Новы нумар

Галоўная » Запісы па тэме 'Рэч Паспалітая'

Артыкулы па тэме ‘Рэч Паспалітая’

Андрэй Мацук . Войска як інструмент усталявання ўлады Аўгуста ІІІ у ВКЛ у 1733–1735 г.

Снежня 12, 2008 |


Пасля смерці 2 лютага 1733 г. караля Аўгуста ІІ Рэч Паспалітая ўвайшла ў перыяд чарговага бескаралеўя. Пра свае прэтэнзіі на карону заявілі адразу некалькі ахвотнікаў, як з мясцовых магнатаў „пястаў”, так і з замежных кандыдатаў. Найбольшай падтрымкай карысталіся кандыдатуры былога караля Станіслава Ляшчынскага і сына памерлага манарха саксонскага курфюрста Фрыдэрыка Аўгуста. У ВКЛ найбольшую папулярнасць сярод шляхты, безумоўна, мела кандыдатура „пяста”. Слабасць пазіцый Фрыдэрыка Аўгуста была выклікана некалькімі прычынамі. Па-першае, папулярнасцю сярод шляхты кандыдатуры „пяста” і адмоўным стаўленнем да іншаземца. Па-другое, саксонскімі камісарамі былі вызначаны Юзаф Вакербарт Салмур і Вольф Баўдысін, якія слаба арыентаваліся ў сітуацыі ў Рэчы Паспалітай, у тым ліку і ў ВКЛ. Па-трэцяе, у апошнія гады панавання Аўгуста ІІ у грамадска-палітычным жыцці ВКЛ дамінавала анты карал еўская і антысаксонская апазіцыя, якая і цяпер мела перавагу. Па-чацвёртае, імкненне некаторых магнатаў ВКЛ самім атрымаць карону і прыхільнае стаўленне да гэтага Аўстрыі і асабліва Расіі.

Колькасць прыхільнікаў „пяста” толькі павялічвалася, што выключала з будучых кандыдатаў замежнікаў і саксонскага курфюрста. У такой сітуацыі прыхільнікі Фрыдэрыка Аўгуста былі вымушаны хаваць сваю пазіцыю: „Воевода виленский [Казімір Агінскі. — А.М.] и сын его воевода троцкий [Юзаф Агінскі. — А.М.] желают курфюрста саксонского токмо явно говорить о нем не смеют, понеже во всей Литве в инструкциях предложено, чтоб отнюдь не был чужестранный кандидат”[1]. Падобная сітуацыя склалася і ў іншых частках Рэчы Паспалітай. Таму не было нічога дзіўнага, што канвакацыйны сойм скончыўся поўнай перамогай прыхільнікаў кандыдатуры „пяста”, на чале якіх быў прымас Тэадор Патоцкі. Яны арганізавалі на сойме канфедэрацыю, якая прыняла пастанову пра абранне каралём „пяста” і каталіка, што фактычна выключала замежных прэтэндэнтаў з ліку кандыдатаў. Гэтая пастанова канфедэрацыі мусіла быць зацверджанай на павятовых перадэлекцыйных сойміках. Пад час канвакацыйнага сойму стала зразумела, што сярод кандыдатаў „пястаў” шанцы на перамогу мае толькі Станіслаў Ляшчынскі. Гэта перацягнула на бок Фрыдэрыка Аўгуста частку магнатаў, якія самі разлічвалі на трон Рэчы Паспалітай, але разумелі, што не могуць быць рэальнымі канкурэнтамі Станіславу Ляшчынскаму.

Перамены ў ВКЛ прынеслі змены на міжнароднай арэне. 16 ліпеня 1733 г. пасля доўгіх перамоваў, якія пачаліся яшчэ ў сакавіку 1733 г., быў падпісаны саюзны трактат паміж Аўстрыяй і Саксоніяй. Адным з галоўных яго пунктаў была дэкларацыя Аўстрыяй падтрымкі Фрыдэрыка Аўгуста як кандыдата на трон Рэчы Паспалітай. Трактат з Аўстрыяй паскорыў перамовы і з Расіяй, якая ўжо 10 ліпеня 1733 г. абяцала сваю падтрымку Фрыдэрыку Аўгусту. Праўда, расійскі ўрад яшчэ вагаўся і нават усур’ёз разглядаў магчымасць падтрымаць каго-небудзь з прыхільных „пястаў”, якія ў асноўным паходзілі з магнатэрыі ВКЛ. Толькі 25 жніўня 1733 г., ужо пасля ўваходу расійскіх войскаўу Рэч Паспалітую, быў падпісаны саксонска-расійскі саюзны трактат[2].

Падтрымка Аўстрыі і Расіі значна пашырыла кола саксонскіх прыхільнікаў сярод шляхты і магнатэрыі ВКЛ. У пачатку жніўня 1733 г. саксонскія камісары пераслалі для агітацыі за кандыдатуру Фрыдэрыка Аўгуста дадатковыя сродкі, якія запатрабавалі сабе саксонскія прыхільнікі Мікалай Фаўстын Радзівіл, Міхал Юзаф Сапега і Ігнат Завіша. 3 рэляцый аўстрыйскага пасла Вільчка вядома: Радзівіл заявіў, што прапанаваных яму 3000 дукатаў недастаткова, каб прывесці значную колькасць шляхты, якая была супраць Ляшчынскага, на элекцыйны сойм. У выніку яму выплацілі 10 000 дукатаў (6000 саксонцы, па 2000 расіяне і аўстрыйцы). 30 жніўня 1733 г. расіяне выплацілі Мікалаю Фаўстыну Радзівілу 2000 чырвоных злотых[3]. Нягледзячы на такія фінансавыя выдаткі партыя прыхільнікаў Фрыдэрыка Аўгуста паводзіла сябе малаактыўна, а партыя прыхільнікаў Станіслава Ляшчынскага толькі павялічвалася. Канюшы ВКЛ Міхал Казімір Радзівіл нават заявіў расійскаму прадстаўніку Дарэўскаму, што „почти вся нация объявила себя в пользу Лещинскаго, и ни на кого из друзей нельзя надеяться”[4].

У такой сітуацыі адбыліся павятовыя соймікі, на якіх шляхта павінна была прынесці прысягу акту канфедэрацыі і абраць паслоў на элекцыйны сойм. Большасць соймікаў прысягнула акту канфедэрацыі і выступіла за выключэнне іншаземных кандыдатаў з ліку прэтэндэнтаў на карону. Супраць прынясення такой прысягі выступіў соймік Наваградскага ваяводства. Выступаючы са справаздачай аб канвакацыйным сойме, наваградскі пасол Ян Храптовіч распавёў аб злоўжываннях супраць „вольнага голасу” і прымусу над падляшскім ваяводам Міхалам Юзафам Сапегам і міхалаўскім харужым Марцінам Грабоўскім. У канцы свайго выступлення ён заявіў, што ўзяў акт канфедэрацыі, даверыўшы канчатковае рашэнне прысягаць яму ці не, самой наваградскай шляхце. У выніку наваградская шляхта запатрабавала, каб не было ніякіх абмежаванняў, і прапанавала скасаваць пастанову аб выбары на трон Рэч Паспалітай толькі „пяста”. Значны ўплыў на пастановы наваградскага сойміка супраць выбару Станіслава Ляшчынскага зрабілі расійскія прадстаўнікі Юрый Лівен і Францішак Дарэўскі, якія з дапамогай грошай перацягвалі на свой бок мясцовую шляхту[5].

Супраць пастановаў канвакацыйнага сойму выказалася і менская шляхта. Вялікі ўплыў на такую пазіцыю аказаў Ігнат Завіша, сястра якога Барбара была замужам за наваградскім ваяводам Мікалаем Фаўстынам Радзівілам. Як і ягоны швагра, Ігнат Завіша кантактаваў з расійскімі прадстаўнікамі ў ВКЛ Францішкам Дарэўскім і Юрыем Лівенам. Разам са сваімі прыхільнікамі ён далучыўся да наваградскай канфедэрацыі праціўнікаў Станіслава Ляшчынскага[6].

Ваўкавыская шляхта на сваім перадэлекцыйным сойміку прысягнула на вернасць пастановам канфедэрацыі. Потым, аднак, пад уплывам агітацыі наваградскага ваяводы ў большасці перамяніла сваё рашэнне і далучылася да канфедэрацыі Наваградскага ваяводства праціўнікаў Станіслава Ляшчынскага[7].

Такім чынам, у ВКЛ яшчэ пад час перадэлекцыйных павятовых соймікаў з’явілася група саксонскіх прыхільнікаў, якія адмовіліся прынесці прысягу акту канфедэрацыі аб выбары будучым каралём толькі„пяста” і каталіка. Аднак наэлекцыйным сойме яўная перавага была на баку прыхільнікаў Ляшчынскага, які пад імем Станіслава І12 верасня 1733 г. і быў абраны каралём Рэчы Паспалітай. Яшчэ да выбараў 27 жніўня 1733 г. Міхал Вішнявецкі, абразіўшыся на абвінавачванні ў бяздзейнасці супраць расійскіх войскаў, разам з Міхалам Казімірам Радзівілам, Паўлам Сангушкам і часткай магнатаў ды шляхты перайшоў цераз Віслу ў варшаўскае прадмесце Прагу. Па звестках саксонскіх камісараў, супраць выбараў Ляшчынскага выступілі і перабраліся разам з магнатамі на Прагу шляхцічы з Полацкага, Смаленскага, Наваградскага, Мсцсілаўскага і Менскага ваяводстваў[8]. Сярод тых, што пратэставалі супраць Ляшчынскага, не было згоды, і таму яны нават не здолелі адразу стварыць канфедэрацыю. Яны, баючыся атакі прыхільнікаў Ляшчынскага, у ноч з 16 на 17 верасня 1733 г. рушылі насустрач расійскім войскам.

У пачатку кастрычніка разам з расійскім войскамі яны падышлі да Варшавы. Тут каля Грохава і была створана канфедэрацыя. Неабходна заўважыць, што яе стварыла толькі частка прыхільнікаў Фрыдэрыка Аўгуста, іншыя далучыліся да яе пазней. Гэта было выклікана канфліктам сярод праціўнікаў Станіслава Ляшчынскага, многія з якіх, відаць, канчаткова не рашыліся падтрымаць кандыдатуру саксонскага курфюрста Фрыдэрыка Аўгуста і разглядалі магчымасць выбару каралём іншага кандыдата са свайго кола[9]. Толькі пад ціскам расійскага генерала Ласі паміж канфліктуючымі магнатамі ўдалося дасягнуць згоды і 5 кастрычніка 1733 г. абраць на трон Рэчы Паспалітай саксонскага курфюрста Фрыдэрыка Аўгуста пад імем Аўгуста ІІІ.

Польская даследчыца Эва Шклярска справядліва заўважае, што аснову Генеральнай канфедэрацыі складалі некалькі соцень менскіх, наваградскіх і падляшскіх шляхцічаў, якія сабралася на Празе пад час элекцыйнага сойму Рэчы Паспалітай[10]. Звяртае ўвагу тое, што іх большасць прадстаўляла ВКЛ, а дакладней, канфедэрацыю Наваградскага ваяводства. Заслугі наваградскай шляхты былі адзначаны і ў акце Генеральнай канфедэрацыі прыхільнікаў Аўгуста ІІІ. Акт наваградскай канфедэрацыі быў цалкам уключаны ў акт Варшаўскай Генеральнай канфедэрацыі. Пры стварэнні Генеральнай канфедэрацыі акрамя наваградскай і менскай шляхты прысутнічала частка шляхты Ваўкавыскага павета і Мсціслаўскага ваяводства. Такім чынам, пры стварэнні Генеральнай канфедэрацыі прысутнічала наваградская, менская, мсціслаўская і ваўкавыская шляхта.

Станіслаў Ляшчынскі прызначыў генеральным рэгімэнтарам ВКЛ замест Міхала Вішнявецкага Антонія Пацея. У канцы кастрычніка — першай палове лістапада 1733 г. паміж Пацеем і Вішнявецкім разгарнулася барацьба за войска. 8 лістапада 1733 г. Міхал Вішнявецкі выдаў універсал да войска з патрабаваннем прызнаць караля Аўгуста ІІІ і прысягнуць яму[11]. 9 лістапада 1733 г. па загадзе Міхала Вішнявецкага прызначаны віцэ-рэгімэнтар Мікалай Фаўстын Радзівіл пакінуў Варшаву і накіраваўся ў ВКЛ. Уладу Аўгуста ІІІ прызнала частка кавалерыі, гетманскія рэгімэнты і харугвы пярэдняй стражы, але большасць гусарскіх і пяцігорскіх харугваў, некаторыя рэгімэнты пяхоты і драгунаў, а таксама артылерыя, полк пярэдняй каралеўскай стражы і маршалкоўская харугва прынялі бок Станіслава І і перайшлі пад кіраўніцтва Антонія Пацея[12].

Не менш упартай была барацьба паміж прыхільнікамі Станіслава І і Аўгуста ІІІ за шляхту. Яшчэ да свайго прызначэння віцэ-рэгімэнтарам Мікалай Фаўстын Радзівіл 22 лістапада 1733 г. выдаў універсал да Берасцейскага ваяводства, у якім склікаў мясцовую шляхту на соймік у Чарнаўчыцы для складання прысягі на вернасць Аўгусту ІІІ і абмеркавання падаткаў на ўтрыманне дапаможных расійскіх войскаў. За гэта Мікалай Фаўстын Радзівіл абяцаў вывесцірасійцаўз межаў Берасцейскага ваяводства. Акрамя таго, у сваім універсале ён абгрунтоўваў легітымнасць дзейнасці прыхільнікаў Аўгуста ІІІ, абвінавачваў прыхільнікаў Ляшчынскага ў дзейнасці супраць „вольнага голасу” і развязванні ваеннага канфлікту. Падставай свайго універсала называў папярэднія універсалы маршалка Варшаўскай канфедэрацыі Антонія Панінскага і познанскага біскупа Станіслава Гозіюша[13]. Сам Мікалай Фаўстын Радзівіл у лістападзе 1733 г. лічыў, што сур’ёзнай праблемай для агітацыі на карысць Варшаўскай канфедэрацыі ў ВКЛ была адсутнасць друку з інфармацыяй пра яе стварэнне: „складана шляхту да канфедэрацыі схіліць, якой не бачыла і не чытала”[14].

На падставе універсалаў наваградскага ваяводы Мікалая Фаўстына Радзівіла берасцейская шляхта 1 снежня 1733 г. сабраласянасоймікуЧарнаўчыцы.Прычынайвыбарумесца называлася прысутнасць расійскай арміі ў Берасці. Пад дырэктарствам скарбовага пісара ВКЛ Антонія Нарніцкага пасламі на каранацыю соймік абраў берасцейскага гараднічага Фларыяна Грабоўскага і латышэўскага падчашыя ды берасцейскага гродскага рэгента Мацея Збароўскага. Мясцовая шляхта прынесла прысягу на вернасць Аўгусту ІІІ. Прысутныя шляхцічы абавязваліся зрабіць тое ж у берасцейскім гродскім судзе перад берасцейскім гродскім пісарам Паўлам Касцюшкам і берасцейскім гродскім рэгентам Мацеем Збароўскім. Берасцейскае рыцарства прасіла Мікалая Фаўстына Радзівіла вывесці ўсе расійскія войскі з яго ваяводства. Да гэтай жа праблемы звярнулася яно і ў сваёй інструкцыі на каранацыйны сойм, просячы Аўгуста ІІІ вывесці ўсе замежныя войскі з Рэчы Паспалітай. На гэты раз пастанову Берасцейскага ваяводства падпісала ўжо 70 шляхцічаў, але колькасць ураднікаў была нязначнай: лоўчы і падстароста Францішак Хржаноўскі, гродскі пісар Павал Касцюшка і чашнік Юзаф Гарноўскі[15].

Арганізаваны расіянамі соймік не карыстаўся вялікай падтрымкай і, як сцвярджае Марцін Матушэвіч, „шмат ад таго кангрэсу схавалася”[16]. Па інфармацыі непрыхільнага да наваградскага ваяводы „Кур’ера Польскага”, Мікалай Фаўстын Радзівіл прымусіў прысягнуць берасцейскую шляхту ў Чарнаўчыцах з дапамогай пагроз, што, маўляў, выкарыстае расійскія войскі супраць нязгодных[17]. Яшчэ больш дакладна напісаў пра метады, якімі расійскія военачальнікі прымушалі прысягаць на вернасць Аўгусту ІІІ, Марцін Матушэвіч: „палкоўнік Кандэраў, узяўшы тарыф з берасцейскага грода, правіянт вызначыў і з таго ж тарыфу меўшы звесткі аб імёнах шляхецкіх, па выдадзеным універсале, што таго хто не прысягнуў на вернасць каралю, як непрыяцеля трактаваць будуць, прысягі ў Берасці прымаў. Паехаў і мой бацька да Берасця і прысягнуць мусіў”[18].

Па ініцыятыве троцкага ваяводы Юзафа Агінскага 15 снежня 1733 г. сабралася на свой соймік і шляхта Гарадзенскага павета. На ім пад дырэкцыяй Юзафа Агінскага пасламі на каранацыйны сойм былі абраны ленгоўскі староста Міхал Валовіч і гарадзенскі скарбнік Юзаф Тыміньскі. Інструкцыя паслам утрымлівала пункты пра абавязковае зацвярджэнне Аўгустам ІІІ „пактаў канвентаў”, вывад пасля каранацыі расійскіх і саксонскіх войскаў. Шмат месца аддавалася рэкамендацыям на ўрады. Акрамя ваяводскіх і павятовых ураднікаў свае подпісы пад інструкцыяй паставіў 121 шляхціч[19].

У той жа час Мікалаю Фаўстыну Радзівілу ўдалося склікаць і соймік Ваўкавыскага павета. На ім мясцовая шляхта прысягнула Аўгусту ІІІ і далучылася да Варшаўскай канфедэрацыі[20]. Ужо 14 снежня 1733 г. на соймік сабралася слонімская шляхта. Соймік быў скліканы на падставе універсалаў маршалка Варшаўскай канфедэрацыі Антонія Панінскага і наваградскага ваяводы Мікалая Фаўстына Радзівіла. Па невядомых прычынах пасяджэнні сойміка былі працягнуты да 23 снежня 1733 г., калі ў прысутнасці наваградскага ваяводы мясцовая шляхта і прысягнула Аўгусту ІІІ. Шляхта, якая не прысутнічала на сойміку, павінна была прынесці прысягу перад слонімскім гродскім суддзёй Казімірам Тавяньскім на працягу двух тыдняў пасля сойміка. Дырэктарам сойміка быў абраны слонімскі пісарэвіч Казімір Валовіч. Пасламі на каранацыйны сойм сталі крэўскі стараста Міхал Слізень і слонімскі харужы Марцін Палубінскі. Мясцовая шляхта прасіла Мікалая Фаўстына Радзівіла, каб той пастараўся наконт хутчэйшага вываду з межаў павета расійскіх войскаў, тлумачыўшы гэта тым, што ў іх прысутнасці няма патрэбы, бо мясцовая шляхта прызнала ўладу Аўгуста ІІІ. З слонімскіх ураднікаў соймікавую пастанову падпісалі войскі і падстароста Андрэй Булгак, харужы Марцін Палубінскі, гродскі суддзя Казімір Тавяньскі, падчашы Ян Багдановіч, канюшы Антоні Жабка, абозны Дамінік Лукашэвіч, крайчы Гедэон Пшэцлаўскі, а таксама 147 шляхцічаў[21]. У той жа час інструкцыю паслам падпісала нашмат менш шляхты (33 чалавекі), сярод якіх, праўда, былі ўсе мясцовыя ўраднікі, якія паставілі свой подпіс пад пастановай (у т. л. прысутныя на сойміку Мікалай Фаўстын Радзівіл і Удальрык Радзівіл). У сваёй інструкцыі мясцовая шляхта патрабавала зацвярджэння Аўгустам ІІІ пактаў канвентаў, вываду расійскіх войскаў і пераносу раздачы ўрадаў гетманаў да прымірэнчага сойму. Больш за тое, слонімская шляхта рэкамендавала на ўрад вялікага гетмана ВКЛ кандыдатуру Міхала Вішнявецкага, а на палявога гетмана ВКЛ — Мікалая Фаўстына Радзівіла[22].

Наколькі добраахвотнай былі прысягі берасцейскай, гарадзенскай, ваўкавыскай і слонімскай шляхты Аўгусту ІІІ, красамоўна сведчыць факт, што ўжо 15 студзеня 1734 г. частка прысутных на слонімскім сойміку шляхцічаў выдала маніфест супраць гэтага сойміка. Яны сцвярджалі, што былі прымушаныя склікаць соймік і прызнаць уладу Аўгуста ІІІ, скардзіліся на шкоды, якія рабілі расійскія войскі ў павеце. Пад расійскай пагрозай прымусова прыносілася прысяга Аўгусту ІІІ. Супраць такіх дзеянняўмясцовая шляхта прыняла свой маніфест і заявіла, што саксонскі электар — чужаземец, які „гвалтам” абраны на трон. На падставе гэтага шляхта, якая падпісала маніфест, адмаўлялася ад сваёй прысягі. Дакумент быў падпісаны 41 шляхцічам. Сярод іх былі як дырэктар ранейшага „снежаньскага” сойміка Казімір Валовіч, так і паслы на каранацыю Аўгуста ІІІ крэўскі староста Міхал Слізень і слонімскі харужы Марцін Палубінскі. Акрамя таго, маніфест падпісалі наступныя мясцовыя ўраднікі: гродскі суддзя Казімір Тавяньскі, падчашы Ян Багдановіч, канюшы Антоні Жабка, крайчы Гедэон Пшэцлаўскі[23].

Як бачна, кола прыхільнікаў Аўгуста ІІІ пашыралася пераважна пад націскам расійскіх войскаў. Расійская царыца Ганна Іаанаўна яшчэ 5 кастрычніка 1733 г. выдала ўказ генералу Ласі, які ў асноўным тычыўся становішча ў ВКЛ. Ён быў выдадзены „по полученным вашим доношениям от 14 сентября и по пунктом от региментаря князя Вишневецкаго, к вам присланным, разсудили Мы за потребно с ген.-майором Измайловым еще корпус Нашего войска к жмудским границам, а для занятия Витебска и Быхова из Смоленска один полк и один батальон инфантерии и рославльской шквадрон отправить”[24].

2 лістапада 1733 г. каля Янішак увайшоў у ВКЛ і корпус генерала Льва Ізмайлава (3586 жаўнераў), прызначанага камандуючым расійскімі вайскамі ў Вялікім Княстве. 18 лістапада 1733 г. да яго далучылася 2508 жаўнераў маёра Цяцерына[25]. Такім чынам, корпус Ізмайлава налічваў 6094 жаўнераў. Ужо 16 лістапада 1733 г. Ізмайлаў выдаўуніверсал да шляхты ВКЛ з патрабаваннем прызнаць Аўгуста ІІІ каралём Рэчы Паспалітай. Генерал наіўна лічыў, што шляхта пачне пакідаць аддзелы прыхільнікаў Станіслава І, калі даведаецца пра выбары каралём саксонскага курфюрста Фрыдэрыка Аўгуста[26]. 19 лістапада 1733 г. войскі Ізмайлава рушылі з Янішак на поўдзень. Ужо 30 лістапада яны знаходзіліся ў Кейданах, дзе затрымаліся да 13 снежня 1733 г.[27]. Корпус Ізмайлава павінен быў размясціцца каля Вільні. У Курляндыі і Жамойці сітуацыю павінен быў кантраляваць корпус генерал-маёра Людольфа Бісмарка, які складаўся з 1 пяхотнага і 2 кірасірскіх палкоў і налічваў 8996 жаўнераў[28].

Адразу пасля ўваходу расійскіх войскаў пад кіраўніцтвам Ізмайлава на Жамойць мясцовы харужы Антоні Горскі абяцаў прыхільнае стаўленне жамойцкай шляхты і абяцаў, што тая згодна з жаданнем царыцы будзе „спакойна ў сваіх дамах сядзець”. У сваю чаргу Ізмайлаў паабяцаў за гэта не размяшчаць расійскіх войскаў у Жамойці. Аднак ужо ў сярэдзіне снежня 1733 г. расійскія войскі Бісмарка насуперак словам Ізмайлава сталі размяшчацца ў Жамойці[29]. У канцы студзеня — пачатку лютага 1734 г. тут пачаўся хуткі рост сілы прыхільнікаў Станіслава І: „поляки так ныне умножились, что разделясь по нескольку тысяч в разных местах стоят и принуждают сильно всех на конь садиться, а именно несколько тысяч в близости Бауска, а другая около места называемого Линков, в местечке же Рошейне [Расены. —А.М.] около 3 т.[ысяч] находится, где намерились собрать сейм; на команду же мою выписаннаго провианта и фуража привозить всячески не допускают, а мне утвержденных постов никакими меры уменьшить отважиться невозможно, но токмо всегда денно и нощно с оными нахожусь в ружье, и ежели таким образом несколько времени еще продолжится, то уже принужден бы был против онаго неприятеля что газирдовать, ежелибы более людей у меня было, дабы не претерпять стоящим в команде моей в провианте и фураже крайней нужды, ибо здешныя места особливо весьма за потребно пахоту в довольной безопасности содержать, а разставленные при прусских границах посты снять опасаюсь же для того, что в нынешнее время коммуникация весьма потребна”[30]. Бісмарк лічыў свае сілы недастатковымі і патрабаваў тэрмінова даслаць у свой корпус 500 драгунаў. Другой праблемай Бісмарка было тое, што прыхільнікі Ляшчынскага перарэзалі камунікацыю яго з корпусам Ізмайлава[31].

Соймікі склікаліся не толькі па ініцыятыве магнатаў і шляхты, прыхільнай да Аўгуста ІІІ. Расійскі генерал-маёр Ізмайлаў разумеў неабходнасць склікання соймікаў, на якіх шляхта павінна была прысягнуць Аўгусту ІІІ і ўхваліць падаткі на ўтрыманне расійскіх войскаў. У канцы 1733 г. Ізмайлаў накіраваў свае лісты з просьбай аб скліканні соймікаў да жамойцкіх ураднікаў, аднак атрымаў адмоўны адказ ад жамойцкага земскага суддзі Віктара Шыкіера, які патлумачыў немагчымасць склікання соймікаў законамі Рэчы Паспалітай. У адпаведнасці з імі, склікаць кангрэсы і з’езды мог толькі кароль, а ўраднікам рабіць гэта забаранялася. На гэтай падставе Шыкіер ад свайго імя і ад імя жамойцкага падсудка Францішка Нагурскага і эйрагольскага старосты Пятра Бялевіча адмаўляўся склікаць соймікі[32]. У далейшым практыка склікання расійскімі генераламі соймікаў станавілася звычайнай з’явай. Са слоў самога ж Ізмайлава, ён сваімі універсаламі склікаў віленскі, смаленскі і старадубскі соймікі[33].

Камандзір войска прыхільнікаў Аўгуста ІІІ Мікалай Фаўстын Радзівіл на чале 3000 войска ВКЛ і 2000 расійскіх жаўнераў у канцы 1733 г. накіраваўся ў Слонімскі павет. Рух войскаў Пацея з-пад Міра вымусіў Радзівіла 20 студзеня 1734 г. пакінуць Слуцк і спешна рухацца на злучэнне з расійскімі войскамі Ізмайлава, які ішоў праз Салечнікі да Ліды. Войскі Пацея атрымалі перамогу над атрадам у некалькі соцень расійскіх казакоў і амаль акружылі ў Беліцы атрад Мікалая Фаўстына Радзівіла[34]. Радзівілу ўдалося пазбегнуць сутыкнення з харугвамі Пацея і канфедэратамі Ашмянскага павета: „з усім сваім канвоем і без аніводнай паразы і атакі прайшоў са сваёй дывізіяй паміж іх партыяў і далей у павет Ашмянскі памаршаваў”[35]. У выніку наваградскаму ваяводу ўдалося злучыцца з Ізмайлавым пад Жырмунамі[36].

Ізмайлаў імкнуўся перашкодзіць аб’яднанню войскаў Пацея з канфедэратамі Ашмянскага павета, але ўсе яго спробы скончыліся няўдачай: „его Потея достигнуть не могли, понеже часть его войска под командаю региментаря Пашковского промеж налево. А он проведав о нашем приближении направо скорым маршом стороное прошли и соединясь с ошмянским поветом как шляхтичами так и мужиками. Оной Потей и войском к Вилне пошли, чего ради мы соединясь с князем Радивилом принуждены были ошмянской повет оставить и за ним иттить”[37].

Аб’яднанае войска прыхільнікаў Станіслава І вырашыла бараніць сталіцу ад сілаў Ізмайлава і Мікалая Фаўстына Радзівіла. 30 студзеня 1734 г. пад Вільняй адбылася бітва. Сілы праціўнікаў Ізмайлаў ацэньваў у 9-10 тыс. чалавек, а яго корпус складаўся з 6 тыс. жаўнераў, але было яшчэ 3-тысячнае войска ВКЛ, з якім прыйшлі і 2 тыс. расійскай дапамогі[38]. Такім чынам, можна казаць аб пэўнай колькаснай раўнавазе.

У пачатку бітвы прыхільнікам Ляшчынскага пад кіраўніцтвам палявога стражніка ВКЛ Марціна Пашкоўскага ўдалося нанесці значныя страты расійскай кавалерыі. Аднак у вырашальны момант бітвы Пашкоўскі не дачакаўся дапамогі ад рэферэндара ВКЛ Дамініка Валовіча, і Ізмайлаву ўдалося з-за няўзгодненых дзеянняў прыхільнікаў Станіслава І атрымаць цяжкую перамогу, але ў расійскіх войскаў нават не засталося сілаў, каб пераследаваць іх[39].

Уваходу Ізмайлава ў Вільню перашкодзілі патрабаванні яго саюзнікаў Мікалая Фаўстына Радзівіла, яго жонкі Барбары і аршанскага гродскага пісара Францішка Падбярэзскага: „И хотя намерение мое было того часу в город войтить, токмо по прошению князя и княгини Радзивиллов и господина Подберезкого, дабы при вступлении через озлобление солдат и казаков, невинное посацкие людей кровопролития и разорение города не учинило б остановился я с полками на предместья где и ночевал, и запретил чтоб никто не дерзал в город войтить, однако ж казаки ночью ворвались в город и соборную церковь и ещё два кляштора, також много домов обывательских разграбили, которых преступителей, а имяно семь человек повесить, а сорок три человека кнутами бить приказал, и ныне манифест сочиняю, что сие преступление чрез дерзновение учинено без ведома моего”[40]. Потым Ізмайлаў даў больш падрабязную карціну ўчыненых сталіцы шкодаў: „что же касается до разорения церквей, кляшторов и многих домов в Вильне, в том Бога и всех офицеров команды моей во свидетельство беру, что эксцессия и между варварами неслыхана, ибо не токмо в церквях разорение сделано, сосуды и прочие церковныя утворы разграблены, гробы князей литовских в склепах от несколько лет лежащия разбиты и тела из гробов выбросаны, ксензы ободраны до последней рубашки, из которых и два убиты. Но и невинная женского полу некоторыя побиты насмерть. От чего люди той ночи из города по лесам разбежались и многие в лесах от стужи померли, и ежелиб я сию по заслугам их малую экзекуцию не учинил, тоб не токмо их никак воздержать и унять не возможно было, но и весь кредит в здешней земле войска Вашего императорского величества потерян был, который и так через такия продерзныя поступки немало поврежден. А сия экзекуция учинена с совету князя Радивила и подполковника Ливена”[41].

На працягу студзеня — лютага 1734 г. сітуацыя ў Княстве змянілася не на карысць прыхільнікаў Аўгуста ІІІ. Да руху ў абарону Станіслава І далучаліся ўсё новыя і новыя паветы. Уражанне ад хуткага стварэння канфедэрацый прыхільнікаў Станіслава Ляшчынскага нават вымусіла ў сярэдзіне лютага 1734 г. Францішку Уршулю Радзівіл заявіць, што „ў цэлай Літве ніводнага не маеш пратэктара інтарэсаў Найяснейшага караля Яго Мосьці Аўгуста”[42]. Мікалай Фаўстын Радзівіл трывожыўся за настроі ў Наваградскім ваяводстве і беспаспяхова высылаў да яго свае універсалы, каб перашкодзіць стварэнню канфедэрацыі прыхільнікаў Ляшчынскага[43]. Яны не дапамаглі, і наваградская шляхта таксама далучылася да прыхільнікаў Станіслава І. Ян Храптовіч, яшчэ нядаўна адзін з галоўных праціўнікаў кандыдатуры Ляшчынскага, быў прызначаны паслом ад канфедэрацыі Наваградскага ваяводства да Марціна Агінскага і Антонія Пацея. Ён дзякаваў ім за стварэнне канфедэрацыі ў абарону выбару Станіслава І і абяцаў, што мясцовая шляхта будзе змагацца за яго да „апошняй кроплі крыві”[44]. Стварэнне павятовых канфедэрацый прыхільнікамі Ляшчынскага прыводзіла да нервовага стаўлення расійскіх войскаў і войскаў прыхільнікаў Аўгуста ІІІ да любых з’ездаў шляхты. Даходзіла да кур’ёзных сітуацый. Так, нейкая „польская дывізія” ў лютым 1734 г., вяртаючыся ад Боўска да Швабішак, арыштавала Отта Гротуза і Генрыха Цадроўскага, якія былі спецыяльна дасланы расійскім генерал-маёрам Бісмаркам да жамойцкай шляхты. Больш за тое, былі арыштаваны упіцкі падстароста Страшэвіч, плугнянскі староста Якуб Карп, інфлянцкі гараднічы Заш, харужы Ламбсдорф[45], якія прысутнічалі пры чытанні універсала Бісмарка.

Свае асаблівасці мела сітуацыя на ўсходзе ВКЛ. 12 лістапада 1733 г. каля мястэчка Якавічы мяжу Рэчы Паспалітай перайшоў корпус палкоўніка князя Юрыя Рапніна, які складаўся з трох пяхотных батальёнаў (1670 жаўнераў)[46]. Якавічы, са слоў Рапніна, належалі рагачоўскаму старасту Пацею, а ў заставе іх трымаў віцебскі падкаморы Казімір Саковіч, які адразу прыбыў да расійскіх войскаў і заявіў аб поўнай падтрымцы Аўгуста ІІІ і Варшаўскай канфедэрацыі[47]. Ужо 18 лістапада са сваімі дэкларацыямі падтрымкі Аўгуста ІІІ і Варшаўскай канфедэрацыі да Рапніна прыбылі „шляхетства витебского воеводства а именно стольник, писар гроцки Богомолец, городничи Лускина, писарь земски Гурка, судья гроцки Жаба”. Тады ж Рапнін з задавальненнем паведамляў, што „противной партии и хоронгв неслышно и в оном городе замешания никакого ныне не имеется”[48]. Юрый Рапнін меркаваў размясціцца ў Віцебску, а другую частку свайго корпуса пад кіраўніцтвам смаленскага прэм’ер-маёра Аленіна накіраваў да Быхава. Рапніну быў дадзены загад, знаходзячыся ў Віцебску, „смотреть и разведывать навкрепко о состоянии всех тамошних обывателей особливо о шляхетстве”[49]. 25 лістапада 1733 г. Рапнін даведаўся ад віцебскага гараднічага Юзафа Лускіны, што на элекцыйным сойме ад Віцебскага ваяводства прысутнічалі і выбіралі каралём Станіслава Ляшчынскага віцебскі гродскі суддзя Антоні Жаба, віцебскі земскі пісар Казімір Гурко, віцебскі стольнік і віцебскі гродскі пісар Павал Багамолец. Той жа Лускіна паведаміў, што яны нават атрымалі „од Станислава Лещинского денги для набирания харугв”[50].

Прысутнасць у Віцебску войскаў Рапніна перашкаджала стварыць канфедэрацыю прыхільнікам Станіслава І і садзейнічала прыхільнікам Аўгуста ІІІ. Віцебскі падкаморы Казімір Саковіч выдаў універсал на скліканне сойміка на 25 студзеня 1733 г. без папярэдняга універсала маршалка Генеральнай канфедэрацыі Антонія Панінскага. Саковіч сцвярджаў, што універсал Панінскага не дайшоў і соймік быў скліканы на падставе універсала генерала Ізмайлава ад 30 снежня 1733 г.[51], які прыйшоў 11 студзеня 1734 г. У гэтым універсале Ізмайлаў сцвярджаў, што Панінскі сярод іншых выдаў і універсал на скліканне віцебскага сойміка для выбару паслоў на каранацыйны сойм, але з-за злачынцаў той не дайшоў да Віцебска. Ён адзначаў, што універсал на паўторны соймік ужо не паспеюць дачакацца, бо застаецца мала часу да скліканага каранацыйнага сойму. Менавіта таму Ізмайлаў рэкамендаваў шляхце Віцебскага ваяводства з’ехацца на звычайнае месца на соймік і абраць паслоў на каранацыю[52].

У выніку соймік адбыўся паводле жаданняў расійскіх военачальнікаў: „сего января 14 дня сеймик при Витебске был и в Витебском воеводстве генеральную конфедерацию варшавскую приняли о законном избрании Его королевскаго Величества польскаго Августа ІІІ и о содержании и защищении Его королевского величества в верности присягу учинили и поклялись как шляхетство, так и мещане и послов на коронацию до Кракова отправили”[53].

Выконваючы загад сачыць за віцебскай шляхтай, Рапнін склаў спіс асобаў, якія мелі ўладанні ў Віцебскім ваяводстве, але не прысутнічалі на сойміку і не прысягнулі Аўгусту ІІІ. Як вынікае са спіса, яго аўтар сцвярджаў, што на віцебскім сойміку адсутнічалі толькі некаторыя вядомыя магнаты, такія, як Чартарыйскія і Пацеі, ды шляхцічы, якія хварэлі ці звычайна бывалі на сойміку ў іншых паветах і ваяводствах (у асноўным у Полацкім і Менскім ваяводствах)[54].

Рапніну не ўдалося цалкам узяць пад кантроль сітуацыю на ўсходзе ВКЛ з-за прысутнасці тут значных сілаў прыхільнікаў Станіслава І на чале з аршанскім грод скім старостам Аляксандрам Юзафовічам. Менавіта таму не было ўпэўненасці ў сваёй моцы нават у даволі шматлікіх прыхільнікаў Аўгуста ІІІ у Мсціслаўскім ваяводстве, і іх лідэр Аляксандр Валовіч прасіў расіян да сойміка (21. ХІІ. 1733) даслаць войска, каб не даць „станіслаўцам” перашкодзіць правядзенню сойміка[55]. Са слоў Валовіча, такія спробы прадпрымаліся пад час правядзення сойміка, але абарона расійскіх войскаў на чале з капітанам Талстым забяспечыла спакойнае правядзенне сойміка і прынясенне прысягі Аўгусту ІІІ[56]. У выніку на сойміку мясцовая шляхта далучылася да Варшаўскай канфедэрацыі, абраўшы маршалкам Аляксандра Валовіча. Былі абраны і паслы да расійскай царыцы[57]. Надалей, па звестках Ігната Лапацінскага, у Мсціслаўскім ваяводстве знаходзілася 4 тыс. расійскіх жаўнераў пад кіраўніцтвам нейкага Кураша. У выніку „шляхта прысягаць мусіла перад старастам Валовічам пры прысутным Курашы”[58].

Сам Рапнін лічыў свае сілы недастатковымі і прасіў расійскі ўрад дадаць войска. У адказ на яго просьбу да Рапніна са Смаленска быў накіраваны санкт-пецярбургскі батальён, замест якога з Масквы ў Смаленск выслалі вяцкі батальён[59]. Юзафовіч зацягваў час, пачаўшы перамовы з Рапніным аб прызнанні Аўгуста ІІІ „сего декабря 8 дня вышепоказанный Оршанскаго повету староста и полковник Иезофович писал ко мне из Орши, чрез нарочно-посланнаго, в котором объявляет себя и целый повет Оршанский склонными ко услугам Ея И. В-ва и с великой эстимациею Ея И. В-ва указы готовы полнить всем поветом”[60]. Такія перамовы давалі магчымасць прыхільнікам Ляшчынскага аб’яднаць свае сілы. Праўда, Рапнін не надта давяраў імкненню Юзафовіча прызнаць Аўгуста ІІІ: „на которое его письмо писано к нему от меня, чтоб виделся со мною в Витебске, однако же не утверждаюсь на том его письме, сего же декабря 11 дня командировал в Оршу капитана Шмакова и 150 человек солдат и Рославльского эскадрона драгун 30 человек с надлежащим числом обер и унтер-офицеров, для подлиннаго разведывания о собрании противных партий и хорунг и ужели у показаннаго Иезофовича и у прочих, о которых доносил прежде сего в Кабинет Ея И. В-ва явятся в собрании оныя хорунги, то по силе данной мне инструкции, приказал оных прекращать, и сначала разганять и буде же будут противиться, с такими поступать неприятельски”[61].

Зусім у іншай танальнасці вытрымана рэляцыя Рапніна ад 14 лютага 1734 г., у якой той скардзіцца, што ў Полацкім ваяводстве замяшальніцтва і мясцовая шляхта не хоча далучацца да Варшаўскай канфедэрацыі. Падобная сітуацыя назіралася ў Аршанскім і Ашмянскім паветах[62]. У выніку Рапнін даслаў расійскі аддзел у Аршанскі павет для знішчэння руху ў падтрымку Станіслава І і прывядзення мясцовай шляхты да прысягі на вернасць Аўгусту ІІІ[63]. Гэта прынесла поспех, і 10 лютага 1734 г. Рапнін з задавальненнем напісаў у сваёй рэляцыі, што аршанскія шляхцічы ў колькасці 204 асобы на грамнічным сойміку 28 студзеня „конфедерации варшавской приступили и верности его королевскому величеству Августу ІІІ”. Мясцовая шляхта нават абрала паслоў да Аўгуста ІІІ і расійскай царыцы Ганны Іаанаўны[64].

Пасля паспяховага рэйду ў Аршанскі павет, атрымаўшы ў падмогу санкт-пецярбургскі батальён, Рапнін вырашыў накіравацца ў Полацкае ваяводства.[65] Каля вёскі Туроўля батальён сутыкнуўся з войскам канфедэрацыі прыхільнікаў Ляшчынскага, якое, па падліках Рапніна, налічвала без уліку шляхты 6400 чалавек. Яны не прынялі бітвы і ў выніку перамоваў пагадзіліся распусціць свае харугвы[66]. Полацкая шляхта выслала да расійскай царыцы мемарыял за подпісам канфедэрацкага маршалка Пакаша з просьбай абараніць яе ад злоўжыванняў расійскіх жаўнераў, а таксама каб яе не прымушалі да прыняцця любой прысягі[67]. Такім чынам, Рапніну ўдалося значна паменшыць колькасць прыхільнікаў Ляшчынскага, якія былі вымушаны адысці ад Полацка. У той жа час ён не змог правесці соймік для прысягі шляхты на вернасць Аўгусту ІІІ.

Прыкладна такая ж сітуацыя склалася і ў Аршанскім павеце. З адыходам Рапніна тут зноўактывізаваліся прыхільнікі Станіслава І пад кіраўніцтвам Юзафовіча. У выніку 23 сакавіка 1734 г. Рапнін вырашыўзноўнакіраваццаўАршанскі павет, каб знішчыць атрады прыхільнікаў Ляшчынскага. Такое рашэнне падтрымала царыца Ганна Іаанаўна, але яна патрабавала, каб ён пакінуў моцны гарнізон у Віцебску для абароны ваяводства перад магчымым рухам прыхільнікаў Станіслава І. Гэтая экспедыцыя Рапніна зноў скончылася ўдала. Прыхільнікі Станіслава І адступалі пры набліжэнні расійскіх войскаў. У нешматлікіх сутычках перамога заставалася за расіянамі, якім удалося нават захапіць у палон ротмістра Лярскага. У прысутнасці расійскіх жаўнераў аршанская шляхта зноў прысягула Аўгусту ІІІ. Прыхільнікі Ляшчынскага пад кіраўніцтвам Юзафовіча былі вымушаны адступіць ад Оршы і накіраваліся да Быхава. Расійскі кантынгент прем’ер-маёра Аленіна не мог супрацьстаяць Юзафовічу і прасіў дапамогі ў Рапніна[68]. Той адчуваў недахоп сілаў для кантролю над сітуацыяй, бо прыхільнікі Станіслава І хутка перамяшчаліся па ўсходу ВКЛ, нападалі на малыя расійскія аддзелы, не жадаючы ўступаць у бітву з асноўнымі фармаваннямі Рапніна. Паўзгадненні з расійскім урадам Рапнін падрыхтаваўся да шырокамаштабнага наступу. З гэтай мэтай у чарговы раз збіраўся ўзмацніць свой корпус за кошт ротаў вяцкага батальёна, які стаяўу Смаленску. Супраць выступіў смаленскі віцэ-губернатар Казлоўскі, які адмовіўся выконваць загад з-за недахопу жаўнераў для смаленскага гарнізона. Кабінет міністраў, аднак, настаяў на выкананні свайго папярэдняга загаду аб перасылцы ротаў вяцкага батальёна. Гэтай затрымкай Казлоўскага з перасылкай дапамогі Рапнін тлумачыў спазненне наступу яго корпуса. Аддзел пад кіраўніцтвам маёра Арлова толькі 6 красавіка 1734 г. быў накіраваны ў Оршу, Шклоў, Горкі „и в прочие места”[69].

Такім чынам, Рапніну ўжо ў лютым 1734 г. удалося арганізаваць прызнанне каралём Аўгуста ІІІ віцебскім, аршанскім і мсціслаўскім соймікамі. Прычым у Віцебскім ваяводстве прысутнасць Рапніна мела вырашальнае значэнне, бо віцебская шляхта не толькі прысягнула Аўгусту ІІІ, але, у адрозненне ад усіх паветаў і ваяводстваў ВКЛ, тут так і не была створана канфедэрацыя ў падтрымку Станіслава І. У Мсціслаўскім ваяводстве падтрымка расійскіх войскаў канчаткова схіліла шалі на бок прыхільнікаў Валовічаў, якія падтрымалі Аўгуста ІІІ. Аднак дзейнасць Рапніна была такой паспяховай не паўсюль, а ў выпадку з аршанскім соймікам мы можам казаць, што ён быў арганізаваны толькі для справаздачы расійскаму ўраду. Значная большасць шляхты Аршанскага павета выказалася ў падтрымку Станіслава І, а канфедэрацыя прыхільнікаў Аўгуста ІІІ так сябе нічым і не праявіла.

Як гаварылася вышэй, у студзені — лютым 1734 г. стратэгічную перавагу атрымалі прыхільнікі Станіслава І. Перамяніць сітуацыю магло толькі павелічэнне сілаў іх праціўнікаў і дапаможных расійскіх аддзелаў. Ужо вясной 1734 г. у ВКЛ дзейнічалі расійскія фармаванні агульнай колькасцю каля 17-19 тыс. жаўнераў без уліку гусараў і казакоў. Прычым супраць прыхільнікаў Ляшчынскага дзейнічаў корпус пад кіраўніцтвам генерал-маёра Льва Ізмайлава, які ўтвараўся з драгунскага палка і трох палкоў пяхоты, што агулам складала каля 5-6 тыс. жаўнераў. У Курляндыі і на поўначы ВКЛ размясціўся корпус генерал-маёра Людольфа Бісмарка, які складаўся з 3 кірасірскіх палкоў і 4 палкоў пяхоты (каля 8-9 тыс. жаўнераў). У Полацкім і Віцебскім ваяводствах дзейнічаў корпус палкоўніка Юрыя Рапніна, які складаўся з драгунскага швадрона, 2 палкоў і батальёна пяхоты (каля 4 тысяч жаўнераў)[70]. Такім чынам, калі ў лістападзе 1733 г. у ВКЛ было 16 680 расійскіх жаўнераў, то вясною 1734 г. —17-19 тыс., што значна пераўзыходзіла сілы прыхільнікаў Станіслава І.

Зразумела, што перавага расійскага войска была не толькі ў колькасці, але і ў якасці, бо расійскаму рэгулярнаму войску супрацьстаялі ў асноўным аддзелы нерэгулярных павятовых канфедэрацый. Ужо ў пачатку красавіка 1734 г. Бісмарк пісаў, што сітуацыя ў Жамойці супакоілася. На сойміку былі абраны два паслы да Аўгуста ІІІ — бужскі падстолі Людвік Сянецкі і Станіслаў Каліноўскі. У сваёй інструкцыі тамтэйшая шляхта прасіла супакоіць хваляванні ў ВКЛ і тэрмінова склікаць сойм Рэчы Паспалітай[71], абяцаючы выставіць дзве харугвы ў падтрымку Аўгуста ІІІ[72].

Корпус Ізмайлава тым часам пашыраў свае ўплывы ў Віленскім ваяводстве. 19 красавіка 1734 г. Ізмайлаў паведаміў, што атрымаў загад царыцы аб захопе Вільні і правядзенні рэасумпцыі Трыбунала ВКЛ і гатовы яго выканаць. Адначасова расійскі ўрад станоўча адрэагаваў на просьбу Ізмайлава аб колькасным павелічэнні яго корпуса. 30 красавіка корпус Ізмайлава выступіў з Каварска ў накірунку Вільні. Войскі прыхільнікаў Станіслава І былі вымушаны адступіць і накіраваліся ў Ашмянскі павет. У пачатку траўня 1734 г. да Вільні наблізіўся і корпус Бісмарка, які, са слоў самога Бісмарка, каля сталіцы ВКЛ разбіў атрад прыхільнікаў Ляшчынскага ў 700 чалавек. Загінула каля 250 чалавек і ўсё кіраўніцтва аддзела[73].

