Новы нумар

Галоўная » Запісы па тэме 'Рэцэнзіі'

Артыкулы па тэме ‘Рэцэнзіі’

Карев, Дмитрий В. Белорусская и украинская историография конца ХVIII — начала 20-х гг. ХХ в. (Алесь Даніловіч)

Снежня 10, 2008 |


КАРЕВ, ДМИТРИЙ ВЛАДИМИРОВИЧ. Белорусская и украинская историография конца ХVIII — начала 20-х гг. ХХ в. в процессе генезиса и развития национального исторического сознания белорусов и украинцев. Вильнюс: ЕГУ, 2007. — 312 с.

Аўтар рэцэнзаванай манаграфіі асабіста спрычыніўся да развіцця сучаснай беларускай гістарычнай навукі тым, што на працягу 90-х г. ХХ ст. арганізаваў шэраг канферэнцый, звязаных з праблемамі вывучэння гісторыі Беларусі і іншых краін Усходняй Еўропы, якія паўсталі на развалінах СССР, у першую чаргу земляў, што ўваходзілі калісьці ў Вялікае Княства Літоўскае і Рэч Паспалітую. Тады Дзмітрыю Ўладзіміравічу ўдавалася перыядычна збіраць у Горадні актыўных і творчых даследчыкаўз Беларусі, Літвы, Польшчы, Расіі, Украіны, а таксама Венгрыі, Вялікай Брытаніі, Нямеччыны ды іншых краін. У дыскусіях смела выказваліся думкі, нараджаліся новыя погляды на гісторыю ВКЛ, узнікалі новыя праекты. Матэрыялы гэтых сустрэч выдаваліся намаганнямі таго ж Дзмітрыя Карава ў зборніках пад характэрнай назвай „Наш радавод”. Сёння па тых зборніках можна вывучаць працэс станаўлення новай беларускай гістарыяграфіі ў незалежнай Рэспубліцы Беларусь і прасочваць творчую эвалюцыю большасці з удзельнікаў сучаснага гістарыяграфічнага працэсу. Таму і да новай працы Дз. Карава звяртаешся з пэўнымі спадзяваннямі на новае слова ў навуцы.

Кніга складаецца з чатырох раздзелаў і аб’ёмнага спіса выкарыстанай літаратуры. Першы раздзел прысвечаны гістарыяграфіі і крыніцам, а ў наступных выкладзены асноўны змест працы. У другім раздзеле „Ля вытокаў беларускай і ўкраінскай нацыянальных гістарыяграфій (ХVІІ — пачатак 30-х г. ХІХ ст.)” разглядаецца фармаванне гістарычнай навукі Вялікага Княства Літоўскага і Ўкраіны ў перыяд ранняга Новага часу (§ 1), а таксама пачаткі беларускага і ўкраінскага крыніцазнаўства (§ 2). У трэцім раздзеле „Гістарычная навука Беларусі і Ўкраіны і генезіс гістарычнай свядомасці беларусаў і ўкраінцаў у 30-я — пачатку 60-х г. ХІХ ст.” — палітыка расійскага царызму і фармаванне вобраза гістарычнага мінулага Беларусі і Ўкраіны ў расійскай гістарыяграфіі перадрэформеннага перыяду (§ 1), пасля чаго — Вільня, Харкаў і Кіеў як цэнтры гістарычных і архіўна-археаграфічных даследаванняў Беларусі і Ўкраіны 30 — пачатку 60-х г. ХІХ ст. (§ 2). Нарэшце, у чацвёртым раздзеле з самай доўгай назвай „Беларуская і ўкраінская гістарыяграфія ў перыяд паслярэформеннай мадэрнізацыі расійскай дзяржавы і фармаванне нацыянальнай гістарычнай свядомасці беларускай і ўкраінскай нацыянальных эліт (1860-1920-я г.)” аўтар даследуе заходнерусізм і яго прадстаўнікоў у беларускай і ўкраінскай гістарыяграфіі паслярэформеннага перыяду (§ 1), пасля чаго пераходзіць да разгляду фармавання ліберальнага і дэмакратычнага кірункаў у беларускай і ўкраінскай гістарыяграфіі 70-х г. ХІХ — пачатку ХХ ст. (§ 2).

Як бачым, у аснову пакладзены традыцыйны храналагічны (а не праблемны) падыход, што спрашчае ідэю манаграфіі, якую сам аўтар фармулюе наступным чынам: «…у рамках гэтай эпохі адбываецца карэнная эвалюцыя парадыгмаў. Гістарыяграфіі пераважна шляхецкія (па сваім сацыяльным профілі), „краёвыя” (па прадмеце даследавання) і „білінгвістычныя” (па тыпе гістарычнай свядомасці) у канцы ХVІІІ — пачатку ХІХ ст. да канца ХІХ — пачатку ХХ ст. становяцца гістарыяграфіямі нацыянальнымі…».

Аднак ужо ва ўступе нас чакаюць першыя расчараванні. За агульнымі словамі пра важнасць вывучэння гісторыі і пра задачы, якія аўтар ставіць перад сучаснай гістарыяграфіяй, ідзе спасылка на „вучэбны дапаможнік, які нядаўна (вылучана мной. — А. Д.) выйшаў”, — „Историография Белоруссии: эпоха феодализма” (13). На самай справе гэтая кніга З. Капыскага і В. Чапко, выдадзеная ў 1986 г.(!), называецца „Историография БССР: эпоха феадализма”. Беспадстаўнымі выглядаюць нараканні Дз. Карава, што аўтары гэтага выдання „не выделяют собственно белорусскую историографию ХVІІІ — начала ХХ вв. из общего историографического „русла” российской историографии того периода». Незразумелай падаецца і фраза „до сих пор не определена однозначно и доказательно национальная принадлежность ряда видных историков, занимавшихся историей Белоруссии в ХІХ — начале ХХ вв.” (14). Ці ж гэта важна для гісторыі гістарычнай навукі — „однозначно и доказательно” адказаць на пытанне, хто па нацыянальнасці быў, напрыклад, Яўхім Лялевель, калі сам Дзмітры Караў прыводзіць словы Лялевеля, што «его отец был сыном прусака и саксонки, а дед Шалюта был „русином”, а может и москалем» (87). Як можна „однозначно и доказательно” назваць нацыянальнасць братоў Канстанціна і Яўстафія Тышкевічаў, калі агульнавядома, што арыстакратыя „русінскага” паходжання на працягу стагоддзяў паспяхова паланізавалася праз прыняцце каталіцтва і польскай мовы. Якраз адна з задач даследавання, якую павінен быў ставіць перад сабой аўтар, гэта, як нам бачыцца, — высвятленне ўнёску, зробленага ў развіццё гісторыі свайго краю тым ці іншым гісторыкам ХІХ-ХХ ст. незалежна ад яго этнічнага паходжання або веравызнання, але ў залежнасці ад яго самасвя до масці і пераканання ў важнасці вывучэння дадзенага прадмета — гісторыі сваёй зямлі. Ад аўтара манаграфіі мы менавіта і чакаем адказу, як маглі паўплываць на фармаванне нацыянальнай свядомасці беларусаў працы такіх розных гісторыкаў пачатку ХІХ ст., як І. Даніловіч, І. Ярашэвіч, І. Анацэвіч або Тэадор Нарбут. Блізкі ім па паходжанні сын уніяцкага святара Міхаіл Каяловіч выказваў зусім іншыя думкі, чым названыя вышэй прафесары Віленскага універсітэта, аднак і ён увайшоў у кагорту даследчыкаў беларускай гісторыі і гісторыі ВКЛ, хоць як прадстаўнік іншай „школы”. Далей на гэтым падмурку ўзводзяцца „сцены” беларускай нацыянальнай гістарыяграфіі — працы М. Доўнара-Запольскага, І. Лапы, Я. Карскага і інш. Ад сучаснага даследчыка патрабуецца аналіз прац гісторыкаў ХІХ-ХХ ст. з пункту гледжання ix гістарыясофіі, метадалогіі, праблематыкі і праўдзівасці прыведзеных фактаў. А тое, што Даніловіч, Ярашэвіч, Анацэвіч, Баброўскі або Каяловіч гісторыкі беларускія, зразумела і так.

Знаёмстваз першым параграфам першагараздзела„Вывучэнне беларускай і ўкраінскай гістарыяграфіі канца ХVІІІ — пачатку ХХ ст. у гістарычных працах айчынных даследчыкаў найноўшага часу” выклікае па меншай меры здзіўленне, бо прац айчынных даследчыкаў названага часу мы тут якраз і не знойдзем. Пачынаецца раздзел з пералічэння 35 прозвішчаў беларускіх, расійскіх, украінскіх гісторыкаў ХІХ — першай трэці ХХ ст. са спасылкай на 39 пазіцый у бібліяграфіі (уразнабой)! Падобная сістэма спасылак (адразу на цэлы спіс аўтараў, без вызначэння іх пазіцый, характарызуе ўсю манаграфію). Паколькі для працы, прысвечанай гісторыі гістарычнай навукі, навуковы аппарат асабліва важны, падыходзіць да яго трэба было больш адказна.

У спасылках, дарэчы, разабрацца няпроста, бо памылкова, пачынаючы з першага раздзела, у іх замест рымскай лічбы ІІ або ІІІ ідуць арабскія 11 або 111. Рымскімі лічбамі ў „Спісе выкарыстаных крыніц” пазначаны асобныя катэгорыі. Так, пад лічбай І змешчаны неапублікаваныя крыніцы з архіваў, рукапісных збораў, бібліятэк, музеяў Усходняй Еўропы (194 пазіцыі). Паколькі ў кнізе адсутнічае спіс скарачэнняў, нам даводзіцца толькі здагадвацца, што абазначае тая ці іншая абрэвіятура, тым больш што многія з іх не адпавядаюць сучаснаму стану рэчаў. Напрыклад, Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі ў Горадні названы тут „Белорусским государственным историческим архивом (БГИА г. Гродно)”, тое ж датычыцца сховішчаў Расійскай Федэрацыі. Спасылкі ў асноўным даюцца толькі на фонд, без пазначэння вопісу і справы. Акрамя таго, цяжка ўявіць сабе якое-небудзь сучаснае даследаванне па гісторыі Беларусі і Ўкраіны без выкарыстання польскіх архіваў, але аўтар абышоўся без іх. Ухіл, калі не сказаць перакос, у бок расійскай гістарыяграфіі ў кнізе вельмі адчувальны. Пад лічбай ІІ аўтар згрупаваў апублікаваныя крыніцы Новага часу ХVІ — пачатку ХХ ст. (343 пазіцыі, плюс 29 польскамоўных, якія ў тэксце фігуруюць не асобна, а менавіта прыплюсаваныя да 343, пра што, вядома ж, цяжка здагадацца). Тут адсутнічае вялізная колькасць прынцыпова важных польскамоўных крыніц ХVІІІ-ХІХ ст. — працы М. Баброўскага, Сасноўскіх, Даніловіча і многіх іншых. У катэгорыю ІІІ уключаны апублікаваныя крыніцы найноўшага часу (1918-2005). Гэта 333 пазіцыі, з якіх самыя новыя — 1994 г. Аўтарэферат доктара гістарычных навук В. Казлякова, выдадзены ў 2002 г., не ратуе сітуацыі. Польскіх кніг, навейшых за 1981 г., няма зусім! Прычым самай папулярнай „крыніцай” ведаў з’яўляюцца чамусьці аўтарэфераты дысертацый (36 пазіцый), а самым папулярным аўтарам — сам Дз. Караў (24). Нарэшце, у ІV катэгорыі — апублікаваныя крыніцы па гісторыі ўкраінскай гістарыяграфіі новага і найноўшага часу (116 пазіцый). Тут трапляюцца кнігі ўжо і апошняга дзесяцігоддзя, але ў цэлым колькасна ўкраінскія кнігі саступаюць расійскім і беларускім. Спіс украінскіх кніг значна меншы параўнальна з увагай аўтара да ўкраінскай гістарыяграфіі. Яна „прычэплена” да расійскай і беларускай механічна, без усялякіх спробаў арганічна ўвесці яе ва ўсходнеславянскі дыскурс, параўнаць паміж сабой школы і напрамкі, знайсці агульнае і адрознае. Тым не менш, аўтар з піетэтам ставіцца да ўкраінскіх гісторыкаў, бо лічыць, што вызначыў: яны значна больш зрабілі, чым беларускія калегі, як у мінулым, так і цяпер (30).

Дзмітры Караў разглядае развіццё беларускай гістарыяграфіі савецкага перыяду ў цэлым у рэчышчы агульнапрынятай перыядызацыі (21). Разгляд „трудов отечественных исследователей новейшего времени” ён пачынае здалёк. Здагадваемся, што пад „найноўшым часам” ім разумеецца гістарычная эпоха з пачатку ХХ ст. Першыя два дзесяцігоддзі ХХ ст. ён характарызуе як „час стварэння нацыянальна афарбаваных канцэпцый мінулага Беларусі і першых спробаў перанесці іх у сферу масавай свядомасці” (19). Далей ідуць пяць „постулатов на историческое прошлое Белоруссии” (так у кнізе, с. 19. — А. Д.), якія невядома адкуль узяліся. Ніякай спасылкі тут няма, але, напэўна, „пастулаты” прыпісваюцца калектыву аўтараў (яны названыя перад гэтым — М. Доўнар-Запольскі, В. Ластоўскі, браты Луцкевічы, М. Багдановіч, В. Іваноўскі, Е. Канчар, В. Ігнатоўскі, А. Цвікевіч, „Наша Ніва” — відаць, „НН” разглядаецца як калектыўны аўтар, без названых перад гэтым асобаў). „Пастулаты” выклікаюць амбівалентнае стаўленне. Прывядзем ix цалкам: 1) тэзіс аб няспеласці класавых супярэчнасцяў у беларускай нацыі; 2) абсалютызацыя самабытнасці сацыяльна-эканамічнага і культурнага развіцця Беларусі; 3) ідэалізацыя яе гістарычнага мінулага ў эпоху феадалізму; 4) перабольшванне заслугаў Беларускай  сацыялістычнай грамады, эсераў у рэвалюцыйным руху краю; 5) гіпертрафаваная ацэнка рэвалюцыйнасці беларускага сялянства, самастойнасці ролі інтэлігенцыі і інш.” (19).

20-я гады ХХ ст. чамусьці ў манаграфіі названыя „оттепелью” (19), пасля якой надышла «катехизация сталинской разновидности марксистской методологии истории и превращение историков в услужливых дьячков при „новой церкви”», што прывяло да „резкой профессиональной деградации исторической науки, следы которой ощутимы и в наше время” (22). Пра генацыд гістарычнай навукі, або хаця б прыблізны мартыралог — ні слова! Савецкая эпоха ў гістарыяграфіі характарызуецца аўтарам на дзвюх старонках у фельетонным стылі без называння прац і прозвішчаў. Затое падрабязна разбіраецца важная, на думку Дз. Карава, праца пачатку 90-х г. ХХ ст. „100 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі”, якая „поражает полетом фантазии и восхищающим сердце невежеством в вопросах этнологии, гносеологии и теории исторического познания”. Дзе ж быў аўтар у 1993 г., чаму не распачаў тады навуковую дыскусію на старонках саліднага выдання, скажам, „Нашага радаводу”? На шчасце, беларуская гістарычная навука перарасла сваю „дзіцячую хваробу” і станоўча развіваецца далей, здольная да самарэфлексіі і „дарослых” дыскусій на старонках сучасных часопісаў, а вось прафесар Дз. Караў чамусьці застаўся ў тым часе, так і не дайшоўшы да гэтай найноўшай беларускай гістарычнай літаратуры.

Аўтар ва ўсіх раздзелах працы не здраджвае сваёй неахайнай манеры спасылак, таму нават там, дзе на першы погляд з іх нумарацыяй усё добра, застаецца падазрэнне, што пададзены недакладныя старонкі. Часта так і ёсць на самай справе! Калі працы Пічэты Дз. Караў разглядае даволі грунтоўна, то кнігу А. Цвікевіча „Западно-руссизм” характарызуе ад ным словам — „глыбокая” (24), хаця відавочна, што яна павінна была паслужыць падставовой крыніцай даследавання. Далей, у параграфе „Заходнерусізм і яго прадстаўнікі ў беларускай і ўкраінскай гістарыяграфіі паслярэформеннага перыяду”, насуперак спадзяванням, аб працы А. Цвікевіча таксама ні слова. Такім чынам, застаецца таямніцай стаўленне прафесара Карава да гэтай фундаментальнай і вызначальнай для беларускай гістарыяграфіі кнігі і пазіцый яе аўтара. Таксама не дачакаемся мы і аналізу поглядаў і прац Вацлава Ластоўскага або Ўсевалада Ігнатоўскага, затое належная ўвага аддаецца працам акадэміка В. К. Шчарбакова. З „найноўшых” прац беларускіх даследчыкаў названы „манаграфічныя даследаванні Л. В. Аляксеева, М. М. Улашчыка, В. А. Чамярыцкага, В. К. Бандарчыка, М. Ф. Піліпенкі, Г. А. Каханоўскага”. Светлай памяці выдатны маскоўскі археолаг і гісторык Л. В. Аляксееў палічыў бы за гонар апынуцца ў таварыстве выбраных беларускіх гісторыкаў, філолагаў і этнографаў. Пашчасціла таксама быць адзначанымі П. Церашковічу і А. Смаленчуку (29). Больш у Беларусі гісторыкаў быццам і няма…

Ацэньваючы беларускую гістарыяграфію, Дз. Караў піша: „Это явный признак слабости историографической рефлексии как по отношению к созданному белорусскими историками ХІХ-ХХ вв. творческому наследию, так и по отношению к проблеме его влияния на формирование национального исторического сознания белорусов. По сравнению с белорусской историографией украинская… держит эту проблему в фокусе своего внимания уже с конца ХІХ в.” (с. 29-30).

Нарэшце аўтар успамінае пра другую важную складовую частку манаграфіі, а менавіта пра ўкраінскую гістарыяграфію. Яе дасягненні значна прасцей „аналізаваць”: ёсць найноўшыя працы рэцэнзента разгляданай манаграфіі прафесара Чаркаскага універсітэта В. Масненкі, працы В. Вашчанкі, С. Вадатыкі, Д. Дарашэнкі, Л. Зашкільняка, Я. Калакура, І. Калесніка і інш. Ды й з Міхайлам Грушэўскім украінцам пашчасціла. Аднак і тут Дз. Караў цэлыя перыяды развіцця ўкраінскай гістарыяграфіі „пакідае за кадрам”: „У 30-50-я гг. ХХ ст. даследаванні падобнага роду на тэрыторыі УССР былі практычна згорнуты ў сувязі з эпохай сталінскіх рэпрэсій…” (31). На чатырох старонках, пакінутых для ўсёй украінскай гістарыяграфіі, аўтар не можа нават назваць усіх украінскіх даследчыкаў…

Дзмітрый Караў не робіць ніякіх намаганняў параўнаць украінскую і беларускую гістарыяграфію, аднак канстатуе: „…сравнивая уровень осмысления и исследования проблемы влияния исторической науки на формирование национального исторического сознания в белорусской и украинской историографии, нельзя не отметить, что историческая наука Украины опережает своих белорусских коллег по интенсивности и глубине ее освоения как минимум на порядок”. І далей: «Современная белорусская историография в возвращении своего историографического наследия стоит пока „у подножья горы”» (33). Гэты папрок у першую чаргу, думаю, аўтар можа адрасаваць самому сабе!

У параграфе, прысвечаным крыніцам па гісторыі беларускай і ўкраінскай гістарыяграфіі ХVІІІ — пачатку ХХ ст., Дз. Караў цалкам засяроджваецца на тэарэтычных разважаннях па праблемах крыніцазнаўства, піша пра „неабходнасць распрацоўкі тыпалогіі гістарыяграфічных крыніц” і прапануе „пяць асноўных відаў крыніц” (35). Думаю, ніхто з гэтым спрачацца не будзе. Як і з прапановай «стварэння серыі публікацый пад агульнай назвай „Беларусіка. Помнікі гістарычнай думкі”», або „публікацыі зводнага каталогу дакументальнай (архіўнай) спадчыны гісторыкаўВКЛ,Украіны і Беларусі XVIII-XX ст.”, «стварэння біябібліяграфічнага даследавання „Гісторыкі ВКЛ, Украіны і Беларусі ХVІІІ — пачатку ХХ ст.”» і г.д. (52). Але ні слова не гаворыцца пра ўжо створаныя „Энцыклапедыю гісторыі Беларусі”, „Энцыклапедыю Вялікага Княства Літоўскага”, выданні „Метрыкі ВКЛ” і альманаха „Metriciana”, пра шматтамовае гістарычна-этналагічнае выданне „Беларусы”, пра серыі „Беларускі кнігазбор”, „Нашы славутыя землякі” і інш.

У раздзеле „Ля вытокаў беларускай і ўкраінскай нацыянальных гістарыяграфій (ХVІІ — пачатак 30-х г. ХІХ ст.)” здзіўленне выклікае празмернае „заглыбленне” ў вытокі, якое выходзіць далёка за храналагічныя рамкі даследавання: тут вядзецца гаворка пра „фармаванне гістарычнай навукі ВКЛ” з пачатку ХVІ ст.! Нейкага лагічнага тлумачэння такому падыходу няма, паколькі ўхарактарыстыку перыяду ХVІ-ХVІІ ст. аўтар манаграфіі нічога новага не ўносіць. Калі не лічыць, вядома, яго „ўласнага” погляду на сістэму езуіцкай адукацыі ў ХVІІ ст., выкладзенага цалкам у духу рэакцыйнай расійскай гістарыяграфіі ХІХ-ХХ ст. (55-59). Вышэй ацэньвае аўтар піярскую сістэму адукацыі (напэўна таму, што яна была больш свецкай), хаця канкрэтна не гаворыць пра такія асяродкі, як, напрыклад, Шчучынская школа, або пра дзейнасць Станіслава Канарскага ў грамадска-палітычнай сферы.

Для надання большай „прадметнасці” размове аўтар манаграфіі звяртаецца да біяграфій выдатных гісторыкаў ХVІІ-ХVІІІ ст. — А. Віюк-Каяловіча, М. Догеля, А. Нарушэвіча ды інш. Аднак кароткія біяграмы гэтых даследчыкаў без глыбокага аналізу творчасці, архіўных і бібліятэчных збораў, дзе іх працы знаходзяцца, нам нічога не даюць. Што ўяўляюць з сябе„Тэкі Нарушэвіча” з Бібліятэкі Чартарыйскіх у Кракаве або выданні М. Догеля, архівы Радзівілаў і іншых магнатаў? Дзе яны знаходзяцца? Абсалютна недастаткова сказана пра Метрыку ВКЛ, няма спасылак на самыя важныя працы па гісторыі вывучэння Метрыкі. На прыкладзе ўзрастання цікавасці да яе можна паказаць эвалюцыю беларускай нацыянальнай гістарыяграфіі. Механічны пералік адвольных аўтараў і некаторых іх прац нам нічога не гаворыць!

Вядома, што на фоне такіх скупых звестак пра крыніцы нашай гісторыі бурлівая дзейнасць на Ўкраіне выглядае больш плённай. Але ці ёсць неабходнасць супрацьпастаўляць Беларусь і Ўкраіну ў ХVІІ–ХVІІІст.? Браты Зізаніі, Пётр Магіла, Мялеці Сматрыцкі, Інакенці Гізель і іншыя працавалі на ўсю так званую Русь. Тагачасныя гісторыкі перапрацоўвалі творы Стрыйкоўскага, Бельскіх, Гвагніна, на падставе якіх пісалі Хранографы, Сінопсісы, „Густынскі летапіс”, „Хроніку Сафановіча” і г. д. „Рускія землі” Рэчы Паспалітай былі ў той час адзінай культурнай прасторай. Аўтар у сваёй кнізе не дае падставаў для вось такіх высноваў: «Таким образом мы видим, что к концу ХVІІІ в. украинская историография, в отличие от белорусской, на „старте” процессов нациогенеза имела ряд существенных преимуществ, которые позволили ей решать проблему формирования национального и исторического „проекта” в ХІХ в. с гораздо более солидной политической и идеологической оснащенностью (сохранение этноориентированной православной элиты из среды казачьей старшины; наличие сохранившейся сети конфессиональных учебных заведений — кузницы кадров украинской образованной политической элиты XVII—XVIII вв.; традиция автономного политического существования в рамках российского государства (Гетманщина); сохранение в качестве основного транслятора украинской культурной традиции — украинского литературного языка и др.)». Кожнае з гэтых палажэнняў не вытрымлівае крытыкі. „Традиция автономного политического существования в рамках российского государства” была зусім не больш прагрэсіўнай і спрыяльнай для ўкраінскага народа, чым традыцыя аўтаномнага палітычнага існавання ў рамках Рэчы Паспалітай беларускага этнасу. Рызыкую сцвярджаць, што Вялікае Княства Літоўскаеўадпаведную эпоху ўспрымалася этнічна беларускай часткай „палітычнага народа” як свая дзяржава. Перадавыя прадстаўнікі ўкраінскага этнасу ў Расійскай імперыі мусілі даказваць сваю асобнасць. У гэтым плане, безумоўна, барацьба за нацыянальна-культурную аўтаномію спрыяла інтэлектуальнаму развіццю эліты. У той час як беларускія па паходжанні польскамоўныя гісторыкі Адам Нарушэвіч ці Юльян Нямцэвіч поўнасцю паланізаваліся, іншыя нашы гісторыкі, неаднаразова ўзгаданыя вышэй прафесары Віленскага універсітэта, а таксама Тэадор Нарбут, адыходзілі ад кансерватыўнай традыцыі школы Нарушэвіча і паступова пераходзілі на пазіцыі ліцвінскія. Калі ўкраінская нацыянальная гістарыяграфія паўставала ва ўмовах супрацьстаяння з расійскай, то беларуская ў ХІХ ст. кансалідавалася з польскай у сваім змаганні з расійскім панаваннем, а потым павінна была рабіць дадатковыя намаганні, каб адасобіцца ад Польшчы. Гэтыя і іншыя даследчыя кірункі, на жаль, абсалютна не разглядаюцца ў манаграфіі Дз. Карава.

Недастаткова разгледжаны працэс ідэалагічнага абгрунтавання падзелаў Рэчы Паспалітай з боку Аўстріі, Прусіі і Расіі. Дзейнасць захопнікаў была „асвечаная” самім Вальтэрам, які на старонках „Французскай Энцыклапедыі” змясціў гістарычную даведку Герцберга і павіншаваў Фрыдрыха ІІ з падзеламі. Асветніцкімі ідэямі прыкрывалася таксама і Кацярына ІІ. Менавіта ёй „абавязана” Ўкраіна большай цікавасцю да сваёй гісторыі з боку расійскіх даследчыкаў украінскага паходжання (Д. М. Бантыш-Каменскі і інш.), бо гэта былі землі Кіеўскай Русі, адсюль пачыналася імперская ідэалогія. Беларусь у гэтым сэнсе была правінцыяй.

Важным перыядам у фармаванні нацыянальных гістарыяграфій як Беларусі, так і Ўкраіны з’яўляўся пачатак ХІХ ст., калі закладаліся іх падставы. Таму асаблівую цікавасць выклікаюць тыя раздзелы манаграфіі Дз. Карава, якія прысвечаны ўказанаму перыяду. Аўтар адзначае: „Сложность исторических условий, определявших развитие края в это время, отразилась и на замедленности темпов формирования этнического самосознания белорусов и украинцев, а через него и на замедленности процесса вызревания собственно белорусской и украинской историографии со своими предметно очерченными объектами исследований — истории Белоруссии и Украины” (79). Такім чынам, Караў канстатуе запаволенасць у развіцці самасвядомасці і нацыянальнай гістарыяграфіі і бачыць прычыну гэтага ў складаных гістарычных умовах. Але, нягледзячы на складаныя гістарычныя ўмовы, беларуская гістарыяграфія ўсё ж развівалася. Варта б гаварыць не пра запаволенасць працэсаў, а пра з’яўленне і развіццё даследаванняў гісторыкаў беларускага паходжання з Віленскага універсітэта (І. Даніловіча, І. Анацэвіча, М. Баброўскага, І. Ярашэвіча і інш.). У гэты ж час працаваў Уладзіслаў Сыракомля, якога нельга лічыць толькі „вясковым лірнікам”. Дзейнасць гэтых гісторыкаў падаецца, аднак, ледзь не ў тым жа самым святле, што і дзейнасць М. Румянцава, які, па словах Дзмітрыя Ўладзіміравіча, «в своем родовом имении (вылучана мной. — А. Д.) в Гомеле развернул с помощью белорусских членов своей „ученой дружины” энергичные поиски древних славянских рукописей и предметов „западно-русской” старины» (98). Як Гомель ніколі не быў радавым маёнткам Румянцавых, так і нарабаваныя ім каштоўнасці, што быццам бы выкарыстоўваліся дзеля фармавання беларускай нацыянальнай свядомасці, былі вырваныя з нашага культурнага кантэксту.

Здзіўляе таксама трактоўка Дз. Каравым дзейнасці Івана Грыгаровіча: «благодаря его подвижническому труду были открыты глаза на Белоруссию у видных представителей политической элиты России… Лишь очень немногие из них, как граф Н. П. Румянцев, имели в это время ясное представление о белорусском прошлом и активно собирали драгоценные рукописные и книжные раритеты Белоруссии в церковных, государственных и частных архивах Полоцка, Витебска, Мстиславля и Минщины, через своих ученых „корреспондентов”» (100). Але з самага пачатку дзейнасць „видных представителей политической элиты России” ў галіне беларускай культуры мела адназначна каланіяльны характар. Трэба канчаткова пазбаўляцца ілюзій на гэты конт.

Тое, што аўтар манаграфіі разглядае ўсю мінуўшчыну Беларусі праз прызму расійскай гісторыі, пацвярджае і яго характарыстыка Полацкай езуіцкай калегіі (потым Акадэміі) як „центра католического обскурантизма в Белоруссии” (102). Нарэшце, ужыванне ў тэксце манаграфіі замест назвы Беларусь тэрміна Белоруссия таксама пэўным чынам характарызуе метадалагічныя пазіцыі аўтара.

Падсумоўваючы, трэба прызнаць, што багатая па сваім змесце і тэматыцы манаграфія Дзмітрыя Карава мае шэраг вельмі істотных хібаў. Першы з іх — гэта прывязанасць да старых савецкіх падыходаў у разглядзе гістарыяграфіі мінулых эпох. Другі — недапушчальная ў гістарыяграфічнай працы неахайнасць у спасылках на папярэднікаў, якая мяжуе са знявагай. І ўрэшце павярхоўнасць у аглядзе даробку гісторыкаў, ігнараванне найноўшай літаратуры.

Відавочна, гісторыя гістарыяграфіі ў тым выглядзе, як прынята было ёю займацца ў савецкія часы, даўно аджыла сваё. Кожны гісторык, які займаецца той ці іншай „прыкладной” тэмай, лепей ведае гісторыю свайго пытання, чым так званы гісторык гістарыяграфіі. На Захадзе даўно займаюцца гісторыяй ідэй. Нашы гістарыяграфічныя агляды „галопом по Европам” павярхоўныя настолькі, што і найлепшыя з іх нямала пакідаюць „за бортам”. Яны нічога не даюць даследчыкам і вельмі мала — студэнтам.

Вільня

Алесь Даніловіч

Наверх

Litauen und Ruthenien. Studien zu einer transkulturellen Kommunikationsregion (15.-18. Jahrhundert) (Уладзімір Канановіч)

Снежня 9, 2008 |


Litauen und Ruthenien. Studien zu einer transkulturellen Kommunikationsregion (15.-18. Jahrhundert) / Herausgegeben von STEFAN ROHDEWALD, DAVID FRICK, STEFAN WIEDERKEHR. Wiesbaden: Harrasowitz Verlag, 2007. — 364 s. (Forschungen zur osteuropäischen Geschichte, Bd.71)

Гэтая кніга навуковых артыкулаў — вынік і плён міжнароднага сімпозіума „Вялікае Княства Літоўскае і ўсходнія тэрыторыі польскай Кароны як міжкультурны камунікацыйны рэгіён (XV-XVIII ст.)”, які адбыўся 10-12 сакавіка 2005 г. у баварскім горадзе Пасаў. Галоўная задача, што стаяла перад удзельнікамі сімпозіума, сярод якіх меў гонар знаходзіцца і аўтар гэтых радкоў, — вызначыць і апрабаваць асобныя навуковыя паняцці і ідэі, з дапамогай якіх можна было б даследаваць культурныя практыкі паміж рознымі этнаканфесійнымі групамі ў гэтым надзвычай неаднародным з культурнага пункту гледжання рэгіёне (Вялікае Княства Літоўскае і ўсходнія землі польскай Кароны) у познім Сярэднявеччы і ў ранні Новы час. У часе працы сімпозіума шырока выкарыстоўваліся напрацоўкі і здабыткі не толькі гістарыяграфіі ВКЛ, але і сусветнай гістарычнай культуралогіі (Historische Kulturwisenschaft). Адна з канцэпцый апошняй, „міжкультурны камунікацыйны рэгіён” („Transoder interkulturelle Kommunikationsregion”), і стала галоўнай рамачнай канцэпцыяй усяго сімпозіума. Пры гэтым камунікацыйны рэгіён вызначаўся „як прастора, у межах якой скіраванае ўсярэдзіну ўзаемадзеянне характарызуецца больш выразнай шчыльнасцю, чым узаемадзеянне, скіраванае вонкі” („als Raum, in dessen Grenzen nach innen gerichtete Interaktion deutlich dichter ausfällt als die nach aussen gerichtete”). Як любы камунікацыйны рэгіён паўстае праз камунікацыйныя практыкі, так і міжкультурны камунікацыйны рэгіён вызначаецца праз мноства канстытуцыйных культурных практык і досведаў. Канцэпцыя „міжкультурная камунікацыя” зыходзіць з наяўнасці вялікіх культур, прадстаўнікі якіх уваходзяць у зносіны з рэпрэзэнтантамі іншых культур. Яна паўстае адпаведна ў трывалых паўсядзённых зносінах прадстаўнікоў розных этнаканфесійных груп. Увогуле, як адзначалі практычна ўсе ўдзельнікі сімпозіума, камунікацыя — гэта аснова і базіс культурнага досведу і культуры ў цэлым.

У працяг сімпозіума ў Пасаў дадзены зборнік артыкулаў развівае тэму міжкультурнай камунікацыі і спрабуе даць адказ на пытанні „Як адбывалася камунікацыя паміж рознымі групамі ў Вялікім Княстве Літоўскім і ў польскай Кароне? Як можна было б ахарактарызаваць культурнае суіснаванне паміж імі?” Гэтыя пытанні, трэба адзначыць, нярэдка ставіліся даследчыкамі, але толькі цяпер яны зрабіліся прадметам асаблівай увагі на старонках асобнага выдання. Адказ на гэтыя пытанні шукаецца ў зборніку не на ўзроўні агульнадзяржаўных палітычных інстытутаў, а хутчэй, на мікрагістарычным узроўні, зыходзячы з сумеснага жыцця і ўзаемадзення розных сацыяльных груп у разнастайных, але найчасцей гарадскім, кантэкстах. Пры гэтым асаблівая ўвага аддаецца праблемам моўнай і саслоўнай інтэграцыі, адасабленню і замкнёнасці ў штодзённых кантактах, выпадковым або ўжо ўсталяваным сферам камунікацыі паміж сацыяльнымі і этнаканфесійнымі групамі. Прадметам даследавання аўтараў сталі амаль усе вялікія групы насельніцтва Вялікага Княства Літоўскага і польскай Кароны ў познім Сярэднявеччы і ў ранні Новы час. Выключэнне склалі хіба што пратэстанты і асабліва татары-мусульмане, што адзначаюць, дарэчы, і самі ўкладальнікі зборніка.

Не ўсе артыкулы выразна адпавядаюць канцэпцыі „міжкультурнай камунікацыі”. У гэтым сэнсе том адлюстроўвае найхутчэй неаднародны і неаднастайны стан развіцця сённяшніх гістарыяграфій. Аднак усе працы гэтага выдання сведчаць, што Вялікае Княства Літоўскае і рускія землі Польскага Каралеўства былі важным камунікацыйным рэгіёнам у Еўропе.

Юрый Зазуляк з Львова прапануе ўласную версію паўстання геральдычнага (рыцарскага) роду Корчак з Перамышля. Ранейшыя даследчыкі, як польскія, так і ўкраінскія, меркавалі, што ў паўстанні гэтага клана кліентарныя, або вертыкальныя, сувязі адыгралі большую ролю, чым родавая салідарнасць. Паводле Зазуляка, клан Корчак уяўляў сабой кагнатнае (міжсямейнае) аб’яднанне тых рутэнскіх (русінскіх) сем’яў, якія ў другой палове XIV — першай палове XV ст. атрымалі з рук караля буйныя зямельныя ўладанні. Утварэнне рыцарскіх родаў у Чырвонай Русі было не толькі эфектыўным сродкам прыстасавання мясцовых эліт да рэформаў 1430-1434 г., а таксама і хуткім спосабам інтэграцыі з польскім шляхецтвам, арганізацыйныя формы якога прыняла русінская знаць. Разам з тым, у пазнейшыя часы, у XVI i XVII ст., кагнатнае паходжанне роду Корчак было свядома забыта, на змену яму паступова прыйшло ўсведамленне пра агнатнае (ад агульнага продка па мужчынскай лініі) паходжанне роду. Радавод Прахніцкіх, якія разам з іншымі русінскімі сем’ямі належалі да роду Корчак, што быў укладзены на пачатку XVII ст. тагачасным львоўскім арцыбіскупам Янам-Андрэем Прахніцкім, дае ўяўленне пра Корчакаў як пра выключна агнатны род, якому дадаецца яшчэ і рымскае паходжанне, што цалкам адпавядала тагачаснай ідэалогіі польска-літоўскага шляхецтва. Мірон Капраль, яшчэ адзін даследчык з Львова, разглядае асіміляцыйныя працэсы ў навачасным Львове і праводзіць адрозненні паміж армянамі, русінамі і яўрэямі. Паводле Капраля, важнае значэнне ў паскарэнні асіміляцыйных працэсаў у Львове мелі сацыяльны ўздым, змена веравызнання, а таксама змешаныя шлюбы. Поспех або няўдача этнічнай або канфесійнай асіміляцыі ў значнай ступені залежалі ад велічыні супольнасці, маштабу сацыяльнай стратыфікацыі ўнутры супольнасці, характару аседласці (змешанай або адасобленай), наяўнасці або адсутнасці ўласных органаў кіравання і адміністравання, поспеху місійных і унійных праектаў. Як сцвярджае ўкраінскі даследчык, асіміляцыйныя працэсы ў навачасным Львове ў найбольшай ступені закранулі армянскую супольнасць, прадстаўнікі якой з цягам часу страцілі магчымасць вярнуцца на этнічную радзіму, а колькасны склад абшчыны на працягу XVIII ст. істотна зменшыўся. У значна меншай ступені асіміляцыя закранула русінскую супольнасць Львова, якая няспынна папаўнялася за кошт навакольнага асяроддзя. Галоўны сродак асіміляцыі русінаў — змешаныя шлюбы, колькасць якіх істотна вырасла ў другой палове XVIII ст. Сярод усіх згаданых этнаканфесійных груп навачаснага Львова яўрэі выявілі найбольшы супраціў асіміляцыйным працэсам. Адзінай магчымай формай асіміляцыі яўрэяў заставаўся пераход у іншую веру (канверсія), што, аднак, было выключэннем. Як вынік, яўрэйская грамада Львова няўхільна павялічвалася ў перыяд Новага часу, што дазволіла ёй стаць у канцы XVIII ст. другой па колькасці пасля палякаў супольнасцю ў горадзе.

Кшыштаф Стопка (Krzysztof Stopka), польскі даследчык, разглядае ў сваім артыкуле міжэтнічныя кантакты ў Камянцы-Падольскім, горадзе, які знаходзіўся на паўднёва-заходняй ускраіне нашага камунікацыйнага рэгіёна. Як і ў Львове, асноўнымі групамі насельніцтва ў Камянцы-Падольскім былі каталікі (спачатку немцы, а потым і палякі), а таксама армяне і русіны. На падставе адной армянскай крыніцы з часу блізу 1600 г. Стопка асвятляе міжэтнічныя кантакты паміж прадстаўнікамі розных супольнасцяў у „горадзе, у якім палякі называліся немцамі” („Stadt, in der die Polen Deutsche genannt wurden”). Даследчык звяртае асаблівую ўвагу на суседскія сувязі, гаспадарчыя адносіны, удзел абшчын у сумесных мерапрыемствах у горадзе, лінгвістычныя феномены суіснавання этнаканфесійных абшчын, а таксама на наяўнасць у прадстаўнікоў гарадскіх абшчын, перадусім у армян, на якіх аўтар звяртае асаблівую ўвагу, розных формаў ідэнтычнасці і свядомасці. У канцы артыкула Стопка падсумоўвае: шматлікія і шматбаковыя міжкультурныя сувязі ў шматэтнічным Камянцы-Падольскім, якія пераходзілі этнаканфесійныя межы ва ўсіх сферах дзейнасці, з’яўляліся тут паўсядзённай неабходнасцю, каб захаваць адзінства і агульныя інтарэсы надзвычай неаднароднага ў этнаканфесійным плане гарадскога насельніцтва.

Амерыканскі даследчык Дэвід Фрык (David Frick) даследуе на мікрагістарычным узроўні шлюбныя канфліктныя сітуацыі, звязаныя з разлучэннем (separatio), разводам (divortium) і па меншай меры меркаваным двужэнствам (bigamie). Аўтар засяроджваецца на трох выпадках, што зафіксаваны „ў горадзе пяці канфесій” („funf Konfessionen in einer Stadt”), як нярэдка называлі Вільню. Два выпадкі адбыліся выключна ў русінскай супольнасці горада, а трэці — у сумесным русінска-каталіцкім асяродку. Даследаванне пацвердзіла даўнейшы тэзіс вядомага польскага гісторыка Юліуша Бардаха наконт таго, што стаўленне русінаў Вялікага Княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай да разводу вызначалася доўгі час, прынамсі да XVIII ст., пераважна звычаёвым правам, у якім гэтае пытанне было аддадзена на водкуп самой шлюбнай пары, а не кананічным правам або Літоўскім Статутам. Але што больш цікава, дык гэта той факт, што русінскае стаўленне да разлучэння і разводу праз цесныя суседскія сувязі і змешаныя шлюбы даволі моцна паўплывала і на іншыя канфесіі Вільні, у прыватнасці на каталікоў (пра гэта сведчыць трэці выпадак, які прыводзіць Дэвід Фрык). Прынамсі, віленскія каталікі ў акрэслены час не так строга прытрымліваліся кананічных правілаў у адносінах да разлучэння і разводу, як іхнія адзінаверцы ў іншых краінах Еўропы.

Артыкул швейцарска-нямецкага даследчыка Штэфана Родэвальда (Stefan Rohdewald) прысвечаны міжкультурным дачыненням у Полацку пасля адваёвы горада Стэфанам Баторыем у 1579 г. і амаль да сярэдзіны XVII ст. уключна. Аўтар зазначае — нягледзячы на асобныя этнаканфесійныя канфлікты, якія зрэдку ўзнікалі ў Полацку, у горадзе, тым не менш, паўсталі шматлікія сферы міжканфесійнага супрацоўніцтва. Галоўная роля ў міжканфесійным культурным дыялогу належала гарадскому магістрату. Як сцвярджае Ш. Родэвальд, каталікам і уніятам так і не ўдалося падпарадкаваць полацкі магістрат сваім канфесійным інтарэсам. Нягледзячы на дамінаванне каталікоў і уніятаў у полацкім магістраце і на выключэнне з яго ў 1668 г. праваслаўных, знатныя русіны-гараджане і нашчадкі праваслаўных патрыцыянскіх родаў захавалі ўплыў на гарадскія справы, напрыклад у сферы камунальных фінансаў. Падобнае стаўленне з боку магістрата было ўласціва і полацкім яўрэям. Родэвальд заключае, што полацкі магістрат, у якім дамінавалі каталікі, ператварыўся пад канец XVII ст. у сапраўднага міжканфесійнага актара („eine transkonfessioneller Akteur”), які рэгуляваў і разам з тым істотна змякчаў адносіны паміж канфесіямі ў горадзе.

Польскі даследчык беларускага паходжання Антоній Мірановіч разглядае адносіны паміж уніятамі і праваслаўнымі ў Рэчы Паспалітай з канца XVI ст. (Берасцейская унія) і да пачатку XVIII ст. Аўтар паказвае, што напярэдадні уніі ў камунікацыі паміж абодвума бакамі значнае месца займалі пытанні царкоўна-прававога зместу, бо згодна з праваслаўнымцаркоўным правам для прыняццядзейсныхрашэнняўна сінодзе патрэбен быў удзел як свецкіх, так і духоўных асобаў розных узроўняў, што, аднак, не прадугледжвалася правам каталіцкай царквы. Паводле Мірановіча, усё XVII ст. у Рэчы Паспалітай існавалі супярэчнасці паміж каталіцка-уніяцкім і праваслаўным лагерам з-за прававога статуса і ўладанняў праваслаўных, якія не пагадзіліся прыняць царкоўную ўнію. Але пры гэтым, нягледзячы нават на сур’ёзнае ўзмацненне пазіцый уніятаў у апошняй трэці XVII ст., Магілёўскае біскупства заставалася ўключна да падзелу Рэчы Паспалітай апошняй і адзінай праваслаўнай епархіяй у дзяржаве. А. Мірановіч слушна заўважае, што рэлігійныя і звязаныя з імі канфлікты не толькі сур’ёзна абцяжарвалі ўнутрыпалітычнае становішча Рэчы Паспалітай, але і вялі да эскалацыі казацкіх бунтаў і давалі падставу маскоўскаму кіраўніцтву ўмешвацца ў справы суседняй дзяржавы.

Яшчэ адзін польскі даследчык Яцак Крохмаль (Jacek Krochmal) дае кароткі агляд адносінаў паміж каталікамі і праваслаўнымі ў перамышльскай дыяцэзіі з сярэдзіны XIV ст., калі гэтая тэрыторыя трапіла пад уладу польскіх каралёў, і да першага падзелу Рэчы Паспалітай уключна. Аўтар прасочвае асобныя фазы і этапы ў спрэчках паміж абедзвюма канфесіямі з-за статуса паноўнай царквы ў рэгіёне. З сярэдзіны XIV і да пачатку XVII ст. праваслаўная і каталіцкая цэрквы ў перамышльскай дыяцэзіі знаходзіліся ў стане своеасаблівай раўнавагі, што не перашкаджала ўзнікненню шматлікіх канфліктаў паміж імі. З XVII ст. суадносіны сілаў пачалі істотна мяняцца ў бок каталіцкай царквы. З пераходам у 1693 г. усяе перамышльскай дыяцэзіі ў унію канфесійныя супярэчнасці ў рэгіёне не спыніліся. Праблема крадзяжу душаў, якая датуль была прадметам спрэчак паміж праваслаўнымі і каталікамі, стала цяпер яблыкам разладу паміж каталікамі ўсіх абрадаў. Адносіны паміж каталікамі заходняга абраду і каталікамі ўсходняга абраду нармалізаваліся толькі ў XVIII ст. Тады менавіта і сфармаваўся стэрэатып пра уніяцкую царкву як сялянска-русінскую і пра каталіцкую як шляхецка-польскую, на які, дарэчы, і абапіраліся пазней мадэрновыя нацыяльныя рухі ў колішняй Рэчы Паспалітай.

Даследчык са Стакгольма Пётр Ваўжанюк (Piotr Wawrzeniuk) на прыкладзе канфлікту паміж святарамі і вернікамі ў праваслаўнай, а пазней і уніяцкай львоўскай дыяцэзіі разглядае ролю святароў у мясцовых абшчынах. У сваім мікрадаследаванні аўтар паказвае, што меркаванні членаў праваслаўных абшчын і праваслаўнага епіскапату адносна заганных паводзінаў святароў (п’янства, распуста, знявага царквы, парушэнне шлюбнай вернасці і г. д.) у значнай ступені супадалі, што было выклікана сацыяльнай дыстанцыяй, якая існавала паміж святарствам і вернікамі. Менавіта ў гэты час і з’явілася перадавая праца біскупа Іосіфа Шумлянскага (1668-1709), доўгі час тайнага прыхільніка уніі, дзе ён падаў вобраз ідэальнага святара. У адрозненне ад сучасных святароў, якія былі цесна звязаныя з мясцовымі інтарэсамі і зусім не цураліся гвалту, каб абараніць свой уласны гонар, ідэальны святар мусіў быць на лацінскі ўзор перадусім адукаваным і выкшталцоным.

Лілія Беражная з Мюнстара (Нямеччына) разглядае ідэю „Кіеў — другі Ерусалім”, якая ў палемічнай літаратуры часу Берасцейскай уніі перажывала сапраўдны рэнесанс. У ходзе дыскусіі, што разгарнулася паміж праваслаўнымі, каталікамі і уніятамі, усе бакі імкнуліся наладзіць сімвалічны кантроль над найважнейшымі духоўнымі цэнтрамі, якія мелі аднолькавае значэнне для ўсіх хрысціянскіх цэркваў, перадусім над Ерусалімам. Каталіцкія аўтары (Пётр Скарга і інш.) сімвалічна разумелі „нябесны Ерусалім”, у якім бачылі ўвасобленым рыма-каталіцкі касцёл. Пазіцыя уніятаў (Іпацій Пацей, Мялецій Сматрыцкі) была больш складанай, але яны прытрымліваліся пераважна каталіцкага пункту гледжання: толькі праз пераадоленне схізмы, уз’яднанне з Рымам і вяртанне ва ўлонне некалі адзінай царквы магчыма для праваслаўных збавенне ў „нябесным Ерусаліме”. Праваслаўныя палемісты (Клірык Астрожскі, Пётр Магіла і інш.) праводзілі, у сваю чаргу, розніцу паміж Рымам і Ерусалімам. Згодна з гэтай канцэпцыяй Кіеў выступаў сапраўдным духоўным спадкаемцам Ерусаліма, гэтакім цэнтрам сапраўднай веры, што знайшло выяўленне ў легендзе пра Святога Апостала Андрэя.

Прадметам увагі Альфонса Брунінга (Alfons Brüning) з Ніймегэна (Нідэрланды) сталі два тэксты, „Confessio Orthodoxa”(„Праваслаўнае спавяданне”) і „Sententia cuiusdam nobilis graecae religionis” („Меркаванне нейкага шляхціча грэцкай веры”), якія паўсталі ў коле кіеўскіх праваслаўных тэолагаў часу мітрапаліта Пятра Магілы. Як мяркуе Брунінг, у абодвух творах адлюстраваліся не толькі і не столькі розныя пытанні эклезіялогіі (духоўны аўтарытэт клера, роля біскупаў, сінадальная структура царквы, становішча вернікаў і інш.), але і выразныя палітычныя праблемы часу, у тым ліку асабліва ідэалы, прэтэнзіі русінскай шляхты, у першую чаргу яе імкненне да раўнапраўя з польскай шляхтай. Самі ж іхнія аўтары былі не толькі адукаванымі тэолагамі, але і таленавітымі палітыкамі. Нідэрландскі даследчык бачыць у згаданых творах адказ на распаўсюджаны ў тагачаснай Рэчы Паспалітай стэрэатып, што праваслаўе быццам бы „загразла” ў забабонах і ўяўляла сабой выключна мужыцкую рэлігію.

Кацярына Емяльянцава з Цюрыха (Швейцарыя) піша пра г. зв. франкістаў, містычна-месіянскую секту (рух), створаную ў сярэдзіне XVIII ст. Якабам Франкам сярод яўрэяў, што насялялі паўднёва-заходнія землі Рэчы Паспалітай, перадусім Галіч і Падолле. Разрыў з рабіністычнай традыцыяй, а таксама спроба паскорыць прыход Месіі праз адмову ад рэлігійных законаў прывялі да таго, што ў 1759-1760 г. франкісты пачалі масава пераходзіць у каталіцтва і, як вынік, пакідаць сваё першапачатковае месца жыхарства. Характарызуючы разнастайныя стратэгіі, якія выбіралі варшаўскія франкісты ў паўсядзённым жыцці ў 90-я г. XVIII ст., Емяльянцава развівае, абапіраючыся на канцэпцыю „сітуацыйнай этнічнасці” галандскага навукоўцы Ціла ван Радэнса (Till van Rahdens), уласную канцэпцыю „сітуацыйнай рэлігійнасці”. На падставе святочнай культуры, шлюбных адносінаў, суседскіх кантактаў і іншага даследчыца выразна паказвае, як франкісты ў залежнасці ад сацыяльнага становішча свядома ці несвядома вагаліся паміж рознымі формамі ідэнтычнасці і прыналежнасці.

Маціяс Ніндорф (Matthias Niendorf) з Кіля вызначае ў сваім артыкуле культ святых у Вялікім Княстве Літоўскім „як люстэрка культурных узаемадачыненняў” („als Spiegel kultureller Wechselbeziehungen”). Аўтар адзначае, што асабліва „цвярдыні праваслаўя” на ўсходзе дзяржавы (Полацк, Віцебск) паказалі сябе як месцы найбольш інтэнсіўнай канфрантацыі культу святых. Так, яшчэ Пётр Скарга спрабаваў прыпісаць рыма-каталіцкай традыцыі святых праваслаўнай Русі, такіх як, напрыклад, Барыс і Глеб. Гэтаксама як некаторыя іншыя каталіцкія аўтары і публіцысты рабілі спробы далучыць да ліку рыма-каталіцкіх святых праваслаўную полацкую княжну Параскеву і тым самым зрабіць з яе, як, дарэчы, з Барыса і Глеба, святых патронаў Вялікага Княства Літоўскага. На думку Ніндорфа, мэтай гэтага „прагрэсіўнага сінкрэтызму” (Ульрых Бернэр), сутнасць якога заключалася ў далучэнні праваслаўных элементаў да каталіцкага дыскурсу, было зрабіць больш даступнымі догмы каталіцкай царквы для праваслаўнай паствы. Даследчык гаворыць пра сінкрэтызм як пра сутнасную прыкмету Вялікага Княства Літоўскага. Ён прызнае, што вывучэнне культу святых дазваляе казаць пра змену ўзораў успрымання і разам з тым пра перасоўванне мяжы паміж чужым і сваім.

Мовазназнаўца з Фрайбурга Ахім Рабус (Achim Rabus) на падставе чырвонарускіх і маскоўскіх рукапісаў даследуе ўсходнеславянскіядухоўныяпесні (канты) у Рэчы Паспалітай у XVII-XVIII ст. Нямецкі даследчык адзначае шматлікія „гібрыдныя асаблівасці” кантаў, праз якія яны сталі складовай часткай канфесійнай камунікацыі. Узнікненне і далейшае развіццё кантаў звязваецца з заходнімі, арыентаванымі пераважна на Рэфармацыю культурнымі ўплывамі. На тэматыку кантаў, аднак, моцна паўплывала аўтахтонная ўсходнецаркоўная традыцыя. Нават з моўнага пункту гледжання духоўныя спевы Рэчы Паспалітай уяўлялі сабой гібрыдную форму, гэтакае спалучэнне народнай і царкоўнаславянскай мовы. А. Рабус вызначае духоўныя спевы як „ўзорны прыклад культурнай гібрыдызацыі ў камунікацыйным рэгіёне Рэчы Паспалітай” („Paradebeispiel für kulturelle Hybridiesierungen in der Kommunikationsregion Polen-Litauen”).

Гісторык мастацтва з Вільні Гідрэ Міцкунайтэ (Giedrė Mickūnaitė) звяртае ўвагу на працэс зліцця (merging) праваслаўнай і каталіцкай традыцый у жывапісе Вялікага Княства Літоўскага. Даследчыца абмяжоўваецца двума прыкладамі: выявай Укрыжавання канца XIV ст. у крыпце Віленскага кафедральнага сабора і выявай Маці Божай пачатку XVI ст. у прыходскай царкве ў Троках. Укрыжаванне ў крыпце Віленскай катэдры адпавядае ў цэлым каталіцкай мастацкай традыцыі, але разам з тым мае выразныя рысы праваслаўнага мастацтва. Міцкунайтэ тлумачыць гэтую з’яву тым, што праваслаўны мастак быў выхаваны ў візантыйскай традыцыі, але мусіў арыентавацца на мадэлі лацінска-каталіцкай іканаграфіі, як таго патрабаваў заказчык. Зусім іншая гісторыя з выявай Маці Божай з Трокаў. Намаляваны ў гатычным (як мяркуецца) стылі абраз Маці Божай быў, тым не менш, перароблены ў візантыйскім стылі ў канцы XVI ст. У апошнім выпадку, на думку даследчыцы, гаворка ідзе пра „ўяўнае перайманне стылю візантыйскіх ікон” („an imaginative imitation of Byzantine icons”), што цалкам адпавядала палітыцы рыма-каталіцкага касцёла пасля Трыдэнцкага сабору (1545-1563).

Мінск

Уладзімір Канановіч

Наверх

Wojny północne w XVI-XVIII wieku. Torun 2007 (Генадзь Прыбытка)

Снежня 8, 2008 |

Wojny północne w XVI-XVIII wieku / Redakcja: BOGUSŁAW DYBAŚ. Współpraca: ANNA ZIEMLEWSKA. Toruń: Towarzystwo naukowe w Toruniu, 2007. —306 s.

Сярод мноства праблем беларускай гістарыяграфіі, якія яшчэ чакаюць свайго даследчыка, вывучэнне паўночных войнаў XVI-XVIII ст. займае асаблівае месца. І гэта нядзіўна: у той перыяд яны былі найістотнейшым чыннікам існавання Вялікага Княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай у цэлым і

зрабілі велізарны ўплыў на палітычнае, эканамічнае і культурнае жыццё федэратыўнае дзяржавы. Больш за тое, гэтыя войны ў вялікай ступені спрычыніліся да кшталтавання палітычнае сістэмы дзяржаваў Усходняе Еўропы. Калі барацьба за „dominium Maris Baltici” ўрэшце прывяла Швецыю да страты дамінавання на поўначы кантынента, то яна ж сталася падставаю да імклівага росту ўплыву Расіі і Прусіі, а таксама да заняпаду Рэчы Паспалітай.

