Новы нумар

Галоўная » Запісы па тэме 'Крыніцазнаўства'

Артыкулы па тэме ‘Крыніцазнаўства’

Zoltán András. Oláh Miklos Athila című munkájának XVI. századi lengyel és fehérorosz fordítása (Алесь Бразгуноў)

Снежня 5, 2003 |


ZOLTÁN, ANDRÁS. Oláh Miklos Athila című munkájának XVI.századi lengyel és fehérorosz fordítása /Dimensiones Culturales et Urbariales Regni Hungariae 6/Nyíregyháza, 2004. 554 p. («Атыла» Міклаша Олаха ў польскім і беларускім перакладах XVI ст.).

Грунтоўная манаграфія венгерскага славіста і даўняга сябра Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў доктара Андраша Золтана з’яўляецца плёнам амаль 14–гадовага даследавання занядбанага помніка даўняй беларускай перакладной літаратуры XVI ст. — «Исторыи о Атыли, короли Угорском». Мовазнаўчае на першы погляд, гэтае даследаванне, тым не менш, дадасць нямала карысці й таму, хто вывучае гісторыю, культуру і літаратурны працэс Беларусі эпохі Адраджэння.

Праца складаецца з дзвюх частак — самога даследавання (9—104) і дадатку, які змяшчае: а) факсіміле і транслітарацыю старабеларускага тэксту па рукапісе Бібліятэкі Рычыньскіх у Познані (105—211), б) факсіміле і транслітарацыю польскага старадруку па унікальным экзэмпляры кракаўскага выдання 1574 г. (212—454), в) польскі й беларускі тэксты ў паралельным размяшчэнні з указаннем значных разыходжанняў з лацінскім арыгіналам (455—538), г) падсумаванне на рускай мове (539—554).

Найбольшую цікавасць уяўляе для нас, безумоўна, старабеларускі тэкст, які недаравальна працяглы час заставаўся па–за абсягам навуковых інтарэсаў беларускіх мова– і літаратуразнаўцаў. Слабым суцяшэннем паслужыць хіба тое, што матэрыял помніка ўвайшоў у спіс крыніц «Гістарычнага слоўніка беларускай мовы», дзвюх прац А. М. Булыкі пра лексічныя запазычанні ў беларускай мове XVI—XVII ст., а сам твор заслужыў на асобныя артыкулы ў «Гісторыі беларускай літарытуры: Старажытны перыяд» (1997), у ЭГБ (т. 3) ды БелЭн (т. 5). На вялікі жаль для беларускіх даследчыкаў даўніны, чарговая праца, прысвечаная аднаму з твораў Пазнанскага зборніка (у 1983 г. у Фларэнцыі італьянскай даследчыцай Эмануэлай Згамбаці выдадзена манаграфія «Il Tristano Biancorusso» з дадаткам старабеларускага тэксту і яго пера­кладу на італьянскую мову), напісана не айчыннымі спецыя­лі­стамі і з’явілася па–за межамі Беларусі. Як зазначае др. А. Золтан, у яго складваецца ўражанне, што беларускія навукоўцы ўважаюць «Гісторыю пра Атылу» якімсьці другасным, малахарактэрным помнікам старабеларускай мовы XVI ст. (44). Нельга не пагадзіцца з шаноўным даследчыкам у гэтай ацэнцы, дадаўшы ў апраўданне, што «Исторыя о Атыли» з выхадам пры канцы 2003 г. «Анталогіі даўняй беларускай літаратуры: XI — першая палова XVIII стагоддзя» атрымала належнае прызнанне. Такім чынам, на сёння можна весці гаворку толькі пра кадыфікацыю лексікі помніка ў ГСБМ і частковую публікацыю тэксту–перакладу, але ніяк не пра ацэнку яго якасці, што магчыма выключна шляхам лексіка–стылістычнага і граматычнага параўнання «Исторыи о Атыли» (1580?) з яе польскай крыніцай «Historia spraw Atyle» (1574) і іх супольным пратографам — папулярызаванай хронікай «Athila» (1538) прымаса Венгрыі Міклаша Олаха (1493—1568).

Ствараючы сваё псеўдагістарычнае апісанне подзвігаў венгерскага народнага героя, М. Олах абапіраўся на творы шэрагу гісторыкаў Сярэднявечча і Адраджэння — Экхардa з Аўры («Cronica miscella»), Марка Антонія Кокцыя–Сабэліка («Rhapsodiae historiarum» і «Historia Veneta in decades»), Піліпа Буонакорзі–Калімаха («Attila»), вядомую ў пачатку XVI ст. сусветную Хроніку Сігіберта (ахоплівае падзеі 381—1111 г.) з манастыра Жамблу (Бельгія). Шырока выкарыстоў­вае М. Олах і старажытныя мадзьярскія летапісы і хронікі —найбольш верагодна, былі гэта Хроніка Сімана Кезы (1282), што згадваецца ў Будзінскім летапісе і ў вытворнай ад яго За­грабскай хроніцы, а таксама дапоўнены і выдадзены Я. Турачам у 1464 г. Ілюмінаваны летапіс (1358), у якіх знітаваныя гістарычная праўда і створаныя ў народнай свядомасці міфы пра паходжанне венграў і жыццё Атылы як цэнтральнага героя іх гісторыі. М. Олах старанна пазбягаў фантастычных матываў, якія не стасаваліся з вобразам народнага героя (накшталт распаўсюджанага ў тыя часы ў многіх народаў уяўлення пра Атылу–сабакагалова), аднак пазбегнуць пэўных белетрыстычных элементаў цалкам яму ўсё ж не ўдалося, што дае нам падставы разглядаць хроніку «Athila» не толькі як гістарыяграфічную крыніцу, але і як твор мастацкай літаратуры.

Імкнучыся да стварэння ідэальнага, прыхарошанага вобраза правадыра заваёўнікаў, М. Олах (а ўслед за ім тое ж робяць Ц. Базылік і беларускі перакладчык) амаль пазбаўляе яго адмоўных якасцяў і ўсялякім чынам падкрэслівае мужнасць, разважлівасць, міласэрнасць і мудрасць героя. Дзякуючы гэтаму Атыла паўстае перад чытачом як асоба рэнесансавая, якая больш спадзяецца на ўласныя сілы, чым на божую дапамогу. Высока ацэньваючы асабістыя якасці галоўнага героя, аўтар разам з тым надзвычай стрымана апісвае тыя дзеянні гунаў, дзе гаворыцца пра іх жорсткасць і бязлітаснасць да паняволеных народаў.

Пазней, як дарэчы адзначае ў раздзеле VIII («Атыла» Міклаша Олаха і Хроніка Мацея Стрыйкоўскага) сваёй працы А. Золтан, падобнае разуменне вобраза Атылы было інтэрпалявана на асобу Стафана Баторыя і зафіксавана ў адпаведным раздзеле Хронікі Марціна Бельскага (1597). Дзякуючы венгерскаму паходжанню Стафана Баторыя ў гістарыяграфіі Рэчы Паспалітай з канца XVI ст. знаходзіць сваё новае ідэалагічнае абгрунтаванне ідэя вяртання адабраных маскавітамі «ўсходніх земляў». Так, паводле М. Стрыйкоўскага (1582), Атыла «wyszedł od Rzeki Juhri, a Juhra i teraz iest w ziemi Iwaka [Iвана Жахлівага. — А. Б.] Cara» (56), таму цалкам лагічнай падаецца Стрыйкоўскаму думка, што «y teras Krol Stephan słusznie iako Węgrzyn Oyczyzny swei Juhariey [Угорскай. —А. Б.], pod Moskiewskim może dochodzić, którą on sam Węgrom przyznawa» (69). Паказальнае ў гэтым плане супастаўленне лацінскага, польскага і беларускага тэкстаў: так, лацінскае «Hunni» (у Олаха) ператвараецца ў «Hunnowie, abo iak ich dzisiai pospolicie zową, Węgrowie» (у Базыліка), беларускі ж перакладчык ідзе яшчэ далей — «гуннове, або як их нине посполите зовуть, угрове». Дарэчы, як мяжу паміж ВКЛ і Маскоўскай дзяржавай называе ў сваёй паэме «Дзесяцігадовая аповесць пра вайсковыя справы пана Мікалая Крыштофа Радзівіла» (1585) раку Угру Андрэй Рымша, які ў падмацаванне сваёй думкі спасылаецца на аўтарытэт вялікага князя Вітаўта:

Co, jeśliby prawdziwie było powiedziano,
Za rubież miedzy Moskwą i Litwą by miano… (1341|42)
Brodził też Uhrę rzekę, kiedy jeno raczył,
Bo granicę litewską po niej był naznaczył. (1353|54)

У выніку ў паэме Рымшы Стафан Баторы ў вачах ліцвіна робіцца прадаўжальнікам справы Вітаўта гэтак жа, як для венграў (уграў) той самы Баторы застаецца прадаўжальнікам справы Атылы.

Паколькі беларускі пераклад твора з’яўляецца ананімным, цалкам зразумела, што А. Золтан акцэнтуе ўвагу на асобах М. Олаха (раздзел I.1. — Усходнееўрапейскі «Athila» Міклаша Олаха) і Цыпрыяна Базыліка (раздзел I.2. — Польскае выданне) у кантэксце польска–венгерскага культурнага ўзаемадзеяння. Між тым, у выпадку з Базылікам больш дарэчнай была б гаворка пра яго ўклад у развіццё культурнай сітуацыі ў Беларусі, на тэрыторыі якой ён жыў і працаваў з 1558 да 1570 г.  Яшчэ ў час навучання ў Кракаўскай акадэміі Базылік прыняў кальвінства і навязаў стасункі з аднадумцамі ў ВКЛ, у прыватнасці, з Мікалаем Радзівілам Чорным, на службе ў якога ў 1558—1560 г. будзе знаходзіцца ў якасці прыдворнага музыкі і друкара. У 1560 г. Базылік узначаліў берасцейскую друкарню, уласнікам якой зрабіўся пазней, у 1566 г., пасля смерці свайго патрона М. Радзівіла (1565). Друкарня Базыліка была найбольш паспяховай з вядомых берасцейскіх друкарняў: за дзесяцігоддзе тут пабачылі свет блізу 40 выданняў рознага зместу на польскай і лацінскай мовах, сярод якіх знакамітая Берасцейская Біблія (1563) і напісаныя або перакладзеныя самім друкаром «Размова паляка з ліцвінам» і «Пратэй, або Пярэварацень» (1564), «Гісторыя жорсткіх пераследаў Царквы Божай» (1567), «Гісторыя пра Юрыя Кастрыёта, званага Скандэрбегам» (1569). У 1570 г. з выхадам «Працэсу чарцей су­праць людскога роду» дзейнасць брэсцкай друкарні спыняецца праз тое, што Базылік атрымлівае прызначэнне на пасаду войта м. Мельнік на Падляшшы. Наступны пераклад — «Гісторыя справаў Атылы, караля Венгерскага» — з’яўляецца толькі ў 1574 г., але ўжо ў Кракаве. Тым не менш, Базылік, па ўсёй верагоднасці, і надалей падтрымліваў шчыльныя стасункі з «літоўскімі» друкарамі, пра што сведчыць выдадзены ў Лоску ў яго перакладзе трактат А. Фрыча–Маджэўскага «Пра ўладкаванне Рэчы Паспалітай» (з прадмовай Сымона Буднага). З вышэйадзначаных прычын не павінна падацца нацяжкай і думка, што беларускі пераклад «Атылы» зрабіў калі не адзін з былых супрацоўнікаў берасцейскай друкарні Базыліка, то  напэўна што асоба, добра знаёмая з самім Базылікам. На карысць падобнага меркавання сведчыць не толькі мова беларускага перакладу, але найперш той факт, што ў ім, у параў­нанні з выданнем Базыліка, адсутнічае прадмова–прысвячэнне сцяпанскаму старосту Станіславу Граеўскаму і ёсць разыходжанні ў колькасці і змесце маргіналій. Магчыма, такім чынам, што беларускі пераклад быў зроблены не з друкаванага польскага выдання «Historia spraw Atyle», а з яго рукапіснага «чарнавіка»; ужо на стадыі друкавання свайго перакладу Базылік мог унесці нязначныя карэктывы, дзякуючы чаму з’явіліся пэўныя разыходжанні з беларускім рукапісным «перакладам з Базыліка».

У гэтай сувязі паўстае пытанне пра якасць беларускага перакладу адносна польскай крыніцы, а таксама польскай адносна лацінскай. Трэба адзначыць, што пераклад Ц. Базыліка быў даволі прафесійны і сумленны, у чымсьці блізкі да сучаснага т.зв. «тэхнічнага» перакладу з яго максімальна поўнай перадачай асаблівасцяў арыгіналу: унесеныя Ц. Базылікам змены не былі істотнымі і ў асноўным заключаліся ў нешматлікіх спрашчэннях лацінскіх сказаў, усячэнні канчаткаў асабовых імёнаў і іх замене на займеннікі або польскія адпаведнікі. Згаданыя асаблівасці захоўвае і старабеларускі пера­клад, найбольш характэрная рыса якога — надзвычайная залежнасць ад польскага тэксту: пераклад зроблены літаральна слова ў слова, з захаваннем таго ж стылю аповеду і тых жа сінтаксічных структур, што і ў Ц. Базыліка. Не кажучы пра разнастайныя памылкі, беларускі перакладчык часам прапускае незразумелыя для яго польскія словы, утвараючы ў гэтых месцах беларускага тэксту лакуны. Так, не здолеў ён пера­класці такіх словаў, як fortel ‘зручны спосаб’, jałoszka ‘ялавіца’, cofnać ‘адкінуць, занядбаць’, wieś ‘паселішча’, motłoch ‘грамада, тлум, зграя, банда’ і многіх іншых (што добра сведчыць пра тагачасны ўзровень паланізаванасці беларускага насельніц­тва).

У сувязі з вышэйсказаным надзвычай важным у структуры манаграфічнага даследавання Андраша Золтана з’яўляецца VI раздзел («Кароткія высновы па польскім і беларускім тэкстах»). Як вынікае з даследавання, некаторыя паланізмы (накшталт twarz і trwaćтвар і трываць), звычныя ў сучаснай беларускай мове, пры канцы ХVI ст. былі нехарактэрныя для старабеларускай мовы. На жаль, аўтар не падмацоўвае сваёй высновы спасылкамі на астатнія творы Пазнанскага зборніка, у тым ліку і «Летапіс Вялікага Княства Літоўскага і Жамойцкага» (спіс Рачынскага), або іншыя тагачасныя помнікі (напрыклад, Статуты ВКЛ 1566 і 1588). Між тым у названых помніках слова твар сустракаецца толькі аднойчы («Аповесць пра Баву»), а трываць можна знайсці хіба толькі ў «Аповесці пра Трышчана». Адзін з найбольш значных у раздзеле мана­графіі  — параграф 2.1. (60—65). Тут аўтар, канстатуючы па­слядоўнасць замены ў «Исторыи о Атыли» і звязаных з ёй старабеларускіх перакладах польскіх лексем з коранем trzym– усходнеславянскім держ–, паказвае, як польскі ідыяматычны выраз otrzymać zwycięstwo — калька з лац. victoriam obtineo — праз заходнерускія тэксты (одержати звитяжство) з канца ХVII ст. трапляе ў Масковію, дзе паланізм звитяжство замяняецца царкоўнаславянізмам победа.

Старабеларуская «Исторыя о Атыли» вызначаецца яшчэ і тым, што менавіта ў ёй упершыню зафіксавана добра вядомае сёння беларускае слова бусел (52). Характэрна таксама, як адзначае А. Золтан (59), што польскі выраз Kapitolium Rzymskie (рымскі Капітолій) беларускі перакладчык замяніў выразам Глава Рымская (дадамо таксама, што тым самым выразам перакладзены ў беларускім тэксце і Senat Rzymski, хоць Rada Rzymska заўсёды перадаецца адпаведна — Рада Рымская).

Прызнаючы высокі навуковы ўзровень падрыхтоўкі А. Золтанам змешчаных у дадатку старапольскага і старабеларускага тэкстаў, хацелася б даць пералік непазбежных, на жаль, у такой карпатлівай працы памылак расшыфроўкі беларускага тэксту (у пары першае слова адпавядае выданню А. Золтана, другое — рукапісу; у дужках падаецца старонка і, праз двукроп’е, нумар адпаведнага радка ў выданні А. Золтана): умеретиумереть (113:30), жытижыть (123:19), възрушативзрушать (131:28), отягнувшыоттягнувшы (133:27), пустелниковопустэлниково (139:4), эцысовоюэцыусовою (157:28), боятисябояться (163:4) і облежэнемоблежэньем (163:18), доконченэньемъдокончэньемъ (167:16), пославшы посла до Валентыняна — пославшы посла своего до Валентыняна (203:19). Зразумела, што падобныя памылкі не маюць вызначальнага характару пры ацэнцы ўсёй значнасці і каштоўнасці праведзенай венгерскім славістам працы. Больш за тое, відавочна, што манаграфія Андраша Золтана «„Атыла“ Міклаша Олаха ў польскім і беларускім перакладах XVI ст.» для беларускіх лінгвістаў павінна паслужыць узорам для пераймання.
Мінск

Алесь Бразгуноў

Наверх

Stern, Dieter Hubert. Die Liederhandschrift F 19–233 (15) der Bibliothek der Litauischen Akademie der Wissenschaften (Ігар Клімаў)

Снежня 4, 2003 |


Stern, Dieter Hubert. Die Liederhandschrift F 19—233 (15) der Bibliothek der Litauischen Akademie der Wissenschaften: Eine kommentierte Edition. Köln; Weimar; Wien: Böhlau Verlag, 2000. 767 S. (Bausteine zur slavischen Philologie und Kulturgeschichte, Reihe B: Editionen, Neue Folge, Bd. 16)

Кніга маладога нямецкага даследчыка Дытара Губерта Штэрна ўяўляе сабой каментаваную публікацыю зборніка 213 сілабічных духоўных песняў, г. зв. псальмаў. Такія песні ўваходзілі ў склад уніяцкіх ненатаваных спеўнікаў, вядомых пад назвай багагласнік. Рукапіс, даследаваны сп. Штэрнам, — практычна адзіны пакуль вядомы беларускі варыянт багагласніка, усе іншыя паходзяць з паўднёвага захаду Ўкраіны (19). Рукапіс быў створаны ў Супрасльскім кляштары, паводле аб­грунтаваных датаванняў даследчыка (з улікам філіграняў і згадак гістарычных асоб ды падзей), у 1740–х г., хоць праца па збіранні тэкстаў распачалася ў 1720–я г. (40—48). У XIX ст. пасля скасавання уніяцкай царквы ў Расійскай імперыі рукапіс трапіў у Вільню і цяпер захоўваецца ў бібліятэцы АН Літоўскай Рэспублікі (былой Віленскай Публічнай).

Рукапіс складаецца з чатырох няроўных частак, пазначаных даследчыкам A, B, C і D (17), якія адрозніваюцца складам і почыркам. Частка A ўтрымлівае 184 песні, што падзяляюцца на 4 раздзелы (песні Хрыстовыя, песні на багародзічныя святы, песні святым, агульныя песні), такі падзел адлюстраваны і ў першым друкаваным багагласніку (Пачаеў, 1790). Паводле свайго складу гэтая частка адпавядае зместу і парадку каталіцкага спеўніка, якому паслядоўнічаюць таксама польскія і чэшскія канцыяналы (19). Аднак парадак царкоўных святаў года ў гэтай частцы адпавядае праваслаўнай традыцыі, што адрознівае рукапіс ад пачаеўскага выдання (25). У адной з песняў гэтай часткі згадваецца нейкі ярэй Радыён, што святарыць у храме Св. Міколы. Частка B утрымлівае 11 песняў, прысвечаных асобным святам царкоўнага года і дакладна датаваных у маргіналіях з кастрычніка 1741 да кастрычніка 1742 г. (26—27); першая песня гэтай часткі ўтварае акраверш з імем Дымітрыя Твардзіевіча, пад апошняй песняй ёсць запісы лацінкаю Ян Аліневіч і Ян Алінеў, праўда, іншым, пазнейшым почыркам (28—29). Тры песні з гэтай часткі маюць свае варыянты ў частцы A і, на думку сп. Штэрна, перанесены туды з часткі B (27). Частка C утрымлівае лацінскія гімны і малітвы разам з іх царкоўнаславянскімі перакладамі (усяго 6 тэкстаў) у дзвюх версіях, некаторыя з якіх нясуць сляды карэгавання; у адным месцы пазначана, што пераклад выкананы святаром базыліянскага чыну Спірыдонам Яхімовічам (27—28, 29). Частка D утрымлівае выкананы ў Супраслі царкоўнаславянскі вершаваны пераклад некаторых гімнаў лацінскіх афіцый на свята непарочнага зачынання багародзіцы (7 тэкстаў). Увесь зборнік напісаны скорапісам, прычым часткі C і D напісаны почыркам, аднолькавым з першай часткай (27, 49—50), таму яны, магчыма, належаць менавіта Спірыдону Яхімовічу (28).

Пра асобу Дымітрыя Твардзіевіча і Яна Аліневіча нічога невядома, а вось нейкі Спірыдон Яхімовіч, як высветліў сп. Штэрн, каля 1728 г. быў рэктарам біскупскай школы ва Ўла­дзіміры–Валынскім, якая паўстала яшчэ ў XVI ст. і з 1670 г. знаходзіліся пад кіраўніцтвам базыльян. Яго брат Язафат Яхімовіч быў архімандрытам базыльянскага кляштара ў Гo­рaднi, і Спірыдон наведваў яго, а значыць, мог бываць у Су­праслі (29). Даследчык выводзіць, што зборнік быў складзены ў Супраслі (31—32), на што паказваюць таксама і філіграні паперы (32, 41), хоць яго творы ды пераклады маглі паўстаць у іншых рэгіёнах. Дзеля высвятлення гэтага пытання ён аналізуе тапаніміку культаў мясцовых святых і ікон, што згадваюцца ў песнях (34—40). Толькі адзін тапонім паходзіць з Беларусі: Ятвеск пад Ваўкавыскам, астатнія звязаныя з Падоллем і Валынню: Камянец–Падольскі, Трэмбоўля, Насташаў пад Тарнопалем, вёскі Галубіца, Плеснічка і Падгорацкі базыльянскі кляштар у Золачэве пад Львовам, Пачаеў на Валыні, Падкамень каля Бродаў, Трасцянец пад Брацлавам, няяснай застаецца лакалізацыя такіх назваў, як Палганаў, вёска Лінкова, Махнацін. Рэаліі і гістарычныя падзеі, згаданыя ў паасобных песнях, адсылаюць да часоў Патопу і турэцкіх набегаў, што мае, аднак, хутчэй фальклорны характар, тады як розныя пераносы св. рэліквій, г. зв. translatio, і паралелі ў іншых рукапісаных багагласніках указваюць на 2–ю палову XVII — першую чвэрць XVIII ст. (42—45).

З мэтай высветліць месца ўзнікнення рукапісу і дачыненне да іншых зборнікаў (49) даследчык прааналізаваў яго дыялектныя асаблівасці (64—81). Мове пісца зборніка ўласцівыя наступныя дыялектныя рысы: вымаўленне гука, блізкага да [і], на месцы былой <ѣ> (вира, владитель, возвестилесь), зацвярдзeнне <r’> (зора, горача, цара), лабіялізацыя <ł> у формах былых дзеепрыметнікаў (проказовавъ, обецявъ), за­цвярдзенне шыпячых і <c’> (конецъ), а таксама канцавых губных (збавъ). З іншых рысаў у помніку адзначаны толькі сляды укання (пугубитель), фарынгальнага вымаўлення г і г. зв. мазурэнне (напісанні кшталту ждз, якія могуць ад­люс­троў­ваць вымаўленне мяккіх свісцячых замест шыпячых; 72—73), такая яскравая рыса, як супадзенне ў адным гуку <і> і <y> (возвеститы), адлюстравана толькі ў частцы B. Менш паказальны марфалагічны матэрыял, паколькі марфалогія, асаб­ліва вершаваных тэкстаў, сведчыць хутчэй пра дыялект аўтараў твораў, чым пра гаворку іх перапісчыкаў (79). У марфалогіі помніка ў розных суадносінах мяшаюцца царкоўнаславянскія, польскія і ўсходнеславянскія формы (73—78). Сп. Штэрн абмяркоўвае ўвесь гэты матэрыял (79—81) і адзначае, што «кожную з названых ізаглосаў можна таксама знайсці ва ўкраінска–беларускіх пераходных гаворках Падляшша» (80), а большасць гэтых рысаў — і на Валыні ды Падоллі. Тым не менш ён прыходзіць да нечаканай высновы, што матэрыял адлюстроўвае дыялект каля р. Сан (з цэнтрам у Перамышлі) на захадзе Галіцыі (31, 79—80) і блізкі да дыялектнага кайнэ паўднёвага захаду Ўкраіны, хоць і адрозніваецца ад яго некалькімі рысамі (81). Пагадзіцца з такой высновай немагчыма — навошта радзіму перапісчыка змяшчаць у Прыкарпацці, калі яго дыялект без усялякага нацягнення добра лакалізуецца на Падляшшы? Для канчатковага вырашэння гэтага пытання варта абследаваць іншыя рукапісы з Су­прасльскага кляштара, прычым больш ранняга паходжання (а яны вядомыя з XVI ст.).

Мова большасці твораў Супрасльскага рукапіса неаднародная, адны творы паводле кваліфікацыі даследчыка напісаныя на г. зв. простай мове (так у навуковай літаратуры часам называецца старабеларуская / стараўкраінская мова), тады як іншыя — на г. зв. славянароскай мове, мяшанай (гібрыднай) мове з царкоўнаславянскай асновай і дадаткам польскіх ды ўсходнеславянскіх элементаў (61—64). У генетычных адносінах лексіка песняў уяўляе сабой мяшанку царкоўнаславянскіх і польскіх элементаў, а колькасць рутэнізмаў на іх фоне нязначная (82—83), пры гэтым матэрыял не дазваляе дыферэнцаваць апошнія на ўкраінізмы ці беларусізмы (82, спас. 128). Суадносіны іншамоўных элементаў не аднолькавыя ў розных песнях часткі А, якія распадаюцца на некалькі цыклаў (Хрыстовыя, багародзічныя і да т. п.), а мова трох апошніх частак, што ўтрымліваюць пераклады з лаціны, амаль чыстая царкоўнаславянская (83—84). Значная колькасць паланізмаў у некаторых песнях сведчыць пра іх запазычанне з польскіх крыніц (87—88).

Два наступныя раздзелы кнігі носяць уласна літаратура­знаўчы характар. У першым з іх сп. Штэрн абмяркоўвае вер­сіфікацыю зборніка, а ў другім аналізуе змест і тэматыку песняў.

Даследчык пачынае з кароткага нарысу пра пашырэннне сілабічнай паэзіі сярод усходніх славян, якая з 1580–х г. з’яўляецца ў беларускіх і ўкраінскіх друках, а ў XVII ст. пранікае і ў Масковію (89—92). Аднак сілабічныя паэзія была слаба рытмізаваная і патрабавала штучнай тэхнікі дэкламацыі — слібізавання. Узорам для такога чытання паслужылі царкоўныя спевы — псальмы і канты. Паколькі іх музычная рытміка канфліктавала з нерытмічнай структурай верша, то на дапамогу прыходзіў рухомы націск, які ў сярэдзіне радка расстаўляўся ў словах адпаведна музычнаму рытму. Так узнікла сілабатанічнае вершаскладанне, прадстаўленае напачатку творамі ў галіне царкоўных хваласпеваў, такімі як псальмы і канты (92—100). Пры гэтым і сілабічная паэзія і духоўная песні аднолькава паходзілі з кляштараў і царкоўных школ (101). Сп. Штэрн дае кароткі нарыс тэарэтычных ведаў па сілабiчным вершы, пададзеных у граматыках і паэтыках XVII—XVIII ст. (101—103). Пасля такіх уводзін у тэму даследчык пераходзіць да разгляду структуры песняў зборніка. Толькі 70 з іх дэманструе строгі сілабізм, тады як струкутра астатніх больш вольная, а асобныя песні выяўляюць моцную нерэгулярнасць (104—106). У адносінах памеру песні прадстаўленыя пераважна двувершам аднолькавай даўжыні, што налічвае 6—8 ці 10—15 складоў, зрэдку сустракаюцца двувершы з няроўнай даўжынёй (106—110). Даследчык таксама разглядае строфіку і рыфму песняў (110—125). У наступным раздзеле ён даследуе вобразнасць песняў зборніка, адзначаючы іх залежнасць ад новазапаветнай і агіяграфічнай літаратуры (у т. л. лацінскага паходжання), а таксама прысутнасць у песнях шматлікіх цытат і рэмінісцэнцый з літургічнай, радзей апакрыфічнай літаратуры, але амаль поўную адсутнасць фальклорных ці антычных матываў (126—132). Падрабязна даследчык разгледзеў калядную і марыянскую тэматыку песняў і зрабіў дэталёвы літаратуразнаўчы аналіз вобразных сродкаў апошніх — багародзічных песняў (132—168).

Перадапошні раздзел даследавання сп. Штэрна — самы вялікі ў кнізе і паводле аб’ёму (169—303) амаль роўны ўсім папярэднім раздзелам. Ён называецца «Гісторыя духоўнай сілабічнай песні ў люстэрку рукапіса F 19—233» і мае крыніцазнаўчы характар. У ім даследчык спрабуе высветліць крыні­цы, аналагічныя супрасльскаму зборніку паводле структуры і зместу (169). Ён адзначае, што гісторыя перадачы духоўных спеўнікаў сярод усходніх славян заставалася практычна недаследаванай у навуцы. Зборнікі псальмаў і кантаў на Беларусі і Ўкраіне атрымалі распаўсюджанне толькі пасля 1680 г., да таго калі песні такога кшталту і сустракаліся (з пачатку XVII ст.), то ў складзе зборнікаў іншага зместу і ў колькасці не больш за тузін (170—173). Найбольш ранні з такіх зборнікаў, верагодна, з 1660–х г., мае беларускае паходжанне, хоць сістэматычная практыка збіраць падобныя песні ў зборнік, прычым амаль заўжды ненатаваны і малафарматны, прыпадае на пачатак XVIII ст. У сваім складзе такія рукапісы змяшчаюць некаторы дамешак песняў свецкай тэматыкі і пахо­дзяць амаль выключна з заходніх рэгіёнаў Беларусі і Ўкраіны, што звязана, відаць, з дзейнасцю базыльян (180—181).

У Масковіі з’яўленне зборнікаў духоўных песняў, прычым звычайна натаваных, звязанае з Новаерусалімскім кляштарам пад Масквой, заснаваным патрыяхам Ніканам, і прыпадае на 1660–я г. Гэтаму папярэднічаў прыезд у сярэдзіне XVII ст. першых царкоўных эмігрантаў з Украіны і Беларусі, якія прынеслі новыя для Масковіі партэсныя спевы і духоўныя вершы, заснаваныя на польскіх ці рутэнскіх узорах, пра што сведчаць паланізмы і рутэнізмы ў мове песняў маскоўскіх зборнікаў (182). Далей даследчык указвае песні Супрасльскага зборніка, што знаходзяць сабе адпаведнікі ў маскоўскіх рукапісах (173—176, 183), хоць рэпертуар расійскіх зборнікаў больш позніх часоў, XVIII ст., захоўвае мала пераймальнасці з раннім рэпертуарам XVII ст. (183—184). Усходнеславянскія духоўныя песні пранікалі таксама да старавераў (188—189), а з сярэдзіны XVIII ст. — на Балканы, да сербаў, дзякуючы сувязям з Ра­сіяй і перасяленню русінаў у Ваяводзіну (189—191).

Духоўная песня распаўсюджвалася пераважна ў рукапісах і на працягу XVIII ст. амаль не трапляла ў друк. За гэты час толькі асобныя песні былі надрукаваныя базыльянамі ў складе польскамоўных малітоўнікаў ці кірылічных лісткоў з выявамі багародзіцы. Толькі ў 1790 г. у Пачаеве выйшаў друкам зборнік песняў пад назвай Багагласнік, а ў Вене ў тымсамым годзе ваяводзінскі кнігагандляр Дыміян Каўліцыя з Новы Сад таксама выдаў падобны зборнік песняў, нарэшце, у Маскве купец Якаў Дабрынін у 1799 г. надрукаваў зборнік духоўных і панегірычных песняў (184—188).

Даследчык указвае адпаведнікі некаторых песняў Су­прасльскага зборніка ў іншых беларускіх і ўкраінскіх рукапісах (181—182) і нават знаходзіць крыніцы асобных песняў у расійскіх зборніках XVIII ст. (184). Ён дэталёва разглядае ўсе супадзенні тэкстаў песняў з часткі А, што пазначаны як «вы­пісаныя са старажытных песняпісцаў», з іншымі вядомымі крыніцамі, якія паўсталі да 1750–х г. (192—225). Асобна да­следчык спыняецца на тых песнях Супрасльскага зборніка, што сустрэліся ў іншых крыніцах толькі аднойчы, і спрабуе вы­светліць іх дачыненне да зборніка (225—232). Ён канстатуе складанасць тэксталагічных адносін паміж імі, што не да­зваляе высветліць з усёй пэўнасцю залежнасць адной крыніцы ад іншай. Нарэшце, ён разглядае рэмінісцэнцыі і цытаты з іншых песняў, што паслужылі падмуркам для стварэння новых песняў зборніка (233—236).

