Новы нумар

Галоўная » Запісы па тэме 'Вялікае Княства Літоўскае'

Артыкулы па тэме ‘Вялікае Княства Літоўскае’

Марцэлі Косман. З разваг над культурай Вялікага Княства Літоўскага

Снежня 18, 2006 |


3 разваг над культурай Вялікага Княства Літоўскага

(на палях віленскіх „аналізаў і вобразаў”)

У 2001 г. віленскае выдавецтва Aidai ў старанным графічным афармленні i ca шматлікімі ілюстрацыямі выдала калектыўную працу Lietuvos Didžiosios Kunigaikštijos kultūra. Tyrinёjimai ir vaizdai. Ha тытульнай старонцы пералічана пяць прозвішчаў (Vytautas Ališauskas, Liudas Jovaiša, Min­daugas Paknys, Rimvydas Petrauskas i Eligijus Raile), з якімі, як зазначана, звязана „апрацоўка” выдання. Але паколькі аўтараў намнога болей, то пералічаных належыць лічыць яшчэ i рэдактарамі ўсяго тома. Праз пяць гадоў у ідэнтычнай знешняй форме ў Кракаве пад патранатам Таварыства аўтараў i выдаўцоў навуковых прац „Universitas” выйшла польская версія гэтай працы. Пераклад ажыццявілі Павел Букоўскі, Беата Калэмба i Беата Пясецка[1].

Гэта не першая падобная ініцыятыва, бо раней да польскага чытача дайшла праца двух даследчыкаў з Коўна, што ў літоўскай версіі прадставіла ix айчынную гісторыю пасля інкарпарацыі ў Расійскую імперыю (1795-1918) i аказалася надзвычай павучальнай для чытачоў, якія рэпрэзентуюць пункт гледжання з-над Віслы[2]. Паказальна i для многіх нечакана, што ў абедзвюх версіях знайшлася біяграфія такой контраверсійнай i па абодва бакі мяжы так па-рознаму ацэненай постаці, якім быў увекавечаны на старонках Сянкевічавага „Патопу” вялікі гетман літоўскі i віленскі ваявода перыяду шведскай вайны ў часе панавання Яна Казіміра[3].

3 больш новай літаратуры, датычнай тэмы, несумненна трэба перадусім назваць выдадзены каля чвэрці веку таму „Нарыс гісторыі літоўскай культуры” аўтарства акадэміка Юозаса Юргініса (на сёння нябожчыка) i яго вучаніцы Інгі Лукшайтэ — даследчыцы міжканфесійных адносінаў i асабліва пратэстантызму ў ВКЛ[4]. Традыцыі міжваеннага перыяду былі прадоўжаны пасля II сусветнай вайны на эміграцыі, у тым ліку ў асяроддзі езуіта Паўліса Рабікаўскаса, звязанага з рымскім універсітэтам Gregorianum. Бясспрэчна, найбольшае значэнне мелі даследаванні супольнага мінулага, пгго вяліся ў розных асяроддзях былой Рэчы Паспалітай на тэрыторыі Польшчы, а таксама ў Беларусь На схіле XX ст. ўзрастала супраца паміж гісторыкамі культуры Польшчы, Літвы i Беларусі, a яе плёнам сталі паміж іншага супольныя выданні, у тым ліку пераклады. Да апошніх належала i публікацыя выбраных прац Юліуша Бардаха на беларускай мове[5].

Kultura Wielkiego Księstwa Litewskiego з’яўляецца працай прамежкавага тыпу — паміж энцыклапедьіяй i сінтэзай, пра што, зрэшты, сказана ў падзагалоўку працы. У прадмове (на жаль, не пазначаны яе аўтар, які, напэўна, належыць да калектыву рэдактараў) паміж іншага чытаем: „Распачатая разам з хростам еўрапеізацыя культуры ёсць адным з яе галоўнах элементаў. У культуры Вялікага Княства Літоўскага заключаецца ўласна ўся парадыгма еўрапейскай культуры. У Літве яна, можа, не такая складаная i paзам з тым звязная, як у Заходняй Еўропе, а па характеры пераважна пераймальная, аднак яна бясспрэчна еўрапейская <…> Культура ВКЛ ёсць добрым прыкладам культу­ры перыферыйнай; але гэта толькі адзін з яе аспектаў. Бо геаграфія, якая вызначала перыферыйнасць, паўплывала таксама на іншую асаблівасць культуры — яе шматслойнасць. Вялікае Княства Літоўскае паўстала як дзяржава шматнацыянальная, асобныя рэгіёны якой карысталіся своеасаблівай аўтаноміяй. Адначасова адбываліся культурныя „вандроўкі”, дзякуючы якім паўстаў гетэрагенічны вобраз культуры ВКЛ <…>

Найважнейшай прычынай шматмернасці з’яўляецца зліванне ў адно розных культур. Не ўдалося б ахарактарызаваць культуру ВКЛ з перспективы нацыянальнасці, мовы ці веравызнання — яе можна зразумець толькі цалкам. Спробы ўпарадкавання помнікаў культуры i ix творцаў паводле нацыянальнага ці моўнага індэкса вядуць да спрэчных вынікаў Што горш, памылковы падыход на доўгія гады выкрасліў з нашай гістарычнай свядомасці пласты культу­ры, створаныя цэлымі сацыяльнымі слаямі. Наступствам быў недахоп ведаў i недаацэнка ролі лаціны, а гэта вяло да абясцэньвання культуры другой паловы XVII i пачатку XVIII ст. i да вызначэння тых часоў як эпохі культурнага заняпаду. Хоць менавіта тады фундаваліся барочныя касцёлы, так моцна ўпісаныя ў сімвалічны літоўскі краявід, пісалася так шмат каштоўных літаратурных твораў, якія, паміж іншага, сведчаць пра тое, што літаратура рабілася папулярнай” (ІХ-Х).

Найцяжэй пісаць сінтэзы, фармуляваць ацэнкі „з птушынага лёту”. Так i тут. Аўтары ў многім трапна вызначаюць спецыфіку культуры XIV-XVIII ст. у поліэтнічнай дзяржаве Гедымінавічаў — Ягайлавічаў, якая ў дадатак напрыканцы той эпохі дынастычнай уніяй звязалася з Польскім Каралеўствам (дамова ў Крэве ў 1385 г.), каб пасля няпоўных двух стагоддзяў утварыць з ім (Люблінская унія 1569 г.) дуалістычную Рэч Паспалітую, на чале якой у адной асобе стаў тех Poloniae et magnus dux Lituaniae, у тытул якога ўваходзіў таксама шэраг гістарычна-геаграфічных адзінак ca складу абедзвюх дзяржаў. Калі праз тры гады не стала сваей — супольнай — дынастыі, то вызначылі, што выбар уладара будзе ажыццяўляцца разам шляхецкім народам Кароны i ВКЛ. I так праіснавалі ажио да падзелаў паміж мацнейшымі суседзямі, завершаных ліквідацыяй дзяржаўнасці ў 1795 г., што, зрэшты, не перапыніла (хоць значна ўскладніла) ix далейшую інтэграцыю на ніве культурнай. Праўда, апошняя унія была заключана без звону зброі, але пры значнай змене ўнутраных межаў, калі да Кароны адышлі Падляшша, Валынь i Кіеўшчына з Падоллем, захаваўшы пры гэтым свае ранейшыя падставовыя правы (Ста­тут ВКЛ). Нельга таксама забываць, з якім этнічным i куль­турным багажам літоўская дзяржава ўваходзіла ў саюз з Польшчай: творачы з XIII ст. свае структуры шляхам негвалтоўнага падпарадкавання княстваў Русі (перыяд ix палітычнага аслаблення ў выніку раздраблення i падбою манголамі), сама падлягала ўплывам ix культуры, ужо некалькі стагоддзяў як хрысціянскай.

Такім чынам, ва уступе не хапае набліжанасці да рэальнай сітуацыі шляхам вызначэння этнічных (літоўцы знаходзіліся ў поўнай меншасці!) i тэрытарыяльных (якія абшары займалі літоўцы, a якія русіны) суадносінаў. Гэтыя пытанні разглядаюцца ў глыбіні вялізнага тэксту i ў пэўнай ступені ім затушаваныя. Варта таксама нагадаць, што калісьці пісаў Генрых Лаўмяньскі, славуты гісторык, gente Lituanus, natione Polonus, які мог як мала хто іншы цэльна глядзець на айчыннае мінулае i разам з тым разумець спецыфіку земляў як над Нёманам i Вяллёй, так i над Віслай ды Вартай. Ён звярнуў увагу на далікатную сітуацыю Альгерда адносна сваіх апанентаў з кола дынастыі, у якой у першыя гады пасля смерці апынуўся сын i наступнік літоўскага князя: Ягайла залежаў „ад настрояў, што панавалі ў грамадстве. Гаворачы дакладней, князі, якія не знаходзілі апоры ў гра­мадстве, выключаліся з дамінантнай групы”[6].

I яшчэ адно, на што звяртае ўвагу славуты даследчык першых стагоддзяў існавання Вялікага Княства: „Калі ў генэзісе уніі з літоўскага боку дамінаваў матыў абароны, дык немагчыма давесці, што баяры не мелі на інтарэсе экспансіўных мэтаў: паміж іншага, польская дапамога павінна была служыць працягу экспансіі на ўсходзе. Больш за тое, польскі трон мусіў дастацца літоўцу, з чым напэўна звязваліся надзеі, што пры сваім каралі літоўцы дасягнуць у Полыычы ўплывовага становішча”[7].

Гэта было немагчыма з-за стану дзяржаўнай свядомасці i розніцы ў сацыяльна-эканамічным развіцці, тады дасягала ўжо прыкладна двух стагода,зяў[8]. Таму адбывалася хутчэй міграцыя спецыялістаў на ўсход, хоць найвышэйшыя ўрады пры гаспадары былі зарэзерваваныя для мясцовага баярства. Выняткам стала ерархія каталіцкай царквы, але ненадоўга, пакуль не выкшталтаваліся ўласныя кадры. Ад пробашчаў, што прыбывалі з захаду, вымагалі ведання мовы вернікаў.

Прэзентаваная праца напісана з літуанацэнтрычнага пункту гледжання, пра што ў пэўным сэнсе сведчыць ужо пералік аўтараў. Тым часам Вялікае Княства Літоўскае пасля Люблінскай уніі ў тэрытарыяльным i дэмаграфічным пла­не на 80% (пры значным набліжэнні) мела беларускі характар, а раней гэтыя прапорцыі складваліся яшчэ менш карысна для літоўцаў. A ў змесце дастаткова часта сустракаем — для спрашчэння — прыклады выкарыстання тэрмінаў „Літва”, „літовец” (Litwin) для азначэння Вялікага Кня­ства Літоўскага або супольнасщ ўсяго насельніцтва. Аднак нельга выпускаць з-пад увагі ix рэальны характар — з-за гэтага ў гістарыяграфіі часта сустракаем занадта вострыя i скрайнія падыходы да спадкаемства даўняй дзяржаўнасці, прысутныя нават у сімволіцы дзяржаўнага герба Літвы i (y момант адраджэння самастойнасці пасля распаду Савецкага Саюза) Беларусь Пагоня нейкі час больш ix раздзяліла, хоць яна можа адзіна лучыць. Навуковы асяродак у Мінску, застаючыся ў даследчыцкім сімбіёзе з Вільняй, сцвердзіўся сур’ёзнымі дасягненнямі ў штудыях па ВКЛ. Адным з прыкладаў можна лічыць выдатна выдадзеную двухтамовую энцыклапедыю ВКЛ, напісаную з улікам этнічнага характару гэтай дзяржавы[9]. У названай працы справядліва бярэцца пад увагу месца літоўцаў, беларусаў, палякаў i іншых нацый. Трэба зазначыць на гэты конт, што сёння гісторык павінен звяртаць увагу на ўсялякія фобіі, прэтэнзіі (найчасцей беспадстаўныя) i патэрналістычныя тэндэнцыі з боку прадстаўнікоў быццам „старэйшай” культуры адносна „малодшых братоў”[10].

У дадатак да прадмовы навуковых рэдактараў сціслыя заўвагі дадалі польскія перакладчыкі. Трапна назвалі працу томам эсэ, якія інфармуюць пра літаратуру, звычаі, рэлігію i матэрыяльную культуру. Заўважылі таксама, што ў зборы як у люстэрку „адбіваюцца яго аўтары — літоўцы, ix мысленне аб мінулым сваёй дзяржавы i народа, ix інтэрпрэтацыя мінулых падзей”. Нагадалі чытачам так­сама аб праўдзе, якой часта не аддавалася належнае: што „кніга можа ўразіць палонацэнтрычнае мысленне пра супольнае польска-літоўскае мінулае, пра Рэч Паспалітую, якая ў нашай, польскай калектыўнай свядомасці занадта часта бывае Рэччу Паспалітай толькі аднаго народа” (XV). Гэта адзінае дапаўненне, уключанае ў польскую версію, а так увесь том ідэнтычны — зразумела, у перакладзе — арыгінальнаму выданню.

Структурна праца празрыстая, укладзена паводле алфавітнага прынцыпу. Атрымалася больш за паўсотні раздзелаў, размешчаных у алфавитным парадку назваў. Карыстанне такім тэкстам аблягчае вялікі індэкс прозвішчаў (903-928), спіс скаротаў, пералік крыніц ілюстрацый i паказнік аўтараў апублікаваных артыкулаў (929-934). Яны датычаць наступных тэм: Ашпычнасць i сарматызм; Мастак; Барока; Бібліятэкі; Біскуп; Брацтвы; Мураванае будаўніцтва; Хворобы i эпідэміі; Чараўніцтва; Чытанне; Двор; Гісторыяпісанне i гістарычная свядомасць; Элементы тэорыі мастацтва; Гандаль; Караімы; Жанчьша; Культ Ма­рьи; Лацінская літаратура; Аказіянальная літаратура; Літоўская пісьменасць; Мецэнацтва; Высакародныя нета­лы; Горад; Мова i пісьмо; Музыка; Аднаўленне каталіцтва; Адраджэнне; Асветніцтва; Пілігрымкі; Грошы i цэны; Песнi; Пісар; Поганства; Паланізацыя; Заканадаўства; Праваслаўныя; Пратэстанцтва; Выдавецкі рух; Русіны (гуды); Соймы i соймікі; Станы; Стараабраднікі; Роднасныя адносіны; Школьніцтва; Стерць; Сярэднявечча; Татары; Тэстаменты; Уборы; Царкоўная унія; Урады; Улада; Земская ўласнасць; Вайсковасць; Яўрэі.

Пералічаныя артыкулы падпісаны 30 аўтарамі. Два тэксты напісаны двума даследчыкамі, a ў некалькіх іншых аўтарамі з’яўляюцца тыя самыя асобы. Сустракаюцца вядомыя імёны, разам з імі i тыя, чый даробак меншы. Сярод тэм знаходзім эпохі, літаратурныя жанры, выдавецкі рух, выбраныя пытанні звычаёвай праблематыкі i інш. У некаторых сітуацыях выпадала б чакаць парытэту. Прыкладам, калі ёсць горад, то трэба, каб была i веска. Сярод нацыянальных груп (русіны, караімы, татары, яўрэі) заўважаецца недахоп немцаў ды палякаў (нарыс пра паланізацыю[11] яго не замяняе) i асабліва літоўцаў, бо шэраг спецыяльных тэм не пытання не тлумачыць. Асобную групу могуць скласці тэксты, датычныя ладу: уладар, станы, урады, парламента­ризм, пісар (у гэтым выпадку назва няўдалая, бо памылковая — належала б (i пра гэта ёсць у тэксце) экспанаваць дзяржаўную канцылярыю).

Чаго рашуча не хапае? Найперш характарыстыкі культуратворчых працэсаў у сувязі з гістарычным развіццём Вялікага Княства ад яго пачаткаў да заняпаду. Наступная праблема — гэта геаграфія культуры, яе галоўныя асяродкі на разлеглых i адрозных абшарах, цэнтралізацыя i дэцэнтралізацыя культуры. Паколькі няма літоўцаў, то варта бы­ло б напісаць пра балтаў; хоць балтыиская супольнасць пад уласна такой назвай нарадзілася толькі ў сярэдзіне XIX ст., аднак сама з’ява мела гістарычны характар. Па зразумелых прычынах мы можам спыніцца толькі на выбраных пытаннях. Да такіх належыць паланізацыя, кшталтаванне палітычных эліт i палітычная культура грамадства, а таксама веравызнаўчая тэма. Пачнем ад апошняй, паколькі яе датычыць большасць эсэ (болей за дзесяць).

Зыходным пунктам з’яўляецца паганства (529-543). Тэкст гэтага нарыса тычыцца ўласна не дахрысціянскай эпохі, а паганска-хрысціянскага сінкрэтызму, запачаткаванага ў XV ст. Усе шэсць пазіцый бібліяграфіі на літоўскай мове. Не хапае польскіх прац, a менавіта шэрагу артыкулаў з выдання „Słownik Starożytności Słowiańskich”, неаднаразова перавыдаванай класічнай кнігі Аляксандра Брукнера Starożytna Litwa. Ludy i bogi, фундаментальных даследаванняў Генрыха Лаўмяньскага, прац Марцэлія Космана (асабліва Drogi zaniku pogaństwa u Bałtów; Zmierzch Perkuna czyli ostatni poganie nad Bałtykiem). Звесткі пра арганізацыю каталіцкай царквы трэба шукаць у артыкуле пад назвай „Біскуп”, напісаным досыць скрупулёзна (у пераліку літаратуры не хапае двухтамовай аналітычнай сінтэзы пад рэд. Е. Клачоўскага, падрыхтаванай на КУЛю), але тут больш прыдалася б назва, датычная хросту ці хрысціянізацыі Літвы. У такім выпадку базай нарыса была б багатая шматмоуная літаратура прадмета. Складваецца ўражанне, што замала акцэнтавана куль­турная інтэграцыя шляхецкай Рэчы Паспалітай, хоць праблема гэтая закранаецца — бо інакш i быць не можа — у шэрагу іншых эсэ. Развагі пра яе нібы пафрагментаваныя i падпарадкаваныя загалоўнай тэме вестэрнізацыі. Зауважа­ем гэта, паміж іншага, у нарысе „Культ Марыі” (268-281), напісаным сумленна, з акцэнтам на рэцэпцыю візантыйскіх абразоў. Варта было б хоць колькі сказаў прысвяціць такім песням, як гэтая, што налічвае 14 строф i паходзіць з 1956 г., у першай з якіх гаворыцца:

Obrona wielka miasta Giedymina

Wilna całego pociecho jedyna

W tej Ostrej Bramie obrona potężna

Królowo Polska a Litewska Księżna.

Своеасаблівую кананізацыю марыйнага культу, які лучыць тры народы — спадкаемцы раздзёртай падзеламі Рэчы Паспалітай, пасля паўстання 1830-31 г. выканаў ix сын Адам Міцкевіч у інвакацыі да Пана Тадэвуша, склаушы прысягу вернасці св. Панне з Яснай Гары, Вострай Брамы i ca свайго роднага Наваградка. Апякунку „каронных i літоўскіх гарадоў” славіў у наступным пакаленні Ўладыслаў Сыракомля, а пасля II сусветнай вайны выхадцы з усходу часта забіралі з сабою ў падарожжа да новых сядзіб на „Ziemiach Odzyskanych” шанаваныя абразы Светлай Мадонны, каб не без пярэчанняў проціпаставіць ix — як асабліва дарагія сабе — Чорнай Мадонне з Чанстаховы[12].

Дзяржаўна-прававая інтэграцыя Рэчы Паспалітай, пачаткі якой сягалі часоў Ягайлы i Вітаўта, набыла сілу ў часы панавання апошняга Ягайлавіча, які ўсведамляў, што з яго смерцю абрываецца дынастыя. Жыгімонт Аўгуст моцна прыспешыў яе, хоць пасля 1572 г. палітычныя эліты мусілі набліжаць да рэальнасці вызначаныя раней накірункі будучай супольнай манархіі[13]. У эсэ аўтарства Мечыслава Ючаca[14], адным з найлепшых у кнізе, з улікам найноўшых даследаванняў паказана паўстанне i развіццё парламен­таризму Вялікага Княства i яго месца ў Рэчы Паспалітай, хоць сярод трох найноўшых на сёння прац па гэтай праблеме, напісаных вядомымі даследчыкамі з Варшавы (Анджэй Б. Закшэўскі, Анджэй Рахуба i Генрык Люлевіч), дзве выйшлі ўжо пасля таго, як літоўская версія тома была здадзена ў друк[15]. Тэкст з’яўляецца таксама матэрыялам да гісторыі праўнай i палітычнай культуры Вялікага Княст­ва, якім не прысвечана асобных нарысаў, a шкада. Багатая база крыніц i літаратура предмета дазваляла разгледзець i ix, асабліва ў сферы заканадаўства. Дастаткова спаслацца на грунтоуныя шматгадовыя даследаванні Юліуша Бардаха, адлюстраваныя ў раздзеле пад назвай „Заканадаўства” (561-576)[16]. Парламентарызм ВКЛ i яго палітычная культура была прадметам жывога інтарэсу з боку не толькі — хоць перад усім — польскіх, расійскіх, беларускіх i літоўскіхдаследчыкаў[17]. Гэта знайшло адлюстраванне ў тэматыцы міжнародных навуковых канферэнцый[18].

У пэўнай ступені гэтых пытанняў датычыць i раздзел па гісторыяпісанні i яго ўплыве на гістарьгчную свядомасць (201-213), у якім разглядаюцца замежная гістарыяграфія i зацікаўленасць Літвой, а таксама літоўскія летапісы (у геаграфічным суаднясенні прыдалося б двукоссе) i ix крыніцазнаўчы аналіз. Асобная ўвага аддаецца Мацею Сгрыйкоўскаму, аднак не адзначана яго паходжанне. Такая ж заўвага датычыць Андрэя Волана. Назва апошняга падраздзела („Навучанне гісторыі”) абяцае занадта шмат у параўнанні з яго зместам. Сган даследаванняў дазваляў тут сказаць значна болей.

Чытача з-па-над Віслы i Одры асабліва зацікавіць раз­дзел, датычны паланізацыі ВКЛ (544-560), згаданы намі раней. Напісаны зграбна, адлюстроўвае ukazuje развіццё двухбаковых (г.зн. толькі польска-літоўскіх) кантактаў ад пачатку XIII ст., уплыў Кароны на эвалюцыю дзяржаўнага ладу Вялікага Княства, асобна разгледжана валочная памера i заходнія ўплывы на гаспадарку, а таксама гарадскі лад. Тэза пра літоўскую мову ў царкве не надта пасуе гэтаму раздзелу, лепей было б звярнуць увагу на мову палякаў i літаратуру ў эпоху Рэфармацыі i Контррэфармацыі. У развагах пра „тоеснасць” шляхецкага народа бярэцца пад увагу пытанне беларусаў (праваслаўных) (пытанне, якое ў кнізе закранаецца вельмі рэдка), а таксама інтэграцыя гэтага стану ва ўсёй Рэчы Паспалітай. У падсумаванні чытаем: „У выніку ў эпоху Асветніцтва шляхецкі народ літоўскі пачаў страчваць рысы асобнага палітьгчнага народа i рабіўся часткай польскага макранарода. Адначасова з гэтым у яго лоне, сярод дробнай шляхты i сялянства, нарадзілася новачаснае паняцце нацыі, якое ў XIX ст. злілося з літоўскім нацыянальным рухам i сутварыла яго” (559). Не так проста: па-першае, гэтая інтэграцыя пачалася значна раней i працягвалася пасля падзелаў, а па-другое, нацыянальны рух выявіў сябе толькі ў трэцяй чвэрці згаданага стагоддзя. У Еўропе эпохі Асветніцтва азначэнне „Польшча” было раўнаважным азначэнню „Рэч Паспалітая”, a ў часы падзелаў тэрмін „паляк” абагульняў тэрміны „караняж”, „ліцвін” i „русін”, не гаворачы пра іншыя „малыя айчыны” ў ix складзе.

Вернемся яшчэ да таго няўдалага „Пісара”, ці да рэцэпцыі дакумента i дзяржаўнай канцылярыі як аднаго з цэнтральных урадаў ВКЛ (513-528). Калі дакументы Міндоўга, аўтэнтычнасць якіх застаецца гіпатэтычнай, не даюць падстаў разважаць над персаналам канцылярыі, дык пры Гедымінавічах ён паступова кшталтаваўся, хоць сталае месца атрымаў толькі пры Вітаўце. Не пагаджуся, аднак, што ва ўнутраных справах была прынятая „руская” мова, бо інстытуты каталіцкай царквы, а за імі i мажнаўладцы карысталіся лацінай. XVI стагоддзе прынесла пачаткі польскай мовы, якая выціснула лаціну ў наступным стагоддзі. Раздзел завяршаецца высновамі наконт унутранай структу­ры канцылярыі (як i ў Кароне, ix было дзве: большая i меншая, з канцлерам i падканцлерам на чале), тэхнікі падрыхтоўкі дыпламатычных дакументаў, грашовай платы за ix, а таксама матэрыялаў i прыбораў пісьма.

Напрыканцы варта адзначыць, што 1) мы атрымалі салідна падрыхтаваную працу, хоць няроўную ў паасобных частках; 2) гэта карысны энцыклапедычны даведнік i разам з тым крок на шляху да будучай сінтэзы, хоць у такой версіі яшчэ не замяняе яе; 3) том прапануе аднабаковы нацыянальны падыход. Для паўнаты вобраза трэба ўлічыць беларускія матэрыялы i тамтэйшы пункт гледжання, а такса ма вынікі польскіх даследаванняў. Патрабуецца i дакладна паказаная гістарычна-культурная геаграфія ўсяго Вялікага Княства Літоўскага як складовай часткі першай Рэчы Паспалітай.

Познань

Марцэлі Косман

Перахлад Максіма Шчадровіча


[1] Kultura Wielkiego Księstwa Litewskiego. Analizy i obrazy. Kraków:Universitas, 2006. 934 s.
[2] Aleksandravičius E., Kulakauskas A. Carř valdţioje. Lietuva XIX amţiųje. Напісаная яшчэ ў 1991 г., гэтая кніга не без цяжкасцяў выйшла па-польску ў перакладзе Беаты Калэмбы праз сем гадоў пасля арыгінальнага выдання як 7-ы том “Biblioteki Literatury pogranicza” выдавецтва “Universitas”: Pod wіadzą carów. Litwa w XIX wieku. Kraków, 2003.
[3] Wisner H. Janusz Radziwiłł 1612-1655 wojewoda wileński hetman wielki litewski. Warszawa, 2000; Jonuđas Radvila (1612-1655). Kёdainiř đеđёlyje. Vilnius, 2000. Пераклад з польскага рукапісу, выкананыТ.Байрашаўскайце, выйшаў на два тыдні раней за польскамоўнуюверсію. Варта звярнуць увагу на падзагаловак літоўскага варыянта.
[4] Jurginis J., Lukđaitё I. Lietuvos kultűros istorijos bruoţai 1981.
[5] Бардах Ю. Штудыі з гісторыі Вялікага Княства Літоўскага. Мінск,2002.
[6] Łowmiański H. Polityka Jagiellonów. Do druku przygotował К. Pietkiewicz. Poznań, 1999. C. 35f.
[7] Ibidem. S. 38. Так бывала, калі пачыналі панаваць у княствах Русі падчас яе раздробленасці i калі разам з прадстаўніком дынастыі тамтэйшую эліту ўлады папаўнялі члены яго дружыны. Толькі птто — i гэта,магчыма, не ўсведамлялася — гублялі сваю ранейшую этнічна-культурную прыналежнасць, захоўваючы этыкетку літоўца, паддавалісярутэнізацыі.
[8] Гл.: Łowmiański H. Zaludnienie państwa litewskiego w wieku XVI.Zaludnienie w roku 1528. Do druku przygotowali A. Kijas i K. Pietkiewicz.Poznań, 1998. С 222
[9] Вялікае Княства Літоўсше. Энцыклапедыя: У 2 т. Мінск, 2005-2006. Мае заўвагі наконт гэтай працы будуць у вялікай рэцэнзіі.
[10] Наконт гневаў на гісторыю, а таксама цывілізацьтйнай „вышэйшасці” i „ніжэйшасці” гл.: Kosman M. Litauen zwischen Vergangenheit und Gegenrt. Studien zur politschenKultuг. Teil 1. Poznań, 2003. С. 119-128 (раздзелы: Mitologia rediviva. Zwischen Litauen-Wahn und Litauen-Phobie).
[11] Гэтае паняцце атрымала сваю „прапіску”, аднак лепш гаварыць пра паланізаванне (шляхты) г паколькі маем справу са з’явай добраахвотнай, а не прымусовай — паляк адразу адчуе аналогію з перыядам падзелаў (русіфікацыя, германізацыя).
[12] Гл.: Kosman M. Kult maryjny na Litwie i jego implikacje w Koronie. Szkicdo tematu // Studia Claromontana. 23. Warszawa, 2005. S. 89-102
[13] Славуты ўладар атрымаў скрайнія ацэнкі нашчадкаў, часта незаслужана негатыўныя або заснаваныя на мастацкай легендзе. Поўным непаразуменнем ёсць сцвярджэнне славутага пісьменніка, але нялепшага гісторыка Паўла Ясяніцы, які ў сваёй надзвычай папулярнай „Польшчы Ягелонаў” беспадстаўна закінуў Жыгімонту Аўгусту, быццам той пакінуў дзяржаву „без паказальніка шляху”. Ён быў выключна дальнабачным i паспяховым манархам — гл.: Kosman M. Zygmunt August, у: Życiorysy historyczne, literackie i legendarne. Pod red. Z. Stefanowskiej i J. Tazbira. Seria trzecia. Warszawa, 1992. S. 69 nn.; idem, Me tylkoo Zygmuncie Auguście. Z rozważaс nad modelem szefa państwa, y: Kultura polityczna w Polsce. Praca zbiorowa. T.I.: Przeszłość i teraźniejszość. Poznań, 1996. S. 28 nn.; Sucheni-Grabowska A. Zygmunt August król polski i wielki książę litewski 1520-1562. Warszawa, 1996.
[14] Аўтару належыць, між іншага, перакладзены на польскую мову нарыс дзяржаўна-праўных пераменаў у ВКЛ пад уплывам уніі з Польшчай ад схілу XIV да канца XVIII ст.: Jučas M. Unia polsko-litewska.Przełożył A. Firewicz. Toruń, 2004.
[15] Zakrzewski A. B. Sejmiki Wielkiego Księstwa Litewskiego XVI-XVHI w.Ustrój i funkcjonowanie: sejmik trocki. Warszawa, 2000 (y бібліяграфіі томаяе назва на с. 661 пададзена з памылкай); Rachuba A. Wielkie KsięstwoLitewskie w systemie parlamentarnym Rzeczypospolitej wiatach 1569-1763.Warszawa, 2002; Lulewicz H. Gniewów o unię ciąg dalszy. Stosunki polsko-litewskie w latach 1569-1588. Warszawa, 2002.
[16] Спашлюся тут на бібліяграфію вучонага: Z dziejów kultury prawnej. Studiaofiarowane Profesorowi Juliuszowi Bardachowi w dziewięćdziesięciolecieurodzin. Warszawa, 2004. S. 1968
[17] Больш па тэме гл.: Kosman M. Parlamentaryzm Wielkiergo KsięstwaLitewskiego w świetle najnowszych badań // Zapiski Historyczne. T.LXX(2005) Z.4. S.91-108
[18] Гл.: Kosman M. Ewolucja ustrojowa i początki konstytucjonalizmu w WielkimKsięstwie Litewskim na tle prawodawstwa Polski i Europy środkowej (XVI-połowa XVII wiekuj, y: Vladislavské zřízení zemské a počátky ústavního zřízení v českých zemích (1500-1619). Redakcja K. Malý i J. Pánek. Praha,2001. S.361-375 (materiały konferencji na Uniwersytecie Karola); idem,Political Culture in Lithuania in the 16th and Early 17th Century /w:/ Po­litical Culture in Central Europe (10th – 20th Century). Part I: Middle Agesand Early Modern Era. Edited by H. Manikowska and J. Pánek. Prague,2005. S.249-265 (том падрыхтаваны для XX Міжнароднага кангрэсугістарычных навук у Сіднэі, чэрвень 2005 г.)

Наверх

Русина, Олена. Студії з історії Києва та Київської землі (Валеры Пазднякоў)

Снежня 13, 2006 |

РУСИНА, ОЛЕНА. Студії з історії Києва та Кївської землі. Кїів, 2005. – 346 с.

У апошняй кнізе вядомага ўкраінскага гісторыка Алены Русінай сабраны яе артыкулы з розных перыядычных выданняў i зборнікаў, прысвечаныя гісторыі Кіева i Кіеўскай зямлі XIII-XVI ст. Увогуле гэты перыяд — з даволі цьмянай гісторыяй, бедны на гістарычныя крыніцы. Ix недахоп балюча ўспрымаецца ўкраінскай гістарычнай навукай, якая ўпотай лічыць, што „маці гарадам рускім” вартая лепшай гістарыяграфічнай долі. Адсюль недахоп сапраўдных гістарычных крыніц запаўняецца рознага роду псеўдагістарычнымі схемамі, а часам i проста міфамі. Адметнасць працы А. Русінай у тым, што яна рашуча змагаецца з міфамі і псеўдагістарычнымі пабудовамі; на гэтай ніве набыла, пэўна, нямала нядобразычліўнаў. Але горкая праўда заўсёды лепшая за салодкі міф.

У працы „Да пытання пра кіеўскіх князёў татарскага перыяду” А. Русіна разглядае палітычную сітуацыю, якая склалася на Кіеўшчыне, у Сярэднім Падняпроўі пасля мангольскай навалы. 3 пачатку 1250-х г. зніклі ўсялякія паведамленні пра мясцовых князёў, настаў, як бы мовіць, бяскняжацкі перыяд. Як бы гісторыкі ні тлумачылі гзтую з’яву ў агульным плане, але відавочна, што надышоў час аднос нага заняпаду Кіева, які доўжыўся некалькі сотняў гадоў. A гэта i паказчык адноснага змяншэння палітычнай ролі ўкраінскіх зямель ва Ўсходняй Еўропе. Звесткі пра чарговага кіеўскага князя Фёдара (брата Гедыміна?) паходзяць толькі з 1331 г. А. Русіна намагаецца давесці пра існаванне ў 1-й палове XIV ст. i кіеўскага князя Васіля Ўладзіміравіча (яго дарчы запіс цытуецца ў грамаце 1551 г. князя Ф. Пронскага), але гэты запіс ні па структуры, ні па мове ніяк не можа адносіцца да XIV ст.

Абмаляваўшы час князёў — уладароў Кіеўшчыны ў сярэдзіне XIII — 1-й палове XIV ст. па верагодных крыніцах, А. Русіна ў працы „Псеўдакіеўскія князі XIII-XV ст.” звярнулася да князёў, якія ў некаторых крыніцах таксама праходзяць як уладары паўднёварускіх зямель, але ступень верагоднасці ix існавання даволі нізкая. Даследчыца адмаўляе ў гістарычнай рэальнасці для Дзмітрыя Кіеўскага, Льва Луцкага, Сганіслава Кіеўскага, Алега Пераяслаўскага, Рамана Бранскага. Адмаўляючы верагоднасць існавання гэтых князёў, А. Русіна адкідвае i позняе летапіснае апавяданне пра захоп Кіева літоўскім уладаром Гедымінам, дзе гэтыя князі фігуруюць. Аўтар зрабіла спробу новага асэнсавання грэкамоўных „Урыўкаў Беняшэвіча” XIV ст. Так, яна адмаўляе ў гістарычнай рэальнасці зместу запіса „Фёдар, брат Гедыміна”, a ў звестках пра памерлага мітрапаліта бачыць Максіма, які перасяліўся з Кіева ва Ўладзімір-на-Клязьме. Узнікненне летапіснага апавядання пра захоп Гедымінам Кіева А. Русіна звязвае з князямі Галыыанскімі, якія коштам псеўдагістарычных пабудоў імкнуліся абгрунтаваць свае спадчынныя правы на Кіеў. Пасля цалкам верагоднага кіеўскага князя Фёдара, які ўпамінаецца ў 1331 г., наступным вядомым уладаром Кіева „з рукі” Альгерда быў яго сын Уладзімір (з 1362 г.), пасля Скіргайла (Іван, прыкладна ў 1394 г.). Наступнага меркаванага кіеўскага князя Івана Барысавіча A. Русіна разглядае як постаць міфічную, а „князя олекта киевского Михаила” — як кіеўскага каталіцкага біскупа. Міхаіл Жыгімонтавіч быў названы князем кіеўскім у дакуменце 1432 г., але гэта толькі азначала, што яго маёнткі ляжалі ў межах Кіеўскага біскупства. У працы „Кантраверзы гісторыі кіеўскай княскай традыцыі XIII-XVI ст.” А. Русіна прааналізавала ідэйную ролю Кіева як княжацкага i сталічнага горада ва Ўсходняй Еўропе, нават ва ўмовах заняпаду княжацкай традыцыі на Кіеўшчыне ў другой палове XIII – першай палове XIV ст. У артыкуле „Да гісторыі Кіеўскай зямлі ў XIV-XV ст.: Ягалдай, Ягалдаевічы, Ягалдаева цьма” даследуецца своеасаблівае васальнае ў адносінах да вялікіх князёў літоўскіх татарскае княства на Северпгчыне. Тэму лакальнай гісторыі Кіеўшчыны А. Русіна працягвае ў артыкуле „Пуціўльскія воласці XV – пачатку XVII ст.”

У працы „Кіеўская магдэбургія: юбілейны камплект” А. Русіна дала крытычную ацэнку некаторым калянавуковым публікацыям, што з’явіліся з нагоды святкавання ў 1999 г. 500-гадовага юбілею надання Кіеву магдэбургскага права. Да юбілею выйшла некалькі навукова-папулярных артыкулаў, якія даследчыца лічыць „сумнеўнымі па сваім прафесійным узроўні”. Першы залп быў нанесены па газетных артыкулах. Можа, i дарма. Хто ж у наш час сумняваецца ў непрафесіяналізме газетных журналістаў-„гісторыкаў”? Корпацца ў ix аблудах — справа няўдзячная. A. Русіна арыентуецца на даўнюю рэцэнзію акадэміка M. Ціхамірава „Здзек з гісторыі” (акадэмік абрынуўся на дылетанцкі з пункту гледжання гісторыка сцэнар кінафільма „Аляксандр Неўскі”). Але які ўрок можна вынесці з той гісторыі? Акадэмік разграміў сцэнар, a фільм стаў класікай. Газета, зразумела, — не фільм, не мастацтва, але ў цяперашні час патрабаваць ад яе праўдзівасці — гэта дон-кіхоцтва. A вось пакінуць без увагі быццам салідныя творы, якія прэтэндуюць на апошняе слова ў навуцы, а насамрэч аказваюцца „старым” словам (часам плагіятам) — гэта справа абавязковая для сумленнага навукоўца.

На вызначэнні часу надання Кіеву магдэбургскага пра­ва А. Русіна спынілася ў артыкуле „Да праблемы пачаткаў кіеўскай магдэбургіі”. Існуюць розныя даты, якія абапіраюцца на акты 1494, 1497, 1499, 1514 г. Перагледзеўшы наяўныя дадзеныя, аўтар прапанавала адносіць яго да 1494-1498 г.

Роля Кіева як „святога горада” ў ідэалогіі i палітыцы разгледжана А. Русінай у працы „Кіеў як sancta civitas у маскоўскай ідэалогіі i палітычнай практыцы XIV-XVI ст.”. Мясцовыя кіеўская паданні сталі аб’ектам даследавання ў працах „Кіеўскія сярэднявечныя міфы (XV-XVI ст.)” i „Кіеў — Троя: перадгісторыя i гісторыя міфалагемы”, „Ад Кузьмішчы-кіяніна да кіяніна Скабейкі”. У працы „Кіева-пячэрскі летапісец Веніямін: праблемы ідэнтыфікацыі” развянчаны міф пра гзтага быццам кіеўскага летапісца.

Праблему далучэння ўкраінскіх зямель да ВКЛ А. Русіна разглядае ў артыкулах «Сіняводская “Задоншчына”: гістарычнае першынства або гістарыяграфічны гібрыд» i „Гісторыя з погляду genius loci”, дзе уступав ў палеміку з Ф. Шабульдам адносна бітвы войскаў Альгерда з татарамі на Сініх Водах у 1362 г. Даследчыца адвяргае погляды, быц­цам у тым годзе войска ВКЛ перайшло Дон i нават Волгу, i значна абмяжоўвае маштабы ваеннай кампаніі Альгерда. У рускіх летапісах звесткі пра паход Альгерда на Сінія Воды суседнічаюць з паведамленнем пра напад літвы на горад Коршава („Коршева”). Даўней даследчыкі аб’ядноўвалі гэтыя падзеі і бачылі ў тым горадзе нават Херсанес ці Керч. А. Русіна раз’ядноўвае гэтыя паходы, у адрозненне ад Ф. Шабульды, які лакалізуе Коршаву ў межах ардынскіх уладанняў. Дарэчы, калі меркаваць паводле летапіснага паведамлення пра мор, які прыйшоў з Арды i прайшоў „по ряду” праз Бранск, Коршаву i Навасіль, то загадкавы горад ляжаў акурат паміж Бранскам i Навасілем. На сучаснай карце ў гэтым раёне знаходзіцца Карачаў. Можа, гэта i ёсць Коршава? У любым выпадку мэтай паходу Альгерда ў 1362 г. былі не задонскія ўладанні Арды. Але развенчваючы гэты міф, не варта змяншаць значнасці антыардынскай барацьбы Альгерда. Яго значнасць як палітыка i военачальніка ў тым, што ён першы скарыстаўся з дэмаграфічнага і агульнакультурнага крызісу, які ахапіў у сярэдзіне XIV ст. ардынскія землі. Маскоўскі князь Дзмітрый Іванавіч (Данскі), які разграміў ардынцаў у 1380 г. на Куліковым полі, ішоў у рэчышчы антыардынскай палітыкі Альгерда.

Кніга A. Русінай, у якой развенчваюцца міфы гістарычныя, гістарыяграфічныя, ідэалагічныя — неблагі прыклад для беларускай гістарыяграфіі, якая таксама перагружана міфамі самага рознага кшталту.

Мінск                                             

Валеры Пазднякоў


[1] Гл.: Runciman S. The Eastern Schism. Cambridge University Press, 1966.

Sarcevičiene, Jolita. Lietuvos didikёs proginёje literatűroje portretaj ir įvaizdžiai. (Наталля Сліж)

Снежня 10, 2006 |


SARCEVIČIENE, JOLITA. Lietuvos didikёs proginёje literatűroje portretaj ir įvaizdžiai. Vilnius: Versus aureus, 2005. — 646 p.

Кніга літоўскай даследчыцы Ёліты Сарцэвічэне „Літоўскія шляхцянкі ў панегірычнай літаратуры: партрэты i вобразы” прысвечана жаночым ідэалам панегірычнай літаратуры ў другой палове XVI – першай палове XVII ст. Ідэалы, стэрэатыпы, ідэнтычнасць асобных грамадстваў — актуальныя i папулярныя тэмы ў еўрапейскай гістарыяграфіі: сваіх даследаванняў у дадзеным рэчышчы чакае i багатая гістарычная спадчына Вялікага Княства Літоўскага.

На жаль, т.зв. традыцыйныя гісторыкі даволі скептычна ставяцца да названых кірункаў — пры тым, што разумение ідэалаў набліжае да асэнсавання эпохі, усведамленнл мэтаў i матывацый людскіх учынкаў. У патрыярхальным шляхецкім грамадстве традыцыйнымі стэрэатыпамі было абумоўлена штодзённае жыццё як мужчын, так i жанчын. Асоба мусіла выконваць абавязковыя элементы дадзенай праграмы, каб не быць выкрасленай са свайго грамадства.

Да панегірычных тэкстаў, як да літаратурнай і гістарычнай крыніцы, даследчыкі звяртаюцца даўно[1]. Жыццё i статус шляхцянкі ў ВКЛ ужо разглядаліся ў розных аспектах[2]. Рэцэнзаванае выданне складаецца з манаграфіі i публікацыі 6 казанняў на смерць, прысвечаных Барбары Радзівілаўне Кішчынай (два казанні), жонцы гетмана ВКЛ Яна Караля Хадкевіча Зоф’і Мялецкай, Альжбэце Нонгартавай, Альжбэце з Гаславіц Валовічавай, жонцы берасцейскага кашталяна Грыгорыя Войны Палоніі Валавічоўне[3]. Звычайна такія творы толькі цытуюць, a ў друк яны часцей за ўсё цалкам не трапляюць. Напрыклад, надрукаваны вершаваныя творы гэтага кірунку 3. Морштына, Д. Наба роўскага i інш.[4] Але публікаваць такія крыніцы неабходна, бо многія з ix захаваліся ў адзіным экзэмпляры i знаходзяцца ў бібліятэках Польшчы, Літвы, Беларусі, Расіі, Ук­райны i інш. Публікацыя адразу 6 казанняў на смерць — выключная з’ява. Яны надрукаваны на мове арыгіналу з перакладам на літоўскую мову. Якасць літоўскага перакладу без пэўнай філалагічнай падрыхтоўкі вызначыць даволі складана, таму яна тут абмяркоўвацца не будзе. Адзначым толькі, што літоўскі тэкст мае невялікія каментары. У ix даюцца біяграфічныя даведкі, тлумачэнні па тэксце. Арыгінальны тэкст змяшчае копію тытульнай старонкі, у некаторых выпадках — гравюры з выявамі гербоў. Невядома, якімі патрабаваннямі да друку карысталася аўтарка, бо ў тэксце яны нідзе не ўзгаданы. Да выданняў няма прадмовы, дзе агаворвалася б месца знаходжання крыніцы, стан яе захавання, памеры i іншыя характарыстыкі. Інфармацыя пра гераінь казанняў — мінімальная, хоць дакументы, якія захаваліся, i літаратура дазваляюць змясціць больш падрабязны біяграфічны нарыс. Таксама незразумела, чаму менавіта гэтыя крыніцы былі абраны да публікацыі, бо аўтарка разглядае другую палову XVI – першую палову XVII ст., a казанні — за 1614, 1619, 1624, 1636 г. Змешчаны казанні на смерць шляхцянак каталіцкага, пратэстанцкага, праваслаўнага веравызнання, на смерць уніятак казанняў няма. У манаграфіі даследуюцца i казанні на вяселле, але яны не былі адабраны для друку. Па сутнасці, гэта перадрук з арыгіналу з перакла­дам на літоўскую мову i невялікімі каментарамі без анали­зу i характарыстыкі крыніц. На сучасным этапе развіцця гістарычнай навукі такі падыход да публікацый у значнай меры змяншае ix навуковую каштоўнасць.

Ва ўводзінах прадстаўлена гістарыяграфія, агульная характарыстыка панегірычнай літаратуры, параўнанне ідэалаў ВКЛ з ідэаламі Заходняй Еўропы. Пстарыяграфічны нарыс па праблеме даследавання даволі невялікі (с. 17-19) i зводзіцца папросту да пераліку кніг (прысвечаных пераважна гісторыі жанчын) без ix аналізу. Адзначаны працы I. Валіканітэ, В. Андруліс, польскіх даследчыкаў А. Выробіша, М. Багуцкай, А. Білевіч. Прыводзіцца некалькі агульных прац еўрапейскіх навукоўцаў. У нарысе не згадваюцца манаграфіі па панегірычнай літаратуры[5], хоць у спісе літаратуры яны ёсць. Не названы беларускія, украінскія працы па гэтай тэме[6]. Дадзены гістарыяграфічны агляд не аналізуе тэндэнцый у развіцці даследаванняў па гісторыі жанчыны ў ВКЛ, а таксама стан вывучанасці дадзенай праблемы на падставе панегірычнай літаратуры.

Даследаванне Ё. Сарцэвічэне ахоплівае перыяд 1550-1655 г. (21). Аднак чаму абраны менавіта гэтыя даты з дакладнасцю да года — не зусім зразумела. Казанні на смерць i на вяселле набылі больш шырокае распаўсюджванне з канца XVI ст. Да гэтага часу яны не друкаваліся штогод. Калі абіраецца дата 1550 г., то яна павінна мець абгрунтаванне. Напрыклад, тлумачыць, які твор даў магчымасць казаць пра з’яўленне панегірычнай літаратуры, прысвечанай жанчынам, i заявіў пра пачатак сварэння ідэалаў. За такі твор можна ўважаць казанне Цыпрыяна Базыліка, прысвечанае Альжбэце Шыдлавецкай[7]. Менавіта гэты твор Марцэлі Косман лічыць пачаткам генэзісу казанняў на пахаванне ў ВКЛ[8] — гэга значыць з 1562 г. Таксама i апошняя дата — 1655 год — нічым не падмацавана, бо ў спісе літаратуры самы позні твор датуецца 1654 г. Названая дата павінна была стаць апошняй, бо гэта час пачатку вайны паміж Рэччу Паспалітай i Маскоўскім царствам, якая зруйнавала ўсталяваны лад жыцця людзей, што, вядома ж, не магло не адбіцца на літаратуры, якая амаль не друкавалася ў той час, а таксама на змесце тэкстаў, дзе пачала дамінаваць вайсковасць, пачалі адлюстроўвацца трагічныя падзеі, што змясціла акцэнты ў ідэалах.

Сгатыстычныя дадзеныя па казаннях, па якіх праводзілася даследаванне, не зусім адпавядаюць складзенаму спісу літаратуры. Аўтарка адзначае, што за той час выдадзена 399 панегірыкаў, якія былі напісаны 253 аўтарамі i падаюць інфармацыю пра 150 жанчын. Аднак на падставе якіх крыніц зроблена гэтая статыстыка — не адзначана. Падаюцца звесткі, што выкарыстана было 121 казанне на смерць i 60 казанняў на вяселле (25). Але ў спісе крыніц прыводзіцца 162 пазіцыі, з ix аўтарка спасылаецца толькі на 38,3%, а 19 пазіцый, на якія зроблены спасылкі, не ўключаны ў спіс. Сярод аўтараў панегірыкаў называюцца прадстаўнікі праваслаўя, каталіцтва, пратэстантызму, але абмінаюцца уніяты.

Асноўнае паняцце, якім аперуе аўтар манаграфіі, — гэта „сацыяльная роля” — структурны характар удзелу ў грамадскім жыцці. На падставе яго сцвярджаецца, што шляхцянкі выконвалі ў грамадстве сацыяльныя ролі жонкі, маці, гаспадыні, набожнай дачкі царквы, апякункі ўбогіх (83). Аднясенне ўсіх гэтых роляў да сацыяльных неправамерна, бо першыя тры выконваліся ў сям’і, яны былі сацыяльна значныя, але не сацыяльныя. Асноўнай сферай ix дзейнасці была сям’я, якая апасродкавана уплывала на грамадства. Увогуле вызначэнне роляў, што выконвала ў гра­мадстве жанчына, як сацыяльных не зусім удалае i не адлюстроўвае ix сутнасці. Прычым няма тэарэтычнага тлумачэння дадзенага падыходу, як i цэласнай яго канструкцыі. У апошнія дзесяцігодлзі ў большасці краін даследаванне па гісторыі жанчын вядзецца пераважна ў святле гендэрнайтэорыі. Яна дае магчымасць зразумець гендэрна-ролевыя фунцыі асобы ў сям’і i грамадстве, прасачыць, як уплывалі створаныя гендэрныя стэрэатыпы на паводзіны чалавека, на яго лад жыцця. Кожнае грамадства стварала свой канструкт мужчыны i жанчыны, які змяняўся ў залежнасці ад эпохі[9]. Шляхецкае грамадства ВКЛ не стала ў гэтым сэнсе выключэннем. На статус асобы моцна уплывала яе гендэрная прыналежнасць. Жанчыне надаваліся ролі жонкі, маці, гаспадыні, выхавацелькі, мецэнаткі[10].

Другая частка кнігі „Жанчына ў панегірычнай літаратуры” непасрэдна прысвечана разгляду ўяўленняў пра жанчыну ў панегірычнай літаратуры (53-83). Першы яе пара­граф „Ідэал цнатлівасці” паказвае жанчыну як ідэал мараль­ных якасцяў. Даследчыца адзначае, што ў літаратуры была створана ідэальная мадэль ўяўлення пра жанчыну, яе характар. На падставе розных панегірычных твораў робяцца высновы, што цнатлівасць жанчыны займала важнае месца ў агульнай характарыстыцы вобраза. Маральныя каштоўнасці лічыліся галоўнай аздобай жанчыны. ІПляхцянак параўноўвалі з гераінямі з Бібліі. Шмат увагі аддавалася рэлігійнасці жанчын.

Аднак у крыніцах паказаны толькі агульныя рысы, за якімі не відаць спецыфікі маральных якасцяў жанчын у залежнасці ад ix веравызнання. Таксама не праілюстравана тэндэнцыя развіцця гэтых ідэалаў ад сярэдзіны XVI ст. i да сярэдзіны XVII ст. На ix у той час паўплывалі культурныя i рэлігійныя плыні (рэнесанс, рэфармацыя, контррэфармацыя, барока), заканадаўства, эканамічны лад. Калі ў другой палове XVI ст. вобразы i ідэалы былі яшчэ ў працэсе фармавання, то ў першай палове XVII ст. яны ўжо не змяняліся.

У другім параграфе „Адносіны паміж мужчынам i жанчынай: партнёрства i падпарадкаванне” на падставе панегірычнай літаратуры разглядаюцца ўзаемадачыненні паміж мужам i жонкай (83-115). Спачатку разглядаецца сям’я, дзе мужчина i жанчына мелі непасрэдныя дачыненні паміж са­бой. Спрабуючы паказаць шляхецкую сям’ю ў ВКЛ, Ё. Сарцэвічэне звяртаецца да прац замежных даследчыкаў А. Выробіша, Е. Ўрубель, Л. Сгоўна (87-90). Паводле ix адзначаецца, што сям’я выконвала эканамічную, палітычную i рэпрадукцыйную функцыі, захоўвала традыцыі. На падста­ве манаграфіі Л. Сгоўна сцвярджаецца, што ў ВКЛ, як i ва ўсёй Еўропе, была патрыярхальная нуклеарная сям’я.

Па-першае, уключаць паняцце сям’і ў дадзены раздзел працы было немэтазгодным, бо гэта зусім іншы ас­пект даследавання. Прапанаваны матэрыял не паказвае разгорнута адносіны паміж мужчынам i жанчынай у сямейнай сферы. Па-другое, у тэарэтычным плане інстытут сям’і, яго функцыі i значэнне ў грамадстве пададзены недастаткова шырока. На сёння еўрапейская гістарыяграфія, апрача працы Л. Сгоўна, мае цэлы шэраг даследаванняў па гісторыі сям’і, якія грунтоўна аналізуюць яе функцыі, шлюбныя стратэгіі, сваяцтва, унутрысямейныя адносіны, тыпы сем’яў i іншае[11]. Па-трэцяе, атаесамленне сям’і Вялікага Княства Літоўскага з сям’ёй Польпгчы, a тым болынЕўропы, не мае пад сабой навуковых падставаў. У функцыянаванні інстытута сям’і можна знайсці пэўныя агульныя рысы, але пры гэтым у кожным грамадстве структура сям’і магла быць асаблівай, адрозніваліся таксама традыцыі, звычаі, заканадаўства, эканамічны лад, культурна-рэлігійная сітуацыя[12]. Таму разважанне пра шляхецкую сям’ю ў ВКЛ на падставе ўзораў замежнай сям’і не адпавядае навуковаму падыходу. Панегірычная літаратура звярталася да тэмы сям’і, але змешчанай у ёй інфармацыі недастаткова, каб уявіць механізм функцыянавання сям’і ў ВКЛ. Яна паказвае толькі некаторыя аспекты з жыцця сям’i.