Другая частка войска ВКЛ і расійскі дапаможны корпус агульнай колькасцю 4000 жаўнераў і 5 гарматаў пад кіраўніцтвам Міхала Вішнявецкага 22 красавіка 1734 г. выйшлі з Берасця і праз Кляшчэлі, Заблудаў, Васількаў, Саколку 10 траўня 1734 г. дасягнулі Горадні. Пасля далучэння расійскага гарнізона Горадні (тысяча жаўнераў і 6 тысяч казакоў) войскі пад кіраўніцтвам Вішнявецкага рушылі да Коўна на злучэнне з войскамі Ізмайлава і Мікалая Фаўстына Радзівіла. Тыя, па падліках Томаша Цясельскага, налічвалі каля 11 тыс. жаўнераў. У канцы траўня 1734 г. войскі Вішнявецкага стаялі пад Бальберышкамі, а Ізмайлава і Радзівіла на іншым беразе Нёмана пад Пунямі. 24-26 чэрвеня 1734 г. атрад Вішнявецкага пераправіўся цераз Нёман і разам з войскамі Ізмайлава пачаў наступ на войскі Пацея ў накірунку Ліды[74]. Аднак у канцы чэрвеня 1734 г. Ізмайлаў атрымаў загад царыцы ад 13 чэрвеня 1734 г. ісці з усімі войскамі да Гданьска, куды і рушыў 29 чэрвеня 1734 г. Ганна Іаанаўна прасіла Ізмайлава пастарацца пераканаць ісці разам Вішнявецкага. У выпад ку калі гэта не ўдасца, то расійская царыца настойвала, каб Вішнявецкі далучыўся ці знаходзіўся ў непасрэднай блізасці ад корпуса Бісмарка. Вішнявецкі і Радзівіл добра разумелі, што адыход корпуса Ізмайлава ў Карону пераменіць сітуацыю ў Княстве. Менавіта таму яны не толькі самі засталіся ў Княстве, але і настойліва ўгаворвалі Ізмайлава застацца са сваім корпусам у ВКЛ[75]. Той, аднак, рушыў да Гданьска. Прыхільнікі Аўгуста ІІІ былі вымушаны ісці не ў „наступленне, але абарону да Жамойці”[76]. І толькі 14 ліпеня 1734 г. пад Горадняй Ізмайлаў атрымаў звесткі ад генерал-фельдмаршала Мініха аб капітуляцыі 2 ліпеня 1734 г. Гданьска. Неабходнасці ў прысутнасці Ізмайлава пад Гданьскам не было, і новы загад Мініха пакідаў корпус Ізмайлава ў ВКЛ[77].

Знаходжанне расійскіх войскаў і атрадаў прыхільнікаў Аўгуста ІІІ ў Жамойці і Троцкім ваяводстве давала магчымасць далучаць мясцовую шляхту да Варшаўскай канфедэрацыі. 7 чэрвеня 1734 г. генерал-маёр расійскіх войскаў Людольф Бісмарк у Мітаве выдаў універсал да шляхты Упіцкага павета на скліканне сойміка для прысягі Аўгусту ІІІ на 30 чэрвеня 1734 г. Падставай выдачы універсала Бісмарк называў маніфестацыю упіцкай шляхты аб тым, што ім не дайшлі універсалы Мікалая Фаўстына Радзівіла на скліканне сойміка[78]. Далучалася да Варшаўскай канфедэрацыі і троцкая шляхта. Прыхільнікі Аўгуста ІІІ у Троцкім ваяводстве ў сваёй соймікавай пастанове ад 10 чэрвеня 1734 г. асаблівую ўвагу звярнулі на дзейнасць варожай канфедэрацыі прыхільнікаў Станіслава Ляшчынскага. Саксонскія прыхільнікі абвінавачвалі „ляшчыншчыкаў” у тым, што яны без згоды соймікаў стварылі псеўдаканфедэрацыю, якая не мела права збіраць падаткі, але збірала іх. Прыхільнікі Аўгуста ІІІ на сваім сойміку ліквідавалі ўсе пастановы „Віленскага спіса” і прапаноўвалі змагацца са „свавольнымі купамі”.[79] У канцы чэрвеня — пачатку ліпеня 1734 г. зноў далучылася да Варшаўскай канфедэрацыі жамойцкая шляхта[80].

Прыхільнікі Станіслава І пасля капітуляцыі Гданьска бачылі бесперспектыўнасць змагання з пераважнымі войскамі расіян і прыхільнікаў Аўгуста ІІІ, і ўжніўні 1734 г. нават Пацей схіляўся да прызнання каралём Аўгуста ІІІ і звярнуўся з такой прапановай да Мікалая Фаўстына Радзівіла[81]. Перамовы, аднак, былі перарваны, бо Пацей на чале сваёй кавалерыі рушыўда прускай мяжы на падставе памылковых звестак, што Станіслаў Ляшчынскі мяркуе з Караляўца прыбыць у Рэч Паспалітую і таму патрабуюцца войскі для яго абароны. Кіраўніцтва над войскам (каля 4 тысяч жаўнераў) Антоні Пацей перадаў свайму брату, падчашыю ВКЛ Аляксандру Пацею. Той рушыў са Слоніма ў бок Берасця, дзе аб’яднаўся з атрадамі мясцовых прыхільнікаў Станіслава І. Недалёка ад Пружанаў ён даведаўся аб набліжэнні корпуса расійскіх войскаў пад кіраўніцтвам Ізмайлава і войскаў ВКЛ пад кіраўніцтвам Вішнявецкага. Па падліках Міхала Казіміра Радзівіла, аб’яднаны корпус войскаў Вішнявецкага і Ізмайлава складаў 15 тысяч жаўнераў, а па больш рэальных падліках польскага даследчыка Т. Цясельскага — каля 4,5-5 тысячы пяхоты і драгунаў, a таксама літоўскай, татарскай конніцы і 400 казакоў[82]. У любым выпадку войскі Вішнявецкага і Ізмайлава мелі значную перавагу, бо супрацьстаялі ім у сваёй большасці нерэгулярныя атрады павятовых выправаў. У такой складанай сітуацыі войска прыхільнікаў Ляшчынскага пакінуў Аляксандр Пацей, які перадаў кіраўніцтва над войскам чашніку ВКЛ Юзафу Шчыту. Прыхільнікі Станіслава І не мелі шанцаў пазбегнуць бітвы. Са слоў Міхала Казіміра Радзівіла, прыхільнікі Аўгуста ІІІ не хацелі бітвы з прыхільнікамі Ляшчынскага, але апошнія не пагаджаліся капітуляваць[83]. Шчыт вырашыў абараняцца пад Сяльцом ва ўмацаваным абозе, які з трох бакоў акружалі натуральныя перашкоды: багна і рака Ясельда. Бітва адбылася 19 жніўня 1734 г. Расійскія войскі з дапамогай артылерыі і атакі пяхоты з флангу, якая пераправілася цераз раку Ясельду, уварваліся ва ўмацаваны абоз. Прыхільнікі Станіслава І кінуліся на ўцёкі. Расійскія войскі захапілі шмат палонных, артылерыю і абоз[84].

Пасля перамогі войскі прыхільнікаў Аўгуста ІІІ і каля тысячы расіян праз Ружаны адышлі пад Слонім. Там на ваеннай нарадзе 1 верасня 1734 г. было вырашана, што асноўныя сілы пакінуць Княства і рушаць у Карону. У ВКЛ заставаліся толькі расійскі гарнізон у Слоніме і войска ВКЛ у Слуцку (3 рэгімэнты). Злучыўшыся з расійскімі войскамі Ізмайлава, войскі ВКЛ рушылі на Заблудаў. І толькі 24 кастрычніка 1734 г. Ізмайлаў і Вішнявецкі начале чатырохтысячнага войска рушылі ў ВКЛ. Пад Высокім дайшло да бітвы з двухтысячным аддзелам „станіслаўцаў” на чале з Юзафам Тышкевічам, які адступіў, пабачыўшы колькасную перавагу непрыяцеляў. Войскі „станіслаўцаў” пачалі хуткі адыход на поўдзень, але пад Крывой Вярбой былі вымушаны прыпыніцца для абароны Генеральнага з’езда канфедэрацыі прыхільнікаў Ляшчынскага пад Дзікавам. Дагнаўшы іх пад Камянцом, прыхільнікі Аўгуста ІІІ і расіяне захапілі абоз і рушылі на ўсход. Войскі „станіслаўцаў”, ухіліўшыся ад пагоні, вярнуліся ў Берасце[85]. 11 лістапада 1734 г. расійскі ўрад загадаў генералу Ласі праз Берасце і Луцк ісці на Падолле. Прычым Ласі павінен быў паказваць, што збіраецца атакаваць Пацея пад Берасцем і ўвогуле пераследаваць яго да поўнага разгрому. Сам Ласі мусіў таемна паведаміць Ізмайлаву аб сапраўдных сваіх планах і прасіць заблакаваць Пацею магчымае адступленне ад Берасця ўглыб Княства. Акрамя таго, Ласі павінен быў перадаць Ізмайлаву загад аб руху яго корпуса праз Слуцк на Ўкраіну да Белай Царквы[86].

Ba ўзгоднены план давялося ўносіць змены з-за актыўнасці прыхільнікаў Станіслава І у Ашмянскім павеце. Тут дзейнічалі аддзелы пад кіраўніцтвам ашмянскага харужага Крыштафа Сулістроўскага, лідскага харужага Лукаша Александровіча і палкоўніка Менскага ваяводства Лявона Валадковіча[87]. У выніку яшчэ ў пачатку 1735 г. прыхільнікі Ляшчынскага мелі перавагу ў Віленскім, Менскім ваяводствах і Ашмянскім, Пінскім паветах. Гэта вымусіла ў канцы 1734 — пачатку 1735 г. расійскага генерал-маёра Ізмайлава павярнуць назад у ВКЛ, каб супакоіць гэтыя тэрыторыі. Каб акружыць прыхільнікаў Станіслава І у Ашмянскім павеце, туды з усходу збіраўся рушыць са сваім корпусам палкоўнік Рапнін[88]. Адсутнасць расійскіх войскаў і атрадаў прыхільнікаў Аўгуста ІІІ у паўночна-заходняй частцы ВКЛ давала магчымасць прыхільнікам Ляшчынскага ўтрымліваць кантроль над Вільняй (пяхота, рэгімэнт драгунаў і харугвы конніцы на чале з пісарам ВКЛ Юзафам Брастоўскім). Ізмайлаў і Мікалай Фаўстын Радзівіл вырашылі заняць Вільню. Для ўзмацнення залогі Вільні з лагера прыхільнікаў Ляшчынскага з-пад Бельска быў дасланы атрад кавалерыі на чале з палявым стражнікам ВКЛ Марцінам Пашкоўскім. Узмацнілі залогу Вільні і атрад на чале з рэферэндарам ВКЛ Дамінікам Валовічам, які складаўся з 6-харугвай гусарыі, рэгімэнта драгунаў палявой булавы на чале з палкоўнікам Путкамерам, швадронам на чале з паручнікам Барнабам Кржыўкоўскім, швадрона на чале з паручнікам Бітаўтам і двухсот чалавек кавалерыі пярэдняй стражы войска ВКЛ на чале з палкоўнікам Юзафам Сасноўскім. Войскі прыхільнікаў Аўгуста ІІІ і расійскі аддзел колькасцю 500 кірасіраў, 200 драгунаў і каля 4 тыс. пяхоты паспрабавалі ўвайсці ў Вільню, але перашкодзіла гэтаму атака прыхільнікаў Ляшчынскага. Яны, спусціўшыся з гары каля касцёла св. Стэфана, атакавалі кірасіраў і прымусілі іх адступіць, што перашкодзіла страляць пяхоце, якая баялася параніць сваіх жа кірасіраў. У выніку аб’яднанае войска прыхільнікаў Аўгуста ІІІ і расіян страціла забітымі каля двухсот жаўнераў і было вымушана адступіць[89].

Вясной — летам 1734 г. расійскі корпус Рапніна замацаваў перавагу прыхільнікаў Аўгуста ІІІ і на ўсходзе ВКЛ. Па падліках Тадэвуша Агінскага, Рапнін меў у Віцебску каля 3 тыс. войска. Дапамагалі яму аддзелы Ларскага і Адама Кроера. Апошні, па падліках Агінскага, меў 100 чалавек конніцы і каля 600 пяхоты[90]. 5 траўня 1734 г. Рапнін паведаміў аб паспяховай аперацыі свайго корпуса ў Полацкім ваяводстве, аб перамозе над прыхільнікамі Станіслава І і нават аб захопе ў палон цэлай харугвы. 16 траўня 1734 г. на загад царыцы Рапнін зноў выступіў у паход на Оршу для змагання з прыхільнікамі Станіслава І. Не дайшоўшы туды, ён выслаў у Оршу і Шклоў аддзелы секунд-маёраў Арлова і князя Пуцяціна, якія сутыкнуліся з войскамі прыхільнікаў Ляшчынскага пад кіраўніцтвам Агінскага і Юзафовіча на пераправе цераз раку Друць, дзе і разгарнулася бітва, у ходзе якой войскі Станіслава І вырашылі за лепшае адступіць[91].

Дзейнасць корпуса Рапніна дазваляла пашыраць уладу Аўгуста ІІІ на новыя тэрыторыі. Соймік Аршанскага павета на падставе універсала аршанскага падсудка Астравуха быў скліканы на 16 чэрвеня 1734 г. Юзафовіч пагражаў шляхце: „калі хтосьці рашыўся б быць прытомны акту таму ці якім спосабам быў радай і дапамогай як непрыяцеля Бацькаўшчыны будзе пастаўлены перад суд Генеральнай Канфедэрацыі ВКЛ будуць на смерць караны і ўладанні будуць канфіскаваны”[92]. Але прыхільнікі Аўгуста ІІІ у Аршанскім павеце не спужаліся пагроз Юзафовіча, сабраліся на свой соймік, прынялі прысягу і выслалі сваіх паслоў да расійскай царыцы Ганны Іаанаўны[93].

Пералом у барацьбе паміж Юзафовічам і Рапніным адбыўся толькі напрыканцы чэрвеня 1734 г. Расійскі атрад пад кіраўніцтвам маёра Арлова і атрад прыхільнікаў Аўгуста ІІІ пад кіраўніцтвам ротмістра Кроера перамог у некалькіх сутычках атрады Юзафовіча і захапіў шмат палонных. Менавіта тады ў Оршу прыбыла значная колькасць мясцовых шляхцічаў, якія прысягнулі Аўгусту ІІІ. Канчаткова шалі схіліліся на бок Аўгуста ІІІ у сярэдзіне жніўня 1734 г., калі за ракою „Беразою”[94] Рапнін разбіў асноўныя сілы Юзафовіча і прымусіў рэшткі атрадаў прыхільнікаў Станіслава І адступіць з Аршанскага павета[95]. Такім чынам, пры дапамозе корпуса Рапніна ўлада Аўгуста ІІІ была прызнана амаль усёй шляхтай усходніх ваяводстваў ВКЛ і 1 верасня 1734 г. Рапнін паведамляў, што сітуацыя ў Віцебскім, Мсціслаўскім ваяводствах і Аршанскім павеце складваецца „благополучно и противных собраний нигде неимеетца, такожде и полоцкое воеводства усмирено, токмо онного воеводства шляхетства малая часть присягала в верности Августу ІІІ”[96]. Мала што змянілася і да канца кастрычніка, бо 30 кастрычніка Рапнін зноў паўтараў аб спакоі на гэтай тэрыторыі Княства, але зноў канстатаваў малую колькасць тых, хто прысягнуў Аўгусту ІІІ сярод полацкай шляхты[97]. Трэба было нешта рабіць, і Рапнін у сярэдзіне кастрычніка 1734 г. накіраваўся ў Полацкае ваяводства. Па шляху ён напісаў полацкаму гродскаму пісару Антонію Сяляве і полацкаму земскаму пісару Базылю Рыпіньскаму, каб шляхта ваяводства сабралася ў Полацку і Аўгусту ІІІ „в верности присягу чинила”[98].

У выніку 2 снежня 1734 г. на падставе універсалаў маршалка Варшаўскай канфедэрацыі Антонія Панінскага адбыўся соймік Полацкага ваяводства, на якім мясцовая шляхта прысягнула Аўгусту ІІІ. Гэты універсал быў перададзены полацкаму харужаму Аляксандру Корсаку ад расійскага пал коўніка Рапніна. Корсак склікаў соймік на 2 снежня 1734 г. Дырэктарам сойміка быў полацкі харужы Аляксандр Корсак. На сойміку пасламі да расійскай царыцы Ганны Іаанаўны і Аўгуста ІІІ былі абраны інфлянцкі войскі Людвік Шантыр і інфлянцкі скарбнікЯн Гізберт. Соймікавыя пастановы з мясцовых ураднікаў падпісалі: харужы Аляксандр Корсак, падсудак Антоні Сялява, земскі пісар Базыль Рыпіньскі, скарбнік Казімір Буйніцкі, крайчы Раман Лянкевіч, лоўчы Ян Война і будаўнічы Францішак Рыпіньскі. Акрамя іх пастанову полацкага сойміка падпісала яшчэ 112 шляхцічаў[99].

Рапнін ужо не быў у Полацкім ваяводстве пад час правядзення сойміка, бо па загадзе Ізмайлава ад 19 лістапада 1734 г. рушыў у Менскае ваяводства. Па шляху ён выслаў спецыяльны аддзел з 200 жаўнераў і 100 казакоў да Слуцка, заняцце якога было ўзгоднена з нясвіжскімі Радзівіламі. Тыя спецыяльна ўпусцілі расійскі гарнізон у Слуцк, каб перашкодзіць магчымаму нападу войскаў прыхільнікаў Ляшчынскага на гэты горад[100].

Крыху раней (20 лістапада 1734 г.) на свой соймік сабралася мсціслаўская шляхта. На ім былі прыняты рашэнні накіраваць паслоў да расійскага палкоўніка Юрыя Рапніна, расійскага брыгадзіра і віцэ-губернатара Смаленска Шэпелева і маёра Аленіна. Паслом да Рапніна і Шэпелева быў вызначаны мсціслаўскі падстароста і ўгішскі староста Крыштаф Валовіч, які павінен быў на падставе акта абароны расійскай царыцы Ганны Іаанаўны для Мсціслаўскага ваяводства прасіць не патрабаваць выплаты правіянту расійскім войскам, прасіць у Шэпелева абароны ад нападу смаленскай шляхты. Адначасова да маёра Аленіна ў Быхаў быў накіраваны паслом вількамірскі скарбнік Юры Тамашэвіч, які на падставе ўсё таго ж акта абароны Ганны Іаанаўны павінен быў не толькі прасіць не выдаваць правіянт расійскаму войску, але і вярнуць ужо ўзяты правіянт расійскім атрадам з Магілёва[101].

Пра канчатковую перавагу шаляў на бок прыхільнікаў Аўгуста ІІІ сведчыла тое, што з канца 1734 г. шляхта многіх ваяводстваў з цэнтра і захаду ВКЛ пачала далучацца да Варшаўскай канфедэрацыі і накіроўваць сваіх паслоў да Міхала Вішнявецкага, Міхала Казіміра Радзівіла, Мікалая Фаўстына Радзівіла і расійскага генерал-лейтэнанта Льва Ізмайлава[102].

У выніку Ізмайлаў у канцы лютага 1735 г. даносіў аб поўным выгнані атрадаў прыхільнікаў Станіслава І з Троцкага і Віленскага ваяводстваў „их поветов ошмянского и ковенского”. Існавала яшчэ пагроза якой-небудзь „дыверсіі” з боку прыхільнікаў Ляшчынскага, і Ізмайлаў для кантролю над захадам ВКЛ размясціў свае атрады ў асноўных гарадах: у Горадні — Пермскі пяхотны полк, Наваградку — Сібірскі полк, Слоніме — Кексгольмскі полк, Троках і Троцкім ваяводстве — драгунскі Нарвскі полк, Вільні — пяхотны Неўскі полк. У сталіцы ВКЛ збіраўся размясціцца і сам Ізмайлаў і быць там да канца красавіка 1735 г., каб правесці рэасумпцыю Трыбунала ВКЛ. Акрамя таго, Ізмайлаў паслаў моцныя сілы на дапамогу генералу Ласі і генерал-маёру Бісмарку, якія мусілі перашкодзіць прыхільнікам Ляшчынскага дзейнічаць не толькі ў Гарадзенскім і Ваўкавыскім паветах, але і ў Берасцейскім ваяводстве[103]. Па шляху ў Вільню Ізмайлаў разбіў аддзел „станіслаўцаў” пад кіраўніцтвам Яна Адахоўскага, якога нават узяў у палон. Паланілі таксама ротмістра і 45 жаўнераў, а каля 30 жаўнераў загінула[104].

Расійскія перамогі прывялі і да перамены настрояў шляхты цэнтральных тэрыторый ВКЛ. Сабраўшыся 10 сакавіка 1735 г. на рэляцыйным сойміку, менская шляхта заявіла, што, не меўшы ніводнага скліканага сойміка пасля элекцыйнага сойму 1733 г., паддалася „публічнай нібыта згодзе” і на сваім грамнічным сойміку ў 1734 г. услед за„іншымі паветамі і ваяводствамі” далучылася да Генеральнай канфедэрацыі ў абарону Станіслава Ляшчынскага, а цяпер „адступіўшы ўсіх спіскаў і канфедэрацый у мінулым годзе чыненых элекцыю Найяснейшага караля Ягамосць Аўгуста ІІІ за адзіную слушную прызнаем”[105]. Пастанову сойміка разам з дырэктарам гайнаўскім старостам Міхалам Валадковічам падпісала 37 шляхцічаў. Сярод іх былі амаль усе прадстаўнікі мясцовай эліты: войскі Францішак Валадковіч, падстароста Бенедыкт Карніцкі, скарбнік і гродскі суддзя Стэфан Быкоўскі, гродскі пісар Тэафіл Жыжэмскі, мечнік Юры Паморскі, лоўчы Антоні Карніцкі і інфлянцкі кашталяніч Антоні Пшаздзецкі[106]. Яшчэ раней пад час грамнічнага сойміка менская шляхта абрала дэпутатамі на Трыбунал ВКЛ свайго чашніка Антонія Ратыньскага і інфлянцкага крайчага Яна Філіповіча. Ужо на тым сойміку былі абраны паслы да Мікалая Фаўстына Радзівіла, Міхала Казіміра Радзівіла і расійскага генерал-лейтэнанта Льва Ізмайлава[107].

Асноўныя сілы Станіслава І пад кіраўніцтвам Пацея ў студзені 1735 г. з Берасця праз Наваградак накіраваліся да Радашкавіч, а адтуль да Вільні, якую абышлі з поўдня і рушылі да Пуняў. Увесь час іх пераследавалі аддзелы Міхала Казіміра Радзівіла і Льва Ізмайлава, якія аб’ядналі свае сілы пад Бутрыманцамі і 14 лютага 1735 г. перайшлі Нёман каля Пунь. Пацей адступіў перад перасяжнымі сіламі Ізмайлава і Радзівіла да Кальварыі, а потым да Сідра і Ліпска, дзе аб’яднаўся з атрадамі Міхала Патоцкага, якія прыбылі з Валыні. Адтуль аб’яднаныя сілы Пацея і Патоцкага праз Аўгустоўскую пушчу пайшлі пад Сейн. Тут былі нагнаны расійскім аддзелам маёра Азямблоўскага колькасцю 700 жаўнераў[108]. 10 красавіка 1735 г. пад Бортнікамі адбылася бітва войскаў Пацея з расійскімі сіламі Азямблоўскага. Пацею ўдалося адбіць першую атаку праціўніка, дзякуючы „мужнасці некалькіх швадронаў, асабліва першага пад камандай Ягамосць Пана Пашкоўскага”. Па яўна перабольшанай інфармацыі Пацея, у гэтай сутычцы загінула каля 200 расійскіх жаўнераў. Войскі ВКЛ перайшлі ў наступ, але не так удала, бо не мелі „пяхоты і чужаземнай кавалерыі”, а расійскія войскі і так вымушаны былі адступіць[109]. Нягледзячы на перамогу, Пацей інфармаваў, што з усіх бакоў аточаны расійскімі войскамі[110]. У выніку сілы Пацея праз Прусію адступілі да Варміі. Частка войска спрабавала праз Прусію прарвацца на Жамойць, але, акружаная, была вымушана здацца. Войска прыхільнікаў Станіслава І пачало рассыпацца. У канцы траўня 1735 г. Ізмайлаў даносіў, што больш за тысячу афіцэраў і жаўнераў з атрадаў прыхільнікаў Станіслава І прыбыло да яго і маёра фон Бірона і прысягнула Аўгусту ІІІ. У выніку 30 траўня 1735 г. уладу Аўгуста ІІІ прызналі 1221 жаўнер[111].

Нечакана ў прыхільнікаў Аўгуста ІІІ і расіян узніклі праблемы ва ўсходніх ваяводствах ВКЛ. Туды ў канцы 1734 г. Антоні Пацей накіраваў атрад пржавальскага старосты Тадэвуша Агінскага для атрымання падаткаў на войска. З’яўленне аддзела Агінскага ўзварушыла прыхільнікаў Ляшчынскага на гэтай тэрыторыі. У выніку канфедэрацыі ў абарону Ляшчынскага былі створаны нават у Мсціслаўскім ваяводстве[112]. Там напужаныя прыхільнікі Аўгуста ІІІ папрасілі дапамогі ў расійскіх войскаў для правядзення свайго сойміка: „поляки идут на Русь и уже-де на сей стороне Минска обретаются и подъезды их бывают около Шклова и Орши, и требовал оный староста [Крыштаф Валовіч], чтоб для защищения их сеймиков прислать к нему из Смоленска людей, 500 человек, с двумя или четырьмя пушками”[113].

Некалькі месяцаў Агінскі ўдала пазбягаў бітваў з мацнейшымі сіламі расіян і прыхільнікаў Аўгуста ІІІ. Толькі ў красавіку 1735 г. пад Крычавам перасяжныя сілы праціўніка прымусілі яго пачаць адступленне на Шклоў. Па дарозе Агінскі паспрабаваў захапіць Оршу, але расійская залога была большай, чым здавалася, і лёгка адбіла атаку Агінскага. Больш за тое, расійскі атрад вахмістра Рагаўцова нанёс паразу „станіслаўцам”, і тыя вымушаны былі хутка адступаць праз Чарэю, Дзісну аж да Глыбокага. Там яны ледзь не трапілі ў атачэнне: Мікалай Фаўстын Радзівіл на чале сваёй дывізіі набліжаўся ад Ушач, другая дывізія ішла ад Чарэі, трэцяя — ад Дзісны, князь Друцкі рушыў з боку Ігумена, а оберлейтэнант Лівен з Вільні накіраваў двухтысячны аддзел татараўі пінскі рэгімэнт у 200-300 жаўнераў. У выніку з баямі Агінскаму ўдалося адступіць да Докшыц. Там ён быў акружаны і зноў разбіты расійскімі войскамі. Агінскі адышоў да Дольцаў, дзе зноў былі нагнаны і разбіты войскамі прыхільнікаў Аўгуста ІІІ. Рэшткі фармаванняў Агінскага праз Лепель і Барысаў (дзе пераправіліся цераз Бярэзіну) адступілі да Бабруйска. Расійскі аддзел, які знаходзіўся ў Менскім ваяводстве, пачаў свой наступ на атрад Агінскага, і той вымушаны быў рушыць да Петрыкава, дзе пераправіўся праз Прыпяць, каб пайсці на Валынь. Аднак расіяне (5 тыс.) перашкодзілі ажыццявіць гэты намер. У выніку Агінскі распусціў свой атрад, а сам накіраваўся ў Каралявец[114]. Так у ВКЛ скончыў існаванне апошні значны кантынгент прыхільнікаў Станіслава Ляшчынскага, і перамога поўнасцю аказалася на баку прыхільнікаў Аўгуста ІІІ і іх расійскіх саюзнікаў.

Такім чынам, можна зрабіць наступныя высновы. З самага пачатку рух саксонскіх прыхільнікаў у ВКЛ быў малалікім і фактычна абмяжоўваўся коламі наваградскага ваяводы Мікалая Фаўстына Радзівіла, мечніка ВКЛ Ігната Завішы і іх кліентамі. Дзякуючы Радзівілу і Завішу шляхта Наваградскага і Менскага ваяводстваў, Ваўкавыскага павета стала асновай Варшаўскай канфедэрацыі, якая 5 кастрычніка 1733 г. пад імем Аўгуста ІІІ абрала каралём саксонскага курфюрста Фрыдэрыка Аўгуста. Далейшае пашырэнне колькасці прыхільнікаў Аўгуста ІІІ адбывалася ў асноўным праз пагрозы аддзелаў Мікалая Фаўстына Радзівіла, Юзафа Агінскага і расійскіх военачальнікаў: Ізмайлава, Бісмарка і Рапніна. У выніку да канца 1733 г. прысягу на вернасць Аўгусту ІІІ прынесла шляхта Гарадзенскага, Ваўкавыскага, Слонімскага паветаў і Берасцейскага ваяводства. Вяртанне ў ВКЛ войскаў Антонія Пацея і хуткае стварэнне павятовых канфедэрацый у абарону Станіслава І прывялі амаль да поўнага знішчэння руху прыхільнікаў Аўгуста ІІІ. Толькі на ўсходзе ВКЛ у канцы зімы — пачатку вясны 1734 г. яны ўмацавалі свае пазіцыі пры падтрымцы расійскага корпуса Рапніна. Прысягу на вернасць Аўгусту ІІІ прынеслі канфедэрацыі Віцебскага і Мсціслаўскага ваяводстваў і Аршанскага павета. Праўда, у Аршанскім павеце канфедэрацыя існавала толькі ў прысутнасці войскаў Рапніна. Дамінавалі ў павеце прыхільнікі Ляшчынскага на чале з аршанскім гродскім старостам Аляксандрам Юзафовічам. Вясной 1734 г. у ВКЛ сканцэнтравалася прыкладна 19 тыс. расійскага войска, што і колькасна, і асабліва якасна пераўзыходзіла сілы прыхільнікаў Станіслава І. Нягледзячы на гэта, аддзелам „ляшчыншчыкаў” удавалася пазбягаць бітвы з асноўнымі сіламі расіян і наносіць значныя шкоды сваімі нечаканымі нападамі. Выправам „ляшчыншчыкаў” удавалася далучаць усё новыя і новыя паветы да канфедэрацыі ў абарону выбара Станіслава І. У такой сітуацыі нават пры падтрымцы расійскіх войскаў рух прыхільнікаў Аўгуста ІІІ не меў шанцаў атрымаць перавагу ў ВКЛ. Толькі капітуляцыя Гданьска (2 ліпеня 1734 г.), павелічэнне колькасці расійскіх войскаў і ix поспехі ў бітвах з прыхільнікамі Станіслава І (бітва пад Сяльцом і іншыя) летам 1734 г. канчаткова схілілі шалі на карысць прыхільнікаў Аўгуста ІІІ. Але змаганне яшчэ працягвалася, і толькі ў канцы 1734 г. — пачатку 1735 г. прыхільнікі Станіслава І сталі складаць зброю і прызнаваць уладу Аўгуста ІІІ.


[1] Герье B. Борьба за польский престол в 1733 году. Москва, 1862. Доп. С.138.
[2] Dygdała J. Dylematy austriackiej polityki wobec Rzeczypospolitej podczas bezkrólewia 1733 roku // Acta Universitatis Nicolai Copernici. Historia. nr XXVIII. 1993.S. 111,113.
[3] Dygdała J. Saskie próby infiltracji środowisk szlacheckich podczas bezkrólewia 1733roku // Kwartalnik Historyczny. R.CX. 2003. Z. 4. S. 65; Kantecki K. Stronnictwo saskie w Polsce roku 1733: kilka rysów do charakterystyki ludzi i czasu // Niwa. 1877.R.6.T. 11. S. 857.
[4] Герье B. Борьба за польский престол… C. 392.
[5] Національна бібліотека України імені В.І. Вернадскького. Інститут рукопису(далей НБУВ. ІР). Ф. 1. № 6066. Л. 5,41,44. Падрабязней: Macuk A. Szlachta wojewуdztwa nowogródzkiego wobec elekcji Stanisława Leszczyńskiego i Augusta III w 1733 r. // Przegląd Historyczny. 2005. Z. 1. S. 40-60.
[6] Burba D. Lietuvos Didžioji Kunigaikštystė pasiuntinių viekla Abiejų Tautų Respublikos Seimuose 1733—1736 m. politinio-karinio konflikto metu // Parlamento studijos. 2006. T. 6. P. 18-19.
[7] Герье B. Борьба за польский престол… C. 393.
[8] Dygdała J. Saskie próby infiltracji środowisk szlacheckich podczas bezkrуlewia 1733 roku // Kwartalnik Historyczny. R.CX. 2003. Z. 4. S. 61.
[9] Падрабязней: Dygdała J. Urażone magnackie ambicje czy racja stanu? U źródeł opozycji wobec kandydatury Stanisława Leszczyńskiego w bezkrólewiu 1733 roku // Spory o Państwo w dobie nowożytnej. Między racją stanu a partykularyzmem. Łódź, 2007. S. 188-199; Sliesoriūnas F. Lietuvos Didžioji Kunigaikštystė 1733-1736 metų tarpuvaldžiu// Lietuvos Valstybė XII-XVIII a. Vilnius, 1997. S. 375-376; Sliesoriūnas F. Georgo von Lieweno misija Lietuvoje 1733 m. pavasarį. Rusijos bandymas iškelti jai priimtino „Piasto” kandidatūrą į Lenkijos ir Lietuvos valdovo sostą priešpaskutinio tarpuvaldžio metu // Istorijos Akiračiai. Vilnius, 2004. S. 289-306; Macuk A. Magnaci WKL i alternatywna Stanisławowi Leszczyńskiemu kandydatura „piasta” w 1733 [у друку].
[10] Szklarska E. Od centrum ku peryferiom. Konfederacja warszawska jako narzędzie legitymizacji władzy Augusta III // Dwór a kraj. Między centrum a peryferiami władzy. Kraków, 2003. S. 509.
[11] Акты, издаваемые Виленской археографической комиссией (далей АВАК). Т. 4.Вильна, 1870. С. 485-486.
[12] Ciesielski T. Litwini wobec elekcji Stanisława Leszczyńskiego [у друку].
[13] АВАК. Т. 4. С. 487-488.
[14] Lisek A. Postawa Radziwiłłów w okresie przedostatniego bezkrólewia i w poerwszych miesiącach wojny domowej (1733-1734) // Radziwiłłowie. Obrazy literackie.Biografie. Świadectwa historyczne. Lublin, 2003. S. 368.
[15] АВАК. Т 4. С. 490-497.
[16] Matuszewicz M. Diariusz życia mego. T.1. Warszawa, 1996. S. 76.
[17] Lisek A. Postawa Radziwiłłów… S. 367.
[18] Matuszewicz M. Diariusz życia mego. T. 1. S. 77.
[19] Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі (далей НГАБ). Ф. 1711. Воп. 1. Спр. 24.Арк. 780-783адв.
[20] Lisek A. Postawa Radziwiłłów… S. 368.
[21] НГАБ. Ф. 1737. Воп. 1. Спр. 31. Арк. 714-717адв.
[22] НГАБ. Ф. 1737. Воп. 1. Спр. 31. Арк. 718-721адв.
[23] НГАБ. Ф. 1737. Воп. 1. Спр. 31. Арк. 733-736адв.
[24] Сборник императорского русского исторического общества (далей СИРИО).Т. 106. СПб, 1899. С. 492.
[25] Sliesoriūnas F. Mūšis prie Vilniaus ir miesto nusiaubimas 1734 metais // Lietuvair jos kaimynai: nuo Normanų iki Napoleono. Prof. Broniaus Dundulio atminimui.Vilnius, 2001. P. 314.
[26] СИРИО. Т. 106. С. 548: „в костелах [универсалы] о восшествии его королевского величества на престол польский публиковать, дабы в Литве подлый народоб оном мог знать, что курфирст саксонский учинен королем польским, а неЛещинский; и тако надеюся, что многие подлые люди, которые ныне забранык Поцею в службу, известясь, от него разойдутся; а ныне, как слышно, что подлой народ в Литве токмо о выборе Лещинскаго известны”. Ужо даволі хуткаІзмайлаў стаў распаўсюджваць падобныя універсалы. — LVIA, SA 5958, p. 78-79v.
[27] Sliesoriūnas F. Mūšis prie Vilniaus… P. 315-316.
[28] Бутурлин Д. Военная история походов россиян в XVIII ст. Ч 3. СПб, 1823. С. 30; Sliesoriūnas F. Mūšis prie Vilniaus ir miesto nusiaubimas 1734 metais. P. 315.
[29] Latvijas valsts vestures archivs (далей LVVA). F. 4038. Op. 1. ^. 2209. S. 3-3v.
[30] СИРИО. Т. 108. СПб, 1900. С. 42.
[31] Тамсама. С. 38.
[32] Российский государственный архив древних актов (далей РГАДА). Ф. 177.1733 г. Д. 16. Л. 12-12об.
[33] РГАДА. Ф. 177.1733 г. Д. 16. Л. 45.
[34] AGAD. AR. Dz. IV. Sygn. 659. F. Radziwiłł do M.K. Radziwiłła, Nieśwież, 26.01.1734.K. 91. AGAD. AR. Dz. IV. Sygn. 659. F. Radziwiłł do A. Radziwiłł, Nieśwież, 26.01.1734.K. 295.
[35] Францішка Уршуля Радзівіл. Выбраныя творы. Мінск, 2003. C. 338.
[36] Lisek A. Obуz Stanisławowski na Litwie w okresie wojny o tron polski do zawiązania konfederacji generalnej wileńskiej (1733—1734) // Studia Historyczne. R. L. 2007. Z. 2. S. 135.
[37] РГАДА. Ф.177.1734 г. Д. 16. Л. 5.
[38] РГАДА. Ф.177.1734 г. Д. 16. Л. 5.
[39] Даволі падрабязна аб ходзе бітвы вядома з рэляцыі самога Ізмайлава: „командами референдария Воловича, региментария Пашковского, Кричиского, Ланевского, Шервинского, Бростовского, Панцинского и Важинского. На зело великой горе построилос в ордер баталии и боронило нам над оное дефиле, чтоб нам не перейтить, а дефиле было как у горы спущаться ускою дорогою. Тако и на гору всходить весьма тесно, над которою переправою я батальон Ладожского полку, который был в авангардии остановил и ожидал покуда кирасирский Минихов, и драгунский Нарвской да пехотные Сибирской и командированной из Риги первой полки не наступили. А второй командированной полк, и болшая часть казаков за всеми обозами в арьиргардии были и как скоро те полки пришли, того часу командировал роту гранодеров Сибирскаго полку. За ними Ладожской батальон и Сибирской полк. А неприятель с горы почал стрелять, потом из них некоторые отважнейшие приближась к долине почали стрелять, однако ж невредительно. Перебравшись чрез первое дефиле маршировал долиною к той горе где неприятель стоял дорогою. И велел кирасирскому полку выбратца, которой в самой скорости, то дорогою, то стороною выбравшись, и усмотря по левой руке в двести саженях от того места где инфантерия на гору взбиралась промеж косогорья способное место шквадроном въехал на гору и построился. А за ни Нарвской драгунский полк, которого полку токмо две роты выбрались были. Как неприятель на казаков и драгунскую командированую от каргапольского полку роту ударил , которые от силнаго и жестокого их нападения устоять не могли, и ретировались за фронт кирасирского и Нарвского полков, и тако неприятель на кирасирской и на Нарвский шквадрон напал, однако ж нашед храброй отпор, те которыя не ушли побиты, а протчия ушли. А ис поляков не все войско наступило, пока же первых розбито, то другие назад отступили и опять в саженях в триста или четыреста от нас построились. Тем временем и мы успели ордер до баталии учинить, и пошли в двух линиях против неприятеля с пушечною стрельбою, который не подпустя нас к себе блиско побежал разными дорогами. А я строем к самому городу маршировал а угнацца за неприятелем для наших зело нужных лошадей было некому к тому ж хотя б и сыты были догнать было невозможно. А пехоте и драться не случилось. Подступя под город, послал я трубача в город с объявлением ежели город к нам благосклоненный, чтоб бурмистры вышли к нам, хотя от них известится о намерениях неприятельских” — РГАДА. Ф. 177.1734 г. Д. 16. Л. 5об-6. У маніфесце да ВКЛ Ізмайлаў сцвярджаў, што пасля першых сутычак прыхільнікі Ляшчынскага па невядомай прычыне самі разбегліся ў невядомым накірунку, а генерал пры гэтым не пераследаваў іх, бо, маўляў, быў позні час, а на мэце бітвы было вызваленне Вільні. — LVIA, SA 5958, p. 76-77v.
[40] РГАДА. Ф. 177.1734 г. Д. 16. Л. 6.
[41] РГАДА. Ф. 177. 1734 г. Д. 16. Л. 78об-79. Тая цытата таксама ёсць у дадаткаху артыкуле Sliesoriūnas F. Mūšis prie Vilniaus… P. 326-327. Адначасова з мэтай прапаганды Ізмайлаў у маніфесце да ВКЛ сцвярджаў, што шкоды жыхарамВільні былі зроблены як сялянамі з Ашмянскага павета, так і расійскіміказакамі. Шкоды былі рэкампенсаваны, а вінаватыя казакі пакараны. — LVIA,SA5958,p.76-77v.
[42] AGAD. AR. Dz. IV. Sygn. 660. F. Radziwiłł do M.K. Radziwiłła, Nieśwież, 16.02.1734.K.11.
[43] Sliesoriūnas F. Mūšis prie Vilniaus… P. 327.
[44] НБУВ. ІР. Ф. 1. № 5086. Л. 45-49.
[45] LVVA. F. 4038. Op. 1. D. 2209. S. 35-36.
[46] Sliesoriūnas F. Mūšis prie Vilniaus… P. 314.
[47] РГАДА. Ф. 177.1733 г. Д. 7. Л. 8.
[48] РГАДА. Ф. 177.1733 г. Д. 7. Л. 9.
[49] РГАДА. Ф.177.1733 г. Д. 7. Л. 8,12.
[50] РГАДА. Ф. 177.1733 г. Д. 7. Л. 13.
[51] РГАДА. Ф. 177.1734 г. Д. 18. Л. 7.
[52] РГАДА. Ф. 177.1734 г. Д. 18. Л. 11-11об.
[53] РГАДА. Ф. 177.1734 г. Д. 18. Л. 21.
[54] РГАДА. Ф. 177.1734 г. Д. 18. Л. 22-22об.
[55] РГАДА. Ф. 177.1734 г. Д. 18. Л. 43.
[56] РГАДА. Ф. 177.1734 г. Д. 18. Л. 56-56об.
[57] РГАДА. Ф. 177.1734 г. Д. 18. Л. 23.
[58] Dyariusz życia Ignacego Łopacińskiego // Biblioteka Warszawska. 1855. T. III.S. 398-399.
[59] СИРИО. Т. 108. СПб, 1900. С. 21.
[60] СИРИО. Т. 106. СПб, 1899. С. 621.
[61] СИРИО. Т. 106. С. 621-622; РГАДА. Ф. 177.1734 г. Д. 18. Л. 21об.
[62] РГАДА. Ф.177.1734 г. Д.18. Л. 26.
[63] СИРИО. Т. 108. С. 46, 63.
[64] РГАДА. Ф. 177.1734 г. Д.18. Л. 24.
[65] СИРИО. Т. 108. С. 63.
[66] „Прошедшаго февраля 17 дня выступил я из Витебска в Полоцк для розганивания противничьих партей и харунг. И прибыл с командою тогож февраля 25 дня не доходя Полоцка за четыре мили в деревню Туровлю и ис той же деревни тот же день пополудни в четвертом часу прибыл ис Полоцка Иосиф Пакушстолник и маршалок конфедерации полоцкой с противными станиславовскими харунгами, собрався со всем полоцкого воеводства шляхетством да с крестьянства имелось с каждаго дыму собрано по мужику пешему, да с трех дымов по одному человеку конному, и по тарифе имеется в Полоцком воеводстве четыре тысечи восемсот дымов, и того ж имелось конных и пеших в собраниив противничьих хорунгах, кроме шляхетства, шесть тысечь четыреста человеки построились оные против команды моей на поле возле лесу, и усмотря оныхтого ж часу выступил я с командою против тех противных харунг и построилсвою команду в ордер де баталии, и увидев оное противничьи партии того жчасу прислали ко мне одного шляхтича Гизберта скарбника инфлянского сообъявлением, что оне войны и противностей никаких с войском ея императорского величества иметь не намерены, на что я им объявил, коли войны ипротивности с войском ея императорского величества иметь не намерены,для чего собрали харунги, и ежели тотчас харунги не распустят, и противитсястанут то буду с ними поступать неприятелски воруженною рукою, и устрашас оные ея императорского величества славного оружия отдали харунгу исо знамем в заставу ко мне с порутчиком Яном Грибовским да харунжева ЯнаБурскаго жалнер деветнатцаеть человек с таким обстоятельством, дабы импротивности никакох не чинить и харунги распустить. И в то время противничьи харунги рабежались, и на другой день 26 числа прислан был от него ж Пакуша ко мне показанной же Гизберт и объявил писменные пункты за рукою оного маршалка Пакуша, которые пункты при сем посылаю ея императорского величества в кабинет на которые пункты объявлено от меня пакисловесно присланному Гизберту, дабы объявил он маршалку Пакушу и всегополоцкого воеводства шляхетству, что б оне к генералной конфедерации варшавской приступили и в верности его королевскому величеству полскому Августу Третьему присягу учинили и подписались, и харунги все бы распущеныбы были, а ежели не распустят и противится станут, то буду потому ж с нимипоступать неприятелски воруженною рукою и того ж числа со всею командою пошел я к Полоцку и как того ж месяца 27 числа пришел я в Полоцк тоникого противничьих собраней не застал, а мужики, которые собраны быливсе разбежались, також шляхетство с харунгами некоторые разбежались же. Анекоторые по уведомлению моему от здешних обывателей объявляют бутторозъезды имеют в милях осми от Полоцка и послали до Потею сукурсу требовать, а оного воеводства шляхетство и мещане все присягали Лещинскому”. —РГАДА. Ф. 177.1734 г. Д. 18. Л. 29-30. Выказваю падзяку расійскаму даследчыку Кірылу Качагараву за прадастаўлены тэкст рэляцыі Рапніна.
[67] РГАДА. Ф.177.1734 г. Д. 18. Л. 59.
[68] СИРИО. Т. 108. С. 115,117,122.
[69] СИРИО. Т. 108. С. 124,132,139,142.
[70] Бутурлин Д. Военная история походов россиян в XVIII столетии. С. 87, 92.
[71] LVVA. F. 4038. Op.1. D. 2209. S. 3; LVVA. F. 4038. Op.1. D. 2210. S. 23.
[72] РГАДА. Ф. 177.1734 г. Д. 13. Л. 21-21об.
[73] СИРИО. Т. 108. С. 133,134,137,174.
[74] Дыярыюш Князя Міхала Казімера Радзівіла Ваяводы Віленскага, ГетманаВялікага ВКЛ // Спадчына. 1995. №2. С. 73; Ciesielski T. Litwini wobec elekcji Stanisława Leszczyńskiego [у друку].
[75] СИРИО. Т. 108. С. 208-209, 274.
[76] Дыярыюш Князя Міхала Казімера Радзівіла Ваяводы Віленскага… С. 74.
[77] СИРИО. Т. 108. С. 294, 306.
[78] LVVA. F. 4038. Op. 1. D. 2210. S. 27-27v.
[79] Burba D. 1734 m. LDK Generalinė Konfederacja. magistrinis darbas. // Vilniaus Pedagoginis Universitetas. Istorijos fakultetas. Lietuvos istorijos katedra. Vilnius, 2002,S. 70.
[80] СИРИО. Т. 108. С. 261.
[81] Slesoriūnas F. The General confederation of the Grand Duchy of Lithuania (1734-1736) // Lithuanian historical studies. 2003. Vol.8. P. 70.
[82] Ciesielski T. Litwini wobec elekcji Stanisława Leszczyńskiego [у друку].
[83] AGAD. AR. Dz. IV. Sygn. 402. M.K. Radziwiłł do A. Radziwiłł, oboz pod Słonimem,23.08.1734. K. 12.
[84] Matuszewicz M. Diariusz życia mego. T. 1. S. 82.
[85] AGAD. AR, Dz. VI. Sygn. 81a. S. 657-673; Matuszewicz M. Diariusz życia mego. T. 1.S. 90-95; Kuczyński W. Pamiętnik 1660-1737, Białostok, 1999. S. 63-64; Truchim S.Konfederacja Dzikowska, Poznań, 1921. S. 59.
[86] СИРИО. Т. 108. С. 427.
[87] AGAD. AR .Dz. II. Sygn. 2521. K. 2; СИРИО. Т. 108. С. 440, 457.
[88] Российский государственный военно-исторический архив (далей РГВИА).Ф. 20. Оп. 1. Д. 54. Ч. 2. Л. 33. СИРИО. Т. 111. СПб, 1901. С. 3,10,15,18.
[89] Pamiętnik Tadeusza Ogińskiego. // Przegląd historyczny. 1914. Z. 1. S. 75-76.
[90] Matuszewicz M. Diariusz życia mego. S. 71.
[91] СИРИО. Т. 108. С. 181,205,206.
[92] РГАДА. Ф.177.1734 г. Д. 18. Л. 93.
[93] СИРИО. Т. 108. С. 382.
[94] Напэўна, маецца на ўвазе рака Беразіна.
[95] СИРИО. Т. 108. С. 264-265, 337.
[96] РГВИА. Ф. 20. Оп. 1. Д. 54. Ч. 1. Л. 4.
[97] РГВИА. Ф. 20. Оп. 1. Д. 54. Ч. 1. Л. 17.
[98] РГВИА. Ф. 20. Оп. 1. Д. 54. Ч. 1. Л. 17.
[99] НГАБ. Ф. 1734. Воп. 1. Спр. 24. Арк. 13-16адв, 22-23.
[100] Karkucińska W. Anna z Sanguszków Radziwiłłowa. Warszawa, 2000. S. 29; СИРИО.Т. 108. С. 429,435.
[101] НГАБ. Ф. 1729. Воп. 1. Спр. 38. Арк. 38-39адв., 40-41адв., 46-47.
[102] Biblioteka Uniwersytetu Warszawskiego. Sygn. 97. K. 26, 28, 28v, 30, 37, 43-43v,45-45v; НГАБ. Ф. 1722. Воп. 1. Спр. 98. Арк. 90-91адв; AGAD. AR. Dz.IVa. Ks. 4,K. 194-196; Российская Национальная библиотека. Автографы Дубровского (далей РНБ. АД). № 130. Л. 1-2, 33-33об, 221-222; АД. № 133. Л. 39-40; СИРИО.Т. 111. СПб, 1901. С. 26; AGAD. AR. Dz. IVa. Ks. 4, K. 191-193,197-200; AGAD. AR.Dz. V. Sygn. 8880. Cz. 3. A. Loyko do M.K. Radziwiłła, 09.02.1735, Nowogrуdek.K. 33-36; A. Loyko do M.K. Radziwiłła, 22.01.1735, b.m. K. 29-31; AGAD. AR. Dz.V. Sygn. 14874. Cz. 3. J. Soroka do M.K. Radziwiłła, 07.02.1735, Wilno, K. 4; АВАК. Т.4. Вильна, 1870. С. 505-509.
[103] РГАДА. Ф. 11. Д. 505. Л.10.
[104] РГАДА. Ф. 11. Д. 505. Л. 10об.
[105] НГАБ. Ф. 1727. Воп. 1. Спр. 10. Арк. 400адв.
[106] НГАБ. Ф. 1727. Воп. 1. Спр. 10. Арк. 401.
[107] НГАБ. Ф. 1727. Воп. 1. Спр. 10. Арк. 400.
[108] Matuszewicz M. Diariusz życia mego. T. 1. S. 96-99; Korespondencja Józefa Andrzeja Załuskiego 1724-1736. Wrocław — Warszawa — Kraków, 1967. S. 310, 314.
[109] Lietuvos Mokslų Akademijos biblioteka (далей LMAB). F. 139. B. 5484. P. 127-127v.
[110] LMAB. F. 139. B. 5484. P. 127v.
[111] РГАДА. Ф. 11. Д. 505. Л. 7-7об; Korespondencja Józefa Andrzeja Załuskiego 1724-1736. Wrocław — Warszawa — Kraków, 1967. S. 327, 338-339, 370; Бутурлин Д. Военная история походов россиян в XVIII столетии. Ч. 3. СПб, 1823. С. 103-104.
[112] Macuk A. Konfederacje powiatowe WKL w obronie Stanisława Leszczyńskiego w latach 1733-1734 [у друку].
[113] СИРИО.Т. 111.С.47.
[114] Pamiętnik Tadeusza Ogińskiego //Przegląd historyczny. 1914. Z.1.S. 76-80; СИРИО. Т. 111. С. 47-48,195-196,216; Бутурлин Д. Военная история походов россиян в XVIII ст. С. 104.

