Новы нумар

Галоўная » Запісы па тэме 'Крыніцазнаўства'

Артыкулы па тэме ‘Крыніцазнаўства’

Польша – Беларусь (1921–1953): сб. документов и материалов / сост.: А. Н. ВАБИЩЕВИЧ [и др.]. Минск: Беларуская навука, 2012. 423 с.

Ліпеня 1, 2013 |

У 20 томе БГА (2013)

Дадзены зборнік дакументаў разлічаны, як паведамляе рэдактар, на “профессиональных историков и широкий круг общественности”. Ён адлюстроўвае на аснове арыгінальных архіўных матэрыялаў “различные аспекты польско-белорусских отношений в 1921–1953 гг.” (423).

Улічваючы значныя змены ў статусе абедзвюх краін і народаў, якія адбыліся ў гэты перыяд, зборнік павінен ахопліваць, прынамсі, чатыры розныя віды адносінаў: квазіміждзяржаўныя ў перыяд да снежня 1923 г. (спачатку Рэчы Паспалітай з Беларускай Народнай Рэспублікай, потым Рэчы Паспалітай з Беларускай ССР); нерэгулярныя кантакты Другой Рэчы Паспалітай з СССР па беларускіх пытаннях пасля снежня 1923 г.[1] (рэпатрыяцыя, аптацыя, суднаходства на прымежных рэках, спрэчкі пра мяжу, праблемы нацыянальных меншасцяў, рэлігіі і г. д.); адносіны паміж двума народамі ў перыяд Другой сусветнай вайны, ва ўмовах акупацыі тэрыторыі польскай дзяржавы; квазіміждзяржаўныя адносіны ў перыяд з верасня 1944 г. – ва ўмовах фармальнага вяртання БССР у лютым 1944 г. юрыдычнага статусу міжнароднага суб’екта[2]. Гэта мноства важных пытанняў рознага характару, найперш дыпламатычных, консульскіх, эканамічных, а таксама датычных выканання ўмоў Рыжскай мірнай дамовы, якія на працягу многіх гадоў цікавяць гісторыкаў абедзвюх краін, што пацвярджаюць навуковыя канферэнцыі, якія рэгулярна праходзяць ва ўніверсітэтах у Торуні[3], Гомелі[4], Горадні[5] і Мінску[6]. Аспектам узаемаадносінаў, якія на іх абмяркоўваюцца, прысвечана шырокая польская гістарыяграфія[7], у меншай ступені беларуская гістарыяграфія савецкага перыяду і перыяду пасля распаду СССР[8]. У іх выданнях утрымліваецца цэлы шэраг дакументаў, якія датычацца, хутчэй, польска-савецкіх адносінаў з улікам кантэксту Беларусі, чым непасрэдна польска-беларускіх адносінаў[9]. Такім чынам, ідэя падборкі і выдання дакументаў, прысвечаных польска-беларускім адносінам ХХ ст. у шырокім разуменні, мела пад сабой грунт. Іншая справа – яе рэалізацыя, але пра гэта крыху ніжэй. Чытаць далей →

БІЛОУС, НАТАЛІЯ. Тестаменти киян середини XVI – першоï половини XVII століття. Киïв, Видавничий дім “Простір”, 2011. 200 с.: іл.

Кастрычніка 8, 2012 |

У наступным нумары (том 19, 2012)

Кніжная паліца ўкраінскай гістарыяграфіі папоўнілася  цікавым выданнем супрацоўніцы Інстытута гісторыі НАН Украіны Наталлі Білаус. Аўтарка ўпершыню апублікавала 13 кірылічных тэкстаў тастаментаў жыхароў Кіева (1556–1639), якія адшукала ў архівасховішчах Украіны, Расіі і Беларусі (6 арыгіналаў — у РГАДА ў Маскве, 1 арыгінал — у інстытуце рукапісаў Нацыянальнай бібліятэкі Украіны імя Вярнадскага НАНУ, 3 выпісы з кіеўскіх магістрацкіх кніг — у ЦДГАУ ў Кіеве, 1 актыкацыю ў магістрацкай кнізе г. Магілёва — у НГАБ у Мінску, 2 копіі з манастырскіх архіваў — у інстытуце рукапісаў НБУВ).

Вядома, што  тастаментаў жыхароў Кіева захавалася надзвычай мала. Прычына таму, апроч іншага, —пажары 1615, 1718, 1811 г., якія нішчылі культурную спадчыну горада. Такім чынам, увод у навуковы ўжытак 11 мяшчанскіх і 2 шляхецкіх тастаментаў — каштоўны ўнёсак даследчыцы не толькі ва ўкраінскую, але і ў еўрапейскую гістарыяграфію, бо тастамент як гістарычная крыніца захоўвае ў сабе багатую інфармацыю пра самога чалавека. Чытаць далей →

КАЛЕЧЫЦ, ІННА Л. Эпіграфіка Беларусі X—XIV стст. Мінск: Беларуская навука, 2011. 271с.

Лютага 15, 2011 |


Нарэшце і помнікі эпіграфікі на тэрыторыі Беларусі дачакаліся свайго даследчыка. Аўтар манаграфіі „Эпіграфіка Беларусі X-XIV стст.” І. Калечыц вельмі амбіцыйна вызначае ролю сваёй працы, якая „кладзе пачатак існаванню айчыннай эпіграфікі як дапаможнай гістарычнай дысцыпліны” (5). Сапраўды, гэта першае агульнае даследаванне эпіграфічных помнікаў на Беларусі, якія дагэтуль разглядаліся выключна ў межах прац па іншай праблематыцы (напрыклад, археалагічных, палеаграфічных і інш.). Адзінкавыя знаходкі не разглядаліся ў сукупнасці, што не давала агульнага ўяўлення аб развіцці пісьменства на тэрыторыі Беларусі у Сярэднявеччы. Такім чынам манаграфія І. Калечыц дае магчымасць чытачам убачыць абагульненую карціну развіцця пісьменства на землях Беларусі ў X-XIV ст. Між тым, разгляд эпіграфічных помнікаў выходзіць далёка за заяўленыя храналагічныя межы, напрыклад, калі размова ідзе пра графіці полацкай Спаса-Праабражэнскай царквы. Уключэнне ў даследаванне графіці XVІІ ст. выглядае цалкам слушным і заканамерным. Графіці Спаса-Праабражэнскай царквы ўтвараюць адзіны комплекс, вывучэнне якога дазваляе не толькі прасачыць змены ў развіцці пісьменства, але і высветліць шэраг іншых пытанняў. Храналагічныя абмежаванні значна ўскладнілі б гэтую задачу.

Да новых распрацовак аўтара належыць стварэнне класіфікацыі эпіграфічных помнікаў (выкладаецца ў трэцяй главе), якая заснавана на матэрыяле і катэгорыі рэчаў (27). Дадаткова да яе створана класіфікацыя паводле мэты нанясення надпісу (28), якая павінна вырашыць пытанні зместу эпіграфічных помнікаў. Варта адзначыць зручнасць такога падыходу, які дазваляе фактычна ўсебакова разглядаць знаходкі. Аднак і такая класіфікацыя недасканалая. У склад гліняных эпіграфічных помнікаў аўтар залічыла толькі амфары і плінфу (81-88). У такім выпадку з класіфікацыі выпад аюць магчымыя будучыя знаходкі іншых відаў гліняных рэчаў. Тое самае датычыць і металічных эпіграфічных помнікаў, у шэраг якіх І. Калечыц не залічыла манеты з графіці (63-80). Але ж на тэрыторыі Беларусі былі выяўлены дырхамы з рунічнымі знакамі і надпісамі, малюнкамі і сімваламі, частка якіх датуецца сярэдзінай X ст. (манеты з графіці з Казьянкаўскага скарбу ля Полацка)[1].

Непасрэдна эпіграфічным помнікам прысвечана чацвёртая глава („Эпіграфічныя помнікі”). Яе першы раздзел („Каменныя эпіграфічныя помнікі”), як і іншыя раздзелы главы (акрамя тых, у якіх разглядаюцца скураныя эпіграфічныя помнікі і графіці Спаса-Праабражэнскай царквы) — пераважна кампіляцыі з прац іншых вучоных, якія даследавалі адзінкавыя помнікі. Увага, безумоўна, аддаецца „Барысавым камяням”, самым знакамітым з манументальных эпіграфічных помнікаў. У выніку аўтар прыходзіць да ўжо вядомых высноў, што „найбольш прывабнымі з’яўляюцца версіі аб камянях як межавых знаках і аб надпісах-маленнях у галодны 1128 год” (35). Варта згадаць і вядомы камень з надпісам другой паловы ХІ ст. з падмурка полацкага Сафійскага сабора. І. Калечыц упершыню цалкам апублікавала змест надпісу, што раней не рабілася з-за наяўнасці ў ім абсцэннай лексікі (38). А між тым, гэты камень ці не першае сведчанне ўжывання ў старажытнасці ненарматыўных слоў на тэрыторыі Беларусі. Дарэчы, пры разглядзе гэтага помніка аўтар спасылаецца на артыкул „Вікіпедыі” пра паходжанне і сэнс абсцэннай лексікі.

Другі раздзел („Драўляныя эпіграфічныя помнікі”) чацвёртай главы знаёміць з невялікай колькасцю знаходак: місы з Гомеля і Мінска, грабеньчык з Брэста. У спасылцы на звесткі пра місу з Гомеля ёсць памылка: упершыню знаходка была апісана ў № 15 „Гістарычна-археалагічнага зборніка”, а не ў № 5, як піша даследчыца (60). Недакладны нумар выдання таксама пазначаны ў гістарыяграфічным аглядзе (13) і спісе літаратуры (168). У той жа час у спасылцы на артыкул В. Вароніна пра „Барысаў камень” (14), які выйшаў у тым самым № 15, нумарацыя правільная.

У трэцім раздзеле („Металічныя эпіграфічныя помнікі”) чацвёртай главы падаецца апісанне сякеры XV ст. (таксама выходзіць за вызначаныя храналагічныя межы даследавання) з Пінска, на якой ёсць надпіс-папярэджанне „Глядзі злодзей — сякера Кузьмы” (63-65). Гэтая знаходка, безумоўна, адметная не толькі для Беларусі, але і для іншых краін, якія знаходзяцца на былых абшарах Старажытнай Русі. Пэўныя спрэчкі можа выклікаць інтэрпрэтацыя рэшткаў надпісу („Ж. ОД”) на бранзалеце з Магілёва. І. Калечыц лічыць, што гэта рэшткі кірылічнага варыянта напісання грэцкага слова geoid, geoides (‘земляны’, ‘землепадобны’). У якасці доказу выкарыстоўваецца рамбічны арнамент бранзалета: „ромб — гэта язычніцкі сімвал зямлі, а таксама жаночай сутнасці” (68). Такая выснова выглядае непераканальна. Рамбічны арнамент быў вельмі распаўсюджаны ў ХІІ ст., але невядомы іншыя знаходкі з такім арнаментам, якія суправаджаліся б падобным надпісам, тым больш што не было і асаблівай патрэбы каментаваць па-грэцку сэнс сімвала, які і так быў вядомы. Таксама нельга адназначна сцвярджаць, што ромб быў выключна сімвалам зямлі; ёсць і іншыя інтэрпрэтацыі гэтага знака.

У чацвёртым раздзеле („Гліняныя эпіграфічныя помнікі”) чацвёртай главы, як ужо згадвалася, аўтар разглядае надпісы на амфарах і плінфе. Але ў падрабязны пералік фрагментаў амфар з асобнымі літарамі (84-85) чамусьці не патрапіў аскепак амфары з літарай „В”, які паходзіць з замчышча старажытнага Барысава[2].

Пяты раздзел чацвёртай главы прысвечаны касцяным эпіграфічным помнікам. Цэнтральнае месца займае разгляд калекцыі костак з рунамі, рунападобнымі знакамі і малюнкамі з гарадзішча ля в. Маскавічы Браслаўскага раёна (89-96). Гэтая частка даследавання заснавана на працах А. Мельнікавай і Л. Дучыц, якія ўвялі маскавіцкія знаходкі ў навуковы зварот. І. Калечыц прытрымліваецца поглядаў і высноў згаданых аўтараў, таму фактычна ў гэтым блоку няма новай інфармацыі. Непраўдападобнай выглядае версія аўтара аб магчымай місіянерскай дзейнасці на гарадзішчы ля в. Маскавічы. Гэтая думка грунтуецца на існаванні косткі з надпісам kuratio ‘пастырства’, а таксама на меркаванні, што ў „Сазе аб хрышчэнні” магла апісвацца царква Іаана недалёка ад Браслава (92-93). Але для такой высновы мала падстаў, тым больш што маскавіцкія руны датуюцца значна больш познім часам[3], чым верагодны час жыцця Торвальда Вандроўніка — героя вышэйзгаданай сагі. Таксама пэўныя пытанні выклікае інтэрпрэтацыя падобных адзін да аднаго знакаў на пасудзіне і костцы ў якасці сімвала „Жытняй бабы”, або „Маці-зямлі” (96). Падобныя тлумачэнні, відаць, заснаваны на звестках М. Кацара[4], але многія яго інтэрпрэтацыі арнаментальных знакаў цяпер небеспадстаўна пастаўлены пад сумнеў. Да таго ж, некаторыя даследчыкі сумняваюцца ў аўтэнтычнасці Жытняй бабы як персанажа беларускай міфалогіі[5].

У шостым раздзеле („Скураныя эпіграфічныя помнікі”) чацвёртай главы разглядаецца адзіны вядомы сёння помнік гэтай катэгорыі — скураныя похвы з Пінска з алфавітным надпісам. Названая знаходка была ўведзена у навуковы зварот аўтарам манаграфіі.

Сёмы раздзел („Шкляныя эпіграфічныя помнікі”) чацвёртай главы апісвае вядомыя знаходкі посуду з усходнімі надпісамі, а таксама абразок-літык, які І. Калечыц, услед за Ф. Гурэвіч, лічыць сведчаннем падарожжа на Афон князя Войшалка. Гэты абразок „мог належаць каму-небудзь з атачэння князя ці самому князю” (104). Але ніякіх пацверджанняў такой высновы няма. Тое, што падобныя абразкі былі распаўсюджаны на Балканах, ніяк не сведчыць пра паломніцтва Войшалка. Існуе вялікая колькасць іншых верагодных шляхоў трапляння абразка ў Наваградак.

Восьмы раздзел („Надпісы на сценах пабудоў”) чацвёртай главы — самая значная і найбольш каштоўная частка манаграфіі. Асноўная ўвага ў ім аддадзена графіці полацкай Спаса-Праабражэнскай царквы. Большасць надпісаў упершыню публікуюцца І. Калечыц. Графіці Спаса-Праабражэнскай царквы аўтар падзяляе на дзве вялікія групы: 1) графіці пачатку ХІІ ст. — да 1580 г. (прыход езуітаў) характарызуюцца „царкоўнасцю” тэкстаў: фрагменты малітваў, памінанні, сведчанні пра смерць пэўных людзей, алфавітныя запісы, побытавыя запісы; 2) графіці кірыліцай і лацінкай ад канца XVІ ст., якія пераважна адносяцца да віду „тут быў NN” (108-109). Аналіз памінальных запісаў на сценах Спаса-Праабражэнскай царквы прывёў да высновы, што запісы ХІІ-XІV ст. характарызуюцца адсутнасцю пазначэння года смерці, аднак ёсць прывязка да дня святога з мэтай памінання; з XV ст. у памінальных надпісах пачынае з’яўляцца год смерці чалавека, што, на думку І. Калечыц, сведчыць пра паварот да своеасаблівага антрапацэнтрызму, калі чалавек робіцца больш значным у часе і прасторы, а светапогляд набывае больш свецкія рысы (123). Дадзеная выснова даволі важная для разумення светаўспрымання тагачаснага насельніцтва.

Увогуле графіці Спаса-Праабражэнскай царквы дэманструюць вялікі комплекс крыніц па самых разнастайных праблемах: рэлігія, палітыка, культура, штодзённасць і г. д. Між тым, некаторыя інтэрпрэтацыі і расшыфроўкі графіці патрабуюць удакладненняў. Напрыклад, пры апісанні комплексу малюнкаў і надпісаў аўтар сцвярджае: „шэраг графіці… побач з выявай чалавечка з дудой у роце; …галава якога павернута налева, з рота тырчыць дуда…” (149). Аднак прамалёўка і фотаздымак графіці не адпавядае прыведзенай інтэрпрэтацыі. На малюнку ў чалавечка няма нічога, што нават блізка б нагадвала дуду (язычковы інструмент, асаблівасць якога — рэзервуар для паветра). Магчыма, маецца на ўвазе інструмент накшталт жалейкі, аднак да інструментаў такога тыпу няслушна ўжываць назву „дуда”, якая адносіцца да іншага традыцыйнага музычнага інструмента. Калі абапірацца на версію, што прадмет у роце чалавечка — гэта музычны інструмент, то ён, хутчэй, нагадвае рог. Спрэчныя моманты інтэрпрэтацыі разгляданага комплексу малюнкаў і надпісаў на гэтым не канчаюцца. І. Калечыц тлумачыць два колы над чалавечкам як сімвалы Сонца і Месяца, якія азначаюць сонцастаянне і поўню — «такое супадзенне мела назву „моцная Купала”»(149). У адным з надпісаў ля малюнка згадваецца „купальны тыдзень і іванавы тыдзень”, аднак паняцце „моцная Купала” невядомае ў пісьмовых і этнаграфічных крыніцах. Аўтар не спасылаецца на крыніцу інфармацыі пра такую з’яву, хоць піша, што яно мела такую назву. У той жа час тэрмін „моцная купала” масава сустракаецца ў працах сучасных расійскіх неапаганцаў — і таксама без якіх-небудзь спасылак.

Часам у апісаннях графіці трапляецца дубляванне тых самых характарыстык надпісаў (памеры, размяшчэнне і г. д.), як, напрыклад, у апісанні графіці № 35 (123-124), што прыводзіць да пэўнай перагружанасці тэксту інфармацыяй.

Вялікі плюс працы — наяўнасць дадаткаў у выглядзе фотаздымкаў і прамалёвак надпісаў, без якіх падобная праца не магла б існаваць. На жаль, якасць друку часта скасоўвае станоўчыя моманты дадаткаў, аднак гэта, безумоўна, не віна аўтара.

Падводзячы высновы, варта адзначыць, што першая спроба стварэння манаграфіі па помніках эпіграфікі Беларусі, нягледзячы на некаторыя хібы, удалася. У аўтара атрымалася дасягнуць сваёй мэты. Галоўная заслуга І. Калечыц бачыцца ва ўвядзенні ў навуковы зварот графіці полацкай Спаса-Праабражэнскай царквы, якія раней былі невядомы шырокаму колу даследчыкаў. Таксама вартая пашаны праца па абагульненні вядомых на сёння помнікаў эпіграфікі на тэрыторыі Беларусі, што стварае базу для наступных даследаванняў у галіне эпіграфікі.

Барысаў — Мінск

Дзмітрый Скварчэўскі


[1] Мельникова Е. А. Скандинавские рунические надписи. Москва, 2001. С. 148-149.
[2] Штыхаў Г. В. Горад у святле археалагічных даследаванняў // Дзевяць стагоддзяў Барысава. Мінск, 2002. С. 20.
[3] Радыевугляродны  аналіз  паказаў  датаванне:   1070±60-1379±70 г. Гл.: Мельникова Е. А. Скандинавские рунические надписи. С. 214.
[4] Кацар М. С. Беларускі арнамент. Ткацтва. Вышыўка. Мінск, 1996. С. 33.
[5] Санько С. Жытняя баба // Міфалогія беларусаў: энцыкл. слоўнік. Мінск, 2011. С. 178-179.

Наверх

Labuda, Gerard. Próba nowej systematyki i nowej interpretacji źródeł historycznych (Марцэлі Косман)

Студзеня 1, 2011 |

LABUDA, GERARD. Proba nowej systematyki i nowej interpretacji źrodeł historycznych z Posłowiem. Poznań: Wydawnictwo Poznańskie, 2010. 114 s.

Новая серыя „Wydawnictwa Poznańskiego” „Бібліятэчка крыніцазнаўцы” была ўпершыню прадстаўлена перадрукам працы суаўтара і шматгадовага рэдактара (поруч з А. Гейштарам і Б. Кюрбіс) „Studiów Źrodłoznawczych”, якая больш за паўстагоддзя таму (у 1957 г.) адкрыла іх першы том, — „Спроба новай сістэматыкі і новай інтэрпрэтацыі гістарычных крыніц” (3–52). Публікацыі гэтай працы ў 1957 г., што мела праграмны характар і выклікала жывую дыскусію, пра якую ў цяперашнім выданні згадвае аўтар (асноўны тэкст — с. 11–93, „Пасляслоўе: дапаўненне пра крыніцы дыялогу” — с. 94–114), папярэднічаў прачытаны за два гады да таго (29 сакавіка 1955 г.) на пасяджэнні Торуньскага навуковага таварыства рэферат, апублікаваны пад той самай назвай, але са значнай затрымкай — налета пасля з’яўлення першага тома „Studiów Źrodłoznawczych” (Sprawozdania TNT, 1955, № 9, выд. 1958, с. 65–68). Цяпер жа рэдактар крыніцазнаўчай серыі Юзаф Добаш (кніга Г. Лябуды выйшла ў ёй пад нумарам 1) адзначае, што новая выдавецкая ініцыятыва, вядома ж, не складае канкурэнцыі для „Studiow”, і дадае, што яе адкрыццё перадрукам працы познаньскага медыявіста, якая мае характар гістарыяграфічнай класікі, „не вымагае больш дэталёвага абгрунтавання”.

Развагі Лябуды з’явіліся больш за паўстагоддзя таму, у зусім іншай ідэалагічнай атмасферы: іх першая версія была прадстаўлена ў Торуні за год да кастрычніцкага пералому 1956 г. Аўтар мусіў лічыцца з прыдзірлівасцю цэнзуры і „дзяжурных” гісторыкаў, адданых прынцыпам сацыялізму. Аднак канчатковая версія працы была падрыхтавана ўжо пасля перамен 1956 г., калі стала магчымым заснаванне „Studiów Źrodłoznawczych”. Як Г. Лябуда адзначыў у прадмове, яго праца — плён разважанняў, звязаных з выкладаннем гісторыі гістарыяграфіі, а таксама з метадычным семінарам, што праводзіўся ў 1951/52 і 1953/54 акадэмічных гадах ва ўніверсітэце, які тады яшчэ не насіў імя Адама Міцкевіча. Узяўся ён за гэтую тэму, грунтуючыся на высновах Ванды Машчэнскай (1950) і Романа Лютмана, а таксама на крытыцы апошняга прыхільнікамі марксізму (Адам Шаф, 1953 г., некаторыя савецкія вучоныя). Адначасова заўважым, што сваю цвярозую ацэнку якасці распрацоўкі гэтай тэмы ў польскай гістарычнай навуцы Г. Лябуда падаў праз шмат гадоў у першай частцы кнігі пад назвай „Развіццё метадаў гісторыяпісання ад старажытнасці да сучаснасці” (ч. I: „Да канца XIX ст.”[1], с. 151–171; ч. II: „XX стагоддзе”; працу над трэцяй часткай, якая павінна была стаць завяршальнай, перапыніла смерць актыўнага да апошніх дзён жыцця аўтара). Гэтая кніга развівае нямала думак, выказаных яшчэ ў той даўняй, апісванай тут публікацыі, — гэтак жа, зрэшты, як і трэцяя, апублікаваная ў апошнія месяцы жыцця кніга Нестара нашай гуманістыкі — „Пра гісторыкаў. Хто ёсць хто ў польскім гісторыяпісанні”[2] (перш за ўсё с. 15–33). Невыпадкова яшчэ ў 1957 г. аўтар шмат увагі аддаў генетычнаму метаду.

Пасля ўступных заўваг у першай часты свайго аналізу Г. Лябуда перайшоў да абмеркавання сістэматыкі крыніц, надзвычай даступна і празрыста — як для метадалагічных разважанняў — раскрытыкаваўшы ранейшыя напрацоўкі ў гэтай сферы (16–39). Пры гэтым крытыка Г. Лябуды пазбаўлена нярэдкай у такіх справах блытаніны. Затым ён перайшоў да фармулявання паняцця крыніцы, спачатку прывёўшы фармулёўкі сваіх папярэднікаў — Э. Бернгайма, Ш. Ланглуа і Ш. Сеньябоса, М. Гандэльсмана — і потым прапанаваўшы та кое азна чэнне: „Да крыніц — у самым агульным разу менні — мы адносім любыя матэрыяльныя і інтэлектуальныя сляды, якія з’яўляюцца прадуктам і адначасова адлюстраваннем ды часткай прыродных і сацыяльных працэсаў у часе і прасторы”; пераходзячы ж да паняцця гістарычнай крыніцы, ён акрэсліў яе як „любыя сляды інтэлектуальнай і грамадскай дзейнасці, якія, будучы прадуктам чалавечай працы і адначасова ўдзельнічаючы ў развіцці жыцця грамадства, набываюць праз гэта здольнасць да адлюстравання гэтага развіцця. Дзякуючы гэтым сваім уласцівасцям, г. зн. паходжанню з чалавечай дзейнасці і здольнасці да адлюстравання, крыніца з’яўляецца пазнавальным сродкам, які робіць магчымым навуковую рэканструкцыю развіцця грамадства ва ўсіх яго праявах” (39–56).

