Новы нумар

Галоўная » Запісы па тэме 'Канферэнцыі'

Артыкулы па тэме ‘Канферэнцыі’

“Жыццё i дзейнасць М.В.Доўнара-Запольскага” (Вiталь Скалабан)

Снежня 3, 1997 |

Мiжнародная навуковая канферэнцыя пад такой назвай адбылася 1-2 лiпеня 1997 г. у Рэчыцы, на радзiме выдатнага беларускага вучонага Мiтрафана Вiктаравiча Доўнара-Запольскага. Прысвячалася яна 130-й гадавiне з дня нараджэння гiсторыка. Арганiзатарамi канферэнцыi выступiлi Гомельскi дзяржаўны ўнiверсiтэт iмя Францiшка Скарыны, Рэчыцкi гарадскi выканаўчы камiтэт, лiтаратурна-гiстарычны i грамадска-культурны часопiс “Палессе”, а дабрадзеямi – вытворчае аб’яднанне “Беларуснафта” i прадпрыемства па транспартаванню наф-ты “Дружба”.

Былi заслуханы i абмеркаваны даклады i паведамленнi сталiчных навукоўцаў М.Бiча, А.Лiса, З.Яцкевiча, З.Шыбекi, А.Вялiкага, Р.Платонава, Г.Штыхава, А.Гануша, Я.Янушкевiча, П.Кручка, У.Конана, В.Скалабана, А.Кiштымава, М.Шумейкi, гомельскiх З.Паўлаўца i I.Нямкевiча, Дз.Карава з Гораднi i А.Каўкi з Масквы, расiйскiх гiсторыкаў С.Мiхальчанкi i А.Дуброўскага з Бранска, а таксама I.Вербы з Украiны (Кiеў). З вялiкай цiкавасцю быў прагледжаны дакументальны фiльм пра М.В.Доўнара-Запольскага, створаны рэжысёрам Ю.Лысятавым па сцэнары А.Лiса. На канферэнцыi яскрава выявiлася шматграннасць асобы М.В.Доўнара-Запольскага, беларускага гiсторыка, аднаго з заснавальнiкаў нацыянальнай гiстарыяграфiчнай канцэпцыi, этнографа, лiтаратуразнаўцы, якi ўнёс свой уклад i ў украiнскую ды расiйскую навуку. Творчая спадчына слыннага навукоўцы павiнна быць уключана ў кантэкст сучаснага духоўнага жыцця Беларусi, Расii i Украiны.

Удзельнiкi канферэнцыi выступiлi з прапановамi рэгулярна – раз у 2 гады – праводзiць у Рэчыцы прысвечаныя спадчыне гiсторыка i краязнаўству ўсходнепалескага рэгiёна Доў-нараўскiя чытаннi, надаць iмя М.В.Доўнара-Запольскага Рэчыцкаму гуманiтарнаму лiцэю, вулiцам у Рэчыцы i Мiнску, уста-навiць мемарыяльныя дошкi на дамах у Мiнску, Кiеве, дзе жыў вучоны, заснаваць стыпендыю iмя М.В. Доўнара-Запольскага для студэнтаў гуманiтарнага профiлю, вызначылi_ iнiцыя-тыўную групу па стварэннi Мiжнароднага фонду падтрымкi гiстарычных даследаванняў iмя М.В.Доўнара-Запольскага. Частка матэрыялаў канферэнцыi (даклады А.Лiса, З.Яцкевiча, Р.Платонава, Г.Штыхава, А.Каўкi, С.Мiхальчанкi, П.Кручка, I.Вербы, У.Конана) ужо надрукавана ў часопiсе “Палессе”, 1997/3.

Да канферэнцыi было прымеркавана адкрыццё ў Рэчыцы помнiка М.В.Доўнару-Запольскаму – першага на Беларусi помнiка гiсторыку. На цырымонii адкрыцця выступiлi яго аўтары мастак Э.Агуновiч i скульптар В.Янушкевiч, а таксама старшыня Дзяржаўнага камiтэта па архiвах i справаводству Рэспублiкi Беларусь А.Мiхальчанка, старшыня гарадскога выканаўчага камiтэта М.Заразака, удзельнiкi канферэнцыi.

Вiталь Скалабан

Гiсторыя “Вялiкага тэрору” ў Беларусi (Андрэй Кiштымаў)

Снежня 2, 1997 |

Па наканаванню гiсторыi на 1997 год прыпаў шэраг драматычных юбiлеяў: 120-годдзе з дня нараджэння Ф.Э.Дзяржынскага, 80-годдзе Кастрычнiцкага перавароту i 80-годдзе стварэння ВЧК, да таго ж – 50-годдзе сумна вядомага 1937 года. Менавiта таму Беларускi Хельсiнскi камiтэт i Беларуская асацыяцыя ахвяр палiтычных рэпрэсiй 19 снежня 1997 года правялi ў Менску навуковы семiнар “Карныя органы Беларусi: гiсторыя i сучаснасць”.

У свой час з тэмы палiтычных рэпрэсiй пачаўся чарговы вiток беларускага Адраджэння – Курапаты, Мартыралог Беларусi, стварэнне БНФ. Потым ад рэпрэсiяў пачала вызваляцца беларуская гiсторыя, нацыянальная сiмволiка, паўстала рэпрэсаваная беларуская дзяржаўнасць. Здавалася б, чарговая старонка беларускай гiсторыi перагорнута. На самой справе, яна толькi пачала запаўняцца. Найноўшая гiсторыя Беларусi мае падмурак, на якiм iдзе будоўля.

