Новы нумар

Галоўная » Запісы па тэме 'Крыніцазнаўства'

Артыкулы па тэме ‘Крыніцазнаўства’

Улашчык, Мікалай. Працы па археаграфіі і крыніцазнаўству гісторыі Беларусі (Уладзімір Свяжынскі)

Лістапада 27, 1999 |

Улашчык, Мікалай. Працы па археаграфіі і крыніцазнаўству гісторыі Беларусі. З рукапіснай спадчыны. Укладальнікі Я.Кісялёва, В.Скалабан. Мінск, БелНДІДАС, 1999. 120.

Асноўную ўвагу ў сваёй навуковай дзейнасці Мікалай Улашчык аддаваў таму, без чаго немагчыма развіццё гістарычнай навукі – археаграфіі і крыніцазнаўству. Аналітычны розум, незвычайная эрудыцыя дазволілі яму бліскуча вырашыць тыя кардынальныя праблемы згаданых гістарычных навук, за якія ён браўся. Заглыбіўшыся ў тысячы старонак крыніц і іх публікацый, ён умеў выбраць самае істотнае для іх характарыстыкі, а потым трапна і лаканічна сфармуляваць свае высновы. Не ўсё з напісанага вучоным пабачыла свет у свой час. І вельмі надзённай стала ініцыятыва па публікацыі яго рукапіснай спадчыны. У зборніку, выдадзеным у Навукова–даследчым інстытуце дакументазнаўства і архіўнай справы, змешчаны працы Улашчыка, якія з’яўляюцца працягам распачатага ім у манаграфіі «Очерки по источниковедению и археографии истории Белорусии феодального периода» аналізу крыніц айчыннай гісторыі дасавецкага перыяду. У кароткай прадмове «Першыя крокі ўлашчыказнаўства» аднаго з укладальнікаў зборніка беларускага гісторыка В.Скалабана апавядаецца пра мерапрыемствы, якія былі праведзены ў гонар 90–х угодкаў М.Улашчыка, пра задачы, звязаныя з публікацыяй яго багатай навуковай спадчыны.

Уласна зборнік пачынаецца аглядам выдадзеных у міжваеннай Польшчы «Актаў уніі Польшчы з Літвой» (Кракаў, 1932). Аўтар адзначае паўнату характарыстыкі гістарычнай падзеі, паказанай уключанымі ў выданне дакументамі, высокі ўзровень яго археаграфічнай падрыхтоўкі, як недахоп — перадачу тэкстаў кірылічных дакументаў лацінскім шрыфтам, што публікатары чамусьці тлумачаць адсутнасцю ў іх адпаведнага шрыфта.

Наступны раздзел «Пасляваенныя публікацыі гістарычных крыніц у Беларусі» складае асноўны змест зборніка. Ён прысвечаны аналізу выданняў, якія ўяўляюць сабой найноўшы этап развіцця беларускай археаграфіі. Ва ўступным археаграфічным нарысе даецца грунтоўны агляд арганізацыі археаграфічнай справы ў Беларусі пасля другой сусветнай вайны. Гаворачы пра першую публікацыю перыяду — чатырохтомнік «Белоруссия в эпоху феодализма», ажыццёўленую сіламі Інстытута гісторыі АН БССР, даследчык адзначае яе хрэстаматыйны, папулярны характар. Перадрукоўка тых дакументаў, якія былі напісаны на іншых, акрамя старабеларускай і стараўкраінскай, мовах, ва ўжо апублікаваных раней перакладах без іх неабходнай падрыхтоўкі сталася прычынай паўтору ў выданні недакладнасцяў гэтых перакладаў. Тэксталагічныя і факталагічныя недакладнасці мае і прадмова да чацвёртага тома. Тым самым недахопам (недакладнасцю перакладаў крыніц) характарызуецца і другая публікацыя Інстытута гісторыі — Інвентары маёнткаў Смаргонь і Цімкавічы (адпаведна 1977 і 1982 гады выдання). Сцвярджаючы, што публікацыі крыніц у перакладах ўвогуле не з’яўляюцца навуковымі, аўтар ставіць у прыклад публікатарам выданні Віленскай археаграфічнай камісіі, у якіх паралельна з перакладамі змешчаны і арыгіналы.

Характарызуючы выдадзены гісторыкамі Беларускага дзяржаўнага універсітэта зборнік дакументаў «Русско–белорусские связи» у двух тамах, Улашчык адзначае ўмоўнасць гістарычнага перыяду (1570–1667 г.), вызначанага для дакументаў першага тома выданняў. Прычына недакладнасцяў другога тома — нявызначанасць пазіцыі ўкладальнікаў у дачыненні да тэрмінаў Беларусь і беларусы прымяняльна да перыяду, які ахопліваюць змешчаныя тут дакументы (1667—1686 г.).

У 70—80–я г. выданне гістарычных крыніц як твораў літаратуры, а таксама як біяграфічных дакументаў пра выдатных пісьменнікаў ажыццяўляў і Інстытут літаратуры імя Янкі Купалы АН БССР. Не змяншаючы прыярытэтнасці і актуальнасці выданняў, падрыхтаваных супрацоўнікам інстытута А.Коршунавым (лісты Філона Кміты Чарнабыльскага, Баркулабаўскі летапіс, мемуары Фёдара Еўлашоўскага і Яна Цадроўскага, прадмовы і пасляслоўі Францішка Скарыны і дыярыуш Апанаса Філіповіча), М.Улашчык адзначае характэрныя для гэтага публікатара недахопы іх археаграфічнай падрыхтоўкі — шматлікія недакладнасці ў перадачы тэксту публікаваных крыніц, тэндэнцыйнасць і непаўнату прадмоваў. З выданняў Інстытута літаратуры самай высокай ацэнкі археографа заслужылі тыя, якія былі падрыхтаваныя выпускніком Маскоўскага гісторыка–архіўнага інстытута Г.Кісялёвым (зборнік «Пачынальнікі», зборнікі, прысвечаныя Янку Купалу і Якубу Коласу). Па словах даследчыка, гэта лепшыя з усіх публікацый Беларусі як у пасляваенны перыяд, так і ўвогуле, бо адпавядаюць археаграфічным патрабаванням нашага часу (с.106).

Трэба адзначыць вялікую працу ўкладальнікаў па падрыхтоўцы апублікаваных матэрыялаў да друку, што дазволіла пазбегнуць магчымых недакладнасцяў. Застаецца толькі пашкадаваць, што такое патрэбнае выданне выйшла надзвычай малым накладам (сто асобнікаў), ператварыўшыся фактычна адразу ў бібліяграфічную рэдкасць.

Менск
Уладзімір Свяжынскі

Заснавана Археаграфічная камісія

Лістапада 20, 1999 |

28 кастрычніка 1999 г. была заснавана Археаграфічная камісія Дзяржаўнага камітэта па архівах і справаводстве  Рэспублікі Беларусь на чале з Р.Платонавым. Забяспечваць функцыянаванне камісіі павінен Беларускі навукова–даследчы інстытут дакументазнаўства і архіўнай справы. Канцэпцыю новай беларускай Археаграфічнай камісіі распрацавалі Р.Платонаў, Я.Янушкевіч, М.Шумейка, якія наладзілі яе абмеркаванне на старонках часопіса «Архівы і справаводства» і ў межах працы міжнароднай навуковай канферэнцыі «Праблемы беларускай археаграфіі», якая адбывалася 11—12 сакавіка 1999 г. ў Мінску і была прысвечана 175–годдзю выхаду з друку «Беларускага архіва старажытных грамат» І.Грыгаровіча.

Ідэя стварэння ў Беларусі падобнай установы не новая. Яшчэ ў мінулым стагоддзі тут досыць плённа працавала арганізаваная царскім урадам Віленская Археаграфічная камісія. Актыўныя спробы аднавіць археаграфічную традыцыю былі зроблены і ў першыя гады існавання БССР. З 1925 г. гэтай справай займаліся вучоныя Інстытута беларускай культуры. У 1927 г. пры Інбелкульце была створана Археаграфічная камісія, якая дзейнічала да  рэарганізацыі Інбелкульта ў Акадэмію навук і потым нейкі час пры БелАН. Працу камісіі фактычна забяспечваў адзін вучоны — Дз. Даўгяла. У 60—80–ыя г. пытанне аб неабходнасці аднаўлення Археаграфічнай камісіі ў БССР неаднаразова ўздымалі на навуковых нарадах і ў літаратуры беларускія гісторыкі і архівісты, аднак плёну гэта не прынесла.

У 1994 г. выйшла распараджэнне Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь аб стварэнні Археаграфічнай камісіі, аднак яно ніяк не было падмацавана матэрыяльна. Толькі ў 1996 г. быў створаны аддзел археаграфіі БелНДІДАС (загадчык — Я.Янушкевіч).

У 90–х г. дзейнасць беларускіх вучоных у галіне даследавання методыкі, гісторыі і тэорыі археаграфіі актывізавалася. Вынікі гэтай працы былі прадстаўленыя на шматлікіх канферэнцыях (у тым ліку, 14–15.02.1996 г. на навуковай канферэнцыі «М.М.Улашчык і праблемы беларускай гістарыяграфіі, крыніцызнаўства і археаграфіі (Да 90–х угодкаў вучонага)»), а таксама ў навуковай літаратуры. Сярод найбольш значных прац неабходна адзначыць «Рэкамендацыі па арганізацыі работы з гістарычнымі дакументамі (для навуковых выданняў)» (Мінск, 1997), складзеныя Р. Платонавым і З. Яцкевічам, шматлікія працы М.Шумейкі пра станаўленне і развіццё архіўнай справы і археаграфіі ў Беларусі, распрацоўку Ю. Несцяровіча «Класіфікацыя археаграфічных публікацый і беларускія археаграфічныя выданні» (Мінск, 1997).

Безумоўна, стварэнню сучанай Археаграфічнай камісіі паспрыяла і пэўная актывізацыя археаграфічнай працы ў другой палове 90–х г. Гэты перыяд вызначаецца выхадам з друку шэрагу значных археаграфічных і гістарычна–археаграфічных публікацый, карысных для даследавання мінулага Беларусі. Сярод іх выдадзеныя БелНДІДАС: «Знешняя палітыка Беларусі: зборнік дакументаў і матэрыялаў / Склад. У.М. Міхнюк, У.К. Ракашэвіч, Я.С. Фалей, А.В. Шарапа, С.А. Шупа. Т.1 (1917—1922 г.)» (Мінск, 1997); «Знешняя палітыка Беларусі: зборнік дакументаў і матэрыялаў / Склад. У.М. Міхнюк, У.К. Ракашэвіч, Я.С. Фалей, А.В. Шарапа. Т.2 (1923—1927 г.)» (Мінск, 1999); «На крутым павароце: ідэолага–палітычная барацьба на Беларусі 1929–1931 г. Дакументы, матэрыялы, аналіз / Аўтар–склад. Р.П. Платонаў» (Мінск, 1999); «Бунд в Беларуси 1897–1921. Документы і материалы / Сост. Э.М. Савицкий» (Мінск, 1997); «Платонаў Р.П. Лёсы. Гісторыка–дакументальныя нарысы аб людзях і малавядомых падзеях духоўнага жыцця ў Беларусі 20—30–х гадоў» (Мінск, 1998), «Платонаў Р.П. Палітыкі, ідэі, лёсы. Грамадзянская пазіцыя ва ўмовах нарастанння ідэолага–палітычнага дыктату ў Беларусі 20—30–х гадоў» (Мінск, 1996); «Валахановіч А.І., Міхнюк У.М. Споведзь у надзеі застацца жывым. Аўтабіягр. Б. Тарашкевіча» (Мінск, 1999); «Антон Луцкевич: материалы следственного дела НКВД БССР / Подг. В.Н. Михнюком, Н.М. Климовичем и А.П. Гесь» (Мінск, 1997); «Шумейко М.Ф. Собрать рассеянное. О реституции белорусских архивов в прошлом и настоящем» (Мінск, 1997). У 1998 г. БелНДІДАС быў таксама выдадзены анатаваны даведнік «Документы по истории Великой отечественной войны в государственных архивах РБ».

Усе гэтыя публікацыі і практычная дзейнасць стварылі падставы для арганізацыі новай Археаграфічнай камісіі. Гэтая ўстанова задуманая як каардынацыйны, навукова–метадычны і публікатарскі цэнтр, які павінен аб’яднаць вакол сябе лепшых спецыялістаў Беларусі, чыя дзейнасць звязана з выданнем гістарычных крыніц. Акрамя таго, камісія мае намер наладзіць навукова–метадычную і кансультацыйную дапамогу тым установам, якім яна патрэбная.
Хоць тэрмін працы Археаграфічнай камісіі яшчэ невялікі, яе ўдзельнікі сумесна з Дзяржкамітэтам па архівах і справаводстве Рэспублікі Беларусь і БелНДІДАС ужо здолелі арганізаваць археаграфічную публікацыю «Первая всебелорусская конференция архивных работников. 12—15 мая 1924 г. Документы и материалы». Прадстаўнікі камісіі ўжо сёння падрыхтавалі да выдання такія працы, як: Платонаў Р.П. «Палітычнае і духоўнае жыццё Беларусі ў другой палове 20–х гадоў. Тэндэнцыі развіцця (На матэрыялах Нацыянальнага архіва РБ)»,  Янушкевіч Я. «Грамадска–палітычны рух Беларусі ў пач. ХХ ст.», Скалабан В. «Максім Гарэцкі (публіцыстыка 1918—1919 г.)». Акрамя таго, Археаграфічная камісія плануе наладзіць і іншыя публікацыі дакументаў Нацыянальнага архіўнага фонду Рэспублікі Беларусь,  якія яна будзе падаваць да друку ў залежнасці ад сваіх фінансавых магчымасцяў.

8—9 лютага 2000 г. Камісія плануе разам з іншымі ўстановамі правесці міжнародную навукова–практычную канферэнцыю «Архівы Беларусі на рубяжы ХХ—ХХІ ст.: Гісторыя, стан, перспектывы развіцця». Камісія запрашае да супрацоўніцтва ўсе арганізацыі, зацікаўленыя ў археаграфічнай распрацоўцы гісторыі Беларусі, а таксама вучоных, якія не баяцца руплівай археаграфічнай працы.

Юры Несцяровіч,
вучоны сакратар Археаграфічнай камісіі
ДКАС Рэспублікі Беларусь

Дзмітры Левін. Некралог магілёўскага гісторыка Мацея Фурсава як біаграфічная крыніца (факты і фігуры замоўчвання)

Снежня 26, 1998 |


1. Неабходнасць пошукаў тэксту, названага ў тытуле, была абумоўлена працай аўтара ў складзе групы па вывучэннi губернскiх памятных кнiжак Расійскай Iмперыi над складаннем паказальнiка зместу памятных кнiжак Пскоўскай губернi. Паколькi iмя члена камiсii Пскоўскага губернскага статыстычнага камiтэта (ГСК) па складаннi памятных кнiжак 1860-х г., iнспектара школы вайсковага ведамства Мацвея Васiлевiча Фурсава неаднаразова згадваецца ў афiцыйных публiкацыях[1], i ў сувязi з асаблiвасцямi методыкi складання iменнага паказальнiка названай працы паўстала пытанне пра iдэнтычнасць пскоўскага педагога пачатку 1860-х г. з вядомым археолагам 1890-х г., дырэктарам Магiлёўскай мужчынскай гiмназii i рэдактарам неафiцыйнай часткi «Могилевских губернских ведомостей». Зварот да вядомых бiяграфiчных даведнiкаў быў безвынiковым, таму што ў слоўнiку членаў Маскоўскага археалагiчнага таварыства, якi склаў А.А.Захараў[2], аб’ём бiяграфiчнай iнфармацыi абмежаваны 1890-мi гадамі, а ў выданнях беларускiх энцыклапедый[3] iнфармацыя наконт асобы, што нас цiкавiць, абмежаваная двума апошнiмi дзесяцiгоддзямi мiнулага стагоддзя i ў гэтых межах вельмi няпоўная, што звязана з значнымi стратамi ў корпусе крынiц на беларускiх землях на працягу XX ст. У найноўшым роспiсу зместу бiяграфiчных слоўнiкаў, апублiкаваным у Оснабруку ў 1996 г.[4], не было нiякiх спасылак на замежныя публiкацыi; i нават год нараджэння М.В.Фурсава застаўся невядомым для складальнiкаў названага аўтарытэтнага выдання.

У вынiку прагляду адзiнай газеты, што выдавалася ў Магiлёве ў 1901 г., мы знайшлi патрэбную крынiцу: змястоўны бiяграфiчны тэкст, якi дазволiў вызначыць iдэнтычнасць асобы пскоўскага педагога з дырэктарам Магiлёўскай гiмназii, — ананiмны некралог Мацвея Фурсава (МГВ. 1901. Ч.н. №43. 30 ліст. С. 185 — 186), не ўключаны нi ў адзiн з вядомых бiблiяграфiчных даведнiкаў. Публiкацыя некралога была выклiкана наступнымi абставiнамi: а) высокiм грамадскiм становiшчам М.Фурсава, якi меў рэдкi для губернскага горада чын 4-га класа; б) фактам смерцi М.Фурсава менавiта ў тым горадзе, дзе ён быў вядомы педагагiчнай, навуковай i выдавецкай дзейнасцю на працягу апошняй чвэрцi свайго жыцця; в) асабiстым знаёмствам з М.Фурсавым тагачаснага рэдактара «Могилевских губернских ведомостей» Е.Р.Раманава, якi друкаваўся ў гэтым выданнi з 1886 г.[5]

Некралог з’явiўся ў друку аператыўна: «Могилевские губернские ведомости» пад рэдакцыяй Е.Р.Раманава, якi працягнуў традыцыi свайго папярэднiка — героя некралога, выходзiлi двойчы на тыдзень (у сераду i ў суботу). У суботнiм нумары ад 26 траўня з’явiлася паведамленне пра рэзкае пагаршэнне стану здароўя папярэдняга рэдактара гэтай газеты[6], а ў наступным нумары — адразу пасля пахавання — быў змешчаны тэкст[7], якi мы публiкуем з каментарамi.

МАТВЕЙ ВАСИЛЬЕВИЧ ФУРСОВ

26 мая в 10 часов вечера скончался после непродолжи тельной болезни[8] д. стат. сов.[9] Матвей Васильевич Фурсов, бывший директор Могилевской гимназии и затем[10] редактор неофициальной части «Могилевских губернских ведомостей».

Покойный родился в 1825[11] году, образование получил в Петербургском университете по философскому отделению[12]. На службу поступил в 1848[13] году в Псковскую гимназию на должность старшего учителя истории[14] , затем с 1858 г. состоял в должности инспектора в Псковском военном училище[15] и отсюда переведен директором в Шавельскую гимназию в 1865 г.[16], а затем был назначен директорм Слуцкой гимназии в 1872[17] году. В 1876 г. он переведен в Могилев[18] и состоял здесь в должности директора по 1886 год, когда был уволен в отставку с пенсией и мундиром[19].

Редактором неоф. части «Мог. Губ. Вед.» М.В. состоял с 7 февраля 1883 года по 15 ноября 1897 года[20].

Как директор, покойный отличался выдающейся энергией. Служа на окраине, он заявил себя весьма стойким русским деятелем, не входил ни в какие компромиссы с всесильными тогда врагами русской народности в крае[21] и не падал ниц перед «золотыми колесницами»[22].

Служа в Могилеве, покойный свои досуги посвящал научным работам[23]. Им, напр., составлен дельный исторический очерк Могилевского края для «Опыта описания Могилевской губернии» Дембовецкого, очерк, не потерявший значения и для настоящего времени[24]. Позднее, по выходе в отставку, он занялся педагогической литературой[25] и издал элементарный учебник по арифметике[26]. Будучи редактором, он поместил в «Губ. Ведом.» целый ряд ценных исторических статей, каковы: Исторический очерк Могилевской гимназии[27], Печатание книг на русском языке в Могилевском крае[28], Дело могилевских мещан с Максимовичем и Лавровичем[29] Поселения смоленских кривичей в пределах Могилевской губернии.[30], Бытовые стороны Буйницкого монастыря по древним актам.[31], Королевский лист 1532 года.[32], Когда появились евреи в Литве.[33], Дворец Екатерины в Могилеве.[34], Могилевская гимназия в 1809 году.[35], Православие на Литве и в Белоруссии.[36], Исторические воспоминания.[37] и т.п.[38]

В это же время он занимался упорядочением публичной библиотеки[39] и устройством губернского музея[40], которые и доселе существуют в том виде, какой придал им покойный. Виленский археологический съезд вызвал покойного на новую деятельность[41]. Несмотря на свои старческие лета, он с юношеским жаром занялся курганными раскопками[42]. И настолько увлекся ими, что продолжил затем их подряд в течение нескольких лет[43], описание первых раскопок дано в «Губ. Вед.»[44] и в отдельной брошюре[45].

В последнее время покойный много работал в женской воскресной школе[46].

Так разностороняя была деятельность Матвея Васильевича.

Бодрость тела и духа покойный сохранил до последних дней, и только незадолго до смерти стал жаловаться на упадок сил[47].

Кончина М.В. дает горький урок всем служащим в ведомстве Министерства народного провещения: чиновник пятого класса[48], действительный статский советник, директор трех гимназий, который высоко держал русское знамя в Западном крае, человек, прослуживший родине 45 лет[49], проживал в последнее время в бедной лачужке старого гимназического служителя[50], в невозможной обстановке, и умер в нищете. Если бы не пособие, выделенное гимназией за несколько дней до его кончины, не было бы и средств для погребения почившего. Пенсии его при настоящей дороговизне едва-едва хватало на проживание, и печальной иронией звучали слова панихиды, совершавшейся по «болярине Матфее». Тяжко больная вдова осталась буквально без копейки[51].

Над такою участью поневоле должен задуматься и всякий семейный учитель, которого ждет пенсия в 650 р., и инспектор с пенсией в 700 р., и директор с 850-рублевой пенсией[52].

Скромно совершались и похороны покойного: на первой панихиде было не более десяти лиц, из гимназической корпорации с директором во главе[53], и из редакции «Губ. Вед.»[54] На выносе присутствовали те же лица, управляющий губернией князь А.А.Вяземский[55], директор реального училища[56] , прокурор окружного суда[57], некоторые знакомые.

Не умеем еще мы ценить наших деятелей!

Тепло к памяти ушедшего отнеслось могилевское духовенство: и все панихиды и отпевание совершались соборне[58].

На гроб были возложены венки гимназией и сослуживца ми по редакции «Губ. Вед.»

Мир праху твоему, честный русский человек!

Перад тым як перайсцi да праблемы аўтарства некралога, ахарактарызуем фiгуры замоўчвання, бо яны розныя па паходжаннi: адны абумоўлены спецыфiкай жанру i аб’ёмам газетнай публiкацыi, iншыя звязаныя з мерай абазнанасцi аўтара ў бiяграфii свайго героя.

II. У некралогу не згадваецца назва сярэдняй навучальнай установы, якую закончыў М.Фурсаў напярэдаднi паступлення ў Пецярбургскi унiверсiтэт. Гэта фiгура замоўчвання абумоўлена спецыфiкай жанру, з-за якой мы не можам уявiць поўнага спiсу вучняў педагога чатырох гiмназiй, што зрабiлi ўнёсак у развiццё айчыннай культуры: у некралогах звычайна згадвалася толькi назва вышэйшай навучальнай установы, а не гiмназii. Мiж тым, для героя некралога гэта было iстотным: у артыкуле «Первая по времени народная школа в Росии», прысвечаным гiсторыi Гомельскай ланкастэрскай школы (заснаваная ў 1819 г.) i падпiсаным звычайным псеўданiмам рэдактара «М.Ф.», аўтар, якi аддаў педагагiчнай дзейнасцi амаль 40 гадоў, вызначае прынятую там сiстэму навучання як найлепшую з вядомых яму. Фурсаў пiша: «Все вышеизложенное о ходе классного преподавания по ланкастерской системе автор статьи, предлагаемой читателям, заносит по своим воспомина ниям, как ученик 3-й Санкт-петербургской гимназии, где в 30-х годах также процветала ланкастерская система»[59]. Мацвей Фурсаў фiгуруе ў спiсе выпускнiкоў названай гiмназii 1843 г. (вып. 16), складзеным па архiўных дакументах кандыдатам Пецярбургскага унiверсiтэта настаўнiкам лацiнскай мовы М.М. Аненскiм i апублiкаваным у 1873 г.[60]. У гэтым спiсе М.Фурсаў згадваецца як казённакоштны выхаванец, якi скончыў курс з срэбраным медалём, працягнуў адукацыю ва унiверсiтэце i быў на службе ў якасцi дырэктара Шавельскай гiмназii. На момант публiкацыi Фурсаў ужо быў дырэктарам Слуцкай гiмназii, аднак прадмова складальнiка напiсаная за два месяцы да яго пераводу[61]. Пад час навучання Фурсава 3-я гiмназiя знаходзiлася ў Лiцейнай частцы ў Саляным завулку[62] (цяпер — д.12).

Калi гаварыць пра ўплыў выхавання ў 3-й Пецярбургс кай гiмназii на асобу М. Фурсава, трэба адзначыць дзве акалiчнасцi.

а) Мяркуючы па тым, што вядома пра методыку выкладання старажытных моваў i гiсторыi ў дадзенай навучальнай установе[63], i ўлiчыўшы факт узнагароджання М.Фурсава срэбраным медалём, можна ўявiць, што першапачатковыя навыкi працы над гiстарычнымi крынiцамi былi набытыя iм у гiмназii.

б) Фурсаў, які быў казённакоштным выхаванцам, жыў (як i iншыя пансiянеры) у агульнай кватэры пры гiмназii. Згодна з праектам палажэння, складзеным старшынёй Папячыцельнай рады ўстановаў грамадскай апекi кн.В.П.Качубеем, зацверджаным 12 студзеня 1831 г., пансiянерамi былi дзецi канцылярскiх працаўнiкоў i выхаванцы сiроцкага дома, з якiх далёка не ўсе ведалi сваiх бацькоў[64]. Выхаванне ў дэмакратычным разначынным асяродку, на наш погляд, было адной з прычын, якiя абумовiлi поўную адсутнасць саслоўных i нацыянальных забабонаў у героя апублiкаванага некралога, пра што мы можам меркаваць як па яго словах (па публiкацыях у газеце, што выходзiла пад яго рэдакцыяй), так i па справах як кiраўнiка трох сярэднiх навучальных установаў.

III. Мы спрабавалi знайсцi ў вядомых нам крынiцах доказы прадэклараваных i не аргументаваных у некралогу сцвярджэнняў, што М.Фурсаў «заявил себя весьма стойким русским деятелем», якi «не входил ни в какие компромиссы со всесильными тогда [у 1865-1901 г.!] врагами русской народности в [Западном] крае», г.зн., у перакладзе на сучасную мову, быў вялiкадзяржаўным шавiнiстам. Аднак крынiцы сведчаць пра адваротнае. Спiс выпускнiкоў Шавельскай, Слуцкай i Магiлёўскай гiмназiй 1865—1886 г., узнагароджаных медалямi за паспяховае заканчэнне гэтых навучальных установаў, сведчыць пра тое, што iх дырэктар не падзяляў давераных яму дзяцей на «эллинов и иудеев».

У 1878/79 навучальным годзе ў Магiлёўскай гiмназii iудзеi складалi 20% (або 100 чалавек)[65]. У 1885/86 навучальным годзе, у сувязi з арганiзацыяй, з удзелам Фурсава, Аляксандраўскага рэальнага вучылiшча[66], колькасць гiмназiстаў скарацiлася да 426, але на колькасцi гiмназiстаў-iўдзееў (101) гэта не адбiлася, i ў вынiку iх удзельная вага ўзрасла да 24%[67]. Нам ужо даводзiлася цытаваць даволi iнфармацыйную справаздачу Фурсава як дырэктара Магiлёўскай гiмназii за 1884 г. Пададзiм яшчэ адну лiчбу: з 39 гiмназiстаў, што атрымалi гiмназiчныя атэстаты, 14 (36%) былi iудзеямi. Да гэтай самай канфесii належалi i абодва медалiсты, што паходзiлi, дарэчы, не з чыноўнiкаў або купцоў, а з мяшчан Магiлёўскай губернi[68]. Перавышэнне ўдзельнай вагi iудзееў сярод выпускнiкоў над сярэднiм паказчыкам iх адзiнаверцаў сярод вучняў сведчыць пра тое, што ў Магiлёўскай гiмназii не было антысемiтызму з боку адмiнiстрацыi.

Так што мы не знаходзім фактаў, якiя б пацвердзiлi выказванне аўтара некралога, што М.Фурсаў як дырэктар пад час службы на ўскраiне выявiў сябе вельмi стойкiм расійскiм дзеячам, не ўваходзiў нi ў якiя кампрамiсы з «всесильными» ворагамi расійскай народнасцi ў Заходнiм краi i пры гэтым «высоко держал русское знамя», г.зн. быў вялiкарускiм шавiнiстам-каланiзатарам; наадварот, факты адмаўляюць гэтае сцвярджэн не. Заўважым, што калi аўтар гаворыць пра апублiкаваныя працы Фурсава, ён не падае нiводнай iлюстрацыi гэтай уяўнай дабрачыннасцi. Мы, з свайго боку, сведчым: нягледзячы на тое, што большасць ягоных публiкацый тэматычна звязаная з беларускiмi рэалiямi, нi ў адной яго працы нам не сустрэлiся штампы, характэрныя для кансерватыўнай прэсы («Правитель ственный вестник», «Виленский вестник» i да т.п.), якiя зводзiлiся да таго, што беларусы — гэта частка расійскага народа, сапсаваная падкопамi Захаду пры дапамозе польскiх ворагаў расійскай народнасцi, што беларускай мовы не iснуе: гэта — расійская мова, сапсаваная ўплывам польскай i да т.п. З нашага пункту погляду, у М. Фурсава i не магло быць такiх «откровений», заснаваных на палiтычнай кан’юнктуры i тэндэнцыйна падабраных тэкстах: яго працы былi заснаваныя на крытыцы крынiц i напiсаныя з павагай да народаў, што траплялi ў поле яго зроку.

Апошняму сцвярджэнню, здавалася б, пярэчыць негатыўная адзнака ролi унii ў гiсторыi народаў Заходняга краю, выказаная М. Фурсавым у не згаданых аўтарам некралога крытычным разборы вядомай кнiгi А.К.Кiркора «Несколько заметок на третий том издания книгопродавца Вольфа, под заглавием «Живописная Россия»[69], артыкуле «Несколько страниц из истории Западной России (по поводу столетнего юбилея Георгия Конисского)», апублiкаваным у выданнi Магiлёўскага ГСК[70] i iнш. У сувязi з гэтым адзначым, што для негатывiзму ацэнкi унii Фурсавым i нацыянал-патрыётамi былi розныя падставы: калi шавiнiсты, развiваючы вядомыя палажэннi увараўскай трыяды, ацэньвалi унiю як усталяванне духоўнага дыктату рымскiх пап — канкурэнтаў маскоўскiх манархаў i патрыярхаў — над часткай расійскага народа ў межах Рэчы Паспалiтай, то Фурсаў зыходзiў з вядомых яму па гiстарычных крынiцах фактаў уцiску па прыкмеце канфесii праваслаўных хрысцiян па меры сцвярджэння унii, г.зн. з прынцыпа верацярпiмасцi, уласцiвага i яго педагагiчнай дзейнасцi. Таму мы лiчым ацэнку рэлiгiйнай палiтыкi Рэчы Паспалiтай ХVI ст. i наступнага часу не выяўленнем шавiнiзму, а добрасумленнай памылкай гiсторыка, якому па розных прычынах было складана выйсцi за межы магiлёўскiх крынiц i далучыць для параўнання сведчаннi пра недапушчальныя парушэннi верацярпiмасцi ў Маскоўскай дзяржаве (у прыватнасцi, на ўсходняй перыферыi беларускiх земляў — Смаленшчыне).

IV. У сувязi з гэтым узнiкае пытанне: чаму ж аўтар некралога ўзнагародзiў свайго героя ўяўнай дабрачыннасцю — вялiкарускiм шавiнiзмам, калi ўсе вядомыя крынiцы сведчаць пра адваротнае? На наш погляд, у яго на гэта было дзве прычыны:

а) аўтар некралога не быў знаёмы з М.Фурсавым па сумеснай працы i кепска ведаў яго публiкацыi (з нашага каментару вiдавочна, што артыкулы Фурсава ў Магiлёўскiх ведамасцях названы не па тэксце газеты, а па паказальнiку, складзенаму Е.Р.Раманавым);

б) набор клiшэ ў тэксце некралога, якiя азначаюць шавiнiзм яго героя, тычыцца не асобы М.Фурсава, а яго пасады як дырэктара трох гiмназiй Вiленскай акругi, бо кожны чыноўнiк, што займаў такую службовую пасаду, быў абавязаны праводзiць палiтыку русiфiкацыi, г.зн. дыскрымiнацыi абсалютнай большасцi насельнiцтва Заходняга краю ў галiне адукацыi па прыкмеце роднай мовы. Пры гэтым мы зыходзiм з наступнага:

1. Гiмназiчны атэстат быў адзiным дакументам, якi даваў права на залiчэнне ва унiверсiтэты Расійскай iмперыi.

2. З часоў Яна Амоса Каменскага вядома, што поўнае развiццё прыродных здольнасцяў асобы магчымае толькi пры ўмове атрымання пачатковай адукацыi на роднай мове.

3. Пад час службы М.Фурсава ў Вiленскай навучальнай акрузе ва ўсiх 8 (пазней 9) класiчных гiмназiях навучанне адбывалася толькi на расійскай мове, i нават ў падрыхтоўчых i першых класах выкарыстанне моваў карэнных народаў (у тым лiку i польскай як мовы мiжнацыянальных зносiн) было недапушчальным.

4. Згодна з патрабаваннямi гiмназiчнага статута 1864 г. i наступнымi прававымi нормамi, уступныя iспыты ў класiчных гiмназiях (лiчэнне, закон божы, расійская мова) праводзiлiся толькi па-расійску, i пiсьменнасць на iншых мовах не бралася пад увагу. Як у вусных, так i ў пiсьмовых адказах неабходна было iсцi ўслед за вымаўленнем экзаменатараў (як правiла, народжанцаў вялiкарускiх губерняў, праваслаўнага веравызнання). Па веданнi расійскай мовы вызначалася здольнасць беларускiх, лiтоўскiх, польскiх i яўрэйскiх дзяцей, якiя паступалi ў падрыхтоўчы (ва ўзросце 8—10 гадоў) або першы (адпаведна 10—12 гадоў) класы гiмназii, да класiчнай (пазней — вышэйшай) адукацыi. У сувязi з гэтым мэтазгодна прывесцi ацэнку лiнгвiстычнай сiтуацыi на Магiлёўшчыне, якую даў вопытны педагог (i, як мы бачылi, зусiм не шавiнiст) М.Фурсаў у дачыненнi да патрэбаў класiчнай гiмназii.

«В Могилевской гимназии, как и вообще во всех учебных заведениях Северо-Западного края, т.е. в Белорусии, обучение русскому языку не находит себе ни опоры, ни подмоги в различных и пестрых наслоениях общества. Для половины обитателей этого края русский язык не родная речь». Далей, па аналогii з iудзеямi, лютэранамi i каталiкамi, якiя не лiчылi расійскую мову роднай, дырэктар гаворыць пра моўныя праблемы праваслаўных гiмназiстаў: «сюда же, без всякой натяжки, следует причислить и не малое число учащихся из городского и сельского сословий, употребляющих белорусский говор, сильно испещренный полонизмами, а потому далеко уклоняющийся не только от московского, чисто русского наречия, но даже от петербургского, полного галлицизмов»[71]. Адзначыўшы незвычайнае для афiцыйнага дакумента, але характэрнае для М.Фурсава назiранне пра неiдэнтычнасць родных моваў беларускага i расійскага народаў, пададзiм яго ж сведчанне пра спробы лiквiдацыi моўнага бар’ера пры паступленнi ў Магiлёўскую гiмназiю.

«Какие обстоятельства затрудняют подготовку детей к вступительному экзамену? Обучение детей производится большей частью на дому так называемыми репетиторами. Это неокончившие курс (по большей части вследствие лености) ученики низших классов гимназии или семинарии, оплачивае мые за свой репетиторский труд тремя-четырьмя рублями в месяц. Они учат детей без всякого контроля со стороны родителей, и потому учат кое-как и без толку!»[72]. На наш погляд, iнакш i быць не магло: па-першае, бацькi, якiя не ведалi расійскай мовы, не мелi магчымасцi ацанiць працу рэпетытараў, i, па-другое, у семiнарыстаў-недавучак была перавага перад гiмназiчнымi настаўнiкамi — яны ведалi родныя мовы народаў Заходняга краю. У сувязi з гэтым адзначым, што пад час прызначэння на вольныя пасады педагогаў Заходняга краю ўлiчвалiся многiя фактары: прафесiйныя якасцi, вопыт педагагiчнай працы, расійскае паходжанне з нутраных губерняў iмперыi i нават гучанне прозвiшча[73], але не веданне мясцовых моваў. У гэтых адносiнах дырэктар Магiлёўскай гiмназii, якi цiкавiўся беларускай, лiтоўскай i польскай мовамi, адрознiваўся ад сваiх калегаў.

Нягледзячы на моўны бар’ер, створаны русiфiкатарскай палiтыкай Расійскай iмперыi для прадстаўнiкоў народаў Заходняга краю, якiя хацелi паступiць у класiчныя гiмназii, многiя з iх усё-такi паспяхова вытрымлiвалi прыёмныя iспыты. У вынiку ўзнiкала дыспрапорцыя: у гiмназiях не хапала навучальных месцаў для усiх дзяцей, якiя на экзаменах даказалi сваё права на атрыманне сярэдняй адукацыi. Законы Iмперыi таго часу не прадугледжвалi справядлiвага шляху развязання гэтай праблемы, i кожны адмiнiстратар мог вырашаць, каго яму прыняць у гiмназiю, а гэта адчыняла дзверы карупцыi.

Пакажам вынiкi «административного усмотрения» калегі Фурсава дырэктара Ковенскай гiмназii К.П.Феакцiстава адносна адмовы ў прыёме ў яго навучальную ўстанову «за неимением вакансий», г.зн. незалежна ад уступных iспытаў 1871 г., па звестках, якiя былi пададзены iм у Ковенскi ГСК: усяго адмоўлена 42 дзецям, з якiх 1 — каталiк, 1 — лютэранiн i 40 iудзеяў[74]. Дырэктар Шавельскай гімназіі М.Фурсаў знайшоў магчымасць развязаць праблему вакансiй для дзяцей хрысцiянскiх веравызнанняў не за кошт iх яўрэйскiх аднагодкаў, а iншымi сродкамi. У межах статута 1864 г. i наступных дакументаў праблема забеспячэння ўсiх, хто вытрымаў уступныя iспыты, навучальнымi месцамi, з улiкам найбольшай колькасцi класа ў 40 чалавек, развязвалася шляхам арганiзацыi, па вырашэннi дырэктара гiмназii, паралельных класаў. Аднак у сiстэме Мiнiстэрства народнай адукацыi не было прадугледжана выдаткаў на iх фiнансаванне, а таму, у адпаведнасцi з тагачасным заканадаўствам, праблема дапускала тры рашэннi.

а) Да пачатку 1870-х г., мяркуючы па афiцыйных публiкацыях Вiленскай навучальнай акругi, у класiчных гiмназiях не было паралельных класаў (г.зн. праблема не вырашалася). Гэта было зручным i для той часткi педагогаў, якая разумела «русскую идею» як дыскрымiнацыю карэннага насельнiцтва, i для карумпаваных элементаў у асяродку мясцовых чыноўнiкаў МНА.

б) Павышэнне платы за навучанне. Гэты варыянт не характэрны для гiмназiй, якiмi кiраваў М.Фурсаў, дзе памер платы быў нiжэйшым за сярэднi. Так, у Шавельскай гiмназii ў 1871 г. плата за навучанне ў падрыхтоўчым класе складала 13 руб. 50 кап. у год[75], у той час як у Ковенскай 20 руб.[76] пры той самай праграме.

в) Далучэнне прыватных ахвяраванняў — варыянт, якi найбольш выкарыстоўваўся ў гiмназiях, якiмi кiраваў М.Фурсаў. Упершыню — у Шавельскай гiмназii[77], пазней — у Слуцкай i Магiлёўскай, i таму з 1871 г. выпадкi адмовы ў прыёме ў гэтыя гiмназii былi вельмi рэдкiмi параўнальна з практыкай iншых навучальных установаў Вiленскай навучальнай акругi.

Інакш кажучы, з пачатку 1870-х г., дзякуючы Фурсаву, якi абгрунтаваў магчымасць фiнансавання паралельных класаў, адмiнiстрацыя падпарадкаваных яму навучальных установаў страцiла магчымасць супроцьзаконнай нажывы на дэфiцыце навучальных месцаў, i гэта растлумачвае лiтаратурны зварот некралога «не преклонялся перед золотыми колесницами».

V. Каб перайсцi да чарговай фiгуры замоўчвання некралога — дабрачыннай дзейнасцi М.Фурсава, варта адзначыць невялiкую колькасць сведчанняў друку, што, напэўна, тлумачыцца яго прыналежнасцю да кола асобаў, якiя прывыклi «творить милость в тайне». І ўсё ж нейкая iнфармацыя засталася.

а) Згодна з данясеннем Шавельскага дырэктара вучылiшчаў (ён жа — дырэктар гiмназii) ад 30 лiпеня 1872 г. за № 688, у асяродку супрацоўнiкаў гiмназii прайшла падпiска на стыпендыю для аднаго з малазабяспечаных вучняў Шавельскай гiмназii, незалежна ад яго саслоўнага паходжання, якi вызначаўся поспехамi ў навучаннi. Найвышэйшым загадам ад 30 лiстапада 1872 г. гэтай стыпендыi (працэнты з сумы ў 400 руб.) нададзена iмя Пятра Вялiкага[78].

б) Як мы адзначылi ў каментары 26, з 1883 да 1887 г. М.Фурсаў быў членам дабрачыннай арганiзацыi «Магiлёўскае багаяўленская брацтва», у функцыi якога ўваходзiла дапамога народнай адукацыi. Унёсак Фурсава ў дзейнасць гэтай арганiзацыi не абмяжоўваўся штогадовай уплатай членскiх узносаў у мiнiмальным памеры, вызначаным для сапраўдных членаў (3 руб. на год): Багаяўленскаму брацтву належаў увесь наклад складзенага iм метадычнага дапаможнiка па навучаннi лiчэнню. Паколькi метадычнае кiраванне царкоўна-прыходскiмi школамi не ўваходзiла ў абавязкi дырэктара гiмназii[79], а ў справаздачах Багаяўленскага брацтва не адзначаныя якiя-небудзь выплаты аўтару, мы схiльныя разглядаць гэтую кнiгу як падарунак беларускiм дзецям. Пры гэтым трэба адзначыць тры акалiчнасцi: 1) форма ўдзелу Фурсава ў гэтай арганiзацыi (пераважна квалiфiкаваная праца, а не грашовыя ахвяраваннi), паводле нашых назiранняў, характэрная для дабрачыннай дзейнасцi сталiчнай iнтэлiгенцыi таго часу; 2) пра ўдзел дырэктара Магiлёўскай гiмназii ў дзейнасцi Брацтва нам вядома не з газеты, што выходзiла пад яго рэдакцыяй, а па публiкацыях выдання, у якiм Фурсаў не супрацоўнiчаў («Магiлёўскiя епархiяльныя ведамасцi»); 3) спыненне членства М.Фурсава ў Багаяўленскiм брацтве, на наш погляд, звязана з тым, што з сярэдзiны 1880-х г. дзейнасць гэтай арганiзацыi ў сферы адукацыi набыла формы, не ўласцiвыя вядомым нам прыёмам методыкi дырэктара гiмназii: раздача абразоў, крыжоў i да т.п.

в) Як сведчаць крынiцы, пералiчаныя ў кам. 46, з 1897 да 1901 г., г.зн. у той час, калi М.Фурсаў жыў выключна на пенсiю i зведваў матэрыяльныя цяжкасцi, ён дармова выконваў абавязкi педагога ў Магiлёўскай жаночай нядзельнай школе. Да гэтага мы хацелi б дадаць, што ў гэты ж час М.Фурсаў разам з магiлёўскiм гандляром кнiгамi Я.Сыркiным сваiмi ахвяраваннямi заклалi падмурак для бiблiятэкi гэтай школы[80].

