 5 т. Т.1. Мінск, 1972. С. 268, 519 і інш.
[50] Гарошка Л. Прычыны палянізацыі на Беларусі. Найбольш распаўсюджаны пагляд // Свіцязь. 1994.  №1. С. 99 (перадрук з выд. Божым шляхам. 1955.  № 68–69).
[51] Тамсама. С. 104.
[52] Цыт. па: Гарошка Л. Пад знакам „рускае” і „польскае” веры // Спадчына. 2000. №1. С. 142.
[53] Тамсама. С. 143.
[54] Нарысы гісторыі Беларусі: У 2 ч. Ч 1. Мінск, 1994.  С.296, 342, 416, 426–427 і інш.
[55] Біч М. Беларускае Адраджэнне ў XIХ — пачатку ХХ ст. Мінск, 1993. С. 4.
[56] Лыч.Л., Навіцкі У. Гісторыя культуры Беларусі. Мінск, 1996. С. 53.
[57] Тамсама. С. 55.
[58] Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. Т.5. Мінск, 1999. С. 393–394.
[59] Тамсама. С. 393–394.
[60] Тамсама. С. 380.
[61] Werenicz W. Historyczne i kulturalne… S. 201, 211.
[62] Пилипенко М. Возникновение Белоруссии. С. 99.
[63] Werenicz W. Historyczne i kulturalne… S. 201—202.
[64] Ibidem. S. 203—204.
[65] Miknys R. Wilno — miasto wielonarodowe i punkt zapalny w stosunkach polsko–litewskich // Tematy polsko–litewskie. Historia. Literatura. Edukacja. Olsztyn, 1999. S. 86.
[66] Gudavičius E. Jak pojawił się model europejskiej kultury Litwinów // Lithuania. 1999. №1/2 (30/31).  S. 50.
[67] Bumblauskas A. Polonizacja Litwy jako problem w historiografii // Lithuania. 1999. №1/2 (30/31).  S. 45.
[68] Venclova T. Litwo, Ojczyzna nasza // Tematy polsko–litewskie. Historia. Literatura. Edukacja. Olsztyn, 1999.  S. 151.
[69] Narbutt T. Dzieje narodu litewskiego… S.  235.
[70] Живописная Россия. Отечество наше в его земельном, историческом, племенном, экономическом и бытовом значении. Под ред. П.Семёнова. Т. 3. С.–Петербург—Москва. 1882. С. 135–136.
[71] Römer M. Stosunki etnograficzno–kulturalne na Litwie. Kraków, 1906. S. 18.
[72] Römer M. Litwa. Studium odrodzenia… S. 18.
[73] Ibidem. S. 24.
[74] Römer M. Dwie teorie o polakach… S. 136.
[75] Ibidem. S. 133.
[76] Ibidem. S. 6.
[77] Wasilewski L. Kresy wschodnie… S. VI.
[78] Ibidem. S. VII.
[79] Ibidem. S. 42.
[80] Kurier litewski. 1905. № 10.
[81] Kurier litewski. 1906. № 38.
[82] Wakar W. Rozwój terytoryalny narodowości polskiej. Część III. Statystyka narodowościowa kresów wschodnich. Kielce, 1917. S. 10.
[83] Turska H. O powstaniu polskich obszarów językowych na Wileńszyźnie // Studia nad polszczyzną kresоwą. T. 1. Wrocław, 1982. S. 57.
[84] Ibidem. S. 59.
[85] Bardach J. O dawnej i niedawnej Litwie… S. 199.
[86] Ibidem. S. 202.
[87] Jurkiewicz J. Osadnictwo Polskie… S. 246.
[88] Ibidem. S. 254.
[89] Bardach J. O dawnej i niedawnej Litwie… S. 201–202.
[90] Цыт. па:Wielhorski W. Stosunki narodowościowe, wyznaniowe i językowe w Wielkim Księstwie Litewskim//Dzieje ziem Wielkiego Księstwa Litewskiego. Alma Mater Vilnensis. T.III. Londyn, 1953. S. 145.
[91] Kościałkowski S. Rzeczpospolita obojga narodów. B.Wiek XIX i początek wieku XX (do 1915 r.) // Dzieje ziem Wielkiego Księstwa Litewskiego. Alma Mater Vilnensis. T.III, Londyn. 1953. S. 92.
[92] Цыт. па: J.Bardach. O dawnej i niedawnej Litwie… S.207.
[93] Wielhorski W. Narodowość Mickiewicza w światle współczesnej socjologii i etnografii // Alma Mater Vilnensis. Prace zebrane. Londyn, 1958. S.112.
[94] Ibidem. S. 112.
[95] Idem. Polska a Litwa… S. 255.
[96] Eberhardt P. Polska ludność kresowa… S. 45.
[97] Ibidem. S. 49.
[98] Ibidem. S. 26—29.
[99] Wapiński R. Polska i małe ojczyzny Polaków. Wrocław, 1994. S.10.
[100] Zasztowt L. Kresy 1832—1864. Szkolnictwo na ziemiach litewskich i ruskich dawnej Rzeczypospolitej. Warszawa, 1997. S. 24.
[101] Первая всеобщая перепись населения Российской империи. 1897 г. Т. II, IV, XI, XVII, XXII, XXIV. С.–Петербург, 1904–1905.
[102] Wakar W. Rozwój terytoryalny narodowości polskiej. Struktura narodowościowa kresów wschodnich. Cz. III. Kielce, 1917.  S. 20.
[103] Смалянчук A. Колькасць і сацыяльная структура польскага насельніцтва ў Беларусі і Літве ў канцы XIХ — пачатку ХХ ст. // Усебеларуская канферэнцыя гісторыкаў. Ч. 1. С. 129.
[104] Wasilewski L. Litwa i jej ludy. Warszawa, 1907. S. 13.
[105] Czekanowski J. Stosunki narodowościowo–wyznaniowe na Litwie i Rusi w światle żródeł oficyjnych. Lwów, 1918.  S. 12.
[106] Цыт. па: Czekanowski J. Stosunki narodowościowo–wyznaniowe… S. 14.
[107] Maliszewski E. Polacy i polskość na Litwie i Rusi.  Warszawa, 1914. S. 26.
[108] Wakar W. Rozwój terytoryalny narodowości polskiej. Struktura narodowościowa kresów wschodnich. Cz. III. Kielce, 1917. S. 19–20.
[109] Eberhardt P. Przemiany narodowościowe na Białorusi. Warszawa, 1994; Яго ж. Przemiany narodowościowe na Litwie; Яго ж. Дэмаграфічная сітуацыя на Беларусі: 1897—1989.
[110] Эберхардт П. Дэмаграфічная сітуацыя… C. 31.
[111] Тамсама. С. 38.
[112] Тамсама. С. 45.
[113] Eberhardt P. Przemiаny narodowościowe na Litwie. S. 52.
[114] Цыт. па: Eberhardt P. Przemiаny narodowościowe na Litwie. S. 59.
[115] Чаквін I., Юхо I. Беларусы // Этнаграфія Беларусі. Энцыклапедыя. Мінск, 1989. С. 68.
[116] Нарысы гісторыі Беларусі: У 2 ч. Ч. 1. С. 333.
[117] РДГА. Ф. 1276, Воп. 1. Спр. 106. А. 62 адв.— 67 адв.
[118] Цыт. па: Wakar W. Rozwój terytoryalny narodowości polskiej… S. 60.
[119] Ibidem. S. 60.
[120] Wasilewski L. Litwa i jej ludy. S.15.
[121] Maliszewski E. Polacy i polskość na Litwie i Rusi. S.14–26.

Наверх

Ганна Харашкевіч. Водгук на рукапіс калектыўнай працы «Белоруссия в ХIII — середине XVI в

Чэрвеня 20, 2000 |


Публікацыяй водгуку Ганны Леанідаўны Харашкевіч на рукапіс легендарнай працы, што выклікала столькі размоў у асяроддзі гісторыкаў, але так і не пабачыла свету, рэдакцыя БГА адкрывае новую рубрыку „З архіва гісторыка“, у якой будзе змяшчаць даўнія рэцэнзіі і водгукі з прыватных архіваў вучоных, г.зн. тэксты, якія пісаліся не для публікацыі, але рэальна ўплывалі на ландшафт нашай гістарыяграфіі.

ВОДГУК
на рукапіс калектыўнай працы
«Белоруссия в ХIII — середине XVI в.
(Очерки социально-экономической,
общественно-политической и культурной жизни»

Поспехі савецкай медыявістыкі несумненныя. На аснове крыніц, якія наноў уводзяцца ў навуковы зварот, з дапамогай больш глыбокай методыкі даследавання старых, даўно апублікаваных крыніц савецкія гісторыкі, кіруючыся прынцыпамі гістарычнага матэрыялізму, у новым святле паказваюць гісторыю розных народаў Савецкага Саюза.

Перад аўтарамі рэцэнзаванай манаграфіі стаяла складаная задача — абагульніць вынікі прац буржуазных вучоных у галіне як сацыяльна–эканамічнай гісторыі (за выключэннем прац А.П.Грыцкевіча, М.Ф.Спірыдонава і часткова З.Ю.Капыскага па–даследчыцку перыядам ХIII — першай паловы XVI ст. у Беларусі ніхто не займаецца), так і сацыяльна–палітычнай. Крыху ў лепшым становішчы знаходзіўся аўтар раздзелаў па гісторыі культуры, якой у апошні час быў прысвечаны шэраг даследаванняў (праўда, у асноўным пра матэрыяльную культуру, спецыяльных манаграфій пра духоўную культуру Беларусі эпохі Сярэднявечча няма).

Няма і адзінай канцэпцыі развіцця беларускіх земляў у эпоху станаўлення беларускай народнасці, няма ацэнкі месца гэтых земляў у агульным працэсе эвалюцыі феадалізму ва Усходняй і Цэнтральнай Еўропе. Цалкам адсутнічаюць параўнальна–гістарычныя працы, у якіх усебакова былі б паказаны своеасаблівасць і агульныя заканамернасці развіцця Беларусі ХIII — першай паловы XVI ст. Ускладняюць становішча аўтараў і тыя абставіны, што за выняткам «Белоруссии эпохи феодализма» сучасных публікацый крыніц па гэтым перыядзе няма. Матэрыял беларускіх і цэнтральных архіваў калі і ўводзіцца ў навуковы зварот, то без удзелу гісторыкаў Беларусі (летапісы выдае М.М.Улашчык, актавы матэрыял амаль не публікуецца).

У рэцэнзаванай манаграфіі, як у люстэрку, адбіліся ўсе моцныя і слабыя бакі сучаснай беларускай гістарыяграфіі перыяду Сярэднявечча: палкае жаданне зрабіць даступным шырокім народным масам уяўленне пра эпоху фармавання беларускай народнасці, энергічная крытыка схемаў эмігранцкай літаратуры (на жаль, толькі беларускай), з аднаго боку, і, з другога, недастаткова выразнае арыентаванне ў розных аспектах таго «жыцця» Беларусі, якое аўтары імкнуцца выявіць, менавіта «выявіць», а не даследаваць (параўн. с.6 «Введения»).

Пачнем з «Уводінаў» (аўтары В.І.Мялешка, З.Ю.Капыскі). На с.6 з’яўляецца згадка пра «дадзеную праблему», якой нібыта будзе прысвечана кніга. Аднак што гэта за «праблема», чытачу застаецца незразумелым пад час чытання не толькі «Введения», але і ўсёй кнігі. На с.1—2 пастулюецца шэраг палажэнняў, якія маглі б служыць высновамі, калі б адпавядалі ісціне — пра ўсталяванне «сталых формаў, уласцівых развітому феадальнаму спосабу вытворчасці», «сістэмы васальнай залежнасці», «завяршэнне фармавання класаў–саслоўяў» і г.д. На аснове гэтых фармулёвак можа скласціся ўражанне, што «сталыя формы … развітога феадалізму» Беларусі ніколькі не адрозніваюцца ад класічнага, якім да сёння лічыцца, напрыклад, французскі. Пра гэта проста сказана на с.3: «улучэнне … беларускіх земляў у Літоўскую … дзяржаву паскорыла (першапачаткова было: «у ім») фармаванне класічных формаў феадальнага грамадства і дзяржавы…». Зноў класічны ўзор феадалізму ў Беларусі і нават болей — у ВКЛ… На жаль, аўтары мінаюць канкрэтныя асаблівасці развіцця Беларусі і не ставяць задачы вывучэння своеасаблівасці гэтага раёна Еўропы перад аўтарамі калектыўнай працы.

У кароткай ацэнцы гістарыяграфіі, прапанаванай аўтарамі «Ўводзінаў», пераважае інтарэс да нацыянальных аспектаў гісторыі дзяржаўнасці, пра класавы ж падыход да гісторыі дзяржавы, узорамі якога могуць быць шэраг прац У.І.Леніна — «О государстве» і інш., яны не згадваюць. Нават крытыка эмігрантаў, у тым ліку і Г.Пашкевіча, вядзецца, у асноўным, з пазіцый нацыянальных (с.6). Істотная, на наш погляд, не столькі этнічная прыналежнасць князёў і феадалаў, колькі класавая — літоўскія і беларускія феадалы разам з украінскімі дзялілі пірог, спечаны народамі беларускім, украінскім і літоўскім. І ва «Ўводінах», і ў раздзеле «Гістарыяграфія» (аўтар А.М.Карпачоў) неабходна выкрыць схемы не толькі адных беларускіх нацыяналістаў–эмігрантаў, але і літоўскіх, і ўкраінскіх. Іх пазіцыі супрацьпаставіць пазіцыю марксісцкіх савецкіх гісторыкаў, паслядоўных інтэрнацыяналістаў.

Гістарыяграфічны раздзел (§ 1 раздзелу I) прысвечаны толькі двум пытанням — характару ўлучэння беларускіх земляў у Літоўскае Княства і ролі іх у ВКЛ. Думаецца, такое звужэнне тэмы неправамернае. І па сутнасці, бо кніга прысвечана асвятленню ўсіх бакоў жыцця беларускіх земляў, і фармальна, бо некаторыя раздзелы ўяўляюць з сябе сістэматызаваны пераказ назіранняў М.К.Любаўскага, М.В.Доўнара–Запольскага, а характарыстыкі іх поглядаў няма. Між тым, погляды М.К.Любаўскага на гісторыю Русі сталі прадметам спецыяльнай увагі Д.У.Карава. Павярхоўна дадзена характарыстыка прац Е.Ахманьскага і М.Космана; С.Александровіч, Л.Калянкоўскі, Ю.Бардах не згаданыя.

