Новы нумар

Галоўная » Запісы па тэме 'Ваенная гісторыя'

Артыкулы па тэме ‘Ваенная гісторыя’

Wojny północne w XVI-XVIII wieku. Torun 2007 (Генадзь Прыбытка)

Снежня 8, 2008 |

Wojny północne w XVI-XVIII wieku / Redakcja: BOGUSŁAW DYBAŚ. Współpraca: ANNA ZIEMLEWSKA. Toruń: Towarzystwo naukowe w Toruniu, 2007. —306 s.

Сярод мноства праблем беларускай гістарыяграфіі, якія яшчэ чакаюць свайго даследчыка, вывучэнне паўночных войнаў XVI-XVIII ст. займае асаблівае месца. І гэта нядзіўна: у той перыяд яны былі найістотнейшым чыннікам існавання Вялікага Княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай у цэлым і

зрабілі велізарны ўплыў на палітычнае, эканамічнае і культурнае жыццё федэратыўнае дзяржавы. Больш за тое, гэтыя войны ў вялікай ступені спрычыніліся да кшталтавання палітычнае сістэмы дзяржаваў Усходняе Еўропы. Калі барацьба за „dominium Maris Baltici” ўрэшце прывяла Швецыю да страты дамінавання на поўначы кантынента, то яна ж сталася падставаю да імклівага росту ўплыву Расіі і Прусіі, а таксама да заняпаду Рэчы Паспалітай.

Прадстаўнічая міжнародная канферэнцыя „Wojny północne w XVI-XVIII wieku. W czterechsotlecie bitwy pod Kircholmem” (Торунь, 27-29 верасня 2005 г.), прымеркаваная да чатырохсотгоддзя бітвы пад Кірхгольмам, стала істотнай з’явай навуковага жыцця не толькі Польшчы, але і цэлага шэрагу дзяржаваў Цэнтральна-Ўсходняе Еўропы, у тым ліку, безумоўна, і Беларусі. Разгляданае выданне змяшчае матэрыялы канферэнцыі, якія лагічна падзяляюцца на некалькі раздзелаў.

Першы, натуральна, складаюць паведамленні, што тычацца непасрэдна бітвы пад Кірхгольмам. Нягледзячы на тое, што ход гэтай бітвы параўнальна няблага вывучаны, некаторыя яе аспекты выклікаюць пытанні. На праблемах у вывучэнні кірхгольмскіх падзеяў засяроджваецца Генрык Віснер. У дакладах Дарыуса Антанявічуса і Марыюша Савіцкага прадстаўлены дадатковыя крыніцы па вывучэнні гісторыі бітвы. І заканчвае раздзел паведамленне Крысціяна Гернера, прысвечанае гістарычнай памяці цяперашняга насельніцтва тых мясцінаў сучаснае Латвіі пра кірхгольмскі бой. На жаль, паводле сведчання аўтара, узровень гэтае памяці дастаткова нізкі.

Другі раздзел прысвечаны праблемам Інфлянтаў. Алег Дзярновіч даследуе месца, якое адводзілася гэтым землям у свядомасці жыхароў Вялікага Княства Літоўскага ў другой палове XVI-XVII ст. У сваю чаргу, пытанні адносінаў Рыгі да федэратыўнае дзяржавы на мяжы XVI і XVII ст. разглядае Ганна Жэмлеўска. Марыюш Бальцэрэк прысвяціў свой матэрыял захопу шведамі Рыгі ў 1621 г., інтэрпрэтуючы гэтую падзею як своеасаблівы рэванш за паразу пад Кірхгольмам. У гэтым жа раздзеле змешчаны артыкул Аркадыюша Чволэка, у якім уздымаецца пытанне ерархіі і вайсковай дысцыпліны сярод кіраўнікоў войска Вялікага Княства Літоўскага пад час ваенных дзеянняўу Інфлянтах у 1625-1629 г. Як вядома, вастрыня гэтай праблемы на працягу XVII і асабліва ў XVIIІ ст. толькі ўзрастала, што садзейнічала зніжэнню баяздольнасці велікакняскага войска і не ў малой ступені спрычынілася да заняпаду ваеннага патэнцыялу краіны.

Наступны раздзел тычыцца асобных аспектаў вайсковасці часу „патопу”. Марытэ Якаўлева разглядае арганізацыю ўзброеных сілаў Курляндыі, леннага княства Рэчы Паспалітай, вялікую ўвагу аддаючы спробам іх рэфармавання князем Якубам Кетлерам. Даследчыкаў магнацтва, несумненна, зацікавіць матэрыял Конрада Бабятыньскага пра вайсковую кар’еру ў Курляндыі і Інфлянтах Міхала Казіміра Паца, прадстаўніка самага ўплывовага на той час з магнацкіх родаў Вялікага Княства Літоўскага. Пытанням арганізацыі наёмных аддзелаў прысвечаны два наступныя тэксты гэтага раздзела. Міраслаў Нагельскі разглядае лёсы адзінак чужаземнага аўтраменту кароннай арміі ў самы трагічны для Рэчы Паспалітай перыяд „патопу” — другую палову 1655 г. Анджэй Рахуба ўздымае надзвычай цікавае пытанне: пераход шведскіх афіцэраў на службу арміі Вялікага Княства Літоўскага і наадварот — велікакняскіх афіцэраў да шведаў.

Чарговы раздзел прысвечаны Вялікай Паўночнай вайне пачатку XVIIІ ст. Вядома, па сваім значэнні і па ўплыве на далейшы лёс федэратыўнае дзяржавы гэта адзін з пераломных і найбольш трагічных перыядаў нашай гісторыі. Адпаведна, кола праблемаў, якія паўстаюць пры вывучэнні гэтай вайны, надзвычай шырокае. Таму было б наіўна чакаць, каб у разгляданым зборніку ахоп дадзеных праблемаў быў колькі-небудзь шырокі. Але аспекты, закранутыя ў прапанаваных артыкулах, вельмі важныя. Так, Томаш Цесельскі даследуе стан войска Вялікага Княства Літоўскага ў перыяд з 1698 да 1709 г. — найбольш важны і багаты на падзеі для краіны. Асаблівую вартасць артыкулу надае той факт, што дэталёвы і карпатлівы аналіз збройных сілаў праводзіцца на тле ўнутраных канфліктаў — фактычна, грамадзянскай вайны ў краі. Інфармацыю пра вайсковыя падзеі, што даходзіла да Рыгі, даследуе Маргарыта Баждэвіча. Гжэгаж Хаміцкі аналізуе дзейнасць брытанскіх рэзідэнтаў у Гданьску пад час Вялікай Паўночнай вайны. У акадэмічным артыкуле Яніса Арайса разглядаецца бітва паміж саксонскім і шведскім войскамі, што адбылася над Дзвіной 9 ліпеня 1701 г. У выніку гэтай бітвы армія Карла ХІІ перайшла мяжу Рэчы Паспалітай, што фактычна значыла ўступленне федэратыўнае дзяржавы ў вайну. Надзвычай цікавым падаецца апісанне вайсковых дзеянняў корпуса раўскага старасты Яна Грудзіньскага ў 1712 г., пададзенае Марэкам Вагнэрам. На шырокім фактычным матэрыяле тут разглядаецца гісторыя адной з найбольш эфектыўных кавалерыйскіх адзінак лагера Станіслава Ляшчынскага.

Наступны раздзел прысвечаны гаспадарчым і грамадскім наступствам паўночных войнаў. Генадзь Сагановіч пераканаўча даказвае, што нярэдка ўласныя войскі прыносілі шкоды мірнаму насельніцтву не менш за непрыяцельскія, і вызначае прычыны гэтай з’явы. У артыкулах Ядвігі Мушчыньскай і Тадэвуша Срогаша разглядаюцца эканамічныя наступствы паўночных войнаў XVII ст.: у першым — для ўсёй Рэчы Паспалітай, а ў другім — на матэрыяле Ленчыцкага і Серадскага ваяводстваў і Вялюньскай зямлі.

I нарэшце, апошні раздзел склалі тэксты, у якіх паўночныя войны разглядаюцца ў больш шырокім кантэксце. Міхал Звежыкоўскі прааналізаваў уплыў Вялікай Паўночнай вайны на палітычны лад і на ўпадак Рэчы Паспалітай. А Мацей Фарыцкі прапануе агляд поглядаў дзеячоў французскага Асветніцтва на ролю паўночных войнаў у гісторыі Еўропы. Апроч таго, у гэтым жа раздзеле размешчаны і матэрыялы, што тычацца прыватных аспектаў тэмы канферэнцыі. Свой погляд на гусарскія крылы падае Вітальд Глэнбовіч, развенчваючы шматлікія міфы, што склаліся вакол гэтай часткі вайсковага рыштунку. На заканчэнне Аляксандр Смаліньскі разглядае эвалюцыю інстытута шэфства ў гісторыі войска і прэзентуе Яна Караля Хадкевіча як тытулярнага шэфа 26-га палка ўланаў ІІ Рэчы Паспалітай.

Такім чынам, зборнік уводзіць у навуковы зварот багаты арыгінальны матэрыял, які тычыцца адной з ключавых праблемаў айчыннай гісторыі XVI-XVIII ст. — паўночных

войнаў, што адыгралі вялізную ролю ў лёсе дзяржавы. Гэтыя дадзеныя ў будучыні дапамогуць стварыць абагульняльнае канцэптуальнае даследаванне згаданай праблемы.

Масква

Генадзь Прыбытка

Янушкевіч, Андрэй. Вялікае Княства Літоўскае і Інфлянцкай вайна 1558–1570 г. (Аляксандр Філюшкін)

Снежня 7, 2008 |


ЯНУШКЕВIЧ, АНДРЭЙ. Вялікае Княства Літоўскае і Інфлянцкая вайна 1558-1570 гг. Мінск: „Медисонт”, 2007. — 356 с.

У 2007 г. American Council of Learned Societies падтрымаў выданне манаграфіі беларускага гісторыка Андрэя Янушкевіча пра Інфлянцкую вайну. Факт прыемны, таму што ў СССР і на постсавецкай прасторы кніг, прысвечаных гэтай вайне — згодна з агульнапрынятай версіяй, самай доўгай у рускай гісторыі, 25-гадовай, якая працягвалася з 1558 да 1583 г. — не друкалася з 1954 г. Такім чынам, праца Янушкевіча перарвала завесу навуковага маўчання адносна гэтага канфлікта за апошнія 53 гады!

Калі пра нейкую падзею не пішуць сур’ёзных даследаванняў больш чым паўстагоддзя, то ў яго канвенцыянальных трактоўках, якія мы сустракаем у падручніках і энцыклапедычных даведніках, а таксама ў агульных навуковых працах, непазбежна будуць дамінаваць стэрэатыпы. Кніга Янушкевіча накіравана на разбурэнне адразу некалькіх такіх стэрэатыпаў. Пра маштаб задумы перагляду ўсёй архітэктонікі гістарыяграфічнага бачання Інфлянцкай вайны сведчыць той факт, што аўтар прапануе адмовіцца ад… самога тэрміна „Лівонская вайна”, замяніўшы яго на паланізаваны і больш аўтэнтычны крыніцам польскага паходжання „Інфлянцкая вайна” (6-7). Замена лацінска-рускага варыянта „Лівонская” на польска-беларускі варыянт „Інфлянцкая” знакавая: гісторык гэтым адразу абазначае свае гістарыяграфічныя перавагі і арыенціры.

Аднак перайменаваннем вайны справа не абмяжоўваецца. Кніга змяшчае цэлы шэраг цікавых высноваў і назіранняў. Янушкевіч слушна заўважыў, што Інфлянцкая вайна мела асаблівую спецыфіку: у яе аснове ляжаў руска-літоўскі канфлікт, аднак яго прычынай было суперніцтва за суседнюю тэрыторыю — Лівонію / Інфлянты (4). Ён аргументавана падтрымлівае меркаванне Б. Н. Флоры, што ў пачатку 1558 г. вайна ў Інфлянтах не ўспрымалася ў Расіі як доўгатэрміновы ваенны канфлікт (27, 35). Уяўляецца абсалютна слушнай заўвага, што ў 1557-1558 г. руская дыпламатыя не ведала пра Позвальскую дамову і не ўлічвала яе ў сваіх дзеяннях (26).

Найбольш удалыя часткі манаграфіі, на наш погляд, — параграф пра Ульскую бітву 1564 г. (74-90) і частка кнігі, дзе распавядаецца пра ўплыў вайны на ўнутраны стан ВКЛ (раздзел ІІ). У другім раздзеле аўтар выкарыстоўвае шмат новага матэрыялу, у тым ліку архіўнага, па гісторыі ўзброеных сілаў ВКЛ, сістэме збору і забеспячэння войска і г.д. Дадзеная частка манаграфіі мае вялікае навуковае значэнне, перш за ўсё ў плане выкладання эмпірычнага матэрыялу. Не меншы інтарэс уяўляе сабой ІІІ раздзел, прысвечаны вывучэнню спосабаў і метадаў мабілізацыі сродкаў для вядзення вайны.

Вынікі даследавання Янушкевіч прыводзіць у ІV раздзеле, які цалкам прысвечаны вывучэнню ўплыву вайны на ўнутранае жыццё ВКЛ. Ён пераканаўча паказвае, што лівонскае пытанне ўнесла раскол у шэрагі шляхты ВКЛ (272), прыводзіць новыя факты ў падтрымку вядомага тэзіса, што палітычная сістэма ВКЛ і пазіцыя шляхты ў даволі значнай ступені залежала ад ролі караля (275). Аўтар дэманструе ролю асобных прадстаўнікоў шляхты ВКЛ у фармаванні курсу лівонскай палітыкі (у прыватнасці, Я.Хадкевіча; 279-286).

Безумоўна, А. Янушкевіч не змог абмінуць пытання ролі Інфлянцкай вайны ў заключэнні Люблінскай уніі (1569). Аўтар паказвае, што інтарэсы магнатэрыі і шляхты адносна уніі разыходзіліся. Шляхта разглядала магчымасць уніі з Польшчай перш за ўсё ў святле верагоднасці атрымання ваеннай дапамогі ў вайне з Расіяй (298-299). Паны-рада, наадварот, з-за сваіх карпаратыўных інтарэсаў адносіліся да уніі складана. Сам жа саюз ВКЛ і Польшчы, паводле Янушкевіча,  быў абсалютна неабходны  з-за ваеннага аспекту (314, 337). То бок тут даследчык прытрымліваецца традыцыйных гістарыяграфічных пабудоў.

На фоне гэтых удалых раздзелаў куды меней паспяховым выглядае першы раздзел, прысвечаны ўласна гісторыі Інфлянцкай вайны ў храналагічных рамках 1558-1570 г. А. Янушкевіч прапануе перагляд традыцыйнай храналогіі вайны, вылучэнне падзей 1558-79 г. у асобную вайну (якой, уласна, і прысвечана кніга), а 1578-82 г. — адпаведна ў іншую (5-6). Такі кірунак пошуку выглядае даволі перспектыўным. Уяўляецца слушным разуменне Інфлянцкай вайны як гістарыяграфічнага канструктара, створанага М. М. Карамзіным, які аб’яднаў некалькі войнаў за валоданне Прыбалтыкай у ХVI ст. у адну, але буйную. Праўда, на наш погляд, гэтых войнаў было больш, чым дзве, вылучаныя Янушкевічам.

Спробы перагляду традыцыйнай храналогіі Інфлянцкай вайны былі і да з’яўлення дадзенай манаграфіі (і аўтару, прапануючы перагляд гэтай храналогіі, напэўна, варта было б згадаць пра папярэднікаў, чаго ён не зрабіў). Беларускі гісторык В. І. Бобышаў, не адмаўляючыся, зрэшты, ад тэрміна „Лівонская вайна”, прапанаваў вылучыць у ёй чатыры этапы: 1558-62, 1562-72, 1572-76, 1576-83[1]. Таксама чатыры этапы ў рускіх „высілках” па авалодванні Лівоніяй прапанаваў амерыканскі вучоны В. Кірхнер: 1558-60, 1561-69, 1577 і 1578-83[2].

Асобна трэба адзначыць погляды даследчыкаў, якія замест тэрміна „Лівонская вайна” прапануюць называць гэтыя канфлікты „Балтыйскім войнамі” або „Паўночнымі войнамі”. Інфлянцкую вайну іменаваў Першай Паўночнай вайной К. Цэрнак, аднак ён лічыў, што яна адбывалася ў рамках 1563-79 г.[3]. А. Вільянці лічыў першай Паўночнай вайной руска-шведскую 1554-57 г.[4]. Англійскі гісторык Роберт Фрост прапанаваў канцэпцыю трох Паўночных войнаў: 1558-1619 г., пры дамінаванні Польшчы, 1654-1678, пры дамінаванні Швецыі, і 1700-1721 — канчатковая перамога і зацвярджэнне ў Прыбалтыцы Расіі[5].

Нарэшце, аўтар дадзенай рэцэнзіі прапанаваў гаварыць пра комплекс, серыю Балтыйскіх войнаў другой паловы ХVI ст., якія ў позняй гістарыяграфіі былі ўмоўна аб’яднаны ў адзіную Інфлянцкую вайну 1558-1583 г. На наш погляд, неабходна пашырыць пералік канфліктаў, якія трэба комплексна разглядаць пры вывучэнні барацьбы за Прыбалтыку ў другой палове ХVI ст. Да войнаў, якія традыцыйна „ўключаюць” у Інфлянцкую Лівонскую вайну 1558-83 г.[6], трэба дадаць руска-шведскую вайну 1556-1557 г., „вайну каад’ютараў” 1556-1557 г., руска-шведскую вайну 1589-1590 г., якая скончылася Цяўзінскім мірам паміж Расіяй і Швецыяй 1595 г. Гэтай дамовай падзел узбярэжжа Балтыйскага мора мог быць завершаны на многія гады, аднак уварванне ў Расію ў гады Смуты войскаў Польшчы і Швецыі, Сталбоўскі мір 1617 г. і Дэвулінскае перамір’е 1618 г. па-новаму перакроілі межы ўсходнееўрапейскіх дзяржаваў, у тым ліку і ў прыбалтыйскім рэгіёне[7].

Усе гэтыя меркаванні, выказаныя папярэднікамі, не знайшлі ніякага адлюстравання ў кнізе Янушкевіча. Пытанне аб перыядызацыі вайны падаецца ім як упершыню ўзнятае толькі на старонках яго манаграфіі. Такія адносіны да ранейшых прац наўрад ці карэктныя. Прыклад з пераглядам храналогіі дэманструе адну асаблівасць даследавання Янушкевіча. У кнізе шмат цікавых ідэй, назіранняў і знаходак аўтара. Аднак кніга няроўная, і няроўная перш за ўсё ў аспекце паўнаты выкарыстаных крыніц і гістарыяграфіі, якія павінны былі быць прыцягнутыя пры напісанні першага раздзела, уласна гісторыі вайны.

Так, агляд гістарыяграфіі (8-16) паказвае дамінаванне прац польскіх гісторыкаў. Аднак працы нямецкіх, дацкіх, шведскіх і англамоўных гісторыкаў (Н. Ангерман, Э. Тыберг, Э. Донерт, В. Кірхнер, В. Урбан і інш.) у працы ў лепшым выпадку згаданы, і то не ўсе[8]. Абсалютна невядомай Янушкевічу, мяркуючы па спасылках у манаграфіі, засталася нямецкая прыбалтыйская гісторыя пытання. Такі „паланісцкі” перакос у падыходзе не дазволіў аўтару ў поўнай меры ўлічыць вынікі прац папярэднікаў.

Аднак прабелы ў гістарыяграфіі малаважныя ў параўнанні з прабеламі ў крыніцах. На жаль, у спісе выкарыстаных архіваў — шэсць польскіх, адзін беларускі і адзін (!) расійскі (339-340). Сярод іх няма Расійскага дзяржаўнага архіва старажытных актаў (РДАСА), без звароту да фондаў якога наўрад ці наогул магчыма якое-небудзь глыбокае даследаванне па гісторыі міжнародных адносінаў ва Ўсходняй Еўропе ў ХVI ст. Вывучэнне дакументаў як фонду 64 (Лівонскія справы), так і фонду 123 (Крымскія справы) зрабіла б развагі аўтара адносна расійскай палітыкі ў Інфлянтах і ў адносінах з Крымам больш аргументаванымі і важкімі. У РДАСА захоўваюцца дакументы, што дазваляюць праліць святло менавіта на тыя пытанні, наконт якіх аўтар выказвае толькі здагадкі, якія не заўсёды адпавядаюць рэальнай палітыцы[9]. Думаецца, безумоўны давер да публікацыі Г. Карпава дакументаў з фонду 79 (Зносіны з Польшчай) таксама патрабуе карэктываў і праверкі яго публікацый па архіўных дакументах.

Янушкевіч толькі ў вельмі абмежаваным выглядзе прыцягнуў еўрапейскія крыніцы. Ён не выкарыстаў нямецкую публікацыю дакументаў прускага двара і герцага Альбрэхта Гагенцолерна[10] — магчыма, менавіта таму аўтар не ўлічыў ролю Прусіі ў распрацоўцы польскіх планаў анексіі Інфлянтаў у 1550-я г. Ён не выкарыстоўвае велізарны эпісталярны матэрыял якраз па палітыцы ў Інфлянтах у 1558-1562 г., што змяшчаецца ў 11-томавай публікацыі К. Шырэна[11] і 5-томавай Ф. Бінемана[12]. Акрамя таго, аўтарам амаль не прыцягнуты еўрапейскія хронікі і гістарычныя творы пра Інфлянцкую вайну — ён не выкарыстоўвае працы І. Рэнера, С. Генінга, Д. Хітрэя, Т. Брэдэнбаха, Л. Мілера і інш. Больш за ўсё ён давярае польскім храністам (М. Стрыйкоўскаму і А. Гваньіні, на якіх найбольш спасылак у працы), а таксама рускім летапісам. Здаецца, што такі характар адбору крыніц аднабаковы і не дазваляе дасягнуць аб’ектыўнасці і татальнасці ў даследаванні як баявых дзеянняў, так і перыпетый дыпламатычнай барацьбы.

Выклікае сумненне і відавочна нацягнутая трактоўка Інфлянцкай вайны як вайны за палітычную самастойнасць Вялікага Княства Літоўскага (5) і таксама як вайны, першапачаткова абарончай для ВКЛ (22). Апошні тэзіс, калі звяртацца да фактаў, выклікае вялікае сумненне — А. Янушкевіч сам жа і піша, што планы анексіі Інфлянтаў Карона пачала выношваць у 1552-1554 г. (21), гэта значыць задоўга да ваеннага ўварвання Расіі ў Інфлянты (1558) і пачатку руска-літоўскага канфлікту (1561). Ад каго абараняўся сам Жыгімонт Аўгуст, калі ў 1556 г. паслаў войскі да межаў Ордэна, каб дамагчыся ад яго кабальнай Позвальскай дамовы? Калі Вялікае Княства Літоўскае і Каралеўства Польскае ў 1559-1561 г. актыўна ўдзельнічала ў падзеле Інфлянтаў на зоны акупацыі — нароўні з Расіяй, Швецыяй, Даніяй? Янушкевіч адчувае тут слабасць сваёй пазіцыі, аднак, паколькі тэзіс пра абарончую вайну ВКЛ супраць расійскага агрэсара з’яўляецца стрыжнем яго канцэпцыі, то ён прапануе даволі дзіўную ідэю: захват Інфлянтаў быў неабходны для абароны ад Расіі, перш за ўсё — полацка-віцебскага кірунку (3 7). Дастаткова зірнуць на карту, каб беспадстаўнасць гэтага погляду стала відавочнай. Дзе Полацк і Віцебск, і дзе — Дэрпт, Рыга і Рэвель…

Пры гэтым Янушкевіч кажа пра энтузіязм шляхты пры ўварванні ў Інфлянты (38), пра барацьбу ВКЛ за выхад да Балтыкі, пра эканамічныя інтарэсы ВКЛ у Інфлянтах (22). Такім чынам, ён ускосна прызнае, што адносна Інфлянтаў вайна была агрэсіўнай для ўсіх яе ўдзельнікаў — і Расіі, і Вялікага Княства Літоўскага, і Каралеўства Польскага, і Каралеўства Шведскага. Адзіная краіна, якая ў гэтым канфлікце займалася выключна абаронай — гэта Інфлянты. Для ВКЛ вайна, безумоўна, стала абарончай толькі пасля 1563 г., пасля страты Полацка. У 1558-1562 г. дзеянні ВКЛ у Інфлянтах пад азначэнне „абарончыя” аднесці цяжка.

Пералік падобных слабааргументаваных палажэнняў у канцэпцыі Янушкевіча можна было б пашырыць. Магчыма, іх было б менш, калі б аўтар або засяродзіўся толькі на вывучэнні ўплыву вайны на ўнутраную сітуацыю ў ВКЛ (што ў Янушкевіча, без сумневу, атрымалася), або прыцягнуў неабходную колькасць крыніц і літаратуры для вывучэння ваенных і дыпламатычных дзеянняў у 1550-60 г. Пакуль жа даводзіцца канстатаваць, што кнігу А. Янушкевіча як працу па ваеннай гісторыі і па гісторыі міжнародных адносінаў нельга прызнаць ва ўсім удалай. Але ў цэлым даследаванне заслугоўвае станоўчай ацэнкі і з’яўляецца істотным укладам і крокам наперад у вывучэнні Інфлянцкай вайны.

Санкт-Пецярбург

Аляксандр Філюшкін


[1] Бобышев В. И. Международные отношения в Восточной Европе в 30-80-е гг.ХVI в. / Автореф. дисс.… канд. ист. наук. Минск, 2001. С. 13-14.
[2] Kirchner W. The rise of the Baltic question. Westport, 1970. P. 94.
[3] Zernack K. Polen und Russland: Zwei Wege in der europäischen Geschichte. Berlin,1994. P.166,178.
[4] ViljantiA. GustavVasas ryskakrig 1554-1557. Stokholm, 1957. S.9.
[5] Frost R. The Northern Wars: War, State and Northeastern Europe: 1558-1721. Edinburg, 2000.
[6] Гэта ўласна Інфлянцкая вайна 1558-1561 г. з удзелам Інфлянтаў, Расіі, Вялікага Княства Літоўскага, Швеціі і Даніі, якая закончылася раздзелам Ордэна паміж Расіяй, Швецыяй, Даніяй і Вялікім Княствам Літоўскім; руска-літоўская вайна 1561-1570 г., дацка-шведская вайна 1563-1570 г., Маскоўская („Баторыева”) вайна 1578-1582 г. і руска-шведская вайна 1578-1583 г.
[7] Филюшкин А. И. „Конструирование войны”: Изображение Ливонской войны в европейском и русском историческом нарративе // Восточная Европа в древности и средневековье: Проблемы источниковедения. ХVII Чтения памяти члена-корреспондента АН СССР Владимира Терентьевича Пашуто; IV Чтения памяти доктора исторических наук Александра Александровича Зимина. Москва, 19-22 апреля 2005 г. Тезисы докладов. Москва, 2005. Ч. II. С. 274-276; ён жа. „Bello Moscovitico” или „Ливонская война”? Эволюция исторической памяти о Ливонской войне в ХVI-ХХ вв. // Чтения по военной истории: Сборник статей / Отв. ред. Е. В. Ильин. СПб., 2006. С. 123-127. Дадзеная канцэпцыя таксама атрымала абгрунтаванне ў нядаўна апублікаванай манаграфіі: Filjushkin A. Ivan the Terrible: A Military History. London, 2008.
[8] Толькі згаданыя, але зусім ў недастатковай ступені выкарыстоўваюцца аўтарам асноўныя працы па гісторыі Лівонскай вайны: Angermann N. Studien zur Livländpolitik Ivan Groznyj’s. Marburg, 1972; Kirchner W. The rise of the Baltic question / Second edition. Westport, 1970; Donnert E. Der Livändische Ordenstritterstaat und Russland. Der Livändische Krieg und die baltische Frage in der europäischen Politik 1558-1583. Berlin, 1963; Rasmussen K. Die livländische Krise 1554-1561. Copenhagen, 1973; Svensson S. Den merkantia bakgrunden till Rysslands antal Livländska Ordensstaten. Lund, 1951; Tiberg E. Die politik Moskaus gegenüber Alt-Livland: 1550-1558 // Zeitschrift für Ostforschung. 1976. T.25. Idem. Zur Vorgeschichte des Livländischen Krieges: Die Beziehungen zwischen Moskau und Litauen 1549-1562. Uppsala, 1984; Urban W. The Livonian Crusade. Washington, 1981.
[9] Як прыклад перспектываў, якія адкрываюць архіўныя пошукі, падамо дзвеапошнія публікацыі дакументаў з фондаў РДАСА: жалаванай граматы Івана ІV Дэрпту 1558 г., якая пралівае святло на характар рускай заваёўніцкай палітыкіў Інфлянтах, і праектаў руска-крымскага ваенна-палітычнага саюза 1563-1564 г., пра які А. Янушкевич згадвае, але тэксты праектаў дагавора яму невядомыя, і таму развагі аўтара аказваюцца гіпатэтычнымі — гл.: Филюшкин А.И. Проекты русско-крымского военного союза в годы Ливонской войны // „В кратких словесах многой разум замыкающе…” / Отв. ред. А. Ю. Дворниченко.СПб., 2008. С. 309-337; ён жа. Политическая практика московских властей вЛивонии в первые годы Ливонской войны (новые документы) // Studia Slavicaet Balcanica Petropolitana = Петербургские славянские и балканские исследования. 2008. № 1 (3). С. 77-88.
[10] Напрыклад: Herzog Albrecht von Preussen und Livland (1551-1557)/ Rehesten ausdem Herzoglichen Briefarchiv und deb Ostpreussischen Folianten / Bearb. Von St.Hartmann. Köln, Weimar, Wien, 2005.
[11] Archiv fur die Geschichte Liv-, Est- und Curlands. Quellen zur Ceschichle des Untergangs livländischer Selbständigkeit. Aus dem schwedichen Reichsarchive zu Stockholm / Hrsg. von С Schirren. Reval, 1861-1885. Bd.1-11.
[12] Bienemann F. Briefe und Urkunden zur Geschichte Livlands in der Jahren 1558-1562. Riga, 1865-1876. T. 1-5.

Наверх

Kotljarchuk, Andrej. In the Shadows of Poland and Russia (Міхал Дуда)

Снежня 6, 2008 |


KOTLJARCHUK, ANDREJ. In the Shadows of Poland and Russia. The Grand Duchy of Lithuania and Sweden in the European Crisis of the mid-17 th Century. Sődertőrns hőgskola (Sődertőrns Doctoral Dissertations, nr 4), 2006. — 347 s.

Аўтар звярнуўся да тэмы, нібыта добра вядомай у Польшчы і грунтоўна даследаванай такімі гісторыкамі, як Тадэвуш Васілеўскі ці Генрык Віснэр[1]. Аднак у іх працах, абапертых пераважна на айчынныя і часткова шведскія матэрыялы, адзначана неабходнасць глыбейшых даследаванняў. Узнятыя аўтарам новыя даследчыя праблемы (як, напрыклад, недаацэненыя эканамічны ці канфесійны аспекты) у значнай ступені запаўняюць прагал у нашых ведах пра падзеі Вялікага Княства 1655-1661 г., перадусім уніі Швецыі і ВКЛ ды неафіцыйных перамоваў з Расіяй. Вартасцю з’яўляецца даступная і папулярная мова выкладання, салідная крыніцавая база ўражвае лічбай ды ахопам здзейсненага пошуку, які даў магчымасць выкарыстаць шэраг новых крыніц. Аўтар ладзіў доследы не толькі ў шведскіх і польскіх архівах. Навацыйнымі былі пошукі ў беларускіх, расійскіх і літоўскіх архівах.

Была выкарыстана найноўшая тэматычная літаратура не толькі шведскага, польскага ці расійскага паходжання, але і працы беларускіх, украінскіх ды літоўскіх гісторыкаў.

Кніга змяшчае пяць раздзелаў, карты з выявамі тагачаснай Літвы, дадаткі, графічны анэкс і салідную бібліяграфію. Структура працы, з улікам яе праблематыкі, падаецца трапнай і цалкам абгрунтаванай.

Першы, уступны, раздзел распавядае пра тагачасны стан даследаванняў, даступную тэматычную літаратуру ды наяўныя архіўныя матэрыялы. Асаблівай увагі заслугоўвае здзейсненае ўпершыню падсумаванне даследаванняў гісторыкаў з Літвы, Беларусі, Расіі, нават Фінляндыі.

Раздзел Separatism and policy of Poland паказвае сітуацыю і сепаратысцкія памкненні Вялікага Княства ў першай палове XVII ст. У польскай літаратуры унія Швецыі і ВКЛ, дзеянні ў гэтым кірунку Януша Радзівіла трывала атаясняюцца са здрадай. Гэткае меркаванне пашырыў Генрык Сянкевіч у сваім папулярным „Патопе”. Катлярчук прапануе чытачу новы погляд наўзаеміны і кантакты са Швецыяй. Выключная роля надаецца ўсё мацнейшым эканамічным сувязям ВКЛ са шведскай Рыгай ды Стакгольмам. Шведская стратэгія эканамічнага напору была значным стымулам заключэння сепаратысцкага міру ў 1627 г, а далей заключэння ўзаемнай уніі ў 1655 г. Таксама ўздымаецца пытанне канфесійных канфліктаў і дачыненняў літоўскіх пратэстантаў са Стакгольмам, асабліва з блізкімі Шведскімі Інфлянтамі. Не абмінуты таксама чыннік амбіцыяў Радзівілаў. Адносна мала месца аўтар прысвяціў чынніку расійскай пагрозы, добра паказанаму ў даступнай тэматычнай літаратуры — польскай, шведскай ці расійскай. Бясспрэчная перавага раздзела — навацыйны падыход да тэмы і выкарыстанне новых крыніц.

Незвычайна каштоўнай паўстае трэцяя частка працы, якая вычарпальна паказвае падзеі уніі Швецыі ды ВКЛ. Асабліва важнымі падаюцца падраздзелы The declaration of Kedainiai, August 17, 1655 (91-121) і The Birth of the Sweden-Lituania federation: the Union of Kedainiai, October20,1655 (121-138), у якіх адлюстраваны акалічнасці разрыву з Польшчай і хаўрусу са Швецыяй. Вялікай вартасцю раздзела з’яўляецца супастаўленне і параўнанне пагаднення ад 17 жніўня 1655 г. з канчатковым тэ кстам уніяльнага пагаднення. Дарэчна ўздымаецца пытанне геапалітычных зменаў, абумоўленых заключанай уніяй — зменаў не толькі ў драматычнай сітуацыі Польшчы і Швецыі, але і іншых балтыйскіх дзяржаваў.

Пасля сканчэння перамоваў у Кейданах ВКЛ стала месцам сутыкнення інтарэсаў Расіі і Швецыі, Радзівілаў, польскіх прыхільнікаў, нават, як слушна зазначае Катлярчук, Украіны Хмяльніцкага і Трансільваніі Ракоцы. Гэтыя складаныя залежнасці, палітычныя дзеянні ды ваенныя акцыі асвятляе чацвёрты раздзел. Найбольш увагі даследнік прысвяціў расійска-шведскім дачыненням, паказваючы ix эвалюцыю ад добрых, спакойных адносінаў да — праз дыпламатычныя дзеянні і памежныя сутыкненні — развязання вайны. Сярод прычынаў, што трывала паглыблялі антаганізм паміж Стакгольмам ды Масквой, ён вылучае перамовы Карла X Густава з Хмяльніцкім (243-250). Ясна паказаны дзеянні дыпламатаў Польшчы і Расіі, скіраваныя на замірэнне і сумеснае выступленне супраць Швецыі. Бясспрэчнай і безумоўнай навіной з’яўляецца ацэнка наступстваў для Вялікага Княства перамоваў у Радноце і разгляд удзелу ў канфлікце Ракоцы. У гэтым разгорнутым і дакладным асвятленні дыпламатычных дзеянняў бракуе хоць сціслага пераказу ўзаемных адносінаў Расіі і Брандэнбургіі. Трактат ад верасня 1656 г. забяспечваў двухбаковы нейтралітэт і карысны гандлёвы абмен паміж дзяржавамі. Безумоўна, гэта негатыўна паўплывала на становішча шведаў у ВКЛ.

Апошні раздзел — спроба падсумаваць наступствы падзеяў 1655-1661 г. у Вялікім Княстве. У ацэнцы эканамічных і дэмаграфічных стратаў аўтар абапіраецца на працы Юзафа Можы, цалкам пагаджаючыся з пададзенымі там звесткамі[2]. Цікавае і навацыйнае паводле задумы параўнанне стратаў абшараў, займаных Швецыяй і Расіяй. Ваенныя знішчэнні, паводле Катлярчука, таксама сталі прычынай зменаў у грамадскай структуры. Да адмоўных з’яваў ён залічвае і гвалтоўныя ды незваротныя канфесійныя змены — такія, як пераслед ці змушаную міграцыю за межы ВКЛ. Як падае аўтар, у канцы XIV ст. у Вялікім Княстве было каля 260 пратэстанцкіх парафіяў, у 1696 г. засталося толькі 46 (277). Найбольш адчувальнымі, невымяральнымі, на ягоную думку, з’яўляюцца негатыўныя грамадскія і культурныя змены.

Частка раздзела прысвечана ацэнцы дзеянняў Януша і Багуслава Радзівілаў. Паводле даследніка, яны дзейнічалі перадусім з патрыятычных памкненняў, дбаючы пра ВКЛ, а не пра Польшчу. Нягледзячы на магчымасць пагаднення з Расіяй, яны выбралі пратэкцыю Швецыі, якая абяцала шмат карысці, пакідала спадзеў на большую палітычную самастойнасць. Гэтае рашэнне выклікала канфлікт не толькі з Расіяй, Польшчай, але і са значнай часткай жыхароў ВКЛ. Дыскусійным падаецца думка аўтара, што абраны шлях залежнасці ад шведаў быў найлепшым з магчымых, а сама унія магла прынесці шмат карысці абодвум партнёрам (286). Аргументацыя даследніка не выглядае дастаткова пераканаўчай. Неабходна, аднак, зазначыць, што Януш Радзівіл для большасці ліцвінаў — адзін з нацыянальных герояў.

Далей варта звярнуць увагу на змешчаныя ў канцы кнігі анэксы, мапы ды ілюстрацыі. Асабліва істотнай і каштоўнай трэба прызнаць публікацыю трактата ад 17 жніўня 1655 г. ды пагаднення ад 20 кастрычніка 1655 г. Як зазначае Андрэй Катлярчук, папярэднія, адзіныя, распрацоўкі Уладыслава Канапчыньскага ды Казімежа Лепшага — на жаль, непаўнавартасныя[3]. Пра павагу да чытача сведчыць табліца з англійскім перакладам тагачасных літоўскіх урадавых тытулаў. Ілюстрацыі падабраны трапна: усяго дваццаць дзве, з іх тры апублікаваны ўпершыню. Адзіны дробны недахоп — адсутнасць рэзюмэ, што пазбаўляе магчымасці хуткага знаёмства з аўтарскімі высновамі.

Такім чынам, аўтар прадметна і сумленна выканаў даследчыя пастулаты сваёй працы. У ранейшай тэматычнай літаратуры неставала такой добрай і навацыйнай распрацоўкі дадзенай тэмы. Кніга Андрэя Катлярчука, безумоўна, запоўніла гэты даследчы прагал. Асабліва для польскіх даследнікаў, якія займаюцца meandrami польска-літоўскіх сувязяў і падзеямі 1655-1660 г., кніга Андрэя Катлярчука прапануе багата матэрыялу для рэфлексіі, заахвочвае да новага погляду на ўжо вядомыя пытанні.

Гданьск

Міхал Дуда


[1] Wasilewski T. Zdrada Janusza Radziwiłła w 1655 r. i jej wyznaniowe motywy // Odrodzenie i Reformacja w Polsce. T. 18. Warszawa, 1973. S. 125-147; Wisner H. Decydenci litewscy wobec wybuchu wojny polsko-szwedzkiej (1655-1660) // Odrodzenie i Reformacja w Polsce. T. 15. S. 130-144. Warszawa, 1970; ён жа. Rok 1655 na Litwie: Pertraktacje ze Szwecją i kwestia wyznaniowa // Odrodzenie i Reformacja w Polsce. T. 24. Warszawa, 1981. S. 83-103; ён жа. Wojsko Litewskie I połowy XVII wieku // Studia i Materiały do Historii Wojskowości. T. 19. Z. 1. Warszawa, 1973. S. 94-101; ён жа. Janusz Radziwiłł 1612-1655. Wojewoda wileński. Hetman wielki litewski. Warszawa, 2000.
[2] Morzy Józef. Kryzys demograficzny na Litwie i Białorusi w II połowie XVII wieku. Poznań, 1965.
[3] Konopczyński W., Lepszy K. Akta Ugody Kiedanskiej 1655 roku // Ateneum Wileńskie. T. 10. Wilno, 1935. S. 173-224.

Наверх

Kotljarchuk, Andrej. In the Shadows of Poland and Russia (Конрад Бабятыньскі)

Снежня 5, 2008 |


KOTLJARCHUK, ANDREJ. In the Shadows of Poland and Russia. The Grand Duchy of Lithuania and Sweden in the European Crisis of the mid-17 th Century. Sődertőrns hőgskola (Sődertőrns Doctoral Dissertations, nr 4), 2006. — 347 s.

Кніга Андрэя Катлярчука — яго кандыдацкая дысертацыя, абароненая ў чэрвені 2006 г. нa гістарычным факультэце Стакгольмскага універсітэта. Галоўнай мэтай сваіх даследаванняў аўтар паставіў усебаковы разгляд складанай палітычнай і ваеннай сітуацыі, у якой апынулася Вялікае Княства Літоўскае ў выніку вайны са Швецыяй і Масквой у 1655-1657 г. У прадмове аўтар зазначыў, што задача яго кнігі, перш за ўсё, — жаданне падарваць шырока распаўсюджаны ў польскай і заходнееўрапейскай, у тым ліку шведскай, гістарыяграфіі, стэрэатып дачыненняў Вялікага Княства і Швецыі ў гэты перыяд. На першых старонках працы (2-3) аўтар сфармуляваў тэзіс, якому падпарадкаваў пазней свае высновы. Паводле меркавання аўтара, ацэнка гісторыкамі дагавораў Януша Радзівіла са шведамі ў 1655 г. як здрады інтарэсам Рэчы Паспалітай неапраўданая, таму патрабуе грунтоўнага перагляду. Саму унію Швецыі і ВКЛ i рашэнне ліцвінаў аб разрыве уніі з Каронай аўтар лічыць элементам агульнай дэзінтэграцыі ў „дзяржаве абодвух народаў”, а перш за ўсё элементам больш шырокай агульнаеўрапейскай тэндэнцыі — крызісу цэнтральнай улады ў сярэдзіне XVII ст. Гэты крызіс знаходзіў выяўленне ў канфліктах паміж каралём і станамі, дзяржавай і грамадзянамі ў многіх краінах Старога Кантынента. Акрамя Рэчы Паспалітай аўтар звяртае ўвагу на падобныя з’явы, якія, між іншым, адбываліся ў Імперыі Габсбургаў (крыху раней), Англіі, Францыі, Галандыі ці Партугаліі (5-6, 87-89).

Безумоўна, кніга Катлярчука ўпісваецца ў кантэкст даўняй дыскусіі ў польскай, літоўскай і беларускай гістарыяграфіі на тэму матываў, якімі кіраваўся Януш Радзівіл у момант прыняцця рашэння аб разрыве Люблінскай уніі і прызнання ўлады Карла X Густава, a таксама вытокаў Кейданскіх дамоваў, іх юрыдычнай легітымнасці і ролі гэтых падзей у гісторыі ВКЛ у другой палове XVII ст. У гэтай дыскусіі дагэтуль удзельнічалі многія польскія гісторыкі, пачынаючы з даследчыкаў, якія працавалі на пачатку другой паловы XIX ст. — Эдварда Катлубая i Бярнарда Каліцкага[1]. Апошняе значнае выказванне ў гэтай дыскусіі належыць Тадэвушу Васілеўскаму і Генрыку Віснэру, якія інтэрпрэтуюць падзеі, што адбыліся паміж жніўнем і кастрычнікам 1655 г., зусім іншым чынам[2]. Васілеўскі галоўнай прычынай здрады Радзівіла, як ён адназначна ацаніў палітыку вялікага гетмана ВКЛ у жніўні 1655 г. i наступных месяцах, называе рэлігійны фактар. У той жа час Віснэр паспрабаваў патлумачыць палітыку Радзівіла складанай палітычнай і ваеннай сітуацыяй, у якой апынулася ВКЛ у выніку наступлення войскаў цара Аляксея Міхайлавіча. Войскі маскоўскага цара на пачатку верасня 1655 г. падышлі пад самую Вільню. Прыняцце ў такіх абставінах шведскага пратэктарату, як шматразова даводзіць гэты даследчык, здавалася тады адзіным рацыянальным шляхам выратавання для пазбаўленага ўсякай дапамогі з боку Кароны Вялікага Княства, a асабістыя і рэлігійныя матывы ў дадзеным выпадку (з боку Радзівілаў) адыгрывалі другасную ролю.

У той жа час канцэпцыя, якую А. Катлярчук падаўу сваёй кандыдацкай дысертацыі, значна выходзіць за межы, a часта і пярэчыць гіпотэзам Васілеўскага і Віснэра.

Аўтар ужо на пачатку працы (27 i наст.) прапануе адназначна негатыўны вобраз наступстваў, якія для ВКЛ вынікалі з факта заключэння Люблінскай уніі. Ён падкрэслівае, што унія падзяліла, a не злучыла абедзве часткі Рэчы Паспалітай. Нягледзячы на заключэнне Люблінскай уніі, аўтар увесь час ставіцца да ВКЛ як да практычна асобнай дзяржавы, звязанай вельмі свабоднымі сувязямі з Каронай, часта аддаючы перабольшаную ўвагу праявам сепаратызму ў ВКЛ у 1569-1655 гадах (87-89). Важны элемент канцэпцыі Катлярчука — упор на рэлігійныя фактары. Асабліва шмат месца ён прысвячае рэлігійнаму ўціску і пераследу, які перманентна цярпелі пратэстанты з боку каталікоў у ВКЛ (51-54). Аўтар прыводзіць выпадкі адхілення пратэстантаў ад выканання публічных функцый, знішчэння i выгнання ix са збораў або ўрэшце здзяйснення ў адносінах да іх пагромаў (віленскія пагромы ў 1609 i 1640 г. і хваляванні ў Полацку i Наваградкуў 1638 г.). Адначасова ён падкрэслівае рэлігійнуюцярпімасцьпратэстантаў,прыводзячыўпрыклад апеку Януша Радзівіла шатландцамі і габрэямі ў Кейданах. Рэпрэсіі з боку прыхільнікаў контррэфармацыі, спалучаныя з інтэнсіўнай рэкаталізацыяй, набылі асаблівы размах пры панаванні Яна Казіміра. Каб аслабіць пратэстанцкую галіну біржанскіх Радзівілаў, той пачаў ствараць моцную партыю двара, абапіраючыся на каталіцкія роды — Сапегаў, a затым Гасеўскіх і Пацаў. Пратэстанты мусілі яшчэ пры жыцці Жыгімонта III шукаць замежнага апекуна-пратэктара (76-77, 81-82, 87-89). Прыклады гэтага аўтар знаходзіць у палітыцы Крыштафа II Радзівіла (арлеанская змова, зандаж магчымасцяў выбару на трон Рэчы Паспалітай Густава II Адольфа), а таксама ягонага сына Януша (яшчэ ў 1648 г.). Пішучы пра арлеанскую змову, Катлярчук абапіраецца толькі на састарэлую кнігу Ц. Вэйле (1901 г.), не беручы пад увагу новых прац, перш за ўсё агляд крыніц, падрыхтаваны У. Аўгустыняк i В. Сакалоўскім, у якім праблема пададзена ў іншым святле, чым паказвае аўтар[3].

Каб давесці, што Вялікае Княства імкнулася да саюзу са Швецыяй задоўга да 1655 г., аўтар правёў цікавы аналіз больш ранніх формаў супрацоўніцтва паміж дзвюма дзяржавамі. З гэтай мэтай аўтар адступае ажно ў першую палову XIII ст. i час незалежнасці Полацкага княства, акцэнтуючы яго кантакты з кавалерамі-мечаносцамі (61-67). Трэба сказаць, што падкрэсліванне, галоўным чынам, эканамічнага характару суадносінаў Швецыі і ВКЛ перад Патопам цалкам абгрунтаванае, у той жа час сумненне выклікаюць пошукі ў гэтых адносінах палітычнага аспекта. Напрыклад, першыя спробы ўтварэння федэрацыі паміж Швецыяй і ВКЛ Катлярчук шукае ў планах выбрання Аляксандра Ягайлавіча шведскім каралём на мяжы XV i XVI ст., памылкова сцвярджаючы, што на працягу 1492-1506 г. Карона i Вялікае Княства не былі звязаны нават персанальнай уніяй (67-68).

Абсалютна відавочна, што ніводная даследчая гіпотэза, а асабліва такая дыскусійная прапанова, як высунутая Катлярчуком, не знойдзе ўсеагульнага прызнання ў гістарычным асяроддзі, калі яна не будзе абапірацца на адпаведныя крыніцы. Хоць кніга і пабудавана на архіўным матэрыяле, а таксама на многіх надрукаваных крыніцах i апрацоўках, немагчыма не заўважыць, што яе бібліяграфія не пазбаўлена сур’ёзных недахопаў. Безумоўна, важным дасягненнем аўтара трэба прызнаць выкарыстанне шэрагу рукапісных крыніц (у тым ліку арыгіналаў актаў Кейданскай уніі, а таксама карэспандэнцыі Радзівілаў, якая налічвае некалькі дзесяткаў лістоў), a таксама іканаграфічных i картаграфічных матэрыялаў са шведскіх архіваў i бібліятэк (Riksarkivet, Krigsarkivet, Kungliga bibliotheket, Uppsala universitets bibliotek). За выняткам некалькі выпадкаў, гэта ў асноўным дакументы, невядомыя польскім даследчыкам. Аўтар шырока карыстаецца адпаведнай шведскай літаратурай, якая для польскіх гісторыкаў, асабліва сярэдняга пакалення і маладых, часта з’яўляецца абсалютна недаступнай па прычыне моўнага бар’еру.

У той жа час адчуваецца недастатковае веданне польскіх рукапісных крыніц. Асабліва адчувальная адсутнасць многіх важных для глыбокага вывучэння тэмы архіўных дакументаў архіва Радзівілаў з Галоўнага архіва даўніх актаў у Варшаве. Тут узнікае пытанне: ці можна ўвогуле даследаваць дзейнасць радзівілаўскага клана ў 1655-1657 г. без азнаямлення з лістамі да Януша і Багуслава Радзівілаў, што зберагаюцца ў V раздзеле дадзенага збору? Што праўда, перапіска 1655-1657 г. невялікая ў параўнанні хоць бы з шасцідзесятымігадамі XVII ст., аднак аўтар мог бы знайсці ў ёй нямала цікавых звестак, датычных прадмета даследавання. З гэтага раздзела выкарыстаны толькі некалькі лістоў галоўнага спецыялістаРадзівілаў па замежных справах — вількамірскага маршалкаЯна Мяжынскага[4]. Не ўлічана перапіска Багуслава Радзівіла зіншымі ягонымі блізкімі супрацоўнікамі, хоць бы з Бенядыктам Альшэўскім (№ 10 816), або таксама шэраг лістоў, звязаных са Слуцкам і яго роляй у палітыцы канюшага ВКЛ[5].

Увогуле, знаёмства з польскімі архіўнымі матэрыяламі абмежавана ў працы, апрача часткі карэспандэнцыі Мяжынскага, толькі дакументам з раздзела II Архіва Радзівілаў (прычым пададзенага з памылковымі выхаднымі дадзенымі), часткай лістоў Б. Радзівіла з раздзела IV гэтага збору, а таксама трыма пазіцыямі з Бібліятэкі Чартарыйскіх (не хапае, напрыклад, папак Нарушэвіча!), у тым ліку манускрыпта № 2105, які ўключае каштоўны збор лістоў Я. Радзівіла да караля. Аўтар, на жаль, не даследаваў рукапісаў з многіх архіваў і бібліятэк, якія ўтрымліваюць матэрыялы па праблеме. Напрыклад, разглядаючы аблогу Берасця, наватарскі паказ якой А. Катлярчук лічыць адным з найбольш значных аспектаў сваіх даследаванняў (22, 228-233), ён не выкарыстаў асноўнага збору дакументаў па дадзеным пытанні з Бібліятэкі Ардынацыі Замойскіх (рукапіс 943)[6].

Даследуючы ход перамоваў у Ясьвойнах і Кейданах, аўтар шматразова згадвае пра ўплыў ваенных абставінаў на прыняцце Радзівілам рашэння паддацца пад пратэкцыю Карла X Густава, але здаецца, што ён не да канца ўлічвае дадзены аспект, прызнаючы больш важнымі рэлігійныя пытанні i сепаратысцкія тэндэнцыі сярод магнатаў і шляхты. Шкада, што аўтар не здолеў, апісваючы ваенныя дзеянні на тэрыторыі ВКЛ у 1654-1655 г. (91-94), улічыць новыя працы[7]. Выкарыстанне старой літаратуры прывяло да многіх недакладнасцяў, памылак і пропускаў.

Навуковыя гіпотэзы Андрэя Катлярчука абапіраюцца галоўным чынам на аўтарскую інтэрпрэтацыю літаратуры прадмета, a таксама на дакументы stricte дыпламатычнага характару. Цяжка пазбавіцца ўражання, што часта ён прачытвае змест гэтых дакументаў залішне даслоўна, не ўлічваючы спецыфікі гэтага матэрыялу, а таксама абставінаў, у якіх дадзены канкрэтны дакумент быў складзены. Можна сумнявацца, ці варта шукаць прычыны заключэння дамовы ў Кейданах і пераход ВКЛ пад уладу Карла X Густава ў папярэдніх кантактах Я. Радзівіла са шведамі, пачынаючы ад 1648 г. Гэтая гіпотэза, якой у мінулым паддалося некалькі знакамітых польскіх гісторыкаў[8], што безумоўна, дазваляе вельмі абстрактным чынам патлумачыць драматычныя падзеі жніўня 1655 г., на жаль, непераканаўчая, бо для яе не хапае сведчанняў, яна абапіраецца толькі на нешматлікія і другасныя дакументы.

Каб пацвердзіць сваю гіпотэзу, аўтар цытуе кароткую вытрымку з ліста Бенгта Скітэ да губернатара Фінляндыі Пэра Браге (вядомага ў польскай гістарыяграфіі дзякуючы, між іншым, дасл едаванням Т. Новака). У лісце гаворыцца, што частка эліты ВКЛ патаемна шукала магчымасці адлучэння ВКЛ ад Польшчы і далучэння да Швецыі. Крыху месца ў сваёй кнізе аўтар прысвячае таксама сакрэтным кантактам гетмана з губернатарам Інфлянтаў Магнусам Габрыэлем дэ ля Гардзі, аднак жа адзначае, што гэтыя перамовы насілі толькі вусны характар, i таму невядома, чаго канкрэтна яны датычылі, a захаваная перапіска гэтых палітыкаў не ўтрымлівае ніякіх палітычных падрабязнасцяў (81-82). Тым часам першыя звесткі пра тое, што Радзівіл вядзе таемныя перамовы са Стакгольмам пры пасярэдніцтве князя Курляндыі Якуба Кетлера, паходзяць толькі з ліста гетмана канца лістапада 1654 г. Гэты ліст скіраваны да аднаго з найбліжэйшых супрацоўнікаў i пасярэдніка ў кантактах з Кетлерам, аднак там няма ніводнага слова пра планы разрыву Люблінскай уніі. Размовы, якія вяліся са шведамі, ставілі мэтай атрыманне дыпламатычнай і ваеннай дапамогі ў барацьбе з Масквой, a таксама імкненне да дасягнення асабістых мэтаў (Радзівіл дабіваўся ў гэты час, паміж іншым, шведскага індыгенату)[9].

Яшчэ 20.III.1655 г., у чарговым лісце да Стрышкі, гетман не пісаў нічога пра намеры прыняць чужую пратэкцыю, у той жа час ён імкнуўся да захавання міру на паўночнай мяжы ВКЛ, а таксама клапаціўся пра тое, каб Карл X Густаў прыслаў яму на дапамогу корпус з 2000 пяхоты i 1000 конніцы[10]. Калі дакладна было прынятае рашэнне пра падпарадкаванне шведам? Напэўна, гэтага ўжо нельга вызначыць дакладна, аднак многае паказвае на тое, што гэта адбылося пад канец ліпеня, калі ў Рыгу ад’ехаў пасланец Радзівілаў Габрыэль Лубянецкі, або некалькі пазней, калі каля брамаў Вільні апынуліся царскія войскі, а пад Варшаву адышоў дапаможны корпус Кароны, не здзейсніліся таксама надзеі на заключэнне перамір’я з Масквой і да ВКЛ дайшлі звесткі пра капітуляцыю вялікапольскага паспалітага рушання пад Уйсцем.

Шкада, што аўтар не выкарыстаў дзённіка Мацвея Форбэка Леттава, былога доктара Ўладзіслава IV, які вельмі добра перадае настрой, што панаваў у Вільні і ваколіцах у першыя дні жніўня 1655 г., i часткова дазваляе зразумець псіхалагічныя матывы, якія ўплывалі на палітыку Радзівілаў у гэты драматычны перыяд[11]. Для поўнай карціны гэтых падзей было б карысна таксама правесці даследаванне нешматлікай, зрэшты, карэспандэнцыі Я. Радзівіла з лета 1655 г., якую аўтар (акрамя ўпамянутых рукапісаў 2105 з Бібліятэкі Чартарыйскіх) увогуле не цытуе ў сваёй кніжцы. Варта тут таксама назваць перапіску з ваяводам з Лэнчыц Янам Ляшчынскім (БЧ, 384, перш за ўсё ліст гетмана ад 4.VIII.1655, с. 282-285), ліст Радзівіла да вялікага канцлера Кароны Стэфана Карыцінскага ад 7.VIII (Б, 917, s. 1369-1374). Ліст Я. Радзівіла да Б. Радзівіла ад 26.VIII.1655 г. аўтар прыводзіць толькі часткова (113-114), тым часам у ім Радзівіл сцвярджаў, што рашэнне пра падданне шведам прыняў толькі тады, „калі маскаль каля Вільні апынуўся (чаго Вялікая Польшча ніколі не перажывала), a мы ад бяды куды кінуцца меліся”. „A што кажуць”, — пісаў, — „што гэта даўно праз мяне прарастала, то няхай д’ябал выкале мне душу, калі я калі пра гэта думаў даўней. Ад таго, што мы з Вільні ліст пісалі [гаворка ідзе пра ўжо названую місію Габрыэля Лубянецкага. — K.Б.], пачалася гэтая справа, калі інакш ратавацца спосабу не было”. Цяжка сумнявацца ў праўдзівасці гэтых слоў, адрасаваных найбліжэйшаму палітычнаму супрацоўніку, які ў гэты час ведаў пра ўсе палітычныя планы Януша[12].

Саму кастрычніцкую дамову ў Кейданах i папярэдюю ў Ясьвойнах Андрэй Катлярчук ацэньвае, перш за ўсё, у чыста вербальнай плоскасці. Аўтар шмат разоў спрабуе даказаць, якія вялікія шансы давала ВКЛ сувязь са шведамі[13]: для пратэстантаў, якіх тады была большасць ва ўладнай эліце, з’явілася магчымасць вяртання да стану перад 1569 г., a для ўсяго грамадства гэта азначала канец падпарадкавання Польшчы, змену пазіцыі Вялікага Княства ў балансе сілаў у гэтай частцы Еўропы i ўмацаванне міжнароднай пазіцыі дзяржавы (109-110, 138-139). Адначасова аўтар слушна заўважае, што толькі пратэстанты маглі звязваць далёкасяжныя планы з трывалым саюзам са шведамі, тады як для каталікоў гэта быў толькі тактычны ход (асабліва дамова ў Ясьвойнах), прадыктаваны патрэбамі дадзенага моманту, ён ставіў мэтай стрыманне наступу маскоўскіх войскаў, a затым вяртанне захопленых маскоўскім царом тэрыторый (110-111). Тут можна задаць пытанне, на якое ў кнізе няма адназначнага адказу: у якой ступені знаходжанне ліцвінаў у шведскім абозе залежала ад іх веравызнання, a наколькі ад асабістых і палітычных інтарэсаў iх патронаў, ці абодвух Радзівілаў? Вядома, што пасля заключэння веляўска-быдгошскіх дамоваў, на падставе якіх Багуслаў атрымаў поўную амністыю і абяцанні вяртання маёнткаў (сваіх і дваюраднага брата), ужо немагчыма знайсці афіцэраў войска ВКЛ у шэрагах шведскай арміі, хоць вайна яшчэ доўжылася амаль тры гады.

Пра тое, што здача пад пратэкцыю Карла X Густава была не лепшым выбарам, чым адданне пад уладу маскоўскага цара, жыхары акупаваных зямель маглі пераканацца ўжо позняй восенню 1655 г. Бо шведы не збіраліся рэалізоўваць іхніх імкненняў да незалежнасці, ад самага пачатку не лічачы ліцвінаў сваімі раўнапраўнымі партнёрамі і адносячыся да Вялікага Княства як да заваяванай краіны або калоніі. Шведы не збіраліся таксама ўвязвацца ў вяртанне страчаных на ўсходзе краіны тэрыторый і, што з гэтага вынікае, у вайну з Масквой (120-121,125). Катлярчук спрабуе вытлумачыць адсутнасць поспеху ідэі уніі са шведамі даволі сумнеўнымі гіпотэзамі, напрыклад, сцвярджаючы, што памылкай караля была спроба знайсці больш шырокую падтрымку, у тым ліку ў каталікоў (якія, зрэшты, адразу здрадзілі шведам), замест поўнай перадачы ўлады ў краіне пратэстанцкаму клану Радзівілаў (138).

Рэчаіснасць, аднак, была зусім іншай, i аўтар таксама яе паказвае (149-160)[14]. На падставе шведскіх архіўных матэрыялаў і літаратуры ён дае цікавую карціну фіскальнага ўціску на акупаваных тэрыторыях, які ў значнай ступені пераўзыходзіў павіннасці грамадзян ВКЛ у Рэчы Паспалітай. Толькі ў першыя тры месяцы 1656 г. з пяці занятых імі паветаў шведы выціснулі 185 тыс. талераў, у той час як раней усё ВКЛ выплачвала ў скарб Рэчы Паспалітай толькі 300 тыс. талераў падатку (аўтар, аднак, не ўдакладняе, які сойм прыняў пастанову пра падаткі ў такой колькасці). Вынікаў такой палітыкі не трэба было доўгачакаць: ужо ў сакавіку 1656 г. у Жамойці пачалося паўстанне, якое стала пачаткам вызвалення краіны з-пад акупацыі. Катлярчук лічыць канфлікты і баявыя дзеянні гэтага часу своеасаблівай формай грамадзянскай вайны паміж прапольскімі каталікамі i прашведскімі пратэстантамі (у той жа час адзначаючы, што тады шмат пратэстантаў перайшло на бок караля), а гэта рызыкоўны тэзіс.

Падкрэсліваючы вялікае значэнне уніі ВКЛ са Швецыяй, Катлярчук шматразова сцвярджае (напр. 111, 122), што дамовы ў Ясьвойнах і Кейданах былі заключаны юрыдычна правільна, паколькі Вялікае Княства паводле III Статута мела гарантаваную магчымасць праводзіць самастойную замежную палітыку. Зыходзячы з гэтага сцвярджэння, ён таксама падкрэслівае, што па гэтай прычыне ўсе рашэнні Яна Казіміра пра пазбаўленне прыхільнікаў Швецыі маёнткаў і пасадаў былі беспрэцэдэнтныя і незаконныя, паколькі вырашаць такія пытанні мог толькі соймавы суд (122, 147-148). Калі з другім тэзісам можна пагадзіцца, то першы не знаходзіць дастатковага пацверджання ў крыніцах. Па дакументах Люблінскай уніі, абедзве часткі Рэчы Паспалітай павінны былі праводзіць сумесную замежную палітыку, таму права ВКЛ на самастойныя перамовы з суседзямі было абмежаваным. Нават перамір’е ВКЛ са Швецыяй, заключанае 19.I.1627 г. у Бальдэнмойзе на няпоўных 5 месяцаў (да 11.VI.1627), гэта значыць акт, які меў нашмат меншую палітычную вагу, выклікаў вялікія пярэчанні, таксама і ў ВКЛ. Было паўсюдна прызнана, і таксама ў Вялікім Княстве, што ўдзельнікі гэтых перамоваў выйшлі за межы сваёй кампетэнцыі, паколькі падобныя дамовы маглі заключацца толькі са згоды караля і прадстаўнікоў Кароны. Перамір’е гэтае раскрытыкаваў таксама Жыгімонт III, прызнаючы факт яго заключэння парушэннем каралеўскіх прэрагатываў i шкодным для уніі[15].

Кніга Андрэя Катлярчука, безумоўна, вельмі неадназначная. Аўтар выступае з шэрагам наватарскіх сцвярджэнняў і меркаванняў, якія пры гэтым вельмі спрэчныя і не знаходзяць пацверджання ў крыніцах. Істотная частка крыніц засталася, на жаль, не выкарыстана аўтарам. Тым не менш праца заслугоўвае ўвагі, бо ўтрымлівае шмат цікавых думак, якія заахвочваюць да роздуму і дыскусіі, паказваючы адрозны пункт гледжання на ад ну з найбольш драматычных падзей у гісторыі Рэчы Паспалітай Двух Народаў.

Варшава

Конрад Бабятыньскі


[1] Kotłubaj E. Galerya nieświeżska portretów Radziwiłłowskich. Wilno, 1857; ён жа. Życie Janusza Radziwiłła, Wilno — Witebsk, 1859; Kalicki B. Bogusław Radziwiłł. Koniuszy litewski. Kraków, 1878.
[2] Wasilewski T. Zdrada Janusza Radziwiłła w 1655 r. i jej wyznaniowe motywy // Odrodzenie i Reformacja w Polsce. T. XVIII. 1973; Wisner H. Dysydenci litewscy wobecwybuchu wojny polsko-szwedzkiej (1655-1660) // Odrodzenie i Reformacja w Polsce. T. XV. 1970; ён жа. Rok 1655 na Litwie: pertraktacje ze Szwecją i kwestia wyznaniowa // Odrodzenie i Reformacja w Polsce, T. XXVI. 1981. Падобна як Васілеўскі,адназначна негатыўна палітыку Я. Радзівіла ацанілі таксама: Wójcik Z. Wielkie Księstwo Litewskie wobec Szwecji, Rosji i powstań kozackich // Przegląd Wschodni.T. I.1991. Z. 3; Majewski W. Poddanie się Litwy Szwedom w 1655 roku (od 28 lipca do 8 września) // Świat pogranicza. Red. M. Nagielski i A. Rachuba, Warszawa, 2003.
[3] Spisek orleański w latach 1626-1628. Opr. U. Augustyniak, W. Sokołowski. Warszawa, 1990.
[4] Шкада, аднак, што аўтар не заўважыў многіх іншых цікавых лістоў Мяжынскага, напрыклад, ліста даверанага слугі Радзівілаў K. Даўгілы Стрышкі (штопадкрэслівае верагоднасць заключаных у ім разважанняў) ад 20. IV. 1655 г.(AGAD AR V. Nr 9646. T. I. S. 21-22), у якім апісана ўсё больш драматычная, папрычыне поўнага паражэння зімова-веснавога контрнаступлення войскаў Я. Радзівіла, ваенная сітуацыя ВКЛ. З гэтага выразна відаць, што кантакты Радзівіла са шведамі ставілі тады задачу перш за ўсё дабіцца ваеннай дапамогі супраць Масквы, тым больш што атрыманне значнай падтрымкі ад армііКароны станавілася ўсё больш нерэальным. Мяжынскі ўжывае наступную аргументацыю: „бо калі Карона, quarte parte ледзь маючы potentem як Літва hostem, узяла сабе in subsidium татарскія войскі, якімі перад гэтым rebelles даводзілі. А Літве, што мае непрыяцеля ў чатыры разы мацнейшага i на ўсю molem belli devolutam гледзячы, eodem iure et necessitate не сыдзе implorare аuхіliа na hiper, a магутнага суседа”.
[5] Прыведзеныя ў: Kossarzecki K. Forteca Słucka w okresie wojen XVII wieku // Zamojsko-Wołyńskie Zeszyty Muzealne. T. II. 2004. S. 41-60; Słuck wobec zagrożenia moskiewskiego i kozackiego podczas wojny z Moskwą w latach 1654-1667 // Materiałydo Historii Wojskowości. Nr II. Pułtusk, 2004. S. 93-112, якія таксама невядомы аўтару.
[6] У апошні час нашмат больш шырокае і ўдумлівае апісанне гэтых падзей пададзена ў: Płosiński J. Potop szwedzki na Podlasiu 1655-1657. Zabrze, 2006. S. 147-160.
[7] Перш за ўсё: Bobiatyński K. Od Smoleсska do Wilna. Wojna Rzeczypospolitej z Moskwą 1654-1655. Zabrze, 2004; ён жа. Kampania zimowo-wiosenna wojsk Janusza Radziwiłła 1654-1655// Staropolska sztuka wojenna XVI-XVII wieku. Prace ofiarowane Profesorowi Jaremie Maciszewskiemu. Red. M. Nagielski. Warszawa, 2002; ён жа. Działania posiłkowego korpusu koronnego na terenie Wielkiego Księstwa Litewskiego w latach 1654-1655 // Studia i Materiały do Historii Wojskowości. T. XLI. 2004.
[8] Да яе прыхільнікаў можна залічыць, напр.: Czapliński W. Rola magnaterii i szlachty w pierwszych latach wojny szwedzkiej // Polska w okresie drugiej wojny północnej 1655-1660. T. I. Warszawa, 1957. S. 152 (веданне гэтага артыкула дазволіла б паказаць меркаванні магнатэрыі i шляхты ВКЛ на больш шырокім параўнаўчым фоне); ён жа. Parę uwag o tolerancji w Polsce w okresie kontrreformacji // ён жа. O Polsce siedemnastowiecznej. Problemy i sprawy. Warszawa, 1966. S. 121; Nowak T. Geneza agresji szwedzkiej, // Polska w okresie… S. 102; часткова: Kubala L. Wojna moskiewska 1654-1655 r., Szkice historyczne. T. III. Warszawa, 1910. S. 257; Wasilewski T. Op. cit. S. 143-144.
[9] J. Radziwiłł do K. Dowgiałło Stryszki, przeprawa pod Borysowem 29 XI 1654. AGAD AR IV. Teka 16. K. 19. Nr 304. Пра неабходнасць атрымання ваеннай дапамогі ад шведаў упамінаецца таксама ў мемарыяле, які быў падрыхтаваны пад кіраўніцтвам гетмана пад канец кастрычніка 1654 г.: Consideracje o obronie teraźniejszej Wielkiego Księstwa Litewskiego w r. 1654. Biblioteka Narodowa. Rkps III 6634. S. 45-48; гл. таксама: list J. Radziwiłła do J. Leszczyńskiego, w obozie w Śmiłowiczach 31 XII 1654. BCzart. 384. Nr 76. S. 175-180.
[10] J. Radziwiłł do K. Dowgiałło Stryszki, Mohylew 20 III 1655 // Kotłubaj E. Życie Janusza Radziwiłła… S. 374-376.
[11] Vorbek-Lettow M. Skarbnica pamięci. Pamiętnik lekarza króla Władysіawa IV. Wyd.E. Galos, F. Mincer; pod red. W. Czaplińskiego. Wrocław—Warszawa — Kraków, 1968.S. 227-247.
[12] На падставе копіі: Biblioteka Czartoryskich. Rkps 148. Nr 101. S. 515-519.
[13] Аднак на с. 111 аўтар піша, што Кейданская унія стварыла федэрацыю,падобную Люблінскай, якая, шматразова падкрэслівае аўтар, была актамдыскрымінацыі ліцвінаў і не гарантавала ім незалежнасці.
[14] Шкада аднак, што ў кнізе не былі выкарыстаны маскоўскія рэляцыі на тэму сітуацыі ў Жамойці i на іншых тэрыторыях, акупаваных шведамі (Браслаўскі павет) у 1656 г., выдадзеныя пад рэдакцыяй Н. А. Папова (Акты Московского государства. Т. II. СПб, 1894) — гл. перш за ўсё справаздачы ваяводаў Друі Афанасія Ардзіна-Нашчокіна i Вільні Mіхаіла Шахоўскага (напр., № 801, с. 485-488; № 817, с. 498-499; № 820, с. 500; № 859, с. 521-522).
[15] Wisner H. Spór o rozejm litewsko-szwedzki w Baldenmojzie z 1627 roku // Zapiski Historyczne. T. LXVI. 2001. Z. 1. S. 29-32, 35.

Наверх

Конрад Бабятыньскі. Адносіны жыхароў ВКЛ да маскоўскага войска ў 1654–1655 г.

Снежня 29, 2007 |


Заключэнне Пераяслаўскай дамовы і як вынік наступ войскаў цара Аляксея Міхайлавіча на тэрыторыю Вялікага Княства Літоўскага сталі нечаканасцю для большасці палітычнай эліты Рэчы Паспалітай, але не для жыхароў усходніх земляў дзяржавы. Яшчэ ў другой палове 1653 г. тут не існавала сумненняў, што пачатак вайны з усходнім суседам з’яўляецца пытаннем бліжэйшых месяцаў. Інфармацыя пра канцэнтрацыю значных маскоўскіх сілаў каля мяжы і вялікую падрыхтоўку да баявых дзеянняў дасягала ў гэты час Магілёва, Шклова і Оршы, а змястоўныя рапарты аб нарастанні пагрозы атрымліваў ад сваіх людзей — як літоўскіх, так і каронных — палявы гетман ВКЛ, фактычны галоўнакамандуючы арміі Януш Радзівіл[1].

Нягледзячы на трывожныя данясенні, у першай палове 1654 г. мала было зроблена для таго, каб падрыхтаваць краіну да абароны. Больш за вайсковыя справы Радзівіла ў гэты час займала палітычная барацьба з дваром, і перш за ўсё — барацьба за вялікую булаву ВКЛ, якую ён пасля доўгіх намаганняў урэшце атрымаў 17 чэрвеня 1654 г. Знаходжанне ў Варшаве на паседжаннях сойма прывяло да таго, што ў лагер пад Оршай, дзе збіралася яго армія, гетман прыехаў толькі ў апошнія дні чэрвеня, у той час, калі маскоўскія войскі ўжо некалькі тыдняў знаходзіліся на тэрыторыі Рэчы Паспалітай. У выніку позна распачатай і вельмі няспешна праведзенай канцэнтрацыі Радзівіл змог сабраць пад сваім началам толькі 4-тысячную армію, якую падтрымлівалі нешматлікія, слабыя з ваеннага пункту гледжання павятовыя харугвы і паспалітае рушанне. Тым не менш у хуткім часе гэтым невялікім сілам давялося першымі сутыкнуцца з арміяй, у шмат разоў большай. Маскоўскія войскі, якія вялі наступленне на ВКЛ, налічвалі каля 70 тысяч салдат. Іх падтрымліваў дапаможны казацкі корпус нежынскага палкоўніка Івана Залатарэнкі (каля 20 тысяч чалавек)[2].

Вялікая дыспрапорцыя ў сілах прывяла да таго, што наступленне царскіх войскаў разгортвалася маланкава. Жыхары памежных тэрыторый ужо ў першыя тыдні вайны сталі перад цяжкім выбарам — ці захаваць вернасць свайму законнаму ўладару Яну Казіміру, ці, ратуючы сваё жыццё i маёмасць, прыняць царскае падданства. Ваенная сітуацыя, аднак, вельмі хутка звузіла поле для манеўра, а адсутнасць магчымасці для рэальнай абароны прывяла да таго, што толькі нешматлікія гарады асмеліліся на супраціўленне. Пераважна праваслаўнае насельніцтва памежжа (перш за ўсё сяляне і мяшчане), прызвычаенае да частых зменаў сваёй дзяржаўнай прыналежнасці, не імкнулася выказваць сваё жаданне да ўзброенага супраціву і часта хлебам-соллю вітала маскоўскія войскі[3]. Найчасцей гэта праяўлялася ў смаленскім ваяводстве і паўночнай частцы віцебскага і полацкага ваяводстваў, якія адносна нядаўна былі пад уладай цара і ў межы Рэчы Паспалітай увайшлі толькі пасля перамір’я ў Дэвуліне (1618) і міру ў Палянаве (1634).

На паўночным фронце, дзе знаходзілася армія Васіля Пятровіча Шарамецьева, галоўнай мэтай наступлення з’яўляліся ўладанні Януша Радзівіла — Невель і Себеж. Невель капітуляваў адным з першых гарадоў — 11 чэрвеня[4]. Да гэтага насельніцтва заклікаў мясцовы дзяржаўца, нейкі Барыс фон Дэрэн, які адразу пажадаў перайсці ў праваслаўе, уступіў у маскоўскую армію і заклікаў навакольную шляхту і сялян зрабіць тое ж самае[5]. Перайсці ў падданства цара адмовіўся мясцовы стараста Ян Карманоўскі, які быў шчаслівы тым, што замест высылкі масквічы яго „пятага выпусцілі”. Не аказвалі супраціву і жыхары Себежа. „Себеж таксама самі, не аддаючы Маскве, не маючы людскай моцы, не пакідаючы цалкам спаліць мусілі”, — даносіў мясцовы намеснік Богдан Ульскі[6]. З данясення, якое прадставіў цару захопнік горада Афанасій АрдзінНашчокін (дагэтуль быў ваяводам Апочкі, а пазней — знакаміты царскі дыпламат), мы даведваемся, што і тут большая частка насельніцтва мела прамаскоўскія сімпатыі, а мясцовыя сяляне пачалі масава выступаць супраць шляхты і выказвацца за падпарадкаванне згаданай тэрыторыі цару[7]. Масквічы хутка занялі Асвею, якая знаходзілася непадалёк і належала падканцлеру ВКЛ Казіміру Лявону Сапегу, якую „цалкам спалілі”, a „насельніцтва ў розныя бакі разбеглася”[8].

Прыкладам памежных гарадоў скарыстаўся і Полацк — галоўны пункт абароны ВКЛ на лініі Дзвіны. Нягледзячы на сваё стратэгічнае значэнне, ён быў цалкам непадрыхтаваны да абароны, фартыфікацыі ўсіх трох замкаў знаходзіліся ў дрэнным стане, а гетман Радзівіл не стварыў тут ніякага гарнізона. Таксама было невядома, хто павінен заняцца будучай падрыхтоўкай да абароны, бо пасля смерці Аляксандра Людвіка Радзівіла (21 сакавіка 1654 г.) урад мясцовага ваяводы быў вакантны і па розных прычынах не перайшоў да літоўскага канюшага Багуслава Радзівіла, які прыкладаў вялікія намаганні ў згаданай справе. У сувязі з гэтым не выклікае здзіўлення той факт, што дух супраціву сярод патэнцыяльных абаронцаў вельмі хутка змяніўся рацыянальнай ацэнкай сітуацыі. Большасць багатых купцоў і навакольнай шляхты папярэдне збегла галоўным чынам да Вільні ці Рыгі, выехаў з горада і мясцовы уніяцкі біскуп. У Полацку застаўся бурмістр Іван Міхновіч, які яшчэ да пачатку аблогі прапанаваў Маскве свае паслугі і запэўніў, што адразу пасля з’яўлення першых царскіх атрадаў ён угаворыць гарадскіх жыхароў адчыніць вароты і прыняць падданства Аляксея Міхайлавіча[9]. Як у хуткім часе аказалася, гэта не былі пустыя заявы. Ужо 30 чэрвеня, праз тры дні аблогі і практычна без барацьбы, Полацк капітуляваў[10]. Узнагародай за пакорнаць стаў выдадзены 17 верасня царом прывілей, які захоўваў папярэднія гандлёвыя прывілеі горада і зацвердзіў кампетэнцыі мясцовага самакіравання[11].

У наступныя некалькі тыдняў услед за Полацкам здаліся іншыя гарады — Дзісна, Друя, Азярышча, Усвят і Іказнь[12]. Зусім іншую пазіцыю занялі абаронцы другога найважнейшага літоўскага цэнтра, які знаходзіўся на Дзвіне — Віцебска. Але тут намінальна не існавала камандуючага, бо мясцовы ваявода Павел Ян Сапега прадбачліва ўхіліўся ад гэтага абавязку, а замяніць яго павінен быў віцебскі падва явода, старадубскі падкаморы Казімір Стравіньскі. Нягледзячы на тое, што ўмацаванні двух гарадскіх замкаў не былі ў лепшым стане, чым полацкія, а гарнізон, які складаўся з рэгулярных адзінак, быў умацаваны толькі аддзелам драгунаў пад камандаваннем Грыгорыя Крыштафа Мажэйкі (100 чалавек), горад супраціўляўся Маскве на працягу 14 тыдняў (аблога пачалася 14 жніўня) і капітуляваў толькі 2 снежня. Неабходна падкрэсліць, што такая працяглая абарона была заслугай перш за ўсё мясцовай шляхты, большасць якой змагалася ў Віцебску, а потым гераічна і да апошняй магчымасці на месцах. Тут, як і ў Полацку, падвялі мяшчане. Частка іх збегла яшчэ да пачатку аблогі, а з прычыны здрады групы жыхароў, якія „паказалі ім [масквічам. — К. Б.] месца не вельмі ўмацаванае”, непрыяцель змог захапіць горад 27 лістапада, забіць большую частку абаронцаў, а тыя, хто працягваў супраціўленне, былі адціснуты да замка і праз некалькі дзён здаліся[13]. Пераможцы не збіраліся вытрымліваць прапанаваных умоў капітуляцыі і жорстка пакаралі ліцвінаў за доўгае супраціўленне. Абаронцаў, якія не пагадзіліся прыняць падданства цара i перайсці ў праваслаўе, не адпускалі на волю, а вывозілі ўглыб Маскоўскай дзяржавы, хаця першапачаткова нават збіраліся іх забіць[14].

