Новы нумар

Галоўная » Запісы па тэме 'Рэцэнзіі'

Артыкулы па тэме ‘Рэцэнзіі’

Сяргей Палехаў. Пра князя Юрыя Лынгвеневіча Мсціслаўскага і не толькі

Студзеня 1, 2011 |


Варонiн, Васіль А. Князь Юрай Лынгвеневiч Мсцiслаўскi. Гiстарычны партрэт. Мiнск: Тэхналогiя, 2010. 63 с., [4] іл.

Рэд.: Першы варыянт рэцэнзіі пабачыў свет у Маскве (гл.: Полехов С. В. Несколько замечаний к биографии князя Юрия Лугвеневича Мстиславского // Древняя Русь. Вопросы медиевистики. 2011. № 2(44). С. 106–112) і зацікавіў нас. З ласкавага дазволу рэдакцыі часопіса „Древняя Русь. Вопросы медиевистики” мы змяшчаем яе беларускі варыянт, папраўлены і дапоўнены аўтарам.

На старонках прац, прысвечаных сярэднявечнай гісторыі Вялікага Княства Літоўскага, доўгі час амаль не знаходзілася месца жывым людзям, якія стваралі і асэнсоўвалі гэтую гісторыю. Вучоныя нярэдка ішлі пракладзеным шляхам: біяграфіі людзей Вялікага Княства (князёў, баяраў, епіскапаў) абмяжоўваліся зводкамі генеалагічных і прасапаграфічных дадзеных, якія практычна не ўплывалі на агульную карціну: у ёй працягвалі дзейнічаць крыху абстрактныя „рускія землі ВКЛ”, „саслоўі” і „народныя масы”. Гэта, у сваю чаргу, у многіх выпадках вяло да складання няправільных лагічных сувязяў. Бадай, менш за ўсё пашанцавала князям, у тым ліку з кіроўнай дынастыі Гедымінавічаў: яны традыцыйна застаюцца ў цяні манархаў, і зацікаўлены чытач да нядаўняга часу вымушаны быў задавольвацца фундаментальнай, але па неабходнасці лапідарнай працай Ю. Вольфа пра літоўска-рускіх князёў (1895)[1], у лепшым выпадку — біяграмамі ў „Польскім біяграфічным слоўніку” ці ў адной з „Літоўскіх энцыклапедый”. На першы погляд магло б падацца, што гісторык пазбаўлены выбару: ва ўмовах станаўлення пісьмовай культуры ў ВКЛ мала хто з яго жыхароў да мяжы XV–XVI ст. пакінуў пасля сябе комплекс крыніц, які дазволіў бы больш-менш усебакова асвятліць яго біяграфію, або такія крыніцы да нас не дайшлі з прычыны няпростага палітычнага лёсу рэгіёна.

Але шлях да абагульненняў у гістарычнай навуцы ляжыць праз індывідуальнае і ўнікальнае. Нядаўнія даследаванні польскіх і літоўскіх аўтараў (Я. Тэнгоўскі, Р. Пятраўскас і інш.) паказалі перспектыўнасць прасапаграфічнага падыходу, які на падставе дадзеных пра жыццё асобных князёў і вяльможаў дазваляе паставіць і вырашыць больш агульныя праблемы гісторыі ВКЛ[2]. У гэтым шэрагу стаіць і новая праца беларускага гісторыка Васіля Вароніна. Невялікая кніга прысвечана князю Юрыю Лынгвеневічу (Сямёнавічу), унуку Альгерда па бацьку і Дзмітрыя Данскога па маці, Гедымінавічу, які ў першай палове — сярэдзіне XV ст. кіраваў у Мсціславе, Ноўгарадзе, Смаленску і Полацку, мог сур’ёзна прэтэндаваць на віленскі прастол, але так яго і не заняў. Выбраны аўтарам жанр гістарычнага партрэта дае магчымасць не толькі ўбачыць героя кнігі ў кантэксце яго эпохі, але і па-новаму зірнуць на шэраг аспектаў гісторыі ВКЛ таго часу, хоць некаторыя канкрэтныя высновы патрабуюць удакладнення ці нават карэктавання. Але пра ўсё па парадку.

Кніга складаецца з уступу, трох раздзелаў, заключэння і дадаткаў. Першы раздзел, самы кароткі, прысвечаны сям’і і гадам юнацтва князя Юрыя. Аўтар пачынае з біяграфіі яго бацькі Лынгвеня (у праваслаўным хрышчэнні Сямёна) — аднаго з сыноў Альгерда. Звяртае на сябе ўвагу тое, што Лынгвень, пачаўшы сваю палітычную дзейнасць як „чалавек Ягайлы”, будучага польскага караля Уладыслава ІІ, пасля стаў „сваім” і для новага вялікага князя Вітаўта (у адрозненне ад іншых каралеўскіх братоў — Скіргайлы і Свідрыгайлы). Пра гэта сведчыць і яго жаніцьба з сястрой вялікага князя маскоўскага Васіля Дзмітрыевіча, які сам быў жанаты з дачкой Вітаўта, і ўдзел у ваенных кампаніях вялікага князя літоўскага (карыстаючыся выпадкам, адзначу, што праціўнікам Лынгвеня ў бітве пад Любуцкам 1402 г. быў разанскі князь Радаслаў Алегавіч, а не Яраслаў, як напісана ў кнізе). Дзеля паўнаты карціны аўтару варта было б адзначыць, што пасля прыезду з Ноўгарада ў 1392 г. Лынгвень атрымаў Мсціслаўскае княства, з якім быў цесна звязаны лёс яго нашчадкаў. Тут, як відаць, і нарадзіўся яго сын Юрый. В. Варонін справядліва адносіць гэтую падзею да 1395–1399 г., калі Лынгвень быў у першым шлюбе. Гэта дазваляе ў далейшым расповедзе аргументавана адхіліць распаўсюджаны пункт погляду, быццам Юрый Лынгвеневіч узначальваў нейкае фармаванне ў Грунвальдскай бітве 1410 г.

Другі, самы вялікі, раздзел даследавання ахоп лі вае найбольш яскравы перыяд жыцця Юрыя Лынгвеневіча — з 1422 г., да якога адносіцца першае дакладнае ўпамінанне пра яго самастойную дзейнасць, да канца 40-х г. XV ст. Са смерцю Вітаўта ў 1430 г. у ВКЛ пачаліся бурныя падзеі, у якіх немалую ролю выконваў герой кнігі. Гэта патрабуе ад аўтара, з аднаго боку, звяртаць асаблівую ўвагу на гістарычны кантэкст дзейнасці героя яго кнігі, з другога — не сыходзіць у расповед пра эпоху. У цэлым В. Варонін паспяхова справіўся з гэтай задачай, асабліва калі ўлічваць, што ў гістарыяграфіі ВКЛ адсутнічае сучаснае, усебаковае і падрабязнае даследаванне падзей 30–40-х г. XV ст. Але некаторыя рашэнні, прапанаваныя ў кнізе, патрабуюць удакладнення. Першая даследчая праблема, з якой тут сутыкаецца аўтар, — пытанне пра выбранне / прызначэнне вялікага князя пасля смерці Вітаўта. В. Варонін далучаецца да гіпотэзы Л. Калянкоўскага: новага вялікага князя прызначыў польскі кароль і вярхоўны князь Літвы Уладыслаў ІІ Ягайла, якому неабходна было захаваць асобнае Вялікае Княства Літоўскае, каб у далейшым гарантаваць сваім сынам польскі прастол. Таму, робіць выснову В. Варонін, яго выбар і выпаў на бяздзетнага Свідрыгайлу, а не на Лынгвеня, у якога ўжо былі два сыны (15–16). Аднак пасля выдання працы Калянкоўскага гісторыкі прыйшлі да высновы, што сынам караля не пагражала непрызнанне з боку польскай шляхты, а яе канфлікт з дынастыяй быў выкліканы меркаваннямі прэстыжу[3]. Больш за тое, як паказаў Я. Нікодэм, гіпотэзу Калянкоўскага не пацвярджаюць ні сучасныя падзеям крыніцы, ні гістарычны кантэкст гэтых падзей (узаемаадносіны Ягайлы і Вітаўта), ні фармальная логіка (Ягайла, безумоўна, разумеў, што каранацыя Вітаўта зусім не вырашала пытання пра атрыманне ў спадчыну літоўскага прастола на карысць польскага каралевіча)[4]. Не пацвярджаецца і гіпотэза пра прызначэнне новага вялікага князя польскім каралём[5]. Свідрыгайла стаў вялікім князем пры падтрымцы шляхты ВКЛ, але не па прызначэнні Ягайлы. Да таго ж у найбліжэйшыя планы Свідрыгайлы ў канцы 1430 г. уваходзіла жаніцьба з дачкой малдаўскага гаспадара[6]; што зрабіў бы Ягайла, калі б у Свідрыгайлы нарадзіўся нашчадак? Усё гэта прымушае зусім у іншым кірунку шукаць адказ на пытанне, чаму прастол заняў не Лынгвень, а Свідрыгайла. Адказ, па сутнасці, дае сам аўтар: нават калі згода з Ягайлам і Вітаўтам „не ва ўсім адпавядала яго ўласным інтарэсам і палітычным амбіцыям, Лынгвень падпарадкоўваўся” (10). Свідрыгайла ж многія гады падкрэсліваў свае правы на „бацькоўскую спадчыну”[7], а ў крытычны для Вітаўта момант у 1430 г. распачаў энергічныя дзеянні і заняў віленскі прастол.

Лынгвень (памёр каля 1431 г.) і яго сын актыўна падтрымлівалі палітыку новага вялікага князя. Юрый Лынгвеневіч застаўся на баку Свідрыгайлы і пасля яго звяржэння ў ноч з 31 жніўня на 1 верасня 1432 г. Той збег у Полацк, дзе неўзабаве пачаў збіраць войска для паходу супраць новага вялікага князя Жыгімонта Кейстутавіча з мэтай адваявання прастола. Аснову войска Свідрыгайлы пад час яго паходу на Літву складалі не толькі палачане (18), але таксама віцебскія і смаленскія баяры (і, верагодна, мяшчане), паколькі войскі паўднёвых земляў ВКЛ (Кіеўшчыны, Валыні, Усходняга Падолля) вялі баявыя дзеянні супраць Польшчы, якая скарысталася пераваротам у гэтай дзяржаве. Дарэчы, менавіта тады, восенню 1432 г. (а не ў 1433–1435 г., як мяркуе В. Варонін), быў складзены „Спіс гарадоў Свідрыгайлы”: пра гэта сведчыць і яго змест, і ўпамінанне ў тагачаснай перапісцы[8]. Але галоўнае, што выклікае пярэчанні ў аўтарскай характарыстыцы дзейнасці Свідрыгайлы, — гэта сцверджанне пра яго „рускую праграму”, якую ён „актыўна праводзіў” у 30-я г. XV ст. (50). Насуперак распаўсюджанаму меркаванню, няма падстаў лічыць палітыку Свідрыгайлы ў 1430–1432 г. „прарускай”[9]. Што ж датычыцца „ідэі Вялікага княства Рускага”, пра якую піша В. Варонін (25), то варта памятаць, што такое асэнсаванне падзей грамадзянскай вайны у ВКЛ (уладанні Свідрыгайлы як „Вялікае княжанне Рускае”) цалкам належыць смаленскаму летапісцу XV ст., сам жа Свідрыгайла працягваў тытулавацца „вялікім князем літоўскім і рускім”[10] а яго галоўнай мэтай было вяртанне віленскага прастола, што цудоўна разумелі (і падтрымлівалі) рускія падданыя[11].

Да восені 1432 г. адносіцца яшчэ адзін эпізод біяграфіі Юрыя Лынгвеневіча, які трапіў на старонкі крыніц, — яго знаходжанне на кармленні ў Ноўгарадзе. Па меркаванні аўтара кнігі, князь прыехаў у Ноўгарад у жніўні — верасні, хоць пскоўскі летапісец змяшчае паведамленне пра яго прыбыццё на Волхаў паміж звесткамі аб канфлікце („рагозе”) паміж Свідрыгайлам і Жыгімонтам Кейстутавічам з-за вялікага княжання, які пачаўся 1 верасня, і аб Ашмянскай бітве паміж гэтымі князямі, якая адбылася 8 снежня 1432 г. У гэтай бітве на баку Свідрыгайлы ўдзельнічаў і герой кнігі, які вярнуўся з Ноўгарада і ў выніку трапіў у палон да Жыгімонта Кейстутавіча. Менш чым праз год Юрый Лынгвеневіч уцёк з палону: ужо 3 кастрычніка 1433 г. ён, як вынікае з ліста Свідрыгайлы вялікаму магістру Тэўтонскага ордэна Паўлю фон Русдорфу, знаходзіўся ў Мсціславе[12]. 26 кастрычніка мсціслаўскі замак асадзіў Жыгімонт Кейстутавіч. Ёсць усе падставы меркаваць, што Юрый узначаліў абарону, а не проста „знаходзіўся ў Мсціславе разам са Свідрыгайлам”, як піша В. Варонін (18). Да пачатку асады Свідрыгайлы ўжо не было ў горадзе: 21 кастрычніка ён знаходзіўся каля Паповай Гары на поўдні Мсціслаўскага княства, 10 лістапада — у Кіеве[13]. Пад кіраўніцтвам Юрыя Лынгвеневіча добра ўмацаваны замак вытрымаў трохтыднёвую асаду асноўных сілаў Жыгімонта Кейстутавіча, якія ўзначальваў сам вялікі князь[14]. Становішча змянілася пасля знішчальнага паражэння Свідрыгайлы каля Вількаміра (цяпер г. Укмярге ў Літве) 1 верасня 1435 г.: восенню таго ж года Жыгімонту Кейстутавічу падпарадкаваўся Смаленск, а ў найбліжэйшае лета за ім пайшлі Полацк і Віцебск; прыкладна тады ж іх лёс падзяліў і Мсціслаў[15]. Як у гэты час складваўся лёс Юрыя Лынгвеневіча, мы не ведаем: вядома толькі, што ён удзельнічаў у Вількамірскай бітве і пасля яе разам са Свідрыгайлам уцёк у Полацк. Праўда, у нашым распараджэнні ёсць запіс на наўгародскім артосным панагіары з упамінаннем Юрыя Лынгвеневіча і датай 14 верасня 1435 г., але сумнеўна, што ён менш чым за два тыдні дабраўся з Полацка ў Ноўгарад, да таго ж пакінуў ВКЛ у вельмі напружаных абставінах, калі варта было чакаць, што Жыгімонт Кейстутавіч паспрабуе развіць дасягнуты поспех, а Свідрыгайла прасіў дапамогі у вялікага магістра Тэўтонскага ордэна Паўля фон Русдорфа[16]. Хутчэй, як піша аўтар кнігі, „наўгародцы… лічылі Юрыя сваім князем”[17] (19). Дакладна вядома, што ў 1438 г. герой кнігі ў чарговы раз прыехаў у Ноўгарад — як мяркуе В. Варонін, наўгародцы прынялі яго на кармленне ад Жыгімонта Кейстутавіча. Выключаць такую магчымасць нельга, але крыніцы не даюць прамых падстаў для такой адназначнай высновы: у Наўгародскім першым летапісе не гаворыцца, што Юрый прыехаў з Літвы (у адрозненне ад паведамленняў пра яго прыезд у 1432 г.), а пагадненне „по старине” паміж наўгародцамі і Жыгімонтам Кейстутавічам, заключанае зімой 1436/1437 г., зусім не прадугледжвала абавязковай адпраўкі літоўскага „кармленшчыка” ў Ноўгарад[18]. Галоўнае, што, як мне падаецца, паказвае па меншай меры на напружаныя адносіны паміж Юрыем Лынгвеневічам і Жыгімонтам Кейстутавічам, — гэта тытул Юрыя („наследнік Літвы”), ужыты ў пасланні вялікаму магістру ад 31 студзеня 1440 г. (г. зн. пры жыцці Жыгімонта і неўзабаве пасля пацвярджэння польска-літоўскай уніі, па ўмовах якой ВКЛ пасля яго смерці пераходзіла ў распараджэнне польскага караля). У тым жа дакуменце Юрый называе сябе „рускім кня зем”, што, па словах В. Вароніна, адлюстроўвае яго „складаную нацыянальна-рэлігійную самасвядомасць” (21–22). Да гэтага можна дадаць, што так успрымалі Юрыя Лынгвеневіча і сучаснікі: у летапісе, створаным у Сма ленску каля 1436 г., ён названы ў ліку „рускіх князёў”[19]. Тым не менш ён, як паказвае аўтар, займеў пры хільнікаў сярод літоўцаў (яны суправаджалі яго ў Мсціс лаве і Ноўгарадзе) і жамойтаў. Былі ў яго атачэнні і нем цы, здольныя весці перагаворы з Тэўтонскім ордэнам[20].

Пасля забойства Жыгімонта Кейстутавіча ў 1440 г. вялікім князем літоўскім стаў малалетні Казімір Ягелончык, ад імя якога сыну Лынгвеня было вернута Мсціслаўскае княства. У хуткім часе ён стаў адной з галоўных дзейных асобаў смаленскага паўстання і далейшых падзей, якія ахапілі і суседнія рускія землі ВКЛ. Гэты эпізод і сёння застаецца адным з самых загадкавых у гісторыі ВКЛ XV ст., бо канва падзей вядомая толькі па летапісе, складзеным у Смаленску. Рухальнай сілай паўстання сталі „чорныя людзі”, якія запрасілі на княжанне Юрыя Лынгвеневіча. Па словах аўтара, гэта была адна з галоўных сацыяльных сілаў горада, якая захоўвала ўплыў і пазней (пра гэта сведчаць яе ўпамінанні ў прывілеях вялікіх князёў літоўскіх[21] і даравальнай грамаце Васіля ІІІ, выдадзенай Смаленску ў 1514 г.). Характарыстыку гэтай групы можна было б пашырыць за кошт дадзеных Смаленскага летапісу пра паўстанне, а таксама параўнання з „чорнымі людзьмі” Полацка, Ноўгарада і Пскова. Характарызуючы становішча Юрыя Лынгвеневіча ў гэты час, В. Варонін прыцягвае не толькі дадзеныя летапісу, да якіх і так прыцягнута ўвага даследчыкаў, але і аповесць Сімяона Суздальца пра Фларэнційскі сабор, якая паведамляе пра кантакты Юрыя Лынгвеневіча з мітрапалітам Ісідорам, а таксама крыху нечаканы дакумент — дамову, якую вялікі князь Казімір Ягелончык „и с своею братьею” заключыў з пскоўскімі пасламі 30 снежня 1440 г.[22]. З яе тэксту аўтар робіць выснову, што ў пачатку свайго кіравання Казімір пайшоў на саступкі сваім дваюрадным братам — нашчадкам Альгерда, магчыма, нават дзяліўся з імі ўладай. Адным з іх, па меркаванні аўтара, мог быць і Юрый Лынгвеневіч (29–30). Аднак крыніца сведчыць пра адваротнае: на працягу ўсяго дакумента настойліва падкрэсліваецца прыналежнасць Полацка, Віцебска і Смаленска, якія незадоўга да гэтага былі самавольна захоплены Юрыем Лынгвеневічам, да „вотчыны” гаспадара — „Літоўскай зямлі”. Да таго ж дамова складалася ў хуткім часе пасля першага, няўдалага паходу войскаў Казіміра на Смаленск, не выключана, што Юрый Лынгвеневіч да гэтага моманту ўжо ўцёк у Маскву: па сведчанні Наўгародскага першага летапісу, гэта адбылося „тои же осени” (1440 г.), а восенню ў Старажытнай Русі лічыўся час да 25 снежня[23].

Пасля гэтага Юрый Лынгвеневіч правёў некалькі гадоў у Маскве і Ноўгарадзе (на гэты раз у якасці маскоўскага „кармленшчыка”). Як паказвае В. Варонін, да 1446 г. сітуацыя склалася такім чынам, што Юрый вымушаны быў перайсці ад кантактаў з Міхаілам Жыгімонтавічам (сынам забітага Жыгімонта Кейстутавіча, які прэтэндаваў на прастол ВКЛ) да пошуку прымірэння з Казімірам Ягелончыкам. Такі шлях выбраў і Свідры гайла, які ў 1442 г. самавольна заняў Луцкую зямлю; праўда, яго прымірэнне з Казімірам адбылося не ў 1446 г., як мяркуе Варонін, а на тры гады раней[24]. Вельмі хутка Юрый Лынгвеневіч заняў высокае месца ў акружэнні Казіміра: захаваліся звесткі пра яго ўдзел не толькі ў польска-літоўскім з’ездзе 1448 г. у Любліне, пра які піша Варонін, але і ў сустрэчы з пасламі Тэўтонскага ордэна ў Вільні ў самым канцы 1447 г.[25].

Завяршаюць раздзел два цікавыя эпізоды з біяграфіі Юрыя Лынгвеневіча, якія праліваюць святло на характар рэлігійнасці гэтага праваслаўнага князя: не пазней за сярэдзіну 40-х г. XV ст. ён стаў хросным бацькам дзяцей каталіка Яна Гаштаўта, а ў 1447 г. здзейсніў паломніцтва да „святой крыві” ў в. Вільснак у Брандэнбургу (па папулярнасці сярод каталіцкіх паломнікаў яна саступала толькі Іерусаліму, Рыму і Санцьяга-дэ-Кампастэла). Пры гэтым у прыхільнасці князя да праваслаўя не даводзіцца сумнявацца: дастаткова ўспомніць яго падараванне Ануфрыеўскаму манастыру паблізу Мсціслава, заснаванаму яго бацькам, і цесныя кантакты з маскоўскім мітрапалітам Іонам, пра якія таксама гаворыцца ў кнізе. У сувязі з гэтым аўтар справядліва заўважае, што „нашы ўяўленні пра тагачасныя ўзаемаадносіны праваслаўных і каталікоў у Вялікім Княстве Літоўскім абумоўлены пераважна гістарыяграфіяй ХІХ ст. з яе моцным акцэнтам на тэме вечнага суперніцтва і нават супрацьстаяння канфесій”, у той час як факты ўкладаюцца ў гэтую схему далёка не заўсёды (34). Першы з адзначаных фактаў не выключэнне для гісторыі ВКЛ XV ст.: вядома, што не пазней за 1485 г. праваслаўны смаленскі епіскап Іаакім стаў хросным бацькам Юрыя Радзівіла — малодшага сына смаленскага намесніка, каталіка, літоўскага пана Мікалая Радзівілавіча[26]. Складаней з паломніцтвам у Вільснак: застаецца няясным, ці ўспрымаў Юрый Лынгвеневіч „святую кроў” як агульнахрысціянскую рэліквію, ці быў знаёмы з каталіцкай традыцыяй, як мяркуе М. Старнаўска[27], і адчуваў „відавочныя сімпатыі да заходняга хрысціянства”, як піша В. Варонін (49). Магчыма, адказаць на гэтае пытанне дапаможа далейшае вывучэнне адносін праваслаўных насельнікаў ВКЛ да каталіцкіх святыняў і традыцый духоўнага жыцця (асабліва ў сітуацыі культурнага пагранічча). Так ці інакш, паломніцтва Юрыя Лынгвеневіча ў Вільснак сведчыць пра яго цесныя кантакты з адным з каталіцкіх цэнтраў Еўропы — літоўскім велікакняскім дваром ці Тэўтонскім ордэнам (ад братоў якога, верагодна, даведаўся пра „святую кроў” іншы літоўскі паломнік у Вільснак — баярын Ян Няміра[28]).

Трэці раздзел прысвечаны перыяду княжання Юрыя Лынгвеневіча ў Мсціслаўскім княстве, якое Казімір Ягелончык вярнуў яму па хадайніцтве Яна Гаштаўта ў кан цы 1446 ці пачатку 1447 г. Аўтар акрэслівае тэрыторыю Мсціслаўскага княства (у кнізе падаецца яго карта, выкананая В. Цемушавым). Далей разгледжаны вядомыя падараванні Юрыя Лынгвеневіча. Нягледзячы на іх нешматлікасць, аўтару ўдалося на іх аснове коратка ахарактарызаваць насельніцтва ўдзельнага княства; асабліва цікавае пытанне літоўскіх баяраў, з’яўленне якіх на Мсціслаўшчыне, хутчэй за ўсё, было звязана з дзейнасцю героя даследавання. Тыя самыя крыніцы праліваюць святло і на структуры ўлады Мсціслаўскага княства — „раду” і двор удзельнага князя. Калі адпаведныя агульнадзяржаўныя структуры вывучаны досыць добра, то пра іх удзельныя аналагі сярэдзіны XV ст. вядома не так ужо і шмат — у асноўным па матэрыялах Луцкай і Кіеўскай земляў.