Прадстаўнічая міжнародная канферэнцыя „Wojny północne w XVI-XVIII wieku. W czterechsotlecie bitwy pod Kircholmem” (Торунь, 27-29 верасня 2005 г.), прымеркаваная да чатырохсотгоддзя бітвы пад Кірхгольмам, стала істотнай з’явай навуковага жыцця не толькі Польшчы, але і цэлага шэрагу дзяржаваў Цэнтральна-Ўсходняе Еўропы, у тым ліку, безумоўна, і Беларусі. Разгляданае выданне змяшчае матэрыялы канферэнцыі, якія лагічна падзяляюцца на некалькі раздзелаў.

Першы, натуральна, складаюць паведамленні, што тычацца непасрэдна бітвы пад Кірхгольмам. Нягледзячы на тое, што ход гэтай бітвы параўнальна няблага вывучаны, некаторыя яе аспекты выклікаюць пытанні. На праблемах у вывучэнні кірхгольмскіх падзеяў засяроджваецца Генрык Віснер. У дакладах Дарыуса Антанявічуса і Марыюша Савіцкага прадстаўлены дадатковыя крыніцы па вывучэнні гісторыі бітвы. І заканчвае раздзел паведамленне Крысціяна Гернера, прысвечанае гістарычнай памяці цяперашняга насельніцтва тых мясцінаў сучаснае Латвіі пра кірхгольмскі бой. На жаль, паводле сведчання аўтара, узровень гэтае памяці дастаткова нізкі.

Другі раздзел прысвечаны праблемам Інфлянтаў. Алег Дзярновіч даследуе месца, якое адводзілася гэтым землям у свядомасці жыхароў Вялікага Княства Літоўскага ў другой палове XVI-XVII ст. У сваю чаргу, пытанні адносінаў Рыгі да федэратыўнае дзяржавы на мяжы XVI і XVII ст. разглядае Ганна Жэмлеўска. Марыюш Бальцэрэк прысвяціў свой матэрыял захопу шведамі Рыгі ў 1621 г., інтэрпрэтуючы гэтую падзею як своеасаблівы рэванш за паразу пад Кірхгольмам. У гэтым жа раздзеле змешчаны артыкул Аркадыюша Чволэка, у якім уздымаецца пытанне ерархіі і вайсковай дысцыпліны сярод кіраўнікоў войска Вялікага Княства Літоўскага пад час ваенных дзеянняўу Інфлянтах у 1625-1629 г. Як вядома, вастрыня гэтай праблемы на працягу XVII і асабліва ў XVIIІ ст. толькі ўзрастала, што садзейнічала зніжэнню баяздольнасці велікакняскага войска і не ў малой ступені спрычынілася да заняпаду ваеннага патэнцыялу краіны.

Наступны раздзел тычыцца асобных аспектаў вайсковасці часу „патопу”. Марытэ Якаўлева разглядае арганізацыю ўзброеных сілаў Курляндыі, леннага княства Рэчы Паспалітай, вялікую ўвагу аддаючы спробам іх рэфармавання князем Якубам Кетлерам. Даследчыкаў магнацтва, несумненна, зацікавіць матэрыял Конрада Бабятыньскага пра вайсковую кар’еру ў Курляндыі і Інфлянтах Міхала Казіміра Паца, прадстаўніка самага ўплывовага на той час з магнацкіх родаў Вялікага Княства Літоўскага. Пытанням арганізацыі наёмных аддзелаў прысвечаны два наступныя тэксты гэтага раздзела. Міраслаў Нагельскі разглядае лёсы адзінак чужаземнага аўтраменту кароннай арміі ў самы трагічны для Рэчы Паспалітай перыяд „патопу” — другую палову 1655 г. Анджэй Рахуба ўздымае надзвычай цікавае пытанне: пераход шведскіх афіцэраў на службу арміі Вялікага Княства Літоўскага і наадварот — велікакняскіх афіцэраў да шведаў.

Чарговы раздзел прысвечаны Вялікай Паўночнай вайне пачатку XVIIІ ст. Вядома, па сваім значэнні і па ўплыве на далейшы лёс федэратыўнае дзяржавы гэта адзін з пераломных і найбольш трагічных перыядаў нашай гісторыі. Адпаведна, кола праблемаў, якія паўстаюць пры вывучэнні гэтай вайны, надзвычай шырокае. Таму было б наіўна чакаць, каб у разгляданым зборніку ахоп дадзеных праблемаў быў колькі-небудзь шырокі. Але аспекты, закранутыя ў прапанаваных артыкулах, вельмі важныя. Так, Томаш Цесельскі даследуе стан войска Вялікага Княства Літоўскага ў перыяд з 1698 да 1709 г. — найбольш важны і багаты на падзеі для краіны. Асаблівую вартасць артыкулу надае той факт, што дэталёвы і карпатлівы аналіз збройных сілаў праводзіцца на тле ўнутраных канфліктаў — фактычна, грамадзянскай вайны ў краі. Інфармацыю пра вайсковыя падзеі, што даходзіла да Рыгі, даследуе Маргарыта Баждэвіча. Гжэгаж Хаміцкі аналізуе дзейнасць брытанскіх рэзідэнтаў у Гданьску пад час Вялікай Паўночнай вайны. У акадэмічным артыкуле Яніса Арайса разглядаецца бітва паміж саксонскім і шведскім войскамі, што адбылася над Дзвіной 9 ліпеня 1701 г. У выніку гэтай бітвы армія Карла ХІІ перайшла мяжу Рэчы Паспалітай, што фактычна значыла ўступленне федэратыўнае дзяржавы ў вайну. Надзвычай цікавым падаецца апісанне вайсковых дзеянняў корпуса раўскага старасты Яна Грудзіньскага ў 1712 г., пададзенае Марэкам Вагнэрам. На шырокім фактычным матэрыяле тут разглядаецца гісторыя адной з найбольш эфектыўных кавалерыйскіх адзінак лагера Станіслава Ляшчынскага.

Наступны раздзел прысвечаны гаспадарчым і грамадскім наступствам паўночных войнаў. Генадзь Сагановіч пераканаўча даказвае, што нярэдка ўласныя войскі прыносілі шкоды мірнаму насельніцтву не менш за непрыяцельскія, і вызначае прычыны гэтай з’явы. У артыкулах Ядвігі Мушчыньскай і Тадэвуша Срогаша разглядаюцца эканамічныя наступствы паўночных войнаў XVII ст.: у першым — для ўсёй Рэчы Паспалітай, а ў другім — на матэрыяле Ленчыцкага і Серадскага ваяводстваў і Вялюньскай зямлі.

I нарэшце, апошні раздзел склалі тэксты, у якіх паўночныя войны разглядаюцца ў больш шырокім кантэксце. Міхал Звежыкоўскі прааналізаваў уплыў Вялікай Паўночнай вайны на палітычны лад і на ўпадак Рэчы Паспалітай. А Мацей Фарыцкі прапануе агляд поглядаў дзеячоў французскага Асветніцтва на ролю паўночных войнаў у гісторыі Еўропы. Апроч таго, у гэтым жа раздзеле размешчаны і матэрыялы, што тычацца прыватных аспектаў тэмы канферэнцыі. Свой погляд на гусарскія крылы падае Вітальд Глэнбовіч, развенчваючы шматлікія міфы, што склаліся вакол гэтай часткі вайсковага рыштунку. На заканчэнне Аляксандр Смаліньскі разглядае эвалюцыю інстытута шэфства ў гісторыі войска і прэзентуе Яна Караля Хадкевіча як тытулярнага шэфа 26-га палка ўланаў ІІ Рэчы Паспалітай.

Такім чынам, зборнік уводзіць у навуковы зварот багаты арыгінальны матэрыял, які тычыцца адной з ключавых праблемаў айчыннай гісторыі XVI-XVIII ст. — паўночных

войнаў, што адыгралі вялізную ролю ў лёсе дзяржавы. Гэтыя дадзеныя ў будучыні дапамогуць стварыць абагульняльнае канцэптуальнае даследаванне згаданай праблемы.

Масква

Генадзь Прыбытка

Янушкевіч, Андрэй. Вялікае Княства Літоўскае і Інфлянцкай вайна 1558–1570 г. (Аляксандр Філюшкін)

Снежня 7, 2008 |


ЯНУШКЕВIЧ, АНДРЭЙ. Вялікае Княства Літоўскае і Інфлянцкая вайна 1558-1570 гг. Мінск: „Медисонт”, 2007. — 356 с.

У 2007 г. American Council of Learned Societies падтрымаў выданне манаграфіі беларускага гісторыка Андрэя Янушкевіча пра Інфлянцкую вайну. Факт прыемны, таму што ў СССР і на постсавецкай прасторы кніг, прысвечаных гэтай вайне — згодна з агульнапрынятай версіяй, самай доўгай у рускай гісторыі, 25-гадовай, якая працягвалася з 1558 да 1583 г. — не друкалася з 1954 г. Такім чынам, праца Янушкевіча перарвала завесу навуковага маўчання адносна гэтага канфлікта за апошнія 53 гады!

Калі пра нейкую падзею не пішуць сур’ёзных даследаванняў больш чым паўстагоддзя, то ў яго канвенцыянальных трактоўках, якія мы сустракаем у падручніках і энцыклапедычных даведніках, а таксама ў агульных навуковых працах, непазбежна будуць дамінаваць стэрэатыпы. Кніга Янушкевіча накіравана на разбурэнне адразу некалькіх такіх стэрэатыпаў. Пра маштаб задумы перагляду ўсёй архітэктонікі гістарыяграфічнага бачання Інфлянцкай вайны сведчыць той факт, што аўтар прапануе адмовіцца ад… самога тэрміна „Лівонская вайна”, замяніўшы яго на паланізаваны і больш аўтэнтычны крыніцам польскага паходжання „Інфлянцкая вайна” (6-7). Замена лацінска-рускага варыянта „Лівонская” на польска-беларускі варыянт „Інфлянцкая” знакавая: гісторык гэтым адразу абазначае свае гістарыяграфічныя перавагі і арыенціры.

Аднак перайменаваннем вайны справа не абмяжоўваецца. Кніга змяшчае цэлы шэраг цікавых высноваў і назіранняў. Янушкевіч слушна заўважыў, што Інфлянцкая вайна мела асаблівую спецыфіку: у яе аснове ляжаў руска-літоўскі канфлікт, аднак яго прычынай было суперніцтва за суседнюю тэрыторыю — Лівонію / Інфлянты (4). Ён аргументавана падтрымлівае меркаванне Б. Н. Флоры, што ў пачатку 1558 г. вайна ў Інфлянтах не ўспрымалася ў Расіі як доўгатэрміновы ваенны канфлікт (27, 35). Уяўляецца абсалютна слушнай заўвага, што ў 1557-1558 г. руская дыпламатыя не ведала пра Позвальскую дамову і не ўлічвала яе ў сваіх дзеяннях (26).

Найбольш удалыя часткі манаграфіі, на наш погляд, — параграф пра Ульскую бітву 1564 г. (74-90) і частка кнігі, дзе распавядаецца пра ўплыў вайны на ўнутраны стан ВКЛ (раздзел ІІ). У другім раздзеле аўтар выкарыстоўвае шмат новага матэрыялу, у тым ліку архіўнага, па гісторыі ўзброеных сілаў ВКЛ, сістэме збору і забеспячэння войска і г.д. Дадзеная частка манаграфіі мае вялікае навуковае значэнне, перш за ўсё ў плане выкладання эмпірычнага матэрыялу. Не меншы інтарэс уяўляе сабой ІІІ раздзел, прысвечаны вывучэнню спосабаў і метадаў мабілізацыі сродкаў для вядзення вайны.

Вынікі даследавання Янушкевіч прыводзіць у ІV раздзеле, які цалкам прысвечаны вывучэнню ўплыву вайны на ўнутранае жыццё ВКЛ. Ён пераканаўча паказвае, што лівонскае пытанне ўнесла раскол у шэрагі шляхты ВКЛ (272), прыводзіць новыя факты ў падтрымку вядомага тэзіса, што палітычная сістэма ВКЛ і пазіцыя шляхты ў даволі значнай ступені залежала ад ролі караля (275). Аўтар дэманструе ролю асобных прадстаўнікоў шляхты ВКЛ у фармаванні курсу лівонскай палітыкі (у прыватнасці, Я.Хадкевіча; 279-286).

Безумоўна, А. Янушкевіч не змог абмінуць пытання ролі Інфлянцкай вайны ў заключэнні Люблінскай уніі (1569). Аўтар паказвае, што інтарэсы магнатэрыі і шляхты адносна уніі разыходзіліся. Шляхта разглядала магчымасць уніі з Польшчай перш за ўсё ў святле верагоднасці атрымання ваеннай дапамогі ў вайне з Расіяй (298-299). Паны-рада, наадварот, з-за сваіх карпаратыўных інтарэсаў адносіліся да уніі складана. Сам жа саюз ВКЛ і Польшчы, паводле Янушкевіча,  быў абсалютна неабходны  з-за ваеннага аспекту (314, 337). То бок тут даследчык прытрымліваецца традыцыйных гістарыяграфічных пабудоў.

На фоне гэтых удалых раздзелаў куды меней паспяховым выглядае першы раздзел, прысвечаны ўласна гісторыі Інфлянцкай вайны ў храналагічных рамках 1558-1570 г. А. Янушкевіч прапануе перагляд традыцыйнай храналогіі вайны, вылучэнне падзей 1558-79 г. у асобную вайну (якой, уласна, і прысвечана кніга), а 1578-82 г. — адпаведна ў іншую (5-6). Такі кірунак пошуку выглядае даволі перспектыўным. Уяўляецца слушным разуменне Інфлянцкай вайны як гістарыяграфічнага канструктара, створанага М. М. Карамзіным, які аб’яднаў некалькі войнаў за валоданне Прыбалтыкай у ХVI ст. у адну, але буйную. Праўда, на наш погляд, гэтых войнаў было больш, чым дзве, вылучаныя Янушкевічам.

Спробы перагляду традыцыйнай храналогіі Інфлянцкай вайны былі і да з’яўлення дадзенай манаграфіі (і аўтару, прапануючы перагляд гэтай храналогіі, напэўна, варта было б згадаць пра папярэднікаў, чаго ён не зрабіў). Беларускі гісторык В. І. Бобышаў, не адмаўляючыся, зрэшты, ад тэрміна „Лівонская вайна”, прапанаваў вылучыць у ёй чатыры этапы: 1558-62, 1562-72, 1572-76, 1576-83[1]. Таксама чатыры этапы ў рускіх „высілках” па авалодванні Лівоніяй прапанаваў амерыканскі вучоны В. Кірхнер: 1558-60, 1561-69, 1577 і 1578-83[2].

Асобна трэба адзначыць погляды даследчыкаў, якія замест тэрміна „Лівонская вайна” прапануюць называць гэтыя канфлікты „Балтыйскім войнамі” або „Паўночнымі войнамі”. Інфлянцкую вайну іменаваў Першай Паўночнай вайной К. Цэрнак, аднак ён лічыў, што яна адбывалася ў рамках 1563-79 г.[3]. А. Вільянці лічыў першай Паўночнай вайной руска-шведскую 1554-57 г.[4]. Англійскі гісторык Роберт Фрост прапанаваў канцэпцыю трох Паўночных войнаў: 1558-1619 г., пры дамінаванні Польшчы, 1654-1678, пры дамінаванні Швецыі, і 1700-1721 — канчатковая перамога і зацвярджэнне ў Прыбалтыцы Расіі[5].

Нарэшце, аўтар дадзенай рэцэнзіі прапанаваў гаварыць пра комплекс, серыю Балтыйскіх войнаў другой паловы ХVI ст., якія ў позняй гістарыяграфіі былі ўмоўна аб’яднаны ў адзіную Інфлянцкую вайну 1558-1583 г. На наш погляд, неабходна пашырыць пералік канфліктаў, якія трэба комплексна разглядаць пры вывучэнні барацьбы за Прыбалтыку ў другой палове ХVI ст. Да войнаў, якія традыцыйна „ўключаюць” у Інфлянцкую Лівонскую вайну 1558-83 г.[6], трэба дадаць руска-шведскую вайну 1556-1557 г., „вайну каад’ютараў” 1556-1557 г., руска-шведскую вайну 1589-1590 г., якая скончылася Цяўзінскім мірам паміж Расіяй і Швецыяй 1595 г. Гэтай дамовай падзел узбярэжжа Балтыйскага мора мог быць завершаны на многія гады, аднак уварванне ў Расію ў гады Смуты войскаў Польшчы і Швецыі, Сталбоўскі мір 1617 г. і Дэвулінскае перамір’е 1618 г. па-новаму перакроілі межы ўсходнееўрапейскіх дзяржаваў, у тым ліку і ў прыбалтыйскім рэгіёне[7].

Усе гэтыя меркаванні, выказаныя папярэднікамі, не знайшлі ніякага адлюстравання ў кнізе Янушкевіча. Пытанне аб перыядызацыі вайны падаецца ім як упершыню ўзнятае толькі на старонках яго манаграфіі. Такія адносіны да ранейшых прац наўрад ці карэктныя. Прыклад з пераглядам храналогіі дэманструе адну асаблівасць даследавання Янушкевіча. У кнізе шмат цікавых ідэй, назіранняў і знаходак аўтара. Аднак кніга няроўная, і няроўная перш за ўсё ў аспекце паўнаты выкарыстаных крыніц і гістарыяграфіі, якія павінны былі быць прыцягнутыя пры напісанні першага раздзела, уласна гісторыі вайны.

Так, агляд гістарыяграфіі (8-16) паказвае дамінаванне прац польскіх гісторыкаў. Аднак працы нямецкіх, дацкіх, шведскіх і англамоўных гісторыкаў (Н. Ангерман, Э. Тыберг, Э. Донерт, В. Кірхнер, В. Урбан і інш.) у працы ў лепшым выпадку згаданы, і то не ўсе[8]. Абсалютна невядомай Янушкевічу, мяркуючы па спасылках у манаграфіі, засталася нямецкая прыбалтыйская гісторыя пытання. Такі „паланісцкі” перакос у падыходзе не дазволіў аўтару ў поўнай меры ўлічыць вынікі прац папярэднікаў.

Аднак прабелы ў гістарыяграфіі малаважныя ў параўнанні з прабеламі ў крыніцах. На жаль, у спісе выкарыстаных архіваў — шэсць польскіх, адзін беларускі і адзін (!) расійскі (339-340). Сярод іх няма Расійскага дзяржаўнага архіва старажытных актаў (РДАСА), без звароту да фондаў якога наўрад ці наогул магчыма якое-небудзь глыбокае даследаванне па гісторыі міжнародных адносінаў ва Ўсходняй Еўропе ў ХVI ст. Вывучэнне дакументаў як фонду 64 (Лівонскія справы), так і фонду 123 (Крымскія справы) зрабіла б развагі аўтара адносна расійскай палітыкі ў Інфлянтах і ў адносінах з Крымам больш аргументаванымі і важкімі. У РДАСА захоўваюцца дакументы, што дазваляюць праліць святло менавіта на тыя пытанні, наконт якіх аўтар выказвае толькі здагадкі, якія не заўсёды адпавядаюць рэальнай палітыцы[9]. Думаецца, безумоўны давер да публікацыі Г. Карпава дакументаў з фонду 79 (Зносіны з Польшчай) таксама патрабуе карэктываў і праверкі яго публікацый па архіўных дакументах.

Янушкевіч толькі ў вельмі абмежаваным выглядзе прыцягнуў еўрапейскія крыніцы. Ён не выкарыстаў нямецкую публікацыю дакументаў прускага двара і герцага Альбрэхта Гагенцолерна[10] — магчыма, менавіта таму аўтар не ўлічыў ролю Прусіі ў распрацоўцы польскіх планаў анексіі Інфлянтаў у 1550-я г. Ён не выкарыстоўвае велізарны эпісталярны матэрыял якраз па палітыцы ў Інфлянтах у 1558-1562 г., што змяшчаецца ў 11-томавай публікацыі К. Шырэна[11] і 5-томавай Ф. Бінемана[12]. Акрамя таго, аўтарам амаль не прыцягнуты еўрапейскія хронікі і гістарычныя творы пра Інфлянцкую вайну — ён не выкарыстоўвае працы І. Рэнера, С. Генінга, Д. Хітрэя, Т. Брэдэнбаха, Л. Мілера і інш. Больш за ўсё ён давярае польскім храністам (М. Стрыйкоўскаму і А. Гваньіні, на якіх найбольш спасылак у працы), а таксама рускім летапісам. Здаецца, што такі характар адбору крыніц аднабаковы і не дазваляе дасягнуць аб’ектыўнасці і татальнасці ў даследаванні як баявых дзеянняў, так і перыпетый дыпламатычнай барацьбы.

Выклікае сумненне і відавочна нацягнутая трактоўка Інфлянцкай вайны як вайны за палітычную самастойнасць Вялікага Княства Літоўскага (5) і таксама як вайны, першапачаткова абарончай для ВКЛ (22). Апошні тэзіс, калі звяртацца да фактаў, выклікае вялікае сумненне — А. Янушкевіч сам жа і піша, што планы анексіі Інфлянтаў Карона пачала выношваць у 1552-1554 г. (21), гэта значыць задоўга да ваеннага ўварвання Расіі ў Інфлянты (1558) і пачатку руска-літоўскага канфлікту (1561). Ад каго абараняўся сам Жыгімонт Аўгуст, калі ў 1556 г. паслаў войскі да межаў Ордэна, каб дамагчыся ад яго кабальнай Позвальскай дамовы? Калі Вялікае Княства Літоўскае і Каралеўства Польскае ў 1559-1561 г. актыўна ўдзельнічала ў падзеле Інфлянтаў на зоны акупацыі — нароўні з Расіяй, Швецыяй, Даніяй? Янушкевіч адчувае тут слабасць сваёй пазіцыі, аднак, паколькі тэзіс пра абарончую вайну ВКЛ супраць расійскага агрэсара з’яўляецца стрыжнем яго канцэпцыі, то ён прапануе даволі дзіўную ідэю: захват Інфлянтаў быў неабходны для абароны ад Расіі, перш за ўсё — полацка-віцебскага кірунку (3 7). Дастаткова зірнуць на карту, каб беспадстаўнасць гэтага погляду стала відавочнай. Дзе Полацк і Віцебск, і дзе — Дэрпт, Рыга і Рэвель…

Пры гэтым Янушкевіч кажа пра энтузіязм шляхты пры ўварванні ў Інфлянты (38), пра барацьбу ВКЛ за выхад да Балтыкі, пра эканамічныя інтарэсы ВКЛ у Інфлянтах (22). Такім чынам, ён ускосна прызнае, што адносна Інфлянтаў вайна была агрэсіўнай для ўсіх яе ўдзельнікаў — і Расіі, і Вялікага Княства Літоўскага, і Каралеўства Польскага, і Каралеўства Шведскага. Адзіная краіна, якая ў гэтым канфлікце займалася выключна абаронай — гэта Інфлянты. Для ВКЛ вайна, безумоўна, стала абарончай толькі пасля 1563 г., пасля страты Полацка. У 1558-1562 г. дзеянні ВКЛ у Інфлянтах пад азначэнне „абарончыя” аднесці цяжка.

Пералік падобных слабааргументаваных палажэнняў у канцэпцыі Янушкевіча можна было б пашырыць. Магчыма, іх было б менш, калі б аўтар або засяродзіўся толькі на вывучэнні ўплыву вайны на ўнутраную сітуацыю ў ВКЛ (што ў Янушкевіча, без сумневу, атрымалася), або прыцягнуў неабходную колькасць крыніц і літаратуры для вывучэння ваенных і дыпламатычных дзеянняў у 1550-60 г. Пакуль жа даводзіцца канстатаваць, што кнігу А. Янушкевіча як працу па ваеннай гісторыі і па гісторыі міжнародных адносінаў нельга прызнаць ва ўсім удалай. Але ў цэлым даследаванне заслугоўвае станоўчай ацэнкі і з’яўляецца істотным укладам і крокам наперад у вывучэнні Інфлянцкай вайны.

Санкт-Пецярбург

Аляксандр Філюшкін


[1] Бобышев В. И. Международные отношения в Восточной Европе в 30-80-е гг.ХVI в. / Автореф. дисс.… канд. ист. наук. Минск, 2001. С. 13-14.
[2] Kirchner W. The rise of the Baltic question. Westport, 1970. P. 94.
[3] Zernack K. Polen und Russland: Zwei Wege in der europäischen Geschichte. Berlin,1994. P.166,178.
[4] ViljantiA. GustavVasas ryskakrig 1554-1557. Stokholm, 1957. S.9.
[5] Frost R. The Northern Wars: War, State and Northeastern Europe: 1558-1721. Edinburg, 2000.
[6] Гэта ўласна Інфлянцкая вайна 1558-1561 г. з удзелам Інфлянтаў, Расіі, Вялікага Княства Літоўскага, Швеціі і Даніі, якая закончылася раздзелам Ордэна паміж Расіяй, Швецыяй, Даніяй і Вялікім Княствам Літоўскім; руска-літоўская вайна 1561-1570 г., дацка-шведская вайна 1563-1570 г., Маскоўская („Баторыева”) вайна 1578-1582 г. і руска-шведская вайна 1578-1583 г.
[7] Филюшкин А. И. „Конструирование войны”: Изображение Ливонской войны в европейском и русском историческом нарративе // Восточная Европа в древности и средневековье: Проблемы источниковедения. ХVII Чтения памяти члена-корреспондента АН СССР Владимира Терентьевича Пашуто; IV Чтения памяти доктора исторических наук Александра Александровича Зимина. Москва, 19-22 апреля 2005 г. Тезисы докладов. Москва, 2005. Ч. II. С. 274-276; ён жа. „Bello Moscovitico” или „Ливонская война”? Эволюция исторической памяти о Ливонской войне в ХVI-ХХ вв. // Чтения по военной истории: Сборник статей / Отв. ред. Е. В. Ильин. СПб., 2006. С. 123-127. Дадзеная канцэпцыя таксама атрымала абгрунтаванне ў нядаўна апублікаванай манаграфіі: Filjushkin A. Ivan the Terrible: A Military History. London, 2008.
[8] Толькі згаданыя, але зусім ў недастатковай ступені выкарыстоўваюцца аўтарам асноўныя працы па гісторыі Лівонскай вайны: Angermann N. Studien zur Livländpolitik Ivan Groznyj’s. Marburg, 1972; Kirchner W. The rise of the Baltic question / Second edition. Westport, 1970; Donnert E. Der Livändische Ordenstritterstaat und Russland. Der Livändische Krieg und die baltische Frage in der europäischen Politik 1558-1583. Berlin, 1963; Rasmussen K. Die livländische Krise 1554-1561. Copenhagen, 1973; Svensson S. Den merkantia bakgrunden till Rysslands antal Livländska Ordensstaten. Lund, 1951; Tiberg E. Die politik Moskaus gegenüber Alt-Livland: 1550-1558 // Zeitschrift für Ostforschung. 1976. T.25. Idem. Zur Vorgeschichte des Livländischen Krieges: Die Beziehungen zwischen Moskau und Litauen 1549-1562. Uppsala, 1984; Urban W. The Livonian Crusade. Washington, 1981.
[9] Як прыклад перспектываў, якія адкрываюць архіўныя пошукі, падамо дзвеапошнія публікацыі дакументаў з фондаў РДАСА: жалаванай граматы Івана ІV Дэрпту 1558 г., якая пралівае святло на характар рускай заваёўніцкай палітыкіў Інфлянтах, і праектаў руска-крымскага ваенна-палітычнага саюза 1563-1564 г., пра які А. Янушкевич згадвае, але тэксты праектаў дагавора яму невядомыя, і таму развагі аўтара аказваюцца гіпатэтычнымі — гл.: Филюшкин А.И. Проекты русско-крымского военного союза в годы Ливонской войны // „В кратких словесах многой разум замыкающе…” / Отв. ред. А. Ю. Дворниченко.СПб., 2008. С. 309-337; ён жа. Политическая практика московских властей вЛивонии в первые годы Ливонской войны (новые документы) // Studia Slavicaet Balcanica Petropolitana = Петербургские славянские и балканские исследования. 2008. № 1 (3). С. 77-88.
[10] Напрыклад: Herzog Albrecht von Preussen und Livland (1551-1557)/ Rehesten ausdem Herzoglichen Briefarchiv und deb Ostpreussischen Folianten / Bearb. Von St.Hartmann. Köln, Weimar, Wien, 2005.
[11] Archiv fur die Geschichte Liv-, Est- und Curlands. Quellen zur Ceschichle des Untergangs livländischer Selbständigkeit. Aus dem schwedichen Reichsarchive zu Stockholm / Hrsg. von С Schirren. Reval, 1861-1885. Bd.1-11.
[12] Bienemann F. Briefe und Urkunden zur Geschichte Livlands in der Jahren 1558-1562. Riga, 1865-1876. T. 1-5.

Наверх

Kotljarchuk, Andrej. In the Shadows of Poland and Russia (Міхал Дуда)

Снежня 6, 2008 |


KOTLJARCHUK, ANDREJ. In the Shadows of Poland and Russia. The Grand Duchy of Lithuania and Sweden in the European Crisis of the mid-17 th Century. Sődertőrns hőgskola (Sődertőrns Doctoral Dissertations, nr 4), 2006. — 347 s.

Аўтар звярнуўся да тэмы, нібыта добра вядомай у Польшчы і грунтоўна даследаванай такімі гісторыкамі, як Тадэвуш Васілеўскі ці Генрык Віснэр[1]. Аднак у іх працах, абапертых пераважна на айчынныя і часткова шведскія матэрыялы, адзначана неабходнасць глыбейшых даследаванняў. Узнятыя аўтарам новыя даследчыя праблемы (як, напрыклад, недаацэненыя эканамічны ці канфесійны аспекты) у значнай ступені запаўняюць прагал у нашых ведах пра падзеі Вялікага Княства 1655-1661 г., перадусім уніі Швецыі і ВКЛ ды неафіцыйных перамоваў з Расіяй. Вартасцю з’яўляецца даступная і папулярная мова выкладання, салідная крыніцавая база ўражвае лічбай ды ахопам здзейсненага пошуку, які даў магчымасць выкарыстаць шэраг новых крыніц. Аўтар ладзіў доследы не толькі ў шведскіх і польскіх архівах. Навацыйнымі былі пошукі ў беларускіх, расійскіх і літоўскіх архівах.

Была выкарыстана найноўшая тэматычная літаратура не толькі шведскага, польскага ці расійскага паходжання, але і працы беларускіх, украінскіх ды літоўскіх гісторыкаў.

Кніга змяшчае пяць раздзелаў, карты з выявамі тагачаснай Літвы, дадаткі, графічны анэкс і салідную бібліяграфію. Структура працы, з улікам яе праблематыкі, падаецца трапнай і цалкам абгрунтаванай.

Першы, уступны, раздзел распавядае пра тагачасны стан даследаванняў, даступную тэматычную літаратуру ды наяўныя архіўныя матэрыялы. Асаблівай увагі заслугоўвае здзейсненае ўпершыню падсумаванне даследаванняў гісторыкаў з Літвы, Беларусі, Расіі, нават Фінляндыі.

Раздзел Separatism and policy of Poland паказвае сітуацыю і сепаратысцкія памкненні Вялікага Княства ў першай палове XVII ст. У польскай літаратуры унія Швецыі і ВКЛ, дзеянні ў гэтым кірунку Януша Радзівіла трывала атаясняюцца са здрадай. Гэткае меркаванне пашырыў Генрык Сянкевіч у сваім папулярным „Патопе”. Катлярчук прапануе чытачу новы погляд наўзаеміны і кантакты са Швецыяй. Выключная роля надаецца ўсё мацнейшым эканамічным сувязям ВКЛ са шведскай Рыгай ды Стакгольмам. Шведская стратэгія эканамічнага напору была значным стымулам заключэння сепаратысцкага міру ў 1627 г, а далей заключэння ўзаемнай уніі ў 1655 г. Таксама ўздымаецца пытанне канфесійных канфліктаў і дачыненняў літоўскіх пратэстантаў са Стакгольмам, асабліва з блізкімі Шведскімі Інфлянтамі. Не абмінуты таксама чыннік амбіцыяў Радзівілаў. Адносна мала месца аўтар прысвяціў чынніку расійскай пагрозы, добра паказанаму ў даступнай тэматычнай літаратуры — польскай, шведскай ці расійскай. Бясспрэчная перавага раздзела — навацыйны падыход да тэмы і выкарыстанне новых крыніц.

Незвычайна каштоўнай паўстае трэцяя частка працы, якая вычарпальна паказвае падзеі уніі Швецыі ды ВКЛ. Асабліва важнымі падаюцца падраздзелы The declaration of Kedainiai, August 17, 1655 (91-121) і The Birth of the Sweden-Lituania federation: the Union of Kedainiai, October20,1655 (121-138), у якіх адлюстраваны акалічнасці разрыву з Польшчай і хаўрусу са Швецыяй. Вялікай вартасцю раздзела з’яўляецца супастаўленне і параўнанне пагаднення ад 17 жніўня 1655 г. з канчатковым тэ кстам уніяльнага пагаднення. Дарэчна ўздымаецца пытанне геапалітычных зменаў, абумоўленых заключанай уніяй — зменаў не толькі ў драматычнай сітуацыі Польшчы і Швецыі, але і іншых балтыйскіх дзяржаваў.

Пасля сканчэння перамоваў у Кейданах ВКЛ стала месцам сутыкнення інтарэсаў Расіі і Швецыі, Радзівілаў, польскіх прыхільнікаў, нават, як слушна зазначае Катлярчук, Украіны Хмяльніцкага і Трансільваніі Ракоцы. Гэтыя складаныя залежнасці, палітычныя дзеянні ды ваенныя акцыі асвятляе чацвёрты раздзел. Найбольш увагі даследнік прысвяціў расійска-шведскім дачыненням, паказваючы ix эвалюцыю ад добрых, спакойных адносінаў да — праз дыпламатычныя дзеянні і памежныя сутыкненні — развязання вайны. Сярод прычынаў, што трывала паглыблялі антаганізм паміж Стакгольмам ды Масквой, ён вылучае перамовы Карла X Густава з Хмяльніцкім (243-250). Ясна паказаны дзеянні дыпламатаў Польшчы і Расіі, скіраваныя на замірэнне і сумеснае выступленне супраць Швецыі. Бясспрэчнай і безумоўнай навіной з’яўляецца ацэнка наступстваў для Вялікага Княства перамоваў у Радноце і разгляд удзелу ў канфлікце Ракоцы. У гэтым разгорнутым і дакладным асвятленні дыпламатычных дзеянняў бракуе хоць сціслага пераказу ўзаемных адносінаў Расіі і Брандэнбургіі. Трактат ад верасня 1656 г. забяспечваў двухбаковы нейтралітэт і карысны гандлёвы абмен паміж дзяржавамі. Безумоўна, гэта негатыўна паўплывала на становішча шведаў у ВКЛ.

Апошні раздзел — спроба падсумаваць наступствы падзеяў 1655-1661 г. у Вялікім Княстве. У ацэнцы эканамічных і дэмаграфічных стратаў аўтар абапіраецца на працы Юзафа Можы, цалкам пагаджаючыся з пададзенымі там звесткамі[2]. Цікавае і навацыйнае паводле задумы параўнанне стратаў абшараў, займаных Швецыяй і Расіяй. Ваенныя знішчэнні, паводле Катлярчука, таксама сталі прычынай зменаў у грамадскай структуры. Да адмоўных з’яваў ён залічвае і гвалтоўныя ды незваротныя канфесійныя змены — такія, як пераслед ці змушаную міграцыю за межы ВКЛ. Як падае аўтар, у канцы XIV ст. у Вялікім Княстве было каля 260 пратэстанцкіх парафіяў, у 1696 г. засталося толькі 46 (277). Найбольш адчувальнымі, невымяральнымі, на ягоную думку, з’яўляюцца негатыўныя грамадскія і культурныя змены.

Частка раздзела прысвечана ацэнцы дзеянняў Януша і Багуслава Радзівілаў. Паводле даследніка, яны дзейнічалі перадусім з патрыятычных памкненняў, дбаючы пра ВКЛ, а не пра Польшчу. Нягледзячы на магчымасць пагаднення з Расіяй, яны выбралі пратэкцыю Швецыі, якая абяцала шмат карысці, пакідала спадзеў на большую палітычную самастойнасць. Гэтае рашэнне выклікала канфлікт не толькі з Расіяй, Польшчай, але і са значнай часткай жыхароў ВКЛ. Дыскусійным падаецца думка аўтара, што абраны шлях залежнасці ад шведаў быў найлепшым з магчымых, а сама унія магла прынесці шмат карысці абодвум партнёрам (286). Аргументацыя даследніка не выглядае дастаткова пераканаўчай. Неабходна, аднак, зазначыць, што Януш Радзівіл для большасці ліцвінаў — адзін з нацыянальных герояў.

Далей варта звярнуць увагу на змешчаныя ў канцы кнігі анэксы, мапы ды ілюстрацыі. Асабліва істотнай і каштоўнай трэба прызнаць публікацыю трактата ад 17 жніўня 1655 г. ды пагаднення ад 20 кастрычніка 1655 г. Як зазначае Андрэй Катлярчук, папярэднія, адзіныя, распрацоўкі Уладыслава Канапчыньскага ды Казімежа Лепшага — на жаль, непаўнавартасныя[3]. Пра павагу да чытача сведчыць табліца з англійскім перакладам тагачасных літоўскіх урадавых тытулаў. Ілюстрацыі падабраны трапна: усяго дваццаць дзве, з іх тры апублікаваны ўпершыню. Адзіны дробны недахоп — адсутнасць рэзюмэ, што пазбаўляе магчымасці хуткага знаёмства з аўтарскімі высновамі.

Такім чынам, аўтар прадметна і сумленна выканаў даследчыя пастулаты сваёй працы. У ранейшай тэматычнай літаратуры неставала такой добрай і навацыйнай распрацоўкі дадзенай тэмы. Кніга Андрэя Катлярчука, безумоўна, запоўніла гэты даследчы прагал. Асабліва для польскіх даследнікаў, якія займаюцца meandrami польска-літоўскіх сувязяў і падзеямі 1655-1660 г., кніга Андрэя Катлярчука прапануе багата матэрыялу для рэфлексіі, заахвочвае да новага погляду на ўжо вядомыя пытанні.

Гданьск

Міхал Дуда


[1] Wasilewski T. Zdrada Janusza Radziwiłła w 1655 r. i jej wyznaniowe motywy // Odrodzenie i Reformacja w Polsce. T. 18. Warszawa, 1973. S. 125-147; Wisner H. Decydenci litewscy wobec wybuchu wojny polsko-szwedzkiej (1655-1660) // Odrodzenie i Reformacja w Polsce. T. 15. S. 130-144. Warszawa, 1970; ён жа. Rok 1655 na Litwie: Pertraktacje ze Szwecją i kwestia wyznaniowa // Odrodzenie i Reformacja w Polsce. T. 24. Warszawa, 1981. S. 83-103; ён жа. Wojsko Litewskie I połowy XVII wieku // Studia i Materiały do Historii Wojskowości. T. 19. Z. 1. Warszawa, 1973. S. 94-101; ён жа. Janusz Radziwiłł 1612-1655. Wojewoda wileński. Hetman wielki litewski. Warszawa, 2000.
[2] Morzy Józef. Kryzys demograficzny na Litwie i Białorusi w II połowie XVII wieku. Poznań, 1965.
[3] Konopczyński W., Lepszy K. Akta Ugody Kiedanskiej 1655 roku // Ateneum Wileńskie. T. 10. Wilno, 1935. S. 173-224.

Наверх

Kotljarchuk, Andrej. In the Shadows of Poland and Russia (Конрад Бабятыньскі)

Снежня 5, 2008 |


KOTLJARCHUK, ANDREJ. In the Shadows of Poland and Russia. The Grand Duchy of Lithuania and Sweden in the European Crisis of the mid-17 th Century. Sődertőrns hőgskola (Sődertőrns Doctoral Dissertations, nr 4), 2006. — 347 s.

Кніга Андрэя Катлярчука — яго кандыдацкая дысертацыя, абароненая ў чэрвені 2006 г. нa гістарычным факультэце Стакгольмскага універсітэта. Галоўнай мэтай сваіх даследаванняў аўтар паставіў усебаковы разгляд складанай палітычнай і ваеннай сітуацыі, у якой апынулася Вялікае Княства Літоўскае ў выніку вайны са Швецыяй і Масквой у 1655-1657 г. У прадмове аўтар зазначыў, што задача яго кнігі, перш за ўсё, — жаданне падарваць шырока распаўсюджаны ў польскай і заходнееўрапейскай, у тым ліку шведскай, гістарыяграфіі, стэрэатып дачыненняў Вялікага Княства і Швецыі ў гэты перыяд. На першых старонках працы (2-3) аўтар сфармуляваў тэзіс, якому падпарадкаваў пазней свае высновы. Паводле меркавання аўтара, ацэнка гісторыкамі дагавораў Януша Радзівіла са шведамі ў 1655 г. як здрады інтарэсам Рэчы Паспалітай неапраўданая, таму патрабуе грунтоўнага перагляду. Саму унію Швецыі і ВКЛ i рашэнне ліцвінаў аб разрыве уніі з Каронай аўтар лічыць элементам агульнай дэзінтэграцыі ў „дзяржаве абодвух народаў”, а перш за ўсё элементам больш шырокай агульнаеўрапейскай тэндэнцыі — крызісу цэнтральнай улады ў сярэдзіне XVII ст. Гэты крызіс знаходзіў выяўленне ў канфліктах паміж каралём і станамі, дзяржавай і грамадзянамі ў многіх краінах Старога Кантынента. Акрамя Рэчы Паспалітай аўтар звяртае ўвагу на падобныя з’явы, якія, між іншым, адбываліся ў Імперыі Габсбургаў (крыху раней), Англіі, Францыі, Галандыі ці Партугаліі (5-6, 87-89).

Безумоўна, кніга Катлярчука ўпісваецца ў кантэкст даўняй дыскусіі ў польскай, літоўскай і беларускай гістарыяграфіі на тэму матываў, якімі кіраваўся Януш Радзівіл у момант прыняцця рашэння аб разрыве Люблінскай уніі і прызнання ўлады Карла X Густава, a таксама вытокаў Кейданскіх дамоваў, іх юрыдычнай легітымнасці і ролі гэтых падзей у гісторыі ВКЛ у другой палове XVII ст. У гэтай дыскусіі дагэтуль удзельнічалі многія польскія гісторыкі, пачынаючы з даследчыкаў, якія працавалі на пачатку другой паловы XIX ст. — Эдварда Катлубая i Бярнарда Каліцкага[1]. Апошняе значнае выказванне ў гэтай дыскусіі належыць Тадэвушу Васілеўскаму і Генрыку Віснэру, якія інтэрпрэтуюць падзеі, што адбыліся паміж жніўнем і кастрычнікам 1655 г., зусім іншым чынам[2]. Васілеўскі галоўнай прычынай здрады Радзівіла, як ён адназначна ацаніў палітыку вялікага гетмана ВКЛ у жніўні 1655 г. i наступных месяцах, называе рэлігійны фактар. У той жа час Віснэр паспрабаваў патлумачыць палітыку Радзівіла складанай палітычнай і ваеннай сітуацыяй, у якой апынулася ВКЛ у выніку наступлення войскаў цара Аляксея Міхайлавіча. Войскі маскоўскага цара на пачатку верасня 1655 г. падышлі пад самую Вільню. Прыняцце ў такіх абставінах шведскага пратэктарату, як шматразова даводзіць гэты даследчык, здавалася тады адзіным рацыянальным шляхам выратавання для пазбаўленага ўсякай дапамогі з боку Кароны Вялікага Княства, a асабістыя і рэлігійныя матывы ў дадзеным выпадку (з боку Радзівілаў) адыгрывалі другасную ролю.

У той жа час канцэпцыя, якую А. Катлярчук падаўу сваёй кандыдацкай дысертацыі, значна выходзіць за межы, a часта і пярэчыць гіпотэзам Васілеўскага і Віснэра.

Аўтар ужо на пачатку працы (27 i наст.) прапануе адназначна негатыўны вобраз наступстваў, якія для ВКЛ вынікалі з факта заключэння Люблінскай уніі. Ён падкрэслівае, што унія падзяліла, a не злучыла абедзве часткі Рэчы Паспалітай. Нягледзячы на заключэнне Люблінскай уніі, аўтар увесь час ставіцца да ВКЛ як да практычна асобнай дзяржавы, звязанай вельмі свабоднымі сувязямі з Каронай, часта аддаючы перабольшаную ўвагу праявам сепаратызму ў ВКЛ у 1569-1655 гадах (87-89). Важны элемент канцэпцыі Катлярчука — упор на рэлігійныя фактары. Асабліва шмат месца ён прысвячае рэлігійнаму ўціску і пераследу, які перманентна цярпелі пратэстанты з боку каталікоў у ВКЛ (51-54). Аўтар прыводзіць выпадкі адхілення пратэстантаў ад выканання публічных функцый, знішчэння i выгнання ix са збораў або ўрэшце здзяйснення ў адносінах да іх пагромаў (віленскія пагромы ў 1609 i 1640 г. і хваляванні ў Полацку i Наваградкуў 1638 г.). Адначасова ён падкрэслівае рэлігійнуюцярпімасцьпратэстантаў,прыводзячыўпрыклад апеку Януша Радзівіла шатландцамі і габрэямі ў Кейданах. Рэпрэсіі з боку прыхільнікаў контррэфармацыі, спалучаныя з інтэнсіўнай рэкаталізацыяй, набылі асаблівы размах пры панаванні Яна Казіміра. Каб аслабіць пратэстанцкую галіну біржанскіх Радзівілаў, той пачаў ствараць моцную партыю двара, абапіраючыся на каталіцкія роды — Сапегаў, a затым Гасеўскіх і Пацаў. Пратэстанты мусілі яшчэ пры жыцці Жыгімонта III шукаць замежнага апекуна-пратэктара (76-77, 81-82, 87-89). Прыклады гэтага аўтар знаходзіць у палітыцы Крыштафа II Радзівіла (арлеанская змова, зандаж магчымасцяў выбару на трон Рэчы Паспалітай Густава II Адольфа), а таксама ягонага сына Януша (яшчэ ў 1648 г.). Пішучы пра арлеанскую змову, Катлярчук абапіраецца толькі на састарэлую кнігу Ц. Вэйле (1901 г.), не беручы пад увагу новых прац, перш за ўсё агляд крыніц, падрыхтаваны У. Аўгустыняк i В. Сакалоўскім, у якім праблема пададзена ў іншым святле, чым паказвае аўтар[3].

Каб давесці, што Вялікае Княства імкнулася да саюзу са Швецыяй задоўга да 1655 г., аўтар правёў цікавы аналіз больш ранніх формаў супрацоўніцтва паміж дзвюма дзяржавамі. З гэтай мэтай аўтар адступае ажно ў першую палову XIII ст. i час незалежнасці Полацкага княства, акцэнтуючы яго кантакты з кавалерамі-мечаносцамі (61-67). Трэба сказаць, што падкрэсліванне, галоўным чынам, эканамічнага характару суадносінаў Швецыі і ВКЛ перад Патопам цалкам абгрунтаванае, у той жа час сумненне выклікаюць пошукі ў гэтых адносінах палітычнага аспекта. Напрыклад, першыя спробы ўтварэння федэрацыі паміж Швецыяй і ВКЛ Катлярчук шукае ў планах выбрання Аляксандра Ягайлавіча шведскім каралём на мяжы XV i XVI ст., памылкова сцвярджаючы, што на працягу 1492-1506 г. Карона i Вялікае Княства не былі звязаны нават персанальнай уніяй (67-68).

Абсалютна відавочна, што ніводная даследчая гіпотэза, а асабліва такая дыскусійная прапанова, як высунутая Катлярчуком, не знойдзе ўсеагульнага прызнання ў гістарычным асяроддзі, калі яна не будзе абапірацца на адпаведныя крыніцы. Хоць кніга і пабудавана на архіўным матэрыяле, а таксама на многіх надрукаваных крыніцах i апрацоўках, немагчыма не заўважыць, што яе бібліяграфія не пазбаўлена сур’ёзных недахопаў. Безумоўна, важным дасягненнем аўтара трэба прызнаць выкарыстанне шэрагу рукапісных крыніц (у тым ліку арыгіналаў актаў Кейданскай уніі, а таксама карэспандэнцыі Радзівілаў, якая налічвае некалькі дзесяткаў лістоў), a таксама іканаграфічных i картаграфічных матэрыялаў са шведскіх архіваў i бібліятэк (Riksarkivet, Krigsarkivet, Kungliga bibliotheket, Uppsala universitets bibliotek). За выняткам некалькі выпадкаў, гэта ў асноўным дакументы, невядомыя польскім даследчыкам. Аўтар шырока карыстаецца адпаведнай шведскай літаратурай, якая для польскіх гісторыкаў, асабліва сярэдняга пакалення і маладых, часта з’яўляецца абсалютна недаступнай па прычыне моўнага бар’еру.

У той жа час адчуваецца недастатковае веданне польскіх рукапісных крыніц. Асабліва адчувальная адсутнасць многіх важных для глыбокага вывучэння тэмы архіўных дакументаў архіва Радзівілаў з Галоўнага архіва даўніх актаў у Варшаве. Тут узнікае пытанне: ці можна ўвогуле даследаваць дзейнасць радзівілаўскага клана ў 1655-1657 г. без азнаямлення з лістамі да Януша і Багуслава Радзівілаў, што зберагаюцца ў V раздзеле дадзенага збору? Што праўда, перапіска 1655-1657 г. невялікая ў параўнанні хоць бы з шасцідзесятымігадамі XVII ст., аднак аўтар мог бы знайсці ў ёй нямала цікавых звестак, датычных прадмета даследавання. З гэтага раздзела выкарыстаны толькі некалькі лістоў галоўнага спецыялістаРадзівілаў па замежных справах — вількамірскага маршалкаЯна Мяжынскага[4]. Не ўлічана перапіска Багуслава Радзівіла зіншымі ягонымі блізкімі супрацоўнікамі, хоць бы з Бенядыктам Альшэўскім (№ 10 816), або таксама шэраг лістоў, звязаных са Слуцкам і яго роляй у палітыцы канюшага ВКЛ[5].

Увогуле, знаёмства з польскімі архіўнымі матэрыяламі абмежавана ў працы, апрача часткі карэспандэнцыі Мяжынскага, толькі дакументам з раздзела II Архіва Радзівілаў (прычым пададзенага з памылковымі выхаднымі дадзенымі), часткай лістоў Б. Радзівіла з раздзела IV гэтага збору, а таксама трыма пазіцыямі з Бібліятэкі Чартарыйскіх (не хапае, напрыклад, папак Нарушэвіча!), у тым ліку манускрыпта № 2105, які ўключае каштоўны збор лістоў Я. Радзівіла да караля. Аўтар, на жаль, не даследаваў рукапісаў з многіх архіваў і бібліятэк, якія ўтрымліваюць матэрыялы па праблеме. Напрыклад, разглядаючы аблогу Берасця, наватарскі паказ якой А. Катлярчук лічыць адным з найбольш значных аспектаў сваіх даследаванняў (22, 228-233), ён не выкарыстаў асноўнага збору дакументаў па дадзеным пытанні з Бібліятэкі Ардынацыі Замойскіх (рукапіс 943)[6].

Даследуючы ход перамоваў у Ясьвойнах і Кейданах, аўтар шматразова згадвае пра ўплыў ваенных абставінаў на прыняцце Радзівілам рашэння паддацца пад пратэкцыю Карла X Густава, але здаецца, што ён не да канца ўлічвае дадзены аспект, прызнаючы больш важнымі рэлігійныя пытанні i сепаратысцкія тэндэнцыі сярод магнатаў і шляхты. Шкада, што аўтар не здолеў, апісваючы ваенныя дзеянні на тэрыторыі ВКЛ у 1654-1655 г. (91-94), улічыць новыя працы[7]. Выкарыстанне старой літаратуры прывяло да многіх недакладнасцяў, памылак і пропускаў.

Навуковыя гіпотэзы Андрэя Катлярчука абапіраюцца галоўным чынам на аўтарскую інтэрпрэтацыю літаратуры прадмета, a таксама на дакументы stricte дыпламатычнага характару. Цяжка пазбавіцца ўражання, што часта ён прачытвае змест гэтых дакументаў залішне даслоўна, не ўлічваючы спецыфікі гэтага матэрыялу, а таксама абставінаў, у якіх дадзены канкрэтны дакумент быў складзены. Можна сумнявацца, ці варта шукаць прычыны заключэння дамовы ў Кейданах і пераход ВКЛ пад уладу Карла X Густава ў папярэдніх кантактах Я. Радзівіла са шведамі, пачынаючы ад 1648 г. Гэтая гіпотэза, якой у мінулым паддалося некалькі знакамітых польскіх гісторыкаў[8], што безумоўна, дазваляе вельмі абстрактным чынам патлумачыць драматычныя падзеі жніўня 1655 г., на жаль, непераканаўчая, бо для яе не хапае сведчанняў, яна абапіраецца толькі на нешматлікія і другасныя дакументы.

Каб пацвердзіць сваю гіпотэзу, аўтар цытуе кароткую вытрымку з ліста Бенгта Скітэ да губернатара Фінляндыі Пэра Браге (вядомага ў польскай гістарыяграфіі дзякуючы, між іншым, дасл едаванням Т. Новака). У лісце гаворыцца, што частка эліты ВКЛ патаемна шукала магчымасці адлучэння ВКЛ ад Польшчы і далучэння да Швецыі. Крыху месца ў сваёй кнізе аўтар прысвячае таксама сакрэтным кантактам гетмана з губернатарам Інфлянтаў Магнусам Габрыэлем дэ ля Гардзі, аднак жа адзначае, што гэтыя перамовы насілі толькі вусны характар, i таму невядома, чаго канкрэтна яны датычылі, a захаваная перапіска гэтых палітыкаў не ўтрымлівае ніякіх палітычных падрабязнасцяў (81-82). Тым часам першыя звесткі пра тое, што Радзівіл вядзе таемныя перамовы са Стакгольмам пры пасярэдніцтве князя Курляндыі Якуба Кетлера, паходзяць толькі з ліста гетмана канца лістапада 1654 г. Гэты ліст скіраваны да аднаго з найбліжэйшых супрацоўнікаў i пасярэдніка ў кантактах з Кетлерам, аднак там няма ніводнага слова пра планы разрыву Люблінскай уніі. Размовы, якія вяліся са шведамі, ставілі мэтай атрыманне дыпламатычнай і ваеннай дапамогі ў барацьбе з Масквой, a таксама імкненне да дасягнення асабістых мэтаў (Радзівіл дабіваўся ў гэты час, паміж іншым, шведскага індыгенату)[9].

Яшчэ 20.III.1655 г., у чарговым лісце да Стрышкі, гетман не пісаў нічога пра намеры прыняць чужую пратэкцыю, у той жа час ён імкнуўся да захавання міру на паўночнай мяжы ВКЛ, а таксама клапаціўся пра тое, каб Карл X Густаў прыслаў яму на дапамогу корпус з 2000 пяхоты i 1000 конніцы[10]. Калі дакладна было прынятае рашэнне пра падпарадкаванне шведам? Напэўна, гэтага ўжо нельга вызначыць дакладна, аднак многае паказвае на тое, што гэта адбылося пад канец ліпеня, калі ў Рыгу ад’ехаў пасланец Радзівілаў Габрыэль Лубянецкі, або некалькі пазней, калі каля брамаў Вільні апынуліся царскія войскі, а пад Варшаву адышоў дапаможны корпус Кароны, не здзейсніліся таксама надзеі на заключэнне перамір’я з Масквой і да ВКЛ дайшлі звесткі пра капітуляцыю вялікапольскага паспалітага рушання пад Уйсцем.

Шкада, што аўтар не выкарыстаў дзённіка Мацвея Форбэка Леттава, былога доктара Ўладзіслава IV, які вельмі добра перадае настрой, што панаваў у Вільні і ваколіцах у першыя дні жніўня 1655 г., i часткова дазваляе зразумець псіхалагічныя матывы, якія ўплывалі на палітыку Радзівілаў у гэты драматычны перыяд[11]. Для поўнай карціны гэтых падзей было б карысна таксама правесці даследаванне нешматлікай, зрэшты, карэспандэнцыі Я. Радзівіла з лета 1655 г., якую аўтар (акрамя ўпамянутых рукапісаў 2105 з Бібліятэкі Чартарыйскіх) увогуле не цытуе ў сваёй кніжцы. Варта тут таксама назваць перапіску з ваяводам з Лэнчыц Янам Ляшчынскім (БЧ, 384, перш за ўсё ліст гетмана ад 4.VIII.1655, с. 282-285), ліст Радзівіла да вялікага канцлера Кароны Стэфана Карыцінскага ад 7.VIII (Б, 917, s. 1369-1374). Ліст Я. Радзівіла да Б. Радзівіла ад 26.VIII.1655 г. аўтар прыводзіць толькі часткова (113-114), тым часам у ім Радзівіл сцвярджаў, што рашэнне пра падданне шведам прыняў толькі тады, „калі маскаль каля Вільні апынуўся (чаго Вялікая Польшча ніколі не перажывала), a мы ад бяды куды кінуцца меліся”. „A што кажуць”, — пісаў, — „што гэта даўно праз мяне прарастала, то няхай д’ябал выкале мне душу, калі я калі пра гэта думаў даўней. Ад таго, што мы з Вільні ліст пісалі [гаворка ідзе пра ўжо названую місію Габрыэля Лубянецкага. — K.Б.], пачалася гэтая справа, калі інакш ратавацца спосабу не было”. Цяжка сумнявацца ў праўдзівасці гэтых слоў, адрасаваных найбліжэйшаму палітычнаму супрацоўніку, які ў гэты час ведаў пра ўсе палітычныя планы Януша[12].

