Новы нумар

Галоўная » Запісы па тэме 'Гісторыя мовы'

Артыкулы па тэме ‘Гісторыя мовы’

Будапешцкія канферэнцыі пра мовы ў ВКЛ (Ігар Клiмаў)

Снежня 17, 2000 |


* Studia Russica, 1999. Vol. 17. 445 с. Studia Russica, 2000. Vol. 18. 495 с.

У 1998 г. кафедра ўсходнеславянскай і балтыйскай філалогіі (да 1994 г. — кафедра рускай мовы) Будапешцкага універсітэта правяла канферэнцыю з тэматыкай «Мовы ў ВКЛ». Яе поспех натхніў кафедру на правядзенне ў 2000 г. другой канферэнцыі з той самай тэматыкай. Канферэнцыям папярэднічала выданне тэзісаў, а крыху пазней даклады ўдзельнікаў былі апублікаваныя ў перыёдыку кафедры Studia Russica, Vol. 17, 18. (Дарэчы, гэты перыёдык падае паштовыя і электронныя адрасы аўтараў для кантактаў.) Арганізатар гэтых мерапрыемстваў — д–р Андраш Золтан, вядомы, сярод іншага, і сваімі даследаваннямі старабеларускага перакладу «Аповесці пра Атылу».

Славістычная праблематыка невыпадковая для гуманітарнай навукі Венгрыі. Краіна з трох бакоў атулена славянскімі землямі, і гісторыя венграў (якія ў сваім шляху на Дунай у Панонію ішлі паўз славян) апошняе тысячагоддзе была звязана са славянскай. У венгерскай мове прысутнічае шмат славянізмаў — паводле падлікаў вучоных колькасць каранёў, запазычаных са славянскіх моў, амаль аднолькавая з колькасцю спрадвечнай фіна–угорскай лексікі.

Увага да полілінгвізму ВКЛ з боку філолагаў зразумелая. Менавіта ВКЛ на працягу чатырох стагоддзяў было арэнай інтэнсіўных культурных і моўных кантактаў, сляды якіх захаваліся дагэтуль, а вынікі адчувальныя да нашых дзён. Мова адлюстроўвае гісторыю народа, таму тэматыка будапешцкіх канферэнцый мае цікавасць не толькі для філолагаў, але і для гісторыкаў.

Не ўсе даклады на канферэнцых былі прысвечаны ВКЛ. Шмат у якіх працах разглядаўся сучасны стан моваў рэгіёну (перш за ўсё памежныя ўзаемадзеянні, а таксама арэальныя агульнасці). Шмат было прац па анамастыцы, асабліва польскіх навукоўцаў, у якіх гэтыя даследаванні традыцыйна добра развітыя. У большасці прац гістарычнай тэматыкі разглядаліся стасункі паміж ВКЛ (і шырэй, у больш позні час — Рэччу Паспалітай) і Масковіяй, пераважна ў галіне вестэрнізацыі апошняй. Такая праблематыка адлюстроўвае перавагу русістаў у сучаснай славістыцы і тыповая для Еўропы, якая пакуль ведае ўсходнеславянскія народы і іх культуры пераважна на прыкладзе расійцаў.

Броджы Беркаф у сваім артыкуле «О языковой ситуации в Великом Княжестве Литовском и в России (конец XVI — начало XVIII века» (т. 17, с. 11—21) крытыкуе і рэвізуе некаторыя палажэнні вядомага расійскага мовазнаўцы Б. Успенскага, які азначыў моўную сітуацыю ў Беларусі і Ўкраіне як дзвюхмоўе (руська–царкоўнаславянскае). На яе думку, такое азначэнне не адпавядае моўнай рэальнасці Рэчы Паспалітай, якая характарызавалася дыферэнцаванасцю і разнастайнасцю. Моўная сітуацыя ў Рэчы Паспалітай была непараўнальна іншая, чым у Масковіі. У Рэчы Паспалітай функцыянавалі розныя мовы (літаратурныя і размоўныя), якія мелі неаднолькавы ўжытак (але нярэдка і паралельны) у розных сферах (канфесійная, побытавая і г. д.) і ў розных сацыяльных пластах (шляхта, мяшчанства, сялянства, казацтва, вучоныя і рэлігійныя карпарацыі і г. д.) ці этнічных супольнасцях. Такая сітуацыя адлюстроўвала суіснаванне розных сацыяльных, культурных і этнічных групаў, якія часта знаходзіліся паміж сабой у палеміцы і канфліктах, што спрыяла ўжыванню ў грамадстве розных моваў.

Такой стракатасці не было ў Масковіі, дзе адсутнічалі (дакладней, не маглі заявіць у літаратуры і пісьменстве пра сваё існаванне) рэзка дыферэнцаваныя сацыяльныя, культурныя ці этнічныя групы. Нават запазычанне некаторых формаў заходняй адукацыі (вывучэнне іншых моваў у вучэльнях) не змяніла становішча, бо адукацыйныя праграмы дзейнічалі ў Масковіі ў іншым сацыяльным асяроддзі, чым у Рэчы Паспалітай. Хоць у Славяна–грэка–лацінскай акадэміі выкладаліся сакральныя мовы, аднак апроч заняткаў не існавала ўмоваў для іх ўжывання ні на практыцы, ні ў літаратуры. На Масковіі, у адрозненне ад Захаду, шматмоўе было недарэчнае і немажлівае; там нават іншаземцы, як адзначае Броджы Беркаф, мусілі вучыцца расійскай мове.

У якасці прыкладу Броджы Беркаф характарызуе шматмоўе выдатных царкоўных эмігрантаў з Беларусі і Ўкраіны ў Масковіі: Сімяона Полацкага (аналіз літаратурных вартасцяў яго вершаў можна знайсці ў артыкуле Валерыя Ляпахіна «Некоторые особенности поэтического языка Симеона Полоцкого», т. 18, с. 125—133), Змітра Растоўскага (Туптала), Стафана Яварскага. Яна падкрэслівае поліфанію іх моўнай культуры, якая склалася ва ўмовах Рэчы Паспалітай у рэчышчы барочнай традыцыі. Аднак у Масковіі ім не было дзе (можа за выключэннем прыватных зносінаў) скарыстаць сваю моўную эрудыцыю — яны пісалі амаль скрозь па–царкоўнаславянску, прычым у маскоўскай рэдакцыі.

Спецыялістам даўно вядомы факт існавання ва ўсходніх славян дзвюх рэдакцый царкоўнаславянскай мовы, што склаліся ў выніку ізаляванага функцыянавання гэтай мовы ў розных краінах: ВКЛ / Рэчы Паспалітай і Масковіі. У падмурку гэтых адрозненняў (пераважна фанетыка–арфаграфічных) ляжала неаднолькавае ўспрыманне паўднёваславянскіх нормаў: беларуска–ўкраінская рэдакцыя была больш чуйнай і дакладнай у іх перадачы. З моўнымі асаблівасцямі гэтай рэдакцыі, якая арганічна спалучала таксама некаторыя беларускія і ўкраінскія рысы (замацаваныя нават царкоўнаславянскай граматыкай М. Сматрыцкага), можна пазнаёміцца на прыкладзе царкоўнаславянскага рукапісу XV ст. у артыкуле польскай даследчыцы Дароты Жылко «Kodeks Przemyski jako XV–wieczna cerkiewnosłowiańska ruska redakcja adaptacji białorusko–ukraińskiej Słów Izaaka Syryjczyka (biskupa Niniwy)» (т. 17, с. 154—167).

Заходняя культура, у тым ліку беларуска–ўкраінская, адзінаверная і блізкая паводле мовы, сустракала ў 1–й палове XVII ст. непрыхільную апазіцыю ў Масковіі, чаму прысвечана паведамленне Іштвана Ферэнца «Отражение идейной полемики (старомосковских) традиционалистов и (латинствующих) новаторов в письменности XVII века» (т. 17, с. 22—31). Паведамленне носіць, праўда, рэфератыўны характар і змяшчае даўно вядомы матэрыял з прац ледзь не XIX ст. выразнай прамаскоўскай і праваслаўнай тэндэнцыйнасці. Той самай вартасці і іншае яго паведамленне «Литовские князья и теория „Москва — третий Рим“» (т. 18, с. 59—64), у якім распавядаецца пра нараджэнне гэтай вядомай канцэпцыі пад пяром кіеўскага мітрапаліта Спірыдона–Савы, які ў Масковіі трапіў у вязніцу. Значна больш цікавую і новую інфармацыю пра стаўленне ў Масковіі да Беларусі і Ўкраіны падае даклад Таццяны Апарынай «Звучание слова „Русия“ при переводах с „простой мовы“ в Московском государстве первой половины XVII века» (т. 18, с. 192—198). Аўтарка аналізуе ўжыванне ўсходнеславянскіх харонімаў у тытулах і назвах інстытуцый ВКЛ і Масковіі.

Ізаляцыя Масковіі ад Захаду не перапыняла, аднак, заходняга ўплыву, які ішоў праз пасярэдніцтва суседніх беларусаў і ўкраінцаў. Ганна Болек у сваім дакладзе «К истокам „двоестрочного согласия“ — первые русские опыты переводных рифмованных виршей» (т. 18, с.24—30) абвяргае тэзіс некаторых расійскіх вучоных пра самабытнае зараджэнне паэзіі ў Масковіі і ўказвае на ролю ў гэтым працэсе беларуска–ўкраінскіх паэтычных твораў XVI—XVII ст., што яшчэ ў Смутны час спрычыніліся да паўстання першых рыфмаваных вершаў у Масковіі (вершы князя І.А.Хварасцініна). Выспяванне культурных навацый у маскоўскай кніжнасці пачатку XVII ст. пад беларуска–ўкраінскім уплывам аналізуе Алена Кузьмінава ў сваім паведамленні «Рецепция грамматики Лаврентия Зизания в Московской Руси» (т.18, с. 115—118).

З сярэдзіны XVII ст., за часам цара Аляксея Міхайлавіча, афіцыйнае стаўленне да беларуска–ўкраінскай кніжнасці мяняецца. І яна сама (у сваім царкоўнаславянскім варыянце), і яе носьбіты не толькі пачалі прымацца ў Масковіі, але нават служыць там узорам, што не замарудзіла адбіцца на лінгвістычнай і тэксталагічнай рэдактуры маскоўскіх выданняў. Аспекты такой рэдактуры разглядае ў сваім артыкуле маскоўская даследчыца Наталля Запольская («Книжная справа XVII века: проблема культурно–языкового реплицирования», т. 18, с. 305—314). Менавіта дзякуючы гэтай рэдактуры беларускі і ўкраінскі ўплыў на літаратурную мову Масковіі становіцца адметным у галіне лексікі, граматыкі, фразеалогіі. Ролю эмігрантаў з Беларусі і Ўкраіны ў навацыйных працэсах культурнага і рэлігійнага жыцця Масковіі, а таксама стаўленне да эмігрантаў закранае Сяргей Філіпаў у дакладзе «Раскол в русской церкви и юго–западнорусская учёность» (т. 18, с. 65—70). На яго думку, роля знешніх (у т. л. беларуска–ўкраінскіх) уплываў у адмаўленні Масковіі ад культурнай ізаляцыі перабольшана.