У канцы раздзела аўтар закранае пытанне пра дату смерці Юрыя Лынгвеневіча. Традыцыйна лічыцца, што ён памёр каля 1457 г. (гэтым годам датавана апошняе вядомае падараванне князя). В. Варонін мяркуе, што герой яго даследавання памёр каля 1460 г., але не паз ней за 1461 г. (47, 51), а ў 1458–1459 г. паспеў пабываць на кармленні ў Ноўгарадзе. Наўгародскія летапісы другой паловы стагоддзя гавораць пра прыезд князя „Юрыя Сямёнавіча Літоўскага”, і даследчыкам даводзіцца выбіраць паміж сынам Лынгвеня і яго цёзкам з роду князёў Гальшанскіх. Звычайна выбар робіцца на ка рысць другога. Праблемы не вырашаюць ні звесткі Яна Длугаша, які відавочна памылкова выводзіць гэтага князя з роду Астрожскіх, ні пералік прыгарадаў, якія атрымаў Юрый Сямёнавіч (Руса, Ладага, Арэшак, Карэльскі гарадок, Ям і паў-Капор’я): іх традыцыйна атрымлівалі князі з Літвы, а не толькі Лынгвень і яго сын[29]. В. Варонін мяркуе, што патрабавальныя наў гародцы, хутчэй, папрасілі б Казіміра Ягелончыка прыслаць да іх знаёмага ім Юрыя Лынгвеневіча, яго дваюраднага брата. На мой погляд, нельга выключаць таго, што ў XV ст. у Ноўгарад прыязджалі князі, якія не належалі да кіроўнай дынастыі: згодна з позняй (XVI ст.) „Хронікай Быхаўца”, пры Вітаўту наўгародскім князем некаторы час быў князь Сямён Гальшанскі[30] (дарэчы, бацька князя Юрыя Сямёнавіча). Магчыма, за гэтымі звесткамі стаіць нейкая дакладная аснова. Важна і тое, што Ю. С. Гальшанскі быў адным з самых уплывовых асобаў у ВКЛ у пачатку кіравання Казіміра, да таго ж даводзіўся дваюрадным братам каралеве Соф’і Гальшанскай — маці Казіміра. І ўсё ж любое вырашэнне гэтай праблемы застаецца ў плоскасці здагадак. Магчыма, на яе пралье святло знаходка новых дакументаў, якія фіксавалі б знаходжанне аднаго з князёў у названы перыяд у Ноўгарадзе ці ВКЛ.

У заключэнні аўтар дае агульную характарыстыку князю Юрыю Лынгвеневічу і яго дзейнасці. Ён своечасова зразумеў, што „вялікіх князёў літоўскіх выбіралі ў Вільні і Троках, а не ў Кіеве, Смаленску ці Полацку”, і абмежаваў свае палітычныя амбіцыі межамі „вотчыны” — удзельнага княства (50). У гэтым праявіўся рэалізм яго мыслення. Дадам, што мала было заняць віленскі прастол, гэтак жа важна было на ім утрымацца. Пра гэта красамоўна гаворыць лёс Свідрыгайлы і Жыгімонта Кейстутавіча.

Некаторыя заўвагі выклікае кампазіцыя кнігі. Так, можна было б аб’яднаць звесткі пра апісанні Юрыя Лынгвеневіча (12–13, 39–41). Быццам deus ex machina з’яўляецца на старонках даследавання Мсціслаў (11), і чытачу, які ўпершыню звяртаецца да дадзенай тэматыкі, можа быць незразумела, што Лынгвень атрымаў яго ў 1392 г. Ад выпадку да выпадку ўзгадваецца ў да следаванні і Яраслаў — брат Юрыя Лынгвеневіча. Праўда, пра яго захавалася не так ужо і шмат дадзеных, затое вядомыя даты яго нараджэння і смерці, ёсць і звесткі пра яго землеўладанні ў Мсціслаўскім княстве.

Як адзначае сам аўтар, асноўная складанасць даследавання заключалася ў тым, што звесткі пра дзейнасць героя яго кнігі рассеяны „па шматлікіх гістарычных крыніцах самага рознага паходжання: ад ня мец кага да маскоўскага” (7). В. Варонін паспяхова справіўся з задачай іх асваення; больш за тое, яму ўдалося пашырыць кола крыніц за кошт пазнейшых тво раў гістарыяграфіі („Вандалія” А. Кранца) і актавых матэрыялаў (пацвярджэнні падараванняў Юрыя Лынгвеневіча), якія рэдка выкарыстоўваюцца ў працах па гісторыі ВКЛ XV ст. У дадатках да кнігі апублікаваны восем грамат Юрыя Лынгвеневіча, тэкст якіх захаваўся поўнасцю ці часткова: тры з іх вядомыя па пазнейшых пацвярджэннях, запісаных у кнігі Літоўскай метрыкі, пяць — па арыгіналах. Дзве з гэтых грамат нядаўна былі апублікаваны беларускім гісторыкам А. Ліцкевічам па арыгіналах, якія захоўваюцца ў Галоўным архіве старажытных актаў у Варшаве[31]. Месцазнаходжанне некаль кіх грамат аўтару кнігі выявіць не ўдалося; цалкам верагодна, што частку іх варта шукаць у неразабранай частцы архіва Радзівілаў, які захоўваецца цяпер у Варшаве. Шкада, што В. Варонін не звярнуўся да неапублікаванага корпуса перапіскі сярэдзіны XV ст., якая захавалася ў архіве вялікіх магістраў Тэўтонскага ордэна (гістарычны Каралявецкі архіў, цяпер знаходзіцца ў Берліне). Як паказвае вопыт аўтара гэтых радкоў, прыведзеныя ў літаратуры (у А. Кацэбу, К. Э. Нап’ерскага, І. Даніловіча) кароткія звесткі пра змест гэтых дакументаў відавочна недастатковыя, а часта і памылковыя. Між тым названыя крыніцы дазволілі б больш дакладна ахарактарызаваць шэраг падзей палітычнай гісторыі ВКЛ, у якіх удзельнічаў Юрый Лынгвеневіч, і маглі б наблізіць нас да разумення некаторых больш агульных праблем гіс то рыі ВКЛ. Прывяду канкрэтны прыклад. Прыналеж насць Мсціслаўскага княства Лынгвеню і яго сыну да 1432 г. не выклікае сумненняў. Але які быў яго статус пасля паланення князя Юрыя? Лагічна было б дапусціць, што ён атрымаў яго ад Свідрыгайлы, як толькі уцёк з палону у 1433 г. Аднак 3 кастрычніка гэтага года той дыкуте свой ліст вялікаму магістру „ў нашым замку Мсціславе”, хоць Юрый Лынг веневіч, як вынікае са зместу ліста, знаходзіўся тамсама[32]. 21 кастрычніка ён дыктуе новы ліст, на гэты раз „у 12 мілях ад нашага замка Крычава”, які таксама ўваходзіў у „вотчыну” Юрыя Лынгвеневіча[33]. Між тым 26 сакавіка 1434 г. Свідрыгайла пісаў магістру Лівонскага ордэна Франке Керскорфу ўжо з „[сяла] Кашчэева князя Міхаіла Вяземскаго” (паблізу цяперашняга с. Цюхменева за некалькі кіламетраў ад Вязьмы)[34]. Усё гэта вядзе да праблемы становішча ўдзельных княстваў у дзяржаве Гедымінавічаў, якая яшчэ чакае даследавання. Зрэшты, тое самае можна сказаць і пра многія іншыя аспекты гісторыі гэтай дзяржавы. Паспяховая стратэгія іх даследавання прапанавана ў разгледжанай кнізе В. Вароніна.

Рэцэнзія напісана пры фінансавай падтрымцы Фонду Герды Хенкель (Gerda Henkel Stiftung, Дзюсельдорф) по праекце AZ 08/SR/09 „Politische Konflikte und die Gesellschaft im Gro.fürstentum Litauen im 15. Jahrhundert”.


[1] Wolff J. Kniaziowie litewsko-ruscy od końca XIV wieku. Warszawa, 1895.
[2] Асноўныя працы: Tęgowski J. Pierwsze pokolenia Giedyminowiczow. (Biblioteka Genealogiczna. T. 2.) Poznań, Wrocław, 1999; Petrauskas R. Lietuvos diduomenė XIV a. pabaigoje — XV a.: Sudėtis — struktūra — valdžia. Vilnius, 2003; Idem. Didžiojo kunigaikščio institucinio dvaro susiformavimas Lietuvoje (XIV a. pabaigoje — XV a. viduryje) // Lietuvos istorijos metraštis. 2005. T. 1. Vilnius, 2006. Вынікі гэтых даследаванняў Р. Пятраўскаса даступныя і на іншых мовах, акрамя літоўскай: Petrauskas R. The Lithuanian Nobility in the Late Fourteenth and Early Fifteenth Centuries: Composition and Structure // Lithuanian Historical Studies. Vol. 7: 2002. Vilnius, 2003; Пятраўскас Р. Фармаваньне інстытуцыйнага двара вялікага князя ў Літве (XIV — пачатак XV ст.) // Arche Пачатак. 2009. № 9.
[3] Падрабязней гл.: Gawlas S. Zbigniew Oleśnicki wobec sporu o ustroj państwa (1425–1430) // Zbigniew Oleśnicki. Książę Kościoła i mąż stanu. Materiały z Konferencji (Sandomierz, 20–21 maja 2005 roku) / Pod red. F. Kiryka i Z. Nogi. Kraków, 2006.
[4] Nikodem J. Spory o koronację wielkiego księcia Litwy Witolda w latach 1429–1430. Cz. II: Proba rekonstrukcji wydarzeń // Lituano-Slavica Posnaniensia. Studia Historica. T. 7. Poznań, 1997. S. 158–163.
[5] Nikodem J. Wyniesienie Świdrygiełły na Wielkie Księstwo Litewskie // Białoruskie Zeszyty Historyczne. T. 19. Białystok, 2003.
[6] Пра гэта Свідрыгайла паведаміў рымскаму каралю Жыгімонту Люксембургскаму праз свайго пасла Жыгімонта Рота, даверчая грамата якому датаваная 9 лістапада 1430 г. (Geheimes Staatsarchiv Preußischer Kulturbesitz, XX. Hauptabteilung: Konigsberger Archiv Ordensbriefarchiv (далей — GStAPK, OBA) 5542, Bl. 1r–v; кароткі змест апубл.: Codex epistolaris Vitoldi, magni ducis Lithuaniae. Cracoviae, 1882. (далей — CEV). Nr. 1464).
[7] У найбольш яскравай форме гэта было выражана ў прамове прадстаўніка Свідрыгайлы, Іагана Нікласдорфа, на Базельскім саборы ў 1434 г.: па яго словах, бацька вялікага князя (Альгерд) распарадзіўся, што калі яго старэйшы брат Ягайла атрымае каралеўства, то вялікім князем літоўскім павінен стаць Свідрыгайла (Joannis de Segovia, presbyteri cardinalis tit. Sancti Calixti, Historia gestorum generalis synodi Basiliensis // Monumenta conciliorum generalium seculi decimi quinti. Concilium Basileense. Scriptorum t. 2. Vindobonae, 1873. P. 619). Падрабязны аналіз гл.: Matusas J. Švitrigaila Lie tuvos didysis kunigaikštis. Vilnius, 1991. P. 18–19; Nikodem J. Data urodzenia Jagiełły. Uwagi o starszeństwie synów Olgierda i Julianny // Genealogia. Studia i Materiały Historyczne. T. 12. Poznań, Wrocław, 2000. S. 44–45. Між тым спасылка Свідрыгайлы на „бацькоўскую спадчыну” практычна нязменна паўтараецца ў дакументах, звязаных з яго барацьбой за літоўскі прастол: напрыклад, у дагаворы з Тэўтонскім ордэнам 2 лютага 1402 г. ён называе сябе „наследнікам Літвы і Русі” (Die Staatsverträge des Deutschen Ordens in Preußen im 15. Jahrhundert. Bd. 1: 1398–1437 / Hrsg. von E. Weise. Marburg, 1970. Nr. 10. S. 18). Не выпадковае і ўпамінанне бацькоўскага прастола ў пасольстве Свідрыгайлы да Жыгімонта Люксембургскага ад 9 лістапада 1430 г. (GStAPK, OBA 5542, Bl. 1r.)
[8] Полехов С. В. О дате и обстоятельствах возникновения „Списка городов Свидригайла” (у друку).
[9] Полехов С. В. К вопросу о причинах государственного переворота в Великом княжестве Литовском в 1432 г. // Studia Historica Europae Orientalis = Исследования по истории Восточной Европы. Минск, 2008. Вып. 1. Гэты артыкул напісаны да майго знаёмства з матэрыяламі гістарычнага Каралявецкага архіва, якое прымусіла скарэктаваць некаторыя моманты, але пацвердзіла правільнасць агульнай высновы.
[10] Звяртае на сябе ўвагу тое, як характарызуе сітуацыю іншы сучаснік — дыякан Іосіф, які перапісаў у Кіеве ў 1434 г. тлумачальнае Евангелле: кніга перапісана „при самодръжци литовьском великом князи Швитригаиле” (апубл.: Записи писцов в датированных древнерусских рукописях XIII–XV вв. (из архива М. Г. Гальченко) // Palaeoslavica. Vol. XI. Cambridge (Mass.), 2003. С. 81–82). Як бачым, ніякага „вялікага князя рускага” тут няма.
[11] Пра гэта кажа ўвесь ход падзей на пачатковым этапе грамадзянскай вайны ў ВКЛ, ёсць і наўпростыя сведчанні, напрыклад: „Liv-, est- und curländisches Urkundenbuch (далей — LUB). Bd. 8. Riga, Moskau, 1884. Nr. 650. S. 382. У першапачатковым варыянце гэтай публікацыі я спасылаўся на сярэдненямецкі пераклад паслання Свідрыгайлы інфлянцкаму магістру ад 30 лістапада 1432 г. (Ibid. Nr. 642. S. 376), але цяпер яго інтэрпрэтацыя мне ўяўляецца не такой адназначнай.
[12] Арыгінал гэтага паслання (GStAPK, ОВА 6226), на якое аўтар спасылаецца ў пераказе І. Даніловіча, дагэтуль не апублікаваны.
[13] GStAPK, OBA 6236, 6701; Halecki O. Z Jana Zamoyskiego inwentarza archiwum koronnego. Materyały do dziejów Litwy i Rusi w XV wieku // Archiwum Komisji Historycznej. T. 12. Cz. 1. Kraków, 1919. Nr. 6. S. 216. Цікава, што ў першай з гэтых крыніц — лісце комтура Меве Людвіга фон Ландзее, які прадстаўляў інтарэсы Тэўтонского ордэна пры Свідрыгайлу, — назва Паповой Гары прыводзіцца ў літаральным нямецкім перакладзе: „Gegabin czu dam Phaffenberg”.
[14] Звесткі пра гэтую падзею захаваліся не толькі ў летапісах ВКЛ і перапісцы Свідрыгайлы з Ордэнам, але і ў гістарычнай памяці насельніцтва: у адным дакуменце другой половы XV ст. пацвярджаецца падараванне, якое Жыгімонт Кейстутавіч здзейсніў, „коли ездили ко Мстиславлю” (Lietuvos Mokslų akademijos Vrublevskių Bibliotekos Rankraščių skyrius. F 37–799).
[15] Напэўна, гэта адбылося ў канцы 1435 ці пачатку 1436 г. Справа ў тым, што 29 лютага 1436 г. Свідрыгайла пісаў вялікаму магістру з Кіева, што незадоўга да гэтага яго войскі аблажылі і ўзялі Старадубскі замак, гарнізон якога ўжо быў умацаваны Жыгімонтам Кейстутавічам, „з яго паветам і многімі іншымі паветамі” (GStAPK, OBA 7156). Калі ўлічваць, што ўладу Жыгімонта прызнаваў яшчэ і мцэнскі ваявода Грыгор Пратасьеў (GStAPK, OBA 7160), дык атрымліваецца, што ў той час Мсціслаўскае княства з усіх бакоў было аточана землямі, якія падпарадкоўваліся Кейстутавічу.
[16] Гл. яго ліст вялікаму магістру з Віцебска ад 24 верасня 1435 г.: LUB. Bd. 8. Nr. 981.
[17] Не пацвярджаецца і меркаванне А. В. Кузьміна, які са спасылкай на Кароткі Валынскі летапіс піша, што ў 1433 г. Юрый Лынгвеневіч прыехаў на кармленне ў Ноўгарад (Кузьмин А. В. Фамилии, потерявшие княжеский титул в XIV — первой трети XV в. Ч. 2 // Герменевтика древнерусской литературы. Сб. 13. Москва, 2008. С. 453). На самай справе гэтая звестка ўзыходзіць да Наўгародскага IV летапісу і адлюстроўвае прыезд князя ў Ноўгарад восенню 1432 г. (Арнаутов В. А. „Киевская” летопись Супрасльского сборника // ИОРЯС. Т. 14. Кн. 3–4. С.-Петербург, 1910. С. 17).
[18] Янин В. Л. Новгородские акты XII–XV вв. Хронологический комментарий. Москва, 1991. С. 178–179.
[19] ПСРЛ. 1980. Т. 35. С. 34, 57, 76.
[20] У пасланні ад 1 верасня 1434 г. Жыгімонт Кейстутавіч паведамляў вялікаму магістру пра затрыманне па дарозе з Прусіі „слугі князя Юрыя” („herczog Jorge diener”) — немца з Сілезіі Мікалая Шэллендорфера (Шальдорфа): GStAPK, OBA 6860 (у апублікаваным пераказе пра гэта нічога не гаворыцца: LUB. Bd. 8. Nr. 854. S. 498–499). Яго ж Свідрыгайла накіроўваў у Ордэн з-пад Мсціслава ў кастрычніку 1433 г.: GStAPK, OBA 6236, 6701; Petrauskas R. Didžiojo kunigaikščio institucinio dvaro susiformavimas. P. 30 (прыведзена памылковая дата — 1432 г.).
[21] Пар. упамінанне ў прывілеі Жыгімонта Старога 1513 г., не адзначанае Вароніным (Кром М. М. Неизвестный привилей Сигизмунда I Смоленску (1513 год) // От Древней Руси к Рос сии нового времени. Сб. ст. к 70-летию А. Л. Хорошкевич. Москва, 2003. С. 138–139).
[22] Нядаўна гэты дакумент быў апублікаваны па арыгінале, які захоўваецца ў Варшаве: Договор 1440 г. между Псковом и Великим княжеством Литовским / Вступит. статья М. Е. Бычковой, подгот. текста А. А. Бондаренко и О. И. Хоруженко // Вестник РГГУ. Серия „Исторические науки. Историография, источниковедение, методы исторических исследований”. 2009. № 4. С. 231–237.
[23] НПЛ. С. 420; Кучкин В. А. Был ли митрополит Киприан в 1380 г. в Москве? // Анфологион. Власть, общество, культура в славянском мире в Средние века. К 70-летию Б. Н. Флори. (Славяне и их соседи. Вып. 12.) Москва, 2008. С. 270, 275.
[24] GStAPK, OBA 8274; Kolankowski L. Dzieje Wielkiego Księstwa Litewskiego za Jagiellonow. T. 1. Warszawa, 1930. S. 236.
[25] GStAPK, OBA 9424; Korczak L. Monarcha i poddani. System władzy w Wielkim Księstwie Litewskim w okresie wczesnojagiellońskim. Kraków, 2008. S. 86. Przyp. 162.
[26] AGAD, dok. perg. nr 7370. Апубл.: Лiцкевiч А. У. Старабеларускiя граматы XV ст. з Archiwum Głownego Akt Dawnych у Варшаве // Здабыткi: дакументальныя помнiкi на Беларусi. Вып. 11. Мiнск, 2009. № 17. С. 30.
[27] Starnawska M. Die Beziehungen des Königreichs Polen und des Herzogtums Litauen zu Wilsnack und die Christus-Reliquienverehrung im Spätmittelalter // Die Wilsnackfahrt. Ein Wallfahrts- und Kommunikationszentrum Nord- und Mitteleuropas im Spätmittelalter / Hrsg. von F. Escher und H. Kühne. (Europäische Wallfahrtsstudien. Bd. 2.) Frankfürt am Main, 2006. S. 88.
[28] Ibid. S. 85–86.
[29] Янин В. Л. Новгород и Литва. Пограничные ситуации XIII–XV веков. Москва, 1998. С. 90–96.
[30] ПСРЛ. 1975. Т. 32. С. 150.
[31] Лiцкевiч А. У. Старабеларускiя граматы XV ст. з Archiwum Głownego Akt Dawnych у Варшаве. № 8, 10. С. 21–23.
[32] GStAPK, OBA 6226.
[33] GStAPK, OBA 6701; НПЛ. С. 420.
[34] „Datum in Koschcziewo ducis Michaelis de Mezwa (!) anno etc. XXXIIIIto, sexta feria in Parasceven” (GStAPK, OBA 6787; кароткі змест — LUB. Bd. 8. Nr. 789. S. 462). Дапушчаную пісцом памылку выпраўляюць дадзеныя пра маршрут Свідрыгайлы: ужо на наступны дзень ён прыехаў у Вязьму, якую той самы пісец назваў Wezma (GStAPK, OBA 6795). Кансультацыяй па гэтым пытанні я абавязаны светлай памяці В. Цемушаву (Мінск).
Наверх

Аляксандр Гагун. «Двуногие сталинские шакалы»?

Студзеня 1, 2011 |

Всех предателей, находившихся на службе у немцев, можно разделить на две категории. Первая, самая незначительная, но исключительно вредная категория — это предатели, которые пошли на службу к немцам вполне добровольно из-за ненависти к советскому строю. Вторая категория, представляющая особо огромное большинство — это люди, служившие у немцев из-за трусости, потери веры в победу Красной армии, из-за желания спастись от посылки в Германию.

З інструкцыі Украінскага штаба партызанскага руху аб аператыўным выкарыстанні былых калабарацыяністаў.

13 красавіка 1943 г.

* Musial, Bogdan. Sowjetische Partisanen. Mythos und Wirklichkeit. Paderborn: Ferdinand Schöning, 2009. 590 S.

Нягледзячы на тое, што ва ўмовах глабальнага распаўсюджвання канфліктаў слабой інтэнсіўнасці вопыт савецкай партызанскай вайны 1941–1944 г. робіцца ўсё больш актуальным і запатрабаваным, вартых абагульняльных прац па дадзенай тэме не так ужо і шмат. Да 1991 г. архівы СССР былі закрытыя, а адпаведныя даследаванні[1] грашылі вялікай колькасцю адвольных экстрапаляцый і занадта смелых гіпотэз.

Часовая дэмакратызацыя таксама не прывяла да асвятлення гэтай старонкі Другой сусветнай вайны расійскімі вучонымі. Частка гісторыкаў[2] публікуюць свае кнігі без спасылак на дакументы, у манаграфіях іншых спецыялістаў[3] навуковасць абмяжоўваецца формай. У апошнім выпадку гэта выклікана, па-першае, надзвычай най неахайнасцю пры выкарыстанні зусім недастатковага па аб’ёме комплексу крыніц, па-другое тым, што аўтары добраахвотна прытрымліваюцца ідэалагічных установак най сучаснейшага афіцыёзнага расійскага цемрашальства.

На жаль, беларуская гістарыяграфія праблемы адсутнічае. Магчыма, гэта звязана не толькі з дыктатам знакамітага прэзідэнта, але і з павальнай апатыяй, сапраўдным летаргічным сном беларускага грамадства, што ў сукупнасці прыводзіць да надзвычайнай пасіўнасці інтэлектуальных колаў беднай і няшчаснай паўаграрнай краіны.

Як часта бывае ў падобнай сітуацыі, чытэльную абагульняльную працу напісаў амерыканскі даследчык — Кеннэт Слеп’ян[4]. Яго манаграфія з рамантычным загалоўкам „Сталінскія герыльера” прысвечана сацыяльнай гісторыі савецкіх партызанскіх фармаванняў. Аднак у той перыяд, калі паважаны гісторык праводзіў архіўны пошук (пачатак „ліхіх” 1990-х), многія фонды былі яшчэ закрытыя.

Таму з’яўленне кнігі „Савецкія партызаны” вядомага польска-нямецкага гісторыка Багдана Мусяля можна толькі вітаць. Праца мае сціплы і вытанчаны падзагаловак „Міфы і рэальнасць”. У манаграфіі выкарыстаны матэрыялы на пяці мовах з дваццаці архівасховішчаў Беларусі, Расіі, Польшчы, Літвы, Украіны, ЗША, Ізраіля і Нямеччыны, а таксама інтэрв’ю з удзельнікамі і сведкамі падзей.

Задачай працы было стварэнне шматмернай і комплекснай карціны савецкай зафрантавой барацьбы на прыкладзе параўнальна невялікай Беларусі. Партызаны, якія ваявалі на акупаваных прасторах Расіі, Украіны, Прыбалтыкі, Карэліі і Малдавіі, не разглядаюцца, значыць, назва кнігі некарэктная.

Манаграфія, акрамя ўводзінаў і заключэння, уключае ў сябе дзевяць раздзелаў. Першыя два пабудаваны па храналагічнай прыкмеце (1941 г., пачатак 1942 г.). Трэці раздзел названы ўжо па тэматычным прынцыпе (Цэнтральны штаб партызанскага руху; далей ЦШПР). Чацвёрты раздзел прысвечаны партызанскай барацьбе ў 1943 г. Пяты зноў вяртае чытача да праблемнага расповеду („Рэйкавая вайна”). Шосты раздзел апісвае партызанскую барацьбу ў цэлым, яе задачы, метады і асноўныя накірункі. Сёмы раздзел расказвае пра партызанаў у 1944 г., г. зн. зноў ужыты храналагічны прынцып. Сацыяльнай гісторыі беларускіх партызанаў прысвечаны восьмы раздзел. Не зусім зразумела наяўнасць у ім пад раздзела пра спаленне партызанамі асобных будынкаў і цэлых вёсак, таму што гэта, хутчэй, адносіцца да раздзела пра партызанскую барацьбу (VI). Дзявяты раздзел апавядае пра карэннае насельніцтва рэгіёна (а дакладней, пра розныя этнічныя групы Беларусі) у партызанскіх фармаваннях. У апошнім падраздзеле апошняга раздзела („Палякі і савецкія партызаны”) прысутнічаюць 5 недарэчных параграфаў (IX, 3. d — 3. h, с. 416–437). У іх апісваюцца не ўзаемаадносіны палякаў (нацыянальнай меншасці) і савецкіх „народных мсціўцаў”, а фармаванні Арміі Краёвай і іх барацьба з чырвонымі партызанамі. Куды лагічней было б змясціць вельмі цікавы сюжэт пра міжпартызанскую вайну ў шосты раздзел, або падзяліць яго паміж пятым і сёмым раздзеламі.