Сярод тых камянёў, на якiх ствараецца палiтычная гiсторыя сучаснай Беларусi, тэма тэрору, як сведчыць час, з’яўляецца краевугольнай. Менавiта пра гэта iшла размова на семiнары. Вядома, гiсторык – не лекар, i грамадства павiнна само адольваць свае сацыяльныя хваробы. Аднак там, дзе неабходна i патрэбна даць навуковы аналiз, гiсторыка не заменiць нiякi палiтык, нават самага высокага ўзроўню. Даклад кандыдата гiстарычных навук Iгара Кузняцова “Тэхналогiя функцыянавання карных органаў у 1920-1950-я гады”, па сутнасцi, стаў цэнтральным на семiнары. Нежывое слова “тэхналогiя” най-больш прыдатнае для характарыстыкi ўсёй з’явы. Таму i гаварылi пра “вiнцiкаў” гэтай машыны тэрору кандыдат фiласофскiх навук Тацяна Процька ў дакладзе “Роля ВЧК ва ўсталяваннi савецкай улады на Беларусi”, кандыдат гiстарычных навук Нiна Стужынская ў дакладзе “Гiсторыя ЧК Беларусi ў асобах”, былы супрацоўнiк КГБ Валеры Костка. А кандыдат гiстарычных навук Вiталь Скалабан у дакладзе “Удзел ва Усебеларускiм з’ездзе 1917 года як падстава для рэпрэсiй” прадэманстраваў, як “карны меч рэвалюцыi” нiшчыў сваiх ворагаў, нiбы ворагаў усяго народа.

Храналагiчныя рамкi семiнара, быццам бы, акрэслены даволi жорстка – з 1997-га i на 80 гадоў углыб айчыннай гiсторыi, выразна пазначана i тэма – карная дзейнасць органаў ВЧК-КГБ. Мiжволi на думку прыходзяць iншыя даты, iншыя з’явы. Гiстарычныя паралелi заўсёды маюць адценне штучнасцi. Аднак, 1792 год – год другога падзелу Рэчы Паспалiтай, уваходжання ў склад Расiйскай iмперыi цэнтральнай i асноўнай часткi сучаснай Беларусi i, адначасова, – утварэння жандармерыi, якая на працягу стагоддзя выконвала ролю расiйскай палiтычнай палiцыi. Таму, магчыма, ёсць сэнс у тым, каб пашырыць разгляданую праблему да большага маштабу, да пытання пра месца i ролю палiтычных рэпрэсiяў i карных органаў у гiсторыi Беларусi за апошнiя два стагоддзi. “Вялiкi тэрор” на Беларусi выступiў не толькi ў аблiччы ВЧК-КГБ, але i жандарскага корпуса, польскай дэфензiвы, нямецкага гестапа. Гiстарычна, вязьнi сталiнскага ГУЛАГу прыйшлi на змену сасланым за Урал паўстанцам 1863 года, а за беларускасць у адзiн i той жа час, толькi па розныя бакi мяжы, саджалi альбо ў Бярозу-Картузскую, альбо ў мiнскую турму. Усё гэта – звёны аднаго ланцуга.

Як бы там нi было, тэма палiтычных рэпрэсiй на Беларусi пасля непазбежнага перыяду выпрабавання эмацыйнай гiстарычнай публiцыстыкай паступова, не губляючы свайго грама-дзянскага гучання, набывае i сталасць навуковага гiстарычнага асэнсавання. Семiнар – самастойная падзея ў гiсторыка-грамадскiм жыццi сучаснай Беларусi. У працяг яго, пад той жа назваю, у Мiнску, у лютым 1998 года, запланавана правядзенне прадстаўнiчай мiжнароднай навуковай канферэнцыi, выставы i прэзентацыi новых выданняў па гэтай тэме.

Андрэй Кiштымаў.

“Архiвы на шляху ў ХХI стагоддзе” (Кузьма Казак)

Снежня 1, 1997 |

Першы беларуска-французскi архiўны семiнар

Дзеля пашырэння знаёмства з сучаснай гiсторыяй i арганiзацыяй архiваў Францыi, выяўлення яе асаблiвасцяў i тэндэнцый, а таксама ў мэтах абмеркавання пытанняў дзяржаўнага к_равання архiвамi, заканадаўства, арганiзацыi камплектавання i апрацоўкi дакументаў, функцыявання архiўных пабудоваў на базе гiстарычнага факультэта БДУ i Нацыянальнага архiва Рэспублiкi Беларусь супольна з Дырэкцыяй архiваў Францыi 2-5 красавiка 1997 г. быў праведзены Першы беларуска-французскi архiўны семiнар “Архiвы на шляху ў XXI стагоддзе”. Такое мерапрыемства, арганiзаванае кафедрай крынiцазнаўства i музеязнаўства БДУ, адбылося ўпершыню ў гiсторыi.

Перад удзельнiкамi семiнара – студэнтамi 2-га i 4-га курсаў гiстарычна-архiўнага аддзялення, спецыялiстамi шэрагу архiўных устаноў Беларусi выступiлi з дакладамi вядомыя ў Францыi архiвiсты, суаўтары сучаснага падручнiка па архiвазнаўству: Элiзабэт Рабю – Генеральны iнспектар архiваў Францыi, i Крысцiн Пецiйя – дырэктар Цэнтра сучасных архiваў у Фонтэнбло (Нацыянальны архiў Францыi). Дарэчы, у сховiшчах апошняга захоўваецца больш дакументаў, чым ва ўсiх архiвах Беларусi разам.