VI. Каб перайсці да чарговай фігуры замоўчвання ў тэксце некралога — выкладчыцкай дзейнасці М.Фурсава пасля сыходу з пасады настаўніка гісторыі Пскоўскай гімназіі (1858), адзначым, што ў дачыненні да асобы аўтара некралога, на наш погляд, яна вытлумачваецца дзвюма акалічнасцямі: а) ён не быў магілёўскім старажылам і, адпаведна, калегам Фурсава; б) у педагагічнай дзейнасці дырэктара гімназіі аўтара цікавіў пераважна яе адміністрацыйны бок. Між тым, інфармацыя пра выкладчыцкую дзейнасць гэтага педагога, раскіданая па крыніцах, дазваляе сцвярджаць, што для соцень выхаванцаў навучальных установаў чатырох губерняў Фурсаў быў не толькі адміністратарам, але і настаўнікам.

1. Адначасова з адміністрацыйнай працай у якасці інспектара класаў Пскоўскага вучылішча вайсковага ведамства Фурсаў выкладаў у Пскоўскім жаночым вучылішчы 1-га разраду расійскую мову і гісторыю ды займаў у гэтай самай навучальнай установе пасаду члена педагагічнай рады і справавода. Адзначым дарэчы, што ў Пскоўскай губернскай памятнай кніжцы адлюстравана таксама яго пасада дырэктара і скарбніка прытулку св.Вольгі[81].

2. Пасаду дырэктара Шавельскай гімназіі М.Фурсаў сумяшчаў з выкладаннем расійскай славеснасці, расійскай і лацінскай моваў, эпізадычна — таксама гісторыі, геаграфіі, прыродазнаўчых навук, чыстапісання і малявання[82].

3. Герой нашага артыкула, калі быў дырэктарам Слуцкай гімназіі, выкладаў агульную геаграфію, расійскую і лацінскую мовы, эпізадычна — расійскую славеснасць[83].

4. Калі дырэктар Магілёўскай гімназіі перайшоў на сталую пасаду ў Віленскай навучальнай акрузе, то спалучаў яе з выкладаннем расійскай славеснасці, гісторыі і геаграфіі, эпізадычна — латыні[84].

Паколькі ў нас няма прамых сведчанняў крыніц пра методыку выкладання гісторыі дырэктара трох гімназій Віленскай акругі, пададзім яе характарыстыку, апісаную на аснове архіўнай справы №1990 Пскоўскай гімназіі яе гісторыкам, выхаванцам Пецярбургскага універсітэта Паўлам Аляксееві чам Гаварлівым[85].

„Преподаватель истории, М.В.Фурсов, обращал большое внимание на черчение карт замечательных исторических местностей, заставлял учеников писать на доске хронологию, чертить генеалогические таблицы, для лучшего усвоения учениками связи между событиями изображал ее посредством чертежа, ежемесячно производил ученикам письменные экзамены”[86].

Як бачна з пададзенай вытрымкі, методыка нагляднага навучання, якую выкарыстоўваў М.В.Фурсаў, развівала памяць, назіральнасць і здольнасць да лагічнага мыслення, таму мы мяркуем, што ў інтэлектуальных дасягненнях вучняў гімназій, дзе яму даводзілася выкладаць, заўважны ўнёсак гэтага педагога. Падамо выбарачны спіс вучняў адной Магілёўскай гімназіі.

Аміцін Гірш (Рыгор Самойлавіч, 1866 — ?). Скончыў у 1886 г. Д-р медыцыны.

Гаеўскі Сямён Якаўлевіч (1863 — ?). Скончыў у 1884 г. Судовы следчы м.Рудня Магілёўскай губ. (з 1889 г.).

Гісін Берка (Гісен Барыс Яфрэмавіч, 1866 — ?). Скончыў у 1884 г. Канд. права, памочнік прысяжнага паверанага (Магілёў).

Галынец Лявон (Лявонці Іванавіч, 1856 — ?). Скончыў у 1877 г. Д-р медыцыны, аўтар дысертацыі па медыцынскай геаграфіі і статыстыцы Магілёва.

Гарбатоўскі Вацлаў-Мікодым Ксаверавіч (1862 — ?). Скончыў у 1883 г. Д-р медыцыны, гісторык аховы здароўя.

Забэла Мікалай Міхеевіч (1862—1885). Скончыў у 1881 г. Народнік-прапагандыст. Загінуў у высылцы.

Залкінд Лейба-Моўша (Леанід Сямёнавіч, 1861—1929). Скончыў у 1881 г. Народаволец, даследчык бурацкага народа, гісторык рэвалюцыйнага руху.

Капцелеў Уладзімір Аляксеевіч (1863 — ?). Скончыў у 1884 г. Таварыш магілёўскага губернскага пракурора па Горацкаму і Чавускаму ўездах.

Краўзэ Уладзімір Маркавіч (1858 — 1901). Скончыў у 1876 г. Пісьменнік, педагог, філолаг, перакладчык.

Лепяшынскі Панцеляймон Мікалаевіч (1868 — 1944). Скончыў у 1886 г. Д-р гістарычных навук, арганізатар Маскоўскага музея рэвалюцыі.

Мандэльштам Генрых (з 1914 г. — Андрэй) Мікалаевіч (1868—1939). Скончыў у 1886 г. Дыпламат, д-р права.

Мартынаў Уладзімір Сямёнавіч (1866 — ?). Скончыў у 1884 г. Падатковы інспектар Горацкага ўезда Магілёўскай губ. (з 1893 г.).

Акіншэвіч Міхаіл Львовіч (1860 — не раней за 1914). Скончыў у 1897 г. Выкладчык старажытных моваў Гомельскай і Берасцейскай прагімназій, перакладчык.

Гэты спіс мы разглядаем як дапаўненне фігуры замоўчвання не канкрэтнага тэксту, але ўсяго жанру, да якога належыць тэкст: у некралогах педагогаў таго часу імёны іх выхаванцаў згадваліся ў выключных выпадках, а таму пра ролю асобы настаўніка ў фармаванні наступных пакаленняў мы можам меркаваць па афіцыйных справаздачах, сведчаннях сучаснікаў (часта — даволі далёкіх ад сапраўднасці), але не па дзейнасці вучняў, якая, з улікам іншых уплываў, — сапраўды аб’ектывізаваны вынік працы настаўніка.

VII. Пры пераходзе да наступнай фігуры замоўчвання мы канстатуем, што роля адміністрацыі ў развіцці навуковых даследаванняў расійскай правінцыі была даволі вялікай. Ці даводзіла ся М.Фурсаву выкарыстоўваць службовае становішча дырэктара трох гімназій для арганізацыі рэгіянальных даследаванняў Заходняга краю? Не маючы дакладнай інфармацыі, мы прыйшлі да высновы, што такія факты мелі месца хаця б тройчы.

1. У 1865—1866 г. па прапанове дырэктара Шавельскай гімназіі некалькі вучняў пад час вакацыяў займаліся зборам этнаграфічных і фальклорных матэрыялаў.

2. Згодна з данясеннем М.Фурсава, 20 студзеня 1874 г. у Слуцкай гімназіі (дзе ён выконваў абавязкі дырэктара) пачаліся метэаралагічныя назіранні[87]. Для ацэнкі гэтай падзеі адзначым дзве акалічнасці: а) усе метэастанцыі пры гімназіях уваходзілі ў склад цэнтралізаванай метэаралагічнай службы, бо матэрыялы назіранняў рэгулярна накіроўваліся ў галоўную фізічную абсерваторыю; б) з пункту погляду спецыялістаў таго часу, колькасці пунктаў назірання ў Еўрапейскай Расіі было недастаткова для выканання жыццёва неабходных прац: прагнозу ўраджайнасці збажыны і, адпаведна, коштаў на хлеб, тэрмінаў і магчымых паследкаў паводак і да т.п. Таму назавем імя першага слуцкага метэаролага ў той форме, у якой яно названа ў цытаванай намі кнізе І.Глебава: заслужаны выкладчык, стацкі саветнік, настаўнік фізікі і матэматыкі ў Слуцкай гімназіі (16 лютага 1874 — 10 верасня 1896) Мікалай Іванавіч Чудоўскі[88].

3. У 1879 г., паводле справаздачы М.Фурсава, у рамках літаратурных чытанняў па прадмеце „геаграфія” вучнем 7-га класа Магілёўскай гімназіі Карлам Каменскім быў прачытаны даклад „Белоруссия. Характер и хозяйство белоруссов”, не прадугледжаны ніякімі навучальнымі праграмамі, і, такім чынам, аўтар справаздачы адказваў за яе змест і як дырэктар, што дазволіў чытанне даклада, і як выкладчык геаграфіі ў 7-м класе. Напэўна, таму ў справаздачы спецыяльна адзначала ся, што ў адрозненне ад іншых дакладчыкаў гімназіст Каменскі не падаў пісьмовага тэксту: дырэктар разумеў, што ў той складаны час асобныя моманты такой незвычайнай па тэме працы маглі быць не так вытлумачаны, а гэта паўплывала б на лёс гімназіста[89].

VIII. Перш чым перайсці да прычынаў і абставінаў адстаўкі М.Фурсава, якія невядомыя аўтару некралога, аднак пацвярджаюць яго пункт погляду пра недастатковую ацэнку працы педагогаў, уласцівую расійскай адміністрацыі, мы выказваем падзяку супрацоўніку РДГА Б.М.Вітэнбергу за паведамленне пра страту (у 1921 г.) з фондаў МНА пенсійнай справы дырэктара Магілёўскай гімназіі, і будзем абапірацца толькі на друкаваныя крыніцы, адкуль вынікае:

а) Адстаўка М.Фурсава ніяк не звязаная з станам яго здароўя, пра што сведчаць падзякі, якія яму рэгулярна абвяшчала кіраўніцтва акругі як педагогу, што не прапусціў ніводнага ўрока[90].

б) Выхад М.Фурсава ў адстаўку рэзка зменшыў яго даходы. Згодна з апошнімі афіцыйнымі звесткамі, апублікава нымі ў „Памятной книжке Виленского учебного округа за 1885—86 учебный год”, яго гадавы аклад як дырэктара Магілёўскай гімназіі складаў 1200 руб. Апрача гэтага ён атрымліваў штогадовыя выплаты ў выглядзе сталовых (800 руб.) і пенсіі (800 руб.), і здзельна плату за ўрокі (у дадзеным выпадку названа сума ў 360 руб.). Звыш таго, ён карыстаўся казённай кватэрай, якую страціў з выхадам у адстаўку[91]. Памер прызначанай М.Фурсаву пенсіі — 1020 руб., на 170 руб. заніжаны аўтарам некралога, мы аргументавалі вышэй.

в) З супастаўлення дзвюх датаў: звальнення магілёўска га дырэктара (26 ліпеня 1886 г.) і яго прашэння аб прызначэнні яму пенсіі 17 верасня гэтага года[92], — відавочна, што адстаўка М.Фурсава пасля заканчэння апошняга прадаўжэн ня тэрміну службы была для яго нечаканай, г.зн. з ініцыятывы вышэйшай адміністрацыі.

Мы бачым дзве магчымыя прычыны звальнення магілёўскага дырэктара.

а) Наш герой прытрымліваўся прынцыпаў верацярпі масці. Між тым, на наступны год пасля яго звальнення ў Расійскай імперыі, з недапушчальнай супярэчнасцю з гэтым прынцыпам, у сярэдніх навучальных установах Віленскай акругі, была ўведзена 10-працэнтная норма для яўрэеў па прыкмеце веравызнання. З нашага пункту погляду, які, напэўна, супадае з думкай кіраўніцтва Міністэрства народнай адукацыі таго часу, М.Фурсаў не падыходзіў для рэалізацыі гэтай меры ў яго гімназіі.

б) Напярэдадні звальнення М.Фурсаў, як рэдактар „Губернских ведомостей”, апублікаваў крытычныя заўвагі магілёўскага губернскага прадвадзіцеля дваранства Л.Н.Цітова на сваю справаздачу па агульнай кватэры вучылішча пры Магілёўскай гімназіі. Частка заўвагаў тычылася парадку выдаткоўвання сумаў дваранскага дэпутацкага сходу, на сродкі якога і ўтрымліваўся гэты інтэрнат для гімназістаў усіх станаў. З пункту погляду адміністрацыйнай логікі публічная крытыка дзеянняў дырэктара магла прывесці да страты яго аўтарытэту сярод гімназістаў і іх бацькоў, якія належалі да найвышэйша га стану Расійскай імперыі[93]. Разам з тым крыміналу ў яго дзеяннях не было, што было прызнанае як захаваннем права насіць мундзір, так і прызначэннем пенсіі.

IХ. Чарговую фігуру замоўчвання мы сфармулявалі б як адсутнасць пераліку вядомых аўтару некралога літаратурных псеўданімаў М.Фурсава. (Нагадаем, што ананімны аўтар правільна атрыбутаваў тэксты рэдактара губернскіх ведамасцяў, падпісаных М.Ф. і М.Ф-ъ , але не сказаў, як яны падпісаныя.) Пытанне гэтае актуальнае, бо аўтарства М.Фурсава відавочнае толькі ў дачыненні да „Циркуляра по управлению Виленским учебным округом”: з-за афіцыйнага характару выдання амаль усе яны падпісаныя (або пасадаю, або прозвішчам), ці вызначаюцца яго адказнасцю як службовай асобы за дастаўку адрас-каляндарных, статыстычных або іншых звестак. Што датычыцца яго публікацый у губернскіх ведамасцях, то часцей за ўсё ён падпісваўся псеўданімамі або друкаваўся без подпісу, што часткова звязана з яго грамадскім становішчам. Пры вызначэнні аўтарства М.Фурсава мы кіраваліся наступнымі меркаваннямі.

1. З-за высокага ўзроўню адукацыі, філалагічнай спецыяльнасці, вопыту педагагічнай працы і навыкаў адміністратара асаблівасці яго стылю не могуць быць асноўным крытэрыем яго аўтарства, бо ва ўсіх тэкстах газеты, якую ён рэдагаваў, за выключэннем гістарычных крыніц (у тым ліку помнікаў фальклору[93]), рабілася стылістычная праўка. Разам з тым яны могуць выкарыстоўвацца як дадатковыя крытэрыі. Пералічым найбольш адметныя асаблівасці стылістыкі рэдактара.

а) Паколькі гэта дапускаецца спецыфікай жанру (дарожныя нататкі, навуковыя артыкулы), М.Фурсаў звяртаўся да чытача ад першай асобы адзіночнага ліку („я полагаю”, „я считаю”), што не зусім звычна для таго часу і сведчыць пра звычку аўтара адказваць за свае словы.

б) Прапорцыя замежных словаў у аўтарскай лексіцы М.Фурсава тыповая для сталічнай інтэлігенцыі таго часу, аднак для яе характэрныя не столькі галіцызмы, колькі лацінізмы, якія даходзяць да цытавання антычных аўтараў без перакладу (у лацінскай транскрыпцыі). Мы растумачылі б такое незвычайнае словаўжыванне высокай эрудыцыяй рэдактара ў сферы класічнай філалогіі, з аднаго боку, а з другога — веданнем чытацкай аўдыторыі, значную частку якой складалі чыноўнікі, якія атрымалі адукацыю ў класічнай гімназіі або ў духоўнай семінарыі. Што датычыцца прапорцыі іншамоўнай лексікі ў гістарычных публікацыях, то яна вызначалася мовай крыніцы. У прыватнасці, артыкул „О рукописном сборнике духовных стихов, записанных в Могилеве в начале ХIХ текущего столетия”[94] уяўляе сабой каментаваную публікацыю тэксту, напісанага макаранічнай мовай з выкарыстаннем беларускай, царкоўнаславянскай, польскай лексікі.

в) У аўтарскай мове М.Фурсаў карыстаўся літаратурнай лексікай другой паловы ХIХ ст. (архаізмы для яе нехарактэр ныя). У якасці прыкладу назавем слова „повсюдный” у значэнні „повсеместный”, якім не карысталіся ў часы Пушкіна і Лермантава, аднак ужывалі І.Ганчароў, Г.Успенскі, а таксама, згодна з паведамленнем супрацоўніка аддзела рукапісаў РНБ В.Загрэбіна, настаўнік рэдактара „ведомостей” праф. І.І.Сразнеўскі. Выкарыстоўваў гэтае слова М.Фурсаў зусім не „повсюдно”, а толькі ў прыгаданых намі працах па археалогіі, што было, як нам уяўляецца, рэакцыяй на моўнае атачэнне: у беларускай, польскай і літоўскай лексіцы кораняслоў „место” (з варыянтамі) азначае „город”, а курганныя могільнікі Магілёўшчыны ён з гарадскімі пасяленнямі не звязваў.

г) У асобных выпадках М.Фурсаў выказваў нязгоду з аўтарам праз рэдакцыйны каментар, звычайна падпісаны „ред.”. Яны сустракаюцца і ў раздзеле „Хроники”, якія найчасцей вяліся рэдактарамі.

д) Паколькі, па словах аўтара некралога, М.Фурсаў выказаў сябе „весьма стойким русским деятелем”, адзначым устойлівае этнічна афарбаванае словазлучэнне, якое сустракаецца ў тэкстах, напісаных рэдактарам газеты: „большое русское спасибо”, якім рэдактар звычайна рэзюмаваў рэцэнзіі на дабрачынныя спектаклі магілёўскага яўрэйскага гуртка аматараў драматычнага і музычнага мастацтва на карысць незабяспечаных вучняў. Адзначым яшчэ тры акалічнасці: 1) іншых выпадкаў гэтага словаўжывання ў тэкстах М.Фурсава мы не сустрэлі; 2) апрача М.Фурсава гэтае ж словазлучэнне і ў тых самых выпадках сустракаецца ў рэцэнзента, які падпісваўся псеўданімам „Русский”, аднак мы не знайшлі доказаў прыналежнасці гэтых тэкстаў рэдактару, а не яго нявызначанаму аднадумцу; 3) з ліку навацый у педагогіцы яўрэйскай школы М.В.Фурсаў выяўляў найбольшую цікавасць да дзейнасці сельскагаспадарчых курсаў пры магілёўскай талмуд-торы і лічыў вельмі карысным распаўсюджванне вопыту іх працы[95].

2. Вызначэнне аўтарства М.Фурсава не па фармальным, а па змястоўным боку яго публікацый уяўляецца праблематычным. Мы ўжо паказалі, што рэдактару губернскіх ведамасцяў даводзілася выкладаць большасць прадметаў абавязковага гімназічнага курса і кантраляваць дзейнасць іншых выкладчыкаў, якія атрымалі спецыяльную адукацыю ва універсітэтах. Гэта прывяло да выхаду кола ведаў дырэктара трох гімназій за межы універсітэцкай спецыялізацыі і адбілася на разнастайнасці тэматыкі яго публікацый, што найбольш відавочнае па рэцэнзіях на самыя розныя выданні (у тым ліку на энцыклапедыі універсальнага зместу). Стан магілёўскіх бібліятэк і практыка абмену рэдакцыі „Могилевских ведомостей” з іншымі рэдакцыямі дазвалялі Фурсаву сачыць за айчыннымі (у тым ліку гістарычнымі) выданнямі, але яму амаль не даводзілася спасылацца на навінкі замежнай літаратуры: службовыя абавязкі не дазвалялі надоўга выязджаць з Магілёва для навуковых заняткаў. Разам з тым менавіта дзякуючы службоваму становішчу герой некралога змог увесці ў навуковы ўжытак дакументы Магілёўскага музея, архіва гімназіі, статыстычнага камітэта і матэрыялы культурнага слоя могільнікаў Прыдняпроўя.

3. Перш чым пералічыць літаратурныя псеўданімы М.Фурсава, адзначым, што ў „Могилевских губернских ведомостях” прозвішча рэдактара цалкам у якасці аўтара сустракаецца вельмі рэдка і, мяркуючы па форме літаратурных імёнаў (скарачэнне поўнага імя), яны выкарыстоўваліся не для таго, каб схаваць, а для таго, каб пазначыць аўтарства.

3.1. Псеўданім М.Ф., аргументаваны ў кам.29, — найбольш распаўсюджаная форма подпісу М.Фурсава ў „Могилевских губернских ведомостях”. Сустракаецца ўпершыню як пазначэнне аўтарства артыкула „Описание празднования Могилевскою мужскою гимназиею тысячелетия со дня блаженной кончины славянского первоучителя св.Мефодия” // МГВ, 1885, Ч.н., № 31, 17 крас. С. 115 — 116; у апошні раз — як подпіс артыкула „Дополнительные сведения о женской воскресной школе” // Тамсама, 1897, № 92, 15 ліст. С. 450.

3.2. Псеўданім М.Ф-въ (гл. кам. 29) у тэкстах газеты сустракаецца рэдка (упершыню — у фрагменце каментаванага артыкула, апублікаванага 10 снежня 1894 г., № 99).

3.3. Псеўданім, падпісаны усімі трыма ініцыяламі рэдактара — М.В.Ф. — нам сустрэўся толькі аднойчы: у нататцы „Воскресные чтения в народных училищах Могилевской губернии” // МГВ, 1886, Ч.н., № 56, 12 ліп. С.235.

3.4. Псеўданім Ф., як подпіс рэдактара, мы вызначылі па адсылцы ад рэцэнзіі „Шесть гастрольных спектаклей артистов Л.П. и М.М. Петипа” (МГВ, 1894, Ч. н., № 38, 11 траўня. С.144 — 145; 14 ліст. С. 150), падпісанай М.В. (г.зн. Фурсавым), на папярэднюю публікацыю „Хроника пасхальной недели” (тамсама, 1984, Ч.н., 27 крас. С. 125), падпісаную Ф., з якой бачна тоеснасць аўтарства.

3.5. Больш празрысты псеўданім рэдактара М.Ф-в нам сустрэўся толькі ў нататцы „Нашла коса на камень” (пра канакрадства ў Рагачоўскім уездзе), апублікаванай у „Могилевских ведомостях” 1894 г., № 4, 12 студзеня (с. 14 — 15). За межамі Магілёва гэтым самым подпісам пазначана аўтарства артыкула „Царь Петр в Белоруссии и битва при деревне Лесное” // Віленскі каляндар на 1894 год. Вільня, 1893. С. 185 — 204 . Аўтарства гэтага артыкула вызначаецца па супадзенні не толькі псеўданімаў, але і пунктаў погляду на спосаб ушанавання памяці палеглых вайскоўцаў не будаўніцтвам дарагога помніка (як прапаноўваў Е.Р.Раманаў), а стварэннем школы для навакольных дзяцей (с. 204). Гэтая ж думка выказаная і ў згаданым (кам. 42) „Дневнике курганных раскопок…”, падпісаным яго прозвішчам[96].

Х. І апошняя фігура замоўчвання, якая ўяўляе адступленне ад жанру некралога: аўтар не назваў месца пахавання М.В.Фурсава. Мы змаглі вызначыць яго дзякуючы Б.М.Вітэнбергу, супрацоўніку РДГА, — месца захавання фонда кіравання справамі складальніка расійскага правінцыйнага некропаля в.кн. Мікалая Міхайлавіча. Дакумент сведчыць, што Фурсаў Мацвей Васілевіч, сапраўдны стацкі саветнік, дырэктар Магілёўскай мужчынскай гімназіі, пахаваны пры Магілёўскім катэдральным (Іосіфаўскім) саборы[97]. Лёс гэтага сабора, узведзенага паводле праекта Н.Львова і распісанага В.Баравікоўскім, агульнавядомы: у 1937 г. ён быў разбураны, і над магілай М.Фурсава з 1940 г. узвышаецца гатэль „Днепр” (вул. Першамайская, 29).

ХI. Перш чым перайсці да вызначэння найбольш верагоднага (з ліку магілёўцаў) ананімнага аўтара некралога, адзначым, што мы не будзем разглядаць дапушчэння пра аўтарства гісторыка, які на той час больш за ўсё зрабіў для вывучэння гісторыі Магілёўскай гімназіі — героя некралога М.Фурсава. Нам гэтае дапушчэнне здаецца неверагодным, бо аўтабіяграфіі (аўтаэпітафіі), загадзя перададзеныя рэдактару, наогул не характэрныя для расійскай прэсы. Гэты выпадак не быў выключэннем з агульнага правіла. Мы не можам уявіць, што Фурсаў не ведаў памераў сваёй пенсіі. Будзем разглядаць толькі рэальныя варыянты.

1. Еўдакім Раманаў. Не будзем спасылацца на нашых папярэднікаў, якія не ўвялі названы ананімны тэкст у лік працаў рэдактара „Могилевских губернских ведомостей”[98], а падамо сваю аргументацыю. Е.Раманаў не мог напісаць сказ „Он поместил в „Губернских ведомостях” целый ряд ценных исторических статей”. Мы лічым гэты пункт погляду супярэчным думцы Е.Раманава па такіх прычынах: а) у вядомым артыкуле „Что сделано по изучению Могилевской губернии и что еще предстоит сделать”, апублікаваным у 1898 г., Е.Раманаў прыгадаў М.Фурсава толькі ў сувязі з раскопкамі курганных могільнікаў[99]. Працы гэтага аўтара, якія заснаваныя на пісьмовых крыніцах і пераважаюць у тэксце некралога, у артыкуле не прыгаданыя. Разам з тым у некралогу не прыгадваецца добра вядомая Е.Раманаву поўная публікацыя даклада М.Фурсава пра курганы Магілёўшчыны на IХ археалагічным з’ездзе (гл. кам. 41); б) за час рэдактарства Е.Раманава „Могилевские ведомости” не надрукавалі ніводнага артыкула М.Фурсава; в) у хуткім часе пасля смерці М.Фурсава пад рэдакцыяй Е.Раманава выйшла трохтомавае выданне „Могилевская старина”, дзе былі перадрукоўкі з „Могилевских губернских ведомостей”, але не было ніводнага артыкула папярэдняга рэдактара. З супрацьлегласці ацэнак гістарычных прац М.Фурсава, зафіксаваных у тэксце некралога, і поглядаў Е.Раманава вынікае, што гэты паважаны беларусазнаўца не быў аўтарам некралога.

2. Н.В.Тымінскі, настаўнік магілёўскай гімназіі, не мог напісаць, што М.В.Фурсаў „занялся педагогической литературой” толькі „по выходе в отставку”. Іх сумесны артыкул па гісторыі народнай адукацыі на Магілёўшчыне быў апублікаваны ў той час, калі суаўтар Тымінскага быў яго кіраўніком па службе (г.зн. у 1884 г., гл. кам. 24, 53).

3. Адзіным з вядомых нам магілёўскіх аўтараў, што спецыяльна займаўся гісторыяй Магілёўскай гімназіі па яе архівах, які мог напісаць названы некралог, быў калежскі саветнік, настаўнік гісторыі і геаграфіі Магілёўскай гімназіі М.Сазонаў. Паводле звестак з яго адзінай апублікаванай біяграфіі[100], мяркуемы аўтар нарадзіўся 29 кастрычніка 1866 г. у Петразаводску і паходзіў з мяшчанаў. Пасля сканчэння Аланецкай гімназіі (1886) і гістарычна-філалагічнага інстытута ў Пецярбургу па разрадзе гісторыі і славеснасці (1890) служыў у Свіслацкай настаўніцкай семінарыі (1890 — 1892) і Мазырскай прагімназіі (1892 — 1900), дзе дэбютаваў у якасці аўтара як складальнік гадавых справаздач пра яе стан. На пасаду настаўніка гісторыі і геаграфіі Магілёўскай гімназіі пераведзены менш чым за год да смерці М.Фурсава (1 жніўня 1900 г.), што сведчыць пра непрацягласць іх знаёмства, і гэта вытлумачвае шэраг недакладнасцяў у той частцы некралога, якая не заснаваная на сведчаннях Е.Раманава, дадзеных фармулярнага спіса і непасрэдных назіраннях аўтара.

На жаль, мы не можам назваць дату ўзнікнення цікавасці М.Сазонава да гісторыі Магілёўскай гімназіі. Разам з тым адзначым, што ў храналагічным спісе друкаваных прац гэтага аўтара, які прыкладаецца да яго біяграфіі, перад яго цытаванай раней працай „Историческая записка за столетнее существование Могилевской мужской гимназии. 1809 — 1909″ (Магілёў, 1909), змешчана не датаваная праца без пазначэння выхадных дадзеных „Памятная записка о положении Могилевской гимназии в период времени с 1860 по 1864 год”, факт выдання якой вызначыць мы не змаглі. Стылістыка „Исторической записки” не пярэчыць стылю некралога, прапорцыя фактычных недакладнасцяў (у той частцы, якая мае дачыненне да тэмы нашага артыкула) таксама супастаўляльная.

З усяго вышэйпрыведзенага вынікае, што з кола вядомых нам аўтараў прац па гісторыі Магілёўскай гімназіі некралог мог быць напісаны толькі М.Сазонавым, аднак дапушчальнае і аўтарства невядомай нам асобы.

ХII. Паводле вынікаў крыніцазнаўчай крытыкі тэксту, пазначанага ў назве нашага артыкула, апрача станоўчага вырашэння прыватнага пытання пра ідэнтычнасць складальніка пскоўскіх Памятных кніжак з вядомым магілёўскім гісторыкам, педагогам і журналістам, мы прыйшлі да наступных высноваў:

1. Уся дзейнасць Мацвея Фурсава, наколькі мы можам яе прасачыць па вядомых крыніцах, была ўвасабленнем лібералізму расійскай інтэлігенцыі. Яго лібералізм мы бачым у супрацоўніцтве з дэспатычнай дзяржаўнай уладай на ўмовах, пастаўленых дзяржавай, з мэтай развіцця народнай адукацыі, навукі і культуры. Вынік гэтага супрацоўніцтва быў вызначаны не толькі дэспатычным характарам расійскага самаўладства, якое злачыннай палітыкай русіфікацыі Заходняга краю кампраметавала расійскую мову, культуру і дзяржаўнасць ў вачах большасці яго насельніцтва, але і такімі высокімі якасцямі героя нашага артыкула, як узровень адукацыі, працавітасць і маральныя асновы, што адмаўлялі шавінізм. Паколькі дзейнасць М.Фурсава дала станоўчыя вынікі, зафіксаваныя ў яго публікацыях і працы яго шматлікіх вучняў, і ў сувязі з вызначаным фактам варварскага разбурэння магілы гэтага выдатнага дзеяча культуры, паўстае пытанне пра ўшанаванне яго памяці ў Беларусі. Мы прапанавалі б вырашыць яго з улікам асаблівасцяў асобы М.Фурсава ў дзвюх формах: а) выдаць зборнік яго прац, раскіданых па старонках рэдагаванай ім газеты (накшталт Архангельскага, Аланецкага, Эстляндскага і іншых зборнікаў, выдадзеных ГСК Расійскай імперыі) і б) стварыць мемарыяльную дошку з сціплым і лаканічным тэкстам на будынку былой Магілёўскай мужчынскай гімназіі (цяпер 3-я сярэдняя школа) па вул.Ленінскай, д. 41.

2. Паколькі газетныя некралогі — вельмі распаўсюджа ны тып гістарычных крыніц, і іх крытыка дае станоўчыя вынікі для гістарычных ведаў, мы лічым карысным і рэальным складанне паказальніка некралогаў (і іншых біяграфічных матэрыялаў), апублікаваных на тэрыторыі Беларусі ў канцы ХIХ — пачатку ХХ стагоддзя. Мяркуем, што такі паказальнік быў бы вельмі карысным для беларусазнаўцаў.