Саму кастрычніцкую дамову ў Кейданах i папярэдюю ў Ясьвойнах Андрэй Катлярчук ацэньвае, перш за ўсё, у чыста вербальнай плоскасці. Аўтар шмат разоў спрабуе даказаць, якія вялікія шансы давала ВКЛ сувязь са шведамі[13]: для пратэстантаў, якіх тады была большасць ва ўладнай эліце, з’явілася магчымасць вяртання да стану перад 1569 г., a для ўсяго грамадства гэта азначала канец падпарадкавання Польшчы, змену пазіцыі Вялікага Княства ў балансе сілаў у гэтай частцы Еўропы i ўмацаванне міжнароднай пазіцыі дзяржавы (109-110, 138-139). Адначасова аўтар слушна заўважае, што толькі пратэстанты маглі звязваць далёкасяжныя планы з трывалым саюзам са шведамі, тады як для каталікоў гэта быў толькі тактычны ход (асабліва дамова ў Ясьвойнах), прадыктаваны патрэбамі дадзенага моманту, ён ставіў мэтай стрыманне наступу маскоўскіх войскаў, a затым вяртанне захопленых маскоўскім царом тэрыторый (110-111). Тут можна задаць пытанне, на якое ў кнізе няма адназначнага адказу: у якой ступені знаходжанне ліцвінаў у шведскім абозе залежала ад іх веравызнання, a наколькі ад асабістых і палітычных інтарэсаў iх патронаў, ці абодвух Радзівілаў? Вядома, што пасля заключэння веляўска-быдгошскіх дамоваў, на падставе якіх Багуслаў атрымаў поўную амністыю і абяцанні вяртання маёнткаў (сваіх і дваюраднага брата), ужо немагчыма знайсці афіцэраў войска ВКЛ у шэрагах шведскай арміі, хоць вайна яшчэ доўжылася амаль тры гады.

Пра тое, што здача пад пратэкцыю Карла X Густава была не лепшым выбарам, чым адданне пад уладу маскоўскага цара, жыхары акупаваных зямель маглі пераканацца ўжо позняй восенню 1655 г. Бо шведы не збіраліся рэалізоўваць іхніх імкненняў да незалежнасці, ад самага пачатку не лічачы ліцвінаў сваімі раўнапраўнымі партнёрамі і адносячыся да Вялікага Княства як да заваяванай краіны або калоніі. Шведы не збіраліся таксама ўвязвацца ў вяртанне страчаных на ўсходзе краіны тэрыторый і, што з гэтага вынікае, у вайну з Масквой (120-121,125). Катлярчук спрабуе вытлумачыць адсутнасць поспеху ідэі уніі са шведамі даволі сумнеўнымі гіпотэзамі, напрыклад, сцвярджаючы, што памылкай караля была спроба знайсці больш шырокую падтрымку, у тым ліку ў каталікоў (якія, зрэшты, адразу здрадзілі шведам), замест поўнай перадачы ўлады ў краіне пратэстанцкаму клану Радзівілаў (138).

Рэчаіснасць, аднак, была зусім іншай, i аўтар таксама яе паказвае (149-160)[14]. На падставе шведскіх архіўных матэрыялаў і літаратуры ён дае цікавую карціну фіскальнага ўціску на акупаваных тэрыторыях, які ў значнай ступені пераўзыходзіў павіннасці грамадзян ВКЛ у Рэчы Паспалітай. Толькі ў першыя тры месяцы 1656 г. з пяці занятых імі паветаў шведы выціснулі 185 тыс. талераў, у той час як раней усё ВКЛ выплачвала ў скарб Рэчы Паспалітай толькі 300 тыс. талераў падатку (аўтар, аднак, не ўдакладняе, які сойм прыняў пастанову пра падаткі ў такой колькасці). Вынікаў такой палітыкі не трэба было доўгачакаць: ужо ў сакавіку 1656 г. у Жамойці пачалося паўстанне, якое стала пачаткам вызвалення краіны з-пад акупацыі. Катлярчук лічыць канфлікты і баявыя дзеянні гэтага часу своеасаблівай формай грамадзянскай вайны паміж прапольскімі каталікамі i прашведскімі пратэстантамі (у той жа час адзначаючы, што тады шмат пратэстантаў перайшло на бок караля), а гэта рызыкоўны тэзіс.

Падкрэсліваючы вялікае значэнне уніі ВКЛ са Швецыяй, Катлярчук шматразова сцвярджае (напр. 111, 122), што дамовы ў Ясьвойнах і Кейданах былі заключаны юрыдычна правільна, паколькі Вялікае Княства паводле III Статута мела гарантаваную магчымасць праводзіць самастойную замежную палітыку. Зыходзячы з гэтага сцвярджэння, ён таксама падкрэслівае, што па гэтай прычыне ўсе рашэнні Яна Казіміра пра пазбаўленне прыхільнікаў Швецыі маёнткаў і пасадаў былі беспрэцэдэнтныя і незаконныя, паколькі вырашаць такія пытанні мог толькі соймавы суд (122, 147-148). Калі з другім тэзісам можна пагадзіцца, то першы не знаходзіць дастатковага пацверджання ў крыніцах. Па дакументах Люблінскай уніі, абедзве часткі Рэчы Паспалітай павінны былі праводзіць сумесную замежную палітыку, таму права ВКЛ на самастойныя перамовы з суседзямі было абмежаваным. Нават перамір’е ВКЛ са Швецыяй, заключанае 19.I.1627 г. у Бальдэнмойзе на няпоўных 5 месяцаў (да 11.VI.1627), гэта значыць акт, які меў нашмат меншую палітычную вагу, выклікаў вялікія пярэчанні, таксама і ў ВКЛ. Было паўсюдна прызнана, і таксама ў Вялікім Княстве, што ўдзельнікі гэтых перамоваў выйшлі за межы сваёй кампетэнцыі, паколькі падобныя дамовы маглі заключацца толькі са згоды караля і прадстаўнікоў Кароны. Перамір’е гэтае раскрытыкаваў таксама Жыгімонт III, прызнаючы факт яго заключэння парушэннем каралеўскіх прэрагатываў i шкодным для уніі[15].

Кніга Андрэя Катлярчука, безумоўна, вельмі неадназначная. Аўтар выступае з шэрагам наватарскіх сцвярджэнняў і меркаванняў, якія пры гэтым вельмі спрэчныя і не знаходзяць пацверджання ў крыніцах. Істотная частка крыніц засталася, на жаль, не выкарыстана аўтарам. Тым не менш праца заслугоўвае ўвагі, бо ўтрымлівае шмат цікавых думак, якія заахвочваюць да роздуму і дыскусіі, паказваючы адрозны пункт гледжання на ад ну з найбольш драматычных падзей у гісторыі Рэчы Паспалітай Двух Народаў.

Варшава

Конрад Бабятыньскі


[1] Kotłubaj E. Galerya nieświeżska portretów Radziwiłłowskich. Wilno, 1857; ён жа. Życie Janusza Radziwiłła, Wilno — Witebsk, 1859; Kalicki B. Bogusław Radziwiłł. Koniuszy litewski. Kraków, 1878.
[2] Wasilewski T. Zdrada Janusza Radziwiłła w 1655 r. i jej wyznaniowe motywy // Odrodzenie i Reformacja w Polsce. T. XVIII. 1973; Wisner H. Dysydenci litewscy wobecwybuchu wojny polsko-szwedzkiej (1655-1660) // Odrodzenie i Reformacja w Polsce. T. XV. 1970; ён жа. Rok 1655 na Litwie: pertraktacje ze Szwecją i kwestia wyznaniowa // Odrodzenie i Reformacja w Polsce, T. XXVI. 1981. Падобна як Васілеўскі,адназначна негатыўна палітыку Я. Радзівіла ацанілі таксама: Wójcik Z. Wielkie Księstwo Litewskie wobec Szwecji, Rosji i powstań kozackich // Przegląd Wschodni.T. I.1991. Z. 3; Majewski W. Poddanie się Litwy Szwedom w 1655 roku (od 28 lipca do 8 września) // Świat pogranicza. Red. M. Nagielski i A. Rachuba, Warszawa, 2003.
[3] Spisek orleański w latach 1626-1628. Opr. U. Augustyniak, W. Sokołowski. Warszawa, 1990.
[4] Шкада, аднак, што аўтар не заўважыў многіх іншых цікавых лістоў Мяжынскага, напрыклад, ліста даверанага слугі Радзівілаў K. Даўгілы Стрышкі (штопадкрэслівае верагоднасць заключаных у ім разважанняў) ад 20. IV. 1655 г.(AGAD AR V. Nr 9646. T. I. S. 21-22), у якім апісана ўсё больш драматычная, папрычыне поўнага паражэння зімова-веснавога контрнаступлення войскаў Я. Радзівіла, ваенная сітуацыя ВКЛ. З гэтага выразна відаць, што кантакты Радзівіла са шведамі ставілі тады задачу перш за ўсё дабіцца ваеннай дапамогі супраць Масквы, тым больш што атрыманне значнай падтрымкі ад армііКароны станавілася ўсё больш нерэальным. Мяжынскі ўжывае наступную аргументацыю: „бо калі Карона, quarte parte ледзь маючы potentem як Літва hostem, узяла сабе in subsidium татарскія войскі, якімі перад гэтым rebelles даводзілі. А Літве, што мае непрыяцеля ў чатыры разы мацнейшага i на ўсю molem belli devolutam гледзячы, eodem iure et necessitate не сыдзе implorare аuхіliа na hiper, a магутнага суседа”.
[5] Прыведзеныя ў: Kossarzecki K. Forteca Słucka w okresie wojen XVII wieku // Zamojsko-Wołyńskie Zeszyty Muzealne. T. II. 2004. S. 41-60; Słuck wobec zagrożenia moskiewskiego i kozackiego podczas wojny z Moskwą w latach 1654-1667 // Materiałydo Historii Wojskowości. Nr II. Pułtusk, 2004. S. 93-112, якія таксама невядомы аўтару.
[6] У апошні час нашмат больш шырокае і ўдумлівае апісанне гэтых падзей пададзена ў: Płosiński J. Potop szwedzki na Podlasiu 1655-1657. Zabrze, 2006. S. 147-160.
[7] Перш за ўсё: Bobiatyński K. Od Smoleсska do Wilna. Wojna Rzeczypospolitej z Moskwą 1654-1655. Zabrze, 2004; ён жа. Kampania zimowo-wiosenna wojsk Janusza Radziwiłła 1654-1655// Staropolska sztuka wojenna XVI-XVII wieku. Prace ofiarowane Profesorowi Jaremie Maciszewskiemu. Red. M. Nagielski. Warszawa, 2002; ён жа. Działania posiłkowego korpusu koronnego na terenie Wielkiego Księstwa Litewskiego w latach 1654-1655 // Studia i Materiały do Historii Wojskowości. T. XLI. 2004.
[8] Да яе прыхільнікаў можна залічыць, напр.: Czapliński W. Rola magnaterii i szlachty w pierwszych latach wojny szwedzkiej // Polska w okresie drugiej wojny północnej 1655-1660. T. I. Warszawa, 1957. S. 152 (веданне гэтага артыкула дазволіла б паказаць меркаванні магнатэрыі i шляхты ВКЛ на больш шырокім параўнаўчым фоне); ён жа. Parę uwag o tolerancji w Polsce w okresie kontrreformacji // ён жа. O Polsce siedemnastowiecznej. Problemy i sprawy. Warszawa, 1966. S. 121; Nowak T. Geneza agresji szwedzkiej, // Polska w okresie… S. 102; часткова: Kubala L. Wojna moskiewska 1654-1655 r., Szkice historyczne. T. III. Warszawa, 1910. S. 257; Wasilewski T. Op. cit. S. 143-144.
[9] J. Radziwiłł do K. Dowgiałło Stryszki, przeprawa pod Borysowem 29 XI 1654. AGAD AR IV. Teka 16. K. 19. Nr 304. Пра неабходнасць атрымання ваеннай дапамогі ад шведаў упамінаецца таксама ў мемарыяле, які быў падрыхтаваны пад кіраўніцтвам гетмана пад канец кастрычніка 1654 г.: Consideracje o obronie teraźniejszej Wielkiego Księstwa Litewskiego w r. 1654. Biblioteka Narodowa. Rkps III 6634. S. 45-48; гл. таксама: list J. Radziwiłła do J. Leszczyńskiego, w obozie w Śmiłowiczach 31 XII 1654. BCzart. 384. Nr 76. S. 175-180.
[10] J. Radziwiłł do K. Dowgiałło Stryszki, Mohylew 20 III 1655 // Kotłubaj E. Życie Janusza Radziwiłła… S. 374-376.
[11] Vorbek-Lettow M. Skarbnica pamięci. Pamiętnik lekarza króla Władysіawa IV. Wyd.E. Galos, F. Mincer; pod red. W. Czaplińskiego. Wrocław—Warszawa — Kraków, 1968.S. 227-247.
[12] На падставе копіі: Biblioteka Czartoryskich. Rkps 148. Nr 101. S. 515-519.
[13] Аднак на с. 111 аўтар піша, што Кейданская унія стварыла федэрацыю,падобную Люблінскай, якая, шматразова падкрэслівае аўтар, была актамдыскрымінацыі ліцвінаў і не гарантавала ім незалежнасці.
[14] Шкада аднак, што ў кнізе не былі выкарыстаны маскоўскія рэляцыі на тэму сітуацыі ў Жамойці i на іншых тэрыторыях, акупаваных шведамі (Браслаўскі павет) у 1656 г., выдадзеныя пад рэдакцыяй Н. А. Папова (Акты Московского государства. Т. II. СПб, 1894) — гл. перш за ўсё справаздачы ваяводаў Друі Афанасія Ардзіна-Нашчокіна i Вільні Mіхаіла Шахоўскага (напр., № 801, с. 485-488; № 817, с. 498-499; № 820, с. 500; № 859, с. 521-522).
[15] Wisner H. Spór o rozejm litewsko-szwedzki w Baldenmojzie z 1627 roku // Zapiski Historyczne. T. LXVI. 2001. Z. 1. S. 29-32, 35.

Наверх

Kalamajska-Saeed, Maria. Genealоgia przez obrazy. Barokowa ikonografia rodu Sapiehów na tle staropolskich galerii portretowych (Альбіна Семянчук)

Снежня 4, 2008 |

KAŁAMAJSKA-SAEED, MARIA. Genealоgia przez obrazy. Barokowa ikonografia rodu Sapiehów na tle staropolskich galerii portretowych. Warszawa: Instytut sztuki PAN, 2006. — 287 s.

У 2006 г. у Інстытуце мастацтва Польскай акадэміі навук у Варшаве выйшла навуковая манаграфія вядомай польскай даследчыцы Марыі Каламайскай-Саід „Генеалогія праз вобразы. Барочная іканаграфія роду Сапегаў на тле старапольскіх партрэтных галерэяў”. Раней пад яе рэдакцыяй і пры актыўным удзеле выходзілі наступныя публікацыі: Ostra Brama w Wilnie (Варшава, 1990); даследаванне спадчыны князеў слуцкіх Portrety i zabytki książąt Olelkowiczów w Słucku. Inwentaryzacja Józefa Smolińskiego z 1904 r. (Варшава, 1996); Materiały do dziejów sztuki sakralnej. Kościoły i klasztory rzymskokatolickie dawnego wojewуdztwa nowogrуdzkiego. T. 1 (Кракаў, 2003); Т. 2 (Кракаў, 2006); Kościoły i klasztory rzymskokatolickie dawnego województwa wileńskiego. Т. 1 (Кракаў, 2005). Чарговая праца даследчыцы, вядомай сваёй руплівасцю ўсправе збірання, аналізу і публікацыі культурна-гістарычнай спадчыны беларускіх земляў ВКЛ, прысвечана такому цікаваму мастацкаму феномену, як родавыя партрэтныя галерэі. У цэнтры ўвагі дадзенай публікацыі — партрэтная галерэя роду Сапегаўз Коданя (вёска Кодань, Люблінскае ваяводства, Польшча).

Рэцэнзаваная кніга складаецца з трох частак: 1) „Старапольскія партрэтныя галерэі” (каралеўскія, біскупскія, кляштарныя, фундатарскія, надмагільныя, сямейныя, „славутых мужоў”); 2) сапежынскія генеалогіі (партрэтная генеалогія з Коданя, гравіраваная генеалогія); 3) каталог.

Невялікі першы раздзел служыць своеасаблівым уступам да асноўных другога і трэцяга, дзе сабраны разнастайны архіўны і ілюстрацыйны матэрыял пра ўсе вядомыя сёння партрэты прадстаўнікоў роду Сапегаў. Аднак ён мае і самастойнае значэнне. Для нас уяўляе цікавасць інфармацыя пра галерэі полацкіх і гродзенскіх дамініканаў (с. 23); пра фундатарскую галерэю (7 партрэтаў) кракаўскага кляштара канонікаў латэранскіх, дзе ёсць партрэты Казіміра Льва Сапегі, фундатара касцёла ў Слоніме, Мікалая Вольскага, фундатара касцёла ў Крамяніцы, Яна Караля Хадкевіча — у Быхаве, Міхала Казіміра Паца — у Вільні. Партрэты князёў Алелькавічаў-Слуцкіх, фундатараў манастыра св. Тройцы ў Слуцку (1753), былі раней падрабязна даследаваны Марыяй Каламайскай-Саід (M. Kałamajska-Saeed. Portrety i zabytki książąt Olelkowiczów w Słucku. Inwentaryzacja Józefa Smolińskiego z 1904 r. Warszawa, 1996. 96 s.). У кнізе ўзгадваюцца фундатарскія партрэты з гродзенскага кляштара брыгітак, а таксама факт, што ў касцёле ў Варнянах (1767-1769), фундатаркай якога была Марцьяна з Дзерналовічаў Абрамовічава, існавалі роспісы al-fresco і партрэты сям’і Абрамовічаў (с. 30).

Пра партрэтную галерэю роду Радзівілаў у Нясвіжы Каламайска-Саід піша, што ў ХVІІІ ст. яна налічвала больш за 1000 адзінакі складаласяз партрэтаўнетолькі прадстаўнікоў гэтага роду, але і іншых (з якіх паходзілі жонкі Радзівілаў), збіраліся яны цягам 300 гадоў. Даследчыцу больш цікавілі серыі радзівілаўскіх партрэтаў, якія паўставалі адначасова (133 выявы „ў лаўровым вянку” — на замаўленне Ганны з Сангушкаў Радзівілавай — і 165 партрэтаў, гравіраваных пераважна Лейбам Зыскелевічам і яго сынам Гіршам Лейбавічам). Узгадвае даследчыца і альбом з 42 малюнкаў пяром, выкананых у 1646-53 г. на загад Багуслава Радзівіла, які цяпер знаходзіцца ў Эрмітажы (с. 38). У Нясвіжы былі тэматычныя галерэі: 7 партрэтаў прадстаўнікоў роду Панятоўскіх, 33 партрэты з Вішняўца, у гетманскай зале 32 партрэты гетманаў літоўскіх у поўны рост (с. 41) і г.д. Беларускіх даследчыкаў і музейных супрацоўнікаў павінна зацікавіць інфармацыя пра галерэю Тышкевічаў з Лагойска (36 паясных партрэтаў) з ХVІІІ ст., якая знаходзіцца ў Нацыянальным Музеі ўВаршаве (с. 40). Тамсама зберагаюцца і 72 партрэты viribus illustris з рэзідэнцыі Сапегаў у Дзярэчыне, якія знаходзіліся там да 1832 г. (с. 45). Кніга багата ілюстравана, у ёй больш за 355 малюнкаў.

Пра існаванне партрэтнай галерэі ў Кодані было вядома даўно. У 1857 г. у варшаўскай афіцыне М. Фаянса (дзе, дарэчы, рабіліся гравюры Напалеона Орды) выйшла літаграфія, на якой пададзена генеалагічная табліца роду Сапегаў у выглядзе 75 партрэтаў прадстаўнікоў коданьскай галіны гэтага славутага роду. Арыгінал паходзіў з коданьскага касцёла св. Ганны. Ён уяўляў з сябе каласальны па памерах (11 х 8 м) збор 76 аднолькавых прамавугольных выяваў, размешчаных у 9 шэрагаў, абкружаных адной рамай, увенчанай княскай мітрай і стужкай з надпісам GENEALOGIA SAPIEHARUM. Аўтар твора невядомы, хаця М. Каламайска-Саід называе некалькі мастакоў, якія працавалі на Сапегаў (Ян Самуэль Мок, Мацей Стружыньскі, Шымон Чаховіч, Аўгустын Мірыс, Адам Маныокі, Ян Бенядыкт Гофман, Грыгор Ладзінскі, Мацей Сязевіч) (с. 76). Яшчэ ў 1811 г. партрэтаў было 79, але потым 4 з найніжэйшага шэрагу зніклі. Пасля студзеньскага паўстання, у 1875 г., коданьскі касцёл, дзе знаходзілася партрэтная галерэя, быў зачынены расійскімі ўладамі і перароблены на царкву, а партрэты перавезены ў замак Лявона Сапегі ў Красічыне.

У ХХ ст. многія унікальныя зборы фамільных партрэтаў былі расцярушаныя па свеце. Коданьская партрэтная галерэя таксама надоўга знікла з поля зроку навукоўцаў і мастацтвазнаўцаў і ўпершыню часткова экспанавалася ў Нацыянальным Музеі Перамышльскай зямлі ў 1990 г. У 2003 г. яна вярнулася ва ўласнасць Міхала Сапегі і была пераказана ім у дэпазіт у Каралеўскі замак на Вавэлі ў Кракаве.

Збор партрэтаў прадстаўнікоў роду Сапегаў быў замоўлены Янам Фрыдэрыкам Сапегам (1680-1751), канцлерам літоўскім, у 1709 г. для „пашырэння хвалы Сапежынскага Дому”. У 1731 г. ён замовіў аналагічную гравюру Ёгану Фрыдрыху Мыліюсу. Коданьская Genealogia Sapieharum вылучаецца на тле падобных радаводаў сваёй унікальнасцю. Пра гэта сведчыць арыгінальная фармальна-змястоўная канцэпцыя, паводле якой партрэтная галерэя атрымала структуру генеалагічнай табліцы, што само па сабе з’яўляецца цікавай задумай, але адначасова праз кампазійцыйную схему паасобныхпартрэтаўізмяшчэнне іх усіх у адной агульнай раме набыла форму родавай эпітафіі, падобных да якой проста няма. Пасля смерці заказчыка, які памёр без нашчадкаў, гэтая табліца больш за 100 гадоў пылілася ў коданьскім касцёле. У 1842 г. там яе ўбачыў наш славуты зямляк, былы вучань свіслацкай гімназіі, Ю.І. Крашэўскі. У 1855 г. Юзаф Лоскі перамаляваў табліцу і тэкст да яе. У 1898 г. пра табліцу ўзгадаў Юзаф Прушкоўскі (псеўданім J.K.P. Podlasiak) у манаграфіі „Кодань Сапегаў. Яго касцёлы і старажытны абраз Маткі Боскай Коданьскай (de Guadelupe) з даўніх і сучасных крыніц” (Pruszkowski Józef. Kodeń Sapiehów. Jego kościoły i starożytny obraz Matki Boskiej Kodeńskiej (de Guadelupe) z dawnych i współczesnych zródeł, Кrаków, 1898). Між іншым, Прушкоўскі пераказвае легенду пра таямнічае з’яўленне абраза Маці Божай у Кодані.

Сапраўдным ініцыятарам стварэння родавай галерэі быў не сам Ян Фрыдэрык Сапега, а яго бацька — Казімір Уладзіслаў Сапега, троцкі ваявода (памёр у 1703 г.). Хутчэй за ўсё, ён выдумаў легендарных продкаў, якія выводзіліся ад Пунігайлы, альбо Сунігайлы. Дакладней, гэта Барташ Папроцкі выводзіў віцебскага ваяводу Яна Сапегу ад Сунігайлы, троцкага кашталяна, які быў прыняты ў Гародлі да герба Ліс. У друкаваным казанні на пахаванні Крыштафа Сапегі 27 лістапада 1631 г. аўтарства ксяндза Якуба Альшэўскага з Сунігайлы быў зроблены Пунігайла. Так ён і з’явіўся ў 1643 г. у гербоўніку Шымона Акольскага Оrbіs Pоlonus. І толькі А. Віюк-Каяловіч у адной з версій свайго гербоўніка Nоmеnklator паправіў памылку Акольскага, вярнуў Сунігайлу, дадаўшы, што на хрышчэнні ён атрымаў імя Шымон (Сямён). У іншай версіі гербоўніка (Cоmpеndium) ён назваў яго бацькам Сямёна Сунігайлавіча Сапегі, падляскага ваяводы, які жыў у часы Казіміра Ягелончыка і пакінуўсыноў Багдана і Івана — пратапластаўчарэйскай (ружанскай) і коданьскай ліній. 9 сакавіка 1688 г. на пахаванні канюшага літоўскага Францішка Стэфана Сапегі біскуп Андрэй Хрызастом Залускі сцвярджаў, што „Пунігайла ідзе ад Альгерда і Сапіенцыяй Сапегам названы”. У шлюбным панегірыку Міхала Юзафа Сапегі ў 1700 г. Пунігайла быў названы нашчадкам Скіргайлы, брата караля Ягайлы. У дыпломе імператара Леапольда І ад 14 верасня 1700 г. (якім надаваўся княжацкі тытул прадстаўнікам ружанскай лініі роду) Казімір, віленскі ваявода, Бенядыкт, вялікі літоўскі падскарбі, і іх сыны і пляменнік былі названыя нашчадкамі вялікага князя літоўскага Альгерда Гедымінавіча. Сам Ян Фрыдэрык Сапега лічыў, што Пунігайла быў бацькам Сунігайлы, які ўжо як хрысціянін Сямён даў пачатак Сапегам, перадаючы ім у якасці патранімічнага прозвішча бацькаву мянушку Sophia.

Такі радавод знаходзім у тэксце эпітафіі на надмагіллі ў коданьскім касцёле, які Ян Фрыдэрык прысвяціў бацьку Казіміру Ўладзіславу. Падобны тэкст можна было пабачыць і на надмагіллі першага ўладальніка Коданя, віцебскага, потым падляскага ваяводы Івана Сапегі (памёр у 1517 г.), які першапачаткова быў напісаны „па-руску” і знаходзіўся ў царкве Св. Духа. Дарэчы, М. Каламайска-Саід замала ўвагі аддае першаму рэальнаму продку Сапегаў коданьскай лініі, хаця ён быў у свой час сапраўды значнай постацю: разам з біскупам Эразмам Цёлкам у духу гуманізму выступаў супраць рэбаптызацыі праваслаўныхжыхароў ВКЛ, атрымаў ад папы рымскага Аляксандра VІ дазвол збудаваць святыню, у якой бы адпраўляліся набажэнствы па чарзе па абрадзе „грэцкім і лацінскім” (K. Morawski. Historya Uniwersytetu Jagiellońskiego. Średnie wieki i Odrodzenie. T. 1. Kraków, 1900, s. 77). Магчыма, гэтай святыняй і была коданьская царква Св. Духа.

Княскі тытул быў дадзены толькі прадстаўнікам ружанскай лініі. Коданьскія Сапегі не саступалі ім радавітасцю і амбіцыямі, але іх сацыяльны стан і палітычнае значэнне былі непараўнальна сціплейшымі. Гэта, магчыма, стала прычынай генеалагічных даследаванняў, накіраваных на выяўленне агульных каранёў з чарэйскай (ружанскай) лініяй, якая сягала да Гедыміна. Не надаючы вялікага значэння Скіргайлу, Сапегі лічылі за продка яго дзеда Нарымунта. Ён лічыўся пінскім князем, бацькам 2 сыноў— Юр’я і Пунігайлы, дзедам Сунігайлы. Такім чынам была папраўлена генеалогія.

У генеалагічнай табліцы з касцёла ў Кодані адлюстраваны як гістарычныя, так і легендарныя асобы. Пад час яе стварэння Ян Фрыдэрык Сапега карыстаўся дапамогай прадстаўніка чарэйскай лініі, гетмана ВКЛ Казіміра Яна, які сам моцна ангажаваўся ў стварэнне родавай славы. Ён з дапамогай езуітаў Адама Дэламарса (будаваў калегіум у Берасці) і Антонія Міштаўта стварыў Historia Illustrissimae Domus Sapiehanae, выдадзеную яго ўнукам Антоніем Казімірам Сапегам у 1724 г. (без гравюр).

Ян Фрыдэрык Сапега пазычаў у Юзэфа Францішка для капіявання партрэты Сапегаў, якіх не хапала. Ён быў у цесным кантакце з Юзэфам Аляксандрам Ябланоўскім, аўтарам Трактата пра польскія фаміліі (Traktat o familiach polskich). У 1750 г. да галерэі дадаліся партрэты яшчэ трох Сапегаў, намаляваныя Аўгустынам Мірысам.

У Аддзеле графікі Нацыянальнага Музея ў Кракаве знаходзіцца альбом з праектам рысункаў коданьскай партрэтнай генеалогіі (MNK, sygn.Ew.III/Rys./5803). Ён быў задуманы адпаведна радзівілаўскаму Icones, створанаму ў 1646-53 г. для Багуслава Радзівіла. М. Каламайска-Саід параўноўвае мастацкія вартасці сапежынскага і радзівілаўскага альбомаў і сапежынскі ацэньвае вышэй. З гэтага альбома ў 1709 г. былі зроблены алейныя партрэты коданьскай табліцы.

Цікавасць уяўляе праект тытульнага ліста альбома, на якім пасярэдзіне намалявана калюмна Траяна, базай якой з’яўляецца своеасаблівая версія Пагоні (вершнік трымае ў руцэ шчыт з некалькімі гербамі — Ліліі, Ліса і Ўзброенай рукі). Наверсе яе бачым дзвюхгаловага арла Габсбургаў. Калюмна ўвогуле сімвалізуе „ўзнёсласць хвалы” і два асноўныя вытокі легендарнай генеалогіі Сапегаў — рымскі і княскі (нададзены Леапольдам І). Сімвалічныя выявы кентаўра (Центаўруса) і польскага арла ў кароне, партрэты рымскіх цэзараў з ідэнтыфікацыйнымі надпісамі (Траян паказаны як заснавальнік Калюмнідаў, з якіх меліся паходзіць легендарныя Сапегі) павінны былі сведчыць пра старажытнае і вельмі шляхетнае паходжанне роду. Аднак цэсарскі радавод, прыпісаны аўтарам гравюры, відаць, збянтэжыў нават саміх Сапегаў: апісаная гравюра не публікавалася і захавалася толькі ў праекце альбома. Яна ўяўляе цікавасць як адлюстраванне паноўных у XVIII ст. сярод прадстаўнікоў магнатэрыі рымска-сармацкіх ідэалаў. Самі ж Сапегі, відаць, лічылі больш важнымі сувязі сваіх продкаў з родам Гедыміна праз Альгерда і Нарымунта.

Шмат цікавых звестак прынёс Марыі Каламайскай-Саід аналіз асобных партрэтаў і подпісаў пад імі. Яна зрабіла каталог асобных выяваў паводле іх арыгінальнага размяшчэння ў табліцы, спрабуючы разгадаць першапачатковую задуму заказчыка і выканаўцы. Ян Фрыдэрык Сапега часам свядома перакручваў звесткі або выявы. Таму ў аўтаркі манаграфіі з’явілася думка напрыканцы каталога падаць папраўленую версію коданьскай генеалагічнай табліцы, якая пасля адмаўлення ад пратапластаў з роду Гедыміна і некалькіх фіктыўных постацяў паказвае тол ькі гістарычных Сапегаў— 64 асобы з 76, пададзеных у табліцы.

Асобны раздзел манаграфіі аўтарка прысвячае медзярытавым радаводам („Гравіраваная генеалогія”, с. 82-109), дзе знайшлі адлюстраванне не толькі асобныя гравюры радаводнага дрэва Сапегаў, Палубінскіх, Пацаў, Тарноўскіх, але і каштоўная інфармацыя адносна знаходжання матэрыялаў у расійскіх і польскіх архівах. Гаворка тут вядзецца ўасноўным пра медзярыты аўтарства Ё.Ф. Мыліюса, А.А. Міштоўта, Я.А. Горчына, М. Вайніловіча, А. Тарасовіча і інш. Геральдысты і генеолагі знойдуць тут шмат інфармацыі пра сапраўдны і выдуманы радавод Сапегаў.

На с. 117 пачынаецца каталог прадстаўнікоўроду Сапегаў, у якім выкарыстаны як партрэты з табліцы, так і выявы з іншых крыніц і найноўшыя гістарычна-генеалагічныя звесткі пра іх правобразы. Пад час складання каталога аўтарка манаграфіі цесна супрацоўнічала з аўтарам манаграфіі „Дом Сапежынскі” Яўстахам Сапегам і карысталася яго сямейным архівам. Эпіграмы да партрэтаў, як паказала М. Каламайска-Саід, належаць пяру Казіміра Ўладзіслава Сапегі і ксяндза Казіміра Яна Вайшнаровіча, што апісаў гербы Сапегаў яшчэ раней — да 1677 г.

Такім чынам, табліца, або галерэя партрэтаў viribus celebris роду Сапегаў з Коданьскага касцёла з’яўляецца унікальным радаводам і адначасова пантэонам і эпітафіяй прадстаўнікам роду, выдатным творам сармацкай культуры, які паўставаў тады, калі гэтая эпоха адыходзіла ў мінулае, таму, магчыма, гэты шэдэўр не меў працягу.

Цікавасць да роду Сапегаў узрастае і ў Польшчы, і ў Беларусі, і ў Літве. Існуе сумесны польска-беларускі праект даследавання спадчыны роду па абодвa бакі дзяржаўнай мяжы. Першапачатковы этап 2006-2007 г. скончыўся даследаваннямі рэзідэнцыі Сапегаў, падляшскіх ваяводаў, у Дубне каля Боцек (Rezydencja Sapiehów w Dubnie. Pod red. H. Karwowskiej i A. Andrzejewskiego. Białystok, 2007). У гэтым

годзе вядуцца даследаванні маёнткаў Сапегаў у Чарлёне і Дзярэчыне. Спадчына Сапегаў чарэйска-ружанскай і коданьскай ліній патрабуе далейшых даследаванняў. Таму багата ілюстраваная і вельмі змястоўная кніга М. Каламайскай-Саід спатрэбіцца кожнаму, хто займаецца і цікавіцца дадзенай праблематыкай.

Горадня

Альбіна Семянчук

Никандров, Нил. Иван Солоневич: народный монархист. Москва, 2007; Soloniewicz, Iwan. Rosja w lagrze. Warszawa, 2007 (Андрэй Ціхаміраў)

Снежня 3, 2008 |


НИКАНДРОВ, НИЛ. Иван Солоневич: народный монархист. — Москва: Алгоритм, 2007. — 672 с.

SOŁONIEWICZ, IWAN. Rosja w łagrze / przekład z języka rosyjskiego STANISŁAW DĘBICKI, weryfikacja i uzupełnienie tłumaczenia, redakcja AGNIESZKA KNYT. — Warszawa: Ośrodek KARTA, 2007. — 526 s.

Цікавасць да „заходнерускай” праблематыкі сярод сучасных даследчыкаў гісторыі Беларусі XIX-XX ст. абмяжоўваецца ў асноўным агульнай характарыстыкай гэтай плыні[1] ці біяграфіямі асобных дзеячаў (дагэтуль можна прыгадаць толькі біяграфію Міхаіла Каяловіча аўтарства Валерыя Чарапіцы[2]).

Нягледзячы на тое, што першыя гады жыцця і прафесійнай актыўнасці Івана Саланевіча прайшлі на Беларусі, жыццё і творчая спадчына гэтага ідэолага расійскага неаманархізму ў кантэксце „заходнерускай” плыні практычна не даследуецца беларускімі аўтарамі. Ёсць толькі некалькі невялікіх артыкулаў у даведачных, энцыклапедычных выданнях[3], адным зборніку гістарычных эсэ[4], а таксама перавыдадзеная ў Мінску ў 1998 г. адна з галоўных прац Саланевіча „Народная монархия”[5]. На расійскі кніжны рынак імя Саланевіча вярнулася пасля 1991 г. і да сёння ягоныя кнігі застаю цца запатрабаванымі і даволі папулярнымі, асабліва ў манархічных і нацыяналістычных колах. Практычна ўсе яго значныя працы перавыдадзены ў Расіі, знайшлі сваіх даследчыкаў (як сярод прыхільнікаў ідэй, блізкіх Саланевічу[6], так і сярод больш крытычных філосафаў і сацыёлагаў[7]), а спадчына Саланевіча вяртаецца ў навуковы ўжытак.

У 2007 г. расійскі журналіст з Каракаса (Венесуэла) Ніл Нікандраў выдаў у Маскве першую падрабязную біяграфію Івана Саланевіча. На пачатку трэба зазначыць, што нельга лічыць працу Нікандрава навуковым выданнем у сціслым сэнсе. Яна больш набліжаецца да жанру белетрызаванай біяграфіі, напісанай на дакументальных сведчаннях. У кнізе ёсць спасылкі (але не заўсёды), аднак няма даведачнага апарату, а толькі невялікая бібліяграфія. Аўтар таксама шырока выкарыстоўваў рэсурсы Інтэрнэту, але практычна нельга знайсці дакладных адрасоў вэб-рэсурсаў, на якія ён спасылаецца. У даследаванні выкарыстаны друкаваныя працы Саланевіча, матэрыялы прыватнай карэспандэнцыі Н. Нікандрава з роднымі Саланевіча, а таксама матэрыялы, сабраныя ў розных архівах (НКУС, Сакратарыяце ЦК КПСС) Юрыем Маркавым (папка з гэтымі дакументамі апынулася ў Нікандрава, і ён іх даволі часта цытуе, аднак зразумела, вельмі цяжка казаць пра магчымасць верыфікацыі гэтых дадзеных іншымі даследчыкамі). Кніга напісана даступнай мовай, месцамі стыль нагадвае дэтэктыўны, але гэта можна зразумець, улічваючы ўсе абставіны жыцця Івана Саланевіча і ягоныя авантурныя і небяспечныя прыгоды. Аўтар вельмі сімпатызуе поглядам Саланевіча, дэкларуе патрэбу аб’ектыўнага даследавання ягонага лёсу (15), спрабуе разбурыць даволі распаўсюджаныя погляды пра Саланевіча (асабліва важны сюжэт пра адносіны галоўнага героя кнігі з нацыстамі і нямецкі перыяд жыцця). Пры ўсіх азначаных хібах кніга Нікандрава з’яўляецца важнай крыніцай інфармацыі пра Саланевіча, паказвае вельмі шмат маладаследаваных момантаў ягонай біяграфіі і займае значнае месца сярод прац па гісторыі „заходнерускай” думкі ў ХХ ст.

Адносіны Нікандрава да беларускага руху крытычныя, ён тут практычна салідарны з Саланевічам, але ўласна беларускі сюжэт раскрыты аўтарам недакладна і даволі слаба. Відавочна, што Нікандраў не меў магчымасці пазнаёміцца з даследаваннямі на беларускай мове на гэтую тэму (у сувязі з іх адсутнасцю), у ад ной спасылцы ён піша пра „нынешних ультра-патриотов в Беларуссии” (21), пры гэтым спасылаецца на бліжэй неакрэслены сайт у Сеціве.

Іван Саланевіч перш за ўсё вядомы на Захадзе як адзін з першых уцекачоў з сталінскага Савецкага Саюза, які выжыў у сістэме ГУЛАГу і напісаў аповесць „Россия в концлагере” (1935-1936 у газетным варыянце, 1936 г. — асобнай кніжкай па-руску) пра лагерны побыт і сутнасць камуністычнай сістэмы. Праца Саланевіча была адной з першых кніг, якія выйшлі на Захадзе на гэтую тэму (і была перакладзена на некалькі еўрапейскіх моў і на японскую), значна раней, чым больш вядомае сведчанне Аляксандра Салжаніцына. Тут варта прыгадаць таксама яшчэ аднаго беларуса — драматурга Францішка Аляхновіча, які выдаў сваё сведчанне „У кіпцюрох ГПУ” ў 1937 г. Паралелі з Аляхновічам выяўляюцца таксама ў кантэксце выразнага антыкамунізму Саланевіча, але калі казаць пра іншыя погляды гэтых аўтараў, то яны выразна разыходзяцца.

Біяграфія Саланевіча застаецца малавядомай і спрэчнай не толькі для шырокага кола гісторыкаў, але нават для даследчыкаў, якія займаюцца перш за ўсё ім. Спрэчкі пачынаюцца з пытання пра месца нараджэння. Шмат аўтараў проста кажа пра Гродзенскую губерню, іншыя згадваюць вёску Руднікі Пружанскага павета (цяпер Пружанскі раён)[8], Ніл Нікандраўлічыць, што месцам нараджэння публіцыста было мястэчка Цеханавец Гарадзенскай губерні (цяпер Падляскае ваяводства Польшчы) (19). Гэтае сведчанне лепш за ўсё пацверджана дакументальна, у прыватнасці архіўным дакументам — фармулярным спісам бацькі Івана — Лук’яна Міхайлавіча, які менавіта ў год нараджэння сына (1891) працаваў настаўнікам у Цеханаўцы[9]. Іншае сведчанне прыводзіць даследчыца з Пецярбурга Т. Ісмагулава, якая па матэрыялах студэнцкай справы І. Саланевіча з пецярбургскага архіва пацвяджае Цеханавец у якасці месца нараджэння[10]. Адзінай памылкай Ісмагулавай было тое, што яна пераблытала Цеханавец з Цеханавам, які знаходзіцца значна на поўнач ад Цеханаўца і быў да 1999 г. ваяводскім цэнтрам. Гэтая ж памылка перайшла і ў кнігу Нікандрава (19).

Першыя гады жыцця Івана Саланевіча апісаны ў кнізе ў асноўным на аўтабіяграфічных успамінах і часткова на публікацыях. Цікавым момантам, пра які амаль ніхто з беларускіх даследчыкаў не ўзгадваў, былі адносіны паміж бацькамі публіцыста, іх развод і „падвойнае жыццё” Лук’яна Саланевіча, які некалькі гадоў запар меў фактычна дзве сям’і (26). Гісторыя газеты „Белорусская жизнь” (з 1911 г. — „Северо-Западная жизнь”) Лук’яна Саланевіча і ўдзел Саланевіча-малодшага ў яе рэдагаванні ўзгадваецца Нікандравым даволі коратка (23-33), практычна беларускі перыяд жыцця займае ў кнізе 13 старонак.

Наступны вялікі сюжэт—гэта біяграфія Саланевічаўчасы Першай сусветнай вайны, падзей 1917 г. і грамадзянскай вайны. Асабліва цікавым момантам была ягоная журналісцкая дзейнасць у „Новом времени”[11] і іншых выданнях Пецярбурга і асабістыя адносіны да падзей рэвалюцый 1917 г. Жыццё Саланевіча ў Кіеве і Адэсе, поўнае актыўнай дзейнасці на карысць „белых”, арышт ужо ў савецкай Адэсе апісаны даволі падрабязна, але, як і ў большасці выпадкаў, на падставе ўласна ўспамінаў Саланевіча і яго жонкі. З 1921 да 1933 г. Саланевіч спрабаваў прыстасавацца да савецкай сістэмы, працуючы ў якасці журналіста і спартыўнага чыноўніка ў прафсаюзах у Адэсе і Маскве. Адначасова ён разам з сям’ёй і братам Барысам рыхтаваў уцёкі з Савецкага Саюза. Першая спроба скончылася няўдала, але група Саланевіча не была арыштаваная. Другая спроба скончылася арыштам і васьмігадовым тэрмінам зняволення ў лагеры ў 1933 г. У 1934 г. Саланевічы дзякуючы сваёй прафесійнай спартыўнай падрыхтоўцы збеглі з лагера Медгара ў Фінляндыю. Іх уцёкі зрабілі даволі вялікі рэзананс на Захадзе і ў самім НКУС (у савецкай прэсе, зразумела, праўцёкі нічога не пісалі).

Ніл Нікандраў значную частку сваёй працы прысвяціў лёсу Саланевіча на эміграцыі. Даволі падрабязна паказаны кантакты Саланевічаў з дзеячамі расійскай эміграцыі, канфлікты з імі, публікацыя „России в концлагере” і выданне газет у Балгарыі. Падрабязна аўтар спыняецца на асабістым жыцці публіцыста і асабліва на адносінах з расійскімі эміграцыйнымі коламі, напружаных і поўных канфліктаў. У 1938 г. у Сафіі на Саланевічаў быў арганізаваны замах, у якім загінулі ягоная жонка Тамара і сакратар Міхайлаў. Пасля замаху публіцыст вымушаны быў пераехаць у Нямеччыну.

Нямецкі перыяд жыцця Івана Саланевіча найбольш цяжкі для аналізу і багаты на супрацьлеглыя ацэнкі. З паловы 1930-х г. Саланевіч моцна наблізіўся да правых і фашысцкіх арганізацый расійскай эміграцыі, якія, аднак, не былі моцным рухам. Пад ягоным кіраўніцтвам быў створаны так званы „штабс-капітанскі рух”, які ў філасофіі „народнага манархізму” павінен быў быць кіраўнічым слоем у новай Расіі, вольнай ад камунізму. Паступова ўзмацняліся сімпатыі Саланевіча да нацызму як да антыкамуністычнай сістэмы і да Нямеччыны. Адносіны да апошняй былі даволі супярэчлівымі: да 1941 г. Саланевіч меў магчымасць выступаць на розных мерапрыемствах, пісаць тэксты, рэдагаваць свае выданні, якія працягвалі існаваць у Балгарыі, адначасова ён адкрыта падтрымліваў Гітлера. Даволі хутка пазіцыя Саланевіча змянілася, перш за ўсё ў пытанні вайны з СССР. Канцэпцыя вядзення татальнай вайны і масавай экстэрмінацыі насельніцтва (а дадаткова падзелу акупаванай тэрыторыі) выклікала пратэст Саланевіча. Канчаткова публіцыста выдалілі з Берліна і пасялілі ў Памеранію ў мястэчка Тэмпельбург (сёння Чаплінэк у Польшчы) пад нагляд гестапа. Вельмі важным элементам біяграфіі філосафа з’яўляецца ягоная праца ў якасці дарадчыка фінскага ўрада пад час савецка-фінскай вайны ў 1939 г. і прапанова стаць міністрам прапаганды Беларусі ў 1941 г., якую яму зрабіў Фабіян Акінчыц (509-511). Саланевіч адказаў адмовай у даволі рэзкай форме: маўляў, ён лепш быў бы швейцарам у расійскага міністра прапаганды, чым беларускім міністрам (509). Практычна да 1945 г. Саланевіч з сям’ёй сына знаходзіўся ў Тэмпельбурзе. З набліжэннем фронту яны ўцяклі ў брытанскую зону акупацыі Нямеччыны і вельмі баяліся, што іх могуць выдаць савецкім уладам. Нікандраў даволі падрабязна піша пра нямецкі перыяд жыцця Саланевіча (для параўнання, пра гэта амаль нічога няма ў беларускіх гісторыкаў[12]) і спрабуе зразумець сітуацыю свайго героя ў той час і ягоныя магчымасці[13]. Сапраўды, Саланевіч уцёк з аднаго таталітарызму і трапіў (часткова з уласнай волі, часткова ў сувязі з абставінамі) у іншы. Ягоныя сімпатыі да фашысцкага руху на той час не былі нейкім выключэннем, нават можна сказаць, што ў пэўных колах і пэўных абставінах гэта была інтэлектуальная норма. Але даволі хутка ён расчараваўся ў фашызме і нацызме і пачаў набліжацца да больш ліберальных поглядаў. Саланевіча найбольш прыцягвала сіла, і пад канец Другой сусветнай вайны гэтую сілу ён убачыў у ЗША і ліберальным капіталізме, які падтрымліваў пазней у сваіх тэкстах у Паўднёвай Амерыцы. Аднак нельга адмаўляць факт супрацоўніцтва Саланевіча з нацыстамі і з фінскім урадам і спробы аб’яднаць расійскія прафашысцкія арганізацыі пад уласным кіраўніцтвам у 1938-1939 г. (якія скончыліся забаронай гэтай арганізацыі немцамі). Рабіць выгляд, што гэтага не было (як робяць некаторыя сучасныя адэпты „заходнерусізму”) — проста недарэчна. Падрабязнае вывучэнне і аналіз дзейнасці філосафа ў нямецкі перыяд неабходныя, таксама і для беларускіх гісторыкаў. Вышэйзгаданы адказ Саланевіча Акінчыцу добра ілюструе адносіны аўтара „народнай манархіі” да беларускага руху, аднак ён прызнае сабе беларусам (зразумела, у „агульнарускім” кантэксце) і духоўным нашчадкам „заходнерусізму”. Лёс Саланевіча пад час Другой сусветнай вайны вельмі цікавы і ў нечым нават паказальны, ён упісваецца ў даволі разнастайную палітру адносінаў чалавека да вайны як феномена.

У 1948 г. сям’я Саланевіча (у Тэмпельбурзе Іван Саланевіч пазнаёміўся з Рут Бэтнэр, якая стала ягонай другой жонкай) пераехала ў Буэнас-Айрэс у Аргенціне. Нягледзячы на шматлікія цяжкасці Іван Саланевіч у аргенцінскай сталіцы пачаў выдаваць сваю апошнюю газету „Наша страна” (якая існуе да сённяшняга дня і мае версію ў Сеціве). У 1950 г. урад Хуана Перона выслаў Саланевіча ўУругвай у сувязі з крытыкай дыктатуры (622). Саланевіч памёр у 1953 г. у Монтэвідэа пасля складанай аперацыі, перажыўшы на некалькі дзён Сталіна. Нікандраў даволі падрабязна спыняецца на жыцці свайго героя ў Паўднёвай Амерыцы, згадвае пра версіі смерці і абараняе тэзіс пра негвалтоўны яе характар (Саланевіч меў хваробу ўнутраных органаўу сувязі са злоўжываннем алкаголем).

У 1952 г. выйшла другая па значнасці праца Саланевіча, квінтэсенцыя ягонай філасофіі гісторыі Расіі і яе будучыні — „Народная монархия”. Цікава, што менавіта гэтая праца была перавыдадзена ў 1998 г. у Беларусі, а не антыкамуністычная і антысталінская „Россия в концлагере”, больш вядомая на Захадзе. Беларуссю Саланевіч цікавіўся даволі мала, можа, толькі ва ўспамінах пра дзяцінства і маладосць, для яго яна была толькі малой часткай вялікай Расіі, якой ён сябе прысвяціў[14]. У асобе Саланевіча паказальная эвалюцыя „заходнерусізму”: ад цікавасці да Беларусі і Ўкраіны да поўнага інтэлектуальнага растварэння ў ідэі „вялікай Расіі”.

Варшаўскі цэнтр „Карта”, вядомы як асяродак зберагання дакументаў штодзённага жыцця ХХ ст., выдавецтва і цэнтр папулярызацыі гісторыі ў грамадстве, у 2007 г. выдаў першы поўны польскі пераклад „России в концлагере”. Першы польскі пераклад кнігі выйшаўяшчэ ў 1938 г. у Львове, але быў даволі недасканалы і скарочаны. Кніга 1938 г. была перавыдадзена польскімсамвыдатаму 1987 і 1988 г.,аўжоў1990 г. легальным шляхам у вольнай Польшчы. Значны пазітыўны момант новага выдання — наяўнасць спасылак і тлумачальнага апарату да тэксту Саланевіча і вялікага пасляслоўя з падрабязнай біяграфіяй аўтара. Аўтарка дадатковага перакладу, рэдакцыі і пасляслоўя — Агнешка Кныт. Нягледзячы на даволі вялікую колькасць выданняў кніжкі (чатыры цягам каля 50 гадоў), Саланевіч у Польшчы практычна невядомы, даследчыкі з „Карты” намагаюцца вярнуць ягонае сведчанне пра камунізм у польскія навуковыя і больш шырокія грамадскія колы, пры гэтым падкрэсліваючы, што ён нарадзіўся на тэрыторыі сучаснай Польшчы. У пасляслоўі таксама гаворыцца пра беларускія карані Саланевіча, даецца даволі падрабязная біяграфія аўтара „России в концлагере” і значэнне гэтай кнігі. Даследчыкі з „Карты” паказваюць Саланевіча перш за ўсё як сведку камунізму і нацызму, а не як ідэолага „народнага манархізму”.

Біяграфія аўтарства Ніла Нікандрава, выдадзеная ў Маскве, і найноўшае варшаўскае выданне „России в концлагере” вяртаюць імя Саланевіча чытачу і даследчыку. Магчыма, яны стануць штуршком да даследавання ў Беларусі жыцця і дзейнасці Саланевіча, і не толькі сучаснымі прыхільнікамі „заходнерускай” ідэі.

Варшава

Андрэй Ціхаміраў


[1] Литвинский А., Карев Д. Западнорусизм в российской историографии второй половины XIX — начала ХХ веков // Стэфан Баторый у гістарычнай памяцінародаў Усходняй Еўропы. Гродна, 2004. С. 195-324; Карев Д. Белорусская и украинская историография конца XVIII — начала 20-х гг. XX в. в процессе генезиса и развития национального исторического сознания белорусов и украинцев.Вильнюс, 2007.
[2] Черепица В. Н. Михаил Осипович Коялович. История жизни и творчества. Гродно, 1998.
[3] Арлоў У. Імёны Свабоды. Б. м. в., 2007. С. 172-173; Чарапіца В. Саланевіч І. Л. / / Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. Т. 6. Кн. 1. Мінск, 2001. С. 210-211.
[4] Черепица В. Н. Преодоление времени. Исторические очерки и миниатюры. Минск, 1996. С. 37-73.
[5] Солоневич И. Л. Народная монархия. Минск, 1998.
[6] У Пецярбурзе адбываюцца канферэнцыі, прысвечаныя творчасці Івана Саланевіча (у 2008 г. адбылася ўжо шостая канферэнцыя), выдадзена некалькі зборнікаў артыкулаў, шмат матэрыялаў можна знайсці ў расійскім Інтэрнэце.
[7] Волкогонова О. Д. Образ России в философии Русского Зарубежья. Москва, 1998. С. 249-268; Болотоков В. Х., Кумыков А. М. Феномен наций и национально-психологические проблемы в социологии русского зарубежья. Москва, 1998. С. 172-184.
[8] Черепица В. Н. Преодоление времени. Исторические очерки и миниатюры.С. 219; Арлоў У. Імёны Свабоды. С. 173.
[9] Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі ў Гродне, ф. 2, воп. 37, спр. 1455, арк. 1.
[10] Исмагулова Т. Д. И. Л. Солоневич в Санкт-Петербурге (по материалам студенческого дела) // Иван Солоневич — идеолог Народной Монархии: МатериалыII научно-практ. конференции: СПб. 25 апреля 2004 года. СПб, 2005. С. 24-25, Інтэрнэт-версія: http://solonevich.narod.ru/ismagulova.html
[11] Гл.: Воронин И. П. Иван Солоневич — сотрудник „Нового времени” // Иван Солоневич — идеолог Народной Монархии. Материалы IV научно-практ. конференции, 9 апреля 2006 г. СПб, 2007. С. 8-19.
[12] В. Чарапіца нават піша, што ўжо на пачатку Другой сусветнай вайны сям’я Саланевічаў пераехала ў Аргенціну, гл.: Черепица В. Н. Преодоление времени. Исторические очерки и миниатюры. С. 54-55.
[13] Першапачаткова Н. Нікандраў апублікаваў асобны артыкул на гэтую тэму: Никандров Н. Иван Солоневич в годы нацистской ссылки // Иван Солоневич —идеолог Народной Монархии. Материалы IV научно-практ. конференции.С. 62-76.
[14] Паказальная наступная вытрымка з артыкула Саланевіча „О сепаратных виселицах” з „Нашей страны” (2 красавіка 1949 г.): „Я — стопроцентный белорус… Наших собственных белорусских самостийников я знаю как облупленных. Вся эта самостийность не есть ни убеждения, ни любовь к родному краю — это есть несколько особый комплекс неполноценности: довольно большие вожделения и весьма малая потенция: на рубль амбиции и на грош амуниции” (с. 604).

Наверх

Harvard Ukrainian Studies.V. XXVI (2002-2003): Ukrainian Church History (Валянціна Яноўская, Марына Сакалова)

Снежня 2, 2008 |

Harvard Ukrainian Studies. Vol. XXVI (2002-2003): Ukrainian Church History. 375 p.

Спецыяльны нумар часопіса „Harward Ukrainain Studies” прысвечаны ўкраінскай царкоўнай гісторыі і ўшанаванню творчай дзейнасці Багдана Расціслава Бацюрківа[1], даследчыка праблем дзяржаўна-царкоўных адносінаў у СССР і, у прыватнасці, у Ўкраіне савецкага перыяду. Тэматычнае поле навуковых інтарэсаў гэтага даследчыка прадвызначыла і тэматыку ўступнага артыкула. Дж. Грабовіч (George G. Grabowicz) знаёміць чытача са станам і арганізацыяй вывучэння праблем украінскай царкоўнай гісторыі ў Інстытуце даследаванняў Украіны пры Гарвадскім універсітэце.

Усе артыкулы дадзенага часопіса звязаны паміж сабой тэматычна. Праўда, у храналагічных адносінах і па сваім дыяпазоне яны даволі шырокія, выходзяць далёка за межы тых праблем, якім прысвяціў усё сваё навуковае жыццё Багдан Р. Бацюркіў. Умоўна іх можна падзяліць на дзве часткі. Першая — гэта артыкулы, прысвечаныя непасрэдна аналізу творчасці Багдана Р. Бацюрківа. Другая — абмеркаванне розных праблем украінскай, і не толькі ўкраінскай, царкоўнай гісторыі.

Першы блок распачынае артыкул Тэрэзы Ракоўскай-Хармстан (Rakowska-Harmstone). У ім даецца апісанне творчага шляху гісторыка, які да таго ж быў адным са стваральнікаў Інстытута даследаванняў Савецкага Саюза і Ўсходняй Еўропы. Андрый Краўчук (Krawchuk) прапануе чытачу біябібліяграфічны нарыс работ Багдана Р. Бацюрківа. Нарыс сведчыць, што і пасля смерці даследчыка яго работы працягвалі друкавацца, застаючыся актуальнымі і запатрабаванымі.

Што гэта і на самай справе так, чытач можа пераканацца сам, прачытаўшы артыкулы Багдана Р. Бацюрківа, змешчаныя ў гэтым зборніку — „Некаторыя метадалагічныя праблемы даследавання гісторыі праваслаўнай царквы ў савецкай Украіне ў міжваенны перыяд (1921-1939)” і „Руская артадаксальная царква ў Украіне: артадоксы, наватары і епіскапальная царква, 1920-1939″. Кола праблем — аўтар закранае кантэкстуальныя, канцэптуальныя праблемы, a таксама пытанні паходжання і інтэрпрэтацыі крыніц — робіць гэтыя артыкулы навукова актуальнымі не толькі для даследчыкаў гісторыі Ўкраіны, але і суседняй Беларусі, ды і наогул усіх краін, што раней уваходзілі ў склад Саюза Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік.