Адносіны паміж мужам i жонкай паказаны праз казанні на вяселле i на смерць. Адзначаецца, што пры заключэнні шлюбу ўлічваліся маёмасныя, палітычныя, рэлігійныя і іншыя інтарэсы. Звяртаецца ўвага на тое, што шлюб быў абавязковы для кожнага хрысціяніна. Паняцце кахання ў шлюбе адрознівалася ад сённяшняга. У першую чаргу гэта партнёрскія адносіны, заснаваныя на ўзаемапавазе. Парт­нёрства мела наступны сэнс: муж лічыўся галоўным у доме i займаўся справамі сям’і ў знешняй сферы, a жонка падтрымлівала ўнутраны лад жыцця сям’і. Ідэальная жонка павінна кахаць мужа, падтрымліваць яго, разам рабіць фундацыі i іншыя справы. У пацверджанне гэтай думкі прыводзяцца цытаты з розных казанняў. Напрыклад, згадваецца выпадак фундацыйнай падтрымкі Гальшанскага касцёла наваградскім ваяводам Тамашом Сапегам (1598-1646) i яго жонкай Зузанай Храптавічоўнай (97)[13]. Але ў тым самым панегірыку аўтар напісаў, што муж i жонка паміж сабой не ладзілі, i „ледзве да злога не дайшло”. Гэта было звязана з тым, што муж меў вялікія пазыкі i прымушаў жонку падпісваць пазыковыя запісы[14]. Адсутнасць ідэнтыфікацыі панегірыкаў з біяграфічнымі звесткамі не дазваляе даць адпаведнай характарыстыкі адносінам паміж мужам i жонкай i дакладна зразумець сэнс казання. Большая частка тэксту ўтрымлівае цытаты з розных казанняў, дзе жанчына характарызуецца як добрая жонка, якая аздабляе дом мужа сваімі маральнымі якасцямі, гаспадарлівасцю, доглядам за дзецьмі: напрыклад, Тэкля Валавічоўна, Зоф’я Радзівілаўна, Альжбэта Тызенгаўзаўна i інш.

Трэці параграф „Мацярынства: выхаванне вашых дзяцей рознае” прысвечаны жанчыне-маці (115-147). Важнае значэнне для працягу шляхецкага роду мела нараджэнне i выхаванне дзяцей. Многія аўтары аддавалі ўвагу гэтай тэме. У якасці прыкладаў прыводзяцца вершы Д. Набароўскага, цытуюцца творы з кнігі Л. Сленковай[15], вытрымкі з казанняў А. Алізаровіча, Ю. Сурвілы i інш. Працяг роду, выхаванне годных нашчадкаў мелі важнае значэнне для шляхты, таму ў казаннях пра гэга вельмі шмат пісалася. Даследчыца слушна адзначае, што гісторыя дзяцінства ў ВКЛ — маладаследаваная тэма (123), звяртае ўвагу на тое, што выхаванне сыноў і дочак рознілася (140). Жанчына павінна была выхаваць у сваіх дзецях найлепшыя маральныя якасці, спрыяць ix добрай адукацыі, сацыялізаваць да жыцця ў грамадстве.

Пра ўяўленне жанчыны як гаспадыні распавядае чацвёрты параграф „Мудрая гаспадыня i маральны аўтарытэт у доме” (147-156). На падставе твораў Б. Прылуцкага, Ц. Базыліка i іншых робяцца высновы, што шляхцянка павінна была даглядаць гаспадарку, клапаціцца пра ўсіх сямейнікаў, добра ставіцца да слуг, быць прыкладам маральнасці.

У пятым параграфе „Жанчына i царква: формы выказвання адданасці” разглядаецца ўдзел жанчыны ў рэлігійным жыцці. Даследчыца сцвярджае, што рэлігія была сферай інтэлектуальнай свабоды жанчыны. Толькі тут яна магла праявіць сацыяльную актыўнасць. У залежнасці ад фінансавых магчымасцяў яна магла займацца фундацыямі i падтрымкай ралігійных устаноў. Сапраўды панегірыкі, як правіла, паказваюць толькі гэтую сферу актыўнасці i акцэнтуюць увагу на ралігійнасці. Але ў жыцці гэта была не адзіная сфера рэалізацыі жанчыны. Шляхцянка была фінансава незалежнай i сама кіравала гаспадаркай, што рабіла яе актыўнай удзельніцай эканамічнага жыцця. Яна заклю­чала дамовы, пазычала грошы, купляла маёмасць[16]. Дакументы паказваюць добрае веданне шляхцянкамі рынкавых адносінаў i ўменне весці гаспадарку, шырокія паўнамоцтвы пры кіраванні маёнткам. Эканамічная актыўнасць шляхцянак нічым не абмяжоўвалася. Яны выступалі ў эканамічных аперацыях нароўні з мужчынамі. Часам жанчыны вялі свае маёмасныя справы больш паспяхова, чым мужчыны[17].

Шляхцянкі былі не менш актыўныя i ў юрыдычнай сфе­ры. Жанчыны выдавалі прывілеі, падавалі скаргі, судзіліся, актыкавалі свае дакументы ў кнігах трыбунальскіх, гродскіх i земскіх судоў[18]. Яны звярталася ў суд не толькі ў выпадку крымінальных спраў, але i пры вырашэнні спрэчных маёмасных пытанняў. Шляхцянкі падавалі скаргі ці самастойна, ці з бацькам, мужам, сынам, ці наймалі ўпаўнаважанага. Паўнапраўнай юрыдычынай асобай жанчына станавілася пасля шлюбу.

Паводле аўтараў казанняў на смерць, жанчына выступа­ла ў ролі патронкі жабракоў, манахаў, святароў. Яна павінна была ўяўляць сабою ўзор духоўнасці. Актыўнасць у рэлігійнай сферы выяўлялася ў фундацыі касцёлаў, цэркваў, кляштараў, шпіталяў, друку кніжак.

Пры характарыстыцы дабрачыннасці жанчын асноўная ўвага аддаецца творчасці пратэстанцкіх i каталіцкіх аўтараў (165-173). Аналізуючы тэндэнцыі ў пратэстантызме, Ё. Сарцэвічэне цалкам прытрымліваецца падыходаў польскай даследчыцы М. Багуцкай. Пры аналізе абмінаюцца праваслаўе i уніяцтва. На падставе каталіцкіх i пратэстанцкіх панегірыкаў робяцца высновы, што быў створаны універсальны ідэал жанчыны, прыняты названымі рэлігійнымі кірункамі. Гэта даволі спрэчная тэза. Зразумела, што калі аўтары жылі i працавалі ў адзін перыяд, то i ix творы мелі агульныя рысы, бо вучыліся яны па тых самых падручніках. Аднак пратэстанты i каталікі праяўленне рэлігійнасці ў шляхецкім асяроддзі бачылі неаднолькава. Акрамя гэта-га яны выкарыстоўвалі панегірыкі як ідэалагічную зброю адзін супраць аднаго[19]. Рэлігійная актыўнасць шляхцянак пададзена шырэй: у праваслаўным, каталіцкім i пратэстанцкім асяродках, без уніяцкага. Прыводзяцца цытаты, у якіх ёсць інфармацыя пра фундацыі рэлігійных установаў, ялмужніны i інш.

Апошні параграф „У Тваіх руках, Божа…” распавядае пра жанчын напярэдадні смерці (188-206). Казанні на смерць прысвечаны менавіта гэтай падзеі ў жыцці чалавека, таму аўтары не маглі абысці сваёй увагай годную смерць, якая адпавядала б шляхецкаму стану. Сапраўды, гэта выдатная крыніца па гісторыі ўяўленняў пра смерць. У ей даецца апісанне падрыхтоўкі да смерці, правільнага да яе стаўлення. Ё. Сарцэвічэне слушна адзначае, што хрысціянская смерць патрабавала пакорлівага, спакойнага прыняцця смерці з падзякай Богу, што i рабілі шляхцянкі. Паводде казанняў, яны паміралі годна i спакойна, развітваючыся ca сваім асяродкам, аддаючы маральныя запаветы дзецям. Так паводзілі сябе перад смерцю Ядвіга Вайнянка, Зоф’я Зяновічаўна, Тэкля Валовічаўна, Альжбета Шыдлавецкая i інш.

У трэцяй, апошняй, частцы кнігі „Замест заканчэння” (207-214) сцвярджаецца, што на падставе панегірычнай літаратуры можна рэканстуяваць жаночыя ідэалы, якія існавалі ў грамадстве. Хутчэй можна сказаць пра ідэалы ў літаратуры, прычым не ва ўсёй, a толькі ў казаннях на смерць i на вяселле, бо яшчэ былі вершы, сатыра i іншыя творы, якія паказвалі розныя ўяўленні пра жанчын. Сумнеў выклікае сцверджанне, што гэтыя ідэалы мелі не практычнае значэнне, а маральна-этычнае, бо гэта не падмацавана даследаваннямі прыватна-прававых дакументаў, якія ўтрымліваюць звесткі па гэтай тэме[20], сістэмы выхавання ў ВКЛ, біяграфічных звестак шляхцянак[21]. На думку аўтаркі, ідэалы выконвалі дзве функцыі: канструяванне i прэзентацыя сацыяльных роляў жанчыны, азнаямленне ix з тым, што чакае ад ix грамадства, i навучанне ix адпаведна сябе паводзіць. Вылучэнне гэтых функцый супярэчыць папярэдняй выснове, што ідэалы не мелі практычнага значэння. У высновах робіцца абагульненне па ўсіх сацыяльных ролях, якія выконвала жанчына: маці, жонка i інш. Пасля яны яіігчэ называюцца як сацыяльна-гендэрныя ролі, што ўносіць блытаніну як у паняцці, так i ў ix разумение.

Паходжанне жаночых ідэалаў звязваецца з еўрапейскай традыцыяй у хрысціянскай культуры, якая засвоіла антычную спадчыну. Гэта даволі спрошчанае разумение працэсу фармавання жаночых ідэалаў. Канечне, нельга адкідваць уплыў Еўропы, біблейскія творы i антычных аўтараў, аднак усё гэта фармавалася на мясцовай глебе. Спалучэнне розных тэндэнцый прывяло да з’яўлення такой мадэлі шляхцянкі, якая дазваляла ёй займаць высокі статус у гра мадстве, чаго не мелі жанчыны падобнага стану ў іншых краінах, у тым ліку i еўрапейскіх.

Кніга перагружана вялікай колькасцю цытат з крыніц, прыводзяцца таксама вялікія цытаты з навуковай літаратуры, што часам займаюць палову старонкі. У некаторых выпадках тэкст скадаецца з набораў вытрымак з іншых манаграфій, звязаных паміж сабою некалькімі ска­зам! аўтаркі.

Падсумоўваючы агляд, трэба падкрэсліць, пгго дзякуючы i публікацыі 6 казанняў на смерць, i трапнай характарыстыцы пэўных тэндэнцый у панегірычнай літаратуры гэтая кніга вартасная, аднак яна пакідае ўражанне няскончанага даследавання, дзе толькі адзначаны нейкія кірункі, але не дадзена ім навуковае абгрунтаванне. Кніга мае шэраг недахопаў, утрымлівае некаторыя памылковыя высновы не толькі па дробных пытаннях, але i па асноўных. Яна носіць апісальніцкі, а не аналітычны характер. Вылучаныя сацыяльныя ролі шляхцянак не змаглі дакладна прадставіць ix сэнсавае значэнне, а таксама гендэрна-ролевыя функцыі жанчыны ў грамадстве. Не адрозніваецца пры аналізе казанняў статус жанчыны ў залежнасці ад узросту: дзяўчынка, дзяўчына, жанчына, жанчына ва ўзросце, а таксама яе стан: паненскі, замужні, удовы. Хоць у панегірыках стан жанчыны заўсёды падкрэсліваецца, бо грамадства патрабавала ад жанчыны паводзінаў у залежнасці ад ролі i ста­тусу. У кнізе адзначаюцца культурна-ралігійныя плыні ў ВКЛ (рэфармацыя, рэнесанс, барока i інш.), але якім чынам яны ўплывалі на жаночыя ідэалы i як гэта адлюстравалася ў тэкстах казанняў — не прасочваецца. Па болынай частцы аналізуецца пратэстанцкая i каталіцкая літаратура.

У цэлым, паўтаруся, праца ўспрымаецца неадназначна, бо шэраг высноваў не падмацаваны адпаведнымі крыніцамі i можа быць аднесены да дапушчэнняў, а не сцверджанняў.

Горадня

Наталля Сліж


[1] Kraushar A. Lament Hrehorego Ościka // Roczniki Towarystwa przyjaciół nauk Poznańskiego. T. XVIII. Z. I. Poznań, 1891. S. 389-395; Kosman M. Litewskie kazania pogrzebowe z pierwszej połowy XVII wieku // Odrodzienie i Reformacja w Polsce. T. XVII. 1972. S. 87-112; Mroszek K. Epitolanium staropolski. Między tradycja literacka, a obrzędem weselnym. Wrosław; Warszawa; Grańsk, Łódź, 1989; Ślękowa L. Muza domowa. Okolicznoścłowa poezja rodzinna czasów renesansu i baroku. Wrosław, 1991; Platt D. Kazania pogrzebowe z przełomu XVI i XVII wieku. Z dziejów prozy staropolskiej. Wrosław; Warszawa; Kraków, 1992.
[2] Wyrobisz A. Staropolskie wzorce rodziny i kobiety — żony i matki // Przegląd Historyczny. 1992. T. LXXXIII. № 3. S. 407-408; Bogucka M. Białogłowa w dawnej Polsce. Kobieta w społeczeństwie polskim XVI-XVIII wieku na tle porównawczym. Warszawa, 1998; Aleksandrowicz-Szmułikowska M. Radziwiłłówny w świetle swoich testamentów. Warszawa, 1995; Dziechcińska H. Kobieta w życiu i literaturze XVI i XVII wieku. Warszawa, 2001; Слиж H. Шляхтянки в религиозном просвещении в XVI-XVII вв. // Женщина. Образование. Демократия. Материалы 2-ой международной междисциплинарной научно-практической конфе­ренции (3-4 декабря 1999 г.). Минск, 2000. С. 173-176; Яна ж. Статус жанчыны-шляхцянкі ў ВКЛ (XVI-XVIII стст.) // БГЧ. 1996. № 4. С. 57-66; Яна ж. Жанчына ў шляхецкай сям’і ў XVI-XVII стагоддзях // Жен­щины в истории: возможность быть увиденными: Сб. науч. ст. / Под ред. И. P Чикаловой. Минск, 2001. С. 270-277; Валиконите И. М. Со­циально-экономическое и правовое положение женщин в Великом Княжестве Литовском (конец XV — первая половина XVI в.) и его от­ражение в первом литовском Статуте. Вильнюс, 1978; Бібліятэка Вільнюскага Універсітэта. Аддзел рукапісаў. Ф. 76. Спр. 2276 i інш.
[3] Lawski A. Pociecha duchowna. Kraków, 1614; Piekarski A. Kazanie na porzebie WP IMP Barbary Kiszczyney Radziwiłowny. Wilna, 1614;Rochowicz S. Kazanie przy exequaich świetey pamięci JW P Zofiey z Mielca Chotkiewiczowey Hrabini z Szydłowa na Bychowie WoiewodzineyWilenskiey, Hetmanowey WXL czynoiney. Wilna, 1619; Dambrowski S.Desideria christianorum albo pragniena duchowne chreściańskich ludzi.Nad zmarłym ciałem zacnie urodzoney y szlachetney paney JMP ElżbietyNonhartowny Namszewiczowey. Wilna, 1624; Withuński A. Dla wieczneypamiкci chorągiew pobożney miłości, na zniesienie żałobney chorągwiez śmierci Jasney Wielmożney JMP Helżbiety z Gosławic Wołłowiczowey,starościney generalney Żmudzskiey, Ciwonowey Gondinskiey, Szawelskiey,Kobrinskiey i in starościney. Lublin, 1636; Zaleski S. Mądra niewiasta dombudująca na pogrzebie JW JMP Połoniey Wołłowiczowny HregoreweyWoyniney kasztelanowey Brzeskiey. Wilna, 1636.
[4] Morsztyn Z. Muza Domowa. Wzdanie krytyczne spuścizny poetyckiej / орг. J. Dũrr-Durski. Warszawa, 1954; Naborowski D. Poezje wybrane / opraж. Г. Karaseг. Warszawa, 1980.
[5] Mroszek К. Epitolanium staropolski. Między tradycją, literacką a obrzędemweselnym. Wrosław; Warszawa; Grańsk, Łódź, 1989; Platt D. Kazaniapogrzrbowe z przełomu XVI i XVII wieku. Z dziejów prozy staropolskiej.Wrosław; Warszawa; Kraków, 1992 i інш.
[6] Напрыклад, украінская даследчыца Н. Сгарчанка ўжо даўно займаецца праблемай статусу жанчыны ў грамадстве па гістарычных матэрыялах Валыні. Гл.: Сгарченко Н. Шлюбна статегія вдів i кілька проблемнавоколо неі (шляхецка Волїнь кінца XVI ст.) // Кїівска старовїна.2000. № 6. С 58-74; 2001. № 1. С. 42-62; 2001. № 4. С. 20-42.
[7] Bazilik C. Krótkie opisanie sprawy przy śmerci pogrzebie oświenconej księżny Helżbiety z Szydłowca Radziwiłłowej wojewodziny wileсskiej. Brześć, 1562.
[8] Kosman M. Litewskie kazania pogrzebowe z pierwszej połowy XVII wieku // Odrodzienie i Reformacja w Polsce. T. XVII. 1972. S. 92.
[9] Пушкарёва Н.Л. Тендерные исследования: рождения, становление,методы и перспективы в системе исторических наук // Женщина.Тендер. Культура. Москва, 1999. С. 15-33; Пушкарёва Н. Л. Имущест­венные права женщин в XVIII — начале XIX в. // Семья в ракурсесоциального знания: Сборник научных статей. Барнаул, 2001. С. 188—203 i інш.
[10] Сліж H. Гендэрная тэорыя ў гістарычным даследаванні // Вялікае княства Літоўскае: Метадалогія i метады даследавання / Пад рэд. С. Каўна. С.-Пецярбург, 2003. С 72-91.
[11] Fox B. J., Luxton M. Conceptualizing „Family” // Family Patterns, Gender Relation. Toronto, 1993. P. 21; Юссен Б. Родство искусственное или ес­тественное? Биологизм в культурно-исторических концепциях род­ства // Человек и его близкие на Западе и Востоке Европы (до нача­ла Нового времени). Москва, 2000. С. 84-104; Муравьёва М. Г. Исто­рия брака и семьи: западный опыт и отечественная историография // Семья в ракурсе социального знания. Сборник научных статей. Бар­наул, 2001. С. 9-10; Зидер R Социальная история в Западной и Цен­тральной Европе (конец XVIII – XX вв.). Москва, 1997; Goody J. The Development of the Family and Marriage in Europe. Cambridge, 1983; Sabean D. W. Social Background to Vetterleswirtschaft: Kinship in Neckarhausen // Rudolf Vierhaus et al. Frühe Moderne? Göttingen, 1992. P. 113-132; Handbook of Family Measurement Techniques. Instruments and Index. Vol. 3. London; New Delhi, 1994 i інш.
[12] Сліж Н. Тэрміналогія па гісторыі шляхецкай сям’і Вялікага княства Літоўскага ў 16-17 ст. // Гістарычны альманах. 2003. Т. 9. С. 49-63; Яна ж. Шляхецкая сям’я ў Вялікім княстве Літоўскім у XVI-XVII стст.: уздзеянне саслоўнага падзелу грамадства на яе фарміраванне і развіццё. Аўтарэф. дыс. … канд. гіст. навук. Мінск, 2002.
[13] Laurinowicz M. Dom mądrości na pogrzebie JWP Tomasza Sapiehy woiewody Nowogródzkiego w Olszanach. Vilna, 1646.
[14] Archiwum Główny Aktów Dawnych. Archiwum Radziwiłłów X, sign. 223.К. 1-23, 33. sign.225. К. 1-3, 18-20, 64, 68.
[15] Ślękowa L. Muza domowa. Okolicznoścłowa poezja rodzinna czasówrenesansu i baroku. Wrosław, 1991.
[16] Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі ў Мінску. Ф. 1324, воп.1,спр. 12, арк. 52, 73-73 адв.; НГАБ у Гродна. Ф. 1663. Воп.1. Спр. 836,1229. Ф. 1664, воп.1, спр. 330, 341, 352, 375, 390 i інш.
[17] Акты издаваемые Виленскою археографическою комиссиею (далей —АВАК). Т. 36. Вильна, 1912. С. 15-16; Jankowski Cz. Powiat Oszmiański.Materiały do dziejów ziemi i ludzi. Cz. I. Peterburg, 1896. S. 157.
[18] ABAK. T. 3. Вильна, 1870. СИЗ, 130-131, 277-293; Т. 8. Вильна, 1875.С. 513-514; Описание рукописного отдела Виленской публичной биб­лиотеки. Вып.4. Вильна, 1903. С. 5-6; Археографический сборник до­кументов относящихся к истории Северо-Западной Руси. Т. 8. Виль­на, 1870. С. 297.
[19] Kosman M. Litewskie kazania pogrzebowe z pierwszej połowy XVII wieku. S. 93-105.
[20] Сліж Н. Крыніцы па гісторыі шляхецкай сям’і XV1-XVII стст. // Ге­рольд Utherland. 2001. № 2. С. 66-72.
[21] Аўтарка не спасылаецца на Польскі біяграфічны слоўнік (Polski Słownik Biograficzny), які мае біяграфічныя нарысы па знакамітых шляхецкіх родах ВКЛ.

Наверх

Рымантас Ясас. Хроніка Быхаўца і яе паходжанне*

Ліпеня 28, 2006 |

Ад перакладчыка

У 1971 г. у Вільні выйшаў з друку пераклад на літоўскую мову Хронікі Быхаўца – арыгінальнага помніка агульнадзяржаўнага летапісання ВКЛ першай трэці XVI ст. Да 2011 г. гэты помнік быў вядомы толькі па адным спісе, які атрымаў назву ад прозвішча ўладальніка рукапісу Аляксандра Быхаўца і даў назву ўсяму Поўнаму зводу летапісання ВКЛ [1].

Пераклад выканаў літоўскі гісторык Рымантас Ясас. Акрамя ўласна перакладу, уступу і каментароў, у выданне ўключана навуковае даследаванне “Хроніка Быхаўца і яе паходжанне” з назіраннямі і высновамі вучонага, што ўзніклі ў час працы над перакладам. Пры гэтым высновы тычацца не толькі ўласна Хронікі Быхаўца, часу і асяродку яе ўзнікнення, магчымых крыніц, але і гісторыі стварэння другога, або Пашыранага, зводу агульнадзяржаўнага летапісання ВКЛ – Хронікі Вялікага Княства Літоўскага і Жамойцкага. Чытаць далей →

Гянутэ Кіркене. Інтэграцыйныя працэсы ў Вялікім Княстве Літоўскім: царкоўная унія

Снежня 29, 2005 |


Інтэграцыйныя працэсы нацыянальных манархій, якія ўзніклі ў Еўропе ў Сярэднія вякі і раннім Новым часе, ахоплівалі рэгіянальныя і часткова этнічныя сегменты. Усім вядома, што ў дзяржавах ВКЛ і часткова Польшчы існавалі не толькі этнічныя суб’екты, але, важней за ўсё, канфесійныя сегменты грамадства. Гэтая канфесійная сегментацыя стала нават падставай і крытэрам пошуку межаў гістарычных рэгіёнаў Еўропы. Адзін з аўтараў канцэпцыі Сярэдняй Еўропы як гістарычнага рэгіёну, Аскар Галецкі, усходнюю мяжу гэтай часткі Еўропы сумяшчаў з лініяй стыку каталіцкага і праваслаўнага абшараў. У такім выпадку мяжа рэгіёну Сярэдняй Усходняй Еўропы праходзіць праз сярэдзіну ВКЛ, г.зн. дзеліць яго на дзве часткі. Такое агульнае ўяўленне захавалася да нашых дзён. Напрыклад, Самуэль Хантынгтан мяжу не толькі Сярэдняй Еўропы, але і Заходняй цывілізацыі праводзіць па ўсходніх ускраінах этнічнай Літвы[1].

Аднак А. Галецкі не спыніўся ў сваіх разважаннях і менавіта ў гэтае абагульненае ўяўленне не змясціў інтэграцыйных працэсаў ВКЛ і часткова Польшчы, адным з найважнейшых з якіх была царкоўная унія. Таму, спецыяльна даследуючы праблематыку царкоўнай уніі ў фундаментальнай працы „Ад Фларэнцыі да Берасця“[2], ён трактаваў царкоўную унію як фенаменальную (што не мае аналагаў у іншых краях Еўропы) для Польшчы і Літвы, злучаных дынастычнай уніяй, праблему дзяржаваў, якую для яе грамадства ўзняло Крэўскае пагадненне. У канцэпцыі А.Галецкага маецца на ўвазе, што менавіта гэтыя дзяржавы былі адзінымі ў Еўропе, у якіх манарх–каталік меў асабліва шматлікую частку падданых праваслаўнай канфесіі. Гэтая фенаменальнасць, па словах Галецкага, у 1395—1396 і ў 1415—1418 г. зрабіла Вітаўта і Ягайлу еўрапейскага маштабу палітыкамі царкоўнай уніі. Яны сфармулявалі ідэю сусветнай уніі паміж канстанцінопальскім патрыярхам і рымскім папам, якую можна было заключыць на царкоўным саборы[3].

Як вядома, у Фларэнцыі была дасягнута дамоўленасць адносна захавання догмаў і сваёй літургіі[4]. Калі гэтая унія правалілася, а туркі захапілі Канстанцінопаль, ідэя сусветнай уніі ніколі болей не ўзнімалася і праблема перамясцілася на ўзровень лакальных або рэгіянальных уній з асобнымі ўсходнімі цэрквамі. Такая унія і была рэалізавана ў 1596 г. у Берасці. Насамрэч Берасцейская царкоўная унія вяла да інтэграцыі ўсяго праваслаўнага грамадства, аднак яго найвышэйшы слой ужо быў дайшоў да уніі іншымі шляхамі, так званы інтэграцыйны механізм праваслаўнай арыстакратыі спрацаваў нашмат раней. Найбольш пашыранай аказалася інтэграцыйная мадэль, апісаная Станіславам Котам, калі праваслаўныя пераходзілі ў Рэфармацыю і з яе не вярталіся ў праваслаўе, але схіляліся ў каталіцызм. Іншая мадэль — праваслаўныя пераходзілі ў каталіцызм мінаючы Рэфармацыю. Аднак самае важнае, што была не адна спроба царкоўнай уніі, а цэлы працэс, якога не бачыла гістарыяграфія. Тут трэба вярнуцца да абмеркавання канцэпцыі А.Галецкага.

А.Галецкі ў манархіі Ягайлавічаў 1458—1503 г. убачыў варыянт рэалізацыі не лакальнай, а сусветнай царкоўнай уніі, які назваў аднаўленнем Фларэнційскай уніі[5]. Гэтае значэнне ён і звязваў з нанова прызначаным (намінацы 5 верасня 1458 г.) мітрапалітам новай Кіеўскай мітраполіі (асобнай ад Масквы) Грыгорыем Булгарам[6] (праунійных перакананняў), якога пасвяціў і канстанцінопальскі патрыярх, уніят у выгнанні Грыгорый Мамма паводле грэцкіх абрадаў.

Працэс царкоўнай уніі пасля смерці Грыгорыя, па словах Галецкага, залежаў ад таго, хто стане яго наступнікам і ці будзе ён прыняты рускімі епіскапамі ВКЛ[7]. На думку аўтара, іншыя мітрапаліты да 1503 г. — Місаіл (1473—1476), Сімяон (1480/1—1488), Іона (1488—1494), Макарый (1495—1497), Булгарынавіч (1498—1501) — таксама былі унійных поглядаў, бо іх падтрымліваў сам правіцель. І гэтыя мітрапаліты імкнуліся заставацца ў адзінстве з каталіцкім касцёлам ды рымскім папам, у той жа час зусім не парываючы сувязяў з канстанцінопальскім патрыярхам, які, будучы пад уладай туркаў, не мог вольна выяўляць свае перакананні.

Галецкі лічыць, што дзейнасць мітрапаліта Булгарыновіча была нібы цвёрдым акордам, які імкнуўся ўмацаваць сусветную царкоўную унію ў манархіі Ягайлавічаў. У дзейнасці гэтага мітрапаліта мы бачым усе суб’екты гэтай царкоўнай уніі: правіцеля ВКЛ Аляксандра, папу Аляксандра VI, віленскага біскупа Альберта Табора, канстанцінопальскіх патрыярхаў Ніфанта II і Яахіма I, а таксама самога мітрапаліта Булгарыновіча. Якраз удзел гэтых суб’ектаў і стаў для Галецкага крытэрам характарыстыкі сусветнай царкоўнай уніі (праўда, аўтар такой дакладнай дэфініцыі не прапаноўвае). Між тым рэгіянальная або лакальная царкоўная унія, заключаная ў Берасці ў 1596 г., ужо не мела істотнага суб’екта сусветнай царкоўнай уніі — канстанцінопальскага патрыярха.

Пасля дзейнасці Булгарыновіча болей спробаў царкоўнай уніі не было, так што Галецкі лічыць пераломным 1503 г., калі новым кіеўскім мітрапалітам стаў Іосіф Солтан. Хоць ні гэты, ні наступны мітрапаліт не дэкляравалі адмовы ад царкоўнай уніі, аднак і не шукалі блаславення папаў. Не відаць і больш інтэнсіўных сувязяў з канстанцінопальскімі патрыярхамі[8]. Таму А.Галецкі ад гэтага моманту ўважае працэс Фларэнційскай царкоўнай уніі спыненым.

Самае наватарскае назіранне Галецкага ў гістарыяграфіі разгляданай праблемы ў тым, што для яго і пасля 1503 г. існавалі традыцыі Фларэнційскай царкоўнай уніі[9]. Аўтар адзначыў некалькі фактаў, найважнейшы з якіх быў і важнай з’явай у ВКЛ — даклярацыя князя Юрыя Слуцкага аб адзінстве з каталіцкай царквой: з аднаго боку, ён у 1526 г. уфундаваў каталіцкі касцёл у Вясеі, з другога — па пытанні шлюбу з каталічкай звяртаўся да папы Клімента VII, прызнаючы яго вяршэнства і сцвярджаючы, што хоць жыве паводле грэцкіх абрадаў, але прызнае і каталіцкую веру[10]. Гэтая канцэпцыя А. Галецкага магла б быць дапоўнена як іншымі аўтарамі, так і новымі фактамі. Аднак засталося шмат няяснага для гэтага перыяду — не быў патлумачаны механізм, як гэтыя факты маглі суіснаваць і калі ж спыніўся працэс царкоўнай уніі. У гэтым выпадку А. Галецкі не ацаніў ці не развіў магчымых іншых канцэпцый царкоўнай уніі і засяродзіў увагу толькі на сувязі кіеўскіх мітрапалітаў з Рымам, аднак прызнаў, што магчымыя і асабістыя сувязі праваслаўных з папам.

Выглядае, што разгледжаны Галецкім працэс сусветнай царкоўнай уніі 1458—1503 г. у ВКЛ рэалізоўваўся паралельна з пошукамі новай мадэлі уніі, суб’ектамі якой сталі прадстаўнікі каталіцкага лагера. І гэта ўмоўна можна было б назваць працэсам лакальнай нефармальнай царкоўнай уніі, у якім дамінуюць суб’екты каталіцкага лагера: папа, правіцель, каталіцкія епіскапы і бернардзіны.

Гэтая з’ява стала больш выразнай пасля 1503 г., калі фіксуецца пасіўная роля мітрапалітаў, і да гэтага пытання мы яшчэ вернемся. Раней, калі суб’екты сусветнай царкоўнай уніі ў другой палове XV ст. былі актыўныя, праявы лакальнай царкоўнай уніі прыкрываў той працэс, які Галецкі называў адраджэннем Фларэнційскай царкоўнай уніі. Але і тады мелі месца пацверджаныя самім папам спецыяльныя ці індывідуальныя выпадкі празелітызму (напр., Солтаны, Іван Сапега, Міхаіл Глінскі). Гэтыя прыклады — як бы формы рэалізацыі сусветнай царкоўнай уніі, аднак яны ўжо мелі іншы, больш канкрэтны змест. У некаторых выпадках яны паказалі „большую“ унійнасць, чым формы царкоўнай уніі, прапагандаваныя патрыярхамі і мітрапалітам. Гэтае адрозненне ў змесце яшчэ болей заўважалася вачыма каталіцкіх суб’ектаў царкоўнай уніі ВКЛ — правіцеля і епіскапаў, тым больш што тыя дэманстравалі самастойныя пазіцыі з пункту погляду царкоўнай уніі. Тут мусіла найбольш вырашаць пазіцыя правіцеля.

Фларэнційская унія, як вядома, захавала былым праваслаўным іх грэцкія абрады, але разам з тым патрабавала іх пераходу да каталіцкай дагматыкі, аднак пакінула шырокую шкалу інтэрпрэтацыі гэтых рэчаў: ад прызнання фармальнага прымата папы ў рамках пентархіі, якое задавальняла праваслаўных,  да рэалізацыі дагматычных тонкасцяў. Аднак застаецца зусім няясным, які магчымы механізм кантролю, каб ні адны, ні другія не пераступілі прадугледжанай Фларэнційскай уніяй шкалы, і тым больш незразумела, што канкрэтна трэба кантраляваць, калі формулы кампрамісныя. І тут узнікла імкненне каталіцкіх епіскапаў хрысціць праваслаўных другі раз.

Апошняе патрабаванне каталікоў пры рэалізацыі царкоўнай уніі нават не было абмеркавана на Фларэнційскім саборы, таму з пункту погляду праваслаўных дамаганне другога хрышчэння магло інтэрпрэтавацца сярод іх як самавольства каталіцкага духавенства. Апрача таго, былі розныя канцэпцыі царкоўнай уніі не толькі між праваслаўных і католікаў, але і ў самім каталіцкім лагеры.

У літоўскай гістарыяграфіі Віктарас Гіджунас, а таксама Рыта Трыманене звярнулі ўвагу, што ў другой палове XV ст. у працэсе ажыццяўлення царкоўнай уніі былі два лагеры: на адным баку — бернардзіны, кароль Казімір і праваслаўны мітрапаліт, якія не патрабавалі другога хрышчэння ад праваслаўных, з другога — польскія і літоўскія епіскапы, якія патрабавалі перахрысціць схільных да царкоўнага адзінства праваслаўных.

Бернардзіны, жадаючы пазбегнуць магчымых абвінавачванняў з боку каталіцкага духавенства ў тым, што яны пускаюць у свае касцёлы праваслаўных, дамагліся ад папы ў ліпені 1475 г. булы, якая давала ім права пускаць у свае касцёлы хрысціян грэцкага абраду[11]. Пры гэтым, жадаючы запэўніць праваслаўных у эфектыўнасці уніі, бернардзіны пачалі выдаваць літургічныя кнігі, у якіх „былі б выпраўлены памылкі праваслаўных“ (па словах В.Гіджунаса, друкаванне серыі кніг на царкоўнаславянскай мове было распачата ў друкарні Фіёля Швайпольта ў Кракаве, праўда, да канца гэта не ажыццявілася)[12]. Аднак гэтая ініцыятыва бернардзінаў была стрымана каталіцкімі біскупамі. Нягледзячы на спробы бернардзінаў прывесці праваслаўных у царкоўнае адзінства, у жыцці было інакш — каталіцкія святары патрабавалі ад праваслаўных другога хрышчэння або дакумента, які пацвярджаў гэты факт. Гэта паказаў прыклад Аляксандра Солтана. Той, калі хацеў прыняць у віленскай катэдры камунію, але не меў пасведчання, што навярнуўся ў каталіцызм, быў аблаяны ксяндзом: „Не ахрышчаны другі раз сабака пасмеў наблізіцца да Божага стала“[13]. А Р.Трыманене звярнула ўвагу на тлумачэнне сакратара вялікага князя Аляксандра віленскага плябана Эразма Цёлка, што „русіны, прызнаўшы царкоўную унію, але не прыняўшы сакраменту Святога Хрышчэння, толькі ўмацавалі свае памылкі. У дзень смерці яны клічуць братоў францішканаў абсервантаў — імі яны і былі ўведзеныя ў зман, — каб ім аказалі паслугу[14]. Значыць, каталіцкая ерархія ВКЛ па–свойму інтэрпрэтавала палажэнні сусветнай Фларэнційскай уніі і разам з тым не прыняла яе. Яна мела сваю мадэль царкоўнай уніі — праваслаўныя, якія вярнуліся ў царкоўнае адзінства, павінны нанова пахрысціцца. Такім чынам, гэтыя розныя канцэпцыі царкоўнай уніі мусілі б адпавядаць паняццю А.Галецкага адраджэння сусветнай царкоўнай уніі. Аднак гэта не так, быў паралельны працэс. Дзейнасць Казіміра і бернардзінаў, змест ліста Місаіла 1476 г. адлюстроўваюць ажыццяўленне палітыкі царкоўнай уніі паміж праваслаўнымі. Сігнатары ліста спрачаліся з–за другога хрышчэння, дамагаючыся больш якаснай царкоўнай уніі.

У другой палове XV ст. ініцыятыва царкоўнай уніі была ў руках манарха, бо ад яго залежаў выбар мітрапалітаў[15]. Высвятляецца, што ад гэтага моманту царкоўная унія фармавалася ўжо на ўзроўні каталіцкіх суб’ектаў. Пра інтэграцыю праваслаўных сведчылі папскія пасланні. Папа Сікст IV 31 жніўня 1481 г. выдаў булу, якой прадпісвалася прытрымлівацца рашэнняў Фларэнційскай уніі[16]. Яе паўтарыў 19 чэрвеня 1487 г. і папа Інакенцій VIII, дазволіўшы прымаць новых вернікаў, якія вярталіся пад апеку бернардзінаў, даваць ім адпушчэнне грахоў і не патрабаваць другога хрышчэння[17]. Такія ж пажаданні былі выказаны ў буле папы Аляксандра VI 23 жніўня 1501 г. віленскаму біскупу Альберту Табору[18].

Такім чынам, ці не маглі б мы аднесці ўжо да часаў панавання Казіміра вытокі лакальнай уніі, рэалізаванай у Берасці? А калі унійную арыентацыю мітрапалітаў перанялі не толькі праваслаўныя епіскапы, але і, верагодней за ўсё, праваслаўныя магнаты, то, магчыма, трэба было б гаварыць пра рэалізацыю царкоўнай уніі толькі на ўзроўні найвышэйшага слою праваслаўных?

У перыяд праўлення Аляксандра Кіеўская мітраполія была абяцана Іосіфу Булгарыновічу з той умовай, што той будзе працаваць на карысць уніі[19]. Высвятляецца, што місія гэтага мітрапаліта — умацаваць мадэль сусветнай царкоўнай уніі ў Вялікім Княстве Літоўскім. Тым больш што ў той час суб’екты такой уніі асабліва яркія: з аднаго боку — патрыярх, мітрапаліт і праваслаўныя епіскапы, з другога — каталіцкая лінія: папа, дзяржаўны ўладар і каталіцкія епіскапы. Аднак у гэты перыяд прыкметна пазначылася больш радыкальная спроба царкоўнай уніі — інтэграцыйны механізм праваслаўнай знаці.

Польскі гісторык Юзаф Марошак[20] бачыць у перыядзе 1495—1503 г. цэлы рух рэалізацыі царкоўнай уніі, і ў гэтым працэсе ён заўважае самую радыкальную форму царкоўнай уніі — стварэнне адзінай царквы абодвух абрадаў (тады як уніяцкая царква паводле пастановаў Берасцейскага сабору — царква, паслушная папу, але з асобнымі храмамі). Магчыма, Марошак памыляецца ў тым сэнсе, што царкоўнай уніяй лічыць радыкальную кананічную (а не арганізацыйную!) форму уніі — ідэю адзіных малітоўных дамоў, узнятую Іванам Сапегам і рэалізаваную ў Іказні[21]. Ажыццяўленне гэтай ідэі Марошак убачыў і ў фундацыях Аляксандра Хадкевіча ў Супраслі, а пазней у Мажэйкаве і Сынкавічах[22]. Аднак згаданы аўтар не звяртае ўвагі, што праект Івана Сапегі, згодна з якім храмы падпарадкоўваліся правіцелю і віленскаму епіскапу, пакідае ў адзіноце ерархію праваслаўнай царквы[23] Булгарыновіча, калі ён, хочучы стаць кардыналам, імкнуўся стварыць асобную уніяцкую мітраполію ВКЛ[24]. Аўтар зрабіў выснову, што праект Булгарыновіча быў нерэальны і выклікаў нездаволенасць ерархаў каталіцкага касцёла.

Такая магчымая аўтакефалія (у царкоўным сэнсе) абыходзіла б ерархію яе каталіцкай царквы рангам саноўнікаў, што само сабой адкрывала шляхі прэтэнзіям да Паноў–рады. У гэтым былі асабліва незацікаўленыя каталіцкія епіскапы.

Перспектыўнасць двух праектаў царкоўнай уніі — Іосіфа Булгарыновіча ды Івана Сапегі — дазваляе інакш уявіць лёс царкоўнай уніі пазней, пасля Булгарыновічавага праўлення мітраполіяй. Калі для Марошка са смерцю апошняга царкоўная унія закончылася, а для Галецкага гэтая традыцыя царкоўнай уніі заняпала, то таму, што абодва гісторыкі звярнулі ўвагу на пазіцыі мітрапалітаў адносна Св.Рыма[25].

Як бы там ні было, здаецца, што такі характар гэтай рэвалюцыйнай перамены падтрымлівалі, нават не ўхваліўшы праект Булгарыновіча, яе праціўнікі — і Аляксандр, і Жыгімонт Стары. Скарыстаўшыся гэтай пераменай, яны перанялі не толькі намінальную, але і рэальную ролю кіраўніка праваслаўнай царквы ВКЛ, тым самым пакінуўшы мітрапаліта ВКЛ Іосіфа Солтана (таксама і пазнейшых мітрапалітаў) у баку ад праблемы царкоўнай уніі. Гэта якраз дазволіла б высветліць, чаму вакол Супрасльскай фундацыі заставаўся смаленскі епіскап Іосіф Солтан, які, стаўшы мітрапалітам, лічыўся праціўнікам царкоўнай уніі ці, прынамсі, ужо абыякавым да яе. З гэтага выцякала б, што мітрапаліты сталі непатрэбнымі, бо функцыі правіцеля дзяржавы незвычайна выраслі.

Такім чынам была знойдзена цудоўная магчымасць задаволіць інтарэсы сусветнай праваслаўнай эліты і „абысці“ забароны Гарадзельскіх артыкулаў. У такой сітуацыі мы маглі б сцвярджаць, што існуе царкоўная унія на ўзроўні манарха (або на ўзроўні яго двара), калі праваслаўны канстанцінопальскі патрыярх становіцца толькі намінальным кіраўніком праваслаўных ВКЛ, а рэальным кіраўніком праваслаўных робяцца ўладары–каталікі[26].

Значыць, гэтыя абставіны аддаюць ідэю царкоўнай уніі ў ВКЛ у рукі каталіцкіх ерархаў, і яна зусім не залежыць ад пазіцыі канстанцінопальскіх патрыярхаў. Гэта дазваляла б адказаць і на шэраг пытанняў: навошта далей падтрымліваецца будаўніцтва супрасльскай царквы[27], хоць існуе забарона будаўніцтва цэркваў, дазвол на якое мусіў прасіць не толькі Канстанцін Астрожскі[28], але і прадстаўнік літоўскага каталіцкага роду Юрый Рыгоравіч Осцік, які без дазволу правіцеля пабудаваў у Анікшчай царкву і як незаконную мусіў яе па ўказу Жігімонта Старога ад 8 ліпеня 1529 г. разбурыць[29]; чаму ў рамках той самай эстэтычнай і канфесійнай праграмы будуюцца цэрквы ў Мажэйкаве і Сынкавічах; чаму можна гаварыць пра фундацыю царквы абодвух абрадаў у Туросне (важную крыніцу ўказвае Марошак — адшуканы дакумент царквы ў Туросне 23 красавіка 1515 г., які сведчыць, што гэтая святыня павінна служыць усім, хто знаходзіцца ў яднанні з рымскай каталіцкай царквой)[30].

Выказаўшы гіпотэзу, што царкоўная унія і яе прыхільнікі не маглі знікнуць ужо ў часы Жыгімонта Старога і Жыгімонта Аўгуста (яе пакінулі толькі мітрапаліты і праваслаўныя епіскапы), А.Галецкі паказвае працэс царкоўнай уніі ў гэты перыяд толькі працягам яе традыцый (напрыклад, шлюб князя Юрыя Слуцкага з каталічкай Аленай Радзівіл)[31]. Гэта дазваляе думаць, што ў дзяржаве ўжо існавалі не толькі проста праваслаўныя, але і праваслаўныя уніяты, ці каталікі грэцкага абраду.

У гэтым кантэксце трэба было б прыгадаць Францішка Скарыну, якога ўжо лічылі уніятам[32]. Яго творчая дзейнасць (кнігавыдавецтва) мела не толькі русінскую (праваслаўную), але і каталіцкую арыентацыю, што дазваляе думаць пра яго унійную пазіцыю. Пры гэтым якраз у 1526 г. у акце фундацыі Юрыем Слуцкім царквы ў Вясеі між сведак згаданы слаўны доктар „Францішак“[33]. Так што ці трэба большае супадзенне — уніят пры уніяце!

Спрабуючы выявіць працэс лакальнай нефармальнай царкоўнай уніі ў часы Жыгімонта Старога, нагадваем, што палажэнням папы Аляксандра VI працівіліся святары (асабліва польскія), якія дамагаліся захавання патрабавання перахросту. Таму булу, выдадзеную 23 жніўня 1501 г. Аляксандрам VI, забараніў папа Леан Х у 1515 г. на Латэранскім саборы[34]. Аднак самае важнае, што да гэтага пытання зноў вярнуліся 2 лютага 1521 г., калі ў дэкрэце папскага легата Захарыюса Ферэры загадана „прытрымлівацца інструкцыі булы папы Аляксандра VI (23.08.1501), вярнуўшы ёй поўную сапраўднасць“[35]. На падставе гэтага мы можам сцвярджаць, што дух ідэі лакальнай нефармальнай царкоўнай уніі ў пачатку трэцяга дзесяцігоддзя XVI ст. быў жывы і актуальны, бо каму трэба паўторна выдаваць інструкцыю, калі, скажам, увогуле няма з’явы ці працэсу уніі?

Яшчэ трэба было б звярнуць увагу на шырэйшы працэс рэалізацыі нефармальнай лакальнай царкоўнай уніі, які прывёў праваслаўных не толькі ды уніі, але і да каталіцтва. На гэта быццам указвае шэраг прыкладаў пераходу праваслаўных у адзінства каталіцкай царквы: у 1533 г. самы значны слой шляхты Холма „перайшоў з рускіх абрадаў у рымскую царкву“[36]. Як відаць з натарыяльнага акта гнёзненскага арцыбіскупа Яна Ласкага ад 3 ліпеня 1516 г. пра перадачу булы папы Леана Х віленскаму біскупу Альберту, у пасланні не толькі згадваецца пра індульгенцыі Жыгімонту Старому за яго заслугі перад каталіцтвам, але і гаворыцца пра схіленне праваслаўных у „ac sepius scismatici et Rutheni ad Catholica fidem reverterentur“ і г.д.[37] Гэтая інфармацыя яшчэ раз пацвердзіла б нашую гіпотэзу, што ў царкоўную унію перайшоў толькі найвышэйшы слой праваслаўнай шляхты, таму было б магчыма казаць пра фактычную царкоўную унію праваслаўнай эліты.

У той жа час, зазірнуўшы ў „праваслаўны“ корпус кіраўнічай эліты і эмпірычна абгрунтаваўшы яе канфесійную пазіцыю, стане ясна, што ў асяроддзі правіцеля месца для праваслаўя быццам не застаецца: у часы Казіміра ў эліце або ўсе каталікі, або праваслаўныя як выразныя прыхільнікі царкоўнай уніі — Ян Хадкевіч[38] і Солтаны[39]. Ужо Р.Трыманене абгрунтавала уніяцкасць Аляксандра Солтана. Інфармацыю, што ён прыняў апеку каталіцкага касцёла без другога хрышчэння ад самога папы Паўла II, знаходзім у апісаннях Эразма Цёлка[40]. Тамсама згаданы і брат Аляксандра Солтана Івашка, якому папа Сікст IV 19 лістапада 1471 г. даў прывілей, што сведчыць пра яго уніяцтва[41].

У часы праўлення Аляксандра ў палітычнай эліце мы сапраўды бачым тых самых дзеячоў эпохі Казіміра Ягайлавіча. Пацверджана дакументамі прызнанне каталіцтва Іванам Сапегам і яго пераход у унію[42]. У часы Жыгімонтаў Старога і Аўгуста ў авангардзе працэсу царкоўнай уніі быў род Хадкевічаў, які ператварыў інтэграцыю часткі грамадства праваслаўнага паходжання (асабліва яе найвышэйшага слою) у працэс фармавання палітычнага народа ВКЛ.

Такім чынам, можна сцвярджаць, што ў XVI ст. у ВКЛ без законнага афармлення існавала нефармальная лакальная царкоўная унія. Да яе юрыдычнай легітымацыі, як вядома, дайшло ў Берасці.

З літоўскай пераклаў У.Свяжынскі


[1] Huntington S. P. The clash of civilization //Foreign Affairs, 1993.
[2] Halecki O. Od unii Florenckiej do unii Brzeskiej/ Pod red. J. Kłoczowskiego, 1—2, Lublin, 1997.
[3] Halecki O. Od unii…, s.33—46. Параўн. Trajdos T.M. Metropolici kijowscy…, s. 226—232; Kłoczowski J. Jagiełło i Witold wobec prawosławnych: próba ich dowartościowania w 1417 r., s. 174—179.
[4] Сэнс Фларэнційскай царкоўнай уніі ў дасягненні кампрамісу па асноўных тэалагічных пытаннях. Так, праваслаўныя прызналі Vicarius Christi паводле пастаноў грамадскіх сходаў і Свяшчэнных канонаў, г. зн. папа быў прызнаны ерархічна першым сярод пяці (пасля яго ішлі патрыярхі: канстанцінопальскі, александрыйскі, антыяхійскі і ерусалімскі); прызнаная традыцыя еўхарыстыі абедзвюх цэркваў (г.зн. заходняй — няквашанага хлеба, а ўсходняга абраду — квашанага), пацверджана практыка сакраменту хрышчэння абедзвюх цэркваў; Усходняй царкве пакінута права па–свойму інтэрпрэтаваць чысцец, абмеркавана пытанне Filioque і, нарэшце, абедзвюм цэрквам былі пакінутыя асобныя абрады.
[5] Halecki O. Od unii…, s.116—137.
[6] Тамсама, s.119—122.
[7] Тамсама, s. 136.
[8] У сучаснай літаратуры гэтая сітуацыя характарызуецца як пакіданне польска–літоўскай праваслаўнай царквы на волю лёсу. Гл.: Kumor В. Historia Kościoła, 4. Lublin, 2003, s. 223—227.
[9] Halecki O. Od unii…, s.167—192.
[10] Тамсама, s.181—182.
[11] KDKW, Nr. 292, s. 340—341.
[12] Гл.: Gidžiūnas V. Pranciškonų, observantų–bernardinų gyvenimas… p. 114.
[13] Kutrzeba J., Fijałek J. Kopiarz rzymski Erazma Ciołka. Archivum Komisji Historycznej, 1, ser. 2., Kraków, 1924, s. 77.
[14] Trimonienė R.R. Katalikų bažnyčios politika, p. 337.
[15] Можна сцвярджаць, што лёс царкоўнай уніі залежаў не толькі ад таго, хто будзе яе паслядоўнікам і ці ён будзе прызнаны, але перш за ўсё ад пазіцыі ўладара. Факт, што Казімір груба адверг „сватанне“ канстанцінопальскім патрыярхам мітрапаліта Спірыдона і абраў кіеўскім мітрапалітам полацкага епіскапа Сімяона, зразумела, лаяльнага да сябе, а тым самым і да папы рымскага, як бы сведчыў, што Казімір у той час відавочна павінен быў пераняць ініцыятыву царкоўнай уніі ў свае рукі. Бо абраны праваслаўнымі епіскапамі ў 1489 г. наступным мітрапалітам кіеўскім полацкі епіскап Іван Глезна таксама быў пацверджаны перш за ўсё Янам Казімірам, і толькі пасля гэтага звярнуліся да канстанцінопальскага патрыярха дзеля яго высвячэння.
[16] KDKW, Nr.319—378; Пра гэта гл.: Gidžiūnas V. Pranciškonų, observantų–bernardinų gyvenimas… p.111; Kantak K. Bernadyni Polscy, (1453—1572), 1, Lwów, 1933, s.163—165.
[17] Gidžiūnas V. Pranciškonų, observantų–bernardinų gyvenimas… p.110—112; Kantak K. Bernadyni Polscy, (1453—1572), 1, s. 165—166.
[18] KDKW, Nr.503, s.611—613; Trimonienė R.R. Katalikų bažnyčios politika, p.337.
[19] Голубинский Е. История русской церкви, с. 447—448; Никольский Н. История русской церкви, с. 164—165.
[20] Пра гэта гл.: Maroszek J. Dziedzictwo unii kościelnej…, s.1—15; яго ж: Pogranicze Litwy i Korony…, s.116—155.
[21] В.Гіджунас першы ў гістарыяграфіі звярнуў увагу на ўфундаваны Іванам Сапегам у 1501 г. у Іказні храм, прызначаны для абрадаў дзвюх канфесій — каталіцкай і праваслаўнай: Gidžiūnas V. Pranciškonų, observantų–bernardinų gyvenimas… p.117. Параўн. Maroszek J. Dziedzictwo unii kościelnej…, s.10; Černius R. Konfesinis ir politinis XV a. pabaigos bažnytinės unijos aspektas…, p. 252.
[22] Аўтар звяртае ўвагу і на архітэктуру згаданых цэркваў, у якой аб’яднаныя элементы візантыйскага і гатычнага стыляў. Гл.: Pogranicze Litwy i Korony…, s.137—138, 145—149.
[23] Праўда, застаецца няясным пытанне, ці праграма І.Сапегі была выкананая „літара ў літару“ , г. зн. — захаваліся грэцкія абрады ці давялося перайсці на лацінскія. Адны даследчыкі могуць гэта трактаваць як зробленае каталіком, хоць і не патрабуючы хрышчэння, а іншыя — што гэта толькі паслушэнства каталіцкаму касцёлу. Паўстае яшчэ адно пытанне — калі ўсё ж практычныя абрады захаваныя, то ці дапушчаныя яны ў каталіцкія храмы? І наадварот — як у цэрквах, ці павінны уніяты дапускаць каталіцкія абрады? Гэтыя пытанні пакідаем для будучых даследаванняў.
[24] Černius R. Konfesinis ir politinis XV a. pabaigos bažnytinės unijos aspektas…, p. 256—257.
[25] Між тым, з назіранняў Чарнюса як бы выцякае, што калі ні папа, ні ерархія каталіцкай царквы не былі зацікаўленыя ў арганізацыйным радыкалізме мітрапаліта Булгарыновіча, то яны якраз маглі ўхваліць кананічны радыкалізм. Праўда, гэты кананічны радыкалізм з пункту погляду праваслаўных нават варожы, бо прыкметна бліжэйшы каталіцтву, якое, не патрабуючы другога хрышчэння, прымае праваслаўных пад сваю апеку. Параўн. Černius R. Konfesinis ir politinis XV a. pabaigos bažnytinės unijos aspektas…, p.257.
[26] Такую тэндэнцыю, калі ў XVI ст. інстытут кіеўскага мітрапаліта перажыў заняпад і роля патрыярха аслабела, а ўлада правіцеля ВКЛ узрасла ў прызначэнні мітрапалітаў, адзначыў Барыс Гудзяк. Гл.: Gudziak B.A. Crizis and Reform, The Kyivan Metropolitante the Patriarche of Constantinople and the Genesis of the Union of Brest, 1998, c.59—62.
[27] Юзаф Марошак лічыць, што будаўніцтва супрасльскай царквы, верагодней за ўсё, падтрымліваў і Аляксандр Казіміравіч, бо аднаму Аляксандру Хадкевічу такая будоўля наўрад ці была ў эканамічным сэнсе пад сілу. Гл.: Maroszek J. Dziedzictwo unii kościelnej…, s. 6.
[28] Як вядома, К.Астрожскі на полі Аршанскай бітвы выпрасіў у Жыгімонта Старога дазвол на будаўніцтва дзвюх цэркваў у Вільні. Шырэй гл.: Fijałek J. Opisy Wilna, s. 137—146.
[29] Trimonienė R.R. Lietuvos Didžioji Kunigaikštystė ir Vidurio Europa XV—XVI sandūroje, Šiauliai, 1996, p.66.
[30] Maroszek J. Dziedzictwo unii kościelnej…, s.11. Аўтар спасылаецца на Цэнтральны гістарычны архіў Беларусі ў Гродне, ф.34, воп.2, к.273, к.7—8.
[31] Асабліва важна тое, што аўтар звярнуў увагу на зварот князя Юрыя Слуцкага па пытанні шлюбу да папы Клімента VII, які адзначыў, што „гэты (кн. Слуцкі. — Г.К.) жыве паводле абрадаў і звычаяў грэцкай і ўсходняй царквы, аднак, пры гэтым, прызнае каталіцкую веру“. Гл.: Halecki O. Od unii…, s.182.
[32] Розныя канцэпцыі канфесійнай арыентацыі Францішка Скарыны ў гістарыяграфіі абмеркаваў Г.Лаўмяньскі (гл. яго публікацыю ў Ateneum Wileńskie, Wilno, 1925, z. 9, s.161—179). Уся эпоха Скарыны — аспекты яго жыцця, індывідуальнасці, творчай дзейнасці адлюстраваныя ў спецыяльным зборніку артыкулаў: Спадчына Скарыны: Зборнік матэрыялаў першых Скарынаўскіх чытанняў (1986). Укл. А.І.Мальдзіс. Мінск, 1989.
[33] Францыск Скарына: Зборнік дакументаў і матэрыялаў. Мінск, 1988, с. 84—85: Praesentibus uenerabilibus, honorabili et nobilibus d[omi]nis Iacobo Staszkowsky, scholastico Uilnen[si] nec non Cra[couiensi], Sandomirien[si] ecclesiarum canonico, cancellario n[ost]ro Ioanne Syluio Amato, iuris utriusq[ue] doctore, canonico n[ost]ro Uilnensi et officiali generali, Georgio Chwalkowsky, in Ozie[ro]sdy et Lintupie plebano, uicethesaurario n[ost]ro, nec non Petro Goznisky, curiae n[ost]rae marschalco et egregio uiro domino Francisco, medicinae doctore, testibus ad praemissa uocatis et rogatis“ (папраўлена мной. — Г.К.).
[34] Fijałek J. Pierwszy synod diecezji wileńskiej // Kwartalnik teologiczny Wileński, 1, 1923, s. 84.
[35] Тамсама. Параўн.: Chodynicki K. Kościoł prawosіawny…, s.83.
[36] Макарий, История русской церкви, 5, с. 165.
[37] MAB RS, Ф.6, дак. 107, 109; Trimonienė R.R. Lietuvos Didžioji Kunigaikštystė…, р.68.
[38] Параўн. Mironowicz A. Kościół prawosławny w państwie Piastów i Jagiełłonów, s. 195—196.
[39] Trimonienė R.R. Aleksandras Soltanas — XV a. piligrimas // Mokslas ir gyvenimas, 1991, Nr. 2, p. 13. Параўн.: Paravicini A. u. W. Alexander Soltan ex Lithuania ritum grecorum sectans. Eine ruthenisch–polnische Reise zu den Höfen Europas und zum Heiligen Land 1467—1469 // Zwischen Christianisierung und Europäisierung: Beiträge zur Geschichte Osteuropas in Mittelalter und Früher Neuzeit. Festschrift für Peter Nitsche zum 65.Geburtstag, hrsg. von E.Hьbner, E. Klug und J. Kusber, Stuttgart, 1998, s.367—401.
[40] Kutrzeba S., Fijałek J. Kopiarz rzymski…, s.75: „Soltan unus ex primoribus ducatus Lithuanie, frater germanus dicti Ivaszko, ad unionem suspectus per papam Paulum Rome sine baptismate, verum litteras non accepit, ubi abiuratis erroribus Grecorum et voto firmans, quod subiectus et fidelis Romane ecclesie esse debuit, manibus dicti pape communicatus est; iuramentum vero hoc circa baltei Jerosolimitani acquisitionem apud sepuchrum dominum repetivit“.
[41] Тамсама, с. 73—74: „Soltanus quidam nomine a Paulo II et Iwasco germanu eisu ex Lithvania primores inter Rutenos, ambo a Sixto IV ambo suscepti et bulli patentibus in suopse ritu manerer“. Параўн.: Halecki O. Od unii…, s.140—141.
[42] Выпадкі пераходу згаданых Івашкі Солтана і Івана Сапегі на бок царкоўнай уніі прыгаданыя ў трактаце 1501 г. Elucidarius errorum ritus Rutheni. У 1492 г. у лісце папы Інакенція польскаму каралю Яну Альбрэхту напісана: „venit ad urbem Romam dilectus filius Ioannes Sapiha, familiaris tuus, qui abiurata haeresi ellius pravitate deposita, ad catholice fidem et unionem sanctae nastrae ecclesiae rediit, et nunc nostra benedictione habita, ad te reverti statuit…“ Гл.: Jaroszewicz J. Obraz Litwy, 2, Wilno, 1844, s.33, 181. Параўн.: Макарий, История русской церкви, 9, с. 95—96.