Нягледзячы на некаторую сумбурнасць апавядання, пастаўленая ва ўводзінах мэта дасягнута. Такім чынам, гэты водгук варта лічыць станоўчым. З-за масіву задзейнічаных крыніц кніга заслугоўвае перакладу на англійскую і рускую мовы і публікацыі ў Нью-Ёрку ў навуковым, а ў Маскве ў буйным камерцыйным выдавецтве. Верагодна, манаграфія зверне на сябе ўвагу не толькі спецыялістаў, але і шырокага кола аматараў гісторыі. Кніга ўжо атрымала станоўчы водгук вядучага нямецкага даследчыка сталінізму, апублікаваны ў самай саліднай кансерватыўнай газеце ФРН[5].

Таму ў дадзенай рэцэнзіі ёсць сэнс звярнуць увагу як на канкрэтныя недапрацоўкі даследавання, так і на спрэчныя тэзісы і дыскусійныя абагульненні. Умоўна падзелім заўвагі на дзве групы — па-першае, апісанне аб’ектыўных недахопаў, па-другое, тых фрагментаў, якія не з’яў ляюцца памылкай, але маглі б быць напісаны па-іншаму. З такой трактоўкі будзе зразумелы і змест працы.

Кідаецца ў вочы невысокі псіхалагізм апавядання: у працы сотні імёнаў, але няма людзей — „лясныя салдаты” паказаны чымсьці накшталт безаблічнай і аморфнай, але затое крыважэрнай біямасы. Нават контурамі не прапісаны характары тых, ад каго ў значнай меры залежаў поспех партызанскай барацьбы — кіраўнікоў буйных злучэнняў[6], начальнікаў ЦШПР і Беларускага штаба партызанскага руху (далей БШПР). Хоць сам Мусяль у свой час атрымаў доктарскую ступень за дысертацыю, пабудаваную якраз на аналізе і супастаўленні дзясяткаў біяграфій, прамалёўцы індывідуальных асаблівасцяў акцёраў гістарычнай сцэны, дакладней — нямецкіх арганізатараў генацыду[7].

У рэцэнзаванай манаграфіі назіраецца відавочны лішак паўтораў. Вось толькі тры прыклады. Ледзь не праз старонку згадваюцца партызанскія прыпіскі (жарг. туфта) у аператыўных справаздачах, прыводзяцца звесткі партызан з манатонным каментаром: „дадзеныя перабольшаны”. Можна было б і не публікаваць гэтую наскрозь хлуслівую інфармацыю, а пра страты нямецкага боку меркаваць па менш сфальсіфікаванай у дадзеным выпадку нямецкай дакументацыі. Партызанскі разбой, расстрэлы мірнага насельніцтва, здзек з калгаснікаў і калгасніц, агнястрэльныя ўнутраныя канфлікты, п’яныя дэбошы, бойкі і оргіі праходзяць ненавязлівым рэфрэнам праз увесь расповед. Да таго ж названым праблемам прысвечаны асобныя падраздзелы. Гэтак жа часта тэматызуецца і знішчэнне нацыстамі мірных сялян, якія праходзілі ў статыстыцы Вермахта і СС пад назвай „бандпасобнікі”. Але гэта шырока вядомая практыка, апісаная многімі нямецкімі[8] і ўсходнееўрапейскімі даследчыкамі, знайшла яна сваё месца і ў мастацкай літаратуры.

Пры гэтым пры рабоце з крыніцамі не заўсёды праяўляецца дастатковая крытычнасць.

Напрыклад, згаданыя знішчаныя „бандыты і бандпасобнікі” ў кнізе звычайна механічна трансфармуюцца ў забітых грамадзянскіх асобаў. Не ставіцца пытанне: ці не з’яўляюцца гэтыя лічбы хоць бы часткова банальным ашуканствам, якім была глыбока прасякнута нацысцкая сістэма адміністравання?

Вельмі сумнеўным выглядае і сюжэт пра свядомую вярбоўку нацысцкімі спецслужбамі яўрэяў для правядзення тэрактаў і шпіянажу: звесткі бяруцца выключна з дакументаў савецкага боку. Праўда, пры публікацыі большасці партызанскіх паведамленняў пра такі „феномен” у кнізе агаворваецца, аднак, што няясна, наколькі тыя звесткі дакладныя. Але адзін выпадак (с. 243–244) усё ж выклікае аўтарскі давер, прычым на падставе сведчанняў самога былога агента, дадзеных савецкім органам. Але ж, ад падследнага на дазнанні якраз і варта чакаць усялякіх апраўданняў. Таму выдумка пра тое, што немцы схілілі яго да супрацоўніцтва, выкарыстоўваючы звесткі пра яўрэйскае паходжанне, была б з яго боку цалкам адэкватным крокам. Ды і які аператыўнік будзе вербаваць для спецзаданняў чалавека, упэўненага ў тым, што яго і яго сваякоў у найбліжэйшы час знішчыць бок, які яго завербаваў?

Значыць, стройнасць расповеду ў шэрагу выпадкаў не вытрымана, прычым гэта тычыцца як працы з лічбамі, так і сацыяльнага аналізу.

Напрыклад, робіцца выснова пра тое, што афіцыйныя савецкія лічбы, якія грунтуюцца на партызанскіх данясеннях, перабольшваюць колькасць забітых „народнымі мсціўцамі” немцаў у 67–78 разоў (с. 292). Па-першае, выкарыстаныя ў кнізе дадзеныя партызанскіх пераможных зводак уключаюць у сябе не толькі немцаў, але і наогул „акупантаў” — шматлікіх нямецкіх саюзнікаў і калабарацыяністаў. Па-другое, у гэтых аператыўных справаздачах гаворка ідзе не пра беззваротныя страты праціўніка, а пра забітых і параненых. Такім чынам, надзвычайнае выхвалянне савецкіх партызанаў з-за метадалагічных памылак пры падліку ў кнізе яшчэ і перабольшана. Але яшчэ горш тое, што сваёй асабістай, няхай нават ацэначнай лічбы вынікаў партызанскіх дзеянняў Мусяль не дае ўвогуле.

У кнізе крытыкуецца тэзіс пра тое, што адносна вялікая колькасць яўрэйскіх бежанцаў, якія перажылі вайну ў беларускіх гушчарах і балотах, была выклікана даволі лаяльным (у параўнанні з іншымі народамі) стаўленнем беларусаў да яўрэяў. Пра гэта ўзгадваюць многія, хто перажыў Халакост. Па меркаванні Мусяля, вырашальнае значэнне меў ландшафт, а не паводзіны сялян, у якіх яўрэйскія групы выжывання пад пагрозай гвалту адбіралі ежу і вопратку (с. 388). Тут можна запярэчыць, што спагада або варожасць — гэта шматгранныя пачуцці, якія выяўляюцца не толькі ў добраахвотных пастаўках правіянту або іх адсутнасці. Грамадзянскае насельніцтва можа дапамагаць актамі або, наадварот, непраціўленнем, па-рознаму ставячыся як да саміх фактаў рэквізіцый, так і да тых, хто збірае „пра дуктовы падатак”. Барацьбу з любымі ўзброенымі жы харамі лесу насельніцтва, калі яно таго хоча, вядзе не прамымі боесутыкненнямі, а ўтойваннем ад партызанаў або бежанцаў каштоўнай інфармацыі, паведамленнямі ў мясцовыя органы ўлады, суправаджэннем паліцэйскіх частак пры аблавах і г. д. і да т. п. І нават нейтралітэт, або хоць бы славутая пасіўнасць[9] мірных жыхароў могуць зрабіць быццё людзей, пастаўленых па-за законам, цярпімым. Зразумела, што антысемітызм у тых або іншых прапорцыях і праявах існаваў у любой краіне Еўропы. І, магчыма, што наступнае аўтарскае палажэнне заслугоўвае абмеркавання: «Беларусь сярод іншых еўрапейскіх краін ні ў якім разе не была „яскравым прыкладам” салідарнасці з яўрэямі» (с. 393). Але якую акупаваную нацыстамі тэрыторыю можна назваць тады ўзорна-паказальнай у гэтым сэнсе, з даследавання незразумела.

У адборы матэрыялу для публікацыі часам відаць пэўныя перакосы. У прыватнасці, першы падраздзел чацвёртага раздзела названы „Ваенная разведка для ырвонай арміі”, а ў гэтым параграфе няма звестак пра структуру партызанскай разведкі, вайсковую разведку злучэнняў „народных мсціўцаў”, прынцыпы вярбоўкі агентуры, колькасць інфармацыі, перададзенай у Цэнтр. Гаворка тут ідзе выключна пра недахопы паведамленняў ЦШПР для Рабоча-сялянскай чырвонай арміі (далей РСЧА). Да таго ж у раздзеле VI няма звестак пра разведку, якую партызаны вялі не для Чырвонай арміі, а ў інтарэсах уласных атрадаў і злучэнняў.

У кнізе існуюць і іншыя прабелы.

Напрыклад, не разгледжана прасякнутая нянавісцю, злосцю і хлуснёй партызанская агітацыя, хоць у ЦШПР існаваў аддзел прапаганды пад назвай „палітычны аддзел”.

Але нашмат важней тое, што прапушчаны цэлы пласт — зафрантавая дзейнасць органаў дзяржбяспекі. Нават мімаходзь не ўзгадваюцца спецгрупы НКУС (з красавіка 1943 г. — НКДБ) БССР[10]. Ды і фармаванням „легендарнага” 4-га ўпраўлення НКУС-НКДБ СССР прысвечана ўсяго дзве старонкі (с. 349–351), на якіх апісваюцца толькі п’янкі і сваркі. Пра мэты і метады названых падраздзяленняў нічога не расказваецца, а групы НКУС называюцца дыверсійнымі. Такая грубая памылка выклікана хібамі ў гістарыяграфічнай базе даследавання[11]. І ў дакументах партызан, падсправаздачных ЦШПР, і ва ўнутранай дакументацыі лубянскага ведамства выразна падзяляліся «задачы па „Д”» (дыверсіі) і «задачы па „Т”» (тэрарызм). Ды і выснова пра прыярытэты „чацвёркі” ляжыць на паверхні, варта толькі ўспомніць імя яе начальніка — Паўла Судаплатава, прызнанага майстра заказных забойстваў.

Значнае месца ў кнізе займае паўсядзённы тэрор „на родных мсціўцаў”, а падраздзел VII-5 названы „Партызаны пасля прыходу Чырвонай арміі”. Але ў манаграфіі не адзначаны такі амаль невядомы сюжэт, як масавыя расправы былых партызанаў над былымі калабарацыяністамі і членамі іх сем’яў. У Беларусі калектыўныя самасуды прымалі часам форму ка лектыўных бойняў. Тэма вартая разгляду, прычым не з пункту гледжання крыміналістыкі. Па-першае, у дадзеным вы падку ў 1943–1944 г. назіраўся канфлікт дзвюх час так савецкай сістэмы: партызанаў з органамі НКУС і НКДБ. Па-другое, нешта крыху падобнае адбывалася ў 1944–1945 г. і ў Заходняй Еўропе, у прыватнасці ў Фран цыі і Італіі. Гэтыя з’явы дзякуючы публіцыс ты цы і кінематографу шырока вядомыя ва ўсім свеце. І праз параўнанне аналагічных фактаў можна было б выразна паказаць розніцу стылістыкі і наступстваў вайны на ўсходнееўрапейскім і заходнееўрапейскім тэатры ваенных дзеянняў.

Увогуле ў кнізе не хапае кампаратывістыкі. Да чаго гэта можа давесці, паказвае раздзел VIII („Да сацыяльнай гісторыі партызанскага руху ў Беларусі”). Большая частка раздзела прысвечана той бурлівай партызанскай жыццядзейнасці, пра якую савецкая гістарыяграфія ахвотна маўчала: дзёрзкія выхадкі, „зухаватыя” штукі, разгульныя кругласутачныя вечарынкі. Пры гэтым у раздзеле змяшчаецца падраздзел „Суровасць партызанскага жыцця”. Такім чынам, недасведчаны чытач можа зрабіць выснову: знаходжанне пад небам блакітным каго заўгодна ператворыць у бескампрамісных геданістаў, а ціск цяжкіх абставінаў проста вымушаў „народных мсціўцаў” да страшэннай распушчанасці. Горш за тое, адзін з падраздзелаў, дзе апісваецца чарговая фантасмагарычная вакханалія, заканчваецца рэмаркай, якая робіць бессэнсоўным увесь раздзел: „Гэта была вайна” (с. 358). Армія Краёва ў 1943–1944 г. у Беларусі ваявала ў тых самых умовах, што і чырвоныя. А паводзілі сябе яе байцы і камандзіры больш стрымана. Мяркуючы па спасылках, аўтар працаваў з вялікай колькасцю літаратуры пра АК, а таксама з мноствам унутранай дакументацыі яе фармаванняў, г. зн. адрозненняў не заўважыць не мог, але чамусьці не расказаў пра іх чытачу.

А па аб’ёме праца вялікая: толькі расповед, без спасылак і дадаткаў, займае 440 старонак вельмі дробнага шрыфту. На жаль, тэкст даволі складаны для ўспрымання. З аднаго боку, ён відавочна перагружаны датамі, дэталямі, дробязямі, лічбамі: нярэдка на адной старонцы нагрувашчаны дзясяткі лічбаў, толькі ў некалькіх выпадках зведзеных у табліцы. У выданні няма графікаў, дыяграм, схемаў.

Але галоўнае, што ў манаграфіі не так шмат канцэптуальных канструкцый, якія аблягчаюць разуменне складанага гістарычнага працэсу, г. зн. малавата абагульненняў і тлумачэнняў як такіх. У прыватнасці, невялікае заключэнне ўяўляе сабой у асноўным не новыя вывады, а кароткі змест (дайджэст) кнігі, больш за тое, часткова паўтарае ўводзіны.

Не ўсе выказаныя ў „Эпілогу” ацэнкі падаюцца цалкам абгрунтаванымі. Канкрэтней, сцвярджэнне пра дрэнную разведку партызанаў, якая праводзілася імі для Чырвонай арміі (с. 440), выглядае занадта простым у святле таго факта, што ў манаграфіі колькі-небудзь падрабязна разглядаюцца толькі партызаны ЦШПР-БШПР. Але акрамя таго, разведдзейнасцю ў тыле Вермахта ў Беларусі займаліся атрады, групы і агентура 4-га ўпраўлення НКУС-НКДБ СССР, 4-га ўпраў лення НКУС-НКДБ БССР, а таксама Галоўнага разведупраўлення Генеральнага штаба Чырвонай арміі. Названыя ведамствы спецыялізаваліся на агентурнай рабоце[12]. І якасць разведінфармацыі, якая падавалася ў Цэнтр ад сетак інфарматараў гэтых арганізацый, істотна перавышала паказчыкі ЦШПР.

Як ваенна-гістарычнае даследаванне кніга адпавядае сярэдняму ўзроўню. Баявым дзеянням і дыверсіям аддадзена дастаткова месца, але рэльефным іх апісанне назваць нельга. У кнізе толькі адзін раз сустракаецца ўказанне на пралік (с. 305) і зусім няма згадвання пра пісьменныя арыгінальныя тактычныя рашэнні пры правядзенні нават буйных баявых аперацый[13], няма прык

ладаў прыгожых агентурных камбінацый таго ці іншага боку, ТТХ выкарыстоўванай зброі. Значыць, праца хутчэй адносіцца да разраду саветалогіі.

Ды і ў вывучэнні адпаведнага сегмента савецкага грамадства ёсць дасягненні, але прарываў публікацыя не зрабіла. У прыватнасці, хранічна пераацэньваецца ідэйнасць забітых сталінскіх падданых, да 1941 г. у цэлым ужо дэідэалагізаваных.

Напрыклад, пры апісанні падзей другой паловы 1941 г. настроі насельніцтва БССР характарызуюцца як антысавецкія. Пры гэтым расповед трапляе ў стандартную „пастку сакрэтнай крыніцы”, выкліканую багатым цытаваннем палітычных данясенняў супрацоўнікаў НКУС: на с. 42 — чатыры дакументы запар! Але гэтыя паведамленні складаліся іх аўтарамі з намерам паказаць начальству ўласную значнасць (выкрылі крамолу!), паскардзіцца на цяжкасць умоў працы (вакол адны ворагі!), а таксама выпрасіць як мага больш сродкаў ва ўласнае распараджэнне. У гэтым падраздзеле хоць бы для палемічнасці выкладання можна было б узгадаць і пра існаванне супрацьлеглых па змесце ацэнак удзельнікаў падзей таго часу, напрыклад, савецкіх партыйных функцыянераў.

Падобныя неправамерныя акцэнты можна ўбачыць і ў апісанні асноўных супернікаў партызанаў — паліцаяў і іншых „здраднікаў”. Па сцвярджэнні Мусяля, „матываў гэтай падтрымкі [акупантаў] не трэба доўга шукаць. Яны, у першую чаргу, заключаліся ў тым, каб разлічыцца з ненавісным савецкім рэжымам…” (с. 80, падобны тэзіс на с. 243, 372). Як ні дзіўна (а можа быць, цалкам заканамерна), савецкая гістарыяграфія давала больш правільнае абагульненне ў гэтым выпадку. Родныя калабарацыяністы трапна называліся шкурнікамі. Менавіта былы „партсовактив”, кандыдаты ў члены партыі і камуністы, камсамольцы, дзяржслужачыя, апаратчыкі, сілавікі розных ведамстваў і ўстаноў былі касцяком, г. зн. структураўтваральнай сацыяльнай праслойкай у агульнай масе людзей, якія ваявалі на баку немцаў або цягнулі лямку на гаспадарчым фронце. Можна было б прывесці аўтэнтычныя доказы 1941–1944 г., але абмяжуемся познім, затое яркім сведчаннем. Ленінградскі дэсідэнт Міхаіл Хейфец вымушана правёў некалькі гадоў пад адным дахам з ветэранамі Другой сусветнай вайны. І пра бандэраўцаў, заўзятых нацыяналістаў, у сваіх мемуарах ён адгукаецца з павагай. А вось паліцаі паказаны ў яго ўспамінах нейкімі големамі, андроідамі, нечым накшталт членаў фракцыі „Единая Россия” ў Дзяржаўнай думе Расійскай Федэрацыі: „Экс-каратели и экс-старосты иногда были вовсе не плохими от природы людьми, и добрыми иногда — но они все, почти без исключения, казались мне морально сломленными, причем не зоной или войной, а еще раньше, почти изначально. Они казались нормальными советскими людьми, то есть слугами власти, любой власти — что гитлеровской, что советской, что польской, что, если появится, своей украинской. Часто это были просто человекообразные автоматы, роботы, запрограммированные на исполнение любого приказания — недаром среди самых кровавых гитлеровских убийц можно было обнаружить людей, которые после войны —до ареста —числились советскими активистами и орденоносцами. Не буду притворяться, я иногда жалел их — хотя отлично понимал, сколько людей от них пострадало, скольких они убили (и среди них —моих земляков) — убили людей, мизинца которых не стоили. Честное слово, иногда казалось, что вины у них не больше, чем у овчарок, которые лаяли на заключенных концлагерей, — не больше они понимали, чем эти овчарки, и что, если посадить овчарку на 25 лет в тюрьму, какой в этом смысл?”[14].

Берлін — Бостан

Артыкул напісаны пры фінансавай падтрымцы Гарвардскага інстытута ўкраінскіх студый (HURI).


[1] Soviet Partisans in World War II. Armstrong J. (ed). Madison, 1964; Hesse E. Der sowjetrussische Partisanenkrieg 1941 bis 1944 im Spiegel deutscher Kampfanweisungen und Befehle. Göttingen — Zürich — Frankfurt, 1969.
[2] Соколов Б. В. Оккупация. Правда и мифы. Москва, 2002; Боярский В. И. Партизаны и армия: История утерянных возможностей / Под общ. ред. А. Е. Тараса. Минск — Москва, 2003.
[3] Партизанское движение (По опыту Великой Отечественной войны 1941–1945 г.). Москва, 2001; Попов А. Ю. Диверсанты Сталина. Деятельность органов Госбезопасности СССР на оккупированной советской территории в годы Великой Отечественной войны. Москва, 2008.
[4] Slepyan K. Stalin’s Guerrillas. Soviet Partisans in World War II. University Press of Kansas, 2006.
[5] Baberowski J. Orgie hemmungsloser Gewalt // Frankfürter Allgemeine Zeitung. 08.10.2009.
[6] На першы погляд, адзіным выключэннем можа падацца наяўнасць у кнізе раздзела пра малавядомага партызанскага камандзіра Уладзіміра Нічыпуровіча. Але нават у гэтым выпадку чытач даведаецца толькі пра дзейнасць палкоўніка, а не пра яго асобу, г. зн. у аповедзе прысутнічае не чалавек, а функцыя.
[7] Musial B. Deutsche Zivilverwaltung und Judenverfolgung im Generalgouvernement. Eine Fallstudie zum Distrikt Lublin 1939–1944. Wiesbaden: Harrassowitz Verlag, 1999.
[8] З апошніх прац можна адзначыць манаграфіі Клаўса Ёхена Арнольда і Дытэра Поля, прысвечаныя функцыянаванню вайсковай акупацыйнай адміністрацыі. Калі першы аўтар схіляецца да думкі пра тое, што салдаты Вермахта не былі моцна задзейнічаны ў тэроры супраць мірнага насельніцтва, то другі даследчык мяркуе: удзел шарагоўцаў Вермахта ў рэпрэсіях супраць цывільных асобаў быў усё ж даволі значным: Arnold K. J. Die Wehrmacht und die Besatzungspolitik in den besetzen Gebieten der Sowjetunion. Kriegfuhrung und Radikalisierung im „Unternehmen Barbarossa”. Berlin, 2005; Pohl D. Die Herrschaft der Wehrmacht. Deutsche Militärbesatzung und einheimische Bevölkerung in der Sowjetunion 1941–1944. München, 2008.
[9] Пар. з вытрымкай з данясення айнзацгрупы „Б”, якая дзейнічала ў Беларусі ў пачатку жніўня 1941 г.: „Население, несомненно, питает к евреям чувство ненависти и гнева и одобряет немецкие мероприятия… но взять на себя инициативу неспособно» (Дин М. Пособники Холокоста. Преступления местной полиции Белоруссии и Украины, 1941–1944 гг. С.-Петербург, 2008, с. 60).
[10] Да канца 1942 г. як на базе фармаванняў ЦШПР, так і самастойна ў Беларусі дзейнічалі 30 спецгруп НКУС БССР. Дадзеныя па першай палове 1943 г. сёння не даступныя. З чэрвеня 1943 г. да чэрвеня 1944 г. рэспубліканскі апарат органаў дзяржбяспекі накіраваў у тыл Вермахта або вылучыў са складу ўжо дзейных падраздзяленняў яшчэ 60 аператыўна-чэкісцкіх груп, у тым ліку „Мстители”, Кровные”, „Охотники”, „Истребитель” (Соловьёв А. К. Они действовали под разными псевдонимами. Минск, 1994. Passim). Частка дакументаў пра спецгрупы НКДБ БССР знаходзіцца ў Нацыянальным архіве Рэспублікі Беларуь у адктытым доступе, у прыватнасці ў фондзе 4386 (Мінскі падпольны гаркам КП(б)Б).
[11] Аперацыі 4-га ўпраўлення НКУС СССР апісаны ў працы, адзін з суаўтараў якой — ветэран адпаведнага спецпадраздзялення. У кнізе з красамоўнай назвай неаднаразова ўжываецца тэрмін „тэрарыстычны акт”, які толькі ў рэдкіх выпадках замяняецца эўфемізмам: „На основании приговоров, вынесенных партизанами, ОМСБОНовцы осуществили 87 актов возмездия” (Зевелев А. И., Рурлат Ф. Л., Козицкий А. С. Ненависть, спрессованная в тол. Москва, 1991. С. 278).
[12] Пра колькасць інфармацыі, што перасылалася ў Цэнтр з акупаванай тэрыторыі рознымі сілавымі структурамі, пэўнае ўяўленне даюць наступныя дадзеныя. Ва Украіне за 1941–1943 г. толькі НКУС-НКДБ УССР пакінуў пры адступленні Чырвонай арміі ці закінуў у тыл Вермахта 16 737 агентаў (і гэта без уліку агентуры, атрыманай спецгрупамі ў 1943–1944 г.). За 1941–1944 г. абмен радыёграмамі з агентурай, групамі і атрадамі гэтага ведамства склаў 5523 радыёграмы (Итоговый доклад о боевой и агентурно-оперативной деятельности 4-го управления НКГБ УССР в 1941–1945 гг., 26 июля 1945 г. // З архівів ВУЧК-ГПУ-НКВД-КГБ. № 1/2(2/3). 1995, с. 28). А разведвальнымі аддзеламі груп, атрадаў і злучэнняў Украінскага штаба партызанскага руху ў гады вайны было атрымана толькі 3160 агентаў, да таго ж з іх 60% складалі агенты ў саміх атрадах (г. зн. даносчыкі), сярод насельніцтва — толькі 1182 (Отчёт о работе разведывательного отдела УШПД, 1942–1944 гг. // ЦДАГОУ, ф. 62, воп. 1, спр. 275, арк. 118, 125). На пэўныя высновы наводзяць і такія дадзеныя з рэцэнзавааванай працы (с. 167): на 7 сакавіка 1943 г. у партызанскіх атрадах і групах Беларусі знаходзілася 86 радыёпередатчыкаў. З іх партызанам ЦШПР належала толькі 37 (або 43%), астатнія выкарыстоўваліся фармаваннямі Галоўразведупраўлення і НКУС. Праўда, пазней гэтыя суадносіны змяніліся на карысць падначаленых ЦШПР.
[13] Цікавае даследаванне аператыўнага боку пытання ўяўляе сабой сумесная праца амерыканскага і крымскага спецыялістаў: Munoz A. J., Romanko O. V. Hitler‘s White Russians: Collaboration, Extermination and Anti-Partisan Warfare in Byelorussia, 1941–1944. New York: Europa Books, 2003.
[14] Хейфец М. Избранное: в 3 т. Т. 3: Украинские силуэты; Военнопленный секретарь. Харьков, 2000. С. 136–137.
Наверх

Wybitni historycy wielkopolscy (Марцэлі Косман)

Студзеня 1, 2011 |

Wybitni historycy wielkopolscy / Praca zbiórowa pod red. JERZEGO STRZELCZYKA. Poznań, Wydawnictwo Poznańskie, 2010. 875 s.