[ 1 ] Журнал Псковского губернского статистического комитета в заседании 22 марта 1802 г.// Псков. Губ. вед. 1802. №14. 4 крас. (Дадатак 2) С. (2); Отчет о действиях губернского статистического комитета за 1861 г. // Тамсама. 1862. № 22. Частка неафіцыйная (далей — Ч. н.). 6 чэрв. С. 321; Журнал общего заседания Псковского губернского статистического комитета 16 ноября 1862 г. // Тамсама. 1862. № 48. Дадатак. С. (1). Отчет о действиях Псковского статистическо го комитета за 1862 г. // Тамсама. 1863. № 22. 4 чэрв. С. 384 і інш. Спіс афіцыйных публікацый у губернскіх ведамасцях Пскоўскага ГСК, дзе М.В.Фурсаў быў таксама членам камісій па статыстыцы народнай асветы, вывучэнні пытання пра раскладку земскіх збораў і інш., з 1862 (№ 22) да 1864 (№ 41) гл. у выд.: Васильев И.И. Библиографический указатель статей, относящихся к Псковской губернии. 1517 — 1887. Псков. 1891. С. 74 — 76. Сярод калегаў М.В.Фурсава па Пскоўскаму ГСК найбольш вядомыя гісторык М.Сямеўскі, дзекабрыст М.Назімаў, літаратар Н.Яхантаў.
[ 2 ] Императорское Московское археологическое общество в первое пятидесятилетие его существования (1864 — 1914). Т. 2. Москва, 1915. С. 385.
[ 3 ] Нам вядомыя артыкулы пра М.Фурсава ў наступных выданнях: а) Каробушкіна Т. // Беларуская Савецкая Энцыклапедыя. Т. 10. Мінск. 1974. С. 653; б) Беларуская ССР. Кароткая энцыклапедыя. Т.5. Мінск. 1981. С. 624; в) Б.П. // Белорусская ССР. Краткая энциклопедия. Т.5. Мінск. 1982. С. 653; Каханоўскі Г. // Археалогія і нумізматыка Беларусі. Энцыклапедыя. Мінск. 1993. С. 632; д) Б.П. // Беларусь. Энцыклапедыч ны даведнік. Мінск. 1995. С. 735—736; е) Каханоўскі Г.А. // Мысліцелі і асветнікі Беларусі. Мінск. 1995. С. 567.
[ 4 ] Index bio-bibliographicus notorum hominum corp. alphabeticum. 1. Sectio generalis. V. 79. Osnabrьck. 1966. P. 74.
[ 5 ] Мы маем на ўвазе артыкул „Борисов камень в селе Высоком Городище Сенненского уезда Могилевской губернии” // Могилевские Губернские Ведомости (далей — МГВ). 1886. Ч. н. № 42. 24 траўня. С. 182—183. Звесткі пра іншыя яго публікацыі ў названай газеце пад час рэдакцыі М.Фурсава (да 1897) гл. у выд.: ХХV Библиографический указатель трудов Е.Р.Романова (1876—1901). Могилев. 1901. С. 4—12; Романов Е.Р. Указатель к неофициальной части „Могилевских губернских ведомостей” с 1839 по 1899 г. Могилев. 1899. С. 20—23 (псеўд. Радимич, Р.).
[ 6 ] МГВ. 1901. Ч. н. № 42. 26 траўня. С. 181.
[ 7 ] Тамсама. 1901. Ч.н. № 43. 30 траўня. С. 185—186. Б. подп.
[ 8 ] Непрацягласць хваробы М.В.Фурсава відавочная. Па публікацыі: „Отчет Могилевской женской воскресной школы за 1900—1901 учебный год”. Могилев. Тип. Губ. правл. (1901) 48, ІІ с. (2 марта 1900 — 2 марта 1901), фінансавая частка якога была ім падпісаная як загадчыкам гаспадарчай часткі (с. 46). З справаздачы вынікае, што пропускаў навучальных заняткаў у М.Фурсава па пасадзе выкладчыка арыфметыкі 4-й групы (с. 25) не было.
[ 9 ] Дата найвышэйшага надання названага чына — 28 снежня 1879 г. — вызначаецца па публікацыі: Высочайшие награды // Циркуляр по Виленскому учебному округу. 1880. № 2. Люты. С.36.
[ 10 ] Слова „затем” ананімны аўтар некралога ўжывае ў двух значэннях: „впоследствии” і „также”.
[ 11 ] Год нараджэння супадае з разлічаным па „Послужному списку инспектора классов Псковского училища военного ведомства, колл. сов. Фурсова. Сост. к 7 января 1865 года”, які захоўваецца ў фонде Міністэрства народнай адукацыі (РГИА, ф. 733, оп. 120, д. 227), дзе пазначаны ўзрост: 40 гадоў (л. 208об-209).
[ 12 ] Згодна з „Списком студентам и вольным слушателям…”, які прыкладаецца да кнігі праф. В.Грыгор’ева „Императорский Санкт-Петербургский университет в течение первых пятидесяти лет его существования”, СПб, 1870, Мацвей Фурсаў скончыў у 1848 г. 1-е аддзяленне Філасофскага факультэта па разрадзе агульнай славеснасці кандыдатам (CLXXXVII).
[ 13 ] Дакладная дата прызначэння М.Фурсава на дзяржаўную службу аднолькавая ва ўсіх вядомых нам крыніцах, у т.л. у выданні: Памятная книжка Виленского учебного округа на 1882/83 учебный год // Циркуляр по Виленскому учебному округу, 1883, № 4. Дадатак. С. 38, і адпавядае 16 лістапада 1848 г. У паслужным спісе, згаданым у кам. 11, пазначана дата ўваходжання на пасаду старшага настаўніка гісторыі 1-га разраду: 26 студз. 1848 г. (л. 208об.-209).
[ 14 ] Гады службы і пасада М.Фурсава ў названай гімназіі (1848—1858) прыведзены ў выданні: П.А.Говорливый. Историческая записка пятидесятилетия Псковской губернской гимназии и состоящего при ней пансиона. СПб. 1884. С. 93, і пацвярджаюцца звесткамі Памятных кніжак Пскоўскай губерні на 1850—1858 г.
[ 15 ] Згодна з ужо згаданым „Послужным списком…”, прызначаны на гэтую пасаду найвышэйшым загадам № 50 ад 16 лістапада1885 г., заняў пасаду 13 студз. таго самага года (л. 211об.-212).
[ 16 ] Пераведзены на пасаду Шавельскага дырэктара вучылішчаў, якая прадугледжвала і кіраўніцтва гімназіяй у якасці дырэктара, загадам № 8 ад 2 красавіка 1865 г. (апубл. у выд.: Циркуляр по управлению Виленским учебным округом. 1865. № 1, красавік. С. 27). Межы дырэкцыі (Шавельскі, Расонскі і Цельшаўскі ўезды Ковенскай губерні) вызначаныя Меркаваннем Дзяржаўнага савета, найвышэйша зацверджаным 15 ліпеня 1865 г. (апубл. тамсама. 1865. № 4. Верасень і кастрычнік. С. 6).
[ 17 ] Пераведзены на пасаду Слуцкага дырэктара вучылішчаў па прапанове кіраўніка Міністэрства народнай адукацыі № 11243 ад 28 кастрычніка 1872 г., апубл. тамсама. 1872. № 12. Снеж. С. 473—474.
[ 18 ] Дата прызначэння М.Фурсава на пасаду дырэктара Магілёўскай гімназіі пазначана ў „Памятной книжке Виленского учебного округа на 1882/83 учебный год”, прыкладзенай да № 4 цытаванага выдання за 1883 г. (с. 38) і адпавядае 4 снежня 1876 г.
[ 19 ] „Предложением г. министра народного просвещения от 26 июля за № 11404 директор Могилевской гимназии, действительный статский советник, Фурсов уволен от службы, за выслугою срока, с дозволени ем носить после отставки мундирный полукафтан, последней должности присвоенный.” Цытуецца па тым самым выданні. 1866. № 8. Жнів. С. 379. Тэрмін службы, неабходны для выслугі поўнай пенсіі па МНА, складаў 25 гадоў.
[ 20 ] Падамо фармулёўку прызначэння на гэтую пасаду: „Начальником губернии (т.е. А.С.Дембовецким) редактор Могилевских губернских ведомостей статский советник К.Рубановский уволен от этой должности согласно прошению, а на его место назначен действительный статский советник Фурсов, изъявивший на это согласие вследствие сделанного ему Его Превосходительством предложения (Перемены по службе // МГВ. 1883. № 13. 12 лют. С. 45). Першы нумар газеты пад рэдакцыяй М.Фурсава (1883. №12) выйшаў не 7, а 9 лютага, апошні (1897. № 91), — не 15, а 12 лістапада.
[ 21 ] Ацэнка асабістага ўнёску М.Фурсава ў палітыку русіфікацыі Заходняга краю не супадае не толькі з пункам погляду каментатара, але і з меркаваннем урада, бо сярод шматлікіх узнагарод гэтага дзеяча не было медаля „В память усмирения польского мятежа”. Падамо іх спіс: ордэны св. Уладзіміра 3 і 4 ступені, Станіслава і Ганны 2 ступені з імп. каронай, брыльянтавы пярсцёнак, медаль на памяць пра вайну 1853—1856 г. (Памятная книжка Виленского учебного округа за 1885/86 учебный год. Прилож. к № 1 Циркуляра по управлению Виленским учебным округом за 1886 г. С. 40).
[ 22 ] Гэта азначае, што М.Фурсаў не карыстаўся становішчам дырэктара гімназіі для ліхвярства за кошт гімназічнай казны і гандлю атэстатамі, медалямі і вакансіямі для першакласнікаў. Меркаванне аўтара некралога пацвярджаецца ўспамінамі калегі М.Фурсава па Шавельскай гімназіі настаўніка грэцкай мовы (пазней — драматурга) Н.Кулакова (Воспоминания педагога // Наша старина. 1916. № 9/10. С. 659—674), логікай паводзінаў М.Фурсава, які імкнуўся забяспечыць вакансіі для ўсіх абітурыентаў, здольных вучыцца ў гімназіі. Жыхары Магілёва неаднаразова давяралі яму адказныя пасады ў грамадскіх арганізацыях.
[ 23 ] Да прыезду ў Магілёў М.Фурсаў быў у двух навуковых арганізацыях: а) 22 снежня 1861 г. ён быў абраны ў першы склад рэфармаванага па палажэнні 1860 г. Пскоўскага ГСК, дзе працаваў у складзе камісіі, што разглядала пытанні публікацыі ў памятных кніжках і губернскіх ведамасцях Пскоўскай губерні (Отчет о действиях Псковского губернского статистического комитета за 1861 год // ПскГВ. 1862. № 22. 27 сакавіка. С. 318); б) 9 снежня 1865 г. адбылося яго абранне сапраўдным членам Ковенскага ГСК (журнал заседания Ковенского губернского статистического комитета 9 декабря 1865 г. // Ков.губ.вед. Ч. н. № 58. 22 снеж. С.229).
[ 24 ] Маецца на ўвазе беспрэцэдэнтная ў гісторыі ГСК Расійскай Эмперыі трохтомавая калектыўная манаграфія, выдадзеная ў 1882—1884 г. пад рэдакцыяй і па распараджэнні кандыдата Універсітэта св. Уладзіміра, старшыні Магілёўскага ГСК, губернатара (з 1872 г.) А. С. Дэмбавецкага. М.Фурсаву было даручана напісаць два артыкулы: а) Исторический очерк Могилевской губернии (назв. выд. Т. 1. Могилев. 1882. С. 1—159. 2-і пг., і б) (у суаўтарстве з настаўнікам старажытных моваў Магілёўскай гімназіі Н.В.Тымінскім) Училищное дело в губернии со времени присоединения Белорусского края к России, т.е. последней четверти XVII столетия (Тамсама. Т. 2. Могилев. 1884. С. 895—945). Першы артыкул заснаваны пераважна на апублікаваных крыніцах, якія адносяцца да ІХ ст. — 1831 г., у другі ўведзены ў навуковы зварот сярод іншых дакументаў матэрыялы гімназічнага архіва. Абодва фрагменты публікаваліся таксама асобнымі выданнямі. Пра суаўтара другога артыкула, які праслужыў у Магілёўскай гімназіі больш за чвэртку стагоддзя, гл.: Тыминский Н.О. (1851—1908) // Пятидесятилетие Петроградского историко-филологического института. Биогр. словарь лиц, окончивших курс института. Ч. 1. Пг. 1917. С. 82.
[ 25 ] Памылка на чвэрць стагоддзя. Гл. артыкул: Об основах училищного порядка. (Читано в Совете Псковского женского училища) // ПскГВ. 1881. Ч. н. № 40. 11 кастр. С. 727—730. Подп.: Фурсов. Назавем таксама яго першыя публікацыі ў Ковенскіх ГВ: Открытие народных училищ в Радзивилишках и Серейках, Шавельского уезда (1866. Ч. н. № 20. 19 сак. С. 76. Подп.: Ф), Магілёўскіх ГВ: Извещение (о результатах экзаменов в Могилевской гимназии) (1882. № 49. 19 ліп. С. 187—188. Подп.: Директор Могилевской гимназии), а таксама шматлікія тэксты педагагічнага зместу ў выд. „Циркуляр по управлению Виленским учебным округом 1867—1886 г.”
[ 26 ] Обучение счету в первоначальных народных школах. Составил директор Могилевской мужской гимназии М.В.Фурсов. Могилев на Днепре. Тип. Ш.Фридмана. 1884. 37(3) с. Увесь наклад — 1200 экз. — быў уласнасцю Магілёўскага Богаяўленскага брацтва (Отчет Могилевско го Богоявленского братства за 1884 г. // Могилевские еп. Ведомости. 1886. Ч. аф. № 6. 21 лют. С. 35). Аўтар з 4 сакавіка 1883 г. да 22 кастрычніка 1884 г. быў старшынёй савета Брацтва. Быў перавыбраны па просьбе, але заставаўся сапраўдным членам гэтай арганізацыі да 1887 г. ([Тихомиров Д.] Общее годичное собрание членов Могилевского Богоявленского братства // Могилевские еп. вед. 1884. № 8. С. 165. Подп.: Д. Т-в; Журнал общего собрания Могилевского Православного Богоявленского братства. 12 янв. 1886 // Тамсама. № 3. Ч. аф. 21 студз. С. 14; Отчет Могилевского Православного Богоявленского братства за 1886 г. // Тамсама. № 3/4. Ч. аф. 21 студз./ 1 лют. С. 90; Отчет Могилевского Православного Богоявленского братства за 1887 г. // Тамсама. 1888. № 6/7. 21 лют./ 1 сак. Ч. аф. С. 131). У апублікаваных спісах іншых рэлігійных арганізацый М.Фурсава не было. Падручнік складзены з улікам асаблівасцяў беларускай метралогіі і прызначаўся для настаўнікаў царкоўна-прыходскіх школ, якія не мелі неабходнай прафесійнай падрыхтоўкі.
[ 27 ] Апубл. пад той самай назвай у названым выд. у 1886 г. Ч. н. № 9. 28 студз. С. 41; № 10. 1 лют. С. 45; 5 лют. С. 50—51; № 12. 8 лют. С. 54; № 13. 12 лют. С. 58—59; № 14. 15 лют. С.63; № 16. 22 лют. С. 72; № 17. 26 лют. С. 76; № 19. 5 сак. С.85; № 20. 8 сак. С. 88—89. Без подпісу. Часткова супадае даслоўна і па змесце з тэкстам кнігі „Отчет о состоянии Могилевской мужской гимназии в 1884 г.” (Могилев на Днепре. Скоропечатня и литография Ш. Фридмана. 1885. 76 с.), надрукава най па распараджэнні М.Фурсава як дырэктара гімназіі, уключна з нетрадыцыйнай датай заснавання гімназіі 1789 г., што пацвярджае аўтарства артыкула.
[ 28 ] Апубл. пад назвамі: Печатание книг на русском языке в Могилевском крае под владычеством Польши // Тамсама. 1893. Ч. н. № 11. 6 лют. С. 40—42. Подп.: М.В.Фурсов, январь 1893 г. (о книгах XVII—XVIII вв.); Добавление к статье, напечатанной в № 11 губернских ведомостей о типографском деле в Могилевской губ. // Тамсама. № 25. 22 сак. С. 94 (о книгах 1816—1893 гг.). Аўтарства ананімнай часткі пацвярджаецца ў выд.: Романов Е.Р. Указатель к неофициальной части „Могилевских губернских ведомостей” с 1893 по 1899 год. Могилев. 1899. С. 22.
[ 29 ] Апубл. пад назвай, пазней выкарыстанай Раманавым як складальнікам аднаіменнага зборніка: Могилевская старина // Тамсама. 1894. Ч. н. № 82. 12 кастр. С. 337; № 86. 26 кастр. С. 355—356; № 87. 29 кастр. С. 362; № 88. 2 ліст. С. 367—368; № 92. 16 ліст. С. 383—384; № 99. 10 снеж. С. 324; № 102. 21 снеж. С. 341—342. Большая частка фрагментаў гэтай каментаванай публікацыі судовых справаў 1577—1588 і 1680 г. па магдэбургскім праве не падпісаная, пачатак (у № 82) падпісаны М.Ф., канец (у №№ 99, 102), адпаведна, М.Ф-ъ. Абодва псеўданімы раскрытыя ў вядомым слоўніку І.Масанава, без указання крыніцы (магчыма, ёю быў каментаваны намі тэкст), а першы з іх — у выд.: Саламевіч Я. Слоўнік беларускіх псеўданімаў і крыптанімаў. Мінск. 1983. С. 201, з спасылкай на слоўнік Масанава. Мы лічым гэтае раскрыццё правільным не толькі па супадзенні ініцыялаў з імем М.Фурсава, але і таму, што нумар газеты з публікацыяй некралога падпісаны Е.Раманавым, які быў добра знаёмы з працамі М.Фурсава і зафіксаваў названы артыкул у прыгаданым паказальніку зместу „Могилевских губернских ведомостей” пад той самай назвай, як і ў некралогу. Галоўны аргумент аўтарства М.Фурсава артыкулаў у названай газеце, падпісаных М.Ф., — прамое ўказанне ў прыгаданым артыкуле „Печатание книг на русском языке…” (Тамсама. 1893. № 11. 6 лют. С. 40—42) на яго аўтарства артыкула „О рукописном сборнике духовных стихов, записанных в Могилеве в начале ХІХ текущего столетия” // Тамсама. 1891. № 6. 19 студз. С. 21—22; № 13. 13 лют. С. 49 (назва: Духовные стихи. Из Могилевского сборника), падпісанага гэтым псеўданімам.
[ 30 ] Дакладная назва: Поселения смоленских кривичей в пределах нынешней Могилевской губернии // Тамсама. 1895. Ч.н. № 70. 2 вер. С. 293—294. Подп.: М.Фурсов. У артыкуле выказана меркаванне пра пачатковую дату беларускага глотагенэза: мяжа двух тысячагоддзяў новай эры.
[ 31 ] Больш дакладна: Бытовая сторона Буйницкого монастыря по древним историческим актам // Тамсама. 1883. № 22. С.86—87. Б. подп. Па дакументах 1641—1759 г. Аўтарства М.Фурсава пацвярджаецца вытрымкай з справаздачы пра стан Магілёўскай гімназіі ў 1884 г., апубл. у выд.: Циркуляр по управлению Виленским учебным округом. 1886. № 4. С. 122, дзе названы актыкул уключаны ў спіс публікацый дырэктара гімназіі ў губернскіх ведамасцях пад літарай а) і пад назвай „Буйницкий мужской монастырь по актам XVII и XVIII столетий”.
[ 32 ] Королевский лист (указ) на отдачу в трехлетний откуп евреям могилевских корчем // Тамсама. 1883. № 72. 7 вер. С. 281. Гістарычна -філалагічны каментар дакумента ад 29 студз. 1552 г., першапачат кова апубликаванага ў выд.: Русско-еврейский архив. Т. 1. СПб. 1882. Аўтарства М.В.Фурсава пацвярджаецца называннем у прыгаданым спісе яго публікацый у губернскіх ведамасцях пад літарай г) і пад назвай „Королевский лист (указ) на отдачу евреям в трехлетнюю аренду могилевских корчем”.
[ 33 ] Почему, когда и откуда появились на Литве евреи // Тамсама. 1884. Ч. н. №20. 10 сак. С. 77—78. Б. подп. Артыкул напісаны па апублікаваных крыніцах XIV—XVI ст. У нас няма іншых сведчанняў аўтарства гэтага артыкула, аднак, па сэнсавых супадзеннях з папярэднім (Королевский лист 1532 г.), мы лічым аўтарства М.Фурсава зусім верагодным.
[ 34 ] Где в Могилеве был построен путевой дворец Екатерины Великой? // Тамсама. 1884. Ч. н. № 77. 26 вер. С. 290. Б. подп. Па дакументах з архіва Магілёўскай гімназіі. Заканчэнне артыкула гл. у кам. 35.
[ 35 ] Где помещалась гимназия по открытии ее в Могилеве в 1809 г. сентября 19-го // Тамсама. 1884. Ч. н. № 80. 6 кастр. С. 302. Б. подп. Заканчэнне папярэдняга артыкула. Матэрыялы абодвух артыкулаў (тэксты дакументаў уключна) знаходзяць адпаведнасць у выд.: Отчет о состоянии Могилевской мужской гимназии в 1884 г. Могилев-на-Днепре. 1885.
[ 36 ] Водворение и успехи православия на Литве и в Белоруссии // Тамсама. 1885. Ч.н. № 24. 23 сак. С. 88; № 25. 27 сак. С. 92; № 26. 30 сак. С. 97; № 27. 3 крас. С. 100. Б. подп. Па крыніцах да XIV ст. уключна. Тэкст адлюстроўвае пункт погляду М.Фурсава на гісторыю ўзаемадзеяння хрысціянскіх канфесій у Заходнім краі, зафіксаваны ў многіх публікацыях газеты, якую ён рэдагаваў, г.зн. атрыбуцыя аўтара некралога зусім верагодная. Адзначым дарэчы, што ў рэлігійным друку М.Фурсаў не супрацоўнічаў.
[ 37 ] Надрукавана пад той самай назвай у тым самым выданні. Ч.н. 27 ліст. № 95. С. 390. Подп.: М.Ф. О памятных датах октября в истории России. Пра подпіс М.Ф. як псеўданім М.Фурсава гл.кам.29. Большасць ананімных публікацый па храналогіі Расіі ў „Могилевских губернских ведомостях” мы не змаглі атрыбутаваць.
[ 38 ] Мы лічым даказаным аўтарства М.Фурсава ў дачыненні да 176 тэкстаў, апублікаваных у „Могилевских губернских ведомостях”. У гэты лік не ўваходзяць рэдакцыйныя аб’явы, нераскрытыя ананімы.
[ 39 ] Паводле сведчання аўтара артыкула „Историческая записка о Могилевской губернской библиотеке” // МГВ. 1898. Ч. н. № 62. 5 жн. С. 247—248. Подп. В.О. (верагодна — в.а. сакратара Магілёўскага ГСК, у чыім падпарадкаванні была бібліятэка, У.М. Астроўскага), М.Фурсаў пачаў упарадкаванне і каталагізацыю названай бібліятэкі ў 1882 г. У выніку, з дазволу губернатара Дэмбавецкага ад 17 чэрвеня 1889 г., быў апублікаваны „Каталог книг и периодических изданий Могилевской публичной библиотеки, состоящей при местном статистичес ком комитете, с кратким перечнем содержания изданий, предпринятых учеными обществами и комитетами по собиранию сведений о России. Составлен в 1889 г.” Могилев-на-Днепре. Типогр. губ. правления. 1889 [4], 80, 27, 46 с. Прадмова „Несколько слов от составите ля” (с. 3, ненум.) падпісаная псеўданімам М.Фурсава ў губернскіх ведамасцях: М.Ф. На адзіным вядомым экзэмпляры, што захоўваецца ў РНБ, ад рукі пазначаны кошт: 75 к.
[ 40 ] Калекцыі музея Магілёўскага ГСК, разрабаванага пад час Вялікай Айчыннай вайны, каталагізаваныя ў кнігах: Описание Могилевского музея (редактора губернских ведомостей М.В.Фурсова), Могилев. губ. тип. 1891. 82 с., у трох дадатках да яго 1891—1893 г. і ў другім выданні: Описание Могилевского музея, сост. М.В.Фурсовым. Могилев-на-Днепре. 1898. 106 с. Сярод экспанатаў — дары Фурсава, яго археалагічныя знаходкі і элементы экспазіцыі, выкананыя яго вучнямі, сярод якіх адзначым павялічаную копію гравіраванага віда Магілёва XVIII ст., зробленую ў 1886 г. васьмікласнікам гімназіі Эванам Арнольдам (згадваецца ў гістарычна-тапаграфічным артыкуле апекуна музея М.Фурсава „О картине, изображающей Могилев в XVIII столетии” // МГВ. 1893. № 56. 14 ліп. С. 196—197). Пра музейную дзейнасць М.Фурсава гл.таксама: Островский В.Н. Отчет по Могилевскому музею за 1898 г. МГВ. 1899. № 46. 9 чэрв. Дадат. С. 1—3.
[ 41 ] На ІХ археалагічным з’ездзе М.Фурсаў, як прадстаўнік Магілёўскага ГСК, выступіў з дакладам „Курганные раскопки пяти уездов Могилевской губернии в 1892 г.” (зачытаны ў аддзяленні „Первобытные древности” 4 жн. 1893 г., цалкам апублікаваны ў выд.: „Труды ІХ археологического съезда”. Т. 1. 1895. С. 236—245). 13 жн., у адсутнасць дакладчыка, на пасяджэнні аддзялення „Памятники быта” праф. С.Ф.Платонаў зачытаў яго рэферат пра беларускае свята „Свечи” (Известия ІХ археологического съезда в г. Вильне. 1893. № 1. Б.д. С. 5; № 6. 4 жн. С. 2—3; № 13. 13 жн. С. 11—12; Труды ІХ археологического съезда. Т. 2. Протоколы. Москва, 1897. С. 113—114. Па выніках працы на з’ездзе 29 ліст. 1893 г. М.Фурсаў адзінагалосна быў абраны членам-карэспан дэнтам Эмп. Магілёўскага археалагічнага таварыства, пра што паведамлялася ў неаф.частцы МГВ, № 100 ад 15 снеж. (с. 395).
[ 42 ] Пра арганізацыю і методыку археалагічных даследаванняў 60 курганных могільнікаў у даліне Дняпра з 7 ліпеня да 9 верасня 1892 г. па праграме ІХ археалагічнага з’езда М.Фурсавым і кандыдатам Маскоўскага універсітэта С.Чалоўскім дае ўяўленне „Дневник курганных раскопок, произведенных по поручению г. начальника Могилевской губернии А.С.Дембовецкого, в течение 1892 г. в уездах Рогачевском, Быховском, Климовичском, Чериковском и Мстиславском д.ст.сов. Фурсовым и старшим чиновником особых поручений при губернато ре Сем. Юл.Чоловским”, апублікаваны як у выглядзе дадатка да Памятнай кніжкі Магілёўскай губерни на 1893 г., Могилев, [1893]. С. XXVI—LXXXIII, так і асобным выданнем. У выніку раскопак вызначыліся 4 варыянты обраду трупаспалення, датаванне якіх з-за нераспрацаванасці шкалы керамікі ў гэты час было немагчымым. Два варыянты былі атрыбутаваныя М.Фурсавым, па летапісных аналогіях, як славянскія, два іншых, напэўна, належалі да ранняга жалезнага веку.
[ 43 ] Адзінае сведчанне магілёўскага друку пра раскопкі М.Фурсава пасля Віленскага з’езда адносіцца да яго даследавання кургана каля м.Цяцерын (Цецержын) 2 жн. 1897 г. (Маленькая экскурсия в деревню // МГВ. 1897. № 65. 13 жн. С. 305. Подп. М.В.Фурсов). Нягледзячы на цікавасць рэдактара Магілёўскіх губ.ведамасцей да гістарычнай тапаграфіі Магілёва, пытанне пра арганізацыю раскопак і археалагіч ных назіранняў за будаўнічай працай у гэтым горадзе газета не ставіла, адкуль вынікае, што даследаванні культурнага слоя не былі дамінантай навуковых інтарэсаў М.Фурсава.
[ 44 ] Раскопки в Могилевской губернии в 1892 году // МГВ. Ч. н. 1892. № 91. 11 ліст. С. 359; № 92. 14 ліст. С. 355—366. Б.подп.
[ 45 ] У ананімнай публікацыі М.Фурсава „Добавление к статье, напечатанной в № 11 губернских ведомостей о типографском деле в Могилевской губ.” // МГВ. 1893. № 25. 22 сак. С. 94 (гл. кам. 28), апрача „Дневника курганных раскопок…”, названы таксама рэферат аўтара „по поводу раскопок”, надрукаваны ў Магілёве ў кан. 1892 г., аднак дакладная яго назва и месца знаходжання экзэмпляраў, якія захаваліся, нам невядомыя.
[ 46 ] З 2 сакавіка 1897 да 2 сакавіка 1901 г. М.Фурсаў загадваў гаспадарчай часткай і выкладаў арыфметыку ў гэтай навучальнай установе, эпізадычна замяняў настаўнікаў іншых навучальных прадметаў. Мяркуючы па складзеных ім грашовых справаздачах, педагогі і адміністрацыя жаночай нядзельнай школы працавалі бясплатна. ([Фурсов М.В.] Открытие женской воскресной школы в Могилеве // МГВ. 1897. Ч. н. № 19. 5 сак. С. 98. Подп.: М.Ф.; [Фурсов М.В.] Могилевская женская воскресная школа // Тамсама. 1897. Ч. н. № 87. С. 419; Акт в женской воскресной школе // Тамсама. 1898. Ч. н. № 24. 24 сак. С. 99—100. Б.подп.; [3-я годовщина женской воскресной школы. Акт 3 апреля] Тамсама. 1900. Ч. н. № 27. 5 крас. С. 125—126; Отчет Могилевской женской воскресной школы с марта 1898 по март 1899 г. Могилев. 1899. С. 4, 9—10, 16—17; Отчет Могилевской женской воскресной школы с марта 1899 по март 1900 г. Могилев. 1900. С. 8, 24—25, 30—32; Отчет Могилевской женской воскресной школы за 1900—1901 учебный год. Могилев. [1901]. С. 8, 25, 44—46. Тое самае скар.: МГВ. 1901. Ч. н. № 31. 18 крас. С. 137—138. Б. подп.
[ 47 ] Пра дату пачатку хваробы М.Фурсава дае ўяўленне тэлеграма, якую ён даслаў 25 лютага 1901 г. магілёўскаму губернатару Н.А.Зіноўеву з нагоды яго ад’езду на новае месца службы: „Удерживаемый болезнью в постели, я не имею возможности лично проститься с Вашим Превосходительством” (МГВ. 1901. № 17. 28 лют. С. 85).
[ 48 ] У дадзеным выпадку ранг пасады і класнага чына супярэчаць адно аднаму: класны чын сапраўднага стацкага саветніка адпавядаў 4-му класу (па пасадзе, у сістэме Міністэрства народнай асветы — папячыцель навучальнай акругі або дырэктар дэпартамента), а клас яго апошняй пасады (дырэктар гімназіі) — пятаму. Гэтую супярэчнасць у маштабе імперыі бюракратыя з 1880-х гадоў спрабавала вырашыць шляхам адмены грамадзянскіх чыноў, але далей за абмеркаванне ў Дзяржаўным Савеце справа не пайшла.
[ 49 ] Тут памылка: калі пад служэннем Радзіме разумець дзяржаўную службу, то яе тэрмін у М.Фурсава складаў 38 гадоў (у т.л. 31 па Міністэрстве асветы і 7 па вайсковым ведамстве), а з улікам яго рэдактарскай працы ў МГВ і педагагічнай у жаночай нядзельнай школе — 53 гады.
[ 50 ] Эмя і адрас домаўладальніка нам невядомыя. Да выхаду ў адстаўку М.Фурсаў, па пасадзе дырэктара гімназіі, меў права на бясплатную казённую кватэру і жыў у Слуцку — ў аднапавярховым драўляным доме, арандаваным для гімназіі рэфармацкім сінодам, а ў Магілёве — ў адным з трох драўляных флігеляў, што належалі гімназіі. (Фурсов. Из отчета по управлению Слуцкой гимназии за 1875 г. // Циркуляр по управлению Виленским учебным округом. 1876. № 5. Травень. Ч.н. С. 190; Яго ж: Отчет о состоянии Могилевской гимназии в 1884 году. Могилев-на-Днепре. 1885. С.17).
[ 51 ] Імя ўдавы М.Фурсава вызначаецца паводле дакумента: „Предложе нием Министерства народного просвещения от 24 сентября 1901 года за №25559 назначены: <…> 6. Вдове умершего в отставке, с пенсиею, б.директора Могилевской гимназии д.ст.сов. Фурсова, Евфимии Фурсовой, на основании т. ІІІ св.законов (изд. 1896 г.) Уст. о пенсиях и единовременных пособиях, стст. 99Ю 104, 198, 345 и 348, за свыше 30-летнюю службу ее мужа, пенсия в размере половины оклада пенсии (1020 руб.), производившейся покойному Фурсову в отставке, а именно: по 510 руб. в год, с производством этой пенсии с 27 мая 1901 года, т.е. со дня смерти Фурсова, из Могилевского казначейства”. (Назначение пенсий и единовременных пособий // Циркуляр по управлению Виленским учебным округом. 1901. № 9/10. Кастр./ліст. С. 1018—1020.) Дата смерці М.Фурсава тут, відавочна, супадае з датай яе рэгістрацыі. Для параўнання памеру пенсіі Я.Фурсавай пакажам, што гадавы аклад рэдактара губернскіх ведамасцяў у гэты час складаў 600 руб., а сакратара губернскага статыстычнага камітэта — 750 руб.
[ 52 ] Тут названыя памеры пенсій асобаў, якія праслужылі да 1901 г. па Міністэрстве народнай асветы ад 25 да 30 гадоў, г.зн. да М.Фурсава яны прамога дачынення не маюць. Падамо тэкст дакумента: „Предложением г.министра народного просвещения от 12 октября 1886 г. за № 15009 назначена пенсия уволенному от службы, за выслугой срока, б.директору Могилевской гимназии действительному статскому советнику Фурсову, за свыше 30-летнюю его службу, собственно по учебной части министерства народного просвещения, в размере полного оклада жалования, присваиваемого должности директора Могилевской гимназии, по штату 17 апреля 1859 г., а именно 850 р., с 1/5 долей оной — 170 р., а всего по 1020 р. в год, взамен пенсии 800 р., производившейся со дня подачи Фурсовым, по выходе в отставку, прошения о назначении пенсии — 17 сентября 1886 г., из Могилевского губернского казначейства”. (Назначение пенсий и единовремен ных пособий // Циркуляр по управлению Виленским учебным округом. 1886. № 11. Ліст. С. 593). Да гэтага трэба дадаць а) што Міністэрства народнай адукацыі належала да даволі нешматлікіх ведамстваў, дзе выплочваліся пенсіі адначасова з заробкам чыноўнікам, што былі на сапраўднай службе; б) М.Фурсаў, які праслужыў 7 гадоў па навучальнай частцы ведамству, мог разлічваць на дабаўку да пенсіі, бо праслужыў звыш 35 гадоў, але для гэтага было неабходнае ўзгадненне з вайсковым міністэрствам; в) разлік пенсіі быў зроблены зыходна з сумы службовага акладу без „надбавки за руссификацию”, якая прызначалася чыноўнікам расійскага паходжання з унутраных губерняў за службу ў Заходнім краі.
[ 53 ] На пасадзе дырэктара мужчынскай гімназіі з 1889 г. быў выпускнік Пецярбургскага гістарычна-філалагічнага інстытута стацкі саветнік Іван Уладзіміравіч Свірэлін, што да іншых асобаў „из гимназической корпорации”, то гэта, верагодна, супрацоўнікі М.Фурсава, якія паступілі ў гімназію да 1886 г. (Гл.: Памятная книжка Могилевской губернии на 1902 г. Могилев-на-Днепре. 1902. С. 39—41).
[ 54 ] Рэдактарам неафіцыйнай часткі газеты, як ужо згадвалася, з 1897 г. быў вядомы беларусазнаўца, які скончыў Гомельскую прагімназію, стацкі саветнік, інспектар народных вучылішчаў Магілёўскай губерні Еўдакім Раманавіч Раманаў (Тамсама. 14, 16, 42); афіцыйнай — начальнік газетнага стала губернскага праўлення, які скончыў Канстанцінаўскі межавы інстытут, калежскі сакратар Леанід Эванавіч Эваноў (Тамсама. С. 12, 14).
[ 55 ] Выхаванец Марскога кадэцкага корпуса, стацкі саветнік, магілёўскі віцэ-губернатар (з 1893 г.) Аляксей Аляксеевіч Вяземскі (Тамсама. С. 10).
[ 56 ] З 1899 г. на пасадзе дырэктара Аляксандраўскага рэальнага вучылішча быў стацкі саветнік Мікалай Пятровіч Цыклінскі, які скончыў Пецярбургскі універсітэт (Тамсама. С. 41).
[ 57 ] Стацкі саветнік Уладзімір Сцяпанавіч Нячаеў, які скончыў Пецярбургскі універсітэт, быў на гэтай пасадзе з 1890 г. (Тамсама. С. 38).
[ 58 ] Фігура замоўчвання ў „Хронике архипастырских богослужений”, што друкавалася ў „Могилевских епархиальных ведомостях”, сведчыць пра тое, што Магілёўскі і Мсціслаўскі епіскап праасв. Міхаіл у саборы не ўдзельнічаў.
[ 59 ] МГВ. 1887. Ч. н. № 98. Снеж. С. 471—472. (Цытуецца с. 472. У артыкуле, апрача дакументаў, выкарыстаны таксама ўспаміны магілёўскіх старажылаў.)
[ 60 ] Историческая записка пятидесятилетия Третьей санктпетербургс кой гимназии, составленная по поручению педагогического совета Н.Аничковым. СПб. 1873. С. 52. 3-й па г. Пра складальніка гл. с. 6, 3-й па г. (№ 68) таго самага выдання.
[ 61 ] 26 жніўня 1872 г. (Историческая записка пятидесятилетия… СПБ. 1873. С. VI, 1-й паг.)
[ 62 ] Дакладнае месца знаходжання пазначана ў выд.: Нистрем К. Адрес-календарь санктпетербургских жителей. Т. 1. СПб. 1844. С. 96.
[ 63 ] Историческая записка пятидесятилетия… СПБ. 1873. С. 91, 132—135, 140—142, 2-й паг. изр.
[ 64 ] Тамсама. С 48, 2-й паг.
[ 65 ] Ведомость о числе учеников гимназий, прогимназий и реальных училищ Виленского учебного округа в начале 1878/9 учебного года // Циркуляр по управлению Виленским учебным округом. 1879. Ч. н. № 1. Уклейка.
[ 66 ] М.Фурсаў уваходзіў у склад камітэта па заснаванні ў Магілёве Аляксандраўскага рэальнага вучылішча (справаздача апублікаваная ў МГВ. 1885. Ч. н. № 13. 20 ліст. С. 391—392) і ўдзельнічаў у закладцы яго будынку 24 крас. 1884 г. (Тамсама. 1884. № 33. 29 крас. С. 26).
[ 67 ] Ведомость о результатах приемных испытаний и составе учеников гимназий и прогимназий Виленского учебного округа в начале 1885/6 учебного года // Циркуляр по управлению Виленским учебным округом. 1886. № 1. Ч. аф. Уклейка.
[ 68 ] Отчет о состоянии Могилевской мужской гимназии в 1884 г. Могилев, 1885. С. 43—47. Звесткі пра канфесіі былі заснаваныя на метрычных пасведчаннях, пра саслоўі — на копіях фармулярных спісаў бацькоў — чыноўнікаў і святароў, для падатковых саслоўяў — на пасведчаннях, выдадзеных сельскімі і гарадскімі таварыствамі, для дваран — дэпартаментам гарольдыі або дэпутацкім сходам. З 39 выпускнікоў 1884 г. 18 былі праваслаўнымі: 9 — дзеці чыноўнікаў (у т.л. 3 — афіцэраў), 4 — з дваран, 2 — з духавенства, 2 — з купецтва, 1 — з сялян. З 14 іудзееў двое былі дзецьмі чыноўнікаў (у дадзеным выпадку — лекараў), двое — з купцоў, 10 — з мяшчан. 7 выпускнікоў-каталікоў былі дваранамі.
[ 69 ] МГВ. 1883. Ч. н. № 51. 25 чэрв. С. 204; № 52. 29 чэрв. С. 208; № 68. 24 жн. С. 268; № 69. 27 жн. С. 272; № 75. 17 вер. С. 292; № 76. 21 вер. С. 296; № 82. 12 кастр. С. 322; № 83. 15 кастр. С. 325; № 84. 19 кастр. С. 330; № 85. 22 кастр. С. 334; № 86. 26 кастр. С. 338. Б. подп. Згадваецца пад літарай „д” пад назвай „Географические и исторические заметки на 3-й том издания Вольфа „Живописная Россия” у вытрымцы з справаздачы пра стан Магілёўскай гімназіі ў 1884 г. у якасці працы М.Фурсава (Циркуляр по управлению Виленским учебным округом. 1886. № 4. Крас. С. 222).
[ 70 ] Памятная книжка Могилевской губернии на 1895 г. Могилев-на -Днепре. 1895. С. ІІ —ХХІІІ 3-й па г. Подп.: М.Фурсов.
[ 71 ] Отчет о состоянии Могилевской мужской гимназии в 1884 г. Могилев-на-Днепре. 1885. С. 25.
[ 72 ] Тамсама. С. 39.
[ 73 ] Куликов Н.Н. Назв. праца. С. 659—674.
[ 74 ] Апубл. у выд.: Памятная книжка Ковенской губернии на 1872 г. Ковна. 1871. С. 153.
[ 75 ] Фурсов, директор. Оъявление [о приеме в Шавельскую гимназию] // Ковенские губ. вед. 1871. Ч. н. № 57. 7 жн. С. 198. (Друкавалася тройчы.)
[ 76 ] От Ковенской мужской гимназии. [Объявление о приеме] // Тамсама. 1871. Ч. н. № 56. 4 жн. С. 187.
[ 77 ] Гл. данясенні М.Фурсава і распараджэнні акруговага начальства, апубл. у выд.: Циркуляр по управлению Виленским учебным округом. 1871. № 9. Вер. С. 346—347; 1872. № 8. С. 353—354; 1872. №9. С. 369—370.
[ 78 ] Циркуляр по управлению Виленским учебным округом. 1872. Ч. н. № 7. С. 225—227; тамсама. 1872. Ч. н. № 12. С. 467.
[ 79 ] У неаднаразова цытаваным намі „Отчете о состоянии Могилевской гимназии в 1884 г.” гэтая кніга не згадвалася.
[ 80 ] Як паведамлялася ў неназванай нататцы ў губернскіх ведамасцях, былы рэдактар гэтай газеты падараваў школе 50 кніг, а Я.Сыркін — 100. (МГВ. 1898. Ч. н. № 25. 28 сак. С. 103).
[ 81 ] Памятная книжка Псковской губернии на 1864 г. С. 9; на 1863. С. 26; на 1863. С. 10; на 1864. С. 8—9.
[ 82 ] Циркуляр по управлению Виленским учебным округом. 1866. № 12. С. 19; 1871. № 11. С. 535; 1872. № 5. С. 173—196, № 12. С. 538; 1873. № 5. С. 286.
[ 83 ] Тамсама. 1875. № 5. С. 190; № 11. С. 576; 1874. № 5. С. 204; № 11. С. 535; 1875. № 2. С. 77; № 7. С. 356; 1876. № 3. С. 87—107; № 5. С. 173; № 6/7. С. 208.
[ 84 ] Тамсама. 1880. № 2. С. 72; № 5. С. 343; 1881. № 2. С. 61, № 9. С. 269; 1882. № 2. С. 167; № 4. С. 181; № 8. С. 331; № 3. С. 161; № 10. С. 401—426. У наступных афіцыйных публікацыях ведамасцяў пра прапушчаныя ўрокі навучальныя прадметы не называліся.
[ 85 ] Некралог гісторыка гімназіі гл.: Псковский гор. листок. 1887. № 52. 19 ліп. С. 3.
[ 86 ] Историческая записка пятидесятилетия Псковской губернской гимназии и состоящего при ней пансиона, составленная по поручению педагогического совета П.Говорливым. СПб. 1884. С. 41. 1-й паг. Гады працы М.Фурсава ў гэтай гімназіі ў якасці выкладчыка гісторыі (1848—1858), названыя ў гэтай працы (с. 93), тыя самыя, што і ў некралогу.
[ 87 ] [Фурсов М.В.] О метеорологических наблюдениях, произведенных при Слуцкой гимназии // Циркуляр по управлению Виленским учебным округом. 1874. Ч. аф. № 12. С. 611—612.
[ 88 ] Историческая записка о Слуцкой гимназии с 1617—1630—1901 г. Вільня. 1901. С. 193 2-й паг.
[ 89 ] [Фурсов М.В.] Отчет о состоянии Могилевской гимназии в 1879 г. // Циркуляр по управлению Виленским учебным округом. 1880. Ч. н. № 5. С. 343, 361.
[ 90 ] Благодарность окружного начальства // Тамсама. 1886. Ч. аф. № 4. С. 215; Тое самае // Тамсама. 1886. Ч. аф. № 9. С. 417.
[ 91 ] Циркуляр по управлению Виленским учебным округом. 1886. № 1. Дадатак. С. 40.
[ 92 ] Першая дата аргументаваная вышэй, другая названая ў публікацыі прапановы міністра народнай асветы ад 12 кастр. 1886 г. (Тамсама. 1886. № 11. С.593).
[ 93 ] У аб’яве „От редакции” (МГВ. 1890. Ч. н. № 20. 10 сак. С. 75. Б. подп.) гаварылася, што тэксты фальклорных запісаў у літаратурнай апрацоўцы, як і розныя карэспандэнцыі аўтараў, што не пажадалі назваць сваё імя і месца жыхарства, публікавацца не будуць.
[ 94 ] МГВ. 1891. № 6. 9 студз. С. 21—22, № 13. 13 лют. С. 49. Подп.: М.Ф. Зборнік падараваны аўтарам Магілёўскаму музею.
[ 95 ] Пералічым публікацыі на гэтую тэму, якія, на нашу думку, належаць М.Фурсаву: Театральная заметка [благотворит. спектакль 22 мая] // МГВ. 1884. № 93. 31 траўня. С. 177. Подп.: Ф.; Обучение еврейских мальчиков огородничеству [в могилевской талмуд-торе] // Тамсама. 1895. № 84. 21 кастр. С. 360. Подп.: М.Ф.; Оршанская талмуд-тора // Тамсама. 1895. № 97. 6 снеж. С. 427. Б. п.; [Благотворительный] спектакль 21 июля (театральная заметка) // Тамсама. 1896. № 61. 31 ліп. С. 291. Б. п.
[ 96 ] Памятная книжка Могилевской губернии на 1893 г. Могилев. [1892] С. XLIV 3-й паг.
[ 97 ] РГИА. Ф. 549, оп. 2, д. 21, л. 46. Протаіерэем катэдральнага сабора, які быў абавязаны ўдзельнічаць у пахаванні пры саборы, з 1892 быў а. Стэфан Аўксенцевіч Бутамо (Памятная книжка Могилевской губернии на 1902 г. Могилев. 1902. С. 73).
[ 98 ] На нашу думку, складанне вычарпальна поўнай персанальнай бібліяграфіі ўвогуле немагчыма.
[ 99 ] МГВ. 1898. № 16. 25 лют. С. 67. Подп.: Е.Радимич.
[ 100 ] Созонов Михаил Петрович // Пятидесятилетие петроградского историко-археологического института. Биогр. словарь лиц, окончивших курс института. Ч. 1. Пг. 1917. С. 371—372.

Наверх

Porębski, S. Paleografia łacińska (Іван Сiнчук)

Снежня 14, 1998 |

Porębski, S.A. Paleografia łacińska; Podręcznik dla studentów. Warszawa, 1997. 85.

Выдавецтва Акадэмii Каталiцкай Тэалогii выпусцiла вялiкага фармату (А3) падручнiк па лацiнскай палеаграфii. Для iлюстрацый выкарыстаны рэпрадукцыi рукапiсаў Ягелонскай бiблiятэкi.

Вiдавочна, што падручнiк арыентаваны на практычнае авалоданне навыкамi чытання лацiнскiх тэкстаў — тэарэтычная частка складае каля 10 старонак, астатняе месца займаюць тэксты: злева — друкаваны тэкст, справа — рукапiс.

У тэарэтычнай частцы падаецца азначэнне палеаграфiі, а таксама пералiк тыпаў пiсьма. Непасрэдна ў тэксце прыводзяцца як iлюстрацыi розныя варыянты раннiх тыпаў — маюскулы i мiнускулы, нацiск зроблены на гатычнае пiсьмо (XIII-XV ст.), помнiкi якога найбольш захавалiся. Падрабязна разглядаюцца гатычныя маюскула i мiнускула, гатычны курсiў, бастарда, гатычнае дыпламатычнае пiсьмо.

Надзвычай практычны апошнi раздзел, веданне зместу якога, напэўна, палегчыць карыстанне лацiнскамоўнымi крынiцамi. Маецца на ўвазе частка падручнiка пра абрэвiятуры. Даюцца прыклады скарачэнняў слоў, якiя часта ўжывалiся ў хрысцiянскай лiтаратуры, тытулаў (добра вядомы ў кiрылiчнай палеаграфii спосаб перадачы «пад цітлай»). Таксама ёсць кароткi спiс ўмоўных знакаў для асобных слоў i сiлабаў, нешматлiкiмi прыкладамi тлумачацца розныя варыянты суспензii (скарачэнняў слоў да адной лiтары i розных спосабах пазначэння зробленых скарачэнняў), контрактацыi (адпавядае звыкламу ў сучасным пiсьме скарачэнню праз дэфiс замест сярэдняй часткi слова). Вельмi важна, што на заканчэнне вынесена ведамасць пра брахеаграфiчны знак 3 (з’яўляецца ў XIV ст., дажывае да XVII ст.), ужыванне якога на канцы слоў замест некалькiх літар у спалучэннi з узгаданымi спосабамi скарачэння ператварае нават простыя па характары пiсьма тэксты ў красворды.

На дасягнуты ўзровень у вышэйшай адукацыi паказвае адсылка польскiх студэнтаў да сучаснага (1990 г.) замежнага — iтальянскага — слоўнiка лацiнскiх i iтальянскiх абрэвiятур.

Варта адзначыць, што польская палеаграфiя мае дзве грунтоўныя пазiцыi па лацiнскім пiсьме — В.Семковiча «Лацiнская палеаграфiя» (1950) i А.Гейштара «Нарыс гiсторыi лацiнскага пiсьма» (1973). Напэўна, будзе прыдатны i гэты кароткi практычны курс лацiнскай палеаграфii. Яго маглі б выкарыстоўваць i ў беларускай вышэйшай школе.

Менск

Іван Сiнчук

Васіль Пуцко. Ілюмінацыя Тураўскага Евангелля

Чэрвеня 17, 1998 |


Агульная колькасць ранніх славянскіх рукапісаў, датаваных часам да 1100 г., у цэлым невялікая, і кожная з іх даўно заслугоўвае ўсебаковага вывучэння. Пакуль што такі гонар мелі зусім нямногія помнікі, а са знойдзеных на гістарычнай тэрыторыі Беларусі — толькі Супрасльскі рукапіс[1] . Тураўскае евангелле, вядомае як спіс ХI ст., ужо хутка пасля яго адкрыцця не раз прыцягвала да сябе ўвагу розных даследчыкаў. Што да мастацкага аблічча кнігі, то наконт яго выказваліся надзвычай рэдка і невыразна[2]. Прычынай была фрагментарная захаванасць кнігі, аформленай даволі сціпла, як, зрэшты, і іншыя сучасныя ёй славянскія кодэксы.

Варта згадаць тут гісторыю знаходкі і вывучэння Тураўскага евангелля, хоць бы ў самай кароткай форме. М.І.Сакалоў, які на даручэнне апекуна Віленскай навучальнай акругі І.П.Карнілава браў удзел у археаграфічнай камісіі, у 1865 г. у Спасаўскай царкве Турава знайшоў урыўкі старажытнай кнігі, напісанай на пергамене. Знаходку паказалі вядомаму мовазнаўцу І.І.Сразнеўскаму, які на падставе графікі, правапісу і мовы цалкам абгрунтавана аднёс аркушы рукапісу да ХI ст.[3] У 1868 г. у Пецярбурзе на сродкі Віленскай навучальнай акругі выйшла літаграфічнае выданне Тураўскага евангелля. Спецыялісты карыстаюцца ім да гэтага часу[4]. Праз год у Вільні з’явілася новае выданне помніка, падрыхтаванае да друку П.А. Гільтэбрандтам, якое ўключала таксама «кароткія звесткі пра Тураўскае евангелле» і «старажытны тэкст з сучасным насупраць і з адменамі па Астраміраву евангеллю»[5].

Наступную публікацыю фрагментаў пергаменнага евангелля з Турава ажыццявілі толькі ў 1977 г. вугорскія славісты[6]. Цягам апошніх больш чым ста гадоў сярод розных даследчыкаў, пераважна філолагаў, захоўвалася ўстойлівая цікавасць да помніка[7] . Так, А.І.Сабалеўскім у мове захаваных аркушаў былі адзначаны рысы кіеўскага дыялекту[8]. В.В.Стасаў на адной з табліцаў складзеннага ім альбома ўзораў славянскага і ўсходняга арнаменту перадае некалькі ініцыялаў Тураўскага евангелля[9]. Але ў цэлым фрагменты рукапісу так і не сталі аб’ектам спецыяльнага вывучэння з пункту гледжання кніжнага майстэрства. Можа найперш таму, што іх надзвычай сціплы знешні выгляд наўрад ці мог прыцягнуць увагу мастацтва знаўцаў, якія прызвычаіліся бачыць высокія дасягненні толькі там, дзе ёсць бляск золата і захаваліся вялікапышныя мініяцюры. Наконт таго, ці былі сюжэтныя выявы ў Тураўскім евангеллі, нельга сказаць нічога пэўнага. На ацалелых аркушах іх слядоў няма. Відавочна не было ў аздабленні і золата: яно ўваходзіць ва ўжытак сярод мастакоў кіеўскай княскай кнігапіснай майстэрні крыху пазней таго часу, калі магло быць перапісана Тураўскае евангелле[10].

Ці было евангелле перапісана тут на месцы, у Тураве, ці прывезена сюды значна пазней? Наколькі істотнае вырашэнне гэтага пытання? Якая гістарычная сувязь старажытнага рукапісу з Туравам увогуле?

Думаецца, больш лагічна шукаць адказы на пастаўленыя пытанні ў адваротным парадку, пакладаючыся пераважна на сведчанні выключна самога Тураўскага евангелля, і не дадумваць таго, што не выцякае з іх аналізу. Прызнаць абмежаваныя магчымасці матэрыялу ў плане яго значэння як гістарычнай крыніцы важней, чым нагрувашчваць дапушчэнні, якія не абапіраюцца на фактычную аснову. Гэтая ўводная заўвага ўяўляецца неабходнай.

На старажытных аркушах захаваліся розначасавыя запісы «мірскога зместу», якія засведчылі, што ў пачатку XVI ст. гэтая кніга належала царкве Праабражэння ў Тураве. На адваротным баку шостага аркуша ўкладны запіс князёў Астрожскіх ад 2 мая 1508 г., які засведчыў наданне пры святарах Мітрафану і Мацвеі сада з пасекай і поля з сенажацямі, а таксама іншых палеткаў каля вёскі Верасніцкай. У запісу на адваротным баку другога аркуша ад 10 лютага 1513 года паведамляецца пра перадачу князем Канстанцінам Іванавічам Астрожскім, яго жонкай Тацянай і іх сынам Іллём яшчэ «трох палёў» з палеткамі ў той самай вёсцы Верасніцкай. Тут жа знаходзяцца польскія запісы XVIII ст. аб падцверджанні царкоўных уладанняў. Як вядома, звычай уносіць запісы пра значныя падзеі і тэксты дамоваў у напрастольнае евангелле быў шырока распаўсюджаны на Украіне, у Беларусі і ў паўднёвых славянаў. У дадзеным выпадку гэта яшчэ не вырашае пытання пра час паступлення кнігі ў Тураўскі храм Праабражэння, дзе яна магла знаходзіцца і з больш ранняга часу, але магла быць туды ўкладзена і князем К.І. Астрожскім незадоўга да 1508 г. Праўда, факт занясення ў яе згаданых запісаў гаворыць на карысць таго, што гэта было найбольш каштоўнае ў храме напрастольнае евангелле, пра старажытнасць якога не маглі не ведаць. Нельга тэарэтычна выключаць, што ў пачатку XVI ст. яшчэ чытаўся і ўкладны запіс, які мае дачыненне да самой кнігі.

Адным словам, у сувязі Тураўскага евангелля са Спаса-Праабражэнскім храмам у Тураве прыкладна з часу каля 1500 г. сумнявацца не даводзіцца. У 1865 г. рукапіс паступіў у Віленскую публічную бібліятэку, і цяпер ён належыць Бібліятэцы Акадэміі навук Літвы[11].

Тураў у 988 г. становіцца сталіцай самастойнага княства, а хутка была ўсталявана і Тураўская епіскапія[12]. Горад падтрымліваў актыўныя палітычныя і культурныя сувязі з Кіевам, меў манастыры, а ў ХII ст. вылучыў выдатнага прапаведніка і гімнаграфа ў асобе Кірылы Тураўскага[13]. На фоне гэтых гістарычных фактаў існаванне скрыпторыя ў Тураве ў ХI ст. не выглядае такой ужо неверагоднай з’явай. Але толькі ці належыць да яго прадукцыі фрагментарна захаванае Тураўскае евангелле?