Наверх

Андрэй Радаман. Віленскі земскі прывілей 1565 г. вялікага князя Жыгімонта Аўгуста

Снежня 24, 2005 |


1. Гістарычна–прававая характарыстыка і значэнне Віленскага земскага прывілею 1565 г.

440 гадоў таму адбылася падзея, якая стала вехай не толькі ў гісторыі парламентарызму Вялікага Княства Літоўскага, Рускага і Жамойцкага, але і ў гісторыі народаў сучасных Беларусі, Літвы і Ўкраіны. У час паседжанняў Вялікага Віленскага сойму 1565—1566 г. шляхта Вялікага Княства Літоўскага звярнулася да вялікага князя Жыгімонта Аўгуста з просьбай аб увядзенні ў дзяржаве „кшталтомъ съ Коруны Полское“ павятовых соймікаў „для лепъшого и вечистого всякого порадку въ речи посполитой[1]. У адказе манарха, які быў датаваны 21 снежня 1565 г., на просьбу аб выдачы прывілею на ўтварэнне павятовых соймікаў „рачилъ Его Кр[олевская] Милость милостиве зезволяти[2] і ў той жа час шляхецтвам была выказана просьба аб тым, каб гаспадар вялікі князь рашэнне сваё „отъ того часу водле обетницы своее господаръское постановити и привильемъ своимъ на вечъные часы подтвердити рачилъ[3]. 30 снежня 1565 г. [па грыгарыянскім календары — 9 студзеня 1566 г.] „приводячи к большому порядку речь посполитую“, Жыгімонт Аўгуст выдаў адпаведны нарматыўны прававы акт, які меў моц агульнадзяржаўнага закону[4]. На просьбу шляхты аб тым, каб прывілей „теперешний Виленский новый, на соймики поветовые выданый“ быў унесены ў новы Статут, вялікі князь таксама даў сваю згоду[5].

Дыпламатычны аналіз арыгіналу Віленскага земскага прывілею 1565 г., які захоўваецца цяпер у Галоўным архіве старажытных актаў у Варшаве[6], дазваляе выказаць меркаванне, што законапраект быў падрыхтаваны ў дзяржаўнай канцылярыі ў вельмі сціслы тэрмін. Зыходзячы з высноваў Андрэя Рыбакова[7] і Алеся Грушы[8] аб персанальнай адказнасці пісараў канцылярыі ВКЛ за падрыхтоўку актаў, можна сцвярджаць, што за распрацоўку законапраекта Віленскага земскага прывілею 1565 г. непасрэдна адказваў гаспадарскі маршалак і вялікі пісар літоўскі Ян Шымковіч[9], подпісам якога гэты нарматыўны прававы акт змацаваны. Не выключана аднак, што ўдзел у падрыхтоўцы законапраекта маглі ўзяць у час Віленскага сойму 1565—1566 г. і іншыя вялікія пісары ВКЛ — Астафей Багданавіч Валовіч, Ян Мікалаевіч Гайка і Мікалай Паўлавіч Нарушэвіч. Спецыяльна трэба адзначыць той факт, што вялікі князь Жыгімонт Аўгуст заверыў і змацаваў сваім подпісам заканадаўчы акт агульнадзяржаўнага значэння, які не паспелі ўпрыгожыць належным для дакументаў такога тыпу чынам[10]. Для таго, каб Віленскі земскі прывілей 1565 г. набыў юрыдычную сілу, патрабавалася яшчэ змацаваць яго дзяржаўнай пячаткай ВКЛ. У сувязі з тым, што пасля смерці ў траўні 1565 г. віленскага ваяводы, земскага маршалка і канцлера ВКЛ Мікалая Радзівіла Чорнага пасада канцлера заставалася вакантнай[11], а падканцлерскі ўрад яшчэ не існаваў de jure, цяжка сцвярджаць адназначна, што Віленскі земскі прывілей 1565 г. быў змацаваны дзяржаўнай пячаткай менавіта ў дзень, калі ён быў падпісаны вялікім князем[12]. Паколькі да Віленскага земскага прывілею 1565 г. прывешана малая дзяржаўная пячатка ВКЛ[13], можна выказаць меркаванне, што функцыі пячатара ВКЛ ужо ў снежні 1565 г. мог выконваць пісар вялікі літоўскі Астафей Багданавіч Валовіч, які стаў першым падканцлерам ВКЛ пасля атрымання 11 сакавіка 1566 г. намінацыйнага прывілею на гэту пасаду[14].

На ўзор Польскай Кароны Віленскі земскі прывілей 1565 г. вызначаў у кожным судовым павеце ВКЛ „где кольвек вряды судовые засажены, и где потом через нас господаря засаженье врядов судовых з их просьбы и зволенья дойдет“ інстытут малых соймаў, якія павінны былі склікацца „на местцах головнейших[15] за 4 тыдні да вальнага сойму. Права ўдзелу ў малых соймах было дадзена манархам „всим обывателем… …паном радам нашим, князем, паном врядником земским и дворным, и всим станом народу шляхетского и стану рыцерского, где хто в котором повете оселость мает“, аднак прывілей не вызначыў поўны склад удзельнікаў гэтых з’ездаў[16]. У адпаведнасці з прадпісаннямі закону абывацелі ВКЛ, якія належалі да шляхецкага саслоўя, павінны былі з’язджацца на „соймы поветовые“, каб „o потребах Речи Посполитое радити и намовляти, и обмысляти“, а таксама „на выбиранье послов к соймом вальным и иным потребам земским належачих, для лепшего порадку во всих речах и способе ку справедливости и обороне“. Пра гэтыя патрэбы павятовая шляхта спавяшчалася спецыяльнымі лістамі манарха, але павятовыя шляхецкія карпарацыі маглі і самі вызначаць пытанні для абмеркавання на соймах, фармуляваць свае прапановы. Такім чынам, як справядліва адзначае А. Рахуба, Віленскі земскі прывілей 1565 г. не даваў соймікам права на ўхваленне нарматыўных прававых актаў, але выразна замацаваў за павятовымі перадсоймавымі з’ездамі шляхецтва права заканадаўчай ініцыятывы[17]. Прынцыпы арганізацыі і дзейнасці перадсоймавых малых соймаў Віленскі прывілей 1565 г. таксама дакладна не вызначыў. Жыгімонт  Аўгуст абмежаваўся сцвярджэннем, што яны павінны адбывацца „тым же прикладом и порядком, яко на таких соймех поветовых справа, поступок и обычай заховывается в панстве нашом Коруне Польской“. Як бачым, у тэксце Віленскага прывілею 1565 г. не сустракаецца і ўласна тэрмін „соймик“. Замест яго заканадаўца ўжывае тэрміны „соймы малые“, „соймы поветовые“, „съезды поветовые“ пры тым, што ў просьбе шляхты на Віленскім сойме 1565—1566 г. аб утварэнні сталых павятовых перадсоймавых шляхецкіх з’ездаў быў ужыты менавіта тэрмін „соймік[18]. Упершыню гэты тэрмін дапасуецца ў дачыненні да павятовых перадсоймавых „соймов малых“ толькі ў тэксце Статута 1566 г. [Р. III, арт. 5 „О соймикахъ поветовыхъ и о выправованю и посланю з них пословъ земъскихъ на вальный съемъ (сойм)“][19].

Значэнне Віленскага земскага прывілею 1565 г. у гісторыі дзяржаўнасці і права гістарычнай Літвы і Русі (Беларусі і Ўкраіны) палягае ў тым, што разам з артыкуламі 5, 6 і 12 III раздзела Статута ВКЛ 1566 г. ён юрыдычна аформіў у ВКЛінстытут агульнадзяржаўнага парламента (вальнага сойму) з вызначанай сістэмай прадстаўніцтва і інстытут рэгіянальных перадсоймавых соймікаў, якія далі магчымасць адносна шматлікім абывацелям шляхецкага стану (землеўладальнікам „на земскім праве“ і васалам першай ступені вялікага князя) рэальна ўдзельнічаць у прыняцці палітычных рашэнняў і рэалізацыі ўладных паўнамоцтваў у сваёй дзяржаве. Як трапна адзначыў кракаўскі гісторык права прафесар Станіслаў Плаза, менавіта на соймікі абапіраўся ўвесь складаны гмах парламенцкай сістэмы Рэчы Паспалітай абодвух народаў[20]. Найноўшыя ж даследаванні паказваюць, што ў другой палове XVI — першай палове XVII ст. дзейнасць соймікаў актыўна спрыяла ўмацаванню палітычнай і прававой культуры шляхты ВКЛ, характэрнымі рысамі якой у гэты час былі глыбокая павага да права і высокія патрабаванні да маральных якасцяў і ўзроўню адукацыі лідэраў рэгіянальных шляхецкіх эліт. Удзел сярэдняй і нават дробнай павятовай шляхты ў вызначэнні дзяржаўнай палітыкі ВКЛ і Рэчы Паспалітай абодвух народаў не быў у гэты час фікцыяй, што пацвярджаюць не толькі вынікі дысертацыйных і манаграфічных даследаванняў Генрыка Люлевіча[21], Анджэя Рахубы[22], Анджэя Закшэўскага[23], Генрыха Віснэра[24], Артураса Васіляўскаса[25], Паўла Лойкі[26], Уладзіміра Падалінскага[27], але і сцвярджэнне новагародскага кашталяна Васіля Копця, які, падкрэсліваючы перавагі monarchia mixta (мяшанай формы праўлення), вобразна параўноўваў у 1632 г. Рэч Паспалітую з хорам, у якім гучыць не адзін толькі каралеўскі альт, але мноства „вольных галасоў“ згодна падтрымліваюць адну мелодыю[28]. Як трапна адзначыў напрыканцы XX ст. англійскі гісторык Норман Дэйвіс, „пры пасрэдніцтве мясцовых земскіх соймікаў шляхта Рэчы Паспалітай здзяйсняла кантроль над вальным соймам, кіравала падатковай сістэмай і вайсковымі справамі…, і гэта не быў лад паўсюднай анархіі, які здабыў перавагу ў XVIII ст., а несумненна адважны эксперымент у галіне дэмакратыі, які ў эпоху абсалютызму і рэлігійных войнаў быў новай ажыўляльнай альтэрнатывай[29].

2. „Архіўны лёс“ Віленскага земскага прывілею 1565 г.

Земскія прывілеі, як і іншыя дакументы агульнадзяржаўнага значэння, захоўваліся ў земскім скарбе ВКЛ, які ў XVI ст. знаходзіўся ў Ніжнім Віленскім замку[30]. У 1547 г. на вальным Віленскім сойме прадстаўнікі шляхецтва звярнуліся аднак да вялікага князя з просьбай аб тым, каб „прывилья и всякии листы, отъ предковъ его милости… на права и вольности даныи… не въ скаръбе его милости земъскомъ были хованы, але на иномъ которомъ певномъ особливомъ местъцу, за печатьми пановъ радъ ихъ милости“ і за пячаткамі прадстаўнікоў ад павятовай шляхты, каб „къ тымъ прывильемъ латвейшый… прыступъ былъ, кгды бы того потреба вказывала[31]. Манарх даў станоўчы адказ на гэтую просьбу, аднак перазахаванне прывілеяў дапускаў толькі пасля пагаднення станаў сойму з раднымі панамі наконт таго, у якім бяспечным месцы і пад якімі пячаткамі будуць яны захоўвацца[32]. Пра такую дамоўленасць нам нічога невядома, а таму і надалей земскія прывілеі захоўваліся ў скарбе пад апекай паноў–рад, у першую чаргу канцлера[33], якому „привилья земские в дозренью, владзы и справе своей мети належало[34]. Ёсць факты, якія пацвярджаюць, што асобныя земскія прывілеі захоўваліся ў доме канцлера Мікалая Радзівіла Чорнага ў Вільні ці ў яго Лукішскім маёнтку[35], а ў 1566 г. канцлер Мікалай Радзівіл Руды браў некаторыя з іх у Берасце, дзе адбываўся вальны сойм ВКЛ[36]. Такім чынам, земскія прывілеі маглі часова знаходзіцца і непасрэдна пры асобе канцлера ў месцы яго знаходжання. Як адзначае Раймонда Рагаўскене, значную колькасць дзяржаўных дакументаў і прывілеяў гаспадара вялікага князя, якія датычылі Статута ВКЛ, пастаноў павятовых соймікаў і сойму 1563 г., пасля завяршэння Берасцейскага сойму 1566 г. канцлер ВКЛ Мікалай Радзівіл Руды даверыў на пэўны час тыкоцінскаму старосце, дзяржаўцу вількамірскаму гаспадаpскаму маршалку і пісару вялікаму літоўскаму Яну Шымковічу. Пасля завяршэння Гродзенскага сойму 1567 г. канцлер спадзяваўся ўсе гэтыя дакументы пакласці на захаванне ў скрыні, якія знаходзіліся ўземскім скарбе. Выконваючы волю канцлера, увесну 1567 г. разам з іншымі дакументамі Ян Шымковіч павёз земскія прывілеі з гаспадарскага вялікакняжацкага двара ў Кнышыне ў свой маёнтак у Мажэйкаве. Ноччу ў дарозе адзін з вазкоў, на якім перавозіліся паміж іншым і дзяржаўныя акты, саслізнуў з моста і ўпаў у раку. Некаторыя дакументы „не жебы з якое неопатрности альбо непильного хованья, але за допущеньем божим, с прыпадку нещасливого, пригодне“ моцна пацярпелі ад вільгаці[37], асабліва Бельскі земскі прывілей 1564 г.[38] Калі пасля гэтага здарэння акты трэба было прад’явіць гаспадару і Панскай Радзе, выбралі дакументы з захаванымі пячаткамі ці напісаныя яркім атрамантам з выразнымі подпісамі. Змест дакументаў быў засведчаны, пасля чаго іх упісалі ў кнігі Метрыкі ВКЛ[39] і перадалі на захаванне ў земскі скарб.

Пра тое, што ў часы канцлерства Астафея Валовіча і Льва Сапегі земскія прывілеі, як і раней, знаходзіліся пад наглядам вышэйшага пячатара дзяржавы, сведчаць шматлікія дакументы[40], у тым ліку ліст Жыгімонта III ад 18.11.1588 г. аб перадачы дзяржаўных дакументаў падканцлеру Л. Сапегу пасля смерці А. Валовіча[41]. У 1623 г. земскія прывілеі разам з унійнымі дакументамі і міждзяржаўнымі пагадненнямі былі перададзены Л. Сапегам новаму канцлеру — олыцкаму ардынату Альбрыхту Станіславу Радзівілу[42]. Земскі прывілей 1565 г. захоўваўся ў гэты час у шуфлядзе B 2, якая, у сваю чаргу, знаходзілася ў адной з дзвюх вялікіх скрыняў, што былі апячатаны ў скарбе пячаткамі канцлера і падскарбія[43]. За часы свайго канцлерства (6.02.1623—12.11.1656 гг.) Альбрыхт Станіслаў Радзівіл неаднаразова пакідаў Вільню і меў права, як і яго папярэднікі, браць неабходныя дзяржаўныя дакументы ў паездкі па краіне. Пасля таго як пачалася вайна з Маскоўскай дзяржавай, у лістападзе 1654 г. канцлер выехаў да Тухолі і знаходзіўся ў Каралеўскай Прусіі да 1656 г., пераехаўшы за некалькі месяцаў да сваёй смерці ў Гданьск[44]. Магчыма, што найбольш каштоўную частку архіва ВКЛ (у тым ліку і земскія прывілеі) канцлер у гэтыя часы вазіў з сабою[45], і ў абставінах ваеннага часу хоць і адчуваў набліжэнне смерці, не мог перадаць найкаштоўнейшыя дзяржаўныя дакументы на захаванне ў больш бяспечнае месца.

Вальдэмар Мікульскі выказаў меркаванне, што частка дзяржаўнага архіва ВКЛ патрапіла ў прыватны архіў Нясвіжскай ардынацыі Радзівілаў пад апеку віленскага ваяводы, падканцлера і польнага гетмана ВКЛ Міхаіла Казіміра Радзівіла (ён да таго ж быў шваграм Яна III Сабескага) разам з прыватнымі дакументамі былога канцлера пасля смерці ў 1667 г. Крысціны з Любамірскіх, удавы Альбрыхта Станіслава, які не меў дзяцей[46]. Вядома, аднак, што соймы 1667 і 1673 г. ухвалялі канстытуцыі, якія наказвалі падскарбію земскаму правесці расследаванне наконт таго, дзе могуць знаходзіцца земскія прывілеі і архіў земскага скарбу ВКЛ[47], а гэта сведчыць пра тое, што палітычная эліта ВКЛ на 1673 г. не мела дакладнай інфармацыі пра іх знаходжанне. Упершыню пасля доўгага перыяду адсутнасці інфармацыі пра месцазнаходжанне земскіхпрывілеяў яны ўсплываюць у рэестры архіва Нясвіжскай ардынацыі Радзівілаў, які быў складзены ў 1685 г. у Варшаве[48].

З гэтага часу пачынаецца працяглая барацьба нясвіжскіх Радзівілаў за права легальна захоўваць гэтыя дакументы ў сваім архіве[49]. Вынікам яе стала Канстытуцыя надзвычайнага сойму 1768 г., якая легалізавала права нясвіжскіх ардынатаў вечна захоўваць земскія прывілеі, выдадзеныя да Люблінскай уніі[50]. Аднак не раз яшчэ архіўныя скарбы ВКЛ пакідалі радзівілаўскія сховы. Дакументы архіва Кароль Станіслаў Радзівіл „Пане Каханку“ вывозіў у 1764—1768 г. у Жоўкву, Прэшаў, Прагу і Дрэздэн[51], на пераломе XVIII і XIX ст. архіў вывозіўся ў Кракаў, Варшаву і Небароў. У час дзейнасці Парадзівілаўскай Камісіі і Пракураторыі архіў быў перавезены ў Вільню ў распараджэнне старшыні камісіі Мікалая Маліноўскага. У Нясвіж архіў былі вернуты толькі ў 1838 г., пасля прыняцця нясвіжскай ардынацыі Вільгельмам Радзівілам. У другой палове XIX ст. земскія прывілеі былі ўключаны ў склад I аддзела архіва, туды ўвайшлі дакументы, напісаныя на пергаміне. Віленскі прывілей 1565 г. быў пазначаны ў рэестры пад № 210[52]. Як адзначалі Леон Жышчэўскі і Антоні Мучкоўскі, у 1846 г. яны працавалі з земскімі прывілеямі ВКЛ 1447, 1492 і 1506 г. у архіве Радзівілаў у Небарове[53], аднак невядома, ці былі ў гэты час перавезены з Нясвіжа ў Небароў земскія прывілеі ВКЛ XVI ст.

У час Першай сусветнай вайны, калі ў жніўні 1915 г. фронт наблізіўся да Нясвіжа, на загад царскіх органаў улады большая частка архіва была вывезена ў Мінск і размешчана ў кляштары Св. Духа[54]. Але частку дакументаў вывезлі з Нясвіжа ў Белую Царкву і Маскву. У 1919 г. найбольш каштоўныя дакументы былі перавезены ў Варшаву і знаходзіліся ў нераспакаваных скрынях у палацы Януша Францішка Радзівіла па вуліцы Белянскай, 14. З лістапада 1929 г. архіў размяшчаўся ў арандаваным пакоі на другім паверсе новага будынка па вуліцы Маршалкоўскай 113, 2[55].

У 30–я г. XX ст. супрацоўнік архіва Баляслаў Таўрагінскі склаў новы інвентар Першага аддзела архіва і прысвоіў новую сігнатуру Віленскаму прывілею 1565 г., змясціўшы яго ў рэестры пад № 36, пакінуўшы аднак у дужках і ранейшую сігнатуру (№ 210)[56].

У часы Другой сусветнай вайны ў 1943—1944 г. архіў Радзівілаў захоўваўся ў форце на Жалібожу ў Варшаве, пазней у будынку інтэрната Дзяржаўнай школы садоўніцтва ва Ўрсынове і форце Служэў (Służew), адкуль у верасні 1944 г. быў вывезены ў замак Фішгорн (Fischhorn) у Бруку (Brück) (Верхняя Аўстрыя). Вернутыя ў 1946 г. у Варшаву радзівілаўскія архіўныя скарбы былі размешчаны ў Вілянове (Wilanow), пазней у Палацы пад Бляхай (Pałac pod Blachą) і, урэшце, былі далучаны да фондаў Галоўнага архіва старажытных актаў, які размешчаны на вуліцы Доўгай, 7[57]. Земскія прывілеі ВКЛ, якія належалі да першага аддзела Радзівілаўскага архіва, былі перададзены на дэпазітнае захаванне ў склад агульнага фонду„Пергамінныя акты“, дзе і захоўваюцца да сёння. Віленскі прывілей 1565 г. атрымаў у гэтым фондзе сігнатуру „7772“.

Старыя рэестры архіва Вялікага Княства Літоўскага, Рускага і Жамойцкага і Нясвіжскага архіва Радзівілаў, якія захаваліся ў Галоўным архіве старажытных актаў у Варшаве, дазваляюць ідэнтыфікаваць і старыя сігнатуры Віленскага прывілею 1565 г.

Год, у якім складзены рэестр, ці год, на які дакладна вызначана сігнатура прывілею

Архіў, запіс у рэестры, які дазваляе вызначыць месцазнаходжанне прывілею ў архіве Крыніца

1623 Дзяржаўны архіў ВКЛ, Земскі скарб ВКЛ „Szuflada B 2 Sigismundus Augustus“ AGAD. AR Dz. XXVII „Sumariusze i Inwentarze Archiwów Radziwiłłowskich“ („Sumariusze dokumentów i wykazy archiwalne“), nr 11, Regestr przywilegiow WX Ltt oddanych do zamku Xiążat Radziwiłłów, spisany na zamku wileńskim w dniu 26 listopada 1623 r., s. 8—9.
1685 Архіў Нясвіжскай ардынацыі Радзівілаў „W szkatule pod literą A liczbą 5to Ruskie [...]. Przywiley pod literą B. na Sądy Powiatowe“. AGAD. AR Dz. XXVII, nr 13, „Regestr spraw J.O. Xżney JmCi Katarzyny z Sobieskich Radziwiłłowej… podkanclerzyney y hetmanowey W X Ltt 18 july 1685 sporządzony w Warszawie, s. 3.
1685 Архіў Нясвіжскай ардынацыі Радзівілаў „W szufladzie pod literą [A] liczba 5que [...]. Pod litera B. Przywiley na sądy powiatowe“. AGAD. AR Dz. „Rękopisy biblioteczne“, nr VIII–2, „Regestr spraw spisany 1688 A.“, s. 3.[58]
1722 „Rok 1565. Przywiley Ruski krola Zygmunta Augusta na Sądy Powiatowe w Wielkim Xwie Litt. na Seymie Walnym wileńskim dany d. 30 Decembra, z pieczкcią, Litera C, Szuflada 1, Sztuka 5“ AGAD. AR Dz. XXVII, nr 14, Rejestr z 1722 r., s. 18.
[40–я гг. XVIII ст.] „Szuflada 3 Fascykuł No 2. 1565 Przywiley Ruski krola Zygmunta Augusta na Sądy Powiatowe W.X.Litt. na seymie walnym wileńskim. Dany d. 30 Xbra z pieczкcią,“ AGAD. AR Dz. XXVII, nr 27, Rejestr XVIII w. b.d., [lata 40 XVIII w.], s. 9.
1755 „Fasciculus 2dus. 1565. Przywiley Ruski krola Zygmunta Augusta na Sądy powiatowe W.X.Litt. z pieczкcią,na seymie w[a]lnym wileс[skim] dany d. 30 Xbris“ AGAD. AR Dz. XXVII, nr 29, Rejestr z X 1755 r., s. 9.
1902 „Dział Е. „Pergamina historyczne“ Nr 210. 1565. 30. XII. Wilno. Król Zygmunt August wprowadza sejmiki na Litwie. Katalog dodatkowy pergaminów nieświeskich. Opracował p. Pułjanowski. 1902.
[пачатак 30–х гг. XX ст.] Archiwum Ordynacji Nieświeskiej w Warszawie. „Dokumenty pergaminowe“. Nr 36 (210)[59] Taurogiński Bolesław, Inwentarz działu AR Dz. I: „Dokumenty pergaminowe“. [Warszawa], 1934—1935 (mps)
другая палова XX ст. — пачатак XXI ст. Archiwum Główne Akt Dawnych. Archiwum Radziwiłłów. Dział I[60] „Dokumenty pergaminowe“ Depozyt w Oddziale I AGAD: Zbiór dokumentów pergaminowych, nr 7772 Inwentarz: „Zbiór dokumentów pergaminowych“, t. 3, AGAD, Pracownia Naukowa oraz Oddział I. Taurogiński Bolesław, Inwentarz działu AR Dz.: „Dokumenty pergaminowe“, [Warszawa] 1934—1935 (mps); AGAD, Pracownia Naukowa

3. Гісторыя публікацый Віленскага прывілею 1565 г.

Галоўная археаграфічная задача дадзенай публікацыі — увядзенне ў навуковы зварот тэксту арыгінала Віленскага прывілею 1565 г., а таксама перавыданне яго афіцыйнай копіі, якая была актыкавана ў кнігах запісаў Метрыкі ВКЛ. Неабходнасць дадзенай публікацыі тлумачыцца тым, што да гэтага часу амаль усе навукоўцы, якія вывучалі гісторыю парламенцкіх інстытутаў ВКЛ (М. Любаўскі[61], І. Лапа[62], А. Закшэўскі[63] і інш.), выкарыстоўвалі ў сваіх працах не тэкст арыгінала Віленскага прывілею 1565 г., а публікацыю афіцыйнай копіі гэтага дакумента, якая пабачыла свет яшчэ ў 1848 г. у трэцім томе „Актов, относящихся к истории Западной России“[64]. Аналіз гэтай публікацыі, падрыхтаванай пад рэдакцыяй Івана Грыгаровіча[65], прыводзіць нас да высновы, што яна не толькі цалкам не адпавядае патрабаванням сучаснай археаграфіі[66], але часам і разыходзіцца з тэкстам афіцыйнай копіі Віленскага прывілею 1565 г., якая з’яўлялася адзінай крыніцай публікацыі. Праілюструем гэта на некалькіх прыкладах:

Крыніца публікацыі

Афіцыйная копія Віленскага земскага прывілею 1565 г. у перапісаным з арыгінальнага дублікатным картулярыі (спіс к. XVI ст.). — 38 кніга запісаў Метрыкі ВКЛ. № 374. Арк. 570—571 адв. (па старой фаліацыі).

Публікацыя

Акты, относящиеся к истории Западной России… Т. 3: 1544—1587. Сост. и ред. И.И. Григорович. Спб., 1848. № 38. С. 138—139.

IAко и кожъдою розтропъностью, а праве мyжъною, а моцною yсильностью …яко и ростропностью своею и моцною усильностью
…причинIAи и примножати хочемъ и wбецyемъ, абы вжо тымъ Статутомъ новымъ судили и справовалисIA вси станы, wднакимъ порIAдкомъ в поветехъ и на месцахъ сyдомъ розъложоныхъ перед врIAдники на сyды wтъ нас высажоными, водлyгъ привильIA и наданьIA нашого на соsме Бельскомъ на то wтъ нас wбъдарованого. …причиняти и примножати хочемъ, и дозволяем, абы вже тымъ статутомъ новымъ судилися и справовалися вси станы, однакимъ порядкомъ въ повѣтѣх и на мѣстцахъ судомъ засажоныхъ, передъ врядники, на суды отъ насъ высажоными, водлуг привилья и наданья нашого на соймѣ Бѣльскомъ на то отъ насъ обдарованого.

З прыкладаў відаць, што ці перапісчык дазволіў сабе адысці ад тэксту крыніцы, ці некаторыя выразы былі свядома зменены рэдактарам, які, па словах Г. Карпава, „иногда для ясности исправлял слог“ публікаваных дакументаў[67]. Таксама відавочна і тое, што І. Грыгаровіч пры падрыхтоўцы да друку аналізаванага дакумента свядома замяняў літару е на літару ѣ, як таго патрабавалі нормы рускай мовы XIX ст.

У 1855 г. пад рэдакцыяй І.Дз. Бяляева ў выданні Маскоўскага Таварыства гісторыі і старажытнасцяў Расійскіх „Временник“ было здзейснена выданне Статута ВКЛ 1566 г. Разам з ім былі надрукаваны і тры земскія прывілеі — 1563, 1564 і 1565 г.[68] Параўноўваючы гэтую публікацыю з выданнямі земскіх прывілеяў 1563 і 1565 г. Археаграфічнай камісіяй Ян Якубоўскі ў 1903 г. адзначыў, што „тексты привилеев отличались большой неисправностью и тем резко разнились с замечательно правильными текстами, изданными Археографической комиссией“, якія „могут считаться вполне достоверными[69]. Як мы пабачылі вышэй, Я. Якубоўскі ў дадзеным выпадку сур’ёзна памыляўся. Памылка гэтага дасведчанага даследчыка вынікае з таго, што на 1903 г. ён яшчэ не трымаў у руках арыгіналаў земскіх прывілеяў 1563 і 1565 г. Сведчыць пра гэта і ацэнка Якубоўскім выдадзеных Францішкам Пекасінскім у 1900 г. у Кракаве лацінскіх тэкстаў прывілеяў 1563, 1564 і 1565 гг.[70] Характарызуючы гэтую публікацыю, Якубоўскі адзначыў, што лацінскія тэксты „носят явные следы перевода с русского подлинника. …Все поименованные привилеи были напечатаны только в русских текстах и ничто не указывает на то, что это только переводы с латинского. Напротив, всё заставляет полагать, что привилеи 60–х гг. XVI столетия были составлены исключительно на русском языке[71].

У 1910 і 1915 г. у дадатку да свайго „Очерка истории Литовско–Русского государства“ перавыдаў лацінскі тэкст Віленскага прывілею 1565 г. М. Любаўскі[72].

У 20–я г. XX ст. сур’ёзна займаўся падрыхтоўкай да друку земскіх прывілеяў ВКЛ ужо згаданы намі Ян Якубоўскі, але гэтая праца так і не была скончана з прычыны таго, што савецкія ўлады не даслалі ў Польшчу па просьбе даследчыка копіі некаторых неабходных для публікацыі дакументаў. Разам з  тым, шматгадовы досвед працы з арыгінальнымі тэкстамі даў Якубоўскаму магчымасць сцвярджаць у 1931 г., што большасць агульнадзяржаўных дакументаў ВКЛ апублікаваны па копіях, якія не заўжды былі дакладнымі[73]. Пасля Якубоўскага ніхто з польскіх даследчыкаў не спрабаваў ажыццявіць крытычнае выданне земскіх прывілеяў ВКЛ.

У другой палове XX ст. неаднаразова ставіў праблему неабходнасці ўвядзення ў навуковы ўжытак арыгінала Віленскага прывілею 1565 г. літоўскі гісторык В. Раўдзялюнас[74], які рыхтаваў акадэмічнае выданне Статута 1566 г., але заўчасная смерць даследчыка не дала магчымасці рэалізаваць гэтыя планы.

A. AGAD. Archiwum Radziwiłłów. Dział I „Dokumenty pergaminowe“. Depozyt w Oddziale I AGAD: Zbiór dokumentów pergaminowych, nr 7772.

1565 г. снежня 30. Вільня / Вільнюс. — Агульназемскі прывілей вялікага князя Жыгімонта Аўгуста абывацелям шляхецкага саслоўя ўсіх зямель Вялікага Княства Літоўскага, Рускага і Жамойцкага на права правядзення павятовых соймікаў перад вальнымі соймамі.

Арыгінал, пергамін з няроўнымі краямі памерам 60Ч34. (Пергамін складзены, мае 1 гарызантальную і 2 вертыкальныя лініі згіну (без уліку згіну ніжняга краю граматы). Ніжні край пергаміна сагнуты. Памеры адгіна — 60Ч11). Унізе граматы пасярэдзіне адгіна на шнуры, які выплецены з чырвоных, белых і зялёных ядвабных нітак, прывешана круглая аднабаковая чырвонавасковая малая дзяржаўная пячатка канцылярыі Вялікага Княства Літоўскага, Рускага і Жамойцкага; Ø — 36 мм. у васковай ахоўнай чашы; Ø — 93 мм. На пячатцы выява дзяржаўнага герба ВКЛ „Пагоня“ і надпіс: SIGISMVNDVS AVGVST REX POLON MA. DVX LITVANIAE. „Хвост“ („язык“) шнура прапушчаны праз 2 дзіркі ў адгіне прывілея, адлегласць паміж якімі складае каля 11,5 см.

Фармуляр дакумента:  інтытуляцыя, прамульгацыя, нарацыя, дыспазіцыя, карабарацыя, эсхатакол.

Подпісы:

Sigismundus Augustus, Rex —

IAн Шимкович, маршалокъ, писар —

Мова дакумента — старабеларуская. Скорапіс XVI ст.

Ілюмінацыя адсутнічае. Матэрыял — атрамант.

Палі: зверху — 3 см (да інтытуляцыі), 5 см (да асноўнага тэксту), злева — 10 см, справа — 6—7 см.

Адлегласць паміж радкамі — 0,5 см.

Пазнакі: у верхнім левым куце (алоўкам): N 588a, ніжэй: sz. 36b.

На адвароце: Пячатка AGAD. Warszawa.

Przywiley Ruski na sąndy powiatowe 1565 [рука XVI ст.].

No 5 [перароблена 4 на 5]. [рука XVII ст. ?].

Ż 36 [перакрэслена] 37

Na sejmie wilenskim

B [літара павернута на 180° у адносінах да іншых надпісаў]

Przywiley Ruski Krola Zygmunta Augusta na Sądy | powiatowe w Wielkim Xięstwie Litt.° na Seymie Walnym | Wileńskim dany Roku 1565 miesiąca Xbra 30 dnia. [рука XVIII ст.].

L[itera]c C szuflada 1 sztuka 5 [рука XVIII ст.]

Szuflada | 3, plik 2, sztuk 1 [надпіс зроблены на прылепленай картцы, пашкоджаны, рука XVIII ст.]

nieprzepisany [рука XVII ст. ?]

[X] Спіс не захаваўся

D / Y. Российский государственный архив древних актов (РГАДА). Ф. 389. „Литовская метрика“. Воп. 1. А. з. 38. № 374. Арк. 568—569 адв. (па старой фаліяцыі — арк. 570—571 адв.). Спіс к. XVI ст. (афіцыйная копія ў перапісаным з арыгінальнага дублікатным картулярыі).

Мова дакумента — старабеларуская. Скорапіс XVI ст.

Фармуляр дакумента: загаловак, інтытуляцыя, прамульгацыя, нарацыя, дыспазіцыя, карабарацыя, эсхатакол.

Публікацыя названага спіса прывілею падрыхтавана на падставе мікрафільма, які захоўваецца ў Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі. КМФ 18. Метрыка ВКЛ. Воп. 1. Спр. 38. № 374. Арк. 568—569 адв.

Прынцыпы перадачы тэксту. Літары, якія выйшлі з ужытку — у рукапісе гэта є, w, y, ѣ, IA, ѧ — захоўваюцца. Дыграф „кг“, які выкарыстоўваўся для абазначэння выбухнога „г“, захоўваецца. „Ер“ („ъ“) перадаецца як у сярэдзіне, так і ў канцы слова. Вынасныя надрадковыя і падрадковыя літары і склады ўносяцца ў радок і перадаюцца курсівам. Прапушчаныя літары ў скарочаных пад цітлай словах аднаўляюцца і бяруцца ў круглыя дужкі. Паерык перадаецца знакам s.


[1] Документы Московского архива министерства юстиции (далей: ДМАМЮ) / Предисл., сост. М. В. Довнар–Запольский. Москва, 1897. Т. 1. С. 170; Литовская Метрика. Отд. I—II. Ч. III: Книги Публичных Дел. Том первый / Под ред. И.И. Лаппо. Юрьев, 1914. (Русская историческая библиотека, издаваемая императорской археографической комиссией. Т. XXX). Слп. 368.
[2] Ibidem. ДМАМЮ. Т. 1. С. 170, РИБ. Т. XXX. Слп. 368.
[3] Ibidem. ДМАМЮ. Т. 1. С. 170, РИБ. Т. XXX. Слп. 367—368.
[4] Бершадский С.А. Литовские евреи. История их юридического и общественного положения в Литве от Витовта до Люблинской унии (1388—1569 г.). С.–Петербург, 1883. С. 311; Любавский М.К. Литовско–Русский сейм. Опыт по истории учреждения в связи с внутренним строем и внешнею жизнью государства / Императорское общество истории и древностей российских при Московском университете. Москва, 1900. С. 698; Лаппо И. И. Великое Княжество Литовское во второй половине XVI столетия. Литовско–русский повет и его сеймик. Юрьев, 1911. С. 286—287, 290—292, 304; Zakrzewski A.B. Sejmiki Wielkiego Księstwa Litewskiego XVI—XVIII w. Ustrój i funkcjonowanie: sejmik trocki. Warszawa, 2000 (Seria: Monografie / Wydział Prawa i Administracji Uniwersytetu Warszawskiego). S. 21, 131; Rachuba A. Wielkie Księstwo Litewskie w systemie parlamentarnym Rzeczypospolitej w latach 1569—1763. Warszawa, 2002. S. 47.
[5] РИБ. Т. XXX. Слп. 367. Здзіўляе ўнясенне станоўчага адказу вялікага князя літоўскага Жыгімонта Аўгуста на гэтую просьбу шляхты, які дакладна датуецца пачаткам 1566 г. („въ року тепер идучомъ шестьдесятъ шостомъ“), у 527 кнігу (5 кнігу публічных спраў) Метрыкі ВКЛ, раней за адказы на папярэднія просьбы шляхецтва, у тым ліку пра ўтварэнне павятовых соймікаў, якія датуюцца 21 снежня 1565 г. Гл. таксама: Рауделюнас В. Сеймовые постановления как источник Второго (1566 г.) Литовского Статута // Lietuvos TSR mokslų akademijos darbai, A serija. 1976. №3 (56). P. 29—42.
[6] Archiwum Glówne Akt Dawnych w Warszawie (AGAD). Zbiór Dokumentуw Pergaminowych. Nr 7772. Аўтар публікацыі выказвае шчырую падзяку супрацоўнікам Галоўнага архіва старажытных актаў у Варшаве Яраславу Завадскаму, Міхалу Кулецкаму і Рафалу Янкоўскаму за магчымасць азнаёміцца з арыгіналам Віленскага земскага прывілею 1565 г. і вызначэнне старых сігнатур гэтага дакумента ў рэестрах і каталогах Галоўнага архіва старажытных актаў у Варшаве.
[7] Рыбаков А.Е. Общее делопроизводство в центральном аппарате государственного управления Великого княжества Литовского в ХVI в.: Дисс. канд. ист. наук: 07.00.09; 05.25.02 / Бел. НИИ документоведения и архивного дела. Минск, 1999. — 20 с.; idem. Арганізацыя дзяржаўнага архіва Вялікага Княства Літоўскага ў XVI ст. // Архівы і справаводства. 1999. № 2. С. 70—76; idem. Галоўная і меншая канцылярыі Вялікага княства Літоўскага ў XVI ст. // Беларускі гістарычны часопіс. 1998. № 3 (23). С. 43—47; idem. Нормативная документация в Великом Княжестве Литовском в XVI в.: состав и анализ // Архіварыус: Зб. навук.–папул. паведамл. і арт. / Рэдкал.: А. К. Галубовіч (старш.) і інш. Вып. 1. Мінск, 2001. С. 112—128; 178—180.
[8] Груша А.І. Канцылярыя Вялікага Княства Літоўскага 40–х гадоў XV — першай паловы ХVI cт.: Дыс. канд. гіст. навук: 07.00.02 / НАНБ, ІГ. Мінск, 2001; idem. Інфармацыйныя элементы фармуляра дакумента канцылярыі Вялікага Княства Літоўскага 40–х гадоў XV — першай паловы ХVI cт. // Беларускі археаграфічны штогоднік. Вып. 2. 2001. С. 205—214; idem. Функцыі канцылярыі Вялікага Княства Літоўскага (40–я гады XV — першая палова ХVI cт.) // Весці НАН Беларусі. Серыя гуманітар. навук. 2001. № 3. С. 81—87; idem. Службовы склад і структура канцылярыі ВКЛ 40–х гадоў XV — першай паловы ХVI cт. // METRICIANA: Даследаванні і матэрыялы Метрыкі Вялікага Княства Літоўскага. Т. I. Мінск, 2001. C. 11—45.
[9] Дзяржаўца каняўскі (1551) і дубіцкі. Староста тыкоцінскі (1554). Дзяржаўца вількамірскі. (N1 к. 07.1564; N2 21.10.1567; N3 1.11.1567) (Urzędnicy Wielkiego Księstwa Litewskiego: Spisy. Tom I: Województwo wileсskie. XIV—XVIII wiek. / Red. A. Rachuba, oprac. H. Lulewicz, A. Rachuba, P. Romaniuk. Przy współudzialie U. Jamialjanczyka i A. Macuka. Warszawa, 2004. № 3775. S. 493). Маршалак гаспадарскі. (1551—1569). Пісар вялікі літоўскі (пісар гаспадарскі) (1554—1569). Згадваецца на пасадзе ўжо 9.01.1554 г. Прызначаны на „урад на дворе нашом писарство“ 7.01.1555 г. пасля смерці Станіслава Камароўскага. Памёр незадоўга да 1.05.1569 г. (Urzędnicy dawnej Rzeczypospolitej XII—XVIII wieku. Spisy / Pod red. A.Gąsiorowskiego. Т. XI). (далей: U XI). № 588. S. 91; № 952. S. 129; S. 244). Менавіта Яну Шымковічу канцлер ВКЛ Мікалай Радзівіл Руды пасля Берасцейскага сойму 1566 г. даверыў захаванне некаторых земскіх прывілеяў і іншых важных актаў ВКЛ. Гл. ніжэй.
[10] На гэта, між іншым, паказвае адсутнасць ініцыяльнай літары „Ж“ у інтытуляцыі і ініцыяльнай літары „Ч“ у прамульгацыі прывілею. Гл. фотаздымак Віленскага земскага прывілею 1565 г.: http://www.polska.pl/gal/146/30/158/big.jpg Параўнай ілюмінацыю Віленскага земскага прывілею 1565 г. з ілюмінацыяй Віленскага земскага прывілея 1563 г. Гл. фотаздымак Віленскага земскага прывілею 1563 г.: http://pergamentai.mch.mii.lt/IstoriniaiLietDok/F101-31/images/F101-31a.jpg — Lietuvos nacionalinл Martyno Mažvydo biblioteka, F 101–31.
[11] Мікалай Радзівіл Чорны памёр у ноч з 28 на 29 траўня 1565 г. (Urzędnicy centralni i dygnitarze Wielkiego Księstwa Litewskiego XIV—XVIII wieku. Spisy / Oprac. H.Lulewicz i A.Rachuba. Kórnik, 1994 (U XI. № 216. S. 52). Толькі ў сакавіку 1566 г. адначасова з намінацыяй на пасаду віленскага ваяводы канцлерам быў прызначаны Мікалай Радзівіл Руды (згадваецца на пасадзе ўпершыню 11.03.1566 (Малиновский И.А. Сборник материалов, относящихся к истории панов–рады Великого княжества Литовского. Томск, 1901. С. 59; U XI. № 217. S. 52).
[12] Карабарацыя прывілею мае наступны выгляд: „IAкже на yтверженье и моцность того нашого привильѧ, подписавши ег(о) властною рyкою нашою г(о)с(по)д(а)ръскою, печать нашу к нему привесити есмо казали“.
[13] Гл. фотаздымак: http://dziedzictwo.polska.pl/katalog/slide,Pieczec_mniejsza_litewska_przy_dokumencie_ustanowienia_sejmikow_powiatowych_i_sadow_ziemskich_w_Wielkim_Ksiestwie_Litewskim_dnia_30_XII_1565_r,pid,134351.htm?view=big
[14] U XI. № 1126. S. 147.
[15] У адрозненне ад вызначэння ў Віленскім земскім прывілеі 1565 г. у якасці месца для правядзення перадсоймавых соймікаў галоўных цэнтраў судовых паветаў, у Статуце ВКЛ 1566 г. было вызначана, што павятовыя элекцыйныя з’езды павінны адбывацца на замку ці двары гаспадарскім, „которий на посродку того повету будеть“ (з чаго вынікае, што гэты замак ці двор не абавязкова павінен быць адміністрацыйным цэнтрам павета ці ваяводства). Гл.: Rachuba A. WKsL w systemie parlamentarnym. S. 47, 52.
[16] Як адзначаюць даследчыкі, удзельнічаць у працы сойміка мелі права толькі асобы хрысціянскага веравызнання, якія належалі да шляхецкага ці духоўнага саслоўяў і карысталіся суверэннымі правамі на сваіх землях пад вышэйшым сюзерэнам — вялікім князем. Гл.: Zakrzewski A.B. Sejmiki WKsL. S. 38—56; Rachuba A. WKsL w systemie parlamentarnym. S. 91—96.
[17] Rachuba A. WKsL w systemie parlamentarnym. S. 47.
[18] ДМАМЮ. Т. 1. С. 170, РИБ. Т. XXX. Слп. 367—368.
[19] Biblioteka Polskiej Akademii Nauk w Kórniku. Rkps. Nr 818. Statut Litewski 1566 r. (rus.) (Mf BN 2911). K. 59v—60. Гл. дадатак. Нягледзячы на наяўнасць некалькіх публікацый Статута ВКЛ 1566 г. па спісе Васіля Усовіча, аўтар лічыць неабходным у дадзеным выпадку прывесці спасылку на Курніцкі спіс Статута ВКЛ 1566 г., які спецыялісты прызнаюць найбольш блізкім да афіцыйнага тэксту Другога Статута ВКЛ. На жаль, праект Акадэмічнага выдання Статута ВКЛ 1566 г., які цягам жыцця імкнуўся рэалізаваць віленскі гісторык права Вітаўтас Раўдзялюнас, не быў завершаны з прычыны смерці даследчыка. Параўнай: Статутъ Великого Князства Литовского 1566 года (и поправы Статутовые 1578 г.) // Временник Императорского Московского Общества истории и древностей Российских. Москва, 1855. Кн. XXIII. Отд. II: Материалы. С. 45—46; Статут Вялікага Княства Літоўскага 1566 года / Т.І. Доўнар, У.М. Сатолін, Я.А. Юхо; Рэдкалегія Т.І. Доўнар і інш. Мінск, 2003, электронная версія выдання — http://litopys.org.ua/statut2/st1566.htm ; Статути Великого князівства Литовського: У 3 т. Т. II. Статут Великого князівства Литовського 1566 року / За ред. С. Ківалова, П. Музиченка, А. Панькова. Одеса, 2004.
[20] Płaza S. Sejmiki i zjazdy szlacheckie województw poznańskiego i kaliskiego. Ustrój i funkcjonowanie (1572—1632). Warszawa; Kraków, 1984. (Seria: Zeszyty naukowe Uniwersytetu Jagiellońskiego. Prace prawnicze = Schedae Iuridicae. Z. 110 (DCCXX)). S. 5.
[21] Lulewicz H. Gniewów o unię ciąg dalszy. Stosunki polsko–litewskie w latach 1569—1588 / Instytut Historii Polskiej Akademii Nauk. Warszawa, 2002; Lulewicz H. Elita polityczno–społeczna Wielkiego Księstwa Litewskiego w połowie XVII w. [1640—1655]. Warszawa, 1984 (доктарская дысертацыя Г. Люлевіча напісана ў Інстытуце гісторыі Варшаўскага універсітэта пад навуковым кіраўніцтвам Тадэвуша Васіліўскага і абаронена 23.11.1984 г. Машынапіс дысертацыі захоўваецца ў бібліятэцы Інстытута гісторыі Варшаўскага універсітэта).
[22] Rachuba A. Wielkie Księstwo Litewskie w systemie parlamentarnym Rzeczypospolitej w latach 1569—1763. Warszawa, 2002.
[23] Zakrzewski A.B. Sejmiki Wielkiego Ksiestwa Litewskiego XVI—XVIII w. Ustrój i funkcjonowanie: sejmik trocki. Warszawa, 2000 (Seria: Monografie / Wydział Prawa i Administracji Uniwersytetu Warszawskiego).
[24] Wisner H. Przedsejmowy sejmik nowogrodzki w latach 1607—1648 // Przeglad Historyczny. 1978. T. LXIX, z. 4. S. 677—693; idem. Naprawa państwa w uchwałach sejmików Wielkiego Księstwa Litewskiego w pierwszej połowie XVII w. // Studia polsko–litewsko–białoruskie [praca zbiorowa, zawiera materiały dwóch konferencji zorganizowanych przez BTN — 4 i 5 listopada 1983 r., 16 i 17 maja 1985 r.] / Pod red. J. Tomaszewskiego, E. Smuіkowej i H. Majeckiego; Białostockie Towarzystwo Naukowe. Warszawa, 1988 (Prace Białostockiego Towarzystwa Naukowego. Nr 31). S. 33—50; idem. Sejmiki litewskie w czasach Zygmunta III i Władysława IV. Konwokacja wileńska oraz sejmiki przedsejmowe i relacyjne // Miscellanea Historico–Archivistica. / Naczelna dyrekcja archiwów państwowych, Archiwum Główne Akt dawnych. T. III: Radziwillowie XVI—XVIII w. w kregu polityki i kultury. Warszawa; Łodź, 1989. S. 51—66; idem. Efektywność przedsejmowego sejmiku wileńskiego w pierwszej połowie XVII wieku // Czasy Nowożytne. [Periodyk poświęcony dziejom polskim i powszechnym od XV do XX wieku]. T. XII (XIII). 2002. S. 57—83; idem. Najjaśniejsza Rzeczpospolita. Szkice z czasów Zygmunta III i Władysława IV Wazy. Warszawa, 2001; idem. Rzeczpospolita Wazów: czasy Zygmunta III i Władysława IV. Warszawa, 2002 і інш.
[25] Vasiliauskas A. Local Politics and Clientage in the Grand Duchy of Lithuania 1587—1632: Ph. D. Thesis. King’s College, London, 2001. — 292 p.
[26] Лойка П.А. Шляхта беларускіх зямель у грамадска–палітычным жыцці Рэчы Паспалітай другой паловы XVI — першай трэці XVII ст. Мінск: БДУ, 2002.
[27] Падалінскі У. А. Прадстаўніцтва і палітычная пазіцыя Вялікага княства Літоўскага на вальных соймах Рэчы Паспалітай у апошняй трэці XVI ст.: Аўтарэф. дыс. канд. гіст. навук: 07.00.02 / НАНБ, ІГ. Мінск, 2004.
[28] Галенчанка Г.Я. Развіццё шляхецкай дэмакратыі ў Вялікім княстве Літоўскім у ХVI—ХVIII ст. // Герольд Litherland. № 3—4 (3). Горадня, 2001. Год I. С. 96; 1–я публікацыя: Голенченко Г. „Шляхетская демократия“ в Великом княжестве Литовском XVI—XVIII вв. // Белоруссия и Россия: общества и государства / Ред.–сост. Д.Е. Фурман. Москва, 1998. („Мир, прогресс, права человека“. Публикации Музея и общественного центра имени Андрея Сахарова. Вып. 2). С. 31—56.
[29] Davies N. Europa. Rozprawa historyka z historią / Przekład E. Tabakowska. Kraków, 1998. S. 597; 1–е выд.: Davies Norman. Europe: a history. Oxford; New York, 1996.
[30] Jakubowski J.F. Archiwum Państwowe W.X. Litewskiego i jego losy // Archeion. T. IX. 1931. S. 1—2; Mikulski W. Dokumenty z Archiwum Wielkiego Księstwa Litewskiego w Archiwum Warszawskim Radziwiłłów // Miscellanea historico–archivistica. T. VII. Warszawa, 1997. S. 72. Вядома, аднак, што ў другой палове XVI ст. некаторыя дакументы агульнадзяржаўнага значэння захоўваліся ў спецыяльным мяшку (1 з 12 сакваў, ці воркаў) непасрэдна пры ўрадзе канцлера ВКЛ (Lietuvos Metrika = Lithuanian Metrica = Литовская Mетрика. Kn.1 (1380—1584). Užrašymų kn.1 / Lietuvos istorijos inst., Parengė Algirdas Baliulis ir Romualdas Firkovičius. Vilnius, 1998. P. 23—25; Jakubowski J.F. Archiwum Państwowe W.X.L. S. 3—4.
[31] РИБ. Т. XXX. Слп. 137; Якубовский И.В. Земские привилеи Великого княжества Литовского. Ч. 1: Критический разбор текстов общеземских привилеев // Журнал Министерства народнаго Просвещения. Ч. 347. 1903. № 4 (апрель). С. 240.
[32] Ibidem. Слп. 137—138.
[33] Akta unii Polski z Litwa (1385—1791) / Wydali St. Kutrzeba i Wł. Semkowicz. Kraków, 1932. S. XVIII; Jakubowski J.F. Archiwum Państwowe W.X.L. S. 2—3; Рагаускене Р. Канцлеры Великого Княжества Литовского и Литовская Метрика в XVI в.: вопросы сохранности документов государственной канцелярии. // Новости Литовской Метрики. Научно–информационное приложение журнала „Ежегодник истории Литвы“. № 7. 2003. С. 35—47. http://www.istorija.lt/lmn/ragauskiene2003ru.html
[34] Mikulski W. Dokumenty z Archiwum WKsL w Archiwum Warszawskim Radziwiłłów. S. 72.
[35] Так земскі прывілей 1563 г. пэўны час захоўваўся ў канцлера ВКЛ Мікалая Радзівіла Чорнага. (Jakubowski J.F. Archiwum Państwowe W.X.L. S. 2—3). Рагаускене Р. Op. сit. С. 41. У 1594 г. канцлер ВКЛ Леў Сапега звярнуўся з просьбай да Мікалая Крыштофа Радзвіла Сіроткі аб вяртанні магчымых рэштак „spraw kanclerskich“ з часоў канцлерства Радзівіла Чорнага. (Archiwum domu Sapiehów. T. 1. Listy z lat 1575—1606 / Oprac. Dr. A. Prochaska. Lwów, 1892. Nr 106, s. 79; Рагаускене Р. Op. сit. С. 43).
[36] Jakubowski J.F. Archiwum Państwowe W.X.L. S. 3; Рагаускене Р. Op. сit. С. 44.
[37] Jakubowski J.F. Op. сit. S. 3; Рагаускене Р. Op. сit. С. 45.
[38] AGAD. Zbiór dokumentów pergaminowych. № 7773.
[39] Рагаускене Р. Op. сit. С. 45.
[40] Рагаускене Р. Op. сit. С. 45—47.
[41] Пташицкий С.Л. Описание книг и актов Литовской Метрики. С.–Петербург, 1887. С. 272—273.
[42] Mikulski W. Dokumenty z Archiwum WKsL w Archiwum Warszawskim Radziwiłłów. S. 73; Jankowski R. Prace inwentaryzacyjne w Archiwum Głównym Radziwiłłów w Nieświeżu do 1945 r. // Archiwista Polski. 2000. № 3 (19). S. 43—55; idem. Inwentarz zespołu akt. Archiwum Warszawskie Radziwiłłów Dział XXVII „Sumariusz i inwentarze archiwów radziwiłłowskich z lat [XVI w.] 1616—1947“. Warszawa, 2001 (mps w AGAD, Pracownia Naukowa oraz Oddział III).
[43] AGAD. AR. Dz. XXVII „Sumariusze i Inwentarze Archiwów Radziwiłłowskich“ („Sumariusze dokumentów i wykazy archiwalne“), nr 11, Regestr przywilegiow WX Ltt oddanych do zamku Xiążat Radziwiłłów, spisany na zamku wileńskim w dniu 26 listopada 1623 r., s. 8—9; Mikulski W. Dokumenty z Archiwum WKsL w Archiwum Warszawskim Radziwiłłów. S. 73.
[44] Przyboś A., Żelewski R. Życiorys A.S. Radziwiłła // Radziwiłł A.St. Pamiętnik o dziejach w Polsce (1632—1656). T. I. 1632—1636 / Przeł. i oprac. A.Przyboś i R.Żelewski. Warszawa, 1980. S. 62.
[45] Jakubowski J.F. Archiwum Państwowe W.X.L. S. 5.
[46] Mikulski W. Dokumenty z Archiwum WKsL w Archiwum Warszawskim Radziwiłłów. S. 74—75, 77.
[47] Jakubowski J.F. Archiwum Państwowe W.X.L. S. 5; Mikulski W. Dokumenty z Archiwum WKsL w Archiwum Warszawskim Radziwiłłów. S. 75.
[48] AGAD. AR Dz. XXVII, nr 13, „Regestr spraw J.O. Xżney JmCi Katarzyny z Sobieskich Radziwiііowej… podkanclerzyney y hetmanowey W X Ltt 18 july 1685 sporządzony w Warszawie, s. 3.
[49] У перыяд з 1721 да 1744 г. безумоўна з ініцыятывы Радзівілаў узнікае фальсіфікат прывілею Жыгімонта Аўгуста 1551 г., які нібыта надаваў Мікалаю Радзівілу Чорнаму права захоўваць земскія прывілеі ў сваім родавым архіве. Гл.: Jakubowski J.F. Archiwum Państwowe W.X.L. S. 6; Mikulski W. Fałszywy przywilej Zygmunta Augusta dla Radziwiłłów // Mówią Wieki. R. 38. 1996. nr (447). S. 25—27.
[50] VL. T. VII. С.–Петербург, 1860. F. 861—862.
[51] Dokumenty z Archiwum WKsL w Archiwum Warszawskim Radziwiłłów. S. 76; Jankowski R. Archiwum Warszawskie Radziwiłłów w Archiwum Głównym Akt Dawnych w Warszawie. http://www.agad.archiwa.gov.pl/ar/ar.html#Projekt
[52] Ibidem.
[53] Codex diplomaticus Poloniae quo continentur privilegia Regum Poloniae, Magnorum Ducum Litvaniae, bullae pontificum nec non jura a privatis data illustrandis domesticis rebus gestis inservitura adhuc nusquam typis exarata, ab antiquissimis inde temporibus usque ad annum 1506 / Editus studio et opera Leonis Rzyszczewski et Antoni Muczkowski, adjutoris Varsaviensis Tabularii Publici Regni Poloniae. Notis adornatus usque ad Nr.CVII ab Antonio Sigismundo Helgel, Juris Utriusque Doctore. T. I. Varsaviae, 1847. P. 333, 345, 353, 364.
[54] Spis ewakuowanego archiwum w 1915 r. do Mińska Białoruskiego. „Archiwum Ordynacji Nieświeskiej J.O. Książąt Radziwiłłów Nieśwież Zamek“; Jankowski R. Archiwum Warszawskie Radziwiłłów w AGAD.
[55] У гэты ж час архіў пачынаюць стала наведваць даследчыкі.
[56] Jakubowski J.F. Archiwum Państwowe W.X.L. S. 13.
[57] Jankowski R. Archiwum Warszawskie Radziwiłłów w AGAD; Mikulski W. Dokumenty z Archiwum WKsL w Archiwum Warszawskim Radziwiłłów. S. 76.
[58] Jakubowski J.F. Archiwum Państwowe W.X.L. S. 6.
[59] Якубоўскі падаў гэтыя сігнатуры ўжо ў 1931 г. у сваім артыкуле. Гл.: Jakubowski J.F. Archiwum Państwowe W.X.L. S. 13: Zbiór pergaminów. Nr 36 (210).
[60] Старыя інвентары гэтага аддзела захоўваюцца ў аддзеле XXVII фонда Радзівілаў (nr 65—68, 117), тамсама захоўваецца асабовы і геаграфічны паказальнік (nr 69).
[61] Любавский М. Литовско–Русский сейм. С. 698.
[62] Лаппо И. Литовско–русский повет и его сеймик. С. 287.
[63] Zakrzewski A. Sejmiki WKsL. S. 38, 131.
[64] 1565 Декабря 30. Жалованная грамота всѣмъ обывателямъ Литвы, о дозволеніи имъ въ судныхъ дѣлахъ пользоваться новоизданным Статутомъ, съ предоставленіемъ права имѣть по уѣздамъ „сеймики“, по примѣру Поляковъ. Изъ Литовской Метрики (Запис. кн. XXXVIII, л. 570), хранящейся при Правительствующемъ Сенатѣ, въ С. Петербургѣ. Въ заглавіи грамоты отмѣчено: Привилей всимъ обывателемъ великого Князьства Литовского, о позволенье имъ статутомъ ново въ Бѣльску выданымъ и привилеемъ потвержонымъ отправовати всякіе справы въ повѣтѣхъ, и о зъѣзанью на соймики передъ соймомъ вальнымъ // Акты, относящиеся к истории Западной России, собранные и изданные Археографической комиссией: В 5 т. / Археографическая комиссия; Сост. и ред. И.И. Григорович. С–Петербург, 1846—1853. Т. 3: 1544—1587. С–Петербург, 1848. № 38. С. 138—139.
[65] Гл.: Улащик Н.Н. Очерки по археографии и источниковедению истории Белоруссии феодального периода. Москва, 1973. С. 28—40.
[66] Параўнай: Улащик Н.Н. Op. cit. С. 36.
[67] Ibidem. С. 40.
[68] Статутъ Великого Князства Литовского 1566 года (и поправы Статутовые 1578 г.) [по списку Василия Усовича] // Временник Императорского Московского Общества истории и древностей Российских. Москва, 1855. Кн. XXIII. Отд. II: Материалы. С. 1—13.
[69] Якубовский И.В. Земские привилеи Великого княжества Литовского. Ч. 1: Критический разбор текстов общеземских привилеев // Журнал Министерства народнаго Просвещения. Ч. 347. 1903. № 4 (апрель). С. 275.
[70] Pomniki Prawa Litewskiego z XVI wieku. [Powstanie trzech redakcyi Statutu]. Cz. I. Statut Litewski drugiej redakcyi (1566) / Wydał dr. Fr. Piekosinski. Kraków, 1900. (Wydawnictwo Komisyi prawniczej Akademii Umiejętności w Krakowie. Archiwum Komisji Prawniczej. T. VII). S. 298—302; LXV—LXX.
[71] Якубовский И.В. Земские привилеи Великого княжества Литовского. Ч. 1: Критический разбор текстов общеземских привилеев // Журнал Министерства народнаго Просвещения. Ч. 347. 1903. № 4 (апрель). С. 275—276, 278.
[72] Любавский М.К. Очерк истории Литовско–Русского государства до Люблинской Унии включительно. С приложением текста хартий, выданых Великому Княжеству Литовскому и его областям / Изд. Московского Императорского Общества истории и древностей российских. Москва, 1910. С. 341—342; 2–е выд. Москва, 1915.
[73] Jakubowski J.F. Archiwum Państwowe W.X.L. S. 9.
[74] Інфармацыя атрымана ад др. Дарыюса Вілімаса.
a 7,5 см ад левага краю, 3,5 см ад верхняга краю
b 2 см ад левага краю, 5,3 см ад верхняга краю
c неразборліва