У шэрагу выступленняў разглядалася роля ўзаемадзеяння дзяржавы з архiўнымi ўстановамi на розных этапах гiстарычнага развiцця (Кузьма Козак, Юры Звераў), адказнасць асобы (Ігар Лялькоў), праблемы захавання Нацыянальнага архiўнага фонду Беларусi (Уладзiмiр Адамушка) i выкарыстання новых архiўных тэхналогiй (Канстанцiн Карчэўскi). Пра ўзаемадачыненнi цэнтральных i рэгiянальных органаў улады па захаваннi гiстарычнай спадчыны гаварылi Ганна Запартыка i Надзея Нiкiцiна, параўнальнаму аналiзу камунiкатыўнай эфектыўнасцi архiўных пабудоваў прысвяцiлi даклады Вячаслаў Селяменаў i Тацяна Мiрончык.

Вырашана рэгулярна праводзiць супольныя семiнары па найбольш актуальных праблемах дзейнасцi архiўных устаноў дзвюх дзяржаў.

Кузьма Козак

Кансерватызм у сучасных грамадствах (Марына Сакалова)

Снежня 3, 1996 |


У лiстападзе 1996 г. у Зальцбургу (Аўстрыя) адбыўся семiнар “Кансерватызм у сучасных заходнiх грамадствах”. На самой справе тэматыка дакладаў i паведамленняў была значна шырэйшая – абмяркоўвалiся сучасныя кансерватыўныя рухi ў Еўропе (Заходняй i Усходняй), ЗША, Iндыi, Кiтаi, Лацiнскай Амерыцы, аналiзавалiся гiсторыя i тэорыя кансерватызму як такога. iншымi словамi, семiнар быў прысвечаны абмеркаванню гiсторыi i сучаснасцi кансерватыўных рухаў, iх спецыфiцы ў залежнасцi ад гiстарычных i палiтычных умоў.

У семiнары бралi ўдзел вучоныя, якiя займаюцца палiтычнай фiласофiяй, гiсторыкi, сучасныя палiтычныя дзеячы i журналiсты. Такi склад удзельнiкаў даў магчымасць паглядзець на праблему комплексна. Тэарэтыкi атрымалi шанс адчуць пульс сучаснага палiтычнага жыцця, а для палiтыкаў вельмi важны быў зварот да базавых каштоўнасцяў i асноватворных прынцыпаў кансерватызму, якiя забываюцца, адыходзяць на другi план у палiтычных баталiях па гарачых праблемах сучаснага жыцця. Цiкава было таксама пазнаёмiцца з нацыянальнымi мадыфiкацыямi кансерватыўнай iдэалогii.

Прафесар Мюнхенскага ўнiверсiтэту Ё.Йофэ ў дакладзе “Адна назва – розныя феномены. Кансерватызм у Амерыцы i Еўропе” зноў звярнуўся да вызначэння паняццяў “кансерватызм”, “лiбералiзм”, “сацыял-дэмакратызм” i iнш. ды рознiцы памiж iмi. Гэты вучоны – прыхiльнiк тэорыi, якая разглядае кансерватызм не як аўтаномную iдэалогiю, а як рэакцыю на французскую рэвалюцыю i лiберальныя тэорыi ХVIII ст.1 Ё.Йофэ лiчыць, што класiчны кансерватызм з’яўляецца процiлегласцю класiчнаму лiбералiзму. Таму, калi пад лiбералiзмам разумеецца iндывiдуальная свабода, iндывiдуальная адказнасць, неабмежаваныя рыначныя адносiны, “мiнiмалiсцкая” дзяржава, то класiчны кансерватызм ставiць у цэнтр эпiстэмалогii i iдэялогii грамадства i супольнасць, адказнасць грамадства за сваiх членаў (грамадства павiнна браць на сябе адказнасць за сваiх членаў двума спосабамi; гэта, кажучы па-сучаснаму, некаторыя стандарты сацыяльнай аховы i абароны ды клопат пра захаванне “вiктарыянскiх каштоўнасцяў”). Акрамя таго, кансерватызм грунтуецца на рэлiгii (у адрозненне ад секулярызму лiбералаў), з вялiкай падазронасцю ставiцца да зменаў i не давярае тым, хто лiчыць, што мае падставы змяняць i, адпаведна, план такiх зменаў.

Дырэктар Парыжскага iнстытуту палiтычных даследаванняў прафесар А.-Ж. Слама належыць да прыхiльнiкаў уплывовай навуковай тэорыi, якая разглядае кансерватызм перадусiм з псiхалагiчнага пункту гледжання. Сутнасць гэтага погляду была выкладзена М. Оўкшатам у эсэ “Быць кансерватарам”: кансерватар схiльны карыстацца тым, што “даступна, а не тым, што можа быць… Кансерватар паважае сучаснае, i паважае яго не таму, што яно звязана са старажытнасцю, не таму, што яно лепш за iншыя альтэрнатывы, а таму, што яно больш вядомае i прывычнае…Быць кансерватыўным – гэта значыць аддаваць перавагу вядомаму перад невядомым, выпрабаванаму перад невыпрабаваным, факту перад тайнай, актуальнаму перад магчымым, блiзкаму перад далёкiм,… зручнаму перад дасканалым, сучаснаму смеху перад утапiчным шчасцем”.