У трэцяй частцы працы аўтар, адкінуўшы даўнейшую сістэматыку, пераходзіць да выкладання ўласнай яе версіі, якую, пасля ўводнага слова, падае ў графічнай форме (56–91). Высновы ён падводзіць у сціслай чацвёртай частцы (91–93), у якой заўважае, што яго задачай было прапанаваць новую сістэматыку, якая б „не толькі вырастала з варштата гісторыка, але і практычна ды мэтазгодна гэты варштат арганізоўвала”.

Такая прапанова знайшла багаты водгук. Неўзабаве пасля публікацыі Г. Лябуды на старонках таго самага штогодніка з’явіліся разважанні выдатнага логіка Ежы Гедыміна („Семантычныя праблемы класіфікацыі гістарычных крыніц. Да артыкула Герарда Лябуды”[3]), больш як праз дзесяцігоддзе ў „Studiach Metodologicznych” адгукнуўся Юзаф Матушэўскі („Аб спробе новай сістэматыкі гістарычных крыніц”[4]), з якім тамсама палемізаваў Бэнан Міськевіч („Да спроб вызначэння і класіфікацыі гістарычных крыніц”[5]). Першы з гэтых водгукаў (г. зн. Матушэўскага) кампетэнтная даследчыца праз шмат гадоў (у 1986 г.) акрэсліла як поўнае непаразуменне (Брыгіда Кюрбіс. „Крыніца ў гістарычных даследаваннях Герарда Лябуды”[6]).

Пастарэлы ж аўтар, даючы сваю згоду на перавыданне і, паводле свайго звычаю, не ўносячы аніякіх змен у першапачатковы тэкст, забяспечыў яго грунтоўным пасляслоўем, акрэсліўшы яго ў падзагалоўку як „Дапаўненне пра крыніцы дыялогу”. У ім ён абапіраецца, вядома, на здабыткі новай літаратуры і асабліва шмат месца аддае археалагічнай тэматыцы. Пачынаючы ад са мо га паняцця крыніцы (п. 1) і яго шматаспектнасці, чарговыя пункты свайго артыкула ён прысвячае псіхатэхнічным (п. 2), сацыятэхнічным (п. 3), эргатэхнічным (п. 4) і археалагічным крыніцам (п. 5 — тут ён спасылаецца перш за ўсё на натхняльнае даследаванне Ганны Залеўскай „Тэорыя археалагічнай і гістарычнай крыніцы ў сучасным метадалагічным аналізе”[7], напрыканцы адзначаючы спецыфічны характар гэтага тыпу крыніц, якія застаюцца „нямымі” і не даюць самі па сабе падставы для нарацыі). „Пасляслоўе” завяршаецца заўвагамі пра традыцыю як носьбіта і пераносчыка ведаў пра мінуўшчыну (п. 6).

Метадалагічнае даследаванне Герарда Лябуды, у тым ліку яго дапаўненне больш як праз паўстагоддзя пасля выхаду першага выдання, сведчыць пра велізарную эрудыцыю і свежасць даследчага погляду аўтара на 94-м годзе жыцця. На жаль, далейшыя крыніцазнаўчыя дыскусіі гісторыкаў будуць праходзіць ужо без яго ўдзелу, паколькі Г. Лябуда памёр 1 кастрычніка 2010 г. — акурат у той дзень, калі меўся атрымаць першыя экзэмпляры сваёй кнігі. Пабачыць іх яму так і не давялося.

Познань

Марцэлі Косман


[1] Labuda G. Rozwoj metod dziejopisarskich od starożytności do wspołczesności. Cz. I: Do schyłku XIX wieku. Poznań, 2003.
[2] Labuda G. O historykach. Kto jest kim w dziejopisarstwie polskim? Poznań, 2010.
[3] Giedymin J. Semantyczne problemy klasyfikacji źrodeł historycznych. W związku z artykułem Gerarda Labudy // Studia Źrodłoznawcze. 1958. № 3. S. 187–197.
[4] Matuszewski J. O probie nowej systematyki źrodeł historycznych // Studia Metodologiczne. 1968. № 4. S. 17–50.
[5] Miśkiewicz B. W sprawie prob wyjaśniania i klasyfikacji źrodeł historycznych // Тамсама. С. 51–62.
[6] Kurbis B. Źrodło w historycznych dociekaniach Gerarda Labudy // Naukowe dzieło Profesora Gerarda Labudy / Pod red. J. Dobosza. Poznań, 2006. S. 33.
[7] Zalewska A. Teoria źrodła archeologicznego i historycznego we wspołczesnej refleksji metodologicznej. Lublin, 2005.

Культавыя і гістарычныя валуны Беларусі (Сяргей Грунтоў)

Студзеня 1, 2011 |

Культавыя і гістарычныя валуны Беларусі / КАРАБАНАЎ, АЛЯКСАНДР К. [і інш.] Мінск: Беларуская навука, 2011. 235 с.

Аўтарамі гэтай манаграфіі пазначаны пяць чалавек: А. К. Карабанаў, В. Ф. Вінакураў, Л. У. Дучыц, Э. М. Зайкоўскі, І. Я. Клімковіч. Гэтая кніга — нязвыклы прыклад супрацоўніцтва спецыялістаў у галіне геалогіі і гісторыі. Тэме даследавання беларускіх валуноў прысвечана нямала прац, асабліва ў галіне краязнаўства і лакальнай гісторыі, аднак прадметам манаграфічнага даследавання яны становяцца ўпершыню.

Пры тым, што праца мае ўсе фармальныя прыкметы манаграфіі, стыль яе напісання — навукова-папулярны. На гэта настройвае лірычны стыль уводзінаў: „Складваецца ўражанне, што яны [камяні] вылезлі з-пад зямлі падыхаць паветрам” (3) і назвы першых падраздзелаў, такія, як „1.1. Ледавіковыя прышэльцы” (6). Далейшае чытанне толькі пацвярджае ўражанне: у працы адсутнічаюць спасылкі на крыніцы, не названы мэты і задачы даследавання, няма агляду бібліяграфіі пытання (за выключэннем вывучэння праблемы геолагамі). Сказанае прыводзіць да высновы, што да кнігі было б недарэчна высоўваць патрабаванні, прынятыя для навуковага тэксту, і разглядаць яе толькі праз такую прызму. У той жа час сабраны і сістэматызаваны матэрыял, без сумневу, заслугоўвае ўвагі зацікаўленых вучоных, а значыць, і больш падрабязнага разгляду з нашага боку.

Першы раздзел „Вандроўныя камяні” прысвечаны гісторыі станаўлення ледавіковай тэорыі, вывучэнню валуноў геолагамі ў Беларусі, апісанню спосабаў іх фармавання, парод, якімі яны ўтвораны, і распаўсюджанню на тэрыторыі краіны. Завяршаецца раздзел гісторыяй стварэння парка камянёў у Мінску і яго апісаннем. Гэта адзіны ў кнізе „геалагічны” раздзел, астатнія структураваны паводле патрэб марфалагічна-фалькларыстычнай сістэматызацыі матэрыялу, і толькі апошні, дзясяты, — па лакалізацыі.

Такое рыгарыстычнае раздзяленне навуковых сфер пашырана і на ўвесь тэкст кнігі: у большасці раздзелаў апісваецца пэўная група камянёў толькі з аднаго пункту гледжання, часцей за ўсё фальклорнага. Там, дзе мы бачым сумесную працу геолагаў і гісторыкаў ці фалькларыстаў, яна мае дастаткова фармальны характар — на гатовы тэкст „накладаюцца” геалагічныя дадзеныя, такія, як парода каменя і яго памеры. Прыкметы непаразумення паміж аўтарамі мы знаходзім і ў канцы першага, „геалагічнага”, раздзела, дзе паведамляецца, што „пры выбары экспанатаў для ілюстрацыйнага матэрыялу гэтага раздзела перш за ўсё ўлічваліся прапановы супрацоўнікаў Інстытута гісторыі НАН Беларусі” (30). Між тым, такое супрацоўніцтва магло б прынесці свой плён. Напрыклад, у другім раздзеле, прысвечаным камяням-следавікам, падаюцца інтэрпрэтацыі з’яўлення практык шанавання такіх камянёў, пераказваюцца звязаныя з імі павер’і і легенды. Але аўтары не прыводзяць геалагічных тлумачэнняў і версій паходжання следападобных адбіткаў на камянях. Толькі праз сто старонак, у сёмым раздзеле, дзе разглядаюцца тыпалагічна блізкія „ямкавыя камяні”, пры геалагічным апісанні аднаго з іх робіцца заўвага пра тое, што „вялікае паглыбленне на камені, якое ўзнікла натуральным чынам у выніку разбурэння гнейса, мясцовыя жыхары лічаць адбіткам следу нейкай істоты” (124).

Да двух названых тэматычна блізкіх раздзелаў, другога і сёмага, прымыкае шосты: „Валуны са штучнымі паглыбленнямі”. Такая тыпалагічная блізкасць матэрыялу апісання стварае пэўныя праблемы ўзаемаперасячэння і паўтарэння, але гэта нельга паставіць у віну аўтарам, улічваючы няпросты характар аб’екта даследавання і тое, што на практыцы бездакорныя класіфікацыі прадметаў, якія існуюць у культуры ці створаны ёю, практычна ніколі не атрымліваецца скласці.

Самымі слабымі месцамі ў кнізе, на наш погляд, з’яўляюцца тыя, дзе робяцца спробы інтэрпрэтацыі дадзеных у рамках гістарычных і культуралагічных абагульненняў. У апошнія гады мы сталі сведкамі актыўнай вульгарызацыі ведаў пра паганства на Беларусі і разрастання калянавуковага дыскурсу на гэтую тэму, які паступова пачынае засланяць сабою навуковыя веды. Праблема тым больш складаная, што мяжу паміж імі не заўсёды можна дакладна правесці, асабліва ў той плоскасці, дзе ў суседстве знаходзяцца спрэчная тэорыя ці гіпотэза і спекуляцыя. Аўтараў ні ў якім разе нельга абвінаваціць у тым, што яны свядома спрычыніліся да міфалагізацыі ці прафанацыі гэтай сферы, аднак некрытычнае выкарыстанне матэрыялаў па тэме спрыяе пашырэнню сумнеўных тэзісаў і ідэй.

Некаторыя з іх можна назваць проста спрэчнымі, але тэарэтычна магчымымі. Да такіх адносіцца тэорыя пра тое, што чорт як персанаж славянскай дэманалогіі — гэта ўзніклы ў хрысціянскія часы спадкаемца бога Вялеса, хтанічнага боства і антаганіста Перуна. Адпаведна камяні з назвай „чортавы” не што іншае, як старажытныя месцы пакланення Вялесу. Найбольш паслядоўна гэтая тэорыя выкладаецца ў раздзеле 5.5. „Хтанічнае боства” (104–106). Праз усю кнігу праходзіць ідэя сувязі культавых камянёў і Вялеса. На наш погляд, відавочнае несупадзенне статусаў Вялеса як аднаго з багоў паганскага пантэона і чорта — ніжэйшай дэманалагічнай істоты, які не быў аб’ектам ні пакланення, ні шанавання, робіць гэтую тэорыю нежыццяздольнай. У іншым месцы чытач даведваецца, што ад Вялеса паходзяць не толькі чэрці, але і Сцяпан і, адпаведна, камяні, названыя яго імем: „Пасля распаўсюджвання на нашых землях хрысціянства персанаж беларускага фальклору Сцяпан пераняў імя святога Стафана, але захаваў рысы паганскага бога Вялеса” (59–60).

Акрамя такіх спрэчных месцаў, сустракаюцца і проста памылковыя. Прывядзем толькі некаторыя з іх. Так, мы даведваемся, што ў XVI–XVIII ст. адбывалася аднаўленне язычніцкіх культаў (114); што „нага, а тым больш ступня, лічыліся самымі міфалагізаванымі часткамі цела”, а „старажытныя людзі лічылі ступню часткай цела, праз якую душа сыходзіць на той свет” (32); што „ў часы Вялікага Княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай <…> Святы Марцін быў тады на Беларусі адным з самых улюбёных святых. Яму было прысвечана больш за 200 храмаў” (125); што на яўрэйскіх надмагіллях „яшчэ на пачатку ХХ ст. імя нябожчыка, яго заслугі перад Богам і людзьмі пісалі на іўрыце. Цяпер сустракаюцца помнікі толькі на рускай мове або на ідышы” (150).

Разам з тым у кнігі дастаткова і моцных бакоў. У першую чаргу да іх адносіцца сам сабраны матэрыял апісання культавых і гістарычных валуноў і яго сістэматызацыя. Разам апісана больш за 360 валуноў, прыведзены іх назвы, лакалізацыя; для некаторых тыпаў, такіх, як камяні-краўцы, камяні-шаўцы, валуны са штучнымі паглыбленнямі, складзены параўнальныя табліцы, якія ўключаюць інфармацыю пра памеры, паро ду, для першых двух з названых тыпаў — прычыны ака мянен ня (па водле падання), крыніцы вывучэння. Такім чынам, са браная і сістэматызаваная інфармацыя дае добрую гле бу для далейшых даследаванняў у гэтай галіне. Заў важым, напрыклад, што цікава было б параўнаць распаўсюджанне заходняй / усходняй традыцыі іменавання Маці Божай / Багародзіцы ў дачыненні да камянёў з яе слядамі ў залежнасці ад іх лакалізацыі. Выдатны матэрыял для гэтага можна знайсці ў другім раздзеле.

Другі важны момант — змешчаныя ў кнізе карты і ілюстрацыі. Карты адлюстроўваюць пашырэнне тых ці іншых тыпаў камянёў на тэрыторыі Беларусі і з’яўляюцца цікавым дадаткам для даследавання праблемы лакалізацыі гісторыка-культурных рэгіёнаў. Прыведзена больш за сто чорна-белых ілюстрацый, пераважна гэта фотаздымкі з аўтарскіх экспедыцый; акрамя таго, ёсць восем старонак каляровай укладкі.

Разгледжаная намі кніга, нягледзячы на некаторыя названыя хібы, будзе каштоўнай для спецыялістаў у галіне лакальнай гісторыі, фалькларыстыкі, археалогіі. Факталагічны матэрыял у ёй зручна сістэматызаваны і суправаджаецца геаграфічным паказальнікам. На жаль, яна выйшла малым накладам (200 асобнікаў), а гэтага яўна недастаткова, улічваючы навукова-папулярны характар тэксту і кола патэнцыйных чытачоў.

Мінск

Сяргей Грунтоў

Urzędnicy Wielkiego Księstwa Litewskiego. Spisy (Рафал Дэгель)

Студзеня 1, 2011 |

Urzędnicy Wielkiego Księstwa Litewskiego. Spisy. Red. ANDRZEJ RACHUBA.*

* Серыя: Urzędnicy Wielkiego Księstwa Litewskiego. Spisy: t. 1: Województwo wileńskie XIV–XVIII wiek / red. A. Rachuba, oprac. H. Lulewicz, A. Rachuba, P. P. Romaniuk, przy wspołpracy U. Jamiljanczyka i A. Macuka, Warszawa: Wydawnictwo DiG, 2004, s. 764; t. 2: Województwo trockie XIV–XVIII wiek / red. A. Rachuba, oprac. H. Lulewicz, A. Rachuba, P. P. Romaniuk, A. Haratym, przy wspołpracy A. Macuka i J. Aniszczanki, Warszawa: Wydawnictwo DiG, 2009, s. 688; t. 4: Ziemia smoleńska i województwo smoleńskie XIV–XVIII wiek / red. A. Rachuba, oprac. H. Lulewicz, A. Rachuba, P. P. Romniuk, Warszawa, Wydawnictwo DiG, 2003. s. 412; Deputaci Trybunału Głownego Wielkiego Księstwa Litewskiego (1582–1696). Spis / red. A. Rachuba, oprac. H. Lulewicz i A. Rachuba, Warszawa: Wydawnictwo DiG, 2007, s. 469; Deputaci Trybunału Głownego Wielkiego Księstwa Litewskiego (1697–1794). Spisy / red. A. Lulewicz, oprac. A. Rachuba i P. P. Romaniuk, przy wspołpracy A. Macuka i J. Aniszczenki, Warszawa, Wydawnictwo DiG, 2004, s. 448.

Серыя „Ураднікі Вялікага Княства Літоўскага. Спісы” — гэта працяг шматгадовай серыі Бібліятэкі Курніцкай „Ураднікі даўняй Рэчы Паспалітай XII–XVIII ст. Спісы”[1]. Дадатак да серыі пра літоўскіх ураднікаў — два тамы выдання „Дэпутаты Галоўнага трыбунала Вялікага Княства Літоўскага”. Гэта першы навуковы пералік дэпутатаў Галоўнага трыбунала ВКЛ.

Тамы з серый „Літоўскія ўраднікі” і „Дэпутаты” былі выдадзены аднымі аўтарамі, маюць падобнае графічнае афармленне, падрыхтаваны ў блізкіх даследчых варштатах. Аўтараў даследаванняў яднае Інстытут гісторыі Польскай Акадэміі навук у Варшаве. Таксама ў працы ўдзельнічалі названыя ў кожным томе даследчыкі з Беларусі, Літвы і Расіі.

Кожны з тамоў серыі мае чатыры абавязковыя элементы: уступ, спіс скарачэнняў, спіс ураднікаў, асабовы індэкс. Ва ўступе аўтары тлумачаць гістарычны фон публікаваных спісаў, гісторыю паўстання пэўных ваяводстваў, іх тэрытарыяльныя змены, эвалюцыю адміністрацыйнай структуры і самой іерархіі ўраднікаў. У „Дэпутатах” абмяркоўваецца паходжанне Трыбунала Вялікага Княства Літоўскага, агульныя прынцыпы яго арганізацыі, абсяг кампетэнцыі ды змены ў функцыянаванні на працягу гісторыі.

Потым разглядаецца крыніцавая база спісаў. Ва „Урадніках” падставай для выдання кожнага з тамоў была Метрыка ВКЛ — як выдадзеная версія, так і рукапісная, якая захоўваецца ў РГАДА (Российский государственный архив древних актов) у Маскве і ёсць у выглядзе транскрыпцыі ў польскіх архівах — у AGAD (Archiwum Głowny Akt Dawnych) у Варшаве і ў адзінкавых экзэмплярах у іншых архівах ды бібліятэках. Інфармацыя з гэтых крыніц была дапоўнена звесткамі пераважна з гродскіх кніг, менш — з земскіх, а таксама, у пэўнай ступені, з карэспандэнцыі, тэстаментаў, маёмасных актаў з польскіх, літоўскіх, беларускіх, украінскіх і расійскіх збораў. Для другой паловы XVIII ст. выкарыстоўваліся і друкаваныя матэрыялы перыяду — прэса і календары. Два тамы „Дэпутатаў”, у сваю чаргу, грунтуюцца пераважна на актах, звязаных з дзейнасцю Галоўнага Трыбунала (трыбунальныя кнігі і дэкрэты, та- (трыбунальныя кнігі і дэкрэты, татрыбунальныя кнігі і дэкрэты, тагачасныя спісы дэпутатаў, соймікавыя акты ды інш.).

Аўтары спісаў не хаваюць, што не здолелі разгледзець усе даступныя архіваліі. Гэта запатрабавала б значна большых людскіх і фінансавых сродкаў, чым было пры рэалізацыі праекта. Аўтары, аднак, спадзяюцца, што ў будучыні ўдасца кампенсаваць магчымыя недахопы. Дакладную інфармацыю аб скарыстаных матэрыялах даюць спісы ўжытых у тэксце скарачэнняў літаратуры, крыніц і ілюстрацый. Гэта таксама і вельмі дэталёвая бібліяграфія апрацаваных крыніцавых матэрыялаў.

Уласна спісы ўраднікаў выкладзены ў тапаграфічна-храналагічным парадку. Інфармацыя пра ўраднікаў змяшчае: імя; прозвішча (з варыянтамі напісання); прыдомак; даты нараджэння ці хросту; веравызнанне (толькі ў выпадку некаталікоў); герб; асноўную інфармацыю пра жонку (калі выяўлена, што яна карысталася тытулам мужа); даты, звязаныя з урадавай дзейнасцю: намінацыі, вылучэння (авансу), адстаўкі (рэзыгнацыі), перадачы правоў (цэсіі), смерці. Пры магчымасці да звестак дадаваліся даты абрання (элекцыі), прысягі, прыезду, рэальнага ўваходжання ў пасаду і пахавання. Працу са спісамі спрашчае алфавітны індэкс асобаў, які не толькі адсылае да пэўных пазіцый, але і падае асноўныя біяграфічныя звесткі: даты выканання ўрадаў і смерці.

У „Дэпутатах” скарыстаны храналагічна-тэрытарыяльны прынцып падачы матэрыялу. У межах асобных гадоў пададзены пэўныя дні: даты сойміка, што выбіраў дэпутатаў, рэасумпцыі і кадэнцыі. Поруч з імі даюцца звесткі пра вядомыя спісы дэпутатаў, якія сталі асновай для выдання, прозвішчы маршалка і віцэ-маршалкаў Трыбунала. Сам спіс дэпутатаў падзелены на асобныя ваяводствы і паветы паводле іх старшынства. Індэкс асобаў, у адрозненне ад галоўнай серыі „Ураднікі” змяшчае толькі прозвішчы і імёны асобаў, згаданых у тэксце (разам з адсылкамі да пэўных старонак).

Такім чынам, дадзеная серыя дэманструе новы падыход да тэмы, у параўнанні з тым, які прапанаваў беларускім чытачам Фёдар Чарняўскі ў кнізе „Ураднікі (пасады, тытулы) Менскага ваяводства XVI–XVIII ст.” (Мiнск, 2007). Серыя пад рэдакцыяй Анджэя Рахубы мае на мэце стварыць прыладу для хуткай ідэнтыфікацыі пэўных асобаў. Кніга Чарняўскага змяшчае збор больш ці менш разгорнутых біяграм пэўных ураднікаў. Адзін спосаб падачы матэрыялу не выключае другога. Хутчэй наадварот, абодва выдатна дапаўняюць адзін аднаго.

Значэнне спісаў ураднікаў і дэпутатаў для штодзённай працы даследчыка гісторыі Вялікага Княства Літоўскага цяжка пераацаніць. Ім аддасць належнае кожны, хто мусіў ідэнтыфікаваць якую-небудзь постаць, маючы толькі дату падзеі і назву ўраду, у якім тая ўдзельнічала. Застаецца чакаць, што чарговыя падрыхтаваныя тамы з’явяцца адносна хутка[2].

Варшава

Рафал Дэгель


[1] Для беларускага чытача найбольш цікавым будуць выдадзеныя ў гэтай серыі тамы: t. 3/1: Urzędnicy wojewódz-twa ruskiego XIV–XVIII w. Wrocław, 1987; t. 3/2: Urzędnicy województwa bełskiego i ziemi chełmskiej XIV–XVIII w. Kórni-ka, 1992; t. 3/3: Urzędnicy podolscy XIV–XVIII w. Kórnik, 1998; t. 3/4: Urzędnicy województwa kijowskiego i czernihowskiego XV–XVIII w. Kórnik, 2002; t. 3/5: Urzędnicy wołyńscy XIV– XVIII w. Kórnik, 2007; t. 9: Urzędnicy inflanccy XVI–XVIII w. Kórnik, 1994; t. 11: Urzędnicy centralni i dostojnicy Wielkiego Księstwa Litewskiego XIV–XVIII wieku. Kórnik, 1994.
[2] Анансаваныя чарговыя тамы серыі: t. 3: Księstwo Żmudzkie; t. 5: Ziemia połocka i województwo połockie, t. 6: Ziemia nowogródzka i województwo nowogródzkie, t. 7: Ziemia witebska i województwo witebskie, t. 8: Ziemia brzeska i województwo brzeskie, t. 9: Województwo mścisławskie, t. 10: Ziemia mińska i województwo mińskie.

Borek, Piotr. W służbie Klio (Марцэлі Косман)

Студзеня 1, 2011 |

BOREK, PIOTR. W służbie Klio. Studia o barokowych pisarzach „minorum gentium”. Collegium Columbinum, „Biblioteka Tradycji” nr CVI. Kraków, 2011. 334 s.