Аналіз перакладаў заходніх гімнаграфічных твораў, размешчаных у частках C і D, пачынаецца з агляду духоўнай паэзіі на народных мовах заходніх славян, чэхаў і палякаў, якая ўзнікае не пазней за XII ст. (236—239). Іх усходнеславянскія наследаванні, якія паўстаюць толькі з надыходам эпохі барока, рэдка ўяўляюць сабой непасрэдныя пераклады, а збольшага пераймаюць толькі заходнюю версіфікацыйную тэхніку і грунтуюцца на матэрыяле царкоўнаславянскіх духоўных вершаў літургічнага паходжання (239—240). Даследчык разглядае тыя песні Супрасльскага зборніка, што перакладзены з польскай мовы (241—245) і лацінскай, прычым у апошнім выпадку гэта не толькі песні частак C і D, але таксама і некалькі песняў у частцы A (245—253).

Далей сп. Штэрн спрабуе вызначыць аўтараў і носьбітаў псальмаў. Толькі для асобных песняў можна ўказаць аўтарства, і ў Супрасльскім зборніку даследчык налічвае каля дзесятка твораў, што належаць вядомым аўтарам — Змітру Растоўскаму, Япіфану Славінецкаму і некаторым іншым гістарычным асобам, а таксама адзначае групу невядомых аўтараў, чые імёны засталіся ў акравершах (253—262, гл. таксама 316—317). На думку сп. Штэрна, ананімнасць духоўных песняў не ў апошнюю чаргу звязана з тым, што яны паўставалі як вынік школьнага практыкавання ў вершаскладанні (262—266). Перапісчыкамі і ўладальнікамі зборнікаў псальмаў у XVII ст. былі манахі кляштараў, якія мелі іх у прыватнай уласнасці. Яны не імкнуліся да паўнаты збору, але ім удавалася сабраць часам вершы з далёкіх кляштараў, што было лёгка зрабіць пры падарожжах, у якія браліся з сабой рукапісы–спеўнікі (232—233). Аднак у XVIII ст. зборнікі выйшлі за муры кляштараў і трапілі праз набожных вернікаў (пеўчых і інш.) і кляштарныя школы ў свецкае асяроддзе (266—268). Разам з тым сілабічная духоўная песня, кніжная паводле свайго генезіса, у XVII і XVIII ст. пранікла і ў вусную традыцыю, што прывяло да пэўнай вульгарызацыі жанру і склала прыкмету народнага барока. Такое пранікненне адбывалася праз вучняў (часта недавучак) духоўных семінарыяў (бурсакоў, спудзеяў, дзякаў), а таксама праз недысцыплінаваных манахаў, якія жабравалі па ваколіцах ці вандравалі па рэгіёну (гэта знаходзіць паралелі з заходнееўрапейскімі вагантамі XII—XIII ст.). Ад іх кніжная духоўная песня перайшла да вандроўных інвалідаў ці бедных сялян, якія стала альбо часова жабравалі, спяваючы па дварах песні — г. зв. старцаў, сляпцоў, лірнікаў, кабзароў, калік перахожых. Такія вандроўныя спевакі існавалі на Ўкраіне, Беларусі, у Расіі, Польшчы. Яны самі песняў не стваралі, а пераймалі ўзоры кніжнай паэзіі. Апрача таго, у іх рэпертуар уваходзілі таксама народныя танічныя песні, сярод якіх часам сустракаліся і гістарычныя, як, напрыклад, ва Ўсходняй Украіне (там гістарычныя песні называліся думамі, ці інакш казацкімі альбо нявольніцкімі песнямі). Сп. Штэрн указвае фальклорныя варыянты некаторых песняў Супрасль­скага зборніка, адзначаныя ў запісах з розных рэгіёнаў; падобныя варыянты вядомыя і для іншых рукапісаў (274—276). Некаторыя песні зборніка знаходзяць аналогіі і ў калядных спевах (280), у сувязі з чым даследчык разглядае ролю спеваў у школьнай драме каляднай тэматыкі і ў творах батлейкі (276—279).

Напрыканцы раздзела сп. Штэрн разглядае дачыненне духоўнай песні да царквы. Ён аргументавана адвяргае ранейшы погляд, нібы з дапамогай духоўнай песні уніяты імкнуліся індактрынаваць народ у каталіцкім духу. Місіянерскія памкненні ва уніятаў становяцца адметнымі толькі ў 2–й палове XVIII ст., тады як духоўная песня квітнее на працягу ўсяго XVIII ст. Друк зборнікаў такіх песняў распачаўся толькі ў апошняе дзесяцігоддзе XVIII ст. (дарэчы, у Супраслі выходзілі спеўнікі выключна на польскай мове), а вядомыя кірылічныя рукапісы з такімі песнямі належалі прыватным асобам і толькі зрэдку паходзілі з уніяцкіх кляштараў. Больш за тое, у духоўных песнях не заўважаецца аніякай канфесійнай палемікі, а шэраг песняў Супрасльскага зборніка нават былі запазычаны з праваслаўных крыніц, без усялякай рэдакцыйнай працы ў бок набліжэння да каталіцкай дагматыкі, а часам — і без змены некаторых дактрынальных фармулёвак праваслаўя (281—282). У некаторых песнях выступаюць алюзіі да апа­крыфічных твораў (283—284). Наогул, у духоўных песнях у вельмі слабой ступені прысутнічаюць сляды дагматычных формул таго ці іншага вызнання, хоць даследчык указвае шэраг рысаў, абавязаных каталіцкаму ўплыву, але яны займаюць у песнях зусім нязначнае месца (285—288).

Нягледзячы на пэўную папулярнасць духоўнай песні сярод праваслаўных і старавераў, яна ніколі не мела ў права­слаўі літургічнага ці нават калялітургічнага ўжытку, тады як ва уніяцкай царкве ўжывалася пад уплывам літургічнай практыкі каталіцтва. Пры гэтым духоўныя песні на народнай мове як у каталіцызме, так і ва уніятаў спяваліся не пад час набажэнства, а ў дадатак да яго: пасля заканчэння аднаго чына набажэнства і перад пачаткам іншага, у г. зв. секвенцыях. Сп. Штэрн прыходзіць да высновы, што Супрасльскі зборнік якраз і можа ўяўляць сабой кнігу такога калялітургічнага ўжытку. Яго частка A мае назву Кнѣга пѣснопѣній сирѣчь Ірмологіонъ, што ўказвае на яе адпаведнасць каталіцкаму і праваслаўнаму спеўнікам. Даследчык таксама прыводзіць некаторыя ўскосныя сведчанні выкарыстання зборніка ў царкоўным ужытку, хоць адзначае, што падобныя зборнікі маглі выкарыстоўвацца і для хатніх спеваў, пад час святаў (289—291, 298—303). Пад уніяцкім і каталіцкім уплывам духоўная песня магла знаходзіць калялітургічны ўжытак і ў праваслаўнай царкве на Беларусі і Ўкраіне, хоць доказаў гэтаму бракуе (298). На Масковіі некаторыя віды нецаркоўных народных спеваў (кшталту скамарохаў) пераследавалася ўладамі, а любыя заходнія ўплывы сустракалі варожасць з боку кансерватараў (291—294). У сувязі з гэтым нечаканасцю выглядае вялікая колькасць рукапісаў псальмаў, што паходзяць з Новаерусалімскага манастыра пад Масквой з 1680–х г. На думку сп. Штэрна, гэта звязана з дзейнасцю прыхільнікаў патрыярха Нікана і абумоўлена патрэбамі як прыдворнага тэатра маскоўскага цара, дзе спяваліся розныя песні, так і царскага ды патрыяршага хароў, якія па–за царквой спявалі на тыя ці іншыя святы ды ўрачыстаці, у іх рэпертуары і маглі гучаць псальмы (294—298).

У апошнім раздзеле даследчык вызначае месца духоўнай сілабічнай песні ў жанравай сістэме ўсходнеславянскіх літаратур. Усе песні Супрасльскага зборніка належаць да аднаго жанру, які сп. Штэрн азначае як духоўная сілабічная кніжная песня. Тэматычна такая песня была звязаная з рэлігійнай сферай, узнікала ў асяроддзі аўтараў, што атрымалі школьную адукацыю і былі звязаныя з кляштарам. Хоць пазней яна набыла пэўнае распаўсюджанне ў народзе і пачала набліжацца да фальклору, аднак мела выключна кніжную форму — сіла­біч­ны верш. У XVII—XVIII ст. такія песні азначалі як песня, псальма і кант, аднак даследчык аддае перавагу сярэдняму тэрміну (304—307). У музычным аспекце псальме адпавядаў партэсны спеў (308—311). У адрозненне ад віршаў, што ўзнікалі ў школьным, вучоным асяроддзі і заставаліся там, псальма пранікала ў народнае асяроддзе, уяўляючы сабой пераходную форму паміж літаратурай адукаваных колаў грамадства і народнай літаратурай. Адсюль вынікае і некаторая варыятыўнасць ды няўстойлівасць тэкстаў песняў, падобная да фальклорных твораў, хоць напачатку псальма распаўсюджвалася выключна пісьмовым шляхам (312—317). Напрыканцы даследчык разглядае стасунак псальмаў да літургічнай паэзіі (318—322), свецкай сілабічнай песні (кахальнай, лірычнай, панегірычнай, застольнай і да т. п.; 322—330), кніжнай паэзіі (віршы рознай тэматыкі; 330–335), дасілабічнай духоўнай паэзіі (335—339) і нарэшце, да фальклорных жанраў (народныя танічныя песні; 339—347).

Астатнюю частку кнігі займае публікацыя песняў Су­прасльскага зборніка ў наборным выглядзе (405—761). Гэта дазволіла даследчыку кампактна падаць усе розначытанні з вядомымі крыніцамі, прывесці эмендацыі ці кан’ектуры да сапсаваных месцаў, а ў некаторых выпадках зрабіць рэканструкцыю асобных пераблытаных элементаў тэксту, схематычна паказаць страфічную структуру песняў. Тэксты падаюцца з усімі надрадковымі і пунктуацыйнымі знакамі, скарачэнні захоўваюцца. Спіс крыніц, прыцягнутых даследчыкам для па­раў­нання, налічвае 93 рукапісы XVII—XIX ст. і 6 друкаваных выданняў XVIII ст. (391—402). Публікацыю завяршае алфавіт­ны паказнік пачатковых радкоў песняў.

Праца сп. Штэрна выходзіць далёка за межы звычайнага каментара да публікацыі старажытнага тэксту. Гэта грунтоўнае шматаспектнае даследаванне не толькі аднаго помніка, а цэлага жанру даўняй літаратуры. У навуковым пошуку да­следчык выяўляе глыбокае знаёмства не толькі з прадметам і спецыяльнай літаратурай, але і з сумежнымі галінамі, — ад царкоўнай гісторыі і да фальклору. На працягу ўсёй працы падаецца вялікая колькасць спасылак на падставовую літаратуру; частацытаваныя крыніцы змешчаны ў выглядзе спіса літаратуры ў канцы даследавання, і гэты спіс налічвае больш за 450 пазіцый. Таму асобныя хібы ў яго афармленні даравальныя. Так, у кнізе цытуецца праца Калугіна 1994 г. (60, спас. 51, 52), але ў бібліяграфічным спісе яна адсутнічае. Першапачаткова праца сп. Штэрна, напэўна, насіла больш сціплы характар, паколькі раздзел 4 памылкова названы як 3 (101). Часам трапляюцца некаторыя дробныя памылкі, напрыклад, што Ваўкавыск ляжыць у сучаснай Літве (35).

Заўваг патрабуць погляды даследчыка на моўныя аб’екты старажытнай эпохі. Ён правільна вызначае існаванне агульнай пісьмова–літаратурнай мовы беларусаў і ўкраінцаў, акрэсліваючы яе тэрмінам «рутэнская мова» (49 і інш.), аднак у іншых месцах карыстаецца тэрмінамі «паўднёвазаходнеруская» (82, спас. 128), «руськая» (89), «украінская» (83). Тым не менш, у «Польска–літоўскай дзяржаве» сп. Штэрн налічвае толькі тры мовы: польскую, царкоўнаславянскую і гутарковы ўсходнеславянскі дыялект. Мадыфікаванай формай апошняга, на яго думку, з’яўляецца міжрэгіянальная канцылярская мова ВКЛ (59), што гістарычна няправільна і метадалагічна хібна. Гэтая «мадыфікаваная форма» нават у канцылярскім ужытку выступала ў вельмі далёкім ад дыялекту вы­глядзе і, больш за тое, ужывалася таксама ў літаратурнай ды рэлігійнай сферы. Мову, што выкарыстоўвалася ў гэтых сферах з XVI ст., даследчык акрэслівае тэрмінам «проста мова» і лічыць яе гіб­рыдным утварэннем, якое ўзнікла ў выніку насычэння канцылярскай мовы паланізмамі і царкоўнаславянізмамі (59—60). На яго думку, гэтая мова паўстала ў царкоўнай сферы з практыкі казання і павучання вернікаў і адрозніваецца ад канцылярскай мовы; разам яны ўтвараюць функцыянальна–стылёвыя варыянты рутэн­скай мовы. Такі погляд уласцівы некаторым украінскім да­следчыкам (упершыню ён быў выказаны ўкpаінскім мова­знаўцам П. Плюшчом)[1], хоць яго нельга пры­знаць абгрунтаваным, што ўсведамляе і сам сп. Штэрн (60, спас. 51).

Кніга сп. Штэрна будзе надзвычай цікавая і карысная для беларускіх гуманітарыяў. Яна не толькі ўводзіць у навуковы ўжытак важны рукапісаны помнік, але і абвяргае распаўсю­джаны сярод навукоўцаў погляд на 2–ю палову XVII ст. і ўсё XVIII ст. як эпоху літаратурнай пустэчы, час заняпаду і дэградацыі літаратуры ды культуры. Згодна з такім поглядам, духоўная песневая паэзія знаходзілася на перыферыі тагачаснага жыцця і недаацэньвалася ні гісторыкамі літаратуры, ні фалькларыстамі ды этнографамі. Даследаванне сп. Штэрна не толькі разбурае навуковыя міфы, але і раскрывае новыя гарызонты для далейшага пошуку.
Мінск

Ігар Клімаў


[1] Плющ П. П. Нариси з історії української літературної мови. Київ, 1958. С. 36, 130, 137, 142—143; Плющ П. П. Iсторія української літературної мови. Київ, 1971. С. 140 і інш., аналагічна: Shevelov G. Y. A historical phology of the Ukrainian language. Heildelberg, 1979. P. 701.

Наверх

Ганна Харашкевіч. Беларуская археагрaфія на новым этапе

Снежня 19, 2002 |


* Метрыка Вялікага Княства Літоўскага: Кніга 44: Кніга запісаў 44 (1559—1566)/ Падрыхт. А.І.Груша). Мінск, 2001. 229.

Пра „беларускую“ археаграфію пасля працы М. Улашчыка[1] можна гаварыць толькі з 20–х г. мінулага стагоддзя, калі справай выдання крыніц па гісторыі Беларусі сталі займацца гісторыкі гэтай краіны. Перадумовы для нацыянальнай археаграфіч­най школы былі створаны яшчэ да 1917 г. Першым археографам, які пакінуў заўважны след у вывучэнні матэрыялаў Літоўскай метрыкі, выступіў С. Шамбінага (разам з М. Беражковым ён займаўся апісаннем найбольш старажытных кніг запісаў Літоўскай метрыкі[2]). Менавіта гэтыя гісторыкі ўвялі ў зварот шмат якія азначэнні актаў і дакументаў, што сцвердзі­ліся ў сучаснай дыпламатыцы Вялікага Княства Літоўскага.

Публікацыя Дз. Даўгялы 1928 г. была адзінай на працягу ўсяго савецкага перыяду існавання і Беларусі, і краіны, у якую яна ўваходзіла — Савецкага Саюза. У адпаведнасці з узроўнем дыпламатыкі і археаграфіі свайго часу Дз. Даўгяла даў агульную характарыстыку 8–й кнігі судовых справаў і ўнесеных у яе дакументаў. Кніга была цалкам прысвечана адной з беларускіх земляў — Полацкай — і разам з шматлікімі апісаннямі межаў Полацкай зямлі, зробленымі пад час дыпламатычных перамоваў прадстаўнікоў Рэчы Паспалітай і Расійскага царства 1570 г., дала надзейны матэрыял для меркавання пра некаторыя карэнныя пытанні сацыяльнага, эканамічнага і часткова палітычнага развіцця гэтай зямлі.

Аднак серыя „Беларускі архіў“, у якую была ўключана і публікацыя кнігі судовых справаў ЛМ, ва ўмовах пачатага „антынацыяналістычнага“ тэрору савецкай улады працягу не мела. Гісторыкі загінулі ў  ГУЛАГу, публікатарская дзейнасць замёрла надоўга. Толькі пасля вайны з’явілася выданне тэндэнцыйна падабраных дакументаў пра расійска–беларускія дачыненні XVII ст., выкананае Абэцэдарскім. Зборнік Абэцэдарскага, як і ўсе выданні пра нацыянальныя адносіны, ажыццёўленыя пад сцягам „антыкасмапалітызму“, быў просталінейны і пазбаўлены атма­сферы рэальнага жыцця з яго супярэчлівымі тэндэнцыямі і плынямі. З археаграфічнага пункту погляду зборнік не ўяўляў цікавасці. Складальнік не абцяжарваў сябе пошукам адэкватных паняццяў для характарыстыкі розных дакументаў, тэксты былі пададзены ў спрошчанай транскрыпцыі, поле іх пошуку звужана да ЦДАСА.

Аднак пасля гэтага зноў надышоў перапынак, на гэты раз ён, здаецца, не суправаджаўся маштабам такога тэрору супраць саміх вучоных, як у канцы 20 — пачатку 30–х г. Тым не менш, найлепшыя ўсё ж пацярпелі. Сярод іх быў і М. Улашчык. Пасля вяртання з трэцяй высылкі ён змог абагульніць досвед папярэдняй археаграфіі гісторыі Беларусі.

Спроба У. Пашуты доказамі ад гісторыі змацаваць распад на асобныя фрагменты цела „адзінага і магутнага Савецкага Саюза“ не знайшла падтрымкі ў афіцыйных акадэмічных колах. Калі манаграфія, прысвечаная старажытнарускім традыцыям і лёсу ўсходняга славянства, была апублікаваная, то другое пачынанне пад яго эгідай — калектыўнае выданне матэрыялаў Літоўскай метрыкі вучонымі Польшчы, Расіі, Літвы, Украіны і Беларусі — было асуджана на пагібель. Сваю ролю выканаў і трывала замацаваны ў свядомасці акадэмічных вучоных страх перад праявамі „нацыяналізму“ (бо гутарка ішла пра гісторыю дзяржавы, што спаборнічала ў Сярэднія вякі і ў пачатку Новага часу з Расійскім царствам і Расійскай імперыяй), і палітычнае стано­віш­ча, якое несла сур’ёзны крызіс сацыялістычнай сістэмы ў Еўропе (Салідарнасць у Польшчы прадэманстравала размах антысацыялістычнага і антысавецкага руху).

Ні маскоўскія[3], ні ўкраінскія, ні беларускія афіцыйныя акадэмічныя колы не ўспрынялі савецка–польскай дамовы пра сумеснае выданне матэрыялаў Літоўскай метрыкі як кіраўніцтва да дзеяння. Падрыхтаваны В. Мянжынскім першы з беларускай серыі том Літоўскай метрыкі з цяжкасцю знайшоў выдаўца, і то за межамі Акадэміі навук Беларусі[4]. Ён праклаў шлях падобным заняткам у незалежнай Беларусі. І ў 2001 г. з’явіўся другі том, праўда, зноў пад грыфам не АНБ, а Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі пры фінансавай падтрымцы Гарадзенскага абласнога аб’яднання маладых вучоных. Паколькі зайшла гутарка пра гэтую ўстанову, варта сказаць пра яе хоць некалькі слоў. Гародня дзякуючы намаганням Дз. Карава стала сапраўдным цэнтрам беларусазнаўства ў межах самой краіны, які карыстаецца заслужаным аўтарытэтам і за яе межамі. У серыі „Наш радавод“ выйшла ўжо 8 тамоў, дзе змешчаны даследаванні па археаграфіі і крыніцазнаўстве айчынных і замежных даследчыкаў.

У 2001 г. была апублікавана 44–я кніга запісаў, дакументы якой прысвечаны пераломнаму ў гісторыі Ўсходняй і Цэнтральнай Еўропы пачатковаму перыяду Лівонскай вайны — 1559—1566 г. Дазволім сабе не пагадзіцца з выдаўцом А.Грушам, які ў анатацыі адрасуе сваё выданне „ўсім тым, хто цікавіц­ца гісторыяй Вялікага Княства Літоўскага і Беларусі“. Ён занадта сціпла ацэньвае значэнне 44 дакументаў, якія ўваходзяць у кнігу. Без іх немагчыма вывучэнне мінулага ні Расійскага царства, ні Рэчы Паспалітай, ні Латвіі, ні Еўропы ў цэлым. Можна спадзявацца, што на гэты пралік выдаўца звернуць увагу і іншыя рэцэнзенты з сумежных і несумежных з Беларуссю еўрапейскіх і іншых краін.

Задача дадзенай рэцэнзіі значна вузейшая — падысці да выдання 44–й кнігі запісаў з пункту погляду патрабаванняў сучаснай археаграфіі. Нельга адмаўляць таго, што гэтыя па­трабаванні бываюць рознымі: расійская археаграфічная школа — максімалісцкая па сваім характары (яе каноны распрацоўваюцца пераважна С.Каштанавым[5]), заходняя ў цэлым адпавядае ўзроўню расій­скай археаграфіі пачатку ХХ ст.[6]

Адзначым адразу, што выданне А.Грушы па тыпе найбольш блізкае да выданняў „Актов Русского государства ХVI в.“, „Актов Российского государства XVI в.“[7]. Сам склад тома нагадвае названыя тамы. У аб’ёмных уводзінах чытач знойдзе характарыстыку, праўда, вельмі кароткую, змешчаных у кнізе дакументаў, падрабязнае палеаграфічнае апісанне рукапісу з пазначэннем дакументаў, перапісаных трыма пісцамі, узоры почыркаў якіх пададзены ў дадатках, суадносінамі чатырох розных пагінацый канца XVI— 50–х г. ХХ ст. (што вельмі зручна для даследчыкаў, якія будуць карыстацца працамі класікаў беларусазнаўства ХIХ— пачатку ХХ ст.), вылучэнне асобных дакументаў па гісторыі некалькіх родаў ВКЛ, у тым ліку і роду Корсакаў. Тут жа выдавец выкладае свае ўяўленні наконт паходжання кнігі–копіі. Ён зыходзіць з меркавання, што кніга–копія ўзнаўляе цэлую арыгінальную кнігу пісара і земскага падскарбія Астафія Багданавіча Валовіча. Шкада толькі, што А.Груша не звязаў храналагічнае размеркаванне дакументаў 1561—1562, 1563 і 1566 г. з рэальнымі фактамі біяграфіі пісара, каралеўскім ітынерарыем і паездкамі самога пісара, абмежаваўшыся агульнай заўвагай, што Валовіч рэдка пакідаў краіну ў час доўгіх ад’ездаў караля (XXV).

Правілы перадачы тэкстаў крыху адрозніваюцца ад прынятых літоўскімі калегамі і рэкамендаваных расійскімі ў 1985 г. Аднак па дакладнасці перадачы тэкстаў выданне А.Грушы, бадай, пераўзыходзіць усе папярэднія. Крыху нязвычны, ды і ня­зручны для чытання выгляд „рваных“ слоў у тэксце, калі лічбавымі пазначэннямі вылучаецца адна ці дзве літары ў слове і менавіта да гэтай літары даецца палеаграфічная заўвага. Больш мэтазгодна ў заўвазе расказаць пра асаблівасці напісання слова, захоўваючы яго цэласнасць у тэксце. Незразумелая прычына адмовы ад літарнага пазначэння палеаграфічных заўваг і выкарыстання ў іх курсіву, які ўжываецца ва ўсім свеце для такіх заўваг. Залішнім здаецца ўзнаўленне кустодый.

Публікацыя 44–й кнігі запісаў Літоўскай меторыкі мае і іншае падабенства з названымі выданнямі рускіх сярэднявечных актаў, ажыццёўленымі ў савецкі і постсавецкі час. Маем на ўвазе забеспячэнне дакументаў складальніцкімі загалоўкамі. Паколькі кнігі–копіі Літоўскай метрыкі ўжо маюць загалоўкі, якія ўзыхо­дзяць да часу іх перапіскі, г. зн. да канца XVI ст., то літоўскія калегі адмові­ліся ад складальніцкіх загалоўкаў. Мяркуем, не зусім правамоцна, бо ўяўленні капііста XVI ст. пра дыпламатыку разыходзяцца з сучаснымі. Асэнсаванне ж формы і зместу дакументаў — гэта, на нашу думку, інструмент і шлях да спазнання сярэднявечнага грамадства. Таму, у цэлым падтрымліваючы ідэю ўключэння ў выданне складальніцкіх загалоўкаў, не магу ўстрымацца ад невялікага папроку А.Грушу. На наш погляд, выдавец неда­статкова закрануў пытанні дыпламатыкі і вызначэнні тыпу і разнавіднасці дакументаў, якія ў 1988 г., на апошняй канферэнцыі па гісторыі ЛМ, вы­клікалі вельмі вострыя спрэчкі і справядлівыя папрокі на адрас маскоўскіх складальнікаў „Метадычных рэкамендацый“ 1985 г., перш за ўсё на адрас цяперашняга рэцэнзента.

У цэлым можна пагадзіцца з прапанаванай выдаўцом класі­фікацыяй, якая, на наш погляд, уяўляе крок наперад параў­нальна з прапанаванай намі ў 1985 г. Аднак суадносіны з анала­гічнай класіфікацыяй К. Яблонскіса застаюцца ў выкладанні выдаўца цьмянымі. Ёсць і прыватныя пытанні: незразумела, чаму ў спісе разнавіднасцяў дакументаў пазначаны толькі 17 (c.17), а ў загалоўках іх крыху больш. Пра некаторую няўпэўненасць складальніка ў прапанаванай ім класіфікацыі сведчыць разнабой у вызначэнні разнавіднасцяў дакументаў. У паказальнік унесены 126 нумароў, а ў самой публікацыі толькі 106 дакументаў, якія знахо­дзяцца ў 44–й кнізе–копіі, плюс два дакументы–копіі, якія захоў­ваюц­ца ў Нацыяльнальным архіве Беларусі. Гэты разнабой адбыўся таму, што некаторыя, вылучаныя ў якасці асаблівай разнавіднасці, дакументы залічаны і ў гэтай асаблівай якасці і занесены ў агульную рубрыку „листы“ (так, сярод „листов“ двойчы згаданы „известительные окружные“ — №№ 16, 36, „данный уставной“ № 9, „ввязчие“ №№ 1—6, 10, 63, 80, 83). Аднак паслядоўнасці тут няма — частка „известительных окружных“ у лік „листов“ не трапіла (№№ 34, 43, 59, 72), як і адзін „данный уставной“ №53 і некалькі „ввязчих“ №№ 22, 25, 94, — і ўсё гэта без вытлумачэння прычын.

Вызначэнне некаторых разнавіднасцяў да таго ж выклікае сумненне. Так, вылучаюцца „данины“ ад імя ваяводаў, якія мелі сілу „до воли и ласки господарской“, яны адрозніваюцца ад па­цвярджальных караля і вялікага князя і яго ж прывілеяў, аднак тэрмінам „данина“ яшчэ ў першай палове XVI ст., мяркуючы па 6–й кнізе запісаў, пазначаліся і ўсе каралеўскія прывілеі.

Што да навукова–даведачнага апарата, то яго разнастайнасць і якасць можа задаволіць, спадзяюся, амаль кожнага чытача. Гэта слоўнік, каментары, табліца суадносінаў старых і новых шыфраў рукапісу, спіс копій дакументаў, змешчаных у кнізе. З іх толькі копіі двух дакументаў апублікаваны ў дадатку. Выданне мае так­сама спіс папярэдніх публікацый і спасылак на дакументы кнігі–копіі № 44. За гэтым спісам змешчаны храналагічны пералік дакументаў, паказальнікі — імянны і геаграфічны. Такім чынам, можна сказаць, што гэтае выданне па паўнаце навукова–даведачнага апарату можа прэтэндаваць на першае месца сярод усіх публікацый Літоўскай метрыкі канца ХХ— пачатку ХХI ст.

Спынімся падрабязней на некаторых частках гэтага апарату.

Тлумачальны слоўнік улічвае ўсе асноўныя дасягненні гісторыкаў і лінгвістаў у гэтай сферы. Можна выказаць толькі шкадаванне, што пераклад даецца, як і ў папярэднім, мінскім, томе Літоўскай метрыкі, толькі на беларускую мову. Рускамоўнаму чытачу, верагодна, можа не хапаць тлумачэння такіх слоў і словазлучэнняў, як вепрь кормный (№80), вгеръский золотый (№67), закло (№109), лой (№107), сажавки (№114), татарка (№67), шпекг (№67). У каментарах тлумачацца спасылкі на розныя па­дзеі, падаюцца імёны асобаў, названых толькі па займаных пасадах, ёсць бія­графічныя дадзеныя розных асобаў, уда­кладняецца месцазнаходжанне тых або іншых пунктаў, праводзіцца параў­нанне спісаў пінскіх мяшчан, прыведзеных у аднатыпных дакументах 1562 і 1563 г. (44, 71—73).

На заканчэнне хацелася б яшчэ паўтарыць сцвяр­джэнне, вынесенае ў загаловак рэцэнзіі. З публікацыяй 44–й кнігі запісаў Літоўскай метрыкі беларуская археаграфія не толькі зрабі­ла вялікі крок наперад параўнальна з дарэвалюцыйнымі выданнямі, але і ўзняла планку патрабаванняў да сучасных археографаў, якія займаюцца ўвядзеннем ў зварот не толькі кніг–копій Літоўскай метрыкі, але і помнікаў рускага і польскага Сярэднявечча.


[1] Улащик Н.Н. Очерки по археографии и источниковедению истории Белоруссии феодального периода. Москва, 1973.
[2] Книги Литовской метрики / Сост. Н.Г. Бережков и С.К. Шамбинаго //Описание документов и бумаг, хранящихся в Московском архиве Министерства юстиции. Москва, 1915. Кн. 21.
[3] Сярод якіх пасля смерці Ў.Пашуты першую скрыпку ў пахаванні яго пачынанняў выконваў злы геній расійскай медыявістыкі — намеснік, а пазней дырэктар інстытута (што паслядоўна называўся Інстытутам гісторыі СССР, потым Інстытутам расійскай гісторый) А.Сахараў.
[4] Метрыка Вялiкага Княства Лiтоўскага. Архiў Канцылярыi вялiкага Князя Лiтоўскага. Кнiга 28. (1522—1552). Кнiга запicаў 28 (Копiя канца XVI ст.). Менск, 2000.
[5] Падрабязней гл.: Список печатных трудов Каштанова С.М. / Сост. Г.А. и О.И. Елисеевы, Л.В. Столярова, О.И. Хоруженко // У источника. Сборник статей в честь члена–корреспондента  Российской Академии наук Сергея Михайловича Каштанова. Москва, 1997. Ч. 1. С. 26—59.
[6] Гэты ўзровень цягам апошняй трэці ХХ ст. вызначаўся ў асноўным рукапіснымі „Методическими рекомендациями по изданию „Актов Русского государства“ С.М. Каштанава, якія пабачылі свет толькі ў 1998 г. Гл.: Каштанов С.М. Актовая археография. Москва, 1998. С. 143—232
[7] Акты Русского государства. Москва, 1975; Акты Российского государства. Москва, 1999. Пра іх гл.: Хорошкевич А.Л. Акты, акты и еще раз акты… Новые миры средневековой Руси, эдиционная техника и научная традиция // Отечественная история. 2000. № 5. С. 127—138.

Наверх

450 Jahre Sigismund von Herbersteins Rerum Moscoviticarum Commentarii 1549—1999. Jubiläumsvorträge herausge-geben von Frank Kämpfer und Reinhard Frötschner (Уладзімір Канановіч)

Снежня 16, 2002 |


450 Jahre Sigismund von Herbersteins Rerum Moscoviticarum Commentarii 1549—1999. Jubiläumsvorträge herausge-geben von Frank Kämpfer und Reinhard Frötschner. Wiesbaden: Harrassowitz Verlag, 2002. 408 (Schriften zur Geistesgeschichte des östlichen Europa, Bd.24).