Разам з тым прафесар А.-Ж. Слама лiчыць, што ў аснове кансерватызму ляжыць маналiтная камунiтарная традыцыя, якую можна вызначыць па наступных крытэрыях:

  1. стаўленне да iншых: неканфлiктная тэорыя стварэння (стасункi памiж людзьмi павiнны падтрымлiваць сувязi, абумоўленыя прыналежнасцю да адной краiны, паколькi гэта з’яўляецца асноўным прынцыпам неканфлiктнай псiхалогii); кансерватары iмкнуцца выратаваць людзей ад канфлiктаў, усталяваць такое грамадства, дзе канфлiкты немагчымыя (гэтым яны адрознiваюцца ад рэакцыянераў: калi першыя не прымаюць канфлiкт, дык другiя нават iмкнуцца стварыць яго, каб вярнуць былы стан рэчаў);
  2. стаўленне да прыроды: “мы з’яўляемся часткай прыроды”;
  3. стаўленне да гiсторыi: трэба прымаць i ўлiчваць урокi гiсторыi, а не карыстацца рацыяналiзаванымi канцэпцыямi пераўтварэння грамадства; нельга iмкнуцца да дасканаласцi грамадскiх дачыненняў i чалавека, бо дасканалы толькi Бог;
  4. адказнасць, вернасць маральным каштоўнасцям.

Вiдавочна, сучасныя кансерватары вельмi адрознiваюцца ад напрамку, вызначанага М. Оўкшатам. Таму Ё.Йофэ прапанаваў сучасных кансерватараў (М.Тэтчар, Р.Рэйгана i iншых) называць нэакансерватарамi, а класiчных (Э.Бэрка, Р.Шатабрыяна i iнш.) – палеакансерватарамi. Калi палеакансерватызм стаяў за супольнасць i стабiльнасць, дык нэакансерватызм часам iдзе на радыкальныя змены ў арганiзацыi рынку i дзяржавы. Разам з тым, адзначыў Ё.Йофэ, змянiўся i лiбералiзм: у ХiХ ст. ён пастуляваў свабоду ад дзяржавы i свабоду для прыватнага, iндывiдуальнага рынку; цяпер жа лiбералы стаяць за моцную дзяржаву, якая ўсё размяркоўвае, высокi ўзровень сацыяльнага забеспячэння (высокiя падаткi), удзел дзяржавы ў прыватных справах.

Але, хоць лiбералiзм i кансерватызм ХХ ст. вельмi адрознiваюцца ад класiчных, сучасныя лiбералы i кансерватары не цалкам страцiлi былыя звычкi i спосаб мыслення. Так, сучасныя лiбералы, у адрозненне ад класiчных, вераць у моцную дзяржаву, але, як i iх папярэднiкi ў ХVIII ст., яны таксама вераць у iндывiдуальную свабоду. Сучасныя кансерватары, з аднаго боку, прытрымлiваюцца поглядаў, процiлеглых поглядам сучасных лiбералаў, а з другога боку, яны прынялi ключавыя элементы iдэалогii iх папярэднiкаў: як А.Смiт i Дж.Лок, яны выступаюць за свабодны рынак i персанальную адказнасць, абмежаваны ўрад i нiзкiя падаткi. Разам з тым, кансерватары iмкнуцца захаваць рэлiгiйныя i маральныя асновы класiчнага кансерватызму: моцную царкву, моцнае пачуццё калектыўнай адказнасцi, трывалую сям’ю i гэтак далей.

Усё гэта абумовiла, па-першае, шматлiкiя дыскусii i спрэчкi памiж прыхiльнiкамi розных плыняў у лiберальных i кансерватыўных партыях (у якасцi прыкладу Ё.Йофэ прывёў канфлiкты ў Рэспублiканскай партыi ЗША i дыскусii брытанскiх кансерватараў). Па-другое, “мутацыя” iдэялогiй у ХХ ст. прывяла да таго, што лiбералiзм практычна спалучыўся з сацыял-дэмакратыяй, а кансерватары пайшлi на саюз з сацыялiстамi. Ё.Йофэ выказаў вельмi цiкавую думку пра сувязi кансерватызму i сацыялiзму. Як кансерватызм, так i сацыялiзм былi рэакцыяй на лiбералiзм, iндывiдуалiзм i капiталiзм. Нягледзячы на ўсе адрозненнi, гэтыя iдэялагiчныя плынi сыходзяцца ў наступным: абедзьве стаяць за моцны ўрад i моцную калектывiсцкую супольнасць, падазрона ставяцца да iндывiдуму i iндывiдуальнага, да рынку (нi кансерватары, нi сацыялiсты не прымаюць свабодны рынак, якi, быццам кiслата, раз’ядае грамадства, знiшчае традыцыi i зводзiць усе сувязi да абмену, заробку, прыбытку i г.д.); абедзве звяртаюцца да iдэалiзаванага мiнулага. Таму, лiчыць Ё.Йофэ, аб’яднанне кансерватараў (правых) i сацыялiстаў (левых) было толькi пытаннем часу. Менавiта такiм з’яўляецца сучасны кансерватызм у кантынентальнай Еўропе, якi атрымаў назву хрысцiянскай дэмакратыi. Прыкладам палiтыка, якi прытрымлiваецца такой iдэалогii, на думку Ё.Йофэ, ёсць Гельмут Коль.

У вынiку апiсаных вышэй зменаў склалася, як адзначыў прафесар А-Ж.Слама, такая сiтуацыя, што разрыў памiж кансерватарамi, лiбераламi i сацыялiстамi становiцца ўсё меншым, i палiтычны спектр цяпер можна вызначыць толькi па такiх крытэрыях, як правыя i левыя блокi, у якiя групуюцца нашчадкi гэтых палiтычных традыцый.