Аўтар кнігі прафесар Педагагічнага ўніверсітэта імя Камісіі народнай адукацыі ў Кракаве, доктар Інстытута польскай філалогіі Пётр Борэк — адзін з найбольш дынамічных даследчыкаў старапольскага перыяду, а дакладней — літаратуры XVII ст. і гісторыі паўднёва-ўсходніх тэрыторый Рэчы Паспалітай. Сваю ўвагу ён сканцэнтраваў на творчасці малавядомых пісьменнікаў. Пошук іх твораў — цяжкая праца. Яна патрабуе шмат цярпення, уедлівасці, выкарыстання ледзь не дэтэктыўных метадаў, бо калі біяграфіі знакамітых асобаў маюць багатую і даступную інфармацыю, аўтары minorum gentium часта застаюцца ў цяні вялікіх падзей (адкрыцці могуць стаць справай выпадку або так і застацца на ўзроўні сфармуляванай з рознай ступенню абгрунтаванасці гіпотэзы). У гэтай сувязі неабходна мець выключны досвед, каб адгарнуць старонкі жыцця гэтых людзей, нават у агульных рысах.

Пётр Борэк дастаткова доўга займаецца творчасцю малавядомых гістарычных пісьменнікаў сярэдзіны XVII ст. (пераважна часоў казацкіх ці турэцкіх войнаў), чыя творчасць выклікае пытанні з мастацкага пункту гледжання. Пры гэтым аўтар ідзе двума шляхамі: адзін звязаны з літаратурна-гістарычнымі даследаваннямі, другі — з крытычным выданнем крыніц. Кніга, пра якую ідзе гаворка, — адначасова вынік ранейшых пошукаў і прыкмета іх працягу. Сярод найбольш важных навуковых публікацый аўтара трэба назваць „Ukraina w staropolskich diariuszach i pamiętnikach. Bohaterowie, fortece, tradycja” (Кракаў, 2001), „Szlakami dawnej Ukrainy. Studia staropolskie” (Кракаў, 2002) і „Od Piławiec do Humania” (Кракаў, 2005). Увагі заслугоўвае і рэдактарская дзейнасць П. Борэка. Варта згадаць, напрыклад, прысвечаную 350-годдзю Гадзяцкай дамовы паміж Рэччу Паспалітай і казацкай Украінай працу пад назвай „W kręgu Hadziacza A. D. 1658. Od historii do literatury” (Кракаў, 2008). Рэгулярна кракаўскі даследчык выдае і старапольскія тэксты, выбар якіх невыпадковы. Ён звязаны з рэалізацыяй больш шырокага плана, доказам чаго з’яўляецца апошняя, прысвечаная малавядомым пісьменнікам эпохі Барока, публікацыя пад назвай „W służbie Klio”. Гэтая праца мае аналітычна-абагульняльны характар і з’яўляецца завершаным цэлым.

Кніга складаецца з дзевяці даследаванняў, якія пачынаюцца „Уступам”, дзе аўтар характарызуе змест і сувязі паміж сэнсавымі часткамі: „Галоўнай з’яўляецца вядучая праблема гісторыі, часцей за ўсё застылай, якую творцы эпохі Барока выкладалі ў паэтычнай і празаічнай форме <…> Элементамі, якія побач з гісторыяй аб’ядноўваюць кнігу, выступаюць эпічныя вартасці і біяграфіі слаба вядомых або ўвогуле невядомых пісьменнікаў XVII ст. Я лічу, што згадванне асобных пісьменнікаў minorum gentium і характарыстыка іх некаторых твораў „з-пад знака вершаванай гістарычнай эпікі” можа выклікаць большую зацікаўленасць філолагаў і гісторыкаў да друга- ці трэцеразрадных сведчанняў, якія ў эпоху барока карысталіся папулярнасцю ў чытачоў”.

Цалкам пагаджаемся з думкай аўтара пра неабходнасць пастаяннага пашырэння колькасці выкарыстаных крыніц шляхам працы ў архівах і згадвання ўнікальных, адзінкавых друкаў ды выяўлення ў старапольскай літаратуры не толькі тэкстаў, якія з’яўляюцца шэдэўрамі. „Ужо сёння можна сцвярджаць, што ў XVII ст. да ліку найбольш чытаных адносіліся менавіта эпічныя пераказы з гісторыі (звычайна ваеннай) сям’і, аўтары якіх прымалі актыўны ўдзел у апісваных падзеях. Развіццё старапольскай манеры напісання дзённікаў, навін, рукапісных газет і вершаванай эпікі неабходна аднесці да бурлівых падзей XVII ст., у якім давялося жыць дамарослым пісьменнікам” (7).

Аўтар, па спецыяльнасці паланіст, спалучае ў сабе кампетэнцыі літаратуразнаўцы і гісторыка, прычым у абедзвюх галінах добра арыентуецца, даследуе гісторыю і культуру эпохі Барока і вялікіх войнаў, якія вяла Рэч Паспалітая ў XVII ст. Асноўным рубяжом выступаюць падзеі другой паловы праўлення Жыгімонта III Вазы, калі паходам на ўсход папярэднічала грамадзянская вайна (рокаш Зебжыдоўскага). Заканчваецца разгляд самым пачаткам XVIII ст., а калі дакладней — 1702 г., калі на рынку ў Луцку разыгралася драма шляхціча-паэта, героя апошняга раздзела кнігі, якому па рашэнні суда адсеклі галаву. Тэкст быў дапоўнены 18 ілюстрацыямі, рэзюме на рускай і англійскай мовах, геаграфічным і асабовым паказальнікамі. Аўтар паставіў мэту, якую, дарэчы, і рэалізаваў, падаць вобраз непасрэднай гістарычнай рэчаіснасці, паказаць гістарычных асобаў, сармацкую ментальнасць, а таксама творчае майстэрства і самапрэзентацыю аўтараў прааналізаваных тэкстаў.

Два першыя раздзелы звязаны з асобай Станіслава Жулкеўскага, а таксама з грамадзянскай вайной і паходамі на Маскву. Іншымі словамі — з падзеямі, у якіх гетман адыграў галоўную ролю. Прапанаваны ў кнізе матэрыял сведчыць пра перспектыву з’яўлення новых даследаванняў і выданняў крыніц. Тэкст пад назвай „Hetman Stanisław Żołkiewski w poezji rokoszowej z lat 1606–1608” (13–30) развівае зробленую яшчэ ў 1920 г. выснову Віктара Хана пра драматычны момант у жыцці будучага героя Цэцоры, калі Жулкеўскі ў якасці прыхільніка караля стаў аб’ектам вострых нападак з боку тых, хто падтрымаў рокаш Зебжыдоўскага, і быў абвінавачаны ў здрадзе Рэчы Паспалітай. Тым часам ён, легаліст, хутка праявіў сябе як прыхільнік лагоднага стаўлення да бунтаўшчыкоў, сярод якіх было шмат людзей у той ці іншай ступені з ім звязаных. У назве другога тэксту змяшчаецца заўвага, што гэта толькі ўводны разгляд тэмы: „Moskiewski rok 1612 w barokowych relacjach pamiętnikarskich (rekonesans)” (31–48). Справа датычыцца вельмі важнага ў гісторыі войнаў панавання ў Крамлі ў той год, які прынёс шмат як станоўчых, так і адмоўных падзей для інтэрвентаў. Нататкі вёў гетман-пераможца і іншыя ўдзельнікі вайны. Сярод апошніх былі Юзэф Будзіла, Самуэль Маскевіч і Мікалай Сцібор Мархоцкі. Пацверджаннем інтарэсу даследчыкаў да гэтых дзённікаў служыць факт іх крытычнага выдання ў апошнія некалькі гадоў. Такім чынам можна чакаць больш шырокай і грунтоўнай працы аўтара на гэтую тэму, дзе падмуркам якраз і выступяць наяўныя публікацыі.

Раздзел „Samuel Hutor Szymanowski — zapomniany epik barokowy” (49–88) пераносіць нас у час вялікіх казацкіх паўстанняў і згадвае крытычнае выданне яго твора „Mars sauromatski i inne poematy” (да друку падрыхтаваў П. Борэк. Кракаў, 2009). Тут мы трапляем ў стыхію вершаў, звязаных з Ярэмам Вішнявецкім. Аўтар адносіць паэта-салдата, які піша пра войны Рэчы Паспалітай з Масквой, татарамі і казакамі, да ліку надзеленых пісьменніцкім талентам дакументалістаў, бо апошні апісваў гістарычныя падзеі так, як ён іх бачыў або як чуў пра іх ад іншых відавочцаў.

Наступныя раздзелы таксама маюць дачыненне да выдадзеных П. Борэкам крыніц: «Jana Białobockiego „Odmiana postanowienia sfery niestatecznej kozackiej”. Przyczynek do dziejów wierszowanej epiki historycznej» (89–108)[1]; „Oblężenia Lwowa 1648 i 1655 roku w tworczości Jozefa Bartłomieja Zimorowica” (109–140)[2]; «Samuela Leszczyńskiego „Potrzeba z Szeremetem”» (141–168)[3]. Аўтар звяртае ўвагу на польскацэнтрычны, што зразумела, пункт гледжання згаданых пісьменнікаў XVII ст. на ўнутраных і знешніх ворагаў, які праяўляецца ў трактоўцы казакоў як ворагаў айчыны, якіх надорваюць красамоўнымі эпітэтамі. Пры гэтым можна заўважыць прапагандысцкія функцыі тэкстаў, асабліва ў выпадку, калі мецэнатам аўтара быў Я. Вішнявецкі. Паэма Ляшчыньскага — ён належаў да вышэйшай магнатэрыі ў краіне — акрамя эстэтычных якасцяў (пераважна яны дазваляюць адносіць аўтараў да minorem gentium) змяшчае шмат фактаў, якія сведчаць пра тое, што дзяржаўная ўлада не заўсёды плаціла грошы сваім падначаленым, чым ставіла апошніх у складаную сітуацыю.

Наступныя два раздзелы маюць дачыненне да праслаўленай дзякуючы трылогіі Г. Сянкевіча постаці Ежы Валадыёўскага. Гэта «„Relacyja Kamieńca wzię-«„Relacyja Kamieńca wziętego” Stanisława Makowieckiego jako źrodło do upadku twierdzy w roku 1672» (169–209)[4] і «Stolnik przemyski Jerzy Wołodyjowski w „Relacyi Kamieńca wziętego” S. Makowieckiego i ostatniej części Trylogii H. Sienkiewicza» (209–234). Да гэтага часу даследчыкі, якія карысталіся гэтым літаратурна няўдалым, але багатым на факты, творам лятычоўскага стольніка, павінны былі ў дадатак глядзець адну з трох рукапісных копій у Галоўным архіве даўніх актаў (AGAD) у Варшаве, Бібліятэцы ПАН у Кракаве ці Курніцкай біблітэцы ПАН або абапірацца на публікацыю Т. Вяжбоўскага (вольная празаічная адаптацыя вершаванага тэксту). Цяпер дзякуючы П. Борэку іх задача стала больш лёгкай.

Кнігу завяршае раздзел пад назвай „Daniel Bratkowski, zapomniany wierszopis z Wołynia” (235–268). Як і ў іншых выпадках, гэтаму тэксту папярэднічала дакументальная публікацыя[5]. Кракаўскі выдавец, абапіраючыся на крыніцы, зрывае з постаці браслаўскага падстолія ідэалістычны налёт, якім яго надарыла ўкраінская гістарыяграфія.

Апошняя кніга П. Борэка — падсумаванне яго рэ-дактарскай працы, якая адначасова акрэслівае далейшыя перспектывы. Яна абапіраецца на крыніцы, пераасэнсоўвае пастулаты і паказвае асобы некаторых пісьменнікаў minorem gentium у новым святле. Публікацыя дае даследчыкам і аўтарам будучых абагульняльных прац па гісторыі старапольскай літаратуры матэрыял, які дазволіць удакладніць і дапоўніць цяперашнія ўяўленні.

Познань

Марцэлі Косман


[1] Гл.: Białobocki J. Poematy rycerskie / Wstęp i opracowanie P. Borek. Kraków, 2004.
[2] Гэты дакумент друкуецца ўпершыню. Але варта звярнуць увагу на публікацыю: Jozefowicz J. T. Lwów utrapiony in anno 1704 / Opracował P. Borek. Kraków, 2003.
[3] Гл: Leszczyński S. Potrzeba z Szeremetem, hetmanem moskiewskim, i z Kozakami w roku Pańskim 1660 od Polaków wygrana / Opracował P. Borek. Kraków, 2006.
[4] Гл.: Makowiecki S. Relacyja Kamieńca wziętego przez Turków w roku 1672 / Opracował P. Borek. Kraków, 2008.
[5] Bratkowski D. Świat po części przeźrzany / Opracowali P. Borek i B. Krzywy. Warszawa, 2011.

Гвагньïні, Олександр. Хроніка Європейської Сарматії / Упорядкув. та пер. з пол. о. Юрія Мицика. Київ, 2007 (Алесь Бразгуноў)

Снежня 7, 2010 |


ГВАНЬЇНІ, ОЛЕКСАНДР. Хроніка Європейської Сарматії / Упорядкув. та пер. з пол. о. ЮРІЯ МИЦИКА. Київ: Видавничий дім „Києво-Могилянська академія”, 2007. 1006 с.

Геапалітычныя працэсы канца ХХ ст., у выніку якіх на карце Еўропы з’явіліся новыя незалежныя дзяржавы, паставілі на парадак дня пытанне пра месца і ролю гэтых дзяржаў у сучасным свеце. Таму, як і нашы продкі ў эпоху Адраджэння, сёння мы непазбежна звяртаемся да мінуўшчыны, каб знайсці там гістарычную легітымацыю сваёй краіны і паказаць яе правапераемнасць у адносінах да дзяржаўных утварэнняў мінулых эпох. Не сакрэт, што ў сучаснай украінскай гістарычнай навуцы надзвычай пашырана канцэпцыя Украіны як пераемніцы (цалкам або часткова) Кіеўскай Русі. Падобны падыход назіраецца і ў беларускай непадцэнзурнай гістарычнай навуцы, дзе Вялікае Княства Літоўскае (рознымі даследчыкамі ў рознай ступені) трактуецца як старабеларуская дзяржава. Зразумела, што стварэнне падобных канцэпцый сучаснымі гісторыкамі было б практычна немагчымае без звароту да спадчыны гісторыкаў даўнейшых эпох, што разумелі ўжо старажытныя рымляне, заклікаючы заўсёды звяртацца ad fontes (да крыніц). Не меншае значэнне, аднак, мае і папулярызацыя спадчыны, закліканая паспрыяць фармаванню г. зв. нацыянальнага міфа ў шырокіх масах.

Сёння і ва ўкраінскай, і ў беларускай навуцы працэсы развіцця нацыянальных гістарычных канцэпцый адбываюцца больш-менш паспяхова. Складаней выглядае справа з папулярызацыяй набыткаў мінуўшчыны — у першую чаргу ў галіне гістарыяграфіі, і асабліва ў Беларусі. Здавалася б, прыхільнікі ідэі Беларусі-Літвы ў першую чаргу мусілі б звярнуць увагу зусім не на шырокавядомую „Хроніку” Мацея Стрыйкоўскага, а на напісаную з пазіцый ліцвінскага патрыятызму папярэдніцу — хроніку „Пра пачатак… слаўнага народу літоўскага, жамойцкага і рускага”. Аднак за выключэннем 2–3 ле тапісаў і ўрыўкаў з іх не маем ніводнага перакладу на сучасную беларускую мову тых аўтарскіх хронік, якія шырока бытавалі ў былым ВКЛ (Марцін Бельскі, Мацей Стрыйкоўскі, Аляксандр Гваньіні) і значна ўплывалі на многія сферы тагачаснага жыцця[1].

У гэтым сэнсе цяжка пераацаніць значнасць з’яўлення ўкраінскага перакладу знакамітай „Хронікі Еўрапейскай Сарматыі” Аляксандра Гваньіні (1534, Верона — 1614, Кракаў), выкананага айцом Юрыем Мыцыкам.

Выданне мае традыцыйную структуру і складаецца з уступу ад перакладчыка, самога тэксту перакладу, каментароў і дапаможнага апарату (іменны і геаграфічны паказальнікі). Падставай для перакладу паслужыла польскамоўнае выданне (1611) як найбольш поўнае ў параўнанні з яго лацінамоўнымі папярэднікамі (1578, 1581), крыніцай — асобнікі Цэнтральнага Дзяр-жаўнага гістарычнага архіва Украіны і Нацыянальнай бібліятэкі Украіны, а таксама ксеракопія страчанага асобніка Інстытута літаратуры НАН Украіны. Кніга багата ілюстравана выявамі партрэтных і батальных гравюр з хронікі 1611 г., прычым укладальнік (паколькі ў арыгінальным друку адны і тыя ж партрэтныя гравюры часам „суправаджаюць” розных гістарычных асоб) ажыццявіў іх сістэматызацыю па прынцыпе першага з’яўлення, адзначаючы месцы паўтарэння адпаведнымі спасылкамі.

Зразумела, што ў межах рэцэнзіі немагчыма ахапіць усе аспекты перакладу, а таму акцэнтуем увагу на найбольш значных, на наш погляд, момантах.

Уступ ад перакладчыка з’яўляецца выдатным узорам публіцыстычнага артыкула на гістарычную тэматыку. Аўтар не столькі падае запазычаныя ў розных даследчыкаў розныя біяграфічныя звесткі пра А. Гваньіні, колькі малюе партрэт тагачаснай эпохі. Маючы несумненны талент апавядальніка, а. Ю. Мыцык, разам з тым, вытрымлівае высокі ўзровень навуковай культуры і не імкнецца да паспешлівых высноў, хоць не заўсёды іх пазбягае, як, напрыклад, у сваіх развагах пра ІІ кнігу хронікі: „Сімпатыі Гваньіні адназначна на баку Літвы, за выключэннем тых момантаў, калі гаворка ідзе пра польскалітоўскі канфлікт” (17). Паколькі першыя дзве кнігі хронікі („польская” і „літоўская”) не толькі выяўляюць прамую залежнасць ад хронікі М. Стрыйкоўскага (таксама як 7-я — ад твораў „Запіскі пра Масковію” Ж. Герберштайна і „Пра норавы і лютае панаванне цара маскоўскага” А. Шліхтынга), але і пераймаюць яе стылістыку, складана гаварыць пра сімпатыі адназначна.

Несумненная заслуга шаноўнага даследчыка — аналіз пытання пра залежнасць хронікі А. Гваньіні ад іншых крыніц (найперш твора М. Стрыйкоўскага) і ступень яе самастойнасці. Зважаючы на тое, што сама хроніка М. Стрыйкоўскага ў многім мае кампілятыўны характар (падобны метад творчасці не з’яўляўся недапушчальным, паколькі паняцце аўтарскага права было адносным), прыведзеныя даследчыкам аргументы маглі б быць прызнаныя за слушныя: „Ягоны твор адрозніваецца ад хронікі Стрыйкоўскага таксама й структурна, змяшчае арыгінальныя высновы самога Гваньіні. Яшчэ большай аказваецца розніца паміж абедзвюма хронікамі, калі зрабіць параўнанне з польскамоўным выданнем твора Гваньіні 1611 г., якое значна шырэйшае па аб’ёме і змяшчае апісанне многіх падзей, што адбываліся ўжо пасля смерці Стрыйкоўскага!” (10). Падобнай аргументацыі пярэчыць адзін немалаважны факт, які згадваецца і ва ўсту пе: М. Стрыйкоўскі падаў пазоў супраць А. Гваньіні ў ка ралеўскі суд, і 14 ліпеня 1580 г. суд прызнаў рацыю М. Стрыйкоўскага. Аднак жа абвінавачанне заключалася не ў плагіяце, а ў прыўлашчванні рукапісу хронікі[2], што — іс тот на. Па ўсёй верагоднасці, гэта і паслужыла пры чынай, па якой А. Гваньіні спешна дапоўніў сваю лацінамоў ную хроніку і перавыдаў яе ў 1581 г. у Шпееры, а не ў Кракаве, як у 1578 г. І толькі ў 1611 г., калі М. Стрыйкоўскі, відаць, адышоў у лепшы свет, з’явілася самае поўнае, але ўжо польскамоўнае выданне. І, думаецца, невыпад ко ва рукапіс М. Стрыйкоўскага не адшуканы да сёння.

Ва ўступе адчуваецца моцнае жаданне аўтара прыдаць перакладзенаму ім твору ўкраінацэнтрычнасць, што апраўдана наяўнасцю ў „Хроніцы” значнага матэрыялу, датычнага ўласна гісторыі Украіны. Час ад часу, аднак, дазваляе ён сабе і забароненыя ў гістарычнай навуцы прыёмы. Нельга не падаць адзін з прыкладаў падобнага падыходу. Так, на с. 8 са здзіўленнем чытаем: „Як сапраўдны панегірыст Гваньіні апявае заслугі не толькі Льва Сапегі, але ўсяго роду Сапегаў, які, дарэчы, быў украінскім, але затым спаланізаваўся й акаталічыўся ў канцы XVI — на пачатку XVII ст., і сам Леў Сапега перайшоў з праваслаўя ў каталіцтва [падкрэсленне наша]. Характэрна, што ў канцы гэтага сказа не падаецца спасылка на крыніцу, якая пацвярджала б слушнасць такой думкі. (Хоць уступ поўніцца спасылкамі больш як на 70 крыніц, між іх марна шукаць прозвішчы А. Банецкага, Ю. Вольфа і У. Сямковіча, якія ў сваіх даследаваннях пераканаўча даказалі, што род Сапегаў пачаўся ад велікакняскага пісара ў 1440-я г. Сямёна Сапігі, які паходзіў з полацкіх баяраў.) Рызыкну выказаць меркаванне, што падобнай крыніцы папросту не існуе. Магчыма, справа як быццам бы ва ўкраінскай форме прозвішча Сапіга? Не было і пераходу Льва Сапегі адразу з праваслаўя ў каталіцтва, бо пад час навучання ў 1570–73 г. у Ляйпцыгскім універсітэце ён перайшоў з праваслаўя ў кальвінства, і толькі ў 1586 г. у каталіцтва, што адкрыла яму магчымасць заняць у 1589 г. пасаду канцлера Вялікага Княства Літоўскага.

Выклікае пэўнае пярэчанне і яшчэ адно безапеляцыйнае сцверджанне паважанага а. Ю. Мыцыка: „Невыпадкова львіная частка аб’ёму хронікі прыпадае на гісторыкагеаграфічнае апісанне ўласна Польшчы (кн. І), Літвы (кн. ІІ), РусіУкраіны, часткова і Беларусі (кн. ІІІ)…” (14). Па-першае, незразумела, чаму можна ўжыць назву Русь-Україна (у А. Гваньіні — Русь), а Літва-Беларусь (у А. Гваньіні — Літва) — не. У нашы дні наўрад ці хтосьці з сур’ёзных гісторыкаў будзе аспрэчваць, што паняцці даўнейшых Русі і Літвы, з аднаго боку, і сённяшніх Украіны і Літвы[3], з другога, не супадаюць. Па-другое, падобнай заяве пярэчыць і змест самой хронікі: так, у яе ІІ кнізе („Хроніка Вялікага Княства Літоўскага”) акрамя ўласна літоўскіх (у сучасным разуменні) земляў вялікая ўвага аддадзена і беларускім. У апісанні ваяводстваў ВКЛ асобна вылучаны звесткі пра наступныя павятовыя гарады (388–390): Вільня, Ашмяна, Вількамір, Брацлаў, Казня / Іказнь, Дрысвят (Віленскае ваяводства); Старыя Трокі, Гродна, Коўна[4], Ліда, Упіта (Ковенскае ваяводства); Менск, Кейданаў, Радашкавічы, Барысаў, Лагойск, Свіслач, Бабруйск, Адруцк (Менскае ваяводства); Наваградак, Слонім, Ваўкавыйск, Мсцібаў (Наваградскае ваяводства); Берасце, Пінск, Прыпяць (Берасцейскае ваяводства). Аднак Віцебскае, Полацкае і Мсціслаўскае ваяводствы (разам з Холмскай, Бэлзскай, Перамышльскай, Львоўскай і Галіцкай землямі, а таксама Валынню, Падоллем і Кіеўшчынай, с. 412–422) аднесены А. Гваньіні да кнігі ІІІ „Хроніка Рускай зямлі”. Узнікае пытанне: ці на думку перакладчыка тры вышэйназваныя беларускія ваяводствы — гэта таксама Русь-Украіна?

