Новы нумар

Галоўная » Запісы па тэме 'Рэцэнзіі'

Артыкулы па тэме ‘Рэцэнзіі’

BEKUS, NELLY. Struggle over Identity: The Official and the Alternative “Belarusianness”. Central European University Press, 2010. 306 p.

21 сакавіка, 2012 |

У наступным нумары (том 19, 2012) BEKUS, NELLY. Struggle over Identity: The Official and the Alternative “Belarusianness”.

Кніга Нэлі Бекус “Struggle over Identity: the Official and the Alternative “Belarusianness” – адметная праца, якая закранае маладаследаванае пытанне беларускай нацыянальнай ідэнтычнасці. Праз 20 гадоў пасля атрымання незалежнасці Беларусь застаецца своеасаблівым выпадкам сярод еўрапейскіх краін, у значнай ступені прыцягваючы міжнародную ўвагу наяўнасцю адзінага на кантыненце недэмакратычнага рэжыму. Цягам больш чым сямнаццацігадовага кіравання Лукашэнкі Захад так і не здолеў знайсці спосабы, каб заахвоціць афіцыйны Мінск да шчыльнейшага супрацоўніцтва, хоць Беларусь як наўпроставая суседка ЕС мае з шэрагам ягоных краін-удзельніц агульныя культурныя і гістарычныя традыцыі. Да нядаўняга часу беларускай тэматыкай у заходніх сацыяльна-палітычных навуках займаліся пераважна навукоўцы небеларускага паходжання. Гэтая тэндэнцыя пачала змяняцца цягам апошніх дзесяці гадоў, калі ў заходніх навуковых часопісах сталі з’яўляцца артыкулы даследчыкаў беларускага паходжання па тэматыцы беларускай нацыянальнай ідэнтычнасці. Праца Нэлі Бекус – першая кніга, прысвечаная беларускай ідэнтычнасці, напісаная навукоўцам беларускага паходжання і надрукаваная на Захадзе на англійскай мове. Чытаць далей →

Andrew Wilson. Belarus: the Last European Dictatorship. Yale University Press, 2011. 256 p.

23 лютага, 2012 |

У наступным нумары (том 19, 2012)

Зацікаўленасць Эндру Уілсана Беларуссю прасочваецца з другой паловы 1990-х, калі ён надрукаваў раздзел “Myths of national history in Belarus and Ukraine” (“Міфы нацыянальнай гісторыі ў Беларусі і Украіне”) у кнізе G. Hosking and G. Schöpflin (eds.) “Myths and nationhood” (Hurst & Co., 1997). У гэтым раздзеле аўтар параўноўваў патэнцыял і аўтарытэтнасць нацыянальных міфаў у Беларусі і Украіне. Паводле Уілсана, калі ўкраінскія нацыянальныя міфы не вельмі пераканальныя і стабільныя, то беларускай нацыянальнай міфатворчасці “пры адсутнасці магутнага канкурэнтнага міфа аб колішняй дзяржаўнасці ці рэлігійнай выключнасці было надзвычай цяжка адпрэчыць усе панславісцкія і савецкія міфы” (197), што пры спробе звярнуцца да шматвяковай гістарычнай дзяржаўнасці беларускага народа пакінула Беларусь практычна без “неабходных крыніц легітымізацыі” (197). Уілсан таксама зазначаў, што беларусы “не маюць якой-небудзь выразна сваёй дзяржаўнай фармацыі да XX ст., каб да яе можна было апеляваць і ўсхваляць”, а таму, “каб усталяваць традыцыю дзяржаўнасці ў сярэднявечны перыяд… беларусы павінны пасунуць літоўскую гістарыяграфію, сцвярджаючы, што дзяржава, заснаваная Міндоўгам… была насамрэч беларускай, а не літоўскай (летувіскай)…” (188). Таму, згодна з Уілсанам, асобная беларуская ідэнтычнасць мае малыя магчымасці для развіцця паміж праваслаўнымі расіянамі і рыма-каталікамі палякамі ды літоўцамі (189). На падставе ўяўнай недастатковасці “наратыву асобнага развіцця беларусаў” Уілсан робіць выснову, што “беларускі “залаты век” не быў здольны павесці Беларусь шляхам, які б разыходзіўся з расійскай культурнай традыцыяй у доўгачасовай перспектыве” (193). Таму Уілсан лічыць беларусаў выключна савецкім стварэннем з чужой дасавецкай гісторыяй і ўспрымае Беларусь у межах расійскай культурнай прасторы. Чытаць далей →

КАЛЕЧЫЦ, ІННА Л. Эпіграфіка Беларусі X—XIV стст. Мінск: Беларуская навука, 2011. 271с.

15 лютага, 2011 |


Нарэшце і помнікі эпіграфікі на тэрыторыі Беларусі дачакаліся свайго даследчыка. Аўтар манаграфіі „Эпіграфіка Беларусі X-XIV стст.” І. Калечыц вельмі амбіцыйна вызначае ролю сваёй працы, якая „кладзе пачатак існаванню айчыннай эпіграфікі як дапаможнай гістарычнай дысцыпліны” (5). Сапраўды, гэта першае агульнае даследаванне эпіграфічных помнікаў на Беларусі, якія дагэтуль разглядаліся выключна ў межах прац па іншай праблематыцы (напрыклад, археалагічных, палеаграфічных і інш.). Адзінкавыя знаходкі не разглядаліся ў сукупнасці, што не давала агульнага ўяўлення аб развіцці пісьменства на тэрыторыі Беларусі у Сярэднявеччы. Такім чынам манаграфія І. Калечыц дае магчымасць чытачам убачыць абагульненую карціну развіцця пісьменства на землях Беларусі ў X-XIV ст. Між тым, разгляд эпіграфічных помнікаў выходзіць далёка за заяўленыя храналагічныя межы, напрыклад, калі размова ідзе пра графіці полацкай Спаса-Праабражэнскай царквы. Уключэнне ў даследаванне графіці XVІІ ст. выглядае цалкам слушным і заканамерным. Графіці Спаса-Праабражэнскай царквы ўтвараюць адзіны комплекс, вывучэнне якога дазваляе не толькі прасачыць змены ў развіцці пісьменства, але і высветліць шэраг іншых пытанняў. Храналагічныя абмежаванні значна ўскладнілі б гэтую задачу.

Да новых распрацовак аўтара належыць стварэнне класіфікацыі эпіграфічных помнікаў (выкладаецца ў трэцяй главе), якая заснавана на матэрыяле і катэгорыі рэчаў (27). Дадаткова да яе створана класіфікацыя паводле мэты нанясення надпісу (28), якая павінна вырашыць пытанні зместу эпіграфічных помнікаў. Варта адзначыць зручнасць такога падыходу, які дазваляе фактычна ўсебакова разглядаць знаходкі. Аднак і такая класіфікацыя недасканалая. У склад гліняных эпіграфічных помнікаў аўтар залічыла толькі амфары і плінфу (81-88). У такім выпадку з класіфікацыі выпад аюць магчымыя будучыя знаходкі іншых відаў гліняных рэчаў. Тое самае датычыць і металічных эпіграфічных помнікаў, у шэраг якіх І. Калечыц не залічыла манеты з графіці (63-80). Але ж на тэрыторыі Беларусі былі выяўлены дырхамы з рунічнымі знакамі і надпісамі, малюнкамі і сімваламі, частка якіх датуецца сярэдзінай X ст. (манеты з графіці з Казьянкаўскага скарбу ля Полацка)[1].

Непасрэдна эпіграфічным помнікам прысвечана чацвёртая глава („Эпіграфічныя помнікі”). Яе першы раздзел („Каменныя эпіграфічныя помнікі”), як і іншыя раздзелы главы (акрамя тых, у якіх разглядаюцца скураныя эпіграфічныя помнікі і графіці Спаса-Праабражэнскай царквы) — пераважна кампіляцыі з прац іншых вучоных, якія даследавалі адзінкавыя помнікі. Увага, безумоўна, аддаецца „Барысавым камяням”, самым знакамітым з манументальных эпіграфічных помнікаў. У выніку аўтар прыходзіць да ўжо вядомых высноў, што „найбольш прывабнымі з’яўляюцца версіі аб камянях як межавых знаках і аб надпісах-маленнях у галодны 1128 год” (35). Варта згадаць і вядомы камень з надпісам другой паловы ХІ ст. з падмурка полацкага Сафійскага сабора. І. Калечыц упершыню цалкам апублікавала змест надпісу, што раней не рабілася з-за наяўнасці ў ім абсцэннай лексікі (38). А між тым, гэты камень ці не першае сведчанне ўжывання ў старажытнасці ненарматыўных слоў на тэрыторыі Беларусі. Дарэчы, пры разглядзе гэтага помніка аўтар спасылаецца на артыкул „Вікіпедыі” пра паходжанне і сэнс абсцэннай лексікі.

Другі раздзел („Драўляныя эпіграфічныя помнікі”) чацвёртай главы знаёміць з невялікай колькасцю знаходак: місы з Гомеля і Мінска, грабеньчык з Брэста. У спасылцы на звесткі пра місу з Гомеля ёсць памылка: упершыню знаходка была апісана ў № 15 „Гістарычна-археалагічнага зборніка”, а не ў № 5, як піша даследчыца (60). Недакладны нумар выдання таксама пазначаны ў гістарыяграфічным аглядзе (13) і спісе літаратуры (168). У той жа час у спасылцы на артыкул В. Вароніна пра „Барысаў камень” (14), які выйшаў у тым самым № 15, нумарацыя правільная.

У трэцім раздзеле („Металічныя эпіграфічныя помнікі”) чацвёртай главы падаецца апісанне сякеры XV ст. (таксама выходзіць за вызначаныя храналагічныя межы даследавання) з Пінска, на якой ёсць надпіс-папярэджанне „Глядзі злодзей — сякера Кузьмы” (63-65). Гэтая знаходка, безумоўна, адметная не толькі для Беларусі, але і для іншых краін, якія знаходзяцца на былых абшарах Старажытнай Русі. Пэўныя спрэчкі можа выклікаць інтэрпрэтацыя рэшткаў надпісу („Ж. ОД”) на бранзалеце з Магілёва. І. Калечыц лічыць, што гэта рэшткі кірылічнага варыянта напісання грэцкага слова geoid, geoides (‘земляны’, ‘землепадобны’). У якасці доказу выкарыстоўваецца рамбічны арнамент бранзалета: „ромб — гэта язычніцкі сімвал зямлі, а таксама жаночай сутнасці” (68). Такая выснова выглядае непераканальна. Рамбічны арнамент быў вельмі распаўсюджаны ў ХІІ ст., але невядомы іншыя знаходкі з такім арнаментам, якія суправаджаліся б падобным надпісам, тым больш што не было і асаблівай патрэбы каментаваць па-грэцку сэнс сімвала, які і так быў вядомы. Таксама нельга адназначна сцвярджаць, што ромб быў выключна сімвалам зямлі; ёсць і іншыя інтэрпрэтацыі гэтага знака.

У чацвёртым раздзеле („Гліняныя эпіграфічныя помнікі”) чацвёртай главы, як ужо згадвалася, аўтар разглядае надпісы на амфарах і плінфе. Але ў падрабязны пералік фрагментаў амфар з асобнымі літарамі (84-85) чамусьці не патрапіў аскепак амфары з літарай „В”, які паходзіць з замчышча старажытнага Барысава[2].

Пяты раздзел чацвёртай главы прысвечаны касцяным эпіграфічным помнікам. Цэнтральнае месца займае разгляд калекцыі костак з рунамі, рунападобнымі знакамі і малюнкамі з гарадзішча ля в. Маскавічы Браслаўскага раёна (89-96). Гэтая частка даследавання заснавана на працах А. Мельнікавай і Л. Дучыц, якія ўвялі маскавіцкія знаходкі ў навуковы зварот. І. Калечыц прытрымліваецца поглядаў і высноў згаданых аўтараў, таму фактычна ў гэтым блоку няма новай інфармацыі. Непраўдападобнай выглядае версія аўтара аб магчымай місіянерскай дзейнасці на гарадзішчы ля в. Маскавічы. Гэтая думка грунтуецца на існаванні косткі з надпісам kuratio ‘пастырства’, а таксама на меркаванні, што ў „Сазе аб хрышчэнні” магла апісвацца царква Іаана недалёка ад Браслава (92-93). Але для такой высновы мала падстаў, тым больш што маскавіцкія руны датуюцца значна больш познім часам[3], чым верагодны час жыцця Торвальда Вандроўніка — героя вышэйзгаданай сагі. Таксама пэўныя пытанні выклікае інтэрпрэтацыя падобных адзін да аднаго знакаў на пасудзіне і костцы ў якасці сімвала „Жытняй бабы”, або „Маці-зямлі” (96). Падобныя тлумачэнні, відаць, заснаваны на звестках М. Кацара[4], але многія яго інтэрпрэтацыі арнаментальных знакаў цяпер небеспадстаўна пастаўлены пад сумнеў. Да таго ж, некаторыя даследчыкі сумняваюцца ў аўтэнтычнасці Жытняй бабы як персанажа беларускай міфалогіі[5].

У шостым раздзеле („Скураныя эпіграфічныя помнікі”) чацвёртай главы разглядаецца адзіны вядомы сёння помнік гэтай катэгорыі — скураныя похвы з Пінска з алфавітным надпісам. Названая знаходка была ўведзена у навуковы зварот аўтарам манаграфіі.

Сёмы раздзел („Шкляныя эпіграфічныя помнікі”) чацвёртай главы апісвае вядомыя знаходкі посуду з усходнімі надпісамі, а таксама абразок-літык, які І. Калечыц, услед за Ф. Гурэвіч, лічыць сведчаннем падарожжа на Афон князя Войшалка. Гэты абразок „мог належаць каму-небудзь з атачэння князя ці самому князю” (104). Але ніякіх пацверджанняў такой высновы няма. Тое, што падобныя абразкі былі распаўсюджаны на Балканах, ніяк не сведчыць пра паломніцтва Войшалка. Існуе вялікая колькасць іншых верагодных шляхоў трапляння абразка ў Наваградак.

Восьмы раздзел („Надпісы на сценах пабудоў”) чацвёртай главы — самая значная і найбольш каштоўная частка манаграфіі. Асноўная ўвага ў ім аддадзена графіці полацкай Спаса-Праабражэнскай царквы. Большасць надпісаў упершыню публікуюцца І. Калечыц. Графіці Спаса-Праабражэнскай царквы аўтар падзяляе на дзве вялікія групы: 1) графіці пачатку ХІІ ст. — да 1580 г. (прыход езуітаў) характарызуюцца „царкоўнасцю” тэкстаў: фрагменты малітваў, памінанні, сведчанні пра смерць пэўных людзей, алфавітныя запісы, побытавыя запісы; 2) графіці кірыліцай і лацінкай ад канца XVІ ст., якія пераважна адносяцца да віду „тут быў NN” (108-109). Аналіз памінальных запісаў на сценах Спаса-Праабражэнскай царквы прывёў да высновы, што запісы ХІІ-XІV ст. характарызуюцца адсутнасцю пазначэння года смерці, аднак ёсць прывязка да дня святога з мэтай памінання; з XV ст. у памінальных надпісах пачынае з’яўляцца год смерці чалавека, што, на думку І. Калечыц, сведчыць пра паварот да своеасаблівага антрапацэнтрызму, калі чалавек робіцца больш значным у часе і прасторы, а светапогляд набывае больш свецкія рысы (123). Дадзеная выснова даволі важная для разумення светаўспрымання тагачаснага насельніцтва.

Увогуле графіці Спаса-Праабражэнскай царквы дэманструюць вялікі комплекс крыніц па самых разнастайных праблемах: рэлігія, палітыка, культура, штодзённасць і г. д. Між тым, некаторыя інтэрпрэтацыі і расшыфроўкі графіці патрабуюць удакладненняў. Напрыклад, пры апісанні комплексу малюнкаў і надпісаў аўтар сцвярджае: „шэраг графіці… побач з выявай чалавечка з дудой у роце; …галава якога павернута налева, з рота тырчыць дуда…” (149). Аднак прамалёўка і фотаздымак графіці не адпавядае прыведзенай інтэрпрэтацыі. На малюнку ў чалавечка няма нічога, што нават блізка б нагадвала дуду (язычковы інструмент, асаблівасць якога — рэзервуар для паветра). Магчыма, маецца на ўвазе інструмент накшталт жалейкі, аднак да інструментаў такога тыпу няслушна ўжываць назву „дуда”, якая адносіцца да іншага традыцыйнага музычнага інструмента. Калі абапірацца на версію, што прадмет у роце чалавечка — гэта музычны інструмент, то ён, хутчэй, нагадвае рог. Спрэчныя моманты інтэрпрэтацыі разгляданага комплексу малюнкаў і надпісаў на гэтым не канчаюцца. І. Калечыц тлумачыць два колы над чалавечкам як сімвалы Сонца і Месяца, якія азначаюць сонцастаянне і поўню — «такое супадзенне мела назву „моцная Купала”»(149). У адным з надпісаў ля малюнка згадваецца „купальны тыдзень і іванавы тыдзень”, аднак паняцце „моцная Купала” невядомае ў пісьмовых і этнаграфічных крыніцах. Аўтар не спасылаецца на крыніцу інфармацыі пра такую з’яву, хоць піша, што яно мела такую назву. У той жа час тэрмін „моцная купала” масава сустракаецца ў працах сучасных расійскіх неапаганцаў — і таксама без якіх-небудзь спасылак.

Часам у апісаннях графіці трапляецца дубляванне тых самых характарыстык надпісаў (памеры, размяшчэнне і г. д.), як, напрыклад, у апісанні графіці № 35 (123-124), што прыводзіць да пэўнай перагружанасці тэксту інфармацыяй.

Вялікі плюс працы — наяўнасць дадаткаў у выглядзе фотаздымкаў і прамалёвак надпісаў, без якіх падобная праца не магла б існаваць. На жаль, якасць друку часта скасоўвае станоўчыя моманты дадаткаў, аднак гэта, безумоўна, не віна аўтара.

Падводзячы высновы, варта адзначыць, што першая спроба стварэння манаграфіі па помніках эпіграфікі Беларусі, нягледзячы на некаторыя хібы, удалася. У аўтара атрымалася дасягнуць сваёй мэты. Галоўная заслуга І. Калечыц бачыцца ва ўвядзенні ў навуковы зварот графіці полацкай Спаса-Праабражэнскай царквы, якія раней былі невядомы шырокаму колу даследчыкаў. Таксама вартая пашаны праца па абагульненні вядомых на сёння помнікаў эпіграфікі на тэрыторыі Беларусі, што стварае базу для наступных даследаванняў у галіне эпіграфікі.

Барысаў — Мінск

Дзмітрый Скварчэўскі


[1] Мельникова Е. А. Скандинавские рунические надписи. Москва, 2001. С. 148-149.
[2] Штыхаў Г. В. Горад у святле археалагічных даследаванняў // Дзевяць стагоддзяў Барысава. Мінск, 2002. С. 20.
[3] Радыевугляродны  аналіз  паказаў  датаванне:   1070±60-1379±70 г. Гл.: Мельникова Е. А. Скандинавские рунические надписи. С. 214.
[4] Кацар М. С. Беларускі арнамент. Ткацтва. Вышыўка. Мінск, 1996. С. 33.
[5] Санько С. Жытняя баба // Міфалогія беларусаў: энцыкл. слоўнік. Мінск, 2011. С. 178-179.

Наверх

Poznań — Wilnu. Studia historyków w roku tysiąclecia Państwa Litewskiego / Pod red. ZBYSŁAWA WOJTKOWIAKA. Poznań: Wydawnictwo Poznańskie, 2010. 272 s.

14 лютага, 2011 |

Гэтая кніга вучыць, што да ланцужка, які віртуальна яднае сталіцы Вялікай Польшчы і Вялікага Княства Літоўскага — Познань і Вільню, можна дадаваць усё новыя і новыя звёны, адкрываючы для сябе цудоўны свет скрыжавання чалавечых лёсаў. Ва ўступным слове рэдактар зборніка навуковых артыкулаў прафесар Збыслаў Вайтковяк паспрабаваў нанізаць іх ажно цэлы тузін. Але калі браць пад увагу традыцыі гістарыяграфіі, то Познань і Вільня перадусім будуць паяднаны адной асобай — прафесарам Генрыкам Лаўмяньскім. Выпускнік Кіеўскага ўніверсітэта, вучань Мітрафана Доўнара-Запольскага, ён узняў школу гісторыі Вялікага Княства Літоўскага на зусім новы ўзровень — як у Вільні, так і у Познані. Лаўмяньскі застаецца велічнай зоркай на небасхіле двух гарызонтаў — над барочнымі вежамі Кафедральнага сабора на востраве Тумскім і над каронай езуіцкага касцёла Святога Казіміра.

У складанні тома ўдзельнічалі такія знакамітыя даследчыкі Вялікага Княства Літоўскага, як Гжэгаж Блашчык, Ян Юркевіч, Марцэлі Косман, Ярaслаў Нікодэм, Кшыштаф Пяткевіч, Марыя Барбара Тапольска і Збыслаў Вайтковяк. Апошні і выступіў у якасці рэдактара выдання.

З прадмовы рэдактара вынікае, што зборнік паўстаў як замена т. зв. прысвечанай „тысячагоддзю Літвы” навуковай канферэнцыі, якая павінна была прайсці ў Познані ўвосень 2009 г., але, на жаль (у тым ліку і для аўтара гэтых радкоў), не адбылася. Зрэшты, мяркую, што гэтая акалічнасць, абумоўленая „ўплывам” узгаданага рэдактарам „крызісу”, адгукнулася для чытачоў новай добрай калектыўнай працай аб асэнсаванні гісторыі Вялікага Княства Літоўскага ў сучаснай польскай гістарыяграфіі, своеасаблівым зрэзам традыцыі ўспрымання гэтай дзяржавы ў асобна ўзятай гістарычнай навуковай школе.

Аднак калі чытач шукае ў зборніку свежых адкрыццяў з гісторыі Вялікага Княства, ён не знойдзе нічога прынцыпова новага. Кніга складаецца з акадэмічных падсумаванняў асобных „топавых” праблем сярэднявечнай гісторыі ВКЛ. Сем тэм прадстаўлены рознымі па стылі артыкуламі, якія раскрываюць нам погляд польскай (дакладней, велікапольскай) школы гісторыі Вялікага Княства Літоўскага, канцэнтруючы яе дасягненні за апошняе стагоддзе. Так, прысутнічаюць апісанні праблемы ab ovo: матэрыялы Г. Блашчыка „Сумесная вайсковыя дзеянні Польшчы і Літвы пры абароне паўднёва-ўсходніх ускраін абедзвюх дзяржаў (да 1569 г.)” і К. Пяткевіча „Пачаткі літоўскай дзяржаўнасці”. Да гэтай групы ў некаторым сэнсе належыць і матэрыял Я. Нікодэма „Крэўскі акт і яго значэнне”. Вельмі цікавыя біяграфічныя даследаванні пададзены Я. Юркевічам („Ежы Ахманьскі як даследчык жыцця і дзейнасці Міхала Ромера”) і М. Косманам („Летапісец Віленскай Акадэміі. Над біяграфіяй Людвіка Пехніка”). Доктар М. Б. Тапольска звяртаецца да гендэрных даследаванняў у матэрыяле пад назвай «Становішча жанчыны з „народа шляхецкага” ў Вялікім Княстве Літоўскім у XVI-XVIII ст.». І, нарэшце, матэрыял З. Вайтковяка «Паўночная мяжа Літвы ў Сярэднявеччы. „Limites Inter Litvaniam et Livonia” ад 1473 г.» — гэта, безумоўна, даследаванне, якое разгортваецца ў фарватары крыніцазнаўчай традыцыі.

Звернемся да асобных тэкстаў зборніка. Г. Блашчык прадстаўляе свой артыкул як даследаванне ў рэчышчы вайсковай гісторыі — стасункаў палякаў і ліцвінаў з такімі суседнімі краінамі, як Крымскае ханства, Малдавія і Асманская імперыя. Аўтар спрабуе вылучыць такія праблемныя блокі, як межы польскай і ліцвінскай дзяржаў з паўднёвымі суседзямі; пачатак супрацоўніцтва дзвюх дзяржаў у ахове паўднёвай мяжы (да 1519 г.); далейшая дзейнасць у гэтым напрамку. Асобнай увагай аўтара ўзнагароджаны стараста барскі Бернард Прэтвіч (Bernard Pretwicz), адзначаны яго ўнёсак у арганізацыю сумеснай польска-ліцвінскай абароны межаў. У высновах Г. Блашчык падводзіць чытача да разумення сумеснай вайсковай дзейнасці Польшчы і Літвы на паўднёва-ўсходніх ускраінах дзяржаў у перыяд да 1569 г. як істотнага моманту пры рэалізацыі праекта будучай міждзяржаўнай уніі.