Наверх

Яўген Анішчанка . Ваеннае забеспячэнне Расіяй другога падзелу Рэчы Паспалітай

Снежня 11, 2008 |


Другому падзелу Рэчы Паспалітай, ухваленаму гарадзенскім соймам 1793 г., папярэднічала інтэрвенцыя расійскіх войскаў на абшары Вялікага Kняства Літоўскага.

Гэтая інтэрвенцыя і вайна 1792 г. больш-менш грунтоўна разгледжаны ў працы А. Валанскага[1]. Праз адсутнасць надзейных расійскіх крыніц гісторык падае не зусім дакладныя факты пра абставіны нашэсця, у тым ліку і пра колькасць уведзеных варожых войскаў (33 700 чал.), а названая акалічнасць безумоўна паўплывала на суадносіны сілаў бакоў і вынікі іх сутычак. У дадзеным артыкуле прыводзяцца першакрыніцы, якія дазваляюць вызначыцца наконт узнятых пытанняў, а таксама асвятліць умовы харчовага ўтрымання інтэрвентаў на акупаваным абшары.

Непасрэднай падрыхтоўкай інтэрвенцыі кіраўніцтва Расійскай імперыі занялося з канца лютага 1792 г. У той час ваенная калегія начале з М. Салтыковым запланавалаўвесці войскі з Украіны праз беларускія землі ВКЛ дзвюма калонамі на чале з былым магілёўскім губернатарам М. Кахоўскім і былым пскоўска-полацкім губернатарам М. Крачэтнікавым. Апошняму прызначылі пасаду галоўнакамандуючага, якую той прыняў з ваганнямі. Пра свае сумненні ён пісаў М. Салтыкову 29 сакавіка 1792 г. наступнае. „На письмо вашего сиятельства о принятии начальства над войсками, приуготовливающимися в Литву, и соединенных с Михаилом Васильевичем (Кахоўскім. — Я.А.), колебался я между сохранением своего имени и пользою общих дел. Наконец последнее одержало верх. Решил я просить вас, не помыслите милостивый государь, чтоб уклонялся быть под его начальством по случаю, как вам самим известно, по службе прусской войны он был тогда обер-офицер, когда я и сотоварищи мои были подполковники. Сие никак не завело меня ни в какие расчеты. Принявши безмолвно всему повиноватца, но и в откровенности вашему сиятельству скажу: во время бытности моей с ним губернатором в Белоруссии, имел от графа Захара Григорьевича (Чарнышова. —Я.А.) приказание съезжаяся соделать мероположение по тогдашним обеим нам препоручениям. Я столько в сем был неугоден, что никогда не могли соглосоватца не одинаковыя предметы соображаяся с должностию предлежащего дела, опасаясь, чтоб иногда от разномыслия ек подвергнуть дела замешательству и при конце своей службы не подпасть нечаянно или невинно монаршему гневу, что могло б меня довесть униженным до гроба”[2].

Крачэтнікаў, не жадаючы многім рызыкаваць, калі яму зноў давядзецца падарожнічаць разам з Кахоўскім, стаў паміж чысцінёй уласнага імя і воляй імператрыцы, якую ён прасіў паставіць над імі абодвума іншага начальніка. Аднак 2 красавіка Кацярына II зацвердзіла М. Крачэтнікава камандуючым інтэрвенцыяй „в Белоруссии” з агульнымі паўнамоцтвамі на двух франтах ці напрамках. У гэтай якасці і ўжо без далейшага сумневу ён 13 красавіка праклаў на карце маршруты для 4 вайсковых карпусоў. 24 красавіка ён прыбыў у Полацк (тады цэнтр намесніцтва ў складзе імперыі) з распісаным складам тых карпусоў (гл. табліцу 2). Праўда, ён тут жа згаджаўся выступіць толькі трыма калонамі, сапраўды падрыхтаванымі да бесперапыннай хады. Насамрэч не хапала крамянёў да ружжаў, медыкаментаў, пантонаў для пераправы цераз раку Дзвіну, 5 данскіх казацкіх палкоў былі недаўкамплектаваныя больш чым 400 чал., зафіксавана няяўка карпусных генералаў, марудна падыходзілі з Рыгі артылерыя і коні. 28 красавіка Крачэтнікаўабяцаўвыступіць да 10 траўня „в Польшу с одною полковою артилериею, предполагая в таком случае расположа войски в областях польских выгодными лагерями, послать отряды для снятия польской пограничной воинской стражи, ежели она от границ не уклонится, а тем временем дожидаться лошадей с артилериею”[3].

Хоць Крачэтнікава вельмі прыспешвалі выступіць да гадавіны Канстытуцыі 3 траўня, ён тлумачыў, што згодзен „безостановочно итти, не взирая на ветхость повозок и починя их сколько можно”, але, як пісаў ён 29 красавіка, „не хочется мне, вступя в Польшу, остановитца, дабы ветреным головам не возмечталось, что я тихие шаги делаю. Лучше уже несколько позже выступить, но делать верныя шаги”. Другі матыў яго прамаруджвання заключаўся ў тым, што „когда войски российския войдут в Польшу, то они (памежная ахова ВКЛ. — Я.А.), не имея довольных сил к супротивлению, пропустя оные, намерены прорватца в пределы России и делать разорения. Правда, что они часто пустословят, но со всем тем сие может подать мысль в празнеживущим в Польше людям и подвергнут опастности пограничные селении, а особливо по суходолу от Буцилова и простирающей от оных к Толочину”. Меркавалася таксама прадухіліць верагодныя „побеги из Белоруссии крестьян” стварэннем надзейнай памежнай аховы. Такую конную ахову крыху пазней Крачэтнікаў паставіць у Бобрыку, Бродах, Барысаве, Браславе, Дзісне, Лепелі і Ўшачах, падпарадкаваўшы яе пакінутаму ў Полацку падпалкоўніку графу Сіверсу[4].

Пакінуўшы ў тыле Арэнбургскі казачы полк, М. Крачэтнікаў 11 траўня 1792 г. выправіўу паход усе 4 калоны. І адразу ж на наступны дзень ён паведаміў у ваеную калегію, што яго „первой шаг поставлен без наималейшего вида неприятельскаго. Все ополчение их было один человек, который хотел стрелять, но от страха на выстрел уронил ружье. Много мне способствует то доброе, каковое здешние жители ко мне имели во время бытности моей пред сим в Полоцке” губернатарам[5]. У сваім паведамленні граф меў рацыю, бо пярэдняя варта войска ВКЛ літаральна за некалькі дзён збегла са сваіх аванпастоў на мяжы княства[6]. Таму пазней паход інтэрвентаў набыў характар параднага шэсця. Дастаткова адзначыць, што да часу поўнага захопу тэрыторый ВКЛ — 23 ліпеня 1792 г. — у 9 вялікіх і малых сутычках з усіх уведзеных у Рэч Паспалітую 73 тыс. чал. расійскія войскі страцілі забітымі 2 афіцэраў, 23 радавых, а параненымі 7 афіцэраў і 106 радавых[7].

У студзені 1793 г. гэтая сіла налічвала ўжо 117 202 чал. па спісе, або 101 379 чал. пад ружжом (здаровых без хворых, уцекачоў, адпушчаных у адпачынак і г. д.)[8]. За ўсю кароткачасовую вайну ў ВКЛ колькасць расійскіх войскаў змянялася наступным чынам.

Табліца 1

Колькасць расійскіх войскаў у ВКЛ у 1792 — 1793 г. Колькасць расійскіх войскаў у ВКЛ у 1792 — 1793 г.

Як вынікае з табліцы 1, амаль два гады склад расійскіх войскаў у ВКЛ быў фактычна стабільным — 42 тыс. чал. па штатным раскладзе (37 тыс. пад ружжом), або 35% з усіх уведзеных у Рэч Паспалітую сілаў.

Ix дыслакацыя і стан харчовага забеспячэння адлюстраваны ў табліцы 3. Праз адсутнасць належнай статыстыкі ўраджаю[9] вельмі цяжка ўявіць ролю размешчаных войскаў у спажыванні сельскагаспадарчых прадуктаў і іх уплыву на гандлёвыя цэны. Справаздачы Крачэтнікава маюць на гэты конт ускосныя паказчыкі.

Яшчэ на стадыі падрыхтоўкі нашэсця пазначаныя 36 тыс. чал. з 15 тыс. коней забяспечваліся з 15 запасных ваенных складоў (магазінаў) магілёўскай правіянцкай камісіі (размяшчаліся ў Магілёве, Рагачове, Талачыне, Чавусах, Быхаве, Сянне, Чэрыкаве, Оршы, Копысі, Любавічах, Мсціславе, Чачэрску, Крычаве, Беліцы і Гомелі) і 12 магазінаў полацкай камісіі (у Полацку, Віцебску, Дынабургу, Дрысе, Веліжы, Невелі, Себежы, Гарадку, Рэжыцы, Краславе, Асвеі і Прыхабах). Магілёўскія магазіны на пачатак чэрвеня 1792 г. захоўвалі 10 393 чвэрцяў мукі, 659 чв. круп, 3688 чв. аўса, а полацкія — 20 491 чв. мукі, 2451 чв. круп і 6471 чв. аўса — усяго 54 153 чв. хлеба[10]. 23 снежня 1792 г. толькі на 2 кірасірскія, драгунскі, 6 мушкецёрскіх і 3 данскія палкі (22 295 чал. з 9132 коньмі) Крачэтнікаў прадугледжваў 46 436 чв. хлеба (16 271 чв. мукі, 109 круп і 29 606 аўса) і яшчэ 390 532 пудоў сена. Правіянцкія запасы беларускіх магазінаў не маглі забяспечыць нават штатнай паловы войскаў. Да ўсяго, у жніўні 1792 г. запасы беларускіх правіянцкіх складоў скараціліся да 36 448 чв.

У выніку харчаванне раскватараваных войскаў трапіла ў залежнасць ад тагачасных хлебных цэнаў і пазіцыі мясцовых землеўладальнікаў ВКЛ, вытворцаў і пастаўшчыкоў прадуктаў. Гэтыя акалічнасці, нават нягледзячы на даволі раўнамерную дыслакацыю войскаў,аказаліся стратнымідля царскай казны. Так, яшчэ 19 траўня 1792 г. галоўнакамандуючы не хаваў сваёй трывогі ад перспектывы драблення вайсковых калон з мэтай іх здавальняльнага харчавання, бо адзначаў, што „снабжение охотниками неприметно”. 23 чэрвеня галоўная правіянцкая камісія Расіі пацвердзіла гэтае назіранне паведамленнем, што ад розных палякаў па падрадах паступіла толькі 40 333 чв. мукі і 4925 чв. круп, у тым ліку ад беларускага купца Е. Файбішовіча — 1759 і 213 чв. адпаведна, ад Ш. Касакоўскага — 6300 і 906 чв. Акрамя таго, мясцовым падрадчыкам яшчэ за 1789 г. належала сплаціць 78 881 руб., а на ўкраінскую армію М. Кахоўскага патрабаваўся 1 млн. руб.[11].

На момант свайго выступлення Крачэтнікаў атрымаў на розныя выдаткі 264 516 руб., у тым ліку 17 тыс. золатам і 246 тыс. срэбрам. Большую частку гэтай звонкай манеты ён пусціў на подкуп пры стварэнні лаяльных канфедэрацый. Потым казна прысылала папяровыя асігнацыі. Аднак пры абмене іх на звонкую манету страты дасягалі 30%, так што камандуючы паведамляў „о неописуемой бедности офицеров, с коих сочтено идущих пешком во все время похода 38 чел.”[12]. 25 лістапада 1792 г. ён адпісаў, што з-за недахопу правіянту і фуражу яго войскі пачалі самі купляць звыш штатных цэнаў муку па 3 руб. 50 кап. за чвэрць, авёс — ад 150 да 180 кап., сена — па 20 кап. за пуд. Пры гэтым вельмі выразна праявіўся дыктат мясцовых вытворцаў. Так, калі штатныя каштарысы ў снежні 1792 г. прадугледжвалі 135 287 руб. асігнаванняў пад харчовыя нарыхтоўкі, то ўладальнікі-пастаўшчыкі запатрабавалі 305 027 руб., або ўдвая больш[13]. Гадавая патрэба на харчовыя закупкі складала 1 926 875 руб. пры тым, што ўнаяўнасці было толькі 1 914 281 руб. Галоўная правіянцкая камісія ў канцы лістапада 1792 г. адпусціла ў распараджэнне Крачэтнікава ўсяго 118 тыс. руб. Раскватараваныя войскі апынуліся перад пагрозай голаду, і Крачэтнікаў быў вымушаны размясціць іх, а дакладней распыліць, па сялянскіх хатах. У сваім рапарце ад 23 снежня 1792 г. ён вылучаў тры моманты на гэтым непазбежным шляху.

Па-першае, каб стварыць на месцах правіянцкія склады, патрабаваўся час. Па-другое, Крачэтнікаў гаварыў пра палітычную нелаяльнасць знаці, з якой „по недоброжелательству многие к нам первые в Литве начали отказываться от продовольствия”. Гэты супраціў ён вырашыў скарыць прымусовым ваенным пастоем. Аднак прымус мог даць поспех толькі пры пэўных саступках. Крачэтнікаў пісаў, што ўся фронда землеўладальнікаў зводзіцца да жадання як мага даражэй узяць за правіянт і фураж[14]. Каб задаволіць гэты галоўны гаспадарчы апетыт незадаволеных, ён распарадзіўся аплачваць нарыхтоўкі па гандлёвых цэнах, а не па штатных, па якіх яму вызначаліся трывалыя выдаткі.

3 гэтага моманту ў перапісцы расійскіх военачальнікаў знікаюць іх хваляванні адносна палітычнай добранадзейнасці мясцовага панства. Адно гэта сведчыць пра тое, што мясцовыя землеўладальнікі пагадзіліся цярпець і ўтрымліваць уведзеныя расійскія войскі. Гэта таксама азначае, што згаданы меркантыльны хаўрус паміж пераможцамі і ахвярамі акупацыі датрываў да гарадзенскага сoйму і што ганебныя ўхвалы апошняга былі, так бы мовіць, куплены за выгадныя харчовыя нарыхтоўкі ў расійскія войскі.

Табліца 2

Інтэрвенцкі корпус М. Крачэтнікава 1 траўня 1792 г.


[1] Wolanski A. Wojna polsko-rosyjska 1792 r. Warszawa, 1996. S. 25-28, 353 і інш.
[2] Расійскі дзяржаўны ваенна-гістарычны архіў (РДВГА), ф. 41, воп. 1, спр. 174, арк. 9-10 адв.
[3] Тамсама, арк. 18,21,28, 36, 46 адв.
[4] Тамсама, арк. 42 адв., 44 адв. 68,80 (усяго 500 чал.).
[5] Тамсама, арк. 137.
[6] Wolanski A. Wojna polsko-rosyjska… S. 420,427.
[7] РДВГА, ф. 41, спр. 173, арк. 20 (13 траўня пры Обчы, 30 траўня пры Стоўбцах і Міры, 16 чэрвеня пад Васілішкамі, 24 чэрвеня пад Зэльвай, 25 чэрвеня пад Воўкавічамі, 29 чэрвеня пад Мсцібавам, 3 ліпеня пад Наравам, 12 ліпеня пад Берасцем, 13 ліпеня — на р. Буг).
[8] Тамсама, спр. 204, арк. 6.
[9] Упершыню вартасці ўраджайнай статыстыкі канца XVIII ст. пададзены ў дэпаніраваным артыкуле аўтара: Условия и уровень развития земледельческого производства на территории Восточной Белоруссии в последней четверти XVIII в. // Весці АН БССР. Сер. грамад. навук. № 5.1990. С. 122.
[10] РДВГА, ф. 41, спр. 190, арк. 66 адв. 67 адв., 238-239,249.
[11] Тамсама, арк. 141, спр. 200, арк. 520, спр. 190, арк. 226.
[12] Тамсама, арк. 226-226 адв., 273.
[13] Тамсама, спр. 200, арк. 169,243 адв., 247.
[14] Тамсама, арк. 279.

Наверх

Litauen und Ruthenien. Studien zu einer transkulturellen Kommunikationsregion (15.-18. Jahrhundert) (Уладзімір Канановіч)

Снежня 9, 2008 |


Litauen und Ruthenien. Studien zu einer transkulturellen Kommunikationsregion (15.-18. Jahrhundert) / Herausgegeben von STEFAN ROHDEWALD, DAVID FRICK, STEFAN WIEDERKEHR. Wiesbaden: Harrasowitz Verlag, 2007. — 364 s. (Forschungen zur osteuropäischen Geschichte, Bd.71)

Гэтая кніга навуковых артыкулаў — вынік і плён міжнароднага сімпозіума „Вялікае Княства Літоўскае і ўсходнія тэрыторыі польскай Кароны як міжкультурны камунікацыйны рэгіён (XV-XVIII ст.)”, які адбыўся 10-12 сакавіка 2005 г. у баварскім горадзе Пасаў. Галоўная задача, што стаяла перад удзельнікамі сімпозіума, сярод якіх меў гонар знаходзіцца і аўтар гэтых радкоў, — вызначыць і апрабаваць асобныя навуковыя паняцці і ідэі, з дапамогай якіх можна было б даследаваць культурныя практыкі паміж рознымі этнаканфесійнымі групамі ў гэтым надзвычай неаднародным з культурнага пункту гледжання рэгіёне (Вялікае Княства Літоўскае і ўсходнія землі польскай Кароны) у познім Сярэднявеччы і ў ранні Новы час. У часе працы сімпозіума шырока выкарыстоўваліся напрацоўкі і здабыткі не толькі гістарыяграфіі ВКЛ, але і сусветнай гістарычнай культуралогіі (Historische Kulturwisenschaft). Адна з канцэпцый апошняй, „міжкультурны камунікацыйны рэгіён” („Transoder interkulturelle Kommunikationsregion”), і стала галоўнай рамачнай канцэпцыяй усяго сімпозіума. Пры гэтым камунікацыйны рэгіён вызначаўся „як прастора, у межах якой скіраванае ўсярэдзіну ўзаемадзеянне характарызуецца больш выразнай шчыльнасцю, чым узаемадзеянне, скіраванае вонкі” („als Raum, in dessen Grenzen nach innen gerichtete Interaktion deutlich dichter ausfällt als die nach aussen gerichtete”). Як любы камунікацыйны рэгіён паўстае праз камунікацыйныя практыкі, так і міжкультурны камунікацыйны рэгіён вызначаецца праз мноства канстытуцыйных культурных практык і досведаў. Канцэпцыя „міжкультурная камунікацыя” зыходзіць з наяўнасці вялікіх культур, прадстаўнікі якіх уваходзяць у зносіны з рэпрэзэнтантамі іншых культур. Яна паўстае адпаведна ў трывалых паўсядзённых зносінах прадстаўнікоў розных этнаканфесійных груп. Увогуле, як адзначалі практычна ўсе ўдзельнікі сімпозіума, камунікацыя — гэта аснова і базіс культурнага досведу і культуры ў цэлым.

У працяг сімпозіума ў Пасаў дадзены зборнік артыкулаў развівае тэму міжкультурнай камунікацыі і спрабуе даць адказ на пытанні „Як адбывалася камунікацыя паміж рознымі групамі ў Вялікім Княстве Літоўскім і ў польскай Кароне? Як можна было б ахарактарызаваць культурнае суіснаванне паміж імі?” Гэтыя пытанні, трэба адзначыць, нярэдка ставіліся даследчыкамі, але толькі цяпер яны зрабіліся прадметам асаблівай увагі на старонках асобнага выдання. Адказ на гэтыя пытанні шукаецца ў зборніку не на ўзроўні агульнадзяржаўных палітычных інстытутаў, а хутчэй, на мікрагістарычным узроўні, зыходзячы з сумеснага жыцця і ўзаемадзення розных сацыяльных груп у разнастайных, але найчасцей гарадскім, кантэкстах. Пры гэтым асаблівая ўвага аддаецца праблемам моўнай і саслоўнай інтэграцыі, адасабленню і замкнёнасці ў штодзённых кантактах, выпадковым або ўжо ўсталяваным сферам камунікацыі паміж сацыяльнымі і этнаканфесійнымі групамі. Прадметам даследавання аўтараў сталі амаль усе вялікія групы насельніцтва Вялікага Княства Літоўскага і польскай Кароны ў познім Сярэднявеччы і ў ранні Новы час. Выключэнне склалі хіба што пратэстанты і асабліва татары-мусульмане, што адзначаюць, дарэчы, і самі ўкладальнікі зборніка.

Не ўсе артыкулы выразна адпавядаюць канцэпцыі „міжкультурнай камунікацыі”. У гэтым сэнсе том адлюстроўвае найхутчэй неаднародны і неаднастайны стан развіцця сённяшніх гістарыяграфій. Аднак усе працы гэтага выдання сведчаць, што Вялікае Княства Літоўскае і рускія землі Польскага Каралеўства былі важным камунікацыйным рэгіёнам у Еўропе.

Юрый Зазуляк з Львова прапануе ўласную версію паўстання геральдычнага (рыцарскага) роду Корчак з Перамышля. Ранейшыя даследчыкі, як польскія, так і ўкраінскія, меркавалі, што ў паўстанні гэтага клана кліентарныя, або вертыкальныя, сувязі адыгралі большую ролю, чым родавая салідарнасць. Паводле Зазуляка, клан Корчак уяўляў сабой кагнатнае (міжсямейнае) аб’яднанне тых рутэнскіх (русінскіх) сем’яў, якія ў другой палове XIV — першай палове XV ст. атрымалі з рук караля буйныя зямельныя ўладанні. Утварэнне рыцарскіх родаў у Чырвонай Русі было не толькі эфектыўным сродкам прыстасавання мясцовых эліт да рэформаў 1430-1434 г., а таксама і хуткім спосабам інтэграцыі з польскім шляхецтвам, арганізацыйныя формы якога прыняла русінская знаць. Разам з тым, у пазнейшыя часы, у XVI i XVII ст., кагнатнае паходжанне роду Корчак было свядома забыта, на змену яму паступова прыйшло ўсведамленне пра агнатнае (ад агульнага продка па мужчынскай лініі) паходжанне роду. Радавод Прахніцкіх, якія разам з іншымі русінскімі сем’ямі належалі да роду Корчак, што быў укладзены на пачатку XVII ст. тагачасным львоўскім арцыбіскупам Янам-Андрэем Прахніцкім, дае ўяўленне пра Корчакаў як пра выключна агнатны род, якому дадаецца яшчэ і рымскае паходжанне, што цалкам адпавядала тагачаснай ідэалогіі польска-літоўскага шляхецтва. Мірон Капраль, яшчэ адзін даследчык з Львова, разглядае асіміляцыйныя працэсы ў навачасным Львове і праводзіць адрозненні паміж армянамі, русінамі і яўрэямі. Паводле Капраля, важнае значэнне ў паскарэнні асіміляцыйных працэсаў у Львове мелі сацыяльны ўздым, змена веравызнання, а таксама змешаныя шлюбы. Поспех або няўдача этнічнай або канфесійнай асіміляцыі ў значнай ступені залежалі ад велічыні супольнасці, маштабу сацыяльнай стратыфікацыі ўнутры супольнасці, характару аседласці (змешанай або адасобленай), наяўнасці або адсутнасці ўласных органаў кіравання і адміністравання, поспеху місійных і унійных праектаў. Як сцвярджае ўкраінскі даследчык, асіміляцыйныя працэсы ў навачасным Львове ў найбольшай ступені закранулі армянскую супольнасць, прадстаўнікі якой з цягам часу страцілі магчымасць вярнуцца на этнічную радзіму, а колькасны склад абшчыны на працягу XVIII ст. істотна зменшыўся. У значна меншай ступені асіміляцыя закранула русінскую супольнасць Львова, якая няспынна папаўнялася за кошт навакольнага асяроддзя. Галоўны сродак асіміляцыі русінаў — змешаныя шлюбы, колькасць якіх істотна вырасла ў другой палове XVIII ст. Сярод усіх згаданых этнаканфесійных груп навачаснага Львова яўрэі выявілі найбольшы супраціў асіміляцыйным працэсам. Адзінай магчымай формай асіміляцыі яўрэяў заставаўся пераход у іншую веру (канверсія), што, аднак, было выключэннем. Як вынік, яўрэйская грамада Львова няўхільна павялічвалася ў перыяд Новага часу, што дазволіла ёй стаць у канцы XVIII ст. другой па колькасці пасля палякаў супольнасцю ў горадзе.

Кшыштаф Стопка (Krzysztof Stopka), польскі даследчык, разглядае ў сваім артыкуле міжэтнічныя кантакты ў Камянцы-Падольскім, горадзе, які знаходзіўся на паўднёва-заходняй ускраіне нашага камунікацыйнага рэгіёна. Як і ў Львове, асноўнымі групамі насельніцтва ў Камянцы-Падольскім былі каталікі (спачатку немцы, а потым і палякі), а таксама армяне і русіны. На падставе адной армянскай крыніцы з часу блізу 1600 г. Стопка асвятляе міжэтнічныя кантакты паміж прадстаўнікамі розных супольнасцяў у „горадзе, у якім палякі называліся немцамі” („Stadt, in der die Polen Deutsche genannt wurden”). Даследчык звяртае асаблівую ўвагу на суседскія сувязі, гаспадарчыя адносіны, удзел абшчын у сумесных мерапрыемствах у горадзе, лінгвістычныя феномены суіснавання этнаканфесійных абшчын, а таксама на наяўнасць у прадстаўнікоў гарадскіх абшчын, перадусім у армян, на якіх аўтар звяртае асаблівую ўвагу, розных формаў ідэнтычнасці і свядомасці. У канцы артыкула Стопка падсумоўвае: шматлікія і шматбаковыя міжкультурныя сувязі ў шматэтнічным Камянцы-Падольскім, якія пераходзілі этнаканфесійныя межы ва ўсіх сферах дзейнасці, з’яўляліся тут паўсядзённай неабходнасцю, каб захаваць адзінства і агульныя інтарэсы надзвычай неаднароднага ў этнаканфесійным плане гарадскога насельніцтва.

Амерыканскі даследчык Дэвід Фрык (David Frick) даследуе на мікрагістарычным узроўні шлюбныя канфліктныя сітуацыі, звязаныя з разлучэннем (separatio), разводам (divortium) і па меншай меры меркаваным двужэнствам (bigamie). Аўтар засяроджваецца на трох выпадках, што зафіксаваны „ў горадзе пяці канфесій” („funf Konfessionen in einer Stadt”), як нярэдка называлі Вільню. Два выпадкі адбыліся выключна ў русінскай супольнасці горада, а трэці — у сумесным русінска-каталіцкім асяродку. Даследаванне пацвердзіла даўнейшы тэзіс вядомага польскага гісторыка Юліуша Бардаха наконт таго, што стаўленне русінаў Вялікага Княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай да разводу вызначалася доўгі час, прынамсі да XVIII ст., пераважна звычаёвым правам, у якім гэтае пытанне было аддадзена на водкуп самой шлюбнай пары, а не кананічным правам або Літоўскім Статутам. Але што больш цікава, дык гэта той факт, што русінскае стаўленне да разлучэння і разводу праз цесныя суседскія сувязі і змешаныя шлюбы даволі моцна паўплывала і на іншыя канфесіі Вільні, у прыватнасці на каталікоў (пра гэта сведчыць трэці выпадак, які прыводзіць Дэвід Фрык). Прынамсі, віленскія каталікі ў акрэслены час не так строга прытрымліваліся кананічных правілаў у адносінах да разлучэння і разводу, як іхнія адзінаверцы ў іншых краінах Еўропы.

Артыкул швейцарска-нямецкага даследчыка Штэфана Родэвальда (Stefan Rohdewald) прысвечаны міжкультурным дачыненням у Полацку пасля адваёвы горада Стэфанам Баторыем у 1579 г. і амаль да сярэдзіны XVII ст. уключна. Аўтар зазначае — нягледзячы на асобныя этнаканфесійныя канфлікты, якія зрэдку ўзнікалі ў Полацку, у горадзе, тым не менш, паўсталі шматлікія сферы міжканфесійнага супрацоўніцтва. Галоўная роля ў міжканфесійным культурным дыялогу належала гарадскому магістрату. Як сцвярджае Ш. Родэвальд, каталікам і уніятам так і не ўдалося падпарадкаваць полацкі магістрат сваім канфесійным інтарэсам. Нягледзячы на дамінаванне каталікоў і уніятаў у полацкім магістраце і на выключэнне з яго ў 1668 г. праваслаўных, знатныя русіны-гараджане і нашчадкі праваслаўных патрыцыянскіх родаў захавалі ўплыў на гарадскія справы, напрыклад у сферы камунальных фінансаў. Падобнае стаўленне з боку магістрата было ўласціва і полацкім яўрэям. Родэвальд заключае, што полацкі магістрат, у якім дамінавалі каталікі, ператварыўся пад канец XVII ст. у сапраўднага міжканфесійнага актара („eine transkonfessioneller Akteur”), які рэгуляваў і разам з тым істотна змякчаў адносіны паміж канфесіямі ў горадзе.

Польскі даследчык беларускага паходжання Антоній Мірановіч разглядае адносіны паміж уніятамі і праваслаўнымі ў Рэчы Паспалітай з канца XVI ст. (Берасцейская унія) і да пачатку XVIII ст. Аўтар паказвае, што напярэдадні уніі ў камунікацыі паміж абодвума бакамі значнае месца займалі пытанні царкоўна-прававога зместу, бо згодна з праваслаўнымцаркоўным правам для прыняццядзейсныхрашэнняўна сінодзе патрэбен быў удзел як свецкіх, так і духоўных асобаў розных узроўняў, што, аднак, не прадугледжвалася правам каталіцкай царквы. Паводле Мірановіча, усё XVII ст. у Рэчы Паспалітай існавалі супярэчнасці паміж каталіцка-уніяцкім і праваслаўным лагерам з-за прававога статуса і ўладанняў праваслаўных, якія не пагадзіліся прыняць царкоўную ўнію. Але пры гэтым, нягледзячы нават на сур’ёзнае ўзмацненне пазіцый уніятаў у апошняй трэці XVII ст., Магілёўскае біскупства заставалася ўключна да падзелу Рэчы Паспалітай апошняй і адзінай праваслаўнай епархіяй у дзяржаве. А. Мірановіч слушна заўважае, што рэлігійныя і звязаныя з імі канфлікты не толькі сур’ёзна абцяжарвалі ўнутрыпалітычнае становішча Рэчы Паспалітай, але і вялі да эскалацыі казацкіх бунтаў і давалі падставу маскоўскаму кіраўніцтву ўмешвацца ў справы суседняй дзяржавы.

Яшчэ адзін польскі даследчык Яцак Крохмаль (Jacek Krochmal) дае кароткі агляд адносінаў паміж каталікамі і праваслаўнымі ў перамышльскай дыяцэзіі з сярэдзіны XIV ст., калі гэтая тэрыторыя трапіла пад уладу польскіх каралёў, і да першага падзелу Рэчы Паспалітай уключна. Аўтар прасочвае асобныя фазы і этапы ў спрэчках паміж абедзвюма канфесіямі з-за статуса паноўнай царквы ў рэгіёне. З сярэдзіны XIV і да пачатку XVII ст. праваслаўная і каталіцкая цэрквы ў перамышльскай дыяцэзіі знаходзіліся ў стане своеасаблівай раўнавагі, што не перашкаджала ўзнікненню шматлікіх канфліктаў паміж імі. З XVII ст. суадносіны сілаў пачалі істотна мяняцца ў бок каталіцкай царквы. З пераходам у 1693 г. усяе перамышльскай дыяцэзіі ў унію канфесійныя супярэчнасці ў рэгіёне не спыніліся. Праблема крадзяжу душаў, якая датуль была прадметам спрэчак паміж праваслаўнымі і каталікамі, стала цяпер яблыкам разладу паміж каталікамі ўсіх абрадаў. Адносіны паміж каталікамі заходняга абраду і каталікамі ўсходняга абраду нармалізаваліся толькі ў XVIII ст. Тады менавіта і сфармаваўся стэрэатып пра уніяцкую царкву як сялянска-русінскую і пра каталіцкую як шляхецка-польскую, на які, дарэчы, і абапіраліся пазней мадэрновыя нацыяльныя рухі ў колішняй Рэчы Паспалітай.

Даследчык са Стакгольма Пётр Ваўжанюк (Piotr Wawrzeniuk) на прыкладзе канфлікту паміж святарамі і вернікамі ў праваслаўнай, а пазней і уніяцкай львоўскай дыяцэзіі разглядае ролю святароў у мясцовых абшчынах. У сваім мікрадаследаванні аўтар паказвае, што меркаванні членаў праваслаўных абшчын і праваслаўнага епіскапату адносна заганных паводзінаў святароў (п’янства, распуста, знявага царквы, парушэнне шлюбнай вернасці і г. д.) у значнай ступені супадалі, што было выклікана сацыяльнай дыстанцыяй, якая існавала паміж святарствам і вернікамі. Менавіта ў гэты час і з’явілася перадавая праца біскупа Іосіфа Шумлянскага (1668-1709), доўгі час тайнага прыхільніка уніі, дзе ён падаў вобраз ідэальнага святара. У адрозненне ад сучасных святароў, якія былі цесна звязаныя з мясцовымі інтарэсамі і зусім не цураліся гвалту, каб абараніць свой уласны гонар, ідэальны святар мусіў быць на лацінскі ўзор перадусім адукаваным і выкшталцоным.

Лілія Беражная з Мюнстара (Нямеччына) разглядае ідэю „Кіеў — другі Ерусалім”, якая ў палемічнай літаратуры часу Берасцейскай уніі перажывала сапраўдны рэнесанс. У ходзе дыскусіі, што разгарнулася паміж праваслаўнымі, каталікамі і уніятамі, усе бакі імкнуліся наладзіць сімвалічны кантроль над найважнейшымі духоўнымі цэнтрамі, якія мелі аднолькавае значэнне для ўсіх хрысціянскіх цэркваў, перадусім над Ерусалімам. Каталіцкія аўтары (Пётр Скарга і інш.) сімвалічна разумелі „нябесны Ерусалім”, у якім бачылі ўвасобленым рыма-каталіцкі касцёл. Пазіцыя уніятаў (Іпацій Пацей, Мялецій Сматрыцкі) была больш складанай, але яны прытрымліваліся пераважна каталіцкага пункту гледжання: толькі праз пераадоленне схізмы, уз’яднанне з Рымам і вяртанне ва ўлонне некалі адзінай царквы магчыма для праваслаўных збавенне ў „нябесным Ерусаліме”. Праваслаўныя палемісты (Клірык Астрожскі, Пётр Магіла і інш.) праводзілі, у сваю чаргу, розніцу паміж Рымам і Ерусалімам. Згодна з гэтай канцэпцыяй Кіеў выступаў сапраўдным духоўным спадкаемцам Ерусаліма, гэтакім цэнтрам сапраўднай веры, што знайшло выяўленне ў легендзе пра Святога Апостала Андрэя.

Прадметам увагі Альфонса Брунінга (Alfons Brüning) з Ніймегэна (Нідэрланды) сталі два тэксты, „Confessio Orthodoxa”(„Праваслаўнае спавяданне”) і „Sententia cuiusdam nobilis graecae religionis” („Меркаванне нейкага шляхціча грэцкай веры”), якія паўсталі ў коле кіеўскіх праваслаўных тэолагаў часу мітрапаліта Пятра Магілы. Як мяркуе Брунінг, у абодвух творах адлюстраваліся не толькі і не столькі розныя пытанні эклезіялогіі (духоўны аўтарытэт клера, роля біскупаў, сінадальная структура царквы, становішча вернікаў і інш.), але і выразныя палітычныя праблемы часу, у тым ліку асабліва ідэалы, прэтэнзіі русінскай шляхты, у першую чаргу яе імкненне да раўнапраўя з польскай шляхтай. Самі ж іхнія аўтары былі не толькі адукаванымі тэолагамі, але і таленавітымі палітыкамі. Нідэрландскі даследчык бачыць у згаданых творах адказ на распаўсюджаны ў тагачаснай Рэчы Паспалітай стэрэатып, што праваслаўе быццам бы „загразла” ў забабонах і ўяўляла сабой выключна мужыцкую рэлігію.

Кацярына Емяльянцава з Цюрыха (Швейцарыя) піша пра г. зв. франкістаў, містычна-месіянскую секту (рух), створаную ў сярэдзіне XVIII ст. Якабам Франкам сярод яўрэяў, што насялялі паўднёва-заходнія землі Рэчы Паспалітай, перадусім Галіч і Падолле. Разрыў з рабіністычнай традыцыяй, а таксама спроба паскорыць прыход Месіі праз адмову ад рэлігійных законаў прывялі да таго, што ў 1759-1760 г. франкісты пачалі масава пераходзіць у каталіцтва і, як вынік, пакідаць сваё першапачатковае месца жыхарства. Характарызуючы разнастайныя стратэгіі, якія выбіралі варшаўскія франкісты ў паўсядзённым жыцці ў 90-я г. XVIII ст., Емяльянцава развівае, абапіраючыся на канцэпцыю „сітуацыйнай этнічнасці” галандскага навукоўцы Ціла ван Радэнса (Till van Rahdens), уласную канцэпцыю „сітуацыйнай рэлігійнасці”. На падставе святочнай культуры, шлюбных адносінаў, суседскіх кантактаў і іншага даследчыца выразна паказвае, як франкісты ў залежнасці ад сацыяльнага становішча свядома ці несвядома вагаліся паміж рознымі формамі ідэнтычнасці і прыналежнасці.

Маціяс Ніндорф (Matthias Niendorf) з Кіля вызначае ў сваім артыкуле культ святых у Вялікім Княстве Літоўскім „як люстэрка культурных узаемадачыненняў” („als Spiegel kultureller Wechselbeziehungen”). Аўтар адзначае, што асабліва „цвярдыні праваслаўя” на ўсходзе дзяржавы (Полацк, Віцебск) паказалі сябе як месцы найбольш інтэнсіўнай канфрантацыі культу святых. Так, яшчэ Пётр Скарга спрабаваў прыпісаць рыма-каталіцкай традыцыі святых праваслаўнай Русі, такіх як, напрыклад, Барыс і Глеб. Гэтаксама як некаторыя іншыя каталіцкія аўтары і публіцысты рабілі спробы далучыць да ліку рыма-каталіцкіх святых праваслаўную полацкую княжну Параскеву і тым самым зрабіць з яе, як, дарэчы, з Барыса і Глеба, святых патронаў Вялікага Княства Літоўскага. На думку Ніндорфа, мэтай гэтага „прагрэсіўнага сінкрэтызму” (Ульрых Бернэр), сутнасць якога заключалася ў далучэнні праваслаўных элементаў да каталіцкага дыскурсу, было зрабіць больш даступнымі догмы каталіцкай царквы для праваслаўнай паствы. Даследчык гаворыць пра сінкрэтызм як пра сутнасную прыкмету Вялікага Княства Літоўскага. Ён прызнае, што вывучэнне культу святых дазваляе казаць пра змену ўзораў успрымання і разам з тым пра перасоўванне мяжы паміж чужым і сваім.

Мовазназнаўца з Фрайбурга Ахім Рабус (Achim Rabus) на падставе чырвонарускіх і маскоўскіх рукапісаў даследуе ўсходнеславянскіядухоўныяпесні (канты) у Рэчы Паспалітай у XVII-XVIII ст. Нямецкі даследчык адзначае шматлікія „гібрыдныя асаблівасці” кантаў, праз якія яны сталі складовай часткай канфесійнай камунікацыі. Узнікненне і далейшае развіццё кантаў звязваецца з заходнімі, арыентаванымі пераважна на Рэфармацыю культурнымі ўплывамі. На тэматыку кантаў, аднак, моцна паўплывала аўтахтонная ўсходнецаркоўная традыцыя. Нават з моўнага пункту гледжання духоўныя спевы Рэчы Паспалітай уяўлялі сабой гібрыдную форму, гэтакае спалучэнне народнай і царкоўнаславянскай мовы. А. Рабус вызначае духоўныя спевы як „ўзорны прыклад культурнай гібрыдызацыі ў камунікацыйным рэгіёне Рэчы Паспалітай” („Paradebeispiel für kulturelle Hybridiesierungen in der Kommunikationsregion Polen-Litauen”).

Гісторык мастацтва з Вільні Гідрэ Міцкунайтэ (Giedrė Mickūnaitė) звяртае ўвагу на працэс зліцця (merging) праваслаўнай і каталіцкай традыцый у жывапісе Вялікага Княства Літоўскага. Даследчыца абмяжоўваецца двума прыкладамі: выявай Укрыжавання канца XIV ст. у крыпце Віленскага кафедральнага сабора і выявай Маці Божай пачатку XVI ст. у прыходскай царкве ў Троках. Укрыжаванне ў крыпце Віленскай катэдры адпавядае ў цэлым каталіцкай мастацкай традыцыі, але разам з тым мае выразныя рысы праваслаўнага мастацтва. Міцкунайтэ тлумачыць гэтую з’яву тым, што праваслаўны мастак быў выхаваны ў візантыйскай традыцыі, але мусіў арыентавацца на мадэлі лацінска-каталіцкай іканаграфіі, як таго патрабаваў заказчык. Зусім іншая гісторыя з выявай Маці Божай з Трокаў. Намаляваны ў гатычным (як мяркуецца) стылі абраз Маці Божай быў, тым не менш, перароблены ў візантыйскім стылі ў канцы XVI ст. У апошнім выпадку, на думку даследчыцы, гаворка ідзе пра „ўяўнае перайманне стылю візантыйскіх ікон” („an imaginative imitation of Byzantine icons”), што цалкам адпавядала палітыцы рыма-каталіцкага касцёла пасля Трыдэнцкага сабору (1545-1563).

Мінск

Уладзімір Канановіч

Наверх

Wojny północne w XVI-XVIII wieku. Torun 2007 (Генадзь Прыбытка)

Снежня 8, 2008 |

Wojny północne w XVI-XVIII wieku / Redakcja: BOGUSŁAW DYBAŚ. Współpraca: ANNA ZIEMLEWSKA. Toruń: Towarzystwo naukowe w Toruniu, 2007. —306 s.

Сярод мноства праблем беларускай гістарыяграфіі, якія яшчэ чакаюць свайго даследчыка, вывучэнне паўночных войнаў XVI-XVIII ст. займае асаблівае месца. І гэта нядзіўна: у той перыяд яны былі найістотнейшым чыннікам існавання Вялікага Княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай у цэлым і

зрабілі велізарны ўплыў на палітычнае, эканамічнае і культурнае жыццё федэратыўнае дзяржавы. Больш за тое, гэтыя войны ў вялікай ступені спрычыніліся да кшталтавання палітычнае сістэмы дзяржаваў Усходняе Еўропы. Калі барацьба за „dominium Maris Baltici” ўрэшце прывяла Швецыю да страты дамінавання на поўначы кантынента, то яна ж сталася падставаю да імклівага росту ўплыву Расіі і Прусіі, а таксама да заняпаду Рэчы Паспалітай.

Прадстаўнічая міжнародная канферэнцыя „Wojny północne w XVI-XVIII wieku. W czterechsotlecie bitwy pod Kircholmem” (Торунь, 27-29 верасня 2005 г.), прымеркаваная да чатырохсотгоддзя бітвы пад Кірхгольмам, стала істотнай з’явай навуковага жыцця не толькі Польшчы, але і цэлага шэрагу дзяржаваў Цэнтральна-Ўсходняе Еўропы, у тым ліку, безумоўна, і Беларусі. Разгляданае выданне змяшчае матэрыялы канферэнцыі, якія лагічна падзяляюцца на некалькі раздзелаў.

Першы, натуральна, складаюць паведамленні, што тычацца непасрэдна бітвы пад Кірхгольмам. Нягледзячы на тое, што ход гэтай бітвы параўнальна няблага вывучаны, некаторыя яе аспекты выклікаюць пытанні. На праблемах у вывучэнні кірхгольмскіх падзеяў засяроджваецца Генрык Віснер. У дакладах Дарыуса Антанявічуса і Марыюша Савіцкага прадстаўлены дадатковыя крыніцы па вывучэнні гісторыі бітвы. І заканчвае раздзел паведамленне Крысціяна Гернера, прысвечанае гістарычнай памяці цяперашняга насельніцтва тых мясцінаў сучаснае Латвіі пра кірхгольмскі бой. На жаль, паводле сведчання аўтара, узровень гэтае памяці дастаткова нізкі.

Другі раздзел прысвечаны праблемам Інфлянтаў. Алег Дзярновіч даследуе месца, якое адводзілася гэтым землям у свядомасці жыхароў Вялікага Княства Літоўскага ў другой палове XVI-XVII ст. У сваю чаргу, пытанні адносінаў Рыгі да федэратыўнае дзяржавы на мяжы XVI і XVII ст. разглядае Ганна Жэмлеўска. Марыюш Бальцэрэк прысвяціў свой матэрыял захопу шведамі Рыгі ў 1621 г., інтэрпрэтуючы гэтую падзею як своеасаблівы рэванш за паразу пад Кірхгольмам. У гэтым жа раздзеле змешчаны артыкул Аркадыюша Чволэка, у якім уздымаецца пытанне ерархіі і вайсковай дысцыпліны сярод кіраўнікоў войска Вялікага Княства Літоўскага пад час ваенных дзеянняўу Інфлянтах у 1625-1629 г. Як вядома, вастрыня гэтай праблемы на працягу XVII і асабліва ў XVIIІ ст. толькі ўзрастала, што садзейнічала зніжэнню баяздольнасці велікакняскага войска і не ў малой ступені спрычынілася да заняпаду ваеннага патэнцыялу краіны.

Наступны раздзел тычыцца асобных аспектаў вайсковасці часу „патопу”. Марытэ Якаўлева разглядае арганізацыю ўзброеных сілаў Курляндыі, леннага княства Рэчы Паспалітай, вялікую ўвагу аддаючы спробам іх рэфармавання князем Якубам Кетлерам. Даследчыкаў магнацтва, несумненна, зацікавіць матэрыял Конрада Бабятыньскага пра вайсковую кар’еру ў Курляндыі і Інфлянтах Міхала Казіміра Паца, прадстаўніка самага ўплывовага на той час з магнацкіх родаў Вялікага Княства Літоўскага. Пытанням арганізацыі наёмных аддзелаў прысвечаны два наступныя тэксты гэтага раздзела. Міраслаў Нагельскі разглядае лёсы адзінак чужаземнага аўтраменту кароннай арміі ў самы трагічны для Рэчы Паспалітай перыяд „патопу” — другую палову 1655 г. Анджэй Рахуба ўздымае надзвычай цікавае пытанне: пераход шведскіх афіцэраў на службу арміі Вялікага Княства Літоўскага і наадварот — велікакняскіх афіцэраў да шведаў.

Чарговы раздзел прысвечаны Вялікай Паўночнай вайне пачатку XVIIІ ст. Вядома, па сваім значэнні і па ўплыве на далейшы лёс федэратыўнае дзяржавы гэта адзін з пераломных і найбольш трагічных перыядаў нашай гісторыі. Адпаведна, кола праблемаў, якія паўстаюць пры вывучэнні гэтай вайны, надзвычай шырокае. Таму было б наіўна чакаць, каб у разгляданым зборніку ахоп дадзеных праблемаў быў колькі-небудзь шырокі. Але аспекты, закранутыя ў прапанаваных артыкулах, вельмі важныя. Так, Томаш Цесельскі даследуе стан войска Вялікага Княства Літоўскага ў перыяд з 1698 да 1709 г. — найбольш важны і багаты на падзеі для краіны. Асаблівую вартасць артыкулу надае той факт, што дэталёвы і карпатлівы аналіз збройных сілаў праводзіцца на тле ўнутраных канфліктаў — фактычна, грамадзянскай вайны ў краі. Інфармацыю пра вайсковыя падзеі, што даходзіла да Рыгі, даследуе Маргарыта Баждэвіча. Гжэгаж Хаміцкі аналізуе дзейнасць брытанскіх рэзідэнтаў у Гданьску пад час Вялікай Паўночнай вайны. У акадэмічным артыкуле Яніса Арайса разглядаецца бітва паміж саксонскім і шведскім войскамі, што адбылася над Дзвіной 9 ліпеня 1701 г. У выніку гэтай бітвы армія Карла ХІІ перайшла мяжу Рэчы Паспалітай, што фактычна значыла ўступленне федэратыўнае дзяржавы ў вайну. Надзвычай цікавым падаецца апісанне вайсковых дзеянняў корпуса раўскага старасты Яна Грудзіньскага ў 1712 г., пададзенае Марэкам Вагнэрам. На шырокім фактычным матэрыяле тут разглядаецца гісторыя адной з найбольш эфектыўных кавалерыйскіх адзінак лагера Станіслава Ляшчынскага.