Чытаць далей →

Генадзь Сагановіч. Русіны пад Грунвальдам (Дуброўнай) y 1410 г.

Снежня 21, 2004 |


Праблема ўдзелу русінаў (пазнейшых беларусаў і ўкраінцаў) у галоўнай бітве з Нямецкім ордэнам у 1410 г., хоць ужо не раз краналася, заслугоўвае асобнага разгляду. Вырашэнне яе, як і апісанне самой бітвы, істотна залежала ад нацыянальнай пазіцыі аўтараў. Калі ў літаратурнай спадчыне данацыянальнага перыяду лаўры Грунвальду прыпісваліся адным палякам[1], а не славянам наогул ці літоўцам, дык пазней, дзелячы славу грунвальдскага трыумфу, нацыянальныя гістарыя­графіі сутыкаліся ў вострых канфрантацыях[2]. Роля народаў у дасягненні перамогі часта ставілася ў залежнасць ад ліку харугваў „сваіх“, якія ўдзельнічалі ў бітве, а ступень іх гераізму — ад маштабаў сечы і ліку разгромленых нямецкіх фармаванняў. Перад спакусай завышаць дадзеныя адносна колькасці армій з абодвух бакоў, перабольшваць ролю „сваіх“ і не заўважаць заслуг іншых не ўдавалася ўстаяць не толькі папулярызатарам гісторыі, але і аўтарам навукова–папулярных ці нават навуковых публікацый[3].

Каб наблізіцца да больш–менш адэкватнага ўяўлення пра ўдзельную вагу канкрэтнага народа ў арміі Вітаўта ці Ягайлы, пачынаць неабходна з „самага складанага і спрэчнага пытання“[4] — з вызначэння агульнай колькасці ўзброеных сілаў, што ліпеньскай раніцай 1410 г. сутыкнуліся ў смяротнай сечы каля Грунвальда і Танэнберга. Рабіць гэта можна або на падставе мабілізацыйных магчымасцяў дзяржаў, з чаго нельга атрымаць дакладных вынікаў, або зыходзячы з колькасці харугваў — калі ведаць сярэдні лік яе воінаў.

Польскі гісторык Тадэвуш Ладагурскі, які прысвяціў гістарычнай дэмаграфіі Польшчы ХIV ст. спецыяльныя працы, на падставе дадзеных аб каланізацыі сцвердзіў, што яшчэ ў 1340 г. насельніцтва тэрыторыі Польшчы (апрача Заходняга Памор’я і Любускай зямлі) складала 1800 тыс. чалавек, з чаго палова (936 тыс.) жыла ў межах Польскага Каралеўства[5]. Вынікі яго даследаванняў трапілі пад крытыку[6], тым не менш некаторыя вядомыя гісторыкі (і польскія — Г.Лаўмяньскі, Л.Кры­віц­кі, З.Качмарчык, Э.Вельрозэ, і нямецкія — напрыклад, В.Кун[7]) ацэньвалі дэмаграфічны патэнцыял каралеўства Казіміра Вялі­кага яшчэ вышэй. Хоць для пачатку ХV ст. не захавалася крыніц для дакладных разлікаў, сучасны польскі грунвальда­знаўца Мар’ян Біскуп прыйшоў да заключэння, што перад 1410 г. у Польскім Каралеўстве жылі 1800 тыс. жыхароў, тады як у межах Нямецкага ордэна магло налічвацца да 500 тыс. насельнікаў. Што да дэмаграфічнага патэнцыялу ВКЛ, то М.Біскуп вызначыў яго толькі для этнаграфічнай Літвы — 300 тыс., тады як пра колькасць жыхароў вялізных абшараў Русі гісторыкам не гаворыцца нічога з прычыны „адсутнасці да­дзеных“[8].

Сапраўды, да ХVI ст. няма статыстычных матэрыялаў, на аснове якіх можна было б рабіць разлікі, аднак, як даўно прынята лічыць у гістарыяграфіі, колькасна ў часы Вітаўта русіны ВКЛ шматкроць перасягалі літоўцаў[9]. Згодна з меркаваннем знаўцы праблемы Г.Лаўмяньскага, на тагачаснай тэрыторыі ВКЛ (каля 1 млн. км. кв.) магло жыць да 2 млн. чалавек[10], з якіх уласна літоўцы мелі б налічваць не больш за 300 тыс. Нават калі зменшыць колькасць русінаў прыкладна да 1 млн., то су­польны дэмаграфічны патэнцыял саюзнікаў на 1410 г. бу­дзе пе­расягаць 3 млн. чалавек супраць 500 тыс. у Нямецкага ор­дэ­­на[11]. Іншымі словамі, у людскіх рэсурсах Ягайла і Вітаўт да­ся­­галі больш чым 6–разовай перавагі над непрыяцелем. Да гэ­та­­га трэба дадаць, што і ў гаспадарчых адносінах поль­скія зем­лі на той час ужо мала саступалі прускім уладанням Ордэна[12].

Вось жа, зыходзячы з такой розніцы патэнцыялаў, лёгка засумнявацца, ці мог Ордэн рэальна ўяўляць „смяротную небяспеку“ для існавання Польскага Каралеўства і ВКЛ, або па­грозу знішчэння іх народаў, пра што так часта сцвярджалася ў айчыннай гістарычнай літаратуры[13]. Яшчэ рэцэнзуючы першае выданне кнігі С.Кучыньскага, Г.Лаўмяньскі справядліва скрытыкаваў гэты тэзіс. Ён даводзіў, што па гаспадарча–дэмаграфічных рэсурсах Ордэн саступаў нават асобна ўзятай Польшчы[14]. Таму Ордэнская дзяржава не пагражала існаванню Польскага Каралеўства і ВКЛ. Праўда, умацаванне Ордэна на Балтыцы шкодзіла іх эканамічным інтарэсам, але гэта ўжо праблема іншага ўзроўню.

Зыходзячы з вялізнай перавагі сілаў, Ягайла і Вітаўт у 1410 г. маглі правесці толькі частковую мабілізацыю, і яны сабралі для паходу толькі лепшыя сілы. Дыспануючы, на думку Г.Лаўмяньскага[15], прыкладна такімі ж ваеннымі рэсурсамі, як Польскае Каралеўства, Вітаўт задзейнічаў у прускай кампаніі іх меншую частку — маштаб мабілізацыі ўзгадняўся з рэальнай неабходнасцю, а выведныя службы абодвух манархаў, трэба думаць, валодалі дастатковай інфармацыяй наконт арміі непрыяцеля. Выпраўленне большых чым патрэбна сілаў у далёкую дарогу было і нерацыянальным, і небяспечным. Да таго ж, пакінутае дома баярства пэўна мела заданнем звязваць сваёй актыўнасцю Інфлянцкі ордэн, каб не даваць яму магчымасці выслаць армію да Ульрыха фон Юнгінгена.

На падставе дадзеных Яна Длугаша пра колькасць харугваў гісторыкі вызначалі больш дакладныя памеры армій. Не пе­ралічваючы ўсіх, прывяду вынікі самых аўтарытэтных да­след­чыкаў. Так, згаданы вышэй М.Біскуп падае для польскай ар­міі 30 тыс. (што выглядае перабольшаннем), з якіх 16 тыс. кон­ніцы, тады як сілы Вітаўта ацэньвае на 11 тыс. коннікаў[16]. Больш рэалістычным і ўзважаным, хоць не бездакорным уяў­ля­ецца падыход А.Надольскага, які прапанаваў лічыць, што вой­ска Вялікага Княства магло налічваць 10 тыс. — палову ад коль­касці польскай арміі (20 тыс.), і разам з тым „палову агуль­нага мабілізацыйнага патэнцыялу Літвы, акрэсленага по­пісам 1528 г.“[17] Тое, што Вітаўт прывёў у Прусію меншую ар­­мію, чым Ягайла, не выклікае сумненняў, але ў супастаў­лен­­ні яе памераў з дадзенымі 1528 г. наўрад ці была неабходнасць.

Само па сабе выкарыстанне першага перапісу войска ВКЛ для вызначэння памераў арміі 1410 г. надзвычай праблематычнае. Як вядома, гэты перапіс быў няпоўны — ахапляў не ўсю тэрыторыю Вялікага Княства і не ўсе катэгорыі жыхароў (не пашыраўся, прыкладам, на панцырных і путных)[18], а некаторыя з тых земляў, што выстаўлялі харугвы ў 1410 г., на час стварэння попісу былі ўжо ў складзе Маскоўскай дзяржавы (Смаленская і Чарнігава–Северская). За амаль 120 гадоў, цягам якіх тэрыторыя ВКЛ зменшылася на 1/3, і колькасць, і структура насельніцтва кожнай зямлі хутчэй за ўсё істотна змяніліся. Асабліва значнай магла быць розніца акурат на сумежных з Прусіяй абшарах Літвы і Жамойці, для развіцця якіх 1410 г. адкрыў сапраўды новую эпоху. Наогул, вызначаць дэмаграфічны патэнцыял дзяржавы на год славутай бітвы па звестках, створаных праз 5—6 пакаленняў, мякка кажучы, недастаткова карэктна. Здаецца, і сам А.Надольскі добра разумеў адноснасць прапанаванай ім вeлічыні, бо песімістычна заўважаў, што на цяперашнім узроўні даследаванняў дакладнае вызначэнне колькасці войскаў з абодвух бакоў проста немагчымае, таму ўсе меркаванні, якія выказваюцца цяпер па гэтым пытанні, застаюцца адно толькі больш ці менш абгрунтаванымі гіпотэзамі[19].

Калі вызначэнне агульнай колькасці арміі звязана з такімі складанасцямі, то яшчэ менш падстаў дакладна вызначаць этнічны склад сілаў ВКЛ. З народаў арміі Вітаўта, сярод якіх польскі храніст адрозніваў „літоўцаў“, „русінаў“, „жамойтаў“ і „татараў“[20], прасцей за ўсё гаварыць пра колькасць і ўдзельную вагу апошніх. Татары хана Джалаладдзіна, якія ўваходзілі ў армію Вітаўта, налічвалі, паводле Длугаша, адно 300 вершні­каў, аднак даследчыкі лічаць, што іх было не менш за 1 тыс.[21] А вось наконт суадносін літоўцаў і русінаў у гістарыяграфіі даўно выказваюцца самыя розныя меркаванні. Некаторыя гісторыкі прымалі, што на полі пад Грунвальдам, магчыма, пераважалі русіны[22], або што іх налічвалася ўдвая больш, чым літоўцаў[23], іншыя ж дапускалі, што тых і другіх у Вітаўта было прыкладна пароўну[24]. Асобна вылучаецца пазіцыя Т.Васілеўскага, які палічыў магчымым сцвяр­джаць, што балты складалі 2/3 арміі ВКЛ[25], але не падаў пераканаўчай аргументацыі.

На якіх падставах можна атрымаць уяўленні аб этнічных суадносінах у арміі Вітаўта? Відаць, толькі са сведчанняў Длугаша, выкарыстоўваючы якія, праўда, важна ўсведамляць іх ненадзейнасць. Як паказаў Свэн Экдаль, на падставе інфармацыі з Branderia Prutenorum і лік харугваў (г.зн. і падлікі колькасці войска), і прапорцыі відаў узбраення могуць быць непраўдзівымі[26]. Да асцярожнага абыходжання з Длугашавым апісаннем харугваў заклікалі і польскія гісторыкі[27]. Тым не менш, амаль усе разлікі і рэканструкцыі, датычныя арміі Ягайлы і Вітаўта, абапіраюцца на звесткі Длугаша, бо іншых проста не захавалася.

З усіх 40 харугваў ВКЛ польскі храніст назваў 21: „троцкая, віленская, гарадзенская, ковенская, лідская, медніцкая, смаленская, полацкая, віцебская, кіеўская, пінская, наваградская, берасцейская, ваўкавыская, драгічынская, мельніцкая, крамянецкая, старадубская. Іншыя насілі назвы ад асобаў літоўскіх князёў, якім Вітаўт даручыў іх кіраванне, менавіта Жыгімонта Карыбутавіча, Сямёна Лугвена, Юрыя“[28]. Такім чынам, па назвах нам вядомая толькі палова фармаванняў, прычым 18 з пералічаных харугваў — земскія. З апошніх 8 супадаюць з пазнейшымі ваяводствамі (віленскае, троцкае, смаленскае, полацкае, віцебскае, наваградскае, берасцейскае і кіеўскае), астатнія 10 адпавядаюць землям ці паветам[29]. Большасць харугваў ВКЛ (30 з 40), паводле Длугаша, мела на штан­­дарах герб „Пагоню“[30], што непраўдападобна, і толькі на 10 былі „калюмны“ („Слупы Гедыміна“), г.зн. яны з’яўляліся надворнымі харугвамі вялікага князя.

Тут варта адразу закрыць пытанне наконт меркаванага ўдзелу ў бітве „рускай“ харугвы з Ноўгарада Вялікага. Хоць у Длугаша нічога падобнага не згадваецца, у гістарычнай літаратуры даўно пашырылася меркаванне, што ў бітве з Ордэнам браў удзел і „отряд новгородцев под руководством Лугвеня“[31]. На павер яно аказваецца зусім недаказаным. Усе развагі пра ноўгарадцаў абапіраюцца толькі на адну канкрэтную згадку ў ніжненямецкай хроніцы, створанай па чутках пасля бітвы, якая за­фіксавала фантастычныя ўяўленні пра яе ўдзельнікаў: „кароль Ноўгарада“, які быццам „прыйшоў з русінамі“, названы тут разам з царом татараў, мільёнамі сарацэнаў, турак, пер­саў і г.д.[32] Гэтую неверагодную інфармацыю немагчыма ўспрымаць як вартае ўвагі сведчанне, што даказвала б пры­сут­насць наўгародцаў на полі бітвы. У пачатку ХV ст. Ноўгарад Вялікі традыцыйна ўхіляўся ад адкрытай вайны з Ордэнам, аберагаючы сваю самастойнасць палітыкай нейтралітэту[33]. Калі ж дапускаць, што за пералічанымі ў хроніцы правадырамі ўсё ж хаваліся рэальныя постаці, то не выключана, што „каралём Ноўгарада“ мог быць названы князь Ноўгарада–Северскага — зямлі, якая ў 1410 г. выставіла сваю харугву[34]. Што да князя Сымона Лугвена Альгердавіча як камандзіра ноўгарадцаў, то ён узначальваў пад час бітвы смаленскія харугвы. А згаданы Длугашам князь Юры, якому Вітаўт таксама даручыў кіраванне часткай харугваў, не мог быць Лугвенавічам, бо сын Сымона Лугвена меў тады якіх–небудзь 10 ці крыху больш гадоў.

Паколькі большасць харугваў арміі ВКЛ фармавалася па тэрытарыяльным прынцыпе[35], а насельніцтва многіх рэгіёнаў было, як правіла, поліэтнічным, то іх этнічная ідэнтыфікацыя можа быць вельмі прыблізнай. Напрыклад, на Падляшшы русіны сутыкаліся з палякамі, а ў Панямонні і Павіллі — з літоўцамі. Падобная сітуацыя склалася на ўкраінска–польскім і польска–прускім памежжы. Урэшце, асобныя харугвы, як і ўсё войска, маглі быць і этнічна „пярэстымі“, бо этнічны фактар на той час яшчэ не вызначаў прыроду канфліктаў. Прыкладам, большасць рыцараў хелмінскай зямлі, якая ваявала пад штандарамі Ордэна, размаўляла па–польску[36], а ў арміі Ягайлы, наадварот, былі і нямецкія рыцары[37].

Не аддаючы належнага ўсёй складанасці разлікаў, Аляксандр Барбашоў у свой час даводзіў, што ў арміі Вітаўта з 40 харугваў ажно 36 былі „рускія“ (г.зн. беларускія і ўкраінскія), і толькі 4 — літоўскія і жамойцкія. Дадаўшы да іх яшчэ 7 „рускіх“ харугваў каралеўскай арміі (львоўскую, пярэмышльскую, холмскую, галіцкую і тры падольскіх), ён атрымліваў 43 харугвы русінаў — амаль столькі ж, колькі палякаў[38]. Да бліз­кіх разлікаў прыйшоў Дзмітры Даўгяла, які, праўда, называў літоўскімі не 4, а 5 з пералічаных Длугашам харугваў (вілен­скую, ваўкавыскую, ковенскую, медніцкую і троцкую)[39]. І хоць такі павярхоўны падыход быў слушна раскрытыкаваны С.Кучыньскім, у сучаснай айчыннай літаратуры да яго часам вяртаюцца[40].

Між тым, з этнічнай ідэнтыфікацыяй некаторых вядомых па назве фармаванняў не ўсё так проста. Так, харугву Жыгімонта Карыбутавіча, хоць тая і на штандары мела „Пагоню“, і яе князь быў літоўскага паходжання, Длугаш пад нумарам 51 чамусьці змясціў у складзе польскай арміі. Праўдападобна, гэта было звязана з тым, што яна складалася з рыцарства валынскіх зямель, спрэчных паміж Літвой і Польшчай[41]. Малаверагодна, каб прычынай стала цалкам польскае рыцарства, навербаванае Карыбутам у сваю харугву, як гэта тлумачыў А.Надольскі[42].

Доўгі час вялася вострая палеміка адносна прыналежнасці згаданай Длугашам медніцкай харугвы, і пытанне, думаю, засталося адкрытым. З моманту выхаду „Вялікай вайны“ С.Кучыньскага гэтая харугва залічвалася да палкоў Жамойцкай зямлі[43]. Магчыма, пад яго ўплывам да Жамойці аднеслі яе і аўтары крытычнага разбору хронікі Длугаша[44]. С.Кучыньскі сцвярджаў, што тыя Меднікі, якія пад Вільняй, „не могуць уваходзіць у разлік, паколькі не выконвалі палітычна–адміністрацыйнай ролі, тады як Меднікі—Ворні з 1417 г. былі сядзібай жамойцкага біскупа“, ды што Длугаш у сваёй хроніцы заўжды згадвае менавіта іх[45]. Больш за тое, спасылаючыся на пераказ ліста рагнецкага комтура ад 13 чэрвеня 1410 г.[46], дзе гаворыцца, быццам Вітаўт загадаў жамойцкім землям падрыхтаваць для вайны па 300 узброеных людзей (Кучыньскі апублікаваў копію арыгінала, у якім сказана нават пра 400 чалавек), да­следчык настойваў, што 7 жамойцкіх паветаў сапраўды вы­ставілі 2800 коннікаў, якія і склалі медніцкую харугву[47].

Меркаванне аўтарытэтнага грунвальдазнаўцы ў свой час востра крытыкаваў Ежы Ахманьскі, які адназначна звязаў медніцкую харугву 1410 г. з Меднікамі пад Вільняй і пад­крэсліў, што Жамойць ніколі не дзялілася на 7 паветаў[48]. У адказ на крытыку С.Кучыньскі выступіў з глыбокім абгрунтаваннем сваёй пазіцыі[49], аднак яго аргументацыя не паўсюль пераканаўчая. У прыватнасці, прывёўшы шэраг згадак, мястэчка Меднікі ў хроніцы Длугаша, ён зноў заявіў, што ва ўсіх іх гаворыцца пра пазнейшыя Ворні (Меднікі жамойцкія), між тым гэта не зусім так. Напрыклад, апісваючы паход маршала Генрыха на ВКЛ пад 1312 г., Ян Длугаш паведамляе, што рыцары рушылі на „Myedniky, Cruwiczin, Trziwiczany[50]. На думку С.Кучыньскага, храніст і тут мае на ўвазе Меднікі жамойцкія[51], аднак гэта непраўдападобна, бо ў Жамойці „Крывічан“ не выяўлена[52]. Затое Пётр з Дусбурга пісаў пра „terra Crivicie“ у Беларускім Панямонні, на Наваградчыне[53]. Услед за ім „Kriwitzin“, „Kriwi­tzenland“ на Наваградчыне змясціў Мікалай з Ярошына[54]. Вядома, што Длугаш шырока выкарыстоўваў гэтыя нямецкія хронікі, з іх у польскага аналіста і з’явіліся „Крывічаны“. Няма сумнення, што ў гэтым выпадку Длугаш мае на ўвазе Меднікі ў Павіллі, а не ў Жамойці. Пра тыя ж віленскія Меднікі неаднаразова пісалася раней у „Літоўскім апісанні шляхоў“, створаным у канцы ХIV ст. (маршрут 72, 81, 97 і інш.)[55]. Менавіта яны з’яўляліся аб’ектам нападаў ордэнскіх кантынгентаў і на пачатку ХV ст.[56]. Таму наўрад ці можна сцвярджаць, быццам на момант генеральнай бітвы гэтыя Меднікі былі настолькі нязначнымі, што не маглі выставіць харугвы. Тым больш, што да цэнтральнай харугвы маглі далучацца іншыя суседнія, меншыя двары. Паводле перапісу 1528 г. Меднікі з–пад Вільні мусілі выставіць 138 коней[57]. Значыць, Длугашава медніцкая харугва магла выстаўляцца не з Жамойці, а з павілейскіх абшараў, на той час моцна каланізаваных славянамі. У такім выпадку і яе прынамсі напалову мусілі складаць русіны.

Калі прыняць версію С.Кучыньскага і паверыць, быццам адна Жамойцкая зямля выстаўляла амаль 3–тысячнае войска (2800 коннікаў), прычым, гэта былі 7 харугваў, якія называлі­ся адной, „медніцкай“[58], то трэба дапускаць, што і іншыя земскія харугвы маглі налічваць прынамсі па 1—2 тыс. У вы­ні­ку агульная колькасць арміі Вітаўта дасягне неверагодных памераў, што само па сабе абвяргае сцвярджэнне С.Кучынь­скага. Пагадзіцца з ім немагчыма і з іншых меркаванняў. Жамойць толькі–толькі выйшла з–пад улады Ордэна, перажыўшы антынямецкія паўстанні і вайну 1409 г., да таго ж значныя сілы яна мусіла пакідаць дома на выпадак уварвання прускіх або інфлянцкіх кантынгентаў. Цяжка ўявіць, каб гэтая зямля без неабходнасці пайшла на максімальныя мабілізацыйныя высілкі, ставячы сябе пры гэтым у небяспечнае становішча. З іншага боку, ваенныя рэсурсы небалцкай часткі ВКЛ некаторымі гісторыкамі, здаецца, безпадстаўна заніжаюцца[59]. Ядро арміі Вітаўта ўтварала коннае паспалітае рушанне шляхты і баяраў, а таксама — хоць у меншай ступені — фармаванні, выстаўленыя ад мяшчанства[60]. Калі ўлічваць, што ў 1410 г. было мабілізаванае і путнае, дробнае баярства, вельмі шмат­лі­кае акурат на ўсходніх абшарах ВКЛ[61], то правамерна меркаваць, што за кошт іх, а таксама фармаванняў ад гарадоў землі Беларусі маглі выставіць дастатковую колькасць харугваў, і не менш укамплектаваных, чым этнічная Літва або маленькая і аслабленая Жамойць.

Такім чынам, пры пэўнай спрошчанасці можна меркаваць, што з русінаў (беларусаў) былі сфармаваныя такія харугвы, як гарадзенская, лідская, смаленскія (тры), полацкая, віцебская, пінская, наваградская, берасцейская, ваўкавыская, а ў медніцкай (калі прымем яе за павілейскую), віленскай і нават троцкай яны маглі складаць значную частку коннікаў. У фармаваннях з Падляшша (драгічынскім, мельніцкім і крамянецкім) іх доля магла быць яшчэ большай. Да пералічаных трэба дадаць 3 харугвы з Украіны — кіеўскую, старадубскую і валынскую (Жыгімонта Карыбутаві­ча). Невядома, дзе фармаваліся астатнія харугвы, але нават калі б яны паходзілі з этнічнай Літвы, то русінаў усё адно было б у арміі Вітаўта не менш за палову. Між тым, сярод неназваных Длугашам харугваў хутчэй за ўсё былі яшчэ кантынгенты з некаторых іншых зямель Беларусі — Менскай, Слуцкай, Тураўскай і інш. З улікам 7 харугваў з Русі кароннай, хоць яны фармаваліся і з удзелам польскага элементa, русіны сапраўды ўяўлялі ў арміі саюзнікаў вялікую сілу, магчыма — другую пасля палякаў. У гэтай сувязі была б несправядлівай неда­ацэнка іх удзелу ў бітве, падобна як неапраўданым з’яўляецца прысваенне ім галоўнай заслугі ў перамозе[62].


[1] Nowak–Dłużewski J. Okolicznościowa poezja polityczna w Polsce. Śred­nio­wiecze. Warszawa, 1963. S. 51f.
[2] У гэтым плане з расійскага боку паказальнымі можна лічыць публікацыі П.Гейсмана і А.Барбашова, якія востра палемізавалі з польскай традыцыяй Грунвальда, а з польскага — Ф. Канечнага і Л.Кочы, які, прыкладам, і ў паваенным часе сцвярджаў, што „бітва пад Грунвальдам была бітвай польскай, а не славянскай“ (гл. Koczy L. Grunwald. Dzień chwały polskiego oręża. Glasgow, 1966. S.27).
[3] Пра падобныя з’явы ў айчыннай літаратуры гл.: Сагановіч Г. Грунвальд у беларускай гістарыяграфіі // БГА. Т. 9 (2002). Сш. 16—17. С. 155—165.
[4] Nadolski A. Grunwald. Problemy wybrane. Olsztyn, 1990. S. 106.
[5] Ładogórski T. Studia nad zaludnieniem Polski XIV w. Wrocław, 1958. S. 168f.
[6] Dziewulski W. Nowa praca o zaludnieniu ziem polskich XIV w. // ZH. T. 27 (1962); Buczek K. Rachunki świętopietrza jako podstawa badań nad zaludnieniem Polski XIV w. // Mediaevalia. W 50–rocznicę pracy nau­kowej Jana Dąbrowskiego. Warszawa, 1960. S. 7—102.
[7] Kuhn W. Ostsiedlung und Bevölkerungsgeschichte // Ostdeutsche Wis­sen­­schaft. Jahrbuch des Ostdeutschen Kulturrates. T. VII (1960). S. 31—68.
[8] Biskup M. Wielka Wojna Polski i Litwy z Zakonem Krzyżackim (1409—1411) w świetle najnowszych badań // Ekspansja niemieckich zakonów rycerskich w strefie Bałtyku od XIII do połowy XVI w. Toruń, 1990. S. 173; Idem. Wojny Polski z Zakonem Krzyżackim 1308—1521. Gdańsk, 1993. S. 54—55.
[9] Łowmiański H. Uwagi w sprawie podłoża społecznego i gospodarczego unii jagiellońskiej. Wilno, 1934. S. 32—33.
[10] Łowmiański H. Rec.: Kuczyński S. M. Wielka wojna z Zakonem Krzyżac­kim w latach 1409—1411 (Warszawa, 1955) // KH. R. 62 (1955). Nr. 4—5. S. 226.
[11] Нават калі прыняць 700 тыс., вызначаныя калісь для Прусіі пачатку ХV ст. нямецкім гісторыкам Л.Вэбэрам (гл.: Weber L. Preussen von 500 Jah­ren in kulturhistorischer, statistischer und militärischer Beziehung. Dan­zig, 1878. S. 123—126), дыспрапорцыя застанецца амаль той самай.
[12] У польскай літаратуры прадмета канстатуецца, што на мяжы ХIV—ХV ст. менавіта дзякуючы ўзрастанню ваеннага патэнцыялу Польскага Каралеўства з’явілася магчымасць вярнуць забранае Ордэнам Памор’е (гл.: Nowak T. M. Walki obronne z agresją Brandenburgii i Zakonu Krzyżackiego. S. 79).
[13] Kuczyński S. M. Wielka wojna z Zakonem Krzyżackim. S. 10. Тое ж у беларускай гістарыяграфіі гл.: Грыцкевіч А. Барацьба Вялікага княства Літоўскага і Рускага (Беларуска–Літоўскай дзяржавы) з Тэўтонскім ордэнам у канцы ХIV — першай палове ХV ст. // Адраджэнне. Гістарычны альманах. Вып. 1. Мінск, 1995. С. 39; Чаропка В. Удзел войска ВКЛ у Грунвальдскай бітве // Беларускі гістарычны часопіс. 2000. №2. С. 14, 21; Нарысы гісторыі Беларусі. У 2 ч. Ч. 1. Гал. рэд. М.Касцюк. Мінск, 1994. С. 118.
[14] Łowmiański H. Rec.: Kuczyński S. M. Wielka wojna z Zakonem Krzyżac­kim. S. 224.
[15] Ibidem. S. 226.
[16] Biskup M. Grunwaldzka bitwa. S. 89—90.
[17] Nadolski A. Grunwald. Problemy wybrane. S. 113.
[18] Пра перапіс як крыніцу для вызначэння колькасці насельніцтва гл.: Łowmiański H. Zaludnienie państwa litewskiego w wieku XVI. Zalud­nienie w roku 1528. Poznań, 1998; Idem. Uwagi w sprawie podłoża społecznego i gospodarczego unii jagiellońskiej. Wilno, 1934. Сучаснае выданне помніка нядаўна пабачыла свет у Мінску: Перапіс войска Вялікага княства Літоўскага 1528 г. Падрыхтавалі А.Груша, М.Спірыдонаў, М.Вайтовіч. Мінск, 2003.
[19] Nadolski A. Grunwald. Problemy wybrane. S. 115.
[20] Długosz J. Roczniki… Ks. 10—11. S. 107, 124 і інш.
[21] Гл.: Biskup M. Grunwaldzka bitwa. S. 59.
[22] Nadolski A. Grunwald. Problemy wybrane. S. 81.
[23] Dąbrowski J. Grunwald // MSH. 1960. Z. 1/2. S. 9; Biskup M. Wielka Wojna Polski i Litwy z Zakonem Krzyżackim (1409—1411) w świetle najnowszych badań // Ekspansja niemieckich zakonów rycerskich w strefie Bałtyku od XIII do połowy XVI w. Toruń, 1990. S. 174.
[24] Kuczyński S. М. Wielka wojna z Zakonem Krzyżackim. S. 243. Палемізуючы з Барбашовым, аўтар даводзіў, што ўдзел русінаў быў „не меншы, чым літоўцаў“. Гл. таксама: Nowak T. M. Walki obronne z agresją Brandenburgii i Zakonu Krzyżackiego. S. 87.
[25] Wasilewski T. Uwagi o liczebności, składzie etnicznym i uzbrojeniu litewskiego pospolitego ruszenia konnego w latach 1410—1529 // Studia Grunwaldzkie. T. 1. Olsztyn, 1991. S. 55.
[26] Ekdahl S. Die „Branderia Prutenorum“ des Jan Długosz — eine Quelle zur Schlacht bei Tannenberg. Göttingen, 1976. S. 156.
[27] Гл.: Łojko J. Chorągwie polskie i litewskie w bitwie pod Grunwaldem // LSP. T. III. Poznań, 1989. S. 145—152.
[28] Dlugosz J. Roczniki… Ks. 10—11. S. 10—108.
[29] Rozbiór krytyczny Annalium Poloniae Jana Długosza z lat 1385—1444. T.1. Oprac. Gawęda S., Pieradzka K., Radziszewska J., Stachowska K. Wrocław etc., 1961. S. 106.
[30] Dlugosz J. Roczniki… Ks. 10—11. S. 107.
[31] Барбашев А. Витовт, последние двадцать лет княжения: 1410—1430. С.–Петербург, 1891. С. 59, спас. 45. У пазнейшай літаратуры іх удзел стаў падавацца як бясспрэчны факт. Гл., напр.: Бернадский В. Новгород и Новгородская земля в ХV веке. Москва — Ленинград, 1961. С. 209.
[32] „…konnigk von Neugarde mit den Russen“ (SRP. Bd. 3. S. 405).
[33] Казакова Н. Русско–ливонские и русско–ганзейские отношения. Конец ХIV — начало ХVI в. Ленинград, 1975. С. 46.
[34] На малаверагоднасць прысутнасці наўгародцаў у арміі ВКЛ першым звярнуў увагу П. Остэн–Закен. Гл.: Osten–Sacken P. Livländisch—Russische Beziehungen während der Regierungszeit des Grossfürsten Witowt von Litauen (1392—1420) // MLG. Bd. 20 (1908). S. 233.
[35] Родавых харугваў, відаць, як і ў польскай арміі, у Вітаўта былі адзінкі. Гл.: Mosingiewicz K. Chorągwie rodowe i ich dowodcy w bitwie pod Grunwaldem // Ordines militares. II. Toruń, 1984. S. 107—125.
[36] Urban W. Tannenberg and after. P. 168, footnote 65.
[37]etliche Deutsche“ (SRP. Bd. 3. S. 628).
[38] Барбашев А. Танненбергская битва // ЖМНП. Ч. CCLIV. 1887. ЧШ. С.171—172; ён жа. Витовт, последние двадцать лет княжения… С. 58—59, 60—61. Такую выснову аўтар рабіў на падставе „пералічэння харугваў Длугашам“, але, нагадаю, у Длугаша названа толькі 21 харугва ВКЛ.
[39] Довгяло Д. Битва при Грюнвальде 15 июля 1410 г. (К 500–летнему юбилею). Вильна, 1909. С. 21.
[40] Грыцкевіч А. Знешняя палітыка Вітаўта (заходні накірунак) // Наш Радавод. Кн. 2. Гродна, 1990. С. 173.
[41] Semkowicz W. O ustroju chorągiewnym w bitwie pod Grunwaldem // Miesięcznik heraldyczny. R. 3. Lwów, 1910. S. 95.
[42] Nadolski A. Grunwald. Problemy wybrane. S. 64.
[43] Kuczyński S. M. Wielka Wojna z Zakonem Krzyżackim w latach 1409—1411. Warszawa, 1955. S. 396.
[44] Rozbiór krytyczny Annalium Poloniae Jana Długosza z lat 1385—1444. T. 1. Oprac. Gawęda S., Pieradzka K., Radziszewska J., Stachowska K. Wrocław, 1961. S. 106.
[45] Kuczyński S. M. Wielka Wojna z Zakonem Krzyżackim. S. 240, спас. 396.
[46] Codex epistolaris Vitoldi Magni Ducis Lithuaniae 1376—1430. Wyd. A.Prochaska. Cracoviae, 1882. №444. S. 209.
[47] Kuczyński S. M. Wielka Wojna z Zakonem Krzyżackim. S. 240; Idem. Charągiew Miednicka Długosza // Europa — Słowiańszczyzna — Polska. Poznań, 1970. S. 442.
[48] Ochmański J. Rec.: Spieralski Z. W sprawie rejestru popisowego z czasów Wielkiej wojny z Zakonem Krzyżackim, in: SMHW. T. 5 (1960) // Studia Źródłoznawcze. T. 7. Poznań, 1962. S. 185. Гэтую пазіцыю С.Кучынь­скага слушна крытыкаваў і нямецкі гісторык Готхалд Родэ. Гл.: Rhode G. Polemiken um die Schlacht von Tannenberg 1410 (Zu einem Buch von Stefan M. Kuczyński) // ZfO. Jg. 22 (1973). Hf. 3. S. 475—486.
[49] Kuczyński S. M. Charągiew Miednicka Długosza // Europa — Sło­wiań­szczyzna — Polska. Poznań, 1970. Тое ж, in: Idem. Spór o Grunwald. Warszawa, 1972. S. 177—191.
[50] Długosz J. Roczniki… Ks. 9. Warszawa, 1975. S. 105.
[51] Kuczyński S. Charągiew Miednicka Długosza // idem. Spór o Grunwald. Warszawa, 1972. S. 181.
[52] Няма іх і на карце Жамойці і Медніцкай зямлі, створанай самім С.Кучыньскім (Гл.: Kuczyński S. М. Charągiew Miednicka Długosza. S. 188—189).
[53] Petri de Dusburg. Chronica terre Prussie // SRP. Bd.1. Leipzig, 1861. №322. Падобную згадку „Крывічан“ утрымлівае і эпітома самбійскага каноніка, аднак, магчыма, яна не самастойная: не выключана, што храніст Пётр з Дусбурга і аўтар эпітомы былі адной асобай. Гл.: Wenta J. Kronika Piotra z Dusburga. Szkice źródłoznawcze. Toruń, 2003. S. 96—97.
[54] Nikolaus von Jeroschin. Kronike von Pruzinlant // SRP. Bd. 1. Leipzig, 1861. S. 584—585.
[55] Die littauischen Wegeberichte // SRР. Leipzig, 1863. S. 696, 700, 707.
[56] Prochaska A. Dzieje Witolda w. księcia Litwy. Wilno, 1914. S. 103.
[57] Перапіс войска Вялікага княства Літоўскага 1528 г. Мінск, 2003. С. 60—61.
[58] Kuczyński S. M. Wielka wojna z Zakonem Krzyżackim. S. 240.
[59] Wasilewski T. Uwagi o liczebności, składzie etnicznym i uzbrojeniu litewskiego pospolitego ruszenia konnego w latach 1410—1529. S. 54—55.
[60] Прысутнасць сялян, пра якіх пісаў С.Кучыньскі, нічым верагодным не пацвярджаецца, і яны наўрад ці ўдзельнічалі ў паходзе.
[61] Łowmiański H. Rec.: Kuczyński S. M. Wielka wojna z Zakonem Krzy­żackim. S. 227.
[62] Гісторыя Беларусі: У 2 ч. Ч.1. Са старажытных часоў да канца ХVIII ст. / І.П.Крэнь, І.І.Коўкель, С.В.Марозава і інш. Мінск, 2000. С. 237, 239.

Наверх

Васіль Варонін. „Wielkiego Księstwa Litewskiego Kroniczka krotko pisana“

Снежня 20, 2004 |


Сярод беларуска–літоўскіх летапісаў ёсць твор, які да гэтага часу спецыяльна не разглядаўся. Ён, аднак, падаецца досыць цікавым і важным адразу па некалькіх прычынах. Ён узбагачае нашы ўяўленні пра шляхі развіцця айчыннага летапісання, а таксама дапамагае высветліць, якім чынам узнік і фармаваўся адзін з самых застарэлых міфаў у гісторыі Беларусі.

Гэты помнік не заўсёды разглядаўся нават як асобны твор. Напрыклад, Б. Вахевіч, які пакінуў пра яго цікавыя назіранні[1], лічыў яго ўсяго толькі „рядом записей с хронологическими датами“[2]. Але, як падаецца, гэтая характарыстыка далёка не самая трапная і бясспрэчная. Помнік, безумоўна, трэба кваліфікаваць па–іншаму, і ў айчынным летапісанні яму належыць намнога больш прыкметнае месца.

Гаворка ідзе пра летапіс, польскі пераклад якога мае загаловак „Wielkiego Księstwa Litewskiego Kroniczka krotko pisana“. На сённяшні дзень „Хронічка“ вядомая ў двух спісах на старабеларускай мове і адным на польскай.

Адзін спіс увайшоў у тэкст Румянцаўскага летапісу. Ру­мян­цаўскі рукапісны зборнік, у склад якога ўваходзіць Ру­мян­цаўскі летапіс, быў перапісаны недзе ў Расіі адным почыркам напрыканцы XVII ст.[3] „Хронічка“ ўстаўлена ў летапіс да­стат­кова механічна — пасля пераліку прадстаўнікоў маскоў­скай знаці, узятых у палон у бітве пад Оршай 8 верасня 1514 г. Яна пачынаецца не з новай старонкі, а ідзе непасрэдна за згаданым запісам 1514 г., з верхняй часткі аркуша 95. „Хроніч­­ка“ заканчваецца на аркушы 99, а адварот гэтага аркуша чысты[4]. З аркуша 100 пачынаецца твор, які не мае ніякага дачынення да беларуска–літоўскага летапісання.

Другі спіс занатаваны на аркушы 136 зборніка былой Сінадальнай бібліятэкі, напісанага беларускім почыркам канца XVII ст. Паводле зместу ён не звязаны ні з папярэднім, ні з наступным творам[5].

Польскі пераклад „Хронічкі“ паходзіць з вядомага Альшэўскага кодэкса Хамінскіх і займае ў ім, паводле сучаснай пагінацыі, аркушы 166—167адв. (згодна са старой нумарацы­яй — старонкі 331—334). Ён пачынаецца з новага аркуша і мае свой асобны загаловак. Кампазіцыйна „Хронічка“ не звязана з Альшэўскім летапісам, які змешчаны ў зборніку перад ёй. Пасля ж яе, з новага аркуша, ідзе польскі пераклад прывілею Жыгімонта I яўрэям Вялікага Княства Літоўскага 1507 г.

„Хронічка“ некалькі разоў публікавалася. З Альшэўскага зборніка яе друкавалі Ст. Пташыцкі[6] і М. Улашчык[7], з Румянцаўскага — Б. Вахевіч[8] і М. Улашчык[9], з Румянцаўскага і Па­трыяршага — Ст. Пташыцкі[10]. У далейшым усе цытаты і спасылкі на тэкст „Хронічкі“ будуць давацца на падрыхтаваны Ст. Пташыцкім сямнаццаты том Поўнага збору рускіх летапісаў як на найбольш дасканалае з пункту гледжання археаграфіі выданне. Рыхтуючы сваю публікацыю летапісных помнікаў, у тым ліку і „Хронічкі“, М. Улашчык, на жаль, не ўлічыў Пат­ры­яр­шы спіс. Апрача таго, для даследавання гісторыі „Хронічкі“ важнае значэнне мае перадача дат менавіта лічбамі–літарамі царкоўнаславянскага алфавіта, як гэта і было зроблена ў двух старабеларускіх кірылічных спісах помніка. У падрыхтаваным жа М. Улашчыкам трыццаць пятым томе корпуса рускіх летапісаў яны пераведзены на арабскую сістэму.

„Хронічка“ — зусім невялікі твор. Тым не менш вядомыя нам два яго спісы і адзін пераклад прыкметна паміж сабой адрозніваюцца складам, асабліва ў заключнай частцы. Гэта з’яўляецца адной з праблем яго вывучэння. Да ліку іншых належаць шматлікія памылкі і розначытанні, якія сведчаць пра складаную гісторыю помніка, яго неаднаразовае перапісванне і рэдагаванне. Аднак хоць бы прыкладна высветліць час стварэння і гісторыю „Хронічкі“, а таксама рэканструяваць яе першапачатковы выгляд, як здаецца, усё ж такі магчыма.

У арыгінале „Хронічка“ была напісана, відавочна, па–старабеларуску кірыліцай. Хутчэй за ўсё, яна не мела тады загалоўка. У двух вядомых на сённяшні дзень кірылічных спісах ён адсутнічае. Назва „Wielkiego Xięstwa Litewskiego Kronyczka krotko pisana“ была ёй нададзена ў Альшэўскім кодэксе пры перакладзе на польскую мову (праўда, у змесце зборніка загаловак гучыць крыху па–іншаму: „Kroniczka litewska krotko pisana“). Гэта было зроблена, відавочна, для таго, каб адрозніць твор ад Альшэўскага летапісу, які змешчаны ў гэтым жа зборніку пад дужа падобнай назвай — „Wielkiego Xięstwa Litewskiego i Zmodskiego Kronika“.

Храналагічна „Хронічка“ ахоплівае перыяд ад пачатку XIV ст. і да 1567 г. Твор складаецца з кароткіх аднатыпных запісаў, у якіх указваецца падзея і год, калі яна адбылася, паводле наступнай схемы: тое і тое здарылася „лета Божья нароженя … году“. Часам, калі пад адным годам зафіксавана некалькі па­дзей, наступныя запісы ўводзяцца выразам “того ж году“. Сутнасць падзей выкладзена вельмі лаканічна, з мінімальнай дэталізацыяй ці ўвогуле без яе.

„Хронічка“ пачынаецца з паведамлення пра далучэнне Літвы да хрысціянства паводле „закону римского“ каралём польскім Уладзіславам II Ягайлам і вялікім князем літоўскім Вітаўтам у 1386 г. Далей аўтар звяртаецца да падзей першай паловы XIV ст., якія працягвае паведамленнямі, укладзенымі ў асноўным у храналагічнай паслядоўнасці. Пры гэтым вельмі цяжка вызначыць „ідэалогію“ твора. Акрамя сцісласці запісаў, гэтаму перашкаджае таксама іх тэматычная раскіданасць. Гэта паведамленні пра ваенныя падзеі (іх найбольш). Пра смерць адных (вялікага князя літоўскага Вітаўта, каралёў польскіх і вялікіх князёў літоўскіх Казіміра і Аляксандра, вялікага князя маскоўскага Васіля III) і прыход да ўлады новых (Жыгімонта I Старога) манархаў. Пра царкоўных ерархаў і святых (віленскіх каталіцкіх біскупаў Войцеха Табара і Яна з князёў літоўскіх, праваслаўнага мітрапаліта Іосіфа III, каралевіча Казіміра). Пра прызначэнне на пасады і пра смерць вяльмож (князя Канстанціна Астрожскага, Станіслава Гаштаўта, Пятра Кішкі, Юрыя Радзівіла). Пра падзеі з гісторыі горада Вільні і іншае. Адным словам, за ўсёй гэтай мазаікай разнастайных здарэнняў цяжка заўважыць нейкую заканамернасць і, такім чынам, наблізіцца да адказу на пытанне: калі, кім і з якой мэтай была створана „Хронічка“?