Навуковая постаць Ежы Ахманьскага ў матэрыяле Я. Юркевіча набывае нязвыклы для нас, амаль дэтэктыўны, вобраз. Артыкул дае магчымасць убачыць, як знаёмства з творчасцю выбітнай асобы часам перарабляе ўнутраны свет іншага творцы. Я. Юркевіч паказвае ўплыў „Дзённіка” Міхала Ромера на навуковыя зацікаўленні Ежы Ахманьскага; Вільня 60-х г. XX ст. раскрываецца перад намі як крыніца натхнення для інтэлектуалаў у іх творчым пошуку (параўнайце з побытам у Вільні ў 1964 і 1968 г. Уладзіміра Караткевіча, апісаным А. Мальдзісам у біяграфічным даследаванні „Жыццё і ўзнясенне Уладзіміра Караткевіча”). І хоць са шматлікіх магчымых тэм сваёй навуковай працы Ежы Ахманьскі абярэ не персаналію, а „метадалагічна правільны” грамадска-палітычны рух, асоба М. Ромера, „апошняга грамадзяніна Вялікага Княства”, будзе надаваць таямнічасць габілітацыйнай працы знакамітага ў будучым познанца. Аўтар матэрыялу раіць нам прыгледзецца да таго, што Е. Ахманьскі ў сваіх працах раскрывае шырокай грамадскасці асобу Ромера, як калісьці у 1963 г. Міхал Ромер праз свой „Дзённік” „раскрыў” Ежы Ахманьскаму Літву.

Біяграфічнае даследаванне зусім іншага кшталту ўяўляе сабой матэрыял М. Космана. Аўтар разважае над гісторыяй Віленскай навучальнай установы (Акадэмія — Універсітэт) і разам з тым імкнецца паказаць творчы шлях аднаго з гісторыкаў навучальнай установы, сябра Таварыства Езуса, Людвіка Пехніка. Прафесар Косман аналізуе працы Пехніка і іншых аўтараў яго часоў, спрабуючы праз гісторыю асобы Л. Пехніка паглядзець на сувязь і ўзаемаўплыў навучальнай установы і яе выпускнікоў. Нездарма артыкул заканчваецца згадкай пра яшчэ аднаго „віленчука” — вучня Г. Лаўмяньскага, польскага гісторыка Юліуша Бардаха.

Ярaслаў Нікодэм прапануе ўжо даволі распрацаваную ў навуцы тэму — „Крэўскі акт і яго значэнне”. Цяжка сказаць штосьці новае, але можна і трэба перагледзець ужо сказанае — гэта візітная картка польскага даследчыка. Ён пачынае свой матэрыял з таго, што найноўшыя польская і літоўская гістарыяграфіі прымушаюць вяртацца да праблемы крэўскага акта, уважліва ставіцца да новых даследаванняў, бо ў навуцы адбываецца змена адносін да прадмета, што характэрна для кожнага новага пакалення даследчыкаў. У сваёй працы Я. Нікодэм аналізуе перыяд з 1386 да 1401 г., спыняючыся на „наступствах” уній (Крэўскай і Віленска-Радамскай), а не на тэрміналогіі — найменнях, якімі розныя аўтары-сучаснікі апісвалі адносіны паміж дзвюма дзяржавамі.

Наступны тэкст інтрыгуе сваёй паліткарэктнасцю ў дачыненні да партнёраў Польшчы і бескампраміснасцю да тых, хто знаходзіцца па-за межамі „еўраінтэграцыі”. Матэрыял прафесара К. Пяткевіча на тэму „Пачаткі літоўскай дзяржаўнасці” распачаўся без вострых вуглоў і спрэчных сцверджанняў, уразіў зменай тэматычнага вектара і паступова перацёк у класічны ўніверсітэцкі курс па метадалогіі даследавання этнасаў у постсацыялістычнай усходнееўрапейскай навуцы. Аўтар у першай частцы тэксту падаў рэтраспектыву стварэння дзяржаўнасці Вялікага Княства Літоўскага ад найдаўнейшых часоў да ператварэння балцкага элемента ў літоўскі, а славянскага — у беларускі. У другой палове матэрыялу аўтар акадэмічнага выкладу — „лікбезу” па гісторыі ўтварэння этнасаў і дзяржаў ва Усходняй Еўропе — пераключыўся і на праблемы станаўлення беларускай нацыянальнай свядомасці, украінскай дзяржаўнасці часоў Багдана Хмяльніцкага, панавання марксісцка-сталінска-ленінскай метадалогіі ў разуменні фармавання беларускага народа. Нягледзячы на тое, што аўтар, без сумнення, эмацыйна, змяніў гендэрную прыналежнасць Фрыды Давыдаўны Гурэвіч (161), артыкул атрымаўся дастаткова цікавы. Ён, безумоўна, вылучаецца сярод астатніх прац гэтага зборніка сваёй беларуска-літоўскай скіраванасцю. Але ён будзе запатрабаваны бадай што толькі прадстаўнікамі двух названых этнасаў, народаў, нацый (калі іх носьбіты не заблытаюцца ў гэтых тэрміналагічных азначэннях).

Ні ў якім разе не хочацца зноў распачынаць безвыніковую палеміку на тэму стварэння дзяржаўнасці ВКЛ (у кантэксце сучасных нацый). Проста напрошваецца адна думка. Пры „падзеле” гісторыі Вялікага Княства ў сучаснай гістарыяграфіі ўсходнееўрапейскіх краін (я не кажу ні пра папулярызатараў, ні пра ідэолагаў, ні пра літаратараў) заўсёды ўзнікае адчуванне прысутнасці на судовым маёмасным працэсе. Тут унукі і ўнучатыя пляменнікі судзяцца з-за спадчыны дзеда, якога яны ніколі не бачылі, у доме якога ніколі не былі. Але кожная рэч трапляе пад ацэнку суддзі і размяркоўваецца на „маё” і „тваё”. Вялікае Княства Літоўскае знікае разам са сваімі грамадзянамі ў няўмольным гістарычным працэсе, нараджае новыя нацыі і дзяржавы (ці — на гэтай тэрыторыі з’яўляюцца новыя дзяржаўныя фармаванні), якія змяняюць імя і „перахрышчваюцца” ў іншы палітычны лад. Нельга зводзіць прынцып гістарызму да прынцыпу падабенства найменняў. Ніхто не можа адмовіць нацыям у іх гісторыі. Гэта адзін з непарушных прынцыпаў дэмакратыі і еўрапейскіх каштоўнасцяў. Іншая справа — свабода слова. Але навуковец або лектар павінен памятаць, што яго слова, як слова святара на амбоне, вельмі шмат важыць і ацэньваецца золатам грамадзянскай адказнасці.

Прафесар Зеленагурскага ўніверсітэта Марыя Барбара Тапольска, аналізуючы ролю жанчыны ў Вялікім Княстве Літоўскім, звяртае ўвагу на жаночы працэс пазнання. З аднаго боку, жанчына з гісторыі Княства раскрываецца нам як жонка і маці (велікакняскай ці магнацкай фаміліі), а з другога боку — як даследчыца мінуўшчыны (М. Багуцка, У. Аўгустыняк і інш.). Артыкул «Становішча жанчыны з „народа шляхецкага” ў Вялікім Княстве Літоўскім у XVI-XVIII ст.» паказвае, што калі даследаванні ХІХ-ХХ ст. больш увагі аддавалі выкананню жанчынамі з Вялікага Княства сваіх гендэрных роляў, то канец ХХ ст. змяняе перспектыву аналізу становішча жанчыны, пераводзячы яго на ўзроўні ўплыву на агульнадзяржаўнае развіццё (роля вялікіх княгінь Боны Сфорца і Барбары Радзівіл), прававога становішча (на падставе даследавання статутнага права аўтар адзначае розныя магчымасці ліцвінак і полек у маёмасных і крымінальных справах у дзвюх дзяржавах), грамадзянскіх роляў жанчыны (фундаванне прыходаў розных хрысціянскіх канфесій), адукацыі (М. Б. Тапольска звяртае ўвагу на высокі ўзровень чытацкай актыўнасці магнатак Вялікага Княства, а Радзівілы нават былі уладальніцамі сваіх экслібрысаў у фамільных бібліятэчных зборах).

Матэрыял прафесара З. Вайтковяка «Паўночная мяжа Літвы ў Сярэднявеччы. „Limites Inter Litvaniam et Livonia” ад 1473 г.» прыемна вылучаецца сваім падыходам „case-study” ў арганізацыі тэксту. Ва ўводзінах аўтар уздымае пытанне, вельмі актуальнае ў сучасным святле візуальнага ўспрымання гістарычнай прасторы — маем назвы мясцовасці, але не маем іх адлюстравання на картах. (Для разумення праблемы ў гістарыяграфіі вельмі паказальныя працы заўчасна памерлага беларускага даследчыка, картографа Віктара Цемушава, прысвечаныя мяжы Вялікіх Княстваў Літоўскага і Маскоўскага ý XVXVI ст. — стварэнне ім карты, а не апеляцыя да віртуальна наяўных у дакументах тапонімаў прывяло да дакладных высноў аб пераразмеркаванні памежных земляў.) У першай частцы артыкула апавядаецца пра працэс засялення паўночных земляў Жамойці і Аўкштайціі ў Сярэднявеччы; традыцыі публікацыі і вывучэння акта літоўска-лівонскага размежавання 1473 г., сярод іншага, згадвае аўтар і пра арыгінал акта са збораў Літоўскай акадэміі навук. Другая палова тэксту прысвечана гістарычнаму працэсу размежавання, яго ўдзельнікам і дваістым вынікам праведзенай акцыі. Аўтар звяртае ўвагу на працэдуру і механізм вызначэння дзяржаўных межаў у 1473 г. Нарэшце напрыканцы аўтар падае „дэсерт” — адказ на пытанне, чаму акт называецца „радзівілаўскім”. Тэкст трымае ў захапленні да апошняга абзаца адказу — як гэта ўмее і любіць рабіць пан прафесар.

Мінск

Андрэй Любы

FORYCKI, MACIEJ. Chorografia Rzeczypospolitej szlacheckiej w Encyklopedii Diderota i d’Alemberta. Poznań: Wydawnictwo Poznańskie, 2010. 332 s.

13 лютага, 2011 |

Сучасных даследчыкаў гісторыі ўсё больш цікавяць пытанні дыяхранічнага развіцця культуры ў шырокім антрапалагічным разуменні. У гэтай сувязі аддаецца больш увагі вывучэнню ментальнай гісторыі — вобразам людзей, іх уяўленням пра навакольнае асяроддзе, сваю краіну, дзяржаву, мінулае, пра суседзяў, умовы жыцця, пачуцці, інтарэсы і г. д. Яшчэ больш цікавыя вобразы і ўяўленні, якія ствараліся не жыхарамі сваёй краіны, а тымі, каго ў сацыяльна-культурнай антрапалогіі называюць „чужымі”, ці „іншымі” — прадстаўнікамі дзяржаў суседніх і не толькі (другія для гісторыкаў нават больш цікавыя, бо іх уяўленні менш залежаць ад палітычнай ці ідэалагічнай кан’юнктуры, створаны на падставе розных стэрэатыпаў), якія праязджалі праз краіну, былі тут па справах, некаторы час жылі сярод мясцовага насельніцтва і здолелі ўбачыць тое і здзівіцца таму (і занатаваць), што для „тутэйшых” было чымсьці звычайным, традыцыйным і не вартым увагі.

У беларускай і польскай гістарыяграфіі, прысвечанай перыяду Вялікага Княства Літоўскага (далей ВКЛ) і Рэчы Паспалітай (далей РП) ужо існуе пэўны вопыт даследавання візіі Беларусі і Польшчы падарожнікамі, палітыкамі, дыпламатамі і рознымі аматарамі прыгодаў. Ёсць навуковыя, навукова-папулярныя працы і нават хрэстаматыі арыгінальных тэкстаў[1]. Але нядаўна з’явілася дастаткова арыгінальная праца, у якой прааналізаваны вобраз РП, створаны французскімі энцы-клапедыстамі на чале з Дзідро і Даламберам.

Манаграфія, пра якую ідзе гаворка, — габілітацыйная праца знанага польскага даследчыка польска-фран-цузскіх сувязяў XVIII ст., аўтара біяграфіі С. Ляшчынскага, гісторыка з Познані Мацея Фарыцкага[2]. Фактычна рэцэнзаваная праца — гэта працяг манаграфіі, прысвечанай французскаму вобразу палітычнага ладу РП перад каралеўствам Станіслава Аўгуста Панятоўскага[3].

Праца складаецца з чатырох раздзелаў: нежывая прырода (тэрыторыя і гідраграфія); свет раслін і жывёл (флора і фаўна); карысныя выкапні і іх эксплуатацыя; антрапагенічныя ўмовы (межы дзяржавы і дэмаграфія РП; характарыстыка правінцый — Вялікая Польшча, Малая Польшча, ВКЛ і Інфлянты).

Аўтар паставіў мэту прааналізаваць звязанасць і складанасць вобраза РП у французскай Энцыклапедыі, ён карыстаўся першым выданнем 1751-1772 г.

Цікавай падаецца інфармацыя пра колькасныя адносіны матэрыялаў, прысвечаных розным краінам Еўропы і свету. Так, Рэчы Паспалітай прысвечана каля сямідзесяці артыкулаў. Для параўнання: прыкладна столькі ж — швейцарскім, шведскім, партугальскім і турэцкім справам; артыкулаў на расійскую ці балканскую тэматыку ў два разы менш, а на італьянскую ці іспанскую — у тры разы, на англійскую — у пяць разоў, а на французскую — у дзесяць разоў больш (12).

На думку аўтара, існуе тры прычыны, чаму ар-тыкулы, прысвечаныя РП, яшчэ не былі прадметам даследавання гісторыкаў. Па-першае, гэта спецыфічнасць і складанасць крыніцы. Па-другое (што выцякае з першага), асобныя артыкулы даследаваліся, але выпадкова і для вырашэння лакальных задач. Па-трэцяе, корпус артыкулаў настолькі разнастайны з увагі інфармацыйнасці, глыбіні ці якасці, што бракавала стварэння эфектыўнага метаду цэласнага вывучэння сотняў артыкулаў, прысвечаных РП (13).

Мацей Фарыцкі здолеў абагульніць практычна ўсе энцыклапедычныя артыкулы пра РП праз геаграфічнае апісанне яе тэрыторыі. Але пэўная архаічнасць гэтых геаграфічных апісанняў, недасканаласць з пункту гле-джання сучаснай геаграфічнай навукі сталі падставай для выбару аўтарам тэрміна „хараграфія” — апісальнага вобраза асобных мясцовасцяў літаратурнымі метадамі і прыёмамі, якія ствараюць пэўную „літаратурную” карту краіны.

У артыкулах Энцыклапедыі, прысвечаных РП, не было звестак пра глебу і яе склад, пра кліматычныя ўмовы. З іншага боку, вельмі шмат інфармацыі пра гідраграфію РП другой паловы XVIII ст. Пры агульнай характарыстыцы тэрыторыі РП больш падрабязна разгледжаны менавіта землі ВКЛ. Аўтар гэтых артыкулаў (кавалер дэ Жако) адзначыў геаграфічную аднастайнасць ВКЛ і даволі падрабязна апісаў найбуйнейшыя рэкі — Дняпро, Вяллю, Нёман, Дзвіну. Аўтар адзначаў, што гэта край вялікіх балот і прыгожых азёр (24).

Частка артыкулаў, прысвечаных ВКЛ, была напісана Дзідро, большасць кавалерам дэ Жако, аўтараў нека-торых артыкулаў познаньскі гісторык, на жаль, не ідэнтыфікаваў.

У Энцыклапедыі зафіксавана значная колькасць факталагічных памылак, якія дакладна ўплывалі на фармаванне вобразаў РП, ВКЛ і ўскосна беларускіх земляў у Заходняй Еўропе. Так, напрыклад, Дзідро, напісаўшы артыкул пра Дзвіну, лакалізаваў яе ў еўрапейскай частцы   Расіі (47). Нярэдка геаграфічныя назвы французскія навукоўцы таксама пісалі па-рознаму. Так, на некалькіх картах, змешчаных у Энцыклапедыі, зафіксаваны тры варыянты назвы горада Кокенхаўзэн: горад Cokenhausen ляжыць на рэчцы Dwina, Kockenhausen на рэчцы Dwine, a Kokenhausen на рэчцы Duna (49). Для Дняпра энцыклапедысты часцей за ўсё (дзевятнаццаць разоў) выка-рыстоўвалі назву Nieper, калінікалі — Барысфен.

Ёсць звесткі пра Нёман і яго прытокі Вяллю, Дзітву, Мерачанку, Шчару і Зэльву; Дзвіну з Палатой і Улай; Дняпро з Сожам, Аршыцай, Бярэзінай, Свіслаччу, Прыпяццю, Стырру, Гарынню, Ілквай, Случчу, Ушой, Россю; Буг і іншыя рэчкі ВКЛ. Артыкул пра Свіслач напісаў сам Дзідро. Прынамсі ў гэтым артыкуле ёсць згадкі пра Мінск (54). Адзінае беларускае возера, зафіксаванае у Энцыклапедыі — Дрывяты, — на якім знаходзіўся Браслаў (64).

Што да расліннага і жывёльнага свету ВКЛ, то інфармацыя ў Энцыклапедыі носіць схематычны і лаканічны характар. Кавалер дэ Жако адзначаў, што ў рэках шмат рыбы, у лясах жывёлы, а цэлы рэгіён можа задаволіць усе жыццёвыя патрэбы насельніцтва. На думку французскага аўтара, ВКЛ насяляюць шматлікія собалі, пантэры (sic!), бабры, мядзведзі і ваўкі (66). М. Фарыцкі лічыць, што асноўнай крыніцай па флоры і фаўне ВКЛ для французскіх энцыклапедыстаў стала праца Марціна Кромера „Польша, ці Пра становішча, насельніцтва, звычаі, інстытуцыі і справы публічныя Каралеўства Польскага”. Менавіта адтуль запазычана інфармацыя пра пантэру, якая, хутчэй за ўсё, была пераблытана з рыссю (66). Пры гэтым асобны артыкул, прысвечаны рысі ў ВКЛ, цалкам спісаны кавалерам дэ Жако з „Універсальнага гандлёвага слоўніка” Савары дэ Брулона, надрукаванага ўпершыню ў 1726 г. у Амстэрдаме, які карыстаўся вялікай папулярнасцю ў заходняй Еўропе.

Аўтар артыкула пра мядзведзяў у РП француз Луі Жан-Марыя Даўбэнон прывёў цэлы шэраг фантастычных фактаў. Напрыклад, ён быў упэўнены, што мядзведзі у ВКЛ былі белымі. Акрамя гэтага ў артыкуле згадваецца адзін са спосабаў палявання на мядзведзя ў ВКЛ: перад паляваннем мядзведзя паілі гарэлкай, якой аблівалі мёд у калодах (85).

3 розных артыкулаў Энцыклапедыі можна даведацца, што ў ВКЛ была багатая фаўна: тут жылі вавёркі, собалі і ласі. Цікавыя згадкі пра асобны гатунак коней у РП — коні польскія, якія былі моцнымі і мелі здаровыя зубы. Таксама энцыклапедысты адзначалі, што нямала каштавалі у РП і карысталіся попытам коні і валы з Падоліі (89).

З прыродных рэсурсаў ВКЛ у Энцыклапедыі адзначаецца толькі вялікая лясістасць тэрыторыі і як вынік гэтага — значная крыніца для гатавання паташу (118). Дарэчы, у Энцыклапедыі тэме рэсурсаў аддаецца вельмі мала ўвагі, таму раздзел працы М. Фарыцкага, прысвечаны гэтай праблеме, таксама займае не вельмі шмат старонак — 29.

Познаньскі гісторык у большай частцы працы (140 старонак з 260) засяроджвае ўвагу на аналізе вобраза антрапагенічнай прасторы РП у французскай Энцыклапедыі. Энцыклапедысты дакладна вызначалі, што РП складаецца з трох частак (Вялікая Польшча, Малая Польшча і ВКЛ) і падзяляецца на дваццаць сем ваяводстваў.

У артыкуле „Польшча” кавалер дэ Жако вызначыў, што Рэч Паспалітая знаходзіцца ў межах Еўропы (121). М. Фарыцкі мяркуе, што архаічнае вызначэнне суседзяў РП (перш за ўсё ўсходніх—Татарыя і Масковія) сведчыць не пра неадукаванасць энцыклапедыстаў, а пра тое, што былі некрытычна запазычаны крыніцы, якія фіксавалі геапалітычную сітуацыю рэгіёна на рубяжы XV-XVI ст., часу паміж распадам Вялікай Арды і панаваннем Івана Жахлівага (122).

Паўсюдна ў Энцыклапедыі падкрэсліваўся кантраст паміж агромністымі тэрыторыямі і малой заселенасцю. Колькасць насельніцтва вызначалася пяццю мільёнамі чалавек, што больш чым у два разы было зменшана і, хутчэй, адпавядала сярэдзіне XVI ст.

Французская Энцыклапедыя — вельмі карысная і каштоўная крыніца звестак як пра этнічную структуру Рэчы Паспалітай і Вялікага Княства Літоўскага, так і пра этнічны вобраз поліэтнічнай дзяржавы ў ацэнцы заходнееўрапейцаў. Нягледзячы на тое, што насельніцтва РП у Энцыклапедыі часцей за ўсё называлася палякамі, але часам згадваліся і ліцвіны, і русіны, і казакі, і жамойты, і яўрэі, і караімы, і курды.

На думку французскіх аўтараў, знешні выгляд жыxapoý РП падобны да еўрапейцаў, аднак характарам яны вельмі адрозніваюцца. Гэта звязана з сармацкімі каранямі палякаў (чытай — жыхароў РП). Вобраз жыхароў РП (зразумела, гаворка ідзе пра шляхту) носіць пазітыўны характар. Варварства суседзіць са шчырасцю, мудрасцю, спрадвечнай цягай да вольнасці. З аднаго боку — убогі стан культуры: „…няма мастацкай школы, адсутнічае тэатр, заняпад архітэктуры, навукі не развіваюцца, сапраўдная філасофія невядома…” (124). З другога боку, пазітыўны палітычны вопыт РП.

Палітычныя традыцыі шляхты апісаны ў кантрасце да непасрэдна французскіх. Энцыклапедысты ў гэтым ствараюць знакамітую мадэль „шчаслівага дзікуна”: польская шляхта большасць часу жыве ва ўласных ма-ёнтках, а французская — у Парыжы. Энцыклапедысты склалі пэўную бінарную апазіцыю „шляхецкі маёнтак — Версаль”. Шляхціч РП арыентаваны лакальна, правінцыйна, а француз — да палітычнага цэнтра. Пры гэтым правінцыйнасць, на думку познаньскага гісторыка, разглядаецца як пэўная форма патрыятызму (125).

Французскі энцыклапедыст кавалер дэ Жако — аўтар асобнага артыкула, прысвечанага ліцвінам. Ён выводзіў ix ад скіфскага племені гелонаў, суседзяў сарматаў. Француз падкрэсліваў, што яны таксама еўрапейцы. Выклікаюць цікавасць звесткі энцыклапедыста пра тое, што ў ліцвінаў была пашырана магія і піраманія. Гэтая інфармацыя, як высветліў М. Фарыцкі, была запазычана кавалерам дэ Жако з працы знакамітага галандскага езуіта Марціна Антоніа Дэль Рыа „Disquisitionum magicarum”, прысвечанай працэсам над чараўніцамі і выдадзенай яшчэ ў 1599 г.

Акрамя гэтага артыкула, ліцвіны ў Энцыклапедыі згаданы яшчэ адзін раз, пры апісанні тэхналогіі падсечна-вогненнай апрацоўкі зямлі (127).

У Энцыклапедыі толькі двойчы падаюцца звесткі пра жамойтаў. Французскія асветнікі ўяўлялі іх вельмі архаічным народам, які жыве ў зямлянках з прымітыўным ачагом у цэнтры пабудовы. Аднойчы — у артыкуле, прысвечаным Вільні, — згаданы русіны. На паўднёвых абшарах Рэчы Паспалітай, на думку французаў, жылі казакі. Яны ідэнтыфікаваліся з украінцамі і на падставе працы Вальтэра „Гісторыя Расійскай імперыі пад час панавання Пятра Вялікага” вызначаны як расійскія падданыя.