Эвалюцыя поглядаў гісторыкаў зусім не звязаная з пашырэннем крыніц базы (апошняй тэме прысвечана спецыяльная праца М.М.Улашчыка) і агульным рухам грамадскай думкі ў перыяд капіталізму і імперыялізму. Розныя паводле храналогіі і ўнутранага сэнсу працы разглядаюцца па–за эвалюцыяй гістарычнай думкі (с.13), а ўзаемасувязі асобных гісторыкаў вызначаюцца няслушна (наўрад ці правамоцны папрок Я.Лялевелю ў тым, што ён не прызнаў Праснякова, які жыў на тры чвэрці стагоддзя пазней, як і не дакладная фармулёўка пра блізкасць пазіцыі Лялевеля да Любаўскага, іх падзяляе яшчэ большы тэрмін) (с.12).

Патрабуюць удакладнення і некаторыя характарыстыкі грамадскіх пазіцый гісторыкаў. Нельга беспадстаўна ганіць нават дваранскую гістарыяграфію, наўрад ці Я.Лялевеля можна залічыць у «манархісты» (с.18). З такім падыходам можна адмаўляць і ролю дзекабрыстаў у вызваленчым руху Расіі.

Патрабуе больш разгорнутай характарыстыкі і шэраг прац савецкіх гісторыкаў — І.Б.Грэкава, А.П.Грыцкевіча і інш. (с.27), тым больш што ў кнізе шмат спасылак на іх, пры гэтым амаль нідзе не паказваюцца іх памылкі. Патрабуе тлумачэння розніца падыходаў да працы Г.Лаўмяньскага на с. 14 і 29, хоць гутарка ідзе, відавочна, пра тую самую працу ў двух ідэнтычных выданнях.

Недаравальны пропуск украінскіх, латышскіх і літоўскіх гісторыкаў, як савецкіх, так і замежных. Першую тэму, якой прысвечаны гістарыяграфічны нарыс, яны не толькі закраналі, але і ўважліва распрацоўвалі.

Шматлікія стылістычныя хібы пазначаны на полі, пра адну з іх варта сказаць асобна: у сучаснай рускай мове тэрмін «публікацыя» ўжываецца выключна пры выданні крыніц. Даследаванні і нават кампіляцыі так не называюцца. Гістарыяграфічны нарыс патрабуе грунтоўнай перапрацоўкі. §2 раздзелу I «Крыніцы» ўвогуле напісаны здавальняюча. Аўтар, відавочна, арыентуецца ў масе крыніц і крыніцазнаўчай літаратуры. Прыемна, што ён далучыў і ўкраінскія, і літоўскія, і польскія публікацыі. Аднак кола крыніц крыху шырэйшае за тое, якім карысталіся даследчыкі. Гутарка ідзе не толькі пра публікацыі XVIII — XIX ст., часткова ўжо састарэлыя, але і пра больш новыя (с.37 сп.2, с.39 сп.2, с.40 сп.1, с.42 сп.3, с.46 сп.1, с.47 сп.2, с.48 сп.2). Не пададзены публікацыі беларуска–літоўскіх летапісаў: ПСРЛ, т.32 і 35 і рускія пераклады Міхалона Ліцвіна (іх 2), як і некаторыя крыніцазнаўчыя працы пра Ліцвіна, Мацвея Мяхоўскага, хроніку Быхаўца, як рускія (пераважна Б.М.Флоры, хоць ёсць і беларускія — Ю.І.Драгуна), так і польскія. Затое названы рускія летапісы, большая частка якіх аўтарамі пазней не прыцягваецца (с.49 сп.1).

Прапушчаны лінгвістычныя, тапанімічныя, анамастычныя матэрыялы, гістарычныя слоўнікі і г.д. Услед за Г.Л.Харашкевіч (с.32, 33 сп.1) пададзена няправільная класіфікацыя актаў — прыватных і публічна–прававых.

§ 2 раздзелу I патрабуе невялікай дапрацоўкі.

§ 1 раздзелу II, сам па сабе напісаны нядрэнна, дае занадта беглы і занадта агульны агляд гісторыі беларускіх земляў у старажытнарускі перыяд. Мяркуецца, у гэтай калектыўнай працы можна было б толькі пашырыць некаторымі археалагічнымі дадзенымі наступны §2, але толькі тымі, якія адносяцца непасрэдна да мяжы ХII — ХIII ст. Тэма ж, узнятая ў гэтым параграфе, павінна быць разгледжана зусім асобна, тым больш што ў цяперашні час назбіраўся вялізны археалагічны матэрыял, які патрабуе навуковага даследавання і абагульнення. Наяўная сёння археалагічная літаратура не зусім задавальняе чытача.

Прапаную §1 раздзелу II зняць.

§ 2 раздзелу II (С.А.Шчарбакоў) увогуле дае рознабаковую характарыстыку перадумоваў улучэння беларускіх земляў у склад Літоўскай дзяржавы. Здаецца, некалькі перабольшана імкненне да моцнай дзяржаўнай улады ў беларускіх феадалаў. ВКЛ стала Вялікім толькі з канца XIV ст. (с.94). Прапаную некаторыя структурныя перастаноўкі (гл. тэкст) і пашырэнне гэтага параграфа за кошт археалагічнага матэрыялу (Э.М.Загарульскі) і гістарычна–геаграфічнай характарыстыкі, выкананай Г.Я.Галенчанкам.

§ 3 раздзелу II — гл. дробныя заўвагі на полі.

Назва § 4 раздзелу II патрабуе дапаўнення: XVI ст., бо гутарка ідзе выключна пра гэтае стагоддзе. Пажаданае папаўненне главы новымі працамі: Б.М.Флоры ў зб. «Куликовская битва», М., 1980. Пажаданае і азнаямленне яшчэ з двума зборнікамі амаль пад той самай назвай — МДУ і Інстытута сусветнай літаратуры, 1982 і 1980 г.

§§ 5 і 6 (А.М.Карпачоў, П.А.Лойка, С.А.Шчарбакоў, З.Ю. Капыскі) па ідэі вельмі падобныя з параграфам А.П.Грыцкевіча, які займаў гэтае месца ў 1978 г. і пазней. Матэрыялам яны ў цэлым паўтараюць М.К.Любаўскага, чым абвяргаецца сцвярджэнне, выказанае ва «Ўводзінах», быццам мае месца «нявывучанасць усіх пытанняў разгляданай праблемы» (с.6), у параграфах зашмат паўтораў, у сувязі з чым, можа быць, варта было б замяніць іх адным параграфам пад назвай «Эволюция государственного строя ВКЛ и роль в нем белорусских земель» (або нечым падобным). Выклад патрабуе строгай сістэматызацыі па этапах, у якасці якіх, на наш погляд, могуць быць вылучаны канец XIV — 30–я г. XV ст., феадальная вайна і яе ўплыў на эвалюцыю дзяржаўнага ладу, канец XV — 20–я г. XVI ст., 20–я — 60–я г. XV — XVI ст. Зрэшты, магчымая і іншая перыядызацыя.

Мяркуецца, важна акцэнтаваць увагу не на беларусізацыі феадалаў ВКЛ, а на складванні адзінага «фронту» рознапляменных або рознанацыянальных феадалаў супраць працоўнага люду ВКЛ. Пры характарыстыцы рэлігійнай палітыкі ВКЛ і Маскоўскай дзяржавы, дадзенай Г.Л.Харашкевіч, варта ўлічваць крытыку З.Вайткавяка на яе адрас.

У тым выпадку, калі калектыў аўтараў пагодзіцца з прапановай новай назвы, можна было б матэрыял пра феадальную вайну ўвесь выкласці тут, перанёсшы яго з § 2 раздзелу V, тым больш што частка аўтараў агульная (А.М.Карпачоў, С.А. Шчарбакоў).

Пажадана пазбягаць цытавання крыніц з «чужых рук» (с.152, 188), як і паводле састарэлых публікацый (с.180 сп.2. Відаць, аўтарам засталася невядомай публікацыя «Смоленские грамоты XII—XV в.». М., 1963).

Пажаданыя і некаторыя іншыя структурныя перамяшчэнні. §§ 5—6 былі б вельмі дарэчы пасля раздзелу IV або пасля § 1 раздзелу V. Пажаданы выклад сацыяльна–эканамічнай гісторыі перад палітычнай, нават калі гутарка ідзе пра беларускія землі ў межах ВКЛ.

Раздзел III (М.Ф.Спірыдонаў) у адрозненне ад большасці іншых уводзіць у зварот шмат новых дадзеных. Праўда, пажаданая была б іх статыстычная апрацоўка (ёй паддаюцца дадзеныя попісаў 1528 і 1565 г.), што дазволіла б дакладней паказаць розныя групы феадалаў і асабліва найбуйнейшых, дадзеныя пра землеўладанне якіх найбольш поўна дакументаваныя. На жаль, з тэксту главы незразумела, як фармавалася леннае землеўладанне, характэрнае для класічнага феадалізму, і адпаведна ерархія землеўладальнікаў. Няма характарыстыкі такой своеасаблівай з’явы, як залог, хоць пра яго даўно ўжо пісаў У.І.Пічэта. Надзвычайна істотнае, хоць і вельмі складанае пытанне пра гаспадарскія землі і, у прыватнасці, асабісты дамен Жыгімонта Аўгуста.

У сувязі з тэзісам пра беларусізацыю панавальнага класа (гл. §§ 5—6 раздзелу II) было б цікава даведацца падрабязней пра склад і становішча баярства ў Беларусі. Незразумелая ступень ажыццяўлення Уставы 1557 г.

Незразумела, якім чынам адбывалася ўнутранае асваенне зямлі, хоць у крыніцах шмат звестак пра падараванне лясных угоддзяў на нейкую колькасць бочак пасеву. Сюжэт гэты вельмі істотны, бо, з аднаго боку, паказвае шляхі ўцягвання Беларусі, асабліва ў XVI ст., у сусветны гандаль зернем, лесам і залой (што часткова паказана ў працах В.В.Дарашэнкі і В.П.Павулане), а з другога — драпежнае вядзенне гаспадаркі ў перыяд феадалізму. Увогуле, экалагічныя праблемы ў дачыненні да Беларусі ў працы не паказаны. Пажадана, на прыклад ленінградскіх гісторыкаў (Аграрная история Северо–Запада России, т. I—III) паказаць і панскую, і сялянскую гаспадарку ў лічбах. Пажаданае і параўнанне ўраджайнасці ў Беларусі і іншых раёнах Усходняй Еўропы (с.232), у тым ліку і ў Літве (пажадана прыцягненне літоўскай літаратуры, у прыватнасці, Ю.Юргініса і Э.Гудавічуса).

У § 3 гутарка ідзе пра феадальную эксплуатацыю, аднак дзіўным чынам не ў храналагічнай паслядоўнасці розных яе формаў — дані, грашовага аброку, баршчыны. Пажадана параўнанне эвалюцыі гэтых формаў з суседнімі раёнамі — Літвы, Польшчы, Украіны і Русі (пра апошнюю ў сувязі з палемікай на гэты конт гл. працы А.А.Зіміна, В.І.Карэцкага і інш.). На жаль, высновы § 3 датычацца толькі аграрнай рэформы, а не ўсіх відаў рэнты.

У § 4 невыразна выкладзены мэты барацьбы сялян, хоць думка ўяўляецца вельмі слушнай (с.265). У раздзеле пра чалабіцці варта было б далучыць працу Ю.Бардаха на гэтую тэму. Як заўсёды, хочацца параўнанняў з суседнімі раёнамі (для Русі дзве кнігі А.Д.Горскага і «Очерки русской культуры» выдання МДУ).

У цэлым раздзел патрабуе невялікай дапрацоўкі. Вельмі пажадана яе пашырэнне і выданне асобнай кнігай.

Раздзел V (С.А.Шчарбакоў), прысвечаная гарадам, патрабуе нязначнай дапрацоўкі: на с. 296 недакладная фармулёўка пра склад экспарту — буйнагабарытныя тавары — лес і зерне з’явіліся толькі ў канцы XV ст., а не раней, як можна зразумець з тэксту. Змяненне экспарту сведчыць пра агульныя змены структуры ўсёй эканомікі Беларусі (параўн. для Польшчы працы Б.Зентара, Г.Самсановіча і інш.).

Неабходна падзяліць гарады Беларусі паводле тыпаў: іх геаграфічнага становішча, асноўных эканамічных і сацыяльных характарыстык (параўн. с.306, 315), вылучыць этапы развіцця. Баюся прапаноўваць што–небудзь канкрэтнае, для параўнання можна рэкамендаваць працы А.Ціхамірава і К.Гёрке. Свежы погляд на структуру сярэднявечнага горада выклаў Карлаў В.В. (Русский город, вып. 1, М., МДУ, 1972).

§1 раздзелу V (Г.Я.Галенчанка) перанасычаны агульнымі палажэннямі, якія можна было б скараціць. Няўдалы гістарычна–геаграфічны тэрмін «Маскоўская Русь», цяпер больш прыняты іншы — Паўночна–Усходняя, ён шырэйшы і больш дакладны. С.344 — вельмі цікавы спіс манастыроў, хацелася б толькі ўдакладненняў наконт часу іх утварэння — да ўваходжання ў Літоўскае княства і пасля; с.348 — ці была Крэўская унія мяжой у развіцці праваслаўнай царквы?; с.359 — добра было б улічыць думку З.Вайткавяка пра рэлігійную палітыку ў ВКЛ у канцы XV — пачатку XVI ст. (1978).

У цэлым раздзел патрабуе невялікай дапрацоўкі. Сабраныя Г.Я.Галенчанкам матэрыялы паказваюць, што тэма пра ролю царкоўнага землеўладання і розных цэркваў у грамадзянска–палітычным і сацыяльным развіцці ВКЛ вартая спецыяльнай манаграфіі.

§ 2. Противоречия и борьба внутри господствующего класса (А.М.Карпачоў і С.А.Шчарбакоў). Прапановы наконт аб’яднання з §§ 5—6 раздзелу II былі выказаны раней.

С.388 — сярод саюзнікаў вялікіх князёў літоўскіх няма крымскіх ханаў. Чаму? Добра было б выкарыстаць найноўшую літаратуру па Кулікоўскай бітве — с.390–392, а таксама працу О.Бакуса аб прычынах імкнення часткі феадалаў ВКЛ у Рускую дзяржаву.

Раздзел IV «Культура» (Г.Я.Галенчанка) змяшчае абагульненне ўжо вядомага мятэрыялу, які наноў уводзіцца ў зварот. Крыху зацягнуты § 1 (да с.434), дзе добра было б спаслацца на працы А.Я.Гурэвіча пра сярэднявечную культуру і народную культуру Сярэднявечча. У § 2, як і ў § 4, няма ніякіх, апрача с.460 пра «татараў–баяраў», згадак пра цюркскія элементы ў складванні беларускай культуры і мовы, пра што, у прыватнасці, ёсць змястоўныя працы А.І.Жураўскага і А.Я.Супруна. § 3, можа быць, варта было б дапоўніць працамі Ю.М.Дзмітрыева.