Аднак нават і ў часы адмовы ад культурнага адасаблення ў канцы XVII — пачатку XVIII ст. мова царкоўнаславянскіх тэкстаў з Беларусі і Ўкраіны пры перавыданні ў Масковіі падлягала самаму пільнаму выпраўленню на ўзор маскоўскай рэдакцыі. Пасля пераходу Кіеўскай мітраполіі ў 1686 г. у юрысдыкцыю Маскоўскага патрыярхата ва Ўкраіне з канца XVII ст. усталявалася цэнзура для царкоўных выданняў. Такая цэнзура мела на мэце не толькі вытрымліванне ідэалагічнай беззаганнасці, але і культурную уніфікацыю Маскоўскай дзяржавы, што шпарка ператваралася ў імперыю, дзе не магло быць рэзкай дыферэнцыяцыі, як адзначала Броджы Беркаф. Асаблівасці гэтага працэсу разгледжаны ў паведамленні Лаёша Соке «Цензура и украинский извод церковнославянского языка в XVIII в.» (т. 18, с. 262—264). У ім адзначаецца, што некаторыя дробныя рысы беларуска–ўкраінскай рэдакцыі захаваліся (да Елізавецінскіх часоў) у складзе маскоўскай.

На дакладах, у якіх закранаецца ўласна беларуская тэматыка, варта спыніцца больш падрабязна.

Некалькі падыходаў для вырашэння даўняга пытання наконт паходжання казацтва робіць венгерская даследчыца Беата Варга. У дзвюх сваіх працах «Литовско–украинское содружество и казачество в XV веке» (т. 17, с. 135—140) і «Сопоставление положения татар и украинских казаков на службе польско–литовского государства» (т. 18, с. 281—287) яна зыходзіць з вядомай канцэпцыі неславянскага (цюрска–татарскага) паходжання казакоў (пра што сведчыць этымалогія слова казак і яго значэнні ў ранніх помніках). Узніклае на ўзор татарскіх казакоў, украінскае казацтва напачатку было не станам ці слоем, а толькі заняткам, у якім мог удзельнічаць любы спрытны і мужны чалавек: удзел у казацкай ватазе мог быць спынены ці яна сама магла распасціся. Арганізацыя ўкраінскіх казакоў пачалася на мяжы XV—XVI ст., калі ўрад ВКЛ пачаў выкарыстоўваць іх дзеля аховы паўднёвых межаў ад наездаў татар. Так узнікла гарадское аселае казацтва, якое ў сярэдзіне XVI ст. (у выніку вайсковых і эканамічных паходаў, а таксама канфліктаў з уладамі) дало пачатак нізавому і запарожскаму казацтву, не падначаленаму дзяржаўнай уладзе, якое папаўнялася ўцекачамі з паўночных аселых земляў. Але з ірэгулярнага войска ў магутны стан, які паставіў пад кантроль вялізныя абшары Ўкраіны, казацтва ператварылася з шэрагу прычын: эканамічна–сацыяльных і культурных (кантакты з культурай качэўнікаў і захаванне грамадовых традыцый ва Ўкраіне), а таксама дзякуючы палітыцы ўрада ВКЛ, які ў XVI—XVII ст. ператварыў казацкі занятак у дзяржаўную службу.

Італьянскі даследчык П’етра Дзіні ў сваім дакладзе «Polyglossia and linguistic variations in the Grand Duchy of Lithuania according to Miechovita (XVI cent.)» (т. 18, с. 49—54) звяртае ўвагу на моўную сітуацыю і функцыянаванне моваў у ВКЛ паводле трактата «Пра дзве Сарматыі» Мацвея з Мехава (Кракаў, 1517; Базель, 1582). Між іншым, тагачасны польскі гісторык, гаворачы пра «руськую» мову (lingua Ruthenica), адзначаў, што на ёй размаўляюць таксама ў Ноўгарадзе, Пскове, Полацку, Смаленску і іх ваколіцах, не кажучы ўжо пра Кіеў (с. 52).

Вядомы маскоўскі даследчык Юры Лабынцаў у сваім паведамленні «Литовская кирилловская письменность XIII—XV вв. в контексте кирилло–мефодиевской традиции Великого Княжества Литовского» (т. 17, с. 49—53) намагаецца рэканструяваць кірылічныя здабыткі этнічных літоўцаў XIII—XVI ст., ахрышчаных у праваслаўе. Яго доказы грунтуюцца (апрача той падставы, што кірылічнае пісьменства ў праваслаўных літоўцаў мела быць) на ўскосных дадзеных, а прыцягнуты ім матэрыял сціплы і даўно вядомы. Напрыклад, звесткі аб праваслаўных сімпатыях этнічных літоўцаў і іх няпрыязі да каталіцтва ўзяты толькі з працы мітрапаліта Макарыя, афіцыйнага гісторыка рускай праваслаўнай царквы ХIХ ст. Кірылічнае Лаўрышаўскае евангелле (пач. XIV ст.) Лабынцаў лічыць узорам літоўскай кірылічнай традыцыі, хоць сам прызнаецца, што вылучыць гэтую традыцыю «не так і проста» (с. 52).

Маскоўская даследчыца Ларыса Шчавінская ў сваім паведамленні «Языковой феномен человека польско–восточнославяно–литовского пограничья XVII в.: Вильнюсский воевода Януш Радзивилл — читатель кириллических рукописей» (т. 17, с. 129—132) разглядае постаць князя Януша Радзівіла (1612—55), пратэстанта, што выступаў абаронцам іншаверства ў Рэчы Паспалітай (у т. л. і праваслаўных) і фундаваў друк на літоўскай мове. У 1654 г. у бібліятэцы Супрасльскага манастыра (які месціўся на яго землях) князь узяў на чытанне дзве кнігі: Kroniką y Jarmoloy. На падставе распіскі даследчыца мяркуе, што гэтай кронікай мог быць знакаміты Радзівілаўскі летапіс (трапіў пазней у Кёнігсберг менавіта ад Януша Радзівіла), і выводзіць, што найвышэйшыя асобы ВКЛ, «непасрэдна не звязаныя… з праваслаўнай культурай, працягвалі нядрэнна ведаць царкоўнаславянскую і гэтак званую руськую [у аўтаркі — «рускую»] мовы, цікавіліся кніжнасцю і літаратурай кірылічнай традыцыі» (с. 131). Такая выснова абсалютна заканамерная для расійскіх вучоных, якія ўсю сярэднявечную літаратуру (як і мову) беларусаў і ўкраінцаў гатовы выводзіць з царкоўнаславянскай, а ўсю іх культуру — з праваслаўя. Што ж да кронікі, згаданай у распісцы, то малаверагодна, што яна была славутым летапісам. Лацінская правінэнцыя на маргінэсе летапісу, зробленая Станіславам Зіноўевічам (дарэчы, паводле імя — не праваслаўнага), указвае хутчэй на тое, што летапіс быў паднесены князю з прыватнай маёмасці, а не з манастырскай. Князь мог узяць у манастыры зусім іншы летапіс (напрыклад, дзеля параўнання з дараваным яму летапісам). У вядомым пераліку кніг бібліятэкі Супрасльскага манастыра з 1645 г. фігуруе кройніка руська 1, якая паўтараецца і ў пераліку 1668 г. — хутчэй за ўсё, гэта тая самая кроніка.

Уладзімір Мякішаў («„Русская мова“ Литовского Статута 1588 года и виленских актовых книг конца XVI века», т. 17, с. 58—64) аналізуе моўную норму Літоўскага Статута 1588 г. (і яго перавыданні 1591 і 1600 г.) і параўноўвае з моўнай нормай актавых кніг віленскіх гродскіх і земскіх судоў таго ж часу. Аднак матэрыял для гэтага падаецца нерэпрэзентатыўны, у выніку чаго даследчык прыходзіць да трывіяльнай ацэнкі, што дыяпазон варыянтаў у актавай кнізе значна шырэйшы за кодэкс Статута (што натуральна для рукапіснай кнігі параўнальна з друкаванай). Таму пастаўленае ім пытанне — ці ўплывалі нормы Статута як галоўнага кодэкса законаў на пазнейшую актавую пісьменнасць? — застаецца, строга кажучы, без адказу. Друкаваны Статут не мог зменшыць ступень хістанняў у рукапісных тэкстах. Найбольш цікавы матэрыял артыкула тычыцца суадносінаў нормы Літоўскага Статута ў выданні 1588 г. і яго перавыдання 1600 г. Параўнанне арфаграфічных рысаў абодвух выданняў прывяло даследчыка да высновы, што моўная сістэма Статута паступова ўкраінізуецца (с. 61—63). У гэтых высновах ён абапіраецца на крытэрыі, вызначаныя шэрагам мовазнаўцаў: І. Агіенкам, У. Анічэнкам, А. Булыкам.

У іншым дакладзе («„Мовы“ Великого Княжества Литовского в единстве своих противоположностей», т. 18, с. 165—172) Мякішаў спрабуе рэанімаваць канцэпцыю, выказаную яшчэ ў 1971 г. украінскім мовазнаўцам П. Плюшчом пра існаванне ў ВКЛ дзвюх літаратурных моваў: простай і руськай (аўтар у абодвух дакладах піша русская). Нараджэнне руськай мовы Мякішаў звязвае з канцылярскай практыкай ВКЛ XIV ст., а простай — з канфесійнымі перакладамі на хвалі ідэй Рэфармацыі 1540–х г. (с. 165—166, 169). Простая мова, на яго думку, узнікла на грунце руськай і «склала адзіную мову тагачаснай інтэлігенцыі ўсходніх земляў» Рэчы Паспалітай (с. 170). У структуры руськай пераважаюць беларускія рысы і паланізмы, а ў структуры простай — рысы ўкраінскія і царкоўнаславянізмы (с. 169–170). Вылучаючы дзве розныя мовы, Мякішаў, аднак, падкрэслівае, што ён вядзе гаворку пра адну моўную сістэму (с. 170). Як гэта магчыма, што «ўзаемазвязаныя, але дастаткова самастойныя моўныя арганізмы» (с. 165) утвараюць «непадзельнае адзінства» (с. 170) — вядома толькі аўтару.

Уяўленні пра гісторыю ўзнікнення і развіцця літаратурна–пісьмовай мовы ВКЛ у сп. Мякішава фантастычныя і, сфармаваныя працамі Жыцецкага (1889) і Мартэля (1938), мякка кажучы, не зусім сучасныя. Чаго варты такі пасаж (цытуецца на мове арыгіналу), як: «в XVIII веке она [г. зн. мова] постепенно выгасает, чтобы незаметно умереть естественной смертью от отсутствия чувства меры, иноязычной всеядности и стилистической безвкусицы» (с. 167). У духу прац ХIХ ст. Мякішаў разглядае мову як нейкі арганізм ці канструкт і мяркуе, што менавіта «мэтавыя арыентацыі» (імкненне «падцягнуць» гутарковую мову ці «спрасціць» царкоўнаславянскую) выклікалі да жыцця абедзве вызначаныя ім мовы (с. 169).

Каб давесці існаванне дзвюх моў, даследчык звяртаецца да аналізу лінгвонімаў, хоць доказам такі аналіз служыць не можа, бо лінгвонімы ў Сярэднявеччы часта блыталіся і не мелі стабільнага сэнсавага напаўнення. Аднак нават тагачаснае мовавыкарыстанне не пацвярджае прапанаванага ім падзелу літаратурнай мовы ВКЛ на простую і рускую. Не без збянтэжанасці Мякішаў канстатуе, што назва мова руськая ў тыя часы аднолькава прыкладалася як да канцылярскай мовы, так і да літаратурнай (с. 168). Але ў гэтым ён бачыць загану адукаваных людзей таго часу, якія не дадумаліся да яго, мякішаўскай, ідэі, і тым самым нарадзілі «карані цяперашняга тэрміналагічнага разнабою». І зусім дзіўна чуць, што назва руськая мова з’явілася з вялікім спазненнем, толькі ў 1560–я г., а да таго «тубыльцы» ВКЛ абыходзіліся без спецыяльнага наймення канцылярскай мовы (с. 167). Актавая мова ВКЛ здавён называлася паводле назвы народа, г. зн. руськай.