Зборнік змяшчае пашыраныя і дапрацаваныя версіі дакладаў і паведамленняў, што прагучалі ў часе міжнароднай канферэнцыі з нагоды 450–й гадавіны выхаду ў друк „Запісак пра маскавіцкія справы“ (Rerum Moscoviticarum Commentarii) барона Жыгімонта Герберштайна. Канферэнцыя, што адбылася 12—16 кастрычніка 1999 г. у Мюнстары, была арганізаваная Аддзелам усходнееўрапейскай гісторыі Гістарычнага Семінара Вестфальскага універсітэта і ягоным кіраўніком прафесарам Франкам Кэмпфэрам. Пры фінансавай падтрымцы Нямецкага Даследчыцкага Таварыства ў канферэнцыі бралі ўдзел даследчыкі з усёй Еўропы. Нягледзячы на працяглую традыцыю Герберштайніяны, у многіх дакладах уздымаліся зусім новыя аспекты і праблемы.

Тэматычна апублікаваныя ў томе артыкулы можна ўмоўна падзяліць на наступныя блокі:

1) асоба і адукацыя Герберштайна;

2) змест і характар „Запісак пра маскавіцкія справы“;

3) Герберштайн і ягоныя папярэднікі і сучаснікі;

4) вобраз маскоўскай палітычнай улады, палітычная тытулатура і палітычная ідэалогія, адлюстраваныя ў „Запісках“;

5) міжнародныя адносіны ва Ўсходняй і Цэнтральнай Еўропе ў часы Герберштайна;

6) рэлігійныя і культурныя кантакты і сувязі ў XVI—XVIII ст.;

7) пераклады, рэцэпцыя і распаўсюджанне „Запісак“ у Еўропе.

Зборнік таксама ўтрымлівае бібліяграфію Герберштайніяны з 1949 да 2002 г., падрыхтаваную доктарам Райнгардам Фрочнарам і магістрам Эфай Маурар.

Першы блок тэкстаў адкрывае Крысціна Гарауэр (Сhristina Harrauer) артыкулам „Sigmunt von Herberstein als Humanist. Mit der Erstpublikation eines Briefes an Herberstein aus dem Jahr 1535 über die neuen astronomischen Erkenntnisse des Nicolaus Copernicus“ (Жыгімонт Герберштайн як гуманіст. Першая публікацыя ліста да Герберштайна з 1535 г. пра новыя астранамічныя адкрыцці Мікалая Каперніка). Вядомая венская даследчыца пачынае свой артыкул крытыкай спробаў сучаснай гістарыяграфіі правесці выразны водападзел паміж г.зв. „гуманістамі“, якім прыпісваюцца выключна філалагічныя штудыі і дыскурсы, і г.зв. прыродазнаўцамі. Ідучы за Дытарам Вутке (Dieter Wuttke), К. Гарауэр сцвярджае, што светапогляд эпохі Адраджэння быў яшчэ цэльны і маналітны, а ў свядомасці адукаваных людзей таго часу не існавала падзелу на прыродазнаўчыя і гуманітарныя галіны. У якасці прыкладу аўтарка прыводзіць дзейнасць вядомага венскага гуманіста, чалавека энцыклапедычных ведаў і рознабаковых навуковых інтарэсаў Конрада Цэльціса (Conrad Celtis), пад кіраўніцтвам якога, магчыма, навучыўся або па меншай меры пераняў некаторыя ягоныя погляды і падыходы сам Герберштайн. Дарэчы, Цэльціс займаўся два гады (1488—1490) у Кракаўскім універсітэце, дзе прыкладна ў той самы час вучыўся будучы вялікакняскі сакратар Адам з Вільні (Котры) і некаторыя іншыя выхадцы з ВКЛ. Ліст вядомага сакратара польскага караля Жыгімонта Старога Бернарда Вапоўскага да Жыгімонта Герберштайна з 1535 г., які друкуецца ўпершыню, толькі пацвярджае непадробны інтарэс аўстрыйскага гуманіста да самых розных бакоў і праяваў тагачаснага навуковага жыцця, у дадзеным выпадку — да геліяцэнтрычнай сістэмы торуньскага астранома.

Ксеня фон Эрцдорф (Xenja von Ertzdorff) з Гісэна вызначае лацінскамоўныя „Rerum Moscoviticarum Commentarii“ і іхны нямецкамоўны варыянт „Moscovia. Haupstadt in Reussen“ як гістарычна–геаграфічнае краіназнаўчае апісанне, узмоцненае асабістымі перажываннямі аўтара, звесткамі прыватнага характару і біяграфічнымі фактамі (27). На думку аўтаркі, назва лацінскага выдання кнігі аўстрыйскага дыпламата „Commentarii“ з’явілася пад уплывам твора Юлія Цэзара „Commentarii de bellо gallico“ або больш позняга ўзору, як „Commentarii de gestis Concili Basiliensis“ Энея Сільвія Пікаламіні. Даследчыца ставіць працу Герберштайна ў адзін шэраг з падарожнымі нататкамі і апісаннямі замежных краін позняга Сярэднявечча і Новага часу, якія, у сваю чаргу бяруць свае вытокі ў антычных аналагах. У гэтым сэнсе „Commentarii“ (Moscovia) стаяць каля сучасных ім паведамленняў пра адкрытыя землі Хрыстафора Калумба і Амерыга Веспучы.

Складовымі часткамі падарожных нататак і апісанняў замежных земляў з’яўляюцца даследаванне рэлігіі і звычаяў, а таксама і хараграфія, г.зн. як апісанне самой зямлі, так і разгляд яе галоўных населеных пунктаў. Вышэйзгаданым тэмам прысвяцілі свае працы Ганна Харашкевіч (Масква) і Андрэй Юрасаў (Масква). У „Запісках“ Герберштайна абодва аспекты займаюць першачарговае месца. Твор, умоўна кажучы, можна звесці да гэтых дзвюх тэмаў.

Ганна Харашкевіч разглядае рускія звычаі ў апісанні славутага падарожніка. Лагічна і абгрунтавана высветліўшы сэнс слова „звычай“ у творы Герберштайна, аўтарка адрознівае яго кантэксты і сэнсавыя адценні ў „Запісках“. Даследчыца вылучае два комплексы абрадаў: царкоўны і побытавы. Першы комплекс з’яўляецца найбольш інфармацыйным (хрышчэнне, споведзь, пасты і інш.). Апісанне абрадаў у „Запісках“ сведчыць пра своеасаблівы рэлігійны сінкрэтызм у тагачаснай Маскоўскай дзяржаве (асабліва сярод простых людзей), які складаўся з дахрысціянскіх вераванняў ды абрадаў і хрысціянскага царкоўнага культу. Працэс хрысціянізацыі яшчэ зусім мала закрануў сацыяльныя нізы. Такое спалучэнне царкоўных і народных формаў вызначаецца запазычаным у этнографаў тэрмінам „побытавае праваслаўе“, ці „побытавае хрысціянства“. Аднак, тым не менш, Герберштайн адзначае значны прагрэс царкоўных нормаў і адпаведных ім рэлігійных формаў у Маскоўскай Русі. У першай чвэрці ХVI ст. царкоўныя звычаі і нормы ўжо глыбока праніклі ў жыццё тамтэйшых людзей, асабліва вышэйшых пластоў насельніцтва, вызначаючы шматлікія бакі іх паводзін і дзейнасці. Не засталіся па–за ўвагай Герберштайна і г.зв. побытавыя, народныя, штодзённыя звычаі, да якіх належалі кулачныя баі, паляванне, вялікакняскія піры і інш. Многія з іх мелі яшчэ дахрысціянскія, язычніцкія карані.

Андрэй Юрасаў разглядае паведамленні Жыгімонта Герберштайна пра рускія гарады. Як і Ганна Харашкевіч, ён пачынае з тэрміналагічных аспектаў, спрабуючы высветліць тое значэнне тэрміна „горад“, якое надаваў яму аўстрыйскі дыпламат. Юрасаў адзначае, што разуменне Герберштайнам „горада“ было абумоўлена заходнееўрапейскімі ўяўленнямі пра сярэднявечны горад як не проста ўмацаванае паселішча, але шматфункцыянальны гандлёва–рамесны і ваенны цэнтр. Даследчык даводзіць, што Герберштайн стварыў даволі рознабаковую карціну рускіх гарадоў: „Запіскі“ ўтрымліваюць важныя звесткі пра рускія гарады канца XV — першай чвэрці XVI ст., іх геаграфічнае становішча, знешняе аблічча, тапаграфію, заняткі насельніцтва, норавы і звычаі гараджан і г.д. Далейшую перспектыву даследаванняў рускіх гарадоў Юрасаў бачыць у шырокім параўнаўчым аналізе рускага і заходнееўрапейскага горада.

Вольга Сімчыч (Перуджа) у артыкуле „Франческо да Колло и его „Доношение о Московии“ между Меховским и Герберштейном“ прасочвае лёс адной геаграфічнай канцэпцыі таго часу. Яна піша пра спрэчкі вакол існавання або неіснавання г.зв. Рыфейскіх і Гіпербарэйскіх гарадоў, а таксама пра вызначэнне вытокаў Дзвіны, Волгі, Дона — Танаіса. Аўтарка паказвае, як цяжка новыя геаграфічныя канцэпцыі (у дадзеным выпадку ўяўленні Мацея Мяхоўскага) прабівалі сабе дарогу і якія рабіліся незвычайныя спробы, каб прыстасаваць новыя геаграфічныя адкрыцці да традыцыйных поглядаў.

Алег Кудраўцаў (Масква) параўноўвае погляды Герберштайна і ягоных папярэднікаў на Русь. Аўтар даводзіць, што іх вобразы Русі істотна адрозніваліся, нягледзячы на тое, што ўсе яны тварылі прыблізна ў адзін і той жа час, — пры вялікім князю Васілю Ш. А.Кудраўцаў робіць выснову, што папярэднікі Герберштайна, такія як Паола Джовія (Paolo Giovio), Ёхан Фабры (Johann Fabri) і Альберт Кампензэ (Alberto Campense), падалі станоўчы, пазітыўны вобраз Масковіі, у той час як сам Герберштайн — адмоўны і непрыязны. Аднак, думаецца, што з такім аўтарскім поглядам можна толькі часткова пагадзіцца. Твор Герберштайна нельга ўспрымаць як нейкі аднастайны тэкст. Яшчэ пры жыцці аўтара ён прайшоў значную эвалюцыю, неаднаразова дапрацоўваўся. Ды і пазней, асабліва ў часе Інфлянцкай вайны, калі ў Цэнтральна–Ўсходняй Еўропе шырыліся антымаскоўскія настроі, з ініцыятывы рэдактараў у тэксце „Запісак“ сталі з’яўляцца пасажы пра маскоўскую тыранію і варварства, якіх амаль не было ў першых выданнях (гл. артыкул Г.Гралі ў гэтым зборніку, с.323). Акрамя таго, існуе і іншае прачытанне „Масковіі“ (гл., напрыклад, артыкул Джаванні Маніскалька Базіле), згодна з якім карціна Масковіі ў Герберштайна была ў асноўным станоўчая ці прынамсі нейтральная, а адносіны да яе жыхароў — больш прыязныя.

Вобраз „іншага“ даследуецца і ў публікацыі нямецкага навукоўца Экехарда Вітгофа (Ekkehard Witthoff) з Эсэна. У артыкуле „Grenzen der Kulturen — Irland, Lappland und Russland im Spiegel frühneuzeitlicher europäischer Reisebeschreiburgen“ (Межы культуры — Ірландыя, Лапландыя і Русь у люстэрку Новага часу) даследчык паказвае, як тагачасныя заходнееўрапейскія аўтары разглядалі перыферыі Еўропы з пункту гледжання ўласных культурных уяўленняў, абапіраючыся на запазычаныя з класічнай літаратуры мадэлі і ўзоры. Пры гэтым нярэдка „чужое“, „іншае“ ўспрымалася як поўная супрацьлегласць уласнай культурнай традыцыі. Размежаванне культур, адзначае аўтар, яскрава праступае ў падарожнай літаратуры таго часу, асабліва з перспектывы „цэнтр — перыферыя“.

Асабліва прадстаўнічым і інфармацыйным з’яўляецца чацвёрты блок тэкстаў, прысвечаны маскоўскай палітычнай уладзе, палітычнай тытулатуры ды ідэалогіі. Не дзіўна, бо палітычны лад Маскоўскай Русі прыцягваў асаблівую ўвагу Герберштайна як дыпламата і палітычнага дзеяча. Уладзімір Калабкоў (Санкт–Пецярбург) паказвае той уплыў, які мелі „Запіскі пра Масковію“ Жыгімонта Герберштайна на фармаванне стэрэатыпнага, на думку аўтара, уяўлення еўрапейцаў пра форму кіравання ў Маскоўскай дзяржаве. Гэты вобраз улады, які наследавалі шматлікія наступнікі аўстрыйскага дыпламата, быў народжаны, як сцвярджае У. Калабкоў, пад уплывам тагачаснай імперскай дыпламатыі. Апошняя, маючы на мэце прыцягнуць на свой бок кіраўніцтва Масквы ў якасці патэнцыйных партнёраў на міжнароднай арэне, мусіла абгрунтаваць свой выбар. Дзеля гэтага кніга Герберштайна павінна была паказаць моц і багацце Масковіі, перадусім трываласць улады яе ўладара. Разам з тым, імперскай дыпламатыі даводзілася сур’ёзна ўлічваць і вагу Ягайлавічаў. З мэтай адцягнуць апошніх ад венгерскіх спраў Габсбургі стараліся пераканаць кіраўніцтва Польшчы і Літвы, што яны не мелі ніякага дачынення да прыняцця тытула цара (1547) і не падтрымліваюць палітычных амбіцый маскоўскага ўладара. У выніку Герберштайн спрычыніўся да стварэння на старонках „Масковіі“ вобраза абсалютнай манархіі Рурыкавічаў.

Створаны Герберштайнам вобраз неабмежаванай улады манарха ў Масковіі аказаўся надзвычай жывучы ў наступныя дзесяцігоддзі. Пастулаты аўстрыйскага дыпламата былі ўзяты на ўзбраенне многімі замежнымі аўтарамі, што пісалі пра Расію, у тым ліку і англічанінам Джэромам Джыльсам Флэтчэрам. Аднак Герберштайнаў вобраз неабмежаванай манархіі, на думку аўтара публікацыі, з цяжкасцю стасуецца з тагачаснай палітычнай рэчаіснасцю ў Маскоўскай дзяржаве. Сам У. Калабкоў прытрымліваецца пастулата пра супрацоўніцтва самаўладдзя з арыстакратыяй. У XVI ст. арыстакратычная вярхушка выконвала важную ролю ў кіраванні дзяржавай і прыняцці палітычных рашэнняў, у яе руках знаходзіўся не толькі цэнтральны адміністрацыйны апарат (прыказы), але і ваяводская ўлада ў найбуйнейшых цэнтрах. Маскоўскія ўлады вымушаныя былі абапірацца на гэтую вярхушку, лічыцца з яе саслоўнымі інтарэсамі, і таму яны не мелі абсалютнай улады — робіць выснову аўтар. Але само баярства эвалюцыянавала паступова на працягу XVI ст. ад вотчыннай арыстакратыі да службовай. Менавіта службовы характар арыстакратыі, а таксама неразвітасць астатніх станаў і дазволілі самаўладдзю ўзвысіцца над грамадствам (126—7). У гэтым супрацоўніцтве і выявілася своеасаблівасць станавай манархіі ў Расіі.

Артыкул Маршала По (Marshall Poе) з Гарварда працягвае і развівае тэму, закранутую У. Калабковым. Аднак амерыканскі даследчык ідзе далей, спрабуючы адшукаць вытокі вобраза маскоўскай улады ў Герберштайна. На думку По, аўстрыйскі дыпламат не вынайшаў вобраза рускай палітычнай сістэмы, але ягонае адлюстраванне маскоўскай улады было першым, што грунтавалася на асабістым досведзе (132). Пра неабмежаваную ўладу маскоўскага ўладара пісалі Кампензэ (Campense) і Фабры (Fabri), якія, несумненна, паўплывалі на аповед Герберштайна пра форму ўлады ў Маскоўскай дзяржаве. Аднак створаны ім вобраз гэтай улады быў далёкім ад ідэалізаванай карціны Масковіі ягоных папярэднікаў, якія хацелі бачыць у ёй тое, што адсутнічала ў тагачаснай Еўропе, перадусім павагу і культ уладара. Наадварот, у „Запісках“ намаляваны вобраз Івана III і Васіля III як жорсткіх уладароў, якія падпарадкавалі сабе ўсіх князёў Паўночна–Ўсходняй Русі. Тое, што намаляваў Герберштайн у „Запісках“, рэзка пярэчыла ўсяму бачанаму ім дома, дзе рэальна былі вызначаныя межы ўлады імператара, а правы арыстакратыі юрыдычна забяспечваліся (138). Ці не таму аўстрыйскі дыпламат падаў такую змрочную карціну маскоўскага палітычнага жыцця — спрабуе знайсці адказ на пытанне пра Герберштайнаў вобраз маскоўскай улады аўтар.

Прасачыўшы распаўсюджанне „Запісак“ у Еўропе XVI—XVII ст. і высветліўшы іх уплыў на сучаснікаў, М.По спрабуе адказаць на пытанне, як апошнія выкарыстоўвалі тэкст „Запісак“ і да якой ступені на іх паўплываў змест гэтага твора. Але перад тым аўтар паказвае, якім попытам карысталіся „Запіскі“ у Еўропе. У другой палове XVI ст., у звязку з адкрыццём маскоўскага гандлю англічанамі, падзеямі Інфлянцкай вайны і тэрорам Івана IV, кніга набыла асаблівую папулярнасць і стала фактычна тагачасным бестселерам. Да таго ж, доўгі час „Запіскі пра Масковію“ з’яўляліся ледзь не адзіным друкаваным творам, што спаталяў прагу ведаў заходнееўрапейцаў пра Расію. З 1549 да 1611 г. „Запіскі“ вытрымалі 22 выданні ў 8 еўрапейскіх гарадах. Больш за тое, праца Герберштайна істотна паўплывала на тых аўтараў, што пісалі пра Маскоўскую Русь. Многія этнографы і касмографы XVI i XVII ст. старанна і актыўна выкарыстоўвалі „Запіскі“ ў якасці крыніцы для сваіх нататкаў і аглядаў Масковіі, пра што яскрава сведчаць аўтарскія табліцы №3 і №4 (146—148). Маршал По паказвае, што галоўныя характарыстыкі маскоўскай палітычнай улады (абсалютная ўлада вялікага князя, ягоны поўны кантроль над сваімі падданымі і іхнай уласнасцю, надзвычайнае ўшанаванне ўладара) былі запазычанымі большасцю этнографаў, што пісалі пра Масковію паміж 1549 і 1700 г. З 12 аўтараў, якія цытавалі Герберштайна альбо абапіраліся на тэкст, крыніцай якога былі „Запіскі“, 11 падаюць тры і больш асноўных характарыстык дэспатычнага кіравання. Але калі Гваньіні і Ройтэнфэльдс цытуюць „Запіскі“ ледзь не даслоўна, дык Маржарэт і Колінз, якім „Запіскі“ найверагодней не былі вядомыя, нідзе не характарызуюць маскоўскі палітычны лад у такіх тэрмінах Герберштайна. Узровень прамога запазычання змяншаўся з часам. Акрамя таго, з пачатку XVII ст. „Запіскі“ ўжо не валодалі манаполіяй на звесткі пра палітычны лад у Масковіі, бо з’явіўся шэраг новых твораў на гэтую тэму. У галовах заходнееўрапейцаў у гэты час ужо трывала замацавалася агульнае ўяўленне пра маскоўскі дэспатызм.

Італьянскі даследчык Джавані Маніскалька Базіле (Giovanni Maniscalco Basile) зрабіў спробу новага прачытання „Запісак“ Герберштайна. Аўтар разглядае „Запіскі“ як своеасаблівы палітычны даклад, чым яны першапачаткова і былі, пакуль не выйшлі асобным выданнем у 1549 г. Тым не менш, адзначае Базіле, намаляваная Герберштайнам карціна мала стасуецца з сапраўднай маскоўскай рэчаіснасцю, што вынікае з жанравай асаблівасці палітычнага дакладу. У гэтым творы чужая рэчаісасць звычайна падаецца ў адпаведнасці з палітычнымі ўяўленнямі і поглядамі самога ўкладальніка, якія зразумелыя ягонаму чытачу. Аднак адлюстраваны свет ніколі не бывае адпаведнікам рэальнага, апісанне якога ў значнай ступені з’яўляецца недасягальнай мэтай і які куды больш складаны, чым той, які пададзены на старонках наратыўнага твора. У гэтым сэнсе палітычны (дыпламатычны) даклад набліжаецца да утопіі і утапічных твораў — у абодвух адлюстраваная карціна рэальнасці, якая на справе ніколі не існуе ў тым выглядзе, у якім яна падаецца. Любы дыпламатычны даклад, працягвае Базіле, мае на мэце перадачу карыснай інфармацыі пра складаную рэчаіснасць шляхам яе спрошчвання. У вышэйвызначаных метадалагічных рамках Дж. М. Базіле і аналізуе „Запіскі“, карыстаючыся пры гэтым навуковым інструментам гістарычна–палітычнай тэорыі, што скіраваны на стварэнне адпаведных мадэляў і ўзораў ды пошук заканамернасцяў. Высновы, да якіх прыходзіць італьянскі даследчык у выніку аналізу, на першы погляд, могуць збянтэжыць „традыцыяналістаў“, г. зн. прыхільнікаў традыцыйнага разумення „Запісак“ як твора, што рэзка асуджаў палітычную ўладу маскоўскага ўладара, ягоны дэспатызм і свавольства. Нічога падобнага Герберштайн не сцвярджаў і не збіраўся сцвярджаць — аўтарытэтна заяўляе Дж.М. Базіле! Адзінае, што аўстрыйскі дыпламат хацеў перадаць свайму патрону, эрцгерцагу Фердынанду Габсбургу, гэта тое, што маскоўскі ўладар, нягледзячы на ягоныя нязвыкла шырокія ўладныя паўнамоцтвы і абагаўленне падданымі, а таксама на дзіўныя і незразумелыя законы і звычаі, якія пануюць у ягонай дзяржаве, з’яўляецца як раз тым уладаром, з якім можна мець справу. Увогуле, у Маскоўскай дзяржаве і яе палітычнай сістэме, на думку аўтара, аўстрыйскі дыпламат не мог не прызнаць тых рысаў, якія былі ўласцівыя еўрапейскім манархіям у далекім мінулым і якія ўжо даўно сталі набыткам гісторыі, але ўсё яшчэ жылі ў гістарычнай памяці еўрапейца сярэдзіны XVI ст. Для Герберштайна вялікі князь маскоўскі быў тыповым партыманіяльным сюзерэнам, якімі былі і заходнееўрапейскія ўладары ў перыяд феадальнай дэцэнтралізацыі і анархіі. Але, у адрозненне ад многіх з іх, маскоўскі ўладар меў сродкі і сілы стварыць цэнтралізаваную дзяржаву. Джавані Базіле заяўляе, што, паводле Герберштайна, у гэтым і толькі гэтым сэнсе ён тыран. Маўляў, для аўстрыйскага дыпламата вялікі князь маскоўскі быў хрысціянскім уладаром, жорсткім, але міласэрным правіцелем, чыя легітымнасць была прызнаная і асвечаная (183).

Праблема светапогляду Герберштайна разглядаецца і ў працы фінскага даследчыка Які Лехтавірты (Jaakko Lehtovirta). Звярнуўшыся да выкарыстання тытулатуры маскоўскага ўладара ў „Запісках“, Яка Лехтавірта спрабуе высветліць яе дакладнае значэнне і разглядае праблему ў двух аспектах — палітычным і лінгвістычным. Аўтар даводзіць, што тая настойлівасць, з якой Герберштайн адмаўляе вялікаму князю маскоўскаму ў царскім тытуле, — справа хутчэй палітыкі, чым лінгвістыкі. Зразумела, імператарскі слуга жадаў давесці да чытача ідэю аб першынстве свайго сюзерэна над астатнімі манархамі і яго манапольным праве размяркоўваць каралеўскія тытулы і кароны, нават тады, калі сам гэты сюзерэн з палітычных меркаванняў не меў нічога супраць прызнання імператарскага (царскага тытула) і за іншымі ўладарамі, а гэта і мела месца ў выпадку з тытулатурай вялікага князя маскоўскага Васіля III у імперска–маскоўскай дамове 1514 г. Зразумела і палітычнае імкненне спрыяць імперска–ягелонскаму збліжэнню, паставіць маскоўскага ўладара на ніжэйшы ўзровень, чым польскага караля. Адносна лінгвістычнага аспекту Я.Лехтавірта даводзіць, што не варта разводзіць абодва значэнні тэрміна „цар“: маскавіты разумелі пад ім як імператара (цара), так і караля ў заходнееўрапейскім разуменні гэтага слова. Такая гнуткасць у выкарыстанні палітычных тэрмінаў была на карысць маскавітаў: іх уладары былі з заходнееўрапейскімі каралямі як каралі, а з імператарамі — як імператары. Аднак такі тэрміналагічны падыход маскавітаў не мог задаволіць такіх асобаў і палітыкаў, як Жыгімонт Герберштайн, дакладней, не адпавядаў іх палітычнаму светапогляду.

У артыкуле Райнгарда Фрочнара (Reinhard Frötschner) з Мюнхена „Ugrier — Ungarn — Hunnen. Herberstein über ein Motiv der Moskauer polischen Mythologie“ („Угры — венгры — гуны. Герберштайн пра адзін матыў маскоўскай палітычнай міфалогіі“) даследуецца адзін асобна ўзяты аспект маскоўскай палітычнай думкі канца XV — першай паловы XVI ст. Гутарка вядзецца пра сувязь паміж уяўнай ідэнтычнасцю уграў, венграў і гунаў ды палітычнымі прэтэнзіямі маскоўскага кіраўніцтва на землі Цэнтральна–Ўсходняй Еўропы.

Для даследчыкаў Вялікага Княства Літоўскага будзе цікавым блок з наступных трох артыкулаў. Яцэк Віячка з Кельцаў у артыкуле „Die moscovitiche Frage in den diplomatichen Beziehungen Polen–Litauens zum Reich in der Zeit Kaiser Karls V (1519—1556) разглядае адносіны паміж Рэччу Паспалітай ды Імперыяй у часы імператара Карла V (1519—1556) у святле г.зв. маскоўскага пытання. Аўтар адзначае, што імператар у той час выкарыстоўваў адносіны з Ягайлавічамі дзеля ўмацавання ўласных пазіцый на міжнароднай арэне. Яму ўдалося навязаць сваё пасярэдніцтва для перамоваў паміж ВКЛ і Маскоўскай дзяржавай. Але за падтрымку імператара ў маскоўскім пытанні кіраўніцтву ВКЛ і Польшчы даводзілася нярэдка плаціць вельмі высокую цану. Напрыклад, у 1553 г. Жыгімонт Аўгуст пагадзіўся на шлюбны саюз з Габсбургамі, які сур’ёзна звязаў яму рукі ў венгерскім пытанні. Віячка пераканаўча паказвае, што ў Вільні і Кракаве не заўжды разумелі і ведалі, што рэальна адбываецца на маскоўскім двары.

Даследчык з Санкт–Пецярбурга Міхаіл Кром у артыкуле „Polnische Einflüsse auf diĺ Rossica im Reich in der 1. Hälfte des 16. Jahrhunderts“ (Польскія ўплывы на русістыку ў Імперыі ў першай палове 16 ст.“) звяртаецца да тэмы крыніц і інфарматараў для нямецкіх аўтараў, якія пісалі пра Маскоўскую Русь. Аўтар адзначае, што нямецкія аўтары, у тым ліку і Герберштайн, шырока выкарыстоўвалі тыя звесткі пра Русь, якія яны знаходзілі ў польскіх калегаў (Мацей Мяхоўскі, Бернард Вапоўскі і інш.), або якімі іх забяспечвалі іх добрыя знаёмыя ў Польшчы і ВКЛ (сярод інфарматараў Герберштайна быў і тагачасны канцлер ВКЛ, віленскі ваявода Альбрыхт Марцінавіч Гаштаўт). Аднак, як заўважае даследчык, пры перапрацоўцы і выкарыстанні атрыманых паведамленняў нямецкія аўтары імкнуліся звычайна адкідваць з іх палітычныя тэндэнцыі. Таму і вобраз Масковіі ў нямецкіх землях у першай палове XVI ст. не меў негатыву; стаўленне нямецкіх аўтараў гэтага перыяду да Маскоўскай дзяржавы было нейтральным (Себасцьян Мюнстар, Ёхан Бён, Жыгімонт Герберштайн) або нават спрыяльным (Ёхан Фабры). Тлумачэнне гэтай з’яве Міхаіл Кром знаходзіць у адносна познім адкрыцці Масковіі нямецкімі дыпламатамі, падарожнікамі і пісьменнікамі, а таксама ў асаблівасцях тагачаснага палітычнага становішча (суперніцтва паміж Габсбургамі і Ягайлавічамі, спробы палітычнага супрацоўніцтва Імперыі і Маскоўскай дзяржавы супраць Польшчы і ВКЛ). Толькі ў другой палове XVI ст., сцвярджае аўтар, калі кардынальна змянілася палітычнае становішча ў гэтай частцы Еўропы, радыкальна змяніўся і вобраз Масковіі ў свядомасці еўрапейцаў: з нейтральна–спрыяльнага ён стаў адкрыта варожым.

Польскі гісторык Геранім Граля выступае з артыкулам „Die Rezeption der „Rerum Moscoviticarum Commentarii“ des Sigismund von Herberstein in Polen–Litauen in der 2. Hälfte des 16. Jahrhunderts“ (Рэцэпцыя „Запісак пра маскавіцкія справы“ Жыгімонта Герберштайна ў Польшчы і ВКЛ у другой палове XVI ст.). Аўтар вызначае тое сацыяльнае кола ў Рэчы Паспалітай, у якім праца слыннага імперскага пасла была асабліва запатрабаваная: гэта палітыкі і дыпламаты. Аднак, як падкрэслівае Граля, „Запіскі“, асабліва першае выданне 1549 г., не былі адназначна ўспрынятыя грамадскай думкай на Вісле і Нёмане. Асобныя прадстаўнікі культурнай і палітычнай эліты, перадусім у Польшчы (напрыклад, канонік Ст. Гурскі, выдаўца „Acta Tomiciana“) крытычна паставіліся як да іх зместу (маскоўскі палон кн. Канстанціна Астрожскага), так і прагабсбургскіх палітычных тэндэнцый, што ўтрымліваліся ў кнізе. Але перапрацаваныя „Запіскі“ Жыгімонта Герберштайна карысталіся значным поспехам у польскіх аўтараў; на працу аўстрыйскага дыпламата часта спасылаўся Мацей Стрыйкоўскі ў сваіх творах. Цікава было б высветліць, ці мелася гэтая Герберштайнава кніга ў старабеларускіх зборах, прыкладам, у бібліятэцы Алелькавічаў у Слуцку. Толькі пасля заключэння Ям–Запольскай мірнай дамовы (1682) паміж Рэччу Паспалітай і Маскоўскай дзяржавай пачала змяншацца цікавасць да працы Герберштайна ў Рэчы Паспалітай. У наступныя тры дзесяцігоддзі мірнага існавання паміж абедзвюмa дзяржавамі на змену Герберштайну ў якасці знаўцаў Масковіі паступова прыходзяць іншыя, пераважна мясцовыя аўтары (Кромэр, Бельскі і інш.).

Рэлігійныя і канфесійныя пытанні ў творах Герберштайна і заходніх аўтараў разглядаюцца пераважна ў артыкулах даследчыкаў з Фінляндыі і Швецыі. Сяргей Багатыроў, які працуе ва універсітэтах Хельсінкі і Ёэнсу, разглядае міжканфесійныя кантакты паміж каталікамі, пратэстантамі і праваслаўнымі ў часе дыпламічных зносінаў у XVI ст. Даследчык адзначае, што тагачасныя дыпламаты як на захадзе, так і на ўсходзе кантынента ва ўзаемаадносінах кіраваліся перадусім прынцыпам практычнай талерантнасці, што асабліва выяўлялася ў хрысціянскай рыторыцы (спасылкі на агульнахрысціянскую еднасць) і прыняцці некаторых абрадаў і практыкаў іншых канфесій і рэлігій. Пры гэтым, аднак, ніхто з дыпламатаў не збіраўся адмаўляцца ад думкі пра адзіную правільную веру, пад якой кожны з іх разумеў тую веру, якую асабіста спавядаў. Увогуле ж, як робіць выснову аўтар, у культурным жыцці хрысціянскага свету ў XVI ст. было надзвычай мала месца для сапраўднай рэлігійнай талерантнасці.