Раздзел VII (Г.Я.Галенчанка) змяшчае гістарычна–геаграфічную характарыстыку беларускіх земляў, больш дарэчную на пачатку кнігі (с.539—540). Стыль адметны вялікай колькасцю занадта навуковых замежных слоў, наўрад ці зразумелых таму шырокаму чытачу, якому адрасавана кніга. У «Заключэнні» (З.Ю.Капыскі, В.І.Мялешка) першыя паўтары старонкі — паўтарэнне «Ўводзінаў». Незразумелая ацэнка тыпу феадальных адносінаў у Беларусі — с.580 супярэчыць с.581.

Усе папярэднія старонкі былі прысвечаны крытыцы недахопаў. Пара пагаварыць і пра вартасці: гэты — трэці, наколькі я магу меркаваць па шматгадовым супрацоўніцтве з аўтарамі, — варыянт, значна лепшы за два першыя. У ім шырэй пададзена літаратура, некаторыя аўтары зрабілі ўдалую спробу творча падысці да даручаных ім тэмаў (у першую чаргу гэта датычыць раздзелаў М.Ф.Спірыдонава і Г.Я.Галенчанкі). У гэтых раздзелах — высакаякасны пачатак для будучых манаграфій. Усебакова асветлены пытанні і роўна напісаны главы і раздзелы С.А.Шчарбакова. Дапрацоўкі — і вельмі значнай — патрабуе гістарыяграфія, эвалюцыя палітычнага ладу, уводныя і заключныя раздзелы.

У сувязі з гэтымі апошнімі зноў даводзіцца вярнуцца да недапрацовак. Якая агульная канцэпцыя развіцця феадалізму ХIII — першай паловы XVI ст. на тэрыторыі беларускіх земляў? Мы маем справу з тыповым, класічным тыпам развіцця або ўласцівым шэрагу краін Усходняй і Цэнтральнай Еўропы, такімі, як Польшча, Прыбалтыка (гл. працы Г.Самсановіча, В.В.Дарашэнкі і інш.)? Чым і як абумоўлена развіццё Беларусі?

Якая Ваша пазіцыя наконт дэмаграфічных працэсаў? Ішлі на беларускія землі з усходу і поўдня — у адным месцы, зваротны рух — у другім (с. 320, 335 і інш.). Магчыма, так яно і было, але калі і чаму? Калі прыходзілі, то чаму гэта не прывяло да ўздыму вытворчых сіл, як, напрыклад, на Русі (В.А. Кучкін)?

Асабіста мне ўяўляецца найбольш слушнай прапанова пра некаторую застойнасць развіцця эканомікі гэтага рэгіёну (с.447), але, зразумела, навязваць свой пункт погляду не магу.

Стаўленне да гістарыяграфіі, а таксама Вашай радзімы… У водгуку паказаны шматлікія пропускі ў гістарыяграфіі, але адна праца цытуецца ўдоўж і ўпоперак (Пашута, Флора, Харашкевіч), паводле яе падаюцца і крыніцы, як гэта робяць П.А. Лойка і А.М.Карпачоў. Дарэмна, гэтая кніга — не класіка. Гэта проста першая спроба падысці да адзінага пытання сярод мноства іншых, якія пастаўлены ў Вашай калектыўнай працы.

Вы пішаце пра Вашу радзіму і для Вашых суайчыннікаў, Ваша кніга павінна нараджаць любоў і гонар. Любоў і гонар за сваю краіну, павага да іншых — аснова інтэрнацыяналізму — павінны чырвонай ніткай праходзіць па ўсіх раздзелах кнігі. І беларускія гістарычная і філалагічная навукі поўныя падзвіжнікаў, якія па крупінках збіралі народны фальклор, дадзеныя пісьмовых крыніц. Толькі дзякуючы ім — людзям, якія часта адмаўлялі сабе ў самым неабходным, — мы цяпер можам узнавіць гісторыю Вашай рэспублікі. Такія імёны, як Шэйн і Сапуноў вартыя самых лепшых слоў і нашай вечнай удзячнасці. Вы ж звялі ўсю гістарыяграфію да адной вузкай праблемы, нават калі яна і трагічная, — страта самастойнасці, але ж жыццё — ішло, і Ваша кніга менавіта «Очерки … жизни».

У сувязі з гэтым адно — апошняе — пажаданне: крыху палегчыць стыль, помнячы, што Вы пішаце для Вашых блізкіх — дзяцей і ўнукаў…

Д.г.н. ст.н.с. Інстытута гісторыі СССР АН СССР Г.Л.Харашкевіч

15.01.1986 г.

Наверх

Па старонках адной «гісторыі» (Віктар Цітоў)

Чэрвеня 18, 2000 |


* Беларусы: У 8 т. Т. 3: Гісторыя этналагічнага вывучэння. Аўтар В.К.Бандарчык. Мінск: Беларуская навука, 1999.

Не станем акцэнтаваць увагу на назве кнігі, якая, на наш погляд, недакладна адлюстроўвае яе сутнасны змест, тым больш, што ў змесце мы паўсюдна сустракаем этнаграфічнае (а не этналагічнае) вывучэнне. Структура працы падпарадкавана савецкай марксісцка-ленінскай перыядызацыі гісторыі. Першы раздзел прысвечаны этнаграфічнаму вывучэнню Беларусі ў канцы XVIII — першай палове ХIХ ст. (феадальны перыяд); этнаграфія капіталізму асвятляецца ў трох раздзелах, дзе паслядоўна разглядаецца стан этнаграфіі ў 60—70-х, 80—90-х г. і ў эпоху імперыялізму (да 1917 г.); пяты раздзел асвятляе развіццё этнаграфіч ных ведаў пасля 1917 г. (паслярэвалюцыйны перыяд). Апошні перыяд аўтар, у сваю чаргу, дзеліць на эпохі: 20—30-я і 40—90-я г. (гл. с. 18), аднак структурны змест гэтага раздзела кампануецца хутчэй паводле тэматычнага прынцыпу. Праца мае апрача таго ўводзіны, прамежкавы артыкул з залішне доўгай назвай («Сацыяльна-палітычнае, эканамічнае, культурнае і навуковае асяроддзе развіцця этналогіі ў Беларусі ў ХIХ — пачатку ХХ ст.»), заключэнне і 97 ілюстрацый (больш за палову іх складаюць фотаздымкі вокладак розных выданняў).

У аснову выдадзенай кнігі пакладзены тры працы аўтара, выдадзеныя ў 60-я — пачатку 70-х г.[1]. Іх змест паслядоўна, без істотных зменаў, паўтараецца ў новым выданні. Пэўныя карэктывы, параўнальна з першым выданнем, унесены ў змест уводзінаў. Аўтар зняў згадку пра марксізм-ленінізм («Марксізм-ленінізм вучыць…»), затое даў кароткі агляд прац Аляксандра Пыпіна і Яўхіма Карскага, які ён механічна перанёс з асноўнай часткі першага выдання 1964 г. Аднак зроблена гэта спешна і няўклюдна, бо разгляд працы Пыпіна «Гісторыя рускай этнаграфіі» амаль дакладна паўтараецца ў новым выданні двойчы — ва ўводзінах і ў асноўнай частцы (гл. с. 7—11 і 168—171).

Гістарыяграфія ўсялякай навукі разглядае яе станаўленне, стан вывучэння праблемных пытанняў ці цэлых кірункаў і базуецца на параўнальным аналізе прац папярэднікаў (і сучаснікаў), якія даследавалі тую самую тэматыку, у прыватнасці, творчую спадчыну вядомых беларусістаў, этнографаў і фалькларыстаў, прычым атрыманыя вынікі і ацэнкі іх творчасці могуць прыкметна адрознівацца паміж сабой. Якраз такога параўнальнага аналізу мы не знаходзім у кнізе Васіля Бандарчыка. Апошні вядзе сваё даследаванне ва ўласнай інфармацыйнай прасторы, не зважаючы на шматлікія працы па гісторыі беларусістыкі (этнаграфіі, фалькларыстыкі, гісторыі культуры і інш.), што выйшлі з друку за апошнія 30 гадоў. Згадаем, у прыватнасці, працы Уладзіміра Васілевіча, Генадзя Каханоўскага, Уладзіміра Касько, Аляксея Каўкі, Генадзя Кісялёва, Валянціна Грыцкевіча, Адама Мальдзіса, Арсеня Ліса, Янкі Саламевіча, Кастуся Цвіркі, Івана Цішчанкі, Язэпа Янушкевіча і іншых навукоўцаў. Гэтыя даследаванні нібы не існуюць для Бандарчыка. Адзінкавыя спасылкі на Каханоўскага ці Саламевіча не вырашаюць сутнасці пытання. Мы не гаворым ужо пра гістарыяграфію прац польскіх даследчыкаў. Для прыкладу нагадаем, што толькі ў выданні «Tygodnik ilustrowany» ў ХIХ ст. мы знаходзім грунтоўныя артыкулы, прысвечаныя жыццю і творчасці вядомых этнографаў — Яна Баршчэўскага, Лукаша Галамбёўскага, Зыгмунта Глогера, Оскара Кольберга, Юзафа Крашэўскага, Уладыслава Сыракомлі, Яўстафія і Канстанціна Тышкевічаў, Міхала Федароўскага і іншых, унёсак якіх у беларускую этнаграфію цяжка пераацаніць.

Па-за ўвагай аўтара засталіся цэлыя пласты беларускай культуры, без якіх апошняя ўяўляецца няпоўнай, занядбанай, толькі сялянскай, без глыбокіх каранёў і творчых узаемадачыненняў з культурай іншых народаў; губляецца яе нацыянальнае аблічча, старажытнаславянскі і еўрапейскі кантэкст. Аўтар не разглядае праблем нацыянальнай самасвядомасці, узаемадзеяння народнай і прафесійнай культур, праблемных пытанняў беларускага адраджэння, як і творчай спадчыны Мікалая Гусоўскага, Францішка Скарыны, Льва Сапегі, Мікалая Радзівіла Чорнага і Мікалая Радзівіла Сіроткі, братоў Луцкевічаў, Казіміра Машыньскага, Чэслава Пяткевіча, Юзафа Абрэмбскага, Язэпа Драздовіча, Мікалая Ўлашчыка, Янкі Запрудніка… Мы не гаворым ужо пра творчасць Янкі Купалы, Максіма Багдановіча, Максіма Гарэцкага, Уладзіміра Караткевіча, Васіля Быкава, Алеся Адамовіча, Ніла Гілевіча і шмат каго іншага з тых, хто займае сваё годнае месца ў этнакультурным працэсе. Зусім невыпадкова ім прысвечаны грунтоўныя артыкулы не толькі ў біябібліяграфічным даведніку «Беларускія пісьменнікі», але і ў «Энцыклапедыі гісторыі Беларусі» (у 6 т.).

Паводле этнічнай ідэнтыфікацыі Бандарчыка, нашы слынныя землякі, выхадцы з мясцовага шляхецкага саслоўя, адназначна фігуруюць як «польскія даследчыкі». У іх ліку — Ян Чачот, Уладыслаў Сыракомля, Ян Баршчэўскі, Рамуальд Зянкевіч, браты Тышкевічы, Аляксандр Рыпінскі. У кнізе, па сутнасці, няма гістарыяграфічнага аналізу, а ёсць фрагменты бібліяграфіі, спрошчаныя да наіўнасці, вульгарызаваныя ідэалагічныя ацэнкі гэтых апантаных збіральнікаў і рупліўцаў беларускай этнаграфічнай спадчыны. Аўтар зусім не цікавіцца, што думаюць і пішуць, напрыклад, пра Рыпінскага даследчыкі яго творчасці Генадзь Каханоўскі, Ніна Тарэлкіна і інш. Ён з той самай упартасцю, як і сорак гадоў таму (калі рыхтаваў кнігу), паўтарае: «быў польскім шавіністам… з павярхоўна-дылетанцкімі разважаннямі адносна беларусаў і іх культуры», не прымаў «справядлівы гістарычны акт уз’яднання братніх беларускага і рускага народаў» (48—49).

У асобны параграф вылучаецца «Вывучэнне Беларусі мясцовымі сіламі». Да «мясцовых сіл» аўтар адносіць Пятра Бяссонава, Аляксандра Семянтоўскага, Пятра Гільтэбранта, якія да Беларусі мелі ўскоснае дачыненне і былі пасланыя сюды з мэтай русіфікацыі «Западнорусско го Края». Пры разглядзе дзейнасці асобных этнографаў аўтар строга прытрымліваецца класавага падыходу і ідэйна-палітычнай ацэнкі, падзяляючы даследчыкаў на кансерватараў, буржуазных лібералаў, рэвалюцыйных дэмакратаў, шавіністаў і нацыяналістаў. Такія ацэнкі пакідаюць у ценю навуковы плён іх працы, сапраўдны ўнёсак у развіццё беларускай этнаграфіі. Разгляд этнаграфічных прац, асабліва перыёдыкі, зводзіцца да фрагментарнага пераказу іх зместу і цытавання выпадковых урыўкаў, прычым такія цытаты часам займаюць, бадай, палову тэксту. Вось узор такіх цытат: «Старая сялянка з Магілёўскага павета, якая вяжа панчоху. Адзенне яе складаюць наступныя часткі: намётка (белая палатняная хустка, якая з’яўляецца яе галаўным уборам), світа (верхняе адзенне), сарочка палатняная, спадніца палатняная, анучы палатняныя, лапці з аборамі пяньковымі…»; «Селянін-рыбак з Чэрыкаўскага павета рыхтуе душагубкі (чаўны) для рыбнай лоўлі…» (69), і г.д., і г.д. Тут, як і далей, пры разглядзе публікацый у перыядычным друку, на цэлыя старонкі падаецца (цытуецца) сыры, апісальны матэрыял, які захоўвае характар і стыль выпадковых канспектыўных выпісак і мае даволі ўскоснае дачыненне да гістарыяграфіі навукі (гл. с. 73—80 і інш.).