Дастаткова значная ўвага аддадзена яўрэйскаму насельніцтву Рэчы Паспалітай. На думку энцыклапедыстаў, Рэч Паспалітая — „рай для яўрэяў” (129). Французскіх аўтараў вельмі здзіўляў той факт, што да яўрэйскага насельніцтва ставіліся талерантна ў краіне, якая пазіцыянавала сябе як еўрапейскі бастыён каталіцызму. Вальтэр нават жартаваў у прыватнай карэспандэнцыі да Кацярыны II, што „яўрэі, якія ўкрыжавалі Логас, маюць столькі сінагог у Рэчы Паспалітай” (129). У артыкуле, прысвечаным інквізіцыі, ёсць звесткі пра 240 сінагог на землях РП.

Два разы згаданыя ў Энцыклапедыі караімы. Звяртаецца ўвага на своеасаблівасць і арыгінальнасць іх рэлігійных традыцый і мовы. Усе звесткі пра караімаў заснаваны на працы шведскага вучонага, сакратара і бібліятэкара шведскага караля Карла XI, прафесара Упсальскага ўніверсітэта Густава Перынгера (1651-1710). Ён у 1690 г. на загад шведскага караля зрабіў пада-рожжа па Вялікім Княстве Літоўскім (быў у Троках, Луцку і інш.) і спецыяльна вывучаў караімаў. На жаль, яго нататкі пра падарожжа былі страчаны ў 1697 г. пад час пажару ў каралеўскім палацы ў Стакгольме. Аднак захаваўся адзіны яго ліст да прафесара ўніверсітэта Франк-фурта-на-Майне Гёба Лудальфа, які ў 1691 г. выдаў яго у Ляйпцыгу пад назвай „Epistolade Karaitarum Rebusin Lithuania”[4]. Шкада, што гэтая крыніца пакуль застаецца па-за ўвагай беларускіх гісторыкаў.

Такім чынам, праца М. Фарыцкага дазваляе з большай дакладнасцю зразумець асаблівасці і кірункі стварэння сучаснага вобраза Беларусі, які ўзнік пад час стварэння мадэрнай візіі свету і Еўропы французскімі энцыклапедыстамі. Даволі некрытычнае карыстанне архаічнымі крыніцамі і дастаткова адвольная экстрапаляцыя матэрыялаў з даступных і папулярных (выда-дзеных у друкарнях) прац пра Паўночную ці Цэнтральную Еўропу на беларускія землі значна паўплывала на ўяўленні пра беларусаў, беларускую дзяржаву і навакольнае асяроддзе, у якім беларусы жылі. Шмат якая інфармацыя мела фантастычны характар. ВКЛ моцна атаясамлівалі з усходнім суседам — Расійскай імперыяй, што засведчылі паўсюдныя канатацыі на Сібір.

Мацей Фарыцкі здолеў паглядзець на гісторыю Рэчы Паспалітай пад вельмі нечаканым для сучаснай беларускай гістарыяграфіі вуглом. Гэта дазволіла ўбачыць „іншую” Рэч Паспалітую — вялікую, пакрытую лясамі і рэкамі, слаба заселеную гераічнымі і ганарлівымі „дзікунамі”, навокал якіх можна сустрэць пантэр ці белых мядзведзяў. Знаёмства з працай М. Фарыцкага асабіста для мяне стала падставай для перагляду яшчэ аднаго гістарычнага стэрэатыпа — пра ролю еўрапейскага Асветніцтва.

Мінск

Сцяпан Захаркевіч


[1] Грыцкевіч В., Мальдзіс А. Шляхі вялі праз Беларусь. Мінск, 1980; Chynczewska-Hennel T. Rzeczpospolita XVII wieka w oczach cudzoziemców. Wrocław, 1993; Relacye Nuncyuszów Apostolskich i innych osób o Polsce od roku 1548 do 1690: w 2 t. / oprac. i wyd. E. Rykaczewski. Poznań, 1864.
[2] Forycki M. Stanicław Leszczyński: Sarmata i Europejczyk. 1677-1766. Poznań: WBPiCAK, 2006.
[3] Forycki M. Anarchia polska w myślі Oświecenia. Francuski obraz Rzeczypospolitej szlacheckiej u progu czasów stanislawowskich. Poznań, 2004.
[4] Gąsiorowski S. Karaimi w Koronie i na Litwie w XV—XVIII wieku / S. Gąsiorowski. Kraków — Budapeszt: Austeria, 2008. S. 20.

ДОЛБИЛОВ, МИХАИЛ Д. Русский край, чужая вера: этноконфессиональная политика империи в Литве и Белоруссии при Александре II. Москва: Новое литературное обозрение, 2010. 1000 с.

12 лютага, 2011 |


Са стварэннем новых дзяржаў на постсавецкай прасторы, з адраджэннем царкоўнага жыцця ў 90-я г. XX ст. пачалі праводзіцца даследаванні па этнічнай і канфесійнай гісторыі, пры гэтым яны ішлі практычна паралельна, як у Расіі, так і ў Беларусі, Літве і іншых краінах. У 2010 г. выйшла грунтоўная кніга, важная для даследчыкаў, што займаюцца гэтымі праблемамі перыяду канца XVIII — пачатку XX ст., калі тэрыторыя Беларусі і Літвы ўваходзіла ў склад Расійскай імперыі. Яе аўтар ужо вядомы беларускім гісторыкам па артыкулах у „Ab Imperio”, а таксама кнігамі (адзін з аўтараў) „Западные окраины Российской империи” (Масква, 2006) і (разам са Д. Сталюнасам) „Обратная уния: из истории отношений между католицизмом и православием в Российской империи. 1840-1873″ (Вільня, 2010)[1].

Манаграфія складаецца з уводзінаў, 11 раздзелаў, заключэння, заўваг, спісаў скарачэнняў, картаў і архіўных фондаў, імяннога паказальніка. Праца напісана з выкарыстаннем шырокага корпуса архіўных матэрыялаў, а таксама вялікай колькасці навуковых даследаванняў рознага часу і краін. Сцісла ахарактарызуем праблемы, даследаваныя аўтарам у адпаведных раздзелах (у іх паслядоўнасці) :

„Политизация религиозности: основания и антиномии конфессиональной политики империи”; М. Далбілаў абмаляваў тут у агульных рысах імперскую мадэль „одомашнивания” неправаслаўных веравызнанняў;

„Николаевская конфессионализация: счастливые униаты, обиженные католики?”; паказана розніца ў падыходах імперскіх уладаў да грэка-ўніяцкага і рыма-каталіцкага веравызнання, што, на думку аўтара, адлюстравала прагматызм, з якім пры Мікалаі І уводзілася канфесійная дысцыплінаванасць; акрамя таго, ад паўтарэння ў дачыненні да каталіцызму таго, што параўнальна лёгка зрабілі з уніяй, урад спынялі довады халоднага розуму, боязь знешнепалітычных ускладненняў, звесткі пра настроі сярод каталіцкай эліты, асцярожная ацэнка ўласных кіраўнічых асаблівасцяў;

«Двусмысленная веротерпимость: определение сферы „духовно-административных дел” в начале правления Александра ІІ»; аўтар адзначыў, што ў першыя гады праўлення Аляксандра ІІ пазначылася тэндэнцыя да паслаблення дзяржаўнага ўмяшання ў рэлігійнае жыццё, якая выклікала хвалю своеасаблівай праваслаўнай самакрытыкі, калі параўнанні з іншымі прызнанымі ў дзяржаве канфесіямі ўсё часцей аказваліся не на карысць праваслаўя. На думку аўтара, гэта, хутчэй за ўсё, быў спосаб па-новаму вырашыць ранейшую задачу імперскай канфесійнай інжынерыі: дамагчыся дысцыплінарнага ўздзеяння дзяржавы на рэлігійнасць падданых, захоўваючы пры гэтым культурную дыстанцыю ад духоўных эліт, асабліва ад „чужой веры”;

„Власть перед лицом этнического многообразия: поиск русскости в Северо-Западном крае в 1856-1863 г.”; аўтар прыйшоў да высноў, што да 1860-х г. этнічная і культурна-рэгіянальная дыферэнцыяцыя насельніцтва заходніх губерняў, найперш сельскага, стала для рускіх на кароткі час адным з аргументаў у спрэчцы з польскі-мі / польскамоўнымі элітамі аб пераважным культурным уплыве ў краі. Распрацоўваліся ідэі падтрымкі культурна-моўных асаблівасцяў мясцовага сялянства ў адроз-ненне ад дваранскіх і клерыкальных эліт, у першую чаргу польскіх і каталіцкіх. Па задуме аўтараў гэтых ідэй, такія льготы дапамаглі б беларусам і ўкраінцам, а такса-ма літоўцам усвядоміць сваю адасобленасць ад палякаў, што прывяло б да ўмацавання агульнарускага адзінства. Аднак самі бюракраты, як лічыць аўтар, заставаліся па-свойму зацікаўленымі ў развіцці ўяўленняў пра мясцовыя асаблівасці рускай ідэнтычнасці;  „Логика католикофобии: от М. Н. Муравьева к К. П. Кауфману”; на думку аўтара, каталіцызм лягчэй было б дыскрэдытаваць на ўзроўні дактрыны і ў сферы ўяўлення, чым пры непасрэдным з ім сутыкненні. Успрыманне каталіцызму яго праціўнікамі заставалася амбівалентным: з аднаго боку, яны гаварылі пра сваю гістарычную перавагу і сілу дзяржавы, якая стаіць за імі, з другога — гэтыя людзі, бачачы шыкоўныя касцёлы і чуючы агульныя спевы вернікаў пад арганную музыку, адчувалі комплекс культурнай непаўнавартаснасці і боязь рэлігійнага празелітызму;

„Дискредитация католицизма: противостояние и компромиссы (1866 — начало 1870-х г.)”; як піша аўтар, на працягу некалькіх гадоў натхнёныя нацыяналізмам метады дыскрэдытацыі каталіцызму пераважалі над менш радыкальнымі практыкамі „канфесійнай дзяржавы”, і апошнія паступова „руцінізавалі” пачаты з такім запалам паход супраць „лацінства”. У 1866 г. некаторым сучаснікам з ліку як праваслаўных, так і каталікоў сур’ёзна здавалася, што ўлады вось-вось адмовяць рымскаму каталіцызму ў статусе памяркоўнага „замежнага вераспавядання”;

«„Царская вера”: массовые обращения католиков в православие»; аўтар адзначыў, што эксцэсы масавых зваротаў у праваслаўе не толькі ўскладнілі рэлігійнае жыццё тысяч і тысяч каталікоў, але і дэмаралізавалі пэўную крытычную масу свецкіх і царкоўных бюракратаў. Менавіта ў гэтым сэнсе кампанія 1864-1867 г. стала ўрэшце каштоўным урокам для творцаў канфесійнай палітыкі: яна пазначыла мяжу, за якую ўлада, калі яна хоча застацца на падмурку „канфесійнай дзяржавы”, выходзіць не можа;

„Русский католик и западнорусс: столкновение проектируемых идентичностей”; на думку аўтара, у выніку станоўчае вызначэнне Заходняй Расіі аказалася занадта размытым. Каяловічу і іншым прыхільнікам раз-віцця лакальнай рускай самасвядомасці не ўдалося ўкласці пачуццё „западнорусской особости” ў значныя ідэалагічныя формулы, не прыбягаючы да дагматычнай, афектаванай палонафобіі і нянавісці да каталіцызму. Калектыўная памяць пра „Русь” у Вялікім Княстве Літоўскім і пра ўніяцкую царкву не магла развіцца ў нейкую гібрыдную форму лаяльнасці, у якой „мяккая” прыхільнасць да лакальнай традыцыі (якая змяшчала у сабе і зерне беларусафільства ў нацыянальным сэнсе слова) спалучалася б з больш патрабавальным, напорыстым нацыяналізмам агульнарускага маштабу;

«„Очищение” иудаизма: система отдельного образования для евреев в конфессиональной политике»; аўтар прыйшоў да высноваў, што няцяжка заўважыць цікавы кантраст: надзеі віленскіх чыноўнікаў на „ачышчэнне” іўдаізму і пераўтварэнне яўрэйства былі ў зеніце ў той самы перыяд, калі каталіцызм у Паўночна-Заходнім краі, пры ўдзеле тых самых дзеячоў, зазнаваў грубы націск і вельмі зневажальныя абмежаванні;

„Kulturkampf на Минщине: борьба властей за русификацию католического богослужения (1870-1880)”; як піша аўтар, спроба ўвесці рускую мову ў каталіцкіх храмах, пры ўсіх дэструктыўных наступствах і, мабыць, бясплоднасці па частцы асіміляцыі каталікоў-беларусаў, станоўча адбілася на паступовым пераасэнсаванні прынцыпаў канфесійнай палітыкі;

„Пренебрегая иудаизмом: тихий поворот к сегрегации евреев”; аўтар прыйшоў да высноваў, што дэманстратыўная адмова ўладаў ад удзелу ў рэфармаванні духоўных спраў яўрэяў, якая ў атмасферы 1860-х г. змагла б сведчыць пра ліберальныя перакананні, на практыцы спрыяла скасаванню ў 1873 г. сістэмы асобнай адукацыі для яўрэяў (яна першапачаткова базавалася на прызнанні непадзельнасці веры і навучання). Такім чынам ухіленне ўладаў ад традыцыйнай для імперскай дзяржавы функцыі канфесійнага нагляду і рэгулявання негатыўна адгукнулася на намаганнях па акультурацыі яўрэяў з дапамогай рускамоўнай школы.

Міхаіл Далбілаў вылучыў і даследаваў у манаграфіі тры напрамкі канфесійнай палітыкі ў Расійскай імперыі: у дачыненні да 1) рымскіх каталікоў; 2) былых грэка-ўніятаў (якія складалі ў 1860-я г., разам з нашчадкамі, пераважную большасць праваслаўнага насельніцтва краю); 3) яўрэяў. Як піша аўтар, „насколько разумеется, можно вообще отделить подход властей к иудаизму от их же действий, мотивированных восприятием еврейства в терминах этничности и языка” (37). Таму зразумела, што закладзенае ў манаграфію азначэнне „чужой веры” шырэй за юрыдычнае значэнне тэрміна „замежныя веравызнанні” („иностранные исповедания”): калі каталікі і іўдзеі траплялі пад катэгорыю членаў цярпімых канфесійных згуртаванняў, у той час як уся паства ўніяцкай царквы, канчаткова скасаванай у заходніх губернях у 1839 г., была пераведзена пад юрысдыкцыю праваслаўнага Найсвяцейшага Сіноду.

Акрамя асноўных кірункаў канфесійнай палітыкі аўтар адзначыў, што ў фокусе яго аналізу — мысленне бюракратаў, заклапочаных пошукам і праверкай нейкіх агульных прыёмаў уздзеяння на рэлігійнасць разнаверных падданых, а праз яе — на палітычную і культурную лаяльнасць. Акрамя таго, кожнаму з трох вылучаных аб’ектаў увагі адпавядала спецыфічнае кола праектаў і спосабаў імперскага перафармавання ідэнтычнасцяў, якія вывучаюцца ў манаграфіі (37).

У назве кнігі аўтар вылучыў канкрэтныя перыяд і абшар: час кіравання расійскага імператара Аляксан-дра (1855-1881) і тэрыторыя Беларусі і Літвы. На самай справе як перыяд, так і тэрыторыя значна шырэйшыя, бо разглядаецца канфесійная палітыка ад Пятра I і па ўсёй Расійскай імперыі, а таксама, для параўнання, аўтар выкарыстоўвае прыклады па Аўстрыйскай імперыі і інш. Такая шырыня, вядома, цікавая, але яна абцяжарвае ўспрыманне зменаў дзяржаўнай палітыкі, і яе спецыфіка ў заходніх губернях не вельмі выразная. На мой погляд, звязана гэта з выкарыстаннем для аналізу вялікай колькасці, акрамя расійскіх, англамоўных і нямецкамоўных выданняў і невялікай — літоўскіх і беларускіх (магчыма, з-за таго, што даследаванні выдаваліся на нацыянальных мовах). Таму ў манаграфіі зусім мала бачання праблемы з боку даследаваных тэрыторый — Літвы і Беларусі.

Так, напрыклад, палітыка стаўлення да ісламу ў Паволжы адрознівалася ад палітыкі стаўлення да ісламу ў заходніх губернях, дзе яна была дастаткова лаяльнай. А ў дачыненні да каталікоў і ўніятаў у розныя часы палітыка не была адназначнай. Тое самае адбывалася і з нацыянальным вызначэннем народаў, якія жылі на тэрыторыі Беларусі і Літвы, на якое звярнуў увагу М. Далбілаў. Дастаткова было яўрэю перайсці з іўдаізму у хрысціянства, як ён станавіўся рускім. У розныя часы беларусы называліся літоўцамі (Віленшчына), рускімі і палякамі, беларусамі, а этнічныя літоўцы — жамойтамі, літоўцамі, палякамі (дваранства). Гэта было звязана не толькі з вызначэннем нацыянальнасці па канфесіі, але і з саслоўнай, моўнай прыналежнасцю, а таксама з тэрыторыяй. Як пісаў у 40-я г. XIX ст. Чарніцкі, „простонародное наречие белорусов должно отнести к одному из древнейших. Оно близко к малороссийскому, смешано с литовским и некоторыми наречиями других языков. Белорусское наречие менее других славянских народов подвергалось изменению”[13].

Аўтар параўноўвае напрамкі дзейнасці віленскай Рэвізійнай камісіі (створанай у 1866 г.) з рэфарматарскай дзейнасцю Пятра I. Хацелася б нагадаць, што тыя ж аспекты прыцягвалі ўвагу і былі абвінавачваннямі су-праць каталіцкай царквы і ў XVI ст., у часы Рэфармацыі, што прывяло да расколу еўрапейскага грамадства. А пратэстантызм паўплываў і на Пятра I, што відаць на прыкладзе стварэння Найсвяцейшага Сіноду (замест традыцыйнага для праваслаўнай царквы патрыяршаства).

Палітыка Мікалая І у дачыненні да каталіцкай царквы заходніх губерняў, у выніку разважанняў аўтара, уяўляецца вельмі складанай (84). На нашу думку, гэта не зусім адпавядае ўяўленням грамадства XIX ст. Мяняліся манархі, палітычнае становішча, абставіны — мянялася і палітыка, але не хутка, што засведчыла і разгледжаная праца. Але, нягледзячы на шматлікія праекты па розных пытаннях, у тым ліку і канфесійных, паўстанне 1830-1831 г., змену палітыкі, страту паноўнага становішча ў дзяржаве каталіцтва доўгі час заставалася самай багатай і ўплывовай канфесіяй беларуска-літоўскіх губерняў, бо за ім стаяла вышэйшае саслоўе гэтай тэрыторыі, што знайшло адлюстраванне і ў высновах аўтара ў другім раздзеле. Акрамя таго, якімі б ні былі планы царскага ўрада, у губернях яны павінны былі выконвацца мясцовымі чыноўнікамі, а тыя і ў канцы 50-х г. былі пераважна каталікамі. Напрыклад, 10 студзеня 1856 г. літоўскі праваслаўны мітрапаліт (былы ўніяцкі епіскап) Іосіф Сямашка пісаў обер-пракурору Найсвяцейшага Сіноду, што у Віленскай і Гродзенскай губернях усё найвышэйшае кіраўніцтва гэтых губерняў складалася з 27 праваслаўных і 84 каталікоў[14]. Па Мінскай губерні з 864 служачых, на якіх у 1861 г. былі сабраны звесткі, толькі 43 чыноўнікі (з дробных) і да 100 пісараў былі праваслаўнымі, астатнія -„палякі-лацінцы”[15]. Таму і загады ўрада часцей заставалі на паперы або неаднаразова паўтараліся.

Разглядаючы схему „цывілізацыйнага разлому” А. Смалянчука паміж каталіцкім „ліцвінствам” і праваслаўнай „заходнерускасцю”, М. Далбілаў адзначыў, што у яе «не вписывается тот факт, что память об униатской церкви, служившей одной из основ особой русинской идентичности XVII — XVIII веков, могла даже спустя тридцать лет после отмены унии объединять в неприязни к православной Великороссии („Москве”) местных образованных жителей как католического, так и православного вероисповедания — и вовсе не обязательно тех, кто уже стал модерным белорусским националистом» (204). На мой погляд, аўтар мае рацыю, бо трыццаць гадоў — гэта няшмат, жылі тыя самыя людзі, якія былі ахрышчаны як уніяты, хадзілі ва ўніяцкі храм, а пасля 1839 г. яны працягвалі хадзіць у гэты ж храм, але ўжо як праваслаўныя, да таго самага святара, які таксама быў былым уніятам і які таксама дрэнна ведаў рускую мову і праваслаўную службу, маліліся па-польску. Гэтыя „воссоединенные” былі дрэннымі праваслаўнымі вернікамі, больш глядзелі ў бок касцёла, але наўрад ці сярод іх былі „мадэрныя беларускія нацыяналісты”.

Можа быць, канфесійнае і нацыянальнае жыццё беларуска-літоўскіх губерняў XIX ст. таксама не было такім складаным, як гэта здаецца гісторыкам. У гэтых губернях узровень адукацыі быў даволі нізкім, а сялянства — практычна непісьменным нават да канца стагоддзя, не вельмі адукаваным было дробнае дваранства і хрысціянскае насельніцтва гарадоў і мястэчак. Лясы, балоты, слабаразвітыя шляхі зносінаў, сродкаў сувязі і інфармацыі, большасць храмаў — у гарадах, мястэчках. Усё гэта прыводзіла да таго, што насельніцтва (у тым ліку і дробнае дваранства) з пакалення ў пакаленне не адлуча-лася са сваіх сядзіб. Наўрад ці іх цікавіла нацыянальная прыналежнасць, асабліва сялянства, ды з-за шматлікіх пераходаў з аднаго веравызнання ў іншае яна была няпростай: каталікі і ўніяты — палякі, праваслаўныя і стараверы — рускія. Ці не вельмі гэта складана для практычна непісьменных вернікаў, якія нідзе не былі, а храм наведвалі, часцей за ўсё, пры хрышчэнні ды шлюбе. Толькі добра адукаваны чалавек, які ведаў гісторыю краю, чытаў кнігі і перыядычныя выданні, бываў у розных мес-цах імперыі і за яе межамі, мог цікавіцца праектамі, якія былі прысвечаны розным кірункам палітыкі расійскага ўрада, калі яны да яго даходзілі, або рыхтаваць іх і адпаведна вызначаць свае нацыянальныя амбіцыі.

У цэлым манаграфія можа быць цікавай для беларускіх даследчыкаў як пункт гледжання прадстаўніка расійскай гістарычнай навукі на тэрыторыю Беларусі і Літвы і як крыніца каштоўных матэрыялаў. Шэраг пытанняў, асабліва прысвечаных канфесійнай палітыцы, за апошнія 20 гадоў у беларускай гістарыяграфіі ўжо рас-працаваны. Будуць карысныя для беларускіх гісторыкаў і матэрыялы па гісторыі яўрэйскага народа, яго рэлігіі і адукацыі, прыведзеныя аўтарам.

Мінск

Алена Філатава


[1] Гл. рэцэнзію 3. Шыбекі на с. 299-310 гэтага нумара.
[2] Военно-статистическое обозрение Российской империи. T. VIII, ч. 3. Могилевская губерния, сост. Генерального штаба капитан Черницкий. С.-Петербург, 1848. С. 56.
[3]  Вестник Западной России. 1868. Кн. 10. Т. 4. С. 37-39.
[4]  НГАБ у Мінску, ф. 1418, воп. 2, спр. 1, арк. 5.

Наверх

МОСЕЙКИНА, МАРИНА Н. «Рассеяны, но не расторгнуты»: русская эмиграция в странах Латинской Америки в 1920—1960 гг. Москва: РУДН, 2011. 384 с.

11 лютага, 2011 |

Манаграфія Марыны Масейкінай прысвечана пытанням фармавання і развіцця рускай дыяспары на лацінаамерыканскім кантыненце з 1920 да 1960 г. У даследаванні падрабязна і рознабакова разглядаецца феномен рускага замежжа, вывучаецца менталітэт дыяспары і асаблівасці сацыяльна-прававой, эканамічнай і культурнай адаптацыі эмігрантаў, аналізуюцца асноўныя палітычныя цэнтры рускага замежжа. Аўтар падае ўласныя, абсалютна новыя для сучаснага эмігрантазнаўства, ацэнкі ролі „Рускага свету” ў мінулым краін Лацінскай Амерыкі.

Даследаванне М. Масейкінай абапіраецца на шырокае кола неапублікаваных гістарычных крыніц. Асабліва актыўна аўтар спасылаецца на дакументы з фондаў Архіва знешняй палітыкі Расійскай Федэрацыі, Архіва знешняй палітыкі Расійскай імперыі, Дзяржаўнага архіва Расійскай Федэрацыі, Расійскага дзяржаўнага ваеннага архіва, архіва-фонда Бібліятэкі „Рускае замежжа” імя А. Салжаніцына, Рускага архіва Універсітэта г. Лідс у Вялікабрытаніі.