Аўтар таксама вымушаны канстатаваць, што ўжыванне тэрміна простая мова ў тыя часы было зусім не ў мякішаўскім рэчышчы. Значэнне гэтага тэрміна яму так і засталося няўцямным, і таму ён характарызуе яго як сэнсава і функцыянальна недыферэнцаваны (с. 168) і функцыянальна неканвертаваны (с. 169). На самай справе, тэрмін меў тады дастатковую дыферэнцаванасць і канвертаванасць. Гэта быў сацыялінгвістычны тэрмін, які паказваў статус мовы ў грамадстве, яе прэстыжнасць. Назва простая мова — гэта старабеларускі пераклад лацінскага тэрміна lingua rustica ‘вясковая мова’ (у пераносным сэнсе — ‘прафанная мова’), процілеглы яму тэрмін — lingua sacra ‘сакральная мова’ (у пераносным сэнсе — ‘мова для пасвечаных’). Таму нездарма тэрмін простая мова заўжды супрацьпастаўляўся царкоўнаславянскай мове і (на здзіўленне Мякішава) не стасаваўся да актавага канцылярскага пісьменства, а выступаў у спалучэнні са стратыграфічнай тэрміналогіяй: мова (для) простых людзей.

Прапанаваная Мякішавым дыстрыбуцыя тэрмінаў — суб’ектыўная спекуляцыя, якая не знаходзіць адпаведнасці ў тагачасным ўжытку і рэальна не апісвае аніякай розніцы моўных сістэм. Яна пабудавана на павярхоўным знаёмстве аўтара з літаратурнай мовай беларусаў і ўкраінцаў. На жаль, большасць дакладаў і паведамленняў, дзе разглядаюцца пытанні беларуска–ўкраінскай гісторыі, хібяць на гэткую ж павярхоўнасць. Яны напісаны пераважна русістамі, якія часам неглыбока знаёмыя з гісторыяй і мовай беларускага ды ўкраінскага народаў і часта пераносяць на іх тыя мадэлі і ўяўленні, што склаліся пры вывучэнні гісторыі і мовы расійскага народа.

Шэраг прац прысвечаны адносна нядаўняй моўнай і этнічнай гісторыі былых народаў ВКЛ. Як заўжды, цікавыя думкамі і трапнымі ацэнкамі працы Рышарда Радзіка, даследчыка з Любліна, які падрыхтаваў два даклады: «Języki Białorusi w XIX—XX wieku (białoruski, polski, rosyjski) — ewolucja ich funcji i zmienność relacji» (т. 17, с. 93—101) і «Język a tożsamość narodowa w Europie Środkowo–Wschodniej w XIX—XX w.» (т. 18, с. 231—238). Ролі калькавання ў развіцці моваў гэтых народаў ў ХIХ–ХХ ст. прысвечаны шэраг дакладаў, гл.: Аранкі Лацхазі «Развитие литовской философской терминологии» (т. 17, с. 187—193), «Роль калькирования в развитии словарного состава литовского литературного языка во второй половине XIX в.» (т. 18, с. 119—124), Зузаны Радулі «Kalki niemieckie w języku polskim i ich odpowiedniki w języku rosyjskim, ukraińskim i białoruskim» (т. 17, с. 88—92), Сяргея Запрудскага «Да гісторыі некаторых вандроўных запазычанняў–калек у беларускай мове» (т. 18, с. 315—320).

У цэлым, будапешцкія канферэнцыі характарызуе высокі навуковы ўзровень і шырокая прадстаўнічасць (чаго часта нестае беларускім мерапрыемствам такога кшталту). Застаецца толькі шкадаваць, што ў Беларусі канферэнцыі з такой тэматыкай і на такім узроўні пакуль што немагчымыя. Выбар тэмы ВКЛ менавіта венгерскімі славістамі на першы погляд нечаканы. Большасць кафедраў славістыкі ў неславянскіх краінах зацыклілася на Кіеўскай Русі / Масковіі / Расіі і зусім не бачыць Беларусі і Ўкраіны. Але, як паказваюць будапешцкія канферэнцыі, без уліку беларускага і ўкраінскага «фактару» вытлумачыць шмат якія працэсы нават у той самай расійскай дзяржаве немагчыма, не кажучы ўжо пра тое, што ігнараванне беларускай і ўкраінскай тэматыкі сур’ёзна збядняе замежную славістыку. Таму тэма, заяўленая венгерскімі славістамі, мае значныя перспектывы, а яе распрацоўка абяцае адкрыццё новых даляглядаў. Застаецца спадзявацца, што такія канферэнцыі будуць працягнуты ў Венгрыі далей, а беларусазнаўчыя доследы ў гэтай краіне набудуць з іх дапамогай моцныя імпульсы.

Менск

Ігар Клiмаў

Наверх

Беларуская мова. Opole, 1998 (Сяргей Запрудскі)

Снежня 9, 1999 |

Беларуская мова. Redaktor naukowy Aljaksandr Lukašanec, Mikalaj Prigodzič, Lidzija Sjameška. Opole, 1998. 293.

Ідэя гэтай кнігі нарадзілася за межамі Беларусі. У верасні 1992 г. на канферэнцыі «Славянскія мовы ў адносінах да сучасных зменаў у Цэнтральнай і Усходняй Еўропе» ў Аполе польскі лінгвіст Станіслаў Гайда ініцыяваў агульнаславянс кую даследчую праграму «Сучасныя змены ў славянскіх мовах». У 1993 г. ідэя праграмы і яе арганізацыйныя контуры канчаткова акрэсліліся на ХІ Міжнародным з’ездзе славістаў у Браціславе і на першай з будучых штогадовых сустрэч выканаўцаў праекта ў Аполе. Так быў запушчаны механізм, вынікам дзейнасці якога стала падрыхтоўка і выданне шэрагу кніг пад агульнай назвай «Найноўшая гісторыя славянскіх моў». Беларускі том выйшаў з друку акурат напярэдадні леташняга з’езда славістаў у Кракаве; раней у дадзенай серыі былі апублікаваны манаграфіі, прысвечаныя сербскай, балгарскай, рускай, сербалужыцкім, чэшскай, славенскай, славацкай і харвацкай мовам.

Далучыўшыся да рэалізацыі гэтага праекта, беларускія навукоўцы сутыкнуліся з цэлым шэрагам праблем. Паваенная гісторыя беларускай мовы (зрэшты, як і ранейшая) моцна насычана ідэалагічным зместам, у значнай ступені абумоўлена «знешняй», сацыяльнай гісторыяй, а беларускія мовазнаўцы, бадай, заўсёды былі схільныя не ўлічваць гэтую «нязручную» акалічнасць. Незразумела было, якія навуковыя ўстановы павінны былі стаць інстытуцыянальнай базай для выканання праекта. Здавалася б, такой базай маглі б быць аддзелы гісторыі беларускай мовы і сучаснай беларускай мовы Інстытута мовазнаўства НАН Беларусі. Аднак у аддзеле гісторыі беларускай мовы з 60-х г. даследаванне мовы савецкага перыяду зусім не праводзіцца, а ў аддзеле сучаснай мовы (з 1965 да 1992 г. яго ўзначальваў М.Бірыла) не сфармавалася колькі-небудзь значная навуковая школа. У выніку на пачатковым этапе рэалізацыі праекта асновай даследчыцкіх рэсурсаў стала кафедра беларускай мовы Белдзяржуніверсітэта. Можна здагадвацца, што гэты этап для беларускіх выканаўцаў быў надзвычай цяжкі. У нейкі момант універсітэцкія кіраўнікі праекта ўбачылі, што пастаўленая задача не можа быць выканана без прыцягнення дадатковых сілаў. Так у 1997 г. (праз чатыры гады пасля пачатку працы і за паўтара года да яе завяршэння) да распрацоўкі манаграфіі далучыліся навукоўцы Інстытута мовазнаўства, якія, між іншым, падрыхтавалі больш за палову агульнага аб’ёму кнігі. Такім чынам, суаўтарамі манаграфіі сталі Мікалай Прыгодзіч, Лідзія Сямешка, Ірына Шкраба, Таццяна Рамза, Віктар Красней (Белдзяржуніверсітэт), Аляксандр Лукашанец, Аляксандр Крывіцкі і Лілія Выгонная (Акадэмія навук). Цікава будзе заўважыць, што манаграфіі па іншых славянскіх мовах рыхтавалі значна большыя калектывы: так у напісанні сербалужыцкага тома ўдзельнічалі 15 чалавек, а харвацкі падрыхтаваны намаганнямі 16 даследчыкаў.

Пры знаёмстве з кнігай кідаецца ў вочы значная дыспрапорцыя ў размеркаванні матэрыялу. Так, падрыхтаваныя ў рамках раздзела «Змены ў структуры беларускай літаратур най мовы» параграфы пра арфаграфію і граматычныя змены (займаюць у кнізе адпаведна 7 і 15 старонак) выглядаюць вельмі кароткімі ў параўнанні, напрыклад, з параграфамі, прысвечанымі словаўтварэнню і вымаўленню (займаюць 36 і 43 старонкі або дзве траціны ўсёй плошчы адпаведнага раздзела). Можа, за паваенныя гады ў беларускай граматыцы адбыліся значна меншыя змены, чым у вымаўленні? Невядома. Чаму Л.Сямешка, знаны спецыяліст у правапісе, напісала на гэты конт так мала? Наўрад існуюць абгрунтаваныя адказы на гэтыя пытанні. Верагодна, так атрымалася таму, што даследчыца многа сілаў аддала падрыхтоўцы іншага, некароткага і вельмі важнага раздзела, прысвечанага сацыялінгвістычным аспектам функцыянавання беларускай літаратурнай мовы; правапіс, такім чынам, давялося пасунуць на другі план. Відавочна, патэнцыял кваліфікаваных акадэмічных навукоўцаў, спецыялістаў у фанетыцы і словаўтварэнні Л.Выгоннай і А.Лукашанца стаўся дарэчы ў крытычнай сітуацыі, калі над выкананнем праекта навісла пагроза, калі ўжо не даводзілася звяртаць увагу на тое, ці будуць розныя раздзелы ўкладзены згодна з пажаданай прапарцыйнасцю. «Логіка выпадку», якая мела немалы ўплыў пад час структурнай арганізацыі кнігі, асабліва добра відаць з той акалічнасці, што ў манаграфіі адсутнічае асобны раздзел, прысвечаны лексічнаму ўзроўню, — і гэта пры тым, што якраз на прыкладзе лексікі найбольш выяўна можна прасачыць сувязь паміж развіццём мовы і развіццём грамадства.