Затое меншае жаданне супраціву пад час кампаніі 1654 г. праявіла шляхта Мсціслаўскага ваяводства. Мсціслаў быў мэтай наступлення 15-тысячнай арміі князя Аляксея Трубяцкога. Наступаючы з раёна Бранска, яна ўжо ў канцы чэрвеня без бою захапіла памежны Рослаў. Мсціслаў быў атакаваны непрыяцелем 18 ліпеня. Нягледзячы на цяжкую сітуацыю, кіраўнік абароны ў званні губернатара мсціслаўскі гараднічы Ян Станкевіч катэгарычна адмовіўся адчыніць браму горада, бо спадзяваўся на хуткую ваенную падтрымку арміі ВКЛ, якая знаходзілася пад Оршай. Аднак высланая Радзівілам дапамога спазнілася. Драўляныя ўмацаванні горада аказаліся вельмі слабой заслонай ад артылерыі і праз чатыры дні абстрэлу яны пачалі гарэць. 22 ліпеня ў горад уварвалася маскоўская пяхота, якая пачала забіваць жыхароў[15]. Гэтага лёсу пазбегла большасць шляхты, якая абараняла Мсціслаў, але „пасля падступлення масквічоў, пад выглядам выступлення, пяць харугваў з замка вышлі”, — даносіў Януш Радзівіл[16]. У палон трапіў Станкевіч, які „быў вывезены ў маскоўскую сталіцу, дзе на працягу паўтрэці [два з паловай гады. — К. Б.] у цяжкіх умовах <…> пакутаваў у астрозе”[17].

Асобнай увагі заслугоўвае выпадак Смаленска, захоп якога быў галоўнай мэтай войскаў Аляксея Міхайлавіча ў 1654 г. Выкананне гэтай задачы было ўскладзена на плечы найбольш шматлікай з маскоўскіх армій (каля 41 тысяч салдат), намінальным кіраўніком якой быў цар. Акалічнасці аблогі Смаленска падрабязна прааналізавалі ваенныя гісторыкі. Няма сумненняў, што прычыны падзення гэтай крэпасці пасля амаль трох месяцаў барацьбы неабходна шукаць у ваенных фактарах. Высокай ацэнкі не заслугоўваў ваявода Філіп Казімір Абуховіч, які не меў ні дастатковых ваенных ведаў, ні аўтарытэту сярод сваіх падначаленых. На стан падрыхтоўкі да абароны несумненна паўплываў канфлікт Януша Радзівіла з каралём. Прызначэнне 25 верасня 1653 г. на пасаду ваяводы Абуховіча, які доўгі час заяўляў, што з’яўляецца прыхільнікам каралеўскага двара, сустрэла выразнае непрыняцце гетмана. Прыхільнікі Радзівіла спачатку не хацелі ўпускаць ваяводу ў горад, потым сабатавалі яго рашэнні, і палкоўнік найманых аддзелаў, якія складалі аснову смаленскага гарнізона, Вільгельм Корф адмаўляўся прызнаваць верхавенства Абуховіча. Калі пасля атрымання навін аб пераходзе маскоўскімі войскамі мяжы ўрэшце бакі вырашылі скончыць братазабойчыя сваркі, было запозна, каб навярстаць некалькі страчаных месяцаў. Праведзены ў спешцы рамонт нязначна паправіў дрэнны стан ўмацаванняў, якія не былі цалкам адноўлены пасля знішчэнняў пад час барацьбы ў 1609-1611 і 1632-1633 г., а ў горадзе недастаткова было назапашана прадуктаў харчавання і ваенных матэрыялаў[18].

Аналізуючы ход аблогі Смаленска, нельга не заўважыць, што сярод абаронцаў не было таго духу і жадання барацьбы, што дапамаглі пад час папярэдняй вайны 1632—1633 г. меншаму гарнізону значна даўжэй (амаль год) паспяхова адбіваць атакі арміі Міхала Шейна. Асаблівае расчараванне выклікала смаленская шляхта, якая юрыдычна была абавязана да паўгадовай службы ў мурах горада ў рамках паспалітага рушання. Як паказаў праведзены 9 чэрвеня 1654 г. агляд, свой абавязак выканала толькі 349 шляхцічаў, 156 прыслалі замену, а разам з почтамі было выстаўлена 978 чалавек[19]. Яшчэ да пачатку аблогі частка шляхты, якая, магчыма, разумела малыя шансы на паспяховую абарону, збегла: „з замка паехаўшы, падлеткаў, сялян і простых рамеснікаў на сваё месца пасадзілі”. Тыя абывацелі, якія засталіся ў горадзе, таксама не стараліся сумленна выконваць свае абавязкі з-за „вялікіх папоек, непаслушэнства, сыходамі з кватэр да хатаў, непадпарадкавання трубе, калі абвяшчалася трывога”[20].

Настроі абаронцаў пагоршыліся пасля 26 жніўня, калі адбыўся галоўны штурм маскоўскіх войскаў. Праўда, пасля бітвы, якая працягвалася некалькі гадзін, удалося іх адцясніць, але ліцвіны панеслі істотныя страты, якія маральна ix падарвалі. Яшчэ большым шокам стала навіна аб разгроме 24 жніўня пад Шапялевічамі арміі Януша Радзівіла, што пазбавіла абаронцаў надзеі на дапамогу. Пры пасіўнай пазіцыі Абуховіча, у якога відавочным было нервовае расстройства, актывізаваліся прыхільнікі здачы Смаленска. Аднак трэба падкрэсліць, што ў цяжкі момант за працягванне барацьбы выказаліся перш за ўсё мяшчане. Акрыта баючыся вяртання пад царскі скіпетр, яны заяўлялі, што „калі [існуе] патрэба ў пяхоце, розным сукне, якое схавана, няхай бяруць. Калі прадукты харчавання, то кожны з нас бярэ да сябе: аднаго, двух, ці нават трох, у каго якія ёсць магчымасці, і лёзных людзей прыдавалі чалавек сто”[21]. Зусім іншую пазіцыю выяўляла, аднак, большасць шляхты, якая коштам захавання прывілеяў і маёмасці гатова была прызнаць пераход Смаленска пад уладу Раманавых. Акрамя гродскага суддзі Альбрыхта Галімонта важную ролю ў гэтай групе адыгрываў смаленскі гродскі пісар Казімір Самуэль Друцкі-Сакалінскі — сын кіраўніка гераічнай абароны 1632-1633 г. Самуэля Станіслава (ён, дарэчы, знаходзіўся ў горадзе і памёр у апошнія дні аблогі). Яго паводзіны могуць быць сімвалічным падсумаваннем пазіцыі пакалення нашчадкаў тых жаўнераў, якія часта былі вайсковымі асаднікамі і пад час папярэдняй вайны з Масквой з захапленнем абаранялі зямлю, якая пасля Дэвулінскага перамір’я стала для іх новай айчынай. Сыны ж іхныя адкрыта праявілі здрадніцкую пазіцыю, перайшоўшы ў апошнія дні верасня на бок цара і перацягнуўшы за сабой большую частку гарнізона. У такой сітуацыі Абуховічу нічога не заставалася, як 29 верасня падпісаць капітуляцыю. Большасць насельніцтва, якое знаходзілася ў Смаленску, як і жаўнераў, вырашыла застацца ў горадзе і ў наступныя дні прыняла прысягу на вернасць Аляксею Міхайлавічу[22].

Яшчэ меншую стойкасць у захаванні вернасці Яну Казіміру выказалі ў 1654 г. жыхары другога буйнога горада ўсходняй Беларусі — Магілёва. Ацэньваючы эканамічнае значэнне гэтага цэнтра, які надзвычай дынамічна развіваўся ў першай палове XVII ст., цар прыклаў усе намаганні, каб захапіць яго як мага хутчэй і коштам найменшых ахвяраў. Задачу схіліць магілёўцаў да прыняцця пратэкцыі Аляксея Міхайлавіча ўзяў на сябе шляхціч з пінскага павета Канстанцін Паклонскі, які 1 жніўня пад Смаленскам быў прыняты на царскую службу. Ужо ў якасці маскоўскага палкоўніка ён на чале з невялікім узброеным аддзелам прыбыў 24 жніўня пад Магілёў і пасля дзесяці дзён перамоў угаварыў мяшчан прыняць прысягу новаму ўладару (гэта адбылося 3 верасня)[23].

На такое рашэнне ў значнай ступені паўплывала паражэнне арміі ВКЛ пад Шапялевічамі, пасля якога горад перастаў баяцца магчымых рэпрэсій з боку Януша Радзівіла за здраду законнаму ўладару[24]. Гістарычныя крыніцы, аднак, не пакідаюць сумнення, што гэта быў другарадны фактар, бо большасць насельніцтва Магілёва не мела ніякіх пярэчанняў перад тым, каб перайсці пад уладу Раманавых. Што стала прычынай гэтага? Савецкія гісторыкі ў першую чаргу звярталі ўвагу на спецыфічную структуру гарадскога грамадства. Значны ўплыў мела сярэднезаможнае мяшчанства, якое займалася гандлем, а таму за кошт гандлёвых канцэсій і аблягчэння гандлёвага абмену з Масквой гатова было перайсці пад уладу цара[25] Вялікую падтрымку новая ўлада знайшла сярод шматлікай гарадской беднаты, якая складалася пераважна са значнай часткі ўцекачоў з маскоўскай дзяржавы і з пачатку XVII ст. шукала лепшага жыцця ў ВКЛ. Гэтая група насельніцтва безвынікова на працягу дзесяцігоддзяў змагалася з патрыцыятам за ўплыў у гарадской радзе і ў судзе, тры разы (у 1606, 1610 і 1638) уздымала бунт супраць магістрата. Акрамя згаданага, у гэтым рэгіёне назіраўся моцны ўплыў праваслаўнага духавенства, што было тым фактарам, які часта адыгрываў важную ролю ў прыняцці рашэння аб захаванні вернасці Рэчы Паспалітай ці пераходу на бок Масквы. Неабходна таксама дадаць, што вельмі малы адсотак насельніцтва Магілёва складала шляхта (у руках якой знаходзілася каля 2% гарадскіх дымоў), а ў горадзе не было пастаяннага вайсковага гарнізона[26]. Таму не выклікае здзіўлення, што з адступленнем за Бярэзіну арміі ВКЛ пасля шапялевіцкай паразы не было на каго абаперціся ў абароне і ў горадзе адразу перамаглі капітулянцкія настроі.

Ацэньваючы ўплыў згаданых фактараў на пазіцыю насельніцтва Магілёва ў 1654 г., нельга не ўзгадаць здарэнняў, якія мелі месца непасрэдна перад пачаткам вайны і значна знізілі сімпатыі мяшчан да Рэчы Паспалітый. Асабліва важную ролю адыграў канфлікт горада з адміністратарам магілёўскай эканоміі, літоўскім кухмістрам Мікалаем Гінвілам Пятроўскім, і перш за ўсё з яго падначаленым — магілёўскім падстарастам, скарбным пісарам Станіславам Янам Сшэдзіньскім. Горад абвінаваціў апошняга ў злачынствах, у тым ліку ў крадзяжы 600 злотых з прыбыткаў эканоміі, што належалі каралю, і ў іншых фінансавых злоўжываннях, якія прывялі людзей да вялікіх растрат. Нягледзячы на тое, што кароль прызначыў камісію для вывучэння справы, a калі яе работа скончылася няўдачай, выклікаў Сшэдзіньскага ў надворны суд, прэтэнзіі мяшчан да пачатку вайны так і не былі задаволены. У 1653 г. магілёўцы мелі таксама вялікія прэтэнзіі да Януша Радзівіла, які ў іх уладаннях прызначаў занадта вялікія павіннасці для ўтрымання войска, а таксама патрабаваў паставак правіянту для арміі, якая стаяла лагерам пад Рэчыцай. Да гэтага дадаваліся пастаянныя рэлігійныя спрэчкі. Можна меркаваць, што найбольшае абурэнне сярод праваслаўнага ў сваёй большасці насельніцтва выклікала позва ў каралеўскі суд у лістападзе 1653 г. некалькіх членаў аднаго з праваслаўных брацтваў за тое, што „падняўшы бунт супраць вышэйшай улады Нашай вялікасці” не аддалі адной з цэркваў (Спаскай) сапраўдным уладарам, верагодней за ўсё — уніятам[27].

На працягу наступных месяцаў прамаскоўскія настроі сярод жыхароў Магілёва былі вельмі моцнымі. Найбольш абяздоленыя слаі насельніцтва ў першую чаргу беглі ў шэрагі створанага Канстанцінам Паклонскім палка (напрыканцы 1654 г. ён налічваў каля 4000 чалавек), які ад імя цара займаў навакольныя землі. Калі на пачатку 1655 г. Паклонскі вырашыў вярнуцца на службу Рэчы Паспалітай i 16 лютага пакінуў Магілёў, каб далучыцца да лагера Радзівіла, то насуперак яго жаданню з ім перайшлі толькі 400 жаўнераў. Астатнія, ці каля 90% палка (каманду над якім пераняў сотнік Ілля Бушак і суддзя Павал Акуркевіч), вырашылі застацца ў горадзе. Прычыны такога рашэння былі вельмі складаныя. Без сумнення, магілёўцы маглі быць задаволеныя маскоўскім кіраўніцтвам цягам тых некалькі месяцаў. Цар пацвердзіў іх правы і прывілеі, а яго войска значна менш — у параўнанні з ліцвінамі — спусташала ваколіцы горада. З Магілёва не вывозіліся людзі (што з’яўлялася звычайнай практыкай на большасці занятых тэрыторый), а Аляксей Міхайлавіч паклапаціўся аб бяспецы горада i змясціў у ім вялікі гарнізон. Для большасці бяднейшых магілёўцаў служба ў палку Паклонскага была значным сацыяльным шанцам, які яны не маглі атрымаць у невялікім войску ВКЛ. Цар таксама імкнуўся (і, дарэчы, паспяхова) знайсці падтрымку сярод заможных мяшчан з дапамогай пажалаваных земляў і грашовых падарункаў[28].

Пад час аблогі Магілёва арміяй Радзівіла ў выніку зімовага контрнаступлення (16 лютага — 11 мая 1655) мяшчане ўпарта падтрымлівалі маскоўскі гарнізон і некалькі разоў адхілялі прапановы здацца. „У такім супраціве і ўпартым obstinacji самазабыцці, што extrema pati і пастанавілі загінуць, чым паддацца і прасіць літасці, якія я ім ужо некалькі разоў завуалявана прапаноўваў і ужо два дні чакаю адзнаменавання”, — пісаў 21 лютага Януш Радзівіл[29]. Праз паўтара месяца гетман без ваганняў назваў магілёўцаў „caput rebellionis у гэтых землях”[30]. „Некаторыя настолькі разлютаваныя і злосныя”, — пісаў у сваю чаргу пра мяшчан мемуарыст Мацей Форбек-Леттаў, — „што нават калі б Масква капітулявала і хацела пайсці на пагадненне, то яны нават думаць аб гэтым не жадаюць і не даюць. Прысягнулі ім у царкве, што галовы разам з імі паложаць, харчаваннем з імі дзеляцца, нават дамы свае падпальваюць для лепшай абароны”. Каб падняць маральны дух гарнізона, былі распаўсюджаны чуткі, што пад час штурму 16 лютага ліцвіны здзейснілі жорсткае забойства людзей (у корань высеклі, што вочы выкалваем, жанчынам грудзі жалезам прыпякалі i пятлю накінуўшы вешаем”, а таксама выразалі мясцовых яўрэяў[31]. Дзякуючы нязломнай пазіцыі мяшчан і маскоўскага ваяводы Міхаіла Ваейкава абарона скончылася паспяхова, але Магілёву і яго жыхарам давялося заплаціць надзвычайна высокі кошт за захаванне вернасці цару. Крыніцы сцвярджаюць, што пад час трохмесячнай барацьбы памерла большая частка насельніцтва, галоўным чынам па прычыне эпідэміі. За праўдападобную можна прызнаць лічбу ў 8000 памерлых[32]. На працягу доўгага часу Магілёў так і не аднавіў панесеных людскіх і матэрыяльных стратаў. У цэлым пад час усёй маскоўскай акупацыі да 1661 г. у горадзе колькасць дымоў зменшылася на 75,6%[33]. Напрыканцы неабходна дадаць, што цар не забыўся на заслугі абаронцаў. Пад час яго знаходжання ў Магілёве (10 ліпеня 1655) найбольш заслужаныя асобы атрымалі багатыя ўладанні і каштоўныя падарункі футрам і грашыма, а таксама былі пацверджаны ўсе гандлёвыя прывілеі горада[34].

У сітуацыі, калі дзяржаўныя гарады, якія, як правіла, не дыспанавалі дастатковымі вайсковымі сіламі, паступова да канца 1654 г. траплялі ў рукі праціўніка, адзінымі бастыёнамі ўлады Рэчы Паспалітай ва ўсходніх ваяводствах Вялікага Княства Літоўскага заставаліся прыватныя цвердзі. Пад час ваенных дзеянняў у 1654—1655 гг. іх абаронцы выказалі больш рашучасці ў барацьбе з маскоўскім войскам, чым, напрыклад, смаленскі гарнізон. Волю да барацьбы праявілі і жыхары замкаў на левым беразе Дняпра, напрыклад, Горы, якія належалі Сапегам, ці Дуброўна — уладанне жамойцкага старасты Ежы Караля Глябовіча. Абодва горада мужна адбівалі атакі ворага аж да кастрычніка, але ўрэшце вымушаны былі капітуляваць (9 кастрычніка — Горы, а 22 — Дуброўна). Галоўная прычына заключалася не ў недахопе людзей, а ў слабых умацаваннях, якія не маглі выстаяць перад агнём артылерыі, а да таго ж у адсутнасці надзеі на якую-небудзь ваенную дапамогу, асабліва пасля падзення Смаленска[35].

Маскоўскаму націску супрацьстаялі Стары Быхаў (уладанне Сапегаў) і Слуцк, які належаў Багуславу Радзівілу, а таксама размешчаныя значна далей на захад Ляхавічы і Нясвіж. Гэта было магчымым толькі дзякуючы прадбачлівасці ўладальнікаў гэтых гарадоў. Паколькі яны былі найбольш заможнымі магнатамі, то мелі ў сваім распараджэнні дастаткова сродкаў на падрыхтоўку ўмацаванняў для адбівання атакаў праціўніка. Таму яны маглі забяспечыць гарады значна большымі залогамі, чым большасць дзяржаўных гарадоў, а таксама паставіць значныя запасы харчавання і ваенных матэрыялаў. У гэтай сувязі не выклікае здзіўлення, што шляхта і мяшчане, якія адчувалі падтрымку моцнага ваеннага гарнізона, не мелі паражэнцкіх настрояў, бралі актыўны ўдзел у барацьбе і выдатна падтрымлівалі прафесійнае войска.

Першым стаць на шляху праціўніка мусіў Стары Быхаў. У першыя дні верасня 1654 г. ён быў акружаны прыбылымі з поўдня казацкімі аддзеламі Івана Залатарэнкі. Стары Быхаў быў сучаснай фартэцыяй, аточаны ўмацаваннямі старагаландскага тыпу, што з 1620-х г. пастаянна развіваліся і абнаўляліся[36]. Пад іх заслонай у першыя месяцы вайны схаваліся тысячы прадстаўнікоў беларускай шляхты з сем’ямі, а таксама сяляне з уладанняў Сапегаў, перш за ўсё з Талочына і Бялынічаў. Па ацэнцы Канстанціна Багушевіча, які кіраваў падрыхтоўкай да абароны, на 13 ліпеня 1654 г. у горадзе знаходзілася каля 3000 здольных ваяваць чалавек, што складалі 21 харугву (намеснікам гетмана быў абраны Крыштаф Пагірскі). Тэрмінова адбываўся рамонт умацаванняў, узмацняліся вал і бастыёны, папаўняліся запасы ваенных матэрыялаў, харчавання і корму для коней[37]. Дзесьці ў жніўні ў Стары Быхаў прыбылі найміты — пяхота і драгуны, якія пазней склалі аснову гарнізона. Як паведамлялі ў канцы снежня 1654 г., крэпасць павінны былі абараняць 4 наёмныя харугвы, 100 драгунаў, 17 сотняў мяшчан і шматлікія сяляне — агульнай колькасцю каля 3000 чалавек[38]. У горадзе неабходна было забяпечыць такія запасы мукі, якіх хапіла б для выпякання хлеба на працягу года, а запасы солі, праўдападобна, былі яшчэ большыя. Па дадзеных на 1655 г. артылерыя налічвала 4 цяжкіх і 26 палявых гармат[39].

Не выклікае здзіўлення, што так комплексна падрыхтаваная да абароны фартэцыя без вялікіх праблемаў адбівала атакі казацкіх войскаў, якія былі абсалютна непадрыхтаваныя да штурму сучасных умацаванняў і не мелі адпаведнай артылерыі. Пасля барацьбы, якая працягвалася з 8 верасня па 28 лістапада, казакі былі вымушаны зняць аблогу і з вялікімі стратамі адысці[40]. Да Старога Быхава яны вярнуліся праз паўгода — 17 мая 1655 г., непасрэдна пасля адступлення з-пад Магілёва войскаў Януша Радзівіла. За гэты час Казімір Лявон Сапега змог яшчэ больш узмацніць сілы абаронцаў за кошт 1200 найманых жаўнераў[41]. Агульная колькасць абаронцаў, аднак, значна паменшылася ў выніку выезда ўглыб ВКЛ вялікай колькасці шляхты і мяшчан, якія разумелі, што новае наступленне маскоўска-казацкіх войскаў прывядзе да адрыву горада ад краіны на доўгія месяцы[42]. Нягледзячы на тое, што з кожным месяцам ваенная сітуацыя ў Вялікім Княстве пагаршалася, Стары Быхаў на працягу ўсяго 1655 г. адбіваў чарговыя штурмы і вытрымліваў працяглыя аблогі спачатку казацкіх войскаў, якімі камандаваў боржнінскі палкоўнік Самойла Курбацкі, a потым — амаль 10-тысячнай маскоўскай арміі на чале з Аляксеем Трубяцкім[43]. Крэпасць заставалася ў руках ліцвінаў аж да снежня 1659 г., калі ў выніку хітрасці яна была здабыта царскім войскам. Пазіцыя яе абаронцаў яшчэ дзесяцігоддзі з’яўлялася прыкладам вернасці і стойкасці для іншых абывацеляў Рэчы Паспалітай. Яшчэ Ян III Сабескі, выдаючы 20 сакавіка 1676 г. прывілей, у якім пацвердзіў усе ранейшыя пажалаванні для жыхароў Старога Быхава, даў ім права свабоднага гандлю на рэках Кароны і Літвы, звольніў ад падаткаў на 20 гадоў і выказаў надзею, што „іншыя нашыя падданыя, духавенства і шляхта, да такой жа цноты і веры, і абароны супраць непрыяцеля, ахвоту і прыклад з іх будуць браць”[44].

На працягу ўсёй вайны Рэчы Паспалітай з Масквой непрыяцеля ў свае сцены не прапусціла і слуцкая цвярдыня. Яшчэ летам 1654 г. Багуслаў Радзівіл значна павялічыў яе гарнізон, а губернатарам прызначыў Вільгельма Паттэрсана — оберштерлейтэнанта свайго пяхотнага палка. Пасля чарговых папаўненняў, якія адбыліся пасля няўдачы контрнаступу арміі ВКЛ зімой — вясной 1655 г., слуцкі гарнізон налічваў больш за 1000 прафесійных жаўнераў. Акрамя гэтага да барацьбы былі гатовыя 4 палкі гарадской міліцыі, якія тэарэтычна маглі мець да 1800 чалавек, і гэта сведчыць пра тое, што амаль усё дарослае насельніцтва было абавязана прымаць удзел у абароне[45]. З пачатку 1655 г. у Слуцку праводзіліся інтэнсіўныя работы над умацаваннямі, адбывалася мадэрнізацыя існуючых і ўзвядзенне новых. Пасля заканчэння аблогі Магілёва ў горад прыбыў „для завяршэння новай фартэцыі” сам князь Багуслаў, пад наглядам якога была скончана будова новай цытадэлі і сучасных, накшталт бастыённых, умацаванняў вакол горада[46]. Падаецца, што знаходжанне князя значна павысіла настрой насельніцтва і шматлікіх бежанцаў, якія шукалі тут сховішча перад новым наступленнем маскоўска-казацкіх войскаў.

Упершыню жыхары Слуцка ўбачылі маскоўскую армію 2 верасня 1655 г., калі да іх горада падышлі палкі АляксеяТрубяцкога. Як аказалася, сілы праціўніка былі настолькі слабыя, што 6 верасня, пасля кароткага артылерыйскага бою, ён адступіў і накіраваўся ў бок Нясвіжа, страшэннаспусташаючы на сваім шляху Навагрудчыну. Другі раз Трубяцкі з’явіўся пад Слуцкам 27 верасня разам з казацкай дапамогай (каля 5000 салдат), прыведзенай з-пад Вільні Васілём Залатарэнкам. Другая „аблога” працягвалася толькі два дні, бо горад у чарговы раз быў дасканала падрыхтаваны да абароны. Ужо 30 верасня, калі гарнізон зноў адказаў агнём на прапанову здацца і высветлілася, „што Слуцккрывёю, а не лістамі трэба здабываць”, Трубяцкі канчаткова адмовіўся ад аблогі горада. Неабходна адзначыць, штогэта былі адзіныя спробы атакаваць крэпасць пад час вайны Рэчы Паспалітай з Масквой, бо надалей царскія войскініколі не адважваліся ісці непасрэдна на Слуцк. У значнайступені гэта было вынікам палітыкі, якую праводзіў уладаргорада (галоўным чынам у дачыненні да казакаў), а таксама сведчаннем моцы фартыфікацыі і гарнізона[47].

Ужо ў 20— 30-я г. ХХ ст., і ў значна большай ступені пасля 1945 г., савецкая гістарыяграфія імкнулася даказаць, што пад час ваенных дзеянняў, якія праводзіліся на тэрыторыі Вялікага Княства Літоўскага ў 1654—1655 г., большасць насельніцтва прагна чакала прыходу царскіх войскаў, якія павінны былі вызваліць іх з-пад прыгнёту і ярма магнатаў i шляхты. Асабліва беларускія сяляне і пераважная частка мяшчан, як даказвалася, масава выступалі супраць сваіх прыгнятальнікаў і адкрыта падтрымлівалі братнюю (шматразова падкрэслівалася пры гэтым этнічнае адзінства рускага і беларускага „народаў”) маскоўскую армію ў барацьбе з войскам Януша Радзівіла. Гэтая дапамога праяўлялася ў разгроме атрадаў мясцовай шляхты, здабычы інфармацыі аб перамяшчэннях арміі ВКЛ ці прыняцці пад свой кантроль пакінутых шляхтай гарадоў з далейшай іх перадачай Маскве[48].

Як мы ўжо ведаем, выпадкі масавага пераходу насельніцтва на бок Аляксея Міхайлавіча былі на першым этапе вайны — кампаніі 1654 г. — хутчэй правілам, чым выключэннем. Аднак прычыны такой з’явы нельга шукаць у класавай барацьбе, і толькі часткова — у рэлігійных фактарах. Найбольш важную ролю адыграла агульная ваенная сітуацыя і вялізная дыспрапорцыя сілаў праціўнікаў, якая адразу прыгаворвала ліцвінаў да паражэння ва ўзброенай барацьбе, а вялізныя прасторы Вялікага Княства — да маскоўскай акупацыі. У сітуацыі, калі Рэч Паспалітая не магла гарантаваць сваім жыхарам абарону, адзіным спосабам уратавання жыцця і маёмасці было прыняцце царскай пратэкцыі. Найбольш важную ролю для мяшчан (Магілёў, Полацк) адыгрывалі спадзяванні на атрыманне новых гандлёвых прывілеяў і паляпшэнне гаспадарчага абмену з Масквой, а таксама надзеі на атрыманне ад цара маёмасных і грашовых канцэсій.

Першыя тыдні акупацыі, адзначаныя забойствамі і рэпрэсіямі непрыяцеля, прывялі да таго, што папярэдне пазітыўнае і нават прыязнае стаўленне мясцовага насельніцтва ў хуткім часе кардынальна змянілася. Новая ўлада масава пачала вывозіць на ўсход людзей, нават з тых гарадоў, якія добраахвотна прынялі вярхоўную ўладу цара (як, напрыклад, з Полацка). На тэрыторыі на ўсход ад Бярэзіны, якая традыцыйна лічылася мяжой Русі, асабліва жорстка трактавалі каталікоў, якіх лічылі найбольш небяспечным элементам, падатлівым да бунтарскіх настрояў. Углыб дзяржавы Раманавых перасялялі не толькі шляхту, але і прадстаўнікоў іншых сацыяльных групаў. Шматлікія рамеснікі з іх вытворчасцю былі вывезены ў маскоўскія гарады, а дзесяткі тысяч сялян разам з сем’ямі і здабычай трапілі ў баярскія ўладанні, спустошаныя пад час эпідэміі чумы, што гаспадарыла ад жніўня да кастрычніка 1654 г. Усходняя частка Вялікага Княства сістэматычна знішчалася і рабавалася, і такім чынам паступова ператваралася ў пустэчу[49].

Згаданыя фактары прывялі да таго, што нават тая частка насельніцтва, якая яшчэ паўгода таму радасна вітала чужыя войскі, цяпер з нецярпеннем чакала вяртання пад уладу Яна Казіміра. Выпадак такі адбыўся хутка — у студзені 1655 г. Менавіта ў гэты час пачалося контрнаступленне арміі ВКЛ, якую падтрымаў моцны каралеўскі корпус. Першыя перамогі войска Януша Радзівіла — захоп такіх гарадоў па лініі Дняпра, як Дуброўна, Орша, Копысь — прывялі да таго, што не толькі шляхта, але і мяшчане разам з сялянамі з беларускіх земляў пачалі масава пераходзіць на бок ліцвінаў. На тэрыторыі дзеянняў галоўных сілаў Радзівіла практычна толькі магілёўцы па ўжо вядомых нам прычынах захавалі вернасць цару, у той час як пад уладу Рэчы Паспалітай добраахвотна вярнуліся жыхары такіх гарадоў на левым беразе Дняпра, як Мсціслаў, Горы, Горкі, Радам, Крычаў, Чавусы[50].

Незадаволенасць новай уладай назіралася ў гэты час і ў Смаленску. На чале часткі шляхты і мяшчан, якія, падобна, сур’ёзна разважалі пра вяртанне пад уладу Рэчы Паспалітай, павінен быў стаць Казімір Друцкі-Сакалінскі з братамі Ляпуновымі. Але ў сувязі з тым, што ў Смаленску знаходзіўся моцны ваенны гарнізон, не існавала магчымасці падняць адкрыты бунт і перайсці пад уладу ліцвінаў. Акрамя гэтага, Аляксей Міхайлавіч з вялікай баязлівасцю атрымліваў паведамленні пра падобныя настроі і загадаў у выпадку патрэбы караць смерцю лідэраў бунтаўшчыкоў, a ўпартых — вывозіць разам з сям’ёй углыб Маскоўскай дзяржавы[51].

Пад час зімова-вясновага контрнаступлення ў 1655 г. войскі Рэчы Паспалітай часта знаходзілі падтрымку з боку аддзелаў мясцовых сялян, якіх у крыніцах называюць „шышамі”. Асабліва каштоўнай такая дапамога стала пад час барацьбы на тэрыторыі смаленскага і мсціслаўскага ваяводстваў, дзе яшчэ з восені 1654 г. сяляне масава арганізоўвалі атрады самааховы, мэтай якіх была абарона насельніцтва ад рабаванняў з боку масквіцінаў і прыгнёту царскай адміністрацыі. Да вострых выступленняў супраць акупантаў дайшло, напрыклад, у Калеснікаўскай воласці (недалёка ад Мсціслава), а таксама ў Любавіцкай ды Мікулінскай валасцях, размешчаных у раёне Смаленска. Напрыклад, калі на пачатку студзеня 1655 г. да любавіцкай воласці падышло 600 коннікаў ВКЛ, то адразу ж да іх далучылася каля 3000 сялян, якія ліквідавалі мясцовыя маскоўскія гарнізоны, а палонных перадалі ў галоўны лагер Радзівіла. Сялянскія аддзелы, якімі часта камандавалі высланыя з арміі Радзівіла афіцэры, дзейнічалі супольна з гетманам да моманту адыходу войскаў ВКЛ з-пад Магілёва, дапамагалі ў знішчэнні палявых аддзелаў непрыяцеля на тэрыторыі аж да Дарагабужа і Рослава — фактычна да мяжы, вызначанай у Палянаве. Тым не менш, маскоўскія гарнізоны заставаліся ў большасці буйных гарадоў, а ліцвінам не хапала сілаў, сродкаў і часу, каб іх адтуль выбіць[52].

Выпадкі пераходу насельніцтва на бок ВКЛ, хоць і ў значна меншай ступені, мелі месца і ў першай палове 1655 г. на тэрыторыі Полацкага і Віцебскага ваяводстваў. Большы скепцытызм у заявах аб жаданні вярнуцца пад уладу Рэчы Паспалітай з’яўляўся вынікам таго, што на наддзвінскі фронт Януш Радзівіл накіраваў толькі невялікую частку сваіх сілаў, у той час як астатнія былі скіраваныя на вяртанне гарадоў на Дняпры. Цяжар вядзення барацьбы ў раёне Полацка і Віцебска прыпаў перш за ўсё на слаба дысцыплінаваныя і значна горш (у параўнанні з рэгулярнай арміяй) трэніраваныя валюнтарысцкія фармаванні, з якімі насельніцтва па відавочных прычынах баялася блізка супрацоўнічаць. Аднак, нягледзячы на гэта, і тут назіраліся прыклады поспехаў дзякуючы дапамозе мясцовых жыхароў. Найбуйнейшым быў захоп 21 студзеня 1655 г. падначаленымі Яна Мянжыньскага замка ў Азярышчы. „Пан Мянжыньскі, палкоўнік валюнтарскі, з добразычлівымі сялянамі ўварваўся ў езярышчынскі замак, звязаўшыся з мяшчанамі, што там былі, і Маскву выразалі, а мне Філемона, Самсановіча, Пушчына [пляменніка маскоўскага ваяводы смаленскага Грыгорыя Пушкіна. — К. Б.] з жонкай і некалькімі дзясяткамі баяраў прывялі”, — даносіў вялікі гетман літоўскі. Пад час атакі было забіта 36 ратнікаў, і толькі 4 змаглі збегчы[53].

Пра тое, як уплывала актуальная ваенная сітуацыя на пазіцыю насельніцтва Вялікага Княства Літоўскага, могуць сведчыць яго паводзіны пад час ваенных дзеянняў летам — восенню 1655 г. У тыя месяцы армія ВКЛ, дэмаралізаваная і фізічна разгромленая пасля фіяска зімова-вясенняга контрнаступлення, практычна без баёў адыходзіла на захад, а тым часам да маскоўскага войска (якое ў чарговы раз падтрымалі казакі Івана Залатарэнкі) практычна без баёў пераходзілі чарговыя гарады на чале з Менскам, Вільняй, Коўнам і Горадняй[54]. Частка насельніцтва ратавалася ўцёкамі на незахопленыя ворагам землі, што фактычна азначала страту амаль усяго нажытага. Альтэрнатывай было як мага больш хуткае прыняцце царскай пратэкцыі, хоць i гэта не заўсёды абараняла ад рэпрэсій і не давала гарантый захавання жыцця. Аднак, трэба адзначыць, што калі шлях перамяшчэння царскіх і казацкіх войскаў, як і годам раней, азначаў масавыя забойствы і рабаванні, то царская палітыка ў дачыненні да насельніцтва тэрыторый, што былі ўжо занятыя, значна змянілася. Цяпер Аляксей Міхайлавіч загадаў значна мякчэй, чым у 1654 г., ставіцца да насельніцтва, і перш за ўсё перацягваць на свой бок шляхту, якой гарантавалася захаванне свабоды веравызнання, вольнасці, правоў і маёмасці. Лібералізацыя палітыкі была асабліва відавочнай пасля ўступлення на тэрыторыю Літвы шведскіх войскаў і прыняцця пратэкцыі караля Караля Х Густава шляхтай і войскам, што сканцэнтраваліся ў раёне Кейдан. Няма сумнення, цар імкнуўся абяцаць насельніцтву больш, чым шведы, і такім чынам зменшыць жаданне апошняга пераходзіць на шведскі бок, схіліць да вяртання да гаспадаркі і, такім чынам, пачаць працэс нармалізацыі ўнутранага жыцця на занятых яго войскам землях ВКЛ[55].

Агульная палітычная сітуацыя (у тым ліку акупацыя ўсяго Каралеўства шведамі і ўцёкі Яна Казіміра ў Сілезію), ваенны ўціск, а таксама перамены ў маскоўскай палітыцы прывялі да таго, што восенню 1655 г. прыняцце пратэкцыі цара набыло масавы характар. Пра гэта сведчыць выдадзены рэестр шляхты (налічвае 2058 асобаў), якая ў той час „біла чалом” цару, хоць гэты дакумент, верагодна, і не змяшчае прозвішчы ўсіх, хто рашыўся на такі крок[56].

Рост прамаскоўскіх настрояў сярод шляхты, а таксама ўзрастанне незадаволенасці шведамі прывялі да таго, што ў ВКЛ стала павялічвацца колькасць прыхільнікаў канцэпцыі блізкага саюзу з усходнім суседам. Гэтая тэндэнцыя, якая, без сумнення, заслугоўвае больш грунтоўнага даследавання, умацавалася ў канцы 1655 — пачатку 1656 г. Яна, праўда, не прывяла да ўмацавання царскай улады на занятай тэрыторыі, але выклікала ў насельніцтва думкі аб палітычным збліжэнні Рэчы Паспалітай з Масквой у наступныя месяцы. Праявай гэтага стала заключэнне 3 лістапада 1656 г. у Немяжы пад Вільняй перамір’я, якое прадугледжвала абранне цара на трон Рэчы Паспалітай і супольныя дзеянні дзвюх дзяржаў у вайне са Швецыяй.

Пераклала Любоў Козік


[1] Гл.: Федорук Я. Міжнародна дипломатія і політика України. 1654-1657. Ч. 1: 1654 рік. Львів, 1996. С. 20; а таксама карэспандэнцыю таго часу: A. Трэбіцкі да Я. Радзівіла, Львоў, 12. VIII. 1653. Расійская нацыянальная бібліятэка ў Санкт-Пецярбургу. Ф. IV. № 133, а. 41v — 42v; П.K. Вяжэвіч да Я. Радзівіла, б. м. д. [Смаленск, жнівень 1653], тамсама, k. 51-51v; С. Бяляцкі да Г. Мірскага, Смаленск, 24.VIII.1653, тамсама, а. 51v — 52v; розныя навіны з-пад маскоўскай мяжы, прывезеныя Я. Радзівілу з Магілёва мазырскім суддзёй С. Аскеркам [жнівень 1653], тамсама, а. 54-54v; Я. Радзівіл да С. Карыцінскага, абоз пад Рэчыцай, 8.IX. 1653, тамсама, а. 55; Ф.К. Абуховіч да Я. Радзівіла, Горкі 31.I.1654 //Археографический сборник документов, относящихся к истории Северо-Западной Руси. Т. 14. Вильно, 1904. С. 48-49.
[2] Падрабязней пра колькасць сілаў абодвух бакоў на пачатку кампаніі 1654 г.: Bobiatyński K. Działania posiłkowego korpusu koronnego na terenie Wielkiego Księstwa Litewskiego w latach 1654-1655 // Studia i Materiały do Historii Wojskowości. Т. XLI. 2004, s. 61 (спасылка 1); ён жа. Od Smoleńska do Wilna. Wojna Rzeczypospolitej z Moskwą 1654-1655, Zabrze 2004, s. 35-38, 47—48; A. Rachuba, Wysiłek mobilizacyjny Wielkiego Księstwa Litewskiego w latach 1654-1667 // Studia i Materiały do Historii Wojskowości. Т. XLIII. 2007. S. 43-44.
[3] У сваёй прапагандзе цар імкнуўся паказаць вайну з Рэччу Паспалітай як канфлікт, у аснове якога ляжаць рэлігійныя праблемы. 21 траўня 1654 г., перад выездам на фронт, ён выдаўграмату да жыхароў Вялікага Княства Літоўскага, у якой паведамляў, што пераходзіць мяжу як абаронца прыгнечаныхправаслаўных вернікаў, і заклікаў насельніцтва не супраціўляцца маскоўскаму войску, гарантуючы ўзамен захаванне правоў і маёмасці (Гл.: Витебская старина. Изд. А. Сапунов. Т. 4.Ч. 2. Витебск, 1885. № 4. С. 29-30); Мальцев А.Н. Россия и Белоруссия в середине XVII века. Москва, 1974. С. 135.
[4] Даты пададзены на аснове грыгарыянскага календара.
[5] Витебская старина. № 1. С. 12; № 81. С. 265-266.
[6] Гл.: relację Jana Drozdowskiego (starosty drujskiego i sapieżyńskiego) oraz Bohdana Ulskiego (namiestnika siebieskiego) do księżny [zapewne Marii Radziwiłłowej], pisaną 3 VII 1654 w Sapieżynie, dołączoną do listu K. Stryszki do J. Kettlera z 7 VII 1654 //Latvijas valsts vēstures arhivs w Rydze (далей LVVA), fond 554,apr. 1, nr 486, k. 96.
[7] Белоруссия в эпоху феодализма. Сборник документов и материалов: В 3 т. Т. 2. Минск, 1960. № 34. С. 62-64.
[8] J. Drozdowski i B. Ulski do M. Radziwiłłowej (?), Sapieżyn 3 VII1654 // LVVA, fond 554, apr. 1, nr 486, k. 96.
[9] Белоруссия в эпоху феодализма… № 32. С. 62-64; K. Bobiatyński. Od Smoleńska do Wilna… S. 39-40.
[10] Раней на аснове рапарта В. П. Шарамецьева (гл.: Очерк военных действий боярина Василия Петровича Шереметьева в 1654 г. // Исследования по истории эпохи феодализма. Москва,1994. С. 121-122) даведаўся, што Полацк праўдападобна быўзаняты ўжо 27 чэрвеня, праз некалькі гадзін пасля пачаткуаблогі (Bobiatyński K. Od Smoleńska do Wilna…, s. 40). Гэтаму,аднак, пярэчыць ужо некалькі разоў вышэй цытаваная рэляцыя Я. Драздоўскага i Б. Ульскага, якія пісалі, што „на працягу трох дзён масквічы, аблажыўшы Полацк вялікім войскам,стаялі і штурмавалі. Яго абаранялі як шляхта, так і мяшчане,што засталіся. Да той Масквы чатыры харугвы з замка былівыйшлі і сутыкнуліся з імі; і тыя чатыры харугвы шляхецкія Mасква апанаваўшы, немалую шкоду слаўнай шляхце ўчыніла, і тая, не могучы далей з імі справіцца, тыл паказала і разбегчыся ўсе мусілі, і з той прычыны, калі замак не меў ніводнага жаўнера сабе ў падмогу, мусілі шванкаваць і паддавацца”.На дзень 30 чэрвеня датаваў капітуляцыю Полацка (таксамапасля трохдзённай абароны) таксама A. С. Радзівіл (Pamiętniki o dziejach w Polsce, wyd. A. Przyboś i R. Żelewski, t. III, Warszawa 1980, s. 421, 428). Гісторыі Полацка ў 1654- 1655 гг. аўтар прысвяціў асобны артыкул, які ў хуткім часевыйдзе па-беларуску і па-польску.
[11] Белорусско-российские связи. Сборник документов (1570—1667) /изд. Л. С. Абецедарский. Минск, 1963. №282. С. 302-303.
[12] Bobiatyński K. Od Smoleńska do Wilna… S. 40-41.
[13] На гэтую тэму гл. вельмі цікавыя „Relację o zdobyciu Witebskaw 1654 roku”, Archiwum Państwowe w Krakowie, Oddział na Wawelu, Archiwum Sanguszków, rkps 67, s. 339, i лаудум абаронцаў Віцебска, Казань 20 IX 1655, у: АВАК. T. XIII. Вильно, 1886.С. 93-98.
[14] Шырэй на тэму аблогі Віцебска гл.: Bobiatyński K. Od Smoleńska do Wilna….. S. 124-128; Мальцев А. Н. Россия и Белоруссия…..С. 166; гл. спіс жыхароў віцебскага ваяводства, якія „білі чалом” цару і перайшлі ў праваслаўе: Витебская Старина…С. 302-314; Записки ОРСА. С.-Петербург, 1861. Т. II. С. 736-738(загад цара для В. П. Шарамецьева па пытанні стаўлення дажыхароў Віцебска).
[15] Bobiatyński K. Od Smoleńska do Wilna… S. 41-42.
[16] J. Radziwiłł do J. Tyszkiewicza, Wilno 8 VIII 1654; Ojczyste spominki w pismach do dziejów dawnej Polski, wyd. A. Grabowski,t. I, Kraków 1845, s. 112.
[17] Metryka Litewska. Księga wpisów nr 131. Оpr. A. Rachuba. Warszawa 2001. Nr 1065. S. 355-356.
[18] Гл.: Bobiatyński K. Od Smoleńska do Wilna… S. 64-78; Kroll P.Obrona Smoleńska w 1654 r. // Staropolska sztuka wojennaXVI—XVII wieku. Prace ofiarowane Profesorowi Jaremie Maciszewskiemu / red. M. Nagielski, Warszawa 2002. S. 151-172; Мальцев А. Н. Россия и Белоруссия….С. 31—45; ён жа. Война за Белоруссию и освобождение Смоленска в 1654 г. // Историческиезаписки. № 37. 1951; Mienicki R. Utrata Smoleńska w r. 1654i sprawa Obuchowicza // Kwartalnik Litewski. Т. IV. 1910. R. I.S. 41-66; Wstęp // Pamiętniki Filipa, Michała i Teodora Obuchowiczów (1630-1707) / wyd. H. Lulewicz i A. Rachuba. Warszawa2003. S. 106-115.
[19] Bobiatyński K. Od Smoleńska do Wilna… S. 69-70; Kroll P. Op.cyt. S. 158.
[20] Relacyja obsydji i dedycji Smoleńska, Biblioteka Muzeum im. Ks.Czartoryskich w Krakowie (dalej BCzart.), rkps 147, nr 182, s.870-872; гл. таксама Kroll P. Op. cyt. S. 169.
[21] Relacyja obsydji…, BCzart., rkps 147, nr 182, s. 876-877.
[22] Bobiatyński K. Od Smoleńska do Wilna… S. 76-78; Kroll P. Op.cyt. Ss. 168-170; Pamiętniki Filipa, Michała i Teodora Obuchowiczów…, wstęp, s. 111-114.
[23] Bobiatyński K. Od Smoleńska do Wilna… S. 63-64; Мелешко В. И.Могилев в XVI – середине XVII в. Минск, 1988. С. 228-242. Найбольш важныя дакументы адносна місіі Паклонскага былі надрукаваны ў: АЮЗР. Т. XIV. С.-Петербург, 1889, асабл. с. 185-266.
[24] Тамсама. С. 215-217.
[25] Узамен за добраахвотную капітуляцыю цар выдаў 25 верасняпрывілей для магілёўцаў, у якім пацвердзіў усе раней выдадзеныя прывілеі на самакіраванне, а таксама паабяцаў ліквідаваць замкавыя і шляхецкія юрыдыкі, чаго мяшчане пастаянна дабіваліся. Аляксей Міхайлавіч таксама гарантаваўсвабоду гандлю, але забараніў вываз у Маскву тытуню і віна,вызваліў Магілёў ад вайсковай службы і абавязку ўтрымлівацьцарскае войска (Акты исторические, собранные и изданныеАрхеографическою комиссиею. Т. IV. С.-Петербург, 1842. № 88.С. 225-229; гл. таксама: Мальцев А. Н. Россия и Белоруссия…С. 135—137; Соловьев С. М. История России с древнейших времен. Т. 10. Москва, 1961. С. 627-628).
[26] Аб сацыяльнай структуры Магілёва і класавай барацьбе паміж рознымі сацыяльнымі групамі найбольш пісаў В. І. Мялешка ва ўказанай вышэй працы, перш за ўсё на с. 171—215; гл. таксама: Bobiatyński K. Od Szepielewicz do Kiejdan. Geneza, prze bieg i skutki kampanii zimowo-wiosennej wojsk hetmana wielkiego litewskiego Janusza Radziwiłła 1654-1655 — магістэрская работа, напісаная ў Інстытце гісторыі Варшаўскага універсітэта. Варшава, 2001. С. 75-79.
[27] Асноўныя матэрыялы па гэтых пытаннях: Расійскі дзяржаўны архіў старажытных актаў у Маскве. Ф. 389, воп. 1, № 581, арк. 699-700, 705, 708-708в, 710-714в; глядзі таксама ліст да прымаса Анджэя Ляшчыньскага даверанага слугі Я. Радзівіла Яна Мяжэнскага, які абвяргаў абвінавачанні аб занадта вялікай эксплуатацыі Магілёва войскам (Мінск, без даты, BCzart., рукапіс 417, арк. 151-153).
[28] Bobiatyński K. Od Smoleńska do Wilna… S. 129-131, 158-163; tenże, Kampania zimowo-wiosenna wojsk Janusza Radziwiłła 1654-1655 // Staropolska sztuka wojenna… S. 187-189.
[29] J. Radziwiłł do Jana Kazimierza, Mohylew 21II 1655, BibliotekaPolskiej Akademii Nauk w Kórniku, rkps 991, k. 457 (гл. Таксама выданне гэтага ліста: Bobiatyński K. Listy Janusza Radziwiłłado króla o działaniach militarnych podczas wojny z Moskwą w okresie od lutego do kwietnia 1655 r. // Studia historyczno-wojskowe.Т. I. / pod red. M. Wagnera. Siedlce 2007. S. 208-212).
[30] J. Radziwiłł do szlachty powiatu słonimskiego, Mohylew 7 IV 1655,BCzart., rkps 148, nr 26, s. 134.
[31] Vorbek-Lettow M. Skarbnica pamięci. Pamiętnik lekarza króla WładysławaIV // wyd. E. Galos i F. Mincer pod red. W. Czaplińskiego. Wrocław — Warszawa – Kraków 1968. S. 216.
[32] Theatrum Europaeum…, t. VII, Frankfurt am Mayn 1685, s. 768.
[33] Русско-белорусские связи… №308. С. 331—333; Morzy J. Kryzys demograficzny na Litwie i Białorusi w II połowie XVII wieku. Poznań 1965. Таb. 46; Wysłouch S. Uwagi o przyczynach rozwoju Mohylewa w XVI i XVII wieku. Wilno 1938. S. 358.
[34] Bobiatyński K. Od Smoleńska do Wilna… S. 180-181.
[35] Ibidem. S. 79-80.
[36] Чантурия В. История архитектуры Белоруссии. Минск, 1985.С. 45; Ткачоў М. Замкі Беларусі. Мінск, 1987. С. 180-182; ёнжа. Замкі і людзі. Мінск, 1991. С. 80-82.
[37] K. Bohuszewicz do K. L. Sapiehy, [Stary] Bychów 13 VII 1654,Львівська державна наукова бібліотека ім. В. Стефаника. Ф.103, № 1647.
[38] АЮЗР. Т. XIV. С. 467.
[39] Тамсама. С. 443-448, 715-716.
[40] Шырэй на гэтую тэму: Бабятыньскі К. Стары і Новы Быхаў падчас вайны Рэчы Паспалітай з Масквой (1654—1655) // Беларускі Гістарычны Агляд. 2003. Т. 10. Сш. 1-2 (18-19). С. 95-101.
[41] K. L. Sapieha do Jana Kazimierza, Słonim 31 III 1655, BCzart.,rkps 2105, s. 301.
[42] Як выходзіла з прызнанняў палонных, якіх казакі захапілі ўпершыя дні ліпеня 1655 г., у склад гарнізона Старога Быхаваўваходзіла на той час толькі 50 шляхцічаў, 400 конных наймітаў (падобна драгунаў), 50 чалавек з венгерскай пяхоты, 1000яўрэяў і 800 мяшчан, усяго каля 2300 чалавек. Падаецца, штоколькасць наёмных войскаў прыводзіцца значна заніжанай(АЮЗР. Т. XIV. С. 715-716).
[43] Гл.: Бабятыньскі К. Стары і Новы Быхаў пад час вайны…С. 111-118.
[44] Акты, издаваемые… Т. IV. Вильно, 1870. С. 177-180.
[45] J. Radziwiłł do Jana Kazimierza, Wilno 24 VII 1655, BCzart., rkps2105, s. 349; Bobiatyński K. Działania posiłkowego korpusu… S.63-64, 77; Hryckiewicz A. P. Milicje miast magnackich na Białorusi i Litwie w XVI-XVIII w. // Kwartalnik Historyczny. T. LXXVII.1970. Z. 1. S. 48-49.
[46] Zarys dziejów Bogusława Radziwiłła // Autobiografia Bogusława Radziwiłła / wstępem poprzedził i opracował T. Wasilewski. Warszawa 1979. S. 45, 47 (гл. таксама тэкст самой аўтабіяграфіі на с.136). Больш на гэтую тэму: Kossarzecki K. Słuck wobec zagrożenia moskiewskiego i kozackiego podczas wojny z Moskwą w latach 1654-1667 // Materiały do Historii Wojskowości. № 2. 2004. S. 94-96.
[47] Гл.: Diariusz oblężenia Słucka // Archiwum Główne Akt Dawnych w Warszawie, Archiwum Radziwiłłów, dział II, księga 69.14, s. 55-60; Bobiatyński K. Od Smoleńska do Wilna… S. 207-208; Kossarzecki K. Op. cyt. S. 96-98.
[48] Гл.: Абецедарский Л. С. Борьба белорусского народа за воссоединение Белоруссии с Россией в середине XVII века // Воссоединение Украины с Россией. Сб. ст. Москва, 1954. С. 216—222; ён жа. Белоруссия и Россия. Очерки русско-белорусских связей второй половины XVI—XVII в. Минск, 1978. Разд. IV; Акіншэвіч А. Казацтва на Беларусі // Полымя. 1927. № 1. С. 172-190; Похилевич Д. Л. Белорусское казачество // Пітаня історіі СРСР. ЛДУ ім. Івана Франка. Наукові запіскі. 1957. Т. XLIII. С. 152-163; История Белорусской ССР. Минск, 1977. С. 67-68.
[49] Theatrum Europaeum… t. VII, s. 619; Готье Ю. В. Замосковский край. Москва, 1937. С. 180-183; Абецедарский Л.С. Белорусы в Москве XVII в. Из истории русско-белорусских связей. Минск, 1957. С. 6-8, 50 (зразумела, што, паводле гэтага гісторыка, перасяленне насельніцтва на ўсход у большасці было добраахвотным!); Мальцев А. Н. Россия и Белоруссия… С. 146—147, 158-161, 178-185, 197-198; Longworth P. Alexis. Tsar of all the Russias. Londyn 1984. P. 100-101; Morzy J. Op. cyt. S. 83-85.
[50] Bobiatyński K. Od Smoleńska do Wilna… S. 184-185. Да пераходу на бок Радзівіла падрыхтаваліся таксама жыхары Шклова,якія, аднак, не змаглі ажыццявіць задуманае па прычыне таго,што ў горадзе знаходзіўся моцны маскоўскі гарнізон (на тэмунастрояў, якія панавалі ў Шклове, гл.: Аwizy z Nowego Dworu,29 XI 1654, BCzart., rkps 147, nr 146, s. 712).
[51] Витебская старина… №11. С. 42.
[52] Гл. шырэй на гэтую тэму: Мальцев А. Н. Россия и Белоруссия… С. 210-217.
[53] J. Radziwiłł do Jana Kazimierza, Mohylew bez daty [okoіo 25 IV1655], BCzart., rkps 148, nr 217, s. 1045; Vitebskaja Starina… nr11, s. 42; Bobiatyński K. Od Smoleńska do Wilna… S. 191.
[54] Bobiatyński K. Od Smoleńska do Wilna… S. 199-218; Majewski W. Potop szwedzki (1655-1660) // Z dziejów wojskowości ziem północno-wschodnich Polski. Cz. I. / pod red. Z. Kosztyły. Białystok 1986. S. 72-118.
[55] Гл.: Флоря Б. Н. От Потопа до Вильно. Русская политика по отношению к Речи Посполитой в 1655-1656 гг. // Kwartalnik Historyczny. R. CX. 2003. T. II. S. 25-33; Zakrzewski A. B. Sądownictwo w Wielkim Księstwie Litewskim „pod wysoką carską ręką” // Świat pogranicza. / red. M. Nagielski, A. Rachuba, S. Górzyński.Warszawa 2003. S. 137-141; Kossarzecki K. Szlachta litewska wobec panowania szwedzkiego i moskiewskiego w okresie załamania Rzeczypospolitej przełomu 1655 i 1656 roku // Z dziejów stosunków Rzeczypospolitej Obojga Narodów ze Szwecjąw XVII wieku / pod red. M. Nagielskiego. Warszawa 2007. S. 277-301.
[56] Rejestr przysięgowy szlachty Wielkiego Księstwa Litewskiego1655 r. // Памятники истории восточной Европы. Т. 4. Москва —Варшава, 1999 / изд. Е. Е. Лыкова, М. Кулецки; гл. таксама:Płosiński J. Potop szwedzki na Podlasiu 1655-1657. Zabrze 2006.S. 46-69.

Наверх

Генадзь Сагановіч. Крыжаносцы і русіны: ад дактрыны да практыкі вайны з ВКЛ

Снежня 28, 2006 |


Класічныя крыжовыя паходы, прызначэннем якіх было вяртанне захопленай мусульманамі Святой зямлі i абарона Хрыстовага Царства[1], яшчэ ў XII ст. у выніку дэфармавання ідэі справядлівай вайны сталі ператварацца ў наступальную барацьбу супраць няверных наогул, незалежна ад ix месцазнаходжання. Адно з першых абгрунтаванняў неабходнасці такой барацьбы супраць нехрысціян у самой Еўропе належыць клервоскаму абату Бернару (Bernard von Clairvaux), стараннямі якога быў падрыхтаваны i праведзены вядомы паход супраць палабскіх славянаў у 1147 г.[2]. У энцыкліцы папы Аўгена III (1145-1153) выправа рыцараў на Эльбу, як i іспанскі паход, былі ўпершыню патрактаваны як эквівалентныя крыжоваму паходу на Святую зямлю[3]. 3 ліста кракаўскага біскупа Мацвея да св. Бернара Клервоскага вядома, што духоўны бацька Ордэна тампліераў ужо тады цікавіўся магчымасцямі ажыццяўлення каталіцкай місіі на Русі[4]. 3 іншага боку, паўнапраўны ўдзел князёў i дружын Русі ў згаданым паходе (найверагодней валынскіх i гарадзенска-берасцейскіх)[5] сведчыў, што ў свядомасці грамадскіх эліт рас­кол на „лацінян” i „схізматыкаў” тады япгчэ не выяўляўся. Тэза пра варожасць хрысціян усходняга абраду лацінскаму хрысціянству патрабавала тэарэтычных абгрунтаванняў, зацірання розніцы паміж імі i язычнікамі. Заўважны крок у гэтым накірунку зрабіў абат Клюні Пётр Добрапрыстойны (Petrus Venerabilis von Cluny), які пасля няўдачы другога крыжовага паходу (1147-1149) кваліфікаваў вайну супраць „фальшывых”, несапраўдных хрысціян як барацьбу больш важную, чым вайна з паганцамі, якія яшчэ не зведалі сапраўднай веры[6]. Аднак да самай значнай трансфармацыі ідэі крыжовай вайны дайшло ў пачатку XIII ст. у сувязі з умацаваннем папскай улады i падпарадкаваннем Канстанцінопаля крыжаносцамі (1204). Папу Інацэнту III (1198-1216), які да пачатку свайго пантыфікату быў юрыстам балоньскай школы, удалося развіць тэакратычную дактрыну папства i, ангажуючыся ў справы міжнароднай палітыкі, увасобіць яе ў практыку. Згодна з яго поглядамі, папу павінна належаць уся ўлада ў царкве, a паколькі гэтая ўлада мае духоўны характер, то яна найвышэйшая[7]. Зыходзячы з падобных пазіцый, папа Інацэнт IV (1243-1254) пайшоў далей: ён лічыў, што як намеснік Ісуса на зямлі рымскі папа валодае паўнатой улады i вышэйшым суверэнітэтам ува ўсіх сферах дзейнасці людзей. Так ужо ў першай палове XIII ст. з’явілася канцэпцыя, якая прыпісвала рымскай курыі права пратэктарату над імператарскай уладай i іншымі дзяржавамі, уключна з землямі схізматыкаў i паганцаў[8].

Шэраг юрыстаў i кананістаў падтрымлівалі гэтую тэакратычную дактрыну. Прыкладам, знаўца кананічнага пра­ва кардынал Гастэнзі (Hostiensis) (ён жа Генрых Сегузскі / Heinrich von Segusio), развіваючы ідэі св.Бернара i абата Пятра з Клюні, прапанаваў канцэпцыю крыжовага паходу, ніяк не звязанага з Ерусалімам i абаронай Святой Магілы. Калі справядлівай лічыцца вайна за Святую зямлю, — пісаў ён, дык з яшчэ большым правам такую вайну належыць весці супраць усялякіх „адшчапенцаў” за захаванне адзінства хрысціянства. Бо непаслухмяныя хрысціяне больш вінаватыя, чым паганцы: прыняўшы аднойчы веру, яны мусілі ў ёй заставацца. Значыць, паход супраць ix нават больш справядлівы, чым выправа ў Святую зямлю[9].

Вялікі тэолаг Тамаш Аквінскі (1225-1274), тлумачачы праблемы справядлівай вайны (bellum justum) у трактаце „Summa Theologiae”, назваў такімі тыя войны, якія адпавядалі тром прынцыпам: былі санкцыяваныя легітымным уладаром, мелі справядлівую прычыну i вяліся з добрай мэтай[10]. Апраўдваючы такія войны, св. Тамаш выступаў супраць прымусовага хрышчэння паганцаў, калі тыя не рабіліся перашкодай пашырэнню хрысціянства[11]. Пры гэтым, аднак, дапускалася магчымасць насілля дзеля вяртання ў каталіцкую веру ерэтыкоў i тых, хто адышоў ад праўдзівай хрысціянскай веры, г.зн. схізматыкаў. З’яўляліся i яшчэ больш радыкальныя тэорыі, якія дапускалі магчымасць непасрэднага ўмяшання рымскай курыі ў жыццё паганцаў, або апраўдвалі парушэнне ўсялякіх правілаў i абавязанняў у адносінах з нявернымі[12], але найбольш уплывовымі аказаліся ідэі Інацэнта IV[13].

Дзякуючы тзакратычнай дактрьше папства згаданыя канцэпцыі сталі ідэалагічнай падставай правядзення крыжовых паходаў не супраць няверных на мусульманским Усходзе, а супраць паганцаў у Еўропе i нават супраць „фальшивых” хрысціян-ерэтыкоў i схізматыкаў. Сімптаматычна, што калі IV крыжовы паход у 1204 г. прывёў да незапланаванага падпарадкавання сталіцы Ўсходняй імперыі крыжаносцамі, папа Інацэнт III вітаў гэтую падзею, бачачы ў ёй факт умацавання ўсяго хрысціянства. 3 гэтага часу імкненне Рыма пашырыць лацінскі абрад i на ўсходнюю Царкву не ўтойвалася.

Падтрымка Інацэнтам III i яго паслядоўнікамі ўсялякай ініцыятывы місій i крыжовых паходаў на ўсходняе ўзбярэжжа Балтыкі прывяла да таго, што ў гзты рэгіён, засе­лены прыбалтыйскімі паганцамі i хрысціянамі ўсходняга абраду, сталі пераносіцца прынцыпы адносінаў хрысціянскай Еўропы да ісламскага свету, выпрацаваныя ў часы кры­жовых паходаў на Ўсход[14]. Экспансія каталіцкіх дзяржаў супраць паганцаў Прыбалтыкі не магла не прывесці да канфрантацыі з суседняй Руссю. Інтарэсы Інфлянцкага ордэна i Рыжскага біскупства сутыкнуліся тут з інтарзсамі Полацка, Пскова i Ноўгарада. Але вобраз такога ж ворага каталіцкай Еўропы, якім з’яўляліся паганцы, праваслаўным хрысціянам быў прыпісаны далека не адразу. У кожным выпадку, адносіць яго пашырэнне да XII ст., як гэга яшчэ нядаўна сцвярджалася ў некоторых працах[15], няма ніякіх падстаў[16].

Як даўно высветлена, сам пачатак каталіцкай місіі ў Усходняй Прыбалтыцы суправаджаўся дастаткова карэктным абыходжаннем з суседнімі княствамі Русі. Як толькі пасол брэменскага біскупа святар Майнард (Meinhard) y 1184 г. папрасіў дазволу полацкага князя на хрысціянізацыю ліваў у вусці Дзвіны, то атрымаў яго разам з полацкімі дарамі[17]. Пазней, нягледзячы на непрацяглыя канфлікты, i рыжскі біскуп Альберт, i полацкі князь Уладзімір імкнуліся захоўваць паміж сабой мірныя адносіны i развіваць гандаль. Асабліва характэрна, што, як засведчыла хроніка Генрыха Латыша, інфлянцкія рыцары тады яшчэ прызнавалі ў палачанах хрысціян[18].

Сама рымская курыя тады яіпчэ імкнулася да збліжэння. У 1215 г. папа Інацэнт III спрабаваў заклікаць епіскапаў Русі на IV Латэранскі сабор[19], але без поспеху. Пасля першага сутыкнення Русі з манголамі i бітвы на Калцы (1223) спробы знайсці паразуменне паміж хрысціянамі ўсходняга i заходняга абрадаў узнавіліся. Даследчыкам вядомыя дзве булы папы Ганорыя III, першая з якіх высылалася ў 1224 г. найверагодней у Ноўгарад, Пскоў, Полацк i Смаленск[20], а другая — у 1227 г. „каралям Русі”[21]. 3 тэксту другога паслання вынікае, што нейкія князі Русі ўжо выказалі згоду прыняць каталіцтва, i папа заклікаў ix трымаць мірз хрысціянамі ў Інфлянтах i Эстоніі, не перашкаджаючы пашырэнню там веры сярод паганцаў.

Упершыню „ворагамі царквы” русіны былі названы, відаць, у булах папы Грыгорыя IX у пачатку 1230-х г.[22], але гэтае азначэнне яшчэ не характарызавала паслядоўнай пазіцыі папства ў адносінах да славянскіх схізматыкаў. Наадварот, у канцы 1230-х гг. міжнародная палітычная сітуацыя вымусіла Рым актывізаваць адносіны з Руссю. Ваенны канфлікт паміж Швецыяй i Ноўгарадам Вялікім у канцы 1230-х – пачатку 1240-х г., кваліфікаваны ў савецкай гістарыяграфіі як „крыжовы паход супраць Русі”[23], у сучасных даследаваннях такім не лічыцца[24]. Экспансія Інфлянцкага ордэна i каталіцкіх дзяржаў, кіраваных рымскай курыяй, мела мэтай не сам Ноўгарад, а прывядзенне да веры паганцаў — фіна-вугорскія плямёны, што жылі на ўскрайках Ноўгарадскай зямлі.

Увага папскай курыі да Ўсходняй Еўропы i актыўнасць яе кантактаў з Руссю ўзраслі ў сувязі з мангольскім нашэсцем. Плануючы стварэнне антымангольскай кааліцыі[25], папа Інацэнт IV імкнуўся ўключыць у яе i княствы праваслаўнай Русі, якія, да таго ж, спадзяваўся схіліць да рэлігійнай канверсіі. Першым адносіны з папскай курыяй усталяваў галіцка-валынскі князь Даніла, які шукаў на Захадзе дапамогі супраць татараў. Ужо ў 1246 г. ён дэклараваў згоду на аб’яднанне з лацінскай царквой, дзякуючы чаму Альберт Зуербеер, прызначаны ў тым жа годзе папскім легатам на Русь, атрымаў даручэнне абвясціць там акт уніі[26]. Пра курс апостальскай сталіцы на збліжэнне з Руссю сведчылі i папскія пасланні Данілу Галіцкаму ды Аляксандру Неўскаму ў 1248 г.[27]. У 1253 г. у Драгічыне князь Даніла Галіцкі прыняў ад папскага легата каралеўскую карону[28]. Аднак i спадзевы Рыма на гэты саюз, i чаканні галіцкага князя не апраўдаліся.

Адразу пасля таго як праект уніі быў пахаваны, у другой палове 1250-х гг. з’явіліся папскія пасланні, у якіх русіны трактаваліся ўжо зусім не зычліва, а як „схізматыкі”, што ўяўляюць небяспеку для хрысціян. Папа Аляксандр IV, які ў 1256 г. рыхтаваў крыжовы паход супраць прыбалтыйскіх паганцаў, на наступны год у булах да Казіміра Куяўскага, a таксама кракаўскага i лукаўскага епіскапаў зноў заклікаў да выправы супраць ix, толькі ў якасці аб’екта паходу назваў ужо не толькі яцвягаў i літоўцаў, але i схізматыкаў-русінаў[29]. З’яўленне гэтых пасланняў даследчыкі звязваюць з разрывам перамоў наконт уніі паміж Рымам i Нікеяй, а таксама ca скаргамі палякаў на спусташэнні з боку паганцаў i схізматыкаў[30].

Наступны выпадак стаўлення да Русі як да аб’екта крыжовага паходу хутчэй за ўсё быў звязаны з чарговым узрастаннем мангольской пагрозы для Цэнтральна-Ўсходняй Еўропы. Так, папа Аляксандр IV, даведаўшыся пра агрэсіўныя планы хана Берке, у студзені 1258 г. санкцыянаваў падрыхтоўку паходу (які, праўда, не ажыццявіўся) „супраць татараў, a таксама ix памагатых i саюзнікаў”[31]. Пад апошнімі можна разумець залежныя ад Арды княствы Паўднёвай i Ўсходняй Русі[32]. Не выпадкова той жа папа ў буле ад 25 студзеня 1260 г., сцвярджаючы правы Тэўтонскага ордэна на землі Русі, гаварыў як пра падораныя ордэнскай дзяржаве землі, так i пра тыя, якія будуць адабраныя ў „нечасцівых татар”[33]. 3 іншага боку, плануючы прэвентыўны ўдар па мангольскай ардзе, у 1259 г. апостальская сталіца рэкамендавала Нямецкаму ордэну кааперавацца з суседзямі, пад якімі разумеліся i русіны[34]. Гэта значыць, у стаўленні да хрысціян усходняга абраду пазіцыя Рыма яшчэ не была адназначнай i шмат у чым вызначалася міжнароднай сітуацыяй.

Найбольш выразны прыклад успрымання русінаў як ворагаў каталіцкай царквы ўтрымлівае була папы Урба­на IV ад 4 чэрвеня 1264 г., накіраваная чэшскаму каралю Пржэмыслу II Оттакару, кандыдату на імператарскую карону. Паведамляючы, што „рускія схізматыкі і літоўцы”, а таксама „іншыя няверныя” ў саюзе з татарамі нападаюць на Польшчу, папа заклікаў чэшскага караля абараніць ад ix палякаў, абяцаючы навечна перадаць занятыя землі русінаў і літоўцаў[35]. Да арганізацыі паходу супраць не толькі прусаў i літоўцаў, але i схізматыкаў-русінаў як народаў, што пагражаюць нямецкім i багемскім хрысціянам, у 1273 г. заклікаў папу аламоўцкі біскуп Бруна[36], алегэты заклік, як i шэраг папярэдніх, не выклікаў чаканай рэакцыі папы.

Такім чынам, хоць шмат фактаў сведчыць, што з другой паловы XIII ст. папская курыя раўняла праваслаўных з паганцам!, Русь усё ж не стала аб’ектам санкцыяванай Рымам i спланаванай вайсковай кампаніі, якую можна было б назваць крыжовым паходам. У Прыбалтыцы канфрантацыя паміж Русею, з аднаго боку, i каталіцкім светам у іпастасі Інфлянцкага ордэна і біскупстваў, з другога, прынамсі да сярэдзіны XIII ст. яшчэ не мела характеру канфесійнага супрацьстаяння[37]. Спецыяльныя даследаванні пераконваюць, што ў гэтым напружаным рэгіёне міжканфесійнае раздзяленне было не настолькі істотным, а мясцовыя інтарэсы аслаблялі глабальную канфрантацыю i спрыялі кааперацыі паміж лацінікамі i схізматыкамі[38].

Вызначаную Рымам дактрыну трактавання няверных ажыццяўляў на практыцы Нямецкі ордэн, або „Ордэн шпіталя найсвяцейшай дзевы Марыі ў Ерусаліме”, які з 1234 па 1283 г. ажыццявіў гвалтоўнае хрышчэнне прусаў. Сгвораны ў 1198-1199 гг., пад час класічных крыжовых паходаў у Палестыну, ён i ў XIII-XIV ст. захоўваў ix дух, застаючыся ў вачах лацінскай Еўропы ўвасабленнем ідэі крыжовай вайны. Мэтай i адзіным апраўданнем яго існавання па-ранейшаму была ўзброеная барацьба з паганствам (Hedenkampf), прывядзенне няверных да Хрыстовай веры i абарона Царквы. Але калі ідэалагічная падаплёка i практи­ка вайны Нямецкага ордэна супраць паганцаў у Інфлянтах, a потым i супраць Літвы, стала прадметам многіх грунтоўных штудый[39], дык праблема стаўлення манаска-рыцарскай дзяржавы да праваслаўных хрысціян, якіх — згодна з яе ідэалогіяй — таксама належыла ахрысціць, застаецца маладаследаванай[40].

Адзін з падставовых прынцыпаў узаемаадносінаў каталіцкіх дзяржаў з „ворагамі Хрыста” прадугледжваў абмежаванне гандлю. Забарона блізкіх сувязяў з нявернымі i продажу ім тавараў, якія маглі б пашкодзіць ваеннай бяспецы, была ўведзена яшчэ пастановамі III Латэранскага сабора (1179), а каноны IV Латэранскага сабора (1215) паўтарылі ix, пагражаючы экскамунікацыяй за продаж няверным любых тавараў ваеннага прызначэння[41]. На I Ліёнскім саборы 1245 г. гэтыя палажэнні былі яшчэ больш развіты і ўмацаваны[42]. Што датычыць Усходняй Прыбалтыкі, то гісторыкам вядомы выпадкі, калі рымская курыя ў 1220-я гг. забараняла каталіцкім біскупствам гандаль з „варварамі”. Напрыклад, у 1229 г. папа запатрабаваў ад рыжскага біскупа перапыніць гандаль з русінамі[43]. Але цяжка сказаць, наколькі гэтыя інструкцыі выконваліся. Як пераконваюць крыніцы, сам Ордэн не быў зацікаўлены ў гандлёвай блакадзе суседзяў. Пазней, у 1268 г. у адным з пасланняў з канцылярыі Інфлянцкага ордэна ўтрымліваўся заклік да купцоў Любе­ка спыніць гандаль з „ворагамі веры, з русінамі з Ноўгарада”[44]. З’яўленне гэтага дакумента магло быць звязана з маштабным ваенным канфліктам Ноўгарада Вялікага з Інфлянтамі ў 1268-1270 г., пад час якога адбылася i буйная бітва пад Ракаворам[45].

На практыцы ў адносінах з суседзямі Нямецкі ордэн кіраваўся ўласнымі інтарэсамі. Калі карысць ад гандлю штурхала рыцарскую дзяржаву ісці на кааперацыю з „нявернымі” ў эканамічнай сферы, Ордэн не адмаўляўся ад яе. У спецыяльным даследаванні ўжо адзначалася, што паганскія народы ўзбярэжжа Балтыкі былі для Ордэна адначасова i ворагамі, i эканамічнымі партнёрамі[46]. Toe caмае можна сказаць i адносна схізматыкаў (хоць у 1350-я гг. гандаль Рыгі з Руссю жорстка асуджаўся папамі Клемен­там VI ды Інацэнтам VI)[47]. Эканамічныя сувязі Інфлянтаў з Ноўгарадам Вялікім былі настолькі важнымі для ix, што не дазвалялі весці працяглую вайну[48]. Дакладна так, а можа яшчэ i ў большай ступені ўзаемавыгадны гандаль на Дзвіне ў XIII ст. стрымліваў ваенныя канфлікты паміж Рыгай i Полацкам[49], дзе, як i ў Ноўгарадзе, з’явілася ганзейская факторыя[50]. Сам Полацк тады, як i Пскоў[51], арыентаваўся на мірныя адносіны з Ордэнам[52].

У крыніцах XIII ст. вельмі мала сведчанняў аб адносінах рыцараў да Полацкай зямлі, якая непасрэдна межавала з валоданнямі Інфлянцкага ордэна. Характэрна, аднак, што пры адсутнасці любых сведчанняў аб сур’ёзных ваенных канфліктах захавалася інфармацыя пра часы ix збліжэння i дастаткова цеснай кааперацыі. Псторыкам вядомы мірны дагавор, заключаны 28 снежня 1264 г. паміж Полацкам i Віцебскам, з аднаго боку, i Рыгай ды Інфлянцкім ордэ­нам, з другога[53]. У гэтым дакуменце, які пацвярджае факт даравання Ордэну зямлі нейкім полацкім князем Канстанцінам[54], палачане i віцябляне абяцаюць „…не въступатися на тую землю, што князь Костянтинъ дал шестерю съ своею братьею”, a магістр i браты-рыцары за гэта павінны „…отступити с всею правдою” ад Полацкай зямлі. Набыццё Ордэнам ЗЯМЛІ ад Канстанціна полацкага пацвердзіла і була папы Урбана IV ад 20 жніўня 1264 г.[55]. Як дабрадзей нямецкіх рыцараў полацкі князь Канстанцін згадваўся ў дакументах Нямецкага ордэна яшчэ ў XIV ст.[56].

У крыніцах пачатку XIV ст. утрымліваецца цікавая інфармацыя пра часы нядоўгатрывалага, але напэўна самага цеснага збліжэння Полацка з Рыгай i Інфлянцкім ордэнам. У прыватнасці, у ix гаворыцца, што „Полацкае каралеўства” (Regnum Polochense) было перададзена рыжскаму арцыбіскупству, у Полацку існавала лацінская кафедра i распаўсюджвалася каталіцкая вера, але рыцары Ордэна замоцна прыгняталі палачан i ў выніку страцілі Полацк на карысць паганых літоўцаў[57]. Усё гэта магло адбыцца ў другой палове XIII ст. Што да больш дакладнага вызначэння часу i абставінаў згаданых падзей, то пры выяўленым на сёння корпусе крыніц гэта пакуль не ўяўляецца магчымым.

Пачаўшы ў 1283 г. вайну з паганай Літвой, Тэўтонскі ордэн на практыцы ваяваў i з праваслаўнымі хрысціянамі — русінамі ВКЛ. Ордэнскія храністы адрознівалі русінаў ад няхрышчаных літоўцаў[58], але адносілі ix да няверных — як паганцаў i ерэтыкоў, з якімі належала весці вайну. Праводзячы ў XIV ст. сістэматычныя рэйды на тэрыторыю ВКЛ, Ордэн спасылаўся на прывілей рымскага папы, які дазволіў яму прывесці да хрысціянства як Літву, так i Русь[59]. Гэты асаблівы прывілей, быццам выдадзены папам тэўтонскім рыцарам на сілавую хрысціянізацыю „русінаў i паганцаў”(Russin und heydin), згадваўся i праз стагоддзе ў ордэнскай храністыцы[60].

У рэальным жыцці, аднак, у адносінах з русінамі Ордэн неаднаразова адступаў ад дактрыны крыжовай вайны ды, як i Рыжскае біскупства, дазваляў сабе збліжэнне i нават каапераванне са схізматыкамі. 3 многіх прыкладаў „супрацы” ордэнскай улады з „нявернымі”, адным з першых сярод якіх можна лічыць антыпрускі саюз тэўтонаў з Данілам Галіцкім (1254)[61], дастаткова прывесці некалькі. У канцы 1323 г. вендэнскі комтур Раймар Ганэ (Reimar Hane) разам з некалькімі іншымі саноўнікамі ад імя Інфлянцкага ордэна заключыў з Ноўгарадам Вялікім перамір’е, якое прадугледжвала супольную барацьбу з Літвой i Псковам[62]. Планавалася, у прыватнасці, што яны разам выступяць супраць Пскова, каб разарваць яго саюз з ВКЛ i ваенным шляхам прымусіць пскавічоў падпарадкавацца Ноўгараду Вялікаму. Ноўгарадцы адразу ж арыштавалі ладдзі рыжан, што на­несла істотную шкоду эканамічным інтарэсам Рыгі — гандлёвага канкурэнта Ордэна ў Балтыйскім рэгіёне. Такім шляхам Ордэн, закліканы абараняць хрысціян, апынуўся ў саюзе са „схізматыкамі”, скіраваным супраць лацінскіх хрысціян. I сапраўды, як падкрэслівалася ў гістарыяграфіі, інфлянцка-ноўгарадскі альянс рэальна пашкодзіў больш каталіцкім саюзнікам Гедыміна[63], чым самой Літве.

