Новы нумар

Галоўная » Запісы па тэме 'Паліталогія'

Артыкулы па тэме ‘Паліталогія’

Рышард Радзік. Дапаможнік па дзяржаўнай ідэалогіі

Снежня 11, 2004 |


Увесну 2004 г. у Мінску ўбачыў свет падручнік для вышэйшых школ пад назваю „Основы идеологии белоруского государства“[1]. У „Прадмове“ да яго напісана: „В идеологии должен быть, во–первых, мировоззренческий стержень. По мнению авторов книги, этим стержнем является белорусская гражданственность, национальное государственное сознание и патриотизм“ (4). Яшчэ не разгарнуўшы працу, можна задацца пытаннем: ці дапушчальна ў дэмакратычным, плюралістычным грамадстве абавязваць студэнцкую моладзь — будучую эліту краіны — засвойваць адзіны ідэалагізаваны малюнак (прыняўшы, што ён падаецца як звязнае цэлае, а не як дыскусія паміж прыхільнікамі розных ідэалагічных выбараў), які ахоплівае усе бакі грамадскага жыцця ў краіне? Калі такі падручнік выступае элементам палітычнай і ідэалагічнай індактрынацыі грамадства, то адказ павінен быць адмоўны.

Спецыфіка беларускага грамадства, якая стварае кантэкст для аналізу разгляданага падручніка, патрабуе, аднак, на маю думку, крыху пільней прыгледзецца да беларускіх рэаліяў. Пераважная бальшыня грамадстваў Еўропы сфармавалася ў апошнія два стагоддзі як навачасныя супольнасці вакол ідэі нацыі. Нацыянальныя каштоўнасці забяспечылі іхнюю цэльнасць, іерархізавалі — прынамсі часткова — мэты індывідуальнай і групавой дзейнасці, надзялілі гэтыя грамадствы сферай эмоцыяў, падштурхнулі да канкурэнцыі з іншымі нацыямі і — у сувязі з гэтым — да гатоўнасці прыносіць ахвяры ў імя рэа­лізацыі нацыянальных інтарэсаў. Культурныя нацыі (на­пры­клад — славакі, эстонцы, латышы) сфармаваліся вакол улас­­най этнічнай культуры, асабліва мовы. Нацыі палітыч­­ныя — вакол існуючых вякамі дзяржаўных структур і традыцыяў лаяльнасці дзяржаве, якая з цягам часу забяспечвае, агулам кажучы, дэмакратычныя і эканамічныя свабоды. Беларусам не далі збудаваць нацыю (расійцы — у царскай імперыі, а потым у СССР, палякі — у міжваеннай Рэчы Паспалітай). Не існуе сярод беларусаў і моцнай традыцыі цалкам незалежнай уласнай дзяржавы. Беларусь (як і ўсходняя, а ў значнай меры і цэнтральная Ўкраіна) узнікла як навачаснае грамадства, якое ў XX ст. згуртавалася вакол каштоўнасцяў савецкага тыпу. Беларускасць будавалася на вясковай базе, насычанай кансерватыўнымі каштоўнасцямі і пазіцыямі, схільнай замыкацца ў свойскіх рамках, і разам з тым — як шматмільённая сукупнасць homo sovieticus. Пачуццё нацыянальнай прыналежнасці ў беларусаў слабое, а як навачасная нацыянальная супольнасць еўрапейскага тыпу беларусы амаль не існуюць. Уласную дзяржаву яны атрымалі амаль выпадкова, не марыўшы пра яе і не змагаўшыся за яе — хоць бы і бяскроўна, — а як бы дзякуючы гістарычным бурам, якія пранесліся па–над іхнімі галовамі на пачатку мінулага дзесяцігоддзя. У адрозненне ад палякаў яны дагэтуль не спрамагліся на масавыя ахвяры і калектыўныя пратэсты ў імя ідэі зверхнасці нацыянальных інтарэсаў.

Тым не менш, праз 13 гадоў фармальнай незалежнасці ў Беларусі ўзніклі асяродкі — палітычныя, гаспадарчыя, часам нацыянальныя, — зацікаўленыя ў існаванні беларускай дзяржавы. Мець уладу ў сваёй дзяржаве — не тое, што кіраваць расійскай губерняй. Таму можна ўявіць сабе сітуацыю, калі ўлады краіны вырашаюць, што грамадству патрабуецца аб’яднальны ідэалагічны фактар. Такі фактар стварае моцныя повязі, якія суб’ектывізуюць грамадства ў дачыненні да сябе і суседзяў, забяспечваюць далейшае існаванне дзяржавы і даюць ёй аўтатэлічны кантэкст. Дзяржаўная ідэалогія не магла б у такім выпадку служыць — на савецкі лад — панаванню над грамадствам. Не магла б яна і капіяваць савецкія мадэлі, як паводле зместу, так і паводле метадаў распаўсюджвання, бо якраз савецкасць стала прычынаю слабасці адносін унутры беларускай супольнасці. Таму, нягледзячы на цалкам савецкае пахо­джанне самой задумы падручніка, ягоны змест — прынамсі тэарэтычна — сапраўды мог бы прычыніцца да пабудовы навачаснай, моцнай супольнасці беларусаў. Магчыма, нацыі палітычнага тыпу, што напэўна не было б лёгкай справаю. Аднак ужо ў апошнім сказе „Предисловия“ можна прачытаць пра дыялог „власти и населения“ (5). У якой меры „население“ павінна быць суб’ектам, які творыць уладу, а ў якой — інструментам гульні гэтай улады? Наколькі — нацыяй у еўра­пей­скім разуменні, а наколькі — „населением“, якое трактуецца па–савецку (згодна з расійскай традыцыяй) і над якім пануе власть?

Працу склалі тэксты 23 аўтараў. Яна складаецца з чатырох частак. Першая мае назву „Теория и методология идеологических процессов“, другая — „Динамика идеологических процессов“, трэцяя — „Государственные институты и идеологические процессы“, чацвёртая — „Государственная политика в идеологической сфере“. Кожная частка падзелена на некалькі раздзелаў (агулам 20). Спіс аўтараў — на савецкі ўзор — змяшчае, акрамя прозвішчаў, толькі ініцыялы (імя і імя па бацьку), што часам перашкаджае недасведчанаму чытачу высветліць, якога яны полу. Уступны раздзел (аўтар — С.В. Рашэтнікаў) служыць уводзінамі ў праблематыку падручніка, часткова тут даецца прэзентацыя асноўных паняццяў. Ён выгад­на вылучаецца на фоне ўсяе працы. У ім слушна сцвяр­джаецца, што старая сістэма каштоўнасцяў, якія кансалідавалі савецкае грамадства, распалася. Новыя каштоўнасці вы­значаюцца большай палітычнай і ідэалагічнай дыферэн­цыя­ванасцю. „Ценностью, содержащей в себе консолидационный потенциал, может стать независимое белорусское государство“ (19). Яго ідэалогія павінна складацца з цэнтрысцкіх каштоўнасцяў (19), змяшчаць „стандарты прав человека и права как такового“ (21). „Формой существования нашей идеологической доктрины, — піша С.В.Рашэтнікаў, — является национальная идея. Основным содержанием белорусской национальной идеи являются такие фундаментальные понятия, как: общечеловеческие и христианские ценности, национально–государственое сознание, понятие гражданства, патриотизм“ (с. 21). У тэксце выступаюць таксама такія тэрміны, як нацыянальныя інтарэсы і нацыянальная бяспека. Развагі, змешчаныя ў гэтым раздзеле, стварылі надзею на тое, што далей у кнізе названыя тэрміны напоўняцца канкрэтным зместам і будуць суаднесеныя з беларускімі рэаліямі.

Надзея, аднак, не спраўдзілася ўжо ў раздзеле II (аўтар — М.С.Сташкевіч), прысвечаным крыніцам ідэалогіі беларускай дзяржаўнасці. Гэта аказалася тыповая (пост)савецкая агіт­ка, напісаная на выразны палітычны заказ, з досыць адвольнай трактоўкай гісторыі. Паводле сваёй вядучай ідэі яна напэўна не прадстаўляе ні дзяржаўнага, ні нацыянальнага беларускага інтарэсу. У нашых развагах гэтаму тэксту будзе аддадзена асобная ўвага — бо ён закранае важную праблематыку і нясе на сабе характэрныя — для часткі сучасных палітычных элітаў Беларусі, што паходзяць з савецкіх часоў — ідэйныя рысы. У значнай меры тэкст мае гістарычны характар. Немалая частка яго прысвечана адносінам Беларусі, з аднаго боку, да Польшчы (Захаду), з другога — і тут развагі робяцца шырэйшымі — да Расіі. Коратка кажучы, аўтар праводзіць думку, што з Польшчы на Беларусь ішло адно зло, а з Расіі — амаль выключна дабро. Пра Люблінскую унію ён піша: „трагическая страница истории нашего народа“ (27). Тагачасная Рэч Паспалітая разглядаецца „как государство, которое менее всего было заинтересовано в развитии белорусов как самостоятельного народа“. Больш за тое, яна рабіла ўсё, каб вынішчыць з памяці беларусаў іхнюю этнічную прыналежнасць. „Именно в это время большинство белорусов осознало, что для того, чтобы сохраниться как этнос, для своего дальнейшего исторического развития, они должны вернуться к своим общерусским корням, к истокам своей государственности“ (27). Экспансіянізм палякаў у дачыненні да беларусаў у перыяд падзелаў М.С.Сташкевіч абгрунтоўвае спасылкамі на Людвіка Гурскага і Генрыка Сянкевіча (25). Агістарызм і прэзентызм — яскравыя рысы разгляданага тэксту.

Асабліва гэта робіцца відавочным, калі параўнаць гэткае стаўленне да Польшчы з пададзеным у тэксце малюнкам Расіі і СССР. На думку аўтара, уваход Беларусі ў склад расійскай дзяржавы мае адназначна пазітыўнае гістарычнае значэнне. „Оказавшись в границах российского государства, белорусы возродили свои национальные традиции, культуру, литературный язык“ (27). Далей гаворыцца, што Люблінская унія была трагедыяй беларускага народа, — не заўважаючы, што яе заключэнне мела добраахвотны характар, а беларускае баярства было зацікаўлена ў юрыдычных і палітычных свабодах, якімі валодала польская шляхта. Захопніцкія намеры ў дачыненні да беларусаў прыпісваюцца палякам у той час, калі Рэч Паспалітая знаходзілася пад расійскай акупацыяй, поль­скія школы некалькі дзесяцігоддзяў (ад разгрому паўстання 1863 г. да 1904 г.) не маглі існаваць, было забаронена нават публічна прамаўляць па–польску. Разам з тым пра сілавое далучэнне беларускіх земляў да царскай імперыі пішацца: „оказавшись в границах российского государства“. Няма нават згадкі пра паўстанні Касцюшкі, 1831 і 1863 г. (хоць нават у афі­цыйнай беларускай гістарыяграфіі гэтае апошняе, пры­нам­сі часткова, разглядаецца як беларускае). Думка, што дзякуючы паглынанню беларускіх земляў Расіяй беларусы адрадзілі сваю літаратурную мову і культуру — у сітуацыі, калі ра­сійцы не дазвалялі стварыць беларускую школу, зачынялі школкі, якія ў 60–я г. XIX ст. стваралі польскія памешчыкі для дзя­цей беларускіх сялян, а друк літаратуры на беларускай мо­ве быў практычна забаронены (перад паўстаннем 1863 г. — лацінкай, а пасля паўстання — і кірыліцай), — гэта глыбока тэндэнцыйная трактоўка сваёй роднай (?) гісторыі. Больш за тое, творцамі беларускай літаратуры ў XIX ст. былі выключна людзі польскай культуры (каталікі), г.зв. Gente Lithuani, na­tio­ne Poloni; яны ж гралі галоўную ролю ў беларускім нацыя­наль­ным адраджэнні „нашаніўскага перыяду“. Уклад г.зв. за­пад­норуссов (г.зн. людзей расійскай арыентацыі) у фармаванне літаратурнай беларускасці XIX ст. і беларускае нацыянальнае адраджэнне быў мінімальны.

Палякі — на думку беларускага гісторыка — у 1919 г. акупавалі беларускія землі (30), а праз год Чырвоная Армія іх вызваляла (31). Спасылаючыся на В.А.Круталевіча, аўтар сцвярджае, што абвешчаная 25 сакавіка 1918 г. Беларуская Народная Рэспубліка не была дзяржаваю нават „в марионеточной форме“, яе не прызнавалі ні акупацыйныя нямецкія ўлады, ні шмат іншых дзяржаваў Захаду, яна характарызавалася ізаляцыяй яе дзеячаў ад народных масаў, быццам „захваченных идеей советской государственности“ (29). Разабраўшыся такім чынам з нацыянальным сімвалам беларускай дзяржаўнасці найноўшых часоў — зрэшты, пададзенае тут апі­санне БНР не мае істотных разыходжанняў з праўдай — ён цвер­дзіць, што БССР, якая ўзнікла 1 студзеня 1919 г., „стала первым реальным национальным белорусским государством“ (32). Відавочна, усё тое, што служыць сімвалам беларускай нацыянальнай незалежнасці, асабліва аддзялення Беларусі ад Ра­сіі, суаўтару разгляданага падручніка чужое. Разам з тым ён вы­знае тэзіс пра адну старажытнарускую народнасць у межах су­­польнай старажытнарускай дзяржавы — Кіеўскай Русі (26). Ён рытарычна пытаецца, ці „идея белорусской государственно­сти имеет общероссийские (не „общерусские“ — Р.Р.) корни“, г. зн. ці ўваходзілі беларускія землі ў склад старажытнарускай дзяржавы? (25, 37). Іншае рытарычнае пытанне гучыць так: „Имеет ли позитивное историческое значение факт вхождения Беларуси в состав русского государства, вследствие чего повлияло ли это вхождение в состав России, а затем (sic!) и Советского Союза, на возникновение и развитие государ­ст­вен­­ности белорусского народа?“ (26, 37). Абодва пытанні паўтараюцца ў канцы раздзела ў рубрыцы „Контрольные во­просы“.

Існаванне БССР падаецца як збор адназначна пазітыўных фактаў (хоць і робiцца кароткая заўвага, што, згодна са ста­лінскай формулай, агульная дзяржава абмежавала з часам суверэннасць рэспублік на карысць цэнтральнай адміністрацыі, нацыя разглядалася як перажытак, а паняцце нацыянальных інтарэсаў было выключана — с. 31—32). Нават далучэнне да Расіі ў 1919 г. трох беларускіх губерняў (у тым ліку смален­скай — назусім) не сутыкаецца хоць бы з ценем крытыкі. На поўным сур’ёзе трактуюцца лозунгі, напрыклад, пра раўна­праўную аснову стасункаў паміж Беларуссю і Расіяй і пра „независимость и суверенность «каждой из договаривающихся сторон»“ згодна з дамовай, заключанай 21 студзеня 1921 г. (31). Нідзе нават не згадваецца практычна поўная русіфікацыя беларускіх гарадоў; спыненне на пераломе 20—30–х г. XX ст. — а потым і адкат — працэсаў нацыянальнай беларусізацыі грамадства (а значыць, набыцця апошнім нацыянальнай свядомасці); звядзенне беларускасці да ўзроўню этнаграфічнага музея; не менш як сотні тысяч беларусаў, забітых паводле загадаў са сталіцы імперыі; масавае разбурэнне помнікаў архітэктуры; такія сляды маскоўскага панавання, як Курапаты; слабасць беларускіх элітаў, якія не мелі права ствараць нацыянальную канкурэнцыю савецкаму дзяржаўнаму цэнтру. Наступствы ўсяго гэтага сёння відавочныя на Беларусі паўсюль, у тым ліку ў ментальнасці аўтара разгляданага тэксту і ў навуковым узроўні ягоных развагаў.

Разглядаючы перыяд незалежнасці краіны, М.С.Сташкевіч зусім прамінае яе першыя тры гады, пераходзячы адразу да прэзідэнцтва Лукашэнкі. Ён вылучае тры магчымыя шляхі развіцця Беларусі. Першы — гэта „совершенствование существующей независимой государственности белорусов в границах воссозданного в новой форме союзного государственного образования, в котором Беларусь должна исполнять важную историческую миссию на нынешнем этапе славянской истории <…>“ (33). Кажучы прасцей, аўтар мае на думцы — як вынікае з ягоных далейшых развагаў — аб’яднанне Беларусі з Расіяй. Ён лічыць, што ў цяперашнім свеце, які глабалізуецца, па–сапраўднаму незалежным можа быць толькі блок дзяржаваў, якія маюць супольны „цивилизационный знаменатель“ — рэлігію, этнічныя каштоўнасці, культуру, сакральныя цэнтры, блізкае разуменне шляхоў гістарычнага развіцця. „Именно такой основой стабильного существования и динамичного, непрерывного развития Беларуси в системе современных международных отношений является союз с Россией. <…> В рамках такого союза Республика Беларусь несомненно сохранит свою суверенность и может безболезненно интегрироваться в мирное сообщество“ (34). Пададзены тут спосаб мыслення вынесены з савецкіх рэаліяў, калі Беларусь мела атрыбуты дзяржаўнай незалежнасці (урад, парламент, сталіцу і межы), хоць і пазбаўленыя ў значнай меры палітычнага значэння, — і беларусы прывыклі да іх, бо не ведалі іншых. Такое разуменне ўласнай суверэннасці спарадзіла вынікі сацыялагічных даследаванняў 90–х г., у якіх больш за 60% беларусаў выказвалася за незалежную Беларусь і адначасова за аб’яднанне з Расіяй — не бачачы ў гэтым, згодна са сваім гістарычным досведам, істотнай супярэчнасці[2].

Другім з трох магчымых шляхоў развіцця аўтар называе „национал–радикальный“, звязваючы яго з „возрожденческой“ тэндэнцыяй, якая выяўляецца ў працэсе пабудовы нацыянальнай дзяржаўнасці. Яго прыхільнікі трактуюць грамадства і дзяржаву ў нацыянальных катэгорыях, характэрных для Заходняй і Цэнтральнай Еўропы апошніх двух стагоддзяў. Беларускі гісторык яе рашуча адрынае і рэзка асуджае. Ён папракае беларускіх нацыяналістаў — у значнай ступені беспадстаўна — у жаданні збудаваць „монаэтнічную дзяржаву“, у імкненні выключыць з грамадскага жыцця прадстаўнікоў іншых нацыянальнасцяў, абмежаваць іхнія палітычныя правы. Тоеснасць Беларусі як „государства–нации“ павінна была б — на ягоную думку — будавацца на этнічным эгаізме, пошуку ворагаў, на расколванні еднасці гістарычных шляхоў развіцця ўсходніх славянаў. Сінонімамі паняцця „Беларусь“ — згодна з М.С.Сташкевічам — тады зрабіліся б словы „окраина“ і „буфер“. Ён лічыць, што ідэалогія нацыянал–радыкалаў мае утапічны характар і што ў ёй закладзена магчымасць ператварэння нацыянальнай дзяржавы ў таталітарную. Прыхільнікі гэтай ідэалогіі імкнуцца да пабудовы „этнократического белорусского“ государства“ (34—35). Такі погляд на нацыю еўрапейскага тыпу вынікае з таго, што беларусы не сталі нацыяй, што яны ўзніклі як навачаснае грамадства, абапіраючыся на савецкія каштоўнасці, супярэчныя нацыянальным, а найбольш — з таго, што ім дзесяцігоддзямі прышчэплівалі варожасць да любых нацыянальных тэндэнцыяў — якія атаясам­ліваліся з нацыяналістычнымі, з нецярпімасцю, з арыентацыяй на фашызм, гітлерызм у часы II сусветнай вайны. Выразамі „беларуская нацыя“, „беларускі народ“ беларусы ў цэлым карыстаюцца безрэфлексійна, як тэрмінам, пазбаўленым глыбокай сувязі з паняццем нацыі еўрапейскага тыпу.

М.С.Сташкевіч прамінае той факт, што нацыі збудавалі навачасную Еўропу, багатую і дэмакратычную. Грамадская актыўнасць, якая вынікала з мыслення ў катэгорыях нацыянальных поспехаў і ахвяраў, скіравала краіны Прыбалтыкі на шлях свабоды і заможнасці. Нават расійцы, спрабуючы выбавіцца з крызісу, усё часцей робяць гэта ў імя нацыянальных, на­ват нацыяналістычных каштоўнасцяў. Нацыя, як можна вы­снаваць з развагаў аўтара разгляданага тэксту, нясе з сабою зло, яна чужая роднай савецкасці, а найвялікшы — як можна мер­каваць — супраціў будзіць у ім тое, што пабудова моцнай бе­ларускай тоеснасці адасобіць беларусаў ад расійцаў. Ён паказвае спосаб мыслення, характэрны для сучаснага савецкага за­ходнерусізму. Праўда, ён ужо не лічыць беларусаў расійцамі — як да I сусветнай вайны, — але малюнак выразна сфармаванай беларускай нацыянальнай свядомасці (як у чэхаў, літоўцаў, палякаў ці французаў), сапраўднай дзяржаўнай незалежнасці і грунтаванага на ёй нацыянальнага інтарэсу — калі прамінуць лозунгі на гэтую тэму — яму цалкам чужы. Затое блізкая яму ідэя ўсходнеславянскай супольнасці — карані якой сягаюць Кіеўскай Русі — на чале з Расіяй.

Трэці магчымы шлях развіцця Беларусі вызначаецца як „либерально–радикальный“. Яго прыхільнікі лічаць, што Беларусь — складовая частка Заходняй Еўропы. Тым часам аўтар тэксту зыходзіць з пасылкі, што „Беларусь никогда в этнокультурном отношении не принадлежала к Западной Европе; она сформировалась как этнокультурная общность и страна в лоне восточнохристианской православной цивилизации, в евразийском геополитическом пространстве. И ничьи субъективные устремления не могут изменить этих реалий“ (35). Гэты погляд выразна разыходзіцца з фактамі. Беларусь як складнік Рэчы Паспалітай Абодвух Народаў належала да еўра­пей­скай цывілізацыі, зразуметай нават як лацінская: грамадства на ўзроўні сваіх элітаў з цягам часу сталася пратэстан­ц­кім, а пазней каталіцкім, а на ўзроўні простага народа — уніяц­кім, то бок лацінскім. Інстытуты, якія дзейнічалі тады ў Вя­лікім Княстве Літоўскім, адносіны да права, тыя вольнасці, які­мі карысталася шляхта (сяляне тады нідзе ў Еўропе не ва­ло­далі імі напоўніцу), — усё гэта было нашмат бліжэйшым да та­го, што існавала ў Лондане і Парыжы (а часам і больш разві­тым), чым у Маскве, якая доўгі час заставалася ўсходняй краінаю. Уніяцкую царкву ў Беларусі скасавалі толькі ў 1839 г.

На думку М.С.Сташкевіча, ідэя выкарыстання заходнееўрапейскага досведу ў працэсе пабудовы палітычнай сістэмы Беларусі носіць утапічны характар. Ён лічыць, што прадстаў­нікі як ліберальна–дэмакратычнага, так і ліберальна–радыкальнага кірунку ігнаруюць гістарычны досвед беларускага народа. Яны імкнуцца да таго, каб беларусы парвалі са сваім мінулым (35). Аўтар мае рацыю ў тым сэнсе, што на ўзроўні сваёй свядомасці (за выключэннем вельмі вузкіх элітаў краіны), а таксама ў сферы глыбінных каштоўнасцяў, якія рэалізуюцца ў грамадскім жыцці, беларусы па­рвалі з традыцыяй былой Рэчы Паспалітай, а значыць, і з прыналежнасцю да лацінскай Еўропы (не столькі ў яе рэлігійным разуменні, колькі ў сэнсе тамтэйшай сістэмы палітычных і эканамічных каштоўнасцяў). Паводле сваёй культуры яны цяпер бліжэйшыя да Расіі, чым да Еўропы. Таму ажыццяўленне нацыянал–радыкальнай, а асабліва ліберал–радыкальнай канцэпцыі са­праў­ды прывяло б да разрыву з савецка–ўсходнеславянскім, трохі арыентальным шляхам развіцця. Значная частка беларусаў — як паказвае шматвяковая гісторыя краю — не прымае гэтага напрамку развіцця, асабліва разрыву з Расіяй. Тут, аднак, можна задаць пытанне: якая з дзвюх арыентацыяў будзе больш карыснаю для рэалізацыі беларускіх нацыя­нальна–дзяржаўных (маецца на ўвазе развіццё моцнай і суверэннай дзяржаўнасці і нацыянальнай супольнасці) і эканамічных (багацце грамадства) інтарэсаў — праеўрапейская ці прарасій­ская? Хоць гэтае пытанне мае характар хутчэй рытарычны, беларускі гісторык лічыць, што якраз прыхільнікі другога і трэцяга напрамкаў развіцця краіны разглядаюць Беларусь у аб’ектных, а не суб’ектных катэгорыях (34). Тэзіс, што яднанне з Расіяй забяспечвае нацыі большую ступень суб’ектнасці, чым уваход у структуры Еўрапейскага Звязу, — надзвычай смелы, асабліва калі яго выказвае прафесійны гісторык, знаёмы з гісторыяй царскай імперыі, а пазней — яе прадаўжальні­ка (як ён сам лічыць) — СССР.

Лагічны вынік гэтага стылю мыслення — прыняцце першай альтэрнатывы (рэканструкцыя саюзу дзяржаваў вакол Расіі на новых прынцыпах) як „наиболее эффективн[ой] и в результате приемлем[ой] для белорусского общества“. З працэсу фармавання нацыянальнай дзяржаўнасці беларусаў не­льга, на думку аўтара тэксту, „выбросить БССР, которая является непосредственной основой для дальнейшего прогресса в сфере построения государственности. С опорой на БССР возникла суверенная Республика Беларусь“ (36). Разам з тым у шмат якіх месцах працы падкрэсліваецца, што Беларусь — сацыяльна арыентаваная дзяржава. Гэта сведчыць, што грамадзяне трактуюць яе хутчэй інструментальна, а не як нацыя­нальную каштоўнасць саму па сабе. Мова гэтага раздзелу працы нясе на сабе адзнакі шматгадовай практыкі артыкулявання думак у савецкіх рэаліях.

Сказ „Укрепление приоритета прав человека перед правами общества, нации и государства является одной из самых характерных черт Конституции Республики Беларусь“ (36) сведчыць не толькі пра незнаёмства з канстытуцыяй сваёй краіны, але і пра спосаб мыслення аўтара тэксту, які дапускае магчымасць таго, што ў канстытуцыі можа апынуцца гэткі кур’ёзны запіс. Пытанні ў канцы раздзела ўражваюць сваёй тэндэнцыйнасцю, як і рэкамендаваная літаратура, якая не змяшчае салідных працаў сур’ёзных гісторыкаў, што вылучаюцца на агульным фоне беларускай гістарыяграфіі.

Тэкст М.С.Сташкевіча мае несумненныя рысы ідэйна–па­лі­тычнага маніфеста. Цяжка даць веры, што прафесійны гіс­торык пісаў яго на пачатку XXI ст., а не дзесяцігоддзі таму. Аўтар падбірае факты да наперад прынятых тэзаў, фальсіфікуючы такім чынам гістарычную праўду. Гэты раздзел падручніка — відавочны прыклад навуковай нядобрасумленнасці. Ідэалогія можа апеляваць да гісторыі, не канечне яе фальсіфікуючы. Беларускі гісторык прадстаўляе ўжо нават не анацыянальны, а беларускі анацыянальны пункт гледжання. Калі ён меў на мэце фармаваць у беларусаў пачуццё нацыянальнай еднасці, абапертай на эмацыйна ўспрынятай ідэі ўласнай дзяржавы, то напісаны ім тэкст не мае шанцаў спрычыніцца да гэтага. Аўтар апелюе — змяняючы толькі лозунгі — да традыцыйнага набору каштоўнасцяў, які прысутнічае ў савецкай Беларусі ўжо шмат дзесяцігоддзяў. Яны не спарадзілі ні беларускай нацыі еўрапейскага тыпу, ні моцна закарэненай, трактаванай як самакаштоўная мэта ідэі беларускай дзяржавы, — рэчаў, у імя якіх беларусы маглі б, як людзі еўрапейскіх нацыяў, „масава ісці на барыкады“ (гэта не значыць, што такая патрэба павінна ўзнікнуць). Зусім невядома, чаму гэты механізм мае цяпер зазнаць нейкія змены. Калі ёсць жаданне ісці шляхам пабудовы моцнай беларускай супольнасці і ўмацавання беларускай дзяржавы, то нельга распаўсюджваць каштоўнасці, супярэчныя гэтаму малюнку. Таму або да пастаўленай мэты падабраныя неадпаведныя сродкі, або гэтая мэта — звычайная індактрынацыя ў (пост)савецкім стылі, якая паказвае беларусам адзіна слушную лінію — лінію ўлады.

Тэкст гэты, як і значная частка працы, выяўляе слабасць бе­ларускай палітычнай думкі, яе няздольнасць, як часта бывае, да „халоднага“, сумленнага аналізу беларускай рэчаісна­сці. Калі дыягназ фальсіфікуецца — праз ідэалагізацыю і палітызацыю працэсу яго пастаноўкі — то дасягнуць пастаўленых мэтаў няма шанцаў, бо падбор сродкаў для іхняй рэалізацыі зыходзіць з памылковых прадпасылак. Шмат якія фундаментальныя тэрміны, скарыстаныя ў разгляданай працы, выкарыстоўваюцца тут без напаўнення іх канкрэтным зместам, без­рэф­лексійна — як аздоба для ідэалагічна і палітычна абумоў­ле­ных поглядаў аўтараў падручніка. Асабліва гэта тычыцца та­кіх паняццяў, як „нация“ і „национальные интересы“: маючы выразнае акрэсленне і пэўнае тэарэтычнае абгрунтаванне, яны павінны былі б служыць аналізу беларускіх рэаліяў, аднак гэ­тага не адбываецца. Сур’ёзнай спробе пабудовы беларускай дзяр­жаўнай ідэалогіі, здатнай згуртаваць грамадства, павінен па­­пярэднічаць глыбокі аналіз повязяў, якія лучаць людзей у гэ­тым грамадстве на макраўзроўні, вывучэнне сістэмы каш­тоў­насцяў, якая спараджае гэтыя повязі, і ацэнка таго, на­коль­кі моцна гэтая сістэма закарэнена. Нішто не сведчыць, што беларусы ўжо прарабілі гэтую працу. Асабліва ў першы пе­­­­рыяд пасля здабыцця незалежнасці відавочнаю была ня­здоль­насць беларускіх інтэлектуальных асяродкаў, у тым ліку на­цыянальных, да сумленнай дыягностыкі новай сітуацыі, у якой апынулася грамадства. Казаць, што ў наступныя гады стан рэчаў прынцыпова змяніўся, было б відавочнай няпраўдаю.

Будаваць дзяржаву — як часта кажуць, „сацыяльна арыен­та­ваную“, — значыць тварыць структуры, якім у сітуацыі вост­ра­га эканамічнага крызісу пагражае крах. Не грошы забяс­печ­ваюць трываласць грамадстваў, народаў, краінаў. Сён­няш­няе жаданне аб’яднацца з Расіяй мае перадусім эка­­намічныя, уласна сацыяльныя прычыны (хоць схільнасць да яднання грунтуецца на культурных сувязях абодвух грамадстваў). Можна дапусціць, што ў Беларусі лягчэй (гэта не значыць — лёгка) будзе сфармаваць палітычны тып нацыі, чым культурны. Поспех такога прадпрыемства азначаў бы радыкальнае павелічэнне шанцаў на далейшае існаванне беларускай дзяржавы. У яго аснове ляжалі б эканамічныя поспехі (хоць яны не канечне павінны быць сутнасцю новай супольнасці). Трэба, аднак, усведамляць, што такога грамадскага ўтварэння, якое можна было б вызначыць як савецкая палітычная нацыя, у поўнай меры не існуе — бо савецкасць і нацыя нясуць каштоўнасці, прынамсі часткова супярэчныя між сабой. Беларусы павінны перадусім адказаць сабе на пытанне, якая ідэалогія і — як вынік — пачуццё якой еднасці дае ім шанцы годна жыць далей, ці можа грамадства прыняць гэтую ідэалогію і праз якія механізмы. М.С.Сташкевіч загадзя ведае, якая ідэалогія патрабуецца беларусам.

* * *

Астатняя частка падручніка, паводле аб’ёму — яго пера­важ­ная бальшыня, складаецца з васемнаццаці раздзелаў. Іх­няя тэматыка ахоплівае — поруч з ідэалагічнымі ў дакладным сэн­се фактарамі, якія абумоўліваюць беларускую дзяржаўнасць, — характарыстыку канстытуцыі РБ, беларускіх сродкаў ма­савай інфармацыі, прафесійных саюзаў і прававых прын­цы­паў, якія дзейнічаюць пад час выбараў у прадстаўнічыя ор­ганы Беларусі. Трэцяя частка прысвечана апісанню такіх ін­сты­тутаў улады ў Беларусі — і іхняй ролі ў фармаванні бела­рус­кай ідэалогіі, — як прэзідэнт, парламент, Савет Мі­ністраў і ор­­ганы самакіравання. У чацвёртай характарызуецца, між ін­шым, беларуская эканамічная сістэма, сацыяльная сфера, іс­ную­чыя ў грамадстве рэлігіі, моладзь як асобная сацыяльная гру­па і замежная палітыка РБ — усё ў кантэксце значэння гэтых рэчаў для працэсу фармавання ідэалогіі. Беларускія ін­стытуты ў цэлым апісваюцца ідэалізавана, выглядаюць узорна збудаванымі і дзейнічаюць, грунтуючыся на законе. Шмат у якіх выпадках гэта не столькі рэальны, колькі жаданы, бесканфліктны, часткова ўяўны вобраз. Несумненна, аднак, — нягледзячы на выразную тэндэнцыйнасць, — праца забяспечвае чытача асноўнымі звесткамі пра юрыдычна–інстытуцыянальныя перадумовы функцыянавання беларускай дзяржавы.

Можна сцвердзіць, што ў „Основах идеологии белорусского го­сударства“ зроблена спроба ўсебаковага апісання грамад­скага жыцця Беларусі. Таму падручнік атрымаў максімальна шы­рокі зместавы абсяг. Калі б ягоныя аўтары зыходзілі з таго, што будаваць ідэалогію беларускай дзяржавы магчыма па–над існуючымі палітычнымі і ідэйнымі падзеламі, засяродж­ваю­чыся толькі на максімальна супольных для грамадства каш­тоўнасцях, якія апелююць да нацыянальных і дзяржаўных ін­тарэсаў беларусаў, ягоны змест быў бы напэўна іншы, ву­зей­шы. Але так не зрабілі. Замест гэтага былі скарыстаныя пра­вераныя савецкія мадэлі, якія патрабуюць ідэалагізаваць мак­сімальна шырокую сферу грамадскага жыцця, індактры­ную­чы грамадства і падпарадкоўваючы яго гэткім чынам ула­дзе, — а не засяроджвацца на каштоўнасцях, якія ўмацоўваюць пачуццё еднасці, суб’ектывуючы гэтае пачуццё і пашы­раю­чы сферу свабоды. Кніжка рэпрадукуе савецкія ўзоры, ня­се на сабе адзнакі таго часу, калі яна пісалася. Яе аўтары апе­лю­юць да Лукашэнкі, ягоных дзеянняў, выказванняў, друка­ва­ных тэкстаў. Што стане з такім падручнікам пасля Лукашэн­кі, асабліва калі да ўлады ў дзяржаве прыйдуць пры­хільнікі ін­шай палітычнай арыентацыі? Мысленне такога тыпу не за­­карэнена ў палітычнай традыцыі ўсходняй Славяншчыны, а да­кладней — яе праваслаўнай бальшыні. Улада як самакаш­тоў­насць ва Ўсходняй Еўропе нашмат важнейшая, чым у ла­цін­скай частцы кантыненту, менавіта яна структурызуе там­тэй­шыя грамадствы; грошы — толькі яе вытворная, культура пад­парадкоўваецца ёй як на ніжэйшым, так і на вышэйшым (элі­тарным, інтэлігенцкім) узроўні. У Беларусі, з яе адназначна сялянскімі каранямі, праявы гэтага назіраюцца штодзённа.

Аўтары падручніка цалкам безрэфлексійна і шматразова, ва ўсіх яго частках, на ўсе лады скланяюць — у беларускім кантэксце — слова „нацыя“, асабліва пішучы пра нацыянальныя інтарэсы. Нідзе — за выключэннем аднаго сказа, дзе гаворыцца пра нізкі ўзровень беларускай нацыянальнай свядомасці, — не рэфлексуецца пытанне надзвычай слабога нацыянальнага характару беларускага грамадства. Як можна ста­­віць сэнсоўны дыягназ, зыходзячы з памылковых або прынамсі істотна фальсіфікаваных прадпасылак? На фоне ўсяе працы можна зноўку вылучыць раздзел аўтарства С.В.Рашэт­нікава, гэтым разам прысвечаны беларускай палітычнай сіс­тэме ў кантэксце ідэалогіі беларускай дзяржавы. Ён не толькі коратка характарызуе паняцце нацыі, але і прысвячае багата месца тлумачэнню таго, што такое нацыянальныя інтарэсы. Аўтар стараецца, каб ягоныя адказы падштурхнулі чытача да самастойнага мыслення. Між іншым, ён піша: „Наши соседи — страны Прибалтики и Польша — сделали свой выбор в поль­зу западных ценностей через вступление в ЕС. В Украине конституционно закреплена стратегическая долгосрочная цель вхождения в ЕС. Беларусь избрала путь строительства союзного государства с Россией, при признании необходимости многовекторной внешней политики“ (330). На яго думку, да нацыянальна–дзяржаўных інтарэсаў Беларусі адносяцца, сярод іншага, наступныя: сохранение и укрепление независимости и суверенитета страны, идентичности белорусов и соблюдение их интересов в отношениях с другими нациями (330). Адначасова той жа аўтар прамаўляе словы, якія цяжка прыняць у дачыненні да заходніх грамадстваў, хоць яны і адлюстроўваюць пэўныя рэаліі на ўсходнеславянскім абшары: „На практике оказалось, — піша Рашэтнікаў, — что плюрализация элит и параллельный рост уровня массового политического участия ведет к хаосу, дезорганизации“ (344).

На жаль, прычыны нізкага ўзроўню палітычнай культуры беларусаў у працы не тлумачацца. Больш за тое, пра іхнюю палітычную культуру пішацца наогул у пазітыўным сэнсе, сама больш — звяртаючы ўвагу на спецыфіку ўсходнеславянскага праваслаўнага абшару, ягоную адрознасць ад Захаду, які прагне накідаць іншым свае рашэнні, непрыдатныя для шмат якіх грамадстваў і культурных сфераў (цывілізацыяў). У раздзеле, прысвечаным гэтай праблематыцы, сцвярджаецца, што, у адрозненне ад 80–х г., сучасную беларускую палітычную культуру вызначаюць такія дэмакратычныя каштоўнасці, як: публічнасць (галоснасць), свабода слова, друку, правы чалавека і грамадзяніна (113).

Тое, што ў падручніку знайшлося месца для больш ці менш разважных меркаванняў — гэта тычыцца, напрыклад, раздзелаў, напісаных Рашэтнікавым, — зусім не значыць, што маг­чы­ма было непасрэдна крытыкаваць сучасныя беларускія рэа­ліі, асабліва ў іхнім палітычным вымярэнні. У працы шмат ві­да­вочна непраўдзівых, індактрынуючых выказванняў, звы­чай­нага бяздумнага пустаслоўя, прымання жаданага за рэальнае. Адна з аўтарак аптымістычна піша: „В белорусской нацио­нальной идее воплощается историческое стремление бело­рус­ской нации к свободе, самостоятельности и благо­­состоянию, сохранению и развитию белорусской науки, белорусского языка и белорусского государства, гуманистических перспектив и гражданской ответственности за будущее стра­ны“ (356). Калі б беларусы выразна выяўлялі такія імк­ненні, Беларусь была б цяпер зусім іншай дзяржавай і грамадствам. Яна б пераадольвала цяжкасці хутчэй так, як краіны Прыбалтыкі, і стаяла б на іншай ступені развіцця, чым цяпер. Надзвычай важнае — і не толькі для нацыянальна свядомых беларусаў — пытанне паступовага выцяснення беларускае мовы расійскаю і ў савецкія часы, і пасля прыходу да ўлады прэзідэнта Лукашэнкі, не сцверджана і не адрэфлексавана ў падручніку. Шмат хто з аўтараў працы слаба адчувае адказнасць за свае словы. Або нестае адпаведных ведаў, або ім мала рупіць дабро ўласнай краіны і паперадзе яе інтарэсаў яны ставяць свае ўласныя — зразуметыя эгаістычна і кароткатэрмінова. Гэтая праява ў перыяд сацыялізму была характэрная і для польскіх, прынамсі некаторых, аўтараў падручнікаў.

Праца насычаная такімі тэрмінамі, як демократия, свобода (свободы), парламентаризм, гражданское общество. На думку аўтараў падручніка, яны павінны характарызаваць беларускія рэаліі. Найчасцей яны трактуюцца лозунгава, павярхоўна, як аздоба выкладанага зместу, а не як паняцці, дакладна сканструяваныя для аналізу беларускай сацыяльнай рэча­іс­насці. Палітычная сітуацыя на Беларусі разглядаецца як „стабильная“, у дзяржаве „не существует конфронтации между гражданами и властью“. „Время от времени, — піша Т.І.Адула, — активизирует свою деструктивную деятельность оппозиция“ (117). У 90–я г. у грамадстве лавінаю нарастаў „хаос и самоуправство“. Як палітыкі, так і звычайныя людзі пераканаліся, — лічыць той жа аўтар, — што адсутнасць ідэалогіі, якая падтрымліваецца дзяржаваю, не прынесла грамадзянам чаканай свабоды (122). „Государство, — напі­са­на ў апошнім раздзеле падручніка, — не может су­­ще­ство­вать и развиваться без идеологии, не может про­­­­ти­во­­стоять ни внутренним, ни внешним угрозам“ (438).

У далейшай частцы працы выказваецца адназначны погляд, што ментальнасць беларусаў арыентаваная на моцную асо­бу, а паколькі кіраўніком беларускай дзяржавы мог бы быць толькі манарх або прэзідэнт, у рэспубліканскай Беларусі ім стаў, ясная рэч, прэзідэнт. Раней — дадаецца — першай асо­бай у дзяржаве быў Першы Сакратар ЦК КПБ, а пазней — Стар­шыня Вярхоўнага Савета. Гэты крыху ўсходні па сваім ха­рактары погляд на ўладу суправаджаецца цверджаннем, што парламенцкая форма рэспублікі аказалася ў Беларусі вельмі малаэфектыўнай, а партыйная сістэма знаходзіцца на пачатковым этапе свайго развіцця (214). Цікава, што гісторыя беларускага парламентарызму пачынае разглядацца — у іншым раздзеле — толькі з 1919 г., то бок з савецкага перыяду.

Прынамсі частка гэтых развагаў мае на мэце абгрунтаваць моцную ўладу ў Беларусі ўвогуле, а канкрэтна — уладу прэзідэнта Лукашэнкі. Некаторыя цверджанні трэба несумненна прызнаць трапнымі — напрыклад, пошук крыніц пад­трымкі прэзідэнта ў „патерналистических ожиданиях“ грамадства (50). На жаль, звесткі, якія наглядна паказваюць падтрымку прэзідэнта значнай часткаю грамадства ў першыя гады ягонага кіравання, не суправаджаюцца выразна ніжэйшымі лічбамі, якія сведчаць пра спад гэтай падтрымкі ў апошнія гады. У раздзеле, прысвечаным эканоміцы Беларусі, паказаны спад нацыянальнага даходу ў першай палове 90–х г., рост у другой палове (г.зн. пасля прыходу Лукашэнкі да ўлады) і аптымістычная карціна першых пяці гадоў XXI ст. (318 і наст.). Пачатак 90–х асацыюецца ў падручніку з заняпадам маральнасці, непавагай да ўлады, адным словам, з хаосам (штопраўды, у той перыяд некаторыя беларусы гэтак і разумелі дэмакратыю). Гэты характэрны, прынамсі для некаторых раздзелаў падручніка, спосаб мыслення можна звесці да наступнага: было кепска, стала добра, а будзе яшчэ лепш. Не робіцца ніякай спробы патлумачыць той факт, што перыяд спаду ВУП наступіў на некалькі гадоў ва ўсіх краінах, якія перажываюць трансфармацыю пасля развалу сацыялізму. Там, дзе правялі рэформы і трансфармацыя ўдалася — напрыклад, у краінах Прыбалтыкі, Польшчы, Венгрыі — следам за развалам эканомікі пачаўся яе выразны ўздым; сярод ягоных пра­яваў — значны рост заробкаў у даляравым вымярэнні і пакупной здольнасці мясцовых валютаў, мадэрнізацыя эканомікі, рост прадукцыйнасці, інвестыцыяў і экспарту. У Беларусі ж мадэрнізацыйныя працэсы выступілі ў следавых колькасцях; дыстанцыя паміж Беларуссю, з аднаго боку, і суседнімі краінамі Прыбалтыкі і Польшчаю, — з другога, радыкальна павялічылася, пра што беларускім чытачам падручніка ўвогуле не паведамляецца. Для іх пунктам адліку павінна быць Расія (якая папраўдзе на заходнім фоне заўсёды адзначаецца беднасцю і абмежаваннем свабодаў), а не Еўропа (заможная і дэмакратычная). Як правіла, статыстычныя звесткі, якія наглядна ілюструюць узровень жыцця — у розных яго аспектах — у Беларусі, супастаўляюцца ў кнізе не з іхнімі адпаведнікамі ў Еўропе (хоць бы ў Польшчы, Чэхіі або Венгрыі), а толькі са звесткамі пра краіны СНД, і то, як правіла, тады, калі яны сведчаць на карысць Беларусі.

Зразумела, што праца гэтулькіх аўтараў не заўсёды змяшчае цалкам паслядоўныя погляды. На жаль, рэдкія цікавыя дум­кі — якія тычацца беларускіх рэаліяў — найчасцей не зна­­хо­дзяць развіцця. „В цивилизованных странах, — піша І.Г.Кат­ляроў, — постоянно растет роль политических партий как важнейших субъектов гражданского общества“ (245). Банальнае цверджанне, што прычыну слабасці беларускага пар­ла­ментарызму — калі прамінуць мінуўшчыну — сёння трэба шу­каць і ў недэмакратычнай, аўтарытарнай палітыцы прэзі­дэн­та Лукашэнкі, у працы адсутнічае. Іншы аўтар заўважае, што „Современная Беларусь строит гражданское общество, пра­вовое государство в условиях резких противоречий, в том чис­ле в духовной сфере“ (402). Няпраўда, што ў Беларусі буду­ец­ца — асабліва ўладамі — „гражданское общество“, і ўжо на­пэў­на не „правовое государство“, але ў гэтым грамадстве са­праў­ды існуюць яўныя і схаваныя канфлікты, сутыкненне розных сістэмаў каштоўнасцяў, палітычнай і культурнай арыентацыі на Ўсход (мацнейшая) і на Захад (значна слабейшая). Цікава было б сур’ёзна падысці да гэтага пытання і пастарацца як мае быць яго высветліць. Гэтага, аднак, аўтары працы не робяць, бо цяжка сур’ёзна ставіцца да развагаў у стылі М.С.Сташкевіча.

У эканамічнай частцы падручніка прапагандуецца „социально ориентированная модель рыночного хозяйства“, якая — на думку аўтараў — характэрная для Беларусі. Падкрэсліваецца, што без моцнай грамадзянскай супольнасці не можа існаваць ні дзеяздольная дзяржава, ні эфектыўная эканоміка. На жаль, за гэтымі агульнымі фразамі ў працы не ідзе сумленны аналіз беларускіх грамадска–эканамічных рэаліяў. Такі стыль пісьма характэрны для ўсяго падручніка. Ягоныя аўтары ахвотна апелююць да заходніх катэгорыяў палітычнага мыслення і — у адрозненне ад савецкіх часоў — спасылаюцца не толькі на расійскіх даследчыкаў, але часта і на заходнееўрапейскіх ці амерыканскіх, нібыта спрабуючы гэткім чынам надаць сваім развагам навуковы характар, аб’ектыўнае вымярэнне (поруч з гэтым прысутнічае багата спасылак на Лукашэнку). Часам гэткі стыль апавядання прыводзіць да даволі дзіўных заяваў. Аўтар раздзела „Современные концепции и идео­логические доктрины“ прыходзіць, абмеркаваўшы шэраг дактрынаў, да эклектычнай па сваім змесце вы­сновы, што „идеология белорусской нации органично сочетает в себе элементы коммунистической, консервативной, либеральной и социал–демократической идеологий“ (с. 78). Праз старонкі шмат якіх раздзелаў працы чырвонай ніткай праходзіць думка: мы не горшыя, чым Захад, у будаўніцтве сваёй дзяржавы, а можа і лепшыя, бо маем сваю спецыфіку і адкідаем тое, што на Захадзе кепска. Але ж ужо ясна відаць, што савецкія часы мінуліся, людзі маюць большы доступ да літаратуры і ездзяць за мяжу, а таму адкідаць Захад ва ўсіх яго праявах нельга.

Можна было б чакаць, што ў падручніку дзяржаўнай ідэалогіі, які рэгулярна апелюе да катэгорыяў нацыянальнага мыслення, у тым ліку да такіх тэрмінаў, як нацыянальныя інтарэсы і патрыятызм, часта будуць сустракацца звароты да гісторыі Беларусі, яе датаў, герояў, міфаў. Гэтага, аднак, не адбываецца. Гісторыя Беларусі абмалёўваецца слаба, падзел паміж ёю і гісторыяй Расіі не заўсёды выразны, перыяд паміж „Кіеўскай Руссю“ і савецкай Беларуссю найчасцей ледзьве пазначаны або проста прамінаецца (відавочна, што аўтарам, якія атрымалі адукацыю ў СССР, цяжка ўпісаць Вялікае Княства Літоўскае — якое ніколі не належала да Расіі — у гісторыю Беларусі). Найбольш увагі прысвячае Вялікаму Княству Літоўскаму М.С.Сташкевіч, але і тут яно апынаецца на ўскрайку ягоных развагаў. Таго, што гэта частка супольнай з палякамі гісторыі ў рамках Рэчы Паспалітай, у якой гістарычная Літва (а значыць, і цяперашняя Беларусь) мела адносна Варшавы (Кароны) вельмі вялікі абсяг незалежнасці, незраўнана большы, чым у царскай імперыі і ў СССР, ніводзін з аўтараў працы не заўважыў. Бальшыня іх, калі ўвогуле звяртаецца да гісторыі ўласнай Радзімы, то павярхоўна, штампавана (па–савецку) і нібыта пад прымусам, без пераканання ў яе значнасці для лёсаў сённяшняй Беларусі. Выключэнне, вядома, — часы Беларусі савецкай. Пра іх у асноўным і пішацца, прычым найчасцей пазітыўна.

Як правіла, падкрэсліваецца, што Беларусь — частка ўсход­­­неславянскай супольнасці. Адрозненне паміж беларуса­мі і расійцамі, вядома, праводзіцца, нягледзячы на пад­крэсліван­не аб’яднаўчых тэндэнцыяў у рамках усходняга сла­вян­ства (а часам і славянскага свету ў цэлым). Гэты абшар ба­чыц­ца як выразна адрозны ад Заходняй Еўропы. Звяртаецца ўва­га на дамінацыйныя схільнасці Захаду, якія служаць прад­ме­там крытыкі. Падкрэсліваюцца супольныя элементы гісторыі беларусаў, расійцаў і ўкраінцаў. Зрэдку адзначаюцца за­ход­нія (польскія) уплывы, напрыклад, на ментальнасць бела­ру­саў у заходняй частцы краіны (364). Відавочна, што для бе­ларусаў іхняя славянскасць значна важнейшая, чым для па­ля­каў.

Беларусь успрымаецца як краіна, якая мае моцныя культурныя і гістарычныя сувязі з Расіяй, але адначасова падкрэсліваецца — як у Я.С.Яскевіч — яе становішча паміж Усходам і Захадам, на сутыку дзвюх культураў, дзвюх цывілізацыяў: праваслаўна–візантыйскай і рымска–каталіцкай. Таму названы аўтар цвердзіць, што беларуская культура мае пагранічны характар і як такая можа адыграць значную аб’яднаўчую ролю (358, 369). Адзначаецца ментальная адрознасць беларусаў ад расійцаў (якраз тут у асноўным і адзначаецца заходні ўплыў на беларусаў). Пачуццё расійскай нацыянальнай еднасці, на думку аўтара, узнікла ад спалучэння славянскіх, візантыйска–праваслаўных і татара–мангольскіх рысаў (363). Затое ментальнасць беларусаў — згодна з Я.С.Яскевіч — пераняла уніяцкую схільнасць да кампрамісаў і каталіцкі гераізм, выразную стрыманасць і пратэстанцкі індывідуалізм. Беларусы — мірны народ, які не ўзвышае сябе над іншымі, талерантны, здольны да кампрамісаў, памяркоўны. Адначасова падкрэсліваецца калектывізм, які яднае беларусаў з расіянамі і ўкраінцамі, імкненне да справядлівасці. „Характерные чер­ты белорусов — исключительная любовь к родной земле, при­вязанность к родным местам, бережливость, трудолюбие, преданность семье и семейно–родовая солидарность“ (364). У ме­жах Беларусі назіраюцца рэгіянальныя адрозненні; пад­крэс­ліваецца, што „для Гродненщины и других регионов Западной Беларуси, которые развиваются под влиянием католической Польши, Литвы и протестантской этики Западной Европы, характерна индивидуализация жизни; в Полесье же пре­­­об­ла­дает культ сельской общины; в белорусском Поозерье, граничащем с Россией, проявляется православная соборность“ (364). Гэтыя развагі, месцамі не пазбаўленыя пэўнай слушнасці, змяшчаюць выразныя элементы аўтастэрэатыпізацыі. Яны ні ў чым прынцыпова не разыходзяцца з агульна­прынятым аўтастэрэа­тыпам беларуса, у якім спалучаюцца і тыя рысы, што выразна яднаюць яго з расійцам, і тыя, што адрозніваюць яго ад апошняга (як выглядае, менш працавітага, мірнага і тале­рант­нага, але больш здатнага на скрайнасці ў паводзінах).

Два пытанні ў падручніку знаходзяцца па–за крытыкай і падаюцца як ісціна ў апошняй інстанцыі, якая не падлягае ніякаму сэнсоўнаму аналізу. Першае — ацэнка постаці прэзідэнта Лукашэнкі і ягонай палітыкі ў апошнія дзесяць гадоў. Другое — аб’яднанне з Расіяй. Лукашэнка, згодна з падручнікам, прадбачыў, што распад СССР — якога беларусы не хацелі і не былі да яго падрыхтаваныя — пацягне за сабою адмоўныя наступствы, хаос; таму зразумела, што ён імкнецца ўз’яднаць Беларусь з Расіяй. Характар будучага саюзу абедзвюх дзяржаваў у працы выразна не акрэсліваецца. Увесь час пішацца і пра еднасць — у кантэксце будучага саюзу — і пра суверэннасць Беларусі. Колькі–небудзь глыбокая інтэлектуальная рэфлексія над гэтай — магчыма, толькі ўяўнай — супярэчнасцю адсутнічае. Абвешчаная неабходнасць яднання з Расіяй не вынікае ні з якага грунтоўнага аналізу яго выгадаў для Беларусі з пункту гледжання яе нацыянальных інтарэсаў, — такога аналізу ў працы няма. За ёю крыюцца або нявыказаныя прадпасылкі эмацыйнага характару, або выказаныя наўпрост — культурнага. Адзін з аўтараў падручніка піша, спасылаючыся на Лукашэнку: „Россия была, есть и будет великой державой. Раньше или позже экономический кризис будет преодолен, и Россия вновь станет сильной, цветущей страной“ (57). Гэта не адзіны ў кнізе прыклад, калі беларускія нацыянальныя інтарэсы грунтуюцца на жаданым, якое выдаецца за рэальнае. Іншая рэч, што і амбіцыі беларусаў ніколі не былі надта высокімі. Яны хутчэй сягалі больш рэальнай — хоць для еўрапейцаў не надта заможнай — Масквы, чым Парыжа ці Лондана. Адзін з аўтараў цвердзіць, што савецкая Беларусь за кароткі перыяд здзейсніла гіганцкі крок і робіцца адною з самых развітых краін свету (78). Мары пра колішні „дабрабыт“ дагэтуль жывуць у сённяшняй Беларусі, дзе пануе беднасць. Павелічэнне разрыву (найперш у эканоміцы, хоць не толькі) паміж ёю і Цэнтральнай Еўропай (не кажучы ўжо пра Заходнюю) не становіцца ў цэлай кнізе прадметам нават найдрабнейшай рэфлексіі.

Непрыязь да Захаду, асабліва да ЗША, якія ўмешваюцца — як лічыцца — ва ўнутраныя справы Беларусі, на старонках працы відавочная. Пасля краху сацыялізму Беларусь, дзякуючы Лукашэнку, „взяла курс на теснейшую“ інтэграцыю з Расі­яй, тым часам як — піша не без зласлівасці, а магчыма і зайздрасці, Л.П.Козік, — „Лидеры новых государств кинулись на Запад в надежде на получение кредитов и политической поддержки“ (56). Тут у падтэксце, відавочна, — постсавецкае ра­сій­скае бачанне гісторыі постсацыялістычнай Цэнтральнай Еўропы, краіны якой — колішнія „саюзнікі“ СССР — здрадзілі Расіі (колішняму СССР), пайшоўшы на Захад і падпарадкаваўшыся яму гэтаксама, як некалі Маскве. Трэба ўсведамляць, што такі спосаб мыслення блізкі значнай частцы беларускага грамадства. Гэта, праўда, тычыцца шмат якіх падставовых пытанняў, закранутых у працы.

Можна меркаваць, што аўтары падручніка павінны аддаць шмат месца такім пытанням: наколькі моцнае пачуццё нацыянальнай еднасці беларусаў (і ў якой ступені яно сфармавалася ў СССР)? Ці адбываецца рост заможнасці грамадства (у параўнанні з 1991 г. і ў параўнанні з іншымі постсацыялістычнымі краінамі)? Ці ўмацоўваецца палітычная незалежнасць дзяржавы і яе пазіцыі на міжнароднай арэне? На жаль, на гэтыя пытанні адказу або няма, або даюцца адказы несумленныя ці толькі частковыя. Ідэі, выкладзеныя ў падручніку, не дапамогуць будаваць нацыянальную Беларусь, бо такая Беларусь дыстанцыявалася б ад Расіі, а пры чытанні працы ствараецца ўражанне, што шмат хто з яе аўтараў, пішучы свае тэксты, часцей меў на ўвазе расійскія нацыянальныя інтарэсы, чым беларускія.

Падсумоўваючы гэтыя развагі, можна сцвердзіць, што ў падручніку, які мы разглядаем, зроблена спроба збудаваць ідэалогію, якая замяніла б сабою даўнейшую — марксісцка–ленінскую. У ім прадстаўлены малюнак, які павінен даць інтэрпрэтацыю ўсяго грамадскага жыцця беларусаў у цэлым. Гэтая задума мае адназначна савецкую канатацыю. Яна азначае імкненне накінуць грамадству зверху ідэалогію (сістэму каштоўнасцяў і пазіцыяў), якой людзі павінны будуць падпарадкоўвацца. Яна азначае пабудову грамадскага ладу зверху, а не знізу, падначальванне людзей уладзе, іх аб’ектывацыю. Тое, што пададзена ў працы, цяжка назваць цэльнай ідэалогіяй. Мы тут хутчэй маем дачыненне з шэрагам ідэяў і ацэначных — нярэдка тэндэнцыйных — інтэрпрэтацыяў паасобных фрагментаў сацыяльнай рэчаіснасці. Гэта не столькі падручнік ідэалогіі беларускай дзяржавы, колькі ідэйна эклектычны малюнак, які спрабуе накінуць грамадству збор канфармісцкіх пазіцыяў у дачыненні да ўлады. Хоць фрагментамі праца нясе пэўны багаж тэарэтычных і фактаграфічных ведаў, як цэлае яна паказвае анахранічны малюнак грамадства, якое няздатнае адназначна выйсці з савецкасці, з тагачаснай сістэмы каштоўнасцяў. Гэтае грамадства ўсцяж звяртаецца да светапогляду, які не ўдалося ўвасобіць у жыццё, а дзяржава, што грунтавалася на гэтым светапоглядзе, пацярпела крах, бо не вытрымала канкурэнцыі. Нават расійцы спрабуюць зра­біць з гэтага факта — прынамсі часткова — пэўныя высновы, адбудоўваючы пачуццё сваёй нацыянальнай еднасці (часам нават у скрайніх формах).

Важна і тое, што малюнак, паказаны ў кнізе, не мае настолькі моцнага эмацыйнага зараду, каб тварыць рэальныя повязі і фармаваць пачуццё беларускай нацыянальнай еднасці. У краінах Цэнтральнай і Заходняй Еўропы гэтае пачуццё грунтуецца на нацыянальнай тоеснасці; яна трактуецца як глеба, на якой пры дэмакратычным ладзе магчыма будаваць грамадзянскія супольнасці. Ва ўмовах ідэйнага плюралізму там няма ні патрэбы, ні магчымасці выбудоўваць аднастайную дзяржаўную ідэалогію, якая накідаецца зверху ўсяму грамадству. Гэты тып ідэалогіі затое характэрны для таталітарных грамадстваў, хоць магчымы ён і ў аўтарытарных. Іншае пытанне, наколькі маштабна структурныя і ідэйныя задумы (прынамсі некаторыя), якія ўжо гадамі рэалізоўваюцца ў Беларусі, будуць тыражавацца ў Расіі — там, дзе знаходзяцца іхнія культурныя крыніцы.

Пераклад Міколы Раманоўскага

[1] Основы идеологии белорусского государства. Учебное пособие для вузов. Под общ. ред. С.Н. Князева, С.В. Решетникова. Минск: Академия управления при президенте Республики Беларусь, 2004. 491 с.
[2] Гл.: Radzik R. Kim są Białorusini. Toruń, 2002. С. 96—97.

Наверх

Алесь Смaлянчук. У пошуках ворага польскай нацыі

Снежня 11, 2003 |


* Winnicki, Zdzisław Julian. Współczesna doktryna i historiografia biało­ruska (po roku 1989) wobec Polski i polskości. Wrocław, 2003. 621 s.

Польска–беларускія адносіны ніколі не набывалі такой вастрыні і напружанасці як, напрыклад, польска–літоўскія ў 20—30–я г. ХХ ст. ці польска–ўкраінскія пад час Другой сусветнай вайны. Аднак і яны перыядычна азмрочваліся канфліктамі, прычынай якіх найчасцей было нежаданне або няздольнасць зразумець іншы бок. Пра ўсё гэта красамоўна сведчыць складаны лёс польскай супольнасці ў Беларусі і беларускай — у Польшчы. Праўда, ацэньваючы пазіцыю беларускага боку, трэба ўлічваць, што на працягу большай часткі мінулага стагоддзя нацыянальную палітыку на беларускіх землях вызначала не эліта беларускай нацыі, а засланыя з Масквы чыноўнікі, якія рупліва ажыццяўлялі праграму стварэння „савецкага народа“. Зрэшты, цалкам самастойным не было таксама кіраўніцтва ПНР. Абвяшчэнне незалежнасці Рэспублікі Беларусь стала неабходнай перадумовай для выпрацоўкі і рэалізацыі ўласна беларускай пазіцыі ў міждзяржаўных і міжнацыянальных адносінах. Аднак гэты працэс абцяжараны як палітычнымі ўплывамі з боку Расіі (асабліва з восені 1993 г.), так і стэрэатыпамі, уведзенымі ў свядомасць беларускага грамадства яшчэ ў часы панавання савецкай ідэалогіі. Досыць моцна ўплываюць гэтыя фактары на адносіны да Польшчы і да палякаў. Тым не менш аналіз навуковых публікацый па „польскім пытанні“ можа быць вельмі карысны як для разумення асаблівасцяў развіцця беларускай гістарыя­графіі на рубяжы ХХ—ХХI ст., так і для характарыстыкі менталітэту сучаснага беларускага грамадства.

Кніга Здзіслава Юліяна Вінніцкага з’яўляецца спробай падобнага аналізу. Прычым аўтар узяўся аналізаваць не толькі гістарыяграфію, але таксама „сучасную беларускую ідэалогію“ („współczesna doktryna białoruska“). Гэтае сумяшчэнне здзіўляе, бо ідэалогія і навука належаць да розных сфераў жыцця грамадства, выконваюць розныя сацыяльныя функцыі і патрабуюць розных метадаў даследавання. Гэтая рэцэнзія прысвечана гістарыяграфічным аспектам. Адносна „ідэалагічнага сюжэта“ працы З.Вінніцкага абмяжуюся толькі адной заўвагай. Паняцце „сучаснай беларускай ідэалогіі“ па­трабуе спецыяльнага тлумачэння. У нашай краіне (як і ў кожнай іншай) існуюць розныя ідэалогіі, і вывучэнне „польскага пытання“ ў ідэалагічных канцэпцыях, па меншай меры, прадугледжвае аналіз зместу як г.зв. „афіцыйнай ідэалогіі“[1], так і праграмаў буйных палітычных партый. Між тым аўтар канцэнтруе ўвагу на асобных выказваннях беларускіх палітыкаў і чыноўнікаў, артыкулах малавядомых журналістаў або прадстаўнікоў беларускай эміграцыі, якія часцяком прадстаўляюць не столькі „сучасную беларускую ідэалогію“, колькі саміх сябе. Наогул праблема рэпрэзентатыўнасці выкарыстаных крыніцаў і літаратуры з’яўляецца адной з найважнейшых для дадзенага даследавання.

Галоўным аб’ектам аналізу будуць выказаныя польскім даследчыкам ацэнкі беларускай гістарычнай паланістыкі. Але спачатку варта звярнуць увагу на даследчы метад аўтара. Менавіта яму, а таксама канцэпцыі даследавання прысвечаныя Ўводзіны, якія маюць падзагаловак Канцэптуальныя і метадалагічныя ўводзіны. Аднак на самай справе Ўводзіны пачынаюцца з… высновы. З.Вінніцкі адразу заяўляе, што „сучасная беларуская літаратура, асабліва гістарыяграфія і паліталогія <…> абцяжараная своеасаблівым комплексам, калі размова ідзе пра адносіны да Польшчы і палякаў. Прычым гэта датычыць як ацэнкі сучаснасці, так і (перш за ўсё) гісторыі польска–беларускіх (польска–літоўскіх) узаемадачыненняў. У гэтай ацэнцы відавочныя ўплывы расійскай (дарэвалюцыйнай) і адначасна савецкай гістарыяграфіі з вельмі выразным нацыянальна–класавым адценнем, якое выяўляецца ў негатыўных ацэнках гістарычных адносінаў Беларусі (беларусаў) да бліжэйшых суседзяў і ў першую чаргу ў адносінах да польскасці <…>“ (s.5).

Вылучаючы мэты даследавання, З.Вінніцкі першую з іх звязаў з характарыстыкай поглядаў беларускага грамадства на польска–беларускія адносіны, якія „ў сучаснай Беларусі бачацца скрозь прызму тутэйшай гістарыяграфіі“, а наступную — з дэманстрацыяй таго „ідэйна–палітычнага і фактычнага ціску“, ва ўмовах якога знаходзіцца ў Беларусі „мільённая польская супольнасць“ (s.6). Апошняе для аўтара з’яўляецца фактам, які не трэба даказваць, дастаткова канстатаваць. Заўважым, што падобная мэта належыць хутчэй да сферы палітыкі, чым навукі.

Даследчык адзначыў, што ў сучаснай беларускай гістарыя­графіі вылучаюцца два прынцыпова розныя метадалагічныя падыходы — постмарксізм (тлумачэнне гісторыі Беларусі з класавых пазіцый), які залічваюць да „праўрадавага“, або афі­цыйнага кірунку, і „апазіцыйны“, або незалежны падыход, які характарызуецца антысавецкай і антырасійскай пазіцыяй (s.14). Здзіўляе метадалагічная неахайнасць гэтай класіфікацыі, бо першы падыход характарызуецца на падставе даследчага метаду, а другі — на падставе палітычнай пазіцыі ягоных прадстаўнікоў. Аднак існаванне двух кірункаў у сучаснай беларускай гістарыяграфіі трэба прызнаць. Прадстаўнікі „пра­ўрадавага“ (або „афіцыйнага“) кірунку фармальна выкарыстоўваюць савецкі варыянт марксісцкага метаду даследавання. Але найбольш характэрнай рысай іх працаў з’яўляецца аўтарскае перакананне ў тым, што гісторыя — гэта частка ідэалогіі, і яна павінна абслугоўваць сучасную ўладу. „Нацыянальны“ кірунак, на мой погляд, грунтуецца на ўспрыняцці гісторыі як навукі, якая не падпарадкоўваецца чыноўнікам і палітыкам, і імкненні выкарыстоўваць у даследаваннях усё багацце метадалогіі сусветнай гістарыяграфіі. Нацыянальны змест гэтага кірунку выяўляецца галоўным чынам у спробе разглядаць беларусаў у якасці галоўнага суб’екта ўласнай гісторыі. Перавагу „патрыятычнага“ кампанента над навуковым у працах некаторых прадстаўнікоў гэтага кірунку трэба разглядаць як свайго роду хваробу росту, якая, дарэчы, не з’яўляецца вы­ключна беларускай з’явай.