Найбольшую ўвагу ў кнізе прыцягваюць вялікія раздзелы, у якіх аўтары мелі магчымасць паглыбіцца ў аналізаваную матэрыю больш грунтоўна. А.Крывіцкі напісаў «дыялектала гічны» раздзел, у якім, аднак, акрамя аналізу зрухаў на дыялектным узроўні ў спецыяльных параграфах ахарактарыза ваў пасляваенную моўную сітуацыю і ўплыў на моўную дынаміку нацыянальнага адраджэння 1980 — 90-х г. Аўтар паказаў сацыяльныя прычыны пашырэння ў Беларусі ў паваенныя гады рускай мовы і яе замацавання ў важных функцыянальных сферах, вызначыў спецыфіку тагачаснага двухмоўя. А.Крывіцкі даў ацэнку грамадскаму руху па адраджэнні беларускай мовы апошняга дзесяцігоддзя, які ён лічыць «самай адметнай з’явай у намаганнях беларускай інтэлігенцыі ў канцы 30-х і пачатку 90-х г. на ўсталяванне ў Рэспубліцы Беларусь яе нацыянальных культурных і этнічных адметнасцей». Аўтар акрэсліў некаторыя рысы моўнай барацьбы апошняга часу, прааналізаваў спробы рэфармаваць мову (вынікам якіх, на яго думку, стала рэгіяналізацыя граматыкі), разгледзеў намаганні стварыць палескую літаратурную мову, адраджэнне ў Беларусі польскай мовы і інш. У заключным параграфе свайго раздзела А.Крывіцкі ахарактарызаваў нядаўнія адраджэнс кія памкненні як «прагныя і бязладныя», менавіта яны, на яго думку, выклікалі ў адказ «новы рускамоўны накатны вал». Аўтар тым не менш лічыць, што будучыня беларускай мовы не безнадзейная. Перспектыва будзе залежаць у тым ліку і ад таго, ці з’явяцца беларускамоўныя гаспадарчыя структуры. Іх узнікненне дазволіла б у будучыні беларускай мове ўзрастаць натуральным чынам, а не толькі праз выкарыстанне адміністрацыйных захадаў.

У раздзеле «Беларускае літаратурнае вымаўленне» акрамя падрабязнага разгляду вымаўленчай дынамікі апошніх дзесяцігоддзяў (на якую моцна ўплываў «прэс білінгвальнага асяроддзя») Л.Выгонная спыняецца і на некаторых важных складніках моўнага развіцця, у прыватнасці, на ролі кадыфікатарс кай практыкі. Сапраўды, на працягу пасляваеннага часу беларускія мовазнаўцы знаходзіліся на «пярэднім рубяжы» барацьбы за стабільнасць літаратурных нормаў, між тым моўная практыка раз-пораз прыносіла ім непрыемныя сюрпрызы. Аўтарка нагадала пра пашыраны ў 60-я і наступныя гады феномен звароту некаторых пісьменнікаў да жывой дыялектнай лексікі, які моцна збянтэжыў тагачасных беларускіх нармалізатараў і, на думку Л.Выгоннай, нават «размываў само ўяўленне аб кадыфікацыі». Паступова выявілася, што людзі, якія крытычна ставяцца да запісаных у лінгвістычных кодэксах моўных нормаў, ёсць не толькі ў пісьменніцкім асяроддзі. У апошнія гады «нават сярод лінгвістаў узнікла рашучая нязгода пры вырашэнні як шматлікіх практычных пытанняў, так і ў самім падыходзе да праблем развіцця літаратурнай мовы». У цэлым арыентацыя часткі беларускіх мовазнаўцаў (перадусім адказных за «правільнае» развіццё моўных нормаў) у сваёй дзейнасці на рускую мову прывяла да «раз’яднанасці намаганняў пісьменніцкіх, выдавецкіх кадраў, з аднаго боку, і навукова-лінгвістычных, з другога». Л.Выгонная мае некаторыя рэцэпты развязання сучаснага клубка супярэчнасцяў. Так, яна лічыць, што куды больш уважліва трэба вывучаць рэальнае ўжыванне, што яна паказвае і на ўласным прыкладзе.

Шмат цікавых назіранняў, інтэрпрэтацый і абагульнен няў чытач знойдзе таксама ў раздзелах, напісаных А.Лукашанцам, Л.Сямешкай, В.Краснеем (аўтарам раздзела «Функцыянальна -стылявая дыферэнцыяцыя беларускай літаратур най мовы») і іншымі даследчыкамі.

Цікава, што многія аўтары кнігі палічылі магчымым для сябе ў той ці іншай ступені закрануць асаблівасці моўнага развіцця 20—30-х г. У цэлым падобнае адхіленне можна кваліфікаваць як недахоп, бо яно перашкаджае больш глыбокаму пранікненню ў сутнасць моўных зрухаў паваеннага часу. Між тым, як справядліва зазначала Л.Выгонная ў сваім дакладзе на канферэнцыі «Беларуская мова ў другой палове ХХ ст.», кожнае паваеннае дзесяцігоддзе мае «свае вельмі важныя адметныя рысы і па-свойму звязана з усімі астатнімі». Можна выказаць сумненне ў тым, што аблічча кожнага пасляваен нага дзесяцігоддзя паказана ў кнізе дастаткова выразна. Тым не менш парадаксальным чынам гаворка пра 20—30-я г. у манаграфіі, прысвечанай 40—90-м г., не выглядае надта неабгрунтаванай. Рэч, відаць, у тым, што «з’явы культурнага руху і моўныя праекты 20-х г. знаходзяцца вельмі блізка да надзённых лінгвістычных праблем 80—90-х г.» (Л.Выгонная). Сваю ролю ў выхадзе за вызначаныя храналагічныя рамкі, відаць, адыграла і тая акалічнасць, што 20-я г. у цэлым недастаткова разгледжаны ў беларускай лінгвістычнай літаратуры.

Нягледзячы на прыведзеныя крытычныя закіды рэцэнзаваная кніга ўяўляецца мне самай цікавай і змястоўнай у беларускай лінгвістычнай літаратуры апошніх гадоў. На адрозненне ад іншай мовазнаўчай друкаванай прадукцыі, якая зазвычай асвятляе прыватныя праблемы беларускай лінгвістыкі або ўвогуле з’яўляецца плёнам працы дзесяцігадовай даўнасці і нясе на сабе пячатку састарэласці, манаграфія «Беларуская мова» асэнсоўвае фундаментальныя пытанні сучаснага быцця беларускай мовы, яна напісана зусім нядаўна і рэалізуе новыя падыходы ў даследаванні гісторыі беларускай мовы. Некаторым даследчыкам (напрыклад, М.Прыгодзічу, Л.Сямешцы, І.Шкрабе, В.Краснею) у працэсе падрыхтоўкі кнігі давялося выйсці за рамкі свайго «амплуа» і распрацоўваць у значнай ступені новую для сябе матэрыю, што заўсёды рабіць няпроста. Праца ў рамках міжнароднага праекта спрыяла ўстаноўцы аўтараў на як мага больш высокі навуковы ўзровень, што садзейнічала вызваленню ад многіх стэрэатыпаў і догмаў, пашыраных у беларускай лінгвістыцы нядаўняга часу.

Чытач можа не падзяляць некаторыя выказаныя ў кнізе ацэнкі і абагульненні. Ён можа быць незадаволены наяўнасцю выразных (часам, бадай, празмерных) прыкмет індывідуальнасці ў раздзелах, напісаных рознымі аўтарамі, сэнсавай невыразнасцю некаторых выказванняў і іх стылістычнай недагледжанасцю. Чытач, аднак, можа быць пэўным, што аўтары намагаліся як найглыбей спасцігнуць моўныя працэсы апошніх гадоў і імкнуліся напісаць пра іх шчыра, без замоўчвання і эзопавай мовы. Кніга з’яўляецца першым і вельмі важным этапам у падрыхтоўцы будучай гісторыі беларускай літаратурнай мовы савецкага часу, неабходнасць распрацоўкі якой цяпер паўстае з усёй відавочнасцю і якая, будзем спадзявацца, некалі кімсьці будзе напісана.

Сяргей Запрудскі
Менск

Старабеларускі лексікон. (Алена Клімава)

Чэрвеня 3, 1998 |

Старабеларускі лексікон. Падручны перакладны слоўнік (Прыгодзіч, М.Р., Ціванова, Г.К.). Мінск, 1997. 174.

Аўтары гэтай працы — загадчык кафедры гісторыі беларускай мовы Белдзяржуніверсітэта М. Р. Прыгодзіч і дацэнт гэтай кафедры Г.К. Ціванова — вызначылі яе як падручны перакладны слоўнік. Падручны — бо вельмі кампактны і пры гэтым утрымлівае дастаткова матэрыялу, каб разумець творы беларускіх пісьменнікаў на гістарычную тэматыку, часам перанасычаныя словамі, сэнс якіх недаступны без спецыяльнай падрыхтоўкі. У гэтым слоўніку мы не знойдзем, як у акадэмічным, сказаў–ілюстрацый з арыгінальных тэкстаў, каб прасачыць адценні значэння кожнага слова, не зможам вызначыць, калі тая ці іншая лексема з’явілася і калі перастала ўжывацца ў беларускай мове, аднак „Старабеларускі лексікон“ з поспехам можна выкарыстоўваць пры чытанні старабеларускіх тэкстаў, бо гэты слоўнік перакладны — старажытныя словы перакладаюцца на сучасную беларускую мову (увогуле ж дзяленне гістарычных слоўнікаў на перакладныя і тлумачальныя, на нашу думку, даволі ўмоўнае, кожны з такіх слоўнікаў — камбінацыя аднаго і другога).

Звычайна пры стварэнні слоўніка адной з самых складаных задач з’яўляецца адбор лексічнага матэрыялу — тых, а не іншых слоў і формаў. У „Старабеларускім лексіконе“ падаецца галоўным чынам безэквівалентная лексіка, „гэта значыць тыя словы, якім у сучаснай беларускай літаратурнай мове адпавядаюць адрозныя лексемы (с.3), напрыкл.: бакати — лаяць, згмызети — знішчыць, здвижъ — ахвяра, навентура — абнаўленне“[1]. Крыніцай матэрыялу паслужылі выпускі „Гістарычнага слоўніка беларускай мовы“, лексічныя зборы Лаўрэнція Зізанія, Памвы Бярынды, Пятра Шпілеўскага, Івана Насовіча, Мікалая Гарбачэўскага, навуковых даследаванняў сучасных лінгвістаў і ўласная картатэка аўтараў, складзеная на матэрыяле найбольш распаўсюджаных помнікаў беларускага пісьменства. Варта было б, на нашу думку, падаць спіс гэтых помнікаў, тым больш, што часам у слоўніку сустракаюцца спасылкі на пэўны твор (гл., напр., лицемъ). Такі спіс стаўся б карысным для выкладчыкаў гістарычнай граматыкі, гісторыі беларускай літаратурнай мовы, іншых дысцыплін пры падборы тэкстаў для заняткаў са студэнтамі.

Слоўнік утрымлівае больш за 6 тысяч слоў і выразаў. Семантыка слоў раскрываецца рознымі спосабамі: шляхам падбору адпаведнікаў (эквівалентаў) у сучаснай беларускай мове (герштъ — завадатар, нестыдатый — бессаромны, обмовца — паклёпнік); часцей перакладная частка ўяўляе сабой цэлы сінанімічны шэраг, які ўдакладняе значэнне рэестравага слова (горливе — старанна, рупліва; зголдовати — завалодаць, пакарыць, заўладаць, захапіць) або перадае сінанімічныя значэнні (звонтпелый — знявераны, расчараваны; роспачны); і, нарэшце, семантыка слова можа быць раскрыта шляхам апісання (бигосъ (бикасъ) — страва з тушанай кіслай капусты з мясам, каўбасой і вострымі прыправамі). Якраз апошні спосаб перакладу старабеларускай лексікі выяўляе вялікую колькасць слоў, якія ў старабеларускай і ў сучаснай мове фармальна супадаюць, але маюць рознае значэнне (т. зв. „фальшывыя сябры перакладчыка“): багоръ — каштоўная тканіна барвовага колеру; вата — рыбалоўная снасць; кватера — 1. квадратная або прамавугольная шыба; 2. квадрат, роўная чатырохвугольная плошча, дзялянка (і толькі трэцяе значэнне гэтага слова супадае з сучасным — ‘кватэра’); область — панаванне.