Познань і Велікапольшча маюць значную колькасць дакументальных збораў па гісторыі рэгіёна і I Рэчы Паспалітай, у тым ліку сучасных усходніх суседзяў — Беларусі і Літвы. Іх узнікненне было звязана з дварамі князёў, біскупаў і манастыроў яшчэ ў эпоху Пястаў. У Сярэдневеччы з’явіліся такія каштоўныя крыніцы, як „Хроніка Велікапольская” ці „Хроніка” Янкі з Чарнкова, збіраліся матэрыялы працэсаў з Нямецкім ордэнам, якія сталі выдавацца з сярэдзіны XIX ст. Сярод найбольш значных былі „Lites ac res gestae inter Polonos Ordinemque Cruciferorum” (выдаў Тытус Дзялыньскі, які фактычна стаў пачынальнікам працы ў гэтым накірунку), а потым „Acta Tomiciana” — дакументацыя каралеўскай канцылярыі часоў Жыгімонта Старога. З Велікапольшчы паходзілі і такія старапольскія храністы, як Свентаслаў Ажэлка, Самуэль Твардоўскі. Пад час знаходжання земляў пад уладай Прусіі аховай помнікаў нацыянальнага мінулага займаліся такія патрыёты, як Эдвард Рачыньскі і Тытус Дзялыньскі. Вынікам іх працы сталі кнігазборы, якія існуюць і сёння, — Бібліятэка Рачыньскіх (з 1829 г.) і Курніцкая бібліятэка (узнікла каля 1828 г.), у той час як іншыя зборы зніклі. Важнае месца займаюць і зборы створанага ў 1857 г. Таварыства сяброў навукі. У 1919 г. яго старшыня, Х. Свянціцкі, выступіў ініцыятарам стварэння Вышэйшай Пястаўскай вучэльні, цяпер — Універсітэт імя Адама Міцкевіча. Прафесура, якая тут працавала, падрыхтавала яшчэ ў міжваенны перыяд значную колькасць выдатных вучоных, якія пасля Другой сусветнай вайны стварылі ўласныя даследчыцкія цэнтры ў Познані і іншых гарадах паўночна-заходняй Польшчы.

Пасля заканчэння Другой сусветнай вайны ў Познані ўзнік Заходні інстытут, а потым філіялы Польскай акадэміі навук. Тут пачалі выдавацца такія навуковыя серыі, як „Roczniki Historyczne”, „Przegląd Zachodni”, „Słownik Starożytności Słowiańskich”, „Studia Źrodłoznawcze” (першы з пералічаных убачыў свет яшчэ ў міжваенны перыяд), а таксама даследаванні па гісторыі Памор’я, Велікапольшчы і Познані. Акрамя гэтага з’яўляліся працы па сусветнай гісторыі, гісторыі Нямеччыны, Літвы. У першую чаргу ў гэтай сувязі варта згадаць імёны знакамітых медыявістаў — К. Тымянецкага, Г. Лаўмяньскага і Г. Лябуды.

У сувязі з адзначаным не выклікае здзіўлення жаданне познаньскіх гісторыкаў адлюстраваць дасягненні рэгіянальнай гістарыяграфіі па ўзоры іншых польскіх навуковых асяродкаў[1]. Ва ўводзінах да выдання рэдактар згадвае, што „ідэя асэнсавання гісторыі познаньскага і велікапольскага гістарычнага асяроддзя ўпершыню была сфармулявана… прафесарам Герардам Лябудам пад час урачыстасцяў з нагоды яго шасцідзесяцігоддзя ў кастрычніку 1976 г.”.

У 1989 г. у Навуковым выдавецтве Універсітэта імя А. Міцкевіча выйшла добра падрыхтаваная кніга пад назвай „Wybitni historycy wielkopolscy” (рэд. Е. Стшэльчык), дзе прыводзіліся біяграфіі 33 ужо памерлых даследчыкаў. У новым выданні, якое выйшла пад той самай назвай у Познаньскім выдавецтве, да змешчанай раней інфармацыі дадаліся матэрыялы пра іншых 28 гісторыкаў, якія адышлі ў іншы свет за апошнія 20 гадоў.

Можна спрачацца, ці ўсе пададзеныя ў кнізе асобы былі выбітнымі, але, безумоўна, кожны з іх заслугоўвае, каб застацца ў памяці нашчадкаў. Мы сустракаем тут імёны як тых, хто ўсё свае жыццё звязаў з універсітэтам імя А. Міцкевіча, так і тых, хто воляй лёсу быў вымушаны пакінуць Велікапольшчу. У кнізе прыводзяцца таксама біяграфіі даследчыкаў, якія працавалі на юры дычным факультэце (З. Вайцэхоўскі, З. Качмарчык, М. Шчанецкі). Справядліва згадваецца і Анджэй Вайткоўскі (памёр у 1975 г.), які ў якасці дырэктара Бібліятэкі Рачыньскіх у міжваенны перыяд шмат зрабіў для Велікапольшчы. Пасля нападу Нямеччыны ён выехаў з Познані, а апошнія трыццаць гадоў жыцця працаваў у Літоўскім каталіцкім універсітэце. Нягледзячы на яго шматлікія просьбы ў 1949 г. яму не дазволілі вярнуцца ў Познань, а таму „на чужыне” ён працаваў над бібліяграфіяй гісторыі Велікапольшчы. Яго даследаванне пра Э. Рачыньскага стала класічным і, больш за тое, захавала крыніцазнаўчую вартасць, таму што большая частка матэрыялаў, на падставе якіх яно было напісана, знікла пад час Другой сусветнай вайны.

Падобным чынам можна згадваць мноства паважаных імён. Першыя дзесяць маюць дачыненне да XIX — пачатку ХХ ст. Гэта арыстакраты-асветнікі, якія збіралі старапольскія пісьмовыя помнікі, мецэнаты і выдаўцы старадаўніх крыніц, іх супрацоўнікі і дакументалісты свайго часу (Эдвард Рачыньскі, Тытус і Ян Дзялыньскія, Юзэф Лукашэвіч, Енджэй Марачэўскі, Казімеж Ярахоўскі, Ян Карыткоўскі, Ігнацы Закшэўскі, Эдмунд Калье і Станіслаў Карвоўскі). Наступная група звязана з сучаснай гістарыяграфіяй міжваеннага перыяду (Тэадор Тыц, Адольф Варшаўэр, Браніслаў Дэмбіньскі, Казімеж Хадыніцкі, што прыехаў з Вільні, і адзін з заснавальнікаў універсітэта ксёндз Станіслаў Казероўскі). Частка даследчыкаў перажыла акупацыю і працягнула працу пасля 1945 г. Сярод такіх былі Ян Руткоўскі, Адам Скалкоўскі, Станіслаў Бодняк (дырэктар Курніцкай бібліятэкі і прафесар Познаньскага ўніверсітэта). З пасляваеннага пакалення трэба згадаць Уладыслава Кавалёнка, Здзіслава Грота, Уладыслава Кусіньскага, Вітольда Якубчыка, Ежы Тапольскага, Брыгіду Кюрбіс, познаньцаў Герарда Лябуду, Чэслава Лучака і Бенона Міськевіча.

Звычайна Познань трактуюць як цэнтр нямецкіх даследаванняў. Аднак яшчэ з сярэдзіны XIX ст. тут вялося вывучэнне Вялікага Княства Літоўскага і з’яўляліся адпаведныя публікацыі. Яны мелі важнае значэнне для далейшых даследаванняў. У гэтым месцы неабходна зазірнуць у біяграфіі велікапалян Э. Рачыньскага, Ю. Лукашевіча, Т. Дзялыньскага. На жаль, не змешчаны ў кнізе матэрыял пра памерлага ў маладым узросце гісторыка Яна Непамуцэна Раманоўскага. У міжваенны перыяд аўтарамі фундаментальных прац па гісторыі ВКЛ сталі выхадзец з Віленшчыны Казімеж Хадыніцкі (працаваў у Познаньскім універсітэце), Станіслаў Бодняк і Уладыслаў Пацеха, якія закраналі літоўскую тэматыку ў даследаваннях гісторыі XVI ст.

У 1925 г. з Львова прыехаў Зыгмунт Вайцэхоўскі (1900–1955), у працах якога перавагу мелі нямецкая тэматыка і пачатак існавання манархіі Пястаў. Два познаньскія гісторыкі — Уладыслаў Каваленка (1884–1966) і Уладзімір Двожачэк (1905–1988) — нарадзіліся ў Мінску, у Беларусі. Першы ў 1921 г. прыехаў у Познань, дзе і пражыў да смерці ў 1966 г. Яго цікавіла марская тэматыка і гісторыя першых славян. Доўгі час ён быў адным з рэдактараў шматтомнага „Słownika starożytności słowiańskich”, дзе шмат месца адводзіў малой радзіме. Двожачэк паходзіў з паланізаванай чэшскай сям’і, якая з’явілася на тэрыторыі Беларусі ў канцы XVIII ст. У 1920 г. ён пераехаў з Мінска ў Познань. Тут скончыў школу, потым атрымаў вышэйшую адукацыю і пад кіраўніцтвам Адама Скалкоўскага (які прыехаў з Львова) заняўся старапольскай генеалогіяй. І хоць у яго навуковай спадчыне пераважаюць працы па гісторыі Велікапольшчы, ёсць сярод іх і даследаванні па гісторыі I Рэчы Паспалітай.

Значнай фігурай у познаньскай гістарыяграфіі пасля Другой сусветнай вайны стаў Генрык Лаўмяньскі, які да 1939 г. выкладаў ва Універсітэце імя Стэфана Баторыя ў Вільні і быў аўтарам двухтомніка „Studia nad początkami społeczeństwa i państwa litewskiego”. Біяграфічная нота, змешчаная ў разгляданай кнізе, паказвае яго літуаністычныя працы і фундаментальныя даследаванні па гісторыі славян, якія ён праводзіў пасля 1945 г. І хоць у свой познаньскі перыяд жыцця Лаўмяньскі не вывучаў гісторыю ВКЛ, ён падрыхтаваў шмат вучняў, якія заняліся згаданай тэматыкай, і шчыльна сачыў за дасягненнямі сучаснай гістарыяграфіі ў гэтым напрамку[2]. Пасля смерці выдатнага гісторыка некаторыя з яго прац з’явіліся ў часопісе „Lituano-Slavica Posnaniensia. Studia Historica”. Больш за тое, была перавыдадзена яго дысертацыя — „Akta cechów wileńskich” [3] (падрыхтаваная Я. Юркевічам), а таксама гісторыя насельніцтва Вялікага Княства Літоўскага ў XVI ст., што праляжала доўгі час у рукапісах, і „Polityka Jagiellonow”.

Разглядаючы новае выданне пра знакамітых познаньскіх гісторыкаў XIX–ХХ ст., варта заўважыць, што іх унёсак у даследаванне гісторыі старадаўняй Літвы і Беларусі заслугоўвае больш дэталёвага аналізу і асобнай манаграфіі.

Познань

Марцэлі Косман


[1] У якасці прыкладу згадаем кнігу „Historycy warszawscy ostatnich dwoch stuleć” (Warszawa, 1986), дзе ў храналагічнай паслядоўнасці прыведзены біяграфіі 26 асоб, пачынаючы ад А. Нарушэвіча і І. Лелявеля.
[2] Падрабязней пра гэта гл: Косман М. З гісторыі і культуры Вялікага Княства Літоўскага. Мінск, 2010. С. 360–375.
[3] Гл.: рэц. М. Космана на гэтае выданне // БГА. Т. 14. Сш. 1–2. 2007. С. 398–404.

Labuda, Gerard. Próba nowej systematyki i nowej interpretacji źródeł historycznych (Марцэлі Косман)

Студзеня 1, 2011 |

LABUDA, GERARD. Proba nowej systematyki i nowej interpretacji źrodeł historycznych z Posłowiem. Poznań: Wydawnictwo Poznańskie, 2010. 114 s.

Новая серыя „Wydawnictwa Poznańskiego” „Бібліятэчка крыніцазнаўцы” была ўпершыню прадстаўлена перадрукам працы суаўтара і шматгадовага рэдактара (поруч з А. Гейштарам і Б. Кюрбіс) „Studiów Źrodłoznawczych”, якая больш за паўстагоддзя таму (у 1957 г.) адкрыла іх першы том, — „Спроба новай сістэматыкі і новай інтэрпрэтацыі гістарычных крыніц” (3–52). Публікацыі гэтай працы ў 1957 г., што мела праграмны характар і выклікала жывую дыскусію, пра якую ў цяперашнім выданні згадвае аўтар (асноўны тэкст — с. 11–93, „Пасляслоўе: дапаўненне пра крыніцы дыялогу” — с. 94–114), папярэднічаў прачытаны за два гады да таго (29 сакавіка 1955 г.) на пасяджэнні Торуньскага навуковага таварыства рэферат, апублікаваны пад той самай назвай, але са значнай затрымкай — налета пасля з’яўлення першага тома „Studiów Źrodłoznawczych” (Sprawozdania TNT, 1955, № 9, выд. 1958, с. 65–68). Цяпер жа рэдактар крыніцазнаўчай серыі Юзаф Добаш (кніга Г. Лябуды выйшла ў ёй пад нумарам 1) адзначае, што новая выдавецкая ініцыятыва, вядома ж, не складае канкурэнцыі для „Studiow”, і дадае, што яе адкрыццё перадрукам працы познаньскага медыявіста, якая мае характар гістарыяграфічнай класікі, „не вымагае больш дэталёвага абгрунтавання”.

Развагі Лябуды з’явіліся больш за паўстагоддзя таму, у зусім іншай ідэалагічнай атмасферы: іх першая версія была прадстаўлена ў Торуні за год да кастрычніцкага пералому 1956 г. Аўтар мусіў лічыцца з прыдзірлівасцю цэнзуры і „дзяжурных” гісторыкаў, адданых прынцыпам сацыялізму. Аднак канчатковая версія працы была падрыхтавана ўжо пасля перамен 1956 г., калі стала магчымым заснаванне „Studiów Źrodłoznawczych”. Як Г. Лябуда адзначыў у прадмове, яго праца — плён разважанняў, звязаных з выкладаннем гісторыі гістарыяграфіі, а таксама з метадычным семінарам, што праводзіўся ў 1951/52 і 1953/54 акадэмічных гадах ва ўніверсітэце, які тады яшчэ не насіў імя Адама Міцкевіча. Узяўся ён за гэтую тэму, грунтуючыся на высновах Ванды Машчэнскай (1950) і Романа Лютмана, а таксама на крытыцы апошняга прыхільнікамі марксізму (Адам Шаф, 1953 г., некаторыя савецкія вучоныя). Адначасова заўважым, што сваю цвярозую ацэнку якасці распрацоўкі гэтай тэмы ў польскай гістарычнай навуцы Г. Лябуда падаў праз шмат гадоў у першай частцы кнігі пад назвай „Развіццё метадаў гісторыяпісання ад старажытнасці да сучаснасці” (ч. I: „Да канца XIX ст.”[1], с. 151–171; ч. II: „XX стагоддзе”; працу над трэцяй часткай, якая павінна была стаць завяршальнай, перапыніла смерць актыўнага да апошніх дзён жыцця аўтара). Гэтая кніга развівае нямала думак, выказаных яшчэ ў той даўняй, апісванай тут публікацыі, — гэтак жа, зрэшты, як і трэцяя, апублікаваная ў апошнія месяцы жыцця кніга Нестара нашай гуманістыкі — „Пра гісторыкаў. Хто ёсць хто ў польскім гісторыяпісанні”[2] (перш за ўсё с. 15–33). Невыпадкова яшчэ ў 1957 г. аўтар шмат увагі аддаў генетычнаму метаду.

Пасля ўступных заўваг у першай часты свайго аналізу Г. Лябуда перайшоў да абмеркавання сістэматыкі крыніц, надзвычай даступна і празрыста — як для метадалагічных разважанняў — раскрытыкаваўшы ранейшыя напрацоўкі ў гэтай сферы (16–39). Пры гэтым крытыка Г. Лябуды пазбаўлена нярэдкай у такіх справах блытаніны. Затым ён перайшоў да фармулявання паняцця крыніцы, спачатку прывёўшы фармулёўкі сваіх папярэднікаў — Э. Бернгайма, Ш. Ланглуа і Ш. Сеньябоса, М. Гандэльсмана — і потым прапанаваўшы та кое азна чэнне: „Да крыніц — у самым агульным разу менні — мы адносім любыя матэрыяльныя і інтэлектуальныя сляды, якія з’яўляюцца прадуктам і адначасова адлюстраваннем ды часткай прыродных і сацыяльных працэсаў у часе і прасторы”; пераходзячы ж да паняцця гістарычнай крыніцы, ён акрэсліў яе як „любыя сляды інтэлектуальнай і грамадскай дзейнасці, якія, будучы прадуктам чалавечай працы і адначасова ўдзельнічаючы ў развіцці жыцця грамадства, набываюць праз гэта здольнасць да адлюстравання гэтага развіцця. Дзякуючы гэтым сваім уласцівасцям, г. зн. паходжанню з чалавечай дзейнасці і здольнасці да адлюстравання, крыніца з’яўляецца пазнавальным сродкам, які робіць магчымым навуковую рэканструкцыю развіцця грамадства ва ўсіх яго праявах” (39–56).

У трэцяй частцы працы аўтар, адкінуўшы даўнейшую сістэматыку, пераходзіць да выкладання ўласнай яе версіі, якую, пасля ўводнага слова, падае ў графічнай форме (56–91). Высновы ён падводзіць у сціслай чацвёртай частцы (91–93), у якой заўважае, што яго задачай было прапанаваць новую сістэматыку, якая б „не толькі вырастала з варштата гісторыка, але і практычна ды мэтазгодна гэты варштат арганізоўвала”.

Такая прапанова знайшла багаты водгук. Неўзабаве пасля публікацыі Г. Лябуды на старонках таго самага штогодніка з’явіліся разважанні выдатнага логіка Ежы Гедыміна („Семантычныя праблемы класіфікацыі гістарычных крыніц. Да артыкула Герарда Лябуды”[3]), больш як праз дзесяцігоддзе ў „Studiach Metodologicznych” адгукнуўся Юзаф Матушэўскі („Аб спробе новай сістэматыкі гістарычных крыніц”[4]), з якім тамсама палемізаваў Бэнан Міськевіч („Да спроб вызначэння і класіфікацыі гістарычных крыніц”[5]). Першы з гэтых водгукаў (г. зн. Матушэўскага) кампетэнтная даследчыца праз шмат гадоў (у 1986 г.) акрэсліла як поўнае непаразуменне (Брыгіда Кюрбіс. „Крыніца ў гістарычных даследаваннях Герарда Лябуды”[6]).

Пастарэлы ж аўтар, даючы сваю згоду на перавыданне і, паводле свайго звычаю, не ўносячы аніякіх змен у першапачатковы тэкст, забяспечыў яго грунтоўным пасляслоўем, акрэсліўшы яго ў падзагалоўку як „Дапаўненне пра крыніцы дыялогу”. У ім ён абапіраецца, вядома, на здабыткі новай літаратуры і асабліва шмат месца аддае археалагічнай тэматыцы. Пачынаючы ад са мо га паняцця крыніцы (п. 1) і яго шматаспектнасці, чарговыя пункты свайго артыкула ён прысвячае псіхатэхнічным (п. 2), сацыятэхнічным (п. 3), эргатэхнічным (п. 4) і археалагічным крыніцам (п. 5 — тут ён спасылаецца перш за ўсё на натхняльнае даследаванне Ганны Залеўскай „Тэорыя археалагічнай і гістарычнай крыніцы ў сучасным метадалагічным аналізе”[7], напрыканцы адзначаючы спецыфічны характар гэтага тыпу крыніц, якія застаюцца „нямымі” і не даюць самі па сабе падставы для нарацыі). „Пасляслоўе” завяршаецца заўвагамі пра традыцыю як носьбіта і пераносчыка ведаў пра мінуўшчыну (п. 6).

Метадалагічнае даследаванне Герарда Лябуды, у тым ліку яго дапаўненне больш як праз паўстагоддзя пасля выхаду першага выдання, сведчыць пра велізарную эрудыцыю і свежасць даследчага погляду аўтара на 94-м годзе жыцця. На жаль, далейшыя крыніцазнаўчыя дыскусіі гісторыкаў будуць праходзіць ужо без яго ўдзелу, паколькі Г. Лябуда памёр 1 кастрычніка 2010 г. — акурат у той дзень, калі меўся атрымаць першыя экзэмпляры сваёй кнігі. Пабачыць іх яму так і не давялося.

Познань

Марцэлі Косман


[1] Labuda G. Rozwoj metod dziejopisarskich od starożytności do wspołczesności. Cz. I: Do schyłku XIX wieku. Poznań, 2003.
[2] Labuda G. O historykach. Kto jest kim w dziejopisarstwie polskim? Poznań, 2010.
[3] Giedymin J. Semantyczne problemy klasyfikacji źrodeł historycznych. W związku z artykułem Gerarda Labudy // Studia Źrodłoznawcze. 1958. № 3. S. 187–197.
[4] Matuszewski J. O probie nowej systematyki źrodeł historycznych // Studia Metodologiczne. 1968. № 4. S. 17–50.
[5] Miśkiewicz B. W sprawie prob wyjaśniania i klasyfikacji źrodeł historycznych // Тамсама. С. 51–62.
[6] Kurbis B. Źrodło w historycznych dociekaniach Gerarda Labudy // Naukowe dzieło Profesora Gerarda Labudy / Pod red. J. Dobosza. Poznań, 2006. S. 33.
[7] Zalewska A. Teoria źrodła archeologicznego i historycznego we wspołczesnej refleksji metodologicznej. Lublin, 2005.

Шыбека, Захар. Гарадская цывілізацыя (Таццяна Тахіян)

Студзеня 1, 2011 |

ШЫБЕКА, ЗАХАР В. Гарадская цывілізацыя: Беларусь і свет. Курс лекцый. Вільня: ЕГУ, 2009. 372 с.

Гарадскі арэал — гэта свайго роду апазіцыя прыроднаму свету з яго стыхіямі, якія пагражаюць стабільнасці. Чалавек заўсёды хацеў гарантаванай абароны ад катаклізмаў прыроды. Такім чынам аб’ектывізавалася ідэя цывілізацыі, якая найбольш яскрава адлюстравалася ў гарадской форме існавання.

Развіццё грамадства на працягу ХХ ст. паказала, што фундаментальныя працэсы, якія адбываюцца ў гарадской цывілізацыі, істотна ўплываюць на развіццё культуры, а буйныя гарады як форма чалавечага суіснавання апынуліся ў авангардзе не толькі станоўчых, але і адмоўных трансфармацый. Механізацыя соцыуму, нябачная раней канцэнтрацыя чалавечых лёсаў сталі вызначаць жыццё. Між тым за шматгадовую гісторыю свайго развіцця гарадская цывілізацыя акумулявала вялізны досвед чалавечага суіснавання, значны патэнцыял культурных каштоўнасцяў, якія патрабуюць паўнавартаснага асэнсавання.

Да сацыяльна-эканамічнага, палітычнага, культурнага жыцця горада праяўлялі інтарэс прадстаўнікі навуковага асяроддзя шматлікіх краін. Спробу абагульніць наяўныя напрацоўкі беларускіх і расійскіх даследчыкаў, а таксама параўнаць іх з падыходамі заходнееўрапейскіх даследчыкаў зрабіў З. Шыбека ў працы „Гарадская цывілізацыя: Беларусь і свет”. Галоўная вызначальная рыса выдання заключаецца ў спробе вызначыць месца і ролю беларускіх гарадоў у сусветным працэсе ўрбанізацыі. Неабходна адзначыць, што выданне заяўлена як курс лекцый, хоць па стылі выкладання і падыходах яно, хутчэй, трапляе пад вызначэнне „манаграфія”. Аўтар арганічна спалучае палітычную, эканамічную, сацыяльную, духоўную гісторыю горада і паказвае іх узаемаабумоўленасць і ўзаемаўплыў, але пры гэтым менш увагі аддае метадычнаму складніку. У канцы кожнага раздзела аўтар падаў толькі пытанні да зместу. Магчыма, мэтазгодным было б прапанаваць студэнтам храналогію, заданні, тэрміны, якія дапамаглі б рэалізаваць метадычную задуму.