Трэці і чацвёрты раздзелы («Беларуская этнаграфія ў 80—90-х г. ХIХ ст.» і «Этнаграфічная навука ў пачатку ХХ ст.») фармальна адлюстроўваюць храналагічны падыход у асвятленні адпаведнага матэрыялу, аднак на самай справе амаль цалкам прысвечаны дзейнасці вядомых этнографаў і фалькларыстаў Мікалая Нікіфароўскага (1845—1910), Еўдакіма Раманава (1855—1922), Уладзіміра Дабравольскага (1856—1920), Мікалая Янчука (1859—1921), Мітрафана Доўнара-Запольскага (1867—1934), Аляксандра Пыпіна (1833-1904), Яўхіма Карскага (1861—1931) і інш. Тут узнікае шмат пытанняў. Перш за ўсё, да якога перыяду аднесці творчасць бальшыні гэтых даследчыкаў, калі яны жылі і плённа працавалі як у эпоху капіталізму (90-я г. ХIХ ст.), так і ў эпоху імперыялізму (пачатак ХХ ст.)? У дадзеным выпадку выяўляюцца ўсе хібы марксісцка-ленінскай перыядызацыі, якой прытрымліваецца аўтар. Дзейнасць бальшыні этнографаў ён умоўна адносіць да 80—90-х г. і характарызуе іх у адпаведным раздзеле. Да некаторых вяртаецца ў іншых раздзелах ці ўводзінах (Раманаў, Пыпін, Карскі). Аднак такі падзел творчай біяграфіі даследчыкаў парушае яе цэласнасць, арганічнасць, у выніку чаго мы зноў і зноў вяртаемся «на кругі свае» — да дзейнасці, творчай спадчыны і ідэйных поглядаў тых самых аўтараў, нібы сутнасць іх мянялася ў залежнасці ад сацыяльна-эканамічных фармацый. Пры такіх падыходах (а яны ў значнай ступені былі абумоўлены механічным капіяваннем тэкстаў некалькіх выдадзеных раней кніг) непазбежныя аморфнасць, рыхласць унутранага зместу, структурная разбалансаванасць, незакончанасць думак, недаравальныя паўторы.

Часта тое, што выкладаецца ў адным раздзеле, не знаходзіць свайго лагічнага працягу ў другім. Так, Бандарчык крытыкуе аўтараў краязнаўчага выдання «Расія» (т. 9. СПб., 1905) Доўнара-Запольскага і Шэндрыка, якія нібыта перанеслі на сваю этнаграфічную карту памылкі раней складзеных картаў Рыціха і Карскага і, цытуем, «выключылі са складу Беларусі ўсю Гродзенскую губерню, а на ўсходзе і поўначы межы Беларусі адсунулі на тэрыторыю рускага насельніцтва» (246). Аднак ён, па-першае, зусім не згадвае этнаграфічнай карты Доўнара-Запольскага, складзенай у 1918 г., якая лягла ў аснову тэрыторыі Беларускай Народнай Рэспублікі і першапачатковага варыянту карты БССР. Па-другое, ні Рыціх, ні Карскі, як сведчаць адпаведныя карты (1875 і 1903 г.), не выключалі Гродзенскую губерню са складу этнічнай Беларусі; больш за тое, уключалі ў яе і Віленскі край, — таму аўтар кнігі, у лепшым выпадку, мае слабое ўяўленне пра гэтыя карты. Па-трэцяе, бедаваць ад таго, што складальнікі этнаграфічных картаў межы Беларусі «адсунулі на тэрыторыю рускага насельніцтва», няма ніякіх падставаў. У ХIХ — пачатку ХХ ст. бадай што ніхто з адукаваных людзей Расіі не аспрэчваў прыналежнасць большай часткі Смаленшчыны і Браншчыны да этнічнай тэрыторыі рассялення беларусаў, пра што сведчаць шматлікія расійскія краязнаўчыя выданні — «Живописная Россия» (Т. 3. 1882), «Народы России» (Вып. 1. 1878), «Русские народы» (1894) і інш.

Ёсць яшчэ адна цікавая акалічнасць, якая не можа не звярнуць на сябе ўвагу. Аўтар кнігі папракае вядомых навукоўцаў, што тыя «адсунулі беларускую мяжу» на ўсход, на тэрыторыю Смаленскай губерні, якая, паводле слоў Бандарчыка, ніколі не належала этнічнай Беларусі. Тут ён фарысейнічае і супярэчыць самому сабе, бо ў трэцім раздзеле кнігі прысвячае цэлы параграф вядомаму даследчыку этнаграфіі Смаленшчыны Дабравольскаму, аўтару шматтомавага «Смаленскага этнаграфічнага зборніка». Такога самага кшталту «крытычныя» заўвагі аўтар робіць у адрас Яўхіма Карскага і Уладзіміра Пічэты, якія разглядалі старажытнаславянскія плямёны крывічоў, дрыгавічоў, радзімічаў як зыходную аснову этнагенезу беларусаў. «Ён (Карскі. — В.Ц.), — павучальна заўважае аўтар, — амаль не звяртае ўвагі на тую важную акалічнасць, што фарміраванню беларускай народнасці папярэднічала агульнарус кае адзінства ўсходнеславянскіх плямёнаў, племянная замкнёнасць якіх была размыта ўжо ў перыяд існавання Старажытнарускай дзяржавы з цэнтрам у Кіеве» (239). Як і ў іншых выпадках, ніякіх новых аргументаў на карысць адзінай старажытнарускай народнасці аўтар не падае, а проста паўтарае версію савецкіх гісторыкаў (Б.Рыбакоў, С.Токараў і інш.). Паводле гэтай версіі, у Х—ХII ст. ва ўмовах слабых (вельмі слабых!) эканамічных сувязяў на вялізных прасторах Кіеўскай Русі пераважалі інтэграцыйныя працэсы, якія і прывялі да ўтварэння адзінай старажытнарускай, ці ўсходнеславянскай, народнасці, а пазней ва ўмовах Вялікага Княства Літоўскага (яго славянскі характар Бандарчык ігнаруе) нібыта пайшоў нечаканы адваротны працэс распаду адзінай народнасці, у выніку чаго ў XIV—XVI ст. у адной дзяржаве ўтварыліся два этнасы — беларусы і ўкраінцы.

Сітуацыя парадаксальная, лагічнае і гістарычнае тут не сумяшчаюцца, супярэчаць адно аднаму. Такая версія (ці канцэпцыя?) пакідае шмат пытанняў і супярэчыць агульнаеўрапейскаму этнагенетычнаму працэсу. Дастаткова сказаць, што ў нашых суседзяў існуюць больш зразумелыя, навукова апрабаваныя і агульнапрынятыя этнагенетычныя канцэпцыі, паводле якіх, у прыватнасці, немцы як этнас сфармаваліся да Х ст. на аснове кансалідацыі германскіх плямёнаў франкаў, саксаў, бавараў, швабаў, алеманаў; палякі — прыкладна ў той самы час на аснове палян, віслян, слезян, памаран, мазаўшан, якія, дарэчы, стаялі на той самай ступені развіцця, што і нашы крывічы, дрыгавічы, радзімічы. Тая самая канцэпцыя этнагенезу на базе племянных аб’яднанняў (аўкштайтаў, жамойтаў, судовы) існуе і ў сучасных літоўцаў. Нельга не заўважыць, што якіх-небудзь звестак пра старажытнарускую народнасць мы не знаходзім ні ў пісьмовых крыніцах, ні ў гістарычных міфах (без уліку савецкіх міфаў). Іншая справа — плямёны крывічоў, дрыгавічоў, радзімічаў, літвы, яцвягаў, якія існавалі рэальна, пра што сведчаць шматлікія летапісныя і археалагічныя крыніцы.

Нарэшце, у гэтым кантэксце ўзнікае яшчэ адно прынцыповае пытанне: наколькі лагічна і правамерна сумяшчаць па часе і атаясамлі ваць па сутнасці этнагенез беларусаў з этнакультурным працэсам беларускага сярэднявечнага Адраджэння (XV—XVI ст.)? На гэтыя ды іншыя пытанні аўтары згаданай канцэпцыі (а тым болей аўтар кнігі) адказаў не даюць.

Бандарчык спасылаецца на Пыпіна, які нібыта лічыў старажытнарускую народнасць асноватворнай у этнагенезе рускага, беларуска га і ўкраінскага народаў. «Ён (Пыпін — В.Ц.), — піша аўтар, — правільна тлумачыць працэс складвання рускай, украінскай, беларускай народнасцей, падкрэсліваючы, што адзіным коранем іх з’яўляецца старажытнаруская народнасць» (гл. с. 8 і 168, паўтараецца двойчы). Наколькі ўважліва Бандарчык чытае вядомага даследчыка, можна пераканацца, звярнуўшыся да першакрыніцы. «Многим у нас, — піша Пыпін, — как будто кажется, например, что белоруссы (как и малоруссы) составляют просто отрасль вполне сформированного уже в древности цельного русского народа, отрасль впоследствии более или менее подпорченную… Но простые показания новых исторических и филологичес ких исследований представляют дело совсем иначе: этого единого „чисто русского” народа не было»[2]. Каментар не патрэбны.

Васіль Бандарчык ва ўласцівай яму манеры крытыкуе аўтараў «Нарысаў гісторыі Беларусі» (Мінск, 1994), папракаючы, што тыя «слепа пайшлі за «тэорыяй» балцкага субстрату В.Сядова». Заўважым, што са шматлікіх манаграфічных даследаванняў Інстытута гісторыі НАН Беларусі апошняга, плённага на выданні, дзесяцігоддзя апынулася вартай увагі аўтара, бадай, адзіная гэтая кніга. «Няўжо гісторыкі не ведаюць, — з абурэннем усклікае ён, — што ў Кіеўскай Русі насельніцтва карысталася старажытнарускай мовай, на якой напісана многа дакументаў і твораў… Весці размову аб фарміраванні беларускай мовы і этнасу з ХII па ХIII ст. неправамерна» (311).

Паважаны член-карэспандэнт НАН Беларусі блытае старажытную літаратурную мову (блізкую да царкоўнаславянскай) з гутарковай, дыялектнай, якая мела свае адрозненні на тэрыторыі Кіеўскай Русі. Несумненна, што гэтая дыялектная мова як этналінгвістычная сістэма мала мянялася на працягу шматлікіх стагоддзяў, складаючы асноўную прыкмету этнічнай ідэнтыфікацыі. Таму пытанне пра адзіную старажытнарускую мову на вялізных прасторах Кіеўскай Русі вельмі спрэчнае, і схаластычныя тэзы Бандарчыка наконт правамернасці ці неправамернасці падобнай размовы не вырашаюць праблемы. Той самы Пыпін у свой час лічыў, што беларуская мова зусім «не паходзіць ад вялікарускай, а развіваецца адначасова з ёю з блізка роднасных, аднак асобных племянных элементаў і ў даволі розным палітычным і побытавым асяроддзі»[3]. Вядомы лінгвіст Віктар Мартынаў, у сваю чаргу, лічыць дыялект, на якім заснавана сучасная беларуская мова, адным з самых старажытных сярод славянскіх моў, які існуе, выконваючы свае кансалідуючыя функцыі, каля двух тысяч гадоў[4]. Для канчатковага вырашэння гэтых пытанняў неабходны грунтоўныя даследаванні ў розных сферах гуманітарных ведаў, параўнальны аналіз шырокага кола крыніц. Ідэалагізаваныя катэгарычныя ацэнкі, зробленыя на аматарскім узроўні, не маюць тут ніякага навуковага значэння.

Бандарчык недаацэньвае і прыніжае вынікі этнаграфічных даследаванняў да 1917 г., у той перыяд, які даў цэлую галерэю выдатных постацяў збіральнікаў і даследчыкаў беларускай народнай творчасці. Толькі за працамі Мітрафана Доўнара-Запольскага аўтар часткова прызнае навуковую вартасць (148). Калі прытрымлівацца такой думкі, навукова-даследчымі нельга лічыць працы Яўхіма Карскага, братоў Тышкевічаў, Мікалая Янчука, Зарыяна Даленгі-Хадакоўскага, Паўла Баброўскага, Івана Зяленскага і многіх іншых (дарэчы, грунтоўнаму двухтомніку Зяленскага «Матэрыялы для геаграфіі і статыстыкі Расіі… Мінская губерня» аўтар прысвячае некалькі дзяжурных радкоў).

Для аўтара «Беларусаў» (т. 3) больш істотная не навуковая, а ідэалагічная ацэнка прац, класавыя падыходы, з улікам якіх ён расстаўляе адпаведныя акцэнты, разглядаючы дзейнасць тых ці іншых этнографаў. Доўнар-Запольскі «заплюшчваў вочы на цяжкае эканамічнае становішча асноўнай масы беларускага сялянства, ігнараваў класавы антаганізм і класавую барацьбу», не стаяў на баку народа (151). Зінаіда Радчанка — «польская памешчыца», «выяўляе сваё неразуменне класавых супярэчнасцей у вёсцы», «прапаведуе класавы мір» (163)… «Класавая абмежаванасць Раманава, неразуменне законаў гістарычнага развіцця чалавечага грамадства прывялі яго да глыбока памылковых поглядаў на новы перадавы клас грамадства — пралетарыят. Адсюль вынікаюць яго рэзка адмоўныя адносіны да творчасці фабрыкі, казармы, горада, адыходных промыслаў, якую ён называе пошлай, разбэшчваючай народ» (215)… «Карскі не ўзняўся да разумення сацыяльна -палітычнай функцыі вусна-паэтычнай творчасці народа», не гаворачы пра згаданыя «сур’ёзныя памылкі» ў асвятленні праблем этнагенэзу і тэрыторыі рассялення беларусаў (239, 243) і г.д.

Уся гэтая крытыка вядомых дарэвалюцыйных этнографаў, якія нібыта ігнаравалі класавую барацьбу і сацыяльна-палітычныя фактары, не мае сур’ёзных падставаў і носіць дэструкцыйны характар; гэта — свайго роду фарс, патрэбны ў першую чаргу самому аўтару, каб на хвалі палітычнай кан’юнктуры знайсці для сябе нішу, сцвердзіць і больш кантрастна паказаць сваю ролю як аднаго з вядучых гістарыёграфаў савецкай генерацыі.

Пры падвядзенні вынікаў гістарыяграфічных даследаванняў дарэвалюцыйнага перыяду Бандарчык піша: «Гістарыёграфаў гэтага перыяду цікавіў галоўным чынам фактычны бок пытання, нават не тое, наколькі праўдзівым было апісанне культуры і быту народа, а хутчэй спосабы збірання і фіксацыі фальклорна-этнаграфічных матэрыялаў. Зусім зразумела, што такі падыход да вывучэння гісторыі беларускай этнаграфіі не мог прывесці да стварэння ў дарэвалюцыйны час сапраўды навуковай гістарыяграфіі гэтай галіны ведаў» (16). Спробы стварэння такой гістарыяграфіі, піша далей аўтар, былі ў савецкі час, пра што сведчаць шматлікія публікацыі і юбілейныя артыкулы 20—50-х г. Аднак сапраўдная навуковая сістэматызаваная гістарыяграфія была створана толькі ў 60-я — пачатку 70-х г. і звязана (у гэтым аўтар не сумняваецца) з імем В.К.Бандарчыка (18). Тут ён змяшчае і свой фотапартрэт (услед за партрэтамі Пыпіна і Карскага). Фотаздымкі яго асобы шматразова, у розных ракурсах (тут ён — на трыбуне ў час юбілейнай сесіі ў Львове, там — сярод удзельнікаў Міжнароднага круглага стала, і да т.п.) паўтараюцца на старонках, чаргуюцца з фотакопіямі вокладак яго ўласных і выдадзеных пад яго рэдакцыяй кніг. Такая павышаная ўвага да сваёй асобы не можа не ўплываць на стыль і «ідэйны змест» кнігі, і ў значнае ступені надае ёй мемуарны характар, што выяўляецца найбольш відавочна ва ўводзінах і апошнім раздзеле, прысвечаным разгляду гістарыяграфіі другой паловы ХХ ст.