Мы, на жаль, не маем першапачатковага варыянта твора нават у якаснай копіі. Больш за тое, усе спісы „Хронічкі“ дэ­фект­ныя і не маюць заканчэння, абрываючыся літаральна на паўслове. У Румянцаўскім спісе адсутнічае частка тэксту — запісы за 1530—1535 г. Відавочна, быў страчаны аркуш. Усё гэта вельмі ўскладняе пастаўленую задачу.

Для высвятлення часу ўзнікнення „Хронічкі“ адзін са спі­саў, Патрыяршы, непрыдатны, бо абрываецца на падзеях 1528 г. Апошняе ж тэкставае супадзенне Альшэўскага і Румянцаўскага спісаў — гэта паведамленне пра бітву на Голтве, якая адбылася ў 1530 г. Далей у Румянцаўскім спісе ідзе пропуск за кошт страчанага аркуша, а ў Альшэўскім — запісы за 1530—1535 г. У абодвух спісах чытаюцца паведамленні пра ўзяцце войскам Вялікага Княства Літоўскага і палякамі Старадуба ў 1535 г., але тэксталагічна яны не маюць нічога супольнага і, мяркуючы па ўсім, былі ўнесены ўжо рознымі аўтарамі ў розныя копіі помніка. Такім чынам, пратограф „Хронічкі“ завяршаўся адной з падзей у прамежку паміж 1530 і 1535 г. — больш дакладную дату вызначыць, бадай, немагчыма. Потым з яго было знята некалькі спісаў, якія пачалі самастойную гісторыю.

Пасля паведамлення пра ўзяцце Старадуба запісы ў Румянцаўскі спіс нейкі час не ўносіліся і былі адноўлены толькі ў 1545 г. Прычым гэта было зроблена не аўтарам пратографа. На карысць гэтага сведчыць, напрыклад, выкарыстанне ін­шай сістэмы летазлічэння — „ад стварэння свету“. І, нарэшце, апошні блок запісаў прысвечаны падзеям Інфлянцкай вайны і ахоплівае 1563—1567 г. Ён быў зроблены недзе на падкант­роль­най маскоўскай адміністрацыі тэрыторыі — і, хутчэй за ўсё, на памежжы з Вялікім Княствам Літоўскім. На думку Б. Ва­­хе­віча, прынамсі для артыкула 1563 г. гэта быў Полацк[11], што зусім не выключана. Аднак асаблівасці мовы гэтых запісаў, у праватнасці лексіка, выдаюць хутчэй рускае, чым беларускае паходжанне іх аўтара.

У Альшэўскім спісе пасля паведамлення пра ўзяцце Старадуба запісы працягвалі ўносіцца, прычым вельмі актыўна. За той жа 1535 г. мы чытаем яшчэ тры паведамленні, а чацвёртае, разам з усім творам, абрываецца на паўслове. Пра змест пазнейшых запісаў Альшэўскага спіса „Хронічкі“ мы можам толькі здагадвацца.

„Хронічка“ была створана, безумоўна, у Вільні[12]. Што даты­чыцца аўтарства, назваць імя немагчыма. Больш за тое, вель­мі цяжка вызначыць нават колы, у якіх быў створаны помнік — настолькі стракатыя і маладэталізаваныя звесткі ён аб’яднаў.

Праўда, некаторы матэрыял для высноў дае запіс пра хрыш­­чэнне Літвы Ягайлам і Вітаўтам у 1386 г., якім распачынаецца твор. Такі погляд быў пашыраны ў колах інтэлектуалаў — патрыётаў Вялікага Княства Літоўскага („Літвы“) каталіцкага веравызнання. Паводле назіранняў Е. Ахманьскага[13], у Літве ў гэты час існавалі два асяродкі інтэлектуальнай эліты: адзін склаўся вакол віленскага ваяводы і канцлера Вялікага Княства Літоўскага А. Гаштаўта, а другі — вакол віленскага капі­тула. Творы, якія сталі вынікам функцыянавання асяродка А. Гаштаўта, указваюць на тое, што „Хронічка“ была напісана, хутчэй за ўсё, не там. Напрыклад, адзначаныя ў „Па­хвале караля Жыгімонта“ А. Гаштаўта 1529 г.[14] ваенныя перамогі войскаў Вялікага Княства Літоўскага не супадаюць з па­дзеямі, унесенымі ў „Хронічку“. У ёй няма паведамленняў пра бітву з татарамі пад Вішняўцом (пад Лапушнай) 1512 г., таксама як і пра войны Польшчы з Малдавіяй у 1509—1510 г. і з Тэўтонскім ордэнам у 1519—1521 г.

Не выключана, што твор быў звязаны з віленскім капітулам. На карысць гэтага могуць сведчыць досыць шматлікія запісы царкоўнага зместу. Але і тут поўнай упэўненасці няма.

„Хронічка“ магла быць створана і ў яшчэ нейкім, горш нам вядомым, асяродку. Такім чынам, тэкст твора не дае магчымасці надзейна звязаць яго з тымі ці іншымі асобамі і інтэлектуальнымі коламі. Бясспрэчна толькі, што ў цэнтры ўвагі аўтара — „Літва“, зразуметая як Вялікае Княства Літоўскае, а вызначальным пунктам яе гісторыі ён лічыў хрышчэнне па заходнім абрадзе. У сувязі з гэтым досыць упэўнена можна  сцвярджаць, што складальнік „Хронічкі“ быў каталіком. Увогуле выглядае на тое, што ён ставіў перад сабой досыць сціп­лую задачу проста фіксаваць векапомныя падзеі, без нейкай асаблівай сістэмы і заканамернасці, не імкнучыся нават да звязнага апавядання, але збольшага (хоць і не заўсёды) трымаючыся храналагічнага прынцыпу.

Існуюць, як здаецца, дзве версіі стварэння „Хронічкі“.

Згодна з першай, „Хронічка“ з’яўлялася крыху перапрацаваным і  дапоўненым некаторымі дадатковымі звесткамі канспектам поўнай рэдакцыі другога беларуска–літоўскага зводу. Ён прадстаўлены на сённяшні дзень летапісамі Рачынскага і Еўраінаўскім. Пераважная большасць запісаў „Хронічкі“ знаходзіць у іх свае прамыя паралелі. Лічыцца, што поўная рэдакцыя другога зводу была створана ў 50–я г. XVI ст.[15]

Паводле другой версіі, наадварот, „Хронічка“ была тым планам, на падставе якога шляхам разгортвання запісаў і была створана поўная рэдакцыя. Пры гэтым некаторыя з за­пісаў „Хронічкі“ былі адкінуты і не трапілі ў другі звод.

Для высвятлення абгрунтаванасці кожнага з выказаных дапушчэнняў важнае значэнне мае храналогія самага старажытнага — Альшэўскага спіса „Хронічкі“.

Альшэўскі кодэкс Хамінскіх быў створаны ў сярэдзіне XVI ст., верагодна, у Вільні[16]. Некалькі твораў, у тым ліку Статут 1529 г., якія знаходзяцца на аркушах 1—116 зборніка, былі перапісаны ў 1550 г.[17] Уладальніцкі запіс Юзафа Ясінскага — віленскага арцыдыякана, скальбмірскага прэпазіта, віцебскага пробашча, на прыватную замову якога выкананы зборнік[18], быў зроблены ў 1551 г.[19] Аднак невядома, калі ў кодэкс былі ўнесены Альшэўскі летапіс і „Хронічка“. Альшэўскі кодэкс меў тую асаблівасць, што частка аркушаў у ім была пакінута чыстай — відавочна, з тым разлікам, каб потым дапісваць новыя творы[20]. Да іх ліку, магчыма, і належалі летапісы. Таму мы можам сцвярджаць толькі, што Альшэўскі летапіс і „Хронічка“ былі ўнесены ў зборнік ужо пасля перапіскі Статута і звязаных з ім твораў, але наколькі пазней — цяжка вырашыць. Перапіскай летапісаў займаліся тыя самыя пісцы, якія працавалі і над Статутам, на што ўказваюць почыркі[21]. Таму гэта адбылося, магчыма, у 1550—1551 г. Але нельга выключаць і пазнейшы час.

Такім чынам, разгляд Альшэўскага кодэкса не дае, на жаль, дастатковых падстаў для таго, каб адназначна выказацца на карысць нейкай адной з прапанаваных версій. Ён дапускае, што „Хронічка“ была створана ў трыццатыя ці саракавыя гады, г. зн. прыблізна ў адзін час з пашыранай рэдакцыяй другога зводу[22] і раней за яго поўную рэдакцыю. Аднак не выключае таксама і таго, што гэта адбылося ў пяцідзесятыя гады, г. зн. пазней за стварэнне поўнай рэдакцыі.

Пераважная большасць звестак „Хронічкі“ чытаецца і ў іншых крыніцах, і іх, такім чынам, нельга аднесці да ліку унікальных. Але ёсць прынамсі адна, вартая адмысловай увагі і дэталёвага разгляду. Гаворка ідзе пра паведамленне аб захопе Полацка літоўцамі ў 1307 г. Стаўленне да гэтай звесткі ў найноўшай літаратуры вельмі скептычнае[23]. Аднак, прынятая (як здаецца, абсалютна некрытычна) гісторыкамі XIX ст. і кана­нізаваная ўжо беларускай савецкай гістарыяграфіяй, гэтая дата і да сённяшняга дня застаецца хрэстаматыйнай у гісторыі Беларусі[24]

Не выклікае ніякага сумнення, што менавіта з „Хронічкі“ запазычыў гэтае паведамленне М. Стрыйкоўскі. Гэта выразна выяўляецца пры супастаўленні звестак:

„Хронічка“ Литва взяли Полтескъ лета Божьего нароженья ҂҃а ҃т ҃з  (1307).
Maciej Stryjkowski. Kronika Polska, Litewska, Zmódzka i wszyst­kiej Rusi. T. 1. War­sza­wa, 1846. S. 349. Nalazłem też w starych La­topiszczach Ruskich, z któ­rych mam kilko exemp­larzów, iż Lit­wa roku 1307 Połocko wzięła, ale jako i pod kim, nie pisze.

Як відаць, у „Хронічцы“ сапраўды не сказана, „як і пад кім“ быў узяты Полацк. Спасылка храніста на „старыя рускія летапісцы“ не можа разглядацца ў якасці доказу існавання нейкіх рускіх (расійскіх) летапісаў, з якіх ён узяў полацкую звестку і якія быццам бы не дайшлі да нашага часу. М. Стрыйкоўскі мог называць і называў „рускімі“ ў тым ліку і летапісы, для якіх сёння прыняты тэрмін „беларуска–літоўскія“. Напрыклад, маючы на ўвазе вядомую „Аповесць пра Падолію“, ён спасылаецца на „рускія летапісцы“[25]. Але гэтая аповесць чытаецца толькі ў беларуска–літоўскіх летапісах. Тое самае можна сказаць і пра гісторыю Кейстута і Біруты[26].

Аднак паспрабуем высветліць, адкуль мог узяць інфармацыю пра захоп Полацка літоўцамі ў 1307 г. аўтар „Хронічкі“. Трэба сказаць, што ўсе звесткі помніка за XIV ст. запазычаны, мяркуючы па ўсім, з польскіх крыніц. У любым выпадку, усе яны там зафіксаваны. Пры гэтым у „Хронічцы“ за гэтыя сто гадоў няма ніводнага паведамлення, якое б бясспрэчна пахо­дзіла з беларуска–літоўскіх ці, напрыклад, рускіх летапісаў. Лагічна дапусціць, што з польскіх хронік узята і полацкае паведамленне.

Але пры вывучэнні гэтых крыніц высвятляецца, што нічога падобнага пад 1307 г. там не зафіксавана. Адначасова кідаюцца ў вочы памылкі, якія дапускаў аўтар „Хронічкі“ пры пераносе паведамленняў польскіх крыніц у свой твор. Напры­клад, пад 1331 г. ён змясціў інфармацыю пра тое, што „король Якгоило, отец Казимиров, поразил немцов“. Зыходзячы з імёнаў, гаворка ідзе пра Грунвальд. Але гэтая бітва адбылася, як вядома, у 1410 г. Праблема вырашаецца проста, калі дапу­с­ціць наступнае. Жадаючы занесці ў свой твор звестку сапраўды пра славутую Грунвальдскую перамогу, аўтар „Хронічкі“ звярнуўся да сваіх звычайных крыніц — польскіх хронік — і знайшоў там нешта падобнае. Гэта было апавяданне пра перамогу польскага войска над крыжакамі пад Плоўцамі 27 верасня 1331 г. Менавіта яго аўтар і прыняў за інфармацыю пра Грунвальдскую бітву. Аўтару „Хронічкі“ няцяжка было памы­ліц­ца. У лацінскай мове, на якой напісаны тагачасныя польскія хронікі, ён арыентаваўся вельмі прыблізна — як, верагодна, і ў храналогіі падзей. Толькі гэтым і можна рас­тлумачыць тое, што польскага караля Ўладзіслава II Лакетка (1304/1305—1333) ён прыняў за Ўладзіслава II Ягайлу (1386—1434). Яго магла збіць з тропу і тая акалічнасць, што і Ўладзіслаў I Лакетак, і Ўладзіслаў II Ягайла мелі сыноў з аднолькавым імем Казімір, у будучым польскіх каралёў адпаведна Казі­міра III Вялікага (1333—1370) і Казіміра IV Ягелончыка (1447—1492). Пры гэтым у апісанні бітвы пад Плоўцамі  хронік Яна Длугаша[27] і Мацея Мяхоўскага[28], адной з якіх, відавочна, і карыстаўся аўтар „Хронічкі“, кароль Уладзіслаў Лакетак і яго сын Казімір дзейнічаюць разам, што таксама магло падштурхнуць да памылкі.

Памылковае іншым разам разуменне замежных, і асабліва іншамоўных, крыніц не было ўласцівасцю аднаго толькі аўтара „Хронічкі“. У шэрагу летапісаў, якія прадстаўляюць другі і трэці беларуска–літоўскія зводы, ёсць наступны фрагмент:

„Будучы великому князю Кгидимину пры старости своеи, и сплодилъ семъ сыновъ, а осмую дочку, именем Ганну, которую далъ до Ляхов в малженство сыну Казымерову Владиславу Локетку, коли писано от Божого нароженя тисеча трыста двадцатого году“[29] (у Еўраінаўскім летапісе год не пазначаны, у „Хроніцы Быхаўца“ ўказаны 1323 год).

Урывак упершыню з’явіўся ў пашыранай рэдакцыі другога беларуска–літоўскага зводу (спісы Археалагічнага таварыства і Альшэўскі). Ён быў складзены на падставе дадзеных „Лета­пісца вялікіх князёў літоўскіх“, адкуль узята звестка пра сем Гедымінавых сыноў, і польскіх крыніц. У хроніках Яна Длугаша і Мацея Мяхоўскага пад 1325 г. знаходзім паведамленне пра шлюб дачкі Гедыміна, якая ў хрышчэнні атрымала імя Ганна, і Казіміра, сына караля Ўладзіслава Лакетка[30]. Гэта звестка ёсць таксама ў польскіх рочніках[31]. Такім чынам, летапісец памылкова прачытаў год, указаўшы 1320 замест правільнага 1325, і сваяцтва, зрабіўшы Ўладзіслава Лакетка сынам Казіміра, хоць насамрэч было наадварот. Пры гэтым нельга не заўважыць адвольнасць, з якой аўтары другога беларуска–літоўскага зводу абыходзіліся са сваім матэрыялам. Між іншым, звестка польскіх крыніц зусім не азначае, што Гедымін меў толькі адну дачку, як гэта пададзена ў цытаваным фрагменце. На самай справе іх у яго было найменш шэсць[32].

У дадатак заўважым, што і аўтар „Хронічкі“, і складальнікі пашыранай рэдакцыі другога беларуска–літоўскага зводу, вельмі верагодна, карысталіся аднымі польскімі крыніцамі. Нават звесткі яны ў іх бралі за той самы перыяд — 20—30–я г. XIV ст. І тут нельга не згадаць, што польскі пераклад „Хро­нічкі“ і Альшэўскі летапіс трапілі ў склад аднаго зборніка — Альшэўскага кодэкса. Усё гэта можа служыць дадатковым аргументам на карысць таго, што складальнік пашыранай рэдакцыі другога беларуска–літоўскага зводу і  аўтар „Хронічкі“ належалі да блізкіх ці нават да аднаго кола.

Пры вывучэнні „Хронічкі“, ды і беларуска–літоўскага летапісання ўвогуле трэба абавязкова ўлічваць указаныя асаблівасці працы іх стваральнікаў — у прыватнасці, магчымасць памылак.

Той факт, што аўтар „Хронічкі“ запазычыў звестку пра Полацк з польскай крыніцы, можа выклікаць здзіўленне. Сапраўды, землі сучаснай Паўночнай Беларусі знаходзіліся на далёкай перыферыі інтарэсаў сярэднявечных польскіх храністаў і звесткі пра іх сустракаюцца ў гэтых творах надзвычай рэдка. Аднак пад 1324, 1337 і 1368 г. у хроніках Длугаша[33], Мяхоў­скага[34] і некаторых іншых крыніцах[35] зафіксаваны напады літоўцаў на Мазоўша. Аб’ектам гэтых нападаў быў, між ін­шым, горад Пултуск, які ў лацінскіх тэкстах транскрыбаваны як „Polthowsko“. Нашаму не вельмі добра падрыхтаванаму аўтару было зусім няцяжка прыняць Пултуск за Полацк, бо назву апошняга старарускія і старабеларускія крыніцы XIII—XVI ст. перадаюць як „Полтескъ“[36], „Полотескъ“[37] і нават „Полоть­ско“[38] ды „Полотеско“[39]. Прычым тады гэта былі шырока распаўсюджаныя формы яго назвы. Цікава ў сувязі з гэтым адзначыць, што ў польскамоўным Альшэўскім спісе „Хро­нічкі“ назва захопленага літоўцамі ў 1307 г. горада перададзена як „Poltewsk“.

Увогуле, розныя копіі „Хронічкі“ падаюць розныя гады за­хо­пу Полацка: Альшэўскі — 1307, Румянцаўскі — 1360, у Па­трыяр­шым жа звестка адсутнічае. Розначытанне паходзіць, ві­да­­вочна, ад таго, што даты пры перапісцы лёгка пераблытаць. Пры напісанні лічбамі–літарамі яны выглядаюць як ҂҃а ҃т ҃з (1307) і ҂҃а ҃т ҃ ѯ (1360). Знакі „з“ і „ѯ“ вельмі падобныя, і прыняць адзін за другі зусім нескладана. Адметна, што такая блытаніна з лічбамі–літарамі сустракаецца ў „Хронічцы“ прынамсі яшчэ адзін раз, калі Альшэўскі спіс фіксуе мяцеж Глін­скага пад правільным 1508 г., а Румянцаўскі і Патрыяршы — пад памылковым 1520. Розначытанне ўзнікла таксама, як і ў першым выпадку. Апошнюю лічбу–літару даты ҂҃а ҃ф ҃и (1508) вельмі лёгка прачытаць не як „и“ (лічбавае значэнне 8), а як „к“ (20): пісаліся яны вельмі падобна, і іх часта блыталі. І тады 1508 год ператвараецца ў 1520.

У выніку мы дакладна не можам сказаць, пад якім годам у пратограф „Хронічкі“ быў унесены запіс пра захоп Полацка: 1307 ці 1360. Нельга выключыць ні адзін, ні другі варыянт. Аўтар „Хронічкі“ мог прыняць зафіксаваную ў польскіх хроніках дату „1337“ за „1307“, а „1368“ за „1360“. Чытаючы, напрыклад, хроніку М. Мяхоўскага, дзе для напісання гадоў выкарыстаны арабскія лічбы, зрабіць такую памылку зусім няцяжка, бо друк вельмі дробны. Аднак і тут няма поўнай упэўненасці, як узнікла памылка з датай і менавіта з якой. Можна сцвярджаць толькі, што М. Стрыйкоўскі карыстаўся тымі спісамі „Хронічкі“, дзе фігураваў 1307 год. Але ў любым выпадку можна ўпэўнена сцвярджаць, што звестка „Хронічкі“ пра захоп Полацка літоўцамі з’яўляецца вынікам памылковага зразумення тэксту і такога ж памылковага прачытання даты яе аўтарам.

У дадатку прапанаваны рэканструяваны пратограф твора. Для зручнасці артыкулы пранумараваны. У квадратных дужках пададзены фрагменты, прыналежнасць якіх да пратографа небясспрэчная, з указаннем спісаў, у якіх яны чытаюцца: Альш. — Альшэўскага, Патр. — Патрыяршага, Рум. — Румян­цаў­­скага. Да тэксту „Хронічкі“ дададзены гістарычны каментар.


[1] Вахевич Б.А. Западнорусская летопись по списку Румянцевского музея // Записки императорского Одесского общества истории и древностей. 1902. Т. XXIV. Отд. I. С. 221—222.
[2] Тамсама. С. 220.
[3] Тамсама. С. 214; Улащик Н.Н. Введение в изучение белорусско–литовского летописания. Москва, 1985. С. 62.
[4] Гл.: Полное собрание русских летописей (далей — ПСРЛ). Т. 17. Санкт–Петербург, 1907. С. 290—294.
[5] Тамсама. С. V, VI, 290—292.
[6] Ptaszycki St. Kodeks Olszewski Chomińskich. Wielkiego Księstwa Litew­skiego i Zmódzkiego Kronika. Wilno, 1907. S. 39—40 (у выданні 1932 г. — с. 53—56); ПСРЛ. Т. 17. 469—472.
[7] ПСРЛ. Т. 35. Москва, 1980. С. 192.
[8] Вахевич Б.А. Назв. праца. С. 210—213.
[9] ПСРЛ. Т. 35. С. 212—213.
[10] Тамсама. Т. 17. С. 290—294.
[11] Вахевич Б.А. Назв. праца. С. 222.
[12] Тамсама. С. 221, 222.
[13] Ochmański J. Deodatus Septennius — zagadkowy autor „Pochwały“ Olbrachta Gasztołda z około 1529 roku // Lituano–Slavica Posnaniensia. Studia Historica. 1994. T. VI. S. 80, przyp. 12.
[14] Vide: Zbiór praw litewskich od roku 1389 do roku 1529. Tudzież roz­prawy sejmowe o tychże prawach od roku 1544 do roku 1563 / T. Dzia­łyński. Poznań, 1841. S. 92—95.
[15] Чамярыцкі В.А. Беларускія летапісы як помнікі літаратуры. Мінск, 1969. С. 161.
[16] Pirmasis Lietuvos Statutas — Первый Литовский Статут (далей — PLS–ПЛС). Т. 1. Ч. 1 / Ст. Лазутка, Э. Гудавичюс. Вильнюс, 1983. С. 136, 138. Гл. таксама: Lizisowa M.T. Język Kodeksu Olszewskiego (1550). Z recepcji staropolskiego języka prawno–sądowego w Wielkim Księswie Litewskim w szesnastym wieku. Kraków, 2000. S. 7, 139—141.
[17] PLS–ПЛС. Т. 1. Ч. 2. Вильнюс, 1985. С. 665.
[18] Абгрунтаванне гл.: Тамсама. Т. 1. Ч. 1. С. 136—139.
[19] Тамсама. Т. 1. Ч. 2. С. 435.
[20] Тамсама. Т. 1. Ч. 1. С. 139.
[21] Тамсама. С. 132.
[22] Чамярыцкі В.А. Назв. праца. С. 160.
[23] Гл.: Полоцкие грамоты XIII — начала XVI вв. / Сост. А.Л. Хорошкевич (далей — ПГ). Вып. 3. Москва, 1980. С. 124; Сагановіч Г. Інфлянцкія немцы ў Полацку ў сярэдзіне XIII і пачатку XIV ст. // Беларускі Гістарычны Агляд. 2000. Сш. 1 (12). С. 104—105.
[24] Бібліяграфію гл.: Сагановіч Г. Назв. праца. С. 97—98.
[25] Stryjkowski M. Kronika Polska, Litewska, Zmódzka i wszystkiej Rusi. T. 2. Warszawa, 1846. S. 145, 178—179.
[26] Ibid. S. 43.
[27] Dlugossius J. Annales seu Cronicae incliti Regni Poloniae. Liber IX. Varsaviae, 1978. P. 156—170.
[28] Miechowita M. Chronica Polonorum. Cracoviae, 1521. P. 210—212.
[29] ПСРЛ. Т. 17. C. 262, 314, 375, 440—441, 494.
[30] Dlugossius J. Op. cit. P. 131; Miechowita M. Op. cit. P. 207.
[31] Monumenta Poloniae Historica (MPH). T. 3. Lwów, 1878. P. 133, 190, 191.
[32] Tęgowski Jan. Pierwsze pokolenia Giedyminowiczów. Poznań — Wroc­ław, 1999. S. 19, 42—44, 162—163, 232—234, 246—252, 304—305.
[33] Dlugossius J. Op. cit. P. 130, 198, 337.
[34] Miechowita M. Op. cit. P. 220—221, 235, 246.
[35] MPH. T. 3. P. 119.
[36] Гл.: ПСРЛ. Т. 17. С. 73, 79, 105, 113, 133 і інш.; ПГ. Вып. 1. Москва, 1977. № 10. С. 53; Новгородская Первая летопись старшего и младшего изводов (далей — НПЛ). Москва — Ленинград, 1950. С. 125, 159, 220, 476; Псковские летописи (далей — ПЛ). Вып. 1. Москва — Ленинград. С. 10; Тамсама. Вып. 2. Москва, 1955. С. 10, 19.
[37] ПСРЛ. Т. 17. С. 10, 61; ПГ. Вып. 1. № 2. С. 36; ПЛ. Вып. 1. С. 99.
[38] ПЛ. Вып. 1. С. 45; Тамсама. Вып. 2. С. 45.
[39] ПГ. Вып. 1. № 3. С. 37.

ДАДАТАК

[Wielkiego Księstwa Litewskiego Kroniczka krótko pisana]

1386

[1] Вера закону римского уставлена в Литве через короля полского Якгоила и через великого князя литовского Александра Витовта лета Божъя нароженя ҂҃а ҃т ҃п ҃ѕ 1.

1331

[2] Корол Якгоило, отец Казимиров, поразил немцов лета Бож нарож ҂҃а ҃т ҃л ҃а 2.

1307 (1360)

[3] Литва взял(и) Полтеск лета Бож нарож ҂҃а ҃т ҃з (Рум.҂҃а ҃т ҃z)3.

1497

[4] Короля Олбрахта поразили волохове лета Бож нарож ҂҃а ҃у ҃ч ҃з 4.

1484

[5] Велебныи Казимир умер лета Бож нарож ҂҃а ҃у ҃п ҃д 5.

1386

[6] Витовт окрщон в Кракове поспол с Якгоилом лета Бож нарож ҂҃а ҃т ҃п ҃ѕ.

1430

[7] Витовт умер по Божем нароженю ҂҃а ҃у ҃л 6.

1488 (1500)

[8] Корол Андреи Казимир (Патр. — Андреи) умер лета Бож нарож ҂҃а ҃у ҃п ҃и (Альш. — +҃а ҃ф)7.

1500

[9] Панов поимано на Ведроши лета Бож нарож ҂҃а ҃ф году8.

1506

[10] Татаров побито под Клецком [в день Панны Марыи Снежнои Альш.] лета Бож нарож ҂҃а ҃ф ҃ѕ 9.

1506

[11] Корол [и великии князь Альш.] Александр умер, а Жикгимонта на великое князьство взяли лета Бож нарож ҂҃а ҃ф ҃ѕ году на день светого Симона и Юды10.

1507

[12] Табор умер лета Бож нарож ҂҃а ҃ф ҃з году11.

1508

[13] Глинскии стял Заберезынского [и з земли побег на Москву Рум., Патр.] лета Бож нарож ҂҃а ҃ф ҃и году12.

1514

[14] Москву побито под Оршею лета Бож нарож ҂҃а ҃ф ҃д ҃i году сентебря ҃и на Рожество Богородицы13.

1520

[15] Захарьяш лекгат был в Вилне лета Бож нарож ҂҃а ҃ф ҃к году14.

1524

[16] Золота улочка была отворена лета Бож нарож ҂҃а ҃ф ҃к ҃д году15.

1526

[17] Корол Жикгимонт данщан стинал лета Бож нарож ҂҃а ҃ф ҃к ҃ѕ году16.

1527

[18] Татар побито [за Киевом в сороку милех о Гром­ницах Альш.] на Голшаницы лета Бож нарож ҂҃а ҃ф ҃к ҃з году17.

1527 (1528)

[19] Того ж году ҃к ҃з (Альш. — Лета Бож нарож ҂҃a ҃ф ҃к ҃и) и царя заволского з Литвы проч выпустили18.

1528

[20] Королевая Бона напервеи до Литвы приехала днем лета Бож нарож ҂҃а ҃ф ҃к ҃и году19.

1528

[21] Того ж лета списывали всю землю20.

1529

[22] Королевича Жикгимонта Августа молодого посадили на Великом Князьстве Литовском в понеделник, на день светого Луки евангелиста, а ему тогды было ҃ θ лет, лета Бож нарож ҂҃а ҃ф ҃к ҃θ году21.

1529

[23] Того ж году права писаныи даны Великому Князь­ству Литовскому (Альш. — всеи земли Литов­скои) на светого Михаила день22.

1530

[24] Место и замок виленскии горел лета Бож нарож ҂҃а ҃ф ҃л году23.

1530

[25] Того ж году татаров побито на Голтве, а тогды был князь Иван [Юрьевич Альш.] Дубровицкии…24

1 Хрышчэнне Літвы адбылося ў 1387 г. Аднак у XV—XVI ст. мела распаўсюджанне і іншая дата — 1386 год. Яна ўзнікла, відавочна, у сувязі з хростам Ягайлы і некалькіх яго братоў менавіта ў 1386 г. Апошнюю дату як год хрышчэння Літвы называюць, у прыватнасці, Міхалон Літвін (Михалон Литвин. О нравах татар, литовцев и москвитян / Отв. ред. А.Л. Хорошкевич. Москва, 1994. С. 88) і польскія рочнікі (MPH. T. 3. P. 82, 234, 311, 704).

2 Каментар гл. на с. 47—48.

3 Каментар гл. на с. 49—50.

4 Гаворка ідзе пра выправу польскага караля Яна Альбрэхта супраць Малдавіі, калі яго войска было разгромлена ў Букавіне ваяводам Стэфанам III Вялікім. Звестка чытаецца ў летапісах Рачынскага і Еўраінаўскім (ПСРЛ. Т. 17. С. 342, 401).

5 Другі сын Казіміра IV Ягелончыка каралевіч Казімір памёр 4 сакавіка 1484 г. у Горадні, быў пахаваны ў Вільні, пазней кананізаваны (гл.: Wojtyska H.D. Początki kultu i procesy kanonizacyjne św. Kazimierza // Analecta Cracoviensia. 1984. T. XVI).  Ва ўсіх вядомых спісах „Хронічкі“ год смерці Казіміра ўказаны памылкова: у Румянцаўскім — 1080, у Патрыяршым — 1480, у Альшэўскім — 1494. Аднак параўнанне гэтых дат дазваляе зрабіць выснову, што ў пратографе ён быў напісаны, хутчэй за ўсё, правільна. Звестка чытаецца ў летапісах Рачынскага і Еўраінаўскім (ПСРЛ. Т. 17. С. 342, 401).

6 Не выключана, што артыкулы 6 і 7 не ўваходзілі ў пратограф, бо ў найбольш поўным, Альшэўскім, спісе іх няма. Да таго ж яны прыкметна выбіваюцца з тканіны твора, разрываючы даволі паслядоўную яго храналогію.

7 Казімір Ягелончык, з 1440 г. — вялікі князь літоўскі, з 1447 г. — адначасова кароль польскі. Пры нараджэнні атрымаў імя Казімір Андрэй. Памёр 7 чэрвеня 1492 г. у Горадні. Ва ўсіх спісах „Хронічкі“ год смерці ўказаны памылкова: у Румянцаўскім і Патрыяршым — 1488, у Альшэўскім — 1500. У сувязі з гэтым цяжка сказаць, ці правільная дата фігуравала ў пратографе. Звестка чытаецца ў летапісах Рачын­скага і Еўраінаўскім (ПСРЛ. Т. 17. С. 341—342, 401).

8 14 ліпеня 1500 г. на рэчцы Ведрашы пад Дарагабужам войска Вялікага Княства Літоўскага было разбіта маскоўскімі ваяводамі. У палон трапілі камандуючы — князь Канстанцін Астрожскі, а таксама паны Рыгор Осцікавіч, Літавор Хрыптовіч, Мікалай Глябовіч, Мікалай Зяноўевіч і іншыя (ПСРЛ. Т. 17. С. 560). Звестка чытаецца ў летапісах Рачынскага і Еўраінаўскім (ПСРЛ. Т. 17. С. 342, 402).

9 Князь Міхаіл Глінскі разбіў крымскіх татар пад Клецкам 5 жніўня 1506 г. Цікава, што ў лісце да вармійскага біскупа Лукі Ватцэнродэ ад 12 жніўня 1506 г. М. Глінскі пісаў, што бітва адбылася „ў дзень святой Ма­рыі Снежнай“ (Akta Aleksandra króla polskiego, wielkiego księcia li­tew­skiego i t. d. (1501—1506). Kraków, 1927. Nr 331. P. 546). Звестка чы­таецца ў летапісах Рачынскага і Еўраінаўскім (ПСРЛ. Т. 17. С. 344, 402).

10 Кароль польскі і вялікі князь літоўскі Аляксандр памёр у ноч з 18 на 19 жніўня 1506 г. у Вільні. Дзень святых Сымона і Юды — 28 кастрычніка. Беларуска–літоўскія летапісы называюць і іншы дзень абрання Жыгімонта вялікім князем — 21 верасня (ПСРЛ. Т. 17. С. 185). Паводле М. Мяхоўскага (Miechowita M. Op. cit. P. 372) і Б. Вапоўскага (Wa­powski B. Kroniki… część ostatnia czasy podługoszowskie obej­mująca. Kraków, 1874. P. 71), гэта адбылося 20 кастрычніка, а згодна з інфармацыяй Ю. Дэцыя (Decius J.L. De Sigismundi regis temporibus liber. Kraków, 1901. P. 18) — 26 кастрычніка 1506 г. Польскі гісторык Л. Фінкель прыйшоў да высновы, што абранне Жыгімонта вялікім князем літоўскім адбылося 20 кастрычніка 1506 г. (Finkel L. Elekcya Zygmunta I. Kraków, 1910. S. 175).

11 Віленскі каталіцкі біскуп Войцех Табар памёр 27 сакавіка (Acta Tomiciana (AT). T. 1. Posnaniae, 1852. Nr 8. P. 18), паводле іншых звестак 28 красавіка 1507 г. (Przyałgowski W. Żywoty biskupów wileń­skich. T. 1. Petersburg, 1860. S. 89). Звестка чытаецца ў летапісах Рачынскага і Еўраінаўскім (ПСРЛ. Т. 17. С. 344, 402).

12 Мяцеж князя М. Глінскага. Першай акцыяй М. Глінскага на шляху да ад­крытага выступлення супраць Жыгімонта I было забойства свайго аса­бістага ворага — Яна Заберазінскага 2 лютага 1508 г. У выніку па­даў­лення мецяжу М. Глінскі і яго прыхільнікі напрыканцы 1508 г. па­кі­нулі тэрыторыю ВКЛ і перайшлі ў Маскву. Звестка чытаецца ў лета­пі­сах Рачынскага і Еўраінаўскім (ПСРЛ. Т. 17. С. 344—345, 402—403).

13 Перамога войска Вялікага Княства Літоўскага на чале з князем К. Аст­рожскім і палякаў над маскоўскай арміяй пад Оршай 8 верасня 1514 г. Звестка чытаецца ў летапісах Рачынскага і Еўраінаўскім (ПСРЛ. Т. 17. С. 347, 403).

14 Папскі легат Захарый Ферэры знаходзіўся ў Вільні з верасня 1520 да лютага 1521 г. (Acta nuntiaturae Polonae. T. 2 / Ed. H.D. Wojtyska. Romae, 1992. P. XXXIX, 77, 85, 93, 94).

15 Падзея адбылася ў Вільні.

16 У 1525 г. на грунце сацыяльна–палітычных і канфесійных супярэчнасцяў у Гданьску выбухнула паўстанне гарадскіх жыхароў. Да ўлады ў горадзе прыйшоў новы склад рады. Каралеўская ўлада вырашыла ўмяшацца ў сітуацыю. Вясной 1526 г. Жыгімонт I Стары на чале 3–ты­сячнага войска ўступіў у Гданьск, дзе ў хуткім часе былі ў асноўным адноўлены старыя парадкі. У чэрвені — ліпені правадыры і найбольш актыўныя ўдзельнікі паўстання былі пакараны смерцю. Паводле беларуска–літоўскіх летапісаў, такіх было 13 чалавек (ПСРЛ. Т. 17. С. 350, 404. Гл. таксама: Historia Gdańska. T. 2 / Red. E. Cieślak. Gdańsk, 1982. S. 245—246; Cieślak E., Biernat Cz. Dzieje Gdańska. Gdańsk, 1975. S. 135). Звестка чытаецца ў летапісах Рачынскага і Еўраінаўскім (ПСРЛ. Т. 17. С. 349—350, 404).

17 Пераможная бітва войска Вялікага Княства Літоўскага пад камандаваннем князя Канстанціна Астрожскага з крымскімі татарамі на рацэ Альшаніцы адбылася 27 студзеня 1527 г. — за тыдзень перад Грамніцамі (2 лютага). Звестка чытаецца ў летапісах Рачынскага і Еўраінаўскім (ПСРЛ. Т. 17. С. 350, 405).

18 Хан Заволжскай (Вялікай) арды Шых–Ахмат быў захоплены ў палон кіеўскім ваяводам князем Дзмітрыем Пуцяцічам у другой палове 1502 ці ў 1503 г. Доўгі час утрымліваўся пад вартай у ковенскім і троцкім замках. Здзейсніў некалькі няўдалых спроб уцёкаў. Быў адпушчаны на свабоду ў красавіку 1527 г., калі выехаў з Вільні, а потым праз Слуцк і Кіеў накіраваўся ў стэпы ніжняга цячэння Волгі (AT. T. 9. Posnaniae, 1876. Nr 202. P. 212, nr 248. P. 252; ПСРЛ. Т. 17. С. 350, 405, 563—564). Звестка чытаецца ў летапісах Рачынскага і Еўраінаўскім (ПСРЛ. Т. 17. С. 350, 405).

19 Кароль Жыгімонт I Стары, каралева Бона і іх дзеці Жыгімонт Аўгуст і Ізабэла прыехалі ў Вялікае Княства Літоўскае ў сакавіку 1528 г. Гэта быў сапраўды першы прыезд Боны ў Вялікае Княства. Звестка чытаецца ў летапісах Рачынскага і Еўраінаўскім (ПСРЛ. Т. 17. С. 350, 405).

20 Гаворка ідзе пра перапіс войска Вялікага Княства Літоўскага 1528 г. На думку А. Грушы, ён быў праведзены на працягу жніўня — кастрыч­ніка. Падрабязна пра гісторыю стварэння „попіса земскага“ 1528 г. гл.: Груша А.І. Прадмова [да:] Перапіс войска Вялікага княства Літоўскага 1528 года. Метрыка Вялікага княства Літоўскага. Кн. 523. Кніга Публічных спраў 1 / Падрыхт. А.І. Груша, М.Ф. Спірыдонаў, М.А. Вайтовіч. Мінск, 2003. С. 31—39. Звестка чытаецца ў лета­пі­сах Рачын­скага і Еўраінаўскім (ПСРЛ. Т. 17. С. 350, 405).

21 Дзень святога Лукі евангеліста — 18 кастрычніка. Дата пацвярджаецца Б. Вапоўскім (Wapowski B. Op. cit. P. 229). Жыгімонт Аўгуст нара­дзіўся 1 жніўня 1520 г. Звестка чытаецца ў летапісах Рачынскага і Еўраінаўскім (ПСРЛ. Т. 17. С. 350, 405).

22 Гаворка ідзе пра Першы статут Вялікага Княства Літоўскага, які першапачаткова сапраўды насіў назву „права“ ці „права писаныи“. Увя­дзенне ў дзеянне гэтага заканадаўчага кодэкса ў дзень святога Міхаіла (29 верасня) 1529 г. падмацоўваецца і актавым матэрыялам (гл.: Акты, относящиеся к истории Западной России. Т. 2 / Сост. И.И. Григорович. Санкт–Петербург, 1848. № 165. С. 211). Звестка чытаецца ў летапісах Рачынскага і Еўраінаўскім (ПСРЛ. Т. 17. С. 350, 406).

23 Паводле хронікі М. Бельскага, якую паўтарыў М. Стрыйкоўскі, пажарам былі знішчаны дзве траціны горада (Bielski M. Kronika wszyst­kiego świata. Kraków, 1551. List 288v; Stryjkowski M. Op. cit. T. 2. S. 395). Звестка чытаецца ў летапісах Рачынскага і Еўраінаўскім (ПСРЛ. Т. 17. С. 350, 406).

24 Войска Вялікага Княства Літоўскага пад камандаваннем кіеўскага ваяводы Андрэя Неміровіча, князя Івана Дубровіцкага і іншых разбіла татар ля ўрочышчаў Голтва і Палазор’е ў верасні ці першай палове кастрычніка 1530 г. (AT. T. 12. Posnaniae, 1906. Nr 331. P. 302). Звестка чытаецца ў летапісах Рачынскага і Еўраінаўскім (ПСРЛ. Т. 17. С. 351, 406).

Далейшая рэканструкцыя помніка ўскладнена тым, што на гэтым фрагменце заканчваецца супольны тэкст Альшэў­скага і Румянцаўскага спісаў „Хронічкі“.

Наверх

Расціслаў Баравы. Менск у ХVI стагоддзі: першы „генеральны“ план горада і яго магчымы аўтар

Снежня 19, 2004 |


ХVI стагоддзе пачалося для Менска ў 1499 г., калі вялікі князь Аляксандр „…хотечы положенье места нашого Менского в мере лепъшой поставити, абы люди нашы там мјшкаючыи, через врад добрый а справедливый были размножены…“[1], выдаў гораду грамату на магдэбургскае права. У юрыдычным плане магдэбургскае права, калі казаць спрошчана, зводзілася да таго, каб мяшчане дадзенага горада („фізічныя асобы“) і горад у цэлым („юрыдычная асоба“) былі выдзелены з навакольных зямель і іх насельніцтва, гэта значыць — са сферы ўладарных паўнамоцтваў вялікакняжацкага намесніка. Звязаныя з гэтым эканамічныя прывілеі заключаліся ў вызваленні жыхароў горада ад шэрагу агульнадзяржаўных падаткаў і натуральных павіннасцяў. Часам некаторыя з іх замяняліся грашовымі выплатамі. Уводзіўся таксама шэраг пра­тэкцыя­ні­с­ц­кіх мераў для рамеснікаў, дробных гандляроў і купцоў горада.

Часта атрыманне якім–небудзь населенным пунктам магдэбургскага права суправаджалася і шэрагам мерапрыемстваў горадабудаўнічага характару — аж да „адводу і вымярэння“ гарадской плошчы, вуліц і пляцовак для кожнага домаўладальніцтва[2]. Аднак гэта датычылася толькі дробных і перш за ўсё новых („осаженых… на сыром корени…“) мястэчак, што было асабліва характэрна для другой паловы XVI — пачатку XVII ст. Улічваючы, што Менск да моманту атрымання магдэбургскага права існаваў ужо каля пяці стагоддзяў і быў адным з найбуйнейшых гарадоў ВКЛ, прывілей на магдэбургскае права не мог паўплываць непасрэдна на планаванне, забудову і знешні выгляд горада.

Сапраўды, акрамя дазволу „на местъцу годномъ… справити ратуш…“, у яго тэксце можна адзначыць толькі два параграфы, ускосна звязаныя з пытаннямі горадабудаўніцтва. Вялікі князь аддае „войту и бурмистром… вси места пустыи в месте и вкруг места поля наши ку осаженью и розмноженью людей…“ — з гэтай тэрыторыі выключаецца толькі „пашня наша городовая“, г. зн. уласная вялікняжацкая ралля „двора Менского“[3]. З гэтым параграфам прывілею пераклікаецца і наступны, які дае „доброволенство всим мещаном, подле давного обычаю, брати дерево на будоване домовъ их и теж на кухню — в борехъ и в лесехъ за тры мили около местъца… окроме бортного древа… Такежъ где пред тымъ скоть свой… пасывали и нине доброволно имъ… паствити“[4].

Пакідаючы пакуль убаку горадабудаўнічыя праблемы і ацэньваючы прывілей 1499 г. у цэлым, можна адзначыць, што да вельмі выгаднага (у нейкай меры — выключнага) геа­графічнага палажэння Менска[5] дадаўся шэраг спрыял­ьных фактараў адміністрацыйна–юрыдычнага характару, якія ў многім вызначылі далейшы лёс горада. Аднак ваенна–палітычная сітуацыя, што складалася ў першай чвэрці XVI ст., не дазволіла Менску адразу і ў поўнай меры выкарыстаць тыя магчымасці.

У 1505 г. горад быў узяты, поўнасцю разрабаваны і спалены крымскімі татарамі (ацалеў толькі Замак)[6]. У 1508 г. Менск трапіў амаль у месячную асаду (але горад узяты не быў), пазней навакольная мясцовасць горада тры або чатыры ра­зы спусташалася маскоўскім войскам — апошні раз у 1519 г.[7] Хаця пасля 1505 г. Менск ні разу не быў узяты, але неаднаразовае спусташэнне навакольнай мясцовасці, ужо не гаворачы пра сам факт пастаянных ваенных дзеянняў на ўсходніх і паўночна–ўсходніх межах ВКЛ, пазбавіла горад асноўнай крыніцы даходаў — непасрэдных і ўскосных паступленняў ад транзітнага гандлю. Працяглы мірны перыяд — амаль уся другая чвэрць XVI ст. — спрыяў буйнаму росквіту горада. Паказчык гэтага — рэзкі рост „мыта“, якое спаганялася з мясцовых і замежных купцоў на Менскай мытні[8].

Безумоўна, усе гэтыя працэсы так ці інакш адбіва­ліся на выглядзе горада — перш за ўсё на яго тэрытарыяльным росце. Аднак стыхійны рост ускраін толькі ў невялікай ступені мог уплываць на структуру горада ў цэлым. Практычна ня­зменнымі заставаліся асноўныя элементы гэтай структуры — Замак і Стары горад, якія тапаграфічна і генетычна былі звязаны з галоўнай планавальнай воссю горада — сухапутным транзітам „усход — паўднёвы захад“, прывязаным да пераправы (потым — моста) цераз р. Свіслач[9]. Вакол гэтых трох асноўных элементаў, якія складалі першапачатковую структуру горада, групаваліся пасады — неўмацаваныя (у адрозненне ад Замка або Старога горада) жылыя і гандлёвыя тэрыторыі.

Першапачатковыя пасады імкнуліся да месцаў, зручных для рачных прычалаў (раён т. зв. Менскага порта на стыку сучасных вуліц Гандлёвай і Інтэрнацыянальнай, таксама раён сучасных вуліц Старавіленскай і Старажоўскай), да тэрыторый, размешчаных паблізу ад асноўнай транзітнай артэрыі рэгіёну (у межах горада — сучасныя вуліцы Няміга і Багдано­віча), і да наваколля Замчышча (сучасныя вуліцы Ракаўская — Вызвалення — праспект Машэрава). Пра дакладнае месцазнаходжанне, памеры, канфігурацыю і дынаміку росту гэтых пасадаў мы можам толькі здагадвацца[10].

Гэтыя тэндэнцыі стыхійнага развіцця, што былі атрыманы Менскам у спадчыну ад першых стагоддзяў існавання, ужо не адпавядалі ні новым рэаліям жыцця горада першай паловы XVI ст. (буйны цэнтр транзітнага гандлю з самакіраваннем па магдэбургскім праве, цэнтр ваяводства), ні сацыяльна–культурным патрабаванням эпохі ў цэлым. Першым, фармальным, і ў нейкай ступені выпадковым імпульсам да ажыццяўлення прынцыповых зменаў у выглядзе горада, перш за ўсё, у яго планавальнай структуры, паслужыў, як гэта часта здаралася ў гісторыі горадабудаўніцтва, вялікі пажар 1547 г.[11] У выніку гэтага пажару „Замак Менски“ згарэў цалкам, а „места Менскае“, хаця і не поўнасцю, але, як можна меркаваць па тэксце гэтага і некаторых больш позніх дакументаў, — амаль цалкам. Для „успаможенья“ пацярпелым жыхарам горада Жыгімонт Аўгуст[12] вызваліў іх тэрмінам на дзесяць гадоў ад усіх падаткаў і мытных выплат[13].

Відаць, горад у цэлым дастаткова хутка акрыяў пасля гэтага стыхійнага бедства — ускосным сведчаннем можа быць рост мыта (гл. вышэй). У 1552 г. горад клапаціўся аб пацвярджэнні прывілею на магдэбургскае права, які таксама згарэў на гэтым пажары разам з іншымі дакументамі, што захоўва­ліся ў „Замку Менскім“[14]. У 1569 г., непасрэдна на Люблінскім сойме, гараджане прасілі і атрымалі новае пацвярджэнне грамат 1499 і 1552 г.[15]. Абедзве гэтыя граматы не даюць ніякіх новых звестак або фактаў, звязаных з гісторыяй горада.

Першае канкрэтнае ўпамінанне аб работах па перапла­на­ван­ні Менска мы знаходзім у дакуменце, датаваным 10 сака­ві­ка 1571 г.[16] Жыхары горада прасілі ў якасці эканамічнай дапамогі прывілею праводзіць „два кірмашы ў год“ і браць „маставыя на рацэ Свіслач“ з купцоў, што праязджаюць праз Менск, спасылаючыся пры гэтым на наступныя прычыны: 1) страты горада ад пераходаў войска і праезду паслоў[17]; 2) не­ўраджай, якім жыхары „от колка лет скарани будучи…“[18]; 3) нарэшце на тое, што „…порадокъ в месте тамошнемъ чине­­чи, домы свои знову на инъшие местца переносят и будують…“.

З тэксту граматы вынікае, што самае позняе на мяжы 60—70–х г. XVI ст. у Менску пачалося інтэнсіўнае перапланаванне горада, прычым па непасрэдным распараджэнні вя­лікага князя („з росказанья нашого…“)[19].

Наступны вядомы нам дакумент, што адлюстроўвае хаду гэтага працэсу, адносіцца ўжо да 1589 г. Хаця з пачатку перапланавання прайшло ад 20 да 30 гадоў (гл. ніжэй), ажыццяўленне новага праектнага плана горада было ўсё яшчэ далёкім ад завяршэння і патрабавала пастаяннага ўмяшання ўладаў. Гэты працэс быў звязаны, як заўсёды, з шэрагам юрыдычных і эканамічных праблем, мноства з якіх не маглі быць вырашаны на мясцовым ўзроўні[20].

Яшчэ адзін дакумент, датаваны тым жа днём і адрасаваны ўжо непасрэдна да „рэвізораў“, якія накіроўваліся ў Менск[21], мяркуючы па загалоўку[22], таксама звязаны з перапланаваннем горада. Хаця ў тэксце дакумента ўпамінанне аб гэтым адсутнічае, аднак у скрытым выглядзе („абы …всякие непорадъки и розьницы… поровънали и померъковали…“) гэта тэматыка, несумненна, прысутнічае і тут[23].

Праз два гады менскія мяшчане атрымалі ад Жыгімонта III грамату, датаваную „12 студня 1591 года“ — „Привилей… подтвержденья прав и вольностей их…“[24], у прэамбуле якога ўпамінаецца таксама „…ратуш, который они теперъ збудовати хочуть…“. На аснове гэтага паведамлення можна заключыць, што тэрыторыя, прызначаная пад цэнтр горада („рынак і вуліцы“), была да 1591 г. канчаткова распланавана, паколькі паўстала пытанне аб пабудове ратушы, якая, зразумела, па­він­на была займаць цэнтральнае месца ў структуры горада.

Да 1600 г. ратуша на плошчы ўжо была пабудавана[25], а навакольныя кварталы з рэгулярным планаваннем, якія атры­малі назву „Новага“, ці „Высокага места“ (пазней — „Рынку“), сталі амаль на тры стагоддзі адміністрацыйным ды эканамічным цэнтрам горада, і нават на мяжы XIX—XX ст. у значнай меры захоўвалі свой першапачатковы статус.

Рэальнае ажыццяўленне ўсяго комплексу мерапрыемстваў па перапланаванні такога масштабу, несумненна, працягвалася яшчэ ў першыя дзесяцігоддзі XVII ст. Ва ўсякім разе, будаўніцтва знешніх умацаванняў горада — валоў з бастыёнамі і некалькіх брам — працягвалася яшчэ да 30—40–х г. XVII ст.[26] У выніку ажыццяўлення праектнага плана горада, распрацаванага яшчэ ў сярэдзіне XVI ст., узнік якасна новы цэнтр — сучасная плошча Свабоды, якая ўяўляе сабой амаль правільны прастакутнік, і шэраг вуліц, што разыходзяцца ад яе ў паўднёвым і заходнім напрамках.

Можна сцвярджаць, што перапланаванне, праведзенае ў другой палове XVI ст., не закранула ні Старога горада, які мясціўся на левабярэжжы Свіслачы, ні раён вуліц Нямігі, Ракаў­скай і Татарскай вакол Замчышча. Не закранула яно і вуліц, якія звязвалі новы цэнтр горада з той старадаўняй вуліцай–да­рогай, якая ішла ўздоўж правага берага ракі Свіслачы ад раё­на г. зв. Менскага порта да варот Менскага замка (у XVII ст. — вул. Зыбіцкая, пазней — Гандлёвая).

Такім чынам, праект перапланавання захоўваў у непарушнасці шэраг вулічак і завулкаў правабярэжнай часткі Менска, размешчаных на складаным рэльефе, — менавіта тую структуру „пасадаў“ старадаўняга горада, якая ўзнікла ў першыя стагоддзі яго існавання і традыцыйна аднаўлялася пасля шматлікіх пажараў. Падлягала знішчэнню толькі тая старая забудова, якая знаходзілася на месцы новай плошчы і вуліц (на паўднёвы ўсход, поўдзень і захад ад яе)[27].

Праектны план, максімальна „ашчадны“ да тагачаснай забудовы, быў выкананы ў той жа час з яўным разлікам на да­статкова аддаленую перспектыву росту горада. Далей гэты працэс павінен быў адбывацца ўжо ў рамках новай, рэгулярнай планавальнай структуры, якая цалкам адпавядала патрабаванням часу.

Непазбежна ўзнікае пытанне — хто быў, або хто мог быць аўтарам гэтага, вельмі ўдалага (як паказала гісторыя) і перадавога для сваёй эпохі праектнага плана? Простага і бяс­спрэчнага адказу на гэтае пытанне дакументы, якія ёсць у нашым распараджэнні, не даюць.

Спачатку паспрабуем вызначыць храналагічныя рамкі працэсу перапланавання Менска. Магчымая ніжняя мяжа — 1547 год, калі адбыўся пажар горада. Першую палову 1550–х г., мабыць, неабходна выключыць: адзіны вядомы нам дакумент гэтага перыяду — прывілей, выдадзены гораду Жыгімонтам–Аўгустам у 1552 г., фактычна з’яўляецца паўторам прывілею 1499 г. і не ўтрымлівае ніякіх новых фактаў (акрамя ўпамінання пра пажар 1547 г.)[28]. Адсутнічае згадка пра пера­пла­наванне горада і ў тэксце прывілею 1569 г. Але, хоць ён паўтарае на 2/3 прывілею 1552 г., у канцы дабаўлена некалькі новых параграфаў, у т. л. адзін, які мае некаторае дачыненне да горадабудаўніцтва: менскім мяшчанам дазваляецца „…двор гостиный на местцу слушномъ для стоянья купцовъ збудовати…“. Нагадаем: у дакуменце ад 10 сакавіка 1571 г. ужо адкрыта гаворыцца пра тое, што жыхары горада па ўказанні вялікага князя пераносяць і нанова будуюць свае дамы на новых месцах „…порадокъ в месте тамошнемъ чинечы…“ — г.зн., праз паўтара года перапланаванне ўжо актыўна вялося. У гэтым кантэксце адсутнасць упамінання пра горадабудаўнічыя працы ў грамаце 1569 г.[29] яшчэ не можа лі­чыцца сцвярджэннем таго, што працэс быў пачаты толькі ў 1570 або ў 1571 г. Нам уяўляецца, што пытанне аб новым плане горада наўрад ці магло ставіцца раней другой паловы 1550–х г. З другога боку, першую (праектную) стадыю гэтых работ мы павінны датаваць, верагодней за ўсё, пачаткам ці першай паловай 1560–х г.