Тэкст Уводзінаў (68 старонак) уяўляе сабой канспект манаграфіі, ужо напоўнены ацэнкамі даследаванняў беларускай гістарыяграфіі па „польскім пытанні“. Толькі напрыканцы аўтар нарэшце згадвае пра ўласны даследчы метад, які называе „ілюстрацыйным“ (s.62). Ягоная асаблівасць — пастаноўка гіпотэзы на пачатку кожнага раздзела з наступным аналізам крыніцаў. Аднак на самай справе тэзісы, прапанаваныя аўтарам у пачатку раздзелаў (і ў пачатку кнігі), з’яўляюцца не гіпотэзай, якая служыць арганізацыі даследчага працэсу і пад час яго праходзіць верыфікацыю і мадыфікацыю, а гатовымі вынікамі даследавання. Яны яшчэ раз паўтараюцца напрыканцы кожнага раздзела (і кнігі). Такі „метад“ больш адпавядае падручніку, чым навуковай манаграфіі. Трэба прызнаць, што ўласна метадалогія даследавання не раскрытая, а вось канцэпцыя выразна адлюстравалася ў прапанаваных на пачатку манаграфіі аўтарскіх высновах.

Канцэпцыя праявілася таксама ў назвах раздзелаў, прысвечаных асвятленню ў „сучаснай беларускай ідэалогіі“ і гістарыяграфіі „ключавых праблемаў палітычнай і культурнай гісторыі польскай дзяржаўнасці“ (s.63). Да іх аўтар цалкам слушна аднёс наступныя — Польская нацыянальная меншасць на тэрыторыі Беларусі (Раздзел I); Ацэнка поль­ска–літоўскіх уній і ладу I Рэчы Паспалітай (Раздзел II); Канфесійная праблематыка (Раздзел III); Тэрытарыяльныя пастулаты ў адносінах да польскай дзяржавы і прасторы ўзаемных культурна–этнічных і палітычных уплываў (Раздзел IV); Адносіны да польскіх нацыянальных паўстанняў (Раздзел V); Гістарычныя постаці з тэрыторыі былога ВКЛдалучэнне да беларускага этнасу і беларускай культуры (Раздзел VI); Ацэнка палітычнага ладу II Рэчы Паспалітай (Раздзел VII); Адносіны да савецкай агрэсіі на Польшчу і яе наступстваў (Раздзел VIII); Адносіны да польскай ваенна–палітычнай дзейнасці на тэрыторыі акупаваных паўночна–ўсходніх ваяводстваў II Рэчы Паспалітай у перыяд II сусветнай вайны (Раздзел IХ). Пры гэтым З.Вінніцкі адпаведна свайму „ілюстрацыйнаму метаду“ ўжыў падвойныя назвы, у якіх адлюстрава­ліся ягоныя ацэнкі беларускай пазіцыі па азна­чаных праблемах, напрыклад: Касцельныя палякі ці „паланізаваныя беларусы“ (Раздзел I); Рэч Паспалітая, якая не была Польшчай, але паланізавала Вялікае Княства Літоўскае, якое было „Беларуссю“ (Раздзел II); Пра паланізацыю праз каталіцызм беларусаў, якія спавядалі праваслаўную славянскую веру (Раздзел III); Беспрэцэдэнтны ў ХХ ст. рабунак дзяржаўнай тэрыторыі (Беларусі) (Раздзел IV); Поль­ская дзяржава гвалту і беспраўя (Раздзел VII) ды інш. Гэтая падвоенасць надае ўсяму даследаванню выразную публіцыстычную афарбоўку. І тут мы падышлі да адной з „балючых кропак“ манаграфіі З.Вінніцкага.

Кніга напісаная вельмі эмацыйна. Аўтар адмаўляецца ад пазіцыі бесстаронняга аналітыка і ператвараецца ў пракурора, які асуджае беларускіх навукоўцаў і палітыкаў за непрафесіяналізм, варожасць да Польшчы і палякаў, анексійныя намеры адносна тэрыторыі польскай дзяржавы ды інш. З.Він­ніцкі выступае як носьбіт „ісціны ў апошняй інстанцыі“. Ён абвяргае, высмейвае, часам нават здзекуецца з таго, што пярэчыць гэтай „ісціне“. У гэтай сувязі згадваецца думка Марка Блока пра тое, што звычка выносіць прысуд перакрэслівае жаданне зразумець[2]. Аўтарскі стыль, безумоўна, не служыць справе абмеркавання праблемаў польска–беларускіх адносінаў і іх адлюстравання ў гістарыяграфіі.

Напрыканцы Ўводзінаў аўтар знаёміць чытача з „генераль­ным прынцыпам“ даследавання — „выкарыстанне ўсіх даступ­ных крыніцаў, якія аказваюць непасрэдны і масавы ўплыў на фармаванне гістарычных ведаў і гістарычнай свядомасці, палітыкі і ідэалогіі ў адносінах да Польшчы і поль­скасці“ (s.68). Зразумела, што з улікам усёй маштабнасці пастаўленай задачы перад аўтарам непазбежна ўзнікла праблема селекцыі або вы­бару найбольш рэпрэзентатыўных крыні­цаў. Крытэрыі гэтага выбару („даступнасць“ і „масавы ўплыў…“) маюць выразны суб’ектыўны характар.

Знаёмства з тэкстам кнігі паступова пераконвае беларускага чытача, што пры разглядзе многіх гістарычных праблемаў аўтар не выкарыстоўвае найбольш рэпрэзентатыўныя крыніцы або выкарыстоўвае толькі іх частку. У выніку аўтарскай селекцыі беларуская гістарычная паланістыка ператвараецца ў мяшанку з ненавуковых ацэнак і характарыстык, антыпольскіх (неасавецкіх) выпадаў, неабгрунтаваных прэтэнзій (у т.л. тэрытарыяльных) ды інш.

Напрыклад, ацэнкі беларускай гістарыяграфіі ў раздзеле Польская нацыянальная меншасць на тэрыторыі Беларусі (= Касцельныя палякі ці „паланізаваныя беларусы“) заснаваныя амаль выключна на аналізe тэкстаў падручнікаў для ВНУ і сярэдніх школ. Безумоўна, падручнікі ўплываюць на фармаванне гістарычных ведаў і гістарычнай свядомасці, але нельга на іх падставе меркаваць пра ўзровень развіцця гістарыя­графіі, у т.л. пра ўзровень асвятлення пытанняў паланістыкі. Падручнікі непазбежна адлюстроўваюць учорашні дзень гіс­тарычнай навукі (ці нават пазаўчорашні, улічваючы імкненне ўладаў нашай краіны вярнуць гістарычную адукацыю ў рэчышча савецкай ідэалогіі). Па меншай меры, варта сумяшчаць разгляд падобных крыніцаў з аналізам навуковых даследаванняў. Аднак апошні па азначанай праблеме адсут­нічае.

У выніку аналізу тэкстаў падручнікаў аўтар сцвердзіў, што беларускія гісторыкі адмаўляюць факт масавых перасяленняў польскага насельніцтва на беларускія землі і тым самым не прызнаюць палякаў карэнным насельніцтвам, лічаць іх вынікам штучных працэсаў паланізацыі і акаталічвання, сцвяр­джаюць непаўнавартасць палякаў у Беларусі (маўляў, гэта не палякі, а „паланізаваныя беларусы“) і трактуюць творы поль­скай матэрыяльнай і духоўнай культуры як беларускія ў „эт­на–палітычным разуменні“ (s. 71, 97). На гэтых высновах трэба спыніцца, бо яны стануць свайго роду падмуркам далейшых аўтарскіх ацэнак і разважанняў.

Беларускія даследчыкі сапраўды прыйшлі да высновы, што перасяленні польскага насельніцтва на беларускія землі не мелі масавага характару, а паходжанне палякаў Беларусі звязанае галоўным чынам з асіміляцыйнымі працэсамі. Падобную пазіцыю падзяляе таксама большасць гісторыкаў Польшчы і Літвы. Аналіз польскай, беларускай і літоўскай гістарычнай літаратуры, зроблены аўтарам гэтых радкоў у манаграфіі Паміж краёвасцю і нацыянальнай ідэяй. Польскі рух на беларускіх і літоўскіх землях. 1864—1917 (Гродна, 2001) дазваляе сцвярджаць, што, на думку большасці даследчыкаў, перасяленні насельніцтва з тэрыторыі сучаснай Поль­шчы ў Беларусь насілі эпізадычны характар і ніколі не былі масавымі. Галоўным фактарам фармавання польскай супольнасці Беларусі з’яўляліся працэсы паланізацыі і самапаланізацыі карэннага насельніцтва[3]. У польскай гістарычнай навуцы гэты тэзіс адстойваюць такія вядомыя даследчыкі, як Юліуш Бардах, Уладыслаў Вяльгорскі, Ян Юркевіч, Пётр Эбэрхардт. Ю.Бардах, напрыклад, лічыць, што ва ўмацаванні польскіх пазіцый на тэрыторыі „гістарычнай Літвы“ галоўную ролю ады­грала пашырэнне польскай мовы і культуры сярод вышэйшых колаў грамадства ВКЛ. Ю.Бардах адзначыў супольнасць паходжання „літоўскіх палякаў“ з этнічнымі беларусамі і літоўцамі, культурныя ўзаемаўплывы. Паводле ягонага меркавання, у выніку паланізацыі сфармаваўся адметны тып паляка ў Літве і Беларусі, які па сваіх этнакультурных рысах быў бліжэйшы да літоўца і беларуса, чым да паляка з этнічнай Польшчы[4]. Відавочна, што думкі беларускіх даследчыкаў не з’яўляюцца нейкім кур’ёзам, а адпавядаюць, у прыватнасці, польскай гістарыяграфічнай традыцыі.

Прызнанне факта, што польская грамадскасць Беларусі сфармавалася галоўным чынам у выніку працэсаў асіміляцыі, толькі спрыяе аднясенню яе да карэннага насельніцтва[5] і зусім не сведчыць пра яе „непаўнавартасць“. Галоўным крытэрыем нацыянальнай прыналежнасці з’яўляецца самасвядомасць чалавека, і ў гэтых адносінах паляк з–пад Горадні нічым не адрозніваецца ад паляка з–пад Варшавы.

Што да ацэнкі феномена „паланізацыі“, то ў беларускай гістарыяграфіі (з часоў Кароткай гісторыі Беларусі В.Ластоўскага) прысутнічае разуменне паланізацыі не толькі як палітыкі асіміляцыйнага гвалту, але як натуральнага працэсу, свайго роду „самапаланізацыі“. Аўтар гэтых радкоў у даследаванні польскага руху на беларускіх і літоўскіх землях у апошняе пяцідзесяцігоддзе гісторыі Расійскай імперыі таксама прыйшоў да высновы, што немагчыма зразумець працэс асімі­ляцыі, карыстаючыся толькі паняццем „паланізацыя“. Даследаванне нацыянальна–культурнага і палітычнага становішча польскай грамадскасці Беларусі і Літвы напрыканцы ХIХ — пачатку ХХ ст., а таксама імкненне разглядаць беларусаў у якасці галоўнага суб’екта ўласнай гісторыі спрыялі ўвя­дзенню ва ўжытак беларускай гістарыяграфіі паняцця „самапаланізацыя“[6]. Аднак трэба прызнаць і тое, што ў айчыннай гістарыяграфіі і ў сістэме адукацыі ўсё яшчэ даволі распаўсю­джаныя ацэнкі асіміляцыйных працэсаў, заснаваныя не на навуковым, а на ідэалагічна–прапагандысцкім падыходзе. Тым не менш высновы З.Вінніцкага не адлюстроў­ваюць рэальны стан сучаснай беларускай гістарыяграфіі па праблеме пахо­джання і месца польскай супольнасці ў беларускай гісторыі. Аўтар праігнараваў пазітыўныя перамены апошніх гадоў.

Тое ж самае можна сцвярджаць адносна тэзіса З.Вінніцкага наконт „крадзяжу“ беларусамі польскіх твораў духоўнай і матэрыяльнай культуры разам з іх творцамі („<…> усе культурныя дасягненні на беларускіх землях <…> характарызуюцца як вынік працы этнічных (і палітычных) беларусаў (на кожным этапе гісторыі I Рэчы Паспалітай і да канца ХIХ ст. уключна)“ (s.411)). На самай справе беларускія гісторыкі звяртаюць увагу на тое, што творчасць, напрыклад, Адама Міцке­віча, Тамаша Зана, Яна Баршчэўскага ды іншых належыць не толькі польскай, але таксама і беларускай культуры. Адзначаецца, што гэтыя славутыя дзеячы культуры ніколі не забыва­ліся пра сваю Радзіму, якой быў Беларуска–Літоўскі край (гістарычная Літва). Часцяком менавіта родны край з’яўляўся галоўнай крыніцай творчай энергіі.

Дарэчы, і ў гэтым выпадку беларускія аўтары не выглядаюць ізаляванымі. Ю.Бардах, напрыклад, грунтоўна прааналізаваў свядомасць тыпу gente Lithuanus (vel Ruthenus), natione Polonus. Ён адзначыў характэрную для яе, па меншай меры з ХVII ст., падвоенасць нацыянальнага пачуцця, калі Літва ўспрымалася як „малая Айчына“, а Польшча — як „вялікая“[7]. Як „караняжы“, так і „ліцвіны“ ў адпаведнасці з тагачаснымі паняццямі былі палякамі. Але гэтыя паняцці мелі ў большай ступені дзяржаўны (палітычны) характар, чым этнакультурны. Падвоенасць свядомасці выразна адчуваецца ў літаратурнай творчасці, напрыклад, Адама Міцкевіча, які стаў гонарам і славай польскай паэзіі. У.Вяльгорскі наступным чынам ахарактарызаваў ягоную асобу: „Міцкевіч быў ліцвінам у тагачасным разуменні гэтага слова. Ён любіў свой родны край і яго мінуўшчыну сыноўняй любоўю. Жаданне вярнуць незалежнасць Вялікага Княства Літоўскага валодала ім цалкам. Адначасова Міцкевіч быў палякам. Ён належаў да польскай культуры і лічыў яе падмуркам духоўнай незалежнасці Айчыны. Незалежнасць Польшчы таксама была ягонай мэтай. Ён не ад­дзяляў яе ад свабоды Літвы. Абедзве гэтыя праўды аб’яднала ў душы Міцкевіча замілаванне да Рэчы Паспалітай“[8]. Яскравым прыкладам спалучэння ліцвінства і польскасці была таксама творчасць Людвіка Кандратовіча і Юзафа Крашэўскага.

У.Вяльгорскі лічыў, што менавіта гістарычная свядомасць нарадзіла гэты незвычайны для перыяду нараджэння нацыяналізмаў феномен. Ліцвінства ён звязваў з паходжаннем з тэрыторыі былога ВКЛ незалежна ад этнічнай і культурнай прыналежнасці, а польскасць лічыў гісторыка–палітычным утварэннем, вынікам гістарычных сувязяў, якія злучалі дзве дзяржавы і народы, што насялялі іх. Ён жа падкрэсліў прынцыповае адрозненне гэтай свядомасці ад свядомасці нацыянальнай[9].

Безумоўна, спроба вызначэння нацыянальнасці (у сучасным яе разуменні) многіх дзеячоў культуры ХIХ ст. выглядае як мадэрнізацыя гісторыі. І шмат каму з беларускіх даследчыкаў (і асабліва публіцыстаў) можна прад’явіць адпаведныя прэтэнзіі, але З.Вінніцкі, настойваючы на выключна „поль­скай нацыянальнай“ прыналежнасці гэтых людзей і іх твораў, робіць тое ж самае. Больш за тое, ягоныя намаганні называць I Рэч Паспалітую выключна „Польшчай“ успрымаюцца як спроба навязаць польскі нацыянальны характар федэратыўнай шматэтнічнай дзяржаве (s.137 ды інш.)[10]. Зрэшты, выкарыстаныя даследчыкам паняцці патрабуюць спецыяльнай гаворкі.

Аўтар не здолеў вырашыць праблему рэпрэзентатыўнасці беларускай гістарычнай літаратуры і ў выпадку з гісторыяй ВКЛ. Многія беларускія медыявісты будуць вельмі здзіўленыя, калі з кнігі З.Вінніцкага даведаюцца, што ў беларускай гістарыяграфіі ВКЛ трактуецца выключна як „беларуская дзяржава“ (s.125 ды інш.). Погляд М.Ермаловіча, на працы якога спасылаецца З.Вінніцкі, не з’яўляецца агульнапрынятым ні ў беларускай медыявістыцы[11], ні ў сістэме адукацыі. Тое ж самае датычыць выключна негатыўнай ацэнкі гэтым беларускім даследчыкам наступстваў Люблінскай уніі (s.173).

Сцвярджаючы агульнасць тэзіса пра „беларускасць“ ВКЛ, аўтар таксама спасылаецца на працы беларускіх эмігрантаў пасляваенных гадоў (заўважым, што сярод іх практычна адсутнічалі прафесійныя гісторыкі), на некаторыя ацэнкі А.П. Грыцкевіча (1994), а таксама… гарадзенскіх польскіх гісторыкаў Г.Васюка і Т.Кручкоўскага. У гэтым раздзеле З.Вінніцкі адмовіўся выкарыстоўваць падручнікі, цытаванне якіх па іншых праблемах займае значнае месца. Між тым аналіз падручнікаў лёгка абвяргае аўтарскі тэзіс наконт „паўсюднай“ трактоўкі ВКЛ як „беларускай дзяржавы“.

Досыць часта аўтар паўтарае думку пра агульнае перакананне сучасных беларускіх даследчыкаў у тым, што нічога карыснага ў беларускую гісторыю палякі не прынеслі. Але вось што, напрыклад, пісалі Г.Сагановіч і У.Арлоў пра наступствы Люб­лінскай уніі ў адной з самых папулярных кніг па беларускай гісторыі: „Аб’яднанне з Каронай дазволіла вызваліць Полацак, выгнаць з Беларусі акупацыйнае маскоўскае войска, скончыць вайну, паправіць гаспадарку“[12]. М.Піліпенка звязаў з „польскасцю“ з’яўленне ў Сярэднявеччы новых формаў адмі­ністрацыйнага падзелу, гарадскога самакіравання, новага календара, пранікненне каталіцызму, узбагачэнне слоўнікавага складу беларускай мовы ды інш.[13] Гэтыя пазітыўныя ацэнкі польскага ўплыву зусім не з’яўляюцца выключэннем у сучаснай беларускай гістарычнай літаратуры.

Аналізуючы беларускую гістарыяграфію, прысвечаную розным аспектам гісторыі ВКЛ (да і пасля Люблінскай уніі), аўтар павінен быў значна больш увагі аддаць працам Г.Сагановіча, А.Краўцэвіча, Г.Галенчанкі, В.Грыцкевіча, А.Мальдзіса. Аднак імёны і працы гэтых даследчыкаў згадваюцца зрэдку. Затое З.Вінніцкі практычна па ўсіх вылучаных аспектах гісторыі звяртаецца да працаў В.Ластоўскага (1910) і У.Ігнатоўскага (1926), якія храналагічна не належаць да разгляданага перыяду і ў сучаснай айчыннай гістарыяграфіі трактуюцца пераважна як помнікі гістарычнай думкі. З.Вінніцкі нават акрэсліў В.Ластоўскага „бацькам беларускай гісторыі“ (s.329, 347 ды інш.).

Абмяжуюся яшчэ толькі адным прыкладам, які ў аўтарскай канцэпцыі займае надзвычай важнае месца. Маецца на ўвазе тэзіс З.Вінніцкага, нібыта ў беларускай гістарыяграфіі, ідэалогіі і палітычным жыцці (у першую чаргу, сярод беларускай апазіцыі) прысутнічаюць тэрытарыяльныя прэтэнзіі на Беласточчыну (s.257 ды інш.). Аўтар неаднаразова гаворыць пра гэтыя прэтэнзіі, імкнучыся паказаць асаблівую варожасць да Польшчы з боку палітычных праціўнікаў беларускага прэ­зідэнта. Аднак, як сведчыць тэкст раздзела Тэрытарыяльныя пастулаты ў адносінах да польскай дзяржавы і прасторы ўзаемных культурна–этнічных і палітычных уплываў (=Беспрэцэдэнтны ў ХХ ст. рабунак дзяржаўнай тэрыторыі (Беларусі)), „гэты адзін з важнейшых канонаў беларускай ідэалогіі“ (s.257) прысутнічае толькі ў папулярным выданні доктара тэхнічных навук Я.Шыраева[14], у падручніках па гісторыі Беларусі У.Ігнатоўскага (1926), І.Коўкеля і Э.Ярмусіка[15], а таксама ў падручніку па беларусазнаўстве І.Саракавіка[16]. Дарэчы, аўтары падручнікаў, як і маскоўскі даследчык Я.Шыраеў, не маюць ніякага дачынення да беларускай апазіцыі.

Праблема рэпрэзентатыўнасці беларускай гістарыяграфіі не вырашаная аўтарам і ў іншых раздзелах працы. Аўтар звычайна абмяжоўвае прадстаўленне сучаснай беларускай гістарычнай навукі працамі В.Ластоўскага (1910) і У.Ігнатоўскага (4 выд., 1926), гістарычнай публіцыстыкай і некалькімі манаграфіямі пачатку 90–х г. ХХ ст., напісанымі не без уплыву „патрыятычнай“ гістарыяграфіі, а таксама сучаснымі падручнікамі неасавецкага кірунку, у прыватнасці, вельмі часта цытуюцца раздзелы падручнікаў па гісторыі Беларусі для ВНУ выкладчыкаў Гарадзенскага універсітэта І.Коўкеля і Э.Ярму­сіка[17], а таксама менскіх даследчыкаў Я.Новіка і Г.Марцуля[18]. Між тым яны належаць да „афіцыйнага“ (неасавецкага) кірунку сучаснай гістарыяграфіі і неаднаразова крытыкаваліся айчыннымі даследчыкамі[19]. Няўжо цытавання гэтых выданняў дастаткова, каб польскі чытач зразумеў тыя працэсы, што адбываюцца ў беларускай гістарычнай навуцы, у т.л. у ацэнках ролі палякаў і Польшчы ў мінулым краіны і яе народa? Безумоўна, не. Гэтага дастаткова толькі, каб па­цвердзіць аўтарскі прысуд беларускай гістарычнай навуцы, які, нагадаю, прагучаў ужо на с. 5 даследавання.

Паступова становіцца відавочным імкненне аўтара падмяніць навуковы аналіз беларускай гістарыяграфіі павярхоўнымі ацэнкамі спецыяльна падабранай дзеля гэтага літаратуры, у якой сапраўды прысутнічаюць антыпольскія стэрэатыпы яшчэ савецкіх часоў. Аўтарская селекцыя працаў беларускіх гісторыкаў не дазваляе ўбачыць эвалюцыю беларускай гістарыяграфіі, якая на рубяжы стагоддзяў перажывае цікавы і важны перыяд развіцця. Манаграфія З.Вінніцкага стварае вобраз „мёртвай“ навукі, якая недалёка адышла ад Кароткай гісторыі Беларусі.

Завяршаючы гаворку пра рэпрэзентатыўнасць даследавання, звернем увагу на Спіс літаратуры і крыніцаў. Раздзел манаграфій, зборнікаў і артыкулаў налічвае ўсяго каля 240 пазіцый. Беларускую гістарыяграфію пасля 1989 г. прадстаўляюць каля 70 пазіцый. Для працы, якая прэтэндуе на аналіз усёй беларускай гістарыяграфіі канца ХХ — пачатку ХХI ст., гэта вельмі мала. Практычна не згадваюцца працы Г.Сагано­віча, Г.Кісялёва, А.Мальдзіса, Я.Анішчанкі, Р.Лазько, Г.Галенчанкі, С.Марозавай, М.Спірыдонава, А.Латышонка, Я.Мірановіча, В.Насевіча, В.Шведа, А.Вабішчэвіча, А.Пяткевіча ды многіх іншых, чые даследчыя інтарэсы непасрэдна датычаць разгляданай праблематыкі[20]. Таксама не знайшлі свайго разгляду публікацыі такіх беларускіх гістарычных часопісаў як Беларускі гістарычны агляд (выходзіць з 1994 г.), Гістарычны альманах (з 1998), Край (з 2001), на старонках якіх часта асвятляецца праблема паланістыкі, у т.л. і польска–беларускіх адносінаў. Аўтар не прааналізаваў большасць адпаведных артыкулаў 6–томавай Энцыклапедыі гісторыі Беларусі (1993—2003), якая, безумоўна, аказвае даволі значны ўплыў на фармаванне гістарычнай свядомасці. Падобнае ігнараванне важнай часткі беларускай гістарыяграфіі тлумачыцца толькі тым, што ў „незаўважаных“ даследаваннях часцяком утрымліваюцца цалкам іншыя ацэнкі ролі Польшчы і палякаў у беларускай гісторыі, чым тыя, якія згадвае З.Вінніцкі.

Сучасная беларуская гістарыяграфія паступова перадольвае выключна канфрантацыйнае ўспрыняцце бліжэйшага заходняга суседа. У масавай свядомасці (дзякуючы таксама гістарычным працам) паступова знікае той вобраз „польскага ворага“, над стварэннем якога добра папрацавала савецкая ідэалогія міжваеннага часу.

Яшчэ адной характэрнай рысай тэксту кнігі з’яўляецца недакладнасць цытавання беларускіх аўтараў, якую ў некаторых выпадках можна ахарактарызаваць як свядомае скажэнне іх пазіцыі. Найбольш „пацярпеў“ аўтар падручніка па гісторыі Беларусі для 8 класа Міхась Біч. Вось некалькі пры­кладаў. У прыватнасці, М.Біч апублікаваў пачатак славутай інвакацыі да „Пана Тадэвуша“ ў перакладзе Я.Семяжона: „Літва! Бацькоўскі край, ты як здароўе тое: / Не цэнім маючы, а страцім залатое…“[21]

А вось як З.Вінніцкі пераказвае гэты пераклад: „Літва! Беларускі край, ты як здароўе тое…“ [Litwo! Białoruski Kraju, ty jesteś jak zdrowie…“] (s.397). Пры гэтым аўтар піша пра беларускія „маніпуляцыі“: „<…> [(naszym zdaniem jest to mani­pulacja) co do brzmienia jednej z najważniejszych strof mickie­wiczowskiej poezji <…>“]. Маніпуляцыі, як мы бачым, са­праўды маюць месца. Толькі іх аўтар не М.Біч і не Я.Семяжон, а Здзіслаў Вінніцкі, які падманвае польскіх чытачоў!

І, на жаль, не толькі ў гэтым выпадку. Напрыклад, характарызуючы пазіцыю М.Біча адносна партызанскіх дзеянняў пад час вайны 1812 г., З.Вінніцкі сцвярджае, што аўтар пісаў толькі пра вайну супраць салдат арміі Напалеона (s.193, 395), г.зн., што ён застаўся ў межах расійскай гістарыяграфіі. На самай справе М.Біч пісаў і пра народную вайну супраць расій­скай арміі, салдаты якой таксама рабавалі беларускія вёскі[22]. Скажаецца пазіцыя беларускага даследчыка адносна мовы адукацыі Віленскай навучальнай акругі пачатку ХIХ ст. З.Він­ніцкі сцвярджае, што М.Біч „забыўся“ згадаць пра польскую мову школ Віленскай акругі, у выніку чаго вучні могуць зра­біць выснову пра беларускамоўную адукацыю ў гэтых школах, якую пазней забараніў расійскі ўрад (s.336). А вось што на самай справе пісаў М.Біч: „Ва ўсіх школах акругі (Віленскай — А.С.) асноўнай мовай навучання была польская мова. Руская вывучалася па жаданні бацькоў вучняў. Пытанне аб беларускай, літоўскай, украінскай мовах не ставілася“[23].

Aхвярай фальсіфікацыі стаў таксама В.Ластоўскі. Апошні, параўноўваючы беларускае і польскае кнігадрукаванне, ад­значыў, што „польская друкарня ў Кракаве была аткрыта ў 1505 г., значыць на 22 гады пазней беларускай“. І дадаў: „Мы ня хочэм казаць, што палякі ў тыя часы асьветай стаялі ніжэй беларусоў, але гэты факт паказвае на высокую культуру ў беларускаго народу, катораму патрэбны былі друкаваныя кнігі ўжо ў тыя часы, калі па ўсёй Эўропе ледзьве толькі пачынало расхадзіцца друкаванае слова“[24]. А вось як пераказаў ягоную пазіцыю З.Вінніцкі: „Той жа аўтар (Ластоўскі — А.С.) <…> адзначае, што Біблія на беларускай мове была надрукаваная Францішкам Скарынам — каталіком, а „польская друкарня ў Кракаве пачала дзейнічаць на 22 гады пазней <…> што азначала, што палякі ў той час стаялі ніжэй беларусаў, а гэты факт указвае на высокую культуру беларускай нацыі (sic! — З.В.)“ [„Ten sam autor <…> zaznacza, że Biblia w języku białoruskim była wydrukowana przez Franciszka Skorynę —  katolika, zaś „polska drukarnia w Krakowie została uruchomiona 22 lata później <…> co oznaczało, że Polacy w owych czasach stali niżej od Białorusinów, zaś powyższy fakt wskazuje na wysoką kulturę narodu (sic!) białoruskiego“ (s.235)][25]. Прыклады скажэння З.Вінніцкім палажэнняў і тэзісаў беларускіх даследчыкаў можна працягваць, але і прыведзенага дастаткова, каб страціць давер да рэцэнзаванага даследавання.

Таксама заўважальная адсутнасць спасылак на многія цытаты. У прыватнасці, на s.152 прыводзіцца антыпольскае выказванне аднаго з нядаўніх лідэраў апазіцыі С.Шарэцкага (маўляў, „з часоў Гарадзельскай уніі палякі заўсёды падманвалі беларусаў“). Аднак аўтар не ўказвае, калі яно было зроблена і дзе апублікаванае. Пры аналізе пазіцыі беларускай гістарыяграфіі па праблеме агрэсіі СССР супраць Польшчы ў 1939 г. З.Вінніцкі падрабязна (на 6 старонках) разбірае тэкст А.Кавалені, асобныя палажэнні якога носяць сенсацыйны характар, бо, напрыклад, сцвярджаецца „факт“ тайных перамоваў у верасні 1939 г. паміж дэлегацыямі Нямеччыны, з аднаго боку, і Францыі ды Англіі, з іншага. Але спасылкі на гэтую „сенсацыйную“ публікацыю адсутнічаюць[26].

Асобнай гаворкі патрабуе тэрміналагічны аппарат даследавання. Яшчэ раз заўважым, што З.Вінніцкі з абурэннем рэагуе на тое, што беларускія гісторыкі для назвы краіны, пачатак якой паклала Люблінская унія, ужываюць тэрмін „Рэч Паспалітая“ і пазбягаюць называць яе „Польшчай“. Ва ўжыванні афіцыйнай назвы дзяржавы ён убачыў праявы палонафобіі. Але прэтэнзіі польскага даследчыка на „нацыянальнае прысваенне“ шматэтнічнай дзяржавы выглядаюць смешнымі. Добра вядома, што тэрмін „паляк“ на працягу амаль усёй гісторыі Рэчы Паспалітай быў пераважна палітонімам, а не этнонімам. У першую чаргу ён азначаў прыналежнасць да шляхецкага стану. Менавіта гэта ператварала ў „палякаў“ эт­нічна неаднародную шляхту краіны. Імкненне некаторых да­следчыкаў навязаць Рэчы Паспалітай польскі нацыянальны характар з’яўляецца даўно адхіленай (між іншым, многімі польскімі гісторыкамі) мадэрнізацыяй гісторыі.

Звяртае на сябе ўвагу амаль паўсюднае выкарыстанне З.Вінніцкім тэрміна „Беларусь“ у двукоссі. Тым самым даследчык падкрэслівае недапушчальнасць ужывання гэтага тэрміна як негістарычнага для часоў Сярэднявечча і нават для ХIХ ст. Пры гэтым без двукосся, г.зн. як гістарычная рэалія, ужываюцца тэрміны „Землі забраныя“ і „Паўночна–Заходні край“ (s.48 ды інш.). Хочацца параіць аўтару пазнаёміцца з добра вядомай (і даступнай!) у краіне кнігай Алеся Белага[27] і артыкуламі Г.Сагановіча[28].

Што да ХIХ ст., для якога аўтар лічыць навукова карэктным ужыванне тэрмінаў „Землі забраныя“ і „Паўночна–Заходні край“, то хачу адзначыць значнае распаўсюджванне тэрміна „Беларусь“ у другой палове стагоддзя. Тэрмін „Беларусь“ актыўна выкарыстоўваўся палітыкамі, навукоўцамі і дзеячамі культуры. У якасці прыкладу можна згадаць публікацыі часопіса беларускіх народнікаў „Гомон“ пачатку 80–х г. ХIХ ст., артыкулы гісторыка М.Доўнара–Запольскага „Беларускае мінулае“, надрукаваныя ў газеце „Минский листок“ (1888), паэтычны зборнік Ф.Багушэвіча „Дудка беларуская“ (1891), „Кароткую гісторыю Беларусі“ В.Ластоўскага (1910) ды інш. Ужыванне тэрмінаў „Землі забраныя“ і „Паўночна–Заходні край“ без двукосся ўспрымаецца ў Беларусі як адмаўленне яе права на самастойны гістарычны шлях і непрызнанне беларусаў суб’ектам уласнай гісторыі. Наогул, вывучэнне тэксту З.Вінніцкага паступова пераконвае ў тым, што Беларусь для аўтара не мае ні этнакультурнай, ні дзяржаўнай адметнасці. Для З.Вінніцкага гэта ўсё тыя ж „крэсы ўсходнія“, якія толькі праз нейкі гістарычны кур’ёз напрыканцы ХХ ст. атрымалі назву „Рэспубліка Беларусь“.

Таксама варта адзначыць, што выкарыстоўванне тэрміна „Беларусь“ у дачыненні, напрыклад, да часоў ранняга Сярэднявечча тлумачыцца імкненнем падкрэсліць пераемнасць і непарыўнасць беларускай гісторыі. Тое ж самае робяць польскія гісторыкі, якія, напрыклад, апісваюць умовы жыцця першабытнага чалавека ў Польшчы або сцвярджаюць факт пражывання ў Польшчы ў VI ст. славянскіх прапольскіх плямёнаў[29] ды інш.

Тэрміналагічны апарат, якім карыстаўся З.Вінніцкі, да­зваляе заўважыць яшчэ адну важную рысу даследавання — палонацэнтрызм. Менавіта ён перашкаджае аўтару прыслухацца да аргументаў іншага (беларускага) боку і зразумець, напрыклад, крытычнае стаўленне беларускага грамадства да вынікаў Рыжскага міру. Між тым, падзел беларускай зямлі паміж Савецкай Расіяй і Польшчай у 1920—1921 г. азначаў крах спадзяванняў на стварэнне ўласнай незалежнай дзяржавы. Пратакол, падпісаны ў Рызе, абумовіў паўкаланіяльны стан Беларусі на працягу амаль усяго ХХ ст.

Палонацэнтрызм даследчыка выявіўся таксама ў трактоўцы паўстання 1863 г. як выключна „польскага нацыянальнага“ (s.321), хоць агульнавядомы актыўны ўдзел у паўстанні, у прыватнасці, беларускіх сялян Гарадзенскай губерні. Цікава, што аўтарская трактоўка паўстання цалкам супадае з ягонай ацэнкай у расійскай дарэвалюцыйнай гістарыяграфіі. Аўтар выказвае здзіўленне, што беларускія гісторыкі пішуць вы­ключна пра падзеі паўстання ў Беларусі. За гэтым „здзіўленнем“ хаваецца абвінавачванне беларускага боку ў тым, што паўстанне 1863 г. трактуецца ім як „беларускае нацыянальнае“. На самай справе ніхто з беларускіх гісторыкаў не падважае вялікай ролі палякаў у падрыхтоўцы паўстання і ў паўстанчай барацьбе. У айчыннай гістарыяграфіі адсутнічаюць ацэнкі паўстання як „беларускага нацыянальнага“. Найбольш пашыраны тэрмін — „Паўстанне 1863 г. у Польшчы, Беларусі і Літве“. Што датычыць праяваў „беларускага нацыянальнага“ ў паўстанні, то звычайна іх звязваюць з асобай Вікенція Канстанціна Каліноўскага (1838—1864). Дарэчы, аналіз дыскусіі па праблеме ролі Каліноўскага ў беларускай гісторыі, у якой актыўна ўдзельнічалі М.Біч і У.Казбярук, дазваляе заўважыць перамены, што адбываюцца ў нашай гістарычнай навуцы. На жаль, З.Вінніцкі праігнараваў гэтую дыскусію, як, дарэчы, і іншыя.

Асобнай гаворкі патрабуюць ацэнкі Здзіславам Вінніцкім асвятлення ў беларускай гістарыяграфіі польска–беларускіх адносінаў. Паводле аўтара, характэрнай рысай гэтага асвятлення з’яўляецца палонафобія: „У адносінах да польскасці ў самым шырокім значэнні гэтага паняцця сучасная беларуская гістарыяграфія працягвае царскую і савецкую палітыку, галоўнай мэтай якой заўсёды была поўная дэпаланізацыя <…>“ (s.37); „У сучаснай Беларусі (у беларусаў) здаўна прысутнічае выразны (у вялікай ступені класавы) польскі комплекс. На жаль, на яго існаванне ўплывае сістэма адукацыі, якая прадстаўляе беларуска–польскія адносіны часцяком у ідэалагізаваным выглядзе…“ (s.394). Пры гэтым гісторык імкнецца даказаць, што пачаткі беларускай палонафобіі караняцца ў палітыцы і гістарыяграфіі яшчэ дарэвалюцыйнай Расіі (s. 5, 97 ды інш.). Апошняя выснова не з’яўляецца арыгінальнай. Тое ж самае спрабаваў давесці старшыня Саюза палякаў Беларусі Тадэвуш Кручкоўскі ў кнізе Polacy na Białorusi na tle historii i wspólczesności (Слонім, 2003)[30]. Характэрна, што пры гэтым аб’ектам аналізу польскага дзеяча сталі пераважна навукова–папулярныя выданні 1990—1993 г., напрыклад, 100 пытанняў і адказаў па гісторыі Беларусі (Мінск, 1993), а таксама тыя канцэпцыі і ідэі, якія нарадзіліся на самым пачатку станаўлення Рэспублікі Беларусь і не былі пазбаўленыя пэўнай палітызаванасці. Т.Кручкоўскі таксама вельмі лёгка вырашыў праблему рэпрэзентатыўнасці: выкарыстоўвалася ўсё, што адпавядала ягонай канцэпцыі.

Варта адзначыць поўную згоду абодвух польскіх аўтараў адносна агульнай ацэнкі беларускай гістарычнай паланістыкі і яе напрацовак па праблеме польска–беларускіх дачыненняў. У прыватнасці, абодва аўтары лічаць феномен беларуса–каталіка штучнай з’явай, народжанай яшчэ пад час расійскай імперскай дэпаланізацыйнай палітыкі. Паводле меркавання Т.Кручкоўскага, паняцце „беларус–каталік“ пазней выкарыстоўвалася савецкім кіраўніцтвам, а на пачатку 90–х г. ХХ ст. ужо ўладамі незалежнай Беларусі і дзеячамі БНФ, якія фактычна спрабавалі працягваць расійскую і савецкую палітыку дэпаланізацыі[31]. Характэрнай асаблівасцю тэкстаў зборніка Т.Кручкоўскага з’яўляецца шматразовае паўтарэнне састарэлых стэрэатыпаў — „паляк=каталік“ і „беларус (расіец)=праваслаўны“.

З.Вінніцкі, на першы погляд, пазбягае падобнай адна­значнасці. Сцвярджаючы, што ў Расійскай імперыі каталіцызм атаясамліваўся галоўным чынам з польскай нацыянальнасцю, а ў сучаснай Беларусі паняцці „каталіцызм“ і „польская вера“ тоесныя (s.78), ён тым не менш адзначыў існаванне беларусаў–каталікоў у міжваенны час у Віленскім ваяводстве (17—20% насельніцтва). Аднак ва ўсходняй і цэнтральнай Беларусі, паводле меркавання З.Вінніцкага, нацыянальнага па­дзелу сярод каталікоў не існавала — усе каталікі былі палякамі. І ў сучаснай Рэспубліцы Беларусь, сцвярджае даследчык, асноўная маса каталіцкага насельніцтва з’яўляецца свядомымі палякамі або адчувае моцную сувязь з польскай нацыянальнасцю (s.79). Пры гэтым З.Вінніцкі рэгулярна падвяргае сумненню беларускасць такіх дзеячоў беларускага руху, як браты Луцкевічы, В.Ластоўскі, В.Іваноўскі (s.383 ды інш.). Падстава — іх прыналежнасць да каталіцкай канфесіі. Нават характарызуючы беларускае нацыянальна–культурнае Адра­джэнне пачатку ХХ ст., аўтар падкрэсліў, што ягонымі пачынальнікамі былі прадстаўнікі каталіцкіх шляхецкіх сем’яў, „якіх усе лічылі (і яны самі сябе лічылі) польскімі“ (s.37).

Пашыранасць стэрэатыпа „каталік=паляк“ у працах мно­гіх польскіх даследчыкаў, якія закранаюць праблемы гісторыі беларускіх земляў, патрабуе спецыяльнай увагі. У гэтай рэцэнзіі адзначу толькі, што ў другой палове ХIХ ст. гэты стэрэатып на беларускіх землях пашырала не толькі каталіцкае духавенства, якое такім чынам супрацьстаяла спробам русіфікацыі касцёла, але і самі расейскія ўлады. Яны не здолелі зна­йсці іншы крытэрый для вызначэння польскага насельніцтва, на якое распаўсюджваліся палітычныя, эканамічныя і культурна–рэлігійныя абмежаванні. У пэўны момант (апошняя трэць ХIХ ст.) інтарэсы нацыянальна арыентаванай часткі польскага каталіцкага духавенства і расійскага чыноўніцтва пачалі супадаць. Беларускую нацыю разбіралі па канфесійнай прыкмеце на праваслаўных=расійцаў і каталікоў=палякаў.

У польскай гістарыяграфіі прысутнічае тэндэнцыя адмовы ад гэтага састарэлага стэрэатыпа. На пачатку ХХ ст. пра беларусаў–каталікоў пісалі такія грунтоўныя знаўцы Беларуска–Літоўскага краю, як Міхал Ромэр[32] і Леон Васілеўскі[33]. Існаванне беларусаў–каталікоў прызнае таксама Юліуш Бардах[34]. Вядомы дэмограф, географ і гісторык П.Эбэрхардт пісаў пра беларусаў–каталікоў на рубяжы ХIХ—ХХ ст. у цэнтральнай і ўсходняй Беларусі[35]. Толькі на беларуска–польскім этнічным памежжы, на яго думку, прыналежнасць да каталіцкага касцёла на пачатку ХХ ст. трэба лічыць крытэрыем нацыянальнай прыналежнасці. Што да сучаснай Беларусі, то асабістыя кантакты з П.Эбэрхардтам пераканалі ў тым, што гэты польскі даследчык, як і большасць іншых, не ставіць пад сумненне існаванне беларусаў–каталікоў у нашай краіне. Паўтарэнне сучаснымі польскімі аўтарамі (З.Вінніцкі і Т.Кручкоўскі) стэрэатыпаў ХIХ ст., якія, як здавалася, былі цалкам перакрэсленыя актыўным удзелам каталіцкага насельніцтва ў беларускім нацыянальна–культурным Адраджэнні пачатку ХХ ст., можна ахарактарызаваць як палітычны анахранізм.

Аднак разважанні З.Вінніцкага пра штучнасць і дэпаланізацыйную сутнасць феномена „беларус–каталік“ не абмяжоў­ваюцца выключна гістарыяграфічнай цікавасцю. Аўтар неаднаразова падкрэслівае памылковасць і згубнасць увядзення беларускай мовы ў каталіцкае набажэнства: „Некаторыя духоўныя асобы насуперак волі вернікаў уводзяць у набажэнства беларускую мову“ (s.81); „<…> пачынаючы з другой паловы 90–х г. ХХ ст. <…> каталіцкі касцёл у Беларусі ўсё часцей уводзіць беларускую літургію (замест польскай) у большасці выпадкаў насуперак волі мясцовых каталікоў–палякаў“ (s.199—200)“ ды інш. Асабліва рэзка крытыкуецца ксёндз У.Завальнюк (парафія св.Сямёна і св.Алены ў Менску), якога аўтар абвінавачвае ў дэпаланізацыі [„odpolszczeniu“ (s.225)] каталіцкага касцёла і яго вернікаў[36].

Пры гэтым З.Вінніцкі імкнецца пераканаць чытача ў тым, што беларусы амаль цалкам зрусіфікаваныя. Паводле сваіх падлікаў, крыніцы якіх невядомыя, ён сцвярджае, што на пачатку 90–х г. ХХ ст. толькі 20% насельніцтва Беларусі штодня карысталася роднай мовай, а сучасныя паказчыкі амаль не змяніліся (s.87). Заўважым, што даследчык праігнараваў вынікі перапісу 1999 г., адпаведна якому беларускай мовай штодня карыстаецца 36,7% насельніцтва. (Сярод беларусаў — 41,3%, сярод палякаў — 57,6%). Прычым у найбольш „каталіцкіх“ Менскай і Гарадзенскай вобл. болей за 50% насель­ніцтва паўсядзённа размаўляе па–беларуску[37]. Пры гэтым польскай мовай штодня карыстаецца меней за 5,6% палякаў Гарадзенскай вобл.[38] Лічбы сведчаць пра неабходнасць больш шырокага ўвядзення беларускай мовы ў касцельнае набажэнства. Варта падкрэсліць, што перапіс адбываўся ва ўмовах, калі дзяржаўныя ўлады нашай краіны мэтанакіравана праводзілі (і праводзяць!) палітыку русіфікацыі.

Неабходна таксама звярнуць увагу на аўтарскую ацэнку палітыкі беларусізацыі і яе наступстваў для лёсу польскай супольнасці. Праблема дастаткова складаная і патрабуе грунтоўнага даследавання. Аднак для аўтара ніякай складанасці тут няма. Беларусізацыя разглядаецца ім толькі ў якасці праявы антыпольскай палітыкі, у якой таксама ўдзельнічалі беларускія гісторыкі. Ужо ва Ўводзінах З.Вінніцкі заявіў, што „сучасная беларуская гістарыяграфія ўдзельнічае ў працягу царскай і савецкай палітыкі, мэтаю якой была і застаецца дэпаланізацыя <…> Земляў забраных, Літвы, Паўночна–Заходняга краю, Заходняй Беларусі, заходніх абласцей БССР — РБ. У пэўныя моманты гэтая палітыка набывае выгляд <…> „дзіцячай хваробы нацыяналізму“ (s.37).

З.Вінніцкі вылучыў восем этапаў беларусізацыі. Пры гэтым ён падкрэсліў, што палова з іх (у перыяд з 1924 да 1956 г.) суправаджалася антыпольскім рэпрэсіямі і фізічным вы­нішчэннем прадстаўнікоў польскай супольнасці (с.37—38), і не згадаў пра антыбеларускі тэрор канца 20–х — сярэдзіны 50–х г., які па сваіх памерах і наступствах быў не менш жах­лівым. Дэманструючы даволі арыгінальнае разуменне „беларусізацыі“, якая, напрыклад, магла суправаджацца антыбеларускім тэрорам, польскі даследчык у якасці апошняга перыяду гэтай палітыкі вылучыў 1996—2002 г. (?!), а праз некалькі старонак заўважыў, што дэпаланізацыя працягваецца і сёння (s.47). Наогул, гісторыя Рэспублікі Беларусь з яе намаганнямі па Адраджэнні беларускай культуры, якімі характарызаваўся перыяд парламенцкай рэспублікі (1991—1994), разглядаецца пераважна як чарговы этап дэпаланізацыі. Аўтар упарта падкрэслівае антыпольскасць беларускіх палітыкаў незалежніцкага кірунку, як пад час іх знаходжання пры ўладзе, так і ў перыяд апазіцыйнай дзейнасці. Аднак варта нагадаць, што амаль усе культурныя і адукацыйныя поспехі польскай грамадскасці былі дасягнутыя якраз на пачатку 90–х г., а палітычныя рашэнні па ліквідацыі перашкодаў для развіцця ўсіх нацыянальных супольнасцяў Беларусі прымаліся пераважна людзьмі, якія сёння належаць да палітычнай апазіцыі. Дарэчы, гэта іншым разам прызнае і З.Вінніцкі. У прыватнасці, ён згадаў, што Закон аб мовах (1990) спрыяў развіццю культуры ўсіх народаў Беларусі (s.90). Аднак на агульныя ацэнкі З.Він­ніцкім стаўлення прыхільнікаў беларусізацыі да польскай супольнасці гэта ніяк не паўплывала. Аўтар адстойвае думку, што антыпольская палітыка была неад’емным атрыбутам кожнага этапу беларускага Адраджэння.

Адзначым таксама шматлікія факталагічныя памылкі, абумоўленыя аўтарскім няведаннем многіх падзеяў беларускай гісторыі. У прыватнасці, З.Вінніцкі лічыць Еўфрасінню Полацкую княгіняй (s.127, 365), якая жыла і кіравала Полацкам з 1104 да 1116 г. (s.367). Ён жа сцвярджае, што Слуцкім паўстаннем (1920) кіраваў Булак–Булаховіч (s.323—324) ды інш.

У выніку праведзенага „даследавання“ З.Вінніцкі заявіў, што „ў адносінах да трактавання Польшчы і польскасці гістарыяграфія (у прынцыпе ўся) і ідэалогія (грамадская і дзяржаўная) у Рэспубліцы Беларусь, незалежна ад таго, ці зыходзіць яна з афіцыйных цэнтраў ці з апазіцыйных, практычна тоесная, або па меншай меры вельмі падобная. Гэта абумоў­лівае (і тлумачыць) няшчырыя, халодныя, а часамі непрыязныя адносіны да бліжэйшага суседа Рэспублікі Белaрусь — Рэчы Паспалітай Польскай. У такім аспекце трэба тлумачыць адносіны да польскай нацыянальнай меншасці ў сучаснай Беларусі. Гэта павінны ўлічваць польскія палітычныя цэнтры, зацікаўленыя польска–беларускімі адносінамі, і даследчыкі, якія вывучаюць уплыў дактрыны на палітыку. Яны па­він­ны зрабіць практычныя высновы, патрэбныя палітыкам“ (s.601).

Заўважым невыпадковасць адкрытай палітызаванасці высноваў З.Вінніцкага. Знаёмства з тэкстам пераконвае ў тым, што аўтар не выканаў падставовых нормаў навуковага даследавання, дзеля доказу сваіх тэзісаў часцяком скажаў пазіцыі беларускіх аўтараў і падманваў чытача. Ён свядома ствараў з беларусаў (у першую чаргу з прадстаўнікоў беларускай палітычнай апазіцыі) вобраз ворага Польшчы i палякаў.

Сапраўды, польска–беларускія адносіны ў мінулым стагоддзі часцяком набывалі даволі востры характар, але ці толькі беларусы ў гэтым вінаватыя? Навуковае даследаванне праблемаў, якія датычаць міжнацыянальных адносінаў, па­він­на адрознівацца падкрэсленым аб’ектывізмам, імкненнем да разумення іншага боку, здольнасцю прыняць іншае меркаванне і пагадзіцца з ім.

Вядомы польскі гісторык Ежы Тапольскі, разважаючы пра аб’ектыўнасць даследчыка, згадаў пра прынцып адкрытасці. Ён быў упэўнены, што аб’ектыўным можа быць толькі той гісторык, які адкрыты на іншыя культуры і іншыя спосабы мыслення. Паводле Е.Тапольскага, аб’ектыўнасць — гэта, у першую чаргу, „супрацьстаянне кожнаму ідэалагічнаму гвалту (і ўплыву), накіраванаму на рэалізацыю мэтаў толькі адной сацыяльнай групы або адной нацыі на шкоду іншым. Аб’ектыўнасць  — гэта разуменне „іншых“ і адначасная салідарнасць, якая закранае максімальна шырокія групы людзей“[39]. Пра неабходнасць нейтралізацыі ўласнага пункту погляду шляхам ягонага асэнсавання і аналізу пісаў таксама амерыканскі да­следчык Георг Ігерс. На яго думку, менавіта „на гэтым грунтуецца адказнасць даследчыка і ўчора, і сёння“[40]. Ён жа выказаў меркаванне, што „гістарыяграфія — гэта бясконцы дыялог, які неабавязкова прыводзіць да кансэнсуса“[41].

На жаль, З.Вінніцкі ў рэцэнзаванай працы цалкам праігнараваў гэтыя і падобныя ім думкі, якія датычаць „майстэрні гісторыка“. Амаль з першых старонак кнігі ён выступае як носьбіт „абсалютнай ісціны“ і звычайна вядзе гаворку тонам пракурора пад час судовага працэсу. Звычайна падобная па­зіцыя чалавека, які прэтэндуе на тое, каб называцца гісторыкам, выклікае толькі ўсмешку ўдумлівага чытача. Але ў дадзеным выпадку паблажлівасць недапушчальная. Занадта важныя праблемы сталі прадметам абмеркавання ў кнізе З.Він­ніцкага.

Сучасная беларуская гістарычная паланістыка перажывае складаны этап станаўлення, важнай рысай якога з’яўляецца паступовае пазбаўленне ад таго „вобраза ворага“, у які пера­тварылі палякаў ідэолагі яшчэ сталінскіх часоў. Гэты працэс ідзе досыць няпроста, і праца З.Вінніцкага пры ўсіх сваіх недахопах і свядомай антыбеларускай пазіцыі аўтара прымушае звярнуць увагу на неабходнасць канчатковага пазбаўлення савецкіх стэрэатыпаў.

Кніга З.Вінніцкага адначасна сведчыць пра пэўныя праблемы польскай гістарыяграфіі, якая таксама цяжка развітваецца са стэрэатыпамі „крэсовай“ гістарычнай публіцыстыкі міжваеннага часу. Рэцэнзаваная праца быццам пераносіць чытача на сто гадоў назад, у эпоху ваяўнічых нацыяналізмаў. На фоне многіх іншых сучасных даследаванняў, прысвечаных міжнацыянальным аспектам і накіраваных на дыялог з іншы­мі культурамі, кніга З.Вінніцкага выглядае як іржавы асколак даўняй вайны.

Зразумела, што рэцэнзаваная манаграфія зусім не адлюстроўвае ўзровень польскай гістарычнай беларусістыкі, якая можа ганарыцца працамі Р.Радзіка, Ю.Бардаха, А.Бергман, К.Гамулкі, П.Эбэрхардта, Е.Клачоўскага, У.Вяльгорскага ды інш. Наогул, кантакты з польскімі навукоўцамі вельмі спрыяюць пазітыўным пераменам у айчыннай гістарычнай навуцы. Кніга З.Вінніцкага таксама будзе карыснай для азнаямлення, але галоўным чынам як прыклад таго, як нельга праводзіць гістарычнае даследаванне.


[1] Гл., напр., публікацыі часопіса Беларуская думка.
[2] Блок М. Апология истории или ремесло историка. Изд. 2. Москва, 1986. С. 80.
[3] Гл., напр., Jurkiewicz J. Osadnictwo Polskie w Wielkim Księstwie Litewskim w światle badań historycznych // Acta Baltico–Slavica. 1994, t. 22; Römer M. Litwa. Studium odrodzenia narodu litewskiego. Lwów, 1908; Römer M. Dwie teorie o Polakach litewskich // Zeszyty historyczne. Z.106. Paryż, 1993; Карашчанка І. Палякі // Этнаграфія Беларусі. Мінск, 1989; Werenicz W. Historyczne i kulturalne podstawy świadomości narodowej Polaków w Związku Radzieckim (na przykładzie Białorusi) // Polacy w kościele katolickim w ZSSR. Pod red. ks. E.Wale­wandra. Lublin: KUL, 1991; Bardach J. O dawnej i niedawnej Litwie. Poznań, 1988; Смалянчук А. Паміж краёвасцю і нацыянальнай ідэяй. Польскі рух на беларускіх і літоўскіх землях. 1864—1917 г. Гродна, 2001; Miknys R. Problem kształtowania się nowoczesnego narodu Polaków litewskich w pierwszej połowie XX w. // Biuletyn Historii pogranicza. 2000. Nr 1.
[4] Bardach J. O dawnej i niedawnej Litwie. S. 197—198.
[5] Гл., напр., публікацыі А.Смаленчука, у т.л. Паміж краёвасцю і нацыянальнай ідэяй.
[6] Смалянчук А. Паміж краёвасцю і нацыянальнай ідэяй. С. 28 ды інш.
[7] Bardach J. O dawnej i niedawnej Litwie. S. 201—202.
[8] Wielhorski W. Narodowość Mickiewicza w światle współczesnej socjologii i etnografii // Alma Mater Vilnensis. Prace zebrane.  Londyn, 1958. S. 112.
[9] Тамсама.
[10] Вядомы польскі гісторык Ежы Клачоўскі ў адным з інтэрв’ю прызнаў, што „…Рэч Паспалітая ў нашай (польскай — А.С.) гістарыяграфіі часта трактавалася проста як Польшча. На працягу стагодзьдзяў мы ўсімі сіламі імкнуліся прыпісаць на нашу ўласнасць гэтую дзяржаву і глядзелі на яе з пэрспэктывы нашых нацыянальных інтарэсаў. Поль­шча, канешне, была часткаю Рэчы Паспалітае, але гэтай Рэччу Паспалітай мы павінны падзяліцца. Мы павінны ўсвядоміць сабе, што яна была ў сваёй аснове дзяржаваю ў роўных правох палякаў, літоўцаў, беларусаў, украінцаў. Зразумела, мы ня можам не ўлічыць вялікую ролю немцаў як з Каралеўскай, так і Княскай Прусіі, якія доўгі час былі ленам Рэчы Паспалітае, і, канешне, гэбраяў, якія стварылі на гэтых землях унікальную культуру (Клачоўскі Е., Уроньскі П. Пра Люблінскую унію і унію Эўрапейскую // Спадчына. 2000. № 1. С. 65—66).
[11] Напр., Г.Сагановіч у кнізе Нарыс гісторыі Беларусі ад старажытнасці да канца XVIII ст. (Мінск, 2001) ахарактарызаваў ВКЛ як літоўска–беларускую дзяржаву, у якой пры палітычнай дамінацыі літоўцаў вельмі значную ролю адыгрывалі беларускія землі з іх вялізным дэмаграфічным і грамадска–культурным патэнцыялам (С. 72).
[12] Арлоў У., Сагановіч Г. Дзесяць вякоў беларускай гісторыі. 862—1918. Падзеі. Даты. Ілюстрацыі. Вільня, 2002. С. 108. (Гэта адна з рэдкіх кніг па гісторыі Беларусі, якая вытрымала ўжо 3 выданні і па–ранейшаму карыстаецца попытам на кніжным рынку краіны).
[13] Пилипенко М. Возникновение Белоруссии. Минск: Беларусь, 1991. С. 99.
[14] Ширяев Е.Е. Русь Белая, Русь Черная и Литва в картах. Минск, 1991.
[15] Ковкель И.И., Ярмусик Э.С. История Беларуси с древнейших времен до нашего времени. Минск, 1998.
[16] Саракавік І.А. Беларусазнаўства. Мінск, 1998.
[17] Ковкель И.И., Ярмусик Э.С. История Беларуси с древнейших времен до нашего времени. Минск, 1998.
[18] Гісторыя Беларусі: У 2 ч. Ч. 1. Ад старажытных часоў — па люты 1917 г.; Ч. 2. Люты 1917 — 2000 г. : Вучэб. дапам. / пад рэд. Я.К.Новіка, Г.С.Марцуля. Выд 2. Мінск, 2000.
[19] Гл., напр., Г.Сагановіч. Вяртанне ў „Северо–Западный край“? // БГА. Том 5. Сш. 2(9). Снежань 1998; Біч М. Гістарыяграфічныя „навацыі“ ў навучальнай літаратуры // БГА. Том 5. Сш. 2(9). Снежань 1998.
[20] Хачу таксама звярнуць увагу на ўласны сціплы ўнёсак у вывучэнне гісторыі палякаў Беларусі ў другой палове ХIХ — пачатку ХХ ст. У перыяд з 1993 да 2002 г. апублікаваныя каля 50 артыкулаў і 2 мана­графіі, якія атрымалі пераважна станоўчыя ацэнкі беларускіх (рэцэнзіі С.Рудовіча і Я.Мірановіча), літоўскіх (рэцэнзія Р.Гайдзіса) і польскіх (рэцэнзіі Л.Заштаўта, Я.Юркевіча, Д.Тарасюка) калегаў.
[21] Біч М.В. Гісторыя Беларусі. Канец XVIII ст. — 1917 г. / Вучэб. дапам. для 8 класа агульнаадукацыйнай школы. Мінск, 1998. С. 68.
[22] Тамсама. С. 16.
[23] Тамсама. С. 54.
[24] Ластоўскі В. Кароткая гісторыя Беларусі. Мінск, 1992. С. 48 (цытата з захаваннем моўных асаблівасцяў арыгіналу).
[25] З.Вінніцкі чамусьці спаслаўся на с. 50—51 Кароткай гісторыі Беларусі.
[26] З.Вінніцкі сцвярджае, што ўсе беларускія аўтары лічаць савецкую агрэсію актам гістарычнай і класавай справядлівасці. Прычым прадстаўнікі нацыянальнай гістарыяграфіі да таго ж прэтэндуюць на анексію польскай Беласточчыны (s.534). Аўтар праігнараваў кнігу вядомага беларускага паланіста Р.Лазько Перад патопам. Еўрапейская палітыка Польшчы (1932—1939) (Мінск, 2000), дзе 1939 год трактуецца як трагедыя Польшчы і ўсяго свету. Таксама хачу спаслацца на ўласны артыкул Верасень 1939 г. у савецкай і беларускай гістарыяграфіі (Гістарычны альманах. 2000. Т. 3), дзе падзеям верасня 1939 г. была дадзеная падобная ацэнка.
[27] Белы А. Хроніка Белай Русі. Chronicon Russiae Albae. Нарыс гісторыі адной геаграфічнай назвы. Мінск, 2000.
[28] Гл., напр., Сагановіч Г. Да гісторыі назвы „Белая Русь“ // Старонкі гісторыі Беларусі. Мінск, 1992.
[29] Dzieje Polski. Pod red. Jerzego Topolskiego. Warszawa, 1976. S. 14, 78.
[30] Рэцэнзія на кнігу Т.Кручкоўскага апублікаваная на старонках Гістарычнага альманаха (2003, т. 9).
[31] Kruczkowski T. Polacy na Białorusi na tle historii i wspólczesności. Слоним, 2003. S. 209.
[32] Römer M. Litwa. Studium odrodzenia narodu litewskigo. S. 9.
[33] Wasilewski L. Litwa i jej ludy. Warszawa, 1907. S. 5.
[34] Bardach J. Polacy litewscy a inne narody Litwy historycznej. Próba analizy sistemowej // Belarus, Lithuania, Poland, Ukraina. The foundations of historical and cultural traditions in East Central Europe. Lublin–Rome, 1999. S. 377.
[35] Эбэрхардт П. Дэмаграфічная сітуацыя на Беларусі: 1897—1989. Мінск, 1997.
[36] Некаторыя аўтарскія ацэнкі асобы ксяндза У.Завальнюка нагадваюць сапраўдны данос, адрасаваны кіраўніцтву каталіцкага касцёла Беларусі.
[37] Численность и основные социально–демографические характеристики населения Республики Беларусь по данным переписи 1999 г. Минск, 1999. С. 23.
[38] Перепись населения Республики Беларусь. Итоговые таблицы первой очереди. Б.м., б.д. Табл. 34.
[39] Topolski J. Jak się pisze i rozumie historię. Tajemnice narracji histo­rycznej. Warszawa, 1998. S. 376.
[40] Iggers G.G. Użycia i nadużycia historii: o odpowiedzialności historyka w przeszłości i obecnie // Pamięc, etyka i historia. Angło–amerykańska teoria historiografii lat dziewięćdziesiątych / pod red. Ewy Domańskiej. Poznań, 2002. S. 113.
[41] Тамсама.

Наверх

Independent Belarus: Domestic Determinants, Regional Dynamics, and Implications for the West. Ed. By Margarita M. Balmaceda, James I. Clem, Lisbeth L. Tarlow (Лявон Баршчэўскі)

Снежня 7, 2002 |

Independent Belarus: Domestic Determinants, Regional Dynamics, and Implications for the West. Edited by Margarita M.Balmaceda, James I.Clem, Lisbeth L.Tarlow. Harvard Ukrainian Research Institute and Davis Center for Russian Studies. Cambridge, Mass., 2002. 483.

Калектыўная манаграфія, падрыхтаваная гарвардскімі Цэнтрам украінскіх даследаванняў і Цэнтрам Дэвіса па вывучэнні Расіі, была выдадзеная з дапамогай Фундацыі Сміта Рычардсана. Кніга складаецца з уступу рэдактараў, чатырох (умоўна вызначаных рэдактарамі) рознавялікіх раздзелаў:  „Унутраная палітыка“  (21—108), „Беларуская эканоміка“ (109—196), „Расія і Беларусь: узаемаўспрыманне і ўзаемаўплывы“ (197—255), „Беларусь і еўрапейская бяспека“ (256—458); у Дадатку змешчаны тэкст „Хартыі–97“ (на беларускай і англійскай мовах) і Паказальнік стрыжнявых паняццяў ды імёнаў, што згадваюцца ў тэксце.

Ва Ўступе рэдактары манаграфіі, у прыватнасці, сцвярджаюць: „Беларускі досвед як выключэнне з агульнай больш тыповай рэгіянальнай тэндэнцыі руху ў кірунку рэформаў прапаноўвае каштоўную магчымасць зрабіць аналіз таго выпадку, калі дэмакратыя ў постсавецкім кантэксце церпіць паразу. Параўноўваючы беларускі досвед з іншым, можна даць ацэнку слабасці беларускае нацыянальнае самаідэнтычнасці, а таксама ахарактарызаваць індывідуальную ролю прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі. Разуменне ступені выключнасці беларускай сітуа­цыі вельмі істотнае для ацэнкі верагоднасці таго, што сцэнар развіцця беларускай сітуацыі можа паўтарыцца ў суседніх з ёй краінах“ (5). Далей аўтары Ўступу ўводзяць чытача ў гісторыю палітычнага жыцця Беларусі з часу ўзнаўлення яе незалежнасці ў 1991 г., падкрэсліваючы, у прыватнасці, што на пачатку 90–х г. „апазіцыя Беларускага Народнага Фронту заставалася невялікай групай інтэлектуалаў, а беларуская дзяржава стваралася і была кіраваная тымі самымі камуністычнымі кіраўнікамі, што яшчэ за год перад абвяшчэннем незалежнасці былі яе праціўнікамі“ (6). Асноўныя раздзелы кнігі пачынаюцца артыкулам кіраўніка Цэнтра Дэвіса па вывучэнні Расіі Тыматы Дж. Колтана (Timothy J.Colton) пад назвай“Беларуская грамадская думка і саюз з Расі­яй“. Аўтар разважае пра неадназначныя і часта ўзаемавыключальныя вынікі грамадскіх апытанняў, што цягам апошніх гадоў праводзіліся сярод беларусаў па пытанні незалежнасці краіны і саюзу Беларусі з Расійскай Федэрацыяй (у мана­графіі найчасцей цытуюцца звесткі па выніках сацыялагічных апытанняў Незалежнага інстытута сацыяльных, эканамічных і палітычных даследаванняў). Робячы высновы, Т.Дж.Колтан падкрэслівае, што „дзесяць мільёнаў беларусаў будуць шчаслівейшыя, маючы аўтаномнае грамадства і свабоду выбару ў пабудове мастоў супрацоўніцтва з Усходам або з Захадам, чым калі б яны былі прыдаткам да новай Расіі“ (51—52). Разам з тым, аўтар гэтага падраздзела за­значае абмежаванасць заходніх уплываў на стан свядомасці бальшыні жыхарства Беларусі, у т.л. на інфармаванасць беларусаў пра падзеі ўнутранага і міжнароднага жыцця. У наступным падраздзеле канадскі гісторык Дэвід Р.Марплс (David R.Marples) і беларускі палітпсіхолаг Уладзімір Падгол разглядаюць гісторыю, патэнцыял і перспектывы дзейнасці беларускай палітычнай апазіцыі, у цэлым адмаўляючы песімістычныя прагнозы наконт яе будучыні. Матэрыял „Феномен Лукашэнкі“ напісаны добравядомым у Беларусі нямецкім гісторыкам Райнэрам Лінднэрам (Rainer Lindner), які чарговы раз дэманструе сваю добрую аба­знанасць у падзеях найноўшай беларускай палітычнай гісторыі і разам з тым, на наш погляд, пераацэньвае магчымасці пашырэння эканамічнага супрацоў­ніц­тва Захаду з Беларуссю пры сённяшнім беларускім рэжыме. Патрысія Брукоф (Patricia Brukoff) у наступным падраздзеле манаграфіі выказвае вялікі сумнеў наконт магчымасці беларускай эканомікі ў перспектыве забяспечваць адносную стабільнасць сённяшніх жыццёвых стандартаў. Вядомы беларускі эканаміст Леанід Злотнікаў, у сваю чаргу, аналізуе магчымасці развіцця прыватнага сектара ў сучаснай эканоміцы Беларусі і пашырэння ўплыву сярэдняга класа на палітычную сітуацыю і  змены, што маюць адбыцца. Гэты падраз­дзел кнігі цікавы падборам табліц вынікаў сацыялагічных даследаванняў, праведзеных НІСЭПД  па пытаннях стаўлення насельніцтва Беларусі (і паасобных беларускіх рэгіёнаў) да формаў уласнасці, да іншых эканамічных, сацыяльных і маральных каштоўнасцяў, высвятлення прычын таго або іншага стаўлення рэспандэнтаў да сённяшняй улады і персанальна да А.Лукашэнкі. Маргарыта Бальмасэда (Margarita M.Balmaceda) у наступнай частцы першага раздзела разглядае пытанне ўнутранай ды знешняй палітыкі Беларусі як транзітнай краіны ў кантэксце яе асаблівага геапалітычнага становішча, зазначаючы, у прыватнасці,  што сёння плённаму выкарыстанню выгодаў ад спрыяльнага транзітнага становішча Беларусі перашкаджае „нестабільнасць яе дачыненняў з заходнімі краінамі–суседзямі“ (195).

