Новы нумар

Галоўная » Запісы па тэме 'Ваенная гісторыя'

Артыкулы па тэме ‘Ваенная гісторыя’

Генадзь Сагановіч. «Русь» у вайне з Нямецкім ордэнам (канец ХIII — пач. ХV ст.)

Снежня 30, 2001 |


Вайна паміж Вялікім Княствам Літоўскім і Нямецкім ордэнам застаецца адной з самых захапляльных і дасюль маладаследаваных тэм гісторыі Ўсходняй Еўропы. Як вядома, ваенна-тэхнічны патэнцыял ордэнскай дзяржавы быў на той час адным з самых высокіх у Еўропе. З пачатку XIV ст. у барацьбе з паганскай „Літвою” як патэнцыйным ворагам хрысцiянскай Еўропы тэўтонскім братам-рыцарам актыўна дапамагалі «госці» з розных еўрапейскіх краін. Дзякуючы гэтаму Ордэн пастаянна атрымлiваў прыток новых сiлаў. «Рэйзы» ў Прусiю i адтуль у Лiтву лічыліся выкананнем хрысціянскага абавязку (Heidenkampf — змагання з паганцамі) і набылі асаблівую папулярнасць сярод высакароднага рыцарства. Фактычна, барацьба супраць Літвы мела інтэрнацыянальны характар: супраць яе ваявалі не толькі Ордэн, але і многія краіны Цэнтральнай і Заходняй Еўропы, а найперш рыцары з Нямеччыны, Францыі і Англіі. Як цвердзяць хронікі, ордэнскія кантынгенты налічвалі дзесяткі тысяч удзельнікаў. Невыпадкова гісторыкі параўноўваюць гэтую вайну з крыжовымі паходамі ў Святую зямлю[1]. Не можа не ўражваць, што гэтае больш чым стогадовае няроўнае супрацьстаянне Літва вытрымала. Калі ўлічваць яе тэрытарыяльна-дэмаграфічныя магчымасці, з аднаго боку, і найвышэйшы ваенна-тэхнічны патэнцыял еўрапейскага рыцарства, з другога, то прапорцыя сілаў будзе зусім невыгоднай для Літвы. У чым жа сакрэт такога яе поспеху? Адкуль жа браліся яе ваенна-эканамічныя рэсурсы?

Лёгка заўважыць, што ў адпаведных даследаваннях гэтая вайна трактуецца звычайна як вайна аднаго толькі літоўскага народа, г.зн. Літвы этнічнай, а не Літвы як дзяржавы — Вялікага Княства Літоўскага, якое аб’яднала этнічных літоўцаў, русінаў (нашчадкамі якіх з’яўляюцца сучасныя беларусы і ўкраінцы) ды жамойтаў. У аснове падобнага спрашчэння ляжыць вядомая неадпаведнасць сярэднявечных тэрмінаў сучасным нацыянальным азначэнням. Атаясамленне гістарычнага палітоніма „Літва” з літоўскім народам характэрна не толькі для літоўскай гістарыяграфіі, але і для заходніх, нацыянальна незаангажаваных гісторыкаў. Напрыклад, менавіта ў такім ракурсе разгледжаны супраціў крыжовым паходам у спецыяльным даследаванні амерыканскага вучонага Ўільяма Урбана[2], які не стаў адрозніваць літоўскага этнасу ад дзяржавы Гедыміна і яго наступнікаў. Падобны погляд знаходзім і ў працах аднаго з найлепшых знаўцаў праблемы Вернэра Паравічыні. У новай спецыяльнай манаграфіі, найгрунтоўнейшай па ахопу матэрыялаў і бліскуча напісанай, ён неаднакроць зазначае, што Нямецкаму ордэну ў ХIV ст. супрацьстаялі проста літоўцы. «Літоўцы былі вельмі сур’ёзным, нязломным праціўнікам», які са свайго боку атакаваў Прусію ды Інфлянты і таксама выводзіў сотні і тысячы палонных, — піша вучоны[3]. Паказальна, што ў якасці аднаго з прыкладаў Паравічыні прыводзіць бітву ля Рудавы (1370), у якой — што салідарна адзначаюць практычна ўсе вядомыя крыніцы — бралі самы актыўны ўдзел і русіны (гл. ніжэй), аднак гісторык не лічыць гэтую асаблівасць вартай увагі. Знаўца гісторыі Нямецкага ордэна Гартмут Бокман таксама нідзе не згадаў русінаў у сваім асвятленні Litauer-Reisen[4]. Падобна яму яшчэ раней Манфрэд Гельман у сінтэтычным нарысе гісторыі літоўскага народа не палічыў важным зазначыць хоць якую ролю другога этнаса Вялікага Княства Літоўскага — нават у раздзелах пра князёў Гедыміна, Альгерда і Кейстута і ў апісанні бітвы ля Рудавы[5]. Урэшце малады ангельскі вучоны Стэфан Ровэл у выдатным даследаванні феномену росту сярэднявечнай Літвы ў перыяд княжання Віценя і Гедыміна таксама пакідае амаль без увагі патэнцыял Русі, што асабліва неапраўдана ў параграфе аб эканамічных рэсурсах апошняга паганскага народа Еўропы[6].

Мякка кажучы, гэта не зусім дакладнае асвятленне той вайны. Думаю, што ігнараванне русінаў як аднаго з яе ўдзельнікаў адбываецца цяпер неўсвядомлена, бо існуе даўні гістарыяграфічны стэрэатып. Устаноўка на „незаўважанне” русінаў як народа гістарычнай Літвы стала ўжо традыцыйнай, і найбольш выразна яна праводзіцца ў літоўскай гістарыяграфіі.

У спецыяльных даследаваннях літоўскіх гісторыкаў пра пэўную залежнасць ваеннай моцы Літвы ад удзелу ў вайне русінаў мімаходзь пісалі толькі некаторыя вучоныя, у прыватнасці Ю.Жугжда і Б.Дундуліс, якія, аднак, больш імкнуліся сцвердзіць, што Літва абараніла Русь ад татараў і немцаў[7]. Б.Дундуліс мацней акцэнтаваў, што Літва ў той час вяла вайну на два фронты — і з немцамі, і з Руссю. У спецыяльнай калектыўнай працы «Вайна літоўцаў з крыжаносцамі» толькі ў агульным плане прыводзяцца некаторыя прыклады ўдзелу ў гэтай вайне і жыхароў Русі — у кантэксце салідарнасці літоўцаў, палякаў, чэхаў і ўсходніх славян[8]. Затое часцей адзначаецца, што ў час барацьбы з Ордэнам Літва ажыццяўляла экспансію на Русь. Гэтаксама ў сінтэтычнай «Истории Литовской ССР» русіны як паплечнікі па вайне прыгадваюцца толькі двойчы — у сюжэтах пра бітву на Стрэве (1348) і пра Грунвальд (1410)[9], што не дзіўна, бо іх удзел у гэтых бітвах засведчаны ў абсалютнай большасці крыніц і ніяк не можа не заўважацца.

Літоўскія працы апошніх дзесяцігоддзяў не адрозніваюцца новымі тэндэнцыямі ў асвятленні гэтага пытання. Напрыклад, вядомы вучоны маладзейшага пакалення, які плённа займаецца літоўска-нямецкімі дачыненнямі эпохі Сярэднявечча, гісторык Альвідас Нікжантайціс тлумачыць ваенныя поспехі Літвы ў 1283—1345 г. адно яе баявой актыўнасцю[10]. У адным з артыкулаў пра палітычнае супрацьстаянне ВКЛ і Ордэна ў часы Альгерда і Кейстута ён разглядае праекты або практычныя дзеянні літоўскіх князёў па падпарадкаванні Русі[11] і нідзе не адзначае важнае ролі той самай Русі ў вайне з рыцарамі. Не знаходзім гэтага і ў яго манаграфіі пра князя Гедыміна[12]. Хіба адно ў кнізе Мечысловаса Ючаса «Жальгірыская бітва» ясна сказана: армія Вітаўта складалася з «літоўскіх і рускіх* жаўнераў»[13], але гэта той выпадак, калі такой канстатацыі проста немагчыма было ўнікнуць, бо сапраўды з 18 пералічаных Янам Длугашам харугваў большасць паходзіла з зямель цяперашніх Беларусі ды Ўкраіны. Апісваючы гэтую славутую бітву, пра русінаў (або беларусаў і ўкраінцаў) звычайна мусілі гаварыць і іншыя літоўскія гісторыкі[14].

У цэлым такая рыса характэрна і для польскай гістарыяграфіі. Так, польскі літуаніст-класік Генрых Лаўмяньскі нават у адмысловым даследаванні агрэсіі Прускага ордэна супраць Літвы ў ХII—ХV ст. пакідаў Русь па-за ўвагай[15]. Спецыяльны параграф пра абароназдольнасць літоўскага народа ў сінтэтычнай гісторыі Літвы аўтарытэтнага польскага літуаніста Ежага Ахманьскага ні словам не згадвае пра ваенную дапамогу Русі, хоць, праўда, у іншым месцы аўтар канстатуе, што русіны былі ў бітве на Стрэве, і мімаходзь зазначае: «Літоўская Русь памнажала людскія сілы і матэрыяльныя рэсурсы Літвы»[16].

Пра непасрэдны ўдзел насельніцтва цяперашняй Беларусі ў вайне з Ордэнам як пра важны і варты ўвагі факт пісалі зусім нямногія вучоныя і, на жаль, не ў спецыяльных даследаваннях. У прыватнасці, польскі гісторык Уладыслаў Вяльгорскі ў папулярным выданні пра беларусаў адмыслова падкрэсліваў важнае значэнне дэмаграфічнага і матэрыяльнага патэнцыялу Русі ў супрацьстаянні Вялікага Княства Літоўскага і Нямецкага ордэна[17]. Ён меў на ўвазе засяленне ўсходнімі славянамі пустак на Нёмане (земляў, спустошаных у выніку вайны) ды іх ролю ў узвядзенні замкаў у ХIV ст. З нямецкіх гісторыкаў «моцны і ўплывовы элемент русінскага насельніцтва ў Літве» перыяду крыжовых войнаў згадваў бадай толькі Курт Форштройтар, які, аднак, не ставіў пытання аб залежнасці ад іх ваеннага патэнцыялу Літвы[18]. А найбольш выразна пра ўдзел продкаў цяперашніх беларусаў у вайне Літвы з Ордэнам у свой час напісаў савецкі гісторык Уладзімір Пашута, які пафасна зазначыў, што літоўскія ўзброеныя сілы адбівалі націск рыцараў «пры ўдзеле беларускага войска», і што літоўцы разам з беларусамі «плячо ў плячо» больш за 100 гадоў змагаліся з немцамі на Нёмане[19]. Пасля яго амаль тымі ж словамі гэта сцвердзіў беларускі даследчык ваеннага дойлідства Міхась Ткачоў. Ён пісаў пра «больш чым 120-гадовую барацьбу за незалежнасць, якую плячо ў плячо вяло насельніцтва Беларусі разам з літоўскім войскам» супраць Нямецкага ордэна[20], праўда, сам М.Ткачоў гісторыяй гэтай барацьбы не займаўся.

Каб гаварыць пра ролю Русі ў той вайне больш пэўна, пытанне трэба спецыяльна даследаваць. Пакуль што чытачу прапануюцца папярэднія назіранні аўтара, звязаныя з вывучэннем корпуса адпаведных крыніц. Бо найперш важна высветліць, як бачылі ўдзельнікаў вайны яе сучаснікі — пераважна аўтары нямецкіх хронік.

* * *

За наратыўную аснову даследавання ўзята сем хронік, створаных на тэрыторыі Нямецкага ордэна ў ХIV — пачатку ХV ст. Гэта «Chronicon terrae Prussiae» Пятра з Дусбурга[21], «Kronike von Pruzilant» Мікалая Ярошына[22], «Chronicon Livoniae» Германа Вартберга[23] рыфмаваная «Cronica nova Prutenica» Віганда Марбургскага[24], «Chronik des Landes Preussen» Ёгана Посільге[25], а таксама Торуньскія аналы[26] і твор Дэтмара[27]. Выкарыстаны таксама дзве польскія крыніцы — аналы Яна Длугаша[28] і хроніка Мацея Стрыйкоўскага[29]. Абедзве яны прысвяцілі вайне з крыжаносцамі вялікую ўвагу, у значнай меры ўнаследаваўшы традыцыю нямецкага хронікапісання. Іх вартасць абумоўлена і тым, што названыя помнікі ўтрымліваюць інфармацыю з крыніц, якія не захаваліся.

Спачатку звернемся да прысутнасці тэрміна «Русь» у нямецкіх хроніках і яго значэнняў. У лацінамоўных помніках Сярэднявечча этнонім Русь меў форму «Russіe», «Russia», а «русін», «русіны» — «Ruthenus», «Rutheni», тады як у старанямецкіх — «Ruiz», «Ruzz», «Ruzin», «Ruzilande», «Rus(s)in», «Russen», «Ruschin» і інш. У цэлым у пералічаных нямецкіх хроніках 178 разоў у той ці іншай форме выкарыстаны непасрэдна этнонім або этнікон «Русь» ці вытворная форма ад гэтай назвы. У прыватнасці, у Пятра з Дусбурга — 8 разоў, у Мікалая Ярошына — 7, у Германа Вартберга — 37, у Віганда Марбургскага — 34, у Ёгана Посільге — 69, у Торуньскіх аналах — 12, у Дэтмара — 11[30].

Высвятляецца, што ўжо на ХIV ст. «Русь» была даволі добра вядомая нямецкім храністам. Яна сустракаецца літаральна ў першых запісах Пятра з Дусбурга[31]. Мікалай Ярошын, які пазней пераказваў першага ордэнскага храніста, піша, што з аднаго боку Прусіі знаходзіцца Вісла, а з другога — «der Memlin, Ruzilande me»[32], а потым дадае, што Мемель аддзяляе Курляндыю, літоўцаў і русінаў («Littowin und Ruzin») ад зямлі прусаў.

У свядомасці нямецкіх храністаў першай трэці ХIV ст. раёны Верхняга Панямоння лічыліся «Зямлёй Крывічоў», якая, хоць даўно ўваходзіла ў склад ВКЛ, атаясамлялася з Руссю. Пра гэта сведчыць не толькі Пётр з Дусбурга, але і твор каноніка Самбіі, які пад 1314 г. таксама паведамляе пра паход рыцараў на «Kriwicz», а потым адносіць гэтых крывічоў да Русі («Ruthenorum Criwicz»)[33].

Як гарады Русі ў хроніках фігуруюць Полацк, Смаленск (самы ўсходні з называных храністамі ўсходнесла вянскіх гарадоў), Віцебск, Дрыса, а на заходніх землях ВКЛ — Берасце, Камянец, Драгічын, Бельск, Мельнік, Беліца, Ваўкавыск, Сураж, Ліда, Наваградак, Гальшаны[34]. Да Русі бясспрэчна адносяцца таксама валынскія гарады Луцк і Ўладзімір. Найбольш часта як прыналежныя да Русі вызначаюцца Берасце і Камянец. У Віганда Марбургскага ўжываецца форма «Rusen-Brisik», а ў Ёгана Посільге — «Rusche Briske» і «Russchin Brysk»[35]. Такое ж азначэнне сустракаем у актавых дакументах Нямецкага ордэна[36], значыць, яно адлюстроўвала этнагеаграфічныя ўяўленні даволі шырокіх колаў удзельнікаў крыжовай вайны супраць Вялікага Княства Літоўскага. Важна адзначыць, што Камянец яшчэ ў ХIII ст. лацінамоўныя крыніцы называлі «рутэнскім» (Kamieniec Ruthenicale). Рэкі Нараў і Буг у хроніках выступаюць таксама як рэкі Русі. Дадзеныя згаданых помнікаў яшчэ раз пераконваюць, што землі ў басейне Буга і Нарава ўжо ў ХIII-ХIV ст. былі каланізаваныя ўсходнімі славянамі. Такім чынам, сцвярджэнне Яна Длугаша, быццам Судавія распасціралася да Драгічына, не адпавядае рэчаіснасці.

Да Русі можна адносіць і Горадню, хоць з хронік гэта відаць не так адназначна, як у прыкладзе з гарадамі Падзвіння або Пабужжа. У Пятра з Дусбурга наогул цяжка знайсці нейкую інфармацыю этнагеаграфічнага характару. У яго хроніцы паходы рыцараў звычайна праводзяцца „ў Літву ў вобласць замка Горадня»[37]. Але пад 1306 г. войска вялікага князя літоўскага выходзіць «з Літвы ды замка Горадня»[38]. Паказальна, што жыхароў Горадні і яе ваколіцаў Пётр з Дусбурга называе «рутэнамі». Пазнейшыя хронікі ўтрымліваюць дастаткова сведчанняў пра ўсходнеславянскі характар гэтага горада. У прыватнасці, Віганд Марбургскі звычайна адносіць яго да Русі. У апавяданні пра барацьбу рыцараў за Горадню ён часта згадвае русінаў. Так, у паведамленні пра паход 1364 г. храніст расказвае пра сутычку з русінамі[39], у паходзе 1375 г. згадвае «сlamore vulgari Russen»[40] (г.зн. «грубыя баявыя выклікі русінаў»), а запіс пад 1379 г. яшчэ больш красамоўны: рыцары авалодалі горадам і «simileter tota Russia in dextraparte sita»[41]. Расказваючы пра паход 1383 г. на сталіцу ВКЛ, гэты ж храніст ужывае азначэнне «civitas ruthenica» нават у дачыненні да Вільні[42].

Можна заўважыць, што добра вядомае нямецкім храністам імя «Русь» рэдка выступае як палітонім, тады як „Літва” найчасцей азначае хутчэй дзяржаву. „Русь” жа фігуруе як зямля, рэгіён, звязаны з Літвой ці непасрэдна ёй суседні. Так, паводле Пятра з Дусбурга (а за ім — і Мікалая Ярошына), правадыр судаўлянаў Скуманд, які ажыццявіў рабаўнічы рэйд у Холмскую вобласць з супляменнікамі і русінамі, не вытрымаў напору рыцараў і ў 1280 г. з блізкім людам выйшаў з Судавіі «на Русь»[43]. Гэтая Русь суседнічае з Прусіяй. Для Ёгана Посільге цалкам магчымы пераход «von Pruszin hin ken Russin»[44]. Улічваючы, што ў ХIV ст. Горадня знаходзілася ўсяго за некалькі міляў ад тэрыторыі Нямецкага ордэна[45], уяўленні храністаў можна назваць дастаткова рэалістычнымі.

У вайне Ордэна супраць Літвы рыцарскія кантынгенты пастаянна сутыкаюцца з Руссю і з русінамі. Заўважаецца, што храністы на ХIV ст. ніякай этнічнай мяжы паміж Літвой і Руссю не фіксуюць. Невыпадкова і рымскі папа, заклікаючы Ордэн не ваяваць больш супраць Вялікага Княства Літоўскага, называў яго «lant czu Littowin und Russin»[46]. Гаворачы пра экспедыцыі Ордэна на тэрыторыю ВКЛ і пра вывад палонных, Віганд Марбургскі ў многіх выпадках падае іх як «Rutenos et paganos», размяжоўваючы па рэлігійнай прыкмеце. Важна, што гэта тычыцца паходаў не толькі ў Панямонне (Чорную Русь)[47], але і ў раёны Вільні, Трокаў і Коўны[48], а таксама экспедыцый уздоўж ракі Невяжы[49]. Так, пад час выправы да Трокаў у 1382 г. былі ўзятыя ў палон русіны («captivos Rutenos»)[50]. У 1390 г. магістр Конрад Валенрод ажыццявіў паход «на Русь перад Трокамі» (in Russen vor Traken). Правёўшы паход на Коўну ў 1391 г., вялікі магістр вяртаўся з мноствам палонных, якімі былі «Rutenis, paganis diversarum linquarum»[51]. І польскі храніст Ян Длугаш, бліжэй знаёмы з этнагеаграфіяй ВКЛ, паведамляе, што з паходу на Літву ў 1339 г. браты-рыцары вывелі ў палон «шмат ліцвінаў і русінаў»[52]. Улічваючы гэта, можна дапускаць, што з выселеных у Прусію прыкладна 200 000 чалавек «літоўскага палону»[53] добрую частку складалі русіны з сучаснай Беларусі.

З хронік выглядае, што вайна Ордэна супраць Літвы была вайной і супраць Русі. Многія «рэйзы» Ордэна адкрыта кваліфікуюцца храністамі як паходы «супраць літоўцаў і руciнаў» («сontra Lithwanos et Ruthenos»)[54], іншыя ж называюцца паходамі «сontra Lithwanos», але з апісання відаць, што яны ахаплялі і Русь або землі змешанага насельніцтва. Ордэнскія кантынгенты сягалі і непасрэдна Русі Полацкай, хоць здаралася гэта параўнальна рэдка. Так, згодна з паведамленнямi Германа Вартберга, у 1333 i 1334 г. «шматлiкае войска» інфлянцкага магiстра Эбергарда (Eberhard), ваюючы Вялікае Княства, набліжалася да самага Полацка[55]. У 1366 г. інфлянцкі ландмагiстар Вiльгельм «павёў войска супраць русiнаў на Полацк»[56]. У жнiўнi 1377 г. вялiкі iнфлянцкі кантынгент на чале з ландмагiстрам Вільгельмам Фрымерсгаймам рушыў уверх па Дзвiне да Полацкай зямлi і аблажыў нейкi «новы замак русiнаў, якi ляжаў амаль у 12 мiлях» ад Дзюнабурга[57] (найверагодней, гэта была Друя).

Намнога часцей праводзіліся экспедыцыі на Русь у Панямонні. Напрыклад, «на Русь» («ken Russin», «czu Russen»), пад якой храністы разумелі Горадню, Сураж, Ліду, Наваградак і Драгічын, рыцары хадзілі ў 1393, 1394 i 1401 г.[58] Нямала паходаў ладзілася і на іншыя пасяленні, называныя гарадамі ці дварамі Русі, але Горадня, замак якой быў асноўнай базай для рэйдаў войска ВКЛ на Прусію, на працягу ўсяго ХIV ст. заставалася найбольш прывабнай мішэнню ордэнскіх экспедыцый.

Многія запісы храністаў ствараюць вобраз нейкага двухадзінства краіны, з якой Ордэн вёў ваенныя дзеянні: гэта Літва і Русь разам. У прыватнасці, гаворачы пра шэраг агульных для ВКЛ падзей, Ёган Посільге часта піша пра зямлю «літоўцаў і русінаў», ужывае азначэнне «beyde Littowen und Russin»[59]. З іншага боку, у помніках добра адрозніваюцца схізматыкі-русіны ад паганцаў-літоўцаў. І, калі верыць паведамленню Яна Длугаша за 1361 г., вялікі магістр Вінрых фон Кніпродэ спецыяльна помсціў Русі за тое, што яна дапамагала літоўцам сваімі ўзброенымі сіламі[60]. Хронікі адлюстравалі і падвойны характар дзяржаўнасці ў тытулатуры манархаў. Так, для Пятра з Дусбурга вялікі князь Гедымін — гэта «rex Lethowinorum et Ruthenorum»[61]. Больш познія хронікі называюць манархамі русінаў тых з роду Гедымінавічаў, хто меў уладанні галоўным чынам на тэрыторыі цяперашняй Беларусі. У Германа Вартберга князь Нарымонт Гедымінавіч фігуруе як «кароль русінаў»[62], у Дэтмара князь Андрэй Альгердавіч — «рускі кароль Полацка»[63], у Ёгана Посільге князь Скіргайла — «герцаг русінаў” („herczoge czu Russen»)[64] і г.д.

Русь была не толькі тэатрам ваенных дзеянняў, але і іх суб’ектам. Хронікі сведчаць, што русіны практычна ад пачатку вайны з тэўтонскай дзяржавай прысутнічалі ў вайсковых кантынгентах ВКЛ, беручы актыўны ўдзел як у абарончых дзеяннях, так і ў паходах на ўладанні Ордэна. Ужо ў 1293 г. «Русь» удзельнічала ў паходзе Віценя на Прусію, калі той помсціў за акцыю рагнецкага комтура Конрада Штанга і захоп замка Мінгедын (Mingedin)[65]. Пад 1296 г. у Пятра з Дусбурга ў паведамленні пра рэйд на Горадню фігуруе нейкі магутны руciн (Ruthenus) — адзін з абаронцаў горада, што забіў нямецкага рыцара, які пераследаваў яго[66]. Вясной 1298 г. разам з літоўцамі русіны дапамагаюць жыхарам Рыгі ў акцыі супраць Інфлянцкага ордэна, звязанай з дэблакаваннем вусця Дзвіны[67]. Герой-русін асобна выдзелены ў апавяданні Дусбурга пра экспедыцыю брата-рыцара Філіпа дэ Баландзіа (Philippus de Bolandia) «на Літву» ў 1305 г. і пагоню князя Віценя за гэтым нямецкім кантынгентам: руcін тут пранізвае дзідай юнага пляменніка правадыра паходу[68]. Вельмі блізкі сюжэт апісання падзей 1305 г. знаходзім і ў Стрыйкоўскага, у хроніцы якога «адзін руcін» таксама забівае дзідай брата-рыцара[69].

Русіны бралі ўдзел і ў паходзе Віценя на Прусію ў 1311 г. Калі з запісу Яна Длугаша можна толькі рабіць дапушчэнне пра гэта (князь сабраў «усе свае войскі, сцягнутыя ад сваіх людзей»[70] ), дык у Віганда Марбургскага канкрэтна сказана, што Віцень пайшоў на Ордэн «з сваімі і русінамі»[71]. У апісанні гэтага паходу нямецкая хроніка згадала «лучнікаў-русінаў», якія трапна стралялі па рыцарах[72].

Паведамляючы пра рэйд ордэнскага маршала Генрыха ў верасні 1314 г. на Вялікае Княства, Пётр з Дусбурга піша, што той хадзіў «у Зямлю Крывічоў» (terra Criwicie), у якой узяў і разбурыў «parva Nogardia», г.зн. Наваградак[73]. Яшчэ падрабязней гэты паход апісвае Мікалай Ярошын, які называе Наваградскую зямлю «Kriwitzin», «lant Kriwitzin», «Krivitzenlande»[74]. Пасля знішчэння Наваградка рыцары падступілі да замка Крывічы на Нёмане (пытанне яго дакладнай ідэнтыфікацыі застаецца адкрытым), але сустрэлі рашучую абарону. У шматразовых штурмах загінула нямала рыцараў, і немцы мусілі павярнуць назад[75]. Cтрыйкоўскі цвердзіць, што ў гэтым паходзе рыцары здабывалі «замак самога Наваградка», але «Літва і Русіны так мужна бараніліся», што прымусілі крыжаносцаў адступіць[76].

Пры Гедыміне, калі ў склад яго дзяржавы ўвайшла амаль уся тэрыторыя сучаснай Беларусі, за выняткам Падняпроўя і Ніжняй Прыпяці, а Полацкае і Віцебскае княствы захавалі ў ёй пэўную аўтаномію, роля Русі ў знешняй палітыцы Вялікага Княства Літоўскага істотна ўзрасла. Невыпадкова Гедымін першы з літоўскіх князёў пачаў тытулавацца як «rex Letvinorum et Ruthenorum». У гандлёвай дамове з Нямецкім ордэнам 1338 г. ён спаслаўся на згоду Полацка і Віцебска[77]. У гады яго княжання русіны ўсё часцей фігуруюць як сіла вялікага князя літоўскага. Ужо ў адным з першых паходаў супраць немцаў у Жамойці (1317?) войска Гедыміна апрача літоўцаў складала «Русь з Полацка і Ноўгарада»[78] (Наўгародка? — Г.С.). У вядомай выправе караля Ўладыслава Лакетка супраць Брандэнбургіі ў 1326 г. апошні меў, паводле Длугаша, «падмацаванні суседзяў, а менавіта русінаў, ліцвінаў…»[79]. Той жа храніст паведамляе, што ў наступным годзе літоўскія князі з уласным войскам і сіламі «суседніх народаў» уварваліся ў Саксонію[80]. У 1330 г. адбыўся паход кааліцыйных сілаў караля Ўладыслава Лакеткi на Холмскую зямлю, у якім удзельнічалі як русіны, так і Гедымін са сваімі сіламі[81]. Калі пагадзіцца з тым, што згаданых русінаў тут прадстаўляў галіцка-валынскі князь Баляслаў Юры II[82] то дружыны з Русі Літоўскай былі ў войску Гедыміна. У 1330 г., паводле Стрыйкоўскага, «Літва з Руссю» спустошылі і Курляндскую зямлю[83]. А ў 1338 г. на землі Ордэна ажыццявіла набег моцнае войска «з ліцвінаў і русінаў»[84].