Прэцэдэнты прыкрытага кааперавання з нявернымі падавала i сама рымская курыя. Пасля таго як польскі карольУладыслаў Лакетак заключыў з Гедымінам перамір’е (1325), замацаванае шлюбам яго сына Казіміра з дачкою вялікага князя літоўскага Альдонай[64], a Ордэн пайшоў на збліжэнне з Галіцка-Валынскай Русею, у 1326 г. — пад час перамір’я Ордэна з ВКЛ — дзякуючы фактычнай санкцыі папы Яна XXII адбыўся вядомы супольны паход кантынгентаў Лакетка i Гедыміна на Брандэнбургію. 3 боку ВКЛ у ім удзельнічаў аддзел з 1200 вершнікаў на чале з гарадзенскім старастам Давыдам, пад харугвай якога былі i русіны. Гэтая падзея выклікала ў Еўропе хвалю абурэнняў у адрас як Польшчы, так i рымскага папы[65]. У хроніках гаварылася, што гэта „па радзе i з дазволу папы”[66] Лакетак прывёў войска паганцаў на пусташэнне хрысціянскай зямлі, a тэўтонскім рыцарам па ўказанні таго ж Яна XXII давялося прапусціць яго[67], i да т.п. Гэты прыклад паказвае, што i сама рымская курыя, якая вызначала прынцыпы стаўлення да паганцаў i ўсіх няверных як да ворагаў, пры аказіі магла выкарыстоўваць ix у сваіх вузкіх інтарэсах.

Прагматызм ордэнскай дыпламатыі ў адносінах да схізматыкаў асабліва выразна ілюструецца першым дагаворам аб перамір’і на 10 гадоў, заключаным у Троках у 1379 г. паміж вялікім магістрам Ордэна Вінрыхам фон Кніпродэ (Winrich von Kniprode), з аднаго боку, i Кейстутам з Ягайлам, з другога[68]. Прапанова літоўскіх князёў ахапіць перамір’ем усё ВКЛ не магла быць прынята нямецкімі рыцарамі, таму што гэта супярэчыла б дактрыне крыжовай вайны, якая патрабавала весці з нявернымі пастаяннуювайну. У выніку перамір’е стала саступкай Ордэна Літве i ахапіла толькі землі з галоўным чынам праваслаўным насельніцтвам — русінамі: раёны Ваўкавыска, Суража, Драгічына, Мельніка, Бельска, Берасця, Камянца i Горадні, г. зн. вотчыну Кейстута[69]. Уключыўшы ў абсяг дзеяння дагавора землі ВКЛ, населения русінамі, Ордэн гэтым разам выступіў фактычна ў ролі пратэктара „схізматыкаў” (Ruthenos scismaticos).

Пасля Крэўскай уніі 1385 г. i хрышчэння Літвы, якое пазбавіла Нямецкі ордэн легітымацыі на далейшае існаванне ў Прусіі i Інфлянтах, дыпламатыя рыцарскай дзяржавы ўхапілася за больш актыўную прапаганду сваёй місіі абароны хрысціянства ад няверных — i ад паганцаў, якімі па-ранейшаму лічыліся літоўцы, i ад русінаў-схізматыкаў[70]. Пэўныя падставы для гэтага заставаліся: большасць падданых пад уладай князя-каталіка Вітаўта спавядала праваслаўе, якое не прызнавала прымату Рыма. Факт прыналежнасці праваслаўных да ВКЛ выкарыстоўваўся Мальбаркам як для абвінавачванняў у фальшывасці хрысціянізацыі самой Літвы, так i для дыскрэдытацыі Польскага Каралеўства: маўляў, мець такога саюзніка — справа прынамсі непрыстойная для прававерных хрысціян. Падтрымка „паганай Літвы i схізматыцкай Русі” як шкодная i небяспечная для Ордэна i ўсяго хрысціянства фігуравала ў якасці найбольш частага абвінавачвання з боку вялікага магістра ў адрас поль­скага караля ў 1400-1403 г.[71]. Віленская унія 1401 г., што ўмацавала дзяржаўную повязь ВКЛ з Польскім Каралеўствам, характарызавалася як небяспечная ўжо таму, што ахапляла i „ерэтыкоў” — жамойтаў i русінаў[72]. Гэтаксама ў скаргах Ордэна на рыжскага арцыбіскупа i дэрпцкага біскупа, кіраваных у рымскую курыю ў 1392-1395 г., у віну ім ставілася сувязь з „русінамі-схізматыкамі i нявернымі літоўцамі”[73].

У той жа час ордэнскае кіраўніцва само ўваходзіла ў самыя цесныя адносіны са схізматыкамі ВКЛ. Калі пасля заключэння Крэўскай уніі полацкі князь Андрэй Альгердавіч перадаў Полацкую зямлю ў вечнае валоданне інфлянцкаму магістру[74], Ордэн узяў яго пад сваю апеку i абарону[75]. У выніку ў 1386 г. ордэнскі кантынгент падтрымаў ваенны выступ „схізматыкаў” князя Андрэя Полацкага i смаленскага князя Святаслава супраць Ягайлы ў Беларусі[76]. Пазней, у 1402 г., падтрымліваючы князя Свідрыгайлу, які выступіў супраць Вітаўта, Ордэн зрабіў стаўку на мяцеж у праваслаўным Смаленску[77]. Пазіцыя Мальбарка змянілася толькі пасля ультиматума з Рыма[78]. Такія дзеянні не маглі не нашкодзіць рэпутацыі Ордэна, i менавіта пра ix гаварыў Ягайла ў сваім маніфесце[79], высланым перад пачаткам Вялікай вайны з Ордэнам (1409-1411) усім манархам i князям лацінскай Еўропы з мэтай падарваць ix давер да рыцарскай дзяржавы.

У дыпламатычным супрацьстаянні з Ягайлам i Вітаўтам перад генеральным сутыкненнем Нямецкі ордэн таксама выкарыстоўваў факт прысутнасці Русі ў ix дзяржаве як важны аргумент кампраментацыі непрыяцеля ў вачах каталіцкай Еўропы. 3 Мальбарка да еўрапейскіх манархаў i да рымскага папы разыходзіліся пасланні, у якіх польскі кароль абвінавачваўся ў аб’яднанні з русінамі i нават з маскоўскім князем[80]. Вялікі магістр сцвярджаў, што калі польскі ка­роль падтрымлівае паганцаў у Літве i дапамагае схізматыкам-русінам (scismatici Rutheni), то вайна рыцараў супраць Ягайлы i Вітаўта цалкам справядлівая i законная. Падобным чынам сам Жыгімонт Люксембургскі матываваў заключэнне ў Будзе саюза з Нямецкім ордэнам супраць Польшчы 20 снежня 1409 г.: маўляў, ён падтрымае Ордэн таму, што кароль польскі заклікаў сабе ў падмогу „няверных”, сярод якіх не толькі няверныя літоўцы i татары, але i русіны (,,…іп-fideles Lithuanos, Ruthenos, Thartaros vel alios quoscunque scismaticos…”)[81].

Пасля Грунвальдскай бітвы як ордэнская дыпламатыя, так i пратэктар Ордэна кароль Жыгімонт Люксембургскі выкарыстоўвалі ў прапагандзе яшчэ больш радыкальныя лозунгі часоў барацьбы з паганскімі плямёнамі. У ix маніфестах i пасланнях да еўрапейскіх манархаў сцвярджалася, у прыватнасці, што на грунвальдскім полі рыцары Хрыста былі разбітыя несапраўднымі хрысціянамі — ворагамі крыжа i веры, да якіх залічваліся i русіны[82]. I пасля Торуньскага міру 1411 г. праваслаўныя русіны фігуравалі ў адной сувязі з варожымі для Ордэна „нехрысцямі i паганцамі”, што дапамагаюць палякам i літоўцам (Rewssen, Tatern und andern uncristen und heidenischen)[83].

Нарэшце, у 1430-х г., пасля двух стагоддзяў узброенай барацьбы супраць няверных у Прыбалтыцы, Нямецкі ордэн змяніў форму выканання сваей місіі і паспрабаваў прывесці схізматыкаў ВКЛ да рымскага абраду шляхам уніі[84]. Ордэнскія дыпламаты зачасцілі ў Полацк i Віцебск — самае гняздо праваслаўя, прадстаўляючы інтарэсы русінаў з лагера Свідрыгайлы ў Базелі i Рыме[85]. Аднак, падтрымаўшы Свідрыгайлу ў грамадзянскай вайне, якая раскалола ВКЛ i ў якую ўключылася Польскае Каралеўства, Ордэн фактычна выступіў за праваслаўную Русь Літоўскую, чым у чарговы раз асудзіў сябе на жорсткую крытыку з боку каталікоў[86] i ў выніку канчаткова прайграў.

Такім чынам, закліканы абараняць лацінскую царкву i няспынна ваяваць з „ворагамі Хрыста”, Нямецкі ордэн на практыцы часта выкарыстоўваў аргумент веры для дасягнення ўласных палітычных мэтаў. Працягваючы вайну з русінамі ВКЛ як з ворагамі Хрыстовай веры, ордэнскае кіраўніцтва неаднаразова трактавала праваслаўную Русь дастаткова інструментарна, у адпаведнасці з канкрэтнымі інтарэсамі сваёй палітыкі, а не дактрыны святой вайны з нявернымі.


[3] Гл.: Beumann H. Kreuzzugsgedanke und Ostpolitik im hochen Mittelal­ter // Heidenmission und Krezzugsgedanke in der deutschen Ostpolitik des Mittelalters. Hrsg. von H. Beumann. Darmstadt 1963. S. 143-145; Гл. таксама: Mayer H. E. Geschichte der Kreuzzöge. Stuttgart, 1965. S. 263. Кампетэнгны агляд гістарыяграфіі гэтага паходу гл. у: Gładysz M. Za­pomniani krzyïowcy. Polska wobec ruchu krucjatowego w ХІІ-ХІII w. Warszawa, 2002. S. 70-91. Гл. таксама: Kahl H. — D. Zum Ergebnis des Wendenkreuzzugs von 1147 // Heidenmission und Kreuzzugsgedanke in der deutschen Ostpolitik des Mittelalters. S. 279-285. History in Dispute. Vol. 10: The Crusades 1095-1291. Ed. by M. T. Abate. St. James Press, 2003. R 270. Christiansen E. The Northern Crusades. London, 1997. P. 50-59.
[4] Kürbis В. Cystersi w kulturze polskiego średniowiecza // Historia i kultu­ra cystersów w dawnej Polsce i ich europejskie związki. Red. J.Strzelczyk. Poznań 1987. S.324-326; Щавелева Н.И. Послание епископа краковско­го Матвея Бернарду Клервоскому об „обращении” русских // Древ­нейшие государства на территории СССР. Материалы и исследования 1975 г. Москва, 1976. С. 113-121.
[5] Gładysz M. Zapomniani krzyżowcy. S. 92; Сагановіч Г. Русь у палітыцы крыжовых паходаў ХII-ХIII cт. // Украïна в Центрально-Східній Еропі. Киïв, 2003. С. 72.
[6] Hehl E.-D. Was ist eigentlich ein Kreuzzug? // Historische Zeitschrift.Bd. 259 (1994). Hf. 2. S. 324.
[7] Hageneder H. Das päpstlicher Recht der Fürstenabsetzung (1150-1250) //Archivum Historiae Pontificiae. Vol.l (1963). S. 53-95; Housley N. TheLater Crusades, 1274-1580. From Lyons to Alcazaг. Oxford UniversityPress 1992. P. 237.
[8] Potkowski E. Papiestwo a państwa europiejskie (XIII-XV w.) // Katolicyzm średniowieczny. Red. Józef Kelleг. Warszawa 1977. S.44-45f.
[9] Hehl E.-D. Was ist eigentlich ein Kreuzzug? S.325; Riley-Smith J. Kreuz­züge // Lexikon des Mittelalters. Bd.V. 1991.S.1508.
[10] Hertz A. Die thomasische Lehre vom bellum justum als ethischer Kompro­miβ // Die Wahrnehmung und Darstellung von Kriegen im Mittelalter undin der Frühen Neuzet. Hg. von H.Branneг. Wiesbaden, 2000. S. 27-29.
[11] Падрабязней гл.: Beestermуller G. Thomas von Aquin und der gerechterKrieg im theologischen Kontext der Summa Theologiae. Köln, 1990.
[12] Grabski A. F. Polska w opiniach Europy Zachodnie] XIV-XV w. Warsza­wa 1968. S.153.
[13] Riley-Smith J. The Crusades. A History. 2th ed. Yale University Press2005. P.183.
[14] Winowski L. Stosunek średniowiecznej Europy do obcych-inowierców// Prawo kanoniczne. Г.IV. Warszawa 1961. S.651.
[15] Winter E. Russland und das Papstum. Bd.l. Von der Christianisierung biszu den Anfängen der Aufklärung. Berlin 1960. S.61f.; Peltz W. Krzyżowcyw Europie północno-wschodniej // Rycerstwo Europy Środkowo-Wschódnie] wobec idei krucjat. Zelona Góra 2002. S.125.
[16] Падрабязней пра гэта гл. у: Флоря Б. Н. У истоков религиозногораскола славянского мира (XIII в.). С.-Петербург, 2004.
[17] Генрих Латвийский. Хроника Ливонии. Введение, перевод икомментарии С.А.Аннинского. Москва — Ленинград, 1938. С. 59. Гл.таксама: Сагановіч Г. Полацк i нямецкая калонія на Дзвіне (паводлехронікі Генрыха Латыша) // Беларускі Гістарычны Агляд. Т. 5 (1998).Сш.1. С. 3-26.
[18] Генрих Латвийский. Хроника Ливонии. С. 102, 114, 115. Пар.: Сагановіч Г. Русіны ў вачах заходніх хрысціян XIII-XIV ст. // Псторыя iархеалогія Полацка і Полацкай зямлі. Полацк, 2003. С. 230.
[19] Флоря Б. Н. У истоков религиозного раскола славянского мира (XIII в.).С.-Петербург, 2004. С. 86-88.
[20] Liv-, Est- und Curländisches Urkundenbuch (далей — LUB). Hrsg.v. F.G.v.Bunge. Bd. 1. Riga. № 66; Матузова В. И., Назарова Е. Л.Крестоносцы и Русь. Конец XII – 1270 г. Тексты, перевод, комментарии.Москва, 2002. С. 216-217; Donner G. A. Kardinal Wilhelm von Sabina,Bischof von Modena 1222-1234. Helsingfors 1929. S. 103.
[21] LUB. Bd.l. №95; Матузова В. И., Назарова Е. Л. Крестоносцы и Русь.С. 219-220.
[22] LUB. Bd. 1. №121, 128; Vetera monumenta Poloniae et Lfflmaniae. Ed.Augustino Theineг. T. 1 (1217-1409). Romae 1860. Nг. 46.
[23] У традыцыі савецкай гістарыяграфіі канфлікты Швецыі з Ноўгарадамназывайся „крыжовымі паходамі на Русь”, a перамогі АляксандраНеўскага ў 1240 i 1242 г. абвяшчаліся ix крахам. Гл.: Пашуто В. Т.О политике папской курии на Руси (XIII в.) // Вопросы истории.1949. № 5. С. 52-76; Idem. Внешняя политика Древней Руси. Москва -Ленинград, 1968. С. 227-259, 290-301. У польскай гістарыяграфііпадобны падыход гл. у: Peltz W. Krzyżowcy w Europie północno-wschodniej // Rycerstwo Europy Środkowo-Wschуdniej wobec idei krucjat. Zelona Góra 2002. S. 123-129.
[24] Шаскольский И. П. Борьба Руси против крестоносной агрессии наберегах Балтики в XII-XIII вв. Ленинград, 1978. С. 147-153; Флоря Б. Н.У истоков религиозного раскола славянского мира. С. 148-149.
[25] Umiński J. Niebezpieczeństwo tatarskie w połowie XIII w. a papież In­nocenty IV // Rozprawy historyczne Towarzystwa Naukowego Warsza­wskiego. T.I. Z.4 (9). Warszawa 1921-22. S.42f.
[26] Preussisches Urkundenbuch (далей — PUB). Bd.l. H.2. Hrsg. v. A.Seraphim.Königsberg 1909. № 185. Гл. таксама: Большакова С. Папские посланиягалицкому князю как исторический источник // Древнейшиегосударства на территории СССР. Материалы и исследования, 1975.Москва, 1976. С. 122-129.
[27] Матузова В.И., Назарова Е.Л. Крестоносцы и Русь. Конец XII в. -1270 г. Тексты, перевод, комментарий. Москва, 2002. С. 262-270.
[28] Ипатьевская летопись / ПСРЛ. Т. 2. Москва, 1998. С. 826-827; ІсаевічЯ. Галицько-Волинська держава. Львів, 1999. С. 21.
[29] PUB. Bd.l. H. 2. Königsberg 1909. Nг. 1, 3, 7.
[30] Флоря Б.Н. У истоков религиозного раскола славянского мира (XIII в.).С. 179-180.
[31] PUB. Bd. 1. H. 2. Königsberg 1909. Nг. 59.
[32] Такую здагадку ўжо выказвалі даследчыкі. Гл.: Gładysz M. Zapomni­ani krzyżowcy. Polska wobec ruchu krucjatowego w ХІІ-ХІП w. Warsza­wa 2002. S. 303.
[33] LUB. Bd. 1. №345. S. 440-441.
[34] См.: Samowsky J. The Teutonic Order confronts Mongols and Turks //The Military Orders. Fighting for the Faith and Caring for the Sick. Ed.by M.Barbeг. Varium 1994. S. 256.
[35] Vetera monumenta Poloniae et Lithuaniae. Ed. A.Theineг. T.I (1217-1409).Romae 1860. Nг. 222. S. 166-167; PUB. Bd.l. H. 2. Nг. 222. S. 166-167.
[36] Regesta Diplomatica nee non epistolaria Bohemiae et Moraviae. P.II. V.3.Pragae 1883. Nг. 845; Jakštas J. Das Baltikum in der Kreuzzugsbewegung des XIV Jh. Die Nachrichten Philipps de Mezieres über die baltischen Ge­biete // Commentationes Balticae. Bd.WVII (1959). Hf. 3. S. 5.
[37] Летным аргументам на карысць гэтага можна лічыць удзел кантынгенту пскавічоў (ці ноўгарадцаў?) у паходзе інфлянцкіх рыцараў на Літву ў 1236 г. Як сцвярджае ноўгарадскі летапіс, „плесковици от себе послаша (рыцарам — Г.С.) помощь мужь 200″. Гл.: Новгородская первая летопись старшего и младшего изводов. Ред. А. Носов. Москва -Ленинград, 1950. С. 285; Livlāndische Reimchronik. Hrsg. von Leo Meyeг. Padeborn 1876. №1889; Dubonis A. Du šimtai pskoviečių Saulės mūšyje (1236) (Dėl naugardo I metraščio žinutės) // Lituanistica. Vilnius 1990. Nг.l. P. 13-23
[38] Selart A. Confessional Conflict and Political Cooperation: Livonia and Rus­sia in the 13th Century // Crusade and Conversion on the Baltic Frontier,1150-1500. Ed. by A.V. Murray. Ashgate 2001. P.150; Хёш Э. Восточнаяполитика Немецкого ордена в XIII в. // Князь Александр Невскийи его эпоха. Исследования и материалы. Под ред. Ю. Бегунова иА. Кирпичникова. С.-Петербург, 1995. С. 69, 70, 72.
[39] 3 вялізнай гістарыяграфіі пытання вылучу асноўныя сучасныя працыкласічнага характеру: Christiansen E. The Northern Crusades. London1997; Boockmann H. Der Deutsche Orden. Zwölf Kapitel aus seiner Ge­schichte. München, 1994. S. 151-180; Gudavičius E. Kryžiaus karai Pabal­tijyje ir Lietuva XIII amž. Vilnius 1989; Rowell S. C. Lithuania ascending:A pagan empire within east-central Europe: 1295-1345. Cambridge 1994;Ekdahl S. Die Christianisierung Litauens als Dilemma des Deutschen Or­dens // Lietuvos krikščionėjimas Vidurio Europos kontekste. Vilnius,2005. P. 189-205.
[40] Напрыклад, разглядаючы вайну ca схізматыкамі, Э.Хрысціянсанабмежаваўся Ноўгарадскай зямлёй. Гл.: Christiansen E. The Northern Crusades. P.132-137.
[41] Mažeika Г. Of cabbages and knights: trade and trade treaties with theinfidel on the nothern frontier, 1200-1390 // Journal of Medieval His­tory. V.20 (1994). P.66
[42] Падобныя прынцыпы ўтрымліваліся i ў пастановах многіх сінодаўу наступныя гады. Згодна з пастановамі сінода ў Прэсбургу (1309),каталікам указвалася не толькі ніякім чынам не дапамагаць няверным,але i забаранялася выдаваць сваячак замуж за „ерэтыкоў, схізматыкаў,русінаў, балгар, літоўцаў” (Гл.: Grabski A. F. Polska w opiniach EuropyZachodniej XIV-XV w. Warszawa 1968. S. 152).
[43] Шаскольский И. П. Борьба Руси против крестоносной агрессии наберегах Балтики. С. 149-150.
[44] LUB. Bd.l. №408. См.: Флоря Б.Н. У истоков религиозного расколаславянского мира. С. 185-186.
[45] Новгородская первая летопись. С. 85-87f.
[46] Mažeika Г. Of cabbages and knights: trade and trade treaties with the in­fidel on the nothern frontieг. E 65, 70-76.
[47] Vetera monumenta Poloniae et Lithuaniae. Ed. A. Theineг. T. 1.Nг.700, 765.
[48] Christiansen E. The Northern Crusades. London 1997. P. 136.
[49] Goetz L.K. Deutsch-Russische Handelsgeschichte des Mittelalters. Lübeck1922. S. 447-472; Dircks В. Russisch-livländische Beziehungen in derzweiten Hälfte des 13. Jhs. // Jahrbuch des baltischen Deutschtums.Bd.33 (1986). S. 25-34.
[50] Гильдебранд Г. Немецкая контора в Полоцке // Сборник материалови статей по истории Прибалтийского края. Т.2. Рига, 1879. С. 44-80.
[51] Белецкий С. В., Сатырева Д. Н. Псков и Орден в первой трети XIII в. //Князь Александр Невский и его эпоха. Исследования и материалы.Под ред. Ю. К. Бегунова и А. Н. Кирпичникова. С.-Петербург, 1995.С. 81-85.
[52] Гл.: Hellmann M. Das Lettenland im Mittelalteг. Münster – Köln, 1954.S. 155-190; Сагановіч Г. Полацк i нямецкая калонія на Дзвіне (паводлехронікі Генрыха Латыша) // БГА. Т.5 (1998). Сш. 1. С 3-26.
[53] Russische-Livländische Urkunden. Hrsg. v. С. Е. Napiersky. S-Petersburg1868. №25. S. 13; LUB. Bd.6. № 3036; Полоцкие грамоты XIII – начала XVI вв. Сост. А. Н. Хорошкевич. Вып. 1. Москва, 1977. №1. С. 35-36.
[54] Пра загадкавага полацкага князя гл.: Selart A. Fürst Konstantin von Polock und die Geschichte Livlands im dritten Viertel des 13. Jhs. // For­schungen zur baltischen Geschichte. Bd.l. Tartu 2006. S.29-44. Пар. па-беларуску: Сэларт A. Полацкі князь Канстанцін i гісторыя Інфлянтаў у трэцяй чвэрці XIII ст. // БГА. Т.ХІ (2004). С 3-25.
[55] LUB. Bd.l. Nг.380. S. 484.
[56] Die Statuten des Deutschen Ordens nach den ältesten Handschriften. Hg.v. M.Perlbach. Halle 1890. S. 132.
[57] LUB. Bd.2. Riga 1854. Nг.63O. S. 50; PUB. Bd. H/1. Nг.13; Seraphim A. DasZeugenverhцr des Franciscuc de Moliano (1312). Quellen zur Geschichtedes Deutschen Ordens. Königsberg 1912. S. 200, 202f.; Жлугка A. Ліст папыКлімента V 1310 г. аб становішчы ў Лівоніі i ў суседніх краінах у другойпалове XIII — пачатку XIV ст. // Беларускі археаграфічны штогоднік.Вып.7. Мінск, 2006. С 162. Гл. таксама: Długosz J. Roczniki czyli Kronika sławnego królewstwa Polskiego. Ks.9. Warszawa 1975. S. 96.
[58] Саганович Г. «Русь» в прусских хрониках XIV-XV вв. // Славяне иих соседи. Вып.ГХ. Средние века – Раннее новое время. Славяне инемцы. Москва, 1999. С. 100-105.
[59] Магчыма, мелася на ўвазе пасланне папы Аляксандра IV магістру ібратам Ордэна ў 1260 г. (гл. спас. 33).
[60] Кантынуатар хронікі Посільге пад 1407 г. паведамляе, што Ордэнатрымаў ад папы прывілей „Littowin czu betwingen czu dem geloubindie Russin und heydin die den landen gelegin werin czu twingen”. Гл.: Scriptores rerum Prassicaram (далей — SRP). Bd.III. Hrsg. von E.Strehlke. Leipzig 1863. S.288. Пар.: Die Berichte der Generalprokuratoren des Deutschen Ordens an der Kurie. Bd.2. Peter von Wormditt (1403-1419). Bearb. von H.Koeppen. Göttingen 1960. №31. S. 90.
[61] Гл.: Матузова В., Назарова Е. Крестоносцы и Русь. С. 364-368.
[62] LUB. Bd.2. №618; Грамоты Великого Новгорода и Пскова. Изд.С. Н. Валк. Москва – Ленинград, 1949. №37. С. 65-67.
[63] Prochaska A. Stosunki Krzyżaków z Giedymiem i Łokietkiem // Kwar­talnik Historyczny. Г.X (1896J.S.28 – 30; Rowell S. C Lithuania ascend­ing: A pagan empire within east-central Europe: 1295-1345. Cambridge1994. P. 238.
[64] Zajączkowski S. Przymierze polsko-litewskie 1325 г. // Kwartalnik Histo­ryczny. XL (1926). S. 567-617.
[65] Grabski A. F. Polska w opiniach Europy Zachodniej XIV-XV w. Warszawa1968. S. 156-165; Rowell S. C. Lithuania ascending: A pagan empire withineast-central Europe: 1295-1345. Cambridge 1994. P. 235.
[66] Henrici de Hervordia Liber de rebus memorabilibus. Ed. A.Potthast. Gottingae 1859. S. 211.
[67] Працяг хронікі Посільге, гл.: SRP. Bd.3. S. 307-308.
[68] Codex diplomaticus Lithuaniae (далей — CDL). Ed. E.Raczyński. Vratislaviae 1845. S. 53-55; Codex diplomaticus Prussicus (далей — CDP). Bd.3.№134; Codex epistolaris Vitoldi Magni Ducis Lithuaniae 1376-1430 (далей — CEV). Wyd. AProchaska. Cracoviae 1882. №1.
[69] CDL. S. 53-55. Пар.: Prochaska A. Upadek Kiejstuta // Kwartalnik History­czny. Г.XXIII (1909). S.494f.; Kučinskas A. Kęstutis. Lietuvių tautos gynėjas.Vilnius 1988. P 149.
[70] Militzer K. Aspekte aus den Beziehungen des Deutschen Ordens zum pol­nischen Adel // Etos rycerski w Europie Środkowej i Wschodniej. Zelona Góra 1997. S. 83.
[71] CDP. Bd.5. Königsberg 1857. Nг. 122, 135; Grabski A. F. Polska w opiniach Europy Zachodniej XIV-XV w. S. 221-223.
[72] CDP. Bd.6. Königsberg 1861. Nг.113. ІнаКанстанцкім саборыўвінуЯгайлуордэнскае прадстаўніцгва ставіла тое, што яго саюзнікі — жамойты iрусіны (Somefi et Rutheni). Гл.: Boockmann H. Johannes Falkenberg, derDeutsche Orden und die pohlische Politik. Göttingen 1975. S. 324.
[73] Die Berichte der Generalprokuratoren des Deutschen Ordens an der Ku­rie. Bd.l. Die Geschichte der Generalprokuratoren von den Anfängen bis1403. Beaib. von K.Forstreuteг. Göttingen 1961. №210, 240, 24lf.
[74] CDP. Bd.4. №33; LUB. Bd.3. №1226, 1227.
[75] LUB. Bd.3. №1226, 1227.
[76] SRP. Bd.3. S.145;. Długosz J. Roczniki czyli Kronika sławnego królewstwa Polskiego. Ks.10. Warszawa 1981. S.206
[77] Lewicki A. Powstanie Świdrygiełły. Kraków 1915. S.53-55.
[78] Goyski M. Wzajemne stosunki Polski, Litwy i Zakonu w latach 1399-1404.Studium historyczne. Kraków 1906. S.52.
[79] Гл.: CEV. №426. S.194-195f.
[80] CEV. Appendix. №4; SRP. Bd.3. S.244.
[81] Lites ас Res Gestae inter Polonos Ordinemque Craciferorum. Ed. I.Zakrzewski. Т.П. Poznan 1892. №53; Пар.: Nowak Z. Polityka północna Zyg­munta Luksemburskiego do г. 1411. Toruń 1964. S. 96-97.
[82] Grabski A. F. Polska w opiniach Europy Zachodniej XJV-XV w. S. 238-239.
[83] Гл. пасланне вялікага магістра ордэнскаму пракуратару ад 28 чэрвеня1414 г.: Die Berichte der Generalprokuratoren des Deutschen Ordens ander Kurie. Bd.2. Peter von Wormditt (1403-1419). Bearb. von H.Koeppen.Göttingen, 1960.
[84] Forstreuter K. Der Deutsche Orden und die Kirchenunion während des Basler Konzils // Annuarium Historiae Conciliorum. Jg.l (1969). S. 121f.
[85] Dombrowski L. Die Beziehungen des Deutschen Ordens zum BaselerKonzil. Berlin, 1913. S. 102 ff.
[86] Тыповы для польскай гістарыяграфіі прыклад агульнага асуджэнняНямецкага ордэна за збліжэнне са Свідрыгайлам бачым у А.Лявіцкага,які не прамінаў падкрэсліць, што ў вышку падступнай палітыкі нямецкіярыцары ў саюзе са „схізматыкамі” ваявалі супраць хрысціянскагаманарха Ягайлы. Гл.: Lewicki A. Powstanie Świdrygiełły. Kraków 1915. S.85f.

Наверх

Віктар Цемушаў. Тросненская бітва і паўднёва-заходняя мяжа Вялікага Княства Маскоўскага ў 1368 г.

Снежня 27, 2006 |


У 1368 г. адбыўся першы сур’ёзны канфлікт паміж двума цэнтрамі збірання рускіх зямель — Вялікімі Княствамі Літоўскім i Маскоўскім. Ужо дагэтуль літоўска-маскоўскія інтарэсы скрыжоўваліся ў смаленскіх землях (з 1335 г. адбывалася барацьба за Ржэву[1], a ў 1341 г. Альгерд здзейсніў няўдалы паход на Мажайск[2]), але да поўнамаштабнай вайны справы не даходзілі, мабыць, таму, што нават агульнай мяжы дзвюх дзяржаў пакуль не існавала[3].

Актыўная палітыка маскоўскага вялікага князя Дзмітрыя Іванавіча выклікала не толькі падтрымку з боку вялікай колькасці рускіх князёў i шырокі народны патрыятычны рух, але i незадаволенасць пэўных цэнтраў Паўночна-Ўсходняй Русі пашырэннем маскоўскай улады і, адпаведна, стратай сваёй самастойнасці. Па словах цвярскога летапісца, масквічы „князи Русьскыи начата приводити въ свою волю, а который почалъ не повиноватися ихъ воле, на тыхъ почали посягати злобою”[4].

Пэўныя інтарэсы ў маскоўскага вялікага князя былі i ў дачыненні да Вялікага Княства Цвярскога, якое ў сярэдзіне XIV ст. зазнавала чарговы этап княжацкіх міжусобіц. Умяшальніцтва ў цвярскія справы, падавалася б, павінна было скончыцца пасля смерці аднаго з прэтэндэнтаў на ўладу ў Вялікім Княстве Цвярскім князя Васіля Міхайлавіча Кашынскага (24 ліпеня 1368 г.) i ўсталяванні на цвярскім престоле князя Міхаіла Аляксандравіча, аднак такі ход падзей не задаволіў Маскву. Летам 1368 г. „князь велики Дмитреи Иванових[ь] събравъ воя многы и посылалъ рать на князя великаго Михаила Александровича Тферьскаго, князь же Михаило бежа въ Литву къ князю Олгерду, зятю своему, и тамо многы оукоры изнесе и жалобы изложи, прося помощи собе и оборони, дабы сътворилъ месть его въскоре, паче же вабячи и завучи его ити ратию къ Москве”[5]. Такім чынам неўзабаве Вялікае Княст­ва Літоўскае апынулася ў стане вайны з Вялікім Княствам Маскоўскім.

Альгерд, чыя жонка Ўльяна была сястрой цвярско­га князя Міхаіла[6], хутка i рашуча адрэагаваў на просьбы сваяка. Ужо восенню сабралі вялікае войска, у складзе якога знаходзіліся, акрамя самога Альгерда, ягоны брат Кейстут, сын Кейстута Вітаўт („тогда бо еще младъ и неславенъ”), сыны Альгерда, шмат літоўскіх князёў, а таксама раці вялікага князя цвярскога i ca Смаленска[7]. Марш­рут Альгердавага войска да маскоўскіх межаў застаўся невядомым, што было растлумачана летапісцам асобым звычаем вялікага князя літоўскага. Ён таму „и превзыде княжешемъ и богатьствомъ паче многихъ”, што ніхто не ведаў ні ягоных планаў, ні на што збіралася шматлікае войска, ні куды яно ішло, усё гэта ён рабіў употай, i ў вы­шку „многи земли поималъ и многи грады и страны попленилъ”[8].

Даволі станоўчыя адносіны маскоўскага летапісца да кіраўніка суседняй, часам варожай, дзяржавы можна растлумачыць наступнай непаваротлівасцю маскоўскіх уладаў, якія не здолелі арганізаваць абарону сваіх межаў, хутка сабраць войскі і, нарэшце, атрымалі паразу ад вялікага князя літоўскага i зведалі аблогу сваёй сталіцы. Тым самым апраўдваліся наступствы дзеянняў Альгерда, які амаль бесперашкодна прайшоўся па ўладаннях Вялікага Княства Маскоўскага да самага ягонага цэнтра i такім жа чынам вярнуўся ў свае межы з вялікім палонам i здабычай. „Преже сего таково зло не бывало Москве отъ Литвы”[9], — рэзюмаваў летапісец. Між іншым, у цвярскім летапісанні разважанняў пра паводзіны Альгерда няма, a ў канцы ўсяго апавядання пра літоўскі паход 1368 г. мы не бачым спачування разрабаваным маскоўскім уладанням: Альгерд „отъиде въ своаси, учинивъ лихо за лихо”[10]

Аб прасоўванні літоўска-смаленска-цвярскога войска на маскоўскую тэрыторыю вялікі князь Дзмітрый Іванавіч даведаўся толькі тады, калі яно пачало ваяваць парубежныя месцы[11]. Тут трэба заўважыць (для будучых высноў), што ў Маскве ведалі, адкуль ідзе пагроза, i пасылалі ў заставу старажавы полк менавіта ў небяспечным напрамку.

Збор войскаў — марудная справа, i пакуль па ўсім княстве беглі ганцы з граматамі з загадам „съвокупляти воя”, насустрач Альгерду выступілі тыя, хто знаходзіўся ў Маскве („обретошас[я] тогда въ граде”)[12]. Пад ваяводствам Дзмітрыя Мініна (ад вялікага князя) i Акінфа Фёдаравіча Шубы (ад маскоўскага ўдзельнага князя Ўладзіміра Андрэевіча Серпухаўскога) у паход выйшлі маскоўская, каломенская i дзмітраўская раці.

У гэты час Альгерд дасягнуў воласці Холхла[13], дзе забіў „на встрече” князя Сямёна Дзмітрыевіча Старадубскага-Крапіву, a потым у Абаленску пакараў смерцю князя Канстанціна Юр’евіча. I вось ад ракі Протва (на ей знаходзіўся цэнтр Абаленскага княства) войска Альгерда перайшло да ракі Троены (варыянт — Тростны)[14], дзе адбылася сустрэча з маскоўскай заставай. У выніку бітвы Альгерд „ту изби сторожевыи плъкъ князя великаго, заставу Московьскую и князи и воеводы и бояры своя поби. Се же сдеяся тогды въ осенине въ Филипово говение, месяца ноября въ 21 день, на Введение святыя Богородица во вторникъ”[15].

3 упэўненасцю ў адсутнасці перашкодаў Альгерд рушыў да Масквы, дзе ў аблозе ўжо сядзелі вялікі князь маскоўскі, ягоны стрыечны брат Уладзімір Андрэевіч, мітрапаліт Аляксей i мноства баяраў i простых людзей. Масква была падрыхтавана: загадзя быў спалены пасад вакол горада, а новыя каменныя сцены, пабудаваныя за год да з’яўлення пад імі Альгерда[16], гарантавалі адносную бяспеку. Тры дні прастаяў вялікі князь літоўскі каля Ма­сквы, нічога зрабіць не здолеў i вымушаны быў вярнуцца ў свае межы.

Тым не менш, пэўны рэзананс паход Альгерда атрымаў. Вялікі князь цвярскі Міхаіл Аляксандравіч зноў усталяваўся на сваім пасадзе, Дзмітрый Маскоўскі адступіўся на яго карысць ад часткі цвярской тэрыторыі (удзел памерлага князя Сямёна Канстанцінавіча з горадам Гарадцом), якую ўтрымлівала за сабою Масква з зімы 1368 г.[17] Палонны цвярскі ўдзельны князь Ерамей Канстанцінавіч быў адпушчаны ў Цвер. Акрамя таго, Альгерд, магчыма, зноў стаў уладальнікам Ржэўскай зямлі, якая дагэтуль у тым жа 1368 г. у чарговы раз была захоплена Масквой[18].

Вось так скончылася так званая „першая літоўшчына”[19], падзея вядомая, якая неаднаразова трапляла на старонкі спецыяльных даследаванняў, навукова-папулярных кніг i знайшла адбітак на гістарычных картах. Але апошні момант — менавіта гістарычна-геаграфічныя акалічнасці паходу Альгерда на Маскву 1368 г. — застаюцца нявысветленымі. Дагэгуль не вызначаны: 1) маршрут руху войскаў на чале з Альгердам, 2) месцы баявых дзеянняў і, галоўнае, 3) дзе знаходзілася тая рака Троена, каля якой адбылася бітва. Асобнай праблемай паўстае неабходнасць лакалізацыі лініі маскоўскай мяжы, ад якой пачынаў ваяваць Альгерд маскоўскія „порубежнаа места”. Адначасова можна праверыць магчымасць існавання на той час літоўска-маскоўскай мяжы ў рэгіёне прытокаў вярхоўя Акі рэк Угры i Протвы.

Такім чынам, дадзены артыкул прысвечаны высвятленню пытанняў цалкам гістарычна-геаграфічнага кшталту: рэканструкцыі палітычных межаў паміж двума дзяржаўнымі ўтварэннямі, лакалізацыі адміністрацыйна-палітычных адзінак старажытнасці i месцаў гістарычных падзей.

Перш за ўсё трэба даць агульнае ўяўленне пра геапалітычную сітуацыю ў рэгіёне, які падзяляў тэрыторыі Вялікіх Княстваў Літоўскага i Маскоўскага, а пасля перайсці да вызначэння маскоўскага памежжа на момант 1368 г.

Да сярэдзіны XIV ст. канчаткова вызначыліся два цэнтры збірання рускіх зямель, але сам працэс аб’яднання апошніх быў далёкім ад завяршэння. Тэрыторыі Вялікіх Княстваў Літоўскага i Маскоўскага ў той час раздзялялі масівы зямель, якія належалі калісьці Смаленскаму, Чарнігаўскаму i Разанскаму княствам. У XIV ст. Смаленскае i Чарнігаўскае (Бранскае)[20] княствы былі раздроблены на шэраг удзелаў. I вось гэтыя ўдзелы паступова прыбіралі да рук больш моцныя суседзі. У самым пачатку XIV ст. (1303 г.) да Масквы быў далучаны Мажайскі ўдзел Смаленскага княства[21]. Вялікая частка Таропецкага княства каля 1320 г. адышла да ВКЛ[22]. Чарнігаўскае княства, якое спазнала мэтанакіраваны пагром з боку Залатой арды[23], яшчэ да сярэдзіны XIV ст. таксама пачало схіляцца пад літоўскую ўладу[24]. Ад яго ў гэты час канчаткова адАЗяліліся верхняокскія княствы Карачаўскае, Навасільскае i Тарускае[25]. У такіх маленькіх дзяржаў амаль не было магчымасці дру­га трымаць сваю самастойнасць.

У сярэдзіне XIV ст. тэрытарыяльныя інтарэсы Вялікіх Княстваў Літоўскага i Маскоўскага перасякліся ў раёне вярхоўя ракі Волгі, у Ржэўскай зямлі. Узнікла адкрытая канфрантацыя дзвюх дзяржаў. Уяўляецца слушнай здагадка аб тым, што Ржэва з’яўлялася часткай былога Таропецкага княства i нават зрабілася сталіцай паменшанага ў памерах княства пасля далучэння да ВКЛ Таропца[26]. Калі так, то прэтэнзіі літоўскіх вялікіх князёў на Ржэву цалкам зразумелыя. Летам 1356 г. „Сижьскаго сынъ Иванъ сяде съ Литвою во Ржеве”[27]. Такім чынам адзін з удзельных ржэўскіх князёў (Сіжка — адна з валасцей Ржеўскай зямлі), які ўжо быў пазбаўлены сваіх уладанняў (яго самога не называюць Сіжскім князем, a толькі сынам Сіжскага князя), быў пасаджаны ў Ржэву з літоўскай дапамогай. Пэўная легітымнасць дадзенага захопу была захавана. Аднак летам 1358 г. войскі Волака Ламскага (або Цвяры) i Мажайска адбілі раней захопленую літвой Ржэву[28].

3 сярэдзіны XIV ст. літоўскія ўладанні паступова набліжаліся да маскоўскіх. Прыкладна ў 1357 г. да ВКЛ быў далучаны Бранск. У гэты год летам „бысть въ Брянске мятежь отъ лихихъ людей, и замятия велія и опустеніе гра­да, и потомъ [праз некаторы час. — В. Т.] нача обладати Брянскомъ князь велики Лйтовскій”[29].

У 1359 г. „Смольняне воевали Белоую”[30], значыць, да гэтага часу горад Белая апынуўся ў складзе ВКЛ, прычым, як бачым з летапіснай вытрымкі, адваяваць Смаленскаму княству свае былыя ўладанні не ўдалося. У адказ у тым жа годзе вялікі князь літоўскі Альгерд напаў на Смаленск, захапіў Мсціслаў („а Литвоу свою въ немь посадилъ”), а потым зімой паслаў сына Андрэя на Ржэву i зноў адваяваў яе[31]. Відаць, літоўскі гаспадар імкнуўся грунтоўна замацавацца ў такім стратэгічна важным пункце, як Ржэва, таму ў 1360 г. сам прыязджаў „Ржевы смотрйт[ь]“[32].

На гэты раз ВКЛ сапраўды даволі працяглы час утрымлівала вярхоўі Волгі i нават пачало развіваць экспансію да­лей з гэтага рэгіёну. У 1368 г. Андрэй Альгердавіч Полацкі, відавочна, з Ржэвы напаў на суседнія цвярскія воласці Хорвач i Родню[33]. Адразу пасля гэтага адбыўся паход маскоўскага ўдзельнага князя Ўладзіміра Андрэевіча Серпухаўскога на Ржэву i захоп яе[34]. Адным з магчымых вынікаў паходу Альгерда на Маскву было чарговае вяртанне Ржэ­вы ў склад ВКЛ. Толькі праз 8 гадоў князь Уладзімір Серпухаўскі спрабаваў адваяваць Ржэву, але няўдала[35]. Да кароткага перыяду праўлення ў ВКЛ Кейстута (1381-1382 гг.) горад цвёрда ўтрымліваўся пад літоўскай уладай[36].

У адрозненне ад ВКЛ, тэрыторыя якога павялічвалася на ўсходзе вялікімі масівамі зямель, Вялікае Княства Маскоўскае задавальнялася на захадзе значна меншымі кавалкамі. У сярэдзіне XIV ст. маскоўскія князі набылі пэўныя ўладанні са складу Вялікага Княства Разанскага i Вярхоўскіх княстваў.

Да канца 40-х — пачатку 50-х гг. XIV ст., калі меркаваць па дагаворы вялікага князя Сямёна Іванавіча са сваімі братамі Іванам i Андрэем[37], Масква набыла воласць Забярэгу[38]. Як высвятляецца з духоўнай граматы князя Сямёна, Забярэга была куплена „оу Семена оу Новосильского”[39]. Гэта была рэштка ўладанняў чарнігаўскіх князёў, якая захавалася ў атачэнні мажайскіх, вяземскіх i разанскіх зямель. Знаходзілася Забярэга, мяркуючы па назве, за ракой Бярэгай, прытокам верхняй Протвы, па левым яе баку[40]. Ю. В. Гацье звязаў воласць з Зарубежскім станам Мажайскага павету, які з’явіўся пазней[41].

Забярэга склала толькі невялікі кавалак заходняй маскоўскай граніцы. А далей на паўднёвы ўсход мяжа гублялася сярод неасвоеных амаль пустых „мест Рязаньских”, якія былі далучаны да Масквы ў 50-я гг. XIV ст., a дагэтуль, паводле назвы, належалі Разані[42].

„А что ся мне достали места Рязаньская на сей сторо­не Оки, и с тыхъ местъ дал есмь князю Володимеру, в Лопастны места, Новый городокъ на оусть Поротли, а иная места Рязаньская отменьная сыномъ моимъ, князю Дмитрью и князю Ивану, поделятся наполы, безъ обиды”[43]. Таку сваёй духоўнай грамаце вялікі князь маскоўскі Іван Іванавіч распавядаў пра абмен землямі паміж Маскоўскім i Разанскім княствамі. Відавочна, гэты абмен быў ажыццёўлены паміж вясной 1353 г. (смерць князя Сямёна Гордага i заняцце маскоўскага пасаду князем Іванам Крас­ным)[44] i каля 1356 г. (час складання тэстаменту гэтым кня­зем)[45].

3 духоўнай граматы Івана Краснага мы не даведваемся пра падрабязнасці абмену i не бачым пераліку канкрэтных тэрыторый, якія былі атрыманы як Масквой, так i Разанню. Маскоўска-разанская даканчальная грамата 1381 г.[46] — першы з дагавораў Масквы з Разанню, які захаваўся да нашых дзён, — у пэўнай ступені праясняе сітуацыю. Як высвятляецца, да Масквы адышлі землі, што знаходзіліся на левым (маскоўскім) баку Акі, у ліку якіх былі „почен Новый городок, Лужа, Верея, Боровескъ”, а таксама „и иная места Рязанская”[47]. Разань жа атрымала землі на правым (разанскім) баку Акі, тое „что доселе потягло къ Москве”[48].

Такім чынам, Масква набыла вялікую па плошчы тэрыторыю ўздоўж ракі Протвы i яе прытокаў. Але ў выніку абмену разанскія князі перадавалі Маскве далека не ўсе землі вакол Протвы. Частка ўладанняў у гэтым раёне або наогул не належала Разані, або ўжо дагэтуль была маскоўскай.

Так, у дагаворы канца 40-х — пачатку 50-х гг. XIV ст. згадваецца княгіня Ганна, „цётка” князя Сямёна Іванавіча. Яна „блаславіла” валасцямі Заячкавым, Цешавым i іншы-мі (якія не чытаюцца з-за дэфектаў граматы) князя Сямёна[49]. У сваёй духоўнай грамаце апошні называе япічэ i Гардашэвічы[50]. Як высвятліў У. А. Кучкін, „цётка” Ганна была дачкой князя Данілы Аляксандравіча, выдадзенай замуж: за нейкага разанскага князя[51]. Менавіта праз княгіню Ганну князь Сямён Горды i здабыў частку атрыманых ёю разанскіх уладанняў.

Што тычыцца зноў „разанскіх месцаў”, то да 1356 г. быў згаданы толькі адзін ix цэнтр — „Новый городокъ на оусть Поротли”[52]. Да 1381 г. набываюць значэнне яшчэ 3 цэнтры — Лужа, Вярэя i Баровеск[53]. Месцазнаходжанне ўсіх пунктаў вядома. Новы Гарадок (Гарадзец)[54], Бароўск, Вярэя размяшчаліся на рацэ Протве, Лужа знаходзілася ля ракі Лужы, правага прытоку Протвы[55].

Паступова граматы маскоўскіх князёў пералічваюць усё большую колькасць валасцей, слабодак i сёлаў, якія ўзнікаюць ці ўпершыню згадваюцца на нядаўна далучанай тэрыторыі. Так, ужо тэстамент вялікага князя Івана Краснага называв „село на Репне в Боровьсце”[56].

У дагаворы вялікага князя Дзмітрыя Іванавіча з серпухаўскім князем Уладзімірам Андрэевічам 1371 г.[57] з’яўляюцца воласці: Вышагорад (на Протве)[58], Рудзь з Крапіўнаю (уздоўж рэк Рудзь i Крапівенка)[59], Сушаў (у раёне ракі Сушкі)[60], Гардашэвічы (ля ракі Лужы каля Малаяраслаўца)[61] i Грэмічы (раён на Протве на поўдзень ад Вярэі)[62].

I вось нарэшце ў духоўнай грамаце Дзмітрыя Данскога з’явіліся новыя воласці, якія можна аднесці да тэрыторыі „разанскіх месцаў”: Халхол, Коржань (па рацэ Коржанцы)[63] i Мойшын Холм (месцазнаходжанне не вядома). Дзве астатнія воласці былі „приданы” да Мажайска, а першая пазначана як „ад’яздная”[64]. Такім чынам, мы сустракаемся з той тэрытарыяльнай адзінкай, упамінанне якой звязана з падзеямі 1368 г. Трэба зазначыць, што дадзеная воласць атаясамляецца даследчыкамі з пагостам Халхол (Халахолна), які вядомы з граматы разанскага вялікага князя Алега Іванавіча ігумену Ольгава манастыра Арсенію (складзенакаля снежня 1370 г.)[65] Між іншым, у саму грамату 1370 г. унесена спасылка на дакумент XIII ст.[66] Менавіта там i neралічаны пагосты Пясочна, Халахолна, Заячыны, Вепрыя, Заячкоў[67]. Па адпаведнасці назваў большасць пагостаў можна ўбачыць у „разанскіх месцах”, якія набыла Масква ў сярэдзіне XIV ст. Пазней гэта воласці i станы Малаяраславецкага i Бароўскага паветаў[68]. Але, усё ж такі, не варта быць упэўненым у заўважанай адпаведнасці. Напрыклад, назва разанскага пагоста Халахолна робіць магчымай яго лакалізацыю ў іншым рэгіёне, уздоўж р. Халахольні, левага прытока Плавы, якая ўпадае з правага боку ў Упу.

Пакуль пакінем Халхол убаку, таму што высвятленне яго месцазнаходжання — асобная праблема, вырашэнне якой з’яўляецца адной з задач дадзенага артыкула.

Пералічаныя пункты мелі дачыненне да больш-менш асвоенага ядра „разанскіх месцаў”, дзе пад час далучэння да Масквы існавалі такія цэнтры, як Бароўск, Лужа, Новы Гарадок i інш. Перыферыя былой разанскай тэрыторыі заставалася пустэчай. Верагодна, паміж разанскімі, смаленскімі землям! i ўладаннямі вярхоўскіх князёў не існавала пунктаў сутыкнення.

Уладанні князёў Абаленскіх на рацэ Протве i смаленскіх на рэках Шані, Медынцы i Воры ў сярэдзіне XIV ст., магчыма, яшчэ не сустракаліся з маскоўскай тэрыторыяй. Актыўная дзейнасць маскоўскіх князёў на паўднёва-заходняй ускраіне Маскоўскага княства прывяла да таго, што паступова пад ix уладу перайшлі як некаторыя смаленскія ўладанні (Медынь), так i рэшткі былых чарнігаўскіхзямель (Калуга i Рошча, Таруса, Алексін i т.д.). Мясцовыя землеўладальнікі з роду чарнігаўскіх князёў паступілі на службу да вялікага князя маскоўскага (князі Абаленскія, частка Тарускіх i інш.).

Такім чынам, умоўная маскоўская мяжа праходзіла ад воласці Забярэгі на паўднёвы захад, паралельна рацэ Лужы, тэрыторыя вакол якой толькі пачынала асвойвацца маскоўскімі князямі. 3 левага боку заставаліся землі, якія належалі Медыні — частцы Вялікага Княства Смаленскага, верагодна, яго Вяземскага ўдзела[69]. У 1371 г. (або, па меркаванні Ў. А. Кучкіна — у 1368)[70] Медынь была далучана да Масквы. Яе „вытягал боярин … Федоръ Аньдреевич [Свибло] на обчем рете… оу смолнян”[71].

Сама медынская тэрыторыя была для таго часу, відавочна, даволі сціплай. Гэта ў канцы XV ст. згадваюцца 8 медынскіх валасцей[72], частка якіх была толькі што адарвана ад ВКЛ, а для XIV ст. Медынь з’яўлялася толькі цэнтрам воласці. Медынскія землі распасціраліся да ракі Шані (левага прытока Ўгры) i не дасягалі Ўгры, на левабярэжжа якой выходзілі смаленскія воласці[73]. Межы воласці на паўночным усходзе губляліся недзе ў лясах і, магчыма, не дасягалі ракі Лужы. Маскоўская мяжа на момант 1368 г., такім чынам, працягвала свой рух далей на паўднёвы усход уздоўж Лужы i неўзабаве сустракалася з уладаннямі вярхоўскіх князёў. Тут, у раёне прытока Ўгры Сухадрэва i прытокаў Акі Протвы i Тарусы знаходзіліся землі Навасільскага (у тым выпадку, калі яму належалі Калуга i Рошча)[74] i Тарускага (Таруска-Абаленскага) княстваў.

Тарускія князі паступова распрадавалі свае ўладанні[75]. Іх набылі i смаленскі князь Фёдар Святаславіч („Уезд Мстиславль” i інш. — перайшлі потым да Масквы i да 1381 г. абменены з Разанню)[76], i мітрапаліт Пётр (Алексін — каля 1390 г. абменены маскоўскім вялікім князем Васілём I на слабаду Караш у Растоўскім княстве)[77], i нават маскоўскі баярын Аляксандр Перасвет (Перасветава купля)[78]. Урэшце, у 1393 г. вялікі князь Васіль I купіў у Ардзе ў Тахтамыша ярлык на Тарускае княства i тым самым набыў вярхоўную ўладу над тарускімі князямі, якія, аднак, працягвалі валодаць сваімі землямі[79]. Частка тарускіх князёў пасля гэтага перайшла на службу да вялікага князя літоўскага Вітаўта, які выдзеліў ім значныя ўладанні са складу карачаўскіх, казельскіх i бялёўскіх зямель[80]. Па назве цэнтра гэтых уладанняў — Мезецк (Мезочаск, Мяшчоўск) — адна з галінаў тарускіх князёў атрымала прозвішча Мезецкіх.

3 іншых тарускіх князёў Абаленскія, на момант 1368 г., былі саюзнікамі Масквы. Нездарма Альгерд накіраваў свае войскі на Абаленск, дзе i быў забіты старэйшы тарускі князь Канстанцін Юр’евіч Абаленскі[81]. Існуе меркаванне, што наогул г. Абаленск на той час з’яўляўся сталіцай Тарускага княства[82]. Таму выправа Альгерда можа расцэньвацца як акцыя супраць усяго княства, якое арыентавалася на саюз з Масквой.

Уладары астатніх дробных удзелаў Тарускага княства (Канінскі, Мышагскі, Валконскі)[83], верагодна, вялі тую са­мую палітыку, што i князі Абаленскія[84]. Супольнасць дзеянняў тарускіх князёў замацоўвала асаблівая сістэма, адпаведна з якой усе прадстаўнікі роду мелі некаторыя ўладанні (дольніцы) у сталіцы княства. Сістэма гэтая, між іншым, не парушылася i пасля ўсталявання маскоўскай улады[85]. Аднак пазней частка тарускіх князёў (Валконскія) ад’ехала на перыферыю, непасрэдна ў свае вотчыны, потым страціла дольніцы ў Тарусе i недзе ў сярэдзіне XV ст. стала васаламі вялікага князя літоўскага[86].

Неабходна спыніцца на агульным аглядзе тэрыторыі уся­го Тарускага княства (якім яно паўстае ў 1368 г.) i больш падрабязным апісанні яго Абаленскага ўдзела.

Уладанні тарускіх князёў у XIV ст. распасціраліся на абодва бакі Акі i бралі ў свой склад прытокі апошняй Мышэгу, Тарусу, частку Протвы (левыя), Крушму, Вашану, сярэдняе цячэнне Ўпы i іншыя (правыя). Сталіца княства знаходзілася пры вусці ракі Тарусы. Цяпер гэта цэнтр раёна Калужскай вобласці Расіі. Да Тарусы належалі такія населе­ния пункты, як Мышэга (на аднайменнай рацэ недалёка ад яе вусця), Канін (сучасная вёска Спас-Коніна Алексінскага раёна Тульскай вобласці Расіі)[87], Балкона (Цімафееўскае гарадзішча на аднайменнай рацэ пры ўпадзенні яе ў раку Ўпу)[88] — усе цэнтры ўдзелаў. Амаль у цэнтры княства, ля ракі Акі, з прыкладна 1308-1326 гг. знаходзілася тэрыторыя, якая належала мітраполіі. Пазней на ей узнік горад Алексін. Усходняя частка княства была адрэзана на карысць князя Фёдара Святаславіча. У 1368 г. ёю ўжо, напэўна, валодала Разань.

Абаленск стаяў ад асноўнага масіву Тарускага княст­ва неяк убаку. Сгаражытны цэнтр удзельнага княства знаходзіўся на правым беразе ракі Протвы на паўночны захад ад Тарусы. Цяпер гэта сяло Абаленскае[89], а сам горад не трэба блытаць з сучасным Абаленскам у Жукоўскім раёне Калужскай вобласці Расіі. (Апошні ўзнік толькі ў 1975 г. у якасці навуковага цэнтра па даследаванні мікрабіялогіі.)

Тэрыторыя Абаленскага ўдзела ўразалася ў знаёмыя нам „разанскія месцы” — на момант 1368 г. гэта былі ўжо маскоўскія ўладанні. Дадзеных пра зямельныя ўладанні князёў Абаленскіх у актавых крыніцах вельмі няшмат. Вядома, што, страціўшы княжацкія правы, Абаленскія князі даволі доўга ўтрымлівалі ў сваіх руках зямельныя ўладанні (на працягу XV-XVI i нават у XVII ст.)[90]. Але даведацца пра ix склад даволі цяжка. Некаторую інфармацыю пра вотчыну Абаленскіх князёў даюць ix спрэчкі з уладамі Троіца-Сергіева манастыра, зафіксаваныя ў актах[91]. Генеалагічныя дадзеныя ў суадносінах з геаграфічнай наменклатурай навакольных з Абаленскам мясцін таксама карысныя пры вывучэнні тэрыторыі старажытнага Абаленскага княства. Так, напрыклад, у пісцовых кнігах Абаленскага павету 20-х гг. XVII ст. згадваецца сяло Спаскае Загор’е, якое на­лежала князям Лыкавым i Кашыным. Ix агульным продкам быў князь Уладзімір Іванавіч Абаленскі, які жыў у сярэдзіне XV ст. Робіцца выснова, пгго сяло Спаскае Загор’е — частка старажытнай вотчыны Абаленскіх[92]. Другі прыклад. Сярод Абаленскіх князёў вядомы Аляксандр Андрэевіч Тросценскі, унук загінулага ў 1368 г. Канстанціна Абаленскага[93]. Яго прозвішча, безумоўна, паходзіць ад сяла Тросце (Тростье), якое існуе дагэтуль i знаходзіцца на поўнач ад Протвы, на яе прытоку Аложы.

Такім чынам, у агульных рысах тэрыторыя Абаленскага княства займала прастору ўздоўж абодвух бакоў Протвы, крышку не дасягала вусця апошняй на ўсходзе (тут ніжняе цячэнне Протвы кантраляваў маскоўскі Новы Гарадок) i сустракалася з супрацьлеглага боку з ніжнім цячэннем Лужы (на Протве каля вусця Лужы знаходзілася сяло Спаскае Загор’е). 3 поўначы i з поўдня абаленскія землі (для канца XV-XVI ст. — Абаленскі павет або Абаленскі стан розных паветаў)[94] абмяжоўвалі воласці Перадоль i Почап, якія з другой паловы XV ст. належалі Троіца-Сергіеву манастыру.

Зыходзячы з дадзеных аб геаграфіі Абаленскага княст­ва трэба было б пазначыць яшчэ адзін адрэзак маскоўскай мяжы 1368 г. як лінію, якая ішла да вусця Лужы, потым пакідала ўбаку частку зямель левабярэжжа Протвы (інакш уладанні Абаленскага княства) i замыкалася на вусці Протвы. Далей маскоўская мяжа рухалася дакладна ўздоўж Акі. Такая яе працягласць была ўсталявана разанска-маскоўскай дамовай, складзенай паміж 1353-1356 гг. Маскоўскіх уладанняў на правабярэжжы Акі ўжо не было. А вось з правабярэжжам Протвы варта было б разабрацца. Там знаходзілася сяло (ці нават воласць) Почап, прыналежнасць якога на XIV ст. пакуль не высветлена.

3 захаду да Тарускага княства ў цэлым i з поўдня ад яго Абаленскага ўдзелу прымыкалі тэрыторыі валасцей (?) Калугі i Рошчы. Мы даведваемся аб ix маскоўскай прыналежнасці з духоўнай граматы Дзмітрыя Данскога 1389 г. Маскоўскі вялікі князь перадаваў „Колугу и Рощу” свайму сыну Андрэю[95]. Калі з’явіліся гэтыя ўладанні ў складзе Вялікага Княства Маскоўската — дакладна невядома. Але пэўныя здатадкі даследчыкамі выказваліся.

У 1371 г. Альгерд накіраваў канстанцінопальскаму патрыярху Філафею ліст, у якім скардзіўся на дзеянні маскоўскага вялікага князя. Апошні дзевяць разоў нападаў на самога Альгерда i дрэнна абышоўся з ягонымі сваякамі. Так, насуперак клятвенным абяцанням, быў захоплены цвярскі князь Міхаіл (швагер Альгер­да); ніжагародскі князь Барыс (зяць Альгерда) быў сам захоплены, а княства ў яго забралі, навасільскі князь Іван таксама пацярпеў: ягоных маці i жонку (дачку Альгерда) узялі ў палон, а княства паваявалі[96]. Нарэшце „противъ своего крестного целования” ў літоўскага вялікага князя былі ўзяты наступныя гарады: Ржэва, Сішка, Гудзін, Асечан, Гарышана, Расна, Лукі Вялікія, Клічань, Уселук, Волга, Казлова, Ліпіца, Цёсаў, Хлепень, Фамін гарадок, Беразуеск, Калуга, Мцэнеск[97]. Ад Ржэвы да Волгі — гэта ўсё гарады, якія належалі да Ржэўскай зямлі (нават i Лукі Вялікія — цэнтр адной з ржэўскіх валасцей, яго не трэба блытаць з вядомымі Вялікімі Лукамі)[98]. Казлова (Казлоў) — адзін з цэнтраў Вяземскага княства[99]. Ліпіца i Цёсаў пакуль не лакалізаваны. Хлепень, Фамін Гарадок i Беразуеск з’яўляліся рэзідэнцыямі дробных князёў так званага Фамінска-Баразуйскага княства[100].

Захоп пералічаных гарадоў, безумоўна, варта суаднесці з паходам маскоўскай i волацкай (Волака Ламскага) рацей на „Смоленьскую волость” зімой 1369 г.[101]. А вось утрыманне Калугі i Мцэнска можна звязаць з карным паходам маскоўскага войска ў напрамку Бранска. Летам 1370 г. „князь велики Дмитрей Ивановичь събравъ воиньства много и посылалъ рать къ граду Бряньску”[102]. Да самога Бранска Дзмітрый Маскоўскі, відаць, не дайшоў, i больш пацярпела Навасільскае княства[103]. Менавіта да яго, з гэтай прычыны, гісторыкі i адносяць як Мцэнск, так i Калугу[104]. Адпаведна, часам далучэння Калугі, a таксама i Рошчы да Масквы лічыцца 1370 г.

Намаляваная схема выглядае даволі праўдападобнай. Толькі адзін маленькі недахоп робіць яе недасканалай. Фра­за ў лісце Альгерда аб парушэнні маскоўскім уладаром „крестного целования”[105], пасля якога i адбыліся захопы гарадоў, была напісана не выпадкова. Дык вось, упершыню дагавор аб вечным міры, які, безумоўна, быў замацаваны працэдурай цалавання крыжа, Альгерд з Дмітрыем Маскоўскім заключылі толькі ў снежні 1370 г., г.зн. пасля вышэй апісаных падзей. Такім чынам, звязваць утрыманне Масквой Калугі з паходам у напрамку Бранска праз Навасільскае княства, магчыма, i нельга. Тады застаецца невядомым, каму спрадвечна належала Калуга i чаму на яе прэтэндаваў Альгерд.

У свой час М.К. Любаўскі прыводзіў аргументы былой прыналежнасці нават Мцэнска не Навасільскаму, а Карачаўскаму княству[106] (а першае сцвярджэнне сёння не выклікае сумненняў). A што тычыцца Калугі, дык прыведзены цалкам ускосны довад з’яўляецца адзіным, каб вызначыць яе месца сярод княстваў вярхоўяў Акі. Тым не менш, іншых дадзеных даследчыкі не маюць.

Трэба заўважыць, што Альгерд у сваім лісце да патрыярха пазначыў менавіта горад Калугу[107], Дзмітрый жа Данскі ў сваім тэстаменце згадваў воласці Калугу i Рошчу. Дык вось, тэрыторыі апошніх, верагодна, ахоплівалі прастору вакол рэчак Калужкі (левы прыток Акі) i Рошчы (левы прыток Та­русы) . Абедзве воласці выцягваліся з поўначы на поўдзень прыкладна ад вядомага ўжо нам Почапа да Акі. Магчыма, тэрыторыя воласці Калуга падыходзіла да вусця Ўгры, якая ўпадае злева ў Аку. Заходняй мяжой валасцей можна дапусціць раку Сухадрэў (левы прыток Угры), а з усходу яны сустракаліся з землямі Тарускага княства.

Такім чынам, за некаторым выключэннем (яшчэ не вызначана ўладальніцкая прыналежнасць Почапа) мы можам рэканструяваць маскоўскую мяжу напярэдадні паходу Альгерда i зрабіць выснову наконт той тэрыторыі, якая лічылася парубежнай i магла быць абрабавана ў першую чаргу ў пачатку баявых дзеянняў 1368 г. Можна з упэўненасцю казаць пра няўстойлівы характар памежнай лініі, яе адсутнасць як такой на даволі вялікай адлегласці. Мяжа толькі пачынала фармавацца, яе ўмоўным пазначэннем на паўднёвым захадзе Маскоўскага княства з’яўлялася паласа неасвоенай лясной зоны, якая працягнулася з правага боку ад ракі Лужы да самога яе вусця. Далей на нейкай адлегласці мяжа ішла ўздоўж Протвы[108], потым адрывалася ад яе на левы бок (на поўнач), каб вярнуцца да вусця Протвы, дзе знаходзіўся маскоўскі Новы Гарадок. Нападзенне Альгерда зведалі, без сумнення, землі ў гэтым рэгіёне — так званыя„разанскія месцы”, зусім нядаўна далучаныя да Масквы. Да ix адносілася i воласць Халхла, праз якую літоўскае войска крочыла да Абаленска і, нарэшце, дасягнула ракі Троены, дзе разбіла маскоўскі полк.

Заўважым, што акрамя няпэўных прэтэнзіяў Альгерда на Калугу аніякіх іншых тэрытарыяльных супярэчнасцяў паміж Масквой i Вільняй у гэтым рэгіёне пакуль не існавала, як не існавала i агульнай мяжы паміж дзвюма дзяржавамі.

У цэлым, на момант 1368 г. быў толькі адзін невялічкі рэгіён, у якім сутыкаліся тэрытарыяльныя інтарэсы Маск­вы i Вільні — Ржэўская зямля. Аднак, трэба зазначыць, што i астатнія буферныя княствы ўжо не выконвалі значнай самастойнай ролі на міжнароднай арэне i ўсё больш уцягваліся ў сферы уплыву двух галоўных прэтэндэнтаў на панаванне. I ўжо з сярэдзіны XIV ст. адбывалася канкурэнтная барацьба Масквы i Вільні за перавагу ў Смаленскім i Бранскім княствах.

Пэўная залежнасць Смаленска ад Вільні (склалася яшчэ пры Гедыміне)[109] была парушана ў 1352 г., калі маскоўскі князь Сямён Іванавіч здзейсніў вялікі паход на Смаленскае княства. Літоўскія паслы сустрэлі маскоўскае войска яшчэ да смаленскіх межаў (у Вышагорадзе на Паратве) i хутка заключылі дамову[110], адпаведна з якой Маскве давалася свабода дзеянняў у адносінах да Смаленска[111]. Смаленск таксама не пайшоў на канфрантацыю. Да ракі Ўгры прыбылі смаленскія паслы, а потым у Смаленску маскоўскія паслы „миръ взяша”[112]. Такім чынам літоўскае панаванне ў Сма­ленску змянілася маскоўскім[113]. Разам ca Смаленскам маскоўскі ўплыў распаўсюдзіўся i на Бранск, у якім з канца XIII ст. правілі прадстаўнікі смаленскай лініі князёў[114].

3 1356 г. зноў пачалося актыўнае літоўскае наступ­ление на Смаленскае i Бранскае княствы. Смаленск пазбавіўся часткі сваіх уладанняў (Белая, Мсціслаў, Ржэва), a Бранск наогул быў далучаны да ВКЛ. У гэты час новы маскоўскі князь Дзмітрый Іванавіч страціў ярлык на ўладзімірскае вялікае княжанне (перададзены ханам Наўрузам ніжагародскаму князю Дзмітрыю Канстанцінавічу) i нічога не мог зрабіць з распаўсюджваннем улады ВКЛ. Смаленск быў вымушаны прызнаць новы парадак рэчаў, але той ці іншы раз праяўляў непаслушэнства[115]. У 1365 г. „Смолняномъ бысть розмирие съ Лит­вою, многаа Литовскаа места повоевали”[116], а пасля гэтага Альгерд „осень всю стоялъ оу Смоленска ратию и много зла сътворивъ и волю свою возма поиде въсвояси”[117]. Як бачым, даволі цяжка было пацвердзіць залежнасць Смаленска ад ВКЛ.

Далучэнне Бранска не гарантавала поўнага кантролю ўладамі ВКЛ чарнігаўскіх зямель. Па-першае, Вярхоўскія княствы толькі на кароткі момант трапілі пад уплыў ВКЛ. Пад час паходу 1370 г. Дзмітрыя Маскоўскага ў бок Бранска залежны ад Альгерда князь Іван Навасільскі быў замешчаны на пасадзе па-прамаскоўску арыентаваным ягоным братам Раманам[118]. Па-другое, у самім Бранскім княстве існавалі прыхільнікі маскоўскай улады. Князь Раман Міхайлавіч, які быў пасаджаны на бранскі стол з літоўскай рукі (каля 1360 г.)[119], у хуткім часе быў пазбаўлены ўлады i вымушаны збегчы спачатку ў Коршаў (на рацэ Сасне), а потым, ад літоўскага войска, i далей — у Маскву[120]. У 1363 г. Бранск быў перададзены непасрэдна літоўскаму князю — сыну Альгерда Дзмітрыю[121].

Характэрнай з’явай таго часу была арыентацыя дробных княстваў, якія межавалі з Ардой, на антыардынскія сілы[122]. Бітва пры Сіняй Вадзе 1362 г. мела вялікі рэзананс i, y пэўнай ступені, садзейнічала паспяховаму распаўсюджванню ўлады вялікага князя літоўскага не толькі на поўдзень, але i на ўсход[123]. У 70-я гг. XIV ст. палітыку канфрантацыі з Ардой стала праводзіць Масква. Таму не выпадкова шэраг княстваў у вярхоўях Акі, а таксама i тэрытарыяльныя фармаванні на ўскраінах ВКЛ сталі схіляцца ў яе бок.

Тым не менш, на момант 1368 г. на тэрыторыях паміж Вялікімі Княствамі Літоўскім i Маскоўскім безумоўна дамінаваў літоўскі бок. Таму паход Альгерда мог адбывацца ў даволі спрыяльных умовах i ісці праз землі, правіцелі якіх станоўча адносіліся да літоўскага вялікага князя.

Набліжэнне літоўска-смаленска-цвярскога войска да маскоўскіх паўднёва-заходніх межаў магло адбывацца па трох напрамках: 1) праз тэрыторыю Смаленшчыны i ўла-данні так званых вярхоўскіх князёў (карачаўскіх i навасільскіх), магчыма, уздоўж ракі Ўгры; 2) ад Бранска, які належаў ВКЛ і, таксама, праз Вярхоўскія княствы; 3) непасрэдна праз тэрыторыю Смаленскага княства, з Вязьмы на раён Медыні i далей на маскоўскія ўладанні вакол ракі Протвы i яе прытока Лужы. Наяўнасць у Альгердавым войску смаленскай раці рабіла магчымым бесперашкоднае і, галоўнае, таемнае прасоўванне па тэрыторыі Вялікага Княства Сма­ленскага. Але не трэба забывацца, што таксама i навасільскі князь быў саюзнікам Альгерда.

Некаторыя дадзеныя ствараюць упэўненасць, што канчатковы збор i падрыхтоўка да баявых дзеянняў саюзнага войска ажыццяўляліся каля горада Любуцка.

Наступнае нападзенне Альгерда на Маскву (лістапад — снежань 1370 г.) у дапамогу зноў вымушанаму збегчы ў ВКЛ цвярскому князю Міхаілу праходзіла ў іншым рэгіёне (у напрамку Волак Ламскі — Масква)[124]. Такім чынам, у свой другі паход („другая літоўшчына”) Альгерд пайшоў на Маскву з поўначы. У той жа час у Маскве праціўніка, верагодна, зноў чакалі з поўдня. Аб гэтым, напрыклад, сведчыць размяшчэнне моцнага маскоўскага войска на чале з князем Уладзімірам Андрэевічам у Перамышле (на рацэ Мочы), на поўдзень ад Масквы („князь Володимеръ Андреевичь събрався съ силою и стоаше въ Перемышле, ополчився”). На дапамогу Маскве ў Перамышль падышоў таксама пронскі князь Уладзімір Дзмітрыевіч з усёй разанскай раццю. Наяўнасць пагрозы вымусіла Альгерда пайсці на заключэнне мірнага пагаднення. Аднак, адпаведна легендзе, якая ўзнікла ў межах ВКЛ, гэта сам Дзмітрый Маскоўскі паспяшаўся выехаць з-за маскоўскіх муроў насустрач Альгерду, прынёс яму дары i замірыўся. У знак перамогі вялікі князь літоўскі „копие свое к городу приклонил”. Мірныя адносіны былі замацаваны шлюбам дачкі Альгерда Алены з князем Уладзімірам Андрэевічам[125].

I вось у 1372 г. войскі на чале з Альгердам зноў з’явіліся на поўдні ад маскоўскіх уладанняў. Па словах летапісца, „того же лета, месяца июля въ 12 день, князь великий Михайло поиде съ Твери ратию, и совокупися со Олгердомъ подъ Люботьскомъ; а съ Москвы прииде противь князь ве­ликий Дмитрей”[126]. І на гэты раз справа скончылася новым мірным пагадненнем.

Як бачым, маскоўскія ўлады адрэагавалі даволі хутка, i пакуль войскі ВКЛ i Вялікага Княства Цвярскога збіраліся каля Любуцка, да горада ўжо паспелі падысці маскоўскія сілы. Апошнія нават разбілі вартаўнічы атрад Альгерда („Москвичи изгониша сторожевый ихъ полкъ Олгирдовъи побита”)[127], i толькі шырокі яр спыніў пачатак вялікай бітвы.

У 1396 г. пад час вайны з Вітаўтам Любуцк браў у аблогу Алег Разанскі, але вялікі князь маскоўскі Васіль I „посла к нему и отведе его от Любутьска”[128]. Пасля гэтага адбыўся вялікі паход Вітаўта на Разань.

Летам 1402 г. сын Алега Разанскага Радаслаў ішоў паходам да Бранска, а каля Любуцка сустрэла яго група літоўскіх князёў, разбіла яго войскі, а самога ўзяла ў палон[129].

Як бачым, у другой палове XIV — пачатку XV ст. Лю­буцк быў своеасаблівым месцам збору войскаў i пачатку ваенных дзеянняў. Здаецца, што такую ролю ён стаў адыгрываць невыпадкова. Існуе меркаванне, што Любуцк з наваколлем з’яўляўся часткай Бранскага княства, эксклавам у атачэнні Навасільскага i Тарускага княстваў. Любуцкімі землямі быццам працягвалі валодаць князь Раман Міхайлавіч пасля выгнання яго з Бранска i некаторы час ягоныя нашчадкі[130]. Аднак калі прыняць гіпотэзу аб уваходжанні Любуцка ў склад Бранскага княства, пагадзіцца з яго адарванасцю ад асноўнага масіву княства пасля далучэння да ВКЛ нельга. Пастаяннае выкарыстанне Любуцка ў ваенных дзеяннях уладамі ВКЛ робіць верагоднай выснову наконт ягонай адпаведнай прыналежнасці[131]. Такім чынам, магчыма, яшчэ з другой паловы 50-х гг. XIV ст. на Ацэ, зусім побач з маскоўскімі ўладаннямі, хоць i не ў кантакце з імі, паўстала літоўскае ўладанне[132].

Варта яшчэ зазначыць, пгго Любуцк знаходзіўся на пра­вым беразе Акі пры вусці ракі Любуткі. Цяпер ён вядомы як гарадзіпгаа каля вёскі Троіцкай (Любуцкае гарадзішча) у Ферзікаўскім раёне Калужскай вобласці Расіі[133]. У свой час гэта быў сапраўды горад са сваім пасадам[134], баярствам[135] i сістэмай залежных валасцей[136].

Такім чынам, можна меркаваць, што ў паходзе 1368 г. Альгердава войска засяродзілася каля Любуцка, а потым рушыла праз Аку на тэрыторыю Вялікага Княства Маскоўскага (праўда, неабходна было яшчэ перасячы тарускія ўладанні).

3 пазначаных вышэй варыянтаў маршруту паходу Альгерда 1368 г. два першыя павінны былі мець прамежкавым пунктам Любуцк. Больш праўдападобны той варыянт, што пазначаны бліжэй да ракі Ўгры і, адпаведна, Смаленскага княства. Падаецца больш складаным i немэтазгодным весці войскі аж да Бранска, а потым пераадольваць вялікую адлегласць да Любуцка. Але выкарыстанне базы на Ацэ ў падзеях 1368 г. — толькі здагадка, i яшчэ адзін прапанаваны шлях непасрэдна праз глухія раёны Смаленскага княства па-ранейшаму заслугоўвае ўвагі.

Як бы там ні было, войска на чале з Альгердам уступіла ў маскоўскія межы i пачало ваяваць наваколле. Даставалася новым маскоўскім уладанням з ліку так званых „разанскіх месцаў”. Так, адна з ix валасцей — Халхла — апынулася на шляху Альгерда. Выпадкова ў ёй знаходзіўся маскоўскі службовы князь Сямён Дзмітрыевіч Старадубскі-Крапіва[137]. Апошні, магчыма выконваў абавязак аховы маскоўскага памежжа, але, безумоўна, прыход вялікага варожага войска быў для яго нечаканым. Князь Сямён „на стрече” быў забіты Альгердам[138], што сведчыць пра імгненнае нападзенне на старадубскага князя, які не паспеў аказаць супраціву.

Месцазнаходжанне воласці Халхла дагэтуль свядома намі не вызначалася. Даследчыкі размяшчалі яе вакол рэчкі Халхол, якая нібыта злева ўпадае ў Протву непадалёку ад маскоўскага Новага Гарадка[139]. Але, на самай справе, з левага боку Протвы такой рэчкі не знаходзіцца. Аўтар дадзенага артыкула адмовіўся ад пошуку няўлоўнага геаграфічнага арыенціра i больш уважліва прасачыў даступныя крыніцы.