Як правільна адзначае а. Ю. Мыцык, „Хроніка” А. Гваньіні — неацэнны скарб для сучасных даследчыкаў. Асабліва сказанае датычыць 4-й („Хроніка Прускай зямлі”) і 7-й („Хроніка Вялікага Княства Маскоўскага”) кніг твора, першая з якіх з’яўляецца адной з вартых увагі крыніц па гісторыі Прусіі і Тэўтонскага ордэна, а другая мае неацэнную каштоўнасць праз свае апісанні нораваў, што панавалі ў Масковіі ў часы Івана IV Жахлівага (Грознага — у расійскай традыцыі). Зробленыя даследчыкам адносна 7-й кнігі высновы актуальныя не толькі для ўкраінскай, але і для беларускай гістарыяграфіі, таму дазволім сабе пашыраную цытацыю:

„Хаця ў расійскай гістарыяграфіі ёсць прыхільнікі даволі крытычнага погляду на дзейнасць Івана IV, яны заўсёды былі ў меншасці. <…> Расійская гістарыяграфія, як дарэвалюцыйная, так і савецкая й сучасная, моцна прасякнута вялікадзяржаўнай, а ў скрайніх формах нават джынгаісцкай ідэалогіяй, таму на першы план, як і ў ацэнцы дзейнасці Пятра І ці Сталіна, высоўваліся моманты, звязаныя з заваяваннем чужых земляў, прычым палітыка Масквы або Пецярбурга апалагетызавалася, і, наадварот, адкрыта замоўчваліся або абвяшчаліся „клеветой” галаслівыя факты знішчэння людзей, не толькі ў замежжы, а й сваіх; знішчэння помнікаў матэрыяльнай і духоўнай культуры. Гваньіні, як і іншыя тагачасныя мемуарысты і храністы (Шліхтынг, Штадэн, Таўбэ, Крузэ і інш.), пралівае святло на гэтую старонку гісторыі Маскоўскай дзяржавы, руйнуе міф пра яе нібыта культуртрэгерства, асабліва ў дачыненні да ўкраінскага і беларускага народаў” (27).

Даследчыкам беларускай даўніны асаблівую ўвагу варта звярнуць на раздзел „Спосаб арання і сяўбы ў тых ваяводствах Белай Русі, што мяжуюць з Вялікім Княствам Літоўскім і Масквой” (423–425), са зместу якога вынікае, што пад Белай Руссю ў дадзеным выпадку разумеюцца пскоўскія і паўночна-заходнія смаленскія землі. Патрабуюць атрыбуцыі і такія вершаваныя ўстаўкі, як апісанне разні палякаў у Маскве (671) або ўзяцця Смаленска 13 чэрвеня 1611 г. каралём Жыгімонтам ІІІ (673–676). Аўтарам першага верша, падпісанага крыптанімам S. R., на думку а. Ю. Мыцыка, быў паэт Паўло Пальчоўскі (25). Разам з тым добра вядома, што гэтым крыптанімам карыстаўся і Саламон Рысінскі. Аўтарам другога верша А. Гваньіні называе самога сябе: „А было тое так, як мы тут сцісла апісалі ў гэтых вершах” (673), што выклікае сумненні ў першую чаргу праз стылістыку твора — хутчэй за ўсё, А. Гваньіні папросту скарыстаў адзін з г. зв. баявых лісткоў („навін”), якія часта выдаваліся ў тую пару, асабліва пасля паспяховых бітваў:

Kto chce wzięcia istotnego / Хто хоча ведаць праўду
Dosiądz zamku smoleńskiego, / Пра ўзяцце смаленскага замка,
Przeczytay tę kartę małą, / Прачытай гэты маленькі лісток:
Masz figurę okazałą / Мецьмеш, чаго жадаеш.

Сумнеўна таксама, што А. Гваньіні валодаў польскай мовай у такой ступені, каб пісаць на ёй вершы[5]. Дарэчы, поўны варыянт гэтага верша хронікі, які знаходзіўся ў складзе рукапісу другой паловы XVII ст., апублікаваны сярод іншых польскамоўных твораў батальнай тэматыкі ў „Pamiętniku Literackim” (т. XII, № 2, 1913, с. 206–210). Тэкст верша ў хроніцы і ў часопіснай публікацыі супадаюць цалкам, аж да наяўнасці невялічкага празаічнага пасляслоўя (што праўда, у часопіснай публікацыі дзень захопу Смаленска аднесены да 18, а не да 13 жніўня). Словам, пытанне пра аўтарства патрабуе далейшага разгляду і навуковых росшукаў.

Пры ўсіх дадатных якасцях падрыхтаванага а. Ю. Мыцыкам выдання неабходна, аднак, канстатаваць і наяўнасць відавочных пралікаў. У першую чаргу сказанае датычыць дапаможнага апарату (каментары, паказальнікі імёнаў і назваў населеных пунктаў). Перадаючы ў перакладзе арыгінальную пагінацыю тэксту (па выданні 1611 г.), шаноўны навуковец, на немалое здзіўленне, паводле той самай пагінацыі ажыццяўляе і каментаванне, хаця логіка патрабуе каментара ў адпаведнасці з пагінацыяй украінамоўнага перакладу. Абраны падыход стварае для чытача пэўныя нязручнасці, ператвараючы пошук неабходнага каментара ў бясконцае перагортванне старонак і задаванне самому сабе пытання „Навошта?” Дзеля нагляднасці падамо адзін з прыкладаў.

Скажам, нас зацікавіла фраза „біля гори Кармель племінник Іродів був покараний ангелом” (с. 805 перакладу і, адпаведна, с. 62 Кнігі IX–X арыгінала). Паколькі ў самім тэксце перакладу нішто не ўказвае на прысутнасць каментара да гэтай пазіцыі, цікаўнаму чытачу застаюцца адно спадзяванні на яго наяўнасць. Адшукаўшы дзякуючы „Змісту” раздзел „Коментарі” (831) і знайшоўшы пачатак каментара непасрэдна да кнігі IX–X (924), толькі на с. 943 пад запісам „с. 62” чытач зможа, нарэшце, задаволіць сваю цікаўнасць. Відавочна, што перакладчык зэканоміў бы шмат часу і сабе, і іншым, калі б зрабіў каментар паводле агульнапрынятых прынцыпаў, падаючы канцавыя зноскі з іх нумарацыяй паводле кніг „Хронікі” (Кніга І. 1, 2, 3 і г. д.).

Ёсць і пэўныя недагляды, абдрукі. Калі верыць каментатару (942), адзін з рымскіх военачальнікаў, „пераможца” легендарнага Спартака — Марк Ліцыній Крас — пражыў 38 гадоў замест 62 (указаны 115–153 г. да н. э. [так!], замест 115–53 да н. э.). Вядома, гэта чыста тэхнічны абдрук, тым больш што шаноўны а. Ю. Мыцык ніжэй паведамляе пра заваёву Красам у 54 г. да н. э. часткі Месапатаміі. Аднак жа следам (946) на 16 гадоў „скарачае” жыццё выдатнага рымскага палкаводца Гнея Пампея (указаны 106–148 г. да н. э. [так!], замест 106–48 да н. э.).

Не заўсёды апраўданае і перанясенне ва ўкраінскі тэкст польскіх варыянтаў геаграфічных назваў: да прыкладу, Галація (924) — транслітарацыя старапольскага Galacya (ад лац. Galatia) — ва ўкраінскай мове больш лагічна было б перадаць з канчаткам асновы на -т: Галатія (бел. Галатыя). Слушнасць падобнага меркавання пацвярджаецца і Святым Пісаннем, а дакладней, „Пасланнем да Галатаў св. Апостала Паўла” (укр. Галатів; польск. Galatow пры Galacja). У адваротным выпадку незразумела, чаму назва грэцкай правінцыі Беотыі перадаецца як Беотія (865), а не Беоція (ст.-польск. Beocya, лац. Boiotia).

Зрэдку сустракаюцца і іншыя недакладнасці ў геаграфічных назвах. Так, гаворачы пра Хэлмінскую зямлю (871) і падаўшы нямецкі адпаведнік назвы яе сталічнага горада (Кульм), каментатар зблытаў Холм (Chełm, Люб лінскае ваяводства) з уласна Хэлмнам (Chełm no, у Ку яўска-Паморскім ваяводстве; даўнейшы Кульм).

Непаслядоўны ўкладальнік і ў перадачы асабовых імёнаў. Найбольш не пашанцавала ў гэтым плане вялікім князям літоўскім. Так, Міндоўг названы не толькі гістарычна задакументаванымі і наяўнымі ў творы А. Гваньіні формамі імя — Мендовг (Миндовг) (870) і Мендольф, Мендольфус (969), але і негістарычнай формай Міндаугас (969). Сказанае датычыць і імені Кейстут (Кестутис) (964). Можна было б успрыняць гэта як знак павагі да літоўскіх калег, калі б укладальнік датрымаў падобны падыход адносна іншых вялікіх князёў літоўскіх і побач з Альгерд, Вітень, Вітовт, Войшелк, Гедимін і г. д. падаў Альгірдас, Вітянис, Вітаутас, Вайшалкас, Гедимінас…

Зразумела, што вышэйназваныя недахопы можна патлумачыць прычынамі як аб’ектыўнага, так і суб’ектыўнага характару, яны могуць быць лёгка выпраўлены. Не падлягае сумненню і тое, што ў творы гістарыяграфічнага плана (а ў яго перакладзе — пагатоў) падобныя хібы непажаданыя, хоць і непазбежныя. Зробленыя заўвагі, вядома ж, не могуць паўплываць на высокую ацэнку ажыццёўленай украінскім даследчыкам працы, якую, на добры лад, павінен быў бы выконваць цэлы даследчы інстытут. Шаноўны а. Юры Мыцык як перакладчык зрабіў галоўнае — увёў у навуковы зварот і культурны дыскурс сваёй краіны выдатны твор сярэднявечнай гістарыяграфіі, што, несумненна, паслужыць добрым прыкладам для іншых даследчыкаў у іх цяжкай, але так неабходнай грамадству працы.

Хочацца верыць, што гэты дыхтоўны, перакладзены бездакорнай украінскай мовай і багата ілюстраваны том будзе прыхільна сустрэты ўкраінскай грамадскасцю і што ён — толькі адна з цаглінак у аднаўленні велічнага храма мінуўшчыны.
Мінск

Алесь Бразгуноў


Напрыклад, хроніка А. Гваньіні пад час шматлікіх войнаў Рэчы Паспалітай з Масковіяй адыгрывала вялікую прапагандысцкую ролю ў Еўропе.
Кавалёў С. Шматмоўная паэзія Вялікага Княства Літоўскага эпохі Рэнесансу. Мінск: Кнігазбор, 2010. С. 163.
У А. Гваньіні Літва і Жамойць фігуруюць асобна. Да Жамойці нават аднесены такія рэкі, як, Прыпяць, Свіслач, Вілія, Нараў і Буг! (с. 523).
Ковенскі павет у перакладзе памылкова названы Ровенскім.
Перакладчыкам хронікі на польскую мову быў Марцін Пашкоўскі, які мог зрабіць падобныя ўстаўкі па ўласнай ініцыятыве або па ўзгадненні з А. Гваньіні.
Наверх

Citko, Lilia. “Kronika Bychowca” na tle historii i geografii języka białoruskiego. Białystok, 2006 (Ігар Клімаў)

Снежня 6, 2010 |


CITKO, LILIA. „Kronika Bychowca” na tle historii i geografii języka białoruskiego. Białystok: Wydawnictwo Uniwersytetu w Białymstoku, 2006. 509 s.

Хроніка Быхаўца належыць да т. зв. беларуска-літоўскіх летапісаў, што ўзніклі ў XV–XVI ст., і лічыцца іх найбольш познім і цікавым помнікам, адметным сваёй сакавітай мовай і шэрагам унікальных гістарычных звестак. Уведзены ў навуку ў 1-й палове ХІХ ст., сёння рукапіс хронікі беззваротна страчаны (яго сляды губляюцца ўжо ў 1850-я г.) і вядомы толькі паводле адзінай публікацыі, здзейсненай правінцыйным гісторыкам-рамантыкам Т. Нарбутам у 1846 г. Нарбут быў вядомы як стваральнік фальсіфікатаў па гісторыі даўняй Літвы, таму і апублікаваная ім Хроніка спачатку выклікала падазрэнні ў сваёй сапраўднасці, але пазней яны былі абвергнутыя. Сам рукапіс уяўляе сабой транслітарацыю XVІІ ці XVІІІ ст. польскім пісьмом больш ранняга кірылічнага арыгінала (магчыма, 2-й паловы XVІ ці пачатку XVІІ ст.)[1], слядоў якога ў іншых крыніцах не адшукана (за выключэннем Хронікі М. Стрыйкоўскага, які, мяркуецца, карыстаўся спісам, блізкім да Хронікі Быхаўца, і шырока цытаваў яго).

Як ні дзіўна, такі важны летапісны помнік дагэтуль амаль не прыцягваў увагі лінгвістаў. У беларускім мовазнаўстве яму прысвечаны фактычна толькі адзін артыкул А. Жураўскага, які рознабакова, хоць і сціс-ла, акрэслівае моўныя асаблівасці летапісу[2]. Беларускіх даследчыкаў, напэўна, стрымлівала як адсутнасць арыгінала помніка, так і адметная ўкраінская афарбоўка арфаграфіі перапісчыка. Паказальна, што і цяпер беларускія мовазнаўцы абыходзяць маўчаннем на яўнасць украінскай арфаграфіі ў гэтым спісе[3]. Магчыма, у сувязі з гэтым Жураўскі заўважыў, што „мова помніка як асобная праблема спецыяльна ніколі не вывучалася”[4].

Недахоп у лінгвістычным вывучэнні Хронікі Быхаўца нарэшце ліквідавала капітальная мовазнаўчая манаграфія беларускай даследчыцы з Беласточчыны Ліліі Цітко. Яе праца ўяўляе сабой дэталёвы аналіз мовы выдатнага помніка разам з індэксам усіх яго словаформаў (266–321), а таксама публікацыяй тэксту (353–509) паралельна як ва ўжо вядомай лацінкавай версіі, так і ў кірылічнай рэканструкцыі, здзейсненай на падставе гэтай версіі самой даследчыцай. У сваёй рэканструкцыі яна адмовілася ад выкарыстання літар ѣ і ъ, што не перадаваліся польскім пісьмом, а літару ь ужывала толькі для пазначэння мяккасці (349–352).

Ва ўводным раздзеле (9–39) аўтарка абмяркоўвае структуру і канцэпцыю працы, падае кароткія агляды гісторыі ВКЛ і Случчыны, дзе, як мяркуецца, узнік помнік, нарыс моўнай сітуацыі ў краіне і развіцця кірылічнага пісьменства і старабеларускай літаратуры, а таксама беларуска-літоўскага летапісання. Яна акрэслівае (34–39) і папярэдні стан вывучэння помніка.

У наступным раздзеле (40–49) аналізуецца арфаграфія помніка з улікам даўніх прыёмаў перадачы кірылічнай графікі польскім пісьмом і яго магчымых уплываў пры транслітарацыі. Дарэчы, лацінкавае пісьмо помніка ў некаторых выпадках лепш адлюстроўвае рысы жывой мовы параўнальна з кірылічнай арфаграфіяй. Сярод іншых графічных з’яў разглядаюцца выкарыстанне вялікай літары, напісанні разам і асобна, а таксама памылкі пісьма.

У трэцім раздзеле даследуюцца фанетычныя і фаналагічныя рысы хронікі (50–81). У іх прысутнічаюць як іншамоўныя элементы (царкоўнаславянскія, польскія), так і ўсходнеславянскія дыялектныя рысы (пераход [’e] > [o], зацвярдзенне шыпячых, [r] і [c’], вымаўленне [γ], блытаніна літар w i ł (zabywzabył), u i w (y wbaczył), спецыфічнае старабеларускае еканне (kniażety, pamietay, petsot, baczeczy), прадстаўленае, аднак, у помніку не вельмі шырока, кантракцыя (hodny, druhi), пратэзы [v-], [h-], [j-], сляды гемінацыі і інш.). Сярод іх звяртае на сябе ўвагу пераход прасл. *ě як у [e], так і ў [i]: гук на месцы *ě перадаецца літарамі e, ie, i. Напрыклад, для слоў wera, werity суадносіны такіх напісанняў складаюць 5 / 1 / 8 (і 2 разы błahowirny, 1 раз bławerny). Хутчэй за ўсё, у арыгінале, які транслітараваў лацінкай перапісчык, на месцы *ě выступалі літары е ці ѣ, а ў яго маўленні — гук [і]. Відаць там, дзе перапісчык бачыў е, ён пакідаў гэтую літару, а ѣ замяняў на і. Дыскусійным застаецца ў такім выпадку значэнне літар ie пасля зычных — такое спалучэнне можа перадаваць [’e] ці нават нейкі дыфтонг кшталту [ie]. Іншая выразная з’ява помніка — зацвярдзенне зубных [t], [d], [p], [b], санантаў [l], [m], [n], [w]: dowodyt, dety ‘дзеці’, byty ‘быць’, mety / mity ‘мець’, pryity ‘прыйсці’, otpustył і інш. Напрыклад, інфінітыў ужываецца ў помніку амаль толькі з фіналлю -ty — 124 выпадкі супраць 3 выпадкаў фіналі -ti (s. 187), хаця і фіналь -t’ / -t адзначана 23 разы (188). Праўда, зацвярдзенне зубных [p], [b] і санантаў прадстаўлена ў многіх іншых пазіцыях (напрыклад, перад [e]) не вельмі надзейнымі напісаннямі: napered, teper, Pap(i)eża, peśni; bitw(i)e, Wołodymi(e)r і інш., якія могуць быць толькі фактамі арфаграфіі [неахайнасць перапісчыка, які прапускаў літару i перад галоснай (у спалучэнні ie), у т. л. у сярэдзіне слова: posyłaet (пры posyłaiet), upadywaet і інш., што даследчыца лічыць прыкладам кантракцыі (65), але гэта прасцей тлумачыць толькі як асаблівасць транслітарацыі]. Дарэчы, А. Жураўскі разглядаў выкарыстанне ў помніку польскай літары y замест кірылічнай літары и толькі як арфаграфічную асаблівасць хронікі (напрыклад, злучнік і амаль заўжды перадаецца літарай y)[5] і не звязваў гэта з украінскім уплывам. Тым не менш, наяўнасць такой вельмі выразнай з’явы як *ě > і некаторых марфалагічных асаблівасцяў дазваляюць бачыць у помніку ўсё ж зацвярдзенне зычных перад пярэднімі галоснымі, што ўласціва ўкраінскім гаворкам. Магчыма, перапісчык быў украінцам ці ўраджэнцам паўднёва-заходняй Брэстчыны, аднак гэта яшчэ не сведчыць пра ўкраінскае паходжанне аўтара твора. У той жа час у помніку прыкладаў акання адзначана няшмат (57), а выпадкаў дзекання ўсяго два (Dziawiłtowskim, widziaczy, 71), мала таксама і прыкладаў асіміляцыйнага аглушэння (dwanatcatoie, a-wet ‘а ведзь’ і інш., 78). Таму трэба дапускаць, што якраз яны разам з рэфлексам прасл. *ě > e былі ўласцівыя мове арыгінала, з якім працаваў перапісчык. Між тым, даследчыца падобнай высновы не робіць, цалкам адносячы мову помніка да беларускага паўднёва-заходняга дыялекту і звязваючы яе з заходнепалескімі гаворкамі (81, 200, 262–263)[6], хоць аўтар не мог быць адначасова носьбітам і тых і другіх гаворак.

Чацвёрты раздзел працы прысвечаны аналізу марфалогіі помніка (82–200), у якой пры панаванні ўсходнеславянскай стыхіі адзначаецца адметны царкоўнаславянскі ўплыў і слабы польскі. Даследчыца пільна апрацавала матэрыял па змяняльных часцінах мовы, падаўшы вынікі свайго аналізу ў выглядзе табліц з усімі прыкладамі і дэталёвымі (гістарычнымі і дыялектнымі) каментарамі да іх. У табліцах формы, узятыя з помніка, супастаўлены са старажытнаславянскімі формамі, што робіць асабліва нагляднай эвалюцыю марфалагічнай сістэмы. Яе асаблівасцю з’яўляецца: а) захаванне клічнага склону; б) трывалае выкарыстанне канчаткаў -омъ/-емъ у давальным склоне множнага ліку (городомъ, княземъ) і канчаткаў -охъ/-ехъ у месным склоне множнага ліку (на местцохъ, въ конехъ) для назоўнікаў асноў на ŏ- і jŏ-; в) спецыфічнае праяўленне катэгорыі адушаўлёнасці / неадушаўлёнасці (параўн. 119–120, 256), складванне якой яшчэ не завершана: у множным ліку вінавальны склон = назоўнаму склону (городы, пенязи, жены, дети і інш.), а вінавальны склон = роднаму склону толькі для асоб мужчынскага роду: пановъ, князей, людей, воеводъ, хоць мужы 3 разы — мужей 1 раз; г) канчаткі -ое/-ее ў родным склоне жаночага роду адзіночнага ліку для ад’ектыўных часцін мовы (тое, которое, своее, великое, пятое, хоць часам тут выступаюць і канчаткі -ой/-ей: do swoiej, bozskoy ‘боскай’); е) канчатак -мъ у 2-й асобе множнага ліку прэтэрыта (ведаемъ, бачымъ, возвратымъ ся), але ў імператыве з ім канкуруе канчатак -мо (poiedmo, zmowmo); 1-я асоба множнага ліку ўмоўнага ладу ўтвараецца толькі з дапамогай часціцы быхмо; ё) частковае захаванне формаў аорыста і сляды імперфекта ды перфекта (169–179), што абумоўлена традыцыйнай мовай летапісу; ж) прыслоўі адкуль, покуль — па 1 разе (пры звычайным одтол (-е, -я, -і), одколе). Некаторыя з гэтых асаблівасцяў (г, е, ж) характарызуюць марфалагічную сістэму помніка, куды перапісчык мог умешвацца мінімальна, як беларускую, а не ўкраінскую. Верагодна, уплывам украінскага маўлення перапісчыка абумоўлена з’яўленне ў давальным-месным склонах зваротнага і асабовага займеннікаў формаў собі / себі і тобі — 16 і 4 разоў (пры собе / себе і тобе / тебе — 13 і 10 разоў), а таксама пашырэнне ў назоўным склоне множнага ліку прыметнікаў канчатка -іі/-ыі (kniazi ruskij, wiernyi raby) пры наяўнасці тут канчатка -ие/-ые (kniazi ruskiie, panowie litowskije). Але канчатак -іі/-ыі можа быць толькі архаізмам, архаічнасць жа вельмі ўласцівая мове летапісаў.

Тэмы двух наступных раздзелаў манаграфіі Л. Цітко вельмі рэдка з’яўляюцца ў працах беларускіх мовазнаўцаў пры апісанні мовы канкрэтнага тэксту — гэ та аналіз словаўтваральнай сістэмы помніка і яго анамастыкі, вельмі багатай у летапісным творы. У пятым раздзеле даследчыца дэталёва аналізуе словаўтваральныя тыпы і фарманты (201–233). Матэрыял згрупаваны ёю паводле часцін мовы, катэгарыяльных значэнняў фармантаў і, нарэшце, паводле асобных фармантаў. У сваім аналізе лінгвістка нямала ўвагі аддае пытанню матываванасці- нематываванасці фармантаў, актыўнасці-неактыўнасці асобных спосабаў словаўтварэння і падзельнасці-непадзельнасці марфем. У шостым раздзеле аналізуецца ўсходнеславянская і літоўская антрапанімія і тапанімія помніка (234–253).

У заканчэнні (254–265) аўтарка падсумоўвае вынікі свайго даследавання ў галіне фанетыкі, марфалогіі, словаўтварэння і анамастыкі; асобны параграф складае вылучэнне рэгіяналізмаў у мове і вызначэнне польскіх уплываў (не вельмі моцных). Сярод рэгіяналізмаў хронікі можна адзначыць паслядоўнасць формы -ма ў творным склоне лічэбнікаў (двома, шестма, дванацатма, двадцатма, тысячма). Магчыма, гэтая і іншыя асаблівасці, адзначаныя вышэй, дазволяць у будучым больш дакладна лакалізаваць паходжанне аўтара хронікі.

Праца беларускай лінгвісткі з Польшчы дае вычарпальны аналіз мовы цікавага і малаладаследаванага да нядаўняга часу помніка. Вучонай можна хіба што параіць выкарыстоўваць дапаможнікі не толькі па беларускай дыялекталогі, але і па ўкраінскай таксама, асабліва калі яна ставіць сабе задачу вызначыць мясціны ўзнікнення хронікі. У „руськай” мове ВКЛ мяшаліся беларускія і ўкраінскія рысы, а ў арфаграфіі помніка, у дадатак, прысутнічае яскравы ўкраінскі ўплыў. Аднак такі ўплыў — яўна другасны, як было паказана ў дадзенай рэцэнзіі. Праца Л. Цітко выканана на самым высокім узроўні, у найлепшых традыцыях польскай школы гістарычнага мовазнаўства і, трэба спадзявацца, увойдзе ў набытак беларускай лінгвістыкі. Даследаванне будзе вельмі карыснае для беларускіх вучоных, а скла дзены Л. Цітко словапаказчык і зробленая ёю рэканструкцыя тэксту летапісу дапамогуць у далейшым вывучэнні беларуска-літоўскага летапісання.