Звяртаючыся да асноўных падзей гэтага даволі вузка­га храналагічнага перыяду, мы павінны перш за ўсё звяр­нуць увагу на так званую Валочную памеру, правядзенне якой (на агульнадзяржаўным узроўні) пачалося менавіта ў гэты час. Выдадзеная ў 1557 г. Устава на валокі (як і „Дапаўненні“ да яе 1558 г.) не змяшчаюць непасрэдных рэкамендацый адносна планавання і землеўпарадкавання гарадоў і мястэ­чак, аднак шэраг вядомых гісторыкам фактаў недвухсэнса­ва ўказвае на тое, што практычная дзейнасць па ажыццяўлен­­ні гэтай грандыёзнай зямельнай рэформы далёка не вы­чэрп­валася тэарэтычнымі палажэннямі адзначаных дакументаў[30].

Зямельная рэформа Жыгімонта Аўгуста закранула не толь­­кі воласці, г. зн. абшары сялянскіх, уладальніцкіх і дзяржаўных зямель, што выкарыстоўваліся ў сельскай гаспадарцы, лясоў, пусташаў і г.д., але і землі, якія належалі насельніц­тву гарадоў, мяшчанам. Па назіраннях Уладзіміра Пічэты, „…волочное измерение городской площади коснулось только городов, еще не имевших магдебургского права“[31], г. зн. зямель Менска гэта, у прынцыпе, не павінна было закранаць, аднак гэты ж аўтар далей указвае на разнастайнасць праблем і пытанняў, якія паўставалі перад каралеўскімі рэвізорамі ў час рэалізацыі Валочнай памеры.

Літоўскія даследчыкі, у прыватнасці, прыйшлі да высновы, што „складанне праектных планаў гарадоў або іх эскізаў у Вялікім Княстве Літоўскім было пачата ў сувязі з будаўніцтвам новых або перабудовай ужо існуючых гарадоў і мястэчак у час правядзення Валочнай рэформы ў сярэдзіне XVI ст. Такім чынам, рэвізоры і каморнікі, якія ў адзначаных месцах вымяралі валокі, могуць прызнавацца аўтарамі праектных планаў і эскі­заў канкрэтных гарадоў і мястэчак“[32]. Так, напрыклад, Войцэх Дзевялтоўскі, які „вымяраў на валокі“ ў 1550 г. Расенскую воласць[33], прызнаецца адным з аўтараў праекта рэканструкцыі мястэчка Баганяй[34], а Якуб Лашкоўскі, які „вымяраў на валокі… Палангаўскую дзяржаву“, атрымаў у 1566 г. „Загад… засадити местечко (Полангу) …и пляцы ку будованью и волоки тому месту розмерити“[35], што і было ім выканана.

Як сведчаць згаданыя дакументы, у Менску пачатку 1570–х і ў канцы 1580–х г. гаспадарскія рэвізоры таксама вялі работы па „розмеренню пляцов“ і „назначенню места …для будовання домов…“, аднак уласна „праектны план“ горада быў, несумненна, складзены значна раней, пра што сведчаць ужо некаторыя фразы каралеўскай граматы 1571 г. (гл. вышэй). Грамата 1589 г., адрасаваная „Юру Радзивилу“, не толькі па­цвярджае, што „рэвізоры“ канца 1580–х г. кіраваліся менавіта гэтым, раней складзеным, „планам“, але і прама ўказвае, што шукаць аўтараў гэтага плана неабходна сярод „…перъшихъ ревизоровъ от продка нашого …Жикгимонта Августа высыланыхъ зъ стороны перенесеня на инъшое местъце рынъ­ку и некоторых улицъ…“.

Абапіраючыся на выдадзеныя да 2005 г. дакументы Літоўскай Метрыкі, мы можам назваць толькі аднаго „каралеўскага рэвізора“, „засланного“ ў Менск у часы Жыгімонта Аўгуста. Больш за тое, ён прыязджаў у Менск якраз у год завяршэння дзесяцігадовай „налоговай ільготы“ (1547—1557) і па справах, непасрэдна звязаных з землямернымі работамі.

Восенню 1557 г. у Менск прыехаў „…его королевское милости секретаръ, державца Скирстомонский и Росенский Венц­лав Миколаевич…“. Яго прыезд быў выкліканы неабходнасцю аднаўлення „знешніх“ межаў гарадскіх зямель — г.зн. той трохмільнай тэрыторыі вакол Менска, якая была зацвер­джана яшчэ прывілеем 1499 г. Дакументы, што апісвалі і за­цвярджалі гэтыя межы, згарэлі пры пажары 1547 г., і навакольная шляхта ўсё часцей захоплівала памежныя ўчасткі зямель, якія належалі гораду[36].

Акт датаваны 2 кастрычніка 1557 г., г. зн. сам працэс „аб’езду“ і апісання межаў[37] быў, мабыць, пачаты яшчэ ў верасні. Колькі ўсяго часу знаходзіўся Венцлаў Мікалаевіч у Менску ў гэты свой прыезд, дакладна невядома. Аднак можна меркаваць, што не менш за чатыры месяцы, таму што „устава подводная“, якая ўпамінаецца ў прэамбуле дакумента, была ім выдадзена „Месту Менскoму“ толькі 4 студзеня 1558 г.[38]

Гэтыя два дакументы, што не ўпамінаюцца ў даследаваннях Ежы Ахманьскага[39], Міколаса Рочкі[40] і Егідыюса Рымшы[41], дазваляюць дадаць яшчэ дзве даты да скупой і ўрыўкавай дакументальнай канвы біяграфіі Венцлава Мікалаевіча, якая прасочана гэтымі аўтарамі ў рамках гіпотэзы аб тоеснасці Венцлава Мікалаевіча і Міхалона Літвіна, упершыню выказанай Ежы Ахманьскім яшчэ ў першай палове 1970–х г.[42] Па назіраннях Ежы Ахманьскага, комплекс агульных рысаў і фактаў біяграфіі ў аўтара „Трактата…“ і Венцлава Мікалаевіча ўключае, у прыватнасці, такія, як: універсітэцкая адукацыя (В.М. — Кракаў); веданне лацінскай, „рускай” (старабеларускай) і літоўскай моў ды права; шматгадовая работа ў вяліка­княскай канцылярыі (В.М. — 26 гадоў); дастаткова цесныя сувязі з вялікакняскім дваром; нарэшце, неаднаразовы ўдзел у важных дыпламатычных місіях (В.М.— пасольства ў Маскву і ў Крым, перамовы з маскоўскімі пасламі ў Любліне ў 1554 г.) і г.д.[43]

Уведзеная ў навуковы зварот каля трыццаці гадоў назад гіпотэза Е.Ахманьскага ў цяперашні час набыла статус навуковай канцэпцыі, якая практычна нікім не аспрэчвалася і падмацоўваецца дастатковай колькасцю ўскосных доказаў[44]. Згодна з высновай даследчыка, Венцлаў Мікалаевіч „…у яка­сці аўтара трактата „De moribus…“ уяўляецца выдатнай па сваім разумовым кругаглядзе фігурай. Ён быў адным з найбольш адукаваных людзей сваёй эпохі ў Літве, адным з першых гуманістаў з шырокім кругаглядам …“[45].

Нават вельмі скупыя факты яго біяграфіі[46], узятыя ў кантэксце прыведзенай вышэй характарыстыкі і падмацаваныя фактам яго знаходжання ў Менску ў канцы 1557 — пачатку 1558 г. у якасці гаспадарскага рэвізора па ўрэгуляванні межаў гарадскіх зямель, дазваляюць бачыць у Венцлаве Мікалаевічы найбольш верагоднага аўтара першага перапланавання Менска — гэтай унікальнай для дадзенага рэгіёну і часу „праектнай прапановы“. Ні храналогія вядомых нам гістарычных па­дзей, якія датычацца ўнутранага жыцця Менска другой паловы XVI ст., ні вынік аналізу вядомых нам дакументальных звестак аб ходзе перапланавання горада 1571—1600 г. (гл. вышэй) не супярэчаць гэтаму сцвярджэнню[47].


[1] Упершыню надрукавана ў: Акты, относящиеся к истории Западной России, собранные и изданные Археографической комиссией. Т. 1. С.–Петербург, 1846. С. 187—189. Цытуецца па: Беларускі архiў. Т. 3. Менскія акты. Менск, 1930. С. 3—5. Мяркуючы па агаворцы ў тэксце граматы „…в месте вышей речоном Меньском войтовъство знову вставъляем …“ (аналагічная агаворка ёсць і ў тэксце Полацкага прывілею 1498 г.) Менск, як і Полацк, належаў да ліку тых гарадоў, якія, на думку Юліуша Бардаха, „атрымалі гарадскую юрысдыкцыю раней, але яна не замацавалася“ (гл. Бардах Ю. Штудыi з гiсторыi Вялiкага Княства Лiтоўскага. Менск, 2002. С. 119). Відавочна, што Менск і Полацк атрымалі магдэбургскае права яшчэ ад Казіміра Ягайлавіча, г.зн., у 1450—1480–я г.
[2] Гл.: Пичета В.И. Аграрная реформа Сигизмунда–Августа в Литовско–Русском государстве. Москва, 1958. С. 434, 456 і інш.
[3] Пичета В.И. Цыт. праца. С. 143—147. Гл. таксама: Гісторыя сялянства Беларусі. Т. 1. Мінск, 1997. С. 52—53.
[4] „Міля“ ў сістэме мераў ВКЛ раўнялася „пяці верстам“ (798 сажань) — г. зн. складала прыкладна 7,8 км (гл.: Гольштейн С.М. Польско–литовские древности. С.–Петербург, 1913. С. 136; Скурат К.У. Даўнiя беларускiя меры. Мінск, 1974. С. 43). Такім чынам, радыус у „тры мілі“ адпавядаў прыкладна 23 км. Можна таксама меркаваць, что гэта быў на самай справе „радыус“ — г.зн. адлегласць бралася не ад „мяжы“ горада, якая маглa мяняцца, а ад нейкай умоўнай кропкі, якая прыкладна адпавядала яго „цэнтру“.
[5] Пичета В.И. Цыт. праца. С. 68. Падрабязней пра гандлёвыя шляхі Мін­скага рэгіёну гл.: Боровой Р.В. Историческая топография древнего Минска: Обзор источников и современное состояние проблемы // Гістарычна–археалагічны зборнік. Мінск, 1997. № 12. С. 31—41.
[6] Хроника Литовская и Жемойтская // ПСРЛ. Т. 32. Москва, 1975. С. 101; Хроника Быховца // ПСРЛ. Т. 32. Москва, 1975. С. 170.
[7] Магчыма, у ваколіцах Менска маскоўскае войска пабывала і ў 1535 г. Гл.: Акты Западной Росии. Т. 2. С.–Петербург, 1848. С. 23; Кром М.М. Между Русью и Литвой. Москва, 1995. С. 125, 186, 189, 196.
[8] Гл.: Довнар–Запольский М.В. Государственное хозяйство Велико­го Кня­жества Литовского при Ягеллонах. Т.1. Киев, 1901. Приложе­ния ССXXII—XXXIV — „Мыто менское“: 1509 г. — 300 „коп грошей; 1519 г. — 150 к.г.; 1525 г. — 450 к.г.; 1532 г. — 550 к.г.; 1553 г. — 15000 к.г.; 1563 г. — 2200 к.г.; 1571 г. — 2630 к.г.
[9] Гл.: Боровой Р.В. Минские древности: „Старый город“ средневекового Минска по письменным источникам // Гiстарычна–археалагiчны зборнiк // Мінск, 2000. № 15. С. 128—131.
[10] Гл.: Боровой Р.В. Историческая топография древнего Минска.
[11] Фармулёўка „того лета прошлого …“ можа разумецца двухсэнсава (1546 або 1547 г.), але ўлічваючы тыя абставіны, што такія прашэнні (гл. ніжэй) падаюць па гарачых слядах, а не праз год з лішнім (час і месца выдачы граматы: „21 кастрычніка, Вільня“), пажар трэба аднесці менавіта да лета 1547 г.
[12] Хаця Жыгімонт I („Стары“) памёр толькі 1.04.1548, граматы Жыгі­мон­та Аўгуста з тытулам „…кароль …Вялікі князь…“ сустракаюцца ўжо у пачатку 1547 г. (Гл.: Daniłowicz J. Skarbiec diplomatów. T. 2. Wil­no. 1862. № 2344. № 2345. Тытулатура гэтых грамат абапіраецца, ма­быць, на акт яго фармальнага выбрання і каранацыі ў канцы 1529 — пачатку 1530 г., а таксама на тыя абставіны, што ён фактычна правіў ВКЛ ужо з 1544 г.
[13] Беларускi архiў. Т. 3. № 17. С. 14—15. „ …Били намъ чоломъ подданые наши, войть и вси мещане места Менского, о томъ, ижъ што того ле­та прошлого, з божьего допущенья, замокъ нашъ Менский и место Мен­ское, зо всими маетностьями их, подданыхъ нашихъ, погорело, и для того они к немалому впаду пришли и подачокъ нашихъ не могуть по­полнити <…> Ино мы, бачечи на тое згоренье и на впад, и на шкоду ихъ, …даемъ имъ воли на десять годъ, то есть от м–ца сентябра первого дня, который былъ в року лета божьего нароженья тисеча пять­сотъ чотырдесятъ семомъ от инъдикта шостого, ажъ до десяти год, до того жъ м–ца сентябра первого дня до инъдикта первого, што бу­деть в року пятдесятъ шостомъ. И в тую десять годъ вызволяемъ ихъ от серебъщины и от ордынъщины и от капъщины медовое и пивное, и горелковое, и от инъшихъ подачокъ… <…> Нижли в которых ме­щанъ домовъ и маетности в замъку не было, ани тежъ в месте до­мы ихъ з маетъностями ихъ не погорели, — таковымъ воли не даемъ, и от жадных подачокъ и повинъностей ихъ не вызволяемъ. <…>
[14] Акты Южной и Западной России. Т. 1. С.–Петербург, 1836. С. 135—137; Беларускi архiў. Т. 3. № 19. С. 16—18.
[15] Беларускi архiў. Т. 3. № 23. С. 27—31.
[16] Беларускi архiў. Т. 3. № 24. С. 31—33.
[17] Хаця Менск і не панёс непасрэдных стратаў ад ваенных дзеянняў у хо­дзе Інфлянцкай вайны, таму што запланаваны рэйд маскоўскага вой­ска ў напрамку Менск — Наваградак (1564) не адбыўся, але горад праз сваё геаграфічнае размяшчэнне сапраўды быў асноўным месцам збо­ру войскаў, з’ездаў вышэйшых ваенных і грамадзянскіх чыноў ВКЛ, а таксама адным з пунктаў прыпынку шматлікіх пасольстваў і ганцоў.
[18] Гл.: Борисенко Е.П., Пасецкий В.М. Тысячелетняя летопись необычных явлений природы. Москва, 1988. Приложения (XVI в.); Бараш С.И. История неурожаев в Европе. Москва, 1989. С. 204—207.
[19] „<…> Били намъ чоломъ бурмистры, радцы и вси мещане места нашого Менского и поведили перед нами, ижъ от немалого часу, яко з непиятелемъ нашимъ княземъ великимъ Московскимъ валка почалася, гетмани и войски наши, и послы наши через место тамошнее Менское часто–крот хоживали, и люд нашъ служебный, немалый час уставичне тамъ у нихъ мешкаючи, великие трудности имъ задавалъ, для чого на маетностяъ своихъ знищене немалое приняли. А к тому тепер, з расказанья нашого, порадокъ в месте тамошнемъ чинечи, домы свои знову на инъшие местца переносят и будують, звалаща от пана бога великимъ неврожаемъ от колка лет скарани будучи, просили, абыхмо ласку нашу гдръскую учинили…“ (Літ. Метр. Кн. зап. № 50 адв.—346 адв. У заўвагах складальнік адзначае, што „Такі ж акт запісаны ў Кн. зап. № 51 л. 280—181 з датай 1581 г. 10 лют.“).
[20] Беларускi архiў. Т. 3. № 30. С. 37—38: „Лист, писаный до его милости князя Юря кардынала Радивила, бискупа Виленского, абы мещане Меньские костелные для порадного будованья тому месту домы свои, которые бы были на перешкоде будованью места, зносили альбо отъмену отъ ревизоровъ брали за пляцы свои“.
„<…> Ознаймуемъ твоей милости, ижъ хотечи мы то мети, абы в месте нашомъ Меньскомъ зачатый порадокъ перъшихъ ревизоровъ отъ продка нашого славъное памети короля его милости Жикгимонъта Августа, высыланыхъ зъ стороны перенесеня на инъшое местъце рынъку и некоторых улицъ и порадъного будованья домовъ в томъ месте Меньскомъ, пристойне сконьчитисе моглъ, и тежъ для выведанья, яко шкоды скаръбу нашого, в чомъ бы се отъ кого не деела, такъ тежъ кривдъ подданыхъ и для поровънанья всякихъ инъшихъ розницъ, которые бы се одъно в томъ месте Меньскомъ показати могли, зъсылаемъ тамъ до места Меньского равизоръми маръшалъка нашого старосту Меньского, писара замъковъ и волостей наших украинъныхъ рускихъ, пана Дмитра Скумина, а воеводича берестейского Марътина Тишкевича Логойского, росказавъши имъ обо все науку, яко се тамъ на той ревизыи справовати и заховати мають, на инъструкъцыи с канъцляреи нашое дати.
А ижъ маемъ того ведомость, же в томъ месте Меньскомъ немало под­даныхъ костельныхъ плебании Меньское межи мещаны Мень­скими домами своими непорадъне седять, за чимъ тотъ зачатый порадокъ селенья домовъ и переношенья рынъку и улицъ пристой­не отъ­правоватисе не можеть, — про то хочемъ мети, абы твоя милость через листъ свой плебану Менскому росказалъ, ижъ бы онъ всимъ таковымъ подъданымъ костела католицъкого с тыхъ пляцовъ, кото­рые бы на перешкоде будованью места были, за росказаньемъ тыхъ ре­визоровъ нашихъ прочъ зноситисе, и за тые пляцы и кгрунты свои отъ­мену, отъ тыхъ же ревизоровъ указаную, брати и приймовати ве­ле­ли, никоторого в томъ спротивеньства тым паномъ ревизоромъ на­шимъ не чинечи, яко бы се тымъ жадъное затрудъненье и перека­зы порадъному селенью и будованью места нашого Меньского не дея­ло.
Писанъ у Городъне, лета божого нароженья тисеча пятьсотъ осмъдесятъ девятого, м–ца генъвара петънадъцатого дня“.
[21] Тышкевiч Дзiмiтр Скумiн, з 1588 г. пiсар дваровы гаспадарскi (да 1609 г.) i стараста менскi (да 1592 г.). Гл.: Urzędnicy centralni i dostoj­ni­ci Wielkiego Księstwa Litewskiego. XIV—XVIII w. Spisy. Kórnik. 1994. S. 245; Тышкевiч Марцiн (Лагойскi), з 1582 г. войт менскi (Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. Т. 6. Вып. 1. Мінск, 2003. С. 552).
[22] Беларускі архіў. Т. 3. № 31. С. 38—39: „Лист, писаный до ревизоров пана Дмитра Скумина а пана Мартина Тишкевича, абы до Меньска зъехавъши и для будованя домовъ месту Меньскому местце назначили и пляцы розмерили“.
[23] „<…> Маючи мы о томъ ведомость, ижъ в месте нашомъ Меньскомъ великий се непорадокъ дееть: многие подъданые наши, мешане Меньские, угелаючи повинъностей местъскихъ, подъ моцъ и послушеньство князей, пановъ духовъных и шляхтъ з домами, пляцами и кгрунътами нашими местъскими задаються. Ку тому немало кгрунътовъ нашихъ отъ того староства Меньского и тежъ отъ костела католицъкого, монастыровъ и церквей закону греческого через князей, пановъ шляхту забрано. <…> О чомъ всемъ хотечи мы достаточънейшую ведомость мети и таковыхъ непорадъковъ и сволволеньства погамовати, — хочемъ мети и приказуемъ вамъ, абы есте до того места Меньского ревизоры зъехавъши, того досмотрели, яко всякие непорадъки и розъницы, в чомъ бы ся межи паны шляхътою, а местомъ Менским деели, — поровънали и померъковали… водлугъ инъструкъцеи и науки, вамъ в столу с канъцляреи нашое даное“.
[24] Беларускi архiў. Менск, 1930. Т. 3. № 34. С. 42—47.
[25] НГА Беларусi. Ф. 1727. Воп. 1. Адз. зах. 1. Арк. 336—338 адв. Гл. таксама: Боровой Р.В. Минские древности: „Старый город“ средневекового Минска по письменным источникам…“.
[26] Знешняя лінія ўмацаванняў, акрамя толькі абарончых функцый, з’яўлялася таксама нейкай „метафізічнай канстантай“ ранне– і, часткова, познесярэднявечнага еўрапейскага горада. Лінія ўмацаванняў уяўляла сабой таксама свайго роду „нясучы каркас“ для планавання — г.зн. была адным з асноўных элементаў усялякага „новага“ плана горада, асабліва на „праектнай стадыі“. Несумненна, такую ж ролю гэта „лінія“ іграла і ў новым плане Менска. Аднак на практыцы з–за расцягнутасці (больш чым на паўстагоддзя) працэсу ажыццяўлення гэтага плана, што выклікала (за сабой) „маральнае старэнне“ гэтых умацаванняў, яны, мабыць, так і не былі выкананы на ўсім працягу і ў прадугледжаным праектам аб’еме. У дакументах 1620 — 1630–х г. неаднойчы ўпамінаецца пра неабходнасць завяршыць звязаныя з гэтым земляныя работы, адсутнасць сродкаў, нежаданне жыхароў горада выконваць натуральныя павіннасці (земляныя работы, возніцтва) і г.д. Валы, відаць, былі насыпаны вельмі нізкія, бастыёны таксама не былі даведзены да прадугледжанага праектам „абарончага“ стану. Аднак, калі не ў ваенных, то ў побытавых адносінах, горад усё ж меў нейкую „лінію“, што аддзяляла яго ад навакольнай прасторы, таму што ў дакументах XVII ст. упамінаецца некалькі „брамаў“. Так, напрыклад, пад 1649 г. упамінаецца „дом… пры браме Юр’еўскай…“, у 1653 г. — „ніва… за брамай Койданаўскай“, адзін раз упамінаецца і „бра­ма Лошыцкая“ (часцей за ўсё ў дакументах першай паловы XVII ст. упамінаецца брама Койданаўская).
[27] Да ліку гэтых вуліц адносяцца (існуюць і цяпер) — Інтэрнацыянальная (да сярэдзіны XIX ст. яе частка на ўсход ад плошчы Свабоды называлася Валоскай, а на захад — Зборавай; Рэвалюцыйная (Койданаў­ская); Энгельса (Дамініканская); Леніна (Францысканская або Лошыцкая); Камсамольская (Феліцыянская). Не існуюць у наш час вуліцы: Школь­­ная (спуск з плошчы Свабоды да Нямігі ўздоўж сучаснага будынка „Белпрампраекта“) і Юр’еўская (праходзіла прыкладна паралельна пра­спекту Скарыны, ад Палаца прафсаюзаў да сучаснай вуліцы Леніна).
[28] Беларускі архіў. Т. 3. № 19. С. 16—18.
[29] Можна меркаваць, што падставамі з’яўлення „Подтвердительного привилея“ менавіта ў 1569 г. быў факт заснавання на Віленскім сойме 1565—66 г., у ліку іншых, Менскага ваяводства. У выніку гэтага горад атрымаў, замест вялікакняскіх намеснікаў (пасада з няпэўнымі паўнамоцтвамі і абавязкамі, якая часта была вакантная на 10, 15 і нават 40 гадоў — гл. Wolff J. Senatorowie i dygnitarze Wielkiego Księ­stwa Litewskiego. Kraków, 1885. S. 25), ваяводу і кашталяна. Гэтыя пасады маглі пуставаць толькі ў сувязі з якімі–небудзь надзвычайнымі абставінамі, а паўнамоцтвы (г. зн. і асабістыя інтарэсы) у адносінах да горада і гараджан у новых уладаў былі значна шырэйшыя, і мяшчане, відаць, хацелі падстрахавацца. Магчымая таксама сувязь гэтага прывілею з рэвізіяй вялікакняскіх уладанняў, якая адбывалася ў 1569 г.
[30] Гл. Пичета В.И. Аграрная реформа Сигизмунда–Августа. С. 186—190, 203—228, 424—430 і інш.
[31] Тамсама. С. 203.
[32] Мишкинис А., Балюлис А. Планы городов и местечек Литвы, составленные до 1800 г. // Научные труды вузов Лит. ССР. Градостроительство и районная планировка. Градостроительство и формирование окружающей среды. Вильнюс, 1986. С. 140.
[33] Пичета В.И. Аграрная реформа… С. 240.
[34] Мишкинис А. Балюлис А. Планы городов… С. 140—141.
[35] Пичета В.И. Аграрная реформа… С. 242.
[36] Беларускі архіў. Т. 3. № 20. С. 18—23: „<…> З росказанья господа­ра короля его милости и великого князя Жыкгимонта Августа, его ко­ролевское милости секретаръ, державца Скирстомонский и Росен­ский, Венцлав Миколаевич, будучи зесланым до места господарьского Менского для ревидованья кгрунътов, земль, поль, сеножати и бору господаръского, которого мещане Менские его королевское милости права местского Майдеборского держать и ужывают, щого они до скарбу господарьского поплат давать, то есть пенези подводные такъ же и стацыями послов и гонцов господарских и чужоземских подыймоват повинны, <…> с тое прычыны, ижъ прывилия и листы ревизыйные, тым мещаном господарьским наданые, в которых были меновите описаны границы тых кгрунтов их, в городе Менском, з допущеня божего, дей погорели, а князи, бояре повету Менского ста­­ро­­житные границы тых кгрунтов их псують и некоторые земли, сеножати и боры, кгрунты господарские местские до дворов именей своих заходят. Ино я секретар для поданья уставы тому месту Мен­скому за пенези подводные и змену тых подвод, такъ же выписанья границ кгрунтов господарьских, месту Менскому належачых, зосланый от его милости господара короля будучи, тогда есми з маршалком господарьскимъ старостою и войтомъ Менскимъ паном Васильем Тишъкевичомъ, маючы зъ собою бояр господарьских тогож повету Минского: князя Ивана Домонта, пана Петра Пятевича, пана Томка Рецгесевича, а пана Павла Тишу — лентвойта Менского, а пры насъ мещане господарьские Менские, маючы зъ собою подданых митропольих, замковых и манастырских, также князских, боярских, в месте Менском мешкаючих и людей околичных, суседей розных панов, ведомцов тых границ, немало показовали границы свои кгрун­­тов господарьских, местских, где а в котором месте которое врочищо от их кгрунтов делять кгрунты князей, панов и бояр повету Менского. <…>
<…> За высланьемъ господарским, на сем лист мой ревизорский мещаномъ господарским Менским права Майдеборского дал есми, под печатью моею и с подписом руки моее.
Писан у Менску, лета божого нароженя тысеча пятсот петдесят семого, месяца октебра второго дня.
У того листу граничного печать прытистненая одна. А подпис руки писъмом руским тыми словы: Венцлав секретар“.
[37] Падрабязней пра практычнае ажыццяўленне гэтага мерапрыемства гл.: Боровой Р.В. Историческая топография древнего Минска. С. 34—35.
[38] Беларускі архіў. Т. 3. № 47. С. 72—75. „<…> З росказаня господара его милости короля и великого князя Жикгимонта Августа, за его господарьское милости, секретаръ, державца Скирстомонский и Росенский Венцлав Миколаевич, посланый отъ его милости з уставою новою на подводы по местомъ и волостямъ Великого Князства, дал есми у Менску мещаномъ уставу тую подводную, з выроку его милости господарского выписаную. <…>
<…> На то выпис сей под печатью моею дан там у Менску, року тисеча пятьсотъ пятьдесятъ осмого, генвара четвертого.
У тое уставы печать притисненая, и на другой стороне написано тыми словы: Выписъ уставы господарьское на подводы месту Менскому мещанамъ всимъ, яко господарьским, такъ и тым, чии колвек в месте том, або на передместьи мешкают <…>“.
[39] Ochmański J. Michalon Litwin i jego traktat o zwyczajach tatarów, litwinów i moskwicinów z polowy XVI w. // Kwartalnik Historyczny. 1976. № 4. S. 765—783; Охманьский Е. Михалон Литвин и его трактат „О нравах татар, литовцев и москвитян“ середины XVI в. // Россия, Польша и Причерноморье в XV—XVIII вв. Москва, 1979. С. 97—117.
[40] Ročka М. Mykolas Lietuvis. Vilnius, 1988.
[41] Rimša E. Venclovas Agripa ir jo gimine (1: Kilme ir pirmtakai; 2: Agripu gimine) // Lietuvos TSR Mokslu Akademijos darbai. Ser. 1986. N. 1. (94). P. 63—75; N. 2 (95). Р. 72—83.
[42] Ochmański J. Michalon Litwin…
[43] Охманьский Е. Михалон Литвин… С. 111—112.
[44] Гл.: Михалон Литвин. О нравах татар, литовцев и московитян / Пер. В.И. Матузовой; отв. ред. А.Л. Хорошкевич. Москва, 1994. С. 6—55.
[45] Охманьский Е. Михалон Литвин… С. 115.
[46] Гл. згаданыя працы Е. Ахманьскага, М. Рочкі і Е. Рымшы.
[47] На наш погляд, існуючыя гістарычныя крыніцы, пры ўмове выкарыстання пэўнай метадалогіі, дазваляюць рэканструяваць хаця б найбольш яўныя і бясспрэчныя адметнасці гэтага першага „генеральнага плана Менска“, зразумела, у яго „ідэальным“ (праектным) выглядзе. Гэтае пытанне аўтар плануе разгледзець у асобным артыкуле.

Наверх

Jaroszewicz–Pieresławcew, Zoja. Druki cyrylickie z ofi­cyn Wielkiego Księstwa Litewskiego w XVI—XVIII wieku (Ігар Клімаў)

Снежня 7, 2004 |


Jaroszewicz–PieresŁawcew, Zoja. Druki cyrylickie z ofi­cyn Wielkiego Księstwa Litewskiego w XVI—XVIII wieku. Olsztyn: Wydawnictwo Uniwersytetu Warmińskiego, 2003. 309 s.

У польскім кнігазнаўстве з даўніх часоў існуе сталая зацікаўленасць беларускім і ўкраінскім кірылічным кнігадрукам эпохі Сярэднявечча. У апошнія дзесяцігоддзі з’явілася некалькі буйных даследаванняў, у якіх з сучасных пазіцый даецца сістэматызаваны агляд кнігавыдання Беларусі і Ўкраіны, у тым ліку і кірылічнага[1]. Праўда, і ў ранейшых польскіх бі­бліяграфічных крыніцах заўжды разглядалася кніжная прадукцыя беларускіх і ўкраінскіх кірылічных друкарняў[2].

Галоўная прычына такіх зацікаўленняў зразумелая: беларускія і ўкраінскія землі доўгі час уваходзілі ў склад Рэчы Паспалітай. Сапраўды, кірылічная кніга ў былой Рэчы Паспалітай развівалася калі не пад прамым уплывам кнігі лацінкавай, найперш польскамоўнай, то ў яе кантэксце. Першыя кірылічныя кнігі ў свеце наогул з’явіліся ў тагачаснай сталіцы польскай дзяржавы (Кракаў: Швайпольт Фіёль, 1493 г.). На мяжы ХVI і ХVII ст. на землях Беларусі і Ўкраіны выйшла каля тузіна кірылічных выданняў з паралельнымі польскімі тэкстамі ці ў адначасовых польскіх перакладах. З пачатку ХVII і да пачатку ХVIII ст. вядомыя спарадычныя выданні царкоўнаславянскіх тэкстаў польскім пісьмом. Таму з’яўленне новай працы даследчыцы з Ольштынскага універсітэта, цалкам пры­свечанай агляду кірылічнага кнігавыдання ў ВКЛ старадаўняй эпохі, не выпадковае.

Праца Зоі Ярашэвіч–Пераслаўцавай ахоплівае час ад паўстання першай друкарні на землях ВКЛ — Францішка Скарыны ў Вільні ў 1522 г. — да канца ХVIII ст. (да 1800 г.). Арэал яе даследавання пакрывае тэрыторыю ВКЛ у межах пасля Люб­лін­скай уніі (г. зн. без Украіны), аднак з далучэннем Падляшша. Такім чынам, паводле свайго матэрыялу праца фактычна прысвечана беларускай кнізе.

Да з’яўлення гэтай манаграфіі не толькі ў беларускай, але і ва ўсёй сусветнай навуцы не было даследавання, прысвечанага старажытнай друкаванай кірылічнай кнізе Беларусі[3]. Існуе некалькі каталогаў кірылічных друкаў[4], ужо згаданыя кампендыум „Drukarze dawnej Polski“ і манаграфія М. Тапольскай, а таксама яшчэ некалькі прац, прысвечаных беларускай друкаванай кнізе[5]. Аднак усе такія працы або абмежаваныя ў сваёй тэматыцы, або значна шырэйшыя паводле ахопу матэрыялу. Так, у манаграфіях звычайна разам з кірылічнымі выданнямі разглядаюцца і лацінкавыя. Праца сп. Ярашэвіч–Пераслаўцавай не толькі цалкам прысвечана кірылічнаму кніга­друкаванню старадаўняй Беларусі, яна значна шырэйшая і больш грунтоўная за сваіх папярэднікаў. У ёй сістэматычна апісваецца кірылічнае кнігавыданне ВКЛ і шматбакова аналізуецца змест ды форма кірылічнай кнігі Беларусі.

Аўтаркай былі даследаваныя практычна ўсе кірылічныя выданні амаль паэкзэмплярна многіх польскіх бібліятэк і прыватных збораў стараверчай кнігі ў Польшчы і Літве, а таксама кірылічныя кнігі буйных бібліятэк Беларусі (Мінск, Горадня), Літвы (Вільня) і Расіі (Санкт–Пецярбург). Апрача таго, ёю быў прыцягнуты значны архіўны матэрыял, звязаны, як ужо адзначалася, з дзейнасцю уніяцкіх друкарняў у Су­праслі і Вільні. Гэта дазволіла даследчыцы не толькі разгле­дзець спецыфіку беларускай кнігі ў шырокім гістарычным кантэксце і вызначыць яе сувязі з рознымі традыцыямі, але і ўдакладніць некаторыя моманты, звазаныя з часам і местам друку асобных выданняў ці дзейнасцю асобных друкароў. Так, яна знайшла два выданні, якія да таго не рэгістраваліся ў біблія­графіях: буквар 1643 г. і малітоўнік 1702 г., выдадзеныя ў друкарні Брацтва Св. Духа ў Вільні.

Праца З. Ярашэвіч–Пераслаўцавай складаецца з уводзінаў, трох раздзелаў, заканчэння, храналагічнага паказчыка друкаў, спіса літаратуры і ілюстрацый, змешчаных у кнізе, а таксама ідэкса ўласных імёнаў. У першым раздзеле даецца агляд дзейнасці друкарняў, у другім разглядаецца тэматыка іх выданняў, у трэцім ахарактарызаваны друкарскія параметры (фармат, шрыфт, нумарацыя, ілюстрацыі і застаўкі, аздабленне і да т. п.).

Першы раздзел манаграфіі (17—146) традыцыйны для прац па гісторыі кнігавыдання. Ён складаецца з нарысаў, кожны з якіх прысвечаны асобнай друкарні. Даследчыца ўважліва раз­глядае арганізацыю, вызначае імператывы заснавання і функ­цыя­навання, прасочвае залежнасць дзейнасці ад фундатараў ці чытацкага рынку і дзяржаўнай палітыкі, адзначае ўплыў роз­ных культурных і грамадскіх чыннікаў на рэпертуар і змест вы­даваных кніг. Пры гэтым у таблічнай форме падаецца рэпер­ту­ар выдадзеных друкарняй кніг у храналагічнай паслядоўнасці.

У сваім разглядзе даследчыца абапіраецца на веды, напрацаваныя папярэднімі вучонымі, выказваючы выдатнае веданне падставовай літаратуры, у тым ліку самай апошняй. У адрознен­­не ад аналагічных савецкіх і постсавецкіх прац, засяроджаных у асноўным на рускамоўных крыніцах, Зоя Яра­­шэвіч–Пера­слаўцава шырока выкарыстоўвае матэрыял польскіх аўтараў. Ужо толькі адным гэтым яе праца можа быць цікавай беларускаму чытачу. Пры асвятленні дзейнасці друкарняў былой Рэчы Паспалітай, асабліва ХVII і ХVIII ст., польскія крыніцы звычайна больш карысныя, чым рускамоўныя. Аднак даследчыца не падае звычайнай кампіляцыі вядомых звестак, яна абагульняе вядомыя факты (у т. л. уведзеныя ў навуковы ўжытак зусім нядаўна) і спалучае іх з уласнымі назіраннямі і здабыткамі. У прыватнасці, яна ўпершыню ўво­дзіць у навуковы зварот каштоўныя архіўныя матэрыялы, датычныя дзейнасці друкарні базыльянаў у Супраслі за 1772—1784 г. і віленскіх базыльянаў другой паловы ХVIII ст. Добрае валоданне матэрыялам дазваляе ёй удакладніць акаліч­насці ці даты друкавання асобных выданняў або дзейнасці некаторых друкарняў, або нават проста стварыць цікавыя нарысы, як, напрыклад, пра друкарскую дзейнасць Францішка Скарыны і яго віленскую друкарню.

Усяго можна налічыць 15 друкарняў[6], якія дзейнічалі ў даўнюю эпоху (да XVIII ст.) на тэрыторыі Беларусі (Нясвіж, друкарня Цяпінскага, Магілёў, Куцейна, Буйнічы, Горадня) ці паблізу ад яе сучасных межаў (Вільня, Еўе, Супрасль, Заблудаў)[7]. Сярод іх найбольш буйнымі паводле тыражу і рэпертуару выданняў, а таксама працягласці часу дзеяння былі кляшторная друкарня ў Супраслі (85 выд., 5431 арк.) і прыватная друкарня Мамонічаў у Вільні (51 выд., 3653 арк.). Значны маштаб мелі брацкае кнігавыданне ў Вільні і Еўі (77 выд., 2839 арк.), а таксама ў Магілёве (44 выд., 2332 арк.), базыльянская друкарня ў Вільні (46 выд., 2832 арк.), друкарня Тызенгаўза ў Горадні (24 выд., 2627 арк.), манастырскі кніга­друк у Куцейне (14 выд., 783 арк.), друкарня Спірыдона Собаля (13 выд., 571 арк.). Дзейнасць некаторых кірылічных друкарняў (пераважна ў ХVI ст.) насіла эфемерны характар і была абмежавана лічанымі выданнямі (Нясвіж, Заблудаў, друкарня Васіля Цяпінскага, друкарня Васіля Гарабурды, друкарня манастыра Св. Духа ў Буйнічах). У цэлым колькасць беларускіх друкарняў за тры стагоддзі выглядае даволі сціпла, таксама як і іх друкаў (каля 380 выд., больш за 22,55 тыс. арк.). Аўтарка ставіць прадукцыю беларускіх друкарняў на 3–е месца ў свеце кірылічных выданняў на славянскіх мовах (245); 1–е месца займае Масква.

Асабліва ўражвае „пустэча“ XVIII ст.: у гэты час на Беларусі дзейнічала толькі 4 друкарні: брацкая ў Магілёве (да 1773 г.), базыльянскія ў Супраслі (да 1793 г.) і Вільні (усё ХVIII ст.), падскарбавая друкарня ў Горадні (1774—1792 г.), заснаваная Антонам Тызенгаўзам. Яшчэ дзве друкарні спынілі сваю працу на пачатку ХVIII ст.: у 1705 г. брацкая ў Вільні, у 1707—1708 г. друкарня Максіма Вашчанкі ў Магілёве. Праўда, якраз у ХVIII ст. было выдадзена кірылічных кніг столькі (186 у 1700—1799 г.), колькі за папярэднія два стагоддзі (54 у 1522—1599 г. і 131 у 1600—1699 г.). Але гэта тлумачыцца павелічэннем у гэты час вытворчасці друкарскай працы параўнальна з папярэднімі стагоддзямі. Пераважная частка друкаваных у XVIII ст. кніг прыпадае на яго другую палову, тады як, напрыклад, у 1739—53 г. было надрукавана ўсяго 5 выданняў. Гісторыя наклала свой адбітак на маштаб кнігадруку. Добра бачна, як узрaстае колькасць кніг у 1591—1604 г. (41 выданне), што звязана з унійнай палемікай, і як зусім занікае кірылічны кнігадрук у ВКЛ у 1655—90 г. (маскоўская агрэсія і яе наступствы) і ў 1708—14 г. (Паўночная вайна з дзеяннямі на беларускай тэрыторыі).

У другім раздзеле манаграфіі (147—200) разглядаецца змест выдадзеных кніг, прычым разгляд вядзецца па жанрах ці функцыянальных тыпах выданняў. Аўтарка падзяляе беларускія выданні на дзве асноўныя групы: рэлігійныя і свецкія, а ў першай групе яшчэ вылучае літургічныя і рэлігійна–пале­міч­ныя друкі. Рэлігійна–палемічныя выданні прадстаўлены ўсяго дзесяткам назваў, што з’явіліся на мяжы XVI і XVII ст.: Унія (каля 1595 г.), Справядлівае апісанне Берасцейскага сабору 1596 г. (1597), Антырызіс (неўзабаве пасля 1599 г.), Абарона сабору Фларэнційскага (1604), Гармонія веры… (1608) Iпата Пацея, Тэзіс (1608) Язэпа Веляміна Руцкага, Апісанне і абарона Берасцейскага сабору (1957) Пятра Скаргі, перакла­дзе­нае Іпатам Пацеем. Да ліку рэлігійна–палемічнага пісь­менства польская даследчыца таксама далучыла гамілетычныя творы, некаторыя з якіх сапраўды носяць выкрывальніцкі характар (напрыклад, Малітвы паўсядзённыя, 1595).

Аднак на працягу ХVI––ХVIII ст. у кірылічным кнігадруку ВКЛ дамінавала літургічная кніга, і аўтарка надала ёй самую пільную ўвагу. Яна дэталёва разгледзела ўсе тыпы друкаваных кніг для набажэнства (147—169, 173—177), у парадку іх частотнасці: псалтыры і псалтыры з дадаткам, службоўнікі, часасловы, евангеллі, апосталы, актоіхі і ірмалогіі, трыёдзі, трэбнікі, акафістнікі і канонікі, вучыцельныя евангеллі, святочныя мінеі, а таксама катэхізісы, асобныя агіяграфічныя творы для чытання (хаця аднясенне двух апошніх жанраў да літургічнай літаратуры не зусім правамернаe). Даследчыца ўважліва ахарактарызавала склад кнігі пэўнага тыпу ці жанру, яе прызначэнне і функцыю ў набажэнстве або адукацыі, мэты і ўмовы выдання. З прычыны масавасці друкавання літургічнай кнігі асноўная ўвага пры разглядзе была нада­дзеная першадрукам, а пазнейшыя перавыданні, як менш даследаваныя, ахарактарызаваныя ў манаграфіі сціпла ці згаданы мімаходзь.

У выніку, у гэтым раздзеле польская даследчыца стварыла фактычна першае грунтоўнае і падставовае апісанне друкаванай літургічнай кнігі Беларусі. Толькі некаторыя з такіх кніг былі ўжо ў некаторай ступені апісаныя, тады як кірылічная друкаваная літургіка Беларусі ў масе сваёй ўяўляе сабой са­праўдную terra incognita. Праца Ярашэвіч–Пераслаўцавай стала піянерскім даследаваннем у гэтым кірунку.

Выданні, названыя даследчыцай свецкімі (177—195), збольшага таксама звязаныя з царкоўна–рэлігійнай сферай. Гэта розныя дыдактычныя прыточнікі: граматыкі і буквары, што выходзілі на сакральнай царкоўнаславянскай мове і апісвалі менавіта яе. Аўтарка разглядае тут таксама слоўнікі і падручнік па логіцы Дыялектыка Ёгана Спангенберга (Вільня: Мамонічы, каля 1586), юрыдычныя выданні: Трыбунал абывацелям ВКЛ (Вільня: Мамонічы, 1586), Статут ВКЛ (Вільня: Мамонічы, 1588), царкоўныя граматы, улёткі (напрыклад, дзве рэляцыі пра перамогу над шведскімі войскамі ў 1705 г., што выйшлі ў Вільні на старабеларускай мове). Най­сціплей у беларускім кнігaдруку прадстаўлена займальная літаратура, у якой папулярызуюцца рэлігійныя тэмы. Гэта павучальныя зборнікі кшталту Дыёптра (Еўе, 1612, 1642; Куцеін, 1651, 1652; Магілёў, 1698), Соборнік (Супрасль, 1791) ці кветнікі (Горадня, 1790; Вільня, 1791). Раздзел заканчваецца аглядам дэдыкацый, прадмоў і пасляслоўяў, распаўсюджаных у беларускіх выданнях на ўсім працягу існавання кнігадруку.

Жанравы і моўны рэпертуар кірылічнай кнігі Беларусі ХVI—ХVIII ст. сведчыць, што друкаваная кніга была разлічана перш за ўсё на рэлігійнае асяроддзе. Яе чытачамі былі права­слаўныя, пазней таксама уніяты, а потым і стараверы, што ўцякалі з Масковіі ад рэпрэсій тамтэйшай улады або выкарыстоўвалі ў Маскоўскім царстве друкі, нелегальна завезеныя з ВКЛ. На мову кніг уплываў таксама характар тагачаснай адукацыі, мэтай якой было авалоданне царкоўнаславянскай мовай. У выніку кірылічная кніга Беларусі выходзіла пераважна на царкоўнаславянскай мове, сакральнай для ўсіх гэтых вы­знанняў. Творы на старабеларускай мове (калі гэта былі не дзяржаўныя выданні, кшталту юрыдычных кодэксаў ці грамат) трапляюцца ў складзе беларускіх кніг рэдка і амаль знікаюць зусім пасля маскоўскай вайны 1654—67 г. Тым не менш тэксты на гэтай мове публікуюцца ў царкоўнаславянскіх да самага канца ХVIII ст., пераважна ў выглядзе дадатковых тэкстаў кшталту прадмоў ці пасляслоўяў.

Важны аспект беларускага кнігадрукавання, які дазваляе вы­тлумачыць змест і тэматыку беларускай кірылічнай кнігі, — выданне для замежных рынкаў. Для беларускага кнігадруку доўгі час такімі рынкамі былі дзве вялізныя вобласці, населеныя праваслаўнымі славянамі: Масковія і Балканы. Мена­віта гэтыя рэгіёны з канца ХVI і да самага канца ХVII ст. мелі па­трэбу ў літургічнай літаратуры, але не валодалі дастатковымі магутнасцямі, каб задаволіць уласныя патрэбы. Пачынаючы з Мамонічаў, беларускія друкарні (у т. л. і базыльянскія) працавалі над задавальненнем патрэб гэтых рынкаў, перш за ўсё, зразумела, у літургічнай літаратуры. У 2–й палове ХVIII ст. найбольшую важнасць для беларускіх (як, дарэчы, і ўкраін­скіх) друкарняў набылі стараверчыя грамады. Менавіта на замову іх купцоў у значнай меры працавалі кляштарныя друкарні ў Пачаеве (Украіна) і Супраслі, гарадзенская друкарня Тызенгаўза і віленская друкарня базыльянаў. Паводле падлікаў сп. Ярашэвіч–Пераслаўцавай, для іх было надрукавана ў ВКЛ больш за 116 выданняў (249), што пераважае траціну ўсяго друкарскага даробку даўняй Беларусі.

Разгляд беларускіх выданняў паводле іх жанравай прыналежнасці робіць другі раздзел працы надзвычай цікавым і, можна сказаць, нават захапляльным чытаннем. Даследчыца ўпершыню дала выразнае і дакладнае ўяўленне пра жанрава–тэматычную структуру друкаванай кірылічнай літаратуры Беларусі.

Трэці раздзел манаграфіі прысвечаны разгляду графічнага боку кірылічных друкаў старадаўняй Беларусі (201—244). У ім польская даследчыца аналізуе фармат выданняў і прыёмы нумарацыі іх старонак, шрыфт і тэхніку набору, выкарыстанне ў беларускіх кірылічных старадруках заставак і канцовак, ініцыялаў, рамак на маргінэсах, тытульных аркушаў, ілюстрацый. Пры сваім аналізе аўтарка рэгулярна робіць параўнанні з фіёлеўскай, маскоўскай, украінскай і балканскай практыкай кнігадруку, што дазваляе ёй паказаць беларускую спецыфіку.

У беларускіх выданнях пераважаў фармат[8] folio, што было тыпова для кірылічнага кнігадруку ва ўсіх рэгіёнах Еўропы. Аднак папулярнымі на Беларусі былі і кнігі фарматам quarto. Ня­гледзячы на тое, што першыя выданні in octavo выпусціў Францішак Скарына, гэты фармат атрымаў сваё распаўсю­джанне толькі з ХVII ст. Лявон Мамоніч з 1601 г. выдаваў кніжкі фарматам deodecimo. Вельмі малыя фарматы (12о, 18о, 24о) сустракаліся пераважна ў брацкіх выданнях Вільні, Еўя і Магілёва (а таксама ў Пячорскай друкарні Кіева). Аднак кірылічныя спадчына Беларусі ведае і друкі фарматам 1о — гэта грамата караля Жыгімонта канстанцінопальскаму патрыярху Ераміі.

Фармат выдання быў у цэлым звязаны з яго зместам. Царкоўныя, рэлігійныя выданні, якія прызначаліся для публічнага выкарыстання (у царкве, пад час набажэнства), выходзілі буйнымі фарматамі, пераважна in folio, зрэдку in quarto. Рэ­лігійныя выданні, прызначаныя для індывідуальнага карыстання (катэхізісы, рознага роду малітоўнікі, падручнікі) выходілі пераважна фарматамі 4о, 8о, 12о і менш. Даследчыца падае ў таблічнай форме багаты матэрыял (203—206), які выдатна ілюструе гэтую заканамернасць.

Нумарацыя старонак (пагінацыя) ці лістоў (фаліяцыя) у большасці царкоўнаславянскіх выданняў Беларусі, Украіны і Расіі адсутнічала да ХVII ст. уключна. Асабліва гэта тычылася малафарматных выданняў і прадмоў ці пасляслоўяў або іншых дадатковых тэкстаў, якія часта не мелі нумарацыі старонак, нават калі ў асноўным тэксце яна і прысутнічала. Для старадаўніх друкароў наогул большае значэнне мелі не пагінацыя ці фаліяцыя, а сігнатуры, якія пазначалі парадак аркушаў. Гэта палягчала падбор і падлік надрукаваных аркушаў пры іх сшыванні ў кнігу. Нумарацыя старонак ці лістоў успрымалася царкоўнай аўдыторыяй хутчэй як уласцівасць свецкіх або нават іншаверчых выданняў. Таму ў выданнях для старавераў ХVIII ст. старанна пазбягалася пагінацыя ці фаліяцыя і прысутнічалі звычайна адны сігнатуры. У супрасльскіх выданнях для старавераў нярэдкімі былі памылкі ў нумарацыі сігнатур, якая рабілася кірылічнымі літарамі, што сведчыць пра неглыбокае веданне асаблівасцяў кірылічнага пісьма спецыялістамі друкарні.

У беларускіх выданнях, як адзначае сп. Ярашэвіч–Пера­слаўцава, за тры стагоддзі было выкарыстана некалькі стыляў шрыфту. Першы шрыфт для беларускіх друкаў належыць Францішку Скарыну, ён быў створаны на ўзор басанскай антыквы, якой у Венецыі друкаваліся кнігі для Босніі і Далмацыі[9]. Гэты стыль шрыфту быў пераняты беларускімі пратэстантамі — Сымонам Будным і Васілём Цяпінскім. Аднак у далейшым беларускія кнігадрукары яго не выкарыстоўвалі. Далейшае развіццё стылістыкі беларускіх шрыфтоў было звязана са стылізацыяй рукапіснага царкоўнаславянскага паўустава, што з высокім майстэрствам было ажыццёўлена ў выданнях Івана Фёдарава і Пятра Мсціслаўца. Іх шрыфт служыў узорам для наступных друкароў Беларусі, Украіны і Расіі. У гэтым кірунку стваралі свае шрыфты Мамонічы і віленскія братчыкі. Куцеінская друкарня арыентавалася на шрыфты Спірыдона Собаля. Для друку стараверчых выданняў супрасльская, гарадзенская і віленская друкарні ў ХVIII ст. стваралі шрыфты на ўзор устаўнага пісьма маскоўскіх рукапісаў ХVII ст. Пра тэхніку набору ў працы сп. Ярашэвіч–Пераслаўцавай гаворыцца параўнальна мала (210—212). Аўтарка прывяла толькі агульныя звесткі, больш цікавыя маладасведчанаму ў гэтым пытанні польскаму чытачу, чым спецыялісту.

Наступныя нарысы раздзела (212—244) сканцэнтраваны пераважна на параўнальным аналізе мастацкіх элементаў афармлення кірылічнай кнігі Беларусі. З прычыны недастатковай распрацаванасці гэтай тэматыкі аўтарка абмяжоўваецца параўнаннем асобных выданняў, што надае ім хутчэй агляд­ны характар. Даследчыца разглядае элементы і стылі, у якіх выконваліся застаўкі, ініцыялы і арнаментальныя рамкі ў старабеларускіх кірылічных друках, а таксама афармленне іх тытульных старонак і ілюстрацый. Яна прыходзіць да высновы, што ў мастацкім афармленні беларускія кірылічныя кнігі спалучалі традыцыйныя візантыйскія элементы з мясцовымі народнымі рысамі і заходнімі, пераважна нямецкімі і поль­скімі, узорамі (249). Зробленыя аўтаркай цікавыя назіранні і высновы могуць служыць карысным матэрыялам для далейшых доследаў.

Як адзначае на заканчэнне сп. Ярашэвіч–Пераслаўцава (245—250), кірылічныя друкі ВКЛ адлюстроўваюць багацце і адкрытасць культуры гэтай дзяржавы і з’яўляюцца важным здабыткам усіх ўсходнеславянскіх народаў і візантыйскай традыцыі ў славян. Гэтыя кнігі прызначаліся не толькі праваслаўным, уніятам і стараверам, але нават каталікам і пратэстантам. Імі карысталіся не толькі на Беларусі і Ўкраіне, але ў Расіі і на Балканах. У сваю чаргу, на змесце і выглядзе беларускага кірылічнага друку адбіліся розныя культурныя ўплывы.

Можна адзначыць некаторыя дробныя недахопы ў тэксце кнігі. Так, трэці нарыс трэцяга раздзела кнігі (208) нумараваны як „другі“. Трапляюцца дробныя хібы ў афармленні біблія­графіі (адсутнічаюць ініцыялы пры прозвішчах, загалоўкі адных прац ХIХ і ХХ ст. часта прыводзяцца не цалкам, скарочана, іншых — падаюцца вельмі дэталізавана). Дэзарыентуе чытача непаслядоўнасць у падачы назваў прац ці крыніц на кірыліцы: адны кірылічныя назвы (як старажытных, так і сучасных крыніц) транслітаруюцца лацінкай, тады як іншыя набіраюцца кірыліцай.