Тураўскае евангелле па сваім складзе ўяўляе сабой «апракос кароткі» — зборнік евангельскіх чытанняў на перыяд ад Пасхі да Духава дня на ўсе дні тыдня, а ад гэтага часу да Вялікага посту — толькі на суботнія і нядзельныя. Гэта бачна і па ацалелых фрагментах, якія адпавядаць двум названым цыклам чытанняў, з якіх другі, пачынаючы з вераснёўскага «навагоддзя», мае новы адлік тыдняў. Чытанні першага цыклу на двух пачатковых аркушах Тураўскага евангелля; на астатніх жа васьмі — шаснаццатага і сямнаццатага тыдняў і першых трох «навагодніх» тыдняў другога цыклу. Па сутнасці, гэта вельмі нязначная па аб’ёме частка агульнага кодэксу, перапісанага ў ХI ст. Але менавіта па гэтых ацалелых аркушах застаецца меркаваць пра сам характар афармлення рукапісу, які мае досыць асаблівыя рысы.

Памер аркушаў — 21,0Ч16,2-16,4 см. Ці гэта перашапачатковы фармат кнігі? Існавала даволі ўстойлівая суаднесенасць тэксту і белага поля, пры якім сума шырыні верхняга і ніжняга палёў магла дасягаць паловы вышыні слупка тэксту, а сума шырыні бакавых палёў — паловы шырыні слупка, які ў дадзеным выпадку займаў плошчу 13,8Ч10,2 см. Значыць, адказ на пастаўленае пытанне можа быць станоўчым. Іншая рэч, што не заўсёды аднолькавай аказваецца суаднесенасць унутранага і вонкавага бакавых палёў, хоць у цэлым прапорцыя 1:2 амаль не падлягае істотным адхіленням. Акуратна нанесена разліноўка для васемнаццаці радкоў тэксту. Яе характэрныя асаблівасці наступныя: дзве лініі па вертыкалі перасякаюць увесь аркуш пергамена, а па гарызанталі — дзве ўверсе і адна ўнізе; астатнія знаходзяцца ў межах слупка тэксту, які напісаны атрамантам карычневага колеру. Пісьмо роўнае, прыгожае, крыху вузкае; почырк адмысловы, без нахілу. Усё гэта сведчыць пра вялікае прафесійнае мастацтва каліграфа, набытае хутчэй за ўсё ў добра арганізаваным скрыпторыі.

Калі казаць пра асаблівыя прыкметы літараў, то найбольш істотнымі з’яўляюцца «яць», якая змяшчаецца ў радок, з каромыслам ніжэй яе верхняга ўзроўню, «амега» з высокімі бакавымі лініямі і сярэдзінай, з квадратнасцю дыяганаляў, «Ж», напісаная ў тры прыёмы, «И» з прыўзнятай гарызантальнай лініяй. Адзначаныя рысы характэрны таксама для пісьма Рэймскага евангелля, якое першапачаткова належала дачцы Яраслава Мудрага Ганне, выдадзенай замуж за французскага караля Генрыха I у 1044 г.[14] Праўда, тут «яць» з нахіленай улева мачтай і маленькай круглай пятлёй. Усе адзначаныя асаблівасці, канешне, хутчэй з’яўляюцца прыкметамі індывідуаль ных почыркаў пісцоў, чым уласцівасцямі каліграфічнага мастацтва цэлай эпохі. Тым не менш, улічваць іх неабходна.

Мастацтва кнігапісання па сутнасці ёсць не чым іншым, як каліграфічным майстэрствам, разам з улікам функцыяналь най ролі і з мастацкай канцэпцыяй дэкору. Для таго, каб зразумець канцэпцыю дэкору ў цэлым, неабходна ведаць рукапіс у поўным аб’ёме ці прынамсі хоць бы адну з яго па-мастацку завершаных частак. Тураўскае евангелле, прадстаўленае ўсяго дзесяццю аркушамі, выключае такую магчымасць. Але паколькі большую частку гэтых ацалелых аркушаў нельга разглядаць у якасці абсалютна адасобленых фрагментаў, можна паспрабаваць асэнсаваць іх як малую частку кнігі, пазбаўленую заставак і канцовак, якая характарызуе толькі «тэкставую паласу». Зрэшты, менавіта яна і застаецца вызначальнай у мастацкім абліччы кнігі, дзе заўсёды галоўны тэкст з прыёмамі вылучэння яго асобных частак. Тут — гэта кінаварныя (на першым аркушы) і чарнільныя контурныя загалоўкі, а таксама радкі-падзяляльнікі з трох чаргаваных вертыкальных рысак і двух кружочкаў з кропкай пасярэдзіне. І, канешне, вялікія ініцыялы, вынесеныя цалкам або часткова на палі, прарысаваныя чарніламі і размаляваныя чырвонай і сіняй фарбамі. Петлі большай часткі гэтых дэкаратыўных літараў залітыя зялёным. Такія ініцыялы прынята адносіць да розных відаў «старавізантыйскага тыпу». Аднак падобнае вызначэнне вельмі мала выяўляе спецыфіку іх дэкарацыйных формаў.

Якія б ні былі ініцыялы, — простыя ці падкрэслена дэкарацыйныя, са складанай арнаментыкай, — яны перш за ўсё застаюцца часткай тэксту, па-за сувяззю з якім непазбежна ператварыліся б у ізаляваныя літары, адвольна супастаўленыя па-за ўсякім арганічным кантэкстам. Таму варта ўважліва прыгледзецца да іх чаргавання ці, лепш сказаць, варыявання формаў на старонках рукапісу, каб хоць часткова высветліць заканамернасці дэкарацыйнай рытмікі, якая зусім не падпарадкоўваецца простаму арыфметычнаму падліку, выяўленаму ва ўтварэнні своеасаблівых «серыяў». Суадносіны тэксту і ініцыялаў на старонках Тураўскага евангелля такія, што не выпадае сумнявацца ў выкананні гэтага істотнага элементу дэкора самім каліграфам па меры перапісвання ім евангельс кага тэксту. Пісьмо апошняга пакідае ўражанне лёгкасці і вытанчанасці, нават пры адсутнасці абсалютна каліграфічна бездакорных формаў. Зрэшты, іх захаванне на практыцы ўяўляецца надзвычай нялёгкай справай, паколькі кірылічнае славянскае пісьмо, у аснову якога пакладзены грэцкі унцыял, патрабавала «малявання» кожнай літары, нават пры ўмове выпрацаваных пісцамі з засваеннем практычнага вопыту прыёмаў і навыкаў. Тураўскія аркушы даюць у гэтым плане дастаткова прыкладаў. Пісьмо рукапісу здаецца лёгкім не толькі з прычыны вытанчанасці графічных формаў, але і дзякуючы суадносінам памераў радкоў тэксту і белага поля. Вышыня літараў дасягае 4 мм пры шырыні 3-5 мм, а адлегласць паміж радкамі складае 8 мм. Між тым падобныя суадносіны велічыняў не з’яўляюцца паказчыкам марнатраўства ў дачыненні да дарагога матэрыялу — пергамена: перапісчык літаральна «скоўвае» асобныя евангельскія чытанні, не пакідаючы паміж імі вялікіх прасветаў, якіх, здавалася б, патрабуе эстэтычная норма[15].

Ініцыялы Тураўскага евангелля, якія знаходзяцца на нешматлікіх ацалелых аркушах, натуральна, у асноўным прадстаўляюць тыя літары, з якіх пачынаюцца фразы, што пераважаюць і папярэднічаюць самому тэксту евангельскіх чытанняў. Гэта «Во время оно», г.зн. у гэты час, і «Рече Господь» — кажа Госпад. Выключэннем з’яўляецца «О», трактаванае ў форме невялікай разеткі. Ініцыялы «В» і «Р» ў адных выпадках належаць да так званага расліннага каленкавага тыпу, так добра вядомаму па грэцкіх рукапісах Х-ХI ст.[16] Тут, аднак, ён у крыху відазмененых варыянтах, якія не дазваляюць разглядаць гэтыя літары ў якасці простай перамалёўкі ўзораў. На адваротным баку першага аркуша «каленкавасць» ініцыяла «Р» з яго чырвона-сінімі элементамі хутчэй адгадваецца. У ініцыяле на трэцім аркушы, які напалову спускаецца на ніжняе поле, відавочна праступае зааморфны матыў: плаўна выгнутая галоўка птушкі, якая «чысціць пёркі». Пра тое, што гэта зусім не плод нашай фантазіі, кажуць прыклады на старонках іншых ранніх славянскіх рукапісаў, дзе той самы матыў выяўлены больш выразна. «Р» на пятым аркушы, магчыма, бліжэй за ўсё да візантыйскага «эталону», але пры гэтым структура гранічна спрошчаная, а пятля заліта шчыльнай зялёнай фарбай, што супярэчыць эстэтычнаму густу ілюмінатараў грэцкіх кніг. Больш цэльнай аказваецца тая частка ініцыялаў Тураўскага евангелля, дзе мачта літары ўспрымаецца як сплеценая з ламаных чырвонай і сіняй стужак ці рамянёў, а пятля ўтворана выгнутай галінкай і зноў жа заліта зялёнай фарбай. Нарэшце, трэці варыянт ініцыялаў — гэта літара «В», якая сустракаецца на сёмым аркушы і на адваротным баку апошняга дзесятага, акрэсленая выключна расліннымі матывамі, з мачтай, суцэльна пакрытай крыжацветамі.

Пра ўсе адзначаныя арнаментальныя матывы ініцыялаў Тураўскага евангелля не варта было б так падрабязна казаць, калі б яны не служылі адлюстраваннем большых культурных з’яваў, якія праліваюць святло не толькі на паходжанне мадэлі дэкора разгляданага рукапісу, але і на крыніцы раннеславянс кага кніжнага мастацтва ўвогуле. Ва ўсіх прыведзеных канкрэтных выпадках адбіліся агульныя заканамернасці, якія вызначаюць мастацкае аблічча і іншых, да таго ж самых ранніх помнікаў усходнеславянскага кнігапісання. І толькі з улікам гэтага матэрыялу можна слушна зразумець месца і значэнне тураўскіх аркушаў.

У летапісе пад 1037 г. змешчана шырока вядомае паведамленне пра тое, што кіеўскі князь Яраслаў Мудры сабраў многіх пісцоў, сіламі якіх былі зроблены пераклады з грэцкай на славянскую мову. Перапісаныя ў гэтай майстэрні кнігі былі змешчаны князем у бібліятэку пры пабудаваным ім жа Сафійскім саборы — мітрапалічым храме. Пад «пісцом» тады разумелі не проста перапісчыка, каліграфа, які толькі рабіў копіі тэкстаў. Зрэшты, менавіта апошні занятак у большасці выпадкаў заставаўся асноўнай справай жыцця пісцоў не толькі на Русі, але і ў Візантыі, і на лацінскім Захадзе. Скрыпторый, у якім ажыццяўлялася праца па перакладзе, мусіў мець вялікі, старанна падабраны склад перапісчыкаў: бо не мела сэнсу пакідаць у карыстанні новаперакладзеныя кнігі ў адным-двух спісах. Адзначаны ў летапісе факт, што Яраслаў Мудры падараваў кнігі ў кафедральны храм, адпавядае візантыйскай практыцы, якая спрыяла захаванню ў сталічных царкоўных і манастырскіх рызніцах каштоўных рукапісаў. Напэўна, так адбывалася і ў Кіеўскай Русі.

У спецыяльнай літаратуры ўжо быў выказаны погляд на кірылічную частку Рэймскага евангелля, што захоўваецца ў гарадской бібліятэцы Рэймса, як фрагмент кнігі евангельскіх чытанняў (Евангелля-апракоса), вывезенай у Францыю Ганнай Яраслаўнай. Пярэчаннем супраць гэтага наўрад ці могуць быць параўнальна невысокая якасць пергамену і ў цэлым сціплае афармленне, роўна як і памылкі, дапушчаныя пісцом, які карыстаўся паўднёваславянскім спісам[17]. Фармат Рэймскага евангелля (23,0 : 17,5 см) амаль адпавядае памерам аркушаў з Турава, але тэкст там пісаны ў два слупкі. Мастак і каліграф у дадзеным выпадку маглі быць рознымі людзьмі, якія працавалі ў адным скрыпторыі. Захаваліся стужкавыя застаўкі і стройныя ініцыялы, элементы якіх старанна прамаляваны атрамантам і расквечаны чырвоным і сінім. Аснову літараў складае жгут, звіты з двух рамянёў, віткі якіх пакрываюць і шырока распасцёртыя на канцах гэтага жгута лісты аканта. Шматкроць паўтараючы, як і ў Тураўскім евангеллі, літару «В», ілюмінатар бясконца разнастаіць яе элементы: змяняе абрысы петляў, мудрагеліста «інкрустуе» мачту, але часамі абмяжоўваецца і простай кінаварнай палоскай[18]. Наўрад ці гэтую разнастайнасць арнаментальных матываў, прадстаўленую ўсяго на некалькіх аркушах, можна было цалкам запазычыць ад гатовага ўзора. Ілюмінацыя заўсёды была вынікам індывідуаль най мастацкай творчасці. Калі Рэймскае евангелле сапраўды выйшла са сценаў кіеўскага княскага скрыпторыя, то агульны характар яго афармлення асабліва неабходна ўлічыць.

Справа ў тым, што існуюць яшчэ два вялікія аб’ёмам рукапісы, якія захоўваюцца ў Дзяржаўным гістарычным музеі ў Маскве, перапісаныя падобнымі почыркамі і аформленыя з захаваннем тых самых мастацкіх прынцыпаў. Гэта Пандэкты Антыёха Чарнарызца (Васкр. 30) і Чудаўская псалтыр (Чуд. 7). У адрозненне ад ужо названых узораў, яны належалі да ліку нелітургічных кніг, а прызначаліся для чытання па-за набажэнствам. Каленкавыя ініцыялы і «інкруставаная» манера іх выканання амаль нічым не вылучае Пандэкты Антыёха сярод ранніх славянскіх ілюмінаваных рукапісаў[19]. Тут можна прасачыць генетычную сувязь з дэкорам глагалічных кніг[20]. Мяркуючы па арнаментыцы, карані ілюмінацыі гэтага кіеўскага рукапісу вядуць да скрыпторыяў, якія дзейнічалі ў Македоніі, а таксама грэка-усходніх манастырскіх майстэрняў на поўдні Італіі, якія атрымалі ў спадчыну вопыт малаазійскіх кнігапісцаў[21]. Чудаўская псалтыр, пісьмо якой месцамі выклікае асабліва выразныя асацыяцыі з Рэймскім евангеллем, мае ініцыялы, характар якіх відавочна абумоўлены вопытам, набытым, відавочна, у грэцкім, а не славянскім скрыпторыі. І тут жа крыху нечакана на старонках кнігі сустракаецца ініцыял старога балканскага тыпу[22]. Па ўсім бачна, што ў афармленні рукапісу знайшоў адлюстраванне пераходны перыяд, адзначаны імкненнем да засваення візантыйскага вопыту, да таго ж у канстанцінопальскім варыянце. Дэкор Тураўскага евангелля, па сутнасці, уяўляе крок у гэтым самым напрамку: почырк з усімі яго каліграфічнымі прыёмамі і «затканыя» крыжацветамі ініцыялы амаль ушчыльную падводзяць да Астрамірава евангелля, датаванага 1056-1067 г., аформленага ўжо ў эмальерным стылі з шырокім выкарыстаннем золата, але яно захавала на сваіх аркушах яшчэ нямала толькі напалову перапрацаваных старых балканскіх мадэляў[23]. Іх імкнуліся асэнсаваць так, як таго патрабавалі новыя густы, якія запанавалі ў кіеўскім княскім скрыпторыі пры сыне Яраслава Мудрага — князі Ізяславе.

Такім чынам, нават не пашыраючы кола помнікаў кніжнага мастацтва і не кранаючы шэрагу спецыяльных пытанняў эвалюцыі пісьма і ілюмінацыі, можна з поўным правам сцвярджаць верагоднасць выканання Тураўскага евангелля каля 1050 г. і прыпісаць гэта руцэ майстра, так ці іначай звязанага з кіеўскім княскім скрыпторыем. Зразумела, гэта не азначае, што кніга зроблена менавіта ў названай майстэрні. Сваю дзейнасць кнігапісцы Яраслава Мудрага маглі працягнуць у розных гарадах старажытнай Русі, асабліва там, дзе існавалі епіскапіі. Значыць, факт стварэння кнігі як твора каліграфічнага мастацтва ў самім Тураве калі нельга даказаць, то немагчыма і абвергнуць. Аднак, думаецца, важней падкрэсліць тое, што тураўскае евангелле нельга разглядаць ізалявана ад агульнай гісторыі кніжнай справы ХI ст. Яно займае ў гэтай гісторыі зусім пэўнае месца. Гэта адна з рэдкіх і дасканалых па сваім мастацкім узроўні кніг старажытнай Русі «даастрамірава» перыяду. Азначаная акалічнасць цалкам апраўдвае нашу ўвагу да тых «дробязяў» у афармленні аркушаў, бо без уліку іх ніякія высновы не будуць пераканальнымі.

Такім чынам, ілюмінацыя Тураўскага евангелля ў кантэксце сучасных помніку мастацкіх з’яваў гаворыць значна больш, чым можа падацца на першы погляд. Мастацтва большай часткай вельмі адчувальна рэагуе на новыя культурныя кірункі ў іншых сферах духоўнай дзейнасці, і кніжнае афармленне ХI ст. дае таму нямала прыкладаў.


Аркушы 1 адв.-2.


Аркушы 7 адв.-8.


Аркушы 9 адв.-10.


Аркушы 10 адв.


[1] Супраслъски или Ретков сборник в два тома. София, 1982-83. Т.1-2; Иванова-Мавродинова В., Мавродинова Л. За украсата на Супрасълския сборник // Литературознание и фолклористика: В чест на 70-годишнината на акад. П.Динеков. София, 1983. С.165-174.
[2] Шматаў В. Мініяцюра // Гісторыя беларускага мастацтва ў шасці тамах. Мінск, 1987. Т.1. С.90-91; Нікалаеў М. Палата кнігапісная: Рукапісная кніга на Беларусі ў Х-XVIII стагоддзях. Мінск, 1993. С.20.
[3] Срезневский И.И. Сведения и заметки о малоизвестных и неизвестных памятниках. Санкт-Петербург, 1886. С.30-33, 105-136; ён жа, Древние славянские памятники юсового письма. Санкт-Петербург, 1868. Ч.І. С.168-172.
[4] Туровское евангелие одиннадцатого века / Изд. Виленского учебного округа. Санкт-Петербург, 1868.
[5] Гильтебрандт П.А. Туровское евангелие ХІ в. Вильна, 1869.
[6] Тот И., Хоргоши Э., Хорват Г. Туровские листки // Acta Universitatis Szegediensis de Attila Jozef nominatae. Dissertationes slavicae. Szeged, 1978. T.XIII. P.181-232. Гл. таксама: Тот И. Русская редакция древнеболгарского языка в конце ХІ-начале ХII в. София, 1985. С.26-30.
[7] Падрабязнае апісанне аркушаў і прысвечаную ім літаратуру гл.: Сводный каталог славяно-русских рукописных книг, хранящихся в СССР. ХI-ХIII вв. Москва, 1984. С.50-52. №10.
[8] Университетские известия. Киев, 1887. Т.XXVII. №5. С.53.
[9] Стасов В. Славянский и восточный орнамент по рукописям древнего и нового времени. Санкт-Петербург, 1887. Табл.89.
[10] Пуцко В.Г. Эмальерный стиль в художественном оформлении киевских рукописей ХІ ст. // Книжные центры Древней Руси. ХІ-ХVI в.: Разные аспекты исследования. Санкт-Петербург, 1991. С.29-45; ён жа, Византийский эмальерный стиль в оформлении греческих и иноязычных илюминованных рукописей // Зборник радова Византолошког института. Београд, 1993. Књ.XIII. С.12-14.
[11] Вывучэнне рукапісу праведзена намі ў кастрычніку 1982 г.
[12] Карташев А.В. Очерки по истории русской церкви. Париж, 1959. Т.1. С.149; архиеп. Афанасий Мартос. Беларусь в исторической государственной и церковной жизни. Минск, 1990. С.67. Паводле іншых дадзеных епархія ўсталявана ў сярэдзіне ХІІ ст.: Строев П. Списки иерархов и настоятелей монастырей Российской церкви. Санкт-Петербург, 1877. Стб.1045-1046.
[13] Падрабязней гл.: Лысенко П. Киев и Туровская земля // Киев и западные земли Руси в ХІ-ХІІІ вв. Минск, 1982. С.81-108; Творогов О.В. Кирилл — епископ Туровский // Словарь книжников и книжности Древней Руси. Ленинград, 1987. Вып.1. С.217-221; Феринц И. Из гимнографического наследия Кирилла Туровского // Acta Universitatis Szegediensis de Attila Josef nominatae. T.XIII. P.165-176.
[14] Жуковская Л.П. Реймсское евангелие. История его изучения и текст. Москва, 1978; Яна ж, Гіпотези й факти про давньоруську писемність до ХІІ ст. // Літературна спадщина Киïвськой Русі і украïнська література XVI-XVIII cт. Киïв, 1981. С.17-27.
[15] Падрабязней аб прынцыпах афармлення сярэднявечнай кнігі гл.: Йончев В. Книгата през вековете. София, 1976.
[16] Прыклады гл.: Marava-Chatzinicolaou A., Toufexi-Paschou Chr. Catalogue of the illuminated byzantine manuscripts of the National Library of Greece. Athens, 1978/ Vol.I; Ibid. Athens, 1997. Vol.III.
[17]Тот И. Русская редакция древнеболгарского языка в конце ХІ – начале ХІІ вв. С.52-60; Blahova E. Über den kyrillischen Teil des Reimser Evangeliums oder über die Resuszitation eines Mythos / Stephanos/ Praha, 1995 (Byzantinoslavica. T.LVI). S.593-599.
[18] Пуцко В. Иллюминация Реймсского евангелия (кириловская часть) //Staphanos. Studia byzantina ac slavica V.Vavrvinek ad annum sexagesimum quintum dedicata. S.579-592.
[19] Пуцко В. Пантекты Антиоха Черноризца: Художественное оформление кириллической рукописи ХІ века // Сyrillomethodianum. Thessaloniki, 1987. T.XI. S.45-87.
[20] Падрабязней гл.: Пуцко В. Славянская иллюминованная книга Х-ХІ веков // Byzantinoslavica. 1985. T.XLVI; ён жа, Художественное оформление древнейших рукописей // Slovo. Zagreb, 1987. Sv.37. Новыя прыклады: Tarnanides I.C. The Slavonic manuscripts discovered in 1975 at St.Catherine’s monastery on Mount Sinai. Thessaloniki, 1988.
[21] Grabar A. Les manuscripts grecs enluminйs de provenance italienne (IXe-XIe siècles). Paris, 1972 (Bibliothèque des Cahiers Archéologiques. T.VIII).
[22] Пуцко В. Чудовская псалтирь: Художественное оформление // Filologia e litteratura nei paesi slavi. Studi in onore di S.Graciotti. Roma, 1990. P.71-90.
[23] Пуцко В. Этюды об Остромировом евангелии (Инициалы) // Etudes balkaniques. Sofia, 1981. N4. P.70-91.

Наверх

Алесь Смалянчук. Дзённiк Мiхала Ромера як крынiца па гiсторыi Беларусi пачатку ХХ ст.

Чэрвеня 16, 1998 |


У бiблiятэцы Акадэмii Навук Лiтвы (БАНЛ) i ў бiблiятэцы Вiленскага унiверсiтэта захоўваюцца амаль сорак тамоў дзённiка Мiхала Ромера. Дзённiк ахоплiвае перыяд з 1911 да 1945 г. Гэтая вельмi цiкавая крынiца па гiсторыi Лiтвы, Польшчы i Беларусi, на жаль, пакуль застаецца па–за ўвагай большасцi беларускiх даследчыкаў.

Некалькi слоў пра асобу аўтара. Мiхал Ромер (1880–1945) — юрыст, публiцыст, навуковец, грамадскi i палiтычны дзеяч — цiкавая i неардынарная постаць у гiсторыi Лiтвы. У 1905–1906 г. ён быў адным з галоўных iдэолагаў дэмакратычнай плынi Краёвага руху. У той час гэты рух падтрымлiвала частка iнтэлiгенцыi i землеўладальнiкаў Лiтвы, у свядомасцi якiх пачуццё прыналежнасцi да польскай нацыi спалучалася з адчуваннем свайго беларускага або летувіскага паходжання i ўспрыманнем беларуска–лiтоўскага краю як Радзiмы i зямлi продкаў. Краёвая iдэалогiя грунтавалася на iдэі палiтычнай нацыi, г.з. на перакананнi, што ўсе карэнныя жыхары краю незалежна ад этнiчнай прыналежнасцi належаць да адзiнай нацыi (часам яе называлi нацыяй лiцвiнаў), бо з’яўляюцца грамадзянамi Лiтвы.[*]

Краёвая iдэя стварала падмурак для супрацоўнiцтва дзеячаў розных этнiчных рухаў. І краёўцы–дэмакраты — Мiхал Ромер, Вiтольд Абрамовiч, Бранiслаў Крыжаноўскi, Ян Пiлсудскi i iнш. — выдатна выкарыстоўвалi гэтую магчымасць. У адрозненнi ад кансерватыўнай плынi краёўцаў — Чэслаў Янкоўскi, Раман Скiрмунт (у перыяд 1905–1907 г.), Эдвард Вайнiловiч i iнш. — сацыяльны радыкалiзм беларускага, летувіскага i яўрэйскага рухаў iх не палохаў. Кантакты з дзеячамi беларускага руху, у якiх галоўную ролю выконваў якраз М. Ромер, узмацнiлiся ў перыяд 1911—1915 г.

У маi 1915 г. М. Ромер перайшоў лiнiю фронту, каб далучыцца да легiёнаў Юзафа Пiлсудскага. У гэты час менавiта з ідэяй незалежнай Польшчы ён звязваў надзею на самастойную будучыню Лiтоўскага краю, якi сам павiнен вызначыць характар адносiн з блiжэйшымi суседзямi, у т.л. i з Польшчай. Праз тры гады па даручэнні Ю. Пiлсудскага ён паехаў ў Коўна, каб наладзiць кантакты з палiтыкамi летувіскай дзяржавы. Сустрэчы ў Коўне пераканалi М. Ромера ў тым, што федэралiсцкая канцэпцыя Ю. Пiлсудскага не знойдзе падтрымкi сярод летувісаў.

У 1920 г. М. Ромер, якi захаваў вернасць iдэалогii краёўцаў–дэмакратаў, вярнуўся ў Вiльню. Ён асудзiў захоп Вiльнi войскамi генерала Люцыяна Жалiгоўскага. У знак пратэсту перабраўся ў Коўна. Далейшы свой лёс ён звязаў з летувіскай дзяржаўнасцю i развiццём летувіскай культуры. У 1922 г. М. Ромер быў зацверджаны прафесарам адмiнiстрацыйнага права Ковенскага унiверсiтэту. Пазней двойчы выбiраўся рэктарам.

У 1940 г. ён зноў вярнуўся ў Вiльню, каб узначалiць пераведзены сюды летувіскi унiверсiтэт. Па ягонай iнiцыятыве былi арганiзаваныя дыскусii з удзелам польскiх i летувіскiх дзеячаў дзеля дасягнення польска–летувіскага паразумення. У час нямецкай акупацыi Мiхал Ромер меў дачыненне да арганiзацыi тайнага навучання ў Вiльнi, падтрымлiваў сувязi з рухам супрацiўлення. Памёр 22 лютага 1945 г.

М. Ромер пакінуў пасля сябе досыць значную навуковую спадчыну. Варта адзначыць такія даследванні як, напрыклад, “Stosunki etnograficzno–kulturalne na Litwie” (Kraków, 1906), “Litwa. Studium o odrodzeniu narodu litewskiego” (Lwów, 1908), “Administracinis teismas” (Kaunas,1928), “Dabartines konstitucijos” (Kaunas,1932), “Sovietu naujoji 1936 metu konstytucija” (Kaunas,1938).

Асобнае месца ў спадчыне Міхала Ромера займае ягоны дзённік. Першы запiс у дзённiку быў зроблены 1 студзеня 1911 г. Звычайна кожнаму дню прысвячалася адна старонка. Аднак iншым разам для апiсання нейкай важнай падзеi месца не хапала, i М. Ромер працягваў аповед у наступныя днi. Такiм чынам, захавалася апiсанне амаль дванаццацi з паловай тысяч дзён з жыцця гэтага чалавека.

Доўгі час дзённік быў недаступны даследчыкам. Справа ў тым, што М. Ромер дазволіў карыстацца ім толькі праз 25 гадоў пасля яго смерці. Аўтарам першай публікацыі, прысвечанай гэтай гістарычнай крыніцы, быў Вінцас Марцінкенс. Ягоны артыкул быў змешчаны на старонках часопіса “Kulturos barai” ў 1976 г. Таксама трэба адзначыць публікацыю гісторыка з Варшавы Браніслава Макоўскага (“Michal Romer i jego dziennik”), надрукаваную ў кракаўскім “Czasie” (1989, №6). На пачатку 90–х г. дзённік стаўся аб’ектам інтэнсіўных даследаванняў летувіскіх і польскіх навукоўцаў.

Першыя 34 тамы дзённiка (ад 1.01.1911 да 20.05.1933) захоўваюцца ў аддзеле рукапiсаў БАНЛ (F 138). Астатнiя — у аддзеле рукапiсаў бiблiятэкi Вiленскага універсітэту.

Для беларускiх навукоўцаў асаблiвую цiкавасць уяўляюць першыя шэсць тамоў (да мая 1915 г.). Яны з’яўляюцца выключна важнай крыніцай па гісторыі літоўскіх краёўцаў, ствараюць магчымасць дэтальнага аналізу гісторыі польскага руху ў Літве і, у першую чаргу, яго дэмакратычнай плыні.

Запісы дзённіка ўтрымлiваюць iнфармацыю пра дзейнасць вiленскага беларускага кола, цэнтрам якога была рэдакцыя “Нашай Нiвы”. М. Ромер даволi блiзка ведаў братоў Луцкевiчаў i Аляксандра Уласава. (Некаторыя старонкі дзённіка выклікаюць жаданне ўжыць слова “сябраваў”.) Ён неаднаразова сустракаўся з Іванам Краскоўскiм, Вацлавам Ластоўскiм i Вацлавам Іваноўскiм. Сярод ягоных знаёмых быў Янка Купала i некаторыя iншыя дзеячы беларускага руху.

Што ж сабой уяўляла пазiцыя аўтара? Якiм быў той пункт погляду, зыходзячы з якога М. Ромер выказваў свае адносiны да падзеяў i асобаў беларускай, летувіскай i польскай гiсторыi?

У дачыненнi да перыяду 1911–1915 г. крэда Мiхала Ромера як краёўца–дэмакрата заставалася нязменным. Ён зыходзiў з iснавання адзiнага краёвага грамадства, незалежнага ад этнiчнай свядомасці таго або іншага “грамадзяніна краю”. У грамадска–палiтычнай дзейнасцi iмкнуўся да пабудовы “адзiнага грамадскага будынку, а не шэрагу этнiчных хатаў”. (t.2, s.89. Запiс ад 13 /26/.11.1911). Якраз таму намаганнi дзеячаў асобных этнiчных рухаў па стварэнні лепшых палiтычных i культурных умоваў для развiцця ўласнага этнасу ён расцэньваў як праявы этнiчнага шавiнiзму (па тэрмiналогii М. Ромера — “нацыяналiзму”) i нязменна асуджаў. Падмуркам “адзiнага краёвага будынку” для аўтара дзённiка быў дэмакратычны лад жыцця. Ромер лічыў, што толькі ў гэтым выпадку будуць створаны адпаведныя ўмовы для ажыццяўлення патрабаванняў кожнага этнаса краю.

М.Ромер і ягоныя аднадумцы адназначна ставілі на пярэдні план інтарэсы “вырабляючых класаў” (“klas wytwarząjacych”). Яны былі ўпэўненыя, што задавальненне сацыяльных, эканамічных і культурных патрабаванняў сялян, рабочых, рамеснікаў, інтэлігенцыі з’яўляецца неабходнай умовай далейшага грамадскага прагрэсу. У адрозненні ад дактрыны лібералізму яны лічылі неабходным актыўны ўдзел у гэтым працэсе дзяржавы як заканадаўчага і кантралюючага органа. У першую чаргу гэта адносілася да вырашэння аграрнай праблемы. (Gazeta Wileńska. 1906, №1)

Погляды краёўцаў–дэмакратаў на праблемы сацыяльнага і эканамічнага жыцця набліжаліся да праграмы ППС. Зусім невыпадкова некаторыя з іх (Аляксандр Заштаўт, Вітальд Абрамовіч і інш.) удзельнічалі ў сацыялістычным руху.

Пад “адзіным краёвым будынкам” у 1911–1915 г. разумелася існаванне самастойнай Літоўскай дзяржавы, якая б працягвала традыцыі Вялікага Княства Літоўскага. Праблема уніі з Польшчай абвяшчалася прэрагатывай Сейма ў Вільні, скліканага на падставе ўсеагульнага, роўнага і простага выбарчага права.

У разважаннях пра сутнасць краёвай пазіцыі М.Ромера цяжка стрымацца ад заўвагi наконт пэўнага рамантызму гэтай пазіцыі. Працэсы культурнага Адраджэння прыгнечаных царызмам народаў Лiтвы набылi амаль незваротны характар. “Тутэйшыя” станавiлiся не краёўцамi, а палякамi, летувісамі, рускімі або беларусамi.

Якiя ж сюжэты дзённiка заслугоўваюць асаблiвай увагi даследчыкаў беларускай гiсторыi?

Адразу варта адзначыць запiсы, прысвечаныя спатканням М. Ромера з беларускiмi дзеячамi. Гэтыя сустрэчы насiлi як дзелавы, так i сяброўскi характар. М. Ромер любiў наведваць рэдакцыю “Нашай Нiвы”, атмасфера якой яму вельмi падабалася. На старонках дзённiка ён, у прыватнасцi, адзначаў адданасць беларусаў “сваёй справе, якая ўспрымаецца iмi не як механiчная работа або прафесiйны абавязак, а як жывая творчасць, як найбольш поўнае праяўленне iх жыцця, iх энергii, iх волi.” (t.1, s.38. Запiс ад 7/20/.02.1911. Гл. дадатак). Аўтарскiя характарыстыкi i заўвагi, якiя датычаць многiх славутых беларускiх палiтыкаў i дзеячаў культуры, ствараюць магчымасць глыбокага асэнсавання iх пазiцый па самых розных аспектах грамадска–палiтычнага i культурна–рэлiгiйнага жыцця ў краi. Цiкавасць выклiкаюць i некаторыя агульныя разважаннi аўтара дзённiка пра беларусаў i Беларусь. (Гл. дадатак).

Цалкам новы для беларускай гiстарыяграфii факталагiчны матэрыял утрымлiваюць запiсы, у якiх адлюстравалiся кантакты памiж дзеячамi дэмакратычных плыняў польскага, беларускага, літоўскага i яўрэйскага рухаў i прадстаўнiкамi расійскай дэмакратычнай грамадскасцi.

У першую чаргу, гэта датычыць выдавецкай дзейнасцi. У маi 1911 г., як адзначыў М.Ромер, упершыню была выказаная iдэя арганiзацыi мiжэтнiчнага дэмакратычнага выдання ў Вiльнi. Спачатку гэта павiнна была быць так званая “аднадзёнка” (“jednodniówka”), г.зн. аднаразовае сумеснае выданне. Пазней размовы пайшлi пра штотыднёвiк або штодзённае выданне. Аднак спробы рэалiзацыi гэтай iдэi выявiлi непадрыхтаванасць дэмакратаў да такога цеснага супрацоўнiцтва. Мiхала Ромера асаблiва ўсхваляваў недавер часткi польскiх дэмакратаў да беларусаў. Урэшце, як сведчаць запiсы дзённіка, менавiта беларусы ўзялi iнiцыятыву ў свае рукi. У другой палове 1912 г. Антонам Луцкевiчам быў распрацаваны план цэнтралiзацыi краёвага дэмакратычнага друку. Сам А.Луцкевiч i пачаў яго рэалiзацыю.

У вынiку да беларускага дэмакратычнага друку (“Наша Нiва” i “Саха”) далучылiся штодзённыя рускамоўная “Вечерняя газета” [**] (з верасня) і польскамоўны “Kurier Krajowy”[***](з лiстапада). Яны таксама выдавалiся беларусамi. Антон Луцкевiч iнкогнiта кiраваў “Вечерней газетой”. Гэта, дарэчы, пацвярджаюць матэрыялы Дэпартамента палiцыi, агенты якога ўстанавiлi iмя сапраўднага рэдактара газеты. (ДАРФ. Ф.102, асобны аддзел, 1913, в.243, ад.з. 157, a.1,8) і матэрыялы фонда імя музея Івана Луцкевіча, якія захоўваюцца ў Беларускім дзяржаўным архіве–музеі літаратуры і мастацтва (БДАМЛіМ. Ф.3, в.1, ад.з.260, а.9).

Адначасова Антон Луцкевiч актыўна ўдзельнiчаў, а часам фактычна кiраваў выданнем “Кур’ера краёвага”. М. Ромер быў у курсе ўсiх справаў гэтай газеты, бо меў непасрэднае дачыненне да яе з’яўлення, а з сакавiка 1913 г. увайшоў у склад яе рэдакцыi.

Артыкулы Антона Луцкевiча ў гэтых выданнях друкаваліся або без подпiсу, або пад псеўданiмамі цi крыптанiмамi. Аднак параўнальны аналiз матэрыялаў дзённiка М. Ромера, публiкацый “Вечерней газеты” i “Кур’ера краёвага” дазваляе раскрыць аўтарства Антона Луцкевiча i пашырыць базу крынiц па гiсторыi беларускага Адраджэння рускамоўнай i польскамоўнай спадчынай беларускага дзеяча. Варта адзначыць, што ў гэтых публiкацыях А. Луцкевiч выступаў як краёвец–дэмакрат, якi, аднак, трактаваў краёвасць на карысць беларускага народа. “Беларускi ўхiл” краёвасцi А.Луцкевiча можа быць тэмай асобнага даследавання.

Увагу беларускiх даследчыкаў павiнен прыцягнуць i “масонскi сюжэт”. Справа ў тым, што кантакты памiж польскiмi, беларускiмi, летувіскiмi, яўрэйскiмi i рускiмі дэмакратамi Вiленшчыны адбывалiся i на пасяджэннях вiленскiх масонскiх ложаў. Як сведчаць запiсы дзённiка, Іван Луцкевiч i Іван Краскоўскi ўваходзiлi ў склад ложы “Адзiнства” (“Jedność”), заснаванай у 1910 г., Антон Луцкевiч i Вацлаў Ластоўскi — у склад ложы “Лiтва”, заснаванай у 1911 г. Пасля афармлення ў 1914 г. ложы “Беларусь” А. Луцкевiч i І. Краскоўскi перайшлi ў яе склад (t.4, s.404. Запiс ад 4.(17).03.1915).

Сам М. Ромер быў прыняты ў ложу “Адзiнства” ў сакавiку 1911 г. У канцы гэтага ж года ён узначалiў ложу “Лiтва”.

Вiленскiя масонскiя ложы былi аддзяленнямi “Вялiкага Усхода Францыi” (з 1913 г.(?) “Вялiкага Усхода Народаў Расii”) — арганiзацыi, у якую ўваходзіла шмат вядомых палiтычных дзеячаў Расii, пераважна лiберальна–дэмакратычнага кiрунку. Паведамленнi пра сходы “братоў” змешчаныя ў дзённiку ў зашыфраваным выглядзе. Тым не менш яны дазваляюць зразумець этнiчны i колькасны склад чарговага масонскага пасяджэння. Таямнiцу вiленскiх масонаў М. Ромер раскрыў у т.4. (Пазней звярнуўся да яе ў т.17 i 28.) Раскрыццё таямнiцы было звязана з тым, што ў гэты час М. Ромер прыняў рашэнне аб пераходзе лiнii фронту. Усведамляючы ўсю небяспеку “падарожжа”, ён і вырашыў расказаць пра iдэалогiю вiленскiх масонаў i гiсторыю стварэння ложаў. М.Ромер аспрэчваў успрыманне масонаў як тайнай арганiзацыi, накiраванай супраць агульначалавечых каштоўнасцяў. Ён сцвярджаў, што “браты” вiленскiх ложаў iмкнулiся да “братэрства, любовi i вольнасцi чалавечага духу”. Іх мэтай было ператварэнне гэтых прывабных лозунгаў у “рэальнасць сумлення, дзеянняў i адносiнаў у чалавечым сужыццi” (t.4,s.403.Запiс ад 3.(16).03.1915).

“Масонскiя матэрыялы”, успрынятыя як у кантэксце ўсяго дзённiка, так і ў кантэксце грамадска–палiтычнай i культурнай дзейнасцi, спамянутых у запiсах “вiленскiх братоў”, абвяргаюць распаўсюджанае ў масавай свядомасці негатыўнае ўспрыманне масонаў. Форма масонскай арганiзацыi давала магчымасць ва ўмовах палiтычнага i грамадскага бяспраўя змагацца за перабудову расiйскай дзяржавы на прынцыпах дэмакратыi i гуманiзма.

Дзённiк пазнаёмiць беларускiх даследчыкаў з фактамi прапаганды iдэалогii беларускага руху i краёвасцi (у беларускiм разуменнi), якая актыўна вялася ў Вiльнi беларусамi “нашанiўскага кола”.

Увагу гiсторыкаў прыцягнуць спробы паразумення i каардынацыi дзейнасцi дэмакратычных элементаў усiх этнiчных рухаў напярэдаднi выбараў у IV Дзяржаўную думу ў Вiльнi. Дарэчы, самую актыўную ролю ў пошуках паразумення выконваў А. Уласаў.

Дзённiк дазваляе ўзняць праблему кантактаў дзеячаў “нашанiўскага кола” з Канстытуцыйна–дэмакратычнай партыяй “Народнай свабоды”.

Абмеркаванне будучынi Літвы выклiкала пэўны крызiс у беларуска–летувіскіх адносiнах. Запiсы дзённiка адлюстравалi сутыкненне летувіскай канцэпцыi аўтаномii “этнаграфiчнай Летувы” з далучанымi да яе каталiцкiмi рэгiёнамi Вiленшчыны i Гродзеншчыны i са сталiцай у Вiльнi і беларускай канцэпцыі аўтаномii “гiстарычнай Лiтвы”. Беларусы лiчылi Вiльню сталiцай усяго краю, а летувіскія прэтэнзii на Гродзеншчыну i Вiленшчыну расцэньвалi як захопнiцкiя. Дарэчы, дзённiк стварае магчымасць аналiзу адносiнаў розных колаў польскай i летувіскай грамадскасцi да беларускага культурнага i палiтычнага руху.

Далучэнне дзённiка Мiхала Ромера да ліку асноўных гiстарычных крынiц беларускай гісторыі павiнна значна ўзбагацiць нашае разуменне працэсаў беларускага Адраджэння пачатку ХХ ст.

***

“<…> Увечары пару гадзін правёў сярод беларусаў, у рэдакцыі “Нашай Нівы”. Кола супрацоўнікаў “Нашай Нівы” для мяне з’яўляецца адным з самых прывабных і сімпатычных у Вільні. Ёсць у іх вялікая шчырасць волі, моцная адданасць справе, якая ўспрымаецца імі не як механічная работа або прафесійны абавязак, а як жывая творчасць, як найбольш поўная праява іх жыцця, іх энергіі, іх волі. Яны цалкам паглыблены ў сваю справу, толькі ёй і жывуць. Кожны з іх — адметная асоба, кожны мае выразную і непаўторную індывідуальнасць. Пэўная шаблоннасць думак і дзеянняў, якую часта нараджае калектыўная праца, у беларусаў цалкам адсутнічае. Яркая індывідуальнасць кожнага з іх тлумачыцца шчырымі, сумленнымі адносінамі да справы. Пры энергічнай дзейнасці індывідуальнасць не нівелюецца паводле пэўнага шаблону, а развіваецца, набывае выразныя контуры, што спрыяе найбольш поўнаму выяўленню асобы.” (t.1,s.38. Запiс ад 7.(20).02.1911.).