Пасля смерці Гедымiна супрацьстаянне Вялікага Княства рыцарскай дзяржаве аслабла. Тэўтонскi ордэн у 1343 г. заключыў Калiшскi мiр з Польшчай і, уступiўшы ў перыяд найбольшай магутнасцi, змог засяродзіць свае сілы на барацьбе з Літвой. Менавіта неабходнасцю мабілізаваць усе сілы на абарону ад крыжаносцаў гістарыяграфічная традыцыя тлумачыць і дэтранізацыю вялікага князя Яўнута ды захоп улады Альгердам і Кейстутам. Неўзабаве пасля ўсталявання іх дыярхіі браты сабралі войска з Літвы і Русі і ажыццявілі паход на Прусію, дайшoўшы да Караляўца. Стрыйкоўскі адзначыў, што так яны помсцілі за смерць бацькі (Гедыміна — Г.С.). Пры гэтым храніст зафіксаваў важную дэталь: у час гэтай выправы віцябляне і палачане вартавалі берагі Дзвіны ад магчымага нападу інфлянцкіх кантынгентаў[85].

У паходах Кейстута звычайнай справай быў удзел баярства з Горадні і Гарадзенскай зямлі, гэтаксама як з Альгердам хадзілі ваенныя сілы з яго ўладанняў на тэрыторыі сучаснай Беларусі. Як вядома, вотчынай апошняга з’яўляліся Віцебск і Крэва, а пад ягонай уладай знаходзілася ўся ўсходняя частка ВКЛ, якая ідэнтыфікавалася пераважна як «Русь». І хоць прэрагатывай Альгерда была ўсходняя палітыка, крыніцы зафіксавалі яго часты ўдзел у супольных акцыях супраць Ордэна, за дачыненні з якім адказваў Кейстут. Прыкладам, калі ў 1343 г. Кейстут павёў на Прусію дружыны гарадзенцаў з жамойтамі і троцкім войскам, Альгерд са сваімі сіламі рушыў на Інфлянты[86]. А ў 1346 г. сам Альгерд «з моцным войскам з Жамойці, Русі і Літвы» хадзіў пад Каралявец[87].

Як аднo з самых буйных сутыкненняў з крыжаносцамі ў гісторыю ўвайшла бітва на рацэ Стрэва. Пасля таго, як у пачатку 1348 г. моцны ордэнскі кантынгент вялікага магістра Генрыха Дузэмэра (Heinrich Dusemer), папоўнены французскiмі ды англiйскiмі рыцарамі, больш за тыдзень бесперашкодна пустошыў панямонскiя землi Лiтвы, каля Коўны, на берагах Стрэвы, яго пераняла армія Альгерда i Кейстута. Крыніцы адзначаюць, што «Альгерд з русінамі» прыйшоў на дапамогу войску Кейстута. Сапраўды, апрача ўласна лiтоўскiх сiлаў у гэтую армію ўваходзiлi вялікія сілы русінаў — «Ruteni de Lademar, de Brisik, Witenberge, de Smalentze»[88], г.зн. палкi з Уладзiмiра-Валынскага, Берасця, Вiцебска, Смаленска, а таксама з Полацка. Удзел русінаў у гэтай важнай і такой няўдалай для ВКЛ бітве адзначаюць многія храністы[89]. Калі ўсходнеславянскія летапісы падаюць, што з боку ВКЛ на Стрэве загінула 40 тысяч[90], а Ян Длугаш і Мацей Стрыйкоўскі — 18 тысяч[91], дык нямецкія аўтары гавораць пра 10 тысяч ахвяраў[92], што выглядае найбольш праўдападобна. «І паразіў міласцівы Бог літоўцаў і русінаў» — рэзюмавала старая пруская хроніка, паведаміўшы пра смерць на беразе Стрэвы „князя русінаў Нарымонта”[93].

Тое, што і Смаленская зямля — самая ўсходняя з залежных ад Альгерда абшараў Русі — таксама брала ўдзел у вайне ВКЛ супраць Ордэна, заслугоўвае асаблівай увагі. У Яна Длугаша і Мацея Стрыйкоўскага пад 1348 г. апісаны студзеньскі паход літоўцаў і русінаў на Лабяву (Labiowa), якім кіраваў безымянны смаленскі князь. У Прусіі яго войска сутыкнулася з немцамі і пацярпела ў жорсткай бітве, а згаданы смаленскі князь загінуў на пераправе праз раку пад час адступлення[94]. Пра «Rex de Smalenz» і бітву пры Лабяве расказвае і Вiганд Марбургскі, але ён адносіць гэтыя падзеі да 1352—53 г.[95], што больш праўдападобна, бо паход літоўска-беларускіх сілаў на ордэнскія землі ў год цяжкай паразы на Стрэве быў бы справай неверагоднай. Гісторык Ёган Фойгт у свой час сцвярджаў, што гэтым смаленскім князем быў князь Патрыкей (Patirke)[96]. Аднак, калі б гэта быў Патрыкей — той самы князь, якога Тадэвуш Васілеўскі лічыць сынам Гедыміна, ідэнтычным Манівіду[97], а Ян Тэнгоўскі называе сынам Нарымонта Гедымінавіча[98], то ён не мог бы загінуць у згаданым паходзе, бо ў 1353 г. гэты князь разам з Альгердам і Кейстутам на чале войска «ліцвінаў і русінаў» ажыццяўляў выправу ў Прусію — помсцячы акурат за паразу пры Лабяве і за смерць смаленскага князя[99]. У 1358—1366 г. Патрыкей быў князем Горадні і неаднакроць удзельнічаў у супольных паходах нашчадкаў Гедыміна на землі Ордэна — у 1354[100], 1356[101] i 1365[102] прычым у першым і трэцім выпадку удзел русінаў выразна падкрэслены храністам. Цікава, што ў 1363 г., кіруючы абаронай Горадні ад нямецкіх рыцараў, гарадзенскі князь Патрыкей, каб менш рызыкаваць, сустрэў тэўтонцаў «па звычаю русінаў»[103], з хлебам і соллю, чым і прадухіліў знішчэнне свайго горада.

Адным з самых яркіх прыкладаў вялікай ролі русінаў у вайне супраць Ордэна можна лічыць бітву пры Рудаве. У 1370 г. Кейстут і Альгерд арганізавалі паход супольных сілаў на Каралявец, але вялікі магістр сарваў яго і навязаў Альгерду сечу. Хроніка Дэтмара апісала гэтае сутыкненне як бітву рыцараў «супраць літоўцаў і русінаў»[104], Герман Вартберг таксама падкрэсліў «congregatione Letwanorum et Rutenorum»[105]. Ёган Посільге адзначыў, што князь Кейстут з прайгранай бітвы ўцякаў са сваімі, а Альгерд — «mit den Russen»[106]. Гэта азначае, што ў войску Альгерда сапраўды пераважалі русіны. Пра ўдзел усходніх славян у Рудаўскай бітве не забываліся і пазнейшыя гістарыёграфы. Так, Ян Длугаш згадаў «татараў, русінаў і іншых барбараў» на чале з Альгердам[107], а паводле Мацея Стрыйкоўскага, для паходу ў Прусію князь Кейстут «сабраў вялікае войска з Русі і татараў», якое дапамагала Літве і Жамойці[108].

Пасля Рудаўскай бітвы ўзрасла антыордэнская актыўнасць Полацкай зямлі. У 1373 і 1374 г. Свiдрыгайла Альгердавіч, а потым і Андрэй Альгердавiч з палачанамi ажыццяўлялi набегi на нямецкі Дзюнабург. Стары князь Кейстут i Андрэй Полацкi ўрывалiся ў падзвiнскiя ўладаннi Iнфлянцкага ордэна i ў 1375 г.[109] За гэта ў красавiку таго ж года розiцкi фогт арганiзаваў паход у Полацкую зямлю, адначасова з якім правёў сваю выправу і іншы кантынгент прускага рыцарства. Як дэтальна распавядае хроніка, са спустошанага Падзвiння наезнiкi вывелi 86 палонных i каля 100 коняў. Помсцячы, князь Андрэй з полацкай коннiцай i ладдзямi спусцiўся па Дзвiне да Дзюнабурга i таксама захапiў палонных, папалiў сена i вывеў статак. Падобнымi ўварваннямi полацкi князь i iнфлянцкiя рыцары абменьвалiся i ў наступным годзе. І ў паходзе Кейстута на Курляндыю ў 1377 г. таксама зафіксаваны ўдзел русiнаў[110].

Са смерцю вялікага князя Альгерда звязана значнае аслабленне ваеннай актыўнасці Вялікага Княства і, наадварот, узрастанне экспансіі Ордэна. Ужо ў жнiўнi 1377 г. моцнае iнфлянцкае войска на чале з ландмагiстрам рушыла ўверх па Дзвiне да Полацкай зямлi і аблажыла «новы замак русінаў» — як мяркуецца, Друю, пра што гаварылася вышэй (гл. с.13). Аб’ектам асабліва частых нападаў стала Беларускае Панямонне і Берасцейшчына. Не маючы сілаў абараніць іх, Кейстут прасіў міру. У 1379 г. яму і Ягайлу ўдалося падпісаць з вялікім магістрам Вінрыхам фон Кніпродэ 10-гадовае замірэнне, па ўмовах якога ўладанні Кейстута на Русі — Ваўкавыск, Берасце, Горадня, Драгічын, Камянец, Бельск, Мельнік — аберагаліся ад ваенных знішчэнняў. Затое аўкштайцкія землі Ягайлы і Жамойць выстаўляліся пад удар нямецкіх рыцараў. Падкрэсліўшы рознае стаўленне да хрысціян і язычнікаў ВКЛ, гэтым дагаворам Ордэну ўдалося настроіць Ягайлу супраць Кейстута[111]. У выніку Ягайла ў наступным годзе заключыў спачатку сепаратнае пагадненне з інфлянцкім магістрам, а потым — таемны дагавор з кіраўніцтвам Тэўтонскага ордэна, скіраваны супраць Кейстута, што прывяло да глыбокага ўнутранага канфлікту, які надоўга паралізаваў ВКЛ.

Толькі Крэўская унія 1385 г. і звязанае з ёй хрышчэнне Лiтвы прынцыпова змянiлі расстаноўку сiлаў у Цэнтральна-Ўсходняй Еўропе ў некарысны для крыжаносцаў бок. Яна не толькі падарвала ваенны патэнцыял Нямецкага ордэна, пазбавіўшы рыцарскую дзяржаву іміджу змагара з „паўночнымі сарацэнамі”, але паставiла пад пытанне само яго далейшае iснаванне. Апынуўшыся ў тупіковым становішчы, Мальбарк не прызнаў хрышчэння Літвы. Ордэн узяўся прапагандаваць „фальшывасць” гэтага акта і працягваў Heidenkampf, арганізуючы рэйды як на ўласна Літву, так і на хрысціянскую Русь. Невыпадкова прускае „Апісанне шляхоў”, створанае на мяжы ХIV і ХV ст., сведчыць, што і пасля Крэўскай уніі у якасці зоны сваіх ваенных аперацый Ордэн бачыў землі Заходняй Беларусі — ад Горадні і Берасця да Наваградка, Крэва і Ашмянаў уключна[112].

У апісанні падзей канца 1380-х — пачатку 1390-х г., калі Вітаўт перабег на бок Ордэна і прускае кіраўніцтва актывізавала ваенныя дзеянні супраць ВКЛ, русіны пастаянна фігуруюць у хроніках як удзельнікі абароны Вільні ды іншых гарадоў, а таксама як частка палявой арміі літоўскіх князёў. Паводле Стрыйкоўскага, Ягайла баяўся, каб русіны Вільні не схіліліся на бок Вітаўта і не перадалі сталіцу немцам[113], таму яшчэ ў 1387 г. даручыў кіраваць яе абаронай паляку Клеменсу Маскажэўскаму[114]. Аднак, як сведчаць хронікі, у 1390 г. русіны (у Стрыйкоўскага — «Litwa i Russacy») надзейна баранілі Вільню ад крыжаносцаў. На чале ca Скіргайлам русіны з ліцвінамі заступалі шлях на Вільню супольным сілам Валенрода і Вітаўта. Пра склад войск Скіргайлы можна даведацца з пераліку князёў, што палеглі ў бітве — смаленскі князь Глеб Святаславіч, князь заслаўскі Сымон Яўнутавіч, князь чартарыйскі Глеб Канстанцінавіч, князь Іван Львовіч і інш.[115]

У сітуацыі, калі Вітаўт займаў бок Ордэна і ў Вялікім Княстве пры інтэрвенцыі рыцараў разгортвалася ўнутраная дынастычная вайна, русіны, як і літоўцы, падзяліліся: адны былі ў лагеры Скіргайлы і абаранялі Вільню, іншыя сталі саюзнікамі Вітаўта і немцаў. Длугаш паведамляе, што гэта яны па просьбе Вітаўта падпалілі Крывы Замак сталіцы[116]. Дадамо, што і ў супрацьстаянні Ягайлы з немцамі пад Горадняй у 1390 г. на дапамогу польскаму каралю князі прывялі конныя аддзелы з Русі[117].

Паводле Стрыйкоўскага, паказальны гераізм абаронцы сталіцы прадэманстравалі і ў 1391 г., калі «Litwa i Russacy» на чале з Алясніцкім так добра баранілі Вільню ад рыцараў і Вітаўта, што прымусілі ix адступіць. Пустошыць край крыжаносцам зноў жа спрабаваў перашкодзіць Скіргайла «з некалькімі аддзеламі русінаў і ліцвінаў»[118]. Аднак замак Вількамір (Wilkenberg), гарнізон якога складаўся з літоўцаў і русінаў[119] (заўважым, русіны абаранялі цвердзь і на ўласна літоўскай тэрыторыі), аддаўся Вітаўту таму, што апошнія сімпатызавалі яму.

«Lithuanorum et Ruthenorum» зноў фігуруюць разам і ў вайне 1394 г.[120]. Калі вялікі магістр Koнрад фон Юнінген з князем Свідрыгайлам узяў у аблогу Вільню і пачаў нішчыць край, то «людзі князя Вітаўта, ліцвіны і русіны, каб перашкодзіць ворагу чыніць пусташэнні, пачалі з ім заўзята змагацца»[121]. Праваслаўныя манахі-русіны, якім Свідрыгайла даручаў спаліць Вітаўтаў лагер, паведамілі пра гэтыя планы самому Вітаўту[122]. Пра тое, што войска князя Вітаўта складалася «з Літвы, з Русі і з Польшчы», цвердзіў і Мацей Стрыйкоўскі[123].

Нават гэтыя папярэднія назіранні паказваюць, што вядомы запіс Пятра з Дусбурга «Incipit bellum Lethowinorum» непасрэдна тычыцца і беларускай гісторыі. Выходзіць, цытаваныя вышэй У.Пашута і М.Ткачоў мелі рацыю. Бо і сапраўды, у вайне з Ордэнам «плячо ў плячо» з літоўцамі больш за стагоддзе змагаліся русіны — праваслаўныя продкі сучасных беларусаў. Не толькі дэмаграфічны і гаспадарчы, але і непасрэдна ваенны патэнцыял Русі меў першаступеннае значэнне ў барацьбе Вялікага Княства Літоўскага з Нямецкім ордэнам. І лепшым прыкладам яго вагі можна лічыць склад арміі ВКЛ у генеральнай бітве з тэўтонцамі пад Танэнбергам / Грунвальдам (1410), апісанай у крыніцах параўнальна паўней за іншыя баталіі і больш даследаванай вучонымі. З тых 18 харугваў Вітаўта, пералічаных Янам Длугашам і названых па землях[124], толькі некалькі маглі складаць пераважна літоўцы. Зразумела, дадзенымі Длугаша па колькасці харугваў трэба карыстацца асцярожна, і даследчыкі ўжо ставяць іх пад сумненне[125]. Аднак і ў вызначэнні колькасці арміі, атрыманым польскімі гісторыкамі з улікам дэмаграфічна -мабілізацыйных магчымасцяў зямель, удзельная вага харугваў з Беларусі і Ўкраіны ў войску Вітаўта дасягае 2/3[126]. Невыпадкова вялікі магістр Генрых фон Плаўэн неўзабаве пасля ваеннай катастрофы Ордэна ў лісце да хрысціянскіх уладароў Еўропы прадставіў сечу як бітву хрысціян з нявернымі, сярод якіх на першае месца паставіў русінаў[127]. Русь як сілу, што дапамагла Ягайлу разграміць хрысціянскіх рыцараў, называлі тады і многія ордэнскія хронікі[128].

Такім чынам, у часы вайны паміж Вялікім Княствам Літоўскім і Нямецкім ордэнам ордэнская храністыка ў якасці свайго ворага бачыла і вылучала «Русь» — поруч з «Літвою». Русь з’яўлялася рэальным і паўнавартым яе ўдзельнікам. У інтэрпрэтацыйнай жа традыцыі другі ўдзельнік супрацьста яння практычна знік. Думаю, гэтую метамарфозу можна лічыць адным з паказальных прыкладаў „прыватызацыі” мінулага нацыянальнымі гістарыягра фіямі.


[1] Jakštas J. Das Baltikum in der Kreuzzugsbewegung des 14. Jahrhunderts. Die Nachrichten Philipps de Mezieres ьber die baltischen Gebiete // Commentationes Balticae. Vol. VI/VII (1959). 3. S.9.
[2] Urban W. The Samogitian Crusade. Chicago, Illinois, 1989.
[3] Paravicini W. Die Preussenreisen des Europäischen Adels. Teil 2. Sigmaringen, 1995. S.111.
[4] Boockmann H. Der Deutsche Orden. Zwölf Kapitel aus seiner Geschichte. 4. Auf. München, 1994. Kapitel VII—VIII. S.151—180.
[5] Hellmann M. Grundzüge der Geschichte Litauens und des Litauischen Volkes. Darmstadt, 1990. S.20—32, асабліва 26.
[6] Rowell S. C. Lithuania ascending. A pagan Empire within East-Central Europe, 1295—1345. Cambridge, 1994. P.73—81.
[7] Lietuvos TSR istorija. Red. K.Jablonskis, J.Jurginis, J.Žiugžda. T.1. Vilnius, 1957. P.88—95; Dundulis B. Lietuviu kova del Žemaitijos ir Užnemunas XV am. Vilnius, 1960. P.48.
[8] Lietuvių karas su kryžiuočiais. Red. J.Jurginis. Vilnius, 1964. P. 229, 230 ff.
[9] История Литовской ССР (с древнейших времен до наших дней). Отв. ред. Б.Вайткявичюс. Вильнюс, 1978. С.47.
[10] Nikžеntaitis A. Litwa i Zakon krzyżacki w końcu XIII i w pierwszej połowie XIV w. // Ekspansja niemieckich zakonów rycеrskich w strefie Bałtyku od XIII do połowy XVI w. Toruń, 1990. S.127.
[11] Nikžentaitis A. Die friedliche Periode in den Beziehungen zwischen dem Deutschen Orden und dem Großfürstentum Litauen (1345—1360) und das Problem der Christianisierung Litauens // Jahrbücher für Geschichte Osteuropas. Bd.41 (1993). Hf.1. S. 10, 11, 16.
[12] Nikžentaitis A. Gediminas. Vilnius, 1989.
[13] Jučas M. Žalgirio mūsis. Vilnius, 1990. Р. 80.
[14] Гл.: Lietuvos TSR istorija. T.1. Vilnius, 1957. Р. 139.
[15] Łоwmiański H. Agresija Zakonu krzyżackiego na Litwę w wiekach XII—XV // ён жа, Prusy — Litwa — Krzyżacy. Warszawa, 1989. S.179—226.
[16] Ochmаński J. Historia Litwy. Wyd.III. Wrocław—Warszawa—Kraków, 1990. S.54, 56, 63—64.
[17] Wielhorski W. Naród białoruski wśród swych sąsiadów. Londyn, 1949. S.3.
[18] Forstreuter K. Preußen und Rußland von den Anfängen des Deutschen Ordens bis zu Peter dem Großen. Göttingen, 1956. S.240; Idem. Deutschland und Litauen im Mittelalter. Köln, Graz, 1962. S.14.
[19] Пашуто В. Образование Литовского государства. Москва, 1959. С.416, 417.
[20] Ткачоў М. Абарончыя збудаванні заходніх зямель Беларусі ХIII—ХVIII ст. Мінск, 1978. С.15.
[21] Dusburg P. Chronicon terrae Prussiae // Scriptores Rerum Prussicarum (далей — SRP). Bd.I. Leipzig, 1861.
[22] Jeroschin N. Kronike von Pruzinlant // SRP. Bd.I.
[23] Wartberg H. Chronicon Livoniae // SRP. Bd.II. Leipzig, 1863.
[24] Marburg W. Cronica nova Prutenica // SRP. Bd.II.
[25] Posilge J. Chronik des Landes Preussen // SRP. Bd.III. Leipzig,1866.
[26] Annalista Thorunensis // SRP. Bd.III.
[27] Aus Detmar-Chronik // SRP. Bd.III.
[28] Długosz J. Roczniki czyli kroniki sławnego Królewstwa Polskiego. Ks.9. Warszawa, 1975. Ks.10—11. Warszawa, 1982.
[29] Stryjkowski M. Kronika Polska, Litewska, Żmódzka i wszystkiej Rusi. T.1—2. Warszawa, 1846.
[30] Падрабязней гл.: Саганович Г. Русь в прусских хрониках ХIV—ХV вв. // Славяне и их соседи. Средние века — раннее новое время. Вып. 9. Славяне и немцы. Москва, 1999. С.100—104.
[31] SRP. Bd.I. Nr.2.
[32] SRP. Bd.I. S.345.
[33] Hellmann M. Einheimische und äußere Faktoren bei der Entstehung des mittelalterlichen Rußland // Settimane di studio del Centro Italiano di studi sull’alto medioevo, XVI (1969). S.215.
[34] Voigt J. Geschichte Preußens. Bd. 6. Königsberg, 1834. S.11—12.
[35] SRP. Bd. II. S.313.
[36] Geheimes Staatsarchiv. Preussischer Kulturbesitz zu Berlin, OBA. Nr.6173; Liv- Esth- und Kurländisches Urkundenbuch, nebst Regesten. Bd. 8. Riga, Moskau, 1884. Nr.533, 553.
[37] SRP. Bd. I. Nr.191, 266, 267.
[38] SRP. Bd. I. Nr.292.
[39] SRP. Bd.II. S.544.
[40] SRP. Bd.II. S.577.
[41] SRP. Bd.II. S.605.
[42] SRP. Bd.II. S.623.
[43] SRP. Bd.I. Nr.211.
[44] SRP. Bd.III. S.248
[45] Rhode G. Die Ostgrenze Polens. Politische Entwicklung, kulturelle Bedeutung und geistige Auswirkung. Bd. I. Kцln / Graz, 1955. S.129.
[46] SRP. Bd.III. S.197.
[47] SRP. Bd.II. S.559.
[48] SRP. Bd.II. S.559, 579.
[49] SRP. Bd.II. S.590.
[50] SRP. Bd.II. S.617.
[51] SRP. Bd.II. S.645.
[52] Dіugosz J. Ks.9. S.267.
[53] Прыкладныя падлікі Вернэра Паравічыні. Гл.: Paravicini W. Edelleute, Hansen, Brugger, Bürger: Die Finanzierung der esteuropäischen Preußenreisen im XIV. Jh. // Hansische Geschichtsblätter. 104 (1986). S.11.
[54] SRP. Bd.II. S.497.
[55] SRP. Bd.II. S.67.
[56] SRP. Bd.II. S.86.
[57] SRP. Bd.II. S.113.
[58] SRP. Bd.II. S 652; Bd.III, S.197, 248, 627.
[59] SRP. Bd.III. S.135, 203 і інш.
[60] Dіugosz J. Ks.IX. S.389.
[61] SRP. Bd.I. Nr.356.
[62] SRP. Bd.II. S.75.
[63] SRP. Bd.III. S.145.
[64] SRP. Bd.III. S.198.
[65] Stryjkowski M. T.I. S.338.
[66] SRP. Bd.I. Nr.266.
[67] Die Chroniken der deutschen Städte. Bd.26. 1899. S.314.
[68] SRP. Bd.I. Nr.291. Гэты фрагмент хронікі Дусбурга, дарэчы, выразна сведчыць, што ў азначэнне «літоўцы» нямецкі аўтар не ўкладваў ніякага этнічнага сэнсу. Прыкладам, ён піша, што бітву з крыжаносцамі вёў князь Віцень «з сваімі літоўцамі», але тут жа паказвае гераічнага русіна.
[69] Stryjkowski M. Т.I. S.271.
[70] Długosz J. Ks.9. S.91.
[71] SRP. Bd. II. S.454.
[72] Гл.: Daniłowicz I. (Ed). Skarbiec dyplomatów papiezkich, cesarskich, królewskich, księżęcych. T.1. Wilno, 1860. Nr.275.
[73] SRP. Bd. I. Nr.322.
[74] SRP. Bd. I. S.584—585.
[75] Voigt J. Bd. IV. S.302,309.
[76] Stryjkowski M. T.I. S.276.
[77] Послания Гедимина. Подгот. В.Пашуто и И.Шталь. Вильнюс, 1966. С.194.
[78] Stryjkowski M. T.I. S.360—361.
[79] Długosz J. Ks.9. S.165.
[80] Ibidem. S.171.
[81] Ibidem. S.182. У Стрыйкоўскага гэты паход караля Лакетка з сіламі літоўцаў, жамойтаў і русінаў на Холмскую зямлю датуецца 1328 г. Гл.: Stryjkowski M. Т.I. S.383.
[82] Zajączkowski S. Polska a Zakon Krzyżacki w ostatnich latach Władysіawa Łokietka. Lwów, 1928. S.157.
[83] Stryjkowski M. Т.I. S.283.
[84] SRP. Bd.II. S.495; Ян Длугаш недакладна датаваў гэтыя падзеі 1308 г. — Гл.: Długosz J. Ks. 9. S. 64.
[85] Stryjkowski M. Т. II. S.4—5.
[86] Murinius M. Kronika mistrzów pruskich. Wstęp i oprac. Z.Nowak. Olsztyn, 1989. S.144.
[87] Stryjkowski M. Т.II. S.25.
[88] SRP. Bd.II. S.512.
[89] Праўдападобна, Длугаш двойчы згадвае адну і тую ж сечу, бо і пад 1346 г. ён піша, што Альгерд «з дапамогай смалянаў, палачанаў і іншых русінаў» даў бітву прускаму магістру Генрыху, у якой загінула каля 18 тысяч. Гл.: Długosz J. Ks.9. S.306.
[90] Троицкая летопись. Реконструкция текста / Приселков М.Д. Москва-Ленинград, 1950. С.368—369.
[91] Dіugosz J. Ks.9. S.324—325.
[92] Сборник материалов и статей по истории Прибалтийского края. Т.2. Рига, 1879. С.249.
[93] Voigt J. Bd.V. S.695.
[94] Długosz J. Ks.9. S. 318; Stryjkowski M. T.II. S.27.
[95] SRP. Bd.II. S.518.
[96] Voigt J. Bd.V. S.93.
[97] Wasilewski T. Synowie Giedymina w. ks. Litwy a następstwo tronu po nim // Annales Universitatis Mariae Curie-Sklodowska. Sectio F. Vol. XLV (1990). S.191 ff.
[98] Tęgowski J. Pierwsze pokolenie Giedyminowiczów. Poznań-Wrocław, 1999. S.28—30.
[99] SRP. Bd.II. S.520; Długosz J. Ks.9. S.339.
[100] Długosz J. Ks.9. S.341.
[101] Stryjkowski M. T.II. S.32.
[102] Długosz J. Ks.T.9. S.416.
[103] Voigt J. Bd.V. S.165; Віганд датуе гэта вясной 1364 г. Гл.: SRP. Bd.II. S.544—545.
[104] SRP. Bd.III. S. 89.
[105] SRP. Bd.II. S. 95—96.
[106] SRP. Bd.III. S.90.
[107] Dіugosz J. Ks.9. S.446.
[108] Stryjkowski M. Т.II. S.43.
[109] SRP. Bd.II. S. 107.
[110] Сборник материалов и статей по истории Прибалтийского края. Т.2. Рига, 1879. C.131.
[111] Prochaska A. Upadek Kiejstuta // Kwartalnik Historyczny. Rok XXIII (1909). S.496.
[112] Гл.: Wegeberichte // SRP. Bd.2. Leipzig, 1863. S.662—708.
[113] Stryjkowski M. T.II. S.84.
[114] Stryjkowski M. T.II. S.84.
[115] Murinius M. Kronika mistrzów pruskich. S.174; Stryjkowski M. T.II. S.89—90.
[116] Długosz J. Ks.9. S.241.
[117] Stryjkowski M. T.II. S. 87.
[118] Ibidem. S.92.
[119] Voigt J. Bd.V. S.599.
[120] Idem. Bd.VI. S. 27.
[121] Długosz J. Ks.10. S.266.
[122] Voigt J. Bd.VI. S.30.
[123] Stryjkowski M. T.II. S.99.
[124] Długosz J. Ks.XI. Warszawa, 1982. S.107—108.
[125] Łojko J.Chorągwie polskie i litewskie w bitwie pod Grunwaldem // Lituano-Slavica Poznaniensia. Studia Historica. V.III Poznań, 1989. S.152.
[126] Kuczyсski S. Wielka wojna z Zakonem Krzyżackim 1409-1411. Warszawa, 1960. S.241-242; Dąbrowski J. Grunwald // Małopolskie Studia Historyczne. T.3. Z.1—2 (1961). S.9; Biskup M. Wielka wojna Polski i Litwy z Zakonem Krzyżackim (1409—1411) w świetle najnowszych badań // Ekspansja niemieckich zakonów rycеrskich w strefie Bałtyku od XIII do połowy XVI w. Toruń, 1990. S.174. Для параўнання заўважу, што ў старой расійскай гістарыяграфіі да палкоў, укамплектаваных русінамі, часам адносілі абсалютную большасць Вітаўтавай арміі (Гл.: Барбашев А. Витовт. Последние двадцать лет княжения. С.-Петербург, 1891. С.59).
[127] Voigt J. Geschichte Preussens. Bd.VII. Königsberg, 1836. S.75, заўвага.
[128] SRP. Bd.III. S.314—316, 484, 628; Bd.IV. S.273—274.