Разважаючы над узнятымі праблемамі, А. Краўчук звяртае асаблівую ўвагу на розную рэакцыю маскоўскай патрыярхіі і ўкраінскага экзархата на антырэлігійную палітыку бальшавікоў. Магчыма гэтым, лічыць аўтар, і можна патлумачыць у некаторай ступені „ўкраінафобію” Рускай праваслаўнай царквы.

Сярод матэрыялаў другога блока вылучаецца арты-кул Лары Вульфа (Larry Wolf) „Уніяцкая царква і падзелы Польшчы: рэлігійнае выжыванне ў эпоху асветнага абсалютызму”. Першая частка гэтага артыкула прысвечана аналізу царкоўна-дзяржаўных адносінаў на землях былой Рэчы Паспалітай, якія апынуліся пад юрысдыкцыяй розных дзяржаваў і канкрэтна палітыцы ў адносінах да уніяцкай царквы Марыі-Тэрэзы, Кацярыны ІІ, Іосіфа ІІ. Пакінуўшы ў баку спрэчкі факталагічнага і тэрміналагічнага характару, адзначым цікавы метадалагічны падыход, прапанаваны аўтарам: аналізаваць трансфармацыі уніяцкай царквы ў параўнальным ключы, у сувязі са змяненнямі дзяржаўных межаў.

Артыкул Тэрэзы Хынчэўска-Хеннэль (Chynсzewska-Hennel) „Палітычныя, сацыяльныя і нацыянальныя ідэі вышэйшага духавенства Ўкраіны ў 1569-1700 гг.”, хаця і прысвечаны храналагічна іншаму перыяду, ды і тэматычна разыходзіцца з папярэднім артыкулам, але таксама закранае падобныя тэарэтычныя праблемы. Грунтуючыся на аналізе твораў такіх знакамітых дзеячаў, як мітрапаліт Магіла, Мялецій Сматрыцкі, аўтарка паказвае, што ідэі аднаўлення адзінага народа Русі ва ўмовах раздзялення дзяржаўнымі і канфесійнымі бар’ерамі не мелі ніякіх магчымасцяўдля рэалізацыі.

Тры артыкулы прысвечаны аналізу дзейнасці грэка-каталіцкай царквы ў Галіцыі ў другой палове ХІХ — першай палове ХХ ст. У артыкуле „Грэка-каталіцкая царква ў Галіцыі (1848-1914)” Джон-Пол Хімка (J°hn-Paul Himka) разглядае ролю гэтай царквы ў рэвалюцыйных падзеях 1848 г., аналізуе адносіны грэка-каталіцкіх ерархаў да „русафілаў” і ўкраінскіх народнікаў, апісвае напружаныя адносіны з Ватыканам, барацьбу трох хрысціянскіх канфесій за вернікаў.

Эндру Саракоўскі (Andrew Sorokowski) артыкулам „Свецкая і духоўная інтэлігенцыя ў Грэка-каталіцкай Галіцыі (1900-1939): суперніцтва, канфлікт, супрацоўніцтва” імкнецца даказаць, што было б некарэктна разглядаць узаемаадносіны гэтых груп як працэс пераходу ад супрацоўніцтва да канфлікту. Бо, на яго думку, канфлікт паміж імі насіў перманентны характар, прымаючы розныя формы ў розныя перыяды. Аўтар сцвярджае, што ў гэтым рэгіёне дзеячы грэка-каталіцкай царквы часта ўзначальвалі нацыянальны рух. Але іншы раз кіраўніцтва пераходзіла і да свецкай інтэлігенцыі. Што тычыцца 1930-х г., то нягледзячы на пастаяннае суперніцтва лідэры гэтых груп пачалі супрацоўнічаць. Абмеркаванне праблем гісторыі грэка-каталіцкай царквы Галіцыі працягваецца ў артыкуле Багдана Будуровіча (Bohdan Budurowicz) „Грэка-каталіцкая царква ў Галіцыі (1914-1944)”.

Гэтыя артыкулы, на нашу думку, можна разглядаць як свайго роду эмпірычны матэрыял для рэалізацыі метадалагічнага падыходу Лары Вульфа, пра які згадвалася вышэй. Для беларускіх гісторыкаў яны могуць быць цікавыя тым, што даюць падставы для разважанняў, параўнання гістарычнага шляху і ролі уніяцкай царквы ў гісторыі абодвух народаў.

Мінск

Марына Сакалова, Валянціна Яноўская


[1] Багдан Расціслаў Бацюркіў (1925-1998), палітолаг, адзін з найбольш аўтарытэтных даследчыкаў гісторыі Ўкраінскай грэка-каталіцкай царквы ў перыяд пасля Другой сусветнай вайны. Ён вядомы змагар за рэлігійныя правы ў Савецкім Саюзе, аўтар шматлікіх артыкулаў па пытаннях рэлігійнага дысідэнцтва, узаемаадносінаў царквы і дзяржавы, канадскай культурнай палітыкі.

Аляксандр Груша. Крытычныя нататкі з нагоды новай працы Э. Гудавічуса.

Снежня 20, 2007 |


Гудавичюс, Эдвардас. История Литвы. Т. 1. С древнейших времён до 1569 года. Москва: Фонд им. И.Д.Сытина, Baltrus, 2005. — 679 с.

З’яўленне ў Мінску рускамоўнай версіі „Гісторыі Літвы” Эдвардаса Гудавічуса выклікала пэўны ажыятаж. Кнігарні рассылалі рэкламныя праспекты кнігі, калегі-гісторыкі жыва цікавіліся адзін у аднаго, хто ўжо набыў кнігу. І не выпадкова: не так часта выходзяць сінтэзы па гісторыі Літвы, цесна звязанай з гісторыяй Беларусі, ды яшчэ такога масцітага аўтара, як Гудавічус. Асабіста я меў да кнігі „спажывецкі” інтарэс — мяне цікавілі не канцэптуальныя падыходы аўтара, а толькі некаторыя праблемы: як узнікла буйное землеўладанне ў Вялікім Княстве Літоўскім (далей — ВКЛ); як сяляне трапілі ў асабістую залежнасць ад шляхты; як сфармаваўся погляд на ВКЛ як патрыманіяльнае ўладанне вялікага князя; як аўтар адносіцца да праблемы феадалізму на землях Літвы ў прыватнасці і ВКЛ наогул у святле апошніх даследаванняў „феадальных адносінаў” у краінах Цэнтральнай і Заходняй Еўропы, а таксама праблемы, якія так ці інакш звязаны з папярэднімі. Усё гэта тыя з’явы, якія найбольш рэльефна адрозніваюць мінулае грамадства ад сучаснага: Сярэднявечча ад Найноўшага часу. Савецкая гістарыяграфія вырашала праблему проста: усё гэта з’явы феадалізму. Натуральна, ад такога тлумачэння з’явы не станавіліся больш зразумелымі. Мой пошук аказаўся марным: адны праблемы Гудавічус праігнараваў, іншыя растлумачыў з пункту гледжання „старой і добрай” савецкай гістарыяграфіі. Але і прапанаваныя тлумачэнні танулі ў пераліку фактаў палітычнай і ваеннай гісторыі. Таму ў сваім пошуку мне давялося прачытаць усю кнігу і пазнаёміцца з канцэптуальнымі падыходамі Гудавічуса. Тады мне стала зразумела, чаму мой пошук аказаўся марным. Але ўсё па парадку. Спачатку разгледзім асобныя палажэнні аўтара, потым зробім высновы.

Зыходным пунктам развіцця феадальнага грамадства Літвы, на думку Гудавічуса, з’яўляецца ўзнікненне індывідуальнай гаспадаркі, якую аўтар па пэўных прычынах называе нарвежскім словам „одаль”. Паводле сцвярджэння Гудавічуса, у Літве ў XII ст. сфармаваўся „вялікі одаль”, а ў першай палове XIII ст. — „малы одаль” (тэрміналогія Гудавічуса) (33). Апошні, як можна зразумець па вызначэнні аўтара, ужо меў паўсюднае пашырэнне (33). «У Літве ўзнікла одальнае грамадства індывідуальных сямей і індывідуальных гаспадарак, — падсумоўвае аўтар „Гісторыі Літвы”. — Гэта было вельмі важным дасягненнем: зарадзілася тая самая грамадская мадэль, узнік той зыходны пункт, ад якога стартавала феадальнае развіццё сярэднявечнай Еўропы» (33). Тэрміны „вялікі одаль” і „малы одаль” — не што іншае, як „абмежаваны алод” і „поўны алод”, паводле тэрміналогіі савецкага медыявіста А. І. Няўсыхіна[1]. З яго прац узята і сама канцэпцыя ўзнікнення залежнага сялянства, згодна з якой апошняе з’явілася ў выніку пераўтварэння зямельнага ўладання сялян у свабодна адчужальны алод з далейшым паступовым уцягненнем буйнымі зямельнымі ўласнікамі свабодных аладзістаў у пазямельную і асабістую залежнасць. Гэтая канцэпцыя была самай папулярнай у савецкай медыявістыцы, і яна добра вядома са школьных і студэнцкіх падручнікаў, па якіх вучыўся, у тым ліку, і аўтар гэтых радкоў. Гудавічус па нейкай прычыне не развіў названай канцэпцыі, хоць логіка выкладу гэтага і патрабавала[2].

Тое, што Гудавічус называе зыходным пунктам феадалізму, прымальна далёка не для ўсіх краін нават Заходняй Еўропы. І ў гэтым выпадку атаясненне одаля з тым інстытутам, які ў ВКЛ называўся вотчынай, з’яўляецца характэрным. А. Я. Гурэвіч убачыў глыбокую роднасную сувязь паміж нарвежскім одалем, нямецкім алодам і англійскім фольклэндам. Згодна са сцвярджэннем А.Я. Гурэвіча, одаль, падобна да алода і фольклэнда, будучы спадчынным зямельным уладаннем, на працягу ўсяго Сярэднявечча не пераўтвараўся ў свабодна адчужальную ўласнасць[3], — не гаворачы пра тое, што стаўленне да зямлі як да тавару сфармавалася толькі ў перыяд капіталістычных адносінаў[4]. Аргументацыя А. Я. Гурэвіча з’яўляецца, на нашу думку, слушнай не толькі ў цэлым, але і ў асобных палажэннях. Калі ўсё ж такі не ігнараваць відавочныя і добра вядомыя факты, то літоўская „вотчына”— як і варта было б назваць тое, што Гудавічус называе літоўскім „одалем” — у святле звестак А. Я. Гурэвіча з’яўляецца аналагам нямецкага алода, англійскага фольклэнда[5] і нарвежскага одаля, вельмі блізкая ў большай ці меншай ступені да апошніх у залежнасці ад тых ці іншых этапаў іх развіцця[6]. Ігнараванне кампаратывісцкіх метадаў даследавання іншы раз не дае магчымасці выявіць шэраг аналагічных фактараў і з’яў у гісторыі, з аднаго боку, краін Заходняй, з другога, Цэнтральнай і Ўсходняй Еўропы, хаця яны надзвычай відавочныя. Як алод, фольклэнд i одаль, так і вотчына на пэўных этапах не магла свабодна адчужацца. Права яе адчужэння для літоўскіх баяр (якія прынялі каталіцкую веру) даў толькі земскі прывілей ад 20 лютага 1387г.[7]. Калі адчужэнне вотчыны і стала магчымым, то перадачы падлягала не больш за трэць вотчыны[8], але са згоды ўсіх „блізкіх”. Іншыя дзве часткі дазвалялася толькі аддаваць у заклад. Суродзічы мелі пераважнае права куплі і выкупу адчужаных ад роду вотчын[9], права выкупу вотчын, якія былі перададзены без іх згоды[10], выкупу закладзеных частак вотчын[11]. Акт адчужэння вотчыны не заўсёды патрабаваў афіцыйнага санкцыянавання. Вотчынны надзел можна было адчужаць нават без „объявенья” гаспадару[12]. „Вотчына, такім чынам, належыць цэламу роду і пераход яе з уладання адной асобы ва ўладанне іншай здзяйсняецца паводле строга вызначаных правілаў”[13]. Шляхецкая вотчына стала страчваць уласцівыя ёй рысы не ў першай палове XIII ст., калі, на думку Гудавічуса, як пашыраная з’ява ўзнік так званы „малы одаль”, а нашмат пазней — з 1566г., калі заканадаўчым шляхам было адменена палажэнне, згодна з якім дазвалялася адчужаць не больш за трэць вотчыны.

Неабгунтавана прыпісваючы вотчыне („літоўскаму одалю”) рысы свабодна адчужальнага ўладання, Гудавічус праігнараваў той від землеўладання, для якога гэтыя рысы былі сапраўды характэрныя. Гэта вялікакняская „выслуга”-дараванне „навечность”, якая, аднак, пачала фармавацца на шмат пазней. Трэба сказаць, што „вотчынны” погляд на ўладанне доўгі час быў настолькі моцным, што атрымальнікі выслугі (дакладней, іх спадкаемцы) пашыралі на гэтую выслугу ўяўленне пра яе як вотчыну. Вялікакняскія выслугі таксама даваліся „ў вотчыну”. І толькі пры вялікіх князях Казіміры і Аляксандры дараванні перасталі атаесамляцца з родавым відам уладання і ператварыліся ў маёмасць, якую можна было адчужаць без абмежаванняў з боку роду. 3 часоў Аляксандра Казіміравіча зямельныя раздачы „ў вотчыну” амаль спыняюцца[14].

Вотчына і выслуга — два супрацьлеглыя полюсы ў сферы землеўладання. Вотчына належала роду, яна — здабытак роду ў непасрэдным сэнсе гэтага слова[15]; гэта родавае ўладанне, якое дасталася ў спадчыну. Вотчына магла проціпастаўляцца „власности”, г. зн. таму, што „выпрацовано роботою” ды купляй, і наогул усялякаму „набытью”[16]. Стваральнік выслуг — вялікі князь. Выслуга давалася за службу вялікаму князю. Яна даравалася асобнаму прадстаўніку роду, таму належала толькі атрымальніку; выслугі „на вечность” пераходзілі ў спадчыну нашчадкам атрымальніка[17]. Даравальныя лісты спецыяльна абумоўлівалі, каму робіцца дараванне: „ему (г. зн. атрымальніку. — А. Г.) и его жоне, и их детемъ, и напотомъ будучымъ их щадкомъ”, або яшчэ „и его ближнимъ”[18], прычым дараванні на карысць, у тым ліку „и ближнимъ”, з самага пачатку не пераважалі, а паступова наогул амаль зніклі. Пры адчужэнні выслугі не існавала абмежаванняў з боку роду, але акт адчужэння патрабаваў дазволу вялікага князя[19].

Яшчэ раз падкрэслім, у адчужэнні выслугі, у адрозненне ад вотчыны, не існавала абмежаванняў з боку роду, што і садзейнічала яе мабілізацыі і размеркаванню. Значыць, не індывідуальная ўласнасць была стваральнікам вялікакняскай улады, а наадварот, вялікі князь з’яўляўся стваральнікам гэтай уласнасці. Калі прасачыць гісторыю буйных прыватных уладанняў у ВКЛ, то выяўляецца, што асноўным шляхам іх набыцця былі вялікакняскія „выслугі” — дараванні.

Такім чынам, няма падстаў сцвярджаць, што прапанаваная спачатку савецкай гістарыяграфіяй, а потым і Гудавічусам „грамадская мадэль” сапраўды адлюстроўвае шляхі развіцця літоўскага грамадства. У сувязі з гэтым трэба адзначыць наступнае. У аснову канцэпцыі, якую распрацоўваў у свой час А. І. Няўсыхін, лягло функцыянаванне інстытута „вернуты прэкарый”. У аснове гэтага інстытута — адчужэнне права ўласнасці на зямлю дробным землеўладальнікам на карысць буйных, у выніку чаго дробны землеўладальнік пераўтвараўся ў трымальніка зямлі. Гэты інстытут знайшоў пашырэнне ў франкаў, аднак, напрыклад, ні ў Англіі (у саксонскі перыяд), ні ў Скандынавіі (радзіме одаля) ён не быў вядомы. У святле прыведзеных фактаў такія з’явы, як „одаль”, з аднаго боку, „вернуты прэкарый” і распрацаваная на падставе гэтага інстытута канцэпцыя аб адчужэнні зямельнай уласнасці, з другога, не могуць суадносіцца адна з другой.

Праблема індывідуальнай уласнасці звязана з праблемай „феадалізму” і „феадальных адносінаў”. Гэтыя паняцці, з аднаго боку, па прычыне „сацыяльнага заказу”, з другога — з-за нежадання даследчыкаў вызначыць канкрэтныя віды і нормы розных сістэм міжасабовых і калектыўных сувязяў і каштоўнасцяў, настолькі відазмяніліся, што сталі ўжывацца ў адносінах да самых розных тыпаў і відаў адносінаў. У гэтым сэнсе ўяўленне пра „феадальныя адносіны” Гудавічуса не з’яўляецца выключэннем. „Князь і яго адміністрацыя сталі патрабаваць выканання павіннасцяў кожнай асобнай гаспадаркай, а не абшчынай. Не пазней пачатку XIV ст. падворны збор <…> змяніўся дзесяцінай, якая спаганялася з гаспадаркі, апалюддзе <…> і складчына-мезлева <…> засталіся толькі спосабам утрымання саміх зборшчыкаў даніны <…>. Тым самым даніна страціла большую частку прыкмет кантрыбуцыі і пераўтварылася ў зямельную рэнту. Паколькі рэнта напрамую звязвае данніка з панам, складваецца не якая-небудзь іншая, але феадальная залежнасць: над індывідуальнай рэальнай уласнасцю землеўладальніка ўзнікае намінальная ўласнасць правіцеля на гэтую ж зямлю. Падобнае становішча раскалола зямельную ўласнасць і прадаставіла правіцелю перспектыву рэальнага валодання зямлёй, г. зн. умацавання залежнасці падданага” (86). Але падобныя спосабы і формы грамадскіх сувязяў з такім жа поспехам могуць быць накладзены на самыя розныя тыпы адносінаў. Я палічыў бы прапанаваны погляд на „феадалізм” і „феадальныя адносіны” асабістым укладам Гудавічуса ў распрацоўку праблемы, калі б не згадкі пра „цэнтралізаваную феадальную рэнту”, якой „карміліся” дружыннікі князя (с. 86 і інш.). Дзякуючы гэтым згадкам можна здагадацца, пра што ідзе гаворка: сфармаваную ў савецкай гістарыяграфіі канцэпцыю пра „дзяржаўна-данніцкую эксплуатацыю як рэалізацыю ўласнасці на зямлю”[20], „дзяржаўную” форму феадалізму — не толькі бесцялесную, але ў значнай ступені бясплённую абстракцыю.

Праблема феадалізму і феадальных адносінаў у гістарыяграфіі надзвычай заблытана. Але калі ўсё ж паспрабаваць высветліць гісторыю катэгорыі і тэрміна „феод”, пачынаючы ад першапачатковага значэння да таго, якое сфармавалася ў паўднёвай Францыі[21], то можна пераканацца, што паміж „феодам” паўднёвай Францыі і выслугай ВКЛ шмат чаго агульнага. Найбольш старажытныя формы слова „феод” у германскіх мовах абазначалі багацце, скарб, грошы, рухомую маёмасць, жывёлу (IV-VIIІ ст.). Каля 1000 г. „феод” пачаў усё часцей адносіцца да зямельнага даравання (хоць і ў далейшым слова выкарыстоўваецца для абазначэння грашовага ці іншага ўтрымання). У гэты час феоды — гэта від маёмасці ва ўладанні тых, каго называюць personae publicae — „публічных”, звязаных з дзяржаўнай уладай асоб. На працягу XIII ст. зацвярджаецца ўяўленне, згодна з якім валоданне феодам падразумявае і стварае знатнасць па крыві. Усялякае адчужэнне феода санкцыянавалася зверху. Уладальнікі феода павінны былі „рабіць” ці „служыць” свой феод; у адваротным выпадку ён мог быць канфіскаваны. З пэўнага часу сацыяльная структура пачала трымацца на сістэме пазямельных адносінаў, якая, у сваю чаргу, стала служыць асновай для новай палітычнай фармацыі[22]. Не выклікае сумнення, што першапачатковая „выслуга” мела формы грашовых, рэчавых і прадуктовых „отправ”, пісьмовыя звесткі пра якія ў кнігах Метрыкі ВКЛ вядомы з другой паловы XV ст. Аднак менавіта з гэтага часу галоўнай формай выслугі становіцца зямельнае дараванне, якое адчужаецца толькі з дазволу манарха. Абавязак амажу, які прадугледжваў пэўныя дамоўленасці, можна ў пэўнай ступені параўнаць са зместам некаторых формул дыспазіцыйнай часткі даравальных актаў, якія выдаваліся атрымальніку выслугі[23].

Калі бачыць у „феодзе” і „выслузе” ў пэўнай ступені аналагічныя з’явы, то пачатак феадалізму ў Літве трэба адносіць не да сярэдзіны XIII ст., а да апошняй трэці XIV ст. Уяўленне пра феадалізм больш суадносіцца з буйным землеўладаннем. Менавіта буйное землеўладанне было для савецкай гістарыяграфіі, метадалагічныя прынцыпы якой актыўна выкарыстоўвае Гудавічус, з пэўнага перыяду адным з крытэраў феадалізму ў Заходнй Еўропе і ў Кіеўскай Русі[24]. Адмоўныя вынікі пошуку адзначанага тыпу землеўладання ў Старажытнарускай дзяржаве на ранніх этапах яе развіцця вымусілі савецкіх даследчыкаў перайсці да распрацоўкі іншай канцэпцыі: пра існаванне на землях Русі „дзяржаўных” формаў феадалізацыі, „пры якіх большасць земляробчага насельніцтва эксплуатуецца не асобнымі зямельнымі ўласнікамі, а раннефеадальнай дзяржавай шляхам спагнання падаткаў і данін”. Адпаведна, асноўным зместам працэсу генезісу феадальных адносінаў прызнавалася фармаванне „дзяржаўнай” формы феадалізму[25]. Гэтая канцэпцыя стала дамінавальнай у савецкай гістарыяграфіі. Што яна адпавядала „сацыяльнай замове”, зыходнай ідэяй якой было імкненне так ці інакш ураўняць узровень развіцця Ўсходняй i Заходняй Еўропы, не выклікае сумнення[26]. У далейшым погляд пра існаванне дзяржаўна-карпаратыўных формаў эксплуатацыі ў пачатковы перыяд існавання раннесярэднявечных дзяржаў быў перанесены і на заходнія рэгіёны Еўропы[27]. Калі Гудавічус знаёмы з творчай лабараторыяй савецкай гістарыяграфіі па праблемах феадалізму, то ўзнікае падазрэнне, ці не з’яўляецца яго ўяўленне пра час, формы i змест „феадальных адносінаў” у Літве той жа „сацыяльнай замовай”?

Як гаварылася вышэй, феадалізм больш суадносіцца з буйным землеўладаннем. Аднак раскрыць гэтую з’яву можна і не ўкладваючы яе ў паняцце „феадалізм”. Рэальны змест праблемы пра буйное землеўладанне мае куды большае значэнне, чым праблема „літоўскага феадалізму”. Гэта — цэнтральная праблема ў даследаванні комплексу задач, якія звязаны з рэструктуралізацыяй адносінаў улады і ўласнасці. Адразу зраблю агаворку: калі я гавару пра буйное землеўладанне, то маю на ўвазе не факт валодання асобнымі баярамі некалькімі сёламі, заселенымі чэляддзю, а становішча, якое адлюстроўвае, напрыклад, „Перапіс войска ВКЛ 1528 г.”: калі асобнай праслойцы землеўладальнікаў належалі дзясяткі, сотні і нават тысячы сялянскіх сямей. Пры ўсім сваім значэнні адзначаная праблема не атрымала належнай увагі даследчыкаў. Гудавічус, па ўсім відаць, таксама не лічыць гэтую праблему вартай увагі. Як ужо адзначалася, галоўная крыніца буйнога землеўладання — гэта гаспадарскія выслугі-дараванні, пра якія аўтар „Гісторыі Літвы” піша як бы між іншым, ужываючы пры гэтым вызначэнні, з якіх не адразу можна зразумець, пра што ідзе гаворка. Выслугі-дараванні Гудавічус, як правіла, называе „перасаступкай сялянскіх павіннасцяў асобным дваранам” (352), „перадачай дваранам збору сялянскіх павіннасцяў і ўзнікненне велдамных” (355), „адмаўленнем кожнага вялікага князя на карысць дваран ад выканання велдамнымі палюддзя, дадзенага яго папярэднікамі” (356). Між тым, гаспадарскія выслугі-дараванні на землі і сялян — гэта перадача далёка не толькі і не столькі павіннасцяў, а тэрытарыяльна абмежаванага суверэнітэта (улады) над падданымі i звязаных з ім розных правоў, прасцей кажучы, перадача мест, мястэчак, сёл і г. д., уключаючы як саміх мяшчан і сялян і ўгоддзі, якімі яны валодалі, так і самі даходы (былыя гаспадарскія) з гэтых уладанняў. Пры гэтым суверэнітэт мог адчужацца амаль у такім аб’ёме, якім валодаў сам вялікі князь. Паколькі адчужаўся менавіта суверэнітэт, то становіцца зразумелым, чаму разгляд цяжбаў, звязаных з гаспадарскімі дараваннямі, заўсёды з’яўляўся прэрагатывай вялікага князя. Даследаванне гэтага суверэнітэта, зыходным пунктам якога з’яўляюцца, у прыватнасці, гаспадарскія дараванні, а адной з крыніц — даравальныя акты вялікіх князёў, магло б паслужыць жывой крыніцай у вывучэнні развіцця ўлады манарха.

На думку Гудавічуса, гаспадарчы кантроль адміністрацыі як вынік рэалізацыі права вышэйшай уласнасці манарха „звязваў фактычнага ўладальніка гаспадаркі з прызначанымі яму павіннасцямі, г. зн. ён усё больш прыкоўваўся да канкрэтнай гаспадаркі. Гэта было не што іншае, як пачатак асабістай, г. зн. прыгоннай, залежнасці (вылучана намі. — А. Г.). Распараджацца ўласнай асобай селянін мог толькі адмовіўшыся ад гаспадаркі. У такім выпадку ён пазбаўляўся асабістага прыцяснення, але разам з тым страчваў сродкі на існаванне і аказваўся за межамі феадальнага грамадства. Да сярэдзіны XVI ст. гэтае адмаўленне селяніна як носьбіта асабістых маёмасных правоў не было ўсеагульным: немалая частка сялянства захоўвала так званае права выхаду, г. зн. магла пакінуць гаспадарку, забраўшы з сабой рухомую маёмасць. Аднак гэтая асабістая свабода стала [так у арыгінале] ужо адлучана ад права селяніна на одальную ўласнасць. Як гэтае адлучэнне, так і страта права выхаду (а гэта ўжо адбывалася) прывязвала селяніна асабістай залежнасцю да гаспадаркі, г. зн. да пана. Селянін быў прымацаваны да зямлі, што з’яўлялася галоўнай умовай узнікнення прыгоннай залежнасці” (351).

У гэтым поглядзе на ўзнікненне прыгоннага права шмат чаго незразумелага. Грамадскія павіннасці існавалі яшчэ да ўзнікнення дзяржавы. Шэраг дзяржаўных павіннасцяў бярэ свой пачатак з племянных павіннасцяў, некаторыя з якіх (як, напрыклад, ваенная) паслужылі ў перыяд дзяржаўнасці магутным фактарам сацыяльнай дыферэнцыяцыі. Для таго, каб даць ацэнку ступені залежнасці „чалавека”-селяніна ў раннесярэднявечнай дзяржаве, неабходна параўнаць яе са свабодай чалавека ў родаплемянным грамадстве. Якія б фактары і прычыны не абумоўлівалі стабільнасць вялікай сям’і, ступень узаемнай залежнасці яе членаў адзін ад другога суадносілася з залежнасцю гэтай сям’і ад зямлі як галоўнага сродку існавання. Гэтае палажэнне ў аднолькавай меры пашыралася і на непасрэдны зямельны надзел, які апрацоўвала гэтая сям’я. Іншымі словамі, сукупнасць розных сілаў у такой жа ступені вымушала грамадства захоўваць вялікасямейныя групы, у якой апошнія прымацоўваліся да зямлі і свайго непасрэднага надзелу. Гэта была не толькі максімальная, але і безумоўная залежнасць чалавека ад чалавека і чалавека ад зямлі. Чалавек не мог пакінуць сваіх суродзічаў, паколькі ў гэтым выпадку пазбаўляўся памочнікаў; разам з тым ён не мог пакінуць і зямлю, бо яна з’яўлялася галоўным сродкам яго існавання. Калі грамадства не было дыферэнцыявана ў залежнасці ад выканання тых ці іншых грамадскіх функцый (абавязкаў, павіннасцяў)[28], г. зн. калі адсутнічалі розныя ступені залежнасці ад зямлі як традыцыйнага сродку існавання і адпаведна ўмоў для сацыяльнай мабільнасці, то ні ў складзе „роднай” сям’і, ні чужой у межах адной вялікай (племянной) супольнасці ён быў не здольны змяніць свайго становішча. Нават калі і быў магчымы пераход чалавека з адной вялікай сям’і ў іншую (напрыклад, „за сына мест”), яго адносіны, з аднаго боку, да новага калектыву, з другога — да зямлі не мяняліся. Гэта адна з прычын таго, што ў родаплемянным грамадстве чалавек, дакладней — група сваякоў і іх зямельнае ўладанне (вотчына) знаходзіліся ў цяснейшай непарыўнай i арганічнай сувязі[29], чалавек і зямля ўяўляліся як інтэгральныя часткі аднаго цэлага; наогул, чалавек не ўяўляўся без зямлі (вотчыны).

Такім чынам, залежнасць чалавека ад чалавека і чалавека ад зямлі з’явіліся нашмат раней, чым узнікла дзяржава, прычым спачатку гэтая залежнасць была куды больш значнай, чым у дзяржаўны перыяд развіцця грамадства. Несумненна, формы залежнасці ў родаплемянным грамадстве і дзяржаве былі рознымі, але сутнасць гэтых формаў — адна і тая ж.

Цяпер разгледзім становішча „чалавека”-селяніна, які жыў у дзяржаве, прычым у станавай дзяржаве. Ён мог пакінуць сваю вотчыну, перайсці ў горад і там заняцца рамяством і гандлем. Авалоданне іншымі сродкамі вытворчасці аслабляла залежнасць чалавека ад зямлі. Адна з сацыяльных крыніц літоўскай шляхты — тыя ж сяляне. Значыць, у дзяржаўны перыяд развіцця грамадства ўзніклі ўмовы для сацыяльнай мабільнасці, і якой бы абцяжаранай гэтая мабільнасць не была, яна ўсё ж такі існавала і дазваляла змяняць адносіны да зямлі, аслабляючы непасрэдную залежнасць ад яе чалавека. Такім чынам, у параўнанні з родаплемяннымі парадкамі раннесярэднявечная дзяржава — гэта прагрэс з пункту гледжання развіцця свабоды чалавека ў адносінах як да суродзічаў, так і да зямлі. Пра гэта можна здагадвацца нават тэарэтычна, калі лічыць, што такая форма грамадскага жыцця, як дзяржава, хоць у якой-небудзь ступені з’яўляецца прагрэсіўнай. А цяпер параўнаем адносіны да зямлі селяніна і шляхціча. Шляхціч, як і селянін, таксама валодаў зямлёй роўна столькі, колькі служыў свайму пану, напрыклад, вялікаму князю. Апошні, калі дараваў зямлю шляхцічу, у сваіх даравальных лістах ніколі не агаворваў, што з гэтай зямлі атрымальнік i яго нашчадкі маюць права служыць, каму яны пажадаюць: яны абавязаны былі служыць толькі вялікаму князю. Абавязак службы гаспадару пашыраўся не толькі на выслугі і іншым спосабам набытыя ўладанні, але і на вотчыны. Толькі панскія дараванні шляхце змяшчалі агаворку, што атрымальнік можа служыць з дараванай зямлі на выбар: таму ці іншаму пану (які дараваў зямлю) і яго нашчадкам ці іншаму пану і яго нашчадкам або вялікаму князю, і то пасля смерці пана. Розніца ў правах шляхціча і селяніна заключалася ў тым, што першы мог пакінуць свайго пана практычна ў любы час, другі — пры ўмове, што „не заседзеў” тэрмін. Аднак абодва пакідалі свайго пана без зямлі. Значыць, не ў страце зямлі выяўлялася асабістая залежнасць селяніна, дакладней, не страта зямлі служыла прыкметай асаблівага становішча селяніна. Такой прыкметай з’яўлялася абмежаванасць тэрміну выхаду з зямлі аднаго ўладальніка на зямлю іншага.

У сувязі з поглядам Гудавічуса на „дзяржаўную” форму феадалізму як „дзяржаўна-данніцкую форму рэалізацыі ўласнасці на зямлю”[30] ўзнікае пытанне: як праяўлялася гэтая „рэалізацыя ўласнасці” ў літоўскіх „феадалаў”? Адна з найбольш прыкметных формаў гэтай рэалізацыі — дараванні вялікага князя. На першы погляд, сам факт гэтых дараванняў даволі просты. Той ці іншы шляхціч (пан, князь) б’е чалом вялікаму князю і просіць даць яму зямлю (пустую ці з сялянамі і г. д.), а вялікі князь задавальняе гэтае чалабіцце. Дараванні можна назваць характэрнай з’явай феадалізму, аднак гэта мала тлумачыць яе сутнасць. Між тым, як я паспрабую паказаць ніжэй, названая з’ява адлюстроўвае магутныя змены ўнутры грамадства. Але як бы там ні было, вялікакняскія дараванні з’явіліся пазней. А што было да гэтага часу? Гудавічус мае рацыю, калі сцвярджае, што першыя літоўскія князі і дружыны жылі за кошт рабунку суседніх народаў і палонных (73, 77 і інш.). Шкада, што аўтар „Гісторыі Літвы” не развіў гэтае палажэнне ў належнай меры. Менавіта палонныя, якія пераўтвараліся ў нявольную чэлядзь, трэба думаць, з’яўляліся бадай што самай галоўнай здабычай (разам са свойскай жывёлай). Звесткамі пра палонных насычаны ўсе крыніцы, якія гавораць пра літоўскія паходы. Частка палонных прызначалася для продажу на знешніх і ўнутраных рынках, частка заставалася ў непасрэдных захопнікаў. У двух апошніх выпадках палонныя пераўтвараліся ў рабочую сілу на землях іх новых гаспадароў. Зямля без рабочай сілы не мела значэння для „феадала” любога часу. У меншай ступені верыцца, што для гэтых палонных быў падрыхтаваны лёс побытавых слуг: занадта ўжо несувымяральнымі з’яўляліся б іх прызначэнне і цана здабычы. Тады навошта „літоўскім феадалам” трэба было няволіць сваіх „суайчыннікаў”, калі рабочую сілу яны маглі прывесці з паходаў? Пытанне можна паставіць і іншым чынам: калі б існавала маса „сваіх прыгонных”, тады які сэнс рызыкаваць жыццём у далёкіх і небяспечных паходах за чэляддзю? Звесткі пра рабаўнічыя паходы Літвы знікаюць тады, калі спачатку ў адзінкавых выпадках, а потым у масавай колькасці літоўскае баярства пачынае атрымліваць дараванні на землі і сялян. Сувязь паміж гэтымі фактамі відавочная. З часоў велікакняскіх дараванняў чэлядзь замянілі сяляне. Па гэтай прычыне, не адмаўляючы існавання нейкай „формы рэалізацыі ўласнасці”, можна папярэдне прызнаць, што гэтая ўласнасць пашыралася на чэлядзь і на зямлю, на якой яна працавала, г. зн. на вотчынныя ўладанні саміх рабаўнікоў. Іншымі словамі, у дадзеным выпадку можна сцвярджаць адно пра „форму рэалізацыі ўласнасці толькі на ўласную зямлю” (тэрмін „уласнасць” выкарыстаны мной ва ўмоўным значэнні).

Але, з пункту гледжання развіцця ўлады вялікага князя, самае галоўнае не гэта. З рабунку і даравання як двух спосабаў узбагачэння другі быў, безумоўна, больш зручным як для таго, хто дараваў, так і для таго, хто атрымліваў дараванне. Тады незразумела, чаму гэты спосаб не стаў рэалізоўвацца ні ў XIII, ні ў першых дзвюх трэцях XIV ст. Адказ просты: асоба кожнага селяніна — кожнага гаспадара і яго сям’і — іх зямля мела тую каштоўнасць і значэнне, што гэты селянін не толькі аддаваў свой „дадатковы прадукт” князям у выглядзе падарункаў і данін, але выконваў ваенную і іншыя павіннасці, якія маюць племянное паходжанне (рэлікты ўсеагульнай ваеннай павіннасці ў выглядзе пагоні існавалі яшчэ ў апошняй трэці XIV ст.). Што названая павіннасць існавала, не адмаўляе ва ўскоснай форме і Гудавічус, калі піша пра ўзброеныя „канфедэрацыі” жамойцкіх зямель, якія ў XIII ст. налічвалі па 3000-4000 чалавек (61, 62). І гэта пры тым, што праз больш чым 250 гадоў, згодна з „Перапісам войска 1528г.”, колькасць жамойцкіх ваеннаабавязаных нават пры завышаных падліках складала не больш за 2500 шляхты. З пункту гледжання „дзяржаўнай” формы феадалізму, ці не гэтых „узброеных сялян” Гудавічус лічыць феадаламі? Менавіта гэтых „феадалаў” (паводле вызначэння Гудавічуса — „ваенных каланістаў”) з Прусіі рассяляў на тэрыторыі сваёй дзяржавы Трайдзень. Вядома, як склаўся лёс гэтых „феадалаў-каланістаў”. У далейшым вялікі князь адорваў імі шляхту. Тое ж самае адносіцца і да літоўцаў, якія жылі ў раёне Абольцаў (цяпер — Талачынскі раён Віцебскай вобласці). Не пазбавіліся такога лёсу і літоўцы Віленскага і Троцкага ваяводстваў. Усе яны — нашчадкі тых, хто складаў ваенную апору стваральнікаў літоўскай дзяржавы. У гэтым плане не дзіўна, што тэрытарыяльна маленькая літоўская дзяржава XIII ст. атрымала больш перамог, чым вялікая станавая манархія першай паловы XVI ст. Пераможнай зброяй першых літоўскіх князёў былі ў значнай ступені ўзброеныя супляменнікі, а не малалікія, хоць i „прафесійныя”, дружыннікі. У дадзеным выпадку Літва не была выключэннем сярод маладых народаў.

Гудавічус вельмі рана скідвае з рахунку існаванне ў XIII ст. архаічных інстытутаў грамадства — вотчыны і выканання ваеннай павіннасці ўсімі дарослымі мужчынамі, якія могуць насіць зброю. Менавіта функцыянаванне гэтых інстытутаў паслужыла ўмовай узнікнення дараванняў зямель з сялянамі. Натуральна, узброены чалавек, а тым больш маса ўзброеных людзей — гэта істотная сіла, з якой неабходна было лічыцца. Але не гэта стрымлівала імкненне вярхоўнай улады каму-небудзь падараваць гэтых ваяроў, тым больш, што такімі ваярамі яны заставаліся да пэўнага часу. „….. Свабода члена варварскага грамадства заключалася ў яго паўнапраўі, а зместам апошняга была сукупнасць правоў-абавязкаў, якія складалі ў той перыяд непарыўнае адзінства. Валоданне паўнатою правоў свабоднага чалавека, члена племені, абшчыннага калектыву (права наследавання і валодання маёмасцю, карыстанне ўгоддзямі; права ўдзелу ў народных сходках, судовых сходах, рэлігійных святах і іншых агульных справах; права нашэння зброі, права на атрыманне дапамогі і абароны з боку суродзічаў і г. д.) азначала выкананне ім адпаведных абавязкаў у адносінах да сваёй групы ў цэлым (сям’і, суродзічаў, абшчыны, племені), да асоб, якія яе ўзначальвалі (бацькі, старэйшын, правадыроў), да асобных яе членаў (падапечных, асобаў, якія адчувалі патрэбу ў падтрымцы)”[31]. Такім чынам, паўната правоў на валоданне вотчынай як у родаплемянным грамадстве, так і раннедзяржаўным, вызначалася ўяўленнем пра свабоду чалавека і выкананне ім грамадскіх абавязкаў, у тым ліку, ваеннай павіннасці. І наадварот, выкананне грамадскіх абавязкаў, у тым ліку ваеннай павіннасці, „давала падставы” для паўнаты правоў на валоданне вотчынай. Карацей кажучы, паняцці „валоданне вотчынай”, „свабода”, „выкананне грамадскіх абавязкаў” былі самым цесным чынам узаемаабумоўлены. Логіка адзначанай узаемаабумоўленасці праяўлялася наступным чынам. Чалавек рэалізуе сваё права на вотчыну ў той ступені, у якой ён выконвае грамадскія абавязкі. Адпаведна, ступень паўнапраўя, а значыць, права на вотчыну пачынае хістацца ці наогул ліквідуецца, калі гэтыя абавязкі выконваюцца не ў поўнай меры ці наогул не выконваюцца. Пры тым, што ваенная служба заўжды была самай цяжкой і выконвалася за свой кошт, пастаянныя войны як унутры краіны, так і са знешнім ворагам, тэрытарыяльны рост дзяржавы (які павялічваў адлегласць для перамяшчэння ўнутры дзяржавы) і іншыя прычыны, зніжалі магчымасць выканання ваеннай павіннасці ўсімі членамі грамадства ў роўнай ступені. Мімаволі „вызваленыя” ад гэтай службы, яны пераўтвараліся ў свайго роду „недастаткова раўнапраўных”, як бы „паўсвабодных” членаў грамадства, а вотчына, якая належала гэтым членам грамадства, хоць і знаходзілася ў іх фактычным уладанні, аказвалася ў „падвешаным стане”. Значыць, менавіта няздольнасць выканання галоўнай грамадскай павіннасці падрывала сацыяльны статус і становішча былога свабоднага члена грамадства, а разам з гэтым і статус яго вотчыны. Па меры таго, як прымаліся натуральныя намаганні ўзмацніць баяздольнасць ваеннаабавязаных, складвалася сітуацыя, калі вотчына „недастаткова раўнапраўных” і „паўсвабодных” членаў грамадства і яны самі ператвараліся ў „патэнцыяльна належных” і „падданых” тым, хто па-ранейшаму выконваў ваенную службу — цяпер ужо не толькі за сябе, але і за астатніх: землі такіх людзей і іх саміх можна было дараваць ваеннаабавязаным. Так у далейшым і атрымалася, калі гаспадар пачаў раздаваць землі з сялянамі баярам-шляхце[32]. Такім чынам, масавая няздольнасць сялян выконваць ваенную павіннасць, зніжэнне статуса гэтых сялян і ix вотчын, пераўтварэнне згаданых сялян у „недастаткова раўнапраўных” і „паўсвабодных”, а потым разам з іх вотчынамі ў „патэнцыяльна залежных” і „падданых” і з’яўляецца тым, што я вышэй назваў магутнымі зменамі ўнутры грамадства. У святле гэтых фактаў „узброены селянін” — гэта свабодны член грамадства, вотчына — уласнасць яго і яго роду. Вялікі князь не вікінг і не ваенны манарх, а палітычны лідэр. Ніякай „намінальнай уласнасці правіцеля” на індывідуальную ўласнасць землеўладальніка (86) не існавала i не магло існаваць.

Палітычнае лідэрства пры Гедыміне і Альгердзе пачало трансфармавацца і набыло іншы змест: Альгерд фактычна вырас у „господаря”. Але сапраўднымі „господарями” сталі толькі яго наступнікі: Ягайла і Вітаўт, што, у прыватнасці, i адлюстраваў іх тытул. Апошні з’яўляўся не проста маніфестацыяй уладных дамаганняў. У дадзеным выпадку неабходна зноў звярнуцца да вотчыны, ад якой Гудавічус імкнецца адмежавацца ўсімі магчымымі сродкамі. Уяўленне пра ўладанне як вотчыну было жывучым у свядомасці не толькі сялян і баяр, але і манархаў. Больш за тое, для гаспадара ВКЛ — гэта яго „вотчына” і „паньство”, у якім ён „пануе”[33]. Сяляне, мяшчане, баяры і службовыя асобы ВКЛ — гэта мяшчане, баяры і службовыя асобы гаспадара. Такі погляд на ВКЛ не адмаўляе і самае блізкае кола памочнікаў вялікага князя — паны-рада. Ён выяўляецца ледзь не ў кожным выказванні і дзеянні вялікага князя. Вялікі князь не проста раздае маёнткі, пасады, розныя льготы і іншае — ён іх „жалует” і „дарует” і робіць гэта з „ласки” ці „особливой ласки”. Да яго не проста звяртаюцца, а „бьють челом”. Вялікі князь клапоціцца пра сваіх слуг і падданых. Так, ён „мыслит” пра „отъчызну свою” — Вялікае Княства і „подданыхъ своихъ, добре а пожыточне хотечы панство а отъчызну свою” і „подданыхъ своихъ, отъ непрыятелей своихъ <…> во въ покою и въ обороне заховать и зоставить”[34], і „то все, што его к [о]ролевъская милость” аб падданых „радить рачылъ, то естъ съ почътивымъ, добрымъ и пожыточнымъ того панства” і падданых яго міласці[35]. Вышэй адзначалася, што даследаванне суверэнітэта, які вялікі князь раздаваў шляхце ў выглядзе выслуг-дараванняў, можа паслужыць жывой крыніцай вывучэння развіцця ўлады манарха. У сувязі з гэтым яшчэ раз падкрэслю: паняцці „валоданне вотчынай”, „свабода”, „выкананне грамадскіх абавязкаў” былі самым цесным чынам узаемаабумоўлены. Гэтая ўзаемаабумоўленасць праяўлялася, у прыватнасці, у тым, што ступень выканання ваеннай службы так ці інакш абумоўлівала паўнату правоў на вотчыну. Адсюль вынікае, што адносіны любога военачальніка, у тым ліку вялікага князя, і ваяра з самага пачатку фармаваліся не проста як службовыя, але і як „пазямельныя”. Калі асноўная маса свабодных у той ці іншай меры выконвала ваенную службу, іх правы на вотчыну не толькі былі трывалымі, але ва ўмовах пастаянных войнаў яшчэ больш умацоўваліся. І наадварот, калі маса свабодных станавілася няздольнай ажыццяўляць ваенную павіннасць і пераўтваралася непасрэдна ў сялян, апошнія страчвалі паўнату правоў на свае вотчыны, якія па меры ўмацавання баяздольнасці ваеннаабавязаных военачальнік у асобе вялікага князя разам з самімі сялянамі пачаў раздаваць ваеннаабавязаным: спачатку часова, потым „на вечнасць”. Дараванні вялікім князем сялян з іх землямі — найбольш выразная форма праяўлення новай улады.

Тыя ж самыя прычыны, г. зн. няздольнасць ажыццяўляць ваенную павіннасць, і тыя ж самыя вынікі, г. зн. страта паўнаты правоў уладальніка на вотчыну, зніжэнне яе становішча і статуса, прыводзілі да зменаў у падатковай сферы. Часовыя плацяжы і павіннасці, якія ішлі з вотчын і іх уладальнікаў, пераўтвараліся ў рэгулярныя; да новых плацяжоў і павіннасцяў дадаваліся новыя. Да вельмі важных высноў у вывучэнні шляхецкай вотчыны прыйшоў М. В. Доўнар-Запольскі. З вотчын, як і выслуг, выконвалася ваенная служба. Але ў адрозненне ад выслуг аб’ём службы з вотчын з’яўляўся традыцыйным[36]. Вотчына была вызвалена ад „дзяржаўных” павіннасцяў (напрыклад, замкавай, дарожнай, старажавой) і некаторых плацяжоў[37] (яны разглядаліся як „няволя”[38]). Наадварот, тыя вотчыны і іх уладальнікі, з якіх вялікі князь адчужаў свой суверэнітэт, даруючы іх баярам-шляхце, г. зн. сялянскія вотчыны, былі абкладзены самымі рознымі плацяжамі і павіннасцямі (і гэта зразумела, з іх не выконвалася ваенная павіннасць). Вытокі шляхецкай і сялянскай вотчын — у родаплемянным грамадстве. Калісьці іх становішча і статус былі аднолькавымі, дакладней, паміж імі не было сацыяльнай дыферэнцыяцыі. Змены ў грамадстве, пра якія гаварылася вышэй, размежавалі іх. Але яны закранулі толькі сялянскую вотчыну; паміж родаплемянной і шляхецкай вотчынай захавалася прамая генетычная сувязь.

Нераўнапраўнасць становішча сялянскіх вотчын і іх уладальнікаў не была абсалютнай. Таму цесная, арганічная і непарушная сувязь вотчынніка з яго ўладаннем не знікла канчаткова: вотчына суадносілася з яго ўладальнікам. Адзначаная сувязь праяўлялася, у прыватнасці, у тым, што на вотчыну пераходзілі якасці і статус яе ўладальніка: селянін, які сяліўся на новай зямлі, павінен быў выплачваць тыя плацяжы і выконваць тыя павіннасці, якія ішлі з яе пры ранейшым уладальніку і г. д. У дадзеным выпадку для нас важна іншае. З пункту гледжання адзначанай сувязі паміж вотчынай і яе ўладальнікам, з’яўленне рэгулярнага абкладання і павелічэнне гэтага абкладання фактычна разглядалася як адняцце вотчыны, пераўтварэнне яе ў вотчыну вялікага князя. Правы вялікага князя пашыраліся не толькі на заселеныя, але і пустыя вотчыны. Так праходзіў працэс фармавання суверэнітэтувялікага князя, якім ён пачынаў карыстацца, адчужаючы яго панам і шляхце. Так складваліся адносіны паміж вялікім князем і сялянамі, якія можна ахарактарызаваць як адносіны паміж „господарём” і падданымі[39]. У якой ступені паны і шляхта залежалі ад вялікакняскіх дараванняў, у такой ступені вялікі князь з’яўляўся для іх „господарём”.

Такім чынам, рэалізуючы правы вотчыны і рэгулярнае абкладанне няздольных выконваць ваенную службу сялян, вялікі князь абапіраўся на вотчынныя прынцыпы. „Господарь”-„отчич” завяршае піраміду вотчыннай сістэмы ўладання, вытокі якой трэба шукаць у родаплемянным грамадстве. У фармаванні ўлады „господаря” яшчэ шмат чаго нявысветленага, але адназначна адно: гэта не „прымітыўная ідэнтыфікацыя дзяржаўнага суверэнітэту” князя з яго правам прыватнай уласнасці. І тым больш нельга разглядаць гэтую з’яву ў схематычнай трактоўцы, якую прапануе Гудавічус: „…феадальнае права не ведала падзелу манаршай уласнасці на асабістую і грамадскую” (204). Тое, што вялікі князь браў актыўны ўдзел у непасрэдным кіраванні сваёй „вотчынай”, толькі падмацоўвае ўяўленне пра гаспадара як вотчыча ў свядомасці як яго самога, так і яго падданых. На працягу апошняй трэці XIV — першай паловы XVI ст. гэтае ўяўленне набывае тыя ці іншыя формы, але яго галоўная сутнасць застаецца нязменнай. Яшчэ раз падкрэслім: вялікі князь — стваральнік выслуг, якія ўвасаблялі прынцып прыватнай уласнасці. Апошні скарэктаваў погляд на ВКЛ як на вотчыну і пераўтварыў яго ў вотчыну толькі адной лініі Ягайлавічаў, зрабіўшы астатніх Гедымінавічаў падданымі манарха. Толькі з другой паловы XVI ст. побач з паняццем „паньство господарьское отчызное” пачынае паступова з’яўляцца паняцце „отчизна речи посполитой того панства”[40]. З’яўленне новага паняцця адлюстроўвае змены ў поглядах на вярхоўную ўладу і ролю ў гэтай уладзе падданых.

„Народнасць складваецца, калі ўзнікае патэнцыяльны захавальнік нацыянальнай свядомасці — сацыяльная эліта, якая пастаянна корміцца дадатковым прадуктам, што ствараецца грамадскай большасцю, і таму валодае магчымасцямі ажыццяўляць арганізацыйную і палітычную дзейнасць. Інакш кажучы, нацыя павінна валодаць трывалай і выразнай палярызаванай сацыяльнай структурай, здольнай парадніць — паводле прынцыпу адзінства супрацьлегласцяў — народ, які стварае дадатковы прадукт, і сацыяльную вярхушку, якая прысвойвае гэты прадукт. Часцей за ўсё падобнае становішча ўзнікае і ўмацоваецца ва ўмовах дзяржавы” (98). Далей аўтар „Гісторыі Літвы” піша пра тое, што літоўскі манарх успрымаўся як свой правіцель, а служэнне яму — як годныя і выгодныя паводзіны; што дзяржаўная арыентацыя, уласцівая для нешматлікіх князёў, намеснікаў і старастаў, была першапачатковым успрыманнем нацыянальнай прыналежнасці, хаця далей адзначае, што этнічная арыентацыя значнай часткі феадалаў была паўплемянной і што народу была ўласціва ў большай ступені племянная арыентацыя (99). На думку аўтара, за кошт прыяцельскіх і сваяцкіх адносінаў (?!) намеснікаў і старастаў з большасцю ваенна-служылых на месцах прырастаў слой „нацыянальна настроеных”, палітычны ўплыў якога ў асяроддзі феадалаў (а праз іх — і ў народзе) станавіўся вырашальным. „Гэтая з’ява ахапіла ўвесь літоўскі этнас, таму мы можам яго лічыць паказчыкам узнікнення нацыі як этнічнай супольнасці” (100). „Нацыянальная самасвядомасць літоўцаў праявілася як ідэалогія, яўным арыенцірам якой была дзяржава”, — заключае аўтар (100). З гэтага надзвычай арыгінальнага погляду не вынікае самае галоўнае: якім быў механізм трансфармацыі „племянной арыентацыі” ў „нацыянальную” ў дзяржаўных умовах; якія формы i змест набывала „нацыянальнае” жыццё Літвы. І ўсё гэта пры тым, што, паводле пераканання Гудавічуса, значная частка феадалаў мела паўплемянную этнічную арыентацыю, якая яшчэ ў большай ступені была ўласціва народу. У гэтым выпадку занадта рана гаварыць нават пра этнас, не тое што пра нацыю. Падобны погляд — кангламерат мала звязаных паміж сабой сэнсаў. „Дзяржаўную арыентацыю” нешматлікіх феадалаў як форму ўспрымання нацыянальнай прыналежнасці, адносіны да іх астатняй часткі феадалаў як да „сваіх”, „паўплеменную этнічную арыентацыю” значнай часткі феадалаў і большай часткі народа Гудавічус называе „празаічнымі момантамі”, „якія былі асновай, на якую накладвалася ўспрыманне сваёй мовы, сваіх звычаяў і сваіх бліжніх, якое спараджала не толькі матэрыяльнае, але і духоўнае прыманне ўласнага жыцця” (99). У апошнім мала зразумелым выказванні, таксама як і ва ўсім поглядзе, адчуваецца сучасная рэцэпцыя нацыянальнасці. Аднак менавіта з сучаснага пункту гледжання Літва XIII — першай паловы XVI ст. і больш позняга часу, дакладней, паводле выразу Гудавічуса, яе „нацыянальна настроены слой”, уяўляў сабой этнаграфічны воск. Зазнаўшы спачатку магутны ўплыў беларускай і ўкраінскай культур, сацыяльная эліта Літвы перайшла ў лона польскай культуры, дзе і пакінула ўсіх сваіх прадстаўнікоў. Усё гэта сведчыць пра тое, што калі якія нацыянальныя формы і змест і існавалі, то яны мелі не заўжды і не зусім прывычныя для сучаснага чалавека формы. У гэтым сэнсе перанос сучасных уяўленняў пра нацыянальнасць на Сярэднявечча трэба разглядаць не больш як метадалагічную памылку. Тое ж самае адносіцца і да таго, што Гудавічус называе „дзяржаўнай арыентацыяй”. Сярэднявечная Літва не ўяўляла сабой нейкага самабытнага ўтварэння. Галоўнай катэгорыяй дзяржаўнасці і прынцыпам грамадскага жыцця як у краінах Заходняй і Цэнтральнай, так і Ўсходняй Еўропы на пэўным этапе іх развіцця была „служба падданых гаспадару”. У ВКЛ гэты прынцып ахопліваў усе станы грамадства: ад селяніна да Гедымінавіча. Не служыць гаспадару ці той асобе, якая служыла гаспадару, было раўназначна быць па-за грамадствам. У сувязі з гэтым большасць падданых былі ў такой жа ступені абыякавыя да этнічнай прыналежнасці гаспадара, як гаспадар — да этнічнай прыналежнасці падданых. Для палачан, якія заяўлялі рыжанам, што „ест оу насъ осподарь, кому нас оборонити”, вялікі князь літоўскі быў не менш „сваім”, чым для роднасных літоўцам жамойтаў, якія патрабавалі ад яго ўнясення ў прывілей Жамойцкай зямлі палажэння, што яны не „прес мечъ албо через оныи валки были звалчоныи, а ку н(а)шому послушеньству прыведены, а не з доброю волею прыстали”. У сваю чаргу і вялікі князь не адрозніваў сваіх падданых у залежнасці ад этнічнай прыналежнасці, дэкларуючы іншы раз свой абавязак клапаціцца пра ўсіх. У дадзеным выпадку неабходна гаварыць у першую чаргу пра формы падданства: этнічную, а таксама канфесійную i рэгіянальную[41]. Шкада, што Гудавічус не закрануў гэтых асаблівасцяў свядомасці грамадства ВКЛ.