Маскоўскае праваслаўе ў кантэксце пратэстанцкай тэалогіі пачатку XVII ст. даследуецца ў артыкуле „Московское православие в западной богословской традиции. С.Герберштейн и Й. Ботвиди“ Ларысы Макрабародавай з Турку (Аба). Аўтарка паказвае, як шведскі тэолаг, абапіраючыся на лагічныя працэдуры схаластычнай рыторыкі, узмоцненыя крытэрыямі новай гуманістычнай навукі, станоўча вырашае пытанне пра хрысціянства маскавітаў. Пры гэтым Й. Батвідзі абапіраецца на „Запіскі“ Ж. Герберштайна, у якіх якраз і сцвярджаюцца новыя навуковыя прынцыпы эпохі гуманізму.

Маргарэт Атыус Зольман (Margareta Attius Sohlman) з універсітэта Упсалы, аналізуючы твор Ж. Герберштайна і працы шведскіх аўтараў Алауса Магнуса (Olaus Magnus) і Петруса Петрэюса (Petrus Petrejus), прыходзіць да высновы, што ўсе яны кіраваліся аднолькавай дуалістычнай канцэпцыяй, у адпаведнасці з якой „цывілізаваная“ Еўропа супрацьстаяла „варварскай“ Масковіі. Аднак тэрмін „варварскі“, дастасаваны да пэўнай зямлі або народа, яшчэ не сведчыць пра негатыўнае стаўленне да іх. Маргарэт Зольман адзначае, што вышэйназваныя аўтары расплюшчылі заходнееўрапейцам вочы на гісторыю, традыцыі і рэлігію Русі, а гэта, на думку даследчыцы, набывае асаблівую актуальнасць у святле сучаснага паступовага збліжэння абедзвюх частак кантынента.

З вышэйназванымі артыкуламі звязаная і публікацыя Габрыэле Шайдэгер (Gabriele Scheidegger) з Цюрыха, якая даследуе дзяржаўна–прававое значэнне галоўных убораў (у дадзеным выпадку капелюша) у дыпламатычным цырыманіяле XVI—XVII ст. Аўтарка адзначае, што прывілей насіць галаўны ўбор у прысутнасці замежнага ўладара сімвалізаваў прызнанне паўнамоцтваў дыпламата, а таксама міжнародны аўтарытэт таго манарха, якога дыпламат прэзэнтаваў. Даследчыца таксама сцвярджае, што ў часы цара Аляксея Міхайлавіча (1645—1676) адбыўся паступовы адыход ад вышэйзгаданай традыцыі: падданыя мусілі з’яўляцца перад уладаром толькі з непакрытай галавой. Далей у публікацыі паказана, якія складанасці на міжнароднай арэне, у тым ліку ў дыпламатычных зносінах з замежнымі ўладарамі, выклікаў адыход ад гэтага старарускага звычаю. Шайдэгер робіць выснову, што ўся гэтая гісторыя з капелюшамі (Hut–Gеschichte) сведчыць пра дынамічны, але не статычны характар старажытнарускай культуры. Шмат з таго, што назіраў Ж. Герберштайн у Масковіі ў першай чвэрці XVI ст., у другой палове XVII ст. незваротна адышло ў гісторыю

Два артыкулы ў зборніку прысвечаныя найранейшым перакладам на англійскую мову „Запісак“ Герберштайна, а таксама распаўсюджанню гэтай кнігі ў Вялікай Брытаніі. Патрыярх Герберштайніяны, прафесар Вальтар Ляйч (Walter Leitsch) з Вены даследуе самы ранні пераклад асобных частак „запісак“ на англійскую мову, зроблены ў 1555 г. Рычардам Эдэнам (Richard Eden). Аўтар артыкула грунтоўна аналізуе крытэрыі тэкставага выбару, метады перакладу, нарэшце, саму якасць перакладу, параўноўваючы англамоўны варыянт з італамоўным. Варта адзначыць, абапіраючыся на даследаванні В.Ляйча, што ў перакладным тэксце Р. Эдэна знайшоў месца і раздзел пра Вялікае Княства Літоўскае. Гэта значыць, што некаторыя англійскія чытачы сярэдзіны другой паловы XVI ст. мелі ўжо пэўнае ўяўленне пра беларускія землі на берагах Нёмана, Віліі і Дняпра.

Пол Д’юкс (Paul Dukes) з Абердына разглядае месца „Запісак“ Герберштайна ў кантэксце замежных апісанняў Масковіі XVI ст. Даследчык спыняецца ў першую чаргу на асобе Рычарда Гаклюйта (Richard Hakluyt), які выдаў у канцы XVI ст. зборнік падарожных нататак, што ўтрымлівалі і невялікую перакладзеную Эдэнам частку працы Герберштайна, у справе рэцэпцыі і распаўсюджання звестак пра Масковію ў Вялікай Брытаніі. Гаворачы пра інтарэс да Герберштайніяны ў Вялікай Брытаніі, П. Д’юкс робіць выснову: цікавасць да яе, на жаль, у ХIХ і ХХ ст. зменшылася, што было выклікана перамяшчэннем цэнтра палітычных і эканамічных інтарэсаў Вялікай Брытаніі з Еўропы на трансатлантычныя прасторы, у бок Паўночнай Амерыкі.

Тэму ўплыву кнігі Герберштайна на нашчадкаў працягвае і артыкул Валерыі Жэранімі (Valerie Geronimi) з Страсбурга. Аўтарка прасочвае тую значную ролю, якую адыграў Герберштайн і ягоная праца на фармаванне поглядаў Юрыя Крыжаніча адносна Русі. Гэты харвацкі асветнік пачаў сваю царкоўную і навуковую дзейнасць у „Рутэніі“, у Смаленску, які тады знаходзіўся ў складзе Рэчы Паспалітай. Толькі пазней ён перабраўся ў Маскву, дзе і напісаў сваю асноўную працу „Палітыка“, якая прынесла яму заслужаную славу як аднаго з самых арыгінальных славянскіх мысляроў.

Нарэшце, у артыкуле Інгэ Ауэрбах (Inge Auerbach) з Марбурга засяроджваецца ўвага чытача на адным малавядомым эпізодзе з гісторыі аўстрыйска–рускіх палітычных адносінаў пачатку XVII ст., а менавіта праекце ўзвядзення на царскі трон аднаго з Габсбургаў. Аўтарка паказвае, якую ролю павінна была адыграць праца Герберштайна як крыніца ведаў пра Маскоўскую Русь у часе падрыхтоўкі і выканання дыпламатычнай місіі Адама Турна, што, дарэчы, скончылася беспаспяхова і на трон узышоў малады прадстаўнік старога тамтэйшага баярскага роду Міхаіл Раманаў.

Ужо сёння можна смела адзначыць, што зборнік з’яўляецца сур’ёзным унёскам у сучасную Герберштайніяну. Большасць артыкулаў маюць міждысцыплінарны падыход. Многія аўтары спрабуюць весці даследаванні з пазіцый гістарычна–антрапалагічнага і культурна–антрапалагічнага метадаў. Артыкулы ў зборніку істотна пашыраюць і ўзбагачаюць нашыя веды і ўяўленні пра асобу і ўнутраны свет Герберштайна, ягоныя палітычныя погляды і асабістыя повязі з дзеячамі культуры свайго часу. Не забытыя і аўтарскі творчы метад ды жанравыя асаблівасці „Запісак“, тэма культурных уплываў і запазычанняў, нарэшце, агульная культурная дамінанта ў тагачаснай Еўропе. Асаблівая ўвага аддаецца рэцэпцыі і распаўсюджванню „Запісак“ у Еўропе ў XVI і наступных стагоддзях. Верыцца, што зборнік натхніць міжнародную навуковую супольнасць на далейшыя пошукі і даследаванні ў галіне Герберштайніяны.

Мінск

Уладзімір Канановіч

Наверх

Ходзін, Сяргей М. Крыніцы гісторыі Беларусі (Максім Шчадровіч)

Снежня 15, 2001 |

Ходзін, Сяргей М. Крыніцы гісторыі Беларусі (гісторыка–генетычнае і кампаратыўнае выву­чэнне) / Вучэбны дапаможнік. Мінск, 1999. 193.

Першы беларускі дапаможнік па крыніцазнаўству расчароўвае. Aдразу выразна кідаецца ў вочы, што аўтар прывязаны да расійскай гісторыі і гістарыяграфіі. З першых жа старонак літаральна навязваюцца расійскія сюжэты ды імёны: царэвіч Дзмітры, Карамзін, Салаўёў, Ключэўскі, цытаты з Сумарокава, Крылова, прыклады з савецкай гістарыяграфіі… Але ж мы дзесяць гадоў пасля Саюзу! Дзесяць гадоў, як заслона рухнула і свет адкрыўся. Студэнты, якім дапаможнік адрасаваны, думаю, пэўна ж ведаюць Гурэвіча з яго „Адысеем“,  чыталі і Ле Гофа і Тойнбі, арыентуюцца ў гістарычнай антрапалогіі і постмадэрнізме — балазе за гэты час  шмат такой літаратуры выйшла ў перакладах і стала агульнадаступнай. Словам, яны ведаюць значна больш за тое, што ёсць у старой расійскай і савецкай гістарыяграфічнай традыцыі, і слушна чакаюць большага ад сучасных дапаможнікаў.

Лёгка заўважаецца і другая асаблівасць выдання: на ім —  адбітак старой эпохі. Пра яе нагадвае як аўтарская лексіка [мяне, прынамсі, уражваюць „феадалы“, „рэакцыйныя феадальныя сілы“ (157), асуджэнне шляхціча за несімпатыю да паказачаных паўстанцаў („аднак сімпатыі Б.Маскевіча не на баку ўдзельнікаў паўстання“ — с. 136), крытыка „эгацэнтрызму“ мемуарыста Яна Цадроўскага (137)  і да т.п.], так і прапорцыі размеркавання тэксту па перыядах і тэмах. Напрыклад, на параграф „Соймавыя матэрыялы ХVI—ХVII ст.“ у падручніку адведзена паўстаронкі (68), а на мемуарную літаратуру найноўшага (фактычна савецкага) часу — больш за 6 старонак (143—149)!

Але першачарговай крытыкі заслугоўвае прынцып адбору літаратуры, ужо неаднакроць заўважаны ў дапаможніках апошніх гадоў, выдадзеных у беларускіх універсітэтах. Хоць аўтар сцвярджае, што „пачынаць пошук неабходна з апублікаваных крыніц“ (13), сваім дапаможнікам ён сам жа і абвяргае гэтае патрабаванне, бо ў змешчаны спіс апублікаваных крыніц, як і ў спіс літаратуры, не ўключаны выданні некірылічным шрыфтам! Нічым неапраўдальны прынцып! У кнізе пра крыніцы гісторыі Беларусі — толькі руска– і беларускамоўныя пазі­цыі! Дзеля дакладнасці скажу, што ў „Публікацыях крыніц“ зроблена адно выключэнне: тут названы „Volumina legum“ (189), а ў спісе літаратуры да ўводзінаў — літоўскамоўная кніга Э.Лаўцэвічуса пра літоўскую паперу ХV—ХVIII ст. (180). Але гэта такая ж незразумелая выпадковасць, як выданні „Archiwum Sapiehów“ А.Прахаскі i „Korespondencja filomatów“ М.Зялінскай (171) сярод спасылак да асноўнага тэксту. Чаму выключэнне зроблена толькі для гэтых малазначных пазіцый? Між тым, атрымалася тое, чаго ў прынцыпе нельга было ўявіць: на гісторыю Беларусі прапанавана глядзець фактычна толькі праз візантыйска–рускую перспектыву! Навошта ж так збядняць сваё мінулае?

Увогуле, у скарыстанай літаратуры, як і ў кнізе ў цэлым, адчуваецца нейкі зададзены мінімалізм. Бо нават у абзацах пра палеаграфію аўтар спасылаецца не на класічныя падручнікі і дапаможнікі, а на такое ж універсітэцкае малатыражнае выданне неспецыяліста па фаху С.Куль–Сяльверставай (19, спас.7).

Лішне казаць, што ў так напісанай кнізе і канкрэтных недахопаў нямала. Спынюся толькі на некаторых, найбольш тыповых.

Ужо ў тэарэтычнай частцы хочацца аспрэчыць некаторыя сцвярджэнні. Так, у дапаможніку напісана, што аб’ект вывучэння — гэта „тое, на што накіравана пазнавальная дзейнасць чалавека“, а прадмет — „канкрэтныя бакі, якасці і адносіны аб’ектаў, якія даследуюцца з пэўнай мэтай у пэўных абставінах і ўмовах“ (10). Але тут жа ў аўтара атрымліваецца, што гістарычныя крыніцы з’яўляюцца і аб’ектам, і прадметам для крыніцазнаўства. Адрозненне павінна быць прыкладна такое, як навуковая дысцыпліна адрозніваецца ад навучальнай.

Зашмат невыразных і цьмяных азначэнняў. Прыкладам, „атрыбуцыя“ — гэта „вызначэнне аўтара“ (16), „са­праўднасць гістарычнай крыніцы“ — гэта тое, што „яна мела месца як гістарычны факт“ (17) (але што такое „гістарычны факт“? — яго дэфініцыя ж таксама праблематычная), „герменэўтыка“ — гэта асобная галіна крыніцазнаўства, якая „мае на мэце вызначыць сэнс, зыходзячы з яго аб’ектыўных (значэнне слоў і іх гістарычныя абумоўленыя варыяцыі) і суб’ектыўных (намеры аўтараў) падстаў“ (16).

Наогул, у дапаможніку ўсё неяк спрошчана, часам да непрымальнасці. Не ведаю, як і ўспрымаць, калі ў падраздзеле „Аналіз гістарычнай крыніцы“ чытаю: „Вывучаючы пісьмовыя крыніцы, гісторык выкарыстоўвае розныя слоўнікі і даведнікі (дыялекталагічныя, тлумачальныя і інш.)“ (15). Дыялекталагічнымі і тлумачальнымі слоўнікамі карыстаецца, спадзяюся, кожны, хто піша і хоча адчуваць мову.

Характарыстыка актавага матэрыялу эпохі ВКЛ, як і соймавых пастаноў, — па–за крытыкай (дарэчы, у параграфе пра соймавыя матэрыялы „Volumina legum“ нават не згаданы — дарма, што гэтае выданне соймавых канстытуцый неяк трапіла ў спіс літаратуры). Не кажу ўжо пра методыку іх аналізу. Аўтар, дарэчы, сам падае кепскі прыклад, неабгрунтавана ставячы пад сумненне аўтэнтычнасць такога важнага дакумента, як акт Крэўскай уніі (55): тут варта як мінімум падаваць аргументы прызнаных спецыялістаў, прычым з абодвух бакоў і з канкрэтнымі спасылкамі на адпаведныя публікацыі.

У раздзеле „Апавядальныя крыніцы“ ёсць параграф „Лацінамоўныя крыніцы ХII—ХIII ст.“, у якім характарызуюцца толькі дзве польскія хронікі і „Хроніка Лівоніі“ Генрыха Латыша (122—123), далей ідуць ісландскія сагі, і потым аўтар пераходзіць да летапісаў. Незразумела, чаму праігнараваны асноўны корпус лаціна– і нямецкамоўных хронік ХIII—ХV ст., якія інфармацыйна для гісторыка Беларусі куды багацейшыя, чым, напрыклад, разгледжаная аўтарам „Хроніка Гала Аноніма“.

Нямала ў дапаможніку і звычайных фактаграфічных памылак і недакладнасцяў. Прыкладам, у 1229 г. паміж Полацкам, Віцебскам і Смаленскам з Рыгай была падпісаная не першая дамова (21), а, хутчэй, трэцяя.

Недакладна патлумачана сутнасць прывілеяў 1432 і 1434 г. (23). Вельмі скажона пракаментавана сутнасць магдэбургіі і практыка яе атрымання гарадамі Беларусі. Факты зусім не сведчаць, што ў ХV—ХVI ст. магдэбургскае права атрымлівалі менавіта „буйныя“ гарады (24). З іншага боку, казаць, што ў прывілеях на магдэбургскае права змяшчаліся „найперш агульныя, характэрныя для многіх гарадоў прававыя нормы “ (25), значыць свядома спрашчаць сутнасць пытання.

Аўтар піша, што Першы Статут ВКЛ (1529 г.) быў створаны на аснове „кадыфікацыі і сістэматызацыі нормаў мясцовага звычаёвага права, пастаноў дзяржаўных і судовых устаноў, прывілеяў“ (26). І ўсё? Але тады ён не быў бы такім прарывам. Важнай крыніцай Статута стала рымскае права, а шмат нормаў запазычана з польскага, чэшскага, нямецкага. Цікава, што і ў якасці крыніцаў другога Статута ВКЛ (1566) аўтар бачыць толькі ранейшыя прывілеі, звычаёвае права і папярэдні звод. Фактычна тое ж сказана і пра Статут 1588 г. (28). Выходзіць, гэта проста рээдыцыі аднаго зводу.

Спробу звязаць асноўную патрэбу падрыхтоўкі новага Статута з „антыфеадальнымі выступленнямі сялянства“ (27) можна аднесці хіба што да кур’ёзаў. Цяжка ўспрымаць  усур’ёз і характарыстыку, дадзеную „Адпіскам“ Філона Кміты–Чарнабыльскага (156).

Незразумелым застаецца прынцып адбору замежных падарожнікаў, якія пакінулі звесткі пра Беларусь (138—139) (да ўсяго, характарыстыку іх запісак аўтар чамусьці пачаў з Джэрома Гарсэя), як і шмат–шмат чаго іншага.

Многа заўваг выклікае выкарыстаная ў кнізе тэрміналогія. Прыкладам, поўнае атаясамленне ўсходнеславянскіх зямель з „рускімі“ (20), што даўно лічыцца недапушчальным у навуковай літаратуры, як і атаясамленне „Маскоўскай“ дзяржавы з „Рускай“ (84). Адначасовае ўжыванне азначэнняў „старабеларуская“ і „старажытнабеларуская“ мова таксама заблытвае чытача, тым больш студэнта. На адной старонцы, нават у адным сказе пішацца то „сойм“, то „сейм“ (68). Наогул, з беларускай мовай аўтар абыходзіц­ца недаравальна самавольна. Чытач спаткнецца тут на выразах кшталту „паводзінскія“ (рус. „поведенческие“) крыніцы (8),  „частка застаўшыхся кніг“ (67), „падрастаючае пакаленне“ (153) і г.д.

Датычна моўнай культуры выдання адзначу яшчэ адну дэталь: у пятай тэме праграмы курса крыніцазнаўства ў характарыстыцы перыёдыкі 1990–х ёсць незалежныя выданні, але слова незалежныя аўтар чамусьці ўзяў у двукоссе (178). Двукоссе можа ўспрымацца вельмі шматзначна, асабліва ў такім дапаможніку.

Максім Шчадровіч

Мінск

Беларускі археаграфічны штогоднік. Вып. 1—2 (Віталь Галубовіч)

Снежня 14, 2001 |


Беларускі археаграфічны штогоднік. Вып. 1/ Рэд. кал.: Р.П. Платонаў (гал. рэд.) і інш. Мінск: БелНДІДАС, 2000. 266 с.; Вып. 2. 2001. 360 с.

У 2000 г. беларуская гістарычная навука нарэшце атры­мала доўгачаканае выданне, прысвечанае археаграфіі, архівазнаўству і архіўнай справе, крыніцазнаўству, тэксталогіі, гісторыі дзяржаўных устаноў, якое было названа „Беларускі археаграфічны штогоднік“ (БАШ). Два тамы БАШа за 2000—2001 г. ужо сталі заўважнай з’явай айчыннай гістарыяграфіі, але з–за мізэрнага накладу (па­значана толькі 100 асобнікаў) зборнікі недасягальныя нават для спецыялістаў і бібліятэк правінцыйных ВНУ.

Выданне рыхтуецца сумесна супрацоўнікамі створанай у 1999 г. Археаграфічнай камісіі Дзяржаўнага камітэта па архівах і справаводстве Рэспублікі Беларусь і Беларускім навукова–даследчым інстытутам дакументазнаўства і архіўнай справы. Неабходна адзначыць, што БАШ з’яўляецца першай рэалізаванай спробай беларускіх архівістаў заснаваць уласны часопіс. Намаганні айчынных навукоўцаў пачатку 30–х г. ХХ ст., як вядома, скончыліся беспаспяхова (Вып. 1, с. 3), а ў 50—80–я г. ХХ ст., калі не існавала нават асобнага гістарычнага часопіса для БССР, такі тэматычны перыёдык не меў перспектываў.

Адметнасцю БАШа як спецыялізаванага выдання з’яўляецца больш шырокая праблематыка публікацый у адрозненне ад аналагічных замежных выданняў, што выклікана адсутнасцю на Беларусі традыцыі падрыхтоўкі такіх перыё­дыкаў, недахопам спецыялістаў і сродкаў (Вып. 1, с. 3—4). У адпаведнасці з пастановай Дзяржкамархіва Рэспублікі Беларусь ад 27 студзеня 2000 г. БАШ мае наступную тэматычную структуру: артыкулы, пры­свечаныя тэорыі, гісторыі і методыцы археаграфіі, архіва­знаўства, дакумента­знаўства і крыніцазнаўства; агляды і апісанні архіўных фондаў і калекцый гістарычных дакументаў; публікацыі дакументаў; матэрыялы па гісторыі дзяржаўных устаноў, палітычных партый і грамадскіх аб’яднанняў; матэрыялы па краязнаўстве; матэрыялы пра аўтаматызаваныя архіўныя тэхналогіі і электронную дакументацыю; інфармацыя пра архівазнаўства за мяжой; бібліяграфія, рэцэнзіі, хроніка, юбілеі (Вып. 1, с. 4). Але, як відаць з першых выпускаў, пошук структуры выдання працягваецца.

Цэнтральная тэматычная частка штогодніка — раздзел „Археаграфія“. У двух першых нумарах выдання друкуюцца матэрыялы М. Шумейкі, прысвечаныя станаўленню беларускай археаграфіі ў ХIХ— пач. ХХ ст. Аўтар аналізуе пераважна ўжо добравядомыя археаграфічныя выданні таго часу. Думаецца, што гэтая публікацыя стане пачаткам серыі матэрыялаў па гісторыі археаграфіі. На сённяшні дзень было б мэтазгодна ў большай меры засяродзіць увагу на археаграфічным вывучэнні тых публікацый дакументаў, у тым ліку перыядычных, якія не трапілі ў вядомую манаграфію М. Улашчыка і толькі згадваюцца ў працы М. Шумейкі. Даўно наспеў час зрабіць грунтоўны абагульняльны аналіз публікацый дакументаў па беларускай гісторыі, якія падрыхтавалі польскія навукоўцы ў ХIХ—ХХ ст.

У раздзеле „Археаграфія“ звяртае на сябе ўвагу артыкул У. Казлова і А. Міхальчанкі „Некаторыя пытанні археаграфіі як гістарычнай дысцыпліны“, змешчаны ў другім выпуску штогодніка. Гэты матэрыял, па словах галоўнага рэдактара першых выпускаў БАШа Р. Платонава, з’яўляецца першай у краіне за апошнія гады публікацыяй, прысвечанай тэарэтычна–метадалагічным і метадычным праблемам археаграфіі (3). Як пазначаюць самі аўтары, у артыкуле была зроблена спроба адшукаць „законы альбо заканамернасці ў той сферы чалавечай жыццядзейнасці, якую вывучае археаграфія“ (6). З трох частак артыкула першая прысвечана характарыстыцы археаграфіі як навуковай дысцыпліны, дзе У. Казлоў і А. Міхальчанка спыніліся на асноўных археаграфічных паняццях і ахарактарызавалі гістарычныя этапы станаўлення археаграфіі. У другой частцы артыкула „Асновы археаграфічнай тэорыі“ вызначаюцца прадмет і аб’ект археаграфіі, прынцыпы выяўлення і сістэматызацыі, крытэры фільтрацыі і выбару асноўнага тэксту дакумента для дакументальнай публікацыі, а таксама прынцыпы перадруку тэксту ды інфармацыйнага суправа­джэння дакументаў для дакументальнай публікацыі. Асобна даецца тыпалогія археаграфічных выданняў. Аўтары адзначаюць, што „найбольш важнай заканамернасцю дакументальнай публікацыі з’яўляецца яе біпалярнасць. З аднаго боку, яна заклікана забяспечыць найлепшае набліжэнне да самога дакумента, а з другога — найбольшае набліжэнне дакумента да карыстальніка. Аднак гэтая біпалярнасць не антаганістычная, а арганічная. Нават парушэнне раўнавагі біпалярнасці, напрыклад, свядомыя і несвядомыя скажэнні тэксту дакумента, недакладныя каментары і інш., з’яўляецца ўсяго толькі зменай тыпу дакументальнай публікацыі“ (14—15). Апошняя частка артыкула прысвечана такой спецыфічнай заканамернасці існавання дакументальных публікацый, як узаемадзеянне апошніх з грамадскай свядомасцю.

Сярод іншых публікацый раздзела „Археаграфія“ неабходна адзначыць таксама матэрыялы Г. Запартыкі, прысвечаныя гісторыі калекцыі аўтографаў з Бібліятэкі і музея старажытнасцяў А. Ельскага ў Замосці (Вып. 1), а таксама агляд археаграфічных і архівазнаўчых публікацый у часопісе „Архівы і справаводства“, які зрабіў С. Асіноўскі (Вып. 2).

Другі асноўны раздзел БАШа ўтрымлівае матэрыялы, датычныя архівазнаўства і архіўнай справы. У першым выпуску выдання свае развагі адносна кірункаў развіцця архіваў на Беларусі прапанаваў А. Міхальчанка. Аўтар адзначае, што «само слова „архіў“ больш не мае адназначных адносін толькі да паперы» (57), а ў працы архівіста паўстае адной з асноўных задач выкарыстанне інфармацыйных тэхналогій (60). Абсалютна слушнай падаецца думка пра неабходнасць стварэння фонду копій дакументаў айчынных і замежных архіваў шляхам сканавання (61), але ў сённяшняй сітуацыі з айчыннай навукай хіба актуальнейшым будзе стварэнне фонду падтрымкі беларускай археаграфіі. Значную цікавасць выклікае артыкул С. Жумара „Публікацыі архіўных даведнікаў на Беларусі ў 1990–х г.“. У да­следаванні крытычна аналізуюцца дасягненні айчынных архівістаў у справе падрыхтоўкі архіўных даведнікаў за апошняе дзесяцігоддзе ХХ ст. Ацэньваючы станоўча сам факт з’яўлення новых даведнікаў, С. Жумар канстатуе наяўнасць шматлікіх недахопаў. Падсумоўваючы агляд публікацый, аўтар адзначае, што пачатак ХХI ст. будзе характарызавацца пэўным запавольваннем актыўнасці ў разгляданай сферы, але якасць выданняў палепшае (90). У гэты ж раздзел першага выпуску БАШа ўвайшоў агляд дакументальных матэрыялаў фонда „Радзівілы, князі“ А. Галубовіч, артыкул С. Рыбчонка, прысвечаны праблеме перапісу яўрэйскага насельніцтва на Беларусі ў другой палове ХIХ ст. і інш.

Раздзел „Архівазнаўства і архіўная справа“ ў другім выпуску штогодніка пачынаецца з артыкула С. Жумара „Архіў Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі“. С. Жумар адзначае: „Відавы склад дакументаў архіва дастаткова аднародны, так як АІГ — гэта, па сутнасці, калекцыя ўспамінаў былых партызанаў, вайскоўцаў, падпольшчыкаў“ (73). Толькі нязначную частку архіва складаюць аўтэнтычныя дакументы часоў Другой сусветнай вайны (75). Сам архіў, які пачаў фармавацца з 50–х г. ХХ ст. дзякуючы намаганням члена–карэспандэнта, а потым акадэміка АН БССР І. Краўчанкі (75), увесь час свайго існавання пакутваў ад адсутнасці ўліку і забеспячэння захаванасці дакументаў, з–за чаго значная колькасць дакументаў была страчана (79). С. Жумар мяркуе, што на сённяшні дзень у архіўнай калекцыі захоўваецца больш за 1000 успа­мінаў удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны (80). Сярод іншых цікавасць выклікае таксама публікацыя „Дакументальныя матэрыялы XVI—XVIII ст. у фондах Нацыянальнага музея гісторыі і культуры Беларусі“, падрыхтаваная Г. Брэгерам і Л. Лінскай. Гэтым матэрыялам, дарэчы, распачынаецца праца па публікацыі археаграфічнага апісання дакументаў XVI—XVIII ст. з фондаў НМГКБ. Тут дадзена характарыстыка 46 дакументаў, большасць якіх паходзіць з родавых архіваў Слізняў і Быхаўцаў (102). У артыкуле В. Пазднякова «„Беларуская энцыклапедыя“ і архівы: здабыткі і праблемы супрацоўніцтва» звернута ўвага на факты і матэрыялы з айчынных і замежных архіваў, якія ўпершыню былі апублікаваны на старонках „Энцыклапедыі гісторыі Беларусі“. Аўтар акрэслівае кола асоб (архівістаў, гісторыкаў), чый персанальны ўнёсак у стварэнне энцыклапедыі асабліва заўважальны.

Асобная частка зборніка прысвечана праблемам крыніцазнаўства. Магчыма, менавіта дадзены раздзел стане падмуркам для з’яўлення асобнага крыніцазнаўчага выдання, паколькі іншага шляху для хутчэйшага развіцця гэтага перспектыўнага кірунку айчыннай гістарычнай навукі няма. Сумарна ў раздзеле „Крыніцазнаўства“ ў двух выпусках БАШа змешчана восем артыкулаў. Распачынаецца раздзел матэрыялам Г. Кісялёва „Над старымі радкамі“, дзе аўтар знаёміць чытача з досведам уласнай працы ў НГАБ у Мінску і непасрэднымі вынікамі пошукаў, на якіх заснаваны шматлікія публікацыі даследчыка. Наступны артыкул раздзела належыць галоўнаму рэдактару БАШа Р. Платонаву. На падставе аналіза крыніц аўтар прапануе ўласнае бачанне cутнасці, прызначэння і этапаў правядзення працэсу беларусізацыі ў 20–х г. мінулага стагоддзя. Актуальнасць працы Р. Платонаў абгрунтоўвае адсутнасцю манаграфічных даследаванняў дадзенай праблемы (127). Р. Платонаў сцвярджае, што беларусізацыя была ў значнай ступені спробай кіраўніцтва КП(б)Б адхіліць беларускую інтэлігенцыю ад уплыву на сялянства (129). Адзначаецца, што беларусізацыя „стала дзецішчам нацыянальна–арыентаванай часткі КП(б)Б, якая ў 1920–я г. выступала своеасаблівым рухавіком вырашэння ў рэспубліцы нацыянальнага пытання“ (138), а згортванне яе было „вынікам сілавых дзеянняў, прамых і тайных, звышінтэрнацыяналісцкага крыла, якое на рубяжы 1920—1930 г. ператварылася ў непадзельна пануючае“ (150). У першым выпуску БАШа змешчаны агляд гістарыяграфіі і крыніц па праблеме палітычных рэ­прэсій на Беларусі ў 1920—1950–х г. У. Адамушкі. Аналізуючы дакументальныя багацці асобных архіваў, У. Адамушка адзначае, што толькі ў архівах Камітэта дзяржаўнай бяспекі Рэспублікі Беларусь захоўваецца звыш 175 тыс. спраў у адносінах 250 тыс. чалавек, якія пацярпелі ад палітычных рэпрэсій (162). Аўтар звяртае ўвагу на наяўнасць імянной картатэкі на болей чым 150 тыс. рэпрэсаваных асоб, якая была створана ў Дзяржаўным камітэце па архівах і справаводстве РБ, на падставе якой былі складзены ў 1991—1997 г. спісы ахвяр палітычных рэпрэсій па асобных гарадах і раёнах краіны (162—163).

З матэрыялаў раздзела „Крыніцазнаўства“, якія ўвайшлі ў другі выпуск БАШа, вылучаецца, на нашу думку, артыкул В. Насевіча „Комплекс дакументаў да гісторыі адной беларускай мікрапапуляцыі“. Праведзенае даследаванне мае значную каштоўнасць у якасці ілюстрацыі крынічных рэсурсаў і кірункаў пошуку звестак па гісторыі невялікіх паселішчаў. Ёсць падставы для выкарыстання артыкула В. Насевіча ў якасці дадаткаў да курса „Крыніцазнаўства гісторыі Беларусі“. Тры наступныя артыкулы другога выпуску закранаюць розныя аспекты Другой су­светнай вайны на Беларусі: Я. Бараноўскі аналізуе дакументы па гісторыі мінскага падполля, Э. Іофэ — зборнікі дакументаў па праблеме Халакоста, апублікаваныя на Беларусі, а І.Варанкова разглядае частку эпісталярнай калекцыі Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, раней не ўведзеную ў навуковы зварот, якая складаецца з нямецкіх лістоў.

Раздзел „Тэксталогія“ прадстаўлены ў БАШы двума артыкуламі. У першы выпуск увайшоў артыкул М. Мушынскага „Першы поўны збор твораў Янкі Купалы: канцэпцыя выдання і яе практычнае ўвасабленне“, а ў другім выпуску змешчаны артыкул Т. Біндзіч „Рукапісная беларуская лацінка“, у якім аўтарка актуалізуе праблему вывучэння беларускай (старабеларускай) лацінкі.