Наверх

Mueller, Rolf–Dieter / Ueberscaer, Gerd R. Hitlers Krieg im Osten (Сяргей Новікаў)

Снежня 4, 2000 |

MUELLER, ROLF–DIETER / UEBERSCHAER, GERD R. Hitlers Krieg im Osten. 1941—1945. Ein Forschungsbericht. Darmstadt, 2000. 451 s.

Пачнем з удакладнення, якое неабходна зрабіць у сувязі з тым, што нямецкія аўтары новай гістарыяграфічна–бібліяграфічнай працы Рольф–Дзітэр Мюлер і Герд Р. Юбершэр часткова змянілі назву свайго першапачатковага англамоўнага выдання Hitler’s war in East, 1941—1945: a critical assesment, падрыхтаванага чатырма гадамі раней дзякуючы творчаму супрацоўніцтву навукоўцаў Цэнтра ваенна–гістарычных даследаванняў у Патсдаме і Федэральнага ваеннага архіва ў Фрайбургу. Што падштурхнула аўтараў да ўнясення зменаў у назву новага выдання? Наколькі яно адрозніваецца ад папярэдняга? У чым каштоўнасць рэцэнзаванай кнігі для сённяшняга беларускага студэнта, чытача, навукоўцы?

Адразу зазначым, што больш пільнай увагі патрабуе іншы момант працы — аўтарская канцэпцыя, у межах якой даследуецца адна з самых складаных і важных праблем, якія, з аднаго боку, з’яўляліся кропкай ідэалагічнага непаразумення, нават навуковага супрацьстаяння, а з другога — аб’ектам пастаяннага вывучэння з дэтэрмінаванымі поглядамі, падыходамі, тэхналогіямі, высновамі, ацэнкамі, канцэпцыямі і г.д. Таму аўтарам працы давялося не толькі асэнсаваць сутнасць такой сітуацыі, але і ўзяць на ўлік шэраг аспектаў палітычнага, навуковага і грамадскага характару і толькі потым прыйсці да ўласнага гістарыяграфічна–бібліяграфічнага доследу. Як вынік — аўтарам удалося знайсці арыгінальную канцэпцыю навуковай сістэматызацыі, аналізу і выкарыстання больш за 4 тыс. выданняў па тэме «Вайна Гітлера на Ўсходзе».

Спачатку параўнаем назвы абодвух выданняў. Адразу відавочна перавага англамоўнага варыянта, паколькі ён насіў больш прывабны характар, засяроджваў увагу чытача на крытычным аналізе другой сусветнай вайны на «ўсходзе». Аднак сваю задачу аўтары бачылі якраз у аналізе бібліяграфічных выданняў, а не ў даследаванні гісторыі вайны. У новым жа выданні акцэнт пастаўлены не столькі на аналіз навуковых прац, збораў дакументальных крыніц і літаратуры, колькі на вынікі даследавання гэтай гістарычнай праблемы ў шырокім міжнародным кантэксце. З унясеннем такога ўдакладнення, на наш погляд, праца не страціла сваёй навуковай каштоўнасці. Бясспрэчна, што яна была раней і з’яўляецца цяпер першым у сусветнай гістарыяграфіі даследаваннем такога кшталту.

Звернемся да тэхналогіі правядзення доследу ці метадалагічных асноў навуковай канцэпцыі Р.–Д.Мюлера і Г.Р.Юбершэра. На наш погляд, і першае, і другое з’яўляюцца падмуркам для вывучэння міжнароднай бібліяграфічнай спадчыны тэмы другой сусветнай вайны. Вось чаму нямецкія аўтары як у англа–, так і ў нямецкамоўным выданнях зыходзілі з галоўнай навуковай тэзы — даследаванне асобных гістарычных праблем ці цэлых кірункаў мінулага нельга лічыць завершаным без сістэмнага гістарыяграфічнага аналізу (с. Х), які з’яўляецца самай эфектыўнай рухальнай сілай даследчага пошуку. Нямецкія гісторыкі звяртаюцца да альтэрнатыўных ацэнак і пошуку абгрунтаваных высноў. Такі даследчыцкі ключ сёння ўжо нельга пакінуць незаўважаным і беларускім даследчыкам толькі па той прычыне, што ў айчыннай гістарычнай навуцы параўнальны аналіз пакуль не выйшаў за межы традыцыйных падыходаў. Як вынік — праблемныя пытанні ці цэлыя кірункі не толькі гісторыі другой сусветай вайны, а, перш за ўсё, і акупацыі Беларусі пакуль не даследаваны ў кантэксце патрабаванняў сусветнай гістарычнай навукі і ў святле «новага крытычнага вывучэння гісторыі» (ХI).

Разгляд структуры і зместу новай працы нямецкіх аўтараў паказвае, што яны акцэнтуюць увагу на вузлавых праблемах гісторыі другой сусветнай вайны на «ўсходзе» і менавіта праз іх кампазіцыйна дзеляць кнігу на 7 раздзелаў, прысвечаных нацысцкай палітыцы і стратэгіі; кіраўніцтву ваеннымі аперацыямі; вайне светапоглядаў і вайне на вынішчэнне; палітыцы акупацыі; наступствам вайны; пераадоленню мінулага; заключэнню. Змястоўнае вывучэнне кожнага з іх прыводзіць да высновы: праца «Вайна Гітлера на Ўсходзе» мае трывалы падмурак навуковых крыніц, збораў дакументаў, аўтарскіх і калектыўных манаграфій, артыкулаў і інш., што складае бібліяграфічную частку рэцэнзаванага даследавання. У пералік літаратуры, створанай за пасляваенныя гады, трапляюць побач з заходнімі выданнямі і найбольш значныя працы прадстаўнікоў савецкай, сённяшняй расійскай і беларускай школ гісторыкаў, а таксама навукоўцаў ГДР (Х, ХI). Характэрным крытэрыем выяўлення і адбору такіх публікацый быў прынцып навуковай адпаведнасці ці метадалагічны падыход, у якім гісторыя вайны на Ўсходзе разглядаецца комплексна, г.зн. шырэй, чым «чыста аператыўныя дзеянні», але з улікам «самых розных знешніх, унутраных, эканамічных і грамадскіх праяў» (IХ).

Асноўную частку працы Р.–Д.Мюлер і Г.Р.Юбершэр прысвяцілі тэматычнай сістэматызацыі літаратуры агульнай колькасцю амаль у 3,5 тыс. выданняў, якія скампанаваны ў чатырох раздзелах. У кожным з іх аўтары адлюстравалі: па–першае, гісторыю палітыкі і стратэгіі Гітлера з моманту ўсталявання яго рэжыму ў 1933 г. (46) і да ліквідацыі ў 1945 г.(65), а таксама праграму па стварэнні «ўсходняй імперыі» (71); па–другое, планы вышэйшага кіраўніцтва Нямеччыны па падрыхтоўцы і правядзенні ваенных аперацый у рамках дырэктывы «Барбаросы» (162) і да заканчэння ваенных падзей у Берліне ў траўні 1945 г. (217); па–трэцяе, праблемы гістарычнага ўдзелу вермахта ў выкананні «злачынных загадаў» вышэйшага нацысцкага кіраўніцтва (277) у адносінах да камісараў, камуністаў, ваеннапалонных, а таксама ў «генацыдзе яўрэяў» (281); па–чацвёртае, пытанні дзейнасці акупацыйнага рэжыму як на ўсходзе ўвогуле (310—373), так і на тэрыторыі Беларусі (359—361, 365—371) у прыватнасці; па–пятае, месца ваеннай праблематыкі ў навуковым, палітычным і грамадскім развіцці краін Усходу і Захаду на працягу амаль 50 пасляваенных гадоў (396—409), ролю гістарычнай навукі Нямеччыны ў вяртанні «праўды» грамадству (435) і інш.

Такім чынам, нават агульнае знаёмства з бібліяграфічнай часткай рэцэнзаванай працы Р.–Д.Мюлера і Г.Р.Юбершэра пераканаўча сведчыць пра каштоўнасць такога выдання, неабходнасць яго выкарыстання ў якасці даведніка па гісторыі другой сусветнай вайны і гісторыі вайны Гітлера на Ўсходзе, у тым ліку ў Беларусі. І вывучэнне гістарыяграфічнай часткі працы з’яўляецца патрэбай дня на падставе таго, што без уліку сучасных высноў і заключэнняў беларускім даследчыкам амаль немагчыма скласці сістэмнае ўяўленне пра сутнасць вузлавых гістарычных падзей, якія б да ўсяго адпавядалі сусветным навуковым здабыткам.

Каб пераканацца ў гэтым, дастаткова звярнуцца да некаторых момантаў чацвёртага раздзела. Галоўны вынік, з якога аўтары пачынаюць знаёміць чытачоў са сваімі матэрыяламі, заключаецца ў тым, што вельмі цяжка адшукаць паралелі паміж першай і другой сусветнай войнамі на Ўсходзе (310). Яшчэ больш кантраставымі з’яўляюцца разыходжанні нямецкай акупацыйнай палітыкі на захопленай тэрыторыі. З першых дзён свайго ўсходняга паходу немцамі вялася «вайна на вынішчэнне». Пры гэтым аўтары прыходзяць да высновы, што абодва бакі вялі «татальную вайну». Заваёва ўсходніх тэрыторый на новы лад між тым не магла разглядацца толькі як адзіны крок па стварэнні падмурка для нямецкага сусветнага панавання. Наступным крокам была гаспадарчая перабудова як «непасрэдная перадумова» эканамічнага панавання (312). Роля выканаўцы такіх праграм на Ўсходзе была адведзена «нямецкаму акупацыйнаму рэжыму», які ўсталяваўся на захопленай тэрыторыі і трымаўся пры гэтым «на чатырох слупах — вермахце, войсках СС, гаспадарцы і грамадзянскай адміністрацыі» (312). Разгляд гісторыі акупацыі ў Беларусі аўтары паказваюць праз шэраг англа– і нямецкамоўных публікацый, але асаблівую ўвагу аддаюць даследаванням сваіх калег–гісторыкаў: Вольфганга Бенца, Крысціяна Герлаха, Ганнеса Герра, Бернгарда К’яры, Ёгана Шлотца і інш. Беларускім гісторыкам ужо вядомыя гэтыя прозвішчы, аднак айчынны чытач толькі цяпер пачынае знаёміцца з іх гістарычнымі даследаваннямі, прысвечанымі гісторыі нямецкай акупацыі, калабарацыі, супраціву на Беларусі ў гады другой сусветнай вайны і г.д.

Менск

Сяргей Новікаў

Пётр Кроль. Беларуская кампанія 1654 г. (да бітвы пад Шапялевічамі)

Снежня 28, 1999 |


Ваенныя дзеянні, якія адбываліся ў Вялікім Княстве Літоўскім у 1654 г., паклалі пачатак працяглай вайне паміж Маскоўскай дзяржавай і Рэччу Паспаліта й, якая цягнулася аж да заключэння Андрусоўскага міру (30 студзеня 1666). На працягу прыблізна трынаццаці гадоў — з перапынкам у 1656—1658 — абодва бакі вялі між сабою больш ці менш зацятыя баі. У выніку гэтае вайны Рэч Паспаліта я страціла тэрыторыі , адпісаныя ёй паводле трактатаў 1618 і 1634 г. — Смаленшчы ну, Чарнігаўшчын у і Севершчын у. Масква здабыла таксама левабярэжную Украіну з Кіевам. Рэч Паспалітая не толькі страціла землі, адабраныя некалі ў свайго праціўніка: усходні сусед прымусіў яе заняць абарончую пазіцыю, дзякуючы чаму праз сорак гадоў змог распачацца працэс падпаду Польшчы ў залежнасць ад Масквы.

Бітвы, якія вяліся на літоўскім фронце ў 1654 г., не маюць шырокага адлюстравання ў літаратуры. Гэтаю тэмай займаліся Л. Кубаля, Ю. Можы, Г. Віснэр, Т. Васілеўскі, А. Мальцаў, Л. Абэцэдарскі, А. Навасельскі і Г. Сагановіч[1].

*

Вайна, якая выбухнула ў траўні 1654 г., была чарговаю з шэрагу войнаў паміж абодвума бакамі за панаванне над прэстыжнай і стратэгічна важнаю тэрыторыяй — т. зв. Смаленскаю Брамай. Стратэгічна важнаю, бо тудою праходзіў найкарацей шы шлях, які злучаў Маскву і Вільню. Адмысловае значэнне Смаленскае Брамы вызначалася гідралагічнаю сеткаю ВКЛ, што ўтварала развітую сістэму водных шляхоў, якія адначасна складалі сістэму тэрытарыяльных перашкодаў. Паўднёвы напрамак сярэдняга цячэння Дняпра, яго галоўных прытокаў (Бярэзіны, Друці, Сожа) і сярэдняе Дзвіны ўздымалі іхнае значэнне як бар’ераў, што перашкаджалі камунікацыі і перамяшчэнню войскаў у напрамку ўсход — захад. Буйнамаштабныя аперацыі адбываліся заўсёды ў т. зв. аршанска -менскім калідоры, скіраваным на Вільню. Адчыняецца ён Смаленскаю Брамаю або трактамі, што бягуць ўздоўж Дняпра на адрэзку Смаленск — Орша (міжрэчча Дзвіны і Дняпра адгароджана трохкутнікам верацейскіх балотаў). Левыя прытокі Бярэзіны перацінаюць тракт Орша — Менск, служачы натуральнымі перашкодамі вайсковым дзеянням. Дадатковая цяжкасць — пушчы, што расцягнуліся паабапал Бярэзіны. Тэрытарыяльныя ўмовы ператваралі Смаленскую Браму ў найзручнейшы камунікацыйны шлях, які злучаў цэнтральныя абшары абодвух бакоў канфлікту[2]. Да таго ж значная разлегласць пушчаў усходняе Беларусі вяла да таго, што абшары канцэнтрацыі сіл супраціўнікаў ляжалі вельмі далёка адзін ад аднаго. Вось жа, Смаленск быў не толькі загародай, якую мусілі фарсаваць войскі нападніка, але і месцам, здабыццё якога дазваляла працягваць вайну, абапіраючыся на горад як на базу і гарантыю бяспекі тылоў.

Для абедзьвюх дзяржаваў Смаленск меў вялікае значэнне найперш з вайсковага пункту гледжання. Той, хто валодаў цвержаю, меў адкрытую дарогу ўглыб краіны праціўніка, а разам з тым бяспечныя ўласныя межы.

Палітыка збірання земляў Русі, якую вяла Масква, выклікала серыю войнаў найперш з Вялікім Княствам Літоўскім, а потым з цэлаю Рэччу Паспалітаю. Яны скончыліся спусташэннем дзяржавы цароў і канчатковым прызнаннем Смаленска, які цягам баёў пераходзіў з рук у рукі, за Рэччу Паспалітай. Масква, нягледзячы на заключэнне вечнага міру ў Палянаве (1634 г.), не зраклася планаў вяртання страчаных тэрыторыяў. Яна толькі чакала нагоды. Нагода надарылася пры выбуху казацкага паўстання на чале з Багданам Хмяльніцкім (1648 г.). Антыфеадаль ны напачатку характар паўстання і цяжкая ўнутраная сітуацыя дзяржавы цароў не дазвалялі пачаць інтэрвенцыю[3]. Але з цягам часу, убачыўшы, што Рэч Паспалітая слабне і церпіць паразы ў баях з казакамі, у Маскве пастанавілі распачаць вайну.

Падрыхтоўка да яе вялася яшчэ з 1646 г., калі пачаўся набор афіцэраў і жаўнераў. Ад жніўня 1653 г. гэтая дзейнасць набрала большы тэмп[4]. Вярбоўка ішла галоўным чынам у Нідэрландах і Нямеччыне, тамсама закуплялася і зброя[5]. Сама армія прайшла рэарганізацыю. Былі створаныя адзінкі т. зв. новага строю, г. зн. пяхотныя, драгунскія і рэйтарскія палкі; яны складаліся з сялян, далучаных да войска, але зарганізаваныя былі на заходнееўрапейскі ўзор і знаходзіліся пад камандаю чужаземцаў. Апрача гэтых аддзелаў існавалі яшчэ адзінкі г. зв. старога строю — паспалітае рушэнне, казакі, татары, стральцы[6].

У Літву, паводле планаў, меліся ўвайсці дзве маскоўскія арміі і саюзныя аддзелы запарожскіх казакоў. На паўночным усходзе ў раёне Вялікіх Лукаў канцэнтраваліся адзінкі арміі на чале з Васілём Шарамецевым. Яны налічвалі 13 146 чалавек, з іх 8700 пяхоты[7]. На смаленскім кірунку пад Вязьмай канцэнтравалася галоўная армія. Яна налічвала каля 41 000 чалавек і дзялілася па-старому на тактычныя адзінкі вышэйшага парадку — палкі: перадавы (камандзір кн. Нікіта Адоеўскі), засадны, або ертаульны (камандзір Васіль Барысавіч Шарамецеў), вялікі (камандзір кн. Якаў Чаркаскі), вартаўнічы (камандзір князь Мікалай Цемкін-Растоўскі) і царскі[8]. Колькасны склад кожнага роду войскаў без пошукаў у расійскіх архівах вызначыць цяжка. Паводле A.Чарнова, у палове XVII ст. траціну маскоўскае арміі складалі войскі старога строю. Колькасць стральцоў складала 30—40% аддзелаў старога строю. Гэта дазваляе вызначыць колькасць паспалітага рушання ў галоўнай арміі як прыблізна 14 000 чалавек, у тым ліку каля 4500 стральцоў. Рэшту войскаў старога строю складалі дваране і баярскія дзеці (каля 5000 чал.), данскія і яіцкія казакі і астраханскія татары[9].

Колькасць людзей у аддзелах новага строю вызначыць таксама нялёгка. Пад Смаленскам на момант капітуляцыі цвержы знаходзілася 27 палкоў пяхоты з галоўнае арміі і 5 палкоў з арміі Трубяцкога. У царскім лісце, пісаным перад выбухам вайны, пададзеныя звесткі пра фармаванне рэйтарскіх аддзелаў лікам 3600 чал. Усяго жаўнераў у кавалерыі новага строю мелася быць 6000 чал. Гэта азначае, што ў склад войскаў новага строю ўваходзіла 3600 райтараў, 2400 драгунаў і 22 000 пяхоты[10].

У падтрымку маскоўскіх арміяў меліся выступіць аддзелы запарожскіх казакаў, якія налічвалі каля 20 000 чал., валодалі 9 гарматамі і знаходзіліся пад камандаю Івана Залатарэнкі[11].

Не лягчэй, чым у выпадку з маскоўскім войскам, вызначыць колькасць войска літоўскага. Другі сойм 1654 г. ухваліў 18-тысячны склад літоўскага войска (komput litewski) і склікаў паспалітае рушанне. Тым часам, як са спасылкай на Е.Катлубая падае Л. Кубаля, літоўскае войска складалася з 3 гусарскіх харугваў (374 кані), 7 райтарскіх харугваў (1020 жаўнерскіх ставак), 26 казацкіх харугваў (2424 кані), 9 татарскіх (960 коняў), 11 драгунскіх (2424 ставак), літоўскае (2909 ставак) і польскае пяхоты (850 ставак)[12]. Ці была гэта фактычная колькасць войска, сказаць цяжка, бо крыніцы інфармацыі Е. Катлубая мы не ведаем. У сваім лісце, пісаным па прыбыцці да лагеру пад канец чэрвеня, гетман паведамляе , што застаў на месцы толькі 6000 чалавек. З цягам часу асабовы склад арміі ўзрос прыблізна да 8000 чал. З іх пяхоту складалі палкі: гетманскі і Нямірыча і польскія харугвы на чале з Юшкевічам і Дмухоўскім. Драгунаў было 4 палкі: гетмана, кн. Багуслава Радзівіла, Корфа і Ганскопфа (налічваў прынамсі 4 роты)[13]. Да гэтага трэба дадаць гарнізоны цвержаў, не лічачы сталіц ваяводстваў, прыватных умацаваных местаў і замкаў. Сілы, што баранілі іх, складаліся галоўным чынам з паспалітага рушання (толькі ў Смаленску знаходзіліся два палкі нямецкае пяхоты — Вільгельма Корфа і Мікалая Тызенгаўза), прыватных войскаў, набраных магнатамі, і мяшчан.

Галоўным заданнем, якое ставіла перад сабою царскае камандаванне, было здабыццё Смаленска. Здзейсніць гэта павінна была галоўная армія. Аддзелам Шарамецева было даручана заняць лінію Дзвіны (полацкае і віцебскае ваяводствы), творачы тым самым пагрозу для Вільні і прыкрываючы дзеянні пад Смаленскам ад інтэрвенцыі шведскіх войскаў на карысць Літвы. Выдзеленыя з галоўнае арміі аддзелы і армія Трубяцкога (каля 18 000 чал.) меліся прыкрываць аблогу смаленскае фартэцыі і не дапусціць, каб Радзівіл прыйшоў ёй на дапамогу. Калі б войска Радзівіла ўдалося разбіць або адцясніць за Бярэзіну і заняць Смаленск, то занятая тэрыторыя, адрэзаная Дняпром і Дзвіною з перадполлем , якое цягнулася ад Бярэзіны, рабілася дасканалай зыходнай пазіцыяй для далейшых дзеянняў супроць Вялікага Княства Літоўскага. Палкі Залатарэнкі, што ўваходзілі з поўдня, займаючы паўднёва -заходнюю Беларусь, забяспечвалі лучнасць з Украінай і давяршалі паразу Літвы. Адначасова казацкія войскі Хмяльніцкага разам з дапаможнымі маскоўскімі аддзеламі (спярша гэта меліся быць войскі Трубяцкога), атакавалі на каронную армію, змушалі яе заставацца на Украіне, не даючы магчымасці прыйсці на дапамогу літоўскай арміі[14].

Літоўскія войскі паводле каралеўскага загаду мелі заданне прыняць бітву з непрыяцелем у раёне Дарагабужа, вызначанага месцам канцэнтрацыі, прыкрываючы тым самым Смаленск і абапіраючыся на ягоныя магутныя фартыфікацыйныя збудаванні. Радзівіл, аднак, адкінуў гэты план і пастанавіў паўтарыць варыянт абароны Літвы, ужыты ягоным бацькам, Крыштафам Радзівілам у 1633 г. Ён дзейнічаў у тыле непрыяцельскіх войскаў, што аблажылі Смаленск, падмацоўваў яго час ад часу людзьмі і зброяй, і атакаваў маскоўскія войскі, спадзеючыся дачакацца надыходу падмацаванняў. Таму ён сканцэнтраваў свае харугвы ў лагеры пад Оршай, і, прыкрыты ад праціўніка Дняпром, чакаў ягоных рухаў і сваіх харугваў, што паволі збіраліся ў лагер.

*

Рашэнне прыняць Украіну „пад высокую руку” і падаць дапамогу Хмяльніцкаму, раўназначнае ўмяшанню ва ўнутраныя справы Рэчы Паспалітае і тым самым абвяшчэнню вайны, было прынята ў найбліжэйшым атачэнні цара ўвесну 1653 г. Выклікана яно было цяжкім становішчам казакаў і перакананнем у слабасці Польшчы. Аднак з афіцыйнай пастановаю чакалі вяртання з Варшавы пасольства, выпраўлена га з прапановамі дапамагчы ў замірэнні сітуацыі на Украіне. Насамрэч гэтая місія мела шпіёнскі характар.

Урэшце 1/10 кастрычніка Земскі cабор прыняў афіцыйнае рашэнне абвясціць вайну Рэчы Паспалітай і прыняць Украіну ў склад Маскоўскай дзяржавы[15]. Падрыхтоўка да выправы ўвайшла ў апошнюю фазу. У лістападзе Шарамецева паслалі ў Ноўгарад, а ў сакавіку — Трубяцкога ў Бранск. Тэрмін канцэнтрацыі абедзьвюх арміяў быў прызначаны на 14/24 траўня 1654 г. Вязьма, абраная за базу галоўнае арміі, была ўмацавана, бо прыйшла вестка, што пад Смаленскам знаходзіцца літоўская армія[16]. Апошняя, як даносіла разведка, мелася напасці на прыгранічныя ўезды[17].

У сапраўдна сці ж напачатку 1654 г. аддзелы ВКЛ, адчуваючы з боку Масквы ўсё большую небяспеку, былі перадыслакаваныя ў раён смаленскага, магілёўскага і рослаўскага паветаў. У лютым і сакавіку гетман выслаў у паўднёва -ўсходнюю Беларусь харугвы пад камандаю Караткевіча. Гэта выклікала неспакой у Маскве і Кіеве, тым больш, што ліцвіны распаўсюджвалі універсал Радзівіла, які заклікаў казакаў пакідаць Маскву і пераходзіць на бок Рэчы Паспалітае. Занепакоены Залатарэнка прасіў дапамогі ў маскоўскіх прыгранічных ваяводаў. Аднак харугвы на чале з Караткевічам, выбраўшы правіянт і разгледзеўшыся ў становішчы на Украіне, адступілі на Літву[18]. Адзінаю карысцю ад іх было ўмацаванне памежных замкаў ВКЛ.

У студзені 1654 г. у Пераяслаўлі паміж казакамі і царом было заключана пагадненне . Рэч Паспалітая ўспрыняла гэта як абвяшчэнне вайны. Пад канец зімы каронныя войскі ўвайшлі на Падолле і Брацлаўшчыну. Яны хацелі перацягнуць на свой бок казакаў, незадаволеных заключаным трактатам. Тое сама зрабілі і літоўскія харугвы (пра што ішлося вышэй).

Становішча Вялікага Княства пагаршаў факт, што толькі летні сойм (распачаты 9 чэрвеня) зацвердзіў падаткі і колькасны склад войска. На шкоду справе ішла і каралеўская палітыка ў дачыненні да Радзівіла і намінацыя на пасады польнага гетмана і смаленскага ваяводы праціўнікаў вялікага гетмана, каралеўскіх прыхільнікаў — вялікага падскарбія літоўскага Вінцэнта Гасеўскага і Піліпа Казіміра Абуховіча. Каралеўская палітыка і канфлікт з Радзівілам прывялі да таго, што Вялікае Княства Літоўскае ў момант выбуху вайны не было да яе падрыхтавана. Яно недаацэньвала маскоўскую пагрозу і пераацэньвала ўласныя магчымасці.