На першых этапах савецкай гісторыі (20—30-я г.) аўтар разглядае не столькі гістарыяграфію навукі (апублікаваных навуковых прац было, па сутнасці, мала), колькі арганізацыйныя пытанні «перабудо вы» этнаграфічнай і краязнаўчай работы, наладжванне збіральніцкай і культурна-асветнай працы, а гэта вызначае і спосаб абагульнення і падачы адпаведных матэрыялаў, якія мала чым адрозніваюцца ад каляндарна-статыстычных справаздач. Гэты манатонны стыль у значнай ступені захоўваецца і пры характарыстыцы дасягненняў савецкай этнаграфіі ў пасляваенны перыяд.

Аўтар слушна канстатуе згортванне этнаграфічнай працы ў 30-я г., раз’юшанае «развянчанне» т.зв. нацдэмаўшчыны, непрыстойную ролю ў гэтай «кампаніі» Нікольскага, Грынблата, Жылуновіча, Супінскага і іншых, менш вядомых, савецкіх навукоўцаў, што спрычыніліся да ваяўнічага нігілізму, шальмавання свядомых нацыянальных кадраў беларускага Адраджэння. Разам з тым аўтар выяўляе непаслядоўнасць, імкнецца ўсяляк зменшыць маштабы інтэлектуальнай катастрофы ў 30-я г., генацыду нацыянальнай інтэлігенцыі, знішчэння традыцыйнай народнай культуры і яе носьбіта — сялянства. «Пачаліся рэпрэсіі, — будзённа канстатуе аўтар, — у выніку якіх былі расстраляны М.Каспяровіч, М.Мялешка і іншыя этнографы Беларусі. А.Шлюбскі захварэў на лесараспрацоўках і памёр у 1941 г., заўчасна памёр у лагеры М.Гарэцкі ў 1939 г.» (247). Вось, уласна, і ўсё пра рэпрэсіі і рэпрэсаваных. Чытаючы такое, можна падумаць, што Аляксандр Шлюбскі на лясной дзялянцы, а Максім Гарэцкі ў працоўным камуністычным лагеры, куды яны былі пасланыя для перавыхавання, незнарок прастудзіліся і памерлі ад рэспіраторнага захворвання. У аўтара за апошнія 10—20 гадоў, на працягу якіх пераглядаліся справы незаконна рэпрэсаваных, не знайшлося часу, каб зазірнуць хоць бы ў энцыклапедычныя даведнікі, пацікавіцца, калі і як «памёр» Максім Гарэцкі, каб быць больш дакладным і не ўводзіць у зман чытача.

«Вышэйсказанае, — піша далей аўтар, — зусім не азначае, што ўвесь перыяд 30-х г. характарызуецца як час поўнага заняпаду ў развіцці этнаграфіі Беларусі» (276). Аднак гэтая тэза гучыць непераканальна, калі ён спрабуе пацвердзіць яе канкрэтнымі прыкладамі — арганізацыяй этнаграфічных экспедыцый, перад удзельнікамі якіх ставіліся задачы вывучаць матэрыяльную культуру калгасаў, «даследаваць масавы рэпертуар Беларускага Палесся ў яго класавай дыферэнцыяцыі» і да т.п. (277). У выніку т.зв. «перабудовы» і масавых рэпрэсій беларуская гуманітарная навука панесла вялікія страты. Сабраныя ў экспедыцыях этнаграфічныя рэчы і фотаздымкі не маглі кампенсаваць найкаштоўней шых калекцый, якія былі «нацыяналізаваны», разрабаваны і вывезены з Беларусі, прычым рабаваліся не толькі музейныя фонды, але і храмы, манастыры, грамадскія ўстановы, прыватныя калекцыі.

Бандарчык абыходзіць маўчаннем шэраг прац, што закладвалі ідэйны падмурак рэпрэсіям, у прывaтнасці, акадэмічнае выданне «Навука на службе нацдэмаўскай контрpэвалюцыі» (пад рэд. С.Я. Вальфсона. Т. 1. Мінск, 1931). У прынцыпе аўтар пагаджаецца з асноўным зместам кнігі, які ён выкарыстоўвае і паўтарае, крытыкуючы беларускіх «нацдэмаў».

«Беларускі народ, — піша Бандарчык, — пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі ўпершыню ў сваёй гісторыі атрымаў дзяржаўнасць. Аб тым, па якому шляху павінна пайсці развіццё маладой рэспублікі, і разгарнуліся вострыя палітычныя, ідэалагічныя і навуковыя спрэчкі» (293). Вось тут і дастаецца «бацьку беларускіх нацыяналістаў» Вацлаву Ластоўска му, а таксама Аляксандру Цвікевічу, Язэпу Лёсіку, Мікалаю Каспяровічу, Янку Станкевічу, Аляксандру Шлюбскаму. Што звяртае на сябе асаблівую ўвагу ў сентэнцыях Бандарчыка, дык гэта адсутнасць усялякіх аргументаў і элементарнай этыкі, неабходных атрыбутаў даследчыка. З нястрыманым буйствам фантазіі ён ганьбуе ўсіх, хто не згодны з савецкім міфам аб адсутнасці ў нашых продкаў сярэднявечнай дзяржавы. Паводле Бандарчыка, Полацкае, Турава-Пінскае княствы, Вялікае Княства Літоўскае, як і Статуты ВКЛ (1529, 1566, 1588), не мелі ніякага дачынення да беларускай дзяржаўнасці; апошнюю беларусам даравалі ў 1919 г. бальшавікі. Замест сур’ёзнага аналізу крsніц і спецыяльных даследаванняў аўтар звычайна спасылаецца на «сучасную навуку», якая нібыта абвяргае «домыслы» яго апанентаў. Невядома толькі, якую «сучасную» навуку мае на ўвазе аўтар… Ці не савецкую міфалогію 60-х г., калі Бандарчык рыхтаваў свае выданні, якія, на жаль, аказаліся запатрабаванымі ў канцы ХХ ст.? Такая іронія лёсу!

Гісторыю этналагічнага вывучэння Беларусі ў другой палове ХХ ст. Васіль Бандарчык абмяжоўвае фактычна толькі працай сектара (аддзела) этнаграфіі Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН БССР (НАНБ). Па-за ўвагай застаюцца навуковыя дасягненні іншых установаў — Інстытута гісторыі НАНБ, Нацыянальнага навукова-ас ветнага цэнтра імя Францішка Скарыны, спецыяльных кафедраў БДУ, БДПУ імя МаксімаТанка, Беларускага універсітэта культуры, Беларускага інстытута праблем культуры, нарэшце, адпаведных устаноў беларускага замежжа. Нават працы суседніх аддзелаў ІМЭФ па народным мастацтве і этнамузыказнаўстве (Я.Сахута, Я.Кацар, З.Мажэйка, А.Лявонава, І.Назіна, Ю.Якімовіч, М.Яніцкая) згадваюцца ў форме бібліяграфічнай даведкі (іх гістарычны аналіз патрабуе кампетэнтнасці і адпаведных ведаў).

У аснову гістарыяграфічных «эцюдаў» па этнаграфіі другой паловы ХХ ст. аўтар паклаў каляндарныя (юбілейныя) справаздачныя матэрыялы з кароткімі анатацыямі апублікаваных і неапублікаваных прац. У ліку «Новых аспектаў этнаграфіі» (аднайменная назва параграфа) у тэматыцы навуковых даследаванняў сектара этнаграфіі ў 60-х г. вызначаліся асобныя праблемныя кірункі: рэлігія і атэізм, побыт сялян у партызанскім краі, сямейны і грамадскі побыт рабочага класа, матэрыяльная культура, гісторыка-этнаграфічны атлас і інш. Не ўсім апублікаваным па гэтых аспектах працам дадзена адэкватная ацэнка. У гэтыя гады выйшла нямала прац па антырэлігійнай тэматыцы і новай савецкай абраднасці — «Пытанні рэлігіі і атэізму» (1960), «Новыя звычкі і абрады ў наш быт» (1960), «Жыццё нараджае новыя абрады» (1964), «Аб шкоднасці рэлігійных свят» (1960) і інш. Не станем даваць ім сваю ацэнку, дазволім сабе толькі працытаваць пачатак апошняй згаданай публікацыі.

«Ноч пасля другога дня вялікадня. Моцна спіць вёска Самалі Маладзечанскага раёна. Раптам будынкі азарыліся полымем. Яно вырвалася з кароўніка і пачало хутка распаўсюджвацца па даху…

— Што здарылася? Чаму ўзнік пажар?.. А здарылася вось што. З выпадку рэлігійнага свята вартаўнік М.Раманоўскі п’янстваваў. Позна вечарам у нецвярозым стане ён зайшоў у кароўнік і кінуў пад ногі непатушаны акурак. Затым паплёўся дадому…»

Гэта паслужыла аўтару брашуры (а ім з’яўляецца В.К.Бандарчык) падставай для абгрунтавання шкоднасці рэлігійных святаў; ён ганьбіць рэлігію і падводзіць «навуковыя асновы» неабходнай рашучай барацьбы з праваслаўнымі традыцыямі. «Царкоўныя святы, — піша далей аўтар, — прычынялі вялікую шкоду распаўсюджванню сярод працоўных перадавой марксісцка-ленінскай тэорыі, перашкаджалі рэвалюцый наму руху. Праваслаўны епіскап Нікан у сваёй брашуры «У абарону рэлігійных святаў» у 1909 г. з цынічнай праматой (выдзелена намі. — В.Ц.) пісаў: „Рэлігійныя святы маюць высокае выхаваўчае значэнне для народных мас, для служылага люду, для рабочых, дапамагаючы ў барацьбе з ілжэвыдумкамі сацыялістаў”»[5].

З тых часоў мінула амаль 100 гадоў. Хто апынуўся бліжэй да ісціны — епіскап Нікан ці навуковец Бандарчык — паказвае сучасная сітуацыя.

Асаблівую ўвагу аўтар аддае тым навуковым працам, якія былі выкананы ім у суаўтарстве ці пад яго кіраўніцтвам (і сапраўды, працы яго ў суаўтарстве вызначаюцца крыху лепшымі якасцямі). У іх ліку калектыўныя манаграфіі «Беларускае народнае жыллё» (1973) і «Беларускае народнае адзенне» (1975), «Народная сельскагаспадарчая тэхніка беларусаў» (1974). Аднак аўтар замоўчвае крытычныя ацэнкі, якія былі выказаныя на адрас гэтых прац і «Гісторыка-этнаграфічнага атласа» ў «Савецкай этнаграфіі» і ў манаграфічным даследаванні «Народная спадчына»[6]. Намі ўжо адзначалася, што Бандарчык праводзіць свае гістарыяграфічныя пошукі ва ўласнай інфармацыйнай прасторы, і гэты чарговы эпізод тут не выключэнне. Са свайго боку заўважым, што многія падрыхтаваныя пад кіраўніцтвам Бандарчыка карты «Рэгіянальнага гісторыка-этнаграфічнага атласа» не вытрымліваюць крытыкі і не адпавядаюць элементарным патрабаванням этнічнай картаграфіі, шэраг — складзены па фармальных адзнаках, як падказвала фантазія іх складальнікаў. Таму шкадаваць, што такія карты застаюцца неапублікава нымі, няма ніякіх падставаў.

Аб’ём гэтага артыкула не дазваляе разгледзець усе аспекты, якія знайшлі адлюстраванне (ці не знайшлі яго) у кнізе Васіля Бандарчыка. Адно несумненна — трэці том «Беларусаў» не адпавядае сучасным патрабаванням і еўрапейскаму ўзроўню беларусазнаўчых ведаў. Куды больш поўную, грунтоўную і навукова апрабаваную інфармацыю, адпаведным чынам сістэматызаваную і абагульненую, можна знайсці ў розных даведачных (энцыклапедычных) выданнях, што выйшлі за апошнія 10—15 гадоў.

Кніга «Беларусы» (т. 3) антыбеларуская па сутнасці, яна прыніжае нацыянальную годнасць беларускай нацыі, дыскрэдытуе яе гуманітарную думку, сведчыць пра тупіковыя шляхі былой савецкай этнаграфіі, яе абмежаваныя інтэлектуальныя рэсурсы.

Віктаp Цітоў

Менск


[1] Бандарчык В.К. Гісторыя беларускай этнаграфіі ХIХ ст. Мінск, 1964; Яго ж: Гісторыя беларускай этнаграфіі: пачатак ХХ ст. Мінск, 1970; Яго ж: Развіццё беларускай савецкай этнаграфіі. Мінск, 1973.
[2] Пыпин А.Н. История русской этнографии. Т. 4. С.–Петербург, 1892. С. 5.
[3] Тамсама. С. 6.
[4] Мартынаў В.У. Канцэпцыя трохмоўнай калыскі не вытрымлівае крытыкі // Наша слова. 1994. № 9.
[5] Бандарчык В.К. Аб шкоднасці рэлігійных свят. Мінск, 1960. С. 5.
[6] Цітоў В.С. Народная спадчына. Матэрыяльная культура ў лакальна–тыпалагічнай разнастайнасці. Мінск, 1994. С. 28—29.

Наверх

Беларуская гістарыяграфія ХIХ—ХХ ст. вaчыма нямецкага даследчыка

Чэрвеня 17, 2000 |


* Rainer Lindner. Historiker und Herrschaft: Nationsbildung und Geschichtspolitik in Weissrussland im 19. und 20. Jahrhundert. Munchen, R.Oldenburg Verlag, 1999. 536.

Гісторыя гістарычнай навукі Беларусі была і застаецца адным з маладаследаваных кірункаў ва ўсім комплексе айчынных гістарычных ведаў. Літаральна па пальцах можна пералічыць манаграфіі па беларускай гістарыяграфіі. Да таго ж выдадзеныя кнігі прысвечаны асобным перыядам ці праблемам гісторыі Беларусі. Асабліва маладаследаваны сучасны перыяд гісторыі гістарычнай навукі, калі весці адлік з 1945 г. У пэўнай ступені такі стан рэчаў можна растлумачыць зразумелымі прычынамі. Навукоўцу цяжка весці даследчую працу па свежых слядах падзей, даваць ацэнку гістарыяграфічным з’явам і працэсам, у якіх ён тым ці іншым чынам удзельнічаў, характарызаваць працы сваіх калег. У такім становішчы вялікае значэнне набывае погляд звонку.