Прагляд матэрыялаў XVII ст. па сумежных з Протвай раёнах прывёў да выяўлення Халкоўскага стану „в Ерославецком уезде Малого”[140]. Да яго належала пустка Казанава, якую, безумоўна, сёння на карце знайсці немагчыма. Халхоўскі стан існаваў i ў XVIII ст.[141] i, што мае большае значэнне, адшукаўся ў XVI ст.[142] Больш за тое, высветлілася, што знаёмае ўжо нам сяло Почап належала менавіта да гэтага стану (воласці)!

Як Почап, так i называны звычайна разам з ім Перадол, a таксама i яшчэ адно сяло (воласць) — Ілемна — складалі масіў уладанняў Троіцкага манастыра на паўднёвым захадзе Вялікага Княства Маскоўскага (у Вярэйскім i Малаяраславецкім паветах).

Манастырская вотчына фармавалася ў другой палове XV ст. Каля 1466-1467 гг. ад вялікага князя Івана III была атрымана воласць Ілемна (уздоўж рэк Руці (правы прыток Протвы) i Бычка (прыток Руці))[143]. На поўначы тэрыторыя воласці ўпіралася ў лясы (Сасноўскі i інш.)[144], на захадзе, верагодна, мяжой ёй служыла рака Лужа, на поўдні i ўсходзе яна сустракалася, адпаведна, з валасцямі Бубол (пазней Бабольскі стан, па рацэ Бабольскай)[145] i Рудзь (па рацэ Руць)[146]. Цэнтрам воласці было сяло Троіцкае (Ілемны).

Яшчэ раней (у 1458/59 г.) Троіцкі манастыр стаў уладальнікам дзвюх валасцей Малаяраславецкага павету[147]. Почап i Перадол былі дадзены троіцкім старцам княгіняй Анастасіяй, дачкой маскоўскага вялікага князя Васіля Дзмітрыевіча, якая атрымала пэўныя зямельныя ўладанні ў прыданае, калі ў 1417 г. выходзіла замуж за кіеўскага князя Алельку Ўладзіміравіча[148]. I. А. Галубцоў, складальнік каментарыяў да актаў сацыяльна-эканамічнай гісторыі Паўночна-Ўсходняй Русі, зазначыў, што i Почап, i Перадол знаходзіліся там, дзе цяпер існуе сяло Перадол[149]. Аднак, на самай справе, абедзве воласці былі раздзелены вотчынамі князёў Абаленскіх. Між іншым, гэтае суседства выклікала пэўныя супярэчнасці паміж землеўладальнікамі, што адбілася ў актавых матэрыялах, якія дайшлі да нашага часу.

Як бачым, нягледзячы на наяўнасць некаторых геаграфічных дадзеных, спробаў дакладнай лакалізацыі воласці Халхол дагэтуль зроблена не было. Пастаяннай спасылкі на неіснуючую з левага боку Протвы рэчку Халахоленку ці няпэўнага змяшчэння воласці побач з Перадолам недастаткова.

Цікава, што сяло Почап (наўрад ці цэнтр воласці, але значная яго частка) існавала яшчэ ў сярэдзіне XIX ст. i магло быць знойдзена даследчыкамі разам з усімі сваімі вёскамі. Яно знаходзілася на рацэ Ічы (правы прыток Протвы), а яго вёскі — у асноўным на захад ад сяла. Якое ж было здзіўленне аўтара дадзенага артыкула, калі побач з сялом Почап нечакана знайшлася рэчка Халахоўка — правы пры­ток ракі Протвы!

У канцы XV ст. Почап i Перадол зрабіліся аб’ектамі пільнай увагі манастырскіх уладаў, велікакняжацкай i ўдзельнай маскоўскай адміністрацыі. Вярэйска-белазёрскі князь Міхаіл Андрэевіч недзе ў 1484-1485 г. арганізаваў межаванне сваіх Рэпенскай i Ўгоцкай зямель ад манастырскай Перадольскай зямлі. Дзякуючы гэтаму мы даведваемся пра тэрыторыю воласці Перадол, якая абапіралася на Протву з паўночнага захаду, a з іншага боку заходзіла за раку Дырачную (Дзірачну), на якой стаяў цэнтр уладання[150].

Спрэчкі з абаленскімі князямі выяўляюць працягласць воласці Почап. Манастырскія ўладанні знаходзіліся ў вельмі шчыльным кантакце з вотчынамі Абаленскіх (Алтухоўскай i Шабанаўскай землямі, Хознікоўскім сяльцом)[151] з правага боку ракі Ічы. Нават калі дадаць да Почапа тыя вёскі, што вядомыя ў дачыненні да яго ў XVIII ст., складваецца ўражанне, што сама воласць была вельмі маленькая. На жаль, не ўдалося знайсці сяло Ражкова, якое з боку тарускага рубяжа аддзяляла гэтае ўладанне князя Васіля Іванавіча Шамячыча ад Почапскай зямлі[152].

Першыя дадзеныя наконт уваходжання сяла Почап у Халхол адносяцца да 1537 г. Магчыма, дагэтуль сяло з’яўлялася цэнтрам асобнай воласці i толькі пасля было далучана да суседняй тэрытарыяльнай адзінкі. Таксама маленькай была воласць Перадол. I вось у XVI ст. мы бачым яе ў складзе Ўгоцкай воласці. Між іншым, у гэтым другім выпадку нам дакладна вядома, што апошняя існавала асобна ад Перадола. Такім чынам, такая ж гісторыя, відаць, адбылася i з Почапам. Тым не менш, падаецца дзіўным, што землі, якія па-ранейшаму заставаліся ўладаннямі Троіцкага манастыра, паўсталі часткамі ў адміністрацыйных адзінках суседзяў. Аднак гэта былі ўжо не воласці, а станы, а апошнія цалкам адрозніваліся ад старажытных фармаванняў, якімі былі першыя. Населения пункты стану (дакладней, сукупнасць яго населеных мясцовасцяў i пустак) не былі аб’яднаны агульнай арганізацыяй, належалі розным уладальнікам на розным праве i складалі адзінае цэлае толькі ў тэрытарыяльным сэнсе. Па болыыасці станы былі раней валасцямі, але ix абшчыннае ўладкаванне паступова распалася ў выніку зямельных раздач служылым людзям i духоўным установам. Аб’ядноўвала станы толькі адно — падатковая арганізацыя[153]. Такім чынам, абшчынны падзел на воласці быў заменены адміністрацыйным на станы[154]. Такая ўнутраная змена адбывалася нават тады, калі ў назве тэрытарыяльнай адзінкі захоўвалася слова воласць. У нашым выпадку актуальна, відаць, іншая сітуацыя, калі адміністрацыйны падзел падпарадкаваў сабе абшчынны. Гэта значыць, у склад стану ўвайшла група валасцей[155].

Варта заўважыць, што ўладанні Троіца-Сергіева манастыра не ўяўлялі сабой адзінага комплексу зямель, усе яны былі раскіданы ў раёне Протвы i яе прытока Лужы. Дзякуючы сваёй велічыні воласць Ілемна цалкам пераўтварылася ў стан, іншыя ж манастырскія воласці Перадол i Почап былі аб’яднаны з суседнімі тэрытарыяльнымі адзінкамі. Вельмі маленькай уяўляецца воласць Почап. Яна ўвайшла ў склад воласці (стану) Халхол.

Такім чынам, мы вымушаны рабіць крок назад i адмаўляцца ад прыналежнасці Почапа да тэрыторыі старажытнай воласці Халхол. Але вызначэнне тэрыторыі Почапа дакладна маркіруе месца Халхола, робіць больш пераканальнай выснову аб яе лакалізацыі менавіта з правага боку ракі Протвы.

У выніку трэба канстатаваць, што тэрыторыя старажытнай воласці Халхол змяшчалася на ўсход ад сяла Почапа на рацэ Ічы i брала ў свае межы лясную прастору паміж рэкамі Протвай i Тарусай. Аднак месца вакол саміх гэтых рэк воласць уступала вотчынам князёў Абаленскіх з поўначы i тарускім землям з поўдня. Магчыма, толькі пры вусці ракі Халахоўкі тэрыторыя воласці дасягала Протвы i злучалася там з маскоўскімі ўладаннямі. Крышку ўбаку, на правым жа беразе Протвы, знаходзіўся маскоўскі Новы Гарадок (гарадзішча каля сяла Спас-Гарадзец, якое сёння неіснуе)[156]. Такім чынам, заняўшы вусце Протвы, Масква ўжо з сярэдзіны XIV ст. кантралявала ўсю плынь гэтай ракі.

Больш за тое, воласць Халхол фактычна адразала ўладанні князёў Абаленскіх ад асноўнага масіву Тарускага княства (вядома, у выпадку, калі Калуга i Рошча не належалі Тарусе). Пасля далучэння да Масквы Калугі Абаленскае княства ўжо дакладна апынулася ў атачэнні маскоўскіх зямель.

У сувязі з вызначэннем месцазнаходжання воласці Хал­хол неабходна скарэктаваць пазначаную вышэй паўднёва-заходнюю маскоўскую мяжу. Яна займала некаторую адлегласць не толькі паралельна Протве на левым баку (поўначы) ад яе, але i рабіла ў самым ніжнім яе цячэнні рэзкі паварот на правы бок. 3 правага боку ад вусця Протвы маскоўская мяжа набывала стабільны характар, вызначаючыся далей на вялікай адлегласці натуральнай лініяй Акі.

Непасрэдна на пазначаны выступ у глыбіню Тарускага княства — тэрыторыю воласці Халхол — амаль адразу ж трапіў ca сваім войскам Альгерд, калі пачаў ваяваць маскоўскія парубежныя месцы. Адгэтуль недалёка было ісці да Абаленска (15-20 км). А вось ад апошняга, відаць, недалёка было i да ракі Троены, дзе адбылася знакамітая бітва.

Наконт таго, дзе ж войска Альгерда сустрэла вартаўнічы маскоўскі полк, існуе тры меркаванні. Найбольш распаўсюджаны погляд, адпаведна з якім месца бітвы адносіцца да рэчкі Тросценкі (Тростни), якая ўпадае ў Тросценскае возера (Тросцянае, Тростна)[157]. Вакол возера пашыралася тэрыторыя воласці Тростны[158], вядомай з самай першай граматы вялікіх князёў маскоўскіх — духоўнай Івана Каліты (каля 1339 г.)[159]. У агульным уяўленні гэта быў рэгіён паміж маскоўскімі гарадамі Рузай i Звянігарадам, з левага боку ад ракі Масквы. Ад яго было недалёка да наўгародска-маскоўскага сумеснага ўладання Волака Ламскага або цвярскога Кліна. Трошкі на поўнач ад ракі Тросценкі якраз i праходзіла дарога з Масквы (Волацкая)[160].

Такім чынам, калі б Масква чакала нападзення з боку Цвяры або Смаленска (дарога ад Волака Ламскага ішла да цвярскога Зубцова i спрэчнай паміж Масквой i Вільняй Ржэвы, а далей — у Наўгародскую зямлю або Смаленскае княства) — месца для вартаўнічага палка ў раёне Тросценкі было б ідэальным[161]. Але якраз у актуальнасці абароны заходняга ад Масквы напрамку існуюць пэўныя сумненні. У Маскве даведаліся аб прыходзе Альгерда толькі тады, калі ён ужо пачаў спусташаць яе парубежныя месцы. Пра гэта канкрэтна сведчаць усе летапісы. Напрыклад, найбольш пазбаўлены тэндэнцыйнасці цвярскі летапісец перадаваў падзеі такім чынам: „И то слышавъ князь великий Дмитрей Олгирда приближающася къ собе, разосла грамоты по градомъ, и повеле въскоре силамъ многымъ бытии къ собе; и ничтоже успеша събрати силы, занеже въскоре. И отпусти князь великий заставу противу Олгирда”[162]. I навошта тады было пасылаць войска не насустрач ворагу, a ў супрацьлеглы ад яго бок? I япгчэ адно пытанне. Навош­та спатрэбілася Альгерду шукаць сустрэчы з маскоўскай заставай, якая знаходзілася так далека, што ніяк не магла замінаць яму ісці бесперашкодна аж да Масквы?

Калі ўсё ж такі пагадзіцца з, умоўна кажучы, рузска-звянігародскай лакалізацыяй месца Тросненскай бітвы, то трэба прызнаць, што нападзенне Альгерда загадзя чакалася маскоўскімі ўладамі і менавіта з цвярскіх, або суседніх смаленскіх зямель. Каб абараніць гэты напрамак, у раён ракі Тросні i быў пасланы вартаўнічы полк. Аднак гэтае абстрактнае дапушчэнне не вытрымлівае аніякай крытыкі.

Можна таксама дапусціць варыянт нападзення з двух бакоў — цвярскога войска з паўночнага захаду i літоўскіх сіл з паўднёвага захаду. Калі думаць так, то пры з’яўленні на маскоўскім памежжы цвярскіх атрадаў супраць ix быў адпраўлены з Масквы ў спешцы сабраны полк. Пры прыбліжэнні ж Альгерда на яго дзеянні адказаць не было чым. Між іншым, такую схему нібыта падтрымлівае і тэкст цвяр­скога летапісу. У ім, пасля паведамлення пра збор Альгер­да i выхад яго супраць Масквы з усімі літоўскімі князямі, была зроблена нечаканая заява: „Князь великий Миха(й)ло Александровичь Тверскый прииде къ рубежу Московско­му”[163]. Пасля гэтага згадвалася пра перапалох у Маскве, а потым цвярскі летапісец выправіўся і ўжо распавядаў пра чуткі пра набліжэнне Альгерда i выхад маскоўскай заста­вы менавіта супраць літоўскага вялікага князя. Аднак варта заўважыць, што праз тэкст цвярскога летапісу праступае магчымасць скажэння падзей, якая, на жаль, не можа быць падтрымана вядомымі крыніцамі. Толькі зусім няпэўнаможна далусціць, што на дапамогу нешматлікаму цвярскому войску падаспелі літоўскія сілы, якія i разбілі маскоўскі полк далека на поўначы ад месца з’яўлення Альгерда. Але гэта ўяўляецца амаль немагчымым.

Як бачым, першая найбольш распаўсюджаная версія месца Тросненскай бітвы[164] ніяк не ўпісваецца ў рэальнасць падзей 1368 г. Але існуюць i іншыя погляды на геаграфію першага значнага ваеннага сутыкнення Масквы i Вільні.

У самым вярхоўі ракі Нары ў так званыя Нарскія пру­ды з левага боку ўпадае маленькая рэчка Трасна[165]. Падабенства назвы Троена — Трасна не магло не звярнуць на сябе ўвагу даследчыкаў. Так i здарылася. Другая, Нарекая, лакалізацыя месца Тросненскай бітвы набыла значэнне i нават трапіла на старонкі энцыклапедый[166].

Рэчка Трасна знаходзіцца зусім побач з Масквой-ракой i, што немалаважна, — з дарогай з Масквы да Мажайска i далей на Вязьму — Смаленск. „Книга Большому чертежу”, складзеная ў 1627 г. па матэрыялах больш ранняга часу, так апісвае наваколле: „А река Нара вытекла по Можайской дороги от озера, близко от реки от Москвы. На реке на Наре, от Москвы 70 верст, село Баибирино, а на то село с Москвы в Колугу дорога Оболенская”[167].

Такім чынам, выстаўленая на Мажайскую дарогу маскоўская застава магла прыкрыць заходні напрамак (з боку Вязьмы — Смаленска) i, у некаторай ступені, назіраць за пагрозай з паўднёвага захаду (з боку Абаленска). Аднак туттаксама незразумела, навошта было накіроўваць войскі на Мажайскую дарогу, на захад Вялікага Княства Маскоўскага ў той момант, калі было вядома, што Альгерд знаходзіцца ў раёне Абаленскага княства? Такі ўчынак меў бы сэнс, калі б прамой дарогі на Маскву ў 1368 г. не было i, каб трапіць туды, неабходна было спачатку дасягнуць Мажайскай дарогі, напрыклад, уздоўж ракі Нары. Але дадзеныя больш позніх крыніц („Книга Большому чертежу” XVII ст.) i карт XIX — пачатку XX ст. сведчаць пра існаванне прамой дарогі ад Абаленска да Масквы, якая, між іншым, праходзіла недалёка ад маскоўскага Перамышля, дзе, як мы ведаем, збіраліся маскоўскія войскі ў 1370 г.

Дапушчэнне існавання Абаленскай дарогі ўжо ў XIV ст., якую нібыта прыкрывала маскоўскае войска ў 1370 г. з разлікам на чарговы прыход Альгерда з паўднёвага захаду, прымушае з большай увагай прасачыць яе працягласць ад Абаленска да Масквы. Доўга шукаць не трэба. На адрэзку паміж Абаленскам i Таруціным (на рацэ Нары) зауважаем ужо знаёмае нам сяло Тросце (Тростье) на рацэ Аложы[168]. Аніякіх намёкаў на раку Тросну (Тростну) у раёне сяла Тросце няма, калі б толькі не ўбачыць яе ў безыменных ручаях з левага ці правага боку ад Аложы. Наяўнасць у апошняй прытока Сухой Аложы робіць малаверагодным змену назвы ракі ў больш позні ад падзей 1368 г. час. Аднак само сяло Тросце магло існаваць у XIV ст.[169], хоць гэта i не пацверджана пакуль археалагічнымі дадзенымі[170].

Як бачым, абаленская лакалізацыя месца Тросненскай бітвы мае вельмі гіпатэтьгчны характер. Але з усіх наяўных пунктаў гледжання яна найбольш лагічная. Пры яе прыняцці падзеі 1368 г. маглі развівацца наступным чынам. У Маскве даведаліся аб прыходзе Альгерда i імгненна паслалі насустрач яму вартаўнічы полк. Пакуль літоўска-смаленска-цвярское войска з прыпынкамі для грабяжу праходзіла шлях ад маскоўскіх межаў праз Халхол i Абаленск да дарогі на Маскву, маскоўская застава па прамой дарозе паспела падысці да межаў Абаленскага княства. Тут, магчыма, i адбылася бітва, пасля якой ужо нішто не замінала Альгерду накіравацца да Масквы[171].

Трэба заўважыць, што з Абаленска да Тросця Альгердаваму войску трэба было ісці толькі 11 (калі напрамкі) — 15 км, а не каля 70 км да Трасны i не, тым болыы, каля 110 км да возера Тросценскага. Хуткасць падзей, якая праступае ў тэксце летапісаў, дае нейкую перавагу для менавіта абаленскай лакалізацыі месца бітвы. Тым не менш, усе пункты гледжання маюць свае плюсы i мінусы i спыняцца на адным з ix пакуль нельга.

Вось да такіх высноў можна прыйсці пры вывучэнні гістарычна-геаграфічных акалічнасцяў падзей 1368 г. Мы ўбачылі, які прастор для разважанняў даюць толькі тры тапонімы, што паўстаюць з крыніц. I на самай справе: за ўпамінаннем воласці Халхол азначалася праблема фармавання паўднёва-заходняга маскоўскага памежжа, за згадкай Абаленска — праблема вызначэння стану i лесу буфер­ных княстваў паміж Літоўскай і Маскоўскай дзяржавамі, нарэшце, за заўвагай аб рацэ Тросне — праблема пошуку месца найбольш значнага літоўска-маскоўскага ваеннага сутыкнення XIV ст. Да гэтага далучыліся асобныя пытанні: якім маршрутам ішоў Альгерд да маскоўскіх парубежных месцаў, ці існавалі пункты сутыкнення паміж літоўскімі i маскоўскімі ўладаннямі? Такі шэраг складанасцяў i адначасова магчымасцяў адкрыўся для даследавання. I калі некаторыя пазначаныя праблемы знайшлі сваё рашэнне (напрыклад, выяўленне маскоўскай мяжы), іншыя засталіся толькі на стадыі гіпатэтычных дапушчэнняў (маршрут паходу Альгерда, месца Тросненскай бітвы).

На жаль, каштоўныя адзінкавыя дадзеныя крыніц даследчыкі скарысталі вельмі няўважліва. Халхла з кнігі ў кнігу называлася не на сваім месцы, рака Троена (Тростна) шукалася занадта далека ад раёна ваенных дзеянняў, назіранні за маскоўскім памежжам не рабіліся, агульны маршрут Альгердавага войска не выяўляўся…

Яшчэ рана казаць, што пастаўленыя праблемы знайшлі ў дадзенай працы канчатковае рашэнне, але пэўныя зрухі ёсць. Застаецца спадзявацца, што яшчэ застаўся прастор для далейшага даследавання, удасканалення зробленых высноў і, нарэшце, цвёрдага вызначэння галоўнага зместу падзей 1368 г.: дзе ж адбылася Тросненская бітва 1368 г.

Віктар Цемушаў. Тросненская бітва і паўднёва-заходняя мяжа Вялікага Княства Маскоўскага ў 1368 г.


[1] Тады маскоўскі князь Іван Каліта з наўгародскім войскам „пожжегородки Литовьскыи Осеченъ и Рясну и иных городковъ много”(Новгородская первая летопись старшего и младшего изводов. Москва,2000. С. 347). Асечан i Расна адносіліся да Ржэўскай зямлі (Кучкин В. А. К изучению процесса централизации в Восточной Европе(Ржева и ее волости в XIV-XV вв.) // История СССР. 1984. № 6.С. 152; Темушев В. Н. Начало складывания московско-литовской границы. Борьба за Ржевскую землю // Российские и славянскиеисследования: Сб. науч. статей. Вып. 1. Мінск, 2004. С. 74-75.
[2] Полное собрание русских летописей (далей ПСРЛ). Т. 10. Москва,2000. С. 213. Мажайск з 1303 г. знаходзіўся ў складзе маскоўскіх уладанняў.
[3] Темушев В. Н. Западная граница Великого княжества Московского к 1380 г. // Куликовская битва в истории России: Сб. статей. Тула, 2006. С. 84, 100-101.
[4] Русские летописи (далей РЛ). Т. 6. Рязань, 2000. С. 79.
[5] Тамсама. С. 82.
[6] ПСРЛТ. 10. С. 221.
[7] ПСРЛ. Т. 11. Москва, 2000. С. 10.
[8] Тамсама. С 11.
[9] Тамсама.
[10] РЛ. Т. 6. С. 426-427.
[11] РЛ. Т. 6. С. 426; РЛ. Т. 8. Рязань, 2000. С. 252; ПСРЛ. Т. 11. С. И.
[12] РЛ. Т. 6. С. 82.
[13] Летапісныя варыянты назвы гэтай воласці наступныя: „Хвольхла” (Рагожскі летапісец), „Холхмъ” (Сімяонаўскі летапіс), „Холъхла” (Маскоўскі летапісны звод канца XV ст.), „Холхла” i „Холохла” (Ніканаўскілетапіс) (РЛ. Т. 6. С 82; РЛ. Т. 8. С 252; ПСРЛ. Т. 11. C. U).
[14] Варыянт назвы ракі, ля якой адбылася бітва, у форме „Троена” ўжываецца толькі ў Ніканаўскім летапісе і, мабыць, недзе яшчэ (ПСРЛ.Т. 11. С. 11). У большасці ж выпадкаў сустракаецца варыянт „Тростна” (РЛ. Т. 6. С 82; РЛ. Т. 8. С. 252; Приселков M. Д. Троицкая ле­топись (Реконструкция текста). С.-Петербург, 2002. С. 388). Паколькі ў беларускай мове адбылося спрашчэнне шмат якіх груп зычных[здьн-здн-зн; стьн-стн-сн i інш.), то на месцы этымалагічнага ста услове Тростна маем сн — Троена. Адпаведна i бітва па-беларуску будзеназывацца Тросненская (рус. Тростненская).
[15] РЛ. Т. 6. С. 82-83. У некаторых летапісах даецца памылковая дата —21 снежня (РЛ. Т. 7. Рязань, 2000. С. 155; РЛ. Т. 8. С. 252).
[16] „Того же лета [1367 г.] князь велики Дмитрей Ивановичь заложи градъМоскву камень, и начата делати безпрестани” (ПСРЛ. Т. 11. С. 8).
[17] рл. т. 6. c. ei.
[18] Клюг Э. Княжество Тверское (1247-1485 гг.). Тверь, 1994. С. 197. Памеркаванні У. А. Кучкіна, гэта адбылося да лета 1372 г. (Кучкин В. А.К изучению процесса централизации в Восточной Европе. С. 152; Куч­кин В. А. Русские княжества и земли перед Куликовской битвой //Куликовская битва: Сборник статей. Москва, 1980. С. 76, 91-93).
[19] РЛ. Т. 6. С. 82.
[20] Бранскі князь адначасова лічыўся чарнігаўскім князем, i ў цэлымБранскае княства з’явілася пераемнікам Чарнігаўскага (Горский А. А.Брянское княжество в политической жизни Восточной Европы (ко­нец XIII – начало XV в.) // Средневековая Русь. Вып. 1. Москва, 1996.С. 76, 77). У першай палове – сярэдзіне 90-х гг. XIII ст. Бранскам завалодалі князі ca смаленскай дынастыі (Тамсама. С. 77, 97).
[21] У 1303 г. князь Юрый Маскоўскі „с братьею своею ходил к Можайску,и Можаеск взял”, пры гэтым мажайскага князя Святаслава Глебавіча„ял и привел к собе на Москву” (ПСРЛ. Т. 18. Москва, 1913. С. 86).Далучэнне да Масквы Мажайска ў 1303 г. — традыцыйнае меркаванне, якога прытрымліваліся С. М. Салаўёў (Соловьев С. М. Сочинения:В 18 кн. Кн. П. Т. 3-4. История России с древнейших времен. Москва,1993. С. 226), А. Е.Праснякоў (Пресняков А. Е. Образование Велико­русского государства. Москва, 1997. С. 97), Л. В.Чарапнін (ЧерепнинЛ. В. Образование Русского централизованного государства в XIV-XV веках. Москва, 1960. С. 459) i інш. Аднак А. А. Горскі лічыць, штоМажайск стаў маскоўскім ужо ў канцы XIII ст. (Горский А. А. Мос­ковские „примыслы” конца XIII – XV в. вне Северо-Восточной Руси //Средневековая Русь. Вып. 5. Москва, 2004. С. 134-138).
[22] Любавский М. К. Областное деление и местное управление Литов­ско-Русского государства ко времени издания первого литовскогостатута. Москва, 1892. С. 31.
[23] Шеков А. В. Верховские княжества (Краткий очерк политическойистории. XIII – середина XVI в.) // Труды Тульской археологическойэкспедиции. Вып. 1. Тула, 1993. С. 31-33.
[24] Горский А. А. Брянское княжество в политической жизни ВосточнойЕвропы. С. 82, 98 i інш.
[25] Шеков А. В. Верховские княжества. С. 33.
[26] Кузьмин А. В. Торопецкая знать в XIII в. Из истории Смоленской зем­ли // Russia mediaevalis. Т. X, 1. München, 2000. P. 75.
[27] ПСРЛ. Т. 10. С. 228.
[28] У Ніканаўскім летапісе: „Того же лета [1358 г. — В. Ц.] Тверская рать да Можайская взяша Ржеву, а Литву изгнаша” (ПСРЛ. Т. 10. С. 230).У Рагожскім летапісцы: „Того же лета [1358 г. — В. Ц.] Волотьская рать да Можаиская взяли Ржевоу, а Литвоу выслали вонь” (РЛ. Т. 6.С. 68).
[29] ПСРЛ. Т. 10. С. 228.
[30] РЛ. Т. 6. С 68.
[31] Тамсама.
[32] Тамсама. С 69.
[33] Тамсама. С. 81.
[34] Тамсама.
[35] Тамсама. С. 100.
[36] Кучкин В. А. К изучению процесса централизации в Восточной Ев­ропе. С. 152.
[37] Пра датаванне граматы гл.: Зимин A.A. О хронологии духовных идоговорных грамот великих и удельных князей XIV-XV вв. // Про­блемы источниковедения. Москва, 1958. Вып. VI. С. 280, 322. Павод­ле А. А. Горскага — паміж 1340 i 1348 гг. (Горский А. А. Московские„примыслы” конца XIII – XV в. вне Северо-Восточной Руси. С. 150).
[38] Духовные и договорные грамоты великих и удельных князей XIV-XVI вв. Москва; Ленинград, 1950. № 2. С. 12. (Далей ДДГ).
[39] ДАТ. № 3. С. 14.
[40] Любавский М. К. Областное деление и местное управление Литовско-Русского государства. С. 56, 58; Голубовский П. В. История Смолен­ской земли до начала XV ст. Киев, 1895. С. 70.
[41] Готье Ю.В. Замосковный край в XVII веке. Опыт исследованияпо истории экономического быта Московской Руси. Москва, 1906.С. 554.
[42] ДДГ. № 4. С. 15, 18; Горский А. А. Московские „примыслы” концаXIII – XV в. вне Северо-Восточной Руси. С. 150; Темушев В. Н. Приоб­ретения московских князей в середине XIV в. „Иная места Рязань­ская” // Славянский мир и славянские культуры в Европе и мире:место и значимость в развитии цивилизаций и культур (история, уро­ки, опыт, современность). Материалы международной научно-теоре­тической конференции. Ч. 1. Витебск, 2002. С. 18-21.
[43] ДАТ. № 4. С. 15.
[44] ПСРЛ. Т. 7. М., 2001. С. 217; Т. 18. С. 97; РЛ. Т. 6. С. 65; РЛ. Т. 8. С. 244;Кучкин В. А. К датировке завещания Симеона Гордого // Древнейшие государства на территории СССР 1987 год. Москва, 1989.
[45] Зимин A.A. О хронологии духовных и договорных грамот великих иудельных князей XIV-XV вв. С. 281, 322.
[46] Пра датаванне граматы гл.: Зимин A.A. О хронологии духовных и до­говорных грамот великих и удельных князей XIV-XV вв. С. 286, 322; Кучкин В. А. Договорные грамоты московских князей XIV века. Внеш­неполитические договоры. Москва, 2003. С. 245-249.
[47] АДГ. № 10. С. 29.
[48] Тамсама.
[49] ДДГ. № 2. С. 12. У. А. Кучкін, аднаўляючы склад уладанняў княгіні Ганны, называе воласці Заячкаў, Гардашэвічы, Вышгарад, Грэмічы, Рудзь,Крапіўну i Сушаў (Кучкин В. А. Княгиня Анна — тетка Симеона Гордого // Исследования по источниковедению истории России (до1917 г.). Москва, 1993. С. 7-9).
[50] ДАТ. № 3. С. 13.
[51] Кучкин В. А. Княгиня Анна — тетка Симеона Гордого. С. 7-9. Паводле меркавання А. А. Горскага гэты разанскі князь — Аляксандр Міхайлавіч Пронскі (Горский А. А. Москва и Орда. Москва, 2000. С. 71;Горский А А. Московские „примыслы” конца XIII – XV в. вне Северо-Восточной Руси. С. 129).
[52] АДГ. № 4. С. 15.
[53] ДАТ. № 10. С. 29.
[54] Новы Гарадок быў аддадзены Іванам Красным князю Уладзіміру Андрэевічу (ДДГ. № 4. С. 15). У серпухаўскіх князёў горад заставаўся да канца існавання ix удзельнага княства. Яго месцазнаходжанне звязваецца з гарадзішчам Спас-Гарадзец недалёка ад вусця Протвы (Археологическая карта России. Калужская область. Москва, 2006.С. 128-129).
[55] Лужа, напзўна, справядліва лічыцца старой назвай г. Малаяраслаўца.Гл.: Тихомиров М. Н. „Список русских городов дальних и ближних” //Исторические записки. Москва, 1952. Т. 40. С. 250; Юшко А. А. Мос­ковская земля IX-XIV веков. С. 138; Митрошенкова Л. В. К историиформирования Малоярославецкого уезда // Историческая география России: новые подходы. Сборник статей. Москва, 2004. С. 75-77.
[56] ДДГ. № 4. С. 15. Сяло на Рэпне ў Бароўску атаясамлівацца з сялом Рэпеньскім, якое знаходзілася на тэрыторыі сучаснага г. Обнінска (Митрошенкова Л. В. Цыт. праца. С. 82).
[57] ДДГ. № 7. С. 23. Пра датаванне грамагы гл.: Зимин A.A. О хроноло­гии духовных и договорных грамот великих и удельных князей XIV-XV вв. С. 285, 322.
[58] Дебольский В. Н. Духовные и договорные грамоты московских князей как историко-географический источник // Записки императорско­го русского археологического общества. Т. XII. Вып. П. Новая серия. Кн. 5. С.-Петербург, 1901. С. 161.
[59] Готье Ю.В. Цыт. праца. С. 554; Любавский М. К. Образование основ­ной государственной территории великорусской народности (засе­ление и объединение Центра). Ленинград, 1929. С. 57-58; Голубовский П. В. Цыт. праца. С. 70.
[60] Митрошенкова Л. В. Цыт. праца. С. 79.
[61] Тамсама. С. 78-79.
[62] Веселовский СБ. Исследования по истории класса служилых земле­владельцев. Москва, 1969. С. 221.
[63] Голубовский П. В. Цыт. праца. С. 70; Любавский М.К. Образование основной государственной территории великорусской народности.С. 58.
[64] АДГ. № 12. С. 34.
[65] Акты социально-экономической истории Северо-Восточной Руси кон­ца XIV – начала XVI в. (Далей АСЭИ). Т.З. Москва, 1964. № 322.С. 351; Сборник Московского архива министерства юстиции. Т. 1.Ч. 1. Москва, 1913. С. 9.
[66] Датуецца часам паміж 1219-1237 г. (Романов Б. А. Изыскания о рус­ском сельском поселении эпохи феодализма // Вопросы экономики и классовых отношений в Русском государстве XII-XVII вв. Москва;Ленинград, 1960. С. 350-352).
[67] АСЭИ. Т. 3. № 322. С. 351.
[68] Цветаев Д. В. Великий князь Олег Рязанский и его жалованная грамо­та Ольгову монастырю // Сборник Московского архива министерст­ва юстиции. С. 22.
[69] Горский A.A. Московские „примыслы” конца XIII-XV в. вне Северо-Восточной Руси. С. 146.
[70] Кучкин В. А. Последнее завещание Дмитрия Донского // Средневе­ковая Русь. Москва, 2001. Вып. 3. С. 143.
[71] ДДГ. № 12. С. 34.
[72] Сборник Императорского Русского Исторического Общества. Т. 35.С.-Петербург, 1882. С. 119.
[73] Темушев В. Н. Западная граница Великого княжества Московского к 1380 г. С. 95.
[74] Так лічылі У.А. Кучкін, а за ім A.A. Горскі (Кучкин В.А. Русские кня­жества и земли перед Куликовской битвой. С. 50-51. Прим. 135; Горекий A.A. Московские „примыслы” конца XIII – XV в. вне Северо-Вос­точной Руси. С. 150). М. К. Любаўскі сцвярджаў, што Калуга i Рошча належалі тарускім князям. Апошнія і прадалі свае ўладанні Дзмітрыю Данскому (Любавский М. К. Образование основной государственной территории великорусской народности. С. 76).
[75] Любавский М. К. Образование основной государственной территории великорусской народности. С. 76; Горский A.A. Московские „при­мыслы” конца XIII – XV в. вне Северо-Восточной Руси. С. 153-154;Темушев В.Н. Западная граница Великого княжества Московского к 1380 г. С. 95-96.
[76] АДГ. № 10. С. 29.
[77] Веселовский С.Б. Феодальное землевладение в Северо-Восточной Руси. Т. 1. Москва; Ленинград, 1947. С. 376-377.
[78] ДАТ. №. 16. С. 43; Кузьмин А. В. Андрей Ослябя, Александр Пересвети их потомки в конце XIV – первой половине XVI века // Н. И. Тро­ицкий и современные исследования историко-культурного наследия Центральной России. Т. П. Тула, 2002. С. 20-21.
[79] ПСРЛ. Т. 4. Ч. 1. Вып. 2. Ленинград, 1925. С. 373; Т. 5. С.-Петер­бург, 1851. С. 245; Фетищев С.А. К вопросу о присоединении Му­ромы, Мещеры, Тарусы и Козельска к Московскому княжеству в 90-е гг. XIV в. // Российское государство в XIV—XVII вв. Сборник статей, посвященный 75-летию со дня рождения Ю.Г. Алексеева.С.-Петербург, 2002. С. 35-36, 38; Ён жа. Московская Русь после Дмит­рия Донского: 1389-1395 гг. Москва, 2003. С. 117.
[80] Любавский М.К. Областное деление и местное управление Литов­ско-Русского государства. С. 47-56.; Шеков A.B. Верховские кня­жества. С. 37.
[81] Горский A.A. Московские „примыслы” конца XIII – XV в. вне Северо-Восточной Руси. С. 154.
[82] Тамсама.
[83] Вылучыліся ca складу Тарускага княства ўжо ў канцы XIII – пачаткуXIV ст. (Шеков A.B. Верховские княжества. С. 56).
[84] У маскоўска-разанскіх дагаворах першай паловы XV ст. тарускія князі выступаюць як „один человекъ” з вялікім князем маскоўскім (АДГ.№ 19. С. 53; № 33. С. 85; № 47. С. 144).
[85] Шеков A.B. Верховские княжества. С. 63.
[86] Тамсама. С. 63-64.
[87] Тамсама. С 63.
[88] Тамсама. С 52-53.
[89] Археологическая карта России. Калужская область. С. 129-130.
[90] Кобрин В. Б. Власть и собственность в средневековой России. Моск­ва, 1985. С. 59; Ён жа. Землевладельческие права княжат в XV – пер­вой трети XVI в. и процесс централизации Руси // История СССР.№ 4. 1981. С. 42.
[91] АСЭИ. Т. I. Москва, 1952. № 504. С. 382-383, 627, № 607. С. 505, 632,№ 608. С. 515, № 609. С. 518, № 610. С. 519, № 681. С. 543; Шумаков С.А. Сотницы, грамоты и записи. Вып. III. Москва, 1904. С. 29—31.
[92] Кобрин В. Б. Власть и собственность в средневековой России.С. 25.
[93] Кобрин В. Б. Материалы генеалогии княжеско-боярской аристократии XV-XVI вв. Москва, 1995. С. 96.
[94] Кобрин В. Б. Власть и собственность в средневековой России. С. 27.
[95] ДАТ. № 12. С 34.
[96] Русская историческая библиотека. Т. 6. С.-Петербург, 1908. № 24.Стб. 136.
[97] Тамсама. С. 138.
[98] Янин В. Л. Новгород и Литва: пограничные ситуации XIII-XV веков. Москва, 1998. С. 64-65.
[99] Тамсама. С. 69.
[100] Тамсама. С. 66; Горский A.A. Московские „примыслы” концаXIII – XV в. вне Северо-Восточной Руси. С. 140.
[101] РЛ. Т. 6. С. 4.
[102] ПСРЛ. Т. 11. С. 12.
[103] Шеков А. В. Верховские княжества. С. 35.
[104] В. Л. Янін прыводзіць здагадку, адпаведна з якой у лісце Альгерда згадваюцца не Мцэнск i Калуга, a смаленскія воласці Міцэнкі i Калуговічы (Янин В. Л. Цыт. праца. С. 69).
[105] Русская историческая библиотека. Т. 6. № 24. Стб. 136.
[106] Любавский М.К. Областное деление и местное управление Литов­ско-Русского государства. С. 52-53.
[107] Большасць пералічаных у лісце „гарадоў” на самай справе былі толькі валаснымі цэнтрамі.
[108] У левы бок Протвы ўпіраліся воласці Перадол і Ўгота. Пра ix гл. далей.
[109] Флоря Б. Н. Борьба московских князей за смоленские и черниговскиеземли во второй половине XIV в. // Проблемы исторической геогра­фии России. Вып. 1. Формирование государственной территории Рос­сии. Москва, 1982. С. 61, 64.
[110] РЛ. Т. 6. С. 63.
[111] Флоря Б. Н. Цыт. праца. С. 62.
[112] РЛ. Т. 6. С. 63.
[113] Флоря Б. Н. Цыт. праца. С. 62, 64.
[114] Тамсама. С. 64-65.
[115] Тамсама. С. 69-70.
[116] РЛ. Т. 6. С. 75.
[117] Тамсама. С. 76.
[118] Шеков A.B. Верховские княжества. С. 35.
[119] Флоря Б.Н. Цьгг. праца. С. 69-70; Горский A.A. Брянское княжество в политической жизни Восточной Европы. С. 89, 98.
[120] Рэканструкцыя падзей, звязаных з дзейнасцю князя Рамана Бранскага, належыць A.A. Горскаму (Горский A.A. Брянское княжество вполитической жизни Восточной Европы. С. 90-91).
[121] Горский A.A. Брянское княжество в политической жизни Восточной Европы. С. 91. „Дмитрии Брянский” згадваецца ў літоўска-маскоўскай перамірнай грамаце 1372 г. (ДДГ. №. 6. С. 22).
[122] Шеков А. В. Верховские княжества. С. 39.
[123] Шабульдо Ф.М. Земли юго-западной Руси в составе Великого кня­жества Литовского. Киев, 1987. С. 70.
[124] ПСРЛ. Т. 11. С. 14; РЛ. Т. 8. С. 253-254; РЛ. Т. 6. С. 86, 427.
[125] ПСРЛ. Т. 11. С. 15, 17.
[126] РЛ. Т. 6. С. 429.
[127] ПСРЛ. Т. И. С 19.
[128] РЛ. Т. 8. С 309.
[129] Тамсама. 8. С 315.
[130] Кузьмин А. В. Верховские княжества // Большая Российская Энцик­лопедия. Москва, 2006. Т. 5. С. 197.
[131] М.К. Любаўскі лічыў, што Любуцк быў першапачаткова разанскім уладаннем (Любавский М.К. Областное деление и местное управле­ние Литовско-Русского государства. С. 51-52).
[132] Кароткі час у канцы XIV — пачатку XV ст. Любуцкам магла валодаць Масква (Горский A.A. Московские „примыслы” конца XIII — XV в. вне Северо-Восточной Руси. С. 150-152).
[133] Археологическая карта России. Калужская область. С. 232-233; Болдин И. В. Археологическое исследование городища летописного Любутска (по материалам раскопок 2000 г.) // Дмитрий Донской и эпо­ха возрождения Руси. События, памятники, традиции. Тула, 2001.С. 24-29.
[134] Археологическая карта России. Калужская область. С. 233-234.
[135] У 1408 г. сярод літоўскай знаді, якая перайшла служыць да маскоўскага вялікага князя, былі і любуцкія баяры (РЛ. Т. 8. С. 323).
[136] У канцы XV ст. у крыніцах згадваюцца любуцкія воласці ў множным ліку (Сборник Императорского Русского Исторического Общества. Т. 35. С. 37).
[137] Ён быў сынам старадубскага князя Дзмітрыя Фёдаравіча (памёр летам 1355 г.), уладара маленькага Старадубскага княства ў сярэднім цячэнні р. Клязьмы. Пасля Дзмітрыя ў Старадубе правіў яго малодшы брат Іван, a ў 1363 г. гэты апошні быў сагнаны з пасаду маскоўскім вой­скам i замешчаны яшчэ адным ix братам — Андрэем, прыхільнікам маскоўскай палітыкі (Кучкин В.А. Формирование государственной территории Северо-Восточной Руси в X-XIV вв. Москва, 1984. С. 263).Лічыцца, што з гэтага часу Старадубскае княства было пазбаўлена самастойнасці i пасля ўвайшло ў склад Вялікага Княства Маскоўскага(Любавский M. К. Образование основной государственной террито­рии великорусской народности. С. 66; Кобрин В. Б. Землевладельчес­кие права княжат в XV – первой трети XVI в. и процесс централи­зации Руси. С. 40).
[138] РЛ. Т. 6. С. 82, 426; РЛ. Т. 8. С. 252.
[139] Голубовский П. В. Цыт. праца. С. 70; Любавский М.К. Образование основной государственной территории великорусской народности.С. 58; Романов Б. А. Изыскания о русском сельском поселении эпохи феодализма // Вопросы экономики и классовых отношений в Русском государстве XII-XVII вв. Москва; Ленинград, 1960. С. 353.
[140] Боровский уезд в XVII в. (Материалы дозора 1613 г.). Москва, 1992. С. 74.
[141] У даравальнай грамаце імператрыцы Елізаветы Пятроўны Троіца-Сергіевай лаўры на ўсе прыпісныя манастыры i вотчыны ад 11 чэрвеня 1752 г. згадваюцца „в Ярославецком Уезде Малаго, в Холховском стану село Почеп” i „в Угоцкой волости село Передол” з пералікам усіх вёсак, якія да ix належалі (Горский А. В. Историческое описание Свято-Троицкия Сергиевы лавры. Москва, 1890. С. 152). Болынасць вёсак сяла Почап лакалізуецца на ваенна-тапаграфічнай карце Калуж­ской губерні 1850 г. (Военно-топографическая карта. Кулужская гу­берния. 1850. 3 версты в дюйме. Ряд 13, Лист 14). На сучаснай карце мы не ўбачым нават самога сяла, а з вёсак адшукваюцца толькі дзве, адна з ix нежылая (Атлас Калужской области. Масштаб 1 : 100 000. Москва, 2002. С. 36).
[142] Сёлы Троіца-Сергіева манастыра Перадол („в Уготе село Передоль”) и Почап („въ Хохле село Почапъ”) у 1537 г. былі прыпісаны да Малога Яраслаўца для адбывання зялійнай павіннасці (Дьяконов M. Акты,относящиеся к истории тяглого населения в Московском государстве.Вып. П. Грамоты и записи. Юрьев, 1897. № 19. С. 8).
[143] АСЭИ. Т. I. № 257. С. 185-187, № 342. С. 250. Заўв. на с. 616, № 366.С. 268, № 378. С. 275; Шумаков С.А. Сотницы (1537-1597 гг.), грамоты и записи (1561-1696 гг.). Вып. 1. Москва, 1902. № V. С. 52-55, № XLVI.С. 173-178; Готье Ю.В. Цыт. праца. Москва, 1906. С. 554.
[144] Холмогоровы В. и Г. Исторические материалы о церквах и селах XVI-XVIII вв. Вып. 11. Москва, 1911. С. 93.
[145] АСЭИ. Т. I. № 257. С. 185-187.
[146] Тамсама. № 378. С. 275.
[147] Тамсама. № 279. С 200.
[148] Тамсама. Камент. на с. 613.
[149] Тамсама.
[150] Тамсама. № 504. С 382-384, № 608. С. 515.
[151] Тамсама. № 607. С. 505, № 609. С. 518, № 610. С. 519.
[152] Тамсама. № 659. С. 584.
[153] Готье Ю.В. Цыт. праца. С 96-97.
[154] Лаппо-Данилевский А. Организация прямого обложения в Москов­ском государстве со времен смуты до эпохи преобразований. С.-Пе­тербург, 1890. С. 83; Лаппо И. И. Тверской уезд в XVI веке. Его на­селение и виды земельного владения (Этюд по истории провинции Московского государства). Москва, 1893. С. 16.
[155] Лаппо-Данилевский А. Цыт. праца. С. 85.
[156] Археологическая карта России. Калужская область. С. 128-129; Ти­хомиров М. Н. „Список русских городов дальних и ближних” // Ис­торические записки. Москва, 1952. Т. 40. С. 250. Л. В. Мітрашэнкава ў спецыяльным даследаванні, прысвечаным гісторыі фармавання Малаяраславецкага павету, няпэўна заўважыла, што Новы Гарадок знаходзіўся на ўсход ад Халахольны. Але нават простай арыентацыі (правы ці левы бок р. Протвы) наконт воласці i горада гісторык не адзначыла (Митрошенкова Л. В. Цыт. праца. С. 79). Калі ж ўлічваць, што Новы Гарадок часам таксама размяшчаўся даследчыкамі на левым баку р. Протвы, то можна здагадацца i пра адпаведную недакладнасць лакалізацыі Л. В. Мітрашэнкавай воласці Халхол (гл., напрыклад: История Москвы с древнейших времен до наших дней: В 3 т. Т. 1: XII-XVIII ве­ка. Москва, 1997. Карта У. А. Кучкіна на с. 50).
[157] Карамзин H. M. История государства Российского: В 12 т. Т. V. Моск­ва, 1993. С. 15, 228; Соловьев СМ. Сочинения. Кн. П. Т. 3-4. Исто­рия России с древнейших времен. С. 381; Тихомиров M. H. Древняя Москва. XII-XV вв.; Средневековая Россия на международных путях. XIV-XV вв. Москва, 1992. С. 86.
[158] Писцовые книги Московского государства. Ч. I. Отделение П. С.-Петербург, 1877. С. 695-709; ДАГ. № 95. С. 384; Акты феодального землевладения и хозяйства XIV-XVI вв. Ч. 1. Москва, 1951. № 16. С. 36-37, № 105. С. 100; Дебольский В.Н. Цыт. праца. С. 150-151; Любавский М.К. Образование основной государственной территории ве­ликорусской народности. С. 34; Готье Ю.В. Цыт. праца. С. 562; Веселовский СБ. Феодальное землевладение в Северо-Восточной Руси. С. 358.
[159] ДДГ. № 1. С. 7, 9.
[160] Тихомиров М.Н. Средневековая Москва в XIV-XV веках. Москва,1957. С. 137, 138, 142; Ён жа. Древняя Москва. XII-XV вв.; Средневе­ковая Россия на международных путях. XIV-XV вв. С. 41.
[161] Дарога на Смаленск праз Мажайск i Вязьму (Мажайская дарога) набыла значэнне толькі ў XVI ст., таму абараняць яе было немэтазгодна (Тихомиров М.Н. Древняя Москва. XII-XV вв.; Средневековая Россия на международных путях. XIV-XV вв. С. 246).
[162] РЛ. Т. 6. С 426.
[163] Тамсама. С 426.
[164] Упэўненасць у рузска-звянігародскай лакалізацыі Тросненскай бітвы такая значная, што суправаджаецца нават легендай пра пахаванне воінаў, якія загінулі каля Тросценскага возера, на беразе р. Перавалочня (прыток Азёрны) у сяле Анніна.
[165] Атлас Московской области. Масштаб 1:100 000. Москва, 2001. С. 71-72.
[166] Белы А. Тросненская бітва 1368 // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі:У 6 т. Т. 6. Кн. 1. Мінск, 2001. С. 520-521; Ён жа. Тросненская бітва1368 // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя: У 2 т. Т. 2. Мінск,2006. С. 668.
[167] Книга Большому чертежу. Мосва; Ленинград, 1950. С 56. Падрабязнае апісанне Мажайскай дарогі з упамінаннем р. Нары гл.: Миллер Г. Ф.Сочинения по истории России. Избранное. Москва, 1996. С. 271.
[168] Месцазнаходжанне самой дарогі гл.: Большой всемирный настоль­ный атлас Маркса. С.-Петербург, 1910. № 20. Л. 6. Размяшчэнне сялаТросце (Тростье) каля дарогі ад Абаленска да Таруціна гл.: Военното­пографическая карта. Кулужская губерния. 1850. 3 версты в дюйме.Ряд 12. Лист 14.
[169] Родапачынальнік князёў Тросценскіх — Аляксандр Андрэевіч (унук Канстанціна Абаленскага, забітага Альгердам) жыў недзе ў сярэдзінеXV ст. (Кобрин В. Б. Материалы генеалогии княжеско-боярской арис­тократии XV-XVI вв. С. 96).
[170] У Жукоўскім раёне Калужскай вобласці Расіі на р. Аложы не адзначана ніводнага археалагічнага помніка (Археологическая карта Рос­сии. Калужская область. С. 126).
[171] Пра тое, што бітва на р. Тросне адбылася ў межах Абаленскага княст­ва, пісаў С. Б. Весялоўскі (Веселовский СБ. Подмосковье в древности. Три очерка. Москва, 2002. С. 18).

Наверх

Андрэй Катлярчук. Другая Паўночная вайна і апошняя шведская аперацыя ў ВКЛ: аблога Берaсця 1657 г. і спрэчка за места

Снежня 28, 2005 |


6 студзеня 1656 г. у месце Раднот (Radnot)[1] Швецыя і Трансільванія (таксама і ад імя сваіх некаталіцкіх хаўруснікаў) уклалі дамову пра вайсковы саюз ды падзел Рэчы Паспалітай. Ад Швецыі яе падпісалі Цэлестын Штэрнбах (Celestin Sternbach) і Готард Велінг (Gotthard Velling), ад Трансільваніі — Янаш Кемень (János Kemény) і Міхай Мікеш (Mihály Mikes). У перамовах таксама бралі ўдзел паслы Прусіі і Багуслава Радзівіла — Ян Мяржэнскі і Стэфан Нямірыч. 18 артыкулаў дамовы — першы ў гісторыі дасканалы план скасавання Рэчы Паспалітай шляхам яе падзелу паміж Швецыяй, Трансільваніяй, Прусіяй, партыяй Багуслава Радзівіла і Ўкраінскім гетманатам[2].

Хаўруснікі падзялілі паміж сабой большую частку Вялікага Княства Літоўскага. Швецыя атрымала Жамойць, Ковенскі, Вількамірскі, Упіцкі, Браслаўскі паветы, а таксама часткі Полацкага і Віцебскага ваяводстваў уздоўж Дзвіны. Апрача таго, да Швецыі адыходзіла „ўсё Падляшша“ па абодва бакі Буга (гэта значыць, яго польская і літоўская часткі) і літоўска–польскія Інфлянты. Да Трансільваніі адышло Берасцейскае ваяводства. Пытанне акупаваных Расіяй і Ўкраінай усходніх паветаў ВКЛ не разглядалася. Рэшту заходняй часткі Вялікага Княства атрымаў Багуслаў Радзівіл, у спадчынную дзяржаву якому перадавалася Наваградскае ваяводства „з усім, што да яго дагэтуль адносілася, дзе б яно ні размяшчалася, у валоданне па праву вышэйшасці“ (Pro principe Radzivilio Palatinatum Novogrodensem, cum aliis antehac ad ipsum spectantibus, ubicunque, sitae sint, jure superioritatis possidendis).

Згодна з дамовай, увесну 1657 г. планаваўся паход Швецыі і Трансільваніі на Рэч Паспалітую — з мэтай яе канчатковага падзелу. Спрэчным пытаннем стаў удзел у паходзе кааліцыі Багуслава Радзівіла і Ўкраінскага гетманата, „пакрыўджаных“ Радноцкай дамовай. Паранены (8 кастрычніка 1656 г.) у бітве пад Просткамі (Prostken/Prostki) і захоплены ў палон саюзным войскам ВКЛ і Крымскага ханства, Багуслаў Радзівіл пасля вызвалення шведамі (22 кастрычніка 1656 г.) знаходзіўся ў Прусіі. Паколькі два палкі Радзівіла панеслі ў бойцы значныя страты, яго палітычны ўплыў і міжнародная вага значна знізіліся. Як паслы ў Радноце ні баранілі інтарэсы Багуслава Радзівіла, яму быў перададзены толькі Наваградак — замест трох патрабаваных земляў[3]. Да таго ж, добрую палову Наваградскага ваяводства ўжо складала Радзівілава спадчыннае Слуцкае княства. Наваградская шляхта, вялікі ўплыў у якой мелі пратэстанты і праваслаўныя, падтрымлівала рашэнне стварыць з ваяводства асобную дзяржаву. У такім выпадку Наваградак (старажытная сталіца ВКЛ, да 1596 г. — адна з цэнтральных рэзідэнцый праваслаўнага мітрапаліта) аднавіў бы свой сталічны статус. Тым не менш, Багуслаў Радзівіл застаўся незадаволены вынікамі Радноцкай дамовы: яго пасол Ян Мяржэнскі апpатэставаў іх, апелюючы да кейданскіх перамоваў 1655 г. У сакавіку 1657 г. Ян Мяржэнскі вёў напружаныя перамовы ў Эльблонгу (Elbing/Elbląg) са шведскімі дыпламатамі Крыстоферам Карлам фон Шліпенбахам (Christoffer Carl von Schlippen–bach) і Матыясам Б’ёрнклоў (Matthias Björnklou). Галоўным пытаннем было далучэнне да дзяржавы Багуслава Радзівіла Берасцейскага павету і паўночнай часткі Падляшша. Адстойваючы правы Радзівіла на гэтыя абшары, Ян Мяржэнскі спасылаўся на жнівеньскія дамовы 1655 г. паміж Дэ ля Гарды і Багуславам Радзівілам. У рэшце рэшт дзяржаўны дарадца Матыяс Б’ёрнклоў пагадзіўся з прэтэнзіямі Радзівіла на паўночнае Падляшша і паабяцаў y будучыні далучыць да дзяржавы Радзівіла Берасце[4]. Толькі тады Багуслаў Радзівіл загадаў скіраваць у кааліцыйнае войска ўласны полк у 800 вершнікаў на чале з Эберхардам Путкамерам. Шведы былі зацікаўлены не столькі ў колькасці жаўнераў палка, колькі ў прыналежнасці іх да мясцовай шляхты. Радзівіл, які быў у добрых дачыненнях з Хмяльніцкім, спадзяваўся на падтрымку гетмана ў спрэчцы з Трансільваніяй за Берасце.

Такім чынам, у лютым 1657 г. Швецыя і яе хаўруснікі пачалі новую вайну супраць Рэчы Паспалітай. 1 красавіка Карл X аб’яднаўся з войскам Трансільваніі і ўкраінскімі казакамі ў польскай вёсцы Цьмелуў (Ćmielów), недалёка ад Ракува (Raków), колішняга цэнтра польскіх арыянаў. Трансільванскае войска (каля 24 тыс. жаўнераў) узначальваў князь Д’ёрдзь II Ракацы (György II Rákуczi). Аддзеламі кіравалі генералы Ферэнц Ішпан (Ferenc Ispán), Петэр Гусар (Péter Huszár) і Янаш Кемень. Украінскае войска (ад 6 да 20 тыс. жаўнераў) ачолілі палкоўнікі Антон Ждановіч (у шведскіх крыніцах — Antonio Sdanowitz) ды Іван Багун[5].

Шведска–прускім войскам з 7 тыс. жаўнераў кіраваў уласна Карл X. На чале шведскіх аддзелаў (4 тыс. жаўнераў) стаялі: брат караля генерал Адольф Ёган (Adolf Johan av Pfalz), генералы Якаб Казімір Дэ ля Гарды (Jacob Kasimir De la Gardie) і Юры Нямірыч, палкоўнік Ёган Бенедыкт фон Шонлебен (Johan Benedikt von Schönleben)[6]. Прускія аддзелы (каля 3 тыс. жаўнераў) узначальваў генерал Георг фон Вальдэк (Georg von Waldeck). Таксама да шведскага войска быў далучаны полк Багуслава Радзівіла. Сам Радзівіл, цяжка паранены ў галаву, у Берасцейскай аперацыі не ўдзельнічаў. Тым не менш, каб адстаяць свае правы на Берасце, ён разгарнуў актыўную дыпламатычную дзейнасць з Прусіі.

Пасля трыумфальнага захопу Малой Польшчы хаўруснікі скіраваліся ў бок ВКЛ, на Падляшша. Карл X зрабіў сваім станам мястэчка Радзівіла Венгруў (Węgrów) — пратэстанцкі цэнтр Падляшша. У ім 1 траўня 1657 г. кароль Швецыі атрымаў вестку, што войскі ВКЛ і Польшчы пераправіліся цераз Буг і рухаюцца ў бок Берасця. Кіраўніцтва кааліцыі вырашыла пайсці за імі.

Тактычнай мэтай аперацыі было знішчэнне 12–тысячнага войска ВКЛ на чале з Паўлам Сапегам і польскай арміі на чале з гетманам Станіславам Патоцкім (Stanisław Potocki). Тыя атабарыліся ў Берасці, чакалі там дывізію левага крыла, што на чале з Вінцэнтам Гансеўскім рухалася са Жмудзі. Хуткі наступ шведскай кааліцыі разбурыў планы гетманаў: войскі Княства адышлі ад Берасця ў Кобрын без Гансеўскага[7].

Стратэгічнай мэтай аперацыі была ліквідацыя галоўнай базы Яна Казіміра ў ВКЛ. Берасце 1655—1657 г. было цэнтрам патрыётаў на чале з Паўлам Сапегам. 27 студзеня 1657 г. войскі Сапегі захапілі апошні заняты шведамі замак Тыкоцін (Tykocin) і ўшчэнт знішчылі жаўнераў Швецыі ды Радзівіла. Маёмасць Багуслава Радзівіла была разрабавана. Каменданты Тыкоціна, швед Дыдрык фон Розэн (Didrik von Rosen) і ліцвін Ян Отэнгаўз, былі забітыя[8]. У выніку ўпершыню ад пачатку вайны Ян Казімір атрымаў кантроль над суцэльнай прасторай Літвы, што злучала ў адно Жамойць, Берасцейскае ваяводства і Падляшша. Літаральна за паўтара месяца да наступу кааліцыі на Берасце ў горадзе адбыўся з’езд вернай Яну Казіміру шляхты (14—17 сакавіка 1657 г.). Удзельнікі даслалі да караля пасольства на чале з берасцейскім старастам Янам Копцем. Галоўным патрабаваннем былі захаванне міру з Расіяй ды Ўкраінскім гетманатам і далейшая падтрымка антышведскай кааліцыі[9].

Згодна са шведскім стратэгічным планам, захоп Берасця, магутнай цвярдыні на злучэнні рэк Буг і Мухавец, дазваляў кантраляваць усе камунікацыі паміж Літвой, Мазовіяй, Падляшшам і Ўкраінай. У выпадку працягу вайны з Расіяй — „ворагам, які падтрымліваў стасункі з казакамі“, — кантроль над Берасцем меў выключнае значэнне[10]. На думку Карла X, рашэнне кааліцыі зладзіць паход на „Берасце ў Літве“ было цалкам слушным, „ніводнае места не магло змагацца супраць нас, бо разам наша войска было занадта моцным для іх[11].

5/15 траўня войскі кааліцыі падышлі да Буга праз Гродзіск (Grodzisk) і пераправіліся праз яго на поўдзень ад мястэчка Крэмень (Krzemień). Там да кааліцыі далучыўся шведскі генерал Густаў Ота Стэнбак (Gustav Otto Stenbock), які рухаўся з Прусіі з гарматамі, абозам і кухняй[12]. 7/17 траўня хаўруснікі выйшлі на мяжу Польшчы і Вялікага Княства і захапілі мястэчкі Астражаны (Ostrozany) ды Семятычы (Siemiatycze). Аперацыя праводзілася ў таямніцы, жаўнеры крочылі ўначы. 8/18 траўня войска кааліцыі ўвайшло ў межы ВКЛ і, праз Мілейчыцы (Milejczyce) і Токары (Tokary), скіравалася ў бок Берасця. Упершыню з 1655 г. на Беларусь ішло велізарнае войска колькасцю больш за 50 тыс. жаўнераў. 9/19 траўня 1657 г. аддзелы хаўруснікаў захапілі першы горад Вялікага Княства — Высокае. Актыўны ўдзел у аперацыі браў полк Радзівіла. У той самы дзень шведскі вайсковы інжынер Эрык Дальберг (Erik Dahlberg) прыбыў пад Берасце на чале драгунскага аддзела, з загадам караля агледзець стан умацаванняў ды зрабіць план места. Па словах Дальберга, знешні выгляд абарончых збудаванняў яго ўразіў: „Берасце было знадта добрай і моцнай цвярдыняй з магутнымі мурамі і моцным гарнізонам[13]. Аблога места патрабавала падрыхтоўкі. Да таго ж, кожны з хаўруснікаў Швецыі, апрача Прусіі, выказаў свае прэтэнзіі на места.

Берасце, якое знаходзілася на мяжы ВКЛ і Польшчы, займала выключнае палітычнае і гандлёвае становішча. Горад першым з беларускіх местаў атрымаў магдэбургскае права (1390 г.). З 1566 г. Берасце — цэнтр аднаго з найбагацейшых і густанаселеных ваяводстваў Княства. Гэта быў адзіны горад Літвы, дзе ў XVII ст. адбыўся вальны сойм Рэчы Паспалітай (1653 г.). У 1553 г. гарадскі стараста Мікалай Радзівіл Чорны фундаваў тут адзін з першых лютэранскіх збораў і першую пратэстанцкую друкарню. Такім чынам, для пратэстантаў горад быў каштоўным сімвалам. Паводле задумы Багуслава Радзівіла, места мусіла стаць складнікам ягонай дзяржавы. Аднак, адпаведна Радноцкай дамове, Берасцейскае ваяводства адышло да Трансільваніі. Гістарычныя прэтэнзіі Трансільваніі на Берасце грунтаваліся на дзяржаўнай канцэпцыі Ракацы і ягонай эліты, згодна з якой Берасцейская зямля мусіла зрабіцца часткай „Вялікай Вугоршчыны“. У XIII ст. Берасцейская зямля ўваходзіла ў склад Галіцка–Валынскага княства, спадкаеміцай якой лічылася вугорская карона. У 1349—1351 г. вугорскі кароль Людвік I Вялікі (Nagy Lajos) часова захапіў Берасце. У 1370—1382 г. ён быў каралём Польшчы. У выніку персанальнай уніі ВКЛ і Польшчы ў Крэве дачка Людвіка I Вялікага Ядзвіга пайшла за вялікага князя літоўскага Ягайлу, (гэта заклала пачатак дынастыі Ягелонаў, што кіравала Вялікім Княствам да 1572 г.) У 1370–х г. берасцейскі праваслаўны князь Фёдар Альгердавіч прызнаў сябе васалам Вугорскага каралеўства[14].

Уласныя планы на Берасце мелі і ўкраінскія казакі. Украінская эліта лічыла Берасце і яго акругу неад’емнай часткай свайго гаспадарства, краем русінскай мовы і праваслаўнага насельніцтва. Гэты тэзіс украінцы настойліва даводзілі на перамовах са Швецыяй. У 1596 г. у Берасці адбылося стварэнне новай царквы — уніяцкага касцёла. Таму авалодаць местам было вельмі істотна для ўкраінскіх казакаў, якія вялі барацьбу супраць Рэчы Паспалітай пад сцягам аднаўлення правоў праваслаўнай і знішчэння уніяцкай царквы. Казакаў раздражняла[15] і тое, што Берасце было сталіцай літоўскага Ваада (аўтаноміі габрэяў ВКЛ)[16]. 10 студзеня 1657 г. Багдан Хмяльніцкі абвяшчае пра паход украінскага войска на чале з Антонам Ждановічам супраць Рэчы Паспалітай. Універсал, занесены ў кнігі Менскага гродскага суда, падкрэсліваў правы тых, хто будзе гарнуцца да ўлады Ўкраіны[17]. 8 красавіка 1657 г., пасля злучэння ўкраінскага і трансільванскага войска з арміяй Швецыі ў мястэчку Завіхаст (Zawichost), адбыўся сумесны парад сіл кааліцыі, якім кіравалі Карл X, Д’ёрдзь II Ракацы і наказны гетман Антон Ждановіч[18]. Пасля параду, 10 красавіка 1657 г. кароль Швецыі піша ліст Хмяльніцкаму, у якім малюе карціну ўласных інтарэсаў у Рэчы Паспалітай. Абшары, якія мусілі адысці да Швецыі, дакладна супадалі з землямі, акрэсленымі ў Радноцкай дамове. Карл X не згадваў пра інтарэсы іншых хаўруснікаў кааліцыі і пісаў, што Швецыя згодна разгледзець прэтэнзіі Ўкраіны на землі Рэчы Паспалітай як „сатысфакцыю за хаўрус[19]. Пад час берасцейскай аперацыі, упершыню ў гісторыі, Карл X і яго генералы атрымалі магчымасць наўпростых перамоваў з украінскім кіраўніцтвам. У абозе каля Берасця бакі ўдакладнілі свае пазіцыі. Але Берасця Ўкраіна не атрымала, што заклала першую міну пад ідэю шведска–ўкраінскага хаўрусу.

11/21 траўня войска кааліцыі абклала Берасце. Пасля трохдзённага гарматнага абстрэлу гарнізон выкінуў белы сцяг[20]. Берасцейскі кашталян Мальхер Савіцкі прапанаваў абмен пасольствамі. Пасламі ад Берасця былі два шляхцічы і нямецкі афіцэр–найміт. Кіраваў пасольствам Рыгор Война. Са шведскага боку на перамовы былі выпраўлены тры шляхцічы Рэчы Паспалітай: генерал Юры Нямірыч, палкоўнік Эберхард Путкамер і невядомы капітан з палка Радзівіла. У апошнюю хвіліну Карл X надумаў замяніць капітана Эрыкам Дальбергам, які мусіў пагутарыць з нямецкімі наймітамі гарнізона. Дальберг здолеў агледзець муры і знайсці зручнае места для штурму. Да таго ж ён запалохаў жаўнераў словамі: „Мусіце ведаць, што кароль Швецыі мае 80 тысяч вугорцаў і казакаў. І калі вы адважыцеся стрэліць у мяне, дык праз гадзіну яны выражуць Берасце да апошняй душы![21].

16/26 траўня 1657 г. Берасце падпісала капітуляцыю. Мной адшуканы забыты дагавор здачы Берасця „Пункты згоды перадачы места і замка Берасця Літоўскага каралю Швецыі і князю Трансільваніі“[22]. Артыкул 1 дамовы вызначаў, што места здаецца на літасць караля Швецыі і князя Трансільваніі, з захаваннем усіх царкоўных і свецкіх правоў. Артыкул 7 перадаваў места пад кантроль Трансільваніі. Праз тры дні ад падпісання дамовы „польскі“ гарнізон мусіў пакінуць места, а князь Трансільваніі — прызначыць свайго каменданта. Артыкулы 2, 3, 4 і 8 датычылі ўмоваў здачы гарнізона. Жаўнеры, апрача тых, хто раней служыў Швецыі ці Прусіі, адпускаліся на волю разам з штандарамі і мушкетамі. Каб ніхто не адпомсціў „польскім жаўнерам Берасця[23], кароль Швецыі і князь Трансільваніі прызначылі 300 рэйтараў, якія павінны былі ахоўваць гарнізон пры адыходзе „ажно да пруда“. Артыкулы 5 і 6 вызначалі адносіны пераможцаў з тутэйшай шляхтай. Шляхце, што будзе вернай шведскаму каралю і князю Трансільваніі, гарантавалася ўласная бяспека і ахова дамоў. Шляхта, ахвочая служыць шведскаму каралю і князю Трансільваніі, запрашалася на службу, але мусіла спачатку перадаць гарадскія фартэцыі пад кантроль новых гаспадароў. Цікава, што ў тэксце дамовы не было ніякай згадкі пра інтарэсы іншых сяброў кааліцыі, перадусім Радзівіла і Хмяльніцкага. Як сведчыць Дальберг, „згодна дамовам Берасце было перададзена князю Ракацы[24].

19/29 траўня гарнізон з „2 300 дужых жаўнераў, 1 000 гарадскіх драбантаў з месцічаў (беларусаў. — А.К.) і габрэяў“ адкрыў браму места[25]. У той самы дзень у горадзе атабарыўся гарнізон Ракацы. Губернатарам места быў прызначаны палкоўнік Андраш Гаўдзі (András Gaudi). Берасце зрабілася галоўнай базай Трансільваніі ў Літве. Каб авалодаць усім паветам, асобныя аддзелы шведаў, вугорцаў і казакаў дайшлі да Кобрына[26].

3 чэрвеня група шведскіх мастакоў і картографаў на чале з Эрыкам Дальбергам скончыла агульны план места, таксама былі зроблены два панарамных малюнка горада. Адзін з іх, „Аблога Берасця“, быў надрукаваны ў 1696 г. Самуэлем Пуфендорфам і стаў добра вядомы даследчыкам[27]. Падрабязны план места з легендай і іншая панарама горада засталіся невядомымі і былі знойдзены мной у зборах Каралеўскай бібліятэкі Швецыі[28]. Варта нагадаць, што гісторыкі па–за межамі Швецыі часта памылкова лічаць Эрыка Дальберга аўтарам усіх графічных матэрыялаў, што выходзілі з яго подпісам. Між тым вядома, што Дальберг кіраваў групай мастакоў і часта толькі зацвярджаў працы, зробленыя тымі. Гэтак атрымалася і з выявамі Берасця. Напрыклад, план горада пад назвай „Агульны нарыс места і фартэцыі Літоўскага Берасця, так, як яно выглядала, калі яго здабыў Каралеўскі Майстат, які пачаў аблогу 11/21 траўня, а скончыў яе 13/23 траўня“ зроблены самім Дальбергам — як бачна з подпісу пад легендай (мал. 1). Між тым, панарама Берасця з левага берага Буга пад назвай „Горад Берасце ў Літве пад час марша Каралеўскага Майстата Швецыі з яго арміяй, вызвалены з Польскай блакады 14 сакавіка 1657 г.“ зроблена іншымі мастакамі (мал. 2.). Над гэтым малюнкам працавалі Морат (Morath) і Васэр (Waser). Пасля завяршэння праца была зацверджана подпісам Дальберга. Назва малюнка мае палітычны сэнс, бо сцвярджае, нібыта кароль Швецыі „вызваліў Берасце ад польскай блакады“ (? — А.К.). З невядомых прычынаў шведы падалі таксама памылковую дату капітуляцыі горада.

Друкаваныя ўпершыню, малюнкі, безумоўна, маюць вялікую каштоўнасць для беларускай культуры. Напрыклад, на плане места ў паўднёвай частцы старога горада пад літарай „D“ абазначаны лютэранскі збор (Pfarr Kirche). Гэта адзінае сведчанне пра існаванне ў Берасці пратэстанцкага храма ў сярэдзіне XVII ст. На пярэднім плане малюнка мастакі адлюстравалі старыя габрэйскія могілкі, якія сведчаць пра значнасць места для габрэйскай культуры. Сапраўды, да Вялікай Паўночнай вайны ў Берасці існавала вядомая на ўвесь свет „Габрэйская вышэйшая школа“, у якой, апрача студэнтаў з Літвы і Польшчы, навучалася моладзь з Нямеччыны, Італіі, Маравіі, Сілезіі[29].

Наогул, панарама места пераконвае, які яскравы еўрапейскі характар мела архітэктура старажытнага Берасця — магчыма, найшыкоўнейшага места тагачаснай Беларусі. Знойдзеныя графічныя матэрыялы з’яўляюцца асноўнай крыніцай да поўнай рэканструкцыі забудовы старога места, разбуранага ў 1833—1842 г. пры пабудове „Брэсцкай крэпасці“ — самай значнай тагачаснай фартэцыі Расійскай імперыі.

Асноўнай праблемай шведаў у Берасці была адсутнасць дысцыпліны ў шэрагах аддзелаў кааліцыі. За выключэннем вайскоўцаў Радзівіла, жаўнеры ўспрымалі гэтыя абшары як варожую зямлю. Асаблівы клопат стваралі ўкраінскія казакі, якія, па словах Карла X, „у адрозненне ад Ракацы, зусім не слухаліся маіх парадаў[30] ды паслядоўна знішчалі каталікоў, пратэстантаў і габрэяў. Напрыклад, казакамі быў зруйнаваны лютэранскі збор у в. Нейдорф Берасцейскага павету. Да таго ж, казакі адвялі ў суседняе мястэчка Славацічы 70 мясцовых лютэранаў „галендраў“, дзе ўсіх забілі. У спадзяванні выратаваць жыццё лютэране „зракліся праўды евангелічнай у рускай царкве <…> але ўсё роўна былі забітыя казакамі, якія меркавалі, што пасля іх ад’езду лютэране вернуцца да сваёй папярэдняй веры, таму нe трэба пакідаць іх жывымі“. Варта адзначыць, што катаваць лютэранаў казакам дапамагалі тутэйшыя „русіны“, пасля вайны шмат з якіх былі пакараны „горлам“ за здраду Рэчы Паспалітай[31]. У 1658 г. месцічы і габрэі мястэчка Славацічы атрымалі „лібэртацыю“ ад падаткаў на чатыры гады „з прычыны руінаў, паўсталых пасля наступу летась войскаў варожых шведскіх, вугорскіх, малдаўскіх, валашскіх і казацкіх[32].

Аддзелы Трансільваніі разгарнулі сапраўдны тэрор у дачыненні да берасцейскай шляхты — кліентаў Паўла Сапегі. Напрыклад, вугорцы ўшчэнт разрабавалі маёнтак Сапегаў Боцькі (Bocki) і забілі там (знеслі галовы) 10 шляхцічаў. Падобны лёс напаткаў іншых шляхцічаў з ваколіцаў Берасця[33]. Марадзёрства чыніла і шведскае войска. Аддзел шатландскіх наймітаў абрабаваў родавы маёнтак Сапегаў Кодань за 30 км на поўнач ад Берасця. Фінскія жаўнеры палкоўніка Фабіяна Берэнcа (Fabian Berens) абрабавалі Драгічын[34]. Адзін Эбэрхард Путкамер імкнуўся спыніць рабункі замежных жаўнераў. Ён скардзіўся генералу Якабу Казіміру Дэ ля Гарды на непрымальныя паводзіны шведскіх жаўнераў. У выніку ротмістар шатландскага аддзела, які разрабаваў Кодань, быў выкліканы каралём на допыт — але аспрэчваў усе абвінавачванні. Тады раз’юшаны Карл X рассек шатландцу галаву двума ўдарамі шаблі ды загадаў адправіць яго ў вязніцу[35].

З прычыны кепскага стаўлення да насельніцтва, здаецца, не магло весціся пра прыхільнае стаўленне шляхты і гараджан да новага рэжыму. Аднак калабаранты, як заўжды, знайшліся. Напрыклад, 3 верасня 1657 г. кароль Рэчы Паспалітай забраў маёнткі „здрайцаў Пятра Грэка і Крыштапа Пякарскага, што дапамагаюць Андрашу Гаўдзі і вугорскаму гарнізону ў Берасці[36]. Падкрэслю, што Пётр Грэк паходзіў з заможнага берасцейскага пратэстанцкага роду. Радавое гняздо Грэкаў Дабрынка мясцілася каля самога Берасця[37]. Шатландскі шляхціч на літоўскай службе, кальвініст Эндру Актэрлонім (Andrew Achterlonim) быў у Берасці сакратаром Андраша Гаўдзі і за здраду страціў усе палескія маёнткі[38]. У сваю чаргу, патрыёты, якія засталіся на баку Рэчы Паспалітай, былі ўзнагароджаны Янам Казімірам за кошт здраднікаў. Так, Станіслаў Прэтоцкі „за захаванне вернасці Рэчы Паспалітай“ атрымаў у Берасці пляц з будынкам, адабраны ў здрадніка „цырульніка берасцейскага Гансе[39]. Ротмістар Баляслаў Дзяткоўскі за мужнасць „пры абароне фартэцыі Берасця, калі пры наступе Ракацы і караля шведскага з войскам вялікім, адзіны, не слухаючы ніякіх прапаноў, на фартэцыі заставаўся і жаўнераў сваіх для службы нашай захаваў“, атрымаў ад Яна Казіміра фальварак здрадніка Яна Кісаржэўскага[40]. Каралём Рэчы Паспалітай быў адзначаны і берасцейскі гараднічы Ян Геранім Жаба, які пасля здачы горада адмовіўся супрацоўнічаць з новай уладай і разам з групай шляхты ўцёк да Сапегі[41]. Іншы берасцейскі шляхціч, Астафі Тышкевіч, атрымаў ад Яна Казіміра пасаду берасцейскага падкаморыя за тое, што „адмовіўся прыкладам продкаў сваіх ад варожай пратэкцыі[42].

Перадача Берасця Трансільваніі выклікала востры канфлікт у шэрагах Радноцкай кааліцыі. Антон Ждановіч пісаў Хмяльніцкаму, што вугорцы пакрыўдзілі казакаў. Тагачасны пасол Швецыі ва Ўкраіне Ёган Гільдэбрант (Johan Hildebrandt) занатаваў у дзённіку, што Ждановіч адмаўляецца слухацца генерала Янаша Кеменя, ды што паміж казакамі і трансільванцамі няма ўзаемнага даверу[43]. Пра гэта таксама пісаў сведка падзеяў Эрык Дальберг і дзяржаўны гістарыёграф Швецыі Самуэль Пуфендорф[44]. Украінская рада нагадала паслу Трансільваніі Ферэнцу Шэбешы (Ferenc Sebesi), што „не можа быць і гаворкі пра перадачу рускіх земляў на ўсход ад ракі Вісла[45]. Шэбешы пісаў: „Казакі муцяць ваду ў стасунках з намі <…> ім не спадабалася, што князь (Ракацы. — А.К.) заняў Берасце, бо лічаць, што ўсё, што знаходзіцца на ўсход ад ракі Вісла, належыць ім[46]. Насуперак інтарэсам Трансільваніі і Радзівіла, Ждановіч пачаў самастойную палітыку з мэтай далучэння да Ўкраіны ўсходняй часткі Берасцейскага ваяводства. 24 траўня 1657 г. з табара каля Берасця Антон Ждановіч, як „намеснік яго міласці пана гетмана Войскаў Запарожскіх“, абвясціў аб пратэкцыі Ўкраіны над пінскім паветам. Ждановіч падкрэсліў на рускай мове, што нагодай універсала стала жаданне шляхты, бо мае „дастатковую інфармацыю ад абывацеляў ваяводства, што гетман (Хмяльніцкі. — А.К.) іх усіх пад пратэкцыю сваю прыняў“. Паслом пінскай шляхты да Ждановіча быў пінскі земскі пісар Казімір Война. Універсал быў занесены ў кнігі Пінскага гродскага суда пінскім падстарастам Уладзіславам Войнам[47]. 1 ліпеня 1657 г. паслы ад пінскай шляхты — „усіх братоў павету нашага“ — пінскі маршалак Лукаш Ельскі і пінскі стольнік Адам Спытэк склалі ў сталіцы Ўкраіны Чыгірыне прысягу Багдану Хмяльніцкаму. З прычыны, што „Вялікае Княства Літоўскае <…> праз войскі розных ворагаў амаль да канца вынішчана“, шляхта вырашыла, што „пінскі павет пойдзе пад вечнае падпанства Ўкраіны[48].