Мінск

Ігар Клімаў


[1] Магчыма сам летапіс узнік у 1542–43 г., гл.: Морозова Н. К вопросу о времени создания Хроники Быховца // Slavistica Vilnensis. 2000. С. 137–141 (Kalbotyra, 49/2).
2 Жураўскі А. І. Хроніка Быхаўца // Беларуская мова: Энцыклапедыя. Мінск, 1994. С. 596–598.
3 Так, у двух беларускіх водгуках на рэцэнзаваную манаграфію Л. Цітко ўвага на ўкраінізмы помніка ўвогуле не звернута (гл. рэцэнзіі Н. Паляшчук // Беларуская лінгвістыка. 2010. Вып. 65. С. 145–150 і М. Свістуновай // Веснік БДУ. Сер. 4. Фі лалогія; Журналістыка; Педагогіка. 2010. № 2. С. 91–92), а асаблівасці яго мовы акрэслены як рэгіяналізмы (Паляшчук, с. 148).
4 Жураўскі А. І. Op. cit. С. 598.
5 Жураўскі А. І. Op. cit. С. 597. Але ў польскім пісьменстве XVI–XVII ст. злучнік і часта перадаваўся празу.
6 Такія высновы падтрымліваюць і іншыя беларускія даследчыкі (напрыклад, Свістунова, с. 92).
Наверх

Ірына Сынкова. Ёган Баэмус і яго кніга „Норавы, законы і звычаі ўсіх народаў“

Снежня 24, 2007 |


У 1520 г. у Аўгсбургу ўпершыню ўбачыла святло напісаная на лацінскай мове кніга нямецкага гуманіста Ёгана Баэмуса, у якой ён даваў чытачам сціслае апісанне многіх краін і народаў Старога Свету. Гэтую кнігу чакаў дзіўны лёс. Пасля досыць доўгага першапачатковага перыяду надзвычайнай папулярнасці яна хутка знікла ў невядомасці, цягам цэлых стагоддзяў яе не ўспаміналі. І толькі ў ХХ ст., асабліва з другой паловы, пачалося яе вяртанне ў сферу навуковага дыскурсу. Але і дагэтуль пра жыццё самога аўтара вядома няшмат.

Ёган Баэмус (Johann Boëmus) нарадзіўся ў гарадку Аўб (адсюль яго мянушка — Аўбанец) паблізу Вюрцбурга каля 1485 г. Вучыўся, магчыма, у Цюбінгене і ў Ляйпцыгу. Прынамсі з 1508 г., але магчыма яшчэ з канца XV ст., жыў у горадзе Ульме. Там ён служыў капеланам. Быў братам Тэўтонскага ордэна. Вядомым ён стаў дзякуючы сваёй кнізе, якая доўгі час была любімым чытаннем амаль ва ўсёй Еўропе. Памёр Баэмус у 1535 г.

Папулярнасць кнігі надоўга перажыла аўтара. Гэта была першая спроба ў гісторыі ранняга Новага часу даць агульную карціну чалавечай культуры ў сусветным маштабе. Паўтара дзесятка гадоў спатрэбілася еўрапейскай грамадскасці, каб ацаніць па заслугах твор Баэмуса, які нягледзячы на сваю адкрытую і падкрэсленую кампілятыўнасць, з’явіўся, тым не менш, новым крокам у развіцці навуковага спазнання ў Еўропе.

Пасля гэтага пачаўся хуткі ўзлёт папулярнасці і шырокая вядомасць. Пра поспех гэтага твора сярод сучаснікаў сведчыць вялікая колькасць перавыданняў, здзейсненых на працягу стагоддзя: да 1620 г. гэтая кніга была надрукавана яшчэ 47 разоў, у тым ліку ў перакладзе на нямецкую, італьянскую, французскую, іспанскую і ангельскую мовы. Эрых Шміт у сваім даследаванні прывёў спіс 43 перавыданняў, зробленых у 1535—1620 г.[1], да якіх Клаўс Фогель дадаў яшчэ чатыры[2].

Тут трэба нагадаць, што ў XVI ст. латынь яшчэ захоўвала статус мовы адукацыі і культуры, а дзякуючы творчасці гуманістаў гэты час быў адзначаны апошнім бліскучым росквітам новалацінскай літаратуры, стаў яе „залатой восенню”. Апроч таго, латынь аб’ядноўвала ўсю Еўропу ў адзіным моўным абшары, унутры якога лацінамоўныя творы не ведалі геаграфічных межаў і знаходзілі сваіх чытачоў паўсюль. Аднак гэтае распаўсюджанне мела свае абмежаванні ў адукацыйным узроўні чытацкай аўдыторыі: лацінамоўныя тэксты былі лёгкадаступныя толькі ў асяроддзі высокаадукаваных людзей. Пераклад на нацыянальныя мовы даказвае, што кнігай цікавіліся і менш адукаваныя. Такім чынам, кніга атрымала прызнанне па ўсёй Еўропе, ахопліваючы розныя слаі насельніцтва.

Поспех кнігі быў абумоўлены рознымі акалічнасцямі —як вонкавымі прычынамі, звязанымі з агульнай сацыякультурнай сітуацыяй, так і асаблівасцямі зместу самой кнігі.

Што датычыцца першых, то трэба нагадаць пра рэнесансавае ажыўленне духоўнага жыцця. Засяроджанае ўзіранне ў чалавека і зямны свет вакол яго — ядро гуманістычных даследаванняў, але гэта яшчэ не было навуковым спазнаннем у поўным сэнсе, толькі яго прэлюдыяй. Гэтая паўнавуковая-паўмастацкая зацікаўленасць, прывітая гуманістамі грамадскай свядомасці, паступова сфармавала новы ўзровень спазнавальных патрэбаў еўрапейскага чалавека. Ва ўсе часы людзі хацелі ведаць пра іншыя светы, далёкія краіны і народы і заўсёды былі схільныя да самых неверагодных баек. Але дапытлівасць новага еўрапейца пад уплывам гуманістычнай адукацыі ўжо патрабавала больш якасных, больш дакладных ведаў. Можна таксама прыгадаць і шпаркае развіццё міжнароднага гандлю, у які было ўцягнутае мноства прадпрымальных людзей. Для іх краіназнаўчыя веды мелі не толькі абстрактна-спазнавальны характар, але і прагматычны аспект.

Цікавасць да універсальных і разнастайных апавяданняў пра розныя краіны свету даволі выразна выступіла яшчэ ў XV ст., але літаратура таго часу, абцяжараная сярэднявечнымі схемамі, перапоўненая міфамі і легендамі, не магла задаволіць узрастанне інтэлектуальных патрэбаў грамадства. Размова ідзе перш за ўсё пра розныя „сусветныя хронікі”, якія імкнуліся ахапіць усе часы і ўсе народы. І яшчэ адзін штрых: пры павелічэнні мабільнасці насельніцтва грузныя фаліянты Сярэднявечча павінны былі саступіць месца кнізе новага тыпу — малога фармату і лаканічнага стылю. Кніга Баэмуса адпавядала новым патрабаванням.

Трэба адзначыць майстэрства Баэмуса ў стварэнні сціслага і ёмістага нарыса, калі суаднесці яго з тэкстам першакрыніцы: некалькі старонак падрабязнага апісання ператвараюцца часам толькі ў некалькі сказаў. Гэта дасягалася часткова праз пераказ крыніцы ў скароце, але галоўным чынам дзякуючы адбору з першаснага матэрыялу найбольш яскравых характарыстык і выразных асаблівасцяў прыроды (ландшафту, клімату, флоры і фаўны, карысных выкапняў) i народнага жыцця. Кожнае асобнае апісанне той ці іншай краіны ў кнізе Баэмуса ўяўляе сабою не дэталёва прапісанае жывапіснае палатно, а хутчэй малюнак, у якім некалькі асноўных ліній і штрыхоў ствараюць непаўторную своеасаблівасць сілуэта. Але ўсе разам такія нарысы складаюць панараму культурнай разнастайнасці чалавецтва.

Гуманіст Баэмус ужо як навуковец Новага часу вельмі пільна ставіўся да паходжання інфармацыі, якую ён выкарыстоўваў у кнізе; ён старанна выбіраў толькі тое, што не выклікала сумнення. Пісьменнік не толькі не хаваў факт запазычання, але наадварот, у манеры, уласцівай гуманістам, адкрыта (і не без гонару) называў у прадмове свае крыніцы, таму што гэта сведчыла пра яго добрую адукаванасць. Больш за тое, у самой назве кнігі адразу паведамляецца, што яна напісаная на падставе твораў славутых аўтараў („ex multis clarissimis rerum scriptoribus collecti”).

Імёны аўтараў, якіх Баэмус згадвае ў прадмове, таксама сведчаць пра яго гуманістычную скіраванасць. Сярод іх антычныя гісторыкі (Герадот, Пліній і інш.) і рэнесансавыя пісьменнікі (Эней Сільвій Пікаломіні, Амвросій Калепіна, Марк Антоній Сабелікус, Ёган Наўклер, Мацвей Мяхоўскі). Цікава, што ў спіс крыніц не трапілі ні вядомыя сярэднявечныя хронікі, ні апошнія апавяданні падарожнікаў; усе яны падаваліся Баэмусу перапоўненымі небыліцамі. Ён піша, што трэба пазбягаць такіх твораў, дзе асобныя ілжывыя звесткі прымушаюць сумнявацца ў праўдзівасці ўсяго астатняга.

Поспех Баэмуса натхніў і іншых. У далейшым з’яўляецца шэраг аўтараў, якія пішуць падобныя геаграфічна-этнаграфічныя агляды краін свету. Дзякуючы няспыннаму навуковаму развіццю і новым адкрыццям паслядоўнікі Баэмуса паступова пашыраюць змест сваіх твораў праз уключэнне апошніх звестак. Іх слава засланіла перад нашчадкамі таго, хто стаяў пры вытоках. У XIX ст. рэдкі спецыяліст мог прыгадаць Ёгана Баэмуса і яго твор. Толькі некалькі сціплых радкоў прысвячае яму фундаментальная нямецкая біяграфічная энцыклапедыя „Allgemeine Deutsche Biographie”[3].

Пры выданні рускага перакладу „Касмаграфіі” С. Мюнстэра ў каментары быў прыведзены фрагмент[4] пра Масковію, які цалкам супадае з тэкстам кнігі Баэмуса, пра якога нават не згадалі, а толькі заўважылі: „Таково начало Мюнстерова описания Московии, заключающее в себе данные, не заимствованные, как увидим, из известных нам источников”[5].

У навуковых даследаваннях ХХ ст. Баэмусу паступова вяртаецца яго заслужанае месца ў гісторыі еўрапейскай думкі. Дагэтуль захоўвае сваю значнасць праца Эрыха Шміта, у якой разглядаецца ўклад гэтага нямецкага гуманіста ў развіццё этнаграфічных ведаў[6]. Уздым культуразнаўчых даследаванняў у другой палове ХХ ст. дазволіў па-новаму глянуць на творчасць Ёгана Баэмуса. Маргарэт Ходжэн лічыць кнігу „Норавы, законы і звычаі ўсіх народаў” важным крокам ад „класічнай спадчыны” і „сярэднявечнага пралога” да „ранняй антрапалогіі”[7. Клаўс Фогель звязвае твор Баэмуса з важнымі працэсамі ў сферы свядомасці еўрапейцаў, са станаўленнем ідэі культурнай разнастайнасці[8]. Канкрэтна ў сувязі з гісторыяй краін Усходняй Еўропы кніга Баэмуса як крыніца выкарыстоўваецца ў даследаваннях А. Мыльнікава[9] і А. Белага[10]. Да гэтага можна дадаць, што твор Баэмуса яшчэ захоўвае патэнцыял як аб’ект даследавання для аналізу міжкультурных адносінаў у мінулым, таго, як адна культура ўспрымае іншыя, як яна разумее сябе праз супастаўленне з „іншым” і г. д.

Ніжэй прыведзены фрагмент з яго кнігі, які апісвае паўночна-ўсходні куток Еўропы: раздзелы „Пра Русь (Rusia), або Рутэнію” і „Пра Літву”. Асноўнымі крыніцамі для іх служылі творы Мацвея Мяхоўскага і Энея Сільвія Пікаломіні. Можна параўнаць асобныя фрагменты, каб убачыць, наколькі блізка да тэксту пераказвае крыніцу Баэмус.

М. Мяхоўскі: „Хаця там толькі груба апрацоўваюць зямлю, узворваюць мала і неглыбока, а сеюць павярхоўна, пшаніца ўраджаецца сама тры гады запар дзякуючы таму, што пад час жніва некаторую колькасць зерня пакідаюць парассыпанай на зямлі, каб яно ўзышло ў наступным годзе без апрацоўкі і ўзворвання поля. Трава на пашах так хутка і так багата там узыходзіць і расце, што ў тры дні вырастае вышэй каморніцкага шаста, а праз трохі большы час аблытвае і хавае плуг, забыты ў травяністых месцах. Пчаліныя раі там складаюць мёд не толькі ў пчэльніках і ў дуплах дрэваў, але і на берагах рэк і на зямлі”[11] (Параўн. пачатак VI раздзела Баэмуса „Пра Русь, або Рутэнію”).

Але Баэмус часта сумяшчае інфармацыю ад розных аўтараў у адным нарысе адпаведна сваім агульным ўяўленням. Так, раздзел „Пра Русь” пачынаецца геаграфічным апісаннем, якое супадае з апісаннем украінскіх зямель у Мяхоўскага. Але пасля яго нечакана апавяданне пераносіцца ў Масковію; у Мяхоўскага Львоў — сталіца Русіі, у Баэмуса „Сталіцай з’яўляецца Масковія” і далей ідзе апавяданне пра норавы і звычаі маскавітаў. Думаецца, што такім чынам у творы Баэмуса адлюстраваліся звесткі пра дамаганні з боку маскоўскіх валадароў „кіеўскай спадчыны” і тытула вялікага князя ўсёй Русі. Акрамя таго, пры супярэчнасці паміж звесткамі Мяхоўскага, які Руссю называе ўкраінскія землі, і Энея Сільвія, які пад гэтай назвай апісвае Вялікі Ноўгарад, пазіцыя Баэмуса бліжэй да апошняга. Паколькі ў XVI ст. наўгародскія ўладанні ўжо падпарадкоўваліся Маскве, інфармацыю Энея Сільвія Баэмус пераносіць на апісанне маскавіцкіх звычаяў. Так, у яго нарысе з’яўляюцца нататкі пра барацьбу за ўладу ў Маскве. У Энея Сільвія гэта выглядае так:

„Пасярэдзіне плошчы знаходзіцца квадратны камень, і той, хто на яго зможа ўзысці і яго не скінуць, атрымае першынства ў горадзе. За гэта ён змагаецца са зброяй у руках, і кажуць, часта ў адзін дзень шмат туды ўзыходзіць, і вельмі часта паўсюль узнікаюць спрэчкі”[12] (Параўн. тэкст VI раздзела Баэмуса „Пра Русь, або Рутэнію”).

Такім чынам, у адным раздзеле „Пра Русь” Баэмус аб’яднаў разнастайныя звесткі: геаграфічны агляд украінскай зямлі, нататкі пра спецыфіку палітычнай барацьбы ў Ноўгарадзе i нарыс пра дзяржаўны лад і народныя звычаі ў Масковіі. Прычынай гэтага магла паслужыць і няпэўнасць назвы Русь

Boemus, Johannes. Mores, leges et ritus omnium gentium, per Ioannem Boлmum, Aubanum, Teutonicum ex multis clarissimis rerum scriptoribus collecti[13].

Caput VI.

De Rusia sive Ruthenia, et recentibus Rusianorum moribus

Rusia, quae etiam Ruthenia dicitur et Podolia, tripartito nominatur. Alba, superior, et inferior, pars Sarmatiae Poloniae praetenta, Peuce fluvio ad septentrionem includitur, ad orientem solem Moscus, occidua illi Livonia atque Prussia extremae Germaniae partes: patent hodie Ruthenorum sive Rhoxolanorum (nam et hoc nomine appellantur) fines octo dierum itinere, a Tanai ad septentrionalem oceanum, habetque id spacium nonaginta et amplius dierum iter, rursus a Germanico oceano, quem Balteum vocant, ad mare Caspium.

Regio adeo fertilis est, ut agro rude culto frumentoque insperso, tribus perpetuis annis fructum ferat: nec opus est agrum quotannis invertere, sed inter metendum segete leniter excussa alia in sequentem annum sua sponte crescit. Gramen adeo procerum producit, ut perticam transcendat: unde ibi apum tanta copia, ut mella nedum in alvearijs, aut arboribus, verum in rupium et terrae cavernis reponant. Optimus Medo, et hi grandes cerarum orbes, qui ad nos usque advehuntur, ibi fiunt. Non impiscantur piscinae et stagna Russorum, sed, ut aiunt, pisces ex coeli influentia succrescunt.

Sal quodam in lacu Katzibeio vocato siccis temporibus colligitur, pro quo genti cum Tartaris crebra bella. Mirum est quod dicitur in solo Chelmensi desectos pini arboris ramos truncosque, duos aut tres annos super terram iacentes in saxa indurari. Est ibi optimae create copia.

Versus Tanaim et Maeotim calamo aromatico et reupontico abundat, pluribusque herbis et radicibus alijs, alibi non visis.

Urbs regia Moscovia est, ad Moscum amnem sita, quatuordecim millium passuum circuitu. Nullus hic signati argenti usus. Lapis est in medio foro quadrata forma, quem si quis ascendit, nec inde vi deturbari possit, principatum urbis obtinet. Ingens de ascensu loci et deiectu dimicatio inter indigenas, saepiusque ob eam rem pugnatum inter cives.

Gens adeo valida est, quod superiori anno quodam bellico tumultu in regis castris centum viginti millia equitum recensa sint, quorum singuli ordinem ducerent. Arcu in bello utuntur, quod gentile et vetus est illis: est et lancea in usu duodenum pedum: cataphracti equites supra hamatam loricam ferreum thoracem induunt, umbilicis speculorum modo prominentibus: galerum gestant, pro casside, in conum fastigiatum: equite libentius utuntur in bello quam pedite: pedites alij scorpione utuntur (ballistam Itali vocant) alij plumbeas pilas sulphureo pulvere ex aeneis excutiunt machinis Teutonico more.

Invisum genti Regium nomen: idcirco ducis appellationem libentius usurpant, ut magis popularem: qui ibi rerum potitur, dux dicitur, qui in totam gentem Imperium obtinet: huic pileus paulo elatior quam caeteris proceribus, caetero nihil ab alijs differens: omnis color in usu, praeter nigrum.

Viri foeminaeque lineo amiciuntur indusio, eoque tenuissimo, et ad crura demisso, auro circa collum rubentique serico excolunt id amiculum, laxior vestis, ac nihil fere a Graecis differens, qualem Turcae quoque et totus septentrio usurpat: manicae tantum laxiores Ruthenis, auroque; fimbriatae a pectore et humeris: Lutrina pellis ambit exterius vestem.

Sola uxor luget virum, obducto capite albo linteo, et ad ulnas deiecto: quibus fortuna amplior est, quadragesimo die a funere convivantur in defuncti memoriam: quorum res angustior est, quinquies hoc temporis intervallo solemni modo epulantur: observantur dies obitus, quem anniversarijs quoque celebrant epulis. quando ex ea stirpe superest aliquis, custodiuntur nomina defunctorum monumentis literarum, ut sciri possit, quo cuiquam die parentandum sit: planctu et lamentatione funus educunt.

Patrij moris est mulieres gemmas et uniones ex auribus suspendere, decorum et maribus, sed adhuc pueris: quae iterum nupserit, satis castam ducunt, aversantur ut impudicam tertio nubentem, par in maribus offensa. Puellae a tergo capillum promittunt, caeterum matrimonio locatae sedulo abscondunt. Viri supra aures tondentur, datur probro huic sexui omnis capillorum cultus.

Gens universa in Venerem prona, ac bibacissima: hoc laudis loco ponunt, alterum licere arbitrantur, modo id fieri contingat citra omnem connubij offensam: foenerant vulgo, nec fraudi cuiquam, ne sacerdotibus quidem. Pars multo maxima Rusianorum servitutem serviunt, nec inviti, multi quidem et in his nobiles etiam se coniugem et liberos venditant: aut quia sic maiore otio fruuntur, aut quod maiore voluptate.

Antistites sacrorum Graecanico ritu nigro amiciuntur pallio: horum primores albo. Ferunt hi bullam ad pectus suspensam, et tabulam praeceptis divinae legis inscriptam: minores sacerdotes et ipsi Graece vestiuntur: sacrae virgins, quod unum genus in ea gente est, ex Antonij abbatis instituto nigra stola amiciuntur.

Est et suus sermo genti, Scythicus vero, an alius, parum compertum habeo. Sunt et literae non multum a Graecorum figura abhorrentes. Musicen et Grammaticen discunt utranque Graece, caeteras artes vulgo aspernantur: de summa fidei cum Graecis sentiunt: par in cultu caeremonia, et in coelites veneratio.

Iudicia exercent duodecim numero viri: unus aliquis e collegio cognoscit causam, crimen’ue, cognitum ad collegas defert, interdum et ad Regem. Si res maioris est ponderis, quam ut pro collegio vindicari possit, si reus nequeat convinci, parumque liqueat factum, cum accusatore cogitur de vita dimicare: atque ita victor duplici pecunia donatur, qualis fuerit aestimata.

Agrorum cultum oppido exercent, equis arant, ager feracissimus praeterquam vini. Cervisiam potum ex millio, hordeo, atque humulo decoctum potant, et idem fere totus septentrio. Ex canapi, papavere, et nucibus oleum conficiunt: olivam non fert Rusiana regio, neque ex ea arbore liquor aliunde invehitur.

Varia alit animalium genera, et in his plaeraque pellium aestimatione nobilia, quarum alioqui a veteribus celebrata: piscium ingens copia, et in his Seldis nobilissimus, ex Pares lausco lacu, perquam similis ijs, qui in Benaco capiuntur. Lacus in Ruthenia illustres septem, flumina insignia novem: et in his quem Borysthenem esse suspicari libet, ob ea, quae de ipsius magnitudine et natura praedicant.

Caput VII.

De Lithuania, et Lithuanorum vita

Lithuania est Poloniae ad ortum connexa noningentorum millium passuum circuitu magna sui parte palustris plurimumque nemorosa: Et ob eam rem difficilis aditu, ac quodammodo inaccessa, aquis palustribus cuncta obtinentibus: hyeme commercia cum Lithuanis habiliora, paludibus et stagnis alta glacie concretis niveque superinfusa, fiunt omnia mercatoribus pervia: ut velut alto mari, quando nulla sit certa via aut semita, sydera signent, iter. Rara in Lithuania oppida, villarum incolatus infrequens.

Accolarum divitiae pecora pellesque multigenum ferarum, ut Zobellinae sunt, atque Harmelinae: quibus regio insigniter scatet, cerae ac mellis abundans: usus pecuniae genti nullus: inter se matronae palam concubinos habent virorum permissu, quos connubij vocant adiutores, contra pellicatus viris probro datur. Solvuntur facile matrimonia mutuo consensu, et iterum atque iterum nubunt.

Adeo gens una caeteris mortalibus diverso vivit ritu, non ut absurdum sit illud Aristippi, Honestum non natura sed consuetudine constare.

Vini rarissimus usus: panis nigricans non cribratus: armenta vivum praebent, multo lacte utentibus. Sermo genti, ut Polonis, Sclavonicus: hic enim sermo quam latissime patet, ac plurimis quidem gentibus communis est: ex quibus quaedam Romanae ritum Ecclesiae sequuntur, ut Poloni sunt, Dalmatae, Croatij, Carnique: Aliae Graeco ritu sacra peragunt, ut Bulgari, Rutheni, et ex Lithuanis plerique. Nonnullae ab his diversae, proprias haereses habent, ut Boemi sunt, Moravi, et Bosnienses, Hussitarum quaedam observant delirium: pars multo maxima Manicheum: quaedam adhuc etiam gentili caecitate tenentur, idola colunt, quemadmodum multi ex Lithuanis. Hieronymus Pragensis, qui Eugenij quarti pontificatu in ea terra evangelium praedicavit, quique gentis illius ritus et mores ad id tempus minus notos nostris hominibus demonstravit, dicebat Lithuanorum quosdam, ad quos primum pervenisset domesticatim serpentes habuisse: quibus per se quisque ut dijs penatibus sacrificabant: caeterum tenuisse se, ut praeter unum, qui cremari non potuit, a suis cultoribus interficerentur: alij ignem colunt, captantque ex eo auguria; Solem nonnulli mallei ferrei specie immani magnitudine.

Proprium ducem habent, quem Magnum vocant: persaepe tamen regi Polonorum subditi. Caput regionis Vilna est. Episcopalis civitas tantae magnitudinis est quantae Crocavia cum suburbijs omnibus: domus contiguae in ea non sunt, sed veluti in rure horti intermediant, et pomaria. Duo fortiss(i)ma castra habet, unum in monte situm, inferius in plano alterum. Distat haec civitas a Cracovia CXX. miliaribus. Tartari quidem circa Vilnam in assignatis pagis habitant, qui agros nostro more colentes laborant, et merces vehunt: Tartarica lingua loquuntur, Mahometum et sectam Saracenorum profitentur.