Пазітыўнай асаблівасцю даследавання дыяспаральнасці стала выкарыстанне аўтарам сучасных навуковых публікацый на іспанскай, англійскай, беларускай і ўкраінскай мовах. Замежныя апублікаваныя работы па адзначанай тэме і архіўныя матэрыялы дазволілі больш поўна і аб’ектыўна паказаць асаблівасці мінулага рускай эміграцыі ў Лацінскай Амерыцы, яе колькасны склад і прававое становішча, вынікі сацыяльнай адаптацыі.

Нягледзячы на тое, што манаграфія М. Масейкінай прысвечана гісторыі рускай дыяспары, кніга будзе акту-альнай і запатрабаванай публікацыяй для спецыялістаў у пытаннях фармавання і развіцця беларускага замежжа з 1920 да 1960 г. Аўтар кампетэнтна аналізуе асаблівасці міжкультурнага дыялогу эмігрантаў славянскага паходжання ў Лацінскай Амерыцы, узважана акрэслівае прычыны ўзаемасувязяў рускіх і беларускіх эмігрантаў у адзначаны перыяд.

Рэцэнзаваная манаграфія складаецца з уводзінаў, двух раздзелаў і заключэння. Прааналізавана роля рускай эміграцыі ў Аргенціне, Бразіліі, Парагваі, Уругваі, Мексіцы, Чылі, Балівіі, Калумбіі, Эквадоры, Перу, Панаме, Нікарагуа. Асабліва падрабязна разглядаецца прававы статус, адаптацыя, культурнае і палітычнае жыццё дыяспары ў Аргенціне, Бразіліі і Парагваі.

Першы раздзел прысвечаны аналізу фармавання рускай дыяспары на лацінаамерыканскім кантыненце з 1920 да 1945 г. У ім дастаткова падрабязна пададзена міжнародна-прававая праблема паслярэвалюцыйнай міграцыі рускіх бежанцаў у краіны Лацінскай Амерыкі, значэнне прыняцця нансэнаўскага пашпарта ў якасці адзінага ідэнтыфікацыйнага дакумента, фармаванне заканадаўчай базы іміграцыйнай палітыкі ў краінах Лацінскай Амерыкі, якая ў рознай ступені эфектыўнасці павінна была забяспечыць працэс прававой адаптацыі эмігрантаў. Аўтар дакладна акрэслівае колькасць і склад перасяленцаў у міжваенны перыяд, разглядае няпростае пытанне фінансавання рускай эміграцыі, праблему сацыяльна-эканамічнай адаптацыі, аналізуе ролю і значэнне прыходаў Рускай праваслаўнай царквы за мяжой, сістэму кантролю выдачы матэрыяльнай дапамогі эмігрантам. Асабліва дакладна і дэталёва паказаны ход працэсу палітычнай інстытуалізацыі рускай эміграцыі ў міжваенны час, значэнне палітычных і культурных мерапрыемстваў па захаванні нацыянальнай ідэнтычнасці дыяспары.

Падкрэсліваецца, што руская дыяспара ў краінах Лацінскай Амерыкі мела больш шырокую сацыяльную стратыфікацыю, чым беларуская эміграцыя, бо беларуская супольнасць замежжа складалася ў асноўным з ма-лазабяспечаных сялян, якія пакінулі радзіму выключна па эканамічных прычынах. У адрозненне ад беларускай дыяспары ў рускім лацінаамерыканскім асяродку было нямала інтэлігенцыі, адаптацыя якой праходзіла больш складана і непаслядоўна. Сярод прадстаўнікоў рускай дыяспары былі дзеячы навукі і адукацыі, літаратары, скульптары, мастакі, музыканты, артысты рускага балета, якія пакінулі багатую культурную спадчыну для тых краін, якія іх прынялі.

Асабліва карысныя для сучаснай беларускай гістарычнай навукі ацэнкі аўтара пры апісанні пазіцый рускай эміграцыі ў краінах Лацінскай Амерыкі напярэдадні і ў гады Другой сусветнай вайны. М. Масейкіна пазбягае ідэалагічных штампаў і пустых абвінавачванняў, яна аб’ектыўна і ўзважана тлумачыць уплыў і значэнне прафашысцкіх арганізацый рускага замежжа, прыводзіць факты фармавання прасавецкай плыні рускай дыяспары, апісвае шматлікія мерапрыемствы эмігрантаў па арганізацыі дапамогі Савецкаму Саюзу ў гады вайны.

Другі раздзел прысвечаны пытанням палітычнай, сацыяльна-эканамічнай і прававой адаптацыі рускіх перамешчаных асоб у Лацінскай Амерыцы з 1945 да 1960 г. Аналізуецца дзейнасць міжнародных арганізацый у фармаванні пасляваеннай эміграцыйнай хвалі на лацінаамерыканскі кантынент: роля ЮНРРА (Адміністрацыі дапамогі і аднаўлення Аб’яднаных Нацый) і ІРО (Міжнароднай арганізацыі па справах бежанцаў і перамешчаных асоб), дакладна апісваецца палітыка прымаючых краін у адносінах бежанцаў з Еўропы.

Прынцыпова новае для беларускай гістарычнай навукі пытанне прававога статусу эмігрантаў з тэрыторыі Заходняй Беларусі, якое разглядаецца ў кнізе. Дасле-даванне М. Масейкінай значна пашырае і дапаўняе гістарычную карціну пасляваеннай хвалі беларускай эміграцыі. Аўтар адзначае, што згодна з Ялцінскім пагадненнем, савецкія грамадзяне падлягалі рэпатрыяцыі, акрамя жыхароў Заходняй Беларусі, Заходняй Украіны і краін Прыбалтыкі. Заходнія саюзнікі юрыдычна лічылі савецкімі грамадзянамі толькі тых асоб, якія жылі ў СССР да 1 верасня 1939 г., а астатнія эмігранты мелі права выбару ў пытанні вяртання на Бацькаўшчыну.

Памкненне выратавацца ад прымусовай рэпатрыяцыі прымушала шэраг эмігрантаў падрабляць дакументы, мяняць нацыянальнасць і месца нараджэння. Дадзены гістарычны факт тлумачыць блытаніну ў статыстычных звестках рускай, украінскай і беларускай пасляваеннай эміграцыйнай хвалі, хаця згаданыя лічбы ўвогуле не могуць мець дакладнага характару. Згодна з дасле-даваннем М. Масейкінай, некаторыя рускія эмігранты намагаліся выдаваць сябе ў дакументах за беларусаў і ўкраінцаў, каб пазбегнуць рэпатрыяцыі ў Савецкі Саюз.

Варта падкрэсліць, што ў манаграфіі дастаткова дакладна акрэсліваецца сацыяльны склад другой хвалі рускай эміграцыі ў Лацінскую Амерыку. У пасляваенны час на кантынент пераехалі прадстаўнікі белай эміграцыі з еўрапейскіх краін; калабарацыяністы; былыя савецкія грамадзяне, якія ўцяклі за мяжу з нямецкімі войскамі; савецкія ваенныя, што трапілі ў палон да фашыстаў; былыя гастарбайтары. Акрэсліўшы асноўныя групы пасляваенных эмігрантаў, аўтар дакладна апісвае іх палітычныя перакананні, стаўленне да савецкай краіны і ўзаемаадносіны з уладамі лацінаамерыканскіх дзяржаў.

Акрэслена геаграфія рассялення пасляваеннай эміграцыйнай хвалі на лацінаамерыканскім кантыненце, даследавана яе прававое становішча, на аснове чаго тлумачацца асаблівасці сацыяльна-эканамічнай адаптацыі асоб. Аўтар прааналізавала палітычнае жыццё эміграцыі ва ўмовах „халоднай вайны”, значэнне культурнай і выдавецкай дзейнасці супольнасці замежжа, стаўленне эмігрантаў да Савецкага Саюза. Новыя думкі і высновы па тэорыі дыяспаральнасці аўтар падае пры разглядзе праблем узаемасувязяў і супрацьстаяння радзімы і дыяспары напрыканцы раздзела.

Асобнае месца аддадзена міжнацыянальным узаемасувязям у асяродку пасляваеннай эміграцыі, разглядаецца роля ўкраінскай, беларускай, армянскай, літоўскай, латышскай дыяспар у гісторыі Лацінскай Амерыкі. Варта адзначыць, што аўтар засяроджвае ўвагу на дзейнасці Саюза ўкраінска-беларускіх рабочых арганізацый у Аргенціне, ролі таварыства ўзаемадапамогі „Белорусский очаг”, прыводзяцца яскравыя прыклады біяграфій беларускіх эмігрантаў.

Неабходна падкрэсліць, што пры разглядзе інстытуцыянальных формаў рускай эміграцыі ў пасляваенны час закранаецца пытанне супрацьстаяння заходніх спецслужбаў у Лацінскай Амерыцы з савецкай разведкай. М. Масейкіна аб’ектыўна апісвае значэнне фінансавання некаторых палітычных партый і грамадскіх арганізацый рускага замежжа амерыканскім урадам і яго структурамі, адзначае ролю КДБ у прапагандзе савецкіх ідэй сярод эмігрантаў. Асабліва няпростымі ў палітычным жыцці дыяспары, на думку аўтара, былі ўзаемаадносіны паміж міжваеннай і пасляваеннай эміграцыйнымі хвалямі, хаця эміграцыя пасля завяр-шэння Другой сусветнай вайны значна паспрыяла палітызацыі рускай дыяспары ў Лацінскай Амерыцы. Варожасць і непаразуменне паміж прадстаўнікамі розных эміграцыйных хваляў пачалі знікаць толькі ў канцы 1950-х г., што наклала адбітак на ўсю дзейнасць рускага замежжа ў адзначаны перыяд.

Дыскусійнае і слаба даследаванае пытанне для беларускай гістарычнай навукі — рэпатрыяцыйная дзейнасць СССР. Характарыстыкі і высновы аўтара зроблены на аснове шырокага кола архіўных дакументаў са сховішчаў Расійскай Федэрацыі, што значна дапаўняе і ўдакладняе сучасныя навуковыя публікацыі па рэпатрыяцыі і рээміграцыі. У даследаванні адзначаецца, што нягледзячы на антырэпатрыяцыйныя настроі часткі рускай дыяспары, некаторыя эмігранты добраахвотна паехалі ў Савецкі Саюз, выкарыстаўшы магчымасці вярнуцца на радзіму пасля вайны. Асабліва шчыра да рэпатрыяцыі імкнуліся асобы, якія так і не змаглі сацыяльна адаптавацца ў новым грамадстве, а таксама тыя эмігранты, якія паверылі савецкім прапагандыстам у Лацінскай Амерыцы. У даследаванні нават прыводзіцца прыклад біяграфіі рэпатрыянтаў з Аргенціны ў БССР. У кнізе разглядаецца лёс старшыні „Славянскага Саюза” у Аргенціне П. Шастакоўскага, што пасяліўся ў Мінску пасля вяртання з Аргенціны. Цудоўная ілюстрацыя высноў раздзела — успаміны яго ўнука С. Картэса, які з цягам часу стаў вядомым беларускім кампазітарам і народным артыстам Беларусі.

Пры аналізе культурнага жыцця пасляваеннай рускай дыяспары акцэнт робіцца на тых фактах, якія да-зволілі эмігрантам скласці аснову нацыянальнай ідэнтычнасці на прасторы іншакультурнай супольнасці. Менавіта першапачатковай немагчымасцю свабоднага выкарыстання мовы даміноўнага этнасу тлумачыцца неабходнасць актыўнага стварэння разнастайных ін-стытуцыянальных цэнтраў (рускамоўных школ, грамадскіх і культурных аб’яднанняў, карпаратыўных арганізацый і палітычных партый). Слушна характарызуецца працэс частковай асіміляцыі рускай дыяспары ў пасляваенны час з непазбежнай частковай стратай роднай мовы ў эмігранцкім асяродку, пры гэтым у манаграфіі дакладна апісаны механізм захавання элементаў рускай культуры і нацыянальнай самасвядомасці.

Асобнае месца ў культурным жыцці рускага замежжа адведзена ролі перыядычных выданняў у агітацыйнай і прапагандысцкай рабоце сярод эмігрантаў. Варта адзначыць, што пры вывучэнні выдавецкай дзейнасці прэсы рускага замежжа М. Масейкіна падкрэслівае падабенства характарыстык рускай і беларускай перыёдыкі, што асабліва праявілася ў актуалізацыі аднолькавых даміноўных тэм нумароў газет і часопісаў. Асобна разглядаецца развіццё эмігранцкіх выдавецтваў у Лацінскай Амерыцы, якія рыхтавалі да друку ў асноўным палітычную публіцыстыку, ідэалагічныя работы, гістарычныя даследаванні і мастацкую літаратуру для эмігрантаў.

Такім чынам, манаграфія М. Масейкінай стала першым навуковым выданнем, дзе абагульняецца і аналізуецца гісторыя рускай дыяспары ў краінах Лацінскай Амерыкі з 1920 да 1960 г. У даследаванні дастаткова падрабязна прааналізаваны дзве эміграцыйныя хвалі рускай эміграцыі, асаблівасці іх адаптацыі і характарыстыю узаемасувязяў з іншымі дыяспарамі. Аўтар падкрэслівае, што ў адзначаны перыяд Лацінская Амерыка вабіла перасяленцаў дастаткова ліберальным іміграцыйным заканадаўствам, наяўнасцю зямлі для сельскай гаспадаркі, запатрабаванасцю ў працоўнай сіле і нават магчымасцю пазбегнуць прымусовай рэпатрыяцыі ў пасляваенны час. Манаграфія М. Масейкінай яскрава і поўна ўзнаўляе гістарычную карціну фармавання і палітызацыі рускай дыяспары на лацінаамерыканскім кантыненце. Грунтоўнае даследаванне па рассяленні, адаптацыі, эканамічным, палітычным і культурным жыцці рускай эміграцыі дапоўніць беларускую гістарыяграфію новымі звесткамі пра асноўныя аспекты дзейнасці беларускай дыяспары ў Лацінскай Амерыцы.

Мінск

Вольга Коваль

ТРУС, МІКОЛА. Янка Купала ў Славакіі / навук. рэд. І. А. ЧАРОТА. Мінск: Рэдакцыя часопіса „Роднае слова”, 2012. 176 с.: іл.

10 лютага, 2011 |

Кніга беларускага філолага Міколы Труса напісана на стыку гісторыі і гісторыі літаратуры. З аднаго боку, аўтар імкнуўся паказаць пэўны сюжэт у біяграфіі знакамітага беларускага паэта Янкі Купалы, а з другога — сітуацыю, у якой жылі і дзейнічалі прадстаўнікі культуры ў БССР (СССР) і Чэхаславакіі. У значнай ступені аўтар дабіўся пастаўленай мэты.

Даследаванне М. Труса складаецца з дзесяці раздзелаў-артыкулаў, аб’яднаных асобай Я. Купалы, пры гэтым кожны з іх уяўляе сабой асобны сюжэт у гісторыі візіту беларускага паэта ў Славакію ў 1935 г. Пасля прадмоў Надзвычайнага і Паўнамоцнага Пасла Славацкай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь і аўтара ідзе першая, фактычна ўводная частка, якая знаёміць чытача з сітуацыяй, што склалася ў міжваеннай Чэхаславакіі (і адпаведна — Славакіі), з асаблівасцямі развіцця славацкай літаратуры, прычынамі накіравання і складам савецкай дэлегацыі. Янка Купала не ўзначальваў групу, тым не менш, як адзначае М. Трус, увага славацкіх перыядычных выданняў была прыцягнута і да яго асобы.

Савецкая дэлегацыя наведала некалькі славацкіх гарадоў (Браціслава, Святы Юр, Модра, Пешцяны і інш.), дзе тым ці іншым чынам пакінула пасля сябе звесткі. Пазнаёміўшыся с архіўнымі дакументамі і славацкімі перыядычнымі выданнямі, аўтар змог па крупінках сабраць матэрыял, звязаны з гэтай паездкай. Варта адзначыць, што М. Трус робіць акцэнт не столькі на асобе Я. Купалы, колькі на адлюстраванні атмасферы, у якой той знаходзіўся. Гэта і зразумела: матэрыялу непасрэдна пра беларускага паэта няшмат, а таму паказаць яго дзейнасць амаль немагчыма. Можна меркаваць, што менавіта з гэтай прычыны ў кнізе больш замалёвак з гісторыі чэхаславацкага (славацкага) жыцця, апісання гарадоў, дзе пабывала дэлегацыя, і іх знакамітых ураджэнцаў. Значнае месца аўтар адводзіць і пераказу зместу паведамленняў славацкіх і чэхаславацкіх газет, адзначэнню мясцовай спецыфікі ў падачы матэрыялу.

У манаграфіі падкрэсліваецца, што чынны ўдзел у прыёме савецкіх гасцей брала Таварыства культурных і эканамічных сувязяў з СССР. Яго прадстаўнікі — Гана Грэгарава і Эла Шандар — непасрэдна кантактавалі з савецкімі пісьменнікамі, што знайшло адлюстраванне ў дакументах па арганізацыі візіту. Сярод іншых кантактаў Я. Купалы ў Славакіі аўтар знайшоў згадкі пра размову з Я. Понічанам і Г. Вамашам (іх кароткая біяграфія і характарыстыка твораў прыводзіцца ў кнізе). Аднак найбольш звестак захавалася пра стасункі Купалы з сям’ёй Шандараў, дзейнасць кожнага з членаў якой знаходзіць кароткую характарыстыку ў разгляданай кнізе. М. Трус адзначае, што менавіта Э. Шандар, а потым яго дачка Вольга шмат зрабілі ў справе росшукаў і „ўзнаўлення славацкіх старонак Купаліяны” (119). Пры гэтым аўтар праз канкрэтныя прыклады паказвае складанасці пошуку і знаходжання звестак пра побыт Купалы за мяжой.

Калі ацэньваць змест кнігі ў цэлым, то варта ў першую чаргу сказаць пра тое, што пададзеная інфармацыя больш характарызуе Славакію (Чэхаславакію), чым дзейнасць Я. Купалы, якая ўпісвалася ў графік паез-дак савецкай дэлегацыі і нічым адметным, можа, за выключэннем інтэрв’ю газеце „Лідове новіны”, не вылучалася. Тым не менш, нават апісанне славацкай (чэхаславацкай) рэчаіснасці ў сукупнасці з матэрыялам пра асаблівасці арганізацыі афіцыйных паездак савецкіх пісьменнікаў за мяжу дазваляе лепш зразумець атмас-феру ў міжваенных Чэхаславакіі ды СССР і асаблівасці ўзаемаадносін гэтых краін.

Асобнай увагі заслугоўваюць фотаздымкі, змешчаныя у кнізе. Гэта сапраўдная знаходка як для даследчыкаў біяграфіі Я. Купалы, так і для славакістаў, багемістаў, русістаў. У пераважнай большасці здымкі паходзяць з асабістага архіва аўтара і публікуюцца ўпершыню. Яны раскрыв аюць асобныя сюжэты ў жыцці беларускага паэта, знаёмяць са славацкімі і чэхаславацкімі перыядычнымі выданнямі, з паказам у іх візіту савецкай дэлегацыі, стаўленнем да яе ў цэлым і да некаторых персон. Інтарэс выклікаюць і змешчаныя ў кнізе дакументальныя здымкі 1920-1930-х г., якія адлюстроўваюць мясцовы каларыт, пабачаны пісьменнікамігасцямі, і дазваляюць зразумець умовы жыцця міжваеннай Славакіі.

Сярод іншага, дадатковага матэрыялу, варта згадаць „Рэгістр славацкіх перыядычных выданняў 1935 года”, які змяшчае кароткую характарыстыку выданняў і фактычна адлюстроўвае сітуацыю ў чэхаславацкім друку ў міжваенны перыяд.

На вялікі жаль, у Беларусі даследаванне славацкай гісторыі носіць толькі фрагментарны характар, хоць нашы краіны маюць шмат супольнага. Хочацца спадзявацца, што манаграфія М. Труса дасць штуршок не толькі да больш глыбокага спасціжэння біяграфіі Янкі Купалы і іншых беларускіх пісьменнікаў, але і да вывучэння славацкай гісторыі.

Мінск

Любоў Козік

„Запісы БІНіМ” Т. 30-34 (2006-2011)

9 лютага, 2011 |


Не таямніца, што даследаванні эміграцыі ў беларускай гістарычнай навуцы знаходзяцца не на належным узроўні. Праўда, з моманту атрымання Беларуссю незалежнасці выйшла пэўная колькасць публікацый, прысвечаных эміграцыйнай праблематыцы, аднак складана гаварыць пра нейкі значны крок у гэтым напрамку. Так, мала комплексных даследаванняў па гісторыі беларускай эміграцыі. Шэрагі даследчыкаў эміграцыі павялічваюцца вельмі павольна. Галоўная прычына — адсутнасць буйных навуковых асяродкаў, якія б на сур’ёзным узроўні займаліся вывучэннем эміграцыйнай праблематыкі. Гэты „недахоп” прынамсі часткова кампенсуе выданне гадавіка „Запісы Беларускага Інстытуту Навукі й Мастацтва”.

Разгляданае выданне мае даўнія і трывалыя традыцыі. „Запісы” пачалі выдавацца ў 1952 г. у Нью-Ёрку намаганнямі заснавальнікаў і супрацоўнікаў Беларускага інстытута навукі і мастацтва. У 1952-1954 г. у ЗША ўбачылі свет шэсць тамоў. Наступныя кнігі выдаваліся у Мюнхене. Агулам у 1962-1970 г. у Заходняй Нямеччыне выйшла пяць тамоў. У перыяд з 1974 да 1999 г. „Запісы” зноў выдаваліся ў Нью-Ёрку. Тут падрыхтавана дванаццаць нумароў. Пасля чарговага перапынку выданне „Запісаў” аднавілася ў 2002 г. як супольны нью-ёркска-мінскі праект. Аналізуючы склад выдавецкага калектыву, можна зрабіць пэўныя высновы. Натуральна, для амерыканскага выдання кіраўніком Рэдкалегіі “Запісаў” з’яўляецца Томас Бэрд, адзін з найбольш вядомых беларусістаў ЗША. Аднак калі да распаду СССР гісторыяй эміграцыі маглі займацца пераважна самі эмігранты (яны ж былі і аўтарамі публікацый у перыё-дыку), то цяпер шэрагі знаўцаў беларускай эміграцыі пашырыліся за кошт гісторыкаў з метраполіі. Сярод членаў рэдкалегіі побач з вядомымі беларусістамі з-за акіяну Вітаўтам Кіпелем, Янкам Запруднікам і Лявонам Юрэвічам, — Алег і Наталля Гардзіенкі, даследчыкі эміграцыі ХХ ст., што жывуць у Беларусі.

Як нам здаецца, з кожным годам „Запісы” робяцца больш цікавым выданнем. Прыгледзімся бліжэй да зме-сту апошніх некалькіх тамоў за 2006-2011 г. Практычна ўсе выпускі былі тэматычныя.

Том 30 (2006) распачынаюць два блокі артыкулаў і матэрыялаў, прысвечаных 80-годдзю Янкі Запрудніка і Аляксандра Надсана. Першы блок адкрываецца артыкулам Андрэя Унучка „Захавальнік нашае памяці”, у якім адзначаецца, што заслугі Я. Запрудніка ў пашырэнні навуковых ведаў пра гісторыю Беларусі ў вольным свеце цяжка пераацаніць. Аўтар падкрэслівае, што Янка Запруднік слушна займае ганаровае месца сярод беларускіх гісторыкаў. „Бібліяграфія Янкі Запрудніка” ўтрымлівае пералік кніг, брашур, артыкулаў, літаратурных твораў, інтэрв’ю юбіляра за 1954-2005 г., а таксама спіс публікацый пра яго. Наступныя тры публікацыі выйшлі з-пад пяра самога юбіляра. Першая („Спробы адраджэньня ды аўтарытарная рэакцыя (1993-1995)”) — гэта неапублікаваны апошні раздзел кнігі Я. Запрудніка „Беларусь на гістарычных скрыжаваннях”, якая выйшла у 1996 г. у Мінску. Аўтар сцісла характарызуе сітуацыю у краіне перад абраннем прэзідэнтам А. Лукашэнкі, а потым прасочвае асноўныя вехі грамадска-палітычнага жыцця Беларусі ў першыя гады існавання прэзідэнцкай рэспублікі, аналізуе пачынанні новай улады. Наступны матэрыял — прамова „Гістарычнасьць будзённага”, што была агучана Я. Запруднікам пад час святкаванняў 61-й гадавіны абвяшчэння БНР у сакавіку 1979 г. у Нью-Ёрку. У артыкуле „Беларуская аўтакефалія” аўтар прасочвае гістарычныя  перадумовы  самастойнасці  Беларускай Праваслаўнай Царквы. „Эпітафіі” Я. Запрудніка — крылатыя выразы аўтара ў дачыненні да вядомых беларускіх эміграцыйных дзеячаў.