Слоўнік падрыхтаваны ўдумліва. Яго перакладная частка ўтрымлівае лаканічныя і дакладныя азначэнні, і толькі асобныя выпадкі перакладу слоў выклікаюць нязгоду. Напрыклад, даволі размытым, на нашу думку, падаецца тлумачэнне слова городовщина як від пошліны, тады як іншыя віды пошлін і падаткаў тлумачацца больш канкрэтна (параўн.: возовое — пошліна за вываз тавараў за мяжу з кожнага воза; ворковое — пошліна ад тавараў, што перавозіліся ў мяшках, дубащына —  падатак за правоз тавараў на судне, якое звалася дубасам, і інш.). Здараецца, што само значэнне цяжка зразумець без дадатковых намаганняў (базановецъ — лазаніца, у гэтым выпадку дарэчы была б памета тыпу „батанічнае“). Нельга пагадзіцца з тым, што аўтары, услед за акадэмічным „Гістарычным слоўнікам“, прыводзяць устойлівыя спалучэнні тэрміналагічнага характару і фразеалагізмы пры дапамозе аднаго знака (а), г. зн. ніяк іх не размяжоўваюць, хоць гэтыя моўныя адзінкі адрозніваюцца і паводле структуры, і паводле ўжывання.

Дадатак у канцы слоўніка дапаможа неспрактыкаванаму чытачу разабрацца, як у старабеларускіх помніках абазначаліся лікі, як перавесці даты, пазначаныя ў тэкстах, у сучаснае летазлічэнне, якія былі спосабы скарачэння слоў і якія надрадковыя знакі выкарыстоўваліся ў графіцы. Важную і цікавую інфармацыю можна было б дапоўніць невялікім спісам слоў, якія часта сустракаюцца пад цітламі. Кідаецца ў вочы тое, што ў дадатку назвы літар перадаюцца бессістэмна — палова з іх традыцыйна, па–старажытнаруску, палова на беларускай мове (азъ і ведзі; глаголъ (часцей у літаратуры глаголь) і дабро; есть, зело і зямля; нашъ, онъ, червь і людзі, ксі, пакой і г.д.; гукавое значэнне літары т наогул не вынікае з яе назвы — цвёрда (традыцыйнае твьрдо). Лагічней было б назвы ўсіх літар даць традыцыйна.

Увогуле ж выхад гэтай кнігі можна ацэньваць толькі станоўча. На наш час гэта бадай ці не адзіны даступны завершаны гістарычны слоўнік, не абмежаваны пры падборы матэрыялу ні аўтарствам, ні паходжаннем слоў, ні іншымі фактарамі. Уводзіцца ў навуковы зварот вялікая колькасць цікавых слоў, якія характарызуюць ступень развіцця тагачаснага грамадства, яго побыт і ўзровень культуры.

Менск

Алена Клімава

[1] Не ўсе даследчыкі згодны з такім азначэннем безэквівалентнай лексікі. Гл., напрыклад, Шкраба І. Самабытнае слова: Слоўнік беларускай безэквівалентнай лексікі (у рускамоўным дачыненні). Мінск, 1994. С. 5–9.

Хто ёсць хто ў сучаснай беларускай лiнгвiстыцы (Сяргей Запрудскi)

Снежня 5, 1997 |


Хто ёсць хто ў сучаснай беларускай лiнгвiстыцы. Рэдактары А. К. КIКЛЕВIЧ, У. Б. ЖУРАВЕЛЬ. Мiнск, 1997. 127.

У 1976 г. “Веснiк БДУ” неяк быў апублiкаваў у адным са сваiх нумароў падборку кароткiх артыкулаў пад рубрыкай “Матэрыялы для бiблiяграфiчнага даведнiка пра беларускiх мовазнаўцаў”. У 70-ыя гады ў Савецкiм Саюзе яшчэ не былi папулярныя кнiгi тыпу “Who is who”, i анансаваны часопiсам даведнiк пазней так i не выйшаў. Праўда, у 1985 годзе ў Мiнску была надрукавана кнiга I. Германовiча “Беларускiя мовазнаўцы”, у якую ўвайшлi нарысы пра 17 беларускiх лiнгвiстаў ХIХ i ХХ ст. У кнiзе I. Германовiча быў праведзены пэўны адбор: iмёны некаторых лiнгвiстаў, пра якiх аўтару даводзiлася пiсаць раней, у зборнiк не трапiлi. Напрыклад, у кнiзе не аказалася артыкулаў пра С. Некрашэвiча, I. Зянько, Г. Шкляра, В. Шэлега, Ц. Ломцева, П. Юргелевiча. Прычына адсутнасцi ў зборнiку персаналii С. Некрашэвiча была чыста цэнзурная: ужо падрыхтаваная да друку публiкацыя была забаронена “кампетэнтнымi органамi”. I. Зянько, Г. Шкляр, В. Шэлег не ўвайшлi ў кнiгу, магчыма, з прычыны сцiпласцi iхняга навуковага даробку. (Зрэшты, у зборнiку знайшлося месца для асвят-лення дзейнасцi А. Гурло, В. Самцэвiча, Ю. Шакаля, К. Шапялевiча, чыю навуковую спадчыну багатай таксама не назавеш.) Але чаму ў кнiгу не былi ўключаны персаналii Ц. Ломцева i П. Юргелевiча, без якiх цяжка ўявiць гiсторыю беларускага мовазнаўства 30 – 50-ых г.?

Сёння можна прапаноўваць розныя здагадкi наконт таго, чаму iмя лiнгвiста А. аказалася ўведзеным у кнiгу “Беларускiя мовазнаўцы”, а iмя навукоўца Б. апынулася за яе межамi. Бу-дзем, аднак, памятаць, што ў сiтуацыi сярэдзiны 80-ых далёка не ўсё залежала ад аўтара кнiгi, I. Германовiча. Разам з тым трэба прызнаць, што менавiта ў працах гэтага даследчыка ў сваю пару была закладзена традыцыя аднолькава ўважлiвых адносiнаў як да эпахальных падзей у гiсторыi беларускага мовазнаўства, так i да фактаў звычайных, пазначаных пячаткай руцiннасцi.

Прынцып “у нас усе роўныя” ў нейкiм сэнсе ўласцiвы i выдадзенаму пад грыфам Беларускага дзяржаўнага ўнiверсiтэта даведнiку “Хто ёсць хто ў сучаснай беларускай лiнгвiстыцы”. У iм пад адной вокладкай чытач знойдзе звесткi не толькi пра дактароў навук, членаў-карэспандэнтаў, аўтараў некалькiх кнiг i соцень артыкулаў, але i iнфармацыю пра навуковую моладзь, пра лiнгвiстаў, якiя абаранiлi кандыдацкiя дысертацыi нядаўна (а часам зусiм яшчэ не абароненых) i чый навуковы багаж пакуль што акрэслiваецца сцiплай формулай “каля 10 публiкацый”.

Iнфармацыя для зборнiка збiралася шляхам анкетавання. Праз сваiх агентаў у розных навуковых цэнтрах Беларусi (усе яны пералiчаны ў прадмове да кнiгi) укладальнiкi распаўсюдзiлi анкету, у якой прапанавалi ўдзельнiкам апытання зафiксаваць дату i месца свайго нараджэння, галiну (галiны) мовазнаўства, у якой (якiх) яны працуюць i могуць выступаць у якасцi экспертаў, назву дысертацыi, год яе абароны, колькасць навуковых публiкацый i iх кароткi пералiк, месца працы, адрас для карэспандэнцыi i iнш. Усяго ў даведнiку змешчана iнфармацыя пра 293 мовазнаўцаў (у прадмове памылкова пада-дзена лiчба 286).

Сам факт публiкацыi такой кнiгi можа ацэньвацца толькi станоўча. Ужо некалькi дзесяцiгоддзяў беларуская лiнгвiстыка развiваецца без узрушэнняў, за гэты час значна павялiчылася колькасць мовазнаўцаў, пашырылiся абсягi навуковых даследаванняў – i сёння цiкава прасачыць тэндэнцыi развiцця сучаснай беларускай лiнгвiстыкi, выяўленыя праз навуковыя бiяграфii непасрэдных удзельнiкаў навуковага працэсу. Несумненна, выданне дадзенага зборнiка мае i чыста практычнае значэнне: яно будзе спрыяць актывiзацыi кантактаў памiж навукоўцамi, а ў вынiку (на гэта справядлiва звяртаецца ўвага ў прадмове да кнiгi) – павышэнню культуры навуковай камунiкацыi ў Беларусi. Мiж тым, як першая спроба падрыхтоўкi падобнага даведнiка выданне зборнiка “Хто ёсць хто…” патрабуе асэнсавання.

Найбольш пытанняў выклiкае, бадай, адбор персаналiй. З аднаго боку, у кнiзе дапраўды знайшлося месца лiнгвiстам з рознай навуковай квалiфiкацыяй. Зрэшты, не толькi лiнгвiстам. Напрыклад, у даведнiк уключана персаналiя К. Iванава, аўтара дысертацыi пра арганiзатарскую функцыю друку. Ёсць Дз. Казiкiс, аўтар дысертацыi пра эмiграцыю насельнiцтва Iрландскай рэспублiкi i яе сацыяльна-дэмаграфiчныя наступствы. Ёсць Л. Максiмук, аўтарка працы пра развiццё школы i педагагiчнай думкi ў краiнах Лацiнскай Амерыкi са старажытных часоў да ХVIII стагоддзя. Затое няма кандыдата фiлалагiчных навук, аўтара манаграфii “Мiкратапанiмiчныя назвы” Я. Адамовiча. Не ўключана персаналiя кандыдата навук, суаўтаркi дзвюх кнiг па беларускай дыялекталогii Э. Блiнавай. Адсутнiчае аўтар некалькiх кнiг, кандыдат фiлалагiчных навук А. Каўрус. Не асаблiва старанная праверка сярод беларусiстаў паказвае, што ў даведнiку бракуе кандыдатаў навук I. Акулава, Т. Бандарэнкi, В. Бекiша, С. Берднiка, I. Булдыка, В. Бурлыкi, I. Гапоненкi, Н. Гардзей, Н. Гiлевiч, Л. Грыгор’евай, М. Гулiцкага, В. Зяньковiч, I. Казейкi, В. Карчагiнай, Л. Кацапава, М. Круталевiча, Т. Кузьмянковай, I. Лучыца-Федарца, В. Ляпёшкiна, Т. Мальцавай, Н. Нямковiч, Л. Рабаданавай, В. Русак, У. Свяжынскага, Н. Старасценкi, В. Старычонка, Т. Трыпуцiнай, I. Шчарбаковай, А. Яскевiч i iнш. У кнiзе не адзначаны дактары навук А. Манаенкава i М. Яўневiч. Часам пропускi ў даведнiку набываюць кур’ёзны характар. Так, у прадмове да кнiгi выказана падзяка аднаму з арганiзатараў анкетавання, кандыдату фiлалагiчных навук П. Мiхайлаву. Але хто такi гэты П. Мiхайлаў, дзе працуе i чым займаецца, чытач не даведаецца: такога прозвiшча ў слоўнiкавай частцы даведнiка няма.