*

25—28 траўня / 4—7 чэрвеня галоўная армія выступіла з Масквы і рушыла смаленскім трактам у напрамку маскоўска -літоўскае мяжы. Усе камандзіры палкоў атрымалі інструкцыю, у якой ім загадвалася большыя і лепш умацаваныя месцы аблягаць супольна, злучанымі сіламі, пакідаючы выдзеленым з палкоў адзінкам здабыццё замкаў менш значных, якія маглі станавіць слабейшы супраціў. Ваяводам сурова загадвалася, каб яны, перш чым распачынаць штурм і рэгулярную аблогу, спрабавалі схіліць гарнізоны да капітуляцыі. Аблогу можна было распачынаць у выпадку адмоўнага адказу[19]. Такім чынам царскае камандаванне не траціла лішніх сіл на здабыццё паасобных пунктаў супраціву. Больш за тое, выдзяляючы паасобныя аддзелы — лікам найчасцей не больш як ад некалькіх сот да паўтары тысяч жаўнераў — яно дасягала большай аператыўнасці пры заняцці вялікае тэрыторыі.

25 траўня/4 чэрвеня цар выдаў камандзіру вартаўнічага палка, Мікалаю Цёмкіну-Растоўскаму, загад адлучыцца ад галоўнае арміі і заняць Белую. Заняўшы гэты горад, Растоўскі меўся далучыцца да галоўных сіл пад Дарагабужам. Ваявода загад выканаў, і 1/10 чэрвеня Белая апынулася ў маскоўскіх руках. 14/24 чэрвеня[20] Цёмкін-Растоўскі пісаў цару, што літоўскія людзі, „каторыя былі на Белай, бачачы над местам і над сабою баяраў і ваяводаў і [тваіх] гаспадарскіх ратных людзей, і моцную аблогу, [табе Гасудару] білі чалом і места Белую здалі”. Цар загадаў яму прылучыцца з сваімі аддзеламі да царскага войска, пакінуўшы ў Белай гарнізон (праўдападобна не вельмі шматлікі) на чале з ваяводам Захарам Навасільцавым[21].

3/13 чэрвеня ў царскіх руках апынуўся Дарагабуж. Невядомыя дакладна вайсковыя фармаванні ВКЛ разам з намеснікам і ваколічнай шляхтай, што знаходзіліся ў месце, адступілі з Дарагабужа ў Смаленск, як толькі зрабілася вядома, што сюдою кіруюцца маскоўскія аддзелы. Пакінутыя на ўласны лёс мяшчане здалі места без бою. Начальнікам аддзелаў, якія занялі места і складаліся з сялян Вяземскага павету, быў Іван Хаванскі[22].

Вышэй названыя мясцовасці былі занятыя адзінкамі, выдзеленымі з галоўных сілаў — аддзел Хаванскага належаў, праўдападобна, да царскага палку, астатнія палкі пасоўваліся ў напрамку Вязьмы, дзе мелася адбыцца канцэнтрацыя арміі. Авангард гэтае арміі складаў аддзел Хаванскага, у бок якога, адразу ж пасля капітуляцыі Дарагабужа, выступіў лёгкі полк на чале з Пятром Васілевічам Шарамецевым. Ён меўся ўзмацніць авангард царскіх войскаў. Разам з ім з царскага палка выступіла 9 соцень кавалерыі старога строю[23] . Царскае камандаванне ўжо ведала, што літоўская армія канцэнтру ецца пад Оршай, а пад Смаленскам буйных літоўскіх сілаў няма. Пра гэта сведчыць хоць бы факт высылкі 8/18 чэрвеня з Вязьмы пад Краснае, праўдападобна ў якасці аховы, 11 соцень з царскага палка на чале з кн. Фёдарам Нікітавічам Адоеўскім[24].

Таго ж дня Вязьму пакінуў перадавы полк, 9/19 чэрвеня — вялікі полк. У Дарагабужы, куды кіраваліся аддзелы, цар канцэнтраваў сваю армію, каб ударыць на Смаленск усімі сіламі і валодаць перавагай у полі перад сутыкненнем з літоўскім войскам. Гэтаксама 9/19 чэрвеня быў выдадзены загад перадаць Фёдару Адоеўскаму тыя 9 соцень, што былі высланыя з Пятром Шарамецевым пад Дарагабуж[25].

13/23 чэрвеня цар прыбыў у Дарагабуж. Тут ён заспеў палкі: вялікі, перадавы і лёгкі. Цераз тры дні ён аддаў загад перадавому палку пераправіцца цераз Дняпро ў ваколіцы вёскі Пнёў. Астатнія адзінкі выступілі толькі 30 чэрвеня. Паўстае пытанне, чаму ў абодвух местах маскоўскае войска па некалькі дзён заставалася ў бяздзейнасці: у Вязьме (ад 26—27 траўня / 4—5 чэрвеня да 8—9/18—19 чэрвеня) і ў Дарагабужы (ад 13/23 да 20/30 чэрвеня)? У першым выпадку прычынаю магло быць павольнае перамяшчэнне паасобных буйных тактычных адзінак і адсутнасць звестак пра непрыяцеля. У другім — магчыма, усведамленне , што захапіць Смаленск знянацку ўжо немагчыма, і пастанова падрыхтаваць аперацыю па здабыцці фартэцыі.

У дарозе з Вязьмы да цара дайшлі звесткі, што недалёка ад мяжы ў раёне Дарагабужа з’явіліся харугвы ВКЛ. Было вырашана, што Пётр Шарамецеў, не прыспешваючы тэмпу маршу астатніх адзінак, возьме з сабою аддадзеныя пад каманду Адоеўскага 6 соцень кавалерыі старога строю і 100 райтараў з уласнага палка і выступіць на разведку. У Дарагабужы ён меўся пакінуць Адоеўскага з яго 14 сотнямі і лёгкі полк на чале з сваім заступнікам Цімафеем Іванавічам Шчарбатавым[26]. Хутка высветлілася, што ніякіх літоўскіх аддзелаў у раёне Дарагабужа няма.

Тым часам яны канцэнтраваліся ў лагеры пад Оршай. Мы не ведаем, што рабіла армія Радзівіла з таго часу, як скончыліся баявыя дзеянні на паўднёва -ўсходняй ускраіне Вялікага Княства. Можна дапусціць, што літоўскія харугвы пачалі прыбываць у лагер з канца траўня ці яшчэ раней. Гэта, аднак, справа дыскусійная. Калі ж пад канец чэрвеня ў лагеры ўрэшце з’явіўся вялікі гетман, там знаходзілася каля 6 тыс. жаўнераў. Астатняя частка арміі складала гарнізоны найважнейшых местаў і замкаў Беларусі. Харугвы, сабраныя ў лагеры, былі змардаваныя ранейшымі ваеннымі дзеяннямі і не атрымалі платы. Новыя наборы не распачыналіся, бо ў вялікага гетмана не было вярбовачных („прыпаведных”) лістоў.

Пасля сарванага зімовага сойму гетман з красавіка знаходзіўся на Літве ў сваіх маёнтках і, праўдападобна, у Вільні[27]. Ягоныя паводзіны ў сітуацыі, калі вядома ўжо было, што Масква пачала вайну, выклікаюць здзіўленне. Што затрымала Радзівіла ў Вільні? Ці клопат пра грошы для выплаты аддзелам, ці справы палітычныя — змова супроць караля і таемныя кантакты з Ракачы, ці прыватныя — падтрымка правоў Радзівілаўска га дому на месца ў парламенце Рымскай Імперыі ў якасці яе князёў? На жаль, гэтага мы не ведаем. Калі ад Абуховіча пачалі прыходзіць весткі пра поспехі маскоўскіх войскаў, гетман адказваў на іх іранічнымі заўвагамі. Атрымаўшы звесткі пра пераход мяжы непрыяцелем, ён адпісаў, што, маўляў, той так далёка пайшоў за дарагабужскімі татарскімі канакрадамі. На вестку пра заняцце Дарагабужа і Белай ён адказаў у лісце ад 28 чэрвеня з-пад Оршы: „Масква на чарапасе едзе, і маю надзею, што ракам пойдуць”[28]. Гэтая вестка мусіла дайсці да гетмана паміж 13 чэрвеня — датай заняцця места — і 23 чэрвеня, калі дайшла да Варшавы[29] . У лагеры ён з’явіўся перад датай высылкі ліста Абуховічу, г. зн. перад 28 чэрвеня.

Адразу ж па прыбыцці ён даведаўся з данясенняў невядомага нам шпіёна, што „…Масква на свой святы Ян паводле старога календара мела падступіць пад Смаленск (бо ў іх такі звычай, што заўсёды звыклі шчасця спрабаваць на памятку каторагасьці свайго святога)”. Са Смаленска гетман не атрымліваў пра непрыяцеля ніякіх звестак — ці стаіць яшчэ пад Дарагабужам ці ўжо яго пакінуў — а паколькі „у сялян ніякае няма зычлівасці, [а] яшчэ нецнатлівыя людзі ўдаюць рэчы насуперак [праўдзе], каб нас улавілі, як і цяпер удаваць пачалі, што за смерцю цара і войскі павярнулі, і выдавалі гэта за шчырую праўду”, пастанавіў выслаць раз’езд. Згодна з ананімным аўтарам „Авізы з Літвы пра маскоўскую вайну”, пісанае ў лагеры пад Оршай, у склад гэтага раз’езду ўваходзілі „рота нямецкіх райтараў і трынаццаць харугваў лёгкае кавалерыі”, а таксама чатыры роты драгунаў з палку Ганскопфа[30]. В. Кахоўскі падае лічбу 3 тыс. „лёгкага войска”, а Альбрэхт Радзівіл піша пра некалькі сот[31]. Паколькі першую ацэнку падае крыніца, якая непасрэдна знаходзілася ў лагеры, прымем, што раз’езд налічваў каля 1200—1400 чалавек. Камандаванне над імі прыняў обэрстлейтэнант Герман Ганскопф, дэрпцкі харунжы[32]. Гетман загадаў яму „ісці пад Смаленск, і калі там непрыяцеля не застане, каб ішоў далей аж да самага Дарагабужа, дзе кажуць пра непрыяцельскае войска”. „Выйшаў тады 1-ma Julii [1-га ліпеня] з Оршы князь Я[го]м[іласць]п[ан] Гетман, самога (Ганскопфа. — П. К.) праводзіў дзве мілі ад Оршы аж да Крапіўны ракі, (…) там, даўшы дабраславенства і афіцэрам нагадаўшы, каб добра спаўнялі рыцарскі абавязак, а яму [Ганскопфу. — Пер.] як старэйшаму былі паслухмяныя ва ўсім пад суровай карай, вярнуўся назад і папярэдзіў войска, што пры ім было, каб стаяла напагатове”[33]. Відавочна гетман, не вельмі давяраючы Абуховічу, які не меў вайсковага досведу і да таго ж быў палітычным праціўнікам гетмана, не ведаў, як далёка пасунуўся непрыяцель углыб літоўскае тэрыторыі. Ад вынікаў гэтае разведкі залежалі далейшыя крокі літоўскіх войскаў.

Калі б праціўнік знаходзіўся яшчэ пад Дарагабужам, гетман мог сваім нешматлікім войскам праводзіць дзеянні, якія б затрымалі марш маскоўскіх арміяў. Ён мог таксама адважыцца завязаць бітву з часткаю варожае арміі ў выгадных для сябе тэрытарыяльных умовах ці нават пад мурамі Смаленска. У гэтым выпадку муры магутнае фартэцыі і яе артылерыя маглі выдатна дапамагчы літоўскім харугвам (гэта было б паўтарэннем кампаніі 1632—1634 г.). Пры выкарыстанні гэтага варыянту была б таксама атрымана дасканалая аперацыйная база ў Смаленску; апроч таго, адцягваючы пачатак аблогі, удалося б лепш падрыхтавацца да абароны. Калі б націск непрыяцеля змусіў літоўскае войска адступіць за Смаленск, тады часткаю аддзелаў, галоўным чынам пяхотай, якая ў палявых ваенных дзеяннях так і не выканала ніякае ролі, а ў ходзе аблогі вельмі прыдалася б, можна было б падмацаваць абаронцаў фартэцыі. Відавочна, для арміі ВКЛ існавала вялікая небяспека : у выніку сваіх аперацыяў па затрыманні ворага яна магла апынуцца ў абложаным Смаленску ці нават быць разбітай.

У выпадку, калі б праціўнік з’явіўся пад Смаленскам ці паблізу і праводзіць пералічаныя аперацыі зрабілася б немагчымым, паўтарылася б стратэгія , ужытая ў папярэдня й польска-маскоўска й вайне. Армія Радзівіла пачала б трывожыць тылы войскаў, што аблягалі цвержу, спрабуючы перакінуць у Смаленск падмацаванні. Апрача таго, яна б засланяла Літву ад маскоўскіх фармаванняў . Такая тактыка дазваляла папаўняць войскі аддзеламі, што падыходзілі з глыбі краю. Аднак дзеля поспеху належала перадусім спадзявацца, што маскоўскае камандаванне паўторыць памылкі мінулае вайны.

Абодва варыянты плану дазвалялі атакаваць адну з групаў маскоўскае арміі ўсімі сіламі. Аднак другі варыянт адкрываў большыя магчымасц і для манеўру і выбару праціўніка, бо дазваляў атакаваць як галоўную армію, так і армію Трубяцкога. У свядомасці кароннай і літоўскай шляхты Смаленск лічыўся цвержаю, якую цяжка здабыць, і гэта дазваляла разлічваць на яе доўгі супраціў, які даў бы дастаткова часу, каб разбіць трэцюю маскоўскую армію.

Выбар аднаго з пададзеных варыянтаў мусілі вызначыць вынікі выправы Ганскопфа. 4 ліпеня ён прыбыў у Смаленск, і, не застаўшы ні ворага, ні звестак пра яго, пераправіўся па смаленскім мосце на другі бераг Дняпра. „Адышоўшы мілю ад Багданавай Ваколіцы, (…), за мілю [ад сябе. — Пер.] знайшоў непрыяцеля, які стаяў пятнаццацю тысячамі, нічога не падазраючы “[34]. Гэта быў перадавы полк, які — як мы памятаем — знаходзіўся па гэты бок ракі. Аднак столькі жаўнераў у ім не было. У апісанні далейшых падзеяў крыніцы разыходзяцца . Паводле першай рэляцыі ананіма, які знаходзіўся ў лагеры пад Оршай (напісанай на падставе рапарту, дасланага гетману 6 ліпеня Ганскопфам), бой распачала сутычка драгунаў з варожаю вартаю. Ганскопф „тады казаў некалькім ротам раптоўна скочыць на варту, і калі нашыя з непрыяцельскаю вартаю так добра схапіліся, што на ёй ехаць пачалі, скочыў рашуча з усімі людзьмі і, змяшаны з Масквою, уварваўся ў непрыяцельскі лагер. І там Пан Бог дапамог, што другія і да зброі не дапалі ад страху. Біта, сечана гадзіну і больш, аднак паколькі лясы былі, то яны ратаваліся хутка дзе хто мог, але пакінулі больш за тысячу трупаў і абозныя пажыткі”. Рэляцыя дапаўнялася, калі аддзел вярнуўся ў лагер. Аказалася, што неспадзяванка была поўная: ліцвіны заспелі Маскву сонную і напаўп’яную, „бо іх старшы ваявода ў той дзень на святога Яна моцна частаваў”, так што не заўважылі, як „нашыя чатыры кані, потым дзесяць, потым трыццаць, зайшлі паціху ажно ў самы лагерны майдан альбо рынак”. Сярод забітых згадваецца не надта прадбачлівы ваявода, якога ліцвіны называлі гетманам польным. Узята было трынаццаць харугваў, а сярод вязняў быў і царскі харунжы.

Згодна з рэляцыяй, Ганскопф напаў на адзін з трох лагераў, і калі літоўскія харугвы выразалі ў ім Маскву, два астатнія, стрывожаныя гвалтам, узяліся за зброю („do sprawy przyszщy”). Калі развіднела, ліцвіны ўбачылі праціўніка, які, ачомаўшыся з неспадзяванкі, рыхтаваўся да бітвы; таму адступілі да Смаленска. Страты іх мусілі скласці 30 чалавек. У першым лісце з лагера, дзе змешчана першая рэляцыя, распавядаецца: „не здаволіўшыся тым, а дазнаўшыся, што яшчэ 20 тысяч Масквы днём за тымі падыходзіць, а другім цар з рэштаю войска і артылерыі, распаленыя ўдачаю, пайшлі далей. Але натрапілі толькі на моцную варту, якую таксама знеслі і прэч пагналі. Аж выехаўшы на адно поле, пабачылі вялікае войска і пяхоту з пікінерамі, тады ў добрым парадку пачалі адыходзіць назад. Пусцілася была за імі кавалерыя, але нічога ім учыніць не магла. Білася з імі адна варта добра, аж да аднаго броду, і там у парадку перайшлі і пераправіліся. А драгуны непрыяцеля на сабе і на мушкетах трымалі”[35].

На падставе вышэй названых рэляцыяў можна меркаваць , што Ганскопф атакаваў і разбіў у начной сутычцы частку перадавога палка або аддзел кн. Фёдара Нікітавіча Адоеўскага (высланага 8/18 чэрвеня з-пад Вязьмы пад Краснае), які налічваў 9 соцень кавалерыі старога строю. Паводле далейшых рэляцыяў здаецца, што ліцвіны пераправіліся цераз нейкі прыток Дняпра і атакавалі на маршы адзін з палкоў, або, магчыма, перадавы полк, які знаходзіўся на чале галоўнае арміі (у выпадку, калі першым аб’ектам атакі быў аддзел Адоеўскага). Так можна меркаваць, бо мы не маем пацвярджэння, каб на чале арміі знаходзіўся яшчэ нейкі буйны маскоўскі аддзел.

Сутычкі, праведзеныя Ганскопфам, не мелі вялікага значэння для ходу першых аперацыяў маскоўскага войска. Поспехі, здабытыя ліцвінамі, не стрымалі напору непрыяцеля і не затрымалі пачатку аблогі. Аднак яны мелі вялікае значэнне для літоўскага гетмана і для сабраных у лагеры жаўнераў. Радзівіл атрымаў звесткі пра поступ праціўніка і мог прыступіць да здзяйснення сваіх пачынаў. Пераможныя сутычкі ўзнялі ў літоўскіх жаўнерах баявы дух і веру ў перамогу.

Разам з раз’ездам да лагера дабегла і вестка, што непрыяцель стаў пад Смаленскам і чакае толькі прыбыцця цара. Чакалі яго там 6 ці 7 ліпеня. У літоўскім лагеры меркавалася, што калі расійскія войскі аточаць места, сам цар „мае стаць лагерам пад Красным. Абяцае, што і нас хутка мае наведаць і ўглыб у Літву мерыцца”[36]. Як відаць, літоўскі бок усведамляў маскоўскі я планы, або нават ведаў пра іх ад уласнай выведкі.

27 чэрвеня/6 ліпеня перадавы полк падышоў пад Смаленск. Праз два дні быў закладзены лагер на Багданавай Ваколіцы, а праз тыдзень — на Дзявочай Гары. Яшчэ раней, 1/10 ліпеня, Нікіта Адоеўскі — камандзір гэтага палка — выслаў аддзел пад камандаю кн. Івана Дашкова (з двух прыказаў стральцоў і трох соцень кавалерыі) на Пакроўскую Гару. Дашкоў меў збудаваць там „земляны горад” (форт), каб размясціць у ім пяхоту і артылерыю. Быў таксама збудаваны мост на Дняпры[37].

Тым часам Радзівіл, як відаць, ад пачатку вайны аддаваў ініцыятыву ў рукі праціўніка. Згодна з літоўскімі крыніцамі, на працягу першых тыдняў ліпеня паміж раз’ездамі абодвух бакоў адбываліся сутычкі. У іх адзначыўся Станіслаў Ян Ліпніцкі — паручнік казацкае харугвы харунжага надворнага літоўскага Зыгмунта Слушкі. Пад вёскаю Палоннае ягоны раз’езд, складзены з чатырох харугваў кавалерыі і 2 тысяч аршанскага паспалітага рушання, разбіў два раз’езды ворага, якія налічвалі 200 і 600 чалавек. Атака на большыя маскоўскі я сілы скончылася няўдала. На пачатку бою аршанцы кінулі аддзел Ліпніцкага, дарогу назад яму загароджвалі іхныя абозы, і ён мусіў прабівацца праз непрыяцеля, страціўшы пры гэтым „некалькі таварышаў, больш за дзесяць пахолкаў”[38].

Калі не лічыць гэтых сутычак, літоўская армія стаяла ў бяздзейнасці[39]. Толькі 20 ліпеня Радзівіл узняў харугвы і без абозу выступіў з лагера. Атакаваў ён там, дзе мог разлічваць на поспех. Скарыстаўшы падзел сілаў праціўніка, ён ударыў на армію Трубяцкога. Раз’езды Ліпніцкага ўмацавалі гетмана ў перакананні, што галоўная армія застанецца пад Смаленскам, занятая яго здабыццём, і не перашкодзіць аперацыям літоўскіх войскаў.

Трубяцкі, заняўшы без бою 17/27 чэрвеня Рослаў[40], маршаваў на Мсціслаў. Здабыча гэтага места адкрывала перад трэцяй арміяй дарогу на Оршу. Апроч таго, яно дазваляла ўдарыць у Магілёўскім або Смаленскім кірунку. У першым выпадку аддзелы Трубяцкога маглі апынуцца ў тылах войскаў ВКЛ, калі б тыя распачалі наступальныя дзеянні супроць галоўнай царскай арміі, аблажыўша й Смаленск, і пагражаць іхным камунікацыйным лініям. Злучэнне абедзвюх маскоўскіх арміяў пад Смаленскам стварала для Радзівіла вялікую пагрозу. Злучаныя войскі праціўніка колькасна перавышалі літоўскую армію ў пяць разоў, і каб прыкрыць аблогу Смаленска, маглі атакаваць і разбіць яе. Гетман, карыстаючыся з нагоды, пастанавіў знішчыць найслабейшую частку праціўніка. Момант ён для гэтага выбраў найлепшы. Войскі Трубяцкога падыходзілі пад Мсціслаў, і Радзівіл мог або ўдарыць на тылы арміі аблогі, або завязаць з ёю бітву пад мурамі, маючы падтрымку гарадскіх умацаванняў і артылерыі.

Мсціслаў баранілі мяшчане і пяць харугваў ваколічнае шляхты[41]. Згодна з Л. Абэцэдарскім, на помач месту ішла частка паспалітага рушання, праўдападобна з мсціслаўскага павету, на чале з Міхалам Пасахоўскім. Але маскоўскія аддзелы не дапусцілі іх да места і разбілі на подступах да Мсціслава[42]. Магчыма, гэта быў той самы літоўскі аддзел, пра які гетман успамінае ў лісце да віленскага біскупа і які сімуляваў вылазку, каб даць магчымасць пяці харугвам шляхты бяспечна выйсці з места, што апынулася пад пагрозай. У горадзе засталіся мяшчане і нейкая невядомая дакладна колькасць шляхты. І тут пачынаюцца два розныя апісанні падзеяў. Паводле польскіх крыніц, маскоўскія войскі атакавалі места, здабылі яго штурмам і выразалі частку абаронцаў. Радзівіл наўпрост пісаў „пра здабыццё, высячэнне і спаленне Мсціслава”[43]. Адзін з ацалелых ад пагрому чальцоў гарнізону, Коцел, рапартаваў, што войскі Трубяцкога „здабыўшы штурмамі і агнём мсціслаўскі замак і паркан, усялякі шляхецкі народ, мяшчан і жыдоў, таксама ўсялякае паспольства ўпень выразалі, потым, адтрубіўшы [перамогу], з трупаў выцягваючы жывых, каго знайшлі, у палон на Маскву забралі, а скарбы ўсялякія забраўшы, замак і паркан усё агнём спалілі і дашчэнту спустошылі” . Пра гэтую падзею распавядае і фрэска, намаляваная ў касцёле айцоў камедулаў у Мсціславе. Аўтар працы пра гэтую фрэску, Ян Обст, пісаў у сваім артыкуле, што „насельніцтва гэтага места было ў той час выразана амаль упень, да таго, што нешматлікіх ацалелых жыхароў і іхнае патомства называлі „недасекамі”»[44]. У „Дварцовых разрадах” таксама ідзецца пра штурм і выразанне Мсціслава[45].

Версію т. зв. „мсціслаўск ай разні”, вядомай таксама пад назваю „разні Трубяцкога” , спрабаваў абвергнуць, грунтуючыся на пазнейшых царскіх дакументах, Л. Абэцэдарскі[46]. Ён паставіў пытанне: чаму Трубяцкі адкрыта парушыў палітычныя дырэктывы маскоўскіх уладаў, дапускаючы забойства мяшчан, якія не мелі абавязку ваеннае службы? Сваё меркаванне ён грунтуе на двух дакументах. Першы з іх — царская грамата, высланая ў траўні 1655 г. да бурмістра і радных места Мсціслава, у якой напісана, „што мяшчане Мсціслава… дабілі чалом і аддаліся (…) пад высокую гаспадарскую руку”. Места захавала магдэбурскае права, свабоду гандлю, а мяшчане атрымалі ўзнагароду за добрую службу. Другі дакумент на карысць тэзы Абэцэдарскага, — просьба шляхцянкі Раіны Куровіч пра пацвярджэнне валодання маёнткам. „Раіна пісала, што калі войска Трубяцкога пайшло на штурм, шляхта, не маючы ў замку правіянту, пораху і людзей на абсаду валоў, мусіла здаць замак”. Аўтар цвердзіць таксама, што маскоўскія ўлады, займаючы беларускія землі, маглі абаперціся толькі на шляхту і багатае мяшчанства, а факт выразання Мсціслава мог адштурхнуць шляхту і мяшчан у іншых местах і ўмацаваць іх у рашучасці чыніць супраціў царскім войскам. Штопраўды, Абэцэдарскі прызнае: „відавочна, штурм ня мог быць бяскроўны. Аднак вядома, што большыя страты панеслі тыя, хто штурмаваў”. Праўдзівасць актаў, змешчаных у 34 томе АВАК, ён ставіць пад сумнеў, цвердзячы, што гэткім чынам шляхта хацела затушаваць невыкананне сваіх абавязкаў, уцёкі і здачу замка.

Пакіньма аднак справу разні. Для нас больш істотны той факт, што 12/22 ліпеня Мсціслаў быў здабыты войскамі Трубяцкога. Гэта перакрэсліла першапачатковыя планы Радзівіла і паставіла яго ў горшую пазіцыю. Гетман, аднак, не спыніў сваіх дзеянняў. З сабою ён вёў толькі кавалерыю, і таму мусіў рухацца з вялікай хуткасцю. Аднак „…непраходныя пераправы, сапсутыя няспыннымі непагадзямі, спрычынялі вялікае спазненне”, „а з прычыны кепскіх пераправаў мы не маглі напасці на непрыяцеля так хутка, як жадалі”. У дарозе гетман даведаўся пра падзенне Мсціслава, але спыніць акцыю і вярнуцца ў лагер яго змусіла іншая вестка. Пра гэта ён пісаў у лісце да віленскага біскупа: „Я ведаў напэўна, што да непрыяцел я, (…) засцеражона га ўжо нашымі незычлівымі сялянамі, ужо па здабыцці (…) Мсціслава прыбылі вялікія падмацаванні з Смаленска; тым не менш я жадаў зносіць гэтага непрыяцеля, наважыўшыся ўзяць на сябе помсту за пралітую кроў брацці сваёй, і пастанавіў быў іншай стараною, сыйшоўшы яму на смаленскі гасцінец, нечакана падысці з таго боку, хоць і небяспечна было заходзіць паміж двух войскаў, але пры вайсковай ахвоце шпарка ўсё магло стацца”. Аднак да здзяйснення гэтага смелага намеру, які абяцаў поспех, але адначасна быў вельмі небяспечны, не дайшло. Атака збоку на армію Трубяцкога была затрыманая, пра што далей у лісце гетман пісаў: „Ажно калі in ipso puncto [у самым пункце] прывядзення гэтага пачыну да выніку, заспелі мяне ў Горах весткі і з Оршы, і з самога Смаленска крадком, і з іншых розных месцаў, што ўвесь амаль што маскоўскі конны атрад, выпраўлены з немалою часткаю падрагуненае пяхоты, гэтаксама і з часткаю артылерыі са Смаленска на знішчэнне войска, вісіць ужо пад лагерам у Оршы, пакінутым без гарнізону (бо няма зусім чаго дзяліць), мусіў я з вялікім нездавальненнем ад сапсутага пачыну ўчыніць адступленне да Оршы”[47].