У некаторых месцах польская даследчыца дапускае памылковыя цверджанні. Так, яна адзначае, што Мамонічы ўпершыню ўвялі ва ўсходнеславянскае друкарства курсіў (209). Упершыню курсіў увёў Іван Фёдараў (астрожскі Псалтыр і Новы Запавет 1580 г.), а Мамонічы, пачынаючы з віленскага Зборніка 1585 г., актыўна выкарыстоўвалі гэты стыль шрыфту, асабліва для друкавання юрыдычных тэкстаў.

Тым не менш, дробныя хібы не зніжаюць значэння першага дэталёвага даследавання старадаўніх беларускіх кірылічных друкаў, праведзенага польскай вучонай з Ольштына. Яе праца будзе цікавай не толькі беларускім кнігазнаўцам і бібліёграфам, але гісторыкам, літаратуразнаўцам, лінгвістам, культуролагам, пашырыць іх далягляды і разуменне найважнейшага складніка культуры старадаўняй Беларусі.

Мінск

Ігар Клімаў


[1] Гл.: Drukarze dawnej Polski od XV do XVIII wieku / Oprac: A. Kawecka–Gryczowa, K. Korotajowa, W. Kraewski. Zs. 5: Wielkie Księstwo Litewskie. Wrocław; Kraków, 1959; Zs. 6: Małopolska — Ziemie Ruskie. Wrocław; Kraków, 1960; T. 3. Cz. 2: Mazowsze z Podlasiem / Oprac. K. Korotajowa, T. Endzel, J. Krauze–Karpińska, J. Szczepaniec. Warszawa, 2001. Гл. таксама: Topolska M. Czytelnik i książka w Wielkim Księstwie Litewskim w dobie Renesansu i Baroku. Wrocław, 1984.
[2] Гл.: Bandtkie G. S. Historya drukarń w Królestwie Polskiem i Wielkiem Xsięstwie Litewskiem, iako i w krajach zagranicznych, w których polskie dzieła wychodziły. Kraków, 1826. T. 1—3; Lelewel J. Bibliograficznych Ksiąg dwoje, w których rozebrane i pomnożone zostały dwa dzieła Jerzego Samuela Bandtkie… Wilno, 1823. Т. 1. 1826. Т. 2. [рэпрынт] Warszawa, 1927. T. 1—2; Maciejowski W. A. Piśmiennictwo polskie od czasów najdawniejszych aż do roku 1830. Warszawa, 1853. T. 2. 1855. T. 3; Estreicher K. Bibliografia Polska. Cz. 2: Druki 1455—1899 w układzie chronologicznym. T. 1. Kraków, 1882. [рэпрынт] New York, 1966; Estreicher K. Bibliografia Polska. Cz. 3: (Obejmująca druki stuleci XV—XVIII w układzie abecadłowym). T. 1—25. Kraków, 1890—1913. [рэ­прынт] New York, 1966; Bibliografia literatury polskiej „Nowy Korbut“: Pismiennictwo staropolskie. Warszawa, 1963. Т. 2. 1965. Т. 3.
[3] Ва ўкраінцаў грунтоўная праца, прысвечаная разгляду кірылічных друкаў Украіны 16—18 ст., была створана даўно: Огієнко І. І. Історія українського друкарства. Т. 1: Історично–бібліографічний огляд українського друкарства XV—XVIII вв. Львів, 1925. [перавыд.] Вінніпег, 1983; Київ, 1994. Праўда, яе аўтар разглядае таксама і беларускае друкарства (як „білорусько–українське“ ці „руське“), а таксама аглядна — лацінкавае і яўрэйскае друкарства Украіны. Гл. таксама: Wynar L. History of Early Ukrainian Printing 1491—1600. Denver, 1962.
[4] Гл.: Каталог белорусских изданий кирилловского шрифта XVI—XVII вв. / Сост. В. И. Лукьяненко. Ленинград, 1973. Вып. 1: (1523—1600). 1975. Вып. 2: (1601—1654); Кнiга Беларусi: 1517—1917: Зводны каталог / Склад. Г. Я. Галенчанка, Т. В. Непарожная, Т. К. Радзевіч. Мiнск, 1986.
[5] Лабынцаў Ю. Пачатае Скарынам: Беларуская друкаваная лiтаратура эпохi Рэнесансу. Мiнск, 1990. Бярозкіна Н. Ю. Гісторыя кнігадрукавання Беларусі (XVI — пачатак XX ст.). Мінск, 1998.
[6] Даследчыца налічвае 19 друкарняў (245—247), аднак робіць гэта, зыходзячы з фармальных падстаў. Напрыклад, выданні, варштат друку якіх невядомы (віленскі каталіцкі катэхізіс 1585 г., казанне Паўла Дамжыва Лютковіча, выдадзенае яго вандроўнай друкарняй у 1622 г. нібыта ў Менску), разглядаюцца як паўсталыя ў асобнай друкарні.
[7] Кірылічныя друкарні на Падляшшы і Віленшчыне эпохі Сярэднявечча варта разглядаць як частку беларускага кнігадрукавання, а не як складнік польскага ці літоўскага кнігадрукаў, які былі вы­ключна ла­цінічнымі.
[8] Фармат старадpуку паказвае, колькі старонак адразу друкавалася на аркушы за адзін ціск тынгеля, і выражаецца ў лічбах (2о, 4о, 8о, 12о і г. д.), якія па традыцыі могуць перадавацца лацінскімі лічэбнікамі.
[9] У дэталях гл.: Клімаў І. П. Рэфармацыя ў гісторыі літаратурных моў сла­вян: Уклад польска–беларускай і славенска–харвацкай пратэс­танц­кай філалогіі XVI ст. Мінск, 2004. С. 40—41.

Наверх

Eriksonas, Linas. National heroes and national identities. Scotland, Norway and Lithuania (Андрэй Катлярчук)

Снежня 4, 2004 |


Eriksonas, Linas. National heroes and national identities. Scotland, Norway and Lithuania. P. I. E. Peter Lang, Brussels, 2004. 320 s.

Манаграфія, якая выйшла ў сталіцы Еўрасаюзу, ёсць 26–м томам серыі „Пярэстая Еўропа“, аўтарамі якой з’яўляюцца гісторыкі розных краінаў. Яе аўтар Лінас Эрыксонас працуе ва універсітэце Глэморган (Вялікая Брытанія) і належыць да новай генерацыі літоўскіх гісторыкаў, што атрымалі адукацыю і абаранілі дысертацыі на Захадзе. Эрыксонас нарадзіўся ў Вільні, cкончыў Пражскі Карлаў універсітэт і дактарантуру Абердынскага універсітэта (Шатландыя). Валоданне сучаснай метадалогіяй і шэрагам замежных моваў вызначылі тэму першай кнігі маладога вучонага, якая паўстала з абароненай ім дысертацыі. Галоўная мэта працы — паказаць, як стваралася, а потым уплывала на пабудову этнічнай свядомасці шатландцаў, нарвежцаў і літоўцаў галерэя нацыянальных герояў.

Выбар краінаў невыпадковы. Шатландыя з Нарвегіяй (старадаўнія каралеўствы) разам з Літвой страцілі ўласную дзяржаўную традыцыю ў ранні Новы час ды растварыліся ў гаспадарствах магутных суседзяў, каб паўстаць як маладыя нацыі ў ХХ ст. На думку Эрыксонаса, менавіта канструкцыя старажытнай уласнай галерэі герояў выканала галоўную ролю ў стварэнні нацыянальнага руху, у выніку якога паўсталі незалежныя Нарвегія (1905), Літва (1918) і аўтаномная са сваім соймам Шатландыя (1999). Гістарычны і геаграфічны абсяг працы ўражвае. Тры розныя краіны і мовы, рэтраспектыва з часоў Сярэднявечча да сучаснасці. Згодна з мадэрнымі плынямі сусветнай гістарыяграфіі, аўтар адмаўляецца ад лінейнага апісання мінулага і прапануе замест гэтага цікавую канструкцыю. Калі на яго радзіме і ў суседніх краінах некаторыя гісторыкі працягваюць дапасоўваць гістарычныя факты да сучаснай ідэалогіі, прадукуючы чарговыя міфы, Эрыксонас прысвяціў сваю працу аналізу малавядомых падвалінаў этнічнай свядомасці.

Кніга складаецца з трох частак. У першай аўтар аналізуе нацыянальны рух шатландцаў. Другая прысвечаная Нарвегіі, і апошняя — Літве. Паўсюль мы маем справу не з пераказам мінулага, а з грунтоўным аналізам. Аўтар паказвае, як эліты трох краінаў скарысталіся гераічнай спадчынай з мэтай аб­грунтаваць свае правы на ўласную дзяржаўнасць.

На думку Эрыксонаса, уся навачасная гераічная традыцыя шатландцаў ядналася вакол двух сярэднявечных герояў Вільяма Ўолэса (William Wallace, †1305) і Роберта Бруса (Robert Bruce, †1329). Гераічныя біяграфіі, т. зв. „Кніга Ўолэса“ (1375) і „Кніга Бруса“ (1478), сталі „нацыянальнай Бібліяй“ шатландцаў, якая перапісвалася і друкавалася з пакалення ў пакаленне. Асаблівую ролю гісторыя гэтых герояў адыграла ў ХVII — пачатку ХVIII ст. — часе паўстанняў супраць Англіі. Але актуaлізацыя вобразаў герояў адбылася пасля канчатковай страты незалежнасці (унія з Англіяй 1707 г.), калі практычна ўсе шатландскія пісьменнікі і публіцысты звярталіся да постаці герояў. У выніку працы інтэлектуалаў з 1919 г. „Дзень Ўолэса“ стаў галоўным нацыянальным святам Шатландыі.

Нарвегія, страціўшы сваю незалежнасць у раннім Сярэд­ня­веччы, адрадзілася толькі ў выніку мірнай рэвалюцыі 1905 г. На працягу вякоў залежнасці ад Даніі і Швецыі нарвежская эліта захоўвала і пашырала ўласную гераічную традыцыю. Аўтар паказвае, як нарвежскія пісьменнікі ладкавалі інтэлектуальны супраціў спробам Даніі і Швецыі дапасаваць гісторыю іх каралёў да агульнай скандынаўскай традыцыі (так званы „гатыцызм“). Эрыксонас паказвае, як ва ўмовах блізкай моўнай роднасці і аднолькавай веры (лютэранства) менавіта нарвежскія гераічныя сагі пра караля Олава II Гаральдсана дапамагалі нацыяналістам крышталізаваць адметную ад магутных суседзяў свядомасць і правы на дзяржаўнаю традыцыю. З 1815 г. Нарвегія дамаглася аўтаноміі і ўласнага сойму. Эрыксонас паказвае, як з сярэдзіны ХIХ ст. дзень караля і святога Олава робіцца нацыянальным святам Нарвегіі. Як камітэты па арганізацыі гэтага свята пераўтвараюцца ў галоўнае апірышча нацыяналістаў. Як тэрытарыяльны патрыятызм робіцца нацыянальным. Як рух святкавання “Olsok“ трансфармуецца ў нацыяналістычную правую партыю.

Нарэшце, найбольш цікавая для беларускага чытача частка прысвечана Літве і ВКЛ. Эрыксонас адразу падкрэслівае, што гераічная традыцыя сучаснай Рэспублікі Літва цалкам будуецца на палітычнай спадчыне ВКЛ — шматэтнічнай дзяржавы зусім адрознага, як піша аўтар, ад сучаснай Летувы характару і прасторы. Аўтар падкрэслівае, што ВКЛ ад пачатку было палітычнам сімбіёзам паганскіх літоўскіх кунігасаў і права­слаўных русінскіх (Ruthenian) князёў (243—244). На думку Эрыксонаса, слабасць летувіскай гераічнай традыцыі была абумоўлена тым, што Літва, у адрозненне ад Шатландыі і Нарвегіі ніколі не была каралеўствам і ўвесь час знаходзілася ў полі польскага палітычнага ўплыву. Аўтар піша, што з часоў Жы­гімонта Аўгуста вялікія князі літоўскія ніколі не жылі ў ВКЛ і былі там зрэдку толькі наездамі. Слушная думка, бо са­праўды пасля войнаў 1654—1667 г. палац вялікага князя ў сталічнай Вільні ніколі не аднаўляўся, а палітычным цэнтрам княства была павятовая Горадня. Менавіта таму героямі навачаснай літоўскай традыцыі (антыпольскай і антырасійскай па сваёй накіраванасці) былі абраныя сярэднявечныя балцкія вялікія князі, што ваявалі супраць Польшчы і Масквы.

На думку Эрыксонаса, адным з матываў хросту літоўскай эліты было яе прагматычнае жаданне ўвайсці ў палітычную сям’ю тагачаснай Еўропы, „бо ў вачах хрысціянскай Еўропы ВКЛ як нармальнай дзяржавы не існавала, пакуль ва ўладзе трымалася паганства, пры гэтым было неістотна, колькі права­слаўных князёў дало прысягу вернасці вялікаму князю“ (245).

Аналізуючы вытокі гераічнай трыдыцыі ВКЛ, Эрыксонас выказвае сенсацыйную гіпотэзу. На яго думку, аўтарам міфа Палемона пра рымскае паходжанне ліцвінаў быў Францішак Скарына. Эрыксонас падкрэслівае, што постаць Скарыны незаслужана забыта літоўскімі гісторыкамі з прычыны яго русін­скага паходжання. Але аўтар упэўнены, што менавіта „знакаміты русін“ стаяў ля вытокаў гераічнай трaдыцыі шляхты. Пад мікраскопам даследчыка апынулася Падуя — горад Вене­цыян­скай рэспублікі і месца навучання Скарыны. Эрыксонас піша, што палітычныя структуры Венецыі і ВКЛ былі вельмі падобнымі. І там, і там дзяржавай кіравалі шляхецкія паны–рада. У абедзвюх краінах жыло каталіцкае і праваслаўнае насельніц­тва (сербы ў Венецыі). Але галоўнае, што венецыянская шляхта падкрэслівала сваё паходжанне ад рымскіх патрыцыяў. Згодна з міфам, Венецыя была пабудаваная шляхцічамі, якія вымушана ўцяклі з Рыма. Як вядома, міф Палемона дакладна паўтарае гэты сюжэт. Эрыксонас лічыць, што якраз старабеларускі гуманіст быў той асобай, якая прынесла гэтую гісторыю з Венецыі ў Літву. У адным з сваіх артыкулаў (на жаль, невядомым Эрыксонасу) я звяртаў увагу на ролю падуанскіх кантактаў у творчасці Скарыны[1].

Як вядома, каля 1521 г. Скарына вярнуўся ў ВКЛ, дзе працаваў пісарам віленскага каталіцкага біскупа і праз шлюб з Маргарытай Адвернік (дачкой каталіцкага бурмістра) усталяваў добрыя сувязі з каталіцкай элітай. Як найбольш адукаваны чалавек краіны, Скарына распачаў друк і ўзяў удзел у кадыфікацыі першага Статута. Гэтай працай кіраваў канцлер Альбрэхт Гаштаўт, вядомы пазней як гарачы прыхільнік рымскага паходжання ліцвінаў. Аўтар даводзіць, што запыт на падобны міф быў абгрунтаваны не столькі прэтэнзіямі палякаў, колькі адказам эліты Вялікага Княства Літоўскага 1520–х г. галоўнаму ворагу — Маскоўскай дзяржаве. Нагадаем, што якраз у 1523 г. з’явілася канцэпцыя „Масква — трэці Рым“, што патрабавала хуткага і якаснага адказу Вільні.

Далей чытача чакае іншы сюрпрыз. Эрыксонас звяртае ўвагу на змест кнігі пратэстанта Яна Радвана „Philopatris ad Senatum polumque Lituanum“ (1597), прысвечанай радзе ВКЛ. Радван параўновае раду Літвы з славутым урадам Венецыі, піша пра Палямона і зусім забываецца пра Люблінскую унію з Польшчай (258). У творы Радвана ВКЛ паўстае як Венецыя незалежнай федэрацыяй ваяводстваў, кожнаму з якіх прысвечана асобная частка кнігі.

На слушнyю думку Эрыксанаса, пасля Палтавы (1709 г.) ВКЛ зрабілася тэрыторыяй расійскага панавання, якой дэ–факта кіравалі магнаты ды расійскі штык. Таму, у процівагу маскоўскім уплывам, шляхта арыентавалася на тэрытарыяльны літоўска–польскі патрыятызм ды паступова інтэгравалася ў польскую палітычную нацыю.

Аўтар — адзін з першых гісторыкаў, што ўважліва і незаангажавана паглядзеў на ролю новай расійскай улады ў нацыянальным літоўскім руху. Падкрэслена вага найбуйнейшага ў Расій­скай імперыі Віленскага універсітэта ў адраджэнні ге­раіч­най спадчыны ВКЛ. Асобныя старонкі прысвечаны Мікалаю Румянцаву (1754—1826). І зноў мы сустракаем тут шэраг новых фактаў і параўнанняў. Аказваецца, як сенатар і канцлер Расіі, Румянцаў добра разумеў карту нацыяналізму. Выхаванец гістарычнага факультэта Ляйдэнскага універсітэта, ён першы пачаў ствараць прарасійскі рух сярод элітаў новых народаў на цывілізаваным захадзе Імперыі, на абшарах, што былі забраныя Расіяй у Швецыі і Польшчы.

На працягу сваёй доўгай кар’еры Румянцаў здолеў выгадаваць шэраг прарасійскіх актывістаў: фінскіх (антышведскіх па поглядах), літоўскіх і беларускіх (антыпольскіх). Менавіта Ру­мян­цаў фундаваў фінскі універсітэт у Турку (Обу), які стварыў кан­курэнцыю мясцоваму шведскаму універсітэту. Румянцаў ар­­ганізаваў гурт фінскіх вучоных, якія на яго грошы выдавалі фін­скія слоўнікі і этнаграфічныя працы. У гістарычных працах фін­скага гуртка Румянцава даводзілася вага славянскага Ноў­га­рада ў гісторыі фінаў ды хаўрус паміж імі, вядома ж, су­праць Швецыі. У святле гэтых фактаў больш зразумелай ро­біц­­ца пазіцыя беларускага гуртка Румянцава, ягоная пад­трым­­ка дзейнасці Івана Грыгаровіча і Канстанціна Ка­лай­дові­ча, выданне працы „Белорусский архив древних грамот“ (1824) і г. д.

Зрэшты, Эрыксонас паказвае, як у выніку доўгага пошуку літоўская эліта абрала цэнтральным героем сваёй традыцыі Вітаўта Вялікага. На 500–годдзе князя, якое святкавалася ў Коўне ў 1930 г., было выдадзена ажно 3 кнігі пра Вітаўтаса. Гэты год стаў нараджэннем новага нацыянальнага культу. Шкада, што аўтар не заўважыў беларускага водгуку тых самых падзей (у 1930 г. у былой сталіцы ВКЛ Адам Станкевіч выдаў культавую кнігу „Вітаўт Вялікі і беларусы“).

Пры канцы некалькі крытычных заўваг. Аўтар паўтарае сцвярджэнне літоўскай гістарыяграфіі пра „апошні паганскі народ Еўропы“ (244), забываючыся пра народ саамі, які прыняў хрост ажно ў ХVII ст. На с. 258 аўтар паўтарае пашыраны стэрэатып пра „арыстакратычныя фаміліі Радзівілаў і Сапегаў (sic), якія на пачатку ХVII ст. фактычна кіравалі Літвой“. Заўважу, што, у адрозненне ад Радзівілаў, Сапегі былі разгалінаванай шляхецкай радзінай, якая толькі дзякуючы высілкам асобных прадстаўнікоў апанавала магнацкія вяршыні. Словам, калі ўсе Ра­дзівілы былі магнатамі, то далёка не кожны Сапега пачуваўся арыстакратам. На маю думку, аўтару не хапіла часу разгле­дзець усе творы гераічнай традыцыі ВКЛ. Праігнараванымі засталіся шмат твораў, выдадзеных цягам ХVII ст. па–польску[2]. Няправільна перададзены арыгінальныя польскія формы прозвішчаў Яўстаха Тышкевіча і Саламона Рысінскага (258, 272).

Нягледзячы на дробныя недахопы, кніга Лінаса Эрыксонаса з’яўляецца ўзорным творам сучаснай гістарыяграфіі. Аўтар апрацаваў велізарны абсяг інфармацыі і ператварыў яе ў правакацыйную (у добрым сэнсе) і глыбокую кнігу, чытаць якую — адно задавальненне. Яе можна раіць усім аспірантам і маладым гісторыкам Беларусі, якія шукаюць шляхі пісаць па–новаму, нестандартна і прафесійна.

Стакгольм

Андрэй Катлярчук


[1] Катлярчук А. Францішак Скарына і харвацкія гуманісты // Кантакты і дыялогі. 1999. № 9—10. С. 3—8.
[2] Напрыклад: Ugniewski Sz. Żywot s. Władysława krola Wegierskogo… Wilna, 1630; Rybinski Ian. Ku czci Jaśnie Wielmożnemu Panu panu Lwowi Sapieże… Wilna, 1607; Glós tureckich y inflaskich woien: O sławney pamieci Janie Karolu Chodkiewiczu… Wilna, 1640; Emblemata cnót dzielnych i spraw przewaznych sławnych potomków Kiszkow. Wilna, 1614; Klęska turecka przez zwycięskiej oręże strzałę y miecz wykonana na powitanie hetmanow WXL z Marsowego Pola …od młodzi Collegium Brzeskiego Soc. Iesu ogłoszona roku 1694. 1694; etc.

Наверх

Расціслаў Баравы. Хрысціянізацыя тэрыторыі Полацкай і Тураўскай епархій X—XIV ст. (Гістарычна–геаграфічны аспект)

Снежня 22, 2003 |


Хрышчэнне Русі — адна з ключавых падзей ранняй гісторыі Ўсходняй Еўропы, зафіксаваная ў вельмі вялікім і рэпрэзентатыўным корпусе крыніц. На жаль, усе крыніцы таго перыяду, што дайшлі да нас, утрымліваюць значныя прабелы інфармацыйнага поля. Гэта абумоўлена, як правіла, надта высокім узроўнем сацыяльна–культурных рэалій, якія знахо­дзяцца ў сферы інтарэсаў іх аўтараў.

У сваёй большасці крыніцы абмяжоўваюцца лаканічнымі паведамленнямі пра вышэйшую царкоўную ерархію і структуру царквы на ўзроўні епархій, а таксама адзінкавымі фактамі, звязанымі з гісторыяй асобных (найбольш буйных) храмаў і манастыроў, практычна поўнасцю пакідаючы па–за ўвагай абставіны, метады і нават храналогію хрышчэння Русі, — г. зн. канкрэтныя складнікі працэсу хрысціянізацыі „на месцах“.

У крыніцах амаль няма звестак і пра штодзённую практыку кліра Старажытнай Русі на ўзроўні прыходаў, напрыклад, пра іх місіянерскую дзейнасць, якая ў XI—XII ст. павінна была б быць абавязковай і паўсюднай (у многіх рэгіёнах гэтая дзейнасць не спынялася яшчэ некалькі стагоддзяў).

Прыкладна такі ж, у цэлым негатыўны, вынік дае і разгляд пісьмовых крыніц у „падзейна–рэгіянальным“ аспекце. У рамках дадзенай працы мы палічылі магчымым абмежавацца наступнай, заведама спрошчанай, схемай.

1. Апісанне хрысціянізацыі ядра дзяржавы — Кіева (і, шырэй, Паўднёвай Русі) — суправаджаецца шэрагам „маляўнічых падрабязнасцяў“, відавочна, ужо таму, што менавіта адтуль ішоў асноўны імпульс гэтага працэсу.

2. Тое самае можна сказаць і пра хрысціянізацыю поўначы і паўночнага ўсходу (Ноўгарад — Растоў — Суздаль): тут „па­драбязнасці“ звязаныя, галоўным чынам, з эпізодамі су­пра­ціўлення гэтаму працэсу асобных груп мясцовага насельніцтва.

3. Для тэрыторый Полацкай і Тураўскай епархій пісьмовыя крыніцы не даюць наогул ніякіх „падрабязнасцяў“ — невядомыя нават дакладныя даты заснавання епіскапскіх кафедраў у Полацку і Тураве. Гэта, напэўна, звязана з гістарычнай адасобленасцю „Рагвалодавых унукаў“, якая вяла да ін­фармацыйнай ізаляцыі паўночна–заходніх княстваў у крыні­цах паўднёвай і ўсходняй Русі; мясцовыя ж крыніцы (Полацкія і іншыя летапісы) былі пазней страчаны.

Але, калі выключыць гэтыя ў многім „літаратурныя“ эпізоды „хрышчэння“ Кіева і Ноўгарада, мы можам канстатаваць: працэс хрысціянізацыі тэрыторый асобных княстваў адлюстраваны ў крыніцах аднолькава для ўсіх рэгіёнаў — гэта значыць у самых агульных рысах.

Літаратура па тэме настолькі вялікая, што нават просты пералік хоць бы асноўных прац у межах дадзенага артыкула немагчымы[1]. Да таго ж, гэты пералік давялося б завяршыць канстатацыяй таго, што вельмі лакальны і прыватны аспект тэмы, які цікавіць нас — прасторава–храналагічнае мадэляванне працэсу ўзнікнення і распаўсюджвання праваслаўных храмаў на тэрыторыі сучаснай Беларусі ў першыя стагоддзі пасля „хрышчэння“ — ніяк не асветлены ў крыніцах і, адпаведна, у гістарыяграфіі[2].

Трэба адзначыць, што перспектывы і нават сама магчымасць такіх даследаванняў ацэньвалася спецыялістамі яшчэ ў канцы XIX ст. крайне песімістычна: „Нельга адшукаць ні ў летапісах, ні ў іншых крыніцах больш–менш поўных і сістэматычных звестак пра пабудову цэркваў па ўсёй Расіі і, значыць, скласці агульны лік рускіх цэркваў няма ніякай магчымасці“[3].

У нашым выпадку праблема ў тым, каб адэкватна адлюстраваць канфесійную сітуацыю на тэрыторыі Беларусі ў XI—XIV і XV—XVI ст. Яе спецыфіка ў тым, што кола крыніц, якія адлюстроўваюць гісторыю існавання на землях Беларусі дзвюх канфесій — праваслаўя і каталіцызму, — па інфармацыйным змесце прынцыпова непараўнальнае.

У канцы XIV ст. на тэрыторыі Полацкай і Тураўскай епар­хій пачала паступова распаўсюджвацца сетка рымска–ката­ліцкіх прыходаў (у XV—XVI ст. таксама і кляштараў розных ордэнаў). Дынаміка гэтага працэсу дастаткова поўна адлюстравана як у крыніцах[4], так і ў шэрагу спецыяльных да­следаван­няў[5], і лёгка фіксуецца на карце. У той жа час карта­графаванне або нават просты падлік праваслаўных прыходаў XI—XIV ст. па ўказаных прычынах (маўчанне крыніц) практычна немагчымы.

Нам вядомая толькі адна такая спроба, зробленая яшчэ ў пачатку 1950–х г. Б.В.Сапуновым[6] (работа перавыдадзена ў крыху змененым і дапоўненым выглядзе ў 1987 г.)[7]. Сумніўная дакладнасць выніковых падлікаў аўтара, на якую не раз указвалі спецыялісты[8], наўпрост звязана з методыкай, пакла­дзенай Б.В.Сапуновым у аснову дадзенага даследавання, якая і прыводзіць, акрамя лагічных хібаў тыпу „недаказанай вы­сновы“, яшчэ і да лавінападобнага росту памылак[9].

Але нават безадносна да гэтага высновы аўтара наконт колькасці цэркваў у Старажытнай Русі нічога нам не даюць. З беларускіх гарадоў ён згадвае толькі Віцебск, Полацк, Тураў і Горадню, а таксама Давыд–Гарадок і Ліду (!), — на жаль, не прыводзячы крыніц, у якіх ён знайшоў згадкі пра два апошнія гарады „да 1240 г.“ — г. зн. да заяўленай аўтарам верхняй храналагічнай мяжы даследавання (пра рэальнае датаванне гэтых гарадоў у крыніцах — гл. ніжэй).

Як бачым, на ўсёй тэрыторыі Полацкай і Тураўскай епар­хій аўтар налічыў толькі пяць „гарадоў“, што мелі прыходскія і манастырскія цэрквы. Калі выключыць Ліду, што трапіла ў спіс гарадоў X—XIII ст. яўна памылкова, застаецца чатыры.

Ніхто не ўсумніцца ў апрыёрным сцвярджэнні, што на гэтай тэрыторыі нават у XI ст. было значна больш „гарадоў“, якія мелі праваслаўныя прыходы. Гэтае сцвярджэнне нават нельга назваць „дагматычным“, настолькі яно відавочнае, але, калі грунтавацца толькі на корпусе традыцыйных пісьмовых крыніц, праваслаўныя прыходы X—XIV ст. на тэрыторыі Пінскай і Тураўскай епархій, у адрозненне ад рымска–каталіцкіх (XIV—XVI ст.), нельга ні пералічыць у храналагічным парадку, ні паказаць на гістарычнай карце. У выніку, кантрастуючы са шчыльнай інфармацыйнай нагрузкай карты рым­ска–каталіцкіх касцёлаў XV—XVI ст., амаль чыстыя аркушы карт, якія павінны адлюстроўваць першапачатковую хрысціянізацыю гэтай тэрыторыі ў XI—XIII ст., таксама як і гісторыю праваслаўнай царквы ВКЛ XIV—XVI ст., міжволі могуць са­дзейнічаць неадэкватнаму ўспрыманню гістарычных рэалій разгляданага перыяду.

У гэтай сувязі неабходна было знайсці нейкую новую, нетрадыцыйную методыку, дакладней, больш агульны падыход да праблемы, у рамках якога мы можам праз супастаўленне тэматычна разнародных на першы погляд фактаў аднавіць несупярэчлівую карціну разгляданага працэсу. Такі падыход, заснаваны на прынцыпах комплекснага крыніцазнаўства[10], хоць і прадугледжвае выкарыстанне пэўных тэарэтычных дапушчэнняў, але дазваляе разглядаць сціплыя дадзеныя пісьмовых крыніц з іншага, значна больш пашыранага пункту погляду.

У артыкуле зроблена спроба як бы „матэрыялізаваць“ працэс хрысціянізацыі, звязаўшы яго з ужо вядомымі элементамі сацыяльна–палітычнай структуры дадзенага рэгіёну. Для гэтага побач з нешматлікімі непасрэднымі ўказаннямі пісьмовых і археалагічных крыніц пра месцазнаходжанне храмаў і манастыроў XI—XIV ст.[11] (гл. карту, № 1—2) намі быў выкарыстаны значна больш шырокі корпус дадзеных і, часткова, метадаў, запазычаных намі з гістарычнай геаграфіі.

Тэзісная форма вызначана ў роўнай ступені праблематычнасцю тэмы, разнароднасцю матэрыялу і нетрадыцыйнасцю нашай методыкі.

1. Сістэмны характар „хрысціянізацыі“ і структурная аснова гэтага працэсу: „горад — храм — прыход“.

1.1. Паводле дадзеных летапісаў, пасля хрышчэння кіяўлян Уладзімір Святаслававіч „… повеле рубити церкви и поставляти по местам, иде же стояху кумири… И нача ставити по градом церкви и попы, и люди на крещенье приводити по всем градом и селом“[12]. Паведамленне носіць падкрэслена дэскрыптыўны характар, дэталі працэсу, як ужо гаварылася, у крыніцах не ўпамінаюцца[13].

Я.Галубінскі прапануе наступную схему: „Пры хрышчэнні горада або ўезда ўрад падзяляў іх на некалькі ўчасткаў і ў кожным ставіў царкву. З цягам часу гэтыя прыходы раздзяляліся на меншыя… Станоўчых звестак пра ўзнікненне гэтых „другасных“ прыходаў мы не маем ніякіх“[14].

На думку таго ж гісторыка, „пры рухомасці насельніц­тва… клопат аб пабудове цэркваў у Старажытнай Русі (як і ў Англіі)… клаўся на землеўласнікаў“[15]. Далей ён піша, што „шукаць святароў (у прыход) было вельмі лёгка (з прычыны іх мноства), але і яны нават самі маглі спрыяць памнажэнню прыходаў… Паставіць драўляную царкву … уласнымі сродкамі… нічога не каштавала. Усё … (акрамя ікон)… магло быць выраблена на месцы, у вёсцы“[16].

1.2. Як бачым, аўтар лічыць, што ўжо ў XI ст. існавалі ўсе ўмовы, каб храмаў (прыходаў) было шмат, але нават пры­кладная іх колькасць застаецца невядомай.

У крыніцах сустракаюцца толькі ўрыўкавыя звесткі пра лік храмаў у буйных гарадах, перш за ўсё ў Кіеве. Так, па да­дзеных Ніканаўскага летапісу, у 1017 г. (г. зн. праз 30 гадоў па­сля хрышчэння) у Кіеве „згарэла да 700 цэркваў“[17]. Амаль столькі ж храмаў („каля 600“) згарэла ў Кіеве пад час пажару ў 1124 г.[18], г. зн. амаль праз паўтара стагоддзя пасля хрышчэння. Несумненна, большая частка гэтых „цэркваў“ — дамавыя малельні і капліцы. Нават калі ўслед за П.П.Талочкам лічыць, што колькасць жыхароў старажытнага Кіева складала 50 тыс. чалавек[19], то пры наяўнасці ў горадзе больш за два дзесяткі буйных каменных храмаў[20] драўляных прыходскіх цэркваў (калі лічыць у сярэднім па 300—400 чалавек на прыход) павінна быць каля 150.

Сам факт існавання ў сталіцы дзяржавы ўжо ў першым стагоддзі пасля хрышчэння прыкладна 200 прыходскіх храмаў дае падставы дапусціць наяўнасць адпаведнай колькасці храмаў і ў іншых гарадах: ад некалькіх дзесяткаў у сталіцах княстваў[21], да 1—2 у больш дробных адміністрацыйных цэнтрах[22].

1.3. Прымаючы (для тэрыторыі Кіеўскай Русі) існаван­не аб’ектыўнай сувязі „горад — храм“ як аксіёму[23], мы можам сцвярджаць, што дамінантны тут менавіта феномен „горада“.

Па назіраннях Я.Галубінскага, у перыяд, які нас ці­ка­віць („да канца XIV ст.“), нават манастыры (абшчыны, што па сваёй сутнасці маюць на ўвазе пэўнае адасабленне, „замк­­нутасць“ у дачыненні да „свету“), засноўваюцца або на самой тэрыторыі, або ў бліжэйшых ваколіцах буйных гарадоў[24].

У XI—XIII ст. і сам факт заснавання, і тым больш далейшае функцыянаванне храма (як і яго місіянерская дзейнасць) былі непасрэдна звязаны з канкрэтным населеным пунктам. Прычым гэты населены пункт да моманту заснавання храма ўжо меў пэўны статус, з’яўляючыся адмі­ністрацыйным цэнтрам таго ці іншага ўзроўню, г. зн. „горадам“.

1.4. Як вядома, „гарадамі“ для аўтараў летапісаў[25] былі ўсе населеныя пункты, што мелі ўмацаванні. Зыходзячы з такой трактоўкі гэтага паняцця, хоць і з некаторымі агаворкамі, М.Ціхаміраў налічваў у Старажытнай Русі да 300 гарадоў[26]. П.Рапапорт, які карыстаўся крытэрыем „велічыні ўмацаванай тэрыторыі“, паменшыў гэтую колькасць да 100[27]. А.Куза, які выпрацаваў сваю, вельмі падрабязную і шматпланавую сістэму крытэрыяў, заснаваную ў асноўным на археалагічных крыніцах, прыйшоў да высновы, што „ў цэлым на Русі ў канцы X — пачатку XI ст. налічвалася 20—25 пасяленняў гарадскога тыпу, у XI — першай палове XII ст. іх было каля 70, а да сярэ­дзіны XIII ст. існавала ўжо каля 150 феадальных гарадоў“[28].

У апошнія дзесяцігоддзі з’явіўся шэраг прац, якія пашырылі і ўзбагацілі канцэптуальна–тэарэтычную базу, звязаную з дадзе­най праблематыкай (сярод даследчыкаў, акрамя назва­нага А.Кузы[29], у першую чаргу неабходна згадаць В.Карла­­ва[30] і Б.Цімашчука[31]).

Тым не менш, нягледзячы на значную зацікаўленасць да­следчыкаў гэтай праблемай, у сучаснай гістарыяграфіі няма адназначнага, прызнанага калі не ўсімі, то хоць бы большасцю, і распаўсюджанага на ўсе рэгіёны Старажытнай Русі азначэння такога сацыяльна–культурнага феномена, як „горад“.

1.5. На наш погляд, усё яшчэ ў цэлым справядлівай застаецца выснова В.Т.Пашуты, што „гарады Русі былі вельмі разнастайнымі як па характары іх сацыяльнай струк­­туры, так і па палітычнай ролі. Да гэтага трэба дадаць, што пад уплывам эканамічнага развіцця або пад уздзеян­нем знешніх фактараў асобныя гарады пераходзілі з адной катэгорыі ў другую. Неаднароднасць гаспадарчых і палітычных умоваў у вялікай дзяржаве непазбежна спараджала цяжка аглядную „неаднастайнасць“ генезісу і развіцця гарадскіх формаў“[32].

Улічваючы гэтую акалічнасць і не маючы магчымасці ўдавацца ў складаныя дэфініцыі сацыяльна–культурнага, экана­мічнага і палітычнага плану, мы прымаем, што ўсе (адносна нешматлікія) населеныя пункты на тэрыторыі сучаснай Беларусі, якія ўпамінаюцца ў пісьмовых крыніцах XI—XIII ст. (менавіта ў сілу гэтага ўпамінання!), былі адміністрацыйнымі цэнтрамі рознага ўзроўню і тым самым патэнцыяльнымі цэнтрамі хрысціянізацыі ў межах тагачаснай Полацкай, Тураўскай, часткова — Смаленскай, Чарнігаўскай і Ўладзіміра–Валынскай епархій[33].

2. „Гарады“ і „прыходы“ на тэрыторыі Беларусі ў X—XIII ст.

2.1. Гэта, перш за ўсё, Полацк і Тураў, вядомыя па пісьмовых крыніцах як сталіцы княстваў яшчэ да 988 г., якія заканамерна сталі першымі цэнтрамі хрысціянізацыі і цэнтрамі епархій. Да гэтых двух гарадоў прымыкае і Заслаўе (летапісны Ізяслаўль), першае ўпамінанне якога, хоць і не датаванае, звязана непасрэдна з асобай самога Ўладзіміра Святаслававіча (ужо пасля хрышчэння), яго найбліжэйшым атачэннем і членамі сям’і (Рагнеда — Ізяслаў Уладзіміравіч)[34], а жыццё горада ў канцы X — першай палове XI ст. — з вельмі актыўнымі працэсамі хрысціянізацыі насельніцтва[35]. Больш за тое, па меркаванні А.Рапава, заснаваным на аналізе агульнагістарычнай сітуацыі ў гэтым рэгіёне і на сведчаннях мясцовых паданняў, менавіта Заслаўе, а не Полацк, было „найстаражытнейшым хрысціянскім цэнтрам Полацкай зямлі“[36].

Менавіта гэтыя тры населеныя пункты — на поўначы, у цэнтры і на поўдні сучаснай Беларусі — трэба лічыць першымі і асноўнымі цэнтрамі хрысціянізацыі тэрыторыі ўжо на мяжы X—XI ст., г. зн. на пачатковым этапе разгляданага працэсу[37].

2.2. Надалей такімі цэнтрамі заканамерна станавіліся і тыя населеныя пункты, якія ў пісьмовых крыніцах XI—XIII ст. вы­ступаюць у якасці цэнтраў удзельных княстваў або называюцца „гарадамі“[38]. Гэта Берасце, Віцебск, Менск, Лагойск, Пінск, Друцк, Слуцк, Горадня, Рагачоў, Барысаў, Брагін, Мсціслаў, Рэчыца, Наваградак, Слонім, Ваўкавыск, Кобрын і інш.

Тым не менш, нават прыняўшы такое бясспрэчнае, на наш погляд, дапушчэнне, мы не можам расставіць гэтыя „цэнтры хрысціянізацыі“ ў храналагічным парадку, г. зн. непа­срэдна звязаць традыцыйнае датаванне, заснаванае на „першым летапісным упамінанні“, з заснаваннем храма (прыходу). Напрыклад, Берасце (1019) і Віцебск (1021), напэўна, былі такімі „цэнтрамі“ ўжо ў 1–й палове XI ст., таксама і Пінск, хоць ён упамінаецца толькі ў 1097 г. Што да Менска і Оршы (1067), Копысі (1059), Лукомля і Лагойска (1078.), а таксама Друцка (1092), мы з улікам „сітуацыі ўпамінання“ і дадзеных іншых крыніц (галоўным чынам, археалагічных) можам з упэўненасцю гаварыць пра існаванне там прыходаў толькі на мяжы XI—XII ст. У гэтую ж групу трапляюць Слуцк (1116), Барысаў (1127), Горадня і Клецк (1128).

2.3. Астатнія населеныя пункты, упамянутыя ў 1130—1150–х г. (Прапойск, Крычаў, Гомель, Брагін, Мазыр, Мсціслаў і Чачэрск), у 1214 г. (Рэчыца) і ў 1250—1280–х г. (Наваградак, Слонім, Ваўкавыск, Здзітаў, Турыйск, Капыль, Камянец, Кобрын), можна ўжо з большай упэўненасцю атаясамліваць з „цэнтрамі хрысціянізацыі“ менавіта гэтага перыяду, г. зн. сярэдзіны XII — 2–й паловы XIII ст.

Да гэтай жа групы мы лічым неабходным далучыць Браслаў, Давыд–Гарадок і Свіслач — тры „гарады“, узнікненне якіх, нягледзячы на даволі позняе ўпамінанне ў крыніцах, у літаратуры датуецца XI—XII ст.[39], а таксама заснаваны не пазней чым у 2–й палове XIII ст. Лаўрышаўскі манастыр пад Нава­градкам.

З улікам усіх гэтых абставінаў найбольш карэктнай нам уяўляецца наступная схема: вылучыўшы Полацк, Тураў, Ізя­слаўль (X ст.), усе астатнія (33 „гарады“ і 1 манастыр) аб’яднаць агульным датаваннем — „XI—XIII ст.“. У выніку мы маем 37 пунктаў, якія несумненна былі рэгіянальнымі цэнтрамі хрысціянізацыі на беларускіх землях у XI—XIII ст. (гл. карту, №№ 3—4).

2.4. Але ў межах пастаўленай задачы мы не можам абмежавацца простай канстатацыяй факта існавання на гэтай тэрыторыі ў XI—XIII ст. „37 цэнтраў хрысціянізацыі“.

Па–першае, мы павінны агаварыцца, што да канца XIII ст. праваслаўных прыходаў на Беларусі было значна больш, як і больш–менш буйных населеных пунктаў: проста не ўсе яны за­фіксаваныя ў пісьмовых крыніцах, якія захаваліся да нашага часу.

Па–другое, якая была роля гэтых 37 вядомых нам прыходскіх цэнтраў для хрысціянізацыі краіны ў цэлым? Калі дапусціць, што іх дзейнасць абмяжоўвалася толькі гэтымі населенымі пунктамі, то для тэрыторыі больш чым 200 тыс. кв. км, няхай нават на Ѕ пакрытай лясамі і балотамі, гэтага яўна недастаткова.

3. Прыходы як аснова працэсу хрысціянізацыі.
Місіянер­ская дзейнасць прыходу і яе межы.

3.1. Традыцыйная летапісная фармулёўка „хрышчэнне Русі“ нібы мае на ўвазе ледзь не ўсеагульны, аднамомантны, і хутчэй нават сімвалічны акт[40], хоць усе разумеюць, што гэта быў складаны і шматгранны працэс, які спалучаў у сабе цэлы шэраг фактараў — духоўных, ідэалагічных, сацыяльна–культурных, эканамічных, прававых і г. д. Разам з тым, часта па–за ўвагай застаецца тая акалічнасць, што асновай гэтага працэсу з’яўлялася практыка (калі і не штодзённая, то дастаткова рэгулярная), падобная да той, якая пазней атрымала назву місіянерскай дзейнасці.

Пра гэта, у прыватнасці, сведчаць шматлікія „Словы“, накіраваныя супраць язычніцтва і яго перажыткаў („дзвюх­вер’я“). На думку Я.Анічкава, гэтыя „…павучэнні скіраваны на насельніцтва, якое ўпарта не паддаецца хрысціянскаму вучэнню, але менавіта тое, што тут жа побач, з якім даводзіцца мець справу штодзённа…“[41], г. зн. такая дзейнасць у XI—XIII ст. павінна была весціся ў межах кожнага асобнага прыхода.

3.2. Як мы ўжо адзначалі, крыніцы практычна нічога не паведамляюць пра гэты бок дзейнасці кліра. Можна толькі меркаваць, што абавязкі святара ў тую эпоху не былі традыцыйна–руціннымі і павінны былі спалучацца з больш–менш актыўнай місіянерскай дзейнасцю, у тым ліку па–за межамі храма.

На думку спецыялістаў, богаслужэнне ў храмах XII—XIV ст. (акрамя „саборных“, якія знаходзіліся ў вялікіх гарадах) адбывалася толькі па нядзелях і святочных днях. У астатні час „святары павінны былі пераязджаць з месца на месца, наведваць сваіх духоўных дзяцей і здзяйсняць богаслужэнні ў розных месцах…“[42]. Пра гэта красамоўна сведчыць і тэрміналогія старажытных крыніц: ніжэйшая царкоўная акруга называецца „уездом“, „переездом“ або „пределом“[43]. Тэрміновы (неза­планаваны) выезд за межы таго населенага пункта, дзе знаходзіўся храм, мог быць выкліканы таксама неабходнасцю або хрышчэння, што, згодна з крыніцамі, яшчэ ў XII ст. разглядалася як справа першачарговай важнасці[44], або прыча­шчэння і адпявання.

3.3. Узнікае пытанне: што магло тэрытарыяльна абмяжоў­ваць гэтую місіянерскую дзейнасць? У тэорыі — межы суседніх прыходаў, як гэта было ў больш познія часы. На практыцы, асабліва ў XI—XIII ст., хутчэй за ўсё — толькі меркаванні бяспекі і рэальныя транспартныя магчымасці.

У якасці аналогіі можна, на наш погляд, прывесці прыклад (магчыма, легендарны) першапачатковага і свядомага абмежавання межаў сваёй епіскапскай юрысдыкцыі адным з Айцоў царквы (калі не памыляемся, Св.Аўгусцінам). Межы гэтыя былі ім вызначаны зыходзячы з магчымасцяў індывідуальнага перамяшчэння вярхом (на асле або муле) ад усходу да захаду сонца (за зыходны пункт было ўзята месца пастаяннага служэння).

3.4. Калі мы звернемся да параўнальна нядаўняга мінулага, то ў 2–й палове XIX ст. у Цэнтральнай Беларусі сярэдняя адлегласць ад прыходскай царквы да самай аддаленай вёскі, што ўваходзіла ў склад дадзенага прыходу, складала: па Мінскім уездзе — 9—10 вёрст, Барысаўскім — 10—15 вёрст, Слуцкім — 8—9 вёрст. Сустракаліся і вёскі, адлегласць да якіх была 15—17 вёрст (Мінскі ўезд), 20—22 вярсты (Барысаўскі), 14—15 (Слуцкі)[45]. Можна адзначыць, што з гэтых трох уездаў найменш населены і адначасова найбольш пакрыты лесам — Барысаўскі.

Што да Старажытнай Русі, то, на думку гісторыкаў, „… на калёсах і санях перавозілі толькі жанчын і дзяцей… Мужчыны перамяшчаліся вярхом, нават духавенства… Усё гэта можна пацвердзіць сотнямі прыкладаў“[46]. Паводле сведчанняў лета­пісу, у 1097 г. восенню „на калёсах“ княскі абоз пераадолеў адлегласць ад Кіева да Ўладзіміра–Валынскага (каля 500 км) за шэсць дзён (відавочна, на зменных конях), г. зн. з хуткасцю прыкладна 80 км у дзень[47]. Сярэднюю хуткасць перамяшчэння коннага атрада (княскай дружыны) даследчыкі ацэньваюць як 50—60 км у дзень, г. зн. 6—7 км у гадзіну. (Максімальная хуткасць улегцы, з запаснымі коньмі раўнялася 110—120 км у дзень[48].)

У нашым выпадку мінімальны радыус місіянерскай дзейнасці кожнага прыходу XI—XIII ст. (за выключэннем, магчыма, размешчаных у такіх буйных гарадах, як Кіеў, Ноўгарад і некаторых іншых) мы можам умоўна вызначыць у 20—25 км, што дазваляла без асаблівай спешкі даехаць туды і назад за 8—10 гадзін (гл. карту, № 5).

3.5. Паказальна, што асноўная адміністрацыйная адзінка Старажытнай Русі — воласць — мела прыкладна такія ж памеры. Так, паводле дадзеных археалагічных даследаванняў, „Суздальская воласць“ у XI — пачатку XII ст. налічвала каля 30 пасяленняў, што размяшчаліся каля Суздаля на тэрыторыі радыусам 20—25 км[49].

Даследчыкі таксама адзначаюць, што па крыніцах XV—XVII ст. „часам цяжка вырашыць, дзе заканчваецца прыход і пачынаецца воласць. Ці не дзве гэта розныя назвы той самай адміністрацыйнай адзінкі? Калі будавалася новая царква, то прыход падзяляўся, але аўтаматычна падзялялася і воласць. Справы пазямельнай абшчыны (воласці) і прыходу ніяк не размяжоўваліся“[50]. Рэтраспектыўная экстрапаляцыя гэтых высноваў калі не на X—XI, то, па меншай меры, на XII—XIII ст. уяўляецца дастаткова апраўданай.

Як бачым, кантамінацыя паняццяў „горад“, „храм“, „воласць“, „прыход“ яскрава прасочваецца на матэрыяле самых розных дысцыплін — ад археалогіі да гісторыі ментальнасцяў.

4. XIV ст.: „Спіс рускіх гарадоў…“ — „Спіс прыходаў“ і іншыя цэнтры хрысціянізацыі на тэрыторыі Беларусі.

4.1. XIV стагоддзе ў многім пераломнае для большасці рэгіёнаў Усходняй Еўропы, адначасова і самае „цёмнае“. Страта большасці пісьмовых крыніц (асабліва для ВКЛ), паступовая змена якасных і колькасных характарыстык розных відаў гэтых крыніц (актавыя замест летапісных і г. д.)[51], агульны дэфі­цыт базы крыніц — асноўныя прычыны такой сітуацыі.

Практычна адзінай комплекснай крыніцай па гістарычнай геаграфіі Беларусі гэтага перыяду з’яўляецца „Список русских городов дальних и ближних“[52] — унікальная праца не зусім зразумелага характару і паходжання[53]. Хоць час складання ўласна „Спіса“ датуецца канцом XIV ст. („1387—92 г.“[54], „1394—96 г.“[55] або „1375—1381 г.“[56], у распараджэнні яго аўтара (або аўтараў) знаходзіліся невядомыя нам крыніцы больш ранняга перыяду — некаторыя дадзеныя „Спіса“, згодна з даследаваннямі А.В.Попэ, узыходзяць да гістарычна–геа­графічных рэалій 1–й паловы XIII ст.[57]

4.2. З пункту погляду нашай тэматыкі вельмі важнае меркаванне А.В.Кузы, што, напэўна, гарады „Спіса“ — „гэта цэнтры епархій і прыходаў, з якіх калі–небудзь руская мітраполія атрымлівала даходы або спрабавала распаўсюдзіць на іх сваю ўладу“[58].

„Спіс“ называе 26 з тых 36 „гарадоў“, што знаходзіліся на тэрыторыі сучаснай Беларусі і ўжо вядомы нам па летапісных упамінаннях XI—XIII ст. Дадаткова „Спіс“ называе яшчэ 14 тапонімаў, якія даследчыкі, пачынаючы з М.Ціхамірава, атаясамліваюць з адпаведнымі населенымі пунктамі гэтай тэрыторыі. Сем з іх знаходзяцца ў басейне Дняпра (Абольцы, Цяцерын, Магілёў, Быхаў, Лучын, Стрэшын, Горваль); шэсць — на паўночным захадзе (Лебедзева, Лоск, Славенск, Крэва, Гальшаны, Ліда); яшчэ адзін на Прыпяці, непадалёку ад Турава (Перароў)[59].

4.3. Да гэтых 14 „гарадоў“, названых у „Спісе“, мы можам дадаць яшчэ шэраг населеных пунктаў, першае ўпамінанне якіх у пісьмовых крыніцах датуецца 2–й паловай — канцом XIV ст. Гэта чатыры цэнтры валасцей: Бабруйск, Любашаны, Ігумен (сучасны Чэрвень), прыгаданыя ў грамаце вялікага князя Ягайлы 1387 г.[60], і Глуск („Стары“ або „Пагарэлы“) — „Глуская воласць“ ужо ў 2–й палове XIV ст. належала Івану Ольгімунтавічу Гальшанскаму[61] (памёр прыблізна ў 1401 г.)[62].

У гэты ж перыяд у дакументах упамінаюцца такія параў­нальна буйныя населеныя пункты (што не трапляюць у разрад „вёсак“), як Маладзечна — 1388 г.[63], Друя і Дрыса (сучасны Верхнядзвінск) — 1386[64] і Ляхавічы[65].

4.4. Сюды неабходна дадаць таксама „маёнтак Куранец“, дзе ў 1353 г. яго ўладальніцай была заснавана царква[66], і Пустынскі манастыр пад Мсціславам, заснаваны ў 1380 г.[67], — у выніку атрымліваецца 24 цэнтры хрысціянізацыі, датаваныя XIV ст. (гл. карту, № 6).

Разам з папярэднімі — 61, што відавочна мала для чатырох стагоддзяў, якія прайшлі з часоў хрышчэння, і для такой тэрыторыі. Несумненна, прыходаў было значна больш, як і населеных пунктаў, але крыніцы маўчаць як пра першыя, так і пра другія.

На фоне гэтага „маўчання“ як своеасаблівую „гістарычную крыніцу другога роду“, што дае цікавы матэрыял для вы­сноваў гістарычна–геаграфічнага характару, мы можам разглядаць і ўласна карту, на якой нанесены ўсе гэтыя населеныя пункты і абазначаны ў адпаведным маштабе прыняты намі ўмоўны „радыус“ кожнага з гэтых прыходаў (20 км).

4.5. Як нам уяўляецца, карта дастаткова наглядна дэманструе асноўныя тэндэнцыі развіцця сеткі праваслаўных прыходаў на гэтай тэрыторыі, што вызначыліся, напэўна, значна раней, яшчэ ў сярэдзіне — 2–й палове XIII ст. і былі цесна звязаны з агульнымі працэсамі паглыблення структурнай дыферэнцыяцыі дадзенай этнагеаграфічнай прасторы.

Мы бачым, што на невялікім участку балцка–славянскага пагранічча[68] між Маладзечнам і Ашмянамі (плошчай пры­кладна 70Ч80 км) у 2–й палове XIV ст. знаходзілася 7 цэнтраў праваслаўных прыходаў (адлегласць між бліжэйшымі — ад 10 да 20 км). Адпаведна прыняты намі раней „умоўны радыус прыходу скарачаецца ў дадзеным выпадку да 10 або нават да 5 км. Амаль такую карціну мы назіраем і ў раёне Браслава (адлегласць — ад 20 км да 30 км, „радыус“ — ад 10 да 15 км).

Несумненна, варты ўвагі і той факт, што адзінае дакументальнае сведчанне пра заснаванне храма (прыхода) на гэтай тэрыторыі ў сярэдзіне XIV ст., якое дайшло да нас, адносіцца не да цэнтраў удзельных княстваў (Гальшаны, Лоск, Крэва)[69] і нават ні да аднаго з гарадоў „Спіса“ (Лебедзеў, Славенск), а да нідзе раней не згаданага простага „маёнтка“ (Куранец).

5. Асноўныя тэндэнцыі працэсу хрысціянізацыі тэрыторыі Беларусі на мяжы XIV—XV ст.

5.1. Абагульняючы ўсе гэтыя назіранні ў рамках яшчэ адной (зрэшты, дастаткова трывіяльнай) пасылкі, якую мы фармулюем апрыёры — яна заключаецца ў тым, што працэс развіцця сеткі праваслаўных прыходаў на тэрыторыі Беларусі ў X—XIV ст. трэба вызначыць як неперарыўны, з тэндэнцыяй да неабарачальнага і ўстойлівага росту, — можна зрабіць наступныя высновы.