Даследчык з Інстытута Еўропы Аркадзь Мошас (Arkady Moshes) аналізуе ролю Аляксандра Лукашэнкі ў расійскай палітыцы. Высновы гэтага аўтара супадаюць з высновамі шмат якіх беларускіх палітолагаў: першасным  для А.Лукшэнкі ёсць пытанне яго асабістай улады, а ўся астатняя дзейнасць, у т.л. па прасоўванні інтэграцыі з Расіяй, падпарадкаваная задачы захавання і ўзмацнення гэтай улады. Колішні беларускі дыпламат Андрэй Саннікаў робіць спробу аналізу эвалюцыі стаўлення Масквы да Аляксандра Лукашэнкі, падкрэсліваючы, што за пуцінскім часам яно набыло больш прагматычныя рысы. Гістарычны экскурс у дачыненні да пытання беларуска–расійскай інтэграцыі на постсавецкай прасторы робяць беларускі журналіст Юры Дракахруст і  расійскі палітолаг Дзмітры Фурман. Выканаўчы дырэктар Цэнтра міжнародных даследаванняў інстытута кіравання імя Дж. Ф. Кенэды пры Гарвардскім універсітэце Джон Рэперт (John C.Reppert)  прысвяціў свой падраздзел манаграфіі разгляду ролі фактару бяспекі ў гістарычным развіцці Беларусі ў недалёкім мінулым і ў агляднай будучыні. На яго думку, актывізацыя палітыкі НАТО ў справе пашырэння на ўсход пад­штурхоўвае Беларусь і Расію да больш шчыльнага супрацоўніцтва ў вайсковай сферы, а пры пэўных акалічнасцях да гэтага супрацоўніцтва магла б далучыцца і Ўкраіна; але ўцягванне Беларусі ў дзеянні ў „гарачых кропках“ на постсавецкай прасторы, наадварот, мусіла б прывесці да больш актыўнага павароту Ўкраіны ў бок НАТО. Нямецкія даследчыцы Астрыд Зам (Astrid Sahm) і  Кірстэн Вэстфаль (Kirsten Westphal) падрабязна асвятляюць гісторыю беларускага  ўдзелу ў рэалізацыі праекта газа­правода „Ямал—Еўропа“, у прыватнасці, палітычнай заангажаванасці ўрада В.Чарнамырдзіна і кіраўніцтва расійскага „Газ­прома“ пад час палітычнага крызісу ў Беларусі, звязанага з правядзеннем рэферэндуму 1996 г.

Кіраўнік Ваеннага аддзела Нацыянальнага інстытута стратэгічных даследаванняў ва Ўкраіне Рыгор Перапяліца (Григорій Перепелиця) аналізуе беларускі чыннік у еўрапейскай палітыцы Ўкраіны. Ён акцэнтуе ўвагу на сённяшніх „супрацьлеглых геапалітычных арыентацыях Украіны і Беларусі“ і бачыць у гэтым прычыну „адноснага ізаляцыянізму“ ва ўзаемадачыненнях абедзвюх краін. Найлепшай жа доўгатэрміновай альтэрнатывай сённяшнім інтэграцыйным сцэнарыям для абедзвюх краін аўтар падраздзела бачыць ажыццяўленне стратэгіі субрэгіянальнага супрацоўніцтва, паяднанне высілкаў Украіны і Беларусі з высілкамі суседніх краін — Літвы, Польшчы, Турцыі і інш.

У сваю чаргу, Альгімантас Грыцюс (Algimantas Gricius) вядзе гаворку пра „розныя шляхі“, якімі Літва і Беларусь ішлі цягам апошніх дзесяці гадоў, а Агнешка Магдзяк–Мішэўска (Agnieszka Magdziak–Miszewska) гаворыць пра Беларусь як пра „дзіўнага суседа“ Польшчы. Артыкул колішняга кіраўніка Кансультацыйна–назіральнай групы АБСЕ ў Беларусі Ганса–Геарга Віка (Hans–Georg Wieck) прысвечаны ролі міжнародных арганізацый у сучаснай Беларусі. Нямецкі дыпламат паказвае сваю ўвогуле неблагую абазнанасць у найважнейшых падзеях і працэсах старадаўняй, новай і найноўшай гісторыі Беларусі, выкладае гісторыю стварэння і дзейнасці місіі АБСЕ ў Беларусі, у т.л. у арга­нізацыі дыялогу паміж уладай і апазіцыяй, робіць аналіз прычын безвыніковасці гэткіх намаганняў, а таксама абмежаванасці ўплыву міжнародных арганізацый на ўнутраную сітуацыю ў Рэспубліцы Беларусь. Прафесар Мічыганскага універсітэта Шэрман Гарнэт (Sherman Garnett) разважае пра палітычную дылему ў трактоўцы Беларусі Злучанымі Штатамі ды іх саюзнікамі: з аднаго боку, яны ўсведамляюць геапалітычную ролю краіны для забеспячэння стабільнасці аб’яднанай Еўропы, з іншага боку, бачаць надзвычайную складанасць сённяшняга руху Беларусі да дэмакратыі ды рынкавай эканомікі. Аўтар падраздзела прапануе ў цэлым вядомыя рэчы: пераадолець ізаляцыю Беларусі ў галіне бяспекі, заахвочваць развіццё рэгіянальных ініцыятыў з удзелам Беларусі, далучаць Расію да стымулявання рэформаў у Беларусі, спрыяць выбару Беларусі на карысць Еўропы, больш актыўна падтрымліваць развіццё грамадзянскай супольнасці. Элен Канкевіч (Elaine M.Conkievich) аналізуе сучасны стан „трэцяга сектара“ ў Беларусі, вызначае яго моцныя і слабыя бакі, аналізуе прычыны найважнейшых цяжкасцяў у развіцці няўрадавых арганізацый, падкрэслівае неабходнасць падтрымкі міжнародных фундацый для беларускіх арганізацый сапраўды няўрадавага характару. Тэму працягвае Кэрын Ўайлд (Caryn Wilde), якая акцэнтуе асаблівую ўвагу на гісторыі развіцця беларускіх няўрадавых арганізацый і вызначае прынцыпы падтрымкі дзейнасці такіх арганізацый у будучыні.

Хоць калектыўная манаграфія „Незалежная Беларусь“, магчыма, не ўтрымлівае якой–небудзь звышновай або сенсацыйнай інфармацыі для падрыхтаванага беларускага чытача, яна цікавая, на наш погляд, ужо самой колькасцю суаўтараў, якія даследуюць праблемы найноўшай беларускай гісторыі і выказваюцца па іх. Гэта сведчыць, напэўна, пра тое, што беларуская праблематыка перастае быць экзатычнай і незвычайнай у заходніх цэнтрах сучасных гістарычных, палітычных і эканамічных даследаванняў.

Мiнск

Лявон Баршчэўскі

Протько, Татьяна. Становление советской тоталитарной системы в Беларуси (1917—1941 гг.) (Анатоль Вялікі)

Снежня 4, 2002 |


Протько, Татьяна. Становление советской тоталитарной системы в Беларуси (1917—1941 гг.). Минск, 2002. 688.

Да праблем, якія слаба распрацаваны ў беларускай гістарыяграфіі, належыць зараджэнне і станаўленне таталітарнай сістэмы ў Беларусі і, магчыма, самае галоўнае, механізм яе функцыянавання. Сутнасныя аспекты гэтай праблемы да цяперашняга часу застаюцца па–за межамі гістарычных даследаванняў. Да іх, перш за ўсё, адносяцца: станаўленне і ўмацаванне аднапартыйнай сістэмы, фармаванне рэспубліканскай сістэмы наменклатуры і яе ўзаемаадносіны з Масквой, механізм прыняцця рашэнняў, іх выканання і кантролю за выкананнем, характар узаемаадносін партыйных і савецкіх органаў, роля і месца спецслужбаў у таталітарным грамадстве, знішчэнне правоў і свабод чалавека і шмат іншага. Нельга сказаць, што ў Беларусі не існуе да­следаванняў па згаданай праблематыцы. За апошняе дзесяцігоддзе асобныя аспекты праблемы атрымалі адлюстраванне ў працах беларускіх гісторыкаў. Аднак, як заўважыў акадэмік Міхаіл Касцюк, айчынныя гісторыкі „падыходзяць да праблемы таталітарызму дастаткова асцярожна. Такая абачлівасць не спрыяе актывізацыі работы, не спрыяе яе набліжэнню да таго ўзроўню, на якім ужо прызнаная таталітарная сутнасць бальшавіцкай сістэмы кіраўніцтва грамадствам“. Дадам, што для даследаванняў айчынных гісторыкаў характэрны не толькі „асцярожнасць“, але і „правінцыялізм“, які выяўляецца ў „вузкасці“ тэм даследавання, пераважнай канстатацыі фактаў, без аналізу сутнасных характарыстык таталітарнай сістэмы. Пераадоленнем такой асцярожнасці і правінцыйнасці ў вывучэнні таталітарызму ў Беларусі і вывядзеннем даследаванняў на якасна новы ўзровень стала кніга вядомай грамадскай дзеячкі, старшыні Беларускага Хельсінскага Камітэта, гісторыка і філосафа Таццяны Процькі.

Кніга складаецца з чатырох раздзелаў. У першым „Таталітарызм як гістарычны феномен“ Т. Процька разглядае прыроду таталітарызму з улікам характарыстык, якія дадзены гэтай з’яве перш за ўсё заходнімі даследчыкамі. Аналізуючы вытокі савецкага таталітарызму, аўтарка прыходзіць да высновы, што яго „айцамі–заснавальнікамі“ былі не столькі бальшавіцкія лідэры Ленін, Сталін, Троцкі ды іх бліжэйшыя паплечнікі, колькі рэалі­зацыя таго таталітарнага патэнцыялу, што быў назапашаны ў працэсе гістарычнага развіцця Расіі.

Самыя грунтоўныя па колькасці выкарыстаных крыніц (як, зрэшты, і па аб’ёме) — раздзел другі „Фармаванне таталітарнага палітычнага кіравання“ і трэці „Знішчэнне правоў і свабод асобы“. Яны па змесце ўзаемазвязаныя, таму адзначым агульнае, што ім уласціва.

Даследчык гісторыі дзяржаўнага будаўніцтва любой краіны ў першую чаргу павінен адказаць на пытанне, хто кіруе краінай і як гэтае кіраўніцтва ажыццяўляецца. Аналізуючы ролю партыі ў палітычнай сістэме Беларусі, Т.Процька паказвае не толькі працэс фармавання і станаўлення аднапартыйнай сістэмы, але і „апартыйванне“ дзяржаўнай сістэмы ды пераўтварэнне яе ў складаную, строга ерархічную, нават ваенна–бюракратычную сістэму „партыя–дзяржава“, з жорсткім падпарадкаваннем па схеме „зверху — ўніз“. „Партыя–дзяржава“, захапіўшы ўладу, падпарадкавала сабе грамадства і рэалізоўвала сваю палі­тыку пераважна сілавымі метадамі.

Усталяванне і ўтрыманне панавання своеасаблівага бальшавіцкага дуумвірата „партыя–дзяржава“ стала магчымым як дзякуючы выкарыстанню спецслужбаў, так і эфектыўнасці ідэалагічнага ўздзеяння на грамадства, што і падкрэслівае аўтарка. Найважнейшай задачай ідэалогіі было фармаванне ў масавай свядомасці вобраза „ворага“ — як унутранага, так і знешняга. „Ворагі“ на кожным этапе гістарычнага развіцця былі розныя. Іх вызначалі добра адпрацаваныя і скаардынаваныя дзеянні прапагандысцкай машыны і спецслужбаў. Моцная, масавая ідэалагічная апрацоўка грамадскай свядомасці, дэманстраванне грамадству, хто яго „вораг“, — усё гэта падрыхтоўвала поле дзейнасці для спецслужбаў, якія, парушаючы законы, знішчалі „ворага“. Так наступальная, „агрэсіўная“ бальшавіцкая ідэалогія дасягала мэты — палітыка рэжыму знаходзіла падтрымку сярод розных сацыяльных групаў насельніцтва. Да таго ж, ідэалагічная апрацоўка здымала сацыяльную напругу ў грамадстве, стварала ілюзію палітычнай стабільнасці і еднасці грамадства.

Асаблівасцю кнігі з’яўляецца тое, што Т.Процька, выкарыстаўшы архівы КДБ РБ, ФСБ РФ, НАРБ, паказала ролю спецслужбаў у станаўленні аднапартыйнай сістэмы ў БССР, іх выкарыстанне супраць нацыянальнага руху, палітычных праціўнікаў, іншадумства, святароў, кантролю над грамадскімі арганізацыямі і творчымі саюзамі. Выклікае цікавасць выснова Т.Процькі пра тое, што Беларусь у дзейнасці расійскіх спецслужбаў з’яўлялася своеасаблівым „палігонам“, на якім адпрацоўвалася тэхніка і назапашваўся „вопыт“ дзейнасці па нейтралізацыі і зніш­чэнні па­літычных апанентаў і ўвогуле ўсіх, хто не быў згодны  і не выказваў лаяльнасці да рэжыму. Так, 3 сакавіка 1921 г. Надзвычайная камісія Беларусі падрыхтавала і правяла шырокамаштабную аперацыю па ліквідацыі партыі беларускіх эсэраў. У Маскве публічны працэс над эсэрамі адбыўся толькі ў чэрвені–жніўні 1921 г. Гэтае ж самае адбывалася і з меншавікамі. Калі ў БССР „зачыстка“ меншавікоў пачалася восенню 1922 г., то ў маштабе ўсесаюзным яна праходзіла вясной 1923 г. Гэтыя ды іншыя прыклады, якія прыводзіць Т.Процька, сведчаць і даказваюць, што рэпрэсіі, татальны кантроль над беларускім грамадствам пачаўся не ў сярэдзіне 20–х г., як сцвярджаецца ў шмат­лікіх публікацыях, а значна раней — на пачатку 20–х г. Спецслужбы „адзначыліся“ і ў ліквідацыі беларускага нацыянальнага руху. Справы СВБ, БНЦ і БНГ прывялі да таго, што на пачатку 30–х г. была знішчана нацыянальная інтэлектуальная эліта беларускага грамадства, а гэта можна кваліфікаваць як генацыд супраць беларускага народа.

Адной з галоўных задач створанай сістэмы „партыя–дзяржава“ была барацьба супраць чалавека як асобы. Ці не першым крокам у гэтым кірунку стала абмежаванне свабоды руху, якое ў сярэдзіне 20–х г. набыло форму знакамітай прапіскі, не адмененай да цяперашняга часу. Вясной 1934 г. была праведзена пашпартызацыя ўсяго насельніцтва, галоўнай мэтай якой з’яўлялася ўсталяванне татальнага кантролю над кожным чалавекам. Паралельна з гэтым праходзіла абмежаванне ці знішчэнне такіх фундаментальных правоў і свабод чалавека, як свабода веравы­знання, права на атрыманне інфармацыі, права на свабоду слова. Важная роля ў гэтым належала Галоўліту, які на пачатку 20–х г. поўнасцю кантраляваў выпуск друкаванай прадукцыі. Т.Процька сцвярджае, што ідэалагічны тэрор, які ажыццяўляўся рэспубліканскім Галоўлітам, па эфектыўнасці ўздзеяння на грамадства быў нават больш жорсткім, брутальным і ўсеахопным, чым тэрор фізічны.

Выкарыстанне спецслужбаў як аднаго з найважнейшых элементаў таталітарнай сістэмы неабходна разглядаць у кантэксце іх удзелу ў тэроры дзяржавы супраць грамадства. Таталітарызм у сталінскай інтэрпрэтацыі ўнёс у тэрор сваю спецыфіку — спецслужбы і тэрор сталі найважнейшымі элементамі ў падтрыманні стабільнасці сістэмы. Тэрор быў больш шырокай з’явай, чым рэ­прэсіі. У сістэме татальнага тэрору ніхто не адчуваў сябе ў бяспецы: ні першы сакратар ЦК КП(б)Б, ні просты селянін ці рабочы. Так, з дзесяці першых сакратароў ЦК КП(б)Б сем у 1937—1939 г. былі прысуджаны да вышэйшай меры пакарання — расстрэлу, а яшчэ адзін, Я.Гамарнік, скончыў жыццё самагубствам. Тэрор не пашкадаваў і сялян Рыгора Раманіна, Антона Сташэўскага, як і дзесяткі тысяч беларускіх вяскоўцаў, што сканалі ў шматлікіх лагерах ГУЛАГа.

У чацвёртым раздзеле кнігі „Асаблівасці развіцця таталітарнай эканомікі“ аўтарка паказвае, як тыя метады і сродкі, з дапамогай якіх бальшавікі дасягнулі ўлады, непазбежна пераносіліся і на эканоміку. Эканамічная трансфармацыя грамадства звялася да формулы „індустрыялізацыя—калектывізацыя“. Аднак Т.Процька адыходзіць ад складзеных стэрэатыпаў у даследаванні працэсаў „калектывізацыі—індустрыялізацыі“ і звяртае ўвагу на ўсталяванне жорсткага дзяржаўнага кантролю за развіццём эканомікі, аналізу выкарыстання формаў пазаэканамічнага прымусу, ролі камандна–адміністрацыйнага планавання. Дзяржаўны кантроль над эканомікай, бюракратычным увасабленнем якога стала стварэнне  і дзейнасць Рабоча–сялянскай інспекцыі (РСІ), заканамерна эвалюцыянаваў у бок узмацнення кантролю. Яго лагічным  працягам стала выкарыстанне органаў суда і пракуратуры ў 1923—1934 г., а завяршылася ўсё ўмяшальніцтвам спецслужбаў у эканоміку ў 1934—1941 г.

Дзяржаўнае кіраванне эканомікай было жорстка падпарадкавана выкананню планавых паказнікаў (пяцігодак, дзярж­па­ставак сельскагаспадарчай прадукцыі, нарыхтовак і г.д.). Іх выканання можна было дасягнуць толькі з дапамогай страху і рэ­прэсій. Так, да крымінальнай адказнасці з пазбаўленнем волі тэрмінам да 10 гадоў (арт. 93 і 94 Крымінальнага Кодэксу БССР) людзей прыцягвалі за невыкананне планаў сяўбы, дзярж­паставак, рознага кшталту нарыхтовак і г.д. Толькі за першае паўгоддзе 1933 г. па гэтых артыкулах асудзілі  21 405 чалавек. Не адставалі ад органаў юстыцыі і пракуратуры і органы НКУС, якія на працягу 1930—1935 г. „раскрылі“ 18 „шкодніцкіх“ арганізацый у галіне прамысловасці і сельскай гаспадаркі. У 1937—1938 г. зноў пракацілася хваля рэпрэсій супраць „шкоднікаў і сабатажнікаў“ у прамысловасці і сельскай гаспадарцы, якія быццам завышалі аб’ёмы будаўніцтва і капітальных укладанняў, складалі „ня­правіль­ныя“ планы і г.д. Разам з тым, савецкая эканоміка выкарыстоўвала не толькі страх і рэпрэсіі, яна стварыла сістэму ільгот і заахвочвання для перадавікоў вытворчасці і работнікаў апарату кіравання (прынцып „бізуна і перніка“).

Таццяна Процька адзначае, што планавыя паказчыкі афіцыйнай статыстыкі (падкантрольнай органам АДПУ—НКУС), падагнаныя пад патрэбныя лічбы, дасягнутыя з выкарыстаннем працы зняволеных, вымагаюць даволі асцярожна падыходзіць да сцвярджэнняў аб эфектыўнасці савецкай эканомікі, яе накіраванасці на паляпшэнне ўмоў жыцця людзей. Калі і былі якія „перамогі“, то дасягаліся яны коштам вялізных намаганняў мільёнаў людзей, жабрацкім жыццёвым узроўнем насельніцтва, бясплатнай працай зняволеных.

Бяспрэчнай каштоўнасцю кнігі стаў ілюстрацыйны матэрыял — больш за 100 фотаздымкаў, многія з якіх чытач можа пабачыць упершыню. Сярод іх фота партыйных кіраўнікоў рэспублікі, ведамасць працы зняволеных Мінскага лагера прымусовых работ, мемарандум аб „беларускім шавіністычным руху“, анкета арыштаванага органамі АДПУ мітрапаліта Мелхіседеэка і шмат іншых, якія выявіла аўтарка ў архівах КДБ РБ і ФСБ РФ.

Трэба заўважыць, што кніга Т.Процькі выйшла ў Беларусі ў час, калі, як адзначае аўтарка, яшчэ „ў другой палове 90–х гадоў вызначылася тэндэнцыя аднаўлення элементаў савецкай таталітарнай сістэмы з некаторай мадэрнізацыяй“. Нельга не пагадзіцца з ёй, што гэтая тэндэнцыя знайшла падтрымку сярод значнай часткі насельніцтва, палітычнага істэблішменту і нават навуковай грамадскасці. Праявамі новай тэндэнцыі стала рэзкае скарачэнне публікацый, якія закранаюць падзеі 20—30–х г., згортванне дзейнасці групы па вывучэнні сталінскіх рэпрэсій у Інстытуце гісторы НАН, абмежаванне доступу да архіваў КДБ РБ, публікацыя прац адыёзнага гісторыка–сталініста Адама Залескага, у якіх адкрыта абараняецца таталітарная сістэма і яе лідэры. Поглядам артадоксаў, што абапіраюцца на камуністычную ідэалогію 30—50–х г., Т.Процька супрацьпаставіла вялізны дакументальны матэрыял з архіваў КДБ РБ, ФСБ РФ, НАРБ, які паказвае жудасны твар таталітарызму ў Беларусі. Прачытаўшы кнігу, многія калі не адмовяцца ад камуністычных ідэй, то ў кожным разе задумаюцца пра кошты „перамог і дасягненняў“ савецкай улады ў час будаўніцтва сацыялізму. Задумаюцца і над тым, ці патрэбны былі такія „перамогі“ і „дасягненні“.

Зразумела, у кнізе ёсць і недахопы. Прыкладам, некаторыя тэмы агучаны тэзісна, асобныя параграфы надта дробныя, галоўная ўвага аддаецца аналізу дзейнасці спецслужбаў, але гэта ніякім чынам не змяншае вартасцяў працы. Кніга Таццяны Процькі стала значнай з’явай у беларускай гістарыяграфіі, і гэтая праца не застанецца незаўважанай. Несумненна, яна знойдзе як добразычлівых чытачоў, так і зацятых праціўнікаў, выклі­ча спрэчкі і палеміку, што таксама будзе сведчыць пра вартасць працы гісторыка.

Мінск

Анатоль Вялікі

Наверх

Яраслаў Ходак. Канец эры рэвалюцыяў

Снежня 28, 2001 |

Французская рэвалюцыя — тольк прадвесніца значна больш сур’ёзнай рэвалюцыі, якая будзе апошняю.

Гракх Бабёф

Трохвяковая гісторыя палітычных і сацыяльных рэвалюцыяў дасягнула апагею ў XX ст., якое пачало называцца стагоддзем рэвалюцыяў. Міф рэвалюцыі ўздзейнічаў на людское ўяўленне, спараджаючы масавыя дзеянні, часта з ужываннем гвалту. На схіле XX ст., разам з распадам блоку камуністычных дзяржаваў і СССР і адначасовай дыскрэдытацыяй ідэалогіі марксізму, набыла папулярнасць ідэя канца гісторыі, выказаная ў слынным эсэ Фрэнсіса Фукуямы[1]. „Аксамітныя”, бяскроўныя (калі не лічыць Румыніі) рэвалюцыі 1989 г. меліся пакласці канец гісторыі, а ў тым ліку і эры рэвалюцыяў. На думку Фукуямы, пад канец XX ст. альтэрнатывы ўжо не існавала. Не рэвалюцыя, а эвалюцыйны працэс, здавалася, павядзе ўсё большую частку свету да сучаснасці. Дэмакратыя і рынкавая эканоміка меліся стаць асноўнымі прынцыпамі, паводле якіх арганізуецца жыццё ўсё большае часткі свету[2].

Ці сапраўды скончылася эра рэвалюцыяў? Або ў эпоху глабалізацыі ідэі і практыка палітычных і сацыяльных рэвалюцыяў страцілі сэнс свайго існавання? Або ў сучасных грамадствах гвалтоўныя змены рэвалюцыйнага характару зрабіліся немагчымымі? Каб адказаць на гэтыя пытанні, мы мусім задумацца над тымі прычынамі, што выклікаюць рэвалюцыі. Рэвалюцыі або іх спробы здараліся ў розных палітычных, сацыяльна-эканамічных і культурных сістэмах. Ці магчыма знайсці пэўныя заканамернасці ў іх генэзісе? Якая канфігурацыя прычын найбольш спрыяла выбуху і перамозе рэвалюцыі ? У гэтым артыкуле я спрабую правесці параўнаўчы аналіз сацыяльных падставаў рэвалюцыяў, узроўню сацыяльна-эканамічнага развіцця грамадства, у якім выбухае рэвалюцыя, прыроды палітычнай сістэмы, на якую нападаюць рэвізіяністы, ідэалогіі, якая мабілізуе прыхільнікаў рэвалюцыі, і міжнароднага кантэксту, у якім функцыянуе рэвалюцыйны рух. Далей я паспрабую адказаць на пытанне, ці сапраўды эра рэвалюцыяў падышла да канца. Я задамся пытаннем, у якіх сучасных грамадствах магчыма з’яўленне адпаведных перадумоў для выбуху рэвалюцыі. Я не стаўлю на мэце прадказваць чарговыя рэвалюцыі. Дагэтуль досвед прадстаўнікоў грамадскіх навук быў адмоўны: ніводнай з рэвалюцыяў XX ст. прадказаць не ўдалося. Усе яны аказаліся вялізнай неспадзяванкаю[3]. Больш за тое, кожная наступная прымушала тэарэтыкаў рэвалюцыяў пераглядаць ранейшыя азначэнні. Сама больш, што мы можам зрабіць, — гэта шукаць умовы, якія спрыяюць рэвалюцыйнаму канфлікту.

Высвятленню паняцця рэвалюцыі ў літаратуры прадмету прысвечана багата месца. Яго падрабязны разгляд выходзіць па-за рамкі гэтага артыкула. Для нашых развагаў істотным будзе адрозненне паміж рэвалюцыямі палітычнай і сацыяльнай. Паводле Тэдзі Скокпол (Skocpol), палітычная рэвалюцыя — гэта трансфармацыя палітычнай структуры і змена ўлады ў грамадстве, якой не спадарожні чае поўная змена эканомікі, культуры і стратыфікацыі грамадства . А сацыяльная рэвалюцыя нішчыць ранейшы парадак. Адбываюцца не толькі змены ў сістэме ўлады, але і істотныя пераўтварэнні ў сацыяльнай стратыфікацыі. Сацыяльныя рэвалюцыі — шпаркія, усебаковыя трансфарма цыі дзяржаўных інстытутаў і класавых структур грамадства. Яны суправаджаюцца класавымі выступленнямі[4]. Хоць я засяроджуся галоўным чынам на сацыяльных рэвалюцыях, але ў ходзе аналізу буду звяртацца і да рэвалюцыяў палітычных. Прыведзенае вышэй азначэнне тычыцца адносна кароткага перыяду рэвалюцыйнай трансфармацыі. Томас Грын (Thomas Greene) звярнуў увагу на тое, што рэвалюцыя павінна разглядацца як працэс, а не як падзея[5]. Дзеянні рэвалюцыянераў, якія папярэднічаюць канфрантацыі з дзяржаўнымі ўладамі, маглі ахопліваць вельмі доўгі перыяд часу. І не заўсёды канфрантацыя сканчалася іхнім поспехам. Пры канцэптуалізацыі гэтае з’явы можа дапамагчы катэгорыя рэвалюцыйнага руху. Следам за Дэфранцо я буду называць рэвалюцыйным рухам такі грамадскі рух, удзельнікі якога арганізаваліся з мэтаю поўнае змены грамадскіх, эканамічных і палітычных інстытутаў[6].

У больш як трохвяковай гісторыі рэвалюцыяў мы можам вылучыць некалькі іх тыпаў:

1) Рэвалюцыі ў традыцыйных аграрных бюракратыях (напрыклад, Францыя, Расія, Кітай);

2) Антыкаланіяльныя рэвалюцыі ў Трэцім Свеце (В’етнам, Алжыр, Ангола, Мазамбік);

3) Рэвалюцыі ў незалежных неапатрыманіяльных дзяржавах (Іран, Нікарагуа);

4) „Аксамітныя” рэвалюцыі ў камуністычных краінах (Венгрыя, Польшча, Чэхаславакія, ГДР, Балгарыя).

Рэвалюцыі першага тыпу складаюць клас анталагічна замкнёных з’яваў. Вельмі малаверагодны і выбух рэвалюцыі ў якой-небудзь з цяперашніх калоніяў. Таму асноўную ўвагу я звярну на рэвалюцыі тыпаў 3 і 4, не забываючыся адначасова пра іх істотныя падабенствы, перадусім з незалежніцкімі рэвалюцыямі ў Трэцім Свеце.

Які ўзровень сацыяльна-эканамічнага развіцця спрыяе рэвалюцыі?

Беглы агляд гісторыі рэвалюцыяў прыводзіць да высновы, што ўсе яны мелі месца ў эпоху Новага часу. У грамадствах Старажытнасці і Сярэднявечча, нягледзячы на ўсе лакальныя паўстанні, бунты і дзяржаўныя перавароты, ніколі не даходзіла да рэвалюцыі ў сэнсе поўнае змены, якая здзяйсняецца знізу з ужываннем гвалту. Толькі ў Новыя часы, разам з развіццём капіталізму, ці, беручы шырэй, — разам з усёабдымным працэсам мадэрнізацыі, былі створаны адпаведныя ўмовы для масавай грамадскай мабілізацыі і рэвалюцыйных зменаў. Як заўважыў Сэмюэл Хантынгтан (Samuel Huntington): „Сацыяльныя і эканамічныя перамены — урбанізацыя, уздым узроўню адукацыі і ліквідацыя непісьменнасці, індустрыялізацыя, развіццё сродкаў масавай камунікацыі — павялічваюць эканамічную свядомасць, множаць палітычныя патрабаванні, пашыраюць палітычную актыўнасць. Змены падрываюць традыцыйныя крыніцы палітычнае ўлады і традыцыйных палітычных інстытутаў; надзвычай ускладняюцца праблемы са стварэннем новых падставаў палітычнага аб’яднання і новых палітычных інстытутаў, эфектыўных і легітымных. Узровень грамадскае мабілізацыі высокі; узровень палітычнай арганізацыі і інстытуцыяналізацыі нізкі. Вынік — палітычная нестабільнасць і хваляванні”[7].

Рэвалюцыя — вынік раптоўнага развіцця палітычнай свядомасці і мабілізацыі новых групаў да палітычных дзеянняў з хуткасцю, якая не дазваляе існуючым палітычным інстытутам адаптаваць гэтыя праявы. Таму рэвалюцыі спрыяе высокі ўзровень мадэрнізацыі і мабілізацыі, спалучаны з нізкім узроўнем палітычнай інстытуцыяналізацыі[8]. З заўвагамі Хантынгтана суадносіцца тэорыя Джэка Голдстоўна (Jack A. Goldstone), якая тычыцца ранняй фазы мадэрнізацыі. Яе галоўны тэзіс — цверджанне, што вырашальнай прычынай рэвалюцыі ў ранняй фазе Новай эры быў дэмаграфічны прырост — які вёў да серыі эканамічных і сацыяльных крызісаў. Працэс мадэрнізацыі быў цесна звязаны з рэзкім дэмаграфічным прыростам. Павелічэнне папуляцыі ўскосна аслабляла грамадскія структуры. Яно запускала тры механізмы: 1) раслі цэны на харч, падрываючы даходы дзяржавы, што вяло да фіскальнага крызісу; 2) за дзяржаўныя пасады спаборнічала ўсё больш людзей — у выніку суперніцтва абвастралася і эліты дзяліліся на фракцыі; 3) нястача харчу вяла да народных бунтаў. Ніводная дзяржава ў ранняй фазе Новага часу не мела адпаведных інстытутаў, каб даць рады вышэй пералічаным наступствам дэмаграфічнага прыросту. У выніку грамадства выстаўляла ўсё большыя патрабаванні, з якімі бюракратыза ваная аграрная дзяржава не магла справіцца. Фіскальныя крызісы, канфлікты элітаў, рост грамадскіх неспакояў рабіліся падставаю для актывізацыі апазіцыйных ідэалогіяў, што ўсё разам вяло да заняпаду дзяржавы і трансфарма цыяў, часам рэвалюцыйных. Такія наступствы дэмаграфіч нага прыросту ў ранняй фазе мадэрнізацыі зазналі Англія і Францыя[9]. У XX ст. таксама заўважаецца выразная карэляцыя паміж прыростам насельніцтва і палітычнымі кры зісамі. У бальшыні з прааналізаваных Голдстоўнам 25 дзяржаваў, дзе ў 1980—1981 г. прырост насельніцтва ацэньваўся як 3% у год і больш, даходзіла да розных формаў палітычнага крызісу — грамадзянскіх войнаў, рэвалюцыяў і дэманстрацыяў з ужываннем гвалту — між іншых у Эфіопіі, Руандзе, Кеніі, Нігерыі, Нікарагуа, Емэне, Іране, Алжыры, Намібіі. На думку Голдстоўна, сувязь паміж высокім узроўнем прыросту насельніцтва і гвалтам — карэляцыя не толькі статыстычная. Як і ў Еўропе ў ранняй фазе мадэрнізацыі, у гэтых краінах не існавала адпаведных інстытутаў, якія б маглі даць рады наступствам дэмаграфічнага выбуху[10].

Вось жа умоваю патэнцыйнага выбуху рэвалюцыі было ўключэнне традыцыйных аграрных грамадстваў у працэс капіталістычных пераменаў разам з усімі іх наступствамі[11]. Праўдападобнасць рэвалюцыйных выступаў змяншаецца, калі грамадствы дасягаюць адносна высокага ўзроўню эканамічнага і інстытуцыянальнага развіцця. Рэвалюцыі ніколі не адбываліся ў высокаразвітых краінах[12]. Яны больш верагодныя ў грамадствах, якія перажываюць адносна шпаркія сацыяльна-эканамічныя змены, што вядзе да нераўнамернага развіцця паасобных інстытутаў. У ходзе мадэрнізацыі існуе вялікая верагоднасць адчування адноснай дэпрывацыі і палітычнай нестабільнасці[13]. Аднак не ўсе грамадствы, якія мадэрнізуюцца або перажываюць шпаркія сацыяльна-эканамічныя змены, зазналі рэвалюцыйныя ўзрушэнні. Разглядаючы экспансію капіталізму на паасобныя кантыненты і яе наступствы, мусім зазначыць, што рэвалюцыі былі праяваю адносна рэдкаю. Належыць таксама памятаць, што тэорыя мадэрнізацыі не заўсёды адэкватна ілюстравала з’явы, якія адбываліся ў нееўрапейскіх краінах. Мела сваю спецыфіку і Ўсходняя Еўропа, дзе пасля Другой сусветнай вайны мадэрнізацыя адбывалася ў рамках камуністычных рэжымаў з цэнтральным планаваннем эканомікі. Рэвалюцыі 1989 г. здарыліся ў краінах, адносна мадэрнізава ных і з адносна высокай ступенню інстытуцыялізацыі.

Працэс мадэрнізацыі быў шчыльна звязаны з утварэннем дзяржавы новага тыпу — цэнтралізаванае, бюракратызаванае нацыянальнае дзяржавы[14]. Узнікненне такіх дзяржаваў было ўмоваю sine qua non для ўтварэння рэвалюцыйных сітуацыяў. Да Новага часу масавыя нізавыя грамадскія пратэсты мелі характар сама больш лакальны. Пры сацыяльнай ізаляцыі сялян і адсутнасці буйных зграмаджэнняў рабочых у гарадах немагчымаю была грамадская мабілізацыя ў маштабе ўсяе краіны. Не існавала і пазнейшага праціўніка рэвалюцыянераў — цэнтралізаванай, бюракратызаванай дзяржавы. Як лаканічна сфармуляваў Джэф Гудвін (Jeff Goodwin), „няма дзяржаваў — няма рэвалюцыі”[15]. Фармаванне дзяржавы новага часу было ўмоваю ўтварэння рэвалюцыйных сітуацыяў у выглядзе двоеўладдзя або шматуладдзя — мультысуверэннасці (multiple sovereignty)[16].

У новую эру ў шмат якіх дзяржавах, што мадэрнізу юцца, адбывалася эвалюцыя палітычных сістэмаў. У адных адносна рана была ўсталявана парламенцкая дэмакратыя (Англія, ЗША), у іншых існавалі розныя варыянты аўтарытарызму. Толькі нешматлікія зазналі рэвалюцыйныя трансфармацыі. Ці была нейкая форма палітычнай сістэмы асабліва спрыяльнаю для фармавання рэвалюцыйных кааліцыяў?

Які род палітычнай сістэмы асабліва лёгка спараджае рэвалюцыйныя выступленні?

Рэвалюцыйныя рухі не фармуюцца ў палітычным вакууме. Як правіла, яны ўтвараюцца ў апазіцыі да нейкае формы аўтарытарнага рэжыму. Шматпартыйныя дэмакратыі ці квазідэмакратыі, нават у вельмі бедных краінах накшталт Індыі, Малайзіі, Дамінікі ці Гандураса, не зазналі рэвалюцыйных пераваротаў. Насуперак канцэпцыі Маркса, рэвалюцыі мелі месца толькі ў краінах, у якіх не ўсталявалася ліберальна-дэмакратычная палітычная сістэма[17]. Аднак не кожная форма аўтарытарызму паддаецца на рэвалюцыйныя трансфармацыі. У Лацінскай Амерыцы XX ст. аўтарытарныя рэжымы існавалі ў такіх краінах, як Аргенціна, Бразілія, Гватэмала, Калумбія, Сальвадор, Венесуэла ці Уругвай. Ніводная з гэтых краін не зазнала рэвалюцыйнага перавароту, хоць у кожнай з іх выступаў рэвалюцыйны партызанскі рух. Вырашальным у гэтым выпадку аказваецца стасунак паміж грамадствам і палітычнай уладаю. Калі тыя, хто пры ўладзе, ахвяруючы пэўнымі выгодамі, давалі магчымасць удзелу ў палітыцы галоўным класам грамадства, — яны здабывалі падтрымку і пэўную легітымізацыю сваёй улады. Вышэйшыя класы не былі зацікаўленыя ў апазіцыйнай дзейнасці, а ў выпадку існавання рэвалюцыйнага партызанскага руху ўставалі на бок рэжыму[18].

Але калі рэпрэсіўны аўтарытарны рэжым выключаў з удзелу ў палітыцы бальшыню грамадства, у тым ліку эліты, — тады лёгка фармаваўся апазіцыйны саюз многіх класаў. Існавалі дзве формы палітычных сістэмаў, якія характары заваліся выключэннем з палітыкі групаў грамадства і таму паддаваліся на рэвалюцыйныя выступы. Першая — якую называюць неапатрыманіяльнай[19], султаністычнай[20] формаю, мафіякратыяй[21] ці патрыманіяльным прэтарыян ствам[22] — існавала, між іншага, пры панаванні Батысты на Кубе, Трухільё — у Дамініцы, Самосы — у Нікарагуа, Стрэснера — у Парагваі, Дзювалье — на Гаіці і шаха Пехлеві ў Іране. Другою быў каланіяльны рэжым, заснаваны на непасрэдным кіраванні. Такую форму ажыццяўлення ўлады ўжывалі ў сваіх калоніях французы і партугальцы. Адгэтуль выніклі пераможныя незалежніцкія рэвалюцыі ў В’етнаме, Алжыры, Гвінеі-Бісау, Анголе і Мазамбіку[23].

Aйзенштат (Eisenstadt) вызначыў як неапатрыманіяль ныя тыя часткова мадэрнізаваныя дзяржавы, у якіх выканаўчая ўлада пастаўлена ў залежнасць ад разлеглае сістэмы індывідуальнага патранату, а не ад безасабовага права. Такія дзяржавы могуць мець дэмакратычныя інстытуты — парламенты, палітычныя партыі, канстытуцыі ці выбары. Але ўсе важныя рашэнні ў дзяржаве прымаюцца асобаю, якая стаіць на чале дзяржавы, і якраз яна ажыццяўляе рэальную ўладу[24]. Дзяржава ператвараецца ў аўтаномную асабістую дзяржаву аднаго дыктатара. Вышэйшы клас адлучаны ад удзелу ў палітычным жыцці, толькі некалькі адданых паплечнікаў удзельнічаюць у ажыццяўленні ўлады. Узброеныя сілы, што застаюцца пад кантролем дыктатара, робяцца практычна прыватнаю арміяй[25].

Неапатрыманіяльныя рэжымы бываюць асабліва падатлівыя на фармаванне шырокае шматкласавае апазіцыі з некалькіх прычын. Па-першае, у адрозненне ад больш безасабовай і бюракратызаванай формы аўтарытарнае ўлады, індывідуальныя дыктатуры лягчэй спараджаюць апазіцыю вышэйшых і сярэдніх класаў. Буйныя землеўласнікі, бізнесмены, прафесіяналы часцей абураюцца непрыхава наю карупцыяй дыктатараў і іх найбліжэйшых паплечнікаў, тэндэнцыяй да манапалізацыі істотных сектараў эканомікі, схільнасцю да цэнзуры, манапалізацыяй урадавых пасадаў сям’ёй дыктатара, наданнем адмысловых прывілеяў замежным інвестарам і рабалепствам перад інтарэсамі вялікіх дзяржаваў (узамен за іх дапамогу). Гэта можа весці да фатальнага ў сваіх наступствах адчужэння (alienacji) шмат якіх сегментаў элітаў грамадства.

Па-другое, пагаршэнне эканамічнага становішча групаў, выключаных з палітычнае сістэмы, можа хутка палітызавац ца. Дыктатар і ягоныя прыхільнікі разглядаюцца тады як адказныя за сітуацыю эканамічнага і палітычнага адставання і пачынаюць выступаць у ролі галоўнага ворага. Палітычная легітымізацыя звычайна бывае вельмі праблематычнаю, асабліва калі рэлігійныя аўтарытэты дыстанцуюцца ад кіраўнікоў або становяцца да іх у апазіцыю. Саюз ніжэйшых класаў грамадства з элітамі можа спарадзіць на палітычнай сцэне новую сілу, здольную стварыць пагрозу для дыктатуры.

Па-трэцяе, калі эліты пераходзяць у апазіцыю і ствараюць масавы рэвалюцыйны рух, замежная падтрымка індывідуальнае дыктатуры можа спыніцца, нават калі апошняя атрымлівала яе доўгі час, лічачыся гарантам стабільнасці. Злучаныя Штаты адмовіліся ўрэшце ад падтрымкі даўніх саюзнікаў, такіх, як Дыяс, Батыста, Самоса ці шах Пехлеві, між іншым, пабачыўшы шырокі шматкласавы апазіцыйны рух супраць іхніх дыктатураў.

Па-чацвёртае, узброеныя сілы неапатрыманіяльных рэжымаў часта бываюць карумпаванымі і некампетэнтнымі — часткова таму, што дыктатар больш засяроджваецца на прадухіленні патэнцыяльнага вайсковага перавароту, чым на стварэнні эфектыўных узброеных сілаў. Таму часта бывае, што калі армію ўрэшце выкарыстоўваюць супраць рэвалюцыйных збройных сілаў, яна хутка распадаецца[26].

Відавочна, поруч з вышэйпералічанымі рысамі, кожная з неапатрыманіяльных дыктатураў мае сваю ўласную спецыфіку. Мусім таксама падкрэсліць, што, нягледзячы на падатлівасць да фармавання шматкласавай апазіцыі, не ўсе неапатрыманіяльныя рэжымы былі скінуты шляхам рэвалюцыйных пераваротаў (Дзювалье, Стрэснер, Трухільё).

Так званае непасрэднае каланіяльнае кіраванне выказвае шмат рысаў, супольных з неапатрыманіяльнымі дыктатурамі. Калонія, якою кіруюць чыноўнікі з метраполіі, не магла ператварыцца ў стабільную палітычную сістэму. Як і ў індывідуальных дыктатурах, там немінуча ўтвараліся масавыя рэвалюцыйныя рухі. Акрамя таго, відаць выразная розніца паміж такою формаю кіравання падпарадка ванымі тэрыторыямі і апасродкаванаю ўладаю ў брытанскіх калоніях, дзе не здаралася пераможных рэвалюцыяў, а рэвалюцыйныя рухі былі нешматлікія і вельмі слабыя (Кенія). У адрозненне ад апасродкаванага каланіяльнага кіравання, мясцовыя эліты пры такой сістэме не ўключаюцца ў палітычнае жыццё. Як і ў неапатрыманіяльных дыктатурах, яны зазнаюць адчужэнне (alienacjе), уступаюць у саюз з ніжэйшымі класамі грамадства і часта робяцца кіраўнічай сілай рэвалюцыйнага руху. Ключавыя прадпрыемствы ў бізнесе, пэўныя прафесіі і вышэйшыя ўзроўні адміністрацыі рэзервуюцца для прыезджых з метраполіі. Гэта выклікае такую ж антыпатыю, як падтрымка дыктатарамі замежных інвестыцыяў. Асабліва калі ўлічыць, што выключэнне мясцовых элітаў з вышэйшых пасадаў у адміністра цыі і эканоміцы ўспрымалася як праява расавай дыскрымінацыі. У выніку каланіяльнае панаванне, атаясамленае з замежнай вялікай дзяржаваю, рабілася галоўным ворагам рэвалюцыянераў, якія маглі для сваіх палітычных мэтаў карыстацца сімваламі нацыяналізму і культурнай самаідэнтыфікацыі.

Афіцэры ўзброеных сіл у калоніях з непасрэдным кіраваннем адбіраліся і прасоўваліся па службе паводле іх лаяльнасці да каланіяльных уладаў. Як правіла, яны не былі звязаныя з мясцовымі элітамі, існавалі адасоблена і ўспрымаліся як паплечнікі каланіяльнага рэжыму. Тым часам у калоніях, якія кіраваліся апасродкавана, афіцэры, набраныя з мясцовага насельніцтва, захоўвалі повязі з мясцовымі элітамі. Часта яны былі звязаныя з тымі сіламі, якія імкнуліся да палітычных рэформаў і нацыянальнага вызвалення. Калі ўзяць пад увагу вышэйзгаданыя адрозненні, не дзіва, што калоніі, якія кіраваліся апасродкавана, пазбеглі рэвалюцыйных рухаў альбо адносна лёгка знішчылі такія рухі, няздатныя сфармаваць моцную, шматкласавую апазіцыю. Ім удалося правесці трансфармацыю ў кірунку незалежнасці або большай адкрытасці палітычнай сістэмы. Прыклады гэтага працэсу — Малайзія, Кенія, Філіпіны, Індыя, Інданезія[27].

Пад час Другой сусветнай вайны краіны Паўднёва-Ўсходняй Азіі — Філіпіны, Малайзія і В’етнам — былі акупаваныя японцамі. У выніку адбыўся рост масавай падтрымкі камуністычнага партызанскага руху, які змагаўся пад лозунгамі нацыянальнага вызвалення. Вырашальнаю для незалежніцкага працэсу гэтых краін была, аднак, паваенная палітыка метраполіі. Французскае непасрэднае кіраванне ў В’етнаме дазволіла камуністам прадоўжыць пабудову масавай падтрымкі ў імя нацыянальнага вызвалення. Тым часам брытанцы ў Малайзіі і амерыканцы на Філіпінах падтрымлівалі антыкамуністычныя мясцовыя эліты, якім у адпаведны час перадалі ўладу. Урады гэтых краін з дапамогаю войскаў і абмежаваных рэформаў разбілі ці маргіналі завалі камуністычны рух[28].

Ва Ўсходняй Еўропе васьмідзесятых гадоў найбліжэй шая да вышэйзгаданых форма рэжыму існавала ў Румыніі. Дыктатура Чаушэску, якую называлі „дынастычным сацыялізмам”, „сацыялізмам аднае сям’і”, „сацыялістычным патрыманіялізмам”, адрознівалася ад сістэмаў іншых камуністычных краін. І якраз тут дайшло да найбольш гвалтоўнай, крывавай канфрантацыі ўлады з шматкласавай апазіцыяй[29]. Астатнія краіны Ўсходняга Блоку не мелі характару неапатрыманіяльных дыктатур, і тым не менш там адбыліся бяскроўныя рэвалюцыйныя трансфармацыі. З другога боку, не ўсе неапатрыманіяльныя дыктатуры і сістэмы непасрэднага, рэпрэсіўнага каланіяльнага кіравання сталі прадметам атакі ці перамогі рэвалюцыянераў. Якія ж яшчэ змены мы павінны ўлічыць?

Геапалітычны кантэкст

Калі ўжо ўдаецца стварыць масавы рэвалюцыйны рух, тыя, хто маюць уладу, могуць яго знішчыць або процістаяць яму, аж пакуль іх дзяржаўная арганізацыя застаецца эфектыўнаю. Толькі разбурэнне адміністрацыі і апарату прымусу (паліцыі, войска) адкрывае дарогу да захопу ўлады рэвалюцыянерамі. Калі метраполія рашуча намагаецца ўтрымаць свае каланіяльныя ўладанні, рэвалюцыянерам пераняць уладу не ўдаецца. Кіраўнікі незалежнай дзяржавы, маючы саюзніка ў вялікай дзяржаве, зацікаўленай у захаванні статус-кво, могуць падобным жа чынам здушыць рэвалюцыйныя выступленні. Французы, увёўшы ў Алжыр у пяцідзесятых гадах ваенізаваныя аддзелы, якія дзейнічалі жорстка, патрапілі авалодаць сітуацыяй. Калі Партугалія ў шасцідзесятых гадах змусіла рэвалюцыянераў у Анголе і Мазамбіку да партызанскай вайны, тыя не былі ў стане стварыць пагрозу для панавання метраполіі. У Нікарагуа апазіцыйны Фронт Нацыянальнага Вызвалення імя Сандына (FSLN), які ўзнік у 1961 г., амаль дваццаць гадоў быў няздатны паставіць пад пытанне дыктатуру Самосы. Гэтаксама рэжымы Батысты на Кубе і шаха Пехлеві ў Іране, якіх падтрымлівалі Злучаныя Штаты, доўга не адчувалі пагрозы для сябе, нягледзячы на існаванне апазіцыі. Рашучая палітыка Савецкага Саюза ў дачыненні да сатэлітаў з Усходняй Еўропы рабіла вызваленне з-пад апекі вялікай дзяржавы немагчымым аж да другой паловы васьмідзесятых гадоў XX ст. Чаму ж ва ўсіх гэтых краінах дайшло ўрэшце да рэвалюцыйнага перавароту?

Пасля Другой сусветнай вайны інтэлектуалы на чале з Сартрам пачалі аспрэчваць французскую прысутнасць у Алжыры. Іх пазіцыя адыграла ролю, аналагічную пазнейшаму стаўленню часткі амерыканскай грамадскай думкі да інтэрвенцыі Злучаных Штатаў у В’етнаме. На міжнароднай арэне крытыкаваліся французскія метады дзеяння, скіраваныя супраць тэрарыстаў з алжырскага Фронту Нацыянальнага Вызвалення (FLN). Параза французаў у В’етнаме таксама падарвала рашучасць намеру захаваць Алжыр французскай калоніяй. Усе гэтыя фактары прычыніліся да сыходу французаў з Алжыра. Крыху інакшая сітуацыя была ў партугальскіх калоніях. Тамтэйшыя рэвалюцыйныя рухі — Народны рух вызвалення Анголы (MPLA) і Фронт Вызвалення Мазамбіка (FRELIMO) — ад пачатку шасцідзесятых гадоў вялі працяглую партызанскую вайну на знясіленне з войскамі метраполіі. Толькі палітычны пераварот у самой Партугаліі — так званая рэвалюцыя гваздзікоў у 1974 г. — зрабіла магчымай перамогу рэвалюцыянераў. Праз год Партугалія прызнала незалежнасць Анголы і Мазамбіка[30]. У Іране і Нікарагуа перамога рэвалюцыі стала магчымаю пасля таго, як у другой палове сямідзесятых гадоў Злучаныя Штаты змянілі сваю палітыку ў дачыненні да гэтых краін. Гэтая змена была звязана з палітыкай абароны правоў чалавека, якую прапагандавала адміністрацыя прэзідэнта Картэра. Пасля дзесяцігоддзяў, цягам якіх дапамога давалася без ніякіх умоваў, Злучаныя Штаты пачалі дамагацца ад шаха Ірана і пануючай у Нікарагуа сям’і Самосы пашаны да правоў чалавека. Хоць у абедзвюх краінах адбыліся толькі абмежаваныя рэформы, яны стварылі магчымасць для фармавання моцнай апазіцыі, а як вынік — для перамогі рэвалюцыі ў 1979 г. і ўзнікнення новых, варожых да ЗША дыктатураў[31]. Спыненне дапамогі Злучаных Штатаў свайму ранейшаму саюзніку Батысту гэтаксама зрабілася адной з галоўных прычын перамогі рэвалюцыі на Кубе ў 1959 г.[32]. Рэвалюцыйныя трансфармацыі ў Усходняй Еўропе сталі магчымыя дзякуючы рэформам Гарбачова ў самім СССР і дазволу гэтай дзяржавы на правядзенне палітычных зменаў у краінах-сатэлітах[33]. Відавочна, прычыны рэфарматарскіх тэндэнцыяў у Савецкім Саюзе вынікалі, між іншага, з слабасці тамтэйшае эканомікі, прайгранай гонкі ўзбраенняў з заходнімі дзяржавамі, вайною ў Афганістане, дэлегітымізацыяй дагэтуляшняй ідэалогіі.

Ва ўсіх гэтых выпадках змена знешняй кан’юнктуры мела вырашальнае значэнне для далейшага лёсу рэвалюцыйнага руху. Такая сітуацыя аслаблення кантролю і часта пасіўнага дазволу на рэвалюцыйную трансфармацыю называецца дазвольны сусветны кантэкст[34] або адкрыванне сусветнай сістэмы для пераменаў[35]. На думку Голдфранка (Goldfrank), яна выступае тады, калі: 1) галоўныя дзяржавы ўцягнутыя ў вайну або міжнародныя праблемы, 2) галоўныя дзяржавы захоўваюць раўнавагу паміж сабою і ставяцца адна да другой антаганістычна, 3) паўстанцы атрымліваюць большую знешнюю дапамогу, чым дзяржаўныя ўлады[36]. Яна будзе звязвацца і з разгледжанымі вышэй выпадкамі: 4) спынення вялікай дзяржавай падтрымкі ранейшага саюзніка, 5) існавання спрыяльнай для рэвалюцыянераў міжнароднай грамадскай думкі, 6) змены ўнутранай сітуацыі ў метраполіі.

Удзел галоўных каланіяльных дзяржаваў у II сусветнай вайне распачаў працэс распаду іх уладанняў, адкрываючы магчымасці для нацыяналістычных рухаў, у тым ліку рэвалюцыйнай партызанкі. Дэкаланізацыя ў наступныя гады адбывалася па прынцыпе эфекту даміно, дасягнуўшы апагею ў шасцідзесятыя гады[37]. У выпадках, калі метраполія намагалася захаваць статус-кво, выбухала рэвалюцыя. Аднак, калі ўзяць пад увагу маштаб дэкаланізацыі, толькі ў нешматлікіх выпадках незалежнасць здабывалася шляхам рэвалюцыі (В’етнам, Алжыр, Ангола, Мазамбік). У В’етнаме канчатковы поспех рэвалюцыянераў быў прадвызнача ны моцным пацыфісцкім рухам у ЗША і неспрыяльнай міжнароднай грамадскай думкай. Прэзідэнт Рычард Ніксан найперш пастанавіў вывесці войскі з В’етнама, а пасля 1972 г. Злучаныя Штаты спынілі ўсялякую дапамогу паўднёва-в’етнамскаму ўраду[38].

Прыклады В’етнама, Кубы, Ірана і Нікарагуа паказваюць, наколькі ключавое значэнне мела палітыка Злучаных Штатаў у дачыненні да дзяржаваў, якія знаходзіліся пад пагрозай рэвалюцыйнага перавароту. Праўдападобна, рэвалюцыя ў Мексіцы ў 1910—1911 г. не адбылася б, калі б паўночныя сілы, апазіцыйныя да рэжыму Парфірыо Дыяса, не маглі перамяшчацца па паграніччы ЗША і Мексікі, здабываючы падтрымку шмат каго з амерыканцаў. Пазней ЗША правялі абмежаваную інтэрвенцыю (ген. Першынг [Pershing]), але гэтая інтэрвенцыя не справакавала абурэння мексіканцаў. Пазней уцягненне ЗША ў I сусветную вайну і прэзідэнцтва Вудра Вільсана паклалі канец амерыканскім контррэвалюцыйным намаганням, стварыўшы магчымасць кансалідацыі новага мексіканскага рэжыму[39].

Зусім адрозную палітыку праводзілі Злучаныя Штаты ў дачыненні да Сальвадора, Гватэмалы, Перу і Філіпінаў. Рашучая падтрымка Злучанымі Штатамі ўрадаў гэтых краін прадухіліла выбух рэвалюцыі. Пачатак дзеянняў рэвалюцый нага партызанскага руху ў Сальвадоры супаў з апошнім годам прэзідэнцтва Картэра. Скрытыкаваны за тое, што дапусціў узнікненне варожых ЗША рэжымаў у Іране і Нікарагуа, ён пачаў адступаць ад палітыкі абароны правоў чалавека. Яго наступнік — Рональд Рэйган — поўнасцю падтрымаў дыктатуру ў Сальвадоры. Пад час панавання Рэйгана ў замежнай палітыцы ЗША адбыўся паварот. Архітэктарам новай стратэгіі была Джын Кіркпатрык (Jeane Kirkpatrick), якая ў вядомым артыкуле „Дыктатуры і падвойныя стандарты” правяла адрозненне паміж памяркоўна рэпрэсіўным аўтарытарызмам, характэрным для правых дыктатураў, і таталітарызмам левых рэжымаў. Дактрына Кіркпатрык надала легітымнасць дзеянням адміністрацыі Рэйгана ў дачыненні да дыктатураў у Трэцім Свеце[40]. У васьмідзесятых гадах Злучаныя Штаты падтрымлівалі ўрад у Гватэмале, дзе рэвалюцыянеры вялі партызанс кае змаганне ад пачатку шасцідзесятых гадоў. Амерыканская дапамога ўключала ў сябе, між іншага, навучанне і ўзбраенне гватэмальскай арміі. Падобна было ў Перу, дзе ўрад змагаўся з партызанамі з групоўкі Sendero Luminoso („Светлы шлях”). На Філіпінах, пасля палітычнае рэвалюцыі і звяржэння дыктатуры Маркаса, быў усталяваны дэмакратычны ўрад Коры Акіна. Амерыканская падтрымка гэтага апошняга прадухілі ла грамадскую рэвалюцыю[41].

Вялікае значэнне для перамогі рэвалюцыйных рухаў мела дапамога, якую тыя атрымлівалі ад СССР і ягоных саюзнікаў, найперш Кубы (Ангола, Мазамбік і Нікарагуа) і Кітая (В’етнам). Рэвалюцыйны рух у самім Кітаі займае ў Трэцім Свеце асобнае месца. Гэта прыклад разгледжа ных Т.Скокпол рэвалюцыяў у грамадствах аграрных бюракратыяў, уключаных у сферу міжнародных уплываў[42]. Ключавым быў ваенны канфлікт з Японіяй, які прывёў да аслаблення ўрада Чан Кайшы, а тым часам камуністы Мао Цзэдуна кансалідавалі свае сілы. Паваенныя эканамічныя цяжкасці (гіперінфляцыя) канчаткова падарвалі легітымізацыю ўлады нацыяналістаў (камуністы вінавацілі іх у няўдачах у вайне з Японіяй). Адсутнасць рэакцыі Злучаных Штатаў і Вялікай Брытаніі ў часе канфрантацыі арміі Мао з войскамі Чан Кайшы адкрыла дарогу канчатковай перамозе камуністаў[43].

Нягледзячы на ключавое значэнне, якое адыгрываў геапалітычны кантэкст у генезісе рэвалюцыяў у Трэцім Свеце, урэшце ён ствараў пэўныя рамкі, у якіх дзейнічалі канкрэтныя акторы. Экспансія заходняга капіталіз му спалучалася з пераўтварэннем традыцыйных грамадстваў. У залежнасці ад прасунутасці мадэрнізацыйных працэсаў у паасобных краінах існаваў больш ці менш шматлікі сярэдні клас, рабочы клас і сялянства, якое змянялася пад уплывам рынкавых стасункаў. Якія ж сацыяльныя групы адыгралі ключавую ролю ў рэвалюцыйным працэсе?

Сацыяльная аснова рэвалюцый

Паводле марксісцкай тэорыі рэвалюцыі галоўнай дзейнай асобай у рэвалюцыйным працэсе мусіў быць рабочы клас. Аднак ужо рэвалюцыі першай паловы XX ст. (Мексіка, Кітай) характарызаваліся ўдзелам і масавай падтрымкай сялян. Гэтай тэндэнцыі не заўважалі ні прадстаўнікі школы „натуральнай гісторыі рэвалюцыяў”, ані тэарэтыкі пяцідзесятых-шасцідзесятых гадоў[44]. Толькі ўдзел Злучаных Штатаў у в’етнамскай вайне звярнуў увагу назіральнікаў на вялізную падтрымку тамтэйшай рэвалюцыі сялянамі. Неўзабаве з’явілася некалькі тэарэтычных працаў з аналізам ролі сялянскай праслойкі ў рэвалюцыйных выступах[45].

Іх аўтары імкнуліся даць адказ на пытанне аб прычыне масавага ўдзелу сялян у сацыяльных рэвалюцыях. Некаторыя аўтары даводзілі, што вырашальную ролю выконвае характар адносін паміж землеўласнікамі і сялянамі. На думку Барынгтана Мура (Barrington Moore), камерцыяліза цыя сялянства вяла да распаду традыцыйнай раўнавагі правоў і абавязкаў паміж панам і селянінам. Рэвалюцыйным выступам найбольш спрыяла сітуацыя, калі камерцыяліза цыя не была поўнаю, калі сяляне захоўвалі сувязь з зямлёю, а іх супольнасці не разбураліся. Патрабаванне большых выплатаў яны маглі тады палічыць несправядлівым і адкінуць[46]. Прыклады з мексіканскай рэвалюцыі пацвярджаюць тэзіс пра сувязь паміж сялянскімі выступамі і няпоўнай мадэрнізацыяй сельскай гаспадаркі. Мяцеж пад кіраўніцтвам Эміліяна Сапаты выбухнуў у Марэлас (Morelos) — цукравытворчай правінцыі — дзе вялікія асьенды, што працавалі на рынак, няспынна займалі ўсё новыя землі сялянаў, а тыя патрабавалі вярнуць захопленую зямлю. З другога боку, традыцыйны і больш адсталы рэгіён Аахака (Oaxaca), дзе рынкавыя стасункі не парушылі ў значнай меры раўнавагі паміж селянінам і панам, застаўся ў пачатковай фазе рэвалюцыі пераважна пасіўны. Падобна было ў рэгіёнах з цалкам камерцыялізаванай сельскай гаспадаркаю, як Веракрус ці паўвостраў Юкатан[47].

Ці ўсе сяляне былі аднолькава схільныя да рэвалюцый ных выступаў? Ці, можа, сярод іх вылучалася нейкая група, асабліва схільная да бунту? Адны даследчыкі лічылі, што найлягчэй паддаваліся на рэвалюцыйную агітацыю беззямельныя і найбяднейшыя сяляне і бедныя імігранты, што рабілі на зямлі ў каланіяльных уладаннях[48]. Іншыя бачылі самую рэвалюцый ную сілу ў сярэдняках[49]. Насамрэч у бальшыні пераможных рэвалюцыйных рухаў бралі ўдзел як бедныя і беззямельныя, так і сераднякі. Апрача таго, меў месца ўдзел імігрантаў, што выконвалі наёмную працу на зямлі, вясковых рамеснікаў, багатых сялян ці нават буйных землеўласнікаў[50].

Хоць сяляне адыгрывалі цэнтральную ролю ў бальшыні рэвалюцыйных выступаў, цверджанні, што гэтыя рэвалюцыі былі „сялянскімі войнамі” або „сельскагаспадар чымі рэвалюцыямі”, адварочваюць нашую ўвагу ад іншых дзейных асобаў. Ніводная рэвалюцыя не мела выключна сялянскага характару. Звернемся зноў да мексіканскай рэвалюцыі — найбліжэйшай да „ідэалу”. Армія Франсіска Панча Вілі — Division del Norte — а яна, як і армія Сапаты, успрымалася як сялянская — мела вельмі дыферэнцыява ную сацыяльную базу. Паўночная Мексіка была рэгіёнам пагранічча, дзе сяляне жылі побач з індзейцамі племені які, а поруч — насельніцтва, што прыбыло апошнім часам: гарнякі, каўбоі, не звязаныя з традыцыйнымі вясковымі супольнасцямі дробныя сяляне і розныя адкіды грамадства. З іх і рэкрутавалася армія Панча Вілі[51]. Трэба зазначыць, што сяляне нідзе не мелі адпаведных арганізацыйных магчымасцяў, каб стварыць удалы рэвалюцыйны рух. Ім патрабаваліся знешнія лідэры, і гэтую ролю прымалі на сябе рэвалюцыянеры з вышэйшых класаў. Яны адыгрывалі ключавую ролю ў арганізацыі, узбраенні і ачольванні рэвалюцыйных рухаў. Такія рухі не грунтаваліся выключна на адным класе грамадства. Яны мелі характар шматкласавай кааліцыі , у якой звычайна адзін клас адыгрываў цэнтральную ролю. У бальшыні выпадкаў гэта быў сялянскі клас, аднак рэвалюцыі ў Іране і ў Нікарагуа мелі яскрава гарадскі характар[52]. Партызанскі рух Кастра, што дзейнічаў у гарах Сьера-Маэстра, таксама на 60—80% рэкрутаваўся з гарадскіх асяродкаў[53]. Гарадскі характар мелі і ўсходнееўрапейскія рэвалюцыі 1989 г. Тут асаблівую ролю адыгралі рабочы клас і інтэлігенцыя, з якой галоўным чынам рэкрутаваліся кіраўнікі рэвалюцыі[54].

Належыць зазначыць, што не заўсёды рэвалюцыяне рам удавалася сфармаваць кааліцыю з многіх класаў. У Інданезіі і Гандурасе левы рэвалюцыйны партызанскі рух не здолеў здабыць шырокай падтрымкі. У іншых выпадках узнікненне масавага саюзу не было дастатковай падставай для перамогі рэвалюцыі. У Малайзіі і на Філіпінах у часе II сусветнай вайны сфармаваліся масавыя камуністычныя рэвалюцыйныя рухі, аднак пасля сыходу японцаў яны страцілі падтрымку і ім не ўдалося стварыць пагрозу для тых, хто меў уладу[55]. Гэтаксама ў Гватэмале і Сальвадоры — рэвалюцыйны партызанскі рух, нягледзячы на падтрымку шмат якіх сацыяльных асяроддзяў, не здолеў захапіць уладу[56]. У сувязі з гэтым слушна будзе паставіць пытанне: што абумоўлівае ўзнікненне шырокай, шматкласавай кааліцыі і ў якіх акалічнасцях яна ў стане пераняць уладу шляхам рэвалюцыі? Дагэтуляшнія доследы паказваюць на дзве галоўныя прычыны фармавання масавага рэвалюцыйнага руху. Першая — характар праціўніка, то бок тых, хто меў уладу. Пэўная форма ажыццяўлення ўлады спрыяе ўзнікненню апазіцыйнага саюзу многіх класаў. Вышэй мы стараліся паказаць, што найлягчэй шматкласавыя рэвалюцыі ўзнікалі ў г.зв. неапатрыманіяльных рэжымах і калоніях з непасрэдным кіраваннем. Другою прычынай, што яднала розныя грамадскія асяродкі, была ідэалогія, ці, шырэй кажучы, — пэўная культура супраціву і апазіцыі[57].