Конны аддзел, што кіраваўся ў бок Оршы, быў войскам кн. Якава Чаркаскага. У яго склад уваходзіў кіраваны ім вялікі полк і дзве іншыя адзінкі: кіраваны Нікітам Адоеўскім перадавы полк і вартаўнічы полк на чале з Міхаілам Цёмкін-Растоўскім[48]. Пра колькасць гэтага аддзелу мы не ведаем нічога, бо даступныя крыніцы ці маўчаць, ці падаюць завышаную лічбу. Напрыклад , Радзівіл пісаў пра 40 000 жаўнераў[49]. Беручы пад увагу тое, што згодна з Мальцавым пад Смаленскам у заключнай фазе аблогі знаходзілася 27 палкоў, а ў лагеры заставаўся лёгкі полк, можна прыняць, што аддзел Чаркаскага налічваў не менш як 10 тыс. і не больш як 15 тыс. Сярод адзінак, якія выступілі з ім, знаходзіліся прынамсі тры палкі кавалерыі новага строю на чале з „Піліпам Альбертам ван Буковенам, Лорэнцам Марлотам і Юрым Заксам”. Заданнем Чаркаскага было „нанесці паразу Радзівілу, выйшаўшы глыбока ў тыл, не дапусціць прарыву польска-літоўскіх войскаў да абложанага Смаленска, а ў выпадку неабходнасці прыйсці на дапамогу арміі Трубяцкога”. Калі б гетман прадоўжыў марш на Мсціслаў, Чаркаскі меўся дагнаць яго і, злучыўшыся з Трубяцкім, даць яму бітву. А калі б той змяніў свае планы і адступіў пад Оршу, маскоўскі камандзір меўся не дапусціць яго да Смаленска[50].

Перад пагрозаю страты лагера — пра які пісалася, што „калі б мы на дзень ці меней запазніліся, ужо попел заспелі б” — і аддзелаў, што там знаходзіліся, і абкружэння дзвюма непрыяцельскімі групоўкамі, гетман вярнуўся пад Оршу. У лагеры ён апынуўся ужо на пачатку жніўня. Пад час гэтых першых баёў ягоныя сілы выраслі прыблізна да 8 тыс.. Гэта былі перадусім аддзелы рэгулярнага войска (komputowe), бо паспалітае рушанне ў лагеры не з’явілася. Пра гэта гетман пісаў, скардзячыся, што „ані паноў, ані шляхты тутэйшае, якія дагэтуль лічыліся тысячамі і для каго соймы — тэатр досціпаў і кпінаў з заслужаных, з тых цяпер ніводнага не відаць”. Вярнуўшыся ў лагер, гетман хутка прыняў рашэнне і ўжо 5 жніўня выправіў абозы і артылерыю пад Копысь, а сам з усімі сіламі, якія меў у сваім распараджэнні, выйшаў у поле перад Оршай і там „чатыры дні і ночы стаяў у баявым парадку, чакаючы непрыяцеля”[51]. Радзівіл наважыў стаць супраць найбольш грознай для яго сілы — групоўкі Чаркаскага. Ад арміі Трубяцкога яго аддзяляў Дняпро, а ўсе пераправы знаходзіліся яшчэ пад літоўскім кантролем. Калі б ён ажыццявіў удар па Трубяцкому , страціў бы не толькі лагер з пяхотай, артылерыяй і абозамі, але і апынуўся б у акружэнні на Усходняй Беларусі, у трохкутніку паміж галоўнай арміяй цара, групоўкай Трубяцкога і аддзеламі Чаркаскага, які адсякаў яго ад Літвы.

Чаркаскі пакінуў лагер пад Смаленскам 9/19 ліпеня[52]. 8 жніўня гетман даносіў, што, вярнуўшыся да Оршы, застаў непрыяцеля „за шэсць толькі міляў (…) размешчанага”, г. зн. каля 43 км ад літоўскага лагера[53]. Ананімны аўтар ліста, высланага 14 жніўня з лагеру, пісаў, што толькі 9 жніўня аддзелы Чаркаскага завязалі баявы кантакт з літоўскаю арміяй[54]. Што прымусіла маскоўскую групоўку так позна з’явіцца пад Оршай і чатыры дні, а можа і даўжэй, адкладаць напад на войска ВКЛ? Можа, яны чакалі прыбыцця Трубяцкога, каб разам з яго аддзеламі ўдарыць па ліцвінах? Можа, гэтае спазненне было выклікана тэрытарыяльнымі ўмовамі правага берага Дняпра, уздоўж якога, праўдападобна, рухаўся Чаркаскі?

Раз’езды арміі ВКЛ завязалі баявы кантакт з непрыяцелем у раёне Міхава. Частка аддзелаў Чаркаскага, „…заехаўшы за Оршыцу, гародню Я[го міласці]п[ана ] ваяводы мсціслаўска га, і Мензаў Я[го міласці]п[ана ] старасты жмудскага, запалілі іх і вярнуліся назад да войска”. Радзівіл, „бачачы такую вялікую непрыяцельскую моц, адступіў памалу мілю з таго боку Оршы да Барані”. Потым літоўскія войскі адступілі яшчэ далей на поўдзень, у раён Копыся. Гетман збіраўся адступіць пад Магілёў і там чакаць удару праціўніка, „каб і войска з фартэцыі мела падмогу, і фартэцыя падчас штурму ад войска”[55]. Аднак націск непрыяцеля не дазволіў рэалізаваць гэтыя намеры. Радзівіл быў змушаны пакінуць Копысь і адступіць да Шклова. Чаркаскі, ідучы следам за адступаючым літоўскім войскам, аблажыў Оршу, а па яе капітуляцыі падаўся ў раён Копыся. На другім баку Дняпра да таго ж места набліжаўся Трубяцкі[56]. Чаркаскі рушыў за ліцвінамі, і, ведучы баі з літоўскімі раз’ездамі, паволі падыходзіў да Шклова. Радзівіл адаслаў абоз і пяхоту з артылерыяй пад Галоўчын, а сам з кавалерыяй вырашыў прыкрываць іхнае адступленне . 12 жніўня а 14 гадзіне „князю гетману з раз’езду паведамілі, што непрыяцельскае войска было відаць за паўтары або дзьве мілі [каля 10—14 км]“[57]. Гетман і літоўскае войска, якое ў той дзень згадзілася чакаць платы да 9 лістапада, былі паднятыя па трывозе весткаю, што „непрыяцель з’явіўся пад Шкловам і напаў на варту”. Радзівіл кінуў у атаку некалькі харугваў, якія пагналі непрыяцеля. Праўдападобна, гэта быў згаданы Мальцавым атрад на чале з Юрыем Баратынскім[58]. У часе пагоні за праціўнікам літоўскія харугвы спаткалі яшчэ некалькі непрыяцельскіх адзінак, але тыя, пабачыўшы ліцвінаў, адступілі, палячы па дарозе вёскі і фальваркі. Радзівіл перасунуў тады свае харугвы да пераправы цераз раку Шклоўку, дзе ягоныя флангі ахоўвалі з аднаго боку горад, а з другой ставы і яры. Атакі непрыяцеля ён чакаць не стаў, а ўжо ў той самы дзень наважыў справакаваць праціўніка на бітву. З гэтаю мэтай ён выслаў на перадполле „з свае казацкае харугвы ўсяго дзесятак з лішкам таварыства, (…) даўшы ім у падмогу адною далінаю тры казацкія харугвы”[59]. Подступ цалкам удаўся, і непрыяцель атакаваў гатовае да бітвы войска Радзівіла. Згодна з аўтарам рэляцыі пра бітву, харугвы ВКЛ, прыкрытыя з флангаў драгунамі, што стаялі ў ярах, пераправіліся на другі бок ракі Шклоўкі, бо цэлых палкоў дзеля кепскае пераправы [гетман. — П. К.] пасылаць не мог. Бой доўжыўся некалькі гадзін, і не было ніводнае харугвы, якая б не білася пяць ці шэсць разоў. Пасля больш як пяцігадзіннае бітвы Радзівіл, бачачы, што да непрыяцеля з недалёкага абозу можа надыйсці падмога, кінуў усе харугвы ў адчайную атаку. Здабыць поспех ліцвінам дапамог выпадак. Полк маскоўскіх райтараў у замяшанні кінуўся наўцёкі [oddal salwe] да Масквы. Непрыяцеля гналі больш як мілю, аж да самога абозу і пяхоты, што была пры ім.

Зыход бітвы, якая пачалася пад Шкловам, застаўся фактычна нявырашаны . Абодва бакі абвясцілі пра сваю перамогу, і да сёння ў працах на тэму гэтае бітвы гісторыкі абедзьвюх краін прыпісваюць перамогу кожны свайму боку[60]. Войска ВКЛ, нягледзячы на перавагу праціўніка, разбітым не было (з яго боку ў бітве бралі ўдзел толькі кавалерыя і драгуны) і засталося гаспадаро м поля бою, што было важным псіхалагіч ным дзейнікам і дазваляла абвясціць пра сваю перамогу. Бітва гэтая мусіла ўзняць у жаўнерах баявы дух, падарваны дагэтуляшнім адступленнем перад праціўнікам. Але ў той жа час перамога гэтая была купленая дарагою цаною. Невядомы аўтар пісаў з Вільні: „нашыя tandem [урэшце] здабылі поле і вікторыю, але з немалою паразаю, якая мусіць быць вельмі значнаю для малога войска (…). Усіх палеглых налічваюць 700 чалавек”[61]. Альбрэхт Радзівіл піша пра 200 забітых, і ён, здаецца, найбліжэйшы да праўды. Агулам страты — забітымі, параненымі і прапаўшымі без весткі — маглі скласці каля 700 чалавек[62]. У цэлым літоўская армія панесла значныя людскія страты — каля 11% свайго агульнага складу — і не магла кампенсаваць гэтага колькасцю стратаў праціўніка. На жаль, памеры апошніх вызначыць цяжка. Даступныя расейскія крыніцы пра іх маўчаць, а ў польскіх адпаведная лічба вагаецца ад 3 да 7 тыс. Але нягледзячы на вялікія страты, аддзелы Чаркаскага захавалі баяздольнасць, а на другім беразе Дняпра знаходзілася некранутая армія Трубяцкога.

Чаму Радзівіл рашыўся даць бітву акурат пад Шкловам? Што схіліла яго да гэтага? Чаму ён не здзейсніў сваіх планаў даць бітву пад Магілёвам? Прычыну гетман падаў у лісце да караля з Галоўчына, пісаным праз два дні па сутычцы. „Я ж знюхаў непрыяцельскую задуму, што гэты ягоны выпад не рэкагнаскаваннем войска і месца пахне, [i] лёгка здагадаўся, што ён сваім звычаем меўся назаўтра наступаць. Тады я палічыў за лепшае, у гатоўнасці ўжо будучы, апярэдзіць і задаць яму патрэбу бітвы, а не чакаць, каб сам ён, неаслаблены, сваімі фартэлямі задаў нам трывогу”[63]. Магчыма, на рашэнне аб прыняцці бітвы мелі ўплыў і зручныя для войска Вялікага Княства тэрытарыяльныя ўмовы — натуральнае прыкрыццё абодвух крылаў — і ўсё горшая дысцыпліна ў харугвах, падарваная адступленнем і нястачаю платы. Апроч таго, далейшае адступленне магло прывесці да злучэння Чаркаскага з Трубяцкім.

Хоць лёс бітвы і нявырашаны, для ліцвінаў яна стала поспехам: яны не былі разбітыя больш шматлікім праціўнікам і, хоць панеслі значныя страты, заставаліся значнаю сілаю, якая магла ствараць пагрозу маскоўскім войскам. Аднак уночы гетман загадаў адступаць у Галоўчын. Аддзелы Чаркаскага таксама кінулі ваколіцы Шклова і сталі лагерам паміж Оршай і Копысем[64]. Выпраўленая на поле бою чэлядзь прывяла да гетмана селяніна, „які ўцякаў ад Масквы і сказаў пра моц гэтага войска: апроч таго, якое ішло з Оршы, і таго, што пад Мсціславам было, усё да іх сунулася і гадзіну толькі запазнілася на бітву. Пацвердзіў і тое, што трывога ў іх па гэтай бітве была вялікая: тыя зараз жа да Оршы адступілі, а другія, мсціслаўскае войска, перапраўляліся цераз Дняпро, страшна топячыся”[65]. Насампраўдзе 4/14 жніўня войска Трубяцкога стаяла яшчэ пад Копысем, бо места капітулявала толькі ў гэты дзень[66]. Таго ж дня Трубяцкі атрымаў загад заняць Барысаў і прадоўжыць дзеянні супроць Радзівіла замест Чаркаскага. Аднак гетман пастанавіў спраўдзіць вестку аб пераправе арміі Трубяцкога. 16 жніўня ён выслаў з гэтай мэтай раз’езд у 1000 коней на чале з падстолім літоўскім Аляксандрам Гілярым Палубінскім. Аддзел гэты, не напаткаўшы „на тым баку Дняпра” непрыяцеля, даведаўся ад падстрэленага „Масквіціна селяніна”, што „па колішняй бітве Масква з вялікім трэскам пераправілася цераз Дняпро і злучылася з Трубяцкім: бо і наш дазор, пачаўшы ад Копысі аж да лагеру, на свае вочы бачыў вялізную сілу намётаў і вялікі абоз”[67]. Радзівіл, супакоены гэтымі весткамі, дазволіў сваім аддзелам адпачыць, не забываючы засцерагацца ад неспадзява ных перасоўванняў праціўніка.

Да 20 жніўня ў літоўскі лагер не даходзіла ніякіх вестак пра захады праціўніка. Занепакоены гэтым фактам, гетман зноўку выслаў у разведку аддзел Палубінскага. Ужо ўвечары ён атрымаў ад яго інфармацыю, што „непрыяцель пераправі ўся цераз Дняпро пад Копысем” і кіруецца ў бок літоўскага лагера. Уночы раз’езд бачыў варожыя абозы — знак, што непрыяцель атакуе ўсімі сіламі. Палубінскі пастанавіў „вешацца” на праціўніка, і ўжо наступнага дня, 21 жніўня, адбылася першая сутычка з авангардам Трубяцкога пад мясцовасцю Смятанічы . Ліцвіны спраўна адступілі пад самы Галоўчын, падцягваючы праціўніка да лагеру сваіх войскаў[68]. Пад Галоўчын маскоўскія войскі падышлі ўвечары і сталі лагерам на адлегласці паўмілі ад праціўніка, не хочучы распачынаць бітву на змярканні. Мусіць, Шклоў нагадаў маскоўскім аддзелам пра сілу літоўскіх харугваў. Гетман таксама гэтым разам не рызыкнуў біцца і пад покрывам ночы распачаў адыход у бок Бялынічаў. Праўдападобна, падставаю такога рашэння была перавага праціўніка і адсутнасць адпаведных тэрытарыяль ных умоваў. Пад Бялынічамі ліцвіны занялі абарончую пазіцыю за ракою Друццю і чакалі руху праціўніка. Аднак раз’езды, выпраўленыя ўвечары таго ж дня, 22 жніўня, не здабылі пра непрыяцеля ніякіх вестак, адно што ён паліць усе вёскі і шляхецкія двары.

Увесь наступны дзень, 23 жніўня, войска Радзівіла знаходзілася пад Бялынічамі. Прычынаю гэтае бяздзейнасці была хвароба гетмана, які „аніяк не мог ні стаць, ані на каня сесці”[69]. Здаецца, аднак, застацца пад Бялынічамі мог прымусіць і той факт, што харугвы займалі добрую абарончую пазіцыю, а адсутнасць звестак аб праціўніку магла сведчыць і пра ягоную бяздзейнасць. Наколькі для маскоўскіх войскаў такія паводзіны былі ім на карысць, настолькі для арміі ВКЛ гэта было непажадана, бо тым часам непрыяцель мог, напрыклад, атрымаць падмацаванне. Камандаванне ВКЛ меркавала, што паколькі дагэтуль маскоўскія аддзелы заўсёды пасоўваліся ўслед за ліцвінамі, то і гэтым разам яны падыдуць пад літоўскія пазіцыі, дзе будуць змушаныя прыняць бітву ва ўмовах, накінутых Радзівілам.

На жаль, план не ўдаўся. Войскі Трубяцкога, якія ад 21 жніўня захоўвалі вялікую асцярожнасць і свядома не завязвалі баявога кантакту з праціўнікам, унікаючы галоўных дарог, знайшлі брод цераз Друць пад Цяцерынам. Толькі там іх заўважылі літоўскія раз’езды. Уранку 24 жніўня літоўскі лагер быў узняты па трывозе гэтаю весткаю і фактам, што непрыяцель „заступае дарогу нашаму войску”. Вось жа, Радзівіл згарнуў лагер і падаўся на Супельніцы . Ва Уладыслававай Слабадзе яго армія падзялілася. Абозы пад прыкрыццём Палубінскага выступілі ў бок Заазёраў, а астатняя частка войскаў рушыла маршам у бок Супельніц. Іх авангард складалі тры харугвы: падкаморага рэчыцкага Высоцкага, старасты жамойцкага Яна Караля Глябовіча і Быхаўца.

Рушыўшы на ворага, Радзівіл выкарыстоўваў адзіны шанец захаваць правы бераг Дняпра пад сваім кантролем. Далейшае адступленне пагражала стратаю ўсходняе Беларусі. І што найважней, стратаю лучнасці з абложаным Смаленскам. Адмоўным бокам рашэння прыняць бітву было тое, што Радзівіл мусіў прыняць яе ва ўмовах, прадыктаваных выпадкам, там, дзе спаткаецца з праціўнікам. Сутыкненне адбылося пад Шапялевічамі . Скончылася яно паразаю і разбіццём літоўскае арміі. Страты, згодна з гетманам, складалі каля 1000 чалавек[70]. Страчаныя былі амаль уся артылерыя, абоз з паловаю ваенных запасаў. Літоўская пяхота была знішчаная — згодна з крыніцамі, было перабіта дванаццаць харугваў пяхоты[71]. Такія ж вялікія страты панеслі літоўскія драгуны. Цяжка вызначыць, колькі жаўнераў палегла ў войсках Трубяцкога. У маскоўскіх крыніцах ідзецца пра некалькі палеглых. Сам Радзівіл пісаў, што маскоўскія страты былі большыя за літоўскія, але паверыць у гэта цяжка, асабліва ўважаючы на тое, што спраўдзіць ён не меў магчымасці.

Адступаючы пасля прайгранай бітвы на захад, аддзелы Вялікага Княства страцілі сувязь з гетманам. Пад час адыходу ён знаходзіўся ў калоне, якую маскоўскае войска атакавала найбольш. Ацалелыя харугвы, пазбаўленыя камандзіра, Палубінскі сабраў у Смалявічах , паміж Барысавам і Менскам[72]. Тут, 26 жніўня, да іх дайшоў гетманскі загад, „каб сабраліся гуртам і спяшаліся да Менску, дзе і кн[язь] Я[го]м[ас]ць сам стаў дня 27 з Барысава”. Пад канец верасня там знаходзілася каля 4 тыс. жаўнераў[73].

Параза пад Шапялевічамі і адступленне арміі Вялікага Княства за Бярэзіну мела вялікае значэнне для ходу ваенных дзеянняў на ўсходняй Беларусі. Былі перакрэсленыя шанцы на хуткую дапамогу абложанаму Смаленску і іншым местам. Параза Радзівіла адабрала шмат у якіх местаў надзею на ратунак і была прычынаю капітуляцыі некалькіх замкаў. Маскоўскім арміям адцясненне праціўніка за Бярэзіну давала поўную свабоду ў здабыцці беларускіх гарадоў, якія яшчэ працягвалі бараніцца. Штопраўды, Трубяцкі мог ударыць на Вільню, але здаецца, царскае камандаванне пастанавіла лепш для торгу здабыць добрую пазіцыю ў выглядзе Смаленска, чымся пайсці на страту аднае з арміяў. Цяпер толькі доўгатрывалая абарона Смаленска магла ўратаваць усходнія тэрыторыі Вялікага Княства. Яе магчымасці паказала кампанія 1632—1634 г. Зрэшты, у цяперашняй сітуацыі гэта было адзінае выйсце.

З польскай пераклаў Мікола Раманоўскі


[ 1 ] Л. Кубаля (Kubala L. Wojna moskiewska 1654/55. Warszawa, 1910) займаўся перадусім унутранай сітуацыяй Польшчы і канфліктам паміж Янам Казімірам і Янушам Радзівілам. Ю. Можы (Morzy J. Kryzys demograficzny na Litwie i Białorusi w drugiej połowie XVII w. Poznań, 1965), Г. Віснэр (Wisner H. Dzialałność wojskowa Janusza Radziwiłła // RB. T.13. Białystok, 1976) і Т. Васілеўскі (Wasilewski T. Ostatni Waza na polskim tronie. Katowice, 1982) прысвяцілі кампаніі фрагменты сваіх прац, не заглыбляючыся ў тэматыку. Працы А. Мальцава (Мальцев А. Н. Россия и Белоруссия в середине XVII в. Москва, 1974; Война за Белоруссию и освобождение Смоленска в 1654 г. // Исторические записки. 37 (1951) паказалі хаду збройных дзеянняў, але не без памылак і перайначанняў. Л. Абэцэдарскі (Абецедарский Л. С. Борьба белорусского народа за воссоединение Белоруссии с Россией в середине XVII в., у кн.: Воссоединение Украины с Россией 1654—1954. Сборник статей. Москва, 1954. Освободительная борьба народных масс Белоруссии во время русско–польской войны 1654—1667 гг., у яго кн.: Белоруссия и Россия. Очерк русско–белорусских связей второй половины XVI—XVII в. Под ред. З. Я. Копысского, Минск, 1978) і А. Навасельскі (Новосельский А. А. Очерк военных действий боярина Василия Петровича Шереметева в 1654 г. на новгородском фронте, у яго кн.: Исследования по истории эпохи феодализма. Москва, 1994) апісалі толькі выбраныя фрагменты баёў на беларускім фронце. Цэльны вобраз кампаніі падаў Г. Сагановіч (Невядомая вайна 1654—1667 г. Мінск, 1995).
[ 2 ] Herbst St. Wojna moskiewska 1507—1508, у кн.: Potrzeba historii czyli o polskim stylu życia. T. II. Warszawa, 1978. S. 233—234.
[ 3 ] Гл.: Historia dyplomacji polskiej. T. II. Warszawa, 1982. S. 169—170. Таксама: Wójcik Z. Dzieje Rosji. Warszawa, 1975. S. 130—142.
[ 4 ] Мальцев А. Н. Россия…, с. 23.
[ 5 ] Заборовский Л. В. Россия, Речь Посполитая и Швеция в середине XVII в., у: Из истории международных отношений в Восточной и Юго–Восточной Европе. Москва, 1981. C. 30.
[ 6 ] Ключевский В.O. Курс русской истории. Ч. 3. Москва, 1908.C. 277.
[ 7 ] Очерк военных действий… С. 118.
[ 8 ] Мальцев А. Н. Россия… С. 38. Пры цары, як дарадца, знаходзіўся кн. Іван Хаванскі.
[ 9 ] Чернов А. В. Вооруженные силы русского государства второй половины XVII века. Москва, 1954. С. 161—162. Гл. таксама: Сташевский Е. Д. Смета военных сил московского государства. Киев, 1910.
[ 10 ] Мальцев А. Н. Россия… С. 29, 44.
[ 11 ] Акты, относящиеся к истории Южной и Западной России (далей АЮЗР). Т. X. С. 506, 682. Мальцев А. Н. Россия… С. 37. Войскі Залатарэнкі складаліся з палкоў нежынскага, старадубаўскага і чарнігаўскага.
[ 12 ] Kubala L. Wojna… S. 406, заўв. 28.
[ 13 ] Тамсама, с. 220—221. Grabowski A., Ojczyste spominki, t. I, Kraków 1845, ss. 118, 123, 126.
[ 14 ] А. Н. Мальцев. Россия…, passim.
[ 15 ] Тамсама, с. 23.
[ 16 ] Тамсама, с. 26—28.
[ 17 ] Акты Московского Государства (далей АМГ). Т. II. С. 357, 359, 370.
[ 18 ] Тамсама, с. 363—364, 370.
[ 19 ] Мальцев А. Н. Россия… С. 39.
[ 20 ] Гэта дата атрымання паведамлення царом, які знаходзіўся на той час ужо ў Дарагабужы (гл.: Дворцовые разряды (далей Д. Р.). Т. III. С.–Петербург, 1852. С. 430). Мальцаў падае, што Растоўскі выслаў гэтую вестку 4 чэрвеня (гл.: Мальцев А.Н. Россия… С. 39). Але ён пры датаванні вельмі часта блытае стылі.
[ 21 ] Д. Р., т. III, с. 431.
[ 22 ] Тамсама, с. 425. Пар. таксама: Мальцев А. Н. Россия… С. 39.
[ 23 ] Тамсама, с. 426. Тут пералічваюцца камандзіры сотняў.
[ 24 ] Д. Р. С. 426—427.
[ 25 ] Тамсама, с. 427—428. Гл. таксама: Мальцев А. Н. Россия… С. 40.
[ 26 ] Тамсама, с. 429—430.
[ 27 ] Radziwiłł A.S. Pamiętniki o dziejach w Polsce. Т. III. Warszawa, 1980. S. 418.
[ 28 ] Археографический Сборник документов, относящихся к истории Северо–Западной Руси (далей АСЗР). T. XIV. C. 42.
[ 29 ] Radziwiłł A.S. Pamiętniki … S. 421.
[ 30 ] Michałowski J. Księga pamiętnicza. Wyd. A. Z. Helcel. Kraków, 1864. S. 721.
[ 31 ] Kochowski W. Historyja panowania Jana Kazimierza. T. I. Wyd. E. Raczyński. Poznań, 1859. S. 179; Radziwiłł A. S. Pamiętniki… S. 432.
[ 32 ] Michałowski J. Księga pamiętnicza. S. 721. В. Кахоўскі (s. 179) называе другім камандзірам палкоўніка Мірскага. Ім мог быць або Рыгор Мірскі, вялікі стражнік літоўскі, або ягоны сын Геранім.
[ 33 ] Michałowski J. Księga pamiętnicza. S. 721.
[ 34 ] Тамсама, с. 722.
[ 35 ] Тамсама, с. 723.
[ 36 ] Тамсама, с. 722—723.
[ 37 ] Д. Р. С. 434. Гл. таксама: Мальцев А. Н. Россия… С. 40.
[ 38 ] Grabowski A. Т. I. S. 109. Polski Słownik Biograficzny (далей PSB). T. XVII. S. 410.
[ 39 ] Гэтую стратэгію зразумець цяжка. Можа, гетман чакаў падмацаванняў або вайсковых адзінак, якія ўсцяж наплывалі ў лагер? Можа, аддаўшы ініцыятыву ў рукі непрыяцеля, чакаў адпаведнага моманту, каб ударыць у абраным месцы? Можа чакаў, пакуль праціўнік зробіць памылку і падставіцца пад удар?
[ 40 ] J. Morzy, Kryzys demograficzny…, с. 38.
[ 41 ] Grabowski A. Т. I. S. 112.
[ 42 ] Абецедарский Л. С. Освободительная война… С. 152.
[ 43 ] Grabowski A. Т. I. S. 112.
[ 44 ] Акты, издаваемые Виленскою Археографическою комиссией (далей АВАК). Т. XXXIV, passim. Там знаходзяца акты справаў пра страчаныя падчас аблогі дакументы. Рапарт Коцела гл. V.S. Т. I. С. 324; Grabowski A. Т. I. S. 112. Гл. таксама: Obst J. Fresk w kościele Mścisławskim // Litwa i Ruś. T. II. Cz. 1. S. 31.
[ 45 ] Д. Р. C. 435.
[ 46 ] Абецедарский Л. С. Освободительная война… С. 151—153.
[ 47 ] Grabowski А. Т. I. S. 109, 112—113.
[ 48 ] Д. Р. С. 434—435.
[ 49 ] Grabowski A. T. I. S. 113.
[ 50 ] Гл.: Мальцев А. Н. Россия… С. 29, 42, 44.
[ 51 ] Grabowski A. Т. I. С. 109, 113, 117.
[ 52 ] Д. Р. С. 434.
[ 53 ] Grabowski A. Т. I. S. 113. Вазы гетман выправіў ужо 5 жніўня.
[ 54 ] Тамсама, с. 117.
[ 55 ] Тамсама.
[ 56 ] Мальцев А. Н. Россия… С. 42.
[ 57 ] Grabowski A. T. I. S. 114.
[ 58 ] Мальцев А. Н. Россия… С. 42—43.
[ 59 ] Гл.: Lettov–Vorbek M. Skarbnica pamięci. Wyd. E. Gałaś, i F. Mincer. Pod red. nauk. Wl. Czaplińskiego. Wrocław, 1968. S. 191—195; Grabowski A. T. I. S. 115—116. Рэляцыя ўдзельніка баёў.
[ 60 ] Lettov–Vorbek M. Skarbnica pamięci. S. 193—194; Д. Р. С. 440; Гл. таксама: Мальцев А. Н. Россия… С. 43; Kubala L. Wojna… S. 222.
[ 61 ] Grabowski A. T. I. S. 121.
[ 62 ] Калі б гэта былі страты забітымі, то, прыняўшы суадносіны забітых і параненых як 1:4, атрымаем агульную лічбу стратаў каля 2800 чалавек. Такая колькасць выглядае завялікаю ў параўнанні з колькасцю літоўскага войска і часу, калі вялася бітва (крыніцы называюць папалуднавы тэрмін).
[ 63 ] Lettov–Vorbek M. Skarbnica pamięci. S. 191.
[ 64 ] Grabowski A. T. I. S. 117; Гл. таксама: Мальцев А. Н. Россия… С. 43.
[ 65 ] Grabowski A. Т. I. С. 117.
[ 66 ] Мальцев А. Н. Россия… С. 42, заўв. 61.
[ 67 ] Grabowski A. Т. I. С.122.
[ 68 ] Тамсама.
[ 69 ] Тамсама.
[ 70 ] Kotłubaj E. Życie Janusza Radziwiłła. S. 372—373, 397.
[ 71 ] Grabowski A. T. I. S.125.
[ 72 ] Тамсама, с. 124.
[ 73 ] Тамсама; Medeksza S. Księga pamiętnicza wydarzeń zaszłych na Litwie 1654—1668. Wyd. Wł. Seredyński. Kraków, 1875. S. 1.