Другі блок матэрыялаў прысвечаны постаці айца Аляксандра Надсана. Распачынае яго артыкул Алега Гардзіенкі „Той, хто трымае сьвет”, у якім аўтар зася-роджваецца на асноўных жыццёвых этапах рэлігійнага і грамадскага дзеяча. „Бібліяграфія Аляксандра Надсана” ахоплівае навуковы, перакладчыцкі і публіцыстычны даробак за 1947-2005 г. Таксама падаецца пералік матэрыялаў, прысвечаных а. Аляксандру. Наступную частку тэкстаў складаюць публікацыі а. Надсана. Варта зазначыць, што гэта перадрукі з розных эміграцыйных выданняў. Серыю артыкулаў адкрывае матэрыял „Сьвяты Кірыла Тураўскі”, у якім асвятляецца культурна-рэлігійная спадчына беларускага святога. У артыкуле „Малітвы Скарыны” разглядаецца змест першага друкаванага ўсходнеславянскага малітоўніка для свецкіх асобаў „Малая падарожная кніжка”, выдадзенага Ф. Скарынам у 1522 г. у Вільні. Гэтаму ж твору прысвечаны і артыкул „Кніга Скарыны ў Капэнгагене”. У артыкуле „Еўеўскі буквар” аналізуецца змест „Буквара”, выдадзенага ў 1618 г. Віленскім Святадухаўскім праваслаўным брацтвам, аўтарам якога, магчыма, быў Мялеці Сматрыцкі. Артыкул „Беларусы ў Грэцкай Калегіі” распавядае пра выхадцаў з беларускіх земляў, якія ў XVII-XVIII ст. вучыліся ў Грэцкай калегіі ў Рыме, дзе рыхтавалі святароў усходняга абраду. Да тэксту прыкладзены спіс навучэнцаў калегіі, што паходзілі з беларускіх тэрыторый.

У рубрыцы „Публікацыі” змешчаны артыкул Наталлі Гардзіенкі „Беларускія дыяспары: спроба сыстэмнага аналізу”, дзе даецца азначэнне тэрміна „дыяспара”, разглядаецца колькасны і якасны аспекты існавання „беларускага замежжа”, аналізуюцца чыннікі, якія ўплываюць на функцыянаванне эміграцыі, адзнача-юцца асаблівасці рассялення беларусаў у свеце, а таксама асвятляецца пытанне іх сувязі з метраполіяй. У публікацыі акрэсліваюцца асноўныя характарыстыкі эмігрантаў як этнасацыяльнай групы, прасочваюцца галоўныя этапы існавання эмігрантаў на чужыне. Артыкул Норберта Рандаў „Скарына ў Гёрліцы” ас-вятляе малавядомы канвалют кніг Бібліі, выдадзеных Скарынам у 1518-1519 г., які захоўваецца ў бібліятэцы у Гёрліцы (Федэральная зямля Саксонія, Нямеччына). Па сутнасці, гэта даклад, прачытаны аўтарам 1 верасня 2005 г. на калоквіюме МЗС Нямеччыны. Артыкул Лявона Юрэвіча „Танальнасць біяграфіі як энцыкля-пэдычнага жанру” распавядае пра канцэпцыю стварэння энцыклапедыі беларускага замежжа. На прыкладзе біяграфіі Людвіка Зарэчнага даследчык паказвае пэўныя складанасці пры ўкладанні біяграфічных артыкулаў. Рубрыка „Архіваліі” рэпрэзентавана двума матэрыяламі. Першы — апрацаваная і падрыхтаваная да друку Алесем Пашкевічам стэнаграма з Х (вячэрняга) паседжання І з’езда КПЗБ, якое адбылося 4 ліпеня 1928 г. Гэты дакумент утрымлівае справаздачу камуністычнага дзеяча Гершана Дуа-Богена, які ў 1928 г. ездзіў у ЗША з мэтай ажыццяўлення акцыі салідарнасці з арыштаванымі дзеячамі БСРГ. Другі матэрыял рубрыкі — выяўленая Аляксандрам Адзінцом у архіве Дзмітрыя Касмовіча даведка пра беларускіх праваслаўных святароў у Нямеччыне ў 1944-1945 г., складзеная напрыканцы Другой сусветнай вайны, праўдападобна, епіскапам Філафеем (Нарко). Дакумент утрымлівае пералік прозвішчаў з паданнем месца жыхарства душпастыраў праваслаўнага веравызнання з Беларусі ў Нямеччыне. Гэты спіс можа быць істотнай крыніцай па гісторыі царквы пад час вайны. У рубрыцы „Эпісталярыі” апублікаваны лісты былой кіраўнічкі СБМ Надзеі Абрамавай-Тэадаровіч да Надзеі Міцкевіч-Касмовіч, былой сяброўкі гэтае арганізацыі. Карэспандэнцыя паходзіць з 1960-1970-х г., калі абедзве гераіні знаходзіліся на эміграцыі, і датычыць пераважна асабістых спраў. У гэтай жа рубрыцы лісты Міхася Забэйды-Суміцкага, якія ён пісаў у 1970-я г. да Надзеі Батурыцкай, сяброўкі Таварыства беларуска-чэшскіх сувязяў. Пад рубрыкай „Дыялёгі” чытач знойдзе інтэрв’ю Янкі Запрудніка з Наталляй Арсеньевай з удзелам Яніны Каханоўскай, зробленае 19 лістапада 1993 г. Раз-мова тычылася некаторых асабістых і сямейных бакоў жыцця паэткі, якія раскрываюцца ў шчыльнай повязі з супярэчлівымі падзеямі першай паловы XX ст.

Асноўная тэма тома 31 (2008) — крыніцазнаўчая база па гісторыі беларускай эміграцыі. Праўда, нумар распачынае серыя публікацый (Лоры Доўнар „Моваю бібліяграфіі пра Алену Юрэвіч”, Вітаўта Кіпеля „Алена Юрэвіч — адданая працаўніца беларушчыны”, Валянціны Мароз „І за гарою пакланюся”), прысвечаных памяці Алены Юрэвіч, выбітнага навукоўца і бібліёграфа. Апрача таго, у томе змешчаны пералік публікацый нябожчыцы і матэрыялаў пра яе. Рубрыка „Архівы” ўтрымлівае шэраг змястоўных артыкулаў, аб’яднаных агульнай праблематыкай беларусікі ў замежных архівах і бібліятэках. Вольга Гарбачова („Беларусіка ў зборах Польскай бібліятэкі й Музэю Адама Міцкевіча ў Парыжы”) падае спіс непасрэдна або ўскосна звязаных з гісторыяй Беларусі матэрыялаў з гэтых збораў. Трэба заўважыць, што ў згаданых сховішчах знаходзяцца крыніцы з перыяду Вялікага Княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай, але ў першую чаргу дакументы, якія могуць зацікавіць беларускіх навукоўцаў, тычацца дзейнасці эмігрантаў — выхадцаў з земляў Беларусі ў ХІХ ст. Алег Гардзіенка ў артыкуле „Архівы царквы сьв. Эўфрасіньні Полацкай у Саўт-Рывэры” раскрывае, як на сённяшні дзень, практычна невядомы беларускім гісторыкам, але вельмі каштоўны архіў па гісторыі беларускай паваеннай эміграцыі ў ЗША, якім ёсць зборы, што захоўваюцца у праваслаўнай парафіі св. Еўфрасінні Полацкай у Саўт-Рыверы (штат Нью-Джэрсі). Там пасля вайны стварылася досыць шматлікая беларуская дыяспара, звязаная з Беларускай Цэнтральнай Радай. У архіве знаходзяцца, сярод іншага, прыватныя калекцыі шэрагу вядомых дзеячоў БЦР, а перадусім Радаслава Астроўскага і Юрыя Сабалеўскага. Наталля Гардзіенка вельмі падрабязна апісвае архіўныя зборы Беларускай бібліятэкі імя Францішка Скарыны ў Лондане, скарбніцы ведаў па гісторыі беларускай эміграцыі паваеннага перыяду. Сярод яе набыткаў, якія могуць выклікаць зацікаўленне даследчыкаў, можна пералічыць дакументы і матэрыялы, што датычаць Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы, беларускіх скаўтаў на Захадзе, Рады БНР, беларускіх арганізацый у розных краінах, калекцыі паасобных грамадска-палітычных і рэлігійных дзеячаў. У артыкуле Юрыя Грыбоўскага ідзе гаворка пра дакументы, што датычацца польска-беларускіх узаемадачыненняў пад час Другой сусветнай вайны i ў паваенны перыяд, якія цяпер захоўваюцца ў архівах і бібліятэках на тэрыторыі Польшчы і Вялікабрытаніі. Гэта перадусім такія сховішчы, як Цэнтральны вайсковы apxiý у Варшаве, Архіў новых актаў у Варшаве, Польскі інстытут імя генерала Сікорскага ў Лондане, Цэнтр даследавання польскага падполля ў Лондане і інш. У публікацыі Лявона Юрэвіча даецца агляд архіва Рады БНР, які пачаў фармавацца ў 1997 г. згодна з адпаведнай пастановай арганізацыі. Аўтар акрэслівае структуру архіва і падае апісанне некаторых дакументаў, якія былі расцярушаны па розных установах і калекцыях, а цяпер знаходзяцца ў Беларускім інстытуце навукі і мастацтва. У гэтай жа рубрыцы падаецца бібліяграфія матэрыялаў да гісторыі БНР на старонках газет „Бацькаўшчына” і „Беларус”, якую падрыхтаваў той жа аўтар. Ён старанна выбраў палемічныя артыкулы, зацемкі, паведамленні, камунікаты і абвесткі, звязаныя з чыннасцю рэактываванай у 1947 г. Рады БНР, яе замежнай і ўнутранай палітыкай.

У рубрыцы „Успаміны” змешчаны мемуары Юрыя Сабалеўскага і Цімоха Вострыкава. У першым выпадку чытач пазнаёміцца з машынапісам, які захоўваўся у зборах царквы Еўфрасінні Полацкай у Саўт-Рыверы. Мемуары былі напісаны Ю. Сабалеўскім у 1948 г., калі гэты беларускі дзеяч знаходзіўся ў лагеры ДП у Заходняй Нямеччыне. Як кожная мемуарная літаратура, тэкст Ю. Сабалеўскага насычаны суб’ектыўным бачаннем працэсаў і падзей, сведкам якіх аўтару давялося быць. У значнай ступені напісанне гэтых успамінаў было выклікана жаданнем Ю. Сабалеўскага даць адказ сваім палітычным апанентам і нядобразычліўцам. У сувязі з гэтым вельмі добра, што мемуары, названыя аўтарам „На этапах”, суправаджае навуковы артыкул Алеся Пашкевіча (Адзін „этап” Юрыя Сабалеўскага), у якім гісторык спрабуе даць ацэнку постаці Сабалеўскага. Даследчык сцвярджае, што нягледзячы на суб’ектыўны характар успамінаў, яны значна пашыраюць нашы веды пра такія эпізоды мінуўшчыны, як бальшавіцкая акупацыя Мінска ў 1918-1919 г. або жыццё Заходняй Беларусі пад польскай улад ай у 1919 г. Тэкст Ц. Вострыкава („Мая споведзь”) — успаміны дэсантніка, які пасля праходжання спецпадрыхтоўкі ў амерыканскім вайсковым асяродку ў ФРН у 1952 г. быў закінуты ў складзе групы з чатыpox асобаў у БССР з мэтай ажыццяўлення выведніцкай і шпіёнскай дзейнасці. Аўтар выказвае ўласнае меркаванне наконт гэтага дэсанту, імкнецца адказаць на пытанне, чаму дэсантнікі амаль адразу ж пасля прызямлення былі захоплены савецкай выведкай. Пад рубрыкай „Эпісталярыі” — два тэксты: „Вэнэсуэльскі карэспандэнт Юркі Віцьбіча” і „Швэдзкае жыцьцё беларуса”. Абодва матэрыялы падрыхтаваны да друку Лявонам Юрэвічам. У першым выпадку чытацкай увазе прапануецца карэспандэнцыя Пятра Каралевіча, які належаў да заснаванага ў 1949 г. Аб’яднання беларусаў у Венесуэле. Гэта, відаць, была адзіная арганізацыя беларускіх эмігрантаў у той паўднёваамерыканскай краіне. Азнаямленне з трыма лістамі дае пэўнае ўяўленне пра стан беларускага жыцця ў Венесуэле, у прыватнасці пра гаротнае становішча, у якім апынуліся эмігранты ў гэтай краіне. У другім выпадку гаворка ідзе пра ліст, напісаны невядомай беларускай сям’ёй з правінцыйнага мястэчка у Швецыі, якая трапіла ў гэтую краіну пасля Другой сусветнай вайны. Безумоўна, матэрыялы ўзбагачаюць нашы веды пра ўмовы знаходжання беларускіх эмігрантаў у гэтых краінах, маладаследаваных з гледзішча побыту ў іх нашых суайчыннікаў. Артыкул Лявона Юрэвіча „Выдрукавана ў Бразыліі: невядомая публікатка” (рубрыка „Друкі”) прысвечаны малавядомай расійскамоўнай брашуры Георгія Садоўскага „Віцебскі батанічны сад. 1919-1921. Фотааповед”. Аўтар, эмігрант з Беларусі, які пасля вайны апынуўся ў Бразіліі, дзе ў 1965 г. і напісаў успаміны пра тое, як ён заснаваў батанічны сад у Віцебску. У рубрыцы „Персаналіі” Лявон Юрэвіч („Мікрагісторыя і макрагісторыя біяграфіі”) распавядае пра эміграцыйную дзейнасць Віктара Войтанкі, дзеяча Беларускай народнай самапомачы і бурмістра Баранавічаў пад час нямецкай акупацыі, які ў замежжы быў вядомы дзякуючы сваёй грамадска-палітычнай і рэлігійнай дзейнасці. Аўтар паказвае ўсе супярэчнасці і складанасці асабістага характару свайго героя. У іншым артыкуле таго ж аўтара („Дзьве душы маргінальнага беларуса”) разглядаецца эміграцыйная дзейнасць Кастуся Якуба, чалавека досыць контраверсійнага: беларуса з Віцебшчыны, выдаўца шэрагу рэлігійных перыёдыкаў на эміграцыі (між іншым, часопіса „Праваслаўны беларус”), які ў сваёй дзейнасці быў „раздвоены” паміж беларускасцю і расійскасцю, што знайшло адлюстраванне ў заангажаванасці ў жыццё як беларускай, так і расійскай дыяспары. Аўтар робіць выснову, што ўрэшце беларускія пачаткі героя перамаглі. Генадзь Сагановіч («Гістарычнасьць супраць „неабвержнасьці”, або перачытваючы Абэцэдарскага й Урбана») на прыкладзе прац Лаўрэнція Абэцэдарскага „У святле неабвержных фактаў” і Паўла Урбана „У сьвятле гістарычных фактаў” апісвае супрацьстаянне беларускай савецкай і несавецкай гістарыяграфіі ў поглядзе на асноўныя моманты айчыннай гісторыі. Паводле аўтара артыкула, працу П. Урбана трэба лічыць першым сістэматычным выкладаннем пазіцый беларускай несавецкай гістарыяграфіі на асноўныя пытанні айчыннай гісторыі. Напрыканцы асноўнай часткі тома знаходзіцца „Слоўнік псэўданімаў і крыптанімаў эміграцыйных дзеячоў”. Па сутнасці, гэта пашыраная версія адпаведнага слоўніка, які ўпершыню ўбачыў свет у 2003 г. на старонках газеты „Беларус”. Слоўнік склалі Наталля і Алег Гардзіенкі і Лявон Юрэвіч. Укладальнікі адзначаюць, што слоўнік няпоўны, але, на нашу думку, гэтая акалічнасць не змяншае яго карыснасці.

Том 32 (2009) прысвечаны травэлогам, ролі падарожжаў і іх апісанняў у свядомасці беларускай дыя-спары. Гэты нумар пачынаецца аналітычным артыкулам Лявона Юрэвіча „Моваю травэлёгу”, у якім аўтар спыняецца на беларускіх травэлогах і падарожжах як з’яве. Выклад дапаўняецца разнастайнымі ўрыўкамі і фрагментамі з падарожных дзённікаў і зацемак. „Жыццёвы” травэлог эміграцыйнага паэта Уладзіміра Дудзіцкага знайшоў адлюстраванне ў артыкуле Навума Галяшэвіча „Травэлёг Уладзімера Дудзіцкага”. Аўтар прасочвае ўплыў вандровак і пераездаў Дудзіцкага на ягоную творчасць. Тэкст эмігранта Эміля Цяўлоўскага „Беларусы ў Аргентыне” — гэта падрыхтаваны ў 1976 г. машынапіс, які захоўваецца ў зборах Беларускай бібліятэкі імя Францішка Скарыны. Аўтар досыць грунтоўна і падрабязна даследуе гісторыю беларускай дыяспары ў гэтай паўднёваамерыканскай краіне. У артыкуле звяртаецца ўвага на дзейнасць савецкіх агентаў сярод эмігрантаў і змаганне з імі беларускага нацыянальнага актыву. Машынапіс падрыхтаваў да друку Сяргей Шабельцаў, даследчык беларускай эміграцыі у Лацінскай Амерыцы. Генадзь Сагановіч у артыкуле „Падарожныя запісы Самуэля Кіхеля пра Горадню й Вільню 1586 г.” знаёміць чытача з малавядомай у Беларусі крыніцай — падарожнымі нататкамі нямецкага вандроўніка XVI ст., якія датычаць яго падарожжа па Вялікім Княстве Літоўскім. Тэкст Зоры Кіпель „Знаёмства з Аляскай”, па сутнасці, — дапоўнены і апрацаваны Вітаўтам Кіпелем дзённік аўтаркі, які паўстаў у выніку падарожжа на Аляску ў жніўні 1975 г. Наступны тэкст — „Манастырскі дзёньнік” Лявона Юрэвіча, штодзённыя занатоўкі яго знаходжання ў расійскім праваслаўным кляштары ў Джорданвілі, дзе месціцца духоўная семінарыя і сядзіба ўладыкі Рускай праваслаўнай царквы за мяжой. Аўтар закранае і беларускія матывы, якія маюць сувязь з гэтым месцам, за якія можна лічыць магілы некаторых беларусаў і асобаў, звязаных з Беларуссю, пахаваных на тамтэйшых могілках.

У рубрыцы „Архіваліі” змешчаны падарожныя допісы беларусаў, што напрыканцы 1940-х г. апынуліся ў далёкіх заморскіх краінах. Заслугоўваюць увагі лісты Мар’яна Каранеўскага і Сцяпана Шнэка, у якіх аўтары дзеляцца сваімі ўражаннямі пасля прыбыцця ў Новую Зеландыю і Аўстралію. Тут жа друкуюцца лісты беларускіх эмігрантаў з Італіі, Венесуэлы і Мадагаскара. У апошнім выпадку ліст напісаны беларусам, які служыў у Французскім іншаземным легіёне і прыехаў на выспу са сваім вайсковым аддзелам, каб змагацца з мясцовымі партызанамі. Матэрыял Аляксандра Адзінца „Падарожжа самотнае душы” распавядае пра поўныя асабістых пачуццяў і драматызму ўзаемаадносіны паміж беларускімі літаратарамі Хведарам Ільяшэвічам і Вольгай Таполяй. Аповед вядзецца на падставе ліставання паміж гэтымі творцамі за 1947-1948 г., калі яны ўжо знаходзіліся на эміграцыі ў Нямеччыне. У рубрыцы „Успаміны” надрукавана першая частка нідзе не публікаваных раней успамінаў Аляксандра Стагановіча „Успаміны пасла” пра дзейнасць у міжваеннай Польшчы, а таксама ў перыяд Другой сусветнай вайны і паваенны час на эміграцыі. Нагадаем, што А. Стагановіч у 1928 г. быў абраны паслом у Сойм Другой Рэчы Паспалітай. Успаміны палітыка папярэджвае артыкул Алеся Пашкевіча „Адзін год жыцьця Аляксандра Стагановіча”, дзе даследчык падаў гістарычную сітуацыю ў Заходняй Беларусі ў перыяд, калі Стагановіч дзейнічаў у польскім парламенце. Макс Шчур у артыкуле „Вялікі няўдачнік” аналізуе аўтабіяграфічныя творы арганізатара літоўска-беларускай партызанкі на літоўска-беларуска-польскім памежжы на пачатку 1920-х г. Вячаслава Разумовіча-Хмары. Аналізуюцца ягоныя кнігі, выдадзеныя ў міжваенны час у Чэхаславакіі на чэшскай мове. Паказваюцца жыццёвыя дылемы і палітычныя „прыгоды” дзеяча, вакол якога і сёння ўсё яшчэ існуе шмат таямніц. Юры Грыбоўскі ў публікацыі „Беларускі камбатанцкі рух на Захадзе пасьля Другой сусьветнай вайны” разглядае арганізацыю і дзейнасць ветэранскага актыву ў Нямеччыне, Англіі, Бельгіі, ЗША, Канадзе і Аўстраліі. У артыкуле закранаецца таксама пытанне праектаў ветэранскіх адзнак, якія ў выніку так і засталіся на паперы.

У артыкуле Лявона Юрэвіча „БІНіМаўская Ку-паліяна” сабраны звесткі пра рарытэтныя рукапісы Янкі Купалы, якія захоўваюцца ў зборах Беларускага інстытута навукі і мастацтва ў Нью-Ёрку. Да тэксту далучаны фотаздымкі аўтографа (са збораў БІНіМ) цыкла вершаў Янкі Купалы „Безназоўнае”. Наступны матэрыял — артыкул Янкі Запрудніка („Да загадкі дзяржаўнага архіву БНР у Міколы Абрам-чыка”). Аўтар, які заўсёды адрозніваўся руплівасцю у захаванні архіўнай спадчыны БНР, апавядае пра няўдалыя спробы дзеячоў Рады БНР атрымаць ад сям’і Абрамчыка ягоны архіў пасля смерці прэзідэнта БНР. У якасці дадатку да артыкула апублікаваны некато-рыя дакументы з архіва БНР, якія яшчэ пры жыцці Абрамчыка Запрудніку ўдалося ад яго атрымаць. Тэму гэтага архіва працягвае Наталля Гардзіенка, якая падрыхтавала падборку карэспандэнцыі дзеячоў Рады БНР (цяпер захоўваюцца ў Беларускай бібліятэцы імя Францішка Скарыны) у справе лёсу архіва Міколы Абрамчыка. Як выглядае, розныя асобы на пачатку 1970-х г. рабілі спробы атрымаць архіў. У публікацыі падаюцца цікавыя, хоць і нешматлікія дакументы, што захаваліся да нашага часу, з якіх вынікае, што беларускі актыў не выключаў магчымасці нават судовага разбіральніцтва з удавой Абрамчыка. У наступнай публікацыі („Архіў Дзьмітрыя Касмовіча”) тая ж аўтарка асвятляе гісторыю асабістага архіва Дзмітрыя Касмовіча, які быў перададзены на радзіму ўдавой гэтага дзеяча. Што істотна, у публікацыі падаецца пералік тэчак з кароткім апісаннем іх зместу. Моўная прабле-ма ў беларускай эміграцыйнай літаратуры — прадмет даследчыцкай увагі Змітра Саўкі („Чыстая як веяная”). Аўтар артыкула засяроджваецца на дыскусіі вакол чысціні мовы паміж Вітаўтам Тумашам і Міхасём Міцкевічам, эміграцыйнымі дзеячамі, вядомымі знаўцамі і даследчыкамі роднай мовы. Асноўную частку тома завяршае рубрыка „Музэй”, у якой знаходзім матэрыял пра віртуальны музей БІНіМ, дзе змешчаны выявы праектаў грошай БНР, рэдкія фотаздымкі з рэлігійнага жыцця і памінальныя карткі эмігрантаў. Варта звярнуць увагу на «Бібліяграфію публікацыяў газэтаў „Бацькаўшчына” й „Беларус”, прысьвечаных архівам, бібліятэкам, выставам, музэям».