Структура працы лагічная і самастойная. Варта адзначыць якаснае і ўмелае спалучэнне розных даследчыцкіх стратэгій, агульнанавуковых і спецыяльных метадаў, выкарыстанне міждысцыплінарнага падыходу. Аўтар паспрабаваў паказаць не толькі сучасныя падыходы да вывучэння гарадской цывілізацыі, але і свой погляд на шэраг праблем. Разам з тым, характарызаваць, як гэта робіць З. Шыбека, выдадзены курс лекцый як пачатак развіцця гістарычнай урбаністыкі ў Беларусі, нельга. На працягу ХХ ст. у Беларусі, як і ў СССР, з’яўляліся працы, што фактычна заклалі падмурак для развіцця гэтага напрамку ў навуцы. Пра гэта гаворыць і сам аўтар, калі вылучае ў беларускай гістарыяграфіі тры асноўныя напрамкі: „1) вывучэнне горада як гістарычнай з’явы з толькі яму ўласцівымі рысамі; 2) вывучэнне працэсаў урбанізацыі ў цеснай узаемасувязі з усімі грамадскімі працэсамі, што мелі месца на кожным канкрэтным этапе гістарычнага развіцця, і ў кантэксце ўрбанізацыі сусветнага маштабу; 3) вывучэнне разнастайных аспектаў жыццядзейнасці гараджанаў” (21). Аднак З. Шыбека не адзначае, што ўсе айчынныя ўрбаністы ў савецкі час будавалі сваю аргументацыю ў межах марксісцкай тэорыі. У апошнія ж пятнаццаць гадоў гістарычная ўрбаністыка набыла новыя формы адлюстравання. Гэта звязана ў першую чаргу з актыўным уключэннем беларускіх гісторыкаў у сусветную супольнасць вучоных і знаёмства з метадалогіяй і тэматыкай сучасных гуманітарных даследаванняў.

Кніга З. Шыбекі ў гэтым сэнсе ўяўляе сабой адну з першых у беларускай навуцы спроб канцэптуальнага адказу на фундаментальныя пытанні, якія ставяцца сучаснай гістарычнай урбаністыкай. У беларускага чытача і ў першую чаргу студэнта з’явілася магчымасць комплексна паглядзець на праблему ўрбанізацыі ў Беларусі і свеце. Аўтар прапануе пункт гледжання на цэлае, на агульную карціну мінулага ў адпаведнасці з новым, сучасным, разуменнем і новымі патрэбамі чалавечай супольнасці. Інакш кажучы, ён кіруецца пэўнай сістэмай каштоўнасцяў пры паказе гісторыі людзей, якія жылі ў пэўным рэгіёне ў пэўны час.

У першым раздзеле — „Горад” — З. Шыбека паказвае станаўленне гарадской цывілізацыі, падае перыядызацыі гісторыі развіцця гарадоў Беларусі і гарадоў іншых рэгіёнаў свету (22). Абедзве перыядыза цыі ніякім чынам не звязаныя паміж сабой і існуюць незалежна адна ад адной, паколькі ў аснову кожнай закладзены розныя крытэрыі. Другая перыядызацыя ўяўляе сабой еўрапейскае (еўропацэнтрычнае) бачанне гісторыі станаўлення гарадоў. Менавіта яна прымаецца за аснову ў курсе лекцый. Адпаведна з гэтым урбан-гісторыя Еўропы падаецца больш дэталёва, чым гісторыя станаўлення гарадоў іншых рэгіёнаў свету.

Найбольш выразна пазіцыя аўтара прасочваецца ў апісанні гісторыі развіцця гарадоў Беларусі. Значнае месца З. Шыбека надае аналізу ролі і ўплыву цэхаў, унёсак якіх у развіццё беларускіх гарадоў ацэньвае пазітыўна. Разам з тым ён звяртае ўвагу на тое, што ВКЛ не пашанцавала, бо „разбурэнне гарадской інфраструктуры ў сувязі з бясконцымі войнамі з суседзямі істотна аслабіла Княства і стала адной з прычынаў яго мілітарнага далучэння да Расійскай імперыі”. У цэлым жа развіццё беларускіх гарадоў у складзе Расійскай імперыі, а потым СССР, аўтар ацэньвае негатыўна. Ён адзначае, што ў першым выпадку ў выніку праведзенай адміністрацыйнай рэформы шматлікія захопленыя гарады ВКЛ пераводзіліся ў разрад мястэчак, а ў другім — залежнасць ад Масквы і адсутнасць актыўных гандлёвых і эканамічных кантактаў з Захадам перашкаджалі паўнавартаснаму развіццю гарадоў БССР.

Другі раздзел — „Урбанізацыя” — прысвечаны асэнсаванню ўрбанізацыі як галоўнай грамадскай з’явы і выяўленню яе асаблівасцяў на беларускіх землях. Аўтар сцвярджае, што „існуе тры асноўныя прычыны канцэнтрацыі рабочых месцаў у гарадах, а гэта значыць тры прычыны росту гарадоў, ці ўрбанізацыі”. Сярод іх ён адзначае з’яўленне ў якім-небудзь рэгіёне перавагі ў вытворчасці пэўнага тавару або групы тавараў; эфект маштабаў вытворчасці; эфект канцэнтрацыі вытворчасці (146). Далей, аналізуючы асноўныя праявы працэсу росту гарадоў, аўтар падводзіць чытача да разумення спецыфікі эканамічнага развіцця сучаснай Заходняй Еўропы і Беларусі.

У дадзеным раздзеле З. Шыбека выкарыстоўвае заходнія падыходы, у прыватнасці тыпалогію амерыканскага эканаміста Фішэра-Кларка, да асэнсавання працэсу ўрбанізацыі ў Беларусі (151), пераносіць на беларускі матэрыял паняцці агламерацыі, канурбацыі і прыводзіць іх прыклады, падае перыядызацыю дынамікі росту гарадскога насельніцтва Беларусі (162).

Асэнсоўваючы ролю сталіцы ў працэсе ўрбанізацыі, З. Шыбека з жалем канстатуе, што Мінск так і не змог замяніць гістарычную сталіцу — Вільню. Ён лічыць, што сучасная сталіца Беларусі „прасякнута духам былой савецкай эпохі”, а „руйнаванні і перабудовы, якія вяліся на загад небеларусаў, зрабілі і вобраз сталіцы Беларусі небеларускім” (188). Паступова ў рэчышчы крытыкі аўтар уздымае праблему мадэрнізацыі горада і прыводзіць некалькі прыкладаў яе адмоўнага ўплыву. Нельга ў гэтым не пагадзіцца з даследчыкам. Згаданая праблема мае месца не толькі ў Беларусі, але і ў іншых гарадах свету. З іншага боку, яна непазбежная. Пакуль насельніцтва не дасягне пэўнага ўзроўню культуры, не будзе мець акрамя нацыянальнай гістарычную самасвядомасць, нічога не зменіцца.

Прааналізаваўшы гістарычныя ўмовы развіцця культуры ў гарадах Беларусі, З. Шыбека прыйшоў да высновы, што „культура беларускіх гарадоў існуе сама па сабе і развіваецца нейкім штучным шляхам, яна не задавальняе і не кансалідуе грамадзянаў Беларусі”. Па сцверджанні аўтара, „першая адметнасць культурнага ўздзеяння беларускіх гарадоў на развіццё краіны, у параўнанні з гарадамі іншых краінаў, палягае ў тым, што яны маюць ніжэйшы культурны патэнцыял” (228). Сярод прычын гэтага ён называе знішчэнне матэрыяльных каштоўнасцяў у выніку шматлікіх войнаў, вываз культурных каштоўнасцяў у гарады Расіі, Украіны, Польшчы, Нямеччыны, ад’езд за мяжу творчай эліты, празмерную ідэалагізаванасць і недафінансаванасць культуры ў савецкі час (229). Другая ж адметнасць „культурнага ўздзеяння гарадоў на беларускае грамадства выяўляецца ў тым, што гэтыя гарады — рускамоўныя” (231).

Трэці раздзел — „Гараджане” — аўтар пачынае вылучэннем шырокага спектра матэрыяльных і духоўна-маральных праблем, якія існавалі і існуюць у гарадах. Да іх ліку ён адносіць недахоп зямлі, траўматызм, пагаршэнне экалогіі, недахоп жылля, перанаселенасць, злачыннасць, прастытуцыю, душэўны камфорт і іншае. Разважанні пра жыццё гараджан і горада З. Шыбека завяршае сцверджаннем, што беларускі народ так і не рэалізаваў нацыянальны праект ідэальнага горада, „горада-сонца”, а таму „стварэнне гарманічнага гарадскога асяроддзя, дзе чалавек мог бы задаволіць усе свае патрэбы, застаецца актуальнай” (278).

Напрыканцы варта адзначыць, што, закранаючы шматлікія праблемы гарадской цывілізацыі на розных гістарычных этапах развіцця, аўтар сцірае межы паміж грамадствам і чалавекам, хоць у працы сам жа заяўляе, што асноўны акцэнт робіцца на гуманітарным складніку горада. У працы не прасочваецца ўплыў гарадской супольнасці на чалавека і чалавека на гарадскую супольнасць, што вельмі істотна пры такім аналізе. У курсе лекцый адсутнічае „жывы” чалавек са сваімі жаданнямі, патрэбамі, праблемамі і марамі. Ён уніфікуецца. У гэтай сувязі чытачу складана зразумець, чым адрозніваецца гарадскі жыхар XIX ст. ад жыхара XX ст. Таксама неабходна адзначыць і той факт, што пры аналізе праблем даследчык у большай ступені кіруецца культуралагічным, а не гістарычным, падыходам. Больш за тое, З. Шыбека не да канца змог захаваць баланс у выкарыстанні гістарычна-параўнальнага і культуралагічнага падыходаў, а таму некаторыя падзеі гісторыі пададзены ў абсалютна іншым ракурсе, чым гэта прынята ў сучаснай гістарычнай навуцы.

Адзначаныя спрэчныя моманты не носяць прынцыповага характару і не зніжаюць агульнай высокай ацэнкі курса лекцый. Праца З. Шыбекі вылучаецца з агульнага кантэксту сённяшніх даследаванняў, паколькі сапраўды ўпершыню ў ёй зроблена спроба ўпісаць гісторыю беларускага горада ў гісторыю гарадоў свету.

Брэст

Таццяна Тахіян

Культавыя і гістарычныя валуны Беларусі (Сяргей Грунтоў)

Студзеня 1, 2011 |

Культавыя і гістарычныя валуны Беларусі / КАРАБАНАЎ, АЛЯКСАНДР К. [і інш.] Мінск: Беларуская навука, 2011. 235 с.

Аўтарамі гэтай манаграфіі пазначаны пяць чалавек: А. К. Карабанаў, В. Ф. Вінакураў, Л. У. Дучыц, Э. М. Зайкоўскі, І. Я. Клімковіч. Гэтая кніга — нязвыклы прыклад супрацоўніцтва спецыялістаў у галіне геалогіі і гісторыі. Тэме даследавання беларускіх валуноў прысвечана нямала прац, асабліва ў галіне краязнаўства і лакальнай гісторыі, аднак прадметам манаграфічнага даследавання яны становяцца ўпершыню.

Пры тым, што праца мае ўсе фармальныя прыкметы манаграфіі, стыль яе напісання — навукова-папулярны. На гэта настройвае лірычны стыль уводзінаў: „Складваецца ўражанне, што яны [камяні] вылезлі з-пад зямлі падыхаць паветрам” (3) і назвы першых падраздзелаў, такія, як „1.1. Ледавіковыя прышэльцы” (6). Далейшае чытанне толькі пацвярджае ўражанне: у працы адсутнічаюць спасылкі на крыніцы, не названы мэты і задачы даследавання, няма агляду бібліяграфіі пытання (за выключэннем вывучэння праблемы геолагамі). Сказанае прыводзіць да высновы, што да кнігі было б недарэчна высоўваць патрабаванні, прынятыя для навуковага тэксту, і разглядаць яе толькі праз такую прызму. У той жа час сабраны і сістэматызаваны матэрыял, без сумневу, заслугоўвае ўвагі зацікаўленых вучоных, а значыць, і больш падрабязнага разгляду з нашага боку.

Першы раздзел „Вандроўныя камяні” прысвечаны гісторыі станаўлення ледавіковай тэорыі, вывучэнню валуноў геолагамі ў Беларусі, апісанню спосабаў іх фармавання, парод, якімі яны ўтвораны, і распаўсюджанню на тэрыторыі краіны. Завяршаецца раздзел гісторыяй стварэння парка камянёў у Мінску і яго апісаннем. Гэта адзіны ў кнізе „геалагічны” раздзел, астатнія структураваны паводле патрэб марфалагічна-фалькларыстычнай сістэматызацыі матэрыялу, і толькі апошні, дзясяты, — па лакалізацыі.

Такое рыгарыстычнае раздзяленне навуковых сфер пашырана і на ўвесь тэкст кнігі: у большасці раздзелаў апісваецца пэўная група камянёў толькі з аднаго пункту гледжання, часцей за ўсё фальклорнага. Там, дзе мы бачым сумесную працу геолагаў і гісторыкаў ці фалькларыстаў, яна мае дастаткова фармальны характар — на гатовы тэкст „накладаюцца” геалагічныя дадзеныя, такія, як парода каменя і яго памеры. Прыкметы непаразумення паміж аўтарамі мы знаходзім і ў канцы першага, „геалагічнага”, раздзела, дзе паведамляецца, што „пры выбары экспанатаў для ілюстрацыйнага матэрыялу гэтага раздзела перш за ўсё ўлічваліся прапановы супрацоўнікаў Інстытута гісторыі НАН Беларусі” (30). Між тым, такое супрацоўніцтва магло б прынесці свой плён. Напрыклад, у другім раздзеле, прысвечаным камяням-следавікам, падаюцца інтэрпрэтацыі з’яўлення практык шанавання такіх камянёў, пераказваюцца звязаныя з імі павер’і і легенды. Але аўтары не прыводзяць геалагічных тлумачэнняў і версій паходжання следападобных адбіткаў на камянях. Толькі праз сто старонак, у сёмым раздзеле, дзе разглядаюцца тыпалагічна блізкія „ямкавыя камяні”, пры геалагічным апісанні аднаго з іх робіцца заўвага пра тое, што „вялікае паглыбленне на камені, якое ўзнікла натуральным чынам у выніку разбурэння гнейса, мясцовыя жыхары лічаць адбіткам следу нейкай істоты” (124).

Да двух названых тэматычна блізкіх раздзелаў, другога і сёмага, прымыкае шосты: „Валуны са штучнымі паглыбленнямі”. Такая тыпалагічная блізкасць матэрыялу апісання стварае пэўныя праблемы ўзаемаперасячэння і паўтарэння, але гэта нельга паставіць у віну аўтарам, улічваючы няпросты характар аб’екта даследавання і тое, што на практыцы бездакорныя класіфікацыі прадметаў, якія існуюць у культуры ці створаны ёю, практычна ніколі не атрымліваецца скласці.

Самымі слабымі месцамі ў кнізе, на наш погляд, з’яўляюцца тыя, дзе робяцца спробы інтэрпрэтацыі дадзеных у рамках гістарычных і культуралагічных абагульненняў. У апошнія гады мы сталі сведкамі актыўнай вульгарызацыі ведаў пра паганства на Беларусі і разрастання калянавуковага дыскурсу на гэтую тэму, які паступова пачынае засланяць сабою навуковыя веды. Праблема тым больш складаная, што мяжу паміж імі не заўсёды можна дакладна правесці, асабліва ў той плоскасці, дзе ў суседстве знаходзяцца спрэчная тэорыя ці гіпотэза і спекуляцыя. Аўтараў ні ў якім разе нельга абвінаваціць у тым, што яны свядома спрычыніліся да міфалагізацыі ці прафанацыі гэтай сферы, аднак некрытычнае выкарыстанне матэрыялаў па тэме спрыяе пашырэнню сумнеўных тэзісаў і ідэй.

Некаторыя з іх можна назваць проста спрэчнымі, але тэарэтычна магчымымі. Да такіх адносіцца тэорыя пра тое, што чорт як персанаж славянскай дэманалогіі — гэта ўзніклы ў хрысціянскія часы спадкаемца бога Вялеса, хтанічнага боства і антаганіста Перуна. Адпаведна камяні з назвай „чортавы” не што іншае, як старажытныя месцы пакланення Вялесу. Найбольш паслядоўна гэтая тэорыя выкладаецца ў раздзеле 5.5. „Хтанічнае боства” (104–106). Праз усю кнігу праходзіць ідэя сувязі культавых камянёў і Вялеса. На наш погляд, відавочнае несупадзенне статусаў Вялеса як аднаго з багоў паганскага пантэона і чорта — ніжэйшай дэманалагічнай істоты, які не быў аб’ектам ні пакланення, ні шанавання, робіць гэтую тэорыю нежыццяздольнай. У іншым месцы чытач даведваецца, што ад Вялеса паходзяць не толькі чэрці, але і Сцяпан і, адпаведна, камяні, названыя яго імем: „Пасля распаўсюджвання на нашых землях хрысціянства персанаж беларускага фальклору Сцяпан пераняў імя святога Стафана, але захаваў рысы паганскага бога Вялеса” (59–60).

Акрамя такіх спрэчных месцаў, сустракаюцца і проста памылковыя. Прывядзем толькі некаторыя з іх. Так, мы даведваемся, што ў XVI–XVIII ст. адбывалася аднаўленне язычніцкіх культаў (114); што „нага, а тым больш ступня, лічыліся самымі міфалагізаванымі часткамі цела”, а „старажытныя людзі лічылі ступню часткай цела, праз якую душа сыходзіць на той свет” (32); што „ў часы Вялікага Княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай <…> Святы Марцін быў тады на Беларусі адным з самых улюбёных святых. Яму было прысвечана больш за 200 храмаў” (125); што на яўрэйскіх надмагіллях „яшчэ на пачатку ХХ ст. імя нябожчыка, яго заслугі перад Богам і людзьмі пісалі на іўрыце. Цяпер сустракаюцца помнікі толькі на рускай мове або на ідышы” (150).

Разам з тым у кнігі дастаткова і моцных бакоў. У першую чаргу да іх адносіцца сам сабраны матэрыял апісання культавых і гістарычных валуноў і яго сістэматызацыя. Разам апісана больш за 360 валуноў, прыведзены іх назвы, лакалізацыя; для некаторых тыпаў, такіх, як камяні-краўцы, камяні-шаўцы, валуны са штучнымі паглыбленнямі, складзены параўнальныя табліцы, якія ўключаюць інфармацыю пра памеры, паро ду, для першых двух з названых тыпаў — прычыны ака мянен ня (па водле падання), крыніцы вывучэння. Такім чынам, са браная і сістэматызаваная інфармацыя дае добрую гле бу для далейшых даследаванняў у гэтай галіне. Заў важым, напрыклад, што цікава было б параўнаць распаўсюджанне заходняй / усходняй традыцыі іменавання Маці Божай / Багародзіцы ў дачыненні да камянёў з яе слядамі ў залежнасці ад іх лакалізацыі. Выдатны матэрыял для гэтага можна знайсці ў другім раздзеле.

Другі важны момант — змешчаныя ў кнізе карты і ілюстрацыі. Карты адлюстроўваюць пашырэнне тых ці іншых тыпаў камянёў на тэрыторыі Беларусі і з’яўляюцца цікавым дадаткам для даследавання праблемы лакалізацыі гісторыка-культурных рэгіёнаў. Прыведзена больш за сто чорна-белых ілюстрацый, пераважна гэта фотаздымкі з аўтарскіх экспедыцый; акрамя таго, ёсць восем старонак каляровай укладкі.

Разгледжаная намі кніга, нягледзячы на некаторыя названыя хібы, будзе каштоўнай для спецыялістаў у галіне лакальнай гісторыі, фалькларыстыкі, археалогіі. Факталагічны матэрыял у ёй зручна сістэматызаваны і суправаджаецца геаграфічным паказальнікам. На жаль, яна выйшла малым накладам (200 асобнікаў), а гэтага яўна недастаткова, улічваючы навукова-папулярны характар тэксту і кола патэнцыйных чытачоў.

Мінск

Сяргей Грунтоў

Bojko, Krzysztof. Stosunki dyplomatyczne Moskwy z Europą Zachodnią w czasach Iwana III (Алена Шымак)

Студзеня 1, 2011 |


BOJKO, KRZYSZTOF. Stosunki dyplomatyczne Moskwy z Europą Zachodnią w czasach Iwana III. Kraków, 2010. 222 S.

У еўрапейскай гісторыі XVI стагоддзе займае асаблівае месца як час „вялікага пералому”. Такім яно было і для Расіі. Скончыўся працэс аб’яднання ўдзелаў. Вялікае Княства Маскоўскае стала адзіным арганізмам. Дзяржаўны пачатак паступова стаў выцясняць вотчынны. Узрос аўтарытэт маладой усходнееўрапейскай дзяржавы на міжнароднай арэне. Постаць Івана III як вялікага князя маскоўскага няўмольна набывала царскую веліч. Менавіта час панавання Івана III стаў пераломным момантам у гісторыі Расіі. І шмат у чым гэта было звязана са знешняй палітыкай дзяржавы.

Тым не менш, нават у сучасных школьных падручніках „узвышэнне Масквы” падаецца для вучняў у сувязі з кіраваннем Івана IV. Між іншым, яшчэ ў канцы XIX ст. расійскі гісторык М. Дзьяканаў адзначыў, што ўяўленні Івана IV аб царскай годнасці, аб правах і абавязках цара складаліся ўжо па падрыхтаваных узорах і яму не давялося дадаваць нічога новага да ўжо наяўных тэорый[1].

Галоўная мэта новага даследавання сучаснага польскага гісторыка Кшыштафа Бойкі — паказаць значэнне захадаў, якія рабіў Іван III, каб павялічыць ролю Маскоўскага княства на еўрапейскай арэне. На працягу пяці раздзелаў аўтар імкнецца адлюстраваць стан маскоўскай дзяржавы напярэдадні панавання Івана III, кантакты з краінамі Апенінскага паўвострава, актывізацыю палітыкі ў Цэнтральнай і Усходняй Еўропе, наступленне Масквы ў Прыбалтыйскім рэгіёне, наогул змены ў Вялікім Княстве Маскоўскім у часы Івана III.

Даследчык у першую чаргу абапіраецца на ўжо вядомыя надрукаваныя гістарычныя крыніцы, на здабыткі расійскай і польскай гістарыяграфіі, прыцягвае даследаванні італьянскіх, нямецкіх, англійскіх гісторыкаў. Адсутнасць спасылак на новыя архіўныя матэрыялы не стала перашкодай для глыбокага гістарычнага аналізу азначанай тэмы. Выклікае павагу той факт, што аўтар не імкнецца заявіць пра сваю манаграфію як пра, так скажам, выбух у галіне гістарычнай навукі і апошнюю кропку на ніве даследаванняў перыяду Івана III. Але пры гэтым ён выкладае новыя гіпотэзы і абгрунтоўвае цікавыя высновы.

Іван III меў больш спрыяльную палітычную сітуацыю для пабудовы моцнай дзяржавы ў параўнанні з папярэднікамі. Адным з галоўных фактараў, які дапамог, як лічыць К. Бойка, рэалізаваць яго амбіцыйныя планы, стала падпісанне ў 1449 г. мірнай дамовы з Казімірам Ягелончыкам. Аўтар падтрымлівае канцэпцыю Я. Натансан-Лескага і згаджаецца, што з гэтага часу Масква атрымала магчымасць займацца ўнутранымі справамі (33).

Іван III валодаў асаблівымі дыпламатычнымі здольнасцямі, пра што сведчыць і ўмелая палітыка ў адносінах з Крымскім ханствам. Падзеі 1480 г. на р. Угра, смерць хана Ахмата ў 1481 г., поўнае знішчэнне сталіцы Вя лікай Арды — Сарая — у 1502 г. дапамаглі змяніць у хуткім часе расклад палітычных сіл ва Усходняй Еўропе і сведчылі пра незвычайную паспяховасць маскоўскага князя. „Дзякуючы палітыцы Івана III Маскоўскае княства атрымала досвед, які дапамагаў у дыпламатычнай дзейнасці. Гэты факт, а таксама канфлікты, у якія былі ўцягнуты суседнія краіны, дазволілі пабудаваць моцную дзяржаву і дамінаваць ва Усходняй Еўропе” (36).