У тагачаснай свядомасці сацыяльныя катэгорыі дамінавалі над нацыянальнымі. „Дзеравеншчыне не быць каралём”, — так матываваў свой учынак Альгерд, калі адсёк галаву правадыру ліваў, якія паўсталі супраць немцаў, хоць той абяцаў прызнаць уладу Альгерда (126). Гэты ўчынак толькі з пункту гледжання цяперашніх уяўленняў можна назваць „вяльможнай фанабэрыстасцю” (127). „Дэмакрат” з Альгерда сапраўды не атрымаўся, але „забіць самазванца” — нармальная катэгорыя мыслення манарха. Можна сказаць так: на месцы Альгерда так зрабіў бы кожны. Паводле крыніц, Ягайла „велми нелюбость учинил и жалость” Кейстуту, калі аддаў сваю родную сястру — „братанну” Кейстута — замуж за літоўца нізкага паходжання Вайдылу. Як можна пераканацца на гэтым прыкладзе, сацыяльныя катэгорыі ў вялікай ступені карэктавалі прыяцельскія і сваяцкія адносіны, якім Гудавічус надае ледзь не вырашальнае значэнне ў працэсе складвання „літоўскай нацыі”. Як для часу Альгерда і Кейстута, так і для пазнейшых часоў можна гаварыць пра „надэтнічную свядомасць” літоўскіх князёў і шляхецтва. Літоўскаму пану і шляхцічу было прасцей знайсці агульную мову з „рускім” панам і шляхцічам, чым з сялянамі сваёй „нацыі”, таму што іх аб’ядноўвала не толькі адна „лавица” паноў-рады, але і тое, што так званы нацыянальна свядомы гаспадар абдорваў і тых, і іншых згаданымі сялянамі. Нельга забывацца і на тое, у інтарэсах чаго гаспадар ажыццяўляў гэтыя дараванні: у інтарэсах сваёй вотчыны (ВКЛ), і рабіў гэта ён, разважаючы „вотчыннымі” катэгорыямі.

Дазволім сабе яшчэ раз выкарыстаць прыём Гудавічуса i спаслацца на „одаль”: „Існавала цяснейшая, непарыўная сувязь чалавека, дакладней — сям’і, з уладаннем. Одалем валодалі спакон веку, з часоў паганскіх курганоў <…>. Але одаль — не толькі ўладанне сям’і, гэта і радзіма (вылучана намі. — А. Г.), „отчына”, „вотчына”. Па вобразе і падабенстве сямейнага ўладання (garðr) будаваліся і ўяўленні пра макракосм: Мідгард (Miðgarðr) — мясціна людзей і Утгард (Útgarðr) — свет пачвар і волатаў вакол людзей <…>. Асабістыя якасці чалавека, яго радавітасць, паходжанне ад свабодна народжаных ці знакамітых продкаў і права яго на сямейнае ўладанне ўяўлялася як нешта цэласнае, непарушнае. На зямлю пераходзілі ўяўленні пра чалавека, яго сям’ю і суродзічаў. Одаль — неад’емны набытак сям’і, такая ж абавязковая якасць яе членаў, як і іх шляхетнасць, незалежнасць, свабода”[42]. Сказанае адносіцца і да літоўскай вотчыны.

Селянін служыў са сваёй вотчыны, шляхціч са сваёй вотчыны і выслугі — дараваных вотчын сялян. Усе яны служылі вотчыне „господаря”. У адваротным выпадку яны пазбаўляліся б сваіх вотчын. Не трэба забывацца, што з’яўленне „господаря” вялікага князя, селяніна-вотчыча і шляхціча-вотчыча, які валодаў гэтым селянінам — натуральны вынік падзення правоў на вотчыну былых раўнапраўных супляменнікаў; прычына гэтага падзення — недастатковы аб’ём іх службы. „Господарь” таксама служыў сваёй вотчыне, але не падданым (якім быў „повиноват” дзвюма „речами”: „обороной” і „справедливостью”[43]). Так перапляталіся вотчынныя катэгорыі мыслення „господаря” і падданых. У любым выпадку, адносіны гаспадара да падданых і падданых да гаспадара не фармавалі, паводле выказвання Гудавічуса, літоўскай „нацыі як этнічнай супольнасці”. У той жа час узаемаадносіны гаспадара і падданых самых розных станаў, рэгіянальная (якая фармавалася ў рэгіёнах з устойлівымі грамадскімі традыцыямі, (напрыклад, у Полацкай, Віцебскай, Смаленскай і іншых землях) і канфесійная свядомасць вызначалі ўсю тую разнастайнасць свядомасці, у якой і варта шукаць праяўленне і формы этнічнай свядомасці літоўцаў. Замест гэтага Гудавічус прапануе нацыянальную свядомасць сучаснага літоўца, з пукту гледжання якой немагчыма растлумачыць, напрыклад, у якой ступені адчуваў сабе прадстаўніком „літоўскай нацыі” віцебскі баярын, праваслаўны (?), вядомы „земскі дзеяч” Віцебскай зямлі першай паловы XVI ст. Міхайла Курэйшаў, калі меркаваць паводле прозвішча[44] — літовец па паходжанні.

Не адмаўляючы наяўнасці пэўных формаў этнічнай свядомасці сярэднявечных літоўцаў, трэба яшчэ раз падкрэсліць, што яны былі далёка не падобныя да сучасных. Этнічную свядомасць праяўляў, напрыклад, Альберт Гаштаўт, у прыватнасці, праз ацэнку ступені даверу да „рускіх”, але, што характэрна, рабіў гэта ў перапісцы з такім жа літоўцам Юрыем Радзівілам на „рускай” (старабеларускай) мове[45]. Відавочна, выкарыстанне гэтай мовы не служыла прыкметай этнічнай прыналежнасці. Па той жа прычыне былы кліент i „духоўны” вучань Гаштаўта Венцлаў Мікалаевіч Янавіч з Майшагалы (калі ўслед за Е. Ахманьскім атаясамляць яго з Міхалонам Літвінам), нягледзячы на свой літоўскі патрыятызм і непрыязныя адносіны да „рускай” мовы, не гідзіўся атрымліваць даравальныя лісты на гэтай мове[46]. Не гаворачы пра тое, што як пісар канцылярыі ВКЛ ён рыхтаваў дакументы і вёў кнігі Метрыкі таксама на „рускай” мове[47]. Гэта важны момант: этнас і этнічнасць, з аднаго боку, нацыя і нацыянальнасць, з другога — паняцці далёка не тоесныя. Другая група паняццяў не падразумявае этнічнага паходжання. Наўрад ці трэба даказваць, што „чыстых” нацый няма, што нацыі — шматэтнічныя. Пры ўсім тым ёсць такія фактары, якія аб’ядноўваюць і фармуюць нацыі, адзін з іх — гэта агульная мова ці група моў. Літоўская мова была мовай штодзённых зносінаў аўтахтоннага насельніцтва этнічнай Літвы і Жамойці (не выключаючы мяшчан i шляхты). Аднак у грамадстве, у якім панавала пісьмовая культура (менавіта такім грамадствам было ВКЛ з другой паловы XV ст.), на адміністрацыйным узроўні больш высокім, чым узровень сялянскіх прыставаў і дзясятнікаў, у дзелавых кантактах як на тэрыторыі гэтых рэгіёнаў, так і за іх межамі, не гаворачы пра вялікакняскую адміністрацыю і сферу ваеннай службы, магчымасці носьбітаў адной толькі літоўскай мовы зводзіліся да мінімуму. Поспехі ў грамадскім жыцці былі гарантаваныя толькі пры ўмове валодання „рускай” мовай, незалежна ад сацыяльнай, канфесійнай і этнічнай прыналежнасці. Ва ўмовах шматэтнічнай дзяржавы Новага і Найноўшага часу ўласцівасці такой мовы маглі быць цалкам суаднесены з прыкметамі нацыянальнай мовы, для сярэднявечнага ВКЛ — яе можна трактаваць як протанацыянальную мову не толькі беларускага, украінскага, але і літоўскага этнасаў.

Уласна кажучы, я мог бы паверыць у метадалагічную трываласць поглядаў аўтара „Гісторыі Літвы” на ўтварэнне „літоўскай нацыі”, калі б не яго спроба разгледзець шляхі ўзнікнення таго, што ён называе „русинской, т.е. русской народностью” (447-449). Пачнем з таго, што Гудавічус амаль наогул не выкарыстоўвае тэрміны „Беларусь” і „беларусы” i „Ўкраіна” і „ўкраінцы” (калі не ўлічваць, у прыватнасці, два словы — „беларускія акты”, якія ўзяты ў двукоссе) (84). Як вынікае з кантэксту выкарыстанай тэрміналогіі, суседзямі Літвы з усходу і поўдня былі „русские”. Тыя ж „русские” жылі і за межамі ВКЛ — у Маскоўскай дзяржаве. Погляд на фармаванне „русінскай народнасці” выкладзены лаканічна, і сутнасць яго наступная. „Русские”, якія апынуліся ў межах ВКЛ, сталі адрозніваць сябе ад „русских” па той бок мяжы, і такім чынам пачалі ўсведамляць сябе асобнай народнасцю. Здарылася гэта ў пачатку XVI ст. Калі ўзніклі беларусы і ўкраінцы — Гудавічус не піша, відавочна, мяркуючы, што гэта праблема даследчыкаў, якія займаюцца XIX-XX ст. Што ж атрымліваецца? Спачатку існавалі „русские”, потым на аснове „русских” сфармавалася „русінская народнасць”. Наогул, калі б адсутнічала палажэнне пра „русінскую народнасць” („народ”, нават не „нацыю”), то можна было б меркаваць, што прагрэс гістарычнай навукі ў вывучэнні этнічных працэсаў у ВКЛ заключаецца ў рэанімацыі поглядаў расійскіх гісторыкаў XIX ст. Зрэшты, не ўсё так проста. У поглядзе на фармаванне „русінскай народнасці” адсутнічае пошук фантастычных сувязяў, у выніку якіх, напрыклад, прыяцельскія і сваяцкія адносіны трансфармаваліся ў нацыянальныя, як гэта было з „літоўскай нацыяй”. 3 пункту гледжання навуковасці метадалогіі гэта нават і лепей. Аднак, калі быць паслядоўным, то для Гудавічуса, відавочна, занадта смела ігнараваць той факт, што ўкраінскія, беларускія і рускія землі мелі дзяржаўныя формы задоўга да таго, як Літва ўпершыню выпадкова была згадана ў Кведлінбургскіх аналах (1009), і тым больш да таго, як сярод балцкіх плямёнаў з’явіліся першыя зародкі дзяржаватворчых працэсаў. Калі кіравацца логікай Гудавічуса i выкарыстоўваць яго тэрміналогію, то „дзяржаўная арыентацыя” ўсходнеславянскай эліты павінна стаць „успрыманнем нацыянальнай прыналежнасці” ўкраінцаў, беларусаў i рускіх. Але гэтага чамусьці не здарылася. Поўны нонсэнс поглядаў Гудавічуса на этнічныя працэсы, у прыватнасці, заключаецца ў тым, што Літва пераўтварылася ў нацыю на тры (?!) стагоддзі раней за тую супольнасць, якая сфармавалася, напрыклад, вакол Полацка і пра якую крыніцы, вартыя даверу, згадваюць ужо ў IX ст. (у сувязі з барацьбой з кіеўскімі князямі)[48]. Пяць стагоддзяў (!) паміж пачаткам дзяржаватворчых працэсаў, з аднаго боку, на беларускіх землях, з другога, на літоўскіх, — не мала, каб нават тэарэтычна сцвярджаць розніцу ў этнічных працэсах (на карысць Беларусі). Відавочна, для Гудавічуса гісторыя Полацкай зямлі пачынаецца не раней за ўзнікненне літоўскай дзяржаўнасці. Пры гэтым не ўлічваецца той факт, што грамадская структура Полацкай зямлі, якую так і не змагла падавіць літоўская ўлада, рэгіянальная свядомасць насельніцтва гэтай зямлі (ад князёў да мяшчан і паўбаяраў-паўсялянаў), якая праяўлялася ў адэкватнай ацэнцы і паслядоўным адстойванні ўласных рэгіянальных інтарэсаў, сфармаваліся яшчэ тады, калі Літва была данніцай Полацкай зямлі. Амаль усё тое самае, што сказана пра Полацкую зямлю, адносіцца i да Віцебскай зямлі.

Згодна са сцвярджэннем Гудавічуса, „суб’ектам гісторыі Літва стала менавіта тады, калі сутыкнулася з лацінскай Еўропай. Геапалітычны арэал сярэднявечнай Еўропы склаўся на аснове індывідуальнай (алоднай і одальнай) гаспадаркі, атрымаўшы ідэалагічную апору ў каталіцызме і лацінскай культуры. Грамадскімі адносінамі, заснаванымі на індывідуалізме, Еўропа вылучалася з усіх геапалітычных арэалаў свету” (37). Тут вось што цікава. Сутыкнуўшыся з лацінскай Еўропай, Літва ўспрыняла і развіла амаль увесь палітычны, эканамічны і сацыяльны паняційна-тэрміналагічны арсенал усходніх славян. Амаль усе асноўныя паняцщ i тэрміны ўладных і адміністрацыйных узроўняў грамадства, самых разнастайных сфераў грамадскага жыцця мелі ўсходнеславянскае паходжанне: „князь”, „господарь”, „боярин”, „человек”, „земля”, „имение”, „наместник”, „тиун”, „дань” і інш. Паводле звестак пра сярэднюю адміністрацыйную адзінку Жамойці можна рэтраспектыўна пісаць гісторыю адміністрацыйнага ўладкавання раннесярэднявечных беларускіх і ўкраінскіх княстваў. У фіскальнай сістэме ВКЛ рэдкі тэрмін мае літоўскае паходжанне: скрозь і побач гэта ўсходнеславянскія словы. Польская тэрміналогія стала пранікаць пазней, але яна гарманічна спалучалася з усходнеславянскай лексікай той мовы, якую, нягледзячы на пярэчанні літоўскіх калег, я тым не менш лічу абгрунтаваным называць афіцыйнай мовай ВКЛ. Зрэшты, Гудавічус, у адрозненне ад многіх сваіх калег-суайчыннікаў, не адмаўляе яе народнай асновы, г. зн. ён не атаесамляе яе характар з характарам царкоўна-славянскай мовы, хоць і схільны лічыць яе інтэрдыялектам (448). Запярэчым: інтэрдыялект развіваецца стыхійна, што суадносіцца з яго вуснай формай, інтэрдыялект — гэта ўласцівасць у першую чаргу такіх дзелавых асяродкаў, як горад. Галоўнай крыніцай для вызначэння характару мовы, якую Гудавічус называе інтэрдыялектам, служыць якраз пісьмовая прадукцыя канцылярыі ВКЛ. Поўная супярэчнасць у трактоўцы гэтай мовы заключаецца ў тым, што сутнасць узнікнення і функцыянавання канцылярыі — гэта неабходнасць дакументальнага (пісьмовага) забеспячэння дзейнасці органаў улад і кіравання (а не вуснае апавяшчэнне іх рашэнняў), і што менавіта пісьмовая форма засцерагае мову ад стыхійнага развіцця.

Адносіны ўлады і мовы карэктуюць погляды на развіццё велікакняжацкай улады. Да таго як ВКЛ стала грамадствам пісьмовай культуры (працэс „пісьменізацыі” пачаўся ў XIV ст.), у моўным лексіконе літоўскай улады былі адзінкі слоў літоўскага паходжання, якія абазначалі фіскальныя паняцці. Яны з’явіліся яшчэ тады, калі палітычныя памкненні Літвы не выходзілі за этнічныя межы. Гэта значыць, што „апетыт” першых прадстаўнікоў літоўскай улады быў даволі сціплым. У гэтым сэнсе Літва не адрознівалася ад іншых „гарачых” народаў на пачатковай стадыі развіцця. Ёй не трэба было нанава ўладкоўваць і арганізоўваць грамадства Беларусі і Ўкраіны, уводзіць у гэтых землях новыя плацяжы і павіннасці і тым больш усталёўваць там новую сістэму кіравання і суда. Тое, што літоўцы сустрэлі ў беларускіх і ўкраінскіх землях, іх цалкам задавальняла і нават завышала іх першапачатковыя запыты. Па гэтай прычыне рэгіянальныя парадкі гэтых зямель на розных сацыяльных узроўнях (апрача верхняга) засталіся некранутымі. Літоўскія князі знайшлі на беларускіх і ўкраінскіх землях самую плённую глебу для сваёй дзейнасці. Больш за тое, менавіта адміністрацыйная і фіскальная структура беларускіх i ўкраінскіх княстваў паслужыла ўзорам для Літвы і Жамойці. У гэтым сэнсе Беларусь і Ўкраіна далёка пераўзышлі Літву. Аднак далёка не з усім гэтым згодны аўтар „Гісторыі Літвы”.

Як вынікае з працы Гудавічуса, фармаванне „малога одаля” на тэрыторыі Літвы папярэднічала ўзнікненню літоўскай дзяржавы (89). Імкнучыся пры ўсялякай магчымасці падкрэсліць істотнае адрозненне паміж індывідуальнай гаспадаркай Літвы і „абшчынна-дэспатычнымі структурамі” Русі, аўтар „Гісторыі Літвы” ні словам не абмовіўся пра нейкія фактары, якія маглі б не даць магчымасці развівацца ці хоць бы затармазіць фармаванне аналагічнага „одаля” на тэрыторыі Русі. І што мы маем? Суседняя Русь, якая ўжо ў канцы XII ст. (калі, паводле Гудавічуса, склаўся літоўскі „вялікі одаль”), як мінімум чатыры стагоддзі жыла дзяржаўным жыццём, не гаворачы пра тое, што тэарэтычна самі дзяржаўныя формы цягам гэтага часу павінны былі так ці інакш уздзейнічаць на структуру і арганізацыю грамадства, жыла кроўнай (ці, як выказваецца Гудавічус, „кроўна-вытворчай”) абшчынай, а ў Літве (заціснутай Руссю ў лясны клін Балтыкі), якая яшчэ нават не мела дзяржаўнай арганізацыі, дзякуючы кантактам з вікінгамі ўжо ў першай палове XIII ст. паўсюдна існавалі індывідуальныя гаспадаркі (33).Але якія б кантакты не існавалі паміж балцкімі плямёнаміi вікінгамі, ступень і маштабы ўздзеяння апошніх на Літвуне могуць параўнацца з такім несумненным і відавочнымкаталізатарам дзяржаватворчых працэсаў на землях усходніх славян, як славуты „варажскі элемент”. Пастулюючы ўрозных формах, што „літоўскае поле” пайшло чамусьці абавязкова „па германскім, а не па ўсходнеславянскім шляхуабшчыннага развіцця” (34), аўтар тым не менш не забываецца, што „зямля не магла адчужацца ад роду” (86). Сцвярджаючы, што „ўсё-такі гэта не перашкаджала складваннюіндывідуальных формаў распараджэння ўласнасцю” (86),аўтар „Гісторыі Літвы” не абцяжарвае сябе тлумачэннем,як пры гэтым адбывалася іх складванне. Падкрэсліваючы„недаразвітасць” беларускіх і ўкраінскіх зямель параўнальна з Літвой, Гудавічус перакананы, што калі ў Літве ў XIII-XIV ст. развіваўся феадалізм, то ў „рускіх землях” ВКЛ падобнага пакуль не было (97). Супярэчнасць пабудоў аўтаразаключаецца ў тым, што канцэпцыя пра „дзяржаўную” формуфеадалізму, якую выкарыстоўвае Гудавічус, распрацаванана матэрыяле Русі, складовай часткай якой і з’яўляліся беларускія і ўкраінскія землі. Праблему развіцця феадалізму,а значыць, узроўню развіцця краіны, аўтар „Гісторыі Літвы”звязвае з працэсам запрыгоньвання сялян. Слабасць „прыгонных адносінаў” „рускіх зямель”, на думку аўтара, заключаецца ў тым, што „рускія сялянскія двары не былі вылучаны з сельскага абшчыннага землеўладання (землі толькіпераразмяркоўваліся). Славянскія сялянскія сем’і даўжэйзахоўвалі рысы вялікага сямейства. Таму ў некаторых рускіх землях (напр., у валасцях Падняпроўя) захаваўся калектыўны характар павіннасцяў” (354). Аднак калектыўныхарактар павіннасцяў не адмаўляе Гудавічус і ў адносінахда Літвы, калі піша, што „паншчына перашкаджала сялянскім сем’ям вылучацца ў асобную гаспадарку. У сферы павіннасцяў гэта выяўлялася ва ўзнікненні службаў: у дворяк адзінку падатнага абкладання сталі ўключаць некалькідымоў (у сярэднім 2 ці 3)” (351). Тут Гудавічус блытае вялікую сям’ю з сельскай абшчынай, а тое і другое — з валасной абшчынай. Апошняя сапраўды існавала ў беларускім Падняпроўі і ўяўляла сабой адміністрацыйнафіскальную сістэму, якая была створана ў X-XIII ст. Што да існавання практыкі „пераразмеркавання зямлі” ў сельскай абшчыне, то гэта вынік памылковай інтэпрэтацыі Гудавічусам літаратурных крыніц. Не землі пераразмяркоўваліся, а раскладваліся падаткі і павіннасці, прычым рабілася гэта з асобных гаспадарак.

У падыходзе Гудавічуса вельмі многае раскрывае сцвярджэнне пра захаванне сярод усходніх славян на тэрыторыі ВКЛ „абшчынна-дэспатычных структур” (97), якія нібыта на славянскіх землях ВКЛ былі пашыраны паўсюдна. Гэты погляд зыходзіць ад выказвання Ф. Энгельса ў рукаnice „Франкскі перыяд” (названы рукапіс не быў закончаны i пры жыцці аўтара не публікаваўся). Згодна з гэтым выказваннем, у азіяцкіх народаў і „русских” не ўзнікла прыватная ўласнасць на зямлю, таму што „дзяржаўная ўлада праяўлялася ў форме дэспатызму”. У процілегласць ім на заваяванай германцамі тэрыторыі ворыўныя надзелы і лугі ператварыліся ў прыватную ўласнасць — у алод, што і прывяло да развіцця феадалізму. На думку Энгельса, феадалізм узнік менавіта на падставе алода[49]. Становіцца зразумелым, пра які „германскі шлях абшчыннага развіцця” (34) піша Гудавічус. Відавочна, на падставе прыведзенага выказвання Гудавічус заключыў, што пры феадалізме рэнта абавязкова павінна спаганяцца не з абшчыны, а з асобнай гаспадаркі (97). Думка арыгінальная, але беспадстаўная. Відавочна, кіруючыся выказваннем Энгельса, аўтар „Гісторыі Літвы” зрабіў выснову, што „князь і яго адміністрацыя сталі патрабаваць выканання павіннасцяў кожнай асобнай гаспадаркай, а не абшчынай” (86), як быццам бы князю і яго адміністрацыі гэта было прынцыпова важна. Такім чынам, выказванні „класікаў” успрымаюцца яшчэ і цяпер як догма. Іх погляды для Гудавічуса маюць куды большае значэнне, чым вялізны аналітычны і фактычны матэрыял прафесійных гісторыкаў. Аўтар „Гісторыі Літвы” завяз у догмах і штучных схемах.

У дадзеным выпадку ўдумлівасць, логіка і факты прыносяцца ў ахвяру ідэі, якой прасякнута ўся кніга: утварыўшы ў сваіх нетрах одаль (у разуменні позняга алода) не столькі як сродак існавання, колькі як нейкі сімвал і ідэалагічную апору, Літва сутыкнулася з лацінскай Еўропай для выканання галоўнай гістарычнай місіі — уваходжання ў Еўропу. Ці то сутыкненне з лацінскай Еўропай было настолькі моцным, ці то ўнутраны патэнцыял Літвы з’яўляўся такім вялікім, што ў імгненне вока яна стварыла і нацыянальную дзяржаву, сілы ў якую ўдыхнула нацыянальна-дзяржаўная ідэалогія. Імкнучыся ўвайсці ў Еўропу, Літва, яшчэ будучы племянным утварэннем, абагнала ў сацыяльна-эканамічным развіцці дзяржаўныя ўтварэнні ўсходніх славян (узнік „алод”-„одаль”). „Інтэграцыя ў Еўропу” (59), „«заходні» прарыў” (113), „шлях у Еўропу і да дасягнення прагрэсу” (168), вобразы „праваднікоў, пракладацеляў дарогі ў Еўропу” (122), „прагрэс у еўрапейскім сэнсе” (147), „пераступанне парога Еўропы” (279) і г. д. ствараюць адчуванне нейкай навязлівай ідэі. Менш за ўсё трэба меркаваць, што літоўцы таго часу ўспрымалі гэтую „інтэграцыю”, „прарыў”, „шляхі”, „прагрэс” і г. д. так, як гэта робіць Гудавічус. Ён не вывучае, а мадэлюе гісторыю ў адпаведнасці са старымі гістарыяграфічнымі і сучаснымі грамадскімі стэрэатыпамі ды ідэямі. Імкненне як бы там ні было „інтэграваць” Літву ў Еўропу прывяло Гудавічуса да своеасаблівых вынікаў. Паняцці і тэрміны „барщина”, „оброк”, „барщинный откуп”, „отработки”, „крепостные”[50] і іншыя не праясняюць сутнасці рэчаў, а разам з „заходнімі” тэрмінамі „ангарии”, „сервильные повинности (сервилии)” і г. д. не збліжаюць Літву з Заходняй Еўропай, хоць і ўтвараюць дзіўны каларыт.

Большая частка аб’ёму кнігі прысвечана дэталёваму апісанню палітычных перыпеітый і ваенных кампаній. Здаецца, усё тут растлумачана і ўсё зразумела. Але гэтыя тлумачэнні вельмі падобныя да тых, якія дае сучасны журналіст цяперашнім палітычным і ваенным падзеям. Няўжо свядомасць i матывацыі сярэднявечнага чалавека былі дакладна такімі ж, як цяпер? Сумняваюся. Таму, напрыклад, трактоўка умоў і наступстваў Крэўскай уніі выглядала б больш пераканаўча, калі б Гудавічус быў больш уважлівы да поглядаў на гэтыя праблемы Ю. Бардаха, а не ствараў з польскага караля і вялікага князя літоўскага Ягайлы нейкага дзіўнага „васала самога сябе”(166). Гаворачы пра сойм ВКЛ, Гудавічус ніяк не можа пазбавіцца сучасных уяўленняў пра выбарчую сістэму. Аказваецца, удзельнікі сойма ВКЛ першай паловы XVI ст. „абіраюцца” (420), што „з самых першых гадоў панавання Жыгімонта ІІ рэалізоўваўся прынцып прадстаўніцтва ўсіх зямель дзяржавы, а прыбылыя дваране <…. > лічыліся дэлегатамі ад усяго дваранскага стану” (420), „соймы прадстаўлялі ўсё дваранства Літоўскай дзяржавы” (422) і г. д. Паводле сцвярджэння аўтара „Гісторыі Літвы”, Альгерд не змог ацаніць (ці ацаніў недастаткова) тую „гістарычную неабходнасць”, што „Літву мог выратаваць толькі прагрэс, а менавіта прагрэс у еўрапейскім сэнсе” (147), і што ён належным чынам не „ацаніў небяспечнасць адрыву Літвы ад працэсаў развіцця ўсёй Еўропы” (136). Дазволім сабе апраўдаць звычайнага манарха XIV ст.: ён пры ўсім сваім жаданні не мог зразумець таго, чаго патрабуюць ад яго некаторыя гісторыкі XX-XXI ст. Дзіўна чуць падобныя ацэнкі ў адрас людзей мінулага, абвінавачванні іх у непрыхільнасці да сучасных індывідуальных і масавых стэрэатыпаў, патрабаванне ад іх цяперашняй свядомасці і мыслення, ведання таго, што такое „гістарычная неабходнасць”, „прагрэс”, „працэсы развіцця ўсёй Еўропы”, разумення сваіх памылак з пункту гледжання сённяшняга дня і „гістарычнай неабходнасці”. Такі падыход да болю знаёмы, але з ім хочацца развітацца. Названыя людзі — гэта людзі свайго часу і свайго грамадства, і іх трэба разумець. Вось гэтае разуменне якраз і адсутнічае ў працы Гудавічуса.

Гісторыя Літвы ўкладзена Гудавічусам у пракрустава ложа гістарыяграфічных і метадалагічных рэліктаў і грамадскіх ідэалагем, наіўнага ўяўлення, што 700-500 гадоў таму ўсё было так, як і цяпер, апрача канкрэтных асобаў i падзеяў, і што толькі гэтыя асобы і падзеі — і ёсць гісторыя. Кніга Гудавічуса — гэта праца па гісторыі не старой Літвы, а Літвы апошніх двух дзесяцігоддзяў яе існавання, прызначаная для „хатняга чытання”. Магчыма, гэта значны ўклад у гісторыю развіцця і фармавання сучаснай грамадскай свядомасці літоўцаў. Аднак у ёй адсутнічае гісторыя свядомасці літоўцаў. Шкада, што я не знайшоў у ёй таго, што шукаў і што павінен быў знайсці — гісторыі Сярэднявечча. У сваіх развагахінтэрпрэтацыях я свядома рабіў мала спасылак на крыніцы (не маю на ўвазе спасылкі на аналітычныя працы), бо ўсе яны грунтуюцца на звестках з добра вядомых крыніц (у выданні якіх, дарэчы, актыўна ўдзельнічае і Гудавічус — Метрыка ВКЛ) і добра вядомых даследаваннях, у тым ліку тых, якія даюць параўнальны матэрыял. Калі такія крыніцы і даследаванні ёсць, значыць, можна спадзявацца, што і гісторыя сярэднявечнай Літвы яшчэ будзе напісана.


1 Неусыхин А. И. Возникновение зависимого крестьянства каккласса раннефеодального общества в Западной Европе VI—VIII вв. Москва, 1956. С. 10-14 і інш.
2 У свой час зрабіў гэта У.Ц. Пашута: „…парцэлярная гаспадарка — крыніца прыватнага прысваення, якое стварае аснову длязасяроджання рухомай маёмасці — прыладаў працы, жывёлы,грошай, часам нават несвабодных людзей у руках свабоднага земляроба. Паступова, па патрабаванні ўсё большай колькасці земляробаў, абшчыннае ўладанне ворыўнай зямлёй змянялася асобнай долевай уласнасцю (наследнымі жэрабямі), якая, аднойчы атрыманая па жэрабю, паступова трапляла спачатку ў спадчыннае валоданне, а потым — у прыватную ўласнасць асобных сямей < … > Але пры гэтым пазбаўленыя падтрымкі абшчыны, яны ў выніку няроўнасці сем’яў, якасці зямлі і працы, стыхійных бедстваў, неўраджаю і іншых прычын лёгка падвяргаліся небяспецы страціць сваё першапачатковае паўнапраўнае маёмаснае і грамадскае становішча. У такім выпадку яны павінны былі шукаць дапамогі ў іншых больш удалых суседзяў. Ва ўмовах, калі зямля і іншая маёмасць свабодна < … > адчужаецца <…>, гэта непазбежна вядзе да абагачэння адных і абяднення іншых <…> Як толькі адзін свабодны земляроб эканамічна ўзмацняўся настолькі, што прысвойваў сабе не толькі прылады працы, жывёлу, але і ўчастак зямлі некалькіх суседзяў і пачынаў браць за кошт іх працы прыбытковы прадукт, — адбывалася трансфармацыя гэтага ў мінулым працоўнага земляроба ў нобіля — будучага феадала, а працуючых на яго суседзяў — у залежных людзей, будучых несвабодных сялян”. (Пашуто В. Т. Образование Литовского государства. Москва, 1959. С. 289-290)
3 Гуревич А. Я. Проблемы генезиса феодализма в Западной Европе. Москва, 1970 (далей — Гуревич. Проблемы генезиса феодализма в Западной Европе). С. 35 і інш.
4 Гуревич А. Я. Англосаксонский фолькленд и древненорвежский одаль (опыт сравнительной характеристики дофеодальных формземлевладения)//Средние века. 1967. № 30. С. 61; Ён жа. Проблемы генезиса феодализма в Западной Европе. С. 26— 44,145-150.
5 Што літаральна перакладаецца як „народная зямля”, г. зн.зямля, якой валодалі паводле старажытнага народнагаправа.
6 Права одаля было абумоўлена непарушнай сувяззю паміж зямлёй і сям’ёй, якая ёй валодала. Нават калі члены гэтай сям’і(одальманы) былі вымушаны развітацца са сваім уладаннем,яны на працягу працяглага часу не гублялі права одаля і мелімагчымасць вярнуць сябе зямлю, выплаціўшы выкуп. Продажодаля (у той час, калі ён зрабіўся магчымым) быў абмежаваны:суродзічы ўладальніка, які прадаваў сваю зямлю, мелі пераважнае права на яе куплю. Прынцып цеснай сувязі сям’і з зямельным уладаннем знайшоў сваё выражэнне ў правіле, паводле якога зямля рабілася одалем толькі пасля таго, якзнаходзілася ва ўладанні па меншай меры трох пакаленняўсваякоў мужчынскага полу і па мужчынскай лініі і перайшлада чацвёртага, г. зн. стала ўласнасцю ўсіх магчымых членаўвялікай сям’і. У выніку пераходу ад вялікай да індывідуальнай сям’і ў VIII—IX ст. маглі адбывацца часовыя падзелы зямлі для адасобленай яе апрацоўкі; і хаця одаль пераставаў быцьагульным уладаннем вялікай сям’і, гэта не вяло да зацвярджэння прыватнай уласнасці за індывідуальнымі ўчасткамізямлі, г. зн. „абарачэнне гэтай зямлі не выходзіла за межы коласваякоў, якія раней складалі вялікасямейную абшчыну”. Адзначаныя рысы одаль захоўваў на працягу ўсяго Сярэднявечча; у неабмежаваную прыватную ўласнасць ён пераўтварыўся толькі ў XVIII—XIX ст. У англасаксаў гаспадарчай адзінкай ужо ў VII ст. была індывідуальная сям’я. Але гэтая сям’я не валодала правам уласнасці на зямлю; апошняя належала групе суродзічаў, якія раней складалі сямейную абшчыну. Гэтае права, у прыватнасці, ажыццяўлялася пры адсутнасці ў памерлага гаспадара — главы „малой” сям’і сыноў; у гэтым выпадку зямля пераходзіла да бацькоўскай радні памерлага, якая да таго ж выступала ў якасці апекуна сыноў памерлага да дасягнення імі паўналецця. І толькі ў канцы англасаксонскага перыяду фольклэнд набывае рысы феадальнага землеўладання і захоўваецца як абломак даўняй сістэмы (Гуревич. Англосаксонский фолькленд и древненорвежский одаль. С. 65—82; больш падрабязна гл.: ён жа. Норвежское общество в раннее средневековье: Проблемы социального строя и культуры. Москва, 1967. С. 55-84 і інш.).
7 Пры гэтым заўважым, што гэты прывілей не ведае іншых відаўземлеўладання, акрамя вотчыны (quae ex successione paternapossidet).
8 Пры адзначэнні гэтага правіла часта даецца спасылка на „правы земскія” (Lіetuvos Metrіka. Knyga Nr. 4 (1479 1491). Užrašуmų knyga 4/Par. L. Anužytė. Vіlnіus, 2004. № 86. Р. 119 [1484]; Lіetuvos Metrіka. Knyga Nr. 8 (1499 1514). Užrašуmų knyga 8/Par.A Balіulіs, R Fіrkovіčіus, D Antanavіčіus. Vіlnіus, 1995 (далей —LM-8). № 390. Р. 294 (1506); № 392. Р. 295 (1507); Lіetuvos Metrіka. Knyga Nr. 12 (1522 1529). Užrašуmų knyga 12 / Par.D Antanavіčіus, A Balіulіs. Vіlnіus, 2001 (далей — LM-12). № 501. Р. 397 (1525); № 712. Р. 548 (1529); Lіetuvos Metrіka (15221530). 4-ojі Teіsmų bylų knyga (XVІ a. pabaіgos kopіja)/Spaudaіpar. S. Lazutka, І. Valіkonytė іr kt. Vіlnіus, 1997 (LM — 224). №9. Р. 47 (1522), № 352. Р. 294 (1529), № 379. Р. 315 (1529) ііттттт).
9 Lіetuvos Metrіka. Knyga Nr. 3 (1440 1498). Užrašуmų knyga 3/P-ar. L. Anužytė, A Balіulіs. Vіlnіus, 1998. № 36. Р. 84 [1498]; LM-8. № 240. Р. 213 (1507); LM-12. № 400. Р. 333 (1524), № 677. Р.520 (1528) і інш.; Любавский М.К. Областное деление и местное управление Литовскорусского государства ко времени издания первого Литовского статута. Москва, 1892. С. 565-567;Лазутка С., Валиконите И., Карпавичене И. Введение//Lіetuvos Metrіka (1528-1547). 6-ojі Teіsmų bylų knyga (XVІ a. pabaіgos kopіja)/Spaudaі par. S. Lazutka, І. Valіkonytė іr kt. Vіlnіus,1997 (далей — LM-225). Р. LXIV-LXVІ; LM-225. № 62. Р. 63-64[1528]; № 68. Р. 65-66 [1529].
10 Довнар-Запольский М. В. Государственное хозяйство Великого княжества Литовского при Ягеллонах. Киев, 1901. Т. 1 (далей — Довнар-Запольский. Государственное хозяйство). С.610.
11 LM-12. № 49. Р. 148 (1522) і інш.
12 „…однакъ, хотя бы и записъ дал, а нам бы тог(о) не объявил,тогды бы тот запис его не мял держанъ быт(ь), бо то ест выслуга его, а не отчызна…”. LM-224. № 298. Р. 251 (1528).
13 Довнар-Запольский. Государственное хозяйство. С. 610.
14 Тамсама. С. 604-609; „Канстытуцыя вялікага князя Аляксандра сведчыць пра паварот, які адбыўся ў вялікакняскай палітыцы ў адносінах да выслужаных зямель: відавочна, ужо з часоў Казіміра перасталі зліваць вотчыны з выслугамі, і з канцаXV ст. да выдання другога Статута існавала не малое адрозненне паміж дзвюма формамі землеўладання…” (Тамсама.С. 609).
15 Вотчына як сродак існавання стваралася сіламі ўсяго роду.
16 Віленскі залатар Волфканк прэтэндаваў на маёмасць (рухомуюi нерухомую) свайго роднага брата Віцэнта, на што атрымаў адяго адказ: „…то не ест отчызнамоя с тобою, але то естъ всемое власное, штом я выпрацовал роботою и куплею своею, тык тому ничог(о) немаеш”(вылучана намі. — А.Г.). Вялікі князьi паны-рада прынялі бок Віцэнта: „…иж не одно у Моитбарскомъ праве, але и в рыцэрскомъ, кром отчызны, волен кождый выслугу и роботу-набыт(ь)е купецтвом албо которым-кольвек набыт(ь)емъ — записать, кому будет(ь) его воля”(вылучана намі. — А. Г.) (LM-224. № 4. P. 43-44 (1522)).
17 Довнар-Запольский. Государственное хозяйство. С. 613.
18 Што гэтыя формулы не мелі фармальнага характару, сведчацьнекаторыя асобныя заўвагі актавых крыніц: „…и привильемъсвоимъ его м(и)л(о)сть то былъ потверъдилъ ему и его жоне, иих детемъ, кроме братьи его и ближънихъ их…” (вылучананамі. —А.Г.) (LM-8. № 497. Р. 359 (1510)). „Моц” такіх прывілеяў давала магчымасць „верную выслугу” „от всих ближнихсвоих” „отдалити и записати кому хотя” (LM-12. № 656. Р. 501—502 (1527)). І наадварот: „И мы, въглянувъшы в тотъ прывилеин(а)шъ, кгды жъ тыи именья выписаны имъ самимъ и ближнимъ ихъ, а тотъ дядко ихъ вмеръ безчаден, з ласки н(а)шое,на ихъ чоломъбитье, то вчынили: тую часть именеи, которую дядко их небощыкъ Грыцко Ивановичъ держалъ, имъ есьмодали…” (вылучана намі. — А.Г.) (LM-12. № 206. Р. 234(1523)).
19 Довнар-Запольский. Государственное хозяйство. С. 610.
20 Уласнасць на зямлю магла праяўляцца ў форме ўласнасці паноўнага класа ў асобе князя, вярхоўнай уласнасці князя, вярхоўнай уласнасці дзяржавы, дзяржаўнай карпарацыйнай уласнасці, карпаратыўнай уласнасці ваенна-дружыннай знаці(Горский А. А. Феодализация на Руси: основное содержание процесса // Вопросы Истории. 1986. № 8 (далей — Горский.Феодализация на Руси: основное содержание процесса).С. 77).
21 Дзе даследчыкі часцей за ўсё шукаюць і знаходзяць прыкметы „феадальнай (сеньярыяльнай) рэвалюцыі”.
22 Дубровский И. В. Как я понимаю феодализм // Одиссей. Человек в истории. Феодализм перед судом историков. Москва, 2006.С. 54-59.
23 Існаваў яшчэ адзін аналаг літоўскім выслугам: дараванні англасаксонскіх каралёў — „боклэнд”, які з’яўляўся адной з галоўных крыніц і асноўнай формай буйнога землеўладання ў англасаксонскай Англіі (Петрушевский Д. М. Очерки из истории средневекового общества и государства. С.-Петербург, 2003.С. 282; Гуревич. Проблемы генезиса феодализма в Западной Европе. С. 45). Цікава адзначыць, што сваё найменне „боклэнд”атрымаў ад слова „бок” (boc) — грамата, г. зн. „боклэнд” — гэта літаральна „зямля, якая перададзена паводле граматы”. У гэтай сувязі адзначым, што адным з фактараў стварэння стацыянарнай канцылярыі ВКЛ у 40-я г. XV ст. было якраз зараджэнне практыкі масавых раздач зямельных выслуг, якіясуправаджаліся выдачай спецыяльных дакументаў.
24 Больш падрабязна гл.: Горский. Феодализация на Руси: основное содержание процесса. С. 74—88.
25 Тамсама. С. 75.
26 „У канкрэтна-гістарычным плане з’яўленне дадзенай канцэпцыі было выклікана тым, што ў рэгіёнах, дзе феадалізм узнікаў непасрэдна з родаплемяннога ладу, без прамога ўздзеяння антычных грамадскіх адносін, якія раскладаліся, самыя раннія звесткі крыніц пра існаванне феадальных вотчын, як аказвалася, адносіліся да больш позняга часу (вылучана намі.—А. Г.),чым найбольш раннія звесткі пра існаванне дзяржавы і выкананне дзяржаўных павіннасцяў. Адным з такіх рэгіёнаў з’яўлялася Русь. Менавіта ў адносінах да яе гісторыі было ўпершыню выказана меркаванне (вылучана намі. — А. Г.) прапершапачатковае панаванне дзяржаўных форм эксплуатацыі”(Тамсама. С. 75-76.). Нават з дадзенага выказвання вынікае,што феадалізм на Русі трэба было знайсці як бы там ні было.
27 Тамсама. С. 77.
28 Пры гэтым сельскагаспадарчая і рамесніцкая прадукцыя з’яўляецца толькі прыватным вынікам гэтых функцый.
29 Гуревич А. Я. Свободное крестьянство феодальной Норвегии.Москва, 1967 (далей—Гуревич. Свободное крестьянство). С. 113; Ён жа. Проблемы генезиса феодализма в Западной Европе. С.44 і інш.; ён жа. Древние германцы // Гуревич А. С. Избранныетруды. В 4 т. Древние германцы. Викинги. Москва; С.-Петербург, 1999. Т. 1 (далей — Гуревич. Древние германцы). С. 38-40.
30 Горский. Феодализация на Руси: основное содержание процесса. С. 77.
31 Гуревич. Свободное крестьянство. С. 156.
32 Можна меркаваць, што працэсу развіцця буйнога землеўладання на тэрыторыі ВКЛ у значнай ступенні спрыяла фармаванне цяжкой кавалерыі. Даследчыкі дапускаюць бытаванне ў ВКЛ у першых дзесяцігоддзях XV ст. цяжкой і лёгкай кавалерыі (Бохан Ю.М. Узбраенне войска ВКЛ другой паловы XIV — канца XVI ст. Мінск, 2002. С. 235). Такім чынам, час з’яўлення першых дараванняў вялікага князя на землі і сялян супадае з часам узмацнення ў ВКЛ цяжкой кавалерыі: неўзабаве пасля Крэўскай уніі 1385 г. — першыя дзесяцігоддзі XV ст. Такім чынам, у развіцці буйнога землеўладання, складванні новага тыпу арыстакратыі ў ВКЛ і краінах Заходняй Еўропы ёсць шэраг агульных рысаў. На думку многіх даследчыкаў, менавіта ўзмацненне адзначанага віду кавалерыі ў Заходняй Еўропе прывяло да змен у грамадстве і спрыяла з’яўленню арыстакратыі. Апошняя складалася з ваяроў-прафесіяналаў, забеспячэнне якіх павінны былі браць на сябе няздольныя да ваеннай кар’еры члены грамадства (Лучицкая С. И. Рыцарство — уникальный феномен западноевропейского средневековья // Одиссей. Человек в истории. Рыцарство: реальность и воображаемое. 2004. С. 8-9).
33 Русская историческая библиотека, издаваемая Императорскою Археографическою комиссиею. Т. 30: Литовская Метрика. Отделы 1—2. Ч. 3: Книги Публичных дел./Под ред. И. И. Лаппо. Юрьев, 1914. Т. 1 (далей — РИБ). Стб. 329 і інш.
34 Тамсама. Стб. 104-105.
35 Тамсама. Стб. 105.
36 Довнар-Запольский. Государственное хозяйство. С. 622—626.
37 Тамсама. С. 619-622.
38 „Наогул толькі вотчыннае права ці спецыяльныя прывілеі маглі вызваліць уладальніка ад выканання павіннасцяў”, — заключае М.В. Доўнар-Запольскі (Тамсама. С. 621).
39 Працэс абкладання пачаўся ўжо ў XIII ст. Але ў гэты час і значна пазней ён грунтаваўся ў вялікай ступені на падарунках і племянных грамадскіх абавязках, у тым ліку экстраардынарнага характару, быў нерэгулярным, што не лічылася парушэннем грамадскіх нормаў. І гэта пры тым, што нейкае раўнамернае абкладанне было нехарактэрным для Літвы, таксама як і для іншых раннесярэднявечных грамадстваў. Першыя літоўскія князі — гэта яшчэ не „господари”: адсутнічала крайняя форма выяўлення гэтай улады — дараванні князямі сялян і іх зямель. Значыць, працэс фармавання велікакняжацкай улады, улады „господаря”, куды больш складаны, чым гэта ўяўляецца Гудавічусу: „Кантрыбуцыі, спаганяныя з далучаных зямель, сталі данінай, а дарункі „сваіх” землеўладальнікаў правадырам і военачальнікам зрабіліся абавязковымі <…>. Князі са сваімі дружынамі аб’язджалі абшчыны, спаганяючы з іх даніну. Узніклі княжацкія павіннасці — права палюддзя <…> іскладчына <…>. Землі, якія складаліся з асобных палёў, сталі княжацкімі” (35). Якой бы моцнай ні была ўлада літоўскіх князёў, яна не магла ў адно імгенне разбурыць тыя парадкі, якія фармаваліся і існавалі стагоддзі. Гэтую ўладу нельга разглядаць як нейкую знешнюю самадастатковую сілу. Развіццё княжацкай улады знаходзілася ў непарыўнай сувязі з развіццём грамадства: паступовае, хаця і паслядоўнае, фармаванне названай улады рыхтавалася ўмовамі, якія выспявалі глыбока ў нетрах самога грамадства.
40 Адна з першых згадак адносіцца да 1568 г. (РИБ. Стб. 463).
41 Насуперак самому сабе Гудавічус сцвярджае, што ў1380-я г. „большасць жыхароў краю ўсведамлялі сябе напалову этнічна, напалову — як падданых” (с. 167).
42 Гуревич. Свободное крестьянство. С. 113; гл. таксама: Гуревич А. Я. Категории средневековой культуры. Москва, 1972. С. 42— 44; ён жа. Древние германцы. С. 38-39.
43 РИБ. Стб. 107.
44 Ochmański J. Litewska granica etniczna na wschodzie od epochi plemiennej do wieku XVI. Poznań, 1981. S. 62.
45 А. М. Гаштаўт — Ю. М. Радзівілу: „…. люди руского прироженя:ради то поведают, чого не видевши ани слышавши” (Archiwum Glówne Akt Dawnych. Archiwum Radziwiłłów. Dz. XI. Sygn. 17.S. [33]).
46 Российский государственный архив древних актов. Ф. 389 (Литовская метрика). Оп. 1. Ед. хр. 13. Л. 97—101 об.
47 Груша А. І. Канцылярыя Вялікага Княства Літоўскага 40-х гадоў XV — першай паловы XVI ст. Мінск, 2006. С. 61.
48 Гаворка ідзе пра летапісную згадку ў Ніканаўскім летапісе пад 865 г., згодна з якой „воеваша Аскольдъ и Диръ полочанъ и много зла сотвориша” (пра гэтую летапісную згадку: Рыбаков Б. А. Древняя Русь: Сказания. Былины. Летописи. Москва, 1963. С. 165; Алексеев Л. В. Полоцкая земля (Очерки истории северной Белоруссии в IX-XIII вв.). Москва, 1966. С. 237-238).
49 Гуревич. Проблемы генезиса феодализма в Западной Европе. С. 146 і інш.
50 У дадзеным выпадку мы нават не маем на ўвазе няўдалы пераклад „шляхты” ў „дваран” (у ВКЛ тэрмін „дваранін” выкарыстоўваўся для абазначэння пэўнай пасады).

Наверх

Сяргей Санько. Па слядах адной легенды

Снежня 19, 2007 |

Прохоров, Андрей. Князь Тур: история легенды. Сакрализация княжеской власти у славян. Минск: БГУ, 2005.

Кепска дзякуюць аўтару, калі застаюцца толькі чытачамі…

Паводле „Заратустры” Ф. Ніцшэ

Кніга Андрэя Прохарава унікальная ў сваім родзе, і не толькі таму, што адмыслова прысвечана прасвятленню, так бы мовіць, ідэалагічнага кантэксту адзінкавага летапіснага сведчання пра дзейнасць адной з найбольш цьмяных і загадкавых постацяў ранняй беларускай гісторыі, але і таму, што дзейнасць гэтая (рэальная і / ці моцна міфалагізаваная) упісваецца аўтарам у „шырокі індаеўрапейскі кантэкст”, які, у сваю чаргу, дазваляе аўтару ставіць і прапаноўваць арыгінальнае развязанне цэлага шэрагу праблем славянскага і ўласна беларускага этнагенезу.

Цярплівы чытач, безумоўна, будзе ўзнагароджаны, здзейсніўшы разам з аўтарам фантастычнае віртуальнае падарожжа па еўразійскім абсягу ад Брытаніі і Пірэнеяў ледзь не да паўвыспы Індастан і паўночнага Кітая, а таксама на добры дзесятак тысячаў гадоў па часе. Пры гэтым чытачу прапануецца багатая, дасціпна і густоўна адабраная, навукова вывераная і бібліяграфічна фундаваная гістарычная фактура. Аўтар больш паказвае, чым даказвае, нібы пакідаючы чытачу прастору і для ўласных высноваў. Ці не таму ўсяму даследаванню папярэднічае эпіграф з Тацыта: „І таму што нічога больш імавернага я не ведаю, няхай гэта застанецца нявырашаным і мною”. Галоўная інтэнцыя аўтара — прадэманстраваць, што „вобраз летапіснага князя Тура — легендарны або гістарычны — гэта не пачатак беларускай гісторыі, а вынік яе доўгага тысячагадовага папярэдняга гістарычнага развіцця, сімвал працяглага фарміравання яе традыцыйнай духоўнай культуры” (230).

Тым не менш, зразумела, што мы маем справу тут з пэўнай канцэптуальнай канструкцыяй, прызначэнне якой—папярэдняя селекцыя фактаў па прыкмеце рэлевантнасці — нерэлевантнасці і парадкаванне рэлевантных фактаў. Гэта адмысловым чынам настроеная „оптыка”, якая дазваляе бачыць толькі тое, што знаходзіцца ў яе фокусе. Маючы гэта на ўвазе, паспрабуем прасачыць за аўтарскай думкай, прапануючы пры патрэбе некалькі іншыя ракурсы на тыя ж самыя „ландшафты” і „краявіды”, спадзеючыся, што гэткая шматракурснасць ці шматаспектнасць паспрыяе больш „стэрэаскапічнаму” бачанню праблемы, а, можа быць, калісьці і яе хаця б частковаму развязанню.

Андрэй Прохараў пачынае даследаванне з дэзавуявання самой прадметнасці даўняй дыскусіі нарманістаў і антынарманістаў, прынамсі, што да пытання гістарычнасці князя Тура, яго этнічнай прыналежнасці і г. д. Гэтаму прысвечаны раздзел 1 „Князь Тур. История проблемы”. Кардынальныя пытанні дыскусіі: „ці бачыць за паведамленнем летапісу гістарычны факт або лічыць яго легендай, ці прызнаваць князя Тура варагам або славянінам з паходжання, щ бачыць у ягоным імені згадку аб паганскім божышчы” (15). Пытанні далёка не рытарычныя, бо вельмі часта ў неўсведамляным падмурку гістарычнага даследавання ляжаць забабоны, быццам кожны раз, калі гісторык мае справу з пісьмовай крыніцай, то ён і насамрэч мае справу са сведчаннем, хаця, як правіла, ён ужо мае справу з інтэрпрэтацыяй і нават з цэлай серыяй інтэрпрэтацый і рэінтэрпрэтацый, якія рабіліся цягам некалькіх стагоддзяў. І гэта — норма, прыкладам, для сярэднявечнага гістарычнага наратыву. Сітуацыя да пэўнай ступені можа быць выпраўлена пры наяўнасці незалежных адменаў пэўнага паведамлення. А калі такіх адменаў няма, як і няма ўжо шанцаў іх адшукаць? Сітуацыя з летапісным паведамленнем пра князя Тура менавіта гэткая. Ёсць толькі запіс „Аповесці мінулых гадоў” за 980 г.: „Бе бо Рогъволодъ пришелъ и-заморья, имяше власть свою в Полотьске, а Туры Турове, от него же и туровцы прозвашася”. І ўсё.

Даючы ў першым раздзеле экспазіцыю асноўных поглядаў як на гістарычнасць, так і на этнічнасць князя Тура, што былі прапанаваныя за апошнія прыкладна два стагоддзі, аўтар даследавання падводзіць чытача да высновы, што разамкнуць герменеўтычнае кола, застаючыся амаль вылучна ў асадах занадта лаканічнага летапіснага тэксту, немагчыма. Затое можна выняць паведамленне з дадзенага наратыву і ўлучыць яго ў нейкі большы па інфармацыйнасці (калі не амаль неабмежаваны) метанаратыў.

„Наратыў Тура” адасабляецца аўтарам ад „наратыву Рагвалода”. Гэтым самым „тураўскі тэкст” стэрылізуецца як ад нарманскага кантэксту, так адначасна і ад „полацкага тэксту” і, адпаведна, ад агульнабеларускага кантэксту. Апошні, хіба як сцень, толькі пазначыцца аўтарам у заключным 14-м раздзеле „Туровские предания” ў звязку з паданнем пра заснаванне Вільні Гедымінам, а анамастычныя кантраверзы не закранаюцца праз „недахоп месца” (224). У выніку застаецца чыста абстрактны славянскі тэкст: „Туры [имяше власть свою в] Турове, от него же и туровцы прозвашася”, які і павінен быць далей інтэрпрэтаваны ў асадах вялікага метанаратыву.

Але тут паўстае дылема: як разумець гэтае „от него же”? Ад Тура? Ці ад Турава? Класічная сітуацыя: Ромул засноўвае Рым, ад якога пайшло найменне рамеяў-рымлянаў. Або Уладзімір засноўвае горад Уладзімір, жыхары якога называюцца ўладзімірцамі. Так, у прынцыпе, пераважна i ўспрымаўся гэты летапісны пасаж, хаця пра заснаванне горада ў ім гаворка і не ідзе. І Рагвалод, і Тур уваладарваюцца ў ужо існых гарадах, і так здараецца, што імя горада ў другім выпадку аказваецца сугучным з імем князя.

Але А. Прохараў чытае „тураўскі тэкст” іначай. Ён упэўнены, што: „В соответствии с летописной версией оказывается, что туровцы названы по имени князя, а не по названию города, что соответствовало бы лингвистическим представлениям о форме этого слова” (40). Так князь Тур становіцца эпанімам нейкага (этнічнага? родаплемяннога? родавага?) утварэння, а назва горада аказваецца звязанай з абодвума. Родаплемянныя цэнтры сапраўды часта называліся паводле этнічнага наймення мясцовага насельніцтва, напрыклад: мурама (фіна-вугорскі народ) і Мурам, парызіі (кельцкае племя) і Парыж і да г. п.

Уласна на гэтых „трох велярыбах” — узаемнай спалучанасці імя князя-эпаніма, заснавальніка традыцыі, (квазі)-этнічнага наймення і назвы цэнтральнага горада — выбудоўваецца аўтарская канцэпцыя. Пры гэтым прымаецца, што ў аснове тут — фрагмент архаічнага індаеўрапейскага светагляду, які адбіўся ў аповедзе летапісца, нават быў ім анталагізаваны праз улучэнне ў дакладную падзейную храналогію і рэканструкцыі якога прысвечана ладная частка ўсёй кнігі з усім багаццем прыцягнутага для гэтага і па-майстэрску пададзенага матэрыялу.

Зыходны пункт — „празрыстая” этымалагічная сувязь імя князя — Тур і славянскай назвы дзікага быка — тура (21). У 2-м раздзеле „Животное: символ мощи и воинственности” сцісла, але вельмі дэталёва распавядаецца пра жывёлу, якая калісьці, яшчэ ў даледавіковы перыяд, насяляла вялікія абшары Еўропы, Блізкага Ўсходу і Паўночнай Афрыкі, аж пакуль канчаткова не знікла недзе ў XV ст., галоўным чынам дзякуючы дзейнасці чалавека. Уласна, апроч чалавека, у тура па сутнасці не было канкурэнтаў. Гэтая магутная з моцнымі рагамі жывёла не саступала ніводнаму драпежніку. Паляванне на тура было калектыўным прадпрыемствам, а з часам стала наогул прывілеем кіраўнікоў высокага рангу (цароў, каралёў, князёў і г.д.). Разам з тым ужо з часоў палеаліту тур становіцца аб’ектам культавага ўшанавання, сакралізуюцца і часткі ягонага цела, найперш галава і рогі. З апошніх вырабляліся адмысловыя судзіны для піцця — рытоны, якія ў многіх народаў вельмі працяглы час выкарыстоўваліся ў культавай практыцы.