Наступны раздзел прысвечаны гаспадарчым і грамадскім наступствам паўночных войнаў. Генадзь Сагановіч пераканаўча даказвае, што нярэдка ўласныя войскі прыносілі шкоды мірнаму насельніцтву не менш за непрыяцельскія, і вызначае прычыны гэтай з’явы. У артыкулах Ядвігі Мушчыньскай і Тадэвуша Срогаша разглядаюцца эканамічныя наступствы паўночных войнаў XVII ст.: у першым — для ўсёй Рэчы Паспалітай, а ў другім — на матэрыяле Ленчыцкага і Серадскага ваяводстваў і Вялюньскай зямлі.

I нарэшце, апошні раздзел склалі тэксты, у якіх паўночныя войны разглядаюцца ў больш шырокім кантэксце. Міхал Звежыкоўскі прааналізаваў уплыў Вялікай Паўночнай вайны на палітычны лад і на ўпадак Рэчы Паспалітай. А Мацей Фарыцкі прапануе агляд поглядаў дзеячоў французскага Асветніцтва на ролю паўночных войнаў у гісторыі Еўропы. Апроч таго, у гэтым жа раздзеле размешчаны і матэрыялы, што тычацца прыватных аспектаў тэмы канферэнцыі. Свой погляд на гусарскія крылы падае Вітальд Глэнбовіч, развенчваючы шматлікія міфы, што склаліся вакол гэтай часткі вайсковага рыштунку. На заканчэнне Аляксандр Смаліньскі разглядае эвалюцыю інстытута шэфства ў гісторыі войска і прэзентуе Яна Караля Хадкевіча як тытулярнага шэфа 26-га палка ўланаў ІІ Рэчы Паспалітай.

Такім чынам, зборнік уводзіць у навуковы зварот багаты арыгінальны матэрыял, які тычыцца адной з ключавых праблемаў айчыннай гісторыі XVI-XVIII ст. — паўночных

войнаў, што адыгралі вялізную ролю ў лёсе дзяржавы. Гэтыя дадзеныя ў будучыні дапамогуць стварыць абагульняльнае канцэптуальнае даследаванне згаданай праблемы.

Масква

Генадзь Прыбытка

Янушкевіч, Андрэй. Вялікае Княства Літоўскае і Інфлянцкай вайна 1558–1570 г. (Аляксандр Філюшкін)

Снежня 7, 2008 |


ЯНУШКЕВIЧ, АНДРЭЙ. Вялікае Княства Літоўскае і Інфлянцкая вайна 1558-1570 гг. Мінск: „Медисонт”, 2007. — 356 с.

У 2007 г. American Council of Learned Societies падтрымаў выданне манаграфіі беларускага гісторыка Андрэя Янушкевіча пра Інфлянцкую вайну. Факт прыемны, таму што ў СССР і на постсавецкай прасторы кніг, прысвечаных гэтай вайне — згодна з агульнапрынятай версіяй, самай доўгай у рускай гісторыі, 25-гадовай, якая працягвалася з 1558 да 1583 г. — не друкалася з 1954 г. Такім чынам, праца Янушкевіча перарвала завесу навуковага маўчання адносна гэтага канфлікта за апошнія 53 гады!

Калі пра нейкую падзею не пішуць сур’ёзных даследаванняў больш чым паўстагоддзя, то ў яго канвенцыянальных трактоўках, якія мы сустракаем у падручніках і энцыклапедычных даведніках, а таксама ў агульных навуковых працах, непазбежна будуць дамінаваць стэрэатыпы. Кніга Янушкевіча накіравана на разбурэнне адразу некалькіх такіх стэрэатыпаў. Пра маштаб задумы перагляду ўсёй архітэктонікі гістарыяграфічнага бачання Інфлянцкай вайны сведчыць той факт, што аўтар прапануе адмовіцца ад… самога тэрміна „Лівонская вайна”, замяніўшы яго на паланізаваны і больш аўтэнтычны крыніцам польскага паходжання „Інфлянцкая вайна” (6-7). Замена лацінска-рускага варыянта „Лівонская” на польска-беларускі варыянт „Інфлянцкая” знакавая: гісторык гэтым адразу абазначае свае гістарыяграфічныя перавагі і арыенціры.

Аднак перайменаваннем вайны справа не абмяжоўваецца. Кніга змяшчае цэлы шэраг цікавых высноваў і назіранняў. Янушкевіч слушна заўважыў, што Інфлянцкая вайна мела асаблівую спецыфіку: у яе аснове ляжаў руска-літоўскі канфлікт, аднак яго прычынай было суперніцтва за суседнюю тэрыторыю — Лівонію / Інфлянты (4). Ён аргументавана падтрымлівае меркаванне Б. Н. Флоры, што ў пачатку 1558 г. вайна ў Інфлянтах не ўспрымалася ў Расіі як доўгатэрміновы ваенны канфлікт (27, 35). Уяўляецца абсалютна слушнай заўвага, што ў 1557-1558 г. руская дыпламатыя не ведала пра Позвальскую дамову і не ўлічвала яе ў сваіх дзеяннях (26).

Найбольш удалыя часткі манаграфіі, на наш погляд, — параграф пра Ульскую бітву 1564 г. (74-90) і частка кнігі, дзе распавядаецца пра ўплыў вайны на ўнутраны стан ВКЛ (раздзел ІІ). У другім раздзеле аўтар выкарыстоўвае шмат новага матэрыялу, у тым ліку архіўнага, па гісторыі ўзброеных сілаў ВКЛ, сістэме збору і забеспячэння войска і г.д. Дадзеная частка манаграфіі мае вялікае навуковае значэнне, перш за ўсё ў плане выкладання эмпірычнага матэрыялу. Не меншы інтарэс уяўляе сабой ІІІ раздзел, прысвечаны вывучэнню спосабаў і метадаў мабілізацыі сродкаў для вядзення вайны.

Вынікі даследавання Янушкевіч прыводзіць у ІV раздзеле, які цалкам прысвечаны вывучэнню ўплыву вайны на ўнутранае жыццё ВКЛ. Ён пераканаўча паказвае, што лівонскае пытанне ўнесла раскол у шэрагі шляхты ВКЛ (272), прыводзіць новыя факты ў падтрымку вядомага тэзіса, што палітычная сістэма ВКЛ і пазіцыя шляхты ў даволі значнай ступені залежала ад ролі караля (275). Аўтар дэманструе ролю асобных прадстаўнікоў шляхты ВКЛ у фармаванні курсу лівонскай палітыкі (у прыватнасці, Я.Хадкевіча; 279-286).

Безумоўна, А. Янушкевіч не змог абмінуць пытання ролі Інфлянцкай вайны ў заключэнні Люблінскай уніі (1569). Аўтар паказвае, што інтарэсы магнатэрыі і шляхты адносна уніі разыходзіліся. Шляхта разглядала магчымасць уніі з Польшчай перш за ўсё ў святле верагоднасці атрымання ваеннай дапамогі ў вайне з Расіяй (298-299). Паны-рада, наадварот, з-за сваіх карпаратыўных інтарэсаў адносіліся да уніі складана. Сам жа саюз ВКЛ і Польшчы, паводле Янушкевіча,  быў абсалютна неабходны  з-за ваеннага аспекту (314, 337). То бок тут даследчык прытрымліваецца традыцыйных гістарыяграфічных пабудоў.

На фоне гэтых удалых раздзелаў куды меней паспяховым выглядае першы раздзел, прысвечаны ўласна гісторыі Інфлянцкай вайны ў храналагічных рамках 1558-1570 г. А. Янушкевіч прапануе перагляд традыцыйнай храналогіі вайны, вылучэнне падзей 1558-79 г. у асобную вайну (якой, уласна, і прысвечана кніга), а 1578-82 г. — адпаведна ў іншую (5-6). Такі кірунак пошуку выглядае даволі перспектыўным. Уяўляецца слушным разуменне Інфлянцкай вайны як гістарыяграфічнага канструктара, створанага М. М. Карамзіным, які аб’яднаў некалькі войнаў за валоданне Прыбалтыкай у ХVI ст. у адну, але буйную. Праўда, на наш погляд, гэтых войнаў было больш, чым дзве, вылучаныя Янушкевічам.

Спробы перагляду традыцыйнай храналогіі Інфлянцкай вайны былі і да з’яўлення дадзенай манаграфіі (і аўтару, прапануючы перагляд гэтай храналогіі, напэўна, варта было б згадаць пра папярэднікаў, чаго ён не зрабіў). Беларускі гісторык В. І. Бобышаў, не адмаўляючыся, зрэшты, ад тэрміна „Лівонская вайна”, прапанаваў вылучыць у ёй чатыры этапы: 1558-62, 1562-72, 1572-76, 1576-83[1]. Таксама чатыры этапы ў рускіх „высілках” па авалодванні Лівоніяй прапанаваў амерыканскі вучоны В. Кірхнер: 1558-60, 1561-69, 1577 і 1578-83[2].

Асобна трэба адзначыць погляды даследчыкаў, якія замест тэрміна „Лівонская вайна” прапануюць называць гэтыя канфлікты „Балтыйскім войнамі” або „Паўночнымі войнамі”. Інфлянцкую вайну іменаваў Першай Паўночнай вайной К. Цэрнак, аднак ён лічыў, што яна адбывалася ў рамках 1563-79 г.[3]. А. Вільянці лічыў першай Паўночнай вайной руска-шведскую 1554-57 г.[4]. Англійскі гісторык Роберт Фрост прапанаваў канцэпцыю трох Паўночных войнаў: 1558-1619 г., пры дамінаванні Польшчы, 1654-1678, пры дамінаванні Швецыі, і 1700-1721 — канчатковая перамога і зацвярджэнне ў Прыбалтыцы Расіі[5].

Нарэшце, аўтар дадзенай рэцэнзіі прапанаваў гаварыць пра комплекс, серыю Балтыйскіх войнаў другой паловы ХVI ст., якія ў позняй гістарыяграфіі былі ўмоўна аб’яднаны ў адзіную Інфлянцкую вайну 1558-1583 г. На наш погляд, неабходна пашырыць пералік канфліктаў, якія трэба комплексна разглядаць пры вывучэнні барацьбы за Прыбалтыку ў другой палове ХVI ст. Да войнаў, якія традыцыйна „ўключаюць” у Інфлянцкую Лівонскую вайну 1558-83 г.[6], трэба дадаць руска-шведскую вайну 1556-1557 г., „вайну каад’ютараў” 1556-1557 г., руска-шведскую вайну 1589-1590 г., якая скончылася Цяўзінскім мірам паміж Расіяй і Швецыяй 1595 г. Гэтай дамовай падзел узбярэжжа Балтыйскага мора мог быць завершаны на многія гады, аднак уварванне ў Расію ў гады Смуты войскаў Польшчы і Швецыі, Сталбоўскі мір 1617 г. і Дэвулінскае перамір’е 1618 г. па-новаму перакроілі межы ўсходнееўрапейскіх дзяржаваў, у тым ліку і ў прыбалтыйскім рэгіёне[7].

Усе гэтыя меркаванні, выказаныя папярэднікамі, не знайшлі ніякага адлюстравання ў кнізе Янушкевіча. Пытанне аб перыядызацыі вайны падаецца ім як упершыню ўзнятае толькі на старонках яго манаграфіі. Такія адносіны да ранейшых прац наўрад ці карэктныя. Прыклад з пераглядам храналогіі дэманструе адну асаблівасць даследавання Янушкевіча. У кнізе шмат цікавых ідэй, назіранняў і знаходак аўтара. Аднак кніга няроўная, і няроўная перш за ўсё ў аспекце паўнаты выкарыстаных крыніц і гістарыяграфіі, якія павінны былі быць прыцягнутыя пры напісанні першага раздзела, уласна гісторыі вайны.

Так, агляд гістарыяграфіі (8-16) паказвае дамінаванне прац польскіх гісторыкаў. Аднак працы нямецкіх, дацкіх, шведскіх і англамоўных гісторыкаў (Н. Ангерман, Э. Тыберг, Э. Донерт, В. Кірхнер, В. Урбан і інш.) у працы ў лепшым выпадку згаданы, і то не ўсе[8]. Абсалютна невядомай Янушкевічу, мяркуючы па спасылках у манаграфіі, засталася нямецкая прыбалтыйская гісторыя пытання. Такі „паланісцкі” перакос у падыходзе не дазволіў аўтару ў поўнай меры ўлічыць вынікі прац папярэднікаў.

Аднак прабелы ў гістарыяграфіі малаважныя ў параўнанні з прабеламі ў крыніцах. На жаль, у спісе выкарыстаных архіваў — шэсць польскіх, адзін беларускі і адзін (!) расійскі (339-340). Сярод іх няма Расійскага дзяржаўнага архіва старажытных актаў (РДАСА), без звароту да фондаў якога наўрад ці наогул магчыма якое-небудзь глыбокае даследаванне па гісторыі міжнародных адносінаў ва Ўсходняй Еўропе ў ХVI ст. Вывучэнне дакументаў як фонду 64 (Лівонскія справы), так і фонду 123 (Крымскія справы) зрабіла б развагі аўтара адносна расійскай палітыкі ў Інфлянтах і ў адносінах з Крымам больш аргументаванымі і важкімі. У РДАСА захоўваюцца дакументы, што дазваляюць праліць святло менавіта на тыя пытанні, наконт якіх аўтар выказвае толькі здагадкі, якія не заўсёды адпавядаюць рэальнай палітыцы[9]. Думаецца, безумоўны давер да публікацыі Г. Карпава дакументаў з фонду 79 (Зносіны з Польшчай) таксама патрабуе карэктываў і праверкі яго публікацый па архіўных дакументах.

Янушкевіч толькі ў вельмі абмежаваным выглядзе прыцягнуў еўрапейскія крыніцы. Ён не выкарыстаў нямецкую публікацыю дакументаў прускага двара і герцага Альбрэхта Гагенцолерна[10] — магчыма, менавіта таму аўтар не ўлічыў ролю Прусіі ў распрацоўцы польскіх планаў анексіі Інфлянтаў у 1550-я г. Ён не выкарыстоўвае велізарны эпісталярны матэрыял якраз па палітыцы ў Інфлянтах у 1558-1562 г., што змяшчаецца ў 11-томавай публікацыі К. Шырэна[11] і 5-томавай Ф. Бінемана[12]. Акрамя таго, аўтарам амаль не прыцягнуты еўрапейскія хронікі і гістарычныя творы пра Інфлянцкую вайну — ён не выкарыстоўвае працы І. Рэнера, С. Генінга, Д. Хітрэя, Т. Брэдэнбаха, Л. Мілера і інш. Больш за ўсё ён давярае польскім храністам (М. Стрыйкоўскаму і А. Гваньіні, на якіх найбольш спасылак у працы), а таксама рускім летапісам. Здаецца, што такі характар адбору крыніц аднабаковы і не дазваляе дасягнуць аб’ектыўнасці і татальнасці ў даследаванні як баявых дзеянняў, так і перыпетый дыпламатычнай барацьбы.

Выклікае сумненне і відавочна нацягнутая трактоўка Інфлянцкай вайны як вайны за палітычную самастойнасць Вялікага Княства Літоўскага (5) і таксама як вайны, першапачаткова абарончай для ВКЛ (22). Апошні тэзіс, калі звяртацца да фактаў, выклікае вялікае сумненне — А. Янушкевіч сам жа і піша, што планы анексіі Інфлянтаў Карона пачала выношваць у 1552-1554 г. (21), гэта значыць задоўга да ваеннага ўварвання Расіі ў Інфлянты (1558) і пачатку руска-літоўскага канфлікту (1561). Ад каго абараняўся сам Жыгімонт Аўгуст, калі ў 1556 г. паслаў войскі да межаў Ордэна, каб дамагчыся ад яго кабальнай Позвальскай дамовы? Калі Вялікае Княства Літоўскае і Каралеўства Польскае ў 1559-1561 г. актыўна ўдзельнічала ў падзеле Інфлянтаў на зоны акупацыі — нароўні з Расіяй, Швецыяй, Даніяй? Янушкевіч адчувае тут слабасць сваёй пазіцыі, аднак, паколькі тэзіс пра абарончую вайну ВКЛ супраць расійскага агрэсара з’яўляецца стрыжнем яго канцэпцыі, то ён прапануе даволі дзіўную ідэю: захват Інфлянтаў быў неабходны для абароны ад Расіі, перш за ўсё — полацка-віцебскага кірунку (3 7). Дастаткова зірнуць на карту, каб беспадстаўнасць гэтага погляду стала відавочнай. Дзе Полацк і Віцебск, і дзе — Дэрпт, Рыга і Рэвель…

Пры гэтым Янушкевіч кажа пра энтузіязм шляхты пры ўварванні ў Інфлянты (38), пра барацьбу ВКЛ за выхад да Балтыкі, пра эканамічныя інтарэсы ВКЛ у Інфлянтах (22). Такім чынам, ён ускосна прызнае, што адносна Інфлянтаў вайна была агрэсіўнай для ўсіх яе ўдзельнікаў — і Расіі, і Вялікага Княства Літоўскага, і Каралеўства Польскага, і Каралеўства Шведскага. Адзіная краіна, якая ў гэтым канфлікце займалася выключна абаронай — гэта Інфлянты. Для ВКЛ вайна, безумоўна, стала абарончай толькі пасля 1563 г., пасля страты Полацка. У 1558-1562 г. дзеянні ВКЛ у Інфлянтах пад азначэнне „абарончыя” аднесці цяжка.

Пералік падобных слабааргументаваных палажэнняў у канцэпцыі Янушкевіча можна было б пашырыць. Магчыма, іх было б менш, калі б аўтар або засяродзіўся толькі на вывучэнні ўплыву вайны на ўнутраную сітуацыю ў ВКЛ (што ў Янушкевіча, без сумневу, атрымалася), або прыцягнуў неабходную колькасць крыніц і літаратуры для вывучэння ваенных і дыпламатычных дзеянняў у 1550-60 г. Пакуль жа даводзіцца канстатаваць, што кнігу А. Янушкевіча як працу па ваеннай гісторыі і па гісторыі міжнародных адносінаў нельга прызнаць ва ўсім удалай. Але ў цэлым даследаванне заслугоўвае станоўчай ацэнкі і з’яўляецца істотным укладам і крокам наперад у вывучэнні Інфлянцкай вайны.

Санкт-Пецярбург

Аляксандр Філюшкін


[1] Бобышев В. И. Международные отношения в Восточной Европе в 30-80-е гг.ХVI в. / Автореф. дисс.… канд. ист. наук. Минск, 2001. С. 13-14.
[2] Kirchner W. The rise of the Baltic question. Westport, 1970. P. 94.
[3] Zernack K. Polen und Russland: Zwei Wege in der europäischen Geschichte. Berlin,1994. P.166,178.
[4] ViljantiA. GustavVasas ryskakrig 1554-1557. Stokholm, 1957. S.9.
[5] Frost R. The Northern Wars: War, State and Northeastern Europe: 1558-1721. Edinburg, 2000.
[6] Гэта ўласна Інфлянцкая вайна 1558-1561 г. з удзелам Інфлянтаў, Расіі, Вялікага Княства Літоўскага, Швеціі і Даніі, якая закончылася раздзелам Ордэна паміж Расіяй, Швецыяй, Даніяй і Вялікім Княствам Літоўскім; руска-літоўская вайна 1561-1570 г., дацка-шведская вайна 1563-1570 г., Маскоўская („Баторыева”) вайна 1578-1582 г. і руска-шведская вайна 1578-1583 г.
[7] Филюшкин А. И. „Конструирование войны”: Изображение Ливонской войны в европейском и русском историческом нарративе // Восточная Европа в древности и средневековье: Проблемы источниковедения. ХVII Чтения памяти члена-корреспондента АН СССР Владимира Терентьевича Пашуто; IV Чтения памяти доктора исторических наук Александра Александровича Зимина. Москва, 19-22 апреля 2005 г. Тезисы докладов. Москва, 2005. Ч. II. С. 274-276; ён жа. „Bello Moscovitico” или „Ливонская война”? Эволюция исторической памяти о Ливонской войне в ХVI-ХХ вв. // Чтения по военной истории: Сборник статей / Отв. ред. Е. В. Ильин. СПб., 2006. С. 123-127. Дадзеная канцэпцыя таксама атрымала абгрунтаванне ў нядаўна апублікаванай манаграфіі: Filjushkin A. Ivan the Terrible: A Military History. London, 2008.
[8] Толькі згаданыя, але зусім ў недастатковай ступені выкарыстоўваюцца аўтарам асноўныя працы па гісторыі Лівонскай вайны: Angermann N. Studien zur Livländpolitik Ivan Groznyj’s. Marburg, 1972; Kirchner W. The rise of the Baltic question / Second edition. Westport, 1970; Donnert E. Der Livändische Ordenstritterstaat und Russland. Der Livändische Krieg und die baltische Frage in der europäischen Politik 1558-1583. Berlin, 1963; Rasmussen K. Die livländische Krise 1554-1561. Copenhagen, 1973; Svensson S. Den merkantia bakgrunden till Rysslands antal Livländska Ordensstaten. Lund, 1951; Tiberg E. Die politik Moskaus gegenüber Alt-Livland: 1550-1558 // Zeitschrift für Ostforschung. 1976. T.25. Idem. Zur Vorgeschichte des Livländischen Krieges: Die Beziehungen zwischen Moskau und Litauen 1549-1562. Uppsala, 1984; Urban W. The Livonian Crusade. Washington, 1981.
[9] Як прыклад перспектываў, якія адкрываюць архіўныя пошукі, падамо дзвеапошнія публікацыі дакументаў з фондаў РДАСА: жалаванай граматы Івана ІV Дэрпту 1558 г., якая пралівае святло на характар рускай заваёўніцкай палітыкіў Інфлянтах, і праектаў руска-крымскага ваенна-палітычнага саюза 1563-1564 г., пра які А. Янушкевич згадвае, але тэксты праектаў дагавора яму невядомыя, і таму развагі аўтара аказваюцца гіпатэтычнымі — гл.: Филюшкин А.И. Проекты русско-крымского военного союза в годы Ливонской войны // „В кратких словесах многой разум замыкающе…” / Отв. ред. А. Ю. Дворниченко.СПб., 2008. С. 309-337; ён жа. Политическая практика московских властей вЛивонии в первые годы Ливонской войны (новые документы) // Studia Slavicaet Balcanica Petropolitana = Петербургские славянские и балканские исследования. 2008. № 1 (3). С. 77-88.
[10] Напрыклад: Herzog Albrecht von Preussen und Livland (1551-1557)/ Rehesten ausdem Herzoglichen Briefarchiv und deb Ostpreussischen Folianten / Bearb. Von St.Hartmann. Köln, Weimar, Wien, 2005.
[11] Archiv fur die Geschichte Liv-, Est- und Curlands. Quellen zur Ceschichle des Untergangs livländischer Selbständigkeit. Aus dem schwedichen Reichsarchive zu Stockholm / Hrsg. von С Schirren. Reval, 1861-1885. Bd.1-11.
[12] Bienemann F. Briefe und Urkunden zur Geschichte Livlands in der Jahren 1558-1562. Riga, 1865-1876. T. 1-5.

Наверх

Kotljarchuk, Andrej. In the Shadows of Poland and Russia (Міхал Дуда)

Снежня 6, 2008 |


KOTLJARCHUK, ANDREJ. In the Shadows of Poland and Russia. The Grand Duchy of Lithuania and Sweden in the European Crisis of the mid-17 th Century. Sődertőrns hőgskola (Sődertőrns Doctoral Dissertations, nr 4), 2006. — 347 s.

Аўтар звярнуўся да тэмы, нібыта добра вядомай у Польшчы і грунтоўна даследаванай такімі гісторыкамі, як Тадэвуш Васілеўскі ці Генрык Віснэр[1]. Аднак у іх працах, абапертых пераважна на айчынныя і часткова шведскія матэрыялы, адзначана неабходнасць глыбейшых даследаванняў. Узнятыя аўтарам новыя даследчыя праблемы (як, напрыклад, недаацэненыя эканамічны ці канфесійны аспекты) у значнай ступені запаўняюць прагал у нашых ведах пра падзеі Вялікага Княства 1655-1661 г., перадусім уніі Швецыі і ВКЛ ды неафіцыйных перамоваў з Расіяй. Вартасцю з’яўляецца даступная і папулярная мова выкладання, салідная крыніцавая база ўражвае лічбай ды ахопам здзейсненага пошуку, які даў магчымасць выкарыстаць шэраг новых крыніц. Аўтар ладзіў доследы не толькі ў шведскіх і польскіх архівах. Навацыйнымі былі пошукі ў беларускіх, расійскіх і літоўскіх архівах.

Была выкарыстана найноўшая тэматычная літаратура не толькі шведскага, польскага ці расійскага паходжання, але і працы беларускіх, украінскіх ды літоўскіх гісторыкаў.

Кніга змяшчае пяць раздзелаў, карты з выявамі тагачаснай Літвы, дадаткі, графічны анэкс і салідную бібліяграфію. Структура працы, з улікам яе праблематыкі, падаецца трапнай і цалкам абгрунтаванай.

Першы, уступны, раздзел распавядае пра тагачасны стан даследаванняў, даступную тэматычную літаратуру ды наяўныя архіўныя матэрыялы. Асаблівай увагі заслугоўвае здзейсненае ўпершыню падсумаванне даследаванняў гісторыкаў з Літвы, Беларусі, Расіі, нават Фінляндыі.

Раздзел Separatism and policy of Poland паказвае сітуацыю і сепаратысцкія памкненні Вялікага Княства ў першай палове XVII ст. У польскай літаратуры унія Швецыі і ВКЛ, дзеянні ў гэтым кірунку Януша Радзівіла трывала атаясняюцца са здрадай. Гэткае меркаванне пашырыў Генрык Сянкевіч у сваім папулярным „Патопе”. Катлярчук прапануе чытачу новы погляд наўзаеміны і кантакты са Швецыяй. Выключная роля надаецца ўсё мацнейшым эканамічным сувязям ВКЛ са шведскай Рыгай ды Стакгольмам. Шведская стратэгія эканамічнага напору была значным стымулам заключэння сепаратысцкага міру ў 1627 г, а далей заключэння ўзаемнай уніі ў 1655 г. Таксама ўздымаецца пытанне канфесійных канфліктаў і дачыненняў літоўскіх пратэстантаў са Стакгольмам, асабліва з блізкімі Шведскімі Інфлянтамі. Не абмінуты таксама чыннік амбіцыяў Радзівілаў. Адносна мала месца аўтар прысвяціў чынніку расійскай пагрозы, добра паказанаму ў даступнай тэматычнай літаратуры — польскай, шведскай ці расійскай. Бясспрэчная перавага раздзела — навацыйны падыход да тэмы і выкарыстанне новых крыніц.

Незвычайна каштоўнай паўстае трэцяя частка працы, якая вычарпальна паказвае падзеі уніі Швецыі ды ВКЛ. Асабліва важнымі падаюцца падраздзелы The declaration of Kedainiai, August 17, 1655 (91-121) і The Birth of the Sweden-Lituania federation: the Union of Kedainiai, October20,1655 (121-138), у якіх адлюстраваны акалічнасці разрыву з Польшчай і хаўрусу са Швецыяй. Вялікай вартасцю раздзела з’яўляецца супастаўленне і параўнанне пагаднення ад 17 жніўня 1655 г. з канчатковым тэ кстам уніяльнага пагаднення. Дарэчна ўздымаецца пытанне геапалітычных зменаў, абумоўленых заключанай уніяй — зменаў не толькі ў драматычнай сітуацыі Польшчы і Швецыі, але і іншых балтыйскіх дзяржаваў.

Пасля сканчэння перамоваў у Кейданах ВКЛ стала месцам сутыкнення інтарэсаў Расіі і Швецыі, Радзівілаў, польскіх прыхільнікаў, нават, як слушна зазначае Катлярчук, Украіны Хмяльніцкага і Трансільваніі Ракоцы. Гэтыя складаныя залежнасці, палітычныя дзеянні ды ваенныя акцыі асвятляе чацвёрты раздзел. Найбольш увагі даследнік прысвяціў расійска-шведскім дачыненням, паказваючы ix эвалюцыю ад добрых, спакойных адносінаў да — праз дыпламатычныя дзеянні і памежныя сутыкненні — развязання вайны. Сярод прычынаў, што трывала паглыблялі антаганізм паміж Стакгольмам ды Масквой, ён вылучае перамовы Карла X Густава з Хмяльніцкім (243-250). Ясна паказаны дзеянні дыпламатаў Польшчы і Расіі, скіраваныя на замірэнне і сумеснае выступленне супраць Швецыі. Бясспрэчнай і безумоўнай навіной з’яўляецца ацэнка наступстваў для Вялікага Княства перамоваў у Радноце і разгляд удзелу ў канфлікце Ракоцы. У гэтым разгорнутым і дакладным асвятленні дыпламатычных дзеянняў бракуе хоць сціслага пераказу ўзаемных адносінаў Расіі і Брандэнбургіі. Трактат ад верасня 1656 г. забяспечваў двухбаковы нейтралітэт і карысны гандлёвы абмен паміж дзяржавамі. Безумоўна, гэта негатыўна паўплывала на становішча шведаў у ВКЛ.

Апошні раздзел — спроба падсумаваць наступствы падзеяў 1655-1661 г. у Вялікім Княстве. У ацэнцы эканамічных і дэмаграфічных стратаў аўтар абапіраецца на працы Юзафа Можы, цалкам пагаджаючыся з пададзенымі там звесткамі[2]. Цікавае і навацыйнае паводле задумы параўнанне стратаў абшараў, займаных Швецыяй і Расіяй. Ваенныя знішчэнні, паводле Катлярчука, таксама сталі прычынай зменаў у грамадскай структуры. Да адмоўных з’яваў ён залічвае і гвалтоўныя ды незваротныя канфесійныя змены — такія, як пераслед ці змушаную міграцыю за межы ВКЛ. Як падае аўтар, у канцы XIV ст. у Вялікім Княстве было каля 260 пратэстанцкіх парафіяў, у 1696 г. засталося толькі 46 (277). Найбольш адчувальнымі, невымяральнымі, на ягоную думку, з’яўляюцца негатыўныя грамадскія і культурныя змены.

Частка раздзела прысвечана ацэнцы дзеянняў Януша і Багуслава Радзівілаў. Паводле даследніка, яны дзейнічалі перадусім з патрыятычных памкненняў, дбаючы пра ВКЛ, а не пра Польшчу. Нягледзячы на магчымасць пагаднення з Расіяй, яны выбралі пратэкцыю Швецыі, якая абяцала шмат карысці, пакідала спадзеў на большую палітычную самастойнасць. Гэтае рашэнне выклікала канфлікт не толькі з Расіяй, Польшчай, але і са значнай часткай жыхароў ВКЛ. Дыскусійным падаецца думка аўтара, што абраны шлях залежнасці ад шведаў быў найлепшым з магчымых, а сама унія магла прынесці шмат карысці абодвум партнёрам (286). Аргументацыя даследніка не выглядае дастаткова пераканаўчай. Неабходна, аднак, зазначыць, што Януш Радзівіл для большасці ліцвінаў — адзін з нацыянальных герояў.

Далей варта звярнуць увагу на змешчаныя ў канцы кнігі анэксы, мапы ды ілюстрацыі. Асабліва істотнай і каштоўнай трэба прызнаць публікацыю трактата ад 17 жніўня 1655 г. ды пагаднення ад 20 кастрычніка 1655 г. Як зазначае Андрэй Катлярчук, папярэднія, адзіныя, распрацоўкі Уладыслава Канапчыньскага ды Казімежа Лепшага — на жаль, непаўнавартасныя[3]. Пра павагу да чытача сведчыць табліца з англійскім перакладам тагачасных літоўскіх урадавых тытулаў. Ілюстрацыі падабраны трапна: усяго дваццаць дзве, з іх тры апублікаваны ўпершыню. Адзіны дробны недахоп — адсутнасць рэзюмэ, што пазбаўляе магчымасці хуткага знаёмства з аўтарскімі высновамі.

Такім чынам, аўтар прадметна і сумленна выканаў даследчыя пастулаты сваёй працы. У ранейшай тэматычнай літаратуры неставала такой добрай і навацыйнай распрацоўкі дадзенай тэмы. Кніга Андрэя Катлярчука, безумоўна, запоўніла гэты даследчы прагал. Асабліва для польскіх даследнікаў, якія займаюцца meandrami польска-літоўскіх сувязяў і падзеямі 1655-1660 г., кніга Андрэя Катлярчука прапануе багата матэрыялу для рэфлексіі, заахвочвае да новага погляду на ўжо вядомыя пытанні.

Гданьск

Міхал Дуда


[1] Wasilewski T. Zdrada Janusza Radziwiłła w 1655 r. i jej wyznaniowe motywy // Odrodzenie i Reformacja w Polsce. T. 18. Warszawa, 1973. S. 125-147; Wisner H. Decydenci litewscy wobec wybuchu wojny polsko-szwedzkiej (1655-1660) // Odrodzenie i Reformacja w Polsce. T. 15. S. 130-144. Warszawa, 1970; ён жа. Rok 1655 na Litwie: Pertraktacje ze Szwecją i kwestia wyznaniowa // Odrodzenie i Reformacja w Polsce. T. 24. Warszawa, 1981. S. 83-103; ён жа. Wojsko Litewskie I połowy XVII wieku // Studia i Materiały do Historii Wojskowości. T. 19. Z. 1. Warszawa, 1973. S. 94-101; ён жа. Janusz Radziwiłł 1612-1655. Wojewoda wileński. Hetman wielki litewski. Warszawa, 2000.
[2] Morzy Józef. Kryzys demograficzny na Litwie i Białorusi w II połowie XVII wieku. Poznań, 1965.
[3] Konopczyński W., Lepszy K. Akta Ugody Kiedanskiej 1655 roku // Ateneum Wileńskie. T. 10. Wilno, 1935. S. 173-224.

Наверх

Kotljarchuk, Andrej. In the Shadows of Poland and Russia (Конрад Бабятыньскі)

Снежня 5, 2008 |


KOTLJARCHUK, ANDREJ. In the Shadows of Poland and Russia. The Grand Duchy of Lithuania and Sweden in the European Crisis of the mid-17 th Century. Sődertőrns hőgskola (Sődertőrns Doctoral Dissertations, nr 4), 2006. — 347 s.

Кніга Андрэя Катлярчука — яго кандыдацкая дысертацыя, абароненая ў чэрвені 2006 г. нa гістарычным факультэце Стакгольмскага універсітэта. Галоўнай мэтай сваіх даследаванняў аўтар паставіў усебаковы разгляд складанай палітычнай і ваеннай сітуацыі, у якой апынулася Вялікае Княства Літоўскае ў выніку вайны са Швецыяй і Масквой у 1655-1657 г. У прадмове аўтар зазначыў, што задача яго кнігі, перш за ўсё, — жаданне падарваць шырока распаўсюджаны ў польскай і заходнееўрапейскай, у тым ліку шведскай, гістарыяграфіі, стэрэатып дачыненняў Вялікага Княства і Швецыі ў гэты перыяд. На першых старонках працы (2-3) аўтар сфармуляваў тэзіс, якому падпарадкаваў пазней свае высновы. Паводле меркавання аўтара, ацэнка гісторыкамі дагавораў Януша Радзівіла са шведамі ў 1655 г. як здрады інтарэсам Рэчы Паспалітай неапраўданая, таму патрабуе грунтоўнага перагляду. Саму унію Швецыі і ВКЛ i рашэнне ліцвінаў аб разрыве уніі з Каронай аўтар лічыць элементам агульнай дэзінтэграцыі ў „дзяржаве абодвух народаў”, а перш за ўсё элементам больш шырокай агульнаеўрапейскай тэндэнцыі — крызісу цэнтральнай улады ў сярэдзіне XVII ст. Гэты крызіс знаходзіў выяўленне ў канфліктах паміж каралём і станамі, дзяржавай і грамадзянамі ў многіх краінах Старога Кантынента. Акрамя Рэчы Паспалітай аўтар звяртае ўвагу на падобныя з’явы, якія, між іншым, адбываліся ў Імперыі Габсбургаў (крыху раней), Англіі, Францыі, Галандыі ці Партугаліі (5-6, 87-89).

Безумоўна, кніга Катлярчука ўпісваецца ў кантэкст даўняй дыскусіі ў польскай, літоўскай і беларускай гістарыяграфіі на тэму матываў, якімі кіраваўся Януш Радзівіл у момант прыняцця рашэння аб разрыве Люблінскай уніі і прызнання ўлады Карла X Густава, a таксама вытокаў Кейданскіх дамоваў, іх юрыдычнай легітымнасці і ролі гэтых падзей у гісторыі ВКЛ у другой палове XVII ст. У гэтай дыскусіі дагэтуль удзельнічалі многія польскія гісторыкі, пачынаючы з даследчыкаў, якія працавалі на пачатку другой паловы XIX ст. — Эдварда Катлубая i Бярнарда Каліцкага[1]. Апошняе значнае выказванне ў гэтай дыскусіі належыць Тадэвушу Васілеўскаму і Генрыку Віснэру, якія інтэрпрэтуюць падзеі, што адбыліся паміж жніўнем і кастрычнікам 1655 г., зусім іншым чынам[2]. Васілеўскі галоўнай прычынай здрады Радзівіла, як ён адназначна ацаніў палітыку вялікага гетмана ВКЛ у жніўні 1655 г. i наступных месяцах, называе рэлігійны фактар. У той жа час Віснэр паспрабаваў патлумачыць палітыку Радзівіла складанай палітычнай і ваеннай сітуацыяй, у якой апынулася ВКЛ у выніку наступлення войскаў цара Аляксея Міхайлавіча. Войскі маскоўскага цара на пачатку верасня 1655 г. падышлі пад самую Вільню. Прыняцце ў такіх абставінах шведскага пратэктарату, як шматразова даводзіць гэты даследчык, здавалася тады адзіным рацыянальным шляхам выратавання для пазбаўленага ўсякай дапамогі з боку Кароны Вялікага Княства, a асабістыя і рэлігійныя матывы ў дадзеным выпадку (з боку Радзівілаў) адыгрывалі другасную ролю.

У той жа час канцэпцыя, якую А. Катлярчук падаўу сваёй кандыдацкай дысертацыі, значна выходзіць за межы, a часта і пярэчыць гіпотэзам Васілеўскага і Віснэра.

Аўтар ужо на пачатку працы (27 i наст.) прапануе адназначна негатыўны вобраз наступстваў, якія для ВКЛ вынікалі з факта заключэння Люблінскай уніі. Ён падкрэслівае, што унія падзяліла, a не злучыла абедзве часткі Рэчы Паспалітай. Нягледзячы на заключэнне Люблінскай уніі, аўтар увесь час ставіцца да ВКЛ як да практычна асобнай дзяржавы, звязанай вельмі свабоднымі сувязямі з Каронай, часта аддаючы перабольшаную ўвагу праявам сепаратызму ў ВКЛ у 1569-1655 гадах (87-89). Важны элемент канцэпцыі Катлярчука — упор на рэлігійныя фактары. Асабліва шмат месца ён прысвячае рэлігійнаму ўціску і пераследу, які перманентна цярпелі пратэстанты з боку каталікоў у ВКЛ (51-54). Аўтар прыводзіць выпадкі адхілення пратэстантаў ад выканання публічных функцый, знішчэння i выгнання ix са збораў або ўрэшце здзяйснення ў адносінах да іх пагромаў (віленскія пагромы ў 1609 i 1640 г. і хваляванні ў Полацку i Наваградкуў 1638 г.). Адначасова ён падкрэслівае рэлігійнуюцярпімасцьпратэстантаў,прыводзячыўпрыклад апеку Януша Радзівіла шатландцамі і габрэямі ў Кейданах. Рэпрэсіі з боку прыхільнікаў контррэфармацыі, спалучаныя з інтэнсіўнай рэкаталізацыяй, набылі асаблівы размах пры панаванні Яна Казіміра. Каб аслабіць пратэстанцкую галіну біржанскіх Радзівілаў, той пачаў ствараць моцную партыю двара, абапіраючыся на каталіцкія роды — Сапегаў, a затым Гасеўскіх і Пацаў. Пратэстанты мусілі яшчэ пры жыцці Жыгімонта III шукаць замежнага апекуна-пратэктара (76-77, 81-82, 87-89). Прыклады гэтага аўтар знаходзіць у палітыцы Крыштафа II Радзівіла (арлеанская змова, зандаж магчымасцяў выбару на трон Рэчы Паспалітай Густава II Адольфа), а таксама ягонага сына Януша (яшчэ ў 1648 г.). Пішучы пра арлеанскую змову, Катлярчук абапіраецца толькі на састарэлую кнігу Ц. Вэйле (1901 г.), не беручы пад увагу новых прац, перш за ўсё агляд крыніц, падрыхтаваны У. Аўгустыняк i В. Сакалоўскім, у якім праблема пададзена ў іншым святле, чым паказвае аўтар[3].

Каб давесці, што Вялікае Княства імкнулася да саюзу са Швецыяй задоўга да 1655 г., аўтар правёў цікавы аналіз больш ранніх формаў супрацоўніцтва паміж дзвюма дзяржавамі. З гэтай мэтай аўтар адступае ажно ў першую палову XIII ст. i час незалежнасці Полацкага княства, акцэнтуючы яго кантакты з кавалерамі-мечаносцамі (61-67). Трэба сказаць, што падкрэсліванне, галоўным чынам, эканамічнага характару суадносінаў Швецыі і ВКЛ перад Патопам цалкам абгрунтаванае, у той жа час сумненне выклікаюць пошукі ў гэтых адносінах палітычнага аспекта. Напрыклад, першыя спробы ўтварэння федэрацыі паміж Швецыяй і ВКЛ Катлярчук шукае ў планах выбрання Аляксандра Ягайлавіча шведскім каралём на мяжы XV i XVI ст., памылкова сцвярджаючы, што на працягу 1492-1506 г. Карона i Вялікае Княства не былі звязаны нават персанальнай уніяй (67-68).

Абсалютна відавочна, што ніводная даследчая гіпотэза, а асабліва такая дыскусійная прапанова, як высунутая Катлярчуком, не знойдзе ўсеагульнага прызнання ў гістарычным асяроддзі, калі яна не будзе абапірацца на адпаведныя крыніцы. Хоць кніга і пабудавана на архіўным матэрыяле, а таксама на многіх надрукаваных крыніцах i апрацоўках, немагчыма не заўважыць, што яе бібліяграфія не пазбаўлена сур’ёзных недахопаў. Безумоўна, важным дасягненнем аўтара трэба прызнаць выкарыстанне шэрагу рукапісных крыніц (у тым ліку арыгіналаў актаў Кейданскай уніі, а таксама карэспандэнцыі Радзівілаў, якая налічвае некалькі дзесяткаў лістоў), a таксама іканаграфічных i картаграфічных матэрыялаў са шведскіх архіваў i бібліятэк (Riksarkivet, Krigsarkivet, Kungliga bibliotheket, Uppsala universitets bibliotek). За выняткам некалькі выпадкаў, гэта ў асноўным дакументы, невядомыя польскім даследчыкам. Аўтар шырока карыстаецца адпаведнай шведскай літаратурай, якая для польскіх гісторыкаў, асабліва сярэдняга пакалення і маладых, часта з’яўляецца абсалютна недаступнай па прычыне моўнага бар’еру.

У той жа час адчуваецца недастатковае веданне польскіх рукапісных крыніц. Асабліва адчувальная адсутнасць многіх важных для глыбокага вывучэння тэмы архіўных дакументаў архіва Радзівілаў з Галоўнага архіва даўніх актаў у Варшаве. Тут узнікае пытанне: ці можна ўвогуле даследаваць дзейнасць радзівілаўскага клана ў 1655-1657 г. без азнаямлення з лістамі да Януша і Багуслава Радзівілаў, што зберагаюцца ў V раздзеле дадзенага збору? Што праўда, перапіска 1655-1657 г. невялікая ў параўнанні хоць бы з шасцідзесятымігадамі XVII ст., аднак аўтар мог бы знайсці ў ёй нямала цікавых звестак, датычных прадмета даследавання. З гэтага раздзела выкарыстаны толькі некалькі лістоў галоўнага спецыялістаРадзівілаў па замежных справах — вількамірскага маршалкаЯна Мяжынскага[4]. Не ўлічана перапіска Багуслава Радзівіла зіншымі ягонымі блізкімі супрацоўнікамі, хоць бы з Бенядыктам Альшэўскім (№ 10 816), або таксама шэраг лістоў, звязаных са Слуцкам і яго роляй у палітыцы канюшага ВКЛ[5].

Увогуле, знаёмства з польскімі архіўнымі матэрыяламі абмежавана ў працы, апрача часткі карэспандэнцыі Мяжынскага, толькі дакументам з раздзела II Архіва Радзівілаў (прычым пададзенага з памылковымі выхаднымі дадзенымі), часткай лістоў Б. Радзівіла з раздзела IV гэтага збору, а таксама трыма пазіцыямі з Бібліятэкі Чартарыйскіх (не хапае, напрыклад, папак Нарушэвіча!), у тым ліку манускрыпта № 2105, які ўключае каштоўны збор лістоў Я. Радзівіла да караля. Аўтар, на жаль, не даследаваў рукапісаў з многіх архіваў і бібліятэк, якія ўтрымліваюць матэрыялы па праблеме. Напрыклад, разглядаючы аблогу Берасця, наватарскі паказ якой А. Катлярчук лічыць адным з найбольш значных аспектаў сваіх даследаванняў (22, 228-233), ён не выкарыстаў асноўнага збору дакументаў па дадзеным пытанні з Бібліятэкі Ардынацыі Замойскіх (рукапіс 943)[6].

Даследуючы ход перамоваў у Ясьвойнах і Кейданах, аўтар шматразова згадвае пра ўплыў ваенных абставінаў на прыняцце Радзівілам рашэння паддацца пад пратэкцыю Карла X Густава, але здаецца, што ён не да канца ўлічвае дадзены аспект, прызнаючы больш важнымі рэлігійныя пытанні i сепаратысцкія тэндэнцыі сярод магнатаў і шляхты. Шкада, што аўтар не здолеў, апісваючы ваенныя дзеянні на тэрыторыі ВКЛ у 1654-1655 г. (91-94), улічыць новыя працы[7]. Выкарыстанне старой літаратуры прывяло да многіх недакладнасцяў, памылак і пропускаў.

Навуковыя гіпотэзы Андрэя Катлярчука абапіраюцца галоўным чынам на аўтарскую інтэрпрэтацыю літаратуры прадмета, a таксама на дакументы stricte дыпламатычнага характару. Цяжка пазбавіцца ўражання, што часта ён прачытвае змест гэтых дакументаў залішне даслоўна, не ўлічваючы спецыфікі гэтага матэрыялу, а таксама абставінаў, у якіх дадзены канкрэтны дакумент быў складзены. Можна сумнявацца, ці варта шукаць прычыны заключэння дамовы ў Кейданах і пераход ВКЛ пад уладу Карла X Густава ў папярэдніх кантактах Я. Радзівіла са шведамі, пачынаючы ад 1648 г. Гэтая гіпотэза, якой у мінулым паддалося некалькі знакамітых польскіх гісторыкаў[8], што безумоўна, дазваляе вельмі абстрактным чынам патлумачыць драматычныя падзеі жніўня 1655 г., на жаль, непераканаўчая, бо для яе не хапае сведчанняў, яна абапіраецца толькі на нешматлікія і другасныя дакументы.

Каб пацвердзіць сваю гіпотэзу, аўтар цытуе кароткую вытрымку з ліста Бенгта Скітэ да губернатара Фінляндыі Пэра Браге (вядомага ў польскай гістарыяграфіі дзякуючы, між іншым, дасл едаванням Т. Новака). У лісце гаворыцца, што частка эліты ВКЛ патаемна шукала магчымасці адлучэння ВКЛ ад Польшчы і далучэння да Швецыі. Крыху месца ў сваёй кнізе аўтар прысвячае таксама сакрэтным кантактам гетмана з губернатарам Інфлянтаў Магнусам Габрыэлем дэ ля Гардзі, аднак жа адзначае, што гэтыя перамовы насілі толькі вусны характар, i таму невядома, чаго канкрэтна яны датычылі, a захаваная перапіска гэтых палітыкаў не ўтрымлівае ніякіх палітычных падрабязнасцяў (81-82). Тым часам першыя звесткі пра тое, што Радзівіл вядзе таемныя перамовы са Стакгольмам пры пасярэдніцтве князя Курляндыі Якуба Кетлера, паходзяць толькі з ліста гетмана канца лістапада 1654 г. Гэты ліст скіраваны да аднаго з найбліжэйшых супрацоўнікаў i пасярэдніка ў кантактах з Кетлерам, аднак там няма ніводнага слова пра планы разрыву Люблінскай уніі. Размовы, якія вяліся са шведамі, ставілі мэтай атрыманне дыпламатычнай і ваеннай дапамогі ў барацьбе з Масквой, a таксама імкненне да дасягнення асабістых мэтаў (Радзівіл дабіваўся ў гэты час, паміж іншым, шведскага індыгенату)[9].