Наверх

Андрэй Янушкевіч. Iнфлянцкая вайна 1558—1582 г. ў савецкай гістарыяграфіі*

Снежня 16, 1999 |


* Праца выкананая ў рамках праекту „Вакно ў Эўропу — Беларуская майстэрня”

Калі не ўлічваць працы навукова-папулярнага характару, то можна прызнаць, што Інфлянцкая вайна ніколі не была прадметам спецыяльнага даследавання савецкіх гісторыкаў. Абумоўлена гэта не толькі слабой зацікаўленасцю савецкай гістарычнай навукі ваенна-палітычнай тэматыкай. Сутнасць справы хутчэй у тым, што Інфлянцкая вайна для „прававернага” савецкага гісторыка была тэмай нязручнай, бо па сваім характары і выніках не мела станоўчага значэння ды патрыятычна-вызвольнага гучання, як, прыкладам, Кулікоўская бітва 1380 г. Аднак, не маючы магчымасці абысці такія важныя падзеі ў гісторыі Расіі, савецкія гісторыкі стварылі ўласную схему Інфлянцкай вайны, у аснову якой паклалі мадыфікаваную марксісцка -ленінскімі ідэямі канцэпцыю дарэвалюцыйнай гістарыяграфіі. Гэта той прыклад, калі пры вольнай, некрытычнай маніпуляцыі фактамі з яўна няўдалай і несправядлі вай вайны рабілася выключна прагрэсіўная падзея з аптымістычнымі для развіцця краіны наступствамі. Крытычны аналіз прыёмаў і метадаў абгрунтавання „справядлівасці і прагрэсіўнасці” Інфлянцкае вайны, а таксама характарыстыкі савецкай канцэпцыі вайны і параўнанне поглядаў савецкіх даследчыкаў з пазіцыямі дарэвалюцыйных расійскіх гісторыкаў і стане прадметам нашай працы. Спачатку звернемся да набыткаў, з якімі расійская гістарычная навука прыйшла да пераломнага для Расіі 1917 г.

* * *

Першы сiстэматычны выклад падзей Iнфлянцкай вайны зрабiў на пачатку ХІХ ст. Мікалай Карамзін. Гэты вучоны не разглядаў Інфлянцкую вайну як цэльную з’яву, яна асвятлялася ім у кантэксце ўсёй палітычнай гісторыі Маскоўскага княства.

Ініцыятыву Івана ІV па наладжванні цесных кантактаў з Еўропай М.Карамзін тлумачыць даволі цьмяным выказваннем пра яго жаданне „ўзвялiчыць Расію ўнутранай грамадзянскай адукацыяй”[1]. З уласцівым гэтаму гісторыку мастацкім псіхалагізмам ён піша, што Іван ІV мог дзейнічаць з-за славалюбнай прагі новых заваёў. Аўтар знаходзіць апраўданне дзеянням цара ў непрыхаваным сабатажы інфлянцкімі ўладамі зносін Масковіі з еўрапейскімі краінамі і крывадушных дзеяннях інфлянцаў у двухбаковых перамовах. Іванам ІV кіравала жаданне помсты за іх двухаблічную пазіцыю і зацягванне выплаты „юр’еўскай даніны”. М.Карамзін бачыць, такім чынам, пазітыўнае значэнне гэтай ініцыятывы цара для развіцця расійскай дзяржавы і грамадства, закладаючы тым самым падмурак дзяржаўніц кага трактавання Інфлянцкай вайны.

Адзін з найбліжэйшых наступнікаў М.Карамзіна, Мікалай Устралаў, больш выразна звязаў патрэбу шчыльнейшых кантактаў з Захадам з неабходнасцю паспяховага развіцця прамысловасці і адукаванасці расійскага народа[2].

Развіццё дзяржаўніцкіх поглядаў на Інфлянцкую вайну больш за ўсё звязваецца з імем Сяргея Салаўёва. Ён прытрымлiваўся этатысцкіх поглядаў на развіццё гістарычна га працэсу, спалучаючы іх з iдэяй эвалюцыйнага прагрэсу. Гэта дазваляла яму сцвярджаць, быццам наспелае ў сярэдзiне XVI ст. балтыйскае пытанне патрабавала свайго вырашэння ваенным шляхам з-за варожай пазiцыi Iнфлянтаў у дачыненнi да спробаў Масковii наладзiць непасрэдныя i цесныя кантакты з Захадам з мэтай пераадолення адсталасцi ў ваенна-тэхнiчнай i культурна -адукацыйнай сферах. Атрымліваецца, што вайна прымала характар непазбежнай заканамернасцi, якая была абумоўлена развiццём расійскай дзяржавы.

С.Салаўёў ставiў у заслугу Iвану IV разуменне жыццёвых патрэбаў Маскоўскай дзяржавы, якія заключаліся, як і паводле М.Карамзіна, „ва ўспрыманні пладоў еўрапейскай грамадзянскасці”, i бачыў у iм выдатнага папярэднiка Пятра I[3].

Георгі Форстэн, стваральнік фундаментальнага даследавання па гісторыі „балтыйскага пытання” ў ХVІ-ХVІІ ст., пайшоў у падобных развагах яшчэ далей. Салідарызуючыся з меркаваннямі Вісарыёна Бялінскага і Канстанціна Кавеліна, ён складаў сапраўдны панегірык цару Івану ІV, прызнаючы ў ім палітыка, „які ўзвышаўся над сваімі сучаснікамі розумам і дальнабачнасцю”[4].

Г.Форстэн першым з расійскіх даследчыкаў звярнуў увагу на важнасць валодання марскім узбярэжжам (курсіў мой — А.Я.) для Маскоўскага княства, з-за якога і вялася Інфлянцкая вайна. Ён, такім чынам, ахарактарызаваў удзел Масковіі ў вайне як удзел у барацьбе за dominium maris baltici, уключыўшы балтыйскую палітыку Маскоўскай дзяржавы ва ўзаемасувязь з палітыкай астатніх краін балтыйскага рэгіёну.

Вынік разважанням прыхільнікаў дзяржаўніцкай канцэпцыі падвёў на пачатку ХХ ст. Сяргей Платонаў, развагі якога занялі старонкі аднаго з найпапулярнейшых універсітэцкіх падручнікаў таго часу. Паколькі ён працаваў і ў савецкі перыяд, то разгляд поглядаў Платонава падаем ніжэй.

У чым жа асаблівасці дзяржаўніцкай канцэпцыі? Нягледзячы на рознасць ацэнак асобы і эпохі Івана ІV, пазітыўнае значэнне Інфлянцкай вайны прызнавалася ўсімі прадстаўнікамі гэтай школы. Пры гэтым усхваляліся не рэальны характар і рэальныя вынікі гэтага прадпрыемства, а запачатка ваная Іванам ІV ідэя змагання за балтыйскае ўзбярэжжа. Пытанне аб непасрэднай матывацыі дзейнасці цара не ставілася, яно проста падмянялася сцвярджэннямі наконт патэнцыйнай карысці ад усталявання простых сувязяў з Заходняй Еўропай. Пазней гэты тэзіс перакшталтаваўся ў прызнанне непазбежнасці і заканамернасці вайны ў выніку развіцця Расійскай дзяржавы.

Першым пануючай дзяржаўніцкай канцэпцыі запярэчыў Мікалай Кастамараў. Не адмаўляючы заканамернасці Інфлянцкай вайны, ён бачыў яе пачаткі ў празмерным апетыце Маскоўскай дзяржавы да пашырэння ўласнай тэрыторыі. Палемізуючы з С.Салаўёвым, М.Кастамараў сцвярджаў, што ва ўмовах ХVІ ст. для Расіі больш надзённай і карыснай справай было змаганне супраць крымскіх татараў. У ініцыятыве Івана ІV гэты вучоны не ўгледзеў ні вялікага, ні дальнабачнага чыну, бо ў таго не было аніякіх падставаў ператварэння Масковіі ў па-еўрапейску цывілізаваную дзяржаву. На яго думку, цар інэртна дзейнічаў па запаветах свайго дзеда — Івана ІІІ, а Інфлянцкая вайна была лагічным працягам векавечнай барацьбы Русі з нямецкімі рыцарамі. Крытыкуючы прыхільнікаў дзяржаўніц кай схемы, М.Кастамараў абвінавачваў іх у стварэнні высноваў па выпадковых прыкметах, якія разваляцца пры нават слабым судакрананні з метадамі гістарычнай крытыкі[5] .

У поглядах М.Кастамарава шмат агульнага з поглядамі шведскага гісторыка Гаральда Хьерна (Harald Hjдrne)[6]. Але калі апошні запачаткаваў у заходнееўрапейскай гістарыяграфіі шырокую дыскусію наконт сутнасці Інфлянцкай вайны, то расійскі гісторык, па вялікім рахунку, застаўся ў самоце. Пра гэта сведчыць і развіццё савецкай гістарыяграфіі Інфлянцкай вайны. У гэтым артыкуле мы пакажам, што фактычна яна стала простым пераймальнiкам iдэй дзяржаўніцкай школы.

Напачатку, праўда, ўсё складвалася памысна. Дамiнавальная ў 20-х г. „школа Міхаіла Пакроўскага” ў шматразова выдаваных у першае дзесяцігоддзе існавання савецкай улады творах свайго заснавальнiка выказвала даволі арыгiнальныя меркаваннi наконт сутнасцi Iнфлянцкай вайны[7]. Галоўнай навiною было асвятленне Iнфлянцкай вайны праз фокус сацыяльных адносiн у Маскоўскай дзяржаве. М.Пакроўскi сцвярджаў, што Iнфлянцкая вайна распачалася дзякуючы зацiкаўленасцi ў яе вядзеннi „двух новых класаў — памеснага дваранства i мяшчан”[8] . Мэта вайны для „гандлёвай буржуазii” была канчаткова вырашана пры захопе Нарвы, важнага гандлёвага порта. Аднак тут зусiм iншую пазiцыю заняло „воінства” (г.зн. дваранства), якое iмкнулася да набыцця новых землеўладанняў.

Пасля першых поспехаў у Iнфлянтах маскоўцы сутыкнулiся з моцнымi працiўнiкамi ў асобах лiцвiноў i шведаў, змаганне з якімі зацягнула вайну амаль што на чвэрць стагоддзя. „Няўдалая вайна канчаткова пазбавiла памешчыкаў надзеi пашырыць сваю зямлю шляхам знешнiх заваёваў”, — падсумаваў аўтар[9]. Няўдачы ў вайне, у сваю чаргу, выклiкалi апрычнiну, якая была рэакцыяй дваранства на нежаданне баяр ваяваць за Iнфлянты: „Тэрор апрычнiны можа быць зразуметы толькi ў сувязi з няўдачамi Iнфлянцкай вайны”[10].

М.Пакроўскi, такiм чынам, шчыльна падышоў да думкі, што Iнфлянцкая вайна пасля захопу Нарвы вялася не за авалодванне марскiм узбярэжжам, а выключна за зямлю, з мэтай насаджэння ў Iнфлянтах маскоўскага памешчыцкага землеўладання. I хоць М.Пакроўскi разглядаў справу досыць аднабакова, аднак з дапамогай сфармуляванай iм „тэорыi гандлёвага капiталу” даследчыку ўдалося паказаць цiкавыя аспекты, i яго рацыя была потым пацверджана даследаваннямi заходнееўрапейскiх гiсторыкаў[11]. Дзякуючы гэтаму М. Пакроўскі стаіць асобна ад іншых прадстаўнікоў савецкай гістарыяграфіі Інфлянцкай вайны. Цiкава, што аўтар нiводным словам не згадвае цара Iвана Жахлiвага. Удзельнiкамi калiзii Iнфлянцкай вайны i апрычнiны былi выключна сацыяльныя групоўкі, дзе роля гiстарычнай асобы звужалася да ролi пасiўнага выканаўцы задач i iнтарэсаў класавых груповак.

У гэтым плане бiяграфiя Iвана Жахлiвага, створаная Робэртам Вiпэрам[12], з’яўляецца кардынальна супрацьлеглай карціне М.Пакроўскага, хоць у характарыстыцы Iнфлянцкай вайны пазiцыi абодвух даследчыкаў часта перасякаюцца. Для нас засталіся невядомымі матывы нечаканага звароту вучонага да новых для яго навуковых інтарэсаў. Але, нягледзячы на сваю публіцыстычнасць, кніга Р.Віпэру безумоўна ўдалася.

Самае моцнае ў ёй, — гэта, без сумневу, яе канцэпцый насць. Свежасць аўтарскай думкі дазволіла па-новаму асэнсаваць эпоху Івана ІV, і, нягледзячы на шэраг факталагічных памылак і паспешлівых высноваў па лакальных праблемах, сфармуляваная Р.Віпэрам канцэпцыя захоўвае сваё актуальнае значэнне па сённяшні дзень. Адзіны вялікі недахоп гэтай канцэпцыі — даведзенае да скрайнасці апафеознае трактаванне асобы цара. Але й тут трэба ўлічваць аб’ектыўнасць аўтара: гэта толькі ўсхваленне, але ніяк не апраўданне.

Салідарызуючыся з Паўлам Мілюковым і Аляксандрам Кізэветэрам у характарыстыцы Маскоўскай дзяржавы як „ваеннай манархіі”, Робэрт Віпэр першым звярнуў увагу на сувязь увядзення апрычніны з Інфлянцкай вайной. Апрычніна арганічна ўпісваецца ў кантэкст гісторыі ваенна-манархічнай дзяржавы, якой у ХVІ ст. з’яўлялася Маскоўскае княства („ваенна-адміністрацыйная рэформа, выкліканая цяжкасцямі вайны”[13]). Знешні фактар адыграў пры яе заснаванні першачарговую ролю.

Узнёслы тон у дачыненні да цара не перашкодзіў аўтару захаваць нармальную бесстароннасць да фактаў. Р.Віпэр не ігнаруе фактаў, якія супярэчаць ягонай панегірычнай канцэпцыі, а спрабуе даць ім уласную інтэрпрэтацыю. Прыкладам, усталяваны ў Полацку рэжым маскоўскай улады, па ягонай версіі, носіць выразны акупацыйны характар. Самую вайну Р.Віпэр ацэньвае таксама досыць катэгарычна: „Разам са стратай набытых тэрыторый <Іван Жахлівы> пахіснуў асновы збудаванай ім дзяржавы”[14]. Калі б вайна скончылася ў 1566 г., сцвярджае аўтар, Іван IV застаўся б у памяці нашчадкаў расійскім Аляксандрам Македонскім. Але вір падзей захапіў цара, і ён не здолеў спыніцца[15]. Кранаючы прычыны паражэння ў Інфлянцкай вайне, Р.Віпэр згадвае ўплыў эканамічнага крызісу і зазначае, што цар быў „глыбока прыгнечаны і змірыўся з паразай”[16].

Робэрт Віпэр падкрэсліў важнасць знешнепалітычнай дзейнасці для Маскоўскай дзяржавы часоў праўлення Івана Жахлівага, якой падпарадкоўваліся дзеянні ўрада і ў сферы ўнутранай палітыкі. Гэта выцякала з мілітарысцкага характару царства. Інфлянцкая вайна, па Віпэру, была галоўнай падзеяй эпохі Івана Жахлівага. Аднак такі падыход не быў адэкватна ўспрыняты, і да нядаўняга часу Р. Віпэр заставаўся непрызнаным.

Абагульняльную характарыстыку ўяўленняў дарэвалюцыйнай гiстарычнай навукi аб Iнфлянцкай вайне ў свой час даў Сяргей Платонаў (у „Лекцыях па рускай гiсторыi”). У выдадзенай ім у 1923 г. бiяграфii Iвана IV гэтая характарыс тыка прыняла канчатковую форму[17]. Яна аказала немалое ўздзеянне на наступныя працы, прысвечаныя Інфлянцкай вайне. С.Платонаў, у прынцыпе, развіў погляды С.Салаўёва і Г.Форстэна. Заканамернасць і непазбежнасць вайны для яго відавочныя. „<Інфлянцкае> пытанне атрымала важнасць чарговага ў сістэме палітычных зносін Масквы … ўсім ходам адносінаў з Інфлянтамі”[18]. Інфлянцкая вайна — гэта „своечасо вае ўмяшанне Масквы ў першаступенную па важнасці міжнародную барацьбу за права карыстання марскімі шляхамі Балтыкі”[19]. Пачатак вайны ў 1558 г. быў абумоўлены спрыяльнымі абставінамі. Гісторык таксама прызнаваў, што Інфлянты ажыццяўлялі фактычную блакаду зносін Маскоўскай дзяржавы з Еўропай, хоць і перажывалі крызіс. Усе гэтыя тэзы можна сустрэць у савецкай гістарычнай літаратуры пазнейшых часоў.

Аднак, запазычана было не ўсё. Так, па Платонаву, Выбраная рада не збіралася аспрэчваць царскае рашэнне распачаць Інфлянцкую вайну: „…не было бачна нічога падобнага на палітычную апазіцыю; ясным было толькі маральнае асуджэнне”[20]. У паражэнні вінаваты ў першую чаргу ўнутрыпалітыч ны і эканамічны крызіс: „Па сутнасці, Баторы біў ужо нямоглага ворага, які страціў сілы да барацьбы”[21].

Кніга С.Платонава была створаная ў супрацьвагу выдадзенай Р. Віпэрам біяграфіі Івана IV. С.Платонаў звярнуў асноўную ўвагу на ўнутраную палітыку Івана Жахлівага, таму тут не знойдзеш дэталёвага апісання і разбора хады ваенных дзеянняў. Існуе яшчэ адна рыса, якая розніць абедзве кнігі: калі Віпэр проста захоплены царом, то Платонаў захаваў бесстароннасць у дачыненні да асобы Івана IV, ні асуджаючы, ні ўсхваляючы яго.

Дзве вышэй апісаныя біяграфіі з’явіліся як бы зыходнай пазіцыяй для далейшых выданняў, прысвечаных Інфлянцкай вайне. З кнігі Р.Віпэра быў узяты тэзiс пра беспамылковасць і дальнабачнасць цара, а з кнігі С.Платонава — прычынна-выніковае тлумачэнне падзеяў.

Дарэвалюцыйны адбітак ляжаў і на творчасці савецкага перыяду вядомага даследчыка XVII ст. Юрыя Гацье. У 1941 г. у часопісе „Историк-марксист” выйшаў ягоны артыкул, прысвечаны балтыйскаму пытанню ў XIII—XVI ст.[22] На той час гэтая праца была проста крамольнай. Адразу заўважаецца відавочнае крытычнае стаўленне аўтара да тагачаснай палітыкі маскоўскага кіраўніцтва. Гацье адкрыта піша пра памылкі і пралікі маскоўскага ўрада, што ў 1930—40-х г. было, мякка кажучы, не прынята. Памылкамі лічыліся рабаўнічы характар ваенных дзеянняў у Інфлянтах, бо гэтым царскія ваякі „выклікалі да сябе ў карэннага насельніцтва нянавісць”, адмова ад міру з ВКЛ на земскім саборы 1566 г., пралікі, звязаныя з распадам Інфлянцкай дзяржавы і ўступленнем у вайну трэціх удзельнікаў[23]. Усё гэта і абумовіла паражэнне, адсталасць у ваенным майстэрстве і тэхніцы ды ўнутраны разлад у краіне ў выніку апрычніны толькі наблізілі яго.

Артыкул Ю.Гацье не можа не ўражваць імкненнем да аб’ектыўнасці. Дзякуючы гэтаму яго можна паставіць у адзін шэраг з працамі М.Пакроўскага, Р.Віпэра і С.Платонава. Таму, парушыўшы храналогію выкладання, мы і разгледзелі яго перад аналізам прац 1930-х г.

Трыццатыя гады сталі перыядам сапраўднага застою ў распрацоўцы тэматыкі Інфлянцкай вайны. Артыкулы і кнігі, якія з’явіліся ў гэты час, носяць прынцыповы інфармацыйны характар з ідэалагічна -выхаваўчымі мэтамі. За прыклад, які дэманструе ўзровень тагачасных даследаванняў, можна ўзяць працы Б.Верхавеня[24]. Кепскі стыль, заштампаваная тэрміналогія, вольная маніпуляцыя фактамі — вось характэрныя рысы яго выданняў. Працы іншых гісторыкаў таксама мелі папулярна -публіцыстычнае адценне[25]. З агулу можна вылучыць толькі даследаванне М.Новікава, прысвечанае марской палітыцы Івана IV[26]. Аднак хутка больш чым дзесяцігадовае маўчанне гісторыкаў змянілася раптоўным выбухам цікавасці да эпохі Івана IV, якая стала амаль цэнтрам увагі савецкіх даследчыкаў Сярэднявечча.

Пераломным у вывучэнні эпохі цара Івана Жахлівага стаў 1941 г. (пасля з’яўлення ў газеце „Правда” праграмнага артыкула). Рэзка быў узяты курс на апалагетызацыю асобы цара, што адмоўна адбілася на якасці выдаванай навуковай літаратуры. У 40—50-я г. выйшла вялікая колькасць кніг па гісторыі Расіі XVI ст. За справу цяпер узяліся аўтарытэтныя прафесіяналы. З’явіліся новыя біяграфіі Івана IV[27], два разы была перавыдадзена манаграфія Р.Віпэра. Выйшлі таксама асобна даследаваннi, прысвечаныя непасрэдна Iнфлянцкай вайне i ваеннай дзейнасцi Iвана Жахлiвага[28]. У перыядычных выданнях быў надрукаваны шэраг артыкулаў, якія знаёмілі чытача з тымi цi iншымi аспектамi гэтай падзеi[29]. Афiцыйны пункт гледжання на Iнфлянцкую вайну замацавалi акадэмiчныя „Очерки истории СССР”[30]. Усе гэтыя даследаваннi выкрышталiзавалi і канчаткова аформiлi савецкую канцэпцыю Iнфлянцкае вайны. Паколькі канцэптуальна яны мала чым адрознiваюцца адна ад адной, то разглядаць iх будзем разам.

Канцэпцыя савецкiх гiсторыкаў вызначаецца ў першую чаргу даведзеным да скрайнасцi сацыяльна -эканамiчным дэтэрмiнiзмам i нястрыманым аптымiзмам у дачыненнi да вынiкаў i значэння Інфлянцкай вайны, нягледзячы на факт паражэння ў ёй Маскоўскага царства. Найаўтарытэтнейшай крыніцай, на якую абапіралiся даследчыкi, сталі кароценькія вытрымкi з „Храналагiчных выпiсак” К. Маркса[31]. Праца вучоных скiроўвалася пераважна на стварэнне зграбнай усёвытлумачальнай схемы, што наносiла немалую шкоду напрацоўцы новых дадзеных i ўсебаковаму аналiзу даўно вядомых фактаў. Навукова-папулярны характар выдаваных кнiг не можа апраўдваць iлюстрацыйнага падыходу да фактаў i выбарных адносiн да крынiц, а менавiта гэтым вызначыліся савецкія выданні 40—50-х г. У сцвярджэннях пра дальнабач насць цара i ягонае разуменне пастаўленых перад Маскоўскай дзяржавай знешнепалiтычных задачаў выявiўся так характэрны для савецкай гiстарыяграфii феномен „блытанiны перспектываў” (тэрмiн Ежы Тапольскага), сутнасць якога заключаецца ў тым, што пры растлумачэннi матывацыi ўчынкаў рэальных гiстарычных асобаў прычыны падмяняюцца вынiкамi, калi наступствы дзеяння спрагназаваны яшчэ перад пачаткам яго рэалiзацыi. Шматварыянтнасць гiстарычнага працэсу пры такiм падыходзе абсалютна не ўлiчваецца.

Наступны метадалагiчны недахоп гэтых выданняў таксама досыць сiмптаматычны. Гэта дамiнаванне тэкставай iнфармацыi над кантэкставай — сацыяльнага, палiтычнага, эканамiчнага, iдэалагiчнага фону, у якiм ствараўся тэкст. У пагонi за доказамi ўласнай пазiцыi гiсторыкi не абцяжарвалi сябе пошукам i вызначэннем ступеняў аб’ектыўнасцi i бесстаронасцi аўтара. Хапала таго, што крынiца адлюстроўва ла, па меркаваннях афiцыйнай школы, прагрэсiўную пазiцыю (у нашым выпадку гэта пазіцыя Iвана Жахлiвага з дваранскiм i купецкiм станамі). Добрым прыкладам тут будзе iнтэрпрэтацыя перапiскi цара Iвана ІV з князем Андрэем Курбскiм. Пэўна, не будзе вялiкiм перабольшваннем сказаць, што савецкая канцэпцыя 40—50-х г. i прыдворная трактоўка палiтычных падзей у эпоху Iвана IV па сваёй сутнасцi iдэнтычныя. Падобнае „супадзенне”, вядома, не можа не ўспрымацца як натуральнае.

Заканамернасць вайны абгрунтоўвалася „пільнай неабходнасцю” для Маскоўскай дзяржавы атрымаць выйсце да Балтыйскага мора[32], а таксама ўсiм папярэднiм развiццём маскоўска -iнфлянцкiх стасункаў, якiя, на думку Леанарда Дзербава, не былi найлепшымi[33]. Дасягненне балтыйскiх берагоў павiнна было дапамагчы Маскве выйсцi на шырокi еўрапейскi рынак і было неабходнай умовай для нармальнага развiцця краiны[34]. Аднак справа не ішла далей за гэты абагульняльны пастулат. Дасканальны аналiз характару, структуры i аб’ёму маскоўскага гандлю з Захадам не быў праведзены належным чынам у савецкай гiстарыяграфii. Пастуляваная невыноснасць тагачаснага стану гандлёвых стасункаў з Еўропай супярэчыла высновам iншых канкрэтна -гiстарычных даследаванняў. Прыкладам, М.Фехнер бездакорна абгрунтавала выснову аб большай значнасцi для Масквы ўсходняга гандлю, чым гандлю з Захадам[35].

Савецкай гiстарыяграфiяй не бралася ў поле ўвагі зацiкаўленасць у вядзеннi Iнфлянцкай вайны перадусім дзяржаўных структур. У адрозненне ад „дзяржаўнiцкай” школы другой паловы XIX—пачатку XX ст., цяпер пры разглядзе пачатку вайны дэклараваўся пераважна нацыянальны iнтарэс[36]. Новай рысай у доследах было абгрунтаванне яе справядлі васці: вайна разглядалася з пункту гледжання „вялікадзяржаў нага”, у адпаведнасці з „справядлівым” правам Масквы на далучэнне ўсіх зямель Русі[37]. Дастаткова часта паўтаралася думка аб шчырай падтрымцы карэнным насельнiцтвам — латышамi ды эстонцамi — маскоўскай палiтыкi ў Iнфлянтах, але пры гэтым выкарыстоўваліся толькi наратыўныя крынiцы, цытаты з якiх узводзіліся ў ранг „неабвержных доказаў”. Гэтым асаблiва вызначаецца праца Яна Зуцiса[38].