Істотна адрозніваецца першы і другі выпуск БАША памерамі раздзела „З гісторыі дзяржаўных устаноў“. Першы зборнік змяшчае толькі артыкул У. Ракашэвіча, прысвечаны такой спецыфічнай установе, як Галоўнае ўпраўленне па справах літаратуры і выдавецтва БССР у 1923—1991 г., сярод функцый якой былі і цэнзурныя. У другім выпуску зборніка раздзел „З гісторыі дзяржаўных устаноў“ складаецца ажно з сямі розных матэрыялаў: А. Груша аналізуе інфармацыйныя элементы фармуляра дакументаў канцылярыі ВКЛ 40–г. XV — першай паловы XVI ст. (адзнака пра асоб, якія былі сведкамі прыняцця рашэння аб выдачы дакумента ці аддавалі загад аб яго падрыхтоўцы, подпісы вялікага князя, канцлера і інш.), С. Рассадзін прэзентуе адшуканы ў Галоўным архіве старажытных актаў у Варшаве прывілей 1643 г. на магдэбургію м. Казімежу ў Бабруйскім старастве, З. Яцкевіч закранае пра­блему набілітацыі мяшчан у ВКЛ, І. Шпілеўская звяртаецца да гісторыі мытнай службы Мінска XV—XVI cт., У. Ракашэвіч дае агляд дзейнасці Дзяржаўнага арбітража БССР за 1921—1991 г., Р. Платонаў характарызуе стан валодання беларускай мовай кіраўнічай элітай БССР ў 20–я г. ХХ ст., М. Бандарэнка асвятляе праблему беларусі­зацыі ў вайсковых частках Чырвонай арміі ў 1920—1930–я г.

Другі выпуск БАШа ўтрымлівае шэраг новых раздзелаў. У раздзеле „Постаці“ Г. і А. Запартыкі друкуюць унікальны матэрыял — частку „Формулярного списка о Священноцерковнослужителях, с их семействами, церкви Собственнаго Его Императорского Величества Дворца за 1850 год“, прысвечаную знакамітаму беларускаму гісторыку і археографу І. Грыгаровічу. Збярогся гэты дакумент у асабістым архіве сям’і Грыгаровічаў, а цяпер захоўваецца ў Беларускім дзяржаўным архіве літаратуры і мастацтва (260). Вялікія перспектывы для БАШа мае раздзел „У замежных архівах“. С. Новікаў, аўтар адзінай публікацыі, якая ўвайшла ў дадзены раздзел, зрабіў агляд архіўных фондаў Федэральнага ваеннага архіва Германіі (Bundesarchiv–Militärarchiv) у Фрайбургу, якія адлюстроўваюць нямецкую акупацыйную палітыку на Беларусі ў 1941—1944 г. Аналізуючы найбагацейшыя зборы фрайбургскага архіва, С. Новікаў адначасова адзначыў, што ў фондзе міністэрства Розенберга ўтрымліваецца ўдвая менш дакументаў, чым у Расійскім дзяржаўным ваенным архіве ў Маскве, а аналагічны нямецкаму фонд Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь, дзе захоўваюцца дакументы аб дзейнасці генеральнага камісара Кубэ, складаецца з 3421 справы, у той час як у Фрайбургу на ўліку знаходзяцца толькі 18 спраў (270). С. Новікаў таксама заўважае, што выкарыстанне даследчыкамі фондаў Федэральнага ваеннага архіва для вывучэння шматлікіх праблем гісторыі Беларусі 1941—1944 г. „можна лічыць бясспрэчным фактам сучаснай нямецкай гістарыя­графіі“ (275—276).

Найбольш разнастайны і стракаты па змесце раздзел БАШа атрымаў назву „Дакументы“. Раздзел укамплектаваны пераважна адносна невялікімі тэматычнымі публікацыямі дакументаў з адпаведнымі каментарамі. Так, у першы выпуск штогодніка ўвайшлі: публікацыя акта аб раздзеле маёмасці Брагіна ў 1574 г. (М. Спірыдонаў), дакумент з Метрыкі па гісторыі справаводства канцылярыі ВКЛ першай паловы XVI ст. (А. Груша), шэраг матэрыялаў аб паўстанні 1794 г. (Я. Анішчанка), дакументы, якія засведчваюць факты катаванняў у турмах і лагерах пад час польскай акупацыі Беларусі ў 1919—1920 г. (Р. Платонаў), два новыя дакументы, датычныя М. Доўнара–Запольскага, адшуканыя ў НАРБ у Мінску (В. Селяменеў). У другім выпуску БАШа апублікаваны: чатыры канфірмацыйныя прывілеі з Метрыкі ВКЛ часоў Жыгімонта I Старога і Жыгімонта II Аўгуста (В. Мянжынскі, Ю. Несцяровіч), аўтабія­графічная нататка М. Доўнара–Запольскага пра яго службовую і навуковую дзейнасць (В. Лебедзева), урывак з успамінаў загадчыка партархіва ЦК КП(б)Б Ф. Папова аб эвакуацыі партархіва ў г. Уфу на пачатку Вялікай Айчыннай вайны (В. Свярчкоў), а таксама паведамленне С. Жумара пра знаходку ў НАРБ у Мінску страчанага яшчэ ў гады акупацыі (1941—1944 г.) дакумента аб масонах на Беларусі з фондаў Дзяржаўнага музея БССР.

Значны аб’ём БАШа займаюць інфармацыйныя раздзелы — „Бібліяграфія. Рэцэнзіі. Інфармацыя“, „Хроніка“, некралогі: у 1 вып. aгулам 29 с., у 2 вып. — 49 с. Выданне забяспечана паказальнікам спіса аўтараў.

На вялікі жаль, прафесар Р. Платонаў,  плёнам працы якога і быў „Беларускі археаграфічны штогоднік“, у 2001 г. пакінуў гэты свет.

Віталь Галубовіч

Наваполацк

Наверх

Listy polskie XVI wieku / pod red. K. Rymuta. T. 1. Listy z lat 1525—1548 (Анастасія Скеп’ян)

Снежня 8, 2001 |

Listy polskie XVI wieku / pod red. K. Rymuta. T. 1. Listy z lat 1525—1548 ze zbiorów Władyslawa Pociechi, Witolda Taszyckiego i Adama Turasiewicza. — Kraków, 1998. XII, 504.”

Увагу любога даследчыка i эпохі Сярэдневечча, і Новага часу асабліва прыцягваюць лісты, аўтарамі якіх былі і розныя дзяржаўныя асобы, і простыя людзі, бо такія крыні­цы  могуць значна ўзбагаціць веды пра побыт, менталітэт, сістэмы каштоўнасцяў грамадства ў пэўную гістарычную эпоху і, вядома, даць вельмі каштоўную факталагічную інфармацыю. Даследаванне перапіскі дазваляе ўдасканаліць свае веды па шэрагу невядомых ці спрэчных пытанняў гісторыі, і не варта пераконваць гісторыкаў, філолагаў у неабходнасці новых навуковых выданняў крыніц.

Цікавасць да эпісталярнай спадчыны XVI ст. не згасла і цяпер. І справа не толькі ў страце ці цяжкадаступнасці арыгіналаў, раскіданых па розных рукапісных аддзелах бібліятэк і архіваў Еўропы і Амерыкі (так, напрыклад, частка сямейных архіваў шляхты ВКЛ, у тым ліку і Сапегаў, была набыта мармонамі і цяпер захоўваецца ў Солк–Лейк–Сіці), але і ў невялікай колькасці выданняў лістоў, што паходзяць з названага перыяду. Большасць эпісталярнай спадчыны, калі і выдавалася, то ў ХIХ ст., а частка гэтых выданняў ужо бібліяграфічная рэдкасць і амаль недаступная для гісторыкаў. Тым больш важнай варта лічыць працу, што ў апошнія гады проводзяць польскія даследчыкі, якія ўзяліся за перавыданне ці выданне новых крыніц.

Патрэба ў новым выданні адчувалася ўжо даўно, і не толькі па названых вышэй прычынах, але і з-за вялікай колькасці памылак, абдруковак ці пропускаў у тэксце, недакладнасцяў у гістарычных каментарах пры ранейшых публікацыях, зробленых М. Балінскім, Ю. Нямцэвічам, А. Пшэздзецкім. На жаль, названых хібаў не пазбеглі і сучасныя выдаўцы, як польскія, так і айчынныя, пра што могуць сведчыць крытычныя артыкулы на выданне Ірэнай Канеўскай лістоў Жыгімонта Аўгуста да Радзівілаў[1].

Хацелася б пазнаёміць беларускіх даследчыкаў з выданнем польскіх лістоў ХVI ст., падрыхтаваным ў Кракаве. Само выданне складаецца з двух тамоў, што выйшлі ў 1998 і 2002 г. Мы разгледзім першы том, які ўтрымлівае лісты да сярэдзіны ХVI ст. Не робячы аналізу дакладнасці выдання самога тэксту, бо гэта патрабуе параўнання пададзеных лістоў з арыгіналамі ці ранейшымі іх выданнямі, што дастаткова цяжка з-за іх раскіданасці па розных сховішчах, паспрабуем пазнаёміць чытача з гэтым карысным выданнем крыніц ХVI ст.

На мэце выдання «Listów polskich ХVI wieku» было абвяржэнне міфа пра недастатковае распаўсюджванне і ўжыванне польскай мовы прадстаўнікамі розных слаёў грамадства ў Польшчы і Вялікім Княстве Літоўскім у канцы ХV—ХVI ст. не толькі ў афіцыйнай, але і ў прыватнай перапісцы. Падыходы польскіх навукоўцаў, якія спрабуюць паказаць шматаблічнасць і разнастайнасць тэм надрукаваных лістоў, будуць цікавымі не толькі для да­следчыкаў агульных пытанняў айчыннай гісторыі, але і для спецыялістаў па мове канцылярыі ВКЛ, пытаннях этнічнай самасвядомасці жыхароў ВКЛ у ХVI ст., для філолагаў, якія вывучаюць працэсы фармавання і функцыянавання славянскіх моваў.

Значная частка лістоў была надрукавана раней у розных зборніках, але разам яны сабраны ўпершыню. Кожны ліст (а іх 185) суправаджаецца кароткай анатацыяй, дзе ўказаны паходжанне, аўтар, адрасат і месца захавання арыгінала (калі ён ёсць), а таксама папярэднія выданні крыніцы. Кніга таксама цікавая і тым, што дакументы пада­дзены ў транслітарацыі і транскрыпцыі, прычым у апошняй улічаныя асаблівасці напісання і вымаўлення ў ХVI ст. Асаблівую цікавасць уяўляюць каментары да тэкстаў. Гэта пераважна тлумачэнне слоў са старапольскай, якія могуць быць не зразумелыя чытачу, а таксама палеаграфічная інфармацыя пра пашкоджанні тэксту, паперы, почырку таго ці іншага аўтара ці пісара. Успрыманне тэксту і карыстанне названым выданнем значна аблегчана наяўнасцю спісаў скарачэнняў, бібліяграфіі, скарочанага азначэння моваў і прынцыпаў транслітарацыі.

Цікавасць уяўляюць і самі лісты. Тут можна спаткаць і афіцыйныя паперы, што датычацца міжнароднай і ўнутранай палітыкі Польшчы і ВКЛ, і невялікія «цыдулкі», што  перадаюць гутарковую мову. Частка тлумачэнняў нехарактэрных для польскай мовы слоў утрымлівае т.зв. састарэлыя ці «сапсутыя» формы. Аднак пры бліжэйшым аналізе мы можам заўважыць, што да іх залічаны словы ці агульнаславянскія, ці, магчыма, т.зв. «старарускія», напрыклад, «raczej», «przyczyna», «karalewa», «zapisać się» (грошы, землі), «wyszej», «bratski», «walny» і г.д. Асабліва часта такія «памылкі» сустракаюцца ў лістах карэспандэнтаў з зямель ВКЛ — Альбрэхта Гаштаўта,  прадстаўнікоў роду Радзівілаў. Хоць асабістая перапіска не нясе значнай палітычнай ці сацыяльнай інфармацыі, яна, несумненна, яскрава сведчыць пра штодзённае жыццё шляхты і заможнага мяшчанства, асабліва калі ўлічыць, што не менш чвэрці ўсіх лістоў належыць жыхарам Вялікага Княства Літоўскага. Прыкладам менавіта асабістай перапіскі такога кшталту можа быць шэраг лістоў Барбары Радзівіл да мужа Жыгімонта Аўгуста, лісты Мікалая Радзівіла Чорнага да польскіх сенатараў. Шмат цікавага можна даведацца з самога стылю паслання, асабліва калі яно звернута да асобы, што стаяла ніжэй па сацыяльнай лесвіцы, напрыклад, ліст Жыгімонта Аўгуста да свайго набліжанага.

Анастасія Скеп’ян

Мінск


[1]Janicki M., Jaworski R. Nad nową edycją listów Zygmunta Augusta do Radziwiłłó // Przegląd Historyczny. T. XC (1999). Z. 3. S. 347–356.

Праблемы выдання Літоўскай метрыкі і першая беларуская публікацыя (Ганна Харашкевіч)

Снежня 18, 2000 |


* Метрыка Вялікага Княства Літоўскага. Архіў Канцылярыі вялікага Князя Літоўскага. Кніга 28 (1522—1552). Кніга запісаў 28 (Копія канца ХVI ст.). Падрыхтаваў В.Мянжынскі. Менск, 2000.

Выданне Літоўскай метрыкі было адным з самых значных пачынанняў айчынных гісторыкаў-медыявістаў савецкай эпохі. Літоўскай метрыка, як бы яе ні вызначаць (побач з яе характарыстыкай як дзяржаўнага архіва Вялікага Княства Літоўскага існуе іншая — як калекцыя дакументаў, галоўную частку якой складалі матэрыялы канцылярыі княства[1] ), з’яўляецца унікальным зборам матэрыялаў, што маюць дачыненне да Ўсходняй і Цэнтральнай Еўропы. Яна змяшчае кнігі копій, створаныя ў канцы ХVI ст.

Складаны шлях гэтага архіва ў канцы ХVI ст. завяршыўся ў Расійскай імперыі — спачатку ў Санкт-Пецярбурзе, а потым у Маскве. Менавіта тут у пачатку ХХ ст. яго матэрыялы дзякуючы намаганням Археаграфічнай камісіі сталі паслядоўна ўводзіцца ў навуковы зварот. Былі апублікаваныя найбольш старажытныя кнігі запісаў, адна з кніг перапісаў. Аднак першая сусветнай вайна, Лютаўская рэвалюцыя і, самае галоўнае, Кастрычніцкі пераварот паклалі канец выданню Літоўскай метрыкі. Толькі ў 1928 г. Дз.І.Даўгяла ў Менску здолеў выдаць 16-ю кнігу запісаў. Барацьба з беларускім «нацыяналізмам» прывяла да знікнення і беларускіх археографаў. Новая хваля цікавасці да Літоўскай метрыкі звязана з імем маскоўскага гісторыка М.Г.Беражкова. Аднак нягледзячы на выданне ў 1946 г. яго даследавання ранніх кніг запісаў[2], самі яны, таксама як і іншыя серыі кніг, не публікаваліся. На фоне выдання актавага матэрыялу, які паходзіў з Паўночна-Заход няй Русі, гэтая хіба рабілася ўсё больш і больш заўважнай. Асобныя дакументы з Літоўскай метрыкі прыцягваліся для даследавання розных рэгіёнаў былой Расійскай імперыі. Аднак ідэя аднаўлення серыі Літоўскай метрыкі пачатку ХХ ст. не карысталася ні разуменнем, ні тым больш падтрымкай з боку савецка-расійскіх гісторыкаў. Дастаткова сказаць, што агляд папярэдніх публікацый ЛМ (з прапановамі аднавіць выданне) не мог быць апублікаваны ў СССР, ён быў надрукава ны ў Польшчы[3].

Яшчэ ў сярэдзiне 70-х г. маскоўскія гісторыкі (таксама як і літоўскія) пачалі спрабаваць прадоўжыць дзейнасць імператарскай Археаграфічнай камісіі ў гэтай сферы. Пачаліся перамовы з польскімі калегамі, спачатку прыватныя, а з 1978 г. — афіцыйныя. У лютым 1979 г. была дасягнута прэлімінарная дамоўленасць пра сумесную дзейнасць для выдання матэрыялаў ЛМ. 17 снежня 1980 г. у Варшаве В.Т.Пашута ад імя Акадэміі навук СССР заключыў дагавор з Польскай Акадэміяй навук пра сумесную публікацыю дакументаў архіва Вялікага Княства Літоўскага. У гэтае мерапрыемства павінны былі быць уцягнуты гісторыкі Польшчы і шмат якіх рэспублік СССР — Расійскай, Літоўскай, Украінскай, Беларускай. За першае дзесяцігоддзе пасля заключэння дагавора ў Польшчы было выдадзена два тамы метрыкі[4]. Пазней ініцыятыва перайшла да літоўскіх калег. Яны арганізавалі адну з дзвюх канферэнцый, прысвечаных метрыцы, першая адбылася ў Маскве[5]. А пасля атрымання незалежнасці менавіта Літва стала галоўным цэнтрам выдання кніг метрыкі[6] і вывучэння яе гісторыі, якое праводзілася ў 70-я — пачатку 90-х г. пераважна Э.Д.Банёнісам. Некалькі кніг было падрыхтавана ва Ўкраіне і адна кніга — у Маскве. Аднак ва Ўкраіне ў 1999 г. была выдадзена толькі адна кніга, але не Літоўскай, а Рускай (Валынскай) метрыкі**, а ў Маскве да гэтага часу не выйшла ніводнай кнігі. У 2000 г. з’явілася першая беларуская публікацыя Літоўскай Метрыкі.

Каб зразумець, чаму гэтае мерапрыемства не здзейснілася ў Расіі і ў некаторых рэспубліках былога СССР, трэба спыніцца на некаторых асаблівасцях яго гісторыі. У савецкай гуманітарнай навуцы, што развівалася пад жорсткім кантролем Ідэалагічнага аддзела ЦК КПСС, ініцыятывы, якія пагражалі безумоўнаму дыктату партыйнага цэнтра і павышалі самастойнасць асобных рэгіёнаў (рэспубліка, горад, вобласць, райцэнтр, мястэчка, вёска ці калгас), не знаходзілі падтрымкі. У кожнай з іх можна было пры жаданні пабачыць праявы нацыяналізму, сепаратызму ці чаго-небудзь падобнага.

На чале выдання ЛМ стаў В.Т.Пашута, чалавек, цалкам адданы партыі і народу, які неаднаразова даказаў гэта на справе, да таго часу ўжо член-карэспандэнт Акадэміі навук СССР. Аднак час, абраны для заключэння савецка-польскага пагаднення, мала садзейнічаў поспеху пачынання. Страх перад польскай «Салідарнасцю» быў, відаць, рухальным фактарам у дачыненні да аднаго з апошніх археаграфічных пачынанняў В.Т.Пашуты — выдання матэрыялаў Літоўскай метрыкі. Заключэнне польска-савецкай дамовы пад час росквіту руху «Салідарнасці» ў Польшчы, мабыць, выклікала пэўную насцярожанасць у Інстытуце гісторыі СССР. Ва ўсялякім разе ў гадавой справаздачы інстытута за 1981 г. з’явілася вартае ўвагі сціслае паведамленне, у якім не было ні слова пра заключэнне савецка-польскага выдавецкага пагаднення: «З навукоўцамі Інстытута гісторыі ПАН праведзена арганізацыйная праца (так!) па падрыхтоўцы 2 тамоў дакументаў архіва ВКЛ ХIV—ХVIII стст. — «Літоўскай метрыкі». Ад ІГ СССР у распрацоў цы занятыя супрацоўнікі сектара гісторыі СССР перыяду феадалізму і гісторыі найстаражытнейшых дзяржаваў на тэрыторыі нашай краіны»[7]. У сувязі з ініцыятывай В.Т.Пашуты ІГ СССР быў вымушаны тэрмінова ўсталяваць кантакты з Інстытутам гісторыі Літоўскай ССР і правесці кансультацыі «наконт плана навуковых даследаванняў ІГ Літ. ССР на ХI пяцігодку і далейшага ўмацавання сувязяў з Інстытутам гісторыі СССР»[8].

У гадавой справаздачы ІГ СССР за 1982 г. першая фармулёўка 1981 г. паўторана амаль літаральна («З навукоўцамі … Літоўскай метрыкі»), але з дадаткам: «У сувязі з гэтым ІГ СССР наведала група навукоўцаў гісторыкаў ПНР на чале з праф. Р. Керсноўскім». Ад ІГ СССР сярод удзельнікаў выдання названыя і супрацоўнікі сектара крыніцазнаўства гісторыі СССР дакастрычніцкага перыяду. Нарэшце пазначана: «У 1982 г. савецкім бокам былі распрацаваны асноўныя правілы выдання кірылічных тэкстаў ЛМ»[9]. Некаторае змякчэнне ідэалагіч ных прынцыпаў можна заўважыць у гадавой справаздачы за 1983 г.: «Плённыя навуковыя кантакты падтрымліваюцца з навукова-даследчымі цэнтрамі Беларусі, Літвы, Украіны і ДАУ СССР у сувязі з падрыхтоўкай публікацый ЛМ. Навукова-каардынацыйную працу па гэтым аб’екце вядуць д.г.н. Г.Л.Харашкевіч і к.г.н. М.Я.Бычкова»[10].

У кастрычніку таго ж года ў Маскве пад кіраўніцтвам Б.А.Рыбакова адбылося чарговае пасяджэнне савецка-польскай камісіі, з дакладамі выступілі Л.М.Пушкароў, Н.В.Сініцына, М.Я.Бычкова. Пасяджэнне сведчыла пра некаторыя змены ў дачыненні да польскіх калег. Нарэшце, у 1984 і 1985 г. у гадавых справаздачах чытаем: «У красавіку 1984 г. у Варшаве адбылося чарговае пасяджэнне членаў рэдакцыйнай калегіі, якая рыхтуецца да выдання Літоўскай метрыкі. З савецкага боку ў пасяджэнні ўдзельнічалі Ў.І.Мялешка, М.А.Ючас, М.І.Аўтакратава, М.Я.Бычкова, Н.Ф.Бугай»[11]. Навукоўцы Інстытута гісторыі ПАН скончылі падрыхтоўку 1-га тома дакументаў, том перададзены ў выдавецтва. Пад час пасяджэння быў абмеркаваны таксама змест 2-га тома «Метрыкі». У ІГ СССР таксама была завершана падрыхтоўка да выдання першага тома «ЛМ»[12]. Нарэшце 29 траўня 1984 г. Бюро Аддзялення гісторыі Прэзідыума АН СССР заслухала пытанне пра стан падрыхтоўкі да друку ЛМ. У гадавой справаздачы ІГ СССР за 1984 г. чытаем: «Сумесна з ДАУ СССР і ЦДАСА, а таксама інстытутамі гісторыі АН Літ. ССР, Белар. і Ўкр. ССР працягваецца паспяховая падрыхтоўка шматтомавага выдання ЛМ», у складзе рэдкалегіі якой з савецкага боку значацца А.А.Праабражэнскі, С.М.Каштанаў, Г.Л.Харашкевіч, М.Я.Бычкова і інш.[13] Аб’ект станавіўся прэстыжным, пра гэта можа сведчыць заўвага нам. дырэктара інстытута А.М.Сахарава, выказаная на абмеркаванні справаздачы В.І.Буганава пра дзейнасць сектара крыніцазнаўства 17 красавіка 1985 г.: «… сектар не змог скаардынаваць крыніцазнаўчую працу ў межах інстытута (супрацоўнікі сектара змаглі б прыняць удзел у выданні Літоўскай метрыкі, Лістоў і папер Пятра Вялікага»)[14].

У сярэдзіне 80-х г., здаецца, быў зняты мараторый на ўзгадванне сучасных польскіх даследчыкаў і на кантакты з імі. Паралельна з выданнем з мэтай вывучэння лацінскіх сярэднявечных крыніц і ЛМ у Польшчы ў тым годзе працавала Н.І. Шчавялёва[15]. Больш за тое, у Маскве, праўда, не ў акадэмічным выдавецтве «Наука», а ў пазаведамасным «Прогрессе» ў 1985 г. выйшаў пераклад кнігі Г.К.Лаўмяньскага[16] з уступным артыкулам В.Т.Пашуты. Здавалася б, атмасфера паляпшаецца, узніклі надзеі, што і выданне Літоўскай метрыкі зварухнулася. І вось пераможная рэляцыя 1985 г.: «Завершана навуковая праца па 1-м томе дзяржаўнага архіва ВКЛ (Літоўскай метрыцы)». 27 чэрвеня 1985 г. рукапіс тома актаў 1496—1506 г. зацверджаны да друку. «У ПАН для працы над томам і вызначэння зместу 2-га тома, а таксама для працы ў архівах па тэме двухбаковага супрацоўніцтва выязджала М.Я. Бычкова. Выданне ў СССР першага тома і праца над другім, — паведамляе справаздача 1985 г., — запланаваны на ХII пяцігодку. У працы над гэтай тэмай удзельнічаюць таксама Н.І.Шчавялёва і І.П.Старасціна»[17]. Частка звестак справаздачы цалкам дакладная. Сапраўды, у адпаведнасці з дамовай, якая была заключана ў 1980 г., ІГ СССР павінен быў падрыхтаваць два тамы. Першы з іх (6-я кніга запісаў), складзены М.Я.Бычковай з удзелам Н.І.Шчавялёвай і І.П.Старасцінай, 18 чэрвеня 1985 г. быў абмеркаваны ў Аддзеле феадалізму. Яго ўхваліў прызнаны аўтарытэт па гісторыі Вялікага Княства Літоўскага, гісторык беларускай археаграфіі і выдавец беларуска-літоўскіх летапісаў М.М.Улашчык. Ён адзначыў высокі ўзровень археаграфічнай апрацоўкі, дакладнасць загалоўкаў. Пры абмеркаванні былі ўнесены толькі прапановы па некаторай уніфікацыі загалоўкаў і набліжэнні іх фармулёвак да дыпламатычнай практыкі ВКЛ, а таксама складанні геаграфічнага і асабовага паказальнікаў у Беларусі[18]. Працу па каментараванні матэрыялаў тома вяла І.П.Старасціна. Яна рыхтавала і другі том — 9-ю кнігу запісаў, адзіны з тамоў Літоўскай метрыкі, які захаваўся ў арыгінале, а не ў копіі канца ХVI ст.[19].

Аднак падзеі канца 80-х — пачатку 90-х г. адсунулі ЛМ нашмат далей. Час брэжнеўскага «застою» не стварыў умоваў для ажыццяўлення такога фундаментальнага пачынання. Смерць у 1983 г. В.Т.Пашуты, спецыяліста па гісторыі Вялікага Княства Літоўскага, пазбавіла пачынанне ўплывовага кіраўніка і «лабіста» гэтага выдання. Акрамя таго, фінансавыя магчымасці Інстытута на гэты час таксама скараціліся. Такім чынам ІГ СССР не паспеў выдаць ніводнага тома ЛМ. Тое самае тычыцца і Інстытута расійскай гісторыі РАН, правапераемніка Інстытута гісторыі СССР (перайменаванне адбылося ў 1992 г.). Правал выдання ЛМ у Маскве — натуральны вынік цэлага шэрагу сацыяльна-палітычных, ідэалагічных і нават выпадковых прычын.

Выданне ЛМ практычна перайшло да польскіх і літоўскіх гісторыкаў, да якіх толькі ў 1999 г. далучыліся, нарэшце, і ўкраінскія, а ў 2000 г. — беларускія. Матэрыялы Вялікага Княства Літоўскага, у склад якога ўваходзілі не толькі ўкраінскія, беларускія і літоўскія землі, але таксама і рускія, і малдаўскія, — цудоўная крыніца для параўнальна-гістарычнага вывучэння краін Цэнтральнай і Ўсходняй Еўропы і міжнародных адносін дзяржаваў гэтага рэгіёна. Іх выдаюць цяпер толькі за межамі Расіі. Зразумела, што афармленне новых тамоў ЛМ вельмі адрозніваецца нават у межах Літвы, так што запланаванай серыі па вонкавым выглядзе, ды і па прынцыпах выдання не атрымоўваецца. Кожная краіна абірае тыя тамы кніг (перш за ўсё кніг запісаў), у якіх найбольш істотны матэрыял менавіта пра мінулае адпаведнай радзімы.

Цяпер пра згаданы раней першы том публікацыі ЛМ у Менску. Тыя самыя прычыны правалу выдання ЛМ дзейнічалі і ў Беларусі. Але да маскоўскага комплексу тут далучаліся некаторыя спецыфічныя асаблівасці развіцця гістарычнай навукі ў Беларусі. За гады савецкай улады былі страчаны традыцыі археаграфічнай працы, як страчаны і прадстаўнікі гэтай сферы гістарычных ведаў. Разгром нацыянальнай гістарычнай школы ў канцы 20 — пачатку 30-х г. прывёў да заняпаду крыніцазнаўства і публікатарскую дзейнасць. За выключэннем «Беларускага архіва» 1527 г., ужо згаданага выдання Дз.Даўгялы 1928 г. і некаторых іншых цяжка нават прыгадаць спецыяльныя археаграфічныя зборнікі[20]. Беларуская навука не мела кадраў, каб здолець заняцца выданнем гэтага помніка. Толькі В.С.Мянжынскі, які ў 1987 г. скончыў аспірантуру пры ІГ СССР, узяўся за падрыхтоўку аднаго тома кнігі запісаў. Гэтая праца была цалкам скончана да пачатку 90-х г., але на той момант вычарпаліся фінансавыя магчымасці АН Беларусі. Том выйшаў толькі дзякуючы прыватнаму выдавецтву «Athenaeum» у серыі «Commentarii historia et culturae» ў якасці першага тома калекцыі «Помнікі».

Для выдання была абрана 28-я кніга запісаў ЛМ, што змяшчае 161 дакумент за 1522—1552 г., на самай справе пераважна 1541 (66 дакументаў), 1542 (46) і 1551 (38) — 1552 (8) г. На думку В.С.Мянжынскага, у кнізе-копіі перапісаны дакументы дзвюх кніг, якія выразна падзяляюцца па храналагіч най прыкмеце. Большасць матэрыялаў тычыцца Беларусі (70), Літвы (50), Украіны (24), цалкам ВКЛ (10), па некалькі дакументаў — Польшчы, Расіі, Малдавіі, прычым гэтыя апошнія, пераважна дыпламатычныя дакументы, прысвечаны агульным знешнепалітычным пытанням, зносінам з татарамі, Масквой, Малдавіяй, абароне межаў і г.д. Пераважная маса дакументаў, што паходзяць з Літвы, складзена ў Вільні, 8 — у Кракаве, 2 — у Пётркуве, па адным — у Берасці, Радуні, Маскве.

Выданне ўключае ўводзіны на 3 мовах (беларускай, расійскай і англійскай), навукова-даведачны апарат паказаны спісам скарачэнняў, трыма паказальнікамі (імянным, геаграфічным і прадметным), слоўнікам, які змяшчае пераклад толькі на беларускую мову, і 4 табліцамі. У лік апошніх уваходзяць: 1. Храналагічны спіс дакументаў; 2. Суадносіны новых і старых шыфраў рукапісу; 3. Фармат і змест надпісаў ярлыкоў адваротнага боку кнігі; 4. Пералік публікацый дакументаў. Змешчаны таксама спіс ілюстрацый. Прыемна адзначыць наяўнасць спіса папярэдніх публікацый асобных дакументаў, якога, як правіла, няма ў іншых выданнях ЛМ.

Ва ўводзінах даецца характарыстыка пісцоў, праўда, даволі сціслая[21]. Загалоўкі выдаўца ў тэксце адсутнічаюць, яны знаходзяцца толькі ў раздзеле «Змест» на англійскай, літоўскай, расійскай і, нарэшце, беларускай мовах. Занадта кароткія, калі яны ёсць увогуле, абгрунтаванні датаванняў. Часам хацелася б большай дакладнасці. Так, напрыклад, 11 сакавіка субота трэцяга тыдня посту, зразумела, Вялікага, 13 сакавіка, панядзелак чацвёртага тыдня посту і 21 сакавіка, аўторак перад Дабравешчан нем чамусьці не ўнесены ў дату дакумента (84, 85, 86), ды і год уяўляецца недакладным — лепш аддаць перавагу 1542, чым 1541[22]. Гэтыя тры дакументы паводле спосабу вызначэння часу іх напісання вельмі адрозніваюцца ад асноўнай масы, і падобныя звесткі істотныя не толькі для датавання дакументаў, але і для вызначэння сацыяльнай і рэлігійнай прыналежнасці пісцоў арыгінальнай кнігі. У дадзеным выпадку можна меркаваць, што № 84—86 належалі руцэ іншага, чым уся першая кніга, пісара, хутчэй за ўсё не проста праваслаўнага, але і царкоўнага.