Пры апісанні заходняга напрамку знешняй палітыкі Івана III К. Бойка на першае смела месца выносіць кантакты з дзяржавамі Апенінскага паўвострава. Аргументуецца гэта тым, што менавіта дзякуючы ім у XVI стагоддзе Масква ўвайшла як краіна, з якой лічыліся на міжнароднай арэне. Дыпламатычныя адносіны з гэтым рэгіёнам аўтар не абмяжоўвае толькі эканамічнымі, гандлёвымі, культурнымі інтарэсамі, што было даволі характэрнай рысай савецкай гістарыяграфіі. Менавіта зносіны з гэтымі дзяржавамі распачалі, на думку даследчыка, адкрыццё Масквы на Захадзе. Мостам на шляху да Міжземнамор’я сталі чарнаморскія калоніі Венецыі і Генуі — Тана, Керч, Кафа, Судак (39). Менавіта іх жыхары, якія са старонак летапісаў сталі вядомыя як „фрязины”, былі крыніцай найдакладнейшай інфармацыі пра Маскоўскую дзяржаву на Захадзе. Аўтар фактычна адмаўляецца ад даволі папулярнай у гістарыяграфіі тэзы, што веды пра Вялікае Княства Маскоўскае ішлі з Вялікага Княства Літоўскага (ВКЛ) і Кароны Польскай. Цікава, што на працягу ўсёй кнігі К. Бойка ніводнага разу не выкарыстоўвае даволі звыклага для польскіх гісторыкаў слова „Масковія”. Наогул вялікая заслуга даследчыка — вельмі карэктны падыход да гістарычных тэрмінаў.

Пішучы пра тое, што дзяржава Казіміра Ягелончыка была не ў стане выконваць ролю пасрэдніка ў адносінах Масквы і Заходняй Еўропы, аўтар, на наш погляд, крыху перабольшвае. Бо як тады паставіцца да таго факта, што ў 1470 г. папа рымскі дараваў прывілей свабоднага, без перашкод, праезду маскоўскіх паслоў у Рым, у тым ліку і праз землі ВКЛ і Кароны Польскай?

Палітычны характар кантактаў паміж Масквой і італьянскімі краінамі праявіўся ў XV ст. Першай Маскоўскім княствам зацікавілася Апостальская Сталіца. На гэта паўплывалі такія фактары, як пагроза з боку Асманскай імперыі, а таксама спроба рэлігійнай уніі. Пунктам адліку сталых адносінаў называюцца 30-я г. XV ст., а даклад ней, падзеі, звязаныя з Ферара-Фларэнційскім Саборам. Аўтар лічыць, што падарожныя на тат кі маскоўска га пасольства натхнілі Івана III на су пра цоўніцтва з Захадам (41–42). Падзеі 1453 г. сталі наступнай прычынай для зацікаўленасці рымскіх папаў Маскоўскім княствам.

Апісваючы, як развіваліся ўзаемаадносіны Масквы з краінамі Апенінскага паўвострава, даследчык падрабязна распавядае пра ўсе пасольствы, іх мэты, асаблівасці і вынікі. Пры гэтым адзначаюцца і самыя значныя, якія адыгралі, на думку аўтара, найбольшую ролю.

З 1462 г. Масква адыходзіць ад традыцыйнай палітыкі засцярогі ў адносінах да Заходняй Еўропы. На шлях да зменаў прывялі і падзеі, звязаныя са шлюбам Івана III і Соф’і Палеалог. Аўтар, як і яго многія папярэднікі, выказвае свой пункт гледжання на ініцыятараў гэтага саюзу. Выказваецца думка, што планы шлюбу маглі ўзнікнуць адначасова і ў Рыме, і ў Венецыі, і ў Маскве. Аўтар вельмі трапна заўважае ролю кардынала Весарыёна як галоўнага ініцыятара палітыкі збліжэння з Масквой (45)[2].

Даследчык вылучае ўнутраныя і знешнепалітычныя матывы шлюбу Івана III і Соф’і Палеалог. Пры гэтым падкрэсліваецца, што дзеянні маскоўскага князя — гэта спланаваная палітычная гульня, скіраваная на атрыманне дывідэндаў ад зносінаў з Заходняй Еўропай.

Аўтар не ставіць перад сабой мэту паказаць ролю ВКЛ і Кароны Польскай у стасунках Масквы і Заходняй Еўропы. А гэта, на наш погляд, варта было б зрабіць, асабліва ў фокусе адносінаў Вялікага Княства Маскоўскага і Рымскай курыі.

Значная ўвага ў сувязі з развіццём кантактаў Вялікага Княства Маскоўскага і краін Цэнтральнай і Усходняй Еўропы надаецца перамовам Івана III і Мацея Корвіна. Між іншым, у згаданым кантэксце варта было б адзначыць і дэталізаваць характар узаемаадносінаў Мацея Корвіна і Апостальскай Сталіцы. Бо яны, у сваю чаргу, уплывалі на пазіцыю і Кароны Польскай, якая рабілася перашкодай для маскоўскіх пасольстваў, накіраваных да Рымскай курыі.

Тэза, якая праходзіць праз усю кнігу К. Бойкі, — Іван III імкнуўся ў адносінах з заходнімі дзяржавамі не да падпісання экзатычных трактатаў, а да атрымання магчымасці карыстацца найноўшымі цывілізацыйнымі дасягненнямі Захаду. Важная рыса дадзенай манаграфіі — імкненне паказаць актыўнасць, дасведчанасць у міжнародных адносінах, сканцэнтраванасць, прадуманасць і паспяховасць знешняй палітыкі Івана III.

Што датычыцца маскоўска-габсбургскіх кантактаў, аўтар падкрэслівае, што найважнейшым вынікам падзей было ўключэнне княства ў глыб еўрапейскай дыпламатыі (96).

Далучэнне Ноўгарада паставіла Маскоўскае княства перад фактам неабходнасці правядзення актыўнай знешняй палітыкі ў балтыйскім рэгіёне і адкрыла новы аспект ва ўзаемаадносінах з ВКЛ, Швецыяй, Лівонскім ордэнам. Данія засталася адзінай з балтыйскіх краін, з якой Масква не мела палітычных і гандлёвых супярэчнасцяў. Аўтар згаджаецца з Г. Лаўмяньскім, які называе Івана III распачынальнікам палітыкі, скіраванай да трывалага авалодання Вялікім Княствам Маскоўскім Балтыйскім узбярэжжам (110). К. Бойка падкрэслівае, што менавіта агрэсіўная палітыка гэтага вялікага князя і надалей стала характарызаваць дзеянні Маскоўскай дзяржавы ў дадзеным рэгіёне.

Выклікае цікавасць той факт, што шлюб Алены Іванаўны падаецца аўтарам як пункт раздзела, прысвечанага знешняй палітыцы ў Прыбалтыцы (110–123). Абгрун таванне гэткага падыходу можна знайсці на с. 121, дзе даследчык асэнсоўвае згаданыя падзеі ў сувязі з падрыхтоўкай Масквы да вайны са Швецыяй і неабходнасцю ўсталяваць спакой на межах з ВКЛ. Аўтар адзначае непахісную пазіцыю Рымскай курыі (папы Аляксандра VI) у адносінах да праваслаўнага веравызнання Алены. Але варта было б адзначыць, што стаўленне Апостальскай Сталіцы змянілася ў час пантыфікату Юлія II[3].

Увогуле, К. Бойка ў манаграфіі адыходзіць ад традыцыі разглядаць заходні вектар знешняй палітыкі Маскоўскай дзяржавы толькі праз прызму ўзаемаадносінаў з ВКЛ і ад паглыбленай засяроджанасці на ваенных канфліктах за т. зв. „землі Русі”.

Такім чынам, можна канстатаваць, што манаграфія К. Бойкі, прысвечаная дыпламатычным адносінам Масквы і Заходняй Еўропы ў часы панавання Івана III, з’яўляецца глыбокім, абгрунтаваным і сучасным навуковым даследаваннем, якое дае магчымасць на падставе на першы погляд ужо вядомых фактаў паставіць новыя пытанні.

Мінск

Алена Шымак


[1] Дьяконов М. Власть московских государей. Очерки из истории политических идей Древней Руси до конца XV в. С.-Петербург, 1894. С. 138. 
[2] Шимак Е. К. Политическая игра в ходе заключения брака Ивана III и Софьи Палеолог // Гуманітарна-эканамічны веснік. 2007. № 3 (39). С. 107–114. 
[3] Шымак А. К. Усходняя Еўропа і дыпламатыя Рымскай курыі (канец XV — пачатак XVI ст.) // Весці Беларус. дзярж. пед. ун-та. Серыя 2, Гісторыя. Паліталогія. Сацыялогія. Эканоміка. 2008. № 2. С. 30–34. 
Наверх

Praktyka życia publicznego w Rzeczypospolitej Obojga Narodów w XVI–XVIII w. (Уладзімір Падалінскі)

Студзеня 1, 2011 |

Praktyka życia publicznego w Rzeczypospolitej Obojga Narodów w XVI–XVIII wieku. Materiały XVIII konferencji Komisji Lituanistycznej przy Komitecie Nauk Historycznych PAN w dniach 22–23 września 2009 roku / Pod red. URSZULI AUGUSTYNIAK i ANDRZEJA ZAKRZEWSKIEGO. Warszawa: Wydawnictwo Neriton, 2010. 197 s.

Рэцэнзаванае выданне з’яўляецца зборнікам рэфератаў, агучаных на міжнароднай навуковай канферэнцыі, арганізаванай Інстытутам гісторыі права Варшаўскага ўніверсітэта, Гістарычным інстытутам Варшаўскага ўніверсітэта і Інстытутам гісторыі Поль скай акадэміі навук. Удзельнікі канферэнцыі з Польшчы, Літвы, Беларусі і Украіны сканцэнтравалі ўвагу перадусім на аналізе дзейнасці найважнейшых сфераў шляхецкага самакіравання ў Рэчы Паспалітай — павятовых соймікаў і судаводстве. Разгледжаны і шляхецкія канфедэрацыі на землях Вялікага Княства Літоўскага.

Першая частка зборніка (4 тэксты) прысвечана пар ла-менцкай практыцы ў Кароне Польскай і Вялікім Княс тве. І. Хаіньска-Міка (Варшава) акрэслівае най важ нейшыя даследчыя праблемы ў вывучэнні па вя то вых соймікаў Кароны ў XVI–XVII ст. (13–23). Раз гле джаны не толькі праблемы, што ўжо закраналіся ў гіс тарыяграфіі, але і вызначаны новыя патэнцыйныя накірункі даследавання. На думку аўтара, гэта выданне крыніц (у т. л. і ў электронным выглядзе ў сеціве), вы вучэнне сойміка і як грамадскага інстытута, і як месца прэзентацыі сацыяльна-палітычных поглядаў шляхты, аналіз працэдуры працы (напр., спосаб абрання паслоў, дэбаты, прыняцце ўхвалаў), адлюстраванне кантактаў соймікаў з мяшчанствам і паміж самімі соймікамі ў розных рэгіёнах краіны. Актуальнай застаецца прабле матыка, звязаная непасрэдна са шляхтай, якая ўдзель нічала ў сойміках: даследаванне палітычных, суседска-сваяцкіх, кліентальных сувязяў лакальных парламентарыяў, вызначэнне шляхецкіх лідараў і груп уплыву, іх актыўнасці і ступені самастойнасці. Для лепшага разумення сацыяльна-палітычных пра цэ саў у Рэчы Паспалітай прапануецца звярнуцца да вывучэння стасункаў на ўзроўнях „пасол — выбарцы” і „соймік — сойм”. Заклікае аўтар і вярнуцца да планаў падрыхтоўкі слоўніка парламентарыяў Рэчы Паспалі тай (20). Асабліва хацелася б адзначыць ідэю наконт аналізу месца сойміка ў сістэме сацыяльнай камунікацыі між лакальнымі супольнасцямі і цэнтральнай уладай (points of contact, 23). І хоць І. Хаіньска-Міка падкрэслівае, што яе рэфлексіі датычаць толькі каронных соймікаў (13), але, на нашу думку, фактычна ўсе з прапанаваных даследчых накірункаў надзвычай актуальныя і для вывучэння павятовых соймікаў Вялікага Княства Літоўскага. Павятовым соймікам, як арганізацыйнай форме грамадскага (публічнага) жыцця Вялікага Княства ў часы панавання першых Вазаў, прысвечаны артыкул вы біт нага польскага гісторыка Г. Віснэра (25–33). Раз-глядаюцца пытанні іерархіі соймікаў, працэдуры іх склікання і працы, месца правядзення паседжанняў, складу і колькасці ўдзельнікаў. Не застаецца па-за ўвагай даследчыка спосаб прыняцця соймікавых ухвалаў і шляхі іх рэалізацыі непасрэдна на сойме. На заканчэнне коратка ахарактарызаваны такі палітычны інстытут, як Галоўны соймік Вялікага Княства Літоўскага (32).

У артыкуле Робертаса Юргайціса (Вільня) робіцца спроба праз характарыстыку дзейнасці сойміка Віленскага павета ў 1717–1795 г. паказаць карэляцыю шля-хецкага парламентарызму і самакіравання (35–53). Аўтар не звязвае інстытут павятовых соймікаў выключна з дзейнасцю сойма Рэчы Паспалітай, а паказвае, што паступова крышталізаваліся новыя функцыі соймікаў, якія на лакальным узроўні канцэнтравалі найважнейшыя паўнамоцтвы шляхецкага самакіравання. Пры гэтым розныя віды соймікаў падзяляюцца на два тыпы: звязаныя з парламентарызмам (перадсоймавыя, перадканвакацыйныя, перадэлекцыйныя, рэляцыйныя) і з самакі раваннем (элекцыйныя, гаспадарчыя і трыбунальскія). На аснове статыстычных метадаў даследавання Р. Юргайціс аналізуе інтэнсіўнасць дзейнасці віленскага сойміка (працягласць соймікавых сесій, перыядычнасць і час іх правядзення), на якую непасрэдна ўплывала функцы янаванне такіх інстытутаў, як сойм і Галоўны Трыбунал. У выніку робіцца да волі важная выснова, што ў дзейнасці сойміка Віленскага павета значна пераважалі функцыі шляхецкага самакіравання, а ўзмацненне тэндэнцый самакіравання ў дзейнасці соймікаў было звязана з больш інтэнсіўнай дзейнасцю сойма і якасным скачком у развіцці парламентарызму Рэчы Паспалітай у другой палове XVIII ст. (52). Безумоўна, цікава было б праверыць па доб ныя высновы на матэрыяле соймікаў з іншых рэгіёнаў Вялікага Княства. Заўважым, што асобная ўвага аддадзена месцу віленскага сойміка ў іерархіі павятовых соймікаў Вялікага Княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай (38–42). Самы аб’ёмны матэрыял зборніка належыць беларускаму даследчыку Андрэю Радаману (Мінск) і прысвечаны шляхецкаму самакіраванню ў Новагародскім ваяводстве ў 1565–1632 г. (55–103). Пасля кароткага агляду пытанняў, звязаных з месцам правядзення соймікаў Новагародскага, Слонімскага і Ваўкавыскага паветаў, колькасцю іх удзельнікаў і кіраўнікамі паседжанняў, аўтар пераходзіць непасрэдна да вывучэння сфераў шляхецкага самакіравання. Перадусім на аснове шырокай базы крыніц аналізуюцца ваенныя, гаспадарчыя, судовыя і адміністрацыйныя функцыі мясцовых соймікаў. Падрабязна разглядаецца дзейнасць элекцыйных і дэпутацкіх соймікаў. Важна, што атрыманыя звесткі дазволілі А. Радаману збольшага адлюстраваць асабісты склад лакальнай палітычнай эліты, яе палітычную і прававую культуру, шляхі кар’ернага росту. На думку аўтара, характэрнымі рысамі палітыка-прававой культуры мясцовай шляхты (прынамсі, яе палітычна актыўнай часткі) былі павага да права і даволі высокія патрабаванні да маральных якасцяў і ўзроўню адукацыі лідараў рэгіянальных шляхецкіх эліт (97). Вельмі важнай падаецца і выснова пра тое, што частка сярэдняй шляхты Новагародскага павета не хацела быць проста кліентэлай магнатаў, а прэтэндавала на самастойную ролю ў палітычным жыцці (101). Сапраўды, ужо наспела неабходнасць на сучасным узроўні даследаваць пытанне аб існаванні самастойнага шляхецкага руху ў Вялікім Княстве Літоўскім у другой палове XVI — пачатку XVII ст. і паставіць пад сумнеў тэзу аб выключна пасіўнай ролі сярэдняга і дробнага шляхецтва Вялікага Княства ў тагачасных грамадска-палітычных працэсах.

Наступны блок даследаванняў (таксама 4 тэксты) закранае практыку судаводства ў Рэчы Паспалітай. Эва Дубас-Урвановіч (Беласток) разглядае кароннае судаводства ў час першых двух бескаралеўяў у Рэчы Паспалітай (107–117). На яе думку, у часы першага бескаралеўя (1572–1574) узніклыя канфедэрацыі і каптуровыя суды былі найперш выражэннем клопату шляхты аб унут ранай бяспецы і сведчаннем яе здольнасці да самаарганізацыі ў крызісны момант (110, 112). А ўжо на каранацыйным сойме Генрыха Валуа ў 1574 г. быў прапанаваны праект рэформы судовай сістэмы ў Кароне Польскай. Прычым аўтар падкрэслівае генетычную сувязь дадзенага праекта з ідэямі экзекуцыйнага руху, асабліва ардынацыі 1563 г., аснову якіх складала імкненне стварыць вышэйшую судовую інстанцыю, незалежную ад караля. Для другога бескаралеўя (1574–1576) ужо было характэрна распаўсюджанне сярод шляхты планаў грунтоўнай судовай рэформы (114). Згод на з Э. Дубас-Урвановіч, першыя бескаралеўі мелі надзвычайнае значэнне для паглыблення дыскусіі пра стан правасуддзя ў краіне. Матэрыялы, сабраныя ў артыкуле, датычаць выключна каронных земляў. Аднак хочацца спадзявацца, што і ў беларускай гістарыяграфіі актывізуюцца даследаванні, прысвечаныя ідэям ды праектам рэформы судаводства Вялікага Княства Літоўскага ў другой палове XVI ст. Крыху іншы погляд на ідэі рэфармавання судовай сістэмы ў Рэчы Паспалітай прапануе Наталля Старчанка (Кіеў) (119–132). Укра-інская даследчыца ставіць даволі правакацыйнае пытанне: а ці сапраўды валынская шляхта ў канцы XVI ст. патрабавала выпраўлення судаводства? На падставе аналізу дзейнасці судоў Валынскага ваяводства ў часы першых трох бескаралеўяў аўтар спрабуе вызначыць асаблівасці развіцця канфліктаў у мясцовым шляхецкім грамадстве і месца судовых ды пазасудовых механізмаў у іх улагоджанні. Н. Старчанка выступае з гіпотэзай, што грунтоўная рэформа судовай сістэмы была ідэалістычным праектам, які нават у выпадку рэалізацыі неабавязкова мусіў змяніць сітуацыю у судаводстве (123). Справа ў тым, што, на думку даследчыцы, афіцыйныя суды выконвалі функцыю свайго роду „тэатра” (proscenium) для прававога прызнання пазіцыі кожнага з бакоў канфлікту, бо на самай справе спрэчкі паміж шляхтай вырашаліся праз палюбоўныя суды (123, 131). Важнай падаецца і прапанова наконт неабходнасці пераацэнкі погляду пра неправавы характар шляхецкага грамадства ранняга Новага часу (131). Рэферат Віялеты Зялецкай (Торунь) прысвечаны разгляду судовых спраў аб спадчыне паміж блізкімі сваякамі ў Вялікім Княстве Літоўскім у XVI–XVIII ст. (133–142). Адна з пастаўленых задач — далейшае падрабязнае даследаванне праблемы ўдзелу жанчын у наследаванні па бацьку і іх рэальны ўдзел у распараджэнні нерухомай маёмасцю (142). Мэтай артыкула Томаша Цясельскага (Аполе) стаў падрабязны паказ механізмаў выкарыстання Вялікіх (Галоўных) і Скарбовых Трыбуналаў Кароны Польскай і Вялікага Княства ў палітычнай барацьбе ў 1740-я г. (143–172). Асаблівая ўвага аддадзена падзеям 1749 г., калі ўпершыню ў Рэчы Паспалітай дайшло да зрыву новага Вялікага Трыбуналу ў Кароне.

Нарэшце, у асобную частку зборніка вылучаны артыкул літоўскай даследчыцы Р. Шмігельскітэ-Стукене (Вільня), прысвечаны складу і сферы дзейнасці лакальных органаў канфедэрацыі Вялікага Княства Літоў скага ў 1792–1793 г. (175–189). У выніку аналізу персанальнага складу лакальных канфедэрацый Вялікага Княства робіцца выснова, што большасць іх кіраўніцтва належала да павятовай палітычнай эліты і быў распаўсюджаны прынцып выбарнасці ўраднікаў. Праўда, фактычна не разгледжана, наколькі свабоднымі ад знешняга (расійскага) уплыву былі гэтыя выбары. Што датычыць паўнамоцтваў мясцовых канфедэрацый, то, як добра паказала Р. Шмігельскітэ-Стукене, яны выконвалі судовыя, фіскальныя і адміністрацыйна-паліцэйскія функцыі.

Вызначаны аб’ём дадзенай рэцэнзіі абумовіў яе даволі аглядны характар. Разам з тым спадзяемся, што мы падштурхнулі спецыялістаў, студэнтаў і ўсіх, хто цікавіцца гісторыяй, бліжэй пазнаёміцца са зместам рэцэнзаванага выдання. Высокі навуковы ўзровень усіх матэрыялаў, змешчаных у зборніку, адназначна дазваляе назваць яго важкім унёскам у вывучэнне сацыяльна-палітычнай гісторыі Рэчы Паспалітай XVI–XVIII ст.

Мінск

Уладзімір Падалінскі

Urzędnicy Wielkiego Księstwa Litewskiego. Spisy (Рафал Дэгель)

Студзеня 1, 2011 |

Urzędnicy Wielkiego Księstwa Litewskiego. Spisy. Red. ANDRZEJ RACHUBA.*

* Серыя: Urzędnicy Wielkiego Księstwa Litewskiego. Spisy: t. 1: Województwo wileńskie XIV–XVIII wiek / red. A. Rachuba, oprac. H. Lulewicz, A. Rachuba, P. P. Romaniuk, przy wspołpracy U. Jamiljanczyka i A. Macuka, Warszawa: Wydawnictwo DiG, 2004, s. 764; t. 2: Województwo trockie XIV–XVIII wiek / red. A. Rachuba, oprac. H. Lulewicz, A. Rachuba, P. P. Romaniuk, A. Haratym, przy wspołpracy A. Macuka i J. Aniszczanki, Warszawa: Wydawnictwo DiG, 2009, s. 688; t. 4: Ziemia smoleńska i województwo smoleńskie XIV–XVIII wiek / red. A. Rachuba, oprac. H. Lulewicz, A. Rachuba, P. P. Romniuk, Warszawa, Wydawnictwo DiG, 2003. s. 412; Deputaci Trybunału Głownego Wielkiego Księstwa Litewskiego (1582–1696). Spis / red. A. Rachuba, oprac. H. Lulewicz i A. Rachuba, Warszawa: Wydawnictwo DiG, 2007, s. 469; Deputaci Trybunału Głownego Wielkiego Księstwa Litewskiego (1697–1794). Spisy / red. A. Lulewicz, oprac. A. Rachuba i P. P. Romaniuk, przy wspołpracy A. Macuka i J. Aniszczenki, Warszawa, Wydawnictwo DiG, 2004, s. 448.

Серыя „Ураднікі Вялікага Княства Літоўскага. Спісы” — гэта працяг шматгадовай серыі Бібліятэкі Курніцкай „Ураднікі даўняй Рэчы Паспалітай XII–XVIII ст. Спісы”[1]. Дадатак да серыі пра літоўскіх ураднікаў — два тамы выдання „Дэпутаты Галоўнага трыбунала Вялікага Княства Літоўскага”. Гэта першы навуковы пералік дэпутатаў Галоўнага трыбунала ВКЛ.

Тамы з серый „Літоўскія ўраднікі” і „Дэпутаты” былі выдадзены аднымі аўтарамі, маюць падобнае графічнае афармленне, падрыхтаваны ў блізкіх даследчых варштатах. Аўтараў даследаванняў яднае Інстытут гісторыі Польскай Акадэміі навук у Варшаве. Таксама ў працы ўдзельнічалі названыя ў кожным томе даследчыкі з Беларусі, Літвы і Расіі.

Кожны з тамоў серыі мае чатыры абавязковыя элементы: уступ, спіс скарачэнняў, спіс ураднікаў, асабовы індэкс. Ва ўступе аўтары тлумачаць гістарычны фон публікаваных спісаў, гісторыю паўстання пэўных ваяводстваў, іх тэрытарыяльныя змены, эвалюцыю адміністрацыйнай структуры і самой іерархіі ўраднікаў. У „Дэпутатах” абмяркоўваецца паходжанне Трыбунала Вялікага Княства Літоўскага, агульныя прынцыпы яго арганізацыі, абсяг кампетэнцыі ды змены ў функцыянаванні на працягу гісторыі.

Потым разглядаецца крыніцавая база спісаў. Ва „Урадніках” падставай для выдання кожнага з тамоў была Метрыка ВКЛ — як выдадзеная версія, так і рукапісная, якая захоўваецца ў РГАДА (Российский государственный архив древних актов) у Маскве і ёсць у выглядзе транскрыпцыі ў польскіх архівах — у AGAD (Archiwum Głowny Akt Dawnych) у Варшаве і ў адзінкавых экзэмплярах у іншых архівах ды бібліятэках. Інфармацыя з гэтых крыніц была дапоўнена звесткамі пераважна з гродскіх кніг, менш — з земскіх, а таксама, у пэўнай ступені, з карэспандэнцыі, тэстаментаў, маёмасных актаў з польскіх, літоўскіх, беларускіх, украінскіх і расійскіх збораў. Для другой паловы XVIII ст. выкарыстоўваліся і друкаваныя матэрыялы перыяду — прэса і календары. Два тамы „Дэпутатаў”, у сваю чаргу, грунтуюцца пераважна на актах, звязаных з дзейнасцю Галоўнага Трыбунала (трыбунальныя кнігі і дэкрэты, та- (трыбунальныя кнігі і дэкрэты, татрыбунальныя кнігі і дэкрэты, тагачасныя спісы дэпутатаў, соймікавыя акты ды інш.).