Тэма тома 33 (2010) — эміграцыйныя эпісталярыі. Нумар пачынае артыкул Лявона Юрэвіча „Эпісталярыюм як форма аўтабіяграфіі карэспандэнта й біяграфіі ягонага часу (Выпадак Юркі Віцьбіча)”, пабудаваны на паваенным ліставанні Юркі Віцьбіча з іншымі беларускімі эміграцыйнамі дзеячамі. Карэспандэнцыя адлюстроўвае штодзённыя праблемы і клопаты эмігрантаў у іх грамадскай дзейнасці. Ліставанне паміж Антонам Адамовічам і Наталляй Арсен’евай з 1944-1945 г. кідае святло на цікавыя і дагэтуль малавядомыя акалічнасці культурніцкага і літаратурнага жыцця ва ўмовах нямецкай акупацыі. Значную цікавасць у даследчыкаў павінны выклікаць і лісты Янкі Запрудніка да прэзідэнта БНР Міколы Абрамчыка за 1953-1969 г., дзе закранаюцца пытанні, звязаныя з дзейнасцю Рады БНР на эміграцыі, супрацоўніцтвам беларускіх эмігрантаў з прадстаўнікамі іншых народаў, працай беларускай секцыі радыё „Вызваленне”, выдавецкімі праектамі. Шмат дэталяў адносна беларускага рэлігійнага жыцця на эміграцыі, у тым ліку перакладаў літургіі ў праваслаўных парафіях, можна знайсці ў ліставанні рэлігійных і грамадскіх дзеячоў у ЗША Міхася Міцкевіча з Міхасём Тулейкам. Ліст пратэстанцкага місія-нера Масея Гітліна да Вітаўта Тумаша (1958) даты-ЧТ.ТТТТ. працы над перакладам на беларускую мову Бібліі. Ліст Яўхіма Скурата у Беларускі інстытут навукі і мастацтва (1955) дадае новыя дэталі да біяграфіі гэтага эміграцыйнага дзеяча. Ліст Міколы Панькова да Лявона Савёнка (1956) утрымлівае, між іншым, звесткі пра пэўныя кантакты беларускіх эмігрантаў на Захадзе з іх суайчыннікамі ў БССР. Ліст папярэджаны разгорнутым каментаром Андрэя Вашкевіча.

У рубрыцы „Тэксты” апублікаваны артыкул Вітаўта Тумаша (пад псеўданімам Сымон Брага) „На Захад і Усход (пра беларускую культурную экспансію)”. Тэкст быў напісаны ў 1948 г. і часткова друкаваўся ў эміграцыйных выданнях. Аўтар выказвае думку наконт моцных беларускіх моўных і культурніцкіх уплываў на суседнія народы, перадусім польскі і расійскі. Успаміны Барыса Данілюка прысвечаны ягонай дзейнасці пад час нямецкай акупацыі Беларусі, а таксама удзелу ў жыцці беларускай эміграцыі на Захадзе ў паваенны час. Аўтар успамінаў быў досыць актыўным чалавекам і браў удзел у розных палітычных, грамадскіх і рэлігійных мерапрыемствах як на бацькаўшчыне, так і на чужыне. Ва ўспамінах шмат прозвішчаў, а таксама фактаў і падзей, відавочцам або ўдзельнікам якіх быў сам Данілюк. У рубрыцы „Архіваліі” змешчаны перакладзены з англійскай мовы тэкст манаха-бенедыкцінца Міхала Камечка пра беларускага каталіцкага святара Апанаса Рэшаця, зацятага прыхільніка распаўсюджання уніі сярод беларускага насельніцтва. У гэтай жа рубрыцы апублікаваны артыкул Вячаслава Завалішына, расійскага журналіста, перакладчыка, паэта, крытыка і мастацтвазнаўца, якога пад час Другой сусветнай вайны лёс закінуў на Захад. Гэты чалавек падтрымліваў сталыя кантакты з газетай „Беларус”, а сваімі поглядамі на беларускае пытанне значна адрозніваўся ад большасці сваіх суродзічаў — расійскіх эмігрантаў. У „Запісах” надрукаваны яго артыкул „Уладыслаў Старэвіч і ягонае мастацтва” з архіва газеты „Беларус”, у якім распавядаецца пра творчасць кінадзеяча Уладыслава Старэвіча, беларуса па пахо-джанні. Матэрыял „Кароткая біяграфія” ўяўляе сабой не-датаваны тэкст настаўніка і педагога Івана Мухі, аднаго з нешматлікіх ураджэнцаў Усходняй Беларусі, якія былі звязаныя з беларускім нацыянальным актывам пад час нямецкай акупацыі і ў замежжы.

Заслугоўвае увагі матэрыял „Як пасварыліся празаік Савёнак з паэтам Салаўём і што ад гэтага здабыла літаратура”, падрыхтаваны Л. Юрэвічам. Ён знаёміць з практычна невядомым, але вельмі цікавым, эпізодам з жыцця беларускіх літаратараў пад час нямецкай акупацыі. Лявон Юрэвіч у артыкуле „Кароткае пасьлямоўе да публікацыі ўспамінаў пасла” дзеліцца думкамі наконт эміграцыйнага перыяду дзейнасці Аляксандра Стагановіча, што застаўся па-за ўспамінамі беларускага дзеяча, надрукаванымі ў папярэднім томе „Запісаў”. Наступныя два артыкулы Лявона Юрэвіча прысвечаны беларускім літаратарам-эмігрантам Ізыдару Плашчынскаму (Язэпу Гуткоўскаму) і Янку Ліманоўскаму. Яшчэ адзін тэкст таго ж аўтара „Made in BNR: да гісторыі марак і кружэлак на эміграцыі” закранае практычна не-вядомую дагэтуль старонку паваеннага беларускага эміграцыйнага жыцця, а менавіта выданне марак і памятных значкоў. Матэрыял значна ўзбагачае каляровая ўкладка з выявамі некаторых марак і значкоў, пра якія ідзе гаворка ў артыкуле. У рубрыцы „Публікацыі” змешчаны артыкул Алега Гардзіенкі „Беларуская Цэнтральная Рада (1977-1995)”, дзе гісторык на падставе эміграцыйных матэрыялаў грунтоўна даследуе апошні этап (пасля смерці Радаслава Астроўскага) існавання БЦР. У разгляданым томе змешчана таксама размова з Алесяй Кіпель, дачкой Вітаўта і Зоры Кіпеляў, якая рас-павядае пра свой удзел у жыцці беларускай дыяспары ў ЗША. У рубрыцы „Выданні” — інфармацыя пра беларускі грамадска-рэлігійны часопіс „Зьвіняць Званы Сьвятой Сафіі”, які выдаваўся Юркам Віцьбічам у 1946-1947 г. у Заходняй Нямеччыне. Выданне можна лічыць адной з істотных крыніц па гісторыі беларускага праваслаўнага жыцця ў згаданы перыяд, калі беларускае праваслаўе на чужыне перажывала вельмі напружаны час.

У томе 34 (2011) галоўная тэма — беларусы ў Нямеччыне. Вядома, што гэтая праблематыка дагэтуль чакае грунтоўнага і ўсебаковага даследавання. Надзвычай змястоўную і цікавую падборку дакументаў і матэрыялаў пра паўсядзённае жыццё беларускіх выгнанцаў у Заходняй Нямеччыне падрыхтаваў Лявон Юрэвіч („Краіна Ды-Пі: замалёўкі побыту й нораваў зь лягерных часоў”). Значную частку складаюць сведчанні (улёткі, камунікаты, заявы) тых унутраных сварак, непаразуменняў і закалотаў, якіх не ўдалося пазбегнуць насельнікам беларускіх лагераў. Безумоўную каштоўнасць уяўляюць лісты былога дыпісаўца Барыса Данілюка („Лісты пра ОСТаўцаў і ДыПісаў у францускай зоне”) да Лявона Юрэвіча, у якіх асвятляецца жыццё беларускіх эмігрантаў у французскай зоне акупацыі Нямеччыны. Успаміны Надзеі Запруднік распавядаюць пра блуканне па розных нацыянальных лагерах ДП у перыяд 1945-1950 г. Вітаўт Кіпе ль падрыхтаваў успаміны „Моладзь у лягерах Ды-Пі”, дзе, між іншым, дзеліцца сваімі ўражаннямі пра арганізацыю скаўцкага жыцця, удзельнікам якога быў ён сам. У гэтым жа ну-мары знаходзім успаміны Алеся Марговіча „Шлях беларускіх дзяцей у вапошнюю вайну”. Па сутнасці, гэты матэрыял — дапоўнены каментарамі перадрук з газеты „Бацькаўшчына” за 1955 г. Івонка Сурвіла ў матэрыяле „Ды-Пі-лягеры ў Даніі” засяроджваецца на аповедзе пра жыццё беларускіх дыпісаў у гэтай краіне. У нумары змешчана таксама апрацаваная Аленай і Лявонам Юрэвічамі «Выбраная бібліяграфія матэрыялаў пра лягеры Ды-Пі з газэтаў „Бацькаўшчына” й „Беларус”».

У рубрыцы „Архіваліі” знаходзім публікацыю „З архіву Антона Адамовіча”, у які ўваходзяць і матэрыя-лы пра Каруся Каганца, і аўтабіяграфія Адамовіча, і ягоная карэспандэнцыя з а. Пётрам Татарыновічам у справе ўнутраных праблем эмігрантаў ваеннай хвалі. Заслугоўвае ўвагі і „Праўдзівая даведка” беларускага рэлігійнага дзеяча на эміграцыі Аляксандра Асіпчыка, перадрук улёткі, выдадзенай аўтарам у 1957 г. у Чыкага пад час палемікі з іншым эмігрантам Іванам Касяком. Не менш цікавай выглядае карэспандэнцыя паміж Людвікам Галубовічам і Дзмітрыем Касмовічам у 1951-1953 г., якая ў асноўным прысвечана палітычным справам беларускіх эмігрантаў. Матэрыял можа аказацца важнай крыніцай па гісторыі вайскова-палітычных арганізацый на эміграцыі, а таксама супрацоўніцтва беларускіх антыкамуністаў з заходнімі спецслужбамі. У нумары змешчана другая частка ўспамінаў Юрыя Сабалеўскага „Беларуская Сялянска-Работніцкая Грамада” з уступным артыкулам Алеся Пашкевіча. Наталля Гардзіенка („Да гісторыі беларусаў у Мюнхэнскім Інстытуце вывучэньня СССР”) спыняецца на пытанні супрацоўніцтва Беларускага інстытута навукі і мастацтва у Нью-Ёрку з Мюнхенскім інстытутам вывучэння СССР. Апошні быў заснаваны ў 1950 г. з дазволу ўлад аў ЗША як інфармацыйна-даследчыцкая структура, патрэбу стварэння якой падыктавалі рэаліі халоднай вайны. Да супрацоўніцтва з Інстытутам прыцягваліся эмігранты-антыкамуністы. Мэтай аўтаркі было прасачыць беларускі след у дзйнасці гэтай установы. На падставе найноўшых даследаванняў, а таксама мемуарыстыю у артыкуле прасочваецца ўдзел беларускіх эмігрантаў у мерапрыемствах Інстытута. Аўтарка станоўча ацэньвае супрацоўніцтва беларусаў з Інстытутам і лічыць яго даволі плённым, у прыватнасці ў выдавецкай дзейнасці. У працяг тэмы падаецца „Бібліяграфія беларускіх пэрыёдыкаў Інстытуту вывучэньня СССР у Мюнхэне”, якая складаецца з артыкулаў, апублікаваных у 1955-1960 г. у „Беларускім зборніку” і „Belorussian Review”. Матэрыял быў створаны на падставе апрацоўкі выдання „Літоўская Бібліяграфічная Служба. Выданьне № 66″, якое ў 1963 г. у ЗША падрыхтаваў і выдаў Аляксандр Ружанцоў. Вядомы беларускі грамадскі дзеяч на эміграцыі Павел Урбан апавядае пра жыццё ў міжваеннай Савецкай Беларусі і ў перыяд нямецкай акупацыі, а таксама пра дзейнасць на эміграцыі. Пры гэтым Наталля Гардзіенка падрыхтавала пашыраную бібліяграфію П. Урбана.

Артыкул „Царква ў Мюнхене” асвятляе малавядомы факт існавання царквы міру Усходу і Захаду, якую ў 1952 г. пабудаваў святар Цімафей Прохараў. Цікавасць выклікае і серыя фотаздымкаў, што адлюстроўваюць сувязь беларусаў з гэтай царквой (Надзея Абрамава, а. Часлаў Сіповіч і інш.). Наступны матэрыял прысвечаны малавядомай літаратурнай спадчыне Пётры Сыча, беларускага літаратара і журналіста на эміграцыі; яго нататнік за 1953-1954 г. змяшчае фельетоны і малюнкі аўтара. У рубрыцы „Друкі” апублікаваны артыкул Міхася Швэдзюка „Кароткія ўспаміны айца Міхаіла Бажар’янава”, дзе пададзены паасобныя фрагменты машынапісу „Мой адказ малым людзям”, падрыхтаваны ý 1945 г. праваслаўным святаром а. Бажар’янавым пад час яго знаходжання ва Усходняй Афрыцы. Гэтая брашура пераконвае ў наяўнасці напружаных і не пазбаўленых антаганізмаў нацыянальных і канфесійных стасункаў у лагерах для цывільных польскіх грамадзян. Артыкул Лявона Юрэвіча „Наш першы: Язэп Варонка” пабудаваны на цікавай падборцы дукументаў, карэспандэнцыі і каментароў пра складаныя ўзаемадачыненні паміж прадстаўніком „старой” незалежніцкай эміграцыі Я. Варонкам і прадстаўнікамі паваеннай Рады БНР. У асобнай публікацыі Макс Шчур выкладае сваё разуменне зместу рамана Віктара Вальтара „Роджаныя пад Сатурнам”. Андрэй Блінец у артыкуле „Яшчэ раз пра Наваградзкі эскадрон” намагаецца крытычна зірнуць на гісторыю стварэння і дзейнасць 68-га коннага шума-батальёна пад камандаваннем Барыса Рагулі, які дзейнічаў на Наваградчыне ў 1944 г. Аўтар робіць гэта, аднак, на падставе наяўнага даробку і ўспамінаў былых вайскоўцаў батальёна, не абапіраючыся на архіўныя крыніцы.

Варта дадаць, што неад’емная частка усіх разгледжаных тамоў „Запісаў” — кніжны агляд і рэцэнзіі прац, што выйшлі ў Беларусі і за яе межамі, якія тычацца эміграцыйнай праблематыкі.

Пасля ўважлівага агляду зместу тамоў здаецца цалкам абгрунтаванай выснова, што асаблівая вартасць выдання — у публікаванні вялікай колькасці архіўных крыніц, асабліва эпісталярнага і мемуарнага характару. Менавіта гэтая рыса перыёдыка робіць яго выключна цікавым і карысным для даследчыкаў беларускай эміграцыі. Акрамя таго, неабходна адзначыць, што „Запісы” даўно ўжо сталі нечым большым, чым часопіс, прысвечаны эміграцыі. Беручы пад увагу сучасны стан вывучэння эміграцыі, выданне можна з упэўненасцю акрэсліць як своеасаблівую выспу эміграцыйнай праблематыкі, вольную ад савецкіх догмаў, абмежаванняў, падыходаў і схем.

Варшава

Юры Грыбоўскі

Наверх

Войцех Матэрскі. Да стандартаў савецкай эпохі?*

4 лютага, 2011 |


*  Польша – Беларусь (1921–1953): сб. документов и материалов / сост.: А. Н. ВАБИЩЕВИЧ [и др.]. Минск: Беларуская навука, 2012. 423 с.

Дадзены зборнік дакументаў разлічаны, як паведамляе рэдактар, на “профессиональных историков и широкий круг общественности”. Ён адлюстроўвае на аснове арыгінальных архіўных матэрыялаў “различные аспекты польско-белорусских отношений в 1921–1953 гг.” (423).

Улічваючы значныя змены ў статусе абедзвюх краін і народаў, якія адбыліся ў гэты перыяд, зборнік павінен ахопліваць, прынамсі, чатыры розныя віды адносінаў: квазіміждзяржаўныя ў перыяд да снежня 1923 г. (спачатку Рэчы Паспалітай з Беларускай Народнай Рэспублікай, потым Рэчы Паспалітай з Беларускай ССР); нерэгулярныя кантакты Другой Рэчы Паспалітай з СССР па беларускіх пытаннях пасля снежня 1923 г.[1] (рэпатрыяцыя, аптацыя, суднаходства на прымежных рэках, спрэчкі пра мяжу, праблемы нацыянальных меншасцяў, рэлігіі і г. д.); адносіны паміж двуманародамі ў перыяд Другой сусветнай вайны, ва ўмовах акупацыі тэрыторыі польскай дзяржавы; квазі-міждзяржаўныя адносіны ў перыяд з верасня 1944 г. – ва ўмовах фармальнага вяртання БССР у лютым 1944 г. юрыдычнага статусу міжнароднага суб’екта[2]. Гэта мноства важных пытанняў рознага характару, найперш дыпламатычных, консульскіх, эканамічных, а таксама датычных выканання ўмоў Рыжскай мірнай дамовы, якія на працягу многіх гадоў цікавяць гісторыкаў абедзвюх краін, што пацвярджаюць навуковыя канферэнцыі (яны рэгулярна праходзяць ва ўніверсітэтаху Торуні[3], Гомелі[4], Горадні[5] і Мінску[6]). Аспектам узаемаадносінаў, якія на іх абмяркоўваюцца, прысвечана шырокая польская гістарыяграфія[7], у меншай ступені беларуская гістарыяграфія савецкага перыяду і перыяду пасля распаду СССР[8]. У выданнях канферэнцый утрымліваецца цэлы шэраг дакументаў, якія датычацца, хутчэй, польска-савецкіх адносінаў з улікам кантэксту Беларусі, чым непасрэдна польска-беларускіх узаемадачыненняў[9]. Такім чынам, ідэя падборкі і выдання дакументаў, прысвечаных польска-беларускім адносінам ХХ ст. у шырокім разуменні, мела пад сабой грунт. Іншая справа – яе рэалізацыя, але пра гэта крыху ніжэй.

Зборнік выдадзены на рускай мове – мове большасці змешчаных у ім дакументаў, што, без сумневу, пашырыць круг карыстальнікаў, але гэта прыкмета саветызацыі беларускай навукі і культуры (на рускай мове па-ранейшаму выдаецца шмат публікацый) – асабліва з улікам таго, што з моманту абвяшчэння незалежнай Беларусі прайш-ло больш за дваццаць гадоў.

У падборку ўвайшло 146 дакументаў з беларускіх ар-хіваў, Асобнага архіва Літвы і “Дыпламатычнага архіва Францыі”[10]. Няма дакументаў з расійскіх архіваў і, перш за ўсё, польскіх. Для складальнікаў, відавочна, гэта не было праблемай, хоць пры разглядзе (пра гэта ніжэй) пытанняў палітыкі Другой Рэчы Паспалітай у дачыненні да беларускай меншасці адсутнасць матэрыялаў, прынамсі, з Цэнтральнага архіва Міністэрства ўнутраных спраў і Архіва новых актаў непазбежна прыводзіць да абуральнай аднабаковасці даследавання. Не былі скарыстаны нават польскія зборнікі дакументаў, што дзіўна, паколькі “Прадмова” сведчыць пра нядрэннае веданне польскай гістарыяграфіі. Пры гэтым шырока выкарыстоўваюцца матэрыялы беларускіх зборнікаў, асабліва ненавуковага характару[11].

Часавыя рамкі апублікаваных дакументаў нетыповыя – як для Беларусі, так і для Польшчы. Іх абралі выключна па палітычных прычынах. Зборнік адкрывае Рыжская мірная дамова, што было б прымальна толькі ў выпадку пазіцыі, якая разглядае дыпламатычныя адносіны паміж Другой Рэччу Паспалітай і Беларускай ССР. Такім чынам, не прымаюцца да ўвагі вельмі важныя для дадзенай тэмы адносіны Варшавы і Беларускай Народнай Рэспублікі[12], якая лічыцца першай, хоць інядоўгачасовай сучаснай беларускай дзяржаўнасцю, а таксама стаўленне адроджанай Польшчы да т. зв. Літбела[13] і Беларускай ССР[14] у пачатковы перыяд яе існавання. Завяршае зборнік 1953 год – момант ліквідацыі апошняга польскага фармавання ўзброенага падполля (адзінкавыя акцыі працягваліся да 1954 г.) на тэрыторыі Беларускай ССР, г. зн. факт, які не мае нічога агульнага з польска-беларускімі міждзяржаўнымі сувязямі і зусім мала – з характарам адносінаў паміж двума народамі.

Кніга складаецца з дзвюх асобных частак з агульнай “Прадмовай”, падзеленых храналагічна наступным чынам: 18 сакавіка 1921 г. – 29 чэрвеня 1939 г. [15]і 29 кастрычніка 1939 г. – 26 красавіка 1953 г.[16]. Кожная частка мае асобныя паказальнікі (імянны і геаграфічны) і асобныя спасылкі на вылучаныя, асобна пранумараваныя ў рамках дадзеных частак, дакументы. Ствараецца ўражанне, што выданне планавалася як двухтамовае, але ў апошні момант было аб’яднана ў адну кнігу – з уклеенымі ілюстрацыямі ў якасці элемента, які падзяляе дзве часткі.

Амаль у кожным абзацы ананімнай “Прадмовы” да збор-ніка дакументаў змяшчаецца яе асноўная ідэя пра злоснага, агрэсіўнага суседа, прывязаная да сучаснасці. Вось што можа даведацца з “Прадмовы” чытач, узяўшы ў рукі кнігу.

“Успешное развитие Республики Беларусь” спрыяе вызначэнню ў сучаснай перспектыве “места и роли белорусского народа в европейской и мировой истории”. Для гэтага неабходна “введение в научный оборот первоисточ-ников, которые помогают объективно рассматривать прошлое Беларуси”. Польшча, як Старшыня Еўрапейскага Саюза, мела шанец “вовлечь Беларусь в общеевропейские процессы”. Гэтак зрабіў бы “каждый добрый сосед”, але “никоим образом” Польшча, якая праводзіць палітыку “активного вмешательства во внутренние дела Беларуси”. На гэтым фоне “самое время вспомнить историю, задуматься об истинных причинах, корнях проблем польско-белорусских отношений”. Інакш сучаснікі не змогуць усвядоміць “степень опасности ситуации для национальной безопасности белорусского государства”, падрыхтавацца да “комплексного и своевременного реагирования”. Гэты сучасны кантэкст – злоснага суседа, які замахваецца на суверэнітэт Беларусі – прысутнічае ва ўсім тэксце “Прадмовы”, да апошняга абзаца[17]. Наступныя дакументы закліканы праілюстраваць ці нават даказаць на адмыслова падабраных “исторических примерах”, што баяцца сапраўды ёсць чаго, што варта рыхтавацца да абароны.

Гвалт палякаў над беларусамі пачаўся яшчэ ў XIV ст., калі замест таго, каб развіваць адносіны з Вялікім Княствам Літоўскім, “Польское королевство мечтало о подчинении своим интересам его социально-экономических ресурсов”. Гэтага ўдалося дасягнуць у 1569 г. у Люблінскай уніі, якая “выкрутила ВКЛ руки”, стварыла базу для “окатоличивания и полонизации его православного населения”, асіміляцыі беларускай шляхты. Праведзеная палякамі “социальная дезинтеграция ВКЛ”, як і знішчэнне больш за палову беларускага этнасу ў войнах XVII–XVIII ст., “привели к упадку белорусской культуры и существенно замедлили процесс национального развития белорусского народа”. Сёння відавочна, што “только благодаря включению белорусских земель в состав Российской империи процесс окатоличивания и полонизации их населения был остановлен” і “сформировалась независимая белорусская нация”.

Пасля сусветнай вайны “БНР как государство не состоялась”. Толькі Савецкая Беларусь стала “прецедентом создания политико-территориальной единицы с атрибутами белорусской государственности”. Урад Савецкай Расіі “обеспечил реальное решение вопроса о самоопределении белорусов в форме создания белорусской советской государственности – национального дома нашего народа”. Гэта адбылося нягледзячы на гегеманістычныя высілкі польскіх палітыкаў, якія, фарсіруючы федэратыўныя планы, “не замедлили испортить отношения со всеми национальными движениями в Восточной Европе”. Нягледзячы на мірныя імкненні бальшавікоў, “экспансионистские претензии польской элиты привели к войне”. У гэтай вайне польскія войскі “сжигали и разрушали жилища, осуществляли зверства, насилия и убийства”. Ваеннапалонных, у тым ліку беларусаў, “истребляли голодом и холодом”, а “коммунистов, комсостав и евреев расстреливали без суда и следствия”. Мяжа, вызначаная ў Рызе, была “определена произвольно по случайно составленной конфигурации линии фронта, никакого другого обоснования она не имела, да и не могла иметь”, што ў наступныя гады прывяло да “глубинных антагонистических межгосударственных противоречий”. Кіруючыся ідэалогіяй “прометеизма”, польскія спецслужбы стваралі ў Беларусі “небольшие хорошо законспирированные группы с целью осуществления актов террора и диверсий”.