У працэсе фармавання рэестра кнiгi рэдактары, па ўсiм вiдаць, абмежавалiся атрыманымi анкетамi i не звяралi свой спiс нi з якiмi iншымi, у тым лiку i лёгкадаступнымi, крынiцамi (напрыклад, з iмяннымi паказальнiкамi, змешчанымi ў бiблiяграфiчных даведнiках “Беларускае мовазнаўства” i ў кнiзе “Гiсторыя беларускага мовазнаўства” Л. Шакуна). Праз гэта А. Кiклевiч i У. Журавель паставiлi сябе ў поўную залежнасць ад непасрэдных арганiзатараў анкетавання. Калi апытанне праводзiлася старанна, то паўната iнфармацыi забяспечвалася. Калi ж iнфармацыя збiралася неахайна – то “сляды” гэтай неакуратнасцi трапiлi i ў рэцэнзаваную кнiгу. Так, напрыклад, у даведнiку не ўлiчаны нiводзiн супрацоўнiк кафедры беларускай мовы Акадэмii навук, на якой сярод iншых працуюць такiя знаныя лексiколагi i лексiкографы, як доктар навук А. Баханькоў i кандыдат навук Г. Вештарт. Але ж без iх лiнгвiстычны “народ” Беларусi яўна няпоўны!

Укладальнiкаў кнiгi можна ў нейкiм сэнсе зразумець, калi яны не ўключылi ў даведнiк iмёны добра iм вядомых кандыдатаў фiлалагiчных навук М. Антропава i Я. Трамбавольскага: абодва гэтыя навукоўцы пакiнулi мовазнаўчыя заняткi i ўжо некалькi гадоў займаюцца бiзнесам. Пэўны час не займаюцца навукай таксама П. Садоўскi i Т. Салавянчык. Даўно ўжо аддае сябе фiласофскiм штудыям аўтар даследавання пра расiйскi лексiчны ўплыў на сучасную беларускую мову М. Крукоўскi. Думаецца, аднак, што ўсе гэтыя iмёны тым не менш варта было адлюстраваць у даведнiку. Па-першае, некаторыя з названых лiнгвiстаў былi ўдзельнiкамi навуковага працэсу яшчэ зусiм нядаўна. Па-другое, прысутнасць некаторых з iх у сучаснай навуцы адчуваецца i сёння: або на iх часта спасылаюцца (П. Садоўскi), або яны нейкiм чынам удзельнiчаюць у падрыхтоўцы навуковай змены (М. Антропаў). Па-трэцяе, некаторыя з названых лiнгвiстаў апошнiм часам так цi iнакш публiчна выказваюцца на мовазнаўчыя тэмы (М. Крукоўскi, Т. Салавянчык), ад чаго, зрэшты, не застрахаваны i астатнiя. Здаецца, фармальны крытэр у дадзеным выпадку не павiнен мець абсалютнай сiлы.

Думаецца, што фармальны крытэр не павiнен быў бы дзейнiчаць, калi гаворка iдзе пра такiх асоб, як В. Вячорка (аўтар некалькiх артыкулаў, у тым лiку i ў “Беларускай лiнгвiстыцы”, iнiцыятар руху за адраджэнне “тарашкевiцы” i яе кадыфiкатар), С. Дубавец (iнiцыятар руху за адраджэнне “тарашкевiцы”, аўтар “Матэрыялаў да трасянка-беларускага слоўнiка”, згадваецца ў энцыклапедыi “Беларуская мова” i ў “Гiсторыi беларускага мовазнаўства” Л. Шакуна), А. Клышка (аўтар славутага артыкула “Пра лямантуючых i “лемантуючых”…”, самавучка беларускай мовы i беларуска-польскага размоўнiка), В. Лабко (сааўтар “Этымалагiчнага слоўнiка беларускай мовы”), Л. Лыч (гiсторык, публiцыст, аўтар кнiгi “Беларуская нацыя i мова”), В. Рагойша (аўтар кнiгi “Проблемы перевода с близкородственных языков”), З. Санько (аўтар “Малога руска-беларускага слоўнiка прыказак, прымавак i фразем”), У. Содаль (аўтар цыкла артыкулаў, прысвечаных пытанням культуры мовы) i iнш.

Не ўсе ўдзельнiкi анкетавання акуратна адказалi на ўсе пастаўленыя пытаннi. У вынiку не заўсёды вядома, якую спецыяльнасць набыў той або iншы лiнгвiст пасля заканчэння ВНУ, у якiм годзе i пад чыiм кiраўнiцтвам абаранiў дысертацыю, у якiх галiнах спецыялiзуецца i г. д. Бадай, прыкладанне рэдактарскiх намаганняў патрабавалася таксама i пры публiкацыi спiсаў асноўных друкаваных прац. У некаторых маладых лiнгвiстаў, напрыклад, у лiк такiх прац трапiлi часам нiчым не прыкметныя тэзiсы дакладаў.

Спецыяльнай увагi патрабавала б i адлюстраванне ў кнiзе навуковых субдысцыплiн, у якiх працуе той або iншы мовазнавец. Несумненна, кожны лiнгвiст мае права самастойна вызначаць навуковыя сферы, у якiх ён спецыялiзуецца. Аднак у шэрагу выпадкаў можна канстатаваць, што пададзеная ў даведнiку спецыялiзацыя не пацвярджаецца прыведзеным спiсам публiкацый. Падобная неадпаведнасць мае вынiкам тое, што складзены на аснове сведчанняў самiх лiнгвiстаў i ўключаны ў даведнiк прадметна-тэматычны паказальнiк часам няпоўна або недакладна адлюстроўвае рэальную сiтуацыю. Прынамсi, нечакана бачыць пры тэме “бiлiнгвiзм” спасылку адзiна на М. Карповiч (у дадзеным выпадку ў галаву прыходзяць зусiм iншыя прозвiшчы), пры рубрыцы “этымалогiя” – указанне толькi на працы Р. Казловай, пры тэме “беларуская лексiкаграфiя” – толькi прозвiшча М. Крыўко. Немагчыма не здзiвiцца, не знайшоўшы ў рубрыцы “гiсторыя беларускага мовазнаўства” I. Германовiча. Занадта стракатым здаецца падбор iмёнаў пры тэме “моўныя кантакты” (А. Булыка, В. Вярэнiч, П. Сцяцко) i г. д.

Пры ўсiх шматлiкiх недахопах кнiга “Хто ёсць хто…” – здзейснены ўчынак яе ўкладальнiкаў. i як такая яна дазваляе працаваць на разробленай А. Кiклевiчам i У. Жураўлём пляцоў-цы i iншым навукоўцам. З даведнiка вынiкае, што палова ўсiх беларускiх мовазнаўцаў сканцэнтравана ў Беларускiм дзяржаў-ным унiверсiтэце i Мiнскiм дзяржаўным лiнгвiстычным унiверсiтэце; увогуле, у Мiнску знаходзяцца дзве трацiны ўсiх мовазнаўчых кадраў Беларусi. Аднак толькi адзiн з чатырнаццацi лiнгвiстаў працуе ў Iнстытуце мовазнаўства Акадэмii навук. Толькi кожны восьмы лiнгвiст скончыў ВНУ па спецыяльнасцi “беларуская мова”, а вось дыпламаваных русiстаў сярод моваведаў – у два разы больш. (Кожны дзесяты мовазнавец атрымаў у часе навучання ў ВНУ двайную, беларуска-рускую спецыялiзацыю.) Апошнiя лiчбы, верагодна, азначаюць, што ў Беларусi ў параўнаннi з беларусiстамi русiсты мелi лепшыя ўмовы для рэалiзацыi сваiх прафесiйных iмкненняў i з прычыны iх фiзiчнай большасцi на “iдэалагiчным” полi беларускай лiнгвiстыкi русiстычная ментальнасць мае пераважаць над беларусiстычнай, што, бадай, i назiраецца ў рэальнасцi.

З пункту гледжання несамастойнасцi развiцця беларускага мовазнаўства варта мець на ўвазе, што на працягу 30-80-ых гадоў тэматыка выконваных у Беларусi навуковых даследаванняў абавязкова зацвярджалася ў Маскве. Увогуле, у гэты час лiчылася, што “русский язык… естественно является эталоном изучения других языков и вместе с тем своеобразной научно-исследовательской базой, которая обогащает технику и методологию всестороннего познания других литературных языков” (меркаванне акадэмiка В. Вiнаградава, апублiкаванае ў зборнiку “Строительство коммунизма и общественные науки”, Масква, 1962). “Глухiм” перыядам у гiсторыi беларускага мовазнаўства былi 30-я гады, на працягу якiх было знiшчана ўсё, што можна было знiшчыць, i пасля вайны беларуская лiнгвiстыка фактычна адбудоўвалася нанова. Першую доктарскую дысертацыю ў беларускiм мовазнаўстве паслякастрычнiцкага часу абаранiў не мясцовы даследчык, а выхаванец Варонежскага ўнiверсiтэта Ц. Ломцеў, i першыя кандыдацкiя дысертацыi 50-х г. (М. Булахава, А. Жураўскага, А. Груцы, Г. Арашонкавай, А. Крывiцкага) былi выкананы пад кiраўнiцтвам расiйскiх навукоўцаў. Здаецца, пры асэнсаваннi шляхоў развiцця лiнгвiстычнай беларусiстыкi падобныя з’явы варта браць пад увагу.

З iншых акалiчнасцяў кiдаецца ў вочы моцная фемiнiзацыя лiнгвiстычнай навукi, якая адбываецца ў апошнiя гады. Калi сярод абароненых у 60-ыя гады кандыдатаў навук колькасць мужчын i жанчын была аднолькавай, то ў 90-ыя колькасць мужчын аказалася ў чатыры (sic!) разы меншай. Магчыма, да падобнага феномена спрычынiлася жаночая эмансiпацыя, але, бадай, галоўную ролю тут адыграла агульнае падзенне прэстыжу навукi ў беларускiм грамадстве, якое назiраецца апошнiм часам. Трывожным сiмптомам варта лiчыць i тое, што ў 90-ыя г. ўдзельная вага навукоўцаў, якiя абаранiлi кандыдацкiя дысертацыi ва ўзросце да 30-цi гадоў, у адносiнах да агульнай колькасцi абароненых у гэты перыяд стала складаць толькi дзве трэцi ад адпаведнага паказчыка 80-ых г. Можна меркаваць, што памяншэнне ў апошнiя гады ўдзельнай вагi таленавiтай моладзi абумоўлена ў тым лiку знiжэннем патрабавальнасцi з боку спецыялiзаваных радаў па абароне, што адкрыла доступ у навуку “запозненым” немаладым навукоўцам, якiя ў iншай сiтуацыi, магчыма, не змаглi б задаволiць квалiфiкацыйныя патрабаваннi да дысертацый.

Падрыхтаваны без бачнага старання, даведнiк “Хто ёсць хто…” тым не менш дае падставы для разнастайных роздумаў. Было б вельмi карысна, каб у блiзкiм часе ён быў перавыдадзены ў дапрацаваным выглядзе.

Менск

Сяргей Запрудскi

Наверх

Occasional papers in Belarusian Studies (Сяргей Запрудскi)

Снежня 5, 1996 |


Occasional Papers in Belarusian Studies, Nr. 1, 1995, Ed. by James Dingley and Arnold McMillin, School of Slavonic and East European Studies, University of London, 1995. VIII+73.

З 1965 па 1988 г. у Лондане пад патранатам Ангельска-беларускага таварыства i Згуртавання беларусаў Вялiкай Брытанii выдаваўся “Часопiс беларускiх даследаванняў” (The Journal of Byelorussian Studies), якi за амаль чвэрць стагоддзя змясцiў на сваiх старонках нямала цiкавых прац з галiны гуманiтарных навук. Пасля таго, як гэтае выданне перастала выходзiць, у ангельскамоўнай навуковай беларусiстычнай перыёдыцы утварыўся прагал, якi толькi нядаўна запоўнены дзякуючы з’яўленню новай серыi – “Неперыядычных запiсаў беларускiх даследаванняў”. Новы перыёдык выйшаў у свет пад рэдакцыяй колiшнiх стваральнiкаў i актыўных аўтараў “Часопiса беларускiх даследаванняў”, вядомых славiстаў з Лонданскага ўнiверсiтэту Джэймса Дынглi i Арнольда МакМiлiна. Ва ўступным слове рэдактары паведамляюць, што iх выданне будзе адлюстроўваць “новую сiтуацыю (якая склалася пасля стварэння незалежнай беларускай дзяржавы – С.З.) i граць сваю ролю ў пашырэннi навуковай iнфармацыi пра ўсе аспекты гiсторыi, культуры i сучаснага жыцця Беларусi”. У будучынi “Неперыядычныя запiсы…” маюць стаць шматмоўнымi (першы выпуск выключна ангельскамоўны). Рэдактары запрашаюць да супрацоўнiцтва ўсiх навукоўцаў незалежна ад iх навуковай цi палiтычнай арыентацыi.