Аўтары спісаў не хаваюць, што не здолелі разгледзець усе даступныя архіваліі. Гэта запатрабавала б значна большых людскіх і фінансавых сродкаў, чым было пры рэалізацыі праекта. Аўтары, аднак, спадзяюцца, што ў будучыні ўдасца кампенсаваць магчымыя недахопы. Дакладную інфармацыю аб скарыстаных матэрыялах даюць спісы ўжытых у тэксце скарачэнняў літаратуры, крыніц і ілюстрацый. Гэта таксама і вельмі дэталёвая бібліяграфія апрацаваных крыніцавых матэрыялаў.

Уласна спісы ўраднікаў выкладзены ў тапаграфічна-храналагічным парадку. Інфармацыя пра ўраднікаў змяшчае: імя; прозвішча (з варыянтамі напісання); прыдомак; даты нараджэння ці хросту; веравызнанне (толькі ў выпадку некаталікоў); герб; асноўную інфармацыю пра жонку (калі выяўлена, што яна карысталася тытулам мужа); даты, звязаныя з урадавай дзейнасцю: намінацыі, вылучэння (авансу), адстаўкі (рэзыгнацыі), перадачы правоў (цэсіі), смерці. Пры магчымасці да звестак дадаваліся даты абрання (элекцыі), прысягі, прыезду, рэальнага ўваходжання ў пасаду і пахавання. Працу са спісамі спрашчае алфавітны індэкс асобаў, які не толькі адсылае да пэўных пазіцый, але і падае асноўныя біяграфічныя звесткі: даты выканання ўрадаў і смерці.

У „Дэпутатах” скарыстаны храналагічна-тэрытарыяльны прынцып падачы матэрыялу. У межах асобных гадоў пададзены пэўныя дні: даты сойміка, што выбіраў дэпутатаў, рэасумпцыі і кадэнцыі. Поруч з імі даюцца звесткі пра вядомыя спісы дэпутатаў, якія сталі асновай для выдання, прозвішчы маршалка і віцэ-маршалкаў Трыбунала. Сам спіс дэпутатаў падзелены на асобныя ваяводствы і паветы паводле іх старшынства. Індэкс асобаў, у адрозненне ад галоўнай серыі „Ураднікі” змяшчае толькі прозвішчы і імёны асобаў, згаданых у тэксце (разам з адсылкамі да пэўных старонак).

Такім чынам, дадзеная серыя дэманструе новы падыход да тэмы, у параўнанні з тым, які прапанаваў беларускім чытачам Фёдар Чарняўскі ў кнізе „Ураднікі (пасады, тытулы) Менскага ваяводства XVI–XVIII ст.” (Мiнск, 2007). Серыя пад рэдакцыяй Анджэя Рахубы мае на мэце стварыць прыладу для хуткай ідэнтыфікацыі пэўных асобаў. Кніга Чарняўскага змяшчае збор больш ці менш разгорнутых біяграм пэўных ураднікаў. Адзін спосаб падачы матэрыялу не выключае другога. Хутчэй наадварот, абодва выдатна дапаўняюць адзін аднаго.

Значэнне спісаў ураднікаў і дэпутатаў для штодзённай працы даследчыка гісторыі Вялікага Княства Літоўскага цяжка пераацаніць. Ім аддасць належнае кожны, хто мусіў ідэнтыфікаваць якую-небудзь постаць, маючы толькі дату падзеі і назву ўраду, у якім тая ўдзельнічала. Застаецца чакаць, што чарговыя падрыхтаваныя тамы з’явяцца адносна хутка[2].

Варшава

Рафал Дэгель


[1] Для беларускага чытача найбольш цікавым будуць выдадзеныя ў гэтай серыі тамы: t. 3/1: Urzędnicy wojewódz-twa ruskiego XIV–XVIII w. Wrocław, 1987; t. 3/2: Urzędnicy województwa bełskiego i ziemi chełmskiej XIV–XVIII w. Kórni-ka, 1992; t. 3/3: Urzędnicy podolscy XIV–XVIII w. Kórnik, 1998; t. 3/4: Urzędnicy województwa kijowskiego i czernihowskiego XV–XVIII w. Kórnik, 2002; t. 3/5: Urzędnicy wołyńscy XIV– XVIII w. Kórnik, 2007; t. 9: Urzędnicy inflanccy XVI–XVIII w. Kórnik, 1994; t. 11: Urzędnicy centralni i dostojnicy Wielkiego Księstwa Litewskiego XIV–XVIII wieku. Kórnik, 1994.
[2] Анансаваныя чарговыя тамы серыі: t. 3: Księstwo Żmudzkie; t. 5: Ziemia połocka i województwo połockie, t. 6: Ziemia nowogródzka i województwo nowogródzkie, t. 7: Ziemia witebska i województwo witebskie, t. 8: Ziemia brzeska i województwo brzeskie, t. 9: Województwo mścisławskie, t. 10: Ziemia mińska i województwo mińskie.

Konopacki, Artur. Zycie religijne Tatarów na ziemiach Wielkiego Księstwa Litewskiego w XVI–XIX w (Cцяпан Захаркевіч)

Студзеня 1, 2011 |


KONOPACKI, ARTUR. Życie religijne Tatarów na ziemiach Wielkiego Księstwa Litewskiego w XVI — XIX wieku. Warszawa: WUW, 2010. 253 s.

У Польшчы выйшла чарговая навуковая праца, прысвечаная гісторыі і культуры татараў Вялікага Княства Літоўскага. Калі параўнаць колькасць і якасць польскай і беларускай гістарыяграфіі гісторыі татараў ВКЛ, то, на жаль, яна будзе не на нашу карысць. І справа не столькі ў невялікай колькасці даследчыкаў гэтай праблемы, колькі ў распаўсюджаным стэрэатыпе, што ёю павінны займацца самі прадстаўнікі гэтых груп. Аднак абагульняльныя працы заўсёды маюць назву „гісторыя Беларусі”, а не „гісторыя беларусаў”. Этнічныя меншасці шмат прынеслі ў развіццё беларускай гісторыі і культуры, а таму ігнараванне гэтага — адзін з бар’ераў на шляху да яе разумення.

Манаграфія беластоцкага гісторыка Артура Канапацкага складаецца з уводзінаў, пяці раздзелаў, заканчэння, бібліяграфіі, спіса скарачэнняў, асабовага і геаграфічнага індэксаў, дадаткаў. У якасці аргументаў на карысць абранай тэмы аўтар называе спецыфічны характар ісламу татараў ВКЛ, з аднаго боку, і пэўныя асіміляцыйныя працэсы культуры татараў — з другога (9).

Уводзіны традыцыйна прысвечаны кароткаму аналізу гістарыяграфіі і крыніц. У асноўным тэксце А. Канапацкі таксама неаднаразова звяртаецца да гэтага пытання. Напрыклад, пад час аналізу татарскага духавенства ў трэцім раздзеле аўтар ставіць пад сумнеў сапраўднасць ананімнага трактата пра татар ВКЛ 1558 г., адрасаванага султану Сулейману — „Рысале-і-Татары-і-Лех” (Справа пра польскіх татараў). У беларускай жа гістарыяграфіі гэтая крыніца лічыцца адной з ас ноўных. Беларуская даследчыца З. Канапацкая мярнуе, што „ён [трактат] застаецца адзінай крыніцай па гісторыі і культуры літоўскіх татараў таго часу”[1].

Першы раздел — „Татарскія салдаты-пасяленцы” — мае інфармацыйны характар і знаёміць са шляхамі і формамі засялення ВКЛ татарамі, сацыяльна-правававым статусам, асаблівасцямі становішча ў гарадах. Цікавым падаецца абагульняльны агляд вострай для польскай гістарыяграфіі праблемы вызначэння прававога статусу татараў (можна ўзгадаць знакамітую дыскусію паміж П. Бараўскім і Я. Собчакам, якая працягвалася больш за дзесяць гадоў[2]). У выніку гэтага абмену думкамі меркаванні польскіх даследчыкаў падзяліліся: у падтрымку тэзіса аб шляхецтве татар ВКЛ выступаюць П. Бараўскі і С. Думін (з імі пагаджаеца і А. Канапацкі), супрацьлеглы погляд прэзентуюць Я. Собчак, Г. Віснэр і А. Закшэўскі (56).

Другі раздзел — „Іслам — рэлігія татараў ВКЛ” — прысвечаны агульнай характарыстыцы ісламу і аналізу яго асаблівасцяў у татараў ВКЛ. Прычым з пяці параграфаў толькі ў апошнім („Іслам і татары ВКЛ”) аналізуецца рэлігійная традыцыя татараў княства. Часткова ў трэцім і чацвёртым параграфах (адпаведна „Рэлігійныя рытуалы” і „Мусульманскія святы — абрадавы год”) ёсць згадкі пра татараў на землях ВКЛ. На падставе адсутнасці крыніц аб рэлігійных святах аўтар вылучае „толькі два святы — Байрам і Курбан Байрам” (69). Аднак далей, на наш погляд, падаецца дастаткова спрэчнае меркаванне пра тое, што „іншыя святы таксама былі распаўсюджаны, нягледзячы на тое, што ў крыніцах не захаваліся ўспаміны пра іх” (69). На падставе факта існавання традыцыйных святаў татараў па сённяшні дзень аўтар дае апісанне асноўных гадавых святаў класічнага ісламу. Аднак вядома, што ў XIX ст. татары на землях, далучаных да Расійскай імперыі, былі падначалены Таўрычаскаму муфціяту, класічнай ісламскай установе рэлігійнага кіравання з рэзідэнцыяй у Крыме. Амаль за сто гадоў падначалення муфціяту татары, якія ніколі раней не мелі прафесійных святароў, маглі адрадзіць ці можа нават стварыць упершыню класічныя ісламскія рытуалы святкавання. Трэба таксама ўлічваць уплыў сучасных традыцыйных ісламскіх грамадстваў і дзяржаў. Напрыклад, пад час этнаграфічнай практыкі студэнтаў БДУ ў Міры Карэліцкага раёна аўтар гэтага тэксту размаўляў з мулой навагрудскай мячэці, які распавёў пра моцны трансфармацыйны ўплыў ісламскіх краін Блізкага Усходу на традыцыйныя рэлігійныя ўяўленні беларускіх татараў праз моладзь, якая праводзіла там летнія канікулы. Паказальны і той факт, што яго намеснік рыхтаваўся да гэтай пасады пры турэцкай амбасадзе, дзе, хутчэй за ўсё, знаёміўся не з бацькоўскімі традыцыямі веры. Улічваючы гэта, а таксама значнае павелічэнне колькасці татараў за кошт міграцый з Крыма ў XIX ст., можна казаць пра моцны ўплыў класічнага ісламу на рэгіянальныя традыцыі, якія развіваліся ізалявана на працягу каля пяціста гадоў. Неабходна памятаць і тое, што першыя татарскія абшчыны з’явіліся ў ВКЛ літаральна праз некалькі дзесяцігоддзяў пасля прыняцця ханам Джанібекам ісламу, а таму яны не мелі дастаткова часу, каб успрыняць класічныя нормы гэтай рэлігіі.

Значную ўвагу А. Канапацкі аддае працэсу хрысціянізацыі татар ВКЛ. Аўтар аспрэчвае існуючую ў беларускай гістарыяграфіі думку аб неэфектыўнасці місіянерскай дзейнасці сярод татараў ВКЛ. У якасці аргументаў ён называе адлегласць татараў ВКЛ ад асноўных ісламскіх цэнтраў, страту ўласнай мовы і імкненне да шляхецкіх прывілеяў (76). Цікавы прыклад місіянерскай дзейнасці сярод татараў — знойдзены аўтарам у бібліятэцы Салтыкова-Шчадрына ў Санкт-Пецярбургу каталіцкі малітоўнік 1591 г. з паралельным перакладам па-арабску (73).

Адзін з найбольш цікавых раздзелаў — „Развіццё джаміятаў — мусульманскіх абшчын”. Малараспрацаванаму аспекту гісторыі татараў ВКЛ у працы А. Канапацкага прысвечана значнае месца. На падставе вялікай колькасці крыніц аўтар разглядае агульныя пытанні джаміяту, асобна духавенства, вакуфаў, мячэцяў і іх фундатараў, могілкі.

Неабходна звярнуць увагу на два сцверджанні аўтара. Па-першае, гэта вызначэнне суфійскіх элементаў у рэлігійных традыцыях татараў ВКЛ. У гістарыяграфіі пытання замацавалася думка пра сунізм татараў, аднак А. Канапацкі сцвярджае наяўнасць суфізму на землях княства і прыводзіць прыклад кадзі з Даўбуцішак — Дэрвіша Чэлебі Хаджы Мурзіча. Даследчык лічыць, што Дэрвіш — не імя, а тытул прыналежнасці да суфійскага ордэна. Другім доказам наяўнасці суфізму ў ВКЛ ён лічыць культ святога Эўліі Контуся, магіла якога знаходзіцца ў Лоўчыцах пад Навагрудкам. Эўлія ў перакладзе з арабскага — святы, а менавіта суфіі ў ісламе з’яўляюцца адзіным напрамкам, які прызнае культ святых.

Па-другое, пераасэнсаванне аўтарам думкі пра тое, што на пабудову мячэці патрэбны дазвол караля ці біскупа. А. Канапацкі лічыць, што першая забарона на бу-даўніцтва мячэцяў адбылася толькі ў 1668 г., а ў 1768 г. абмежаванні былі ўжо знятыя. Аўтар мяркуе, што татары маглі свабодна будаваць мячэці. Гэта бы ла вык лючная сітуацыя для краіны, дзе паводле кана нічнага каталіцкага права было забаронена будаваць касцёлы без дазволу. Падобныя абмежаванні датычыліся праваслаўных храмаў, пратэстанцкіх збораў і яўрэйскіх сінагог.

У параграфе, прысвечаным мячэцям, А. Канапацкі закрануў вельмі спецыфічную традыцыю татараў ВКЛ падзяляць мячэць на мужчынскую і жаночую паловы, часам нават з асобнымі ўваходамі. На яго думку, та кі падзел стаў вынікам культурнай асіміляцыі пад уплывам ка таліцызму (раней у касцёлах існаваў такі падзел) (102).

На пачатку трэцяга раздзела аўтар адзначае страту татарамі ВКЛ мовы і засваенне мясцовага касцюма. З другой часткай гэтага сцверджання цяжка пагадзіцца. Па-першае, доўгі час у ВКЛ у модзе панавалі ўсходнія (сармацкія) матывы, таму татары ў XVII–XVIII ст. выглядалі вельмі натуральна ў сваім адзенні. Па-другое, у гэты перыяд у судовых вопісах нанесенай шкоды па справах нападу на татараў сустракаюцца апісанні вопраткі, што дазваляе гаварыць пра ўсходнія рысы татарскага адзення. Па-трэцяе, у апісанні падарожжа па Беларусі П. Шпілеўскага сярэдзіны XIX ст. можна сустрэць згадку пра знешні выгляд клецкіх татараў: „…Мужчыны перанялі касцюм беларускіх мяшчан… Жанчыны захавалі ўласны нацыянальны строй…”[3].

У чацвёртым раздзеле — „Рукапісная літаратура мусульман на землях ВКЛ” — даецца аналіз асобных відаў рукапіснай літаратуры татараў — Карана, тэфсіра, кітабаў, хамаілаў, далавараў і інш. Адзін з самых цікавых аспектаў гэтага раздзела прысвечаны аналізу знахарскіх і варажбітных тэкстаў. Шкада, што аўтар, нягледзячы на добрае знаёмства з беларускай гістарыяграфіяй, не выкарыстаў артыкулы вядомага беларускага даследчыка М. Тарэлкі, хаця ў бібліяграфічным спісе манаграфіі аўтарэферат яго дысертацыі пазначаны[4].

Апошні, пяты, раздзел („Літоўска-польскія татары ў XIX ст.”) прысвечаны амаль не даследаванаму ў беларускай гістарыяграфіі перыяду. На падставе шырокага кола крыніц (пераважна з Нацыянальных гістарычных архіваў Гродна і Мінска) аўтар апісаў палітычны выбар та та раў пасля падзелаў Рэчы Паспалітай, даў агульную ха рактарыстыку іх жыцця ў Расійскай імперыі, асобна разгледзеў пытанне аб праве на будаўніцтва мячэцяў, паказаў працэс функцыянавання джаміяту ў татарскіх абшчынах Студзянкі і Вінкшнуп, вызначыў ролю мячэ цяў у рэлігійным жыцці. На думку А. Канапацкага, у XIX ст., па-першае, значная колькасць татараў атрымала шляхецтва, што дапамагала зрабіць адміністрацыйную кар’еру; а па-другое, адбыліся сур’ёзныя перамены ў традыцыйнай сацыяльнай структуры татараў.

Відавочна, што манаграфія А. Канапацкага — добры ўнёсак у гістарычнае вывучэнне татараў ВКЛ. Яна ўводзіць у навуковы зварот значны пласт гістарычных крыніц. Кніга змяшчае шэраг ілюстрацый, карт, інфармацыйны дадатак.

Характарызуючы даследаванне А. Канапацкага, неабходна звярнуць увагу і на пэўныя хібы. Некаторыя раздзелы манаграфіі пабудаваны пераважна на аналізе гістарыяграфіі, з бібліяграфіі выпалі некаторыя абавязковыя працы — перш за ўсё беларускіх гісторыкаў. Напрыклад, няма згадак пра артыкулы і дысертацыю беларускай даследчыцы З. Канапацкай[5].

Аўтара гэтых радкоў закранула і невялікая заўвага А. Канапацкага наконт назвы артыкула А. Грыцкевіча „Працэсы перасялення беларускіх татараў у гарады (XVI–XIX стст.)”. Польскі гісторык піша пра «цалкам незразумелае ў кантэксце XVI ст. паняцце „беларускія татары”» (48). Пэўнае здзіўленне выклікае такая заўвага з боку польскіх даследчыкаў, якія і сёння нярэдка акрэсліваюць беларускія землі паняццем „Польшча”. Калі глядзець на тэрміналогію з такога пункту гледжання, то ўзнікае пытанне аб карэктнасці выкарыстання А. Канапацкім у назве манаграфіі тэрміна „землі Вялікага Княства Літоўскага” ў дачыненні да XIX ст.

Тым не менш, манаграфія А. Канапацкага пакідае добрае ўражанне і, безумоўна, зацікавіць тых, хто разумее пад гісторыяй Беларусі штосьці большае за гісторыю беларусаў.

Мінск

Сцяпан Захаркевіч


[1] Канапацкая З. „Risale-i-Tatar-i-Lech” як крыніца па гісторыі // Беларускі гістарычны часопіс. 2004. № 7. С. 39.
[2] Sobczak J. Czy tatarska ludność Litwy należała do stanu szlacheckiego? // Przegląd Historyczny. 1986. Z. 3. S. 467–480; ён жа. Z zagadnień spornych osadnictwa tatarskiego w Wielkim Księstwie Litewskim // Acta Baltico-Slavica. 1990. T. XIX. S. 341–360; Borawski P. Kilka uwag o książce Jacka Sobczaka pt. Polożenie prawne ludności tatarskiej w Wielkim Księstwie Litewskim // Kwartalnik Historyczny. 1986. № 1. S. 149–164; ён жа. W odpowiedzi Jackowi Sobczakowi // Lituano-Slavica Poznaniensia. Studia Historica. 1990. T. IV. S. 211–221.
[3] Шпилевский П. М. Путешествие по Полесью и Белорусскому краю. Минск: Беларусь, 2004. С. 59.
[4] Кожинова А. Восточнославянские диалектные чеpты в рукописи „Фал Соломона о двенадцати планетах” / A. Кожинова, M. Тарелко // Język i kultura na pograniczu polsko-ukraińsko-białoruskim. Lublin: Instytut Europy Środkowo-Wschodniej, 2001. S. 145–157; Kożinowa A. Realizacja funkcji magicznej w tekście jednego chamaiła / A. Kożinowa, M. Tarełko // Etnolingwistyka. 2001. № 13. S. 231–246.
[5] Канапацкая З. Татары в Беларуси и их культура (XIV–XVII века). Автореф. дисс. … канд. ист. наук. Минск, 2005.

Наверх

Borek, Piotr. W służbie Klio (Марцэлі Косман)

Студзеня 1, 2011 |

BOREK, PIOTR. W służbie Klio. Studia o barokowych pisarzach „minorum gentium”. Collegium Columbinum, „Biblioteka Tradycji” nr CVI. Kraków, 2011. 334 s.

Аўтар кнігі прафесар Педагагічнага ўніверсітэта імя Камісіі народнай адукацыі ў Кракаве, доктар Інстытута польскай філалогіі Пётр Борэк — адзін з найбольш дынамічных даследчыкаў старапольскага перыяду, а дакладней — літаратуры XVII ст. і гісторыі паўднёва-ўсходніх тэрыторый Рэчы Паспалітай. Сваю ўвагу ён сканцэнтраваў на творчасці малавядомых пісьменнікаў. Пошук іх твораў — цяжкая праца. Яна патрабуе шмат цярпення, уедлівасці, выкарыстання ледзь не дэтэктыўных метадаў, бо калі біяграфіі знакамітых асобаў маюць багатую і даступную інфармацыю, аўтары minorum gentium часта застаюцца ў цяні вялікіх падзей (адкрыцці могуць стаць справай выпадку або так і застацца на ўзроўні сфармуляванай з рознай ступенню абгрунтаванасці гіпотэзы). У гэтай сувязі неабходна мець выключны досвед, каб адгарнуць старонкі жыцця гэтых людзей, нават у агульных рысах.

Пётр Борэк дастаткова доўга займаецца творчасцю малавядомых гістарычных пісьменнікаў сярэдзіны XVII ст. (пераважна часоў казацкіх ці турэцкіх войнаў), чыя творчасць выклікае пытанні з мастацкага пункту гледжання. Пры гэтым аўтар ідзе двума шляхамі: адзін звязаны з літаратурна-гістарычнымі даследаваннямі, другі — з крытычным выданнем крыніц. Кніга, пра якую ідзе гаворка, — адначасова вынік ранейшых пошукаў і прыкмета іх працягу. Сярод найбольш важных навуковых публікацый аўтара трэба назваць „Ukraina w staropolskich diariuszach i pamiętnikach. Bohaterowie, fortece, tradycja” (Кракаў, 2001), „Szlakami dawnej Ukrainy. Studia staropolskie” (Кракаў, 2002) і „Od Piławiec do Humania” (Кракаў, 2005). Увагі заслугоўвае і рэдактарская дзейнасць П. Борэка. Варта згадаць, напрыклад, прысвечаную 350-годдзю Гадзяцкай дамовы паміж Рэччу Паспалітай і казацкай Украінай працу пад назвай „W kręgu Hadziacza A. D. 1658. Od historii do literatury” (Кракаў, 2008). Рэгулярна кракаўскі даследчык выдае і старапольскія тэксты, выбар якіх невыпадковы. Ён звязаны з рэалізацыяй больш шырокага плана, доказам чаго з’яўляецца апошняя, прысвечаная малавядомым пісьменнікам эпохі Барока, публікацыя пад назвай „W służbie Klio”. Гэтая праца мае аналітычна-абагульняльны характар і з’яўляецца завершаным цэлым.

Кніга складаецца з дзевяці даследаванняў, якія пачынаюцца „Уступам”, дзе аўтар характарызуе змест і сувязі паміж сэнсавымі часткамі: „Галоўнай з’яўляецца вядучая праблема гісторыі, часцей за ўсё застылай, якую творцы эпохі Барока выкладалі ў паэтычнай і празаічнай форме <…> Элементамі, якія побач з гісторыяй аб’ядноўваюць кнігу, выступаюць эпічныя вартасці і біяграфіі слаба вядомых або ўвогуле невядомых пісьменнікаў XVII ст. Я лічу, што згадванне асобных пісьменнікаў minorum gentium і характарыстыка іх некаторых твораў „з-пад знака вершаванай гістарычнай эпікі” можа выклікаць большую зацікаўленасць філолагаў і гісторыкаў да друга- ці трэцеразрадных сведчанняў, якія ў эпоху барока карысталіся папулярнасцю ў чытачоў”.

Цалкам пагаджаемся з думкай аўтара пра неабходнасць пастаяннага пашырэння колькасці выкарыстаных крыніц шляхам працы ў архівах і згадвання ўнікальных, адзінкавых друкаў ды выяўлення ў старапольскай літаратуры не толькі тэкстаў, якія з’яўляюцца шэдэўрамі. „Ужо сёння можна сцвярджаць, што ў XVII ст. да ліку найбольш чытаных адносіліся менавіта эпічныя пераказы з гісторыі (звычайна ваеннай) сям’і, аўтары якіх прымалі актыўны ўдзел у апісваных падзеях. Развіццё старапольскай манеры напісання дзённікаў, навін, рукапісных газет і вершаванай эпікі неабходна аднесці да бурлівых падзей XVII ст., у якім давялося жыць дамарослым пісьменнікам” (7).