Роля ідэалогіі

Ідэалогіі ў рэвалюцыйным працэсе прыпісвалася рознае значэнне — ад ігнаравання яе ўплыву на матывы дзеяння рэвалюцыянераў да падачы яе як аднаго з галоўных рухавікоў рэвалюцыі. На пераломе 70-х і 80-х г. у тэарэтызаванні пра рэвалюцыю запанаваў падыход, выказаны ў слыннай формуле Tэдзі Скокпол: revolutions are not made, they come (рэвалюцыі не робяцца, а надыходзяць). На думку Скокпол, людскія ідэі і свядомыя дзеянні адыгрываюць у генэзісе рэвалюцыі мізэрную ролю. Вырашальныя фактары — структурныя: адносіны паміж класамі грамадства і дзяржаваю і шырэйшы міжнародны кантэкст[58]. Пазіцыю Скокпол у большай ці меншай ступені падзялялі іншыя структурна арыентаваныя тэарэтыкі рэвалюцыі[59]. Падзеі іранскае рэвалюцыі, дзе ідэалогія (шыіцкі іслам) адыграла вялікую ролю[60], дыскусія паміж Скокпол і С’юэлам[61], нарэшце, „культурны” паварот, які адбыўся ў грамадскіх навуках у 80-х і 90-х г.[62], зноўку рэабілітавалі ролю ідэяў і свядомых людскіх учынкаў у рэвалюцыйным працэсе. Адначасова паўстала шмат цікавых прапановаў, прыдатных для канцэптуалізацыі пытання, якое нас цікавіць. Фарыдэ Фархі (Farideh Farhi) прапанавала адкінуць канцэпцыю ідэалогіі як простай сістэмы ідэяў. Яе належыць успрымаць як дынамічны сацыяльны працэс, які творыцца і трансфармуеца праз свядомыя дзеянні больш ці менш інфармаваных дзейных асобаў[63]. Пераўтварэнні ідэалогіі асабліва добра відаць у перыяд шпаркіх і гвалтоўных сацыяльных зменаў, такіх, як рэвалюцыя. Рэвалюцыянеры ў перадрэвалюцыйны перыяд і ў ходзе рэвалюцыі адзначаюцца вялікім прагматызмам і схільнасцю да мадыфікацыі ўласнае ідэалогіі. Закасцяненне адбываецца толькі разам з кансалідацыяй рэвалюцыйнай улады. Фархі падкрэслівае розніцу паміж ідэалогіяй і культурай. Культура адносіцца да розных, часта спрэчных сімвалаў, аповедаў, рытуалаў, светапоглядаў, на падставе якіх прымаюцца розныя стратэгіі індывідуальных дзеянняў. Ідэалогіі ж — вельмі ясна сфармуляваныя культурныя мадэлі, якія прапануюць адзін уніфікаваны адказ на людскія пытанні пра тое, як чалавек павінен жыць і дзейнічаць. У гэтым сэнсе яны творацца з мэтаю змены існуючых светапоглядаў і перакананняў[64]. Больш дакладны падзел паміж доўгатрывалымі, ананімнымі і сацыяльна дыферэнцыяванымі культурнымі ідыёмамі і свядома распрацаванымі ідэалогіямі , якія фармулююць палітычна ангажаваныя дзейныя асобы дзеля пэўных мэтаў, праводзіць T. Скокпол[65]. Джон Форан, уводзячы катэгорыю палітычнай культуры супраціву і апазіцыі , прапануе больш цэласны падыход да пытання. Калі даходзіць да далёка ідучай сацыяльна-эканамічнай змены, паасобныя часткі папуляцыі зазнаюць і інтэрпрэтуюць яе ў святле ранейшых вартасцяў і культурных арыентацыяў, уключаючы сюды ідэі нацыяналізму, сацыялізму, дэмакратыі, рэлігію і іншыя культурныя формы, закаранёныя ў грамадстве. На іх падставе розныя класы і сацыяльныя групы намагаюцца высветліць, што здарылася, і твораць палітычную культуру супраціву і апазіцыі ў адносінах да рэпрэсіўнай дзяржавы і яе замежных саюзнікаў. Культура супраціву і апазіцыі адыгрывае істотную ролю ў здольнасці грамадскіх рухаў да арганізацыі. Яна ўзнікае або актывізуец ца, каб патлумачыць працэс змены і мабілізаваць сацыяльную апазіцыю[66].

Насуперак пашыранай думцы, марксізм адыграў у інспіраванні рэвалюцыйных кааліцыяў зусім не такую вялікую ролю, як звычайна лічыцца. Пасля II сцусветнай вайны дзяржавы Трэцяга Свету сталі прадметам інтэнсіўных ідэалагічных пераконванняў з боку СССР і яго саюзнікаў. У выніку пераможных рэвалюцыяў камуністычныя рэжымы былі ўсталяваны ў В’етнаме, на Кубе, у Анголе і Мазамбіку. Аднак не марксізм быў тут ідэалогіяй, якая яднала рэвалюцыйныя рухі. Паварот да інкарпараванай з СССР ідэалогіі адбываўся пазней, калі ўмацоўваліся заваяванні рэвалюцыі і пачынаў будавацца новы рэжым. Сацыялістычныя ідэі, праўда, таксама адыгрывалі пэўную ролю[67], аднак вырашальным быў нацыяналістычны дыскурс, звязаны з супрацівам знешняму кантролю. У працэсе дэкаланізацыі роля нацыяналізму была асабліва значнаю. Як піша Э.Гелнер (Gellner), „паўставаў нацыяналізм, які яднаў усіх нябелых жыхароў дадзенае тэрыторыі; тэрыторыі гістарычна выпадковай, якую выдзеліла толькі адміністрацыйная машына”[68] . У імкненнях да незалежнасці шляхам рэвалюцыі нацыяналізм рабіўся свайго кшталту рэвалюцыйнай ідэалогіяй. Такая сітуацыя мела месца ў Анголе і Мазамбіку. Нягледзячы на палітычную і ваенную падтрымку, якую забяспечвалі тамтэйшым рэвалюцыйным рухам СССР і Куба, інкарпарацыі марксісцкай ідэалогіі ў гэтых краінах не адбылося. Яна была прынята ў большым маштабе толькі пасля перамогі рэвалюцыі[69].

Нацыяналізм адыграў таксама вельмі важную ролю ў працэсе рэвалюцыйнай мабілізацыі ў дзяржавах, якія фармальна заставаліся незалежнымі, але знаходзіліся ў розных формах палітычнай, эканамічнай і ваеннай залежнасці ад замежных дзяржаваў. Узнікае пытанне пра тое, што паноўная сістэма аблягчае чужынцам панаванне над краінай і яе эксплуатацыю. У меркаванні, што належыць змяніць такую сістэму, карэніцца адна з прычын ператварэння нацыянальных лозунгаў у рэвалюцыйныя. „Нацыянальная” і антысістэмная матывацыі робяцца неаддзельнымі адна ад другой[70].

На Кубе Кастра мабілізаваў сваіх прыхільнікаў вакол лозунгаў нацыянальнай суверэннасці (якая разумелася як незалежнасць ад ЗША), сацыяльнай справядлівасці і свабодных дэмакратычных выбараў. У перадрэвалюцый ны перыяд і ў часе рэвалюцыі марксізм у ідэалогіі Руху 26 ліпеня адсутнічаў. Кастра займаў у дачыненні да нешматлікіх кубінскіх камуністаў непрыхільную пазіцыю. Толькі ў паслярэвалюцыйным часе, калі стасункі са Злучанымі Штатамі напружыліся, Кастра заключае саюз з СССР і прымае марксізм-ленінізм як афіцыйную дзяржаўную ідэалогію[71].

З нацыянальных лозунгаў зыходзіла сандынісцкая рэвалюцыя ў Нікарагуа. Міф Сандына, на які спасылаўся тамтэйшы рэвалюцыйны рух, паказваў яго як чалавека, што біў „gringos[72]. Поруч з нацыяналізмам істотную ролю адыграла там тэалогія вызвалення, папулярная і ў іншых краінах Лацінскай Амерыкі[73].

У Іране ў перыяд рэвалюцыі роля ісламу аказалася меншаю, чым прынята лічыць. Апазіцыйны рух выказваў галоўным чынам незадаволенасць сацыяльна-эканамічнай палітыкай шаха і яго сувязямі з ЗША. Ісламская Рэспубліканская Партыя, якая ажыццяўляе ўладу ў Іране і цяпер, да падзення шаха Пехлеві не існавала[74]. Большую ролю радыкальны іслам адыграў у Алжыры, дзе ён, поруч з антыфранцузскім нацыяналізмам, быў важным элементам культуры супраціву і апазіцыі[75].

У В’етнаме палітычная культура супраціву і апазіцыі спалучала ў сабе традыцыйныя вартасці незалежнасці і эгалітарызму, на якія наклаліся ідэалогіі нацыяналізму і сацыялізму. Попкін (Popkin), які даследаваў ролю сялянства ў в’етнамскай рэвалюцыі, заўважыў таксама, што яго мабілізацыя пайшла лепш, калі рэвалюцыянеры пачалі рабіць націск на лакальных мэтах і вартасцях , абяцаючы заплаціць адразу, а не на ідэалогію камунізму. Сяляне ігнаравалі маладых трацкістаў і камуністаў, якія спрабавалі арганізаваць іх вакол лозунгаў сусветнае рэвалюцыі[76].

Падчас кітайскай рэвалюцыі камуністы Мао, нягледзячы на прыняццё марксісцкае дактрыны, таксама адзначыліся немалым прагматызмам. Стратэгія арганізацыі рэвалюцыйнага руху з апораю на гарадскі пралетарыят была даволі хутка адкінута. Камуністы здабылі шырокую падтрымку ў кітайскім грамадстве дзякуючы лозунгам справядлівасці і сацыяльных рэформаў[77].

Патрабаванні нацыянальнае суверэннасці з’явіліся таксама, поруч з лозунгамі сацыяльна-палітычных рэформаў, пад час „Восені народаў” у Ўсходняй Еўропе. Галоўным дасягненнем дысідэнцкіх рухаў была рэабілітацыя нацыяналізму (патрыятызму) і ўключэнне яго ў прадэмакратыч ныя праграмы і рухі. Гэты дэмакратычны нацыяналізм стаў ідыёмам антыпартыйнай і антысавецкай мабілізацыі[78].

Тое, што марксісцкай дактрыне з яе нягнуткай прапагандаю кепска ўдавалася мабілізаваць масавы рэвалюцый ны рух, выразна відаць на прыкладзе Сальвадора, Гватэмалы, Перу і Філіпінаў. У Сальвадоры палітычная культура супраціву і апазіцыі спалучала ў сабе тэалогію вызвалення і марксізм-ленінізм. Радыкалізм рэвалюцыянераў, якія адкрыта прапагандавалі лозунгі класавай барацьбы, быў адной з істотных перашкодаў да мабілізацыі вышэйшых класаў на рэвалюцыйную справу. У Гватэмале і на Філіпінах рэвалюцыйныя рухі таксама прапагандавалі ідэалогію марксізму-ленінізму. У сваю чаргу ў Перу ідэалогія Sеndero Luminoso змяшчала ў сабе элементы марксізму і радыкальнага мааізму. Bа ўсіх гэтых выпадках спробы здабыцця шырокай грамадскай падтрымкі не прынеслі плёну[79].

Найбольш істотную ролю ў мабілізацыі рэвалюцый ных рухаў XX ст. адыграў нацыяналізм. Пры існаванні разнастайных формаў залежнасці сацыяльную незадаволенасць лёгка было скіраваць на вялікую дзяржаву, заангажава ную ў гэтай краіне палітычна ці эканамічна. Марксізм натхняў перадусім рэвалюцыйных правадыроў. Калі нават ён не адыгрываў такое ролі, як нацыяналізм, у мабілізацыі знізу, то легітымізаваў рэвалюцыйныя памкненні.

Заключныя высновы

У XIX ст. у грамадскай свядомасці ўзнікла ідэалізацыя рэвалюцыі як праявы наскрозь пазітыўнай, утварыўся свайго кшталту міф рэвалюцыі[80]. Абгрунтаванасць або нават абавязковасць рэвалюцыйнага шляху здзяйснення зменаў легітымізавалася ідэалогіяй марксізму. Толькі досвед наступных рэвалюцыяў, асабліва XX ст., пахіснуў гэты міф. Рэвалюцыі прыносілі эфекты, адваротныя тым, пра якія марылі рэвалюцыянеры: рэпрэсіі, новыя віды няроўнасці і несправядлівасці, пагаршэнне якасці жыцця. Замест прагрэсу наступаў рэгрэс. Ідэалізаваныя вобразы рэвалюцыяў былі ў выніку перагледжаны, прычым пачалі акцэнтавацца іх чорныя бакі[81]. Акрамя адмоўных наступстваў рэвалюцыяў XX ст., падзенню гэтага міфу паспрыяў эканамічны крызіс СССР і іншых камуністычных дзяржаваў. Гэты крызіс прывёў да дыскрэдытацыі марксізму, найбольш натхняльнай ідэалогіі XX ст. У 1989 г. мэтаю рэвалюцыянераў быў не прывід бяскласавага грамадства, а палітычна-эканамічная трансфармацыя ў напрамку дэмакратыі і рынкавай эканомікі. Ранейшая ідэя рэвалюцыі „вычарпалася”. Існуючыя дагэтуль камуністычныя дзяржавы, такія, як Кітай або В’етнам, таксама арыентуюцца на ўвядзенне рынку ў эканоміку, якая раней планавалася з цэнтру.

Эра рэвалюцыяў скончылася ў 1989 г. разам з падзеннем міфа рэвалюцыі і дэлегітымізацыяй марксізму. Рэвалюцыя перастала быць мэтаю грамадскіх рухаў апазіцыйнага характару. Эра рэвалюцыяў скончылася ў сэнсе падзення міфа рэвалюцыі, які натхняў рэвалюцыянераў амаль два стагоддзі. Гэта, аднак, не азначае, што ў будучыні рэвалюцыйныя выступы немагчымыя. Але будучыя рэвалюцыйныя правадыры не мецьмуць на мэце прывід бяскласавага грамадства.

Якая ідэалогія магла б у будучыні стаць падставаю мабілізацыі рэвалюцыянераў? Пасля 1989 г. зрабілася відавочным, што марксізм-ленінізм „вычарпаўся” і як дзяржаўная дактрына, і як аснова для мабілізацыі рэвалюцыя нераў. Гэтую апошнюю ролю надалей можа выконваць нацыяналізм або фундаментальны іслам, асабліва там, дзе існуе нейкая форма залежнасці ад замежнай вялікай дзяржавы. Пад асаблівай пагрозай знаходзяцца сістэмы дзяржаваў, моцна залежных ад Злучаных Штатаў. Такая сітуацыя выступае на Блізкім Усходзе, дзе ў некаторых дзяржавах палітычная залежнасць ад Злучаных Штатаў спалучаецца з моцным антыамерыканізмам тамтэйшых грамадстваў (Саудаўская Аравія, Пакістан). Патэнцыйныя рэвалюцыянеры маглі б тут з поспехам выкарыстаць нацыяналістычныя настроі. Цяперашнія палітычныя эліты ў Саудаўскай Аравіі і Пакістане маюць рашучую падтрымку Злучаных Штатаў. Адмова ЗША ад палітычнай актыўнасці на Блізкім Усходзе ў найбліжэйшай будучыні мала праўдападобная. Да такога павароту маглі б прывесці толькі эфектная ваенная параза і адмоўная грамадская думка ў ЗША. Беручы пад увагу палітычную нестабільнасць рэгіёну, мы не можам, аднак, выключыць распаду некаторых дзяржаваў у выніку збройнага канфлікту і адкрыцця такім чынам шляху для перамогі апазіцыі. Такая сітуацыя мела месца ў прааналізава ных Скокпол французскай, бальшавіцкай і кітайскай рэвалюцыях. Не выступала яна, аднак, у выпадку іншых рэвалюцыяў XX ст. Рэвалюцыям ў Мексіцы, на Кубе, у Іране ці ў Нікарагуа не папярэднічала ўцягванне гэтых дзяржаваў у збройны канфлікт. Шмат якія з арабскіх краін маюць аўтарытарныя палітычныя сістэмы, нягледзячы на існаванне дэмакратычных інстытутаў. Найбліжэйшы да неапатрымані яльнага рэжым функцыянуе ў Іраку. Сацыяльная падстава ўлады Садама Хусейна здаецца не мацнейшаю, чым у шаха Пехлеві перад выбухам рэвалюцыі ў Іране, але адзначаец ца значна большым маштабам рэпрэсіўнасці ў стасунку да грамадзянаў. Нягледзячы на антызаходнюю і на погляд варожую капіталістычнай мадэлі эканомікі прыхільнасць значнае часткі грамадскіх сіл і рухаў да адраджэння ісламу, мадэрнізацыйныя працэсы тут немагчыма ні павярнуць назад, ні затрымаць. Іх уплыў не абмяжоўваўся і не абмяжоўваецца сфераю толькі матэрыяльнаю. Апрача канстытуцыяў і парламентаў еўрапейскага ўзору і вызначанай у нацыянальных катэгорыях мадэлі дзяржаўнага суверэнітэ ту, паўсюль прымаюцца некаторыя еўрапейскія ідэалогіі, асабліва ж палітычнае разуменне паняцця народа, як у версіі ліберальна-патрыятычнай, так і ў адваротнай — версіі этнічнага шавінізму. Аднак найважнейшы і найбольш трывалы эфект інтэлектуальнага ўздзеяння Захаду — культ рэвалюцыі. Ідэя рэвалюцыі дасканала ўкампанавалася ў традыцыю ісламу. Гісторыя ісламу ведала мноства прыкладаў бунтаў і закалотаў, што вялі да звяржэння ўрада, а таксама правадыроў, якія запярэчвалі ўсёй сацыяльна-палітычнай сістэме. Права і традыцыя ісламу вызначаюць мяжу паслушэнства ўладарам і разглядаюць абставіны, у якіх уладар не можа чакаць лаяльнасці ад падданых і мусіць быць пазбаўлены ўлады з прычыны сваіх злоўжыванняў[82]. 1989 год у свеце ісламу не быў успрыняты па-заходняму — як рэзкі разрыў з мінуўшчынай. Інкарпараваная з Захаду ідэя рэвалюцыі не страціла тут легітымнасці канчаткова. Яе ўключэнне ў традыцыю ісламу пры адначасовай нясхільнасці гэтай рэлігіі да секулярызацыйных тэндэнцыяў творыць у спалучэнні з нацыяналізмам падставу для ўтварэння сацыяльнай мабілізацыі знізу.

Лацінская Амерыка ў XIX і XX ст. характарызавалася вялізнаю палітычнаю нестабільнасцю, таму тут існуе доўгая традыцыя культуры супраціву і апазіцыі. У другой палове XX ст. існавала больш за дваццаць партызанскіх рэвалюцыйных рухаў[83]. Яны натхняліся тэорыяй foco, якую прапагандаваў Чэ Гевара (Che Guevara). Паводле яе, рэвалюцыянеры мусілі ствараць умовы, якія спрыяюць захопу ўлады. Каб прыспешыць момант выбуху рэвалюцыі, ім належала ствараць на вясковых тэрыторыях ачагі паўстання[84]. Нягледзячы на актыўную дзейнасць, рэвалюцыйнаму партызанскаму руху ў шасцідзесятых і першай палове сямідзесятых гадоў не ўдалося дамагчыся рэвалюцыі ў ніводнай краіне Лацінскай Амерыкі. Калі тэорыя foco аказалася няўдалаю, была прапанавана альтэрнатыўная стратэгія перманентнай грамадзянскай вайны[85]. Абедзве канцэпцыі прадугледжвалі, што рэвалюцыянеры могуць самі стварыць умовы, неабходныя для выбуху і перамогі рэвалюцыі. На пачатку XXI ст., нягледзячы на заняпад эканомікі, рост беспрацоўя, карупцыі і злачыннасці ў Аргентыне, Балівіі, Эквадоры і Калумбіі, толькі ў гэтай апошняй краіне функцыянуе партызанскі рух Fuerzas Armadas Revolucionarias[86]. У Аргентыне, дзе эканамічны крызіс найглыбейшы, а легітымізацыя некаторых дзяржаўных інстытутаў пахіснулася, няма апазіцыйнае сілы, якая патрапіла б сфармуляваць рэвалюцыйныя задачы. Стабілізацыя дэмакратычных сістэмаў і адносна высокая ступень мадэрнізацыі значна аслабляе рэвалюцыйны патэнцыял гэтага рэгіёну. Развітая дэмакратыя забяспечвае адносна дастатковую колькасць формаў удзелу ў палітыцы і інстытуцыя нальнай бяспекі, якая не дае паставіць пад пытанне ўсю палітычную сістэму. Уключэнне паасобных краін у арганізацыю NAFTA, трэба думаць, прыспешыць эканамічнае развіццё, як гэта мела месца ў выпадку Мексікі.

Трансфармацыі 1989 г. ва Ўсходняй Еўропе заахвочваюць да рэфлексіі над будучыняй іншых камуністычных дзяржаваў. У арыентаваных на ўвядзенне ў эканоміку рынку Кітаі і В’етнаме адбываецца, паволі, але няспынна, „адкрыццё” палітычных сістэмаў. Развіццё рэфармаваных эканомік дало магчымасць адносна заспакоіць спажывецкія патрэбы грамадства, чаго не ўдалося рэалізаваць у эканоміках камуністычных дзяржаваў усходняга блоку з цэнтралізаваным планаваннем. Праўдападобна, павелічэнне абсягу эканамічнае свабоды будзе надалей пазітыўна ўплываць на абсяг свабоды палітычнай[87]. Менш прасунулася ў працэсе рэфармавання эканомікі Куба. Фармаванне ўсё мацнейшае апазіцыі, пры тым, што рэжым працягвае настойваць на ідэалах рэвалюцыі, стварае ўмовы для патэнцыяльнае канфрантацыі. Тут магчымы некалькі сцэнарыяў. Калі ўлады наважацца на глыбейшыя эканамічныя рэформы, ад іх абсягу будзе залежаць, ці паўторыцца тут кітайская або ўсходнееўрапейская мадэль мірнай трансфармацыі і змены палітычнае сістэмы. Калі ўлада паспрабуе ўтрымаць статус-кво, ёсць верагоднасць канфрантацыі з ужываннем гвалту. Падобныя сцэнарыі магчымыя ў Паўночнай Карэі, але больш тут усё ж верагодная арыентацыя на кітайскую „мадэль”.

Чарговая праблема для тэарэтыкаў рэвалюцыі — дзяржавы, што ўзніклі пасля распаду Савецкага Саюза. Некаторыя з іх маюць аўтарытарную палітычную сістэму, але разам з тым тут ёсць істотныя культурныя адрозненні ад дзяржаваў Лацінскай Амерыкі ці Блізкага Ўсходу.

У Беларусі сістэма ўлады мае характар аўтарытарнага рэжыму, у якім галоўную ролю адыгрывае нікім не кантраляваны прэзідэнт. Ён мае фармальныя і нефармальныя інструменты непасрэднага ўплыву на ўсе органы заканадаўчае, выканаўчае і судовае ўлады. Больш за тое, значэнне дэмакратычных інстытутаў — парламента і ўрада — тут маргіналізавана[88]. Беларуская палітычная сістэма, аднак, — не тыповая неапатрыманіяльная дыктатура. Істотнай падставай улады прэзідэнта служыць лаяльная да яго наменклатура. Уключанасць эліт у структуру ўлады тут нашмат большая, чым, напрыклад, на Кубе Батысты ці ў Нікарагуа Самосы. Каб зрабіць немагчымым утварэнне ўнутры кіраўнічых кадраў групаў інтарэсаў, якія маглі б стварыць пагрозу для прэзідэнта, узнікла сістэма кантролю і пранікнення паасобных органаў улады. Такая сістэма кантролю асабліва важная для Лукашэнкі пасля вопыту апошніх прэзідэнцкіх выбараў, калі ўзнікла рэальная магчымасць, што кіраўнічая наменклатура выкажацца супраць яго. Цяпер прэзідэнт паставіў на правераных людзей, што выконвалі раней на палітычнай сцэне другарадныя ролі[89]. Не спрыяе рэвалюцыйнай мабілізацыі і нізкі ўзровень развіцця грамадзянскай супольнасці, а таксама адносна высокая грамадская падтрымка прэзідэнта. Для беларусаў Лукашэнка — не такі ненавісны ўсім дыктатар, якім быў для кубінцаў Батыста ці для нікарагуанцаў Самоса. Колькасная і арганізацыйная слабасць апазіцыі, яе нізкая грамадская падтрымка дадаткова аслабляюць фармаванне шматкласавай апазіцыі. Моцная палітычная, эканамічная і ваенная залежнасць Беларусі ад Расіі нагадвае некаторыя залежныя ад ЗША перадрэвалюцыйныя дыктатуры (Іран ці Нікарагуа) альбо залежныя ад метраполіі каланіяльныя дзяржавы (Алжыр, В’етнам, Ангола, Мазамбік). Падабенства, аднак, існуе толькі на погляд. У згаданых вышэй прыкладах грамадствы былі настроены супраць знешняга кантролю вельмі варожа. Апазіцыі ўдалося скарыстаць нацыяналістычныя настроі дзеля рэвалюцыйнае мабілізацыі. У Беларусі становішча адваротнае. Бальшыня грамадства — за актывізацыю працэсу аб’яднання ці нават злучэння Расіі і Беларусі ў адну дзяржаву*. Істотныя фактары тут — культурная блізкасць абедзвюх дзяржаваў, пачуццё моўнай, рэліігйнай повязі, супольная гісторыя і настальгія па савецкіх часах, калі Беларусь была адной з найбольш развітых рэспублік. Прарасійскія настроі беларусаў дадаткова ўзмацняюцца афіцыйнымі СМІ і падпарадкаванай Маскоўскай патрыярхіі беларускай праваслаўнай царквою[90]. Пасіўнасць грамадства ў дачыненні да ўладаў і інтэграцыі з Расіяй звязваецца і з адсутнасцю доўгай незалежніцкай традыцыі. Не існуе там і культуры супраціву і апазіцыі, аналагічнае польскай, венгерскай ці нават украінскай.

З іншых рэгіёнаў былога СССР небяспека рэвалюцыі найбольш рэальная ў краінах, якім пагражае ісламскі фундаменталізм. На Паўночным Каўказе (Дагестан) і ў Ферганскай даліне, якая належыць Узбекістану, Таджыкістану і часткова Кіргізстану, ужо шмат гадоў адзначаюцца праблемы з фундаменталісцкімі арганізацыямі. Шмат разоў даходзіла да ўзброеных дзеянняў на „рэлігійным” фоне. Гэта, сярод іншага, замахі і выкраданні людзей ва Ўзбекістане, арганізаваныя Ісламскім рухам Узбекістану, замахі ў Дагестане. Накладанне моцных ісламскіх традыцыяў, сацыяльных і эканамічных праблемаў (крызіс, беспрацоўе і да т. п.), дэмаграфічных (перанаселенасць і вялізны натуральны прырост), палітычных (дыскрымінацыя з боку цэнтральных асяродкаў, немагчымасць легальнай апазіцыйнай дзейнасці), этнічныя і рэгіянальныя канфлікты ствараюць проста ідэальныя ўмовы для выбуху „рэвалюцыі”[91].

Пераклаў Мікола Раманоўскі


[1] Fukuyama F. Czy koniec historii? // Polityka. 1990. №. 7.
[2] Fukuyama F. The West Has Won, in: http://www.guardian.co.uk/Archive/Article/0,4273,4274753,00.html
[3] Гл.: Kuran T. Why Revolutions Are Better Understand Than Predicted // Debating Revolutions. Ed. by N. R. Keddie. New York, 1995. C.27—35; Ён жа, The Inevitability of Future Revolutionary Surprises // American Journal of Sociology. 1995. Vol. 100. №. 6. C. 1528—1551.
[4] Skocpol T. States and Social Revolutions. New York, 1979. C. 4.
[5] Greene T. H. Comparative Revolutionary Movements. Englewood Cliffs, 1974. C. 8—9.
[6] DeFronzo J. Revolutions and Revolutionary Movements. Boulder, 1991. C. 8.
[7] Huntington S. Political Order in Changing Societies. New Haven, 1968. C. 5.
[8] Тамсама. C. 266.
[9] Goldstone J. A. Revolutions and Rebellion in the Early Modern World. Berkeley, 1991.
[10] Goldstone J. A. Population Growth and Revolutionary Crises // Theorizing Revolutions. Ed. by John Foran. London, 1997. C. 105—106.
[11] Wolf E. Peasant Wars of the Twenties Century. New York, 1969; Greene T. H. Comparative Revolutionary Movements. C. 131—135.
[12] Студэнцкія пратэсты 1968 г. у Заходняй Еўропе, Японіі і ЗША разглядаюцца некаторымі аўтарамі як рэвалюцыі (Wallerstein I. 1968, Revolution in the World-System // Theory and Society. 1989. Vol. 18. C. 431—449), але іх цяжка прызнаць за рэвалюцыі sensu stricto.
[13] Feierabend I. K., Feierabend R. L., Nesvold B. A. The Comparative Study of Revolution and Violence // Comparative Politics. 1973. №. 3. С. 393—424.
[14] Трэба, відавочна, памятаць пра розную ролю дзяржавы і яе інстытутаў у нацыятворчым працэсе і пра адрознасць гэтага працэсу ў розных грамадствах. Гл.: Radzik R. Formowanie się narodów w Europie środkowo-wschodniej // Kultura i Społeczeństwo. 1993. №. 4. C. 17—34.
[15] Goodwon J. State-Centered Approaches to Social Revolutions // Theorizing Revolutions,. E. by John Foran. London, 1997. C. 14.
[16] Tilly C. From Mobilization To Revolution. Reading, 1978. C. 190—193.
[17] Goodwin J., Skocpol T. Explaining Revolutions in the Contemporary Third World // Politics and Society. 1989. Vol. 17. №. 4. C. 495.
[18] Dix R. H. Why Revolutions… C. 437.
[19] Тэрмін „неапатрыманіяльны”, грунтуючыся на веберавай канцэпцыі патрыманіялізму, увёў Сэмюэл Н. Эйзенштат. Гл.: Eisenstadt S. N. Revolution and the Transformation of Societies: A Comparative Study of Civilizations. New York, 1978. Гэтае паняцце часта ўжываецца ў грамадскіх навуках, між іншага для аналізу грамадстваў, якія зазналі рэвалюцыйныя трансфармацыі. Гл.: Goldstone J. A. The Comparative and Historical Study of Revolutions // Annual Review of Sociology. 1982. №. 8. C. 196—197; Goldstone J.A. Revolutions and Superpowers // Superpowers and Revolution. Ed. by J. R. Adelman. New York, 1986. C. 38—48; Goodwin J., Skocpol T. Explaining Revolutions…, C. 498—505; Snyder R. Explaining Transitions from Neopatrimonial Dictatorships // Comparative Politics. 1992. 24. №. 4. C. 370—399.
[20] Шугарт выкарыстоўвае паняцце „султаністычны” ў дачыненні да сітуацыі, калі сацыяльная база рэжыму вузейшая, чым пануючы клас. Гл.: Shugart M. S. Patterns of Revolution // Theory of Society. 1989. V. 8. №2. C. 249—271. Гудвін і Cкокпал адносяць гэтае паняцце да крайняе формы неапатрыманіялізму. Goodwin J., Skocpol T. Explaining Revolutions… C. 498.
[21] Wickham-Crowley T. A Qualitative Comparative Approach to Latin American Revolutions // International Journal of Comparative Sociology. 1991. V. 32. №1—2. C. 89.
[22] Паняцце было ўведзена Аленам Рук’е (Alain Rouquie). Гл. яго: The Military and the State in Latin America. Berkeley, 1987. Ім карыстаецца і Т. Ўікэм-Кроўлі (T. Wickham-Crowley). Гл.: Understanding Failed Revolution in El Salvador: A Comparative Analysis of Regime Types and Social Structures // Politics and Society. 1989. V. 17. №. 4; A Qualitative Comparative Approach…; Elites, Elite Settlements, and Revolutionary Movements in Latin America // Social Science History. 1994. V. 18. №. 4.
[23] Skocpol T. Reflections on Recent Scholarship About Social Revolutions and How to Study Them // Social Revolutions in Modern World. Cambridge, 1994. C. 305-308; Goodwin J. Colonialism and Revolution in Southeast Asia: A Comparative Analysis // Revolution in the World-System. Ed. by T. Boswell. New York, 1989. C. 59—78.
[24] Eisenstadt S. N. Revolution and the Transformation… C. 274—298.
[25] Midlarsky S. N., Roberts K. Class, State, and Revolution in Central America. Nicaragua and El Salvador Compared // Journal of Conflict Resolution. 1985. V. 29. № 2. C. 183.
[26] Goodwin J., Skocpol T. Explaining Revolutions…C. 499; Goldstone J.A. Revolutions and Superpowers. C. 41.
[27] Goodwin J., Skocpol T. Explaining Revolutions… C. 499—503.
[28] Goodwin J. Colonialism and Revolution. C. 73.
[29] Goodwin J. Old Regimes and Revolutions in the Second and Third Worlds // Social Science History. 1994. V. 18. №. 4. C. 594—596.
[30] Foran J. Op. cit. C. 237—238, 240. Мусім зазначыць, што aдной з прычын палітычнай рэвалюцыі ў Партугаліі была незадаволенасць становішчам у калоніях. Аднак у канчатковым выніку лёс абедзвюх калоніяў вырашыла змена знешняе кан’юнктуры. Аналагічна ў Францыі — палітычны крызіс і ўзнікненне Пятай рэспублікі былі звязаны з падзеямі ў Алжыры.
[31] Farhi F. State Disintegration and Urban-Based Revolutionary Crisis. A Comparative Analysis of Iran and Nicaragua // Comparative Political Studies. 1988. 21. №2. C. 241—245; Goldstone J. Revolutions and Superpowers // Superpowers and Revolution. Ed. by J. R. Adelman. New York, 1986. C. 46. Належыць, аднак, падкрэсліць, што дзеянні адміністрацыі Картэра ў абодвух выпадках не мелі на мэце звяржэння рэжымаў у Іране і Нікарагуа.
[32] Skocpol T. Social Revolutions and Mass Military Mobilization // World Politics. 1988. 40. № 2. C. 160.
[33] Pakulski J. Rewolucje wschodnioeuropejskie // Kultura i Społeczeństwo. 1991. № 3. C. 4—6; Verdery K. What Was Socialism and Why Did It Fall? // Debating Revolutions. Ed. by N. R. Keddie. New York, 1995. C. 221—243.
[34] Goldfrank W.L. Theories of Revolution and Revolution Without Theory: The Case of Mexico // Theory and Society. 1979. . №.7. C. 148.
[35] Foran J. The Comparative… C. 230.
[36] Goldfrank W. Op. cit. C. 148—149; Foran J. A Theory of Third World Social Revolutions: Iran, Nicaragua, and El Salvador Compared // Critical Sociology. 1992. V.19. № 2. C. 10.
[37] Сваё значэнне тут мела і перакананне міжнароднай грамадскай думкі, што эра каланіялізму скончылася і краіны Афрыкі і Азіі павінны здабыць незалежнасць.
[38] Foran J. Op. cit. C. 239; DeFronzo J. Revolutions and Revolutionary Movements. Boulder, 1991. C. 137—140.
[39] Skocpol T. Social Revolutions and Mass Military. C. 159—160.
[40] Bodenheimer T., Go R. The Reagan Doctrine: Third World Rollback, in: www.thirdworldtraveler.com/Ronald-Reagan/ReaganDoctrine-TWRollback.html ; Jeane Kirkpatrick, Dictatorships and Double Standards: A Critique of US Policy, «Commentary». 1979. November.
[41] Foran J. Op. cit. C. 47—250.
[42] Skocpol T. States and Social Revolutions. У адным з пазнейшых артыкулаў Скокпал падкрэслівае адрозненні паміж „класічнымі рэвалюцыямі” ў Францыі, Расіі і Кітаі і рэвалюцыямі ў залежных краінах. Гл.: Skocpol T. Social Revolutions and Mass Military. C. 147—168.
[43] Foran J. Op. cit. C. 235.
[44] Гл.: Edwards L. The Natural History of Revolutions. Chicago, 1927; Petee G. The Process of Revolution. New York, 1937; Brinton C. The Anatomy of Revolution. New York, 1938; Hopper R. The Revolutionary Process // Social Forces. 1950. V. 28. №. 3; Johnson C. Revolution and the Social System. Stanford, 1964; Huntington S. Op. cit.
[45] Wolf E. Peasant Wars of Twentieth Century. New York, 1969; Paige J. Agrarian Revolution: Social Movements and Export Agriculture in Underdeveloped World. New York, 1975; Scott J. The Moral Economy of Peasant. New Haven, 1976; Popkin S. The Rational Peasant: The Political Economy of Rural Society in Vietnam. Berkeley, 1979.
[46] Moore B. Social Origins of Dictatorship: Lord and Peasant in Making of Modern World. Boston, 1966.
[47] Roxborough I. Theories of Revolution: The Evidence from Latin America // London School of Economics Quarterly. 1989. V. 3. 2. C. 104; Goldfrank W. Op.cit. C. 154—157.
[48] Paige J. Op. cit.
[49] Wolf E. Op. cit.
[50] Goodwin J., Skocpol T. Explaining Revolutions in the Contemporary Third World // Politics and Society. 1989. V.17. №. 4. C. 492.
[51] Roxborough I. Op. cit. C. 105.
[52] Гарадскі характар гэтых рэвалюцыяў падкрэсліваецца ў: Dix R. The Varieties of Revolution // Comparative Politics. 1983. №.15. C. 283—285; Dix R. Why Revolutions Succeed and Fail // Polity. 1984. №. 16. C. 434-435; Gugler J. The Urban Character of Contemporary Revolutions // Studies in Comparative International Development. 1982. №. 27. C. 60—73.
[53] Gugler J. Op. cit. C. 62.
[54] Barker C., Mooers C. Theories of Revolution in the Light of 1989 in Eastern Europe // Cultural Dynamics. 1997. №. 1. C. 25—27.; Dix R. Eastern Europe’s Implication for Revolutionary Theory // Polity. 1991. V. 24. №. 2. C. 233.
[55] Goodwin J. Colonialism and Revolution in Southeast Asia: A Comparative Analysis // Revolution in the World-System. Ed. by T. Boswell. New York, 1989. C. 61—67.
[56] Джон Форан цвердзіць, аднак, што ў абодвух выпадках, нягледзячы на падтрымку шмат якіх сацыяльных асяроддзяў, да ўтварэння шырокай масавай шматкласавай апазіцыі не дайшло. Няўдача гэтая мелася вынікаць з большага сацыяльнага радыкалізму рэвалюцыйных рухаў у Гватэмале і Сальвадоры. Іх правадыры цвёрда трымаліся прынцыпаў марксісцкай дактрыны; гэта не дазваляла, між іншага, мабілізаваць вышэйшыя класы. Гл.: Foran J. A Theory of Third World Social Revolutions: Iran, Nicaragua, and El Salvador Compared // Critical Sociology. 1992. V. 19. № 2. C. 18; Foran J. The Comparative-Historical Sociology of Third World Revolutions. Why a Few Succeed, Why Most Fail // Theorizing Revolutions. Ed. by J. Foran. London, 1997. C. 248—249.
[57] Foran J. Discourses and Social Forces. The Role of Culture and Cultural Studies in Understanding Revolutions // Theorizing Revolutions. Ed. by J. Foran. London, 1997. C. 203—226.
[58] Skocpol T. States and Social Revolutions.
[59] Гл. м. інш.: Goldstone J. Revolution and Rebellion in Early Modern World. Berkeley, 1991.
[60] Скокпол прысвяціла гэтым падзеям асобны артыкул, дзе змякчыла сваю пазіцыю. Гл.: Rentier State and Shi’a Islam in Iranian Revolution // Theory and Society. 1982. V. 11. № 2. C. 265—303.
[61] Гл.: Sewell W. Ideologies and Social Revolutions: Reflections on French Case // Journal of Modern History. 1985. V.57. №. 1. C. 57—85; Skocpol T. Cultural Idioms and Political Ideologies in the Revolutionary Reconstruction of State Power: A Rejoinder to Sewell // Journal of Modern History. 1985. V. 57. №.1. C. 89—96. Перадрук абодвух артыкулаў змешчаны ў працы: Skocpol T. Social Revolutions in the Modern World. Cambridge, 1994. C. 169—198, 199—209.
[62] Foran J. Discoures and Social Forces. C. 203—205.
[63] Farhi F. Ideology and Revolution in Iran // Journal of Developing Societies. 1990. V. 6. №.1. C. 99.
[64] Тамсама. C. 99.
[65] Skocpol T. Cultural Idioms and Political Ideologies in the Revolutionary Reconstruction of State Power: A Rejoinder to Sewell // Social Revolutions in the Modern World. Ed. by Theda Skocpol. Cambridge, 1994. C. 204—205.
[66] Foran J. Discourses and Social Forces. C. 207—208; Foran J. Third World Social Revolutions. C. 9—10.
[67] Катэгорыі сацыялізму і камунізму я трактую паасобку, хоць абодва гэтыя паняцці часта ўжываюцца наўзамен. Пішучы пра сацыялізм, буду мець на думцы такія элементы гэтай ідэалогіі, як роўнасць або сацыяльная справядлівасць, наяўныя ў камунізме, але таксама ў папулярнай у Лацінскай Амерыцы тэалогіі вызвалення.
[68] Gellner E. Narody i nacjonalizm. Warszawa, 1991. C. 104.
[69] Асабліва ў Анголе пасля рэвалюцыі распачалася інтэнсіўная саветызацыя краіны. Гл.: Colburn F. The Vogue of Revolution in Poor Countries. Princeton, 1994. C. 55—56, 84.
[70] Kula M. Narodowe i rewolucyjne. Londyn, 1991. C. 150.
[71] Foran J. A Comparative-Historical… C. 231; DeFronzo J. Op. cit. C. 173—175; Leiden C., Schmitt K. The Politics of Violence. Revolution in the Modern World. Englewood Cliffs, 1968. C. 198—200.
[72] Kula M. Op. cit. C. 314.
[73] Foran J. A Comparative-Historical… C.231—235, 237.
[74] Farhi F. State Disintegration and Urban-Based Revolutionary Crisis. A Comparative Analysis of Iran and Nicaragua // Comparative Political Studies. 1988. V. 21. 2. C. 249—251.
[75] Chaliand G. Revolutions in the Third World. Sussex, 1977. C. 72—74, 110.
[76] Popkin S. The Rational Peasant: The Political Economy of Rural Society in Vietnam. Berkeley, 1979.
[77] DeFronzo J. Op. cit. C. 79—80.
[78] Pakulski J. Rewolucje wschodnioeuropejskie // Kultura i Społeczeństwo. 1991. №.. 3. C. 6—8.
[79] Foran J. A Comparative-Historical… C. 248—250.
[80] Sztompka P. Rewolucja // Encyklopedia socjologii. T. 3. Warszawa, 2000. C. 295.
[81] Тамсама. C. 295.
[82] Lewis B. Europa a islam // Europa i co z tego wynika. Rozmowy w Castel Gandolfo. Warszawa, 1990. C. 292—294
[83] Wickham-Crowley T. Guerrillas and Revolution in Latin America. A Comparative Study of Insurgents and Regimes Since 1956. Princeton, 1992.
[84] Гэтая канцэпцыя прапагандавалася таксама Рэгісам Дэбрэем (Regis Debray) і шырока вядома як тэорыя рэвалюцыі Гевары-Дэбрэя. Wickham-Crowley T. A Qualitative Approach to Latin American Revolutions // International Journal of Comparative Sociology. 1991. 32. C. 91; Che Guevara E. Guerilla Warfare. Lincoln, 1985; Debray R. Revolution in the Revolution? New York, 1967.
[85] Wickham-Crowley T. Op. cit. C. 91.
[86] Ammann B. Forum. 2001. 52. №. 30—32.
[87] Гл.: Friedman M. Kapitalizm i wolność. Roz. 1. Warszawa, 1993.
[88] Sadowski R. System władzy na Białorusi, in: http://uxa.osw.waw.pl/ramym.htm
[89] Тамсама.
[90] Wierzbowska-Miazga A. Republika Biaіoruś czy republika białoruska? In: http://uxa.osw.waw.pl/ramy4.htm
[91] Strachota K. Islam w krajach Wspólnoty Niepodległych Państw, in: http://uxa.osw.waw.pl/ramym.htm

* Верагодна, блытаецца ідэя саюзу і зліцця Беларусі і Расіі ў адну дзяржаву. За другі варыянт ніколі не было большасці беларусаў. Паводле апытання, праведзенага 1997 г. НІСЭПД, за Беларусь як „незалежную суверэнную дзяржаву” выказалася 85,4% рэспандэнтаў (Гл.: Дракохруст Ю., Фурман Д. Перипетии интеграции (Развитие процесса белорусско-российского объединения) // Белоруссия и Россия: общества и государства. Ред. Д.Е.Фурман. Москва, 1998. С.358). У 2001 г. падобнае апытанне засведчыла, што за саюз выступала каля 60%, а за зліццё — зноў меншасць беларусаў (Рэд.).

Наверх

Belarus: Between the East and the West (Cяргей Запрудскі)

Снежня 13, 2001 |

Belarus: Between the East and the West // International Journal of Sociology. Fall 2001. Vol. 31. No. 3. 93 p.; Winter 2001—2002. Vol. 31. No. 4. 91 p.

У двух нумарах „Міжнароднага часопіса сацыялогіі“, укладзеных супрацоўніцай кафедры беларускай культуры Беластоцкага універсітэта Ганнай Энгелькінг і аб’яднаных агульным загалоўкам „Беларусь: паміж Усходам і Захадам“, змешчаны працы васьмі польскіх і беларускіх аўтараў, прысвечаныя розным праблемам гістарычнага і сучаснага быцця Беларусі. Абодва нумары адкрываюцца ўступнымі словамі рэдактаркі, у якіх яна знаёміць чытача (меркавальна перадусім заходняга) са спецыфікай беларускай сітуацыі і зместам нумароў. Рэдактарка зазначае, што Беларусь вельмі мала ведаюць — прычым не толькі на Захадзе, але і ў суседніх краінах. Што да Захаду, то там нярэдка бытуюць спрошчаныя ўяўленні, згодна з якімі Беларусь ёсць усяго толькі нешта накшталт „малой Расіі“. Між тым геапалітычнае становішча Беларусі вельмі важнае і яно можа служыць падставай як для паспяховага развіцця ў будучыні, так і для стварэння вялікай пагрозы — „не толькі для Беларусі, але таксама для Еўропы і ўсяго свету“.

Першы беларускі выпуск адкрываецца артыкулам доктара філасофіі Рышарда Радзіка з Інстытута сацыялогіі Люблінскага універсітэта „Беларусь паміж Усходам і Захадам: савецка–расійскі выбар versus нацыяналістычны выбар у беларускім грамадстве“. Гэта найбольшая праца з усіх надрукаваных, яна выконвае функцыі асноўнай публі­кацыі для ўсяго цыкла. Р.Радзік робіць спробу растлумачыць, хто такія беларусы і якія гістарычныя, культурныя і палітычныя ўмовы сфармавалі аблічча сучаснага беларускага грамадства як грамадства, размешчанага паміж Усходам і Захадам. Беларускае грамадства, паводле Радзіка, аформілася вакол комплексу савецкіх каштоўнасцяў, а не вакол нацыянальнай ідэнтычнасці і салідарнасці. Рысамі, якія сягаюць у расійскую і савецкую гістарычную спадчыну, з’яўляецца прыняцце расійскай мовы як агульнай мовы беларускага грамадства, асаблівая чуйнасць да класавых праблем, сацыяльная роўнасць і залежнасць краю ад Расіі. Але існуе і іншая (хоць і намнога слабейшая), нацыянальная арыентацыя, скіраваная не толькі да нацыянальнага самавыяўлення, але і да Захаду і заходніх дэмакратычных каштоўнасцяў. З аднаго боку, працяглае знаходжанне ў рамках расійска–савецкай арыентацыі спрыяла выпрацоўцы і ўкараненню ў беларускім грамадстве такіх рысаў як яго плебейскі характар, патэрналісцкі менталітэт і прыняцце аўтакратычнага кіравання. З другога, стаўленне беларусаў да Расіі не адназначнае, апошнім часам назіраецца ўсё большае імкненне падтрымаць фармальную незалежнасць Беларусі, якое, аднак, парадаксальна спалучаецца з жаданнем захаваць агульнанацыянальны характар расійскай мовы і пэўны расійскі адбітак у культуры. На думку Радзіка, „будучыня Беларусі ў значнай ступені знаходзіцца ў расійскіх руках“, а заўсёднае „прамежкавае“ становішча Беларусі паміж дзвюма моцнымі сутнасцямі і нязначная падтрымка грамадствам нацыянальнай і праеўрапейскай арыентацыі даюць падставы прадказваць, што ў агляднай будучыні „палітычна сталая і самабытная беларуская нацыя“ не адбу­дзецца.

Артыкул Юрыя Туронка „Паміж Візантыяй і Рымам: аб прычынах рэлігійных і культурных адрозненняў у Беларусі“ прысвечаны асэнсаванню месца і ролі ў жыцці беларускага грамадства цягам гісторыі каталіцызму і праваслаўя. Аўтар паказвае сацыяльную і геаграфічную дыферэнцыяцыю ў сярэднія вякі паміж вернікамі гэтых канфесій, характарызуе дынаміку зменаў канфесійнай структуры насельніцтва. У 80–я г. XVIII ст. каталікі складалі 15% насельніц­тва Беларусі (а праваслаўныя толькі 6%), за Паўлам I і Аляксандрам I іх доля яшчэ больш павялічылася, аднак урэшце расійская царкоўная палітыка прывяла да таго, што на працягу другой паловы XIX ст. праваслаўныя ўзялі верх, — і гэтую перамогу Ю.Туронак характарызуе як „гістарычную“. Ва ўмовах канфесійнага расколу беларусаў спроба стварыць у 1917—1918 г. незалежную беларускую дзяржаву, паводле аўтара, не магла быць паспяховай, бо „ўнутраная варажнеча працавала супраць такога выбару“. У ХХ ст. доля каталікоў у Беларусі яшчэ больш скарацілася, і гэта зрабіла край больш арыентаваным на Ўсход, чым гэта калі–небудзь было ў яго гісторыі. Арыентаваная на Ўсход большасць Беларусі будзе мець, паводле Туронка, вызначальны голас у фармаванні будучыні беларускага народа.

Рэлігійныя праблемы разглядаюцца і ў артыкуле „Беларускі нацыяналізм і сутыкненне цывілізацый“ супрацоўніка кафедры беларускай культуры Беластоцкага універсітэта Алега Латышонка. Услед за Самуэлем Гантынгтанам Латышонак залічае Беларусь да ліку так званых расшчэпленых краін. Рэлігійны падзел насельніцтва на праваслаўную большасць і каталіцкую меншасць быў і застаецца вялікай праблемай для беларускага нацыянальнага руху. Аўтар зазначае, што беларускі нацыяналізм ад пачатку паспяхова развіваўся толькі ў рэлігійна змешаных рэгіёнах (на паўночным захадзе і ў цэнтры Беларусі), але амаль не існаваў у аднародных — як каталіцкіх, так і праваслаўных — мясцовасцях. Аўтар разглядае спробы заходнебеларускіх дзеячоў 1920–х г. абаперціся на неапратэстантызм як кансалідуючую сілу.

Рэлігійны фактар адыграў сваю ролю і пасля здабыцця Беларуссю незалежнасці ў 1990–я. Паводле аўтара, на пачатку 90–х каталікі валодалі ў Беларусі большай палі­тычнай уладай, чым праваслаўныя, і, як паведамляецца ў артыкуле, беларускія дзеячы ў Польшчы бачылі ў гэтым пагрозу для беларускага нацыянальнага руху і папярэджвалі на гэты конт лідэраў беларускага руху ў Беларусі. Грубай памылкай аўтар лічыць выказаныя тагачасным лідэрам БНФ З.Пазняком публічныя абразлівыя заўвагі на адрас Расіі і праваслаўнага Ўсходу. А.Латышонак звяртае ўвагу на сённяшні імклівы рост пратэстантызму ў Беларусі і сцвярджае, што сёння больш падстаў лічыць Беларусь краем трох, а не дзвюх канфесій. Канфесійная трыхатамія, паводле Латышонка, падвядзе лепшы грунт пад беларускі нацыяналізм, які зможа ў гэтай сітуацыі з большым поспехам узвысіцца над рэлігійнымі антаганізмамі.

Аўтар працы „Беларускі шлях да сучаснасці“, вы­кладчык Беларускага дзяржаўнага універсітэта Павел Церашковіч лічыць, што сярод краін Усходняй Еўропы Беларусь займае вельмі спецыфічнае месца. У многіх адносінах Беларусь была найменш рэфармаванай часткай былога Савецкага Саюза, адпаведна, няма падстаў лічыць, што сённяшняе вельмі павольнае разгортванне ў Беларусі рынкавых рэформаў, захаванне „сацыялістычных“ грамадскіх структур і выразна антызаходняя знешняя палітыка выпадковыя — папраўдзе, гэта свядомы выбар значнай часткі беларускага насельніцтва. Гэтаксама прадуктам зусім свядомага выбару з’яўляецца і абыякавасць да праблем нацыянальнай ідэнтычнасці і дзяржаўнай незалежнасці. Церашковіч бачыць карані сённяшніх праблем у далёкай гісторыі, звязанай з тым, якім чынам Беларусь улучалася ў працэсы мадэрнізацыі. Аўтар паслядоўна разглядае працэсы мадэрнізацыі Беларусі ў XVI, XIX ст., у 1920—1950–я, нарэшце, у 1960–я — першай палове 1980–х г. П.Церашковіч мяркуе, што Беларусі яшчэ трэба прайсці свой шлях да сучаснасці.

У артыкуле „Беларуская мадэль трансфармацыі: рэжым Аляксандра Лукашэнкі і настальгія па савецкай мінуўшчыне“ палітолаг Валерый Карбалевіч сцвярджае, што беларусь дэманструе прыклад таго, што здзейсненыя на пераломе 80—90–х г. дэмакратычныя змены не абавязкова з’яўляюцца незваротнымі. За Савецкім Саюзам Беларусь была своеасаблівай „вітрынай сацыялізму“, а нізкая нацыянальная самасвядомасць была характэрнай рысай беларускага грамадства. На пачатку 90–х Беларусь атрымала незалежнасць насуперак жаданню большасці насельніцтва і кіраўнічых элітаў, а грамадства аказалася непадрыхтаваным да рэформаў, распачатых Гарбачовым.

Перамогу А.Лукашэнкі на прэзідэнцкіх выбарах 1994 г. аўтар разглядае як народную рэвалюцыю. Неўзабаве пасля выбараў ідэалогія нацыянальнага беларускага адраджэння была заменена на ідэалогію панславізму, а пераварот 1996 года ўсталяваў адзінаўладдзе прэзідэнта. У выніку ў другой палове 90–х у грамадстве адбыўся раскол, у цэлым грамадства ўсё больш атамізуецца. Усталяваная ірацыянальным шляхам мадэль дзяржаўна–эканамічнага кіравання ў Беларусі, паводле Карбалевіча, не мае перспектывы, яна асуджана на пастаянны сацыяльна–эканамічны крызіс, які, аднак, не можа быць вырашаны ў межах гэтай мадэлі.

У артыкуле „Краіна, якая амаль асуджана на няўдачу“ эканаміст і сацыёлаг, кіраўнік даследчага цэнтра Міністэрства фінансаў Міхаіл Залескі аналізуе эканамічную і дэма­графічную сітуацыю ў Беларусі  ў апошнім дзесяцігоддзі. Паводле аўтара, дзяржава вельмі моцна ўплывае на ўздым або, наадварот, заняпад эканамічнага жыцця. Нязменны аб’ём прыродных рэсурсаў і рэзкія ваганні насельніцтва пад уплывам знешніх чыннікаў ствараюць асаблівы тып бачання свету і эканамічнай стратэгіі. У Беларусі, аднак, рэвалюцыя, войны, будаўніцтва камунізму і Чарнобыль амаль разбурылі канвенцыйны свет і канвенцыйны спосаб дзеяння для беларусаў. Ранейшыя спосабы быцця сталіся неэфектыўнымі, і краіна павінна змяніцца. Якім чынам? Спробы кіраваць эканамічным жыццём праз унутраныя законы, паводле аўтара, штораз церпяць крах. Патрэбны грунтоўныя структурныя змены, якія немагчымыя без таго, каб не змяніліся самі людзі. Неабходна свабода; калі ж імкненне да свабоды робіцца лёсам многіх людзей, то свабода для іх хутка робіцца рэальнасцю. Артыкул насычаны шматлікімі лічбамі і графікамі, якія ілюструюць эканамічнае і дэмаграфічнае развіццё Беларусі ў апошняе дзесяцігоддзе.

Праца Ганны Энгелькінг „Менталітэт калгаснікаў“ грунтуецца на палявых этнаграфічных і сацыялінгвістычных даследаваннях, што праводзіліся з 1993 г. у вёсках Гара­дзеншчыны. Даследчыцу зацікавілі прычыны пашырэння сярод вяскоўцаў перакананняў, згодна з якімі „калгасы павінны быць захаваны, бо без іх людзі прападуць“. Энгелькінг паказвае, што ў савецкай сістэме, якая ў значнай ступені захавала структуру феадальных зносінаў, захаваўся і міфалагічны спосаб мыслення, і элементы феадальнага бачання жыцця. У сялянскім жыцці асаблівае месца займаюць стаіцызм, прагматызм і фаталізм, гэтыя рысы дапамагаюць людзям адаптавацца да нялёгкай калгаснай рэчаіснасці. Людзі прымаюць гэтую рэчаіснасць як дадзенасць, бо яны вераць у законнасць устаноўленага парадку рэчаў. З усталяваннем савецкай улады дзяржава ўзяла ў свае рукі кантроль над рэлігійнымі перакананнямі людзей і іх штодзённай сялянскай працай, і сёння людзі з цяжкасцю ўяўляюць, што можа быць інакш. Утварылася своеасаблівае зрашчэнне калгаса і калгаснікаў, пры якім, аказваецца, людзям патрэбен калгас, яны маюць выгоды з яго існавання, а калгасу патрэбны людзі. Гэты сімбіёз уклю­чае таксама мясцовую ўладу і сферу рэлігійнай дзейнасці. У беларускай рэчаіснасці, сцвярджае Энгелькінг, да постфеадальных і постсавецкіх інстытуцый належыць, такім чынам, і царква.

Беларуская падборка завяршаецца працай Яўгена Мірановіча „Стаўленне беларусаў і палякаў да незалежнасці сваіх краін“. Аўтар паказаў розніцу ў адносінах да суверэнітэту з боку беларусаў і палякаў, якая пашыраецца на ўсе слаі грамадства, у тым ліку і на інтэлігенцыю. Толькі на пачатку 90–х г., паводле Мірановіча, усталяванне дзяржаўнага суверэнітэту і спробы пабудаваць дэмакратыю сустрэлі маўклівае адабрэнне ў беларускім грамадстве, але пазней стала пераважаць настальгія па былым, Савецкім Саюзе і жаданне вярнуцца да эканамічнай інтэграцыі з Расіяй.

Беларускія нумары „Міжнароднага часопіса сацыялогіі“ ўяўляюць сабой вельмі добра падрыхтаваныя зборнікі разнастайных матэрыялаў. Аўтары разглядаюць ключавыя праблемы беларускага быцця і імкнуцца паглядзець на блізкую і далёкую гісторыю з нечаканага боку, па–новаму, без шаблонаў і стэрэатыпаў, якія яшчэ даволі моцна пашыраны ў сучаснай беларускай гуманітарнай навуцы. Рэцэнзаваныя нумары, несумненна, будуць вельмі добрым укладам у корпус ангельскамоўнай літаратуры, прысвечанай Беларусі.

Сяргей Запрудскі

Мінск

Werdt, Christof von. Belarus und die Gegenwart der Sowjetunion // Transformation und historisches Erbe in den Staaten des europaischen Ostens (Лявон Баршчэўскі)

Снежня 2, 2000 |


Werdt, Christof von. Belarus und die Gegenwart der Sowjetunion // Transformation und historisches Erbe in den Staaten des europäischen Ostens. Hrsg. von Carsten Goehrke u. Seraina Gilly. — Bern—Berlin—Bruxelles—Frankfurt/M.—New York—Oxford—Wien: Lang, 2000. S. 285—329. Яго ж. Transformation und nationale Identität in der Ukraine und in Belarus. Ein historischer Vergleich // ebenda. S. 331—364.

Зборнік матэрыялаў, прысвечаных палітычным, сацыяльным і эканамічным пераўтварэнням ва Ўсходняй Еўропе цягам апошняга дзесяцігоддзя, з’яўляецца плёнам працы Гістарычнага семінара пры Цюрыхскім універсітэце ў Швейцарыі. У прадмове да зборніка яго ўкладальнікі і рэдактары прафесар усходнееўрапейскай гісторыі Цюрыхскага універсітэта К.Гёрке і колішні асістэнт названага Гістарычнага семінара С.Жылі зазначаюць, што мэтай гэтага выдання было праз параўнанне сітуацый у паасобных краінах і праз ажыццяўленне гістарычна–параўнальнага аналізу наблізіцца да разумення пытання, «чаму ў адных краінах працэс пераўтварэнняў адбываўся больш хутка, а ў іншых больш павольна, і чаму для адных краін ён стварае лепшыя, а для іншых горшыя перспектывы далейшага развіцця». Два артыкулы, аўтарам якіх з’яўляецца супрацоўнік Усходнееўрапейскай бібліятэкі ў Бэрне Крыстаф фон Вэрт, непасрэдна звязаныя з беларускай праблематыкай.

Першы з артыкулаў, «Беларусь і сучаснасць Савецкага Саюза», пачынаецца з тэрміналагічнага пытання. Як вядома, у нямецкамоўных крыніцах досыць працяглы час ужываліся адпаведнікі слоў «Беларусь» — «Weißrussland», «беларусы» — «Weißrussen» і «беларускі» — «weißrussisch». Крыстаф фон Вэрт патрабуе ўжывання новых тэрмінаў — адпаведна, «Belarus», «Belarusen» і «belarusisch» — і дае наступнае абгрунтаванне: «У англійскай мове ўжо замацавалася ўжыванне слоў «Belarus», «Belarusians» і «belarusian». Таму і ў нямецкай мове таксама павінна быць адлюстраванае этымалагічнае паходжанне беларускай тэрміналогіі». Апошняе адсылае да сярэднявечнага дзяржаўнага ўтварэння — Кіеўскай Русі, з якога сябе выводзяць і сучасная беларуская нацыя, і ўкраінская нацыя, і Расія. Гэткім чынам бярэцца пад увагу той факт, што гістарычны шлях развіцця беларусаў шмат у чым адрозніваецца ад гістарычнага шляху развіцця рускіх — гэтая розніца нівелюецца праз ужыванне паняццяў «Weißrussen» або «Belarussen» і, адпаведным чынам, амаль не прысутнічае ў шырокай грамадскай свядомасці. З дапамогаю такой крыху незвычайнай тэрміналогіі таксама звяртаецца ўвага на тое, што абодва гэтыя паняццевыя шэрагі абавязаныя сваім узнікненнем розным ідэалагічным канцэпцыям — той шэраг, што ўжываецца намі тут — больш выразна нацыянальнай, другі шэраг — расійскацэнтрычнай. Як будзе паказана ў далейшым, ужыванне абодвух паняццевых шэрагаў апраўданае, бо працэс утварэння беларускай нацыі ў абедзвюх канцэпцыях разглядаецца па–рознаму. З гэткім самым абгрунтаваннем таксама паслядоўна выкарыстоўваецца беларуская транслітарацыя геаграфічных назваў і асабовых імёнаў». Трэба адзначыць, што аўтар артыкула ўжывае замест традыцыйнага нямецкага тэрміна «Russische Föderation», што даслоўна можа быць перакладзена як «Руская Федэрацыя», больш дакладны тэрмін «Russländische Föderation» (менавіта Расійская Федэрацыя).

Ва ўступнай частцы артыкула «Беларусь і сучаснасць Савецкага Саюза» К. фон Вэрт зазначае, што беларускае грамадства і ягоныя эліты да гэтай пары вельмі асцярожна і інтуіцыйна–кансерватыўна адгукнуліся на распад Савецкага Саюза і толькі ў асобных момантах дыстанцыяваліся ад савецкага мінулага. У раздзеле «Узорная краіна развітога сацыялізму» даецца агляд найважнейшых момантаў развіцця БССР з сярэдзіны 50–х г. да абвяшчэння незалежнасці ў 1991 г. У прыватнасці, сцвярджаецца, што ў гэты час ключавыя пасады ў кіраўніцтве БССР займала так званая «партызанская фракцыя», якая «выявіла сябе параўнальна мала скарумпаванаю і ў пэўнай меры нават карысталася сярод насельніцтва пры кіраўніку рэспубліканскай кампартыі і «бацьку краіны» П.Машэраве (1965—1980) папулярнасцю; тады была досыць пашыраная вера ў тое, што гэтая сістэма справядлівая». У артыкуле звяртаецца ўвага на тое, што беларуская савецкая прапаганда здолела сфармаваць у вачах мноства людзей уяўленне пра партызанскі рух у гады другой сусветнай вайны як пра спецыфічна нацыянальны савецкі супраціў. Пры гэтым, нягледзячы на тое, што эканамічныя поспехі Беларусі ў пасляваенныя гады нельга назваць ашаламляльнымі, К. фон Вэрт лічыць неабходным усё ж такі адзначыць, што рэспубліка прайшла шлях ад вынішчанай вайной краіны да адной з самых паспяховых у дынаміцы развіцця краін былога Савецкага Саюза. Жыхары БССР мелі ў СССР самыя большыя пасля жыхароў Расіі і рэспублік Прыбалтыкі даходы на душу насельніцтва, у той час як паводле росту прадукцыйнасці працы Беларусь займала тут першае, а паводле росту прамысловай і сельскагаспадарчай прадукцыі — другое месца. Спасылаючыся на думку беларускіх даследчыкаў (у прыватнасці, В.Карбалевіча, Л.Крывіцкага, Л.Лойкі), аўтар артыкула сцвярджае, што напрыканцы 80–х г. БССР яшчэ не вычарпала патэнцыялу росту вытворчых магутнасцяў і ўкаранення новых тэхналогій. Мадэрнізацыя беларускай прамысловасці ішла ў той час даволі хуткімі тэмпамі, а імклівая урбанізацыя рэспублікі, натуральна, суправаджалася і паскораным ростам агульнага ўзроўню адукацыі. Таму ў гэты час яшчэ не магло быць гаворкі пра нейкі сістэмны крызіс «развітога сацыялізму» ў БССР. Да таго ж, на думку К. фон Вэрта, калі не браць пад увагу пратэсты некаторых асобаў, амаль непрыкметнымі былі праявы антыкамуністычнай апазіцыі («тут нават не ўзнікла аніякага хельсінскага руху»). Аўтар тлумачыць сваю выснову наступнымі прычынамі: па–першае, рэспубліканскае партыйнае кіраўніцтва запабягала такім настроям рэпрэсіямі ўжо на стадыі іх узнікнення; па–другое, свой уплыў мелі адносныя поспехі «савецкай мадэрнізацыі». Толькі вельмі тонкая, маладая праслойка інтэлігенцыі магла зрабіцца вытокам пазнейшых апазіцыйных груповак.

Наступны раздзел артыкула змешчаны пад загалоўкам «Чужы крызіс і турботы грамадзянскай супольнасці». К. фон Вэрт зноў робіць акцэнт на тое, што карэннай прычынай пазнейшага крызісу БССР былі падзеі, якія развіваліся ў тагачасным саюзным цэнтры. Разам з тым, ён адзначае, што пра наяўнасць крызісу нацыянальнай ідэнтычнасці гаворка ў інтэлектуальных і студэнцкіх колах пачалася ў другой палове 80–х г., а «сацыяльныя і эканамічныя пытанні пры гэтым, у адрозненне ад іншых нацыянальных рухаў на заключнай стадыі існавання Савецкага Саюза, адыгрывалі другасную ролю». У якасці прычыны гэтага аўтар артыкула зноў–такі бачыць наяўнасць «савецкага поспеху мадэрнізацыі» ў тагачаснай БССР. З гэтага вынікаюць недастатковае распаўсюджанне ў беларускім грамадстве канца 80–х г. «антыкамуністычнага крызіснага настрою» і звязаныя з гэтым цяжкасці фармавання незалежнай грамадзянскай супольнасці. За мабілізацыйныя чыннікі нацыянальнага адраджэння ў БССР К. фон Вэрт небеспадстаўна ўважае змаганне супраць русіфікацыі, наступстваў сталінскіх рэпрэсій і Чарнобыльскай катастрофы.