У Польшчы міжваеннага перыяду праводзілася “последовательная, наступательная и бескомпромиссная ассимиляторская политика”, якая ажыццяўлялася “с помощью жестоких репрессий и преследований”. Нічога дзіўнага, што на землях пад яе кіраваннем “за менее чем 100 лет (да 2002 г. – Заўвага аўтара) произошло десятикратное уменьшение численности белорусов”. Палітыку знішчэння народа мы назіраем і ў сучаснай Польшчы, якая фарсіруе ненатуральны феномен “православных поляков”.

Асабліва агіднай у “Прадмове” здаецца заява пра тое, што польскія спецслужбы стварылі ў міжваенны перыяд “сеть агентов влияния в политическом руководстве национальных республик и автономий СССР, в военных кругах, а также в среде интеллигенции” (13). Такім чынам, па меркаванні аўтараў “Прадмовы”, забойствы вялікай колькасці беларускай палітычнай і культурнай эліты, судовыя працэсы і масавыя рэпрэсіі ў 30-я г., калі арыштаваных абвінавачвалі пераважна ў дыверсіях і шпіянажы на карысць Польшчы, сапраўды мелі грунт пад сабой.

У 30-я г. “Польша плыла по течению агрессивной гитлеровской политики”, падпісала з Гітлерам “секретное соглашение о разделе Чехословакии”, дэманстравала ў дачыненні да СССР “крайнее высокомерие и враждебность”, праводзіла “агрессивную региональную политику”. Нічога дзіўнага, што Савецкі Саюз і Трэці Райх падпісалі пагадненне ад 23 жніўня 1939 г., якое, аднак, “не содержало статей о военном сотрудничестве”, які “не делало их союзниками ни формально, ни фактически”. З пункту погляду “морали и политической практики того времени” пакт Молатава – Рыбентропа “не представлял собой ничего экстраординарного”. СССР “пришел на помощь белорусам и украинцам” толькі тады,“когда Польша распалась”, а “военных действий между польскими и советскими войсками фактически не было”.

Армія Краёва, якая дзейнічала на беларускай тэрыторыі пасля чэрвеня 1941 г., “проводила вооруженные акции против малочисленных групп отступающих советских военнослужащих”. З немцамі яна пачала змагацца “после того, как на советско-германском фронте произошел решительный перелом”. Пры гэтым “своей важнейшей задачей она считала максимально задержать наступление советских войск”, а «своих “крупных успехов” она добивалась во время карательных акций против населения Беларуси», здзяйсняючы “убийства, дикие погромы и грабежи”. Адмысловай старонкай у яе дзейнасці было пачатае ў снежні 1943 г. супрацоўніцтва з нямецкімі акупацыйнымі ўладамі, “уничтожение, а по возможности передача германским оккупантам советских партизан”. У выніку “аковцы высвободили для фронта, не только Восточного, но и Западного, десятки подразделений вермахта”. Польскае ж постакаўскае падполле вяло барацьбу, якая, “особенно после 1948 г., когда политические цели отошли на второй план, выливалась в теракты, диверсии, грабежи, шантаж и запугивание населения”.

З настолькі тэндэнцыйным, скажоным уяўленнем польска-беларускіх адносінаў немагчыма нават спрачацца. Наступствы такой прапаганды будзе складана выправіць, улічваючы, што з кнігай пазнаёмяцца таксама меней падрыхтаваныя чытачы, якія могуць не ведаць іншых даследаванняў і давяраюць паважаным установам, пад эгідай якіх выдадзены зборнік.

У першай частцы (65 дакументаў), што апавядае пра міжваеннае дваццацігоддзе, практычна ўсе апублікаваныя матэрыялы цалкам ці часткова закранаюць палітыку польскіх улад у дачыненні да беларускай меншасці (“земель Западной Беларуси”). Гэта адна суцэльная плынь абвінавачванняў, часам абгрунтаваных, але ў большасці выпадкаў значна перабольшаных, якія ні разу крытычна не аналізаваліся ні ў каментарах, ні ў “Прадмове”. Бракуе таксама параўнальнага матэрыялу, які тычыцца сітуацыі ў Савецкай Беларусі, жахлівых рэпрэсій у дачыненні да яе насельніцтва, своеасаблівы сімвал якіх – адсутнасць згадвання назвы Курапаты, месца пахавання больш як ста тысяч ахвяр савецкага тэрору 1937–1941 г.[18].

За выключэннем фрагмента з Рыжскай мірнай дамовы (дак. 1) дыпламатычны характар маюць толькі чатыры апублікаваныя дакументы – і толькі два закранаюць адносіны Мінска – Варшавы. Гэта свайго роду кур’ёз, улічваючы двухбаковую міжнародную формулу падборкі матэрыялу.

Цяжка зразумець, чаму з поля зроку складальнікаў цалкам выпаў вельмі цікавы перыяд дзяржаўных польска-беларускіх адносінаў у першыя месяцы (гады) пасля падпісання Рыжскай мірнай дамовы. Надзённыя патрэбы абедзвюх дзяржаў, нягледзячы на адсутнасць фармальных дыпламатычных адносінаў[19], патрабавалі непасрэднага рашэння шэрагу праблем, звязаных найперш з выкананнем пастаноў мірнай дамовы. Пытанні фармуляваліся і вырашаліся пад час узаемаадносінаў паміж беларускім Міністэрствам замежных спраў і мінскім прадстаўніцтвам Дэлегацыі РП у Змяшаных камісіях па выкананні пастаноў Рыжскай мірнай дамовы. Кіраўнік прадстаўніцтва – С. Ціхоцкі – з канца 1921 г. нароўні са сваімі непасрэднымі абавязкамі выконваў консульска-дыпламатычныя функцыі, г. зн. важную, хутчэй дыпламатычную, чым консульскую ролю[20]. Гэтая нетыповая для яго фармальнага статусу дзейнасць спынілася пасля снежня 1923 г. З’явіліся, аднак, іншыя вартыя ўвагі двухбаковыя адносіны, якія знаходзіліся ў кампетэнцыі Консульскага аддзела РП у Менску, што дзейнічаў з 1924 г., яго ўзначальваў Ян Карчэўскі. Дарэмна шукаць штосьці пра гэтыя адносіны ў зборніку.

Акрамя нязначных згадванняў, няма нават дакументаў, якія тычацца шматлікіх польска-беларускіх інцыдэнтаў на мяжы ці важнай для абедзвюх краін праблемы суднаходства на прымежных рэках.

Ігнараванне якіх-небудзь іншых, акрамя “пакутніцкіх”, аспектаў польска-беларускіх адносінаў характэрна і для другой часткі зборніка, якая змяшчае 81 дакумент перыяду 1939–1953 г. У рэцэнзіі складана ахапіць усе пытанні, але, прынамсі, на два з іх варта звярнуць адмысловую ўвагу: адсутнасць якіх-небудзь матэрыялаў на тэму непасрэдных міждзяржаўных адносінаў, пачатак якім паклала падпісаная ў Любліне 9 верасня 1944 г. дамова паміж ПКНA і Саветам народных камісараў Беларускай ССР пра абмен насельніцтвам[21]; не згадваецца і польска-беларускае ўзаемадзеянне пад час форуму Падрыхтоўчай камісіі па пытаннях Арганізацыі Аб’яднаных Нацый, як і пазней, пад час самога форуму[22]. Дадзеныя тэмы не падаліся складальнікам цікавымі, у параўнанні з усёабдымнай “борьбой с польским бандитизмом”.

Але нават тут няма паслядоўнасці. Прыклаўшы нямала старанняў да ілюстрацыі пасляваеннай дзейнасці “польских бандитов”, складальнікі апублікавалі шмат неістотных матэрыялаў, якія не маюць прамога дачынення да тэмы. Пры гэтым яны абышлі ўвагай ключавы дакумент – даклад Міністэрства ўнутраных спраў Беларускай ССР ад лістапада 1947 г. “Результаты агентурно-оперативной деятельности органов МВД Белорусской ССР по ликвидации антисоветского националистического подполья, его банд и другого контрреволюционного подполья в период с 1 января 1944 г. по 1 марта 1947 г.”. Гэты вельмі падрабязны даклад, падпісаны міністрам унутраных спраў ген. С. С. Бельчанкам, у рэдакцыі начальніка Упраўлення барацьбы з бандытызмам палкоўніка Л. К. Гронскага, быў выдадзены ў канцы мінулага стагоддзя ў перакладзе на польскую мову[23]. Такім чынам, нават у галіне, цесна звязанай з канцэпцыяй зборніка, падбор матэрыялаў варта прызнаць недакладным.

Як гаварылася на пачатку рэцэнзіі, адносіны Польшча – Беларусь у разгляданы перыяд ахопліваюць мноства важных праблем рознага характару ў сферы міждзяржаўных узаемадачыненняў і кантактаў паміж народамі. З усёй гэтай пярэстай мазаікі складальнікаў зацікавілі толькі два пытанні: у першай частцы – палітыка ўладаў Другой Рэчы Паспалітай у дачыненні да беларускай нацыянальнай меншасці, у другой – акаўскае і постакаўскае падполле на анексаванных Савецкім Саюзам увосень 1939 г. паўночна-ўсходніх тэрыторыях Рэчы Паспалітай. У першым выпадку ўся падборка матэрыялу заклікана наглядна паказаць ідэю нацыяналістычнай, нават таталітарнай, палітыкі, што бязлітасна знішчала беларускую меншасць; у другім – заплямленыя беларускай крывёй бандыцкія фармаванні, што пабраталіся з фашыстамі.

Улічваючы ўсё вышэйсказанае, выданне павінна называцца не “Польша – Беларусь (1921–1953)”, а, напрыклад, “История мученичества белорусов под преступным польским гнетом (1921–1953)”, бо яно цалкам паўтарае галоўную канцэпцыю так часта цытаванай у зборніку кнігі “Зборнік дакументаў аб панскіх [чытай: польскіх] гвалтах, катаваньнях і зьдзеках над сялянамі і рабочымі ў Заходняй Беларусі” (Мінск, 1927), якая ў момант выхаду ў свет выконвала не навукова-інфармацыйную ролю, а ролю зброі ў ідэалагічнай барацьбе.

Гэты “монатэматычны” характар падборкі дакументаў адлюстроўвае вокладка, на якой пададзена нота старшыні Савета народных камісараў Беларускай ССР і адначасова кіраўніка рэспубліканскага Народнага камісарыята замежных спраў Аляксандра Чарвякова міністру замежных спраў РП Канстанціну Скірмунту ад 21 жніўня 1921 г. – на фоне разарванай на дзве часткі карты Беларусі. У ноце змяшчаўся пратэст супраць “преследований польскими властями населения Западной Беларуси” (такіх жудасных, як закрыццё беларускіх культурных устаноў, перашкода ў арганізацыі кааператываў, выдаленне прэсы, дасыланай з Беларускай ССР). У дадзеным кантэксце неабходна адзначыць нядобрасумленную працу пры падрыхтоўцы выдання, памылкі археаграфічнага характару. Нота на вокладцы – гэта вядомы дакумент, неаднаразова апублікаваны, аднак у кнізе, размешчаны пад № 3 (36–38), ён падпісаны іншай, няслушнай датай (25.08.1921), ад арыгінала ён таксама адрозніваецца шэрагам рэдактарскіх правак. Складальнікі гэта замоўчалі, як і не растлумачылі, чаму тэкст ноты прыводзіцца павод-ле беларускай прэсы таго перыяду[24], а не ў адпаведнасці з архіўнымі матэрыяламі больш ранніх выданняў[25].

Нядобрасумленнасць пры падрыхтоўцы зборніка яшчэ больш маштабная. Так, напрыклад, спасылкі на дакументы носяць хутчэй сімвалічны характар, часцей за ўсё яны зводзяцца да біяграм, тлумачэнняў геаграфічных назваў і загалоўкаў друкаваных выданняў. У іх не вызначаецца дакладнасць ніводнай цьмянай, непраўдзівай інфармацыі, якой так шмат у прапанаваных матэрыялах. Няма перакрыжаваных спасылак, арыгінальных загалоўкаў, грыфа сакрэтнасці і да т. п. Няма дадзеных пра больш раннія выданні дакументаў, якія прыводзяцца са спасылкай на архіўны арыгінал, а ў выпадку падачы як адной з публікацый матэрыялаў – няма архіўнага апісання.

Рэцэнзаванае выданне, калі б яно было прапанавана савецкаму выдавецтву ў 50-я ці 60-я г., не выклікала б асаблівай цікавасці, бо не адрознівалася б ад стандартаў таго часу. Пасля красавіка 1985 г., у перыяд т. зв. галоснасці, аўтары, напэўна, мелі б пэўныя складанасці з выданнем – не з-за цэнзуры, а з-за абвінавачвання ў прапагандзе анахранічнай, чорна-белай, вельмі выбіральнай карціны гісторыі польска-беларускіх адносінаў; абстрагавання ад ведаў пра сапраўдных катаў беларускага насельніцтва, якімі былі савецкія структуры ЧК, НКУС, НКГБ, а пасля сакавіка 1946 г. – МГБ і МУС. А зборнік жа выйшаў у 2012 г., да таго ж пад эгідай Нацыянальнай акадэміі навук і Міністэрства юстыцыі Беларусі. Як гэта трэба разумець?

Беларуская гістарыяграфія функцыянуе ў спецыфічных палітычных умовах, што можа многае растлумачыць. Але не ўсё.

Пераклад Ларысы Дарожкі


[1] Пасля прызнання Рэччу Паспалітай савецкай федэрацыі (13.12.1923) і тым самым уключэння ў міжнародныя дыпламатычныя адносіны паміж Варшавай і Масквой таксама беларускіх пытанняў.
[2] Улады Савецкай Беларусі на аснове рашэння Вярхоўнага Савета СССР ад 1 лютага 1944 г. вярнулі сабе магчымасць непасрэдна праводзіць знешнюю палітыку, г. зн. кампетэнцыі, перададзеныя ў снежні 1922 г. уладам СССР. Гэта мела непасрэдныя адносіны да падрыхтоўкі заснавання Арганізацыі Аб’яднаных Нацый і імкнення Масквы атрымаць у ёй больш чым адно месца (голас). Падрабязней у: W. Materski, Question of “Multiple Membership” of the USSR in the new system of global security (1944–1945), [у:] United Nations Organization and the International Security System, ed. By W. Michowicz, J. Symonides and R. Łoś, Łodź 2010, s. 151–163.
[3] Пар., напрыклад, матэрыялы канферэнцыі: Białoruśw XX stuleciu. W kręgu kultury i polityki, pod red. D. Michaluk, Toruń 2007.
[4] Пар., напрыклад, матэрыялы канферэнцыі: Беларусь і суседзі: гістарычныя шляхі, узаемадзеянне і ўзаемаўплывы, рэд. Р. Р. Лазько, В. А. Міхедзька, М. М. Мязга, Гомель 2006.
[5] Тэзісы IV навуковай канферэнцыі беларускіх і польскіх гісторыкаў, Гродна 1994; Шлях да ўзаемнасці, рэд. І. Крэнь, Гродна 2004.
[6] Пар., напрыклад, матэрыялы канферэнцыі: Матэрыялы з гісторыі польска-беларускіх узаемаадносін у ХХст., пад. рэд. Е.Расоўскай і А. Вялікага, Мінск 2011; XX wiek w historii Polakow i Białorusinow, pod red. W. Michniuka i innych, Mińsk – Warszawa 2001.
[7] Гл., напрыклад: J. Turonek, Wacław Iwanowski i odrodzenie Białorusi, Warszawa1992; Polska–Białoruś 1918–1945, podred. W.Balceraka, Warszawa 1994; O. Łatyszonek, Białoruskie formacje wojskowe 1917–1923, Białystok 1995; A. Bergman, Rzeczo Bronisławie Taraszkiewiczu, Warszawa 1977; A. Bergman, Sprawy białoruskie w II Rzeczypospolitej, Warszawa 1984; K. Gomołka, Białorusini w II Rzeczpospolitej, Gdańsk 1992; Z. Boradyn, A. Chmielarz, H.Piskunowicz, Zdziejow Armii Krajowej na Nowogrodczyźnie iWi-leńszczyźnie (1941–1945). Studia, Warszawa 1997; Europa niepro-wincjonalna. Przemiany na ziemiach wschodnich dawnej Rzeczypospolitej (Białoruś, Litwa, Łotwa, Ukraina, wschodnie pograniczeIII RzeczypospolitejPolskiej) wlatach1772–1999,pod red.K.Jasiewicza, Warszawa – Londyn 1999; M. Wierzbicki, Polacy i Białorusini w zaborze sowieckim; stosunki polsko-białoruskie na ziemiachpołnocno-wschodnich II Rzeczypospolitej pod okupacją sowiecką 1939–1941, Warszawa 2000; Polacy – Żydzi – Białorusini – Litwini na połnocno-wschodnich ziemiach Polski a władza radziecka(1939–1944). W kręgu mitow i stereotypow, pod red. M. Gnatow-skiego i D. Boćkowskiego, Białystok 2005.
[8] Пар., напрыклад: W. Kusznier’, Niektore zagadnienia białorusko-polskich stosunkow z lat 1920–1930 we wspołczesnej historiografii białoruskiej, [у:] Polska – Białoruś 1918–1945, s. 180–189. Гл. таксама: Я. Сямашка, Армія Краёва на Беларусі, Мінск 1994; В. Барабаш, Поляки в антифашистской борьбе на территории Беларуси (1941–1944), Гродно 1998; Праблемы ўз’яднання Заходняй Беларусі з БССР: гісторыя і сучаснасць, Мінск 2000; Ю. Вашкевіч, Беларуска-польскія культурныя сувязі ў 1945–1991 гадах, Мінск 2004; С. Ситкевич, С. Сильванович, В. Барабаш, Н. Рыбак, Польское подполье на территории западных областей Беларуси (1939–1954 гг.), Гродно 2004; L. Mikhailik, Kościoł katolicki na Grodzieńszczyźnie 1939–1956, Warszawa 2008. Напэўна, да абедзвюх гістарыяграфій варта аднесці працу Юрыя Грыбоўскага; апошняя: Pogoń między Orłem Białym, Swastyką i Czerwoną Gwiazdą. Białoruski ruch niepodległościowy 1939–1956, Warszawa 2011.
[9] Гл., напрыклад: Из истории установления Советской власти в Белоруссии и образования СССР, Москва 1954; Dokumen-ty i materiały do historii stosunkow polsko-radzieckich, t. I–XI, Warszawa 1962–1987; Okupacja sowiecka (1939–1941) w świetle tajnych dokumentow. Obywatele polscy na kresach połnocno-wschodnich II Rzeczypospolitej pod okupacją sowiecką w latach 1939–1941, pod red. T. Strzembosza, Warszawa 1996; Armia Krajowa na Nowogrodczyźnie i Wileńszczyźnie (1942–1944) w świet-le dokumentow sowieckich, pod red. A. Chmielarza, Warszawa 1997; Polacy – Sowieci – Żydzi w regionie łomżyńskim w latach 1939–1941, t. II: Dokumenty, oprac. M. Gnatowski, Łomża 2004; Документы по истории Беларуси в “особой папке” И. В. Сталина, ред. С. В. Жумарь и др., Минск 2004; Walka instytucji państwowych z białoruską działalności ądywersyjną (1920–1925). Dokumenty do dziejow kresow połnocno-wschodnich II Rzeczypospolitej, Białystok 2004.
[10] Дакументы не з першакрыніц (звесткі фонду “Историческая память”) – гэта дзве дакладныя запіскі пасла Францыі ў Польшчы Жуля Лярашэ: ад 16 лютага 1930 г. аб савецкай прапагандзе, якая датычылася палітыкі Варшавы ў дачыненні да славянскіх меншасцяў (дак. 37), і ад сакавіка 1931 г. аб агульнай сітуацыі ў Польшчы (дак. 42). Абедзве даволі агульнага характару, не змяшчаюць важных заўваг па тэме, бо звязваюць становішча нацыянальных меншасцяў з агульнай сітуацыяй ва ўмовах крызісу. Прозвішча пасла складальнікам, вядома ж, высветліць не ўдалося.
[11] Інтэрпэляцыі беларускіх паслоў у Польскі сойм. 1922–1926 гг. Зборнік дакументаў аб панскіх гвалтах, катаваньнях і зьдзеках над сялянамі і рабочымі ў Заходняй Беларусі. Мінск 1927.
[12] Беларуская Народная Рэспубліка была абвешчана ў Мінску 25 сакавіка 1918 г. Пасля красавіка 1919 г. яе ўлады апынуліся ў эміграцыі.
[13] Літоўска-Беларуская ССР праіснавала з 27 лютага да 8 жніўня 1919 г. (захоп Мінска польскімі войскамі). У яе ўваходзілі ранейшыя Мінская і Віленская губерні, а таксама частка Ковенскай, Гродзенскай і Сувалкаўскай губерняў.
[14] Абвешчана 1 студзеня 1919 г., 27 лютага таго же года аб’яднана з Літоўскай ССР у т. зв. Літбел і ўзноўлена 11 ліпеня 1920 г. пасля таго, як у Мінск увайшла Чырвоная Армія.
[15] Канец перыяду. У той час як дакументы першай часткі дапаўняюць тры фрагменты ўспамінаў вязняў Бярозы-Картузскай, датаваных чэрвенем – жніўнем 1964 г.
[16] Пасля дакумента с гэтай датай дададзены яшчэ адзін, ад 30 снежня 1959 г.: дакладная запіска КДБ аб дзейнасці Групіроўкі AK “Поўнач” (1944–1945), якая мае характар інфармацыйнай даведкі для палітычных мэтаў.
[17] Пар. с. 27.
[18] Пар.: У. І. Адамушка, Палітычныя рэпрэсіі 20–50-х гадоў на Беларусі, Мінск 1994; W. I. Adamuszko, N. W. Iwanowa, Litości… Represje w obwodzie wilejskim w dokumentach 1939–1941, Warszawa 1996; J. Gorelik, Kuropaty polski ślad, Warszawa 1994.
[19] У мірных перамовах у Рызе ўдзельнічалі толькі дэлегацыі савецкай Расіі і Украіны. Інтарэсы Беларускай ССР былі прадстаўлены ўскосна – расійскай дэлегацыяй. Яе прадстаўнікоў не было і ў Змяшаных камісіях, закліканых выконваць умовы мірнай дамовы.
[20] Падрабязней: W. Materski, Z genezy powołania polskiej placowki konsularnej w Mińsku (1921–1924), [у:] Беларусь і суседзі: гістарычныя шляхі, узаемадзеянне і ўзаемаўплывы, рэд. Р. Р. Лазько, Гомель 2006, с. 160–165.
[21] Dokumenty i materiały do historii stosunkow polsko-radzieckich, t. VIII, Warszawa 1974, dok. 122, s. 221–227.
[22] Гл., напрыклад: К. В. Киселев, Записки советского дипломата, Москва 1974; M. Pietrasiak, Problem wietnamski na forum ONZ (1945–1977), Łodź 2002; P. Chmielewski, Dyplomacja sowiecka w Radzie Bezpieczeństwa wobec zadań utrzymania pokoju i bezpieczeństwa międzynarodowego u progu zimnej wojny, t. I–II, Łodź 2005.
[23] NKWD o polskim podziemiu 1944–1948. Konspiracja polska na Nowogrodczyźnie i Grodzieńszczyźnie, pod red. T. Strzembosza, Warszawa 1997.
[24] “Звезда” за 25.08.1921 г.
[25] Гл., напрыклад: Советская Россия и Польша, Москва 1921, с. 42–43; Документы внешней политики СССР, т. IV, док. 197, с. 289–290; Dokumenty i materiały, t. IV, dok. 37, s. 52–53.

Наверх

СМИЛОВИЦКИЙ, ЛЕОНИД Л. Евреи в Турове: История местечка Мозырского Полесья. Иерусалим, 2008. 846 c.

3 лютага, 2011 |

Леанід Смілавіцкі, вядомы ў міжнародным маштабе гісторык беларускіх яўрэяў, – аўтар выдатнай манаграфіі па гісторыі яўрэйскай грамады беларускага горада Турава. Мэтай Смілавіцкага было напісанне комплекснага даследавання як для навуковых колаў, так і для ўсіх, хто цікавіцца гісторыяй рускага і еўрапейскага яўрэйства, і ён выканаў свой намер вельмі якасна.