Такое ж разуменне сучаснага палiтычнага спектру ляжыць у аснове аналiтычнай тыпалогii, прапанаванай М.Эдвардсам, членам Рэспублiканскай партыi ЗША, выкладчыкам Гарвардскага ўнiверсiтэту (гл. таблiцу).

Цiкава, што некаторыя высновы даклада прафесара А.-Ж.Слама сталi свайго роду адказам на пытанне, чаму кансерватары займаюць цэнтр палiтычнага спектру. Вучоны адзначае, што сучасныя кансерватары змянiлi свае пазiцыi i лозунгi: цяпер яны выступаюць не “супраць”, а “за”:

  • не супраць роўнасцi, а за роўнасць магчымасцяў;
  • не супраць рэальных правоў, а за фармальныя правы;
  • не супраць свабоды, а за прадухiленне яе пабочных эфектаў, бо, напрыклад, калi свабоды зашмат, гэта можа прывесцi да гвалту (кансерватары сцвярджаюць, што яны могуць зрабiць тое ж, што i лiбералы, але з меншым стратамi i пабочнымi эфектамi, без скрайнасцяў).
Левыя Прагрэсісты Цэнтр Кансерватары Правыя
Універсалісцкі розум Прагматычны універсалізм Нейтральны прагматызм Разумная традыцыя Традыцыя
гарманічны сацыялізм, рамантычны марксізм, секулярызаваны радыкалізм, навуковы марксізм, секулярызаваны гуманізм, унітарызм, манчэстэрскі лібералізм, карпаратывізм, ідэялістычны марксізм секулярызм, лейбарысты, Сун-Ят-Сен, сацыял-дэмакраты Дж. Неру, Атацюрк, Гаміньдан, кансерватары, хрысціянскія дэмакраты М. Гандзі, М. Тэтчар, прыхільнікі Лока індуізм, іслам, артадакальны іудаізм, нацыянальны каталіцызм, артадаксальны пратэстантызм, нацыяналізм, амерыканскі нацыяналізм

Разам з гэтым прафесар Слама адзначыў i радыкалiзацыю пазiцый пэўнай часткi кансерватараў, якая абумоўлена некаторымi сучаснымi праблемамi (мiграцыя, экалагiчныя праблемы i iнш.) ды зваротам да камунiтарызму i нацыяналiзму, характэрных для класiчнага кансерватызму. Гэта вядзе да фашысцкага нацыяналiзму i iнтэгрысцкiх рэлiгiйных рухаў, з аднаго боку, i да ўмацавання прафсаюзнага руху i iншых вiдаў кааперацыi, вяртання да скрайнасцяў 30-х гадоў i саюзу з каталiкамi, з другога. Неканфлiктная мадэль грамадства кансерватараў таксама стварае глебу для апраўдання гвалту, бо кампрамiс магчымы толькi тады, калi канфлiкт прымаецца як натуральная з’ява.

У дакладзе П.Сiнха, прафесара iнстытуту Джавахарлала Неру (iндыя), экалагiчны гуманiзм М.Гандзi быў прадстаўлены як iндыйскi варыянт кансерватызму. Прыхiльнiкi М.Гандзi супрацьстаяць тым фiлосафам, якiя прапагандуюць рацыяналiзм i эканамiчны рост, яны абараняюць традыцыйную культуру, сялянскую гаспадарку i прынцыпы няроўнасцi, якiя нельга аддзялiць ад iндыйскай традыцыi, крытыкуюць сучасную заходнюю цывiлiзацыю. Вельмi цiкава П.Сiнгха апiсаў сучасную iндыю: для яе характэрны рэлiгiйны секулярызм, эканамiчны лiбералiзм, сацыя-культурны кансерватызм, а ў палiтыцы – лiберальна-кансерватыўны сацыялiзм.

Гiсторыi паўстання сучаснага кансерватызму ў ЗША былi прысвечаныя даклады У.Рашэра, вядомага амерыканскага палiтычнага дзеяча i журналiста, i Д.Дэвiна, доктара палiтычнай фiласофii, галоўнага кансультанта Р.Рэйгана i Р.Доўла ў час iх выбарчых кампанiй, аўтара шасцi кнiг, прысвечаных праблемам дэмакратычнай тэорыi i метадалогii вывучэння грамадскага меркавання. У.Рашэр адзначыў, што кансерватыўны рух пачаўся ў ЗША ў 1950-х гадах як каалiцыя памiж лiбертарыянскiмi эканамiстамi, традыцыяналiстамi (у тым сэнсе, якi ўкладваў у гэты тэрмiн Э.Бэрк) i прыхiльнiкамi прынцыпаў халоднай вайны, якiх аб’яднала варожасць да лiбералiзму. Рух развiваўся на працягу трыццацi гадоў i атрымаў перамогу ў 1980 г., калi прэзiдэнтам стаў Р.Рэйган. Амерыканскiя кансерватары лiчаць, што неадкладнага вырашэння патрабуюць наступныя праблемы: развiццё высокатэхналагiчнага грамадства, калi неквалiфiкаваная праца перамяшчаецца за мяжу; банкруцтва праграм сацыяльнай абароны; неадкладная патрэба рэфармавання сiстэмы сацыяльнай аховы; маральнае адраджэнне краiны. Д.Дэвiн паказаў схему развiцця амерыканскага кансерватыўнага руху. Асноўнымi рысамi амерыканскага кансерватызму ён лiчыць апору на iндывiдум у супольнасцi, вызначэнне рознiцы памiж дзяржавай i супольнасцю, недавер, нават страх перад усемагутнай дзяржавай, боязь масаў, прыхiльнасць да прынцыпу падзелу ўлады i федэралiзму, павагу да рэлiгii i традыцыi, iмкненне змагацца за ўсталяванне “маральнага парадку”, i, разам з гэтым, – патрабаванне захаваць свабодны рынак, неўмяшання дзяржавы, нiзкiх падаткаў i г.д. Гэтыя прынцыпы сталi вядомыя грамадскасцi праз працы i выступы Ф.Гаека, Дж.Оруэла, Б.Голдуотэра. iх пашырэннем i прапагандай займалiся такiя выданнi, як “National Review”, “The Freeman”, “Modern Age” i iнш. Былi створаныя таксама кансерватыўныя арганiзацыi, маладзёжныя i перадвыбарныя, а таксама фонды, якiя займалiся фiнансавай падтрымкай руху. Усё гэта дало магчымасць згуртаваць традыцыяналiстаў, лiбертарыянцаў, антыкамунiстаў, дэмакратаў Поўдня (папулiстаў), маралiстаў i новых правых на аснове iдэй, прапанаваных нэакансерватарамi. Наступным крокам было стварэнне часовых каалiцый з рознымi сацыяльнымi групамi – банкiрамi, будаўнiкамi, уладальнiкамi гатэляў i рэстаранаў, дробнымi бiзнэсменамi, фундаменталiстамi i iнш. Усё гэта i стала асновай перамогi кансерватараў.