Такі непрадузяты і глыбокі погляд на развіццё гістарычных ведаў Беларусі па айчыннай гісторыі з канца ХIХ да канца ХХ ст. прапанаваў нямецкі даследчык, навуковы супрацоўнік Канстанцкага універсітэта Райнэр Лінднэр. У 1999 г. ён выдаў у Мюнхене фундаментальную працу пад назвай „Гісторык і ўлада: Фармаванне нацыі і палітыка адносна гістарычнай навукі ў Беларусі ў ХIХ і ХХ ст.“* Назву кнігі можна перадаць яшчэ больш дакладна: „Гісторык і панаванне“ ці „Гісторык пад прыгнётам улады“, бо нямецкае слова „Herrschaft“ азначае перш за ўсё панаванне, прыгнёт і ўціск. Назва кнігі вельмі дакладна адлюстроўвае становішча беларускага гісторыка і яго адносіны з уладай у познія царскія часы, савецкі перыяд і, на жаль, у незалежнай Беларусі.

Праца прысвечана ўзаемаадносінам паміж гістарычнай навукай, гістарычнай культурай і палітычным панаваннем у Беларусі ў перыяд з канца ХIХ ст. да канца ХХ ст. На прыкладзе Беларусі як нярускай перыферыі царскага самадзяржаўя, СССР і постсавецкай прасторы даследуецца гісторыя адносін паміж фармаваннем беларускай нацыі, гістарычнай самасвядомасцю насельніцтва і ўладай. Кніга выканана ў шырокім кантэксце палітычнай і духоўнай гісторыі Беларусі, асабліва пасляваенных дзесяцігоддзяў. Аналіз падзей заканчваецца 1997 г.

Прадметам даследавання ў вузкім сэнсе, як вызначае яго сам аўтар у прадмове, з’яўляецца фармаванне гістарычнай навукі ў правінцыі, яе інстытуцыянальнае і персанальнае афармленне і развіццё, узаемаадносіны паміж нацыянальнай і інтэгральнай гістарычнай карцінай (маюцца на ўвазе ўзаемаадносіны паміж даследаваннямі па гісторыі Беларусі і ўсеагульнай гісторыі), а таксама ўплыў на гістарыяграфію палітычных фактараў.

Рэцэнзаваная кніга — гэта скарочаны і дапрацаваны варыянт доктарскай дысертацыі, абароненай Лінднэрам у 1997 г. на гістарычным факультэце Цюбінгенскага універсітэта. Памер кнігі — 536 старонак, і калі ўлічыць, што гэта скарочаны варыянт доктарскай дысертацыі, то можна ўявіць сабе, якія па памерах дысертацыі абараняюцца ў Нямеччыне. Беларускія спашукальнікі вучонай ступені доктара гістарычных навук, як вядома, абмежаваны 200 старонкамі дысертацыйнага тэксту.

Праца пабудавана на багатай крынічнай базе. У ёй шырока выкарыстаны апублікаваныя тэксты гісторыкаў і публіцыстаў, друкаваныя і недрукаваныя дакументы, падручнікі, успаміны, мастацкая літаратура, перыёдыка. Аналізуюцца помнікі архітэктуры, музеі і іншыя сродкі фармавання гістарычнай культуры і свядомасці. Што датычыцца архіўных крыніц, то, як адзначае аўтар, ён быў першы заходні даследчык, які атрымаў доступ да асобых фондаў былога партархіва, цяпер Нацыянальнага Архіва Рэспублікі Беларусь. Выкарыстаны матэрыялы бібліятэк Нямеччыны і ЗША, у тым ліку багатыя кніжныя калекцыі Калумбійскага і Гарвардскага ўніверсітэтаў.

Нельга не адзначыць яшчэ адзін важны момант афармлення працы. Гэта беларускамоўная транскрыпцыя назваў і імёнаў. Лінднэр, як і іншыя сучасныя заходнія даследчыкі–беларусазнаўцы, адмовіўся ад рускамоўнай транскрыпцыі і перайшоў на беларускамоўную транслітарацыю.

Характарызуючы стан распрацоўкі ўзятай тэмы, аўтар канстатуе, што ні беларускія, ні заходнія даследчыкі пакуль што не вывучалі праблему ўзаемаадносін палітыкі і гістарычнай навукі ў Беларусі. Гэтыя ўзаемаадносіны, як і ўся гісторыя гістарычнай навукі Беларусі, вызначаліся палітычнымі ўмовамі, якія самым непасрэдным чынам уплывалі на гістарычныя даследаванні. На яго думку, усе без выключэння гістарыяграфічныя даследаванні мелі дакладны адбітак палітычных перакананняў іх аўтараў ці палітычнага ўціску абставін. Гэта бачна на прыкладах ад Уладзіміра Пічэты і да гістарыёграфаў 1990–х г. Праўда, гістарыяграфічныя даследаванні паміж 1985 і 1997 г. адлюстроўваюць „вельмі асцярожнае дыстанцыяванне ад палітычнага прыстасавання“ (с.11—12).

Сучасная гістарыяграфія гісторыі Беларусі пераважна вызначаецца „нацыянальнай гістарыяграфічнай канцэпцыяй“ (12—13). Гэты тэрмін Лінднэр бярэ ў коскі. Дарэчы, выказванні найбольш яркіх прадстаўнікоў гэтай канцэпцыі — М. Біча, М.Касцюка і іншых выкарыстоўваюцца як эпіграфы да асобных раздзелаў кнігі. Характарызуючы сучаснае становішча на „гістарыяграфічным фронце“ краіны, аўтар адзначае, што нацыянальная гістарыяграфія застаецца пад дамінавальным уплывам палітычнай рэальнасці і канфрантуе з афіцыйнай гістарыяграфіяй улады.

Праца складаецца з 4–х частак, у якіх разглядаецца ўплыў нацыянальных гістарычных ведаў і дзяржаўнай палітыкі адносна гістарычнай навукі на „незавершаны працэс фармавання беларускай нацыі“. 4 перыяды даследавання падзяляюцца наступным чынам: 1) познія царскія часы (канец ХIХ ст. — 1917 г.); 2) раннія савецкія часы (1921—1944 г.); 3) перыяд паміж другой сусветнай вайной і адлігай (1944—1954 г.); 4) познія савецкія і постсавецкія часы (1955—1997 г.). Аўтар падкрэслівае, што гэтыя перыяды даследавання ніяк не звязаны з перыядызацыяй беларускай гістарыяграфіі. Гаворка ідзе пра вылучэнне неўралгічных пунктаў у адносінах паміж гістарычнай навукай і палітыкай адносна гэтай навукі.

Аўтар уводзіць у навуковы зварот тэрмін „палітыка адносна гістарычнай навукі“. Па–нямецку гэта гучыць як „гістарычная палітыка“ („Geschichtspolitik“). Гэтаму паняццю даецца наступнае абгрунтаванне. Расколатая гістарычная карціна беларускай гістарыяграфіі стварылася як размежаванне розных гістарычных канцэпцый. Гісторыя як функцыя палітычных ці нацыянальных фактараў не даследавалася, а канструявалася і дэканструявалася, з’яўляючыся прадметам палітычнага гандлю, ці проста ўсталёўвалася зверху. Гэты „гандаль“ у галіне гістарычнай навукі з боку індывідуальных і калектыўных айчынных і замежных аўтараў можна назіраць на прыкладзе Беларусі ва ўсёй Усходняй Еўропе на пераломе ХХ і ХХI ст. Такая з’ява характарызуецца ў працы як „палітыка адносна гістарычнай навукі“ (17).

Праблемна–аналітычная частка працы канцэнтруецца на галоўных тэмах беларускай гістарыяграфіі: этнагенэз беларусаў; гісторыя Полацкага княства; гісторыя ВКЛ; ХIХ ст. з яго „ключавой датай“ 1863 г.; гісторыя БССР у „Вялікай Айчыннай вайне“ з эмацыйным акцэнтам на партызанскім руху. Праведзены аўтарам аналіз схіляе яго да высновы, што нацыянальная гістарычная карціна будуецца толькі на выбарцы пэўных эпох ці матываў з агульнай гісторыі нацыі. Аналізуецца польская, расійская, украінская і заходнееўрапейская (перш за ўсё нямецкамоўная) гістарыяграфія і беларусазнаўства .

У 1–й частцы, што прысвечана познім царскім часам, разглядаюцца паралельныя працэсы фармавання нацыі і гістарычнай навукі ў Беларусі. Паказваецца, як прафесійныя гісторыкі, што працавалі ў „Паўночна–Заходнім краі“ і за яго межамі, распрацоўвалі гістарычныя канцэпцыі і падыходы, якія знаходзіліся паміж вялікапольскай, вялікарускай і нацыянальнай, беларускай, арыентацыяй. Аналіз гістарычных тэкстаў дазваляе аўтару правесці пэўныя паралелі з гістарыяграфіяй кайзераўскай Нямеччыны.

Даследчык выдзяляе такі вельмі характэрны для гісторыкаў ускраін царскай Расіі феномен, як рамантызаваная „гістарычная фантазія“ ці „сіла ўяўлення“, што вынікала з глыбіні нацыянальнай эмацыйнасці. Гэтым тлумачыцца той факт, што для пераважнай часткі данавукова–публіцыстычнай гістарыяграфіі на беларускай тэрыторыі канца ХIХ — пачатку ХХ ст. быў уласцівы нават яшчэ больш моцны, чым для Заходняй Еўропы, паралелізм і падзел на пазітывісцка–дакументальную гістарыяграфію і нацыянальна–рамантызаванае гістарычнае апісанне. Кіруючыся маралізатарскімі, эстэтычнымі і мэтагістарычнымі катэгорыямі, узнікла мастацка–літаратурнае разуменне гістарычнага працэсу, якое перадавалася сродкамі публіцыстыкі.

У цэнтры 2–й часткі — беларуская нацыянальная гістарыяграфія ў сталінскія часы паміж 1921 і 1944 г. Ставіцца пытанне, наколькі глыбока размежаваліся паміж сабою нацыянальная гістарыяграфія, што працягвала існаваць з дасавецкіх часоў, і савецкая гістарыяграфія, якая нараджалася. Паказваюцца два шляхі рэкрутавання прафeсійных гісторыкаў: праз традыцыйна неадукаваныя пласты, калі сялянскія сыны без гімназічнай ці вышэйшай адукацыі прэтэндавалі на пасаду дырэктара Інстытута гісторыі БАН, і праз партшколы. Даследуюцца канфлікт пакаленняў і ідэалогій у гуманітарных навуках Беларусі, адносіны ў галіне гістарычнай навукі паміж саюзным цэнтрам і рэспубліканскай правінцыяй. Адзначаецца, што беларуская партыйная наменклатура ўсталявала ў 20–я г. у галіне гістарычнай навукі непараўнальна больш жорсткую сістэму цэнзуры і пераследу, чым гэтага хацела саюзнае кіраўніцтва ў Маскве і чым гэта было на Ўкраіне і ў іншых саюзных рэспубліках.

3–я частка разглядае змяненне гістарычнай карціны і ўяўленняў пад уплывам уз’яднання 1939 г. і другой сусветнай вайны. Акцэнт у даследаванні робіцца на „міфалагізацыі гісторыі пад знакам партызанскага руху“. Аналізуецца праблема прыстасавання інтэлектуалаў да таталітарнай сістэмы. Гэта ажыццяўляецца шляхам параўнання паміж савецкай і нямецкай гістарычнай навукай перыяду 30—40–х г. Аўтар раскрывае адмоўны ўплыў на савецкую гуманітарную навуку ваеннай ідэалогіі і палітычных рэпрэсій і наяўнасць падобных з’яваў у нацыянал–сацыялістычнай Нямеччыне. У гэтым сэнсе ўяўляе цікавасць заўвага наконт таго, што пасляваенная гістарыяграфія на Захадзе і Ўсходзе недастаткова даследавала феномен таго, што паміж 1941—1945 г. вялася не толькі вайна зброяй, але і „вайна гісторый“ (21).

У 4–й частцы асвятляюцца працэсы развіцця беларускай гістарыяграфіі ў 1955—1997 г., якія вызначаюцца як „пастаянства і змены“. Галоўная ўвага аддаецца станаўленню нацыянальнай гістарыяграфіі ў Рэспубліцы Беларусь. Пытанні аналізуюцца ў кантэксце агульных гістарыяграфічных працэсаў, што адбываюцца на постсавецкай прасторы. Як і ў іншых дзяржавах–спадчынніках СССР, у Беларусі пасля дасягнення незалежнасці гісторыя і гістарычная навука стала прадметам палітычных дыскусій і сродкам фармавання нацыянальнага пачуцця. Для тлумачэння моцнага ціску перамен, які адчуваюць на сабе постсавецкія грамадствы і іх гісторыкі, Лінднэр услед за іншымі заходнімі даследчыкамі выкарыстоўвае тэрмін „тэрор гісторыі“.

Гістарычная і палітычная рэальнасць сучаснай Беларусі як адной з частак былых расійскай і савецкай імперый (у кнізе ў гэтым сэнсе Беларусь адносіцца да нацыянальных частковых грамадстваў, якія выйшлі з імперый) дыктуе неабходнасць фармавання новай тэматыкі гістарычных даследаванняў ці, паводле аўтара, новага „гістарычнага канона“. Ідзе актыўны працэс «перааацэнкі гісторыі», які адбываецца пры дапамозе гістарычнай навукі, публіцыстыкі, гістарычнай адукацыі і музейна–помнікавай культуры. Аўтар аналізуе гэтыя састаўныя часткі фармавання гістарычнай свядомасці.

У перыяд незалежнасці яшчэ больш абвастрылася праблема адносін паміж палітычнай уладай і гістарычнай навукай. Беларусь у гэтай сувязі з’яўляецца, на думку даследчыка, асаблівым выпадкам. Для нацыянальнага Рэнесансу, што назіраўся ў іншых постсавецкіх дзяржавах, палітычны рэжым у Менску даваў вельмі мала падставаў і магчымасцяў.

Пасля прыходу да ўлады Лукашэнкі нацыянальная гістарыяграфія і дзяржаўная палітыка пайшлі рознымі шляхамі. З 1996 г. пачалася адкрытая спрэчка. Прыхільнікі „нацыянальнай канцэпцыі беларускай гісторыі“ канфрантуюць, як іх папярэднікі ў дасавецкія і познія савецкія часы, з вялікарасійскімі тлумачэннямі мінулага. Сёння гістарыяграфія зноў знаходзіцца ў непрымірымай супрацьлегласці сваёй нацыянальнай і імперскай інтэрпрэтацый, якія з ХIХ ст. вызначалі і скажалі гісторыю Беларусі.

Разглядаючы дзяржаўную палітыку ў галіне гістарычнай навукі пры Лукашэнку, аўтар выкарыстоўвае паняцце «гістарыізацыя палітыкі» (Historisierung der Politik). Гістарыізацыя палітыкі ў Беларусі мае двухбаковую прыроду. Па–першае, гісторыя стала для ўсіх публічных дзеячаў рэзервуарам палітычнай аргументацыі. Па–другое, палітычная культура і рыторыка Лукашэнкі самі па сабе выглядаюць як «гістарычныя» і несучасныя. Ён характарызуецца як «прадаўжальнік савецкай гісторыі» (405). Як толькі пачалася распрацоўка праграм палітычных партый і праекта Канстытуцыі дзяржавы, нацыянальная гісторыя стала звышактуальнай. Гістарычныя палажэнні ўключаны ў праграму БНФ і Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь. У сваю чаргу, гістарыізацыя палітыкі і грамадскага жыцця вялі да палітызацыі гістарычнай навукі.