Публікацыя тэксту прынесла складальнікам і выдаўцам некаторыя цяжкасці, бо ці львоўская друкарня «Гердан», ці ўласна выдавецтва не мела тэхнічных магчымасцяў для друкавання і дастатковага набору шрыфтоў для перадачы старажытных тэкстаў, напісаных з дапамогаю літар, якія ўжо не выкарыстоўваюцца. У сувязі з гэтым была ўжыта сістэма ўмоўных знакаў: украінскае зваротнае º пазначана як е з кропкай, юс — я таксама з кропкай. У астатнім выдавец прытрымлі ваўся правілаў, што прыняты для перадачы старажытных тэкстаў: цітлы раскрыты, вынасныя пазначаны курсівам ў радку ў круглых дужках — з улікам асаблівасцяў старабеларскай, стараўкраінскай («руской мовы») ці мовы справаводства літоўскай канцылярыі[23]. Паерок (вынасная літара и) перададзена курсіўным й. У гэтым і ёсць адрозненні ад украінскага выдання кнігі за 1652—1673 г. Рускай (Валынскай) метрыкі, дзе цітлы не раскрываюцца, скарачэнні не разгортваюцца[24].

Выданне 28-й кнігі адрозніваецца незвычайнай дбайнасцю падрыхтоўкі. Да памылак у тэкстах, указаных у спісе абдрукаў цяжка нават дадаць так званыя «зрокавыя» (два выключэнні: на с. 75 у радку 10 знізу трэба чытаць Иванович; на с.95 у радку 14 зверху — Ивана; абодва разы з вялікай літары). Між іншым, ёсць і спрэчнае прачытанне: не высветлена, напрыклад, як трэба пісаць «наймя». Верагодна, магчыма і асобнае напісанне прыназоўніка з назоўнікам, нягледзячы на тое, што апошні пачынаецца з вынасной літары. Выклікае сумненне прачытанне «копей» у радку 24 с. 126, сэнсава тут просіцца «купли».

Вельмі падрабязныя і поўныя паказальнікі (сярод іх прадметны паказальнік, слоўнік і аўтарскі спіс загалоўкаў належыць У.Свяжынскаму). Недахопам слоўніка неўжываных сёння словаў з’яўляецца пераклад іх толькі на беларускую мову: у выніку для асобаў, якія не ведаюць беларускай мовы, адна загадка заменена на іншую. Шкада, што акрамя рэестра справаў «Книги данин, потверженья и инших розных справ поточных», якімі і пачынаецца кніга (с.36—47), няма спісу саманазваў дакументаў, які, як правіла, суправаджае публікацыю рускіх актаў[25]. Праўда, у гэтым выпадку зрабіць такі спіс даволі цяжка, бо загалоўкі асобных дакументаў належаць перапісчыкам кніг канца ХVI ст., якія не асабліва абцяжарвалі сябе пошукамі дакладнага эквівалента зместу, бо ў саміх дакументах саманазва ёсць далёка не заўсёды, і пераважна ўжывалі тэрміны «лист», «потверженье» (папярэдняга прывілея ці суда — 35), «привилей». Часам да назоўніка «лист» яны дадавалі азначэнне ліст «даный», «писаный», «кглейтовный», пасля чаго ішло найменне адрасата і апісальная, але сціслая характарыстыка зместу дакумента. «Лист, писаный до всх панов рад Великого князьства литовского» пра мерапрыемствы, ужытыя вярхоўнай уладай у сувязі з забаронай пераходу хрысціян Кароны Польскай у іудаізм (34), можна было б з упэўненасцю назваць «азнаямляльным», бо дыспазіцыя адкрываецца дзейнікам «ознаймуем». Аднак такога азначэння ў загалоўку няма. У загалоўкі канца ХVI ст. не выносіліся нават саманазвы актаў, што былі ў самім тэксце акта — «лист дозволеный» (46), у дыспазіцыі якога мы сустракаем той самы дзеяслоў «ознаймуем», «позовный, продажный, купчий, веновный, меновный» і г.д. Часам яны мадыфікаваліся ў адпаведнасці з больш позняй традыцыяй. Так, «лист судовый» ад 20 ліпеня 1540 г. у загалоўку названы «вырокам» (25). Той самы тэрмін капіістам канца ХVI ст. ужыты ў адносінах да дакумента 9 жніўня 1540 г., адрасаванага баярыну Троцкага павета з загадам выконваць рашэнне суда ў дачыненні да яго доўгу згодна з «судовым лістом» троцкага намесніка (67). Такім чынам, юрыдычныя недакладнасці пісараў канца ХVI ст. перашкаджаюць правільнай дэфініцыі актаў.

У кнізе ёсць адкрытыя лісты на шляхецтва ў Кароне Польскай з вельмі разгорнутым першапачатковым пратаколам — багаслоўем і публікацыяй (47), на вызваленне ад пасады ў Літоўскім княстве (41), пацвярджэнне куплі маёнтка полацкаму ваяводу (76).

Аднак не заўсёды можна нават вызначыць, уяўляў той ці іншы дакумент адкрыты ці закрыты ліст. Фармальнай прыкметай першага, г.зн. адкрытага, дакумента павінен быў служыць такі элемент пратакола, як публікацыя («Чиним знаменито»), які ў кнігах копій часта адсутнічаў нават там, дзе несумненна павінен быў быць. Асаблівую разнавіднасць «адкрытых» лістоў уяўляюць лісты на свабодны праезд і бяспошлінны ці льготны гандаль турэцкаму купцу Андрэю Грэку — 2, 3, 64, 74, (13.Х, 15. Х, 30. ХI і 13.Х. 1541). Тры з іх, як і ліст на бязмытны гандаль кафінскага купца Серкіза Хачыма (33), адрасаваны «князем и паном, воеводам и старостам, державъцам, земяном, бояром и дворяном нашим, войтом, бурмистром и рядцам, и мытником … везде по отчызне нашой…», адзін мае канкрэтнага адрасата — кіеўскага ваяводу (3).

Склад дакументаў кнігі вельмі разнастайны. Пры тым, што большасць дакументаў выйшла з вялікакняскай канцылярыі, гэтае багацце дакументаў рознага кшталту проста здзіўляе. Высокая інфармацыйнасць апублікаваных актаў дае матэрыял для меркавання пра своеасаблівасць шляхоў развіцця не толькі асобных рэгіёнаў Вялікага Княства Літоўскага і Кароны Польскай, але і для параўнання іх з суседнімі краінамі, перш за ўсё княствам усяе Русі (што рэцэнзента цікавіць у першую чаргу).

Адміністрацыйнае кіраўніцтва ажыццяўлялася з дапамогай лістоў, накіраваных то зямянам браслаўскім і Веніцы пра прызначэнне стараст (9, 9.1), то лістоў пра прызначэнне на ваяводства віленскае, кіеўскае, полацкае, наўгародскае, віцебскае, Бірштаны, дарсунішскае, на староства жамойцкае (95-102, 109-111), то прывілеяў і пацвярджэнняў на розныя іншыя адміністрацыйныя пасады і ўрады: пацвярджэнне на трыманне замка (7), на вайтоўства (39), на староства (134), на ляснічае дарсунішскае (142), на гараднічае (148), цівунства і гараднічае (31). Апошнія суправаджаліся часам лістом «на увезанье» (49), што знаходзіць дакладную аналогію ў актах княства ўсяе Русі і Расійскага царства, ці лістом — «поведаньем пдскарбьему на увезанье» (40). Падабенства да «послушных грамот» паўночнага ўсходу Русі выяўляе каралеўскае «поведанье» пра прызначэнне новага драгічанскага старасты з заклікам да жыхароў быць «во всем послушними»; адно «поведанье» было адрасавана «подкоморому, и суд(ь)и, и подсудку дорогицко му, и писару земъскому, и всим земяном, шляхте повету дорогицкого, и теж войтом, и всим людем, которыи прислухают к тому замъку дворцом дорогицким», а другое — войту, бурмістрам і радцам «места Дорогицкого» (94—94.1).

Некаторых такіх адміністрацыйных пасад на тэрыторыі Паўночна-Ўсходняй Русі не было. Гэта тычыцца і пасады «лесничего». Мабыць, больш ранняе з’яўленне такога ўрада тлумачыцца параўнальна развітай эксплуатацыяй і экспартам на захад лясных багаццяў (леса, лясных тавараў, попелу) у Вялікім Княстве Літоўскім. У арганізацыю вытворчасці і ў продаж ванчосаў, клёпак і попелу былі вельмі рана ўцягнуты і віленскі бурмістр, і нямецкі купец з Коўна (Каўнаса), якія атрымалі адпаведны прывілей (83, 92).

Дзейнасць мясцовых уладаў рэгулявалася граматамі, што змяшчалі некаторыя нарматыўныя дакументы. Так, браслаўскі стараста Богуш Карэцкі, які быў вядомы сваімі і сваіх слуг злоўжываннямі, атрымаў судовы «устав децким» (149). Фінансавыя абавязкі свіслацкага старасты ў дачыненні да дзяржаўнага скарбу (казны) Кузьмы Іванавіча Жэслаўскага рэгламентаваліся адкрытым лістом Жыгімонта I (89).

Сацыяльная палітыка афармлялася прывілеямі і «наданьями» (згодна з «листом даным») на землі — двары, маёнткі, людзей (1, 13, 17, 42, 57, 72 (адкрыты ліст), 91, 135, 138, 140, 143), аналагамі рускіх даравальных і дадзеных грамат. Пра некаторую шчыльнасць асвоеных земляў сведчыць перавага не «наданняў», а пацвярджэнняў як папярэдніх уладанняў (68, 70, 75), так і купляў (16, 18, 139), былі і дазваленні мены (46, параўн. 56), дазвол на продаж ці куплю зямлі (29, 30). Прывілеі выдаваліся і на права гандлю і арганізацыю карчмы, напрыклад, аднаму з прадстаўнікоў знатнага полацкага роду Зяновічаў (146) ці Астафію Корсаку на права гандлю ў Забор’і (137). Сярод аб’ектаў пажалавання звяртае на сябе ўвагу іх аднастайнасць (землі, двары, людзі). Вельмі рэдка сярод іх узнікаюць вытворчыя аб’екты, толькі Марцін Палецкі атрымаў прывілей на «гуту скляную» (155). Магчыма, перыядычна і выбарачна праводзілася праверка ўладальніцкіх правоў і дакументаў («твердостей»), як гэта адбылося ў Маркаўскім павеце ў 1541 г. у сувязі з падазрэннем «о забраньи земль, людей и пущи» князем Слуцкім, жонкамі віленскага ваяводы і пана троцкага, некаторымі іншымі (84).

Шмат дакументаў звязана са спробамі баяр захаваць свой сацыяльны статус, а не быць зведзенымі да ўзроўню путных слуг. Так, пенянскім і аршанскіх баярам захавалі іх землі (73, 131), пры сваіх абавязках засталіся ваўкавыскія баяры, на якіх пад час вопісу былі накладзены не належныя ім абавязкі плаціць асадныя грошы і выконваць натуральныя службы. Пра рашэнне Жыгімонта I Старога паведамілі і віцебскаму ваяводу, і баярам (87, 88). Асаблівы статус троцкіх татараў быў замацаваны 16 жніўня 1541 г. (69).

У сувязі з сацыяльнай палітыкай вельмі цікавыя ўставы. Адзін з іх дадзены мяшчанам і Свіслацкай воласці, ён рэгламентаваў памеры даніны і ўсіх астатніх падаткаў урадніку (66), другі — цэны і парадак гандлю аўсом, сенам і дровамі ў межах сталіцы Вялікага Княства. Апошні дакумент («постанове нье») быў уключаны ў «извещение» падскарбія Івана Гарнастая, а прыняты па просьбе віленскіх мяшчан і паноў панамі радаю і каралём (58). Згодна з гэтым «постановеньем» сяляне павінны былі жорстка трымаць сезонныя кошты, якія падымаліся толькі ў перыяд восеньскага і вясновага бездарожжа, а жыхары гарадоў не мелі права перакупліваць гэтыя тавары ў сялян на бліжэйшых да горада шляхах.

Падобныя дакументы 28-й кнігі запісаў ставяць пад сумненне традыцыйны погляд на характар унутранай палітыкі каралёў польскіх і вялікіх князёў літоўскіх у межах Вялікага Княства. Дзяржаўная ўлада, хоць і ішла на просьбы насельніцтва, тым не менш праводзіла дастаткова актыўную ўласную палітыку па падтрыманні сацыяльнага міру і ўсталявана га парадку ў межах краіны. Уласна ж сацыяльныя групы на тэрыторыі Вялікага Княства Літоўскага і Кароны Польскай больш часта, чым на ўсходзе Еўропы, выступалі ў якасці суб’ектаў, на якіх былі звернуты тыя ці іншыя граматы вярхоўнай улады. Сярод такіх суб’ектаў варта згадаць мяшчан Луцка, якія з таго часу мелі права свабодна і бязмытна гандляваць у межах Валынскай зямлі і праводзіць у сябе тры кірмашы штогод (154), Менска, якія атрымалі магдэбургскае права ці, дакладней, яго пацвярджэнне ў 1552 г. (144), мяшчан Ноўгарада Северскага, якія здолелі атрымаць для сябе замену грашовага плацяжу павіннасцю пастаўляць падводы для каралеўскіх ганцоў, маскоўскіх і татарскіх паслоў (112), а таксама жыхароў Браслава і Веніцы, якім паведамілі пра пацвярджэнне каралеўскага прызначэння старастам гэтых гарадоў князя Сямёна Глебавіча Пронскага, нягледзячы на скаргі на яго, «выступы и противности» жыхароў і «записны лист», які даў ім у хвіліну слабадушнасці стараста (65).

Фінансавая палітыка караля і літоўскага князя адлюстравана ў лістах пра прымусовы збор серабшчыны (4, 26), згодна з усталяваным парадкам (141) у 1551 г. — на 3 гады для абароны ад татар (152), мыта ў Мсціславе (133). Шматлікія выняткі з ліку падаткаплацельшчыкаў афармляліся лістамі на вызваленне (двара Ушпольскага, 11), віленскага бурмістра — ад абавязку даваць жыллё — ад «стоянья» (147), мостніка ковенскага ад выплаты мыта ў гандлі соллю ў Гданьску (90) і інш. Затое «жиды», прадмет няспыннага клопату вярхоўнай улады, абкладаліся вельмі высокімі падаткамі: пінскія жыды павінны былі выплаціць 1000 злотых (156). Часам фінансавая палітыка абумоўлівалася дыпламатычнымі зносінамі, якія прыводзілі да некалькі нечаканых наступстваў. Так, у 1522 г. пасля праезду царскага вялікага пасольства з 1000 чалавек аршанскія мяшчане на 10 гадоў былі вызвалены ад выплаты мыта (130).

Дыпламатычнай гісторыі Вялікага Княства Літоўскага прысвечана цэлая серыя разнастайных дакументаў. Яны тычацца праезду і ўмоў знаходжання замежных паслоў (гэта, у прыватнасці, «приказ» на стацыю і падводы крымскім паслам (48), «опасная» грамата вялікакняскім маскоўскім паслам у Вялікае Княства Літоўскае, выдадзеная ў Маскве (38), «глейт» паслам Малдаўскага ваяводы 2 верасня 1551 г. (136), даверчы ліст вялікім паслам ў Маскву (78), Яну Юр’евічу Глябовічу і Мікалаю Цяхноўскаму — паслам у Маскву (82), «наказ» паслу ў Крым Анікею Гарнастаю (50), «приказ» паслам у Маскву, накіраваны аршанскаму дзяржаўцу, а таксама ў Мціслаў, Крычаў, Магілёў, Чачэрск, Прапойск, Рэчыцу, Гомель, што дазваляе прасачыць шлях пасольства (59, 59.1), адказ малдаўскім паслам 21 снежня 1551 г. (153), Пятру Валошскаму (71), прысяжны ліст крымскага пасла Агаліча (44), старасту берасцейс каму пра абмен палоннымі Андрэя Валфрамеевіча, што знаходзіўся ў палоне 25 гадоў, на жыхара Мязецка Івана Чаглокава (45). Такім чынам, у той ці іншай ступені асветлены ўсе этапы дыпламатычных перамоваў — ад падрыхтоўкі да іх і да заключнай фазы — афармлення дасягнутага пагаднення і яго рэалізацыі. Часам вялікакняскія дакументы ўзнікалі ў выніку або для ліквідацыі гандлёвых канфліктаў, якія адбыліся, напрыклад, у Логвіна Берасцянікава з прадстаўніком адной са знакамітых маскоўска-наўгародскіх гандлёвых сямей — Рыгорам Старковым (79), ці турэцкага купца і жыхароў Веніцы (85), дакладней, слугі С.С. Давойны Івана Шчарбіны, што абакраў Андрэя Грэка (86).

Абароны Літоўскага Княства і Кароны Польскай тычацца шматлікія распараджэнні-загады пра накіраванне працоўнай сілы на будаўніцтва кіеўскага замка (14), пра дастаўку харчу ва ўскраінныя замкі (36), асабліва шмат іх у 1552 г. (абарона Чаркасаў і Канева, куды накіроўваліся ротмістр з атрадам, драбы, конныя і пешыя воіны, будаваўся замак і г.д. 113—116, 118).

Рэлігійнай, а часткова і нацыянальнай палітыкі вялікага князя літоўскага тычацца акты, дадзеныя прадстаўнікам праваслаўнай царквы, у першую чаргу мітрапаліту галіцкаму, кіеўскаму і ўсяе Русі Макарыю пра кіраванне віленскай царквой (23, 24), Кіева-Пячорскаму манастыру на права захавання абшчыны, выбару архімандрыта, вызваленне ад стацый і падвод (5, 150), свабоднага праезду ў северскія гарады Старадуб і Ноўгарад-Северскі для збору даніны (12, 19, 20), надання двара праваслаўнаму святару (60), жыдам — хрысціян не абразаць і ў Турцыю не ездзіць (63), пробашчу кракаўскаму на касцёл у Лукініках і заснаванне корчмаў (61), фундуш на касцёл св. Ганны ў месце Шаўдоўскім (77), архімандрыту мінскага Ўваскрасенскага манастыра на архімандрытыю ў Пячорскім манастыры (108), таму самаму мінскаму Ўваскрасенскаму манастыру на землі і млын (145), віленскаму святару Іосіфу на ўладзімірскую і луцкую епіскапію (150), ерусалімскім манахам на свабодны праезд у Маскву (132). Бадай, прыведзены спіс актаў, што тычыцца насельніцтва Літоўскага Княства і Кароны Польскай, сведчыць пра амаль поўную адсутнасць рэлігійнай нецярплівасці, калі не лічыць жыдоў.

Узровень культуры палітычнай эліты яскрава дэманструе працэдура зацвярджэння дамовы з Валахіяй, выкладзеная ў адказе паслам ваяводы Малдаўскай зямлі Стэфана ад 21 снежня 1551 г. «Панове рада литовские вси, которые по латине умели… — чытаем у «отказе», — присягу чинили при короле его милости, а которые по латине не вмели, тым руским языком тая ж рота была выложона и там же присегали» (153. С. 201). Відавочна, што непісьменных сярод паноў рады не было.

Як ні дзіўна, знаёмства чалавека пачатку трэцяга тысячагоддзя з дакументамі першай паловы і сярэдзіны ХVI, здавалася б, такога далёкага ад нашага часу стагоддзя, наводзіць на роздум пра сучасны стан асобных сацыяльных груп, прававое іх становішча і ўвогуле пра ролю права — грамадзянс кага і крымінальнага — у развіцці не толькі сярэднявечнага, але і постіндустрыяльнага грамадства. А часам прыводзіць і да несуцяшальных высноваў пра тое, што апошняе па шэрагу пазіцый саступае свайму далёкаму папярэдніку.

Кароткі агляд перадгісторыі першага ўсходнееўрапейс кага выдання Літоўскай метрыкі і такая ж кароткая яго характарыстыка, як і павярхоўны агляд зместу 28-й кнігі запісаў Літоўскай метрыкі сведчыць і пра шмат што іншае: пра несумненны і вельмі сур’ёзны зрух у археаграфічнай працы беларускіх калег, з аднаго боку, і пра іх удалы выбар кнігі для публікацыі — з другога. Матэрыялы гэтай кнігі маюць вельмі важнае, часам нават кардынальнае значэнне для разумення працэсаў сацыяльна-эканамічнага, палітычнага і культурнага развіцця не толькі Літоўскага Княства і Кароны Польскай, але і ўсёй Усходняй і, магчыма, нават Цэнтральнай Еўропы. Можна спадзявацца, што ўвядзенне ў навуковы зварот кніг метрыкі створыць базу для сапраўды навуковага, а не павярхоўна-эскізнага вывучэння заканамернасцяў эвалюцыі вялікага рэгіёна Еўропы.

Хацелася б толькі выказаць пажаданне, каб наступныя кнігі Літоўскай метрыкі не чакалі так доўга свайго выдання, а даследчыкі, многім з якіх яны недаступныя з-за незалежных ад іх волі ўмоваў, не знемагалі б дзесяцігоддзямі ад няздзейсненага знаёмства з найкаштоўнейшымі матэрыяламі.

Масква

Ганна Харашкевіч

** Руська (Волинська) метрика. Книга за 1652—1673 рр. Підготував П.Кулаковський / Памятники истории Восточной Европы. Источники XV—XVII вв. Ред. серии И.Граля. Т.5. Острог—Варшава—Москва, 1999.


[1] Першы пункт погляду традыцыйны для савецкай гістарыяграфіі. Ён бярэ пачатак з даследaвання С.Л. Пташыцкага (Пташицкий С.Л. Описание книг и актов Литовской метрики. С.-Петербург, 1887. С. 3). Другі ў нашыя дні абгрунтавала П. Кенэдзі Грымстэд (Kennedy Grimsted P. With the coll. of I. Sulkowska-Kurasiowa & The «Lithuanian Metrica» in Moskow and Warsaw: Reconstructing the Archives of Grand Duchy of Lithuania. Cambridge, Mass., 1984. P. 4—9). У беларускім выданні 2000 г. Літоўская метрыка названа архівам канцылярыі вялікага князя літоўскага.
[2] Бережков Н.Г. Литовская метрика как исторический источник. Ч. 1. О первоначальном составе книг Литовской метрики по 1522 г. Москва, Ленинград, 1946. Высновы Беражкова М.Г. удакладнены Э.Д. Банёнісам у цэлай серыі артыкулаў.
[3] Хорошкевич А.Л. К истории издания и изучения Литовской метрики // Acta baltico-slavica. T. VIII. 1973.
[4] Гэта былі кнігі сігілят 1709—1719 г. і рэестры падымнага Вялікага Княства Літоўскага. Віленскае ваяводства 1690 г.
[5] Литовская метрика: исследования 1988 г. Vilnius, 1992; Исследования по истории Литовской метрики. Сборник научных трудов. Москва, 1989. [Вып.] I—II. Бібліяграфію за 1983—1989 г. гл.: Тамсама. Вып. II. С. 375—380.
[6] Інстытутам гісторыі Літвы выдадзены 1, 3, 5, 8, 10, 11, 25, 51 кнігі запісаў, 530, 564 кнігі публічных спраў, Вільнюскім універсітэтам — 4, 6, 8 кнігі судовых спраў. Гл. падрабязней: Новости Литовской метрики. 1996—1999. № 1—3.
[7] Годовой отчет Института истории СССР за 1981 год (далей — ГО). Москва, 1981. С. 81.
[8] ГО. 1981. С. 56.
[9] ГО. 1982. С. 71.
[10] ГО. 1983. С. 58.
[11] Бугай Н.Ф., Бычкова М.Е. О сотрудничестве историков СССР и Польши // Вопросы истории. 1984. № 8. С. 151—152.
[12] ГО. 1984. С. 71.
[13] ГО. 1984. С. 62.
[14] ОРФ ИРИ РАН. Материалы канцелярии. Протоколы заседаний дирекции. № 6. 17. IV. 1985. С. 68.
[15] ГО. 1984. С.74.
[16] Ловмяньский Х.К. Русь и норманы. Москва, 1985.
[17] ГО. 1985. С. 48, 84—85, 105; ОРФ ИРИ РАН. Отдел истории феодализма. Протоколы заседаний дирекции. К протоколу № 12. 24. Х. 1985. С. 145. Отв. ред. В.Л. Янин. Состaвитель М.Е. Бычкова.
[18] ОРФ ИРИ РАН. Отдел истории феодализма. Протоколы заседаний Ученого совета. № 14 от 18 июня 1985 г. С. 42.
[19] ОРФ ИРИ РАН. Планкарты 1986 г. Планкарта И.П. Старостиной.
[20] Трагічная гісторыя беларускай гістарычнай навукі стала прадметам спецыяльнага даследавання М.М. Улашчыка, які на ўласным прыкладзе адчуў усю зменліваць лёсу даследчыка беларускага мінулага, што меў няшчасце жыць і ствараць у савецкі час (Улащик Н.Н. Очерки по историографии и источниковедению истории Белоруссии феодального периода. Москва, 1973).
[21] Мяркуем, што складальнікі дарма скупіліся. Была б пажаданая больш разгорнутая характарыстыка накшталт той, што даў П. Кулакоўскі да заключнага тома «Рускай» (Валынскай) метрыкі за 1652—1673 г., якая была выдадзена на год раней у 1999 г. у серыі «Помнікі гісторыі Ўсходняй Еўропы».
[22] У 1542 г. супадаюць дні тыдня і лічбы, што ўказаны ў актах (Каменцева Е.И. Русская хронология. Москва, 1960. Таблица 1. С. 46).
[23] Не закранаем спрэчнага пытання пра мову метрыкі, для якой існуе маса не зусім дакладных азначэнняў.
[24] Руська (Волинска) метрика. Книга за 1652—1673 рр. Підг. до друку П. Кулаковський // Пам’яткі історі¿ східно¿ Европи. V. Острог, Варшава, Москва, 1999.
[25] Ён ёсць, напрыклад, у «Актах социально-экономической истории Северо-Восточной Руси ХIV — начала ХVI в.» (Т. 1—3. Москва, 1952—1964). Аднак новыя выданні таксама бываюць пазбаўлены такога спіса (гл. падрабязней: Хорошкевич А.Л. Акты, акты и еще раз акты… Новые миры средневековой Руси, эдиционная техника и научная традиция // Отечественная история, 2000. № 5. С. 127—138).

Наверх

Леонтьева, Галина А. Палеография, хронология, археография, геральдика (Максім Гардзееў)

Снежня 12, 2000 |

ЛЕОНТЬЕВА, Галина А. Палеография, хронология, археография, геральдика: Учеб. пособие для студ. высш. учеб. заведений. Москва: Гуманит. изд. центр ВЛАДОС, 2000. 200 с.: ил.

Развіццё гістарычнай навукі ў Беларусі апошнім часам паказала, за некаторымі выключэннямі, недахопы ў становішчы спецыяльных гістарычных навук. Узрастанне цікавасці да іх патрабуе стварэння моцнай базы навукова-метадычнай і навучальнай літаратуры, якая б дапамагала сучасным студэнтам і навукоўцам лепш арыентавацца сярод масы спецыфічных метадаў і ведаў, без якіх немагчыма правесці дасканалае гістарычнае даследаванне. Асабліва гэта тычыцца вывучэння Сярэднявечча і Новага часу.

У гэтай сувязі звяртае на сябе ўвагу новы навучальны дапаможнік для студэнтаў вышэйшых навучальных устаноў па спецыяльных гістарычных дысцыплінах[1]: палеаграфіі, храналогіі, археаграфіі і геральдыцы. Тэкст дапаможніка складаецца з кароткіх уводзінаў, чатырох адпаведных раздзелаў, падзеленых на параграфы, каментараў да рэпрадукцый тэкстаў, заданняў да семінарскіх заняткаў і спісу асноўных прац па пытаннях, з якімі сутыкаешся пры выкарыстанні дапаможніка.

Тэксты тэматычных раздзелаў падзеленыя на параграфы і забяспечаныя апаратам сціслых, змястоўных і лёгкіх для запамінання азначэнняў. Кожны раздзел мае кароткі агляд развіцця адпаведнай навукі. Да палеаграфічнага дадаюцца рэпрадукцыі арыгінальных тэкстаў, да геральдычнага — адпаведны ілюстрацыйны дадатак. У палеаграфічным раздзеле найбольш разгорнута разгледжаны пытанні знешніх прыкмет пісьмовых крыніц Старажытнай Русі, Маскоўскай, Рускай дзяржаваў і Расійскай імперыі ХI—ХIХ ст. Раздзел пра храналогію змяшчае шмат інфармацыі пра перавод рознага летавылічэння на сучаснае, табліцы непераходных царкоўных святаў па Юліянскім календары і разгорнутага календара рухомых святаў (на 7 старонках) з каментарамі да абедзвюх, рэкамендацыі па датаванні з дапамогай індыктаў, дзён тыдня (па формуле М.Беражкова), таксама разглядаюцца методыкі ўскоснага датавання. У археаграфічным раздзеле ў агульных рысах прыводзяцца правілы транскрыпцыі і публікацыі пісьмовых крыніц ХII — канца ХVII ст., неабходныя студэнту для таго, каб мець уяўленне пра арыгінал (калі аналізуецца апублікава ны тэкст) і слушна цытаваць тэкст крыніцы (калі праца ідзе з архіўнымі матэрыяламі). У геральдычным раздзеле ўражвае сціслы, але карысны ў прыкладным сэнсе параграф па асновах тэарэтычнай геральдыкі.

Звяртае на сябе ўвагу дадатак. На с. 66—170 змешчаны рэпрадукцыі арыгінальных тэкстаў розных часоў, якія адлюстроўваюць шырокі ў графічным плане спектр почыркаў. Асобна варта адзначыць, што зрокаваму ўспрыманню тэкстаў вельмі спрыяе вялікі (60´88/8) фармат кнігі. У каментарах і заданнях, што размешчаны перад гэтым (52—65), даюцца апісанні прыведзеных дакументаў: загалоўкі; архіўныя спасылкі; фармат; апісанні філіграняў, калі яны ёсць; агульныя характарыс тыкі почыркаў з вылучэннем іх асаблівасцяў (напрыклад, трывалае выкарыстанне пісарам асобных вынасных надрадковых літар); апісанні чарнілаў, пераплётаў; даюцца тлумачэнні мераў вагі, плошчы і даўжыні, калі яны ёсць у тэкстах (напрыклад, трэтнай сістэмы дзялення і яе слоўнага выразу); падаюцца паметы, што не належаць да асноўнага тэксту. Кожны дакумент суправаджаецца разнастайнымі заданнямі, якія дазваляюць навучыцца рабіць палеаграфічны, храналагічны і часам геральдычны аналіз. Адзіны недахоп гэтага дадатка, на наш погляд, — адсутнасць ужо транскрыбаваных з рэпрадукцый тэкстаў, бо пры вядомай складанасці паўночна-ўсходня га (маскоўскага) скорапісу ХVII ст. яго прачытанне студэнтам самастойна застаецца спрэчным. Пажадана было б таксама размясціць перад рэпрадукцыямі або пасля іх табліцы, дзе б прыводзіліся хоць бы найбольш распаўсюджаныя варыянты напісання кірылічных літар. Ілюстрацыйны дадатак да раздзела „Геральдыка” падзелены на дзве часткі. Першая належыць да параграфа «Асновы тэарэтычнай геральдыкі», другая змяшчае прыклады дваранскіх, губернскіх і гарадскіх гербаў.

Павышэнне ролі спецыяльных навук у айчынных гістарычных даследаваннях патрабуе навучальных дапаможнікаў, напісаных на адпаведна высокім узроўні. У плане вывучэння, напрыклад, старажытных тэкстаў сучасныя навукоўцы і студэнты маюць у сваім распараджэнні толькі навучальны дапаможнік С.Куль-Сяльверставай „Беларуская палеаграфія” (які выйшаў у Горадні ў 1996 г. накладам у 70 асобнікаў)[2] і метадычныя рэкамендацыі да курса „Руская палеаграфія” па скорапісе, напісаныя А.Стуканавым і А.Плавінскім і выдадзеныя БДУ ў 1987 г. накладам 300 асобнікаў. У 1999 г. у Менску выйшаў ілюстраваны курс лекцый А.Цітова па сфрагістыцы і геральдыцы. Але ўсяго гэтага, бясспрэчна, недастаткова для забеспячэння высокага ўзроўню падрыхтоўкі спецыялістаў у галіне спецыяльных гістарычных навук.

У гэтым сэнсе выхад у свет маскоўскага дапаможніка можа паслужыць добрым прыкладам. Застаецца спадзявацца, што ў хуткім часе айчынныя навукоўцы і выкладчыкі здолеюць зрабіць навучальна-практычныя дапаможнікі па гэтых галінах гістарычных ведаў на адпаведным навуковым і навучальна-метадычным узроўні.

Менск

Максім Гардзееў


[1] Па нашым меркаванні, больш дакладна было б ужываць у гэтым выпадку тэрмін „спецыяльныя гістарычныя навукі”. Тым больш, што на працягу ўжо некалькіх гадоў адпаведны аддзел Інстытута гісторыі НАН Беларусі носіць такую назву.
[2] Гл. рэцэнзію на гэтае выданне ў: БГА. Т.3. Сш.2. 1996. С.301—305.