У першым выпуску “Неперыядычных запiсаў…” пераважае фiлалагiчная праблематыка. У iм змешчаны артыкулы Веранiкi Ду Ф’ю (V.Du Feu) “Тры лiтаратурныя мовы Беларусi”, Нiны Тэйлар (N.Taylor) “Беларускiя пейзажы ў раманах Тадэвуша Канвiцкага”, а таксама рэцэнзii мовазнаўцаў Майкла Кiрквуда (M.Kirkwood) i Паўла Вэкслера (P.Wexler).Гiстарычныя даследаваннi прадстаўлены ў “Неперыядычных запiсах…” працамi Алега Латышонка “Студэнты з Вялiкага Княства Лiтоўскага перад рэктарскiм судом Кракаўскага ўнiверсiтэту ў 1469-1536″ i Дэвiда Саўндэрса (D.Saunders) “Мiкалай Пятровiч Румянцаў i расiйскае адкрыццё Беларусi”.

На падставе апублiкаваных у канцы мiнулага стагоддзя рэктарскiх актаў Алег Латышонак узнаўляе побытава-прававое жыццё нараджэнцаў ВКЛ у навучальнай установе, статут якой, нагадвае аўтар, не адрознiваўся ад правiлаў, прынятых у Карлавым, Венскiм, Гайдэльбергскiм цi iншых унiверсiтэтах. Даследчык вызначае агульную колькасць лiцвiноў, iх статус ва ўнiверсiтэце, мясцовасцi, з якiх яны паходзiлi, прыналежнасць да таго або iншага сацыяльнага стану, месцы жыхарства i г.д. Большасць актавых запiсаў звязаны з пазыкамi, закладамi, даўгамi, купляй i продажам, iншыя датычацца боек, сварак i розных iншых здарэнняў. Лiцвiны паўставалi перад судом у якасцi крэдытораў i даўжнiкоў, парушальнiкаў i пацярпелых, упаўнаважаных, паручыцеляў цi сведак пры ўнясеннi запiсаў. Латышонак зазначае, што ў матэрыялах актаў выразна засведчаны заняпад манаскага стылю жыцця ва ўнiверсiтэце. Нягледзячы на пагрозу пакарання, студэнты i бакалаўры часта насiлi цывiльную вопратку. Яны запазычвалiся розным рамеснiкам: ювелiрам, гарбарам, краўцам, цырульнiкам, рымарам. Шкаляры насiлi з сабою зброю, учынялi бойкi, маглi “забыцца” расплацiцца з карчмарамi, як гэта зрабiў нейкi Мацей Лiцвiн, i г.д. Студэнты жылi пераважна ў iнтэрнатах, некаторыя – у iншых памяшканнях унiверсiтэту, пры касцёлах цi ў найманых у горадзе кватэрах. Ладная частка навучэнцаў з ВКЛ жыла ў iнтэрнаце для бедных студэнтаў, якi, такiм чынам, стаўся для iх своеасаблiвай нацыянальнай установай. Шкалярам была ўласцiвая зямляцкая салiдарнасць, якая магла спрыяць з’яўленню этнiчнай свядомасцi. Напрыклад, у актах засведчаны выпадак, калi Эразм з Янова, Вялiкi Якуб з Крашына i Малы Якуб з Кейданаў разам з кракавякам Сымонам Латускiм дражнiлi студэнтаў-мазураў (якiя ў той час лiчылiся асобным народам), вымаўляючы некаторыя словы па-мазурску.

У цэлым, адзначае даследчык, з аналiзаваных матэрыялаў паўстае не асаблiва павучальны малюнак. Паволе колiшнiх падлiкаў С.Александровiча, у апошняй чвэрцi ХV ст. у Кракаве было 46 студэнтаў з Беларусi, i 40 з iх даследчык знаходзiць у актах. На працягу 1470-1535 г. ва ўнiверсiтэце вучылася каля 300 студэнтаў з ВКЛ, з якiх блiзу 70 прыцягвалiся да судовых разбораў. За гэты ж час перад судом паўстала столькi ж студэнтаў з Вугоршчыны, але iх колькасць ва ўнiверсiтэце была амаль у сем разоў большай.

Артыкул выкладчыка гiсторыi з унiверсiтэту ў Ньюкасле-на-Тайне Д. Саўндэрса прысвечаны асэнсаванню акалiчнасцяў, якiя спрычынiлiся да зацiкаўлення Беларуссю з боку вядомага расiйскага дзяржаўнага дзеяча, знанага фундатара гiстарычных штудый графа М.Румянцава. У многiх адносiнах з’яўленне такога iнтарэсу невысветлена, i аўтар артыкула прапануе некалькi сваiх адказаў на гэты конт. Так, Д.Саўндэрс звяртае ўвагу на тое, што асноўнай крынiцай фiнансавых даходаў графа былi беларускiя ўладаннi. Тут, у Гомелi, яшчэ ў 1776 г. ягоны бацька атрымаў вялiкi маёнтак. Маючы рэпутацыю “празаходняга” палiтыка, пасля вайны 1812 г. канцлер М.Румянцаў быў адхiлены ад дзяржаўных спраў, таму ён мусiў рэалiзоўваць сябе па-за рамкамi палiтыкi. З гэтага часу ладную частку свайго жыцця ён праводзiў у Гомелi, i гэта, безумоўна, спрыяла ўсталяванню больш “iнтымных” адносiнаў да беларускага горада. Пасля вайны 1812 г. у iнтэлектуальным асяроддзi Расii франкафiльства аказалася скампраментаваным, i расiяне сталi актыўна фармаваць расiйскi патрыятызм, шукаючы крынiцы культурнага натхнення ва ўласнай спадчыне. З iншых прычынаў зацiкаўлення былога мiнiстра замежных спраў Расii Беларуссю Д.Саўндэрс называе таксама прыклад бацькi, маршала П.Румянцава-Задунайскага (якi пры Кацярыне 25 гадоў быў губернатарам на Украiне i спрыяў многiм таленавiтым украiнцам), апякунства графа над укладальнiкам “Белорусского архива древних грамот”, паповiчам з румянцаўскай сядзiбы Iванам Грыгаровiчам i iнш.

Усе пералiчаныя акалiчнасцi, безумоўна, мелi вялiкае значэнне для фармавання беларускiх зацiкаўленняў графа. Сярод разваг аўтара нямала вельмi трапных. Так, напрыклад, звяртаючы ўвагу на асаблiвую ролю лiнгвiстычных крытэрыяў у адраджэнi славянскiх народаў у XIX ст., Д.Саўндэрс надзвычай высока (бадай, нават вышэй, чым беларускiя навукоўцы) ацэньвае ролю “Белорусского архива” у станаўленнi беларускай iдэнтычнасцi. Пэўна ж справядлiва даследчык зазначае, што напружанасць у “польскiх справах” аб’ектыўна рабiла прывабнай для царскiх уладаў канцэпцыю беларускай саматоеснасцi, – што, зрэшты, мела, здаецца, нязначныя вынiкi для беларускага руху. Даследчык не абмiнае пытання, цi быў знаёмы М.Румянцаў з поглядамi на славян нямецкага фiлосафа Ё.Г.Гердэра, зазначае, што архiтэктурная праграма графа ў была значнай меры прадвызначана папярэдняй дзейнасцю яго бацькi, i iнш.

Тым не менш, сёе-тое ў пабуджальных матывах М.Румянцава да “беларускай” дзейнасцi здаецца незразумелым. Сярод сяброў “румянцаўскага гуртка” вельмi шмат было этнiчных нерасiйцаў, людзей, якiя атрымалi адукацыю па-за межамi галоўных расiйскiх унiверсiтэтаў. Магчыма, у апошнiя гады жыцця графа заходнiя ўскраiны iмперыi сталi займаць iстотнае месца ў дзейнасцi гуртка ў тым лiку таму, што тут было больш адпаведных для заняткаў навуковых кадраў. Як суадносiцца уклад М.Румянцава ў аднаўленне беларускага культурнага слою з тым, што магло б быць названа яго разбурэннем? Артыкул Д.Саўндэрса цiкавы i тым, што ён не толькi развязвае некаторыя пытаннi, але i ўздымае новыя.

У артыкуле В.Ду Ф’ю на падставе прапанаваных у 1966 г. Робертам Оцi (Auty) сямi параметраў (кожны з якiх аўтарка дзелiць яшчэ на шэсць) вызначаецца тыпалагiчны профiль беларускай, польскай, рускай i ўкраiнскай моў. Вынiкам працы даследчыцы, сярод iншага, стала таблiца, у якой зафiксавана наяўнасць або адсутнасць у канкрэтных мовах кожнага з 42 падпараметраў. Даць дакладную, “геаметрычна вывераную” класiфiкацыю любой групы лiтаратурных моў надзвычайна складана, бо часам цяжка адназначна “прыпiсаць” канкрэтнай мове тую або iншую якасць. (Напрыклад, для аўтара гэтых радкоў уяўляецца праблематычным сцверджанне, быццам у беларускай лiтаратурнай мове цягам гiсторыi не было зруху дыялектнай базы i -праз гэта – процiстаўленне беларускай i ўкраiнскай моў). Тым не менш выкарыстаная В.Ду Ф’ю методыка вельмi карысная: яна дазваляе паглядзець на любую лiтаратурную мову не толькi праз прызму яе ўласных, iманентных прыкмет, але i праз характарыстыкi, менш уласцiвыя, або i зусiм неўласцiвыя ёй.

Абедзве надрукаваныя ў гэтым нумары рэцэнзii вельмi крытычныя. Пiшучы пра выдадзены ў 1985 г. зборнiк “Русский язык в Белоруссии”, М.Кiрквуд адзначае, што мэта выдання кнiгi не вельмi зразумелая, што ў ёй абмiнаюцца ключавыя пытаннi, у кампазiцыйнай пабудове няма логiкi i г.д. Аўтар увогуле лiчыць, што зборнiк “маскiруе ступень ужывання расiйскай мовы ў Беларусi”. У рэцэнзii на кнiгу Машэ Альтбаўэра (М.Altbauer) “Пяць бiблейскiх сувояў у габрайскiм перакладзе ХVI ст. на беларускую мову (Вiленскi кодэкс 262)” П.Вэкслер не пагаджаецца з ацэнкай мовы перакладу як беларускай (асаблiва ў сiнтаксiсе). На думку рэцэнзента, кодэкс уяўляе цiкавасць не як узор “ранняй беларускай гутарковай мовы”, а як “габрайска-беларускi калькаваны пераклад”.

Сяргей Запрудскi

Наверх

Рогалев, Александр Ф. Этнотопонимия Беларуси (на фоне этнической истории) (Руф Агеева)

Жніўня 11, 1995 |


РОГАЛЕВ, АЛЕКСАНДР Ф. Этнотопонимия Беларуси (на фоне этнической истории). — Гомель, 1993. — 168 С.