Са спасылкамі на пяты том «Коммунистической партии Белоруссии в резолюциях и решениях съездов и пленумов ЦК», працы эміграцыйных даследчыкаў У.Глыбіннага, І.Любачкі, Я.Запрудніка, а таксама на «Гісторыю культуры Беларусі» Л.Лыча і Ў.Навіцкага аўтар адзначае, што пытанне адраджэння беларускай мовы і культуры ў БССР уздымалася на афіцыйным узроўні яшчэ ў кароткі перыяд пасля ХХ з’езда КПСС, а ў 80–я г. яно было зноў пастаўлена новым, маладзейшым адукаваным пакаленнем. У гэтым кантэксце згадваецца вядомы ліст беларускай інтэлігенцыі да генсека ЦК КПСС М.Гарбачова (снежань 1986 г.) і першы сойм беларускіх моладзевых суполак, які адбыўся годам пазней.

Як найважнейшыя моманты аднаўлення памяці пра ахвяры бальшавіцкіх рэпрэсій у артыкуле адзначаюцца: мітынг 1 лістапада 1987 г. у парку каля помніка Янку Купалу, адкрыццё групай археолагаў на чале з Зянонам Пазьняком месца масавых пахаванняў сталінскіх ахвяраў у Курапатах, заснаванне «Мартыралогу Беларусі». Пры гэтым К. фон Вэрт у прынцыпе слушна зазначае: усведамленне таго, што менавіта беларусы сталі адным з тых народаў, якія найбольш пацярпелі ад таталітарнага камуністычнага рэжыму, павінна было, на думку ініцыятараў гэтага руху, стаць краевугольным каменем у адраджэнні нацыянальнай свядомасці. Адначасна «Мартыралогам Беларусі», які меў падтрымку «шырокага фронту» інтэлектуалаў, ставілася пытанне і пра наданне беларускай мове статуса адзінай дзяржаўнай у тагачаснай БССР.

Трэцім, «не чыста нацыянальным» чыннікам, які меў, паводле аўтара артыкула, найбольшае ўздзеянне на шырэйшыя колы беларускага грамадства, была Чарнобыльская катастрофа. У артыкуле падаюцца вядомыя звесткі пра яе наступствы для беларускага насельніцтва, а таксама пра тое, што «дзяржава аказалася няздольнай эфектыўна супрацьдзейнічаць» гэтым наступствам.

Падсумоўваючы сказанае, К. фон Вэрт, на наш погляд, дакладна вызначае, што падмуркам апазіцыйнага руху, які фармаваўся ў выглядзе Беларускага Народнага Фронту «Адраджэньне», былі «клопат пра лёс беларускай мовы, культуры і нацыі, а таксама наступствы радыяцыйнай катастрофы». Са спасылкамі на публікацыі В.Вячоркі, А.Лябедзькі і П.Церашковіча аўтар пераказвае асноўныя палажэнні першай праграмы БНФ, прынятай у 1989 г., і робіць у цэлым небясспрэчную выснову, што «Беларускі Народны Фронт у першую чаргу аддаваў увагу нацыянальнаму пытанню; яго праграма канцэнтравалася на пытаннях адраджэння беларускай нацыі і яе атрыбутаў». К. фон Вэрт практычна не аналізуе сутнасці, рэальных магутнасцяў антыфронтаўскай прапаганды і лічыць, што «ў канцы 80–х — пачатку 90–х г. … перадумовы для масавых пратэстаў былі самыя лепшыя». Ён бачыць прычыну таго, што праграма БНФ «здолела згуртаваць вакол сябе абмежаваную колькасць грамадзян», у хібах гэтай праграмы (яны, безумоўна, былі), а не ў псіхалагічным стане беларускага грамадства, якое ў той час з насцярожанасцю ставілася да самой магчымасці існавання незалежнай беларускай дзяржавы. Грунтуючыся на дадзеных, што ўтрымліваюцца ў публікацыях нямецкіх даследчыкаў А.Зам, Э.Шнайдэра і Г.Тымермана, аўтар памылкова сцвярджае, што «з сярэдзіны 1989 да чэрвеня 1991 г. колькасць сяброў Народнага Фронту ўсё ж такі ўзрасла з 40 000 да 150 000». На жаль, гэтыя лічбы абсалютна не адпавядаюць рэальнасці. К. фон Вэрт, на нашу думку, ідзе ўслед за вядомымі стэрэатыпамі антыбеларускай прапаганды, калі піша пра нейкі «радыкалізм» палітыкі Народнага Фронту ў пачатку 90–х г. (узгадаем ацэнку Васіля Быкава, які гаварыў якраз пра недастатковы радыкалізм Фронту ў той час). Небясспрэчнай выглядае і ацэнка аўтарам артыкула вядомых публікацый Зянона Пазьняка як «русафобскіх» (такімі іх зрабіла расійская і прамаскоўская ў Беларусі прапаганда). У сваіх высновах такога кшталту К. фон Вэрт найперш грунтуецца на высновах расійскіх палітолагаў Д.Фурмана і А.Бухаўца («Белорусское самосознание и белорусская политика» // Свободная мысль, 1996, № 1), а не на ўласным аналізе тых працэсаў, што рэальна адбываліся ў Беларусі ў першай палове 90–х г. Разам з тым, цяжка не пагадзіцца з яго сцвярджэннем наконт таго, што антыкамуністычныя, антыімперскія пастулаты праграмы БНФ, а таксама крытычнае стаўленне да палітыкі афіцыйных беларускіх уладаў у чарнобыльскім пытанні аб’ектыўна з часам гублялі сваю вастрыню ў стомленым ад перыпетый постперабудовачнай эпохі беларускім грамадстве. Безумоўна, слушным падаецца і сцвярджэнне К. фон Вэрта пра тое, што асабісты рэйтынг Пазьняка быў звычайна ніжэйшы за рэйтынг Народнага Фронту як палітычнай партыі. Што праўда, прычыны гэтай з’явы пададзеныя аднабакова, бо, зноў–такі, вельмі малая ўвага ў артыкуле аддаецца такому пытанню, як уздзеянне афіцыйных сродкаў масавай інфармацыі на свядомасць грамадзян Беларусі ў апошнія гады перабудовы і гады пасля распаду СССР.

Аўтар артыкула таксама спыняецца на пытанні альтэрнатыўнай, не непасрэдна народнафронтаўскай самаарганізацыі апазіцыйных частак беларускага грамадства ў канцы 80–х — першай палове 90–х г. Гаворыцца пра ўтварэнне моладзевых суполак, адраджэнне невялікай колькасці (15, на канец 1996 г.) абшчын уніяцкай царквы, стварэнне шырокай сеткі (каля 1400, на канец 1997 г.) беларускіх няўрадавых арганізацый, у чым вельмі значную ролю зноў–такі выканала моладзь. Аналізуючы стварэнне незалежнага прафсаюзнага руху, К. фон Вэрт адзначае цесную сувязь яго лідэраў з Народным Фронтам у 1989 — пачатку 1991 г., але адначасова гаворыць пра «разрыў паасобных прафсаюзных арганізацый» з БНФ, што быццам бы меў месца пад час масавых выступаў рабочых у Менску ўвесну 1991 г. Здаецца, што і ў гэтым выпадку аўтара падвялі яго крыніцы — публікацыі расійскіх аглядальнікаў Нялюбіна і Ніканава ў «Известиях ЦК КПСС» (1991, № 7), а таксама згаданых нямецкіх даследчыкаў Зам і Шнайдэра.

Крыстаф фон Вэрт спыняецца на працэсе фармавання ў Беларусі іншых, акрамя Народнага Фронту, палітычных партый цягам 90–х г. і слушна адзначае, што папулярнасць партыйнай палітыкі сярод шырокіх слаёў беларускага грамадства ў цэлым застаецца досыць невысокай, хоць грунтоўнага аналізу прычын гэтай з’явы ў артыкуле зноў–такі няма. Аўтар таксама падкрэслівае існаванне фактычнай дзяржаўнай манаполіі ў галіне сродкаў масавай інфармацыі, заўважаючы, што незалежныя друкаваныя выданні маюць у цэлым меншыя наклады, чым дзяржаўныя, і іх уплыў па–за Менскам невялікі.

Падводзячы вынікі сваіх разважанняў у гэтым раздзеле артыкула, К. фон Вэрт, у прыватнасці, адзначае, што станаўленне грамадзянскай супольнасці ў Беларусі ў 90–я г. ішло вельмі марудна, і адной з прычын гэтага быў празмерны давер вялікай колькасці беларускіх грамадзян да дзяржаўнага патэрналізму. Нават праўда пра наступствы Чарнобыльскай катастрофы, хоць і ўскалыхнула беларускае грамадства, але «хутчэй яго спаралізавала, чым змусіла да актыўных дзеянняў на сваю абарону».

Наступны раздзел артыкула мае загаловак «Кантраляваная рэвалюцыя наменклатуры». К. фон Вэрт зазначае: калі ў шмат якіх іншых рэспубліках Савецкага Саюза з шэрагаў камуністычнай наменклатуры вылучыліся палітычныя сілы, што выкарысталі момант узначаліць нацыянальныя незалежніцкія рухі, то ў Беларусі тутэйшыя эліты мала (калі зусім не) скарысталі з гэтага шанцу. У артыкуле адзначаецца, што пасля адыходу «партызанскай фракцыі» ад найвышэйшага кіраўніцтва ў КПБ гэтыя пасады ў значнай ступені занялі прадстаўнікі менскай прамысловай эліты, якія былі спараджэннем вышэйзгаданай савецкай мадэрнізацыі і, з аднаго боку, не бачылі неабходнасці ў якіх–небудзь істотных рэформах у галіне эканомікі, а з другога боку, не адчувалі патрэбы ў разрыве з саюзным цэнтрам. Апазіцыйныя выступы напачатку забараняліся і падаўляліся з дапамогай міліцыі, а цалкам падкантрольная ўладам прэса імкнулася любым спосабам здыскрэдытаваць Народны Фронт і яго лідэраў. Далей аўтар артыкула робіць агляд найважнейшых палітычных падзеяў у жыцці Беларусі з моманту абнародавання праўды пра расстрэлы ў Курапатах (1988 г.) да снежня 1991 г., калі ў выніку падпісання і ратыфікацыі Віскулёўскіх пагадненняў канчаткова распаўся Савецкі Саюз. К. фон Вэрт сцвярджае, што калі ў жніўні 1991 г. супраць маскоўскага путчу ў Менску пратэставала дзве–тры тысячы чалавек, то ў апошнія дні жніўня перад будынкам Вярхоўнага Савета іх было да пяцідзесяці тысяч, «але падзея гэтая ў цэлым у грамадстве станоўчага рэзанансу не мела».

У раздзеле «Працяг існавання і абнаўленне савецкай сістэмы» аўтар піша пра вядомыя падзеі нашай гісторыі ад канца 1991 г. да моманту прыходу да ўлады Лукашэнкі. Гаворачы пра ролю ў гэтых падзеях Станіслава Шушкевіча, К. фон Вэрт адзначае, што ён не меў ані свайго лобі ў кансерватыўным Вярхоўным Савеце, ані канстытуцыйных паўнамоцтваў ажыццяўляць рэальную ўладу. У той жа час прэм’ер В.Кебіч мог абапірацца на старую партыйна–гаспадарчую наменклатуру, што дамінавала ва ўсіх мясцовых органах улады, а таксама на вялікую (120 чалавек) фракцыю ў Вярхоўным Савеце. І хоць напачатку перспектывы паступовага, але няўхільнага рэфармавання беларускай палітычнай і эканамічнай сістэмы, паводле ацэнкі аўтара артыкула, не выглядалі занадта змрочнымі, «эканамічны крызіс, які пачаў сябе прыкметна выяўляць у 1992–93 г., змусіў беларускую наменклатуру адмовіцца ад датыхчасовай асцярожнай суверэннай палітыкі». Трэба адзначыць, што К. фон Вэрт упэўнена разбурае той міф, які ўсё яшчэ жыве ў галовах пэўнай часткі нашых дэмакратычна скіраваных грамадзян, нібыта палітыка адмовы ад суверэнітэту і правядзення дэмакратычных рэформаў была згорнутая ўжо за часам кіравання прэзідэнта Лукашэнкі. Абапіраючыся на факты, ён паказвае, што гэты працэс пачаўся прыкладна з ліпеня 1992 г., калі было падпісана эканамічнае і вайскова–тэхнічнае пагадненне паміж урадамі Беларусі і Расійскай Федэрацыі, і ён, гэты працэс, ніколі пасля таго не спыняўся. Замацаваць status quo «новай–старой» беларускай наменклатуры павінны былі прэзідэнцкія выбары 1994 г.

У раздзеле «Лукашэнка і рэсаветызацыя» К. фон Вэрт без аналізу таго, хто стаяў за прыходам да ўлады Лукашэнкі, сцвярджае, што гэты факт стаў вялікай нечаканасцю. Перыяд кіравання Лукашэнкі ён, услед за амерыканскай даследчыцай К.Міхаліска, называе «populism–turned–despotism» і, услед за згаданым маскоўскім аглядальнікам Фурманам, гаворыць пра «перамогу народа над элітай» у Беларусі. З гэтым можна пагадзіцца, напэўна, толькі часткова: на наш погляд, хутчэй тут мела месца перамога хоць і неаднароднай, але ўсё ж больш моцнай маскоўскай эліты над несфармаванай з пункту погляду палітычных арыенціраў элітай беларускай. К. фон Вэрт расказвае біяграфію Лукашэнкі, звяртае ўвагу на яго вядомыя адыёзныя выказванні ў падтрымку гітлераўскага «парадку» і называе перыяд кіравання першага прэзідэнта перыядам «адзяржаўлення грамадства» (якое, паводле нашага меркавання, якраз і не паспела «раздзяржавіцца» да 1994 г.). Аўтар досыць падрабязна аналізуе антыдэмакратычную, антырэфарматарскую сутнасць праведзеных Лукашэнкам рэферэндумаў, падкрэслівае яго імкненне да адзінаасобнай улады ў добра вядомым змаганні з новаабраным Вярхоўным Саветам улетку і ўвосень 1996 г. Апісваючы сённяшнюю сістэму беларускай дзяржаўнай улады, ён гаворыць пра надзвычай істотную ролю ў ёй прэзідэнцкай адміністрацыі (якая «дублюе функцыі Савета Міністраў»), спецслужбаў («колькасць іх супрацоўнікаў перавышае колькасць арміі») і прэзідэнцкай «вертыкалі». Гэтыя структуры, паводле К. фон Вэрта, «бескантрольна распараджаюцца фінансавымі сродкамі ў памерах некалькіх мільярдаў даляраў»; пры гэтым «прэзідэнцкі фонд ствараецца праз карупцыйны механізм, шляхам здачы ў арэнду дзяржаўных земляў і нерухомасці». Аўтар ацэньвае эканамічную палітыку прэзідэнта Лукашэнкі як павернутую ў мінулае, як паступовае (пачатае ў сярэдзіне 1995 г.) вяртанне да савецкай планавай гаспадаркі. Пры гэтым нават параўнальна з часам кіравання ўрада Кебіча недзяржаўны сектар эканомікі быў істотна аслаблены. К. фон Вэрт таксама прытрымліваецца думкі, што функцыянаванне гэтай эканамічнай сістэмы ў вялікай ступені з’яўляецца магчымым дзякуючы ўскоснаму яе фінансаванню з боку Масквы. Далейшая частка раздзела якраз прысвечаная інтэграцыйным ініцыятывам кіраўнікоў Беларусі і Расійскай Федэрацыі, што мелі месца ў 1996–98 г. На думку аўтара, па абодва бакі беларуска–расійскай мяжы розныя палітычныя групоўкі звязваюць з расійска–беларускім «Саюзам» розныя, часам абсалютна несумяшчальныя паміж сабою спадзяванні. Вялікую ролю ў гэтым працэсе адыгрываюць асабістыя амбіцыі Лукашэнкі, які «бачыць сябе на чале новага антызаходняга, (усходне)славянскага Саюза, рэакцыйнага праваслаўнага Інтэрнацыянала».

Далей К. фон Вэрт таксама зазначае, што беларускія афіцыйныя СМІ вярнуліся да стылю савецкай прапаганды сярэдзіны 70–х г., што ўлады ўвесь час імкнуцца абмежаваць свабоду друку, спаралізаваць дзейнасць незалежных выданняў. «Грамадскія арганізацыі, якія фінансава залежаць ад дзяржавы (каля 90% усіх арганізацый), атрымоўваюць падтрымку з прэзідэнцкага фонду, калі яны дэманструюць сваю лаяльнасць да рэжыму». Аўтар артыкула падрабязна асвятляе спробы рэсаветызацыі грамадства з боку ўлады на ідэалагічным узроўні (цэнзураванне школьных і універсітэцкіх падручнікаў, найперш па гісторыі Беларусі, замоўчванне злачынстваў камуністычнага рэжыму ў савецкі час, вяртанне БССРаўскай дзяржаўнай сімволікі, перанос святкавання Дня незалежнасці, афіцыйныя дэманстрацыі з партрэтамі Леніна, Сталіна і Лукашэнкі, змяншэнне хрысціянскіх святаў у афіцыйным календары і г.д.). У артыкуле звяртаецца ўвага на тое, што рэжым пастаянна мабілізуе свае досыць вялікія рэсурсы, каб забяспечыць грамадскую падтрымку свайму далейшаму існаванню. Пры гэтым, на думку К. фон Вэрта, беларускае грамадства толькі ў вельмі абмежаванай ступені аказвае супраціў прэзідэнту і ягонай палітыцы, што найперш тлумачыцца маларазвітой структурай грамадзянскай супольнасці ў цяперашняй Беларусі. Асяродкам пашырэння апазіцыйных настрояў пры гэтым з’яўляюцца свабодныя прадпрымальнікі, інтэлігенцыя, студэнцтва. Найбольш масавымі выступамі беларускай апазіцыі аўтар справядліва лічыць вядомыя дэманстрацыі супраць заключэння саюзных дагавораў з Расіяй. Адзначана і роля Вярхоўнага Савета 13–га склікання, які «згуртаваўся ў палітычнае аб’яднанне шырокага спектру поглядаў і сёння выконвае ролю ценявога парламента». І ўсё–такі, нягледзячы на сказанае, паводле К. фон Вэрта, і пасля чатырох гадоў кіравання Лукашэнкі (артыкул ствараўся ў канцы 1998 г.) беларускае грамадства давярала яму ў такой меры, «перад якой блякне любая палітычная альтэрнатыва».

Падагульняючы свае разважанні, аўтар артыкула робіць выснову, што трансфармацыя ў постсавецкай Беларусі дагэтуль праходзіла ў абсалютна адметнай і безальтэрнатыўнай форме. Беларуская інтэлігенцыя, па–за вузкай праслойкай нацыянальна арыентаваных інтэлектуалаў, не выявіла сябе ў якасці актыўнай рухальнай сілы, якая б магла ажыццявіць рэальныя перамены. Старая наменклатура, якая без праблем захавала свае пазіцыі пры пераходзе Беларусі ў стан незалежнай дзяржавы, «у вельмі абмежаванай ступені і непаслядоўна здолела адказаць на выклік часу». Пасля абвастрэння сацыяльна–эканамічнага крызісу на постсавецкай прасторы на палітычную авансцэну ў Беларусі разам з прэзідэнтам Лукашэнкам выйшла «аўтарытарна–папулісцкая, кансерватыўная, ахопленая настальгіяй па савецкіх парадках сіла», якая па сёння мае значную падтрымку ў грамадскіх настроях беларусаў.

Другі артыкул Крыстафа фон Вэрта, змешчаны ў тым самым зборніку, носіць больш канцэптуальны характар і мае назву «Пераўтварэнні і нацыянальная тоеснасць ва Ўкраіне і ў Беларусі: гістарычна–параўнальны аналіз». Ва ўступнай частцы аўтар адзначае асаблівую ролю нацыянальнага самаўсведамлення народаў на постсавецкай прасторы ў іх мажлівасці кансалідавана адказваць на палітычныя, эканамічныя і сацыяльныя выклікі часу. «Нацыяналізм з’яўляецца выразна сучасным феноменам, з дапамогай якога грамадствы, і найперш іх эліты, рэагуюць на мадэрнізацыйныя хвалі». К. фон Вэрт адзначае асаблівы характар постсавецкіх пераўтварэнняў для Ўкраіны і Беларусі, бо перад імі стаіць задача абгрунтаваць само існаванне дзяржавы з лаяльнай палітычнай супольнасцю, самой дзяржаватворнай нацыі. Прытым той факт, што абедзве краіны менавіта за савецкім часам атрымалі атрыбуты квазі–дзяржавы і квазі–нацыі, на думку аўтара, ставіць перад імі нялёгкую задачу — вырвацца з–пад трывалае традыцыі савецкага і расійскага ўплыву.

Аналізу беларускай сітуацыі прысвечаны адмысловы раздзел артыкула, на якім мы і спынімся ў гэтым аглядзе. Паводле К. фон Вэрта, для Беларусі зыходныя пазіцыі адносна дасягнення грамадскага пагаднення наконт стварэння незалежнай дзяржавы, відавочна, выглядаюць яшчэ менш трывалымі, чым для Ўкраіны. Аўтар зазначае, што існаванне ў Беларусі савецкай сістэмы ніколі не страчвала сваёй легітымнасці, і падмурак для ўласнага дзяржаўнага ўтварэння тут быў закладзены ў выглядзе БССР. Той стан рэчаў, што толькі за дзесяцігоддзе да першай сусветнай вайны ў Беларусі з’яўляецца праслойка інтэлігенцыі, якая пачынае агітаваць за нацыянальную ідэю, аўтар артыкула тлумачыць амаль выключна сялянскім характарам беларускай народнасці. У артыкуле згадваюцца тыя вядомыя працэсы грамадска–палітычнага жыцця Беларусі, што мелі месца ў ХIХ — пачатку ХХ ст. (адсутнасць нацыянальнай эліты, ліквідацыя уніяцкай царквы, забарона беларускага кнігадрукавання, змаганне Расіі і Польшчы за ўплывы ў Беларусі і г.д.). У канцы ХIХ ст., на думку К. фон Вэрта, для фармавання беларускай нацыі практычна адсутнічалі перадумовы, у тым ліку наяўнасць мабільнай больш–менш аднароднай гарадской супольнасці; інтэлігенцыя мусіла пераадольваць вельмі моцныя ўплывы рускай і польскай нацый, якія на той час далёка прасунуліся ў сваім развіцці. Вынікам кароткага перыяду ажыўлення нацыяўтваральнай дзейнасці беларускай інтэлігенцыі, што фармавалася ў перыяд паміж дзвюма расійскімі рэвалюцыямі, стала абвяшчэнне ў 1918 г. Беларускай Народнай Рэспублікі, якая, аднак, пасля сыходу нямецкіх войскаў не магла выстаяць перад наступам бальшавікоў. Таму сучасная беларуская нацыя, як лічыць К. фон Вэрт, па сутнасці, пачала фармавацца ў 20–я г. ХХ ст. у савецкім рэчышчы. Палітыка беларусізацыі, што праводзілася тады ў БССР, непазбежна мусіла абапірацца на расійскамоўныя кадры (бо іншых папросту амаль не было), і таму для беларусізацыі ў прынцыпе не маглі быць уласцівымі антырасійскія і антысавецкія настроі. Развіццё ж Заходняй Беларусі ў гэты перыяд аўтар артыкула лічыць яшчэ больш маргінальным і ў меншай ступені культураўтваральным, з чым нам цяжка пагадзіцца, бо якраз антысавецкія настроі і, прынамсі, насцярожанае стаўленне да расійцаў і да расійскай ўлады, безумоўна, мелі і маюць месца менавіта ў заходніх рэгіёнах Беларусі. Адначасова можна цалкам пагадзіцца з высновай К. фон Вэрта наконт таго, што пасля далучэння Заходняй Беларусі да БССР і падзеяў, што адбываліся ў выніку гэтага, адбываўся разрыў сацыяльных повязяў у беларускім грамадстве — г.зн., яго атамізацыя і гамагенізацыя. Поўным ходам ішло новае структураванне беларускага грамадства і яго элітаў. Пасля рэзкага змяншэння долі яўрэйскіх кіраўнічых і культурных кадраў (у выніку масавага вынішчэння яўрэяў пад час другой сусветнай вайны) Сталіным праводзілася палітыка запаўнення вакантных месцаў расійцамі або зрусіфікаванымі кадрамі. Акрамя таго, К. фон Вэрт заўважае, што калі доля беларускага жыхарства з вышэйшай адукацыяй яшчэ ў 1970 г. складала каля 3 %, то праз дваццаць гадоў гэты працэнт вырас да 11 — а гэта значыць, што беларуская інтэлігенцыя ў прынцыпе яшчэ маладая, і яна не стаіць на тым узроўні прэстыжу, як, напрыклад, інтэлігенцыя ў той жа Расіі. Пры гэтым менавіта зрусіфікаваныя эліты цягам доўгага часу атрымлівалі ў Беларусі пераважныя магчымасці для творчага і кар’ернага росту. У артыкуле робіцца таксама агляд моўнай палітыкі кіраўнічых рэжымаў у Беларусі, якія «з меншай або большай ступенню інтэнсіўнасці праводзілі палітыку русіфікацыі». К. фон Вэрт выказвае небясспрэчны для нас тэзіс, што беларуская мова сёння выглядае хутчэй непрыдатным сродкам стварэння беларускай культурнай ідэнтычнасці на новым падмурку. Пры гэтым ён аперуе дадзенымі перапісу насельніцтва 1989 г., згодна з якімі беларуская мова заставалася ў штодзённым ужытку толькі 10,5% насельніцтва БССР (нагадваем, што, згодна з афіцыйнымі дадзенымі перапісу насельніцтва Беларусі 1999 г., гэтая лічба склала ўжо 37%). «Страта» беларусамі сваёй мовы, пра якую гаворыць К. фон Вэрт, аднак, толькі часткова можа абгрунтаваць выснову, нібыта беларуская культурная тоеснасць «растварылася» ў расійскай. Хутчэй, на думку даследчыка, «сфармавалася своеасаблівая савецка–беларуская самасвядомасць, якая ўвабрала ў сябе элементы расійскай культурнай самаідэнтыфікацыі». Так, прапаганда дасягненняў савецкага партызанскага руху ў другой сусветнай вайне сфармавала ў пасляваенны час трывалы савецка–беларускі самаідэнтыфікацыйны міф, які маніпуляваў паняццямі «вайна», «адбудова», «адраджэнне» і да т.п., і досыць моцна ўкараніўся ў галовах вялікай часткі беларускага насельніцтва. Прытым названы савецка–беларускі міф у сваёй сутнасці быў адначасова і прасавецка–інтэрнацыяналісцкім, бо ўвесь час падкрэслівалася, што Беларусь вызваліла Савецкая Армія, што перамогу здабыў братні расійскі народ, а з ім і іншыя народы Савецкага Саюза. Прыхільнікі гэтага міфа маюць і сёння ў сваіх руках прапагандысцкі «козыр» супраць прыхільнікаў несавецкай дзяржаўніцкай канцэпцыі, бо абедзве спробы нацыянальна арыентаваных элітаў абвясціць пра стварэнне сваёй дзяржавы рабіліся пад час нямецкай акупацыі ў першую і ў другую сусветныя войны. Усё гэта стварае пакуль што непераадольныя цяжкасці ў пераарыентацыі вялікіх пластоў сучаснага беларускага грамадства на дасавецкія каштоўнасці і фіксуе той «асаблівы шлях», якім пакуль што ідзе Беларусь у постперабудовачныя гады. Для параўнання з беларускай сітуацыяй К. фон Вэрт аналізуе сітуацыю з нацыянальнай самасвядомасцю ва Ўкраіне і адзначае, што, адрозна ад Беларусі, у 1997 г. толькі 6% украінскага насельніцтва хацела б «вяртання ў СССР», хоць колькасць тых, хто жадае вярнуцца да камуністычнай сістэмы з 1993 да 1998 г. узрасла з 25 да амаль 51%. Аўтар спыняецца на добра вядомых нашаму падрыхтаванаму чытачу гістарычных, сацыяльных, эканамічных і культурных чынніках, што абумовілі сённяшнюю розніцу ў кшталтаванні нацыянальнай самасвядомасці ўкраінцаў і беларусаў. У канцы артыкула аўтар робіць выснову, што «прыклады Беларусі і Ўкраіны выразна сведчаць пра ключавую ролю той стадыі гістарычнага развіцця, цягам якой пэўнае грамадства інтэгруецца ў сацыяльным плане ў супольнасць шырокага нацыянальнага паразумення».
Менск

Лявон Баршчэўскі

Наверх

Астрыд Зам. Беларускі нацыяналізм ці нацыяналізм Беларусі

Чэрвеня 26, 2000 |


Яшчэ ўлетку 1990 г. беларускі пісьменнік Алесь Адамовіч выказаў думку, што рэальнай небяспекай для палітыкі перабудовы можа з’явіцца павольнае спаўзанне ў дыктатуру або ў грамадзянскую вайну[1]. Мінулі гады, і ў Беларусі, якая лічылася спакойнай у палітычным сэнсе краінай, з’явіліся яскравыя прыкметы абедзвюх гэтых небяспек. У цэнтры палітычных баталій — пытанні развіцця і далейшага захавання дзяржаўнай самастойнасці і вызначэння нацыянальнай ідэнтычнасці. У Беларусі, як у ніводнай з краін постсавецкай прасторы, выразна выявілася адна з пяці дылемаў дэмакратыі ва Ўсходняй Еўропе, вызначаная Ядзвігай Станішкіс як супярэчнасць паміж адначасовым утварэннем асаблівага беларускага нацыянальнага ўладнага патэнцыялу, з аднаго боку, і новай формай каланіяльнай дзяржавы пад панаваннем Расіі, з другога[2].

Як вядома, для паспяховага працэсу фармавання нацыі вырашальнае значэнне мае наяўнасць у грамадстве перадумоваў і сродкаў нацыянальнай мабілізацыі шырокіх масаў насельніцтва. У сувязі з гэтым беларускае развіццё за апошнія дзесяць гадоў неабходна разглядаць з улікам наяўных гістарычных і культурных традыцый, структур залежнасці рэгіянальнага (асабліва эканамічнага) значэння і дзейнасці палітычных актораў. Ажыццяўленне вызначанай нацыянальнай мадэлі шмат у чым залежыць, з аднаго боку, ад шэрагу складаных узаемасувязяў паміж мэтамі і дзейнасцю элітаў, а з другога — ад сацыяльна-палітычных стэрэатыпаў шырокіх колаў насельніцтва[3]. Адсюль вынікае пытанне, якую функцыю выконваюць прэтэнзіі на наяўнасць нацыі або адмова ад іх у працэсе трансфармацыі беларускага грамадства, асабліва калі разглядаць гэта ў сувязі з дэмакратызацыяй і эканамічнай мадэрнізацыяй.

Ад пачатку перабудовы ў беларускай палітыцы можна выявіць шэсць вялікіх этапаў:

1. Пачатак грамадскай тэматызацыі нацыянальных пытанняў (канец 1986 — сярэдзіна 1988 г.).

2. Заснаванне і цяжкі працэс станаўлення нацыянальнага руху (кастрычнік 1988 — ліпень 1990 г.).

3. Дзяржаўнае прызнанне нацыянальнай ідэі праз абвяшчэнне суверэнітэту і незалежнасці (ліпень 1990 — чэрвень 1991 г.).

4. Кампраміс паміж нацыянальным рухам і наменклатурай (верасень 1991 — верасень 1992 г.).

5. Рост унутрыпалітычнай канфрантацыі і новае збліжэнне з Расіяй пры ўрадзе Кебіча (кастрычнік 1992 — чэрвень 1994 г.).

6. Змена ўлады ўнутры наменклатуры, пераход да прэзідэнцкай сістэмы кіравання, рост аўтарытарных і новых рэстаўрацыйных тэндэнцый, аднаўленне дыскрымінацыі нацыянальнага руху і заключэнне шырокіх інтэграцыйных дамоваў з Расіяй (з ліпеня 1994 г.).

Этнічны падзел Беларусі*

1959 1970 1989
Беларусы 81,1% 81,0% 77,9%
Рускія 8,2% 10,4% 13,2%
Палякі 6,7% 4,3% 4,1%
Украінцы 1,7% 2,1% 2,9%
Яўрэі 1,9% 1,6% 1,1%
Астатнія 0,4% 0,6% 0,8%
Поўная колькасць жыхароў 8,1 млн. 9,0 млн. 10,2 млн

Крыніца: Astrid Sahm. Die weißrussische Nationalbewegung nach der Katastrophe von Tschernobyl 1986—1991. Münster, 1994.

Паспяховая інтэграцыя Беларускай ССР у Савецкі Саюз

Да XX ст. дзяржавы з назвай Беларусь у свеце не існавала, а адзіная пісьмовая мова была створана толькі ў 1918 г., калі Браніслаў Тарашкевіч выдаў першую беларускую граматыку. З XIII ст. сённяшнія беларускія землі былі часткай то Вялікага Княства Літоўскага, то Рэчы Паспалітай, то царскай Расіі, а значыць, полем розных культурных і палітычных уплываў. Для нацыянальна арыентаваных гісторыкаў Вялікае Княства Літоўскае з’явілася (на падставе канцылярскай мовы, якая існавала тут да 1697 г.) уласна беларускай дзяржавай або хоць бы федэратыўным утварэннем, фармаванню якога ў вялікай ступені паспрыялі беларускія землі. У супрацьвагу гэтаму меркаванню, у савецкай гістарыяграфіі Беларуская ССР лічылася першай формай беларускай дзяржаўнасці. Беларуская Народная Рэспубліка (БНР), якая праіснавала толькі некалькі тыдняў і да якой станоўча ставяцца сённяшнія беларускія нацыяналісты, цалкам ігнаравалася савецкімі гісторыкамі. Тым не менш, у дваццатыя гады на глебе ленінскай палітыкі ў Беларусі, дзе да гэтага часу існавалі чатыры дзяржаўныя мовы (беларуская, руская, польская, яўрэйская), можа, упершыню з’явіліся ўмовы для вольнага развіцця беларускай самасвядомасці. Такім чынам, вырашальная фаза беларускага нацыянальнага станаўлення, па мадэлі Гроха, супала з савецкім часам[4].

Нізкая ступень пісьменнасці і урбанізаванасці беларусаў (параўнальна з іншымі нацыянальнасцямі, што жылі ў рэспубліцы) у 30-х г.[5], калі пачаліся першыя мерапрыемствы русіфікацыі; вялікая колькасць ахвяраў рэпрэсій (нават паводле вельмі асцярожных дадзеных, каля 600 000 чалавек, гэта значыць 6% насельніцтва БССР у 1939 г.)[6]; значныя разбурэнні і страты ў часе нямецкай акупацыі 1941—1944 г., калі краіна была амаль цалкам разбурана, 2,5 млн., або кожны чацвёрты жыхар рэспублікі, былі забітыя (толькі ў 1970 г., паводле перапісу насельніцтва, у БССР быў дасягнуты ўзровень 1939 г., згодна з савецкімі дадзенымі, матэрыяльныя страты за час вайны склалі 40% гадавога нацыянальнага прыбытку БССР даваеннага часу)[7] — усе гэтыя абставіны зрабілі амаль немагчымай кансалідацыю беларускай эліты.

Для калектыўнай памяці беларусаў другая сусветная вайна з’явілася найважнейшай падзеяй XX ст., таму жаданне прадухіліць вайну, абумоўленае вопытам пакут насельніцтва за ваенным часам, з’яўляецца істотным элементам беларускага менталітэту. З іншага ж боку, фармаванню рэгіянальнай, інтэграванай у савецкую сістэму самасвядомасці спрыяў вопыт партызанскага супраціву і створаны беларускімі партыйнымі правадырамі, асабліва П. Машэравым (1965—1980), маляўнічы вобраз гераічнай партызанскай рэспублікі[8]. У 70-х г. кіравалі камуністычнай партыяй БССР у бальшыні былыя партызаны, што спрыяла асаблівай закрытасці КПБ. Неабходна адзначыць і тое, што эканамічнае аднаўленне рэспублікі пасля вайны было магчымае толькі з агульнаса юзнай дапамогай — такім чынам, выкарыстанне сістэмай у прапагандысцкіх мэтах моцна зношанага паняцця савецкай салідарнасці з’явілася таксама рэаліяй беларускага грамадства.

Пасля 1944 г. у сацыяльна-эканамічнай структуры Беларусі адбыліся вялікія змены: так, напрыклад, у 1985 г. толькі 28,6% насельніц тва было занята ў сельскагаспадарчым сектары, адрозна ад 57,1% у 1961 г. У выніку палітыкі фарсіраванай індустрыялізацыі, а таксама з-за выгнання або фізічнага вынішчэння яўрэйскага і польскага гарадскога насельніцтва ў папярэдні час, гарады ўпершыню набылі беларускі выгляд: у 1959 г. 67% гарадскіх жыхароў складалі беларусы, параўнальна з 38,7% у 1926. А ступень урбанізацыі склала ў 1985 г. 62,0% параўналь на з 30,9% у 1959 г. Аднак неабходна адзначыць, што вынікам працэсу урбанізацыі з’явілася правінцыялізацыя гарадоў, пастаяннае паслаблен не гарадской культуры, якая толькі пачынала нараджацца[9]. Да таго ж, эканамічная мадэрнізацыя ў вялікай ступені залежала ад Масквы: так, напрыклад, у 1988 г. 55,4% усіх прадпрыемстваў знаходзіліся ў прамым падпарадкаванні саюзнаму цэнтру[10].

Паралельна з эканамічным ростам паскорылася і моўная асіміляцыя беларусаў. У 1989 г. 80% беларусаў усё яшчэ вызначалі беларускую мову як родную. Аднак у штодзённым жыцці яе скарыстоўвалі толькі 10,5% беларусаў, а з гарадскога насельніцтва — толькі 1,5%, тымчасам у 1959 г. у Мінску гэты паказчык складаў 48,66%. Гэтыя абставіны з’явіліся вынікам свядомай палітыкі выцяснення беларускай мовы з грамадскага жыцця: так, напрыклад, у 70-х г. у гарадах практычна не існавала беларускамоўных школ, і на партыйных сходах ужо не было чуваць беларускага слова, у адрозненні ад часу, калі на пасадзе першага сакратара партыі знаходзіўся К.Мазураў (1956—1965).

Такім чынам, русіфікацыя, рост дабрабыту насельніцтва і ўплыў другой сусветнай вайны на беларускі менталітэт з’явіліся галоўнымі фактарамі, якія паспрыялі паспяховай інтэграцыі БССР у Савецкі Саюз. Гэты працэс характарызаваўся фактычнай кансервацыяй нацыянальнай нявызначанасці: «Беларускі савецкі гараджанін практычна нічым не адрозніваўся па культуры ад рускага, размаўляў (і працягвае размаўляць) па-руску і беларускай мовы не ведае або ведае дрэнна. Пры гэтым ён дакладна разумее, што з’яўляецца беларусам, грамадзянінам БССР — раўнапраўнай савецкай рэспублікі і нават сябры ААН, і што яго родная мова — беларуская»[11]. Поўнаму спыненню існавання беларускай нацыі перашкаджалі асновы савецкай нацыянальнай палітыкі, такія як: існаванне нацыянальна вызначанай тэрыторыі, перавага тытульнай нацыі пры размеркаванні пасадаў у мясцовых органах улады, нацыянальна вызначаныя навуковыя і мастацкія саюзы, а таксама пяты пункт, які фіксаваў нацыянальнасць, што, у першую чаргу, вызначалася паходжаннем. Таму ва ўмовах перабудовы была магчымая рэмабілізацыя беларускай нацыянальнай свядомасці, хоць гістарычныя і рэальныя перадумовы для гэтага яшчэ выразна не вызначыліся[12].

Цяжкае стварэнне нацыянальнага руху
ў беларускай «Вандэі перабудовы»

Першыя прыкметы пачатку грамадскай нацыянальнай дыскусіі з’явіліся ўжо ў снежні 1986 г., калі 28 прадстаўнікоў беларускай інтэлігенцыі звярнуліся з лістом да Генеральнага сакратара кампартыі М.Гарбачова, якога заклікалі зрабіць усё для выратавання беларускай мовы, што знаходзіцца пад пагрозай вымірання. Улетку 1988 г. археолаг Зянон Пазняк у Курапатах, у лесе недалёка ад Мінска, знайшоў пахаванні каля 30 000 чалавек, расстраляных НКУС у канцы 30-х г. Апублікаван не дадзеных пра гэтыя раскопкі ў газеце Саюза пісьменнікаў «Літарату ра і мастацтва» мела вынікам стварэнне Беларускага Народнага Фронту за перабудову «Адраджэньне» на чале з Пазняком. Такім чынам, Беларускі Народны Фронт з’явіўся старэйшай сярод падобных арганізацый былога Саюза пасля трох прыбалтыйскіх. Цэнтральнымі пунктамі першай, прынятай у 1989 г., праграмы БНФ былі: увядзенне «поўнага гаспадарчага разліку», вяртанне да ленінскай нацыянальнай палітыкі, а таксама дзяржаўны суверэнітэт БССР у межах адноўленага Саюза. Думка пра выхад са складу Савецкага Саюза ўпершыню сфармулява ная старшынёй Народнага Фронтy ўжо ў выступленні на другім кангрэсе Латвійскага Народнага Фронту 8 кастрычніка 1989 г. Неўзабаве з пададзенай З’езду Народных Дэпутатаў перадвыбарчай праграмы знікла пазітыўнае стаўленне да ленінізму, а 23—24 сакавіка 1991 г. на другім кангрэсе ў Мінску рухам са сваёй назвы быў выкраслены дадатак «за перабудову»[13].

Дзякуючы поспехам у сферы эканомікі, палітычнае кіраўніцтва БССР не бачыла падставаў для пераймання вопыту гарбачоўскіх рэформаў. Яно арыентавалася на захаванне палітычнай еднасці кампартыі і на значнае абмежаванне дзейнасці новых нефармальных арганізацый, што нараджаліся ў рэспубліцы. У кастрычніку 1988 г. КПБ прыняла рашэнне аб несумяшчальнасці адначасовага сяброўства ў КПБ і БНФ[14]. Рэпрэсіўны характар КПБ яскрава выявіў сябе ў выкарыстанні сілы з боку міліцыі і частак АМАПа ў адносінах да дэманстрантаў, якія хацелі ўшанаваць памяць ахвяраў сталінскіх рэпрэсій у Дзень усіх святых (Дзяды) у Мінску 30 кастрычніка 1988 г. Жорсткі разгон дэманстрацыі, які пазней ацэньваўся як папярэднік тбіліскіх і вільнюскіх падзеяў, выклікаў хвалю абурэння як у рэспубліканскім, так і ў агульнасаюзным маштабе, у выніку чаго пісьменнік Алесь Адамовіч назваў рэспубліку «Вандэяй перабудовы».

БНФ быў афіцыйна зарэгістраваны толькі ў чэрвені 1991 г., калі ў яго шэрагах налічвалася каля 150 000 чалавек. Да гэтага часу Фронт быў вымушаны весці працу ў нелегальным становішчы і залежаў ад дапамогі перш за ўсё літоўскага Народнага Фронту «Саюдзіс», а таксама розных навуковых, мастацкіх і экалагічных таварыстваў Беларусі. Так, устаноўчы кангрэс БНФ адбыўся летам 1989 г. у Вільнi, яго друкаваныя органы «Навіны БНФ» і «Белoрусcкая трибуна» выходзілі з 1988 да 1990 г. у Літве. Пасля закрыцця «Белорусской трибуны» ў 1990 г. БНФ больш не меў рускамоўнай газеты, што павінна было значна абмежаваць яго папулярнасць сярод насельніцтва. У 1990 г. у рэспубліцы друкаваліся больш за 50 нефармальных газет і часопісаў. З улікам адсутнасці вялікага вопыту самвыдатаўскай культуры можна сцвярджаць пра значнае развіццё неафіцыйнай прэсы (хоць на той час у Эстоніі выдавалася больш за 300 назваў аналагічнай перыёдыкі). Аднак відавочна, што гэты нефармальны сектар друку не быў у стане супрацьстаяць паклёпніцкім кампаніям, якія разгарнуліся ў афіцыйных сродках масавай інфармацыі. Грунтам для гэтых кампаній была прапаганда БНФ беларускай нацыянальнай сімволікі — герба «Пагоня» і бел-чырвона-белага сцяга, якія выкарыстоўваліся таксама беларускімі нацыяналістамі ў часы першай і другой сусветных войнаў, што і паслужыла для КПБ падставай, каб заклеймаваць БНФ як фашысцкую арганізацыю[15].

З прычыны моцнага ціску з боку дзяржаўных структураў развіццё іншых невялікіх партый да 1994 г. было магчымае толькі ў ценю Беларускага Народнага Фронту, які ўсё больш пераўтвараўся ў апорную канструкцыю, хоць яшчэ заставаўся галоўнай нацыянал-дэмакратычнай апазіцыйнай сілай. Іншымі значнымі партыі, што з’явіліся ў 1990 г., былі Беларуская Сацыял-Дэмакратычная Грамада (БСДГ), якая з часам адышла ад радыкальнага антыкамуністычнага курсу БНФ, і Аб’яднаная Дэмакратычная Партыя Беларусі (АДПБ), якая выступала за рашучы рынкавы курс. Да таго ж, бальшыня іншых дробных партый не прымала стыль кіраўніцтва ўнутры БНФ, цалкам сканцэнтраваны на асобе Пазняка, часам нават да яго абагаўлення[16]. У час выбараў у Вярхоўны Савет увесну 1990 г., з-за цяжкіх умоваў перадвыбарчай барацьбы, БНФ змог атрымаць толькі 27 дэпутацкіх месцаў з 360, кандыдатуры ж дэмакратычнага блоку атрымалі ў агульнай колькасці каля 60 месцаў.

Рэспубліка Беларусь — нежаданы прадукт працэсу распаду Савецкага Саюза?

Для таго, каб супрацьстаяць палітычнай апазіцыі і саступіць ціску савецкага цэнтра ў правядзенні рэформаў, КПБ згадзілася пайсці на некаторыя саступкі ў галіне нацыянальнай палітыкі. На X пленуме ЦК у чэрвені 1989 г. партыя вырашыла асудзіць сваю палітыку «нацыянальнага нігілізму» ў мінулым і абвясціла сваёй ініцыятывай палітыку «нацыянальнага адраджэння». Рэальнай прыкметай гэтай змененай тактыкі з’явілася прыняцце 26 студзеня 1990 г. напярэдадні выбараў у Вярхоўны Савет БССР «Закона аб мове», у выніку чаго беларуская мова атрымала статус адзінай дзяржаўнай мовы. Яшчэ раней сенсацыйным з’явілася прызнанне ў студзені 1992 г. дзяржаўнай следчай камісіяй пахаваных у Курапатах ахвярамі сталінскіх рэпрэсій. Але гэты крок ў першую чаргу неабходна разглядаць у рэчышчы польска-савецкіх расследаванняў расстрэлаў польскіх афіцэраў у Катыні, а не як вынік унутрыбеларускага грамадскага кансэнсуса.

У канцы 1990 г., калі ў БССР упершыню пасля другой сусветнай вайны паказчык нацыянальнага прыбытку зменшыўся да 1,4% і, такім чынам, эканамічны крызіс савецкай сістэмы ахапіў і Беларусь, урад пад кіраўніцтвам В.Кебіча зрабіў стаўку на гарызантальныя сувязі з асобнымі саюзнымі рэспублікамі. Такім чынам, Кебіч, ранейшы старшыня Дзяржплана, прадстаўнік фракцыі «прамыслоўцаў», або камуністаў-прагматы каў у КПБ, фарсіраваў працэс эканамічнай самастойнасці рэспублікі. Фактычна КПБ здолела захаваць адзінства на працягу ўсяго часу перабудовы. «Беларуская партыйная эліта — больш шчыра савецкая, чым эліта іншых рэспублік, не захопленая агульнай нацыянальнай хваляй (…), не спарадзіла ніякіх аналагаў Краўчуку, Гарбунову і Бразаўскасу»[17]. Толькі некалькі вядомых партыйных функцыянераў 80-х г. канчаткова перайшлі ў нацыянал-дэмакратычны лагер, напрыклад, былы сакратар Мінскага камітэта партыі па ідэалагічных пытаннях Пётр Краўчанка, кіраўнік Міністэрства замежных спраў Беларусі з 1990 да 1994 г., зрабіўся значнай фігурай у беларускай сацыял-дэмакратыі. Ды ў чэрвені 1991 г. 33 дэпутаты стварылі фракцыю «Камуністы за дэмакратыю» пад кіраўніцт вам А.Лукашэнкі, які ў ліпені 1994 г. быў абраны першым прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь[18].

Галоўная прычына страты даверу да камуністычнай партыі і маскоўскага цэнтралізму ў БССР была ў трохгадовай палітыцы замоўчвання сапраўдных маштабаў Чарнобыльскай катастрофы, якая наклала вялікі адбітак на рэспубліку: у красавіку 1986 г. 70% усіх радыеактыў ных выкідаў прыйшліся на БССР і закранулі 22% яе тэрыторыі з 2,2 мільёнамі насельніцтва. Аднак толькі 2 лютага 1989 г. з’явіліся першыя карты радыеактыўнага забруджвання мясцовасцяў (у тым ліку дзякуючы намаганням БНФ). У сувязі з гэтым замоўчванне наступстваў Чарнобыльскай катастрофы разглядалася як свядомы «генацыд» у дачыненні да беларускага народа з боку Масквы і партыі і было пастаўлена ў адзін шэраг са сталінскімі рэпрэсіямі і постсталінскай русіфікацыяй. Такое адзінства гістарычнага вопыту знішчэння народа ў савецкай сістэме з’явілася істотным палітычным аргументам для абгрунтавання неабходнасці нацыянальнай незалежнасці. Менавіта на гэтым БНФ заснаваў сваю праграму «маральнага аздараўлення», каб гарантаваць «захаванне нацыі».

Акцыі пратэсту і страйкі 1989-90 г. з удзелам вялікай колькасці людзей з забруджаных абласцей з’явіліся важкай падставай прыняцця беларускім праламентам 27 ліпеня 1990 г. Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце БССР[19]. Новы нацыянальны курс павінен быў паспрыяць пашырэнню доступу да заходніх крыніц дапамогі, тым больш, што для гэтай мэты рэспубліка як сябра-заснавальнік ААН мела спецыяльнае месца для афіцыйных выступаў. Аднак урад, адначасова з эканамічнымі і панславісцкімі аргументамі, спасылаўся на фінансавыя праблемы рэспублікі ў барацьбе з наступствамі катастрофы, што з’яўлялася доказам неабходнасці захавання Савецкага Саюза[20]. Як вынік, на агульнасаюз ным рэферэндуме 17 сакавіка 1991 г. праект новага Саюзнага пагаднення быў падтрыманы ў БССР 82,7% галасоў (гэта самая вялікая колькасць пасля Сярэдняй Азіі).

Рэзкае павышэнне цэн 2 красавіка 1991 г., што не адпавядала абяцанням М.Гарбачова, дадзеным ім у лютым 1991 г. пад час наведвання Мінска і Гомеля, выклікала пазней хвалю агульнарэспубліканскіх страйкаў, што доўжыліся на працягу некалькіх тыдняў. Ім папярэднічала чатырохгадовая арганізацыйная фаза рабочых страйкавых камітэтаў і незалежных прафсаюзаў. Патрабаванні красавіцкіх страйкаў 1991 г. адрозніваліся тым, што яны ўпершыню абмяжоўваліся рэспубліканскімі праблемамі. Новы «рэгіянальны патрыятызм» рабочага руху лепш за ўсё выявіўся ў закліку рэспубліканскай канферэнцыі страйкавых камітэтаў да беларускай інтэлігенцыі выпрацаваць планы пераадолення эканамічнага крызісу ў «роднай Беларусі»[21]. Але як і Чарнобыльскія, сацыяльныя рухі пратэсту былі арыентаваныя амаль выключна на сучасныя ім патэрналісцкія дзяржаўныя структуры, да забеспячэння функцый якіх яны і апелявалі. Гэтыя рухі дзейнічалі выключна ў межах самой сістэмы і калі толькі атрымлівалі жаданыя абяцанні ад дзяржаўных кіраўнікоў, натуральна, распадаліся[22].

У жніўні 1991 г. няўдалы путч пад кіраўніцтвам віцэ-прэзідэнта Савецкага Саюза Генадзя Янаева, як і трэба было чакаць, шчыра вітаўся беларускім партыйным кіраўніцтвам і часткаю Вярхоўнага Савета БССР разам з яго старшынёй М.Дземянцеем[23]. Пасля было склікана пазачарговае пасяджэнне Вярхоўнага Савета, што адбылося 24—25 жніўня і дзе быў ажыццёўлены негалосны кампраміс паміж дэпутатамі КПБ і БНФ: яны разам падтрымалі палітычную і эканамічную незалежнасць Беларусі, часовае перапыненне дзейнасці КПБ і зняцце з пасады М.Дземянцея. 27 жніўня прэм’ер-міністр Кебіч, як і ўвесь Савет Міністраў, выйшлі са складу КПБ. Гэтым камуністычная партыя была толькі паслаблена, але небяспека таго, што камуністычная наменклатура будзе імкнуцца выжыць з дапамогай нацыянал-камуністычнага рэжыму, была даволі рэальная. 19 верасня паралельна з пераназовам краіны ў Рэспубліку Беларусь Вярхоўны Савет абраў сваім старшынёй і кіраўніком дзяржавы С.Шушкевіча, чалавека нацыянальнага кампрамісу, які аднак не меў уласнага лобі ў парламенце. Грунтам ягонага ўплыву быў толькі маральны аўтарытэт прафесара атамнай фізікі, незалежнага ад наменклатуры. Адначасова парламент узаконіў дзяржаўную сімволіку новай рэспублікі, бел-чырвона-белы сцяг і герб «Пагоня», выкарыстанне якіх было забаронена для БНФ на працягу апошніх двух гадоў. Аднак неабходна адзначыць, што адхіленне ад пасады Дземянцея і абранне Шушкевіча з’явіліся адзінай значнай кадравай зменай у вышэйшых колах улады.

Такім чынам, дзяржаўную самастойнасць і наступны распад Савецкага Саюза нельга абазначаць як свядомую мэту беларускай дзяржаўнай палітыкі, хоць яны і не з’явіліся поўнай нечаканасцю для беларуска га грамадства. У канцы 1991 г. можна было канстатаваць надзіва шырокі ўплыў беларускага нацыянальнага руху, які і без атрымання палітычнай улады змог ажыццявіць шматлікія ідэі і заваяваць некаторую прыхільнасць сярод насельніцтва[24]. Такі ўплыў БНФ тлумачыцца ўзаемадзеян нем розных фактараў: уласнай дзейнасці, рэфарматарскага ціску цэнтральнага маскоўскага ўрада, увядзення вольных выбараў як сродку самалегітымізацыі партыйнага апарату і эканамічнага інтарэсу фракцыі прамыслоўцаў унутры КПБ. Доўгатэрміновасць гэтых поспехаў у вялікай ступені залежала ад таго, якія намаганні былі або маглі быць зроблены з боку дзяржавы для зацвярджэння нацыянальна-дзяржаўнай ідэі[25].

Часовы нацыянальны кампраміс паміж наменклатурай
і нацыянальным рухам

У пачатку 1992 г. амаль усе палітычныя сілы пагадзіліся з неабходнасцю стварэння афіцыйнай нацыянальнай ідэалогіі. Яскравым сімвалам гэтай згоды з’явілася фармаванне антыкрызіснага камітэта ў сакавіку 1992 г., у склад якога ўвайшлі 49 прадстаўнікоў усіх афіцыйна зарэгістраваных партый і рухаў (у тым ліку і БНФ), а таксама прафсаюзаў і саюзаў прадпрымальнікаў. Мэтамі гэтага камітэта былі спрыянне развіццю нацыянальнай свядомасці і абарона ад магчымага расійскага ціску. Верагодна, так наменклатура хацела адмежавацца ад расійскай шокавай тэрапіі, бо ў студзені 1992 г. Беларусь вымушана была пайсці па расійскім шляху вызвалення цэн. Аднак ўжо ў наступныя месяцы камітэт не меў рэальнага палітычнага ўплыву[26].

Наменклатуры, відавочна, цяжка было ўдзельнічаць у нацыянальнай дыскусіі, якая лічылася неабходнай. Так, у снежні 1992 г. Кебіч заявіў прадстаўнікам беларускай дэлегацыі ў Мірскім замку: «Калі мы нацыя, то ў нас павінны быць свае нацыянальныя святыні. Тым сціплым арсеналам нацыянальнага, які мы атрымалі ў спадчыну ва ўсіх сферах духоўнага жыцця, нам… наўрад ці ўдасца пераканаць нашых сучаснікаў і нашчадкаў, што ў нас ёсць уласная гісторыя»[27]. Вельмі часта пад час афіцыйных дзяржаўных мерапрыемстваў многія выступоўцы спасылаліся на тое, што і дзяржава, і грамадства ўсё яшчэ знаходзяцца «на шляху да Беларусі».

Нягледзячы на гэта, афіцыйная лінія на стварэнне беларускай нацыянальна-дзяржаўнай ідэалогіі і выкарыстанне беларускай мовы выклікала істотныя змены ў сферы культуры, сродкаў масавай інфармацыі і навукі. Асабліва новыя павевы былі адчувальныя ў гістарыяграфіі і адукацыі. Да пачатку 1993-94 навучальнага года з друку выйшлі 20 новых падручнікаў па гісторыі (на беларускай мове) для ўсіх класаў, дзе гісторыя Беларусі пачыналася з Вялікага Княства Літоўскага і дзе з’явілася негатыўнае стаўленне да «таталітарнай савецкай сістэмы»[28].

У сродках масавай інфармацыі таксама назіралася відавочная тэндэнцыя да ўзмацнення нацыянальнай дыскусіі і інтэнсіўнага выкарыстан ня беларускай мовы. Аднак гэтыя высілкі даволі хутка апынуліся на мяжы сваіх матэрыяльных магчымасцяў. У праграмах адзінага беларускага тэлеканала дамінавала руская мова, да таго ж на Беларусі не было ўласнай студыі для сінхранізацыі замежных фільмаў. У 1992 г. у краіне афіцыйна выдавалася 140 найменняў перыядычных выданняў на беларускай і 159 на рускай мовах. Аднак адзіная штодзённая беларускамоўная газета «Звязда» выходзіла накладам 80 000 асобнікаў, у той час, калі ўсе рускамоўныя штодзённыя газеты мелі больш за мільённыя наклады. Да таго ж, выходзіла яшчэ і 241 дзвюхмоўнае выданне. Такое становішча яскрава сімваліза вала адкрытасць пытання вызначэння нацыянальнай ідэнтычнасці ў Беларусі.

Неабходна адзначыць, што ў сродках масавай інфармацыі і пасля абвяшчэння незалежнасці дамінавалі дзяржаўныя органы, уплыў дзяржавы яшчэ больш узрос у выніку эканамічнага крызісу. Толькі адзін Савет Міністраў фінансаваў дзесятак рэспубліканскіх газет і часопісаў. Затое ў Беларусі і сёння няма ніводнай незалежнай штодзённай газеты. Распад Савецкага Саюза перадвызначыў рух у бок правінцыялізацыі Беларусі, бо парушыліся шматлікія інфармацыйныя каналы, а альтэрнатыўныя не былі створаныя. Пры гэтым замежная інфармацыя па-ранейшаму прыходзіла на Беларусь праз Маскву[29].

У верасні 1992 г. адбылося аднаўленне палітычнай барацьбы за ўладу, што было выклікана адмовай Вярхоўнага Савета падтрымаць ініцыятыву БНФ і іншых нацыянальна-дэмакратычных партый па зборы подпісаў за правядзенне рэферэндума аб перавыбарах Вярхоўнага Савета ўвосень 1992 г. Вярхоўны Савет, заклапочаны захаваннем сваіх прывілеяў, не выканаў свайго абяцання аб правядзенні датэрміновых выбараў і ў сакавіку 1994 г. (яны былі прапанаваныя ў якасці кампрамісу), хоць ужо з восені 1993 г. і прафсаюзы, і заснаваная ў снежні 1991 г. Партыя камуністаў Беларусі (КПБ) рашуча выступілі за роспуск парламента. У выніку з восені 1993 г. палітычныя сілы знаходзіліся ў стане перманент най палітычнай барацьбы.

Прэзідэнцкія выбары ў ліпені 1994 г. былі першымі пасля выбараў у Вярхоўны Савет у сакавіку 1990 г. — у астатніх былых савецкіх рэспубліках палітычныя лідэры здолелі легітымізаваць дзяржаўную незалежнасць і, адпаведна, саміх сябе з дапамогаю выбараў шмат раней[30]. Такім чынам, у Беларусі былі асабліва моцныя палітычная апатыя і недавер да ўсіх дзяржаўных інстанцый з боку шырокіх пластоў насельніцтва. Пры гэтым факт неправядзення выбараў спрыяў кансервацыі тагачаснага палітычнага спектра, а запас легітымнасці, якім цяпер валодаў новы абраны прэзідэнт перад парламентам, зрабіўся потым асновай вострага канфлікту галін улады ў 1995 і 1996 г.

Захаванне грамадскага парадку з’явілася адной з галоўных мэтаў беларускай урадавай палітыкі, асабліва ў галіне эканомікі[31]. Каб прадухіліць паўтарэнне масавых забастовак красавіка 1991 г., урад Кебіча аддаваў вялікую ўвагу захаванню сацыяльнай стабільнасці, хоць такая палітыка субсідавання і ільгот з мэтаю пазбегнуць беспрацоўя і закрыцця прадпрыем стваў, на самай справе, мела вынікам перанапружанне дзяржавы і блакаванне эканамічнай рэформы. Відаць, урад разлічваў, што яго стратэгія, накіраваная на тое, каб пазбегнуць сацыяльных выдаткаў шокавай тэрапіі, прынясе яму пэўныя палітычныя дывідэнды. Менавіта таму ўладныя колы пагадзіліся на існаванне высокіх тэмпаў росту інфляцыі, якая дасягала 40% на месяц. Разам з тым адсутнічала дакладнае разуменне рэформаў, хоць урад заўсёды адзначаў, што мэта яго палітыкі — сацыяльна арыентаваная рынкавая эканоміка. Урадавая праграма прыватызацыі на чэшскі ўзор была, на самай справе, выключна сацыяльна арыентаваная, аднак у 1994 г. прыватызаванымі сталіся толькі 5% дзяржаўнай маёмасці. Пры гэтым наменклатура выдатна забяспечвала ўласныя эканамічныя інтарэсы і паступова пачала пераўтварацца ў тып «буржуазіі на эмбрыянальным этапе развіцця»[32]. Сацыяльная ідэя дамінавала і ў часе інстытуцыйных рэформаў у палітычнай сферы, яскравым доказам чаго было прыняцце 15 сакавіка 1994 г. новай Канстытуцыі, якая абвясціла Беларусь краінай прававой і сацыяльна-дзяржаўнай дэмакратыі.

Эканамічны калапс і палітычная палярызацыя:
нацыянальная канцэпцыя і тлумачэнне гісторыі ў якасці сімвалічных барыкад

Увосень 1993 г. прэм’ер-міністр Кебіч быў вымушаны адкрыта прызнаць наяўнасць у краіне эканамічнага крызісу. Вынікам гэтага з’явілася значная страта даверу насельніцтва да ўрада Кебіча, імідж якога, перш за ўсё, абапіраўся на эканамічнае «ноў-хаў». Атмасфера эканамічнага крызісу і доўгай перадвыбарчай барацьбы прывяла да своеасаблівай ідэалагічнай вайны паміж палітычнымі дзеячамі, пры гэтым свядома інсцэніраваны дуалізм БНФ і камуністаў сведчыў аб дыстанцыі паміж імі і шырокімі коламі насельніцтва. «Сімвалічнымі барыкадамі»[33] былі адрозненні ў тлумачэнні паняццяў «нацыя» і «народ», а таксама інтэрпрэтацыя гістарычных падзеяў (цікава, што экалагічная тэматыка амаль цалкам знікла з грамадскай дыскусіі).

Сваёй новай праграмай[34], прынятай у траўні 1993 г., БНФ заявіў пра сябе як палітычную сілу з цэнтрысцкай самасвядомасцю, якая арыентавалася на ідэалы справядлівасці, усеагульны дабрабыт і салідарнасць, з вызначэннем наменклатуры ў якасці свайго галоўнага ворага. Аднак БНФ адмяжоўваўся як ад бальшавізма (20-я г. як час найвышэйшага нацыянальнага росквіту ўжо ні словам не згадваюцца), так і ад «скрайняга лібералізму і індывідуалізму». Апошняе выявілася ў тым, што БНФ надаў аднолькавае значэнне правам нацыі і індывідуальным правам чалавека. Такім чынам, Фронт стаў на пазіцыі прымардыяльнага разумення нацыі, згодна з якім людзі паводле сваёй прыроды належаць да пэўных этнічных аб’яднанняў з цвёрдымі межамі. З-за гістарычных складанасцяў, звязаных з адмежаваннем беларускага этнасу ад (каталіцкай) Польшчы і ад (праваслаўнай) Расіі, змены нацыяналь най прыналежнасці на аснове асіміляцыі, паводле меркавання беларускіх нацыяналістаў, не існуе: яны лічаць, што каталікі з’яўляюцца спаланізаванымі, а праваслаўныя — русіфікаванымі беларусамі. Такі погляд патрабуе вызначаць беларускія межы ў адпаведнасці з мінулымі этнічнымі пасяленнямі, якія былі картаграфічна зафіксаваныя некаторымі вучонымі паміж 1875 і 1921 г.[35]. Пры гэтым нацыянальная самасвядомасць, асабліва веданне беларускай мовы, і «маральнае здароўе» народа супадаюць адно з адным. Сяброўскія адносіны да Расіі ўрадаў Кебіча і Лукашэнкі нацыяналістамі адмаўляюцца як падпарадкаванне «іншаземнаму панаванню». Аднак паралельна з такім разуменнем нацыі ў БНФ выказваецца думка і аб нацыянальнай талерантнасці, узорам якой лічыцца мультынацыянальнае і мультыканфесійнае Вялікае Княства Літоўскае. Увогуле ж, у прадстаўнікоў БНФ не выяўляюцца супярэчнасці паміж нацыянальнымі пазіцыямі і дэмакратычнымі каштоўнасцямі[36].

Галоўным адрозненнем Аб’яднанай Грамадзянскай Партыі (АГП) ад БНФ з’яўляецца, разам з пытаннямі рынкавай эканомікі, розніца ў нацыянальнай канцэпцыі. АГП, створаная ў траўні 1995 г. пасля злучэння Аб’яднанай Дэмакратычнай Партыі і Грамадзянскай Партыі, лічыць нацыю гісторыка-культурным феноменам або злучнасцю адзінай палітычнай волі, якая заўсёды падпарадкавана індывідуальным правам чалавека. Таму, паводле меркавання гэтай партыі, неабходна аднолькава развіваць беларуска- і рускамоўныя аспекты беларускай культуры (у прынцыпе, яна прызнае беларусаў нацыяй, якая і па сённяшні дзень размаўляе па-руску)[37]. Тым не менш, для лібералаў «нацыя» і «незалежнасць» з’яўляюцца ўстойлівымі каштоўнасцямі, у той час калі ў праграмах аграрыяў і камуністаў гэтыя тэрміны ўвогуле адсутнічаюць[38]. Замест іх выкарыстоўваюцца паняцці «народ», «суверэнітэт», а таксама «дзяржаўнасць». У адрозненне ад камуністаў, аграрыі больш выразна выказваюць канцэпцыю дзяржаўнай самастойнасці: з іх пункту гледжання, нацыянальную самасвядомасць неабходна фармаваць, але пры гэтым прапаноўваецца разглядаць вёску ў якасці адзінага носьбіта нацыянальных традыцый і выратавальніка дзяржаўнай самастойнасці. Абедзве партыі, але асабліва КПБ, у сваіх дакументах не ўхвалялі прынятых захадаў у галіне беларусізацыі і патрабавалі прызнання ў якасці раўнапраўных дзяржаўных моваў беларускай і рускай. Пры гэтым КПБ у сваёй праграме выказвалася за аднаўленне Саюза, а аграрыі ставілі сабе на мэце толькі канфедэратыўнае аб’яднанне былых савецкіх рэспублік.