У сваю чаргу, Багуслаў Радзівіл здзяйсняў усё магчымае, каб авалодаць Берасцем. У інструкцыі Юрыю Нямірычу ён прасіў таго ўплываць на Карла X, каб места перайшло да Радзівіла[49]. Таксама князь Слуцкі спадзяваўся на паразуменне з Хмяльніцкім. У выніку дамовы Радзівіла з гетманам Украіны Хмяльніцкі напярэдадні паходу на Берасце, 26 красавіка 1657 г., выдаў універсал, які забараняў украінскім казакам „рабіць крыўды і шкоды, гвалты і рабункі ў мястэчках князя ягамосьці Багуслава Радзівіла: Сялец, Венграў і Старое Сяло[50]. У час аблогі Берасця Радзівіл даслаў жыхарам ліст з прапановай здаць места Путкамеру. У пазнейшым мемарандуме з просьбай пра амністыю ён тлумачыў гэты крок тым, што „не шчыра заклікаў да здачы Берасьця, бо лепей, каб ва ўмовах наступу вялізнага шведскага войска места дабравольна здалося мне, чым было захоплена іншым[51].

У адказ на звесткі пра сыход шведскага войска ў Данію 4 ліпеня 1657 г. Багуслаў Радзівіл даслаў ліст Карлу X. Галоўным патрабаваннем да караля было аддаць загад губернатару Трансільваніі ў Берасці пра тэрміновую перадачу места прадстаўнікам Радзівіла. Князь Слуцкі падкрэсліваў, што Хмяльніцкі супраць перадачы места Трансільваніі і падтрымлівае перадачу горада Радзівілу. Таксама Радзівіл прасіў, каб Карл X дазволіў паход з Берасця на Слуцк. Згодна з планам Багуслава кароль мусіў адпусціць туды полк Эберхарда Путкамера, „мой рэгімэнт“, па словах князя. Да палка Путкамера мусіла далучыцца шведская армія генерала Густава Ота Стэнбака. Фінансавае забеспячэнне аперацыі гарантаваў хаўруснік Карла X вялікі электар Прусіі і Брандэнбурга Фрыдрых Вільгельм (Friedrich Wilhelm Hohenzollern)[52].

Але Карл X не адгукнуўся на прапановы Багуслава Радзівіла. Швецыя адмовілася перадаць Берасце Радзівілу, паколькі не хацела дзеля аслабленага хаўрусніка канфліктаваць з магутным Ракацы. Слуцкая аперацыя не адбылася. Адмова Швецыі грунтавалася на тым, што, па–першае, вайна з Даніяй пераключыла стратэгічны вектар шведскай палітыкі на Захад, па–другое, Слуцкая аперацыя прывяла б да чарговага абвастрэння адносінаў з Расіяй. У той час, калі Швецыя працягвала баявыя дзеянні супраць Расіі ў Інгерманландыі, слуцкі паход мог прывесці да ўзнікнення другога фронту ў вайне з Расіяй. Па–трэцяе, шведы ведалі, што падтрымка Багуслава Радзівіла палітычнымі сіламі Літвы была нязначнай. Нарэшце, адной з прычынаў адмовы Карла X падтрымаць шведскімі сіламі наступ на Слуцк была эпідэмія чумы, якая ў канцы траўня 1657 г. апанавала цэнтральныя паветы ВКЛ[53]. Пасля адмовы Карла X Багуслаў Радзівіл пахаваў ідэю стварэння пад пратэктаратам Швецыі ўласнай дзяржавы.

Згодна з планам Карла X частка шведскага войска мусіла ісці з Берасця ў Прусію, каб, пры падтрымцы некалькі тысяч украінскіх казакоў, „пераканаць“ Фрыдрыха Вільгельма заставацца ў хаўрусе далей. Армія Густава Ота Стэнбака мусіла застацца каля Берасця, каб разам з Ракацы і прускімі аддзеламі Георга фон Вальдэка дзейнічаць супраць аддзела ВКЛ. Аднак галоўны хаўруснік Швецыі Ракацы, калі даведаўся пра сыход Карла X з Берасця, абвясціў, што з–за пагрозы нападу татараў на Трансільванію вяртаецца дахаты, але пакідае ў горадзе невялікую залогу[54]. 4 чэрвеня 1657 г. асноўная група шведскага войска на чале з Карлам X адышла ў бок Прусіі і спынілася ў Астражанах. Тут Карл атрымаў звесткі пра напад Даніі на Швецыю і пра падпісаную 17 траўня аўстрыйска–польскую дамову пра супольную абарону. Гэтыя падзеі змянілі планы Швецыі. Кароль прыняў рашэнне тэрмінова пакінуць межы Вялікага Княства[55]. 7 чэрвеня 1657 г. апошні аддзел шведаў з 400 жаўнераў на чале з Эрыкам Дальбергам вырушыў з Берасця ў бок Кракава.

Сыход войска Швецыі з Рэчы Паспалітай цалкам змяніў геапалітычнае становішча ў рэгіёне на карысць антышведскай кааліцыі. Удзел хаўруснікаў Швецыі ў Берасцейскай аперацыі спрычыніўся да моцнага палітычнага крызісу гэтых краінаў. Удзел украінскіх аддзелаў у паходзе на Берасце на баку Швецыі канчаткова сапсаваў украінска–расійскія стасункі. У той час, калі Расія і Рэч Паспалітая падпісалі замірэнне ў Немежы, згодна з якім цар Аляксандр Міхайлавіч прызнаваўся будучым вялікім князем літоўскім, армія Ўкраіны ўзяла ўдзел у вайне супраць Рэчы Паспалітай на баку ворага Расіі. Гэтым фактам скарысталася прапольская партыя ВКЛ, якая была зацікаўлена ў расійска–ўкраінскім канфлікце. У траўні 1657 г. вялікі гетман Павел Сапега і пісар ВКЛ Аляксандр Нарушэвіч інфармавалі расійскіх ураднікаў, што „няпраўда Хмяльніцкага адкрылася, што ён хоча са Свейскім каралём вернасць учыніць[56]. Гетман Украіны быў вымушаны апраўдвацца перад царом за ўдзел казацкай арміі ў шведскім паходзе. 21 ліпеня 1657 г. Украіна, пад ціскам Расіі і Крымскага ханства, выйшла з вайны на баку Швецыі. У выніку ціску магутных хаўруснікаў Іван Ждановіч, які ўзначаліў паход на Берасце на загад гетмана, быў абвінавачаны ў „бунце“, адхілены ад пасады палкоўніка і засуджаны на смяротнае пакаранне. Толькі хуткі скон Багдана Хмяльніцкага выратаваў ягонае жыццё. Уплывовы ўкраінскі магнат Юры Нямірыч пакінуў шведскую службу і перайшоў на службу войска Запарожскага[57].

Пры адыходзе з Галіцыі 22 ліпеня 1657 г. войска Трансільваніі было акружана войскамі Польшчы (на чале з Станіславам Патоцкім) і Літвы (на чале з Аляксандрам Гілярыем Палубінскім). Ракацы быў вымушаны падпісаць ганебную капітуляцыю ў мястэчку Чорны Востраў каля Львова. Гарнізон Трансільваніі мусіў пакінуць Берасце[58]. Адначасова абшары Трансільваніі былі акупаваны Атаманскай Портай, незадаволенай самастойнай палітыкай свайго васала. Трансільванія капітулявала. У выніку палітычнага крызіса ў краіне выбухнула грамадзянская вайна паміж прыхільнікамі і праціўнікамі Ракацы. У пошуках міжнароднай падтрымкі Ракацы звярнуўся ў 1659 г. да Расіі, але 7 чэрвеня 1660 г. загінуў ад ран пасля прайгранай бітвы з туркамі. Авантурная мара Ракацы здабыць, пры падтрымцы шведаў, пасаду караля Польшчы ды захапіць кавалак Вялікага Княства прывяла ды палітычнага калапсу Трансільваніі і назаўжды пахавала ідэю аб’яднанай Вялікай Вугоршчыны[59].

Пасля няўдачы ў Берасці Багуслаў Радзівіл вырашыў адмовіцца ад супрацоўніцтва са Швецыяй. 10 жніўня 1657 г. ён піша апошні ліст да Карла X, дзе коратка паведамляе пра рашэнне перайсці на прускую службу[60]. 19 верасня 1657 г. Прусія і Рэч Паспалітая падпісваюць хаўрусную дамову ў Велау (Wehlau/Знаменск), згодна з якой Багуслаў Радзівіл атрымаў амністыю Яна Казіміра і далучыўся да антышведскай кааліцыі. 14 кастрычніка 1657 г. з’езд станаў Прусіі па прапанове Фрыдрыка Вільгельма выбраў Багуслава Радзівіла генеральным губернатарам Прусіі. Ужо ад імя Прусіі 6 лістапада 1657 г. Багуслаў Радзівіл падпісаў скіраваны супраць Швецыі хаўрус з Рэччу Паспалітай у Бромбергу (Bromberg /Bydgoszcz)[61].

Параза Багуслава Радзівіла ў барацьбе за Берасце абумовіла канчатковую кансалідацыю шляхты Княства вакол Варшавы. 12 лістапада 1657 г. у мястэчку Камянец распачала працу камісія ВКЛ па справе здачы Берасця Швецыі і здрадзе шляхцічаў. Камісіяй кіравалі жмудскі стараста Юры Кароль Глябовіч і вялікі маршалак Крыштап Завіша. Апрача іх удзельнікамі камісіі былі чатыры сенатары: віленскі ваявода Павел Сапега, віцебскі ваявода Ўладзіслаў Валовіч, берасцейскі ваявода Максімільян Бражоўскі, амсціслаўскі ваявода Рыгор Друцкі Горскі. Галоўным віноўцам быў прызнаны берасцейскі кашталян Мальхер Савіцкі. 15 лістапада 1657 г. камісія скончыла працу. Інструкцыю каралю падпісалі 16 ураднікаў Вялікага Княства. Па іх прапанове ўсе шляхцічы, чыя віна ў калабарацыі са Швецыяй і Трансільваніяй была даведзена, мусілі страціць свае маёнткі[62].

Такім чынам, увосень 1657 г. Швецыя страціла апошніх хаўруснікаў ва Ўсходняй Еўропе. Трансільванія і Ўкраінскі гетманат апынуліся ў палітычным крызісе і адмовіліся ад хаўруса з Стакгольмам. Польшча і Прусія дамовіліся пра супольную вайну супраць Швецыі. Былая прашведская апазіцыя Вялікага Княства Літоўскага на чале з Радзівілам перайшла ў стан ворагаў Швецыі. У кастрычніку 1657 г. войскі ВКЛ пачалі паспяховыя дзеянні супраць Швецыі ў Лівоніі[63]. У 1658 г. да іх далучыўся Багуслаў Радзівіл, колішні генерал на шведскай службе. Асноўныя сілы шведскай арміі пакінулі Рэч Паспалітую дзеля вайны ў Даніі. Супраць Швецыі пачала вайну Аўстрыя. Расія захавала перамір’е з Рэччу Паспалітай і працягвала вайну супраць Швецыі. Дзякуючы гэтаму Радноцкая дамова страціла свой сэнс. Спроба Швецыі стварыць кааліцыю з сатэлітаў — малых некаталіцкіх краінаў Усходняй Еўропы — пацярпела паразу. Як быццам паспяховая для Швецыі берасцейская аперацыя абярнулася пачаткам канца шведскага панавання на Ўсходзе Балтыкі.

Як ні дзіўна, інтэрпрэтацыя далёкіх падзеяў 1657 г. застаецца досыць актуальнай у сучаснай Беларусі. Афіцыйная гістарыяграфія даводзіць насельніцтву, што Берасце было знішчана шведамі, якія „захапілі слаба ўмацаванае (! — А.К.) Берасце, места было разрабаванае, многія будынкі спаленыя[64]. Насамрэч, Берасце было спалена не шведамі, а маскоўскімі войскамі Івана Хаванскага. Паводле сведкаў, пасля штурму ў студзені 1660 г. „Берасце было зруйнаванае да апошняга будынка, спалена і ў невыч абрынута[65]. Між тым, сёння гістарычная віна за знішчэнне ўскладзена менавіта на шведаў. Падобнага кшталту фальсіфікацыямі карыстаюцца афіцыйныя беларускія гісторыкі пры інтэрпрэтацыі ўчынкаў шведскага войска ў часы Вялікай Паўночнай вайны. Робіцца гэта згодна з пунктам гледжання ўлады, паводле якога краіна пацярпела менавіта ад войскаў заходнееўрапейскіх краін[66].


[1] Сучасны Раднот — мястэчка пад назваю Іернут (Iernut) (9 000 жыхароў) у цэнтральнай Румыніі (побач з горадам Sighisoara, вобласць Mureş).
[2] Sziláfyi Sándor. Erdély és az északkeleti háború, levelek és okiratok. Transsylvania et bellum boreo–orientale. Acta et documenta. T. 2. Budapest, 1891. P. 191—196.
[3] Wasilewski T. Jan Mierzeński DD PSB. T. XXI/1. 1976. S. 19.
[4] Archiwum Głowne Akt Dawnych (далей — AGAD). AR, dz. V, sygn 9646. Jan Mierzeński do Bogusława Radziwiłła. 30.03.1657. NR MKF 65/498 — 65/531. S. 39—42.
[5] Erik Dahlberghs dagbok. I urval och med inledning av Alf Еberg. Stockholm, 1962. S. 78—83. Шатландскі афіцэр на шведскай службе Патрык Гардон, які браў удзел у паходзе на Берасце, ацэньваў колькасць украінскага войска ў 6 тыс., Трансільваніі ў 30 тыс. жаўнераў. Гл.: Гордон Патрик. Дневник 1635—1659. Москва, 2000. С. 114.
[6] Pufendorf, Samuel. Samuelis liberi baronis de Pufendorf De rebus a Carolo Gustav Sveciae rege gestis commentariorum, libri septem elegantissimis tabulis aeneis exornati cum triplici indice. Norimbergae, 1696. S. 259—261; Wibling, Carl. Carl X Gustaf och Georg Rakoczy II. Lund, 1891. S. 44—45; Jacobson, Gustaf. Sveriges historia till vеra dagar. Sjunde delen. Stockholm, 1926. S. 315; Carlson, Fredrik Ferdinand. Sveriges historia under konungarne af pfalziska huset. Sveriges historia under Carl den tionde Gustafs regering. Andra upplagan. Stockholm, 1883. S. 357—358.
[7] Сагановіч Г. Невядомая вайна 1654—1667. Мінск, 1995. C. 65.
[8] Fagerlund R. Kriget i Östersjöprovinserna 1655—1660. Operationer och krigsansträngningar på en bikrigsskådeplats under Carl X Gustafs krig. Åbo, 1979. S. 106; Metryka Litewska. Księga wpisów nr 131. Opracował Andrzej Rachuba. Warszawa, 2001. Nr. 29. Note 1.
[9] Rachuba A. Wielkie Księstwo Litewskie w systemie parlamentarnym Rzeczypospolitej w latach 1569—1763. Warszawa, 2002. S. 304.
[10] Wibling, Carl. Carl X Gustaf… S. 49.
[11] Relation till ständerna av statssekretaren Edvard Ehrensteen. Sveriges Ridderskaps och Adels Riksdags– protokoll. Sjunde delen 1660. Stockholm, 1881.
[12] Carlson, Fredrik Ferdinand. Sveriges historia… S. 358:1.
[13] Erik Dahlberghs dagbok. S. 80—81.
[14] Белы А. Невядомыя эпізоды „невядомай вайны“, або ваенныя дзеянні Швецыі супраць Вялікага княства Літоўскага ў 1656—1657 гг. вачыма Эрыка Дальберга // Спадчына. 1999. № 3. С. 128—129.
[15] Hannover, Natan. Abyss of Despair. The famous 17th century chronicle depicting Jewish life during the Chmielnicki massacres of 1648—49. New York, 1950.
[16] Cygielman, Shmuel Arthur. Jewish autonomy in Poland and Lithuania until 1648. Jerusalem, 1997.
[17] Універсали Богдана Хмельницького 1648—1657. Київ, 1998. № 150.
[18] Carlson, Fredrik Ferdinand. Sveriges historia under konungarne af pfalziska huset. Sveriges historia under Carl den tionde Gustafs regering. Andra upplagan. Stockholm, 1883. S. 356:2.
[19] Karl X till Bohdan Chmielnicki. April 10, 1657. Latin. Riksarkivet (Нацыянальны Архіў Швецыі). RA/2113/2113.2. Diplomatica Muscovitica Cosacica T. 1.
[20] Гордон, Патрик. Дневник 1635—1659. С. 116.
[21] Erik Dahlberghs dagbok. I urval och med inledning av Alf Åberg. Stockholm, 1962. S. 83—85.
[22] Accords Puncta, so Bey Übergebung der Stadt und Scholsses Brescie Litevski. An Jhr. Königl. Mytt. zu Schweden und Jhr. Fürstl. Durchl. Zu Siebenbürgen/geschlossen. Jm Jahr 1657. Dat im Feld–lager bey Brescie den 16 Maji/st. n. Anno 1657. 4 pp. KB (Kungliga biblioteket). MFref Sveriges krig. R 12. Ex. A. No. 625.
[23] Гутарка ідзе пра жаўнераў Рэчы Паспалітай; cярод тых, хто імкнуўся да помсты гарнізону Берасця, на маю думку, маюцца на ўвазе хаўрусныя Швецыі ўкраінскія казакі.
[24] Erik Dahlberghs dagbok. S. 85.
[25] У гарадах ВКЛ габрэі ўваходзілі ў склад гарадскога апалчэння, мелі ўласную харугву і зброю. Гл: Стукалич В. Белоруссия и Литва. Очерки по истории городов в Белоруссии, 1894. Витебск. С. 30.
[26] Metryka Litewska. Księga wpisów nr 131. No. 451.
[27] Pufendorf, Samuel. Samuelis liberi baronis de Pufendorf De rebus a Carolo Gustav Sveciae rege gestis commentariorum, libri septem elegantissimis tabulis aeneis exornati cum triplici indice. Norimbergae, 1696.
[28] Dahlberg, Erik. Plan över Briestie. („Grundrik der Stadt undt Festüngh Litauwsch Briestie“) Kungliga biblioteket. Handrit. Vol. 41:16b. No. 10782; Dahlberg, Erik. Briestie. („Die Stadt Briestie in Litawien, undt an March Jhr Königl. Mytt. zu Schweden mitt der Armee, wodürch sieselbe von der Polnische Bloquade befreiuet worden. Den 14 Marty 1657“). Kungliga biblioteket. Handrit. Vol. 41:13a. No 10778.
[29] Котлярчук А. Швэды ў гісторыі й культуры беларусаў. Менск, 2002. C. 152.
[30] Relation till ständerna av statssekretaren Edvard Ehrensteen. Sveriges Ridderskaps och Adels Riksdags– protokoll. Sjunde delen 1660. Stockholm, 1881. Tersmeden, Lars. Armia Karola X Gustawa–zarys organizacji. Wojna polsko–szwedska 1655—1660. Edited by Jan Wimmer. Warsawa. S. 159.
[31] Schultz, Edmund H. Kronika zboru ewangelicko–luterskiego Nejdorfskiego. Zwiastun Ewangeliczny. 1902. http://www.luteranie.pl/lublin/historia/neudorf–kronika.htm
[32] Metryka Litewska. Księga wpisów nr 131. No. 293.
[33] Гордон, Патрик. S. 167—169, 172—173.
[34] Ibidem. S. 170.
[35] Ibidem.
[36] Metryka Litewska. Księga wpisów nr 131. No. 60.
[37] Tazbir Janusz. Arianie w Białymstoku i okolicach. Studia i materiały do dziejów miasta Białegostoku. 1968. T. 1. S. 88.
[38] Metryka Litewska. Księga wpisów nr 131. No. 518.
[39] Тамсама. No. 229.
[40] Metryka Litewska. Księga wpisów nr 131. No. 959.
[41] Тамсама. No. 327.
[42] Тамсама. No. 374.
[43] Яковлева Т. Гетманьщина в другій половині 50–х років XVII століття. Причини і початок Руіни. Київ, 1998. С. 201.
[44] Erik Dahlberghs dagbok. S. 88; Pufendorf, Samuel. 1696. S. 264.
[45] Нариси з історії дипломатії України. Київ, 2001. С. 153.
[46] Хаванова, Ольга. Трансильвания в период русско–польско–украинского конфликта в 50–е годы XVII в. Руская и Украинская дипломатия в Евразии. Москва, 2000. С. 145.
[47] Універсали Богдана Хмельницького 1648—1657. Київ, 1998. Додаток II. Нумар 22. С. 375—376.
[48] Липиньский В. Україна на переломі 1657—1659. Відень, 1920. С. 220—249.
[49] Wasilewski, Tadeusz. Zarys dziejow Bogusława Radziwiłła. Radziwiłł, Bogusław. Autobiografia. Warszawa, 1979. S. 73—74.
[50] Універсали Богдана Хмельницького 1648—1657. Київ. 1998. Нумар 155.
[51] Radziwiłł, Bogusław. Autobiografia. Warszawa, 1979. S. 180—181.
[52] Bogusław Radziwiłł till Karl X. 04.07.1657. Preüschmark/Prezmark. Riksarkivet. Skrifrelser till Konungen Karl X Gustaf. Volym 47 (Radeke–Rosen). Fürst Bogislaus Radzivill. No 29.
[53] АВАК. Т. 10. Часть II. Акты Виленского магистрата и магдебургии. Вильна. 1879. Номер 52.
[54] Wibling, Carl. Carl X Gustaf och Georg Rakoczy II. Lund, 1891. S. 51—52.
[55] Kungl. Svea Livgardes historia. Band III:2. 1632(1611)—1660. Av Bertil Cson Barkman, Sven Lundkvist och Lars Tersmeden. Stockholm, 1966. S. 306; Carl X Gustaf–Studier 5. Polens krig med Sverige 1655—660. Krigshistoriska studier. Redaktion Arne Stade och Jan Wimmer. Kristianstad. 1973. S. 378—380.
[56] Яковлева Т. Гетманьщина… С. 197—198.
[57] Яковлева Т. Гетманьщина… С. 125—126, 201—213.
[58] Sziláfyi, Sándor. Okmánytár II. Rákуczy György: diplomacziai összeköttetéseihez. Budapest, 1874. S. 552—559.
[59] Хаванова, Ольга. Трансильвания… С. 146—148.
[60] Bogusław Radziwiłł till Karl X. 10.08.1657. Königsberg. RA. Skrifrelser till Konungen Karl X Gustaf. Vol. 47 (Radeke–Rosen). Fürst Bogislaus Radzivill. No 24.
[61] Wasilewski, Tadeusz. Radziwiłł Bogusław // PSB. T. XXX/1. 1987. S. 168; Jacoby, Jörg. Boguslaus Radziwill: der Statthalter des grossen Kurfürsten in Ostpreussen. Marburg–Lahn, 1959.
[62] Rachuba, Andrzej. Wielkie Księstwo Litewskie w systemie parlamentarnym Rzeczypospolitej w latach 1569—1763. Warszawa, 2002. S. 304, 342:22.
[63] Fagerlund, Rainer. Kriget i Östersjöprovinserna 1655—1660. Operationer och krigsansträngningar på en bikrigsskådeplats under Carl X Gustafs krig. Åbo, 1979. S. 117.
[64] Брест. Путешествие сквозь века. Минск, 1999. С. 10.
[65] Morzy, Józef. Kryzys demograficzny na Litwie i Białorusi w II połowie XVII wieku. Poznań, 1965. S. 74—75. T. 44.
[66] Kotljarchuk, Andrej. The tradition of Belarusian Statehood: a war for the past. Contemporary Change in Belarus. Baltic and Eastern European Studies. Volume 2. Södertörns högskola. 2004. P. 41—72.

Малюнак 1. Grundrik der Stadt undt Festьngh Litauwsch Briestie

„Агульны нарыс места і фартэцыі Літоўскага Берасця,

так як яно выглядала, калі яго здабыў Каралеўскі Майстат, які пачаў аблогу 11/21 траўня, а скончыў яе 13/23 траўня

Пераклад легенды:

„Тлумачэнне літараў“ (Litterarum Explicatio)

A. Замак

B. Рынак

C. Езуіцкі касцёл

D. Лютэранскі збор

E. Грэцкая царква

F. Дамініканскі касцёл

G. Бернардынскі кляштар

H. Габрэйская сінагога

I. Пачатак бастыёнаў

K. Новыя бастыёны

L. Шведскія батарэі. Акопы.

M. Крайняя шведская батарэя

N. Вугорскія батарэі

O. Незавершаныя акопы

P. Шведская гарматная батарэя

Q. Каралеўскі стан

R. Вахта шведскіх рэйтараў

S. Рыбны стаў

T. Акопы корпуса Якаба Казіміра Дэ ля Гарды

„Малюнак Дальберга“ (Dahlbergh Delineo)

„Агульны нарыс места і фартэцыі Літоўскага Берасця,  так як яно выглядала, калі яго здабыў Каралеўскі Майстат, які пачаў аблогу 11/21 траўня, а скончыў яе 13/23 траўня“

Малюнак 2. Die Stadt Briestie in Litawien, undt an March Jhr Königl. Mytt. zu Schweden mitt der Armee, wodürch sieselbe von der Polnische Bloquade befreiuet worden. Den 14 Marty 1657

„Горад Берасце ў Літве пад час марша Каралеўскага Майстата Швецыі з яго арміяй, вызвалены з Польскай блакады 14 сакавіка 1657 г.“

Горад Берасце ў Літве пад час марша Каралеўскага Майстата Швецыі з яго арміяй, вызвалены з Польскай блакады 14 сакавіка 1657 г.

Наверх

Генадзь Сагановіч. Русіны пад Грунвальдам (Дуброўнай) y 1410 г.

Снежня 21, 2004 |


Праблема ўдзелу русінаў (пазнейшых беларусаў і ўкраінцаў) у галоўнай бітве з Нямецкім ордэнам у 1410 г., хоць ужо не раз краналася, заслугоўвае асобнага разгляду. Вырашэнне яе, як і апісанне самой бітвы, істотна залежала ад нацыянальнай пазіцыі аўтараў. Калі ў літаратурнай спадчыне данацыянальнага перыяду лаўры Грунвальду прыпісваліся адным палякам[1], а не славянам наогул ці літоўцам, дык пазней, дзелячы славу грунвальдскага трыумфу, нацыянальныя гістарыя­графіі сутыкаліся ў вострых канфрантацыях[2]. Роля народаў у дасягненні перамогі часта ставілася ў залежнасць ад ліку харугваў „сваіх“, якія ўдзельнічалі ў бітве, а ступень іх гераізму — ад маштабаў сечы і ліку разгромленых нямецкіх фармаванняў. Перад спакусай завышаць дадзеныя адносна колькасці армій з абодвух бакоў, перабольшваць ролю „сваіх“ і не заўважаць заслуг іншых не ўдавалася ўстаяць не толькі папулярызатарам гісторыі, але і аўтарам навукова–папулярных ці нават навуковых публікацый[3].

Каб наблізіцца да больш–менш адэкватнага ўяўлення пра ўдзельную вагу канкрэтнага народа ў арміі Вітаўта ці Ягайлы, пачынаць неабходна з „самага складанага і спрэчнага пытання“[4] — з вызначэння агульнай колькасці ўзброеных сілаў, што ліпеньскай раніцай 1410 г. сутыкнуліся ў смяротнай сечы каля Грунвальда і Танэнберга. Рабіць гэта можна або на падставе мабілізацыйных магчымасцяў дзяржаў, з чаго нельга атрымаць дакладных вынікаў, або зыходзячы з колькасці харугваў — калі ведаць сярэдні лік яе воінаў.

Польскі гісторык Тадэвуш Ладагурскі, які прысвяціў гістарычнай дэмаграфіі Польшчы ХIV ст. спецыяльныя працы, на падставе дадзеных аб каланізацыі сцвердзіў, што яшчэ ў 1340 г. насельніцтва тэрыторыі Польшчы (апрача Заходняга Памор’я і Любускай зямлі) складала 1800 тыс. чалавек, з чаго палова (936 тыс.) жыла ў межах Польскага Каралеўства[5]. Вынікі яго даследаванняў трапілі пад крытыку[6], тым не менш некаторыя вядомыя гісторыкі (і польскія — Г.Лаўмяньскі, Л.Кры­віц­кі, З.Качмарчык, Э.Вельрозэ, і нямецкія — напрыклад, В.Кун[7]) ацэньвалі дэмаграфічны патэнцыял каралеўства Казіміра Вялі­кага яшчэ вышэй. Хоць для пачатку ХV ст. не захавалася крыніц для дакладных разлікаў, сучасны польскі грунвальда­знаўца Мар’ян Біскуп прыйшоў да заключэння, што перад 1410 г. у Польскім Каралеўстве жылі 1800 тыс. жыхароў, тады як у межах Нямецкага ордэна магло налічвацца да 500 тыс. насельнікаў. Што да дэмаграфічнага патэнцыялу ВКЛ, то М.Біскуп вызначыў яго толькі для этнаграфічнай Літвы — 300 тыс., тады як пра колькасць жыхароў вялізных абшараў Русі гісторыкам не гаворыцца нічога з прычыны „адсутнасці да­дзеных“[8].

Сапраўды, да ХVI ст. няма статыстычных матэрыялаў, на аснове якіх можна было б рабіць разлікі, аднак, як даўно прынята лічыць у гістарыяграфіі, колькасна ў часы Вітаўта русіны ВКЛ шматкроць перасягалі літоўцаў[9]. Згодна з меркаваннем знаўцы праблемы Г.Лаўмяньскага, на тагачаснай тэрыторыі ВКЛ (каля 1 млн. км. кв.) магло жыць да 2 млн. чалавек[10], з якіх уласна літоўцы мелі б налічваць не больш за 300 тыс. Нават калі зменшыць колькасць русінаў прыкладна да 1 млн., то су­польны дэмаграфічны патэнцыял саюзнікаў на 1410 г. бу­дзе пе­расягаць 3 млн. чалавек супраць 500 тыс. у Нямецкага ор­дэ­­на[11]. Іншымі словамі, у людскіх рэсурсах Ягайла і Вітаўт да­ся­­галі больш чым 6–разовай перавагі над непрыяцелем. Да гэ­та­­га трэба дадаць, што і ў гаспадарчых адносінах поль­скія зем­лі на той час ужо мала саступалі прускім уладанням Ордэна[12].

Вось жа, зыходзячы з такой розніцы патэнцыялаў, лёгка засумнявацца, ці мог Ордэн рэальна ўяўляць „смяротную небяспеку“ для існавання Польскага Каралеўства і ВКЛ, або па­грозу знішчэння іх народаў, пра што так часта сцвярджалася ў айчыннай гістарычнай літаратуры[13]. Яшчэ рэцэнзуючы першае выданне кнігі С.Кучыньскага, Г.Лаўмяньскі справядліва скрытыкаваў гэты тэзіс. Ён даводзіў, што па гаспадарча–дэмаграфічных рэсурсах Ордэн саступаў нават асобна ўзятай Польшчы[14]. Таму Ордэнская дзяржава не пагражала існаванню Польскага Каралеўства і ВКЛ. Праўда, умацаванне Ордэна на Балтыцы шкодзіла іх эканамічным інтарэсам, але гэта ўжо праблема іншага ўзроўню.

Зыходзячы з вялізнай перавагі сілаў, Ягайла і Вітаўт у 1410 г. маглі правесці толькі частковую мабілізацыю, і яны сабралі для паходу толькі лепшыя сілы. Дыспануючы, на думку Г.Лаўмяньскага[15], прыкладна такімі ж ваеннымі рэсурсамі, як Польскае Каралеўства, Вітаўт задзейнічаў у прускай кампаніі іх меншую частку — маштаб мабілізацыі ўзгадняўся з рэальнай неабходнасцю, а выведныя службы абодвух манархаў, трэба думаць, валодалі дастатковай інфармацыяй наконт арміі непрыяцеля. Выпраўленне большых чым патрэбна сілаў у далёкую дарогу было і нерацыянальным, і небяспечным. Да таго ж, пакінутае дома баярства пэўна мела заданнем звязваць сваёй актыўнасцю Інфлянцкі ордэн, каб не даваць яму магчымасці выслаць армію да Ульрыха фон Юнгінгена.

На падставе дадзеных Яна Длугаша пра колькасць харугваў гісторыкі вызначалі больш дакладныя памеры армій. Не пе­ралічваючы ўсіх, прывяду вынікі самых аўтарытэтных да­след­чыкаў. Так, згаданы вышэй М.Біскуп падае для польскай ар­міі 30 тыс. (што выглядае перабольшаннем), з якіх 16 тыс. кон­ніцы, тады як сілы Вітаўта ацэньвае на 11 тыс. коннікаў[16]. Больш рэалістычным і ўзважаным, хоць не бездакорным уяў­ля­ецца падыход А.Надольскага, які прапанаваў лічыць, што вой­ска Вялікага Княства магло налічваць 10 тыс. — палову ад коль­касці польскай арміі (20 тыс.), і разам з тым „палову агуль­нага мабілізацыйнага патэнцыялу Літвы, акрэсленага по­пісам 1528 г.“[17] Тое, што Вітаўт прывёў у Прусію меншую ар­­мію, чым Ягайла, не выклікае сумненняў, але ў супастаў­лен­­ні яе памераў з дадзенымі 1528 г. наўрад ці была неабходнасць.

Само па сабе выкарыстанне першага перапісу войска ВКЛ для вызначэння памераў арміі 1410 г. надзвычай праблематычнае. Як вядома, гэты перапіс быў няпоўны — ахапляў не ўсю тэрыторыю Вялікага Княства і не ўсе катэгорыі жыхароў (не пашыраўся, прыкладам, на панцырных і путных)[18], а некаторыя з тых земляў, што выстаўлялі харугвы ў 1410 г., на час стварэння попісу былі ўжо ў складзе Маскоўскай дзяржавы (Смаленская і Чарнігава–Северская). За амаль 120 гадоў, цягам якіх тэрыторыя ВКЛ зменшылася на 1/3, і колькасць, і структура насельніцтва кожнай зямлі хутчэй за ўсё істотна змяніліся. Асабліва значнай магла быць розніца акурат на сумежных з Прусіяй абшарах Літвы і Жамойці, для развіцця якіх 1410 г. адкрыў сапраўды новую эпоху. Наогул, вызначаць дэмаграфічны патэнцыял дзяржавы на год славутай бітвы па звестках, створаных праз 5—6 пакаленняў, мякка кажучы, недастаткова карэктна. Здаецца, і сам А.Надольскі добра разумеў адноснасць прапанаванай ім вeлічыні, бо песімістычна заўважаў, што на цяперашнім узроўні даследаванняў дакладнае вызначэнне колькасці войскаў з абодвух бакоў проста немагчымае, таму ўсе меркаванні, якія выказваюцца цяпер па гэтым пытанні, застаюцца адно толькі больш ці менш абгрунтаванымі гіпотэзамі[19].

Калі вызначэнне агульнай колькасці арміі звязана з такімі складанасцямі, то яшчэ менш падстаў дакладна вызначаць этнічны склад сілаў ВКЛ. З народаў арміі Вітаўта, сярод якіх польскі храніст адрозніваў „літоўцаў“, „русінаў“, „жамойтаў“ і „татараў“[20], прасцей за ўсё гаварыць пра колькасць і ўдзельную вагу апошніх. Татары хана Джалаладдзіна, якія ўваходзілі ў армію Вітаўта, налічвалі, паводле Длугаша, адно 300 вершні­каў, аднак даследчыкі лічаць, што іх было не менш за 1 тыс.[21] А вось наконт суадносін літоўцаў і русінаў у гістарыяграфіі даўно выказваюцца самыя розныя меркаванні. Некаторыя гісторыкі прымалі, што на полі пад Грунвальдам, магчыма, пераважалі русіны[22], або што іх налічвалася ўдвая больш, чым літоўцаў[23], іншыя ж дапускалі, што тых і другіх у Вітаўта было прыкладна пароўну[24]. Асобна вылучаецца пазіцыя Т.Васілеўскага, які палічыў магчымым сцвяр­джаць, што балты складалі 2/3 арміі ВКЛ[25], але не падаў пераканаўчай аргументацыі.

На якіх падставах можна атрымаць уяўленні аб этнічных суадносінах у арміі Вітаўта? Відаць, толькі са сведчанняў Длугаша, выкарыстоўваючы якія, праўда, важна ўсведамляць іх ненадзейнасць. Як паказаў Свэн Экдаль, на падставе інфармацыі з Branderia Prutenorum і лік харугваў (г.зн. і падлікі колькасці войска), і прапорцыі відаў узбраення могуць быць непраўдзівымі[26]. Да асцярожнага абыходжання з Длугашавым апісаннем харугваў заклікалі і польскія гісторыкі[27]. Тым не менш, амаль усе разлікі і рэканструкцыі, датычныя арміі Ягайлы і Вітаўта, абапіраюцца на звесткі Длугаша, бо іншых проста не захавалася.

З усіх 40 харугваў ВКЛ польскі храніст назваў 21: „троцкая, віленская, гарадзенская, ковенская, лідская, медніцкая, смаленская, полацкая, віцебская, кіеўская, пінская, наваградская, берасцейская, ваўкавыская, драгічынская, мельніцкая, крамянецкая, старадубская. Іншыя насілі назвы ад асобаў літоўскіх князёў, якім Вітаўт даручыў іх кіраванне, менавіта Жыгімонта Карыбутавіча, Сямёна Лугвена, Юрыя“[28]. Такім чынам, па назвах нам вядомая толькі палова фармаванняў, прычым 18 з пералічаных харугваў — земскія. З апошніх 8 супадаюць з пазнейшымі ваяводствамі (віленскае, троцкае, смаленскае, полацкае, віцебскае, наваградскае, берасцейскае і кіеўскае), астатнія 10 адпавядаюць землям ці паветам[29]. Большасць харугваў ВКЛ (30 з 40), паводле Длугаша, мела на штан­­дарах герб „Пагоню“[30], што непраўдападобна, і толькі на 10 былі „калюмны“ („Слупы Гедыміна“), г.зн. яны з’яўляліся надворнымі харугвамі вялікага князя.

Тут варта адразу закрыць пытанне наконт меркаванага ўдзелу ў бітве „рускай“ харугвы з Ноўгарада Вялікага. Хоць у Длугаша нічога падобнага не згадваецца, у гістарычнай літаратуры даўно пашырылася меркаванне, што ў бітве з Ордэнам браў удзел і „отряд новгородцев под руководством Лугвеня“[31]. На павер яно аказваецца зусім недаказаным. Усе развагі пра ноўгарадцаў абапіраюцца толькі на адну канкрэтную згадку ў ніжненямецкай хроніцы, створанай па чутках пасля бітвы, якая за­фіксавала фантастычныя ўяўленні пра яе ўдзельнікаў: „кароль Ноўгарада“, які быццам „прыйшоў з русінамі“, названы тут разам з царом татараў, мільёнамі сарацэнаў, турак, пер­саў і г.д.[32] Гэтую неверагодную інфармацыю немагчыма ўспрымаць як вартае ўвагі сведчанне, што даказвала б пры­сут­насць наўгародцаў на полі бітвы. У пачатку ХV ст. Ноўгарад Вялікі традыцыйна ўхіляўся ад адкрытай вайны з Ордэнам, аберагаючы сваю самастойнасць палітыкай нейтралітэту[33]. Калі ж дапускаць, што за пералічанымі ў хроніцы правадырамі ўсё ж хаваліся рэальныя постаці, то не выключана, што „каралём Ноўгарада“ мог быць названы князь Ноўгарада–Северскага — зямлі, якая ў 1410 г. выставіла сваю харугву[34]. Што да князя Сымона Лугвена Альгердавіча як камандзіра ноўгарадцаў, то ён узначальваў пад час бітвы смаленскія харугвы. А згаданы Длугашам князь Юры, якому Вітаўт таксама даручыў кіраванне часткай харугваў, не мог быць Лугвенавічам, бо сын Сымона Лугвена меў тады якіх–небудзь 10 ці крыху больш гадоў.

Паколькі большасць харугваў арміі ВКЛ фармавалася па тэрытарыяльным прынцыпе[35], а насельніцтва многіх рэгіёнаў было, як правіла, поліэтнічным, то іх этнічная ідэнтыфікацыя можа быць вельмі прыблізнай. Напрыклад, на Падляшшы русіны сутыкаліся з палякамі, а ў Панямонні і Павіллі — з літоўцамі. Падобная сітуацыя склалася на ўкраінска–польскім і польска–прускім памежжы. Урэшце, асобныя харугвы, як і ўсё войска, маглі быць і этнічна „пярэстымі“, бо этнічны фактар на той час яшчэ не вызначаў прыроду канфліктаў. Прыкладам, большасць рыцараў хелмінскай зямлі, якая ваявала пад штандарамі Ордэна, размаўляла па–польску[36], а ў арміі Ягайлы, наадварот, былі і нямецкія рыцары[37].

Не аддаючы належнага ўсёй складанасці разлікаў, Аляксандр Барбашоў у свой час даводзіў, што ў арміі Вітаўта з 40 харугваў ажно 36 былі „рускія“ (г.зн. беларускія і ўкраінскія), і толькі 4 — літоўскія і жамойцкія. Дадаўшы да іх яшчэ 7 „рускіх“ харугваў каралеўскай арміі (львоўскую, пярэмышльскую, холмскую, галіцкую і тры падольскіх), ён атрымліваў 43 харугвы русінаў — амаль столькі ж, колькі палякаў[38]. Да бліз­кіх разлікаў прыйшоў Дзмітры Даўгяла, які, праўда, называў літоўскімі не 4, а 5 з пералічаных Длугашам харугваў (вілен­скую, ваўкавыскую, ковенскую, медніцкую і троцкую)[39]. І хоць такі павярхоўны падыход быў слушна раскрытыкаваны С.Кучыньскім, у сучаснай айчыннай літаратуры да яго часам вяртаюцца[40].

Між тым, з этнічнай ідэнтыфікацыяй некаторых вядомых па назве фармаванняў не ўсё так проста. Так, харугву Жыгімонта Карыбутавіча, хоць тая і на штандары мела „Пагоню“, і яе князь быў літоўскага паходжання, Длугаш пад нумарам 51 чамусьці змясціў у складзе польскай арміі. Праўдападобна, гэта было звязана з тым, што яна складалася з рыцарства валынскіх зямель, спрэчных паміж Літвой і Польшчай[41]. Малаверагодна, каб прычынай стала цалкам польскае рыцарства, навербаванае Карыбутам у сваю харугву, як гэта тлумачыў А.Надольскі[42].

Доўгі час вялася вострая палеміка адносна прыналежнасці згаданай Длугашам медніцкай харугвы, і пытанне, думаю, засталося адкрытым. З моманту выхаду „Вялікай вайны“ С.Кучыньскага гэтая харугва залічвалася да палкоў Жамойцкай зямлі[43]. Магчыма, пад яго ўплывам да Жамойці аднеслі яе і аўтары крытычнага разбору хронікі Длугаша[44]. С.Кучыньскі сцвярджаў, што тыя Меднікі, якія пад Вільняй, „не могуць уваходзіць у разлік, паколькі не выконвалі палітычна–адміністрацыйнай ролі, тады як Меднікі—Ворні з 1417 г. былі сядзібай жамойцкага біскупа“, ды што Длугаш у сваёй хроніцы заўжды згадвае менавіта іх[45]. Больш за тое, спасылаючыся на пераказ ліста рагнецкага комтура ад 13 чэрвеня 1410 г.[46], дзе гаворыцца, быццам Вітаўт загадаў жамойцкім землям падрыхтаваць для вайны па 300 узброеных людзей (Кучыньскі апублікаваў копію арыгінала, у якім сказана нават пра 400 чалавек), да­следчык настойваў, што 7 жамойцкіх паветаў сапраўды вы­ставілі 2800 коннікаў, якія і склалі медніцкую харугву[47].

Меркаванне аўтарытэтнага грунвальдазнаўцы ў свой час востра крытыкаваў Ежы Ахманьскі, які адназначна звязаў медніцкую харугву 1410 г. з Меднікамі пад Вільняй і пад­крэсліў, што Жамойць ніколі не дзялілася на 7 паветаў[48]. У адказ на крытыку С.Кучыньскі выступіў з глыбокім абгрунтаваннем сваёй пазіцыі[49], аднак яго аргументацыя не паўсюль пераканаўчая. У прыватнасці, прывёўшы шэраг згадак, мястэчка Меднікі ў хроніцы Длугаша, ён зноў заявіў, што ва ўсіх іх гаворыцца пра пазнейшыя Ворні (Меднікі жамойцкія), між тым гэта не зусім так. Напрыклад, апісваючы паход маршала Генрыха на ВКЛ пад 1312 г., Ян Длугаш паведамляе, што рыцары рушылі на „Myedniky, Cruwiczin, Trziwiczany[50]. На думку С.Кучыньскага, храніст і тут мае на ўвазе Меднікі жамойцкія[51], аднак гэта непраўдападобна, бо ў Жамойці „Крывічан“ не выяўлена[52]. Затое Пётр з Дусбурга пісаў пра „terra Crivicie“ у Беларускім Панямонні, на Наваградчыне[53]. Услед за ім „Kriwitzin“, „Kriwi­tzenland“ на Наваградчыне змясціў Мікалай з Ярошына[54]. Вядома, што Длугаш шырока выкарыстоўваў гэтыя нямецкія хронікі, з іх у польскага аналіста і з’явіліся „Крывічаны“. Няма сумнення, што ў гэтым выпадку Длугаш мае на ўвазе Меднікі ў Павіллі, а не ў Жамойці. Пра тыя ж віленскія Меднікі неаднаразова пісалася раней у „Літоўскім апісанні шляхоў“, створаным у канцы ХIV ст. (маршрут 72, 81, 97 і інш.)[55]. Менавіта яны з’яўляліся аб’ектам нападаў ордэнскіх кантынгентаў і на пачатку ХV ст.[56]. Таму наўрад ці можна сцвярджаць, быццам на момант генеральнай бітвы гэтыя Меднікі былі настолькі нязначнымі, што не маглі выставіць харугвы. Тым больш, што да цэнтральнай харугвы маглі далучацца іншыя суседнія, меншыя двары. Паводле перапісу 1528 г. Меднікі з–пад Вільні мусілі выставіць 138 коней[57]. Значыць, Длугашава медніцкая харугва магла выстаўляцца не з Жамойці, а з павілейскіх абшараў, на той час моцна каланізаваных славянамі. У такім выпадку і яе прынамсі напалову мусілі складаць русіны.

Калі прыняць версію С.Кучыньскага і паверыць, быццам адна Жамойцкая зямля выстаўляла амаль 3–тысячнае войска (2800 коннікаў), прычым, гэта былі 7 харугваў, якія называлі­ся адной, „медніцкай“[58], то трэба дапускаць, што і іншыя земскія харугвы маглі налічваць прынамсі па 1—2 тыс. У вы­ні­ку агульная колькасць арміі Вітаўта дасягне неверагодных памераў, што само па сабе абвяргае сцвярджэнне С.Кучынь­скага. Пагадзіцца з ім немагчыма і з іншых меркаванняў. Жамойць толькі–толькі выйшла з–пад улады Ордэна, перажыўшы антынямецкія паўстанні і вайну 1409 г., да таго ж значныя сілы яна мусіла пакідаць дома на выпадак уварвання прускіх або інфлянцкіх кантынгентаў. Цяжка ўявіць, каб гэтая зямля без неабходнасці пайшла на максімальныя мабілізацыйныя высілкі, ставячы сябе пры гэтым у небяспечнае становішча. З іншага боку, ваенныя рэсурсы небалцкай часткі ВКЛ некаторымі гісторыкамі, здаецца, безпадстаўна заніжаюцца[59]. Ядро арміі Вітаўта ўтварала коннае паспалітае рушанне шляхты і баяраў, а таксама — хоць у меншай ступені — фармаванні, выстаўленыя ад мяшчанства[60]. Калі ўлічваць, што ў 1410 г. было мабілізаванае і путнае, дробнае баярства, вельмі шмат­лі­кае акурат на ўсходніх абшарах ВКЛ[61], то правамерна меркаваць, што за кошт іх, а таксама фармаванняў ад гарадоў землі Беларусі маглі выставіць дастатковую колькасць харугваў, і не менш укамплектаваных, чым этнічная Літва або маленькая і аслабленая Жамойць.

Такім чынам, пры пэўнай спрошчанасці можна меркаваць, што з русінаў (беларусаў) былі сфармаваныя такія харугвы, як гарадзенская, лідская, смаленскія (тры), полацкая, віцебская, пінская, наваградская, берасцейская, ваўкавыская, а ў медніцкай (калі прымем яе за павілейскую), віленскай і нават троцкай яны маглі складаць значную частку коннікаў. У фармаваннях з Падляшша (драгічынскім, мельніцкім і крамянецкім) іх доля магла быць яшчэ большай. Да пералічаных трэба дадаць 3 харугвы з Украіны — кіеўскую, старадубскую і валынскую (Жыгімонта Карыбутаві­ча). Невядома, дзе фармаваліся астатнія харугвы, але нават калі б яны паходзілі з этнічнай Літвы, то русінаў усё адно было б у арміі Вітаўта не менш за палову. Між тым, сярод неназваных Длугашам харугваў хутчэй за ўсё былі яшчэ кантынгенты з некаторых іншых зямель Беларусі — Менскай, Слуцкай, Тураўскай і інш. З улікам 7 харугваў з Русі кароннай, хоць яны фармаваліся і з удзелам польскага элементa, русіны сапраўды ўяўлялі ў арміі саюзнікаў вялікую сілу, магчыма — другую пасля палякаў. У гэтай сувязі была б несправядлівай неда­ацэнка іх удзелу ў бітве, падобна як неапраўданым з’яўляецца прысваенне ім галоўнай заслугі ў перамозе[62].


[1] Nowak–Dłużewski J. Okolicznościowa poezja polityczna w Polsce. Śred­nio­wiecze. Warszawa, 1963. S. 51f.
[2] У гэтым плане з расійскага боку паказальнымі можна лічыць публікацыі П.Гейсмана і А.Барбашова, якія востра палемізавалі з польскай традыцыяй Грунвальда, а з польскага — Ф. Канечнага і Л.Кочы, які, прыкладам, і ў паваенным часе сцвярджаў, што „бітва пад Грунвальдам была бітвай польскай, а не славянскай“ (гл. Koczy L. Grunwald. Dzień chwały polskiego oręża. Glasgow, 1966. S.27).
[3] Пра падобныя з’явы ў айчыннай літаратуры гл.: Сагановіч Г. Грунвальд у беларускай гістарыяграфіі // БГА. Т. 9 (2002). Сш. 16—17. С. 155—165.
[4] Nadolski A. Grunwald. Problemy wybrane. Olsztyn, 1990. S. 106.
[5] Ładogórski T. Studia nad zaludnieniem Polski XIV w. Wrocław, 1958. S. 168f.
[6] Dziewulski W. Nowa praca o zaludnieniu ziem polskich XIV w. // ZH. T. 27 (1962); Buczek K. Rachunki świętopietrza jako podstawa badań nad zaludnieniem Polski XIV w. // Mediaevalia. W 50–rocznicę pracy nau­kowej Jana Dąbrowskiego. Warszawa, 1960. S. 7—102.
[7] Kuhn W. Ostsiedlung und Bevölkerungsgeschichte // Ostdeutsche Wis­sen­­schaft. Jahrbuch des Ostdeutschen Kulturrates. T. VII (1960). S. 31—68.
[8] Biskup M. Wielka Wojna Polski i Litwy z Zakonem Krzyżackim (1409—1411) w świetle najnowszych badań // Ekspansja niemieckich zakonów rycerskich w strefie Bałtyku od XIII do połowy XVI w. Toruń, 1990. S. 173; Idem. Wojny Polski z Zakonem Krzyżackim 1308—1521. Gdańsk, 1993. S. 54—55.
[9] Łowmiański H. Uwagi w sprawie podłoża społecznego i gospodarczego unii jagiellońskiej. Wilno, 1934. S. 32—33.
[10] Łowmiański H. Rec.: Kuczyński S. M. Wielka wojna z Zakonem Krzyżac­kim w latach 1409—1411 (Warszawa, 1955) // KH. R. 62 (1955). Nr. 4—5. S. 226.
[11] Нават калі прыняць 700 тыс., вызначаныя калісь для Прусіі пачатку ХV ст. нямецкім гісторыкам Л.Вэбэрам (гл.: Weber L. Preussen von 500 Jah­ren in kulturhistorischer, statistischer und militärischer Beziehung. Dan­zig, 1878. S. 123—126), дыспрапорцыя застанецца амаль той самай.
[12] У польскай літаратуры прадмета канстатуецца, што на мяжы ХIV—ХV ст. менавіта дзякуючы ўзрастанню ваеннага патэнцыялу Польскага Каралеўства з’явілася магчымасць вярнуць забранае Ордэнам Памор’е (гл.: Nowak T. M. Walki obronne z agresją Brandenburgii i Zakonu Krzyżackiego. S. 79).
[13] Kuczyński S. M. Wielka wojna z Zakonem Krzyżackim. S. 10. Тое ж у беларускай гістарыяграфіі гл.: Грыцкевіч А. Барацьба Вялікага княства Літоўскага і Рускага (Беларуска–Літоўскай дзяржавы) з Тэўтонскім ордэнам у канцы ХIV — першай палове ХV ст. // Адраджэнне. Гістарычны альманах. Вып. 1. Мінск, 1995. С. 39; Чаропка В. Удзел войска ВКЛ у Грунвальдскай бітве // Беларускі гістарычны часопіс. 2000. №2. С. 14, 21; Нарысы гісторыі Беларусі. У 2 ч. Ч. 1. Гал. рэд. М.Касцюк. Мінск, 1994. С. 118.
[14] Łowmiański H. Rec.: Kuczyński S. M. Wielka wojna z Zakonem Krzyżac­kim. S. 224.
[15] Ibidem. S. 226.
[16] Biskup M. Grunwaldzka bitwa. S. 89—90.
[17] Nadolski A. Grunwald. Problemy wybrane. S. 113.
[18] Пра перапіс як крыніцу для вызначэння колькасці насельніцтва гл.: Łowmiański H. Zaludnienie państwa litewskiego w wieku XVI. Zalud­nienie w roku 1528. Poznań, 1998; Idem. Uwagi w sprawie podłoża społecznego i gospodarczego unii jagiellońskiej. Wilno, 1934. Сучаснае выданне помніка нядаўна пабачыла свет у Мінску: Перапіс войска Вялікага княства Літоўскага 1528 г. Падрыхтавалі А.Груша, М.Спірыдонаў, М.Вайтовіч. Мінск, 2003.
[19] Nadolski A. Grunwald. Problemy wybrane. S. 115.
[20] Długosz J. Roczniki… Ks. 10—11. S. 107, 124 і інш.
[21] Гл.: Biskup M. Grunwaldzka bitwa. S. 59.
[22] Nadolski A. Grunwald. Problemy wybrane. S. 81.
[23] Dąbrowski J. Grunwald // MSH. 1960. Z. 1/2. S. 9; Biskup M. Wielka Wojna Polski i Litwy z Zakonem Krzyżackim (1409—1411) w świetle najnowszych badań // Ekspansja niemieckich zakonów rycerskich w strefie Bałtyku od XIII do połowy XVI w. Toruń, 1990. S. 174.
[24] Kuczyński S. М. Wielka wojna z Zakonem Krzyżackim. S. 243. Палемізуючы з Барбашовым, аўтар даводзіў, што ўдзел русінаў быў „не меншы, чым літоўцаў“. Гл. таксама: Nowak T. M. Walki obronne z agresją Brandenburgii i Zakonu Krzyżackiego. S. 87.
[25] Wasilewski T. Uwagi o liczebności, składzie etnicznym i uzbrojeniu litewskiego pospolitego ruszenia konnego w latach 1410—1529 // Studia Grunwaldzkie. T. 1. Olsztyn, 1991. S. 55.
[26] Ekdahl S. Die „Branderia Prutenorum“ des Jan Długosz — eine Quelle zur Schlacht bei Tannenberg. Göttingen, 1976. S. 156.
[27] Гл.: Łojko J. Chorągwie polskie i litewskie w bitwie pod Grunwaldem // LSP. T. III. Poznań, 1989. S. 145—152.
[28] Dlugosz J. Roczniki… Ks. 10—11. S. 10—108.
[29] Rozbiór krytyczny Annalium Poloniae Jana Długosza z lat 1385—1444. T.1. Oprac. Gawęda S., Pieradzka K., Radziszewska J., Stachowska K. Wrocław etc., 1961. S. 106.
[30] Dlugosz J. Roczniki… Ks. 10—11. S. 107.
[31] Барбашев А. Витовт, последние двадцать лет княжения: 1410—1430. С.–Петербург, 1891. С. 59, спас. 45. У пазнейшай літаратуры іх удзел стаў падавацца як бясспрэчны факт. Гл., напр.: Бернадский В. Новгород и Новгородская земля в ХV веке. Москва — Ленинград, 1961. С. 209.
[32] „…konnigk von Neugarde mit den Russen“ (SRP. Bd. 3. S. 405).
[33] Казакова Н. Русско–ливонские и русско–ганзейские отношения. Конец ХIV — начало ХVI в. Ленинград, 1975. С. 46.
[34] На малаверагоднасць прысутнасці наўгародцаў у арміі ВКЛ першым звярнуў увагу П. Остэн–Закен. Гл.: Osten–Sacken P. Livländisch—Russische Beziehungen während der Regierungszeit des Grossfürsten Witowt von Litauen (1392—1420) // MLG. Bd. 20 (1908). S. 233.
[35] Родавых харугваў, відаць, як і ў польскай арміі, у Вітаўта былі адзінкі. Гл.: Mosingiewicz K. Chorągwie rodowe i ich dowodcy w bitwie pod Grunwaldem // Ordines militares. II. Toruń, 1984. S. 107—125.
[36] Urban W. Tannenberg and after. P. 168, footnote 65.
[37]etliche Deutsche“ (SRP. Bd. 3. S. 628).
[38] Барбашев А. Танненбергская битва // ЖМНП. Ч. CCLIV. 1887. ЧШ. С.171—172; ён жа. Витовт, последние двадцать лет княжения… С. 58—59, 60—61. Такую выснову аўтар рабіў на падставе „пералічэння харугваў Длугашам“, але, нагадаю, у Длугаша названа толькі 21 харугва ВКЛ.
[39] Довгяло Д. Битва при Грюнвальде 15 июля 1410 г. (К 500–летнему юбилею). Вильна, 1909. С. 21.
[40] Грыцкевіч А. Знешняя палітыка Вітаўта (заходні накірунак) // Наш Радавод. Кн. 2. Гродна, 1990. С. 173.
[41] Semkowicz W. O ustroju chorągiewnym w bitwie pod Grunwaldem // Miesięcznik heraldyczny. R. 3. Lwów, 1910. S. 95.
[42] Nadolski A. Grunwald. Problemy wybrane. S. 64.
[43] Kuczyński S. M. Wielka Wojna z Zakonem Krzyżackim w latach 1409—1411. Warszawa, 1955. S. 396.
[44] Rozbiór krytyczny Annalium Poloniae Jana Długosza z lat 1385—1444. T. 1. Oprac. Gawęda S., Pieradzka K., Radziszewska J., Stachowska K. Wrocław, 1961. S. 106.
[45] Kuczyński S. M. Wielka Wojna z Zakonem Krzyżackim. S. 240, спас. 396.
[46] Codex epistolaris Vitoldi Magni Ducis Lithuaniae 1376—1430. Wyd. A.Prochaska. Cracoviae, 1882. №444. S. 209.
[47] Kuczyński S. M. Wielka Wojna z Zakonem Krzyżackim. S. 240; Idem. Charągiew Miednicka Długosza // Europa — Słowiańszczyzna — Polska. Poznań, 1970. S. 442.
[48] Ochmański J. Rec.: Spieralski Z. W sprawie rejestru popisowego z czasów Wielkiej wojny z Zakonem Krzyżackim, in: SMHW. T. 5 (1960) // Studia Źródłoznawcze. T. 7. Poznań, 1962. S. 185. Гэтую пазіцыю С.Кучынь­скага слушна крытыкаваў і нямецкі гісторык Готхалд Родэ. Гл.: Rhode G. Polemiken um die Schlacht von Tannenberg 1410 (Zu einem Buch von Stefan M. Kuczyński) // ZfO. Jg. 22 (1973). Hf. 3. S. 475—486.
[49] Kuczyński S. M. Charągiew Miednicka Długosza // Europa — Sło­wiań­szczyzna — Polska. Poznań, 1970. Тое ж, in: Idem. Spór o Grunwald. Warszawa, 1972. S. 177—191.
[50] Długosz J. Roczniki… Ks. 9. Warszawa, 1975. S. 105.
[51] Kuczyński S. Charągiew Miednicka Długosza // idem. Spór o Grunwald. Warszawa, 1972. S. 181.
[52] Няма іх і на карце Жамойці і Медніцкай зямлі, створанай самім С.Кучыньскім (Гл.: Kuczyński S. М. Charągiew Miednicka Długosza. S. 188—189).
[53] Petri de Dusburg. Chronica terre Prussie // SRP. Bd.1. Leipzig, 1861. №322. Падобную згадку „Крывічан“ утрымлівае і эпітома самбійскага каноніка, аднак, магчыма, яна не самастойная: не выключана, што храніст Пётр з Дусбурга і аўтар эпітомы былі адной асобай. Гл.: Wenta J. Kronika Piotra z Dusburga. Szkice źródłoznawcze. Toruń, 2003. S. 96—97.
[54] Nikolaus von Jeroschin. Kronike von Pruzinlant // SRP. Bd. 1. Leipzig, 1861. S. 584—585.
[55] Die littauischen Wegeberichte // SRР. Leipzig, 1863. S. 696, 700, 707.
[56] Prochaska A. Dzieje Witolda w. księcia Litwy. Wilno, 1914. S. 103.
[57] Перапіс войска Вялікага княства Літоўскага 1528 г. Мінск, 2003. С. 60—61.
[58] Kuczyński S. M. Wielka wojna z Zakonem Krzyżackim. S. 240.
[59] Wasilewski T. Uwagi o liczebności, składzie etnicznym i uzbrojeniu litewskiego pospolitego ruszenia konnego w latach 1410—1529. S. 54—55.
[60] Прысутнасць сялян, пра якіх пісаў С.Кучыньскі, нічым верагодным не пацвярджаецца, і яны наўрад ці ўдзельнічалі ў паходзе.
[61] Łowmiański H. Rec.: Kuczyński S. M. Wielka wojna z Zakonem Krzy­żackim. S. 227.
[62] Гісторыя Беларусі: У 2 ч. Ч.1. Са старажытных часоў да канца ХVIII ст. / І.П.Крэнь, І.І.Коўкель, С.В.Марозава і інш. Мінск, 2000. С. 237, 239.

Наверх

Кшыштаф Касажэцкі. Бітва пад Палонкай 28 чэрвеня 1660 г.

Снежня 17, 2004 |


Казацкае паўстанне ў 1648 г. адкрыла сабою доўгі перыяд войнаў, з якога пачаўся заняпад магутнасці Рэчы Паспалітай. У 1654 г. вайну з апошняй распачаў маскоўскі цар Аляксей Міхайлавіч. У Маскве яшчэ задоўга да таго звярталі ўвагу на слабасць Рэчы Паспалітай, што абяцала магчымасць рэваншу за паразы пачатку XVII ст. Поспехі царскіх войскаў у 1654—1655 г. перасягнулі самыя смелыя спадзяванні. Удалося захапіць амаль усё Вялікае Княства Літоўскае разам з Вільняю. Марш царскіх арміяў быў прыпынены толькі ўваходам улетку 1655 г. у польскія межы шведаў, чыёю мэтай, сярод іншага, было — загарадзіць пераможнай Маскве дарогу да балтый­скага ўзбярэжжа. Шведскае нашэсце прывяло да паразумення Рэчы Паспалітай з Масквою, якая глядзела на экспансію скандынаваў без сімпатыяў. 3 лістапада 1656 г. у Нямежы пад Вільняю было заключана замірэнне. Рэч Паспалітая пагаджалася на вельмі цяжкія ўмовы — напрыклад, прызнавала за царом тытул вялікага князя літоўскага, пагаджалася з ягонаю ўладай над украінскімі і беларускімі землямі, забавязвалася абраць цара на найбліжэйшым сойме каралём польскім. Масква затое спыняла ваенныя дзеянні супраць яе і распачынала ў Інфлянтах вайну са шведамі. У выніку дамовы значная частка маскоўскіх войскаў пакінула землі на захад ад Бярэзіны і на поўдзень ад Дзвіны[1]. Аднак у Вільні, Коўне, Горадні маскоў­скія гарнізоны засталіся.

Рэч Паспалітая пагадзілася на такія цяжкія ўмовы толькі з прычыны шведскай пагрозы. Калі гэтая пагроза аддалілася, Рэч Паспалітая пачала рабіць захады дзеля пераможнага заканчэння вайны з Масквою. Варшаве ўдалося перацягнуць на свой бок казакоў: у верасні 1658 г. у Гадзячы была заключана унія, паводле якой новы казацкі гетман Іван Выгоўскі разам з казакамі станавіўся на бок польскага караля. Ініцыятыўнасць палякаў, няўступлівасць і заваёўніцкія амбіцыі Масквы хутка выклікалі моцны рост напружання ў стасунках паміж абе­дзвю­ма дзяржавамі. У такой атмасферы ў сярэдзіне года пад Вільняю распачаліся чарговыя перамовы[2]. У прынцыпе або­два бакі імкнуліся да сутыкнення. Рэч Паспалітая разлічвала на хуткую перамогу пры падтрымцы казакоў. Першапачатковыя ўдачы, аднак, перакрэсліла параза войскаў Вялікага Княства Літоўскага пад Веркамі 21 кастрычніка 1658 г. Перамовы сарваліся, і вайна паміж Рэччу Паспалітай і Маскоўскай дзяржавай разгарэлася зноў. Цар прыступаў да яе з лепшых пазіцый, бо ў снежні 1658 г. заключыў замірэнне са шведамі, адмовіўшыся ад змагання за доступ да Балтыкі. Такім чынам, ён мог накіраваць усё сваё войска супраць Рэчы Паспалітай, якая надалей скіроўвала свае галоўныя намаганні супраць шведскіх войскаў. Таму ў Беларусі расійцы вельмі хутка здушылі шляхецкіх і казацкіх паўстанцаў, а ва Ўкраіне скінулі Выгоўскага.

Гэтыя паразы, а таксама няспынная вайна са Швецыяй схілілі Рэч Паспалітую напрыканцы 1659 г. распачаць перамовы з царом. Было спадзяванне не столькі дасягнуць пагаднення, колькі выйграць час і запыніць ваенныя дзеянні маскоў­скіх ваяводаў, пакуль будуць ісці перамовы. Гэта дало б магчымасць выгадна скончыць мірныя перамовы са Швецыяй, якія якраз пачыналіся, а потым кінуць усе сілы супраць Масквы. Расійцы добра разумелі гэтую гульню і пагаджаліся на перамовы, але не збіраліся спыняць ваенныя дзеянні, якія павінны былі дадаткова ціснуць на Рэч Паспалітую і вымусіць яе прыняць усе царскія ўмовы. Таму, зусім нечакана для поль­ска–літоўскага боку, у момант, калі камісары абодвух бакоў распачалі перамовы, з Полацка на безабаронныя беларускія землі рынула армія князя Івана Хаванскага.

Яна здабыла багата поспехаў. Хаванскі пайшоў праз Віль­ню, а па дарозе некалькі разоў сустракаў харугвы ВКЛ і разганяў іх; ён заняў Горадню, увайшоў на Падляшша, заняў Берасце, выразаўшы абаронцаў горада і зграмаджаную там шляхту. Падобна, што ён меўся ісці аж на Варшаву, але стомленасць ягоных войскаў, а перадусім канцэнтраванне сілаў ВКЛ (пад камандаю гетмана вялікага літоўскага Паўла Сапегі) і Кароны (пад камандаю рускага ваяводы Стэфана Чарнецкага) прымусілі яго ў першыя дні лютага 1660 г. адысці да Наваградка[3]. Там ён распачаў аблогу фартэцыі ў Ляхавічах, пад якой і стаяў аж да канца чэрвеня.

Тым часам становішча Рэчы Паспалітай выразна палепшала. 3 траўня 1660 г. яна заключыла ў Аліве мір з Швецыяй і магла цяпер скіраваць усе свае сілы супраць Масквы. Паколькі на Падляшшы ўжо была сабраная армія Чарнецкага і значная частка войскаў ВКЛ, пастанавілі як найхутчэй ўдарыць па арміі Хаванскага. Да такога рашэння каралеўскі двор схіляла як слушная ацэнка вагі небяспекі з гэтага боку ў выпадку ўзмацнення сілаў Хаванскага, так і нараканні і пагрозы ліцвінаў, якія гвалтоўным чынам дамагаліся ратунку для сваёй айчыны.

Ужо ў красавіку на каралеўскім двары было вырашана, што наступ на Хаванскага распачнецца 15 чэрвеня. У апошнія дні траўня ў Варшаве прайшоў шэраг ваенных нарадаў з удзелам караля, Чарнецкага і Сапегі. Было вырашана, што войскі выступяць 12 чэрвеня, хоць яшчэ трэба было канчаткова супакоіць літоўскіх жаўнераў, бо тыя бунтаваліся[4]. Напачатку меркавалася пакінуць камандаванне ў руках аднаго Чарнецкага, аднак урэшце кіраванне войскамі ВКЛ кароль даручыў Сапегу[5]. Літоўскія харугвы правага крыла пачалі збірацца пад Суражам на Нарве, каля 50 км на паўднёвы ўсход ад Беластока[6]. Меркавалася таксама адклікаць з Курляндыі левае крыло арміі ВКЛ, а блакаваннем маскоўскіх гарнізонаў у замках у Вільні, Коўне, Горадні, Берасці, Чадосах мелася пасля адыходу рэгулярных войскаў заняцца мясцовая шляхта[7].

Чарнецкі рыхтаваўся да наступу ў сваім лагеры пад Казя­ра­дамі. Раз за разам ён высылаў раз’езды, якія даносілі, што мас­коўскія войскі працягваюць стаяць пад Ляхавічамі. Як толь­кі прыйшла вестка, што фармаванні ВКЛ гатовыя, рускі вая­вода выступіў са сваімі харугвамі ў напрамку Мсцібава. У гэ­тыя ж ці наступныя дні свае аддзелы вывеў на марш і Сапега[8].

Вельмі важная і разам з тым надзвычай складаная праблема — ацэнка колькасці войскаў, якія ўзялі ўдзел у бітве пад Палонкаю. Польскія і літоўскія аўтары дзённікаў і рэляцыяў пра бітву падаюць вельмі завышаныя лічбы войскаў, асабліва маскоўскіх. Аднак акрэсліць прыблізную колькасць жаўнераў абедзвюх арміяў мы можам паспрабаваць на падставе іншых крыніц.

Найбольшыя цяжкасці ўзнікаюць пры вызначэнні колькасці войскаў князя Хаванскага. Цяжка прыняць звесткі адной маскоўскай крыніцы пра 5 тыс. жаўнераў, з якімі ён нібыта рушыў супраць 20 тыс. палякаў[9]. З годных веры рэляцыяў князя Багуслава Радзівіла, якія дайшлі да нашых дзён, мы ведаем, што ў снежні 1659 г. армія Хаванскага налічвала 11 500 чалавек і 12 гармат. Спіс баявых адзінак паказвае відавочную перавагу аддзелаў іншаземнага строю[10]. Лічбу гэтую пацвяр­джае падкаморы смаленскі Ян Антоні Храпавіцкі, пішучы пра прыход 19 лістапада 1659 г. у Вільню Хаванскага і 10 тыс. маскоўскага войска з 15 гарматамі[11]. Зімовыя і вясновыя ваенныя ня­годы ў спустошанай краіне вялі да няспыннага спаду коль­кас­ці жаўнераў. У другой палове студзеня вестка пра войска Ха­ванскага была атрымана ад сына царскага ваяводы Афанасія Ардын–Нашчокіна, які ўцёк у ВКЛ. Згодна з Ардын–Нашчо­кі­ным, царскі военачальнік, які стаяў тады пад Берасцем, меў уся­го 6 тыс. чалавек, у тым ліку толькі 3 тыс. добрых жаўнераў[12]. Увесну 1660 г. з ваколіц маскоўскага лагера, раскінутага тады пад Ляхавічамі, таксама даходзілі весткі пра слабасць ар­міі Хаванскага. Іх прыносілі высланыя на перамовы кара­леў­­скія камісары, якія знаходзіліся паблізу, і слугі Б.Радзівіла са Слуц­ка. Колькасць войскаў князя ўвесну ацэньвалася ў 5000—7600 чал.; да гэтага дадавалася, што яны пакутуюць ад голаду, хваробаў і дэзерцірства[13]. Пад канец траўня маскоў­скія палонныя і ўцекачы з лагера Хаванскага таксама налічвалі ў ягоным войску 5988 жаўнераў[14], дадаючы, што ў хо­дзе штурмаў пад Ляхавічамі, пад час вылазак абаронцаў, сутычак з раз’ездамі і ў выніку ўцёкаў з абозу войска страціла не менш як 2 тыс. чалавек.

Вельмі часта Хаванскі прасіў у цара падмацаванняў. Больш–менш сур’ёзнай успамогі ён дачакаўся толькі 19 траўня; у крыніцах яна ацэньваецца ў 3 тыс. чалавек. Гэта, напэўна, быў згаданы ў крыніцах аддзел з 2 тыс. пяхоты, падзеленай на тры прыказы, і да 1 тыс. конніцы. Новапрысланыя пяхотнікі панеслі, аднак, вялікія страты пры няўдалым штурме Ляхавіч 24 траўня[15]. З паказанняў палонных было таксама вядома, што Хаванскі мае два палкі, якія называліся „польскімі“. Гэта быў полк Рамана Аскеркі, які налічваў 200 коней, і Фларыяна Слонскага — 390 коней. Яны складаліся з прысяжнай шляхты ВКЛ. Значная частка гэтай шляхты была незадаволена службаю і выконвала яе пад прымусам. Адслужыўшы належныя дзве чвэрці, шмат хто пакідаў лагер, разносячы весткі пра стан арміі Хаванскага[16]. Нямала шляхты засталося, аднак, у маскоўскім войску, бо пазней мы сустракаемся з ёю ў бітве пад Палонкаю.

6 чэрвеня 1660 г. у маскоўскі лагер прыбыло больш за 2400 жаўнераў, сабраных з гарнізонаў Полацка, Віцебска, Смаленска, Быхава і Магілёва, на чале з князем Сямёнам Ільічом Змеевым; палонныя, узятыя з царскай арміі, дадавалі ў сваіх паказаннях, што яшчэ 2 тыс. жаўнераў у дарозе[17]. Ад­дзелы Змеева Хаванскі адразу накіраваў пад Нясвіж, што знаходзіўся непадалёк[18]. Пра прыход у лагер пад Ляхавічамі ін­шых падмацаванняў нам невядома. Каралеўскія камісары, якія знаходзіліся адносна недалёка — у Менску — і рэгулярна кантактавалі з Хаванскім, ацэньвалі ягоную армію разам з гэтым падмацаваннем у няпоўныя 9 тыс., ясна падкрэсліваючы ў лістах каралю і кіраўніцтву Рэчы Паспалітай яе слабасць — „A co się tknie potęgi nieprzyjacielskiej wszystkiego wojska dziewię­ciu tysięcy nie masz, a więcej ludzi non sperantur“ [А што ты­чыцца непрыяцельскай моцы, усяго войска дзевяці тысяч няма, а больш людзей не спадзяюцца]. Камісары дадавалі, што цяпер найлепшы час, каб „frangere potentiam nieprzyja­ciela, która jest słaba, posiłki błahe, a o drugich nie słychać[19] [зламаць сілу непрыяцеля, якая слабая, падмацаванні кволыя, а пра іншыя не чуваць].

Вось жа, можна прыняць, што напярэдадні бітвы пад Палонкаю пад маскоўскімі сцягамі стаяла каля 8,5—9 тыс. жаўнераў. За пару дзён да самой бітвы яны панеслі вялікія страты ў баях з кароннымі аддзеламі пад Слонімам і ў сутычцы з літоўскім раз’ездам. Да таго ж, трохі жаўнераў пакінулі пад Ляхавічамі, разам з хворымі і параненымі. Такім чынам, на полі бітвы магло стаць нават крыху меней за 8 тыс. маскоў­скіх жаўнераў[20]. Затое, як вельмі часта зазначаецца ў крыніцах, царскі военачальнік валодаў моцнай артылерыяй.

Трэба адзначыць, следам за Багуславам Радзівілам, што ў царскай арміі было надзіва шмат рэйтараў, то бок войскаў іншаземнага строю. Адпаведныя адзінкі складаліся з дробнай маскоўскай шляхты. Пяхоту князь Радзівіл дзеліць на тую, што „ў сярмягах“, і на стральцоў. Пад першай, магчыма, мелася на ўвазе нерэгулярная пяхота, якую складалі сяляне з тэрыторыі ўсяе дзяржавы; стральцы ж былі досыць элітарным утва­рэннем, якое паступова трансфармавалася на ўзор іншаземнай пяхоты. Вось жа, належыць прызнаць, што армія, якую Іван Хаванскі позняй восенню вёў на захоп Літвы, была арміяй навачаснаю. На 70% яна складалася з адзінак, узброеных і арганізаваных на заходнееўрапейскі ўзор. У траўні 1660 г. князь атрымаў вышэйзгаданую падтрымку ў выглядзе трох прыказаў маскоўскіх стральцоў, навучаных і ўзброеных падобным жа чынам. У гэтым не было нічога дзіўнага. У сярэ­дзіне XVII ст. у маскоўскай арміі адбываліся глыбокія рэформы, якія праз колькі дзесяцігоддзяў зрабілі яе адной з наймацнейшых і найбольш навачасных арміяў Еўропы[21]. Баяздольнасць войскаў Хаванскага, аднак, у значнай меры была пада­рвана вялізнаю стомаю ад шматмесячных ваенных нягодаў.

Што да сілаў Рэчы Паспалітай, якія бралі ўдзел у бітве, то найлягчэй, дзякуючы працам Я.Вімэра[22], вызначаецца склад і колькасць войскаў Стэфана Чарнецкага. У чэрвені 1660 г. дывізія рускага ваяводы налічвала пад Палонкаю 4723 баявыя стаўкі, ад іх адымаем „сляпых“ і атрымаем каля 4250 жаўнераў. Гэтую лічбу складалі дзве гусарскія харугвы — караля (201 конь) і Чарнецкага (184 кані), 30 казацкіх, татарскіх, валашскіх харугваў і адна харугва казакоў–выборцаў [seme­nów]. Да гэтага трэба дадаць рэгімент і тры харугвы драгунаў і рэгімент рэйтараў.

Найбольшыя цяжкасці стварае для нас літоўская частка каралеўскай арміі. У бітве пад Палонкаю бралі ўдзел харугвы правага крыла, левае ж крыло ваявала са шведамі ў Курляндыі. З 1659 г. да студзеня 1660 г. яму дапамагаў выдзелены з правага крыла корпус на чале з Аляксандрам Палубінскім. У лютым гэты корпус вярнуўся на Падляшша. Спіс накіраваных туды адзінак вядомы, так што мы можам прыблізна акрэсліць іхнюю колькасць. З улікам панесеных стратаў можна прыняць, што ў чэрвені 1660 г. корпус Палубінскага налічваў няпоўныя 3,5—4 тыс. чалавек.

Асаблівы клопат выклікаюць тыя харугвы правага крыла, якія не пайшлі ў Курляндыю і заставаліся на мяжы 1659 і 1660 г. расцярушанымі паміж Бярэзінай і Падляшшам. Яны панеслі страты, прайграўшы шэраг сутычак з войскамі Хаванскага, да таго ж іх дэмаралізавалі бунтаўнічыя настроі. Перад пачаткам наступу, на сыходзе вясны 1660 г., вялікаму гетману ўдалося сабраць бальшыню гэтых харугваў на Падляшшы. Не было, аднак, таямніцай, што фармаванні гэтыя досыць куртатыя [dość kuse][23]. На падставе часта зусім гіпатэтычных пасылак і далейшых падлікаў — з прычыны адсутнасці крыніц — я мяркую, што Павел Сапега ў чэрвені 1660 г. мог мець пры­бліз­на 2,5—3 тысячаў жаўнераў, а харугвы, якія раней біліся пад камандаваннем Палубінскага ў Курляндыі, наліч­валі каля 3,5 тыс. жаўнераў. Агулам перад бітваю пад Палонкаю было крыху больш за 6 тыс. жаўнераў ВКЛ. Разам з дыві­зіяй рускага вая­воды, што налічвала 4250 жаўнераў, гэта давала каля 10500 чалавек войска, якое мелася выступіць супраць аддзелаў князя Івана А. Хаванскага[24].