Яшчэ 20.III.1655 г., у чарговым лісце да Стрышкі, гетман не пісаў нічога пра намеры прыняць чужую пратэкцыю, у той жа час ён імкнуўся да захавання міру на паўночнай мяжы ВКЛ, а таксама клапаціўся пра тое, каб Карл X Густаў прыслаў яму на дапамогу корпус з 2000 пяхоты i 1000 конніцы[10]. Калі дакладна было прынятае рашэнне пра падпарадкаванне шведам? Напэўна, гэтага ўжо нельга вызначыць дакладна, аднак многае паказвае на тое, што гэта адбылося пад канец ліпеня, калі ў Рыгу ад’ехаў пасланец Радзівілаў Габрыэль Лубянецкі, або некалькі пазней, калі каля брамаў Вільні апынуліся царскія войскі, а пад Варшаву адышоў дапаможны корпус Кароны, не здзейсніліся таксама надзеі на заключэнне перамір’я з Масквой і да ВКЛ дайшлі звесткі пра капітуляцыю вялікапольскага паспалітага рушання пад Уйсцем.

Шкада, што аўтар не выкарыстаў дзённіка Мацвея Форбэка Леттава, былога доктара Ўладзіслава IV, які вельмі добра перадае настрой, што панаваў у Вільні і ваколіцах у першыя дні жніўня 1655 г., i часткова дазваляе зразумець псіхалагічныя матывы, якія ўплывалі на палітыку Радзівілаў у гэты драматычны перыяд[11]. Для поўнай карціны гэтых падзей было б карысна таксама правесці даследаванне нешматлікай, зрэшты, карэспандэнцыі Я. Радзівіла з лета 1655 г., якую аўтар (акрамя ўпамянутых рукапісаў 2105 з Бібліятэкі Чартарыйскіх) увогуле не цытуе ў сваёй кніжцы. Варта тут таксама назваць перапіску з ваяводам з Лэнчыц Янам Ляшчынскім (БЧ, 384, перш за ўсё ліст гетмана ад 4.VIII.1655, с. 282-285), ліст Радзівіла да вялікага канцлера Кароны Стэфана Карыцінскага ад 7.VIII (Б, 917, s. 1369-1374). Ліст Я. Радзівіла да Б. Радзівіла ад 26.VIII.1655 г. аўтар прыводзіць толькі часткова (113-114), тым часам у ім Радзівіл сцвярджаў, што рашэнне пра падданне шведам прыняў толькі тады, „калі маскаль каля Вільні апынуўся (чаго Вялікая Польшча ніколі не перажывала), a мы ад бяды куды кінуцца меліся”. „A што кажуць”, — пісаў, — „што гэта даўно праз мяне прарастала, то няхай д’ябал выкале мне душу, калі я калі пра гэта думаў даўней. Ад таго, што мы з Вільні ліст пісалі [гаворка ідзе пра ўжо названую місію Габрыэля Лубянецкага. — K.Б.], пачалася гэтая справа, калі інакш ратавацца спосабу не было”. Цяжка сумнявацца ў праўдзівасці гэтых слоў, адрасаваных найбліжэйшаму палітычнаму супрацоўніку, які ў гэты час ведаў пра ўсе палітычныя планы Януша[12].

Саму кастрычніцкую дамову ў Кейданах i папярэдюю ў Ясьвойнах Андрэй Катлярчук ацэньвае, перш за ўсё, у чыста вербальнай плоскасці. Аўтар шмат разоў спрабуе даказаць, якія вялікія шансы давала ВКЛ сувязь са шведамі[13]: для пратэстантаў, якіх тады была большасць ва ўладнай эліце, з’явілася магчымасць вяртання да стану перад 1569 г., a для ўсяго грамадства гэта азначала канец падпарадкавання Польшчы, змену пазіцыі Вялікага Княства ў балансе сілаў у гэтай частцы Еўропы i ўмацаванне міжнароднай пазіцыі дзяржавы (109-110, 138-139). Адначасова аўтар слушна заўважае, што толькі пратэстанты маглі звязваць далёкасяжныя планы з трывалым саюзам са шведамі, тады як для каталікоў гэта быў толькі тактычны ход (асабліва дамова ў Ясьвойнах), прадыктаваны патрэбамі дадзенага моманту, ён ставіў мэтай стрыманне наступу маскоўскіх войскаў, a затым вяртанне захопленых маскоўскім царом тэрыторый (110-111). Тут можна задаць пытанне, на якое ў кнізе няма адназначнага адказу: у якой ступені знаходжанне ліцвінаў у шведскім абозе залежала ад іх веравызнання, a наколькі ад асабістых і палітычных інтарэсаў iх патронаў, ці абодвух Радзівілаў? Вядома, што пасля заключэння веляўска-быдгошскіх дамоваў, на падставе якіх Багуслаў атрымаў поўную амністыю і абяцанні вяртання маёнткаў (сваіх і дваюраднага брата), ужо немагчыма знайсці афіцэраў войска ВКЛ у шэрагах шведскай арміі, хоць вайна яшчэ доўжылася амаль тры гады.

Пра тое, што здача пад пратэкцыю Карла X Густава была не лепшым выбарам, чым адданне пад уладу маскоўскага цара, жыхары акупаваных зямель маглі пераканацца ўжо позняй восенню 1655 г. Бо шведы не збіраліся рэалізоўваць іхніх імкненняў да незалежнасці, ад самага пачатку не лічачы ліцвінаў сваімі раўнапраўнымі партнёрамі і адносячыся да Вялікага Княства як да заваяванай краіны або калоніі. Шведы не збіраліся таксама ўвязвацца ў вяртанне страчаных на ўсходзе краіны тэрыторый і, што з гэтага вынікае, у вайну з Масквой (120-121,125). Катлярчук спрабуе вытлумачыць адсутнасць поспеху ідэі уніі са шведамі даволі сумнеўнымі гіпотэзамі, напрыклад, сцвярджаючы, што памылкай караля была спроба знайсці больш шырокую падтрымку, у тым ліку ў каталікоў (якія, зрэшты, адразу здрадзілі шведам), замест поўнай перадачы ўлады ў краіне пратэстанцкаму клану Радзівілаў (138).

Рэчаіснасць, аднак, была зусім іншай, i аўтар таксама яе паказвае (149-160)[14]. На падставе шведскіх архіўных матэрыялаў і літаратуры ён дае цікавую карціну фіскальнага ўціску на акупаваных тэрыторыях, які ў значнай ступені пераўзыходзіў павіннасці грамадзян ВКЛ у Рэчы Паспалітай. Толькі ў першыя тры месяцы 1656 г. з пяці занятых імі паветаў шведы выціснулі 185 тыс. талераў, у той час як раней усё ВКЛ выплачвала ў скарб Рэчы Паспалітай толькі 300 тыс. талераў падатку (аўтар, аднак, не ўдакладняе, які сойм прыняў пастанову пра падаткі ў такой колькасці). Вынікаў такой палітыкі не трэба было доўгачакаць: ужо ў сакавіку 1656 г. у Жамойці пачалося паўстанне, якое стала пачаткам вызвалення краіны з-пад акупацыі. Катлярчук лічыць канфлікты і баявыя дзеянні гэтага часу своеасаблівай формай грамадзянскай вайны паміж прапольскімі каталікамі i прашведскімі пратэстантамі (у той жа час адзначаючы, што тады шмат пратэстантаў перайшло на бок караля), а гэта рызыкоўны тэзіс.

Падкрэсліваючы вялікае значэнне уніі ВКЛ са Швецыяй, Катлярчук шматразова сцвярджае (напр. 111, 122), што дамовы ў Ясьвойнах і Кейданах былі заключаны юрыдычна правільна, паколькі Вялікае Княства паводле III Статута мела гарантаваную магчымасць праводзіць самастойную замежную палітыку. Зыходзячы з гэтага сцвярджэння, ён таксама падкрэслівае, што па гэтай прычыне ўсе рашэнні Яна Казіміра пра пазбаўленне прыхільнікаў Швецыі маёнткаў і пасадаў былі беспрэцэдэнтныя і незаконныя, паколькі вырашаць такія пытанні мог толькі соймавы суд (122, 147-148). Калі з другім тэзісам можна пагадзіцца, то першы не знаходзіць дастатковага пацверджання ў крыніцах. Па дакументах Люблінскай уніі, абедзве часткі Рэчы Паспалітай павінны былі праводзіць сумесную замежную палітыку, таму права ВКЛ на самастойныя перамовы з суседзямі было абмежаваным. Нават перамір’е ВКЛ са Швецыяй, заключанае 19.I.1627 г. у Бальдэнмойзе на няпоўных 5 месяцаў (да 11.VI.1627), гэта значыць акт, які меў нашмат меншую палітычную вагу, выклікаў вялікія пярэчанні, таксама і ў ВКЛ. Было паўсюдна прызнана, і таксама ў Вялікім Княстве, што ўдзельнікі гэтых перамоваў выйшлі за межы сваёй кампетэнцыі, паколькі падобныя дамовы маглі заключацца толькі са згоды караля і прадстаўнікоў Кароны. Перамір’е гэтае раскрытыкаваў таксама Жыгімонт III, прызнаючы факт яго заключэння парушэннем каралеўскіх прэрагатываў i шкодным для уніі[15].

Кніга Андрэя Катлярчука, безумоўна, вельмі неадназначная. Аўтар выступае з шэрагам наватарскіх сцвярджэнняў і меркаванняў, якія пры гэтым вельмі спрэчныя і не знаходзяць пацверджання ў крыніцах. Істотная частка крыніц засталася, на жаль, не выкарыстана аўтарам. Тым не менш праца заслугоўвае ўвагі, бо ўтрымлівае шмат цікавых думак, якія заахвочваюць да роздуму і дыскусіі, паказваючы адрозны пункт гледжання на ад ну з найбольш драматычных падзей у гісторыі Рэчы Паспалітай Двух Народаў.

Варшава

Конрад Бабятыньскі


[1] Kotłubaj E. Galerya nieświeżska portretów Radziwiłłowskich. Wilno, 1857; ён жа. Życie Janusza Radziwiłła, Wilno — Witebsk, 1859; Kalicki B. Bogusław Radziwiłł. Koniuszy litewski. Kraków, 1878.
[2] Wasilewski T. Zdrada Janusza Radziwiłła w 1655 r. i jej wyznaniowe motywy // Odrodzenie i Reformacja w Polsce. T. XVIII. 1973; Wisner H. Dysydenci litewscy wobecwybuchu wojny polsko-szwedzkiej (1655-1660) // Odrodzenie i Reformacja w Polsce. T. XV. 1970; ён жа. Rok 1655 na Litwie: pertraktacje ze Szwecją i kwestia wyznaniowa // Odrodzenie i Reformacja w Polsce, T. XXVI. 1981. Падобна як Васілеўскі,адназначна негатыўна палітыку Я. Радзівіла ацанілі таксама: Wójcik Z. Wielkie Księstwo Litewskie wobec Szwecji, Rosji i powstań kozackich // Przegląd Wschodni.T. I.1991. Z. 3; Majewski W. Poddanie się Litwy Szwedom w 1655 roku (od 28 lipca do 8 września) // Świat pogranicza. Red. M. Nagielski i A. Rachuba, Warszawa, 2003.
[3] Spisek orleański w latach 1626-1628. Opr. U. Augustyniak, W. Sokołowski. Warszawa, 1990.
[4] Шкада, аднак, што аўтар не заўважыў многіх іншых цікавых лістоў Мяжынскага, напрыклад, ліста даверанага слугі Радзівілаў K. Даўгілы Стрышкі (штопадкрэслівае верагоднасць заключаных у ім разважанняў) ад 20. IV. 1655 г.(AGAD AR V. Nr 9646. T. I. S. 21-22), у якім апісана ўсё больш драматычная, папрычыне поўнага паражэння зімова-веснавога контрнаступлення войскаў Я. Радзівіла, ваенная сітуацыя ВКЛ. З гэтага выразна відаць, што кантакты Радзівіла са шведамі ставілі тады задачу перш за ўсё дабіцца ваеннай дапамогі супраць Масквы, тым больш што атрыманне значнай падтрымкі ад армііКароны станавілася ўсё больш нерэальным. Мяжынскі ўжывае наступную аргументацыю: „бо калі Карона, quarte parte ледзь маючы potentem як Літва hostem, узяла сабе in subsidium татарскія войскі, якімі перад гэтым rebelles даводзілі. А Літве, што мае непрыяцеля ў чатыры разы мацнейшага i на ўсю molem belli devolutam гледзячы, eodem iure et necessitate не сыдзе implorare аuхіliа na hiper, a магутнага суседа”.
[5] Прыведзеныя ў: Kossarzecki K. Forteca Słucka w okresie wojen XVII wieku // Zamojsko-Wołyńskie Zeszyty Muzealne. T. II. 2004. S. 41-60; Słuck wobec zagrożenia moskiewskiego i kozackiego podczas wojny z Moskwą w latach 1654-1667 // Materiałydo Historii Wojskowości. Nr II. Pułtusk, 2004. S. 93-112, якія таксама невядомы аўтару.
[6] У апошні час нашмат больш шырокае і ўдумлівае апісанне гэтых падзей пададзена ў: Płosiński J. Potop szwedzki na Podlasiu 1655-1657. Zabrze, 2006. S. 147-160.
[7] Перш за ўсё: Bobiatyński K. Od Smoleсska do Wilna. Wojna Rzeczypospolitej z Moskwą 1654-1655. Zabrze, 2004; ён жа. Kampania zimowo-wiosenna wojsk Janusza Radziwiłła 1654-1655// Staropolska sztuka wojenna XVI-XVII wieku. Prace ofiarowane Profesorowi Jaremie Maciszewskiemu. Red. M. Nagielski. Warszawa, 2002; ён жа. Działania posiłkowego korpusu koronnego na terenie Wielkiego Księstwa Litewskiego w latach 1654-1655 // Studia i Materiały do Historii Wojskowości. T. XLI. 2004.
[8] Да яе прыхільнікаў можна залічыць, напр.: Czapliński W. Rola magnaterii i szlachty w pierwszych latach wojny szwedzkiej // Polska w okresie drugiej wojny północnej 1655-1660. T. I. Warszawa, 1957. S. 152 (веданне гэтага артыкула дазволіла б паказаць меркаванні магнатэрыі i шляхты ВКЛ на больш шырокім параўнаўчым фоне); ён жа. Parę uwag o tolerancji w Polsce w okresie kontrreformacji // ён жа. O Polsce siedemnastowiecznej. Problemy i sprawy. Warszawa, 1966. S. 121; Nowak T. Geneza agresji szwedzkiej, // Polska w okresie… S. 102; часткова: Kubala L. Wojna moskiewska 1654-1655 r., Szkice historyczne. T. III. Warszawa, 1910. S. 257; Wasilewski T. Op. cit. S. 143-144.
[9] J. Radziwiłł do K. Dowgiałło Stryszki, przeprawa pod Borysowem 29 XI 1654. AGAD AR IV. Teka 16. K. 19. Nr 304. Пра неабходнасць атрымання ваеннай дапамогі ад шведаў упамінаецца таксама ў мемарыяле, які быў падрыхтаваны пад кіраўніцтвам гетмана пад канец кастрычніка 1654 г.: Consideracje o obronie teraźniejszej Wielkiego Księstwa Litewskiego w r. 1654. Biblioteka Narodowa. Rkps III 6634. S. 45-48; гл. таксама: list J. Radziwiłła do J. Leszczyńskiego, w obozie w Śmiłowiczach 31 XII 1654. BCzart. 384. Nr 76. S. 175-180.
[10] J. Radziwiłł do K. Dowgiałło Stryszki, Mohylew 20 III 1655 // Kotłubaj E. Życie Janusza Radziwiłła… S. 374-376.
[11] Vorbek-Lettow M. Skarbnica pamięci. Pamiętnik lekarza króla Władysіawa IV. Wyd.E. Galos, F. Mincer; pod red. W. Czaplińskiego. Wrocław—Warszawa — Kraków, 1968.S. 227-247.
[12] На падставе копіі: Biblioteka Czartoryskich. Rkps 148. Nr 101. S. 515-519.
[13] Аднак на с. 111 аўтар піша, што Кейданская унія стварыла федэрацыю,падобную Люблінскай, якая, шматразова падкрэслівае аўтар, была актамдыскрымінацыі ліцвінаў і не гарантавала ім незалежнасці.
[14] Шкада аднак, што ў кнізе не былі выкарыстаны маскоўскія рэляцыі на тэму сітуацыі ў Жамойці i на іншых тэрыторыях, акупаваных шведамі (Браслаўскі павет) у 1656 г., выдадзеныя пад рэдакцыяй Н. А. Папова (Акты Московского государства. Т. II. СПб, 1894) — гл. перш за ўсё справаздачы ваяводаў Друі Афанасія Ардзіна-Нашчокіна i Вільні Mіхаіла Шахоўскага (напр., № 801, с. 485-488; № 817, с. 498-499; № 820, с. 500; № 859, с. 521-522).
[15] Wisner H. Spór o rozejm litewsko-szwedzki w Baldenmojzie z 1627 roku // Zapiski Historyczne. T. LXVI. 2001. Z. 1. S. 29-32, 35.

Наверх

Конрад Бабятыньскі. Адносіны жыхароў ВКЛ да маскоўскага войска ў 1654–1655 г.

Снежня 29, 2007 |


Заключэнне Пераяслаўскай дамовы і як вынік наступ войскаў цара Аляксея Міхайлавіча на тэрыторыю Вялікага Княства Літоўскага сталі нечаканасцю для большасці палітычнай эліты Рэчы Паспалітай, але не для жыхароў усходніх земляў дзяржавы. Яшчэ ў другой палове 1653 г. тут не існавала сумненняў, што пачатак вайны з усходнім суседам з’яўляецца пытаннем бліжэйшых месяцаў. Інфармацыя пра канцэнтрацыю значных маскоўскіх сілаў каля мяжы і вялікую падрыхтоўку да баявых дзеянняў дасягала ў гэты час Магілёва, Шклова і Оршы, а змястоўныя рапарты аб нарастанні пагрозы атрымліваў ад сваіх людзей — як літоўскіх, так і каронных — палявы гетман ВКЛ, фактычны галоўнакамандуючы арміі Януш Радзівіл[1].

Нягледзячы на трывожныя данясенні, у першай палове 1654 г. мала было зроблена для таго, каб падрыхтаваць краіну да абароны. Больш за вайсковыя справы Радзівіла ў гэты час займала палітычная барацьба з дваром, і перш за ўсё — барацьба за вялікую булаву ВКЛ, якую ён пасля доўгіх намаганняў урэшце атрымаў 17 чэрвеня 1654 г. Знаходжанне ў Варшаве на паседжаннях сойма прывяло да таго, што ў лагер пад Оршай, дзе збіралася яго армія, гетман прыехаў толькі ў апошнія дні чэрвеня, у той час, калі маскоўскія войскі ўжо некалькі тыдняў знаходзіліся на тэрыторыі Рэчы Паспалітай. У выніку позна распачатай і вельмі няспешна праведзенай канцэнтрацыі Радзівіл змог сабраць пад сваім началам толькі 4-тысячную армію, якую падтрымлівалі нешматлікія, слабыя з ваеннага пункту гледжання павятовыя харугвы і паспалітае рушанне. Тым не менш у хуткім часе гэтым невялікім сілам давялося першымі сутыкнуцца з арміяй, у шмат разоў большай. Маскоўскія войскі, якія вялі наступленне на ВКЛ, налічвалі каля 70 тысяч салдат. Іх падтрымліваў дапаможны казацкі корпус нежынскага палкоўніка Івана Залатарэнкі (каля 20 тысяч чалавек)[2].

Вялікая дыспрапорцыя ў сілах прывяла да таго, што наступленне царскіх войскаў разгортвалася маланкава. Жыхары памежных тэрыторый ужо ў першыя тыдні вайны сталі перад цяжкім выбарам — ці захаваць вернасць свайму законнаму ўладару Яну Казіміру, ці, ратуючы сваё жыццё i маёмасць, прыняць царскае падданства. Ваенная сітуацыя, аднак, вельмі хутка звузіла поле для манеўра, а адсутнасць магчымасці для рэальнай абароны прывяла да таго, што толькі нешматлікія гарады асмеліліся на супраціўленне. Пераважна праваслаўнае насельніцтва памежжа (перш за ўсё сяляне і мяшчане), прызвычаенае да частых зменаў сваёй дзяржаўнай прыналежнасці, не імкнулася выказваць сваё жаданне да ўзброенага супраціву і часта хлебам-соллю вітала маскоўскія войскі[3]. Найчасцей гэта праяўлялася ў смаленскім ваяводстве і паўночнай частцы віцебскага і полацкага ваяводстваў, якія адносна нядаўна былі пад уладай цара і ў межы Рэчы Паспалітай увайшлі толькі пасля перамір’я ў Дэвуліне (1618) і міру ў Палянаве (1634).

На паўночным фронце, дзе знаходзілася армія Васіля Пятровіча Шарамецьева, галоўнай мэтай наступлення з’яўляліся ўладанні Януша Радзівіла — Невель і Себеж. Невель капітуляваў адным з першых гарадоў — 11 чэрвеня[4]. Да гэтага насельніцтва заклікаў мясцовы дзяржаўца, нейкі Барыс фон Дэрэн, які адразу пажадаў перайсці ў праваслаўе, уступіў у маскоўскую армію і заклікаў навакольную шляхту і сялян зрабіць тое ж самае[5]. Перайсці ў падданства цара адмовіўся мясцовы стараста Ян Карманоўскі, які быў шчаслівы тым, што замест высылкі масквічы яго „пятага выпусцілі”. Не аказвалі супраціву і жыхары Себежа. „Себеж таксама самі, не аддаючы Маскве, не маючы людскай моцы, не пакідаючы цалкам спаліць мусілі”, — даносіў мясцовы намеснік Богдан Ульскі[6]. З данясення, якое прадставіў цару захопнік горада Афанасій АрдзінНашчокін (дагэтуль быў ваяводам Апочкі, а пазней — знакаміты царскі дыпламат), мы даведваемся, што і тут большая частка насельніцтва мела прамаскоўскія сімпатыі, а мясцовыя сяляне пачалі масава выступаць супраць шляхты і выказвацца за падпарадкаванне згаданай тэрыторыі цару[7]. Масквічы хутка занялі Асвею, якая знаходзілася непадалёк і належала падканцлеру ВКЛ Казіміру Лявону Сапегу, якую „цалкам спалілі”, a „насельніцтва ў розныя бакі разбеглася”[8].

Прыкладам памежных гарадоў скарыстаўся і Полацк — галоўны пункт абароны ВКЛ на лініі Дзвіны. Нягледзячы на сваё стратэгічнае значэнне, ён быў цалкам непадрыхтаваны да абароны, фартыфікацыі ўсіх трох замкаў знаходзіліся ў дрэнным стане, а гетман Радзівіл не стварыў тут ніякага гарнізона. Таксама было невядома, хто павінен заняцца будучай падрыхтоўкай да абароны, бо пасля смерці Аляксандра Людвіка Радзівіла (21 сакавіка 1654 г.) урад мясцовага ваяводы быў вакантны і па розных прычынах не перайшоў да літоўскага канюшага Багуслава Радзівіла, які прыкладаў вялікія намаганні ў згаданай справе. У сувязі з гэтым не выклікае здзіўлення той факт, што дух супраціву сярод патэнцыяльных абаронцаў вельмі хутка змяніўся рацыянальнай ацэнкай сітуацыі. Большасць багатых купцоў і навакольнай шляхты папярэдне збегла галоўным чынам да Вільні ці Рыгі, выехаў з горада і мясцовы уніяцкі біскуп. У Полацку застаўся бурмістр Іван Міхновіч, які яшчэ да пачатку аблогі прапанаваў Маскве свае паслугі і запэўніў, што адразу пасля з’яўлення першых царскіх атрадаў ён угаворыць гарадскіх жыхароў адчыніць вароты і прыняць падданства Аляксея Міхайлавіча[9]. Як у хуткім часе аказалася, гэта не былі пустыя заявы. Ужо 30 чэрвеня, праз тры дні аблогі і практычна без барацьбы, Полацк капітуляваў[10]. Узнагародай за пакорнаць стаў выдадзены 17 верасня царом прывілей, які захоўваў папярэднія гандлёвыя прывілеі горада і зацвердзіў кампетэнцыі мясцовага самакіравання[11].

У наступныя некалькі тыдняў услед за Полацкам здаліся іншыя гарады — Дзісна, Друя, Азярышча, Усвят і Іказнь[12]. Зусім іншую пазіцыю занялі абаронцы другога найважнейшага літоўскага цэнтра, які знаходзіўся на Дзвіне — Віцебска. Але тут намінальна не існавала камандуючага, бо мясцовы ваявода Павел Ян Сапега прадбачліва ўхіліўся ад гэтага абавязку, а замяніць яго павінен быў віцебскі падва явода, старадубскі падкаморы Казімір Стравіньскі. Нягледзячы на тое, што ўмацаванні двух гарадскіх замкаў не былі ў лепшым стане, чым полацкія, а гарнізон, які складаўся з рэгулярных адзінак, быў умацаваны толькі аддзелам драгунаў пад камандаваннем Грыгорыя Крыштафа Мажэйкі (100 чалавек), горад супраціўляўся Маскве на працягу 14 тыдняў (аблога пачалася 14 жніўня) і капітуляваў толькі 2 снежня. Неабходна падкрэсліць, што такая працяглая абарона была заслугай перш за ўсё мясцовай шляхты, большасць якой змагалася ў Віцебску, а потым гераічна і да апошняй магчымасці на месцах. Тут, як і ў Полацку, падвялі мяшчане. Частка іх збегла яшчэ да пачатку аблогі, а з прычыны здрады групы жыхароў, якія „паказалі ім [масквічам. — К. Б.] месца не вельмі ўмацаванае”, непрыяцель змог захапіць горад 27 лістапада, забіць большую частку абаронцаў, а тыя, хто працягваў супраціўленне, былі адціснуты да замка і праз некалькі дзён здаліся[13]. Пераможцы не збіраліся вытрымліваць прапанаваных умоў капітуляцыі і жорстка пакаралі ліцвінаў за доўгае супраціўленне. Абаронцаў, якія не пагадзіліся прыняць падданства цара i перайсці ў праваслаўе, не адпускалі на волю, а вывозілі ўглыб Маскоўскай дзяржавы, хаця першапачаткова нават збіраліся іх забіць[14].

Затое меншае жаданне супраціву пад час кампаніі 1654 г. праявіла шляхта Мсціслаўскага ваяводства. Мсціслаў быў мэтай наступлення 15-тысячнай арміі князя Аляксея Трубяцкога. Наступаючы з раёна Бранска, яна ўжо ў канцы чэрвеня без бою захапіла памежны Рослаў. Мсціслаў быў атакаваны непрыяцелем 18 ліпеня. Нягледзячы на цяжкую сітуацыю, кіраўнік абароны ў званні губернатара мсціслаўскі гараднічы Ян Станкевіч катэгарычна адмовіўся адчыніць браму горада, бо спадзяваўся на хуткую ваенную падтрымку арміі ВКЛ, якая знаходзілася пад Оршай. Аднак высланая Радзівілам дапамога спазнілася. Драўляныя ўмацаванні горада аказаліся вельмі слабой заслонай ад артылерыі і праз чатыры дні абстрэлу яны пачалі гарэць. 22 ліпеня ў горад уварвалася маскоўская пяхота, якая пачала забіваць жыхароў[15]. Гэтага лёсу пазбегла большасць шляхты, якая абараняла Мсціслаў, але „пасля падступлення масквічоў, пад выглядам выступлення, пяць харугваў з замка вышлі”, — даносіў Януш Радзівіл[16]. У палон трапіў Станкевіч, які „быў вывезены ў маскоўскую сталіцу, дзе на працягу паўтрэці [два з паловай гады. — К. Б.] у цяжкіх умовах <…> пакутаваў у астрозе”[17].

Асобнай увагі заслугоўвае выпадак Смаленска, захоп якога быў галоўнай мэтай войскаў Аляксея Міхайлавіча ў 1654 г. Выкананне гэтай задачы было ўскладзена на плечы найбольш шматлікай з маскоўскіх армій (каля 41 тысяч салдат), намінальным кіраўніком якой быў цар. Акалічнасці аблогі Смаленска падрабязна прааналізавалі ваенныя гісторыкі. Няма сумненняў, што прычыны падзення гэтай крэпасці пасля амаль трох месяцаў барацьбы неабходна шукаць у ваенных фактарах. Высокай ацэнкі не заслугоўваў ваявода Філіп Казімір Абуховіч, які не меў ні дастатковых ваенных ведаў, ні аўтарытэту сярод сваіх падначаленых. На стан падрыхтоўкі да абароны несумненна паўплываў канфлікт Януша Радзівіла з каралём. Прызначэнне 25 верасня 1653 г. на пасаду ваяводы Абуховіча, які доўгі час заяўляў, што з’яўляецца прыхільнікам каралеўскага двара, сустрэла выразнае непрыняцце гетмана. Прыхільнікі Радзівіла спачатку не хацелі ўпускаць ваяводу ў горад, потым сабатавалі яго рашэнні, і палкоўнік найманых аддзелаў, якія складалі аснову смаленскага гарнізона, Вільгельм Корф адмаўляўся прызнаваць верхавенства Абуховіча. Калі пасля атрымання навін аб пераходзе маскоўскімі войскамі мяжы ўрэшце бакі вырашылі скончыць братазабойчыя сваркі, было запозна, каб навярстаць некалькі страчаных месяцаў. Праведзены ў спешцы рамонт нязначна паправіў дрэнны стан ўмацаванняў, якія не былі цалкам адноўлены пасля знішчэнняў пад час барацьбы ў 1609-1611 і 1632-1633 г., а ў горадзе недастаткова было назапашана прадуктаў харчавання і ваенных матэрыялаў[18].

Аналізуючы ход аблогі Смаленска, нельга не заўважыць, што сярод абаронцаў не было таго духу і жадання барацьбы, што дапамаглі пад час папярэдняй вайны 1632—1633 г. меншаму гарнізону значна даўжэй (амаль год) паспяхова адбіваць атакі арміі Міхала Шейна. Асаблівае расчараванне выклікала смаленская шляхта, якая юрыдычна была абавязана да паўгадовай службы ў мурах горада ў рамках паспалітага рушання. Як паказаў праведзены 9 чэрвеня 1654 г. агляд, свой абавязак выканала толькі 349 шляхцічаў, 156 прыслалі замену, а разам з почтамі было выстаўлена 978 чалавек[19]. Яшчэ да пачатку аблогі частка шляхты, якая, магчыма, разумела малыя шансы на паспяховую абарону, збегла: „з замка паехаўшы, падлеткаў, сялян і простых рамеснікаў на сваё месца пасадзілі”. Тыя абывацелі, якія засталіся ў горадзе, таксама не стараліся сумленна выконваць свае абавязкі з-за „вялікіх папоек, непаслушэнства, сыходамі з кватэр да хатаў, непадпарадкавання трубе, калі абвяшчалася трывога”[20].

Настроі абаронцаў пагоршыліся пасля 26 жніўня, калі адбыўся галоўны штурм маскоўскіх войскаў. Праўда, пасля бітвы, якая працягвалася некалькі гадзін, удалося іх адцясніць, але ліцвіны панеслі істотныя страты, якія маральна ix падарвалі. Яшчэ большым шокам стала навіна аб разгроме 24 жніўня пад Шапялевічамі арміі Януша Радзівіла, што пазбавіла абаронцаў надзеі на дапамогу. Пры пасіўнай пазіцыі Абуховіча, у якога відавочным было нервовае расстройства, актывізаваліся прыхільнікі здачы Смаленска. Аднак трэба падкрэсліць, што ў цяжкі момант за працягванне барацьбы выказаліся перш за ўсё мяшчане. Акрыта баючыся вяртання пад царскі скіпетр, яны заяўлялі, што „калі [існуе] патрэба ў пяхоце, розным сукне, якое схавана, няхай бяруць. Калі прадукты харчавання, то кожны з нас бярэ да сябе: аднаго, двух, ці нават трох, у каго якія ёсць магчымасці, і лёзных людзей прыдавалі чалавек сто”[21]. Зусім іншую пазіцыю выяўляла, аднак, большасць шляхты, якая коштам захавання прывілеяў і маёмасці гатова была прызнаць пераход Смаленска пад уладу Раманавых. Акрамя гродскага суддзі Альбрыхта Галімонта важную ролю ў гэтай групе адыгрываў смаленскі гродскі пісар Казімір Самуэль Друцкі-Сакалінскі — сын кіраўніка гераічнай абароны 1632-1633 г. Самуэля Станіслава (ён, дарэчы, знаходзіўся ў горадзе і памёр у апошнія дні аблогі). Яго паводзіны могуць быць сімвалічным падсумаваннем пазіцыі пакалення нашчадкаў тых жаўнераў, якія часта былі вайсковымі асаднікамі і пад час папярэдняй вайны з Масквой з захапленнем абаранялі зямлю, якая пасля Дэвулінскага перамір’я стала для іх новай айчынай. Сыны ж іхныя адкрыта праявілі здрадніцкую пазіцыю, перайшоўшы ў апошнія дні верасня на бок цара і перацягнуўшы за сабой большую частку гарнізона. У такой сітуацыі Абуховічу нічога не заставалася, як 29 верасня падпісаць капітуляцыю. Большасць насельніцтва, якое знаходзілася ў Смаленску, як і жаўнераў, вырашыла застацца ў горадзе і ў наступныя дні прыняла прысягу на вернасць Аляксею Міхайлавічу[22].

Яшчэ меншую стойкасць у захаванні вернасці Яну Казіміру выказалі ў 1654 г. жыхары другога буйнога горада ўсходняй Беларусі — Магілёва. Ацэньваючы эканамічнае значэнне гэтага цэнтра, які надзвычай дынамічна развіваўся ў першай палове XVII ст., цар прыклаў усе намаганні, каб захапіць яго як мага хутчэй і коштам найменшых ахвяраў. Задачу схіліць магілёўцаў да прыняцця пратэкцыі Аляксея Міхайлавіча ўзяў на сябе шляхціч з пінскага павета Канстанцін Паклонскі, які 1 жніўня пад Смаленскам быў прыняты на царскую службу. Ужо ў якасці маскоўскага палкоўніка ён на чале з невялікім узброеным аддзелам прыбыў 24 жніўня пад Магілёў і пасля дзесяці дзён перамоў угаварыў мяшчан прыняць прысягу новаму ўладару (гэта адбылося 3 верасня)[23].

На такое рашэнне ў значнай ступені паўплывала паражэнне арміі ВКЛ пад Шапялевічамі, пасля якога горад перастаў баяцца магчымых рэпрэсій з боку Януша Радзівіла за здраду законнаму ўладару[24]. Гістарычныя крыніцы, аднак, не пакідаюць сумнення, што гэта быў другарадны фактар, бо большасць насельніцтва Магілёва не мела ніякіх пярэчанняў перад тым, каб перайсці пад уладу Раманавых. Што стала прычынай гэтага? Савецкія гісторыкі ў першую чаргу звярталі ўвагу на спецыфічную структуру гарадскога грамадства. Значны ўплыў мела сярэднезаможнае мяшчанства, якое займалася гандлем, а таму за кошт гандлёвых канцэсій і аблягчэння гандлёвага абмену з Масквой гатова было перайсці пад уладу цара[25] Вялікую падтрымку новая ўлада знайшла сярод шматлікай гарадской беднаты, якая складалася пераважна са значнай часткі ўцекачоў з маскоўскай дзяржавы і з пачатку XVII ст. шукала лепшага жыцця ў ВКЛ. Гэтая група насельніцтва безвынікова на працягу дзесяцігоддзяў змагалася з патрыцыятам за ўплыў у гарадской радзе і ў судзе, тры разы (у 1606, 1610 і 1638) уздымала бунт супраць магістрата. Акрамя згаданага, у гэтым рэгіёне назіраўся моцны ўплыў праваслаўнага духавенства, што было тым фактарам, які часта адыгрываў важную ролю ў прыняцці рашэння аб захаванні вернасці Рэчы Паспалітай ці пераходу на бок Масквы. Неабходна таксама дадаць, што вельмі малы адсотак насельніцтва Магілёва складала шляхта (у руках якой знаходзілася каля 2% гарадскіх дымоў), а ў горадзе не было пастаяннага вайсковага гарнізона[26]. Таму не выклікае здзіўлення, што з адступленнем за Бярэзіну арміі ВКЛ пасля шапялевіцкай паразы не было на каго абаперціся ў абароне і ў горадзе адразу перамаглі капітулянцкія настроі.

Ацэньваючы ўплыў згаданых фактараў на пазіцыю насельніцтва Магілёва ў 1654 г., нельга не ўзгадаць здарэнняў, якія мелі месца непасрэдна перад пачаткам вайны і значна знізілі сімпатыі мяшчан да Рэчы Паспалітый. Асабліва важную ролю адыграў канфлікт горада з адміністратарам магілёўскай эканоміі, літоўскім кухмістрам Мікалаем Гінвілам Пятроўскім, і перш за ўсё з яго падначаленым — магілёўскім падстарастам, скарбным пісарам Станіславам Янам Сшэдзіньскім. Горад абвінаваціў апошняга ў злачынствах, у тым ліку ў крадзяжы 600 злотых з прыбыткаў эканоміі, што належалі каралю, і ў іншых фінансавых злоўжываннях, якія прывялі людзей да вялікіх растрат. Нягледзячы на тое, што кароль прызначыў камісію для вывучэння справы, a калі яе работа скончылася няўдачай, выклікаў Сшэдзіньскага ў надворны суд, прэтэнзіі мяшчан да пачатку вайны так і не былі задаволены. У 1653 г. магілёўцы мелі таксама вялікія прэтэнзіі да Януша Радзівіла, які ў іх уладаннях прызначаў занадта вялікія павіннасці для ўтрымання войска, а таксама патрабаваў паставак правіянту для арміі, якая стаяла лагерам пад Рэчыцай. Да гэтага дадаваліся пастаянныя рэлігійныя спрэчкі. Можна меркаваць, што найбольшае абурэнне сярод праваслаўнага ў сваёй большасці насельніцтва выклікала позва ў каралеўскі суд у лістападзе 1653 г. некалькіх членаў аднаго з праваслаўных брацтваў за тое, што „падняўшы бунт супраць вышэйшай улады Нашай вялікасці” не аддалі адной з цэркваў (Спаскай) сапраўдным уладарам, верагодней за ўсё — уніятам[27].

На працягу наступных месяцаў прамаскоўскія настроі сярод жыхароў Магілёва былі вельмі моцнымі. Найбольш абяздоленыя слаі насельніцтва ў першую чаргу беглі ў шэрагі створанага Канстанцінам Паклонскім палка (напрыканцы 1654 г. ён налічваў каля 4000 чалавек), які ад імя цара займаў навакольныя землі. Калі на пачатку 1655 г. Паклонскі вырашыў вярнуцца на службу Рэчы Паспалітай i 16 лютага пакінуў Магілёў, каб далучыцца да лагера Радзівіла, то насуперак яго жаданню з ім перайшлі толькі 400 жаўнераў. Астатнія, ці каля 90% палка (каманду над якім пераняў сотнік Ілля Бушак і суддзя Павал Акуркевіч), вырашылі застацца ў горадзе. Прычыны такога рашэння былі вельмі складаныя. Без сумнення, магілёўцы маглі быць задаволеныя маскоўскім кіраўніцтвам цягам тых некалькі месяцаў. Цар пацвердзіў іх правы і прывілеі, а яго войска значна менш — у параўнанні з ліцвінамі — спусташала ваколіцы горада. З Магілёва не вывозіліся людзі (што з’яўлялася звычайнай практыкай на большасці занятых тэрыторый), а Аляксей Міхайлавіч паклапаціўся аб бяспецы горада i змясціў у ім вялікі гарнізон. Для большасці бяднейшых магілёўцаў служба ў палку Паклонскага была значным сацыяльным шанцам, які яны не маглі атрымаць у невялікім войску ВКЛ. Цар таксама імкнуўся (і, дарэчы, паспяхова) знайсці падтрымку сярод заможных мяшчан з дапамогай пажалаваных земляў і грашовых падарункаў[28].

Пад час аблогі Магілёва арміяй Радзівіла ў выніку зімовага контрнаступлення (16 лютага — 11 мая 1655) мяшчане ўпарта падтрымлівалі маскоўскі гарнізон і некалькі разоў адхілялі прапановы здацца. „У такім супраціве і ўпартым obstinacji самазабыцці, што extrema pati і пастанавілі загінуць, чым паддацца і прасіць літасці, якія я ім ужо некалькі разоў завуалявана прапаноўваў і ужо два дні чакаю адзнаменавання”, — пісаў 21 лютага Януш Радзівіл[29]. Праз паўтара месяца гетман без ваганняў назваў магілёўцаў „caput rebellionis у гэтых землях”[30]. „Некаторыя настолькі разлютаваныя і злосныя”, — пісаў у сваю чаргу пра мяшчан мемуарыст Мацей Форбек-Леттаў, — „што нават калі б Масква капітулявала і хацела пайсці на пагадненне, то яны нават думаць аб гэтым не жадаюць і не даюць. Прысягнулі ім у царкве, што галовы разам з імі паложаць, харчаваннем з імі дзеляцца, нават дамы свае падпальваюць для лепшай абароны”. Каб падняць маральны дух гарнізона, былі распаўсюджаны чуткі, што пад час штурму 16 лютага ліцвіны здзейснілі жорсткае забойства людзей (у корань высеклі, што вочы выкалваем, жанчынам грудзі жалезам прыпякалі i пятлю накінуўшы вешаем”, а таксама выразалі мясцовых яўрэяў[31]. Дзякуючы нязломнай пазіцыі мяшчан і маскоўскага ваяводы Міхаіла Ваейкава абарона скончылася паспяхова, але Магілёву і яго жыхарам давялося заплаціць надзвычайна высокі кошт за захаванне вернасці цару. Крыніцы сцвярджаюць, што пад час трохмесячнай барацьбы памерла большая частка насельніцтва, галоўным чынам па прычыне эпідэміі. За праўдападобную можна прызнаць лічбу ў 8000 памерлых[32]. На працягу доўгага часу Магілёў так і не аднавіў панесеных людскіх і матэрыяльных стратаў. У цэлым пад час усёй маскоўскай акупацыі да 1661 г. у горадзе колькасць дымоў зменшылася на 75,6%[33]. Напрыканцы неабходна дадаць, што цар не забыўся на заслугі абаронцаў. Пад час яго знаходжання ў Магілёве (10 ліпеня 1655) найбольш заслужаныя асобы атрымалі багатыя ўладанні і каштоўныя падарункі футрам і грашыма, а таксама былі пацверджаны ўсе гандлёвыя прывілеі горада[34].

У сітуацыі, калі дзяржаўныя гарады, якія, як правіла, не дыспанавалі дастатковымі вайсковымі сіламі, паступова да канца 1654 г. траплялі ў рукі праціўніка, адзінымі бастыёнамі ўлады Рэчы Паспалітай ва ўсходніх ваяводствах Вялікага Княства Літоўскага заставаліся прыватныя цвердзі. Пад час ваенных дзеянняў у 1654—1655 гг. іх абаронцы выказалі больш рашучасці ў барацьбе з маскоўскім войскам, чым, напрыклад, смаленскі гарнізон. Волю да барацьбы праявілі і жыхары замкаў на левым беразе Дняпра, напрыклад, Горы, якія належалі Сапегам, ці Дуброўна — уладанне жамойцкага старасты Ежы Караля Глябовіча. Абодва горада мужна адбівалі атакі ворага аж да кастрычніка, але ўрэшце вымушаны былі капітуляваць (9 кастрычніка — Горы, а 22 — Дуброўна). Галоўная прычына заключалася не ў недахопе людзей, а ў слабых умацаваннях, якія не маглі выстаяць перад агнём артылерыі, а да таго ж у адсутнасці надзеі на якую-небудзь ваенную дапамогу, асабліва пасля падзення Смаленска[35].

Маскоўскаму націску супрацьстаялі Стары Быхаў (уладанне Сапегаў) і Слуцк, які належаў Багуславу Радзівілу, а таксама размешчаныя значна далей на захад Ляхавічы і Нясвіж. Гэта было магчымым толькі дзякуючы прадбачлівасці ўладальнікаў гэтых гарадоў. Паколькі яны былі найбольш заможнымі магнатамі, то мелі ў сваім распараджэнні дастаткова сродкаў на падрыхтоўку ўмацаванняў для адбівання атакаў праціўніка. Таму яны маглі забяспечыць гарады значна большымі залогамі, чым большасць дзяржаўных гарадоў, а таксама паставіць значныя запасы харчавання і ваенных матэрыялаў. У гэтай сувязі не выклікае здзіўлення, што шляхта і мяшчане, якія адчувалі падтрымку моцнага ваеннага гарнізона, не мелі паражэнцкіх настрояў, бралі актыўны ўдзел у барацьбе і выдатна падтрымлівалі прафесійнае войска.

Першым стаць на шляху праціўніка мусіў Стары Быхаў. У першыя дні верасня 1654 г. ён быў акружаны прыбылымі з поўдня казацкімі аддзеламі Івана Залатарэнкі. Стары Быхаў быў сучаснай фартэцыяй, аточаны ўмацаваннямі старагаландскага тыпу, што з 1620-х г. пастаянна развіваліся і абнаўляліся[36]. Пад іх заслонай у першыя месяцы вайны схаваліся тысячы прадстаўнікоў беларускай шляхты з сем’ямі, а таксама сяляне з уладанняў Сапегаў, перш за ўсё з Талочына і Бялынічаў. Па ацэнцы Канстанціна Багушевіча, які кіраваў падрыхтоўкай да абароны, на 13 ліпеня 1654 г. у горадзе знаходзілася каля 3000 здольных ваяваць чалавек, што складалі 21 харугву (намеснікам гетмана быў абраны Крыштаф Пагірскі). Тэрмінова адбываўся рамонт умацаванняў, узмацняліся вал і бастыёны, папаўняліся запасы ваенных матэрыялаў, харчавання і корму для коней[37]. Дзесьці ў жніўні ў Стары Быхаў прыбылі найміты — пяхота і драгуны, якія пазней склалі аснову гарнізона. Як паведамлялі ў канцы снежня 1654 г., крэпасць павінны былі абараняць 4 наёмныя харугвы, 100 драгунаў, 17 сотняў мяшчан і шматлікія сяляне — агульнай колькасцю каля 3000 чалавек[38]. У горадзе неабходна было забяпечыць такія запасы мукі, якіх хапіла б для выпякання хлеба на працягу года, а запасы солі, праўдападобна, былі яшчэ большыя. Па дадзеных на 1655 г. артылерыя налічвала 4 цяжкіх і 26 палявых гармат[39].

Не выклікае здзіўлення, што так комплексна падрыхтаваная да абароны фартэцыя без вялікіх праблемаў адбівала атакі казацкіх войскаў, якія былі абсалютна непадрыхтаваныя да штурму сучасных умацаванняў і не мелі адпаведнай артылерыі. Пасля барацьбы, якая працягвалася з 8 верасня па 28 лістапада, казакі былі вымушаны зняць аблогу і з вялікімі стратамі адысці[40]. Да Старога Быхава яны вярнуліся праз паўгода — 17 мая 1655 г., непасрэдна пасля адступлення з-пад Магілёва войскаў Януша Радзівіла. За гэты час Казімір Лявон Сапега змог яшчэ больш узмацніць сілы абаронцаў за кошт 1200 найманых жаўнераў[41]. Агульная колькасць абаронцаў, аднак, значна паменшылася ў выніку выезда ўглыб ВКЛ вялікай колькасці шляхты і мяшчан, якія разумелі, што новае наступленне маскоўска-казацкіх войскаў прывядзе да адрыву горада ад краіны на доўгія месяцы[42]. Нягледзячы на тое, што з кожным месяцам ваенная сітуацыя ў Вялікім Княстве пагаршалася, Стары Быхаў на працягу ўсяго 1655 г. адбіваў чарговыя штурмы і вытрымліваў працяглыя аблогі спачатку казацкіх войскаў, якімі камандаваў боржнінскі палкоўнік Самойла Курбацкі, a потым — амаль 10-тысячнай маскоўскай арміі на чале з Аляксеем Трубяцкім[43]. Крэпасць заставалася ў руках ліцвінаў аж да снежня 1659 г., калі ў выніку хітрасці яна была здабыта царскім войскам. Пазіцыя яе абаронцаў яшчэ дзесяцігоддзі з’яўлялася прыкладам вернасці і стойкасці для іншых абывацеляў Рэчы Паспалітай. Яшчэ Ян III Сабескі, выдаючы 20 сакавіка 1676 г. прывілей, у якім пацвердзіў усе ранейшыя пажалаванні для жыхароў Старога Быхава, даў ім права свабоднага гандлю на рэках Кароны і Літвы, звольніў ад падаткаў на 20 гадоў і выказаў надзею, што „іншыя нашыя падданыя, духавенства і шляхта, да такой жа цноты і веры, і абароны супраць непрыяцеля, ахвоту і прыклад з іх будуць браць”[44].

На працягу ўсёй вайны Рэчы Паспалітай з Масквой непрыяцеля ў свае сцены не прапусціла і слуцкая цвярдыня. Яшчэ летам 1654 г. Багуслаў Радзівіл значна павялічыў яе гарнізон, а губернатарам прызначыў Вільгельма Паттэрсана — оберштерлейтэнанта свайго пяхотнага палка. Пасля чарговых папаўненняў, якія адбыліся пасля няўдачы контрнаступу арміі ВКЛ зімой — вясной 1655 г., слуцкі гарнізон налічваў больш за 1000 прафесійных жаўнераў. Акрамя гэтага да барацьбы былі гатовыя 4 палкі гарадской міліцыі, якія тэарэтычна маглі мець да 1800 чалавек, і гэта сведчыць пра тое, што амаль усё дарослае насельніцтва было абавязана прымаць удзел у абароне[45]. З пачатку 1655 г. у Слуцку праводзіліся інтэнсіўныя работы над умацаваннямі, адбывалася мадэрнізацыя існуючых і ўзвядзенне новых. Пасля заканчэння аблогі Магілёва ў горад прыбыў „для завяршэння новай фартэцыі” сам князь Багуслаў, пад наглядам якога была скончана будова новай цытадэлі і сучасных, накшталт бастыённых, умацаванняў вакол горада[46]. Падаецца, што знаходжанне князя значна павысіла настрой насельніцтва і шматлікіх бежанцаў, якія шукалі тут сховішча перад новым наступленнем маскоўска-казацкіх войскаў.