У Рэспубліцы Беларусь існавалі толькі два новыя нацыянальныя святы: Дзень канстытуцыі 15 сакавіка і Дзень незалежнасці 27 ліпеня, хоць у гэты дзень парламентам была абвешчана не незалежнасць, а суверэнітэт. Пры гэтым 3 ліпеня, дзень вызвалення БССР ад нямецкіх захопнікаў, засланяў сабой 27 ліпеня, які паводле дзяржаўных цырымоній амаль што не адрозніваўся ад апошняга. Таму не дзіўна, што ўлетку 1996 г. прэзідэнт Лукашэнка прапанаваў адмяніць праз рэферэндум свята 27 ліпеня і абвясціць Днём рэспублікі 3 ліпеня. Усе спробы БНФ стварыць спецыфічна беларускія святы, як, напрыклад, 25 сакавіка — дзень, калі была абвешчана Беларуская Народная Рэспубліка (БНР), не ўдаліся. Выразным намерам БНФ было таксама стварэнне слаўнай беларускай гісторыі і вызваленне ад дамінавальнай канцэпцыі папярэдняй фазы, згодна з якой нацыя, у першую чаргу, была прадстаўлена грамадствам, аб’яднаным вопытам пакут. Так, напрыклад, 8 верасня быў абвешчаны БНФ Днём беларускай вайсковай славы ў сувязі з перамогаю пад Воршай у 1514 г. войскаў Вялікага Княства Літоўскага над войскамі Маскоўскага Княства. Камуністычныя арганізацыі ацанілі гэта як доказ антыславянс кага шавінізму БНФ, а з 1993 г. улады забаранілі фронту праводзіць шэсці на 8 верасня. Такім чынам, гэты дзень атрымаў у БНФ значэнне сімвалічнай канфрантацыі з афіцыйнай уладай, аналагічна мерапрыемствам у Курапатах на Дзяды, што праводзіліся ў савецкі час[39]. Паколькі насельніцтва надавала вялікае значэнне ваенным успамінам, БНФ імкнуўся таксама зарэзерваваць за сабою і даты, звязаныя з перамогаю ў другой сусветнай вайне. Таму ўвесну 1994 г. Фронтам быў створаны «Дэмакратычны Саюз Ветэранаў», а 3 ліпеня 1994 г. галоўныя мерапрыемствы, прысвечаныя 50-годдзю вызвалення, ледзве не скончыліся гвалтоўным сутыкненнем паміж камуністычнымі і нацыянал-дэмакратычнымі саюзамі ветэранаў.

У сродках масавай інфармацыі таксама разгарнулася дыскусія наконт таго, як трэба ацэньваць вайну і перамогу. Праблема пераемнасці БНФ, якая ўвесь час прысутнічае, хоць і ў латэнтнай форме, выявілася ў тэндэнцыі да ідэалізацыі беларускіх нацыянальных арганізацый, адноўленых у 1942—43 г. рэйхскамісарам Кубэ. Гэты факт паспяхова выкарыстоўваецца неабальшавіцкімі арганізацыямі як аргумент, каб заклеймаваць БНФ як фашысцкую арганізацыю. Нацыянал-дэмакраты ж у адказ абвяшчаюць «фашыстамі» або «камуна-фашыстамі» і камуністаў, і ўрад Лукашэнкі. У траўні 1995 г. напярэдадні парламенцкіх выбараў Лукашэнка скарыстоўваў папрок у фашызме для шырокамашабнай кампаніі, накіраванай супраць БНФ. У лістападзе 1996 г. у час падрыхтоўчых работ да рэферэндума, які датычыў новай канстытуцыі, папрокі ў фашызме зноў адыгралі істотную ролю ў палітычнай барацьбе[40]. Цяпер іх скарыстоўвалі камуністы і аграрыі супраць прэзідэнта пасля стварэння ўлетку 1996 г. кааліцыі з нацыянал-дэмакратамі з мэтаю прадухілення адзінаасобнай дыктатуры Лукашэнкі[41].

Пераход ад сімвалічнай канфрантацыі да рэальнай: Беларусь на мяжы аўтарытарнага прэзідэнцкага рэжыму

Пасля нечаканага абрання Аляксандра Лукашэнкі першым прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь узмацнілася значэнне сімвалічнай палітыкі. З асаблівай яскравасцю гэтая акалічнасць выявілася ў час травеньскага рэферэндума 1995 г., ініцыятарам якога быў Лукашэнка і ў якім ён прапаноўваў увесці дзяржаўную сімволіку, шчыльна звязаную з сімволікай БССР, а таксама ўраўняць у правах рускую і беларускую мовы праз наданне рускай мове статуса дзяржаўнай. Пераважная бальшыня насельніцтва ўхваліла ўсе прапановы прэзідэнта, што хоць і адпавядала вынікам апытанняў насельніцтва, але таксама тлумачылася і дзяржаўнай заангажаванасцю сродкаў масавай інфармацыі, якая вельмі ўзмацнілася пасля прыхода да ўлады Лукашэнкі. Такім чынам, у нацыянальных рухаў былі адабраныя відавочныя поспехі, дасягнутыя яшчэ да 1991 г.[42]. Адначасовая няўдача БНФ у час парламенцкіх выбараў паказала таксама, што нацыянальна арыентаваныя сілы дыскрэдытавалі сябе ў вачах грамадскасці, як гэта адбылося ў краінах Усходняй Еўропы, хоць яны, адрозна ад сваіх тамтэйшых аналагаў, не бралі на сябе ўрадавых абавязацельстваў.

Прыход да ўлады Лукашэнкі не выклікаў радыкальнай змены курсу, хутчэй, адбылася змена пакалення і паходжання наменклатуры[43]. Аднак зусім змяніўся палітычны стыль параўнальна з часамі кіравання Кебіча. Пры гэтым, калі зноў стала дамінаваць дыскусія 1988-89 г., заўважылася памяншэнне прыхільнасці да фармалізацыі палітыкі, затое персаніфікацыя ўлады атрымала перавагу над яе інстытуалізацыяй. Паводле словаў Дзмітрыя Булахава, гаворка ідзе аб «працэсе прыватызацыі дзяржаўнай улады»[44]. Абранне Лукашэнкі, які на пасадзе старшыні парламенцкай камісіі па камерцыйных структурах набыў папулярнасць героя-змагара супраць карупцыі, сведчыла, што насельніцтва хацела ўбачыць ва ўладзе новы твар і не давярала «старым» палітыкам. Пры гэтым галоўным было імкненне да аднаўлення справядлівасці (у маральным і сацыяльным сэнсе), якое ў Беларусі магло выявіцца і ў руху назад, настальгіі па савецкіх часах[45]. З аднаго боку, Лукашэнка ўвёў у палітыку стыль, накіраваны на «блізкасць да народа», якім карыстаўся П.Машэраў у 70-х г. З другога боку, новы прэзідэнт адлюстроўваў сабой няпэўна выказаную мэту эканамічнай эфектыўнасці (калі ён, напрыклад, рабіў стаўку на павышэнне цэнаў і на абвяшчэнне прадпрыемстваў банкрутамі), якая, праўда, абмяжоўвала ся таксама яго імкненнем быць блізкім да народа. Такім чынам, палітыка Лукашэнкі прывязана да пастаяннай прысутнасці вобраза ворага для абгрунтавання няўдач у вобласці эканомікі. Дзеля гэтай мэты, акрамя БНФ, выкарыстоўваліся і былыя супрацоўнікі, якія з канца 1994 г. выбылі з яго апарата і перайшлі ў лагер нацыянал-дэмакратаў[46]. З лета 1996 г. праціўнікамі прэзідэнта лічацца таксама і камуністы, і аграрыі, якія ўяўлялі сабой наймацнейшую фракцыю ў новым парламенце.

Ужо напярэдадні паўторных выбараў у Вярхоўны Савет у канцы 1995 г. выявілася, што ўнутры тагачасных элітаў існаваў значны, большы за межы партыі, мабілізацыйны патэнцыял, накіраваны на прававую дзяржаву і супраць намераў Лукашэнкі ўвесці непасрэднае прэзідэнцкае кіраванне з лета 1995 г. Асаблівую ролю ў гэтым выканаў Канстытуцыйны суд, які ў адным толькі 1995 г. прызнаў неканстытуцый нымі адзінаццаць загадаў прэзідэнта. У палітычных дыскусіях і ў выніках выбараў выявіўся раскол сярод насельніцтва як па лініі горад — вёска, так і паміж пакаленнямі, у той час як розніца паміж заходнімі і ўсходнімі рэгіёнамі, насуперак звыкламу сцвярджэнню, практычна не мела значэння. Так, напрыклад, Аб’яднаная Грамадзянская Партыя (АГП) атрымала свае восем мандатаў выключна ў сталіцы — Мінску, пры гэтым за яе прагаласавалі ў першую чаргу моладзевыя групы насельніцтва. Агітацыйная стратэгія Лукашэнкі, наадварот, была накіраваная амаль выключна на вясковае насельніцтва, пакаленне пенсіянераў і ветэранаў вайны.

У 1996 г. і ў новым парламенце, дзе БНФ ужо не меў прадстаўн ікоў, працягваўся і абвастраўся канфлікт галінаў улады. Ініцыятыва Лукашэнкі па зацвярджэнні ў снежні 1996 г. шляхам рэферэндума новай канстытуцыі, што павінна была маргіналізаваць выканаўчую і заканадаўчую ўладу, прывяла ўлетку 1996 г. да стварэння шырокай кааліцыі камуністаў, аграрыяў, нацыянал-дэмакратаў і іншых грамадскіх сіл, накіраванай супраць палітыкі прэзідэнта. Гэтае ўзаемадзеянне выявілася ў гутарках за круглым сталом, сумесных заявах і дэманстрацыях, чаго нельга было сабе ўявіць яшчэ некалькі месяцаў таму[47]. Такі крок кіраўніцтва аграрыяў і камуністаў паставіў абодва бакі перад выпрабаваннем на трываласць, паколькі многія сябры, асабліва ў ПКБ, не былі згодныя з новым курсам партыі[48]. У грамадскіх дыскусіях, на якія шмат уплывалі паклёпніцкія кампаніі з боку выканаўчай улады, усё часцей гучала папярэджанне аб небяспецы грамадзянскай вайны, у якасці доказу існавання якой прэзідэнт і блізкія да яго колы цытавалі старшыню Народнага Фронта Пазьняка (ужо эмігранта), які нібыта ў сваім інтэрв’ю маскоўскай «Незалежнай газеце» адкрыта заклікаў да ўзброенай барацьбы супраць прэзідэнта ў імя дэмакратыі і незалежнасці[49]. Магчымасць выкарыстання сілы дзеля абароны незалежнасці ўпершыню была даведзена да шырокай грамадскасці ў сакавіку 1995 г., калі ў «Народнай газеце» быў апублікаваны ліст неіснуючага чытача, што пацягнула за сабой адстаўку галоўнага рэдактара газеты[50]. Укараненню паняцця «грамадзянская вайна» ў дачыненні да тагачаснай сітуацыі садзейнічалі распачатыя з 1993 г. дэбаты пра тое, што ў час другой сусветнай вайны на беларускай зямлі ішла грамадзянская вайна ў прысутнасці нямецкіх акупацыйных частак.

Раней урад Кебіча падкрэсліваў як асаблівае дасягненне, вартае таго, каб захаваць тагачасную сітуацыю, адсутнасць напружанасцяў, падобных да грамадзянскай вайны. У час перабудовы, у дыскусіях паміж нефармальнымі групамі і камуністычным кіраўніцтвам паняцця грамадзянскай вайны не існавала (яно прысутнічала толькі ў латэнтнай форме ва ўяўленні пра «Вандэю перабудовы»). Асаблівы акцэнт рабіўся тады на іншыя аспекты: у камуністаў — на дэструкцыйны характар дэманстрацый, у апазіцыі — на злачынны характар камуністычнага рэжыму. Такім чынам, улетку 1996 г. канфрантацыя набыла зусім новы характар, упершыню не выключалася вырашэнне палітычнага крызісу ў Беларусі з дапамогай выкарыстання сілы[51].

Дачыненні з Расіяй як люстэрка ўнутрыпалітычных канфліктаў

Расія з’яўляецца істотным фактарам знешняга ўплыву на ўнутранае развіццё Беларусі як у палітычным, так і ў эканамічным сэнсе. Залежнасць Беларусі на 80% ад энергапаставак з Расіі і адсюль высокая запазычанасць, якая ў 1993 г. была выкарыстана расійскім урадам як сродак палітычнага ціску, прывяла да аслаблення адчування неабходнасці незалежнасці Беларусі ва ўрадавых колах. Як вынік, з верасня 1993 г., пасля згаданага эканамічнага краху, гэтымі коламі былі зробленыя крокі на шляху да збліжэння з Расіяй, як, напрыклад, стварэнне адзінага расійска-беларускага валютнага саюза. БНФ жа, наадварот, патрабаваў праз выхад са складу Садружнасці Незалежных Дзяржаваў (СНД) адмежавацца ад Расіі і выступіў за рашучую празаходнюю арыентацыю краіны. У якасці канкрэтнай альтэрнатывы БНФ разглядаў ідэю «Балтыйска-Чар наморскага Саюза», што адпавядала традыцыі Вялікага Княства Літоўскага. У афіцыйнай лініі Міністэрства замежных справаў Беларусь уяўлялася ў якасці патэнцыйнага Брусэля Ўсходняй Еўропы, моста паміж заходняй і ўсходняй цывілізацыямі. Аднак гэтая ідэя з 1993 г. саступіла месца ўсходняй арыентацыі краіны.

У 1993 г. галоўным спрэчным пытаннем пабудовы беларуска -расійскіх дачыненняў была адмова ад пазіцыі нейтралітэту (замацаванай у абвяшчэнні суверэнітэту), калі рэспубліка далучылася да дамоўленасцяў аб калектыўнай бяспецы краінаў СНД. У 1992 г. прэм’ер-міністр В.Кебіч ухваліў ідэю нейтралітэту, аднак увесну 1993 г., спасылаючыся на значэнне ваеннай прамысловасці Беларусі, абвясціў, што эканамічны саюз з Расіяй немагчымы без адначасовага стварэння ваеннага саюза. У час вырашэння гэтых спрэчных пытанняў старшыня парламента С.Шушкевіч упершыню заняў рашучую пазіцыю і выступіў супраць далучэння да дамоўленасці аб калектыўнай бяспецы, патрабуючы правесці рэферэндум па гэтым пытанні (прапанова, аднак, не мела поспеху). Гэтае супрацьстаянне выклікала ў 1993 г. першую магчымасць вынясення вотуму недаверу Шушкевічу ў беларускім парламенце. А ў студзені 1994 г. правядзенне чацвёртага, на гэты раз паспяховага, вотуму недаверу, таксама з’явілася вынікам пазіцыі Шушкевіча, звязанай з незалежнасцю Беларусі ў пытаннях палітыкі бяспекі. Тым не менш, у новай беларускай Канстытуцыі былі замацаваныя як мэты дзяржавы прынцып нейтралітэту і стварэнне бяз’ядзернай зоны[52].

У перадвыбарчай барацьбе за пасаду прэзідэнта абодва кандыдаты — і Кебіч, і Лукашэнка — імкнуліся пераўзысці адзін аднаго ў выяўленні сяброўскіх пачуццяў да Расіі. Паразу Кебіча можна патлумачыць і тым, што ў яго імкненні да стварэння адзінага валютнага саюза з Расіяй выразна праглядалася нерэальная перадвыбарчая абяцанка. Лукашэнка ж казыраў тым, што ў снежні 1991 г. у беларускім парламенце ён выступіў супраць ратыфікацыі Белавежскіх пагадненняў і быў праціўнікам распаду Савецкага Саюза.

Такім чынам, Лукашэнка, як і камуністычныя колы, падтрымлі ваў тэзіс пра «ўдар у спіну», згодна з якім распад Савецкага Саюза з’явіўся падставаю крызіса і гэты працэс неабходна павярнуць назад. Падобная аргументацыя палягчалася і тым, што эканамічны крызіс у Беларусі, паводле статыстычных дадзеных, і сапраўды супаў з распадам Савецкага Саюза. Але настальгія бальшыні вясковага насельніцтва апалітычная і з’яўляецца выразнікам шырока распаўсюджанага крызісу арыентацыі, тугою многіх людзей па стабільным жыцці мінулых гадоў. Так, напрыклад, правал на парламенцкіх выбарах «чырвона-карычневых» арганізацый, накшталт Славянскага Сабора «Белая Русь», паказаў, што ідэалогіі, звернутыя ў мінулае, амаль не карыстаюцца падтрымкай сярод насельніцтва. І насуперак усім планам славянізацыі і саветызацыі, Лукашэнка заўсёды вяртаўся да нацыянальнай дзяржаўнай незалежнасці як асновы для пераадолення крызісу ў Беларусі. Палітыка збліжэння з Расіяй, якая дасягнула найвышэйшай адзнакі пры падпісанні розных пагадненняў 2 красавіка 1996 г. у Маскве, з’явілася свядомай стратэгіяй для кампенсацыі адсутнасці курса рэформаў. Але насельніцтва спадзяецца на канкрэтнае паляпшэнне эканамічнай сітуацыі ад збліжэння з Расіяй, і ў выпадку, калі гэтыя надзеі не апраўдаюцца, палітыка інтэграцыі можа аказацца контрпрадукцыйнай для ўрада Лукашэнкі[53].

Падпісанне пагадненняў з Расіяй выклікала цяжкі палітычны крызіс у Беларусі, які адлюстраваўся ў пяці масавых дэманстрацыях у сакавіку і красавіку 1996 г., пад час якіх былі арыштаваныя многія кіраўнікі БНФ. Здавалася, што Лукашэнка імкнецца да канчатковага знішчэння Фронта як палітычнай сілы, які пасля правалу на апошніх парламенцкіх выбарах быў вымушаны весці пазапарламенцкую барацьбу і імкнуўся падобнымі акцыямі манапалізаваць свой апазіцыйны статус[54]. Да гэтага часу ПКБ і аграрыі яшчэ праводзілі дэманстрацыі ў падтрымку палітыкі прэзідэнта, але ўжо можна было прасачыць, што іх партыйная эліта разглядала збліжэнне з Расіяй хутчэй функцыянальна, аддаючы перавагу суверэнітэту Беларусі. Так, напрыклад, старшыня кампартыі Сяргей Калякін фактычна пацвердзіў, што заключэнне мытнага саюза з Расіяй у 1995 г. прынесла Беларусі і эканамічныя страты[55]. Старшыня аграрнай партыі таксама падкрэсліў, што ўжо позна казаць пра канфедэрацыю або федэрацыю і што прадметам перамоваў можа быць толькі саюз незалежных дзяржаваў[56].

Улетку 1996 г. распачаўся новы канфлікт паміж выканаўчай і заканадаўчай уладамі ў сувязі з рэферэндумам, які тычыўся новай канстытуцыі, прапанаванай прэзідэнтам. Расіі тут таксама адводзілася істотная роля, бо абодва бакі імкнуліся ўмацаваць свае пазіцыі з дапамогай Масквы[57]. Цяпер беларускаму прэзідэнту было цяжэй абвінаваціць у антырасійскіх настроях сваіх новых праціўнікаў — аграрыяў і камуністаў (як гэта было ў выпадку з БНФ) — і знайсці прапагандысцкую аргумента цыйную лінію для пераканання насельніцтва. Пасля перамогі Ельцына Лукашэнка, які ў перадвыбарчай кампаніі больш-менш адкрыта падтрымліваў камуністычнага кандыдата Зюганава, не мог быць цалкам перакананы ў расійскай падтрымцы. У адпаведнасці з гэтым у беларускага прэзідэнта адзначалася акцэнтаванне нацыянальнай незалежнасці на вербальным узроўні.

Можна канстатаваць, што ў пераважнай колькасці насельніцтва існуе парадаксальнае стаўленне да расійскага пытання. Не кажуць: мы не можам існаваць без рускіх, а толькі: мы не можам існаваць без Расіі. Гэта значыць, што большасць думае не пра поўную ліквідацыю дзяржаўнай незалежнасці, а пра асаблівы стан «пры Расіі»[58]. Гэтая акалічнасць пацвярджаецца і вынікамі апытанняў грамадскай думкі: бальшыня падтрымлівае стварэнне агульнай беларуска-расійскай дзяржавы, але хоча пры гэтым захаваць беларускі суверэнітэт. Таму фармальна ўжо шырока развітая інтэграцыя абедзвюх краінаў пагражае ператварыцца ў «вечнабуд».[59]

Заключэнне

За апошнія дзесяць гадоў беларускае развіццё характарызуецца існаваннем нацыянальнай свядомасці, якая можа быць апісана толькі ў тэрмінах парадоксаў. Яе мабілізацыя ў час перабудовы была занадта слабой дзеля таго, каб нацыяналізм меў магчымасць узяць на сябе функцыю дэмабілізацыі супраціўлення рэформам сярод насельніцтва. З аднаго боку, развітая за апошнія пяць гадоў самаідэнтыфікацыя з Рэспублікай Беларусь не валодае дастатковай сілай для вызначэння самастойнага шляху развіцця, хоць, з другога боку, яна досыць вялікая, каб не даць сваёй рэспубліцы знікнуць у межах Расійскай Федэрацыі. У кароткі час нацыянальнага кампрамісу наменклатуры і Народнага фронту былі страчаныя шанцы для выпрацоўкі адназначнага курсу, у чым не ў апошнюю чаргу вінаватыя максімалістычныя пазіцыі БНФ па нацыянальных пытаннях. Маючы на ўвазе ролю элітаў у працэсе трансфармацыі, які паходзіць з канцэпцыі «рэвалюцыі зверху», рэгрэс палітычнай культуры пасля прыходу да ўлады Лукашэнкі не дзіўны. У час яго прэзідэнцтва адзначаецца сістэматычная эскалацыя сімвалічнай канфрантацыі да рэальнага скарыстання сілы. Але ж апошнія дзесяць гадоў у ценю палітычнай палярызацыі развіваецца дастатковы патэнцыял для пабудовы дэмакратычнай і нацыянальна самастойнай Беларусі, якой цалкам можа належаць будучыня.

Артыкул здадзены ў сакавіку 1998 г.

Пераклад Алега Сувалава.
* Паводле перапісу 1999 г.: Беларусы — 81%; Рускія — 11%; Палякі — 3,9%; Украінцы — 2%; Яўрэі — 0,3%; Астатнія — 1,2%; Поўная колькасць жыхароў — 10,045 млн. Крыніца: Население Республики Беларусь. Итоги переписи населения Республики Беларусь 1999 года. Статистический сборник. Минск, 2000. С.136. (Рэд.)


[1] Адамович А. Куропаты, Хатынь, Чернобыль // Литературная газета. № 33. 5.8.1990.
[2] Staniszkis J. Dilemmata der Demokratie in Osteuropa // Deppe R. / Dubiel H. / Rцdel H. (выд.): Demokratischer Umbruch in Osteuropa. Frankfurt/Main. С. 326—347, тут старонка 331.
[3] Гл.: Smith А. Nations and Nationalizm in a Global Era. Cambridge: Polity Press, 1995. С. 80 і далей.
[4] Гл. напрыклад: Simon G. Nationalismus und Nationaltatenpolitik in der Sowietunion. Von der totalitaren Diktatur zur nachstalinischen Gesellschaft. Baden-Baden, 1986. С. 58 і далей.
[5] Што тычыцца дадзеных працэсаў павышэння пісьменнасці, асіміляцыі, індустрыялі зацыі і урбанізацыі, а таксама ўсеагульных дэмаграфічных і тэрытарыяльных зменаў, гл.: Guthier L. The Belorussians: National Identification and Assimilation, 1897—1970 // Soviet Studies 29 (1977). С. 37—61, 270—283, а таксама Sahm A. Die weißrussische Nationalbewegung nach der Katastrophe von Tschernobyl 1986_1991. Münster, 1994. C. 16—21.
[6] Адамушка У. Палітычныя рэпрэсіі 20—50-х гадоў на Беларусі. Мн., 1994. С. 8—15. Згодна з самымі высокімі ацэнкамі, ахвярамі рэпрэсій сталі 2 млн. чалавек. Даследаванне Адамушкі ўяўляе сабой толькі першую спробу апісаць увесь працэс палітычных рэпрэсій у БССР.
[7] Гл.: Nicholas P. Vakar. Belorussia: The Making of a Nation. A Case Study. Cambridge: Mass. 1956. С. 210.
[8] Гл.: Urban М. An algrebra of Soviet power. Elite circulation in the Belorussian Republic 1966—1989. Cambridge University Press 1989. С. 14.
[9] Гл. да гэтага: Lewin М. Gorbatschows neue Politik. Frankfurt/Main, 1988. С. 36—44, а таксама Margolina S. Rußland: die nichtzivile Gesellschaft. Reinbeck bei Hamburg, 1994. С.104—110.
[10] Белоруссия — Россия. Модель постсоветской интеграции // Независимая газета. 21.03.1996.
[11] Фурман Д., Буховец О. Белорусское самосознание и белорусская политика // Свободная мысль. № 1. 1996. С.61.
[12] Sahm A. Die weißrussische Nationalbewegung nach der Katastrophe von Tschernobyl 1986—1991. Münster, 1994. Ñ. 21—23.
[13] Sahm A. Op. cit. С. 56, 64—71.
[14] У ліпені 1989 г. з каля 40.000 сяброў БНФ прыкладна 10—15% уваходзілі ў КПСС, 40% паходзілі з асяроддзя працоўных, 30% сяброў належалі да інтэлігенцыі, 20% былі служачымі. Жанчыны складалі толькі 10% з агульнай колькасці сяброў. Прадстаўніцтва розных нацыянальнасцяў прыблізна адпавядала іх частцы ў агульнай колькасці жыхароў Беларусі: 75% беларусы, 20% рускія, 5% прадстаўнікі розных нацыянальнасцяў. Гл.: Белорусская трибуна. № 10. 1989. С. 2.
[15] Для азнаямлення з супрацьстаяннем камуністаў з БНФ гл.: Неформальные объединения в политической жизни республики. Мн., 1990, а таксама вялікую колькасць артыкулаў у часопісе «Политический собеседник».
[16] Беларускі пісьменнік Васіль Быкаў, напрыклад, часта называў Пазняка «Апосталам нацыі» або «Пасланцам божым». Гл.: Васіль Быкаў. Лідэр. Нататкі да палітычнага партрэта Зянона Пазняка; ён жа. Збор твораў у шасці тамах. Т.6. Мн., 1994. С. 528—533. Гл.: Фурман Д., Буховец О. Белорусское самосознание… с. 63, якія кажуць пра «культ асобы» ўнутры БНФ. Пазіцыі Пазняка пахіснуліся толькі пасля няўдалых парламенцкіх выбараў у траўні 1995 г., калі Юры Хадыка прапанаваў падзяліць БНФ на партыю і рух з рознымі назвамі і старшынямі. Гл.: Падзелу БНФ на партыю і рух не адбылося // Свабода. № 24. 16.06.1995. С.4. Аргументам Пазняка, які тлумачыў нізкія паказчыкі на парламенцкіх выбарах, была нізкая нацыянальная свядомасць насельніцтва, з-за чаго нацыянальная стратэгія не магла быць падтрымана бальшынёй, хоць і з’яўлялася інвестыцыяй у будучыню. Такім чынам, ацаніць паспяховасць яго дзейнасці было немагчыма.
[17] Фурман Д., Буховец О. Белорусское самосознание… С. 64.
[18] Падрабязнае выкладанне палітычнай сітуацыі ў Беларусі ў 1986—91 г. гл.: Sahm A. Die weißrussische Nationalbewegung. С. 24—52.
[19] Дадатковай прычынай можа служыць абвяшчэнне суверэнітэта Расіяй і Ўкраінай. Паколькі абвяшчэнне суверэнітэта адбылося адразу пасля вяртання з Масквы старшыні Вярхоўнага Савета М.Дземянцея, можна меркаваць, што гэты крок быў зроблены па просьбе Масквы, каб зменшыць уплыў астатніх нацыянальных рухаў.
[20] Гл.: Sahm A. Die weißrussische Nationalbewegung. С. 72—108, асабліва с. 128—131. Там (с. 128—131) маецца таксама поўны пераклад дэкларацыі пра беларускі суверэнітэт.
[21] Гл.: Sahm А. Die weißrussische Nationalbewegung. С. 43—48.
[22] Staniszkis J. The Ontology of Socialism. Oxford: Claredon Press, 1992. С. 15 і далей.
[23] Ужо ў красавіку 1991 г. Дземянцей адкрыта запатрабаваў увядзення агульнасаюзна га надзвычайнага стану, каб уратаваць адзінства краіны.
[24] Так, напрыклад, у канцы 1990 г. 61,3% насельніцтва падтрымалі актыўную рэалізацыю дзяржаўнай праграмы, накіраванай на спрыянне развіццю беларускай мовы. Sahm A. Die weiЯrussische Nationalbewegung. С. 590.
[25] Гл.: Sahm A. Die weißrussische Nationalbewegung. С. 109—118.
[26] Гл.: Sahm A. Politische Konstruktionsversuche weißrussischer Identität. Zur Bedeutung des Rückgriffs auf die unabgechlossene weißrussische Nationalstaftsbildung // Jahrbücher fur Geschichte Osteuropas. 42 (1994). С. 541—561, тут с. 547.
[27] Кебич В. Экономика, нравственность, культура — столпы нашей государственности // Ракурс. № 1. 1993. С. № 3—17, тут с. 12.
[28] Улетку 1995 г. прэзідэнт Лукашэнка пагражаў спецыяльным загадам забараніць выданне менавіта гэтых падручнікаў па гісторыі. Але, паколькі стварэнне падручнікаў патрабуе шмат часу, ён вырашыў паступова замяніць былыя падручнікі на новыя. Гл.: Школьники будут учиться сразу по трём учебникам // Белорусская деловая газета. № 51. 12.08.1996. С.5.
[29] Гл.: Sahm А. Politische Konstruktionsversuche. С. 550—553.
[30] Нават сам БНФ быў не вельмі зацікаўлены ў правядзенні рэферэндума, які тычыцца нацыянальнай незалежнасці, бо асцерагаўся адмоўных вынікаў. У гэтым таксама выявілася амбівалентнае стаўленне БНФ да дэмакратычных працэдураў, што тлумачыцца беларускай нацыянальнай асаблівасцю. Гл.: Фурман Д., Буховец О. Белорусское самосознание… С.63. Паводле дадзеных апытанняў грамадскай думкі, ужо ў 1992 г. праз некалькі месяцаў пасля распаду Савецкага Саюза, 47,9 % беларускіх грамадзян лічылі аднаўленне СССР неабходнасцю. Гл.: Карбалевич В. Особенности национального возрождения в Беларуси // Корецкий А. (выд.) Трансформация цивилизационно -культурного пространства бывшего СССР. Москва, 1994. С.230—234. Тут с. 230.
[31] Для азнаямлення з беларускай эканамічнай палітыкай гл.: Pankov V. Die wirtschaftliche Transformation Weißrusslands // Osteuropa—Wirtschaft, 40 год выд. (1995). № 1. С. 1—12.
[32] Гл.: Zagorul’skaja О. The System of Interest Representation in the Republik of Belarus // Klaus Segbers/Stephan De Spigeleire (выд.): Post-Soviet Puzzie. Mapping the Politikal Economy of the Former Soviet Union, 4 т. Baden-Baden, 1995. Т.3. С.657—683, тут с. 662—667.
[33] Stanizkis J. Ontology. С.7.
[34] Праграма Беларускага Народнага Фронту «Адраджэньне» . Менск, 30 траўня 1993.
[35] Гл.: Пазьняк З. «Национальное государство есть наивысшая культурная и общественная ценность» // Нёман. 1993. № 6. С. 19—22, а таксама: О русском империализме и его опасности // Народная газета. 15-17.01.1994. Тут Пазняк зноў прэтэндуе на «восточное этническое расселение белорусов в Российской Федерации», і канкрэтна ў Бранскай, Пскоўскай і Смаленскай абласцях. У 1993 г. у праграме БНФ усё ж падкрэслена адвяргаецца план змянення межаў, замест чаго ён імкнецца да культурнай аўтаноміі ў адпаведных дзяржавах — апрача згаданых расійскіх абласцей, яшчэ ў Вільнюскай вобласці ў Літве і ў рэгіёне Беласток у Польшчы.
[36] Гл.: Хадыка Ю. Нацыяналізм як канструктыўная сіла // Беларускі ПЭН-Цэнтр (выд): Другі міжнародны кангрэс у абарону дэмакратыі і культуры. «Незалежная прэса: свабода і адказнасць». Мінск, 1996. С. 81—85.
[37] Гл.: Объединенная гражданскай партия (ОГП): Программа действий // Акадэмія навук Беларусі / Аддзел навуковай інфармацыі па гуманітарных навуках Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь, Палітычныя партыі Беларусі. Мінск, 1996. С.362—364, тут с. 364.
[38] Программа Партии коммунистов Беларуси // Народный голос, 23.06.1993; Программа Аграрной партии Беларуси // Белорусская нива, 30.12.1994.
[39] Гл.: Sahm А. Politische Konstruktionsversuche. С 559. Як вынік узмацнення камуністычных сіл, для якіх пахаваныя ў Курапатах з’яўляліся ахвярамі фашысцкага рэжыму, Курапаты зноў сталі аб’ектам спрэчак.
[40] Гл.: Sahm A. Politische Konstruktionsversuche. С. 553—557, а таксама Sahm A. Kein politischer Frühling in Belarus. Das Scheitern der Parlamentswahlen im Mai 1995 und die Verselbstständingungstendenzen der Exekutive // Osteuropa, 42, (1995). С.1021—1033, тут на с. 1023—1026.
[41] Як яскравы прыклад (параўнай): Люди, будьте бдительны! В республике запахло фашизмом! Обращение к народу Беларуси председателя Верховного Совета Республики Беларусь С.Шарецкого // Народная воля. № 81. 1996, верасень.
[42] Sahm A. Kein politischer Frühling. C.1030 і далей.
[43] Да свайго абрання прэзідэнтам Лукашэнка, 1954 г. нараджэння, абраны ў 1990 г. у Вярхоўны Савет, быў старшынёй саўгаса «Гарадзец» у Шклоўскім раёне Магілёўскай вобласці. Да свайго абрання ён ні разу не быў на Захадзе. Таму пасля заняцця пасады яго палітычны стыль аўтаматычна павінен быў быць больш правінцыйным. Гл.: Палітрук. Дырэктар. Прэзідэнт? // Век. № 25, 1—6.07.1994.
[44] Гл.: На белорусском полигоне // Известия. 20.06.1996.
[45]Гл.: Mänicke_Gyögyösi Ê. Zum Stellenwert symbolischer Politik in den Institutionalisierungsprozessen postsozialistischer Gesellschaften // Öffentliche Konfliktdiskurse um Restitution von Gerechtigkeit, politische Verantwortung und nationale Identität. Frankfurt, 1996. С.13—28. Тут с.21.
[46] Сярод іншых да іх належалі юрысты Дз.Булахаў і В.Ганчар, якія займалі кіраўнічыя пасады ў дэмакратычнай апазіцыі. Яны належалі да кола маладых людзей, якія не паходзілі з партыйнага апарату. Яны падтрымлівалі Лукашэнку ў час яго перадвыбарчай кампаніі з памылковым жаданнем правесці з яго дапамогаю рашучыя эканамічныя рэформы. Гл.: Знакомьтесь: команда Лукашенко // Известия. 13.07.1994.
[47] Гл.: Аб грамадска-палітычнай і сацыяльна-эканамічнай сітуацыі ў краіне // Cвабода. № 55. 26.07.1996; Заявление участников «круглого стола», представляющих ведущие политические партии, движения, профессиональные союзы Республики Беларусь // Cвабода. № 65. 30.08.1996.
[48] Гл.: Компартия запрещена // Белорусская газета. 2.09.1996.
[49] С «режимом Лукашенко» будут «вооруженно бороться» // Знамя юности. 3.07.1996. У чэрвеньскім выпуску «Независимой газеты» згаданае інтэрв’ю пад назваю «Возможна вооруженная борьба с режимом Лукашенко» немагчыма было знайсці.
[50] Я цярплю і буду цярпець колькі трэба і якія заўгодна нягоды, працаваць не пакладаючы рук, без сну і адпачынку, але толькі калі буду перакананы ў шчаслівай будучыні сваёй Радзімы — Беларусі // Народная газета. 10.03.1995. С.1.
[51] Рэальны арсенал сілавых сродкаў знаходзіцца, безумоўна, у распараджэнні аднаго толькі прэзідэнта. Розныя нацыяналістычныя спартыўныя аб’яднанні, створаныя пасля 1992 г. у ценю БНФ, не валодалі рэальным патэнцыялам сілы.
[52] Гл.: Sahm А. Politische Konstruktionsversuche. С. 547 і далей.
[53] Гл. напрыклад: «Спасибо за Россию!» Встречи Президента на столинской земле // Белорусская нива. 18.04.1996.
[54] Гл.: Замяталін У. «Митинг — это акция, инициаторами которой стали обанкротив шиеся политики» // Белорусская нива. 26.03.1996; ён жа: «Белорусские избиратели перевели позняковский фронт в антинародный» // Советская Белоруссия. 18.04.1996.
[55] Политдиалоги. Богданкевич С. — Калякин С.: «Беларусь нуждается не в политизированной, а в эффективной экономике»//Народная газета. 12.03.1996. С.3.
[56] Гл.: Стабілізацыя не губляючы суверэнітэту // Звязда. 14.06.1996; По пути интеграции // Народная газета. 14.06.1995.
[57] Апрача іншага, адбыўся нечаканы кароткі візіт Лукашэнкі 7 верасня ў Маскву, а таксама кароткатэрміновае знаходжанне А.Лебедзя 13 верасня і Г.Зюганава 18-19 верасня ў Мінску. Гл.: Странный визит Александра Лебедя в Минск // Известия. 17.09.1996. Лебедь прилетел не к добру // Белорусская деловая газета. № 57. 16.09.1996.
[58] Фурман Д., Буховец О. Белорусское самосознание… С.67.
[59] Белоруссия—Россия. Модель постсоветской интеграции // Независимая газета. 21.3.1996. С.5.

Наверх

Рэджынальд Р. Бэтс. Канстытуцыйны працэс і палітычная думка ўва Усходняй Еўропе*

Снежня 19, 1999 |


Англійскі гісторык права Рэджынальд Робэрт Бэтс (Reginald Robert Betts) (1903—1961) нарадзіўся ў Норыджы ў Вялікай Брытаніі. Пасля сканчэння студыяў у Оксфардзе выкладаў у alma mater, пазней ва універсітэтах Ліверпуля і Белфаста. У 1934 г. стаў прафесарам Саўтгэмптанскага універсітэта. Як медыявіст, Бэтс спецыялізаваўся ў сярэднявечнай гісторыі Чэхіі, але пазней зацікавіўся і сучаснай гісторыяй навастворанай Чэхаславацкай дзяржавы, зрабіўшыся адным з лепшых экспертаў у чэхаславацкіх справах. Гэта прычынілася да яго супрацоўніцтва з Бі Бі Сі пад час другой сусветнай вайны ў якасці рэдактара чэхаславацкай, а пазней цэлай еўрапейскай службы. З 1946 г. да канца жыцця Бэтс узначальваў кафедру цэнтральнаеўрапейскай гісторыі імя Масарыка ў Школе Славянскіх і Усходнееўрапейскіх Даследаванняў (Лонданскі універсітэт).

Прапанаваны тут тэкст быў упершыню надрукаваны ў 1958 г. як раздзел 2 томa (Рэфармацыя: 1520–1559) шматтомавага брытанскага універсітэцкага падручніка па гісторыі Новага Часу, што пазней некалькі разоў перавыдаваўся стэрэатыпна. Тэкст друкуецца з ласкавага дазволу выдавецтва Cambridge University Press.

Артыкул Бэтса, які фармальна ахоплівае перыяд 1520–1559 г., дае, аднак, досыць шырокую і ў часе, і ў прасторы панараму фармавання тых асаблівасцяў грамадска–палітычнай думкі і дзяржаўнага ладу, якія адрознівалі Цэнтральную Еўропу ад Заходняй. У той час, калі на Захадзе поўным ходам ішло ўмацаванне абсалютных манархій, у якіх воля суверэна не была абмежаваная нічым, і ідэя “прагрэсу” для панавальных ідэалагічных плыняў была тоеснай з імкненнем ліквідаваць “феадальную анархію” на карысць усеахопнай цэнтральнай улады, менавіта ў цэнтры кантынента ў поўны голас прагучала думка пра неадчужальныя правы асобы і вяршынства Закона. У гэтым святле зусім незразумелым выглядае тэзіс Бэтса пра “адставанне” Цэнтральнай Еўропы ад Заходняй у сваім гістарычным развіцці: у ХХ ст. ужо Захад рээкспартуе радыкальны варыянт гэтай ідэалогіі ў Цэнтральную і Усходнюю Еўропу, выстаўляючы адзнакі паасобным краінам і дзяржаўным дзеячам за хуткасць, з якой яны пазычаюць заходнія канцэпцыі. Здаецца, што з заходняга пункту гледжання кожнае несупадзенне з рытмам гістарычных зменаў на Захадзе, які Фернан Брадэль назваў бы “сусветным часам” (le temps du monde), а гісторык–марксіст, магчыма, “генеральнай лініяй” гістарычнага развіцця, кожнае несупадзенне ёсць адставаннем.

Дзеля справядлівасці трэба адзначыць, што канцэпцыя дзяржавы, блізкая да той, якая панавала ў Цэнтральнай Еўропе XVI ст., упершыню склалася ў XV ст. у Бургундыі, якая ўяўляла з сябе федэрацыю самастойных дзяржаваў, падначаленых бургундскім герцагам, што дэлегаваў значную частку ўласных паўнамоцтваў сваім прадстаўнікам на падначаленых тэрыторыях і адпаведным мясцовым станавым асамблеям. Кіраванне такой „шматковай“ дзяржавай патрабавала значна больш дакладнага і кампетэнтнага адміністравання, чым прымітыўны гвалт, і прымушала бургундскіх суверэнаў лічыцца з інтарэсамі падуладных тэрыторый, а нават і індывідаў. “Сусветны час”, аднак, не быў вельмі літасцівы да Бургундыі, але выпрацаваную тут мадэль дзяржавы ўдалося скасаваць не адразу і не цалкам. Магчыма, менавіта ў гэтай упартай барацьбе за цэнтралізацыю і абсалютызацыю ўлады, нібыта тоесную “прагрэсу”, Габсбургі, якія перанялі ўладу над Бургундыяй, набылі досвед, які вельмі прыдаўся ім потым у Вугоршчыне і Чэхіі, як гэта бачна з артыкула Бэтса.

Для беларускай гістарыяграфіі гэты артыкул актуальны і больш чым праз сорак гадоў пасля яго напісання. Надта ж бракуе нашай навуцы такіх параўнальных аглядаў, якія б асвятлялі айчынную гісторыю (у дадзеным выпадку гісторыю дзяржавы і права) у шырокім кантэксце таго гістарычна–культурнага рэгіёна, ад якого мы былі гвалтоўна адарваныя два стагоддзі таму. Такі падыход дазваляе лепш зразумець і месца ВКЛ у сістэме дзяржаваў тагачаснай Цэнтральнай Еўропы, і суадносіны нашай прававой сістэмы з роднаснымі прававымі сістэмамі гэтых дзяржаваў, вылучыць у ёй агульнае і асаблівае. Літоўскі Статут 1588 г. храналагічна застаўся па–за рамкамі даследавання Бэтса, але ці не маем мы права сцвярджаць, што ў пэўным сэнсе менавіта ў гэтым юрыдычным акце, які ўвабраў у сябе і дасягненні суседзяў, і досвед зацятай ідэалагічнай і палітычнай барацьбы пад час Рэфармацыі і Контррэфармацыі, эвалюцыя грамадска–палітычнай думкі ўсяго рэгіёнa дасягнула сваёй вяршыні? У кожным разе, роднасць Статута з Tripartitum Іштвана Вэрбёцы і трактатам Віктарына Карнэля “Пра законы Чэскае Зямлі” дагэтуль ніяк у нас не аналізавалася.

* Пераклад паводле выдання: The New Cambridge Modern History. Volume: The Reformation 1520-59. Edited by G.R.Elton. Cambridge University Press, 1990, 526-539.

Тры каралеўствы — Польшча, Чэхія і Вугоршчына — былі ў ліку найбуйнейшых у Еўропе XVI ст. Разам узятыя, яны запаўнялі абсяг паміж Нямеччынай, Балтыкай, Расіяй і Балканамі, або, у тэрмінах фізічнай геаграфіі, паміж басейнамі Одры, Віслы і сярэдняга Дунаю. Пасярэдняе становішча займалі яны і з гледзішча палітычнага развіцця: адстаючы ад заходнееўрапейскіх краін, яны стаялі паперадзе Расіі і Турэччыны. Якраз гэтае пасярэдняе становішча і абумоўлівае іх гістарычную цікавасць: баланс улады паміж землеўладальнікамі і манархіяй цягам усяго стагоддзя заставаўся настолькі роўным, што іх адносіны — ці гэта канфлікт, ці супрацоўніцтва — набываюць адмысловае значэнне і кідаюць святло на больш вырашальныя канфлікты, якія тачыліся тым часам у далейшых частках Еўропы.

Узыход Жыгімонта I “Старога” з дынастыі Ягайлавічаў на польскі трон у 1506 г., а Фердынанда I Габсбурга, брата імператара Карла V і ўжо на той час гаспадара комплексу спадчынных аўстрыйскіх земляў, на троны Чэхіі і Вугоршчыны ў 1526, можна лічыць вяхой, што пазначыла пачатак канфлікту, бо абодва яны сталіся спадкаемцамі “каралёўгультаёў” (fainéant), пад чыім панаваннем землеўладальнікі фактычна распараджаліся ўсім пасвойму. Каралеўствы, над якімі абодва яны запанавалі, заставаліся сярэднявечнымі паводле рыхласці палітычнае структуры. Жыгімонтава спадчына нават паводле назову была не каралеўствам, а “Рэччу Паспалітаю”, то бок рэспублікай; поўтузіна княстваў, на якія ў XII ст. распалася Польскае каралеўства, яшчэ не ўсе трапілі пад непасрэднае кіраванне караля: Мазавецкае княства заставалася няўключаным у склад каралеўства да 1526 г., калі яго апошні князь памёр, не пакінуўшы нашчадкаў. Усходняя Прусія не цалкам падпарадкоўвалася польскаму каралю да 1525 г., і нават потым яе князь з дынастыі Гогенцолернаў, Альбрэхт, як васал Польшчы валодаў амаль такім сама суверэнітэтам, як раней, у сваю бытнасць вялікім магістрам Тэўтонскага ордэна. Нарэшце, больш як палова тэрыторыі, над якой панаваў Жыгімонт — Вялікае Княства Літоўскае, — да Люблінскай Уніі 1569 г. не мела з Польскім каралеўствам ніякай арганічнай повязі, апрача супольнага суверэна.

Тэрыторыі, атрыманыя Фердынандам па абранні яго каралём Чэхіі ў 1526 г., былі яшчэ больш раз’яднаныя. У тэхнічным сэнсе яны складаліся з “Земляў Кароны св. Венцэслава”, куды ўваходзілі чэшскія землі Багемскага каралеўства і Мараўскага маркграфства, каля тузіна княстваў польсканямецкай Сілезіі, два асобныя вендсканямецкія княствы Верхніх і Ніжніх Лужыцаў і разнастайныя астраўкі неасіміляваных княстваў і ўладанняў накшталт Хэбу (Эгеру), Кладска (Гляц), Локет (Эльбоген) і Опава (Троппаў). Вугорская дзяржава Фердынанда была з усіх трох найменш з’яднанай, бо “Землі Кароны св. Стэфана” складаліся з двух паасобных каралеўстваў: каралеўства Вугорскага і каралеўства Харвацкага. У межах Вугоршчыны знаходзілася неасіміляванае княства Трансільванія, якое само складалася з трох часткова аўтаномных “нацыяў” — мадзьярскай, нямецкай і сэкейскай. Харватыя ж падзялялася на тры часткі: Далмацыю, цэнтральную Харватыю і Славонію.

Аднароднасць гэтай частцы Еўропы XVI ст. надае вялікая эканамічная зверхнасць, якой валодалі і карысталіся тамтэйшыя землеўладальнікі; незалежна ад памераў сваіх маёнткаў гэта была шляхта, una et eadem nobilitas (той самы шляхецкі род), як казалі ў Вугоршчыне. Гэты клас — у Польшчы szlachta (шляхта), у Чэхіі slechta (шлехта), у Вугоршчыне köznemesseg (кёзнэмэсэг), — не звязаны ні правілам, ні звычаем першародства, які ўсведамляў сваю моц, пільнуючы свае выгоды і прывілеі ды валодаючы фактычна манапольнай эканамічнай уладай, займеў у Цэнтральнай Еўропе панавальнае становішча. Землеўласнікам, Кароне, царкве і местам належаў кожны акр зямлі, і з цягам стагоддзя доля свецкіх землеўласнікаў няспынна ўзрастала: каронныя землі яны атрымлівалі ў заклад, царкоўныя — праз канфіскацыю, а гарадскія — праз гвалт і штрафныя санкцыі. Феадальныя юрысты, такія, як Вэрбёцы, маглі прыраўноўваць “нацыю” да “Кароны і землеўласнікаў”, не адчуваючы патрэбы ў аргументацыі ці абгрунтаванні гэтае тэзы. Палітычная ўлада шляхты грунтавалася на мясцовых або краёвых асамблеях. У Польшчы яны зваліся соймікамі (sejmiki), і ў кожным ваяводстве звычайна было па сойміку, агулам 37 у Польшчы і тузін у Літве. Яны складаліся выключна з землеўладальнікаў. Соймікі не былі сталымі органамі мясцовай адміністрацыі і юстыцыі, — гэтую ўладу ў Польшчы ажыццяўлялі мясцовыя каронныя чыноўнікі. Функцыя соймікаў была перадусім парламенцкая. Ім адрасаваліся каралеўскія “лісты соймавыя” — загады аб выбарах у правінцыйны ці нацыянальны парламент; “перадсоймавыя” соймікі ў адказ абіралі сваіх платных прадстаўнікоў у ніжнюю палату і давалі ім наказы ў асноўных пунктах парадку дня, які рассылаўся разам з загадам склікання сойміку. Дэлегаты соймікаў збіраліся потым на правінцыйныя асамблеі, якіх налічвалася шэсць, дзе яны ўзгаднялі палітыку, якую правінцыя мела праводзіць у парламенце. Пасля роспуску парламенту дэлегаты давалі “ведомость достаточную” пра ход працы Сойму перад мясцовым “справаздачным” рэляцыйным соймікам, які рабіў захады па выкананні прынятых законаў, даваў згоду на падаткі, вышэйшыя за стаўку, узгодненую папярэдне на перадсоймавым сойміку, і прызначаў чыноўнікаў для збору падаткаў у ваяводстве.

Мясцовыя асамблеі (sjezdy krajské) у чэшскіх землях нагадвалі польскія, але валодалі меншай уладай. Магутныя мясцовыя рады (landfridy), якія падчас анархічнага міжкаралеўя 143958 г. здабылі шырокія заканадаўчыя, адміністрацыйныя, судовыя і фінансавыя паўнамоцтвы, з таго часу аслабелі дзякуючы цэнтралізатарскай палітыцы караля Іржы з Падэбрад і алігархаў ягелонскага перыяду, і напачатку Фердынандавага панавання яны збіраліся толькі каб абраць членаў парламенту і некаторых мясцовых чыноўнікаў і забяспечыць выкананне статутаў. Фэрдынанд аслабіў іх яшчэ больш, забараніўшы “з’ездам” пад пагрозай смерці збірацца без каралеўскага паклікання. Вельмі адрознымі былі становішча і моц камітатаў (megyek) у Вугоршчыне, бо Фэрдынанду ў грамадзянскай вайне з сваім супернікам Янам Запольяі (Zapolyai) і яго спадкаемцамі, а таксама з іх турэцкімі саюзнікамі і сузерэнамі так пільна патрабавалася здабыць падтрымку шляхты, што ён не смеў кранаць яе прывілеяў у мясцовым самакіраванні. Сапраўды, выжыванне вугорскіх камітатаў было, мабыць, найлепшай гарантыяй адносна аўтаномнага існавання Габсбургскай Вугоршчыны аж да „ураўнання“ ў 1867 г. Суд камітату быў не прынагоднай асамблеяй, а сталым камітэтам, які абіраўся зборам (megyegyülés) шляхты з кожнага камітату і выконваў судовыя, адміністрацыйныя, эканамічныя і фінансавыя функцыі; асамблея камітату не толькі мела тыя ж выбарчыя функцыі, што і польскі соймік, але таксама была ў мясцовым маштабе чынным заканадаўчым органам.

Найвышэйшым органам нацыяў цэнтральнай Еўропы ў XVI ст. быў парламент, або Сойм, дзе ад часу да часу збіраліся станы (Stany, Stavy, Rendek) кожнага каралеўства, княства, правінцыі або краю, каб супольна, зазвычай разам з валадаром, здзяйсняць функцыі суверэна. Шматлікасць гэтых парламентаў у трох цэнтральнаэўрапейскіх каралеўствах — знак іх важнасці і разам з тым прыкмета слабасці. У Польшчы былі “сойм вальны” ўсяго каралеўства, правінцыйныя парламенты Вялікай Польшчы, Малой Польшчы, Куяваў, Каралеўскай (Заходняй) Прусіі, Княскай (Усходняй) Прусіі пасля яе далучэння ў 1525 г., і Мазовіі, якая была аўтаномным удзелам, пакуль у 1526 г. не вымерла яе малодшая княская дынастыя. Літва мела ўласны парламент, пакуль ён паводле Люблінскай уніі 1569 г. не зліўся з польскім. У “Землях Кароны св. Венцэслава” парламент (sněm) Чэшскага каралеўства меў пэўныя суверэнныя правы над усёй краінаю, але багата ўлады было пакінута парламентам або Соймам Маравіі, Верхняй і Ніжняй Сілезіі і Верхніх і Ніжніх Лужыцаў. Былі таксама аўтаномныя ўладанні — Хэб (Cheb), Локет (Loket), Опава (Opava) і Кладска (Kladsko). Пры нагодзе — дзеля каранацыі, або каб даць рады крызісу грамадскага парадку (1511, 1518) або, найчасцей, каб выдзеліць субсідыі на турэцкую вайну (11 разоў паміж 1530 і 1595 г.) — склікаўся агульны парламент з дэлегатаў усіх парламентаў Чэшскае Кароны. Але Станы да такіх агульных асамблеяў ставіліся з падазрэннем, як да прылады каралеўскага вымагальніцтва, і ператварыць іх у сталы інструмент суверэнітэту для ўсяго чэскага комплексу дзяржаваў ніхто не спрабаваў. У “Землях Кароны Св. Стэфана” таксама існавала шматлікасць парламентаў. Станы каралеўства Вугорскага падчас грамадзянскай вайны падзяліліся надвое: прыхільнікі Фердынанда збіраліся звычайна ў Пожані (Pozsony — Прэшбург, Браціслава), а прыхільнікі Яна Запольяі ў Будапэшце; Трансільванскае княства мела ўласны парламент, які большую частку стагоддзя быў суверэнным органам, незалежным ад Вугорскіх караля і парламенту; каралеўства Харвацкае, пакуль яго не акупавалі туркі, мела тры парламенты — у Загрэбе, Далмацыі і Славоніі. Фердынанда звычайна прынята ўяўляць ворагам парламенцкага ўрадавання, але цікава, што менавіта ён зрабіў спробу стварыць вярхоўны парламент для ўсіх сваіх уладанняў. На такі агульны, федэральны парламент ён у 1528 г. сабраў у Брно ўсе станы, спрабуючы зрабіць аўстрыйскую валюту універсальнай для ўсіх сваіх уладанняў; падобныя ж кангрэсы Станаў, каб выдзеліць грошы на турэцкую вайну, склікаліся ў Лінцы ў 1530 і 1541 г. Паколькі чэхі адмовіліся прысутнічаць на любых асамблеях паза межамі сваёй краіны, Фердынанд паспрабаваў сабраць парламенты на агульны кангрэс у Кутнай Горы (Kutna Hora, Kuttenberg) або ў Празе ў 1534 і 1541 г., але вугорцы туды то не з’яўляліся, то адмовілі ў асігнаваннях. Нагоду стварыць Генеральныя станы для Габсбургскіх земляў змарнаваў заўзяты партыкулярызм саміх нацыянальных станаў.

У складзе парламентаў Цэнтральнай Еўропы ў XVI ст. панавалі землеўладальнікі. Паводле задумы гэта былі сустрэчы станаў, але адзіным станам, прысутнасць якога была абавязковаю, каб скласці парламент, быў шляхецкі. Кароль, калі ён прысутнічаў асабіста або праз свайго заступніка, быў адным з станаў парламенту; але ў выпадку, калі карона рабілася вакантнаю, а непасрэднага нашчадка па мячы не было ці ён быў непаўналетні, парламент збіраўся без каралеўскага загаду, каб здзейсніць суверэнны акт выбараў. У кожным парламенце шляхта была найбуйнейшым і наймагутнейшым элементам, але звычайна яна не выступала як з’яднаная сіла: адрознасць інтарэсаў багацейшых магнатаў і драбнейшае шляхты адбівалася ў існаванні дзвюх палатаў (curiae). Польскі парламент (сойм, поль. Sejm) складаўся з верхняй палаты (Сенату) і палаты прадстаўнікоў (izba poselska). У Сенат уваходзілі каталіцкія арцыбіскупы і біскупы, правінцыйныя ваяводы, кашталяны, маршалкі каронны і дворны, канцлер, віцэканцлер і падскарбі. Да 1529 г. у ім было 87 членаў; з 1529 да 1569 г., як вынік ліквідацыі мазавецкага ўдзелу, — 94, а пасля уніі з Літвою — 140. Польскі сенат фармальна быў корпусам цэнтральных і мясцовых каронных чыноўнікаў і намінаваных каралём пралатаў, але паколькі гэтыя чыноўнікі і пралаты ўсе, апрача нешматлікіх novi homines і каралеўскіх фаварытаў, паходзілі з магнацкіх сем’яў, гэтая палата прадстаўляла і ажыццяўляла алігархічную палітыку буйных землеўладальнікаў. Галасаванне ў Сенаце адбывалася viritim і, праўдападобна, большасцю галасоў. Ніжняя палата парламенту Рэчы Паспалітай, за выключэннем прадстаўнікоў Кракава і, пасля 1569 г., Вільні, была аднароднай асамблеяй шляхты. Кожны дарослы мужчына шляхетнага роду меў права браць удзел у пасяджэннях і галасаванні, але бальшыню з іх выдаткі часу і грошай не дапускалі да заканадаўчае дзейнасці. Напачатку стагоддзя Сенат прызначаў палову членаў ніжняе палаты, але ад 1520 г. сярэдняя шляхта пачала змагацца з гэтай практыкай, і пасля 1540 тая, як відаць, спынілася. Статут 1520 г. увёў звычай выбіраць членаў палаты на сойміках, а кароль браў на сябе аплату выдаткаў сама больш 6 дэпутатаў ад кожнае выбарчае акругі. Насуперак намаганням Жыгімонта II захаваць нешматлікасць дэпутатаў іх колькасць вырасла з 45 у 1504 да 93 у 1553, 110 у 1569 і 158 у 1570 г. Абраныя члены павінны былі прысутнічаць на пасяджэннях. Ёсць сведчанні, што важныя канстытуцыйныя законы, такія як законы 1548, 1554, 1563 і 1565 г., прымаліся бальшынёй галасоў. Але ў менш паважных справах існавала фатальная тэндэнцыя — жаданне забяспечыць аднагалоснасць, або прынамсі галасаванне nemine contradicente (“калі ніхто не пярэчыць”). Правіла liberum veto яшчэ не было, хоць паасобны соймік мог адмовіцца і часам адмаўляўся прыняць пэўны статут як непрыдатны для свайго рэгіёна.

Багемскі парламент (sněm) быў трохпалатны. Верхняя палата была выразна Палатай лордаў (curia dominorum або magnatum); яе членам быў кожны pan (“лорд”), якога прызнала за такога сама палата і чый шляхецкі род налічваў прынамсі 4 пакаленні; таму гэта была не палата каралеўскіх міністраў і мясцовых ваяводаў, як польскі Сенат, а кааптацыйная асамблея найбагацейшых землеўладальнікаў. Прадстаўнікоў клеру ў ёй не было, бо чэшскі епіскапат знік у бурах гусіцкіх войнаў і вярнуў сабе месца ў заканадаўчым органе толькі пасля 1620 г. Другую курыю чэшскага снэму складала шляхта (vladykové), або, як яны тады пачыналі звацца, рыцары (rytíři). Кожны шляхціч, які меў герб і быў упісаны ў “зямельныя кнігі” як гаспадар маёнтка, валодаў правам голасу і месцам у сойме. Такіх шляхоцкіх сем’яў было каля 1500. Але член снэму мусіў сам сябе забяспечваць; таму, як у Польшчы, на пасяджэннях прысутнічалі толькі багацейшыя і паважнейшыя. Бяднейшая шляхта абірала на сваіх акружных асамблеях ад 2 да 6 прадстаўнікоў, якія ўтрымліваліся падчас пасяджэнняў парламенту каралеўскім коштам, але правам прысутнічаць валодаў кожны шляхціч. Пасля 1526 г. Фердынанд даволі ўдала паспрабаваў перашкодзіць абранню шляхты ў парламент, так што другая палата ператварылася фактычна ў манаполію багацейшае шляхты з сярэдняй арыстакратыі. Яна налічвала звычайна ад 100 да 200 членаў, і гэтая лічба ніколі не перавышала 300. Трэцім станам чэшскага парламенту былі месцічы. Гэты выключны феномен сведчыць пра вялікую моц і багацце гарадоў у землях Чэшскай кароны. У гусіцкі перыяд яны забяспечылі і замацавалі свой удзел у снэме, і, хоць панам удалося выключыць іх паміж 1485 і 1508 г., у наступныя гады яны зноў дамагліся доступу ў снэм. Іхнае моцы хапіла нават на тое, каб перажыць карныя захады Фердынанда I, які стараўся пакараць іхны бок у паўстанні 1547 г., звёўшы статус іхных прадстаўнікоў проста да кансультацыйнай рады каралеўскае каморы; аднак яшчэ да ягонае смерці ў 1564 г. гарадскі стан вярнуў сабе сваё ранейшае становішча інтэгральнае часткі парламенту. 30 каралеўскіх і 6 “пасажных” местаў пасылалі дэпутатаў у чэшскі парламент, а яшчэ 6 каралеўскіх — у парламент Маравіі[1]. Гарадскіх дэпутатаў парламенту прызначалі і аплочвалі гарадскія рады; меншыя месты часам згаджаліся на тое, каб іх інтарэсы прадстаўлялі буйнейшыя суседзі. Тры палаты чэшскага парламенту справаваліся з 1440 г. паасобку, і ў кожнай рашэнне прымалася бальшынёй галасоў. На пленарным пасяджэнні (plenum) трох палат, якое канчаткова ўхваляла прынятыя пастановы, кожная палата мела адзін голас, і, каб быць эфектыўным, гэты голас мусіў быць аднадушным.

Вугорскі парламент (Országgyülés) меў найчысцейшы арыстакратычны склад ва ўсёй Цэнтральнай Еўропе. Ён складаўся з дзвюх палатаў (tabulae). Верхняя палата была малой асамблеяй, складзенай з першых асобаў буйных родаў, якіх было прынята запрашаць у парламент асабіста, а таксама двух арцыбіскупаў, біскупаў і некалькіх лідэраў большых рэлігійных канфесій. Паколькі бальшыню буйнейшых дзяржаўных пасадаў займалі пралаты або магнаты, верхняя вугорская палата мела ў значнай меры такі сама алігархічны характар і схільнасці, што і польскі Сенат. Ніжняя палата (tabula inferior) мела неакрэслены склад. Напачатку XVI ст. шляхту запрашалі ў яе viritim (пагалоўна), але паступова пачала пераважаць практыка абрання прадстаўнікоў ад кожнае акругі. У 1552 г. кароль абвясціў, што ён не жадае абцяжарваць шляхту клопатам і выдаткамі прысутнасці ў парламенце і прапануе ім пасылаць сваіх дэлегатаў. Але яшчэ ў 1572 г. некаторых прадстаўнікоў шляхты запрашалі асабіста, праўда, гэта быў ужо апошні такі выпадак. Вугорскія месты выконвалі ў парламенце нязначную ролю: былі прадстаўленыя восем “вольных” местаў і два “горадыкапальні” (bányavárosok) Верхняй Вугоршчыны, аднак іх дэлегаты, калі ўвогуле прыбывалі, не складалі асобнай палаты, але губляліся сярод шляхты, якая напаўняла гэтую tabula inferior.

Хоць станы каралеўстваў Польшчы, Багеміі і Вугоршчыны былі органамі землеўладальнае шляхты, у шмат якіх дачыненнях інтарэсы караля і парламента супадалі. У Вугоршчыне заўсёдная турэцкая пагроза закранала Фердынанда I гэтаксама, як і вугорскі народ; яму былі патрэбныя падаткі з местаў і належных феадалам сялянаў, а панам — габсбургскія войскі для абароны сваіх маёнткаў ад нападаў Сулеймана і ягоных пашаў. Фердынанд не важыўся кранаць вольнасці вугорскае шляхты яшчэ і таму, што баяўся, каб яна не перакінулася ў спаборны лагер у Трансільванію. З гэтай прычыны канстытуцыйная гісторыя Вугоршчыны XVI ст. мела шмат агульнага з гісторыяй Цюдораўскай Англіі; так, у абедзьвюх краінах быў перыяд узаемна карыснага, але што далей то болей складанага супрацоўніцтва паміж Каронай і парламентам; аднак трэба зацеміць два істотныя адрозненні. У Вугоршчыне мясцовае ўрадаванне было ў руках арыстакратычных камітатных (акружных) асамблеяў, а не намінатаў Кароны, адказных перад Тайнаю радай, — і Карона заставалася выбарнаю. Фердынанд разумеў, што ў ягоным становішчы былі два слабыя месцы. Як бы яму ні хацелася паслабіць уладу паноў на парламенцкім і камітатным узроўнях, іх падтрымка была яму настолькі неабходнаю, што ён сама больш мог толькі падпарадкаваць нацыянальную цэнтральную адміністрацыю ўладзе сваіх манархічных інструментаў у Вене. У гэтай абмежаванай дзялянцы ён меў вялікія поспехі. Вугорскай каралеўскай радзе (concilium regis) стала няма чаго рабіць, і тытул каралеўскага радцы зрабіўся чыста ганаровым. Так званую camera regis ён рэарганізаваў у 1528 г. паводле аўстрыйскага і чэшскага ўзору; яна прыпыніла дзейнасць падчас турэцкага крызісу ў 15281531 г., адале аднавілася пад назовам camerae administratio, але толькі дзеля кіравання бюджэтам. Гэты бюджэт выдзяляла ёй венская Hofkammer, якой яна паводле эдыктаў 1548 і 1561 г. пачала цалкам падпарадкоўвацца ва ўсіх справах, апрача некаторых пытанняў мытнай і гандлёвай адміністрацыі. Яшчэ больш дзейсным захадам у справе падпарадкавання вугорскага ўрада Вене стала скасаванне ў Вугоршчыне пасады ваяводы (palatine, nádor) паміж 1532 і 1554 г. У 1554 г. Фердынанд дазволіў парламенту абраць на ваяводу здатнага і вернага Тамаша Надашдзя (Tamás Nádasdy), але па ягонай смерці ў 1562 г. Фердынанд не пажадаў, каб яму быў пераемнік. Ваявода як “locum tenens regis et generalis capitaneus” (“заступнік караля і галоўны староста”), галоўны суддзя, старшыня рады і “афіцыйны пасярэднік паміж шляхтаю валадарства і імператарам”, сапраўды быў занадта незалежны ад знадворнага кантролю, як на Фердынандавыя мэты. Таму для большае часткі сваёй імперыі ён прызначаў не ваяводу, а намесніка (helytartó), які паводле свае пасады не меў ніякае ўлады над вайсковымі сіламі Фердынанда ў Вугоршчыне. Два ягоныя намеснікі, Элек Турзо (Elek Thurzo) і арцыбіскуп Пал Вардай (Pál Várdai), мелі намесніцкую раду, якая была пад час гэтага панавання галоўным інструментам захавання вугорскай дзяржаўнасці і незалежнасці яе правасуддзя.

Зрабіўшыся каралём Вугоршчыны і Чэхіі, Фердынанд ператварыў цэнтральныя венскія дзяржаўныя ўстановы ў органы, якія вызначалі і прадпісвалі палітыку для ўсяго ягонага гаспадарства. Персанал гэтых цэнтральных дэпартаментаў складаўся выключна з немцаў, Фердынандавых міністраў і чыноўнікаў, хоць у некаторых з іх і былі сакратары або камітэты па вугорскіх і чэшскіх справах. Гэта былі Дворская канцылярыя (Hofkanzlei), Дворская палата (Hofkammer), якія давалі інструкцыі мясцовым палатам у фінансавых справах, Дворская рада (Hofrat) і ўсемагутная Тайная рада (Geheimrat); апошнюю складалі 45 немцаў, якія давалі каралю парады ў замежнай палітыцы і ягоных асабістых і сямейных справах і ўкладалі парадак дня Чэшскага, Вугорскага і іншых парламентаў.