Новая праца беларускага тапаніміста А.Рогалева, аўтара кніг «Сьцежкі ў даўніну» (Менск, 1992), «Географические названия Гомельщины» (Гомель, 1992) i шэрагу іншых публікацый, утрымлівае матэрыял па маладасьледаванай тэме — этнатапаніміі Беларусі. Важная роля этнатапонімаў у дасьледаваньні як уласна моўных зьяў, гэтак i фактаў этнічнай гісторыі, добра вядомая ўсім, хто займаецца анамастыкай. Натуральна, што для гісторыкаў i этнографаў, якія вывучаюць пэўны этнас, этнатапонімы ўяўляюць непасрэдную цікавасьць.

Найбольш важкі вынік працы А.Рогалева, на мой погляд, — гэта зробленыя аўтарам высновы аб канкрэтных гістарычных рэгіёнах, у якіх «праходзілі асноўныя этнічныя, моўныя, палітычна-эканамічныя i сацыяльна-культурныя працэсы, што прадвызначалі разьвіцьцё беларускага этнасу» (С.157). Можна цалкам пагадзіцца з аўтарам у тым, што этнатапанімія Беларусі «мае трывалую гістарычную матывацыю, i гэта робіць групу ўласных імёнаў каштоўнай дапаможнай крыніцай для этналінгвістычных, гістарычных i этнаграфічных дасьледаваньняў» (С.158-159). Вартасьць працы павялічваюць складзеныя А.Рогалевым зводная схема разьмяшчэньня этнатапонімаў на тэрыторыі Беларусі i сем мапаў, якія адлюстроўваюць тапанімічныя сьляды шэрагу этнасаў на абшарах краіны.

Кніга складаецца з уводзінаў, дзе аўтар характарызуе сутнасьць этнатапонімаў i сваю мэтодыку аналізу, сьпісы скарачэньняў i выкарыстаных крыніц, трох разьдзелаў: «Агульная характарыстыка этнатапонімаў», «Этнатапанімічныя «сьляды» этнамоўнай сытуацыі да пачатку VII ст.», «Этнатапонімы старажытнарускага часу (VII-XIII ст.) i пэрыяду Вялікага Княства Літоўскага (XIV-XVIII ст.)», а таксама заключэньня i дадатку.

А.Рогалеў разумее этнатапонім выключна як назву, дадзеную нейкай групе насельніцтва звонку; гэтая група ўспрымаецца суседзямі як іншаэтнічная. Пры выяўленьні сапраўдных этнатапонімаў i адмежаваньні ix ад псэўдаэтнанімічных геаграфічных назваў аўтар аддае перавагу масаваму матэрыялу. Маючы досьвед палявой тапанімічнай працы, ён этымалягізуе шэраг назваў, якія на першы погляд належаць да этнатапонімаў. Добры прыклад прыводзіцца на С.6-7: назва пасёлка Печанеж (Касцюковіцкі раён Магілеўскай вобл.), якая ў працах некаторых дасьледчыкаў зьвязвалася зь печанегамі, на самай справе паходзіць ад назвы балота. Па дадзеных дыялектолягаў, у Прапойскім (Слаўгарадскім) раёне гэтае слова выкарыстоўваецца для азначэньня «вялікай сьпёкі ці гарачыні»: «такей пічанеж — усё гаріць, плавіцца», «жыра, сьпёка, сьпікыта». Сыходзячы з гэтага, А.Рогалеў дапускае, што сэнс назвы Печанеж — «Гарэлае балота».

Цэнтральную частку кнігі займае аналіз этнатапонімаў старажытнарускага часу i пэрыяду Вялікага Княства Літоўскага. Тут утрымліваецца значны i ў большасьці выпадкаў добра аргумэнтаваны матэрыял, падмацаваны гістарычнымі дадзенымі. Аўтар разглядае адлюстраваньне ў тапонімах назваў народаў, якія мелі непасрэдныя дачыненьні да этнічнай гісторыі беларусаў: крывічы, славене, русь, ляхі, яцьвягі, літва, жмудзь, латыгола, прусы, готы, немцы, татары, рускія i многа іншых. У гэтым разьдзеле ёсьць шэраг каштоўных назіраньняў i меркаваньняў аўтара, напрыклад, яго выснова пра тое, што арэалы этнатапонімаў з асновамі яцьвезь i дайнава/дайнова «не перасякаючыся, узаемна дапаўняюць адзін другога i ахопліваюць амаль усю тэрыторыю Гарадзенскай вобласьці. Мяжой паміж дзьвюма групамі назваў… зьяўляецца Нёман, што й пацьвярджае меркаваньне пра функцыянаваньне этноніма дайнава (дайнова, дзенова) у літоўскім этнічным асяродзьдзі, a этноніма яцьвезь (яцьвягі) — у славянскім (усходнеславянскім)» (С.76). Добра паказаны розныя магчымасьці ў інтэрпрэтацыі этнатапонімаў (пар. С.80-81 — пра назвы з этнонімам обры). Па этнатапонімах прасочваюцца шляхі міграцыі розных групаў славянскага насельніцтва на тэрыторыю Беларусі. Цікавыя, у прыватнасьці, меркаваньні аўтара пра пранікненьне ў Беларусь паморскіх славянаў, аб паходжаньні ў сувязі з гэтым тэрмінаў русь i варагі (А.Рогалеў — прыхільнік канцэпцыі гісторыка А.Кузьміна i іншых дасьледчыкаў таго ж накірунку). Тут трэба, аднак, адзначыць, што, лягічна абгрунтаваўшы саму магчымасьць дастасаваньня тэрміну варагі да прыбалтыйскіх славянаў, аўтар прыводзіць вельмі сумнеўнае тлумачэньне сэнсу слова варагі (С.98). Яно дзеліцца, паводле А.Рогалева, як вар-агі (накшталт слова яцьв-ягі), пры гэтым першая частка слова вар-агі супастаўляецца з фіна-вугорскім вар (вор, вэр) «узвышанасьць, узгорак, высокі бераг; гара, пакрытая лесам, скалісты мыс». Другой жа частцы слова вар-агі не даецца ніякага тлумачэньня, хоць прыведзеная паралель яцьв-ягі можа падказваць пра магчымасьць сувязі назвы варагаў з балтыйскай этнаніміяй. Між тым, у балтыйскім этноніме яцьвягі (літ. jotvingiai, «яцьвягі») прысутнічае добра вядомы балтыйскі суфікс -ing-, які ня можа аўтаматычна праецыявацца на слова варагі, тым больш, што першая частка гэтай назвы выводзіцца аўтарам не з балтыйскіх, а з фіна-вугорскіх моў. Дзіўна, што аўтар нават не згадвае пра ўжо вядомыя тлумачэньні слова вараг са скандынаўскіх моў[1].

Гэты прыклад дазваляе перайсьці да хібаў працы, якія найбольш ярка выявіліся ў разьдзеле, прысьвечаным этнатапанімічным «сьлядам» этнамоўнай сытуацыі Беларусі да VII ст. Тут у шэрагу выпадкаў аўтар дае таксама няпоўную інфармацыю, згадваючы толькі адно зь некалькіх магчымых тлумачэньняў. Прыкладам, ідучы за гіпотэзай А.Трубачова, які лічыў, што сінды i меоты гаварылі на індаарыйскіх дыялектах, ён не згадвае меркаваньняў многіх каўказаведаў пра тое, што гэтыя плямёны (асабліва меоты) былі продкамі абхаза-адыгаў. Наогул, разьдзел кнігі, прысьвечаны старажытным этнонімам, атрымаўся значна горш, чым іншыя, што часткова тлумачыцца складанасьцю гэтай тэмы. На мой погляд, аўтар вельмі захапіўся выкладаньнем этнічнай гісторыі i этымалёгіі назваў кожнага згаданага ім старажытнага народа (у тым ліку кімерыйцаў, скіфаў i інш.; дарэчы, А.Рогалеў тут даволі старанна пераказаў кнігу А.Стрыжака[2], у чым не было ніякай неабходнасьці, бо тэрыторыя дасьледаваньняў аўтара знаходзіцца вельмі далёка ад Паўночнага Прычарнамор’я (ён i сам прызнаецца, што «сьляды» гэтых народаў у тапаніміі Беларусі «апасродкаваныя»; дадам ад сябе: калі яны ўвогуле ёсьць!). У выніку — шмат тэзаў, спрэчных з пункту гледжаньня гісторыі згаданых этнасаў i ix моў. Адзначу толькі некаторыя: прыход балтаў у Прыбалтыку з балканскага рэгіёна (С.28-29); этымалягічная сувязь этнонімаў эсціі, асьцякі, асеціны i ацтэкі (С.29); прысутнасьць вуграў у Беларусі ў канцы III тыс. да н.э. (С.30); залічэньне беларускіх геаграфічных назваў з асновай турда сьлядоў «этнакультурных імпульсаў з Эгейскага арэала» (С.42); пастуляваньне этымалягічнай сувязі балтыйскіх этнонімаў літва — лотва — яцьвягі i тлумачэньне фанэтычнага чаргаваньня л – j у пачатку гэтых слоў пры дапамозе фактаў албанскай i этрускай моў (С.57); супастаўленьне этноніма будзіны з этнонімамі водзь i вацякі (С.63); штучныя тлумачэньні значэньня тапонімаў, кшталту: Беразатоўе — з бераз, бяроза, плюс хантыйскі мясцовы геаграфічны тэрмін туў, тоў, возера (С.31), ці Дабо-сна, — першая частка зноў з хантыйскага слова, другая — з інда-арыйскіх моў (С.32), i г.д. Кожную зь пералічаных вышэй тэзаў можна лёгка абвергнуць на падставе гістарычных i моўных фактаў, але рамкі рэцэнзіі не дазваляюць зрабіць гэтага ў поўным аб’ёме. Рэцэнзент толькі зьвяртае ўвагу лінгвістаў на супярэчнасьці ў інтэрпрэтацыі А.Рогалевым гісторыі, i ўвагу гісторыкаў — на пэўныя недарэчнасьці ў інтэрпрэтацыі моўных фактаў.

Да недахопаў кнігі трэба аднесьці таксама сьляпыя спасылкі на скарыстаныя працы, што ўскладняе знаёмства з навуковым апаратам манаграфіі А.Рогалева. Сьпіс літаратуры лепш было б даць у канцы кнігі ці ў скрайнім выпадку ў падрадковых заўвагах. Апрача гэтага, мноства згаданых у тэксьце этнонімаў застаўляе пашкадаваць, што ў манаграфіі няма паказальніка этнічных назваў.

У цэлым кніга А.Рогалева можа разглядацца як уводзіны ў вывучэньне этнатапонімаў Беларусі, як карысны матэрыял, што стымулюе i аўтара, i іншых дасьледчыкаў да далейшых навуковых пошукаў. Хто ведае, магчыма сьмелая ідэя А.Рогалева пра наяўнасьць на паўночным захадзе беларускага рэгіёну «рэліктавага» фрака-ілірыйскага ці зьмешанага балта-фрака-ілірыйскага дыялекта (С.58), або прынятая ім гіпотэза М.Фёдаравай, паводле якой паўднёва-рускае аканьне — вынік уплываў адыгскіх, але ні ў якім разе не фіна-вугорскіх моў (С.91), — магчыма, выказаныя ім гіпотэзы атрымаюць некалі фактаграфічнае падмацаваньне.

Руф Агеева (Масква)


[1] Гл.: Фасмер М. Этимологический словарь русского языка. Т.1.

[2] Гл.: Стрижак О. Етнонімія Геродотовой Скіфіі. — Киів, 1988.

Наверх

Галоўная » Запісы па тэме 'Гісторыя мовы'