Упершыню жыхары Слуцка ўбачылі маскоўскую армію 2 верасня 1655 г., калі да іх горада падышлі палкі АляксеяТрубяцкога. Як аказалася, сілы праціўніка былі настолькі слабыя, што 6 верасня, пасля кароткага артылерыйскага бою, ён адступіў і накіраваўся ў бок Нясвіжа, страшэннаспусташаючы на сваім шляху Навагрудчыну. Другі раз Трубяцкі з’явіўся пад Слуцкам 27 верасня разам з казацкай дапамогай (каля 5000 салдат), прыведзенай з-пад Вільні Васілём Залатарэнкам. Другая „аблога” працягвалася толькі два дні, бо горад у чарговы раз быў дасканала падрыхтаваны да абароны. Ужо 30 верасня, калі гарнізон зноў адказаў агнём на прапанову здацца і высветлілася, „што Слуцккрывёю, а не лістамі трэба здабываць”, Трубяцкі канчаткова адмовіўся ад аблогі горада. Неабходна адзначыць, штогэта былі адзіныя спробы атакаваць крэпасць пад час вайны Рэчы Паспалітай з Масквой, бо надалей царскія войскініколі не адважваліся ісці непасрэдна на Слуцк. У значнайступені гэта было вынікам палітыкі, якую праводзіў уладаргорада (галоўным чынам у дачыненні да казакаў), а таксама сведчаннем моцы фартыфікацыі і гарнізона[47].

Ужо ў 20— 30-я г. ХХ ст., і ў значна большай ступені пасля 1945 г., савецкая гістарыяграфія імкнулася даказаць, што пад час ваенных дзеянняў, якія праводзіліся на тэрыторыі Вялікага Княства Літоўскага ў 1654—1655 г., большасць насельніцтва прагна чакала прыходу царскіх войскаў, якія павінны былі вызваліць іх з-пад прыгнёту і ярма магнатаў i шляхты. Асабліва беларускія сяляне і пераважная частка мяшчан, як даказвалася, масава выступалі супраць сваіх прыгнятальнікаў і адкрыта падтрымлівалі братнюю (шматразова падкрэслівалася пры гэтым этнічнае адзінства рускага і беларускага „народаў”) маскоўскую армію ў барацьбе з войскам Януша Радзівіла. Гэтая дапамога праяўлялася ў разгроме атрадаў мясцовай шляхты, здабычы інфармацыі аб перамяшчэннях арміі ВКЛ ці прыняцці пад свой кантроль пакінутых шляхтай гарадоў з далейшай іх перадачай Маскве[48].

Як мы ўжо ведаем, выпадкі масавага пераходу насельніцтва на бок Аляксея Міхайлавіча былі на першым этапе вайны — кампаніі 1654 г. — хутчэй правілам, чым выключэннем. Аднак прычыны такой з’явы нельга шукаць у класавай барацьбе, і толькі часткова — у рэлігійных фактарах. Найбольш важную ролю адыграла агульная ваенная сітуацыя і вялізная дыспрапорцыя сілаў праціўнікаў, якая адразу прыгаворвала ліцвінаў да паражэння ва ўзброенай барацьбе, а вялізныя прасторы Вялікага Княства — да маскоўскай акупацыі. У сітуацыі, калі Рэч Паспалітая не магла гарантаваць сваім жыхарам абарону, адзіным спосабам уратавання жыцця і маёмасці было прыняцце царскай пратэкцыі. Найбольш важную ролю для мяшчан (Магілёў, Полацк) адыгрывалі спадзяванні на атрыманне новых гандлёвых прывілеяў і паляпшэнне гаспадарчага абмену з Масквой, а таксама надзеі на атрыманне ад цара маёмасных і грашовых канцэсій.

Першыя тыдні акупацыі, адзначаныя забойствамі і рэпрэсіямі непрыяцеля, прывялі да таго, што папярэдне пазітыўнае і нават прыязнае стаўленне мясцовага насельніцтва ў хуткім часе кардынальна змянілася. Новая ўлада масава пачала вывозіць на ўсход людзей, нават з тых гарадоў, якія добраахвотна прынялі вярхоўную ўладу цара (як, напрыклад, з Полацка). На тэрыторыі на ўсход ад Бярэзіны, якая традыцыйна лічылася мяжой Русі, асабліва жорстка трактавалі каталікоў, якіх лічылі найбольш небяспечным элементам, падатлівым да бунтарскіх настрояў. Углыб дзяржавы Раманавых перасялялі не толькі шляхту, але і прадстаўнікоў іншых сацыяльных групаў. Шматлікія рамеснікі з іх вытворчасцю былі вывезены ў маскоўскія гарады, а дзесяткі тысяч сялян разам з сем’ямі і здабычай трапілі ў баярскія ўладанні, спустошаныя пад час эпідэміі чумы, што гаспадарыла ад жніўня да кастрычніка 1654 г. Усходняя частка Вялікага Княства сістэматычна знішчалася і рабавалася, і такім чынам паступова ператваралася ў пустэчу[49].

Згаданыя фактары прывялі да таго, што нават тая частка насельніцтва, якая яшчэ паўгода таму радасна вітала чужыя войскі, цяпер з нецярпеннем чакала вяртання пад уладу Яна Казіміра. Выпадак такі адбыўся хутка — у студзені 1655 г. Менавіта ў гэты час пачалося контрнаступленне арміі ВКЛ, якую падтрымаў моцны каралеўскі корпус. Першыя перамогі войска Януша Радзівіла — захоп такіх гарадоў па лініі Дняпра, як Дуброўна, Орша, Копысь — прывялі да таго, што не толькі шляхта, але і мяшчане разам з сялянамі з беларускіх земляў пачалі масава пераходзіць на бок ліцвінаў. На тэрыторыі дзеянняў галоўных сілаў Радзівіла практычна толькі магілёўцы па ўжо вядомых нам прычынах захавалі вернасць цару, у той час як пад уладу Рэчы Паспалітай добраахвотна вярнуліся жыхары такіх гарадоў на левым беразе Дняпра, як Мсціслаў, Горы, Горкі, Радам, Крычаў, Чавусы[50].

Незадаволенасць новай уладай назіралася ў гэты час і ў Смаленску. На чале часткі шляхты і мяшчан, якія, падобна, сур’ёзна разважалі пра вяртанне пад уладу Рэчы Паспалітай, павінен быў стаць Казімір Друцкі-Сакалінскі з братамі Ляпуновымі. Але ў сувязі з тым, што ў Смаленску знаходзіўся моцны ваенны гарнізон, не існавала магчымасці падняць адкрыты бунт і перайсці пад уладу ліцвінаў. Акрамя гэтага, Аляксей Міхайлавіч з вялікай баязлівасцю атрымліваў паведамленні пра падобныя настроі і загадаў у выпадку патрэбы караць смерцю лідэраў бунтаўшчыкоў, a ўпартых — вывозіць разам з сям’ёй углыб Маскоўскай дзяржавы[51].

Пад час зімова-вясновага контрнаступлення ў 1655 г. войскі Рэчы Паспалітай часта знаходзілі падтрымку з боку аддзелаў мясцовых сялян, якіх у крыніцах называюць „шышамі”. Асабліва каштоўнай такая дапамога стала пад час барацьбы на тэрыторыі смаленскага і мсціслаўскага ваяводстваў, дзе яшчэ з восені 1654 г. сяляне масава арганізоўвалі атрады самааховы, мэтай якіх была абарона насельніцтва ад рабаванняў з боку масквіцінаў і прыгнёту царскай адміністрацыі. Да вострых выступленняў супраць акупантаў дайшло, напрыклад, у Калеснікаўскай воласці (недалёка ад Мсціслава), а таксама ў Любавіцкай ды Мікулінскай валасцях, размешчаных у раёне Смаленска. Напрыклад, калі на пачатку студзеня 1655 г. да любавіцкай воласці падышло 600 коннікаў ВКЛ, то адразу ж да іх далучылася каля 3000 сялян, якія ліквідавалі мясцовыя маскоўскія гарнізоны, а палонных перадалі ў галоўны лагер Радзівіла. Сялянскія аддзелы, якімі часта камандавалі высланыя з арміі Радзівіла афіцэры, дзейнічалі супольна з гетманам да моманту адыходу войскаў ВКЛ з-пад Магілёва, дапамагалі ў знішчэнні палявых аддзелаў непрыяцеля на тэрыторыі аж да Дарагабужа і Рослава — фактычна да мяжы, вызначанай у Палянаве. Тым не менш, маскоўскія гарнізоны заставаліся ў большасці буйных гарадоў, а ліцвінам не хапала сілаў, сродкаў і часу, каб іх адтуль выбіць[52].

Выпадкі пераходу насельніцтва на бок ВКЛ, хоць і ў значна меншай ступені, мелі месца і ў першай палове 1655 г. на тэрыторыі Полацкага і Віцебскага ваяводстваў. Большы скепцытызм у заявах аб жаданні вярнуцца пад уладу Рэчы Паспалітай з’яўляўся вынікам таго, што на наддзвінскі фронт Януш Радзівіл накіраваў толькі невялікую частку сваіх сілаў, у той час як астатнія былі скіраваныя на вяртанне гарадоў на Дняпры. Цяжар вядзення барацьбы ў раёне Полацка і Віцебска прыпаў перш за ўсё на слаба дысцыплінаваныя і значна горш (у параўнанні з рэгулярнай арміяй) трэніраваныя валюнтарысцкія фармаванні, з якімі насельніцтва па відавочных прычынах баялася блізка супрацоўнічаць. Аднак, нягледзячы на гэта, і тут назіраліся прыклады поспехаў дзякуючы дапамозе мясцовых жыхароў. Найбуйнейшым быў захоп 21 студзеня 1655 г. падначаленымі Яна Мянжыньскага замка ў Азярышчы. „Пан Мянжыньскі, палкоўнік валюнтарскі, з добразычлівымі сялянамі ўварваўся ў езярышчынскі замак, звязаўшыся з мяшчанамі, што там былі, і Маскву выразалі, а мне Філемона, Самсановіча, Пушчына [пляменніка маскоўскага ваяводы смаленскага Грыгорыя Пушкіна. — К. Б.] з жонкай і некалькімі дзясяткамі баяраў прывялі”, — даносіў вялікі гетман літоўскі. Пад час атакі было забіта 36 ратнікаў, і толькі 4 змаглі збегчы[53].

Пра тое, як уплывала актуальная ваенная сітуацыя на пазіцыю насельніцтва Вялікага Княства Літоўскага, могуць сведчыць яго паводзіны пад час ваенных дзеянняў летам — восенню 1655 г. У тыя месяцы армія ВКЛ, дэмаралізаваная і фізічна разгромленая пасля фіяска зімова-вясенняга контрнаступлення, практычна без баёў адыходзіла на захад, а тым часам да маскоўскага войска (якое ў чарговы раз падтрымалі казакі Івана Залатарэнкі) практычна без баёў пераходзілі чарговыя гарады на чале з Менскам, Вільняй, Коўнам і Горадняй[54]. Частка насельніцтва ратавалася ўцёкамі на незахопленыя ворагам землі, што фактычна азначала страту амаль усяго нажытага. Альтэрнатывай было як мага больш хуткае прыняцце царскай пратэкцыі, хоць i гэта не заўсёды абараняла ад рэпрэсій і не давала гарантый захавання жыцця. Аднак, трэба адзначыць, што калі шлях перамяшчэння царскіх і казацкіх войскаў, як і годам раней, азначаў масавыя забойствы і рабаванні, то царская палітыка ў дачыненні да насельніцтва тэрыторый, што былі ўжо занятыя, значна змянілася. Цяпер Аляксей Міхайлавіч загадаў значна мякчэй, чым у 1654 г., ставіцца да насельніцтва, і перш за ўсё перацягваць на свой бок шляхту, якой гарантавалася захаванне свабоды веравызнання, вольнасці, правоў і маёмасці. Лібералізацыя палітыкі была асабліва відавочнай пасля ўступлення на тэрыторыю Літвы шведскіх войскаў і прыняцця пратэкцыі караля Караля Х Густава шляхтай і войскам, што сканцэнтраваліся ў раёне Кейдан. Няма сумнення, цар імкнуўся абяцаць насельніцтву больш, чым шведы, і такім чынам зменшыць жаданне апошняга пераходзіць на шведскі бок, схіліць да вяртання да гаспадаркі і, такім чынам, пачаць працэс нармалізацыі ўнутранага жыцця на занятых яго войскам землях ВКЛ[55].

Агульная палітычная сітуацыя (у тым ліку акупацыя ўсяго Каралеўства шведамі і ўцёкі Яна Казіміра ў Сілезію), ваенны ўціск, а таксама перамены ў маскоўскай палітыцы прывялі да таго, што восенню 1655 г. прыняцце пратэкцыі цара набыло масавы характар. Пра гэта сведчыць выдадзены рэестр шляхты (налічвае 2058 асобаў), якая ў той час „біла чалом” цару, хоць гэты дакумент, верагодна, і не змяшчае прозвішчы ўсіх, хто рашыўся на такі крок[56].

Рост прамаскоўскіх настрояў сярод шляхты, а таксама ўзрастанне незадаволенасці шведамі прывялі да таго, што ў ВКЛ стала павялічвацца колькасць прыхільнікаў канцэпцыі блізкага саюзу з усходнім суседам. Гэтая тэндэнцыя, якая, без сумнення, заслугоўвае больш грунтоўнага даследавання, умацавалася ў канцы 1655 — пачатку 1656 г. Яна, праўда, не прывяла да ўмацавання царскай улады на занятай тэрыторыі, але выклікала ў насельніцтва думкі аб палітычным збліжэнні Рэчы Паспалітай з Масквой у наступныя месяцы. Праявай гэтага стала заключэнне 3 лістапада 1656 г. у Немяжы пад Вільняй перамір’я, якое прадугледжвала абранне цара на трон Рэчы Паспалітай і супольныя дзеянні дзвюх дзяржаў у вайне са Швецыяй.

Пераклала Любоў Козік


[1] Гл.: Федорук Я. Міжнародна дипломатія і політика України. 1654-1657. Ч. 1: 1654 рік. Львів, 1996. С. 20; а таксама карэспандэнцыю таго часу: A. Трэбіцкі да Я. Радзівіла, Львоў, 12. VIII. 1653. Расійская нацыянальная бібліятэка ў Санкт-Пецярбургу. Ф. IV. № 133, а. 41v — 42v; П.K. Вяжэвіч да Я. Радзівіла, б. м. д. [Смаленск, жнівень 1653], тамсама, k. 51-51v; С. Бяляцкі да Г. Мірскага, Смаленск, 24.VIII.1653, тамсама, а. 51v — 52v; розныя навіны з-пад маскоўскай мяжы, прывезеныя Я. Радзівілу з Магілёва мазырскім суддзёй С. Аскеркам [жнівень 1653], тамсама, а. 54-54v; Я. Радзівіл да С. Карыцінскага, абоз пад Рэчыцай, 8.IX. 1653, тамсама, а. 55; Ф.К. Абуховіч да Я. Радзівіла, Горкі 31.I.1654 //Археографический сборник документов, относящихся к истории Северо-Западной Руси. Т. 14. Вильно, 1904. С. 48-49.
[2] Падрабязней пра колькасць сілаў абодвух бакоў на пачатку кампаніі 1654 г.: Bobiatyński K. Działania posiłkowego korpusu koronnego na terenie Wielkiego Księstwa Litewskiego w latach 1654-1655 // Studia i Materiały do Historii Wojskowości. Т. XLI. 2004, s. 61 (спасылка 1); ён жа. Od Smoleńska do Wilna. Wojna Rzeczypospolitej z Moskwą 1654-1655, Zabrze 2004, s. 35-38, 47—48; A. Rachuba, Wysiłek mobilizacyjny Wielkiego Księstwa Litewskiego w latach 1654-1667 // Studia i Materiały do Historii Wojskowości. Т. XLIII. 2007. S. 43-44.
[3] У сваёй прапагандзе цар імкнуўся паказаць вайну з Рэччу Паспалітай як канфлікт, у аснове якога ляжаць рэлігійныя праблемы. 21 траўня 1654 г., перад выездам на фронт, ён выдаўграмату да жыхароў Вялікага Княства Літоўскага, у якой паведамляў, што пераходзіць мяжу як абаронца прыгнечаныхправаслаўных вернікаў, і заклікаў насельніцтва не супраціўляцца маскоўскаму войску, гарантуючы ўзамен захаванне правоў і маёмасці (Гл.: Витебская старина. Изд. А. Сапунов. Т. 4.Ч. 2. Витебск, 1885. № 4. С. 29-30); Мальцев А.Н. Россия и Белоруссия в середине XVII века. Москва, 1974. С. 135.
[4] Даты пададзены на аснове грыгарыянскага календара.
[5] Витебская старина. № 1. С. 12; № 81. С. 265-266.
[6] Гл.: relację Jana Drozdowskiego (starosty drujskiego i sapieżyńskiego) oraz Bohdana Ulskiego (namiestnika siebieskiego) do księżny [zapewne Marii Radziwiłłowej], pisaną 3 VII 1654 w Sapieżynie, dołączoną do listu K. Stryszki do J. Kettlera z 7 VII 1654 //Latvijas valsts vēstures arhivs w Rydze (далей LVVA), fond 554,apr. 1, nr 486, k. 96.
[7] Белоруссия в эпоху феодализма. Сборник документов и материалов: В 3 т. Т. 2. Минск, 1960. № 34. С. 62-64.
[8] J. Drozdowski i B. Ulski do M. Radziwiłłowej (?), Sapieżyn 3 VII1654 // LVVA, fond 554, apr. 1, nr 486, k. 96.
[9] Белоруссия в эпоху феодализма… № 32. С. 62-64; K. Bobiatyński. Od Smoleńska do Wilna… S. 39-40.
[10] Раней на аснове рапарта В. П. Шарамецьева (гл.: Очерк военных действий боярина Василия Петровича Шереметьева в 1654 г. // Исследования по истории эпохи феодализма. Москва,1994. С. 121-122) даведаўся, што Полацк праўдападобна быўзаняты ўжо 27 чэрвеня, праз некалькі гадзін пасля пачаткуаблогі (Bobiatyński K. Od Smoleńska do Wilna…, s. 40). Гэтаму,аднак, пярэчыць ужо некалькі разоў вышэй цытаваная рэляцыя Я. Драздоўскага i Б. Ульскага, якія пісалі, што „на працягу трох дзён масквічы, аблажыўшы Полацк вялікім войскам,стаялі і штурмавалі. Яго абаранялі як шляхта, так і мяшчане,што засталіся. Да той Масквы чатыры харугвы з замка былівыйшлі і сутыкнуліся з імі; і тыя чатыры харугвы шляхецкія Mасква апанаваўшы, немалую шкоду слаўнай шляхце ўчыніла, і тая, не могучы далей з імі справіцца, тыл паказала і разбегчыся ўсе мусілі, і з той прычыны, калі замак не меў ніводнага жаўнера сабе ў падмогу, мусілі шванкаваць і паддавацца”.На дзень 30 чэрвеня датаваў капітуляцыю Полацка (таксамапасля трохдзённай абароны) таксама A. С. Радзівіл (Pamiętniki o dziejach w Polsce, wyd. A. Przyboś i R. Żelewski, t. III, Warszawa 1980, s. 421, 428). Гісторыі Полацка ў 1654- 1655 гг. аўтар прысвяціў асобны артыкул, які ў хуткім часевыйдзе па-беларуску і па-польску.
[11] Белорусско-российские связи. Сборник документов (1570—1667) /изд. Л. С. Абецедарский. Минск, 1963. №282. С. 302-303.
[12] Bobiatyński K. Od Smoleńska do Wilna… S. 40-41.
[13] На гэтую тэму гл. вельмі цікавыя „Relację o zdobyciu Witebskaw 1654 roku”, Archiwum Państwowe w Krakowie, Oddział na Wawelu, Archiwum Sanguszków, rkps 67, s. 339, i лаудум абаронцаў Віцебска, Казань 20 IX 1655, у: АВАК. T. XIII. Вильно, 1886.С. 93-98.
[14] Шырэй на тэму аблогі Віцебска гл.: Bobiatyński K. Od Smoleńska do Wilna….. S. 124-128; Мальцев А. Н. Россия и Белоруссия…..С. 166; гл. спіс жыхароў віцебскага ваяводства, якія „білі чалом” цару і перайшлі ў праваслаўе: Витебская Старина…С. 302-314; Записки ОРСА. С.-Петербург, 1861. Т. II. С. 736-738(загад цара для В. П. Шарамецьева па пытанні стаўлення дажыхароў Віцебска).
[15] Bobiatyński K. Od Smoleńska do Wilna… S. 41-42.
[16] J. Radziwiłł do J. Tyszkiewicza, Wilno 8 VIII 1654; Ojczyste spominki w pismach do dziejów dawnej Polski, wyd. A. Grabowski,t. I, Kraków 1845, s. 112.
[17] Metryka Litewska. Księga wpisów nr 131. Оpr. A. Rachuba. Warszawa 2001. Nr 1065. S. 355-356.
[18] Гл.: Bobiatyński K. Od Smoleńska do Wilna… S. 64-78; Kroll P.Obrona Smoleńska w 1654 r. // Staropolska sztuka wojennaXVI—XVII wieku. Prace ofiarowane Profesorowi Jaremie Maciszewskiemu / red. M. Nagielski, Warszawa 2002. S. 151-172; Мальцев А. Н. Россия и Белоруссия….С. 31—45; ён жа. Война за Белоруссию и освобождение Смоленска в 1654 г. // Историческиезаписки. № 37. 1951; Mienicki R. Utrata Smoleńska w r. 1654i sprawa Obuchowicza // Kwartalnik Litewski. Т. IV. 1910. R. I.S. 41-66; Wstęp // Pamiętniki Filipa, Michała i Teodora Obuchowiczów (1630-1707) / wyd. H. Lulewicz i A. Rachuba. Warszawa2003. S. 106-115.
[19] Bobiatyński K. Od Smoleńska do Wilna… S. 69-70; Kroll P. Op.cyt. S. 158.
[20] Relacyja obsydji i dedycji Smoleńska, Biblioteka Muzeum im. Ks.Czartoryskich w Krakowie (dalej BCzart.), rkps 147, nr 182, s.870-872; гл. таксама Kroll P. Op. cyt. S. 169.
[21] Relacyja obsydji…, BCzart., rkps 147, nr 182, s. 876-877.
[22] Bobiatyński K. Od Smoleńska do Wilna… S. 76-78; Kroll P. Op.cyt. Ss. 168-170; Pamiętniki Filipa, Michała i Teodora Obuchowiczów…, wstęp, s. 111-114.
[23] Bobiatyński K. Od Smoleńska do Wilna… S. 63-64; Мелешко В. И.Могилев в XVI – середине XVII в. Минск, 1988. С. 228-242. Найбольш важныя дакументы адносна місіі Паклонскага былі надрукаваны ў: АЮЗР. Т. XIV. С.-Петербург, 1889, асабл. с. 185-266.
[24] Тамсама. С. 215-217.
[25] Узамен за добраахвотную капітуляцыю цар выдаў 25 верасняпрывілей для магілёўцаў, у якім пацвердзіў усе раней выдадзеныя прывілеі на самакіраванне, а таксама паабяцаў ліквідаваць замкавыя і шляхецкія юрыдыкі, чаго мяшчане пастаянна дабіваліся. Аляксей Міхайлавіч таксама гарантаваўсвабоду гандлю, але забараніў вываз у Маскву тытуню і віна,вызваліў Магілёў ад вайсковай службы і абавязку ўтрымлівацьцарскае войска (Акты исторические, собранные и изданныеАрхеографическою комиссиею. Т. IV. С.-Петербург, 1842. № 88.С. 225-229; гл. таксама: Мальцев А. Н. Россия и Белоруссия…С. 135—137; Соловьев С. М. История России с древнейших времен. Т. 10. Москва, 1961. С. 627-628).
[26] Аб сацыяльнай структуры Магілёва і класавай барацьбе паміж рознымі сацыяльнымі групамі найбольш пісаў В. І. Мялешка ва ўказанай вышэй працы, перш за ўсё на с. 171—215; гл. таксама: Bobiatyński K. Od Szepielewicz do Kiejdan. Geneza, prze bieg i skutki kampanii zimowo-wiosennej wojsk hetmana wielkiego litewskiego Janusza Radziwiłła 1654-1655 — магістэрская работа, напісаная ў Інстытце гісторыі Варшаўскага універсітэта. Варшава, 2001. С. 75-79.
[27] Асноўныя матэрыялы па гэтых пытаннях: Расійскі дзяржаўны архіў старажытных актаў у Маскве. Ф. 389, воп. 1, № 581, арк. 699-700, 705, 708-708в, 710-714в; глядзі таксама ліст да прымаса Анджэя Ляшчыньскага даверанага слугі Я. Радзівіла Яна Мяжэнскага, які абвяргаў абвінавачанні аб занадта вялікай эксплуатацыі Магілёва войскам (Мінск, без даты, BCzart., рукапіс 417, арк. 151-153).
[28] Bobiatyński K. Od Smoleńska do Wilna… S. 129-131, 158-163; tenże, Kampania zimowo-wiosenna wojsk Janusza Radziwiłła 1654-1655 // Staropolska sztuka wojenna… S. 187-189.
[29] J. Radziwiłł do Jana Kazimierza, Mohylew 21II 1655, BibliotekaPolskiej Akademii Nauk w Kórniku, rkps 991, k. 457 (гл. Таксама выданне гэтага ліста: Bobiatyński K. Listy Janusza Radziwiłłado króla o działaniach militarnych podczas wojny z Moskwą w okresie od lutego do kwietnia 1655 r. // Studia historyczno-wojskowe.Т. I. / pod red. M. Wagnera. Siedlce 2007. S. 208-212).
[30] J. Radziwiłł do szlachty powiatu słonimskiego, Mohylew 7 IV 1655,BCzart., rkps 148, nr 26, s. 134.
[31] Vorbek-Lettow M. Skarbnica pamięci. Pamiętnik lekarza króla WładysławaIV // wyd. E. Galos i F. Mincer pod red. W. Czaplińskiego. Wrocław — Warszawa – Kraków 1968. S. 216.
[32] Theatrum Europaeum…, t. VII, Frankfurt am Mayn 1685, s. 768.
[33] Русско-белорусские связи… №308. С. 331—333; Morzy J. Kryzys demograficzny na Litwie i Białorusi w II połowie XVII wieku. Poznań 1965. Таb. 46; Wysłouch S. Uwagi o przyczynach rozwoju Mohylewa w XVI i XVII wieku. Wilno 1938. S. 358.
[34] Bobiatyński K. Od Smoleńska do Wilna… S. 180-181.
[35] Ibidem. S. 79-80.
[36] Чантурия В. История архитектуры Белоруссии. Минск, 1985.С. 45; Ткачоў М. Замкі Беларусі. Мінск, 1987. С. 180-182; ёнжа. Замкі і людзі. Мінск, 1991. С. 80-82.
[37] K. Bohuszewicz do K. L. Sapiehy, [Stary] Bychów 13 VII 1654,Львівська державна наукова бібліотека ім. В. Стефаника. Ф.103, № 1647.
[38] АЮЗР. Т. XIV. С. 467.
[39] Тамсама. С. 443-448, 715-716.
[40] Шырэй на гэтую тэму: Бабятыньскі К. Стары і Новы Быхаў падчас вайны Рэчы Паспалітай з Масквой (1654—1655) // Беларускі Гістарычны Агляд. 2003. Т. 10. Сш. 1-2 (18-19). С. 95-101.
[41] K. L. Sapieha do Jana Kazimierza, Słonim 31 III 1655, BCzart.,rkps 2105, s. 301.
[42] Як выходзіла з прызнанняў палонных, якіх казакі захапілі ўпершыя дні ліпеня 1655 г., у склад гарнізона Старога Быхаваўваходзіла на той час толькі 50 шляхцічаў, 400 конных наймітаў (падобна драгунаў), 50 чалавек з венгерскай пяхоты, 1000яўрэяў і 800 мяшчан, усяго каля 2300 чалавек. Падаецца, штоколькасць наёмных войскаў прыводзіцца значна заніжанай(АЮЗР. Т. XIV. С. 715-716).
[43] Гл.: Бабятыньскі К. Стары і Новы Быхаў пад час вайны…С. 111-118.
[44] Акты, издаваемые… Т. IV. Вильно, 1870. С. 177-180.
[45] J. Radziwiłł do Jana Kazimierza, Wilno 24 VII 1655, BCzart., rkps2105, s. 349; Bobiatyński K. Działania posiłkowego korpusu… S.63-64, 77; Hryckiewicz A. P. Milicje miast magnackich na Białorusi i Litwie w XVI-XVIII w. // Kwartalnik Historyczny. T. LXXVII.1970. Z. 1. S. 48-49.
[46] Zarys dziejów Bogusława Radziwiłła // Autobiografia Bogusława Radziwiłła / wstępem poprzedził i opracował T. Wasilewski. Warszawa 1979. S. 45, 47 (гл. таксама тэкст самой аўтабіяграфіі на с.136). Больш на гэтую тэму: Kossarzecki K. Słuck wobec zagrożenia moskiewskiego i kozackiego podczas wojny z Moskwą w latach 1654-1667 // Materiały do Historii Wojskowości. № 2. 2004. S. 94-96.
[47] Гл.: Diariusz oblężenia Słucka // Archiwum Główne Akt Dawnych w Warszawie, Archiwum Radziwiłłów, dział II, księga 69.14, s. 55-60; Bobiatyński K. Od Smoleńska do Wilna… S. 207-208; Kossarzecki K. Op. cyt. S. 96-98.
[48] Гл.: Абецедарский Л. С. Борьба белорусского народа за воссоединение Белоруссии с Россией в середине XVII века // Воссоединение Украины с Россией. Сб. ст. Москва, 1954. С. 216—222; ён жа. Белоруссия и Россия. Очерки русско-белорусских связей второй половины XVI—XVII в. Минск, 1978. Разд. IV; Акіншэвіч А. Казацтва на Беларусі // Полымя. 1927. № 1. С. 172-190; Похилевич Д. Л. Белорусское казачество // Пітаня історіі СРСР. ЛДУ ім. Івана Франка. Наукові запіскі. 1957. Т. XLIII. С. 152-163; История Белорусской ССР. Минск, 1977. С. 67-68.
[49] Theatrum Europaeum… t. VII, s. 619; Готье Ю. В. Замосковский край. Москва, 1937. С. 180-183; Абецедарский Л.С. Белорусы в Москве XVII в. Из истории русско-белорусских связей. Минск, 1957. С. 6-8, 50 (зразумела, што, паводле гэтага гісторыка, перасяленне насельніцтва на ўсход у большасці было добраахвотным!); Мальцев А. Н. Россия и Белоруссия… С. 146—147, 158-161, 178-185, 197-198; Longworth P. Alexis. Tsar of all the Russias. Londyn 1984. P. 100-101; Morzy J. Op. cyt. S. 83-85.
[50] Bobiatyński K. Od Smoleńska do Wilna… S. 184-185. Да пераходу на бок Радзівіла падрыхтаваліся таксама жыхары Шклова,якія, аднак, не змаглі ажыццявіць задуманае па прычыне таго,што ў горадзе знаходзіўся моцны маскоўскі гарнізон (на тэмунастрояў, якія панавалі ў Шклове, гл.: Аwizy z Nowego Dworu,29 XI 1654, BCzart., rkps 147, nr 146, s. 712).
[51] Витебская старина… №11. С. 42.
[52] Гл. шырэй на гэтую тэму: Мальцев А. Н. Россия и Белоруссия… С. 210-217.
[53] J. Radziwiłł do Jana Kazimierza, Mohylew bez daty [okoіo 25 IV1655], BCzart., rkps 148, nr 217, s. 1045; Vitebskaja Starina… nr11, s. 42; Bobiatyński K. Od Smoleńska do Wilna… S. 191.
[54] Bobiatyński K. Od Smoleńska do Wilna… S. 199-218; Majewski W. Potop szwedzki (1655-1660) // Z dziejów wojskowości ziem północno-wschodnich Polski. Cz. I. / pod red. Z. Kosztyły. Białystok 1986. S. 72-118.
[55] Гл.: Флоря Б. Н. От Потопа до Вильно. Русская политика по отношению к Речи Посполитой в 1655-1656 гг. // Kwartalnik Historyczny. R. CX. 2003. T. II. S. 25-33; Zakrzewski A. B. Sądownictwo w Wielkim Księstwie Litewskim „pod wysoką carską ręką” // Świat pogranicza. / red. M. Nagielski, A. Rachuba, S. Górzyński.Warszawa 2003. S. 137-141; Kossarzecki K. Szlachta litewska wobec panowania szwedzkiego i moskiewskiego w okresie załamania Rzeczypospolitej przełomu 1655 i 1656 roku // Z dziejów stosunków Rzeczypospolitej Obojga Narodów ze Szwecjąw XVII wieku / pod red. M. Nagielskiego. Warszawa 2007. S. 277-301.
[56] Rejestr przysięgowy szlachty Wielkiego Księstwa Litewskiego1655 r. // Памятники истории восточной Европы. Т. 4. Москва —Варшава, 1999 / изд. Е. Е. Лыкова, М. Кулецки; гл. таксама:Płosiński J. Potop szwedzki na Podlasiu 1655-1657. Zabrze 2006.S. 46-69.

Наверх

Генадзь Сагановіч. Інструкцыя паслам Ашмянскага павета на канвакацыйны сойм 1632 г.

Снежня 23, 2007 |


Публікаваная інструкцыя ашмянскага сойміка ўяўляецца цікавай крыніцай, якая адлюстравала палітычныя настроі i пазіцыі шляхты ВКЛ у часе міжкаралеўя (interregnum), якое ўсталявалася пасля смерці Жыгімонта ІІІ (30.04.1632). Тагачасная міжнародная сітуацыя і становішча ўнутры Рэчы Паспалітай напярэдадні канвакацыйнага сойма, а таксама падрыхтоўка і правядзенне абодвух соймаў 1632 г. вычарпальна апісаныя ў спецыяльным даследаванні[1], што дазваляе мне абмежавацца толькі некаторымі аспектамі, звязанымі з умовамі паўставання і зместам гэтага дакумента.

Адразу пасля смерці караля першачарговыя пытанні дзяржаўнай важнасці разглядаліся на скліканай прымасам i гнезненскім біскупам Янам Вэнжыкам таемнай нарадзе сената ў Варшаве, у якой бралі ўдзел і пяць сенатараў ВКЛ (Леў Сапега, Аляксандр Гасеўскі, Мікалай Кішка, Альбрыхт Станіслаў Радзівіл і Павел Стэфан Сапега). Праведзеная паміж 3 і 9 траўня 1632 г.[2], яна прызначыла канвакацыйны сойм на 22 чэрвеня, а перадканвакацыйныя павятовыя соймікі — на 3 чэрвеня таго ж года[3]. Між тым у Вільні, хоць там ужо праз некалькі дзён было вядома пра варшаўскую нараду ды яе пастановы, з ініцыятывы Крыштафа Радзівіла прысутныя сенатары, дэпутаты Трыбунала ВКЛ і шляхта сабраліся 15 траўня на свой з’езд для абмеркавання шляхоў утрымання ўнутранай і знешняй бяспекі, а таксама іншых пільных спраў, звязаных з перыядам бескаралеўя.

Пастановай Віленскай канвакацыі[4], упісанай у гродскія кнігі сталіцы і ў выглядзе выпісу развезенай дэпутатамі па паветах ды ваяводствах, на час новага міжкаралеўя ўзнаўляўся каптур ВКЛ (комплекс артыкулаў з 1587 г. па ўтрыманні парадку), а на 14 чэрвеня — за 8 дзён да канвакацыйнага сойма — прызначаўся Слонімскі генеральны з’езд (пра які нават не згадваў у сваім універсале прымас). Апошняму, пры гэтым, як і павятовым соймікам, пакідалася права ўносіць змены ў пункты, датычныя судоў, дэкларавалася патрэба выпраўлення (карэктуры) Статута і Трыбунала ВКЛ, што выходзіла за рамкі міжкаралеўя, а ўсялякія новаўвядзенні, датычныя выбару манарха, адмаўляліся. Справу бяспекі дзяржавы віленская нарада, быццам ігнаруючы варшаўскую пастанову, даручала гетманам, але паколькі Леў Сапега на ёй не прысутнічаў, то, па сутнасці, гэтая місія перадавалася палявому гетману Крыштафу Радзівілу[5]. Шляхта ВКЛ была закліканая рыхтавацца да паспалітага рушання.

Асаблівасць гэтай канвакацыі палягала на тым, што яна прайшла перад павятовымі соймікамі, а не пасля іх, як звычайна, і праводзілася без ведама ды згоды гнезненскага арцыбіскупа і сенатараў, што фармальна пярэчыла Люблінскаму акту аб адзінстве Кароны і ВКЛ. Гэтым абураліся непрысутныя ў Вільні сенатары[6], асабліва віленскі ваявода і вялікі гетман Леў Сапега ды падканцлер Павел Стэфан Сапега, якія лічылі, што рашэнні рады будуць супярэчыць праву[7]. Нягледзячы, аднак, на пратэсты Сапегаў, пункты Віленскай канвакацыі былі прынятыя пазней Галоўным з’ездам, праведзеным у Слоніме 14 чэрвеня 1632 г.

Прымас Ян Вэнжык у высланым на соймікі універсале вызначыў для варшаўскай канвакацыі задачы, блізкія да тых, якія вырашалі звычайныя соймы[8], хоць у кампетэнцыі канвакацыйнага сойма ўваходзіла толькі вызначэнне тэрміну і месца элекцыі, а таксама пытанні бяспекі яе правядзення[9]. Нетрадыцыйная ўстаноўка прымаса вымусіла шляхту вызначаць сваё стаўленне да яго пастулатаў, што заняло нямала месца ў пасольскіх інструкцыях.

У канцы перыяду падрыхтоўкі соймікаў, на пачатку чэрвеня, з канцылярыі палявога гетмана Крыштафа Радзівіла давераным людзям у паветах былі разасланыя лісты з пастулатамі, якія князь хацеў бачыць у соймікавых інструкцыях[10]. Як потым выявілася, пазіцыі павятовай шляхты і так амаль не разыходзіліся з пажаданнямі Радзівіла.

Перадканвакацыйныя павятовыя соймікі, як і прадугледжвалася ў універсале прымаса, адбываліся 3 чэрвеня 1632 г. (хоць берасцейская і вількамірская інструкцыі датаваныя 4, а троцкая — нават 5 чэрвеня). З агульнай колькасці 24 паветаў ВКЛ на сёння вядомы інструкцыі, выдадзеныя 14 соймікамі: ашмянская, браслаўская, берасцейская, ваўкавыская, віленская, вількамірская, віцебская, лідская, наваградская, пінская, слонімская, смаленская, старадубская і троцкая.

Ашмянскі соймік, абрадамі якога кіраваў падканцлер Павел Стэфан Сапега, прайшоў у прызначаны дзень, абраў на канвакацыю двух паслоў — чашніка ВКЛ Крыштафа Кішку і ашмянскага падкаморага Адама Саковіча — і выдаў ім адпаведную інструкцыю. Пастанова ашмянскага сойміка параўнальна сціслая па аб’ёме. Не супастаўляючы яе з пазнейшымі даручэннямі паслам[11], адзначу, што і многія з тых інструкцый, якія прымаліся соймікамі ВКЛ у той жа дзень, былі намнога даўжэйшыя (напрыклад, пінская, смаленская, a вількамірская наогул утрая большая за ашмянскую[12]).

Калі параўноўваць дакумент з тыповай структурай соймікавых інструкцый[13], то трэба адзначыць, што і кампазіцыйна ён не зусім звычайны. Так, кранаючы толькі агульнадзяржаўныя справы, гэтая інструкцыя не ўтрымлівае аніякіх Petitia — дробных просьбаў лакальнага характару[14], а пасля заключнай чацвёртай часткі (абавязання паслоў абмежавацца тым, на што іх упаўнаважвае інструкцыя) фармулюецца яшчэ адзін канкрэтны пастулат, датычны лёсу судовых дэкрэтаў, распачатых пасля смерці Жыгімонта ІІІ Вазы.

На пачатку інструкцыя даручае паслам выказаць спачуванне каралевічам, падзякаваць арцыбіскупу за своечасовае інфармаванне пра смерць караля і скліканне канвакацыі ды соймікаў, прыпамінаючы пры гэтым, каб Галоўны з’езд у Слоніме і ў будучыні не быў занядбаны.

У стаўленні да прапаноў прымаса шляхта Рэчы Паспалітай, як вядома, раздзялілася. Частка соймікаў ВКЛ, як і каронных, выказала жаданні, каб апрача традыцыйных функцый канвакацыя ўзяла на сябе дадатковыя задачы, як таго і хацеў прымас (падрыхтоўку экзарбітанцыі і пактаў канвентаў), іншыя засталіся праціўнікамі новаўвядзенняў. Так, калі ў інструкцыях вількамірскага[15] і пінскага[16] паветаў выказвалася згода на выпрацоўку новых спосабаў выбару караля, а Смаленскі павет[17] указваў на мэтазгоднасць правядзення элекцыі па прынцыпах, распрацаваных Янам Замойскім, то ваўкавыскае[18] і наваградскае рыцарства[19] дэманстравала вернасць традыцыі. Салідарнай з ім аказалася і ашмянская шляхта, якая выразна не пагаджалася з пастулатамі прымаса, агаварыўшы пры гэтым, што на выпадак паўстання пытанняў, якія належаць да кампетэнцый элекцыйнага сойма, паслы „не маюць права прымаць ніякіх рашэнняў”, а павінны прывезці іх для разгляду на свой соймік. Яна не ўключыла ў інструкцыю ніякіх пастулатаў, датычных тэрміну і месца правядзення элекцыйнага сойма. Такое дыстанцыяванне ад пытанняў будучай элекцыі, непрыманне ўстановак на змену спосабу выбару новага манарха можна разумець як сведчанне глыбокай прывязанасці да традыцый дзяржаўнага ладу ў свядомасці шляхты.

Адной з асаблівасцяў гэтай інструкцыі можна лічыць тое, што ў ёй цалкам абмінута веравызнаўчая праблема, адна з найбольш актуальных на соймікавых дыскусіях таго часу. Як вядома, большасць соймікаў ВКЛ, асаб ліва ўсходніх і паўночных паветаў Беларусі (але не толькі[20]), выказала падтрымку праваслаўным падданым — патрабавала „заспакаення грэцкай рэлігіі”. Ашмянскі ж соймік наогул не ўзняў такой праблемы, што, магчыма, было абумоўлена прыкладам віленскай нарады, якая таксама абмінула справы веры, — відаць, у выніку дамоўленасці гетмана Крыштафа Радзівіла з віленскім біскупам Абраамам Войнам[21]. Пра тое, што пры складанні пунктаў паслам у якасці падставы разглядаліся пастановы віленскай канвакацыі, сведчаць неаднаразовыя згадкі віленскага акта (Skript Wilenski). Тым не менш, шэраг яго пунктаў быў папросту прапушчаны ашмянскім соймікам, у тым ліку пытанне дапрацоўкі законаў (Correctura prawa), якое засталося ў большасці іншых вядомых інструкцый. Праўдападобна, сваю ролю ў гэтым адыграла пазіцыя кіраўніка абрадаў падканцлера ВКЛ, які, як адзначалася вышэй, ставіў пад сумненне легітымнасць пастаноў віленскага з’езда.

Перыяд міжкаралеўя актуалізаваў даўно разгляданую на соймах справу „кампазіцыі з духоўным станам”—канстытуцыі для ўрэгулявання маёмасных адносінаў паміж шляхтай і духавенствам ды стварэнне адмысловых судоў для гэтай мэты. І хоць пастулаты, звязаныя з Compositio inter Status, як сцвярджае Ян Дзеньгелеўскі, утрымлівае большасць інструкцый чэрвеньскіх соймікаў ВКЛ[22], ашмянская не кранае і гэтай праблемы.

Найбольшы клопат ашмянскага рыцарства выклікала ўнутраная і знешняя бяспека дзяржавы. Датычна ўнутранай сітуацыі шляхта прапанавала абмежаваць тэрмін правядзення канвакацыі двума тыднямі і ўзнавіць (рэасумаваць) на ёй каптуровы суд, што было амаль агульным пастулатам для ўсіх іншых соймікаў (у ВКЛ — смаленскі, наваградскі, вількамірскі і інш.).

Шырэй разгледжаны спосабы ўтрымання знешняй бяспекі, у святле якой у якасці першага і натур альнага захаду фігуруе патрабаванне ўмацаваць замкі — сталічны i на ўсходніх межах ВКЛ. Уздымаючы пытанне найму жаўнераў, інструкцыя наказвае гетманам трымаць іх на межах з непрыяцелем, а не на ўнутраных землях дзяржавы. Што ж да паспалітага рушання, да якога заклікала шляхту віленская нарада, то яно ніяк не ўпамінаецца. Затое шмат увагі аддадзена „свавольным купам”, якія былі страшэннай бядой шляхецкіх маёнткаў з памятных часоў Смуты, а таксама ўключана перасцярога супраць чужаземцаў пры двары і ў войску.

У адрозненне ад рэкамендацыі віленскай нарады і пастулатаў многіх іншых паветаў ВКЛ, якія падтрымалі яе, шляхта, сабраная ў Ашмяне, не выказалася за неабходнасць высылкі паслоў да маскоўскага цара і шведскага караля[23]. А кранаючы фінансавы бок абароны, ашмянскае рыцарства, як і большасць шляхты Рэчы Паспалітай, заявіла, што на магчымую вайну павінна хапіць сродкаў, ухваленых на папярэднім сойме. У сапраўднасці ВКЛ, на плячах якога мусіла трымацца абарона ўсёй усходняй мяжы, на згаданым сойме 1632 г. — апошнім, праведзеным пры жыцці Жыгімонта ІІІ, дэкларавала падаткі на 4500 найманых жаўнераў, тады як усе сілы Рэчы Паспалітай у чэрвені таго года маглі налічваць каля 18 000. Як бачым, яны не складалі і паловы тых 40 000 войска, якія Леў Сапега лічыў дастатковымі для паспяховага супрацьдзеяння Расіі[24]. Між тым, Масква ўжо некалькі гадоў рыхтавалася да вайны[25], папаўняючы армію наймітамі, вербаванымі ў краінах Заходняй Еўропы. Рашэнне аб развязванні агрэсіі супраць Рэчы Паспалітай было прынятае царом і баярамі яшчэ ў 1631 г., пра што ведалі і ў Варшаве, і ў Вільні, і затрымку яе пачатку да канца лета 1632 г. абумовіла ў асноўным толькі недастатковая падрыхтаванасць Маскоўскай дзяржавы[26]. Ваенны саюз са Швецыяй, дэталі якога абмяркоўваліся пачынаючы з 1630 г., рабіў намеры Масквы асабліва небяспечнымі. Так, у адпаведнасці з дамоваю атакаваць Рэч Паспалітую з двух бакоў, Масква ўзгадняла з Густавам Адольфам план „праведного и доброго раздела и рубежи с поляками по достоинству и по удобности ц. в-ва”, які яны меліся ажыццявіць пры паспяховым завяршэнні вайны. Расія збіралася анексаваць землі Беларусі з Севершчынай і Чарнігаўшчынай, а Вільню саступала Швецыі, якая разлічвала на польскае Памор’е[27]. Згодна з разлікамі Крыштафа Радзівіла, на сярэдзіну траўня 1632 г. Масква ўжо дыспанавала 62-тысячнай арміяй[28]. Вынікі гэтай добра падрыхтаванай вайны маглі быць вельмі драматычныя, калі б не смерць Густава Адольфа і хуткае абранне каралём Уладыслава ІV, якія змянілі яе ход. Так што ў той сітуацыі рыцарства Рэчы Паспалітай, у тым ліку ашмянскае, прадэманстравала проста недаравальную бяспечнасць[29].

Пра гэтую асаблівасць пазіцыі шляхты ўжо неаднакроць выказваліся даследчыкі. Качароўскі назваў яе традыцыяналізмам, што выяўляўся ў вяртанні да старых формаў і спосабаў вырашэння фінансавых і абарончых пытанняў[30]. Крыгсайсэн у падобным падыходзе да спраў абароны справядліва бачыў недахоп кампетентнасці шляхецкага стану[31]. Незалежна ад тлумачэння такой пазіцыі нежаданне прымаць новыя падаткі на абарону і войска, або нават імкненне скараціць іх перад абліччам пэўнай агрэсіі з боку Масквы межавала са злачыннай абыякавасцю да лёсаў дзяржавы.

Публікуючы ашмянскую інструкцыю, нельга не згадаць пра некаторыя разыходжанні ў поглядах даследчыкаў на месца ашмянскага сойміка ў ерархіі значнасці павятовых соймікаў ВКЛ. Як у Кароне, так і ў ВКЛ значэнне соймікаў у розныя часы мянялася і залежала галоўным чынам ад удзелу ў іх найбольш уплывовай магнатэрыі[32]. Як вядома, у найноўшых працах па гісторыі парламентарызму першая роля ў ВКЛ ХVІІ ст. адводзіцца сталічнаму віленскаму[33] (хоць, згодна з меркаваннем Генрыка Віснэра, галоўным па значнасці ў ВКЛ трэба б лічыць наваградскі соймік[34]), і толькі пазней Вільня страціла гэтае першынства на карысць Ашмянаў. Тое, што ашмянскі соймік меў найбольшы аўтарытэт у Віленскім ваяводстве і ў ВКЛ, не без падстаў адзначаў Войцех Крыгсайсэн[35], праўда, гэта стала рэальнасцю толькі ў канцы ХVІІ ст. і было звязана з паспяховай барацьбой рэспубліканцаў супраць алігархіі Сапегаў[36]. Параўнанне зместу публікаванай інструкцыі з пастановай віленскага ці вількамірскага сойміка сведчыць хутчэй пра тое, што тады ашмянскаму сойміку сапраўды яшчэ далёка было да першай ролі.