Яшчэ адзін вялікі клопат для Фердынанда палягаў у выбарным характары ягонае манархіі. У 1526 г. Мараўскія станы прызналі за законнага спадкаемцу яго жонку Ганну, сястру караля Людвіка, якая перадала свае правы Фердынанду; а Сілезскія станы прынялі Фердынанда як “спадчыннага і абранага караля”. Але чэшскі парламент проста выбраў яго з шэрагу кандыдатаў і настойваў, каб ён апублікаваў revers, у якім бы абвясціў, што станы абралі яго свабодным чынам, што яго наступнік не стане каралём, пакуль не будзе каранаваны, і што любы яго замежны наступнік павінен прыняць прысягу на мяжы, перш чым уедзе ў каралеўства. У сваёй каранацыйнай прысязе Фердынанд мусіў дэклараваць, што захавае чэшскія станы ў іхных “парадку, правох і прывілеях” і не будзе нікому саступаць земляў Кароны. У Вугоршчыне ў 1526 г. Фердынанд знаходзіўся напачатку ў яшчэ далікатнейшым становішчы. Запольяі быў ужо абраны бальшынёю паноў, і таму, каб увогуле замацаваць сваё становішча, Фердынанд на элекцыйным сойме ў Прэшбургу мусіў пагадзіцца, што будзе захоўваць законы і звычаі каралеўства, не ўвядзе іншаземцаў у сваю вугорскую раду і не стане надаваць ім маёнткаў. Пасля абрання Фердынанд абвясціў, як раней у Чэхіі, што свой трон ён атрымаў праз сапраўдныя і добраахвотныя выбары. Але да ўмацавання Габсбургаў на вугорскім і чэшскім пасадзе Фердынанд спрычыніўся якраз тым, што яму ўдалося сцерці з актаў свайго панавання гэтую прыкрую старонку. У 1539 г. ён зрабіў у гэтым кірунку першую спробу, запатрабаваўшы ад вугорскага парламенту прызнаць, што ён заняў пасад правам спадчыны; на гэта парламент не пагадзіўся, але ў статуце 1547 г. вугорскія станы дайшлі да таго, што абвясцілі: гэтым яны “аддаюцца панаванню і ўладзе не толькі Яго Вялікасці, але і ягоных спадкаемцаў навекі”. Пры канцы свайго жыцця Фердынанд папрасіў каранаваць Максіміліяна без выбараў; станы завагаліся, але настойваць не сталі, і ў 1563 г. парламент дазволіў Максіміліяну каранавацца такім парадкам пры жыцці ягонага бацькі. Кароль не выканаў нават адзінай умовы, выстаўленай парламентам — выбарнасці ваяводы.

Намаганні зрабіць сваю чэшскую карону спадчыннай яшчэ ясней сведчаць пра ўпарты апартунізм Фердынанда. У наступным годзе па ягоным выбранні прадажныя і тупаватыя чэшскія магнаты прымусілі снэм абвясціць, што дарослы спадкаемца караля можа каранавацца пры жыцці свайго бацькі пры ўмове, што прысягне захоўваць “вольнасць краіны”. У 1541 г. адбыўся няшчасны выпадак, з якога Фердынанд паспяшаў скарыстаць: чэшскія земскія кнігі, дзе былі занатаваныя ўсе ўрачыстыя дзяржаўныя акты, загінулі ў агні[*], і Фердынанд падбаў, каб revers 1526 г., у якім ён прызнаваў сябе ўсяго толькі выбарным каралём, пры ўкладанні новых кніг на замену старых быў прапушчаны. У 1545 г. Фердынанд зрабіў спробу пазітыўнага захаду, накідаўшы revers, у якім цвердзілася, што “Станы Чэхіі прызналі і прынялі каралеву Ганну як спадкаемцу па яе браце Людвіку, а тады абралі і прынялі Фердынанда з свае свабоднае і добрае волі”. Станам хапіла розуму, каб не дазволіць запісаць у земскія кнігі такую небяспечную дэкларацыю. Лепшую нагоду прынесла няўдалае паўстанне 1547 г. — найважнейшы крызіс у чэшскай канстытуцыйнай гісторыі аж да 1618 г. У 1546 г. канфлікт, які доўга наспяваў у Нямеччыне, выбухнуў Шмалькальдэнскай вайной. Фердынанд спрабаваў дамагчыся ад чэшскага парламенту людзей і грошай для вайны з нямецкімі князяміпратэстантамі; аднак чэшскія паны з надзвычайным, але няўчасным імпэтам вырашылі падтрымаць Яна Фрыдэрыка Саксонскага. Ледзьве пачалі яны брацца за зброю дзеля гэтай здрадніцкай мэты, як той пацярпеў паразу і трапіў пад Мюльбэргам у палон, што аддало ўсе чэшскія вольнасці на ласку Фердынанда. Ніколі не выяўляў ён большае палітычнае праніклівасці, чым у гэтым выпадку. Ведаючы, што напэўна здабудзе падтрымку паноў, уціскаючы групы, да якіх тыя адчувалі сектанцкую і эканамічную рэўнасць, ён зрабіў ахвярнымі казламі за панскі мяцеж багемскіх братоў і месты. Супроць братоў быў абвешчаны дэкрэт пра выгнанне; гарады кароль пазбавіў самакіравання, іх выбарныя магістраты былі замененыя на прызначаных каралём гэйтманаў і камісараў (rychtáři), а належная ім нерухомасць была сканфіскаваная. Вінаватым панам Фердынанд не толькі дараваў, але нават здабыў іх падтрымку, абвясціўшы, што “Яго Вялікасць не жадае рабіць нічога, што закранала б свабоду і прывілеі станаў”. Характэрна, што ён скарыстаў свой трыумф 1547 г., каб пераканаць чэшскіх паноў упісаць revers 1545 г. у “Зямельны Ардананс” 1549 г. і абвясціць, што “прывілей Чэшскіх земляў уключае ў сябе прынцып, паводле якога старэйшы сын кожнага караля мае стаць каралём Чэхіі да смерці свайго бацькі”. У тым самым годзе Чэшскі парламент пакорліва прыняў Максіміліяна II пры жыцці яго бацькі як спадчыннага і нявыбарнага караля, гэтаксама як пазней ён прыняў і абвясціў каралём Максіміліянавага сына Рудольфа II за два гады да бацькавай смерці.

У Польшчы канстытуцыйны працэс не прывёў у XVI ст. да такога ўзмацнення манархічнае ўлады, якога дамагліся габсбургскія ўладары ў Чэхіі і, у меншай ступені, у Вугоршчыне. Сапраўды, канец дынастыі Ягайлавічаў у 1572 г. і няўдача, якая потым напаткала спробы Генрыха Анжуйскага і Стэфана Баторыя ўсталяваць на польскім троне адпаведна дынастыю Валуа або Трансільванскую, скіравалі Польшчу на шлях арыстакратычнай анархіі, якая зрабіла з яе ўзорны прыклад палітычнай няздатнасці. Нельга казаць, што Жыгімонт I (150648) або Жыгімонт II (154872) былі некампетэнтнымі ці не ўсведамлялі задачы, якую паставіла ХVI ст. перад еўрапейскімі ўладарамі. Жыгімонт I сапраўды меў задаткі аўтакрата і, пад’юджаны сваёй другой жонкай Бонай Сфорца, якая завезла ў Кракаў майстэрства дзяржаўнага кіравання, уласцівае міланскім дэспатам, змагаўся за сцвярджэнне свае ўлады. Тое сама рабіў і ягоны сын, Жыгімонт Аўгуст, прынамсі да 1562 г., калі ён, відаць, прымірыўся з неабходнасцю дзяліцца ўладай са шляхтай.

Ужо напачатку стагоддзя канстытуцыйнае становішча польскае манархіі было слабое. Казімір IV (144792) свядома лічыў магчымасць тэрытарыяльных набыткаў важнейшаю за сцвярджэнне свае ўнутранае ўлады і зрабіў багата саступак шляхце, каб здабыць яе падтрымку ў сваіх планах адносна Сілезіі і Прусіі. Два ягоныя сыны, Ян Альбрэхт (14921501) і Аляксандр (15011506), спадкавалі па ім не паводле права першародства (у іх быў старэйшы брат, Уладыслаў, кароль Чэхіі і Вугоршчыны), а паводле выбараў, за якія яны мусілі плаціць саступкамі, і іхныя панаванні былі так перапоўненыя ваеннымі няшчасцямі і такія нядоўгія, што стрымаць рост улады алігархічнага сенату ім не ўдалося. Славутая Аляксандрава канстытуцыя 1505 г., вядомая як Nihil novi (“Нічога новага”), фактычна абвяшчала: “адгэтуль і надалей ні намі, ні нашымі наступнікамі без поўнае згоды рады і дэлегатаў ад паноў не можа быць усталявана ніякая навіна, якая магла б быць шкоднаю для Рэчы Паспалітай, або шкоднай ці крыўднай для любой прыватнай асобы, або накіраванай на змену агульнага права і грамадскай свабоды”.

Жыгімонт Стары, наймалодшы з пяцёх Казіміравых сыноў і трэці з іх на польскім троне, быў адораны мацнейшым характарам і глыбейшым палітычным розумам і панаваў даўжэй, чым два ягоныя папярэднікі; апроч таго, ён меў сына і нашчадка — найкаштоўнейшая вартасць, якой тым неставала. У 1530 г., калі маладому Жыгімонту было ўсяго дзесяць гадоў, каралева Бона і яе муж хітрасцю прымусілі сойм абраць яго каралём Польшчы, так што ён у любы момант мог без лішняга клопату заняць бацькава месца. Але магнаты неўзабаве зразумелі дурату гэтага чыну. Яны пачалі няспынна турбаваць Жыгімонта I гучным патрабаваннем, як яны казалі, “экзекуцыі правоў” (выканання законаў). Гэтая славутая праграма, упершыню абвешчаная на сойме ў Быдгашчы (Бромбэргу) у 1520 г., патрабавала склікання нацыянальнай юрыдычнай рады (conventus justitiae), якая была павінна сабраць усе законы, зрэфармаваць іх, уніфікаваць, кадыфікаваць і прывесці ў дзейнасць; гэта была праграма замацавання на вякі і практычнага ажыццяўлення ўсяго комплексу арыстакратычных прывілеяў, вырваных ў манархіі за апошнія два стагоддзі. Да гэтае прапановы было далучана патрабаванне “egzekucji dóbr”, г.зн. адкупу каронай адчужаных земляў. Парламент таксама няспынна намагаўся вывесці шляхту зпад юрысдыкцыі касцельных судоў, і ўрэшце гэта яму ўдалося. Першы значны поспех быў дасягнуты парламентамі ў 1538 і 1539 г. у Пётркаве і Кракаве, дзе Жыгімонта I прымусілі паабяцаць, што ён ніколі не будзе парушаць законаў або выдаваць канстытуцыі sua sponte (з уласнае волі); яго таксама прымусілі абвясціць, што абранне ягонага сына ў 1530 г. было незаконным і што па смерці малодшага Жыгімонта новы кароль будзе абірацца з удзелам усяе шляхты. Такім чынам, адзінае, чаго дамогся Жыгімонт, гэта пераняцце пасаду ягоным сынам у 1548 г. без новых выбараў.

Галоўнай праблемаю панавання Жыгімонта II Аўгуста  былі ўздым і прэтэнзіі шляхты, цяпер у значнай меры пратэстанцкай, і доўгая барацьба за Інфлянты і Беларусь з Іванам Жахлівым, якая вымагала шмат грошай; гэтыя клопаты настолькі паглыналі ўвагу ўладара, што ён не меў ні вольнага часу, ні нагоды, каб даць рады канстытуцыйнаму канфлікту. У 1562 г. ён папусціў “экзекуцыю” каронных земляў, незаконна адчуджаных з 1504 г. У 1569 г., калі парламенты каралеўства Польскага і Вялікага Княства Літоўскага злучыліся праз Люблінскую унію, яму не ўдалося перашкодзіць пашырэнню юрыдычных і эканамічных прывілеяў польскае шляхты на ўсё разлеглае Літоўскае гаспадарства. Жыгімонт Аўгуст памёр у 1572 г., не пакінуўшы па сабе сына, які мог бы ўспадкаваць ягоны пасад, і аддаўшы карону на торг моцным і незалежным цяпер магнатам. З гэтае нагоды яны скарысталі з проста катастрафічным поспехам, абавязаўшы абранага імі кандыдата, Генрыха Анжуйскага, як найцвярдзей дэклараваць пашану усіх іхных свабодаў — палітычных, сацыяльных, эканамічных і рэлігійных, якія з брутальнай яснасцю і велізарнай дэталёвасцю былі вызначаныя ў трох дакументах: у Pacta Conventa (“Добраахвотным пагадненні”), у рэлігійнай хартыі, вядомай як “Варшаўская канфедэрацыя”, і ў “Генрыкавых артыкулах”. Гэтыя апошнія падсумавалі перамогу шляхты ў пункце “de non praestanda obedientia” (“пра невыказванне паслушэнства”): “калі кароль будзе дзейнічаць насуперак гэтым правам, вольнасцям, артыкулам і ўмовам, або не будзе іх выконваць, ён гэтым вызваляе шляхту ад паслушэнства і вернасці, якія ад іх яму належаць”. Перамогу польскіх паноў замацавалі далейшыя дынастычныя катастрофы. Генрых Анжуйскі, правёўшы ў Польшчы ўсяго некалькі месяцаў, ухапіўся за магчымасць спадкаваць па сваім браце Шарлі IX французскі каралеўскі пасад, абы ўцячы з нязручнага польскага. Гэта адбылося ў 1574 г. Ягоны абраны наступнік, Стэфан Баторы, князь трансільванскі, за войнамі з Масквой паспеў толькі распачаць атаку на пратэстанцкія супольнасці ў Польшчы; памёршы ў 1586 г., ён таксама не пакінуў сына. Шляхта абрала яму на змену Жыгімонта III, першага з трох каралёў дынастыі Вазаў. Але было ўжо запозна. Польшча апынулася ў моцных руках землеўласніцкае меншыні, страціўшы нагоду здабыць палітычную веліч, магчымую пры яе памерах, багацці і нацыянальным геніі, калі б гэты канфлікт XVI ст. паміж класам і нацыяй быў развязаны інакш.

З трох нацыяў, пра якія ідзецца ў гэтым раздзеле, толькі палякі зрабілі навуковую спробу рацыяналізаваць практыку арыстакратыі. Польскія магнаты і дзяржаўныя чыноўнікі знаходзіліся ў шчыльнейшым кантакце з французскімі, італьянскімі і нямецкімі вучонымі, чымся чэхі, адрэзаныя ад гэтых краёў сваёй ерассю, або мадзьяры з іх менш развітаю культурай і клопатамі аб турэцкай навале. Звесткі пра мадзьярскую і чэшскую палітычную тэорыю даводзіцца па драбніцы выбіраць амаль выключна з “Кніг Законаў”, напісаных такімі Брэктанамі XVI ст., як Віктарын Карнэль з Вшэгрду (Victorin Cornel) і Іштван Вэрбёцы (István Verböczy). Карнэлева кніга, “Пра законы Чэшскае Зямлі”, была завершаная да 1508 г. Яна складаецца пераважна з апісання таго, якім чынам земскі суд (zemský soud) ажыццяўляе сваю юрысдыкцыю і як выглядае юрыдычная працэдура, звязаная з зямельнымі рэестрамі (zemské desky); у абодвух гэтых цэнтральных землеўласніцкіх органах ён знаходзіць заганы і прапануе рэформы. Карнэль, намеснік сакратара зямельных рэестраў, падыходзіў да праблемаў, шукаючы, як юрыст і бюракрат, эфектыўнасці, і прагнуў скасаваць найбольш абуральныя і адвольныя прывілеі паноў у інтарэсах не толькі дзяржавы, але і сялянаў. Але найбольш славутым і важным юрыдычным трактатам гэтага тыпу быў Tripartitum opus iuris consuetudinarii inclyti regni Hungariae (“Трохчасткавы збор звычаёвага права слаўнага каралеўства Вугоршчыны”) Іштвана Вэрбёцы, складзены паводле патрабавання караля вугорскага Ўласла (Уладыслава) і ўхвалены апошнім у 1513 г. Вугорскі парламент ніколі не прымаў гэтую працу ў якасці статута, але фактычна яна стала вырашальным аўтарытэтам для звычайных судоў і больш за тры стагоддзі ляжала ў аснове вугорскага канстытуцыйнага і прыватнага права. Гаворка ў Tripartitum ідзе перадусім аб праве нерухомай маёмасці, і ўся яго доўгая першая частка, прысвечаная спадчыннаму, канфіскацыйнаму, кантрактнаму, пасажнаму і апякунчаму заканадаўству — гэта чыста звычаёвае права. Вэрбёцы прымае без доказаў, што паходжанне і апраўданне валодання нерухомасцю і звязаны з ім шляхотны статус ёсць узнагарода, дадзеная князем за praeclara facinora (слаўныя ўчынкі), і праз гэтую ўзнагароду ўсталёўваюцца двухбаковыя стасункі: “Бо князя абірае толькі шляхта, і шляхціч атрымлівае сваю шляхоцкую годнасць ад князя”. Другая частка Tripartitum тычыцца судовага працэсу ў крымінальных справах і адкрываецца абмеркаваннем заканадаўчае ўлады, у якім Вэрбёцы кажа, што фундаментальныя законы (constitutiones) могуць стварацца толькі ў супрацоўніцтве князя з народам, і што такія законы “абавязваюць у першую чаргу самога князя, які даў іх народу на яго (народа) патрабаванне, згодна з прынцыпам: „Спаўняй закон, які ты сам усталяваў“”. У трэцяй частцы Tripartitum разглядаюцца ніжэйшыя заканадаўчыя органы: Харвацкі і Трансільванскі соймы, камітаты, каралеўскія і парламенцкія гарады, а таксама гільдыі. На заканчэнне ўсяе працы даецца вызначэнне юрыдычнага і судовага становішча прыгонных (jobbagiones), дзе сцвярджаецца, што хоць сяляне мелі раней права змяняць месца жыхарства, гэтае права было ў іх адабрана праз іхнае нядаўняе паўстанне[2] — здраду, якая падпарадкавала іх сваім землеўласнікам mera et perpetua rusticitate (“поўнай і вечнай вясковасцю”).

Польскія паны заўсёды шкадавалі, што ў іх няма такога аўтарытэтнага сцвярджэння сваіх вольнасцяў і прывілеяў, якое Вэрбёцы зрабіў для вугорцаў. У працэсе парламенцкай агітацыі за “выкананне законаў” польскія публіцысты і цывільныя службоўцы стварылі плойму трактатаў і прамоваў, якія ў сукупнасці даюць досыць аднародную тэорыю суверэннасці станаў. Мабыць, найбольш таленавітая праца такога кшталту — “Павучанне пра тое, як стацца добрым уладаром”, адрасаванае Станіславам Ажахоўскім новакаранаванаму Жыгімонту Аўгусту ў 1549 г., пад назовам Subditus Fidelis (“Верны падданы”). Сцвердзіўшы сваю тэзу, што “шляхецкі стан ёсць аснова дзяржавы”, ён кажа далей: “…караля выбіраюць дзеля каралеўства, а не каралеўства існуе дзеля караля. Бо Закон, паколькі ён душа і розум каралеўства, несумненна мацнейшы за каралеўства, а значыць, і за караля. … Таму калі нейкі льсцівы трыбаніец або ульпіец у рымскай службе кажа табе, што ты ў тваёй дзяржаве найвышэйшы, запярэч на гэта і скажы яму, што ў тваёй краіне пануе закон”.

Ажахоўскі цалкам перакананы, што Польшча — адзіны прытулак свабоды. У сваёй прамове 1553 г. “Oratio ad equites Polonos” (“Прамова да польскае шляхты”) ён пытаўся: “Ці можаце вы паказаць мне вольную краіну, якую вы бачылі або пра якую чулі, апрача Польшчы? … Чэхі, нашае крыві і роду, ці ж шмат захавалі з сваіх законаў? … Не кажу нічога пра Англію, якая пабачыла, як двух вялікіх светнікаў, яе сенатараў, Джона біскупа Рочэстарскага і Томаса Мора, сцінае сякера ката”.

Найвялікшым дасягненнем палітычнае думкі, якую стымуляваў польскі канстытуцыйны эксперымент XVI ст., быў трактат Анджэя Фрыча Маджэўскага “De Republica Emendanda” (“Пра ўдасканаленне Рэчы Паспалітае”), напісаны ў 1551 і апублікаваны ў 1558 г. Ён пачынаецца з цыцэронавага вызначэння дзяржавы і ідэалу мяшанага дзяржаўнага ладу. Кароль павінен быць выбарны, прычым абірацца павінен не за сваё нараджэнне, а за веданне майстэрства дзяржаўнага кіравання: “І паколькі каралі польскія не родзяцца, але з дазволу ўсіх станаў бываюць абіраныя, то не выпадае ім так тае ўлады ўжываць, каб паводле ўласнае волі або законы ўсталёўваць, або падатак на падданых накладаць… Бо яны ўсё чыняць або паводле грамадскае згоды ўсіх станаў, або паводле заканадаўчых абмежаванняў…”.

Ніякі закон не можа быць прыняты, не маючы ўхвалы шляхецкага стану (ordo equestris) і сенату. Як на станах ляжыць абавязак ратаваць дзяржаву ад небяспекі каралеўскае тыраніі, так і кароль павінен перашкаджаць несправядліваму ажыццяўленню алігархічных прывілеяў. Маджэўскі не абмяжоўваецца абстрактнай тэорыяй; значная частка ягонае кнігі прысвечаная выкладу станоўчых функцыяў добраўпарадкаванай дзяржавы: забеспячэнню адукацыі, кантролю над гандлем, клопату пра бедных. Ёсць раздзел (I, XVIII) пра абавязак дзяржавы будаваць працоўныя дамы, які мог бы быць напісаны самім Эдвінам Чэдвікам (Edwin Chadwick, 1800—1841). Ягонае сумленне непакоіў той факт, што Польшча, у адрозненне ад Нямеччыны, дазваляла прыгон. Зноў і зноў ён настойвае, што закон — не проста арыстакратычны прывілей, ён павінен быць роўны для ўсіх: “Калі мы пазбавім прыгонных права клікаць сваіх паноў да адказнасці, мы пазбавім іх усялякае вольнасці. Калі мы дамо панам права судзіць сваіх прыгонных у сваіх інтарэсах, мы знішчым прынцып справядлівага суда”. Трактат De Republica Emendanda сканчаецца палкай атакай на фіскальную сістэму, паводле якой паны, самі вольныя ад падаткаў, ускладаюць усе кошты нацыянальнае абароны на плечы ўбогіх сялянаў. Вера Маджэўскага ў тое, што калі б гарманічны дзяржаўны лад польскай Рэчы Паспалітае ўдалося ачысціць ад несправядлівасцяў, яна стала б найдасканалейшай з дзяржаваў, магчыма, была хаўтурным словам над сярэднявечнай Еўропай; але адначасна яна нясе ў сабе ідэю дзяржавы, у якой пануе справядлівасць, а пажытак паспаліты — найвышэйшая мэта ўрадa і законa.

Публікацыя і ўступ Алеся Белага.
З ангельскай пераклаў Мікола Раманоўскі.


[*] Вялікі пажар у Празе 2 чэрвеня 1541 г., у якім, у прыватнасці, загінуў сын Францішка Скарыны Францішак.
[1] Месты таксама былі прадстаўленыя ў парламентах Сілезіі і Лужыцаў. Таксама варта згадаць, што ў адрозненне ад самой Чэхіі, у парламентах Маравіі, Верхняй і Ніжняй Сілезіі і Верхніх (але не Ніжніх) Лужыцаў існавалі асобныя палаты каталіцкіх пралатаў.
[2] Дожы 1514 г.

Наверх

Тэадор Шыдэр. Роля гiстарычнай свядомасцi ў палiтыцы

Чэрвеня 13, 1998 |


* Schieder, Theodor. Politisches Handeln aus Historischem Bewusstsein // Historische Zeitschrift. 220 (1975), 4-35. Гэтае эсэ ўпершыню прачытана як лекцыя на публічным сходзе Orden Pour le Mèrite für Wissenschaften und Künste 29 мая 1974 г. у Боне і было надрукава на ў яго Reden und Gedenkworte, vol. XII (Heidelberg: Lambert Schneider, 1976), 65-91. Для публікацыі ў History and Theory (Vol.XVII, Nr.4, Beiheft 17, 1-18), адкуль тэкст узяты для нашага перакладу, эсэ было пашырана і забяспечана спасылкамі.

I.

Што значыць гiстарычны? Што мы маем на ўвазе, калi гаворым пра гiстарычны дзень, гiстарычнае рашэнне цi гiстарычную падзею?

Вiдавочна, гэтае слова не заўсёды мае аднолькавы сэнс. Для француза 14 лiпеня ёсць гiстарычным днём таму, што ён сiмвалiзуе штурм Бастылii пад час французскай рэвалюцыi. З iншага боку, мы часта чытаем, што сённяшнi цi заўтрашнi дзень гiстарычны таму, што ў гэты дзень будзе прынята «гiстарычнае» рашэнне. У такім кантэксце дадзенае слова можа толькi азначаць, што рашэнне з’яўляецца паваротным момантам з пункту гледжання i мiнулага i будучага. Гэтае значэнне меў на ўвазе Арнольд Гелен, калi вызначаў гiстарычную свядомасць як здольнасць бачыць эпахальнае значэнне падзеi, што адбываецца цяпер; iнакш кажучы, бачыць падзею вачыма будучых генерацыяў. Для Гелена, такiм чынам, сутнасць гiстарычнай свядомасцi палягае не проста на запамiнаннi i перадачы мiнулага, але на тым, як мы бачым цяперашняе[1]. Такiм чынам, гiстарычная свядомасць выходзiць за межы выключнай цiкавасцi да таго, што адбылося ў мiнулым i стала гiсторыяй. Яна таксама прадуглед жвае выкарыстанне набытых ведаў у якасці элемента ў фармаваннi iдэй i дзеянняў, якiя вызначаць будучыню. Гiстарычная свядомасць не абмяжоўваецца рэтраспектыўным разважаннем, але робiць высновы з мiнулага i прымяняе iх для дасягнення мэтаў, што знаходзяцца ў будучым. Такi кiрунак мыслення прымушае нас бачыць не проста выпадковыя сувязi, але моцную ўзаемазалежнасць памiж палiтычнай практыкай i гiстарычнай свядомасцю.

Вядома, было б неразумна сцвярджаць, што палiтыкi ўсведамляюць увесь свет мiнулага, як мы ведаем яго з гiсторыi. Тут таксама трэба памятаць пра два значэннi слова гiсторыя. Гiсторыя можа ўздзейнiчаць на нас непасрэдна праз падзеi, якiя ўплываюць на наступныя пакаленнi, пакідаць за сабой раны і ўяўляць сабой рэальныя ці ўяўныя кульмінацыі. Але таксама на нас уплываюць, па-іншаму і не так непасрэдна, нашыя веды пра мінулае, г.зн., гісторыя як навука, якая паказвае нам мінулае, апрацаванае ў працэсе мастацкага ўзнаўлення і, нарэшце, пры дапамозе навуковага метаду. Гуга фон Гофманшталь, гаворачы пра „праклятую ўладу нашых таямнічых продкаў унутры нас” і пра „нагрувашчаныя слаі акумуляванай калектыўнай памяці”, меў на ўвазе першае значэнне паняцця гісторыя[2]. Гэтая калектыўная памяць свядома ці несвядома ўплывае як на рашэнні індывідаў, так і на калектыўныя паводзіны вялікіх грамадскіх сілаў, што дзейнічаюць у гісторыі, г.зн., нацыяў, дзяржаў, станаў і класаў — групаў, якія, паводле нашага меркавання, функцыянуюць як самастойныя арганізмы і вызначаюць сферы дзейнасці асобы, а могуць і абмяжоўваць іх. Спрэчкі наконт таго, як узаемадзей нічаюць індывідуальнае і грамадскае прыняцце рашэнняў, яшчэ не скончыліся, але без ваганняў можна сказаць, што існуе базавы гістарычны вопыт, які відавочна ўплывае на ментальнасць групаў. Такі вопыт можа прыводзіць да супярэчлівых ацэнак ці да працяглых антаганізмаў унутры нацыі.

Французская рэвалюцыя з яе важнымі доўгатрывалымі наступствамі — выдатны прыклад такога роду. Супярэчлівае стаўленне да французскай рэвалюцыі не змяняе факту, што яна была і застаецца агульным базавым гістарычным вопытам і для апалагетаў і для апанентаў, і што гэтая рэвалюцыя ўплывала і працягвае ўплываць на палітыку. У гісторыі кожнай нацыі ёсць такі вопыт. Ён можа доўга жыць у нацыяналь най свядомасці, можа паступова забывацца і выцясняцца іншым вопытам, можа быць прыглушаны. Немагчыма прадбачыць, як ён будзе асіміляваны: тут заўсёды чакаюць сюрпрызы. Падзеі вялікай гістарычнай значнасці могуць хутка забывацца, у той час як іншыя, што сучаснікам здаюцца неістотнымі, працягваюць заставацца ў памяці. Такім чынам, сучаснікі разумеюць і ацэньваюць гістарычныя падзеі часам няслушна. Еўрапейцы разглядалі 1918-19 г. ў кантэксце перамогі нацыянальнай дэмакратыі. Дадзены аспект быў несумненна важным тады, але такі погляд ігнаруе дзве падзеі, што, як мы бачым сёння, засведчылі надыход новай эпохі, а менавіта расейскую рэвалюцыю і канец еўрапейскай гегемоніі. Пасляваенны погляд на 1918-19 г. прывёў проста да катастрафічнага нежадання кантынентальных еўрапейскіх дзяржаваў — спачатку Францыі, пазней і больш відавочна Нямеччыны — прызнаць гэтую змену. Такім чынам, няслушная інтэрпрэтацыя гістарычных падзей можа прывесці да палітычнай катастрофы.

Калi сапраўды гiстарычная свядомасць (цi тое, што мы часам можам больш дакладна назваць гiстарычнай несвядомасцю) абумоўлена падзеямi ў мiнулым, то аднолькава справядлiва і тое, што гiсторыя, узятая як сукупнасць ведаў пра мiнулае, захаваных праз час i апрацаваных навуковымi метадамi, фармуе гiстарычную свядомасць, толькі па-iншаму. Сучасная навуковая думка адкрыла сферу несвядомага i навучыла нас улiчваць тое, што завецца калектыўнай памяццю. Але рацыяналiзм, прапанаваны гэтым навуковым метадам, таксама прымушае разглядаць гiстарычныя падзеi, не ўлічваючы iх ананiмнасцi i складанасцi, як прадукты дзеянняў і прычынных сувязяў, даступных для разумення, разбураць легенды i мiфы, i, па словах Макса Вэбэра, спрыяць дэмiстыфiкацыi свету. Такую крытычную функцыю гiстарычная навука выконвае i сёння, як i цягам ужо пэўнага часу: яна павялiчвае нашы веды, але ў той жа час змяншае ананiмную ўладу мiнулага[3] . Непасрэдны абавязак гiсторыi — вызваляць наш погляд на мiнулае ад прымхаў i скажэнняў i, такiм чынам, паўней выясняць яе з усiмi велiчнымi i фальшывымi каштоўнасцямi, шчасцем, а таксама ўсёй шкоднасцю i злом, якiя людзi зрабiлi адзiн аднаму. Толькi такi антрапалагiчны погляд на гiсторыю, што ўлiчвае ўсе разнастайныя гiстарычныя мутацыi чалавецтва, усе як пастаянныя, так i зменлiвыя элементы чалавечай натуры, грамадства i культуры, можа сёння служыць падмуркам для вывучэння гiсторыi i захавання цi абуджэння гiстарычнай свядомасцi там, дзе яна згублена.

З усімі гэтымі акалічнасцямі можна сустрэцца нават тады, калi вывучэнне гiсторыi лічыць толькі прыемным захапленнем антыкварыятам. Фрыдрых Нiцшэ пераканальна паказаў, што цікавасць да антыкварыяту — галоўны элемент захаплення гiсторыяй. Але цi толькі адзін гэты элемент здольны ўплываць на палiтыку ва ўсiх яе формах? Колькi часу чалавек разважае наконт гiсторыі, столькi iснуюць два дыяметральна супрацьлеглых погляды, якiя практычна сталi догмамі. Адзiн трактуе гiсторыю ў кантэксце выказвання Цыцэрона: historia magistra vitae [4]. Другi пастулюе, што вывучэнне гiсторыi не служыць нiякай мэце i не дае нiякiх урокаў цяперашняму. Гегель, несумненна верачы, што незалежна ад дзеянняў людзей у гісторыі паступова ўсталюецца ўсведамленне свабоды, сфармуляваў гэты другi погляд у наступным шырока вядомым выказваннi: «Вопыт i гiсторыя, аднак, паказваюць, што нацыi i ўрады нiколi нiчому не вучацца ў гiсторыi, i што ў сваiх дзеяннях яны нiколi не звяртаюць увагi на ўрокi, якiя магла б прапанаваць гiсторыя»[5]. Калi паглядзець на ўсё сказанае за апошняе стагоддзе пра рухальную сiлу гiсторыi, яе палiтычную непрыдатнасць i палiтычную аўру, негатыўныя аргументы i па колькасцi, i па пераканальнай сiле прыкладна настолькі ж моцныя, як i пазiтыўныя. Я не хачу спрашчаць сабе задачу, iгнаруючы пярэчаннi маёй пазіцыі, i таму згадаю тут некаторыя аргументы, прыведзеныя супраць немагчымасцi выкарыстання гiсторыi ў жыцці i дзеяннях людзей.

Найперш я хачу спыніцца на дэфармаванай свядомасці, якая лiчыць, што ўсе намаганнi чалавецтва ў гiсторыi марныя, што найлепшыя з чалавечых памкненняў тармозяцца сiлай абсалютнага эгаiзму, што ўсе змены захлынаюцца ў інэртнасці, i што велiзарныя ахвяры чалавечага жыцця i матэрыяльных дабротаў маюць вынiкам мiнiмальныя паляпшэннi. Сярод сучасных гiсторыкаў прадстаўнiком такога песiмiстычнага погляду быў Якаб Буркхардт. У раздзеле яго Weltgeschichtliche Betrachtungen („Сусветна-гістарычных назіранняў”), прысвечаным гiстарычным крызiсам, ён пiша пра амаль татальнае расчараванне, якое звычайна спадарожнiчае ўздымам рэвалюцыяў. «Цяпер людзi цярплiва пераносяць самыя гнюсныя ўрады i церпяць рэчы, якiя зусiм нядаўна прымусiлi б iх узняцца са зброяй у руках». Іншы аргумент супраць гiсторыi такi. Яе памяць у захаваннi сапраўды каштоўнага капрызная і непрадказальная. Фальшывае можа жыць доўга, сапраўднае ж можа быць забыта. Але нярэдка адрознiць адно ад другога цяжка, бо адно можа ператварацца ў другое. «Звычайны лёс новых iсцiнаў: пачынаюць як ерасi i сканчаюць як забабоны». Конрад Лорэнц цытуе гэты сказ Томаса Хакслея[6] .

Але найбольш красамоўны аргумент супраць гiсторыi сфармуляваў Фрыдрых Ніцшэ. Нiхто нiколi не выказаў яго магутней. У раздзеле сваёй Thoughts Out of Season („Несваечасовыя думкі”) пад загалоўкам «Аб карыснасцi i недахопах гiсторыi для жыцця» ён некалькi разоў звяртае ўвагу на разбуральныя для жыцця наступствы, якiя былi вынiкам лiшку гiстарычнай свядомасцi ў выпадках, калi такi лiшак дамiнаваў i ў сiстэме адукацыі, i ў грамадскай думцы. Дапускаючы, што iснуе сiла ажыўляць мiнулае i бачыць бягучыя падзеi ў свеце гiсторыi, якая складае аснову чалавечай прыроды, Нiцшэ таксама заяўляе, што лiшак гiсторыi можа разбураць нашу чалавечую прыроду: «Пры пэўным ўзроўнi слепаты мыслення i гiстарычнай свядомасцi жыццёвы iмпульс у iндывiдзе, у нацыi цi ў культуры будзе цярпець i нарэшце памрэ».

Цяжка перацанiць тое, як доўга быў актуальны гэты погляд Нiцшэ. Калi ён толькі сфармуляваў яго, быў, несумненна, самотным ваяром, а тыя, хто атакаваў яго (гiсторыкi, якiя атрымлiвалi асалоду ад залатога веку гiстарызму), лiчылi, што знаходзяцца ў поўнай бяспецы. Але пазней апаненты пачалі ставіць такое ж кляймо, хоць некаторыя з iх самі былi прадуктамi гiстарызму. Нiхто не адчуваў крызiсу гiстарызму так глыбока, як фiлосаф гiсторыi Эрнст Трольч. Праблему гiстарызму ён бачыў у рэлятывiзацыi ўсiх каштоўнасцяў i змагаўся з гэтай праблемай усё сваё творчае жыццё. «Гiсторыя, — пiсаў Трольч, — прымушае нас падыходзiць да тэрмiнаў, памятаючы пра перманентную i аўтарытарную сiстэму каштоўнасцяў, якая падобна, аднак, падарвана i канчаткова разбурана патокам самой гiсторыi»[7] . Трольч выказаў гэта ў сярэдзiне дваццатых гадоў, разважаючы над тым, як глыбока паўплываў на яго вопыт I сусветнай вайны i пасляваенных сацыяльных i палiтычных зрушэнняў.

Застаецца толькi чакаць, што, сутыкнуўшыся з куды больш небяспечнымі працэсамі, гэтая пазіцыя будзе даведзена да яшчэ большай скрайнасцi. Сярод яркiх прадстаўнiкоў дадзенай плынi можна назваць Карла Лёвiта i Поля дэ Валеры[8]. Заўважым, аднак, што iх пазiцыя карэнным чынам адрознiваецца ад пазiцыi Нiцшэ. Ідучы следам за Бэнэдэто Крочэ, Лёвiт[9] гаворыць пра лёс сучаснага чалавека ў гiсторыi як пра «апошнюю рэлiгiю iнтэлiгенцыi» i лiчыць гэты лёс «глухой алеяй», бо ён прытупляе ўспрыманне людзьмi «пастаянства асноўных чалавечых патрэб i пачуццяў, моцы i слабасцi». За абвiнавачаннямi такога кшталту стаiць папрок заходнееўрапейскiх аўтараў i вучоных у бок гiстарызму. Рэлятывiзуючы каштоўнасцi, сцвярджалi яны, гiстарызм прывёў Нямеччыну ў прорву нiгiлiстычных тэндэнцыяў, а менавiта яны сталіся прычынай адмаўлення немцаў ад нормаў натуральна га права, якое змацоўвала i ўнутраную палiтыку, i грамадскае жыццё дзяржавы, i стасункi памiж дзяржавамi. Калi б усё было сапраўды так (я не думаю, што тут можна пагадзiцца без ніякіх агаворак), то мы атрымалi б яшчэ адну негатыўную ацэнку ўплыву гiстарызму як перабольшанай формы гiстарычнай свядомасцi на палiтычныя адносiны.

Апаненты, якія лічаць гiсторыю непрыдатным падмуркам для палiтычнай практыкi, прыводзяць яшчэ адзiн аргумент: гiсторыю можна павярнуць i прыстасаваць для любых магчымых мэтаў, нават дыяметральна супрацьлеглых. Паколькi карцiна, якую дае гiсторыя, ёсць суб’ектыўнай iнтэрпрэтацыяй аб’ектыўных фактаў, сцвярджаюць яны, то мы можам зрабiць з гiсторыi што заўгодна, i апеляцыя да гiсторыi можа быць выкарыстана дзеля апраўдання любой палiтычнай мэты. Тут я не кажу пра свядомае манiпуляванне i фальсiфiкацыю гiсторыi дзеля забеспячэння сумнiўнага лагiчнага абгрунтавання самых ганебных палiтычных мэтаў. Таталiтарныя рэжымы даюць нам бясконцыя прыклады такога кшталту. Нават у выпадках, дзе апеляцыя да гiсторыi спантанная i мае на ўвазе поўную яе падтрымку, вынiкi могуць даць менавiта той iнструмент, якi неабходны для вырашэння канфлiктаў памiж народамi i дзяржавамi. Гiстарычныя аргументы ўмела выкарыстоўвалiся на працягу нашага стагоддзя, напрыклад, для вызначэння франка-нямецкiх адносiнаў як крывавай мiжусобiцы.

Прымхлiвы погляд, што Прусiя ёсць «коранем зла ў Нямеччыне», як сказаў Чэрчыль яшчэ на Тэгеранскай канферэнцыi ў 1943 г.[10], адлюстраваны ў афiцыйных мемарандумах заходнiх дзяржаўных дзеячаў, пачынаючы ад добра вядомага нямецкага мемарандума сэра Айры Кроў 1907 г.[11] да ноты Маршала Фроча (студзень 1919)[12] i Статута 46 Савета Саюзнага Кантроля, якi загадваў злiквiдаваць Прусiю. Ва ўсiх гэтых выпадках прысутнiчала гiстарычная аргументацыя. Такiм чынам, якой бы нi была праблема (нямецкая знешняя палiтыка, прычыны I сусветнай вайны цi палiтыка агрэсii Гiтлера), яе разглядаюць як яшчэ адно звяно ў паслядоўным ланцугу падзеяў, што з’яўляюцца сведчаннем адной i той асноўнай гiстарчынай сiлы, i значнасць праблемы без усялякай меры перабольшваецца.

Падобныя скажэннi знаходзiм, калi аналiзуем нямецкiя заявы (нават некаторыя заявы Бiсмарка) наконт стасункаў Нямеччыны з Францыяй. У якасцi класiчнага прыкладу можна ўзяць заяву, зробленную пад час Рэйнскага канфлiкту 1840-41 г. Гельмутам фон Мольтке, якi пазней узначалiў прускi штаб i меў добрыя працы.

Мольтке напiсаў сваё эсэ «Die westliche Grenzfrage» („Праблема заходняй мяжы”) у адказ на французскiя тэрытарыяльныя прэтэнзii на захад ад Рэйна[13].

Ігнаруючы вопыт двух тысячагоддзяў цеснай нацыяналь най блiзкасцi, Мольтке абвiнавачвае французаў у тым, што яны адмаўляюцца прыняць iх, немцаў, слушную пазiцыю, што яны схільныя да насiлля i што пагарджаюць цвярозым разважаннем, розумам, справядлiвасцю i шчырасцю. «Вывучэнне гiсторыi квітнее як у Францыi, так i ў Нямеччыне. Французам адкрыты тысячы шляхоў i сцежак разумець, але яны настолькi кiруюцца сляпымі пачуццямі, што наўмысна трымаюцца iлюзii i адмаўляюцца бачыць праўду, нават ясную, як дзень». Тут Мольтке апелюе да вывучэння гiсторыi таму, што яна вучыць бачыць праўду, але толькi ў той меры, наколькi ён сам зацiкаўлены, і адзiная ісціна, якую французам трэба прызнаць, — ягоны погляд на рэйнскую спрэчку. Палiтычны канфлiкт вакол дзяржаўнай мяжы iнтэрпрэтуецца як канфлiкт вакол гiстарычнай праўды. Такое некарэктнае прымяненне гiсторыi ў барацьбе паміж дзяржавамі часта паўтаралася ў Еўропе ХIХ ст., і не толькі ХIХ ст. Калi б i дзе б такая мадэль ні выкарыстоўвалася, вынiкi былi тыя ж: гiсторыi надаваўся статус «нацыянальнай» дысцыплiны, i яе ўздымалі як зброю ў абароне нацыянальных iнтарэсаў. У вынiку гісторыю ўцягваюць у вiр нацыянальных i нацыяналiстычных жарсцяў. Як навука, яна расплочваецца сваёй аб’ектыўнасцю ў пошуку адзiнай ісціны i становiцца простым рупарам шматлікіх ісцінаў. Гэта смяротны грэх, якi найбольш шкодны для гiсторыi як навукі, i мы не можам з чыстым сумленнем сцвярджаць, што ўжо пазбавiлiся яго.

Але iснуе шэраг iншых прычынаў, прынамсi цяпер яшчэ больш відавочных, чаму наша гiстарычная свядомасць зацерлася цi нават апынулася пад пагрозай поўнай страты. Па-першае, назіраюцца парушэнні палiтычнай традыцыi, i ў Нямеччыне яны адчуваюцца магчыма больш, чым у iншых краiнах. Далей, адбываецца трансфармацыя ўсiх нашых палiтычных i грамадскiх абставiнаў.

Палiтычна свет яшчэ мяняецца i яшчэ не дасягнуў стану стабiльнасцi, але няма сумнення, што палiтычнае сузор’е, якое развіваецца, будзе радыкальна адрознiвацца ад аналагiчнага ў ХIХ ст. Нарэшце, умовы нашага жыцця знаходзяцца цяпер у стане вiдавочнага рэвалюцыйнага працэсу, напрыклад, урбанiзацыi грамадства ў індустрыяльных краінах, узрастанне мабільнасці насельніцтва і змены функцыяў сям’і і ўсіх сацыяльных груповак, якія ўтварыліся ў ранейшых сацыяльных умовах. Наша палітычная свядомасць прыніжае мысленне ў катэгорыях традыцыі. Наадварот, палітыка і кіраванне зарыентаваныя на ідэю планавання, прыкладаюцца рацыяналістычныя намаганні ўсталяваць свае нормы, як тое адбываецца з тэхналогіяй, стаўшай вядучай сілай ва ўсіх сферах. Навошта ў гэтай сітуацыі гістарычная свядомасць? Для каго яна ўяўляе хоць якую-небудзь каштоўнасць? І ўсё ж трэба ўсвядоміць, што гэта не ёсць праблемай выключна нашага часу, бо з’явілася яна на першай асноўнай фазе індустрыялі зацыі. Дзіўная рэч, канешне, што менавіта ў той перыяд гістарычная навука і адчуванне гісторыі дасягнулі свайго піку. 1850-я г. бачылі, як у Нямеччыне адбыўся першы вялікі штуршок індустрыялізацыі, тады ж, у 1850-я г. кульмінацыі дасягае нямецкая гістарыяграфія. У палітычнай думцы таго часу гістарычныя аргументы, сімвалы і традыцыі мелі не меншую вагу, чым эканамічная мэтазгоднасць. Без усялякіх агаворак і з неадольным пафасам сярэднявечныя канцэпцыі кайзера і райха былі выкарыстаны ў ідэі нацыянальнай дзяржавы, якая карэнным чынам адрознівалася ад дзяржавы Сярэднявечча.

Растлумачыць гэтую з’яву можна. Гiстарычная думка выконвала кампенсуючую функцыю, аднаўляючы фактычную страту гiсторыi перабольшваннем гістарычнай свядомасцi. У той час, калi сярэднявечныя гарады i iх незлiчоныя гiстарычныя помнiкi знiкалi ў вынiку першай хвалi урбанiстычнай экспансii i iндустрыялiзацыi, вучоныя вышуквалi найбольш аддаленыя i цяжкадаступныя дакументы старажытнай гiсторыi. Больш важную выснову з гэтага працэсу бурных пераменаў зрабіў Якаб Буркхардт. Зваротны перыяд, што пачаўся, як i рэвалюцыйная эра, з 1789 г., — думаў Буркхардт, мусіў стварыць супрацьвагу сучаснасцi, калi ёй увогуле не давядзецца згубiць ментальную раўнавагу. «Толькi раздумваючы над мiнулым, можна знайсцi маштаб для вымярэння хуткасці i сiлы руху, у якiм жывем мы самi»[14]. Такое разуменне гiсторыi як прылады для вымярэння часу i руху ў цяперашнiм, што падвяргаецца любой паскоранай змене, можа і сёння служыць апраўданнем для гiсторыi. Нам застаецца толькі развiць iдэю Буркхардта яшчэ на крок далей: роля гiсторыі не абмяжоўваецца функцыяй рэгістрацыі сучасных перамен, яна можа таксама служыць компасам, якi дапамагае нам пракладваць шлях у будучыню. Як навука, гiсторыя займаецца пераменамі, а не стабiльнасцю.

II.

Палiтыка, якая бярэ пачатак у гiстарычнай свядомасцi, нiколi не з’яўляецца выключна дзеяннем iндывiдаў. На гiстарычную свядомасць заўсёды глыбока ўплываюць нацыянальныя, сацыяльныя i палiтычныя групы, у асяроддзi якiх яна фармуецца. Памяць гэтых групаў можа быць моцнай, нават гiпертрафаванай, або яна можа плесціся павольна, кульгаючы, далёка адстаючы ад рэальнасцi гiстарычных падзей. Стагоддзямi гiшпанцы адмаўлялiся прызнаваць, што яны страцiлi становiшча сусветнай дзяржавы. Нядаўна французы i немцы зрабiлi тое ж самае. Прыклад усiх трох паказвае, да якой ступенi неадпаведны гiстарычны традыцыяналiзм можа дэзарыентаваць палiтыку нацыi. Англiчане, з iншага боку, нягледзячы на вялiкую традыцыйную сiлу iх палiтычных формаў, рэагавалi на перамены ў свеце з вялiкай гнуткасцю. Францыя i Англiя даюць вельмi розныя прыклады таго, як прынцыпы, выведзеныя з мiнулага, дапамагаюць перажыць змены ў нацыянальным лiдарстве. Гiстарычная свядомасць можа падказаць актыўным палiтыкам патрэбу ў пераменах, а можа прымусiць iх яшчэ больш заўзята чапляцца за старое, баючыся згубiць свае пазiцыi. Часам законы, народжаныя пэўнымі гiстарычнымі сiтуацыямі, аказваюцца абсалютна непрыдатнымі ва ўмовах змены. Вось прыклады такога кшталту: iзаляцыянiзм Злучаных Штатаў, ангельская iдэя балансу ўлады, французскiя прэтэнзіі на гегемонiю ў Еўропе, месiянства немцаў.

Нацыi дэманструюць надзвычай разнастайныя адносiны да сваёй гiсторыi, і яны адводзяць ёй (як навуцы i як інтэлектуальнай сiле) розныя месцы ў сваёй iнтэлектуальнай гаспадарцы. У ХIХ ст., вялiкай эры гiстарыяграфii, у Францыi i ў Нямеччыне гiсторыя выконвала розныя ролi. У Францыi яна была часткай лiтаратуры, але магчыма самым важным было тое, што яна мела цесную сувязь з палiтыкай. Большасць французскiх гiсторыкаў таго часу (Гiзо, Токвiль, Цьер) знаходзіліся на пасадах мiнiстраў, часта ў вырашальных сiтуацыях, i iх гiстарыяграфiчныя працы нельга аддзялiць ад iх палiтычнай дзейнасцi. З’яўляючыся гiсторыкамi, яны пiсалi як палітыкі; з’яўляючыся палiтыкамi, яны дзейнiчалi як гiсторыкi. Нямецкая гiстарыяграфiя, нягледзячы на ўплыў моцных палiтычных iмпульсаў, нiколi не мела актыўнай ролi ў прыняццi палiтычных рашэнняў. Франкфурцкую Нацыянальную Асамблею можна лiчыць выключэннем, але яе поспех быў вельмi сумнiўны. Гiсторыя ў Нямеччыне заставалася акадэмiчнай. Як занятак сярэдняга класу, яна была адасоблена ад палiтычнай адказнасцi ў дзяржаве, дзе лiдарства традыцыйна належала бюракратыi i арыстакратыi. Уплыў, якi мелi гiсторыкi, не iшоў далей парадаў князям i прамоваў у парламентах. Яны нiколi непасрэдна не ўплывалі на саму палiтыку.

Калi можна лiчыць iндывiдаў прадстаўнiкамi большых аб’яднанняў (напрыклад, нацыянальных i сацыяльных груп) цi папярэднiх пакаленняў, узятых у гiстарычнай змене, тады шляхам аналiзу некаторых рэпрэзентатыўных асобаў з ліку актыўных палітычных дзеячаў мы здолеем вылучыць розныя ўзроўні гістарычнай свядомасці. Цяпер паспрабуем зрабiць гэта, памятаючы, што дадзеныя нататкі не ёсць дасканалым цi сiстэматызаваным аглядам. Для аналiзу выбярэм усяго некалькiх палiтыкаў розных эпох i перакананняў. Адзiным крытэрыем адбору будзе ўмова, што палiтык аддаваў увагу сваiм адносiнам да гiсторыi i ў нейкай форме выказваў свае думкi па гэтай праблеме.

Ота фон Бiсмарк будзе ў нас прадстаўляць пазiцыю, што гiсторыя ўвасабляе лёс дзяржаваў i асобаў[15]. Гэты погляд вырастае з рэлiгiйных перакананняў, але таксама адлюстроўвае iдэi даўно ўсталяванага грамадскага класу, якi адчувае свае каранi ў кантынуiтэце доўгай традыцыi i бачыць пагрозу гэтаму кантынуiтэту толькi з боку звышнатуральнага ўмяшання, а не з боку iманентных зрухаў у гiсторыi. Элемент непрадбачанага ў гiсторыi не паралiзуе волю да дзеяння, а наадварот, узмацняе яе да такой ступенi, што яна гатовая выкарыстаць сiлу, каб падтрымлiваць традыцыйнае разуменне дзяржавы. Ніколі нельга быць упэўненым у поспеху такой спробы. Гiсторыя як увасабленне эвалюцыйнага працэсу ў свеце заўсёды мацнейшая за чалавека, мацнейшая нават тады, калi гэты чалавек — дзяржаўны дзеяч. Праз усё сваё жыццё, ад маладых гадоў да старасцi, Бiсмарк пранёс перакананне, што гiсторыю нельга рабiць. У палiтыцы, казаў ён, мы вучым, «што мы можам быць такiмi разумнымi, як найразумнейшыя людзi свету, i ўсё ж у любы момант, наблiжаючыся да наступнага, можам аказацца ў становішчы дзiцяцi, якое намацвае шлях у цемры»[16]. Канец гiсторыі адкрыты: яна рэальнасць палiтычнага жыцця як такога i без фiласофскага покрыву, рэальнасць, аднолькавая і ў мiнулым, і ў цяперашнім. Гэтая пазiцыя, нягледзячы на волю да дзеяння і на тое, што не кiдаецца ў бок ад рэвалюцыйных рашэнняў, застаецца надзвычай кансерватыў ным поглядам на гiсторыю i палiтыку.

Ленiн, заснавальнiк камунiстычнай Расіi i вучань Маркса, разглядаў тэорыю Маркса пераважна як iмператыў да рэвалюцыйнага дзеяння.

Паводле Ленiна, гiсторыя ёсць рэалiзацыяй непазбежна га працэсу, у якiм мiнулае, цяперашняе i будучае з’яўляюцца не чым iншым, як стадыямi развiцця, iснаванне якіх можна навукова даказаць. Ленiн думаў, што вера ў непазбежнасць такога развiцця можа паралiзаваць рэвалюцыйнае дзеянне. За гэты грэх ён асуджаў усiх эканамiстаў i рэвiзiянiстаў, i ў сваiх дзеяннях часта выходзiў за межы артадаксальнага гiстарычнага матэрыялiзму. Ленiну не ўдалося пазбегнуць сюрпрызаў i нечаканасцяў, але ён заўсёды быў здольны ўключыць iх у сваю тэорыю прадвызначанага развiцця сусветнага рэвалюцыйнага руху. Яго гiстарычная свядомасць была прадуктам радыкальнага звышспрошчанага погляду на гiсторыю як сусветна-гiстарычную барацьбу памiж рабамi i рабаўладальнiкамi. Гэтая перспектыва выхавала ў iм пачуццё знаходжання на водападзеле сусветнай гiсторыi, i ў 1921 г., у 4-ю гадавiну кастрычнiцкай рэвалюцыi, Ленiн выказаў гэтае адчуванне словамi, якiя ўражваюць сваёй саманадзейнасцю і дзёрзкасцю[17]. Упершыню за стагоддзi i тысячагоддзi, заявiў Ленiн, надзея, што рабы ўсiх нацыяў могуць паўстаць са зброяй у руках супраць рабаўладальнiкаў усiх нацыяў, ператварылася з блытанай i бяссiльнай мары ў ясна вызначаную праграму. Гэтая праграма атрымала канкрэтную форму актыўнай барацьбы прыгнечаных мiльёнаў пад кiраўнiцтвам пралетарыя ту. Яна прывяла да першай перамогi пралетарыяту, да першай перамогi на шляху да знiшчальнай вайны, да першай перамогi саюза рабочых усiх нацый над саюзам буржуазii розных нацый. Паводле Ленiна, гiстарычная свядомасць — сiнонiм сусветнай рэвалюцыi. Парадокс аднак, у тым, што задача гэтай рэвалюцыi — вызваленне ад гiсторыi.

Гэтая прамова Ленiна дэманструе схему, на якой грунтуецца камунiстычная канцэпцыя гiсторыi. З часам яна, канешне, будзе дапаўняцца iншымi элементамi, асаблiва нацыянальнымi, але асноўны змест гэтай канцэпцыi застаецца нязменным. Вывучэнне гiсторыi нiколi не бывае проста тэарэтычным, а, наадварот, само па сабе ёсць практыкай, што адкрыта абвяшчае сваю прыхільнасць да ўсталявання прадвызначанай i таму прадказальнай мэты рэвалюцыi, як i яе прамежкавых пунктаў. У гэтым працэсе любое паглыбленне ў гiсторыю працуе на канчатковую мэту i адначасова служыць сродкам яе дасягнення. Не далей як у 1973 г. член савецкай Акадэмii навук сказаў, што гiсторыя не толькi пацвердзiла слушнасць сацыялiстычнага развiцця, але таксама як навука была самым аўтарытэтным прапагандыстам слушнасці абранага Савецкiм Саюзам i iншымі сацыялiстычнымі краiнамі шляху[18].

Нацыянальнае вызваленне i гiсторыя як яго iнструмент былi лозунгамi руху нацыянальнага лiбералiзму i лiберальнай дэмакратыi ў ХIХ i пачатку ХХ ст. Гэты рух пачынаўся як рух нацыянальнага абуджэння, як рысарджымэнта; i, азiраючыся назад на нацыянальнае мiнулае i адкрываючы раннюю нацыянальную гiсторыю, ён спрабаваў знайсцi апраўданне будучынi нацыі. Нацыя пачынала аднаўляцца са свайго мiнулага. Цягам амаль паўтараста гадоў гэты рух спараджаў выдатных дзеячаў амаль у кожнай еўрапейскай краiне. За прыклад можна ўзяць Томаша Масарыка, першага прэзiдэнта Чэхаславацкай рэспублiкi, якi лiчыў нацыянальнае абуджэнне галоўным прынцыпам, агульным для ўсяго чалавецтва, прынцыпам, якi не супярэчыць гуманiтарнаму, касмапалiтычнаму i iнтэрнацыя нальнаму памкненням. «Гiсторыя паказвае, — казаў Масарык у кароткiм эсэ, напiсаным пад час I сусветнай вайны[19], — што ў Еўропе развiваюцца нацыянальныя дзяржавы. Гiсторыя спрыяе не толькi вялiкiм, але таксама сярэднiм i малым нацыянальным дзяржавам. Гiсторыя спрыяе ўсiм асобам i iндывiдуалiзму як прынцыпу. Нацыi — натуральныя супольнасцi падобных мiж сабой iндывiдаў, а дзяржавы, як больш штучныя ўтварэннi, усё больш i больш павiнны адлюстроўваць нацыянальныя рэалii». Пачынаючы з Гэрдэра, перыядычна гучала тэза наконт супярэчнасці нацыянальнага прынцыпу гуманiтарным мэтам. Асаблiва вылучаецца тут iтальянец Джузэпэ Мадзiнi. Цяпер дзяржаўны дзеяч невялiкай нацыi сцвярджаў, што гiсторыя прадстаўляе шлях i нацыянальнай, i сусветнай дэмакратыi, i ў якасцi прыкладу на карысць сваёй тэорыi ён звяртаўся да гусiтаў са сваёй чэшскай гiсторыi як асаблiва дарэчных сведкаў.

Калi маладыя нацыi ў гiстарычнай памяцi чэрпалi сiлу для стварэння сваiх дзяржаў, то старыя нацыi, накшталт Францыi, нягледзячы на ўсе нягоды свайго мiнулага, у велiчы сваёй гiсторыi знаходзiлi пацвярджэнне сваёй трываласцi. Шарль дэ Голь бачыў вечную, непарушную Францыю i ператварыў гэтую iдэю ў галоўны прынцып сваiх рашэнняў у часы крызiсаў 1940-45 i 1958-62 г.

Гiсторыя Францыi, як бачыў яе генерал дэ Голь, ёсць увасабленнем у рэальнасцi французскай нацыi такой, якая яна ёсць цяпер, у iдэi Францыi, якая iснуе па-за часам. Дэ Голь адкрывае апошнi том сваiх мемуараў[20] словамi: «Францыя паўстае з пачаткам часу. Яна жыве. Вякi клiчуць яе». Французская нацыя ўзгадавала незлiчоныя пакаленнi. «Яна ўзгадавала некалькi пакаленняў цяпер i народзiць нашмат больш. … Калi ёй наканавана выжыць, то гэты саюз людзей павiнен захавацца, на гэтай тэрыторыi i ў гэтым свеце, непарыўны кантынуум яе мiнулага, цяперашняга i будучага. Вось таму дзяржаве, адказнай за кiраванне французскай нацыяй, даверана яе мiнулае, клопат сённяшняга дня i яе надзеi на будучыню». Тон дэ Голя адрознiваецца ад тона прадстаўнiкоў нацыянальнага абуджэння. Тут нацыю не трэба ствараць. Гэта жывая рэальнасць, якая iснавала заўсёды. Спадзеючыся забяспечыць яе будучыню, дэ Голь звяртаецца да мiнулага мовай амаль містычнай. Гiстарычная свядомасць практычна падмяняе палiтычныя рэаліі.

Тое, што Масарык i дэ Голь па-рознаму выкарыстоўвалi гiсторыю дзеля падтрымкі нацыянальнага прынцыпу, падводзіць да пытанняў: цi такое звязванне гiсторыi i нацыяналь нага не ўцягвае i гiсторыю i палiтыку ў невырашальную супярэчнасць? Да якой ступенi гiстарычная свядомасць паспрыяла сучаснаму i да якой ступенi была перашкодай? Цi не даў нам саюз нацыяў, незалежна ад таго, на якой аснове ён сфармаваны, такую новую Еўропу, якая патрэбна, нават калi мы не мелi гiстарычных мадэляў яе фармавання? Разглядаючы гэтае пытанне, можна ўбачыць, што чым блiжэй мы падыходзiм да сённяшняга дня, тым больш складанай становiцца функцыя гiсторыi ў прыняццi палiтычных рашэнняў. Галоўнай прычынай ускладнення з’яўляецца тое, што мiжнародная палiтыка сёння праводзiцца ва ўмовах пагрозы атамнага знiшчэння, i яе нельга параўнаць з палiтыкай нiякага з папярэдніх перыядаў. Цi можа гiсторыя i яе веданне i надалей уяўляць сабой якую-небудзь каштоўнасць як дарадца, якi дапамог бы нам адолець прорву памiж сёння i ўчора?

У дадзеным кантэксце я б хацеў разгледзець дзейнасць актыўнага сучаснага палiтыка Гэнры Кiсiнджэра, бо ён уключыўся ў актыўнае палiтычнае жыццё, распрацаваўшы спачатку вычарпальны тэарэтычны падыход да палiтыкi i аб’яднаўшы на першы погляд несумяшчальнае: мiжнародныя адносiны ў мiнулым i ў атамную эру. Яшчэ i цяпер зарана ацэньваць практычнае прымяненне гэтай тэарэтычнай пазiцыi ў дзейнасцi Кiсiнджэра-палітыка. Тут нас цiкавiць iншае, у прыватнасцi асноўная праблема, узнятая Кiсiнджэрам — якое значэнне можа мець гiсторыя для палiтыкi ў ядзерную эпоху? У сваёй ранняй працы па перыяду Метэрнiха Кiсiнджэр пiша: «Нiякiя важныя высновы ў вывучэннi знешняй палiткi — вывучэнні дзяржаў, якiя дзейнiчаюць як адзiнкi — немагчымыя без усведамлення гiстарычнага кантэкста»[21]. Тэза, выказаная ў Nuclear Weapons and Foreign Policy («Ядзерная зброя і знешняя палітыка» ), напiсанай некалькiмi гадамi пазней, здаецца, супярэчыць гэтаму погляду.

Разбуральны патэнцыял сучаснага ўзбраення, пiсаў Кiсiнджэр, ставiць дзяржаўных дзеячаў перад праблемай, характэрнай выключна для нашага часу: «Абсалютная бяспека больш немагчымая»[22].

Уяўная супярэчнасць памiж гэтымi дзвюма тэзамi знiкае, калi зразумець, што Кiсiнджэр гаворыць толькi пра дзяржавы, якiя з’яўляюцца суб’ектамі мiжнароднай палiтыкi. Пад дзяржавамi ён разумее дзяржавы мiнулага i сучаснага, у тым лiку сённяшнiя супердзяржавы, чыё паходжанне i iснаванне гiстарычна абумоўлена. Сузор’е, у якiм яны знаходзяцца, нагадвае сузор’е еўрапейскiх дзяржаў з часоў французскай рэвалюцыi, у якiм кансерватыўныя дзяржавы супрацьстаяць рэвалюцыйным. Паводле Кiсiнджэра, гэтае супрацьстаянне iснавала з часоў Напалеона. Задача палітыка — ўмацоўваць раўнавагу памiж супрацьлеглымi сiламi. Калi дзяржавы будуць і далей захоўваць свой характар як гiстарычна сфармаваныя адзiнкi, то нават у свеце, дзе дамiнуе рацыяналiзм тэхнакратыi, у мінулым яны могуць знайсцi сабе рэкаменда цыі, але не могуць скапiяваць iх. «Гiсторыя вучыць аналогii, а не тоеснасцi»[23]. Кропкi параўнання застаюцца, але яны набываюць велiзарныя памеры. Кiсiнджэр мяркуе, што рознiцу памiж татальнай i абмежаванай вайной, вызначаную Клаўзэвiцам, можна прымянiць i да атамнай вайны[24]. Масiраваны атамны адказ не з’яўляецца рэальнай пагрозай, таму што разам са знішчэннем ворага ён азначаў бы самазнiшчэнне. У вынiку Кiсiнджэр распрацоўвае канцэпцыю абмежаванай атамнай вайны, канцэпцыю, якая, вiдавочна, шмат чым абавязана гiстарычным прыкладам, за адзiным выняткам: Кiсiнджэр аперуе паняццямi ядзернай стратэгii. Галоўнае ў Кісінджэраўскім злучэнні гістарычнай і тэхналагічнай стратэгіі — выжыванне чалавецтва. Ён цалкам усведамляе гэта і несправядліва абвінавачваць яго ў „этычнай слабасці”, меркаванне, якое Вайцзэкер перадаў іншым прыхільнікам „халоднакроўнай сучаснай стратэгіі”[25]. У кожным разе, трэба памятаць, што Кісінджэр лічыў выжыванне чалавецтва і прадухіленне сусветнага атамнага спусташэння магчымым толькі „пры ўмове выкарыстан ня гістарычных сродкаў”, варыяцыя на тэму шырока вядомага выказвання Клаўзэвіца пра вайну.

Ва ўсіх пяці разгледжаных прыкладах агульнае тое, што кожная з прадстаўленых гэтымі асобамі палітычных пазіцый у вызначэнні сваёй палітыкі і фармулёўцы аргументацыі звяртаецца да гісторыі, хоць функцыі, адведзеныя ёй, ва ўсіх моцна адрозніваюцца. Будучыню можна бачыць у кантэксце фіксаванай рэвалюцыйнай мэты; яна можа быць адкрытым полем, у якім можа прымацца любая колькасць рашэнняў; ці яна можа быць аб’ектам законаў тэхналагічнай рацыянальнасці. Але ў кожным разе, будучыню нельга аддзяліць ад мінулага, якое стварыла яе. Актыўна аспрэчваецца палажэнне, што сінтэз паміж гістарычным мінулым і тэхналагічным будучым немагчымы. Яшчэ ў 1961 г. Гельмут Шэльскі прапанаваў мадэль тэхналагічнай дзяржавы[26], у якой больш не будзе ні ўрада як такога, ні выяўлення дэмакратычнай волі. Палітычныя рашэнні будуць не больш чым выбарам паміж палітычнымі дакументамі, а зместам палітычнай дзейнасці ў асноўным будуць канфлікты паміж экспертамі. У такім поглядзе цікавасць да гісторыі ёсць не чым іншым, як „метафізічным імкненнем да мінулага” (слова „настальгія” тады яшчэ не было модным). „Гістарычная рэальнасць больш не кіруецца гістарычнымі ідэямі, але законамі, уласцівымі рэканструкцыі свету сродкамі тэхналогіі, узятымі з прыродазнаўчых і грамадскіх навук”. У той час як Шэльскі абвяшчае свой погляд аб’ектыўным, іншыя лічылі яго выяўленнем бязмежнай надзеі на будучыню. Але ці магчыма яшчэ адчуваць такую бязмежную надзею сёння? У мінулым быў толькі страх сусветнай атамнай катастрофы, які падказваў надзею ў тэхналагічным прагрэсе. Сёння гэты страх ужо канцэнтруецца не толькі на праблеме ядзернага ўзбраення, але і на іншых працэсах, звязаных з тэхналагічным прагрэсам і індустрыяльным ростам. Сярод гэтых праблем наступныя: пагроза голаду шмат у якіх частках свету, асабліва ў краінах з хуткім ростам насельніцтва і мінімальнай эканамічнай базай; энергетычны крызіс; разбурэнне навакольнага асяроддзя — умовы для падтрымання чалавечага жыцця і яго якасці.