Ёган Баэмус. Норавы, законы і звычаі ўсіх народаў, сабраныя Ёганам Баэмусам, немцам з Аўба, з твораў многіх славутых гісторыкаў.

Раздзел VI.

Пра Русь, або Рутэнію, і сучасныя звычаі русаў

Русія, якую таксама называюць Рутэніяй і Падоліяй, падзяляецца на тры вобласці: Белую, Верхнюю і Ніжнюю; гэта — частка Сарматыі, якая прасціраецца да Польшчы. З поўначы яна абмяжоўваецца ракой Пеўце [Peuce, Прыпяць? — І.С.], з усходу ад яе — Моск [Масковец], з захаду — Лівонія і Прусія, крайнія нямецкія землі. Сёння межы русінаў, або раксаланаў (бо іх завуць і такім імем), цягнуцца на восемь дзён шляху, ад Танаіса [Дона] да паўночнага акіяна; і, з іншага боку, гэты абшар змяшчае больш за дзевяноста дзён шляху ад Нямецкага акіяна, які завецца Балтыйскім, да Каспійскага мора.

Настолькі гэты край шчодры, што груба апрацаваная і засеяная збожжам зямля прыносіць плён тры гады запар. І няма патрэбы яе штогод пераворваць, але зерне, стрэсенае пад час жніва, у наступным годзе само прарастае. Трава вырастае настолькі высокай, што перавышае каморніцкі шост; таму там такое мноства пчол, якія складваюць мёд не толькі ў пчаліных вуллях або на дрэвах, але і ў шчылінах скал і пячорах. Там робяць найлепшы мёд і тыя вялікія кругі воску, якія няспынна возяць да нас. Русы не разводяць рыбу ні ў ставах, ані ў сажалках, але, як кажуць, рыба множыцца дзякуючы таму, што праліваецца з неба.

Соль яны збіраюць у сухую пару ў нейкім возеры, якое называюць Кацыбей [Качыбейскім], з-за чаго часта адбываюцца войны з татарамі. Дзіўна тое, што ў Холмскай зямлі, як кажуць, ссечанае галлё і ствалы хваёвых дрэваў, паляжаўшы на зямлі два-тры гады, робяцца цвёрдымі, нібы камень. Ёсць там і шмат выдатнай крэйды.

Бліжэй да Танаіса [Дона] і Меатыды [Азоўскага мора] у вялікай колькасці расце духмяны трыснёг і рэвень, а таксама мноства іншых траў і каранёў, якія нідзе больш не сустракаюцца.

Сталіцай з’яўляецца Масковія, якая ляжыць на рацэ Маскве i мае чатырнаццаць міль у акружнасці. Тут не выкарыстоўваюць чаканнага срэбра. Пасярод галоўнай плошчы знаходзіцца квадратны камень, і калі хто ўзбіраецца на гэты камень, і не ўдаецца сілаю скінуць яго адтуль, той атрымлівае першынства ў горадзе. Пры ўзыходжанні на гэтае месца і пры скіданні з яго ідзе зацятая барацьба паміж тутэйшымі жыхарамі, і часта гараджане нават ваююць за гэта між сабою.

Народ нагэтулькі моцны, што летась пад час нейкага ваеннага мяцяжу ў царскім абозе было налічана сто дваццаць тысяч вершнікаў, з якіх некаторыя вялі рэй. На вайне яны карыстаюцца лукам — сваёй даўняй айчыннай зброяй. Ужываюць і дзіду дванаццаці футаў даўжынёю. Вершнікі адзетыя ў кальчугі, паверх якіх накладаюць жалезны панцыр з выступамі, падобнымі на люстэркі. Замест металічнага шлема носяць футравую шапку, якая ўверсе звужаецца ў выглядзе конуса. На вайне вершнікаў выкарыстоўваюць ахвотней, чым пешых. Адны пяхотнікі карыстаюцца „скарпіёнам” (італьянцы называюць яго балістай); іншыя страляюць на нямецкі лад — свінцовымі ядрамі з медных машын, заладаваўшы ў іх пораху.

Царскі тытул для народа нязвычны. Ахвотней яны карыстаюцца тытулам князя, бо ён з’яўляецца больш паспалітым. Той, хто там знаходзіцца пры ўладзе, завецца князем, які кіруе ўсім народам. Яго шапка крыху вышэйшая, чым у іншых вяльможаў, нічым не адрозніваючыся ў астатнім ад іншых.

Ужываецца любы колер, апрача чорнага. Мужчыны і жанчыны апранаюць ільняную кашулю і такую ж тонкую, якая спускаецца да галёнак; і аздабляюць гэтую шату вакол шыі золатам і чырвоным шоўкам. Вопратка больш прасторная і амаль нічым не адрозніваецца ад грэцкай, такую ж носяць туркі і жыхары ўсёй поўначы, толькі ў русінаў рукавы шырэйшыя і аздобленыя залатымі махрамі ад грудзей і плячэй. Краі вопраткі аблямаваныя мехам выдры.

Самотная жонка аплаквае мужа, накрыўшы галаву белай хусткай, якая спадае да локцяў. Больш заможныя на саракавы дзень пасля пахавання наладжваюць бяседу на памінанне нябожчыка, і тыя, у каго меншы дастатак, такім чынам пяць разоў на працягу года частуюцца. Шануюцца дні смерці, і ўгодкі таксама адзначаюць застоллямі. Пакуль яшчэ застаецца ў жывых хтосьці з гэтага роду, імёны памерлых захоўваюцца ў запісах, каб можна было ведаць, у які дзень каго трэба ўшанаваць. Нябожчыка праводзяць плачам і галашэннем.

Паводле даўняга звычаю, жанчыны носяць у вушах каштоўныя камяні і пярліны. Упрыгожвацца ўласціва і мужчынам, але яшчэ маладым. Тая, што выйдзе замуж другі раз, лічыцца дастаткова цнатлівай, але ад той, што тройчы выйшла замуж, адмаўляюцца гэтак жа, як ад распуснай, бо гэта аднолькава лічыцца ганьбаю і для мужчын.

Дзяўчаты адпускаюць валасы за спінаю, але замужнія старанна іх хаваюць. Мужчыны састрыгаюць валасы над вушамі, бо лічыцца сорамам для гэтага полу любы клопат аб валасах.

Увесь народ схільны да Венеры [= да кахання] і вельмі шмат п’е: апошняе лічыцца пахвальным, першае разглядаюць як дазволенае, толькі б удалося гэта зрабіць без усялякай шкоды для шлюбу. Паўсюль пазычаюць, беручы ліхву, і гэта нікому з ix не шкодзіць, нават святарам.

Надзвычай вялікая частка русаў — рабы нават без прымусу; многія ж, а сярод іх таксама і радавітыя, прадаюць саміх сябе, жонку і дзяцей. Ці таму, што такім чынам маюць больш спакою, ці атрымліваюць большае задавальненне.

Галоўныя святары паводле грэцкага абраду апранаюць чорную шату, а першыя сярод іх — белую. Яны носяць на грудзях булу з таблічкаю, дзе выпісаныя запаведзі Божыя. Ніжэйшае духавенства таксама апранаецца па-грэцку. Манашкі гэтага народа належаць толькі да аднае рэгулы, носяць чорныя рызы паводле прадпісання ігумена Антонія.

Ёсць і свая мова ў народа, але ці сапраўды яна скіфская, ці нейкая іншая, мне дакладна не вядома. Літары сваёй формай не надта адрозніваюцца ад грэцкіх. Музыку і граматыку вучаць па-грэцку, а іншыя навукі паўсюль у пагардзе. І наогул прытрымліваюцца грэцкага веравызнання: аднолькавыя абрады ў кульце і такое ж шанаванне святых.

Суд чыняць дванаццаць чалавек. Нехта адзін з гэтай калегіі даследуе справу і пра выяўленае злачынства паведамляе калегам, а часам і цару. Калі ж справа больш значная, чым тая, за якую можа караць калегія, ды калі вінаватага немагчыма выкрыць і не дастаткова высветлены ўчынак, яго змушаюць да змагання на жыццё з абвінаваўцам. І пераможца такім чынам надзяляецца грашовай сумаю ў два разы большай, чым была ўстаноўленая.

Апрацоўкай зямлі займаюцца і ў горадзе; аруць коньмі. Зямля вельмі ўрадлівая, але не для вінаграду.

Півам, звараным з проса, ячменю і хмелю, напіваюцца дап’яна, і гэтак амаль паўсюль на поўначы. Алей вырабляюць з канопляў, маку і арэхаў; алівы ў краіне русаў не растуць, і алей з гэтага дрэва з іншых месцаў не прывозяць.

Там водзяцца розныя віды жывёлаў; большасць з іх славутыя сваім каштоўным футрам, пра што, між іншым, было вядома здавён. Вялікае мноства рыбы, і сярод іх самыя выдатныя — селядцы з Перыяслаўскага возера, вельмі падобныя да тых, якіх ловяць у Бэнака [Benaco]. У Рутеніі існуе сем славутых азёраў, дзевяць значных рэк, можна меркаваць, што ў ix ліку і Барыстэн, калі браць пад увагу тое, што апавядаюць пра яго велічыню і характар.

Раздзел VII.

Пра Літву і жыццё ліцвінаў

Літва, якая прымыкае да Польшчы з усходу, мае дзевяцьсот міль у перыметры. У большай частцы яна балоцістая і пакрытая лясамі, з-за чаго цяжкадаступная і ў пэўным сэнсе непраходная, бо ўсё займаюць воды балотаў. Узімку, калі балоты i азёры скаваныя моцным ільдом, засыпаныя снегам, увесь край робіцца праходным для купцоў, і тады гандаль з ліцвінамі больш зручны. Шлях вызначаюць па зорках, нібы на моры, паколькі няма ніякай дарогі або сцежкі. Гарады ў Літве рэдкія, а вёскі малалюдныя.

Багацце жыхароў — быдла і футра розных жывёлаў, такіх, як собалі і гарнастаі, якімі надзіва кішыць гэты край, багаты таксама на воск і мёд. Грошай народ не ўжывае.

Жанчыны з дазволу мужоў адкрыта маюць каханкаў, якіх называюць памочнікамі шлюбу, пазашлюбная сувязь мужоў, наадварот, лічыцца ганьбаю. Пры ўзаемнай згодзе шлюбы лёгка касуюцца, ды можна зноў і зноў выходзіць замуж. Настолькі адрозніваецца жыццё гэтага народа ад астатніх смяротных, што не падаецца бязглуздым выслоўе Арыстыпа: цнота захоўваецца не ад прыроды, а паводле звычаю.

Віно ўжываюць вельмі рэдка; хлеб у іх чорны з непрасеянай мукі. Скаціну дастаўляюць жыўцом, спажываючы шмат малака.

Мова народа, як і ў палякаў, славянская. Гэтая мова сапраўды вельмі пашыраная і агульная для многіх народаў. З ix адны, як палякі, далмацінцы, харваты, карны, трымаюцца абраду рымскага касцёла. Іншыя, як балгары, рутэны і большасць ліцвінаў, служаць паводле грэцкага абраду. Некаторыя ж, у адрозненне ад іх, з’яўляюцца сапраўднымі ерэтыкамі, як багемцы, маравы і баснійцы, якія захоўваюць гусітскае вар’яцтва, а нашмат большая частка — маніхейскае. А іншыя яшчэ дагэтуль застаюцца ў цемры паганства і пакланяюцца ідалам, як, напрыклад, многія з ліцвінаў. Геранім Пражскі пад час пантыфікату Яўгена IV прапаведаваў Евангелле ў гэтай зямлі і апісаў норавы і звычаі гэтага народа, на той час малавядомыя нашым людзям. Ён казаў, што некаторыя ліцвіны, да якіх ён дайшоў спачатку, трымалі дома вужоў, і кожны асабіста прыносіў ім ахвяры як хатнім багам. Зрэшты, лічыцца, што апрача аднаго, якога нельга спаліць, іх вынішчаюць іхнія ж шанавальнікі. Іншыя ж пакланяюцца агню, і варожаць па ім, а некаторыя — Сонцу ў выглядзе велізарнага жалезнага молата.

Маюць уласнага князя, якога называюць Вялікім. Аднак вельмі часта падпарадкоўваюцца польскім каралям. Галоўны горад гэтага краю — Вільня. Гэта — рэзідэнцыя біскупа, і яна такой жа велічыні, як Кракаў з усімі прадмесцямі. Дамы ў ім не прымыкаюць адзін да аднаго, але між імі як на вёсцы ляжаць сады і агароды. Горад мае два моцныя замкі. Адзін размяшчаецца на гары, другі — на доле. Гэты горад знаходзіцца ад Кракава на адлегласці 120 міляў.

Вакол Вільні жывуць татары ў выдзеленых ім мясцовасцях. Яны займаюцца апрацоўкай зямлі, як гэта робіцца і ў нас, а таксама возяць тавары. Размаўляюць на татарскай мове. Вызнаюць Магамета і сарацынскае вучэнне.

Себасцян Мюнстэр. Касмаграфія (урывак)[14]

Масковія — краіна вялізная, сталіца ў ёй завецца Моска або Москва. Яна ляжыць на рацэ Маскве і мае чатырнаццаць міль у акружнасці. Тут не ўжываюць чаканнага срэбра. Пасярод галоўнай плошчы знаходзіцца квадратны камень, i калі хто ўзбіраецца на гэты камень, і не ўдаецца сілаю скінуць яго адтуль, той атрымлівае першынства ў горадзе. Пры ўзыходжанні на гэтае месца і пры скіданні з яго ідзе зацятая барацьба паміж тутэйшымі жыхарамі, і часта гараджане нават ваююць за гэта між сабою.

Царскі тытул для народа нязвычны. Ахвотней яны карыстаюцца тытулам князя, бо ён з’яўляецца больш паспалітым. Той, хто там знаходзіцца пры ўладзе, завецца князем, які кіруе ўсім народам. Яго шапка крыху вышэйшая, чым у іншых вяльможаў, нічым не адрозніваючыся ў астатнім ад іншых.

Паводле даўняга звычаю, жанчыны носяць у вушах каштоўныя камяні і пярліны. Упрыгожвацца ўласціва і мужчынам, але яшчэ маладым. Тая, што выйдзе замуж другі раз, лічыцца дастаткова цнатлівай, але ад той, што тройчы выйшла замуж, адмаўляюцца гэтак жа, як ад распуснай, бо гэта аднолькава лічыцца ганьбаю і для мужчын.

Дзяўчаты адпускаюць валасы за спінаю, але замужнія старанна іх хаваюць. Мужчыны састрыгаюць валасы над вушамі, бо лічыцца сорамам для гэтага полу любы клопат аб валасах.

Увесь народ схільны да Венеры і вельмі шмат п’е: апошняе лічыцца пахвальным, першае разглядаюць як дазволенае, толькі б удалося гэта зрабіць без усялякай шкоды для шлюбу.

Прытрымліваюцца грэцкага веравызнання: аднолькавыя маюць абрады ў кульце і такое ж шанаванне святых.


[1] Schmidt E. Deutsche Volkskunde im Zeitalter des Humanismusund der Reformation. Berlin, 1904, p. 146.
[2] Vogel K.A. Cultural Variety in a Renaissance Perspective: JohannesBoemus on „The manners, Laws and Customs of all People” (1520)in: Shifting Cultures: interaction and discourse in the expansionof Europe / by Henriette Bugge et Joan Pau Rubies — Münster,1995, p. 17.
[3] Allgemeine Deutsche Biographie. Münnchen, 1875-1912. Bd. 3.S. 30. Некаторыя дадзеныя аспрэчваюцца сучаснымі даследаваннямі.
[4] Гэты фрагмент даецца ніжэй.
[5] Описание Литвы, Самогитии, Руссии и Московии Себастиана Мюнстера (XVI века) // Журнал министерства народного просвещения. Ч. 211, отд. 2. 1880. С. 80.
[6] Schmidt E. Deutsche Volkskunde im Zeitalter des Humanismusund der Reformation. Berlin, 1904.
[7] Hodgen M.T. Earli Anthropology in the sixteenth and SeventeenthCenturies. Philadelphia, 1964.
[8] Vogel K.A. Cultural Variety in a Renaissance Perspective: JohannesBoemus on “The manners, Laws and Customs of all People” (1520)// Shifting Cultures: interaction and discourse in the expansionof Europe / by Henriette Bugge et Joan Pau Rubies. Münster,1995.
[9] Мыльников А.С. Картина славянского мира: взгляд из Восточной Европы. = The picture of the Slavic world: the view from theEastern Europe: Этногенетические легенды, догадки, протогипотезы XVI – начала XVIII в. С.-Петербург, 2000. С. 186-187.
[10] Белы А. Хроніка Белай Русі = Chronicon Russiae Albae: Нарысгісторыі адной геаграфічнай назвы. Мінск, 2000. С. 130.
[11] Тэкст перакладу прыводзіцца паводле лацінскага тэксту выдання: Меховский М. Трактат о двух Сарматиях. Москва — Ленинград, 1936. С. 172-173.
[12] Лацінскі тэкст твора Энея Сільвія Пікаломіні, паводле якога зроблены пераклад, узяты з дадатку да “Сусветнай хронікі” Г. Шэдэля: Schedel H. Liber chronicarum. Nürnnberg, 1493. f. 280b.
[13] Тэкст прыводзицца паводле выданні 1556 г. (Lugduni: apud Ioannem Tornaesium et Gul. Gazeium).
[14] Пераклад зроблены паводле фрагмента з выдання „Касмаграфіі” С. Мюнстэра 1552 г., прыведзенага ў: Описание Литвы, Самогитии, Руссии и Московии Себастиана Мюнстера // Журнал министерства народного просвещения. Ч. 211, отд. 2, 1880. С. 80.

Наверх

Генадзь Сагановіч. Інструкцыя паслам Ашмянскага павета на канвакацыйны сойм 1632 г.

Снежня 23, 2007 |


Публікаваная інструкцыя ашмянскага сойміка ўяўляецца цікавай крыніцай, якая адлюстравала палітычныя настроі i пазіцыі шляхты ВКЛ у часе міжкаралеўя (interregnum), якое ўсталявалася пасля смерці Жыгімонта ІІІ (30.04.1632). Тагачасная міжнародная сітуацыя і становішча ўнутры Рэчы Паспалітай напярэдадні канвакацыйнага сойма, а таксама падрыхтоўка і правядзенне абодвух соймаў 1632 г. вычарпальна апісаныя ў спецыяльным даследаванні[1], што дазваляе мне абмежавацца толькі некаторымі аспектамі, звязанымі з умовамі паўставання і зместам гэтага дакумента.

Адразу пасля смерці караля першачарговыя пытанні дзяржаўнай важнасці разглядаліся на скліканай прымасам i гнезненскім біскупам Янам Вэнжыкам таемнай нарадзе сената ў Варшаве, у якой бралі ўдзел і пяць сенатараў ВКЛ (Леў Сапега, Аляксандр Гасеўскі, Мікалай Кішка, Альбрыхт Станіслаў Радзівіл і Павел Стэфан Сапега). Праведзеная паміж 3 і 9 траўня 1632 г.[2], яна прызначыла канвакацыйны сойм на 22 чэрвеня, а перадканвакацыйныя павятовыя соймікі — на 3 чэрвеня таго ж года[3]. Між тым у Вільні, хоць там ужо праз некалькі дзён было вядома пра варшаўскую нараду ды яе пастановы, з ініцыятывы Крыштафа Радзівіла прысутныя сенатары, дэпутаты Трыбунала ВКЛ і шляхта сабраліся 15 траўня на свой з’езд для абмеркавання шляхоў утрымання ўнутранай і знешняй бяспекі, а таксама іншых пільных спраў, звязаных з перыядам бескаралеўя.

Пастановай Віленскай канвакацыі[4], упісанай у гродскія кнігі сталіцы і ў выглядзе выпісу развезенай дэпутатамі па паветах ды ваяводствах, на час новага міжкаралеўя ўзнаўляўся каптур ВКЛ (комплекс артыкулаў з 1587 г. па ўтрыманні парадку), а на 14 чэрвеня — за 8 дзён да канвакацыйнага сойма — прызначаўся Слонімскі генеральны з’езд (пра які нават не згадваў у сваім універсале прымас). Апошняму, пры гэтым, як і павятовым соймікам, пакідалася права ўносіць змены ў пункты, датычныя судоў, дэкларавалася патрэба выпраўлення (карэктуры) Статута і Трыбунала ВКЛ, што выходзіла за рамкі міжкаралеўя, а ўсялякія новаўвядзенні, датычныя выбару манарха, адмаўляліся. Справу бяспекі дзяржавы віленская нарада, быццам ігнаруючы варшаўскую пастанову, даручала гетманам, але паколькі Леў Сапега на ёй не прысутнічаў, то, па сутнасці, гэтая місія перадавалася палявому гетману Крыштафу Радзівілу[5]. Шляхта ВКЛ была закліканая рыхтавацца да паспалітага рушання.

Асаблівасць гэтай канвакацыі палягала на тым, што яна прайшла перад павятовымі соймікамі, а не пасля іх, як звычайна, і праводзілася без ведама ды згоды гнезненскага арцыбіскупа і сенатараў, што фармальна пярэчыла Люблінскаму акту аб адзінстве Кароны і ВКЛ. Гэтым абураліся непрысутныя ў Вільні сенатары[6], асабліва віленскі ваявода і вялікі гетман Леў Сапега ды падканцлер Павел Стэфан Сапега, якія лічылі, што рашэнні рады будуць супярэчыць праву[7]. Нягледзячы, аднак, на пратэсты Сапегаў, пункты Віленскай канвакацыі былі прынятыя пазней Галоўным з’ездам, праведзеным у Слоніме 14 чэрвеня 1632 г.

Прымас Ян Вэнжык у высланым на соймікі універсале вызначыў для варшаўскай канвакацыі задачы, блізкія да тых, якія вырашалі звычайныя соймы[8], хоць у кампетэнцыі канвакацыйнага сойма ўваходзіла толькі вызначэнне тэрміну і месца элекцыі, а таксама пытанні бяспекі яе правядзення[9]. Нетрадыцыйная ўстаноўка прымаса вымусіла шляхту вызначаць сваё стаўленне да яго пастулатаў, што заняло нямала месца ў пасольскіх інструкцыях.

У канцы перыяду падрыхтоўкі соймікаў, на пачатку чэрвеня, з канцылярыі палявога гетмана Крыштафа Радзівіла давераным людзям у паветах былі разасланыя лісты з пастулатамі, якія князь хацеў бачыць у соймікавых інструкцыях[10]. Як потым выявілася, пазіцыі павятовай шляхты і так амаль не разыходзіліся з пажаданнямі Радзівіла.

Перадканвакацыйныя павятовыя соймікі, як і прадугледжвалася ў універсале прымаса, адбываліся 3 чэрвеня 1632 г. (хоць берасцейская і вількамірская інструкцыі датаваныя 4, а троцкая — нават 5 чэрвеня). З агульнай колькасці 24 паветаў ВКЛ на сёння вядомы інструкцыі, выдадзеныя 14 соймікамі: ашмянская, браслаўская, берасцейская, ваўкавыская, віленская, вількамірская, віцебская, лідская, наваградская, пінская, слонімская, смаленская, старадубская і троцкая.

Ашмянскі соймік, абрадамі якога кіраваў падканцлер Павел Стэфан Сапега, прайшоў у прызначаны дзень, абраў на канвакацыю двух паслоў — чашніка ВКЛ Крыштафа Кішку і ашмянскага падкаморага Адама Саковіча — і выдаў ім адпаведную інструкцыю. Пастанова ашмянскага сойміка параўнальна сціслая па аб’ёме. Не супастаўляючы яе з пазнейшымі даручэннямі паслам[11], адзначу, што і многія з тых інструкцый, якія прымаліся соймікамі ВКЛ у той жа дзень, былі намнога даўжэйшыя (напрыклад, пінская, смаленская, a вількамірская наогул утрая большая за ашмянскую[12]).

Калі параўноўваць дакумент з тыповай структурай соймікавых інструкцый[13], то трэба адзначыць, што і кампазіцыйна ён не зусім звычайны. Так, кранаючы толькі агульнадзяржаўныя справы, гэтая інструкцыя не ўтрымлівае аніякіх Petitia — дробных просьбаў лакальнага характару[14], а пасля заключнай чацвёртай часткі (абавязання паслоў абмежавацца тым, на што іх упаўнаважвае інструкцыя) фармулюецца яшчэ адзін канкрэтны пастулат, датычны лёсу судовых дэкрэтаў, распачатых пасля смерці Жыгімонта ІІІ Вазы.