Зусім не выпадкова, што адмысловыя якасці тура зрабіліся грунтам для метафарычнага азначэння мужчынскай годнасці ў многіх народаў, у тым ліку ў індаеўрапейцаў. Больш за тое, словы са значэннем „бык” і „асобіна мужчынскага полу, самец”, „мужчына”, „муж” азначаліся аднолькава: параўн. ст.- інд. Uṛṣa „самец, бык, мужчына, муж”, і.-е. H2er- „мужчына, самец” > ст.-інд. ṛsa-bha „бык, правадыр”, ст.-гр. έρσην „мужчынскі; мужны; магутны”, лув. arrazza „самец” і г. д. (адсюль выводзяць назву народа эрзя). Тое самае датычыць і дэрыватаў і.-е. *te- „разбухаць, павялічвацца; тлушч; натоўп, народ; моцны; кіпець” і інш. (параўн. ст.-інд. turyā′ „сіла, моц”) (Pokorny 1080-1085), сярод якіх і індаеўрапейскія назвы быка, тура. Словы ад гэтых асноў займалі адно з цэнтральных месцаў у анамастыконе ўсіх індаеўрапейскіх народаў, у тым ліку ў антрапаніміі і этнаніміі.

Міф „жыве” ў самой сістэме мовы, а таму падобны (супольны) моўны досвед свету не можа не прыводзіць да паўстання блізкіх па форме і па змесце міфалагічных наратываў. Пераважна менавіта на гэтым тэзісе засноўвае А. Прохараў свой далейшы аналіз, хаця яўна яго і не фармулюе. Больш за тое, ён і сам нібы не гатовы паслядоўна яго правесці, бо з трох верагодных магчымасцяў — 1) генетычная сувязь, 2) паралельнае развіццё, 3) запазычанне ў выніку кантактнага ўзаемадзеяння — перавага відавочна аддаецца трэцяй. Менавіта яна і штурхае аўтара пусціцца ў захапляльнае, хаця і небяспечнае, падарожжа па эпохах і краінах у пошуках міфалагічных „сваякоў” i / ці „папярэднікаў” князя Тура.

Найперш яго позірк спыняецца на іранскім свеце (раздзел 3 „Имя князя — Тур”). І гэта не выпадкова, бо менавіта ў іранцаў сітуацыя намінацыі словамі аднаго кораня і валадара-эпаніма, і народа, і краіны, якую ён насяляе, выступае ў найбольш чыстым выглядзе. Там жа знаходзіцца і міфалагічны аднайменнік нашага Тура — Тур (Thurá), сярэдні сын цара Траэтаоны (Ферыдуна ў „Шахнамэ” Фірдаусі). Істотна тое, што ў міфе апавядаецца пра часы, яшчэ вельмі блізкія да часоў стварэння, адпаведна, пра найбліжэйшых нашчадкаў першых насельнікаў зямлі. Пасля выпрабавання бацька дае сынам імёны паводле іх якасцяў і наканавання: малодшаму — „брахманскае” імя Ар’я, сярэдняму — „кшатрыйскае” імя Тура, старэйшаму — Сайрыма (трэба думаць, адпаведнае „трэцяй функцыі” — гаспадарчай, паводле Ж. Дзюмезіля). Яны ж аказваюцца і родапачынальнікамі народаў: арыяў-іранцаў, туранцаў і, верагодна, сарматаў. Асноўная калізія „Шахнамэ” — дынастычнае суперніцтва паміж іранцамі і туранцамі, якое, падобна да суперніцтва пандаваў і каўраваў у „Махабхараце” і траянцаў і ахейцаў у „Іліядзе”, набывае па сутнасці касмаганічнае гучанне.

Даволі дэталёва разабраўшы дадзены сюжэт, А. Прохараў зацямляе: „Некаторыя матывы іранскага падання супадаюць з легендамі аб палескім князі Туры. Абодвух разглядаюць як эпанімы: паводле імя палескага Тура названы горад і яго насельніцтва, паводле імя іранскага — краіна i яе насельнікі. І гэта, канечне, сама адпаведнасць імёнаў, якія адлюстроўваюць ідэю сілы і магутнасці” (55).

Адштурхоўваючыся ад гэтага сцвярджэння, аўтар спрабуе акрэсліць прастору і час магчымага ўзаемадзеяння далёкіх продкаў палешукоў з іранцамі, і яго позірк натуральна спыняецца на Паўночным Прычарнамор’і (раздзел 4 „Причерноморье: степной иранский мир и милоградцы”). У якаcni аб’ектаў культурнага ўздзеяння разглядаюцца насельнікі поўдня цяперашняй Беларусі і поўначы Ўкраіны, якія стварылі так званую мілаградскую культуру жалезнага веку (пераважна сярэдзіны І тыс. да н. э.). Суб’ект уздзеяння — прадстаўнікі скіфскага суперэтнасу, якія панавалі ў Паўночным Прычарнамор’і да прыходу сарматаў (прыкладна да ІІІ ст. да н. э.).

Кантакты (і канфлікты) жыхароў Верхняга Падняпроўя „мілаградцаў”) з блізкім іранскім светам сведчацца і археалагічна, і лінгвістычна. Узаемадзейнічалі са скіфамі і тыя групы Цэнтральнай Еўропы, на грунце якіх пазней склаліся праславяне. Апошняе пацвярджаецца як асаблівасцямі светагляду ранніх славян, які яўна зазнаў іранскі ўплыў (словы бог, мір, рай і інш.), так і пэўнай колькасцю паказальных іранізмаў у славянскіх гаворках, асабліва заходнеславянскіх. А. Прохараў прыводзіць спіс такіх запазычанняў, які, праўда, не ва ўсіх адносінах бездакорны.

Так, авест. spənta- „моцны, святы” яўна не з гэтага спісу, бо ёсць літ. šveñtas „святы, сакральны”[1]. Авест. gar-, gərən-, gairya- „любіць” семантычна далёкае ад праслав. rьti „прыносіць ахвяру, служыць багам”. Апошняе звязана з літ. gìrti „хваліць”, ст.-прус. girtwei „славіць”, лат. dzirties „пахваляцца”, ст.-інд. gṛṇāti „славіць, спявае” < і.-е. *ger(э)- „уздымаць голас, хваліць” (ЭСБМ 3,239; Фасмер II, 50, 63; Pokorny 478). Праслав. irij / vyraj толькі гіпатэтычна можна звязаць са ст.-іран. airyā-(dahyu) „дахі (назва народа)” або наогул „арыйская краіна”. Больш імаверная версія В.У. Мартынава пра сувязь з зах.-балц. pluralia tantum *iuriai (ст.-прус. iuriay „мора”) (ЭСБМ 2, 280). Некаторыя прыклады, хутчэй за ўсё, адлюстроўваюць генетычнае адзінства, а не запазычанне, параўн. ст.-перс. zūrah- „зло, несправядлівасць”: праслав. zъlъ „зло, злы”: ст.-анг. gylt, gelt, gilt, gielt „грэх, віна, злачынства, памылка”, анг. guilt „віна, грэх”: літ. atžúlas „цвёрды, злы”, ст.-інд. hvárati, hválati „ідзе крывымі шляхамі, пятляе, запінаецца, падае” і інш. (ЭСБМ 3, 335-336; Фасмер ІІ, 99; Pokorny І, 489-490).

Затое можна было б прывесці ізаляваную заходнебеларускую лексему дан „дождж” (Дáну доўго ні было, то ўсё пасохло”, Іўеўскі р-н)[2], для якой, як быццам, можна знайсці толькі індаіранскія адпаведнікі: авест. dānu- „рака”, асец. don „рака, вада”, ст.-інд. danu „вадкасць, якая сочыцца”. Хаця стараіндыйскі прыклад нават бліжэйшы. Гэтая акалічнасць, безумоўна, вартая больш пільнай увагі.

Таксама цікавыя назіранні Ф.Д. Клімчука, што да перагаласоўкі e > a ў гаворках Драгічынскага, Іванаўскага, Маларыцкага, Кобрынскага і Пінскага раёнаў кшталту дань „дзень”, набо „неба”, сарцэ „сэрца”, мад „мёд”, вачур „вечар” i інш., якая быццам бы адпавядае вядомай індаіранскай фанетычнай асаблівасці[3]. Сам Ф.Д. Клімчук зацямляе: „Хутчэй за ўсё гэта звычайная выпадковасць”, але дапускае, што пэўны час магло існаваць змяшанае славянска-іранскае і славянска-індаарыйскае насельніцтва, але індаіранскі кампанент быў цалкам асіміляваны, засталіся толькі некаторыя моўныя сляды. Насамрэч, тут поўнай адпаведнасці няма, бо палескае e > a адбываецца толькі ў націскных складах, тады як у індаіранскіх мовах e, о> a ўва ўсіх пазіцыях.

Закрануўшы тэму ірана-палескіх кантактаў, аўтару не варта было абмяжоўвацца толькі жалезным векам. Бо самыя непасрэдныя кантакты маглі мець месца акурат у другой палове Х ст. У гэты час Фірдаусі ствараў свою паэму „Шахнамэ”, г. зн., па сутнасці, афармляў тое, што было на слыху ў іранскім свеце і існавала ў розных фальклорных формах, i ў гэты ж час у Кіеве вайсковы гарнізон складаўся амаль вылучна з харэзмійцаў і імі ж здзяйснялася адміністрацыйная ўлада. Новыя гаспадары Кіева — русы — павінны былі лічыцца з гэтай рэаліяй і нават улучылі ў кіеўскі пантэон іранскіх Хорса і Сімаргла (980 г.).

У 5-м раздзеле „Причерноморье: греки и тавры” А. Прохараў працягвае пошук магчымых крыніц палескага „тэксту Тура” і знаходзіць іх на Крымскай паўвыспе. Гэта племя горцаў-таўраў. Іх этнічнае імя відавочна звязана з ст.-гр. ταυρος „бык”, аднак невядома, ці была гэта саманазва, ці так грэкі па-свойму перадалі нейкае іншае найменне. Невядома таксама, кім былі таўры паводле моўнай прыналежнасці. Аднак тое, што распавядалі грэкі пра таўраў, сапраўды, самым непасрэдным чынам было звязана з „бычынай” тэмай. Так, познеантычны аўтар Стэфан Візантыйскі (V ст. н. э.) паведамляў, што таўры названы так таму, што тут некалі Асірыс, запрэгшы пару быкоў, узараў зямлю. Гэта вельмі падобна на культуртрэгерскую дзейнасць аркадзяніна Эвандра па прыбыцці яго ў Лацый недзе ў XIII ст. да н. э. Так, Аўрэлій Віктар у „Паходжанні рымскага народа” сведчыць, што менавіта Эвандр навучыў тубыльцаў абрабляць зямлю з дапамогай пары валоў (Orig. V.3).

Уяўляе цікавасць эпіклеза Артэміды — Ταυροπόλα, якая не мае адзначнай інтэрпрэтацыі. Слова тлумачаць і як „тая, што едзе на быках”, і як „шанаваная ў Таўрыдзе або таўрамі”. Ёсць і іншыя тлумачэнні (90). Звяртае ўвагу, прынамсі, фармальнае падабенства ст.-гр. Ταυροπόλα і літоўскага тапоніма Taurapilis (літаральна „замак Тура або тура”, цяпер вёска Уцянскага раёна на паўднёвым беразе возера Tauragnas) пры этымалагічнай тоеснасці ст.-гр. πόλις „горад” і літ. pilìs „замак” (параўн. ст.-інд. pura „крэпасць, умацаваны горад”). Да літоўскай назвы блізкая беларуская назва вёскі Турасполле Ушацкага раёна. Тады эпіклезу Артэміды можна было б растлумачыць як „таўрапольская”, г. зн. „з горада таўраў” (магчыма, Херсанеса Таўрыцкага). На тое, што назвы гарадоў маглі ўтварацца паводле такой мадэлі, паказвае і назва сіцылійскага горада Ταυρομένιον у Вялікай Грэцыі ля падножжа гары Ταύρος, дзе фармант -μεν- / -μιν- можа быць супастаўлены з агульналувійскім *mena- „горад”, адкуль лув. іер. mina, лік. meñne з тым жа значэннем і, верагодна, фрак. -μινα у тапоніме Βουρδόμινα, дзе першая частка тлумачыцца з і.-е. *bhred(h)- „пераходзіць уброд”[4]. У лувійскіх і фракійскай мовах гэта — супольная семантычная інавацыя ў і.-е. *men- „узвышацца” (адкуль назвы для „гары” ў іншых індаеўрапейскіх мовах). Між іншага, Ταυρομένιον меў і іншую форму назвы — Ταορμίνα, што цалкам суадносіцца з лувійскім іерагліфічным і фракійскім словамі. Але з імі цікава супаставіць дзве мясцовыя назвы ўжо непасрэдна з нашых абсягаў. Гэта в. Залатаміно Кармянскага раёна і, верагодна, в. Рудаміна Віленскага раёна. Побач з в. Залатаміно ёсць два гарадзішчы, адно з якіх называецца Гарадок. Апошняя акалічнасць істотная, калі ўлічыць наяўнасць іншых эксклюзіўных фрака-балта-беларускіх адпаведнікаў (аб чым ніжэй), істотных для тэмы Baltica-(Albaruthenica)-Thracica. Альтэрнатыўна Ταυροπόλα можа тлумачыцца як „звязаная з ахвярапрынашэннем (забойствам) быка”, калі дапусціць, што ў мове самых таўраў этымалагічнае b перайшло ў p, як у мове пеласгаў — гіпатэтычнага палеабалканскага насельніцтва. Праўда, рэальных сведчанняў пра ахвярапрынашэнні быка Артэмідзе Таўраполе няма[5].

Ba ўсякім разе і ў адным, і ў другім выпадку пазначаюцца зусім іншыя сувязі з Балкана-Карпацкім рэгіёнам, чым тыя, што спрабуе выявіць А. Прохараў. Але гутарка аб гэтым яшчэ наперадзе.

Пасля даволі падрабязнага аповеду пра крымскіх таўраў аўтар накіроўвае свой позірк на Блізкі Ўсход (раздзел 6 „Ближний Восток: колыбель доместикации и культа?”), але мы затрымаемся яшчэ крыху ў Паўночным Прычарнамор’і, каб затым накіравацца не на Блізкі, а вельмі далёкі Паўднёвы Ўсход, а менавіта ў Індыю. Прычына — пражыванне ў непасрэднай блізіні з крымскімі таўрамі (у нізоўях Кубані, на Таманскай паўвыспе і Чарнаморскім узбярэжжы да цяперашняй Анапы) і па суседстве з мэотамі рэліктавага арыйскага племені сіндаў, што пакінула шматлікія лінгвістычныя сляды сваёй тут прысутнасці[6]. Але не яны непасрэдна нас будуць тут цікавіць, а іх крэўныя, што ў II тыс. да н. э. здзейснілі далёкую міграцыю на Індыйскі субкантынент і ў сваіх святарных кнігах данеслі да нас шмат успамінаў пра сваю колішнюю прарадзіму. І тут А. Прохараў знайшоў бы нешта ў найвышэйшай ступені для сябе (і для чытачоў) цікавае.

Ідзецца пра слынныя пяць рыгведыйскіх плямёнаў, якія даўно прыцягваюць увагу даследнікаў[7]. Згадкі пра іх шматлікія ў „Рыгведзе”, хаця ў поўным складзе яны называюцца толькі аднойчы: Yadu, Turvaa, Anu, Druhyu i Pūru (RV I.108.6). Апроч таго, першыя чатыры з пералічаных згадваюцца разам у (RV VIII.10.5), у іншых гімнах Yadu найчасцей фігуруюць разам з Turvaa, а Anu і Druhyu згадваюцца наогул не часта.

Характэрна, што дадзеныя этнонімы ў шэрагу выпадкаў непасрэдна звязваюцца з імёнамі іх эпанімаў або ўладароў. Так, вядома, што супраць Аляксандра Вялікага выступіла індыйскае войска на чале з царом Порам ώρος), імя якога ўяўляе грэцызаваную форму імя Pūru[8]. Індыйцы пацярпелі паразу, але Аляксандр паставіў цара Пора сатрапам Паўночнага Пенджаба. Pūru і Paurava часта згадваюцца ў „Махабхараце” ў сувязі з бітвай каўраваў і пандаваў на полі Курукшэтра.

Але ў гэтым жа эпічным творы ёсць іншы, вельмі цікавы аповед, пра цара Yayāti (Mbh. 1, 79). Апавядаецца, што ў цара Yayāti было пяць сыноў: Yadu і Turvaa ад жонкі-брахманкі Devayānī і Anu, Druhyu i Pūru (або Ṗuru) ад каханкі-кшатрыйка, Śarmiṣṭa, якая была служанкай Devayānī. Калі праўда раскрылася, Яяці быў урочаны на заўчасную старасць пры ўмове, калі ніхто з сыноў не ахвяруе яму сваёй маладосці. Першыя чацвёра адмовіліся зрабіць гэта і былі праклятыя бацькам, і толькі самы малодшы Пуру добраахвотна пайшоў на ахвяру і быў названы нашчадкам трона. Цар Yayāti вядомы таксама „Рыгведзе” (RV І.31.17), дзе ён называецца сынам цара Месяцавай дынастыі Nahusa (RV X.63.1). Некаторыя дэталі падаюцца таксама ў (Mbh. 5. 104-121; 5.147.3-13; 12.29. 90-91).

Адзначым, што, адрозна ад іранскай версіі падання пра бацькава блаславенне сынам і аднясенне кожнага да пэўнай „варны”, у індыйскай версіі ідзецца пра бацькаў праклён і пазбаўленне сыноў іх варнавай прыналежнасці. Кожнаму сыну Яяці адрасуе асобны праклён[9]. Так, Яду і яго нашчадкі Ядавы ніколі не змогуць цараваць. Турваса стане царом народа, які не пільнуецца каставых правілаў, які заключае міжкаставыя шлюбы, ладзіць „звярыныя” рытуалы[10], вядзе грахоўнае жыццё і, наогул, ёсць неарыйскім і барбарскім. Друг’ю, паводле праклёну, сыйдзе са сваімі паслядоўнікамі ў месца, дзе перасоўвацца можна будзе толькі на плытах, і будзе ў іх не царом, а толькі правадыром. Нарэшце, Ану і яго нашчадкам наканавана памерці заўчасна і быць пахаванымі без ганаровага аддання іх цел агню. Так „Махабхарата” вытлумачае амаль поўнае знікненне ў эпічны перыяд памяці пра ведыйскія „пяць плямёнаў”. Галоўная ўвага ў эпасе пераносіцца на Ядаваў (нашчадкаў Яду), у якіх нарадзіўся Крышна, і паўраваў (нашчадкаў Пуру) — продкаў пандаваў і каўраваў, якія і праславіліся бітвай на Курукшэтры.

Але ці не найбольшую цікавасць уяўляе тое, што „пяць плямёнаў”, вядомыя ў постведыйскі час як Pañcālá, якія насялялі аднайменную дзяржаву ў Паўночнай Індыі, пачаткова ў сваёй сукупнасці называліся Krìvi. Так, у прыватнасці, разумеліся Pañcālá ў „Шатапатхабрахмане” (SB.13.5.4.7b). Krìvi часта згадваюцца ў „Рыгведзе” (RV VIII.20,24; 22.12), а таксама ў „Самаведзе”[11], часта як супернікі Індры, што трэба разумець як паказанне на непрыманне часткай паўночных арыяў пэўных рэлігійных інавацый, якія пазней крышталізаваліся ў брахманізме. Krìvi і Turvaa вельмі хутка знікаюць з літаратурных помнікаў.

Этымалогія Krìvi застаецца няяснай дагэтуль. Онім Turvaa вельмі верагодна звязаны з ст.-інд. turá „хуткі, таропкі; моцны, поўны сіл; багаты; упарты, заўзяты”, turvái „які пераадольвае, падаўляе; пераможны”, tūrāçа „назва паўночнай часткі Курукшэтры”, tū’rvi „поўны сіл; які пераўзыходзіць” і да г. п., г. зн. працягвае тое кола значэнняў, якія найперш цікавяць А. Прохарава.

Не трэба мець надта смелую фантазію, каб заўважыць, што, прынамсі, на фонамарфалагічным узроўні апісаная сітуацыя на Поўначы Індыі часоў пачатку каланізацыі Індыйскага субкантынента вельмі блізкая да той, што апісана ў недатаванай частцы „Аповесці мінулых гадоў”. Так, Krìvi даўно супастаўляецца з племянным звязам крывічоў. Ёсць падставы супаставіць Pūru з палянамі. Стараіндыйскае слова можа тлумачыцца ў звязку з ст.-інд. purú „шматлікі; поўны”, роднасным да ст.-гр. pολύς „шматлікі, вялікі, агромністы” (у множным ліку таксама „большая частка, бальшыня, натоўп, народ”), праслав. *pьlnъ, ст.-інд.pūrás, авест.pərəna-, гоц. fulls, літ. pìlnas „тое самае” і да г. п. (Фасмер ІІІ, 312).

У гэтым стасунку ўяўляе таксама цікавасць паведамленне Дыядора Сіцылійскага (Diod. Sic. Hist. Lib. II.43) аб паходжанні скіфаў ад братоў (магчыма, блізнятаў) Пала (Πάλος) i Напа (Νάπης), сыноў Скіфа (Σκύθης), аднаго з сыноў Дзэўса і земленароджанай дзевы са змяінай ніжняй часткай цела. Ад гэтых братоў бяруць пачатак два народы — палы (Πάλοι) i напы (Νάπαι), ад гэтых апошніх — шматлікія скіфскія плямёны, якія мелі „выбітных цароў, па імёнах якіх адны былі названы сакамі, іншыя масагетамі, некаторыя арымаспамі i падобна да іх шматлікія іншыя” (Diod. Sic. Hist. Lib. II.43.5).

Імя Нап, хутчэй за ўсё, звязана з авест. nápāt- „нашчадак”, ст.-інд. nápāt, náptar „нашчадак, сын, унук”, naptī- „дачка, унучка”, лац. nepōs, -ōtis „унук, прапраўнук, пляменнік”, neptis „унучка, пляменніца” < і.-е. *nep(ō)t-, да якога таксама лац. Neptūnus, ірл. Nechtan (валадар калодзежа), іран. apām nápāt- (эпітэт агню ў індаіранцаў). Верагодна, утворана адмоўнай часціцай і асновай са значэннем „валодаць, быць гаспадаром”. Роскід значэнняў ад „нашчадак” да „пляменнік” звязаны са зменай сістэмы спадкавання: пачаткова спадкаемцам быў пляменнік (сын сястры), а потым — сын па бацькавай лініі. Адпаведна або пляменнік, або сын аказваўся неспадкаемцам, „негаспадаром”. Сітуацыя адбілася і ў беларускім слове нябога „пляменнік, пляменніца” = „той / тая, што не маюць долі (у спадчыне)” (параўн. таксама рус. небогий „неимущий”, убогий). Для скіфскай мовы было характэрнымзнікненнеіндаіранскага th>h: cкіф. *Yakšām-pāyah, назва святога месца каля ракі Гіпаніс (Паўднёвы Буг), дзе знаходзілася крыніца з салёнай вадой (‘Eξaμπaιος у: Her. IV, 52) < індаіран. *Yakšām pathayas (літаральна „шляхі якшаў”). Другая частка ўяўляе скіф. nom. pl. *pāyah ад скіф, pāy (< *pahi) „шляхі” (ст.-інд. pathi-, мн. лік pathayas, ст.-перс. paЗi- < і.-е. *ptə-)[12].

Імя Пал уяўляе поўную адпаведнасць ведыйскаму Pūru, калі ўзяць пад увагу, што ў скіфскай мове іран. *-rn- > скіф. -ll- як, напрыклад, у скіф. Māspallā — імя скіфскай багіні Месяца (Мεσπέλλα). ή Σελήνη παρά Σκύθαι Hes.) < іран. *Mas-pərənā- пры ст.-перс. Māh- „багіня Месяца”, māh- „Месяц”, ст.-інд. mās „Месяц”. Скіфскае тэафорнае імя ўтворана гэтак жа, як і агульнаіндаіранскае *pṛṇa-mās- „поўны месяц” (ст.-інд. pūrá-mās-, авест. pərənō.māh- „Месяц, боства Месяца”[13]. Цікава, што выкарыстоўваліся і кароткія формы для азначэння „поўнага Месяца” кшталту бел. поўня, літ. pìlnatis „поўня”, ст.-інд. pūrітā „тое самае”, а таксама хатан. purrā- „Месяц” (< * pṛṇā- „поўная”). Аднак імя Пал можа і непасрэдна працягваць іран. par- „напаўняць” (< і.-е. *pelə- > авест.par- „напаўняць”, parənah-vant- „багаты”, ст.-інд. parīa- „дастатак, багацце”, parī-man- „паўната, поўня”) (Pokorny 799).

У Плінія гэтыя Палы і Напы сустракаюцца ў дзвюх формах: Inapaei Spalaei і Napaei Pelaei (Plin. Hist. Nat. 6, 7, 22). З формай Spalaei звязваюць Спалаў (Spali), якіх перамаглі готы (Iord. Get. IV, 27-28). Украінскі гісторык М. Грушэўскі адзначаў: «У гоцкай народнай традыцыі, пераказанай у Ярдана, захаваліся згадкі пра вандроўку непераходнымі багністымі абшарамі — відавочна, палескімі; там на гацях правалілася і загінула плойма людзей. Пераправіўшыся праз тыя багны, Готы перайшлі ў край, празваны імі Oium, але тут мусілі вытрымаць вайну з тубыльцамі (у Ярдана Spali). Хаця традыцыя ўяўляе гэтую барацьбу ўдалай для Готаў, але ў сапраўднасці мусіла быць іначай, калі Готы не засталіся ў гэтых прывабных, як кажа традыцыя, краях, а мусілі „спяшацца на край Скіфіі, над Чорнае мора”»[14]. З этноніма Spali выводзяць слав. сполинъ, исполинъ „волат, асілак” (параўн. нов.-в.-ням. Hüne „волат” (ад імя гунаў), рус. обрин, польск. olbrzym (ад Обраў-Авараў) (Фасмер, ІІ, 411-412). Ужо Ілавайскі звязваў са Спаламі этнонім паляне[15]. Іншая справа, што „паляне” фігуруюць у ранняй гісторыі славян двойчы — у Сярэднім Падняпроўі і на тэрыторыі цяперашняй Польшчы. У гэтых жа дзвюх зонах сустракаецца і тапахаранімічны дублет: Киïв і Kujawy. Іранскія сувязі першага добра вядомыя. Вядомыя і ірана-заходнеславянскія, асабліва моўныя, сувязі. Вельмі імаверная этымалогія Кіева — ад іранскага імя Kūya (Kūye) < малодшаавест. *kaoya- < *kavya-, звязанага з назвай іранскай дынастыі Каянідаў[16].

Для нас жа несумненную цікавасць уяўляе той факт, што аснова *Pol- сустракаецца ў імені легендарнага першапродка беларусаў Белаполя. Бел- было дададзена пазней дзеля ўзгаднення з этнонімам беларусы. А вось *Pol- сапраўды можа адлюстроўваць вельмі архаічны стан, паколькі сам Белаполь з’яўляецца сынам легендарнага князя Бая, міфаграфія якога цалкам адпавядае міфаграфіям ведыйскага Ямы, авестыйскага Йімы і да іх пад.

Істотна адзначыць, што ў „Авесце” першапачатковае месца кіравання дынастыі Каянідаў (Кеянідаў) звязваецца з міфічнай прарадзімай арыяў у наваколлі вялікага возера Ворукаша ля падножжа Сусветнай гары Хары Бэрэзайці (Высокай Хары) або Йемавенд (Гары Йімы). На тэрыторыю на поўнач ад Чорнага мора паказвае такая дэталь аповеду пра Йіму — валадара „залатога веку”, як згадка пра лютыя зімы з Поўначы, ад якіх Йіма ратаваў людзей у збудаванай ім Вары.

Toe самае можна сказаць і пра ведыйскія „пяць плямёнаў”. Яны таксама блізкія да першага пакалення людзей (сёмае пакаленне пасля Ману), а месца пачатковага пражывання — Джамбудвіпа (Jambudvīpa) — міфічная паўночная прарадзіма. Jambudvīpa — літаральна „Выспа ружовых яблыкаў” — адзін з сямі мацерыкоў, размешчаных вакол залатой гары Мэру. Сама яна ляжыць ля паўднёвага схілу гары.

Паўночны комплекс у міфалогіях індаіранцаў і грэкаў добра вядомы[17], і тут няма патрэбы на ім запыняцца. Аднак варта адзначыць, што амаль усё, што нам вядома пра гэты „страчаны паўночны вырай” са старажытных міфалогій, мы знаходзім і ў беларускім фальклоры. Гэта вобраз ідэальных прасторы і часу, якія ўсталёўваюцца на двары добрага гаспадара на Вялікдзень (Каляды) падчас прыходу да яго валачобнікаў (калядоўшчыкаў). Не выпадковая таму тут адсылка да пракаветных часоў, калі свет толькі-толькі паўстаў і яшчэ не быў сапсаваны інтэрвенцыямі сіл Хаосу, разладу, заняпаду: „Пойдзем мы, козка, / На сіне мора. / Мы к табе, Ляксандра, / Не самі прышлі, / Нас гасподзь паслаў, I Як сам свет настаў…”[18]. У валачобных песнях ідэальны парадак апісваецца праз элементы, так бы мовіць, ужо паўсталага „гэтага свету”, з вельмі актыўным выкарыстаннем ландшафтавай сімволікі. Пры гэтым выкарыстоўваецца амаль поўны набор семіятычных (знакавых) прыкмет гэтага „зямнога выраю”.

Па-першае, гэта матыў цяжкай дасягальнасці ідэальнага месца. Ад астатняй, яшчэ не ўпарадкаванай, па сутнасці, хаатычнай прасторы ён аддзелены цяжка праходнай воднай перашкодай (напрыклад, „рэчкай быстрай, беражыстай”). Патрапіць туды без дапамогі, без „санкцыі” самога бога проста немагчыма. Абкружанасць новаўзніклага „зямнога выраю” вадой якраз і сімвалізуе з’яўленне Касмічнага Парадку ў самым асяродку пракаветных водаў, пракаветнага „бязэднага Акіяна”. Але ў адрозненне ад іншых індаеўрапейскіх традыцый, якія змяшчаюць „зямны вырай” недзе далёка на Поўначы, у беларускіх песнях гэты „вырай” адтуляецца літаральна ў кожным падворку, куды завітаюць валачобнікі, якія сваімі рытуальнымі дзеяннямі нібы расчыняюць іншае вымярэнне быцця.

Па-другое, гэта вобраз „залатой гары”, на якой стаіць ідэальны падворак або якая сама стаіць як „сусветная гара”, што ўяўляе сабой вось Сусвету і задае вертыкальную структуру новага Космасу. Ёй адпавядаюць індыйская „залатая Мэру”— месца знаходжання багоў, іранская Хара Бэрэзайці („Высокая Хара”) або Рыпейскія горы ў грэкаў.

Цікава, што назвы накшталт Залатая Гара або Залатая Горка багата прадстаўлены ў нашай тапаніміцы (Менск; наваколле в. Халопенічы Барысаўскага р-на; параўн. яшчэ в. Залатаміно на Гомельшчыне, верагодна, з гэткай жа семантыкай). Але што не менш цікава, ёсць у нас і свае Райскія Горы — узгор’е паміж Невелем і Себежам, якое з’яўляецца водападзелам паміж Дзвіной і Вялікай. З іх найбольш вядомая Багатыр Гара паблізу мястэчка Расоны, якую народнае паданне звязвае з жанчынай-асілкам[19], а асілкі, у сваю чаргу, разумеліся як першанасельнікі нашага краю.

Па-трэцяе, вобраз абгароджанага тынам райскага саду. У песнях пра гэта пяецца гэтак: „Слаўны наш пан, чым ён славён, / Ці сваім дабром, ці сваім уборам? / На яго двары вялікая ўцеха, / А якая ўцеха? — Залатая гара, / Сад-вінаград, райскія птахі…”[20]. Нагадаю ў звязку з гэтым, што азначэнні выраю ў еўрапейскіх мовах (парадыз) паходзяць ад іранскага слова pairidaēza-, што літаральна азначае „з усіх бакоў абгароджанае месца” і, адпаведна, „райскі сад”. Асяродак гэтага саду — дрэва „з залатой карой, з сарэбраным лісцем” або „з залатымі росамі”. Акурат гэткае ж дрэва з залатой карой —parijāta „дрэва здзяйснення жаданняў” — расце і пасярод svargá — выраю бога Грымотніка Індры — на вяршыні залатой гары Мэру, паводле індыйскіх уяўленняў. Таму цалкам натуральная прысутнасць на гэтым „сусветным дрэве” „райскіх птушак”, як у прыведзеным вышэй урыўку з нашай песні.

Па-чацвёртае, гэта вобраз „святой ракі”, якая сцякае на вяршыню „залатой гары” проста з неба. У нашых песнях гэта сімвалічна выражаецца тым, што ўзнікае яна са слязы, якую выраніў сам бог. Уяўленні пра „нябесную раку” мы таксама знаходзім у міфалогіях індыйцаў, іранцаў і грэкаў.

Ёсць і іншыя, не менш паказальныя, сыходжанні.

3 кароткага агляду прыведзеных дадзеных можна зрабіць выснову, што наратыўная аснова і індыйскага, і іранскага, і скіфскага эпасаў адна і тая ж, і склалася яна, хутчэй за ўсё, менавіта ў Паўночным Прычарнамор’і. Таму не дзіўна, што чатыры з пяці называных у Ведах і пазнейшых тэкстах этнонімаў маюць — mutatis mutandis — адпаведнікі менавіта на тэрыторыях, што ляжаць на поўнач ад Чорнага мора. Так, ведыйскім Turvaa вельмі спакусліва паставіць у адпаведнасць гіпатэтычных тураўцаў, Pūru — летапісных палянаў, Druhyu дрыгавічоў (параўн. Δρουγουβιται Канстанціна Парфірагенета), Yadu яцвягаў. Нагадаю, што Yadu і Turvaa часта згадваюцца разам. Нарэше, усе „пяць плямёнаў” Рыгведы спачатку называліся Krìvi, якім, натуральна, адпавядаюць крывічы, тым больш што пачатковая аўтэнтычная іх назва магла быць Kriev(a)i, пра што сведчыць сучасная латышская назва Расіі — Krievija.

Сляды — паку ль цяжка датаванага — колішняга ўзаемадзеяння продкаў сённяшніх украінцаў і, прынамсі, часткі беларусаў з рэліктавымі індаарыйскімі этнасамі (мэотамі? сіндамі? іншымі?) не менш красамоўныя за іранскія. Вышэй ужо прыводзіўся прыклад ізаляванага заходнебеларускага дан „дождж” з хутчэй індаарыйскімі, чым іранскімі адпаведнікамі. Можна прывесці фармальна і семантычна тоесныя бел. прастора, укр. простора і снскр. prastara (ад дзеяслова star „пашыраць, распаўсюджваць; пакрываць, ахутваць”). Яшчэ больш цікавыя бел. багата, укр. богато, снскр. bahutā, якія ўсе маюць значэнне „многа, шмат, вялікая колькасць, мноства”. Роднасць з багаты падманлівая, бо стараіндыйскае слова паходзіць з і.-е. bhenĝh-, bhĝh- „тоўсты, тлусты” (Pokorny 127-128), а не з і.-е. bhag- 1 „дзяліць, падзяляць”, адкуль і слав. богъ, богатъ (Pokorny 107). Такім чынам, беларуска-ўкраінская ізалекса з’яўляецца запазычаннем з нейкай індаарыйскай мовы. Беларуска-ўкраінскае слова гарэлка (бел. таксама гáра) мае санскрыцкі адпаведнік gará „напой, пітво” ад дзеяслова gar „глытаць” (параўн. літ. gérti, лат. dzert „піць”, бел. загар „запой”, рус. нажраться „напіцца”), утвораны па той жа мадэлі, што і піва ад піць.

Гэта далёка не поўны, але даволі паказальны пералік вылучных (паўднёва)беларуска-ўкраінска-арыйскіх адпаведнікаў.

Як бачым, калі крыху змяніць ракурс, то можа паўстаць не менш займальны сюжэт, чым той, што прапанаваў аўтар. Аднак ён, безумоўна, патрабуе больш дэталёвага спецыяльнага абмеркавання.

Варта ў звязку з папярэднім прыгадаць, што на самай поўначы старажытнай Анатоліі існавала гістарычная вобласць Пала (Palā, пазней увайшла ў склад Пафлагоніі), населеная палайцамі — народам, які размаўляў на палайскай мове (palāumnili), роднаснай мовам хетаў, лувійцаў, лідзійцаў. Сувязь гэтай назвы са скіфскімі паламі не можа быць выключана, бо скіфы здавёндаўна рабілі рэйды ў Малую Азію, у тым ліку і праз Фракійскі Баспор і Дарданэлы, г. зн. шляхам, якім у Малую Азію трапілі анаталійцы (каля 2000 г. да н. э.), мітанійскія арыі, фрыгійцы (каля 1200 г. да н. э.), частка фракійцаў, кімерыйцы, а пазней таксама і галы (277 г. да н. э.). Але назва анаталійскай Палы хутчэй за ўсё звязана з хец. palhi- „шырыня”, што для геаграфічнай назвы цалкам матывавана. Хаця, трэба, заўважыць, што ў Пафлагоніі было добра вядомае ўласнае імя Πυλαιμένης[21], аснова якога, верагодна, звязана з хец. pūl- „многа, шмат, масса”, г. зн. можа таксама быць працягам і.-е. *p- і, такім чынам, пашыраць шэраг тых імёнаў і этнічных назоваў, якія былі разгледжаны вышэй. Больш за тое, Пліні Старэйшы (Plin. Hist. Nat. VI 2.5) паведамляе: „За гэтай ракой (Billis.— С. С.) — народ Пафлагоніі, які некаторымі называецца Пілэмэны (Pylaemeniam)”. У Гамера Πυλαιμένης — правадыр пафлагонцаў, саюзнікаў траянцаў. Менавіта з яго пазнейшыя пафлагонскія валадары вялі сваё паходжанне, а таму i саму краіну часам называлі Піламэнія (Πυλαιμενία).

He лішне адзначыць, што з захаду Пафлагонія межавала з Бітыніяй (Bithynia), заснаванай фракійскімі каланістамі, a з поўдня гарой Алімп аддзялялася ад Фрыгіі. У Пафлагоніі ёсць горад Кромна (Cromna), ля якога Карнэліус Нэпас лакалізуе Энэтаў (Enetos), ад якіх, на яго думку, паходзяць Венеты (Venetos) Італіі.

У Малую Азію даследаванне прыводзіць і А. Прохарава, але ў звязку з наяўнасцю і там (у Арменіі на захад ад возера Ван) культа Артэміды Таўраполы і народа таўраў, блізкага да раёна даместыкацыі быка (раздзел 6 „Ближний Восток: колыбель доместикации и культа?”). Тут, як і ў папярэдніх раздзелах, аўтар падае цэлы комплекс найцікавейшых звестак, пераказваць якія, аднак, няма патрэбы.

Але адзін варыянт развіцця „анаталійскага сюжэта” хацелася б схематычна пазначыць. Звязаны ён з праблемай паходжання этрускаў — загадкавага народа, што ў жалезным веку стварыў на Паўночным Захадзе Апенінскай паўвыспы (гістарычная вобласць Італіі Таскана) яскравую і арыгінальную культуру, якая зрабіла значны ўплыў на культуру Старажытнага Рыма.

Першыя звесткі пра паходжанне этрускаў падае Герадот. Паводле яго аповеду (І, 94), этрускі паходзяць ад лідзійцаў (ст.-гр. Λυδοί), народа анаталійскай групы, які патрапіў у Малую Азію з апошняй міграцыйнай хваляй з Балканскай паўвыспы або праз яе. У звязку з разгляданай тэмай этрускі цікавыя тым, што грэкі традыцыйна называлі іх Τυρσηνοί або Τυρρηνοί. Прычым так называліся і гістарычныя этрускі паўночнага захаду Італіі, і нейкі народ на паўночным захадзе Малой Азіі. Але цікава і іншае, а менавіта тое, што грэкі саміх лідзійцаў называлі мэанійцамі (гамер. Μήονες, Μαίονες < *Māiones). Гэтая назва звязана з краінай Māsas, вядомай з хецкіх тэкстаў[22]. Аднак яе можна параўнаць і з паўночна-прычарнаморскай Мэатыдай (параўн. ст.-гр. Μαιώτις „мэатыйскі”). Сувязі паміж імі, відаць, сапраўды існавалі. Так, Пліні Старэйшы, апісваючы наваколлі Мэатыйскага возера (Азоўскага мора), зазначае: „Навакольны край спачатку быў населены карыйцамі (Cares), потым клазаменцамі (Clazomeni) і мэанійцамі (Maeones), а пасля іх пантыкапейцамі (Panticapaeenses)” (Plin. Hist. Nat. VI 7.20). Гэтым дадаткова сведчацца даўнія і ўстойлівыя паўночна-чарнаморска-малаазійскія сувязі.

Вядомая мэанійцам была і спецыфічная дуальная арганізацыя, сляды якой добра прасочваюцца ў індаіранскім арэале. Так, паводле Герадота (І, 7, 94), у правадыра лідзійцаў Атыса (Ατυς, магчыма, азначае проста „бацька”, параўн. хец. atta- „бацька”, але вядома і хец. atis „сякера” пры тым, што падвойная сякера была сімвалам сакральнай улады лідзійскіх цароў), сына Манеса (Μανες), было два сыны — Лід (Λυδος) і Тырсен (Τυρσηνος), якія і сталі родапачынальнікамі дзвюх галінаў мэанійцаў.

Асабліва цікавае супадзенне вед. Mánu (міфічны родапачынальнік чалавечага роду) і Μανες (адзін з легендарных родапачынальнікаў лідзійцаў). Як паказаў Б. Лінкольн, у індаеўрапейскай касмагоніі адзін з двух удзельнікаў (блізнятаў) чыну стварэння ўсяго існага менаваўся з дапамогай фонамарфалагічнага комплексу *Man-[23]. Паводле „Шатапатхабрахманы” (ShB 1.1.4.14-17), Mánu (літар. „чалавек”) быў уладальнікам быка і меў жонку Manāvī, верагодна, ягоная сястра-блізнец. І бык, і жонка былі прынесены яму ў ахвяру. Mánu, такім чынам, аказваецца тым, хто ўсталяваў ахвярапрынашэнні, г. зн. стаў першым святаром. У „Авесце” яму адпавядае Manuš.čiθra- (літар. „сын Manuš’а”), якога пазнейшая традыцыя робіць, праўда, нашчадкам Заратустры. Але прататыпам першажраца, паводле „Бундахішн”, аказваецца сам Ар’яман (авест. Aŋra Mainyu „злы дух”). Германцы, паводле Тацыта (Tac. Germ. 2), шанавалі народжанага зямлёй бога Tuisco і яго сына Mannusa (*manwaz „чалавек”). Ад трох сыноў апошняга ўзялі пачатак тры германскія роды — інгевонаў, гермінонаў і істэвонаў. Вельмі верагодна, што Герадотава генеалогія лідзійцаў — гэта водгук вельмі архаічнага індаеўрапейскага міфа. Праўда, не выключаны ўплыў з боку фрыгійскай рэлігіі, дзе Attis i Men уважаліся за багоў[24].

Такім чынам, Чорнае мора, як люстэрка, адлюстроўвае сітуацыю на вялікім абшары на Поўначы на сітуацыю на вялікім абшары на Поўдні. Ёсць падставы бачыць, прынамсі, у ідэалагічным комплексе так ці іначай пераломленую, ператвораную, але, тым не менш, захаваную яшчэ агульнаіндаеўрапейскую спадчыну. Гэтая акалічнасць робіць абраны А. Прохаравым падыход метадалагічна апраўданым.

Але час пакінуць Малую Азію і зноў вярнуцца да родных пенатаў. Ідучы за аўтарам, мы прапускаем Грэцыю і Рым. Хаця і там знайшлося сёе-тое цікавае для разгляданай тэмы. Напрыклад, старагрэцкая багіня Тыро (Τυρώ), якая ад Пасейдона нарадзіла Пэлія (Πελίας) і Нэлея (Νηλεύς). Пры тым, што адным з увасабленняў Пасейдона быў раз’юшаны бык (!). Уяўляе цікавасць і такі старагрэцкі сацыяльны тэрмін, як тыран (τύραννος), паходжанне якога невядомае (Chantraine 1146).

Значная частка кнігі А. Прохарава прысвечана выкладу яго ўласнай версіі паходжання і этнічнай атрыбуцыі зарубінецкай культуры (раздзел 8 „Кельты и зарубинцы”). Інтэнцыя аўтара — давесці амаль непасрэдную сувязь яе паўстання і распаўсюджвання на поўдні Беларусі і поўначы Ўкраіны з актыўнасцю кельтаў. Няма чаго і казаць — тэма Albaruthenica-Celtica мае чамусьці асаблівую прыцягальную сілу ў беларускіх інтэлектуальных колах[25]. Не абмінае „кельцкая аваба” і А. Прохарава (раздзел 7 „Неукротимые противники Рима”). У выніку 5 з 14 раздзелаў кнігі аказваюцца так ці іначай арганізаваныя вакол кельцкай тэмы.

У падтрымку гіпотэзы пра вызначальны ўплыў уласна кельтаў на складванне зарубінецкай культуры аўтар прыводзіць агромністы і разнастайны матэрыял. Абмяркоўваць яго колькі-колечы дэталёва няма тут ніякай магчымасці, тым больш што ў доказным асяродку знаходзяцца матэрыялы археалагічныя. Але некаторыя меркаванні, што да няўлічаных магчымасцяў, выказаць уяўляецца мэтазгодным.

Так, парадаксальнай здаецца амаль поўная адсутнасць імаверных лінгвістычных слядоў шчыльных кантактаў насельніцтва Прыпяцкага Палесся і Верхняга Падняпроўя з кельтамі, у тым ліку імаверных гідранімічных. Непараўнальна меншая па часе затрымка готаў на Палессі такія сляды пакінула (напрыклад, палеск. ваё, вае „стрыжань ракі” з гоц. alva „вада”, адкуль і назва легендарнай краіны Oium). Спіс славянскіх кельтызмаў, які прыводзіцца (193), да ўласна зарубінецкай культуры дачынення не мае. Кельцкія міфалагемы (раздзел 12 „Кельтские мифологемы”) таксама не маюць выразных палескіх працягаў.

Што да зарубінецкай культуры, то нам пэўна вядома, што яна фармуецца пад уздзеяннем моцных імпульсаў з паўночнага захаду (мяркуецца ясторфская культура) і шчыльна звязаная з паўднёвым захадам (культура Паянешці-Лукашэўка). Пры гэтым істотна, што паўстанне „латэнізаваных” культур не звязана з чыннасцю ўласна кельтаў[26]. Пад падазрэннем найперш германцы. І сапраўды ў зарубінецкіх старажытнасцях германскі ўплыў відавочны, у прыватнасці, з боку ясторфскай культуры Ютландыі (паводле У .Я. Яроменкі). Але ці ўва ўсіх без вынятку выпадках тут дзейнічалі самі германцы, гэта з пэўнасцю сказаць немагчыма. Іх прасоўванне ў Прыпяцкае Палессе і Верхняе Падняпроўе не фіксуецца тапанімічна. Ствараецца ўражанне, што этнонім бастарны, якому прысвечана адмысловая частка кнігі (раздзел 9), з’яўляецца хутчэй экзонімам, якім балканцы, або скіфы, або германцы назвалі нейкі новапаўсталы даволі моцны і ваяўнічы саюз плямёнаў. Гэты этнічны назоў, верагодна, звязаны з іран. basta- „пераплецены”, ст.-в.-ням. bast „лыка, валакно” (як матэрыял для вырабу вяровак i пад.), ст.-гр. (у Гесіхія) βаστά˙ύποδήματα.Ίταλιώται „сандаліі, падэшва, якая падвязваецца пад ногі” (Frisk 225). У лацінскай мове гэтым словам адпавядае fascis „звязка, пучок, вязанка”. Калі слушная гэтая этымалогія, то слова бастарны магло азначаць або „звяз, саюз”, або наогул „саюзнікі”. Саюзнікамі бастарны неўзабаве пасля іх з’яўлення на гістарычнай сцэне былі для македонскага цара Філіпа V і яго сына Персея найперш у барацьбе супраць Рыма. Адмоўныя канатацыі маглі развіцца пазней у сувязі з ваяўнічай жорсткасцю бастарнаў. Гэтак жа як слова таго самага кораня фашыст „сябра звязу” стала азначэннем нечалавечай жорсткасці наогул.

Кім бы ні былі бастарны з пачатку сваёй балканскай эпапеі, урэшце яны даволі рана падлеглі моцнай „балканізацыі”, пра што сведчыць яўны балканскі (фрака-ілірыйскі) рэчавы кампанент у пахавальных помніках зарубінцаў[27]. Але не выключана, што менавіта „балканізаваныя” бастарны пакінулі свае моўныя сляды на Беларусі. Маецца на ўвазе шэраг вылучных (заходне)балта-фрака-беларускіх ізаглос, якія далі падставы для акрэслення новага праблемнага поля — Albaruthenica-Baltica-Thracica[28]. Прывяду тут найбольш паказальныя прыклады.

Бел. панеўка, панаўка „пелька, тваністае месца ў рацэ”, безумоўна, звязана з прус. pannean „балота” і фрак. pan(i) „балота, твань” (з фракійскім апелятывам звязваюць назву Раппопіа).

Бел. капец „курган, магільны насып, насып са слупом як межавы знак”, літ. kãpas „магіла, могілкі”, kopà „дзюна, узгорак, схіл”, лат. kapa, kape „дзюна”, kaps „магіла”, фрак. kapas „узгорак, схіл”. Балцкія і беларускае словы звязаны з матывавальнымі дзеясловамі: лат. kāpt „уздымацца”, літ. kуpti „узыходзіць, уздымацца”, бел. капáць „узыходзіць” (балтызм; параўн. лат. (у тым ліку ў дайнах) kalnā kāpt „узыходзіць на гару” і бел. (толькі ў песнях) „Хто гэту гару капаў, / Чорну сцежачку таптаў”).

Бел. гíра, гíры „валасы, чупрына”, літ. girià „лес, пушча”, лат. dzira „лес”, фрак. kiri-, kira „гара, лес”. Беларускае слова ўяўляе метафарычны перанос.

Бел. маг. мірэчча, мярэчча „непралазнае балота, цяжкапраходнае месца”, чарн.-сум. палес. мерéч, мярéча „густыя кусты ў балоцістай нізіне”, укр. мороква „балота”, лат. mārks „сажалка на лузе”, літ. merkti „мачыць”, фрак. marka „балота; балоцісты край”. Таксама Мерачанка — прыток Нёмана і Ясельды.

Бел. пушча „густы, цяжкапраходны лес”, тое самае зах. i паўдн. рус., укр. і польск., літ. pušýnas „хваёвы лес” < pušìs „сасна”, фрак. pusinas „хваёвы лес”. Не звязана з пусты насуперак (Фасмер ІІІ, 416).

Бел. тарапá, тарпá, торп „укладка снапоў або дроў з прамежкамі паміж імі”, літ. tárpas „прамежак”, фрак. tarpas, terpas „зазор, прамежак”.

Бел. берасц. трачына „пілавінне”, трачуваты, трачкуваты „распілоўваць бервяно ўздоўж”, трачыты „пілаваць”, trãkas „прасека”. Літоўскае слова даўно было звязана з назвай краіны Thrakia (Фракія)[29]. Параўн. шматлікія тапонімы літ. Trakai і бел. Трацылава – чыгуначная станцыя блізу Талачына, Тракішкі ў Браслаўскім раёне, Тракелі, Тракенікі на Гарадзеншчыне, прозвішчы Трацэнка, Трацэўскі і да г. п.

Балканскі кампанент адпаведнікаў можна пашырыць за кошт бел. Орша (пачаткова назва рэчкі, цяпер Аршыца), прус. Arsio, Arse (назвы рэк), ілір. Arsiaрака ў Істрыі, а таксама Apσóviovгорад у Германіі (Ptol. 2.11.13), як мяркуецца, венета-ілірыйскага паходжання[30].

Але найбольш цікавым і дыягнастычным аказваецца бел. тураўск. бор „высокае месца”, таксама маг. бор „могілкі” (тое самае рус. наўгар., арх.). Звязана з фрак. bor- „гара”. Фракійскае слова паходзіць з і.-е. *Hegwr- „узгорак, гара”. Слав. borъ у значэнні „хваёвы лес” развілося на ўласна славянскай глебе як у літ. girià „лес, пушча”, лат. dzira „лес”, фрак. kiri-, kira „гара, лес”, балг. гора „лес”. Значэнне „могілкі” як у прыкладзе капец.

Такім чынам, маем у апошнім прыкладзе фракізм, які, калі прапанаваная вышэй этымалогія слушная, разам з Залатаміно Кармянскага раёна і, верагодна, в. Рудаміна Віленскага раёна могуць мець выключнае значэнне для прасвятлення характару сувязяў Балтыі і Фракіі.

У звязку з разгляданай тэмай Фракія ўяўляе не малую самастойную цікавасць[31]. Гэтыя сувязі сягаюць вельмі старажытных часоў і найперш былі звязаны з адкрыццём і функцыянаваннем Вялікага бурштынавага шляху[32]. З Балтыі бурштын трапляў у Малую Азію, Грэцыю, Егіпет. Так, бурштын быў выкарыстаны для аздаблення кароны фараона Тутанхамона. У Грэцыі бурштынавыя пацеркі сустракаюцца ў пахаваннях XVІІ-XIV ст. да н. э. Праведзены ў 1885 г. хімічны аналіз паказаў, што гэты бурштын мае менавіта балтыйскае паходжанне[33]. Бурштынавыя пацеркі згадвае Гамер у сваёй „Адысеі”. Але бурштын таксама часам вяртаўся на „гістарычную радзіму” ў выглядзе мастацкіх вырабаў або прадметаў культу. Так, у Сернае каля Клайпеды была знойдзена статуэтка хецкага бога Навальніцы, якая патрапіла ў Балтыю з Сірыі ці Анатоліі праз Грэцыю ў XIII ст. да н. э. Падобныя статуэткі вядомыя і ў Грэцыі і Тырынфе[34].

Паводле сведчання Тацыта, айстыі „адзіныя з усіх збіраюць бурштын, які яны самі называюць глезом. …У іх самых ён ніяк не выкарыстоўваецца; збіраюць яны яго ў натуральным выглядзе, дастаўляюць нашым купцам гэткім жа неапрацаваным і, на сваё здзіўленне, атрымліваюць за яго плату” (Tac. Germ. 45).

Бурштынавы гандаль быў на кароткі час перапынены ў часе Вялікага перасялення ў сувязі са спробамі гунаў Атылы ўзяць яго пад свой кантроль. Паход Атылы на Літву згадваюць: „Вугорска-польская хроніка”, знойдзеная ў пачатку ХІІ ст., вугорскі храніст ХІІІ ст. Сімон Кяжа, Марк Кальційскі ў „Вугорскіх паходах” (сярэдзіне XIV ст.)[35]. Сучасныя літоўскія гісторыкі лічаць паход гунаў у Літву вельмі верагодным[36], пра што, у прыватнасці, сведчаць трохрэбравыя наканечнікі стрэлаў, знойдзеныя ў 1992 г. на Кярнаўскім (р-н Шырвінтай) ахвярным гарадзішчы В. Шыменасам, і той факт, што бальшыня старых гарадзішчаў была спаленая ў сярэдзіне І тыс. н. э.[37] Магчыма, гэта былі качэўнікі акацыры, якія належалі да гунскай групы плямёнаў, яны былі паўднёва-ўсходнімі суседзямі балтаў айстыяў і, на думку В. Казакявічуса і Э. Гудавічуса, маглі забрыдаць на тэрыторыю сучаснай Літвы. Пасля паходу гунаў на балцкія землі частка мясцовых жыхароў магла быць уцягнутая ў калаўрот перасялення народаў[38].

Так, у старабеларускім перакладзе аповесці пра Атылу ў складзе Познаньскага зборніка (каля 1580 г.) паведамляецца: „…Атыля абы мог вѣдати што сѧ по всихъ краинахъ свѣта дѣєть, постановил на чотырох мѣсцах своихъ посты албо подводы, ωдну в Кольне, што ихъ зовуть Акгрыппина, другую въ Єдоре, мѣсте далматскомъ, третюю в Литфе, четвертую у Реки Танис, с тых мѣсцъ каждое мало не всего свѣта справы через ωтмѣненыє на мѣсцах своихъ посты до Сыкамбрыи до него доношоно, а ωн ωпѧть ωным всимъ волю свою ωзнаимовалъ”[39].

Але перапыненае ў часе Вялікага перасялення народаў функцыянаванне „янтарнага шляху” прыбалтыйскія айстыі (балты) паспрабавалі аднавіць ужо ў пачатку VI ст., пра што сведчыць іх перапіска з каралём готаў Тэадорыхам і іхныя пасольствы да яго.

Гэтымі кантактамі можа тлумачыцца такое падабенства паданняў пра заснаванне Малдаўскага княства і пра заснаванне Вільні, супастаўленыя А. Прохаравым у раздзеле 14 („Туровские предания”).

Гэтыя акалічнасці паказваюць, што ўжо з глыбокай старажытнасці павінны былі існаваць даволі мабільныя групы насельнікаў Паўднёвай і Паўднёва-Ўсходняй Прыбалтыкі, якія здзяйснялі далёкія гандлёвыя экспедыцыі. Але не выключана, што менавіта яны і ўтварылі выбітную культуру жалезнага веку — ясторфскую. Ці былі гэта вылучна германцы? Наўрад ці. Самланд, нізоўі Віслы і Ютландыя былі заўсёды даволі шчыльна звязаныя. Можна нават выказаць меркаванне, што германцы (магчыма, сулучна з кельтамі) кантралявалі заходняе адгалінаванне „бурштынавага шляху” (найперш на Апеніны), тады як айстыі — цэнтральнае адгалінаванне ў Карпата-Балканскі рэгіён. Усходняе адгалінаванне вяло ў Верхняе Падняпроўе і Павочча і яшчэ далей.