Гэтыя праблемы другарадныя ў параўнанні з галоўнай, якая абмяркоўваецца тут. Яна існуе незалежна ад таго, маюць спадарожныя праблемы нейкае дачыненне да аднаўлення гістарычнай свядомасці ці не. Тэхналагічны прагрэс вядзе да „новага самаадчужэння чалавека”, карыстаючыся словамі Шэльскага. Існуе пагроза яго выхаду за рамкі, устаноўленыя патрэбамі чалавечага жыцця і воляй чалавецтва да выжывання. Гэта значыць, што будучыня зноў становіцца сферай, у якой людзі як такія мусяць прымаць рашэнні, а не сферай, якую можна пакінуць ейным недахопам ды аўтаматызму тэхналагічнай цывілізацыі. Гэта значыць таксама, што ў нас ёсць магчымасць перадолець прорвы паміж мінулым, цяперашнім і будучым і аднавіць кантынуум, які, падобна, быў разарваны наданнем волі чыста тэхналагічным меркаванням. Магчыма такое змяненне ў свядомасці магло б аднавіць усведамленне чалавечай гісторыі як велізарнага рэзервуара, поўнага мадэляў жыцця, у якіх людзі працавалі і існавалі тысячагоддзі. Я не прапаную палёт ва ўтопію ідэалізаванага мінулага. Я заклікаю да аднаўлення кантынууму ў чалавечай гісторыі. Калі б гэты кантынуум быў часткай нашай свядомасці, то дзеючыя палітыкі маглі б абаперціся ў прыняцці рашэнняў на планаванне і памяць.

III.

Калі паглядзець на згаданыя вышэй палітычныя персаналіі і месца, адведзенае рознымі інтэрпрэтацыямі гістарычнай свядомасці ў канцэпцыях палітыкі, мы ўбачым відавочны і неаспрэчны кансэнсус сярод іх у поглядах на адносіны паміж палітыкай і гістарычнай свядомасцю. У Нямеччыне існуе шэраг фактараў, якія ставяць гэты кансэнсус пад сумненне: разрывы кантынуітэту ў гісторыі і традыцыі; некарэктнае выкарыстанне гісторыі, асабліва ў нацысцкай Нямеччыне, у якіх заўгодна мэтах; потым, пазней, радыкальны паварот да тэхналагічнай будучыні. У час, калі навуковыя дысцыпліны ацэньваліся і цяпер яшчэ ацэньваюцца на падставе магчымасці іх прымянення да грамадскіх і іншых патрэб (і ацэнкі такога кшталту, канешне, несправядлівыя ў дачыненні да імпульсу вольнага даследавання), „гістарызм” лёгка спісаць з рахунку як бясплённае сузіранне гістарычных з’яў і як занятак для задавальнення ўласнай цікавасці ў іх вывучэнні. Ральф Дарэндорф[27] моцна сфармуляваў гэты погляд, сказаўшы, што вывучэнне гісторыі аказалася, у значным сэнсе, бясплённым. Яно не кажа, заяўляе Дарэндорф, што нам трэба рабіць, каб пазбегнуць памылак мінулага ці пераканацца ў тым, што рашэнні ў будучым будуць слушнымі. Конрад Адэнаўэр патрабаваў ад гісторыі нашмат больш. У першым томе сваіх мемуараў[28] ён дзівіцца гісторыку, які адмовіўся быць прарокам, здольным прадбачыць будучыя падзеі. Адэнаўэр адчуваў, што гістoрык, асабліва спецыяліст па сучаснай гісторыі, павінен прынамсі спрабаваць, абапіраючыся на аналогіі з нядаўняга мінулага і нават з сучаснага, вызначыць, у якім накірунку могуць развівацца падзеі. У сваіх працах і выкладанні гісторык мусіць звяртаць увагу на тое, што верагодна адбудзецца і нават папярэджваць сваіх слухачоў пра тое, што набліжаецца.

За гэтымі процілеглымі меркаваннямі стаіць шэраг непаразуменняў адносна ролі, якую гістарычная свядомасць можа і не можа выконваць у палітыцы. У аснову чакання, што гісторык можа прадказваць будучыя падзеі, можа быць пакладзена адна з дзвюх пасылак: курс гісторыі цалкам прадвызнача ны гістарычным telos або гісторыя паўтараецца. Гэтае апошняе дапушчэнне часта дапаўняецца поглядам, што прырода чалавека застаецца нязменнай і ўяўляе сапраўдную рухальную сілу ў гісторыі. Кожная з тэзаў мела паслядоўнікаў у мінулым, але ніводная з іх, за магчымым выключэннем апошняй, не можа быць даказана эмпірычна, а значыць усе яны, такім чынам, застаюцца гіпатэтычнымі па сваім характары. Тэндэнцыя бачыць курс гісторыі як цалкам прадвызначаны пачала з’яўляцца сярод пазітывістаў ХIХ ст. Марксізм пераняў гэтую тэндэнцыю. Паралель з асноўнымі палажэннямі прыродазнаў чых навук відавочная. Калі мы лічым гісторыю цалкам дэтэрмінаванай, то пазбаўляем яе персаналістычных элементаў. Індывіды — усяго інструменты гістарычнага працэсу, а сам працэс паўстае адно з комплексу структураў, г.зн., са звышасабовых абставінаў і ўмоваў. Тое, што мы называем выпадкам, больш не выконвае ніякай ролі ў гісторыі. У слова „выпадак” я ўкладваю значэнне, прапанаванае адным вучоным[29] . У святле тэорыі верагоднасці выпадак азначае блізкую да нуля верагоднасць таго, што адна падзея, як супрацьлегласць любой колькасці іншых, будзе мець месца. Цяпер, калі прыродазнаўства займаецца магчымасцямі ўзаемадзеяння закона выпадку (а біялогія аперуе менавіта гэтымі паняццямі на вышэйшых узроўнях даследавання, напрыклад, у дачыненні да пачатку жыцця), становіцца ясней, чым калі раней, што ў гісторыі, зразуметай як прадукт чалавечай дзейнасці, выпадак, ці, як яго назваў у адной са сваіх апошніх публікацый Карл Якаб Буркхардт[30], нечаканае, можа лёгка адыграць надзвычай важную ролю. Гэтай верагоднасцю, але не ёй адной, тлумачыцца факт, што галоўны пласт гісторыі, г.зн. самі падзеі, гэтак цяжка катэгарызаваць. Падзеі спантанныя і хаатычныя. Аднойчы пачаўшыся, яны могуць быць спыненыя, яны не адпавядаюць перыядычным прылівам і адлівам. „Выпадак” і „супадзенне”, г.зн., разрывы ў ланцугу прычыны і выніку, здаецца, могуць мяняць іх хаду. Гэта не тычыцца працяглых падзеяў — de la longue duree, паводле французскай гістарыяграфіі. Што да такіх павольных у параўнанні з чалавечым жыццём зменаў, сітуацыя іншая — у адносінах, у падставовых формах грамадскага жыцця і ў эканамічных цыклах[31]. У гэтай сферы гісторыя можа прапанаваць рэкамендацыі, скіраваныя ў будучыню. Яшчэ ў першай палове ХIХ ст. Алексіс дэ Токвіль прадказаў уздым эгалітарнай дэмакратыі; а ў наш час Карл Яспэрс адзначыў сінхранізацыю асноўных паваротных пунктаў у высокай культуры, што вядзе да ўніфікацыі гісторыі чалавецтва. Той хто дзейнічае, зыходзячы з гістарычнай свядомасці, вымушаны думаць у вялікіх маштабах гэтых эпахальных тэндэнцыяў. Больш за тое, у фармаванні палітычных матэрыяў, у кантэксце якіх прымаюцца рашэнні, даводзіцца памятаць пра іх гістарычную якасць. Гістарычны элемент часта адзіны эмпірычны матэрыял, з якім працуе палітык. Мы не можам залежаць ад яго ў вызначэнні мэтаў, але ён можа дапамагчы вызначыць кірунак і метады дзеянняў. Прававая сістэма краіны можа быць эфектыўнай толькі тады, калі яна сыходзіць з грамадскага ладу, які атрымаўся ў выніку гістарычнай эвалюцыі. Гэта неабходна рабіць нават — і асабліва — тады, калі гэты лад падлягае змяненню. Адрозненні, што існуюць у асноўных праблемах сацыяльнай арганізацыі, напрыклад розныя пазіцыі не-белых мяншыняў у Лацінскай і Паўночнай Амерыцы, можна зразумець толькі гістарычна. Аналізу сучаснай сітуацыі недастаткова для забеспячэння эфектыўнай палітыкі.

Дзейнічаць, зыходзячы з гістарычнай свядомасці, — азначае таксама бачыць сваё мінулае такім, якое яно ёсць, не ідэалізуючы і не асуджаючы, але ўлічваючы яго ва ўсёй славе і ганьбе, як тое, што папярэднічала нашаму ўласнаму існаванню. Там, дзе гістарычная эвалюцыя перанесла вялікі разрыў, кантынуітэт, звычайна, можна аднавіць, калі будзе рашучы паварот ад эпізоду ў мінулым, які выклікаў разрыў. Калі ў Нямеччыне дваццаць пяць гадоў таму зноў прыкладаліся намаганні па стварэнні дэмакратычнай дзяржавы, мы былі абавязаны ўлічваць наступствы паразы нямецкай гісторыі пад час нацысцкага перыяду, не толькі наступствы ганарыстасці і той катастрофы, да якой яна прывяла, але таксама недахопы і інстытуцыйную слабасць, што вырашыла лёс нашай першай спробы дэмакратызацыі. Для таго, каб спаткаць традыцыю свабоды, нам давялося больш заглыбіцца ў гістарычныя пласты. У прамове ў Бундэстагу 12 верасня 1949 г.[32], у дзень абрання прэзідэнтам Федэратыўнай рэспублікі Нямеччыны, Тэадор Гойс звярнуўся да таго моманту, разважаючы на тэму забыцця і памяці словамі, што паказваюць, як пачуццё гістарычнай свядомасці мацавала яго палітычную і маральную адказнасць. „Лёс быў ласкавы да нас як да індывідаў, падараваўшы здольнасць забываць. Як бы мог жыць кожны з нас, калі б увесь спазнаны боль, расчараванне і шкадаванне заўсёды жылі ў нас ва ўсёй сіле? І лёс быў ласкавы да нацыяў таксама, калі дараваў ім тую ж здольнасць забываць. Але баюся, што некаторыя немцы вельмі хочуць злоўжыць гэтай ласкай і забыць занадта хутка. Нам давядзецца сутыкацца з сіламі, якія прывялі нас у тое становішча, у якім знаходзімся. Я не кажу гэта з нянавісці ці помсты. Я спадзяюся, што мы ўсё ж здолеем адрадзіць з разгубленасці нашых душ адзінства людзей”.

Я б хацеў скончыць іншай думкай, якая мае дачыненне да задачаў, паўстаўшых перад намі сёння. Тымі, каго хвалюе страта гістарычнай свядомасці, хто адчувае, што гэтая занепакоенасць вынікае не проста з захаплення антыкварыятам. Наша трывога — за будучыню. Калі гістарычная свядомасць адмаўляецца і не ўлічваецца ў нашым інтэлектуальным планаванні, яна не проста памрэ. Яна расквітнее ненармальным спосабам і створыць свой асаблівы свет, у якім будуць квітнець легенды, і гістарычная праўда будзе разбурана фальшывымі карцінамі мінулага. Мы ў палітычна адказных пазіцыях не можам дазволіць гісторыі змарнець і памерці такім чынам, але нададзім ёй статус, якога яна заслугоўвае як сучасная навуковая дысцыпліна з крытычнай сілай і як фактар у палітычнай адукацыі. Існуе такая рэч, як палітычная дзейнасць на падмурку гістарычнай свядомасці, але існуе таксама, адчуваю, такая рэч, як палітычная дзейнасць для гістарычнай свядомасці. Выкананне гэтай задачы ляжыць на ўсіх, хто мае пачуццё адказнасці за ўмацаванне гонару і годнасці існавання чалавецтва ў будучым.

Кёльнскі універсітэт

З ангельскай пераклала Ірэна Ганецкая


[1] Gehlen A. Urmensch und Spätkultur (Bonn, 1956), 258. Заўвага Токвіля ў De la Démocratie en Amérique, Part 4, Chap. 8 — „Le passé n’éclairant plus l’avenir, l’espirit marshe dans les ténèbres” — адлюстроўвае ўсведамленне страты сувязі паміж мінулым і будучым. Р.Казелек цытуе гэтую заўвагу ў сваёй „Historia Magistra Vitae” у Natur und Geschichte: Karl Löwith zum 70. Geburtstag (Stuttgart, 1976), 201 i 214.
[2] Hofmannstal H. Ansprache gehalten am Abend des 10. Mai 1902 im Hause des Grafen Karl Lanckoroсski // Gesammelte Werke, Prosa, vol. II (1959), 27.
[3] Plumb J.H. Die Zukunft der Geschichte (München, 1971), моцна выяўляе гэта. Плюмб, які бачыць розніцу паміж мінулым і гісторыяй як вырашальны фактар сучаснай свядомасці, піша (104 і наступная): „Гісторыкі слушна спяшаюцца разбурыць тое мінулае, да якога грамадства так часта звярталася ў пошуках самасцвярджэння ці апраўдання, ці і таго і другога. Гэта крытычная, дэструкцыйная роля ўсё яшчэ важная; ілюзіі наконт мінулага яшчэ існуюць у вялікай колькасці, нават сярод прафесіяналаў. Але змены ў самім грамадстве вызвалілі гісторыка, як і астатніх членаў грамадства, ад апантанасці мінулым”.
[4] Поўную цытату можна знайсці ў Cicero, De oratore libri tres, ed. A.S.Williams (Oxford, 1892), II, 36, p.245: „Historia vero testis temporum, lux vertatis, vita memoriae, magistra vitae, nuntia vetustatis, qua voce alia nisi oratoris immoralitati comendatur?” Р. Казелек цытуе гэты ўрывак ў сваім артыкуле „Historia Magistra Vitae”, 198.
[5] Hegel G.W.F. Vorlesungen über die Philosophie der Weltgeschichte, vol.I: Einleitung: Die Vernuntf in der Geschichte, ed. G.Lasson; 5th ed., ed. Hoffmeister (Hamburg, 1955). Глядзі „Besondere Einleitung: die verschiedenen Arten der Geschichtsbetrachtung”. Важнае тлумачэнне, якое ідзе за цытаваным вышэй сказам: „Кожная нацыя існуе ў такіх індывідуальных умовах, што яна павінна і будзе прымаць рашэнні на аснове свайго быцця, і толькі нехта з вялікім і моцным характарам вырашыць слушна. Нацыі жывуць у такіх індывідуаль ных абставінах, што ранейшыя абставіны не адпавядаюць поўнасцю пазнейшым, таму што ўмовы цалкам змяніліся”.
[6] Lorenz К. Die Rückseite des Spiegels: Versuch einer Naturgeschichte menschlichen (Munich, 1973), 315.
[7] Эрнст Трольч у параграфе, названым „Этыка і філасофія гісторыі” (Ethik und Geschichtsphilosophie”) у Der Historismus und seine Überwindung (Berlin, 1924; reprint, 1966), 3. Падрабязней па гэтай праблеме глядзі Troeltsch E. Der Historismus und seine probleme, Т.I (Tübingen, 1922).
[8] Пра апошнія даследаванні Поля Валеры глядзі H.Angermeier, Geschichte oder Gegenwart: Reflexionen über das Verhältnis von Zeit und Geist (München, 1974), 105 і наступныя. Ангермаер быў першым, хто сур’ёзна звярнуў увагу на ролю Валеры як „магчыма самага вялікага ворага гісторыі ў сучаснасці”.
[9] Löwith K. Mensch und Geschichte, y Gessamelte Abhandlungen (Stutthart, 1960), 152 i наступныя. Цытаты ў гэтым тэксце ўзятыя са с. 160-161. Гэтае эсэ, народжанае спрэчкамі паміж Лёвітам і Хайдэгерам, прадстаўляе самы важны даробак у нарматыўны і антрапалагічны погляд на гісторыю. З гэтага пункту гледжання толькі тое „існаванне, што ўжо не мае пэўнага месца ў татальнасці таго, што адбываецца дзякуючы прыродзе і таму засноўваецца цалкам на самім сабе і на сваім вымярэнні ў часе” можа называцца „гістарыч ным існаваннем (гістарычнай экзістэнцыяй)”.
[10] Teheran, Yalta, Potsdam: Die sowjetischen Protokolle von den Kriegskonferenzen der „Grossen Drei”, ed. A.Fisher (Cologne, 1968), 84.
[11] Перадрукавана ў British Documents on the Origins of the War 1889 to 1914, vol.III: The Testing of the Entente 1904-1906 (1928), 397 і наступныя.
[12] Нота ад 10 студзеня 1919 г. да паўнамоцных прадстаўнікоў саюзных і асацыяваных дзяржаваў перадрукавана ў Documents relatives aux négotiations concernant les garanties de sécurité contre une aggression de l’Allemagne (1924). Самы важны ўрывак гаворыць: „L’Allemagne de 1914 йtait le résultat d’un travail soutenu de 150 ans, commencé par Frédéric II, méthodiquement continué par ses successeurs et qui avait abouti à prussianiser l’Allemagne”.
[13] Moltke H. Gesammelte Schriften und Denkwürdigkeiten, vol.II: Vermischte Schriften (Berlin, 1892), 171 і наступныя .
[14] Burckhardt J. Weltgeschichtische Betrachtungen, Einleitung 2, у: Werke, IV. Darmstadt, 1956.
[15] Пра дзве ранейшыя працы па поглядах Бісмарка на гісторыю глядзі H.Wolff, Geschichtsauffassung und Politik in Bismarcks Bewusstsein, München, 1926, i V.Gitermann, Die geschichtphilosophischen Anschauungen Bismarcks // Archiv für Socialwissenschaft und Sozialpolitik, 51 (1924).
[16] Ліст ад 20 ліпеня 1864 г., Gessamelte Werke, Freidrichsruh edn., vol.XIV, Part II, 672.
[17] Lenin V. Werke, XXXIII (Нямецкі пераклад па чацвёртым расійскім выданні, 1963, 29-37), с.889 і наступныя.
[18] Куропятник Г.К., Безруков А.В. Против реакционной идеологии // Вестник Академии наук СССР, 1973, 11, 102-104. Я ўдзячны Гюнтэру Шцёклю за тое, што ён звярнуў маю ўвагу на гэтае выказванне.
[19] Masaryk T.G. Das Problem der kleinen Völker in der europäischen Krisis, перакл. J.Reichmann (Prague, 1922), 25.
[20] de Gaulle Ch. Memoiren der Hoffnung: Die Wiedergeburt 1958-1962 (Vienna, 1971), 9. А.Нічке разглядае тую ж праблему ў сваім эсэ „Leistungen der Geschichtswissenschaft” у: Geschichte heute: Positionen — Tendenzen — Probleme, ed. G.Schulz (Göttingen, 1973), 58-59.
[21] Kissinger H. A World Restored: Metternich, Castlereagh and the Problems of Peace 1812-1822 (London, 1957), 331.
[22] Kissinger H. Kernwaffen und auswärtige Politik (München, 1959; 2nd ed., 1974), 115. Першым аўтарам, які даследаваў кранутую тут мной праблему, быў Стэфан Граўбард: Stephen Graubard, Kissinger, Portrait of a Mind (New York, 1973); параўнай таксама: M.Kalb and B.Kalb, Kissinger (1974).
[23] Kissinger, A World Restored, 331.
[24] У Kernwaffen und auswärtige Politik, 291, Кісінджэр называе Клаўзэвіца „першым сапраўды сучасным вайсковым тэарэтыкам” і вывучае яго ўплыў на Леніна і асабліва Мао (290 і наступныя).
[25] Weizsäcker C.F. Der ungesicherte Friede (Göttingen, 1969), 111. Вайцзэкер відавочна тут не меў на ўвазе Кісінджэра. Палітыка Кісінджэра нашмат больш адпавядае паняццю Вайцзэкера „узгодненая біпалярнасць”. На гэты конт параўнай таксама: C.F.von Weizsacker, Gedanken über unsere Zunkuft (Göttingen, 2nd ed., 1968).
[26] Schelsky H. Der Mensch in der wissenschaftlichen Zivilisation, Arbeitsgemeinschaft für Forschung des Landes Nordrhein-Westfalen, Geisteswissenschaften, Heft 69 (Cologne and Opladen, 1961).
[27] Dahrendorf R. Gesellschsft und Demokratie in Deutschland (München, 1965), 33.
[28] Adenauer K. Erinnerungen 1945-1953 (Stuttgart, 1965), 13.
[29] Eigen H., Winkler R. Ludus vitalis, у: Mannheimer Forum: Ein Panorama der Naturwissenschaften (1973-74), 96.
[30] Burckhardt K. J. Entdeckung des Unerwarteten, у: Geschichte zwischen Gestern und Morgen (München, 1974).
[31] Менавіта гэтае адрозненне прыводзіць добра вядомае выказванне з працы Якаба Буркхардта Weltgeschichtliche Betrachtungen да высновы, што гісторыя робіць нас не столькі разумнымі (на наступны раз), колькі мудрымі (назаўсёды).
[32] Heuss T. Die grossen Reden: Der Staatsmann (Tübingen, 1965), 92-92.

Наверх

Кансерватызм у сучасных грамадствах (Марына Сакалова)

Снежня 3, 1996 |


У лiстападзе 1996 г. у Зальцбургу (Аўстрыя) адбыўся семiнар “Кансерватызм у сучасных заходнiх грамадствах”. На самой справе тэматыка дакладаў i паведамленняў была значна шырэйшая – абмяркоўвалiся сучасныя кансерватыўныя рухi ў Еўропе (Заходняй i Усходняй), ЗША, Iндыi, Кiтаi, Лацiнскай Амерыцы, аналiзавалiся гiсторыя i тэорыя кансерватызму як такога. iншымi словамi, семiнар быў прысвечаны абмеркаванню гiсторыi i сучаснасцi кансерватыўных рухаў, iх спецыфiцы ў залежнасцi ад гiстарычных i палiтычных умоў.

У семiнары бралi ўдзел вучоныя, якiя займаюцца палiтычнай фiласофiяй, гiсторыкi, сучасныя палiтычныя дзеячы i журналiсты. Такi склад удзельнiкаў даў магчымасць паглядзець на праблему комплексна. Тэарэтыкi атрымалi шанс адчуць пульс сучаснага палiтычнага жыцця, а для палiтыкаў вельмi важны быў зварот да базавых каштоўнасцяў i асноватворных прынцыпаў кансерватызму, якiя забываюцца, адыходзяць на другi план у палiтычных баталiях па гарачых праблемах сучаснага жыцця. Цiкава было таксама пазнаёмiцца з нацыянальнымi мадыфiкацыямi кансерватыўнай iдэалогii.

Прафесар Мюнхенскага ўнiверсiтэту Ё.Йофэ ў дакладзе “Адна назва – розныя феномены. Кансерватызм у Амерыцы i Еўропе” зноў звярнуўся да вызначэння паняццяў “кансерватызм”, “лiбералiзм”, “сацыял-дэмакратызм” i iнш. ды рознiцы памiж iмi. Гэты вучоны – прыхiльнiк тэорыi, якая разглядае кансерватызм не як аўтаномную iдэалогiю, а як рэакцыю на французскую рэвалюцыю i лiберальныя тэорыi ХVIII ст.1 Ё.Йофэ лiчыць, што класiчны кансерватызм з’яўляецца процiлегласцю класiчнаму лiбералiзму. Таму, калi пад лiбералiзмам разумеецца iндывiдуальная свабода, iндывiдуальная адказнасць, неабмежаваныя рыначныя адносiны, “мiнiмалiсцкая” дзяржава, то класiчны кансерватызм ставiць у цэнтр эпiстэмалогii i iдэялогii грамадства i супольнасць, адказнасць грамадства за сваiх членаў (грамадства павiнна браць на сябе адказнасць за сваiх членаў двума спосабамi; гэта, кажучы па-сучаснаму, некаторыя стандарты сацыяльнай аховы i абароны ды клопат пра захаванне “вiктарыянскiх каштоўнасцяў”). Акрамя таго, кансерватызм грунтуецца на рэлiгii (у адрозненне ад секулярызму лiбералаў), з вялiкай падазронасцю ставiцца да зменаў i не давярае тым, хто лiчыць, што мае падставы змяняць i, адпаведна, план такiх зменаў.

Дырэктар Парыжскага iнстытуту палiтычных даследаванняў прафесар А.-Ж. Слама належыць да прыхiльнiкаў уплывовай навуковай тэорыi, якая разглядае кансерватызм перадусiм з псiхалагiчнага пункту гледжання. Сутнасць гэтага погляду была выкладзена М. Оўкшатам у эсэ “Быць кансерватарам”: кансерватар схiльны карыстацца тым, што “даступна, а не тым, што можа быць… Кансерватар паважае сучаснае, i паважае яго не таму, што яно звязана са старажытнасцю, не таму, што яно лепш за iншыя альтэрнатывы, а таму, што яно больш вядомае i прывычнае…Быць кансерватыўным – гэта значыць аддаваць перавагу вядомаму перад невядомым, выпрабаванаму перад невыпрабаваным, факту перад тайнай, актуальнаму перад магчымым, блiзкаму перад далёкiм,… зручнаму перад дасканалым, сучаснаму смеху перад утапiчным шчасцем”.

Разам з тым прафесар А.-Ж. Слама лiчыць, што ў аснове кансерватызму ляжыць маналiтная камунiтарная традыцыя, якую можна вызначыць па наступных крытэрыях:

  1. стаўленне да iншых: неканфлiктная тэорыя стварэння (стасункi памiж людзьмi павiнны падтрымлiваць сувязi, абумоўленыя прыналежнасцю да адной краiны, паколькi гэта з’яўляецца асноўным прынцыпам неканфлiктнай псiхалогii); кансерватары iмкнуцца выратаваць людзей ад канфлiктаў, усталяваць такое грамадства, дзе канфлiкты немагчымыя (гэтым яны адрознiваюцца ад рэакцыянераў: калi першыя не прымаюць канфлiкт, дык другiя нават iмкнуцца стварыць яго, каб вярнуць былы стан рэчаў);
  2. стаўленне да прыроды: “мы з’яўляемся часткай прыроды”;
  3. стаўленне да гiсторыi: трэба прымаць i ўлiчваць урокi гiсторыi, а не карыстацца рацыяналiзаванымi канцэпцыямi пераўтварэння грамадства; нельга iмкнуцца да дасканаласцi грамадскiх дачыненняў i чалавека, бо дасканалы толькi Бог;
  4. адказнасць, вернасць маральным каштоўнасцям.

Вiдавочна, сучасныя кансерватары вельмi адрознiваюцца ад напрамку, вызначанага М. Оўкшатам. Таму Ё.Йофэ прапанаваў сучасных кансерватараў (М.Тэтчар, Р.Рэйгана i iншых) называць нэакансерватарамi, а класiчных (Э.Бэрка, Р.Шатабрыяна i iнш.) – палеакансерватарамi. Калi палеакансерватызм стаяў за супольнасць i стабiльнасць, дык нэакансерватызм часам iдзе на радыкальныя змены ў арганiзацыi рынку i дзяржавы. Разам з тым, адзначыў Ё.Йофэ, змянiўся i лiбералiзм: у ХiХ ст. ён пастуляваў свабоду ад дзяржавы i свабоду для прыватнага, iндывiдуальнага рынку; цяпер жа лiбералы стаяць за моцную дзяржаву, якая ўсё размяркоўвае, высокi ўзровень сацыяльнага забеспячэння (высокiя падаткi), удзел дзяржавы ў прыватных справах.

Але, хоць лiбералiзм i кансерватызм ХХ ст. вельмi адрознiваюцца ад класiчных, сучасныя лiбералы i кансерватары не цалкам страцiлi былыя звычкi i спосаб мыслення. Так, сучасныя лiбералы, у адрозненне ад класiчных, вераць у моцную дзяржаву, але, як i iх папярэднiкi ў ХVIII ст., яны таксама вераць у iндывiдуальную свабоду. Сучасныя кансерватары, з аднаго боку, прытрымлiваюцца поглядаў, процiлеглых поглядам сучасных лiбералаў, а з другога боку, яны прынялi ключавыя элементы iдэалогii iх папярэднiкаў: як А.Смiт i Дж.Лок, яны выступаюць за свабодны рынак i персанальную адказнасць, абмежаваны ўрад i нiзкiя падаткi. Разам з тым, кансерватары iмкнуцца захаваць рэлiгiйныя i маральныя асновы класiчнага кансерватызму: моцную царкву, моцнае пачуццё калектыўнай адказнасцi, трывалую сям’ю i гэтак далей.

Усё гэта абумовiла, па-першае, шматлiкiя дыскусii i спрэчкi памiж прыхiльнiкамi розных плыняў у лiберальных i кансерватыўных партыях (у якасцi прыкладу Ё.Йофэ прывёў канфлiкты ў Рэспублiканскай партыi ЗША i дыскусii брытанскiх кансерватараў). Па-другое, “мутацыя” iдэялогiй у ХХ ст. прывяла да таго, што лiбералiзм практычна спалучыўся з сацыял-дэмакратыяй, а кансерватары пайшлi на саюз з сацыялiстамi. Ё.Йофэ выказаў вельмi цiкавую думку пра сувязi кансерватызму i сацыялiзму. Як кансерватызм, так i сацыялiзм былi рэакцыяй на лiбералiзм, iндывiдуалiзм i капiталiзм. Нягледзячы на ўсе адрозненнi, гэтыя iдэялагiчныя плынi сыходзяцца ў наступным: абедзьве стаяць за моцны ўрад i моцную калектывiсцкую супольнасць, падазрона ставяцца да iндывiдуму i iндывiдуальнага, да рынку (нi кансерватары, нi сацыялiсты не прымаюць свабодны рынак, якi, быццам кiслата, раз’ядае грамадства, знiшчае традыцыi i зводзiць усе сувязi да абмену, заробку, прыбытку i г.д.); абедзве звяртаюцца да iдэалiзаванага мiнулага. Таму, лiчыць Ё.Йофэ, аб’яднанне кансерватараў (правых) i сацыялiстаў (левых) было толькi пытаннем часу. Менавiта такiм з’яўляецца сучасны кансерватызм у кантынентальнай Еўропе, якi атрымаў назву хрысцiянскай дэмакратыi. Прыкладам палiтыка, якi прытрымлiваецца такой iдэалогii, на думку Ё.Йофэ, ёсць Гельмут Коль.

У вынiку апiсаных вышэй зменаў склалася, як адзначыў прафесар А-Ж.Слама, такая сiтуацыя, што разрыў памiж кансерватарамi, лiбераламi i сацыялiстамi становiцца ўсё меншым, i палiтычны спектр цяпер можна вызначыць толькi па такiх крытэрыях, як правыя i левыя блокi, у якiя групуюцца нашчадкi гэтых палiтычных традыцый.

Такое ж разуменне сучаснага палiтычнага спектру ляжыць у аснове аналiтычнай тыпалогii, прапанаванай М.Эдвардсам, членам Рэспублiканскай партыi ЗША, выкладчыкам Гарвардскага ўнiверсiтэту (гл. таблiцу).

Цiкава, што некаторыя высновы даклада прафесара А.-Ж.Слама сталi свайго роду адказам на пытанне, чаму кансерватары займаюць цэнтр палiтычнага спектру. Вучоны адзначае, што сучасныя кансерватары змянiлi свае пазiцыi i лозунгi: цяпер яны выступаюць не “супраць”, а “за”:

  • не супраць роўнасцi, а за роўнасць магчымасцяў;
  • не супраць рэальных правоў, а за фармальныя правы;
  • не супраць свабоды, а за прадухiленне яе пабочных эфектаў, бо, напрыклад, калi свабоды зашмат, гэта можа прывесцi да гвалту (кансерватары сцвярджаюць, што яны могуць зрабiць тое ж, што i лiбералы, але з меншым стратамi i пабочнымi эфектамi, без скрайнасцяў).
Левыя Прагрэсісты Цэнтр Кансерватары Правыя
Універсалісцкі розум Прагматычны універсалізм Нейтральны прагматызм Разумная традыцыя Традыцыя
гарманічны сацыялізм, рамантычны марксізм, секулярызаваны радыкалізм, навуковы марксізм, секулярызаваны гуманізм, унітарызм, манчэстэрскі лібералізм, карпаратывізм, ідэялістычны марксізм секулярызм, лейбарысты, Сун-Ят-Сен, сацыял-дэмакраты Дж. Неру, Атацюрк, Гаміньдан, кансерватары, хрысціянскія дэмакраты М. Гандзі, М. Тэтчар, прыхільнікі Лока індуізм, іслам, артадакальны іудаізм, нацыянальны каталіцызм, артадаксальны пратэстантызм, нацыяналізм, амерыканскі нацыяналізм

Разам з гэтым прафесар Слама адзначыў i радыкалiзацыю пазiцый пэўнай часткi кансерватараў, якая абумоўлена некаторымi сучаснымi праблемамi (мiграцыя, экалагiчныя праблемы i iнш.) ды зваротам да камунiтарызму i нацыяналiзму, характэрных для класiчнага кансерватызму. Гэта вядзе да фашысцкага нацыяналiзму i iнтэгрысцкiх рэлiгiйных рухаў, з аднаго боку, i да ўмацавання прафсаюзнага руху i iншых вiдаў кааперацыi, вяртання да скрайнасцяў 30-х гадоў i саюзу з каталiкамi, з другога. Неканфлiктная мадэль грамадства кансерватараў таксама стварае глебу для апраўдання гвалту, бо кампрамiс магчымы толькi тады, калi канфлiкт прымаецца як натуральная з’ява.

У дакладзе П.Сiнха, прафесара iнстытуту Джавахарлала Неру (iндыя), экалагiчны гуманiзм М.Гандзi быў прадстаўлены як iндыйскi варыянт кансерватызму. Прыхiльнiкi М.Гандзi супрацьстаяць тым фiлосафам, якiя прапагандуюць рацыяналiзм i эканамiчны рост, яны абараняюць традыцыйную культуру, сялянскую гаспадарку i прынцыпы няроўнасцi, якiя нельга аддзялiць ад iндыйскай традыцыi, крытыкуюць сучасную заходнюю цывiлiзацыю. Вельмi цiкава П.Сiнгха апiсаў сучасную iндыю: для яе характэрны рэлiгiйны секулярызм, эканамiчны лiбералiзм, сацыя-культурны кансерватызм, а ў палiтыцы – лiберальна-кансерватыўны сацыялiзм.

Гiсторыi паўстання сучаснага кансерватызму ў ЗША былi прысвечаныя даклады У.Рашэра, вядомага амерыканскага палiтычнага дзеяча i журналiста, i Д.Дэвiна, доктара палiтычнай фiласофii, галоўнага кансультанта Р.Рэйгана i Р.Доўла ў час iх выбарчых кампанiй, аўтара шасцi кнiг, прысвечаных праблемам дэмакратычнай тэорыi i метадалогii вывучэння грамадскага меркавання. У.Рашэр адзначыў, што кансерватыўны рух пачаўся ў ЗША ў 1950-х гадах як каалiцыя памiж лiбертарыянскiмi эканамiстамi, традыцыяналiстамi (у тым сэнсе, якi ўкладваў у гэты тэрмiн Э.Бэрк) i прыхiльнiкамi прынцыпаў халоднай вайны, якiх аб’яднала варожасць да лiбералiзму. Рух развiваўся на працягу трыццацi гадоў i атрымаў перамогу ў 1980 г., калi прэзiдэнтам стаў Р.Рэйган. Амерыканскiя кансерватары лiчаць, што неадкладнага вырашэння патрабуюць наступныя праблемы: развiццё высокатэхналагiчнага грамадства, калi неквалiфiкаваная праца перамяшчаецца за мяжу; банкруцтва праграм сацыяльнай абароны; неадкладная патрэба рэфармавання сiстэмы сацыяльнай аховы; маральнае адраджэнне краiны. Д.Дэвiн паказаў схему развiцця амерыканскага кансерватыўнага руху. Асноўнымi рысамi амерыканскага кансерватызму ён лiчыць апору на iндывiдум у супольнасцi, вызначэнне рознiцы памiж дзяржавай i супольнасцю, недавер, нават страх перад усемагутнай дзяржавай, боязь масаў, прыхiльнасць да прынцыпу падзелу ўлады i федэралiзму, павагу да рэлiгii i традыцыi, iмкненне змагацца за ўсталяванне “маральнага парадку”, i, разам з гэтым, – патрабаванне захаваць свабодны рынак, неўмяшання дзяржавы, нiзкiх падаткаў i г.д. Гэтыя прынцыпы сталi вядомыя грамадскасцi праз працы i выступы Ф.Гаека, Дж.Оруэла, Б.Голдуотэра. iх пашырэннем i прапагандай займалiся такiя выданнi, як “National Review”, “The Freeman”, “Modern Age” i iнш. Былi створаныя таксама кансерватыўныя арганiзацыi, маладзёжныя i перадвыбарныя, а таксама фонды, якiя займалiся фiнансавай падтрымкай руху. Усё гэта дало магчымасць згуртаваць традыцыяналiстаў, лiбертарыянцаў, антыкамунiстаў, дэмакратаў Поўдня (папулiстаў), маралiстаў i новых правых на аснове iдэй, прапанаваных нэакансерватарамi. Наступным крокам было стварэнне часовых каалiцый з рознымi сацыяльнымi групамi – банкiрамi, будаўнiкамi, уладальнiкамi гатэляў i рэстаранаў, дробнымi бiзнэсменамi, фундаменталiстамi i iнш. Усё гэта i стала асновай перамогi кансерватараў.

Трэба адзначыць, што на семiнары вельмi часта вялiся дыскусii адносна правамернасцi самога паняцця “амерыканскi кансерватызм”. Вучоныя i палiтыкi Старога свету iмкнулiся даказаць, што разуменне кансерватызму ў Амерыцы адпавядае паняццю еўрапейскага лiбералiзму (Э.Морцiмер, рэдактар лонданскай “Financial Times”), што кансерватызм не можа паўстаць у ЗША з прычыны адсутнасцi феадальнага мiнулага (Ё.Йофэ).

У краiнах былога савецкага блоку з кансерватызмам звязаныя зусiм iншыя праблемы. Некаторыя даследчыкi лiчаць кансерватарамi камунiстаў-рэваншыстаў (Б.Капусцiн, вядучы навуковы супрацоўнiк iнстытуту фiласофii РАН), ёсць погляды, што нашчадкамi кансерватыўнай традыцыi могуць быць хрысцiянска-дэмакратычныя блокi (В.Дойкаў, член балгарскага парламенту). Але больш слушным здаецца погляд, выказаны латышскiм вучоным iльзе Островска (прафесар факультэту сацыялогii Латвiйскага ўнiверсiтэту). Яна адзначыла, што ў краiнах былога СССР палiтычныя прынцыпы, зафiксаваныя ў праграмах сучасных палiтычных партый, валодаючых рэальнымi рычагамi ўздзеяння на палiтыку, маюць для iх другаснае значэнне, асноўнае ж – перадзел уласнасцi. i ў гэтым, здаецца, асноўная прычына паражэння новых палiтычных партый: яны не могуць прапанаваць iдэялогiю, здольную прывабiць выбаршчыкаў.

Марына Сакалова

Наверх

Марына Сакалова. Да мэтадалёгіі аналізу грамадзка-палітычных рухаў / Артыкул

Жніўня 24, 1995 |


Актуальнасьць гістарычна-мэтадалягічнага аналізу сыстэмы грамадзка-палітычных рухаў абумоўленая шэрагам прычынаў. Сярод ix адной з фундамэнтальных ёсьць крызысны стан сучаснай гістарычнай навукі. Яго часам спрабуюць тлумачыць тым, што гістарыяграфія доўгі час мусіла разьвівацца ў рамках марксысцкай парадыгмы, калi шматлікія галіны мінулага выключаліся з поля зроку дасьледчыкаў, а тое, што вывучалася, цярпела ад скажэньняў. Пэўная рацыя ў такіх развагах ёсьць. Але прычына ня толькі ў гэтым. Пасьля адмаўленьня ад мэтадалёгіі марксызму гісторыкі пачалі падазрона ставіцца да ўсіх формаў тэорыі i апынуліся ў палоне фэтышызацыі першакрыніц. Яны быццам забыліся, што гістарычнае дасьледаваньне ня можа мець каштоўных вынікаў без рэфлексіяў на прадмет структураваньня эмпірычных дадзеных, магчымага толькі ў рамках пэўнай тэорыі. Як ведама, пабудова тэорыі — гэта распрацоўка канцэптуальнага апарату i ўсталяваньне адносінаў паміж паняцьцямі, г. зн. пабудова сыстэмы паняцьцяў. Калі ж дасьледчык ня ўлічвае неабходнасьці такой рэфлексіі, не ўдакладняе сэнсу паняцьцяў, якімі карыстаецца, даходзіць да тэрміналягічнай блытаніны, што можа абумовіць размываньне, нявызначанасьць i нават страту прадмета дасьледаваньня. Менавіта такая сытуацыя, на наш погляд, склалася ў галіне вывучэньня гісторыі грамадзка-палітычны рухаў: адсутнасьць адпаведнага канцэптуальнага апарату шкодзіць карэктнаму навуковаму аналізу i адэкватнай рэканструкцыі гэтых рухаў.

Характэрнае для нашай сытуацыі i тое, што працы па гісторыі грамадзка-палітычных рухаў уяўляюць зь сябе ў асноўным публікацыю й абагульненьне новых эмпірычных дадзеных. Клясычныя эмпірычныя падыходы быццам атрымалі другое дыханьне дзякуючы новым галінам дасьледаваньня (прыкладам, гісторыя лібэральных ці нацыянальных партый i г. д.). Але i ў ix магчымасьці экстэнсіўнага разьвіцьця хутка вычарпальныя (калі не лічыць гістарычным дасьледаваньнем выяўленьне ўсё новых дробных i найдрабнейшых фактаў, што маюць значэньне толькі для гістарычнага краязнаўства), — паўстае ілюзія поўнай вывучанасьці прадмета. Менавіта такая ілюзія прывяла да таго, што гісторыі грамадзка-палітычных рухаў надаецца так мала ўвагі: здаецца, праблематыка тут практычна вычарпана. Але на самой справе вычарпаныя толькі магчымасьці вузка-эмпірычнага i дагматычнага марксысцкага падыходу да фэномэну.

Так што пабудова цэласнай тэорыі грамадзка-палітычных рухаў у гістарычнай навуцы дастаткова актуальная. Яна можа мець эўрыстычнае значэньне. Пэўным набліжэньнем да такой тэорыі можа лічыцца варыянт злучэньня абстрактна-лягічнага аналізу i канкрэтна-гістарычнай рэканструкцыі сыстэмы грамадзка-палітычных рухаў, які й прапануецца да ўвагі. У рамках існуючай тэрміналёгіі такі падыход прынята называць гістарычна-мэтадалягічным аналізам.

Пры дасьледаваньні пэўнага аб’екта (зьявы, падзеі, працэсу) гісторык ня можа аднолькава ахапіць усе яго бакі. Бяруцца некалькі бакоў (элемэнтаў) аб’екта, якія замяняюць, прадстаўляюць увесь шматбаковы фэномэн i фармуюць прадмет дасьледаваньня. Аднаму аб’екту можа адпавядаць некалькі розных прадметаў дасьледаваньня, таму колькі б мы ні рухаліся ў эмпірычнай сфэры, колькі б ні заходзілі з розных бакоў, рэальная структура аб’екта застаецца нявытлумачанай. Каб выявіць яе, патрабуюцца іншыя, не эмпірычныя прыёмы i спосабы аналізу[1].

Сучасная мэтадалёгія прапануе дзеля такога выпадку дастаткова распрацаваныя мэтады сыстэмнага аналізу. Згодна зь яго патрабаваньнямі, для перадачы складаных зьяў выкарыстоўваецца некалькі тэорый-моў апісаньня сыстэмы. Колькасьць гэтых моў павінна быць мінімальнай, але дастатковай для дасягненьня мэты. Шматбаковасьць i шматслойнасьць сацыяльнай рэальнасьці вымагае выбару некалькіх тэорый-моў — у адпаведнасьці з предметам i мэтамі досьледу[2]. Разам з тым, гэтыя тэорыі вызначаюць аб’ект дасьледаваньня, выяўляюць яго межы i канфігурацыю (адсюль i назва сукупнасьці моў апісаньня сыстэмы — канфігуратар).

Калі мець на ўвазе аднаўленьне структуры i эвалюцыі грамадзка-палітычных рухаў у пэўны час, канфігуратар павінен складацца з моў сацыялёгіі, паліталёгіі i сацыялінгвістыкі. У гэтым выпадку тэорыя эканамічных адносін, на наш погляд, не зьяўляецца неабходнай. Эканоміка — канчатковая, але не непасрэдная дэтэрмінанта грамадзкага быцьця; у рэальнай гісторыі грамадзтва цэнтральнае становішча займаюць сацыяльныя супольнасьці i ix узаемадачыненьні.

Мовы сацыялёгіі i паліталёгіі дазваляюць ажыцьцявіць вельмі важныя мэтадалягічныя працэдуры: 1) распрадмечваньне паняцьця «грамадзка-палітычны рух», яго абстрактна-лягічны аналіз, які дае магчымасьць распазнаць пэўнае мноства элемэнтаў, частак прадмета дасьледаваньня; 2) вызначэньне адносін на выяўленым мностве элемэнтаў, якое прыводзіць да аб’яднаньня частак такім чынам, што паўстае нешта новае, тое, чаго не было й не магло быць без аб’яднаньня, — зьяўляюцца новыя прадметныя паняцьці, якія дазваляюць больш поўна i карэктна апісаць сыстэму грамадзка-палітычных рухаў[3]. Пры гэтым неабходна памятаць, што размова йдзе не пра рэальны аб’ект (у якім, вядома, ня могуць зьявіцца новыя якасьці), а пра навуковы прадмет, інтэлектуальны артэфакт.

Гісторыкі цэлага сьвету да гэтага часу спрачаюцца наконт выкарыстаньня мэтадаў паліталёгіі, сацыялёгіі i іншых сацыяльных навук у мэтах рэканструкцыі i дасьледаваньня мінулага. Многія аспрэчваюць канструктыўнасьць такога падыходу. Мы ж лічым дастаткова абгрунтаваным пункт гледжаньня ангельскага гісторыка Э.Хобсбаўма, які пісаў, што «аналітычныя мадэлі гэтых навук атрыманы ў ix найбольш грунтоўнай i найбольш сыстэматызаванай форме менавіта з дапамогаю абстрагаваньня ад гістарычнай зьменлівасьці… i забясьпечваюць нас добрымі мэтафарамі, паняцьцямі i тэрмінамі, даюць адпаведныя сродкі для ўпарадкаваньня сабранага матэрыялу»[4]. Сапраўды, сучасныя паняцьці сацыялёгіі дапамагаюць гісторыку пабудаваць схему зараджэньня i рэканструяваць мэханізм функцыяваньня сацыяльнага руху як такога, а мова паліталёгіі забясьпечвае нас неабходнымі тэрмінамі для аналізу палітычных рухаў.

Нельга, вядома, ператвараць гістарычнае дасьледаваньне ў спраектаваныя ў мінулае паліталёгію ці сацыялёгію. Пазьбягаць гэтага на ўзроўні мэтадалягічнай рэфлексіі дазваляюць, па-першае, пэўныя працэдуры сацыялінгвістыкі, па-другое, гермэнэўтычны прынцып дасьледаваньня гісторыі сацыяльных зьяў. Лінгвістычны аналіз патрэбны гісторыку пры распрадмечваньні паняцьцяў, ідэальных канструктаў, якія ён выкарыстоўвае пры вывучэньні мінулага. За гэтымі паняцьцямі ўжо, як правіла, цягнецца шлейф асацыяцыяў з пабытовага ўжытку. Гісторыкі мусяць карыстацца тымі словамі, якімі карысталіся суб’екты гісторыі. Сацыялінгвістычныя працэдуры дазваляюць узнавіць гісторыю фармаваньня такіх ідэалягем, як рэвалюцыя, лібэралізм, сацыялізм i інш., дзякуючы чаму адкрываецца магчымасьць вытрымаць гермэнэўтычны прынцып дасьледаваньня: паняцьці, якімі карыстаецца гісторык, мусяць мець рэальную сувязь з тэорыямі дзейных суб’ектаў, ix сыстэмай каштоўнасьцяў, а тлумачэньне павінна ажыцьцяўляцца праз асэнсаваньне культурнага багацьця, засвоенага суб’ектамі, дзейнасьць якіх дасьледуецца.

Такім чынам, да таго, як пачаць апісаньне сыстэмы грамадзка-палітычных рухаў пэўнага пэрыяду, гісторыку належыць вырашыць траякую задачу: аднавіць значэньне паняцьцяў у акрэсьлены час, выявіць ix сучасны зьмест у тэорыях, якія складаюць канфігуратар сыстэмы, i зьвесьці дадзеныя аналізу. Гэта робіць магчымым канструяваньне тэрмінаў, якія, нягледзячы на тэндэнцыю да «расплываньня»[5], будуць усё ж захоўваць межы прадмета i таму мець эўрыстычную каштоўнасьць. Зьмест ідэалягем, якімі карыстаецца гісторык грамадзкіх i палітычных рухаў, зьмяняўся i па-рознаму інтэрпрэтаваўся суб’ектамі гістарычнага працэсу. Таму дасьледаваньне будзе карэктнае толькі ў тым выпадку, калі разам з сучаснымі дэфініцыямі гісторык улічыць i іхныя ўяўленьні, а ня будзе абмяжоўвацца самаінтэрпрэтацыяй.

Мы засяродзімся тут пакуль у асноўным на першым кроку мэтадалягічнага аналізу — на распрадмечваньні паняцьця «грамадзка-палітычны рух».

Пад грамадзкім рухам у сучаснай навуцы разумеюць супольнае імкненьне людзей да рэалізацыі агульнай мэты; гэтае агульнае імкненьне выяўляецца ў дзейнасьці прадстаўнікоў якой-небудзь адной ці некалькіх сацыяльных групаў, скіраванай на забесьпячэньне групавых грамадзкіх інтарэсаў i зьмяненьне сацыяльнага становішча ўдзельнікаў руху[6]. Паколькі сацыяльны рух так ці йнакш выстаўляе свае патрабаваньні дзяржаве, ён заўсёды ў большай ці меншай ступені палітызаваны. Апрача палітычнай арыентацыі ў такіх рухах заўсёды неабходна вылучаць уласны зьмест. У прыватнасьці, здараецца, што сацыяльны зьмест руху мае прагрэсіўны характар (напрыклад, сацыяльная справядлівасьць ці паляпшэньне ўмоў жыцьця), a палітычная арыентацыя набывае рэакцыйны характар. Як прыклад можна разглядаць рамантычны нацыяналізм. Для большасьці людзей удзел у грамадзкім руху абмяжоўваецца выяўленьнем сымпатый ці падтрымкай руху без непасрэднага ўдзелу ў дзейнасьці фармальных арганізацый, што яго рэпрэзэнтуюць.

Ад грамадзкага руху трэба адрозьніваць масавыя зьявы, калі члены якой-небудзь супольнасьці (клясы ці сацыяльнай праслойкі) уласнымі сіламі шукаюць сродкі для задавальненьня сваіх патрэбаў i вырашэньня сытуацыі, якая выклікала ix непакой. Іншымі словамі, у адрозненьне ад грамадзкага руху масавая зьява — гэта проста сума падобных учынкаў, а ня дзейнасьць, накіраваная на рэалізацыю супольнай мэты. Такое вызначэньне грамадзкага руху зьмяняе звычайныя ўяўленьні пра сацыяльную прастору. Напрыклад, масавыя сялянскія ці рабочыя выступленьні перастаюць быць галоўным прадметам дасьледаваньня (хоць яны, вядома ж, уплывалі на сацыяльныя адносіны, арганізацыі й структуры, г.зн. зьяўляліся адным з фактараў грамадзкага разьвіцьця), а дзейнасьць розных грамадзкіх арганізацый, літаратурных гурткоў, таварыстваў пісьменнасьці i г.д. патрабуе падрабязнага вывучэньня i аналізу.

Грамадзкія рухі — галоўная лінія дэтэрмінацыі палітычнага быцьця. Таму можна пагадзіцца з вызначэньнем палітычных рухаў у шырокім сэнсе як палітычных працэсаў, зьвязаных з сацыяльнай дзейнасьцю масавых групаў насельніцтва, актывізаваных па той ці іншай прычыне. Мэтаю гэтай дзейнасьці есьць зьмена існуючых умоў або ix замацаваньне праз уплывы на ўрад (дзяржаўныя інстытуты). Палітычныя рухі, як i грамадзкія, характарызуюцца масавасьцю i спантаннасьцю. Гэтым яны адрозьніваюцца ад інтэлектуальна-ідэалягічных, якія ахапляюць параўнальна невялікія, хоць часта i вельмі ўплывовыя элітарныя групы. Інтэлектуальна-ідэалягічныя рухі могуць прадвызначаць, прадказваць палітычныя, але першыя ніколі не бываюць тоесныя з апошнімі. Таму, напрыклад, пры аналізе лібэральнага ці сацыялістычнага руху неабходна адрозьніваць лібэральны i сацыялістычны ідэалы як такія, тэорыі й ідэалёгіі, у аснове якіх ляжаць гэтыя ідэалы, а таксама сацыяльныя псыхалягічныя настроі i лад думак, адлюстраваныя ў саманазве тых ці іншых удзельнікаў руху. Самаінтэрпрэтацыя пэўнай супольнасьці як лібэральнай, кансэрватыўнай ці сацыялістычнай можа мець дачыненьне да розных стадыяў разьвіцьця ды формаў грамадзкага i палітычнага руху. Кожная палітычная традыцыя ў стане існаваць у форме як масавага настрою, так i ідэйнага руху, як палітыкі кіраўнічай эліты, так i палітычнага руху. Гэта скрайне важна ўлічваць, каб пры карэктным аналізе грамадзка-палітычнага руху ўнікнуць тэрміналягічнай блытаніны. Дасягненьне ж гэтага магчыма толькі на аснове ўзнаўленьня мэханізмаў нараджэньня грамадзкага i фармаваньня палітычнага руху.

У самай агульнай форме мэханізм паўставаньня грамадзкага руху можна рэпрэзэнтаваць наступным чынам. Пэўная частка людзей у грамадзтве ня мае магчымасьці задаволіць свае патрэбы (эканамічныя, культурныя, палітычныя), што выклікае незадавальненьне, фрустрацыі. Энэргія пераключаецца на барацьбу супраць існуючых (ці ўяўных) перашкодаў; зьяўляецца стан эмацыйна-псыхічнага дыскамфорту. Дзякуючы кантактам, асэнсаваньню агульнасьці свайго стану большасьцю людзей, эмацыйна-псыхічнае хваляваньне перарастае ў сацыяльнае. Апошняе выяўляецца ў дыскусіях у розных нефармальных колах (такімі нефармальнымі коламі могуць лічыцца i сьвецкія салёны, i нелегальныя гурткі навучэнцаў). Стан эмацыйнага хваляваньня — зыходны момант грамадзкага руху. Затым спантанна зьяўляюцца розныя формы агітацыі, дыскусіі i прапаганды, празь якія вынаходзяцца спосабы вырашэньня праблемаў, што выклікалі сацыяльнае хваляваньне. Усе гэтыя формы дзейнасьці ажыцьцяўляюць людзі, якія найвастрэй адчуваюць незадавальненьне ці валодаюць пэўнымі канцэпцыямі i ўяўленьнямі пра тое, што трэба зьмяніць, каб палепшыць сытуацыю. У выніку стыхійнай дзейнасьці паўстае асэнсаваньне агульнасьці мэтаў, фармуюцца гурткі i нефармальныя групы людзей, аб’яднаных гэтым асэнсаваньнем, адбываецца своеасаблівая самаарганізацыя грамадзкіх сілаў. Менавіта ў такіх трупах выдзяляюцца лідэры-ідэолягі. Аднак сацыяльнае кола застаецца яшчэ свабодным саюзам, заснаваным на кантактах вельмі слабой інстытуцыйнай сувязі, пазбаўленых устойлівых адносінаў паміж яго членамі. Гэтыя колы маюць свой цэнтар аб’яднаньня i пэўную дамінуючую індывідуальнасьць, пад уплывам якой фармуюцца погляды i ўстаноўкі. Функцыя такіх колаў — абмен меркаваньнямі; яны ня дзейнічаюць, не прымаюць рашэньняў, ня маюць выканаўчага апарату. Ix грамадзкае значэньне ў фармуляваньні i прадстаўленьні на абмеркаваньне індывідам пытаньняў для выпрацоўкі поглядаў.

Сацыяльныя колы i нефармальныя гурты, што паўсталі спантанна, ствараюць мэтавыя групы для рэалізацыі агульных мэтаў i здабываюць сродкі для арганізацыі пэўнай дзейнасьці. Так даходзіць да аб’яднаньняў, якія маюць сваё кіраўніцтва, свае статуты i правілы, што рэгулююць ix дзейнасьць. На гэтым этапе канчаткова зацьвярджаецца прызнаны большасьцю лідэр руху, зьяўляюцца i разрастаюцца інстытуцыялізаваныя формы руху. Такім чынам, гісторыя разьвіцьця грамадзкага руху (якім бы ні быў яго зьмест) — гэта перш за ўсё працэс зьмены розных формаў аб’яднаньня індывідаў: сацыяльнае кола, нефармальная група, мэтавая трупа, арганізацыя[7].

Як ужо адзначалася вышэй, зьмест сацыяльнага руху часта зьвязаны з пэўнымі палітычнымі традыцыямі, канкрэтным увасабленьнем якіх зьяўляюцца палітычныя плыні. Палітычныя плыні фармуюцца ў працэсе ідэалягізацыі пэўных сацыяльных i палітычных праблемаў (якія імкнуцца вырашыць i грамадзкія рухі), ix суаднясеньня з канчатковымі каштоўнасьцямі, адлюстраванымі ў мове дадзенай палітычнай культуры.

Палітычныя плыні больш устойлівыя, чым сацыяльная база, на якой яны паўстаюць; яны здольныя перажыць яе распад i аднаўленьне. Прыкладам, у другой палове XIX ст. у аснове грамадзка-палітычных рухаў ляжалі лібэральны, сацыялістычны й кансэрватыўны ідэалы. Прынцыпы лібэральнага ідэалу — сэкулярызм, свабода i захаваньне асноўных непарушных правоў чалавека, зьвядзеньне да мінімуму ролі дзяржавы ва ўсіх сфэрах грамадзкага, палітычнага й эканамічнага жыцьця. Сутнасьць сацыялістычнага ідэалу — бясклясавае грамадзтва, заснаванае на грамадзкай уласнасьці на асноўныя сродкі вытворчасьці. Кансэрватыўны ідэал грунтуецца на прынцыпах натуральнага права, непарыўнасьці традыдый, што сягаюць да продкаў, імкненьні да захаваньня «арганічных» асноў грамадзкага жыцьця.

Лібэральная палітычная традыцыя склалася як масавая (хоць i ня выявілася ў адзіным руху) рэакцыя на спробы адрадзіць духовыя (хрысьціянскі клерыкалізм) i сацыяльныя (прынцып станавай іерархіі) асновы «старога парадку» пасьля буржуазных рэвалюцый. Кансэрватыўная i сацыялістычная палітычныя традыцыі фармаваліся як рэакцыя на грамадзкія зрухі, выкліканыя ўсталяваньнем буржуазнай лібэральнай эканомікі i вынікамі прамысловых рэвалюцый. Тэрміны «кансэрватызм» i «сацыялізм» зьявіліся ў дваццатых гадох XIX ст. Слова «сацыялізм» пачало ўжывацца ў блізкім да сучаснага сэнсе пасьля 1825 г. (раней яно ўжывалася як антытэза да слова «індывідуалізм»). У 1826 г. у Англіі ўпершыню быў выкарыстаны тэрмін «сацыялісты» для азначэньня прыхільнікаў Оўэна, у 1832 г. у Францыі сацыялістамі сталі называць прыхільнікаў Сэн-Сімона, Фур’е i тых, хто крытыкаваў існуючую сыстэму камэрцыйнага спаборніцтва ды выступаў зь ідэямі новага жыцьця, заснаванага на калектыўным кантролі. Тэрмін «камунізм» як ідэнтычны тэрміну «сацыялізм» упершыню выкарысталі К.Маркс i Ф.Энгельс (раней камунізмам называлі pyx дзеля заснаваньня камунаў з агульнай уласнасьцю i роўным разьмеркаваньнем). Тэрмін «кансэрватызм» быў першы раз ужыты дзеля апісаньня палітычных поглядаў i практычных мераў, прынятых у Францыі пасьля зьвяржэньня Напалеона. Адтуль ён у 20-х — 30-х гадох XIX ст. распаўсюдзіўся па Эўропе, a ў 40-х — i ў ЗША[8].

Такім чынам, працэдура распрадмечваньня дазволіла вызначыць наступныя элемэнты сыстэмы: грамадзкія рухі, масавыя зьявы, сацыяльнае кола, нефармальная група, мэтавая група, арганізацыя, інтэлектуальна-ідэалягічны pyx, палітычны pyx, палітычная плынь, палітычная традыцыя, а таксама гэтак званыя ідэалягемы: сацыялізм, камунізм, лібэралізм. Гэта калі гаворка йдзе пра грамадзка-палітычныя рухі XVII-XIX ст. У XX ст. гістарычна, сацыяльна й палітычна фармуецца радыкальная «чацьвертая ідэалёгія» ў розных варыянтах: фашызм, шавінізм, «новыя правыя», папулісцка-нацыяналістычныя тыраніі, на Ўсходзе — ідэалёгія «тэрарыстычнай альтэрнатывы» лібэральным каштоўнасьцям[9].

Аднак задачай гісторыка ёсьць дасьледаваньне гісторыі аб’екта. У тэрмінах сыстэмнага аналізу гісторыя аб’екта — гэта працэс пераходу ад аднаго стану да другога, зьмест якога ўвасабляе ўсталяваньне новай (у параўнаньні з папярэдняй) узаемасувязі кампанэнтаў. Тады наступным этапам зьяўляецца пабудова генэтычнай пары. Гэты крок па-сутнасьці ёсьць пераходам ад абстрактна-лягічнай схемы да пачатку канкрэтна-гістарычнага дасьледаваньня. Кал i пры гэтым дасьледчыку патрэбна ўзнавіць працэс нараджэньня аб’екта (зададзены вынік працэсу), то ён, натуральна, павінен знайсьці той стан, які можа быць зыходным пунктам працэсу. Наадварот, калі задача ў тым, каб узнавіць працэс разьвіцьця аб’екта (зададзены зыходны пункт працэсу), дасьледчык мусіць у першую чаргу адшукаць той стан, які можна разглядаць у якасьці выніку працэсу. Наколькі правільна да аднаго (зададзенага) стану сыстэмы падбіраецца другі, неабходны для атрыманьня «генэтычнай пары» разьвіцьця, паказвае далейшае дасьледаваньне: як ведама, працэс разьвіцьця можна ўзнавіць толькі ў выпадку праўдзівасьці такога выбару[10].

На сучасным этапе разьвіцьця нашай гістарычнай навукі аналіз грамадзка-палітычных рухаў у Беларусі XIX ст. варта пачаць са спробы ўзнавіць працэс нараджэньня аб’екта, г. зн. зыходзіць з пэўнага выніку разьвіцьця сыстэмы. Тады асновай пабудовы «генэтычнай пары» можа стаць рэвалюцыя 1905-1907 г., бо сапраўднае палітычнае самавызначэньне розных клясаў пачалося толькі з канца 1904 г., a асноўныя палітычныя партыі Расейскай імпэрыі аформіліся ў гэты пэрыяд. I менавіта пасьля рэвалюцыі месца латэнтных інэртных групаў занялі высокасьведамыя i моцна палітызаваныя супольнасьці. Сыстэма грамадзкіх рухаў Беларусі ў гэты час была ўпісана ў сыстэму рухаў імпэрыі.

Аднак, кал i паўстае пытаньне вызначэньня зыходнага моманту разьвіцьця грамадзка-палітычных рухаў Беларусі, мэтазгодна было б унесьці карэктывы ў звыклую пэрыядызацыю. Для Расеі зыходным момантам можа лічыцца стан грамадзтва пасьля паразы ў Крымскай вайне. Найважнейшай асаблівасьцю сацыяльнай эвалюцыі гэтага пэрыяду зьяўлялася палітызацыя грамадзкага руху i ізаляцыя ўраду ад яго. У Беларусі ў гэты час сытуацыя была зусім іншая: паўстаньне 1830-1831 г., затым паўстаньне 1863-1864 г. i палітыка расейскага ўраду прывялі да таго, што грамадзкае i палітычнае жыцьцё тут доўгі час заставалася ў рамках супрацьстаяньня «польскага» i «расейскага» элемэнтаў, што безумоўна перашкаджала вызначэньню інтарэсаў розных сацыяльных групаў. Самаарганізацыя грамадзкіх суполак у «Северо-Западном крае» пачалася значна пазьней з прычыны ўведзенага ваеннага становішча (да 1880-х г.). Разам з тым, вытокі ідэалягічных i палітычных плыняў у беларускім грамадзтве трэба шукаць яшчэ ў канцы XVIII — пачатку XIX ст., у суплёце расейскіх i польскіх ідэйных уплываў.

Пералічаныя фактары надаюць працэсу эвалюцыі грамадзка-палітычных рухаў Беларусі такую спэцыфіку, што яго дасьледаваньне ў рамках i ў адпаведнасьці з пэрыядамі разьвіцьця аналягічных працэсаў у Расеі прыводзіць да істотных скажэньняў. Таму ўяўляецца патрэбным спачатку вызначыць агульныя рамкі: пачатак XIX ст. (канец напалеонаўскіх войнаў) — пачатак XX ст. (рэвалюцыя 1905-1907 г.). Калі пабудаваць такую «генэтычную пару» i прасачыць асноўныя тэндэнцыі разьвіцьця грамадзка-палітычных рухаў у Беларусі, зьявяцца магчымасьці выявіць пэрыяды, спэцыфічныя для гісторыі Беларусь i ўжо ў рамках гэтых пэрыядаў будзе працягвацца вывучэньне прадмета.

Вядома, канчатковыя веды па гісторыі сыстэмы грамадзка-палітычных рухаў могуць дасягацца толькі ў выніку канкрэтна-гістрычнага дасьледаваньня. Але фармуляваньне першапачатковай гіпотэзы — гэта важны этап рэканструкцыі ўсяго працэсу разьвіцьця аб’екта: яно надае дасьледаваньню неабходную мэтанакіраванасьць i структурнасьць.

TO METHODOLOGY OF ANALYSIS OF SOCIAL AND POLITICAL MOVEMENTS

The article deals with the problem of methodological analysis of the history of social movements in general and in Belarus in the XIXth century in particular. Before the investigation and reconstruction of the past one should distinguish the subject of investigation and the means of its description. The languages of sociology, politology and sociolinguistics give adequate concepts and metaphors to study such phenomena as social movement, political movement, mechanism of emergence of social movement, liberalism, socialism, democratism and etc. This background gives the possibility to distinguish chronological framework necessary to reconstruct the process of development of the Belarusan society from latent groups* to a civil society with numerous political and social strata.


[1] Щедровицкий Г. Проблемы методологии системного исследования. — Москва, 1964. С. 14, 28.

[2] Перегудов Ф., Тарасенко Ф. Введение в системный анализ. — Москва, 1989. С.291-294.

[3] Розин В. Методология и философия в современной интеллектуальной культуре // Вопросы методологии. — 1991. 2. С.16.

[4] Хобсбаум Э. От социальной истории к истории общества // Философия и методология истории. — Москва, 1977. С.285.

[5] Бибихин В. Язык философии. — Москва, 1993. С.46.

[6] Щепаньский С. Основные понятия социологии. — Москва, 1968. С.21; Социология. — Москва, 1992. Т.2. С. 166.

[7] Щепаньский С. Цыт. пр. С.211, 214; Вятр Е. Социология политических отношений. — Москва, 1979.

[8] Rugeerio G. The history of European Liberalism. — London, 1927; Shapiro S. Liberalism. — London, 1958; Conservatism // Encyclopedia Britanica. V.6. — London, 1969. P. 372-376; Cole G. History of Socialist Thought. — London, 1954.

[9] Чаликовэ В. Либерализм // Опыт словаря нового мышления. — Москва, 1991. С.274.

[10] Грушин Б. Очерки логики исторического исследования. — Москва, 1968. С.98-99.

Наверх

Галоўная » Запісы па тэме 'Паліталогія'