На пачатку інструкцыя даручае паслам выказаць спачуванне каралевічам, падзякаваць арцыбіскупу за своечасовае інфармаванне пра смерць караля і скліканне канвакацыі ды соймікаў, прыпамінаючы пры гэтым, каб Галоўны з’езд у Слоніме і ў будучыні не быў занядбаны.

У стаўленні да прапаноў прымаса шляхта Рэчы Паспалітай, як вядома, раздзялілася. Частка соймікаў ВКЛ, як і каронных, выказала жаданні, каб апрача традыцыйных функцый канвакацыя ўзяла на сябе дадатковыя задачы, як таго і хацеў прымас (падрыхтоўку экзарбітанцыі і пактаў канвентаў), іншыя засталіся праціўнікамі новаўвядзенняў. Так, калі ў інструкцыях вількамірскага[15] і пінскага[16] паветаў выказвалася згода на выпрацоўку новых спосабаў выбару караля, а Смаленскі павет[17] указваў на мэтазгоднасць правядзення элекцыі па прынцыпах, распрацаваных Янам Замойскім, то ваўкавыскае[18] і наваградскае рыцарства[19] дэманстравала вернасць традыцыі. Салідарнай з ім аказалася і ашмянская шляхта, якая выразна не пагаджалася з пастулатамі прымаса, агаварыўшы пры гэтым, што на выпадак паўстання пытанняў, якія належаць да кампетэнцый элекцыйнага сойма, паслы „не маюць права прымаць ніякіх рашэнняў”, а павінны прывезці іх для разгляду на свой соймік. Яна не ўключыла ў інструкцыю ніякіх пастулатаў, датычных тэрміну і месца правядзення элекцыйнага сойма. Такое дыстанцыяванне ад пытанняў будучай элекцыі, непрыманне ўстановак на змену спосабу выбару новага манарха можна разумець як сведчанне глыбокай прывязанасці да традыцый дзяржаўнага ладу ў свядомасці шляхты.

Адной з асаблівасцяў гэтай інструкцыі можна лічыць тое, што ў ёй цалкам абмінута веравызнаўчая праблема, адна з найбольш актуальных на соймікавых дыскусіях таго часу. Як вядома, большасць соймікаў ВКЛ, асаб ліва ўсходніх і паўночных паветаў Беларусі (але не толькі[20]), выказала падтрымку праваслаўным падданым — патрабавала „заспакаення грэцкай рэлігіі”. Ашмянскі ж соймік наогул не ўзняў такой праблемы, што, магчыма, было абумоўлена прыкладам віленскай нарады, якая таксама абмінула справы веры, — відаць, у выніку дамоўленасці гетмана Крыштафа Радзівіла з віленскім біскупам Абраамам Войнам[21]. Пра тое, што пры складанні пунктаў паслам у якасці падставы разглядаліся пастановы віленскай канвакацыі, сведчаць неаднаразовыя згадкі віленскага акта (Skript Wilenski). Тым не менш, шэраг яго пунктаў быў папросту прапушчаны ашмянскім соймікам, у тым ліку пытанне дапрацоўкі законаў (Correctura prawa), якое засталося ў большасці іншых вядомых інструкцый. Праўдападобна, сваю ролю ў гэтым адыграла пазіцыя кіраўніка абрадаў падканцлера ВКЛ, які, як адзначалася вышэй, ставіў пад сумненне легітымнасць пастаноў віленскага з’езда.

Перыяд міжкаралеўя актуалізаваў даўно разгляданую на соймах справу „кампазіцыі з духоўным станам”—канстытуцыі для ўрэгулявання маёмасных адносінаў паміж шляхтай і духавенствам ды стварэнне адмысловых судоў для гэтай мэты. І хоць пастулаты, звязаныя з Compositio inter Status, як сцвярджае Ян Дзеньгелеўскі, утрымлівае большасць інструкцый чэрвеньскіх соймікаў ВКЛ[22], ашмянская не кранае і гэтай праблемы.

Найбольшы клопат ашмянскага рыцарства выклікала ўнутраная і знешняя бяспека дзяржавы. Датычна ўнутранай сітуацыі шляхта прапанавала абмежаваць тэрмін правядзення канвакацыі двума тыднямі і ўзнавіць (рэасумаваць) на ёй каптуровы суд, што было амаль агульным пастулатам для ўсіх іншых соймікаў (у ВКЛ — смаленскі, наваградскі, вількамірскі і інш.).

Шырэй разгледжаны спосабы ўтрымання знешняй бяспекі, у святле якой у якасці першага і натур альнага захаду фігуруе патрабаванне ўмацаваць замкі — сталічны i на ўсходніх межах ВКЛ. Уздымаючы пытанне найму жаўнераў, інструкцыя наказвае гетманам трымаць іх на межах з непрыяцелем, а не на ўнутраных землях дзяржавы. Што ж да паспалітага рушання, да якога заклікала шляхту віленская нарада, то яно ніяк не ўпамінаецца. Затое шмат увагі аддадзена „свавольным купам”, якія былі страшэннай бядой шляхецкіх маёнткаў з памятных часоў Смуты, а таксама ўключана перасцярога супраць чужаземцаў пры двары і ў войску.

У адрозненне ад рэкамендацыі віленскай нарады і пастулатаў многіх іншых паветаў ВКЛ, якія падтрымалі яе, шляхта, сабраная ў Ашмяне, не выказалася за неабходнасць высылкі паслоў да маскоўскага цара і шведскага караля[23]. А кранаючы фінансавы бок абароны, ашмянскае рыцарства, як і большасць шляхты Рэчы Паспалітай, заявіла, што на магчымую вайну павінна хапіць сродкаў, ухваленых на папярэднім сойме. У сапраўднасці ВКЛ, на плячах якога мусіла трымацца абарона ўсёй усходняй мяжы, на згаданым сойме 1632 г. — апошнім, праведзеным пры жыцці Жыгімонта ІІІ, дэкларавала падаткі на 4500 найманых жаўнераў, тады як усе сілы Рэчы Паспалітай у чэрвені таго года маглі налічваць каля 18 000. Як бачым, яны не складалі і паловы тых 40 000 войска, якія Леў Сапега лічыў дастатковымі для паспяховага супрацьдзеяння Расіі[24]. Між тым, Масква ўжо некалькі гадоў рыхтавалася да вайны[25], папаўняючы армію наймітамі, вербаванымі ў краінах Заходняй Еўропы. Рашэнне аб развязванні агрэсіі супраць Рэчы Паспалітай было прынятае царом і баярамі яшчэ ў 1631 г., пра што ведалі і ў Варшаве, і ў Вільні, і затрымку яе пачатку да канца лета 1632 г. абумовіла ў асноўным толькі недастатковая падрыхтаванасць Маскоўскай дзяржавы[26]. Ваенны саюз са Швецыяй, дэталі якога абмяркоўваліся пачынаючы з 1630 г., рабіў намеры Масквы асабліва небяспечнымі. Так, у адпаведнасці з дамоваю атакаваць Рэч Паспалітую з двух бакоў, Масква ўзгадняла з Густавам Адольфам план „праведного и доброго раздела и рубежи с поляками по достоинству и по удобности ц. в-ва”, які яны меліся ажыццявіць пры паспяховым завяршэнні вайны. Расія збіралася анексаваць землі Беларусі з Севершчынай і Чарнігаўшчынай, а Вільню саступала Швецыі, якая разлічвала на польскае Памор’е[27]. Згодна з разлікамі Крыштафа Радзівіла, на сярэдзіну траўня 1632 г. Масква ўжо дыспанавала 62-тысячнай арміяй[28]. Вынікі гэтай добра падрыхтаванай вайны маглі быць вельмі драматычныя, калі б не смерць Густава Адольфа і хуткае абранне каралём Уладыслава ІV, якія змянілі яе ход. Так што ў той сітуацыі рыцарства Рэчы Паспалітай, у тым ліку ашмянскае, прадэманстравала проста недаравальную бяспечнасць[29].

Пра гэтую асаблівасць пазіцыі шляхты ўжо неаднакроць выказваліся даследчыкі. Качароўскі назваў яе традыцыяналізмам, што выяўляўся ў вяртанні да старых формаў і спосабаў вырашэння фінансавых і абарончых пытанняў[30]. Крыгсайсэн у падобным падыходзе да спраў абароны справядліва бачыў недахоп кампетентнасці шляхецкага стану[31]. Незалежна ад тлумачэння такой пазіцыі нежаданне прымаць новыя падаткі на абарону і войска, або нават імкненне скараціць іх перад абліччам пэўнай агрэсіі з боку Масквы межавала са злачыннай абыякавасцю да лёсаў дзяржавы.

Публікуючы ашмянскую інструкцыю, нельга не згадаць пра некаторыя разыходжанні ў поглядах даследчыкаў на месца ашмянскага сойміка ў ерархіі значнасці павятовых соймікаў ВКЛ. Як у Кароне, так і ў ВКЛ значэнне соймікаў у розныя часы мянялася і залежала галоўным чынам ад удзелу ў іх найбольш уплывовай магнатэрыі[32]. Як вядома, у найноўшых працах па гісторыі парламентарызму першая роля ў ВКЛ ХVІІ ст. адводзіцца сталічнаму віленскаму[33] (хоць, згодна з меркаваннем Генрыка Віснэра, галоўным па значнасці ў ВКЛ трэба б лічыць наваградскі соймік[34]), і толькі пазней Вільня страціла гэтае першынства на карысць Ашмянаў. Тое, што ашмянскі соймік меў найбольшы аўтарытэт у Віленскім ваяводстве і ў ВКЛ, не без падстаў адзначаў Войцех Крыгсайсэн[35], праўда, гэта стала рэальнасцю толькі ў канцы ХVІІ ст. і было звязана з паспяховай барацьбой рэспубліканцаў супраць алігархіі Сапегаў[36]. Параўнанне зместу публікаванай інструкцыі з пастановай віленскага ці вількамірскага сойміка сведчыць хутчэй пра тое, што тады ашмянскаму сойміку сапраўды яшчэ далёка было да першай ролі.

Дакумент публікуецца паводле копіі, якая захоўваецца ў Галоўным архіве старажытных актаў (AGAD) у Варшаве[37]. Традыцыі археаграфічнага выдання польскамоўных крыніц у Беларусі яшчэ няма, таму тэкст падрыхтаваны да друку з улікам асноўных патрабаванняў польскіх інструкцый для публікацый гістарычных крыніц[38], але з многімі адступленнямі. Замест мадэрнізацыі, пастуляванай згаданымі рэкамендацыямі, больш мэтазгодным уяўлялася максімальна наблізіць пуб лікацыю да арыгінала, каб паўней захаваць асаблівасці мовы крыніцы. Не выпраўляліся археаграфічныя памылкі і не правіліся розныя варыянты пісання. У прыватнасці, пакінута альтэрнатыўнае напісанне „y”, j”, „і”, а таксама „u”, „v” i „w”. Вялікія літары захаваны не толькі ў тытулатуры (KJM — Król Jego Miłość, JM PP — Ich Miłości Panowie), але і ў іншых словах, — як у арыгінале, лацінскія словы захаваны ў адпаведнасці з іх напісаннем у рукапісе, толькі вылучаны курсівам. У тэкст месцамі (дзе гэта істотна для разумення сэнсу) уведзены знакі прыпынку. Скарочаныя літары пад цітламі адноўлены і пададзены ў квадратных дужках. Кропкі ў квадратных дужках азначаюць часткі слова ці літары, якія не ўдалося рэканструяваць, а знак „?” — месцы, прачытанне якіх уяўляецца няпэўным. Канцы аркушаў пазначаны знакам ||..

Jnstructia

od nas osob na podpisach wyrazonych z Seymiku Osmianskiego w Roku teraznieyszym 1632 Miesca Czerwca 3 d. Jch Mcm PP Posіom JeMsci Panu Krzysztophowi Kiszce Czasznikowi WXLitt a JeMcs P. Adamowi Sakowiczowi Podkomorzemu oszmianskiemu.

Stawiwszy sie JM PP Poslowie naszy wpoysrzodek Stanow na Conuocatiia zgromadzonych co na ozdobnieyszemi słowy maią opowiedzieć to z wielkim żalem nam wiernym Poddanym o smierci JKM PNM Inotestentia przyiąc przyszło, abowiem kozdy z nas Clementiam KJM et benegnitatem nie pamietywaiąc cieszko litować musi, tak prędkieº zeyscia Pana swego.

Potym Naywielebnieyszemu w Bodze JM Xiedzu Arcibiskupowi Gnieznienskiemu podziękować ze niedetarduiąc czasu przy oznaymieniu o smierci KJM Seymiki takze y Conuocatiązіozyc raczył y to przypomniec, aby in posterum Ziazd Słonimski był składany.

Na poczantku Consultatii starac sie zeby tey Conuocatiey dzien pewny Concluziy namowiony był, a dla pewnych respectow dlużey nad niedziel dwie aby nie trwała. A iz pod ten czas smierci KJM Sandy ustały, potrzebuiemy aby hoc tempore Interregni Kaptur po smierci Swiętobliwey pamięci K[róla] Stephana w Roku 1587 d[ie] 29 January w Miescie Wilenskim postanowiony y do act roznych Grodow WXLit podany, był na tey Conuocatii reassumowany.

Opatrzenie Zamku Wilenskiego y inszych, a zwlaszcza Ukrainnych aby do Executii przywiedziono było, i zeby PP Woiewodowie, Starostowie na Zamkach pogranicznych residowali.

O dalszey obronie granic, pohamowanie Kup swowolnych у inszych punktach w Skripcie Wilenskim pomienionych, iz Conuocatie i bliski czas nastкpuie, maią JM PP Poslowie naszy o tym wszytkim ze wszytkiemy Stany oboyga narodow zgodnie namawiac strzegąc tego, poniewaz z przeszłego Seymu podatki pienięzne tak w Coronie jako y WXL pozwolone iuz do Skarbu R.P. wnoszą, Aby JM PP Hetmani stosuiąc sie do Skriptu o zaciągach Zołnierskich in Archiwum | | [a.2] na przeszłym Seymie podanego, więcey długow na R[ecz] P[ospolita] nie zaciągali y Zołnierza aby nie Inuc(i?)sieribus Regni ale na granicach mieli, apriuata Autoritate bez listow przypowiednych aby sie zaden Chorągwi podnosic, Kup zawodzic nie ważył sup paenis legum. O co z tymi, od kturych by sie krzywda jaka kolwiek komu tez kolwiek stała, u Sandu Kapturoweº forum ma byc naznaczone.

Іn pactis Conuentus takze y w poslednieyszych Constitutiach warowano to iest, iz Krolowie JM Polscy etiam […]ream Custodiam Corporis Cudzoziemcow na dworach swych chowac nie maią, a teraz iako u dworu Krolestwa JM, tak y w Woyskach bardzo wiele się ich zagęsciło. Co iz iest zawsze osobliwie tempore Interregni nocium, pilnie sie tego domawiac, aby ci rozpuszczeni, a drudzy zaciągnieni nie byli.

A co kolwiek JM Xiądz Arcibiskup w tymze Scripcie swym dotknał tego, aby na tey Conuocatiey modulus Electionis y to coby do poprawy rzandu y praw przyszłemu Panu podac miało, namawiac sie mogło, nie zda sie nam w tey mierze dawnych ustępowac zwyczaiow, gdyz naprawa praw y potwierdzenie onych przy samey Electiey odprawować zwykło. Jednak jesliby sie JM s drudzy chcieli koіo tego umawiaę, albo na jakie Contributie у insze onera zezwolac, JM PP Posly naszy na propositiia tego punctu nie maią teraz zadney Concluzii czynic, ale do nas Braci swey na przyszłe da Pan Bog Seymiki przed Electiią wziąc i fideliter referowac nam będą powinni. A my obiecuiemy у upewniamy, iz poradziwszy sie w tey Oyczyznie y całosci oney zarowno ze wszytkiemi Jch Mosciami zachowuiąc ile sie godzi poczciwey Braci jako przyszłey da Pan Bog fortunney y porządnie złozoney Electiey poparciu praw, Swobod y Wolnosci naszych dopomogac chcemy.

W kturym to tym ostatnim Punkcie Limitatam JM PP Poslom daiemy potestatem fede et honore Jch M[iłosciom], obliguiąc zeby supra mentem nostram nic stanowic więcey na tey Conuocatiey nie wazyli.

Iz po zeysciu z tego swiata swiętobliwey pamięci KJM Pana naszego za nieprędkim doniesieniem Inotestentiey od Naywielebnieyszeo JM Xiędza Arcibiskupa Gnieznienskieº Sąndy Głowne Trybunalne y w ynszych nizszych Subsiliach sie odprawowaіy, tedy domawiac sie tego JM PP Poslowie maią, aby wszytkie Decreta, | | [a.3] zeznania y insze processa autoritate teraznieyszey Conuocatiey approbowane były, wyiawszy te dekreta, ktoreby Incontumatiam wniestanu (?) strony przeciwney otrzymane byli po smierci KJM, te zadney wagi miec nie maią.

Paweł Sapieha Podkanclerzy Wielkieº Xa Littº


[1] Kaczorowski W. Sejmy konwokacyjny i elekcyjny w okresie biezkrólewia 1632 r. Opole, 1986.
[2] Kaczorowski W. Sejmy konwokacyjny i elekcyjny… S. 31—32, 43.Генрык Віснэр лічыць больш праўдападобным, што ўхвалы былі прынятыя сенатам 7 траўня. Гл.: Wisner H. Litwa po zgonie Zygmunta III. Od zjazdu wileńskiego do konwokacji warszawskiej // Rocznik Białostocki. T.XV. Warszawa, 1981. S. 46.
[3] Гл. пасланне прымаса: Volumina Legum. T. III. Petersburg, 1859.S. 343-344.
[4] Archiwum Główne Akt Dawnych. Archiwum Radziwiłłów. Dział. II (далей — AGAD, AR II), nr. 1040.
[5] Wisner H. Litwa po zgonie Zygmunta III. S. 48.
[6] Radziwiłł A. S. Pamiętnik o dziejach w Polsce. Przełożyli i opracowaliA. Przyboś i R. Żelewski. T. 1. Warszawa, 1980. S. 117.
[7] Wisner H. Litwa po zgonie Zygmunta III… S. 50, 51.
[8] Volumina Legum. T. III. S. 344; Kaczorowski W. Sejmy konwokacyjny i elekcyjny… S. 57.
[9] Historia Sejmu polskiego. T.1. Do schyłku szlacheckiej Rzeczypospolitej. Pod red. J. Michalskiego. Warszawa, 1984.S. 206-207; Bardach J., Leśnodorski B., Pietrzak M. Historia ustroju i prawa polskiego. Wyd. 4. Warszawa, 1998. S. 216.
[10] Wisner H. Litwa po zgonie Zygmunta III… S. 57.
[11] Прыкладам, інструкцыя Кракаўскага ваяводства на канвакацыйны сойм 1688 г. утрымлівала 97 пунктаў! Гл.: Kriegseisen W.Sejmiki Rzeczypospolitej szlacheckiej w XVII i XVIII w. Warszawa,1991. S. 83.
[12] AGAD, AR II, nr. 1050.
[13] Zakrzewski A. B. Sejmiki Wielkiego Księstwa Litewskiego XVI —XVIII wieku. UstrójiI funkcjowanie: sejmik trocki. Warszawa, 2000.S. 122.
[14] У літаратуры прадмета адзначаецца, што ўключэнне ў інструкцыі пытанняў лакальнага характару пачало нарастаць толькі ў канцы ХVІІ ст. Гл.: Kriegseisen W. Sejmiki Rzeczypospolitej szlacheckiej… S. 84.
[15] Інструкцыя Вількамірскага павета, AGAD, AR II, nr. 1085.
[16] Інструкцыя Пінскага павета, AGAD, AR II, nr. 1086; РНБ АРФ. 971 (АД). №127-43.
[17] Інструкцыя Смаленскага павета, Расійская нацыянальнаябібліятэка, Аддзел рукапісаў, фонд 971 (Аўтографы Дуброўскага)(далей — РНБ, АР, Ф. 971). №152-52.
[18] Інструкцыя Ваўкавыскага павета, AGAD, AR II, nr. 1088.
[19] Інструкцыя Наваградскага павета, AGAD, AR II, nr. 1089.
[20] Гл., напрыклад, інструкцыі берасцейскага (РНБ, АР, Ф.971,№127 — 6), вількамірскага (AGAD, AR II, nr. 1085) і троцкага(AGAD, AR II, nr. 1084) паветаў.
[21] Wisner H. Litwa po zgonie Zygmunta III… S. 48.
[22] Dzięgielewski J. Sprawa compositio inter status w latach 1632—1635 // Kwartalnik Historyczny. 1983. Nr. 1. S. 81-82.
[23] Хоць, паводле У. Качароўскага, неабходнасць высылкі паслоўу Маскву і Швецыю мелі падкрэсліць інструкцыі ўсіх соймікаў(гл. Kaczorowski W. Sejmy konwokacyjny i elekcyjny… S. 65), у ашмянскай пра гэта нават не згадваецца.
[24] Kaczorowski W. Sejmy konwokacyjny i elekcyjny… S. 36.
[25] Поршнев Б. Тридцатилетняя война и вступление в нее Швеции и Московского государства. Москва, 1976. С. 217—329; Godziszewski W.Polska a Moskwa za Władysława IV. Kraków, 1930. S. 9; Wisner H. Dyplomacja polska w latach 1572—1648 // Historia dyplomacjipolskiej 1572-1795. Pod red. Z. Wójcika. T. 2. Warszawa, 1982.S. 56-70.
[26] Поршнев Б. Политические отношения Западной и Восточной Европы в эпоху Тридцатилетней войны // Вопросы истории.1960. № 10. С. 68; ён жа. Тридцатилетняя война… С. 280.
[27] Поршнев Б. Тридцатилетняя война… С. 319; Seredyka J.Rzeczpospolita w ostatnich latach panowania Zygmunta III (1929-1632). Zarys wewnętrznych dziejów politycznych. Opole, 1978.S.160.
[28] Wisner H. Litwa po zgonie Zygmunta III… S. 49; Kaczorowski W.Sejmy konwokacyjny i elekcyjny… S. 27.
[29] У гэтай сувязі пэўным непаразуменнем выглядае сцвярджэнне Б. Поршнева, быццам у Рэчы Паспалітай ад пачатку 1631 г. неперапынялася ваенная падрыхтоўка супраць Маскоўскай дзяржавы (гл.: Поршнев Б. Тридцатилетняя война… С. 288).
[30] Kaczorowski W. Sejmy konwokacyjny i elekcyjny… S. 66.
[31] Kriegseisen W. Sejmiki Rzeczypospolitej szlacheckiej w XVII iXVIII w. S. 82.
[32] Пар.: Paradowski P. Ze stanu badań nad sejmikami doby Wazów ze szczególnym uwzględnieniem panowania Władysława W // Z badań nad Rzeczpospolitą w czasach nowożytnych. Pod red. K. Matwijowskiego. Wrocław, 2001. S. 32.
[33] Rachuba A. Wielkie Księstwo Litewskie w systemie parlamentarnym Rzeczypospolitej w latach 1569 – 1763. Warszawa, 2002.S. 98.
[34] Wisner H. Przedsejmowy sejmik nowogrodzki w latach 1607 —1648 // Przegląd Historyczny. T. LXIX (1978). Z. 4. S. 678.
[35] Kriegseisen W. Sejmiki Rzeczypospolitej szlacheckiej w XVII iXVIII w. S. 27.
[36] Rachuba A. Wielkie Księstwo Litewskie w systemie parlamentarnym. S. 99.
[37] AGAD, AR Dz II nr. 1045.
[38] Instrukcja wydawnicza dla źródeł historycznych od XVI w. dopoі. XIX w. Ed. K. Lepszy. Wrocław, 1953; Zasady wydawania tekstów staropolskich. Projekt. Oprac. J. Woronczak. Wrocław,Ossolinskich, 1955.

Наверх

Akty cechów wileńskich 1495–1759. Poznań, 2006 ( Марцэлі Косман)

Снежня 12, 2007 |


Akty cechów wileńskich 1495-1759. Zebrał i przygotował do druku HENRYK ŁOWMIAŃSKI przy współudziale MARII ŁOWMIAŃSKIEJ i STANISŁAWA KOŚCIAŁKOWSKIEGO. Przedmową i skorowidzami opatrzył Jan Jurkiewicz. Wydawnictwo Poznańskie, Poznań 2006. — 493 + 320 s.