Важным элементам савецкай гістарыяграфічнай схемы з’яўляўся класавы падыход у тлумачэннi прычын i вынiкаў Iнфлянцкай вайны. У ролi тых, хто патрабаваў вайны, i групаў падтрымкi выступалi дваранства i купецтва. Iм супрацьстаялi класавыя ворагi ў асобе баярства i рэакцыйнага духавенства. На пачатку вайны iхную пазiцыю адлюстроўвала Выбраная рада. Супрацiўленне планам цара выклiкала лiквiдацыю гэтага ўрадавага органа[39]. Раскол у маскоўскiм урадзе служыў як бы прыкладам, які дэманстраваў антаганiстычнае стаўленне станаў да Iнфлянцкай вайны. Аднак пераканальных аргументаў на карысць гэтай думкi ўсё ж не было прыведзена.

Тэза пра шырокую сацыяльную падтрымку пачынанняў Iвана IV натыкалася на сур’ёзныя пярэчаннi фактаў. Тое самае адбывалася, калi прычыны паразы ў вайне спрабавалi тлумачыць жорсткiм супрацьборствам з варожымi класавымi групоўкамi. Нягледзячы на тое, што ўжо ў 1960-я г. антыбаярскi характар апрычнiны быў грунтоўна раскрытыкаваны савецкай гістарычнай навукай, перагляд сацыяльных прычын паразы Маскоўскага царства ў Iнфлянцкай вайне не адбыўся. У сувязi з гэтым хацелася б звярнуць увагу на тое, што пры аналiзе хады вайны ўзаемазвязанасць знешняй i ўнутранай палiтыкi Масквы не ўлічвалася. У разлік бралася толькi расстаноўка класавых сiлаў, але для поўнага i аб’ектыўнага разумення сутнасцi падзей гэтага недастаткова.

У ацэнцы вынiкаў Iнфлянцкае вайны савецкія гісторыкі выказвалi поўнае адзiнадушша. Пытанне аб наступствах, асаблiва блiжэйшых, проста не падымалася. У Iнфлянцкай вайне яны a priori ўгледзелi папярэднiцу захопнiцкай балтыйскай палiтыкi Пятра I, бачачы ў ёй толькi „няўдалую спробу” авалодання Прыбалтыкай. За канстатацыяй паражэння iшлi аптымiстычныя высновы, якiя падмацоўвалiся выгоднай перспектывай вядомых гiстарычных падзей пачатку XVIII ст. Тут iзноў выявiўся феномен „блытанiны перспектываў”, яшчэ ў больш заганнай форме. У той жа час уплыў паражэння ў гэтай вайне на блiжэйшыя часы, на падзеі Смутнага часу, па сутнасцi, нават не згадваўся.

Трэба адзначыць, што ў 1956 г. была звернута ўвага на пытанне ўдзелу ў Iнфлянцкай вайне і Вялікага Княства Літоўскага[40]. У даследаваннi Л.Дзербава разгледжаны прычыны ўступлення ВКЛ у вайну, сутнасць вялікалiтоўскай палiтыкi ў першы перыяд яе развiцця. Работа ў цэлым носiць апiсальна-iнфармацыйны характар. Аўтар не выходзiць за рамкi савецкай канцэпцыi i дае падзеям выразна прамаскоўск ую iнтэрпрэтацыю[41]. Гэта асаблiва добра вiдаць пры разглядзе бiтвы над Улай 1564 г., у апiсаннi якой Л.Дзербаў не выходзiць за межы сведчанняў рускiх летапiсаў[42]. На жаль, гэтае даследаванне не атрымала далейшай паглыбленай распрацоўкi.

Нягледзячы на значную iнтэнсiўнасць даследчыцкай дзейнасцi, савецкая гiстарыяграфiя 40—50-х г. не ўнесла ў вывучэнне Iнфлянцкай вайны нiчога прынцыпова новага, апрача афармлення ўласнай канцэпцыi, пастулаты якой часта супярэчылi канкрэтным фактам. Не ўводзіліся ва ўжытак новыя дакументы (хоць яны і працягвалi выдавацца[43]), не ажыццяўляліся комплексныя даследаванні па вузкай ваеннай праблематыцы[44]. На наш погляд, С. Шмiдт слушна ахарактарыза ваў лiтаратуру гэтых гадоў як „гiстарычна -кампiлятыўную”[45]. З пазiтыўных момантаў трэба вылучыць зварот да тэмы „ВКЛ у Iнфлянцкая вайне” і шэраг рэцэнзiй на працы заходнееўрапейскiх гiсторыкаў[46].

Ствараецца ўражанне, што гэткая бурная даследчыцкая дзейнасць была выклiкана не навуковай зацiкаўленасцю, а неабходнасцю ўпiсаць Iнфлянцкую вайну ў зграбную марксiсцка -ленiнскую схему расiйскай гiсторыi, асновай якой стала мадэрнiзаваная вялікадзяржаўная тэорыя. Адыграла сваю ролю i дзяржаўна -партыйная замова — сталiнская ўлада слушна ўбачыла ў апрычным рэжыме Iвана Жахлiвага свайго кроўнага папярэднiка. Для ўсяго далейшага развiцця гiстарыяграфii Iнфлянцкай вайны сапраўднае значэнне мела толькi станаўленне гэтага афiцыйнага пункту гледжання[47].

Змястоўны крытычны аналiз савецкай гiстарыяграфii 40—50-х г. у свой час ажыццявiў Сігурд Шмiдт[48]. Слушна ахарактарызаваўшы стан тагачаснага гiстарычнага пiсьменства як „аднабаковы, дагматычны падыход да гiстарычных з’яваў”[49], ён звярнуў вялiкую ўвагу на памылковасць i неабгрунтаванасць шмат якiх палажэнняў савецкiх гiсторыкаў. Аўтар крытычна паставiўся да сцвярджэнняў пра супрацьдзеючую ролю Выбранай рады пры развязваннi Iнфлянцкай вайны, звярнуў увагу на недастатковы ўлiк значэння „ўсходняга напрамку” пры вывучэннi знешняй палiтыкi Масквы, раскрытыкаваў тэзiс аб неабходнасцi знясiльваючай i непапулярнай Iнфлянцкай вайны. Пад крытыку трапілі нават сталыя спасылкi даследчыкаў на К.Маркса, якi быццам бы высока ацэньваў палiтычную дальнабачнасць i настойлiвасць Iвана Жахлiвага ў вядзеннi Iнфлянцкай вайны. Аўтар канстатаваў, што „гiсторыя Iнфлянцкай вайны яшчэ мае патрэбу ў дадатковым вывучэннi, прытым у плане самай цеснай узаемасувязi з падзеямi ўнутрыпалiтычнай i сацыяльна -эканамiчнай гiсторыi”[50] . У цэлым С.Шмiдт раскрытыкаваў самую сутнасць канцэпцыi, створанай у часы Сталiна.

Крыху адрозную ад традыцыйнай для лiтаратуры 1950-х г. трактоўку канкрэтных абставiн (але, па сведчанні аўтара, не сутнасцi падзей) развiцця Iнфлянцкай вайны паспрабаваў даць Iгар Грэкаў[51]. Вучоны завастрыў увагу на аналiзе дыпламатыч най барацьбы Маскоўскага царства за пераадоленне „вымушанай iзаляцыi ў коле яўных i скрытых працiўнiкаў”[52]. Гэтая барацьба, на думку аўтара, была паспяховай. Наяўнасць „скрытых хаўруснiкаў” у іпастасі Вены i Ватыкана дазволiла Маскве распачаць Iнфлянцкую вайну. Яе „дзiўны” характар (чаргаванне ваенных акцыяў супраць Iнфлянтаў i Крымскага ханства) вытлумачваецца неабходнасцю нейтралiзацыi каталiцкага лагера. Надзея на дапамогу Масквы супраць туркаў, варожае стаўленне да пратэстантызму прымушалi Габсбургаў i рымскага папу закрываць вочы на паступовую акупацыю Iнфлянтаў. Пасiўнасць Святой Рымскай Iмперыi нямецкай нацыі ставiлася ў заслугу Iвану IV, яго выдатным дыпламатычны м здольнасцям[53]. У той жа час прычыну няўдачы ў Iнфлянцкай вайне I.Грэкаў бачыў у поўнай знешнепалiтычнай iзаляцыi Масковii ў 1578—1581 г.

Аргументацыя аўтара, на наш погляд, не пераконвае i ўваходзiць у вiдавочную супярэчнасць з фактамi. Савецкi даследчык чамусьцi не ўлiчвае шматлiкiх спробаў iмператара Фердынанда (пасланні да рэйхстага, лiсты да цара Iвана IV, перамовы з рознымi бакамi) прадухiлiць поўны захоп маскоўскім войскам Iнфлянтаў. I.Грэкаў нават не згадвае пра пасольства Гераніма Гофмана ў 1560 г., якога Iван IV не прыняў i пасадзiў за краты. У той жа час аўтар паведамляе, што „наяўнасць скрытых хаўруснiкаў у Еўропе дазволiла аднавiць у 1560 г. барацьбу за Iнфлянты”[54].

Дзiўна, што Iван IV спрабаваў абмежаваць удзел у iнфлянцкiм канфлiкце такога пасіўнага назiральнiка за падзеямі, як Святая Рымская iмперыя, а не дзяржаваў, непасрэдна зацiкаўленых у авалодваннi iнфлянцкай тэрыторыяй — Швецыi, Данii, урэшце, ВКЛ. Зносiны Масквы з Венай насiлi спарадычны характар, і не можа быць гаворкi пра нейкую ўзгодненасць рашэнняў i дзеянняў. Нават калi прызнаць рацыю I. Грэкава і верыць, што цар на самай справе надаваў вялiкае значэнне сваiм адносiнам з нямецкiм iмператарам, давядзецца канстатаваць марнасць, нават бяссэнсавасць яго намаганняў у гэтым напрамку. А гэта, у сваю чаргу, зусім не сведчыць пра вялікі дыпламатычны і палітычны талент маскоўскага ўладара.

Калi савецкая гiстарыяграфiя 40—50-х г. ставiла сваёй галоўнай мэтай абгрунтаванне справядлiвасці i заканамернасці Iнфлянцкай вайны, то I.Грэкаў стараўся даказаць паўнапраў ны ўдзел Масквы ў еўрапейскай палiтыцы. У падобнага пастулата быў не навукова-гiстарычны, а палiтычна-iдэалагiчны грунт. Пры ўсёй стараннасцi аўтара яго лагiчныя збудаванні выглядаюць штучнымі. Масква тады разглядалася толькi як выгадны партнёр, чыё геапалiтычнае становiшча i вайсковы патэнцыял дазваляў скарыстаць яе для вырашэння надзённых праблемаў еўрапейскай палітыкi, у першую чаргу для барацьбы з Асманскай iмперыяй. Па шэрагу прычын складовым элементам еўрапейскай сiстэмы раўнавагi сiлаў у XVI ст. Маскоўская дзяржава яшчэ не з’яўлялася.

У цэлым, калі гаварыць пра працу І.Грэкава, хоць нарыс аб Iнфлянцкай вайне па-свойму арыгiнальны, з-за супярэчлiвага трактавання фактаў i гiпатэтычных высноваў яе цяжка лічыць важкiм унёскам у распрацоўку тэматыкi.

Пасля „хрушчоўскай адлiгi” спецыяльныя абагульня льныя экскурсы ў гiсторыю знешняй палiтыкi i мiжнародных адносiн другой паловы XVI ст. адышлi ў нябыт i змянiлiся даследаваннямi па вузкiх лакальных праблемах. Пераход да вузкаспецыялiзаванай тэматыкi меў два важныя наступствы. Гiсторыя Iнфлянцкай вайны з праблемы актуальнай i надзённай паступова ператварылася ў маргiнальную тэму. З iншага боку, выбар вузкай тэматыкi дазволiў узняць навуковую якасць даследаванняў.

Гістарыяграфія перыяду 1960—80-х г. характарызуецца цiкавым феноменам. У той час адбывалася своеасаблiвае „падточванне знутры” некаторых схаластычных фармулёвак, уведзеных даследаваннямі 1950-х. Сутнасць канцэпцыi пры гэтым пад крытыку не трапляла, аднак, калi ўважлiва прыгледзецца, дык высновы новых распрацовак на самай справе пярэчылi логiцы афiцыйнай схемы Iнфлянцкай вайны. Дасягненнем тых гадоў стаў выпуск корпусу крынiцаў па ваеннай гiсторыi Расii. У першую чаргу трэба згадаць выданнi разрадных кнiг канца XV—XVII ст.[55] Праўда, калі не лiчыць праведзенай крынiцазнаўчай працы, для даследавання пытанняў Iнфлянцкай вайны яны засталiся практычна незапатрабаванымi.

Iмкнучыся стварыць цэласную карцiну гiсторыi Маскоўскай дзяржавы XVI ст., вядомыя даследчыкi апрычнiны Аляксандр Зiмiн i Руслан Скрыннiкаў у сваiх працах звярнулі асаблівую ўвагу на знешнепалiтычныя падзе[56]. У сваiх асноўных рысах, сваім канцэпцыйным падыходам iхныя тэксты не адрознiваюцца ад даследаванняў 1950-х г. Гэтыя выданні з’яўляюцца выдатнымі ўводзiнамi ў факталогiю Iнфлянцкай вайны. Прыкладам, А.Зiмiн свядома не выходзiў за рамкi кампiляцыйнага стылю. У сваiх фармулёўках гэты даследчык асцярожны i некатэгарычны. Энцыклапедычнасць яго ведаў i шырокая дакументальная база даследаванняў проста захапляе.

Р.Скрыннiкаў, у адрозненне ад калегi, iмкнуўся выказаць уласныя меркаваннi па тых цi iншых пытаннях знешняй палiтыкi. Безумоўнай заслугай навукоўца з’яўляецца крытыка тэзіса, якi галоўную віну за паражэнне ў Iнфлянцкай вайне ўскладвае на эканамiчны крызiс 1570-х г. Ён правамерна заўважае, што пачатак крызiсу не прывёў да адначасовых няўдач на ваенным фронце, і згадвае пра ўдалыя вынiкi кампанii 1577 г. „Паражэнне з’явiлася наступствам шэрагу ваенных, палiтычных i эканамiчных фактараў”, — напрыканцы пiша Р. Скрыннiкаў[57].

Абодва аўтары ў цэлым далі больш аб’ектыўную ацэнку вайне, не перакладаючы адказнасць за паразу ў ёй на падкопы ворагаў. Яны згадваюць i пралiкi дыпламатыi, i псiхапаталагiчныя асаблiвасцi цара, i нiзкую баяздольнасць войска. Шкада, што гэтыя нарысы былi толькi агляднымi экскурсамi абагульняльнага характару.

Некаторыя стэрэатыпы савецкай гiстарыяграфii былі пастаўлены над пытанне шэрагам невялiкiх прац маскоўскага гісторыка Барыса Флоры. У яго даследаванні аб праекце антыкрымскай каалiцыi нядвухсэнсава паказана непастаянства iнтарэсаў маскоўскага ўрада ў канцы 1550-х г. з прычыны актыўных дзеянняў адразу на двух напрамках знешняй палiтыкi — паўднёвым i заходнiм[58]. У працы „Расiя, Рэч Паспалiтая i канец Iнфлянцкай вайны” пад крытыку трапiў тэзiс аўтараў 50-х г. пра нястомныя пошукі царом шляхоў для працягу барацьбы за Прыбалтыку адразу пасля паражэння ў Інфлянцкай вайне[59]. Б.Флора, такiм чынам, не ацэньваў вынiкаў вайны аптымiстычна. У яшчэ адной працы ён акцэнтаваў увагу на незадаволенасцi пануючага класа эканамiчным крызiсам, выклiканым Iнфлянцкай вайной. „Ухiленне дваран ад службы, iхнае нежаданне працягваць спусташальную вайну, без сумневу, стала iстотнай прычынай тых ваенных няўдач, якiя здарылiся ў гэтыя гады з рускай армiяй”, — канстатуе аўтар[60]. У пытанні аб развязванні вайны Б.Флора надаваў большае значэнне стратэгiчным, чым гандлёва-эканамiчным прычынам. Услед за Л.Дзербавым ён лiчыў Прыбалтыку важнай вузлавой пазiцыяй у барацьбе за Ўкраiну i Беларусь[61].

Перадгiсторыяй Iнфлянцкай вайны займаўся Iван Шаскольскi, які прысвяцiў свой артыкул праблеме „юр’еўскай данiны”[62]. Аўтар зрабiў вельмi важную выснову пра жаданне Масквы ўрэгуляваць гэтую праблему мiрным шляхам. Так быў пастаўлены пад пытанне тэзiс аб планамернай падрыхтоўцы вайны. Але I.Шаскольскi не пайшоў далей за прыватныя высновы. Прычын вайны ён так i не крануў.

Самая смелая спроба перагледзець афiцыйны погляд савецкай гістарычнай навукі на Iнфлянцкую вайну належыць I.Курукiну[63]. Яго даследаванне прысвечана першым гадам вайны, калi разгарэўся канфлiкт цара з сябрамi Выбранай рады. Уважлiва прааналiзаваўшы iнфлянцкiя крынiцы, вучоны здолеў прапанаваць іншыя тлумачэнні знешнепалiтычнай пазiцыi Выбранай рады i па-новаму ахарактарызаваць iнтарэсы гандлёвага класу Iнфлянтаў i Маскоўскай дзяржавы ў канцы 50-х г. XVI ст. На думку аўтара, маскоўскае купецтва не было зацiкаўлена ў вайне i не падтрымала гэтай iдэi цара. Цiкавай з’яўляецца думка, што „дзейнасць Сiльвестра адлюстроўвала iнтарэсы гандлёва-пасадскiх колаў”[64]. У цэлым I.Курукiн абгрунтаваў меркаваннi С.Шмiдта, выказаныя тым у 1962 г. На жаль, наватарская праца I.Курукiна, прысвечаная прыватнаму аспекту, не атрымала свайго далейшага развiцця. Новая iнтэрпрэтацыя крынiц i фактаў не пацягнула за сабой перагляду дагматычнай канцэпцыi.

Вось з такiмi набыткамi савецкая гiстарыяграфiя дайшла да эпохi „перабудовы”. Новая палiтычная сiтуацыя запатрабавала новага трактавання даўніх падзей. У цэлым, аднак, як маргiнальнасць тэматыкi Iнфлянцкай вайны, так i вузкаспецыялiзаваны падыход засталіся без зменаў. Затое сутнасць канцэпцыi сталiнскага часу цяпер трапіла пад увагу вучоных. У новай літаратуры з’явіліся сцвярджэннi аб бяссэнсавасцi, бесперспектыўнасцi вайны з-за яе неадпаведнасцi тагачаснаму ўзроўню развiцця краiны, непапулярнасцi вайны сярод шырокiх масаў насельнiцтва[65]. Падкрэслiваўся моцны ўплыў на характар хады падзей псiхiчных асаблiвасцяў асобы Iвана IV. Выразна быў сфармуляваны тэзіс пра вайну як галоўную прычыну эканамiчнага крызiсу 1570-х г. Сігурд Шмiдт яшчэ раз паставiў пад сумнеў думку аб рознасцi iнтарэсаў Выбранай рады i цара. На яго погляд, Аляксей Адашаў зусiм не быў працiўнiкам актывiзацыi барацьбы Маскоўскай дзяржавы за выхад да Балтыйскага мора. Ягоная палiтыка адрознiвалася толькі большай дальнабачнасцю ў ацэнцы магчымасцяў Масквы весцi працяглую вайну i iмкненнем дамагацца знешнепалiтычных поспехаў шляхам мiрных перамоваў. Магчыма, гэткая пазiцыя i паслужыла прычынай разладу з царом[66].

Канкрэтныя палітычныя праблемы цяжкай вайны разгледжаны ў працы Ганны Харашкевiч. Фактычна, тут у мадыфiкаваным выглядзе адрадзілася канцэпцыя Р.Вiпэра аб апрычнiне як ваенна-адмiнiстрацыйнай рэформе. Апрычнiна, на яе думку, была экстранай мерай, неабходнай для працягу непапулярнай сярод дваранства вайны. Да знешнепалiтычных справаў да падзення Выбранай рады цар меў абмежаваны доступ, iх вяла Баярская Дума. Змяненне падобнага стану рэчаў было адной з неадкладных задачаў Iвана IV[67].

Цікава, што Р.Скрыннiкаў прадэманстраваў прыкметную рэвiзiю сваiх поглядаў. Ён напiсаў, што ў Расii не было вялiкай неабходнасцi ваяваць Iнфлянты, таму што яна мела шырокае выйсце да Балтыйскага мора напярэдаднi вайны. Ён таксама не верыць у процілегласць знешнепалiтычных прыярытэтаў Выбранай рады i Iвана Жахлiвага, але лiчыць, як i раней, што „расiйскае дваранства з энтузiязмам падтрымала планы вайны, разлiчваючы на зямельныя набыткi…”[68]

*

Распадам Савецкага Саюза завяршылася эпоха савецкай гістарыяграфіі. Адносна праблемы вывучэння Інфлянцкай вайны даводзіцца канстатаваць, што, узяўшы са спадчыны не самыя лепшыя рысы дарэвалюцыйнай гістарыяграфіі, савецкая гістарычная навука фактычна не ўзнялася над „дзяржаўніцкім” трактаваннем падзей. Аднак абноўленая схема асвятлення Інфлянцкай вайны набыла некаторыя арыгіналь ныя элементы, у прыватнасці, класавую афарбоўку інтэрпрэтацый ды аптымістычныя ацэнкі вынікаў вайны. Нягледзячы на наяўнасць альтэрнатыўнай плыні, якая пярэчыла афіцыёзнай канцэпцыі, дыскусійнага поля і нармальных умоваў для развіцця яна не мела. Перашкодай былі палітычна -ідэалагіч ны кантроль над гістарычнай навукай, а таксама недастатко вая ўвага да знешнепалітычнай тэматыкі.


[1] Карамзин Н.М. История государства Российского . Кн. 3. Т. 8. Москва, 1989. С.157.
[2] Устрялов Н.Г. Русская история.Ч.2. С.-Петербург,1839. С. 68.
[3] Соловьев С.М. История России с древнейших времен. / Сочинения. Кн.3. Москва, 1989. С.483, 507.
[4] Форстен Г.В. Балтийский вопрос в ХVI и XVII столетиях. Т.1: Борьба из-за Ливонии. С.-Петербург,1893. С.96.
[5] Костомаров Н.И. Личность царя Иоанна Васильевича Грозного. / Исторические монографии и исследования . Кн.1. Москва, 1990. С.14-16.
[6] Глядзі яго падставовую працу па гэтым пытанні: Hjärne H. Svensk-ryska förhandlingar 1564-1572. Erik XIV:s ryska förbundsplaner. Uppsala,1897.
[7] Покровский М.Н. Русская история в самом сжатом очерке / Избранные произведения. Т.3. Москва,1967.
[8]Тамсама. С.54.
[9] Тамсама. С.56.
[10] Покровский М.Н. Русская история с древнейших времен / Избранные произведения. Т.1. Москва,1966. С.302.
[11] Angermann N. Studien zur Livlandspolitik Ivan Groznyjs. Marburg/Lahn,1972. S.67-71.
[12] Виппер Р.Ю. Иван Грозный. Москва,1922.
[13] Спасылкі даюцца па другім выданні: Виппер Р. Ю. Иван Грозный. Ташкент,1942. С.32.
[14] Тамсама. С.142.
[15] Тамсама. С.169-170.
[16] Тамсама. С.158.
[17] Платонов С.Ф. Иван Грозный. Москва,1923.
[18] Спасылкі даюцца па перавыданні: Платонов С.Ф. Сочинения. Т.2. С.-Петербург,1994. С.60.
[19] Тамсама. С.15.
[20] Тамсама. С.71.
[21] Тамсама. С.66.
[22] Готье Ю.В. Балтийский вопрос в XIII—XVI вв. // Историк-марк сист. 1941. Кн.6. С.87—95.
[23] Тамсама. С.95.
[24] Верховень Б.Г. Ливонская война // Пропагандист и агитатор РККА. 1939. №2. С.49—58; Верховень Б.Г. Расширение Русского государства. Москва,1938; Верховень Б.Г. Россия в царствование Ивана Грозного. Москва,1939.
[25] Бахрушин С.В. Разгром Немецкого Ордена в Прибалтике Иваном IV // Исторический журнал. 1941. №10—11. С.71—77; Бахрушин С.В. Расширение Русского государства при Иване IV // Пропагандист. 1939. №1. С.15—22; Савич А.А. Борьба русского народа с иностранными агрессорами (XVI— начало XVII в.) // Знамя. 1939. Кн.5—6. С.190—208; Тельпуховский Б. Борьба русского народа за выход к Балтийскому морю (XIII—XVII вв.) // Военно-исторический журнал. 1940. №7. С.77—89.
[26] Новиков Н. Борьба России за выход на Балтийское море в XVI в. и каперский флот Ивана Грозного // Морской сборник. 1938. №7. С.90—106.
[27] Бахрушин С.В. Иван Грозный. Москва,1942. 2-е выд. Москва,1945. Перавыдадзена ў: Бахрушин С.В. Научные труды. Т.2. Москва,1954. С.256—328.
[28] Бахрушин С.В. Разгром Ливонского Ордена в Прибалтике (XVI век). Ташкент,1942; Королюк В.Д. Ливонская война. Москва,1954; Коротков И.А. Иван Грозный: Военная деятельность. Москва,1952.
[29] Дербов Л.А. К истории падения Ливонского ордена // Ученые записки Саратовского государственного университета. Т.17. Харьков, 1947. С.157—174; Зутис Я.Я. К вопросу о ливонской политике Ивана IV // Известия АН СССР, серия истории и философии. 1952. Т.9. №2. С.133—143; Зутис Я.Я. Разгром Ливонского ордена // Большевик Советской Латвии. 1949. №11. С.53—59; Лурье Я.С. Вопросы внешней и внутренней политики в посланиях Ивана IV // Послания Ивана IV. Москва-Ленинград,1951. С.468—519; Новицкий Г.А. Новые данные о русском феодальном землевладении в Прибалтике в период Ливонской войны (1558—1582) // Вопросы истории. 1956. №4. С.134—139; Новицкий Г.А. Русское государство в борьбе за Балтику в ХVI в.: Стенограмма лекции, прочитанной 13 января 1945 г. Москва, 1945; Писаревский Г.Г. Осада Пскова польско-литовским королем Стефаном Баторием в 1581 г. // Известия Азербайджанского филиала АН СССР. Вып.3. №7. Баку, 1947. С.20—25; Полосин И.И. Псковское сидение // За родную землю. Москва,1949. С.77—94.
[30] Очерки истории СССР. Период феодализма (конец XV — начало XVII в.). Москва,1955.
[31] Архив К.Маркса и Ф.Энгельса. Т.8. Москва,1946. С.165.
[32] Бахрушин С.В. Научные труды. Т.2. С.282—284; Королюк В.Д. Цыт.пр. С.29—30; Очерки истории СССР. С.273—276.
[33] Дербов Л.А. Цыт. пр. С.159—162.
[34] Королюк В.Д. Цыт. пр. С.27—30.
[35] Фехнер М. Торговля Русского государства со странами Востока в XVI в. Москва, 1956.
[36] Бахрушин С.В. Научные труды. Т.2. С.282; Королюк В.Д. Цыт.пр. С.30.
[37] Адкрыта падобны пункт гледжання выклаў Iван Караткоў: „Iнфлянцкая вайна была прагрэсiўнай, справядлiвай(!!!) вайною: Масква змагалася за вяртанне спрадвечных рускiх зямель(!!!), за аб’яднанне Русi(!!!), за вызваленне краiны ад фактычнай блакады на Захадзе” (Коротков И.А. Цыт.пр. С.43—44).
[38] Зутис Я.Я. К вопросу о ливонской политике . С.136-143. Глядзі таксама: Дербов Л.А. Цыт.пр. С.165—172; История Латвийской ССР. Т.1. Рига, 1952. С.163—167; История Эстонской ССР. Т.1. Таллин, 1961. С.339—347.
[39] Королюк В.Д. Цыт.пр. С.28—29; Лурье Я.С. Цыт.пр. С.485—488.
[40] Дербов Л.А. Борьба Русского государства за Прибалтику и Белоруссию в 60-х годах XVI в. // Ученые записки Саратовского государственного университета. Т.47. Харьков, 1956. С.149—181.
[41] Заслугоўвае ўвагі, як Л.Дзербавым сумяшчаўся класавы падыход з „великодержавным” трактаваннем Інфлянцкай вайны, што, па сваёй сутнасці, характэрна для ўсёй савецкай гістарыяграфіі: „Гаворачы пра тое, што знешняя палітыка Расіі і Польшчы ў XVI cт. была абумоўлена класавай прыродай абедзвюх феадальных дзяржаваў і інтарэсамі іх пануючых класаў, мы, аднак, не павінны забываць, што паміж палітыкай Рускай і Польска-Літоўскай дзяржаваў існавала істотная розніца. У той час, як магнацка-шляхецкія вярхі Польска-Літоўскай дзяржавы праводзілі агрэсіўную, антыславянскую (!!! — А.Я.) палітыку на Ўсходзе, накіраваную на заняволенне ўкраінцаў і беларусаў і арганізацыю ваенных авантураў супраць Расіі, у палітыцы Рускай дзяржавы заключаліся прагрэсіўныя задачы як у вырашэнні балтыйскага пытання, так і ў вырашэнні іншай найважнейшай праблемы — вызвалення з-пад польскага феадальнага ярма ўкраінскіх і беларускіх зямель і ўз’яднання трох братніх усходнеславянскіх народаў” (Тамсама. С.152.).
[42] Тамсама. С. 175—176.
[43] Из истории блокады Русского государства // Материалы по истории СССР. Т.2. Москва, 1955. С.247—272; Посольство И.Гофмана в Ливонию и Русское государство в 1559—1560 гг. // Исторический архив. 1957. №6. С.131—142.
[44] Выключэннем з’яўляецца: Кушелева Л.Н. О боевом использовании артиллерии в важнейших сражениях Ливонской войны 1558—1582 гг. // Сборник исследований и материалов Артиллерийского исторического музея. Вып.3. Ленинград, 1958.
[45] Шмидт С.О. Вопросы истории России XVI века в новой историчес кой литературе // Советская историческая наука от XX к XXII съезду КПСС. История СССР. Сб.ст. Москва, 1962. С.95.
[46] Круус Х. Балтийский вопрос в XVI в. в зарубежной литературе // Вопросы истории. 1959. №6. С.108—119; Фейгина С.А. По страницам зарубежных исследований внешней политики России в XVI-XVII вв. // Вопросы истории. 1955. №12. С.204-211.
[47] Найбольшым навуковым дасягненнем марксісцкай гістарыяграфіі Інфлянцкай вайны, без сумневу, трэба прызнаць даследаванне гісторыка з ГДР Эрыха Донэрта: Donnert E. Der livländische Ordensritterstaat und Russland. Berlin, 1963.
[48] Шмидт С.О. Цыт.пр. С.91—136.
[49] Тамсама. С.93.
[50] Тамсама. С.133.
[51] Греков И.Б. Очерки по истории международных отношений Восточной Европы XIV—XVI вв. Москва, 1963.
[52] Тамсама. С.309—310.
[53] Тамсама. С.311—318.
[54] Тамсама. С.320.
[55] Разрядная книга 1475—1598 гг. / Подгот. В.И.Буганов. Москва, 1966; Разрядная книга 1559—1605 гг. / Под ред. В.И.Буганова. Москва, 1974; Разрядная книга 1550—1636 гг. /Под ред. В.И.Буганова. Вып.1. Москва, 1975; Разрядная книга 1475—1605 гг. / Под ред. В. И. Буганова. Т.2. Ч.1. Москва,1978. Т.2. Ч.2—3. Москва, 1982.
[56] Зимин А.А.Реформы Ивана Грозного. Москва,1960; Зимин А.А. Опричнина Ивана Грозного. Москва,1964; Зимин А.А. В канун грозных потрясений: Предпосылки первой крестьянской войны в России. Москва,1986; Скрынников Р.Г. Начало опричнины. Ленинград, 1966; Скрынников Р.Г. Россия после опричнины. Ленинград, 1975; Скрынников Р.Г. Иван Грозный. Москва,1978. 2-е выд. — Масква, 1983.
[57] Скрынников Р.Г. Россия после опричнины. С.62.
[58] Флоря Б.Н. Проект антитурецкой коалиции в середине XVI в. // Россия, Польша и Причерноморье в XV-XVIII вв. Москва,1979. С.71-85.
[59] Флоря Б.Н. Россия, Речь Посполитая и конец Ливонской войны. // Советское славяноведение. 1972. №2. С.25—35.
[60] Флоря Б.Н. Война между Россией и Речью Посполитой на заключительном этапе Ливонской войны и внутренняя политика правитель ства Ивана IV // Вопросы историографии и источниковедения славяно-германских отношений. Москва, 1973. С.203.
[61] Флоря Б.Н. Русско-польские отношения и балтийский вопрос в конце XVI — начале XVII в. Москва, 1973. С.5—14.
[62] Шаскольский И.П. Русско-ливонские переговоры 1554 г. и вопрос о ливонской дани // Международные связи России до XVII в. Москва, 1961. С.376—399.
[63] Курукин И.В. К изучению источников о начале Ливонской войны и деятельности правительства Адашева и Сильвестра // Источнико ведческие исследования по истории феодальной России. Сб.ст. Москва, 1981. С.29—48; Курукин И.В. Начало Ливонской войны и правительство Адашева и Сильвестра // Молодые обществоведы Москвы — ленинскому юбилею. Сб. ст. Москва, 1982. С.108-109.
[64] Курукин И.В. К изучению источников… С.42.
[65] Кобрин В.Б. Иван Грозный. Москва,1989. С.55; Хорошкевич А.Л. Опричнина и характер Русского государства в советской историографии 20-х—середины 50-х годов // История СССР. 1991. №6. С. 85.
[66] Шмидт С.О. А.Ф.Адашев и Ливонская война // Спорные вопросы отечественной истории XI—XVIII вв. Ч.2. Москва, 1990. С. 303—306.
[67] Хорошкевич А.Л. Еще одна теория происхождения опричнины Ивана Грозного // Спорные вопросы отечественной истории XI—XVIII вв. Ч.2. Москва, 1990. С.285—290.
[68] Скрынников Р.Г. Царство террора. С.-Петербург, 1992. С.130.