Не падлягае сумненню, што з пункту гледжання баявога досведу, дысцыпліны і высокага баявога духу, не падарванага яшчэ канфедэрацкімі настроямі, найвышэйшы ўзровень у гэтым войску прадстаўлялі каронныя аддзелы Чарнецкага. Тут служылі ветэраны баёў з праціўнікам усходняга тыпу, у якіх за плячыма былі і гады змаганняў з шведамі і брандэнбуржцамі. 35,5% дывізіі складалі адзінкі іншаземнага строю. Гэта былі галоўным чынам драгуны, якія валодалі значнай агнявой сілай і маглі пры неабходнасці біцца і як пяхота. Чарнецкі, сам здольны ваявода, меў у сваёй дывізіі цэлую плеяду выдатных военачальнікаў ніжэйшага рангу. Яны выдатна ўмелі камандаваць як раз’ездамі ў некалькі соцень коней, так і буйнейшымі групамі харугваў, выконваючы самастойныя заданні на полі бітвы. У дзённіках, якія вялі жаўнеры Чарнецкага, чуваць аптымізм і вера ў хуткую перамогу над Масквою.

Найбольш каштоўнымі аддзеламі ў войску ВКЛ, несумненна, былі тыя, што вярнуліся разам з Палубінскім з Курляндыі. І ўсё ж да войскаў Чарнецкага іхняя якасць не дацягвала. Яе зніжалі шматлікія паразы ў змаганні з маскоўскімі войскамі ды проста нявера ў тое, што гэтага праціўніка ўвогуле можна адужаць. Нястача здольных камандзіраў сярэдняга ўзроўню, якіх у Януша Радзівіла было яшчэ нямала, толькі паглыбляла гэты стан. Дэмаралізаванае паразамі, нястачай платы жаўнерам, сваркамі сярод уласнага начальства ды інтрыгамі каралеўскага двара, літоўскае войска ўвесну 1660 г. лёгка паддалося канфедэрацкім настроям. Пераадолець гэты стан удалося толькі напярэдадні выступу, што да самага канца не дазваляла Чарнецкаму быць упэўненым у настроях літоўскага войска. Таму нічога дзіўнага, што ў чэрвені 1660 г., калі арміі з’ядналіся, ініцыятыва дзеянняў належала каронным войскам, хоць яны і былі колькасна меншыя. Гэтаксама камандаванне над усімі войскамі на полі бітвы перайшло ў рукі рускага ваяводы, хоць на землях ВКЛ, згодна з правам, вярхоўнае камандаванне належала гетману вялікаму літоўскаму Паўлу Сапегу і яно фармальна заставалася ў ягоных руках. Ніхто з ліцвінаў у той час супраць гэтага не пратэставаў. Вяршэнства Чарнецкага было прызнана, і на каронныя падмацаванні, якія нарэшце прыбылі пасля такога доўгага чакання, ускладаліся вялікія надзеі.

Абмінуўшы 23 чэрвеня Мсцібаў, Чарнецкі пайшоў на Сло­нім — прыблізна за 35 км на ўсход. Набліжацца да яго ён пачаў 24 чэрвеня. Чарнецкі вельмі спяшаўся, бо даведаўся, што ў горад якраз прыбыў моцны аддзел маскоўскіх войскаў — 200 жаўнераў[25]. Па дарозе быў усталяваны кантакт з арміяй ВКЛ, якая якраз дайшла да Жыровіч паблізу Слоніма. Перш чым абодва войскі шчыльней паядналіся, Чарнецкі вырашыў заняць Слонім і разбіць варожы аддзел.

Жыхары горада перажывалі драматычныя хвіліны. Маскоўскія жаўнеры даволі доўга не ўсведамлялі, што да горада набліжаюцца войскі непрыяцеля. Неўзабаве, аднак, гэтая вест­ка абрынулася на іх, як гром з яснага неба[26]. Яны вырашылі даць адпор, арганізаваўшы абарону ў горадзе. Цалкам магчыма, што яны не ўяўлялі сабе сілы войскаў, з якімі збіраліся біцца. Яны, напэўна, прымалі іх за яшчэ адзін буйны польскі або літоўскі раз’езд, — адзін з тых, якія апошнім часам нярэдка заязджалі ў гэты край. З ранейшага досведу расійцы выдатна ведалі, што мясцовае насельніцтва спрыяе палякам і ліцвінам. Не давяраючы яму, яны вырашылі пазбыцца жыхароў Слоніма, пазабіваўшы іх. Перапалоханая шляхта беспаспяхова намагалася запэўніць расійцаў у сваёй адданасці. Лю­дзей пачалі заганяць у сінагогу, каб спаліць усіх жыўцом. Адбывалася мноства жахлівых сцэнаў, шмат людзей страціла жыццё ад рук царскіх жаўнераў, падобна што п’яных[27]. На шчасце, хутка падышла дапамога, якая перашкодзіла ра­сійцам здзейсніць іхнія планы. Чарнецкі 24 чэрвеня выслаў моцны аддзел пад камандаваннем асецкага старасты Адама Чарнкоўскага. Маскоўскіх жаўнераў, мабыць, набліжэнне гэтых харугваў заспела знянацку, і яны выйшлі з места, каб даць палякам бой у полі[28]. Тыя, аднак, іх разграмілі; пэўным чынам ім дапамаглі слонімцы, якіх маскоўцы кагадзе мардавалі. Назаўтра пад Слонім падышоў яшчэ адзін маскоўскі раз’езд, які налічваў 600 коней, і — мабыць, неспадзявана для сябе — наткнуўся на пераважныя каронныя сілы. Тыя, лікам тысяча чалавек, рушылі ў атаку гэтым разам, магчыма, пад камандаю Паляноўскага — і паблізу места раптоўна абрынуліся на ра­сій­цаў. Апошнія доўга адбівацца не сталі і кінуліся наўцёкі. За імі пагналіся праз горад па мосце цераз раку Шчару і палажылі трупам 400 непрыяцеляў. 18 палонных, узятых у абе­дзвюх сутычках, выслалі каралю[29].

Набліжэнне каралеўскіх войскаў стала для Хаванскага нечаканасцю. Ён даведаўся пра яго толькі ў самы апошні момант, ад уцекачоў–недабіткаў з–пад Слоніма, і напачатку спадзяваўся, што гэта проста яшчэ адзін моцны раз’езд[30]. Хутка, аднак, дзякуючы ўцекачам з–пад Слоніма ён усвядоміў сапраўдную сілу праціўніка. Таму толькі 26 чэрвеня Змееў, які дзейнічаў пад Нясвіжам, паводле загаду Хаванскага зняў з гэтага горада аблогу. Абозы ён адправіў за Нёман, а сам, спаліў­шы лагер, рушыў пад Ляхавічы да Хаванскага. Злучыўшыся, яны 27 чэрвеня выступілі супраць арміі Рэчы Паспалітай, спадзеючыся заспець яе знянацку на маршы і разбіць[31].

Пад час баёў пад Слонімам ці крыху пазней адбылася су­стрэча Чарнецкага з Сапегам, на якой быў узгоднены план супольных дзеянняў. Гетман літоўскі выслаў наперад з–пад Жыровічаў моцны раз’езд — 13 харугваў на чале з Самуэлем Кміцічам і Станіславам Ліпніцкім[32].

Тым часам занепакоены Хаванскі выслаў у бок праціўніка, што набліжаўся, моцны раз’езд на чале з Нашчокіным, напэўна Астафіем. Раз’езд нібыта налічваў аж 2 тыс. жаўнераў (хоць гэтая лічба абсалютна непрымальная)[33]. Абодва раз’езды су­стрэліся 27 чэрвеня на лясной паляне на ўсход ад Слоніма. Ліцвіны, убачыўшы такога моцнага непрыяцеля, напачатку спужаліся і ўжо думалі, што маюць справу з усёй сілай Хаванскага. Да Чарнецкага і Сапегі, што стаялі з войскам непадалёк, паслалі просьбу аб дапамозе. У страху перад магчымасцю новай паразы Павел Сапега адразу даў падмогу і адначасна паслаў просьбу да рускага ваяводы, каб той таксама памог як найхутчэй[34]. Тым часам расійцы, бачачы перад сабой ліцві­наў, якіх прывыклі перамагаць, смела рушылі на іх. Літоўскія харугвы, аднак, адбіваліся гэтак зацята, што паспелі падысці літоўскія і каронныя падмацаванні. Іхняе прыбыццё аказалася для расійцаў поўнай неспадзяванкаю. Пасля нядоўгага су­праціву яны пусціліся наўцёкі да места Мыш у напрамку пазіцый Хаванскага[35]. Ліцвіны гналіся за ўцекачамі ажно да ваколіцаў гэтага горада, узяўшы багата палонных і правёўшы заадно глыбокую разведку непрыяцельскіх войскаў.

Занепакоены гэтымі падзеямі, Чарнецкі на працягу дня пад­няў астатняе войска на марш у напрамку месца бою паміж раз’­ездамі. Улічваючы верагоднасць бітвы, вазы і прыпасы па­кі­нулі на месцы. Яшчэ ў той самы дзень, напэўна ўвечары, вой­ска стала на полі нядаўняй бітвы, паблізу ад вёскі Палон­кі[36]. У любую хвіліну чакалі сустрэчы з арміяй Хаванскага, та­му ахову паставілі моцную, а жаўнеры ляглі спаць у поўнай зброі. На працягу ночы з 27 на 28 чэрвеня ў лагер вярталіся з пе­раможнай пагоні літоўскія харугвы, ведучы з сабою маскоў­скіх палонных. Тыя паказалі, што пад Мышшу сабраліся вой­скі лікам 3 тыс. жаўнераў. Нейкі час Чарнецкі разважаў, ці маг­чыма іх атакаваць. Неўзабаве, аднак, стала не да таго. На зол­ку прывялі аднаго мясцовага шляхціча, які прыбыў у лагер, каб данесці, што Хаванскі з усім сваім войскам выйшаў з ля­хавіцкага лагера і знаходзіцца ўжо зусім блізка ад каралеў­скіх войскаў. Гэта адразу ж пацвердзіў другі шляхціч, які прынёс аналагічную вестку[37]. Пасля паспешлівай нарады войска пабудзілі, перавялі бліжэй да вёскі Палонкі ў лукавіне аднайменнай ракі і пачалі строіць яго ў баявыя парадкі[38].

Мясцовасць, на якой мелася разыграцца бітва, выглядала вельмі спецыфічна. Гэта была ўзгоркаватая раўніна. У найніжэйшым яе месцы плыла невялікая рэчка Палонка. Бегла яна не наўпрост, а робячы каля аднайменнае вёскі шырокую луку радыусам каля 2 км, куды і зайшлі каралеўскія войскі. Нягле­дзячы на малыя памеры і нешырокае рэчышча, з абодвух бакоў рака мела шырокія, вельмі забалочаныя ўзбярэжжы. Пасуху цераз яе можна было перайсці толькі грэбляю ў непа­срэднай блізіні ад вёскі Палонкі. Гэта быў фрагмент тракту, які ішоў з захаду ў напрамку Менска, перасякаючы лукавіну ракі. Праз няпоўныя два кіламетры на ўсход ён зноўку перасякаў раку па другой грэблі, вакол якой неўзабаве і разыграліся падзеі. Крыху ніжэй і вышэй гэтай другой грэблі існавалі два не надта зручныя брады, якія можна было скарыстаць для пераправы войскаў. Адзін з іх знаходзіўся на вышыні літоўскіх пазіцыяў, а другі — каронных. Тэрыторыя ў лукавіне Палонкі мела форму ўзвышша з пакатымі адхонамі да берагоў. Частку войскаў можна было схаваць за гэтым узвышшам ад Хаван­скага, які набліжаўся з усходняга напрамку. Сухапутны праход на рачную лукавіну быў амаль цалкам замкнёны лесам.

Войска пачалі паспешліва строіць а шостай гадзіне раніцы[39]. Паставіць яго ў досыць нявыгаднае становішча ў лукавіне балоцістай ракі вырашылі, мабыць, пад уплывам нечаканай весткі пра хуткае набліжэнне ворага. Рака і яе балоцістае ўзбярэжжа аберагалі ад неспадзяванага ўдару і прымушалі Хаванскага прыпыніць наступ. Выйграны час і натуральная перашкода дазвалялі каралеўскім войскам упарадкаваць шэрагі і пераадолець страх перад грозным непрыяцелем. Аднак у выпадку паразы і ўзнікнення панікі гэтая пазіцыя хавала ў сабе вялікую небяспеку. Вузкім шляхам для адступлення магла служыць хіба толькі грэбля ў тыле каралеўскіх войскаў. Цяжка, аднак, уявіць сабе, як вялікія масы войска ўцякаюць праз такую нязручную пераправу. Яшчэ адзін шлях магчымых уцёкаў з рачной лукавіны ляжаў вышэй за левае крыло войскаў ВКЛ; ён вёў па сушы вельмі вузкім праходам паміж забалочаным рэчышчам Палонкі і лесам, што загароджваў выхад з рачной лукавіны. Гэты шлях быў вельмі небяспечны, бо ў выпадку перамогі Хаванскага на крыле ВКЛ маскоўскія аддзелы маглі яго вельмі лёгка перакрыць. Вось жа, пазіцыя, занятая каралеўскімі войскамі раніцой 28 чэрвеня, бараніла іх ад раптоўнага нападу, аднак у выпадку паразы ператваралася ў смяротную пастку. Яна катэгарычна патрабавала ад Чарнецкага і Сапегі энергічных наступальных дзеянняў, каб ініцыятыва ў бітве не перайшла ў рукі праціўніка і не выклікала ў войсках Рэчы Паспалітай замяшання, наступствы якога былі б проста непрадбачныя.

Ліцвіны сталі на поўнач ад грэблі, а каронныя войскі — на поўдзень. Грэбля апынулася на польскім участку фронту. Чарнецкі, прадбачачы, што ў часе бою яна стане цэнтрам увагі, задачу парупіцца пра яе лёс пакінуў за сабой, каб гарантаваць паспяховае выкананне задуманага ім плана бітвы. Сваё войска рускі ваявода расставіў у наступным парадку. Правае, скрайняе польскае крыло — насупраць зарэчнага фальварка Пацяны — складалі аддзелы панцырнай і лёгкай конніцы на чале з Габрыэлем Вайніловічам. Схаваныя за ўзгоркам, яны былі не відаць праціўніку, што стаяў за ракою. Па цэнтры — насупраць грэблі — Чарнецкі паставіў каралеўскі полк, свой драгунскі рэгімент і абедзве каронныя гусарскія харугвы. Над гэтым участкам ён прыняў асабістае камандаванне. На чале левага крыла, якое межавала з правым літоўскім крылом, стаяў Аляксандр Паляноўскі. Тут была сканцэнтравана рэшта пяхоты і нешматлікая артылерыя, якую меў у сваім распара­джэнні Чарнецкі: 7 лёгкіх палявых гарматаў. Далей цягнуліся пазіцыі ВКЛ. На сваіх тылах Чарнецкі схаваў за ўзгоркам невялікі сілы рэзерву — дзве вышэйзгаданыя гусарскія харугвы, якія ў адпаведны момант павінны былі нанесці вырашальны ўдар[40]. Войскі рускага ваяводы стаялі не пры самай рацэ — галоўныя сілы былі схаваныя за невысокім узгоркам, каб непрыяцель не мог зарыентавацца ні ў іх фактычнай сіле, ні ў расстаноўцы, што не дазваляла адразу зразумець план камандавання арміі Рэчы Паспалітай[41]. Напэўна, яшчэ да пачатку расстаноўкі сваіх войскаў Чарнецкі паслаў на ўсходні бераг праз грэблю чатыры лёгкія харугвы пад камандаваннем паручніка Пятра Мянжынскага [Mężyńskiego], якія заселі ў невялікім гайку, што рос адразу за грэбляю. Яны меліся сачыць за набліжэннем непрыяцеля і затрымаць боем яго перадавыя аддзелы, каб падаць знак пра непасрэдную пагрозу. Такім чынам, яны выконвалі ролю авангарду.

З таго самага моманту, як рускі ваявода заняў пазіцыю на бе­рагах Палонкі, у яго ўжо быў прадуманы план бітвы. Шмат хто ў ягоным атачэнні лічыў, што яе трэба весці на сваім беразе, аднак Чарнецкі пастанавіў прабіцца з войскам на непрыя­цель­скі бераг і вырашыць яе лёс там. Каб здзейсніць гэты план, належала вырашыць, як перапраўляцца цераз раку. Най­прасцей раку можна было перайсці па грэблі. Але чакалася, што непрыяцель таксама будзе ўпарта імкнуцца заняць грэб­лю, каб адкрыць сабе дарогу на польска–літоўскі бераг. У рас­параджэнні Хаванскага, акрамя таго, была моцная артылерыя, а пераправа цераз грэблю пад гарматным абстрэлам так­са­ма не прадказвала лёгкіх поспехаў. Таму Чарнецкі па­стана­віў скарыстаць для пераправы брады на крылах кара­леў­скіх войскаў і сканцэнтраваў там моцныя аддзелы кавалерыі. Гэта, аднак, не азначала, што ён адмовіўся біцца за грэблю. Пастаўленая тут пяхота мела заданне ўвесь час прыцягваць да гэтага месца ўвагу Хаванскага, пераконваючы яго сваі­мі атакамі ў напрамку грэблі, што збіраецца яе фарсаваць. Уда­рыць праз грэблю ў цэнтр пазіцыі Хаванскага Чарнецкі пла­наваў толькі пасля таго, як вырашыцца лёс бітвы на крылах.

А восьмай гадзіне з чвэрткаю на ўсходнім баку ракі паказалася армія Хаванскага[42]. Маскоўскі ваявода спярша хацеў быў адразу кінуцца ў бой і яшчэ да набліжэння да польска–літоўскіх пазіцыяў выстраіў войска так, каб найперш разбіць левае крыло каралеўскіх войскаў, дзе стаялі ліцвіны. Да таго ж рэльеф мясцовасці даваў на гэтым адрэзку найлягчэйшы падыход да ракі. З гэтаю мэтай Хаванскі значна высунуў наперад сваё правае крыло. Левае ж заставалася даволі далёка ў тыле: падысці да ракі яму перашкаджаў лес, які рос паблізу грэблі[43]. Намеры Хаванскага былі досыць простыя. Ён разлічваў, што сваім правым крылом, перайшоўшы раку, абы­дзе ліцвінаў, якіх звык лічыць слабым праціўнікам. Знішчыўшы літоўскае крыло ці адапхнуўшы яго ад ракі і выклікаўшы ў ім замяшанне, ён мог бы адагнаць яго на тылы каронных войскаў, выклікаць паніку і пазней скінуць і адных, і другіх у прыбярэжную багну, дзе іх чакала б поўная гібель.

Заспець праціўніка знянацку маскоўскаму ваяводу не ўдалося, бо пра яго набліжэнне ведалі загадзя — першыя сутычкі адбыліся паміж ягоным авангардам і польскімі харугвамі Чарнецкага, выпраўленымі на ўсходні бераг Палонкі. Паперадзе сваіх галоўных сілаў Хаванскі выслаў аддзелы беларускай шляхты на чале з Фларыянам Слонскім. Гэтыя войскі, значна апярэдзіўшы астатнія маскоўскія сілы, яшчэ на досвітку ўдарылі па харугвах польскага авангарду. Бой выйшаў жорсткі. Прысяжная шляхта наступала пеша і білася вельмі заядла. На палякаў, якія хаваліся ў лесе, яна ішла з баявым клічам: „Сёння, сёння пазнаеце Хаванскага!“. Мэтаю маскоўцаў, аднак, быў не лес, а грэбля. Чарнецкі заклікаў абаронцаў трымацца як мага даўжэй[44]. Але жаўнеры Мянжынскага не маглі надта доўга стрымліваць напор праціўніка, асабліва калі ўлічыць, што ў кожны момант маглі падысці яшчэ маскоўскія войскі і знішчыць харугвы, што сядзелі ў лесе. Бачачы гэта, Чарнецкі адклікаў іх на грэблю. На гэтай пераправе ім удалося заняць пазіцыю; магчыма, тут іх падтрымалі нейкія дадатковыя ад­дзелы. Гэта дазволіла разбіць перад грэбляй Слонскага, які пайшоў у новую атаку. Сам Слонскі трапіў у палон і неўзабаве як здраднік быў пасаджаны на кол. Ягоныя ж аддзелы былі адкінутыя ў напрамку Хаванскага, які набліжаўся з усімі сваімі сіламі[45].

Першы бой скончыўся ўдала для харугваў Чарнецкага. Яны, аднак, падпалілі вёску Палонку, каб дым дадаткова за­сланіў іхнія войскі ад вачэй непрыяцельскіх камандзіраў[46]. Маскоўскі ж князь быў упэўнены ў перамозе. Дагэтуль яго нязменна суправаджала ваеннае шчасце, дык няўжо і цяпер яму не павінна выпасці ўдача? „Szli jak na miód i na igrzysko jakie śmiało, mając oręże pewne, a berdysze jasne, polerowane ostre, stryczki konopne do wiązania naszych, u pasów“ [Ішлі смела, як на мёд і на якое ігрышча, з вернаю зброяй, зіхоткімі бердышамі, паліраванымі, вострымі, з канаплянымі вяроўкамі пры поясе, каб вязаць нашых], — пісаў Яўхім Ерліч [Jerlicz], падкрэсліваючы ўпэўненасць у перамозе, якая валодала маскоўскімі войскамі, звыклымі да ранейшых поспехаў[47]. Падвёўшы сваю армію да ракі, Хаванскі канчаткова выстраіў яе паводле сваіх планаў. Ад намеру разбіць крыло ліцвінаў, якіх лічыў найслабейшым звяном у каралеўскай арміі, ён не адмовіўся, таму сканцэнтраваў тут галоўныя сілы сваёй конніцы, асабіста прыняўшы камандаванне над імі. Цэнтр свайго строю ён пакінуў пад камандаю Сямёна Данілавіча Змеева: тут была пяхота, рэйтары і багата артылерыі. Камандаванне левым крылом, якое стаяла насупраць каронных войскаў, прыняў князь Сямён Лукіч Шчарбатаў. У ягоным распара­джэнні была частка кавалерыі, пяхоты і нямала гарматаў. У рэзерве пад камандаваннем князя Трубяцкога заставалася частка конніцы. Яна стаяла досыць далёка на тылах, за гаем паблізу грэблі[48]. Баючыся дзеянняў з боку каронных войскаў у напрамку свайго левага крыла, ён заняў фальварак Пацяны, што знаходзіўся досыць далёка ад ягонага фланга, за балоцістай рэчкай, якая ўпадала з усходу ў раку Палонку, і размясціў там аддзел пяхоты і чатыры гарматы. Пяхоты Хаванскі паслаў туды няшмат: паводле ўспамінаў Пасэка, які біўся з ёю пазней, там было ўсяго 100 жаўнераў, хоць крыху раней ён жа занатаваў, што іх было некалькі соцень[49]. Яна мелася засцерагаць край левага крыла на той выпадак, калі палякі паспрабуюць перайсці раку. Як пазней выявілася, засцярога гэтая была вельмі слабая. Няўвага да краю левага крыла аказалася найвялікшай памылкай маскоўскага ваяводы. Ён зусім не прадбачыў, што туды будзе скіраваны галоўны ўдар найлепшых каронных войскаў.

З крыніц даволі ясна вынікае, што раніцай 28 чэрвеня Хаванскі падыходзіў да пазіцыяў сваіх праціўнікаў вельмі шпарка. Часу на дэталёвую разведку ў яго не было. Ён нічога не ведаў пра моцную групу Вайніловіча, якая заставалася нябачнаю для яго, бо яе прыкрываў узгорак з процілеглага боку лукавіны Палонкі. Свайму леваму крылу ён надаваў найменш вагі ва ўсёй аперацыі, а ягоную апору на рэчку, што ўпадала ў Палонку, палічыў, мабыць, за дастатковую засцярогу, тым больш што яна яшчэ ўзмацнялася высланай у Пацяны сотняй пяхотнікаў. Ён зусім не чакаў, што моцная група конніцы пяройдзе дзве цяжкапраходныя ракі, каб ударыць якраз у гэтае крыло. Затое грэбля была навідавоку, а паблізу яе канцэнтраваліся каронныя сілы. Гэта ясна наводзіла на думку, што якраз на ёй Чарнецкі засяродзіць усе свае намаганні. Хаванскі разлічваў вырашыць лёс бітвы на сваім правым крыле і сканцэнтраваў тут найвялікшую колькасць сваіх найлепшых сілаў. Дзеля гэтага ён значна аслабіў астатнія пазіцыі сваіх войскаў. Вельмі магчыма, што ён разглядаў грэблю гэтаксама, як Чарнецкі: прагнуў яе заняць, а калі гэта ўдасца — рынуць праз яе свае галоўныя сілы на разбітага праціўніка. З іншага боку, ён баяўся, каб каронныя войскі не наважыліся заняць яе, пакуль ён сам будзе распраўляцца з ліцвінамі. Уважаючы на гэта, ён перасунуў бліжэй да яе галоўныя сілы пяхоты і артылерыі[50]. Ім належала бараніць пераправу і ствараць уражанне, што на ёй засяроджана галоўная ўвага маскоўскіх войскаў. Насамрэч жа лёс бітвы павінна была вырашыць маса конніцы на правым маскоўскім крыле, сканцэнтраваная супраць дывізіі ВКЛ.

Здарылася так, што абодва бакі склалі ў прынцыпе падобны план бітвы, адно што вырашэння яе лёсу яны меркавалі шукаць на процілеглых крылах. Усё павінна было залежаць ад таго, чыё левае крыло апынецца найбольш стойкім пад ударам ворага.

Набліжаючыся да ракі, Хаванскі паслаў ганцоў да Чарнецкага, каб у нахабных выразах паведаміць пра сваё прыбыццё. Ён перадаў польскаму военачальніку, што рад нагодзе памерыцца з ім сіламі ў баі. Словы Хаванскага, падобна, былі поў­ныя фанабэрыі і самаўпэўненасці. Чарнецкі, у сваю чаргу, зрабіў выгляд, быццам ён не хоча прымаць бітву і збіраецца адступіць. Ён не дазволіў таксама, каб парламенцёры агле­дзелі ўсе ягоныя сілы. Інакш зрабіў Хаванскі, які адкрыта высунуў свае аддзелы да ракі, так што яны былі добра відаць камандзірам арміі Рэчы Паспалітай[51].

Выпускаць праціўніка з рук Хаванскі не хацеў. У гэты момант ён заўважыў на другім беразе пэўныя рухі, якія прыняў за пачатак адступлення Чарнецкага[52]. Польскі манеўр меў на мэце пераканаць праціўніка, што Чарнецкі сапраўды збіраецца адысці з поля бітвы. Ім важна было вывабіць расійцаў з выгадных пазіцыяў за грэблю. Далейшай мэтаю было, напэўна, адцягнуць увагу Шчарбатава, які камандаваў левым маскоўскім крылом, ад таго, што дзеецца ў яго на левым флангу. Маскоўскі ваявода павінен быў засяродзіць сваю ўвагу на грэблі і выдаткаваць на яе захоп і абарону як найболей сілаў. Вось жа, Хаванскі папаўся ў падрыхтаваную Чарнецкім пастку. Адступленне апошняга ён зразумеў самым сур’ёзным чынам і, убачыўшы яго, загадаў адразу кінуць пяхоту Шчарбатава за грэблю, каб прымусіць праціўніка да бітвы. Яго стрым­лівалі больш асцярожныя Змееў і Шчарбатаў. Князь адмахнуўся ад іхніх перасцярогаў — маўляў, Літва ж уцякае![53] Паводле ягонага загаду на грэблю накіраваліся два аддзелы маскоў­скай пяхоты[54]. Яны лёгка змялі астатніх жаўнераў Мянжын­скага, перайшлі грэблю і пачалі займаць пазіцыю з яе заходняга боку, нават прыцягнулі некалькі гарматак і пачалі малаэфектыўны з прычыны адлегласці абстрэл польскай пяхоты[55]. Чарнецкі, назіраючы рух непрыяцеля, не дазволіў апошняму занадта ўмацавацца на сваім беразе. Ён прызнаў, што надышла адпаведная хвіліна, і бліскавічна вывеў з невідочнага для маскоўскіх жаўнераў месца схаваныя дагэтуль харугвы. Най­праўдападобней, у атаку пайшлі, разам з іншымі, перадусім драгунскія харугвы — іхняй задачай было прагнаць маскоў­скую пяхоту з свайго берага. Сярод іх маглі быць аддзелы гусараў, прызначаныя зламаць сваім ударам на вузкім адрэзку грэблі супраціў пяхотнікаў Хаванскага, якія ў гэтым месцы, мабыць, стаялі нашмат глыбейшым строем. Атакуючы з магутным імпэтам, конніца рынула на маскоўскіх пехацінцаў, якія паспелі толькі раз стрэліць з мушкетаў. Моцны ўдар разбіў іхні строй і скінуў іх у ваду. Польскія кавалерысты пра­скакалі галопам скрозь разбітыя шэрагі пяхоты і ўварваліся на грэблю, з якой прагналі маскоўскую пяхоту. Маскоўскіх жаўнераў, якія заставаліся яшчэ на польскім беразе, у наступныя хвіліны пасекла кавалерыя і пяхота Чарнецкага, што выбегла следам за імі. Тым часам гусары рваліся наперад: яны даскакалі да канца грэблі і, праўдападобна, выехалі ў пагоні за разбітай пяхотай на маскоўскі бераг[56].

Хаванскі, які кіраваў дзеяннямі сваіх войскаў, убачыўшы паразу пяхоты і заезд цяжкай польскай конніцы на свой бераг, мусіў адкласці ўдар на ліцвінаў і перанесці сваю ўвагу на занятыя Шчарбатавым пазіцыі на вышыні грэблі, што апынуліся пад пагрозай. Супраць палякаў ён скіраваў значныя ад­дзелы конніцы з групоўкі Шчарбатава, што дадаткова аслабіла левае маскоўскае крыло. Перайшоўшы ў атаку, маскоўская конніца хутка выціснула праціўніка праз грэблю на процілеглы бераг[57]. Адразу ж за ёю да ракі падцягнуліся моцныя аддзелы маскоўскай пяхоты, якая зноўку заняла грэблю. Гэтым разам Хаванскі выкарыстаў нашмат больш войскаў, падтрымаўшы іх дадаткова моцнай артылерыяй.

Вось жа, Хаванскі мусіў адкласці запланаваныя ім дзеянні на правым крыле сваёй арміі і заняцца тым яе адрэзкам, што знаходзіўся блізка да цэнтра строю, каля грэблі. Гэта адвяло непасрэдную пагрозу ад ліцвінаў і дало ім вялікую свабоду дзеянняў. Маскоўскі князь прыняўся ўмацоўваць сваю пазіцыю на грэблі, ужываючы для гэтага пяхоту з іншых пазіцый фронту. Ён бачыў, што Чарнецкі прыступіў да чарговай атакі на грэблю, выкарыстоўваючы моцныя аддзелы драгунаў на чале з палкоўнікам Янам Тэдтвінам [Tedtwin]. Драгуны, пад­трыманыя казакамі–выбранцамі пад камандаваннем Францішка Кабылэцкага [Kobyłecki], пасля цяжкога бою выбілі маскоў­скую пяхоту і конніцу за грэблю, занялі нават там плацдарм і захапілі гарматы. Маскоўскую пяхоту адкінулі аж да лесу, што рос паблізу грэблі на ўсход ад ракі[58]. Захоп грэблі і заняцце пазіцыі на ўсходнім беразе было іх вялікім поспехам, нягледзячы на значныя страты.

Хаванскі пастанавіў любою цаною пакласці канец гэтаму небяспечнаму ўварванню палякаў у ягоныя пазіцыі. Ён зноўку скіраваў да іх значныя сілы пяхоты і артылерыі, а таксама распачаў абстрэл занятага палякамі плацдарма. На гэтым напрамку ён сабраў таксама досыць моцную групу конніцы, каб памагчы пяхоце адагнаць палякаў на іхні бераг[59]. Чарнецкі, дзякуючы поспеху драгунаў Тэдтвіна, дамогся ў цэнтры значнай перавагі і здзейсніў тут свае мэты, якія дазволілі яму адразу прыступіць да вырашальных для ўсяе баталіі аперацыяў на крылах. Увага расійцаў ужо настолькі засяродзілася на цэнтры, дзе знаходзілася грэбля, што край іхняга левага крыла зусім выпаў з–пад увагі маскоўскіх камандзіраў.

Вырашальны польскі ўдар павінны былі здзейсніць схаваныя на дальнім правым крыле харугвы групы Вайніловіча. Чарнецкі ўсё ж непакоіўся за літоўскае крыло. Ударыць на яго Хаванскі, праўда, не здолеў, але супраць яго працягвалі стаяць шматлікія аддзелы добрай маскоўскай конніцы. Пад ін­шым камандаваннем яны маглі стварыць пагрозу для ліц­вінаў, і ў кожным разе гэта былі вялікія рэзервовыя сілы, якія Хаванскі мог перакінуць на цэнтр або супраць групы Вайніловіча, каб спыніць іхнія дзеянні. Чарнецкі не мог дапусціць, каб хоць якая з гэтых магчымасцяў ажыццявілася, і пастанавіў звязаць боем маскоўскія войскі, што стаялі супраць ліцвінаў. Гэтае заданне павінны былі выканаць людзі Сапегі. Таму, распачынаючы атаку на грэблю сіламі драгунаў Тэдтвіна, ён адначасна паслаў да Паўла Сапегі, каб той сваімі харугвамі распачаў наступ на правае расійскае крыло[60]. У гэты ж момант або крыху пазней аналагічны загад ён аддаў Вайніловічу. Той павінен быў перайсці Палонку ў напрамку да Пацянаў і выйсці на дальнія тылы войскаў Хаванскага, абыходзячы фланг групоўкі Шчарбатава. Адначасна Чарнецкі прыступаў да далейшых дзеянняў, якія былі прызначаныя затрымаць расейцаў у цэнтры. Для польскага военачальніка бітва ўваходзіла ў вырашальную фазу. З пачаткам пераправы ягоных войскаў на абодвух крылах ініцыятыва бою пераходзіла ўжо цалкам у яго рукі. Хаванскаму цяпер даводзілася з усіх сіл бара­ніцца ад каралеўскіх згрупаванняў, якія з’яўляліся і наступалі адусюль.

Атрымаўшы загад да атакі, Сапега паслаў пяхоту, якая праз брод адкінула ад берага нешматлікую там маскоўскую пяхоту. Далей ён кінуў у імпэтную атаку на масы варожай конніцы дзве літоўскія гусарскія харугвы на чале з Палу­бін­скім. З Сапегавай рэляцыі вынікае, што ўдар гусараў нанёс маскоўскай пяхоце, якая стаяла ў іх на дарозе, жахлівыя страты. Строй пяхоты быў разбіты дзідамі так удала, што „żaden drzewca darmoć nie skruszył“ [ніхто дрэўка дарма не зламаў][61]. Гусары рваліся наперад, а за імі Палонку пераходзілі другія лёгкія літоўскія харугвы. Аднак неўзабаве імпэт літоўскіх войскаў быў стрыманы ўпартай абаронай шматлікай маскоўскай конніцы, якая знаходзілася на гэтым крыле. Праз нейкі час расійцы нават перайшлі ў контрнаступ. Іхняй кавалерыі ўдалося абысці з левага боку войскі Сапегі, якія працягвалі наступ, і нават зайсці ў іхнія тылы. Гэта стварыла вельмі пагрозлівую для ліцвінаў сітуацыю. У вялікай небяспецы апынуліся і сам Сапега, які страціў каня, і Палубінскі. Уратавала іх самаадданасць і адвага дваіх таварышаў. Ратуючы гетмана, ахвяраваў жыццём шведскі афіцэр Зас [Zass], якога, як свайго палоннага, Сапега пасля замірэння са Швецыяй узяў да сябе на службу. На полі бітвы пад Палонкай ён уратаваў жыццё гетману, аддаўшы яму свайго каня, а сам, застаўшыся пешым, загінуў ад рук маскоўскіх коннікаў. Гэтыя перажыванні надоўга ўрэзаліся ў памяць вялікага гетмана. Ён успамінаў: „Z tej wielkiej trudności z rąk wroga; prawie Bóg sam cudownie mnie i z Jmcią Panem Pisarzem wyrwał od nich, bo już ścisnęli nas byli“ [З тае вялікае труднасці, з рук ворага, амаль што сам Бог цудоўным чынам мяне з Ягамосцю панам пісарам вырваў (ад іх), бо (тыя) ўжо былі нас сціснулі][62]. Цягам далейшага бою Сапегавы жаўнеры здолелі адбіць атаку войскаў Хаванскага і выратавацца з грознага становішча. Часовы крызіс, на шчасце, быў пераадолены. Магчыма, гэтаму дапамагло з’яўленне новых фармаванняў ВКЛ, якія, фарсуючы брод на рацэ, адно за адным уступалі ў бітву. Несумненна, вялікую ролю адыграла тут чарговае аслабленне правага маскоўскага крыла, з якога на пазнейшым этапе бою была адцягнута частка сілаў у напрамку левага крыла арміі Хаванскага, што апынулася пад пагрозай. Як бы там ні было, войскі Сапегі былі затрыманы і надоўга ўцягнуліся ў пазіцыйныя баі на правым маскоўскім крыле, зусім страціўшы хуткасць дзеянняў.

Аднак пастаўленую Чарнецкім задачу войскі ВКЛ выканалі. Правае маскоўскае крыло само цяпер мусіла бараніцца і не магло ні стварыць пагрозу для каралеўскай арміі, ні даць колькі–небудзь значную дапамогу іншым кантынгентам маскоўскай арміі. Палякі ціснулі на Хаванскага ў цэнтры, правае крыло стварала яму дадатковы клопат, — тым больш ён забываўся пра сваё левае крыло.

Прыступаючы да атакі, Вайніловіч вывеў свае харугвы са схованкі і хутка падышоў да ракі. Незаўважаны маскоўскімі войскамі, ён з вялікай цяжкасцю пераадолеў яе балоцістае рэчышча, парослае густым і высокім зараснікам, і падаўся проста на фальварак Пацяны. Калі ягоная конніца ўжо выбралася з зарасніка, яе заўважыла пяхота, што сядзела ў пабудовах фальварка. Яна адкрыла моцны агонь па паляках, аднак Вайніловіч хутка выстраіў сваю конніцу і рынуўся на пехацінцаў. Вынішчылі іх імгненна. Атрад заўважыў Трубяцкой — каман­дзір коннага рэзерву, які складаўся з баярскіх і рэйтарскіх аддзелаў. Ён імгненна кінуў сваіх коннікаў у атаку. Удар быў такі шпаркі і моцны, што людзі Вайніловіча не паспелі набіць агнястрэльную зброю пасля папярэдняга бою. Пачаўся жорст­кі бой, у якім перамога даволі доўга вагалася на абодва бакі. Урэшце польскі кавалерыст параніў Трубяцкога шабляй у галаву. Гэта зламала маскоўскі супра­ціў, царская конніца кінулася наўцёкі, а харугвы Вайніловіча пагналіся за ёю[63].

Чарнецкі, убачыўшы гэты поспех, вырашыў рэзка ўзмац­ніць націск праз грэблю на маскоўскі цэнтр, каб аблегчыць задачу Вайніловічу і дапамагчы сваім драгунам, якія мужна трымалі плацдарм на маскоўскім беразе, нягледзячы на моцныя атакі. З гэтай мэтай ён выкарыстаў падрыхтаваныя зага­дзя дзве гусарскія і дзве казацкія харугвы, якія стаялі ў тыле. Яны рушылі праз грэблю на цэнтр непрыяцеля. Мінуўшы пяхоту Тэдтвіна, што бараніла плацдарм, яны атакавалі маскоўскую конніцу, якая стаяла каля лесу і рыхтавалася да дзеянняў супраць польскага плацдарма. Паміж маскоўскай і польскай кавалерыяй адбыўся жорсткі бой, пасля якога польскія харугвы адступілі ў напрамку сваіх драгунаў[64]. Грэбля зноў прыкавала да сябе ўвагу Хаванскага. Але гэта працягвалася нядоўга: сітуацыя на забытым левым крыле раптоўна змянілася да непазнавальнасці. Катастрафічны для царскіх войскаў паварот справаў у гэтым баку тэатра ваенных дзеянняў прымусіў маскоўскае камандаванне засяродзіцца на падзеях, якія пачалі разгортвацца на левым крыле і ў тыле іхніх пазіцыяў.

У пагоні за Трубяцкім коннікі Вайніловіча заехалі ў глыбокі тыл арміі Хаванскага. Гэта спарадзіла замяшанне ў шэрагах маскоўскіх жаўнераў на пазіцыях Шчарбатава і Змеева, якія адбівалі атакі войскаў Чарнецкага. Для іх і для Хаванскага сітуацыя складалася вельмі трывожная. Моцны націск з боку пераправы не сціхаў, пераможны праціўнік зайшоў да іх у тыл, а да таго ж на правым крыле ўсё мацней напіралі ліц­віны. Убачыўшы на сваіх тылах моцную групу польскай конніцы, Хаванскі мусіў як найхутчэй зрабіць захады, якія мелі на мэце яе знішчэнне. Іначай яна пагражала яму атакаю з тылу на войскі, якія біліся з Чарнецкім, або на тое крыло, якое дагэтуль без вялікага поспеху змагалася з літоўскімі харугвамі. Пастаўлены перад неабходнасцю ратаваць армію, Хаванскі быў вымушаны прыняць імгненнае рашэнне — перакінуць чарговыя аддзелы сваёй конніцы, выцягнуўшы іх з правага крыла, у тыл супраць палякаў. На пераможных палякаў адразу рушылі значныя аддзелы маскоўскай кавалерыі. Сутычка з імі адбылася на тылах групоўкі Шчарбатава і Змеева[65]. Але, як занатаваў Пасэк, націск гэтых новых войскаў усё больш слабеў, а самі яны ішлі ў атаку няпэўна і з усё большай трывогай, бачачы, як становішча ўсяго іхняга войска з кожнай хвілінай робіцца ўсё горшым. Таму жаўнеры Вайніловіча адбіваліся ад гэтых аддзелаў з усё большай лёгкасцю.

Сочачы за развіццём падзеяў за ракою, Чарнецкі разумеў, што для бітвы цяпер настаў вырашальны момант, і пераможнае яе заканчэнне залежыць ад хуткасці і паспяховасці ягоных дзеянняў у цэнтры на вышыні грэблі. Прамаруджанне магло прывесці нават да знішчэння войскаў Вайніловіча: да іх дабраліся б чарговыя аддзелы маскоўскай кавалерыі, а ў шыхтах Хаванскага тым часам справіліся б з замяшаннем. Таму ў гэты момант належала правесці моцны ўдар, скіраваны ў непрыя­цельскі цэнтр. У выпадку яго ўдачы харугвы Вай­ні­лові­ча і літоўскія харугвы, якія выходзілі на маскоўскія тылы, сталі б тым кавадлам, на якім была б раструшчана ўся армія Хаванскага.

Прыступаючы да рэалізацыі свайго намеру, Чарнецкі меў дзве падрыхтаваныя для гэтага гусарскія харугвы, якія згадваліся вышэй. За імі павінны былі ўдарыць лягчэйшыя казацкія харугвы. Пяхота на плацдарме, а таксама на левым каронным крыле пад камандаваннем А.Паляноўскага [Polanowski], атры­­мала загад рушыць за пераможнай конніцай. Чарнецкі выслаў таксама да Сапегі настойлівы заклік узмацніць націск і кінуць у атаку ўсе сілы. Ён заклікаў гетмана літоўскага: „Dla Boga, żeby wszystkimi siłami natrzeć i rozrywać Moskwę, bo pułk królewski zgubiemy“ [Дзеля Бога, каб усімі сіламі наваліцца і разрываць Маскву, бо страцім каралеўскі полк][66]. Чарнецкаму важна было не толькі дапамагчы харугвам Вайніловіча, якія вялі бой, але таксама разбіць і дэзарганізаваць правае маскоўскае крыло, каб Хаванскі не змог чэрпаць адтуль падмацаванні для свайго цэнтра. Акрамя таго, ён чакаў выхаду ліц­вінаў на тылы арміі праціўніка і канчатковага акружэння ягоных аддзелаў.

Моцная атака праз грэблю на непрыяцельскі цэнтр прынесла поўную ўдачу, прывёўшы да паражэння арміі Хаванскага. Маскоўская конніца, якая спрабавала адбіцца ад гусарскай атакі, была ўшчэнт разбітая і рассыпалася ў бакі. Хаванскі яшчэ спрабаваў арганізаваць сваю кавалерыю для далейшай абароны. Таму ў цэнтры закіпеў жорсткі бой паміж маскоў­скай конніцай і польскімі гусарамі, а таксама лягчэйшымі харугвамі, што надыходзілі следам. Польская кавалерыя ўдарыла таксама на расійскую пяхоту, якая баранілася вельмі мужна і сама пераходзіла ў атаку, ведучы густы агонь[67]. Падобна, што маскоўская конніца аж чатыры разы пускалася наўцёкі, а Хаванскі яе раз за разам заварочваў у чарговыя атакі на поль­скую кавалерыю[68]. Атакі гэтыя, аднак, раз за разам слабелі, і супраціў маскоўскай конніцы рабіўся ўсё менш рашучы. Жаўнеры Хаванскага ўсё больш пачыналі думаць пра свой ратунак, а не пра далейшы адпор непрыяцелю. Маскоўскіх пяхотнікаў, якія стаялі паблізу гаю, абкружыла польская пяхота, але першая сутычка не прынесла ім вялікага поспеху. Удалося толькі захапіць гарматы царскіх ратнікаў. Пройгрышу яны яшчэ не адчувалі, бо поруч з імі працягвала біцца маскоўская конніца, таму не толькі бараніліся, але нават пераходзілі ў лакальныя атакі[69].

Падзеі разгортваліся вельмі шпарка. Убачыўшы разгром цэнтра, кінуліся наўцёкі маскоўскія кавалерысты, якія біліся дагэтуль з Вайніловічам. У іх і ў тых з правага крыла, за кім не замкнуліся яшчэ польска–літоўскія клешчы, было найболей шанцаў уратавацца з поля бітвы цэлымі. Следам за імі патрапіла ўцячы і траціна пяхоты. Гэта былі першыя ўцекачы; жаўнеры Вайніловіча не пусціліся за імі ў пагоню, а ўдарылі з тылу па маскоўскіх шэрагах Шчарбатава. У той жа час напор ліцвінаў раструшчыў супраціў аслабленага правага маскоў­скага крыла, і пераможныя харугвы Сапегі моцна ўрэзаліся з гэтага боку ў правы фланг конніцы Хаванскага, якая білася з харугвамі Чарнецкага. Гэта паглыбіла хаос і замяшанне ў маскоўскіх шэрагах[70].

У гэты момант узнікла сітуацыя, пры якой большая частка арміі князя Хаванскага, асабліва ў цэнтры і на левым крыле, апынулася пад атакай з усіх бакоў. Абкружаная адусюль, маскоўская конніца білася ўжо не за перамогу, а за ўласны ратунак[71]. Вельмі моцна адбівалася ў цэнтры і маскоўская пяхота, якую атакавалі драгуны Тэдтвіна. Да яе на гэтым этапе бітвы спрабавалі дабрацца і польскія кавалерысты, але былі адбітыя царскімі пяхотнікамі, якія заўзята бараніліся сваімі доўгімі дзідамі і бердышамі. Калі ж нарэшце настаў час пагоні за маскоўскай конніцай, польская кавалерыя кінула гэты цяжкі бой і пагналася за ворагам. Пільнаваць гэтых расійцаў Чарнецкі, здаецца, даручыў мальтыйскаму кавалеру Мікалаю Ўладыславу Юдыцкаму[72]. Бой у цэнтры з маскоўскай конніцай і пяхотай, хоць і незвычайна зацяты, працягваўся пасля гэтага ўжо нядоўга. Ён прынёс маскоўскім войскам вялізныя страты. Абарона, якую працягваў падтрымліваць Хаванскі, вельмі хутка гэтага не вытрымала. Першым зламаўся супраціў конніцы. Яна панічна кінулася ўцякаць у тыл. За ёю пагналіся польскія конныя харугвы на чале з Аляксандрам Паляноўскім і пераследавалі іх далёка[73]. У пагоню за ёю рушылі таксама харугвы ВКЛ на чале з Кміцічам. Яны гналіся аж да позняй ночы, зусім рассеяўшы ўцекачоў[74]. У сваіх уцёках масы маскоўскіх коннікаў стварылі нават пагрозу аддзелам Вайніловіча, бо з усяе сілы несліся ў іхні бок. Аднак перапужаным уцекачам не ў галаве было ўвязвацца ў новыя баі. Калі ж стала ясна, што маскоўская конніца ўжо ў поўным складзе ўцякае з поля бою, тады і жаўнеры Вайніловіча пагналіся за ёю[75]. Пачалася разня недабіткаў, што засталіся ў тыле. Аднак галоўную ролю ў пагоні адыграла конніца ліцвінаў. Сярод уцекачоў апынуўся і сам Хаванскі, які ў апошнія хвіліны супраціву атры­маў два ўдары шабляй у галаву[76].

Пасля разгрому маскоўскай кавалерыі на полі бою засталася яшчэ моцная групоўка пяхоты з арміі Хаванскага. Яна стаяла побач з лесам, што рос паблізу грэблі. Сярод пяхотнікаў зна­ходзіўся яшчэ адзін расійскі камандзір — Змееў[77]. Праз нейкі час сюды пасля пагоні пачалі вяртацца харугвы Рэчы Паспалітай[78]. У першую атаку на пяхоту, паводле загаду Чарнецкага, рушыў Юдыцкі на чале гусараў. Удар цяжкой кавалерыі разарваў шэрагі пяхоты. Тады віленскі ваявода па­слаў з бакоў, краем лесу, іншыя — лягчэйшыя — харугвы, каб адцясніць пяхоту ад лесу[79]. Маскве, аднак, удалося адступіць у лес і там арганізаваць зацятую абарону. Тады ўвесь гай абкружылі пяхотай і гарматамі і адкрылі агонь па пяхоце, якая густа стаяла ў тым гаі[80]. Моцны абстрэл прынёс маскоўскім жаўнерам вялізныя страты. Трэба думаць, якраз у гэты час загінуў іхні камандзір Змееў[81]. Тады маскоўскія жаўнеры, што заста­ліся жывыя, выйшлі з гаю і прасілі спыніць бой, збіраючыся здацца. Ніякай літасці, аднак, ім не далі. На іх рынулася каронная і літоўская кавалерыя на чале з Юдыцкім. Але нават цяпер, як пры­знавалі іхнія праціўнікі, яны яшчэ бараніліся мужна і зацята. Бітва была выйграна, а страшны Хаванскі, які з мінулага года дратаваў Вялікае Княства Літоўскае, і яго жаўнеры ўцякалі, ратуючы свае жыцці.

Цяжка дакладна сказаць, якія людскія страты панесла армія Хаванскага. Лічыцца, што на полі бою палегла каля 800 царскіх коннікаў і каля 2,5 тыс. пяхоты. Большай частцы арміі ўдалося ўцячы з поля бітвы. Шмат хто з іх загінуў пазней — пад час заўзятай літоўскай пагоні, сутычак пад Мірам і Жукавым Барком, а таксама ў выніку масавага дэзерцірства[82]. Да Полацка, Барысава і нават Смаленска дабраліся толькі дробныя шматкі маскоўскага войска. У рукі пераможцаў трапілі ўсе маскоўскія гарматы, шмат іншай зброі. Захоплены былі таксама ўсе боепрыпасы ворага, хоць значную частку пораху спаліла пяхота, пакуль баранілася. Пераможцам дасталіся ўсе запасы харчу, нарыхтаванага для маскоўскіх жаўнераў. Было здабыта шмат маскоўскіх харугваў, у тым ліку вялікая царская харугва, якую Хаванскі атрымаў ад Аляксея Міхайлавіча пры ад’ездзе ў літоўскі паход[83]. У няволю трапіла шмат афіцэраў, у тым ліку Шчарбатаў. Палонныя найвышэйшага рангу дасталі­ся галоўным чынам Чарнецкаму, які пазней трымаў іх у суровых умовах у вязніцы ў сваім Тыкоціне, патрабуючы за іх вялі­кага выкупу. Згодна з распаўсюджанай думкай, ён урэшце атры­маў за іх у сваю кішэню вялізную суму — 2 млн. злотых[84]. Жаўнеры на полі бою сабралі багатыя трафеі. І лагерная чэлядзь, і шмат хто з вышэйшых жаўнераў не грэбавалі абдзіраннем палеглых праціўнікаў і апраналіся ў маскоўскія строі: „wojsko, hołota nasza, suknie z Moskwy zdzierając pobrali, już naszych nie rozeznać tylko po czuprynie od moskiewskich ludzi“ [войска, галота нашая, пабрала адзежу, здзіраючы (яе) з Масквы, (так што) ужо нашых толькі па чупрыне і можна адрозніць ад маскоўскіх людзей][85]. Таксама лічылі сваіх палеглых. Страты, хоць і балесныя, былі не надта вялікімі. Павел Сапега ацэньваў іх у сваім войску ў 80 забітых[86]. Страты войскаў Чарнецкага ацэньваліся ў 100 жаўнераў[87]. Магчыма, яны былі і трохі вышэйшыя: Кахоўскі ацэньвае іх сумарна ў 300 забітых і шмат параненых. Найбольшыя страты, трэба думаць, прыпалі на фінальны бой з маскоўскай пяхотай, узброенай бердышамі[88].

Летні дзень быў у разгары. Бітва скончылася каля 12–й га­дзіны. Шматлікія рэляцыі падкрэсліваюць, што яна працягвалася нядоўга — усяго тры гадзіны[89]. На полі бітвы доўга не затрымліваліся і яшчэ таго самага дня рушылі далей — першай мэтай былі Ляхавічы[90]. Па ваколіцы разыходзілася вестка пра вялікую перамогу каралеўскіх войскаў. Даведаўшыся пра яе і пра набліжэнне сваіх, адважны камендант Ляхавічаў, рэчыцкі войскі Станіслаў Міхал Юдыцкі зрабіў вылазку і прычыніў сур’ёзныя страты маскоўскай пяхоце, якая заставалася на валах. Захапіўшы гарматы, ён абярнуў іх супраць непрыяцеля і знішчыў артылерыйскім агнём земляныя работы, якія вяліся дзеля захопу крэпасці[91]. На світанні 29 чэрвеня пад Ляхавічамі з’явілася ўся польска–літоўская армія, разагнаўшы маскоўскіх пехацінцаў, якія яшчэ заставаліся ў акопах. Тут захапілі ўсю маскоўскую артылерыю, якую Хаванскі не ўзяў з сабою пад Палонку, а таксама вялізныя запасы абложных прыладаў і харчу[92]. У абложаную дагэтуль крэпасць зрабілі ўрачысты ўезд, на вялікую радасць яе абаронцаў[93]. Затое гераічнай пяхоце, якая ўсе гэтыя месяцы бараніла Ляхавічы, выпала няўдзячная праца: ёй загадалі хаваць жаўнераў, што загінулі пад Палонкаю. Пахаваць удалося ўсяго тысячу: на ліпеньскай спёцы трупы раскладаліся, і з прычыны вялікага смуроду далейшую працу давялося спыніць[94].

У Варшаву радасныя весткі дайшлі 3 ліпеня. Іх прывёз высланы Чарнецкім яшчэ з поля бітвы, неўзабаве пасля яе заканчэння, пазнанскі харунжы Ўладыслаў Скарашэўскі[95]. Па дарозе ў Варшаву змучаныя жыхары здратаваных Хаванскім земляў даведваліся пра поўную паразу страшнага князя і яго панічныя ўцёкі. Гэтую вестку яны напэўна прымалі з той жа палёгкаю і радасцю, як і шляхта ў Наваградку[96]. Сваю добрую навіну харунжы прынёс у сталіцу, калі каралеўская пара малі­лася ў варшаўскім касцёле візітак. Як пісаў вількамірскі маршалак Ян Мяжэнскі [Mierzeński], што знаходзіўся там, „Ta victo­ria niewymownie Państwo i wszystkich uweseliła“ [Гэтая перамога невымоўна ўзвесяліла караля з каралеваю і ўсіх][97], асабліва калі некаторыя заўважылі, што яна адбылася ў гадавіну пачатку бітвы пад Берасцечкам[98]. Да складзенага ўжо 2 ліпеня, але яшчэ не адасланага ліста камісарам, што знахо­дзіліся ў Мен­ску, адразу ж дапісалі, каб у новай сітуацыі яны не ішлі ні на якія саступкі ў перамовах з Масквою, ані ў казацкіх справах, ані ў тэрытарыяльных, ані ў якіх іншых. Замест гэтага яны павінны былі цвёрда патрабаваць вяртання ўсяго, што захапілі расійцы ад пачатку вайны[99]. Варта дадаць, што рэляцыя, напісаная рускім ваяводам і прывезеная Скарашэўскім, лягла ў аснову іншых апісанняў бітвы пад Палонкаю, якія з’яві­ліся ў наступныя дні і „пайшлі ў свет“. Яна змяшчала тыя галоўныя звесткі пра бітву, якія пераможцы — военачальнікі, афіцэры і жаўнеры — яшчэ на полі бітвы палічылі вартым занатаваць у пісьмовым выглядзе. Таму згаданыя апі­санні зболь­­шага паўтаралі звесткі, пераказаныя рускім ваяводам, часам дапаўняючы іх падрабязнасцямі з іншых паведамленняў, якія прыходзілі на каралеўскі двор.

Наступствам перамогі пад Палонкаю стаў пачатак карыснага для Рэчы Паспалітай пералому ў вайне з Масквой і вы­зваленне земляў Вялікага Княства Літоўскага на поўдзень ад Дзвіны і на захад ад Дняпра ад маскоўскіх войскаў. Тут засталося ўсяго некалькі замкаў, занятых царскімі гарнізонамі — у Вільні, Коўне, Горадні, Берасці, Наваградку і Барысаве. Некаторыя з іх пратрымаліся яшчэ каля года ці больш, аднак чарговыя поспехі войскаў Рэчы Паспалітай у 1660 і 1661 г. пазбавілі іх надзеі на вяртанне царскага панавання і схілілі да капітуляцыі.

Пераклаў Мікола Раманоўскі


[1] Гл. данясенні каралеўскіх камісараў з Нямежы ад лістапада 1656 г. у Галоўным архіве даўніх актаў у Варшаве (Archiwum Główne Akt Daw­nych, далей — AGAD), Каронны варшаўскі архіў, расійскі аддзел (Archiwum Koronne Warszawskie, dział rosyjski) 55c/28; 55c/29.
[2] Пра ход перамоваў гл.: Dąbrowski J. Polsko–moskiewskie rokowania pokojowe w 1658 r. // Rzeczpospolita w latach Potopu. Pod. red. J. Muszyńskiej i J. Wijaczki. Kielce, 1996.
[3] Пра наезд Хаванскага гл.: Kossarzecki K. Najazd kniazia Iwana Chowańskiego na Podlasie na przełomie 1659/1660 roku // Ostródzki Przegląd Historyczny. 2004. № 1 [у друку].
[4] Senatus Consultum, w Warszawie 25 V 1660. Бібліятэка Чартарыскіх у Кракаве (далей — B.Czart.), 401. C. 133. 28 V 1660. Тамсама. C. 137.
[5] Gazette de France. Gdańsk 12 VI 1660. C. 594—595; Jan Kazimierz do A.H. Połubińskiego, Warszawa 28 VI 1660. B. Czart., 154. С. 178.
[6] Ordynans od P. Sapiehy dany A. H. Połubińskiemu, Dąbrowa 23 V 1660. AGAD, Радзівілаўскі архіў (далей — AR), dz. II, nr 1424; B.Olszewski do B.Radziwiłła, Kiersnów 30 V 1660. Тамсама, dz. V, nr 10816, s. 155.
[7] Senatu Consultum, Warszawa 28 V 1660. B. Czart., 401. С. 135—137; Kubala L. Wojny duńskie i pokój oliwski 1657—1660. Lwów, 1922. С. 338—339.
[8] J. Mierzeński do B. Radziwiłła, Warszawa 16 VI 1660. AGAD, AR, dz. V, nr 9646, cz. II, s. 75. А.Скорабагаты [A. Skorobohaty] занатаваў, што ліцвіны рушылі 15 чэрвеня. Але насамрэч гэта адбылося на некалькі дзён пазней: Skorobohaty A. Diariusz. Opr. T. Wasilewski. Warszawa, 2000. С. 79.
[9] Сборник Муханова. Изд. П. А. Муханов. Москва, 1856. С. 221—222.
[10] B. Radziwiłł do K. Paca, b.m. 9 I 1660 // Kotłubaj E. Galeria nieświeska portretów Radziwiłłowskich. Wilno, 1857. С. 221—222.
[11] Chrapowicki J. Diariusz. Cz. I. Opr. T. Wasilewski. Warszawa, 1978. С. 212.
[12] M. K. Pac do A.H.Połubińskiego, Bowsk 21 I 1660. AGAD, AR, dz. V, nr 11209, cz. I, s. 144.
[13] K. Kłokocki do B. Radziwiłła, Słuck 7 V 1660. Тамсама, nr 6865, cz. I, s. 199. J. Horbaczewski do B. Radziwiłła, Wyzna 20 VI 1660. Тамсама, nr 5347, s. 9—10.
[14] Confessata o potędze nieprzyjacielskiej z różnych języków tak moskiewskich jako y Perehidczków. Государственная публичная библиотека им. Салтыкова–Щедрина, Санкт–Петербург. Автографы Дубровского, 152, k. 213—214v.
[15] Са Слуцка паведамлялі пра 2 тыс. маскоўскай пяхоты, 1 тыс. конніцы і 8 гарматаў, якія павінны былі 11 траўня праязджаць праз Менск. Гл.: K. Kłokocki, W. Huryn do B. Radziwiłła, Słuck 21 V 1660. AGAD, AR., dz. V, nr 6865, cz. I, s. 209; Komisarze do Jana Kazimierza, Mińsk 21 V 1660. B. Czart., 154, s. 138. Maskiewicza [Bogusława] dyjaryjusz moskiewskiej wojny w Wielkim Księstwie Litewskim będącej // Pamiętniki Maskie­wiczów. Opr. A. Sajkowski. Wrocław, 1961. С. 299—300; Акты Москов­ского государства (далей — АМГ). Петербург, 1901. Т. III. С. 84. Con­fessata o potędze… згадвае, што прыбылі 2 тыс. пяхоты.
[16] S. Przyborowski do B. Radziwiłła, Jasiewicze 7 VI 1660. AGAD, AR, dz. V, nr 12561, s. 82.
[17] АМГ. Т. III. С. 68. Confessata o potędze… называе лічбу 2465 жаўнераў.
[18] АМГ. Т. III. С. 95; K. Kłokocki, W. Huryn do B. Radziwiłła, Słuck 12 VI 1660. AGAD, AR, dz. V, nr 6865, cz. I, s. 215. Гл. таксама ліст ад 19 VI, с. 219.
[19] Komisarze do K. Paca, Mińsk 17 VI 1660. B.Czart., 154. С. 349—350; Komisarze do P. Sapiehy, Mińsk 22 VI 1660. Тамсама. С. 380.
[20] Алег Курбатаў ацэньвае армію Хаванскага напярэдадні бітвы ў больш як 10 тыс., пры гэтым сцвярджаючы, што падмацаванні, якія прыбылі перад бітваю, складалі амаль палову сілаў Хаванскага. Гл.: Kurbatow O. Połonką 1660 — spojrzenie z Moskwy // Mówią Wieki. 2000. № 3. С. 28—29. Трэба, аднак, памятаць пра тое, што аддзелы полацкай і іншай шляхты ў траўні — чэрвені масава пакідалі маскоўскі лагер, адслужыўшы дзве чвэрці, а таксама пра страты нядаўна прыбылых аддзелаў, панесеныя пад Ляхавічамі ў сутычках з вандроўнымі аддзеламі Аскеркі і Мурашкі або з раз’ездамі Чарнецкага.
[21] Wójcik Z. Dzieje Rosji. Warszawa, 1971. С. 184—186.
[22] Wimmer J. Materiały do zagadnienia liczebności i organizacji armii koron­nej w latach 1655—1660 [далей — Materiały...] // SMHW. 1958. Т. IV. С. 491—533; Wimmer J. Wojsko polskie w drugiej połowie XVII wieku. War­szawa, 1965. С. 125—128.
[23] Vorbek–Lettow M. Skarbnica pamięci. Opr. E. Galos, F. Mincer. Wrocław, 1968. С. 284.
[24] Супольную колькасць кароннага і літоўскага войска Е. Глябовіч ацэньваў у сакавіку ў 10 тысяч жаўнераў. Гл.: J. Hlebowicz do B. Radzi­wiłła, Słonim 11 III 1660. AGAD, AR, dz.V, nr 5226, s. 141. З ім згаджаецца Б. Маскевіч: Maskiewicz B. Op. cit. С. 302. У 11 тыс., у тым ліку 3 тыс. пяхоты і 8 тыс. конніцы, ацэньваў яе аўтар рэляцыі ў „Gazette de France“ ад 1660 г. пад назваю „Les particularitez de la victoire r’emportée par les Polonois sur les Moscovites“ [далей — Les particularitez...]. С. 730, 735. У іншым месцы, следам за Паўлам Сапегам, ён казаў пра 9—10 тыс. жаўнераў.
[25] S. Przyborowski do B. Radziwiłła, Jasiewicze 30 VI 1660. AGAD, AR, dz. V, nr 12561, s. 84.
[26] Maskiewicz B. Op. cit. С. 302.
[27] Апісанне гэтых падзеяў змяшчаюць два лятучыя лісткі на нямецкай мове: Ausführliche Relation der glüclischen Victoria, welche die polnische Armee gegen den Moskowiter zwischen Sclonim und Mysz erhalten hat [далей — ARV]. С. 1; Ausführliche Relation von der herlischen Victoria Ihrer Königlischen Majestät von Polen und der Niederlage der Moskowiter zwischen Sclonim und Lachowitz welche geschechen den 28 Junii 1660 (далей — ARVK). С. 1. Пра гэтыя лятучыя лісткі гл.: Zawadzki K. Gazety ulotne polskie i Polski dotyczące XVI—XVIII w. Wrocław, 1977. Т. I. С. 221. Іншую справаздачу пра гэтыя баі мы знойдзем у Les particularitez… С. 731. J. A. Morsztyn do N.N., Warszawa 2 VII 1660. Бібліятэка Польскай акадэміі навук, Кракаў [Biblioteka Polskiej Akademii Nauk w Krakowie] (далей — B.PAN Kr.), nr 1065, s. 225.
[28] ARVK. С. 1; Les particularitez… С. 730, 734.
[29] S. Przyborowski do B. Radziwiłła, Jasiewicze 30 VI 1660. AGAD, AR, dz. V, nr 12561, s. 84; Chrapowicki J. A. Op. cit. С. 249. Згодна з А.Курбатавым, гэта быў аддзел карнай экспедыцыі, што вярталася з–за Нёмана. Kurbatow O. Op. cit. С. 32. Хаванскі часта высылаў такія экспедыцыі. Яшчэ 7 чэрвеня пра адну з іх, лікам у некалькі соцень коней, выпраўленую ў ваколіцы Ваўкавыска, успамінаў Пшыбароўскі [Przy­borow­ski], гл. ягоны ліст з Ясевічаў [Jasiewicze]. С. 81.
[30] Maskiewicz B. Op. cit. С. 302; Les particularitez… С. 731. Сам П. Сапега прызнаваў, што ўваход войскаў у „kraj słonimski“ заспеў Хаванскага знянацку. Гл.: De data secunda Juliy, Z obozu w drodze. Ягелонская бібліятэка, Кракаў [Biblioteka Jagiellońska w Krakowie] (далей — B.Jag.), nr 5, s. 750.
[31] Vorbek–Lettow M. Op. cit. С. 290—291; Kurbatow O. С. 32.
[32] De data secunda Juliy… B.Jag., nr 5, s. 750; ARV, s. 1; ARVK, s. 2; Zwy­cięstwo z Moskwy od Polaków i Lithwy, Roku 1660 otrzymane. Biblioteka Zakładu Narodowego im. Ossolińskich PAN we Wrocławiu (далей — B.Ossol.), nr 189, s. 1; Łoś J. Pamiętnik towarzysza chorągwi pancernej. Opr. R. Śreniawa–Szypiowski. Warszawa, 2000. С. 93; Czermak W. Szczęśliwy rok. Dzieje wojny polsko–moskiewskiej z r. 1660 // Przegląd Polski. 1887. Т. 83. С. 511.
[33] ARVK. С. 2. Я. Лось, перабольшваючы, піша пра 24 маскоўскія харугвы: op. cit. С. 93. Але звычайна схільны да гіпербалізацыі Пасэк піша пра 5 тысяч адборнага маскоўскага войска: Pasek J. Op. cit. С. 127.
[34] Łoś J. Op. cit. С. 93; Skorobohaty A. Op. cit. С. 79—80.
[35] Найбольш пластычнае апісанне бою паміж двума гэтымі раз’ездамі пакінуў Пасэк: Pasek J. С. 127—128. Гл. таксама ARVK. С. 2—3; Les particularitez… С. 734.
[36] Zwycięstwo z Moskwy… С. 1174; Les particularitez… С. 734; ARV. С. 1; Pasek J. С. 128.
[37] ARVK. С. 3. Zwycięstwo z Moskwy… С. 1174.
[38] ARVK. С. 3. Zwycięstwo z Moskwy… С. 1174—1175.
[39] Zwycięstwo z Moskwy… тамсама; De data secunda Juliy… B. Jag., nr 5, s. 750.
[40] На падставе: Encyklopedia Wojskowa. Pod red. O. Laskowskiego. War­szawa, 1934—1939. С. 666; Kopia listu Jmci P. Wojewody Ruskiego do Króla JMci de data pod Myszą w polu die 28 Junij Anno 1660. B. Jag., s. 749—751.
[41] Zwycięstwo z Moskwy… С. 1175.
[42] Тамсама.
[43] ARVK. С. 4; ARV. С. 4.
[44] У найпаўнейшым выданні апісанне гэтых баёў знаходзіцца ў ARVK. С. 4. Згадваюць пра іх таксама Лось і Кахоўскі: Łoś J. Op. cit. С. 94; Kochowski W. Historya panowania Jana Kazimierza. Wyd. E. Raczyński. Poznań, 1859. Т. II. С. 66—67.
[45] Łoś J. Op. cit. С. 94. Скорабагаты паведамляе, што Слонскаму адсеклі галаву 18 ліпеня пад Бабром і ўзбілі яе на кол: op. cit. С. 81.
[46] Zwycięstwo z Moskwy… С. 1175.
[47] Jerlicz J. Latopisiec albo kroniczka Joachima Jerlicza. Wyd. K.W. Wójcicki. Warszawa, 1853. С. 49. Гл. таксама думку Клакоцкага пра Хаванскага: K. Kłokocki, W. Huryn do B. Radziwiłła, Słuck 6 VII 1660. AGAD, AR, dz. V, nr 6865, cz. I, s. 224.
[48] Encyklopedia… С. 667; Zwycięstwo z Moskwy… С. 1175.
[49] Pasek J. Op. cit. С. 130.
[50] Гл. апісанне сутычкі на падставе прывезеных у Варшаву справаздач з поля бітвы: J. Mierzeński do B. Radziwiłła, Warszawa 3 VII 1660. AGAD, AR., dz.V, nr 9646, cz. II, s. 77.
[51] Апісанне візіту паслоў Хаванскага на падставе Les particularitez… С. 731—732; ARV. С. 5.
[52] Les particularitez… С. 732; Maskiewicz B. Op. cit. С. 302.
[53] J. A. Chrapowicki do B. Radziwiłła. Warszawa 25 VI 1660. AGAD, AR., dz. V, nr 2153, s. 8; Maskiewicz B. Op. cit. С. 302.
[54] Пасэк з вялікім перабольшаннем кажа, што там было 6 тыс. жаўнераў: Pasek J. С. 129. Лось называе 1700: Łoś J. С. 94; ARVK падае, што гэта былі два рэгіменты, Кахоўскі ж піша пра два палкі: Kochowski W. С. 66. Найпраўдападобней, гэта было колькі соцень жаўнераў.
[55] AVRK. С. 5; Les particularitez… С. 732.
[56] Encyklopedia… Op. cit. С. 666.
[57] AVRK. С. 6; Kochowski W. Op. cit. С. 67.
[58] Kopia listu Jmci P. Wojewody Ruskiego do Króla Jmci… B. Jag., nr 5, s. 750; Les particularitez… С. 732—733.
[59] AVRK. С. 5.
[60] Так паказвае падзеі падрабязная рэляцыя на нямецкай мове, гл.: ARVK. С. 6. Гл. таксама: Z pod Kojdanowa de data 2 Julii rano 1660. Wiadomość od Jmci P. Sapiehy Hetmana WXLitt. B. Jag., nr 5, s. 747.
[61] Z pod Kojdanowa de data 2 Julii rano 1660… B. Jag., nr 5, s. 748; Les particularitez… С. 726.
[62] Z pod Kojdanowa de data 2 Julii rano 1660… B. Jag., nr 5, s. 748; Les particularitez… С. 727; Chrapowicki J. A. Op. cit. С. 250.
[63] Апісанне атакі войскаў Вайніловіча на падставе: Pasek J. Op. cit. С. 130—132.
[64] Kopia listu Jmci P. Wojewody Ruskiego do Króla Jmci… B. Jag. nr 5, s. 750; Les particularitez… С. 733; Zwycięstwo z Moskwy… С. 1176.
[65] Pasek J. Op. cit. С. 132; Kopia listu Jmci P. Wojewody Ruskiego do Króla Jmci… С. 750.
[66] Pasek J. Op. cit. С. 132.
[67] AVRK. С. 5.
[68] Les particularitez… С. 733. ARV, с. 6, кажа пра тры вяртанні конніцы Хаванскага.
[69] AVRK. С. 5.
[70] AVRK. С. 5; Z pod Kojdanowa de data 2 Julii rano 1660… B. Jag., nr 5, s. 748; Les particularitez… С. 728.
[71] Kochowski W. Op. cit. С. 67.
[72] ARV. С. 5; Kochowski W. Op. cit. С. 67.
[73] Kopia listu P. Wojewody Ruskiego do Króla Jmci… B. Jag., nr 5, s. 750.
[74] Z pod Kojdanowa de data 2 Julii rano 1660… B. Jag., nr 5, s. 748.
[75] Pasek J. Op. cit. С. 132—136.
[76] Тамсама. С. 137.
[77] Гэта быў, аднак, не Сямён Ільіч, стольнік царскі і ваявода магілёўскі, а ягоны сын Змееў Сямёніч, гл.: J. A. Morsztyn do NN., Warszawa 2 VII 1660 // Ochman–Staniszewska S. „Listy Jana Andrzeja Morstina“. Wrocław, 2002. Ліст № 112. С. 169—170. Гл. заўв. № 9. Chrapowicki J. A. Op. cit. С. 638 (паказальнік).
[78] AVRK. С. 6.
[79] Пра бой конніцы з пакінутай пяхотай перад яе ўцёкамі ў лес згадвае ARV. С. 5. Таксама: Les particularitez… С. 736.
[80] Pasek J. Op. cit. С. 137.
[81] AVRK. С. 6; Gazette de France, z Warszawy 10 VII 1660. С. 715; Łoś J. Op. cit. С. 96.
[82] Kurbatow O. Op. cit. С. 35.
[83] Gazette de France, z Warszawy 5 VII 1660. С. 691. Тамсама, 10 VII 1660. С. 715; Les particularitez… С. 736; Kopia listu Jmci P. Wojewody Ruskiego do Króla Jmci… B. Jag., nr 5, s. 750; AVR. С. 6; AVRK, s. 6; Pasek J. Op. cit. С. 137—138.
[84] Car Aleksy Michajłowicz do Jana Kazimierza, Moskwa 4(14) VIII 1663. B. Czart., 156. С. 311; Kersten A. Stefan Czarniecki. Op. cit. С. 424—425.
[85] De secunda Julij. Z obozu w drodze. B. Jag., nr 5, s. 751.
[86] Les particularitez… С. 729.
[87] Тамсама. С. 736.
[88] Kochowski W. Op. cit. С. 68.
[89] Z pod Kojdanowa de data 2 Julii rano 1660… B. Jag., nr 5, s. 748; Zwycię­stwo z Moskwy… С. 1176; ARV. С. 6; Chrapowicki J. A. Op. cit. С. 250.
[90] Kopia listu Jmci P.Wojewody Ruskiego do Krуla Jmci… B. Jag., nr 5, s. 749.
[91] Ewaryst Jan Bebiecki do W.Lanckoroсskiego, Warszawa 9 VII 1660. B. Czart., 154, s. 463; Gazette de France, z Warszawy 10 VII 1660. С. 715; Kochowski W. Op. cit. С. 68—69.
[92] Łoś J. Op. cit. С. 97.
[93] Z pod Kojdanowa de data 2 Julii rano 1660… B. Jag., nr 5, s. 748.
[94] Łoś J. С. 97.
[95] Kopia listu Jmci P.Wojewody Ruskiego do Króla Jmci… B. Jag., nr 5, s. 751.
[96] Chrapowicki J. A. Op. cit. C. 249—250; Maskiewicz B. Op. cit. С. 303.
[97] J. Mierzeński do B. Radziwiłła, Warszawa 3 VII 1660. AGAD, AR., dz. V, nr 9646, cz. II, s. 77; J. A. Morsztyn do N.N., Warszawa 2 VII 1660. B. PAN Kraków, nr 1065, s. 225; Gazette de France z Warszawy 10 VII 1660. С. 714.
[98] M. Prażmowski do N.N., b.m. 2 VII 1660. B. PAN Kraków, nr 1065, s. 5.
[99] Jan Kazimierz do komisarzy, Warszawa 2 VII 1660. B. Czart., 154, s. 444.

Наверх

Конрад Бабятыньскі. Стары i Новы Быхаў у час вайны Рэчы Паспалітай з Масквой (1654—1655)

Снежня 19, 2003 |


Стары і Новы Быхаў, два гарады на Дняпры, адыгралі значную ролю ў ваенных падзеях першага этапу вайны Рэчы Паспалітай з Масквой 1654—1655 г. Аблогі абодвух як маскоўска–казацкімі войскамі, так і арміяй ВКЛ, істотна паўплывалі на фармаванне сітуацыі ва ўсходнім ваенным тэатры ды на палітычныя рашэнні, датычныя перадусім стасункаў Рэчы Паспалітай з казакамі і планаў падпарадкавання Хмяльніцкаму Паўднёвай Беларусі.

З абодвух пунктаў вырашальнае значэнне меў Стары Быхаў. З 1542 да 1625 г. горад належаў аднаму з наймагутнейшых магнацкіх родаў — Хадкевічам. Падмуркам яго развіцця стаў прывілей 1590 г., дадзены Жыгімонтам III Вазам тагачаснаму ўладару, у будучыні вялікаму гетману літоўскаму Яну Каралю Хадкевічу. Кароль дазваляў будаваць у горадзе каменныя фартыфікацыі вакол замка. Хадкевіч распачаў працу з шырокім размахам (асабліва інтэнсіўна ў 1610—1619 г.), аднак завершана прадпрыемства было толькі наступнымі ўладарамі горада.

Пасля смерці гетмана і шматлікіх спрэчак паміж спадкаемцамі паводле пагаднення 1625 г. горад перайшоў у рукі яго зяця, вялікага маршалка літоўскага Яна Станіслава Сапегі. Сапегі зрабілі Стары Быхаў цэнтрам сваіх велізарных надняпроўскіх уладанняў і ўклалі вялікія грошы, каб мадэрнізаваць фартыфікацыі. У сярэдзіне XVII ст. горад лічыўся адным з найлепш умацаваных у Вялікім Княстве Літоўскім, а з прыватных цвердзяў з ім мог раўняцца толькі радзівілаўскі Слуцк[1]. Вялікая заслуга ў гэтым належала Казіміру Лявону Сапегу, малодшаму брату і дзедзічу Яна Станіслава. Ён займаў пасаду падканцлера літоўскага (1654), лічыўся адным з найбольш уплывовых і багатых літоўскіх магнатаў. Вялізныя прыбыткі са шматлікіх уладанняў дазволілі Сапегу не толькі абнесці Стары Быхаў найноўшымі на той час умацаваннямі, але і трымаць яго пад абаронай шматлікіх прыватных фармаванняў, большасць якіх у бойках 1654—1655 г. увайшла ў склад гарнізона надняпроўскай фартэцыі[2].

Напярэдадні вайны з Масквой у Старым Быхаве налічвалася каля 2000 дымоў, больш за 10 000 жыхароў, большую частку з якіх складала габрэйства[3]. Гэта ўводзіла яго ў дзесятак найбуйных цэнтраў ВКЛ. Горад займаў параўнальна невялікую плошчу, меў форму паўкруга з дыяметрам каля 800 м[4]. Цэнтральным пунктам быў вялізны рынак. Сканцэнтраванасць забудоў на даволі малой плошчы значна спрыяла паспяховай абароне. Даўжыня ўмацаванняў была мінімальнай, таму патрабавала меншай колькасці людзей, каб іх ахоўваць, а значная частка гарнізона магла заставацца ў рэзерве і браць удзел толькі ў наступальных дзеяннях (вылазкі). Шчыльная забудова палягчала і абарону пасля магчымага фарсавання ворагам і дазваляла зладзіць арганізаванае адступленне ў замак. У горадзе былі ўзведзены дзве ўмацаваныя будыніны, што маглі быць самастойнымі пунктамі су­праціву: мураваны касцёл у паўднёвых кварталах і сінагога на поўначы, абнесеная больш чым двухметровым мурам з вежамі. Астатнія будынкі Старога Быхава былі драўляныя і пад час аблогаў звычайна згаралі пад артылерыйскім абстрэлам.