Чарговая кніга Метрыкі ВКЛ (Міхаіл Спірыдонаў)

Чэрвеня 19, 2000 |


Пасля шматгадовага перапынку ў Беларусі, нарэшце, была апублікавана чарговая, 28-я, кніга Метрыкі Вялікага Княства Літоўскага, Рускага, Жамойцкага і далей[1] — вялікага комплексу каштоўных крыніц па гісторыі Беларусі і Літвы, а таксама суседніх краін XV—XVIII ст., што ўтварыўся пераважна ў працэсе дзейнасці канцылярыі вялікіх князёў літоўскіх. Фонд захоўваецца, як вядома, у Маскве ў Расійскім архіве старажытных актаў.

Гэтую кнігу супрацоўнік аддзела спецыяльных гістарычных навук Інстытута гісторыі Нацыянальнай Акадэміі навук Беларусі Валеры Мянжынскі рыхтаваў да публікацыі амаль дзесяць гадоў. Яна была рэкамендаваная да друку, але з-за адсутнасці неабходнага фінансавання справа яе выдання за кошт дзяржаўных сродкаў аказалася безнадзей най. Праблему вырашыла малавядомае выдавецтва «Athenaeum» на чале з Алегам Дзярновічам. На вялікі жаль, істотная роля Інстытута гісторыі ў арганізацыі падрыхтоўкі кнігі да друку па незразумелых прычынах адзначана не на тытульнай старонцы публікацыі, а толькі на яе адвароце. Замест яго на тытульнай старонцы толькі надпіс «Athenaeum».

Шмат у чым кніга адпавядае вядомым метадычным рэкаменда цыям Ганны Харашкевіч і Сяргея Каштанава[2], а таксама археаграфічным традыцыям падобных публікацый апошняга дзесяцігоддзя, што склаліся пераважна ў Літоўскай Рэспубліцы. За гэты час літоўскія гісторыкі падрыхтавалі і выдалі на добрым навуковым і паліграфічным узроўні дванаццаць кніг Метрыкі ВКЛ[3]. Але разгляданая публікацыя мае свае як станоўчыя, так і адмоўныя рысы і якасці. Спынімся на асноўных з іх.

Адной з аргументаваных прынцыповых перамен археаграфічнай традыцыі з’яўляецца змена назвы міжнароднай серыі публікацый кніг вядомага каштоўнага фонду гістарычных крыніц. У адрозненне ад літоўскіх публікацый пад назвай «Літоўская Метрыка» беларуская публікацыя мае сапраўды навуковую назву: «Метрыка Вялікага Княства Літоўскага». Пра недакладнасць традыцыйнай назвы гэтага фонду «Літоўская Метрыка» і неабходнасць яе замены на «Метрыка ВКЛ» мы пісалі ўжо даўно[4].

Публікацыя пачынаецца даволі сціслымі «Ўводзінамі» на мовах беларускай (с. 5—11), рускай (12—18), а таксама англійскай (19—24) і літоўскай (25—26). У іх коратка апісваюцца арыгінал кнігі, палеаграфія рукапісу, прынцыпы транслітарацыі тэксту, структура публікацыі ў цэлым і навукова-даведачнага апарату ў прыватнасці. Характарызуючы апошні, Мянжынскі грунтоўна асвятляе прынцыпы складання імяннога, геаграфічнага і прадметнага паказальнікаў да публікацыі. Звяртае на сябе ўвагу імкненне аўтара геаграфічнага паказальніка ўпершыню ў пэўнай ступені выкарыстаць нашы рэкамендацыі наконт павышэння інфармацыйнасці такіх паказальнікаў (с. 9—10), якія істотна адрозніва юцца ад традыцыйных.

Ва «Ўводзінах» таксама аргументуюцца ўключэнне ў публікацыю прадметнага паказальніка і слоўніка незразумелых слоў, якія складзены Ўладзімірам Свяжынскім; сцісла раскрываюцца прынцыпы іх стварэння.

«Уводзіны» заканчваюцца бясспрэчным тэзісам аб вялікай каштоўнасці публікуемых крыніц для высвятлення многіх бакоў асноўных пытанняў развіцця ВКЛ у 1522—1551 г. (дарэчы, без малакарыснай тут спробы гэта рабіць), а разам з тым зямель сучасных Беларусі (па падліках аўтара, 70 крыніц, або 43,5% з 161), Літвы (50, або 31,1%), Украіны (24, або 14,9%) і іншых суседніх краін.

Тэксту кнігі папярэднічаюць восем чытэльных ілюстрацый-рэп радукцый розных старонак арыгінала (28—35), якія даюць канкрэтнае ўяўленне пра мову і почырк рукапісу.

Далей надрукаваны тэкст рукапісу (36—206) у адпаведнасці з сучаснымі правіламі археаграфіі. Ён займае 171 старонку, або 54,8% аб’ёму гэтай публікацыі.

Пачынае тэкст арыгінальны «Реестр всих справ, в той Мэтрыце вписаныхъ» (36—47), які складае 7% аб’ёму 28-й кнігі Метрыкі ВКЛ.

Па меркаванні складальніка, у 28-й кнізе Метрыкі ВКЛ «фактычна 161 дакумент» (с. 6). Але ён, на нашу думку, памыляецца. Калі дадатковая нумарацыя да актаў № 9, 58, 59 і 94, якія з’яўляюцца рознымі заўвагамі пісараў да папярэдніх, мэтазгодная, то такі падыход да акта № 102.1, які ва ўсіх адносінах з’яўляецца самастойным, уяўляецца памылковым. Адносна ж акта № 115, які з’яўляецца пісарскай заўвагай да папярэдняга (№ 114), складальнік парушыў сваё ж слушнае правіла дадатковай нумарацыі: замест № 115.1 абазначана № 115. Калі ўлічыць гэтыя непаразуменні, то атрымаецца 156 самастойных дакументаў, а не 161.

Галоўная каштоўнасць публікацыі ў тым, што 28 кніга Метрыкі ВКЛ упершыню апублікавана цалкам. На наш погляд, менавіта такія комплексныя публікацыі крыніц ВКЛ у найбольшай ступені адпавядаюць сучасным патрэбам гістарычнай навукі. Падкрэслім і тое, што са 156 самастойных актаў упершыню надрукаваны 117 (273—275), або 75% усіх актаў, якія захаваліся ў рукапісе 28-й кнігі Метрыкі ВКЛ.

Варта звярнуць увагу на тое, што значная колькасць апублікава ных актаў (№ 40, 45—47, 54—55, 59, 66, 72, 76, 84, 87—89, 97, 103, 105—107, 112, 119, 120—128, 130—131, 133, 135, 137, 139—140, 144—146, 148, 156 і інш.) дае магчымасць канкрэтна высветліць многія істотныя бакі жыцця грамадства сярэднявечнай Беларусі.

Тэкст арыгінальнага рукапісу ў асноўным надрукаваны ў адпаведнасці з сучаснымі археаграфічнымі правіламі. Аднак, на жаль, сустракаецца і шмат археаграфічных недакладнасцяў і граматычных памылак аўтарскага і друкарскага паходжання, як заўважаных аўтарамі (гл. дадатак — Errata), так і незаўважаных імі. Абмяжуемся некалькімі прыкладамі.

У археаграфічным афармленні тытульнай старонкі рукапісу не пазначана вынасная літара («инших»), замест «инътрыликгованы» надрукавана «интроликгованы» (29 і 36). Правільныя «навеки» і «навечнасть» складальнікі ў Errata паправілі, як нам уяўляецца, на няправільныя «на веки» і «на вечнасть» (52, 122).

Прозвішчы князёў Друцкіх заўсёды пішуцца з вялікай літары, але ў публікацыі — з малой (54). У адным са сказаў акта № 9 памылкова не пастаўлены патрэбныя коскі (павінна быць: «прыслухали , и корчом наших,» (57). Уяўляецца таксама, што трэба было аформіць фразу так: «Жаловал […] Гринька Михайловича тымъ обычаемъ. Иж», а не інакш, як гэта зрабіў складальнік: «Гринька Михайловича. Тымъ обычаемъ, иж» (75). На той самай старонцы імя па бацьку князя К.І. Астрожскага памылкова надрукавана з малой літары: «ивановича». На наш погляд, «волости Руские» павінны пісацца з вялікай літары, а не з малой (98), бо гэта ўласная геаграфічная назва. Але «коруна Польская» традыцыйна, як і «Вялікае княства Літоўскае», па нормах сучаснай беларускай мовы пішацца з малой літары (112). Аднак, калі гэта краіна фігуруе як «Коруна» ў выразе «жида Корунного», на наша меркаванне, правільна гэта слова трэба пісаць з вялікай літары (113). Замест «за косы» ў акце № 66 павінна быць «закосы» (116). Відавочна, што «костел панны Марыи Шавдовский», як і «Менскі двор» або «замок», трэба пісаць з вялікай літары, а не малой (128).

Перапісчык, які рыхтаваў рукапіс да публікацыі, меў значна больш часу, чым мы, каб пазбегнуць адзначаных і неадзначаных намі археаграфічных і іншых памылак. Аднак з гэтай адной з асноўных сваіх задач ён справіўся, на жаль, не бездакорна.

Значную навуковую каштоўнасць мае вялікі навукова-даведачны апарат (207—276) дадзенай публікацыі. Ён займае 71 старонку, або 22,8% агульнага аб’ёму.

У «Спіс скарачэнняў» (207—209) уключаны як агульнапрынятыя, што зусім нерацыянальна (в. — век, вв. — века; г. — год; гг. — годы, гады; г. — город; г.д. — гэтак далей; г. зн. — гэта значыць; л. — лист; лл. — листы і інш.), так і арыгінальныя, але не заўсёды слушныя. Нам ўяўляецца, што розныя варыянты слова «бояре», як і іншых, можна абазначыць адным скарачэннем — адной літарай «б», а не сямю. Непатрэбным мы лічым і ўключэнне ў «Спіс скарачэнняў» геаграфічных скарачэнняў тыпу: «вилен. — виленский; вилен-ая — виленская; вилен-го — виленского; вилен-ой — виленской (-ом)» і да т. п., якія зразумелыя самі па сабе.

Вельмі дапаможа чытачам карыстацца публікацыяй «Імянны паказальнік» (210—220), які складае 15,5% аб’ёму навукова-даведачнага апарату і 3,5% аб’ёму ўсёй кнігі. Ён не выклікае істотных заўваг, але некаторыя нашы пажаданні мы выкажам.

На жаль, Мянжынскі зусім не назваў крыніцы, што дапамаглі яму вызначыць тыя прозвішчы асобаў, якія ў публікаваных крыніцах не ўказаны (8). Нам уяўляецца, што ў дачыненні да жанчын было б больш рацыянальна прозвішча, імя па бацьку, імя мужа і дзявочыя адпаведнікі яго жонкі паказваць не дадатковымі тлумачэннямі («жена», «вдова»), а дэфісам: «Жеславская/Жославская Фёдоровая Ивановича-Зафея (Софья) Андреевна [Сангушко] …» (8—9, 213)[5]. На жаль, дзявочых прозвішчаў жонак, як і ў дадзеным выпадку, у іншых крыніцах аўтар паказальніка не шукаў. Неправамерна істотна адрозніваюцца сваёй нестандартнас цю тлумачэнні аўтара да некаторых гістарычных асобаў. Параўнайце, напрыклад: «Александр/Олександр»; «Александровая—Алена»; «Бона»; «Жикгимонт (Жигимонт Старый)»; «Жикгимонт Август/Жикгимонт Вторый (Жигимонт Август)». На наш погляд, у адрозненне ад археаграфічных традыцый пажадана, каб усе «першыя, асноўныя», археаграфічныя варыянты імяннога паказальніка былі пранумараваны. Гэта дало б магчымасць меркаваць аб колькасці асобаў, якія фігуруюць у 28-й кнізе Метрыкі ВКЛ. І, нарэшце, варта задаць аўтару пытанне: чаму ў кнізе на беларускай мове ўсе тлумачэнні адносна сацыяльнага статуса, тытула, пасады і іншых звестак пра асобаў даюцца толькі на рускай мове?

Істотнай традыцыйнай прыналежнасцю дадзенай публікацыі, як і іншых падобных, з’яўляецца «Геаграфічны паказальнік» (221—233), які складае 18,3% аб’ёму навукова-даведачнага апарату, або 4,2% аб’ёму ўсёй публікацыі.

Адрозна ад бальшыні традыцыйных геаграфічных паказальнікаў Валеры Мянжынскі паспрабаваў даць вельмі патрэбную сціслую інфармацыю пра цяперашні стан значнай колькасці населеных пунктаў, пераважна сучаснай Беларусі: тып, адміністрацыйнае значэнне, адміністрацыйна-тэрытарыяльная прыналежнасць, дзяржаўная прыналежнасць (10). Тым не менш, шэраг пазіцый геаграфічнага паказальніка выклікае, на жаль, шмат крытычных заўваг і пажаданняў. Вось некаторыя з іх.

Перш за ўсё не зусім зразумела, што аўтар лічыць «першым арфаграфічным варыянтам» назвы населенага пункта, калі, як правіла, іх некалькі. Як растлумачыць тое, што варыянты «Рша», «Рошский», «рошский», «Рошское» ва ўсіх чатырох крыніцах публікацыі сустракаюцца больш за дзесяць разоў, а варыянты «Орша», «Оршанский» — толькі некалькі разоў, але аўтар абраў «першым» варыянтам «Орша/Рша» (9, 229). Пры гэтым ім не вызначана, у якіх канкрэтна актах упамінаецца «Орша» або «Рша» і варыянты гэтых назваў, а таксама ім адпаведныя «бояре», «держава», «замок», «место» і «повет». Пашанцавала толькі «Оршаньскому замку» (229). Тое самае трэба сказаць і пра Чачэрск: асноўным варыянтам аўтар лічыць «Чичерск», хоць ён фігуруе толькі ў адным акце, а «Чечерск» — у двух. Адзначаныя побач «Чечерская вол.», «Чечерский д-ца» и «Чечерское м.» нібыта не маюць дачынення да «Чичерска» (233).

Не зусім адпавядаюць тэксту апублікаванай Метрыкі ВКЛ таксама пазіцыі дадзенага паказальніка, напрыклад, адносна Свіслачы. Насуперак паказальніку ў тэксце акта № 55 фігуруе «волость Свислоцкая», але ў ім яна адсутнічае; а ў тэксце акта № 66 ёсць «свислоцкие подданые», якіх аўтар не ўлічыў. «Замок Свислоцкой» (№ 55, 66, 89), на наш погляд, мэтазгодна было б, як і іншыя «свислоцкие» аб’екты, паказаць у асобнай пазіцыі, а не толькі ў асноўнай «Свислоч…».

На наш погляд, такой блытаніны можна пазбегнуць толькі тады, калі пры шматварыянтнасці назваў таго самага існуючага ідэнтыфіка ванага і лакалізаванага паселішча «асноўным варыянтам назвы» ў паказальніку будзе прынята сучасная назва адпаведнага населенага пункта[6]. Пазіцыі падобных паказальнікаў павінны, як мы мяркуем, выглядаць наступным чынам.

Менск гл. Мінск

МІНСК, г., ц. р-на і вобл., сталіца РБ

Менск 54, 145, 151

менские мещ. 144

менский д-ца 54

Менский зам. 144

Менский м-р 145

менский арх. 145

Менское м. 54, 141, 144

менское мыто 10, 144

Менскъ, м. 144

У дадзеным паказальніку сустракаюцца таксама відавочныя парушэнні алфавітнага парадку размяшчэння геаграфічных назваў: «Белица…», «Беламош…». Уяўляюцца таўталогіяй пазіцыі тыпу: «Бахаревичи — гл. Бахаревичи.»

На жаль, у геаграфічным паказальніку сустракаюцца словы, якія не маюць дачынення да геаграфічных аб’ектаў («борколабове», «боркулабы», №71).

Аўтар не змог ідэнтыфікаваць і лакалізаваць шмат населеных пунктаў, асабліва сельскіх, нават на сучаснай тэрыторыі Беларусі, што здзіўляе, бо ўражвае вялікі пералік у агульнай форме даведнікаў, якімі ён карыстаўся (10).

Амаль усе адзначаныя намі і іншыя недахопы гэтага геаграфічна га паказальніка можна праілюстраваць таксама на прыкладзе аналізу геаграфічнай наменклатуры нават аднаго акта (№139). Па-першае, невядома чаму аўтар паказальніка размясціў усе геаграфічныя аб’екты, што фігуруюць у ім, у Менскім павеце, бо ў гэтым акце ён не ўпамінаецца. Па-другое, у паказальніку не адзначаны ўсе аб’екты акта, што звязаны з назвамі паселішчаў: «беломошане», «гнедковцы», «рубежовцы», «хотовляны» і інш. Па-трэцяе, да «татари засульские» аўтар не знайшоў адпаведнага населенага пункта: Засулле, вёска, цэнтр сельсавета Стаўбцоўскага раёна Мінскай вобласці Рэспублікі Беларусь. Па-чацвёртае, у паказальніку адлюстраваны не ўсе кантэкставыя формы назваў таго самага паселішча «Хотова»: «хотовляны», «именье Хотовское», а толькі «Хотава/Хатово…». Па-пятае, аўтар даў каментар толькі да ракі Сула: «приток Немана», а да іншых — не. Пры неабходнасці такі пералік можна працягваць.

Нам уяўляецца мэтазгоднай парадкавая нумарацыя ўсіх асноўных пазіцый ідэнтыфікаваных і лакалізаваных, а таксама неідэнтыфіка ваных і нелакалізаваных населеных пунктаў і іншых геаграфічных аб’ектаў, што фігуруюць у публікацыі. Каштоўным дапаможнікам для яе карыстальнікаў была б і падобная на нашу[7] карта хоць бы ідэнтыфіка ваных і лакалізаваных паселішчаў і іншых важных геаграфічных аб’ектаў.

Зноў мы вымушаны адзначыць, што «Геаграфічны паказальнік» у беларускай кнізе складзены толькі на рускай мове.

Такім чынам, геаграфічны паказальнік сведчыць як пра пэўны прагрэс у гэтай складанай навуковай справе, так і пра нявыкарыста ныя магчымасці павышэння яго інфармацыйнасці і дакладнасці. Ён тут яшчэ наогул не стаў паказальнікам-каментаром у поўным сэнсе гэтага паняцця.

«Прадметны паказальнік» публікацыі (239—265), складзены Ўладзімірам Свяжынскім, уключае «ўсе знамянальныя словы», што сапраўды дапамагаюць шукаць у ёй неабходны гістарычны матэрыял (10). Такія словы склалі самую вялікую структурную частку навукова-даведачнага апарату (45,1%) і 10,3% аб’ёму ўсёй публікацыі. Аднак адзначым (без дэталёвага аналізу), што паказальнік мае, у прыватнасці, пропускі. Напрыклад, у ім няма тэрміна «закосное» (№ 66), у адрозненне ад аналагічных пазіцый тэрмін «место …» канкрэтна не раскрыты, і, больш за тое, «место» з акта №141 прапушчана.

Карысным будзе для некаторых чытачоў і кароткі «Слоўнік» незразумелых неспецыялісту слоў у публікацыі (266—270), які таксама склаў Свяжынскі. На жаль, у публікацыі не названы слоўнікі, што служылі як крытэрыем адбору адпаведных слоў, так і асновай для іх перакладу на беларускую мову. «Уводзіны» абмежаваліся толькі некаторымі агульнымі разважаннямі на гэты конт (11). Відавочна, адсутнасць адпаведных жорсткіх прынцыповых крытэрыяў абумовіла ўвядзенне ў «Слоўнік» і слоў («Безменья», «Быдло», «Гута» і г. д.), зразумелых усім адукаваным чытачам або ўключаных у масавыя тлумачальныя слоўнікі беларускай літаратурнай мовы[8].

Ёсць у публікацыі некалькі карысных даведачных табліц і «Спіс ілюстрацый» (271—275).

«Змест» — на англійскай, літоўскай (з кароткімі загалоўкамі), рускай (з небездакорнымі аўтарскімі — Свяжынскага — загалоўкамі ўсіх актаў, с. 279—294) і беларускай (з таксама небездакорнымі аўтарскімі загалоўкамі ўсіх актаў, 295—309) мовах (277—310). Напрыклад, у аўтарскім загалоўку акта № 139 ніяк не адлюстравана, у прыватнасці, наяўнасць у гэтым «листе»—пацвярджэнні Жыгімонта Аўгуста ад 20 лістапада 1551 г. копій двух ранейшых «листов» ад 4 лістапада 1547 г. і 14 ліпеня 1549 г., а таксама шэрагу іншых маёнткаў, акрамя «Суховерховщины». Да таго ж гэтыя, устаўныя, лісты «слово от слова» ў публікацыі не ўзяты ў двукоссі.

Такім чынам, публікацыя 28-й кнігі Метрыкі ВКЛ завяршыла працяглую і складаную працу па яе падрыхтоўцы да друку. Усе, хто цікавіцца гісторыяй ВКЛ, атрымалі чарговую кнігу Метрыкі ВКЛ, выдадзеную на належным навуковым і паліграфічным узроўні. Віншуем усіх, хто спрычыніўся да яе публікацыі, асабліва Валерыя Мянжынска га, з відавочным навуковым дасягненнем і жадаем хутчэйшай і бездакорнай ва ўсіх адносінах публікацыі чарговай кнігі каштоўнага архіўнага фонду.

Міхаіл Спірыдонаў

Менск


[1] Метрыка Вялікага Княства Літоўскага. Кн. 28: Кн. запісаў 28 (1522—1552 гг.) / Падрыхт. тэкстаў да друку і навук. апарат: В. Мянжынскі, У. Свяжынскі. Менск: Athenaeum, 2000. — 312 с.: іл. 8 (Калекцыя «Помнікі». Т. 1).
[2] Методические рекомендации по изданию и описанию Литовской метрики / Сост. А.Л. Хорошкевич, С.М. Каштанов. Вильнюс, 1985.
[3] Литовская Метрика. Кн. 1: Кн. записей 1 (1380—1584) / Подгот. А. Балюлис, Р. Фирковичюс. Вильнюс, 1998; Литовская Метрика. Кн. 3: Кн. записей 3 (1440—1498) / Подгот. Л. Анужите, А. Балюлис. Вильнюс, 1998; Литовская Метрика. Кн. 5: Кн. записей 5 (1427—1506) / Подгот. Э. Банёнис. Вильнюс, 1994; Литовская Метрика. Кн. 8: Кн. записей 8 (1449—1514) / Подгот. А. Балюлис, Р. Фирковичюс, Д. Антанавичюс. Вильнюс, 1995; Литовская Метрика. Кн. 10: Кн. записей 10 (1440—1523) / Подгот. Э. Банёнис, А. Балюлис. Вильнюс, 1997; Литовская Метрика. Кн. 11: Кн. записей 11 (1518—1523) / Подгот. А. Дубонис. Вильнюс, 1997; Литовская Метрика. Кн. 25: Кн. записей 25 (1387—1546) / Подгот. Д. Антанавичюс, А. Балюлис. Вильнюс, 1998; Литовская Метрика. Кн. 224: Кн. судных дел 4 (1522—1530) / Подгот. С. Лазутка, И. Валиконите и др. Вильнюс, 1997; Литовская Метрика. Кн. 225: Кн. судных дел 6 (1528—1547) / Подгот. И. Валиконите, С. Лазутка и др. Вильнюс, 1995; Литовская Метрика. Кн. 227: Кн. судных дел 8 (1533—535) / Подгот. И. Валиконите, С. Лазутка, Н. Шлимене. Вильнюс, 1997; Литовская Метрика. Кн. 530: Кн. публичных дел 8 (1566—1572) / Подгот. Д. Баронас, Л. Ёвайша. Вильнюс, 1999; Литовская Метрика. Кн. 564: Кн. публичных дел 7 (1553—1567) / Подгот. А. Балюлис. Вильнюс, 1996.
[4] Спірыдонаў М.Ф. Карысны дапаможнік па археаграфіі // Весці АН БССР. Сер. грамад. навук. 1980. № 5. С. 132—133. Рэц. на кн.: Ковальский Н.П. Источниковедение истории Украины (XVI — первая половина XVII в.). Ч. 1—3. Днепропетровск, 1977—1978; Яго ж. Архіўныя крыніцы па гісторыі Украіны // Весці АН БССР. Сер. грамад. навук. 1981. № 6. С. 136—138. Рэц. на кн.: Ковальский Н.П. Источниковедение истории Украины XVI — первой половины XVII в. Ч. 4—5. Днепропетровск, 1979.
[5] Спиридонов М.Ф. Заславль в XVI в. Минск, 1998. С. 6, 12 і інш.
[6] Спірыдонаў М. Узнаўленне публікацыі Метрыкі ВКЛ // Беларускі Гістарычны Агляд. 1996. Т. 3, сш. 2. С. 272 і інш. Рэц. на кн.: Литовская метрика. Кн. 225: Кн. судных дел 6 (1528—1547). Вильнюс, 1995; Ён жа. Метрика Великого княжества Литовского как источник по истории поселений // Lietuvos Metrika. 1991—1996 metu tyrinejimai. Vilnius, 1998. С. 121 і інш.
[7] Спиридонов М.Ф. Населённые пункты Беларуси, упоминающиеся в 225-й книге Метрики ВКЛ. 1:3 670 000. Гл. у: Яго ж: Метрика Великого княжества Литовского как источник по истории поселений. Приложение 2 // Lietuvos Metrika, 1991—1996. Vilnius, 1998.
[8] Гл., напр.: Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы: Больш за 65 тысяч слоў. Мінск, 1996.

Наверх

Юрэвіч, Лявон (укл.) Беларуская мэмуарыстыка на эміграцыі. (Алег Гардзіенка)

Чэрвеня 2, 2000 |

Беларуская мэмуарыстыка на эміграцыі. Укладальнік Лявон Юрэвіч. Беларускі Інстытут Навукі й Мастацтва. Нью–Ёрк. 1999. 362.

Мяркуючы па беларускамоўных нью–ёркскіх выданнях, Нью–Ёрк становіцца адным з найважнейшых цэнтраў выдання беларускай кнігі. За апошнія пяць гадоў выйшлі: „Антыбальшавіцкія паўстанні і партызанская барацьба на Беларусі“ Юркі Віцьбіча, „Архіўная кніга“, „Беларусізацыя пад №…“ Лявона Крывічаніна, „Эпізоды“ Яўхіма Кіпеля. У 1999 г. у серыі БІНіМа выйшла яшчэ адна кніга — „Беларуская мэмуарыстыка на эміграцыі“, укладальнік якой — Лявон Юрэвіч.

Прадмова да кнігі, напісаная Лявонам Юрэвічам, уяўляе з сябе асобнае грунтоўнае даследаванне беларускай эміграцыйнай мемуарыстыкі: „Успамінамі пранізана беларуская эміграцыйная літаратура. Яны ўзбагачаюць жывымі фактамі палітычныя й крытычныя артыкулы. Яны натуральныя ў гісторыка–этнаграфічных нарысах. Яны — неад’емны элемэнт палемічных зацемак і фэльетонаў. Яны ўплятаюцца ў тканку навуковых дасьледваньняў. На іх грунтуюцца мастацкія творы. Успамінамі пра адышоўшых поўняцца нэкралёгі“ (с. 6–7). Нью–ёркскі даследчык адзначае, што духам мемуарыстыкі прасякнутыя не толькі ўласна ўспаміны, але і празаічныя творы, такія, як „Змагарныя дарогі“ Кастуся Акулы ці „Случчына ў вагні“ Алеся Змагара. Таму, напэўна, варта пагадзіцца з меркаваннем Яна Чыквіна, пададзеным у кнізе: „…амаль усе, зь невялікімі выняткамі, празаічныя творы беларускіх эміграцыйных пісьменьнікаў зводзяцца да ўспамінаў і дзёньнікаў, словам, да жанру аўтабіяграфічнага або парадакумэнтальнага“ (8).

Лявон Юрэвіч падзяляе мемуарную літаратуру на аўтабіяграфіі, некралогі, інтэрв’ю, ліставанні, запіскі і занатоўкі, выступленні, прамовы, дзённікі, уласна ўспаміны. Каб пазбегнуць абвінавачванняў у празрыстасці падзелу мемуарыстыкі, ён сам адзначае, што гэта даволі хістка і ўмоўна.

Кніга складаецца з успамінаў Апалёніі Радкевіч („Беларуская хатка“), Сямёна Підгайнага („Беларусы на Салаўках“), Юркі Віцьбіча („Не чарнілам, а крывёю“, „Люблю я, разумееце, Віцебск“), Льва Гарошкі («Праз навальніцы й нягоды“), Наталлі Арсенневай („Аўтабіяграфічны нарыс“), Канстанціна Езавітава („Кароткі жыццяпіс“), Міколы Равенскага („Жыцьцяпіс“), Вячаслава Сэлях–Качанскага („Уласны жыцьцяпіс“), Алеся Змагара („Мой жыцьцяпіс“), Уладзімера Брылеўскага („Аўтабіяграфія“), Юрыя Жывіцы („Маё паходжаньне“), Зінаіды Кадняк („Успаміны пра Алеся Салаўя)“, Аляксандра Калодкі («Беларусы ў Аўстраліі»).

Згадкі Апалёніі Радкевіч–Савёнак пераносяць нас у Менск 1916 г. Гэта расповед пра дзейнасць у горадзе „Беларускай хаткі“ і пра сустрэчы з Антонам Лявіцкім, Уладыславам Галубком, Максімам Багдановічам, Аркадзем Смолічам, Змітраком Бядулем, пра вечары, якія ладзіліся беларускай інтэлігенцыяй. Адзін з цікавых фактаў — згадка пра першую дэкламацыю ў „Беларускай хатцы“ багдановічавай «Пагоні», якая зрабіла незабыўнае ўражанне на прысутных.

Украінскi эміграцыйны гісторык Сямён Підгайны ў нарысе „Беларусы на Салаўках“ аўтар распавядае пра сустрэчы з беларускімі палітвязнямі пад час знаходжання ў салавецкіх канцэнтрацыйных лагерах. Гэта былі дзеячы заходнебеларускага нацыянальнага руху савецкай арыентацыі, якія ў 1933 г. выехалі ў Савецкі Саюз, спадзеючыся на вольнае жыццё ў ім, але іхныя спадзяванні былі падманутыя. Нарыс не пазбаўлены іроніі. Думаецца, карысна прывесці з’едлівую, але справядлівую цытату: „Зь вялікім трыумфам ды помпаю ехалі гэтыя ахвяры польскага самаволу ў савецкую Беларусь, у «шчасьлівую, незалежную й самастойную» сацыялістычную савецкую Беларусь. Курорты, санаторыі, банкеты, найлепшыя пасады — усё было да паслуг гэтых пакутнікаў–рэвалюцыянэраў, якіх так мучылі фашысты–палякі. Пачалося запраўды не звычайнае жыцьцё, а суцэльнае сьвята. Сымон Рак–Міхайлоўскі, Ігнат Дварчанін, Пётр Мятла, Язэп Гаўрылік былі шчасьлівыя надмерна. Гэта–ж тыя сьляпыя падсавецкія беларусы, якія незадаволеныя раем. І ўся гэтая група… шчыра прыкладае рукі да зьнішчэньня нацыянальных антыбальшавіцкіх сілаў у падсавецкай Беларусі <…> А наўкола быў жах, а наўкола быў пагром за пагромам“ (123). Неўзабаве былых грамадоўцаў арыштавалі і пасля доўгіх катаванняў накіравалі на Поўнач, — выпраўляцца. Підгайны падрабязна апісвае грамадоўцаў, даючы ім трапныя характарыстыкі: „найвыдатнейшым і найбадзёршым быў Рак–Міхайлоўскі“, „высокі, складны, зь сінявата–шэрымі вачамі, Мятла быў лірычна–пяшчотнаю натураю“, „бледны, з чорнаю барадою, крыху згорблены Дварчанін“, „Гаўрылік… высокі, русы, з рыжанькаю бародкаю на круглявым адкрытым твары, з крыху кірпатым носам“ (125—126). Усе яны нарэшце зразумелі злачынствы савецкай сістэмы. Аўтар апісвае і іншых салавецкіх беларусаў, што працавалі ў нечалавечых умовах і „не былі аб’яднаны й скансалідаваны ды ня мелі выразнай нацыянальнай групы, як гэта было ў украінцаў, татар, грузінаў, немцаў ды ў іншых нацыянальных групах…“ (131).

Наступныя два артыкулы аб’яднаныя прозвішчам аднаго аўтара — Юркі Віцьбіча. Першы — „Не чарнілам, а крывёю“ — распавядае пра рэпрэсаваных літаратараў Андрэя Александровіча, Францішка Аляхновіча, Сымона Баранавых, Уладыслава Галубка і інш. Артыкул надрукаваны паводле рукапісу, што захоўваецца ў архіве БІНіМа. Лявон Юрэвіч мяркуе, што гэта накіды да кнігі з аднайменнай назвай, якая мусіла быць значна пашырана. У другім артыкуле „Люблю, я разумееце, Віцебск“ падаецца ліставанне, дзе так ці інакш закранаецца горад Віцебск.