Сярод усіх балтаў найбольшай мабільнасцю вызначыліся галінды. Нездарма яны разам з судавамі першымі згадваюцца пад уласным імем ужо ў ІІ ст. н. э. у Пталемея. Толькі іх перасоўванні па Еўропе дакументуюцца тапанімічна[40]. Часта галінды нібы дублююць перасоўванні германцаў — вандалаў, бургундаў, але асабліва готаў. Яны і маглі быць „разносчыкамі” ясторфскіх артэфактаў па вялікім абшары Цэнтральнай і Ўсходняй Еўропы. Істотнае сведчанне Тацыта: „Што да правага ўзбярэжжа Свебскага мора, то тут ім абмываюцца землі, на якіх жывуць плямёны айстыяў, абрады і звычаі якіх свебскія, а мова — бліжэй да брытанскай” („Ergo iam dextro Suebici maris litore Aestiorum gentes adluuntur, quibus ritus habitusque Sueborum, lingua Britannicae propior”: Tac. Germ. 45).

Менавіта галінды маглі быць галоўным каталізатарам узнікнення зарубінецкай культуры, як гэта меркаваў В. Сядоў[41]. Бо толькі „зарубінецкім эпізодам” можа быць растлумачана паўстанне мошчынскай культуры голядзі Верхняга Павочча з выразнымі заходнебалцкімі рысамі. Але гэтая галіна галіндаў, не зазнаўшы кантактаў з балканцамі, не пакінула і адпаведных лінгвістычных слядоў.

Такім чынам, ідучы па слядах легенды аб князі Туры, удалося намацаць і іншыя пуцявіны, на якіх адкрыліся новыя, шматабяцальныя відалі.

На завяршэнне хацелася б пашкадаваць, што А. Прохараў з самага пачатку паспрабаваў адасобіць „тэкст Тура” ад „тэксту Рагвалода”. І не толькі таму, што з-пад увагі выпалі такія два буйныя этнакультурныя рэгіёны, як Балтыя і Германія (таксама і Фракія)[42]. А таму, што адасобіць гэтыя тэксты нельга, не парушаючы міфалогіку прымардыяльнага Падання.

А яно безварункава апавядае пра паходжанне, прынамсі, „пасляпатопных” пакаленняў ад аднаго з братоў блізнячай пары, у якой аднаму наканавана стаць першажрацом, а другому — першым смяротным і пасля смерці валадаром царства памерлых[43]. Блізнечная міфалогія істотна спрычынілася да паўстання ідэалогіі грамадстваў з дуальнай арганізацыяй, што і адлюстравалася ў эпасе, у тым ліку і ў матыве суперніцтва братоў, які разгортваецца ў такія сюжэты, як бойка пандаваў і каўраваў на полі Курукшэтра („Махабхарата”), змаганне іранцаў і туранцаў („Шахнамэ”), суперніцтва Колакса і Апра ў скіфаў (паводле Валерыя Флака), траянская вайна траянцаў і ахейцаў і да г. п. Але ўзаемаадносіны братоў не заўсёды набываюць драматычны характар. Індаеўрапейская міфалогія ведае і вельмі прыязныя адносіны паміж братамі-блізнятамі, як напрыклад, грэцкія Дыяскуры, прускія Відэвут і Брутэн, верагодна, скіфскія Пал і Нап, познія рускія Славен і Рус (сыны Скіфа), два з дванаццаці братоў у беларускім паданні „Палешукі і палевікі”[44] і г. д. У апошнім выпадку блізнечная міфалогія стаецца ідэалагічным падмуркам дыярхіі (двоеўладдзя), якую мы назіраем у Спарце, у Прусіі, у Вялікім Княстве Літоўскім (Альгерд і Кейстут, Ягайла і Вітаўт), нават у характарыстыцы канфедэрацыі: „Рэч Паспалітая абодвух народаў”.

Сляды гэтай архаічнай блізнечнай міфалогіі вельмі лёгка чытаюцца ў беларускім паданні пра паходжанне беларусаў ад Белаполя, сына князя Бая[45]. Аднак іх жа мы можам бачыць і ў летапісных паведамленнях пра паходжанне радзімічаў і вяцічаў ад братоў Радзіма і Вяткі, якія прыйшлі „ад ляхаў” (з Паўднёва-Ўсходняй Прыбалтыкі як галінды?). У святле гэтага можна з большым даверам паставіцца і да паведамлення „Усцюжскага летапісу” паводле „Архангелагародскага летапісца”, што „бе бо Роговолод пришел из-за морья, а брать его Тыры имяше Тиров”[46]. І гэта пры тым, што разгляданы А. Прохаравым „тэкст Тура” па сутнасці інкарпараваны ў „тэкст Рагвалода” (аповед пра забойства Рагвалода і яго сыноў наўгародскім князем Уладзімірам і гвалтоўную яго жаніцьбу з Рагнедай). Нельга ў кантэксце аўтарскай канцэпцыі праігнараваць і тое, што крыху на поўдзень ад Полацка мы знаходзім возера Туроўля і рэчку Тураўлянку, што ў наваколлі Янова возера з вядомымі культавымі комплексамі ёсць рэчка Турчанка і два пагоркі з назвай Турэц, на адным з якіх — гарадзішча жалезнага веку, што ў беларускай мове ёсць і адпаведны апелятыў турэц „хуткая частка плыні ракі, струмень” (параўн. снскр. turá „хуткі”). Апошняе цікава тым, што, паводле Тураўскага падання, рэчка, якая пазней, відаць, стала называцца Тур або Тураўлянка, даўней называлася Струмень. Фракійскае паходжанне апошняй назвы ў святле сказанага вышэй выключаць нельга (параўн. фрак. strumá, strumón „плынь, рака”).

На жаль, абраная А. Прохаравым „оптыка” прывяла да своеасаблівай „аберацыі блізкасці”, якая перашкодзіла яму паглядзець на беларускія матэрыялы не толькі як на прадмет, падлеглы інтэрпрэтацыі, але і як на падставу інтэпрэтацыі некаторых фактаў з дапісьмовай (легендарнай) гісторыі даўно зніклых культур.

A вось з заключнай высновай А. Прохарава — „самая важная выснова, якую можна зрабіць: вобраз летапіснага князя Тура — легендарны ці гістарычны — гэта не пачатак беларускай гісторыі, а вынік яе доўгага тысячагадовага папярэдняга гістарычнага развіцця, сімвал працяглага фарміравання яе традыцыйнай духоўнай культуры” (230) — нельга не пагадзіцца. Вышэй пададзеныя зацемы — гэта сціплая падзяка аўтару за спробу пастаноўкі пытання менавіта ў такой відалі.

Скарачэнні

Фасмер — Фасмер М. Этимологический словарь русского языка. Т. 1-4. Москва, 1986-1987.
ЭСБМ — Этымалагічны слоўнік беларускай мовы. Т. 1—10. Мінск, 1978-2005.
Chantraine — Chantraine P. Dictionnaire étymologique de la langue grecque: Histoire des mots. Vol. I-IV. Paris, 1968-1980.
Frisk — Frisk H. Griechisches etymologisches Wörterbuch. Bd. 1-3. Heidelberg, 1960-1972.
Pokorny — Pokorny J. Indogermanisches etymologisches Wörterbuch. Bd. 1. Bern — München, 1959.

Мовы і дыялекты

авест. — авестыйскае
анг. — ангельскае
арх. — архангельскае
асец. — асецінскае
балг. — балгарскае
бел. — беларускае
берасц. — берасцейскае
гамер. — гамераўскае
гоц. — гоцкае
зах.-балц. — заходнебалцкае
і.-е. — індаеўрапейскае
ілір. — ілірыйскае
інд.-іран. — індаіранскае
іран. — іранскае
ірл. — ірландскае
лат. — латышскае
лац. — лацінскае
лік. — лікійскае
літ. — літоўскае
лув. — лувійскае
лув. іер. — лувійскае іерагліфічнае
маг. — магілёўскае
малодшаавест. — малодшаавестыйскае
наўгар. — наўгародскае
нов.-в.-ням. — новаверхненямецкае
палеск. — палескае
польск. — польскае
праслав. — праславянскае
рус. — рускае
cкіф. — скіфскае
слав. — славянскае
снскр. — санскрыцкае
ст.-анг. — стараангельскае
ст.-в.-ням. — стараверхненямецкае
ст.-гр. — старагрэцкае
ст.-інд. — стараіндыйскае
ст.-іран. — стараіранскае
ст.-перс. — стараперсідскае
ст.-прус. — старапрускае
тураўск. — тураўскае
укр. — украінскае
фрак. — фракійскае
хатан. — хатанскае
хец. — хецкае
чарн.-сум. чарнігаўска-сумское


1 Гл.: Топоров В. Н. Об одном архаическом индоевропейском элементе в древнерусской духовной культуре — *svęnt- // Языки культуры и проблема переводимости. Москва, 1987. С. 184-252.
2 Сцяшковіч Т. Ф. Слоўнік Гродзенскай вобласці. Мінск, 1983.С. 125.
3 Гл.: Клімчук Ф. Д. Да пытання аб палеска-арыйскіх (інда-іранскіх) сувязях // Арэалогія: Праблемы і дасягненні. Тэзісы дакладаў міжнароднай навуковай канферэнцыі, Мінск, 25—27 траўня 1993 г. Мінск, 1993. С. 34-35.
4 Баюн Л. С. Фрако-анатолийские языковые связи в сравнительно-исторической перспективе // Античная балканистика. Москва, 1987. С. 5.
5 Moore C. H. On the Origin of the Taurobolium // Harvard Studiesin Classical Philology. 1906. Vol. 17. P. 43-48.
6 Трубачев О. Н. О синдах и их языке // Вопросы языкознания. 1976. № 4; Трубачев О.Н. Лингвистическая периферия древнейшего славянства. Индоарийцы в Северном Причерноморье // ВЯ. 1977. № 6. С. 13-31; Трубачев О. Н. Indoarica в Северном Причерноморье. Источники. Интерпретация. Реконструкция // ВЯ. 1981. № 2. С. 3-21; Трубачев О. Н. INDOARICAв Северном Причерноморье. Москва, 1999.
7 Гл., у прыватнасці: Kosambi D. D. The Vedic “Five Tribes” // Journal of the American Oriental Society. 1967. Vol. 87. No. 1. Р. 33-39; Murthy S. S. N. The Questionable Historicity of the Mahab-harata // Electronic Journal of Vedic Studies (EJVS). 2003. Vol. 10. No. 5. P. 1-15.
8 Kosambi D. D. The Vedic “Five Tribes”… P. 34.
9 Тамсама. P. 38.
10 Параўн. „звярыны звычай маюць” у „Аповесці мінулых гадоў” удачыненні да паўночных (!) суседзяў цывілізаваных палянаў.
11 Гл.: Bloomfield Maurice. A Vedic Concordance. Baltimore, 1906.
12 Витчак К. Т. Cкифский язык: опыт описания // ВЯ. 1992. № 5.С. 58.
13 Scherer A. Gestirnnamen bei den indogermanischen Völkern. Heidelberg, 1953. S. 61-62; Витчак К. Т. Cкифский язык. С. 57.
14 Грушевський М. Історія України-Руси. Т. I. Розд. III. Киïв,1913.
15 Іловайский Д. Разысканія о началѣ Руси. Москва, 1882. С. 68.
16 Golb N., Pritsak O. Khazarian Hebrew Documents of the TenthCetntury. Ithaca; London, 1982. P.54. Гл. таксама: Топоров В. Н.Об иранском элементе в русской духовной культуре // Славянский и балканский фольклор. Реконструкция древней славянской духовной культуры: источники и методы. Москва, 1989.С. 30.
17 Гл., напр.: Tilak В. The Arctic Home in the Vedas. Bombay, 1903;Бонгард-Левин Г. M., Грантовский Э. А. От Скифии до Индии.Древние арии: мифы и история. Москва, 1983.
18 Зімовыя песні. Мінск, 1975. С. 422.
19 Віцьбіч Ю. Плыве з-пад Сьвятое Гары Нёман. Рэпрынтнае выданне. Мінск, 1995. С. 35.
20 Валачобныя песні. Мінск, 1989. N 34.
21 Beekes R. S. P. The Origin of the Etruscans // Mededelingen van de Afdeling Letterkunde. Deel 66. No. I. P. 49.
22 Beekes R. S. P. The Origin of the Etruscans. P. 10.
23 Lincoln B. The Indo-European Myth of Creation // History of Religions. 1975. Vol. 15. No. 2. P. 121-145.
24 Chrimes K. M. T. Herodotus and the Reconstruction of History //The Journal of Hellenic Studies. 1930. Vol. 50. Part 1. P. 89-98.
25 Гл., напр.: Жлутка А. Пра магчымасць і перспектывы кельцкай этымалогіі назваў „Русь” і „Літва” // Belarus ― Ěire = Belarus ― Ireland = Беларусь ― Ірландыя = Беларусь ― Ирландия: Матэрыялы навуковага семінара „Беларуска-ірландскія гістарычна-культурныя сувязі” (Мінск, 1999). Мінск, 2000. С. 25-35.
26 Еременко В. Е. Процесс латенизации археологических общностей позднего предримского времени Восточной Европы и сложение зарубинецкой культуры. Автореф. … канд. ист. наук. Ленинград, 1990.
27 Еременко В. Е. Процесс латенизации археологических общностей…; Рассадзін С. Землі амаль невядомыя: Будучая Беларусьпаводле антычных манускрыптаў. Мінск, 1996.
28 Дзермант А., Санько С. Этнагенез беларусаў: навука і ідэалогія // Arche. 2005. № 5. С. 252-253.
29 Rimša V. Trakų-baltų leksikos bendrybės (pagal dabartinių Ваікаnų kalbų medziaga) // Leksikos ir sintaksės klausimai. Šiauliai, 1974. L. 72-73.
30 Feist Sigmund. The Origin of the Germanic Languages and theIndo-Europeanising of North Europe // Language. 1932. Vol. 8.No. 4. P. 248.
31 На жаль, тут няма магчымасці запыніцца на кульце быка ўФракіі, але ён займаў цэнтральнае месца ў фракійскім дыянісізмеi арфізме.
32 Гимбутас М. Балты. Люди янтарного моря. Москва, 2004.
33 Тамсама. С. 65.
34 Тамсама.
35 Gudavičius E. “Lietuvos” vardas XI a. — XX a. I pusės šaltiniuose// MADA. 1983. T. 3(84). P. 82.
36 Kazakevičius V. Baltų-hunų ryšių liudininkė // Muziejai ir paminklai. Vilnius, 1983. T. 5. P. 59-62; Gudavičius E. Baltų gentys V-VIII amžiuje. Rašytiniai šaltiniai apie to meto baltus // Lietuvių etnogenezė. Vilnius, 1987. P. 126.
37 Šimėnas Valdemaras. Legenda apie Videvutį ir Brutenį (legendos šaltinių lausimu) // Prūsijos kultūra. Vilnius, 1994.
38 Тамсама.
39 Веселовский А. Н. Из истории романа и повести. Вып. 2. Славяно-романский отдел // Сборник отделения русского языка исловесности Императорской Академии наук. Т. 44. №3. С.-Петербург, 1888. Приложение. С. 216.
40 Топоров В. Н. Галинды в Западной Европе // Балто-славянскиеисследования. 1982. Москва, 1983. С. 129-140.
41 Седов В. В. Голядь // Iš baltų kultūros istorijos. Вильнюс: Diemedis, 2000. С. 75-84.
42 У аспекце сакралізацыі княскай улады цікавасць уяўляюць літ. taurà, taurýbė, taurùmas ‘шляхетнасць, крывічэслівасць (ад ‘чэснай крыві’ або ‘гонар крывёю (паходжаннем)’, не ад крывічоў)’, taurùs ‘шляхетны, крывічэслівы’, taurúoti ‘мець поспех, квітнець’ пры taũras ‘тур; бык, бычок’, taurė ‘кубак, бакал’ (< ‘рог’). Рагатыя шаломы вікінгаў, верагодна, маюць тое самае сімвалічнае і магічнае значэнне, што і рагатыя шаломы фракійцаў, і інш.
43 Lincoln B. The Indo-European Myth of Creation // History of Religions. 1975. Vol. 15. No. 2.
44 Легенды і паданні. Мінск, 1983. С. 79.
45 Санько С. Бай // Беларуская міфалогія: Энцыклапедычны слоўнік. Мінск, 2006. С. 39-41; Санько С. Стаўры і Гаўры // Беларуская міфалогія. С. 488—489.
46 Полное собрание русских летописей. Т. 37. Устюжские и вологодские летописи XVI—XVIII вв. Ленинград, 1982. С. 61.

Наверх

Станіслаў Рудовіч. Кім быў Вацлаў Іваноўскі

Снежня 18, 2007 |


Туронак Юры. Вацлаў Іваноўскі і адраджэнне Беларусі. Мінск: Медысонт, 2006. — 180 с., [16] с. іл.

Працы па гісторыі Беларусі польскага даследчыка беларускага паходжання Юрыя Туронка набылі вядомасць на радзіме яго бацькоў у канцы 1980-х — пачатку 90-х г. Апрача шэрагу артыкулаў, у 1993 г. у Мінску ў перакладзе на беларускую мову была выдадзена доктарская манаграфія Ю. Туронка „Беларусь пад нямецкай акупацыяй”. Вядома, не ўсе пагаджаліся з падыходамі і высновамі даследчыка. Але бясспрэчна, што на фоне тагачаснай айчыннай гістарыяграфіі, якая толькі пачынала выкарасквацца з-пад савецкага ідэалагічнага кантролю, публікацыі д-ра Туронка выгодна вылучаліся і смелым выбарам тэматыкі, і выкарыстаннем масы недаступных для савецкіх гісторыкаў крыніц, i дасканалай методыкай іх аналізу, якая дазваляла аўтару нават пры абмежаванасці дакументальнай базы атрымліваць максімум цікавай інфармацыі. Кідалася ў вочы і яшчэ адна ўласцівасць творчай манеры гісторыка: не ўтойваючы сваіх сімпатый да беларускай ідэі і яе рупліўцаў, даследчык тым не менш не парушаў прынцыпу навуковай аб’ектыўнасці, непрадузята і часам даволі крытычна ацэньваў многія знакавыя падзеі і постаці беларускай гісторыі, разбураючы тым самым шэраг устаялых стэрэатыпаў не толькі падсавецкай, але і альтэрнатыўнай ёй эмігранцкай гістарыяграфіі.

У цэнтры навуковых зацікаўленняў Ю. Туронка — палітычная і культурная гісторыя Беларусі першай паловы XX ст. А свайго роду стрыжнёвай постаццю гэтага перыяду, вакол якой так ці інакш абарачаюцца многія даследаваныя аўтарам сюжэты, выступае адзін з пачынальнікаў беларускага нацыянальнага руху, кнігавыдавец, навуковец і педагог Вацлаў Іваноўскі (1880-1943 г.). Паводле сведчання самога даследчыка, вывучэннем гэтага деяча ён заняўся з сярэдзіны 1970-х г. На працягу наступнага дзесяцігоддзя ў польскім друку з’явіліся некалькі прысвечаных яму артыкулаў, якія ўрэшце склаліся ў асобную манаграфію „Вацлаў Іваноўскі і адраджэнне Беларусі”. Упершыню яна выйшла па-польску ў Варшаве ў 1992 г. У Беларусі ў 90-я г. былі перакладзены i надрукаваны ў часопісах толькі асобныя фрагменты гэтай кнігі. І вось нарэшце ў 2006 г. беларускі чытач атрымаў магчымасць на роднай мове азнаёміцца з кнігай цалкам, прычым адразу ў двух варыянтах: у выглядзе асобнага выдання, выпушчанага мінскім выдавецтвам „Медысонт”, а таксама ў складзе капітальнага зборніка твораў Ю. Туронка „Мадэрная гісторыя Беларусі”, падрыхтаванага ў Вільні Інстытутам беларусістыкі[1]. Пераклад у мінскім выданні ажыццёўлены Яўгеніяй Ждановіч, у віленскім жа зборніку прозвішча перакладчыка гэтай працы (як і ўсіх астатніх) не пазначана. Не маючы намеру параўноўваць абодва пераклады, заўважым толькі, што ў многіх момантах яны досыць істотна адрозніваюцца адзін ад аднаго. Нашы развагі будуць грунтавацца галоўным чынам на выданні „Медысонта”.

На пачатку рэцэнзаванага даследавання робіцца спроба выявіць вытокі нацыянальнай самаідэнтыфікацыі маладога Вацлава Іваноўскага як беларуса — нетыповай для прадстаўніка паланізаванай шляхецкай эліты Літоўска-Беларускага краю. Сенсацыйнасць такога рашэння Вацлава яшчэ больш падкрэслівалася тым, што яго старэйшы брат Юры, a потым і самы малодшы Станіслаў вызначыліся як палякі, а яшчэ адзін з братоў Іваноўскіх Тадэвуш стаў літоўцам. Гэты фенаменальны факт — дэклараванне роднымі братамі сваёй прыналежнасці да розных нацыянальных супольнасцяў — па сутнасці стаў своеасаблівай мікрамадэллю, якая нібы ў кроплі вады адлюстравала гістарычна абумоўлены працэс распаду колішняй палітычнай і культурнай цэласнасці, што існавала ў межах былога Вялікага Княства Літоўскага. Пры гэтым выбар Юрыя, як піша аўтар кнігі, не вымагаў інтэлектуальнага напружання, бо быў лагічным працягам культурнай паланізацыі сям’і. Тадэвуш, хоць і праявіў волю адысці ад традыцыйнага паланафільства, меў магчымасць абаперціся на дваццацігадовы шлях літоўскага нацыянальнага руху і выпрацаваную ў яго рамках першапачатковую праграмную канцэпцыю. Вацлаў жа, вызначаючы сябе беларусам, не меў такога апірышча, бо беларускі рух на мяжы ХІХ-ХХ ст. заставаўся яшчэ „з’явай эфемернай i амаль незаўважнай” (29). На думку Ю. Туронка (праўда, не падмацаваную дакументальна), выбіраючы беларускасць, Вацлаў Іваноўскі якраз і ставіў перад сабой надзвычай амбіцыйную для ў той час яшчэ гімназіста мэту: стварыць гэты рух праз абуджэнне гістарычнай памяці, фармаванне ідэйнай канцэпцыі і актыўную арганізацыйную працу. Зрэшты, у літаратуры выказана і менш узнёслае тлумачэнне тагачаснай пазіцыі В. Іваноўскага. Яна звязваецца з яго захопленасцю ідэяй паяднання інтэлігенцыі з сялянскімі масамі дзеля ўздыму іх агульнай і палітычнай культуры (паводле ўзору расійскага народніцтва або ўкраінскага „хлопаманства”). А паколькі на радзіме Іваноўскіх — у Лідскім павеце — большасць насельніцтва складалі сяляне-каталікі, якія размаўлялі па-беларуску, выбар Вацлава на карысць беларускасці выглядаў даволі лагічным[2].

Энергічная арганізацыйная дзейнасць Вацлава Іваноўскага на беларускай ніве пачалася пасля паступлення яго ў 1899 г. у Пецярбургскі тэхналагічны інстытут, дзе ўжо вучыўся старэйшы брат Юры. Дзякуючы Юрыю, які на гэты час стаў прыкметнай асобай у Польскай партыі сацыялістычнай (ППС), з польскімі сацыялістамі завязаў кантакт i Вацлаў. Ахвотна выкарыстоўваючы арганізацыйныя і выдавецкія магчымасці ППС, зацікаўленай у абуджэнні антыцарскіх настрояў сярод народаў былой Рэчы Паспалітай, В. Іваноўскі ўсё ж не пагадзіўся на ролю паслушнай крэатуры гэтай польскай партыі, а стаў на шлях стварэння ўласна беларускай палітычнай арганізацыі. Праведзенае Ю. Туронкам надзвычай скрупулёзнае даследаванне наяўных (вельмі нешматлікіх) крыніц дазволіла аўтару ўнесці яснасць у даволі заблытанае пытанне аб вытоках першай нацыянальнай беларускай партыі. У кнізе паказана, што адлік яе гісторыі пачынаецца прыблізна на пачатку 1902 г. стварэннем намаганнямі В. Іваноўскага нелегальнай арганізацыі пад назвай Беларуская рэвалюцыйная партыя (БРП). Праўда, як прызнае даследчык, БРП не з’яўлялася партыяй у поўным сэнсе гэтага слова. Яна была хутчэй студэнцкім гуртком, дыскусійным клубам, у якім распрацоўвалася канцэпцыя беларускага нацыянальнага адраджэння, выкладзеная ў дзвюх вядомых публікацыях БРП: адозве „Да інтэлігенцыі” (апрацаванай В. Іваноўскім сумесна з іншым студэнтам тэхналагічнага інстытута Лявонам Малецкім) і газеце „Свабода” (якую Іваноўскі рыхтаваў разам з некалькімі паплечнікамі, у тым ліку Іванам Луцкевічам і Алаізай Пашкевіч — Цёткай, што з’явіліся ў Пецярбургу ў 1902 г.; праўда, адзіны набраны нумар газеты не ўдалося распаўсюдзіць, а давялося знішчыць). Паводле Ю. Туронка, у гэтых дакументах былі сфармуляваны „пастулаты нацыянальнай рэвалюцыі”: гадаванне беларускай народнай інтэлігенцыі і антыцарысцкая барацьба, але не на шляху сепаратысцкіх тэндэнцый, пракламаваных ППС, а ў саюзе з расійскімі рэвалюцыйнымі коламі ў напрамку здзяйснення рэвалюцыі ў Расіі і дэмакратызацыі грамадскага жыцця гэтай дзяржавы (42).

Так ці інакш, стварэннем Беларускай рэвалюцыйнай партыі быў пакладзены пачатак арганізаванаму змаганню за нацыянальную эмансіпацыю беларусаў, якое ўжо нікому не ўдалося спыніць нават самымі жорсткімі мерамі на працягу ўсяго ХХ ст. Аднак БРП праіснавала нядоўга. Іван Луцкевіч з братам Антонам, якія да прыезду ў Пецярбург ужо мелі досвед беларускай нацыянальнай дзейнасці ў Менску, выявілі больш радыкальныя, бунтарскія настроі і пачалі дыстанцыявацца ад схільнага да паступовай, „арганічнай” культурніцкай працы Іваноўскага. Вынікам рознагалоссяў, як устанавіў Ю. Туронак, стаў раскол у канцы 1903 г. БРП на дзве новыя нелегальныя арганізацыі: Беларускую рэвалюцыйную грамаду (БРГ) на чале з Луцкевічамі і Круг беларускай народнай прасветы і культуры пад кіраўніцтвам Іваноўскага.

3 гэтага моманту Вацлаў засяроджваецца на выданні беларускіх кніг і дэманструе ў гэтай справе нязвыклую энергію, вынаходлівасць, камерцыйныя і, урэшце, канспіратыўныя здольнасці. У канцы 1903 і на пачатку 1904 г. пад маркай Круга выходзяць два нелегальныя зборнікі беларускіх мастацкіх тэкстаў: „Калядная пісанка” і „Велікодная пісанка”. Амаль адначасова з дазволу ўладаў былі выдадзены зборнік вершаў Янкі Лучыны „Вязанка” (цэнзуры яе прадставілі як кнігу на балгарскай мове) і перадрук некаторых фальклорных твораў, сабраных этнографам П.В. Шэйнам, пад назвай „Казкі”. Але планы Іваноўскага па выданні беларускай літаратуры сягалі далёка за межы Пецярбурга і нават Расійскай імперыі. Аўтар рэцэнзаванай кнігі ўстанавіў выключна цікавы факт, з акалічнасцямі якога беларускія даследчыкі не маглі разабрацца цэлых восемдзесят гадоў. Аказваецца, прыцягнуўшы да справы студэнта Політэхнічнага інстытута ў Варшаве Мар’яна Фальскага і студэнта Ягелонскага універсітэта ў Кракаве Сцяпана Багушэўскага, Іваноўскі здолеў арганізаваць выпуск чатырох беларускіх кніжак у адной з кракаўскіх друкарняў, г. зн. на тэрыторыі Аўстра-Венгерскай імперыі. «І потым, — як выказаўся Ю. Туронак у адным інтэрв’ю, — праз „зялёную граніцу” — нелегальна — яны шмуглявалі ўсе гэтыя кніжкі ў Беларусь»[3]. У выніку з ініцыятывы Іваноўскага на працягу толькі двух гадоў (1903-1904) у Пецярбургу і Кракаве выйшла ў свет восем друкаваных беларускіх выданняў, г. зн. амаль столькі, кольта было выпушчана ў Расійскай імперыі за чатыры дзесяцігоддзі пасля паўстання 1863-1864 г.

Тым часам на фоне расійска-японскай вайны ў грамадстве нарастала незадаволенасць, што прывяло ў студзені 1905 г. да выбуху Першай расійскай рэвалюцыі. Ва ўмовах грамадскага ўздыму, паводле сведчання А. Луцкевіча, абедзве плыні беларускага руху — культурніцкая і рэвалюцыйная — зліліся ў адно рэчышча[4]. Ю. Туронак разумее пад гэтым чарговае збліжэнне паміж В. Іваноўскім і Луцкевічамі і звязвае з дадзеным фактам з’яўленне на палітычнай арэне новай беларускай арганізацыі — Беларускай сацыялістычнай грамады (БСГ). Хоць большасць сучасных гісторыкаў услед за А. Луцкевічам лічаць, што БСГ прыйшла на змену БРГ у канцы 1903 г., Ю. Туронак шляхам супастаўлення аўтэнтычных дакументаў прыходзіць да высновы, што найверагодней адбылося гэта пазней — у кастрычніку 1904 г. (65).

Рэвалюцыя адкрывала перад партыямі новыя магчымасці для палітычнай дзейнасці: арганізацыі масавых акцый (мітынгаў, забастовак і г. д.), вуснай і друкаванай прапаганды, публіцыстыкі, нарэшце, выбарчай барацьбы ў сувязі са стварэннем у Расійскай імперыі першага парламента — Дзяржаўнай думы. Значнай актыўнасцю ў гэтых накірунках вызначалася і БСГ. Вялікай асабістай заслугай В. Іваноўскага, на думку аўтара кнігі, быў яго ўдзел у наладжванні друкаванай партыйнай прапаганды. Толькі за 1905 г. БСГ выдала больш за 20 адозваў на беларускай мове, але пакуль што ў друкарнях ідэйна блізкіх ёй іншых партый (ППС, літоўскіх і расійскіх сацыял-дэмакратаў). У1906 г. БСГ запусціла ў Менску ўласную друкарню, а ў Пецярбургу—сваё нелегальнае выдавецтва „Грамада”. Паводле сцвярджэння А. Луцкевіча, на якое абапіраецца д-р Туронак, агульны наклад адозваў і брашур БСГ у гэты перыяд даходзіў да соцень тысяч асобнікаў. Што датычыць іншых напрамкаў партыйнай працы ў час рэвалюцыі 1905-1907 г., то ўдзел у гэтых справах В. Іваноўскага не выглядае са старонак кнігі настолькі прыкметным, як гэтага можна было б чакаць ад аднаго са стваральнікаў і лідэраў беларускага адраджэнцкага руху. Не ўдзельнічаў ён у менскім з’ездзе БСГ у канцы 1905 г. (бо ў ЦК быў выбраны завочна), як, напэўна, і ў віленскай канферэнцыі партыі ўлетку 1906 г. Значыць, наўрад ці можна залічыць яго ў аўтары праграмных i тактычных установак БСГ. Мы не бачым яго сярод арганізатараў забастовак і прамоўцаў на мітынгах. Відавочна, не было ў яго амбіцый да барацьбы за дэпутацкі мандат у Дзяржаўнай думе і г. д. Як сведчаць матэрыялы кнігі, найбольш блізкай сферай для яго заставалася асветніцтва, імкненне ўзняць культурны ўзровень народа.

Разгортванню беларускай культурна-асветніцкай дзейнасці паспрыяў тактычны крок у палітыцы царызму на заходніх ускраінах імперыі — зняцце ў снежні 1904 г. абмежаванняў на выкарыстанне ў друку мясцовых моваў, у т. л. беларускай. Якімі б разлікамі ўлады пры тым ні кіраваліся, гэта дазволіла пачаць выданне ў Вільні легальных беларускіх газет („Нашай Долі”, „Нашай Нівы”, пазней — каталіцкай газеты „Bielarus”), першых часопісаў па-беларуску. У Пецярбургу ж у 1906-1914 г. з непрадбачаным поспехам ажыццяўляла на першы погляд, здавалася б, безнадзейную справу беларуская кнігавыдавецкая суполка „Загляне сонца i ў наша ваконца”. У савецкай гістарыяграфіі і літаратуразнаўстве па прычыне ідэалагічнага табу на імя В. Іваноўскага прыярытэт у заснаванні і кіраўніцтве суполкай прыпісваўся вядомаму ў Пецярбургу дзеячу бібліятэчнай справы, педагогу і беларускаму культурніку Б. Эпімаху-Шыпілу. Юры Туронак на падставе грунтоўнага аналізу наяўных дакументаў пераканаўча даказаў, што арганізатарам і нязменным старшынёй суполкі да 1913 г. быў менавіта В. Іваноўскі, а Эпімах-Шыпіла ў якасці сябра праўлення (прычым з перапынкам) больш уплываў на выпрацоўку тэматычнай праграмы выдавецтва[5]. Адкрыла гэтую праграму выданне ў 1906 г. „Беларускага лемантара” (у лацінскім і кірылічным варыянце), што само па сабе было ўспрынята тагачаснай грамадскай думкай як бяспрыкладная падзея — з’яўленне беларускага нацыянальнага фактару на арэне, дзе да таго часу „дамінавалі і сутыкаліся польскія і расейскія культурныя ўплывы” (68). Усяго за гады існавання суполка „Загляне сонца…” выдала 38 навучальных, мастацкіх, навукова-папулярных і сцэнічных твораў, прычым накладам некаторых з іх (3000, 4000 і нават 6000 асобнікаў) могуць пазайздросціць і многія сучасныя беларускамоўныя выданні. Сярод іншых пецярбургская суполка выдала чатыры з сямі кніжак Янкі Купалы, што выйшлі да Першае сусветнае вайны. Пад уражаннем ад гэтага факта Ю. Туронак ставіць у заслугу Вацлаву Іваноўскаму, што той „адкрыў свету найвялікшага прарока беларускага адраджэння — Янку Купалу” (9), хоць не будзем забываць, што ўсё ж такі першаму выступленню паэта ў друку паспрыяў яшчэ ў 1905 г. Уладзімір Самойла. Але не выклікае пярэчання выснова аўтара, што Іваноўскі „ўзняў на нечуваны ўзровень” беларускае кнігавыданне і тым самым даў моцны імпульс гадаванню нацыянальных кадраў — навукоўцаў, культурніцкіх, а ў перспектыве — і палітычных дзеячаў (77).

У 1913 г. па не вельмі зразумелых прычынах перспектыўны вучоны ў галіне хімічнай тэхналогіі (да гэтага часу В. Іваноўскі стаў доктарам тэхнічных навук, дацэнтам Пецярбургскага тэхналагічнага інстытута) і ўдачлівы беларускі кнігавыдавец нечакана пакідае сталіцу імперыі і пераязджае ў правінцыйную на той час у параўнанні з Пецярбургам Вільню. Тут яго і заспявае Першая сусветная вайна — падзея, якая апроч іншых каласальных наступстваў мела кардынальна перайначыць гістарычны лёс Беларусі і беларусаў. Імкнучыся захаваць лаяльнасць падданых на заходніх ускраінах імперыі ва ўмовах хуткага набліжэння нямецкіх войскаў, царызм пайшоў на некаторую змену акцэнтаў у сваёй нацыянальнай палітыцы ў бок далейшай лібералізацыі. Адной з праяваў „новага курсу” ў беларускім пытанні, на думку Ю. Туронка, быў дазвол на стварэнне Беларускага таварыства дапамогі пацярпелым ад вайны — нароўні з такімі ж арганізаванымі структурамі іншых нацыянальнасцяў (палякаў, габрэяў, літоўцаў і інш.). Паводле статута, таварыства мела права весці дабрачынную працу ва ўсіх беларускіх губернях, а старшынёй праўлення гэтай фактычна першай легальнай агульнабеларускай арганізацыі стаў В. Іваноўскі. Аднак аўтар яўна перабольшвае ступень афіцыйнай падтрымкі беларускай арганізацыі, бо яе фінансаванне з боку ўладаў было ў сотні i тысячы (!) разоў меншым, чым фінансаванне аналагічных таварыстваў іншых нацыянальнасцяў, і на гэтым фоне выглядала проста мізэрным[6]. Як і раней, расійскія ўлады працягвалі ў гады вайны максімальна стрымліваць нацыятворчую тэндэнцыю ў асяроддзі беларусаў. Варта нагадаць хаця б перапыненую спробу З. Жылуновіча і Э. Будзькі наладзіць у канцы 1916 г. выданне ў Петраградзе беларускіх газет „Дзянніца” і „Swietač”, якія з-за фінансавых цяжкасцяў і цэнзурных ганенняў зачыніліся на сёмых нумарах. Таму калі В. Іваноўскі і сапраўды рабіў стаўку на супрацоўніцтва з Расіяй у будаванні самастойнай Беларусі, як сцвярджае (без спасылкі на крыніцу) аўтар кнігі (87), то наўрад ці гэты разлік быў абгрунтаваным. Але менавіта такой пазіцыяй Іваноўскага тлумачыцца ў кнізе яго выезд у 1915 г. — з набліжэннем да Вільні кайзераўскіх войскаў — на ўсход: спачатку ў Арол, а потым у Петраград. В. Іваноўскі быў не адзіным з беларускіх дзеячаў, хто эвакуяваўся ў Расію: у Арле кампанію яму складалі Я. Купала і Л. Дубейкаўскі, у Петраградзе ж з пачатку 1916 г. дзейнічала Беларускае таварыства па аказанні дапамогі пацярпелым ад вайны, актывістамі якога былі Ф. Абрантовіч, З. Жылуновіч, Ф. Будзька, Б. Эпімах-Шыпіла, Ч. Родзевіч, Б. Тарашкевіч і многія іншыя выбітныя асобы. Але Беларускае таварыства ў Петраградзе было самастойнай арганізацыяй, а не аддзяленнем віленскага, як лічыць д-р Туронак (87). Старшынёй яго камітэта быў Лявон Сеўрук, і В. Іваноўскаму яно ні фармальна, ні фактычна не падпарадкоўвалася. Больш за тое, дакументы петраградскага таварыства не фіксуюць хоць бы нейкага дачынення Іваноўскага да яго дзейнасці.

Невыразнай выглядае заангажаванасць героя кнігі ў беларускіх справах і пасля Лютаўскай рэвалюцыі 1917 г. У Беларускі нацыянальны камітэт, арганізаваны ў Менску ў сакавіку 1917 г., ён быў выбраны завочна, у працы Беларускай сацыялістычнай грамады адзін з яе колішніх заснавальнікаў, падобна, удзелу тады не прымаў наогул. Ю. Туронак тлумачыць такую пасіўнасць вельмі нечакана: быццам Іваноўскі пераканаўся ў адмоўным стаўленні Часовага ўрада да ідэі самастойнасці Беларусі і таму палічыў любыя намаганні ў гэтым кірунку бессэнсоўнымі. Натуральна, расійскія ўрады князя Г. Львова, а потым А. Керанскага не збіраліся расчляняць імперыю на асобныя дзяржавы і тым больш даваць незалежнасць Беларусі. Аднак сама палітычная сітуацыя, небывала дэмакратычная атмасфера, якая склалася ў краіне пасля падзення царызму, як ніколі спрыяла разгортванню „знізу” розных палітычных, грамадскіх, культурніцкіх ініцыятыў — у тым ліку накіраваных на пашырэнне і ўмацаванне нацыянальнай самасвядомасці шматлікіх народаў Расіі. Гэтай унікальнай сітуацыяй паспяшаліся максімальна скарыстацца актывісты нацыянальных рухаў, сярод іх — і беларускія дзеячы. Тым часам В. Іваноўскі, як прызнае аўтар кнігі, у „гэтай гульні” ўдзелу не прымаў, ён толькі „чакаў” і „назіраў за агоніяй Часовага ўрада” (89-90).

Як высвятляецца (праўда, зноў без дакументальнага пацвярджэння), свае надзеі на вырашэнне беларускага пытання В. Іваноўскі звязваў… з праграмай бальшавіцкай партыі (90). Таму яго палітычная дзейнасць, паводле назірання аўтара, пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі актывізавалася. Іваноўскі адыграў пэўную ролю ў падрыхтоўцы адной з вехавых падзей беларускага нацыянальнага руху — Усебеларускага з’езда ў снежні 1917 г. Яго прозвішча фігуруе ў парадку дня з’езда ў якасці аднаго з дакладчыкаў (разам з А. Уласавым) па пытанні „Эканамічная разруха і аднаўлен не гаспадарчага і эканамічнага жыцця краю”[7]. Аднак з-за разгону з’езда на загад Савета народных камісараў Заходняй вобласці і фронту гэты даклад так і не прагучаў.

Паводле вызначэння Ю. Туронка, у сувязі з разгонам Усебеларускага з’езда бальшавікамі ўзнік першы сур’ёзны крызіс даверу сярод беларускіх дзеячаў, зарыентаваных на Савецкую Расію. Другі крызіс быў выкліканы падпісаннем Брэсцкай мірнай дамовы, у якой праблема самавызначэння Беларусі ігнаравалася. Імкненне прадухіліць прадугледжаны дамовай падзел Беларусі з’явілася адным са стымулаў абвяшчэння ў сакавіку 1918 г. у Менску Беларускай Народнай Рэспублікі. Аднак В. Іваноўскі не ўдзельнічаў у гэтым гістарычным акце, паколькі ўсё яшчэ знаходзіўся ў Петраградзе, г. зн. быў аддзелены ад Беларусі расійска-нямецкай дэмаркацыйнай лініяй. Толькі пад канец красавіка ён здолеў прабрацца праз гэтую мяжу і атрымаць інфармацыю пра палітычнае становішча ў акупаванай немцамі Беларусі. Тым не менш нават і тады, пасля абвяшчэння незалежнасці БНР, паводзіны Іваноўскага не вызначаліся палітычнай актыўнасцю. Аўтар тлумачыць гэта тым, што той не пазбыўся яшчэ цалкам прарасійскай арыентацыі і лічыў памылковымі разлікі дзеячаў БНР на падтрымку з боку Германіі, чыя параза ў вайне станавілася ўсё больш відавочнай. Толькі пасля таго, як у кастрычніку 1918 г. быў сфармаваны кабінет міністраў БНР з прадстаўнікоў левых партый на чале з сацыял-дэмакратам А. Луцкевічам, Іваноўскі ўвайшоў у склад урада ў якасці міністра асветы. Адзін з вынікаў яго дзейнасці на гэтай пасадзе — арганізацыя Менскага Беларускага педагагічнага інстытута (фактычна першай вышэйшай навучальнай установы ў гісторыі Менска ўвогуле і ў гісторыі Беларусі ў ХХ ст.).

Фармаванне дзеячамі БНР сацыялістычнага ўрада д-р Туронак ацэньвае як спробу падрыхтаваць умовы для ўтварэння пасля паражэння Нямеччыны ў вайне і адыходу з Беларусі нямецкіх войскаў урадавай кааліцыі з прадстаўнікамі бальшавіцкай партыі з тым, каб захаваць беларускую дзяржаўнасць — калі не ў форме незалежнай, то хоць бы савецкай рэспублікі. У гэтым кантэксце ў рэцэнзаванай кнізе паўтараецца версія (запушчаная калісьці эмігранцкім гісторыкам А. Адамовічам і ўзноўленая беларускім савецкім акадэмікам І. Ігнаценкам) аб паездцы ў лістападзе 1918 г. А. Луцкевіча ў Маскву і яго адпаведных перамовах з Леніным. Але гэтая версія заўсёды выклікала сумненні ў асяроддзі навукоўцаў. Сёння, грунтоўна прааналізаваўшы крыніцы і агульнапалітычную сітуацыю апошніх месяцаў 1918 г., прафесар Р. Лазько паказаў, што такога візіту А. Луцкевіча ў Маскву не было, а паездка дэлегацыі Рады БНР на чале з Т. Грыбам і яе перамовы з Я. Свярдловым аб прызнанні незалежнасці Беларусі не прынеслі поспеху, паколькі да канца снежня нават ідэя ўтварэння савецкай рэспублікі ў беларускіх этнічных межах не ўпісвалася ў бальшавіцкі курс на сусветную пралетарскую рэвалюцыю[8].

Па сутнасці, такой жа непрымальнай гэтая ідэя заставалася для бальшавікоў і пазней. Дык навошта тады ленінскі ўрад усё ж такі пайшоў на рубяжы 1918-1919 г. на абвяшчэнне БССР, каб літаральна праз паўмесяца пачаць крокі па яе ліквідацыі? На гэтае пытанне, што даўно хвалюе даследчыкаў, Ю. Туронак знаходзіць, магчыма, найбольш дасціпны і даволі праўдападобны адказ. Ён піша: „Справа ў тым, што гэтыя захады (стварэнне і амаль адначасовае скасаванне БССР. — С. Р.) дазвалялі не толькі справіцца з вырашэннем знешнепалітычных задач, але і давалі савецкім уладам немалую ўнутраную карысць. Цяпер, калі БCCР ужо „існавала”, можна было ажыццявіць ленінскі план яе ліквідацыі рукамі „суверэнных” рэспубліканскіх органаў, ад імя вольнага беларускага народа. Ад імя гэтага народа замыкаліся беларускія школы, ліквідаваліся ўсе беларускія газеты і часопісы, выцяснялася з грамадскага ўжытку беларуская мова” (96-97).

У такой атмасферы ў траўні 1919 г., калі з захаду па тэрыторыі Беларусі ўжо рухаліся польскія войскі, В. Іваноўскі быў арыштаваны савецкімі органамі і перавезены ў смаленскую турму. На жаль, у кнізе не сказана, у чым абвінавачвалі яго бальшавікі. Але вызвалены ён быў у верасні таго ж года ў рамках дамовы па абмену палітычнымі зняволенымі з польскім урадам. А тым часам польскія войскі 8 жніўня занялі Менск і праз месяц прыпынілі сваё прасоўванне на лініі рэк Дзвіна — Бярэзіна — Пціч. Пабываўшы ў Варшаве, Іваноўскі ў канцы 1919 г. вярнуўся ў Менск і засяродзіўся на культурна-асветніцкай („канкрэтнай”, паводле вызначэння аўтара) працы: з сакавіка 1920 г. стаў рэктарам педагагічнага інстытута, спрыяў адкрыццю беларускіх гімназій і пачатковых школ, вышукваў у польскіх уладаў субсідыі на выдавецкую і тэатральную дзейнасць. Што датычыць яго палітычнай пазіцыі, то ў адпаведнасці з аўтарскай канцэпцыяй можна казаць пра крызіс яго ранейшага светапогляду, зарыентаванага на падтрымку Расіі ў будаванні Беларусі. Канчатковы ўдар па такіх надзеях быў нанесены гатоўнасцю ленінскага ўрада, выказанай у перамовах з палякамі, адмовіцца на карысць Польшчы ад занятых Пілсудскім беларускіх зямель і тым самым пазбыцца беларускай праблемы. Для Беларусі гэта азначала б падзел яе тэрыторыі і перакрэслівала б перспектыву пабудовы дзяржавы на ўсім этнічным абшары. Тым не менш, В. Іваноўскі фактычна застаўся ўбаку ад дзейнасці арганізацыі, для якой захаванне цэласнасці Беларусі з’яўлялася найважнейшым пастулатам — Рады Беларускай Народнай Рэспублікі. Пасля яе расколу ў снежні 1919 г. Іваноўскі аказаўся блізкім да Найвышэйшай Рады БНР, якая імкнулася рэалізаваць ідэю беларуска-польскай федэрацыі, аднак афіцыйна ў гэтую структуру не ўвайшоў. Такое становішча дазваляла яму пазіцыянаваць сябе як самастойнага палітычнага дзеяча, што знаходзіцца па-над спрэчкамі, але ацэнка яго аўтарам кнігі як “галоўнай асобы” ў беларускім руху, „для якой немагчымых рэчаў не існавала” (102), выглядае ўсё ж перабольшаннем. І таму выбар яго Пілсудскім у якасці асноўнага партнёра для перамоваў аб урэгуляванні польска-беларускіх адносінаў быў абумоўлены хутчэй не столькі яго палітычнай „цяжкавагавасцю”, колькі даўнімі кантактамі з ППС ды рэпутацыяй памяркоўнага і дастаткова лаяльнага да палякаў дзеяча. Можна меркаваць, што на перамовах у Менску ў сакавіку 1920 г. з польскай дэлегацыяй (яе ўзначальваў віцэ-міністр замежных спраў Л. Васілеўскі) В. Іваноўскі як кіраўнік беларускай дэлегацыі не выяўляў асаблівай напорыстасці. Ва ўсякім разе, падпісаны дэлегацыямі выніковы дакумент не ўтрымліваў ніякіх абавязанняў Польшчы адносна беларускай дзяржаўнасці, a змяшчаў толькі абяцанне выдаткаваць пэўныя субсідыі (траціну запрошанай сумы) на беларускія сацыяльна-культурныя патрэбы, прычым іх выкарыстанне павінна было абмяжоўвацца тэрыторыяй Меншчыны. Са свайго боку, беларускія прадстаўнікі згадзіліся падтрымаць Польшчу ў яе патрабаванні да Расіі аб неўмяшанні ў справы зямель на захад ад мяжы 1772 г. У інтэрпрэтацыі д-ра Туронка разлік Іваноўскага і яго паплечнікаў пры гэтым быў на тое, што рэалізацыя гэтага патрабавання адновіць цэласнасць Беларусі і дазволіць у перспектыве паставіць пытанне аб раўнапраўнай польска-беларускай федэрацыі.

Аднак ваенныя падзеі лета — восені 1920 г. (выцясненне Чырвонай арміяй польскіх войскаў з Беларусі, а потым новае наступленне палякаў і заняцце імі толькі заходняй часткі краю) перакрэслілі такую перспектыву. Надзеі на ажыццяўленне федэралісцкай канцэпцыі (ва ўрэзаным выглядзе) некалькі ажывіліся пасля абвяшчэння генералам Л. Жалігоўскім т. зв. Сярэдняй Літвы, якая бачылася федэралістам у складзе трох нацыянальных кантонаў — Віленскага (польскага), Менскага (беларускага) і Ковенскага (літоўскага) — злучанай у перспектыве з Польшчай на прынцыпе федэрацыі. Не выключана, што менавіта падобныя надзеі прывялі В. Іваноўскага ў кастрычніку 1920 г. у склад урада Сярэдняй Літвы ў якасці дырэктара дэпартамента сацыяльнага забеспячэння. Аўтар кнігі дапускае, што В. Іваноўскі разлічваў перш за ўсё на далучэнне Меншчыны да Сярэдняй Літвы ў якасці аднага з запланаваных кантонаў. Аднак паводле польска-савецкіх пагадненняў у Рызе большая частка Меншчыны засталася на савецкім баку (а інспіраванае Пілсудскім выступленне генерала С. Булак-Балаховіча, закліканае скарэктаваць гэтыя пагадненні, закончылася няўдачай), і такім чынам „ідэя беларускага кантона была пахаваная” (с. 106). З іншага боку, упартае супраціўленне літоўскага войска не дазволіла генералу Жалігоўскаму далучыць да сваёй „камічнай дзяржавы” (106) і Ковенскую Літву. Федэратыўная праграма аказалася цалкам перакрэсленай, і В. Іваноўскі напрыканцы снежня 1920 г. падаў у адстаўку.

Баланс яго дзейнасці ў ваенныя гады ацэньваецца аўтарам кнігі як няўдалы. Нацыянальны патэнцыял беларусаў для стварэння самастойнай дзяржавы аказаўся занадта слабы, а надзеі на федэрацыю Беларусі з Расіяй ці з Польшчай былі развеяны падзелам беларускіх земляў паводле Рыжскага міру 1921 г. У выніку В. Іваноўскі ўпаў у „нацыянальную апатыю” і амаль на два дзесяцігоддзі адышоў практычна ад усіх грамадскіх спраў, якія мелі хоць нейкі выхад на палітыку.

Восенню 1922 г. ён пачаў працаваць у Варшаўскай політэхніцы як загадчык кафедры тэхналогіі ферментацыі харчовых прадуктаў. Зацікаўлены чытач знойдзе ў адпаведным раздзеле кнігі д-ра Туронка падрабязныя звесткі пра тэматыку навуковых даследаванняў прафесара В. Іваноўскага, характарыстыку яго як таленавітага і клапатлівага педагога, інфармацыю пра арганізатарскую дзейнасць на прафесійнай ніве, а таксама пра вядзенне ўласнай гаспадаркі. У асабістым жыцці, як сведчаць прыведзеныя ў кнізе факты, прафесар не адчуваў сябе шчаслівым: першы шлюб, узяты з Сабінай Ячыноўскай у 1905 г., распаўся ў гады Першай сусветнай вайны, але і новая сям’я, створаная ў 1920 г. з Лігіяй Федаровіч, таксама аказалася нетрывалай. Як сведчыць аўтар, сямейнікі яго не разумелі і з іроніяй ставіліся да яго беларускай самаідэнтыфікацыі і дзейнасці: маўляў, на самай справе Вацлаў — паляк, і толькі выдумляе, што ён беларус (117). Відавочна, такая сямейная атмасфера таксама не спрыяла грамадскаму энтузіязму і спрычынілася да палітычнай пасіўнасці Іваноўскага ў міжваенныя гады. Інакш кажучы, яго бяздзейнасць на беларускай грамадска-палітычнай ніве ў гэты час магла быць выклікана асабістымі і псіхалагічнымі прычынамі, а не толькі рацыянальнай ацэнкай ім сітуацыі як безнадзейнай для беларускай справы, на чым настойвае аўтар рэцэнзаванай кнігі.

Нечаканае „абуджэнне” В. Іваноўскага ад палітычнай апатыі адбылося з пачаткам Другой сусветнай вайны. Апошні перыяд яго жыцця і пошукі ім свайго месца ў новай сітуацыі — бадай, найбольш складаныя для разумення і не паддаюцца адназначным характарыстыкам. У верасні 1939 г. у разгар бітвы за Варшаву Вацлаў пакінуў сталіцу Польшчы і накіраваўся на ўсход — на Вільню (у адрозненне ад брата Юрыя, які з асноўным патокам польскай палітычнай эміграцыі выехаў у Заходнюю Еўропу). Як і многія папярэднія яго ўчынкі, гэты крок можна каментаваць па-рознаму. Д-р Туронак выбірае прычыну найбольш высакародную і адпаведную агульнай канцэпцыі даследавання. Аўтар прыводзіць аповед (атрыманы, між іншым, праз другія рукі) аднаго былога студэнта Іваноўскага, які ўвосень 1939 г. выпадкова сустрэў прафесара ў Вільні і на пытанне „Што вы тут робіце, прафесар?” пачуў адказ: „Чакаю выезду ў Менск, каб будаваць Беларусь, бо вы ж ведаеце, што я беларус. Хачу быць у цэнтры падзеяў” (127).

У Вільні В. Іваноўскі зблізіўся з вядомым беларускім палітыкам, мовазнаўцам і гісторыкам Янкам Станкевічам на глебе агульнай ацэнкі сітуацыі і прагнозу далейшай хады ваенна-стратэгічных падзей. Абодва дзеячы лічылі непазбежным напад гітлераўскай Нямеччыны на СССР, а значыць — акупацыю немцамі Беларусі. Аднак Нямеччына не зможа адолець Савецкі Саюз. Урэшце абедзве таталітарныя імперыі знясіляць адна адну, і арганізатарамі пасляваеннага ўладкавання ў Еўропе стануць заходнія саюзнікі. Паколькі іх зацікаўленасць у стварэнні беларускай дзяржавы стаяла пад пытаннем, вынесці беларускую праблему на міжнародную арэну было магчыма толькі ў пары з праблемай аднаўлення Польшчы. Для гэтага абодва дзеячы спадзяваліся праз супрацоўніцтва з польскім патрыятычным падполлем устанавіць кантакт з польскім эміграцыйным урадам і дамагчыся пагаднення з ім аб будучай федэрацыі Польшчы і Беларусі як дзвюх незалежных дзяржаў. Адной з умоваў згоды палякаў на такі саюз аб’ектыўна з’яўлялася дастатковая моц і ўплывовасць беларускага нацыяналізму. Для росту яго сілы і меркавалася выкарыстаць будучую акупацыю Беларусі немцамі і іх верагодны курс на расчляненне Савецкага Саюза па нацыянальных межах з утварэннем у тым ліку і падкантрольнай гітлераўцам беларускай адміністрацыйна-палітычнай адзінкі. (Некаторыя выказванні Гітлера ў 1940-1941 г., праўда, наўрад ці вядомыя беларускім дзеячам, маглі даваць падставу для такіх спадзяванняў.)

Кіруючыся такімі разлікамі, у лістападзе 1941 г. В. Іваноўскі пераехаў у акупаваны Менск і заняў пасаду намесніка бургамістра, а з чэрвеня 1942 г. — бургамістра. Афіцыйна ў кола яго абавязкаў уваходзіла вырашэнне гаспадарчых і побытавых праблем, задавальненне элементарных культурных патрэб насельніцтва. Паводле ўспамінаў Язэпа Найдзюка, які на працягу года жыў разам з Іваноўскім на адной кватэры, „яго найвялікшым імкненнем была арганізацыя якога-колечы жыцця ў горадзе, каб людзі не галадалі” (137). Пад кіраўніцтвам гарадской управы на чале з Іваноўскім у Менску працавалі 16 пачатковых школ, гарадскі тэатр, этнаграфічны музей. Менскі бургамістр здолеў наладзіць добры кантакт з генеральным камісарам Беларусі В. Кубэ, які дзеля ўмацавання акупацыйнага рэжыму і ў мэтах барацьбы з камуністычным падполлем і савецкім партызанскім рухам гатовы быў даволі далёка пайсці ў саступках беларускаму нацыяналізму. З яго санкцыі быў створаны шэраг беларускіх грамадскіх арганізацый, а таксама ўзначалены В. Іваноўскім Камітэт даверу як дарадчы орган пры генеральным камісары. Ю. Туронак лічыць, што актывізацыя беларускага нацыяналізму ў канчатковым выніку супярэчыла інтарэсам гітлераўскай вярхушкі, але ўмацоўвала нацыянальную самасвядомасць беларусаў.