Вакол горада ўздымаліся фартыфікацыі, мадэрнізаваныя Сапегамі ў 20–я г. XVII ст. паводле старадаўняй галандскай сістэмы. Перадусім гэта быў магутны зямельны вал (7—8 м у вышыню і 30 м у аснове), узмоцнены 5 бастыёнамі і 6 равелінамі. У Быхаў вялі тры добра ўмацаваныя каменныя брамы (па 2 ярусы ды 7—8 байніцаў кожная). Першая, Падольная (Дольная), выходзіла на бераг Дняпра, другая — Магілёўская, на поўнач; трэцяя — Рагачоўская (Навабыхаўская), у паўднёвы бок. Перад валам быў выкапаны глыбокі (7—8 м) і шырокі (да 50 м) абарончы роў, праз які перакідваліся два масты: да Магілеўскай ды Рагачоўскай брамаў.

Невялікі каменны замак ва ўсходняй частцы горада меў у плане прастакутнік 77×100 м. Абнесены земляным валам з бастыёнамі, на захадзе, поўначы і поўдні ён бараніўся яшчэ і равамі (некалькі метраў у глыбіню, 22—27 м у шырыню). З захаду ў замак вёў пад’ёмны мост.

Непрыступнасць Старога Быхава падвышала размяшчэнне на стромым беразе Дняпра, край якога праходзіў каля ўсходняй сцяны ўмацаванняў. З гэтага боку ў Днепр таксама ўпадала невялікая забалочаная рэчка Макранка. Таму спробы штурмаваць горад з усходняга кірунку не мелі шанцаў, а аблогу можна было весці толькі з захаду, поўначы ці поў­дня[5].

Найноўшыя фартыфікацыі, якія абараняліся моцнай артылерыяй ды шматлікімі дасканала забяспечанымі жаўнерамі, рабілі са Старога Быхава наймацнейшы пункт літоўскай абароны ўздоўж Дняпра. Узяцце горада вымагала старанных і працяглых абложных дзеянняў, са шматлікімі аддзеламі пяхоты і цяжкай артылерыі. Значна меней шанцаў на стрыманне войскаў праціўніка мелі іншыя гарады на найбольшай з беларускіх рэк: Дуброўна, Ворша, Копысь, Шклоў, Магілёў, урэшце, той жа Новы Быхаў.

Новы Быхаў, размешчаны прыблізна за 20 кіламетраў на поўдзень ад Старога, істотна розніўся ад таго як велічынёй, так і гаспадарча–ваеннай значнасцю. У XVII ст. у ім было блізу 2000 жыхароў[6]. Горад належаў сям’і Слушкаў. У разгляданы перыяд найбольш значным яе прадстаўніком быў Жыгімонт Адам, надворны харужы літоўскі з 1649 г.[7]. Горад і замак мелі трывалыя, хоць дзесьці ўжо і састарэлыя драўляна–зямельныя ўмацаванні, з прастакутнікам 560Ч370 м у плане. Як і Стары, Новы Быхаў быў размешчаны на высокім дняпроўскім беразе[8]. Дэталі фартыфікацыі горада апісаў удзельнік яго аблогі ў студзені — лютым 1655 г., канюшы літоўскі Багуслаў Радзівіл: „Z jednej strony, z której szerokie w równinie rozciągają się pola, było wałem opasane, drugą stronę rzeka Dniepr płynąca, także mocne sztakiety, palisady i grube dęby broniły [З аднаго боку, з якога шырока ў раўніну цягнуцца палі, было аперазана валам, другі бок баранілі плынная рака Днепр, а яшчэ моцныя штыкеты, частаколы і таўстыя дубы]“[9]. Для паспяховай абароны горада яго неабходна было ўкамплектаваць шматлікай пяхотай і моцнай артылерыяй. Нажаль, Слушкі, хоць і належалі да найбуйнейшых землеўласнікаў Паўднёвай Беларусі, былі не ў стане забяспечыць належныя сілы для абароны сваёй маёмасці. Абмежаваная ў грашовых сродках, у 1654 г. сям’я не наняла ніводнага прыватнага аддзела. Калі выявілася, што ў Новы Быхаў не будуць скіраваны кампутовыя войскі, яго абаронцамі зрабіліся, апрача мяшчан, толькі навакольная шляхта ды сяляне. Гэта цалкам пазбаўляла мажлівасці наладзіць які–ніякі супраціў захопнікам.

Як Стары, так і Новы Быхаў апынуліся пад час летняй кампаніі 1654 г. у зоне дзеяння казацкага корпуса на чале з нежынскім палкоўнікам Іванам Залатарэнкам, наказным гетманам. Заангажаванасць казакоў у бойках на Беларусі сталася вынікам пераяслаўскай уніі. Пад час перамоваў у Маскве ў сакавіку — красавіку пасольства на чале з генеральным запарожскім суддзём Самойлам Зарудным і перая­слаўскім палкоўнікам Паўлам Цяцерам заручылася канкрэтнай пастановай. 6 красавіка цар Аляксей Міхайлавіч пры­слаў Хмяльніцкаму ўказанне, каб той скіраваў у дапамогу маскоўскім войскам пад Смаленск 18 000 чалавек[10]. Урэшце на ВКЛ вырушылі два палкі — нежынскі ды чарнігаўскі, разам са шматлікімі валюнтарыюшамі. На чале гэтых сілаў стаяў швагер Хмяльніцкага, нежынскі палкоўнік Іван Залатарэнка. У чэрвені 1654 г. у абозе пад Ноўгарадам–Северскім сабралася, як даносіў царскі па­сланец Цімафей Спасіцелеў, больш за 20 000 жаўнераў[11].

Корпус Залатарэнкі ўвайшоў на тэрыторыю ВКЛ у другой палове чэрвеня. Не зважаючы на шматлікія лісты Аляксея Міхайлавіча з патрабаваннямі ісці да галоўнай маскоўскай арміі пад Вязьму ды Смаленск, казакі скіраваліся пад Гомель — найбольшую цвердзь Паўднёвай Беларусі. Хмяльніцкі прызначыў швагру заняць як мага больш абшараў ВКЛ, каб далучыць іх пасля да Ўкраіны. Таму Залатарэнка адмовіўся злучыцца з галоўнай маскоўскай арміяй, а да галоўнага царскага абозу пад Смаленскам выслаў у жніўні толькі каля 1000 чалавек пад камандай свайго брата Васіля[12].

Сам наказны гетман з большасцю войска засяродзіўся на аблозе Гомеля. Задача была няпростая, бо горад меў трывалыя фартыфікацыі і моцны гарнізон з кампутамі нямецкай ды польскай пяхоты (каля 600 жаўнераў) і мясцовай шляхты[13]. Кіраваў гарнізонам берасцейскі земскі суддзя Станіслаў Казімір Бабраўніцкі. Ліцвіны ўчынілі захопнікам моцны су­праціў, затрымалі казакоў пад Гомелем на доўгія шэсць тыдняў. Пад час упартых боек абодва бакі панеслі значныя страты, сярод забітых апынуўся і намеснік Залатарэнкі, чарнігаўскі палкоўнік Сцяпан Падабайла.

Пры аблозе Гомеля казакі ладзілі шматлікія кавалерый­скія набегі з абодвух берагоў Дняпра далёка ўглыб ВКЛ. З ліста Залатарэнкі да цара ад 25 ліпеня бачым, што яго падначаленыя ўжо захапілі Рэчыцу, Жлобін, Стрэшын, Горваль і Рагачоў[14]. Тыднем раней, 17 ліпеня, нейкія казацкія фармаванні разбілі ў раёне Мазыра полк Шымона Паўшы колькасцю ў 5 лёгкіх і татарскіх харугваў ды 100 драгунаў, які бараніў межы ВКЛ з поўдня[15]. Калі ўрэшце 23 жніўня згаладалы, пазбаўлены надзеі на дапамогу гарнізон Гомеля капітуляваў, увесь корпус змог вырушыць на поўнач. Пасля ўзяцця Чачэрска казакі распачалі кампанію супраць Новага Быхава. Як бачна з ліста Залатарэнкі ў царскую канцылярыю ад 8 верасня, гэты горад, як і Прапойск, не здзейсніў казакам ніякага супраціву. Жыхары з уласнай волі самачынна расчынілі брамы, а пасля склалі Спасіцелеву — той увесь час суправаджаў нежынскага палкоўніка — прысягу на вернасць цару[16]. Паколькі гэты ліст пісаўся ўжо з абозу пад Старым Быхавам, а 4 верасня казакі былі яшчэ пад Чачэрскам, падзея, падобна, адбылася дзесьці 6 верасня.

Цяпер Іван Залатарэнка засяродзіў усе высілкі, каб прымусіць да капітуляцыі абаронцаў Старога Быхава. Узяцце гэткай магутнай цвердзі стала б грандыёзным і славутым дасягненнем, пацвярджэннем папярэдніх здабычаў. Стары Быхаў, разам з Гомелем, бачыўся нежынскаму палкоўніку цэнтрам казацкай Беларусі, падпарадкаванай Хмяльніцкаму. Але спачатку трэба было спыніць супраціў гарадскога гарнізона.

Казімір Лявон Сапега перад аблогай прыклаў усе намаганні, каб належна падрыхтаваць сваю найбуйнейшую цвердзь да абароны. Пасля звестак аб пераходзе ў канцы траўня — пачатку чэрвеня маскоўскімі войскамі мяжы Рэчы Па­спалітай ён урухоміў свой вялізны запас гатоўкі і распачаў найм жаўнераў. Яшчэ пад час нарадаў надзвычайнага сойму, перад 13 ліпеня, Сапега пакінуў Варшаву ды скіраваўся ў Літву, каб асабіста сачыць за падрыхтоўкай[17]. У Старым Быхаве на той час знаходзіўся яго верны слуга Канстанцін Багушэвіч, які энергічна ладзіў абарону. Тэрмінова рамантавалі фартыфікацыі, узмацнялі вал і бастыёны, звозілі запасы ладунку, харчу і фуражу. Да горада сцягваліся будучыя абаронцы. Як паведамляў Багушэвіч у вялікім лісце да падканцлера ад 13 ліпеня, у горадзе знаходзілася ажно 3000 баяздольных людзей, зарганізаваных у 21 харугву. За рэгіментара абралі Крыштафа Пагірскага. Апрача быхаўскіх мяшчан, да абароны ў вялікай колькасці далучылася навакольная шляхта, а таксама сяляне сапегавых уладанняў, перадусім з Талачына і Бялынічаў. Увесь час неставала толькі прафесійных жаўнераў, прыслання якіх дамагаўся Багушэвіч[18].

Рэгіменты нямецкай пяхоты і драгунаў дабраліся да горада толькі перад пачаткам аблогі. З сапегавых афіцэраў улетку 1654 г. у цвердзь мусіў прыбыць драгунскі капітан Ян Кругер[19]. Як паказвалі палонныя, захопленыя маскоўцамі напрыканцы снежня 1654 г., Стары Быхаў баранілі ў другой палове 1654 г. 2000 мяшчан, 600 наёмных жаўнераў, 200 гайдукоў, 100 драгунаў, каля 300 чалавек шляхты (перадусім уцекачоў з рэчыцкага павету), а таксама не менш за 1000 габрэяў. Усяго ў горадзе закрылася 10 000 чалавек[20]. Лічба ў 4200 абаронцаў відавочна завышана, што, аднак, сведчыць пра моц, надаваную гарадскому гарнізону. Як бачна з той жа рэляцыі, у Старым Быхаве было запасаў мукі на год, а солі і надаўжэй. Больш рэальнымі падаюцца звесткі з паказанняў іншага гараджаніна, узятага ў канцы 1654 г. Паводле яго слоў, горад мусілі бараніць 4 наёмныя харугвы, 100 драгунаў, 17 сотняў мяшчан ды шматлікія сяляне — усяго разам не больш за 3000 чалавек[21]. Што да гарадской артылерыі, няма звестак пра яе колькасць на пачатку вайны. У ліпені 1655 г. яна налічвала 4 цяжкія і 26 палявых гармат, чаго цалкам ставала для дзейснай абароны[22].

Іван Залатарэнка, калі прымаў рашэнне весці аблогу, разумеў, колькі высілкаў і ахвяр яна будзе каштаваць корпусу. У лісце да цара ад 8 верасня, першым пасля прыбыцця да Старога Быхава, ён кажа пра моцны гарнізон, што не хоча браць верхавенства Масквы і збіраецца ўчыніць казакам моцны су­праціў[23]. Наказны гетман усведамляў, што яго жаўнеры не маюць дастатковага досведу абложных дзеянняў і ніколі не бралі гэткай трывалай фартэцыі. Казакі не маглі спадзявацца на дастатковую падтрымку ўласнай артылерыі. Яшчэ ў абозе пад Ноўгарадам–Северскім было толькі 7 „пушак“, а разам з гарматамі, захопленымі вераснем y Гомелі ды Чачэрску, было не больш за 30 гармат, падобна, невялікага калібру[24]. Гэтага відавочна замала, каб стварыць пралом у найноўшых зямельных фартыфікацыях бастыёнавага тыпу. Таму Залатарэнка вельмі хутка адмовіўся ад плана здабыць горад генеральным штурмам ды абмежаваўся лакальнымі нападамі і блакадай.

Разлік быў не на згаладаласць гарнізона, а хутчэй на добраахвотную капітуляцыю абаронцаў, пазбаўленых надзеі на дапамогу. Сапраўды, у першыя дні верасня 1654 г. было цяжка чакаць, што Стары Быхаў атрымае знешнюю падтрымку. 24 жніўня пад Шапялевічамі армія ВКЛ пацярпела цяжкую паразу ў сутыкненні з корпусам Аляксея Трубяцкога і, разбітая, адышла за Бярэзіну. На працягу ўсяго верасня і часткі кастрычніка вялікі гетман літоўскі Януш Радзівіл перагрупоў­ваў у Менску сілы ў чаканні кароннага падмацавання і новых наймітаў ВКЛ. Тым часам у маскоўскія рукі пераходзілі новыя цвердзі Ўсходняй Беларусі. 29 верасня капітуляваў, пасля амаль трохмесячнай абароны, Смаленск, здабычу якога цар вызначыў сваім войскам за галоўную мэту ў летнюю кампанію 1654 г. З чэрвеня да кастрычніка былі страчаны Полацак, Мсціслаўе, Ворша, Шклоў, Дуброўна, а таксама некалькі сапегавых гарадоў — Горы, Іказнь, Друя. Акрамя Старога Быхава, з буйных цвердзяў у другой палове кастрычніка супраціў нашэсцю чыніў толькі Віцебск.

Нягледзячы ні на што, абаронцы не хацелі паўтараць лёс іншых літоўскіх гарадоў і капітуляваць не збіраліся. Больш за тое, апрача абароны, яны распачалі шматлікія вылазкі ў стан Залатарэнкі, неслі казакам адчувальныя страты. Аб ходзе і выніках адной з такіх вылазак 2 кастрычніка вядзецца ў паказаннях Лаўрына Шылы, казака нежынскага палка. Менш чым праз тыдзень ён трапіў у палон да войска ВКЛ у Вяляцічах каля Барысава.

Як вынікае з рэляцыі Шылы, казакі стаялі пад цвердзю чатырма табарамі. З поўначы, каля Магілёўскай брамы, размяшчаўся чарнігаўскі полк, узначалены пасля смерці Падабайлы зводным братам Залатарэнкі Цімафеем Анікенкам. З поўдня, за Навабыхаўскай брамай, трымаў пазіцыі створаны на пачатку вайны старадубскі полк пад камандай Пятра Забелы. І, урэшце, у надняпроўскіх сенажацях размясціўся нежынскі полк, якім кіраваў палкоўнік Кабыляц­кі — замест Залатарэнкі, што скіраваў свой табар на левы бераг ракі.

Спачатку ліцвіны напалі на шанцы падначаленых Анікенкі і прымусілі тых вярнуцца ў табар. Пасля заатакавалі з Ніжняй брамы, пасеклі аддзелы непрыяцеля над Дняпром, здабылі тры гарматы. Казакі распачалі панічныя ўцёкі праз раку „i wiele ich potonęło, drudzy do Zołotarenkowego uszli taboru, a nasi wyrabowawszy ich, tabor spalili i cało do miasta uszli [і шмат іх патанула, іншыя сышлі ў табар Залатарэнкі, а нашы іх вырабавалі, табар спалілі і разам сышлі ў горад]“. Уражанне ад той сутычкі ў казацкім абозе было такое моцнае, што ў наступныя дні Залатарэнка не адважваўся высылаць свае аддзелы на ўсходні край умацаванняў. Жыхары маглі спакойна пасвіць на лугах быдла і коні, быў адчынены доступ да вады. Калі казакі спрабавалі вярнуц­ца на сенажаці, гарнізон адганяў іх агнём рушніц ды гакаўніц[25]. Пагалоска пра поспех 2 кастрычніка шырокім рэхам адбілася ў рэляцыях тых дзён. Пра яго пісаў 13 кастрычніка палкоўнік валюнтарыюшаў Самуэль Аскерка ў лісце з Бабруйска да Багуслава Радзі­віла: „w piątek ten dwie niedziele będzie, jako im tabor jeden wypadłszy z Bychowa, znieśli [у гэтую пятніцу будзе два тыдні, як набеглі з Быхава ды знеслі ім адзін табар]“[26].

У сярэдзіне кастрычніка агульны стан старабыхаўскага гарнізона значна палепшыўся. З набліжэннем зімовай пары маскоўская армія спыніла наступальныя дзеянні. Палявыя кантынгенты збольшага адышлі на зімовыя кватэры далёка на ўсход, а на абшарах ВКЛ засталіся толькі гарнізоны ў акупаваных гарадах. За Бярэзінай канчалася сканцэнтраванне арміі Януша Радзівіла, якая разам з падмацавальным каронным корпусам і выстаўленым паветавым кантынгентам мела каля 18 000 жаўнераў[27]. У абоз прыбыў і прыватны полк Сапегаў. Апрача аддзелаў „агністага люду“, якія ўжо падтрымалі гарнізон Старога Быхава, падканцлер увосень 1654 г. вы­ставіў таксама некалькі харугваў конніцы ды драгунскі рэгімент (каля 300 чалавек) пад началам Вільгельма фон Клята[28]. Разумеючы, што гэткія сілы не ў стане ўчыніць сама­стойны супраціў Залатарэнку, Сапега наважыўся аддаць іх пад каманду Януша Радзівіла. Таго з літоўскім ваяводам здаўна размяжоўвалі шматлікія канфлікты, як амбітныя (спрэчка пра вялікую літоўскую булаву), так і маёмасныя (спадчына Дарага­стайскіх), аднак цяпер, дзеля вышэйшых інтарэсаў, Сапега вырашыў закапаць „сякеру вайны“ і распачаць супрацу. Да гэткага кроку яго схіляў і кароль, які яшчэ ў жніўні хацеў, каб падканцлер падтрымаў сваімі харугвамі кампутовае войска[29]. У лістападзе полк Сапегаў быў ужо пад Менскам, а асабісты кантроль над ім здзяйсняў кузен падканцлера, палявы пісар Аляксандр Гіляры Палубінскі[30] — паколькі ў абоз не прыбыў вядомы сваёй нянавісцю да вялікага гетмана віцебскі ваявода Павал Ян Сапега, што звычайна камандаваў харугвамі роду ва ўкраінскіх кампаніях[31].

Нажаль, спрэчка паміж гетманамі (палявым быў Вінцэнт Гасеўскі), што была паходняй абвостранай барацьбы двара з апазіцыяй, дадалася да скарбовых праблемаў ды прымусіла войскі Рэчы Паспалітай бяздзейна марнаваць час пад Мен­скам. Таму і не было падтрымкі гарадам у іх доўгай абароне: урэшце капітулявала Дуброўна — 22 кастрычніка, Віцебск — 2 снежня… На Бярэзіне дзеянні вяліся крыху актыўней: у першай палове кастрычніка наступленне на левым беразе распачала групоўка ўжо згаданага мазырскага земскага суддзі Самуэля Аскеркі. Пасля пераправы цераз раку ліцвіны разбілі некалькі казацкіх аддзелаў. 8 кастрычніка перамаглі праціў­ніка пад Клічавам, а праз некалькі дзён у вёсцы Рыні пад Барысавам знішчылі моцны табар, у якім замкнуўся мазырскі сотнік Аксен Змалевіч. У той бойцы загінула ажно 900 казакоў[32]. 13 кастрычніка Аскерка ўвайшоў у Бабруйск, а ў ноч з 15 на 16 кастрычніка выгнаў казакоў з Бялынічаў, мястэчка на паўночным захадзе, менш за 50 кіламетраў ад Старога Быхава. Дасягненні літоўскіх аддзелаў выклікалі паніку ў занятых маскоўцамі надняпроўскіх гарадах (перадусім Магілёве), а таксама моцную занепакоенасць у корпусе Залатарэнкі. У лісце да цара ад 22 кастрычніка нежынскі палкоўнік выказваў сур’ёзную трывогу пра далейшы лёс аблогі, прасіў даслаць неабходныя для штурмавання гарматы, порах ды кулі, а яшчэ пад Стары Быхаў кантынгент брата Васіля, які тым часам стаяў пад Віцебскам[33].

Аскерка спыніў, аднак, марш на ўсход, а пад канец месяца адступіў да Бярэзіны. Ніводны з кампутоў, што працягвалі стаяць пад Менскам, не падтрымаў яго дзеянняў. Аж да сярэдзіны снежня там адбываліся нарады скарбовай камісіі, дзе вы­значаліся ўмовы далейшай службы войска[34]. Да таго ж, армію ўвесь час раздзіралі ўнутраныя канфлікты, а спрэчка паміж гетманамі то абвастралася, то, праз пасярэдніцтва саноўнікаў, перадусім духоўнага рэферэндарыя Яна Даўгялы Завішы, часова прадухілялася[35]. Тым не менш, ажно да канца снежня літоўская армія не прапанавала канкрэтнай дапамогі Старому Быхаву. Гэта выклікала шматлікія абвінавачванні яе начальнікам, перадусім Янушу Радзівілу, у непрыдатнасці ды свядомым адцягванні наступлення[36].

Аднак гарнізон даў рады і без знешняй падтрымкі ды шчаслівым чынам адбіў усе атакі непрыяцеля. Ужо пад канец кастрычніка Залатарэнка пачаў разумець, што шанцы захапіць горад мізэрныя. Нягледзячы на тое, ён заставаўся пад Быхавам да 26 лістапада — умацоўваў і пашыраў здабычы апошніх месяцаў. Галоўнай мэтай было авалодаць найбольшым і найбагацейшым на той час горадам Усходняй Беларусі — Магілёвам[37]. Аднак палкоўніку давялося мерацца сілай з цвёрдым і небяспечным праціўнікам, шляхцічам пінскага павету Канстанцінам Паклонскім, які на пачатку верасня дамогся прыняцця горадам пратэкцыі цара[38]. Паклонскі планаваў стварыць вакол Магілёва і Старога Быхава аўтаномную дзяржаўку, праўда, з прызнаннем царскага пратэктарату, аднак непадуладную маскоўскаму ваяводу[39]. Гэта, вядома, пярэчыла замыслам Залатарэнкі. Таму ўжо з канца верасня пача­ліся сутыкненні паміж фармаваннямі абодвух апанентаў. Братазабойчыя сутычкі цягнуліся да лістапада, было шмат забітых. Барацьбу не спыніла нават асабістае ўмяшанне цара. Адмоўнае стаўленне Аляксея Міхайлавіча да казацкіх планаў авалодаць Магілёвам паўплывала на вырашэнне пытання, Залатарэнка мусіў адступіць[40].

Страціўшы надзею авалодаць Старым Быхавам, з надыходам зімы і перад пагрозай харчовых перабояў ды размяшчэння ў адкрытым полі, наказны гетман вырашыў спыніць аблогу. Адышоў Залатарэнка, аднак, недалёка — абоз перамясціўся за 20 кіламетраў на поўдзень, у Новы Быхаў. Такім чынам, было аспрэчана ўказанне Хмяльніцкага, які загадаў Залатарэнку 1 снежня вярнуцца ва Ўкраіну ды падмацаваць казацкія сілы ў бойках, распачатых у першыя дні лістапада кароннай арміяй, падтрыманай татарамі[41]. Залатарэнка ведаў, што гэтак адмовіцца ад дасягненняў апошніх месяцаў і згубіць мажлівасць далейшых бліскучых поспехаў у 1655 г.

Казакі разумелі, што ім давядзецца прыняць бой супраць войскаў Радзівіла, таму ад пачатку снежня пачалося тэрміновае фартыфікаванне Новага Быхава. Рамантаваліся ўмацаванні, падвышаўся вал, з боку Дняпра ў некалькі шэрагаў былі выстаўлены частаколы ды драўляныя заслоны, умацаваныя зямельнымі прыпорамі. Насыпалі яшчэ 7 бастыёнаў. Як ужо адзначалася, артылерыя казакоў налічвала 30 гармат. Залатарэнка сцягнуў у горад вялікі запас ежы, пораху ды куль — дастатковы, каб вытрымаць шматмесячную аблогу.

Колькасць казацкага корпуса на той час значна паменшылася, у параўнанні з пачаткам кампаніі ў 1654 г. Розныя крыніцы называюць лічбу ад 5000 да 12 000 чалавек[42]. На нашую думку, аддзелы Залатарэнкі налічвалі, як падае Сямён Мартынаў, пасланнік жыхароў Магілёва да цара, каля 8000 жаўнераў[43]. Такім чынам, у папярэдніх бойках корпус Залатарэнкі згубіў больш за палову. Галоўнай прычынай гэткіх высокіх страт былі не баявыя страты, а масавае дэзерцірства сялян, якія ўлетку тысячамі згаджаліся служыць, а цяпер не вытрымлівалі нягодаў шматмесячнай кампаніі, пакідалі шэрагі ды вярталіся да сваіх сядзіб ва Ўкраіне. Да пачатку аблогі ў Новы Быхаў не змог вярнуцца полк Васіля Залатарэнкі, хаця ўжо 7 лістапада цар даў загад, якім адклі­каў таго з–пад Віцебска[44]. Не ў стане адолець блакады, Ва­сіль вырушыў пад Старадуб, а да брата далучыўся толькі ў лютым[45].

У канцы снежня 1654 г., пад ціскам з боку двара ды большасці літоўскіх і каронных саноўнікаў, Януш Радзівіл урэшце быў змушаны перамясціць свае фармаванні ў поле. Сам гетман рашуча пярэчыў распачынанню боек гэтай парой года — ён слушна меркаваў, што жаўнер ніяк не падрыхтаваны да цяжкіх кліматычных умоў. Яго непакоіла нястача адпаведнай артылерыі ды слабое забеспячэнне, якія пазбаўлялі надзеі на паспяховую аблогу і адбіццё з маскоўскіх рук найбольш значных гарадоў, перадусім Смаленска. Не зважаючы на ўсё, гетман схіліўся перад настойлівасцю караля і распачаў ваенныя дзеянні.

У авангардзе ўсходняга руху літоўскай арміі выступаў полк Самуэля Аскеркі, колькасць якога маскоўскі бок перабольшваў да 4000 чалавек. Ранкам 28 снежня 1654 г. 10 харугваў мазырскага суддзі ўвайшлі ў Стары Быхаў, гарнізон якога сустрэў іх з захапленнем. Праз тры дні пад фартэцыяй з’явіліся яшчэ пяць конных ды пешых харугваў[46]. Ваколіцы горада знаходзіліся, такім чынам, пад суцэльным кантролем літоўскай арміі, а небяспека казацкага нападу была на два месяцы адхілена[47].

Праз нейкі час другі з загалоўных гарадоў, Новы Быхаў, стаў сведкам найвялікшага сутыкнення абодвух праціўнікаў у баях першай паловы 1655 г. Януш Радзівіл вызначыў узяцце гэтага пункта як найпершую мэту кампаніі, каб „uprzątnąć tę zawadę, która inszym imprezom obiecem ponere mogła [прыбраць тую замінку, якая магла (перашкаджаць. — К.Б.) іншым імпрэзам]“[48]. Верагодны поспех дазволіў бы не толькі вы­красліць з далейшай барацьбы корпус Залатарэнкі, а яшчэ і ўсталяваць аперацыйную супрацу з кароннай арміяй, якая пасля захопу Брацлаўшчыны працягвала шэсце на ўсход Украіны. Пераадоленне казакоў адчыняла шлях на поўдзень уздоўж Дняпра. Армія ВКЛ магла б прыйсці ва Ўкраіну і паспрабаваць паўтарыць пераможны манеўр 1651 г. Пасля разгрому Хмяльніцкага і злучэння каронных ды літоўскіх войскаў планавалася рушыць далей углыб маскоўскай дзяржавы, каб там здабыць канчатковую перамогу над праціў­нікам[49].

10 снежня аддзелы Януша Радзівіла прыбылі пад Стары Быхаў[50]. Яны налічвалі не больш за 12 000—14 000 жаўнераў, бо астатнія сілы віленскі ваявода прызначыў на блакаду Магілёва і Шклова, падмацаванне слуцкага гарнізона ды дзеянні ў раёне Полацка і Віцебска[51]. Жаўнеры нядоўга адпачывалі пад цвердзю і ўжо наступным днём вырушылі на поўдзень. Пры аказіі дбалі пра павелічэнне агнявой моцы перад хуткімі абложнымі дзеяннямі. Праз пасярэдніцтва Вінцэнта Гасеўскага была атрымана згода Казіміра Лявона Сапегі пазычыць са старабыхаўскага арсенала некалькі гармат буйнога калібру[52]. Гэта былі, мусіць, найбольшыя гарматы, што здабыла сабе армія ВКЛ за зіму — вясну 1655 г.

Ужо 12 снежня ліцвіны падышлі пад Новы Быхаў. Дывізія палявога гетмана паставіла абоз на беразе Дняпра, у кіламетры ад умацаванняў. Крыху далей размясціўся кантынгент вялікага гетмана[53]. З ліста Канстанціна Паклонскага да цвярскога намесніка Васіля Бутурліна даведваемся, што першыя сутычкі пачаліся праз два дні[54]. Ліцвіны прагналі казакоў за вал і пачалі рэгулярную аблогу.

Ад пачатку баёў жаўнеры Радзівіла сустрэліся з разнастайнымі цяжкасцямі. Эфектыўнасць артылерыйскага агню была невялікая. Прамёрзласць зямлі рабіла немагчымымі падкопы ды закладанне мін. Нельга было, як пісаў Януш Радзівіл, „albo rydla, ani motyki zażyć i zwyczajnymi w dobywaniu miast fortelami rem agere czas zimowy niesposobny nie pozwalał, a nade wszystko mocne siły nieprzyjacielskie, które przełamać bez fortelów, które alio tempore służyć by mogły, nie dały [ужыць ані рыдлёўкі, ані матыкі, і (весці справу. — К.Б.) звычайнымі ў здабыванні гарадоў хітрасцямі не дазваляў непрыдатны зімовы час, а мацней за ўсё непрыяцельскія сілы, што зламаць без хітрасцяў, якія маглі б служыць (іншым часам. — К.Б.), не даліся]“[55]. Ужо праз некалькі дзён паўсталі першыя харчовыя цяжкасці. Ваколіцы як Старога, так і Новага Быхава былі вынішчаны шматмесячнай прысутнасцю казакоў, якія перад прыбыццём ліцвінаў старанна спустошылі мясцовасць на шмат кіламетраў ад горада. Войска цярпела пакуты не толькі голаду, але і з–за суворых маразоў. Начамі, відаць, мерзла віно, а посуд з вадой было не адарваць ад вуснаў, каб не скрывавіць[56]. Побыт значна абцяжарвалі і вялікія снегавыя ападкі[57]. Не толькі жаўнеры, а і начальнікі жылі ў страшных умовах: „Dla wygody takiego Książęcia i miejsca nie było krom jednej dymem zakopciałej chałupki. Naszemu też księciu Bogusławowi nie lepsza stancja była. Inni panowie znaczniejsi po gumnach, stodołach i chlewach mieścić się musieli. Pospolity zaś żołnierz na mrozach i przykrych wiatrach bez żadnego przykrycia przy wznieconym ogniu statią mieć musiał [Для выгоды такога княжыча (Януша Радзівіла. — К.Б.) і месца не было, акрамя адной закуранай дымам хацінкі. Пансіён нашага князя Багуслава таксама быў не лепшы. Іншыя найважнейшыя паны мусілі мясціцца па гумнах, стадолах ды хлявах. Просты жа жаўнер мусіў бавіцца пры распаленым агні, без аніякага прыкрыцця ад маразоў і прыкрых вятроў]“[58].

Аблогу ўскладнялі яшчэ і шматлікія казацкія вылазкі. Пад час адной з іх падначаленыя Залатарэнкі разбілі татараў нясвіжскага князя (пэўна, татарскую харугву, што належала палку Міхала Казіміра Радзівіла) і ўзялі двух палонных[59]. Цягам іншай сутычкі трапіў у засаду і зазнаў сур’ёзную небяспеку Багуслаў Радзівіл: „W jednej wycieczce między konnemi kozakami, wmieszawszy się piechota i gałęziami i pniami wyciętych drzew obłożywszy się, z owych skrytych zasadzek niespodzianie z ręcznej strzelby wielu naszych pozabijali i książę nasz Bogusław w wielkim był niebezpieczeństwie. Bo jeden Kozak jednego z znaczniejszych urzędników przy boku książęcia Bogusława kulą z flintey zabił. Drugiego kozaka kula, który w samego książęcia Bogusława zmierzył szczęśliwie zboczyła, i tylko szmat rękawa oderwawszy palca trochę naruszyła [У адной вылазцы конныя казакі, умяшаўшыся пешкі і абклаўшыся галлём ды калодамі высечаных дрэваў, нечакана са схаваных тых засадаў з ручной стрэльбы пазабівалі шмат нашых, і княжа наш Багуслаў быў у вялікай небяспецы. Бо адзін казак аднаго з найзначнейшых службоўцаў з боку княжыча Багуслава забіў куляй з флінты. Куля другога казака, які ў самога княжыча Багуслава цэліў, шчасліва збочыла і, толькі адарваўшы шмат рукава, трохі парушыла пальца]“[60].

Ужо на пачатку аблогі ліцвіны страцілі свайго начальніка. З–за цяжкай хваробы Януш Радзівіл каля двух тыдняў не мог асабіста кіраваць арміяй. Нездароўе гетмана спарадзіла шэраг страхаў пра далейшы лёс кампаніі — усе разумелі, што ў войску няма асобы, здольнай яго замяніць. Сваю занепакоенасць выказаў кіраўнік літоўскіх фармаванняў на інфлянцкім памежжы, вендэнскі ваявода Мікалай Корф у лісце да швагра, купіскага старасты Вільгельма Тызенгаўза: „Książę JM Pan hetman wielki bardzo chory, którego niech Najwyższy do pierwszego przywróci zdrowia [Княжа ЯМ Пан вялікі гетман вельмі хворы, хай Найвышшы верне яго да былога здароўя]“[61]. Ва ўзніклай сітуацыі галоўнае кіраванне мусіў узяць, згодна са звычаем і правам, намеснік Вінцэнт Гасеўскі. Наўрад ці, аднак, так сталася насамрэч. Кіраванне дывізіяй правага крыла прыняў Багуслаў Радзівіл, які, паводле вядомых нам крыніц, не пажадаў прызнаць начальства палявога гетмана. Больш за тое, апісанні пазнейшых боек сведчаць, што паміж абодвума кіраўнікамі практычна не было ўзаемадзеяння. Гэта спараджала шэраг недамоўленасцяў, выклікала канфлікты наконт кампетэнцыі. Такім чынам, у найменш спрыяльны момант літоў­ская армія зноў была падзелена на два варожыя станы. Бяс­спрэчна, гэта ўскладняла каардынаванне дзеянняў на полі бою, часта ж рабіла яго проста немажлівым.

24 снежня літоўская армія здзейсніла генеральны штурм Новага Быхава. Усё яшчэ хворы Януш Радзівіл асабіста не кіраваў атакай. Войска было падзелена на дзве групоўкі. Правае крыло ўзначальваў Багуслаў Радзівіл. Левым, больш за 2500 жаўнераў, камандавалі Вінцэнт Гасеўскі і обэрштэр пяхотнага палка каралеўскай гвардыі Фромгальд Вольф. Першымі ў бой уступілі аддзелы канюшага князя. Багуслаў збіраўся ўварвацца ў цвердзь бліжэй да берага ракі, дзе доступ бараніўся толькі дубовымі частаколамі. Казакі чакалі атакі ліц­вінаў з гэтага боку і, каб ускладніць дасягненне лініі ўмацаванняў, павысякалі палонкі ў некалькіх месцах. Узяцце горада нападам з іншага кірунку, бадай, не ўваходзіла ў разлік — абаронцы карысталіся лютымі маразамі і палівалі фартыфікацыі вадой, якая замярзала і рабіла практычна немажлівымі спробы фарсавання. Аддзелы Багуслава прыступілі да штурмавання дзесьці за паўгадзіны да світанку. Жаўнеры рушылі да ўмацаванняў, маючы перад сабой на санях заслоны з дрэва ды саломы, каб бараніцца ад агню казакоў. Захапіць праціў­ніка знянацку не пашанцавала: відаць, устрывожаныя занадта гучнай падрыхтоўкай да атакі, казакі размясцілі ўздоўж ракі шматлікія аддзелы ды 3 батарэі[62]. Як пісаў Багу­слаў Радзівіл, яго жаўнеры, „brzegiem wysokim Dniepru się okrywając, po lodzie aż pod same parkany; także nasza dragonija w dziury parkanowe muszkiety kładąc ognia dawała, ale bez breszy  i bez siekier trudno się było włamać do parkanu [схаваныя за высокім берагам Дняпра, (падышлі. — К.Б.) па лёдзе пад самыя парканы, ды наша драгунія давала агню, кладучы мушкеты ў парканавыя дзіркі; аднак без (праломаў. — К.Б.) і сякер уламацца ў паркан было цяжка]“. Пасля гадзіннай бітвы і контр­удару казакоў ліцвіны змушаны былі адступіць. Іх страты складалі каля 30 забітых і столькі ж параненых. Двойчы паранены шротам быў начальнік пяхотнага палка Багуслаў Пшыпкоўскі“[63].

Аддзелы левага крыла, у пасіўным чаканні паразы, увогуле не далучыліся да наступлення. Багуслаў усклаў віну за гэта на Гасеўскага — пісаў, што ў выніку яго бяздарнасці, „na mnie jednego wszytek impet się obrócił, a zatem infectis rebus  wróciliśmy się [на мяне аднаго ўвесь (непрыяцельскі. — К.Б.) імпэт абярнуўся, а таму мы вярнуліся (нічога не ўчыніўшы. — К.Б.)]“[64]. У святле, аднак, іншай, значна шырэйшай рэляцыі, галоўнай прычынай несупрацоўніцтва стаў заўчасны ўдар фармаванняў канюшага. Пры гэтым не прагучаў умоўлены сігнал атакі для кантынгенту Гасеўскага, які чакаў у пералеску з іншага боку горада[65]. Хуткі адыход штурмоўцаў з–пад умацаванняў не да­зволіў дывізіі палявога гетмана далучыцца да бітвы. Зрэшты, сумнеўна, што нават скаардынаваны наступ усёй літоўскай арміі меў бы плён, пры недастатковай артылерыйскай пад­трымцы ды моцным казацкім супраціўленні.

Пасля паразы 24 снежня Януш Радзівіл не здзяйсняў, ня­гледзячы на пачатковы намер, іншых спробаў узяць Новы Быхаў[66]. Тлумачыў, што, паколькі не бачыць магчымасці, каб змусіць праціўніка да капітуляцыі, не хоча марна страчваць жаўнераў[67]. Літоўская армія знаходзілася пад горадам яшчэ каля двух тыдняў, да 10 лютага. Здабываць харч і корм коням рабілася ўсё складаней[68]. Прычынай, з якой вялікі гетман не рашаўся перакінуць свае аддзелы ў іншы раён, было, відаць, чаканне звестак з Украіны, дзе ўваходзіў у заключную фазу наступ кароннай арміі. Бясспрэчна, Януш Радзівіл звязваў свае далейшыя дзеянні з развіццём сітуацыі на паўднёвым фронце і чакаў звестак пра яе развязку.

Тым часам каронная армія з 29 снежня да 2 лютага вяла пад Ахматавам зацятыя баі з сіламі Хмяльніцкага ды маскоў­скай арміяй на чале з Васілём Барысавічам Шарамецевым. Тая бітва не прынесла палякам вырашальнай перамогі і за­трымала далейшы наступ. 2 лютага вялікі гетман каронны Станіслаў Рэвера Патоцкі з артылерыяй і большасцю пяхоты адышоў на захад. Неўзабаве шэрагі войска пакінуў палявы гетман Станіслаў Ланцкароньскі, кіраўніцтва засталося ў руках чарнігаўскага ваяводы Крыштафа Тышкевіча. Ва Ўкраіне засталося толькі некалькі тысяч конніцы i татарскія джамбулы, што ўшчэнт спустошвалі край[69].

Зімовы контрнаступ кароннай арміі скончыўся, такім чынам, суцэльным фіяска. У гэткай сітуацыі далейшая аблога Новага Быхава губляла які–небудзь сэнс. Таму 10 лютага ліцвіны згарнулі аблогу і адышлі на поўнач. На думку Анджэя Рахубы, пад горадам засталіся нейкія харугвы, напрыклад, з палка Сапегаў, якія мусілі блакаваць рух фармаванняў Залатарэнкі[70].

Наступнай мэтай войскаў Януша Радзівіла было ўзяцце Магілёва. Дарогай да горада, размешчанага за 60 км на поў­нач ад Новага Быхава, армія зноў завітала ў Стары Быхаў, пэўна, 11 ці 12 лютага. Ужо раней Казімір Лявон Сапега па­клапаціўся папоўніць запасы амуніцыі і харчу ў цвердзі[71]. На свае месцы вярнуліся, бадай, і аддзелы падканцлера, паколькі ў апісаннях бітваў пад Магілёвам не вядзецца пра прысутнасць у літоўскім абозе цяжкай артылерыі Сапегаў. Перад пагрозай новых атакаванняў казацкага кантынгенту яны былі цяпер больш патрэбныя ў Старым Быхаве і падканцлер, відаць, парупіўся, каб адвезці іх у родны цэйкгаўз.

16 лютага літоўская армія шматгадзінным штурмам здабыла магілёўскі ніжні горад. Не ўдалося, аднак, заняць замак ды верхні горад, куды адступіў маскоўскі гарнізон з большай часткай палка Паклонскага. Толькі каля 400 чалавек, разам са сваім начальнікам, вырашылі вярнуцца на службу Рэчы Па­спалітай і перайшлі на бок Радзівіла ў пачатку бойкі. Цягам амаль трох месяцаў літоўская армія і каронны корпус безвы­нікова спрабавалі схіліць гарнізон да капітуляцыі. Войскі Рэчы Паспалітай панеслі тым часам вялізныя страты, у выніку як баявых дзеянняў, так і, у значна большай ступені, маразоў, голаду, хвароб і дэзерцірства. Гэта была найбольшая стратэ­гічная памылка Януша Радзівіла ў час вайны 1654—1655 г. Стратэгічную ініцыятыву ўжо ў сакавіку — красавіку перахапіў праціўнік, а панесеныя страты прывялі да таго, што ўлетку 1655 г. Літва не мела практычна ніякай абароны ад новага наступу маскоўскіх войскаў.

У выніку засяроджання сілаў праціўніка пад Магілёвам ужо пад канец лютага Залатарэнка атрымаў свабоду дзеяння і змог распачаць наступальныя аперацыі. Нешматлікія літоў­скія харугвы ў ваколіцах Новага Быхава, вядома, не стрымалі процістаяння. Да горада пачалі сцягвацца новыя казацкія аддзелы і валюнтарыюшы з Украіны ды Беларусі. Праз некалькі тыдняў пасля адступлення ліцвінаў Васіль Залатарэнка прывёў значныя падмацаванні з раёна Старадуба.

Гэткія ўзмацненні дазволілі распачаць у сярэдзіне сакавіка наступальныя дзеянні. Углыб ВКЛ запускаліся шматлікія раз’езды, каб дэзарганізаваць тыл арміі, што вяла аблогу Ма­гілёва. Паколькі Януш Радзівіл не меў сілаў, дастатковых для стрымання казакоў, тыя амаль бяскарна спустошвалі абшары паміж Дняпром ды Бярэзінай. 22 сакавіка быў спалены Ба­бруйск і Каралеўская Слабада, захоплена шмат палонных, а ў маёнтку за 2 мілі ад Бабруйска зняволілі каралеўскага пры­дворнага Дамініка Казіміра Паца, сына даўно памерлага вялікага харужага літоўскага Самуэля[72]. На світанку 25 сакавіка казакі напалі на Глуск — мястэчка, што належала Аляксандру Гіляру Палубінскаму, разбілі размешчаныя на зімовыя кватэры харугвы ды спалілі забудовы[73]. У магілёўскі павет Залатарэнка даслаў і шматлікі (некалькі тысяч чалавек) кантынгент пад камандай брата Васіля, старадубскага палкоўніка Цімафея Анікенкі ды баржнянскага палкоўніка Самойлы Курбацкага, дзе тыя нанеслі адчувальную шкоду раскватараваным па вёсках фармаванням ВКЛ. Зразумела, у чарговы раз былі спустошаны ваколіцы Старога Быхава. Сама фартэцыя, праўда, яшчэ не трапіла ў аблогу, але ў абаронцаў ускладнілася сувязь з Магілёвам і тыя неўзабаве мусілі чакаць значнага пагаршэння свайго стану. Гарнізону Магілёва Залатарэнка таксама не даў непасрэднай дапамогі, цару ў лісце ад 9 сакавіка тлумачыў, што гэта немагчыма з–за вельмі высокага снегу ды цяжкасцяў з харчам[74].

Аблога Магілёва цягнулася да 11 траўня. Яшчэ за некалькі дзён перад яе завяршэннем Іван Залатарэнка надумаў вывесці з Новага Быхава свае галоўныя сілы. Пасля рэарганізацыі і дапаўнення яны зноў налічвалі каля 20 000 жаўнераў, але з іх толькі каля 14 000 прыдаваліся да бойкі, а 6000 чалавек былі або хворыя, або з іншых прычын выключаны з удзелу ў новай кампаніі[75]. Ужо 27 красавіка, праз два дні пасля прыбыцця да Залатарэнкі пасланнікаў ад начальніка магілёўскага гарнізона, Міхаіла Ваяйкова, з драматычнай просьбай дапамогі, Новы Быхаў пакінулі першыя аддзелы. Яны выбралі шыбчэйшы гэтай парой года водны шлях, чаўнамі ўверх па Дняпры. Групоўкай кіравалі Васіль Залатарэнка ды Цімафей Анікенка[76]. Следам на поўнач 4 траўня вырушыў Яхно Каробка, на чале 2000 чалавек. Неўзабаве Новы Быхаў назаўжды пакінуў і Іван Залатарэнка з рэшткамі свайго корпуса[77]. З гэтай пары горад стаяў у баку ад ваенных дзеянняў і змог распачаць аднаўленне пасля знішчэнняў мінулага паўгоддзя. Значна большая небяспека набліжалася цяпер з усходу, з маскоўскімі жаўнерамі, абарону ад рабаўніцтва якіх жыхарам паабяцаў сам наказны гетман[78].

Старому ж Быхаву давялося яшчэ неаднакроць граць важную ролю ў вайне Рэчы Паспалітай з Масквой. Гэтым разам Залатарэнка, сапраўды, даў фартэцыі спакой, што, аднак, не значыла, быццам ён адмовіўся ад думкі авалодаць ёю. Казімір Лявон Сапега зноў прыклаў усе намаганні, каб яго горад не трапіў у рукі праціўніка. Гэтым разам сітуацыя была яшчэ цяжэйшая, чым улетку 1655 г.: пасля паразы пад Магілёвам не бачылася мажлівасці для хуткага аднаўлення баяздольнасці літоўскай арміі, каб распачаць новы наступ на ўсход. Больш за тое, у выніку новага наступлення маскоўскіх войскаў, а таксама швед­скай агрэсіі на Карону, ужо праз некалькі месяцаў амаль уся Рэч Паспалітая была акупавана войскамі Караля Густава і Аляксея Міхайлавіча. Абаронцы цвердзяў, у тым ліку Старога Быхава, на шмат месяцаў былі адрэзаныя ад тылу і пазбаўленыя кантактаў з астатнім краем ды мусілі адны адбіваць варожыя напады.

Каб вырашыць гэтую задачу, падканцлер шмат месяцаў дасылаў у горад транспарт з харчамі, амуніцыяй і іншым ладункам. Сапега надаваў вялізную ўвагу забеспячэнню фартэцыі, задзейнічаў значную частку фінансаў, каб належна яе падрыхтаваць. У Стары Быхаў былі скіраваны і немалыя збройныя сілы. З ліста падканцлера да караля даведваемся, што ад снежня 1654 г. гарнізон баранілі каля 1200 жаўнераў. Як вядома, сярод іх быў драгунскі рэгімент Вільгельма Клата (вясной налічваў 2 харугвы, гэта значыць каля 200 чалавек)[79]. Яшчэ ў сакавіку і красавіку гэты аддзел размяшчаўся ў іншым сапегавым уладанні — Бешанковічах, а 23 красавіка ўдзель­нічаў у трагічна завершаным штурме Магілёва, дзе панёс значныя страты[80]. У Стары Быхаў ён прыбыў, відаць, неўзабаве пасля тых падзей, яшчэ перад блакадай горада казакамі. Казімір Лявон Сапега дамагаўся падтрымкі абаронцаў яшчэ і аддзелам нямецкай пяхоты ў 300 жаўнераў. Ужо не ў стане несці фінансавы цяжар, звязаны з трыманнем усё большага гарнізона, падканцлер хадатайнічаў аб узяцці кантынгенту на ўтрыманне літоўскім скарбам[81]. Гэтая справа абмяркоўвалася на пасяджэннях надзвычайнага сойму ў Варшаве з 19 траўня да 20 чэрвеня 1655 г. 31 траўня была выдадзена спецыяльная канстытуцыя „Securitas Bychowa“, якая задавальняла просьбу падканцлера, а жыхароў горада на 20 гадоў вызваляла ад усялякіх павіннасцяў і пацвяр­джала ўсе іх папярэднія прывілеі[82]. Гэта сведчыць, наколькі вялікае значэнне сенатары і паслы надавалі ўтрыманню ў руках Рэчы Паспалітай магутнай цвер­дзі на далёкім Дняпры.

Наўрад ці, аднак, Сапега паспеў прывесці ў горад згаданыя пяхотныя кампаніі да пачатку новай кампаніі Масквы. Калі ў Варшаве радзіўся сойм, на Дняпры ўжо цягнуліся ваенныя дзеянні, і часу, каб зладзіць тыя аддзелы, магло не хапіць. Тым не менш, ужо само прыбыццё драгунскага рэгімента было для гарнізона вялізнай падтрымкай.

Засяроджанасць у фартэцыі вялікай колькасці прафесійных жаўнераў не магла не выклікаць спрэчак аб кампетэнцыі яшчэ ў 1654 г. Вясной 1655 г. яны, вядома, узмацніліся. Як бачна з ліста рэчыцкага скарбніка Юстыніяна Паўшаноўскага, які ад імя падканцлера зладзіў новы набор, войска не хацела прызнаваць уладу Канстанціна Багушэвіча, які кіраваў абаронай дагэтуль. Хаця той выдатна спраўляўся з ускладзенымі абавязкамі, аднак не ў афіцэрскім чыне і, відаць, без значнага вайсковага досведу карыстаўся не надта вялікім аўтарытэтам сярод наймітаў[83]. Драгунскія рэгіменты лічылі за свайго начальніка капітана Яна Кругера. Бадай, можна сцвярджаць, што са згоды Казі­міра Лявона Сапегі менавіта ён узначальваў гарадскі гарнізон у 1655 г. Багушэвічу пакінулі толькі цывільную ўладу[84].

Усяго, як вынікае з вельмі агульных паказанняў палонных, узятых казакамі ў першыя дні ліпеня, на пачатку новай аблогі Стары Быхаў баранілі каля 50 чалавек шляхты, 400 конных наймітаў (пэўна, драгунаў), 50 вугорскай пяхоты, 1000 габрэяў і 800 гараджан — разам каля 2300 чалавек. У горадзе былі таксама вялікія запасы хлеба ды солі, а яшчэ волава ды салетры (дзякуючы якім гарнізон мог самастойна вырабляць порах)[85]. У параўнанні з лічбамі 1654 г. прыцягвае ўвагу значна меншая колькасць гараджан. Наўрад ці гэта вынік высокіх баявых страт. Хутчэй, перад пагрозай новага непрыяцельскага наступу, які, цалкам зразумела, мог прывесці да ўварвання таго далёка ўглыб дзяржавы, адбыўся масавы сыход старабыхаўчан. Шмат гараджан абрала лёс уцекачоў, паколькі, застаючыся на Дняпры, яны падлягалі шматмесячнай адсечанасці ад астатняга краю, а мажліва, і знішчэнню ворагам.

Хоць у маршы пад Магілёў казакі і абмінулі Стары Быхаў, неўзабаве цвердзь зноў трапіла ў блакаду. Залатарэнка з большасцю сілаў рушыў у пагоню за арміяй Януша Радзівіла, што адступіла за Бярэзіну, аднак пакінуў пад фартэцыяй некалькі аддзелаў, каб тыя кантралявалі пачынанні гарнізона. Сам жа перамог у раёне Талачына некалькі харугваў праціўніка, захапіў шматлікіх палонных ды адбіў каля 1500 выкрадзеных ліцвінамі жыхароў Магілёва і яго ваколіц, а пасля спыніў пагоню і ўжо 17 траўня вярнуўся пад Стары Быхаў[86]. У дзень распачынання другой аблогі гетман даслаў абаронцам ліст з за­клікам да капітуляцыі, на які тыя, натуральна, адказалі адмоўна[87]. Паколькі здзейсненыя спробы „дыпламатычнага“ схілення ліцвінаў да капітуляцыі не далі эфекту, заставаліся толькі збройныя дзеянні[88].

Залатарэнка, які памятаў пра прыкрую паразу ўвосень 1654 г., і гэтым разам не наважыўся на штурм. Да таго ж, яму неставала цяжкай артылерыі, без якой спадзявацца на поспех было цяжка. Таму казакі чакалі лагістычнa значна лепш забяспечанага маскоўскага кантынгенту.

Згодна з царскімі планамі, у летняй кампаніі 1655 г. Стары Быхаў знаходзіўся ў зоне дзеянняў арміі Аляксея Трубяцкога, зарганізаванай у раёне Бранска. Яе колькасць прынята лічыць ў 10 000 жаўнераў[89]. З–за павольнага канцэнтравання маскоўцы толькі першымі днямі чэрвеня вырушылі з Бранска. Іншым шляхам — праз Почап і Старадуб — на пачатку ліпеня яны дасягнулі Дняпра. 11 ліпеня Трубяцкой атрымаў у Магілёве царскі загад, якім скіроўваўся пад Стары Быхаў. Відаць, праз некалькі дзён ад першага ваеннага выбуху пад цвердзю Сапегаў з’явіўся маскоўскі жаўнер[90].

Трубяцкой ужо не заспеў пад горадам Залатарэнкі, бо той некалькімі тыднямі раней атрымаў царскі загад вырушыць з большасцю сілаў на захад. Казацкі корпус мусіў стаць у авангардзе цэнтральнай маскоўскай арміі, кіраванай Якавам Чаркаскім. Як вынікае з загаду Аляксея Міхайлавіча, выдадзенага 23 чэрвеня ў Шклове, Залатарэнку належыла ўдарыць у напрамку Свіслачы ды Менска[91]. У адказе, дадзеным праз 3 дні, казацкі начальнік пагаджаўся з патрабаваннем цара, але папярэджваў, што не зможа падтрымаць Чаркаскага ўсімі сваімі аддзеламі, бо мусіць пакінуць частку на аблозе Старога Быхава, ды, апрача таго, у абозе шмат хворых. Наракаў пры тым, што ў выніку рэйду з–над Дняпра не будзе мець дастатковых сілаў для аблогаў Новага Быхава, Чачэрска, Прапойска, Рагачова ды Жлобіна. Першымі ў апошнія дні чэрвеня ваколіцы Старога Быхава пакінулі нежынскі ды старадубскі палкі, пад камандай Васіля Залатарэнкі і Цімафея Анікенкі. Неўзабаве следам на захад шпарка выправіўся сам наказны гетман з астатнімі аддзеламі. Ужо 4 ліпеня Іван прыбыў на Бярэзіну і чакаў ад цара далейшых пастаноў. Пад Старым Быхавам з часткай пяхоты за­стаўся баржнянскі палкоўнік Самойла Курбацкі[92]. Напэўна, гэта былі сілы не больш за 5000 жаўнераў, чаго хапала для блакады гарнізона, але было замала, каб замахнуцца на ўзяцце горада. Толькі прыбыццё арміі Трубяцкога дазваляла спадзявацца на распачынанне больш актыўных абложных дзеянняў.

Корпус Івана Залатарэнкі адыграў надзвычай важную ролю ў летняй кампаніі 1655 г. Пасля пераправы 9 ліпеня праз Бярэзіну ён аб’яднаўся з маскоўскім аддзелам (каля 5 400 чалавек) пад камандай Багдана Хітраво, што 29 чэрвеня заняў Барысаў. 12 ліпеня казакі ўзялі Свіслач, пасля адзначыліся ў бітве пад Менскам (13 ці 15 ліпеня), у выніку якой царскія фармаванні занялі горад[93]. Далей атакавалі ў фарпосце арміі Чаркаскага, неаднакроць білі літоўскія харугвы, якія спрабавалі заступіць ім дарогу (пад Койданавам, Ашмянамі, Смургонямі)[94]. 8 жніўня ў баі пад Вільняй корпус істотна паспрыяў разбіццю фармаванняў Радзівіла. У наступныя дні казакі ўчы­нілі разню тысячам жыхароў сталіцы ВКЛ. Забойствы і рабун­кі 8—9 жніўня 1655 г. сталі адным з найтрагічнейшых здарэнняў у гісторыі горада Вільні.

Тым часам на Дняпры ваенныя дзеянні практычна абмежаваліся аблогай Старога Быхава. У той перыяд на тэрыторыі ВКЛ толькі некалькі іншых цвердзяў — сапегаўскія Ляхавічы ды радзівілаўскія Слуцак з Нясвіжам — чынілі ворагу су­пра­ціў. Усе іншыя землі, апрача раёна Берасця, знаходзіліся пад акупацыяй Масквы, а таксама шведаў, якія 11 ліпеня ўзялі Дынабург, а ў жніўні ўвайшлі і ў Жамойць.

Гарнізон Старога Быхава не скарыўся непрыяцелю і тады, калі кантынгент Курбацкага атрымаў падтрымку арміі Трубяцкога. Пераможца з–пад Шапялевічаў абкладаў фартэцыю каля трох тыдняў, аднак без ніякага плёну. Абаронцы, мала таго што не збіраліся капітуляваць, дык і ладзілі шматлікія вылазкі, якімі наносілі Маскве адчувальны ўрон[95]. 5 жніўня Трубяцкой адышоў з большасцю сілаў на захад, над Дняпром жа пакінуў толькі полк жаўнераў на чале з Якавам Ронартам[96]. На працягу двух наступных месяцаў Масква двойчы безвынікова спрабавала авалодаць Слуцкам[97]. Поспяховым, аднак, стаў рэйд Трубяцкога па Наваградскім ваяводстве, у выніку якога мясцовыя шляхецкія аддзелы былі вымушаны адступіць пад Берасце, маскоўскія ж войскі захапілі Новую Мыш, Сло­нім ды Мір. Каля 22 верасня Трубяцкой атрымаў загад пера­рваць адступленне пад Стары Быхаў[98].

Вярнуцца на Днепр, пасля ўзяцця Вільні, прагнуў і Іван Залатарэнка. Насуперак планам цара, паводле якіх кантынгент мусіў перайсці да дзеянняў на заходніх берагах Нёмана, а пасля заатакаваць фармаванні Паўла Яна Сапегі ў раёне Берасця, наказны гетман ужо 28 жніўня прасіў дазволу адысці на ўсход[99]. Згода на тое была выказана ў першыя дні верасня.

Узяцце Старога Быхава ўвесь час было для казакоў галоўнай мэтай вайны. Меркавалася, што горад стане адміністрацыйным цэнтрам казацкай Беларусі — тэрыторыяй, толькі фармальна падуладнай цару, а фактычна падпарадкаванай Хмяльніцкаму. Для Івана Залатарэнкі адчынялася бліскучая кар’ера, якая б значна ўзняла яго палітычнае ды маёмаснае становішча сярод казацкіх эліт. Таму, замест працягу барацьбы з рэшткамі літоўскіх войскаў, гетман палічыў за лепшае зноў прыступіць да аблогі Старога Быхава, узяць які ў тагачаснай палітычнай ды ваеннай сітуацыі здавалася значна прасцей, чым у папярэднія этапы кампаніі.

Пасля 11 верасня казацкія аддзелы, даўшы добрага круга праз наваградскае ваяводства, рушылі да далёкага Дняпра. Каля 16 верасня быў узяты Наваградак і ўсталявана сувязь з арміяй Трубяцкога. Пад Старым Быхавам казакі з’явіліся толькі ў першых днях кастрычніка. Аднак для Івана Залатарэнкі трэці побыт пад цвердзю Сапегаў скончыўся трагічна. 17 кастрычніка 1655 г. начальнік казацкага корпуса загінуў пад агнём абаронцаў[100].

Гэтым здарэннем практычна завяршаюцца вартыя ўвагі падзеі, якія адбыліся пад Старым Быхавам у час вайны Рэчы Паспалітай з Масквой 1654—1655 г. Уражаныя смерцю свайго кіраўніка казакі, як і Трубяцкой, не чынілі новых атакаў горада, а абмежаваліся яго блакадай. Паколькі гарнізон фартэцыі ў лістападзе налічваў больш за 2000 чалавек, у якіх не было нястачы ў ежы ды ладунку, не вялося пра нейкі крызіс у яго шэрагах і капітуляцыю[101].

Зрэшты, позняй восеню 1655 г., ва ўмовах змененай у выніку шведскай агрэсіі на Карону палітычнай сітуацыі, дзеянні на літоўска–маскоўскім фронце, можна сказаць, заміраюць. У 1656 г. збройнае процістаянне саступае месца дыпламатычным перамовам, якія прывялі да падпісання 3 лістапада ў Немежы пад Вільняй дамовы аб замірэнні. Стары Быхаў тым часам заставаўся ў руках ліцвінаў. Толькі пасля ўзнаўлення ваенных дзеянняў у траўні 1659 г. горад зноў трапіў у аблогу. У снежні 1659 г., у выніку здрады часткі гарнізона, які паводле гадзяцкай дамовы складалі галоўным чынам казакі пад камандай чавусаўскага палкоўніка Івана Нячая (шмат з іх, ві­даць, вялі аблогу Старога Быхава ў 1654—1655 г.), цвердзь перайшла ў маскоўскія рукі.

Гераічная абарона Старога Быхава, якая з перапынкамі цягнулася з верасня 1654 г. да кастрычніка 1655 г., шырокім рэхам адгукнулася ў Рэчы Паспалітай і за яе межамі. Гераічная пастава жыхароў атрымала належную ўхвалу не толькі ад Яна Казіміра, які 20 чэрвеня 1661 г. пацвердзіў прывілей ад 31 траўня 1655 г.[102] Яго пераемнікі, Міхал Карыбут Вішнявецкі (20.XI.1669) ды Ян III Сабескі (20.III.1676), таксама санкцыянавалі ўсе ранейшыя наданні гораду, права вольнага гандлю на рэках Кароны і ВКЛ ды вызваленне ад падаткаў на 20 гадоў[103]. У тых дакументах адзначана і ўзорная пастава мясцовых габрэяў, якія цягам усёй аблогі ўдзельнічалі ў абароне, поруч з гарнізонам ды жыхарамі[104]. Пра высокую ацэнку за­слугаў старабыхаўчан лепш за ўсё сведчаць словы Яна III Сабескага, які выказаў спадзеў, каб „insi poddani nasi, du­chowni i szlacheccy, do takowejże i cnoty i wiary i przeciw nie­przyjacielowi resistentiej, ochotę i przykład z nich brali [іншыя нашы падданыя, духоўныя ды шляхта, да гэткай жа цноты і веры і супраціву непрыяцелю, ахвоту і прыклад з іх бралі]“[105].

З польскай пераклала Вольга Мазурава


[1] З прыватных гарадоў Сапегаў таксама сур’ёзна ўмацаваны былі Ляхавічы ў Наваградскім ваяводстве і Горы, непадалёку ад Смаленска. Значна слабейшыя фартыфікацыі мелі замкі ў Полацкім ваяводстве — Друя (Сапежынская) ды Іказнь.
[2] Жыццяпіс К.Л.Сапегі: Rachuba A. Polski Słownik Biograficzny (далей PSB). Wrocław, 1994. T.XXXV. S.31—37.
[3] Morzy J. Kryzys demograficzny na Litwie i Białorusi w II połowie XVII wieku. Poznań, 1965. Tabela 46.
[4] Апрача гэтага, на другім беразе Дняпра ў другой палове XVII ст. па­ўстала прадмесце Быхаўская Слабада (Лявонаўка).
[5] Умацаванні Старога Быхава апісваюцца паводле: Чантурия В.А. История архитектуры Белоруссии. Минск, 1985. С.45; Hryckiewicz A. Warowne miasta magnackie na Białorusi i Litwie // Przegląd Historyczny. 1970. T.LXI. Z.3. S.437—438; Кветницкая Е.Д. Архитектура Белоруссии XVII в. // Всеобщая история архитектуры. Москва, 1968. Т.VI. Ч.III; Ткачев М. Замки Белоруссии. Минск, 1987. С.180—182; Ткачоў М. Замкі і людзі. Мінск, 1991. С.80—82.
[6] У 1690 г. у горадзе было 412 дымоў (Morzy J. Op. cit. S.207).
[7] Rachuba A. Słuszka Zygmunt Adam // PSB. Wrocław, 1999. T.XXXIX. S.152—156.
[8] Ткачоў М. Замкі і людзі. С.89—90.
[9] Żywot Jaśnie Oświeconego Księcia Bogusława Radziwiłła. Poznań i Trzemieszno, 1840. S.114.
[10] Акты, относящиеся к истории Южной и Западной России, собраные и изданные Археографическою Комиссиею (далей АЮЗР). С.–Петербург, 1880. Т.X. С.506—507. Даты дадзены паводле дзейнага ў Рэчы Паспалітай грыгарыянскага календара (у маскоўскіх і казацкіх крыні­цах ўжываецца „спознены“ на 10 дзён юліянскі каляндар).
[11] Тамсама. Т.X. С.681—682; таксама: рэляцыя Залатарэнкі да цара ад 11(21).VI.1654 // Тамсама. С.–Петербург, 1889. Т.XIV. С.127—130.
[12] Тамсама. С.139—144.
[13] Акты Московского государства, изданные Императорскою Академиею наук (далей АМГ). С.–Петербург, 1894. Т.II. № 593. С.371—372; Lietuvos Valstybes Istorijos Archyvas (далей LVIA), f.SA, nr 4106, k.260—269, nr 4107, k.32v—37.
[14] АЮЗР. Т.XIV. С.135—138.
[15] List z Wilna, 8.VIII.1654 // Ojczyste spominki w pismach do dziejów dawnej Polski. Kraków, 1845. Т.I. S.112; List S.Pawszy, Petryków, 17.VIII.1654 // Ibidem. S.118—120.
[16] АЮЗР. Т.XIV. С.145—149; Дворцовые розряды. С.–Петербург, 1852. Т.III. С.445.
[17] Jan Kazimierz do A.S.Radziwiłła, Warszawa, 13.VII.1654. Biblioteka Zakładu Narodowego im. Ossolińskich we Wrocławiu (далей BOssol.), rkps 2280/I, k.271v.
[18] K.Bohuszewicz do K.L.Sapiehy, [Stary] Bychów, 13.VII.1654. Львівска Державна Наукова Бібліотека ім. В.Стефаника (далей ЛНБ). Ф.103, спр.1647.
[19] K.Bohuszewicz do K.L.Sapiehy, [Stary] Bychów 19.VII.1654. ЛНБ. Ф.103, спр.1648.
[20] АЮЗР. Т.XIV. С.443—448.
[21] Тамсама. С.467.
[22] Тамсама. С.715—716.
[23] Тамсама. С.147—149.
[24] Тамсама. Т.X. С.681—682; У снежні 1655 г. пад час абароны Новага Быхава Залатарэнка меў 30 гармат (Vorbek–Lettow M. Skarbnica pamięci. Pamiętnik lekarza króla Władysława IV. Wrocław, 1968. S.211).
[25] Konfesata Kozaków zaporoskich, pobranych w Wielatyczach, dzierżawie JM Pana Pisarza Polnego ВКЛ i przyprowadzonych z Berezyny, 18.X.1654. Biblioteka Muzeum im. Ks.Czartoryskich w Krakowie (далей BCzart.). Rkps 147, nr 98, s.421—424 (рэляцыя часткова надрукавана: Materyały dla historyi Małej Rossyi. Listy i uniwersały za Jana Kazimierza od.1650 do 1660. Kijów, 1852. T.II. S.39—41 — тут датуецца 10.X).
[26] BCzart. Rkps 147, nr 133, s.658.
[27] Асноўнымі крыніцамі, каб падлічыць колькасць літоўскай арміі таго часу, паўстаюць кнігі скарбовай камісіі 1662—1664 г. LVIA. F.SA, nr 4106, 4107. Пра склад і колькасць каронных фармаванняў гл.: Bobiatyński K. Działania posiłkowego korpusu koronnego na terenie VKL w latach.1654—1655 (у бліжэйшым нумары „Studiów i Materiałów do Historii Wojskowości“).
[28] Асобныя атрады Сапегаў, не ўключаныя ў кампут, значыліся ў некалькіх рэестрах войска ВКЛ ад 1654—1655 г. (BCzart. Rkps 148, nr 191, s.906; BCzart. Rkps 2749, nr 112, s.407—410).
[29] Jan Kazimierz do K.L.Sapiehy, Warszawa, 21.VIII.1654. Archiwum Główne Akt Dawnych w Warszawie (далей AGAD). Nabytki Kolek­cjonerskie, nr 59.
[30] A.H.Połubiński do K.L.Sapiehy, obóz pod Nowym Bychowem, 31.I.1655. ЛНБ. Ф.103, Teki Prochaski, спр.149/Va, с.279.
[31] Rachuba A. Sapieha Paweł Jan // PSB. Wrocław,1995. T.XXXV. S.138—139.
[32] S.Oskierko do B.Radziwiłła, Bobrujsk, 13.X.1654. BCzart. Rkps 147, nr 133, s.657—658; АЮЗР. Т.XIV. С.405—406, 424—426.
[33] АМГ. Т.II. № 612. С.384—386.
[34] Rachuba A. Konfederacja wojska litewskiego w Wierzbołowie w.1655 r. // Miscellanea Historico–Archivistica. 1994. T.IV. S.14—19.
[35] Radziwiłł A.S. Pamiętniki o dziejach w Polsce. Warszawa, 1980. T.III. S.437; Laskowski do A.Koniecpolskiego, Grodno, 18.XI.1654. AGAD. Archiwum Zamoyskich, nr 450, s.124; J.Mierzeński do A.Leszczyńskiego, Mińsk, początek grudnia.1654. BCzart. Rkps 417, k.151v.
[36] J.Radziwiłł do A.Leszczyńskiego, Mińsk, 2.XII.1654. BCzart. Rkps 147, nr 147, s.713—726; Remanifestacja na manifestację Księcia JM incerto authore uczyniona. Biblioteka PAN w Kórniku. Rkps 991, k.453—455.
[37] АЮЗР. Т.XIV. С.151—154.
[38] Жыццяпіс Паклонскага гл.: Rachuba A. Pokłoński, Konstanty // PSB. Wrocław, 1983. T.XXVII. S.234—235.
[39] Похилевич Д. Белорусское казачество // Наукові записки Львівского державного ун–ту ім. І.Франка. 1957. Т.XLIII. Вып.VI. C.162.
[40] АЮЗР. Т.XIV. С.153—164, 167—174, 297—300, 379—380, 407—408, 433—436, 439—442, 453—454.
[41] Документы Богдана Хмельницького 1648—1657. Киев, 1961. № 290. С.400—401.
[42] Extrait d’une Lettre ecrite par un Officier de l’armee de Lithuanie logee dans la ville basse de Mohilev du 19 fevrier.1655 (BN, mf 379 A)–5000; Eigentliche Erzählung welcher gestalt […] Janus Radziwil […] geführte Armee zeithero geschwächet und zurücke zu gehen genöthiget, BN, mf 11806–7000; Vorbek–Lettow M. Op.cit. S.212 і далей (8000 сялян і 2000 украінскіх казакоў); Theatrum Europaeum (далей TE). Frankfurt am Maіn, 1685. T.VII. S.765f.
[43] АЮЗР. Т.XIV. С.468–470.
[44] АМГ. Т.II. №612. С.384—386.
[45] АЮЗР. Т.XIV. С.503—504, 515—518, 519—521.
[46] Тамсама. С.481—484.
[47] Mieszczanie starobychowscy do K.L.Sapiehy, Stary Bychów, 4.I.1655. Lietuvos Mokslu Akademijos Centrine Biblioteka. F.139, nr 545.
[48] J.Radziwiłł do szlachty powiatu słonimskiego, Mohylew, 7.IV.1655. BCzart. Rkps 148, nr 26, s.132—133.
[49] J.Leszczyński do S.Potockiego, Kutno, 30.III.1655. BCzart. Rkps 384, nr 91, s.208.
[50] Ibidem. T.XIV. S.485—486.
[51] У 12 000 ацаніў сілы праціўніка Аляксей Міхайлавіч (Соловьев С.М. История России с древнейших времен. Москва, 1961. Т.X. С.641); Іван Залатарэнка, на падставе паказанняў палонных, даваў лічбу двухкроць вышэй (АЮЗР. Т.XIV. С.513—516). У рэляцыі Extrait d’une Lettre… вядзецца пра 15 000.
[52] A.H.Połubiński do K.L.Sapiehy, obóz pod Nowym Bychowem, 31.I.1655. ЛНБ. Ф.103, Teki Prochaski, спр.149/Va, с.279; Jan Kazimierz do K.L.Sapiehy, Warszawa, 17.II.1655. BCzart. Rkps 2105, s.117.
[53] Vorbek–Lettow M. Op.cit. S.211.
[54] АЮЗР. Т.XIV. С.495—496; Форбэк–Летаў (Оp.cit. S.211) дае дату на дзень пазней: 15.I.1655.
[55] J.Radziwiłł do szlachty powiatu słonimskiego, Mohylew, 7.IV.1655. BCzart. Rkps 148, nr 26, s.133.
[56] L.Kubala, Wojna polsko–moskiewska.1654—1655, Szkice historyczne. Warszawa, 1910. T.III. S.274.
[57] TE. T.VII. S.765.
[58] Żywot [...] Bogusława Radziwiłła. S.115.
[59] АЮЗР. Т.XIV. С.519—524.
[60] Żywot [...] Bogusława Radziwiłła. S.115—116.
[61] M.Korff do W.Tyzenhauza, b.m., 30.I.1655. AGAD. Archiwum Tyzenhauzów, nr F–115.
[62] Extrait d’une Lettre…
[63] Radziwiłł B. Op.cit. S.135.
[64] Ibidem.
[65] Extrait d’une Lettre…
[66] A.H.Połubiński do K.L.Sapiehy, obóz pod Nowym Bychowem, 31.I.1655. ЛНБ. Ф.103, Teki Prochaski, спр.149/Va, с.279.
[67] J.Radziwiłł do szlachty powiatu słonimskiego, Mohylew, 7.IV.1655. BCzart. Rkps 148, nr 26, s.134.
[68] Extrait d’une Lettre…
[69] Kersten A. Stefan Czarniecki 1599—1665. Warszawa, 1963. S.206—210.
[70] Rachuba A. Paweł Sapieha od 8.VIII.1655 roku do 30 V.1656 roku, praca magisterska w IHUW. S.28.
[71] A.H.Połubiński do K.L.Sapiehy, obóz pod Nowym Bychowem, 31.I.1655. ЛНБ. Ф.103, Teki Prochaski, спр.149/Va, с.279.
[72] Vorbek–Lettow M. Op.cit. S.217; АЮЗР. Т.XIV. С.533—534 (тут даецца на некалькі дзён ранейшая дата спалення Бабруйска і Каралеўскай Слабады), 539—541.
[73] Vorbek–Lettow M. Op.cit. S.217—218; АЮЗР. Т.XIV. С.540; List do A.H.Połubińskiego z 10.IV.1655. BCzart. Rkps 2749, nr 77, s.355.
[74] АЮЗР. Т.XIV. С.527—534.
[75] Тамсама. С.709—712.
[76] Русско–белорусские связи. Сборник документов (1570—1667). Минск, 1963. №307, с.330—331.
[77] АЮЗР. Т.XIV. С.569—570, 587—590, 593—595; АМГ. Т.II. № 663. С.409.
[78] З гэтай мэтай 23 траўня з табара пад Старым Быхавам адаслаў адпаведны ліст да цара (АЮЗР. Т.XIV. С.607—608).
[79] K.L.Sapieha do Jana Kazimierza, Słonim, 31.III.1655. BCzart. Rkps 2105, s.301; idem do J.Pawszanowskiego, Słonim, 15.V.1655 // АЮЗР. Т.XIV. С.727—728.
[80] Jan Kułak do K.L.Sapiehy, Bieszenkowicze, 2.IV.1655. ЛНБ. Ф.103, спр.1653; H.Lipski do E.Brzostowskiego, Tołoczyn, 28.IV.1655. BCzart. Rkps 148, nr 33, s.169.
[81] K.L.Sapieha do Jana Kazimierza, Słonim, 31.III.1655. BCzart. Rkps 2105, s.301.
[82] Volumina Legum. С.–Петербург, 1859. Т.II. С.232—233.
[83] J.Pawszanowski do K.Bohuszewicza, Lachowicze, 20.V.1655 // АЮЗР. Т.XIV. С.729—732.
[84] K.L.Sapieha do J.Pawszanowskiego, Słonim, 15.V.1655 // Тамсама. С.727—728; J.Pawszanowski do J. Krügera, Lachowicze, 20.V.1655 // Тамсама. С.729—730.
[85] Тамсама. С.715—716.
[86] Тамсама. С.601—604, 675—678.
[87]Археографический сборник документов, относящихся к истории Северо–Западной Руси. Вильно, 1867. Т.I. № 164. С.191.
[88] Падобны водклік сустракалі таксама пазнейшыя лісты, дасыланыя з гэткім жа заклікам Залатарэнкі ды Аляксея Міхайлавіча (напр.: Акты исторические, собраные и изданные Археографическою Коммиссиею. С.–Петербург, 1842. Т.IV. № 100. С.243; АЮЗР. Т.XIV. С.741—744).
[89] Берх В.Н. Царствование Алексея Михайловича. С.–Петербург, 1831. С.87.
[90] Мальцев А.Н. Россия и Белоруссия в середине XVII века. Москва, 1974. С.84–85.
[91] АЮЗР. Т.XIV. С.705—706. Царскія планы падтрымаў таксама Хмяль­ніцкі, які ў лісце з Корсуня ад 7 чэрвеня загадаў свайму швагру рушыць да галоўных сілаў непрыяцеля, а не губляць жаўнераў пад „куратнікамі“, як з пагардай акрэсліў Стары Быхаў (тамсама, с.697—699).
[92] Тамсама. С.709—712, 717—719.
[93] Мальцев А.Н. Op.cit. С.90; J.Radziwiłł do Jana Kazimierza, Wilno, 18.VII.1655. BCzart. Rkps 2105, s.338; таксама авізы з Вільні ад 10.VII. BOssol. Rkps 189/II, s.765.
[94] АЮЗР. Т.XIV. С.751—756.
[95] АМГ. Т.II. № 696. С.425—426.
[96] Мальцев А.Н. Op.cit. С.85.
[97] Дыярыуш аблогі Слуцка: AGAD, Archiwum Radziwiłłów. Dz.II, księga 69.14, s.55—60 (копія: BCzart. Rkps 148, nr 104, s.529—534).
[98] АМГ. Т.II. № 717. С.436—439.
[99] АЮЗР. Т.XIV. С.787—790, 797—798
[100] Українське козацтво. Мала энциклопедия. Київ, 2002. С.176.
[101] АМГ. Т.II. № 759. С.463—464.
[102] Metryka Litewska. Księga wpisów nr 131. Warszawa, 2001. № 1012. S.330—331.
[103] Акты издаваемые Виленскою Археографическою Коммиссиею для разбора древних актов (далей АВАК). Вильно, 1870. Т.IV. С.177—180.
[104] Horn M. Powinności wojenne Żydów w Rzeczypospolitej w XVI i XVII wieku. Warszawa, 1978. S.108.
[105] АВАК. Т.IV. С.177—180.