“<…> У гэтым краi, у Белай Русi, дзiўна перамяшалiся Усход i Захад. Гэта адбiлася на пачуццёвым успрыманнi народа i знайшло свой выраз у характары мясцовай культуры. Белая Русь — гэта край памежжа Заходняй Еўропы i Вiзантыйскага Свету. Гэтыя два цывiлiзацыйныя тыпы, дзве гiстарычныя культуры, супрацьлеглыя як два полюсы, на гэтай зямлi ў душы народа iснуюць у поўнай згодзе.

Цывiлiзацыйны падзел найбольш выразна адчуваецца ў рэлiгii — ва ўсходнiм праваслаўi i заходнiм каталiцызме. Абодва веравызнанні iснуюць побач, а народная маса, не звяртаючы ўвагi на рэлiгiйную прыналежнасць асобы, аднолькава прымае i адну i другую. Святы i iншыя ўрачыстасцi праваслаўнай царквы збiраюць у пэўныя днi i ў пэўных месцах усё насельнiцтва. Збiраюцца праваслаўныя i каталiкi, у тым ліку засцянковая, акалiчная i фальварачная дробная шляхта. Тое самае адбываецца i на каталiцкiя святы, якiя прываблiваюць праваслаўнае насельнiцтва нават з далёкiх вёсак. Тым самым людзi захоўваюць традыцыi i iнстынктыўна дэманструюць адзiнства культуры i веры, фармальна падзеленай на два светы, на два веравызнаннi.

У гэтых несвядомых праявах хаваецца сэнс гiстарычнай ролi Беларусi, доўжыцца жыццё старажытнай царкоўнай i культурнай Унii, якая нарадзiлася на гэтай зямлi i, насуперак скасаванню, працягвае жыць. Перамена праваслаўнага веравызнання на каталiцкае i наадварот адбываецца тут без якойсьцi глыбокай духоўнай i культурнай перамены ў жыццi асобы. Народнае асяроддзе, як сялянскае, так i дробнашляхецкае, прасякнута i насычана аднолькава ўсходнiм i заходнiм пачаткамi, якiя маюць роўныя правы грамадзянства i пароўну прысутнiчаюць у псiхiцы народа.” (t.3, s.315. Запiс ад 8.(21).11.1913 г.)

Пераклад з польскай мовы А. Смалянчука



[*] Лiтва разумелася як гiсторыка–культурны феномен i ўключала ўсе тэрыторыi i народы былога Вялiкага Княства Лiтоўскага. У гэтым самым сэнсе назву ўжывае і аўтар артыкула.

[**] “Вечерняя газета” — штодзённая газета на рускай мове. Выдавалася з 18.09.(1.10)1912 г. да 11(24).06.1915 г. Назва №1,2 — “Вечерняя газета–копейка”. Афіцыйны рэдактар–выдавец — Ф.М.Хатэнка. Пазней — Н.В.Сперанская.

[***] “Kurier Krajowy” — штодзённая газета на польскай мове. Выдавалася з 30.11.(12.12)1912 г. да 18.04.(1.05)1914 г. Афіцыйны рэдактар–выдавец — Юліуш Сумарок. Пазней — Алена Юрэвічова, Стэфан Піатровіч.

Наверх

Успаміны Еўлашоўскага па–літоўску* (Уладзімір Свяжынскі, Міхаіл Спірыдонаў)

Чэрвеня 8, 1998 |


* Jevlašauskis Teodoras. Atsiminimai. Iš senosios gudų kalbos išvertė N. Pranckevičiutė-Lužienė. Parenge D. Vilimas. Vilnius, 1998, 90 p.

Канец XVI — пачатак XVII ст. знамянальныя тым, што ў гэты час у Вялікім Княстве Літоўскім, Рускім і Жамойцкім і інш. (ВКЛ) з’явіўся прынцыпова новы жанр гістарычных крыніц — мемуары. Паўстаўшы на хвалі Рэнесансу, яны адлюстравалі карціну свайго часу ва ўсёй яго разнастайнасці, супярэчлівасці — ад войнаў да дэталяў побыту, даўшы гэтым у рукі гісторыкаў багаты матэрыял па самых розных баках даўнейшага жыцця. І першым, хто занатаваў падзеі свайго часу — значныя і не вельмі — не як летапісец (той прытрымліваўся больш-менш афіцыйнага пункту погляду на падзеі), а як прыватная асоба з уласцівым ёй суб’ектыўным светаўспрыманнем, імкненнем „дятком свым раду свою зоставити”, быў шляхціч з Новагародскага павету Фёдар Міхайлавіч Еўлашоўскі. Ён прыцягнуў увагу сучаснікаў сваімі здольнасцямі і набытымі самастойна ведамі. Менавіта выключнасць яго ўчынку ў запачаткаванні нашай мемуарыстыкі спрычынілася да таго, што цікавасць да яго мемуарнай спадчыны не слабее вось ужо другое стагоддзе. Як піша сучасны польскі літаратуразнаўца, лаўрэат Нобелеўскай прэміі Чэслаў Мілаш, „Мемуары Еўлашоўскага — можа самы цікавы твор на даўняй беларускай свецкай мове, які і зараз прыемна чытаць”[1] .

Мемуары Еўлашоўскага здаўна прыцягвалі ўвагу польскіх вучоных і выдаўцоў, якія шмат зрабілі дзеля вывучэння і выдання ягонай спадчыны. Гэта найперш Т.Любамірскі, Я.Цямнеўскі, А.Банецкі, А.Сайкоўскі, М.Сякерскі, В.Сянкевіч, З.Лясоцкі, В.Чаплінскі, М.Качмарак і інш. Варта згадаць, што ўпершыню ўспаміны Еўлашоўскага былі апублікаваныя на польскай мове.

Твор Еўлашоўскага прывабіў у свой час і гісторыка ВКЛ У.В.Антановіча, які двойчы публікаваў тэкст успамінаў[2]. Але публікатар не валодаў арыгіналам, месцазнаходжанне якога ў той час яшчэ было невядомым, а пазнейшай рукапіснай копіяй з бібліятэкі Асалінскіх у Львове, што значна адрозніваецца ад арыгінала. Характар эпохі шмат у чым прадвызначыў узровень публікацыі. Шматлікія паланізмы ў мове помніка, якімі ён якраз і вылучаецца з ліку фактычна ўсіх астатніх старабеларускіх тэкстаў, публікатар выправіў на тыя, што былі характэрныя для большасці падобных тэкстаў. Моўныя праўкі пацягнулі за сабой скажэнні тэксталагічныя, у выніку вартасць публікацыі як крыніцы стала вельмі нізкай[3].

Пакуль арыгінал не быў адшуканы, тэксталагічна скажонае выданне У.Антановіча доўга служыла даследчыкам адзінай крыніцай вывучэння „Успамінаў” Еўлашоўскага. Яно ж сталася асновай для прац нашых суайчыннікаў у Англіі А.Надсана і Р.Патры-Тамушанскага[4]. Але больш за дваццаць гадоў таму быў нарэшце адшуканы і надрукаваны арыгінал твора[5]. Да беларускага выдання „Успамінаў” Еўлашоўскага не было дакладнага ўзнаўлення тэксту гэтага помніка. Дрэнная захаванасць рукапісу і складанасць почырку аўтара не дазвалялі папярэднім публікатарам выдаць тэкст у тэксталагічных адносінах бездакорна.

Літоўскія вучоныя доўга не выяўлялі цікавасці да гэтай унікальнай крыніцы. І вось, нарэшце, гэты прабел ліквідава ны. Пераклад „Успамінаў” на літоўскую мову выканала Нярынга Пранцквявічутэ-Лужэне[6].

Як напісана ў прадмове да выдання, „Успамінамі” Ф.Еўлашоўскага Інстытут літоўскай літаратуры і фальклору пачынае выпускаць серыю „Вытокі” („Ištakos”) (Р.7). Яна прызначаецца для таго, каб „пазнаёміць літоўскае грамадства з яго культурнай спадчынай”. Выданне „Вытокаў” мае на мэце дапоўніць ужо выдаваныя колькі гадоў кнігі серыі „Даўняя літоўская літаратура” („Senoji lietuvos literatūra”), апошняя, чацвёртая з якіх („Летапісы і княжацкія лісты”) убачыла свет два гады таму[7]. Чым адрозніваюцца гэтыя дзве серыі? Першая з іх, „Даўняя літоўская літаратура”, уключае фундаментальныя крыніцы, якія маюць непасрэднае дачыненне да гісторыі этнічнай Літвы і часцей за ўсё створаныя на яе тэрыторыі. „Вытокі” ж закліканы папулярызаваць тыя даўнія тэксты, якія быццам дапаўняюць „Даўнюю літоўскую літаратуру”, рэпрэзентуючы на сваіх старонках гісторыю Літвы ў больш шырокіх геаграфічных межах ВКЛ. Таму зразумела, што ў гэты цыкл трапляюць і крыніцы, створаныя на тэрыторыі сучаснай Беларусі, як, напрыклад, „Успаміны” Еўлашоўскага.

Чаму ж менавіта „Успамінам” Ф.Еўлашоўскага наканавана было запачаткаваць новую серыю? Прычына ў незвычайных якасцях „Успамінаў” як сведчання той эпохі. „Тодар Еўлашоўскі — асаблівы сведка той, другой Літвы, чулы, шчыры, красамоўны” (7). Так высока твор ацэньваецца таму, што ім адлюстраваны ў многім выключны лёс аўтара: „сын праваслаўных бацькоў, падапечны князя-каталіка, меўшы праваслаўную жонку і аддаўшы сваё дзіця ў арыянскую школу, Еўлашоўскі не толькі наглядней апісваў рэчаіснасць ВКЛ на стыку XVI-XVII ст., але і асабліва яе перажываў. Яго мемуары — самая першая аўтэнтычная гісторыя жыцця чалавека, поўная спадзяванняў, зямных радасцяў, стратаў, меланхоліі і адчаю. Яны вартыя не толькі ўсебаковага навуковага даследавання, але і чалавечага спачування і разумення” (7).

У адпаведнасці з канцэпцыяй серыі, Ф.Еўлашоўскі інтэрпрэтаваны як літоўскі пісьменнік. У той жа час, ва „Успамінах” Еўлашоўскага мала звестак, якія датычаць выключна этнічнай Літвы, а тэрміны „Літва”, „літоўскі”, „ліцвін” ён ужывае толькі ў сэнсе „Вялікае Княства Літоўскае” і „той, які належыць Вялікаму Княству Літоўскаму”, у адрозненне ад Польшчы. А ВКЛ, як вядома, было супольнай дзяржавай балтаў і славян. У кнізе чытаем, што Еўлашоўскі — літоўскі шляхціч („lietuvos bajoras”, с.7), хоць вядома, што род Еўлашоўскіх — беларускі. Нягледзячы на тое, што спадчына Ф.Еўлашоўскага вывучаецца ўжо, як адзначалася, другое стагоддзе, ступень яе даследаванасці далёка няпоўная.

Згодна з агульнай канцэпцыяй серыі, ўкладальнікі прынялі за правіла ўжываць заходні адпаведнік імя аўтара ўспамінаў — Тэадор. Абгрунтоўваецца гэта тым, што так, маўляў, называлі б яго ў Вільні і Троках літоўцы, гэтаксама называюць яго і палякі, а Фёдарам — толькі беларусы (8).

Структурна выданне ўключае ўсе асноўныя элементы, неабходныя для максімальнага раскрыцця зместу твора. Апроч тэксту, у яго ўваходзяць прадмова, жыццяпіс аўтара, агляд публікацый тэксту, спіс скарачэнняў, спіс геаграфічных назваў і паказальнік імёнаў. У якасці дадатку змешчаны дакумент, які адыграў бадай самую важную ролю ў лёсе аўтара — прывілей Жыгімонта Вазы на пасаду падсудка Наўгародскага павета. Кніга сканчаецца адзінай ілюстрацыяй выдання — картай, якая адлюстроўвае некаторыя асноўныя месцы жыцця і дзейнасці мемуарыста.

Агульнавядома, што найважнейшым патрабаваннем да публікацыі гістарычнай крыніцы лічыцца дакладнасць узнаўлення ў ёй тэксту арыгінала. Таму самымі надзейнымі з’яўляюцца публікацыі крыніц на мове арыгінала — у такім выпадку ўдаецца пазбегнуць недакладнасцяў, магчымых пры перакладзе. У той жа час асобаў, што валодаюць іншымі мовамі на ўзроўні каардынацыйнага білінгвізму (г.зн. роднай і няроднай аднолькава выдатна), у грамадстве звычайна адзінкі, асабліва калі мець на ўвазе пісьмовыя мовы тыпу старабеларускай, а кола карыстальнікаў гістарычнымі крыніцамі дастаткова шырокае. Таму даводзіцца звяртацца да перакладу, асабліва калі публікацыя, як і дадзеная кніга, прызначаецца для шырокага кола чытачоў.

Супастаўленне перакладу з арыгіналам дае падставы сцвярджаць, што пераклад зроблены дастаткова кваліфікава на. Гэта асабліва ярка відаць на прыкладзе перадачы па-літоўску надзвычай цяжкіх для разумення сучасным чытачом фрагментаў тэксту. Укладальнікі не прыводзяць паралельна літоўскаму арыгінальны тэкст крыніцы. Адсутнасць паралельнага старабеларускага тэксту ў нейкай ступені кампенсуецца яго фрагментамі ў падрадковых заўвагах, якія ўяўлялі пэўную цяжкасць для перакладу на літоўскую мову. Напрыклад: „Daktarai tą ligą pavadino inkubu” — Лац. incubus — начны кашмар, які-небудзь дух, які прыстае, дэманічны каханак ці каханка (25); „Aš nuolat matau, kaip aitvaras čia pas tą šeimininkę lankosi” — „У арыгінале рукапісу: „лятавец”. Каб аблегчыць літоўскаму чытачу разуменне тэксту, шматзначныя тэрміны перакладаюцца словамі ў тых значэннях, у якіх гэтае шматзначнае слова арыгінала актуалізавана ў тэксце. Напрыклад: листы — privilegijos, коморник — rūmininkas — „прыдворны”. На карысць дакладнасці перакладу сведчыць і правіла рэканструкцыі тых фрагментаў, якія ў арыгінале не актуалізаваныя, але мысляцца, што характэрна для вуснай мовы, запісам якой у значнай ступені з’яўляецца гэтая крыніца. Пра акуратнасць стаўлення перакладчыцы да тэксту арыгінала сведчыць тое, што гэтыя рэканструяваныя фрагменты падаюцца ў квадратных дужках, як гэта звычайна робіцца. Напрыклад: „А так, кгды се готовано вэсэле пана Жалинского с панною виленскою Галшкою и Тлуховскому дойзреть поручоно, попадла кго хороба дворска” (40) — „Bet kai buvo ruošiamasi pono Žalinskio ir paneles Galškos vestuvems ir Tluchovskiui pavesta [jomis] rūpintis, užpuole ji rumu liga” (60) — І вось, калі рыхтавалася вяселле пана Жалінскага з паннаю віленскаю Гальшкаю і Тлухоўскаму было даручана [аб іх] паклапаціцца, спасцігла яго прыдворная хвароба (пераклад У.Свяжынскага).

У змястоўным нарысе пра Ф.М.Еўлашоўскага, напісаным Д.Вілімасам, на шырокім фоне асноўных палітычных і рэлігійных працэсаў другой паловы XVI ст. у краінах Еўропы, асабліва Рэчы Паспалітай і яе часткі ВКЛ, у храналагічным парадку асвятляюцца ўсе асноўныя падзеі жыцця аўтара „Успамінаў” — „літоўска-беларускага баярына” (9-18).

Прыступаючы да агульнай характарыстыкі „Успамінаў” Еўлашоўскага, аўтар называе іх „неацэннай энцыклапедыяй паўсядзённага жыцця шляхты другой паловы XVI-XVII ст., якія даюць зрэз менталітэту сярэдніх слаёў шляхты. Апавяданне Еўлашоўскага адлюстравала не толькі важныя падзеі, але і грамадскія працэсы (знікненне талерантнасці, змену веравызнанняў, шляхецкае самакіраванне, рэформу судоў). Асвятленне тых ці іншых падзеяў залежала ад цікавасці да іх Еўлашоўскага: войны ён згадвае толькі мімаходзь, паколькі ўпэўнены, што ад іх для Рэчы Паспалітай няма ніякай карысці. Пра смерць Жыгімонта Аўгуста ён згадвае таму, што засталіся непадпісанымі каралём прывілеі на абяцаныя яму двары. Пра паўстанне пад кіраўніцтвам Севярына Налівайкі — таму, што яно закранула і мясціны, дзе жыў мемуарыст. На думку аўтара нарыса, падзеі эпахальнага значэння патанулі ва „Успамінах” у побытавых дэталях (14).

Вілімас слушна адзначае пераважна асабісты характар звестак, занатаваных мемуарыстам: ва „Успамінах” больш за ўсё гаворыцца пра падзеі, што так ці інакш тычыліся самога Еўлашоўскага або зацікавілі яго, г.зн. фактах яго біяграфіі (14). Канкрэтная інфармацыя „Успамінаў”, што дазваляе ўявіць менталітэт Еўлашоўскага як аднаго з прадстаўнікоў шматлікага шляхецкага стану ВКЛ — найбольш каштоўная для сучасных чытачоў і гісторыкаў іх частка.

Асноўныя факты біяграфіі Ф.Еўлашоўскага выкладзены Вілімасам амаль выключна на падставе сведчанняў толькі „Успамінаў”. Але нават адпаведныя даследаванні, якімі карыстаўся аўтар нарыса, дазваляюць істотна ўдакладніць і дапоўніць біяграфію мемуарыста, што, на нашу думку, і павінен быў зрабіць Вілімас.

Не прэтэндуючы на ахоп усіх бакоў жыцця Еўлашоўска га, а тым больш усіх вядомых цяпер фактаў, спынімся толькі на некаторых і, як мяркуем, важных.

Адным з істотных фактараў жыцця і дзейнасці Еўлашоўскага было тое, што ён знаходзіўся пад вотчыннай юрысдыкцыяй уласнікаў маёнтка Ляхавічы. Але, як вядома, паўнапраў нымі лічыліся толькі шляхцічы — непасрэдныя васалы вялікага князя літоўскага. Таму адной з асноўных мэтаў дзейнасці мемуарыста стала імкненне пазбавіцца яе шляхам набыцця маёнтка пад юрысдыкцыяй павету. Купля ім у 1586 г. маёнтка Скубятоўшчына (цяпер вёска Гаслаўшчына), ўладальнік якога ў 1567 г. дабіўся прывілея аб вызваленні яго ад прысуду ляхавіцкага ўраду і пераводзе ў склад гаспадарскай шляхты Навагародскага павета, значна падвысіла статус Еўлашоўскага[8]. Такім чынам, галоўны элемент шляхецкага менталітэту — сапраўдны шляхціч той, хто мае маёнтак — быў уласцівы і яму. На жаль, аўтар нарыса не звярнуў належнай увагі на гэты важны стымул яго дзейнасці.

У нарысе не знайшлі канкрэтнага адлюстравання і вядомыя з іншых крыніц факты вельмі складаных і цяжкіх васальна-службова-маёмасных адносінаў Ф.Еўлашоўскага са сваімі сеньёрамі-панамі Янам Еранімавічам Хадкевічам, а потым і яго сынамі Аляксандрам і асабліва Янам Каралем. Ён верна служыў пераважна ім амаль ўсё сваё жыццё з адзінай мэтай выслужыць у іх маёнтак. Але мара не збылася: у прыватнасці, маёнтак Еўлашэвічы ў Ляхавіцкай воласці, які ён трымаў ад іх на ўмовах ваеннай і іншай службы, а таксама закладу, па распараджэнню Я.К.Хадкевіча быў выкуплены ў сыноў Ф.Еўлашоўскага[9]. Складаная і цяжкая служба аказалася марнай.

Нам уяўляецца таксама недастатковай увага аўтара нарыса да дзяцей Ф.Еўлашоўскага. Са сваіх дзевяці сыноў і пяці дачок мемуарыст называе імёны толькі пяці хлопцаў і дзвюх дзяўчат. Вілімас жа згадвае толькі чатырох яго сыноў. Аўтару было б варта пералічыць усіх вядомых цяпер дзяцей Еўлашоўскага: Лізавета („Гальшка”, 1588—?), Лаўрын (1584—?), Марцін (1585—?), Пётр (?—?), Раіна (1587—?), Самуэль (?—?), Фёдар (?—?), Ян (1579—1602), Яраш (?—?) і Яўхім (1581—?). У дадатак мы можам паведаміць, што ў 1628 г. уладальнікамі маёнтка Еўлашова былі толькі Пётр і Фёдар Фёдаравічы Еўлашоўскія, якія пастановай Новагародскага земскага суда былі абавязаны вярнуць яго новаму ўласніку маёнтка Ляхавічы маршалку ВКЛ і далей пану Яну Станіславу Сапегу[10].

Тым не менш нарыс Д. Вілімаса ў цэлым дае дастаткова поўнае ўяўленне пра асноўных фактары і факты жыцця і дзейнасці мемуарыста Ф.М.Еўлашоўскага.

Вялікую каштоўнасць уяўляюць таксама напісаныя Д.Вілімасам 248 падтэкставых каментараў да „Успамінаў” Ф.Еўлашоўскага. У іх тлумачацца амаль усе гістарычныя падзеі, асобы і часткова месцы падзеяў, некаторыя фрагменты тэксту, якія цяжка зразумець. Гэта найбольш грунтоўныя і дакладныя каментары сярод існуючых.

Да выхаду дадзенай публікацыі адзіным цалкам каментаваным было выданне, падрыхтаванае А.Коршунавым. Супастаўленне паказвае, што імкненне Вілімаса да лаканічнасці дазволіла яму, не завышаючы аб’ёму, дапоўніць каментары істотнымі для зместу крыніцы звесткамі, прапушчанымі ў А.Коршунава. Так, каментар пра доктара Сэрпца дапоўнены геаграфічнай даведкай пра Сэрпец, адкуль паходзіў доктар (24); каментар пра ляхавіцкага старосту У.Забалоцкага — спасылкай на „Гісторыю Расіі” С.Салаўёва, дзе гаворыцца пра перабежчыкаў на бок ВКЛ (26); каментар пра літоўскага стольніка М.Монвіда Дарагастайскага Кухмістровіча — звесткамі пра літоўскі перыяд яго жыцця і дзейнасці, што істотна для літоўскага выдання крыніцы (51) і г.д.

У нязменным выглядзе каментары А.Коршунава пераносіліся ў літоўскае выданне тады, калі яны задавальнялі ўкладальніка сваім зместам, аб’ёмам і стылем. Гэта, напрыклад, каментары пра суддзю менскага земскага суда Рыгора Макаровіча (38), шляхціча Новагародскага павета Івана Баку (42), удаву Яна Еранімавіча Хадкевіча Хрысціну Збароўскую (58). У большасці ж выпадкаў каментары А.Коршунава ўдакладняліся. Супастаўленне паказвае, што літоўскі выдавец пайшоў значна далей у тлумачэнні фактаў „Успамінаў” ў параўнанні з Коршунавым. Яму ўдалося выявіць памылкі, дапушчаныя ў выданнях У.Антановіча і А.Коршунава. Так, аказалася, што У.Антановіч замест даты 1567, калі Еўлашоўскаму споўніўся 21 год, дае 1565; у Коршунава памылкова ўказана, што сын Еўлашоўскага Ян быў забіты 16 лютага, а ў перакладзе Н.Пранцкявічутэ-Лужэне, як і ў арыгінале — 17-га. Яму ўдалося дапоўніць і крыніцазнаўчую апрацоўку „Успамінаў”. Ім выяўлена больш недакладнасцяў у самога Ф.Еўлашоўскага. Д.Вілімас устанавіў, што Ф.Колычаў-Разумны — хоць і быў у Літве ў 1567 г. — удзелу ў мірных перамовах не браў (26).

Публікацыя „Успамінаў Еўлашоўскага” — не першае і не апошняе выданне крыніцы адпаведнага гістарычнага перыяду. Укладальнік добра разумеў, што гранічна поўнае і падрабязнае каментаванне ўсіх без выключэння найменняў вядзе да паўтарэння тых з іх, якія ўжо былі ў папярэдніх. Каб пазбегнуць гэтага, ён вырашыў апускаць тлумачэнні функцый афіцыйных асобаў ВКЛ, абгрунтавана спасылаючыся пры гэтым на пэўную дасведчанасць чытача.

Мэце зрабіць публікацыю практычнай і зручнай для карыстання падпарадкаваны і аб’ём падрадковых каментараў. У гэтым выданні яны часцей за ўсё нашмат карацейшыя, чым у выданні А.Коршунава. Гэта тычыцца тых асобаў і населеных пунктаў, якія згадваюцца ва „Успамінах” эпізадычна і не выконвалі ў гісторыі ВКЛ значнай ролі.

Пра больш высокі ўзровень падрыхтоўкі „Успамінаў” параўнальна з выданнем А.Коршунава сведчыць той факт, што ў першым асобны каментар даецца на кожнае найменне, тады як у другім — на два і больш. Так, у Коршунава ў каментары да Ансбаха (Аншпаха) гаворыцца і пра Ганну Ягелонку, жонку Стэфана Баторыя, тады як у выданні літоўскім ёй прысвечаны асобны каментар. Сцісла каментуюцца тыя асобы ці населеныя пункты, якія згадваліся ў тэксце вышэй: нябожчык, у каментары: гэта значыць Ян Еранім Хадкевіч (34).

Недастатковая вывучанасць перш за усё генеалогіі шляхты і гістарычнай геаграфіі ВКЛ XVI ст., не дазволіла аўтару дакладна расшыфраваць некаторыя месцы помніка. Абмяжуемся некалькімі адпаведнымі прыкладамі.

Як і ў А.Коршунава, тут засталіся неўстаноўленымі асобы Балтрамея Нядзвіцкага, Х.Радзівілаўны, дачкі М.Радзівіла Рудога, Лаўрэнцыуша, М.Тлухоўскага, Я.Крачатоўскага, нелакалізаванымі — населеныя пункты Бабіна, Гарадзея, Малкавічы, Канюхі, Дзераўная, Сіневічы, Козі Рынак. Аўтар каментараў спрабуе ўдакладніць некаторыя згаданыя ва „Успамінах” рэлігійныя святы. Выраз Еўлашоўскага „о светом Михале” у А.Коршунава — Дзень св. Міхаіла-архангела, 8 лістапада, у Д.Вілімаса — св. Міхаіла, 29 верасня (26); выраз „по святках” паводле А.Коршунава — Сёмуха, сёмая нядзеля пасля Вялікадня, паводле Д.Вілімаса — Žolinė (Зельная), 15 жніўня (41). Аднак пры гэтым каментатар не прыводзіць аргументаў на карысць сваёй, адрознай ад А.Коршунава, версіі. Некаторыя тэрміны ў каментарах тлумачацца залішне агульна („лист зашитый, отвороный” — віды дакументаў) (66).

Канстатуючы неўнармаванасць мовы (у Вілімаса — „канцылярскай славянскай мовы”) (20), на якой у XVI ст. вялося амаль усё справаводства ў ВКЛ, аўтар тым не менш памылкова лічыць, што дакладнае прозвішча мемуарыста — толькі „Евлашовский”, а не „Евлашевский” (21). Аднак можна спаслацца на шэраг аўтэнтычных актаў, і перш за ўсё на апублікаваны ў кнізе прывілей (90), у якіх яго прозвішча, як і назва маёнтка, пішацца і з літарай „е”[11].

Нам уяўляецца, што ва „Успамінах” ідзе гаворка не пра Андрэя Тараноўскага, як лічыць Вілімас (52), а пра зямяніна Віленскага павета Габрыеля Тарноўскага. Дарэчы, звесткі Еўлашоўскага пра гэтую справу адпавядаюць дадзеным судовай справы ад 17 ліпеня 1586 г. па іску Г.Тарноўскага да Янавай Хадкевічавай-Крыстыны са Зборава аб уплаце яму 1200 залатых за вайсковую службу ў 1575 г. у Інфлянтах[12].

Не зусім дакладныя, на нашу думку, і звесткі аўтара каментараў пра Міхайлу Багданавіча Гарабурду. У прыватнасці, ён быў свіслацкім дзяржаўцам толькі ў 1566-68 г. Калі 1 чэрвеня 1568 г. Свіслацкая воласць была пажалавана яму ва ўласнасць („навечность”), ён перастаў быць яе дзяржаўцам, хоць іншы раз тытулаваўся так і далей[13]. Варта таксама падкрэсліць, што Еўлашоўскі ў адрозненне ад гісторыкаў дае дакладную дату (12 ліпеня 1586 г.) смерці гэтага пана (53)[14].

Іншы раз у спробах ідэнтыфікацыі і лакалізацыі некаторых населеных пунктаў і іншых геаграфічных аб’ектаў аўтар ігнаруе кантэкст і шукае іх на відавочна занадта шырокай прасторы. Таму недакладна лакалізаваны, напрыклад, наступныя населеныя пункты:

„Деревная”, фальварак і сяло „Деревная” маёнтка Мыш у Новагародскім павеце, цяпер вёска Навамышскага сельсавета Баранавіцкага раёна (43)[15];

„Конюхи”, сяло Ляхавіцкай воласці, цяпер вёска Канюхі Жарабковіцкага сельсавета Ляхавіцкага раёна (60)[16];

„Лососиная”, маёнтак у Слонімскім павеце, цяпер вёска Ласасіна Варанілавіцкага сельсавета Пружанскага раёна (69)[17];

„Малковичи”, сяло ў Новагародскім павеце, цяпер вёска Малькавічы, цэнтр сельсавета Ганцавіцкага раёна, якое належала да маёнтка Ляхавічы (60)[18];

„Селцо” „на Руси” — гэта сяло „Сялец” (цяпер вёскi Балонаў Сялец I і II Чарнаборскага сельсавета Быхаўскага р-на) Быхаўскай, пазней Старабыхаўскай воласці ў Аршанскім павеце. Гэтая воласць да 1549 г. належала берасцейскаму старасце А.І.Хадкевічу, а пасля раздзелу 6 снежня 1549 г. — яго сыну Ераніму, потым — нашчадкам апoшняга. У прыватнасці, на пачатку 1590-х г. яе ўласнікамі былі ўнукі Е.А.Хадкевіча Аляксандр — „грабя на Шклове и Мыши з Быхова” і Ян Караль — „грабя на Быхове з Шклова и Мыши”. У 1590 г. іх менавіта быхаўскім упраўляючым („врядником”) быў Мікалай Тлухоўскі, пра падкопы якога згадвае Еўлашоўскі (59-60)[19].

Варта таксама адзначыць, што ў азначэнні пасады „мостовничство пинское и сэрвецкое” маецца на ўвазе не паселішча „Сэрвеч”, а рака Сэрвач, левы прыток Нёмана (39)[20].

У літоўскім выданні прыменены дыферэнцаваны спосаб падачы асабовых імёнаў у залежнасці ад этнічнай прыналежнасці носьбіта. Укладальнікі, як сказана ва ўводзінах „стараліся па магчымасці не „літуанізаваць” імёны. Падачу ў літуанізаванай форме імёнаў некаторых асобаў, якія мелі дачыненне да ўсяго Княства (Radvila, Katkevičius), яны тлумачаць тым, што менавіта ў такіх формах яны зафіксаваны ў тагачасных літоўскіх тэкстах. Імя Radvila ў такой форме давалася ў літоўскіх тэкстах заўсёды, і гэта апраўдана, паколькі слова „radvila” ў літоўскай мове выконвае яшчэ і апелятыўную функцыю (бел. „падкідыш”). Падача ж у літуанізаванай форме другога імя можна разглядаць як адступленне ад прынятага ўкладальнікамі правіла, паколькі як прозвішча, так і яго носьбіты маюць славянскае паходжанне. Тое ж можна сказаць і пра форму Jurgis Sluckis — Юры Слуцкі.

Мы вымушаны канстатаваць таксама тое, што аўтары перакладу „Успамінаў” Ф.М.Еўлашоўскага са звычайнай для ўсіх асобаў і ўстановаў ВКЛ у XVI ст. самабытнай „рускай” мовы на літоўскую і каментараў да іх літуанізавалі амаль усе імёны, прозвішчы і геаграфічныя назвы, хоць і імкнуліся пазбегнуць гэтага (19-20). Таму, напрыклад, „Михал Гарабурда” стаў „Mykolas Haraburda”, „Федор Евлашовский” — „Teodoras Jevlašauskis”, „Володымир Семенович Заболоцкий” — „Vladimiras Zabolockis” , а „Добромышль” — „Dobromišlis”, „Городно” — „Gardinas”, „Новгородок” — „Naugardukas” і г.д. Уяўляецца, што зусім не літуанізаваць іх пры перакладзе на літоўскую мову немагчыма. Таму варты ўвагі правамерны прынцып захавання арыгінальных форм напісання названых рэчаў хоць бы ў іх спісах і паказальніку, як гэта і зрабіў у разгляданай кнізе Д.Вілімас.

Часта з памылкамі пададзены загалоўкі артыкулаў і кніг пра Еўлашоўскага ў бібліяграфічным спісе, кірылічныя фрагменты арыгінала ў падрадковых каментарах, ёсць разнабой у падачы адных і тых жа тэрмінаў: назва пасады венграў Ферэнцыя і Асемерыя пры двары караля Стэфана Баторыя даецца ў паланізаванай і адаптаванай формах: pacholianta i pacholiata, да таго ж у такой форме множнага ліку, яна пададзена ў імянным паказальніку пры імені кожнага з іх паасобку.

Вельмі карысным для чытача з’яўляецца „Спіс геаграфічных назваў” (73-78), што сустракаюцца ва „Успамінах”. Да большасці іх дадаюцца каментары, у якіх прыведзены кароткія звесткі пра іх статус у мінулым і цяпер. Аднак іншы раз яны, не адпавядаюць сапраўднасці. Напрыклад, прачытаная няправільна ў арыгінале назва замка ў Лівоніі „Зэлборк” дала ў перакладзе „Борк” (35). Таму аўтар каментараў, не ўлічваючы кантэкст, памылкова атаясаміў „Зэлборк” з паселішчам з крыху падобнай назвай („Боркавічы”) не ў Лівоніі, а ў Беларусі (73). Аднак у 1575 г. Дзвінскае правабярэжжа Полацкага ваяводства было акупавана войскамі Рускай дзяржавы, і таму Я.Е.Хадкевіч з войскам ніяк не мог там размясціцца. Замак „Зэлборк” знаходзіўся на левым беразе Дзвіны на захад ад сучаснага горада Плявіняс у Латвіі[21].

Насуперак меркаванню аўтара, былы маёнтак „Мыш” з замкам і мястэчкам у Новагародскім павеце цяпер з’яўляецца вёскай Старая Мыш (а не Новая) Цешаўлянскага сельсавета Баранавіцкага раёна (51,58)[22].

Недакладнымі ўяўляюцца і звесткі пра „Полюбичи” (76). У XVI ст. Палюбічы — маёнтак у Берасцейскім павеце[23], а цяпер — вёскі Палюбічы-Дворскія і Палюбічы-Вейскія Вішніцкай гміны Бялападляскага павета Люблінскага ваяводства Польскай Рэспублікі[24].

Варта прынцыпова падкрэсліць важнасць уключэння ў дадзены „Слоўнік” тых населеных пунктаў, што фігуруюць у пасадах многіх асобаў „Успамінаў”. Аўтар такую спробу зрабіў толькі часткова („Servečai”, „Trobas”). Таму ў „Слоўніку” няма, напрыклад, Нясвіжа („Несвижа”), які неабходна было рэканструяваць аналітычна ад пасады „несвижский староста” (69). Калі гэта не рабіць, канкрэтныя звесткі пра пэўныя населеныя пункты чытачу будзе адшукаць вельмі цяжка.

У „Слоўніку” не заўсёды выкарыстаны тыя важныя канкрэтныя дадзеныя пра населеныя пункты, якія маюцца ва „Успамінах”. Так, адміністрацыйна-гаспадарчым цэнтрам маёнтка Мыш быў замак, але аўтар яго не згадвае (51,58,75).

Здзіўляе такі агульны недахоп „Слоўніка”, як адсутнасць спасылак на адпаведныя старонкі „Успамінаў”.

Адной з істотных частак навукова-даведачнага апарата разгляданага выдання з’яўляецца „Паказальнік асобаў” (79-89). У ім да кожнага дадаецца сціслы каментар, што грунтуюцца амаль выключна на дадзеных „Успамінаў”. Такімі ж разгорнутымі, як падтэкставыя каментары да вядомых гістарычных асобаў, яны, відавочна, быць пакуль што не могуць: іншыя звесткі пра іх адшукаць вельмі цяжка.

Каштоўным дадаткам да „Успамінаў” трэба лічыць узяты з Метрыкі ВКЛ прывілей Ф.Еўлашоўскаму на пасаду падсудка Новагародскага павятовага земскага суда ад 10 верасня 1592 г. (90-91). Добра тое, што ён надрукаваны не толькі на літоўскай мове, але і на мове арыгінала. Варта было б толькі адзначыць адну тыповую недакладнасць прывілея. Еўлашоўскі быў зацверджаны падсудкам земскага суда Новагародскага павета, а не ваяводства. Як вядома, такая недакладнасць — альтэрнатыўнае ўжыванне тэрміна „ваяводства” замест „павета” — звычайная з’ява ў справаводстве павятовых судовых устаноў ВКЛ другой паловы XVI ст. Абумоўлена яна, верагодна, тым, што тэрмін „ваяводства” ўспрымаўся шляхтай як больш прэстыжны, чым „павет”.

У кнізе ёсць яшчэ адзін неабходны дадатак — арыгінальная карта. Аднак толькі некаторыя з пазначаных на ёй населеных пунктаў фігуруюць ва „Успамінах” Ф.Еўлашоўска га. На жаль, яна не мае загалоўка, не паказвае ўсёй тэрыторыі нават тых краін, дзе бываў мемуарыст, і іх адміністрацый на-тэрытарыяльнага падзелу. Трэба было б па-рознаму пазначыць усе тыя населеныя пункты, дзе бываў Еўлашоўскі, і якія ён толькі згадвае. Некаторыя населеныя пункты, якія ідэнтыфікаваны і лакалізаваны ў каментарах сумніўна („Деревна”, „Мыш”), на карце пазначаны слушна. Праўда „Осташин” на карце — не той, які фігуруе ва „Успамінах”, і не там. Нягледзячы на недахопы, карта мае пэўную навуковую вартасць.

Больш змястоўную карту да „Успамінаў” Ф.Еўлашоўска га скласці не так і складана, калі творча выкарыстаць існуючыя адпаведныя гістарычныя карты ВКЛ і Рэчы Паспалітай.

Выданне выглядала б нашмат лепей, калі б, акрамя карты, у якасці ілюстрацый былі змешчаны здымак рукапісу арыгінала і выява пячаткі Ф.Еўлашоўскага[25].

Навукова-папулярнае выданне „Успамінаў” Ф.Еўлашоўскага у літоўскай мове дазваляе цяпер і літоўскаму чытачу пазнаёміцца з адным з выдатных помнікаў нашай агульнай гістарычнай спадчыны, што была створана ў перыяд супольнага жыцця нашых продкаў у складзе поліэтнічных і поліканфесійных ВКЛ і Рэчы Паспалітай.

Уладзімір Свяжынскі,
Міхаіл Спірыдонаў


[1] Miłosz, Cz. Historia literatury polskiej. Warszawa, 1996. S. 113—120.
[2] Антонович В.Б. „Дневник” новгородского подсудка Федора Евлашевского (1546—1604) // Киевская старина. Киев, 1886. Т.14. С.124-160; тое ж у: Мемуары, относящиеся к истории Южной Руси. Киев, 1896. Вып.2. С.1-39.
[3] Пры Львоўскай рукапіснай копіі маецца толькі адна старонка факсіміле, супастаўленне з якой адпаведнага фрагмента копіі і выявіла характар і маштабы разыходжанняў паміж гэтымі дзвюма версіямі.
[4] Nadson A. The memoirs of Theodor Jeułaszeuski, assesor of Nawahrudak (1546—1604) // The Journal of Byelorussian Studies, 1968. V.I, № 4. P.269-348; Patry-Tamuszanski R.J. German lexical borrowings in the „Gronicle of Barkulabava” and the „Memoirs” of Theodore Jeulašeuski // The Journal of Byelorussian Studies, 1980. V.4, №3-4. P.112-128.
[5] Свяжынскі У.М. Арыгінал знойдзены // Помнікі гісторыі і культуры Беларусі. 1975, №4. С.48-49; Коршунаў А. Помнікі мемуарнай літаратуры Беларусі XVII ст. Мінск., 1983; Еўлашоўскі Ф. „Гістарычныя запіскі” // Свяжынскі У.М. „Гістарычныя запіскі” Ф. Еўлашоўскага. Мінск., 1990. С.90-122.
[6] Pranckevičiutė-Luюienė Neringa. Teodoro Jevlaševskio atsiminimai: XVI a. pabaigos LDK piliečio pasaulėvoka ir gyvensena // Senoji lietuvos literatūra. Knyga 4: Metraščiai ir kunigaikščių laiškai. Vilnius, 1996. P.370-372.
[7]Senoji lietuvos literatūra. Knyga 4: Metraščiai ir kunigaikščių laiškai. Vilnius, 1996.
[8] Гл., напр.: Спірыдонаў М. З сівой даўніны // Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Ляхавіцкага раёна. Мінск., 1989. С.35-38. Сучасныя характарыстыкі населеных пунктаў Беларусі даюцца па: Рапановіч Я.Н.: Слоўнік назваў населеных пунктаў Віцебскай вобласці. Мінск, 1977; Слоўнік назваў населеных пунктаў Брэсцкай вобласці. Мінск, 1980; Слоўнік назваў населеных пунктаў Мінскай вобласці. Мінск, 1981; Слоўнік назваў населеных пунктаў Гродзенскай вобласці. Мінск, 1982; Слоўнік назваў населеных пунктаў Магілёўскай вобласці. Мінск, 1983; Слоўнік назваў населеных пунктаў Гомельскай вобласці. Мінск, 1986. Адміністрацыйна-тэрытарыяльная (пераважна павятовая) прыналежнасць населеных пунктаў ВКЛ тут і далей вызначаецца па стану пасля адпаведнай рэформы 1565 г. Гл. карту: Спиридонов М.Ф. Беларусь в конце XVI в. 1:1 000 000 // Спиридонов М.Ф. Закрепощение крестьянства Беларуси (XV—XVI вв.). Минск., 1993. Приложение.
[9] Sienkiewicz W. O podsędku nowogródzkim Fedorze Jewłaszewskim raz jeszcze // Studia żródłoznawcze. 1983. T.28. S.207-210.
[10] Галоўны архіў старажытных актаў (ГАСА). Архіў Роскі. №415. С.108-114. Мы шчыра дзякуем былому Генеральнаму консулу Польскай Рэспублікі ў Мінску пану Тадэвушу Мысьліку, які дапамог атрымаць у якасці дара мікрафільмы ўсіх актаў, што выкарыстаны ў артыкуле В.Сянкевіча: Sienkiewicz W. O podęкdku… S.207-210.
[11] Расійскі дзяржаўны архіў старажытных актаў. Ф.389 („Літоўская метрыка”). Воп.1. (Метрыка ВКЛ). А.з.257. А.22-28 адв.; ГАСА. Архіў Патоцкіх з Радзыня. №400. С.21-22,49-50; Метрыка ВКЛ. А.з.279. А.296 адв.-299 адв.
[12] Метрыка ВКЛ. А.з.281. А.117 адв.-118 адв.
[13] Там жа. А.з.64. А.205-208.
[14] Urzędnicy centralni i dygnitarze Wielkiego Księstwa Litewskiego XIV—XVIII w.: Spisy / Oprac. H. Lulewicz, A. Rachuba. Kórnik, 1994. S.131-132.
[15] Дзяржаўны гістарычны архіў Літвы (ДГАЛ). Ф. Старажытныя акты (СА). А.з.6. А.1294-1297; Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі (НГАБ). Ф.1928. Воп.1. А.з.174. А.1-111; Метрыка ВКЛ. А.з.269. А.74-77адв.
[16] Спірыдонаў М. Вытокі // Памяць… С.73.
[17] Гильтебрандт П.А. Рукописное отделение Виленской публичной библиотеки. Вып.І. Вильна, 1871. С.104-105.
[18] Спірыдонаў М. З сівой даўніны. С.30; НГАБ. Ф.694. Воп.5. А.з.554. А.13-15; КМФ 5. Воп.1. А.з.1687. А.56.
[19] НГАБ. Ф.694. Воп.7. А.з.832. А.1-4; Литовская Метрика: [кн.225] 6-я кн. судных дел (1528-47). Вильнюс, 1995. № 116; ДГАЛ.Ф.СА. А.з.5349. А.686-692.
[20] Раку Сэрвач паўднёвей мястэчка Карэлічы перасякала вялікая дарога Ноўгародак—Пінск, якая праходзіла праз Мір, Нясвіж і іншыя населеныя пункты. Добры стан менавіта гэтай дарогі і абавязаны быў з 1577 г. забяспечваць пінскі і сэрвецкі, або ноўгародскі, мастаўнічы Ф.Еўлашоўскі. У прыватнасці, у такой пасадзе і з такой мэтай ён выязджаў у 1590 г. у маёнткі Ліпск, што належаў Нясвіжскай езуіцкай калегіі, а ў 1591 г. — у маёнтак Востраў Л.Кернажыцкага. Метрыка ВКЛ. А.з.77. А.91-91 адв.; Pergamentų katalogas / Par. R. Jasas. Vilnius, 1980. № 724.
[21] Atlas historyczny Polski. Wyd. 11. Warszawa; Wrocław. 1991. S.26.
[22] Метрыка ВКЛ. А.з.38. А.472-475 адв.; Спірыдонаў М. Беларусь на карце Вялікага княства Літоўскага 1613 г. // З глыбі вякоў. Наш край: Гіст.-культуралаг. зб. Вып.2. Мінск, 1997. С.170;
[23] Wawrzyńczyk A. Rozwój wielkiej własności na Podlasiu w XV i XVI w. Wrocław, 1951. S.51-55.
[24] Rzeczpospolita Polska. Podział administracyjny. 1:1 250 000. Warszawa, 1998.
[25] Свяжынскі У. Еўлашоўскі Фёдар Міхайлавіч // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. Т.3. Мінск., 1996. С.357.