Трэба адзначыць, што на семiнары вельмi часта вялiся дыскусii адносна правамернасцi самога паняцця “амерыканскi кансерватызм”. Вучоныя i палiтыкi Старога свету iмкнулiся даказаць, што разуменне кансерватызму ў Амерыцы адпавядае паняццю еўрапейскага лiбералiзму (Э.Морцiмер, рэдактар лонданскай “Financial Times”), што кансерватызм не можа паўстаць у ЗША з прычыны адсутнасцi феадальнага мiнулага (Ё.Йофэ).

У краiнах былога савецкага блоку з кансерватызмам звязаныя зусiм iншыя праблемы. Некаторыя даследчыкi лiчаць кансерватарамi камунiстаў-рэваншыстаў (Б.Капусцiн, вядучы навуковы супрацоўнiк iнстытуту фiласофii РАН), ёсць погляды, што нашчадкамi кансерватыўнай традыцыi могуць быць хрысцiянска-дэмакратычныя блокi (В.Дойкаў, член балгарскага парламенту). Але больш слушным здаецца погляд, выказаны латышскiм вучоным iльзе Островска (прафесар факультэту сацыялогii Латвiйскага ўнiверсiтэту). Яна адзначыла, што ў краiнах былога СССР палiтычныя прынцыпы, зафiксаваныя ў праграмах сучасных палiтычных партый, валодаючых рэальнымi рычагамi ўздзеяння на палiтыку, маюць для iх другаснае значэнне, асноўнае ж – перадзел уласнасцi. i ў гэтым, здаецца, асноўная прычына паражэння новых палiтычных партый: яны не могуць прапанаваць iдэялогiю, здольную прывабiць выбаршчыкаў.

Марына Сакалова

Наверх

Берасцейскiя чытаннi (Геннадзь Сагановiч)

Снежня 2, 1996 |

У траўнi 1996 г. у Пярэмышлi, Львове i Кiеве адбывалiся чарговыя Берасцейскiя чытаннi, арганiзаваныя Iнстытутам гiсторыi царквы Львоўскай Багаслоўскай Акадэмii. Яны сталi ўжо пятай сустрэчай вучоных, прысвечанай Чатырохсотай гадавiне Берасцейскай царкоўнай унii, праведзенай гэтым iнстытутам. “Менталiтэт, iдэнтычнасць i багаслоўе ў Украiне i Беларусi ў ХVII ст.” – так арганiзатары акрэслiлi праблематыку гэтага форуму. З асноўнымi дакладамi выступiлi Барыс Гудзяк (Львоў) “Шляхi ўкраiнскага багаслоўя i духоўнасцi ў ХVII ст.”, Франк Сысын (Эдмантан) “Берасцейская унiя i праблема ўкраiнскай iдэнтычнасцi i нацыятварэння”, Сяргей Плохiй (Эдмантан) “Берасцейская унiя i новыя канцэпцыi Русi”, ды нiжэйпадпiсаны, чый рэферат зваўся “Царкоўная унiя i праблема нацыянальнай тоеснасцi беларусаў у ХVII ст.”. Iх апанентамi ў Львове былi Сафiя Сенiк (Рым), Яраслаў Дашкевiч (Львоў) i Пятро Кралюк (Луцк), а ў Кiеве – Наталя Якавенка (Кiеў) i Дзмiтры Караў (Горадня).