Аўтар, па спецыяльнасці паланіст, спалучае ў сабе кампетэнцыі літаратуразнаўцы і гісторыка, прычым у абедзвюх галінах добра арыентуецца, даследуе гісторыю і культуру эпохі Барока і вялікіх войнаў, якія вяла Рэч Паспалітая ў XVII ст. Асноўным рубяжом выступаюць падзеі другой паловы праўлення Жыгімонта III Вазы, калі паходам на ўсход папярэднічала грамадзянская вайна (рокаш Зебжыдоўскага). Заканчваецца разгляд самым пачаткам XVIII ст., а калі дакладней — 1702 г., калі на рынку ў Луцку разыгралася драма шляхціча-паэта, героя апошняга раздзела кнігі, якому па рашэнні суда адсеклі галаву. Тэкст быў дапоўнены 18 ілюстрацыямі, рэзюме на рускай і англійскай мовах, геаграфічным і асабовым паказальнікамі. Аўтар паставіў мэту, якую, дарэчы, і рэалізаваў, падаць вобраз непасрэднай гістарычнай рэчаіснасці, паказаць гістарычных асобаў, сармацкую ментальнасць, а таксама творчае майстэрства і самапрэзентацыю аўтараў прааналізаваных тэкстаў.

Два першыя раздзелы звязаны з асобай Станіслава Жулкеўскага, а таксама з грамадзянскай вайной і паходамі на Маскву. Іншымі словамі — з падзеямі, у якіх гетман адыграў галоўную ролю. Прапанаваны ў кнізе матэрыял сведчыць пра перспектыву з’яўлення новых даследаванняў і выданняў крыніц. Тэкст пад назвай „Hetman Stanisław Żołkiewski w poezji rokoszowej z lat 1606–1608” (13–30) развівае зробленую яшчэ ў 1920 г. выснову Віктара Хана пра драматычны момант у жыцці будучага героя Цэцоры, калі Жулкеўскі ў якасці прыхільніка караля стаў аб’ектам вострых нападак з боку тых, хто падтрымаў рокаш Зебжыдоўскага, і быў абвінавачаны ў здрадзе Рэчы Паспалітай. Тым часам ён, легаліст, хутка праявіў сябе як прыхільнік лагоднага стаўлення да бунтаўшчыкоў, сярод якіх было шмат людзей у той ці іншай ступені з ім звязаных. У назве другога тэксту змяшчаецца заўвага, што гэта толькі ўводны разгляд тэмы: „Moskiewski rok 1612 w barokowych relacjach pamiętnikarskich (rekonesans)” (31–48). Справа датычыцца вельмі важнага ў гісторыі войнаў панавання ў Крамлі ў той год, які прынёс шмат як станоўчых, так і адмоўных падзей для інтэрвентаў. Нататкі вёў гетман-пераможца і іншыя ўдзельнікі вайны. Сярод апошніх былі Юзэф Будзіла, Самуэль Маскевіч і Мікалай Сцібор Мархоцкі. Пацверджаннем інтарэсу даследчыкаў да гэтых дзённікаў служыць факт іх крытычнага выдання ў апошнія некалькі гадоў. Такім чынам можна чакаць больш шырокай і грунтоўнай працы аўтара на гэтую тэму, дзе падмуркам якраз і выступяць наяўныя публікацыі.

Раздзел „Samuel Hutor Szymanowski — zapomniany epik barokowy” (49–88) пераносіць нас у час вялікіх казацкіх паўстанняў і згадвае крытычнае выданне яго твора „Mars sauromatski i inne poematy” (да друку падрыхтаваў П. Борэк. Кракаў, 2009). Тут мы трапляем ў стыхію вершаў, звязаных з Ярэмам Вішнявецкім. Аўтар адносіць паэта-салдата, які піша пра войны Рэчы Паспалітай з Масквой, татарамі і казакамі, да ліку надзеленых пісьменніцкім талентам дакументалістаў, бо апошні апісваў гістарычныя падзеі так, як ён іх бачыў або як чуў пра іх ад іншых відавочцаў.

Наступныя раздзелы таксама маюць дачыненне да выдадзеных П. Борэкам крыніц: «Jana Białobockiego „Odmiana postanowienia sfery niestatecznej kozackiej”. Przyczynek do dziejów wierszowanej epiki historycznej» (89–108)[1]; „Oblężenia Lwowa 1648 i 1655 roku w tworczości Jozefa Bartłomieja Zimorowica” (109–140)[2]; «Samuela Leszczyńskiego „Potrzeba z Szeremetem”» (141–168)[3]. Аўтар звяртае ўвагу на польскацэнтрычны, што зразумела, пункт гледжання згаданых пісьменнікаў XVII ст. на ўнутраных і знешніх ворагаў, які праяўляецца ў трактоўцы казакоў як ворагаў айчыны, якіх надорваюць красамоўнымі эпітэтамі. Пры гэтым можна заўважыць прапагандысцкія функцыі тэкстаў, асабліва ў выпадку, калі мецэнатам аўтара быў Я. Вішнявецкі. Паэма Ляшчыньскага — ён належаў да вышэйшай магнатэрыі ў краіне — акрамя эстэтычных якасцяў (пераважна яны дазваляюць адносіць аўтараў да minorem gentium) змяшчае шмат фактаў, якія сведчаць пра тое, што дзяржаўная ўлада не заўсёды плаціла грошы сваім падначаленым, чым ставіла апошніх у складаную сітуацыю.

Наступныя два раздзелы маюць дачыненне да праслаўленай дзякуючы трылогіі Г. Сянкевіча постаці Ежы Валадыёўскага. Гэта «„Relacyja Kamieńca wzię-«„Relacyja Kamieńca wziętego” Stanisława Makowieckiego jako źrodło do upadku twierdzy w roku 1672» (169–209)[4] і «Stolnik przemyski Jerzy Wołodyjowski w „Relacyi Kamieńca wziętego” S. Makowieckiego i ostatniej części Trylogii H. Sienkiewicza» (209–234). Да гэтага часу даследчыкі, якія карысталіся гэтым літаратурна няўдалым, але багатым на факты, творам лятычоўскага стольніка, павінны былі ў дадатак глядзець адну з трох рукапісных копій у Галоўным архіве даўніх актаў (AGAD) у Варшаве, Бібліятэцы ПАН у Кракаве ці Курніцкай біблітэцы ПАН або абапірацца на публікацыю Т. Вяжбоўскага (вольная празаічная адаптацыя вершаванага тэксту). Цяпер дзякуючы П. Борэку іх задача стала больш лёгкай.

Кнігу завяршае раздзел пад назвай „Daniel Bratkowski, zapomniany wierszopis z Wołynia” (235–268). Як і ў іншых выпадках, гэтаму тэксту папярэднічала дакументальная публікацыя[5]. Кракаўскі выдавец, абапіраючыся на крыніцы, зрывае з постаці браслаўскага падстолія ідэалістычны налёт, якім яго надарыла ўкраінская гістарыяграфія.

Апошняя кніга П. Борэка — падсумаванне яго рэ-дактарскай працы, якая адначасова акрэслівае далейшыя перспектывы. Яна абапіраецца на крыніцы, пераасэнсоўвае пастулаты і паказвае асобы некаторых пісьменнікаў minorem gentium у новым святле. Публікацыя дае даследчыкам і аўтарам будучых абагульняльных прац па гісторыі старапольскай літаратуры матэрыял, які дазволіць удакладніць і дапоўніць цяперашнія ўяўленні.

Познань

Марцэлі Косман


[1] Гл.: Białobocki J. Poematy rycerskie / Wstęp i opracowanie P. Borek. Kraków, 2004.
[2] Гэты дакумент друкуецца ўпершыню. Але варта звярнуць увагу на публікацыю: Jozefowicz J. T. Lwów utrapiony in anno 1704 / Opracował P. Borek. Kraków, 2003.
[3] Гл: Leszczyński S. Potrzeba z Szeremetem, hetmanem moskiewskim, i z Kozakami w roku Pańskim 1660 od Polaków wygrana / Opracował P. Borek. Kraków, 2006.
[4] Гл.: Makowiecki S. Relacyja Kamieńca wziętego przez Turków w roku 1672 / Opracował P. Borek. Kraków, 2008.
[5] Bratkowski D. Świat po części przeźrzany / Opracowali P. Borek i B. Krzywy. Warszawa, 2011.

Gil, Andrzej. W kręgu dziejów i kultury Kościołów wschodnich w Rzeczypospolitej (Міхаіл Дзмітрыеў)

Студзеня 1, 2011 |

GIL, ANDRZEJ. W kręgu dziejów i kultury Kościołów wschodnich w Rzeczypospolitej. Siedlce, 2009. 152 s.

У зборнік артыкулаў вядомага люблінскага вучонага Анджэя Гіля ўвайшлі, галоўным чынам, яго публікацыі па гісторыі грэка-каталіцкай царквы ў Холмскай епархіі і на Валыні. Амаль усе з іх друкаваліся раней у цяжкадаступных выданнях, таму з’яўленне гэтых тэкстаў у адным томе вельмі дапаможа іншым даследчыкам гісторыі хрысціянства ва ўсходнеславянскіх землях Рэчы Паспалітай.

Чырвонай ніткай праз усе часткі кнігі праходзіць тэма недастатковай крыніцавай базы для распрацоўкі гісторыі праваслаўнай царквы ў Рэчы Паспалітай да канца XVI ст. У свой час і мітрапаліт Макарый, аўтар шматтомнай „Гісторыі Рускай царквы”, у якой два вялікія тамы былі прысвечаны Кіеўскай мітраполіі, і М. Грушэўскі з прыкрасцю канстатавалі, што пра даунійнае праваслаўе ў ВКЛ і Рэчы Паспалітай вядома вельмі мала. Таму кожны з ацалелых помнікаў вельмі каштоўны, і А. Гіль ужо зрабіў вялікі ўнёсак у вывучэнне таго, што ацалела. У прыватнасці, у рэцэнзаванай кнізе чытач знойдзе артыкул пра холмскі сінодзік, які ў сваёй найстаражытнейшай частцы паведамляе шмат каштоўных звестак пра склад і сувязі прывілеяваных груп Валыні ў Сярэднявеччы. Сінодзік увайшоў у склад твора Якуба Сушы „Phoenix redivivus”, пра які напісаны яшчэ адзін артыкул у кнізе.

Адзін з самых карысных і працаёмкіх артыкулаў прысвечаны складанню больш-менш поўнага і дакладнага спіса манастыроў Холмскай епіскапіі (да канца XVI ст.). Аднак шкада, што ў канцы яго мы не знаходзім сумарнага пераліку ці табліцы манастыроў.

Далей А. Гіль з уласцівай яму вострай і нават прыдзірлівай крытычнасцю паказвае, што апублікаваная ў „Актах Віленскай археаграфічнай камісіі” грамата 1521 г. адной з цэркваў Берасцейска-Уладзімірскай епархіі (царква ў Аполе пад Уладавай) з’яўляецца фальсіфікатам, створаным пад час барацьбы за маёмасць і аўтарытэт у XVII ст. Адзін з выяўленых анахранізмаў — згадванне свайго роду візітацыі, тады як гэтая практыка з’явілася ў праваслаўных і грэка-каталіцкіх епархіях не раней за XVII ст. (52).

Вельмі вузкі і спецыяльны сюжэт у артыкула пра складванне і развіццё прыходскай сеткі ў Вохіне (на польска-літоўскай мяжы) — выдатны прыклад таго, з якіх мікраскапічных „цаглінак” у А. Гіля атрымліваецца крок за крокам узнаўляць гісторыю арганізацыйных структур праваслаўнай і грэка-каталіцкай цэркваў Рэчы Паспалітай. Такі ж характар носяць два наступныя артыкулы — па-першае, артыкул пра ўніяцкія цэрквы Берасця (на падставе актаў візітацыі 1726 г.), да якога прыкладзены адпаведны, вельмі шырокі, фрагмент падрабязнага візітацыйнага інвентара; па-другое, артыкул пра царкву ў Яравішчы (па візітацыях канца XVIII ст.), які апісвае рэдкі прыклад ператварэння манастырскай царквы ў прыходскую (гэты артыкул, як і папярэдні, суправаджаецца вялікімі ўрыўкамі з пратаколаў візітацый).

Несумненна, прыцягнуць увагу многіх два артыкулы пра знакаміты абраз Холмскай Божай Маці. Першы з іх адлюстроўвае, як складаўся (фактычна — ствараўся другім пакаленнем біскупаў-уніятаў) культ Холмскай Божай Маці. А. Гіль яскрава паказвае, што гэта адбылося не раней за пачатак XVII ст. (насуперак некрытычна ўспрынятаму паведамленню Якуба Сушы пра нібыта нашмат больш ранні яе культ). У другім артыкуле дэталёва разгледжаны функцыі гэтай іконы ў бітве пад Берасцечкам, калі абраз Божай Маці мэтанакіравана падаваўся як выява нябеснай заступніцы антыказацкага і антытатарскага войска.

Артыкул пра царкоўную архітэктуру Сокаля вельмі рэлевантны пры звароце да зусім не лакальнай праблематыкі, а да праблематыкі так званай „лацінізацыі” уніі (у тым ліку і такой відавочнай яе праявы, як архітэктура храмаў). А. Гіль вельмі цвяроза канстатуе, што унія 1596 г. не прывяла да гарманічнага збліжэння дзвюх канфесій, а спарадзіла шэраг канфліктаў ва ўлонні хрысціянскай культуры (129). Знешняе выражэнне гэтых канфліктаў і спароджаная імі „лацінізацыя” — трансфармацыя архітэктуры сокальскіх цэркваў.

Апошні артыкул кнігі прысвечаны дзейнасці грэка-каталіцкага духавенства такога рэгіёна Лемкаўшчыны, як дэканат Мушына Перамышльскай епархіі ў 1848–1914 г. Гэта чарговы прыклад таго, як „мікрагісторыя” магла б дапамагчы і дапамагае выяўленню агульных тэндэнцый развіцця канфесійных і этна-рэлігійных канфліктаў у межах былой Рэчы Паспалітай. Пра наяўнасць гэтых канфліктаў і іх вастрыню і нагадвае артыкул А. Гіля.

У цэлым зборнік артыкулаў Анджэя Гіля, дзякуючы ўласцівай аўтару акрыбіі, выдатнаму веданню ўсіх матэрыялаў і вялікай прафесійнай адказнасці, — бліскучы доказ таго, што менавіта з дапамогай „мікрагісторыі” мы пачынаем бачыць і разумець, якой „насамрэч” была гісторыя праваслаўя і уніі ва ўсходніх частках Рэчы Паспалітай.

Масква

Міхаіл Дзмітрыеў

Friedman, Alexander. Deutschlandbilder in der weißrussischen sowjetischen Gesellschaft 1919–1941. (Ёганэс Вігерынг)

Студзеня 1, 2011 |

FRIEDMAN, ALEXANDER. Deutschlandbilder in der weißrussischen sowjetischen Gesellschaft 1919–1941. Propaganda und Erfahrungen. Stuttgart: Franz Steiner, 2011. 428 S.

У прадмове да кнігі „Вобразы Нямеччыны ў беларускім савецкім грамадстве 1919–1941 г.” Аляксандр Фрыдман тлумачыць прычыну захаплення тэмай сваёй працы: гэта сямейная гісторыя яго прадзеда Абрама Качаноўскага, яўрэя, ветэрана Першай сусветнай вайны, які дзякуючы атрыманаму на ёй досведу доўгi час меў вельмi пазітыўны вобраз Нямеччыны і да сваёй смерці не мог зразумець, як такія „сяброўскія і сімпатычныя людзі”, якімі ён пазнаў немцаў, праз нейкія два з паловай дзесяцігоддзі маглі праводзіць мэтанакіраванае брутальнае вынішчэнне яўрэяў на яго беларускай радзіме (13). Ключом да такога захаплення быў факт, што як перакананы антыбальшавік Абрам Качаноўскі з прынцыповым недаверам ставіўся да таго вобраза Нямеччыны, які пашыраўся савецкай прапагандай.

Аляксандр Фрыдман даследуе, якім чынам у беларускім грамадстве ў міжваенныя часы, паміж 1919 і 1941 г., праз самыя розныя сродкі масавай інфармацыі, але заўжды ў строгай адпаведнасці з савецкім Агітпропам, пашыраліся вобразы „чужога”. Вобразы Нямеччыны знаходзяцца ў цэнтры яго ўвагі, што і адпавядае назве кнігі, але не выключна — разглядаюцца таксама вобразы Польшчы, заходнееўрапейскіх дзяржаў, а таксама ЗША і нават Японiі. Апошнiя параўноўваюцца з вобразамi Нямеччыны — цэнтральным аб’ектам даследавання. Тое, што праца Фрыдмана сканцэнтравана на ўсходняй палове Беларусі, г. зн. на той частцы, што да 1939 г. была Савецкай Беларуссю, зусім не дае падставы дапускаць, быццам аўтар шукаў тут лёгка акрэсленага поля для сваёй працы. Фактычна ён прыцягвае для свайго выкладу неверагодна шырокі корпус крыніц і матэрыялаў: побач з прэсай, друкаванай па-беларуску, па-польску, на ідыш і па-руску, сярод якой штодзённыя газеты і малатыражкі прадпрыемстваў, дзіцячыя і жаночыя часопісы мясцо вага, рэгіянальнага і агульнасаюзнага рангу, сюды ўвайшлі школьныя падручнікі і праграмы, навуковыя і лі таратурныя выданні, прапагандысцкія брашуры, праграмкі тэатраў і аркестраў разам з праграмамі бе ларускага радыё, а таксама апублікаваныя ўспаміны сведак і тамы актаў розных савецкіх партыйных і дзяржаў ных установаў. Толькі выразна структураваны падзел, які задаў Фрыдман, дазваляе зарыентавацца ў гэтым калейдаскопе вобразаў „чужога”.

У храналагічных межах свайго даследавання аўтар арыентуецца на тры розныя фазы савецка-нямецкіх адносін: 1) збліжэнне і супрацоўніцтва ад І сусветнай вайны да прыходу да ўлады нацыянал-сацыялістаў у 1933 г.; 2) перыяд выкліканага апошнім антаганізму; 3) эпізод удаванага сяброўства, якое ў жніўні 1939 г., пасля падпісання пакта Рыбентропа — Молатава, змяніла антаганізм. Заключнай рамкай храналогіі даследавання з’яўляецца нямецкі напад на Савецкі Саюз. Далей А. Фрыдман вылучае 4 фактары, вызначальныя для ўтварэння вобразаў Нямеччыны сярод беларускага насельніцтва, кожнаму з якіх прысвячаецца адпаведная частка працы. Першы — вопыт І сусветнай вайны ўключна з нямецкай акупацыяй. Другі — той вобраз Нямеччыны, які распаўсюджваўся савецкай прапагандай, і ён займае ў даследаванні несумненна цэнтральнае месца. Абыходжанне з нямецкай мовай, гісторыяй і культурай у Савецкай Беларусі вызначана як трэці фактар, а ў якасці чацвёртага разглядаюцца аўтавобразы (Selbstbilder) беларускага савецкага грамадства, што адначасова выступала і рэцыпіентам апісаных вышэй прапагандысцкiх вобразаў „чужога”. Змены, часам радыкальныя, якія зазналі гэтыя фактары ў розныя фазы перыяду даследавання, з’яўляюцца сутнасным пунктам усяго разгляду і даюць уяўленне аб запраграмаваных і фактычных механізмах функцыявання савецкай прапаганды.

Па сваёй сутнасці праца „Deutschlandbilder in der weißrussischen sowjetischen Gesellschaft 1919–1941” — гэта незвычайна шырокае і грунтоўнае даследаванне вобразаў „чужога”, стваранага медыйна-прапагандысцкімі сродкамі. На 375 старонках — больш за 1800 спасылак! У плане скрупулёзнасці і аб’ёму апрацаваных крыніц кнігу Фрыдмана было б зусім не сорамна параўноўваць з іншымі падобнымі выданнямі апошніх гадоў. Хутчэй наадварот. А. Фрыдман, які сваю навуковую адукацыю распачаў у постсавецкай Беларусі, цяперашняй Рэспубліцы Беларусь, спалучыў традыцыйную для той гістарычнай навукі схільнасць да грунтоўнай апісальнасці з заходнееўрапейскай / нямецкай школай гістарычнага аналізу і дыскурс-аналізу. Апрача ўсебаковай апрацоўкі крыніц i пачатковага жадання зразумець асаблівы вобраз Нямеччыны, што быў у яго прадзеда, выразна заўважаецца і глыбокае захапленне аўтара сутнасцю і механізмам дзеяння савецкай прапаганды.

Аўтар праводзіць чытача ў медыйны космас Савецкай Беларусі, і ўжо ў першай частцы працы, у якой разглядаецца абыходжанне Агітпропа з І сусветнай вайной i ўспамiны пра яе, становіцца ясна, што ў гэтым прапагандысцкім паралельным свеце панавалі свае ўласныя законы прычыннасці. Такі ўступ важны не толькі храналагічна, але і для таго, каб паказаць чытачу, як савецкія прапагандысты разглядалі гістарычныя падзеі быццам пластычны матэрыял, які яны пераінтэрпрэтоўвалі ў новую медыйную рэчаіснасць, нязменна кіруючыся ўстаноўкамi савецкага цэнтра, дапасоўваючы іх толькі раз-пораз да беларускіх асаблівасцяў. Калі адносна І сусветнай вайны і нямецкай акупацыі гаворка iшла пра падзеі, што ў многіх беларусаў былі яшчэ жывымі ў асабістых успамінах, то ўлады, нягледзячы на відавочныя несупадзенні, спрабавалі пры весці свядомасць ды ўспаміны рэцыпіентаў прапаганды ў адпаведнасць з па-новаму фармуляванай імі рэчаіснасцю. І ў гэтым, і ў іншых месцах кнігі выкладкі А. Фрыдмана найбольш пераканальныя, калі ён паказвае падобныя супярэчнасці на асабістых лёсах людзей.

Гэта характэрна і для другой, самай аб’ёмнай часткі, у якой даследуюцца вобразы Нямеччыны ў прапагандысцкім дыскурсе Савецкай Беларусі. З адчуваль ным задавальненнем аўтар праводзіць чытача лабірын тамі маніпуляцый з усёй іх супярэчлівасцю ў малым і вялікім, з памылкамі, непаразуменнямі і проста абразлівымі для чалавека падступніцтвам і вычварэннямi. Часта з дарэчным гумарам і дэманстрацыяй абсурднасці Фрыдман паказвае ўсю несумленнасць тых медыяў, аднак атрутная канцэнтрацыя прапагандысцкага нахабства проста ашаламляльная — асабліва ў выпадку цынічнага асвятлення сталінскіх рэпрэсій i горкай iронii хлуснi пра нацыянал-сацыялiстычную Нямеччыну, сапраўдныя злачынствы якой, аднак, потым на самай справе пераўзыдуць прапагандысцкi вобраз. Парадоксы прапагандысцкіх установак прасочваюцца і кантэкстуалізуюцца ў гэтай частцы са скрупулёзнай дэталізацыяй, а ў трэцяй часты працы гэ тая кантэкстуалізацыя ўзбагачаецца культурнымі і школьна-дыдактычнымі аспектамі прапагандысцкага паказу Нямеччыны з „вялікім рэвалюцыйным мінулым” і „вялікай рэвалюцыйнай будучыняй” (336).

У чацвёртай частцы А. Фрыдман разглядае аўта-вобраз Савецкай Беларусі, што дазваляе ўрэшце ацаніць дзейснасць ніжэй паказанага Агітпропа. Калі ў папярэдніх раздзелах кнігі чытачу час ад часу не хапае такіх сюжэтаў, дык тут яны ўтвараюць метадалагічны вузел, і толькі дзякуючы выразна вызначаным узаемазалежнасцям паміж успрыняццем „свайго” i „чужога” вобразы Нямеччыны становяцца больш чым проста прапагандысцкім канструктам. Пасля значнага ўражання ад паказу механізмаў агітпропаўскіх інтэрпрэтацый чытач можа з палёгкай успрыняць месца, дзе аўтар дае слова вядомаму гісторыку і былому рэктару БДУ Уладзіміру Пічэту, які асабіста добра ведаў Нямеччыну і дакладна ацэньваў фатальнае развіццё нацыянал-сацыялісцкай улады. Але гучна пра пакт Рыбентропа — Молатава акадэмік абачліва не хацеў выказваць крытыкі: «У СССР, гэтай „фашысцкай катоўні”, у якой для прэсы былі ўласцівыя „выхваленне” і „дурасць”, яму хацелася толькі выжыць» (388).

Да вызначанай на пачатку мэты спасцігнуць вобраз Нямеччыны свайго прадзеда ў гэтай аб’ёмнай і вартай працы Фрыдман наблізіўся настолькі, наколькі гэта наогул было магчыма. Пры гэтым ён дае такую магчы масць і чытачам. Яны цяпер таксама могуць уявіць у поўнай ступенi прапагандысцка-медыйную камунікацыйую прастору, у якой жылі грамадзяне Савецкай Беларусі ў між ваенныя часы (і з якой яны не маглі нікуды падзецца). Хоць кніга сканцэнтравана галоўным чынам на вобразах Нямеччыны, абыходжанне Агітпропа з іншымі тэмамі ў ёй таксама паказана. Чытач можа даверыцца пры гэтым ацэнкам і спецыяльным ведам Аляксандра Фрыдмана як правадніка праз гэтую насычаную зместам камунікацыйную прастору, якая пераважна сягала далёка за межы праўдзівасці і добрапрыстойнасці.

Ляйпцыг

Ёганэс Вігерынг

Галоўная » Запісы па тэме 'Рэцэнзіі'