Наверх

Boockmann, Hartmut. Der Deutsche Orden. Zwölf Kapitel aus seiner Geschichte (Генадзь Сагановіч)

Жніўня 9, 1995 |


BOOCKMANN, HARTMUT. Der Deutsche Orden. Zwölf Kapitel aus seiner Geschichte (Нямецкі ордэн. Дванаццаць разьдзелаў ягонай гісторыі). — München, 1994. 319 S.

Пяру Гартмута Бокмана, прафэсара сярэднявечнай i новай гісторыі з унівэрсытэта імя Гумбальдта ў Бэрліне, належыць шэраг грунтоўных дасьледаваньняў, якія ў Нямеччыне шматразова перавыдаюцца[1]. Гэтая кніга таксама летась была выдадзена ўжо чацьверты раз (упершыню пабачыла сьвет у 1981 г.). Прысьвечаная аднаму з трох вялікіх крыжовых ордэнаў, яна напісаная ў жанры нарысаў, чытаецца лёгка i зь цікавасьцю. Нягледзячы на тое, што кніга навукова-папулярная, аўтар забясьпечыў яе салідным навуковым апаратам, спаслаўшыся на апублікаваныя крыніцы, шматлікія нямецкія й польскія дасьледаваньні, у тым ліку зусім новыя.

Як i пазначана ў падназьве, праца складаецца з дванаццаці разьдзелаў (плюс сьпіс усіх вялікіх магістраў, дзьве мапы, імянны й геаграфічны паказальнікі), у якіх пасьлядоўна асьвятляецца гісторыя Нямецкага ордэна з моманту яго стварэньня ў Палестыне да нашых часоў. У Нямеччыне гэты Ордэн быў нанова адкрыты на пачатку XIX ст., калі дайшло да актыўнага дасьледаваньня й папулярызацыі яго гісторыі, у выніку чаго ён стаў адным з кутніх камянёў прускае дзяржаўнае ідэалёгіі. У Польшчы ж наадварот, фармаваўся выключна нэгатыўны стэрэатып Ордэна, які зрабіўся цэнтральным у нацыянальнай гістарычнай візіі заходняга суседа. Прафэсар Бокман паставіў мэту трактаваць гісторыю Ордэна нэйтральна, без скрайніх ацэнак. I дасягнуў яе. Як адзначыў Юрген Эйсэн у Frankfurter Allgemeine Zeitung, гэтая праца, якую аўтар пісаў, «здымаючы эмацыйныя перабольшаньні, бурачы легенды й вызваляючы падзеі ад туману нацыянальнай містыфікацыі, можа ўспрымацца ўпартымі абаронцамі “патрыятычнага” скарэньня гісторыі як ледзяны душ».

Больш за дзьве траціны аб’ёму кнігі Бокман прысьвяціў падзеям XIII-XIV ст., самаму важнаму й лепшаму пэрыяду ў гісторыі Ордэна, калі той ажыцьцяўляў заваяваньне й калянізацыю Прусіі, вёў войны зь Літвой i г.д. Адносна Прусіі гісторык сярод іншага падкрэсьліў, што без дапамогі касьцёла Ордэн ня здолеў бы пасьпяхова праводзіць хрысьціянізацыю краю, паказаў жорсткасьць i бязьлітаснасьць, зь якой ажыцьцяўлялася місія.

Акурат акрэсьленыя часы пэўна ж найбольш цікавяць i беларускага чытача, паколькі менавіта тады кантакты паміж землямі Беларусі й немцамі былі асабліва інтэнсіўныя. Ордэнскія ўладаньні аддзяляла ад межаў Беларусі ўсяго некалькі міляў.

Так званыя Litauerreisen (слова Reise першапачаткова азначала барацьбу, вайну) разглядаюцца ў асобным сёмым разьдзеле: «Крыжовыя паходы Нямецкага ордэна супраць літоўцаў» (S. 150-169). Аўтар спачатку апавядае, як зьявілася Літоўская дзяржава, параўноўваючы стварэньне манархіі Міндоўга з тым, што ўдалося зрабіць францкім князям Хлодвігам на сямсот гадоў раней. Падкрэсьлівае, што на палітычныя перамены ў Літве мелі пэўны ўплыў суседзі. Міндоўг уваходзіў у самыя шчыльныя сувязі з Ордэнам. Далей агульнавядомыя падзеі гісторыі рэгіёну ад Міндоўга да нашчадкаў Гедыміна выкладаюцца надзвычай сьцісла i безь якіх-колечы арыгінальных трактовак. Пытаньне выклікаюць хіба што некалькі тэзаў па праблеме наварочваньня паганскай Літвы да хросту. У прыватнасьці, сцьверджаньне аўтара, што сярод падданых літоўскіх князёў хрысьціяне «зьяўляліся хутчэй перашкодай для хрысьціянізацыі Літвы, чымся гэтаму спрыялі» (S.153). Думаю, нашмат важнейшае для нежаданьня далучыцца да каталіцкага касьцёлу было тое, што й Ордэн, i Польшча супраць Літвы ваявалі, аб чым, зрэшты, кажа й сам Бокман.

Вайна Ордэна супраць Літвы, адзначае нямецкі гісторык, была нармальным «разьдзелам гісторыі позьнесярэднявечнага рыцарства, але гэтаксама й часткай палітычнай гісторыі тагачаснай паўночна-усходняй Эўропы». Яна ўвасабляла справу, дзеля якой рыцары й зьявіліся ў гэтым рэгіёне — змаганьне супраць паганцаў, i наогул зьяўлялася натуральным элемэнтам рыцарскага вобразу жыцьця. Мэнталітэт высакародных рыцараў, удзельнікаў крыжовых паходаў, яскрава паказаны ў творах тагачасных паэтаў Освальда Волькенштайна i Пятра Зухэнвірта, якія адначасова сьведчаць i пра малаплённасьць ды непрывабнасьць «рэйзаў» для самога Ордэна. Форма вайны, якую вялі яго кантынгенты, засталася бадай такой самай, як i апісаная для XIII ст. Генрыхам Латышом ды Пятром Дусбургам. Дасьледчык спыняецца й на тым, якіх сродкаў вымагалі «рэйзы» ад гасьцей Ордэна, што прыходзілі з розных зямель Нямеччыны, Заходняй i Паўднёвай Эўропы. Каб паказаць цяжкасьці й няўдачы, якія маглі чакаць удзельнікаў крыжовых паходаў, Бокман апавядае пра зімовую выправу 1344-45 г., знакамітую сваім складам (удзельнічала мноства першых асобаў эўрапейскай эліты) i сарваную капрызамі надвор’я (S.160-161).

Гаворачы пра спэцыфічныя для сумежжа трох рэлігіяў прынцыпы палітыкі (пакуль папская була дасягала таго, каму легімітавала крыжовы паход супраць няверных, гэты абаронца хрысьціянства мог заключыць саюз з паганымі, часам нават скіраваны супраць хрысьціян), аўтар адзначае, што лепшымі майстрамі гэткай тактыкі былі літоўскія князі. Як паганцы, яны мянялі веру ў залежнасьці ад сытуацыі: пры патрэбе маглі перахрысьціцца ці то паводле лацінскага, ці паводле грэцкага абраду. Вітаўт у канцы XIV ст. зьмяняў веру пяць разоў!

Пры ўсёй збалансаванасьці ацэнак у кнізе спатыкаюцца й неаб’ектыўныя трактоўкі. Прыкладам, прафэсар Бокман цьвердзіць, што прускі Ордэн заняпаў не ў выніку паразы ад Кароны й Вялікага Княства, але з прычыны ўнутраных пераменаў у самой Прусіі (S.179). Значэньне бітвы пад Танэнбэргам (Дуброўнаю) тут, думаю, відавочна зьменшана. Шкада, што ў цэлым разьдзеле пра паходы на Літву нават не згаданыя русіны, продкі сучасных беларусаў. Быццам Літва XIV ст. была монаэтнічнай літоўскай дзяржавай. На справе этнічныя літоўцы пад час самай напружанай вайны з Ордэнам складалі меншасьць насельніцтва Літоўскай дзяржавы, i гэтая барацьба вялася супольна. Удзел русінаў у вайне з крыжакамі быў асабліва значны ў Беларускім Панямоньні, на землях Чорнай Русі. Праўда, нямецкага гісторыка цяжка дакараць у падобным «незаўважаньні» русінскага (беларускага) элемэнту Вялікага Княства, бо яно даўно стала традыцыйным для заходняй гістарыяграфіі, a беларускія дасьледчыкі не зрабілі яшчэ бадай нічога сур’ёзнага для рэвізіі ролі Беларусі ў Вялікім Княстве наогул i ў падзеях 1410 г. у прыватнасьці.

Генадзь Сагановіч (Менск)


[1] Гэта, у прыватнасьці, Das Mittelalter (1989), Die Stadt im spaten Mittelalter (1995), Einführung in die Geschichte des Mittelalters (1992), JohannesFalkenberg, der Deutsche Orden und die polnische Politik (1975).

Наверх

Ekdahl, Sven. Die Schlacht bei Tannenberg 1410 (Генадзь Сагановіч)

Жніўня 8, 1995 |


EKDAHL, SVEN. Die Schlacht bei Tannenberg 1410. Quellenkritische Untersuchungen. Band 1: Einführung und Quellenlage. — Berlin, 1982. XX.378 S.

Пра бітву пад Танэнбэргам (Грунвальдам, Дуброўнай, Żalgiris) гісторыкі пісалі i пішуць мабыць больш, чым пра якую іншую баталію сярэднявечнай Эўропы. Вырасла сапраўдная гара літаратуры з даволі адрознымі трактоўкамі падзей[1]. Значэньне памяці пра бітву было настолькі вялікае, што яна даўно ператварылася ў сымболь i інструмэнт ідэалягічнай прапаганды. Увага да Грунвальду асабліва ўзрастала ў гады першай i другой сусьветных войнаў. Прыкладам, калі другую бітву пад Танэнбэргам немцы выйгралі (разгром расейскай арміі ў жніўні 1914 г.), гэта было ўспрынята як рэванш за 1410 г., як сымбалічная сатысфакцыя. У Польшчы i былым СССР з часоў вайны супраць фашысцкай Нямеччыны перамога пад Грунвальдам прапагандавалася як найвялікшы трыумф усей славяншчыны над немцамі. У асьвятленьні тых далёкіх падзей ніколі не бракавала спэкуляцый, асабліва ў публіцыстыцы. Але грашылі ёю й вучоныя.

I вось гісторык з трэцяга боку швэд Свэн Экдаль адважыўся разабраць згаданую масу літаратуры, прасачыць вытокі танэнбэргскай праблематыкі i гісторыю яе вывучэньня, a галоўнае — скрануць дасьледаваньні з мейсца, прапанаваць падставы для рэвізіі поглядаў i ацэнак. Манаграфіі-сынтэзы тыпу «Вялікай Вайны» С.М.Кучынскага[2] — гэта простая сума ведаў па асобных аспэктах бітвы, канстатацыі зьнешніх фактаў. Яны не даюць адказу на шэраг спэцыяльных пытаньняў. А, як адзначае аўтар, «асноўнае пытаньне, якое паўстае перад дасьледчыкам бітвы пад Танэнбэргам, гучыць: чаму войска Нямецкага Ордэна прайграла вырашальную бітву, i чаму польска-літоўская армія яе выйграла»? У чым прычыны гэтага? Як суадносіліся патэнцыялы двух бакоў?

Швэцкі гісторык паставіў на мэце дасьледаваньне грунтоў, крытычны аналіз крыніцаў, што ў выніку i павінна прывесьці да іншай візіі, да стварэньня новай сынтэзы. «Матэрыялы крыніц мусяць быць дасьледаваны, а атрыманыя вынікі па магчымасьці непасрэдна прыцягнутыя да бітвы» (S.69). Свэн Экдаль тут ідзе за вядомай скандынаўскай крытычнай школай (яе знакаміты прадстаўнік — гётэборгскі прафэсар Эрык Лёнрот (Erik Lonnroth), якому й прысьвечана гэтая праца), i, як падаецца, бліскуча дасягае сваёй мэты. Праўда, кніга зьяўляецца толькі першым томам цэлага твору. Пра зьмест другога мы можам пакуль мець толькі імглістыя ўяўленьні: аўтар адно сьцісла сыгналізуе, што гэта будуць чатыры спэцыяльныя дасьледаваньні плюс выданьне важнай крыніцы, ды адзначае, што ягоны першы том — толькі этап на шляху да вырашэньня задачаў, пастаўленых перад аўтарам.

Кнігу складаюць чатыры галоўныя раздзелы: 1) Архівы i бібліятэкі, 2) Пісьмовыя крыніцы, 3) Матэрыялы мапаў, 4) Археалягічныя крыніцы, а таксама дадаткі. Паколькі найбольш важныя паведамленьні храністаў пра бітву ўжо надрукаваны, Экдаль засяродзіўся на пошуках карэспандэнцыі, актаў i рахункаў у тых архівах, у якіх можна было чакаць значных знаходак. Асноўная частка матэрыялаў выяўлена ім у Дзяржаўным архіве Караляўца (Staatsarchiv Königsberg, цяпер — Geheimes Staatsarchiv Preussischer Kulturbesitz у Бэрліні). Ha другім месцы па значнасьці — былыя ордэнскія архівы Гданьска, Эльбланга i Торуні, затым ідуць зборы Інфлянцкага ордэна i нямецкага магістра, i нарэшце — архіўныя фонды Польшчы ды Літвы. Сабраны корпус крыніцаў надзвычай багаты. Аўтар пры гэтым агаворваецца, што зусім не меў задачай праглядзець усе архіваліі, у якіх можна знайсьці нейкія згадкі пра Танэнбэрг.

Другі разьдзел з гістарыяграфічным аналізам пісьмовых сьведчаньняў самы значны, можна сказаць — галоўны: ён займае палову кнігі (S.107-307). Аўтар разглядае наратыўныя крыніцы ад пасланьняў, датаваных 15 ліпенем 1410 г., да «Аналаў» Яна Длугаша другой паловы XV ст. Сярод самых раньніх i найбольш важных — лісты Ягайлы з поля бітвы, іншая карэспандэнцыя 1410 г. (у прыватнасьці, ліст Генрыха фон Плаўэна ад 11 лістапада), а таксама Cronica conflictus (захаваўся сьпіс сярэдзіны XVI ст.), якую раней зусім нізка ацэньваў С.М.Кучынскі. На думку С.Экдаля, яе напісаў польскі падканцлер Мікалай Тромба адразу пасьля ліста Плаўэна, у канцы 1410 — пачатку 1411 г. У лік найбольш дакладных i верагодных сьведчаньняў гісторык уключае таксама ліст невядомага аўтара да вялікага магістра (недатаваны, але мяркуецца, што напісаны адразу пасьля 1411 г.), працяг хронікі Посільге i дзьве францускія сярэднявечныя хронікі (SaintDenis ды Monstrelets). Згаданае пасланьне да вялікага магістра было выяўлена i апублікавана Экдалем яшчэ на пачатку 1960-х гадоў, што сталася тады сапраўднай падзеяй[3]. Дасьледчык заўважыў, што асноўны зьмест ліста (напамінак аб галоўнай памылцы рыцараў пад Танэнбэргам) супадае з апісаньнем бітвы ў Хроніцы канфлікту, i прыйшоў да высновы, што адступленьне Вітаўтавага крыла было сьвядомым, характэрным для ўсходнеэўрапейскай тактыкі манэўрам, а не ўцёкамі.

Поруч з ваеннымі дзеяньнямі Свэн Экдаль паказвае разьвіцьцё i мэтады мэтанакіраванай прапаганды як з боку Ордэна, так i яго пераможцаў. Гісторыку ўдалося выявіць у архіве i зьмясьціць у дадатку да працы частку прамовы польскага пасла Андрэя Ласкара (1411 г.), які пераконваў папу, што Ягайла вёў справядлівую вайну супраць Ордэна. Наогул, аналізу праблемы «справядлівай вайны» (bellum iustum), надта актуальнай пасьля бітвы, у разьдзеле надаецца асаблівая ўвага. Ордэнскія ўлады абвінавачвалі Польшчу, што ў вайне тая карысталася дапамогай паганцаў. Гэтак, Генрых фон Плаўэн пісаў у згаданым лісьце, што саюзьнікамі Ягайлы былі «усялякія няверныя татары, … русіны, валахі, жамойты i ліцьвіны» (S.196). Між тым Аўгусьцін ды іншыя айцы царквы не санкцыявалі выкарыстаньня паганцаў у вайне супраць хрысьціянаў. Наадварот, ix «справядлівая» вайна скіроўвалася акурат супраць паганых i несапраўдных хрысьціянаў. Адсюль рабілася выснова, што вайна Ягайлы i Вітаўта была несправядлівай. Палякі са свайго боку сцьвярджалі адваротнае: гэта нямецкія рыцары вялі несправядлівую вайну, гэта яны — несапраўдныя хрысьціяне. Экдаль аб’ектыўна аналізуе палемічныя лісты абодвух бакоў на Канстанцкі сабор, адзін з самых буйных міжнародных кангрэсаў сярэднявечнай Эўропы, на якім польскі пункт гледжаньня на бітву i яе прычыны прадстаўляў Павал Уладковіч, а нямецкі — дамініканін Ёган Фалькенбэрг, прыхільнік скрайніх поглядаў на барацьбу з нехрысьціянамі.

Пасьля аналізу картаграфічных матэрыялаў i рэканструкцыі пабаявішча аўтар дае падрабязны агляд археалягічных дасьледаваньняў гістарычнага поля. Раскопкі на ім пачаліся ў 1958-1960, 1962 г. (з 1979 г. ix рэгулярна праводзіла экспэдыцыя нядаўна памёршага А.Надольскага, але гэта ўжо не магло патрапіць у кнігу). Хоць яшчэ ў 1783 г. каля вёскі Танэнбэрг былі выяўлены масавыя пахаваньні. Напярэдадні вялікага юбілею (550 гадоў перамогі) трэба было выбраць мейсца для помніка. Археолягам даручылі выявіць руіны знакамітай ордэнскай капліцы, узведзенай Генрыхам фон Плаўэнам у 1411 г. на полі бітвы. Аб мейсцы яе знаходжаньня тады вялі вострыя спрэчкі вядомыя польскія гісторыкі С.Гэрбст i С.М.Кучынскі. Новы помнік стаў там, дзе, на думку апошняга, у часе сечы знаходзіўся i блізка чаго загінуў Ульрых фон Юнгінген. Гэта прыкладна 500 м на паўночны ўсход ад руінаў капліцы.

Цікава, што ў выяўленых масавых пахаваньнях (а наканечнікі дзідаў, арбалетныя балты, сьляды ўдараў сякучай зброі на касьцях сьведчаць, што гэта загінутыя над час бітвы) большасьць шкілетаў належаць мужчынам ва ўзросьце ад 20 да 25 гадоў (S.341).

Праца Свэна Экдаля, найгрунтоўнейшая і, здаецца, беззаганная з пункту гледжаньня навуковага, стала несумненна важным крокам наперад у дасьледаваньні вялікай бітвы сярэднявечнай Эўропы. Аднак яна можа неадназначна ўспрымацца ў коле гісторыкаў, бо вымагае пэўных рэвізіяў. Швэцкі дасьледчык рэпрэзэнтуе асобны, адрозны i ад польскай, i ад крыжацкай традыцыі пункт гледжаньня на вайну 1409-1411 г. i на Танэнбэрг у прыватнасьці. Аб’ектыўна яго адкрыцьці на карысьць трэцяга боку. Яны дазваляюць па-новаму ацаніць ролю Вялікага Княства Літоўскага. Экдаль, напрыклад, акцэптуе выяўленае ім жа сьведчаньне гуманіста Энэа Сільвіа аб тым, што польскае войска ўступіла ў бітву толькі пасьля паразы Вітаўтавага крыла (S.244). Грунтоўная крытыка С.М.Кучынскага — да апошніх гадоў аднаго з галоўных польскіх знаўцаў Грунвальду — атрымала ў дасьледаваньні самадастатковае значэньне (S.314-316, 341-357 etc.). Аргумэнтавана аспрэчваюцца разьлікі польскага гісторыка адносна колькасьці войска, ацэнкі стратаў, рэканструкцыя маршруту, мапы поля бітвы i г.д. Спасылаючыся на вынікі раскопак, Экдаль абвяргае даўнюю, шырока распаўсюджаную тэзу Кучынскага пра «воўчыя ямы», якую апошні выказваў ca спасылкай толькі на Хроніку Быхаўца. Гэты беларуска-літоўскі летапіс крытычна аналізуецца швэцкім гісторыкам асобна. Важнае мейсца ў кнізе займае таксама разьвянчаньне «Аналаў» Длугаша як аб’ектыўнай крыніцы. Яшчэ ў працы «Die Banderia Prutenorum des Jan Długosz — eine Quelle zur Schlacht bei Tannenberg 1410» (Göttingen, 1976) С.Экдаль паказаў, што Длугаш перабольшвае веліч польскай перамогі i зьмяншае значэньне войска Вялікага Княства. Між тым, пад уплывам Длугаша знаходзілася ўся польская гістарыяграфія. Не дзіўна, што сучасны польскі знаўца грунвальдзкай праблематыкі прафэсар М.Біскуп лічыць асноўныя рэвізіі С.Экдаля недастаткова аргумэнтаванымі[4].

Даводзіцца шкадаваць, што такая важная кніга, якую ніяк не залічыш да выдавецкіх навінак, да апошняга часу была недаступная беларускім гісторыкам з элемэнтарнай прычыны — яна проста адсутнічала ў кнігазборах Беларусі. Дзякуючы зычлівасьці самога аўтара цяпер «Die Schlacht bei Tannenberg» ёсьць прынамсі ў бібліятэчцы БГА.

Генадзь Сагановіч (Менск)


[1] Несумненна, найбольш гістарычных дасьледаваньняў па гэтай тэме выдаецца ў Польшчы. Да гадавіны бітвы, у 1990 г. тут зьявіліся дзьве бібліяграфіі (Mierzwa W. Bibliografia grunwaldzka, Olsztyn; Baranowski H., Czarciński I. Bibliografia bitwy pod grunwaldem i jej tradycji, Toruń), якія ўключаюць адпаведна па 1162 i 1173 пазыцыі. A ў 1991 г. з ініцыятывы Польскай Акадэміі навук пачаў выходзіць спэцыяльны часопіс «Studia frunwaldzkie».

[2] Kuczyński S.M. Wielka wojna z Zakonem Krzyżackim w latach 1409-1411. Кніга выйшла ў Варшаве ў 1955 г. i пяць разоў перавыдавалася.

[3] Ekdahl S. Die Flucht der Litauer in der Schlacht bei Tannenberg // ZfO, 12 (1963).

[4] Гл. пр: Biskup М. Wielka Wojna Polski i Litwy z Zakonem Krzyżackim (1409-1411) w świetle najnowszych badan//Ekspansja niemieckich zakonów rycerskich w strefie Bałtyku od XIII do połowy XVI w. — Toruń, 1990. S.177,178 i інш.

Наверх

Галоўная » Запісы па тэме 'Ваенная гісторыя'