Наверх

Старабеларускі лексікон. (Алена Клімава)

Чэрвеня 3, 1998 |

Старабеларускі лексікон. Падручны перакладны слоўнік (Прыгодзіч, М.Р., Ціванова, Г.К.). Мінск, 1997. 174.

Аўтары гэтай працы — загадчык кафедры гісторыі беларускай мовы Белдзяржуніверсітэта М. Р. Прыгодзіч і дацэнт гэтай кафедры Г.К. Ціванова — вызначылі яе як падручны перакладны слоўнік. Падручны — бо вельмі кампактны і пры гэтым утрымлівае дастаткова матэрыялу, каб разумець творы беларускіх пісьменнікаў на гістарычную тэматыку, часам перанасычаныя словамі, сэнс якіх недаступны без спецыяльнай падрыхтоўкі. У гэтым слоўніку мы не знойдзем, як у акадэмічным, сказаў–ілюстрацый з арыгінальных тэкстаў, каб прасачыць адценні значэння кожнага слова, не зможам вызначыць, калі тая ці іншая лексема з’явілася і калі перастала ўжывацца ў беларускай мове, аднак „Старабеларускі лексікон“ з поспехам можна выкарыстоўваць пры чытанні старабеларускіх тэкстаў, бо гэты слоўнік перакладны — старажытныя словы перакладаюцца на сучасную беларускую мову (увогуле ж дзяленне гістарычных слоўнікаў на перакладныя і тлумачальныя, на нашу думку, даволі ўмоўнае, кожны з такіх слоўнікаў — камбінацыя аднаго і другога).

Звычайна пры стварэнні слоўніка адной з самых складаных задач з’яўляецца адбор лексічнага матэрыялу — тых, а не іншых слоў і формаў. У „Старабеларускім лексіконе“ падаецца галоўным чынам безэквівалентная лексіка, „гэта значыць тыя словы, якім у сучаснай беларускай літаратурнай мове адпавядаюць адрозныя лексемы (с.3), напрыкл.: бакати — лаяць, згмызети — знішчыць, здвижъ — ахвяра, навентура — абнаўленне“[1]. Крыніцай матэрыялу паслужылі выпускі „Гістарычнага слоўніка беларускай мовы“, лексічныя зборы Лаўрэнція Зізанія, Памвы Бярынды, Пятра Шпілеўскага, Івана Насовіча, Мікалая Гарбачэўскага, навуковых даследаванняў сучасных лінгвістаў і ўласная картатэка аўтараў, складзеная на матэрыяле найбольш распаўсюджаных помнікаў беларускага пісьменства. Варта было б, на нашу думку, падаць спіс гэтых помнікаў, тым больш, што часам у слоўніку сустракаюцца спасылкі на пэўны твор (гл., напр., лицемъ). Такі спіс стаўся б карысным для выкладчыкаў гістарычнай граматыкі, гісторыі беларускай літаратурнай мовы, іншых дысцыплін пры падборы тэкстаў для заняткаў са студэнтамі.

Слоўнік утрымлівае больш за 6 тысяч слоў і выразаў. Семантыка слоў раскрываецца рознымі спосабамі: шляхам падбору адпаведнікаў (эквівалентаў) у сучаснай беларускай мове (герштъ — завадатар, нестыдатый — бессаромны, обмовца — паклёпнік); часцей перакладная частка ўяўляе сабой цэлы сінанімічны шэраг, які ўдакладняе значэнне рэестравага слова (горливе — старанна, рупліва; зголдовати — завалодаць, пакарыць, заўладаць, захапіць) або перадае сінанімічныя значэнні (звонтпелый — знявераны, расчараваны; роспачны); і, нарэшце, семантыка слова можа быць раскрыта шляхам апісання (бигосъ (бикасъ) — страва з тушанай кіслай капусты з мясам, каўбасой і вострымі прыправамі). Якраз апошні спосаб перакладу старабеларускай лексікі выяўляе вялікую колькасць слоў, якія ў старабеларускай і ў сучаснай мове фармальна супадаюць, але маюць рознае значэнне (т. зв. „фальшывыя сябры перакладчыка“): багоръ — каштоўная тканіна барвовага колеру; вата — рыбалоўная снасць; кватера — 1. квадратная або прамавугольная шыба; 2. квадрат, роўная чатырохвугольная плошча, дзялянка (і толькі трэцяе значэнне гэтага слова супадае з сучасным — ‘кватэра’); область — панаванне.

Слоўнік падрыхтаваны ўдумліва. Яго перакладная частка ўтрымлівае лаканічныя і дакладныя азначэнні, і толькі асобныя выпадкі перакладу слоў выклікаюць нязгоду. Напрыклад, даволі размытым, на нашу думку, падаецца тлумачэнне слова городовщина як від пошліны, тады як іншыя віды пошлін і падаткаў тлумачацца больш канкрэтна (параўн.: возовое — пошліна за вываз тавараў за мяжу з кожнага воза; ворковое — пошліна ад тавараў, што перавозіліся ў мяшках, дубащына —  падатак за правоз тавараў на судне, якое звалася дубасам, і інш.). Здараецца, што само значэнне цяжка зразумець без дадатковых намаганняў (базановецъ — лазаніца, у гэтым выпадку дарэчы была б памета тыпу „батанічнае“). Нельга пагадзіцца з тым, што аўтары, услед за акадэмічным „Гістарычным слоўнікам“, прыводзяць устойлівыя спалучэнні тэрміналагічнага характару і фразеалагізмы пры дапамозе аднаго знака (а), г. зн. ніяк іх не размяжоўваюць, хоць гэтыя моўныя адзінкі адрозніваюцца і паводле структуры, і паводле ўжывання.

Дадатак у канцы слоўніка дапаможа неспрактыкаванаму чытачу разабрацца, як у старабеларускіх помніках абазначаліся лікі, як перавесці даты, пазначаныя ў тэкстах, у сучаснае летазлічэнне, якія былі спосабы скарачэння слоў і якія надрадковыя знакі выкарыстоўваліся ў графіцы. Важную і цікавую інфармацыю можна было б дапоўніць невялікім спісам слоў, якія часта сустракаюцца пад цітламі. Кідаецца ў вочы тое, што ў дадатку назвы літар перадаюцца бессістэмна — палова з іх традыцыйна, па–старажытнаруску, палова на беларускай мове (азъ і ведзі; глаголъ (часцей у літаратуры глаголь) і дабро; есть, зело і зямля; нашъ, онъ, червь і людзі, ксі, пакой і г.д.; гукавое значэнне літары т наогул не вынікае з яе назвы — цвёрда (традыцыйнае твьрдо). Лагічней было б назвы ўсіх літар даць традыцыйна.

Увогуле ж выхад гэтай кнігі можна ацэньваць толькі станоўча. На наш час гэта бадай ці не адзіны даступны завершаны гістарычны слоўнік, не абмежаваны пры падборы матэрыялу ні аўтарствам, ні паходжаннем слоў, ні іншымі фактарамі. Уводзіцца ў навуковы зварот вялікая колькасць цікавых слоў, якія характарызуюць ступень развіцця тагачаснага грамадства, яго побыт і ўзровень культуры.

Менск

Алена Клімава

[1] Не ўсе даследчыкі згодны з такім азначэннем безэквівалентнай лексікі. Гл., напрыклад, Шкраба І. Самабытнае слова: Слоўнік беларускай безэквівалентнай лексікі (у рускамоўным дачыненні). Мінск, 1994. С. 5–9.

Узнаўленне публiкацыi Метрыкi ВКЛ (Miхаiл Спiрыдонаў)

Снежня 14, 1996 |


Апублiкавана чарговая кнiга Метрыкi Вялiкага Княства Лiтоўскага (Литовская Метрика: 6-я книга судных дел (1528-1547) / Подгот. И. Валиконите, С. Лазутка и др., Вильнюс: Издательство Вильнюсского университета 1995. 448. Далей ў тэксце спасылкі даюцца на старонкі і нумары менавіта гэтай публікацыі). Архiў канцылярыi вялiкага князя лiтоўскага, што фармаваўся ў ХV-ХVIII ст., з’яўляецца адным з самых важных комплексаў крынiц па гiсторыi Вялiкага Княства Лiтоўскага, Рускага, Жамойцкага i далей (ВКЛ), у складзе якога да Люблiнскай унii 1569 г. знаходзiлася i ўся сучасная тэрыторыя Беларусi. У гiстарычнай лiтаратуры яго традыцыйна ўмоўна называюць “Лiтоўскай Метрыкай”. На нашу думку, навукова больш дакладнай з’яўляецца назва “Метрыка ВКЛ”. Яе складаюць амаль выключна кнiгi афiцыйных копiй актаў, што афармлялiся ў канцылярыi вялiкага князя або паступалi ў яе.

Вывучэнне i выданне матэрыялаў Метрыкi ВКЛ у краiнах, што iснавалi цi iснуюць на былой тэрыторыi ВКЛ, мае ўжо двухвяковую традыцыю[1]. Найбольш значнымi дасягненнямi ў справе ўвядзення iх ў шырокi навуковы абарот можна лiчыць публiкацыi некалькiх найстаражытнейшых кнiг Метрыкi цалкам[2]. Аднак з канца 1920-х г. з прычыны перш за ўсё нiгiлiстычных адносiн колiшнiх камунiстычных iдэолагаў да навуковай публiкацыi крынiц па сярэднявечнай гiсторыi народаў былога СССР выданне кнiг Метрыкi, якая з 1887 г. захоўваецца ў Маскве, было спынена.

З канца 70-х г. з iнiцыятывы i пад кiраўнiцтвам У.Ц. Пашуты пачала ажыццяўляцца мiжнародная навуковая праграма, адной з мэтаў якой стала ўзнаўленне публiкацыi кнiг Метрыкi ВКЛ[3]. Нягледзячы на кардынальныя палiтычныя перамены ў Усходняй Еўропе, якiя iстотна ўскладнiлi навуковае супрацоўнiцтва гiсторыкаў Беларусi, Лiтвы, Польшчы, Расii, Украiны i iншых краiн, названая праграма паступова рэалiзуецца. Найбольшых поспехаў пакуль што дасягнулi гiсторыкi Польшчы i Лiтвы, якiя змаглi ў складаных фiнансавых умовах апошнiх гадоў падрыхтаваць да выдання i апублiкаваць некалькi розных кнiг Метрыкi ВКЛ, дзве з якiх праз гiстарычныя перыпетыi апынулiся ў Польшчы[4].

Даўно i добра ведаючы акты шостай кнiгi судовых спраў Метрыкi ВКЛ (цяпер фонд 389 Расiйскага дзяржаўнага архiва старажытных актаў, вопiс 1, адзiнка захавання 225), выкажам свае меркаваннi аб некаторых вартасцях i хiбах публiкацыi менавiта гэтай кнiгi. Яна рыхтавалася групай супрацоўнiкаў Вiленскага унiверсiтэта на чале з С.А.Лазуткам на працягу амаль дзесяцi гадоў.

Том пачынаецца “Зместам” на лiтоўскай, рускай i ангельскай мовах. Далей iдуць вялiкiя грунтоўныя “Уводзiны” (138 старонак, гэта больш за чвэрць усяго аб’ёму выдання) па-лiтоўску i руску, аўтарамi якiх з’яўляюцца С. Лазутка, I. Валiканiтэ i I. Карпавiчэне. У iх асвятляюцца фармуляр судовых спраў апублiкаванай кнiгi, а таксама значэнне iх як гiстарычных крынiц па судаводству, землеўладаннi, сямейным праве, запрыгоньваннi сялянства, закладзе i многiх iншых з’явах i працэсах штодзённага жыцця.

З назiранняў аўтараў “Уводзiн” асаблiвай увагi вартыя тыя, якiя тычацца недастаткова высветленых пытанняў. Спынiмся на дыскусiйных i таму найбольш актуальных.

Аўтары схiляюцца да таго, што спiс вядомай “Уставы двароў…” 1529 г. у 225-й кнiзе (№291) яе першымi публiкатарамi памылкова датаваны 1542 г. Сцвярджаючы, што ў далейшым на гэтай падставе, некрытычна ўспрыняўшы такое датаванне, гiсторыкi нiбыта адкрылi “новую” “Уставу…” 1542 г. , канкрэтных спасылак на адпаведныя даследаваннi яны не прыводзяць. Не прыводзяць таму, што нiхто з даследчыкаў недатаваную “Уставу…”, якая ў 225-й кнiзе размешчана сярод спраў 1542 г., “новай” не лiчыў. Нават У.I.Пiчэта, памыляючыся ў яе датаваннi, вызначаў яе як другое выданне “Уставы…” 1529 г., – “… притом без всяких изменений”[5] . Насуперак сваiм папярэднiкам, аўтары лiчаць гэты варыянт “Уставы…” 1529 г. толькi ранейшым спiсам таго ж дакумента, апублiкаванага ў “Актах, относящихся к истории Западной России…”. Але канкрэтных аргументаў яны не прыводзяць (XX-XXI, LXXIII-LXXIV). На нашу думку, дадзены спiс — яшчэ адна не зусiм адэкватная копiя арыгiнала “Уставы…” 1529 г. Такiя копii адных i тых жа актаў у розных кнiгах Метрыкi сустракаюцца нярэдка[6].

Недастаткова высветленым з’яўляецца i пытанне ступенi рэалiзацыi нормы Статута ВКЛ 1529 г. (VI-2) аб тым, “иж воеводове, старосты и державцы наши мають кождый у своем повете обрати двух земянинов, людей добрых а годных веры, и ку присязе привести и установити…”, каб яны ажыццяўлялi судаводства пры адсутнасцi кiраўнiкоў паветаў разам з iх намеснiкамi[7]. Аўтары “Уводзiн”, звярнуўшы ўвагу на гэтае пытанне, не змаглi вырашыць яго дастаткова поўна i ясна (XXIX-XXXI). Абумоўлена гэта, у прыватнасцi, тым, што яны, вiдаць, канкрэтна не ўяўляюць розныя судовыя кампетэнцыi Мацея Войцехавiча Янавiча як маршалка, як вiцебскага ваяводы, як ваўкавыйскага дзяржаўцы i г.д. Менавiта таму ў кнiзе адрознiваюцца яго судовыя справы маршалкоўскiя (№1 i iнш.), вiцебскiя (№191 i iнш.), ваўкавыйскiя (№141 i iнш.) ды iншыя (116 i iнш.). Варта таксама падкрэслiць, што, як сведчаць справы 225-й кнiгi, па-першае, у яго кнiгу ўпiсвалiся толькi тыя павятовыя справы, якiя разглядаў ён цi па яго распараджэннi ягоныя намеснiкi; па-другое, намеснiкi кiраўнiкоў паветаў, якiя былi абавязаны судзiць разам з павятовымi суддзямi, вялi свае асобныя кнiгi (№203, 211, 239); i, па-трэцяе, кiраўнiкi паветаў маглi разглядаць судовыя справы мясцовай шляхты без абавязковага ўдзелу павятовых суддзяў. На жаль, у 225-ю кнiгу не трапiла нiводная судовая справа павятовых намеснiкаў i суддзяў, калi не лiчыць некалькi тых, што разглядалiся гэтымi службовымi асобамi па даручэнню (“за росказаньем”) пана М.В. Янавiча (№210, 395 i iнш.).

Адно з важных пытанняў, якое грунтоўна асвятляюць аўтары “Уводзiн” на падставе публiкаваных спраў, – прававая база дзейнасцi суддзяў. Адзначаецца, што асноўнымi нормамi, якiмi кiравалiся суддзi, былi “право земское”, г.зн. Статут ВКЛ 1529 г. ., а таксама звычаёвае права (“обычаи права”), некаторыя нормы якога не былi ўключаны ў гэты Статут, але тым не менш дзейнiчалi. Аўтары слушна падкрэслiваюць, што цытаваныя ў справах нормы Статута ў сапраўднасцi адпавядаюць не iх лiтаральнаму тэксту, а сутнасцi (XV, LII-LIX).

Звяртае на сябе ўвагу нязгода аўтараў з меркаваннем С. Барысёнка аб тым, што ў захаваных спiсах Статута 1529 г. адсутнiчаюць многiя артыкулы, на якiя спасылаюцца суддзi (LVII). Аднак, як нам уяўляецца, аргументацыя аўтараў непераканаўчая: канстатаваная iмi адпаведнасць многiх спасылак суддзяў на Статут 1529 г. яго артыкулам не здымае пытанне тых артыкулаў, якiя прымянялiся суддзямi, але адсутнiчаюць у цяпер вядомых яго спiсах. Больш за тое, аўтары не знайшлi ў Статуце ВКЛ 1529 г. артыкула, якi сапраўды адпавядае працытаванай М.В. Янавiчам норме “Статута прав земских”: “Естли бы который чоловек за паном своим десет лет жыл, таковый вже маеть быти за отчыча” (XCVI, №295, 212)[8]. Такiм чынам, гэтая важная праблема застаецца актуальнай.

Ва “Уводзiнах” аўтары закранулi i дыскусiйнае пытанне адносна характару “рускай” мовы, на якой напiсаны ўсе справы 225-й кнiгi (СXIX-СXXII). У адрозненне ад некаторых папярэднiкаў, вызначаўшых яе як “беларускую”, яны, правiльна канстатуючы моцныя адрозненнi яе ад сучаснай беларускай мовы, лiчаць, што больш правiльна называць яе “старабеларускай”. Як вядома, такi погляд не падзяляе большасць лiтоўскiх i ўкраiнскiх гiсторыкаў. Па нашаму меркаванню, “руская” мова, на якой у XV-XVI ст. вялося справаводства ва ўсiх этнiчна розных рэгiёнах ВКЛ, тады яшчэ не стала нi беларускай, нi ўкраiнскай, нi рускай: яна павiнна называцца так, як i ў крынiцах. Выклiкае сумненне i сцверджэнне аўтараў пра тое, што нiбыта “большасць дзецкiх, пiсараў i iншых ураднiкаў суда лiтоўскай мовы не ведала…” (CXXII). Адносна этнiчна лiтоўскай тэрыторыi такое меркаванне наўрад цi справядлiвае.

Завяршаюцца “Уводзiны” характарыстыкай палеаграфii 225-й кнiгi Метрыкi ВКЛ, а таксама яе пiсьма i прынцыпаў транскрыпцыi. Так што яны самi па сабе з’яўляюцца цiкавым даследаваннем, у якiм на матэрыялах судовых спраў 225-й кнiгi Метрыкi аўтары даволi канкрэтна асвятлiлi шмат якiя старонкi штодзённага грамадскага жыцця ВКЛ другой чвэрцi XVI ст.

Безумоўна, для навукi найбольшую каштоўнасць маюць тэксты 418 разнастайных спраў гэтага выдання (23-278), якiя складаюць больш за палову аб’ёму тома. Гэтыя справы, пераважна судовыя, захавалiся ў кнiзе пана Мацея Войцехавiча Янавiча за 1528-48 г., бо менавiта ён сам цi з iншымi службовымi асобамi разглядаў iх у адпаведнасцi са сваiмi прэрагатывамi або па даручэнню вялiкага князя. Тэкстам папярэднiчае старажытны “Реестр списаня на кротце для прудшого найденья справ… “, якi ўяўляе сабой пералiк назваў усiх спраў з пазнакай нумароў лiстоў iх размяшчэння ў кнiзе (1-22). Амаль iдэнтычныя назвы падаюцца перад кожнай справай. Яны перадаюць сутнасць спраў вельмi сцiсла: хто, супраць каго i пра што. У iх, як правiла, характарызуецца сацыяльны статус названых асобаў, а таксама месца iх пражывання (ваяводства, павет, воласць, горад, мястэчка, сяло, маёнтак i г.д.). На жаль, старажытная назва не дае поўнай дакладнай iнфармацыi пра канкрэтны змест справы. Напрыклад, справа №295 называецца “Подданые Семена Зъялевы на иймя Хома Стефанович, а Кузма Пашукович а Гапон Масконович Грыцкевичы с паном Семеном Зъялом, паном своим, о розные крывды, им почыненые” (цытуецца паводле арыгiналу). Наша ж назва гэтага важнага судовага лiста, копiя якога па вiне выдавецтва была выключана з нашай манаграфii[9], здаецца, больш канкрэтна адлюстроўвае сутнасць справы: “1542 г., 27 мая. Волковыйск. Судебный лист по иску о воле крестьян Грицкевичей из села Грицки Волковыйского повета, пожалованных господарскому дворянину Семену Зъялу, присуждающий их ему в качестве крепостных на основе десятилетнего принципа давности проживания в имении пана”. Менавiта такiмi, “аналiтычнымi” павiнны быць назвы спраў у навуковых публiкацыях крынiц па гiсторыi ВКЛ. Аднак аўтары дадзенага выдання свядома наогул адмовiлiся ад аўтарскiх назваў, палiчыўшы iх залiшнiмi. Гэта матывуецца спрэчным аргументам: маўляў, усе справы “маюць цалкам здавальняючыя i зразумелыя саманазвы” (CXLIV). Аўтары, адмовiўшыся ад навуковых назваў публiкаваных спраў, пайшлi самым лёгкiм шляхам, чым парушылi адну з асноўных археаграфiчных традыцый.

Пераходзячы да кароткага агляду зместу спраў, варта падкрэслiць тое, што, па нашых прыкладных падлiках, амаль палова iх (больш за 200) тычыцца розных канфлiктаў, меўшых месца на сучаснай тэрыторыi Беларусi. Частка iх была разгледжана М.В.Янавiчам як гаспадарскiм маршалкам, частка як вiцебскiм ваяводам, а iншыя — як ваўкавыйскiм дзяржаўцам, як уласнiкам пэўных маёнткаў i г.д. Асаблiва значная колькасць судовых спраў звязана з Ваўкавыйскiм паветам. Нас, вядома, цiкавяць перш за ўсё справы, што тычацца мiнулага Беларусi. Не маючы магчымасцi даць iх поўны агляд, абмяжуемся пэўнай увагай толькi да некаторых, што ўтрымлiваюць каштоўныя звесткi пра становiшча сялян. Так, справа №10 сведчыць, што феадальнае права i практыка разглядалi селянiна як рэч, поўную ўласнасць пана (як i нявольную чэлядзь, рабоў). У iншых справах ёсць канкрэтныя звесткi пра склад сям’i i гаспадарку прыгоннага селянiна, якi лiчыўся рухомай маёмасцю i таму з’яўляўся аб’ектам маёмасных аперацый ягонага пана-баярына (№70, 71, 82, 85 i iнш).

27 сакавiка 1530 г. у Ваўкавыйску разглядалася скарга двух сялян маёнтка Лапенiца, што належаў М.В. Янавiчу, на ваўкавыйскага гаспадарскага баярына Багдана Янавiча Карэевiча. М.В. Янавiч мог разглядаць гэтую справу i як ваўкавыйскi дзяржаўца, i як уласнiк склаўшых скаргу. Але ён, каб прадэманстраваць сваю аб’ектыўнасць, запрасiў у памочнiкi гаспадарскiх дваран братоў Васiля i Захара Трызнаў i Яраслава Барысавiча. Сутнасць скаргi сялян была ў наступным. Калi яны iшлi з “роботы панской”, убачылi ў панскiм ставе баярына Карэевiча, якi ў чоўне лавiў рыбу. Сяляне пачалi дакараць баярына за лоўлю рыбы ў чужым ставе, а ён збiў iх. У адпаведнасцi са Статутам 1529 г. (XI-2,4), суддзi абавязалi баярына заплацiць сялянам кару: дзесятнiку – 3 рублi (300) грошаў, а “чоловеку тяглому” – 50 грошаў (№155).

Справа ад 30 кастрычнiка 1535 г., якая разглядалася ў Вiцебску, сведчыць аб тым, што сяляне маёнтка Тулава княгiнi Васiльевай Жылiнскай, як i iншых маёнткаў, для пазначэння сваiх бортных дрэваў карысталiся “клейнамi”, г.зн. своеасаблiвымi знакамi прыналежнасцi. За псаванне такiх знакаў на дрэвах прадугледжвалася кара ў адну капу грошаў (№193; Статут 1529 г. IX-13,14).

Пра асаблiва цяжкiя ўмовы жыцця сялян i, у прыватнасцi, iх землекарыстання ў многiх маёнтках сведчыць справа ад 20 мая 1536 г., што заведзеная ў сувязi з вострым зямельным канфлiктам памiж уласнiкам сёлаў Ачыжа i Балоча ў Свiслацкай воласцi Iванам Васiлевiчам Лядскiм ды ўласнiцамi сёлаў Турын i Пухавiчы панямi Янушавай Станiслававiчавай Косцевiча-Марынай i Венслававай Станiслававiча Косцевiча-Ганнай. Iмкнучыся пашырыць свае ўладаннi, абодва бакi загадвалi сваiм сялянам парушаць межы суседскiх маёнткаў. Шматгадовы крывавы канфлiкт, ад якога пакутавалi толькi сяляне, скончыўся згодай феадалаў: узаемным дараваннем усiх шкод. Старажытныя межы маёнткаў, згодна з пастановай высокапастаўленых “едначов”, уласнiкi абавязавалiся аднавiць з дапамогай “судей полюбовных” (№207).

У шэрагу судовых спраў утрымлiваюцца цiкавыя звесткi пра зямельныя аперацыi, асаблiва заклады (“заставы”) у асноўным гаспадарскiх сялян. Феадальнае звычаёвае права i Статут ВКЛ 1529 г. пад пагрозай скасавання без кампенсацыi выплачаных грошай забаранялi падобныя аперацыi без дазволу ўласнiкаў памiж сялянамi розных паноў, а таксама памiж сялянамi i прадстаўнiкамi прывiлеяваных станаў (VIII-21). Аднак, насуперак гэтаму, пры недастаткова пiльным кантролi з боку адмiнiстрацыi маёнткаў, асаблiва дзяржаўных, сяляне не толькi закладалi зямлю, але iншы раз i прадавалi яе. Звычайна такiя аперацыi афармлялiся належным чынам (№159).

14 мая 1530 г. у Свiслачы была аформлена дамова, згодна з якой група гаспадарскiх сялян з сяла Клепачы Ваўкавыйскай воласцi, сваякоў-”потужников”, звязаных агульнымi павiннасцямi (“службой”), заставiла пану Васiлю Карпавiчу Трызне за 2 капы (120) грошаў сваё поле i дуброву каля ракi Свiслач. Дагаворам прадугледжвалася няўстойка (“вина”) за яго парушэнне з боку сялян: ваўкавыйскаму дзяржаўцу 3 рублi (300) грошаў, яго ўраднiку рубель (100) грошай, а пану “грош на грош”. Сапраўднасць дадзенай аперацыi пацвярджалася адбiткамi пячатак прысутных пры яе заключэннi сведкаў — гаспадарскiх дваран паноў Федара Бакi i Iвана Жынева. Аднак праз некалькi гадоў сяляне, адмаўляючы сваё дачыненне да гэтай справы, не вярнуўшы грошы, адабралi раней закладзеную зямлю ў сыноў крэдытара паноў Апанаса Васiлевiча Трызны i яго братоў. У 1542 г. суддзя, высветлiўшы сутнасць справы, у поўнай адпаведнасцi з “листом вызнаным” сялян, пастанавiў: “Маеть Офанасей – тое поле и дуброву все сполна держати до тых часов, поки ему оны тыи грошы отдадуть” (№307, 224, 225, 226).

У кастрычнiку 1533 г. у Вiльнi пан Мiкалай Станiслававiч Глябовiч, полацкi ваяводзiч, скардзiўся на пана Станiслава Давойну за тое, што служэбнiк апошняга ў маёнтку Лiпа пажаў жыта (280 коп) на полi, якое селянiн Глябовiча “наймовал” у селянiна Давойны з дазволу яго ўраднiка (№176).

Ва “Уводзiнах” аўтары закранулi таксама ўсё яшчэ дыскусiйную праблему сутнасцi сялянскага землеўладання ў ВКЛ (LXVII-LXVIII, LXXI). Трактуючы факты зямельных аперацый сялян, асаблiва дзяржаўных (“гаспадарскiх”), з фармальна-дагматычных пазiцый як “рецидивы аллодного права на землю”, адзнаку iх уласнасцi, яны, на наш погляд, iстотна памыляюцца. Феадалы, дазваляючы цi дапускаючы iншы раз фактычна такiя аперацыi, асаблiва заклад зямлi, сялян, разам з тым, як правiла, не трацiлi сваё права уласнасцi на зямлю, бо яны па-ранейшаму захоўвалi права атрымання рэнты. Апошняе, а не права распараджэння, з’яўляецца галоўным атрыбутам феадальнага права ўласнасцi на зямлю. Значыць, такiмi аперацыямi сяляне перадавалi толькi права часовага ўладання i карыстання зямлёй, а не права ўласнасцi на яе. Таму насуперак меркаванням некаторых гiсторыкаў, якiя парушэннi сялянамi дзеючага феадальнага права цi выключэннi з яго беспадстаўна прымаюць за права, падобныя факты не могуць служыць доказам права ўласнасцi сялян на зямлю[10].

Пра сувязi сялян з рынкам сведчаць, у прыватнасцi, дадзеныя аб iх грашовых даўгах. Так, згодна з запiсам ад 3 красавiка 1542 г., некалькi гаспадарскiх сялян Ваўкавыйскай воласцi былi вiнаватыя слузе пана Апанаса Васiлевiча Трызны ад паўкапы (30) да 4 коп (240) грошаў (№394, 395).

Такiм чынам, у шэрагу спраў 225-й кнiгi Метрыкi ВКЛ маюцца вельмi каштоўныя канкрэтныя звесткi аб розных аспектах становiшча сялян Беларусi ў другой чвэрцi XVI ст.

Варта звярнуць увагу i на некалькi iншых спраў 225-й кнiгi Метрыкi ВКЛ, у якiх ёсць iнфармацыя па некаторых важных пытаннях гiсторыi ВКЛ. Справа ад 5 сакавiка 1540 г. сведчыць пра тое, што жыхары Вiцебскага ваяводства (“зямлi”) не лiчылi яго часткай гiстарычнага рэгiёна Лiтва, хаця яно i з’яўлялася адмiнiстрацыйна-тэрытарыяльна-судова-ваеннай адзiнкай ВКЛ як дзяржавы, або “Литвы” (№210, 266, 363). Разам з тым добра вядома, што ўся ўсходняя частка сучаснай тэрыторыi Беларусi складала асобны гiстарычны рэгiён ВКЛ, якi называўся “Русь”[11] .

Вельмi рэдкiя, таму каштоўныя звесткi пра гандаль ВКЛ з Маскоўскай дзяржавай маюцца ў судовай справе ад 18 мая 1529 г. Амаль пастаянныя войны памiж гэтымi дзяржавамi моцна тармазiлi развiццё гандлёвых адносiн. Аднак у гады перамiр’яў яны аднаўлялiся, бо былi патрэбныя купцам абедзвюх краiн. Адна справа сведчыць, што ў 1527 г. купец Iван Бык з Быхава, мястэчка пана Аляксандра Iванавiча Хадкевiча, вёз за мяжу разнастайны тавар на 28 вазах. У Прапойску чачэрскi i прапойскi дзяржаўца князь Фёдар Мiхайлавiч Вiшнявецкi на падставе праверкi, цi няма на вазах забароненых да вывазу волава i медзi, затрымаў купца да наступнага дня. Аднак той паехаў далей уначы, да таго ж нiбыта не заплацiўшы гандлёвую пошлiну (“мыто”). Слугi князя вярнулi абоз купца. Апошнi, каб пазбавiцца непрыемнай валакiты, вымушаны быў даць князю значны хабар. Але гэтага было мала, i той самавольна ўзяў яшчэ шмат таго, што хацеў. Такi хабар дазволiў купцу ехаць далей, хоць i iстотна абрабаваным.

У маi 1529 г. па загаду вялiкага князя лiтоўскага адпаведную скаргу I. Быка на самаўпраўства князя Ф.М. Вiшнявецкага разглядала судовая калегiя на чале з М.В. Янавiчам. Суддзi, высветлiўшы сутнасць справы, пагадзiлiся з тым, што купец павiнен пацвердзiць свой iск прысягай. Але, на жаль, працягу дадзенай справы ў 225-й кнiзе няма (№116).

Як бачым, апублiкаваная 225-я кнiга Метрыкi ВКЛ з’яўляецца зборнiкам вельмi каштоўных крынiц па гiсторыi ВКЛ, у тым лiку Беларусi як яго значнай часткi. Варта заўважыць, што тэкст арыгiналу рукапiсу кнiгi ў асноўным перададзены добра, хоць i не без шматлiкiх, нязначных для гiсторыка недакладнасцяў. Аднак гэта пакiнем гiсторыкам мовы, якiя больш прафесiйна разгледзяць адпаведны аспект дадзенай публiкацыi.

Аўтары публiкацыi 225-й кнiгi Метрыкi ВКЛ выканалi вялiкую працу, ствараючы да яе “Навукова-даведачны апарат” (59 старонак). Тут ёсць “Уводзiны”, “Спiс скарачэнняў да навукова-даведачнага апарату”, “Скарачэннi найбольш часта ўжываных назваў крынiц i лiтаратуры”, “Прадметна-тэрмiналагiчны паказальнiк”, “Iмянны паказальнiк” i “Геаграфiчны паказальнiк”. У кароткiх “Уводзiнах” (279-282) кiраўнiк аўтарскага калектыву С.Лазутка абгрунтоўвае свае меркаваннi пра склад навукова-даведачнага апарату i асноўныя прынцыпы складання розных паказальнiкаў. Трэба адразу падкрэслiць, што аўтары свядома адмовiлiся ад некаторых элементаў такога апарату, традыцыйных для навуковых публiкацый крынiц. Нам жа ўяўляецца, што адсутнасць каментараў, храналагiчнага пералiку сабраных для публiкацыi дакументаў i таблiцы ўжо раней апублiкаваных крынiц значна панiжаюць навуковую вартасць дадзенага выдання. Спробу ж абгрунтаваць такую пазiцыю цяжка лiчыць пераканаўчай. У прыватнасцi, “грунтоўныя ўводзiны” нi ў якай ступенi не могуць замянiць неабходныя грунтоўныя тлумачэннi па кожнай справе. Менавiта ў каментары варта было ўключыць i вядомыя аўтарам звесткi пра папярэднiя публiкацыi спраў гэтай кнiгi Метрыкi ВКЛ, тым больш што яны ў аўтараў поўныя. Таму меркаванне аб тым, што, маўляў, “занадта вялiкая раскоша адшукваць публiкаваныя дакументы ў выданнях многiх краiн” (279), мы нi ў дадзеным выпадку, нi наогул прынцыпова не падзяляем.

У цэлым найбольш важныя часткi навукова-даведачнага апарату (розныя паказальнiкi) у асноўным адпавядаюць сучасным патрабаванням да навуковых публiкацый крынiц з Метрыкi ВКЛ[12]. Яны iстотна дапамагаюць даследчыкам карыстацца дадзенай публiкацыяй. Аднак нельга не звярнуць увагу на iх асобныя прыватныя i агульныя недахопы. Гэта тым больш неабходна, што многiя тэарэтычныя пытаннi зместу i формы розных паказальнiкаў распрацаваны пакуль што вельмi недастаткова.

Пры адборы ў “Прадметна-тэрмiналагiчны паказальнiк” пэўных слоў аўтары кiравалiся толькi адным дапаможнiкам – састарэлым тлумачальным слоўнiкам рускай мовы пад рэдакцыяй Д.М. Ушакова, а не сучаснымi адпаведнымi выданнямi[13]. У дадзены паказальнiк уключаны толькi тыя словы публiкаваных крынiц, якiя адсутнiчаюць у названым слоўнiку (282). Вiдавочна таксама i тое, што гэты паказальнiк быў бы больш дакладным у тлумачэннi старажытных слоў, калi б яго аўтары выкарысталi i вядомыя слоўнiкi беларускай мовы[14]. Напрыклад, яны ўслед за I.I.Насовiчам слова “луньский/люнский” тлумачаць як “сукно, ткань из Лейдена” (291). Аднак у этымалагiчным слоўнiку беларускай мовы абгрунтоўваецца яго iншы сэнс: ангельскае сукно з Лондана[15].

Найбольш удала складзены “Iмянны паказальнiк”, але i да яго ёсць пэўныя прэтэнзii. Так, насуперак крынiцам, аўтары iншы раз даюць лiтуанiзаваную форму прозвiшча вядомых паноў Радзiвiлаў (“Радивил”, “Радивилович”) – “Радвилы” (280, 321). Але ў рускай мове такога варыянта прозвiшча гэтых паноў не было i няма. Неправамерна аўтары атаясамляюць тытул i сацыяльны статус: выраз “гаспадарскi баярын” вызначае толькi апошняе, а не тытул (281). Уяўляецца, што было б мэтазгодна для асоб, пасады якiх мянялiся, як, напрыклад, у М.В. Янавiча (329), даць у паказальнiку пералiк iх пасадаў з пазначэннем пры кожнай нумароў тых спраў, у якiх яна фiгуруе.

Маючы традыцыйны навуковы iнтарэс да гiстарычна-геаграфiчных аспектаў мiнулага ВКЛ, i перш за усё Беларусi, мы звярнулi асаблiвую ўвагу на “Геаграфiчны паказальнiк” дадзенай публiкацыi. Яго роля для даследчыкаў i iншых карыстальнiкаў выключна вялiкая. Веданне канкрэтнага месца падзей – адна з асноўных умоў адэкватнага разумення зместу крынiцы, але гiстарычныя геаграфiя i картаграфiя, асаблiва гiсторыя населеных пунктаў ВКЛ XVI ст. распрацаваны яшчэ вельмi недастаткова. Таму многiя населеныя пункты, якiя фiгуруюць у крынiцах гэтага стагоддзя без прыкметаў лакалiзацыi, вельмi цяжка iдэнтыфiкаваць. У такiх выпадках выкарыстанне дадзеных адпаведных крынiц праблематычнае або наогул немэтазгоднае.

Складальнiкi “Геаграфiчнага паказальнiка”, улiчваючы традыцыi i кiруючыся адпаведнымi метадычнымi рэкамендацыямi[16], выканалi вялiкую працу, але, як мы мяркуем, далёка не ўсю, якую трэба было зрабiць. Аўтары сцвярджаюць, што ў паказальнiк уключаны ўсе назвы населеных пунктаў, у т.л. i тых, якiя сустракаюцца ў форме геаграфiчных прыметнiкаў. На падставе апошнiх правамерна ўзнаўляюцца iх назвы ў назоўным склоне (280). Аднак, нягледзячы на гэта, толькi ў Беларусi не зафiксаваны: “Борки” (№299), “Жерино” (ад “жерынцы”, №20), “Клепачы” (№224, 226, 292), “Лебеда” (№196), “Лихиничи” (№299), “Лотевичи” (№124), “Олгиновичи” (№299), “Побои” (№261), “Салаты” (№45), “Свислоч” (№307), “Свислоч” (№202), “Свислоч” (№142, 149), “Свислоч” (№207), “Ужынчане” (№21) i “Хорево” (№222).

Акрамя гiстарычных назваў (усiх iх варыянтаў) населеных пунктаў для гарадоў, мястэчак i сёл аўтары звычайна прыводзяць i сучасныя iх назвы (289). Пры гэтым яны, на жаль, не спыняюцца на методыцы iх iдэнтыфiкацыi i не называюць крынiц сучасных назваў. Разнастайныя канкрэтныя звесткi розных спраў аб населеных пунктах выкарыстаны ў паказальнiку, на жаль, без належнага аналiзу, абагульнення i групавання.

У прыватнасцi, у паказальнiку маюцца пазiцыi: 1) “Волковыйск/Волковыск (Волковыск) …”; 2) “Волковыйская/Волковыская вол. …”; 3) “Волковыйский/Волковыский пов….”; 4) “Волковыйское/Волковыское место …”. Да першай пазiцыi пададзены нумары спраў, у якiх фiгуруюць “волковыйские” баяры, бурмiстр, войт, воласць, двор, дзяржаўца, людзi, маёнткi, мяшчане, намеснiк, павет, плябан, суддзi, цiвун, харужы i г.д. Нам уяўляецца, што пэўныя звесткi гэтай пазiцыi паказальнiка мэтазгодна было згрупаваць у адпаведныя слоўныя падрубрыкi, каб чытач мог бачыць, якая канкрэтна iнфармацыя ёсць у гэтых справах. Да таго ж, частка такiх спраў не трапiла ў гэтую пазiцыю паказальнiка (№72, 79, 86 i iнш.).

У большасцi спраў, паказаных да другой з названых пазiцый, Ваўкавыйская воласць нават не згадваецца (№ 68, 72, 74 i iнш.). Тое ж у трэцяй i чацвёртай пазiцыях паказальнiка (№ 6, 31, 45, 150, 216, 217 i iнш.). Напрыклад, у справе ад 21 чэрвеня 1542 г. , што разглядалася ў Ваўкавыйску, фiгуруюць “пивоварцы господарские волковыйские”, “мещане волковыйские”, “державца волковыйский”, ваўкавыйскiя двор, войт i цiвун, але не павет (№300). Таму яе ўключэнне ў трэцюю пазiцыю беспадстаўнае.

Такiм чынам, “Геаграфiчны паказальнiк” недастаткова поўны, канкрэтны i дакладны ў сэнсе адлюстравання ўсёй асноўнай гiстарычна-геаграфiчнай iнфармацыi публiкаваных спраў 225-й кнiгi Метрыкi ВКЛ.

Як ужо адзначалася, згаданы паказальнiк складзены ў асноўным у адпаведнасцi з геаграфiчнымi традыцыямi. Але, як паказаў аналiз, ён небездакорны ў многiх аспектах. У паказальнiку адлюстраваны толькi некаторыя iстотныя дадзеныя спраў аб тагачасным становiшчы населеных пунктаў. Звесткi ж пра iх сучасны стан, акрамя назваў, адсутнiчаюць. Да таго ж фармальны алфавiтны парадак пабудовы паказальнiка (280), калi менш распаўсюджаны “арфаграфiчны варыянт” гiстарычнай назвы паселiшча, названага цяпер па-iншаму, становiцца першым i асноўным (напр., “Мосты”), таксама выклiкае сумненнi ў яго мэтазгоднасцi. У гiстарычна-геаграфiчнай цемры такога паказальнiка цяжка арыентавацца нават спецыялiсту. Таму, на наш погляд, геаграфiчныя паказальнiкi ў публiкацыях крынiц ВКЛ XVI ст. павiнны мець iншы, адрозны ад традыцыйнага змест[17].