Тураў – адзін з найстарэйшых гарадоў на тэрыторыі Беларусі, цягам сваёй гісторыі ён зазнаваў рускі, украінскі і польскі ўплывы. У даследаванні разглядаюцца сацыяльная структура, эканамічнае, этнічнае, міжнацыянальнае і духоўнае жыццё горада. Акрамя таго, закранаюцца пытанні адукацыі, сямейнага жыцця, аховы здароўя і ўмоў жыцця, а таксама ўплыву рускіх рэвалюцый. Асноўная ўвага аддаецца пытанням эміграцыі, пераследаў, у тым ліку цкаванню сіяністаў, пагромам сінагог і сталінскім рэпрэсіям. Нарэшце аўтар дакументуе трагедыі яўрэйскай грамады Турава пад час нацысцкай акупацыі, а таксама праблемы пасляваеннага аднаўлення горада.

Кніга базуецца на дэталёвым даследаванні архіўных дакументаў і літаратуры па тэме ў шырэйшым кантэксце дадзенай праблематыкі. Аўтар таксама абапіраўся на гістарычныя статыстычныя звесткі, перыядычныя выданні, а таксама метады вуснай гісторыі, выкарыстоўваючы ўспаміны былых жыхароў Турава і іх нашчадкаў.

Працу даследчыка над кнігай і яе публікацыю падтрымалі многія асобы з Ізраіля, Беларусі, Расіі, Нямеччыны, Аўстраліі, Вялікабрытаніі і ЗША. Такая падтрымка дэманструе цікавасць да манаграфіі.

Мова выдання – руская, але ёсць англамоўная назва, змест і ўводзіны, што дае магчымасць зарыентавацца ў структуры і мэтах тым, хто не чытае па-руску.

Кніга складаецца з чатырох раздзелаў, якія падзяляюцца на часткі. Першы раздзел называецца “Наши корни”, у пятнаццаці частках якога апісваюцца многія пытанні, згаданыя вышэй (прырода і людзі, сям’я, жыццё, рэлігія, яўрэйская адукацыя, медыцына, эміграцыя і інш.). Другі раздзел мае назву “Между двумя мировыми войнами”, тут у чатырнаццаці частках разглядаюцца пагромы 1918–1921 г., сіянісцкі рух, калектывізацыя, савецкія школы, мова навучання, пошукі шчасця ў Крыме, разгром яўрэйскай рэлігіі, рэпрэсіі і інш.

Памер і структура кнігі не збалансаваныя: калі пер-шыя два раздзелы маюць прыкладна 200 і 300 старонак тэксту, то апошнія два – вельмі кароткія, толькі па 35 старонак кожны. Несумненна, такая структура – недахоп кнігі. Было б вельмі добра, каб аўтар больш месца аддаў даследаванню пасляваеннага перыяду.

Вялікі дакументальны дадатак змяшчае шмат каштоўных матэрыялаў: спісы жыхароў Турава яўрэйскай нацыянальнасці ў розныя гады, спісы ахвяр пагромаў, спісы членаў аб’яднанняў і арганізацый. Ёсць спіс яўрэйскіх салдат з Турава, якія ўдзельнічалі ў Вялікай Айчыннай вайне, глыбока кранальны спіс на восем старонак у дзве калонкі кожная, дзе згадваюцца тураўскія яўрэі, якія загінулі ў Халакосце, а таксама спіс яўрэяў, што жылі ў Тураве пасля 1945 г. (толькі 68 прозвішчаў).

Манаграфія ўключае слоўнік тэрмінаў і паняццаў, спісы ілюстрацый і скарачэнняў, іменны і геаграфічны паказальнікі, што не толькі палягчае карыстанне кнігай, але і можа быць у цэлым карысным для даследчыкаў, якія займаюцца тэматыкай усходнееўрапейскіх яўрэяў. Вельмі цікавая таксама калекцыя гістарычных фотаздымкаў.

Лёс яўрэйскай грамады Турава ўяўляе сабой цікавую мікрагістарычную карціну, якая мае вялікую макрагістарычную важнасць. Аўтар вельмі ўдала ўводзіць гісторыю Турава ў шырэйшы гістарычны кантэкст і, такім чынам, яго манаграфія выконвае ролю не толькі крыніцы ведаў пра гісторыю яўрэяў беларускага Турава, але і даследавання па гісторыі Усходняй Еўропы.

Прага

Мілада Полішэнска

Гарадзенскі гадавік. № 1. Рэд. ЮРЫГАРДЗЕЕЎ. Гродна, 2012. 118 с.

2 лютага, 2011 |


У межах кніжнай серыі “Гарадзенская бібліятэка” ўбачыў свет першы нумар перыядычнага выдання “Гарадзенскі гадавік”, прысвечаны праблемам мінулага Горадні. Характар выдання лакальны і ў пэўным сэнсе пераклікаецца са зборнікам артыкулаў “Гарадзенскі палімпсест”, які выходзіць штогод па выніках канферэнцыі. Але калі “Гарадзенскі палімпсест” акцэнтуе ўвагу на гісторыі дзяржаўных устаноў, сацыяльнай і рэлігійнай гісторыі горада, то ўвага аўтараў “Гарадзенскага гадавіка” зводзіцца да багатага на падзеі мінулага шматлікіх аб’ектаў горада (плошчаў, вуліц,будынкаў). Гэтая ініцыятыва, безумоўна, добрая, і мы мусім вітаць першае такое выданне. Іншае пытанне – наколькі аўтары будуць трымацца такога фармату і далей. Варта адзначыць, што тэматыка, закранутая “Гадавіком”, у свой час падымалася ў “Гарадзенскім палімпсесце”[1].

Нумар пачынаецца з публіцыстычнага артыкула Таццяны Маліноўскай, дзе адчуваецца абурэнне аўтара з нагоды апошніх перамен у абліччы горада. Назіраецца зададзенасць выпуску на далучэнне ўвагі грамадскасці да праблем рэгенерацыі і захавання гісторыка-культурных каштоўнасцяў Горадні. У зборніку даволі комплексна прадстаўлены раздзел даследаванняў, прысвечаных унутрыгарадскім аб’ектам.

Плошча як базавы кампанент арганізацыі гарадскога жыцця разглядаецца ў працы Ганны Паўлоўскай, дзе прыводзяцца разнастайныя семантычныя значэнні плошчы ў часы Вялікага Княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай, у перыяд Расійскай імперыі і Савецкага Саюза. Згодна з функцыянальным прызначэннем на працягу кожнага прамежку часу аўтар вылучае асобныя тыпы плошчаў. Так, адзначаецца, што для сярэднявечных гарадоў плошчы былі грамадскімі, гандлёвымі, сакральнымі цэнтрамі. Для пазнейшых часоў (ХІХ–ХХ ст.) характэрны імперскія плошчыі плошчы-музеі. Аўтар прыводзіць прыклады адпаведных плошчаў Рыма, Масквы, Пекіна, Варшавы, Берліна. Асобная ўвага акцэнтавана на Савецкую плошчу Горадні.

Гарадзенскі рынак у XVI–XVIII ст. знайшоў адлюстраванне ў шматбаковым даследаванні Юрыя Гардзеева, заснаваным на дакументах з архіваў Мінска, Вільні, Горадні, Масквы. Немалая ўвага пры гэтым звяртаецца на архітэктурна-прасторавую арганізацыю галоўнай гарадской плошчы Горадні, якая, паводле аўтара, была “паказчыкам каштоўнасцей гараджан і норм іх жыццядзейнасці”. Характарызуюцца розныя горадабудаўнічыя формы: стыхійнасць і непланамернасць складвання рынку; розная форма і плошча кожнага рынкавага пляца; няправільныя абрысы рынкавых кварталаў і нерэгулярная арганізацыя прасторавай сістэмы, абмежаванаяабарончымі ўмацаваннямі. Рэнесансныя традыцыі XVI ст. у гарадской прасторы Горадні ўвасобіліся ў архітэктуры гарадской ратушы і адноўленага Фарнага касцёла. Функцыянальнае прызначэнне рынку разглядаецца аўтарам праз характарыстыку яго асноўных кампанентаў: ратушы як сімвала самакіравання і юрыдычнай самастойнасці гарадской абшчыны, Фары Вітаўта як цэнтра рэлігійнага жыцця, а таксама слупа ганьбы, карчмы, шынкоў, могілак. Аўтар не абмінае ўвагай функцыю рынкавай прасторы як месца святкавання ўрачыстасцяў і вядзення гандлю. Адзначаецца, што сярэднявечныя горадабудаўнічыя формы рынку праіснавалі ў Горадні ў непарушным стане да канца XVIII ст. Важная выснова – назіранне аўтара аб змене сімвалічнага характару архітэктурнага аблічча прасторы рынку на працягу XVI–XVIII ст. Так, калі ў XVI ст. ратуша і Фарны касцёл падкрэслівалі факт існавання самастойнай юрыдычна акрэсленай абшчыны мяшчан, то ў канцы XVIII ст. панарама рынку спалучала новыя сімвалы – езуіцкі касцёл, палацы Радзівілаў і Сапегаў.

У святле трох адшуканых лістоў за 1692 г., дасланых кіраўніком будаўнічых работ і слугой Лямборскім на імя Казіміра Яна Сапегі, якія захоўваюцца ў Бібліятэцы Акадэміі навук Літвы ў Вільні, польскі даследчык Пётр Яцак Ямскі даследуе гісторыю комплексу двух рыначных палацаў Сапегаў. Аўтар згадвае тры юрыдыкі Сапегаў, якія існавалі ў 1690-я г. у Горадні, апісвае падрыхтоўку Казіміра Яна Сапегі да сойма 1693 г., аналізуе гісторыю комплексу двух сапегаўскіх палацаў у перыяд сойма. Даволі цікавая адметнасць працы – персаніфікацыя мастакоў Казіміра Яна Сапегі, якія дзейнічалі ў Горадні ў канцы XVIII ст. Аўтар абгрунтоўвае думку аб магчымасці кампазіцыйнага злучэння палаца з касцёлам езуітаў, праводзіцца параўнанне палаца з Варшаўскім соймавым комплексам. Горадня са сваім узроўнем мастацкага жыцця разглядаецца як далёкае прадмесце заможнай Варшавы. Робіцца выснова, што ўзвядзенне гарадзенскага палаца адпавядала найвышэйшым каралеўскім імкненням Казіміра Яна Сапегі. Лісты Лямборскага да Сапегі, а таксама рахунковыя запісы пра будаўніцтва палаца публікуюцца паводле польскіх нормаў перадачы тэксту напрыканцы артыкула. Канец старонак пазначаецца ў квадратных дужках, аднак не пазначаецца канец радкоў, нерасчытаныя месцы перададзены пункцірнай лініяй.

Астатнія тры артыкулы раздзела прысвечаны гарадзенскім плошчам. Яны ўяўляюць асаблівую цікавасць не столькі высновамі (як папярэднія), колькі далучэннем раней малавядомага архіўнага і ілюстрацыйнага матэрыялу.

Увага Іны Соркінай звернута да сацыяльнай тапаграфіі Параднай (Саборнай) плошчы ў канцы XIX – пачатку ХХ ст. У артыкуле робіцца спроба прасачыць маёмасныя адносіны,характарзабудовыіфункцыянальнаепрызначэнне кожнага пляца на галоўнай плошчы Горадні ў канцы XIX – пачатку ХХ ст. У даследаванні задзейнічаны галоўным чынам дакументы з фондаў НГАБ (у Горадні) “Гродзенская губернская па гарадскіх справах установа”, “Будаўнічае аддзяленне Гродзенскага губернскага праўлення”. У дадатку змяшчаюцца спісы ўладальнікаў прыбытковай нерухомай маёмасці на Саборнай плошчы ў 1886 г., дамоў плошчы з указаннем уладальнікаў і колькасці дворнікаў у 1907 г., звесткі пра прыватныя збудаванні на Параднай плошчы і іх кошт за 1910 г., звесткі з інвентарных вопісаў нерухомай маёмасці Гародні 1910 г., звесткі пра валавы даход з нерухомай маёмасці Левінсон і Тарлоўскай на Параднай плошчы за 1910 г., звесткі пра валавы даход з нерухомай маёмасці Гродзенскага Фарнага рымска-каталіцкага касцёла за 1910 г., звесткі пра гандлёвыя і прамысловыя прадпрыемствы на Параднай плошчы 1910 г.

Даследаванне Таццяны Казак, прысвечанае плошчы Баторыя ў 1920–1930-я г., амаль цалкам заснавана на матэрыялах Дзяржаўнага архіва Гродзенскай вобласці (ДАГВ), з якіх асаблівая ўвага аўтара акцэнтавана на анкетах, складзеных статыстычным аддзелам Гродзенскага магістрата ў 1923–1924 г. На падставе гэтых і іншых дакументаў праводзіцца агляд пляцаў з будынкамі на паўночным, усходнім, паўднёвым і заходнім баках плошчы.

Праекты і абставіны перапланіроўкі Савецкай плошчы ў 1940–1970-я г. разгледжаны ў артыкуле Віктара Саяпіна. Аўтар на падставе матэрыялаў ДАГВ, а таксама газетнай перыёдыкі падрабязна апісвае захады па добраўпарадкаванні плошчы, адзначае важныя пастановы гарвыканкама на гэты конт, праводзіцца параўнанне паміж генеральным планам рэканструкцыі і развіцця горада 1951 г. і генеральным планам 1973 г., які характарызаваўся больш паважлівым стаўленнем да гістарычнай забудовы цэнтральнай часткі горада.

Раздзел “Гісторыя рэстаўрацыйнай думкі і пытанні аховы помнікаў” змяшчае тры артыкулы, два з якіх прысвечаны пытанням археалогіі, трэці – архітэктуры. Алесь Госцеў і Алесь Кіркевіч робяць агляд археалагічных здабыткаў XV – сярэдзіны XX ст., адшуканых у зоне земляных і будаўнічых работ на Савецкай плошчы Горадні. Праведзена сістэматызацыя артэфактаў, галоўнымі крытэрыямі якой вызначаны матэрыял, асартымент і побытавае прызначэнне. Выяўленыя знаходкі, а менавіта керамічны посуд, вырабы з кафлі, шкла, металу і косці, належным чынам апісваюцца і ілюструюцца графічнымі выявамі. На падставе дадзеных археалагічных раскопаў і інжынерна-геалагічнага бурэння 1987–1988 г. Алесь Краўцэвіч прапануе схему трох участкаў аховы культурнага слоя Горадні, складзеную ў 1988 г. і зацверджаную гарвыканкамам. На нашу думку, гэта спрыяла больш упарадкаванаму і планаваму даследаванню помнікаў археалогіі, а таксама выратавала шмат з іх. На вялікі жаль, улады парушылі свае пастановы пад час рэканструкцыйных работ 2005–2006 г. Архітэктары Алена Пархута і Барыс Шмыга публікуюць апорны план рэканструкцыі Савецкай плошчы, распрацаваны ў 2003 г. Аўтары падаюць схемы развіцця горада на розныя перыяды яго існавання (1376–1569, 1569–1795, 1795–1939, з 1939 г. да нашага часу) без аналізу будаўнічай эвалюцыі. Асноўным падмуркам да працы паслужылі гістарычная даведка Ігара Трусава і фотаздымкі канца ХІХ – сярэдзіны ХХ ст.

Безумоўна, найбольш цікавая частка для даследчыкаў – раздзел “Крыніцы па гісторыі Горадні”, прысвечаны публікацыі дакументаў, якія асвятляюць асаблівасці эканамічнага развіцця горада ў XVI і XVIII ст. (пісцовыя кнігі Гарадзенскай эканоміі за 1560–1561, 1680 г., рэестры палацаў, двароў і дымоў за 1726 г., тарыф і дыспартымент за 1775 г., карта горада за 1780 г., пададзеныя Ю. Гардзеевым), а таксама змяшчаюць апісанні асобных унутрыгарадскіх будынкаў (інвентар палаца Сапегаў 1748 г., апублікаваны А. Мацуком і Ю. Гардзеевым).

Публікацыі Ю. Гардзеева характарызуюць гісторыю галоўнай плошчы Горадні – даўняга ратушнага Рынку на працягу XVI–XVIII ст. Пералікі рынкавых сядзіб і іх уладальнікаў дазваляюць прасачыць дынаміку маёмасных адносінаў, уявіць стан забудовы горада, саслоўна-прафесійную структуру ўладальнікаў нерухомай маёмасці. Пры падачы тэксту аўтар захоўвае тапаграфію дакументаў, перадаючы тэкст без значных адхіленняў ад метадычных рэкамендацый па публікацыі польскамоўных дакументаў па гісторыі Беларусі XVI – першай паловы XIX ст., распрацаваных А. Шаландам[2]. Акрамя палітарнага набору аўтар выкарыстоўвае і факсімільную падачу тэксту.

Абставіны жыцця і дзейнасці маршалка Трыбунала ВКЛ Міхала Антонія Сапегі (1711–1760) у кантэксце судовых спрэчак з Масальскімі за спадчыну мсціслаўскага ваяводы Юрыя Сапегі асвятляюцца ў прадмове да публікацыі інвентара Гарадзенскага палаца за 1748 г. Пры падрыхтоўцы гэтага дакумента выкарыстаны польскія метадалагічныя нор-мы і інструкцыі па выданні польскамоўных крыніц за 1925, 1953 і 1956 г., што набліжае тэкст да сучасных польскіх нормаў пунктуацыі і арфаграфіі[3]. Нягледзячы на даволі падрабязае апісанне дакумента, асаблівасці яго публікацыі тлумачацца павярхоўна. Выключэнне складае спіс абрэвіятур, якія называюцца “скарачэннямі”. Нерасчытаныя ў тэксце словы замест прынятага пазначэння пункцірам падаюцца запазычаным лацінскім варыянтам (sic!), тапаграфія дакумента не вытрымліваецца (непазначанымі застаюцца канецрадка і старонкі). Прымаючы пад увагу, што “Метадычныя рэкамендацыі” А. Шаланды пабачылі свет у тым жа годзе, што і “Гарадзенскі гадавік”, можна дараваць аўтарам выкарыстанне вопыту польскай археаграфіі без уліку досведу сваёй. Слушным крокам можна лічыць пераклад асобных лацінізмаў і польскіх слоў на беларускую мову.

Юрый Гардзееў публікуе рэцэнзію на працу Ігара Трусава “Праваслаўныя храмы Гродна: кароткі нарыс гісторыі” (Мінск – Гродна, 2008), дзе адзначае найбольш цікавыя і спрэчныя моманты рэцэнзаванай кнігі. Даследаванне І. Трусава разглядаецца як спроба комплекснага агляду гісторыі праваслаўнага культавага будаўніцтва Горадні, якая можа надаць штуршок далейшым даследаванням у згаданай галіне.

У цэлым выданне заслугоўвае станоўчай ацэнкі і будзе карысным шырокаму колу даследчыкаў і аматараў гісторыі Горадні і іншых гарадоў.

Мінск

Зміцер Яцкевіч, Вадзім Урублеўскі


[1] Гарадзенскі палімпсест 2008. Матэрыялы міжнароднай навуковай канферэнцыі (Горадня, 7 лістапада 2008). Горадня – Беласток, 2008; Гарадзенскі палімпсест 2010. Дзяржаўныя і сацыяльныя структуры, XVI–XX стст. Мінск, 2011.
[2] Метадычныя рэкамендацыі па публікацыі польскамоўных дакументаў ХVІ–ХІХ стст. / склад. А. I. Шаланда. Мінск: БелНДIДАС, 2012. 47 с.
[3] Instrukcja wydawnicza dla średniewiecznych źrodeł historycznych, oprac. Komisja Historyczna PAU, Krakow, 1925; Instrukcja wydawnicza dla źrodeł historycznych od XIV do połowy XIX wieku, pod red. K. Lepszego, Wroclaw, 1953; Instrukcja wydawnicza: edytorskie zasady opracowania tekstow monograficznych i źrodłowych, przygotowania maszynopisow oraz materiału ilustracyjnego, Wrocław, 1956.

Наверх

BALCERAK, WIESŁAW. Z dziejow zamierzeń federacyjnych Jozefa Piłsudskiego. Warszawa: InstytutHistorii PAN, Mazowiecka Wyższa Szkoła Humanistyczno-Pedagogiczna w Łowiczu, 2011. 73 s.

2 лютага, 2011 |

Чарговае выданне вядомага польскага гісторыка Веслава Бальцэрака ўяўляе сабой зборнік дакументаў канферэнцыі, якая адбылася 15–20 студзеня 1920 г. у Фінляндыі з удзелам, акрамя гаспадароў, Эстоніі, Латвіі, Літвы і Польшчы – такім чынам, дзяржаў, якія паўсталі ў выніку Першай сусветнай вайны. Той форум за даволі кароткі час быў адным з шэрагу падобных палітычных мерапрыемстваў дзяржаў-лімітрофаў, якім давялося вырашаць праблемы асабістай бяспекі. Пагроза сыходзіла перадусім з боку нядаўняга іх каланіяліста – Расіі, якая да таго часу зрабілася бальшавіцкай, што значна павялічыла ступень пеяратыўнасці ўсходняга (для названых новапаўсталых дзяржаў) суседа.

Галоўнае пытанне, якое абмяркоўвалася, – арганізацыя сумеснай абароны ў выпадку нападу на любую з дзяржаў. Выданне адлюстроўвае ход паседжанняў. На іх панавала, як можа падацца, атмасфера даволі прыязная (за выключэннем польска-літоўскіх стасункаў, якія, аднак, не афішаваліся). Здавалася б, дзяржавы, маючы фактычна аднумэту – захаванне незалежнасці, павінны былі прыкласці ўсе намаганні, каб яе дасягнуць, па магчымасці нейтралізаваць галоўны фактар пагрозы. Аднак становішча дзяржаў было розным. Фінляндыя і Польшча пачувалі сябе больш упэўнена. Літва ж мела з апошняй прынцыповую спрэчку, якая да таго часу яшчэ не была вырашана, – за Віленшчыну. Таму спакой, памяркоўнасць і схільнасць да кансэнсусу, якія панавалі на канферэнцыі, можна лічыць толькі культурай дыпламатыі. Хоць усе бакі зрабілі крок да канструктыўнага вырашэння праблемы бяспекі іх дзяржаў, прыняўшы адпаведную рэзалюцыю, відавочна, пытанні заставаліся адкрытымі. Таму наперадзе, па ўзаемнай згодзе, планавалася правядзенне падобных мерапрыемстваў (прычым з пашырэннем кола ўдзельнікаў).

Безумоўна, увядзенне ў навуковы зварот гэтых матэрыялаў будзе карысным для гісторыкаў усходнееўрапейскага рэгіёна, спросціць іх карпатлівую працу, архіўныя пошукі. У ідэале ж бачыцца выданне зборніка дакументаў з адлюстраваннем шырэйшай сацыяльна-палітычнай панарамы (перадусім наконт тэмы пагрозы з боку Савецкай Расіі дзяржавам-лімітрофам). Тым больш што да гэтага падштурхоўвае і назва, дадзеная выданню В. Бальцэракам – “З гісторыі федэрацыйных намераў Юзафа Пілсудскага”. Праўда, як бачым, польскі гісторык разглядае праведзеную канферэнцыю ў іншым кантэксце – унутрыдзяржаўнай палітыкі, якую імкнуўся ажыццявіць Начальнік Польскай Рэспублікі. Канферэнцыя ж для ўнутранай арэны стала знешнім фактарам. Ва ўводзінах і эпілогу В. Бальцэрак падае і асабісты аналіз гэтай падзеі і яе кантэксту, імкнучыся да аб’ектыўнасці (што, аднак, не заўсёды яму ўдаецца, як у выпадку, напрыклад, з ацэнкай польска-літоўскіх узаемаадносінаў). Беларускія сюжэты ў аналізе практычна адсутнічаюць.

Кажучы вобразна, рэчышча, якое капалі эвентуальныя партнёры такімі канферэнцыямі, перасохла: розныя для кожнай з дзяржаў прычыны перашкодзілі арганізаваць сумесную бяспеку ад Расіі. Таму і лічыць В. Бальцэрак, што знікненне ў 1939–1940 г. Польшчы, Літвы, Латвіі, Эстоніі як незалежных дзяржаў было абумоўлена немагчымасцю іх кансалідацыі. Аднак тую кансалідацыю польскі гісторык бачыць хіба толькі ў рамках федэралісцкай канцэпцыі Ю. Пілсудскага, ані не параўноўваючы пры гэтым яе рэалізацыю з падобнай (прынамсі фармальна, у агульных рысах) – з саюзным праектам, ажыццёўленым Саветамі. Зрэшты, В. Бальцэрак заклікае ўсіх зацікаўленых уважліва аналізаваць тагачасныя сацыяльна-палітычныя працэсы, а падрыхтаванае ім выданне і павінна ў гэтым дапамагчы.

Мінск

Анатоль Трафімчык

Галоўная » Запісы па тэме 'Рэцэнзіі'