Афіцыйная арыентацыя на зжытыя гістарычныя ацэнкі і каноны савецкага грамадства датычыцца не толькі ўвядзення новай дзяржаўнай сімволікі і святочных дзён, пазбаўлення беларускай мовы статуса адзінай дзяржаўнай мовы, пастаяннага прыслугоўвання перад Расіяй, але і прымітыўнага параўнання пазіцыі БНФ з калабарантамі часоў вайны. Палітычная канфрантацыя ў беларускім грамадстве ўсё мацней суправаджаецца гістарычнай атрыбутыкай і параўнаннямі. Гістарычная навука і гісторыкі сталі са свайго боку каментатарамі палітычных падзей (400–413).

Канстатуючы адасабленне афіцыйнай палітыкі ад нацыянальнага разумення гісторыі, аўтар адзначае, што ў такой самай ступені бальшыня насельніцтва разумее нацыянальныя інтэрпрэтацыі гісторыі і сучаснасці. Стан гістарычнага і светапогляднага вакуума позніх савецкіх часоў не толькі не прывёў посткамуністычных гісторыкаў да нацыянальных і дэмакратычных пазіцый, але, як паказвае беларускі прыклад, садзейнічаў умацаванню нэасавецкіх утопій. Змяшчаецца матэрыял пра адзіную сярод постсавецкіх рэспублік беларускую „гістарычную спрэчку“ 1996—1997 г., якая стала непасрэдным вынікам усёй урадавай і „гістарычнай палітыкі“ першага беларускага прэзідэнта. Па сённяшні дзень зыход гэтай спрэчкі застаецца адкрытым (422).

Да якіх жа высноваў і заключэнняў прыходзіць аўтар кнігі? Вылучым найбольш важныя.

1. У Беларусі не завершаны працэс фармавання нацыі і не створана прынятая ў заходнім разуменні нацыя–дзяржава. Да канца ХХ ст. дзяржава і нацыя тут не сустрэліся. Перыяд нацыянальных дзяржаваў краіна перажыла як перыферыя імперыі. Сапраўдная беларуская гістарычная ідэнтычнасць застаецца абмежаванай нацыянальнай элітай і толькі часткова перанесена на іншыя часткі грамадства. З пачатку ўзнікнення нацыянальнай гістарыяграфіі супольнасць гісторыкаў расколата і яе гістарычныя ўяўленні падпарадкаваны палітычнаму кантролю. Пераважная частка беларускіх гісторыкаў знаходзілася з позніх царскіх часоў да канца існавання СССР у ідэалагічным гравітацыйным полі вышэйшых даследчых і ідэалагічных цэнтраў (479).

2. Выснова пра кантынуітэт беларускай гістарычнай карціны, якая па сённяшні дзень непарыўна звязана з традыцыямі да– і раннесавецкага часу. Гэтая карціна складаецца з набора выбраных вузлавых пытанняў беларускай гісторыі. Кантынуітэт беларускай гістарыяграфіі аўтар пацвярджае і тым тэзісам, што канкурэнцыя нацыянальна–гістарычнай канцэпцыі і савецка–марксісцкага разумення свету, якая існавала да канца 20–х г., вярнулася ў канцы 80–х і сёння ўсё яшчэ назіраецца ў Беларусі. Таксама рыторыка постсавецкай „спрэчкі гісторыкаў“ наўрад ці адрозніваецца ад крытычнага рытуала савецкага часу. Відавочна, заключае Лінднэр, што кантынуітэт паміж савецкай і постсавецкай гістарыяграфіяй і навуковай культурай аказаўся больш моцным, чым змены, якія прынёс крах імперыі.

3. Вузлавыя спляценні гісторыі Беларусі і сумежных з ёю краін, якія аўтар трактуе як міфалагемы і гістарычныя стэрэатыпы, па–рознаму інтэрпрэтуюцца беларускай, украінскай і расійскай нацыянальнымі гістарыяграфіямі. Тое, што для вучоных у Кіеве і Львове азначае спадчыну Кіеўскай Русі і Казацкага гетманата, а для даследчыкаў Масквы і Санкт–Пецярбурга звязана з міфамі аб Трэцім Рыме, царах і вызваленчых бітвах супраць татарскага гнёту, Напалеона і Гітлера, для гісторыкаў у Менску і Горадні ўвасабляе Полацкае княства і „Беларуска–Літоўскае Вялікае Княства“(23).

Падобна таму, як украінскія і расійскія гісторыкі вылучаюць узаемныя гістарычныя прэтэнзіі, беларуская гістарыяграфія, як у да– і раннесавецкія часы, пачынае дыстанцыявацца ад гістарычнай Расіі. Аўтар гаворыць пра відавочную розніцу паміж беларускай і расійскай гістарыяграфіяй нацыянальна–патрыятычнага кірунку, адзначаючы, што іх гістарычныя канцэпцыі выключаюць адна адну. Беларускі нацыяналізм, прыхільнікі якога хочуць бачыць у нацыяналізме „канструктыўную сілу“, не мае нічога агульнага з панславісцкай ідэалогіяй новага рускага нацыянальнага кансерватызму. У адрозненне ад рускіх інтэлектуалаў, беларускія „нацыяналісты“ сярод гісторыкаў глядзяць на Захад ці падкрэсліваюць „беларускую місію“ для еўраазіяцкай прасторы. Погляд на будучае дзвюх дзяржаваў падкрэслівае гэтае гістарычна абгрунтаванае адрозненне: патрыёты ў Беларусі і Расіі не маюць нічога агульнага, што іх звязвае (483).

4. У Беларусі амаль у той самай ступені, як і ў іншых перыферыйных нацыях Усходняй Еўропы, нацыянальная гісторыя канструявалася і дэканструявалася. Прыклад Беларусі паказвае, што народы, якія засталіся ў сваёй сучаснай гісторыі ў стадыі перарванага ці незавершанага нацыянальнага генэзісу, асабліва схільныя да фармавання міфаў. Да такіх гістарычных міфаў належаць перш за ўсё міфы пра паходжанне беларусаў, стварэнне дзяржавы, Радзіму, Залаты Век (часы ВКЛ), генацыд беларускага народа і насцярожаныя адносіны да іншаземцаў.

Схільнасць беларускай гістарыяграфіі да міфалагізацыі абгрунтоўваецца тым, што „малыя народы“ часта класіфікуюцца сумежнымі дзяржаўнымі гістарыяграфіямі як „негістарычныя“. З–за адсутнасці нацыянальнай эліты гістарычны шлях развіцця беларускага народа доўгі час быў „нябачны“ і заставаўся „неапісаным“. Адсутнічалі беларускія гістарычныя хронікі, нацыянальны пантэон выдатных дзеячаў гісторыі Беларусі быў незапоўнены. Гэта вяло да міфалагізацыі мінулага з боку нацыянальнай гістарыяграфіі і да яго абмежавання гісторыяй руска–беларускіх адносінаў з боку савецкіх гісторыкаў (479—480).

5. Інтэрпрэтацыя беларускай гістарыяграфіяй мінулага беларускага народа дваістая. Гэта — вынік супярэчнасці паміж нацыянальнай і імперскай гістарычнымі карцінамі. Таму Беларусь магла ці азірацца на традыцыі сваёй тысячагадовай дзяржаўнасці, ці аказвацца правінцыяй у густым ценю польскай, рускай і савецкай імперскай гісторыі. Гэта дваістая культура гістарычнай свядомасці замінае разуменню рэальнай гісторыі беларускіх тэрыторый. Нацыянальная гісторыя, з аднаго боку, царская і савецкая імперская гісторыя, з другога боку, былі палітычна матываванымі канструкцыямі, якія нярэдка прымусова аспрэчвалі права адно аднаго на існаванне (480).

Каментуючы гэтую выснову, зададзім аўтару пытанне — якія яму вядомы прыклады прымусовага ўкаранення нацыянальнай канцэпцыі гісторыі Беларусі? Што тычыцца супрацьлеглай канцэпцыі, то такіх прыкладаў не пералічыць.

6. Праз усю кнігу праходзіць тэзіс аб супрацьлегласці нацыянальнай і імперскай гістарыяграфіі гісторыі Беларусі. Ва ўсе перыяды даследавання беларускія гісторыкі знаходзіліся ў палітычным полі прыцягнення, уплыву і кантролю ўладаў. Калі нацыянальная гістарыяграфія прафілявалася як пераважна гістарыяграфія пратэсту і дыстанцыявання ад улады і імперыі, савецкія гісторыкі павінны былі адпавядаць ціску падпарадкавання, які аказвалі партыя, панавальная ідэалогія і іх уласная паслухмянасць, якая абганяла дыктат улады. Сталінізм істотна змяніў праз рытуал крытыкі і індывідуальны тэрор гістарычную навуку і гістарыяграфію часоў ранняга СССР і Беларусі. Аднак нацыянальная гістарычная карціна працягвала існаваць у пачатку 30–х г. да перыяду фізічнага прымянення сілы і забароны для гісторыкаў працаваць ва універсітэце і акадэмічных інстытутах. Беспартыйныя беларускія гісторыкі былі выключэннем з правіла.

Нацыянальны прыклад інтэрпрэтацыі гісторыі Беларусі заставаўся на мяжы эпох (ХIХ—ХХ і ХХ—ХХI ст.) у ценю „заходнерускай“, „вялікарускай“, „савецка–патрыятычнай“ ці „русафіла–панславісцкай“ гістарычных канцэпцый. У фазе палітычнага аслаблення ўлады і ідэалагічнай моцы цэнтра (пасля 1905 г., у 20–я г., пад час агоніі савецкай імперыі) нацыянальная гістарыяграфія магла развіваць самастойныя гістарычныя ўяўленні і спрабавала ўвасабляць іх як нацыянальна зразумелы гістарычны працэс. У гэтыя перыяды асабліва выдатна выяўлялася роля гістарыяграфіі як нацыятворчай сілы.

7. Спецыфікай гістарычнай навукі савецкіх рэспублік і новых постсавецкіх дзяржаваў была і застаецца іх метадалагічная слабасць. Прычынамі структурнай слабасці і прафесійнай адсталасці беларускай гістарычнай навукі з’яўляліся, паводле аўтара, адсутнасць акадэмічных традыцый, рэпрэсіі і вайна. Толькі паміж 50—70 г. сярод менскіх і гарадзенскіх гісторыкаў можна было назіраць прафeсійны рост, асабліва ў галіне сацыяльнай і аграрнай гісторыі. Увогуле ж гістарычная навука Беларусі заставалася на правінцыйным узроўні і мела ранг гістарычнага рэгіянальнага краязнаўства. Вельмі рэдкія тэарэтычныя дэбаты ў савецкай гістарыяграфіі абвяшчаліся цэнтрам і праходзілі пры масаваным удзеле ЦК КПСС і галаўных маскоўскіх інстытутаў.

Пасля краху цэнтралізаванай сістэмы савецкай навукі ў новых дзяржавах не з’явілася інавацыйных методык, якія б сведчылі пра змену савецкай гістарычнай карціны на нацыянальную. Замена адной дзейнай канцэпцыі на другую не вяла да ніякага шматмернага гістарычнага аналізу. Міжнародны даследчы ландшафт успрымаецца вельмі слаба. Тлумачэнне гісторыі заходняй школай даследчыкаў па–ранейшаму ігнаруецца. Толькі ў другой палове 90–х г. з боку маладога пакалення менскіх гісторыкаў сталі зыходзіць імпульсы да авалодвання метадычным інструментарыем і заходнімі вынікамі даследаванняў (481—482).

8. Для інстытуцыянальнай гісторыі беларускай гістарычнай навукі ў савецкую эру важнае значэнне мела тое, што два яе галоўных цэнтры — Інстытут гісторыі Акадэміі навук і гістарычны факультэт БДУ — развіваліся ў рэчышчы палітычных працэсаў свайго часу ці нават абганялі іх. Маецца на ўвазе тое, што яны былі больш канфармісцкімі, чым гэта ад іх патрабавала ўлада. Нямала вучоных добраахвотна падтрымлівалі нефармальныя кантакты з менскімі партыйнымі ўстановамі. З другога боку, адносна меншая колькасць партыйных сярод беларускіх гісторыкаў сведчыла пра іх пэўную гатоўнасць да дысідэнцтва.

Адзіная савецкая гістарычная канцэпцыя ўсталявалася ў Беларусі толькі ў канцы 50–х г., калі была надрукавана першая агульная праца па „Гісторыі БССР“ з „марксісцка–ленінскіх пазіцый“. Пераважная бальшыня маладых аўтараў новай хвалі (пасля „адлігі“), якія потым сталі акадэмічнымі настаўнікі позняга савецкага і паслясавецкага пакаленняў вучоных, клапацілася пра тое, каб Беларусь заставалася ў гравітацыйным полі рускай імперскай гісторыі і каб пра заходні ўплыў на палітычнае ці культурнае развіццё Беларусі не было ніякай гаворкі. Калі санкцыянаваная партыяй гістарычная канцэпцыя стабілізавалася ў пачатку 60–х г., да сярэдзіны 80–х г. былі выдадзены шматлікія адна– ці шматтомавыя публікацыі гістарычных прац і падручнікаў па беларускай гісторыі.

Беларуская гістарыяграфія сфармавала да сярэдзіны 80–х г. функцыянальна працаздольную інстытуцыянальную інфраструктуру. Колькасць гісторыкаў, абароненых дысертацый і публікацый пастаянна ўзрастала. Але прастора дзеянняў для гісторыкаў у даследаванні нацыянальнай гістарычнай тэматыкі ўсё больш звужалася. Гістарыяграфія БССР, як і ўсяго СССР, знаходзілася ў „вытворчым летаргічным сне“, з якога можна было выйсці толькі праз палітычны імпульс (388).

9. Парадыгма нацыянальнага фактару была ў пачатку 90–х г. не толькі важным кампанентам фармавання постсавецкай ідэнтычнасці, але і канцэптуальным базісам новай гістарычнай навукі ў былых савецкіх рэспубліках. Сярод інтэлектуалаў так званых „малых“ ці „негістарычных“ народаў сфармавалася ва ўмовах намінальнай незалежнасці новае разуменне гісторыі, якое зафіксавалася ў навуковых працах гісторыкаў, мастацкіх творах пісьменнікаў і праграмных заявах новых палітычных партый. Для адных гісторыкаў постімперская гістарычная навука стала надзеяй і захавальнікам нацыянальнай ідэі, іншыя разглядалі гэтых гісторыкаў як сабатажнікаў ідэі „адзінага савецкага народа“.