Дакумент публікуецца паводле копіі, якая захоўваецца ў Галоўным архіве старажытных актаў (AGAD) у Варшаве[37]. Традыцыі археаграфічнага выдання польскамоўных крыніц у Беларусі яшчэ няма, таму тэкст падрыхтаваны да друку з улікам асноўных патрабаванняў польскіх інструкцый для публікацый гістарычных крыніц[38], але з многімі адступленнямі. Замест мадэрнізацыі, пастуляванай згаданымі рэкамендацыямі, больш мэтазгодным уяўлялася максімальна наблізіць пуб лікацыю да арыгінала, каб паўней захаваць асаблівасці мовы крыніцы. Не выпраўляліся археаграфічныя памылкі і не правіліся розныя варыянты пісання. У прыватнасці, пакінута альтэрнатыўнае напісанне „y”, j”, „і”, а таксама „u”, „v” i „w”. Вялікія літары захаваны не толькі ў тытулатуры (KJM — Król Jego Miłość, JM PP — Ich Miłości Panowie), але і ў іншых словах, — як у арыгінале, лацінскія словы захаваны ў адпаведнасці з іх напісаннем у рукапісе, толькі вылучаны курсівам. У тэкст месцамі (дзе гэта істотна для разумення сэнсу) уведзены знакі прыпынку. Скарочаныя літары пад цітламі адноўлены і пададзены ў квадратных дужках. Кропкі ў квадратных дужках азначаюць часткі слова ці літары, якія не ўдалося рэканструяваць, а знак „?” — месцы, прачытанне якіх уяўляецца няпэўным. Канцы аркушаў пазначаны знакам ||..

Jnstructia

od nas osob na podpisach wyrazonych z Seymiku Osmianskiego w Roku teraznieyszym 1632 Miesca Czerwca 3 d. Jch Mcm PP Posіom JeMsci Panu Krzysztophowi Kiszce Czasznikowi WXLitt a JeMcs P. Adamowi Sakowiczowi Podkomorzemu oszmianskiemu.

Stawiwszy sie JM PP Poslowie naszy wpoysrzodek Stanow na Conuocatiia zgromadzonych co na ozdobnieyszemi słowy maią opowiedzieć to z wielkim żalem nam wiernym Poddanym o smierci JKM PNM Inotestentia przyiąc przyszło, abowiem kozdy z nas Clementiam KJM et benegnitatem nie pamietywaiąc cieszko litować musi, tak prędkieº zeyscia Pana swego.

Potym Naywielebnieyszemu w Bodze JM Xiedzu Arcibiskupowi Gnieznienskiemu podziękować ze niedetarduiąc czasu przy oznaymieniu o smierci KJM Seymiki takze y Conuocatiązіozyc raczył y to przypomniec, aby in posterum Ziazd Słonimski był składany.

Na poczantku Consultatii starac sie zeby tey Conuocatiey dzien pewny Concluziy namowiony był, a dla pewnych respectow dlużey nad niedziel dwie aby nie trwała. A iz pod ten czas smierci KJM Sandy ustały, potrzebuiemy aby hoc tempore Interregni Kaptur po smierci Swiętobliwey pamięci K[róla] Stephana w Roku 1587 d[ie] 29 January w Miescie Wilenskim postanowiony y do act roznych Grodow WXLit podany, był na tey Conuocatii reassumowany.

Opatrzenie Zamku Wilenskiego y inszych, a zwlaszcza Ukrainnych aby do Executii przywiedziono było, i zeby PP Woiewodowie, Starostowie na Zamkach pogranicznych residowali.

O dalszey obronie granic, pohamowanie Kup swowolnych у inszych punktach w Skripcie Wilenskim pomienionych, iz Conuocatie i bliski czas nastкpuie, maią JM PP Poslowie naszy o tym wszytkim ze wszytkiemy Stany oboyga narodow zgodnie namawiac strzegąc tego, poniewaz z przeszłego Seymu podatki pienięzne tak w Coronie jako y WXL pozwolone iuz do Skarbu R.P. wnoszą, Aby JM PP Hetmani stosuiąc sie do Skriptu o zaciągach Zołnierskich in Archiwum | | [a.2] na przeszłym Seymie podanego, więcey długow na R[ecz] P[ospolita] nie zaciągali y Zołnierza aby nie Inuc(i?)sieribus Regni ale na granicach mieli, apriuata Autoritate bez listow przypowiednych aby sie zaden Chorągwi podnosic, Kup zawodzic nie ważył sup paenis legum. O co z tymi, od kturych by sie krzywda jaka kolwiek komu tez kolwiek stała, u Sandu Kapturoweº forum ma byc naznaczone.

Іn pactis Conuentus takze y w poslednieyszych Constitutiach warowano to iest, iz Krolowie JM Polscy etiam […]ream Custodiam Corporis Cudzoziemcow na dworach swych chowac nie maią, a teraz iako u dworu Krolestwa JM, tak y w Woyskach bardzo wiele się ich zagęsciło. Co iz iest zawsze osobliwie tempore Interregni nocium, pilnie sie tego domawiac, aby ci rozpuszczeni, a drudzy zaciągnieni nie byli.

A co kolwiek JM Xiądz Arcibiskup w tymze Scripcie swym dotknał tego, aby na tey Conuocatiey modulus Electionis y to coby do poprawy rzandu y praw przyszłemu Panu podac miało, namawiac sie mogło, nie zda sie nam w tey mierze dawnych ustępowac zwyczaiow, gdyz naprawa praw y potwierdzenie onych przy samey Electiey odprawować zwykło. Jednak jesliby sie JM s drudzy chcieli koіo tego umawiaę, albo na jakie Contributie у insze onera zezwolac, JM PP Posly naszy na propositiia tego punctu nie maią teraz zadney Concluzii czynic, ale do nas Braci swey na przyszłe da Pan Bog Seymiki przed Electiią wziąc i fideliter referowac nam będą powinni. A my obiecuiemy у upewniamy, iz poradziwszy sie w tey Oyczyznie y całosci oney zarowno ze wszytkiemi Jch Mosciami zachowuiąc ile sie godzi poczciwey Braci jako przyszłey da Pan Bog fortunney y porządnie złozoney Electiey poparciu praw, Swobod y Wolnosci naszych dopomogac chcemy.

W kturym to tym ostatnim Punkcie Limitatam JM PP Poslom daiemy potestatem fede et honore Jch M[iłosciom], obliguiąc zeby supra mentem nostram nic stanowic więcey na tey Conuocatiey nie wazyli.

Iz po zeysciu z tego swiata swiętobliwey pamięci KJM Pana naszego za nieprędkim doniesieniem Inotestentiey od Naywielebnieyszeo JM Xiędza Arcibiskupa Gnieznienskieº Sąndy Głowne Trybunalne y w ynszych nizszych Subsiliach sie odprawowaіy, tedy domawiac sie tego JM PP Poslowie maią, aby wszytkie Decreta, | | [a.3] zeznania y insze processa autoritate teraznieyszey Conuocatiey approbowane były, wyiawszy te dekreta, ktoreby Incontumatiam wniestanu (?) strony przeciwney otrzymane byli po smierci KJM, te zadney wagi miec nie maią.

Paweł Sapieha Podkanclerzy Wielkieº Xa Littº


[1] Kaczorowski W. Sejmy konwokacyjny i elekcyjny w okresie biezkrólewia 1632 r. Opole, 1986.
[2] Kaczorowski W. Sejmy konwokacyjny i elekcyjny… S. 31—32, 43.Генрык Віснэр лічыць больш праўдападобным, што ўхвалы былі прынятыя сенатам 7 траўня. Гл.: Wisner H. Litwa po zgonie Zygmunta III. Od zjazdu wileńskiego do konwokacji warszawskiej // Rocznik Białostocki. T.XV. Warszawa, 1981. S. 46.
[3] Гл. пасланне прымаса: Volumina Legum. T. III. Petersburg, 1859.S. 343-344.
[4] Archiwum Główne Akt Dawnych. Archiwum Radziwiłłów. Dział. II (далей — AGAD, AR II), nr. 1040.
[5] Wisner H. Litwa po zgonie Zygmunta III. S. 48.
[6] Radziwiłł A. S. Pamiętnik o dziejach w Polsce. Przełożyli i opracowaliA. Przyboś i R. Żelewski. T. 1. Warszawa, 1980. S. 117.
[7] Wisner H. Litwa po zgonie Zygmunta III… S. 50, 51.
[8] Volumina Legum. T. III. S. 344; Kaczorowski W. Sejmy konwokacyjny i elekcyjny… S. 57.
[9] Historia Sejmu polskiego. T.1. Do schyłku szlacheckiej Rzeczypospolitej. Pod red. J. Michalskiego. Warszawa, 1984.S. 206-207; Bardach J., Leśnodorski B., Pietrzak M. Historia ustroju i prawa polskiego. Wyd. 4. Warszawa, 1998. S. 216.
[10] Wisner H. Litwa po zgonie Zygmunta III… S. 57.
[11] Прыкладам, інструкцыя Кракаўскага ваяводства на канвакацыйны сойм 1688 г. утрымлівала 97 пунктаў! Гл.: Kriegseisen W.Sejmiki Rzeczypospolitej szlacheckiej w XVII i XVIII w. Warszawa,1991. S. 83.
[12] AGAD, AR II, nr. 1050.
[13] Zakrzewski A. B. Sejmiki Wielkiego Księstwa Litewskiego XVI —XVIII wieku. UstrójiI funkcjowanie: sejmik trocki. Warszawa, 2000.S. 122.
[14] У літаратуры прадмета адзначаецца, што ўключэнне ў інструкцыі пытанняў лакальнага характару пачало нарастаць толькі ў канцы ХVІІ ст. Гл.: Kriegseisen W. Sejmiki Rzeczypospolitej szlacheckiej… S. 84.
[15] Інструкцыя Вількамірскага павета, AGAD, AR II, nr. 1085.
[16] Інструкцыя Пінскага павета, AGAD, AR II, nr. 1086; РНБ АРФ. 971 (АД). №127-43.
[17] Інструкцыя Смаленскага павета, Расійская нацыянальнаябібліятэка, Аддзел рукапісаў, фонд 971 (Аўтографы Дуброўскага)(далей — РНБ, АР, Ф. 971). №152-52.
[18] Інструкцыя Ваўкавыскага павета, AGAD, AR II, nr. 1088.
[19] Інструкцыя Наваградскага павета, AGAD, AR II, nr. 1089.
[20] Гл., напрыклад, інструкцыі берасцейскага (РНБ, АР, Ф.971,№127 — 6), вількамірскага (AGAD, AR II, nr. 1085) і троцкага(AGAD, AR II, nr. 1084) паветаў.
[21] Wisner H. Litwa po zgonie Zygmunta III… S. 48.
[22] Dzięgielewski J. Sprawa compositio inter status w latach 1632—1635 // Kwartalnik Historyczny. 1983. Nr. 1. S. 81-82.
[23] Хоць, паводле У. Качароўскага, неабходнасць высылкі паслоўу Маскву і Швецыю мелі падкрэсліць інструкцыі ўсіх соймікаў(гл. Kaczorowski W. Sejmy konwokacyjny i elekcyjny… S. 65), у ашмянскай пра гэта нават не згадваецца.
[24] Kaczorowski W. Sejmy konwokacyjny i elekcyjny… S. 36.
[25] Поршнев Б. Тридцатилетняя война и вступление в нее Швеции и Московского государства. Москва, 1976. С. 217—329; Godziszewski W.Polska a Moskwa za Władysława IV. Kraków, 1930. S. 9; Wisner H. Dyplomacja polska w latach 1572—1648 // Historia dyplomacjipolskiej 1572-1795. Pod red. Z. Wójcika. T. 2. Warszawa, 1982.S. 56-70.
[26] Поршнев Б. Политические отношения Западной и Восточной Европы в эпоху Тридцатилетней войны // Вопросы истории.1960. № 10. С. 68; ён жа. Тридцатилетняя война… С. 280.
[27] Поршнев Б. Тридцатилетняя война… С. 319; Seredyka J.Rzeczpospolita w ostatnich latach panowania Zygmunta III (1929-1632). Zarys wewnętrznych dziejów politycznych. Opole, 1978.S.160.
[28] Wisner H. Litwa po zgonie Zygmunta III… S. 49; Kaczorowski W.Sejmy konwokacyjny i elekcyjny… S. 27.
[29] У гэтай сувязі пэўным непаразуменнем выглядае сцвярджэнне Б. Поршнева, быццам у Рэчы Паспалітай ад пачатку 1631 г. неперапынялася ваенная падрыхтоўка супраць Маскоўскай дзяржавы (гл.: Поршнев Б. Тридцатилетняя война… С. 288).
[30] Kaczorowski W. Sejmy konwokacyjny i elekcyjny… S. 66.
[31] Kriegseisen W. Sejmiki Rzeczypospolitej szlacheckiej w XVII iXVIII w. S. 82.
[32] Пар.: Paradowski P. Ze stanu badań nad sejmikami doby Wazów ze szczególnym uwzględnieniem panowania Władysława W // Z badań nad Rzeczpospolitą w czasach nowożytnych. Pod red. K. Matwijowskiego. Wrocław, 2001. S. 32.
[33] Rachuba A. Wielkie Księstwo Litewskie w systemie parlamentarnym Rzeczypospolitej w latach 1569 – 1763. Warszawa, 2002.S. 98.
[34] Wisner H. Przedsejmowy sejmik nowogrodzki w latach 1607 —1648 // Przegląd Historyczny. T. LXIX (1978). Z. 4. S. 678.
[35] Kriegseisen W. Sejmiki Rzeczypospolitej szlacheckiej w XVII iXVIII w. S. 27.
[36] Rachuba A. Wielkie Księstwo Litewskie w systemie parlamentarnym. S. 99.
[37] AGAD, AR Dz II nr. 1045.
[38] Instrukcja wydawnicza dla źródeł historycznych od XVI w. dopoі. XIX w. Ed. K. Lepszy. Wrocław, 1953; Zasady wydawania tekstów staropolskich. Projekt. Oprac. J. Woronczak. Wrocław,Ossolinskich, 1955.

Наверх

Дук, Дзяніс У. Полацк ХVІ–ХVІІІ стагоддзяў. Наваполацк, 2007 (Сяргей Тарасаў)

Снежня 13, 2007 |


ДУК, ДЗЯНІС У. Полацк ХVІ-ХVІІІ стагоддзяў: нарысы тапаграфіі, гісторыі матэрыяльнай культуры i арганізацыі жыццёвай прасторы насельніцтва беларускага горада. Наваполацк: ПДУ, 2007. — 268 с., іл.

Многія працы па айчыннай гісторыі, што апошнім часам з’яўляюцца ў Беларусі, грунтуюцца на вывучэнні тых ці іншых пытанняў на падставе аналізу рознага кшталту пісьмовых крыніц. І ў зусім невялікай колькасці даследаванняў у якасці крыніц выкарыстоўваюцца археалагічныя матэрыялы. Спецыфіка гэтай катэгорыі крыніц, па-першае, у складанасці іх здабывання і інтэрпрэтацыі. Па-другое, манаполія Акадэміі навук на самі даследаванні, аўтарскія правы даследчыкаў на атрыманы пад час раскопак матэрыял перашкаджаюць не толькі іх вывучэнню шырокай супольнасцю навукоўцаў, але і простай публікацыі саміх матэрыялаў. Не аспрэчваючы аўтарскае права, варта адзначыць, што агромністая колькасць археалагічнага матэрыялу, знойдзенага на тэрыторыі Беларусі за апошнія 50 гадоў, так і ляжыць „мёртвым грузам” у складах Інстытута гісторыі НАН Беларусі, у запасніках розных музеяў. І гэта толькі па адной прычыне: аўтары раскопак самі апрацаваць яго не маюць сілы і іншым не даюць.

Манаграфію навукоўца з Полацка Дзяніса Уладзіміравіча Дука можна лічыць адным з прыемных выключэнняў. Работа, заснаваная на апрацоўцы і аналізе артэфактаў, знойдзеных Дз. Дукам пад час аўтарскіх раскопак, апрача таго абагульніла ці не ўвесь комплекс матэрыялаў XVI-XVIII ст., сабраных і іншымі даследчыкамі Полацка. У гэтым яе першая безумоўная карысць і цікавасць. Не менш актуальнымі бачацца храналагічныя межы даследавання. Менавіта айчынныя археолагі ўпершыню на тэрыторыі былога СССР і ў краінах пасля яго развалу звярнуліся да навуковага вывучэння матэрыяльнай культуры так званага позняга Сярэднявечча, ці іначай — эпохі ранняга Новага часу. Перад тым лічылася, што гэта сфера этнаграфічных вышукаў. Археолагі так званай старой школы не падымалі храналагічную мяжу сваіх даследаванняў вышэй XIV-XV ст. А гэта прыводзіла да страты цэлага культурнага пласта i ў літаральным (здымалі бульдозерамі і экскаватарамі), і ў пераносным сэнсе. Прапанаваная манаграфія таксама не з’яўляецца сухім апісаннем тыпаў і відаў археалагічных артэфактаў (без чаго, вядома, у археалагічнай працы не абысціся). У ёй здзейснена цікавая спроба зрабіць некаторую рэканструкцыю жыццёвай прасторы сярэднявечнага гараджаніна, яго самаадчування ў гарадской тапаграфічнай прасторы, яго адносінаў з уладаю, суседзямі, ды і проста жыцця ва ўласным доме.

Пытанню жыццёвай прасторы насельнікаў Полацка прысвечаны апошні раздзел у манаграфіі. Аднак, на наш погляд, ён не толькі падсумоўвае папярэднія раздзелы, але і з’яўляецца адным з самых цікавых, бо тут аўтар, шырока выкарыстоўваючы пісьмовыя крыніцы, спалучае іх матэрыял з археалагічным. Сапраўды, многія рэчы са скуры, тканіны, дрэва, каляровых металаў па розных прычынах практычна не прысутнічаюць у археалагічных калекцыях. Але без іх побыт гараджаніна быў бы адлюстраваны няпоўна. Гэтаксама не знойдзены дасюль археолагамі такія неад’емныя аб’екты жыцця магдэбургскага Полацка, як важніца, капніца, лазня, крамы, нават сама ратуша. Толькі пісьмовыя і картаграфічныя крыніцы дазваляюць меркаваць пра іх месцазнаходжанне.

Тапаграфіі старажытнага Полацка адзначанага часу аўтар у сваёй працы адводзіць значнае месца. Падрабязна разглядаюцца змены гарадской забудовы і архітэктуры, якія сталі, з аднаго боку, вынікам войнаў з Маскоўскай дзяржавай і акупацыі горада ў часы Івана Жахлівага ды Аляксея Міхайлавіча, а з другога — наступствам натуральнага развіцця Полацка як паўнавартаснага еўрапейскага цэнтра. Дук прыходзіць да высновы, што ў канцы XVIII ст. Полацк стаў горадам з развітай паўнавартаснай сістэмай забудовы цэнтральнай часткі горада. На думку аўтара, гэта сведчыць не толькі пра высокі ўзровень развіцця культуры, але і пра адпаведны эканамічны падмурак падобных шырокамаштабных здзяйсненняў. І з гэтым цяжка не пагадзіцца.

Сапраўды, у „археалагічнай” гісторыі беларускіх гарадоў, як ні парадаксальна, пытанні эканомікі неяк самі сабою адышлі на другі план. Пры разглядзе пытанняў тыпалогіі i храналогіі рэчавага і побытавага матэрыялаў, тапаграфіі, стратыграфіі, культавага дойлідства і дэкаратыўна-ужытковага мастацтва, тэхналогіі ганчарства, кавальства, грабарства і г. д. заставалася без увагі гаспадарка — агульны складнік і рамяства, і гандлю, і палітыкі. Даследаванні гэтай тэмы абмяжоўваюцца пералічэннем наяўных рамёстваў, аб гандлі мяркуецца толькі па прысутнасці імпартных рэчаў або мясцовых, зробленых па аналагах імпартных. Г. Штыхаў у свой час выказаў меркаванне пра наяўнасць шматукладнай эканамічнай структуры сярэднявечнага грамадства ў Беларусі (адначасовае суіснаванне прыватнай i феадальна-залежнай гаспадаркі, існаванне побытавага рабства, царкоўна-манастырскага землеўладання), аднак з таго часу гэтыя высновы нідзе не атрымалася ўвязаць з археалагічнымі матэрыяламі, акрамя, бадай, аднаго Полацка. Менавіта тут у цэнтры старажытнага горада яшчэ ў XII-XIII ст., як потым і ў XVI-XVIII ст., асабіста свабодныя гараджане жылі побач з тымі, хто належаў да княскіх, магнатэрскіх і царкоўных юрыдык. І гэтая асаблівасць сацыяльнай структуры Полацка была непасрэдна звязана з эканамічным складнікам горада.

Наяўнасць рамеснай вытворчасці — адна з неабходных умоў прызнання населенага пункта горадам. Аднак щ толькі рамяство трэба лічыць асновай эканамічнага развіцця, у прыватнасці ў Полацку? Дук піша пра агароды, якія ў познім Сярэднявеччы мелі палачане як у самім горадзе, так і ў бліжэйшай акрузе. Але гэта толькі дапаможны промысел. Агароды дапамагалі жыць і выжываць, але наўрад ці прыносілі асноўны даход. Шматлікія рэчы побыту, знойдзеныя пад час раскопак, у пераважнай большасці можна разглядаць як тавар унутранага карыстання, выраблены на месцы. У Полацку гэтага часу ўжо не існавала натуральнага абмену, паколькі ўсё куплялася і прадавалася за грошы. Для нас відавочна, што сапраўднай асноваю полацкай эканомікі быў гандаль ва ўсіх яго праявах: непасрэдны вываз і ўвоз тавараў, мытныя пошліны з транзіту, аптовая скупка i рознічны продаж, праца гараджан на кабатажных работах, так званы адыходны промысел, забеспячэнне рачной інфраструктуры па рэчышчы Дзвіны і малых яе прытоках, абслугоўванне купцоў непасрэдна ў горадзе і г.д. Менавіта дзякуючы гандлю і транзіту ў Полацку як нідзе было развіта залатарства ад ранніх часоў да XVIII ст. Знойдзеная і даследаваная Дукам на Вялікім пасадзе чарговая ювелірная майстэрня XVII ст., апісаная разам з вырабамі ў манаграфіі, яшчэ раз пацвярджае гэта. Залатарства — своеасаблівы маркер для гандлёвага горада, паколькі яно заўжды разлічана на заможную частку насельніцтва. І чым такога насельніцтва больш (і свайго, і транзітнага), тым больш развіта і само рамяство.

У кнізе падрабязна разгледжаны розныя віды рамёстваў, якімі займаліся ў Полацку ў XVI-XVIII ст., прыведзена тыпалогія ганчарнага посуду, апісаны рэчы з металаў, каменю, дрэва, косці, скуры, рыштунак вершніка і каня, інструменты вытворчасці. Кафля не толькі апісана, але і прывязана да гарадской тапаграфіі. Гэта стала мажлівым дзякуючы наяўнасці геральдычных выяваў на кафлях полацкай калекцыі. Картаграфаваннем кафлі былі вызначаны месцы, дзе знаходзіліся двары заможнай шляхты і княжацкіх родаў, або двары залежных ад іх асобаў: М.Дарагастайскага, М. Друцкага-Сакалінскага, М. Зяновіча, Я. Кішкі, Д. Шчыта i інш. Усе яны канцэнтруюцца на тэрыторыі Верхняга замка і цэнтральнай часткі Вялікага пасада. Полацкая рэвізія 1552 г. утрымлівае апісанне і пералік гародняў на Верхнім замку, якія належалі полацкім баярам. Апошнія мусілі іх падтрымліваць у належным стане, умацоўваючы такім чынам гарадавую сцяну. Магчыма, што некаторая частка полацкай шляхты і жыла побач са сваімі гароднямі, выкарыстоўваючы іх не толькі як сховішча вайсковага рыштунку, але і як цывільныя таварныя склады. З часу ж надання гораду магдэбургскага права і перамяшчэння цэнтра палітычнага жыцця горада на Вялікі пасад, да ратушы, туды ж пацягнуліся і радавітыя палачане са сваімі сядзібамі.

Вызначэннем месца размяшчэння сядзіб полацкай заможнай шляхты аўтар манаграфіі закрануў і само пытанне ролі шляхты ў гісторыі горада. Зразумела, што сваёй асаблівасцю „Полацкая Венецыя” была абавязана менавіта шляхце, як i гандлярам. Якраз яны ў выглядзе „40 старцаў” прадстаўлены ў летапісным паданні. Таксама яны былі першымі ў тых „мужах палачанах”, якія запрашалі і выганялі князёў, заключалі палітычныя і гандлёвыя дамовы.

Калі мы гаворым пра традыцыю полацкага самакіравання, пра тое, як, прыняўшы зверхнасць вялікага князя літоўскага, палачане доўгай і ўпартай барацьбой абаранялі свае палітычныя традыцыі, мы маем найперш на ўвазе менавіта полацкае баярства-шляхту. У ранняй гісторыі Беларусі няма іншага такога прыкладу дэмакратычнага ладу (няхай і з агаворкамі), як веча ў Полацку. Калі б не гэты орган, то ўжо нашчадкі Ўсяслава Чарадзея, напэўна, маглі б усталяваць у сваіх княствах манархіі.

Узнікненне ў Полацку першых рамесніцкіх цэхаў — кавалёў, кацельшчыкаў, слесараў, мечнікаў, залатых спраў майстроў i шаўцоў, гарбароў, шапачнікаў, краўцоў і кушняроў фармальна звязваецца з 1601 г. У 1683 г. кароль Ян III Сабескі даў прывілей цэху полацкіх шаўцоў i гарбароў. Адпаведна з іх статутам, цэхавыя старшыні выбіраліся на год: адзін — рымскага веравызнання, другi — грэцкага (рускага”). Для прыслугі пры старшынях выбіраліся два малодшыя рамеснікі рымскага i грэцкага веравызнання. Нездарма члены цэха называлі сябе брацтвам. У нечым яны былі падобны на хрысціянскія брацтвы, якія здаўна існавалі ў Полацку. Відавочна, цэхавыя рамеснікі былі хрысціянамі. Мала таго, яны мусілі (і каталікі, і праваслаўныя) разам хадзіць на святы абедзвюх канфесій.

Выяўленне ў творчасці кафляроў таго часу язычніцкіх матываў, пэўна, больш глыбокая гарадская традыцыя, ці скажам так, — традыцыя ўсёй Полацкай зямлі. І не толькі ў кафлярстве. У гэтай сувязі, калі мы, абапіраючыся на археалагічныя дадзеныя, кажам, што на падставе пахавальнага абраду (знікненне курганоў) хрысціянства становіцца даміноўнай рэлігіяй і ў вёсцы з XIV ст., трэба падумаць, ці так гэта. Афіцыйнай — безумоўна, і значна раней. Але пры гэтым, хутчэй, можна казаць пра своеасаблівае дзвюхвер’е, у якім поруч са знешняй (дзяржаўнай) верай існавала ўнутраная (хатняя) — замовы, забабоны, народныя каляндарныя святы і інш. Што, дарэчы, захавалася да сёння. А на час бытавання падобных артэфактаў можна з доляю ўпэўненасці казаць пра талерантнасць найперш да язычніцкіх традыцый, цярпімасць да каталіцтва і праваслаўя і менш за ўсё — да уніі.

Манаграфія полацкага археолага Дзяніса Дука — безумоўна істотны і цікавы ўклад у вывучэнне гісторыі Полацка. На падставе археалагічных і пісьмовых крыніц аўтару ўдалося дапоўніць звесткі па тапаграфіі Полацка XVI-XVIII ст., па рамёствах і занятках гараджан, рэканструяваць некаторыя дэталі жыццёвай прасторы сярэднявечнага палачаніна.

Мінск

Сяргей Тарасаў

Наверх

Савченко, Сергій. Давня Русь у полемічній літературі кінця ХVI–XVII ст. (Генадзь Сагановіч)

Снежня 11, 2007 |


САВЧЕНКО, СЕРГІЙ. Давня Русь у полемічній літературі кінця ХVІ-ХVІІ століття. Дніпропетровськ: ТОВ „Інновація”, 2007. — 186 с

Кніга маладога ўкраінскага гісторыка, ужо знаёмага нашым чытачам па публікацыях у БГА, прысвечана вобразам гісторыі Русі і іх выкарыстанню ў рэлігійнай публіцыстыцы ХVІ-ХVІІ ст. Па сутнасці, яна непасрэдна тычыцца складанай праблемы вытокаў гістарычна-культурнай ідэнтычнасці навачасных украінцаў і беларусаў. Нягледзячы на працяглую традыцыю вывучэння палемічнай літаратуры, якая паўстала ў сувязі з царкоўнай уніяй 1596 г., гістарычная свядомасць праваслаўных і каталіцкіх палемістаў засталася сапраўды маладаследаванаю, так што аўтар узяўся за бясспрэчна актуальную тэму.

3 назвы манаграфіі, праўда, не вынікае, якія тэрыторыі ахоплены даследаваннем. Натуральна было б спадзявацца, што ў фокусе ўвагі будзе і сучасная Беларусь, бо ў свядомасці палемістаў ХVІ-ХVІІ ст. і яна, разам з Украінай, утварала Русь як супольны гістарычна-культурны кантынуум. Падобны падыход, пэўна, быў бы найбольш слушны, але ўжо з першых старонак кнігі можна зразумець, што даследаванне абмяжоўваецца ў асноўным Украінай і творамі палемістаў, звязаных з украінскімі землямі. Магчыма, гэтым і тлумачыцца амаль поўная адсутнасць адпаведных прац беларускіх даследчыкаў. Хоць у беларускай гістарыяграфіі іх мала, тым не менш, увага да выданняў Святланы Марозавай пра унію ці публікацый Уладзіміра Кароткага па палемічнай літаратуры, або да новых кніг нябожчыка Сямёна Падокшына была б, думаю, зусім не лішняй. Яшчэ больш незразумела тое, што па-за ўвагай аўтара засталіся i даследаванні такога вядомага даследчыка, як Аляксандр Наумаў з Кракава.

Ва ўступе, у якім найперш даецца кваліфікаваны агляд гістарыяграфіі праблемы, аўтар агаворвае метадалагічныя прынцыпы сваёй працы. Тут, дарэчы, адзначана важная асаблівасць падобных даследаванняў: па сутнасці, у палемічных трактатах гістарычныя канцэпцыі ніколі не з’яўляліся самамэтаю, а былі толькі інструментам аргументавання, таму яны канструяваліся побегам, неахайна, а цяпер іх даследчыку непазбежна даводзіцца „дапрацоўваць” аморфныя думкі, схематызаваць і рацыяналізаваць іх, перабольшваць ix значнасць, уплыў і г. д. (25). Гэта своеасаблівая „мадэрнізацыя” аб’екта спазнання, — прызнаецца аўтар, але без яе ніякае гістарычнае даследаванне немагчымае, слушна заключае ён. Далей каментуюцца некаторыя з выкарыстаных у кнізе тэрмінаў, якія з-за сваёй неадназначнасці могуць выклікаць непаразуменні. Найбольш прынцыповае тут ужыванне назвы Русь, рускі (руський) у сэнсе „Україна”, „украінскі”, тады як расійскія рэаліі перадаюцца азначэннямі Маскоўская дзяржава, Маскоўскае царства, Расія і г. д. Прыклад, які можна было б лічыць вартым пераймання, бо ў свядомасці шырокіх колаў назва Русь даўно атаесамляецца амаль адназначна з Расіяй. У гэтых каментарах варта было б вызначыць і змест тэрміна „гістарычная свядомасць”, які таксама разумеецца неадназначна (яна, прынамсі, не павінна зводзіцца проста да гістарычнай рэфлексіі ці гістарычнай памяці).

Аснову манаграфіі складаюць чатыры раздзелы і дадатак. У першым („Абрысы рускай гісторыі ў польскай раннемадэрнай гістарыяграфіі”, 29-37) асвятляюцца асноўныя падыходы да гісторыі Русі ў польскіх гістарычных творах ХV-ХVІ ст. Мэтазгоднасць іх разгляду, на першы погляд быццам недатычных тэмы даследавання, вынікае з таго, што схемамі польскай гістарыяграфіі карысталіся ў палеміцы і праваслаўныя палемісты, і каталікі з уніятамі. У абодвух лагерах стараліся выкарыстаць для сваіх патрэбаў гатовыя канцэптуальныя напрацоўкі Стрыйкоўскага, Мяхоўскага, Бельскіх, Гваньіні і іншых польскіх гістарыёграфаў.

3 другім раздзелам „Русь: гісторыя, традыцыя, канфесійная ідэнтычнасць у праваслаўнай палемічнай літаратуры” (38-66), у якім аўтар лагічна разбірае і абагульняе сюжэты з мінулага даўняй Русі ў творах праваслаўных палемістаў, непасрэдна звязаны наступны, прысвечаны праблеме ўплываў праваслаўных кніжнікаў на змену вобраза Маскоўскага царства і яго ідэалізацыю („Маскоўскае царства вачыма праваслаўнай Украіны-Русі”, 67-83). У апошнім раздзеле („Альтэрнатыўная канцэпцыя гісторыі Русі ў працах каталіцкіх ды уніяцкіх палемістаў канца ХVІ-ХVІІ ст.”, 84-125) разбіраецца найменш вывучаная частка спадчыны — рыма-каталіцкая ды уніяцкая публіцыстыка, якой не было месца ў гісторыі Ўкраіны, створанай у рамантычна-народніцкую эпоху. Дадатак жа да асноўнага тэксту ўяўляе з сябе адмысловы артыкул аўтара, прысвечаны крытыцы трактовак вядомага палеміста Івана Вышэнскага ў украінскай гістарыяграфіі, паказальны ў тым, наколькі зманлівымі могуць быць інтэрпрэтацыі тэкстаў паводле гатовых трафарэтаў.

Як вядома, у справакаванай падрыхтоўкай уніі і рашэннямі Берасцейскага сабору вострай палеміцы праціўнікі уніі імкнуліся даказаць нелегітымнасць новастворанай царквы, абгрунтаваць права праваслаўных на прывілеі вялікіх князёў і каралёў, тады як апалагеты уніі — наадварот, давесці, што царква на Русі даўно была і ёсць унійнаю, і ўсе прывілеі належаць ім, а не схізматыкам. Аўтары абодвух лагераў апелявалі да мінулага, шукаючы аргументаў для доказу сваёй праўды, ствараючы першыя абагульненні па гісторыі Русі. З гэтай перспектывы Саўчанка і аналізуе антыунійную літаратуру, разглядаючы больш ці менш вядомыя па навуковай літаратуры творы — ад „Апокрысіса” Філалета і ананімнай „Перасцярогі” да „Пацерыкона” Сільвестра Косава і „Літаса” Пятра Магілы. Вядома, не ўсе выданні палемічнай літаратуры заслугоўваюць аднолькавай увагі, і, магчыма, нідзе не згаданы „Дыярыуш” Апанаса Філіповіча акурат не даваў даследчыку нічога вартага, аднак адсутнасць у ліку аналізаванай літаратуры твораў Мялеція Сматрыцкага, які нават цытуецца аўтарам „з чужых вуснаў”, застаецца незразумелай.

Асаблівую ўвагу аўтар аддае „Палінодыі” Захарыя Капысценскага (1621), сярод сутнасных характарыстык якой адзначае, у прыватнасці, тое, што ўжо ў гэтым творы Масква фігуруе ў пазітыўнай іпастасі. Гэта вызначыла новую тэндэнцыю ўспрымання ўсходняга суседа, бо да пачатку ХVІІ ст. праваслаўнае духавенства Кіеўскай мітраполіі амаль не выяўляла сімпатый да Маскоўскай дзяржавы, а часам і наадварот выказвалася незычліва.

Згодна з агульнай канцэпцыяй праваслаўных палемістаў, зарыентаваных на грэцкія традыцыі, Кіеўская Русь ніколі не мела ніякіх сувязяў з Рымам, і Фларэнційская унія ёю не была прынятая; у склад Кароны і ВКЛ землі Русі ўвайшлі добраахвота, таму іх жыхары маюць роўныя правы з літоўцамі і палякамі; усе правы і прывілеі, зацверджаныя вялікімі князямі і каралямі, належаць праваслаўнай царкве, а унія — утварэнне новае і нелегітымнае, і г.д. Інтэгральным складнікам такой канцэпцыі неўзабаве стаў і міф пра казакоў як абаронцаў праваслаўя, упершыню аформлены ў тэкстах мітрапаліта Іова Барэцкага і Касьяна Саковіча.

Нараджэнне ў Украіне поглядаў на Маскву як на край, дзе збераглася чысціня праваслаўя, даследчык адносіць на канец ХVІ ст. У наступным тут з’явілася праслойка інтэлектуалаў, якая прадстаўляла маскоўскія настроі і інтарэсы, ідэалізавала маскоўскіх манархаў, прыпісваючы ім у сваіх творах месіянскія атрыбуты, сцвярджала права маскоўскіх цароў на кіеўскую спадчыну. У „Сінапсісе” Інакенція Гізеля, якога Саўчанка лічыць самым „прарасійскім”, „Кройніцы” Феадосія Сафановіча і казацкіх летапісах былі сканструяваны такія парадыгмы гісторыі, якія зрабілі вобразы даўняй Русі і „казацкай” Украіны чужымі адзін аднаму.

Аўтар прыходзіць да, здавалася б, парадаксальнай высновы: кіеўскія кніжнікі больш спрычыніліся да папулярызацыі ідэі прыналежнасці „кіеўскай спадчыны” маскоўскім манархам, чым самыя расійскія ідэолагі. У канструяванні ўкраінскай ідэнтычнасці з ХVІІ ст. з’явіўся расійскі фактар, актуалізацыя якога была справай у асноўным праваслаўнага духавенства Кіеўскай мітраполіі, — адзначае даследчык (82-83).

Хоць у канцы ХVІІ ст. рэлігійная палеміка затухла, антыкаталіцкія канцэпцыі, створаныя праваслаўнымі палемістамі, увайшлі ў расійскую імперскую гістарыяграфію (65). Праз творы, што цыркулявалі ў афіцыйнай літаратуры Расійскай імперыі, візія праваслаўных палемістаў найбольш паўплывала на канцэптуальны змест украінскай (можам дадаць — і беларускай) гістарыяграфіі, тады як аргументы і канцэпцыі іх апанентаў атрымалі ў лепшым выпадку маргінальнае гучанне.

Разгляд гэтай менш вядомай у нас публіцыстыкі каталікоў і уніятаў беларускаму чытачу можа быць найцікавейшы. Яна прадстаўлена творамі шырокага кола аўтараў — ад езуітаў Бенедыкта Гербста і Пятра Скаргі да Іпація Пацея, Льва Крэўзы, Іосіфа Вельяміна Руцкага і зусім малазнаных Гаспара Скупінскага, Фёдара Тышкевіча-Скуміновіча ды інш. Цалкам дарэчы быў бы тут і „Антыэленхус” Антонія Сялявы. З другой паловы ХVІІ ст. як „бясплоднага” перыяду развіцця палемічнай літаратуры разгледжаны творы Бенедыкта Паўла Бойма, Кіпрыяна Жахоўскага, Мікалая Ціхоўскага, Тэафіла Руткі, Яна Кулешы і інш. Пры пэўных адрозненнях аўтары гэтага лагера салідарна прызнавалі Рым больш аўтарытэтным, чым Канстанцінопаль, і сцвярджалі, што пасля расколу ўсяленскай царквы Русь прагла аднавіць еднасць з Рымам, сведчанні чаго яны бачылі ва ўдзеле мітрапаліта Ісідара ў Фларэнційскім саборы, пасланні мітрапаліта Місаіла, акце Берасцейскага сабору і інш. Таму, заключалі яны, уніяцкая Русь і ёсць „сапраўднай”, а „схізматыкі” могуць прэтэндаваць хіба што на „новую” Русь, пазбаўленую традыцый, старыны і да т. п.

Спрабуючы звесці ў адно ідэі розных аўтараў і рэканструяваць схему гістарычнага развіцця Русі, прапанаваную каталіцка-уніяцкім лагерам (130-132), Саўчанка вызначае і некаторыя адрозненні паміж каталікамі ды уніятамі. Так, калі Скарга, Гербст і нават Кулеш з’яўляліся праціўнікамі ўсходняга абраду і царкоўнаславянскай мовы, дык уніяцкія аўтары, што былі пераважна русінамі па паходжанні, заставаліся вельмі прывязанымі да ўсходнехрысціянскай літургічнай спадчыны і мовы. Сярод іншага аўтар піша і пра істотны момант, уласцівы ўласна уніяцкім палемістам: пры ўсіх апеляцыях да традыцый яны імкнуліся пераарыентаваць чытача на пазітыўнае ўспрыманне адмены той прывычнай, добрай „старыны”, — калі яна пярэчыць законам Рэчы Паспалітай, на прызнанне зверхнасці каралеўскай улады.

Вартая ўвагі і заўважаная аўтарам тыпалагічная асаблівасць ідэалогіі каталіцка-уніяцкіх палемістаў, якая адрознівае яе ад канцэпцый праваслаўных радыкалаў: калі праціўнікі уніі прапанавалі дуалістычную мадэль свету, у якой роля „апошняга аплоту праваслаўя” адводзіцца Кіеву i Маскве як увасабленню абсалютнага Дабра, а Рым уяўляецца „Злом”, рымскі папа — „Антыхрыстам”, і г.д., дык нават самыя зацятыя апалагеты Рыма ў адказ не прапагандавалі ідэю Масквы як увасаблення зла, а бачылі ў апошняй толькі „глупства” і „невуцтва”, „прастату”, „дзікасць”, „схізму” і г. д. (131).

Як вынікае з даследавання, мінулае Русі, сканструяванае ў выніку супрацьстаяння ў праваслаўным лагеры, і тое, што выпрацавалі для сваіх патрэбаў каталіцкія і уніяцкія аўтары, — гэта дзве розныя візіі, „дзве Русі”, за якімі — дзве нязводныя ў адну ідэнтычнасці. Кранаючы „пабочны эфект” дзейнасці тых, хто змагаўся з уніяй, аўтар прыводзіць надзвычай трапную цытату з Ігара Шаўчэнкі: «сцвярджаючы „іншасць” украінскіх праваслаўных у адрозненне ад палякаў, яны міжволі падкрэслівалі іх падобнасць да масквічоў ды супольнасць іх інтарэсаў» (129). Тым не менш, заставалася ж і нешта агульнае, што лучыла гэтыя два светы ў адну Украіну. Такой узаемараспазнавальнай асновай для праваслаўных жыхароў Падняпроўскай Украіны і уніятаў Галіччыны аказалася царкоўнаславянская мова і ўсходні абрад, — заключае аўтар (125).

У сціслай паслямове заўважана, што пытанні, вакол якіх не сціхала палеміка ў даследаваную эпоху, да сёння ляжаць у аснове праваслаўна-каталіцкага супрацьстаяння. Да гэтага часу поглядам пра выключна візантыйскае паходжанне i характар хрысціянства Кіеўскай Русі супрацьстаіць канцэпцыя яго заходніх вытокаў (138). І выйсця з гэтага няма, божная царква карыстаецца тым комплексам гістарычных міфалагем, якія становяць падставы яе самаідэнтыфікацыі. У гэтай сувязі погляд С. Саўчанкі на перспектывы развязання праблемы досыць песімістычны. У супрацьстаянні дзвюх узаемавыключальных канцэпцый ён бачыць адзін з бакоў „вечнага” для Ўкраіны (а пагатоў і для Беларусі) пытання „куды мы ідзем?”.

Хацеў бы адзначыць некалькі заўважаных недакладнасцяў і недастаткова ясных месцаў. Найперш пра такі помнік беларуска-літоўскага летапісання, як „Хроніка Літоўская i Жамойцкая”: створаны ён, вядома ж, не ў 20-я г. ХVІ ст. (67), а больш чым на стагоддзе пазней. Мне падалося, што стаўленне самога аўтара да паходжання паслання мітрапаліта Місаіла, якое займела такое значэнне ў палеміцы, магло б быць крыху больш выразным. А так спачатку чытаем, што Іпаці Пацей, як і большасць мітрапалітаў, відавочна, „не меў сумневу ў сфальсіфікаваным характары дакумента” (64), а потым аўтар піша, што «ўжо ў гістарыяграфіі XIX ст. у аўтэнтычнасці „Паслання” амаль ніхто не сумняваўся» (95). Ці сапраўды уніяцкая царква «не мела ніякага „імунітэту” супраць дагматычных уплываў рымскага каталіцызму» (91)? Думаю, такое катэгарычнае сцвярджэнне трэба было б добра аргументаваць. Урэшце, наконт тэрміналогіі, у выкарыстанні якой аўтар стараўся быць максімальна карэктным. Разважаючы пра рэаліі ХVІІ ст., варта па магчымасці пазбягаць такіх мадэрновых паняццяў, як „нацыя” і вытворныя ад яе. Маю на ўвазе дэнацыяналізацыю” князёў і магнатаў (47), „ідэю этна-нацыянальнай еднасці” Русі з Маскоўскай дзяржавай, якую аўтар заўважае ў „Палінодыі” Капысценскага (57), або нават „канцэпцыю этнічнай еднасці” Малой і Вялікай Расіі (60). Цяпер, калі прывычная тэорыя этнасу перагледжана і няма нават яго агульнапрынятага азначэння, карыстацца падобнымі абстракцыямі трэба з гранічнай асцярожнасцю.

Наогул жа кніга пакідае цалкам пазітыўнае ўражанне. Улічваючы, што перад Сяргеем Саўчанкам стаялі асаблівыя па сваёй складанасці задачы, пры вырашэнні якіх даследчыку трэба было ўлічваць спосаб мыслення палемістаў, унікаць накладкі пазнейшых ідэалагічных канцэптаў i наогул, як ён сам дэклараваў, вывучаць вобраз мінулага ў палемічнай літаратуры, «намагаючыся не „памятаць” пра існаванне незалежнай Украіны» (136), гэтую манаграфію можна лічыць вартым пахвалы поспехам аўтара.

Мінск

Генадзь Сагановіч

Наверх

Gil, Andrzej. Chelmska diecezja unicka 1596–1810 (Святлана Марозава)

Снежня 8, 2007 |


GIL, ANDRZEJ. Chelmska diecezja unicka 1596-1810. Dzieje i organizacja. Lublin: Instytut Europy ŚrodkowoWschodniej, 2005. — 338 s.

У канцы ХVI ст. на абшарах Цэнтральнай і Ўсходняй Еўропы, дзе цяпер раскінуліся Польшча, Літва, Беларусь і Ўкраіна, адбылася шматзначная паводле сваіх наступстваў сустрэча-сутыкненне двух культурна-рэлігійных светаў — заходне- і ўсходнехрысціянскага. Праявы і вынікі гэтай сустрэчы да сённяшняга дня адчувальныя ў розных сферах грамадскага жыцця рэгіёну. Таму Берасцейская царкоўная унія 1596 г., гісторыя уніяцкай (грэка-каталіцкай) царквы і яе асобных тэрытарыяльна-адміністрацыйных структур здаўна адносяцца да ліку ключавых даследчыцкіх праблем у беларускай, украінскай, польскай гістарыяграфіі, з’яўляюцца прадметам вострых навуковых і пазанавуковых дыскусій.

Кніга польскага даследчыка доктара габілітаванага Анджэя Гіля адкрывае выдавецкую серыю „Studia i Materiały do dziejów chrescijaństwa wschodniego w Rzeczypospolitej”, распачатую Інстытутам Цэнтральна-Ўсходняй Еўропы ў Любліне. У манаграфіі на матэрыяле Холмскай епархіі аналізуюцца культурна-рэлігійныя працэсы, што цягам больш чым двух стагоддзяў адбываліся на польска-беларуска-ўкраінскім і шырэй — на лаціна-візантыйскім цывілізацыйным памежжы.

Пры наяўнасці значнай літаратуры, прысвечанай асобным аспектам гісторыі Холмскай Русі, праваслаўнай і уніяцкай цэркваў на Холмшчыне, уніяцкая епархія, у адрозненне ад сваёй праваслаўнай папярэдніцы[1], да апошняга часу не мела грунтоўнай манаграфіі. Новая праца А. Гіля — першая ў сучаснай гістарыяграфіі спроба паказу Холмскай уніяцкай епархіі як буйнога феномена ў гістарычным, рэлігійным і грамадскім вымярэнні.

Манаграфія складаецца з трох раздзелаў. Першы прысвечаны гісторыі, другі — арганізацыі, трэці — манаству Холмскай епархіі. Кожны раздзел ахоплівае адрэзак часу з 1596 да 1810 г. Не выклікае сумнення як пачатковая дата даследавання 1596 год, калі фактычна пачалося існаванне Холмскай уніяцкай епархіі. Перастала ж існаваць епархія ў 1785 г. Таму абранне 1810 года ў якасці другой цэзурнай мяжы хоць і можна прызнаць слушным, але гэта не выглядае пераканаўча аргументаваным.

У гісторыі Холмскай уніяцкай епархіі за акрэслены час А. Гіль вылучае наступныя перыяды: 1) 1596-1720 г. (перыяд стварэння і зацвярджэння уніі), 2) 1720-1772 г. (паўстагоддзя спакою), 3) 1772-1810 (час пералому). Кожнаму перыяду прысвечана асобная глава ў кожным з трох раздзелаў манаграфіі. Асаблівая ўвага звернута аўтарам на тыя праблемы, што заставаліся па-за сферай інтарэсаў даследчыкаў: утварэнне уніяцкай епархіі, яе тэрытарыяльная арганізацыя, дзейнасць у ХVII ст., узаемаадносіны уніі з праваслаўем і рымскім каталіцызмам на тэрыторыі епархіі і інш.

Паказ гісторыі і арганізацыі Холмскай уніяцкай епархіі грунтуецца на вялікай колькасці дакументаў і матэрыялаў, выяўленых аўтарам у архівах і рукапісных аддзелах бібліятэк Расіі, Украіны, Польшчы, а таксама ўзятых з дакументальных публікацый ХІХ-ХХ ст. Спіс выкарыстаных у даследаванні крыніц і літаратуры займае 28 старонак кнігі!