У адрозненне ад характэрнага для сучасных канферэнцый шматслоўя i тэматычнага роскiду, гэтая сустрэча адрознiвалася прадметнасцю i карэктнасцю як асноўных дакладаў, так i крытычных выступаў апанентаў. Асаблiва адметным быў выступ Франка Сысына. Адзначу толькi некаторыя з арыгiнальных тэзаў канадыйскага гiсторыка: паваротным момантам гiсторыi фармавання ўкраiнскага народу ён лiчыць заняпад дзяржаўнасцi старой Русi ў XIII-XIV ст.; праваслаўна-культурнае адраджэнне Русi ў канцы ХVI ст. iнiцыявалi мяшчане, якiя першымi i выкарысталi тэрмiн “нацыя” ў дачыненнi да Русi, укладаючы ў яго i этнакультурны сэнс; зародкам палiтычнай нацыi стала “нацыяналiзацыя” казакаў. У ацэнцы Сысына функцыя унii падобная да ролi расколу ў Маскоўскiм царстве. А першая чвэрць ХVII ст. стала самым цяжкiм часам для праваслаўнай царквы. Цiкава, што канцэпцыя маларасiйства нарадзiлася не ў Маскве: мiтрапалiт Барэцкi ў 1624 г. прасiў цара заступiцца за ўкраiнцаў як за “малодшых братоў”.

Мушу адзначыць, што “Берасцейскiя чытаннi” падалiся адным з самых канструктыўных i ўдала арганiзаваных навуковых форумаў, на якiх даводзiлася быць. Асобна варта сказаць пра арганiзатараў гэтай канферэнцыi. Iнстытут гiсторыi царквы, iнiцыятарам заснавання i дырэктарам якога з’яўляецца Барыс Гудзяк, iснуе з 1992 г. Яго галоўнай мэтай было i застаецца даследаванне становiшча царквы ў умовах татальнага камунiстычнага рэжыму. За аснову навуковай дзейнасцi маладыя вучоныя бяруць метад “жывой гiсторыi”, г.зн. збор вусных сведчанняў ды iх апрацоўку з дапамогай кампутарнай тэхнiкi (папулярная на захадзе oral history). У архiве iнстытута ўжо сабраны многiя сотнi iнтэрвiю святароў, манахаў i мiран, фотакопii матэрыялаў з архiваў КДБ i КПСС. Апрача цэнтральнай даследчыцкай праграмы iнстытут рыхтуе серыю спецыяльных выданняў (у прыватнасцi “Гiсторыю царквы ў Украiне” прафесара Сафii Сенiк i “Крыза i рэформа: Кiеўская мiтраполiя, Царагародскi патрыярхат i генэза Берасцейскай унii” доктара Барыса Гудзяка), стала праводзiць навуковыя канферэнцыi (праграма “Берасцейскiх чытанняў” распачата яшчэ ў 1994 г.), арганiзуе спецыяльныя курсы лекцый для грамадскасцi. Вось прыклад сучаснай еўрапейскай даследчыцкай установы (недзяржаўнай!), якой так бракуе Беларусi.

Генадзь Сагановiч

Сустрэча даследчыкаў Унii (Валянцiна Грыгор’ева, Алена Фiлатава)

Снежня 1, 1996 |

25-27 кастрычнiка ў Красiчынскiм Замку, што знаходзiцца недалёка ад Пярэмышля (сучасная Польшча), праходзiла навуковая канферэнцыя “Каталiцкая царкоўная унiя ў Цэнтральнай i Ўсходняй Еўропе: iдэя i рэчаiснасць”. Арганiзавалi яе Паўднёва-Усходнi навуковы iнстытут (Пярэмышль) i Антрапалагiчны iнстытут Кентскага ўнiверсiтэту (Англiя). Вучоныя праслухалi 23 даклады. Iх тэматыка была вельмi розная: ад прычынаў i ўмоў заключэння Берасцейскай царкоўнай унii да стану унiяцкай царквы сёння, прычым не толькi ў Польшчы i Украiне, але i ў сучаснай Францыi. Асаблiвая ўвага была звернута на ўзаемаўплывы унii i нацыянальнай свядомасцi. Гэтай праблеме прысвяцiла свае даклады амаль трэцяя частка выступоўцаў. Што да складу ўдзельнiкаў, дык ён быў даволi стракаты: гiсторыкi, духавенства (каталiцкае i унiяцкае), сацыёлагi, палiтолагi, культуролагi з Англii, Беларусi, ЗША, Iталii, Канады, Польшы, Украiны i Францыi. Беларусь прадстаўлялi тры чалавекi: Дзмiтры Караў, Валянцiна Грыгор’ева i Алена Фiлатава. Удзельнiкi форуму паставiлiся да беларускай дэлегацыi з вялiкай увагай. Галоўнае, што характарызавала атмасферу канферэнцыi, – гэта iмкненне зразумець адзiн аднаго, узбагацiць свае веды. I, нягледзячы на шматмоўе, гэта, трэба сказаць, удалося.

Валянцiна Грыгор’ева,
Алена Фiлатава

ПЕРШАЯ БЕЛАРУСКА-НЯМЕЦКАЯ КАНФЭРЭНЦЫЯ ГІСТОРЫКАЎ

Жніўня 2, 1995 |

«Беларусь — нацыя без гісторыі?» — такі правакацыйны тытул мела міжнародная канфэрэнцыя па гісторыі й актуальных праблемах разьвіцьця Беларусі, што праходзіла 17-19 сакавіка 1995 г. у будынку Ўсходняй Акадэміі ў Кёнігштайн-Таўнус, недалёка ад Франкфурта-на-Майне. Яе арганізавалі Інстытут ўсходнеэўрапейскай гісторыі Цюбінгенскага ўнівэрсытэту i Сэмінар усходнеэўрапейскай гісторыі Франкфурцкага ўнівэрсытэту, а таксама катэдры паліталёгіі i сучаснай гісторыі Мангэймскага ўнівэрсытэту. Ініцыятарам канфэрэнцыі быў прафэсар Цюбінгенскага ўнівэрсытэту Дзітрых Бэйраў, які запрасіў на гэтую сустрэчу практычна ўсіх сваіх суайчыньнікаў, зацікаўленых у вывучэньні гісторыі Беларусі. Сярод ix былі Моніка Банькоўская (Швайцарыя), Герман Бідэр (Аўстрыя), Андрэас Капэлер (Нямеччына), які адным зь першых пачаў займацца праблемамі нацыянальных узаемадачыненяў у былым СССР, ды інш.