Наверх

Генадзь Сагановіч. Грунвальд у беларускай гістарыяграфіі

Снежня 21, 2002 |


Бітва 1410 г. пад Грунвальдам (у нямецкай традыцыі — Танэнберг, у літоўскай — Žalgiris, у беларускай магло б быць Дуброўна[1], як лакалізавана месца сечы ў летапісах) стала па­дзеяй, пра якую адразу даведаўся ўвесь тагачасны свет. Як вядома, самы чынны ўдзел у ёй бралі і продкі цяперашніх беларусаў. Але ў грамадска–палітычным жыцці Беларусі тэма вялікай бітвы займае непараўнальна меншае месца, чым у Літве ці Польшчы, у якой Грунвальд даўно стаў нацыянальным сімвалам. Невыпадкова польскія калегі да нядаўняга часу, параўноўваючы грунвальдскую традыцыю сваёй краіны з літоўскай, расійскай, украінскай і чэшскай, пра беларускую нават не згадвалі[2]. Беларускае грамадства сапраўды не ацэньвала і не перажывала грунвальдскай спадчыны, бо, можна сказаць, і не ведала яе. Сітуацыя пачала мяняцца толькі ў канцы 80–х — пачатку 90–х г., калі ўгодкі грунвальдскай перамогі сталі публічна святкавацца ў Мінску, ёй прысвячаліся навуковыя чытанні, расла колькасць папулярных публікацый пра бітву, „Грунвальдам“ называлі перыёдыкі, летнікі і г.д.[3] Сцвярджэнне сваёй грунвальдскай традыцыі актывізавалася з абвяшчэннем дзяржаўнага суверэнітэту Беларусі, і калі б не радыкальная змена ўладаў ды палітычнага курсу краіны, вынікі гэтага працэсу, магчыма, былі б ужо відавочныя.

Калі даследаванне традыцыі ёсць справай хутчэй сацыёлагаў ці антраполагаў, дык гісторыку важна высветліць, як рэагавала гістарыяграфія на рост грамадскай цікавасці да Грунвальда ў 1980—90–я г., і наогул, якое месца заняў Грунвальд у нашай гістарычнай навуцы.

Для кожнага, хто арыентуецца ў айчыннай гістарычнай бібліяграфіі, не сакрэт, што тэма Грунвальда ў беларускай гістарыяграфіі засталася зусім непрыкметнай. У нас няма па ёй ніводнага даследавання манаграфічнага ўзроўню, а спецыяльных артыкулаў, прысвечаных славутай бітве, не набярэцца і дзесятак. Таму, вызначаючы актуальны стан беларускай грунвальдскай гістарыяграфіі, варта разгледзець не толькі навуковыя публікацыі, але і навучальную літаратуру, сінтэтычныя і энцыклапедычныя выданні, а таксама найбольш значныя творы публіцыстыкі.

Не спрабуючы ахапіць усіх аспектаў праблемы і свядома пакінуўшы ў баку шмат спрэчных пытанняў, звернемся да таго, як у беларускай гістарычнай літаратуры падаюцца

1) прычыны „Вялікай вайны“ і паходу саюзнай арміі ў Прусію;

2) колькасць армій праціўнікаў ды іх склад;

3) тактыка дзеянняў і ход бітвы;

4) страты абодвух бакоў;

5) ваеннае і палітычна–гістарычнае значэнне перамогі.

1. Пачаткам айчыннай грунвальдскай гістарыяграфіі можна лічыць публікацыі беларускіх гісторыкаў непадобных лёсаў ды розных ідэалагічных арыентацый — Міхаіла Каяловіча[4] і Дзмітра Даўгялы[5], прысвечаныя славутай бітве. Праўда, тэкст М.Каяловіча мае толькі ўскосныя адносіны да ўласна гістарыяграфіі: гэта яго ўрачыстая прамова ў Славянскім Дабрачынным Таварыстве, у якой гісторык, палемізуючы з асвятленнем Грунвальда ў польскіх і нямецкіх кнігах (якія славу пераможцаў прыпісвалі палякам), эмацыйна канстатаваў, што менавіта смаленскія палкі „спасли славянское дело“, пасля чаго перайшоў да праблемы рэлігійнай палітыкі ў ВКЛ. Больш сур’ёзным выданнем пра Грунвальд стаў нарыс Дзмітра Даўгялы, прысвечаны 500–годдзю вя­лікай перамогі. Узаемаадносіны ВКЛ і Польскай Кароны з Ордэнам гісторык прадставіў у ім як пастаяннае нарастанне канфрантацыі славянскага свету з немцамі, што непа­збежна вяло да развязкі. Наогул, у гэтым юбілейным нарысе, насычаным панславіс­цкай рыторыкай („общеславянское дело“, „общеславянское торжество“ і да т.п.), не выпадае шукаць асаблівай навуковасці, бо, па прызнанні самога аўтара, пісаўся ён у супрацьвагу польскай легендзе Грунвальда, для сцвярджэння першачарговых заслуг „руских“ палкоў наогул і „западно–русских“ у прыватнасці[6].

Калі не ўлічваць даволі папулярнага артыкула Язэпа Лёсіка, прысвечанага параўнанню апісанняў бітвы ў вядомых хроні­ках[7], то атрымаецца, што пасля згаданых выданняў спецыяльных навуковых публікацый пра Грунвальд у Беларусі давялося чакаць цэлае стагоддзе.

З сучасных гісторыкаў першым да вялікай перамогі звярнуўся Анатоль Грыцкевіч[8]. Вось жа, свядома ці не, ён наследаваў традыцыю трактавання немцаў як адвечных ворагаў славянства, дух славяна–нямецкага супрацьстаяння ваенных часоў, які выдаваў бітву пад Грунвальдам за фатальнае наступства нямецкай агрэсіі[9]. „Тэўтонскі ордэн планаваў стварэнне вялікай нямецкай дзяржавы на ўзбярэжжы Балтыйскага мора з уключэннем у яго склад Паўночнай Польшчы, Літвы і большай часткі Беларусі, Пскова і Ноўгарада Вялікага“, — пісаў гісторык. „Па­стаянна існавала пагроза незалежнасці дзяржавы, пагроза заняволення літоўскага і беларускага народаў, магчымага іх зні­ш­чэння або анямечвання (як прусаў)“[10]. Падобна патлумачыў прычыны вайны і аўтар другой спецыяльнай публікацыі Вітаўт Чаропка[11]. На яго думку, імкненне ВКЛ і Кароны разам абара­ніцца ад агульнага ворага стала „адной з галоўных прычын за­ключэння ў 1385 г. Крэўскай уніі“. „Ордэн выношваў планы заваявання Польшчы, Літвы, Ноўгарада і Пскова. Крыжакі здзей­снілі больш за 140 паходаў на ВКЛ, а ў адказ вялікакняскія войскі правялі 60 паходаў на Прусію і Лівонію“[12]. Шкада толькі, што не ўдакладнена, за які перыяд. Калі ў навукова–папулярнай кнізе Аляксандра Краўцэвіча — першым айчынным выданні, прысвечаным Тэўтонскаму ордэну — сцвярджаецца, што ў перыяд паміж 1340 і 1410 г. нямецкія рыцары, апрача 97 вялікіх паходаў на ВКЛ, здзяйснялі па 4—8 „невялікіх рабаўнічых вы­праў“ у год[13], то і гэтыя лічбы выглядаюць не асабліва карэктна, паколькі ў адносінах паміж ВКЛ і Ордэнам былі і перыяды замірэння, пры гэтым абсалютную большасць паходаў рыцары скіроўвалі ўсё ж на Жамойць ці Аўкштоту[14].

Лішне казаць, у якое складанае становішча трапляе энцыклапедычная і асабліва навучальная літаратура, што павінна выкладаць квінтэсэнцыю атрыманых і адаптаваных у навуцы ведаў, калі навукоўцы не забяспечваюць яе кандыцыйнымі распрацоўкамі. Сітуацыя з Грунвальдам тут асабліва паказальная: адсутнасць айчынных акадэмічных прац стварала і стварае самыя спрыяльныя ўмовы для выступлення аматараў у ролі знаўцаў праблематыкі, для пашырэння недаказаных гіпотэзаў, спрашчэнняў ці проста міфаў. Так, у адпаведным артыкуле „Энцыклапедыі гісторыі Беларусі“ сцвярджаецца, што мэтай „Вялікай вайны“ 1409—1411 г., названай этапам нямецкай палітыкі „Дранг нах Остэн“, было „стварэнне вялікай Тэўтоніі ад вострава Руген у Балтыйскім моры да Фінскага заліва“ з землямі Польшчы, Беларусі, Літвы, Пскова і Ноўгарада[15]. Нягледзячы на тое, што гэты план быў прыпісаны вялікаму магістру знаным даследчыкам грунвальдскай праблематыкі Стэфанам М. Кучыньскім, аўтарам вельмі папулярнай сярод беларускіх калегаў „Вялікай вайны з Нямецкім ордэнам“[16], у праўдзівасць падобных намераў проста немагчыма верыць. Як ужо было трапна адзначана ў палеміцы нямецкім гісторыкам, тут у адно сабраны асобныя намеры і спробы ўсіх эпох і часоў, так што такі план Ульрыху фон Юнінгену не мог нават прысніцца[17].

У навучальнай літаратуры прычыны Вялікай вайны з Ордэнам да апошняга дзесяцігоддзя амаль не закраналіся. А вось у новых дапаможніках, якія аддаюць бітве значна больш увагі, стала прасочвацца выразная інтэрпрэтацыйная тэндэнцыя: калі ў даваенных навучальных выданнях можна было прачытаць, што „ваенныя паходы рабілі не толькі рыцары на Літву і Беларусь, але і наадварот, літоўска–беларускія войскі не раз урываліся ў межы тэрыторыі, занятай рыцарамі, у сваю чаргу спусташалі і грабілі яе“[18], дык цяпер тлумачэнне прычынаў „Вялікай вайны“ гранічна спрасцілася і наблізілася да ўжо знаёмай схемы: увесь час узрастала небяспека з боку Ордэна, і генеральная сеча была проста неабходная для самаабароны! Напрыклад, калі ў школьных падручніках савецкага ўзору проста звяртаецца ўвага на значэнне Крэўскай уніі для паспяховай барацьбы славян і літоўцаў супраць Тэўтонскага ордэна[19], дык у новым дапаможніку, у якім упершыню славутай бітве адведзены асобны параграф, сцвярджаецца, што нямецкія рыцары няспынна працягвалі „грабежніцкае наступленне на Ўсход“, што колькасць іх рэйдаў „даходзіла да васьмі за год“, і што „толькі рашучая перамога над крыжакамі магла даць надзею на пазбаўленне ад грознай небяспекі…“[20]. І ў сучасных дапаможніках для ВНУ гаворыцца, што Ордэн пагражаў „балта–славянскім народам [...] духоўным і фізічным вынішчэннем“[21], што „скрушэнне агрэсіўнага суседа стала жыццёвай неабходнасцю ліцвінаў і палякаў“[22]. Нават у акадэмічных „Нарысах“ вайна з тэўтонцамі названая „барацьбой за выжыванне славянства“[23].

Не дзіўна, што гістарычная белетрыстыка і публіцыстыка, разлічаная на эмацыйнае ўспрыманне, дазваляла сабе яшчэ больш драматызаваць адносіны паміж немцамі і ВКЛ. Асаблівае месца ў папулярнай літаратуры заняло майстэрскае эсэ Канстанціна Тарасава „Пагоркі Грунвальда“, уключанае ў яго вядомую кнігу „Памяць пра легенды“[24], якая, стаўшы бестселерам другой паловы 1980–х г., акурат і спрычынілася да абуджэння гістарычнай свядомасці і папулярызацыі Грунвальда сярод шырокай грамадскасці. Можа таму, што сам жанр вымагаў ад пісьменніка кантрастаў, перадгісторыя генеральнай бітвы вы­трымана ў асабліва змрочных фарбах: маўляў, да 15 ліпеня 1410 г. паходы рыцараў на Літву і Беларусь „здараліся да васьмі разоў на год“, у суседстве з Ордэнам беларусаў і літоўцаў чакаў такі ж лёс, як прусаў, „ад якога… немцы не пакінулі нічога, апроч імя“, таму, маўляў, „зруйнаванне Ордэна стала неад­кладнай задачай, жыццёва неабходнай патрэбай літоўцаў, беларусаў і палякаў“, якую і вырашыла „Вялікая вайна“ 1409—1411 гадоў[25]. Пра „злавесную хмару смяротнай небяспекі“ з боку рыцарскай дзяржавы пісалася як у белетрызаваных аповедах пра Грунвальд[26], так і ў публікацыях новага гістарычнага перыёдыка, чытачам якога таксама нагадвалі пра лёс прусаў, што былі быццам „цалкам знішчаны“ немцамі, таму, маўляў, „такая ж горкая доля чакала беларусаў з літоўцамі“[27].

Лёс прусаў, як даўно высветлена даследчыкамі, быў далёка не такі трагічны, у кожным разе пра іх фізічнае вынішчэнне гаварыць не выпадае. Што ж да гвалтоўнага падпарадкавання і хрышчэння прусаў, то не варта забываць пра чынны ўдзел русінаў (у прыватнасці — гарадзенцаў) у адной з крыжовых выправаў супраць прускіх плямёнаў яшчэ ў ХII ст.

А Нямецкі ордэн у пачатку ХIV ст. ужо не ўяўляў для Вялікага Княства той небяспекі, якая зыходзіла з яго да Крэўскай уніі 1385 г. Ды і наогул, рэанімаванне антынямецкай фобіі ў наш час зусім беспадстаўнае. Сцвярджэнне вобраза нямецкіх рыцараў як смяротных ворагаў, што здзяйснялі Drang nach Osten, было характэрна для польскіх гісторыкаў і пісьменнікаў другой паловы ХIХ — пачатку ХХ ст. Традыцыя такога ўспрымання „крыжакоў“ нарадзілася ў ХV ст. у атмасферы вострага польска–нямецкага антаганізму, а развіццё нацыянальнай ідэалогіі ва ўмовах антыпольскай палітыкі прускіх уладаў актуалізавала яе. Тады ж расійскі панславізм, ставячы на мэце аб’яднанне ўсіх славян вакол „русского племени“, ператварыў Грунвальд у сімвал славянскага адзінства, перамогі „славянского дела“ над немцамі, выкарыстаў яго для прапаганды „великой идеи борьбы против вековых врагов и притеснителей славянства“[28]. Ідэалогія панславізму, ад самага пачатку шчыра палітычная і падпарадкаваная вялікарасійскім інтарэсам, асабліва прапагандавалася пад час сусветных войнаў. Цяжка зразумець, чаму пасля распаду СССР і з’яўлення магчымасцяў інтэграцыі ў вольную Еўропу беларуская гістарычная літаратура пераняла прымітыўныя міфы і фразеалогію ваяўнічага панславізму стогадовай даўнасці. Напрыклад, су­працьпастаўляючы славянскі свет нямецкаму, заходняму, аўтары некаторых не толькі папулярных, але нават навучальных выданняў сутыкнулі на Грунвальдскім полі „Еўропу крыжацкую, агрэсіўную“, з „Еўропай славянскай, што бараніла сваю годнасць і незалежнасць“[29].

2. Колькасць сілаў, якія сышліся для генеральнай бітвы, не засведчаная верагоднымі крыніцамі, таму яе вызначаюць да­следчыкі, дакладнасць якіх залежыць ад методыкі падлікаў[30]. Простыя лічбы, ператвараючыся ў колькасць „сваіх“ ці „ворагаў“, таксама выяўляюць пэўную эмацыйнасць падыходу да мінулага. Калі Анатоль Грыцкевіч цалкам прыняў дадзеныя польскага гісторыка Стэфана Кучыньскага (войска Вітаўта — 11 тыс. конніцы і 500 пяхотнікаў, войска Ягайлы — 18 тыс. конніцы, 2 тыс. пяхоты, у Ордэна — 21 тыс. конніцы і 6 тыс. пяхоты[31]), дык для В.Чаропкі нават лічбы Кучыньскага, якія многімі гісторыкамі лічацца моцна завышанымі, падаліся замалыя: як „рэальныя“ ён назваў 30—33 тыс. для Ордэна, а ў арміі саюз­нікаў павялічыў толькі колькасць сілаў Вітаўта да 20 тыс., тады як колькасць польскага крыла ў 20 тыс. яго задаволіла[32].

З аўтараў папулярных выданняў бадай толькі А.Краўцэвіч пагадзіўся з падлікамі С.Кучыньскага[33]. Канстанцін Тарасаў, назваўшы „Вялікую вайну“ польскага гісторыка „найбольш глыбокім“ даследаваннем грунвальдскай праблематыкі, вызначаную ў ёй колькасць войска палічыў заніжанай і напісаў, што Вітаўт меў прынамсі 20 тыс. — не менш за Ягайлу, тады як у Ордэна была 30–тысячная армія[34].

Завышаць колькасць армій, што бралі ўдзел у бітве, нельга не толькі з увагі на абмежаваныя мабілізацыйныя магчымасці дзяржаў — удзельніц вайны. Калі б нават лічбы С.Кучыньскага (не гаворачы пра большыя) адпавядалі сапраўднасці, то атрымалася б, што 15 ліпеня 1410 г. з абодвух бакоў мусіла б сы­сціся 50 тыс. конніцы, а з улікам рэзерву, татараў і малдаўскай дапамогі — 65 тыс.! Готхалд Родэ слушна адзначаў, што такая колькасць войска проста фізічна не змясцілася б на грунвальдскім полі[35].

Заслугі паасобных народаў у разгроме Ордэна немагчыма ўявіць без вызначэння этнічнага складу арміі саюзнікаў. Звычайна гэта рабілася на падставе пераліку харугваў у хроніцы Длугаша, названых па землях. Праўда, як для падліку агульнай колькасці сілаў, так і для вызначэння іх складу дадзеныя славутага храніста, які назваў, дарэчы, у арміі Вітаўта толькі 18 харугваў[36], складана лічыць надзейнай крыніцай[37]. Шкада, што ў нас яго крытыку яшчэ мала бралі да ўвагі. Ці не першым за выра­шэнне пытання складу армій браўся Дзмітры Даўгяла, якому трэба было паказаць, наколькі вялікая роля ў разгроме немцаў належала ўсходнім славянам. Аўтар вызначаў этнічны склад войска Вітаўта „на аснове знаёмства з характарам насельніцтва Заходне–Рускага краю“ і па актавых кнігах Віленскіх архіваў. З пералічаных Длугашам харугваў Вітаўтавага войска да літоўскіх ён аднёс 5 (віленскую, ваўкавыскую, ковенскую, медніцкую і троцкую), а да „рускіх“ — 15 (берасцейскую, віцебскую, гара­дзенскую, драгічынскую, кіеўскую, крамянецкую, лідскую, мельніцкую, наваградскую, пінскую, полацкую, тры смаленскіх і старадубскую)[38]. З патрыятычным максімалізмам падышоў да праблемы А.Грыцкевіч, сцвярджаючы, што з 40 харугваў Вітаўта беларускімі былі 28, украінскімі — 8, а ўласна літоўскімі — толькі 4[39]. Думаю, гісторык напісаў гэта пад уплывам А. Барбашова, які назваў „рускімі“ 36 харугваў арміі ВКЛ[40].

У навучальнай літаратуры ўвага да этнічнага складу войска залежала ад эпохі. Падручнікі савецкага ўзору проста не задаваліся гэтым пытаннем. Яны звычайна суха канстатавалі, што ў складзе армій Польшчы і ВКЛ „акрамя“ палякаў і літоўцаў былі таксама харугвы з Беларусі ды Ўкраіны, пералічваючы толькі іх частку[41], ніколі не забываючыся, аднак, згадаць пра гераічныя смаленскія палкі. Новыя ж, постсавецкія дапаможнікі звяртаюць увагу на вялікі колькасны ўдзел беларусаў у бітве, сцвяр­джаючы, што „ўласна беларускія“ харугвы складалі прынамсі больш за палову арміі Вітаўта[42]. Дзеля справядлівасці трэба адзначыць, што даследчыкі і ў сваіх папулярных публікацыях за­ставаліся даволі асцярожнымі з вызначэннем „удзельнай вагі“ сваіх далёкіх продкаў у саюзным войску. Прыкладам, Вячаслаў Насевіч падаў прапорцыі русінаў і літоўцаў у арміі ВКЛ як 3 да 1 (30 беларуска–украінскіх харугваў на 10 „уласна літоўскіх“[43]). Затое публіцыстыка і тут не ведала меры. Папулярызатары лічылі магчымым пісаць, што беларусы складалі „пераважную большасць“ той „асноўнай сілы“, якая разграміла немцаў[44], а каб іх гераізм уяўляўся яшчэ большым, сцвярджалася, што ворагаў „усё ж такі было болей“, чым пададзена ў С.Кучыньскага[45].

3. Сучасныя беларускія гісторыкі салідарна адзначалі, што першымі бітву пачало войска Вітаўта (тады як палякі ўступілі ў бітву на гадзіну–дзве пазней), ды што яно наткнулася на падрыхтаваныя немцамі „воўчыя ямы“. З версіяй пра ўцёкі Вітаўтавай арміі, уведзенай у гістарыяграфію Длугашам, яны не пагаджаюцца. А.Грыцкевіч піша толькі пра „адступленне“, якое было „звычайнай тактыкай літоўска–беларускіх і татарскіх атрадаў“[46]. Аспрэчыў сцвярджэнне польскага храніста пра слабасць арміі ліцвіноў ды іх уцёкі і В.Чаропка, спрабуючы даводзіць, што ўсё адбывалася згодна з планам Вітаўта ды Ягайлы, і што менавіта Вітаўту з ягоным войскам належыць вырашальная роля ў разгроме непрыяцеля, хоць „аб’ектыўна лаўры пераможцаў падзяляе і польскае войска“[47]. Праўда, аргументацыя тут занадта павярхоўная, каб канкураваць з довадамі С.Кучыньскага[48]. Шкада, што В.Чаропка не пазнаёміўся з грунтоўнай крытыкай „Вялікай вайны з Нямецкім ордэнам“ шведскім гісторыкам Свэнам Экдалем[49].

Падобным чынам стаў асвятляцца ход бітвы і ў сучаснай навучальнай літаратуры. Так, паводле аўтараў аднаго з найноўшых дапаможнікаў, уцёкаў войска Вітаўта наогул не было, яно проста вымушана адступіла[50]. Энцыклапедычны артыкул таксама пераконвае, што гэта быў „падманны манёўр уяўнага панічнага адступлення“[51]. У 1990–х г. адступленне Вітаўтавага крыла стала салідарна падавацца як загадзя спланаваны і арганізаваны манёўр практычна ва ўсіх спецыяльных публікацыях. Прынамсі так яно названа і ў папулярнай кніжцы А.Краўцэвіча[52], і ў белетрызаваным творы С.Цярохіна[53].

Сцвярджэнне Длугаша пра ўцёкі беларуска–літоўскага крыла пагатоў не магло быць прынята ў публіцыстыцы. На думку Канстанціна Тарасава, гэта было манёўравае адступленне да абозу 15 харугваў Манівідавага крыла, якіх потым Вітаўт вярнуў для акружэння Валенрода[54]. Пісьменнік наогул больш праўдзівым лічыў апісанне бітвы ў „Хроніцы Быхаўца“, якая галоўныя заслугі ў разгроме немцаў прыпісвае Вітаўту і яго войску, паведамляе пра „воўчыя ямы“ і вываз паловы ордэнскіх штандараў у Вільню[55]. Між тым, да паведамленняў гэтай позняй хронікі, не пацверджанай іншымі крыніцамі, варта падыходзіць з асаблівай асцярожнасцю. Прыкладам, сумненні многіх гісторыкаў (В.Маеўскага, Г.Родэ, С.Экдаля, А.Надольскага i iнш.) у наяўнасці „воўчых ям“ аказаліся справядлівыя — археалагічныя да­следаванні паказалі, што ў сапраўднасці іх не існавала[56].

Наступным агульным месцам апісання бітвы стаў гераізм „трох смаленскіх палкоў“. Яшчэ Дз. Даўгяла сцвярджаў, што „геройством и доблестью всех превзошли белорусские — смоленские полки князя Мстиславского“[57], г.зн. Сымона Лугвена. У інтэрпрэтацыі Ўсевалада Ігнатоўскага рыцары нават пабеглі „дзякуючы моцнаму націску на ворага беларускіх смаленскіх палкоў[58]“. „Стойкасць і мужнасць“ трох смаленскіх палкоў за­ставалася важным момантам асвятлення бітвы як у выданнях Расійскай імперыі, так і ў савецкіх падручніках. І ў найноўшых беларускіх дапаможніках гераізм смаленскіх харугваў, якімі лічацца аршанская, мсціслаўская і смаленская, называецца „вызначальным фактарам, які вызначыў ход бітвы“[59]. Між тым, сюжэт са смаленскімі харугвамі ёсць толькі ў Длугаша, на што слушна звярнуў увагу адзін А.Грыцкевіч[60], так што верагоднасць гэтага паведамлення не самая высокая.

4. Пра страты, асабліва са свайго боку, у беларускай грунвальдскай гістарыяграфіі пісалася сама меней. А.Грыцкевіч ізноў цалкам прыняў дадзеныя С.Кучыньскага, які сцвярджаў, што Ордэн страціў 18 тыс. забітымі і 14 тыс. палоннымі[61]. З такімі разлікамі польскага гісторыка пагадзіўся і В.Чаропка, прызнаўшы таксама, што „значныя страты“ панеслі ліцвіны (паводле Кучыньскага — 5—6 тыс.), а ў палякаў, са слоў Ягайлы, была адно мізэрная колькасць загінулых[62]. Акцэптаваў падлікі Кучыньскага і А.Краўцэвіч[63]. Між тым, дадзеных для вызначэння стратаў яшчэ менш, чым для колькасці сабраных для бітвы армій, а лічбы С.Кучыньскага відавочна моцна завышаныя[64]. Проста не магло быць, каб страты ордэнскага войска ў дзесяткі разоў перавысілі страты арміі саюзнікаў. Цалкам адвольнай уяўляецца пададзеная ў дапаможніку гарадзенскіх аўтараў лічба ў 20 тыс. загінулых з боку ВКЛ, якімі, да таго ж, „у пераважнай большасці“ былі „сыны беларускай зямлі“[65].

5. Хоць у польскай гістарыяграфіі прынята лічыць, што, параўнальна з ваенным значэннем перамогі, палітычныя наступствы трыумфу саюзнікаў пад Грунвальдам былі нязначныя, у беларускай гістарычнай літаратуры яны часта гіпертрафуюцца. Можна прасачыць, як паступова мянялася ацэнка значэння Грунвальдскай перамогі. Знамянальна, што „Хроніка Быхаўца“ не звязвала з ёй нічога лёсавызначальнага: пераможцы „з великою честю и з невымовным звытяжством, и на весь свет знаменитую славу осягнувши,… до своих земль доехали“[66]. Стрыманымі былі спачатку і ацэнкі беларускіх гісторыкаў. У 1910 г., адзначаючы 500–годдзе Грунвальда, „Наша Ніва“ змясціла толькі фрагмент „Хронікі Быхаўца“ з апісаннем бітвы, да якога ў якасці каментара рэдактар дадаў адзін–адзіны сказ: „Пасьля Грунвальдзкай бітвы […] немцы страцілі сваю сілу“[67]. У першым беларускім падручніку — нарысе Вацлава Ластоўскага — можна прачытаць толькі пра тое, што Вітаўт „сілу крыжацкую ў бітве пад Грунвальдам… зусім зламаў“[68]. Усевалад Ігнатоўскі ўбачыў у перамозе 1410 г. адно „відны пералом у беспарыўным змаганні“ ВКЛ з Ордэнам[69]. І такі аўтарытэт, як Мітрафан Доўнар–Запольскі, у рукапісе свайго падручніка палічыў дастатковым сказаць, што ў выніку паражэння „Ордэн распаўся“[70]. Васіль Шчарбакоў у даваенным падручніку заўважыў толькі, што па­сля Грунвальда „рыцарскія войскі страчваюць сваю мінулую сілу“ і іх дзяржава хутка ліквідуецца[71]. Язэп Найдзюк абмежаваўся тым жа: „Тэўтонскі ордэн не здолеў акрыяць пасля такога разгрому і пачаў слабець“, пакуль не стаў васалам Польшчы[72], а таксама зазначыў, што звязаныя з перамогай міжнародныя перамены спрыялі гандлю ВКЛ.

Трактаванне Грунвальдскай перамогі ў падручніках моцна змянілася пасля II сусветнай вайны. Асвятленне гісторыі адносін з немцамі, пераведзенае на лексіку франтавых часоў, і пасля разгрому фашызму падпарадкоўвалася антынямецкай ідэа­логіі. У першым паваенным акадэмічным выданні гісторыі Беларусі ўпершыню з’явіўся тэзіс, што „дзякуючы гераізму і стойкасці рускіх палкоў далейшая агрэсія нямецкіх феадалаў на славянскія і літоўскія землі была спынена“[73]. У наступнай акадэмічнай гісторыі не толькі сцвярджалася, што Грунвальдская перамога „канчаткова спыніла агрэсію нямецкіх феадалаў на славянскія і літоўскія землі“, але і падкрэслівалася, што „Літва і Польшча могуць весці паспяховую барацьбу супраць нямецкіх захопнікаў толькі пры апоры на ваенныя сілы беларускіх, рускіх і ўкраінскіх зямель“ (заўвага пра значэнне перамогі для эканамічнага развіцця апынулася на апошнім месцы)[74]. У найбольш кандыцыйнай пяцітомавай „Гісторыі Беларускай ССР“ засталася тая ж ідэалагема, сфармуляваная, праўда, больш мякка: перамога „прыпыніла агрэсію“. Праўда, тут упершыню гаварылася, што яна „садзейнічала згуртаванню беларускіх зямель і фарміраванню беларускай народнасці“ (чаго, дарэчы, не паўтарыў ніводзін іншы падручнік) і спрыяла эканамічнаму развіццю краіны[75].

З 1970–х г. пры апісанні значэння перамогі практычна ўсе падручнікі, акадэмічныя і энцыклапедычныя выданні на першае месца выносілі спыненне агрэсіі нямецкіх рыцараў (раней пісалі „феадалаў“, цяпер  — „крыжакоў“), а потым паўтаралі тэзіс пра ажыўленне гандлю і гаспадаркі. У новых падручніках постсавецкай Беларусі трактаванне Грунвальдскай бітвы як эпахальнай падзеі, што ўратавала славян, толькі ўзмацнілася. Напрыклад, у школьным дапаможніку па гісторыі эпохі Сярэднявечча напісана найперш пра „крах 200–гадовай крыжацкай агрэсіі ў Еўропе“[76], а ўжо потым — пра ўзрастанне аўтарытэту ВКЛ, станоўчую ролю перамогі для развіцця эканомікі і культуры. Нельга не здзіўляцца, што і першая ў суверэннай Беларусі акадэмічная сінтэза па айчыннай гісторыі, прапанаваўшы эмацыйнае апісанне бітвы, максімалізавала яе значэнне: перамога 1410 г. паклала канец „страшнаму, больш чым двухсотгадоваму супрацьстаянню двух магутных сіл: славянства і крыжацкіх заваёўнікаў“, яна „прадвызначыла далейшае гістарычнае развіццё многіх еўрапейскіх народаў“, пасля яе „землі ўсходніх славян пяць стагоддзяў не ведалі германскай агрэсіі“[77]. Такім чынам, у ацэнках Грунвальда і школьны дапаможнік, і акадэмічнае выданне, нічым не розняцца.

Складваецца ўражанне, што ў першыя гады незалежнай Беларусі ад празмерных эмоцыяў не маглі ўтрымацца і аўтары навуковых публікацый. Напрыклад, А.Грыцкевіч ацаніў перамогу пад Грунвальдам як выратаванне „ад вынішчэння і анямечвання беларускага народа“[78]. Але, з іншага боку, В.Чаропка, які ў публіцыстычнай кнізе падаў перамогу як „здзяйсненне мары“ літоўскіх князёў, пачынаючы ад Міндоўга[79], у навуковым артыкуле абмежаваўся сціплай канстатацыяй таго, што дзякуючы Грунвальду „польскія, літоўскія, беларускія землі былі выратаваны ад нямецкай агрэсіі“[80]. А Вячаслаў Насевіч, апісаўшы бітву даволі традыцыйна, яе значэнне патрактаваў наогул спакойна і неардынарна: да ваенна–палітычных вынікаў (спыненне нападаў, вяртанне Жамойці) ён дадаў гістарычна–цывілізацыйныя — перамога замацавала унію ВКЛ з Польскай Каронай, што на стагоддзі ўключыла Беларусь і Ўкраіну ў сферу заходняй цывілі­зацыі, а ў суме бітва стала „адным з ключавых момантаў станаўлення этнагенеза“ беларусаў і ўкраінцаў[81].

На завяршэнне агляду нельга не прывесці ў прыклад цалкам іншы падыход, зусім не тыповы для беларускай гістарыя­графіі: у сінтэтычным выкладзе гісторыі Беларусі эміграцыйны гісторык Янка Запруднік зусім сцісла і гранічна нейтральна напісаў пра Грунвальдскую бітву, затое яе наступствы інтэрпрэтаваў арыгінальна: з разгромам Ордэна было непасрэдна звязанае падпісанне Гарадзельскай уніі і манапалізацыя каталікамі вышэйшых царкоўных і дзяржаўных пасадаў, што мусіла заспакоіць Рым, — маўляў, каталіцкі касцёл не страціў у рэгіёне сваіх пазіцый[82].

Агляд літаратуры пра Грунвальд выяўляе, паміж іншага, вартую ўвагі асаблівасць нашай гістарыяграфіі: ніводзін аўтар не пагаджаўся з версіяй пра ўцёкі арміі Вітаўта, не адмаўляўся ад услаўлення смаленскіх палкоў, не ставіў пад сумненне наяўнасць „воўчых ям“, быццам падрыхтаваных немцамі, пры гэтым за многімі заўважаецца імкненне гераізаваць беларуска–літоўскія харугвы, завысіць колькасць ордэнскіх фармаванняў, гіпербалізаваць наступствы перамогі і г.д. Выразная патрыятычнасць падыходаў! Толькі вось з навукай у такога патрыятызму зусім мала агульнага.

Думаю, акурат гэтай патрыятычнасцю можна патлумачыць тое, што вобраз Грунвальда ў навуковых публікацыях у нас мала чым розніцца ад яго легенды ў дыдактычных выданнях і публіцыстыцы. Цяжка, аднак, зразумець, чаму палітычнае разняволенне гістарыяграфіі пасля распаду Савецкага Саюза не аслабіла тэндэнцыю гіпербалізацыі Грунвальда і сцвярджэння канфрантацыі з Захадам, а наадварот, парадаксальным чынам радыкалізавала яе, давёўшы да пераймання панславісцкай рыторыкі. Відавочна, на фармаванне грамадскай візіі Грунвальда ўплывала не навука, а гістарычная публіцыстыка. Сапраўды, складваецца ўражанне, што, напрыклад, грунвальдскае эсэ Канстанціна Тарасава моцна паўплывала на многіх гісторыкаў — надта ж падобныя падыходы і фармулёўкі! У прыватнасці, менавіта К.Тарасаву належыць фраза, якая ў 1990–х г. стала амаль літаральна паўтарацца ў шматлікіх папулярных публікацыях і нават у дапаможніках па айчыннай гісторыі, — што пасля Грунвальда „на працягу пяці стагоддзяў, да 1914 г., на землі Беларусі і Літвы не ступаў узброены немец“[83]. Толькі пры поўным гістарычным дальтанізме абсурднае супрацьпастаўленне „Еўропы крыжацкай“ і „Еўропы славянскай“ з папулярнай публікацыі С.Асіноўскага магло перавандраваць у дапаможнік выкладчыкаў Гарадзенскага універсітэта[84].

Падобныя прыклады сведчаць, што асвятленне грунвальдскай тэматыкі ў Беларусі спаўзала да белетрызацыі і спрашчэння, а навуковая гістарыяграфія нічога не супрацьпаставіла гэтаму. Выконваючы ролю папулярызатараў, нават гісторыкі выступалі ў гібрыдным жанры. Акурат ад гэтага засцерагаў Ё. Гёйзінга, гаворачы, што калі замест сур’ёзнай гістарычнай літаратуры грамадству прапануюцца эмацыйныя публікацыі пра мінулае, разлічаныя на літаратурны эфект, то культуры чыніцца вялікая шкода[85].


[1] Пытанне назвы заслугоўвае асобнай размовы. Нагадаю толькі пра тое, што яшчэ М.Каяловіч і Дз.Даўгяла ў публікацыях пра бітву 1410 г. згадвалі летапісную „Дуброўну“, М.Доўнар–Запольскі і Ў.Ігнатоўскі апрача „Грунвальда“ выкарыстоўвалі „Танэнберг“, а ў беларускай адраджэнскай перыёдыцы 1990–х г. рабілася свядомая спроба прыняць „Дуброўну“ за нацыянальны варыянт назвы славутай бітвы.
[2] Maternicki J. Tradycja grunwaldzka jako przedmiot badań historycznych // Studia Grunwaldzkie. Tom II. Olsztyn, 1992. S.70.
[3] Невыпадкова ў 1990 г. беларуская дэлегацыя ўпершыню брала ўдзел у міжнародных урачыстасцях на Грунвальдскім полі ў Польшчы, прысвечаных 580–годдзю бітвы.
[4] Коялович М. Грюнвальдская битва 1410 года. С.–Петербург, 1885.
[5] Довгялло Д. Битва при Грюнвальде 15 июля 1410 г. Вильна, 1909.
[6] Тамсама. С.3, 25.
[7] Лёсік Я. Бітва пад Грунвальдам у апісанні кронікі Быхаўца, Длугаша, Бельскага і інш. // Спадчына. 1996. №4. С.142—163. Перадрук з выдання 1922 г.
[8] Грыцкевіч А. Знешняя палітыка Вітаўта (Заходні накірунак) // Наш Радавод. Кн.2. Гродна, 1990. С.172—175; яго ж. Барацьба Вялікага Княства Літоўскага і Рускага (Беларуска–Літоўскай дзяржавы) з Тэўтонскім ордэнам у канцы ХIV— першай палове ХV ст. // Адраджэнне. Гістарычны альманах. Вып.1. Мінск, 1995. С.36—61.
[9] Не лішне нагадаць, што ў беларуска–літоўскім летапісанні, найперш у „Хроніцы Быхаўца“, пачатак „Вялікай вайны“ ні з чым не звязваўся і тым больш не падаваўся як заканамерны этап развіцця адносін Вялікага Княства і Кароны з Нямецкім ордэнам (Гл.: ПСРЛ. Т.32. Москва, 1975. С.151).
[10] Грыцкевіч А. Знешняя палітыка Вітаўта. С.172. Гэтаксама падаецца нямецкая пагроза для беларусаў і літоўцаў у другім, больш грунтоўным артыкуле (Гл.: Грыцкевіч А. Барацьба Вялікага княства Літоўскага і Рускага… С.39).
[11] Чаропка В. Удзел войска ВКЛ у Грунвальдскай бітве // Беларускі гістарычны часопіс. 2000. №2. С.14—22. Аўтар не мае спецыяльнай гістарычнай адукацыі, аднак публікацыя змешчана ў профільным перыёдыку, сярод заснавальнікаў якога Інстытут гісторыі НАН Беларусі і Беларускі дзяржаўны універсітэт.
[12] Чаропка В. Удзел войска ВКЛ у Грунвальдскай бітве. С.14.
[13] Краўцэвіч А. Тэўтонскі ордэн: ад Ерусаліма да Грунвальда. Мінск, 1993. С.21.
[14] Гл. падлік колькасці паходаў: Paravicini W. Die Preussenreisen des europäischen Adels. T.2. Sigmaringen, 1995. Tab.49.
[15] Цярохін С. Грунвальдская бітва // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т.3. Мінск, 1996. С.158.
[16] Kuczyński S. M. Wielka wojna z Zakonem krzyżackim w latach 1409—1411. Wyd. 2. Warszawa, 1960.
[17] Rhode G. Polemiken um die Schlacht von Tannenberg 1410 (Zu einem Buch von Stefan M. Kuczyński) // ZfO. Bd. 22 (1973). Hf. 3. S.484.
[18] Шчарбакоў В. Нарыс гісторыі Беларусі. Ч. 1. Менск, 1934. С.93.
[19] Гісторыя БССР. Вучэбны дапаможнік для вучняў сярэдняй школы. Пад рэд. Л.С.Абэцэдарскага. Выд. 13–е. Мінск, 1974. С.30; Гісторыя БССР. Падручнік для 8—9 класаў сярэдняй школы. Пад рэд. Э.М.Загарульскага. Мінск, 1989. С.56—57.
[20] Штыхаў Г., Ракуць В. Гісторыя Беларусі ў сярэднія вякі. Падручнік для 6 кл. сяр. школы. Пад рэд. П.Петрыкава. Мінск, 1996. С.130—131.
[21] Гісторыя Беларусі. Дапаможнік для паступаючых у вышэйшыя навучальныя ўстановы. Пад рэд. Ю.Казакова, А.Каханоўскага, П.Лойкі. Мінск, 1998. С.81.
[22] Гісторыя Беларусі: У 2 ч. Ч.1. Са старажытных часоў да канца ХVIII ст.: Курс лекцый / І.П.Крэнь, І.І.Коўкель, С.В.Марозава і інш. Мінск, 2000. С.234.
[23] Нарысы гісторыі Беларусі. У 2 ч. Ч. 1. Гал. рэд. М.Касцюк. Мінск, 1994. С.118.
[24] Гл. першае выданне на рускай мове: Тарасов К. Память о легендах: Белорусской старины голоса и лица. Минск, 1984 (раздзел „Холмы Грюнвальда“ — с.35—54). Цытаты прыводзяцца па 2–м беларускім выданні: Тарасаў К. Памяць пра легенды: Постаці беларускай мінуўшчыны. Мінск, 1994 („Пагоркі Грунвальда“ — с.77—96). Падзеяй стаў і выхад гістарычнай аповесці К.Тарасава „Погоня на Грюнвальд“ (Москва, 1986), разлічанай, аднак, на „ўсесаюзнага“ чытача і ў Беларусі маладаступнай.
[25] Тамсама. С.78.
[26] Цярохін С. Славутыя адвагай на вайне. Да 580–годдзя Грунвальдскай бітвы (1410—1990). Мінск, 1991. С.13.
[27] Асіноўскі С. Сумленна прынялі свой лёс… // Беларуская Мінуўшчына. 1995. №3. С.2.
[28] Гейсман П. Польско–литовско–русский поход в Восточную Пруссию и сражение при Грюнвальде–Танненберге. С.–Петербург, 1910. С.45.
[29] Асіноўскі С. Сумленна прынялі свой лёс. С.4; Гісторыя Беларусі. У 2 ч. Ч.1. Курс лекцый. С.240.
[30] Праблема падліку і крытыка методык добра разгледжана ў: Ekdahl S. Die „Branderia Prutenorum“ des Jan Długosz. Eine Quelle zur Schlacht bei Tannenberg 1410. Göttingen, 1976. S.144—154.
[31] Грыцкевіч А. Барацьба Вялікага Княства Літоўскага і Рускага… С.45.
[32] Чаропка В. Удзел войска ВКЛ… С.15.
[33] Краўцэвіч А. Тэўтонскі ордэн: ад Ерусаліма да Грунвальда. Мінск, 1993. С.33.
[34] Тарасаў К. Памяць пра легенды. С.82.
[35] Rhode G. Polemiken um die Schlacht von Tannenberg 1410. S.481.
[36] Названы троцкая, віленская, гарадзенская, ковенская, лідская, медніцкая, смаленская, полацкая, віцебская, кіеўская, пінская, наваградская, берасцейская, ваўкавыская, драгічынская, мельніцкая, крамянецкая і старадубская харугвы, а таксама палкі Жыгімонта Карыбута, Cымона Лугвена і князя Юрыя (сына Сымона Лугвена). Гл.: Długosz J. Roczniki, czyli Kroniki sіawnego królewstwa polskiego. Ks. 11. Warszawa, 1982. S.107—108.
[37] Крытыку разлікаў па падставе інфармацыі Длугаша гл. ў: Ekdahl S. Die Schlacht bei Tannenberg 1410. Bd.1. Berlin, 1982; Łojko J. Chorągwie polskie i litewskie w bitwie pod Grunwaldem // LSP. VIII. Poznań, 1989. S.152. і інш.
[38] Довгялло Д. Битва при Грюнвальде. С.21.
[39] Грыцкевіч А. Знешняя палітыка Вітаўта. С.173.
[40] Барбашев А. Танненбергская битва // ЖМНП. 1887, декабрь. С.171; яго ж. Витовт. Последние двадцать лет княжения. С.–Петербург, 1891. С.59.
[41] Гл.: История Белорусской ССР. Ред. колл. И.М. Игнатенко и др. Минск, 1977. С.52; История БССР. Под ред. В.Чепко, А.Игнатенко. Минск, 1981. С.91—92; Гісторыя Беларускай ССР. У 5 т. Т.1. Мінск, 1972. С.166.
[42] Напрыклад, гл.: Гісторыя Беларусі. У 2 ч. Ч. 1. Курс лекцый. Мінск, 2000. С.236.
[43] Носевич В. История не терпит пустоты // Парус. 1990. №8. С.49.
[44] Цярохін С. Славутыя адвагай на вайне. С.77.
[45] Тамсама. С.39.
[46] Грыцкевіч А. Барацьба Вялікага Княства Літоўскага і Рускага… С.47.
[47] Чаропка В. Удзел войска ВКЛ… С.21.
[48] Тамсама. С.17—21. Відавочна слаба арыентаваны як у гістарыяграфіі, так і ў крыніцах, аўтар часта спасылаецца на даўно састарэлыя ці публіцыстычныя выданні, аргументы іншых гісторыкаў выдае за ўласныя, прыпісваючы сабе арыгінальныя падыходы вядомых даследчыкаў, а таксама дапускае шэраг іншых некарэктнасцяў.
[49] Ekdahl S. Die Schlacht bei Tannenberg 1410. Bd.1. Berlin, 1982. S.314—316, 341—357 і далей.
[50] Гісторыя Беларусі. У 2 ч. Ч. 1. Курс лекцый. С.237.
[51] Цярохін С. Грунвальдская бітва. С.159.
[52] Краўцэвіч А. Тэўтонскі ордэн: ад Ерусаліма да Грунвальда. Мінск, 1993. С.40.
[53] Цярохін С. Славутыя адвагай на вайне.
[54] Тамсама. С. 89—91.
[55] Тамсама. С.84, 88.
[56] Nadolski A. Grunwald: problemy wybrane. Olsztyn, 1990. S.139.
[57] Довгялло Д. Битва при Грюнвальде. С.25.
[58] Ігнатоўскі У. Кароткі нарыс гісторыі Беларусі. 5–е выд. Мінск, 1992. С.86.
[59] Гісторыя Беларусі. У 2 ч. Ч. 1. Курс лекцый. С.237.
[60] Грыцкевіч А. Барацьба Вялікага Княства Літоўскага і Рускага… С.47.
[61] Тамсама. С.49.
[62] Чаропка В. Удзел войск ВКЛ… С.21.
[63] Краўцэвіч А. Тэўтонскі ордэн: ад Ерусаліма да Грунвальда. Мінск, 1993. С.42.
[64] Rhode G. Polemiken um die Schlacht von Tannenberg 1410. 3. S.480—481.
[65] Гісторыя Беларусі. У 2 ч. Ч. 1. Курс лекцый. С.239.
[66] ПСРЛ. Т.32. С.151.
[67] Гл.: Наша Ніва. 1910. №28. С.1—2.
[68] Власт. Кароткая гісторыя Беларусі. Вільня, 1910. С.27.
[69] Ігнатоўскі У. Кароткі нарыс гісторыі Беларусі. С.86.
[70] Доўнар–Запольскі М. Гісторыя Беларусі. Мінск, 1994. С.58.
[71] Шчарбакоў В. Нарыс гісторыі Беларусі. Частка 1. Менск, 1934. С.94.
[72] Найдзюк Я., Касяк І. Беларусь учора і сяньня. Мінск, 1993. С.41.
[73] История Белорусской ССР. В 2 т. Т.1. Под ред. В.Перцева, К.Шабуни и Л.Абе¬цедарского. Минск, 1954. С.81.
[74] История Белорусской ССР. В 2 т. Т.1. Ред. колл.: Л.Абецедарский, В.Перцев, К.Шабуня. Минск, 1961. С.72.
[75] Гісторыя Беларускай ССР. Т.1. Гал. рэд. К.Шабуня. Мінск, 1972. С.166.
[76] Штыхаў Г., Ракуць В. Гісторыя Беларусі ў сярэднія вякі. С.135.
[77] Нарыс гісторыі Беларусі. У 2–х ч. Ч. 1. Гал. рэд. М.Касцюк. С.118, 120.
[78] Грыцкевіч А. Барацьба Вялікага Княства Літоўскага і Рускага. С.49.
[79] Чаропка В. Імя ў летапісе. Мінск, 1994. С.383.
[80] Чаропка В. Удзел войск ВКЛ… С.21.
[81] Носевич В. История не терпит пустоты. С.49, 55.
[82] Запруднік Я. Беларусь на гістарычных скрыжаваннях. Мінск, 1996. С.33, 35.
[83] Тарасаў К. Памяць пра легенды. С.77.
[84] Гісторыя Беларусі. У 2 ч. Ч.1. Курс лекцый. С.240.
[85] Хейзинга Й. Задачи истории культуры // яго ж. Об исторических жизненных идеалах. Лондон, 1992. С.37.

Наверх

Хорошкевич, Анна Л. Россия в системе международных отношений середины XVI века (Андрэй Янушкевіч)

Снежня 15, 2002 |


Хорошкевич, Анна Л. Россия в системе между­­народных отношений середины XVI века. Москва, 2003. 621.

Зусім нядаўна з друку выйшла так доўгачаканая ў навуковых колах новая кніга знанай маскоўскай даследчыцы Ганны Харашкевіч, першапачатковы варыянт якой быў гатовы яшчэ ў сярэдзіне 90–х г. Выходзіць, на шляху да выдання гэтую кнігу чакалі немалыя цяжкасці, што пацвердзіла і сама шаноўная аўтарка. На шчасце, цяпер мы можам азнаёміцца з грунтоўным па аб’ёме даследаваннем, прысвечаным тэматыцы міжнародных адносін у Ўсходняй Еўропе сярэдзіны XVI ст. Трэба прызнаць, што манаграфічныя працы па знешнепалітычнай гісторыі краін гэтага рэгіёну (а значыць — і Вялікага Княства Літоўскага) выходзяць вельмі рэдка. З расійскіх публікацый як найбліжэйшую па часе з’яўлення можна ўзгадаць цікавую, хоць і неадназначную працу І. Б. Грэкава[1], з польскіх — грунтоўныя, але ўжо не задавальняючыя цяпер апрацаванні Я. Натансона–Лескага[2]. Акра­мя іх, нельга, безумоўна, абысці ўвагай фундаментальныя даследаванні навукова–біяграфічнага жанру Ю. Ясноўскага і найноўшае — Г. Гралі, у якім пытанні знешняй палітыкі знаходзяцца на першым месцы[3]. Таму манаграфія Г. Харашкевіч наспела да выдання ўжо хоць бы з ненасычанасці гістарыяграфічнай прасторы інфармацыяй на тэму міжнародных адносін і знешняй палі­тыкі паасобных дзяржаў рэгіёну ў перыяд ранняга Новага часу.

Структура манаграфіі пабудавана па традыцыйнай схеме, якая складаецца з характарыстыкі крыніц і літаратуры, асноўнай часткі і выніковага заключэння. Асноўная частка змяшчае сем раздзелаў, у якіх асвятляюцца падзеі ад прыняцця Іванам IV царскага тытула да заканчэння першага этапу Інфлянцкай вайны, г. зн. 1570 г. Аўтарка, такім чынам, адыходзіць ад традыцыйнай храналогіі Інфлянцкай вайны. Атрымліваецца, што вайна 1558—1570 г. вылучаецца ёю ў асобную падзею (але на гэтым Г. Харашкевіч не засяроджвае пільнай увагі, хоць праблема вельмі актуальная). Ад сябе хацелася б дадаць, што з гледзі­шча логікі падзей падобны падыход цалкам апраўданы і мае неабходнае гістарычнае абгрунтаванне, на што намі, дарэчы, раней звярталася ўвага.

Аўтарка прысвяціла сваю кнігу памяці выбітнага даследчыка эпохі Івана IV гісторыка А. А. Зіміна. Гэтае прысвячэнне ў пэўнай ступені тлумачыць канцэптуальны падыход Г. Харашкевіч. Сваю канцэпцыю яна будуе ў рэчышчы ідэй, выказаных у свой час А. Зіміным, негатыўна ставячыся да меркаванняў яго галоўнага апанента Р. Скрыннікава і інш. Такім жа чынам Г. Харашкевіч адносіцца да меркаванняў аб неіснаванні „Выбранай рады“ і ардынарнай ролі ў вялікай палітыцы А. Адашава і Сільвестра, выказаных у апошні час у спецыяльным даследаванні А. Філюшкіна[4].

У аснову выкладання праблемы аўтарка паклала строгі храналагічны прынцып, прытрымліваючыся дэклараванага А. А. Зіміным „прагматычнага падыходу“ — комплекснага вывучэння крыніц разам з храналагічным выкладаннем матэрыялу („повествовательностью“). Аднак падобны падыход атрымаў у выкананні даследчыцы і пэўныя хібы. Часта гэта ператваралася ў рэгі­страцыю фактаў. Відавочна, што кніга перанасычана фактычным матэрыялам, часта малаістотнымі для сутнасці справы дадзенымі.

Прыкладам, можа скласціся ўражанне, што лакальныя бая­выя сутычкі 1565 г. маюць такое ж значэнне, як, скажам, бітва над Улай 1564 г. ці захоп ліцвінамі Улы ў 1568 г. (гэтай падзеі ўвогуле прысвечаны толькі адзін радок!). Некаторыя ўзгаданыя факты, як след не пераправераныя, проста не мелі месца (пры­кладам, інфармацыя пра тое, што ў чэрвені 1568 г. Лепель перайшоў у рукі ліцвінаў (498), што Жыгімонт Аўгуст у верасні 1567 г. быў у Дуброўне, г. зн. на памежжы з Маскоўскай дзяржавай (482) і інш.). Увогуле, да інфармацыі, якая датычыць удзе­лу ВКЛ у Інфлянцкай вайне і яго ўнутранай гісторыі, пада­дзенай у манаграфіі, трэба ставіцца з вялікай асцярожнасцю.

Кніга Г. Харашкевіч шчыльна звязана з даследаваннямі ўнутранай гісторыі Расіі эпохі Івана IV, якія інтэнсіўна вяліся ў СССР у другой палове ХХ ст. У прынцыпе, аўтарку хвалююць тыя ж пытанні, што і А. Зіміна. Толькі галоўны акцэнт кладзецца на аналіз знешнепалітычных фактараў, і ў гэтым — істотнае адрозненне кнігі ад астатніх, прысвечаных гісторыі Расіі эпохі Івана IV. Мэта даследавання, па словах аўтаркі, — прасачыць узаемасувязі паміж міжнароднымі падзеямі і такімі з’явамі расій­­скай гісторыі, як рэформы і апрычніна Івана IV. Сцісла кажучы, у канцэптуальным плане аўтарку перш за ўсё цікавіць, хто ж адыгрываў галоўную ролю ў працэсе прыняцця знешнепалітычных рашэнняў, якое месца тут займаў, з аднаго боку, цар Іван IV, а з другога — „Выбраная рада“ і Баярская Дума. Не абыдзена ўвагай і праблема рэакцый розных сацыяльных і палі­тычных груповак на характар дзяржаўнай палітыкі, а таксама адпаведнасці знешнепалітычнага курсу аб’ектыўным па­трэбам краіны. Такім чынам, знешняя палітыка разглядаецца як ключ да зразумення сутнасці ўлады ў Маскоўскай дзяржаве.

Трэба прызнаць, што Г. Харашкевіч, у адрозненне ад савецкіх папярэднікаў, уласціва цалкам крытычная, без усялякай эйфарыі, ацэнка сутнасці знешняй палітыкі Маскоўскай дзяржавы. Яна адкрыта заяўляе пра агрэсіўныя памкненні кіраўніцтва дзяржавы, якія выцякалі з аб’ектыўных сацыяльна–эканамічных перадумоў. На думку аўтаркі, „иной альтернативы, кроме войны, в то время у России объективно не было“ (204). Даследчыцца выразна вылучаецца з асяроддзя расійскіх даследчыкаў новай якасцю падыходу да аналізу складаных праблем, звязаных з месцам Расіі ў тагачаснай сістэме міжнародных адносін.

Аўтарка бадай што ўпершыню звяртае такую пільную ўвагу на знешнюю палітыку Расіі эпохі Івана IV у рэчышчы яе ўнутрыпалітычнага развіцця. Назва кнігі крыху заводзіць у зман, бо не зусім дакладна вызначае прадмет даследавання. Г. Харашкевіч прысвяціла сваю працу не аналізу міжнародных адносін і знешняй палітыкі Расіі як такім, а менавіта таму, як знешнія чыннікі ўплывалі на ўнутраную палітыку кіраўнічых колаў дзяржавы. Цэласнага асвятлення міжнароднай сітуацыі ва ўсходнееўрапейскім рэгіёне сярэдзіны XVI ст. тут не знойдзеш. У гэтым можна пры жаданні ўбачыць істотны недахоп кнігі, але калі ведаць пра задачы, якія паставіла перад сабой аўтарка, то гэтая сітуацыя робіцца зразумелай. Да таго ж, трэба прызнаць прадуктыўнасць падобнага падыходу. Асвятленне падзей на міжнароднай арэне само па сабе мала што дае, калі не шукаць унутраных крыніц знешнепалітычнага дзеяння. У сучасных варунках развіцця гістарычнай навукі разглядаць знешнюю палітыку у адрыве ад палітыкі ўнутранай — метад не эфектыўны.

Падсумоўваючы набыткі гістарыяграфіі, Г. Харашкевіч, на наш погляд, дае вельмі дакладную ацэнку стану рэчаў у вывучэнні гісторыі знешняй палітыкі Маскоўскай дзяржавы і суседніх краін у сярэдзіне XVI ст.: „Мифы, созданные еще современниками–панегиристами Грозного, преобразованы были их преемниками и оспаривались противниками, создававшими в свою очередь новые — антимифы. Внешняя политика и международные отношения — одно из наиболее плодородных полей для произрастания такого растения как „миф“, именно в этой сфере сталкиваются государственные интересы не только прошлого, но и сегодняшнего времени“ (38—39). Цяжка штосьці дадаць да гэтай лаканічнай, але ёмістай характарыстыкі.

Што датычыць выкарыстанай літаратуры, то тут, на жаль, існуюць вельмі вялікія лакуны. Прыкра, што з найноўшых беларускіх прац выкарыстаны толькі невялікі артыкул Г. Сагановіча, а таксама выданне Метрыкі ВКЛ, падрыхтаванае А. Грушам[5]. Але ж за апошняе дзесяцігоддзе ў Беларусі па меншай меры пяць даследчыкаў звярталася да праблематыкі міжнародных адносін ва Ўсходняй Еўропе сярэдзіны XVI ст.! Не выкарыстаны шматлікія выданні крыніц, якія дапамаглі б лепей зразумець сутнасць Інфлянцкай вайны і палітыкі Масквы і ВКЛ у раёне ваенных дзеянняў (прыкладам, вельмі цікавая рэляцыя пасла нямецкага імператара Г. Гофмана 1560 г.[6], найкаштоўнейшая перапіска паміж Рыгорам Хадкевічам і Раманам Сангушкам[7], пісцовая кніга Полацкага павету 1568—1570 г.[8] і інш.). Чамусьці амаль што ніяк не задзейнічаны пры апісанні падзей польска–літоўскія хронікі (асабліва дзівіць ігнараванне хронікі М. Стрыйкоўскага). Пры аналізе палітыкі ВКЛ Г. Харашкевіч карыстаецца ў асноўным двума зборнікамі крыніц: найноўшым выданнем лістоў Жыгімонта Аўгуста да Радзівілаў і шматтомавым праектам „Elementa ad Fontium Editiones“, а таксама расійскімі дарэвалюцыйнымі выданнямі[9]. Гэтага недастаткова, каб зразумець сутнасць падзей, якія адбываліся ў ВКЛ, сутнасць яго ўнутранай і знешняй палітыкі.

Несумненны плюс манаграфіі — скрупулёзны аналіз маскоўскіх пасольскіх кніг. Здаецца, гэтыя найкаштоўнейшыя крыніцы ўпершыню ўведзены ў кантэкст гістарычнай навукі з такой дэталёвасцю. Аўтарка справядліва адзначае, што матэрыялы пасольскіх кніг важныя не толькі пры апісанні знешнепалітычных працэсаў, але і для вывучэння ўнутранай гісторыі Маскоўскай дзяржавы.

Кніга Г. Харашкевіч яшчэ раз паказала, як цяжка захоў­ваць бесстароннасць пры аналізе міжнародных адносін. Гэта асабліва моцна выяўляецца пры асвятленні ўзаемадачыненняў Масквы і Вільні. Даследчык вымушаны грунтавацца на рацыі аднаго з бакоў, бо праблема царскага тытула, якая паўстала ў Маскоўскай дзяржаве ў сярэдзіне XVI ст., і звязаная з ёй праблема наймення дзяржавы была не толькі адным з самых балючых пытанняў ва ўзаемных стасунках, але і сур’ёзным выпрабаваннем для гісторыка. Можна сказаць, гэтая праблема ляжыць у аснове прыхаванага „канфлікта гістарыяграфій“. Напэўна, літоўскія і беларускія гісторыкі, якія разглядаюць ВКЛ як уласную дзяржаўна–гістарычную спадчыну, ніколі не пагодзяцца з правам Масквы на „ўз’яднанне зямель Старажытнай Русі“. А менавіта з гэтага палажэння выходзіць Г. Харашкевіч, аргументуючы сваю пазіцыю, што, у прынцыпе, уласціва расійскай гістарыяграфіі. Аўтарка адмаўляецца выкарыстоўваць тэрміны кшталту „Масковія“, „Маскоўская дзяржава“ (бо яны мелі польска–літоўскае (sic!) паходжанне) і прапануе тэрмін „княжество всея Руси“, бо менавіта такой была саманазва дзяржавы ў азначаны перыяд. Аднак калі глядзець на справу з гледзішча рацыі інтарэсаў ВКЛ, то найменні „Масковія“, „Маскоўская дзяржава“ маюць такое ж права на існаванне, бо добра стасуюцца з гістарычнымі рэаліямі і таксама былі „в ходу у современников описываемых событий“ ( 59). Здаецца, ад праблемы выбару „званіцы“ тут не па­збавіцца.

У сваёй кнізе Г. Харашкевіч мэтанакіравана даводзіць, што Іван IV не валодаў паўнатой улады ў знешнепалітычнай сферы. Да Інфлянцкай вайны прэрагатывы прыняцця знешнепалітычных рашэнняў трымала ў сваіх руках „Выбраная рада“ і Баярская Дума, якія часта дзейнічалі насуперак меркаванням цара. Асноўнай задачай для яго было ўзяцце пад свой поўны кантроль знешняй і ўнутранай палітыкі дзяржавы. Аднак нават у перыяд апрычніны Іван IV быў вымушаны прыслухоўвацца да меркаванняў баяраў.

Гэтая барацьба за знешнепалітычныя прэрагатывы паміж царом і баярамі (а таксама „Выбранай радай“) — адзін з найважнейшых канцэптуальных момантаў кнігі. Найбольш відавочным выяўленнем гэтага суперніцтва з’яўлялася стаўленне палітычнай эліты дзяржавы да пытання прызнання царскага тытула Івана IV. Як вядома, з самага пачатку, г. зн. з 1547 г., гэтая праблема значна ўскладніла ўзаемадачыненні паміж Маскоўскім княствам і ВКЛ. Апошняе не жадала называць Івана IV царом, бо бачыла ў гэтым акце імкненне па–новаму абгрунтаваць маскоўскія прэтэнзіі на ўсе „рускія“ землі. Пад націскам баяраў у канцы 40–х і ў 50–х г. XVI ст. пытанне царскага тытула часта апускалася пры дыпламатычных перамовах з ліцвінамі. Таксама з боку баяраў і „Выбранай рады“ ігнаравалася жаданне Івана IV распачаць з–за гэтай прычыны вайну з ВКЛ. Прыярытэты знешняй палітыкі Маскоўскай дзяржавы яны бачылі на ўсходзе — у змаганні з рэшткамі Залатой Арды. Пасля авалодання Казанню ў 1552 г. галоўная ўвага мусіла быць звернута на ліквідацыю „крымскай пагрозы“.

Аўтарка лічыць, што змаганне з Крымскім ханствам было выкананнем менавіта баярскай знешнепалітычнай праграмы. Гэта адпавядала нацыянальным інтарэсам дзяржавы. Іван IV, у сваю чаргу, звярнуў свой позірк на Інфлянты, зыходзячы з гіпертрафаванага жадання авалодаць „усім Сусветам“, зацвердзіць сябе ў якасці сапраўднага пераемніка Пруса (204). Гэтыя эгаістычныя памкненні прывялі да распачынання Інфлянцкай вайны. Аўтарка лічыць, што ўскладненне маскоўска–інфлянцкіх стасункаў у 1554 г. і распачынанне Інфлянцкай вайны ў 1558 г. былі справакаваныя царом (148—149).

Ганна Харашкевіч сцвярджае, што цар з самага пачатку меў яснае ўяўленне аб мэтах сваёй інфлянцкай палітыкі. Дзіўны, супярэчлівы характар вайны на пачатковым этапе вынікаў з рознагалоссяў паміж Іванам IV і „Выбранай радай“. На яе думку, прадстаўнікі баярскай эліты займаліся амаль што непрыхаваным сабатажам намераў цара, жадаючы заключыць анты­крымскі саюз з ВКЛ. Гэтая разарванасць інтарэсаў палітычнай эліты прывяла да няўдач на знешнепалітычным фронце.

Думка пра свядомы пачатак Інфлянцкай вайны выглядае непераканаўчай, бо дакладна вядома, што першыя ваенныя акцыі маскоўцаў у Інфлянтах не мелі на мэце захопу тэрыторыі і нагадвалі маланкавыя „татарскія“ набегі. Невядома, ці адбыўся б захоп Нарвы ў траўні 1558 г., калі б яе гарнізон не распачаў правакацыі супраць Івангорада. Аўтарка таксама выразна не тлумачыць, чаму ж Іван IV пайшоў на часовае замірэнне з інфлянцамі ў сакавіку 1559 г., а не працягваў далейшы наступ на Інфлянты.

Гэтаксама непераканаўча гучыць меркаванне, што сябры „Выбранай рады“ рабілі перашкоды на шляху рэалізацыі царскіх задумаў у Інфлянтах. Дакументы сведчаць, што знешняя палітыка праводзілася згуртавана ўсімі членамі ўрада. Так, на перамовах з інфлянцкімі пасламі стала ўдзельнічаў лідэр „Выбранай рады“ А. Адашаў. Ягоны брат, Д. Адашаў, быў адным з кіраўнікоў аперацыі па захопу Нарвы, за сваю службу неаднаразова атрымліваў падзякі ад Івана IV. Нічога аб супярэчнасцях унутры маскоўскага ўрада па знешнепалітычных пытаннях не паведамляе Г. Гофман, які, гледзячы на ўсё, меў шырокі доступ да сакрэтнай інфармацыі. Згаданыя ў пасланнях Івана IV да Андрэя Курбскага „супротисловия“ кіраўнікоў „Выбранай рады“ маглі быць проста альтэрнатыўнымі меркаваннямі, якія паўсталі пад час абмеркавання далейшых дзеянняў. Магчыма, рознагалоссі ўзніклі з–за розных поглядаў не на мэты вайны, а на метады падпарадкавання Інфлянцкай дзяржавы. Менавіта такім чынам можна праінтэрпрэтаваць тыя палемічныя i тэндэнцыйныя выпады цара ў першым пасланні да Курбскага, якімі звычайна абгрунтоўваецца асаблівая пазіцыя „Выбранай рады“.

Нават калі Іван IV расправіўся з лідэрам „Выбранай рады“, гэта не прывяло да актывізацыі ваенных дзеянняў у Інфлянтах. З іншага боку, атрымліваецца, што актыўныя дзеянні супраць Крымскага ханства напрыканцы 50–х г. XVI ст. не мелі санкцыі цара, у што цяжка паверыць. Падаецца, аўтарка не ўлічвае, што разам са зменай сітуацыі на міжнароднай арэне маглі кардынальным, часта непрадказальным чынам мяняцца і пазіцыі розных палітычных сілаў. Іван IV раздзьмуў вогнішча Інфлянцкай вайны, добра не ўсведамляючы, што гэта можа прывесці да значнага міжнароднага канфлікту.

Пры аналізе пазіцыі ВКЛ у інфлянцкім канфлікце на яго пачатковай стадыі з–за недастатковага ведання сутнасці падзей даследчыца прыходзіць да няслушных высноваў. Так, яна здзіўляецца, чаму ВКЛ, заключыўшы восенню 1557 г. Пазвольскую дамову з Інфлянтамі, абыякава глядзела на падзеі ў Інфлянтах у 1558 г. Такое пытанне не ўзнікла б, калі ведаць, што гэтая дамова мела таемны характар, а ваенны саюз ВКЛ з Інфлянцкім ордэнам пачынаў дзейнічаць, згодна з дамоўленасцю, не раней за 1562 г. Далей гаворыцца, што толькі ў сакавіку 1561 г. Жыгі­монт Аўгуст вырашыў увесці свае войскі на тэрыторыю Інфлянтаў (266). Але яшчэ па надрукаваных у „Актах Западной России“ дакументах вядома, што кантынгент ліцвінаў з’явіўся тут ужо напрыканцы 1559 г. па заключанай у жніўні таго ж года дамоўленасці з інфлянтцамі.

Варта адзначыць яшчэ адну сімптаматычную дэталь для зразумення падыходу аўтаркі да інтэрпрэтацыі падзей. Аналізуючы ліставанне паміж І. Фёдаравым і Р. Хадкевічам восенню 1562 г., Г. Харашкевіч прыходзіць да высновы, што дзякуючы намаганням маскоўскага баярына і ліцвінскага праваслаўнага магната было заключана нефармальнае перамір’е. З–пад увагі пры гэтым губляецца той факт, што звычайна з надыходам зімы ваенныя дзеянні сцішваліся. Да таго ж, пачынаючы з верасня 1562 г., Іван IV мэтанакіравана рыхтаваўся да шырокамаштабнага паходу на Полацк, і ўвядзенне ў зман ліцвінаў сваімі міралюбнымі намерамі яму было толькі на карысць.

Увогуле ж матыў супрацьпастаўлення баярскіх і царскіх інтарэсаў і дзеянняў у знешнепалітычнай сферы праходзіць праз усю кнігу. Асабліва арыгінальна ён з’яўляецца пры трактоўцы вынікаў і значэння захопу маскоўскім войскам Полацка ў 1563 г. Г. Харашкевіч сцвярджае, што гэтая падзея стала толькі фармальнай перамогай для цара. У рэчаіснасці ж Іван IV зноў спа­знаў прыкрае пачуццё паразы, калі баяры не рашыліся далей працягваць наступ на ВКЛ, а заключылі перамір’е з раднымі панамі.

Падобнае трактаванне выклікае падвойнае ўражанне. З аднаго боку, аўтарка раскрывае вельмі цікавы аспект унутраных разыходжанняў у кіраўніцтве Маскоўскай дзяржавы. З іншага ж, відавочным ёсць празмернае захапленне ідэяй супрацьстаяння баяр і цара. А можа, Іван IV проста пагадзіўся з аб’ектыўнымі рэаліямі вайны? Полацкая выправа была грандыёзнай акцыяй і патрабавала надзвычайных высілкаў. Аўтарка не задаецца пытаннем, ці мела вялізнае маскоўскае войска ў неспрыяльных зімовых умовах рэсурсы для працягу выправы. Да таго ж, цяжка аспрэчваць той факт, што пасля захопу Полацка ініцыятыва цвёрда перайшла ў рукі Масквы. Кароткачасовае перамір’е для ўзнаўлення сілаў было ёй толькі выгадным.

А той факт, што маскоўскае войска прыпынілася ў гарадскіх граніцах, цалкам вытлумачальны. Як сведчыць змест дыпламатычных перамоў, маскоўскае кіраўніцтва зыходзіла з таго пастулата, што пасля захопу галоўнага адміністрацыйнага цэнтра тэрыторыя ўсяго „павету“ пераходзіць пад новую ўладу. Дый што яшчэ можна было захапіць у Полацкай зямлі, акрамя неўмацаваных паселішчаў? Пасылкі маскоўскіх атрадаў углыб Полаччыны прымаць у мясцовага насельніцтва прысягу на вернасць цару часта канчаліся збройнымі выступленнямі супраць акупантаў. Кантраляваць сітуацыю ў падобных варунках можна было толькі з добраўмацаваных замкаў, якім з’яўляўся Полацк. Дарэчы, Г. Харашкевіч нічога не піша пра ўсталяваны ў Полацку і акрузе акупацыйны рэжым, пра стаўленне новых уладароў да тутэйшых людзей і наадварот — рэакцыі палачан на палітыку маскоўскай улады. А гэтая тэма вельмі важная для зразумення сутнасці палі­тыкі Маскоўскай дзяржавы.

Спроба ўзнаўлення татальнага наступлення на ВКЛ была прадпрынятая праз год, але пацярпела фіяска з–за паразы ў бітве над Улай. На жаль, Г. Харашкевіч аддае ёй мала ўвагі, хоць і падкрэслівае яе важнае значэнне для змянення сітуацыі ў вайне паміж ВКЛ і Маскоўскай дзяржавай. Даследчыца некрытычна паставілася да інфармацыі аб колькасці войска ВКЛ пад час няўдалай выправы пад Полацк восенню 1564 г. Аніяк не магло яго там быць 50 тысяч чалавек. І палякі прынялі чынны ўдзел у вайне з маскоўцамі зусім не пад час гэтай выправы, а нашмат раней. Узяць пад увагу хоць бы бітву пад Невелем у жніўні 1562 г., дзе войска А. Курбскага разбілі якраз дзевяць польскіх конных ротаў.

Адным з найважнейшых момантаў для зразумення канцэпцыі кнігі з’яўляецца трактаванне падзей на Земскім саборы 1566 г. Як вядома, на ім было прынята рашэнне аб працягу Інфлянцкай вайны. Гэтую ідэю, у прыватнасці, падтрымала Баярская Дума. Г. Харашкевіч лічыць, што гэта было фатальнай памылкай, больш за тое, яна ўскладвае на баяр віну за крах у далейшым часе знешняй палітыкі Масквы. У 1566 г. быў прадвырашаны зыход Інфлянцкай вайны (440—441).

Аднак такая інтэрпрэтацыя не ўзгадняецца з многімі фактамі. На нашу думку, у 1566 г. стаяла пытанне не столькі працягу шырокамаштабнай наступальнай вайны (для гэтага ўжо сапраўды бракавала рэсурсаў), колькі непрымальнасці варункаў прымірэння з ліцвінамі. Звернем увагу на два прынцыповыя моманты: маскоўцам так і не ўдалося дамагчыся ад паслоў з ВКЛ адмовіцца ад прэтэнзій на Рыгу, ліцвіны прапаноўвалі толькі кароткачасовае перамір’е — на пяць–шэсць гадоў, што было не ў інтарэсах маскоўскага боку. Кампрамісу так і не ўдалося дасягнуць.

Нельга казаць, што ў 1566 г. міжнароднае становішча Маскоўскай дзяржавы было бязвыхадным. Ці абавязкова ў Крамлі маглі прадбачыць у гэты час, што ў 1568 г. у Швецыі зменіцца ўлада, а напрыканцы 60–х г. XVI ст. абвострацца адносіны з Турцыяй і Крымскім ханствам?

Безумоўна, былі надзеі калі не перамагчы ВКЛ у вайне, дык па меншай меры ўмацаваць сваё становішча на дасягнутым узроўні. Даследчыца зусім выпускае з–пад увагі, што пасля 1564 г. маскоўскае кіраўніцтва не прадпрымала шырокамаштабных ваенных акцый, а са жніўня 1566 г. пачало будаваць у Полацкай зямлі невялікія, але добраўмацаваныя замкі, тым самым паступова пашыраючы зону свайго кантролю. Неўзабаве распачалася раздача зямельных надзелаў новаяўленым памешчыкам. Гэта азначала, што Масква перайшла да палітыкі ўмацавання сваёй прысутнасці на захопленых землях.

Цяжка пагадзіцца з аўтарскай ацэнкай перамір’я 1570 г. Згодна з ёй, заключэнне гэтага перамір’я прадэманстравала поў­нае фіяска знешняй палітыкі Івана IV на заходнім напрамку (554). Даследчыца тлумачыць, што Масква не замацавала за сабой тэрытарыяльных набыткаў: яна толькі прэтэндавала (!) на збудаваныя сваімі рукамі памежныя замкі на Полаччыне. Вы­снова ніяк не стасуецца з логікай і гістарычнымі фактамі. Дарэчы, яшчэ Р. Мяніцкі адзначыў, што вызначаная ў маскоўскай перамірнай грамаце мяжа больш адпавядала рэчаіснаму стану рэчаў, чым тая, якую прадставілі ліцвіны[10]. Таму меркаванне Г. Харашкевіч, што Маскоўская дзяржава выйшла з вайны з нічым, не зусім слушнае. На наш погляд, ваюючыя бакі знайшлі кампраміс у патрэбе перадышкі і з гэтай прычыны заключылі перамір’е на падставе status quo.

Увогуле ж, у Г. Харашкевіч складваецца вельмі песімістычная ацэнка знешняй палітыкі Івана IV на першым этапе Інфлянцкай вайны. Для расійскай гістарыяграфіі падобная візія з’яўляецца чымсьці абсалютна новым. Аўтарка тым самым правакуе на сур’ёзную дыскусію, без якой цяпер не абысціся. Арыгінальная пастаноўка пытанняў, зробленая Г. Харашкевіч, сама па сабе з’яўляецца крокам наперад у вывучэнні праблематыкі.

У заключэнне трэба адзначыць, што, нягледзячы на ўсе недахопы манаграфіі, яна з’яўляецца важнай пазіцыяй у асвятленні знешняй палітыкі і міжнароднага становішча Расіі ў сярэдзіне XVI ст. І хоць не заўсёды пастаўленыя пытанні ўдалося вырашыць на належным узроўні, трэба прызнаць безумоўным дасягненнем увядзенне знешнепалітычных падзей і працэсаў у кантэкст унутранай гісторыі Расіі. Тым самым аўтарка раскрыла новыя аспекты ўзаемных стасункаў цара Івана IV, „Выбранай рады“ і Баярскай Думы, акцэнтавала ўвагу на значнасці прэрагатыў улады ў знешнепалітычнай сферы. На нашу думку, толькі падобны падыход можа быць прадуктыўным пры аналізе знешняй палітыкі дзяржавы, бо дазваляе ўбачыць яе ўнутраныя механізмы і зразумець матывацыі дзеяння кіруючых колаў.
Мінск

Андрэй Янушкевіч


[1] Греков И. Б. Очерки по истории международных отношений Восточной Европы XIV—XVI  вв. Москва, 1963.
[2] Natanson–Leski J. Dzieje granicy wschodniej Rzeczypospolitej. Cz. 1: Granica moskiewska w epoce Jagiellońskiej. Lwów—Warszawa, 1922.; Natanson–Leski J. Epoka Stefana Batorego w dziejach granicy wschodniej Rzeczypospolitej. Lwów-Warszawa, 1924.
[3] Jasnowski J. Mikołaj Czarny Radziwiłł (1515—1565): kanclerz i marszałek ziemski Wielkiego Księstwa Litewskiego, wojewoda wileński. Warszawa, 1939; Граля И. Иван Михайлов Висковатый: Карьера государственного деятеля в России XVI в. Москва, 1994.
[4] Филюшкин А. И. История одной мистификации: Иван IV и „Избранная рада“. Москва, 1998.
[5] Сагановіч Г. М. Захоп Полацка Іванам IV паводле нямецкіх „лятучых лісткоў“ 1563 г. // Гісторыя і археалогія Полацка і Полацкай зямлі. Полацк, 1998. С. 263—270; Метрыка Вялікага княства Літоўскага. Кніга запісаў 44 (1559—1566). Мінск, 2001.
[6] Посольство И. Гофмана в Ливонию и Русское государство в 1559—1560 г. // Исторический архив. 1957. № 6. С. 131—142.
[7] Archiwum książąt Lubartowiczów Sanguszków w Sławucie. T. 7. Lwów, 1910
[8] Писцовая книга Полоцка и Полоцкого повета // Писцовые книги Московского государства / Под ред. Н. В. Калачова. Ч. 1, отд. 2. С.–Петербург, 1877. С. 421—566.
[9] Listy króla Zygmunta Augusta do Radziwiłłów / Opr. I. Kaniewska. Kraków, 1998; Elementa ad Fontium Editiones. T. 1—96. Roma, 1960—1997.
[10] Mienicki R. Egzulanci Połłoccy (1563—1580) // Ateneum Wileńskie. 1934. R. IX. S. 31—128.

Наверх

Галоўная » Запісы па тэме 'Ваенная гісторыя'