У верасні 1939 г. скончылася дзейнасць добра развітага ў міжваенным часе віленскага гістарычнага асяроддзя, засяроджанага вакол універсітэта Стэфана Баторыя і Таварыства Прыяцеляў Навук, а таксама аднаго з найлепшых гістарычных часопісаў таго часу „Ateneum Wileńskiego”. Восень таго года азначала канец нармальных заняткаў, абмежаванне доступу да бібліятэк, a неўзабаве і поўны адрыў ад навуковых варштатаў, у тым ліку спыненне друку не адной кніжкі[1]. Пасля вайны ў сталіцы савецкай Літвы ўсталяваўся развіты цяпер новы даследчыцкі асяродак, які наследаваў традыцыі універсітэта Вітаўта Вялікага, але чэрпаў і з даробку міжваеннага віленскага цэнтра. Даследаванні ВКЛ сталі ўсё актыўней весціся і ў Мінску, а польскія гісторыкі раскідаліся па свеце, над Віслай, Вартай і Одэрам пачынаючы ў асноўным новыя даследчыцкія тэмы[2]. З часам атрымалася збліжэнне гістарычных асяродкаў краін, што з’явіліся на абшарах першай Рэчы Паспалітай, звярнуліся і да міжваенных напрацовак, у тым ліку да прац, якія засталіся ў рукапісе або друк якіх перарваўся на стадыі карэктуры. А многія з іх, нягледзячы на час, захавалі сваю каштоўнасць, асабліва працы аўтара фундаментальных штудыяў пра пачаткі Вялікага Княства[3].

Набліжаецца чвэрць стагоддзя пасля трагічнай смерці тагачаснага нестара польскіх гісторыкаў Генрыха Лаўмяньскага (верасень 1984 г.), а ўсё выходзяць яго чарговыя працы, пачынаючы ад апошняга тома фундаментальнай сінтэзы[4]. Aўтар яшчэ паспеў падрыхтаваць працаёмкія індэксы і вычытаць карэктуру. Пасля некалькіх гадоў том яго даследаванняў па гісторыі Літвы, Прусіі і Нямецкага ордэна быў апублікаваны ў вядомай серыі „Kласікі гістарыяграфіі”[5]. У дзесятую гадавіну яго смерці Познаньскі універсітэт імя Адама Міцкевіча — другая пасля віленскай Alma mater медыявіста — арганізаваў навуковую канферэнцыю, прысвечаную жыццю і творчасці аўтара „Пачаткаў Польшчы”, пад час якой спецыяльна разглядалася частка яго спадчыны, пакінутая ў рукапісах. У артыкуле на гэтую тэму гаварылася пра шэраг рукапісаў[6], некаторыя з якіх ужо апублікаваныя. Аднак не згадваліся Aktу cechów wileńskich, i ў пэўным сэнсе слушна[7], бо гэтая вялікая праца была ў 1939 г. апублікавана, хоць яна і не дайшла да рук чытачоў[8]. Затое на той жа канферэнцыі шмат увагі гэтаму выданню аддаў віленскі даследчык Зігмантас Кяўпа: „Справа Aktów cechów wileńskich застаецца не да канца высветленай, а дакладней не ўдакументаванай. Гэта крыніцазнаўчае выданне, што імпануе як аб’ёмам, так і найвышэйшым узроўнем рэдактуры. У 1-м томе на 493 старонках змешчана 487 пазіцый з перыяду 1495-1700 г., а ў 2-м томе на 200 старонках — 344 пазіцыі з 1701-1759 г. У выданне ўключаны цэхавыя прывілеі, статуты, карэспандэнцыя і іншыя багатыя матэрыялы, датычныя ўсіх віленскіх сярэднявечных і новачасных цэхаў. Гэты матэрыял сабраны не толькі ў архівах Вільні, але і ўсёй тагачаснай Рэчы Паспалітай. Друк Aktów cechów wileńskich быў перарваны пачаткам Другой сусветнай вайны. Уцалела толькі частка накладу без вокладкі. У Вільні, сярод літоўскіх гісторыкаў, Akty cechów wileńskich лічацца працай М. Лаўмяньскай. <…>

Гэтае выданне ўдалося выратаваць у ваеннай завірусе i ўберагчы пасля вайны, калі савецкі рэжым стараўся знішчаць кнігі. Засталася невялікая колькасць асобнікаў…”[9].

Збераглося некалькі дзесяткаў экзэмпляраў карэктуры, — большасць у Бібліятэцы Літоўскай АН (якая пераняла будынак і фонды даваеннай Бібліятэкі Ўрублеўскіх) дзякуючы яе тагачаснаму дырэктару акадэміку Юозасу Юргінісу (†1994), а тых, што ацалелі ў Польшчы, больш за дзесятак. У навуковы зварот яны ўваходзілі цалкам выпадкова. Пэўна, быў тэкст у бібліятэцы Інстытута гісторыі універсітэта А. Міцкевіча ў Познані, дырэктарам якога да самай пенсіі (1968) быў Генрых Лаўмяньскі, які ад 1945 г. лучыў з Познанем віленскія традыцыі[10]. Гэтым карысталіся, кіраваныя настаўнікам, найперш удзельнікі нешматлікага, але добрага вышэйшага літуаністычнага семінара[11]. Яны таксама здабывалі інфармацыю наконт рэальнага ўкладу членаў рэдакцыйнага калектыва ў падрыхтоўцы працы. На машынапісным аркушы, далучаным да тэксту, можна было прачытаць, што твор падрыхтаваў Станіслаў Касцялкоўскі пры ўдзеле Генрыха і Марыі Лаўмяньскіх.

Генрых Лаўмяньскі, хоць неахвочы да падобнага, палічыў магчымым паінфармаваць іх, што ўсё было падрыхтавана ім і яго жонкаю, вопытнай даследчыцай гісторыі Вільні XVII ст., пры супрацоўніцтве з Касцялкоўскім. Пра гэта ўспамінаў Юзаф Можы[12], і тое ж пачуў aд прафесара аўтар гэтых радкоў, калі займаўся міжканфесійнымі дачыненнямі ў ВКЛ XVI-XVIII ст.[13]. Вось жа выдавец гэтай працы Ян Юркевіч мог з поўнай перакананасцю, выкарыстоўваючы пры гэтым дакументы, звязаныя са шматгадовай працай над публікацыяй матэрыялаў віленскіх цэхаў[14], даць ёй такі тытул, які цяпер на вокладцы, аздобіць яе партрэтам Генрыха Лаўмяньскага ды канстатаваць, што гісторык быў „не тольid інспіратарам і прыхільнікам асобнага выдання цэхавых актаў (фармальна пакінутай у рамках Kodeksu miasta Wilna), але і галоўным рэалізатарам гэтага намеру”[15].

Патронам задумы цягам амаль цэлага міжваеннага дваццацігоддзя быў Станіслаў Касцялкоўскі (1881-1960), адзін з лідэраў гістарычнага асяродку ў Вільні, ад 1906 г. арганізатар сярэдняга школьніцтва ў гэтым горадзе, сузаснавальнік універсітэта Стэфана Баторыя ў 1918 г., з 1923 надзвычайны і з 1937 г. звычайны прафесар гэтага універсітэта. Ён згадваў, што каля 1922 г. у рамках тамтэйшага Таварыства прыяцеляў навук з’явілася ідэя падрыхтоўкі двух крыніцазнаўчых выданняў: 1) Codex Diplomaticus civitatis Vilnensis, 2) Codex Diplomaticus Universitatis Vilnensis. Урэшце пастанавілі сканцэнтраваць сілы на першым — гэта ініцыяваў Казімір Хадыніцкі (у 1928 г. ён перасяліўся ў Познань), „з якім галоўны цяжар падрыхтоўчай працы дзяліў др Лаўмяньскі”, малады вучоны, дактарызаваны ў 1924 г., які на год выехаў у Парыж і сканцэнтраваўся на ўласных даследаваннях, вынікам якіх стаў шэраг публікацый, у тым ліку фундаментальныя штудыі пра пачаткі літоўскай дзяржавы i грамадства (Вільня, 1931/32). Але праз год праца перапынілася, a яе ўзнаўленню не спрыяла перайманне iніцыятывы Тэафілам Э. Мадэльскім, які, праўда, у 1930 г. вярнуўся ў Львоў. Як можна меркаваць, вось тады Лаўмяньскі, які быў архіварыусам Вільні (1929-1933) і з 1934 г. прафесарам УСБ, атрымаў свабоду ініцыятывы і рэалізацыі. „Узяў на сябе львіную частку працы і выконваў яе з вялікім запалам, веданнем справы і незвычайнай адданасцю ёй” — пісаў у канцы красавіка 1930 г. Kасцялкоўскі, які выконваў тады агульнае кіраўніцтва[16]. Супрацоўнікі мяняліся, a галоўны аб’ём працы ўрэшце пераняла ад яго др Марыя Лаўмяньская. Хоць шмат ужо было зроблена, да пачатку Другой сусветнай вайны працу над выданнем не паспелі завяршыць. Напэўна, перашкаджалі фінансавыя цяжкасці, бо праца — цяпер завершаная як належыць — вымагала вялізных выдаткаў.

Рэдактар дадаў да арыгінальнага тэксту прадмову (VII-XVI), у якой асвятляецца гісторыя працы над Aktami cechów wileńskich, iх змест і перыпетыі тэксту цягам апошніх сямідзесяці гадоў. За падставу эдыцыі ўзяты экзэмпляр, захаваны ў бібліятэцы Інстытута гісторыі УАМ у Познані. Захавана асобная нумарацыя старонак абедзвюх частак працы (с. 1-493 за гады 1495-1700 і с. 1-200 зa 1701-1759). Ян Юркевіч забяспечыў выданне неабходным пералікам актаў (XVII- LXXXIV), цытаваных крыніцазнаўчых выданняў i даследаванняў (LXXXV-LXXXVII), а таксама скарачэнняў (LXXXIX-XC) асабовым (асобна для кожнай часткі) i геаграфічным (разам для I i II частак) паказнікам, працягваючы пагінацыю часткі II (205-311). Замыкаецца выданне рэдактарскай заўвагай па-літоўску (Leidėjų žodis, перакл. Юозас Марцінкевічус) i aнглійскім (Editiorial Note, перакл. Рафал Віткоўскі). Пра характар цэхавых матэрыялаў ад канца XV да другой паловы XVIII ст. сведчыць мова апублікаваных дакументаў: найперш гэта лаціна, а з XVII ст. найчасцей польская. Апублікаваны матэрыял зацікавіць не толькі гісторыка (ладу, гаспадаркі, культуры, веравызнаўчых адносінаў і г.д.), aле, сярод іншых, і мовазнаўцу.

Пра тое, якую крыніцазнаўчую вартасць уяўляе апублікаваная праца для шырэйшага кола даследчыкаў, сведчаць тыя, каму ўдалося гадамі карыстацца захаванымі экзэмплярамі ў карэктуры, без індэксаў і зместу. Яна ўтрымлівае найбагацейшую інфармацыю па гісторыі Вільні эпохі Ягайлавічаў і шляхецкай Рэчы Паспалітай, асабліва датычна этнічных, гаспадарчых, грамадскіх і веравызнаўчых узаемаадносінаў. Цяпер гэтая праца зойме сваё месца каля Aktów unii Polski z Litwą i Kodeksu dyplomatycznego katedry i diecezji wileńskiej[17], — выніку старанняў кракаўскіх гісторыкаў міжваеннага часу Яна Фіялка, Станіслава Кутшэбы і Ўладыслава Сямковіча. Нагадваючы пра універсітэт Стэфана Баторыя, гэты фаліянт дазваляе ўзбагаціць варштат даследчыка гісторыі першай Рэчы Паспалітай, асабліва сталіцы ВКЛ з яе культурнай, эканамічнай і этнічнай спецыфікай. Спецыфікай, якую не заўсёды заўважаюць.
Познань

Марцэлі Косман


1 Гэтую сітуацыю вобразна апісаў прафесар Леанід Жытковіч, якіў тыя часы быў асістэнтам гістарычнага семінара. Гл.: Żytkowicz L. Moje spotkania z Profesorem Łowmiańskim // Profesor Henryk Łowmiański — życie i dzieło. Materiały z sesji naukowej poświęconej dziesiątej rocznicy śmierci Uczonego (Poznań 7-8 X 1994 r.). Podred. A. Kijasa i K. Pietkiewicza. Poznań, 1995. S. 203-209.
2 Гл.: Kosman M. Wileńscy badacze dziejów Wielkiego Księstwa Litewskiego na rozdrożu (po 1945 r.) // Ostatni obywatele WielkiegoKsięstwa Litewskiego. Praca zbiorowa pod redakcjąT. Bujnickiego i K. Stępnika. Lublin, 2005. S. 317 nn.
3 Łowmiański H. Studia nad początkami społeczeсstwa i Państwa litewskiego. T. I—II. Rozprawy Wydziału III Towarzystwa Przyjaciół Nauk w Wilnie. Wilno, 1931-1932.
4 Łowmiański H. Początki Polski. T.VI. Cz. 1-2. Warszawa, 1985.
5 Idem, Prusy — Litwa — Krzyżacy. Wyboru dokonał, wstępem i posłowiem opatrzył M. Kosman / „Klasycy Historiografii”/ Podred. A. F. Grabskiego. Warszawa, 1989.
6 Ochmański J. Rękopiśmienna spuścizna naukowa Henryka Łowmiańskiego // Profesor Henryk Łowmiański — życie i dzieło.S. 30-36.
7 Łowmiański H. Zaludnienie państwa litewskiego w wieku XVI.Zaludnienie w roku 1528. Do druku przygotowali A. Kijas i K. Pietkiewicz. Poznań, 1998; idem, Polityka Jagiellonów. Do druku przygotował K. Pietkiewicz. Poznań, 1999 (абедзве кнігі выйшліў Познаньскім выдавецтве, якое дэкляравала таксама перадрук доктарскіх прац Генрыха і Марыі Лаўмяньскіх). Апрачагэтага некалькі перавыданняў міжваеннага перыяду з’явілісяў чарговых тамах гадавіка „Lituano-Slavica Posnaniensia. Studia Historica”.
8 Напэўна з гэтай прычыны, хоць на маю думку няслушна, яе неўключалі ў абедзве апублікаваныя бібліяграфіі прац ГенрыхаЛаўмяньскага: 1) Studia Historica. W 35-lecie pracy naukowej…,Warszawa, 1958. S. 7—19; 2) Słowianie w dziejach Europy. Studiahistoryczne ku uczczeniu 75 rocznicy urodzin i 50-lecia pracy naukowej…, Poznań, 1974. S. 5-22.
9 Kiaupa Z. Maria i Henryk Łowmiańscy — badacze dziejów miasta Wilna // Profesor Henryk Łowmiański. S. 65.
10 Гл.: Bardach J. Henryk Łowmiański jako badacz dziejów Litwyhistorycznej // O dawnej i niedawnej Litwie. Poznań, 1988. S. 399—430. Aўтар — сведка эпохі, які ў Вільні ўдзельнічаў у семінары, якім кіраваў Лаўмяньскі, згадвае тут аб „падрыхтаванымразам з жонкай выданні Akty cechów wileńskich (надрукаваныт. I да 1700 г. i частка т. II да 1659 г.)”, гл.: с. 403. Юліуш Бардах напярэдадні XXI ст. стаў гарачым прыхільнікам публікацыі гэтага твора і патранаваў ініцыятыву, рэалізаваную Познаньскім выдавецтвам.
11 Асабліва Юзаф Можы і Марцэлі Косман, — гл. спасылкі 13i 14.
12 Morzy J. Geneza i rozwój cechów wileńskich do końca XVII w //Zeszyty Naukowe Uniwersytetu im. Adama Mickiewicza w Poznaniu. Nr 24; Historia, z. 4. Poznań, 1959. S. 3.
13 Гл.: Kosman M. Konflikty wyznaniowe w Wilnie (schyłek XVI—XVIII w.) // Kwartalnik Historyczny. R. 79. 1972. Nr 1. S. 3-23;idem, Protestanci i Kontrreformacja. Z dziejów tolerancji w Rzeczypospolitej XVI-XVIII wieku. Wrocław, 1978. S. 70-97.
14 Mатэрыялы, датычныя выдання “Kodeksu miasta Wilna 1921—1931″, — Biblioteka Narodowa w Warszawie, Rps BN IV.7.
15 Akty cechów… S. XI.
16 RpsBNIV.7,k.36.
17 Гэты твор у свой час таксама выйшаў у няпоўнай версіі (Кракаў, 1932 i 1948), і амаль паўстагоддзя давялося чакаць выдання сшытка з дапаўненнямі (220 старонак) да незавершанай крыніцазнаўчай эдыцыі: Kodeks dyplomatyczny katedry i diecezji wileńskiej. T. I (1387-1507). Indeksy. Kraków, 1994.

Наверх

Testamenty Jana, Tomasza i Jana „Sobiepana” Zamojskich. Opr. W. Kaczorowski (Марцэлі Косман)

Снежня 9, 2007 |

Testamenty Jana, Tomasza i Jana „Sobiepana” Zamojskich. Opracował WŁODZIMIERZ KACZOROWSKI. Wydawnictwo Uniwersytetu Opolskiego. Opole, 2007. — 107 s.

Старапольскія тэстаманты з’яўляюцца каштоўнымі крыніцамі па гісторыі палітычнай, гаспадарчай, культурнай, веравызнаўчай і іншай, таму не дзіўна, што яны даўно выклікалі вялікую цікавасць, хоць няшмат такіх помнікаў было камплектна выкарыстана ў даследаваннях, і асабліва апублікавана ў адпаведнасці з патрабаваннямі археаграфічных выданняў. Таму цяпер выходзяць вартыя даверу выданні тых помнікаў, якія да гэтага часу былі вядомыя з эдыцый XIX в. (пераважна сумнеўнай якасці), або яшчэ зусім невядомыя, здабытыя ў архівах. Mожам згадаць выдатную, не пазбаўленую літаратурнасці публікацыю помнікаў ВКЛ другой паловы XVII ст. у апрацоўцы Mалгажаты Баркоўскай (Dekret w niebieskim ferowany parlamencie. Wybór testamentów z XVII-XVIII wieku. Kraków, 1984) ці выданне кальвінскіх тэста-мантаў таксама з-пад знаку Пагоні ў падрыхтоўцы Уршулі Аўгустыняк (Testamenty ewangelików reformowanych w Wielkim Księstwie Litewskim. Warszawa, 1992). З абшараў Малапольшчы назавем падрыхтаваныя Aннай Фальнёўскай-Градоўскай Testamenty szlachty krakowskiej w XVII-XVIII wieku (Kraków, 1977). Прыклады можна было б множыць, дастаткова паглядзець спецыяльныя часопісы на чале з неацэнным „Адраджэннем і Рэфармацыяй у Польшчы”.

Пачэснае месца займаюць тэстаманты асобаў з першых старонак вялікай гісторыі, асабліва найзначнейшых прадстаўнікоў галоўных родаў у абедзьвюх частках Рэчы Паспалітай да яе падзелаў. Да іх несумненна належаць Замойскія герба Еліта (Jelita). Праўда, лінія канцлера, звязаная з творцам іх магутнасці ў гады панавання Стэфана Баторыя, хутка вымерла (у трэцім пакаленні, a па кудзелі — у чацвёртым, што рэпрэзентаваў толькі кароль Міхал Карыбут Вішнявецкі, які пайшоў са свету без нашчадкаў), аднак яе ардынацыі і традыцыі заснавальніка трывала — хоць з ляскатам зброі — перанялі крэўныя з іншай лініі роду, што культывуюць іх да гэтага часу. Праявай піетызму да гістаpычнага ўшанавання месца і роду сталі ўрачыстыя святкаванні 400-годдзя заснавання Замосця (1980) і такой самай гадавіны смерці яго заснавальніка (2005). У рамках абодвух адбыліся навуковыя канферэнцыі і музейныя выставы. Плёнам першага стала прыгожая кніжка пад рэдакцыяй Ежы Кавальчыка Czterysta lat Zamościa (Wrocław, 1983) (у святкаванні першапланавую ролю выконваў апошні ардынат, таксама Ян, чалавек вельмі разважлівы ў ацэнцы мінулага, у т. л. уласных продкаў), a публікацыю плёну другой, можа занадта аб’ёмную, цярпліва чакаем некалькі гадоў. Узяўшы ўдзел у абодвух святкаваннях, я высока ацэньваю ix навуковы ўзровень, а таксама спалучанасць з выставамі i выданнямі, як і выгляд горада, рэнесансовага ў сваім першапачатковым кшталце.

Заслугоўвае ўхвалення арыгінальная канцэпцыя выдання і яе рэалізацыя. Усё ўспрымаецца выдатна, і дакументальны баласт (каля 600 спасылак) не ўскладняе, а наадварот — аблягчае чытанне, асабліва пры тлумачэнні лацінскіх ці старапольскіх выразаў. Каментары выкананы салідна і кампетэнтна. Пасля аб’ёмнага ўступу, у якім пададзены клімат эпохі (7-26), публікуюцца тэстаманты канцлера і вялікага гетмана кароннага Яна Сарыуша Замойскага, яго сына Тамаша і ўнука Яна, званага Сабепанам (27-99). Чытанне аблягчаюць індэксы асоб і мясцовасцяў, як і спасылкі, у якіх апрача бібліяграфічных звестак змяшчаюцца пераклады лацінскіх выразаў і фраз, аздабляюць жа яго пяць каляровых ілюстрацый — фота трох паноў Замосця і месца ix вечнага спачыну ў мясцовай калегіяцыі, што стала катэдрай біскупа. Выданне, такім чынам, спалучае навуковы змест з атракцыйнаю формаю і прызначана не толькі для вузкага кола прафесіяналаў.

Выдавец не захапіўся постаццю канцлера і вялікага гетмана кароннага, адмовіўшыся ад лёгкага шляху, якім было б далучэнне да найбагацейшай літаратуры, прысвечанай яму, і прыняцце стаўлення да яго як да Яна Вялікага. Наадварот, Ян Замойскі патрактаваны тут усебакова, але сінтэтычна. Затое параўнальна шмат месца прысвечана менш вядомай асобе, а менавіта яго адзінаму сыну Тамашу, таксама вялікаму канцлеру кароннаму. Пры гэтым выдавец пераканаўча паказаў прычыны яго параўнальна меншай прысутнасці на старонках вялікай гісторыі. Хацеў бы асабліва падкрэсліць наватарскі характар той часткі ўступу, якая звязана з біялагічным вымярэннем біяграфіі Янавага адзінца, яго пастаяннымі клопатамі пра здароўе, a гэтым самым i прывід сталай пагрозы смерці. Гэтаксама па-майстэрску акрэслена постаць прадстаўніка трэцяга пакалення ардынатаў, Яна Сабепана: сандамірскі ваявода не ззяў у гісторыі XVII ст., і калі досыць шырока вядомы, то дзякуючы выдатнай літаратурнай візіі, створанай Генрыкам Сянкевічам на стронках другой часткі трылогіі, аўтар якой патрактаваў героя з сімпатычнай паблажлівасцю.

Уступ да выдання з’яўляецца цікавым, наватарскім даследаваннем, якое значна пераўзыходзіць дагэтуляшнія ўстаноўкі літаратуры прадмета, якую Ўладзімір Качароўскі багата цытуе ў 83 спасылках як на крыніцы (тут асаблівае месца займае хроніка Базыля Рудаміча, сапраўднае радовішча інфармацыі пра Замосце сярэдзіны XVII ст., цяпер лёгка даступная дзякуючы крытычнаму двухтамоваму выданню ў перакладзе з лацінскага арыгінала на польскую мову Efemeros czyli Diariusz prywatny pisany w Zamościu w latach 1656-1672 (Lublin, 2002)), так і на спецыяльныя працы, даўнейшыя і найноўшыя.

Выданне ўключае тэстамант вялікага канцлера 1600 г. разам з запаветным надпісам наступнага года, два тэстаманты Tамаша Замойскага (1633 i 1637 г.) і адзін тэстамант Сабепана, складзены ў 1665 г. перад абліччам смерці, за чатыры дні да скону, калі ўжо цяжка было гаварыць пра разумовую прытомнасць.

Напрыканцы не магу не сказаць колькі слоў пра выдаўца, бо ўжо не адно дзесяцігоддзе ўважліва назіраў за яго навуковым развіццём, — ад пары, калі быў дактарантам да моманту, калі стаў вядомым прадстаўніком польскай гістарыяграфіі, а сёння з’яўляецца напэўна яе вядучым дзейным даследчыкам старапольскай эпохі (хоць у сваіх працах значна выходзіць за яе межы) на Апольскім універсітэце, найлепшым вучнем Яна Серадыкі і прадаўжальнікам яго даследаванняў парламентарызму. Спалучае кампетэнцыі гісторыка палітычнай культуры і даследчыка гісторыі медыцыны. Навуковы даробак Уладзіміра Качароўскага складаюць шматлікія публікацыі, ад вялікіх манаграфій да грунтоўных артыкулаў, рэцэнзій і нарысаў папулярнага характару. Ёсць сярод іх шэраг выданняў крыніц (у тым ліку кніжных) эпохі Вазаў. Няма тут месца іх пералічваць, але можна з упэўненасцю сцвердзіць, што ранейшыя творчыя дасягненні даследчыка ўвасобіліся ў рэцэнзаваным выданні тэстамантаў.

Познань

Марцэлі Косман

Галоўная » Запісы па тэме 'Крыніцазнаўства'