Як буйнейшы нямецкі спэцыяліст у галіне славяназнаўства, прафэсар Бэйраў i кіраваў навуковымі дыскусіямі. Ён ca шкадаваньнем адзначыў, што апошняя нямецкая кніга пра Беларусь зьявілася ў Бэрліне ў 1943 г. (Engelhardt F. Weissruthenien. Volk und Land). Цяпер цікаўнасьць да Беларусі зноў узрастае. Пра гэта сьведчыць, у прыватнасьці, актыўны ўдзел у канфэрэнцыі маладых нямецкіх дасьледчыкаў — Астрыд Зам (Мангэйм), Райнэра Лінднэра (Цюбінген) i Дыяны Зыбэрт (Кёльн).

Беларускія гісторыкі мелі магчымасьць акрэсьліць асноўныя контуры мінуўшчыны Беларусі, паведаміць самыя важныя факты, выказаць уласныя погляды. Даклад Ігара Чаквіна (Інстытут мастацтвазнаўства, этнаграфіі й фальклёру АНБ) быў прысьвечаны этнагенэзу беларусаў, Павал Лойка (Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт) прысьвяціў свой рэфэрат месцу ВКЛ у гісторыі Беларусі, Захар Шыбека (Беларускі навукова-асьветны цэнтар імя Скарыны) — асаблівасьцям урбанізацыі й інтэлектуалізацыі беларусаў па выніках перапісу 1897 г., Алег Бухавец (Інстытут гісторыі АНБ) — магчымасьцям выкарыстаньня сялянскіх пэтыцыяў да Дзяржаўнай Думы як крыніцы для дасьледаваньня нацыянальнай ідэнтычнасьці ў масавай народнай сьвядомасьці беларусаў, Віталь Скалабан (Беларуская Энцыкляпэдыя) — праблеме паўстаньня беларускай дзяржаўнасьці, Мікола Іваноў (Беларуская рэдакцыя радыё Свабода) — стаўленьню камуністаў да беларускай дзяржаўнасьці, Павал Церашковіч (Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт) — палітычным працэсам у БССР 1921-1941 г., i інш.

Гаспадароў найбольш цікавіў цяперашні стан маладой беларускай дзяржавы. Адчувалася жаданьне перасьцерагчы беларускіх калегаў ад захапленьня нацыяналізмам. Прафэсар Бэйраў час ад часу пытаўся, гісторыю чаго мы пішам: народа ці тэрыторыі? На яго погляд, гісторыя Беларусі складаецца зь мінулага ня толькі беларусаў, але i ўсіх іншых этнасаў, што жывуць на беларускіх землях. I гэтаму няма як пярэчыць. На жаль, дзеля грунтоўнага абмеркаваньня гэтай праблемы забракла часу. Аўтар гэтых радкоў акцэптаваў тэзу прафэсара Бэйраў. Трэба адмовіцца ад монаэтнічнага падыходу да гісторыі Беларусі i беларускага адраджэньня. З набыцьцём уласнай дзяржаўнасьці беларускі народ (нацыя) прыпадабняецца да іншых сучасных нацыяў, утварэньняў таксама інтэгральных i шматэтнічных. Гэта дазваляе пісаць гісторыю беларускага народу безадносна ад таго, ці меў ён сваю дзяржаву (дзяржаўную тэрыторыю), ці не.

Прафэсара Бэйраў цікавіла беларуская шляхта. Ён адзначыў, што нацыянальнае адраджэньне Чэхіі, напрыклад, пачалося зь пераходу зьнямечаных землеўладальнікаў на пазыцыі рэгіяналізму. Заўвага істотная для разуменьня беларускай гісторыі. Сярод спалянізаваных землеўладальнікаў Беларусі вяртаньне да этнічных каранёў пачыналася гэтаксама. Гэта было ў першай палове XIX ст. пад уплывам нямецкага рамантызму. Аднак працэс перапыняўся паўстаньнямі 1831 i асабліва 1863 г. Ніхто так не нашкодзіў нацыянальнай кансалідацыі Беларусі, як расейскі цар Аляксандар ды Мураўёў-Вешальнік. Сваёй дэмагагічнай палітыкай яны настройвалі праваслаўнае сялянства супраць каталіцкага панства. У асобе спалянізаваных землеўладальнікаў так i засталася не скарыстанай найважнейшая крыніца інтэлектуалізацыі беларускага народу. Таму гэтак цяжка адбываўся працэс яго самасцьвярджэньня i ў элітарнай культуры, i ў палітыцы. Аднак цяперашнія гісторыкі ня маюць рацыі, калі штучна адрываюць вярхі грамадзтва ад беларускага народу.

Ясная рэч, на адной канфэрэнцыі мы не маглі закрануць усіх актуальных праблемаў беларускай гісторыі. З боку немцаў рэфэратаў не было. Тым ня менш, яны плянуюць выдаць беларускі зборнік сваіх артыкулаў i ўключыць у яго лепшыя даклады калегаў зь Беларусі.

Захар Шыбека (Менск)

Галоўная » Запісы па тэме 'Канферэнцыі'