Гістарыяграфічны аналіз праблемы прывёў А. Гіля да высновы: пры несумненнай цікавасці да гісторыі веравызнанняў і значным павелічэнні колькасці літаратуры па гэтай тэме гістарыяграфія гісторыі „польска-рускага” памежжа вельмі сціплая. Для многіх гісторыкаў і цяпер аснова даследавання — расійскія выданні крыніц, ажыццёўленыя ў XIX – пачатку ХХ ст., і гэткая ж літаратура прадмета. Многія працы маюць папулярны, палемічна-апалагетычны або мартыралагічна-патрыятычны характар і ў канчатковым выніку дэфармуюць вобраз уніяцтва і праваслаўя ў Рэчы Паспалітай. Між тым, як слушна заўважае А. Гіль, сёння навуцы патрэбны даследаванні крыніцазнаўчага, метадалагічнага, тэрміналагічнага, аналітычнага і сінтэтычнага характару. Усе гэтыя характарыстыкі прысутнічаюць і ўдала спалучаюцца ў яго манаграфіі.

Справы і падзеі ў Холмскай епархіі цікавыя для даследчыка гісторыі Беларусі найперш тым, што яе часткай былі этнічныя беларускія землі Падляшша, якія цяпер знаходзяцца ў складзе Рэспублікі Польшча. Але яшчэ ў большай ступені каштоўнасць працы А. Гіля для беларускага гісторыка абумоўлена паказаным у ёй шырокім гістарычным фонам (міждзяржаўныя і міжканфесійныя стасункі, сітуацыя ў Кіеўскай мітраполіі і інш.), у які ўмела ўпісана гісторыя Холмскай уніяцкай епархіі. Кніга цікавая таксама аўтарскімі развагамі, ацэнкамі, здагадкамі, параўнаннямі — г. зн. аналітыкай — пры захаванні даследчыкам дастаткова аб’ектыўнай навуковай пазіцыі.

Ідучы на унію з рымскім касцёлам, кіраўніцтва Кіеўскай мітраполіі не намервалася, як дапускае А. Гіль, ствараць новую рэлігійную супольнасць. Новая царква са сваёй тэрыторыяй дзейнасці, унутранай структурай, ерархіяй, клірам, вернікамі і эклезіялагічнай адметнасцю склалася насуперак намерам ініцыятараў Берасцейскай уніі. У перыяд апагея сваёй гісторыі (другая палова ХVIII ст.) гэтая царква налічвала каля 950 прыходаў і больш за 4,5 мільёнаў вернікаў. Узрастаючы на глебе працэсу фармавання дзвюх народнасцяў — украінскай і беларускай, — уніяцкая царква стала ў XVII-XVIII cт. адным з элементаў, якія вызначалі рэлігійны і грамадска-палітычны лад Рэчы Паспалітай. Яе прыхільнікі мелі выразнае пачуццё адметнасці ад іншых.

Гісторык спрабуе абвергнуць шматлікія міфы і стэрэатыпы, якія назапасіліся вакол пытання аб сутнасці уніяцкай царквы. Сярод іх найбольш папулярным у гістарыяграфіі з’яўляецца сцвярджэнне аб лацінізацыі, акцыдэнталізацыі і паланізацыі (рускі варыянт — апалячванні) уніяцкай царквы ў Рэчы Паспалітай. Аўтар манаграфіі падкрэслівае, што праваслаўная царква Кіеўскай мітраполіі ў XVII ст., асабліва ў часы знаходжання на мітрапаліцкай кафедры Пятра Магілы (1632-1647), таксама была моцна ўключана ў працэс рэцэпцыі заходніх узораў i ў гэтым істотна не адрознівалася ад уніяцтва. Дадзеная акалічнасць, аднак, не перашкаджала абедзвюм цэрквам захоўваць сваю адметнасць.

3 трох раздзелаў манаграфіі, якія вызначаюцца выключнай навуковай грунтоўнасцю, найбольшую нашу ўвагу прыцягнуў першы, дзе асвятляецца гісторыя Холмскай епархіі ў 1596-1810 г.

Раздзел пачынаецца кароткім аглядам гісторыі Холмскай праваслаўнай епархіі ад пачатку хрысціянізацыі Холмшчыны ў Х-ХІІ ст. да Берасцейскай царкоўнай уніі 1596 г. Канстатуецца, што Холм стаў цэнтрам епархіі ў 1236 г. з волі галіцка-валынскага князя Данілы Раманавіча.

Аўтар сцвярджае, што ідэя уніі з лацінскім касцёлам у Холмскай епархіі з’явілася ў 40-50-я г. ХІІІ ст. Гэта было звязана як з намаганнямі папства ўплываць на падзеі ва Ўсходняй і Паўднёвай Еўропе (да прыкладу, хрышчэнне і каранацыя ў 1253 г. Міндоўга), так і мангольскай пагрозай Русі. Але тады унія не была рэальна ажыццёўлена. 1439 год, паводле слоў А. Гіля, прынёс чарговы унійны эксперымент, які на гэты раз меў больш шырокі еўрапейскі маштаб. Аднак і Фларэнційская унія сустрэла ў Польшчы шэраг цяжкасцяў. Хоць кіеўскі мітрапаліт Ісідар, які падпісаў акт уніі, па дарозе з Фларэнцыі наведаў Холм, ніякіх сведчанняў аб праявах у Холмскай епархіі Фларэнційскай уніі няма.

Другая палова ХV і амаль усё XVI ст. паказаны як надзвычай цяжкі час для Холмскай епархіі: набіраў сілу лацінскі касцёл, нарадзіўся пратэстантызм, праваслаўную царкву агарнуў унутраны крызіс.

Паводле дадзеных А. Гіля, напярэдадні Берасцейскай уніі Холмская епархія ахапіла тэрыторыю каля 18 тыс. кв. км i раскінулася на памежжы Польшчы, Украіны і Беларусі. Яна падзялялася на 12 пратапопій, налічвала каля 420-440 прыходаў і мела 8 манастыроў.

Наступныя старонкі манаграфіі прысвечаны заключэнню Берасцейскай уніі і яе рэцэпцыі ў 1596-1604 г. Тут цікавасць выклікае аўтарскае бачанне прычын уніі. Другая палова ХVI ст., як даказвае даследчык, характарызуецца ўзмацненнем з’яў, непажаданых з пункту гледжання інтарэсаў і перспектыў рускай царквы ў Рэчы Паспалітай.

Перш за ўсё гэта згасанне дынастыі Ягайлавічаў, якая на працягу двух стагоддзяў выпрацавала пэўны тып узаемаадносінаў з праваслаўем, што дазваляла царкве выжыць без вялікай страты сваіх пазіцый і нават структурна развівацца. Згасанне дынастыі пацягнула за сабой змену мадэлі дзяржавы, яе тэрытарыяльнага ўладкавання. Для Холмскай епархіі гэта азначала далучэнне ў 1569 г. Валыні і Падляшша да Кароны.

Эпоха выбарных каралёў не спрыяла правядзенню ў Рэчы Паспалітай узгодненай палітыкі адносна праваслаўя. Занадта шмат тут было паспешлівых дзеянняў, непрадуманых імправізацый. Акрамя таго, не было адзінага цэнтра, які б выступаў у веравызнаўчых пытаннях ад імя ўсёй дзяржавы. Многія з магнатаў і нават драбнейшых землеўладальнікаў з меркаванняў прэстыжу або сямейных, гаспадарчых ці палітычных разлікаў рэалізоўвалі ўласныя інтарэсы адносна царквы, дэманструючы пры гэтым цэлую гаму пазіцый.

Не на карысць праваслаўнай царквы складвалася міжнародная сітуацыя, у прыватнасці, адносіны Рэчы Паспалітай з Расіяй і Турцыяй — краінамі, дзе праваслаўе адыгрывала вялікую ролю. Рэч Паспалітая ў барацьбе з гэтымі дзяржавамі адстойвала сваё права на існаванне. Не дзіўна, што кантакты праваслаўных Рэчы Паспалітай з іх аднаверцамі ў Расіі і Асманскай імперыі выклікалі ўсеагульнае падазрэнне. Тым часам стан праваслаўных цэркваў там характарызуецца аўтарам як крызісны. Канстанцінопальскі патрыярхат, змучаны ўнутранымі супярэчнасцямі і барацьбой за ўладу паміж амбітнымі ерархамі, усё больш трапляў у залежнасць ад волі турэцкага султана, страчваў аўтарытэт і статус духоўнага лідэра праваслаўнага свету. Не лепш было і ў Маскоўскай дзяржаве. Стварэнне ў 1589 г. Маскоўскага патрыярхату насуперак царкоўным звычаям і канонам зусім не сведчыла пра добрыя ўмовы існавання тамтэйшай царквы. Поўная залежнасць ад свецкай улады і падпарадкаванне ўласных інтарэсаў дзяржаве ператварала царкву ў частку адміністрацыйна-кіраўнічага апарату, вымушала яе служыць інтарэсам царскай імперыі і дынастыі.

Не разглядаючы дэталёва абставіны прыняцця часткай праваслаўнай ерархіі Рэчы Паспалітай царкоўнай уніі з Рымам (яны добра асветленыя ў навуковай літаратуры), даследчык больш падрабязна спыняецца на „холмскай ніці” гэтага сюжэта. Ён падкрэслівае, што палітыка патрыярхаў — антыахійскага Іахіма і канстанцінопальскага Ярэміі ІІ — адносна стасункаў паміж клірам і свецкімі людзьмі цалкам змяніла становішча епіскапаў, над якімі вяршэнства атрымалі брацтвы. Брацтвы, якія займалі незалежную ад холмска-белзскага епіскапа Дыянісія Збіруйскага пазіцыю, былі i ў Холмскай епархіі — у прыватнасці, у Любліне і Краснаставе. Не дзіўна, што ўладыка Дыянісій уключыўся ва унійныя захады іншых праваслаўных іерархаў Рэчы Паспалітай, якія адчулі пагрозу з боку падтрыманых канстанцінопальскім патрыярхам брацтваў, якія набіралі сілу.

На думку А. Гіля, патрэбай дня стала ўнутраная рэформа праваслаўнай царквы, што змяніла б нізкі грамадскі і палітычны статус яе ерархіі і духавенства. Але ў Рэчы Паспалітай не было такой сілы, якая павысіла б статус епіскапаў пры захаванні імі вернасці праваслаўю. Свецкія праваслаўныя асяродкі, галоўным прадстаўніком якіх быў кіеўскі ваявода князь Канстанцін Астрожскі, па розных прычынах паступова страчвалі сваё значэнне, і ў 20-30-я г. ХVII ст. іх месца абаронцаў праваслаўя заняло ўкраінскае казацтва. На фоне рэфармаванага Трыдэнцкім саборам лацінскага касцёла праваслаўная царква ўсё больш страчвала сваё значэнне, а меры яе выратавання, прапанаваныя брацтвамі, не маглі быць прынятыя епіскапатам.

3 пункту гледжання значнай часткі праваслаўнай ерархіі Рэчы Паспалітай унія з Рымам стала ў 90-я г. ХVI ст. непазбежнай. На думку даследчыка, тэарэтычна ёй маглі быць проціпастаўлены дзве альтэрнатывы: 1) змена ўнутранага ладу Рэчы Паспалітай з ураўнаваннем праваслаўных (ужо тады пераважна сялян і гараджан) у правах з каталікамі; 2) падпарадкаванне ўладзе праваслаўнага манарха (у разлік, відавочна, уваходзіў толькі маскоўскі цар). Зразумела, у рэчаіснасці ўвасабленне гэтых альтэрнатыў у тых умовах было немагчымым.

Анджэй Гіль аспрэчвае тэзу сучасных расійскіх гісторыкаў (у прыватнасці, А. Турылава і Б. Флоры) аб тым, што рэформа рускага праваслаўя ў Рэчы Паспалітай у канцы ХVI ст. была магчымай з апорай на ўнутраны патэнцыял самой царквы, без звароту да Рыма; а значыць, рашэнне часткі ерархаў аб уніі было не толькі непатрэбным, але і шкодным па сваіх выніках і для праваслаўнай, і для уніяцкай царквы. Паводле расійскіх гісторыкаў, заангажаванасць на баку уніятаў дзяржавы (у асобе караля Жыгімонта ІІІ і часткі палітычнай эліты) і касцёла (папства, часткі лацінскай ерархіі Рэчы Паспалітай) не ўзмацніла уніяцкай царквы, а наадварот аслабіла і негатыўна паўплывала на яе развіццё. Праваслаўе ж, пазбаўленае пратэкцыі гэтых самых сіл, змагло ажыццявіць у часы Пятра Магілы глыбокую рэформу і напярэдадні Хмяльніччыны выступіла больш скансалідаваным. Так, згаджаецца А. Гіль, як ні парадаксальна, думка аб рэформе, якая выношвалася ў праваслаўных асяродках у канцы ХVI ст., была сапраўды рэалізавана П. Магілам у 30-40-я г. ХVII ст. Але расійскія даследчыкі, лічыць аўтар, ігнаруюць тое, што гістарычныя сітуацыі, аддзеленыя паміж сабой некалькімі дзесяцігоддзямі, непараўнальныя.

На думку А. Гіля, у новых гістарычных умовах уніяцкая ідэя магла з’явіцца ў Холмскай епархіі ў 60-я г. ХVІ ст. Падпісанне холмскім епіскапам Дыянісіем Збіруйскім 8 кастрычніка 1596 г. на Берасцейскім царкоўным саборы акта уніі з’явілася афіцыйным пачаткам існавання Холмскай уніяцкай епархіі, а сам Збіруйскі стаў тут першым уніяцкім уладыкам.

Берасцейская унія, хоць яе творцы і апелявалі да галоўных пастаноў Фларэнційскай уніі 1439 г., істотна адрознівалася ад усіх папярэдніх спробаў царкоўнага аб’яднання, сцвярджае А. Гіль. Калі рэалізацыя паразумення Рыма і Візантыі 1439 г. магла прывесці да ўтварэння ў Польшчы i ВКЛ двух раўнапраўных хрысціянскіх веравызнанняў, то Берасцейская унія была актам роспачы праваслаўных уладык перад нарастаннем неспрыяльных фактараў як у самой царкве, так і вакол яе. Берасцейскую унію, на думку гісторыка, нельга трактаваць як паразуменне двух раўнапраўных бакоў. Бадай, ніхто тады не меў ілюзіі, які бок у тым выпадку быў слабейшым.

Сапраўды, бачанне уніі Рымам было іншае, чым мясцовай праваслаўнай царквой. Папства трактавала унію не як пагадненне роўных, а як простае далучэнне, інкарпарацыю, паглынанне праваслаўнай царквы. Аднак варта мець на ўвазе, што унія ўсё ж не была капітуляцыяй праваслаўных перад рэальнасцю. Епіскапат пайшоў на унію як роўны партнёр, пазбаўлены комплексу непаўнавартасці сваёй царквы перад рымскай. Ён заключыў яе з надзеяй вярнуць сваёй пагарджанай царкве даўнюю славу, абараніць яе аўтарытэтам папства, узмацніць прававы статус праваслаўнага насельніцтва і духавенства і ўберагчы „рускую” шляхту ад пераходу ў лацінства і ад апалячвання.

Даследчык звяртае ўвагу на тое, што акт Берасцейскай уніі, хоць і падпісаны холмскім епіскапам ад імя ўсіх вернікаў, не меў юрыдычнай сілы, каб змусіць іх кінуць праваслаўе. Такім чынам, з заключэннем уніі праваслаўе ў Холмскай enapxii не знікла. На думку аўтара, вернікі епархіі спачатку ў поўнай меры не ўсведамлялі значэння і наступстваў унійнага акта. Гісторык вылучае тры сацыяльныя групы вернікаў паводле іх уплыву на лёс уніяцкай царквы. Шляхта ўплывала на ход падзей, выказваючы свае настроі на соймах і сойміках. Мяшчанства давала волю свайму незадавальненню праз хваляванні і сумятні. Сяляне маглі выказваць свае адносіны толькі ў выпадку сацыяльных выбухаў i адкрытых ваенных канфліктаў, што неаднаразова і мела месца ў ХVII ст. Пазнейшыя падзеі паказалі, што ў Холмскай епархіі галоўным абаронцам праваслаўя аказалася рускае мяшчанства, якое мела апору ў створаных ім брацтвах. Брацтвы, як адзначаецца ў манаграфіі, засталіся галоўнымі абаронцамі праваслаўя ў Кіеўскай мітраполіі.

Аўтар прыходзіць да высновы аб своеасаблівай раздвоенасці Холмскай епархіі пасля 1596 г. Як і ў Кіеўскай мітраполіі ў цэлым, тут сталі дзейнічаць дзве царквы, кожная з якіх прэтэндавала на прадстаўніцтва ўсіх вернікаў. Прававое становішча і новапаўсталай уніяцкай, і праваслаўнай царквы, дзейнасць якой была гарантавана ў ХVI ст. шматлікімі агульнадзяржаўнымі і мясцовымі прывілеямі і якая працягвала існаваць, заставалася неакрэсленым. Ад 1596 г. да 60-70-х г. ХVII ст. Холм быў сталіцай дзвюх епархій, праваслаўнай і уніяцкай, кожная з іх, паводле ўласнай трактоўкі права, лічыла сябе адзіна законнай, якая ў поўнай меры наследуе усе юрыдычныя акты да 1596 г.

Галоўным месцам веравызнаўчых, пераважна праваслаўна-уніяцкіх, спрэчак у першыя пасляберасцейскія гады быў сойм Рэчы Паспалітай. Немагчымасць дасягнення бакамi кампрамісу даследчык тлумачыць тагачаснай палітычнай сітуацыяй, атмасферай падазрэнняў і ўзаемных абвінавачванняў.

У рэцэнзаванай працы слушна заўважана, што ў адрозненне ад Вялікага Княства Літоўскага, дзе на карысць уніі дзейнічала актыўная група магнатэрыі (троцкі, з 1604 г. менскі ваявода Мікалай Крыштаф Радзівіл Сіротка; канцлер ВКЛ Леў Сапега; наваградскі ваявода Фёдар Скумін-Тышкевіч), на рускіх землях Кароны не было значнай падтрымкі ад гэтага асяроддзя для уніяцкай царквы. Такая асаблівасць, паводле меркавання А. Гіля, магла быць звязана са значным уплывам на тэрыторыі Ўкраіны князя Канстанціна Васіля Астрожскага. Не трэба забывацца і пра тое, што тры каронныя епархіі не прынялі уніі — Пярэмышльская, Львоўская і Луцкая. Наўрад ці холмскі епіскап Д. Збіруйскі ўсведамляў значнасць і магчымыя наступствы ўзнятай ім на Берасцейскім саборы справы. А. Гіль лічыць, што большасць падпарадкаванага яму духавенства і вернікаў пасля 1596 г. засталася пры праваслаўі або прыняла унію фармальна. У першы час існавання уніі холмская шляхта на сойміках і соймах актыўна стаяла на баку праваслаўя.

Далей перад чытачом кнігі разгортваецца галерэя постацяў холмскіх уніяцкіх епіскапаў, даюцца яскравыя, трапныя характарыстыкі дзейнасці кожнага з іх на карысць уніі.

Наступнікам Д.Збіруйскага стаў прадстаўнік вельмі вядомага і старажытнага мясцовага роду Арсеній Андрэеўскі (1604—1619). Пры ім у епархіі колькасна пераважалі прыхільнікі праваслаўя. Аднак смерць князя К. Астрожскага ў 1608 г. моцна аслабіла праваслаўны лагер, адмоўна паўплывала на магчымасць будучага паразумення рассвараных бакоў. 3 таго часу многія асобы і асяродкі выступалі ад імя праваслаўя і ў яго абарону, але, па-першае, ніхто з іх не меў такога аўтарытэту, як памерлы князь, па-другое, у іх не было адзінай пазіцыі і, па-трэцяе, актыўнасць праяўлялі найперш тыя асобы, якія негатыўна ставіліся да кампрамісу.

Звяртае на сябе ўвагу цікавы феномен (на жаль, не патлумачаны аўтарам): на пасаду кіраўніка Холмскай уніяцкай епархіі нярэдка прызначаліся высокаадукаваныя духоўныя асобы з Беларусі і Літвы. Так, базыльянін Афанасій Пакоста, тэолаг і юрыст, перайшоў на холмскую кафедру з пасады ігумена манастыра ў Менску. У манаграфіі добра паказана яго роля ва ўмацаванні уніі на Холмшчыне. Аднак у час яго епіскапскага служэння (1619-1625) новага абаронцу ў асобе ўкраінскага казацтва займела і праваслаўная царква. Узмацненне ролі казацтва ў дзяржаве абумовіла новы расклад сілаў на веравызнаўчым полі.

У 1620 г. абвастрылася праблема прававога статуса праваслаўя і уніі ў дзяржаве. Нельга было ігнараваць патрэбаў праваслаўных. Але даводзілася лічыцца і з фактам існавання цягам чвэрці стагоддзя грэка-каталіцкай царквы. Зноў абвастрыліся соймавыя спрэчкі, ажывілася рэлігійная палеміка. У той сітуацыі да палітычнай эліты стала прыходзіць разуменне неабходнасці легалізаваць адноўленую праваслаўную ерархію. Раздаваліся нават галасы аб магчымай ліквідацыі уніяцкай царквы на той падставе, што яна не выканала свайго прызначэння.

Паваротным пунктам канфлікту, як паказвае даследаванне, стала забойства ў 1623 г. полацкага уніяцкага архіепіскапа Язафата Кунцэвіча. Праўда, манаграфія не дае пераканаўчага тлумачэння сувязі паміж гэтым гвалтоўным актам і зменай адносінаў шляхты да уніі. У прыватнасці, радыкальныя метамарфозы поглядаў Мялеція Сматрыцкага (ён памылкова названы епіскапам Плоцка) падаюцца як вынік падзей 1623 г., а не як самадастатковая праява трансфармацыі грамадскіх настрояў адносна уніі.

Наступным холмскім уніяцкім епіскапам быў Фёдар Мялешка (1625-1626), які паходзіў са Слонімскага павета. Яго пераемнік Мяфодзій Тарлецкі (1630-1649) характарызуецца як адзін з найлепшых пастыраў у гісторыі Холмскай епархіі – чалавек усебакова адукаваны, які ведаў тагачасную Еўропу і быў глыбока заангажаваны ў справе уніі. Яго кіраванне епархіяй прыпала на няпросты час у царкоўна-рэлігійным жыцці краіны. Усім было відавочна, што да канца панавання Жыгімонта ІІІ пытанне аб месцы праваслаўя і уніі ў Рэчы Паспалітай не будзе вырашана. Надзеі на гэта звязвалі з сынам караля Ўладзіславам, які быў гатовы да рэлігійных кампрамісаў, бо разумеў пільную патрэбу пагасіць веравызнаўчыя спрэчкі ў сітуацыі, калі навісла знешняя пагроза з боку Масковіі і Турцыі. Дыплом, выдадзены Ўладзіславам IV у 1633 г. на каранацыйным сойме, а потым каралеўскі прывілей 1635 г. абумовілі ўраўнаванне ў правах праваслаўнай і уніяцкай цэркваў. Але пад час пастырства М. Тарлецкага, як паказвае аўтар, напружаныя адносіны склаліся ў Холмскай епархіі і паміж абедзвюма каталіцкімі супольнасцямі. Канфліктавалі, у прыватнасці, з-за дзесяціны, якую ксяндзы збіралі з уніяцкіх прыходаў.

А. Гіль уздымае праблему стаўлення казакоў Б. Хмяльніцкага да уніятаў у 40-50-я г. ХVII ст., якая абыдзена ўвагай папярэдняй гістарыяграфіі і замоўчваецца сучаснай украінскай навукай. У манаграфіі паказана, што Холмская епархія панесла ў 1648 г. значныя страты ў выніку пераследу з боку казакоў і мясцовых праваслаўных. Многія уніяты прынялі тады пакутніцкую смерць. Нельга не пагадзіцца з аўтарам, што замоўчванне масавай разні уніятаў Холмскай епархіі вядзе да стварэння фальшывага вобраза тагачаснай рэчаіснасці. Вялікімі былі і матэрыяльныя страты ад спусташэнняў і знішчэння святынь. Усё гэта абярнулася для епархіі крызісам. Высока ацэньваючы ролю М. Тарлецкага, аўтар адзначае, што без яго унія ў Холмскай епархіі не вытрымала б ні перыпетый дзяржаўнай палітыкі пачатку праўлення Ўладзіслава IV, ні тым больш падзей 1648 і наступных гадоў.

Потым на працягу чатырох месяцаў холмскім епіскапам быў нараджэнец Менска Афанасій Фурс, які стаў базыльянінам у Быценскім манастыры, атрымаў адукацыю ў Вільні, Аламоўцы і Рыме.

Яго наступнікам стаў доктар тэалогіі Якаў Суша (1649-1687), які таксама паходзіў з менскай мяшчанскай сям’і і вучыўся ў Быцені, Браневе і Аламоўцы. Даследчык заслужана называе Я. Сушу стаўпом уніі не толькі ў межах яго епархіі, але і ў маштабах усёй уніяцкай царквы Рэчы Паспалітай.

Пераяслаўская рада 1654 г. і вайна Расіі з Рэччу Паспалітай у 1654-1657 г. падзялілі Кіеўскую мітраполію на дзве часткі і абярнуліся, як паказана ў манаграфіі, новымі знішчэннямі для Холмскай епархіі, асабліва пад час пераходу праз яе тэрыторыю маскоўскіх і семіградскіх армій у другой палове 1650-х г. Праваслаўныя расіяне і пратэстанты-семіградзяне не шкадавалі мясцовых уніятаў. Сам епіскап у 1657 г. вымушаны быў ратавацца разам з цудатворным абразом уцёкамі з Холма. Я. Суша адыграў значную ролю ў тым, што ў 1659 г. сойм Рэчы Паспалітай ратыфікаваў Гадзяцкую дамову 1658 г. без артыкула аб ліквідацыі уніі, чаго дамагаліся казакі.

Паводле аўтарскіх назіранняў, нягледзячы на падзеі ў Маскве і Кіеве (прызначэнне царом Аляксеем паслухмянага яму Мяфодзія Філімонавіча на пасаду адміністратара Кіеўскай мітраполіі і адначасова — мсціслаўска-аршанскага епіскапа, што рабіла яго членам епіскапату Маскоўскага патрыярхату), пазіцыі праваслаўнай царквы ў Рэчы Паспалітай усё больш слабелі. Ва уніяцкіх епархіях пасля крызісу 1660-х г. пачынала адраджацца і дамінаваць унія. Але сутычкі з праваслаўнымі не спыняліся да канца знаходжання Я. Сушы на холмскай кафедры, хоць іх інтэнсіўнасць паступова спадала.

У 60-я г. ХVІІ ст. працягваліся канфлікты і паміж каталікамі абодвух абрадаў у сферы адукацыі і вакол пытання аб збіранні каталіцкімі плябанамі дзесяціны з уніятаў. Напружанымі былі пры Я. Сушу і ўзаемаадносіны паміж ерархамі абодвух абрадаў. Прычыну гэтага гісторык бачыць у нежаданні лацінскага боку прызнаць ва уніятах сапраўдных каталікоў — іх этнічная і канфесійная тоеснасць лічылася горшай.

Кіраванне ў Холмскай епархіі Я. Сушы даследчык лічыць ключавым этапам для яе выжывання. Былі створаны асновы існавання уніі ў той частцы рускай айкумены, якая да таго з’яўлялася месцам няспынных веравызнаўчых i нацыянальных спрэчак. Паводле А. Гіля, праваслаўе на тэрыторыі гэтай епархіі трымалася яшчэ каля 20 гадоў, але вельмі хутка перастала адыгрываць істотную ролю, аж да яго поўнага заняпаду ў пачатку ХVIII ст. Працэс адыходу праваслаўных ад веры продкаў паволі падыходзіў да канца. Яго апошняй кропкай стала прыняцце уніі тымі епархіямі, якія да таго часу заставаліся ў праваслаўі.

Перыяд ад 1686 да 1720 г. вызначаецца аўтарам як этап зацвярджэння уніі ў Холмскай епархіі. На чале яе ў гэты час стаялі доктар тэалогіі Аўгустын Ладзята (1687-1691) — шляхціч родам са Слонімскага павета; доктар тэалогіі Ян Малахоўскі (1691-1693), нашчадак шляхецкага роду з Мсціслаўскага ваяводства; Гедэон Аранскі (1693 г., пасвячэнне адбылося ў Супраслі — 1709) — відаць, нараджэнец Троцкага павета; а таксама Іосіф Лявіцкі (1709-1717), які паходзіў з холмскай шляхты.

Пры Г. Аранскім епархія дасягнула веравызнаўчага адзінства. Апошняя арганізаваная праваслаўная структура — царкоўнае брацтва ў Замосці — звярнулася ў 1690 г. да уніяцкага мітрапаліта з просьбай прыняць яго да уніі. Амаль закончыліся перманентныя праваслаўна-уніяцкія спрэчкі, і ад таго часу аж да падзелаў Рэчы Паспалітай уніяцкая вера стала адзіным вызнаннем рускіх жыхароў каронных зямель Рэчы Паспалітай. Праваслаўе ў Холмскай епархіі цалкам знікла, пакінуўшы унію адзіным носьбітам візантыйска-рускай традыцыі ў каронных землях Рэчы Паспалітай.

Мяжа ХVII-XVIII cт. і Замойскі сабор 1720 г. сталі, паводле А. Гіля, пачаткам новай эпохі ў гісторыі Холмскай епархіі. Уніяцкая царква, пазбавіўшыся свайго галоўнага апанента ў асобе праваслаўя, уступіла ў паўвекавы перыяд спакою і веравызнаўчай дамінацыі абодвух каталіцкіх абрадаў (1720-1772). Аднак гэта зусім не азначала, што праваслаўныя ў Рэчы Паспалітай былі выключаны з традыцыйных прававых рамак. Сцвярджэнне пра асаблівы пераслед праваслаўных у Рэчы Паспалітай у ХVIII ст., характэрнае для расійскай гістарыяграфіі і яе сучасных спадкаемцаў, у святле новых даследаванняў А. Гіль лічыць выключна прадузятым і штучна перабольшаным. Разам з тым аўтар прызнае рост у ХVIII ст. рэлігійнага фанатызму шляхты і адыход ад ранейшай рэлігійнай талерантнасці. Больш за тое, як падкрэсліваецца ў манаграфіі, адбылося вельмі небяспечнае для будучыні дзяржавы спалучэнне імкнення да ўраўнавання ў правах з каталікамі пратэстантаў і праваслаўных, з аднаго боку, і пратэкцыі, якую ім аказвалі Прусія і Расія, з другога. Гэта мела сваім вынікам нарастанне „антыдысідэнцкіх” настрояў шляхты і яе непрыязнасць да ўсяго таго, што не было згодным з рымска-каталіцкай традыцыяй.

У гэтай сітуацыі, як гаворыцца ў манаграфіі, захаванне уніяцкай царквой сваёй усходняй, візантыйска-рускай, традыцыi ставіла яе ў становішча вызнання не толькі другараднага дактрынальна, але і патэнцыяльна падвержанага адраджэнню праваслаўных тэндэнцый, з якімі тады звязвалі расійскія палітычныя і рэлігійныя ўплывы. З гэтага пункту гледжання уніяцкая царква ў тагачасным выглядзе была вызнаннем, якое ў будучым магло ўявіць пагрозу рымска-каталіцкаму характару дзяржавы. Такім чынам, усходняя традыцыя станавілася для уніяцкай царквы баластам, які трэба было або адкінуць, або дапасаваць да лацінскага ўзору. Тым больш што доўгае суіснаванне абодвух абрадаў выклікала натуральны працэс адаптацыі некаторых формаў i звычаяў, звязаных з рознымі сферамі рэлігійнасці: літургіі, тэрміналогіі і мастацтва. Востра наспела і патрэба дактрынальнага ўмацавання уніяцкай царквы ў каталіцкай супольнасці касцёла.

Наспелыя пытанні вырашыў Замойскі сабор 1720 г., што праходзіў на тэрыторыі Холмскай епархіі. Гэты сабор, у якім удзельнічала каля 150 прадстаўнікоў духавенства Кіеўскай уніяцкай мітраполіі, аўтар лічыць адной з найважнейшых падзей у гісторыі епархіі. Ён даў уніяцкай царкве пэўныя магчымасці далейшага развіцця. Пасля Замойскага сабору на працягу паўстагоддзя адбывалася паспяховае развіццё і стабілізацыя уніі ў Холмскай епархіі. У гэтым вялікая заслуга епіскапаў Іосіфа Лявіцкага (1711-1730), які імкнуўся ўвасобіць саборныя рашэнні ў жыццё; выхадца з Менскай зямлі Феліцыяна Валадковіча (1730-1756), а таксама Максімільяна Рылы (1756-1784), які паходзіў з Літвы і быў адным з найвыдатнейшых уніяцкіх ерархаў ХVIII ст. Самай важнай падзеяй у гісторыі епархіі другой паловы ХVIII ст. была каранацыя ў 1765 г. іконы Маці Божай Холмскай.

Крызіс Рэчы Паспалітай у другой палове ХVIII ст., завершаны яе знікненнем з палітычнай карты Еўропы, негатыўна адбіўся на лёсе уніяцкай царквы. Працэс нармальнага развіцця Холмскай епархіі, як паказана ў манаграфіі, быў груба перапынены падзеламі Рэчы Паспалітай, у выніку якіх шматвяковыя традыцыі, што сягалі да пачаткаў хрысціянства на Холмшчыне, паволі адыходзілі ў нябыт. Праўда, на працягу 1772-1795 г. рабіліся неаднаразовыя спробы захавання ранейшай мадэлі функцыянавання, але епархія няўхільна страчвала часткі сваёй тэрыторыі пад новымі дзяржаўнымі кардонамі. Нарасталі іншыя небяспечныя з’явы, сярод якіх — пераход уніятаў на лацінскі абрад. Епархіяльныя ўлады былі бездапаможныя перад такімі пераходамі.

У кнізе характарызуецца дзейнасць пераемніка М. Рылы на пасадзе холмскага епіскапа, нараджэнца Слоніма Фядосія Растоцкага (1784-1790), былога протаігумена Літоўскай правінцыі базыльян. Менавіта яго пастырства прыпала на пераломны для Рэчы Паспалітай перыяд. Згадваецца, што Вялікі сойм 1788-1792 г., акрамя іншага, разгледзеў пытанне аб няроўнасці абодвух каталіцкіх абрадаў і ў 1790 г., амаль праз 200 гадоў пасля заключэння Берасцейскай царкоўнай уніі 1596 г., урэшце рэалізаваў адзін з яе артыкулаў — аб дапушчэнні уніяцкага мітрапаліта ў сенат. Адначасова, як сведчыць аўтар, на тым сойме была ажыццёўлена спроба вывесці „польска-літоўскае” праваслаўе з-пад расійскіх уплываў шляхам падпарадкавання яго канстанцінопальскаму патрыярху. Вяліся перамовы з патрыярхам Неафітам VII, і той выдаў пастырскі ліст, у якім, між іншым, забараняў праваслаўным прысягаць на вернасць чужым дзяржавам і наказваў захоўваць адданасць Рэчы Паспалітай. Пытанне аб вышэйшай юрысдыкцыі над уніяцкай царквой Рэчы Паспалітай абмяркоўвалася і на Пінскай кангрэгацыі 1791 г. Але фінал дзяржавы зрабіў тыя пастановы неактуальнымі. У канцы ХУІІІ – пачатку ХІХ ст. уніяцкай царкве даводзілася прыстасоўвацца да новых дзяржаўных арганізмаў: Расіі і Аўстрыі.

У манаграфіі адлюстравана дыяметральная змена становішча уніяцкай царквы пад уладай Расійскай імперыі — унія там стала вызнаннем, толькі часова талераваным. Шматвяковыя негатыўныя адносіны расійскай дзяржавы і падуладнай ёй праваслаўнай царквы да уніяцтва вызначылі далейшы лёс апошняга. Згодна з іх дактрынай, для уніяцкай царквы не магло быць месца ў імперыі Раманавых. Першая спроба ліквідацыі уніі на тэрыторыі, якая пасля трэцяга падзелу апынулася ў межах Расіі, была ажыццёўлена ў 1795 г.

Іншым было становішча уніяцкай царквы ў Аўстрыі, якая прызнавала роўнасць усіх веравызнанняў пры ўмове іх поўнага падпарадкавання дзяржаўнай уладзе. Спрыяльныя ўмовы Галіцыі абумовілі нават з’яўленне сярод яе уніяцкіх ерархаў задумы аднаўлення Галіцкай мітраполіі. Пры падтрымцы аўстрыйцаў мітраполія была створана ў 1806 г., зацверджана папам рымскім Піем VII у 1807 г. і абвешчана ў 1808 г.

3 1810 г., як сцвярджае аўтар, пачынаецца новая эпоха ў гісторыі епархіі, якая патрабуе асобнага вывучэння. Са стварэннем у ходзе напалеонаўскіх войнаў Варшаўскага герцагства (1807 г.) частка Холмскай епархіі апынулася ў яго складзе. Епіскапу было дадзена месца ў сенаце. Здавалася, епархія атрымала спрыяльныя ўмовы для існавання ў атмасферы прыхільнасці дзяржаўнай улады і добрай міжнароднай сітуацыі. Але рэчаіснасць аказалася іншай. Пасля паражэння Напалеона расійскія войскі ўступілі ў Варшаўскае герцагства, а ў пачатку 1813 г. зноў увайшлі ў Холм.

У заключэнні кнігі аўтар дае накід далейшай гісторыі Холмскай уніяцкай епархіі да яе ліквідацыі ў 1874-1875 г.

Прысвечанае гісторыі толькі адной епархіі Кіеўскай уніяцкай мітраполіі, даследаванне А. Гіля, тым не менш, мае вялікае значэнне для разумення царкоўна-рэлігійных, духоўна-культурных і грамадска-палітычных працэсаў канца ХVI – пачатку ХІХ ст. на Ўкраіне і Беларусі ў цэлым. На прыкладзе Холмскай епархіі добра прасочваюцца змены канфесійнай структуры Рэчы Паспалітай, узаемаадносіны паміж уніяцтвам, рыма-каталіцтвам і праваслаўем. Акрамя асноўнага тэксту манаграфіі, вялікую інфармацыйную нагрузку нясуць пастаронкавыя заўвагі, змест якіх пераконвае ў грунтоўнасці даследавання, праведзенага польскім вучоным. Несумненную цікавасць уяўляюць карты ў дадатку да манаграфіі, якія ілюструюць працэс паступовага, маруднага і няўхільнага распаўсюджання уніі ў Холмскай епархіі. Затое тэрміналогія выклікае некаторыя нараканні. Напрыклад, неправамерна ўжываць тэрмін „Літва” ў дачыненні да ўсяго Вялікага Княства Літоўскага, як і азначэнне „рускія жыхары” каронных зямель Рэчы Паспалітай. А тэрмін „польска-літоўскае праваслаўе” (121) наогул выглядае недарэчнасцю.

Варта адзначыць, што рэцэнзаваная манаграфія пазбаўлена тых клішэ і палемічнага тону, якімі і сёння грашаць многія аўтары, што пішуць пра падзеі царкоўна-рэлігійнага жыцця. Гэта ўдумлівая, сур’ёзная, грунтоўная праца, заснаваная на глыбокім асэнсаванні крыніц і гістарыяграфічнай традыцыі. У гэтым сэнсе яна можа быць узорам для даследчыкаў канфесійнай гісторыі Беларусі.

Манаграфія доктара Анджэя Гіля – з’ява ў гістарыяграфіі Берасцейскай царкоўнай уніі і уніяцкай царквы. Пры вышэйзгаданых навуковых вартасцях яна каштоўная яшчэ i тым, што прапаноўвае даследчыкам уніі новыя падыходы да яе вывучэння, а таксама акрэслівае значнае кола праблем, якія яшчэ чакаюць свайго даследчыка.

Горадня

Святлана Марозава


[1] Gil A. Prawoslawna eparchia Chelmska do 1596 roku. Lublin — Chelm, 1999. — 260 s.

Наверх

Litwa w epoce Wazów. Praca zbiorowa pod red. W. Kriegseisena i A. Rachuby (Марцэлі Косман)

Снежня 9, 2006 |

Litwa w epoce Wazów. Praca zbiorowa pod red. WOJCIECHA KRIEGSEISENA i ANDRZEJA RACHUBY. Warszawa: Wydawnictwo Neriton -Instytut Historii PAN, 2006. – 440 s.

Рэдка здараецца, каб памятныя кнігі былі ледзь не цалкам монатэматычнымі, дзякуючы чаму маглі мець такі дакладны загаловак, як гэтая, прысвечаная 70-годдзю Генрыка Віснэра. Бо нават хуткі позірк на даробак юбіляра (9-29) сведчыць: вандруючы мала не сорак гадоў па розных закут­ках гісторыі, ён ад самога пачатку засяродзіўся на Вялікім Княстве Літоўскім часоў Жыгімонта III i яго абодвух наступнікаў. Змяшчаючы свае навуковыя (разам з гэтак зва­ным! папулярнымі) тэксты на старонках найбольш аўтарытэтных польскіх часопісаў (пачэснае месца сярод такіх перыёдыкаў, як Czasopismo Prawno-Historyczne, Przegląd Historyczny, Kwartalnik Historyczny, Nowe Książki i Mówią Wieki, 3 1969 г. займаюць Zapiski Historyczne), Віснэр з ча­сам зрабіўся сталым госцем яшчэ i літоўскамоўных выданняў у Вільні. Больш за тое, адна з яго кніжак выйшла адначасова ў абедзвюх сталіцах у дакладным перакладзе — пры тым, што датычыла такой неадназначнай у ацэнцы над Віслай i над Вяллёй постаці, як Януш Радзівіл (для адных ён здраднік, для іншых — нацыянальны герой). Гэты факт выразна сведчыць, што адыход ад аднабаковых, скрайніх ацэнак стаў магчымы шмат у чым дзякуючы аўтару „Рэчы Паспалітай Вазаў” (Rzeczypospolita Wazów, часткі I i II/

Папярэдняе ўдакладненне „ледзь не цалкам…” пацвярджаецца тым, што з 27 тэкстаў хіба адзін (пра Яна Ахацыя Кміту) сягае за межы гістарычнай Літвы. Яшчэ адзін артыкул адкідвае нас на два стагоддзі, застаючыся, тым не менш, у Вялікім Княстве („Замах Вітаўта ў 1389 годзе”). Варта падкрэсліць, што ажио 11 аўтараў прадстаўляюць замежжа: найбольш з Вільні (7), таксама з Мінска (2), Масквы i Бэрклі. Астатнія ўтвараюць выбраны калектыў суайчыннікаў — але ж наколькі шматлікі ў параўнанні з часамі, калі Віснэр пачынаў свае даследаванні! Усіх яднае вернасць тэматыцы знака Пагоні i эпосе нашчадкаў Ягайлавай дынастыі. Экзатычнай тэмай вылучаецца нарыс, прысвечаны спробе наладзіць польска-мараканскія стасункі ў часы панавання Ўладзіслава IV (аўтар — Анджэй Дзюбіньскі, знаўца тагачаснай гісторыі гэтага няспраўджанага партнё­ра Рэчы Паспалітай).

Запрошаныя да ўдзелу аўтары ўздымаюць перадусім тэмы дзяржаўнага ладу (парламентаризму, судаводства), войска, веравызнанняў i культуры. Мяжуе з эканомікай даследаванне пра месца падымнага ў прыбытках літоўскага земскага скарбу пры апошнім Вазу на польскім троне (Антанас Тыла). Унёскам у сфрагістыку ёсць развагі Эдмундаса Рымшы пра літоўскія пячаткі Жыгімонта III. Даследніца мовы Літоўскіх Сгатутаў М. Т. Лізісова параўноўвае выбраныя паняцці ў Кароне i Вялікім Княстве. Некалькі аўтараў уздымаюць біяграфічныя тэмы. Багуслаў Дыбась, паслядоўны даследнік земляў Інфлянтаў, аналізуе гістарычную ролю славутых Біронаў i Кетлераў, а таксама спраўджвае погляды на кар’еру меней вядомых Майдэлаў (Maydellów) з Пілтынскага павету, абвяргаючы меркаванне пра ix дынастычныя памкненні.

Ян Серэдыка, у працяг колішніх даследаванняў складаных лёсаў удзельнікаў шлюбнага трохкутніка „князёўна — бедны шляхціч — вялікі маршалак літоўскі” (сціпласць i нежаданне аўтара ўдзельнічаць у палітычных інтрыгах не дазволілі яму апублікаваць захапляльную, з крымінальнымі матывамі, кнігу ў 1990 г., калі цёзка Сганіслава Тыміньскага дамагаўся польскага прэзідэнцтва), звяртаецца да мілітарыяў Крыштафа Манівіда Дарагастайскага. Трэба адзначыць, аўтар „Гіпікі” зазнае ў цяперашняй Беларусі рэнесанс папулярнасці. Яго даследнікі трапляюць на захапляльную для навукоўца тэрыторыю веравызнанняў i лёсаў пратэстанцкіх лідэраў. Вядучая даследніца кальвінізму Інге Лукшайтэ пашырае веды пра гетмана Януша Радзівіла (героя манаграфіі юбіляра), аналізуючы змест яго прыватнага кнігазбору. Некаторыя звесткі з гісторыі пратэстантызму будуць карысныя для новых даследнікаў гісторыі веравызнанняўВялікага Княства (сярод іншага — пра прымусовы ўдзел у касцельным жыцці ва ўмовах, здавалася б, неаспрэчвальнай свабоды).

Тэматыка парламентарызму ўзбагацілася двума тэкстамі, храналагічна звязанымі з увядзеннем у жыццё польска-літоўскай уніі перад сконам Жыгімонта Аўгуста, дзядзькі першага Вазы на вавельскім троне. Андрэй Радаман на матэрыяле ўхвалы наваградскага сойміка 1568 г. разглядае фінансаванне літоўскіх паслоў на вальны сойм (у дадатку змешчаны ліст Жыгімонта Аўгуста, датаваны пачаткам наступнага года — да ваяводы Паўла i маршалка Мікалая Сапегаў, наконт падаткаў на дыеты паслоў, выпраўляных у Люблін). Пра праект прызначэння паслоў соймікамі ВКЛ перад варшаўскім соймам 1572 г., скліканым яшчэ пры жыцці апошняга Ягелона, піша Генрык Люлевіч. Нагодай для артыкула стала знойдзеная ў AGAD цыдула пад назвай „Спіс паслоў на сойм” (напісана па-польску, змешчана ў дадатку), а таксама актуальная патрэба прааналізаваць вядомыя па ранейшых выданнях рэляцыі сенатараў Троцкага ваяводства i інструкцыі паслам з Гарадзенскага павету. Дасведчаны даследнік тых часоў завяршае свае развагі поглядам з адлегласці (але добра вывераным па крыніцах) на аліту „палітычнай нацыі” Вялікага Княства, асабліва на маладых прадстаўнікоў старых родаў — будучых сенатараў, памесных i павятовых саноўнікаў. Гэта было першае кола кандыдатаў у парламент, другое складала багатая шляхта, трэцяе — магнацкая кліентура. Даследаванне Люлевіча — значны ўнёсак у вывучэнне палітычнай культуры другой паловы XVI ст.

Асобным корпусам паўстаюць тэксты, прысвечаныя Вільні часоў Вазаў i маскоўскага наезду 1655 г. Храналагічна яго апярэджваюць тэксты пра шчаслівыя для горада часы (калі з канца XIV ст. туды не ступала нага непрыяцеля): „Выцясненне праваслаўных мяшчан з віленскай гарадской рады ў 1621 г.” Томаша Кэмпы (Wyrugowanie prawosławnych mieszczan z rady miejskiej Wilna w 1621 roku) i „Вільня ў часы першых Вазаў” Зігмантаса Кяўпы (Wilno w czasach pierwszych Wazów). Першая тэма здаўна цікавіць шматлікіх гісторыкаў; увагі не пазбаўлены i эканамічны аспект суперніцтва двух хрысціянскіх вызнанняў — хоць ён не адзіны, з улікам падзелу русінаў на уніятаў i дызунітаў (першыя ўспрымалі другіх як „сваіх” адступнікаў, падобна як каталікі — пратэстантаў). У час напісання гэтых словаў у навуковы ўжытак уваходзіць перавыданне (а насамрэч — першае выданне, паколькі ўвосень 1939 г. была ўратавана мізэрная частка карэктуры) апрацаваных Генрыкам i Марыяй Лаўмяньскімі „Актаў віленскіх цэхаў”. Невялікую манаграфію ўяўляе з сябе тэкст 3. Кяўпы, асабліва каштоўны для зацікаўленых тапаграфіяй i забудовай сталіцы Вялікага Княства пасля вялікага пажару ў 1610 г., калі яна паспяхова выконвала сталічныя функцыі.

У штудыях пра штодзённае жыццё „горада Гедыміна” ў гады маскоўскай акупацыі (1655-1661) Эльмантас Мэйлус на грунтоўнай базе крыніц разглядае, аспрэчваючы не адзін міф, агульнапрынятыя стагоддзямі меркаванні. Падобнага ж кшталту развагі Анджэя Б. Закшэўскага, пашыраныя на ўсё Вялікае Княства пад акупацыяй войскаў Аляксея Міхайлавіча. Аўтар спыняецца на стаўленні шляхты да новай улады i сканчае заўсёды актуальнай высновай: „…шмат каму вернасць законнаму манарху гарантавала, насамрэч, павагу братоў, але ў няволі падрывала здароўе i толькі раз-по-раз давала матэрыяльную ўзнагароду. Тыя ж, хто па-майстэрску ўгадваў момант для здрады, а пасля — пакаяння, мелі шанцы на больш выгаднае сальда: захаваныя маёнткі і лепшае самаадчуванне. Калі не ўлічваць часовай плямы на гонары. У чарговы раз спраўдзіўся прынцып wielcy złodzieje maіe wiesza— вялікіх злачынцаў менш караюць. А вядомы працай пра згаданую вайну мінскі гісторык Г. Сагановіч змяшчае на старонках кнігі паведамленне пра Паўночную Беларусь у апісанні Паўля Одэрборна 1581 г.

Litwa w epoce Wazów” — выдатны падарунак не толькі юбіляру, але i сённяшнім нашчадкам гістарычнай Літвы, або Вялікага Княства.

Познань

Марцэлі Косман

Галоўная » Запісы па тэме 'Рэч Паспалітая'