Вельмі цікавы і пазнавальны нарыс грэка–каталіцкага святара Льва Гарошкі „Праз навальніцы й нягоды. Успаміны з гадоў 1930—1944. Фрагмэнты“. Вядомы уніяцкі святар распавядае пра станаўленне уніяцкага руху ў Заходняй Беларусі за часамі II Рэчы Паспалітай і ў часе ваеннага ліхалецця. Ён вызначае цяжкасці уніяцкага руху ў 20—30–х г. ХХ ст.:

— непрыхільнае становішча польскага рыма–каталіцкага духавенства;

— варожае стаўленне польскага ўрада;

— варожая прапаганда праваслаўнага духавенства (194).

Новы этап у жыцці беларускіх уніятаў, паводле сцвярджэння Льва Гарошкі, пачаўся пасля верасня 1939 г., калі уніяцкія парафіі былі зачыненыя савецкімі ўладамі. У гэты час львоўскі мітрапаліт Андрэй Шаптыцкі, карыстаючыся паўнамоцтвамі, дадзенымі з Рыму, заснаваў для земляў былой Расійскай імперыі чатыры экзархаты, адзін з іх — Беларускі, на чале якога стаў ксёндз Антон Неманцэвіч. Спадзяванні беларускіх уніятаў былі перакрэсленыя ў жніўні 1942 г., калі нямецкія ўлады арыштавалі і неўзабаве знішчылі айца Неманцэвіча. З яго забойствам фактычна скончылася і грэка–каталіцкае жыццё ў Беларусі. Уніяцкія святары ці былі арыштаваныя, ці выехалі на эміграцыю (як аўтар успамінаў). У арышце ксяндза Неманцэвіча Леў Гарошка абвінавачвае праваслаўных біскупаў з Жыровіцкага манастыра, якім замінала душпастырская дзейнасць грэка–каталікоў найперш сярод праваслаўных вернікаў.

Сярод астатніх вылучаюцца ўспаміны беларускай паэткі Наталлі Арсенневай. Яны былі напісаныя па просьбе Вітаўта Тумаша і перахоўваліся ў БІНіМе. Наталля Арсеннева распавядае пра сваё дзяцінства ў Баку, жыццё ў бежанстве ў Яраслаўлі, Дрысе. Але найбольшую ўвагу прыцягвае яе аповед пра Вільню. Зацікаўлены чытач, і найперш гісторык, знойдзе тут шмат замалёвак з жыцця Віленскай Беларускай гімназіі. З асаблівай любасцю будучая паэтка ўспамінае настаўніка літаратуры Максіма Гарэцкага: „Постаць ягоная з самага пачатку была для мяне ахіненая нейкім рамантызмам. Аўтар кнігі, што мне спадабалася, пісьменьнік… Настаўнік літаратуры, якую я так любіла… Як тут было застацца зусім халоднаю, абыякаваю? На зьмену Юліям Цэзарам і Рычардам Ільвіным Сэрцам прыйшоў, зусім зразумела, Гарэцкі, першы жывы чалавек, які мне падабаўся (а мне было тады ўжо 17 год!). Ці дзіва, што гэта сталася яшчэ адным стымулам як найлепшага пазнаньня і апанаваньня беларускай мовы?“ (216—217). Так, магчыма, па–дзіцячы наіўна, характарызуе Наталля Арсеннева выдатнага дзеяча беларускай культуры, які згінуў у жорнах сталінскага ГУЛАГа. Найбольшую ўвагу аддае Арсеннева ўспамінам пра мужа Франца Кушаля. Магчыма, гэтыя ўспаміны — адзін са спосабаў зірнуць іншым поглядам на чалавека, да якога савецкія гісторыкі прышчапілі кляймо здрадніка радзімы.

Франц Кушаль быў для яе найперш (а можа і толькі) муж і, адпаведна, яна глядзіць на яго як на роднага, блізкага чалавека, з пэўнымі недахопамі ці станоўчымі рысамі. Найбольшыя выпрабаванні выпалі на плечы гэтай жанчыны з 1939 г. Са знікненнем польскай дзяржавы шмат што змянілася ў яе жыцці. Франц Кушаль патрапіў у савецкі палон, Арсеннева ўладкавалася ў „Сялянскую газэту“, што выдавалася ў Вялейцы. Цікавасць выклікаюць уражанні ад „творчай“ паездкі вялейскіх журналістаў (Наталлі Арсенневай, Максіма Танка і Міхася Машары) у Менск. „…Кучар зрабіў Танку цікавую заўвагу, калі мы раз ішлі Савецкай вуліцай. Танк, вядома, як Танк, ішоў, сьмяяўся, голасна гаварыў па–беларуску, бо па–іншаму ён ці ўмеў. А Кучар спалохаўся: «Ведаеце, — зьвярнуўся ён да яго, — не гаварыце так голасна па–беларуску, у нас гэта ня прынята». І гэта ў сэрцы Беларусі — Менску!“ (226). Хутка вольнае жыццё скончылася. Кушалі, як сям’я польскага ваеннапалоннага, былі арыштаваныя. „…аднае прыгожае раніцы, калі я толькі ўставала з ложка, каб ісьці ізноў у рэдакцыю пасьля недаспанае ночы, у нашыя дзьверы пастукалі ўзброеныя энкавэдыстыя. Яны зь месца абшукалі мяне, дарма, што я была яшчэ нават без сукенкі, і загадалі мне зараз–жа зьбірацца з хлапцамі, куды — яны не сказалі. <…> Пасьля перагляду рэчы і пасьцель абы–як зьвязалі ў клумак, і неўзабаве мы ўжо стаялі ў машыне, якая імчала вуліцамі Вялейкі. Шмат такіх машынаў можна было пабачыць у гэты сьцюдзёны, золкі дзень 13–га сакавіка ў горадзе! Усіх высыланых звозілі на станцыю й ладавалі ў даўжэзны таваровы цягнік. Уся станцыя была поўная людзей. Вартаўнікі грубыя, брутальныя; сплаканыя, напалоханыя жанчыны (іх ды дзяцей было 99%); сваякі й знаёмыя, якія, дарма што бальшавіцкія запалохваньні, прыбеглі праводзіць сваіх блізкіх у далёкую нязнаную дарогу, усё гэта мітусілася, пхалася, крычэла й плакала. Энкавэдоўцы шчыльна абкружылі цягнік, але ўсё–ж той і гэты з натоўпу прарываўся, падбягаў да дзьвярэй вагонаў, падаваў тую ці іншую забытую рэч, бутэльку малака, яшчэ раз разьвітваўся. Нас — ніхто не праводзіў <…> хоць мы і ехалі ў вялікую дарогу, ня маючы пры сабе нават кавалка хлеба. Ды ці да хлеба тады было? Пачуцьцё страшэннай крыўды сьціскала горла… А людзей усё прыбывала й прыбывала“ (227—228). Натальля Арсеннева з двума сынамі была выселеная ў Казахстан, дзе зведала ўсе выгоды савецкага раю. У 1941 г. адбыўся перагляд справы Франца Кушаля, яго вызвалілі з савецкай турмы, і сям’я здолела вярнуцца ў Беларусь. Далей Наталля Арсеннева апісвае падзеі вайны, жыццё ў Менску на Ленінградскай вуліцы, сваю працу ў „Беларускай газэце“, працу для Беларускага тэатра. Цікавае апісанне беларускіх грамадска–культурных дзеячаў той пары, з якімі сутыкала жыццё: Антон Адамовіч, Уладыслаў Казлоўскі, Мікола Шчаглоў, Лявон Савёнак, Мікола Шкялёнак. Погляд на ваенны Менск Наталлі Арсенневай — гэта адмысловы погляд, які цалкам не стасуецца з традыцыйным уяўленнем пра горад пад нямецкай акупацыяй. Гэта багатае культурнае жыццё, выпуск беларускай прэсы, росквіт тэатра, святкаванне 25–х угодкаў беларускай гімназіі. У жонкі Франца Кушаля былі свае рахункі з савецкай уладай, ад рук савецкіх падпольшчыкаў загінуў яе сын Яраслаў (пад час тэрарыстычнага акта ў гарадскім тэатры 22 чэрвеня 1943 г.). Улетку 1944 г. Кушалі вымушаныя былі пакінуць Беларусь і з’ехаць на эміграцыю. Жыццю ў лагерах Нямеччыны прысвячае Арсеннева яшчэ некалькі старонак.

З яе ўспамінамі выразна дысануюць успаміны (калі іх так можна назваць) Кастуся Езавітава, пад назвай „Кароткі жыцьцяпіс і праходжаньне службы“. Гэта нават не ўспаміны, а падрабязная анкета ўсіх істотных этапаў жыцця ад паступлення ў Дзвінскае 2–е гарадское вучылішча і да працы ў Беларускай Цэнтральнай Радзе. Такая аўтабіяграфія мусіць быць карыснай для біёграфаў Езавітава. У такім кантэксце і жыццяпісы, створаныя ўжо на эміграцыі ў Бельгіі, беларускага кампазітара Міколы Равенскага, спевака і тэатральнага дзеяча Вячаслава Сэлях–Качанскага.

Асобна можна вылучыць жыццяпіс Алеся Змагара (Алеся Яцэвіча), які распавядае пра свой жыццёвы шлях ад нараджэння і да эміграцыі. Тут можна знайсці нямала цікавых старонак пра Слуцкае паўстанне, навучанне ў БДУ, жыццё ў Менску 20—30–х г., адкрыццё беларускіх школ пад час нямецкай акупацыі і працу ў беларускай адміністрацыі, ягоную дзейнасць на эміграцыі. Адно што ўспаміны Змагара грашаць вялікай колькасцю падзеяў, і гэта падаецца нерэальным, а многае — прыдуманым. На эміграцыі Алесь Змагар належаў да эмігранцкіх арганізацый, якія былі больш дэкарацыйныя, чым рэальныя: „Быў неафіцыйным рэдактарам газэты „За Волю“, але, пасьля таго, як абрамчыкавая цэнзура не прапусьціла маіх артыкулаў „Лістапад“ і „За незалежнасьць Беларусі“, я ад удзелу адмовіўся. Напісаны ў 1952 г. верш „Да згоды“ паслаў у бэнээраўскую й бэцээраўскую прэсу, але ні адна зь іх майго верша не надрукавала, тагды паслаў Хмары, і той надрукаваў. Прапанову Абрамчыку і Астроўскаму прыйсьці да паразуменьня ды спачатку чаргавацца прэзыдэнцтвам і віцэ–прэзыдэнцтвам, а свае Рады злучыць у адну Раду, якая з часам і абярэ сабе прэзыдэнта Рады, Абрамчык катэгарычна адкінуў“ (293). Сумнеўнай выглядае згадка пра неафіцыйнае рэдактарства „За волю“, а ідэя аб’яднання Радаў здаецца наіўнай і нерэальнай.

Завяршае кнігу нататка Аляксандра Калодкі „Беларусы ў Аўстраліі“, дзе распавядаецца пра станаўленне беларускіх арганізацый на зялёным кантыненце. Першы транспарт з беларускімі эмігрантамі прыбыў у Аўстралію ў 1948 г. Беларусы мусілі прызвычайвацца да новых умоваў жыцця, новай экзатычнай краіны.Дбаючы пра ўласны дабрабыт, яны не забываліся і на грамадскую працу на карысць Беларусі, стваралі арганізацыі, праводзілі святы, усяляк пашыралі веды аўстралійцаў пра Беларусь.

Наогул успаміны добра скампанаваныя і распавядаюць пра розныя бакі жыцця беларускіх дзеячаў: ад Менску з ягонай беларускай хаткай 1916 г. ці Салавецкіх лагераў і да жыцця на эміграцыі ў Флорыдзе ці далёкай Аўстраліі, паказваюць розныя погляды эміграцыйных дзеячаў, розныя бакі іх жыцця. Кніга будзе карысная не толькі ўсім аматарам беларускай гісторыі ці мемуарыстыкі, але і спецыялістам, якія могуць знайсці тут новыя факты.
Менск

Алег Гардзіенка

“Под час небеспеченства од Москвы…” (актавая кнiга полацкага магiстрату за 1656—1657 г. як крынiца па вывучэнні вайны 1654—1667 г.)

Снежня 17, 1999 |


Магiстрацкiя кнiгi гарадоў Беларусi, большасць якiх cёння захоўваецца ў Нацыянальным гiстарычным архiве ў Мiнску, утрымліваюць найцікавейшую інфармацыю па айчыннай гісторыі ХVІ-ХVIII ст., у тым ліку па ваеннай. Перыяду адной толькі вайны 1654-1667 г. тычацца 10 адзiнак захавання[1]. Як прыклад разгледзім актавую кнiгу полацкага магiстрату за 1656-1657 г.[2]

Цяжка вызначыць галоўны тып магiстрацкiх дакументаў, на аснове якiх можна пабудаваць даследаванне. Амаль усе яны так цi iнакш закранаюць якiя-небудзь пытаннi гiсторыi вайны. Калi чытаеш акты кнiгi, узнiкае ўражанне, што ўсё жыццё для жыхароў горада строга падзялiлася „надвое, то ест перед ратью и по рати осударской”[3]. Да 1654 г. iснавала адно жыццё, пасля пачалося iншае. Змянілася нават інтытуляцыя ў магістрацкіх дакументах: у ёй з’явіліся радкі, дзе пералічвалі ся тытулы цара Аляксея Міхайлавіча (гл. дадатак). І таму вялiкi працэнт актаў нясе на сабе адбiтак падзеяў, што кiпелi тады на Беларусi.

На жаль, гэтая кніга — адзіная з усяго комплексу полацкіх магістрацкіх кніг, якая адносіцца да перыяду вайны. Дакументы паведамляюць, што магiстрацкi архiў згiнуў летам 1654 г., калi царскiя войскi займалi Полацк[4]. У наступныя гады гэта выклiкала цэлы шэраг зваротаў у магiстрат полацкiх мяшчан, якiя патрабавалi афiцыйна пацвердзiць свае правы на валоданне нерухомасцю i г. д. Шмат з iх страцiлі „в збегах военных” i асабiстыя дакументы на гэтыя правы.

Напрыклад, большасць актаў пра невяртанне пазыкаў цi звычайных даўгоў (а гэты тып фiнансавых дакументаў з’яўляецца самым распаўсюджаным) вырашалiся на працягу 1654-1657 г. не ў тым парадку, які існаваў раней. Рэч у тым, што ў сваёй жалаванай грамаце Полацку ад 7 верасня 1654 г. цар Аляксей Мiхайлавiч адтэрмiнаваў уплату ўсiх даўгоў на тры гады[5]. Таму кожны мешчанiн, на якога скардзiлiся аб даўгах, меў права патрабаваць, каб „его от тое жалобы до выйстя третего году той грамоте увольнили”, што магiстрат i рабiў, адтэрмiноўваючы „розсудок правный” „до 166 [1657] году сеньтебра до первого чысла”[6].

Тая самая царская грамата забараняла продаж, спальванне і разбурэнне двароў, лавак i агародаў тых палачан, што збеглi перад здачай горада ў Лiтву (гл. спасылку 5). Аднак гэты ўказ амаль не выконваўся цi быў занадта запозненым. Пакiнутыя жыхарамi дамы рабавалiся i нават разбiралiся. Вяртаючыся са „збегов военных”, палачане знаходзiлi iх без вокнаў, дзвярэй, знiкала мэбля i iншыя рэчы, якія людзi, спяшаючыся летам 1654 г., не паспелi вывезцi цi схаваць. Так, мяшчанка Хоня Рабцоўна скардзiлася, што, калi яна пакiнула горад, „право, мне на дом служачое, пры иншой всей маетности моей рухомой в том же дому позостало и в небытност мою зъгинуло”[7]. Дзякуючы памылцы пiсара, якi ўпiсаў дакумент ад 26 верасня 1658 г. у актавую кнiгу мінулага года, можна адзначыць таксама такую з’яву: часам пацярпелыя ад пагрому звярталiся ў магiстрат з просьбай перадаць iм у часовае валоданне дамы, пра лёс гаспадароў якiх не даходзiлi да Полацка чуткi. Ацалелыя будынкі давалiся „до часу” з наказам назiраць, каб тыя „до остатка розарены и спустошоны не были”[8]. Таксама аддаваліся для пабудовы дамоў пляцы зніклых гаспадароў[9].

Аналiз дакументаў кнiгi дазваляе сцвярджаць, што перад вайной i яе пачаткам горад пакiнула большая частка жыхароў, што супадае з дадзенымi перапiсу 1654 г., калi ў Полацку было налiчана толькi 839 „жилых дворов” пры больш чым 900 пустых[10]. Горад пакiдала шляхта, купцы, рамеснiкi. Вядома, што ад’езд заможных палачан у Літву і Курляндыю пачаўся яшчэ ў траўні 1654 г., што засведчылі веставыя адпіскі ваяводаў памежных з Вялікім Княствам расійскіх гарадоў[11]. У самым пачатку вайны, гаворачы мовай актаў, «в самые трывоги военные», сітуацыя даходзіла да таго, што аднойчы немалая колькасць гараджан кінулася да берага ракі Дзвіны, імкнучыся сесці ў чаўны, якія там стаялі, і паплыць уніз па цячэнні. Кніга захоўвае скаргу мешчаніна Данілы Шапачніка, шкута (тып рачнога судна) якога вельмі пацярпела ў той момант ад натоўпу ашалелых людзей[12].

Варта адзначыць, што не верылі ў сваю недатыкальнасць ад царскіх войскаў нават тыя, хто займаў высокія пасады ў органах гарадскога самакіравання, дзе трывалыя пазіцыі мелі прамаскоўскі настроеныя асобы. Верагодна, асабістыя адносіны кожнага з іх да вайны правялі ў магістраце выразную мяжу паміж яго членамі. Нехта ўцёк сам, з сям’ёй і з маёмасцю, што магла змясціцца на вазах. Іншыя заставаліся ў Полацку, але, падстрахоўваючыся, хавалі ці адпраўлялі з тымі, хто з’язджаў, самыя каштоўныя рэчы, асабістую дакумента цыю і грошы. Так, Полацк пакінулі мескі пісар Ян Дзягілевіч і бурмістр Павел Трасніцкі, адправілі ў Літву свае сем’і бурмістр Крыштаф Старымовіч (дарэчы, «рочный» (гадавы) бурмістр 1654 г.) і райца Рыгор Павук (ці Павуковіч)[13]. А айчым Сімяона Полацкага, райца Емяльян Шарамет з горада не выехаў, маючы, верагодна, пэўныя намеры на супрацоўніцтва з новымі ўладамі, але ж «перед наступенем рати» вялікую частку сваёй рухомай маёмасці накіраваў у Літву разам з старэйшымі дзецьмі[14].

Збеглыя людзі адседжваліся па літоўскіх, курляндскіх і інфлянцкіх мястэчках, блукалі па лясах. Некаторыя, карыстаючыся даваеннымі асабістымі сувязямі, хаваліся пад апекаю заможных нямецкіх купцоў[15]. Вядомы выпадак, калі адзін з полацкіх рамеснікаў вывез з сабой у м. Дубмуйжу нават неабходнае для вытворчасці тканіны абсталяванне і ўжо там працаваў па спецыяльнасці[16].

Але можна адзначыць, што лёс уцекачоў быў незайдрос ным. Шмат з іх пацярпелі ад расійскіх і шведскіх войскаў, страцілі амаль усю вывезеную маёмасць. Прыкладам, былі прымушаныя аддаць грошы шведам зямянін полацкага Багаяўленскага манастыра В. Л. Гіра, маці райцы Р. Павука (ці Павуковіча)[17]. Некаторыя, вярнуўшыся у Полацк, нават не маглі разлічыцца з старымі даўгамі, што адлюстроўвае цэлы шэраг справаў па патрабаваннях крэдытораў вярнуць гэтыя даўгі дамамі ці «всякой маетностю» неплацёжаздольных[18].

У шматлікіх актах рознага характару можна знайсці поўныя драматызму гісторыі разлучаных сем’яў, згінулых «в збегах военных» родзічаў, дзе тыповай з’яўляецца фраза пра каго-небудзь з іх: «по збеженью од рати с Полоцка нет ведома, где се и по сес час оборочает»[19]. Паказальны ў гэтым сэнсе актыкаваны (занесены ў кнігу) тэстамент зямяніна Полацкага ваяводства А. Г. Чаркаса (выраз з гэтага дакумента вынесены ў загаловак артыкула). Калі ён ад’ехаў на вайну ў 1654 г., яго жонка і дачка трапілі ў маскоўскі палон, адкуль былі выкупленыя цесцем Чаркаса Крыштафам Пчыцкім пры садзейнічан ні ўжо згаданага райцы Е. Шарамета і царскага ваяводы С. Л. Стрэшнева. Але больш ніякіх звестак пра сваіх родных, ужо перахрысціўшыся і перайшоўшы на службу цару, да самай сваёй смерці земянін не атрымаў[20] .

Мабыць, самым яскравым прыкладам таго, што магло адбыцца з уцекачамі, з’яўляецца апавяданне ацалелай пасля штурму Вільні 8 жніўня 1655 г. жонкі мескага пісара Яна Дзягілевіча[21]. Лёс пісара заставаўся невядомым да 17 жніўня 1657 г., калі апавяданне было зарэгістравана ў магістраце Полацка. Захавалася таксама скарга яго дачкі Марыны ад 13 студзеня 1657 г., у тэксце якой напісана, што «Яна Дзягілевіча… в полон взято и до Княства Великого Московского до везеня запроважоно»[22]. Там, у Вільні, моцна пацярпеў «од рати осударское» бурмістр П. Трасніцкі, страціўшы ўвесь свой асабісты архіў[23].

Аналіз дакументаў паказвае, што ў гады вайны сярод палачан і жыхароў навакольных вёсак распаўсюдзілася такая з’ява, як хаванне ўсяго, што можна было забраць, у зямлі. Закопваліся грошы, дакументы, каштоўныя рэчы, прадукты харчавання, нават гарэлка[24]. Але гэта не ратавала схаванае ад тых, хто ім цікавіўся. Былі выпадкі, што «рать осударская» наязджала ноччу на шляхецкія маёнткі з мэтай грабяжу[25]. Цярпелі мясцовыя жыхары і ад «шышов» — бандытаў, якія з’явіліся ад самага пачатку вайны. Так, ужо ў ліпені 1654 г. нейкія «руские и белоруские люди разбойным способом» напалі на полацкіх купцоў, якія везлі з Апочкі жыта, забралі тавар і коней і, як сведчыць тэкст акта, «прытом все жывоты и убоство нам отнято и забрано, и мало, деи, нас всих насмерть не позабивано»[26].

Варта адзначыць, што некаторыя прадстаўнікі полацкага мяшчанства змаглі прыстасавацца да ўмоваў ваеннага часу. Баяздольныя мужчыны ішлі ў аддзелы полацкіх казакоў і стральцоў (колькасць апошніх ў 1661 г. складала 391 чал.[27]). Некаторыя былі праваднікамі ў аддзелах царскіх войскаў, займаліся перагонам адабранага ў сялян быдла пад час паходу на Рыгу летам 1656 г. Так, полацкія мяшчане Васіль Кожа і Васіль Гінька, якія запісаліся ў казакі, пад Кокенгаўзенам «набылі» 34 каровы, 4 кані і даручылі гнаць іх у Полацк двум іншым мяшчанам[28]. Былі і тыя, хто ездзіў за рускім войскам і гандляваў з вялікім прыбыткам. Прыкладам, за час аблогі Рыгі полацкія мяшчане Сымон Каткоўскі і Казімір Рынкевіч, гандлюючы ў вайсковым абозе, зарабілі 70 коп грошаў літоўскіх[29].

Адзiн з актаў кнiгi зафiксаваў скаргу пасла войска запарожскага Рамана Ракушкі, які праязджаў праз Полацк. 22 верасня 1656 г. у Друi ён быў абрабаваны сваiм чаляднiкам Паўлоўскiм. Актыкаваная скарга Ракушкi змяшчае спiс скрадзенага, якi з’яўляецца крынiцай па побыце казацкай вярхушкi: „Конь Бахмат бурый, зъ седайного боку пятьно ест круглое; пры том кони кулбака щапраком блакитным фалендышовым, пры которой кулбаце пара пистолетовъ под сребром; готовых грошей золотых двесте; пара сукон фалендышовых; кунтушъ еден кгранатовое масти, другий зеленый з серебраными потребами; пар пят соболей; две шапки соболлих, третяя горловая; чарка серебраная, в которой грывна; два локти шыптуху”[30]. Цікавым — у святле патаемных кантактаў гетмана з Карлам Х Густавам — з’яўляецца сам факт прысутнасці пасла Хмяльніцкага ў паўночна-ўсходняй Беларусі пад час перамоў па Віленскім пагадненні 1656 г. Такая версія падаецца нам найбольш верагоднай, бо ў перамовах прадстаўнікі казакоў не ўдзельнічалі нават у якасці назіральнікаў[31].

Кнiга змяшчае акты, па змесце якiх можна даследаваць праблемы арганiзацыi ўлады ў горадзе пад час вайны, асаблiвасцi дзейнасцi магiстрату ў гэты перыяд, стан рамеснай вытворчасцi, асаблівасці жыцця гараджан, паводзіны маскоўскіх войскаў, іх адносіны з мясцовым насельніцтвам (гл. дак. №№ 2, 4, 6, 7, 9) i г. д. Змест некаторых з іх дазваляе вызначыць рысы біяграфіі членаў магістрата, якія супрацоўнічалі з царскімі ўладамі, адлюстраваць іх маёмаснае становішча.

Увесь комплекс магістрацкіх кніг гарадоў Беларусі, што належаць да перыяду 1654-1667 г., — каштоўнае сховішча інфармацыі як па ўплыву ваенных падзей на гарадское жыццё, так і па ўдакладненні гісторыі самай разбуральнай у нашай гісторыі вайны.

У дадатку падаюцца дакументы актавай кнігі полацкага магістрату за 1656-1657 г., якія адлюстроўваюць разнастай ныя з’явы часоў ліхалецця.

Заўвага: Тэксты актаў прыводзяцца ў адпаведнасцi з сучаснымi нормамi передачы старабеларускай мовы. Курсiвам адзначаны вынасныя надрадковыя лiтары, у круглых дужках пададзены скарочаныя часткi слоў. У квадратных дужках змешчаны словы цi iх часткi, якiя страчаны i адноўлены па сэнсе; характар пашкоджанняў тэкста адзначаецца палеаграфiчнымi каментарамi.

Усе акты прыводзяцца цалкам, за выключэннем № 3, большая частка зместу якога не тычыцца праблемы, што даследуецца. Чытаць далей →

Улашчык, Мікалай. Працы па археаграфіі і крыніцазнаўству гісторыі Беларусі (Уладзімір Свяжынскі)

Лістапада 27, 1999 |

Улашчык, Мікалай. Працы па археаграфіі і крыніцазнаўству гісторыі Беларусі. З рукапіснай спадчыны. Укладальнікі Я.Кісялёва, В.Скалабан. Мінск, БелНДІДАС, 1999. 120.

Асноўную ўвагу ў сваёй навуковай дзейнасці Мікалай Улашчык аддаваў таму, без чаго немагчыма развіццё гістарычнай навукі – археаграфіі і крыніцазнаўству. Аналітычны розум, незвычайная эрудыцыя дазволілі яму бліскуча вырашыць тыя кардынальныя праблемы згаданых гістарычных навук, за якія ён браўся. Заглыбіўшыся ў тысячы старонак крыніц і іх публікацый, ён умеў выбраць самае істотнае для іх характарыстыкі, а потым трапна і лаканічна сфармуляваць свае высновы. Не ўсё з напісанага вучоным пабачыла свет у свой час. І вельмі надзённай стала ініцыятыва па публікацыі яго рукапіснай спадчыны. У зборніку, выдадзеным у Навукова–даследчым інстытуце дакументазнаўства і архіўнай справы, змешчаны працы Улашчыка, якія з’яўляюцца працягам распачатага ім у манаграфіі «Очерки по источниковедению и археографии истории Белорусии феодального периода» аналізу крыніц айчыннай гісторыі дасавецкага перыяду. У кароткай прадмове «Першыя крокі ўлашчыказнаўства» аднаго з укладальнікаў зборніка беларускага гісторыка В.Скалабана апавядаецца пра мерапрыемствы, якія былі праведзены ў гонар 90–х угодкаў М.Улашчыка, пра задачы, звязаныя з публікацыяй яго багатай навуковай спадчыны.

Уласна зборнік пачынаецца аглядам выдадзеных у міжваеннай Польшчы «Актаў уніі Польшчы з Літвой» (Кракаў, 1932). Аўтар адзначае паўнату характарыстыкі гістарычнай падзеі, паказанай уключанымі ў выданне дакументамі, высокі ўзровень яго археаграфічнай падрыхтоўкі, як недахоп — перадачу тэкстаў кірылічных дакументаў лацінскім шрыфтам, што публікатары чамусьці тлумачаць адсутнасцю ў іх адпаведнага шрыфта.

Наступны раздзел «Пасляваенныя публікацыі гістарычных крыніц у Беларусі» складае асноўны змест зборніка. Ён прысвечаны аналізу выданняў, якія ўяўляюць сабой найноўшы этап развіцця беларускай археаграфіі. Ва ўступным археаграфічным нарысе даецца грунтоўны агляд арганізацыі археаграфічнай справы ў Беларусі пасля другой сусветнай вайны. Гаворачы пра першую публікацыю перыяду — чатырохтомнік «Белоруссия в эпоху феодализма», ажыццёўленую сіламі Інстытута гісторыі АН БССР, даследчык адзначае яе хрэстаматыйны, папулярны характар. Перадрукоўка тых дакументаў, якія былі напісаны на іншых, акрамя старабеларускай і стараўкраінскай, мовах, ва ўжо апублікаваных раней перакладах без іх неабходнай падрыхтоўкі сталася прычынай паўтору ў выданні недакладнасцяў гэтых перакладаў. Тэксталагічныя і факталагічныя недакладнасці мае і прадмова да чацвёртага тома. Тым самым недахопам (недакладнасцю перакладаў крыніц) характарызуецца і другая публікацыя Інстытута гісторыі — Інвентары маёнткаў Смаргонь і Цімкавічы (адпаведна 1977 і 1982 гады выдання). Сцвярджаючы, што публікацыі крыніц у перакладах ўвогуле не з’яўляюцца навуковымі, аўтар ставіць у прыклад публікатарам выданні Віленскай археаграфічнай камісіі, у якіх паралельна з перакладамі змешчаны і арыгіналы.

Характарызуючы выдадзены гісторыкамі Беларускага дзяржаўнага універсітэта зборнік дакументаў «Русско–белорусские связи» у двух тамах, Улашчык адзначае ўмоўнасць гістарычнага перыяду (1570–1667 г.), вызначанага для дакументаў першага тома выданняў. Прычына недакладнасцяў другога тома — нявызначанасць пазіцыі ўкладальнікаў у дачыненні да тэрмінаў Беларусь і беларусы прымяняльна да перыяду, які ахопліваюць змешчаныя тут дакументы (1667—1686 г.).

У 70—80–я г. выданне гістарычных крыніц як твораў літаратуры, а таксама як біяграфічных дакументаў пра выдатных пісьменнікаў ажыццяўляў і Інстытут літаратуры імя Янкі Купалы АН БССР. Не змяншаючы прыярытэтнасці і актуальнасці выданняў, падрыхтаваных супрацоўнікам інстытута А.Коршунавым (лісты Філона Кміты Чарнабыльскага, Баркулабаўскі летапіс, мемуары Фёдара Еўлашоўскага і Яна Цадроўскага, прадмовы і пасляслоўі Францішка Скарыны і дыярыуш Апанаса Філіповіча), М.Улашчык адзначае характэрныя для гэтага публікатара недахопы іх археаграфічнай падрыхтоўкі — шматлікія недакладнасці ў перадачы тэксту публікаваных крыніц, тэндэнцыйнасць і непаўнату прадмоваў. З выданняў Інстытута літаратуры самай высокай ацэнкі археографа заслужылі тыя, якія былі падрыхтаваныя выпускніком Маскоўскага гісторыка–архіўнага інстытута Г.Кісялёвым (зборнік «Пачынальнікі», зборнікі, прысвечаныя Янку Купалу і Якубу Коласу). Па словах даследчыка, гэта лепшыя з усіх публікацый Беларусі як у пасляваенны перыяд, так і ўвогуле, бо адпавядаюць археаграфічным патрабаванням нашага часу (с.106).

Трэба адзначыць вялікую працу ўкладальнікаў па падрыхтоўцы апублікаваных матэрыялаў да друку, што дазволіла пазбегнуць магчымых недакладнасцяў. Застаецца толькі пашкадаваць, што такое патрэбнае выданне выйшла надзвычай малым накладам (сто асобнікаў), ператварыўшыся фактычна адразу ў бібліяграфічную рэдкасць.

Менск
Уладзімір Свяжынскі

Галоўная » Запісы па тэме 'Крыніцазнаўства'