Апошняя акалічнасць павінна была спрыяць рэалізацыі ідэі В. Іваноўскага і Я. Станкевіча аб польска-беларускім супрацоўніцтве. Аўтар кнігі сабраў і прааналізаваў унікальны матэрыял аб канспіратыўных кантактах Іваноўскага са структурамі польскай Арміі Краёвай (АК) і прадстаўнікамі лонданскага эміграцыйнага ўрада. Гэтыя кантакты падтрымліваліся як непасрэдна (ён уладкаваў на працу ў Менскай гарадской управе агентаў польскага падполля В. Будкевіча і Г. Ліпінскую; адначасова ва ўправе працаваў і будучы прэзідэнт Польскай Народнай Рэспублікі Б. Берут), так і праз створаную Я. Станкевічам канспіратыўную Партыю беларускіх нацыяналістаў (ПБН), якая ў студзені 1943 г. правяла ў Варшаве перамовы з прадстаўнікамі Галоўнага камандавання АК і дэлегатуры лонданскага ўрада. Аднак поспеху на перамовах дасягнуць не ўдалося. Каменем сутыкнення паміж беларусамі і палякамі стала тэрытарыяльнае пытанне: беларускія дэлегаты імкнуліся да захавання цэласнасці Беларусі ў этнічных межах, польскія ж прадстаўнікі ўпарта адстойвалі межы Польшчы паводле Рыжскага міру 1921 г. Такой была і афіцыйная пазіцыя эмігранцкага ўрада, выказаная прэзідэнтам Рачкевічам у навагоднім выступленні. Для В. Іваноўскага гэта азначала правал яго разлікаў на падтрымку Польшчай справы беларускай дзяржаўнасці.

Неўзабаве ўдар па гэтых разліках быў нанесены і з другога боку. У верасні 1943 г. менскія падпольшчыкі забілі генеральнага камісара Беларусі В. Кубэ, з якім, на думку Іваноўскага, мела сэнс супрацоўнічаць у інтарэсах беларускай справы. Пераемнік Кубэ — камандзір СС і паліцыі К. фон Готберг „глядзеў на беларускае пытанне як на выдумку салонных палітыкаў” (с. 157). Апрача таго, пасля смерці Кубэ ў Менск вярнуўся спрытны палітычны інтрыган Р. Астроўскі, які ў 1941 г. не змог увайсці ў давер да тагачаснага генеральнага камісара, але здолеў паразумецца з Готбергам і стаў прэтэндаваць на першае месца ў калабаранцкіх структурах. Але фармальна гэтае месца як старшыня Камітэта даверу займаў В. Іваноўскі. Каб пазбавіцца ад яго, агенты Астроўскага з ведама і згоды нямецкай паліцыі арганізавалі ўзброены замах, у выніку якога 7 снежня 1943 г. В. Іваноўскі памёр. Падставай для такой інтэрпрэтацыі служыць аўтару кнігі выступленне К. Готберга ў Берліне ў Міністэрстве акупаваных усходніх абшараў, дзе ён яшчэ за два тыдні да гэтай трагічнай падзеі паведаміў пра яе і падкрэсліў, што замах выканаюць самі беларусы.

Дык кім жа быў для гісторыі Беларусі Вацлаў Іваноўскі? На жаль, у кнізе д-ра Туронка адсутнічае падсумаванне, у якім аўтар сам сфармуляваў бы адказ на гэтае пытанне. Ва ўсякім разе, здаецца, што Іваноўскі „не цягне” на ролю постаці нумар адзін у беларускім руху, як гэта часам спрабуе сцвердзіць аўтар на старонках кнігі. Для лідэрскай ролі Іваноўскаму часта бракавала паслядоўнасці, палітычнай прадбачлівасці і актыўнасці. Больш за тое, як прызнае сам аўтар даследавання (праўда, не ў кнізе, а ў адным з інтэрвію), „Іваноўскі не быў палітыкам”[9]. Ён быў таленавітым вучоным, а таксама энергічным арганізатарам практычных спраў, сярод якіх найважнейшай лічыў пашырэнне беларускай асветы як сродку фармавання нацыянальнай самасвядомасці — адзінага трывалага фундамента будучай дзяржаўнай незалежнасці.

Мінск

Станіслаў Рудовіч


1 Туронак Ю. Мадэрная гісторыя Беларусі. Вільня: Інстытут беларусістыкі, 2006. — 877 с.
2 Донских С. В. Проблема национальной идентификации братьев Ивановских в контексте этнических процессов в Западной Беларуси на рубеже ХІХ— ХХ вв. // Этносоциальные и конфессиональные процессы в современном обществе. Гродно, 2000. С. 190-195.
3 Туронак Ю. Мадэрная гісторыя Беларусі. С. 258.
4 Луцкевіч А. Да гісторыі беларускага руху: Выбраныя творы. Мінск, 2003. С. 38.
5 Як ні парадаксальна, „Энцыклапедыя гісторыі Беларусі” ў апошнім томе (Т. 6. Кн. 2. Мінск, 2003. С. 267) і цяпер паўтарае старую савецкую версію, не зважаючы нават на тое, што яна супярэчыць інфармацыі, пададзенай раней у гэтым жа выданні (Т. 3. С. 394, 466).
6 Гл.: Рудовіч С. Рух бежанцаў у гады Першай сусветнай вайны праз Беларусь: этнанацыянальныя аспекты //Актуальныя праблемы гісторыі Беларусі: стан, здабыткі і супярэчнасці, перспектывы развіцця. Ч. 2. Гродна, 2003. С. 136-138.
7 НА РБ, ф. 325, воп. 1, спр. 2, арк. 118.
8 Лазько Р. “Перагаворы” Антона Луцкевіча ў Маскве як міф беларускай гістарыяграфіі // Беларускі гістарычны часопіс. 2007. № 4. С. 9-14.
9 Туронак Ю. Мадэрная гісторыя Беларусі. С. 263.

Наверх

Наталля Гардзіенка. Плагіят і прафанацыя гісторыі беларускай дыяспары

Снежня 17, 2007 |


Беларуская дыяспара: нарысы гісторыі і сучаснага стану / М.М. Бацян [і інш.]. Мінск, 2006. — 160 с.

Беларускае эміграцыязнаўства апошніх гадоў зведала істотныя змены: усё больш даследчая актыўнасць пераносіцца з эмігранцкіх асяродкаў у метраполію, у працах усё часцей з’яўляюцца праблемы, не звязаныя выключна з эміграцыйнай літаратурай, усё больш уводзіцца ў навуковы зварот раней невядомых дакументаў і матэрыялаў. Разам з тым, у беларускім эміграцыязнаўстве пераважаюць галіновыя працы, прысвечаныя пэўнай краіне, сферы дзейнасці, асобе. У выніку разуменне агульнай гісторыі беларускай эміграцыі i яе сучаснага стану губляецца, адыходзіць на другі план. Менавіта таму з’яўленне абагульняльнага выдання, прысвечанага беларускай дыяспары, выглядае як падзея унікальная, вартая асаблівай увагі і адзнакі. Некалі манаграфія „Беларуская эміграцыя” Барыса Сачанкі стала своеасаблівым адпраўным пунктам эміграцыязнаўства ў метраполіі, i пасля яе не выдавалася больш сістэматызацыйных даследаванняў, дзе б былі прадстаўлены разам найбуйнейшыя беларускія асяродкі ў свеце.

3 гэтага гледзішча з’яўленне кнігі „Беларуская дыяспара: Нарысы гісторыі і сучасны стан” асабліва важнае, тым больш што яе стваральнікі М.М. Бацян, А.П. Вярцінскі, І.М. Кузняцоў, Л.В. Лойка, А.М. Сіроцкі выкладаюць адмысловы курс „Беларуская дыяспара”, уведзены на факультэце міжнародных адносінаў БДУ ў 1997 г. (гэта адзіны падобны курс, які чытаецца ў вышэйных навучальных установах Беларусі).

Складанасці стварэння абагульняльнай працы, прысвечанай замежжу, палягаюць у тым, што аўтары мусяць быць добра абазнаныя ў абставінах жыцця беларускай грамады ў розных краінах, каб мець магчымасць рабіць абгрунтаваныя высновы, каб стварыць у чытача адэкватнае ўяўленне пра развіццё эміграцыйных працэсаў у свеце з удзелам беларусаў.

На жаль, новае выданне засведчыла якраз адсутнасць у яго складальнікаў адпаведных уяўленняў пра гісторыю і сучаснасць беларускай дыяспары, асабліва ў дачыненні да краінаў г. зв. далёкага замежжа.

Першае, што кідаецца ў вочы чытачу „Беларускай дыяспары”, пазначанай як „навукова-папулярнае выданне”, — гэта поўная адсутнасць спасылак. У кнізе пададзена вялікая колькасць статыстычных і фактычных звестак, крыніцы атрымання якіх застаюцца для чытача невядомымі. Побач з гэтай акалічнасцю дзіўна гучыць адна з фразаў пры самым канцы кнігі: „…асобныя тэмы Нарысаў, як высвятляецца, добра распрацаваны іншымі даследчыкамі, таму творчы калектыў палічыў рацыянальным шырока выкарыстаць іх вынікі ў дадзенай публікацыі. Гэта тычыцца публікацый Аляксандра [чамусьці замест Алега. — Н.Г.] і Наталлі Гардзіенкаў, Р. Гарэцкага, А. Мальдзіса, Г. Сяргеевай, А. Ціхамірава”(152). Такім чынам, пры адсутнасці спасылак чытачу немагчыма аддзяліць у кнізе аўтарскі тэкст выкладчыкаў з факультэта міжнародных адносінаў ад „шырокага выкарыстання вынікаў” працы іншых даследчыкаў.

Кніга складаецца з уводзінаў, трынаццаці сэнсавых раздзелаў і бібліяграфіі. У тэксце„Уводзіны: дыяспара, эміграцыя, радзіма” (4-10) робіцца спроба вырашыць некаторыя тэрміналагічныя складанасці ў выкарыстанні паняццяў „дыяспара” і „эміграцыя”, акрэсліць асаблівасці стаўлення дзяржавы да беларусаў за мяжой ды спецыфіку гісторыі беларускай эміграцыі. Пры гэтым нельга не заўважыць, што з сямі старонак, якія займаюць „Уводзіны” ў кнізе, тры ўяўляюць сабою кавалак тэксту даклада Алега Гардзіенкі „Беларуская дыяспара. Сучасныя праблемы і перспектывы”[1], зробленага на ІV з’ездзе беларусаў свету. І на сапраўднае аўтарства няма аніякіх спасылак. Адзіная фраза, дададзеная да арыгінальнага зместу даклада, праўда, прыводзіць да ўзнікнення блытаніны ў размежаванні паняццяў „замежжа” — „эміграцыя” — „дыяспара”, бо побач з „беларускім замежжам” уводзіцца аналагічны тэрмін „сусветная беларуская дыяспара”, і розніцу паміж імі вызначыць з кантэксту надзвычай складана.

Першы раздзел кнігі „Гістарычныя карані беларускай дыяспары” (11-22) уяўляе сабою выкладанне гісторыі падзелаў беларускіх земляў і эміграцый, у выніку якіх нашы суайчыннікі ў розныя часы апыналіся па-за межамі беларускай дзяржавы. Даволі кароткі і крыху сумбурны гістарычны нарыс кампіляцыйнага характару (на падставе звестак з тэкстаў Галіны Сяргеевай, Вітаўта Кіпеля, Аляксандра Ціхамірава), тым не менш, акрэслівае асноўныя этапы беларускай эміграцыйнай гісторыі. Для ілюстрацыі працоўнай эміграцыі з беларускіх земляў на ўсход у ХІХ ст. прыводзіцца нават урывак верша рускага паэта Мікалая Някрасава „Чыгунка” з апісаннем беларуса. Праўда, нявырашанай застаецца праблема эміграцыі часоў Другой сусветнай вайны, а дакладней характарыстыка гэтай хвалі. Называючы яе „палітычнай эміграцыяй”, аўтар тэксту гэтага раздзела (не пазначаны, зрэшты, як і аўтары іншых) адносіць сюды „калабарантаў, тых, хто ў гады Вялікай Айчыннай вайны супрацоўнічаў на тэрыторыі Беларусі з акупацыйнымі ўладамі” (20). Іх складаюць: „члены Беларускай Цэнтральнай Рады, галоўнага штаба Саюза Беларускай моладзі (які насамрэч называўся „кіраўнічы штаб”. — Н.Г.), Беларускай Аўтакефальнай царквы (незразумела, ці маецца на ўвазе выключна кіраўніцтва, ці ўсе вернікі. — Н.Г.), атрадаў Беларускай краёвай абароны” (20). Акрамя таго, да палітычнай эміграцыі залічваюцца (са спасылкай на стаўленне Савецкай улады) остарбайтэры і савецкія ваеннапалонныя. Аднак незразумела, чаму не згаданыя ў якасці часткі эміграцыі з Беларусі часоў вайны звычайныя жыхары пераважна Заходняй Беларусі, што ўцякалі ад „выгодаў” Савецкай улады; яны, уласна, і склалі аснову тае эміграцыйнае хвалі.

У тэксце раздзела — блытаніна з адной з нешматлікіх аформленых цытатаў (няаўтарскі тэкст вылучаны курсівам, аднак спасылкі на крыніцу няма). Аўгену Калубовічу прыпісваецца выказванне пра людзей, „якія з болем пакідалі Радзіму і разбягаліся па белым свеце толькі таму, што бесперспектыўнасць беларускай нацыянальнай працы пры Саветах была ім вядома даўно” (21), якое насамрэч належыць Ларысе Геніюш. Прычына недакладнасці палягае ў тым, што з арыгінальнага тэксту Галіны Сяргеевай[2], выкарыстанага ў гэтым кавалку раздзела, выпаў адзін сказ са згадкай аўтарства Ларысы Геніюш ды спасылкай на публікацыю ў часопісе „Маладосць” (1990, N 3)[3].

Раздзел „Беларуская дыяспара ў Расіі” (23-30), у адрозненне ад тэкстаў, прысвечаных іншым краінам, не мае гістарычнай часткі і распавядае выключна пра сучасны стан мясцовай беларускай дыяспары. Гэта тым больш дзіўна, што менавіта гісторыя беларускіх перасяленняў у Расію больш-менш прадстаўлена ў беларускай эміграцыязнаўчай літаратуры, у тым ліку ў некаторых публікацыях, прыведзеных у „Бібліяграфіі” пры канцы кнігі. На самым пачатку тэксту пра беларусаў у Расіі заўважаецца некаторая супярэчнасць. Прыведзеная колькасць беларусаў у гэтай краіне, паводле звестак апошняга перапісу (810 тыс. асобаў), каментуецца такім чынам: „…згодна з падлікамі старшыні Маскоўскага клуба беларусаў А. Кандыбы, у Расіі пражывае больш двухмільёнаў чалавек, якіхможна аднесці да беларускай дыяспары” (23). Аднак без дакладнай спасылкі немагчыма высветліць, дзе і пры якіх абставінах А. Кандыба выказаў сваё меркаванне адносна колькасці беларусаў, i ацаніць магчымасці і верагоднасць яго падлікаў. Незразумелым застаецца і тое, што ў дадзеным выпадку ўкладваецца ў сэнс паняцця „дыяспара”. Тут існуе супярэчнасць з тэкстам „Уводзінаў”, адкуль вынікала, што паняцце „дыяспара” вузейшае за паняцце „эміграцыя”, бо сюды, па-першае, немагчыма ўключаць тых, хто сам сябе не лічыць беларусамі (а таму не адзначаны ў перапісе), а таксама тых, хто не ўваходзіць у больш-менш арганізаваную нацыянальную грамаду (што вельмі часта датычыць кароткатэрміновай працоўнай эміграцыі). Такім чынам, згаданая заўвага адносна колькаснай характарыстыкі беларускай дыяспары ў Расіі толькі дэзарыентуе чытача.

Раздзел „Адметнасці беларускай дыяспары ва Украіне” (31-35), невялікі памерам, падае асноўныя этапы стварэння і характарыстыкі галоўных беларускіх арганізацый у згаданай краіне. Варта адзначыць, што раздзел даволі схематычны і павярхоўны. Хоць існуе няшмат адмысловых даследаванняў, прысвечаных Украіне, прыведзеных тут звестак недастаткова нават на фоне нераспрацаванасці тэмы. У той жа час у даведніку „Хто ёсць хто сярод беларусаў свету” прысвечаны Ўкраіне матэрыял выглядае значна паўнейшым і больш сістэматызаваным.

Аналагічную заўвагу можна зрабіць і ў дачыненні да тэксту наступнага раздзела „Беларусы ў Малдове” (36-39), дзе гісторыя стварэння грамады пераважна сфакусавана на савецкіх часах. Сам жа раздзел заснаваны на звестках некалькіх артыкулаў зборніка канферэнцыі „Белорусы в Молдове”[4].

Тэксты наступнага раздзела „Беларуская дыяспараў краінах Балтыі” (40-52) схематычна акрэсліваюць часы першых пасяленняў беларусаў у гэтых краінах, асноўныя этапы існавання тут беларускай грамады, сучасныя нацыянальныя суполкі ды іх дзейнасць. Самыя асноўныя звесткі пра сучасныя беларускія арганізацыі ў Казахстане, Кыргызстане ды Узбекістане складаюць асобны раздзел „Беларускія абшчыныў Цэнтральнай Азіі”(53-59). Усе згаданыя тэксты носяць пераважна апавядальны характар, без абагульнення і аналізу агульных тэндэнцый жыцця беларускіх дыяспар у тым ці іншым рэгіёне.

На гэтым фоне адметны раздзел „Беларусы ў Польшчы” (60-79), дзе ў якасці асобных частак вылучаюцца: гістарычны экскурс, прававы статус беларускай меншасці, сацыяльна-экнамічнае становішча, палітычныя прыхільнасці, сацыяльнае светаадчуванне, беларускія школы, культурна-мастацкая дзейнасць і сувязі з этнічнай Радзімай. Сваёй стылістыкай і структурай тэкст выбіваецца з папярэдніх і ставіць лагічнае пытанне, чаму паводле аналагічнай схемы не разгледжаны іншыя асяродкі беларускай дыяспары.

Неабходна заўважыць, што ўсе згаданыя тэксты, прысвечаныя краінам „блізкага замежжа”, раней увайшлі ў адмысловы даклад, зроблены на замову МЗС. Вялікую дапамогу ў канкрэтызацыі пададзеных у тэкстах звестак пра беларускія арганізацыі аўтарскаму калектыву аказала ЗБС „Бацькаўшчына”, што таксама ніякім чынам не адзначана ў кнізе.

Раздзелам „Беларусы ў Цэнтральнай і Заходняй Еўропе” (80-101) пачынаецца самая неахайная і найменш лагічная частка кнігі. Ужо на самым пачатку, дзе згадваецца наяўнасць „калоній беларусаў” у Вялікай Брытаніі, Чэхіі, Францыі, Нямеччыне, у недасведчанага чытача можа скласціся памылковае ўяўленне пра наяўнасць у згаданых краінах кампактных пасяленняў нашых суайчыннікаў (што абсалютна не адпавядае рэчаіснасці).

Першы тэкст у раздзеле, прысвечаны Францыі (81-85), пачынаецца са згадкі пра тое, што многія патрыёты з Беларусі — філаматы і філарэты, удзельнікі паўстанняў 1794, 1830-1831, 1863-1864 г. — знайшлі сабе паратунак у гэтай краіне. У якасці прыкладу згадваецца навучанне ў Парыжы Ігната Дамейкі ды Зыгмунта Мінейкі, аднак не пададзена ніякіх звестак пра тыя арганізацыі, што былі створаны ў Францыі выхадцамі з беларускіх земляў ад 1830-х г. Дзіўная акалічнасць, з улікам таго, што паўстанцам 1830-1831 г. і іх лёсу прысвечаны даследаванні беларускага гісторыка Вольгі Гарбачовай, якія пабачылі свет ужо ў ХХІ ст. (гэта апроч багатай польскамоўнай гістарыяграфіі па дадзенай праблеме). У тэксце згадваюцца беларусы, што трапілі ў Францыю ў выніку вайны 1812 г., а таксама беларусы-каталікі — эмігранты пазнейшых часоў. Праўда, з прыведзеных звестак абсалютна незразумела, чаму ў каталіцкую Францыю ў часе паміж Першай і Другой сусветнымі войнамі „каля 35 тысяч беларусаў каталікоў” (82) перабраліся з таксама каталіцкай Польшчы.

Згадкі пра арганізаванае жыццё беларусаў у Францыі датычаць чамусьці толькі таго ж міжваеннага перыяду, інфармацыя пра які ўяўляе сабою кавалак тэксту артыкула Таццяны Папоўскай „Беларуская эміграцыя міжваеннага перыяду ў Францыі і Аргенціне”, апублікаванага яшчэ ў зборніку „Беларусіка” ў 1992 г.[5]. Пры гэтым ні ў тэксце пра Францыю „Беларускай дыяспары”, ні ў яе „Бібліяграфіі” гэтая публікацыя наогул не згадваецца.

Найбольш актыўнае беларускае жыццё ў Францыі паваенных часоў згадана ў кнізе толькі адным абзацам, дзе сцвярджаецца, што„у паваенныя гады была адроджана дзейнасць „Хаўруса”. Праўда зараз ён мае назву „Беларускі хаўрус”. Вакол яго гуртуецца галоўным чынам паваенная эміграцыя” (83). Трэба заўважыць, што дакладная назва згаданай арганізацыі, што была найбольш уплывовай у краіне ў паваенны час, гучала як Аб’еднанне беларускіх работнікаў у Францыі „Хаўрус”, аднак яна не згадваецца ў раздзеле. Да таго ж, сёння гэтая арганізацыя ўжо не аб’ядноўвае паваенную эміграцыю і наогул пасля смерці яе шматгадовага старшыні Міхася Наўмовіча ў 2004 г. фактычна не дзейнічае. Таму пададзеныя пра яе звесткі ўжо не адпавядаюць рэчаіснасці.

Акрамя згаданай арганізацыі ў паваеннай Францыі важную ролю адыгрывала першая ў Еўропе Беларуская каталіцкая місія, створаная а. Львом Гарошкам. Адметнай з’явай было таксама выданне часопіса „Моладзь”, якому, між іншым, быў прысвечаны выдадзены ў 2004 г. заснаваны на яго матэрыялах зборнік „Месца выданьня — Парыж”, міма якога не можа прайсці знаўца беларускай эміграцыі (таксама як і міма публікацый на тэму беларускай прысутнасці ў Францыі Ігара Лялькова, імя якога наогул не згадваецца ў кнізе).

Раздзел пра беларусаў у Англіі (85-90) можна ўмоўна падзяліць на дзве часткі. Першая з іх прысвечана паваеннай беларускай эміграцыі ў Лондане. Сам стыль апавядання і шмат фактычных памылак прыводзіць да думкі, што аўтар тэксту слаба абазнаны ў праблеме. На пачатку сцвярджаецца, што„Сусветным цэнтрам інтэлігенцыі беларускай дыяспары з’яўляецца Лондан, дзе функцыянуе Асацыяцыя беларусаў Англіі. Яна стварыла тут „Беларускі цэнтр” з буйной бібліятэкай” (85). Верагодна, аўтар тэксту мала ведае пра дзейнасць Згуртавання беларусаў у Вялікай Брытаніі (менавіта гэтая арганізацыя мелася на ўвазе ў цытаваным урыўку) і Беларускай каталіцкай місіі ўсходняга абраду, першы кіраўнік якой а. Чэслаў Сіповіч і быў стваральнікам не толькі Бібліятэкі імя Францішка Скарыны, але і ўсяго „беларускага цэнтра” ў паўночным раёне Лондана Фінчлі (у кнізе ён называецца „Фінглі”).

У якасці характарыстыкі паваенных эмігрантаў у Вялікай Брытаніі аўтар раздзела сцвярджае: „Нямала было сярод эмігрантаў і калабарацыяністаў, хто баяўся пераследу з боку савецкіх улад. Засталася ў Вялікабрытаніі і частка беларусаў з ліку жаўнераў польскай арміі, якія ў 1939-1942 годах знаходзіліся ў савецкіх турмах” (85). Верагодна, аўтару тэксту невядома, што менавіта былыя жаўнеры польскага войска сталі стваральнікамі паваеннай беларускай дыяспары ў Брытаніі, і гэта адрознівае яе ад усіх іншых беларускіх асяродкаў у свеце. Пры тым найбольш актыўнай часткай гэтых жаўнераў былі не тыя, што прайшлі праз савецкія лагеры, а тыя, што прыйшлі ў польскае войска пасля 1944 г. ужо на тэрыторыі Заходняй Еўропы. Іншых беларускіх эмігрантаў у Вялікай Брытаніі было няшмат.

У працяг аповеду пра былых польскіх жаўнераў аўтар падае кароткія звесткі пра іх лёс у часы Другой сусветнай вайны, удзел у бітве пры Арнгайме (больш правільная назва гэтага галандскага мястэчка Арнэм) і пры Монтэ-Касіна. Праўда, генерал Уладыслаў Андэрс у тэксце названы Усеваладам, а адносна колькасных характарыстык беларускай прысутнасці ў польскім войску згадваецца „супрацоўнік Беларускага інстытута навукі і мастацтва (Нью-Йорк, ЗША) Віктар Сянкевіч”, які „на падставе польскага эмігранцкагаархіваўЛондане… падлічыў, штоў брытанскім войску служыла неменш 30 тыс. беларусаў” (85). Аўтар, мусіць, не ведае, што сам Віктар Сянкевіч быў адным з тых жаўнераў і заснавальнікаў беларускага жыцця ў Брытаніі. Называць яго супрацоўнікам БІНіМа не выпадае, бо ён хоць і быў сябрам гэтай арганізацыі, але наўрад ці мог выступаць ад яе імя як супрацоўнік. А ў падліках беларусаў у шэрагах польскага войска сёння найбольш аўтарытэтныя даследаванні належаць гісторыку Юрыю Грыбоўскаму, аўтару шэрагу публікацыяў апошніх гадоў і дысертацыі на гэтую тэму.

Не адпавядае рэчаіснасці і заява, што кіраўніцтва Бібліятэкі імя Ф. Скарыны выдае „Часопіс беларускіх даследаванняў” (86-87). Гэты англамоўны часопіс — The Journal of Byelorussian Studies — афіцыйна выдаваўся ў 1965-1988 г. Англа-беларускім таварыствам, а не Бібліятэкай.

Нельга назваць дакладнай інфармацыю пра тое, што „паводле афіцыйных звестак у Вялікабрытаніі налічваецца 20 тыс. беларусаў” (87), бо гэтыя звесткі пададзены ў „Энцыклапедыі гісторыі Беларусі”, а не з’яўляюцца дадзенымі афіцыйнай брытанскай статыстыкі.

Таксама непраўдзівая інфармацыя ўтрымліваецца ў згадцы пра „Беларускую царкву святых Пятра і Паўла грэка-каталіцкай канфесіі”, якая нібыта „заснавана айцомА. Надсанам”(88). Беларускую капліцу святых апосталаў Пятра і Паўла ў Марыян-Хаўзе арганізаваў у 1948 г. а. Чэслаў Сіповіч, а не а. Аляксандр Надсан, які тады быў студэнтам Лонданскага універсітэта і святаром стаў толькі праз больш як 10 гадоў.

Не адпавядае рэчаіснасці згадка, што Англа-беларускае таварыства выдае ў Лондане з 1965 г. „Беларускую хроніку” (89). Англамоўны часопіс Belarusian Chronicle ад 1997 г. выдаваў ад імя Таварыства Гай Пікарда, і гэты часопіс не меў дачынення да ўжо згаданага „Часопіса беларусаведы” (The Journal of Byelorussian Studies), выдаванага Англа-беларускім таварыствам у 1965-1988 г.

Другая палова раздзела пра беларусаў у Англіі распавядае пра дзейнасць Камітэта дапамогі ахвярам радыяцыі. Гэты цікавы тэкст з’яўляецца перадрукам (зноў без зменаў i спасылак) артыкула Марыны Язневіч са зборніка праведзенай у Лондане ў 2001 г. канферэнцыі „Роля беларускай дыяспары ў развіцці і захаванні беларускай культуры”[6]. Спецыяльных публікацый пра беларускае жыццё ў Вялікай Брытаніі няшмат. Найбольш грунтоўнай можна лічыць выдадзеную ў 2004 г. манаграфію а. Аляксандра Надсана „Біскуп Чэслаў Сіповіч: сьвятар і беларус”, прысвечаную асобе аднаго з найбольш вядомых беларускіх дзеячаў у гэтай краіне, чыё жыццё падаецца на шырокім фоне гісторыі Белаpyci і беларускай дыяспары. Зварот да гэтай кнігі дазволіў бы аўтару згаданага раздзела пазбегнуць шмат якіх недакладнасцяў і больш адпаведна асвятліць гісторыю і сучаснасць беларусаў у Вялікай Брытаніі.

Неадпаведнасць рэчаіснасці можна закінуць і тэксту, прысвечанаму беларусам Нямеччыны (90-94), які пачынаецца са згадкі пра беларускі цэнтр Абіхта ў г. Брэслаў. Прычым аўтар не пазначае, што гэта сённяшні польскі горад Уроцлаў.

Аповед пра арганізаванае беларускае жыццё ў Нямеччыне звязаны з падзеямі паваеннай гісторыі, калі на тэрыторыі гэтай краіны, а таксама Аўстрыі апынулася значная колькасць беларускіх уцекачоў. Тут былі створаны беларускія DP-лагеры пад апекай адміністрацыі ААН па дапамозе і рэабілітацыі — ЮНРРА (а не ІНРРА, як пададзена ў кнізе). У тэксце пра беларусаў у Нямеччыне, праўда, падаюцца часам звесткі, якія наогул не маюць ніякага дычынення да згаданай краіны. „Захоўваючы надзею на нацыянальнае адраджэнне, беларускія эмігранты ў Германіі наладжвалі культурнае ірэлігійнае жыццё. У1947 г. пачаў дзейнічаць Ватыканскі беларускі эміграцыйны камітэт. Некаторыя святары ў эміграцыі займаліся літаратурнай, мастацкай творчасцю. Напрыклад, Язэп Германовіч і Леў Гарошка многа зрабілі для папулярызацыі беларускай літаратуры ў эміграцыі, для абуджэння і захавання сярод беларусаў нацыянальнай самасвядомасці…”(92). Незразумела, якое дачыненне да Нямеччыны мела згаданая арганізацыя, бо такая ніколі не існавала ні ў Ватыкане, ні ў Нямеччыне. Пасля вайны ў Рыме сапраўды некалькі гадоў жылі беларускія святары а. Чэслаў Сіповіч, а. Леў Гарошка і а. Пётра Татарыновіч, але яны не стваралі ніякага беларускага эміграцыйнага камітэта. Тым больш дзіўная згадка ў тэксце, прысвечаным паваеннай Нямеччыне, імёнаў аа. Льва Гарошкі і Язэпа Германовіча. Першы з іх сапраўды ад лета 1944 г. да восені 1945 г. знаходзіўся ў гэтай краіне і быў адным з заснавальнікаў Беларускай Службы ў Мюнхене, аднак асноўная эміграцыйная дзейнасць а. Льва Гарошкі звязаная ўсё ж з Парыжам, Лонданам і Рымам. Айцец Язэп Германовіч яшчэ да пачатку Другой сусветнай вайны быў накіраваны на місійную працу ў Харбін (Кітай), дзе ў 1948 г. быў арыштаваны і да 1955 г. знаходзіўся ў сталінскіх лагерах. Толькі пасля гэтага ён змог выехаць на Захад і стала пасяліцца ў Лондане. Такім чынам, гэты дзеяч не мог мець ніякага дачынення да паваеннай Нямеччыны.

Недакладны таксама наступны абзац тэксту пра беларусаў у Нямеччыне, дзе дзіўным чынам у лік асобаў, аб’яднаных вакол газеты „Бацькаўшчына”, трапіў Юрка Віцьбіч, які не толькі не ўваходзіў у склад прыхільнікаў гэтага выдання, але і быў яго актыўным крытыкам і стваральнікам антаганістычнага перыёдыка „БІС”.

Навуковым адкрыццём выглядае згадка пра ўсталяванне „беларускай калоніі ў Мюнхене”. «Цэнтр беларускай калоніі ў Германіі ўсталяваўся ў Мюнхене, дзе сканцэнтравалася тая частка беларускай эміграцыі, якая ў гады вайны супрацоўнічала з немцамі. Тут асела таксама частка былых ваеннапалонных. У гэтым асяроддзі доўгія гады культывіраваліся антысавецкія настроі. Актывісты Мюнхенскага цэнтра супрацоўнічалі з радыёстанцыяй „Свабодная Еўропа”, удзельнічалі ў 50-70-я гады ў ідэалагічнай барацьбе паміж Захадам і Усходам. Натуральна, што і з савецкага боку да іх былі варожыя адносіны. Зараз эмацыйная афарбоўка тых падзей істотна паблекла. Непасрэдных удзельнікаў вайны там засталося нямнога, гэталюдзі ўжо досыць сталага ўзросту. Асноўную ж частку беларускай калоніі ў Германіі складаюць сёння дзеці і ўнукі ўдзельнікаў вайны. Натуральна, адрасаваць ім якія-небудзь палітычныя прэтэнзіі замінулае іх бацькоў і дзядоў было б несправядліва. Таму зараз з гэтай калоніяй спрабуюць наладзіць адносіны беларускія творчыя саюзы, ЗБС „Бацькаўшчына”, тым больш, што там, у Мюнхене, назапашана нямала важных і цікавых дакументаў па гісторыі Беларусі і беларускай эміграцыі. Мясцовыя інтэлектуалы выдаюць іх у штогадовым часопісе, які называецца „Мюнхенскі беларускі зборнік”». (93). Казаць пра нейкія „калоніі” беларусаў, што былі расцярушаныя па розных рэгіёнах Нямеччыны, складана. Пераважнай большасцю гэтыя людзі нават не падтрымоўвалі сувязяў паміж сабою і не мелі грамадскіх арганізацый. У Мюнхене ж сапраўды ад 1954 г. да 1995 г. працавала беларуская служба радыё „Вызваленне” (потым „Свабода” ці „Свабодная Еўропа”). У Мюнхене ж да 1966 г. выдавалася згаданая газета „Бацькаўшчына”. Акрамя таго, тут у 1950 г. быў створаны Інстытут вывучэння СССР, дзе пасля рэарганізацыі ў 1954 г. сталі працаваць некалькі беларускіх навукоўцаў. Яны выдавалі „Беларускі зборнік”, цягам 1955-1960 г. выйшла 12 нумароў, частка матэрыялаў перакладалася на англійскую мову і публікавалася ў часопісе Belorussian Review (выйшла 8 нумароў у 1955-1960 г.). Пазней і дзейнасць Інстытута і, галоўнае, яго выданні спыніліся, а большасць супрацоўнікаў перабраліся ў іншыя краіны. А таму згадка пра сучасны штогадовы „Мюнхенскі беларускі зборнік” ні на чым не заснаваная, таксама як і звесткі пра міфічныя мюнхенскія архівы.

Яшчэ больш недарэчна выглядае цверджанне пра сучасную дзейнасць радыё „Свабода” ў Мюнхене. Верагодна, аўтар браў звесткі з тэкстаў пачатку 1990-х, калі паведамляе пра жыццё і дзейнасць у Нямеччыне шматгадовага кіраўніка беларускай рэдакцыі гэтага радыё Юркі Сянькоўскага (памёр пры канцы 1990-х) ды нібыта сённяшняга яе кіраўніка Вячкі Станкевіча. Разам з тым яшчэ ў 1995 г. радыё „Свабода” цалкам, разам з беларускай рэдакцыяй, перабралася ў Прагу, дзе яе кіраўніком доўгі час быў Аляксандр Лукашук.

Неадпаведная рэчаіснасці і згадка пра выданне на пачатку 1990-х „Ляймэнскага сшытка”. Выдання з такой назвай не існавала. А згаданы як яго выдавец Мікола Іваноў сам зазначаў, што ў 1993 г. пад яго рэдакцыяй выйшаў апошні нумар гадавіка Інстытута беларусаведы[7] (а ніякі не „Ляймэнскі сшытак”).

Такім чынам, у раздзеле, прысвечаным беларусам у Нямеччыне, утрымліваецца шмат недакладнасцяў, а ў якасці сучасных падаюцца звесткі больш як дзесяцігадовай даўніны, што ў значнай ступені дэзарыентуе чытача.

Яшчэ адна еўрапейская краіна, прысутнасць беларусаў у якой згадваецца ў кнізе, — Чэхія (94-101). Прысвечаны ёй тэкст з’яўляецца вельмі шырокай кампіляцыяй (часам без рэдагавання цэлых абзацаў) артыкула Рыты Гаціх, апублікаванага ў зборніку конкурсных работ маладых даследчыкаў эміграцыі. З улікам выкарыстання адной з найбольш новых публікацый па тэме ў якасці абагульняльнага раздзел выглядае больш-менш арганічна і пазбаўлены хібаў папярэдніх частак. Між іншым, тут якраз падаецца інфармацыя пра пераезд радыё „Свабода” ў 1995 г. у Прагу (прычым у папярэднім раздзеле пра Нямеччыну згадвалася, што гэтая ўстанова працуе ў Мюнхене).

Тэкстам пра Чэхію завяршаецца частка, прысвечаная беларусам у Цэнтральнай і Заходняй Еўропе. Па-за ўвагай стваральнікаў кнігі засталіся даволі цікавы і дзейны сёння беларускі асяродак у Бельгіі ды вельмі своеасаблівая прысутнасць беларусаў у Швецыі. З прыведзенага вышэй відавочна, што тэкст не толькі не з’яўляецца ўдалым абагульненнем хаця б беларускіх сучасных даследаванняў, прысвечаных жыццю суайчыннікаў у Еўропе, але і ўтрымлівае шмат недарэчнасцяў і недакладнасцяў, што дэзарыентуюць чытача. Акрамя таго вялікія кавалкі тэкстаў тут наогул не належаць складальнікам кнігі.

Апошняя заўвага яшчэ ў большай ступені датычыць наступных раздзелаў. Беларускія дыяспары за акіянам прадстаўлены ў асобнай частцы (102-114), дзе сабраны тэксты, прысвечаныя асяродкам у ЗША, Канадзе і Аргенціне.

Раздзел пра беларусаў у ЗША (102-109) утрымлівае невялікую гістарычную частку са статыстычнымі звесткамі, кампіляванымі з кнігі Вітаўта Кіпеля „Беларусы ў ЗША” (зноў без аніякіх спасылак). Частка пра дзейнасць паваеннай эміграцыі, праўда, напісаная хутчэй або „па матывах” згаданай кнігі, або з „шырокім цытаваннем” (без спасылак i рэдагавання) артыкула Анфісы Ляднёвай „Роля нацыянальных згуртаванняў у жыццядзейнасці беларускай эміграцыі ў ЗША”[8]. Праўда, часам у вырваных з кантэксту цытатах і пераказах можна заўважыць недарэчнасці кшталту цверджання, што мястэчка Саўт-Рывер знаходзіцца ў штаце Нью-Ёрк, а не Нью-Джэрсі, і што выключна яго жыхары-беларусы купілі 65 акраў зямлі і „пабудавалі свой культурны цэнтр і назвалі яго Белер-Менск” (106). Прычым з далейшага тэксту вынікае, што гэты цэнтр рэальна дзейнічае сёння, у той час як адпачынкавы рэсорт Белэр-Менск, набыты супольнымі намаганнямі некалькіх асяродкаў беларусаў Нью-Ёрка, Нью-Джэрсі, Канектыкута, ужо колькі гадоў як спыніў сваё існаванне. Аналагічна як не дзейнічае і згаданы далей „Полацак”, дзе не выходіць ужо больш за дзесяць гадоў згаданы пры канцы раздзела аднайменны часопіс. Улічваючы тое, што частка, прысвечаная дзейнасці БАЗА і іншых арганізацый, узятая з названага артыкула Анфісы Ляднёвай, апублікаванага 15 гадоў таму, пададзеныя тут звесткі (адпаведныя рэчаіснасці свайго часу), выглядаюць дзіўна для 2006 г. Тым больш што некаторыя з іх у часе „цытавання” зведалі радыкальныя змены. Так, калі ў сваім артыкуле Анфіса Ляднёва распавядала пра гісторыю стварэння ў 1951 г. Беларускага Інстытута навукі і мастацтва, то спасылалася на адпаведны артыкул у часопісе „Запісы БІНІМ” за 1953 г. У кнізе ж „Беларуская дыяспара” ўсе звесткі адносна дзейнасці Інстытута пададзены ў цяперашнім часе, а згаданыя А. Ляднёвай больш як 50 прадстаўнікоў Інстытута ў розных краінах свету трансфармаваліся ў звыш 50 яго супрацоўнікаў. Гэтыя апошнія, паводле кнігі, як і паўстагоддзя таму, актыўна „займаюцца навуковымі даследаваннямі гісторыі і культуры Беларусі, выдаюць літаратурныя творы, арганізуюць літаратурныя вечарыны, выставы мастакоў беларускага замежжа” (107-108). Такія звесткі, што датычылі 1950-1960-х г., на 2006 г. выглядаюць занадта перабольшанымі.

Далей гаворыцца, што «з 1952 г. БІНІМ штогод выдае свае навуковыя „Запісы”, якія паступаюць у многія бібліятэкі свету. Найбольш вядомымі аўтарамі з’яўляюцца В. Кіпель, Я. Запруднік, В. Сядура, А. Абрамовіч, С. Станкевіч і іншыя. Знамянальна, што менавіта тут створана найбольш поўная бібліяграфія Скарыніяны. У1990 г. выдадзены „Кароткі агляд гісторыі Беларусі”, дзе нашы суайчыннікі выкладаюць свой погляд на праблемы айчыннай мінуўшчыны» (108). Аднак „Запісы БІНІМ” не з’яўляюцца гадавіком, таму на сёння выйшлі толькі 30 нумароў гэтага перыёдыка. Акрамя таго згадка ў якасці сучасных аўтараў часопіса Ўладзіміра Сядуры (1910-1997), Станіслава Станкевіча (1907-1980) і, верагодна, Антона Адамовіча (1909-1998) (які пазначаны тут як А. Абрамовіч) сведчыць пра неабазнанасць складальнікаў кнігі ў біяграфічных звестках гэтых вядомых беларускіх дзеячаў. Таксама дзіўна, што ў тэксце не названы доўгачасовы кіраўнік БІНІМа, рэдактар „Запісаў” і найбуйнейшы даследчык Скарыніяны Вітаўт Тумаш. Да таго ж, згаданае ў цытаце выданне „Кароткі агляд гісторыі Беларусі”, якое насамрэч ёсць перавыданнем кнігі Пётры Рогача (псеўданім Юркі Станкевіча) 1968 г., не мае ніякага дачынення да БІНІМа. У той жа час сам Інстытут цягам дзесяцігоддзяў займаецца ўласнай выдавецкай дзейнасцю і заснаваў некалькі кніжных серый.

Цалкам жа тэкст пра беларусаў у ЗША акрамя „шырока кампілятыўнага” характару вызначаецца састарэласцю значнай часткі прыведзеных звестак ды шэрагам недакладнасцяў, якія мінімізуюць яго каштоўнасць для чытача.

Яшчэ менш каштоўны раздзел, прысвечаны беларускай Канадзе (109-110). Болей як паўстагоддзю арганізаванага беларускага жыцця ў гэтай краіне прысвечана толькі дзве старонкі „Беларускай дыяспары”, прычым тэкст сам па сабе з’яўляецца недарэчнасцю. Так, у самым першым і апошнім абзацах настойліва даводзіцца думка, што беларусаў у Канадзе „паводле афіцыйных дадзеных на пачатак ХХІ ст.” жыве 10 тысяч (109-110). Цікава, што ва „Уводзінах” да кнігі фігуруюць іншыя лічбы: ад каля 110 тысяч беларусаў у паваенны час да 5115 чалавек на 2001 г., паводле звестак беларускай амбасады ў гэтай краіне.

Далей у тэксце ідзе аповед пра адну з найбольш уплывовых арганізацый — Згуртаванне беларусаў Канады. „Цэнтрам беларускага жыцця ў Канадзе з’яўляецца горад Таронта, дзе месціцца галоўны штаб Згуртавання беларусаў Канады (ЗБК), які ў сучасны момант узначальвае доктар Пётр Мурдзёнак” (109). Аднак, па-першае, кіруючым органам ЗБК з’яўляецца Галоўная управа (а не штаб), па-другое, дакладнае прозвішча згаданага дзеяча Мурзёнак, а па-трэцяе, ад 2005 г. старшынём ЗБК есць Зміцер Элляшэвіч.

3 жыцця беларусаў Канады ў раздзеле коратка згадваюцца Атаўскі аддзел ЗБК, сустрэчы беларусаў Паўночнай Амерыкі, канадскі БІНІМ. Надалей падаецца непраўдзівая інфармацыя, што «аб жыцці беларускай дыяспары ў Канадзе інфармуе газета „Беларускі голас” (ад сярэдзіны 2003 г. выйшла толькі пяць нумароў)» (110). Насамрэч, аўтар блытае два выданні: газету „Беларускі голас”, што выходзіла ў Канадзе ў 1952-1992 г., і газету „Беларускае слова”, што выдаецца ад 2002 г. і галоўным рэдактарам якой з’яўляецца прадстаўніца новай эміграцыі Віялета Кавалёва. Акрамя згадкі пра калектыў „Яваровыя людзі” ніякай іншай інфармацыі пра беларускае жыццё ў Канадзе ў кнізе больш няма. Па-за ўвагай складальнікаў засталіся асаблівасці рэлігійнага і культурнага жыцця паваеннай і сучаснай дыяспары ў гэтай краіне. Не згадана таксама і тое, што нашы суайчыннікі з’явіліся ў Канадзе яшчэ да Другой сусветнай вайны. Наогул, складальнікі кнігі не выкарысталі звестак ні з англамоўнага даследавання Янкі Садоўскага „Беларусы ў Канадзе” (Byelorussians in Canada, 1981), ні з кнігі Раісы Жук-Грышкевіч „Жыцьцё Вінцэнта Жук-Грышкевіча”, дзе багата інфармацыі пра падзеі беларускага жыцця ў Канадзе, ні з артыкула тае ж аўтаркі ў зборніку „Культура беларускага замежжа”[9]. А таму адпаведны раздзел „Беларускай дыяспары” атрымаўся слабы і недарэчны.

Тэкст, прысвечаны беларусам у Аргенціне (110-114), значна больш грунтоўны, распавядае пра суайчыннікаў у гэтай краіне ад пачатку ХХ ст., згадвае беларускія арганізацыі міжваеннага і паваеннага часу. Сам раздзел складаецца з паслядоўна скампанаваных урыўкаў вялікай публікацыі Кастуся Шалястовіча ў „Голасе Радзімы” (1993)[10]. Адтуль ўзятыя і даволі аптымістычныя высновы пра перспектывы мясцовай беларускай дыяспары з увагі на тое, што ў нацыянальных арганізацыях адбылася змена пакаленняў. Праўда, не згадваецца, што дзеці былых эмігрантаў з Беларусі зусім не валодаюць беларускай мовай і не разумеюць яе, а змест дзейнасці таварыстваў імя М. Горкага, У. Маякоўскага і г. д. арыентаваны менавіта на зрусіфікаваную савецкую культуру, дзе было занадта мала ўласна беларускага. Акрамя таго, тэза пра тое, што сучасная беларуская эміграцыя ў Аргенціне складае 130 тысяч асобаў (чамусьці ў лік эмігрантаў уключаюць і іх дзяцей і ўнукаў), падаецца завышанай, тым больш, што паводле прыведзеных ва „Уводзінах” звестак, па стане на 2005 г. у гэтай краіне пражывала каля 7 тысяч беларусаў, і называць іх бадай што самай шматлікай беларускай дыяспарай у свеце цалкам неабгрунтавана. Між іншым, больш дакладныя і цікавыя звесткі пра беларускае жыццё ў Аргенціне можна знайсці ў публікацыях беларускага даследчыка Сяргея Шабельцава, які абараніў па гэтай тэме дысертацыю ў 2005 г. і ў ліку афіцыйных апанентаў якога быў адзін са складальнікаў „Беларускай дыяспары” Леанід Лойка.

Асобны раздзел кнігі „Беларуская дыяспара” аддадзены пад інфармацыю пра жыццё суайчыннікаў у Аўстраліі (115-125). Прычым паводле памераў гэтая частка (10 старонак) саступае толькі апісанню беларускай дыяспары ў Польшчы (20 старонак), пра ўсе іншыя краіны інфармацыі пададзена значна менш. Вылучаецца тэкст і паводле стылістыкі, бо ўтрымлівае найбольш абагульненыя высновы адносна этапаў гісторыі, сацыяльных характарыстык і асаблівасцяў беларускіх асяродкаў у Аўстраліі. Паслядоўнасць і абагульнены характар тэксту абумоўлены тым, што ён узяты без перапрацовак з адмысловага раздзела „Беларуская дыяспара ў Аўстраліі: адметныя рысы й этапы гісторыі” кнігі „Беларусы ў Аўстраліі” (аўтара гэтай рэцэнзіі), з дадаткам некалькіх кавалкаў іншых частак гэтага ж выдання[11]. Такім чынам, і гэты тэкст не мае ніякага дачынення да стваральнікаў кнігі.

Наступны раздзел „Дзяржава і грамадскія арганізацыі ў дачыненнях з беларускай дыяспарай”(126-133) утрымлівае характарыстыку сучасных дачыненняў дзяржавы з беларусамі замежжа, што праўда, у пэўнай ступені прыгладжаную, з мэтай нівеляваць супярэчнасці ў дачыненнях афіцыйнага Мінска з беларускімі арганізацыямі ў заходніх краінах (пра неўспрыманне заходнімі беларускімі суполкамі беларускіх уладаў наогул не згадваецца, што і зразумела з улікам афіцыйнага характару выдання). Хоць аўтары і сцвярджаюць, што „пытанні развіцця ўзаемаадносін дзяржавы з беларускай дыяспарай, аказання ёй дзейснай дапамогі ў задавальненні нацыянальна-культурных запатрабаванняў не занялі паўнапраўнае месца ў знешняй палітыцы Беларусі” (129). У раздзеле адзначаюцца таксама асноўныя грамадскія арганізацыі, што працуюць з дыяспарай: таварыства „Радзіма” і Згуртаванне беларусаў свету „Бацькаўшчына”. Сярод кірункаў дзейнасці апошняй чамусьці не згадваецца адзін з вельмі істотных — выданне адмысловай кніжнай серыі, прысвечанай беларускай эміграцыі — „Бібліятэка Бацькаўшчыны”. Серыя заснаваная ў 2004 г., і на сярэдзіну 2006 г. у ёй былі ўжо выдадзеныя 10 кніг з даследаваннямі, успамінамі, літаратурнымі творамі і інш., звязанымі з беларускімі дыяспарамі ў розных краінах.

Раздзел,„Арганізацыя працы з нацыянальнай дыяспарай у замежных краінах” (134-142) таксама з ліку тых, што былі ў згаданым дакладзе для МЗС. Тут разглядаецца практыка дачыненняў метраполіі з дыяспарай у Расіі, Украіне, Армеmi і Польшчы. Кароткія агляды асаблівасцяў гэтых дыяспаральных супольнасцяў і іх сувязяў з адпаведнымі краінамі ды забеспячэння іх правоў на радзімах — ці не найбольш цікавы матэрыял з усяе кнігі.

Апошні раздзел „Беларускай дыяспары” складае „Гістарыяграфія праблемы” (143-152). У тэксце асветлены асноўныя тэндэнцыі і працы беларускага эміграцыязнаўства ад пачатку 1990-х г. Праўда, аповед фактычна спыняецца на 2000 г. і больш новыя публікацыі тут не згадваюцца. Прычыну гэтай акалічнасці патлумачыць нескладана, бо ўвесь раздзел цалкам уяўляе сабою перадрук часткі вялікага артыкула Галіны Сяргеевай „Беларуская дыяспара ў нацыянальнай гістарыяграфіі ХХ ст.”, апублікаванага ў часопісе „Запісы БІНІМ” у 2001 г. (зноў жа ўзяты без аніякіх зменаў i спасылак на сапраўднае аўтарства). У выніку найноўшыя публікацыі ў галіне эміграцыязнаўства засталіся па-за ўвагай складальнікаў кнігі.

Цікава адзначыць, што пададзеная пры канцы кнігі „Бібліяграфія” (153-159) толькі часткова перакрыжоўваецца з папярэдняй гістарыяграфіяй. Шмат якія знакавыя эміграцыязнаўчыя публікацыі не згаданыя ў прыведзеным спісе, у тым ліку „Беларуская эміграцыя” Барыса Сачанкі, зборнікі „Культура беларускага замежжа” пад рэдакцыяй Анатоля Сабалеўскага, зборнік «З гісторыяй на „Вы”» (вып. 3), што складаўся з эміграцыйных матэрыялаў, кнігі Аляксандра Надсана „Біскуп Чэслаў Сіповіч: сьвятар і беларус”, Янкі Запрудніка „Дванаццатка” і іншыя выданні, у тым ліку няма ніводнай манаграфіі з галіны эміграцыйнага літаратуразнаўства (найбольш развітага кірунку даследаванняў беларускай эміграцыі).

Большасць пазіцый у „Бібліяграфіі” ўяўляюць сабой артыкулы з часопісаў ды зборнікаў дакладаў на разнастайных канферэнцыях. Нельга не заўважыць і пэўную, характэрную і для іншых тэкстаў кнігі, недакладнасць і неахайнасць у прыведзеных бібліяграфічных апісаннях. Так, з прапанаванага спіса вынікае наяўнасць дзвюх розных кніг: Макмілін А. „Роля беларускай дыяспары ў захаваньні і развіцьці беларускай культуры” (Лондан, 2003) і проста „Роля беларускай дыяспары ў захаванні і развіцці беларускай культуры” (Мінск, 2004). Адпавядае рэчаіснасці менавіта другі варыянт. Прыведзеная ў спісе кніга Лявона Юрэвіча „Мемуары па эміграцыі: Крыніцазнаўства і даследаванне” насамрэч мела назву „Мэмуары на эміграцыі: Крыніцазнаўчае дасьледаваньне”. Аўтарам успамінаў „Няясна мроіліся новыя дарогі” быў не аўстралійскі беларус Сымон Шаўцоў, як пададзена ў „Бібліяграфіі”, а беларускі дзеяч з Лондана Юры Весялкоўскі. Са спісу таксама зусім незразумела, што выданні „Беларускі і беларусаведчы друк на Захадзе. Нью-Йорк. Мінск, 2003″ і „Бібліяграфія беларускага друку на Захадзе. Нью-Йорк, 2003″ (назвы ў абодвух выпадках недакладныя) з’яўляюцца дзвюма часткамі агульнай бібліяграфіі беларускага і беларусаведнага друку, першая з якіх прысвечана паасобным выданням, а другая перыёдыкам. І такіх недакладнасцяў у „Бібліяграфіі” багата.

Такім чынам, кнігу „Беларуская дыяспара: Нарысы гісторыі і сучаснага стану” нельга назваць удалым прыкладам абагульняльнай эміграцыязнаўчай працы. На яе старонках не толькі не зроблена сістэматызацыя звестак пра асноўныя дыяспаральныя супольнасці беларусаў, але і замацоўваюцца стэрэатыпныя ўяўленні пра колькасны і якасны стан беларускай грамады ў заходніх краінах. Па-за ўвагай аўтараў засталіся эміграцыязнаўчыя працы апошніх гадоў, што зрабіла шмат якія тэксты кнігі маральна састарэлымі яшчэ да яе выхаду.

Значная колькасць недакладнасцяў у тэкстах „Беларускай дыяспары”, часам прымітыўны стыль аповедаў, выкарыстанне звестак больш як дзесяцігадовай даўніны дэзарыентуе чытача гэтай кнігі, стварае памылковае ўяўленне пра гісторыю і сучаснасць беларускай дыяспары. А ўлічваючы да таго ж прыклады адкрытага плагіяту на старонках выдання, можна сцвярджаць, што кніга дыскрэдытуе і саміх заяўленых яе складальнікаў, і беларускае эміграцыязнаўства, і навуку цалкам.


1 Цалкам тэкст змешчаны на сайце ЗБС „Бацькаўшчына” — http://zbsb.org/art/11.shtml
2 Сяргеева Г. Беларуская дыяспара // Крыжовы шлях. Мінск,1993. С. 223.
3 Параўн. таксама: Геніюш Л. Споведзь // Геніюш Л. Выбраныятворы / Уклад., прадм. і камент. М. Скоблы. Мінск: Беларускікнігазбор, 2000. С. 311.
4 Сташкевич Н., Тихомиров А. Белорусско-молдавские отношения: прошлое, настоящее и будущее // Белорусы в Молдове. Материалы Международной научно-практической конференции, Кишинев, 6-8 октября 2001 г. Минск, 2001. С. 15-30; Поповская Т. Белорусы в Молдове: из истории формирования белорусской диаспоры // Белорусы в Молдове. Материалы Международной научно-практической конференции, Кишинев, 6-8 октября 2001 г. Минск, 2001. С. 35-42.
5 Папоўская Т. Беларуская эміграцыя міжваеннага перыяду ў Францыі і Аргенціне // Беларусіка =Albaruthenica. Кн. 2. Мінск, 1992. С. 173-181.
6 Язьневіч М. Беларускі камітэт дапамогі ахвярам радыяцыі і Беларуская бібліятэка імя Ф. Скарыны ў Лёндане — ля вытокаў дабрачыннай дзейнасьці // Роля беларускай дыяспары ў захаваньні і разьвіцьці беларускай культуры. Мінск, 2004. С. 102-105.
7 Іваноў М. Гісторыя заснавання і дзейнасці беларускага музея ў Ляймэне (1982-1992) // Беларусіка =Albaruthenica. Кн. 5. Мінск, 1995. С. 109.
8 Ляднёва А. Роля нацыянальных згуртаваньняў у жыцьцядзейнасьці беларускай эміграцыі ў ЗША // Беларусіка =Albaruthenica. Кн. 2. Мінск, 1992. С. 167-172.
9 Жук-Грышкевіч Р. Дзейнасць канадскай дыяспары // Культура беларускага замежжа. Кн. 3. Мінск, 1994. С. 163-180.
10 Шалястовіч К. Беларусы Аргенціны // Голас Радзімы. 1993.№15—20. (30 красавіка — 6 чэрвеня).
11 Параўн.: Гардзіенка Н. Беларусы ў Аўстраліі: Да гісторыі дыяспары. Мінск: Беларускі кнігазбор, 2004. С. 158-164.

Наверх

Галоўная » Запісы па тэме 'Рэцэнзіі'