Павысiць iнфарматыўнасць геаграфiчных паказальнiкаў можна наступнымi шляхамi. Па-першае, пры нестабiльнасцi напiсання назваў паселiшчаў у крынiцах ВКЛ i абумоўленай гэтым звычайнай iх шматварыянтнасцi “асноўнымi варыянтамi назвы” у паказальнiку мусяць быць сучасныя найменнi населеных пунктаў (калi гiстарычныя адрознiваюцца ад iх): “Волковыск”, а не “Волковыйск”, “Правые Мосты”, а не “Мосты” i г.д. Ад iншых варыянтаў назвы аднаго i таго ж паселiшча спасылкi даюцца на сучасную. Па-другое, у паказальнiку павiнны быць сцiслыя характарыстыкi сучаснага становiшча населеных пунктаў на падставе адпаведных даведнiкаў[18]. Акрамя iх назваў па-руску, характарыстыкi павiнны адлюстроўваць наступныя звесткi: тып населенага пункта; адмiнiстрацыйнае значэнне; адмiнiстрацыйна-тэрытарыяльную прыналежнасць; дзяржаўную прыналежнасць. Усё гэта трэба зводзiць у першую частку пазiцыi. Па-трэцяе, паказальнiк мусiць адлюстроўваць усе iстотныя звесткi публiкаваных крынiц аб тагачасным становiшчы населеных пунктаў: гiстарычная назва (усе варыянты); тып паселiшча; адмiнiстрацыйна-гаспадарчая функцыя; адмiнiстрацыйна-гаспадарчая прыналежнасць; адмiнiстрацыйна-тэрытарыяльная прыналежнасць; дзяржаўная прыналежнасць; тып уласнасцi. Адпаведныя звесткi выяўляюцца шляхам скрупулёзнага аналiзу дадзеных усiх спраў. Гэты блок iнфармацыi мусiць складаць другую асноўную частку пазiцыi паказальнiка.

Тэксты артыкулаў пра паселiшчы ў геаграфiчным паказальнiку, створаным паводле такiх прынцыпаў, можа мець, напрыклад, наступны выгляд: ВОЛКОВЫСК, ВАЎКАВЫСК, з 1940 г. горад, цэнтр сельсавету i раёну Гарадзенскай вобласцi, Рэспублiка Беларусь. ВОЛКОВЫЙСК, ВОЛКОВЫСК № 6, 68, 72 …, горад № 6, 90, 147 …, цэнтр воласцi № 67, 69, 146 …, “дзяржавы” № 6, 31, 45 … i павета №140, 143, 146 …, ВКЛ, дзяржаўная ўласнасць. ПРАВЫЕ МОСТЫ, ПРАВЫЯ МАСТЫ, вёска, цэнтр Мастоўскага сельсавету Мастоўскага раёну Гарадзенскай вобласцi, Рэспублiка Беларусь. МАСТЫ, МОСТЫ № 299, паселiшча Гарадзенскага павету № 196, цэнтр “дзяржавы” № 230, ВКЛ, дзяржаўная ўласнасць.

Неабходна адзначыць, што адразу пасля гiстарычнай назвы Ваўкавыска мы паказваем некалькi нумароў тых спраў разгляданай публiкацыi, у якiх розныя асобы, у т.л. i афiцыйныя, i установы, а таксама iншыя негеаграфiчныя аб’екты (напр., “справы”) вызначаюцца прыметнiкам “волковыйские”. Гэты прыём дазваляе зафiксаваць усе факты, што маюць дачыненне да населеных пунктаў, а тым самым i ўсе паселiшчы, у т.л. i тыя, якiя фiгуруюць у крынiцах ва ўскоснай форме. Аднак, паўтараем, такiя агульныя, без дэталiзацыi паказальнiкi ўскосных згадак паселiшчаў па сваёй iнфарматыўнасцi значна саступаюць паказальнiкам, што канкрэтна раскрываюць рэч з геаграфiчным прыметнiкам (“волковыйский боярин” № 67, 68, 72…; “волковыйский бурмистр” № 6, 157, 265 …; “волковыйский войт” № 6, 73, 143 …; “волковыйский врад” № 6, 202, 203 … i г.д.).

Акрамя таго, у паказальнiк мы ўключылi i такую вядомую, але не фiгуруючую ў справах 225-й кнiгi адмiнiстрацыйна-гаспадарчую адзiнку, як “дзяржава”, рэканструяваўшы яе з назвы яе кiраўнiка – “дзяржаўцы”. Гэты метадычны прыём таксама спрыяе больш поўнаму ўлiку населеных пунктаў i асноўных звестак пра iх.

На наш погляд, менавiта такi склад асноўных артыкулаў геаграфiчнага паказальнiка населеных пунктаў з’яўляецца аптымальным па сваёй iнфарматыўнасцi. Разам з тым, адносна айконiмаў ён можа выконваць функцыi каментара.

Такiм чынам, традыцыйныя геаграфiчныя паказальнiкi ў публiкацыях крынiц ВКЛ XVI ст. не адпавядаюць сучасным навуковым патрабаванням. Таму трэба далей распрацоўваць тэарэтычныя пытаннi iх зместу i формы. Прапанаваны варыянт мае на мэце не толькi паўней улiчваць i адлюстроўваць адпаведныя звесткi крынiц, але i iстотна павысiць iнфарматыўнасць геаграфiчнага паказальнiка.

Выданне добра iлюстраванае: ва “Уводзiнах” змешчана 25 копiй розных старонак 225-й кнiгi Метрыкi ВКЛ. На жаль, яны не маюць неабходных подпiсаў. Варта адзначыць i тое, што кнiга выдадзена на добрым палiграфiчным узроўнi, а яе арыгiнальнае знешняе афармленне адпавядае афармленню iншых тамоў дадзенай лiтоўскай серыi публiкацый.

Як вядома, у навуковых гiстарычных установах розных краiн ствараюцца разнастайныя базы дадзеных (БД) па гiсторыi ВКЛ. Напрыклад, у Iнстытуце гiсторыi Акадэмii Навук Беларусi на аснове аналiзу значнай колькасцi публiкацый крынiц створана БД “Корпус дадзеных па гiстарычнай геаграфii Беларусi X-XVI ст. (да Люблiнскай унii 1569 г.)”. У ёй зафiксавана 10000 фактаў пра 2500 населеных пунктаў Беларусi. Кожны яе запiс мае 40 палёў разнастайнай iнфармацыi. Завяршаецца таксама стварэнне адпаведных БД на аснове перапiсу войска ВКЛ 1528 г. Вiдавочна, што выкарыстанне такiх БД значна паскорыла б падрыхтоўку, у прыватнасцi, iмянных i геаграфiчных паказальнiкаў да чарговых публiкацый кнiг Метрыкi ВКЛ. Улiк iнфармацыi пра ўжо створаныя адпаведныя БД, а таксама распрацоўку ўмоў карыстання iмi мог бы ўзяць на сябе Iнстытут гiсторыi Лiтвы, якi шырока разгарнуў работу па падрыхтоўцы да выдання чарговых кнiг Метрыкi ВКЛ, да таго ж знаходзiцца ў былой сталiцы ВКЛ, дзе яна ў асноўным i стваралася.

З iншых пажаданняў аўтарам публiкацый крынiц ВКЛ асмелiмся выказаць наступныя. Несумненна, адным з асноўных кампанентаў навукова-даведачнага апарату павiнны быць адпаведныя гiстарычныя карты. Але як гэтая, так i iншыя часткi такога апарату могуць мець належны навуковы ўзровень толькi пры ўмове ўключэння ў асноўны творчы калектыў адпаведных спецыялiстаў з iншых дзяржаў, якiя таксама зацiкаўленыя ў комплекснай публiкацыi крынiц па сваёй гiсторыi. Асобная пагiнацыя “Уводзiн” уяўляецца немэтазгоднай. Вынас нумару кожнай справы на палi кнiгi вiдавочна паскорыў бы iх пошук.

Нягледзячы на пэўныя недахопы чарговай публiкацыi адной з кнiг Метрыкi ВКЛ лiтоўскiмi гiсторыкамi, без перабольшвання можам канстатаваць, што яны здзейснiлi навуковы i працоўны подзвiг. Даследчыкi i ўсе, хто цiкавiцца мiнулым ВКЛ, атрымалi магчымасць карыстацца яшчэ адным зборам каштоўных крынiц па гiсторыi перш за ўсё Беларусi i Лiтвы XVI ст. Тое ж, што тэкст кнiгi надрукаваны на мове арыгiнала (“рускай”), а “Уводзiны” i “Навукова-даведачны апарат” па-руску, робiць гэтую публiкацыю даступнай значна большаму колу карыстальнiкаў, чым кнiгу, надрукаваную па-лiтоўску.

Мiхаiл Спiрыдонаў


[1] Банионис Э., Введение // Литовская Метрика: Книга записей 5 (1427-1506) / Подгот. Э. Банионис, Вильнюс 1994, 5-16.
[2] Гл., напр.: Русская историческая библиотека, Т. 20., С-Петербург 1903; Т. 27., С-Петербург 1910; Т. 30., Юрьев 1914; Т. 33., Петроград 1915; Беларусі архіў, Т. 2., Менск 1928.
[3] Банионис Э., Введение, 16-17.
[4] Metryka Litewska: Księga sigillat 1709-1719 / Oprac. Ą. Rachuba, Warszawa 1987; Metryka Litewska: Rejestry podymnego Wielkiego Księstwa Litewskiego: Wojewódstwo wileńskie 1690 r. / Oprac. A. Rachuba, War-szawa 1989; Литовская Метрика: Книга записей 5 (1427—1506), Вильнюс 1995; Литовская Метрика: Книга записей 8 (1499-1514) / Подгот. А. Балюлис, Р. Фирковичюс, Д. Антанавичюс, Вильнюс 1995; Литовская Метрика. Книга публичных дел 7. Кн.564 (1553-1567).Подг. А.Балюлис. Вильнюс 1996.
[5] Пичета В.И., Аграрная реформа Сигизмунда-Августа в Литовско-Русском государстве, 2-е изд., Москва 1958, 99; Белоруссия и Литва XV-XVI в.: Исследования по истории социально-экономического, политического и культурного развития, Москва 1961, 162.
[6]Гл., напр.: Спірыдонаў М.Ф., Вераскава, 1557 год // Памяць: Пст.-дакум. хроніка Навагрудскага раёна, Мінск 1996., 132-185; Метрыка ВКЛ (Расійскі дзяржаўны архіў старажытных актаў. Ф. 389. Воп. 1). А.з. 51. А. 200 адв.—203; А.з. 269. А. 41-43.
[7]Тут і далей у тэксце спасылкі на раздзелы і артыкулы Статута ВКЛ 1529 г. даюцца па яго публікацьіі 1991 г. : Первый Литовский Статут. Тексты на старобелорусском, латинском и старопольском языках, Т. 2, ч. 1, Вильнюс 1991. Гл. таксама, напр.: Акты, издаваемые Виленской комиссией для разбора древних актов, Т. 21: Акты Гродненского земского суда, Вильна 1894, N1, 2 (1555); Т. 17: Акты Гродненского земского суда 1539—1565 г., Вильна 1890. N976, 977 і інш. (1555); Т. 22: Акты Слонимского земского суда, Вильна 1895, 1-3 (1555).
[8]Спиридонов М.Ф., Закрепощение крестьянства Беларуси (XV-XVI вв.), Минск 1993, 105.
[9] Таксама.
[10] Тамсама, 159-160.
[11] Насевіч В., Спірьідонаў М., «Русь» у складзе Вялікага Княства Літоўскага ў XVI ст. Карта: „Русь у складзе ВКЛ у XVI ст. (1:4600000) //3 глыбі вякоў. Наш край: гіст.-культуралаг. зборнік, Вып. 1., Мінск 1996, 4-27; Спиридонов М.Ф., „Литва” и „Русь” в Беларуси XVI в. Карта: 1:3000000 // Наш радавод. Матэрыялы міжнар. навук. канф. „Гістарычная памяць народаў Вялікага Княства Літоўскага і Беларусі XIII-XX ст.” (Гродна, 3-5ліпеня 1996), Кн.7, Гродна 1996, 206-211.
[12] Методические рекомендации по изданию и описанию Литовской метрики / Сост. А.Л. Хорошкевич, СМ. Каштанов, Вильнюс 1985.
[13] Гл., напр.: Словарь современного русского литературного языка, Т. 1-17, Москва-Ленинград 1948-1965; Словарь русского языка: В 4 т., Т. 1-4, Москва 1985-1988.
[14] Гістарычны слоўнік беларускай мовы, Вып. 1-15, Мінск 1982-1996; Тлумачальиы слоўнік беларускай мовы: У 5 т., Т. 1-5, Мінск 1978-1984; Этымалагічны слоўнік беларускай мовы, Т. 1-8, Мінск 1978-1993.
[15]Этымалагічны слоўнік беларускай мовы, Т. 6, 100. Гл. таксама: Słownik języka polskiego, Т. 2, Warszawa 1902, 778; Рабаданова Л.И., Названия одежды, головных уборов и материалов для их изготовления в памятниках старобелорусской письменности, Дисс. канд. филол. наук, Минск 1991,44,50.
[16]Методические рекомендации, 82-83.
[17]Спиридонов М.Ф., Пути повышения информативности указателей населенных пунктов в публикациях источников по истории Великого княжества Литовского XVI в. // Тэзісы міжнароднай навукова-тэарэтычнай канферэнцыі “Архівазнаўства, крыніцазнаўства, гістарыяграфія Беларусі: стан і перспектывы”. 1-2 снежня 1993 г., Ч. 1., Мінск 1993, 74-79.
[18] Гл., напр.: Рапановіч Я. Н., Слоўнік назваў населеных пунктаў Віцебскай вобласці, Мінск 1977; Слоўнік назваў населеных пунктаў Брэсцкай вобласці, Мінск 1980; Слоўнік назваў населеных пунктаў Мінскай вобласці, Мінск 1981; Слоўнік назваў населеных пунктаў Гродзенскай вобласці, Мінск 1982; Слоўнік назваў населеных пунктаў Магілёўскай вобласці, Мінск 1983; Слоўнік назваў населеных пунктаў Гомельскай вобласці, Мінск 1986.

Наверх

Куль-Сяльверстава, Святлана, Беларуская палеаграфiя (Уладзiмiр Свяжынскi)

Снежня 6, 1996 |


Куль-Сяльверстава, Святлана Я., Беларуская палеаграфiя, Гродна 1996. 104 с.

Гэтую кнiжку С.Я.Куль-Сяльверставай, выдадзеную ў Гарадзенскiм унiверсiтэце, можна было б i не рэцэнзаваць. Бо выданнi такога тыпу звычайна не нясуць у сабе свежых навуковых iдэй. Як вучэбныя дапаможнiкi, яны ўяўляюць сабой даступны для студэнта сiстэмны выклад матэрыялу па пэўнай дысцыплiне, узятага з iншых публiкацыяў. Нашую ўвагу гэтае выданне прыцягнула таму, што яно, як пiша аўтар ва ўступе, з’яўляецца “першай спробай стварэння навучальнай кнiгi па палеаграфii, напiсанай па-беларуску i для беларускай вышэйшай школы”.

Першай кнiгай па беларускай палеаграфii, хоць i напiсанай за межамi Беларусi i на рускай мове, была праца вядомага беларусазнаўцы, акадэмiка Яўхiма Карскага “Славянская кiрылаўская палеаграфiя”. Упершыню яна ўбачыла свет у 1928 г. у Ленiнградзе[1], а ў 1979 г. была перавыдадзена ў Маскве, аднак не перастала быць рарытэтам, бо выйшла такiм малым накладам, што з беларускiх вучоных яе змаглi набыць толькi адзiнкi. Яшчэ раней, у 1926 г. у Коўне ўбачыла свет “Гiсторыя беларускай (крыўскай) кнiгi” Вацлава Ластоўскага[2], у якой змешчана шмат здымкаў старабеларускiх рукапiсаў, дзякуючы чаму яна можа служыць цудоўным дапаможнiкам па беларускай палеаграфii. Кнiга чакае свайго перавыдання ўжо 70 гадоў. Так што ў гэтым сэнсе Куль-Сяльверстава не першая.

Яўхiм Карскi, перш чым прыступiць да стварэння сваёй “Славянскай кiрылаўскай палеаграфii”, працуючы над унiкальнай шматтомнай працай “Беларусы”, перагарнуў сотнi тысяч старонак старажытных славянскiх рукапiсаў. У вынiку яго праца па палеаграфii не мае сабе роўных. Як падмурак для айчыннай палеаграфiчнай навукi, яна нiколi не страцiць свайго значэння.

Аўтар новага дапаможнiка ў тэарэтычнай яго частцы дастаткова поўна i ўсебакова выкладае звесткi пра палеаграфiю як спецыяльную гiстарычную дысцыплiну, узнiкненне i развiццё пiсьменнасцi ўсходнiх славян наогул i беларусаў у прыватнасцi ад старажытных часоў да XVIII-XIX ст. Разглядаецца эвалюцыя як самога пiсьма (почырку) ва ўсiх яго разнавiднасцях, так i матэрыялаў, прыладаў, знешняга афармлення рукапiсаў. Гiсторыя развiцця пiсьма на Беларусi падзяляецца на два перыяды: XIV-XV i XVI-XVII ст. Аўтар аргументуе гэта тым, што пашырэнне iдэй Рэнесансу i Рэфармацыi на ВКЛ прывяло да значных зменаў у матэрыяльнай i духоўнай культуры грамадства, у тым лiку ў кнiжнай справе. Куль-Сяльверстава пашырае звыклыя рамкi дысцыплiны, зрабiўшы аб’ектам яе разгляду, акрамя кiрылiчных, таксама лацiнскiя i нават арабскiя тэксты на беларускай мове. Можна было б адзначыць некаторую непрапарцыянальнасць асобных раздзелаў тэарэтычнай часткi. Першыя напiсаны неяк побегам, у вынiку чаго абмiнуты некаторыя iстотныя рэчы.

Так, вядома, што аб’ектам даследавання ў палеаграфii з’яўляецца азбука, у нашым выпадку найперш славянская. I калi асноўныя звесткi пра паходжанне i развiццё кiрылiцы аўтар падае дастаткова поўна, дык гаворачы пра глаголiцу, яе аўтарства, функцыянаванне i гiстарычны лёс, яна прапускае бадай асноўнае – паходжанне глаголiцы (ад грэцкага мiнускула). Гэта можна было б не заўважаць у папулярнай кнiжачцы, але не ў унiверсiтэцкiм падручнiку. Бо што тады павiнны ведаць студэнты-гiсторыкi, сустрэча якiх пры адпаведнай спецыялiзацыi з глагалiчнымi тэкстамi ў прынцыпе не выключана.

Параграфы, прысвечаныя гiсторыi развiцця пiсьменнасцi ў Беларусi, месцамi дэкларатыўныя, iх тэарэтычныя палажэннi не заўсёды падмацоўваюцца ў дастатковай меры прыкладамi. Так, у пералiку эпiграфiчных помнiкаў Беларусi ранняй пары сярод iншых не згадваюцца надпiсы на так званых Барысавых камянях, не паказаны значэнне i функцыянальная роля надпiсаў такога зместу, пашыраных у свой час на тэрыторыi Беларусi.

Сцвярджаючы, што першыя спробы палеаграфiчнага аналiзу крынiц у Беларусi зафiксаваны ў гiстарычных дакументах першай паловы XVIII ст., аўтар памыляецца амаль на паўтара стагоддзя. Вядома, што ў Маскоўскай дзяржаве першыя спробы палеаграфiчнага аналiзу праводзiлiся ў XVI-XVII ст., прычым там, як i на Захадзе, гэта рабiлася ў чыста практычных мэтах, – галоўным чынам для экспертызы дакументаў[3]. Гэтаксама было i ў Вялiкiм Княстве Лiтоўскiм. Захавалася экспертыза сапраўднасцi дакумента, якая датуецца пачаткам XVI ст. Азнаёмiўшыся з iм, эксперты запiсалi: “Мы вбачили на томъ листе, што жъ тотъ листъ не естъ правый отца нашого, не подлугъ бегу канъцлярейского писанъ и не гораздо печатанъ (замацаваны пячаткай – У.С.)”[4]. Да канца XVI ст. адносiцца настаўленне пiсцу аб тым, як належыць пiсаць скорапiсным пiсьмом, што з’яўляецца фактычна палеаграфiчным апiсаннем апошняга: “две строки на другой стороне, вынеслейшие надъ другие, ино дей письмо руское съ титлами се пишеть”[5].

Пералiчваючы беларускiх вучоных, якiя займалiся палеаграфiяй, Куль-Сяльверстава не згадвае iмёны тых, хто працягвае палеаграфiччныя даследаваннi i цяпер. Напрыклад, У.Анiчэнкi, якi ўпершыню найбольш поўна паказаў палеаграфiчныя адрозненнi беларускiх рукапiсаў ад украiнскiх, А.Булыкi, якому належаць публiкацыi па гiсторыi i арфаграфii беларускага пiсьма, Н.Вайтовiч, якая зрабiла выдатнае палеаграфiчнае апiсанне Баркулабаўскага летапiсу, А.Жураўскага, якi, разглядаючы пытаннi гiсторыi беларускай лiтаратурнай мовы, прыводзiць палеаграфiчныя асаблiвасцi асобных помнiкаў, М.Паўленкi, стварыўшага капiтальную “Гiсторыю пiсьма”, дзе асобна разглядаецца эвалюцыя пiсьма беларускага, а таксама Л.Шакуна, якi, распрацоўваючы гiсторыю беларускай лiтаратурнай мовы, не мог абмiнуць i пытаннi гiсторыi пiсьма. Тое, што для беларускай палеаграфii зрабiў лiтоўскi беларусазнавец А.Антановiч, якому належыць апiсанне палеаграфii не толькi беларускiх тэкстаў, пiсаных арабскiм пiсьмом, але i кiрылiчнай Судовай (актавай) кнiгi Ковенскага земскага суда[6], таксама не знайшло адпаведнага адлюстравання ў дапаможнiку.

Асноўны недахоп падручнiка ў няўдалай структуры. Гэта несуразмернасць тэарэтычнай i практычнай частак. Асноўны аб’ём кнiжкi займае першая, i ў гэтым можа не было б нiчога заганнага, калi б i для другой часткi адводзiлася дастатковае месца. Аднак там характарыстыка пiсьма беларускiх рукапiсаў, напрыклад, зведзена да некалькiх таблiцаў, у якiх без дапамогi квалiфiкаванага выкладчыка студэнт можа i не разабрацца, бо яны не маюць патрэбных апiсанняў. Шмат пытанняў выклiкае таблiца “Варыянты лiтар у беларускiм скорапiсе XVI-XVII ст.” Незразумела, чаму толькi ў скорапiсе, у кампетэнцыю палеаграфii ўваходзяць яшчэ ж устаў, паўустаў, вязь, тайнапiс, i чаму толькi XVI-XVII ст., калi скорапiс з’явiўся ў XV ст. Варыянты лiтар прыведзены ў таблiцы без падзелу на стагоддзi, што не дазваляе карыстацца дапаможнiкам пры датаваннi рукапiсаў. Не пададзены ўзоры iлюмiнацыi рукапiсаў, хаця б з Радзiвiлаўскага летапiсу. Не падаецца таблiца арабскага алфавiту, хоць здымак тэксту, напiсанага iм, змешчаны.

Уражанне ад увогуле патрэбнага i своечасовага выдання, якiм з’яўляецца “Беларуская палеаграфiя”, значна пагаршае яго мова. Цяжка сабе ўявiць, каб з такiмi памылкамi пiсалi, напрыклад, расiйскiя вучоныя. Нават Мiкалай Улашчык, жывучы i працуючы ў Расii, пiсаў i гаварыў па-беларуску бездакорна. Што да якасцi выдання, дык яно мае выразныя прыкметы правiнцыялiзму. Гэта вiдавочны рэгрэс нават у параўнаннi з першым выданнем кнiгi Я.Карскага. Уваскрошаны з нябыту машынапiсны ратапрынт, нiзкая для выданняў такой тэматыкi якасць паперы, не лепшыя iлюстрацыi.

Нягледзячы на вiдавочныя недахопы, дапаможнiк з’яўляецца несумненна важнай пазiцыяй сярод навiнак гiстарычнай лiтаратуры. У перавыданнi аўтар, спадзяемся, пастараецца ўлiчыць выказаныя заўвагi, i дапаможнiк будзе ў большай меры адпавядаць неабходным патрабаванням. Падрыхтоўка новых кадраў палеографаў у краiне даўно стрымлiвалася адсутнасцю неабходнай вучэбнай лiтаратуры. Да выдання новай, створанай на вычарпальным матэрыяле беларускай палеаграфii, кнiга С.Я.Куль-Сяльверставай зможа ў нейкай ступенi задавальняць гэтыя патрэбы.

Уладзiмiр Свяжынскi


[1] Карский Е. Ф. Славянская кирилловская палеография, Ленинград 1928 (2 выд. – Масква 1979)
[2] Ластоўскі, В., Гісторыя беларускай (крыўскай) кнігі, Коўна 1926.
[3] Чаев Н. С., Черепнин Л.В., Русская палеография, Москва 1947, 23.
[4] Кніга судовых рашэнняў 1506-1522 г. Рукапіс Расійскага дзяржаўнага архіву старажытных актаў, Кн. 222, арк. 118.
[5] АВАК Т.8, 445.
[6] Анічэнка У.В., Беларуска-украінскія пісьмова-моўныя сувязі, Мінск 1969; Булыка А.М., развіццё арфаграфічная сістэмы старабеларуская мовы, Мінск 1970; Вайтовіч Н.Т., Баркулабаўскі летапіс, Мінск 1977; Жураўскі А.І., Гісторыя беларуская літаратурнай мовы, Ч.1, мінск 1967; Павленко Н.А. История письма, Минск 1987; Шакун Л.М., Гісторыя беларуская літаратурнай мовы, Мінск 1984; Антонович А.К., Графика и орфография судебной (актовой) книги Каунасского земского суда 1566-1597 гг. // Известия высших учебных заведений Литовской ССР, 1961, 3, Языкознание.

Наверх

Документы Национального архивного фонда (Андрэй Кiштымаў)

Снежня 4, 1996 |

Документы Национального архивного фонда Республики Беларусь в Национальной библиотеке и музеях системы Министерства культуры и печати Республики Беларусь: Справочник (Составили О.А.Добычина, В.И.Пташникова. Минск, БелНИИЦДААД, 1995. 167 c.

Кожны новы гаспадар пачынае з пераўлiку ўласных уладанняў, скарбу i маёмасцi. Так i новая дзяржава. На старонках беларускай публiцыстыкi размовы пра гiстарычную спадчыну, яе багаццi i складаны лёс даўно сталi традыцыйнымi i амаль рытуальнымi. Асаблiва шмат увагi пры гэтым надаецца пытанням пошуку, улiку i выкарыстання беларускiх гiстарычных крынiц i тых каштоўнасцяў, якiя апынулiся за межамi Беларусi. Нi ў якiм разе не адмаўляючы сэнс i змест справы вяртання беларускай гiстарычнай спадчыны на Радзiму, даводзiцца, тым не менш, канстатаваць, што даступнасць iнфармацыi пра склад Нацыянальнага архiўнага фонду Рэспублiкi Беларусь далёкая ад задавальняючай.

Разгляданы даведнiк, падрыхтаваны Камiтэтам па архiвах i справаводству Рэспублiкi Беларусь i Беларускiм навукова-даследчым цэнтрам дакументазнаўства, археаграфii i архiўнай справы (наклад усяго 140 паасобнiкаў), павiнен палепшыць iнфармацыйнае забеспячэнне даследчыкаў беларускай даўнiны. Апрача даведкi па Нацыянальнай бiблiятэцы Беларусi, у iм змешчаны дадзенныя па 9 рэспублiканскiх i 79 абласных музеях i музеях абласнога i раённага падпарадкавання. На жаль, у даведнiку адсутнiчаюць дадзеныя па Вiцебскiм абласным краязнаўчым музеi.

Як i можна было чакаць, не абышлося без недахопаў. У пералiку архiўных матэрыялаў не заўсёды пазначана, што захоўваецца – арыгiнал цi копiя. Найбольшае расчараванне – гэта вельмi сцiплы i сцiслы вопiс дакументаў Аддзела рукапiсаў, рэдкай i старадрукаванай кнiгi (усяго дзве з паловай старонкi тэксту, – практычна столькi ж, колькi пра некаторыя раённыя музеi). Памылкi заўсёды “колюць вока” чытача, тым больш у даведачнай лiтаратуры. Напрыклад, у лiк “молодых учёных АН БССР” уключаны Мiкола Ермаловiч (134), якi нiколi не працаваў y акадэмiчных установах, а вядомая перакладчыца i даследчыца Вера Рыч намаганнямi складальнiкаў чамусцi ператворана ў мужчыну (17). Ёсць рэчы проста мiстычныя. Так, згодна з даведнiкам, у Ваўкавыскiм ваенна-гiстарычным музеi захоўваецца карта 1812 г. “От Нёмана до Москвы”, выкананая палкоўнiкам Генеральнага штабу Тамiлiным у 1811 г.

Святая святых кожнага даведнiка – яго паказальнiкi. Гэта ключ да ўсяго, магчымасць атрымаць даведку па даведцы. Складальнiкi зрабiлi мiнiмум, – толькi iмянны паказальнiк, прадметнага i геаграфiчнага няма. Карыстацца iм цяжка, таму што асобы адабраны па нейкiх незразумелых крытэрыях, вiдаць, у залежнасцi ад сiмпатыi складальнiкаў. Так, няма князя Кiшкi, ковенскага епiскапа Крыштапа, многiх аўтараў лiтаратуры, няма Ленiна, Кiрава, Варашылава, Панамарэнкi, затое Сталiн – ёсць. Складаная з’ява з расiйскiмi самадзержцамi: Кацярына II пазначана як “императрица”, Лiзавета без нумара – як “царица”, спасылка на ўвесь iмператарскi род Раманавых адсутнiчае, хоць у асноўным тэксце ён ёсць (81). Затое апошняму каралю Рэчы Паспалiтай пашанцавала больш за iншых: у паказальнiку ён згаданы двойчы: i як “Станислав Август, король” i як “Станислав Август Понятовский”. У пошуках iншага караля, Мiхала Карыбута Вiшнявецкага даследчык трапiць у складаную сiтуацыю, бо ў тэксце пададзена “Висьневецкий”, а ў паказальнiку – “Висневецкий”, прычым змешчана гэта пад лiтарай “м”.

Калi памылкi i недарэчнасцi ў асноўным тэксце можна спiсаць на рахунак не заўсёды высокай квалiфiкацыi супрацоўнiкаў нашых музейных устаноў i неяк дараваць, дык хiбы ў “Указателе имён” цалкам на сумленнi рэдактара выдання i яго складальнiкаў.

Нягледзячы на недахопы, рэцэнзаваны даведнiк дае пэўнае ўяўленне пра склад беларускай архiўнай спадчыны па-за дзяржаўнымi архiвамi Беларусi.

За апошнiя гады архiўная справа Беларусi зведала шмат перабудоў i пераўтварэнняў. Застаецца спадзявацца, што за ўсiмi гэтымi клопатамi не будзе пакiнута праца па iнфармацыйнаму забеспячэнню даследчыкаў. Дастаткова нагадаць пра адсутнасць даведнiка па былому Партыйнаму архiву Iнстытута гiсторыi пры ЦК КПБ. Апрача таго, трэба запускаць i выданне даведачнай лiтаратуры па “другiм крузе”. Нагадаю, што, прыкладам, даведнiк па сённяшняму Нацыянальнаму гiстарычнаму архiву Беларусi апошнi раз выдаваўся больш за дваццаць гадоў таму, у 1974 г.

Андрэй Кiштымаў

Улашчык М. М. Першы Літоўскі Статут (З гісторыі знаходак рукапісаў і іх вывучэння)

Траўня 19, 1996 |


У літаратуры за гэтым зводам замацавалася тры назвы: Статут 1529 г.[1], бо ён быў зацверджаны ў тым годзе, затым «Першы», бо пазней былі зацверджаныя яшчэ Статуты 1566 і 1588 г., і, нарэшце, «Стары». Паколькі ў арыгінале ён называўся «Права писаные», то назва «Статут» прыйшла да яго пазней, калі ўступілі ў дзеянне два наступныя. Назва «Літоўскі» зараз выклікае пярэчанні, бо гэта быў звод ня толькі для літоўскай часткі Вялікага Княства, але для ўсяго гаспадарства, і, напрыклад, у выданні 1960 г. ён названы «Статутам Вялікага Княства Літоўскага».

28 студзеня 1588 г. кароль польскі і вялікі князь літоўскі Жыгімонт III Ваза зацвердзіў Статут (звод законаў) для Вялікага Княства Літоўскага, які звычайна называецца трэцім. Статут 1588 г. дзейнічаў у Вялікім Княстве Літоўскім да канца існавання Рэчы Паспалітай, а пасля далучэння Беларусі і Літвы да Расіі ў губернях Віцебскай і Магілеўскай — да 1831 г., у губернях жа Кіеўскай, Валынскай, Падольскай, Менскай, Віленскай і Гарадзенскай — да 1840 г.[2]

Статут 1588 г. быў адразу надрукаваны ў Вільні ў друкарні Мамонічаў кірылічным шрыфтам, прычым артыкул першы раздзела чацвертага сцвярджаў, што «писаръ земъский маеть по руску литерами и словы рускими вси листы, выписы и позвы писати, а не иншимъ езыкомъ и словы»[3] («По руску» — значыць на старабеларускай мове).

У дадатак да «артыкула» Леў Сапега, галоўная дзеючая асоба ў справе выпрацоўкі Статута, запісаў: «А если которому народу встыдъ правь своихъ не умети, поготовю намъ, которые не обчым якымъ языкомъ, але своимъ власнымъ права списаные маемъ и кождого часу чого намъ потреба ку отпору всякое кривды ведати можемъ»[4].

У 1614 г. Статут быў надрукаваны ў перакладзе на польскую мову і потым перавыдаваўся яшчэ шэсць разоў, але толькі па-польску, а ў 1811 г. яго надрукавалі на рускай мове, прычым пераклад быў зроблены з польскай[5]. На мове арыгіналу Статут 1588 г. зноў надрукавалі толькі ў 1854 г. у выданні «Общества истории и древностей Российских»[6]. У XVII ст. ён быў перакладзены на нямецкую мову для Прыбалтыкі (Латвіі і Эстоніі), а ў 1735-38 г. — на ўкраінскую[7].

Да таго часу, як Статут надрукавалі ў рускім перакладзе, гэта значыць да 1811 г., арыгінал быў настолькі забыты, што калі з’явілася апісанне кнігі, зробленае В.С.Сопікавым[8], дык гэта стала сенсацыяй. Калі нават надрукаваны тэкст Статута, можна сказаць, знайшлі ў пачатку XIX ст., дык значна больш складанай была справа з двума папярэднімі, — 1529 і 1566 г., бо тыя існавалі толькі ў рукапісах.

Калі ў канцы ХУШ ст. з’явіўся інтарэс да Статутаў і наогул да помнікаў права мінулага, аб іх меліся толькі самыя агульныя звесткі, асабліва гэта тычылася Статута 1529 г. як самага даўняга. Знаходкі рукапісаў гэтага помніка, яго першапачатковае вывучэньне і, нарэшце, публікацыя мелі, без перабольшвання, драматычны характар.

У пачатку XVI ст., калі ў Вялікім Княстве Літоўскім з’явілася неадкладная патрэба выдання агульнадзяржаўнага збору законаў, яно было адной з найвялікшых дзяржаў Еўропы, ахапляўшай Літву, Беларусь, большую частку Ўкраіны і значныя абшары рускіх земляў. У выніку войнаў з Масквой у канцы XV — пачатку XVI ст. Смаленск і шэраг вобласцяў на паўночным усходзе адышлі да Расіі, а пасля заключэння Люблінскай вуніі ў 1569 г. ад Вялікага Княства ў склад Польшчы перайшлі землі ўкраінскія, і, такім чынам, пасля гэтага году ў складзе Княства засталіся Літва і Беларусь (аднак, калі выпрацоўваліся першыя два Статуты, удзел прымалі і ўкраінскія вобласці). Насельніцтва гэтай дзяржавы было неаднародным як у нацыянальных, так і ў рэлігійных адносінах: на захадзе жылі літоўцы-каталікі, на ўсходзе, займаючы асноўную частку тэрыторыі, — праваслаўныя беларусы і ўкраінцы.

Вялікае Княства ўяўляла сабой манархію, першая асоба якой абіралася прадстаўнікамі пануючага класа. Зрэшты, выбарнасць абмяжоўвалася тым, што да сканчэння дынастыі Ягайлавічаў (1572) вялікія князі абіраліся толькі з прадстаўнікоў гэтага роду, а апошні з нашчадкаў Ягайлы, Жыгімонт II Аўгуст, нават быў каранаваны дзевяцігадовым пры жыцці бацькі.

Улада вялікіх князёў, вельмі моцная пры Вітаўце (памёр у 1430 г.), пазней аслабла, і калі Вітаўт мог, напрыклад, «вывести» з Кіева і Кіеўскага княства князя Ўладзіміра, старэйшага сына Альгерда, даўшы яму ўзамен нязначныя Капыль і Слуцак (паўднёвая Беларусь), дык у далейшым тытулаваная і нетытулаваная знаць да таго пашырыла свае ўладанні, што стала вырашальнай палітычнай і эканамічнай сілай у краіне. Дыспануючы велізарнымі зямельнымі ўладаннямі, магнаты былі там па-сутнасці неабмежаванымі ўладарамі, прыгнятаючы ня толькі сялян ці гараджан, але таксама і шляхту. Шляхта цярпела ўціск і з боку вялікакняскай адміністрацыі.

Аднак, ужо да канца XV ст. шматлікая шляхта, валодаўшая зброяй і абавязаная выступаць па патрабаванню вышэйшай улады на вайну, адчула сваю сілу і стала дамагацца выдання «пісаных законаў», бо як магнаты, так і княская адміністрацыя пры вынясенні судовых выракаў карысталіся звычаёвым правам, тлумачыўшы яго па-свойму, або ўласнай воляй.

З’яўленне пытання пра неабходнасць выдання Статута ў афіцыйных колах можна аднесці да 1501 г., калі вялікі князь Жыгімонт I, выдаючы пацвярджальны прывілей Валынскай зямлі, адзначыў, што прывілей будзе дзейнічаць да той пары, «пока права Статута у отчизне нашей не уставим»[9]. Гэта была быццам эпізадычная згадка, але разам з тым яна сведчыла пра тое, што пытанне аб выданні Статута ужо наспела.

Афіцыйна ўпершыню размову пра патрэбу выпрацоўкі Статута ўзнялі на Віленскім сойме ў 1514 г.[10] Аднак справа гэтая ўсё зацягвалася, бо магнаты Вялікага Княства «прыкладвалі ўсе намаганні», каб не дапусціць да стварэння такога зводу[11]. I гэта палкам натуральна, паколькі зацвярджэнне «Пісаных правоў» мела моцна скараціць ix сваволю .

Нарэшце, у 1522 г. на сойме ў Горадні станы звярнуліся да [вялікага] князя з просьбай выдаць «пісаныя законы». У тым жа годзе Статут быў выпрацаваны i ў снежні ўрад пастанавіў увесці яго ў дзеянне, аднак гэта не было зроблена[12].

Што ўяўляў Статут 1522 г. i як ён абмяркоўваўся — да гэтага часу няясна. Згодна з дадзенымі І.Даніловіча, Статут быў выпрацаваны «з старых статутаў i канстытуцый» (соймавых пастаноў). Аднак, што ўяўляў сабою гэты Статут i як яго абмяркоўвалі на сойме, не гаворыць i Даніловіч[13]. Даніловіч сцвярджае, што ў 1524 г. вялікі князь пераслаў тэкст Статута канцлеру Альбрэхту Гаштаўту, каб той «агаласіў» звод, але «некаторыя члены (ураду — М.У.) папрасілі не выдаваць яго». Выдалі Статут у 1529 г.[14]

Тое, што магнаты былі супраць Статута, гэта цалкам відавочна, аднак, калі Статут быў прадстаўлены i зацверджаны на працягу няпоўных 9 месяцаў (сойм працаваў у лютым — сакавіку), дык калі ўсё гэта было зроблена? Відаць, затрымка з увядзеннем яго ў жыццё стала вынікам ня толькі супраціву магнатаў, але i таго, што якасць зводу была не надта высокай.

Першапачаткова Статут 1529 г. меркавалася надрукаваць, тым больш, што да таго часу ў Вільні ўжо некалькі гадоў дзейнічала друкарня Францішка Скарыны, у якой былі надрукаваныя «Малая падарожная кніжка» (1522) i «Апостал» (1525). Ідэя гэтая, аднак, не ажыццявілася, i Статут пачаў дзейнічаць у рукапісным выглядзе.

Стаўшы агульнадзяржаўным законам, Статут быў запатрабаваны ў многіх сотнях асобнікаў. У велізарнай дзяржаве мовы i дыялекты ў розных раёнах істотна адрозніваліся, таму можна лічыць, што пры перапісванні падобныя асаблівасці мусілі адлюстравацца ў тэксце, не гаворачы пра непазбежныя памылкі перапішчыкаў.

Пасля зацвярджэння зводу 1566 г. патрэба ў «Старым» Статуце значна скарацілася, а гэта азначала, што каштоўнасць яго зменшылася, з прычыны чаго i берагчы яго сталі менш. З выхадам жа ў свет друкаванага Статута 1588 г. значэнне папярэдніх яшчэ больш знізілася. У два наступныя стагоддзі «Стары» Статут стаў творам настолькі састарэлым, i патрэба ў ім настолькі ўпала, што ён як бы знік наогул. Працэс гэты мусіў паскорыцца тым, што, пачынаючы з канца XVII ст., кірыліца ў Вялікім Княстве па-сутнасці выйшла з ужытку i стала незразумелай. Такім чынам, калі да «Старога» Статуту з’явілася цікаўнасць, дык выявілася, што знайсці яго вельмі цяжка.

Аднак, у рэшце рэшт некалькі асобнікаў удалося адшукаць. Старажытныя рукапісы i кнігі захоўваліся ў манастырах (кляштарах) i яшчэ больш у прыватных зборах. У XVIII ст. (як, зрэшты, i раней) некаторыя магнаты Рэчы Паспалітай мелі вельмі буйныя зборы кніг i рукапісаў на самых розных мовах i з самых розных эпох. Так, у бібліятэцы Залускіх у Варшаве мелася 300 тысяч кніг i 10 тысяч рукапісаў[15]. Вельмі вялікія былі зборы Радзівілаў у Нясвіжы, Храптовіча ў Шчорсах, Чартарыскіх у Пулавах, i г.д.

Пытаннямі гісторыі права Вялікага Княства Літоўскага ўпершыню сур’ёзна пачаў займацца ў канцы XVIII ст. буйны землеўладальнік i шырокаадукаваны чалавек Тадэвуш Чацкі, уладанні якога знаходзіліся на Правябярэжнай Украіне, у прыватнасці цэнтрам яго дзейнасці быў горад Крамянец, з якога Чацкі ствараў навуковы i вучэбны цэнтр (у польскім духу) для ўсёй Правабярэжнай Украіны. Чацкі ці ня першым з даследчыкаў атрымаў рукапісны асобнік Статута (на лацінскай мове), вывучыў яго i вынікі сваіх назіранняў апублікаваў у двухтомнай працы, якую назваў «Аб літоўскіх i польскіх правах»[16]. У сваёй працы ён крануў ўсе тры Статуты, але мы тут гаворым толькі пра тое, што ён казаў пра Першы. Увогуле, у вялікай працы Чацкага Першаму Статуту месца адведзена вельмі нямнога. Але сутнасць у тым, што ў ёй упершыню гэтае пытанне ўзнята.

Па словах Чацкага, асобнік Статута, які апынуўся ў яго, меў на вокладцы лічбу 1538 i ініцыялы J.U., што, на думку Чацкага, азначала Якаў Уханьскі (Jaków Uchański). У 1784 г. рукапіс Статута быў падараваны каронным (г.зн. польскім — М.У.) пісарам Казімірам Ржэвускім каралю Станіславу Аўгусту, які перадаў яго Чацкаму. Чацкі лічыў, што другі асобнік Статута меўся ў земскіх актах, але потым загінуў, i што таму ягоны асобнік адзіны. Дарэчы, Чацкі думаў, што Статут існуе толькі на лацінскай мове. Асобнік, які трапіў да яго, пазней называўся Порыцка-Пулаўскім (Порыц — маёнтак Чацкага, Пулавы — Чартарыскага).