Беларускі прыклад паказвае, што змена панавальнай гістарычнай канцэпцыі ў савецкіх рэспубліках вызначалася больш зменай пакаленняў, чым непасрэдна зменай палітычнай сістэмы. Разам з тым аўтар зазначае, што спрэчка гісторыкаў у 90–я г. ніяк не звязана, як у 20–я і пачатку 30–х г., з канфліктам пакаленняў. Сёння існуе падзел сярод старога пакалення гісторыкаў (421). Беларускія гісторыкі пры пераходзе ад царскай да савецкай сістэмы панавання менш эйфарычна мянялі ідэалогію, чым яны гэта рабілі пасля краху савецкай імперыі, калі толькі меншыня засталася ў карсэце савецкага разумення гісторыі, а бальшыня з энтузіязмам звярнулася да нацыянальнай гісторыі (483—484).

10. Адначасовасць нацыянальнага і інтэгральнага (ці імперскага) варыянтаў беларускай гістарыяграфіі працягваецца. Палітычныя інтарэсы ўлады таксама ў будучыні будуць вызначаць тую ці іншую гістарычную карціну і клапаціцца пра тое, каб гістарычная навука заставалася функцыяй палітычнага фактару. У постсавецкім кантэксце вылучаецца беларускі асобны шлях, таму што тут нацыянальная гістарыяграфія адвергнута кіроўнай палітычнай элітай і прэзідэнцкі рэжым Лукашэнкі стаіць на гістарычным і маральным каноне каштоўнасцяў позняга савецкага часу. Як у пачатку ХХ ст., у канцы стагоддзя беларуская гістарычная карціна знаходзіцца пад падзеленым небам. Гістарыяграфія застаецца арэнай барацьбы даследчых інтарэсаў і палітычных патрабаванняў.

Кніга заканчваецца аптымістычным спадзяваннем на тое, што „ўсё больш гісторыкаў у Менску, Горадні ці Гомелі будуць выстаўляць на рацыянальную праверку канкурэнтаздольныя канцэпцыі мінулага і паказваць гісторыю Беларусі такой, якой яна з’яўляецца на самай справе: гісторыяй этнічна, культурна і рэлігійна абмежаванай гістарычнай прасторы, якая ўвасабляе на падставе яе тэрытарыяльнай прыналежнасці да Кіеўскай Русі, Вялікага Княства Літоўскага, польскай дваранскай рэспублікі, царскай імперыі ці Савецкага Саюза ўсходне– і цэнтральнаеўрапейскія традыцыі мінулых стагоддзяў ва ўсёй іх шматбаковасці, з усімі іх пераломамі і перыпетыямі. Палітычная і культурная будучыня маладой Рэспублікі Беларусь захоўваецца не ў малой ступені ў авалодванні гэтай багатай гісторыяй“ (484).

Чым адметная кніга Райнэра Лінднэра? Перш за ўсё ахопам перыяду даследавання і навізной узнятых праблем. Гэта першая ў сусветнай гістарычнай навуцы і беларусазнаўстве кніга пра станаўленне і развіццё беларускай гістарычнай навукі і яе ўзаемаадносіны з палітычнай уладай на працягу больш чым стогадовага адрэзку часу. Аўтар узняў і вырашыў праблемы, якія не маглі нават разглядаць беларускія гісторыкі ў савецкі час і да якіх яны толькі пачынаюць падыходзіць цяпер. Гэта перш за ўсё пытанне пра адносіны паміж гісторыкам і ўладай, а больш дакладна, пра залежнасць ці незалежнасць гісторыка ад улады. Запознены ці перарваны працэс фармавання беларускай нацыі і панаванне ўлады над гісторыкам — гэта дзве галоўныя прычыны, што абумовілі адсутнасць ці вельмі слабую прысутнасць нацыянальнага разумення гісторыі сярод беларускай навукова–гуманітарнай супольнасці да пачатку 90–х г. ХХ ст.

Аўтар аперуе добра знаёмымі для беларускіх даследчыкаў тэмамі, з’явамі і імёнамі. Праўда, і тут ён кранае сюжэты, якія па сённяшні дзень саромяцца асвятляць айчынныя навукоўцы. Гаворка ідзе пра нацыянальны склад гістарычных кадраў БДУ і Інстытута гісторыі Беларускай Акадэміі навук у даваенныя і пасляваенныя гады. Прыведзеныя лічбы сведчаць пра вельмі вялікую долю яўрэйскіх і рускіх (па нацыянальнасці) прадстаўнікоў у асяроддзі гістарычнай супольнасці (308—315).

Даследчы дыскурс працы выходзіць за межы таго, з чым звычайна прывыклі мець справу айчынныя вучоныя. Аўтар уводзіць праблематыку ў еўрапейскі і міжнародны даследчы кантэкст, выкарыстоўвае распрацаваную метадалогію вывучэння гістарыяграфіі краін Цэнтральнай і Ўсходняй Еўропы, параўноўвае гістарыяграфічныя працэсы гэтага рэгіёна з тымі, што адбываліся ў заходнееўрапейскіх краінах, у першую чаргу Нямеччыне. Заслуга Лінднэра бачыцца нам у тым, што ён зрабіў вопыт развіцця беларускай гістарычнай навукі апошняга стагоддзя здабыткам сусветнай гістарыяграфіі. Параўнальна–гістарычны метад дазволіў вылучыць як спецыфічныя, так і агульныя рысы беларускай гістарычнай школы ў царскія, савецкія і постсавецкія часы.

Для беларускіх гісторыкаў і іншых спецыялістаў у галіне гуманітарных і сацыяльных навук кніга нямецкага даследчыка мае не толькі пазнавальны, але і вялікі маральна–выхаваўчы сэнс. Аўтар, падкрэсліваючы пастаянны ціск улады на гісторыкаў, ставіць пытанне пра тое, ці магла іх пазіцыя быць больш скіраванай на нацыянальнае разуменне гістарычнага працэсу. Адказ на гэтае пытанне можна неаднаразова сустрэць на старонках кнігі, дзе гаворка ідзе пра моцны канфармізм гісторыкаў, гістарычных навучальных і даследчых устаноў, іх „паслухмянасць, якая абганяе патрабаванні ўлады“.

Мы не ставім сваёй задачай больш падрабязны разгляд рэцэнзаванай кнігі. Сучасныя і будучыя гістарыёграфы Беларусі не змогуць абысці яе сваёй увагай. Перш за ўсё нам хацелася б пазнаёміць беларускую гістарычную грамадскасць з тэматыкай і асноўнымі палажэннямі гэтага даследавання, адзначыць яго надзычайную навуковую і палітычную актуальнасць.

Некаторыя моманты кнігі выклікаюць пытанні, іншыя патрабуюць удакладнення сэнсу, які ўкладаў у іх аўтар. Трэба дамовіцца і наконт аўтэнтычнага разумення тэрмінаў, што ўжываюцца ў нямецкамоўным выданні. Кніга Лінднэра можа стаць прадметам шырокай дыскусіі ў нашым навуковым грамадстве, калі будзе перакладзена на беларускую мову.

Уладзімір Снапкоўскі

Менск

Наверх

Łowmiański, Henryk. Polityka Jagiellonów (Андрэй Янушкевіч)

Чэрвеня 12, 2000 |

Łowmiański Henryk. Polityka Jagiellonów. Poznań, 1999. 673.

Хтосьці з даследчыкаў заўважыў, што ў творчасці Генрыка Лаўмяньскага існуе выразная „белая пляма” — пад час нямецкае акупацыі. „Час маўчання” ў першай палове 40-х г. прыводзіў да думкі, што пераход ад вывучэння гісторыі ВКЛ да вывучэння польскага ранняга Сярэднявечча не меў творчай узаемасувязі і быў выкліканы толькі вонкавымі абставінамі, у першую чаргу пераездам з Вільні ў Познань. 40-я гады здаюцца ўвогуле выкрасленымі з навукова-творчай дзейнасці гэтага выбітнага гісторыка — знакавай постаці ў польскай гістарыяграфіі XX ст.

Аднак, як паказваюць апошнія (на жаль, пасмяротныя) выданні неапублікаванай спадчыны вучонага, гэта зусім не так. Пад час акупацыі ім была давершана такая важная і актуальная нават і для сённяшняй гістарычнай навукі (дый не пераўзыдзеная ёю) праца, як „Насельніцтва Літоўскай дзяржавы ў XVI ст.” („Zaludnienie państwa litewskiego w XVI wieku”), выдадзеная толькі два гады таму.

Другая значная праца, створаная ў тыя часы (якая так і не пабачыла свету пры жыцці аўтара), — „Палітыка Ягелонаў”. Яна стваралася ў складаных умовах акупацыі, калі аўтар меў доступ толькі да ўласнай бібліятэкі, што відавочна адбілася на якасці кнігі, якая грунтуецца ў асноўным на высновах тагачасных канкрэтна-гістарычных даследаванняў. Кніга таму і не выйшла адразу пасля свайго стварэння, бо аўтар лічыў яе не дапрацава най для друку. Па словах праф. Кшыштафа Пяткевіча, які падрыхтаваў гэтае выданне да публікацыі, яно паслужыла ў творчай біяграфіі Г. Лаўмяньскага своеасаблівым мостам паміж віленскім і познаньскім перыядамі яго жыцця, якія так моцна адрозніваюцца адзін ад аднаго прадметамі навуковых інтарэсаў даследчыка.

Гэты твор задумваўся як курс універсітэцкіх лекцый. Але ў выніку паўстаў арыгінальны сінтэз палітычных дзеяў ягелонскіх дзяржаваў, які яўна перавысіў рамкі навучальнага дапаможніка для студэнтаў.

Так сталася, што ў другой палове ХХ ст. не было створана абагульняльных прац па палітычнай гісторыі Польшчы і ВКЛ. Праца Г. Лаўмяньскага па гэтай прычыне з’яўляецца своеасаблівым гістарыяг рафічным дакументам, які падагульняе развіццё даследаванняў па палітычнай гісторыі дзвюх паспалітых краінаў.

Аўтар паставіў перад сабой, апрача гэтай, задачу ўпісаць палітыку Ягелонаў у шырокі кантэкст еўрапейскай гісторыі, не цураючыся супастаўленняў з тэндэнцыямі развіцця ў іншых краінах кантынента. У адрозненне ад іншых сінтэтычных прац тагачасся, у структурную аснову пакладзены не храналагічны, а праблемны прынцып выкладання. Па словах даследчыка, гэта дазваляе больш грунтоўна паглыбіцца ў разуменне прычынаў і ўнутраных узаемасувязяў паміж гістарычнымі падзеямі, што, на яго думку, з’яўляецца галоўнай задачай гістарычнага даследавання. Пры гэтым вучоны не забываецца і пра важную ролю храналогіі, дэталёва аргументуючы выбраную ім перыядызацыю гістарычнага працэсу. Спецыяльна прыпыніўшыся на праблеме 1386 г., ён бачыць яго пераломнае значэнне для польскай гісторыі ў сінхроннасці карэнных зменаў сацыяльна-палітычнай сітуацыі ў Польшчы і іншых усходнееўрапейскіх дзяржавах.

Зважаючы на гэта, робіцца зразумелай пільная ўвага Г. Лаўмяньскага да знешнепалітычнай праблематыкі, якой прысвечана большая частка кнігі. Кожнаму кірунку знешняй палітыкі і кожнай значнай ваеннай падзеі прысвечаны асобны раздел. Пры гэтым ім пастаянна прасочваецца ўзаемасувязь знешняй і ўнутранай палітыкі, дзякуючы чаму аналіз падзей атрымлівае дадатковую вартасць.

Не здраджваючы свайму таленту і адчуванню навуковае стылістыкі, аўтар „Палітыкі Ягелонаў” віртуозна аперуе тэрміналагічным інструментарыем, праводзячы цвярозы аналіз фактаў і даючы дасканальна вывераныя ацэнкі падзей і тэндэнцый развіцця гісторыі. Г. Лаўмяньскі заклікае вывучаць гістарычныя дакументы, не адрываючы іх зместу ад кантэксту эпохі, не змешваць у адно фармальныя дэкларацыі крыніц з фактычным станам рэчаў, які часта разыходзіўся з абвешчанымі на паперы ідэямі. Асабліва сімптаматычнай з’яўляецца крытыка канцэпцыі развіцця унійных дачыненняў, прэзентаванай у творах Оскара Галецкага. Яна накіраваная супраць этычна-ідэалістычнага трактавання уніі як нестасоўнага да задач гісторыка, які павінен паказваць перш за ўсё самую гістарычную рэчаіснасць, а не падмяняць яе толькі абстрактным аналізам і фармальнай інтэрпрэтацыяй гістарычных тэкстаў. Гэта адна з самых прыкметных рысаў кнігі — сталая барацьба яе аўтара са стэрэатыпамі, якія замацаваліся па тых ці іншых прычынах у гістарыяграфіі. Дарэчы, найбольш моцным месцам у кнізе як раз і з’яўляецца нарыс, прысвечаны Крэўскай уніі і яе наступствам.

У гэтым даследаванні ёсць шмат зацемак на метадалагічную тэматыку: аўтар характарызуе ўласнае стаўленне да праблемы асобы ў гісторыі, дае разгорнутае тлумачэнне, прычым з улікам спецыфікі палітычнае сітуацыі ў Сярэднявеччы, дэфініцыі „палітычная групоўка”. Аўтар спрабуе прымірыць спрэчныя погляды, шукае „залатой сярэдзіны”, указваючы на індывідуальнасць кожнага выпадку, сцвярджаючы, што ўрэшце ўсё вырашае складаная і супярэчлівая рэальнасць гісторыі.

Адзіным відавочным недахопам „Палітыкі Ягелонаў” ёсць, на нашу думку, ігнараванне аўтарам распрацовак расійскай гістарыяграфіі па ўнутрыпалітычнай праблематыцы гісторыі ВКЛ, а без іх уліку аналіз стану вывучэння уніі паміж Польшчай і ВКЛ выглядае няпоўным.

Так, гэтую працу можна крытыкаваць (асабліва калі звяртацца да канкрэтных дэталяў), але гэта будзе простай няўдзячнасцю ў дачыненні да аўтара, які ствараў яе ў экстрэмальных жыццёвых варунках палову стагоддзя таму. Яна, зразумела, не адлюстроўвае актуальнага стану гістарычных ведаў, аднак сваімі арыгінальнымі высновамі дае шмат матэрыялу для роздумаў, прымушае па-новаму паглядзець на, здавалася б, даўно вядомыя рэчы. Захапляе рэфлексія аўтара. Гэта, напэўна, найбольшая каштоўнасць гэтай кнігі — вучыцца ў Майстра разуменню гісторыі.

Андрэй Янушкевіч

Горадня

Галоўная » Запісы па тэме 'Гiстарыяграфiя'