Праца Чацкага спачатку расцэньвалася як найвышэйшае дасягненне польскай навукі. Дастаткова сказаць, што Ігнаці Даніловіч, які стаў да пачатку 20-х г. самым буйным знаўцам Статутаў, назваў яе «безсмяротнай»[17]. Але Чацкі, пры ўсіх сваіх сапраўды шырокіх ведах, быў дылетантам, пгто вельмі хутка стала ясна спецыялістам. Аднак у агульным гэта не магло паменшыць значэнне прац Чацкага як першаадкрывальніка.

Пакідаючы Чацкаму ролю першага, хто пачаў вывучаць Статуты, сапраўдным заснавальнікам гэтае справы трэба лічыць (і з поўным правам) Ігнація Даніловіча, які ня толькі першым выклаў (у самым кароткім выглядзе) гісторыю знаходак рукапісаў Статута ў арыгінале, г.зн. на старабеларускай, лацінскай i польскай мове, але i правёў па сутнасці ўсю працу па падрыхтоўцы Статута (Першага) да друку.

Рукапіс Першага Статута быў знойдзены ў Вільні ў 1815 г. у бібліятэцы Віленскага універсітэта, куды ён трапіў з бібліятэкі езуітаў, у якую, у сваю чаргу, быў прывезены са Слуцка (былая сталіца князёў Алелькавічаў-Слуцкіх), з калекцый кальвінскага «збора». Яшчэ раней ён належаў Яну Казіміру Пашкевічу, потым знаходзіўся ў бібліятэцы Казіміра Клакоцкага[18]. Такім чынам, уладальнікі гэтага рукапісу прасочваюцца з канца XVII i прыкладна праз усё XVIII ст. Даніловіч даў яму назву «Слуцкі».

У 1817 г. Карл Сцыпіён перадаў Варшаўскаму таварыству сяброў навук другі асобнік арыгінала Статута. Гэты рукапіс раней належаў бабулі Сцыпіёна, якая паходзіла з Фірлеяў, таму яму далі назву «Фірлеяўскі»[19].

У 1820 г. граф Цітус Дзялыньскі купіў у Мацея Казлоўскага за 30 дукатаў трэці асобнік Статута ў арыгінале, рукапіс якога аказаўся самым спраўным (непашкоджаным). Па прозвішчы ўладальніка яго называюць рукапісам Дзялыньскага[20]. У 1823 г. Даніловіч пісаў, што граф Дзялыньскі ўжо два гады як дазволіў Лялевелю карыстацца «найцікавейшым рукапісам рускага Першага статута». У другім месцы Даніловіч паведамляў, што Дзялыньскі «пазычыў» Статут Лялевелю[21]. Відавочна, гэта трэба разумець так, што рукапіс быў перасланы ў Вільню, дзе ім пачаў займацца Даніловіч. Сам Даніловіч напэўна ніколі з Дзялыньскім не сустракаўся, у кожным разе ён яшчэ ў 1819 г. пытаўся ў Лялевеля: хто такі Дзялыньскі?[22]

Першы час пасля знаходкі Статута 1529 г. на мове арыгінала ў яго даследаванні разам з Даніловічам удзельнічаў таксама Яўхім Лялевель, значна больш вядомы як палітычны дзеяч, або як гісторык Польшчы, хоць ён, знаходзячыся ў Вільні, нямала займаўся i гісторыяй Вялікага Княства Літоўскага.

Пра Даніловіча, ягоную знаходку Супрасльскага летапісу i яго выданні кароткія звесткі прыведзены ў нашых «Нарысах»[23]. Асобную манаграфію яму прысвяціў літоўскі гісторык А.Янулайціс[24].

Сын беднага вуніяцкага святара з-пад Бельску (крайні паўднёвы ўсход Беларусі, зараз у межах Польскай Рэспублікі), пасля школы ў г. Ломжы, а потым Беластоцкай гімназіі, дзе атрымаў грунтоўную падрыхтоўку па мовах лацінскай, нямецкай i французскай, Даніловіч паступіў у Віленскі універсітэт, які скончыў са званнем магістра права ў 1812 г. З 1822 г. ён прафесар таго ж універсітэту. Найважнейшым яго заняткам стаў пошук крыніц па гісторыі права Вялікага Княства Літоўскага. У гэтай справе, як i наогул у кожнай іншай, ён выяўляў велізарную энэргію i ў хуткім часе ў Супрасльскім манастыры (на сёння ў межах Польшчы) знайшоў летапіс, які атрымаў назву Супрасльскага, а затым i апублікаваў яго. Даніловіч жа, пасля знаходкі ў Вільні рукапісу Статута 1529 г., стаў галоўным, хто рыхтаваў гэты помнік да друку, а потым шэраг прац пра яго.

У тыя часы, калі знаходкі паступалі адна за другой, Віленскі універсітэт перажываў росквіт сваёй дзейнасці. Менавіта там сканцэнтраваліся навуковыя сілы, якія займаліся вывучэннем гісторыі [агульнай], гісторыі права, прыроды i г.д. як Літвы, так i Беларусь Акрамя згаданых ужо Даніловіча i Лялевеля, у той час ва універсітэце працавалі такія вядомыя вучоныя, як М.Баброўскі, І.Ярашэвіч, А.Сасноўскі, І.Анацэвіч, І.Лабойка. Ледзь не ўсе яны бралі нейкі ўдзел у даследаванні Статута, але асноўная роля належала І.Даніловічу.

Да таго часу, як Дзялыньскі даслаў у Вільню свой cnie, Даніловіч грунтоўна вывучыў Слуцкі. Дзялыньскі, які потым граў вырашальную ролю ў справе выдання Статута 1529 г., з’яўляўся багатым чалавекам, сабраўшым у сваім маёнтку Курнік (каля Познані) масу рукапісаў i кніг. За ўдзел у паўстанні 1831 г. ён быў асуджаны расійскім урадам да смяротнага пакарання, але ўхіліўся ад расправы. У 1848 г. за ўдзел у рэвалюцыйным руху ў Прусіі прускі ўрад наклаў на яго ўладанні секвестр, аднак ён хутка быў зняты. У сваёй антыўрадавай дзейнасці ў Прусіі Дзялыньскі, відаць, далёка не заходзіў. У 1828 г. ён пачаў друкаваць рознага кшталту крыніцы па гісторыі Польшчы (у 1828 г. успаміны Яна Кілінскага, аднаго з вядомых удзельнікаў паўстання пад кіраўніцтвам Касцюшкі), у 1829 г. стаў сябрам Варшаўскага таварыства сяброў навук, пазней выдаў васьмітомную серыю дакументаў пад назвай «Акты Таміцыяна»[25]. Потым ён жа выдаў Статут.

Праца над падрыхтоўкай Статута да друку ўжо блізілася да завяршэння, калі раптам перапынілася. У 1823 г. царская паліцыя выкрыла шэраг нелегальных арганізацый студэнтаў Віленскага універсітэта, пачаліся масавыя арышты, многа прафесараў універсітэта звольнілі. A Даніловіч у 1824 г. быў прызначаны прафесарам Харкаўскага універсітэта, г.зн. мусіў пакінуць Вільню. Аднак, ён паехаў адразу не ў Харкаў, a ў Пецярбург, дзе пачаў працаваць у зборах М.П.Румянцава ды ў Імператарскай бібліятэцы, у фондах былой бібліятэкі Залускіх.

28 студзеня 1825 г. Даніловіч пісаў з Пецярбурга Лялевелю, што ён з’ехаў «па-дыягенску», г.зн. бяз усяго, пакінуўшы ўсе свае творы на месцы, недапрацаванымі. Улічваючы абставіны, якія тады склаліся, ён пісаў, што гатовы друкаваць тэкст Статута Дзялыньскага «рускімі літарамі» (відаць, «гражданкай»?), але побач хацеў даць тэксты лацінскі i польскі. Спрабуючы знайсці якое-небудзь выйсце з той сітуацыі, Даніловіч разважаў пра магчымасці далучэння да гэтай справы «канцлера», г.зн. М.П.Румянцава, прычым згаджаўся (каб скараціць выдаткі) друкаваць Статут без каментараў[26].

Натуральна, што рыхтуючы Статут да публікацыі, як Даніловіч, так i ўсе асгатнія, хто меў дачыненне да гэтай працы, думалі пра тое, як перадаць тэкст у друку. Амаль двухвекавая практыка Рэчы Паспалітай прывучыла да таго, што пры перапісванні старажытных кірылічных тэкстаў яны перадаваліся польскай графікай. У самога Даніловіча раней у гэтым сэнсе не было ніякіх сумненняў, — друкаваць належыць польскай графікай. Аднак сярод віленскіх вучоных знайшліся такія, хто глядзеў на справу інакш. У лісце Лялевелю ад 22 жніўня 1822 г. Даніловіч паведамляў, што Баброўскі (пэўна, Міхаіл Казіміравіч) выказаў пажаданне, каб Статут быў надрукаваны царкоўна-славянскім шрыфтам[27].

Буйнейшы паліглот свайго часу Баброўскі быў велічынёй такога рангу, што з ім нельга было не лічыцца, але перспектыва друкаваць Статут не лацініцай надзвычай расстроіла Даніловіча: «два гады маёй працы пойдзе на нішто»[28]. 11 ліпеня 1825 г. ужо з Харкава Даніловіч пісаў Лялевелю, што праца над першым Статутам амаль скончаная, другі ж ледзь крануты, але нават калі б усё было гатовае, то друкаваць у Харкаве нельга з прычыны адсутнасці польскага шрыфту. У якасці асноўнага тэксту для першага Статута пойдзе тэкст Дзялыньскага. Напрыканцы Даніловіч паведамляў, што згодны рабіць усё без аплаты («ганарара не чакаю»)[29].

26 верасня 1825 г. Даніловіч паведамляў: «Статут хутка ў мяне будзе гатовы для адсылкі ў рукі Завадскага (Завадскі — самы вядомы на той час выдавец у Вільні — М.У.), рабі з ім што жадаеш, друкуй, змяняй, бяры колькі можаш або i без ганарару, згодны на ўсё з удзячнасцю»[30]. Тое самае ў лісце ад 21 лютага 1826 г.[31]

Значыць, можна лічыць, што ў верасні 1825 г. працы над Статутам былі завершаныя, г.зн., што ў Даніловіча на той час меўся тэкст, гатовы для набору ў друкарні. Што ж уяўляў сабой гэты тэкст? Можна лічыць бясспрэчным, што як Статут, так i ўсе варыянты да яго са спісаў Слуцкага i Фірлеяўскага, былі выкананы лацінкай, г.зн. польскай графікай. Улічваючы грашовыя цяжкасці, на якія ў той час спасылаўся Даніловіч, можна меркаваць, што ўсю работу па перадачы Статута лацінкай ён выканаў сам. Сыходзячы з больш позніх падзей, калі Статут ужо друкаваўся (пра гэта ніжэй), можна дапускаць, што Даніловіч зрабіў два спісы лацінкай, але арыгінал застаўся ў адзіным асобніку. Прычым, ніводнагa са спісаў Статута ў арыгінале пасля ад’езду з Вільні Даніловіч ня меў. Далей вынікае, што ў хуткім часе пасля заканчэння працы Статут быў перасланы Лялевелю, які ў той час знаходзіўся ў Варшаве.

Далей ў ліставанні наступіў перапынак амаль на два гады (цалкам магчыма, што ліставанне i працягвалася, але пра гэта невядома), a калі яно аднавілася, дык пытанне стаяла ўжо аб магчымасці выдання ў Познані. Відавочна, у Вільні абставіны былі такія, што ні Завадскі, ні хто-небудзь іншы друкаваць Статут не рашаўся.

У лістах да Лялевеля ад 15 красавіка i 28 траўня 1828 г. Даніловіч пытае — што з Статутам?[32] Верагодна, рукапіс Статута ў той час знаходзіўся ў Лялевеля, ці дзе ў іншым месцы.

Пра самую гісторыю выдання Статута сведчаць ужо дакументы 1881 г.: брат Яўхіма Лялевеля Прот паведамляў, што Яўхім перадаў рукапіс Статута Варшаўскаму таварыству сяброў навук дзеля выдання, але Таварыства, ня маючы на гэта сродкаў, пераслала ўсё графу Дзялыньскаму ў Познань. Аднак, з іншага ліста таго ж Прота вынікае, што другі асобнік быў або перасланы ў Познань, або застаўся ў Яўхіма Лялевеля. У кожным разе, калі ў лістападзе 1831 г. у Варшаве пачалося паўстанне, у якім Лялевель браў такі значны ўдзел, дык ён да таго часу паспеў прачытаць толькі першыя 40 старонак. Калі набор праводзіўся ў Познані, a карэктуру Лялевель чытаў у Варшаве, дык вельмі верагодна, што ў яго быў другі асобнік тэксту. Прот Лялевель сцвярджае, што ўсе працы Яўхіма апынуліся, у сувязі з паўстаннем, у яго (Прота), i што ён потым перадаў усё Дзялыньскаму[33], a гэта таксама можа сведчыць, што ў Лялевеля быў другі асобнік.

Бясспрэчным у гэтай гісторыі ёсць наступнае. Па-першае, даследаваўшы некалькі спісаў Статута, Даніловіч лічыў (і цалкам справядліва), што самым захаваным з ix з’яўляецца спіс, які належаў графу Дзялыньскаму. Па-другое, Статут быў падрыхтаваны да друку менавіта па спісу Дзялыньскага. Трэцяе, што Дзялыньскі атрымаў рукапіс Статута ці ад Варшаўскага таварыства сяброў навук, ці ж непасрэдна ад Лялевеля; Даніловіч да гэтае справы ўжо ня меў аніякага дачынення.

Статут выйшаў з друку ў Познані ў 1841 г. у складзе аб’ёмнага зборніка, заняўшы ў ім асноўнае месца. Зборнік называўся «Збор помнікаў літоўскага права» (Zbiór praw litewskich). У прадмове, напісанай графам гранічна сцісла — на адну старонку, пра Даніловіча i Лялевеля ні слова. Пры такім становішчы чытачы мелі права лічыць, што падрыхтаваў да друку Статут сам Дзялыньскі.

Аб’ём зборніка вельмі вялікі: 542 старонкі дакументаў, чатыры старонкі тлумачальнага тэксту да прыкладзеных выяў пячатак, 12 аркушаў літаграфічных выяў пячатак, а ў канцы кнігі яшчэ дзве старонкі літаграфічных выяў, на адной з якіх змешчаны першая старонка Статута 1529 г., на другой «Отказ господаря короля его милости всим княжатом и панятом». Дакументы, змешчаныя ў зборніку, напісаныя на мовах лацінскай, старабеларускай і польскай, прычым усё, напісанае па-старабеларуску, перададзена польскай графікай. Хто падрыхтаваў да друку тэксты апрача Статута, у прадмове таксама не гаворыцца.

Да часу выдання «Зборніка» у Польшчы выпрацаваліся пэўныя (хоць і неабавязковыя для ўсіх) правілы транслітарацыі кірылічных тэкстаў польскай графікай; у старабеларускай мове гук «ґ» выбухны (змычны) перадаваўся дзвюмя літарамі «кг» (прозвішча Гаштаўт пісалася як Кгаштолт), пры перадачы таго ж гука лацінкай пісалі «kh», тады як «г» глухое перадавалася літарай «h». Гук «е» перадаецца літарамі «іе» або «jе», але таксама і проста «е». Гук «я» літарамі «іа» або «jа». Літара «у» пры перадачы лацінкай звычайна азначае гук «ы», але таксама і гук «і». Гэтыя правілы, аднак, не заўсёды вытрымліваліся, у асаблівасці гэта тычыцца гука «ж». У польскай графіцы гэты гук перадаецца літарай «z», над якой ставіцца кропка (без яе чытаецца як «з»). Такім чынам «Жигимонт» атрымліваецца як Зікгімонт (Zikhimont). Часам два словы пададзены разам, як адно (ктому), аднак увогуле тэкст у перадачы лацінкай цалкам даступны для разумення.

На працягу больш чым паўстагоддзя вывучэннем Статутаў займаліся асобы польскай культуры, частка з якіх (Даніловіч, Баброўскі, Сасноўскі, Анацэвіч) былі вуніятамі, што значыць не палякамі. Усе яны пісалі галоўным чынам па-польску і, як бачна з сказанага раней, Даніловіч вельмі засмучаўся з тае прычыны, што Статут можа быць надрукаваны царкоўна-славянскім шрыфтам, а не лацінкай. Прычынай такога расстройства вельмі верагодна маглі быць меркаванні аб тым, што асобы, зацікаўленыя ў вывучэнні Статута, з цяжкасцю авалодвалі б старабеларускім тэкстам, прычым цяжкасць гэтая нашмат павялічылася б, калі тэкст перадаць нават не царкоўна-славянскім шрыфтам, а «гражданкай». Статут, выдадзены за мяжой, і тым больш надрукаваны польскім шрыфтам, як і ўвесь зборнік, ня мог атрымаць шырокага распаўсюджвання ў Расіі, не гаворачы ўжо пра тое, што пасля закрыцця Віленскага універсітэта ў 1832 г. у Расіі больш не заставалася цэнтра, дзе б Статут выклікаў цікавасць. Стаўшы эмігрантам, Лялевель быў захоплены іншымі інтарэсамі, Даніловіч, хаця застаўся ў Расіі і стаў прафесарам Харкаўскага, а потым Маскоўскага і Кіеўскага універсітэтаў, быў заняты іншымі пытаннямі. У прыватнасці, у апошнія гады жыцця ён рыхтаваў кодэкс законаў для Літвы, Беларусі і Правабярэжнай Украіны, г.зн. тых няпольскіх вобласцяў былой Рэчы Паспалітай, якія адышлі да Расіі. (Аднак выпрацаваны і нават зацверджаны кодэкс ня быў уведзены ў дзеянне).

У той сітуацыі ініцыятыва ў справе выдання Статута (дакладней, усіх трох Статутаў) мусіла перайсці да расійскіх вучоных. Але ўжо наперад можна было сказаць, што яна сутыкнецца з цяжкасцямі, паколькі спецыялістаў па гісторыі Вялікага Княства Літоўскага, і тым больш па Беларусі, у Расіі 1850-х г., ды і шмат пазней, ня мелася. У рэшце рэшт за гэтую справу ўзялося Маскоўскае таварыства гісторыі і старажытнасцяў расійскіх, якое выдала ў 1854-55 г. усе тры Статуты: 1529, 1566 і 1588 г. (у 1854 г. былі выдадзены Статуты 1529 і 1588 г., а ў 1855 г. — 1566 г.).

Выданне аб’ёмных і складаных крыніц на працягу двух гадоў, да таго ж на мове, вельмі нязвыклай для выдаўцоў, здаецца, мусіла гарантаваць нізкую якасць працы. Аднак усе тры Статуты надрукаваны ў цэлым на ўзроўні таго часу, прычым трэба адзначыць, што Статут 1566 г. на мове арыгіналу надрукаваны ў «Временнике» адзіны раз.

У літаратуры прынята лічыць, што ўся праца па публікацыі Статутаў выканана сакратаром таварыства І.Д.Бяляевым, але ні ў адным выданні пра гэта не гаворыцца адкрыта; за подпісам Бяляева ідуць толькі прадмовы.

Чаму Таварыства даручыла гэтую вельмі адказную працу менавіта Бяляеву? Да часу выдання Статута Бяляеў быў найбольш вядомы як аўтар даследавання «Сяляне на Русі». Выданне Статутаў мусіла прадугледжваць знаёмства рэдактара з гісторыяй як Вялікага Княства Літоўскага наогул, так і яго асобных частак у прыватнасці, гісторыяй Беларусі, Украіны, а таксама і Польшчы. Абсалютна неабходна было ведаць як мову Статутаў, так і пісьмовасць таго часу ў Вялікім Княстве ўвогуле. Аднак, у спісе работ І.Д.Бяляева, складзеным Мрочак-Драздоўскім у 1905 г.[34], твораў першага, нейкім чынам звязаных з падобнай тэматыкай, няшмат, яны невялікія па аб’ёму, а знаёмства з імі сведчыць пра дрэннае веданне аўтарам прадмета, пра які ён піша. Гэтыя работы друкаваліся амаль усе ў 1860-я г., у часы, калі расійскі нацыяналістычны друк праслаўляў дзейнасць Мураўёва, а «культурнай часткай» палітыкі Мураўёва ведаў І.П.Карнілаў. Творы Бяляева на гэтыя тэмы тады друкаваліся ў газэце «День», у «Православном обозрении», у «Русском вестнике». Самая большая праца І.Д.Бяляева, звязаная з Беларуссю, называецца «Нарыс гісторыі Паўночна-заходняга краю Расіі» (Вільня, 1867). Бяляеў давёў выклад да 1386 г. (да Крэўскай вуніі) і падараваў рукапіс Віленскай вучэбнай акрузе. Цалкам магчыма, што Бяляеў меў папярэднюю дамоўленасць з кіраўніцтвам акругі, у кожным разе кніга была надрукаваная накладам 1200 асобнікаў і бясплатна разасланая па школах акругі. У той час ужо існавала шматтомная «Старажытная гісторыя літоўскага народа» Нарбута[35] і трохтомнік Ярашэвіча «Вобраз Літвы»[36]. Відаць, Бяляеў ня ведаў пра іх, або погляды гэтых аўтараў яго не задавальнялі, і ён у «Нарысе» выклаў уласную канцэпцыю, якая здзіўляе сваёй непісьменнасцю. У выкладзе Бяляева Полацак і ўсё Полацкае княства было калоніяй Ноўгарада, але ў той самы час ён сцвярджае, што ад Прыпяці і да вусця Заходняй Дзвіны, ад верхняга Дняпра да вусця Нёмана жылі яцвягі, а ад Шчары да Бярэзіны — розныя літоўскія плямёны, дасягаючы на ўсходзе вярхоўяў Дняпра. Гэта былі дзікуны ў поўным сэнсе слова. Але калі літоўцы і яцвягі займалі акрэсленую прастору, дык дзе знаходзілася Полацкае княства?

Спроба Бяляева ўварвацца ў вобласць тапанімікі паказвае ягонае невуцтва і ў гэтай галіне. Так, згодна з ягоным меркаваннем, Юра (рака ў заходняй Літве) — назва руская, тады як на самой справе ў літоўскай мове «Юра» азначае «мора». Пултуск (горад у Польшчы), на думку Бяляева, — гэта другая назва Полацка. Відавочна, яго пазнанні ў гісторыі больш позняга часу, у прыватнасці XVI ст., перыяду, калі ствараліся Статуты, былі не вышэйшыя, чым веды аб пачатковым перыядзе. [Яго] прадмовы гранічна абмежаваныя па памерах і адпаведна бедныя па зместу.

Усе тры Статуты, змешчаныя ў «Временнике», займалі толькі яго частку. Так, у 18 кнізе, якая была разбітая на некалькі раздзелаў, у першым з іх, названым «Даследаванні», знаходзіцца артыкул В.Н.Ляшкова «Старажытныя рускія законы аб захаванні народнага багацця» (С.1-42). У наступным раздзеле «Матэрыялы» змешчаны Статут 1529 г.: прадмова — С.І-П; тэкст — С.1-106, змест — С.І-ХVI. Заўважым, што дадзеная ў «Временнике» назва «Старый Литовский статут 1529 г.» — таўталогія, бо ён называўся ці «Стары», ці «Першы», ці «Статутам 1529 г.». Услед за Статутам змешчана «Кніга сеунчэй», якую падаў Бяляеў (С.1-28). Той жа Бяляеў змясціў яшчэ адну публікацыю: «Жалованная обводная грамота 7182 года 30 сентября» (С.1-56). Такім чынам, Бяляеў у 18 кнізе «Временника» змясціў акрамя Статута яшчэ дзве публікацыі, якія ня мелі ніякага дачынення да помніка.

У прадмове да Статута гаворыцца наступнае: «Рэдакцыя “Временника” мела арыгіналам спіс гэтага Статута, выразна і дакладна зняты з рукапісу XVII ст., які захоўваўся ў былой Віленскай Акадэміі. Спіс гэтага рукапісу быў дастаўлены ў Таварыства А.В.Сямёнавым. Варыянты падведзены па спісах Дзялыньскага, Фірлеяўскім і Слуцкім». Далей гаворыцца, што Віленская рэдакцыя (г.зн. тая, па якой друкаваўся тэкст — М.У.) «адной рэдакцыі са Слуцкай, якой карыстаўся для варыянтаў граф Дзялыньскі,… верагодна абодва рукапісы гэтыя былі спісаныя з аднаго старажытнага рукапісу і ўяўляюць вельмі мала варыянтаў адзін да другога».

Статут друкаваўся «без дадаткаў і выпраўленняў па іншых рукапісах, за выняткам тых выпадкаў, дзе ў Віленскім рукапісе нехапала цэлых артыкулаў, якія і ўносіліся ў тэкст, хаця адзіным шрыфтам, але заўсёды з пазначэннем, з якога рукапісу яны браліся».

Публікацыя Статута 1529 г. па Віленскаму рукапісу — самая вялікая памылка (дакладней, недарэчнасць), дапушчаная Бяляевым. Справа ў тым, што Віленскі і Слуцкі спісы — гэта адно і тое ж. Бяляеў і ягоныя супрацоўнікі знайшлі, што рукапісы блізкія, але не ўбачылі, што гэта тое ж самае.

У тым жа 1854 г. у «Временнике» быў надрукаваны і Статут 1588 г., аб’ём якога значна большы, чым звода 1529 г. Дастаткова сказаць, што калі пры аднолькавым фармаце Статут 1529 г. змясціўся на 106 старонках і 16 старонак заняў ягоны змест, дык Статут 1588 г. заняў 382 старонкі тэксту, а пералік назваў раздзелаў знаходзіцца перад тэкстам і ахапляе 24 старонкі. Значыць, сам тэкст займае 358 старонак, што больш чым утрая перасягае аб’ём першага.

Прадмова і да гэтага Статута не перавышае адной старонкі. У ёй гаворыцца, што Статут надрукаваны па Мамоніцкаму выданню 1588 г., «у месцах жа цёмных, ці дзе ў Мамоніцкім выданні сустракаліся пагрэшнасці, карысталіся для выпраўлення і тлумачэння як варыянтамі спісам Статута, пісаным у XVII ст., які быў для гэтага прывезены … князем [М.А.] Абаленскім з Маскоўскага Архіва Міністэрства замежных спраў, і выданнем гэтага Статута на польскай мове з рускім перакладам, надрукаваным у Пецярбургу». Рэдакцыя імкнулася поўнасцю прытрымлівацца Мамоніцкага выдання, нават пры пераносе слоў з радка ў радок.

Статут 1566 г. надрукаваны ў 1855 г. у 23 кнізе «Временника», наогул у тым жа выглядзе, што і два папярэднія. У прадмове, падпісанай І.Д.Бяляевым, гаворыцца, што «Таварыства пастанавіла надрукаваць Статут 1566 года і «паправы» статутавыя 1578 года. I Статут, і «паправы» друкуюцца ўпершыню».

Статут 1566 г. друкаваўся па асобніку Румянцаўскага музея і па каталогу, які быў складзены Вастокавым і лічыўся пад нумарам ССССХІІ. Вастокаў так ахарактарызаваў рукапіс: «пісаны скорапісам польска-рускага почырка XVI стагоддзя, пісаны Васілём Усовічам, гродскім пісарам і прысяжным сіндзікам кіеўскім, як паказана ў розных месцах рукапісу. Гэты спіс Статута Валынскага[37], па некаторых прыкметах мусіць быць тым самым, які належаў бібліятэцы Залускіх і апісаны Яноцкім». «Спіс для Таварыства перапісаны з усёй акуратнасцю чыноўнікам Археаграфічнай камісіі Г.Цімафеевым, які быў добра знаёмы з старажытнай заходнерускай гаворкай і займаўся некалькі гадоў пры выданні «Актаў Заходняй Расіі…». Пры публікацыі Статута 1566 г. рэдакцыя «Временника» у месцах цёмных і незразумелых карысталася, дзе магчыма, як варыянтамі і дапаможнікамі Статутам 1529 і Статутам 1588 г.». Рэдакцыя гэтага выдання цалкам трымалася правапісу рукапіса.

Тэкст Статута на С.14-189. Далей, на С.200-222 «Поправа статутовая на сойме Варшавском ухваленая и поставленая. Артикулы поправ статуту Литовского на сейме валном в Варшаве 1578 года».

Выхад у свет усіх трох Статутаў на мове арыгіналу мусіў, здавалася б, сустрэць шырокі водгук сярод навукоўцаў, аднак гэта адзначылі вельмі сціпла, прычым, ацэнка, дадзеная першым рэцэнзентам Бершадскім, была далёка не аб’ектыўнай: Бершадскі лічыў, што Статут (1588 г.) дакладна перадае тэкст арыгіналу, аднак Бадзянскі адзначыў, што да дакладнасці ў дадзеным выпадку далёка, бо шэраг літар, што выйшлі з ужытку ў грамадзянскім шрыфце (амега, псі, ксі і некаторыя іншыя), заменены сучаснымі, надрадковыя літары унесены ў тэкст, цітлы раскрыты, што ў прадмове не аговорана. Акрамя таго, ёсць і памылкі. Але ні Бадзянскі, ні сам Лапа[38], які ведаў пра ўсе недахопы выдання «Временника», не адзначылі «паправак», унесеных рэдакцыяй у тэкст. У рукапісах, пісаных на старабеларускай мове, літара «і» сустракаецца вельмі рэдка (звычайна стаіць «и»). Аднак, у выданнях «Временника» «і» стаіць усюды, дзе гэта патрабавалася рускай граматыкай таго часу, г.зн. перад зычнымі. Далёка не заўсёды ў канцы слова, калі яно сканчалася на зычны, у беларускіх рукапісах стаялі «ъ» ці «ь», у прыватнасці, калі ў слове, што сканчалася на зычны, апошняя літара была надрадковай, то выбар знака залежаў ад рэдактара, але паколькі аўтар ня быў упэўнены, ці патрэбна ставіць нейкі знак, і тым больш, што, магчыма, там ня трэба было ставіць ніякага, тады як у «Временнике» знак «ъ» ці «ь» ставілі заўсёды, калі слова сканчаецца на зычны.

Ня гледзячы на ўсе гэтыя недахопы, чытачы атрымалі ў рукі Статуты на мове арыгіналу, тым больш, што Статут 1566 г. на ёй і да гэтага часу яшчэ не перавыдадзены.

Пасля «Временника» Першы Статут быў зноў перавыдадзены толькі праз 104 гады, у 1960 г.[39] Ажыццявіў гэтае выданне Аддзел прававых навук Акадэміі навук Беларусі[40]. Яно ўяўляе сабой нешта падобнае на хрэстаматыю, бо акрамя самога Статута ў арыгінале там дадаецца яго пераклад на рускую мову, а ў канцы кнігі яшчэ «слоўнік-каментарый», які тлумачыць шэраг тэрмінаў, што, як здавалася выдаўцам, будуць для чытачоў незразумелымі («В связи с тем, что без специальной лингвистической подготовки чтение текста Статута в значительной степени затруднено») (С.11). Выдаўцы, трэба лічыць, выявілі празмерны клопат аб чытачах. Статут жа прызначаецца для семінарскіх заняткаў у ВНУ і наогул для выкарыстання навуковымі супрацоўнікамі. Вядома, што пры наяўнасці пераклада чытачы арыгіналам пераважна не карыстаюцца, і такім чынам пазбаўляюць сябе магчымасці вывучыць мову арыгінала, што патрабуецца пры чытанні ня толькі Статута, але і наогул велізарнай масы пісьмовых крыніцаў ХVІ-ХVІІ ст. Больш за тое, у пачатку кнігі змешчаны артыкул У.І.Пічэты: «Літоўскі статут 1529 года і яго крыніцы». Такім чынам, з 17 друкарскіх аркушаў, якія складаюць кнігу, сам Статут займае крыху больш за траціну[41].

Праца У.І.Пічэты была адшукана пасля смерці вучонага, таму яна, найверагодней, не лічылася падрыхтаванай да друку, акрамя таго рэдакцыя, змяшчаючы артыкул, не адзначыла, што ён раней быў надрукаваны ў 5 томе «Вучоных запісак Інстытута славяназнаўства», у выніку чытач мае права ўважаць, што артыкул напісаны спецыяльна для мінскага выдання Статута.

У 1960 г. Статут выдадзены па спісах Дзялыньскага, Слуцкаму, Фірлеяўскаму і Замойскаму: у аснову пакладзены спіс Дзялыньскага, астатнія выкарыстаны для падводкі варыянтаў. На жаль, рыхтуючы Статут да друку, супрацоўнікі рэдакцыі «у твар» пазнаёміліся толькі з спісам Слуцкім, які знаходзіцца ў Бібліятэцы імя М.Е.Салтыкова-Шчадрына ў Ленінградзе, у дачыненні ж да спісаў Дзялыньскага і Замойскага задаволіліся фотакопіяй, а што тычыцца Фірлееўскага, дык рэдакцыя адзначыла, што аб ім «нельга сказаць нічога, таму што да гэтага часу ён не адшуканы і невядома, ці захаваўся» (С.5). Як ён пры гэтым быў выкарыстаны, незразумела. Чаму гэты спіс быў названы Даніловічам «Фірлеяўскім» (пра гэта гл. вышэй), — у прадмове гэта асветлена вельмі няясна.

Як вынікае са сказанага, рэдакцыя выявіла празмерны клопат адносна будучага чытача Статута, дакладней, яна прадбачыла скрайне нізкі ўзровень развіцця гэтага чытача. Аб гэтым сведчыць ня столькі артыкул У.І.Пічэты, колькі пераклад і слоўнік-каментар. Наяўнасць пераклада рэдакцыя тлумачыць тым, што без спецыяльнай лінгвістычнай падрыхтоўкі чытанне тэксту Статута ў значнай ступені ўскладанена. Але ж гэта трэцяе выданне таго ж Статута, не гаворачы пра тое, што два наступныя надрукаваны без перакладаў. Як тады абходзіліся чытачы, у такім выпадку, да 1960 г.? Трэба згадаць і тое, што акрамя Статутаў надрукаваны дзясяткі тысяч дакументаў на той самай старабеларускай мове ў розных выданнях у мінулым стагоддзі, а яшчэ большая колькасць знаходзіцца ў архівах і бібліятэках. Нельга ж кожнаму, хто займаецца гісторыяй Вялікага Княства Літоўскага, рабіць пераклады ўсіх дакументаў.

Але ўявім, што пераклад змешчаны, для чаго ж, у такім разе, яшчэ слоўнік-каментар? З нашага пункту гледжання, калі рэдакцыя ўжо так імкнулася аблегчыць долю сваіх чытачоў, цалкам дастаткова было б ці слоўніка, ці пераклада.

Якім тэрмінам рэдакцыя палічыла неабходным даваць тлумачэнні? Іх некалькі сотняў, прычым каментары на асобныя словы вельмі вялікія. Да такіх асабліва пашыраных адносяцца [тлумачэнні] тэрміну «віна», «вянец», «Вялікае Княства Літоўскае» і шэраг іншых. У некаторых выпадках тлумачэнне здаецца не бясспрэчным, а часам і памылковым. Да небясспрэчных, напрыклад, адносіцца тэрмін «паны-рада», у іншых выпадках тэрміны перакладзены недакладна. «Одрына», напрыклад, гэта «сеновал», але «навес» адрынай не называецца; такое збудаванне называла «паветкай», г.зн. «поветь». Тэрмін «цівун» у Беларуси дажыў да XX ст.: так называлі дробных адміністратараў у панскіх маёнтках.

У 1985 г. у Вільні .выйшла частка першая тома першага Статута (1529 г.)[42]. Гэтае выданне адрозніваецца ад усіх папярэдніх як сваім вонкавым выглядам (памер 25 х 32), выдатнай паперай, цудоўным агульным афармленнем, так і зместам. Першая частка змяшчае палеаграфічны і тэксталагічны аналіз усіх вядомых да гэтага часу спісаў, незалежна ад мовы. У другой частцы мусяць быць змешчаны каляровыя факсіміле тэкстаў Дзялыньскага, Лаўрэнцеўскага і Альшэўскага, г.зн. тэксты Статута на мовах арыгіналу (Дзялыньскага), рускай (Лаўрэнцеўскі) і польскай (Альшэўскі). Трэба сказаць, што кошт першай часткі — 35 рублёў. Кошт другой часткі, можна меркаваць, павінен быць значна вышэйшы, але такое выданне каштуе гэтых грошай. Увесь тэкст ад рэдакцыі на літоўскай і рускай мовах.

Гістарыяграфічная частка (С. 13-22) утрымлівае самы поўны агляд існуючай літаратуры аб Статуце (роля Лялевеля ў справе выдання Першага Статута нам здаецца перабольшанай за кошт Даніловіча, С. 15). У прыватнасці, у гістарыяграфіі адзначана дзейнасць В.А.Мацяеўскага, які выявіў невядомы раней спіс, атрымаўшы назву «Замойскі» (С. 16). У працы ахарактарызаваны вонкавыя прыкметы спісаў Фірлеяўскага, Замойскіх, Дзялыньскага, Слуцкага, Лаўрэнцеўскага (С.95), Пулаўскага, спісаў Статута на польскай мове (Свідзінскага, Альшэўскага). Г.зн. да тых спісаў, апісанне якіх звычайна давалі, дададзены з Замойскіх і Лаўрэнцеўскага, а акрамя таго…[43]

Апісаньне спісаў. Фірлеяўскі (С.25-49), Замойскіх (С.5065), Дзялыньскі (С.66-76), Слупкі (С.77-94). Апісаны таксама асобнік Статута — яго копія, зробленая ў Бібліятэцы АН, транскрыбаваная грамадзянскім рускім шрыфтам (С.93-94). Лаўрэнцеўскі, Шульпфарт ГДР (С.95-103). Знойдзены ў 1976 г. на лацінскай мове. Чаму Лаўрэнцеўскі, не гаворыцца. Пулаўскі (С.104-120). Тэкст Пулаўскага вельмі блізкі да Лаўрэнцеўскага. Лаўрэнцеўскі напісаны ў Кракаве (С.115).

Спісы Статута на польскай мове. Свідзінскі спіс. Страчаны пад час вайны (С.121). Вострабрамскі (С.123). Вострабрамскі дасканала перапісаны Лялевелем, у Курніцкай бібліятэцы (С.123). Альшэўскі.[44]


[1] У арыгінале Статут называўся ў поўнай форме так: Права писаные даны панству Великому Князьству Литовскому, Рускому, Жомойтскому и иных через наяснейшого пана Жикгимонта з божее милости короля полского, великого князя литовского, руского, пруского, жомойтского, мазовецкого и иных (Статут Великого Княжества Литовского 1529 года. Под редакцией академика АН Литовской ССР К.И.Яблонскиса. — Минск,1960, С.31). Упершыню гэтую назву апублікаваў польскай графікай у 1823 г. Ігнаці Даніловіч (Daniłowicz Ignacy. Opisanie bibliograficzne dotąd znanych exemplarzy statutu litewskiego, rękopiśmiennych, edycyy drukowanych, tak w ruskim oryginalnym, jako też polskim i łacińskim języku // Dziennik wileński, 1823. T.I, Wilno, S.388).

[2] Полное собрание законов Российской империи. Изд второе. Т.15, отд.1, №13591.

[3] Лаппо И.И. Литовский статут 1588 года. Том II. Текст. — Каунас, 1938. С.165. (Гл. таксама: Статут Вялікаіа Княства Літоўскага 1588 г. Тэксты. Даведнік. Каментарыі. — Мінск, 1989. С.140. — Рэд.).

[4] Тамсама, С.17. «Обчым» наогул азначала «чужым», а ў дадзеным выпадку мелася на ўвазе мова польская.

[5] На польскай мове Статут быў выдадзены яшчэ ў 1614, 1619, 1648, 1694, 1788, 1819 г. (Міхайла Грушэўскі падаваў 1614, 1619, 1648, 1693, 1698, 1744, 1786 г., і дадаваў: «а мабуть було іх і більше»// М.Грушевський. Історія Украіни-Руси, Т.5, С.620. — Рэд.).

[6] Временник Московского Общества истории и древностей Российских. Т.ХІХ. — Москва, 1854.

[7] Юхо І.А. Статут Вялікага Княства Літоўскага 1588 г. // Беларуская Савецкая энцыклапедыя. Т.10, С.58.

[8] Опыт российской библиографии. 4.1-5. — С-Петербург, 1813-21.

[9] Ясинский М. Уставные земские грамоты Литовско-Русского государства. — Киев, 1889. С.73. Цытавана паводле працы У.І. Пічэты: Белоруссия и Литва XV-XVI в. — Москва, 1961, С.507.

[10] Любавский М.К. Литовско-русский сейм. — Москва, 1901. С.199.

[11] В.И.Пичета. Белоруссия и Литва XV-XVI в., С.507.

[12] Тамсама, С.508.

[13] Danilowicz I. Opisanie bibliograficzne dotąd znanych exemplarzy statutu litewskiego, rękopiśmiennych, edycyy drukowanych, tak w ruskim oryginalnym, jako też polskim i łacińskim języku // Dziennik wileński. 1823, T.I (II), Wilno, S.380-381.

[14] Ibidem.

[15] История Польши. Т.І. Второе издание. — Москва,1956. С.339-340.

[16] Czacki Т. O litewskich i polskich prawach, o ich duchu, źródłach, związku i o rzeczach zawartych w pierwszym Statucie dla Litwy 1527 (1529) roku wydanym. — Warszawa, 1800-1801, T.l-2.

[17] Daniłowicz I. Opisanie bibliograficzne…, S.386.

[18] Ibidem, S.388, 389.

[19] Ibidem, S.392.

[20] Ibidem, S.389.

[21] Ibidem, S.389.

[22] Z listów do Joachima Lelewela. Zebrała Leokadija Sadowska // Ateneum Wileńskie, R.VI, Z.3-4. — Wilno, 1929, S.612.

[23] Улащик Н.Н. Очерки по археографии и источниковедению истории Белоруссии феодального периода. — Москва, 1973, С.59-62.

[24] Janulaitis A. Ignas Danilavičius.

[25] Bodniak S. Dzialyriski Adam Tytus (1796-1861) // Polski słownik biograficzny. T.VI/I. — Kraków, 1946. S. 77-78.

[26] Z listów do Joachima Lelewela, S.619, 620.

[27] Ibidem, S.617.

[28] Ibidem, S.617.

[29] Ibidem, S.619, 620.

[30] Ibidem, S.620.

[31] Ibidem, S.621.

[32] Ibidem, S.623,624.

[33] Ibidem, S.633.

[34] Мрочек-Дроздовский П. Список трудов И.Д.Беляева (I. Исследования и статьи. II. Материалы и заметки. III. Посмертные издания.). — Москва, 1905.

[35] Narbutt Т. Dzieje starożythe narodu litewskiego. — Wilno, Т.I-IХ.

[36] Jaroszewicz I. Obraz Litwy pod względem jej cywilizacyi od czasów najdawniejszych do końca wieku XVII. T.I-III. — Wilno, 1835-1841 (1844-1845.-Cz.l-3).

[37] Статут 1566 г. часта называецца Валынскім, бо пасля далучэння Валыні да Польшчы ў 1569 г. там захаваўся гэты Статут, тады як у Вялікім Княстве Літоўскім з 1588 г. дзейнічаў новы Статут — Трэці.

[38] Лаппо И.И. Литовский статут 1588 года. Том ІІ. Текст, С.ІІІ.

[39] У 1917 г. у Растове-на-Дану Статут 1529 г. быў перавыдадзены Іанікіям Аляксеевічам Маліноўскім у хрэстаматыі «Сборникъ памятниковъ древняго русскаго права» (Рэд.)

[40] Статут Великого княжества Литовского 1529 года. Под ред. акад. АН Литовской ССР К.И.Яблонскиса. Текст статута к печати подготовил к.ф.н. П.Ф.Крапивин. Переводы и комментарии К.И.Яблонскиса, Ю.И.Чернецкой, П.Ф.Крапивина, Л.С.Абецедарского. — Минск, 1960.

[41] Гл. тамсама: Прадмова — С.2-12; артыкул У.І.Пічэ’гы — С.13-30; тэкст Статута ў арыгінале — С.32-131; тэкст перакладу — С.132-216; дадатак — С.217-223; слоўнік-каментар — С.224-251.

[42] Первый Литовский Статут. Палеографический и текстологический анализ списков. Вильнюсский государственный университет им.В.Капсукаса, Институт истории АН Литовской ССР. С.Лазутка, Э.Гудавичюс. — Вильнюс, 1983. Тираж 3000 экз.

[43] Далей неразборліва (Рэд.).

[44] На гэтым рукапіс абрываецца ([Рэд.).

Наверх

Галоўная » Запісы па тэме 'Крыніцазнаўства'