5.1.1. З’яўленне ў сярэдзіне XIV ст. праваслаўных прыходаў у „маёнтках“ (прытым у раёне балцка–славянскага пагранічча) ускосна пацвярджае раней выказаны тэзіс, што „гарады“ „Спіса…“ былі цэнтрамі прыходаў ужо, па меншай меры, на рубяжы XIII—XIV ст.

5.1.2. Сітуацыя, адзначаная намі ў паўночна–заходнім рэгіёне Беларусі і звязаная, хутчэй за ўсё, з місіянерскай дзейнасцю праваслаўнай царквы ў асяроддзі язычнікаў–балтаў, можа разглядацца і як сітуацыя, што адлюстроўвае агульную тэндэнцыю, характэрную для ўсёй Беларусі ў XIII—XIV ст. — павелічэнне колькасці прыходаў з адначасовым скарачэннем тэрыторыі кожнага з іх.

5.1.3. Мы маем права дапусціць, што кожны населены пункт, згаданы ў пісьмовых крыніцах, напрыклад, у 1–й палове XV ст. (або, шырэй, у XV ст.), які знаходзіцца на адлегласці больш за 20—30 км ад ужо адзначаных намі „прыходскіх цэнтраў“ X—XIV ст., павінен быў мець (сінхронна гэтаму ўпамінанню) свой праваслаўны храм — г. зн. быць цэнтрам асобнага прыходу ўжо на мяжы XIV—XV ст.[70]

У лік такіх „прыходаў“ (паводле крытэрыю „аддаленасці“) могуць уваходзіць, напрыклад, Докшыцы або Беразіно (Верхняе), Ула, Азярышча, Петрыкаў, Шарашова, Высокае, Свір, Лоеў, Дрысвяты, Стары Лепель, Горы, Дзісна, Койданава (сучасны Дзяржынск), Столін і інш. (гл. карту, № 7).

5.1.4. Дадатковы крытэрый — наяўнасць на тэрыторыі такога населенага пункта слядоў умацавання і культурнага напластавання эпохі Старажытнай Русі — робіць магчымасць існавання там праваслаўнага прыходу ў XIII—XIV ст. практычна стопрацэнтнай, адначасова ўказваючы на магчымасць і яшчэ больш ранняга датавання гэтага прыходу (Лоеў, Дрысвяты, Сураж, Свір, Радомля і інш.)[71].

5.2. На заканчэнне, крыху выходзячы за храналагічныя рамкі нашай тэмы, мы можам таксама выказаць меркаванне, што ў канцы XV ст. колькасць прыходаў на тэрыторыі, адзначанай межамі сучаснай Беларусі, набліжалася да тысячы, а асноўная тэндэнцыя развіцця сеткі праваслаўных прыходаў у гэты перыяд можа быць сфармулявана прыкладна так: „Адно сяло — адзін прыход“[72].

Ускосным пацвярджэннем таму могуць служыць наступныя лічбы.

Колькасць населеных пунктаў на найбольш падрабязнай гістарычнай карце Беларусі, складзенай М.Ф.Спірыдона­вым[73] на аснове дадзеных пісьмовых крыніц 2–й паловы XVI ст., складае 2300.

Мы таксама можам прыкладна падлічыць і колькасць унія­ц­­кіх цэркваў, якія існавалі на тэрыторыі Беларусі ў сярэдзіне XVII ст.: 500—600 у Віленскім, Наваградскім і Менскім ваяводствах (разам з Кіеўскім і Троцкім, яны складалі епархію мітрапаліта); каля 1000 — у Полацкім, Віцебскім і Мсці­слаўскім ваяводствах (Полацкая архіепіскапія); не больш за 100 — у Пінскай епархіі (складалася з аднаго Пінскага павету Берасцейскага ваяводства); 200—300 — у Берасцейскім ваяводстве (разам з Валынскім ваяводствам і Падляшшам увахо­дзіла ва Ўладзіміра–Берасцейскую епархію)[74].

Усяго мы маем ад 1800 да 2000 прыходскіх цэркваў. Не трэба даказваць, што ўсе гэтыя цэрквы да пачатку XVII ст. былі праваслаўнымі. Калі адняць прыкладна 100—150 храмаў, што знаходзіліся ў 10—15 найбольш буйных гарадах, атрымліваем, што на адзін прыход прыпадала менш за 1,5 населенага пункта (!). Рэальна, нават з улікам верагоднасці завышэння дадзеных аб колькасці прыходаў і магчымай непаўнаты карты М.Ф.Спірыдонава, на адзін прыход прыпадала не больш за 2—3 населеныя пункты, г. зн. указаная тэндэнцыя прасочваецца дастаткова выразна[75].

5.3. Нам уяўляецца, што зыходзячы з апрыёрнай пасылкі пра сістэмны характар працэсу хрысціянізацыі Старажытнай Русі, можна зрабіць дастаткова абгрунтаваную выснову аб цеснай прасторава–храналагічнай карэляцыі паміж агульнапрызнанымі рэаліямі гістарычнай геаграфіі Беларусі X—XIV ст. і працэсам развіцця тут сеткі праваслаўных прыходаў у першыя стагоддзі пасля хрышчэння.

Пры ўсёй умоўнасці падобнага метаду яго выкарыстанне ў дадзеным канкрэтным выпадку з’яўляецца адзіна магчымым варыянтам развязання праблемы, якую, нагадаем, немагчыма вырашыць на аснове той базы крыніц, што мы маем на гэты час, і ў рамках традыцыйнай методыкі яе выкарыстання.

ПРАВАСЛАЎНЫЯ ПРЫХОДЫ
НА ТЭРЫТОРЫІ БЕЛАРУСІ

Каменныя храмы XII—XIV ст. (з пісь­мовых і археалагічных крыніц)

Манастыры XII—XIV ст. (з пісьмовых крыніц)

Цэнтры хрысціянізацыі рубяжа X—XI ст.

Цэнтры хрысціянізацыі XI—XIII ст. і мінімальны ўмоўны арэал царкоўнага прыходу XI—XIII ст. (R=20 км).

Цэнтры прыходаў XIV ст. (з пісьмовых крыніц).

Некаторыя з найбольш верагодных цэнтраў прыходаў рубяжа XIV—XV ст. (па крытэрыю „аддаленасці“).

Мінімальны ўмоўны арэал прыходаў XIV—XV ст. (R=10 км).

Цэнтры епархій

ПРАВАСЛАЎНЫЯ ПРЫХОДЫ НА ТЭРЫТОРЫІ БЕЛАРУСІ

Аўтар карты Р. Баравы


[1] У сваіх высновах аўтар грунтаваўся на факталагічнай аснове і канцэптуальных палажэннях шэрагу аўтарытэтных даследаванняў: Макарий (Булгаков). История русской церкви. (Выд. 2). Москва, 1995. Кн. 1—3; Голубинский Е.Е. История русской церкви. Москва, 1901—1904. Т. 1 (I и II пол.); Приселков М.Д. Очерки по церковно–политической истории Киевской Руси X—XII вв. С.–Петербург, 1913; Карташев А.В. Очерки по истории русской церкви. Т. 1. Париж, 1954 (репринт, Москва, 1991); Чистович И. Очерки истории западнорусской церкви. Ч. 1. С.–Петербург, 1884; Знаменский П.В. Приходское духовенство на Руси XVI и XVII вв. Казань, 1865; Щапов Я.И. Княжеские уставы и Церковь в Древней Руси: XI—XIV вв. Москва, 1972; Ён жа. Церковь в Древней Руси (до конца XIII в.) // Русское православие: Вехи истории. Москва, 1989; Щапов Я.И. Государство и церковь Древней Руси X—XIII вв. Москва, 1989; Рапов О.И. Русская церковь в XI — первой трети XII в.: Принятие христианства. Москва, 1988; Православная энциклопедия. Русская православная церковь. Москва, 2000; Poppe A. Państwo i Kosciól na Rusi w XI wieku. Warszawa, 1968; і інш.
[2] Дадаткова намі быў прагледжаны (з п.п. указанай праблемы) шэраг бібліяграфічных паказальнікаў XIX—XX ст. як па агульнацаркоўнай гісторыі, так і рэгіянальных: Леонтович Ф.И. История Русского права. Вып. 1. Литература истории русского права. Варшава, 1902. С. 302—320 (Источники права церковного); С. 345—355 (Церковное управление); Макарий (Булгаков). Op. cit. Кн. 3. Москва, 1995. С. 579—618 (Новая литература по истории Русской Православной Церкви 988—1448 г.). Пенкина З.М. Полесье: Библиогр. материалы. С.–Петербург, 1883 г.; Балтрамайтис С. Сборник библиографических материалов для географии, истории, истории права, статистики и этнографии Литвы. Изд. 2. С.–Петербург, 1904; і інш.
[3] Волков Н.С. Статистические сведения о сохранившихся древнерусских книгах XI—XIV вв. и их указатель // Памятники древней письменности. Вып. 123. С.–Петербург, 1897. С. 12.
[4] Kodeks dyplomatyczny Katedry i Diecezji Wileńskiej. Kraków, 1948. Т. I (1387—1507).
[5] Kurczewski I. Biskupstwo Wileńskie. Wilno, 1912; Ochmański I. Bis­kupstwo Wileńskie w sredniowieszu. Poznań, 1972 і інш.
[6] Сапунов Б.В. Некоторые соображения о древне–русской книжности XI—XIII вв. // ТОДРЛ. 1955. Т. 11. С. 314—332.
[7] Ён жа. Книга в России в XI—XIII вв. Москва, 1978. С. 30—84. (Гл. II. Гипотетическое восстановление возможного количества древнерусских книг XI—XIII вв.).
[8] Гл. Розов Н.Н. Книга Древней Руси. Москва, 1977. С. 79—80, 138. (Прим. №№ 151; 154; 155).
[9] Коратка спынімся на асноўных звёнах гэтага „метадычнага ланцужка“:

1) дадзеныя пра будаўніцтва і пажары цэркваў у 54 гарадах (да 1240 г.), сабраныя аўтарам у летапісах і іншых пісьмовых крыніцах, абагульнены ў табліцах (без спасылак на крыніцы). Вынік — 264 прыходскія храмы і 143 манастыры (1978. С. 42—44, 63);

2) вызначана меркаваная колькасць гарадоў Старажытняй Русі, а потым вылічана колькасць насельніцтва, якое магло там жыць;

3) на аснове гэтых вылічэнняў рэканструявана агульная колькасць прыходаў у гарадах і зроблена выснова, што „да сярэдзіны XIII ст. там было ўзведзена 1300—1500 цэркваў“ (1978 г. С. 56);

4) вылічана „агульная“ колькасць насельніцтва Старажытнай Русі, адняўшы ад якога „ўжо вядомую“ лічбу гарадскога насельніцтва, аўтар атрымлівае колькасць сельскага; падзяліўшы вынік на ўмоўную колькасць жыхароў аднаго прыходy (500 чал.), вызначае колькасць сельскіх прыходаў — „8—9 тысяч“ (1978. С. 60);

5) падсумаваўшы ўсе лічбы і дадаўшы „1000 дамавых малельняў у ся­дзібах феадалаў“, аўтар атрымлівае вынік: „У Старажытнай Русі функ­цыя­навала прыкладна 10 тысяч цэркваў розных катэгорый“ (1978. С. 64).
[10] Янин В.Л. Очерки комплексного источниковедения. Москва, 1977. С. 19—21.
[11] Гл.: Раппопорт П.А. Русская архитектура X—XIII вв. // Археология СССР: Свод археол. источников. Вып. Е1–47. Ленинград, 1982; Антипов И.В. Древнерусская архитектура второй половины XIII — первой трети XIV вв. С.–Петербург, 2000.
[12] Повесть временных лет. Ч. 1. Москва, 1950. С. 81.
[13] „Пра ператварэнне ў хрысціянства ўсіх гэтых усходнеславянскіх народнасцяў (смаленскія крывічы, радзімічы, севяране, вяцічы) у пісь­мовых крыніцах амаль не сустракаецца матэрыялаў“ (Рапов О.М. Русская церковь в XI — I трети XII в. С. 340); „Летапісы не паведамляюць пра час і акалічнасці хрышчэння Полацкай зямлі“ (Тамсама. С. 373); „Пісьмовыя крыніцы не ўтрымліваюць дадзеных пра пераўтварэнне ў хрысціянства насельніцтва Верхняга Пабужжа і Верхняга Панямоння“ (Тамсама. С. 379).
[14] Голубинский Е.Е. История русской церкви. Т. 1 (1–я пол.). С. 487.
[15] Голубинский Е.Е. Op. cit. Т. 1 (2–я пол.). С. 3. Прим. 1.
[16] Голубинский Е.Е. Op. cit. Т. 1 (1–я пол.). С. 487. Далей аўтар указвае на распаўсюджанасць у Старажытнай Русі кцітарскага права, што сведчыць пра вялікую колькасць храмаў (прыходаў), заснаваных прыватнымі асобамі (Тамсама. С.488—489, 412—415).
[17] ПСРЛ. Т. 9. Москва, 1965. Стб. 75. Паводле іншых дадзеных (Т.Мерзебургский) у 1018 г. у Кіеве існавала „каля 400 цэркваў“. Гл.: Голубинский Е.Е. История Русской церкви. Т. 1 (2–я пол.). С. 5; Рапов О., Ткаченко Н.Г. Русские известия Титмара Мерзебургского // Вестник Московского ун–та. Сер. История. 1980. № 3. С. 66.
[18] ПСРЛ. Т. I. Москва, 1997. Стб. 293.
[19] Толочко П.П. Древнерусский феодальный город. Киев, 1989. С. 200.
[20] Раппопорт П.А. Русская архитектура X—XIII вв. С. 7—27.
[21] Напрыклад, у Ноўгарадзе ў XI—XIII ст. было пабудавана 87 цэркваў, з іх 22 — каменныя (Раппопорт П.А. Op. cit.).
[22] Ускоснае ўказанне на параўнальна вялікую колькасць такіх „цэнтраў“ (пры прасторавай велічыні епархій Старажытнай Русі) Я. Галубінскі бачыць і ў распаўсюджанасці звычаю „малога асвячэння“, калі архірэй, не маючы магчымасці асабіста асвяціць новы храм („вялікае асвячэнне“), замест гэтага пасылаў асвячоны антымінс (Голубинский Е.Е. Op. cit.. Т. 1. С. 182—183; 460).
[23] Лічым абавязковым зрабіць адну істотную агаворку, звязаную з неабходнасцю ўліку канкрэтнай гістарычна–геаграфічнай сітуацыі і сацыяльна–культурных рэалій розных рэгіёнаў Старажытнай Русі. Напрыклад, для тэрыторыі Ўкраіны (асабліва левабярэжнай) наўрад ці будзе правамерным атаясамліванне адвольна ўзятага населенага пункта, няхай нават і ўпамянутага ў летапісах як „горад“, з цэнтрам праваслаўнага прыходу. У якасці прыкладу можна прыгадаць рэпліку Святаслава Чарнігаўскага, якая адносіцца да 1159 г., пра „сем пустых гарадоў“ — „а в нех седят псарове же и Половци“ (ПСРЛ. Т. 2. Москва, 1962. Стб. 500). Хоць у летапісе па Васкрасенскаму спісу гэтая рэпліка мае крыху іншае гучанне: „а в нех седят псарове, и тож Половци выпустошили“ (ПСРЛ, Т. 7. Стб. 69), а сярод „пустых городов“ згаданы Любеч, які, несумненна, меў храм і „прыход“ ужо ў XI ст., усё гэта абавязвае да пэўнай асцярожнасці. У дастатковай ступені асцярожны падыход неабходны і да праблемы „цэнтраў хрысціянізацыі“ для тэрыторый поўначы і паўночнага ўсходу, дзе славянская каланізацыя і „княская дань“ маглі распаўсюджвацца як паралельна з працэсам хрысціянізацыі, так і апера­джаць яго, што стварала складанае і, магчыма, асінхроннае спалучэнне этнасацыяльных, эканамічных і культурна–ідэалагічных фактараў. Як і ў выпадку з „пустыми городами“ Чарнігаўшчыны, гэта магло (для перыяду XI—XIII ст.) весці да парушэння пастуляванай намі для тэрыторыі Беларусі тоеснасці: „Летапісны населены пункт“ — „храм“.
[24] Голубинский Е.Е. Op. cit. Т. 1 (2–я пол.). С. 746—763.
[25] У сувязі з тым, што асноўная пісьмовая крыніца для гэтай эпохі — летапісы, у гістарыяграфіі ўзнік нават такі тэрмін, як „летапісныя гарады“ — тэрмін не зусім карэктны, бо, па сутнасці, з’яўляецца полісемантычным. Часам ён выкарыстоўваецца ў абагульнена–тыпалагічным плане з адценнем „умоўна–горад“, часам — як указанне на пэўны храналагічны прамежак (X—XIII ст.) у гісторыі канкрэтнага горада і г. д.
[26] Тихомиров М.Н. Древнерусские города. Москва, 1956. С. 43.
[27] Раппопорт П.А. О типологии древнерусских поселений // КСИА. Вып. 110. Москва, 1967. С. 5.
[28] Куза В.А. Древнерусские поселения // Археология СССР: Древняя Русь. Город, замок, село. Москва, 1985. С. 61.
[29] Куза А.В. Города в социально–экономической системе древнерусского государства // КСИА. Вып. 179. Москва, 1984. С. 3—11; Ён жа. Малые города древней Руси. Москва, 1989; Ён жа. Древнерусские городища X—XIII вв. // Свод археологических памятников. Москва, 1996.
[30] Карлов В.В. О факторах экономического и политического развития русского города в эпоху средневековья (к постановке вопроса) // Русский город. Вып. 1. Москва, 1976. С. 32—69; Ён жа. К вопросу о понятии раннефеодального города и его типов в отечественной истории // Русский город. Москва, Вып. 3. 1980. С. 60—83.
[31] Тимощук Б.А. Восточные славяне: От общины к городам. Москва, 1995.
[32] Пашуто В.Т. О некоторых путях изучения древнерусского города // Города феодальной России. Москва, 1966. С. 98.
[33] Традыцыйна лічыцца, што „межы епархій у асноўным супадаюць з межамі княстваў і земляў“ (гл. Макарый (Булгакаў). История русской церкви… Кн. II. С. 134 і 298 (Карты епархій). Але, па–першае, нашыя веды пра межы княстваў дастаткова ўмоўныя (гл. Древнерусские княжества X—XIII ст. Москва, 1975); па–другое, частая змена гэтых межаў, дакладней — юрысдыкцыі княстваў на даволі невялікіх участках памежнай тэрыторыі наўрад ці магла ўплываць на значна больш устой­лівыя, па вызначэнні, межы епіскапскай юрысдыкцыі.
[34] У сваю чаргу, і гэтыя персанажы таксама характарызуюцца ў летапіснай традыцыі як актыўныя прыхільнікі новай рэлігіі („манастыры“ Рагнеды, „любоў да хрысціянства“ Ізяслава).
[35] Заяц Ю.А. Распространение христианства в городах Полоцкой земли по материалам археологии (на примере Заславля) // Тэзісы навуковай канферэнцыі, прысвечанай 1000–годдзю Полацкай епархіі і праваслаўнай царквы на Беларусі. Мінск, 1992. С. 21—22.
[36] Рапов А.И. Op. cit. С. 377. Можна дадаць, што ў рамках гэтага тэзі­са аўтар адносіць і ўзнікненне ў Полацку епіскапскай кафедры толькі да эпохі княжання Ўсяслава Брачыслававіча, г. зн. „не раней за канец 60–х г. XI ст.“ (Тамсама).
[37] Параўн. меркаванне Шчапава пра час утварэння Тураўскай і Полацкай епархій (Государство и церковь в Древней Руси… С. 39, 42—43).
[38] У крыніцах таксама фігуруе шэраг тапонімаў, упамінанне якіх, асабліва „першае летапіснае…“, не суправаджаецца адпаведнымі характарыстыкамі і не дае магчымасці вызначыць статус дадзенага населенага пункта адносна канкрэтнай летапіснай даты, нават з пункту погляду летапісца. Як правіла, пры больш познім упамінанні ў пісьмовых крыніцах (у рамках гэтага ж перыяду — XI—XIII ст.) яны ўжо называюцца „гарадамі“.
[39] Алексеев Л.В. Полоцкая земля в IX—XIII вв. С. 173; Куза Л.В. Малые города Древней Руси. С. 97, 100; Куза Л.В. Древнерусские городища X—XIII вв. // Свод археологических памятников. Москва, 1966. С. 71, 82, 165.
[40] Такое „спрошчанае“ разуменне падзей, якое інкрымінавалася большасці царкоўных дарэвалюцыйных гісторыкаў, было аб’ектам крытыкі савецкіх гісторыкаў ад М.Пакроўскага і М.Нікольскага да I.Фраянава (Об историческом значении „Крещения Руси“ // Генезис и развитие феодализма в России. Ленинград, 1987. С. 20—58) і А.Кузьміна (Падение Перуна. Москва, 1988).
[41] Аничков Е.В. Язычество и Древняя Русь. С.–Петeрбург, 1914. С. 136.
[42] Баловнев Д.А. Приходское духовенство в Древней Руси X—XV вв. Православная энциклопедия. Москва, 2000. С. 253.
[43] Дз.Балаўнёў адзначае, што самае ранняе выкарыстанне тэрміна „прыход“ адносіцца да канца XV ст. (1485 г.). Тамсама. С. 254.
[44] „Либо си [если даже] и службу [церковную] оставите, нетуть в том греха“ („Поучение епископа Ильи“. РИБ. Т. 6. С. 367). Цыт. паводле: Романов Б.А. Люди и нравы Древней Руси. Ленинград, 1947. С. 239.
[45] Гл.: Описание церквей и приходов Минской Епархии. Ч. 1—3. Минск, 1878—1879.
[46] Гаворачы аб „прыкладах“, А.В.Арцыхоўскі мае на ўвазе не толькі пісьмовыя крыніцы, але і „…Мініяцюры Ніканаўскага летапісу XVI ст., якія часткова набліжаны да арыгіналаў XIV—XV ст.“. — Гл.: Очерки русской культуры XIII—XV вв. Ч. 1. Материальная культура. Москва, 1967. С. 315.
[47] Вигилев А.И. История отечественной почты. Москва, 1990. С. 24.
[48] История культуры Древней Руси: Домонгольский период. Т. 1. Материальная культура. Москва, 1948. С. 407.
[49] Лапшин В.А. К вопросу о формировании округи древнерусского города // Историко–археологический семинар „Чернигов и его округа в XI—XIII вв.“: Тезисы докл. Чернигов. 1988. С. 93—94.
[50] Лурье С. Община, империя, православие в русской этнической картине мира XV—XVII вв. // ОЗ. 2001. № 1. С. 105.
[51] Тихомиров М.Н. Источниковедение истории СССР: С древнейших времен до конца XVIII в. Вып. 1. Москва, 1962. С. 159.
[52] Тихомиров М.Н. Список русских городов дальних и ближних // ИЗ. 1952. Т. 40. С. 214—259 (перадрук у кн.: Русское летописание. Москва, 1979. С. 83—137).
[53] Подосинов А.В. О принципах построения и месте создания „Списка русских городов дальних и ближних“ // Восточная Европа в древности и средневековье. Москва, 1978. С. 40—48.
[54] Тихомиров М.Н. Указ. соч. С. 89.
[55] Наумов Е.П. К истории летописного „Списка русских городов дальних и ближних“ // Летописи и хроники. 1973. Москва, 1974. С. 157.
[56] Янин В.Л. К вопросу о дате составления обзора: „А се имена градом всем русскым, далним и ближним“ // Древнейшие государства Восточной Европы: Материалы и исследования, 1992—1993 г. Москва, 1995. С. 131.
[57] Поппе А.В. Деякі питання заселения польско–руського рубежа в ранньому середньовіччі // УІЖ. 1960. № 6. — Нажаль, мы не маем якіх–небудзь станоўчых дадзеных, каб гэтак жа ўпэўнена датаваць XIII стагоддзем больш за дзесятак „беларуских“ населеных пунктаў, упершыню названых менавіта ў гэтым „Спісе“ (гл. ніжэй).
[58] Куза А.В. Малые города Древней Руси. С. 31. Далей аўтар прыходзіць да высновы, што „гарадамі ў канцы XIV ст., па меншай меры ў царкоўных кругах, лічыліся цэнтры прыходаў“ (Тамсама). Такое ўскоснае пацвярджэнне тоеснасці гэтых паняццяў („горад“ — „прыход“) важна для нас яшчэ таму, што і адзіны часавы вектар і, у цэлым, дынаміка двух працэсаў — горадаўтварэння і хрысціянізацыі — робяць магчымасць такой тоеснасці для сітуацыі XI—XIII ст. значна больш высокай.
[59] Характэрна, што 9 з гэтых 14 „гарадоў“ так або інакш звязаны з кірункам асноўнай сухапутнай дарогі гэтага рэгіёну (Смаленск — Мінск — Вільня), а астатнія 5 — з воднымі шляхамі па Дняпры і Прыпяці.
[60] Гл. Jakubowski J. Opis Księstwa Trockiego z r. 1387 // Przegląd His­toryczny. 1907. T. 5. S. 44—46.
[61] Акты, относящиеся к истории Западной России, собранные и изданные Археографической комиссией. Т. 1. (1340—1506). С.–Петербург, 1846. С. 92.
[62] Wolff J. Kniaziowie Litewsko–Ruscy od końca XIV wieku. Warszawa, 1895. S. 95.
[63] Материалы по истории и географии Дисненского и Вилейского уездов Виленской губернии. Витебск. Изд. А.Сапунова и В.Друцкого–Любецкого. 1896. С. 221.
[64] Тамсама. С. 115.
[65] Щапов Я.И. Туровские уставы XIV в. о десятине // Археографический ежегодник 1964. Москва, 1965. С. 268; С. 271—272; Грамата „О постановлении Туровской епископии“ каштоўная тым, што акрамя Ляхавічаў, разам з іншымі гарадамі называецца і Здзітаў, што ўпамінаецца ў летапісах толькі адзін раз.
[66] Материалы по истории и географии Дисненского и Виленского уездов… С. 211 (Приложения. С. 35—36).
[67] Краснянский В.Г. Город Мстиславль. Его прошлое и настоящее // Записки Северо–Западного Отдела РГО. Книжка 3. Вильно. 1912. С. 118.
[68] Гл.: Ochmański J. Litewska granica etniczna na wschodzie od epoki plemennej do XVI wieku. Poznań. 1981. Карты 1 і 3 (с. 34 і 72).
[69] Пра існаванне праваслаўнага храма ў Крэве ў 2–й палове XIV ст. упамінаецца ў некаторых больш позніх дакументах. Гл.: Виленские епархиальные ведомости. 1875. № 44.
[70] Дастаткова шмат звестак пра заснаванне праваслаўных храмаў ёсць і ў пісьмовых крыніцах XV ст. (у асноўным, другой паловы), але гэта ўжо асобная тэма.
[71] Пра наяўнасць указанных прыкмет гл.: Куза А.В. Древнерусские городища X—XIII вв.; Штыхов А.В. Археологическая карта Белоруссии: Памятники железного века и эпохи феодализма. Вып. 2. Минск, 1971.
[72] Гэтая тэндэнцыя адлюстроўвае ўзровень транспартных і тэхналагічных магчымасцяў грамадства — яшчэ ў XVI—XVII ст. прасцей і лягчэй было пабудаваць 2—3 малыя царквы, чым адну, супастаўляльную з імі па аб’ёме і здольную змясціць такую самую колькасць людзей. Шляхі зносінаў таксама былі ў дрэнным стане, кадравай жа праблемы, верагодна, не існавала. Як указваў Я.Галубінскі, ужо ў XII—XIII ст. колькасць святароў была залішняй, а камплект асноўных прадметаў царкоўнага ўжытку (акрамя кніг і ікон), як правіла, быў мясцовай вытворчасці.
[73] Спиридонов М.Ф. Закрепощение крестьянства Беларуси (XV—XVI вв.). Минск, 1993. Приложение. Карта „Беларусь в конце XVI в.“ 1:1 000 000.
[74] Гл.: Чистович И. Очерк истории западно–русской церкви. Часть II. С.–Петербург, 1884. С. 391—406.
[75] „Узбуйненне“ прыходаў, заснаванае на разліку колькасці прыхаджан у маштабах асноўных адміністрацыйных адзінак (губерняў і г. д.), з’яўляецца параджэннем бюракратычнай сістэмы Расійскай імперыі канца XVIII — пачатку XIX ст. і звязана з сістэмай дзяржаўнага фінансавання кліра.

Наверх

Андрэй Янушкевіч. Унія з Каронай ва ўнутранай палітыцы ВКЛ перад Люблінскім соймам 1569 г.

Снежня 21, 2003 |


1569 год стаў пераломным у гісторыі Вялікага Княства Літоўскага. Заключанай у Любліне уніі з Польшчай папярэд­нічалі важныя ўнутрыпалітычныя падзеі і працэсы, у якіх удзель­нічалі прынамсі тры ўплывовыя палітычныя суб’екты — гаспадар, магнатэрыя і шляхта. Важна высветліць, якімі ж былі пазіцыі гэтых бакоў у дачыненні да „уній­нага пытання“, ці сапраўды сярэдняя шляхта з’яўлялася асноўным і, галоўнае, свядомым правадніком злучэння Княства з Каронай[1].

Яшчэ з пачатку ХХ ст. у гістарыяграфіі запанавала схема, прапанаваная Мацвеем Любаўскім[2]. Паводле яго працаў, сацыяльна–палітычнае развіццё ў ВКЛ вызначалася паступовай палітычнай эмансіпацыяй сярэдняй шляхты, што выяўлялася ў яе імкненні пашырыць свае правы і вольнасці. Запавольвала гэты працэс магнатэрыя, у інтарэсах якой было не дапусціць шырокія масы шляхты да роўнага з ёй удзелу ў рэалізацыі ўладных паўнамоцтваў. Галоўнай тэндэнцыяй сацыяльна–палітычнага развіцця ВКЛ з’яўлялася барацьба гэтых дзвюх класавых праслоек за дамінацыю ў палітычным жыцці краіны. Дзякуючы прыняццю Статута 1566 г. і заключэнню Люблінскай уніі ў 1569 г. фармальна гэтую барацьбу выйграла шляхта, атрымаўшы прамы доступ да ўлады праз соймавыя і судовыя структуры.

Блізкая да такіх поглядаў пазіцыя Оскара Галецкага — выбітнага знаўцы польска–літоўскай уніі[3]. У яго даследаваннях дамінуе думка, што палітычная эмансіпацыя шляхты ў ВКЛ ішла ўпоравень з усведамленнем непазбежнасці для перамогі над магнатэрыяй заключэння уніі з Польшчай і пабудовы дзяржаўна–праўнай сістэмы па польскім узоры. Меркаванне аб адзінстве унійнага і эмансіпацыйнага працэсаў трывала замацавалася ў польскай гістарыяграфіі і з’яўляецца яе характэрнай рысай па сённяшні дзень. Яго найбольш аўтарытэтны прыхільнік — Юліуш Бардах[4].

У працах Івана Лапо развіваўся альтэрнатыўны погляд на сутнасць унутрыпалітычных працэсаў у ВКЛ напярэдадні знамянальнага 1569 г.[5] На думку гэтага навукоўца, вялікіх разыходжанняў у пазіцыях шляхты і магнатэрыі ў пытанні далейшых узаемаадносін ВКЛ і Польшчы не было. Увага акцэнтавалася на салідарнай абароне шляхецкім грамадствам ВКЛ агульнадзяржаўных інтарэсаў. І. Лапо адводзіў значнае месца вывучэнню прававых аспектаў развіцця ўнутрыпалітычных працэсаў у ВКЛ. Гэты даследчык прынцыпова даводзіў, што пасля заключэння Люблінскай уніі Княства захавала асноўныя атрыбуты суверэнітэту.

Трэба адзначыць, што за апошнія гады ў Польшчы і Літве выйшлі новыя працы, якія рэпрэзентуюць падобныя альтэрнатыўныя погляды на сутнасць уніі і ролю шляхты ВКЛ у яе заключэнні. У даследаваннях Генрыка Віснэра, Гжэгажа Блашчыка, Генрыка Люлевіча, Мечыславаса Ючаса і іншых звяртаецца ўвага на негатыўныя наступствы уніі для ВКЛ і супярэчлівую ролю шляхты ў гэтым працэсе[6].

Сучасная беларуская гістарыяграфія болей схіляецца да акцэптацыі поглядаў М. Любаўскага і новай польскай гістарыя­графіі, у першую чаргу знаўцы прадмета Ю. Бардаха. Асаблі­ва тут трэба ўзгадаць апошнюю працу Паўла Лойкі, у якой аўтар не выходзіць за рамкі традыцыйнага трактавання ўнутрыпалітычных працэсаў у ВКЛ у сярэдзіне XVI ст.[7]

Адным з найбольш пераканальных аргументаў на карысць меркавання аб імкненні шляхты ВКЛ да заключэння уніі з Польшчай, які з лёгкай рукі О. Галецкага замацаваўся ў гістарыяграфіі, сталі падзеі ў вайсковым лагеры пад Віцебскам у верасні 1562 г., дзе ад імя ўсёй сабранай у паспалітым рушанні шляхты было накіравана пасольства да Жыгімонта Аўгуста з просьбай аб супольным з палякамі вырашэнні некаторых актуальных палітычных пытанняў. На думку О. Галецкага, гэта быў першы свядомы выступ шляхты ВКЛ на карысць уніі, які паказаў Жыгімонту Аўгусту падтрымку шляхецкім грамадствам гэтай ідэі і неабходнасць яе хутчэйшай рэалізацыі. Ініцыятыва шляхты ў немалой ступені была водгукам на прапаганду з польскага боку дабротаў уніі і ўсведамлення яе карысці для сябе[8]. Далейшыя падзеі на ваенным фронце, асабліва захоп маскоўцамі Полацка ў 1563 г., прывялі да канчатковага разумення неабходнасці заключэння уніі.

Найважнейшыя крыніцы пра падзеі ў вайсковым лагеры пад Віцебскам, што адбываліся ў верасні 1562 г., захаваліся ў бібліятэцы Чартарыйскіх у Кракаве[9]. Іх комплекс складаецца з трох частак. Спачатку ідуць своеасаблівыя ўводзіны ў тэму — уступ, напісаны ананімам, у якім коратка характарызуецца ўнутрыпалітычная сітуацыя ў ВКЛ у 1562 г., у прыватнасці, характар адносінаў паміж „панамі“ і шляхтай. Тэкст напісаны на польскай мове і яго аўтар, безумоўна, паляк. У другой част­цы змяшчаюцца „Спісы“ (spisy, spisky[10]) — дакумент, дзе ў тэзіснай форме падаюцца патрабаванні шляхты, сабранай пад Віцебскам. Далей ідзе ліст да гаспадара ад імя пасольства ў складзе Яна Хадкевіча, Малхера Шэмета і Рыгора Бакея, у якім выкладаюцца прапановы ўдзельнікаў падзей у вайсковым лагеры.

У сваіх поглядах аўтар дакументальнага тэксту схіляўся да неабходнасці злучэння (іншымі словамі — інкарпарацыі) ВКЛ з Польшчай. Галоўнай перашкодай на шляху да уніі, на яго думку, былі „паны“, якія не хацелі дапускаць шляхту да ўлады і, зыходзячы з гэтага, не былі зацікаўленыя ў развіцці ў ВКЛ „шляхецкай дэмакратыі“[11]. Дарэчы, пры аналізе крыніцы О.Галецкі безумоўна падтрымаў пазіцыю ананімнага аўтара ўступу, дакладна пераказваючы яго ідэі.

Аднак змест крыніц даводзіць, што унія ў вайсковым лагеры ліцьвінаў разумелася інакш. У якасці галоўнага патрабавання быў вылучаны заклік да склікання супольнага сойму, на якім у першую чаргу павінны быць вырашаны пытанні элекцыі будучага гаспадара і агульнай абароны. Асобным пунктам стаяла жаданне стварыць адзінае праўнае поле ў Кароне і Княстве, з выразнай мэтай рэалізацыі ў ВКЛ пастулатаў „шляхецкай дэмакратыі“. Унія разумелася як супольнае вырашэнне гэтых асноўных задач. Шляхта не пага­джа­лася з вылучаным у Кароне інкарпарацыйным праектам уніі: „A wiedz że M(iło)ściwy Królu, za zjechaniem naszym z pany Polaky nie juśmy na to wszystko przyzwolić, do czego by oni nas z upadkiem Rzeczypospol(itej) naszej przywodzić chcieły proźbami abo radami swemi…“[12].

Варта заўважыць, што вылучаныя ў „Спісах“ патрабаванні пададзены ў ультыматыўнай форме. Прыхільнікі гэтай ініцыятывы асцерагаліся супрацьдзеяння з боку магнатэрыі і імкнуліся засцерагчыся ад яе ціску. Такі ціск, згодна з тэкстам „Спісаў“, мог здзяйсняцца праз судова–выканаўчыя структуры, якія былі пад уплывам магнатаў, а таксама фізічнымі метадамі. „Спісы“ заклікалі ўсю шляхту салідарызавацца для адпору. У выпадку ігнаравання сваіх патрабаванняў шляхта нават адмаўлялася плаціць падаткі і збіраліся ў паспалітае рушанне. Шляхта імкнулася выступаць на палітычнай арэне ў якасці самастойнай сілы, што, безумоўна, разыходзілася з поглядамі магнатэрыі адносна месца і ролі шараговага шляхецтва ў палітычным жыцці краіны[13].

Аднак гэта не значыць, што шляхта спрабавала супраць­па­ставіць сябе магнатэрыі. У пасольскім лісце прама гаварылася пра жаданне супольнага абмеркавання надзённых праблем з панамі–радай, нават пры адсутнасці гаспадара. Прызнаючы вялікую ролю Рады ў палітычным жыцці краіны, віцебскі лагер лічыў правамоцным і патрэбным паўнапраўны ўдзел шляхты як „меншага стану“ ў абмеркаванні найважнейшых дзяржаўных спраў. Шляхта патрабавала склікання з’езду (сойму), дзе б „меншы стан“ меў магчымасць данесці да ведама гаспадара і радных паноў свае „просьбы“. Іншымі словамі, шляхта хацела займець рэальную рэпрэзентацыю на галоўным прадстаўнічым форуме краіны і непасрэдна ўплываць на ход прыняцця палітычных рашэнняў.

Што стала прычынай актывізацыі шляхты, сабранай у вайсковым лагеры, і вылучэння ёю дастаткова радыкальных патрабаванняў? О. Галецкі лічыць, што непасрэднай прычынай гэтага паслужылі цяжкасці ў вядзенні Інфлянцкай вайны. Яны актывізавалі палітычную дзейнасць шляхты[14].

Трапна, на наш погляд, ахарактарызаваў падзеі пад Віцебскам І. Лапо. Ён не бачыў у дзеяннях шляхты водгуку на заклікі польскіх экзекуцыяністаў, ацэньваючы іх як „крык змучанай вайной паўгалоднай масы людзей, якія страчвалі надзею на паспяховае вядзенне вайны сіламі толькі сваёй дзяржавы“[15].

Дакладна вядома, што шляхта была незадаволена працяглым побытам у лагеры з–за адсутнасці патрэбнай колькасці харчавання. Навакольны край быў спустошаны ваеннымі дзеяннямі, а спадзяванні на атрыманне здабычы ў выніку ваенных выправаў, мяркуючы па ўсім, не апраўдаліся. Пры гэтым дзяржаўная ўлада дамагалася ад шляхты, сабранай у паспалітым рушанні, ухвалення новага збору серабшчыны[16]. Змучаная ваенным становішчам шляхта, пагаджаючыся на новую серабшчыну, узамен прасіла, зважаючы на цяжкасці з харчаваннем, распусціць войска[17].

Гэты кантэкст падзей, якія адбываліся ў вайсковым лагеры пад Віцебскам, можа растлумачыць некаторыя заблытаныя пытанні. Шляхта была змучана вайной, і яе незадаволенасць цяжкасцямі вайны трэба было толькі скіраваць у па­трэбнае рэчышча. У падобных варунках атрыманне пад­трым­кі звонку магло здавацца адзіным выйсцем са складанай сітуацыі.

Ці не выкарыстала гэтыя акалічнасці сапраўды дасведчаная і ўплывовая палітычная сіла ва ўласных інтарэсах? Вядома, што адным з паслоў ад сабраных пад Віцебскам шэрагаў шляхты быў малады і амбітны Ян Хадкевіч. Узнікае пытанне, чаму на чале шляхецкага пасольства апынуўся прадстаўнік магнацкага роду?

На наш погляд, гэта адбылося па той прычыне, што менавіта Я. Хадкевіч мог быць ініцыятарам выступлення шляхты[18]. Стольнік земскі ВКЛ пачынаў выяўляць сябе на той час як актыўны ваенны і палітычны дзеяч[19]. Хадкевічы тады былі другім па ўплывовасці магнацкім родам пасля Радзівілаў і іх супернікамі ў змаганні за дамінаванне на палітычнай арэне[20]. Аднак становішча Радзівілаў на пачатку 60–х г. XVI ст. было настолькі моцнае, што без вонкавай падтрымкі ні Хадкевічы, ні якая–небудзь іншая палітычная сіла не магла даць ім рады.

Калі паглядзець на падзеі пад Віцебскам праз разрэз унутрыпалітычнай барацьбы Радзівілаў з Хадкевічамі, то выглядае цалкам праўдападобным, што Я. Хадкевіч паспрабаваў, абапі­раючыся на шляхецкія масы, перахапіць палітычную ініцыятыву[21]. Менавіта Радзівілы мэтанакіравана супраціўляліся скліканню супольнага польска–літоўскага сойму, на якім пры любым раскладзе было б пастаўлена пытанне абмеркавання уніі. Звернем увагу яшчэ раз, што віцебскі лагер дамагаўся менавіта супольнага саймавання, аднак не дзеля інкарпарацыйнага зліцця Княства з Каронай, і нават не дзеля вузкастанавай задачы атрымання польскіх „залатых правоў і вольнасцяў“, як часта пішацца ў гістарыяграфіі, а для вырашэння найпільнейшых палітычных пытанняў пры сваім паўнапраўным удзеле. Пры гэтым скліканне такога сойму не азначала ўвя­дзення новага інстытута ўлады, а павінна было быць аднаразовай акцыяй.

Як бачна, прапановы віцебскага лагера — канкрэтныя і саспелыя да рэалізацыі — насілі ўмераны характар. У іх пры­знавалася неабходнасць уніі для дзейснай абароны краіны ды пераемнасці ўлады і адначасова абараняліся асноўныя атрыбуты суверэнітэту ВКЛ[22]. Цяжка ўявіць, каб такі ўзважаны праект мог спантанна з’явіцца ў шэрагах ананімных шляхцічаў, з ліку якіх мы не ведаем прозвішча ніводнага палітычнага лідэра. Ініцыятарам яго стварэння павінен быў быць добра інфармаваны ў палітычных справах ВКЛ і Польшчы чалавек. Я. Хадкевіч найлепей падыходзіў на гэтую ролю. Да таго ж, пастулаты, вылучаныя пад Віцебскам у 1562 г., не разыхо­дзіліся з пазіцыяй Хадкевіча па унійным пытанні, якую ён займаў на Люблінскім сойме 1569 г.

Акцыя Я. Хадкевіча была цікавай спробай перахопу палітычнай ініцыятывы, у якой ён салідарызаваўся з новай пазіцыяй гаспадара ў пытаннях узаемадачыненняў паміж Польшчай і ВКЛ. Я. Хадкевіч выкарыстаў незадаволенасць шляхты для адшукання яе падтрымкі, а праз прызнанне неабходнасці уніі — давер караля. З яго боку гэта быў досыць рызыкоўны крок, бо ў выпадку няўдачы існавала небяспека апынуцца на ўзбочыне вялікай палітыкі. Аднак, як паказаў час, Я. Хадкевіч добра арыентаваўся ў палітычнай сітуацыі і яе перспектывах. Неўзабаве ён пачаў хутка прасоўвацца па ўрадніцкай лесвіцы, зрабіўшыся ў другой палове 60–х г. XVI ст. фактычна адным з самых уплывовых палітыкаў у ВКЛ[23].

Асабліва трэба адзначыць — падзеі ў лагеры пад Віцебскам паказалі, што паспалітае рушанне з інструменту для вя­дзення ваенных дзеянняў cтанавілася важным фактарам унутрыпалітычнай барацьбы ў ВКЛ.

„Спісы“ шляхты ВКЛ агучылі на Варшаўскім сойме 1563/1564 г., на якім была зроблена першая сур’ёзная спроба за­ключэння новай уніі. Аднак гэтая ініцыятыва польскіх паслоў не прынесла вялікага эфекту. Напэўна, з той прычыны, што прапановы, выпрацаваныя ў вайсковым лагеры пад Віцебскам у верасні 1562 г., па сутнасці, мала чым адрозніваліся ад пазіцыі пасольства на чале з М. Радзівілам Чорным. Віленскі біскуп Валяр’ян Пратасевіч у сваім вотуме, выкладзеным на Берасцейскім сойме 1566 г., ставіў у адзін шэраг прапановы ліцьвінаў наконт уніі, зробленыя ў вайсковым лагеры пад Віцебскам і на соймах у Вільні і Варшаве ў 1563 г.[24]

З процілеглага Радзівілам палітычнага лагера выйшла яшчэ адна цікавая контракцыя. Са з’езду радных паноў у Трабах у кастрычніку 1565 г. у Вільню да гаспадара было выслана пасольства на чале з усё тымі ж Я. Хадкевічам і М. Шэметам[25]. Пасольства прасіла ад Жыгімонта Аўгуста гарантый, што ў далейшым часе падобныя з’езды не будуць шкодзіць „шляхецкім вольнасцям“ і склікацца без вальнага сойму. Гаспадар тлумачыў, што з’езд быў скліканы без вальнага сойму для аператыўных радаў „о пилных и великоважных потребах“ абароны краіны, што ніякага „нарушенья и уближенья“ правоў і вольнасцяў з–за гэтага няма і не будзе.

Нашто групоўцы радных паноў у той сітуацыі, калі шляхта быццам бы ціснула на магнатэрыю з мэтай найхутчэйшага заключэння уніі з Польшчай, адмаўляцца ад магчымасці вырашаць дзяржаўныя праблемы ў вузкім коле Рады і дамагацца гарантавання вольнасцяў праз абавязковае скліканне сойму — найвышэйшага станавага прадстаўнічага органа?

На нашу думку, у гэтым выпадку зноў яскрава выявілася барацьба групоўкі Я. Хадкевіча за палітычныя ўплывы. Падобныя паводзіны скіроўваліся ў першую чаргу супраць групоўкі М. Радзівіла Рудога і яе канцэпцыі палітычнага ўладкавання ў ВКЛ. Я. Хадкевічу было лепей дзейнічаць па ўмацаванні сваіх уплываў менавіта на соймах, таму што тут было больш шырокае поле для манеўраў, і Радзівілы, у адрозненне ад Рады, не гралі тут абсалютна дамінавальную ролю. Да таго ж, месца земскага маршалка ў гэты час было вакантным, а Я.Хадкевіч на яго, безумоўна, прэтэндаваў[26]. Падобны ход быў бяспройгрышны, таму што Жыгімонт Аўгуст не мог не па­цвердзіць гарантый шляхецкіх вольнасцяў. Гэта адпавядала яго тагачаснай палітыцы ўмацавання праўных асноў шляхецка–дэмакратычнага ладу ў ВКЛ.

Як сведчаць факты, шляхта ВКЛ не адыгрывала актыўнай і, што найважней, самастойнай ролі ў палітычным жыцці. Ініцыятыўнасць на соймах у выглядзе падачы „просьбаў“ да гаспадара не павінна прыводзіць у зман. Гэтыя просьбы мелі на мэце выкананне хутчэй рэгіянальных інтарэсаў, чым агульнадзяржаўных. Адсутнасць на рэгіянальным узроўні прадстаўнічых органаў — соймікаў — спрычынялася да слабой абазнанасці шляхты ў палітычных справах і не спрыяла накапленню досведу палітычнай барацьбы. Шляхта, дарэчы, ніколі не вылучала патрабавання ўтварэння соймікаў на тэрыторыі Княства. Няма такога пункта і ў віцебскіх „Спісах“ 1562 г. Вядома, што ў Польшчы менавіта соймікі служылі для шараговай шляхты школай, дзе яна практычным шляхам здабывала палітычную адукацыю. Калі шляхта імкнулася да пераймання польскіх узораў, то чаму не патрабавала стварэння так відавочна выгадных для сябе соймікавых структур улады?

Сапраўднае месца прадстаўнікоў ад рэгіёнаў (у большасці звычайных сярэдніх шляхцічаў) у палітычнай ерархіі засведчыла інструкцыя (канфірмацыя) для пасольства ВКЛ на Варшаўскі сойм, зацверджаная гаспадаром у ліпені 1563 г. Сябры пасольства, якія не належалі да першай „лавіцы“ паноў–рады, не мелі права самастойна выказваць свой голас у дыскусіях[27]. Верагодна, такі падыход акцэптаваўся ўсімі ўдзельні­камі пасольства як сам сабой зразумелы. Дзённік Варшаўскага сойму змяшчае толькі выступленні М. Радзівіла Чорнага — кіраўніка пасольства. На заўвагу, чаму ад імя ліцьвінаў выказваецца толь­кі ён, Радзівіл адказаў, што мае паўнамоцтвы ад усяго шляхецтва ВКЛ[28]. На ролю М. Радзівіла Чорнага ў гэтым пасольстве могуць паказваць абвіначванні ў яго бок, зробленыя кракаў­скім кашталянам Я. Тарноўскім, які заявіў, што Радзівіл за­мяніў сапраўдных земскіх паслоў на залежных ад яго шляхцічаў[29].

Важныя аргументы супраць прапанаванай О. Галецкім канцэпцыі — адсутнасць звестак пра новыя праунійныя іні­цыя­тывы шляхты ВКЛ. Дакладна толькі вядома, што праунійныя прапановы зыходзілі ад падляшскай шляхты. Аб прычынах яе зацікаўленасці ў уніі ўжо шмат пісалася ў літаратуры. Найбольш яскрава праунійная пазіцыя падляшан праявілася на Берасцейскім сойме 1566 г. Толькі ў „просьбах“ падляш­скіх паветаў было цвёрда і прама пастаўлена пытанне пра неабходнасць давяршэння справы уніі з Польшчай[30].

З асяроддзя падляшан выйшла яшчэ адна вельмі цікавая прапанова, на якую не звярнулі ўвагі навукоўцы. Шэраг падляшскіх ураднікаў з ліку мясцовай шляхты склалі прамову, выкладзеную перад удзельнікамі сойму[31]. У ёй гаварылася, што ў той сітуацыі, калі палітычныя эліты абедзвюх краін (г. зн. сенатары з польскага боку, а радныя паны — з боку ВКЛ) не могуць дамовіцца па спрэчных пытаннях (што можа зацягнуць за­ключэнне уніі да бясконцасці), вырашэнне спрэчак і прыняцце канчатковага рашэння належыць Жыгімонту Аўгусту як „panu zwierchnemu a przedniejszemu tak Korony Polskiej jako Wielkiego Księstwa Litewskiego“, пры ўмове захавання правоў і вольнасцяў абедзвюх дзяржаў. Пры гэтым падляшскія паслы асабліва падкрэслівалі, што „żaden inszy zgadzać abo ro­zeznawać nie może ani będzie obywatelów a narodów tego państwa Wielkiego Księstwa Litewskiego z obywatelmi a z narody Korony Polskiej“[32]. Такім чынам, падляшскія паслы выказваліся за адсоўванне радных паноў ад вырашэння гэтай актуальнай палітычнай праблемы.

Палітычныя ініцыятывы падляшан заўсёды выстаўляліся як прыклад памкненняў шляхты да эмансіпацыі і уніі. Хацелася б перавесці ўвагу на іншую праблему. Ці абавязкова пра­унійная пазіцыя падляшскіх паветаў вынікала пераважна з рацыі саслоўных інтарэсаў сярэдняй шляхты? Ці не адыгрывалі тут больш значную ролю рэгіянальныя інтарэсы Падляшша як спецыфічнага раёна ВКЛ? Суседства з Каронай спрыяла не толькі перайманню традыцый рэальнай „шляхецкай дэмакратыі“, але і паглыбленню эканамічных і культурных сувязяў, што стварала дадатковую зацікаўленасць падляшан у уніі.

Да 1568 г. на соймах ВКЛ пытанне уніі (дакладней, склі­кання агульнага з палякамі сойму) не падымалася. На Віленскім сойме 1563 г. была вылучана „просьба“ да палякаў аб вайсковай дапамозе, наступствам чаго стала накіраванне на польскі сойм восенню 1563 г. афіцыйнай дэлегацыі з ВКЛ[33]. На Віленскім сойме 1565 г. гаспадар, адказваючы на „просьбы“ некаторых паветаў, сам адхіліў разгляд пытання аб супольным сойме[34]. Універсал аб скліканні вальнага сойму ў сярэдзіне 1566 г. сведчыў пра асаблівае значэнне унійнага пытання, аднак у лістах гаспадара да соймікаў пра гэта няма ніводнага слова[35]. У жніўні 1566 г. Рада прасіла гаспадара адкласці скліканне супольнага польска–літоўскага сойму з прычыны небяспекі нападу вялікага маскоўскага войска[36]. У гаспадарскіх пасланнях на соймікі ў кастрычніку 1566 г. ясна гаварылася, што ўзнаўленне перамоў аб уніі з палякамі рабілася вы­ключна „для способнейшое и потужнейшое вальки з не­прия­телем“[37]. Аднак з вялікай доляй верагоднасці можна дапускаць, што гаспадарскай уладзе не ўдалося схіліць сойм да ўзнаўлення перамоў аб уніі. Рэцэс Гарадзенскага сойму ад 6 студзеня 1567 г. змяшчае толькі артыкул „о сланье до панов поляков“ з просьбай аб вайсковай і фінансавай дапамозе на будучую выправу супраць маскоўцаў, у чым, дарэчы, польскі бок адмовіў[38]. І толькі на Гарадзенскім сойме 1568 г., выконваючы пастанову з’езду ў Лебедзеве, па ініцыятыве гаспадарскай улады было ўхвалена скліканне агульнага сойму з палякамі для канчатковага вырашэння „унійнага пытання“[39].

Дык ці была шляхта непасрэдна зацікаўлена ў заключэнні уніі з Польшчай? Безумоўна, гэта знаходзілася ў сферы яе станавых інтарэсаў і шляхта магла атрымаць ад уніі выгаду. Аднак у палітычных варунках тагачасся найпільнейшай па­трэбай шляхта бачыла прыняцце новага Статута, у які былі б упісаны прывілеі аб наданні шляхецкіх правоў і вольнасцяў, што юрыдычна аформіла б прызнанне за ўсім шляхецкім станам роўнага доступу да ўлады. Пасля зацвярджэння і ўступлення ў сілу Статута ВКЛ 1566 г. шляхта дамаглася рэалізацыі сваіх намаганняў. Атрыманне шляхецкіх вольнасцяў у любым выпадку цяпер не магло быць прывабным аргументам на карысць уніі з Польшчай.

Другой задачай для шляхты было завяршэнне вайны, а тым самым спыненне накладных збораў у паспалітае рушанне і выплатаў цяжкіх надзвычайных падаткаў. Уступленне ў Інфлянцкую вайну абумовіла рэзкае павелічэнне ставак ускосных падаткаў і частае ўхваленне серабшчыны[40]. Саюз з Польшчай усведамляўся як выхад з цяжкага становішча, і гэтае разуменне ўмацоўвалася з цягам Інфлянцкай вайны і выразна выявілася пасля збору войска ВКЛ у 1567 г.

Але шляхце не былі чужымі агульнадзяржаўныя інтарэсы ВКЛ, якія зусім не разыходзіліся з яе станавымі інтарэсамі. Ліцьвінаў вызначала цвёрдае ўсведамленне ўласнай адрознасці ад тых жа палякаў як асобнага „палітычнага народа“. Усведамленне асобнасці свайго палітычнага быцця змешвалася з этнічнымі характарыстыкамі, у выніку чаго паўставала арыгінальная „ліцьвінская свядомасць“, якая пазней стала крыніцай для праяваў „літоўскага сепаратызму“. Сведчанні моцнага адчування сваёй непадобнасці да „братняга“ народа мы сустракаем на кожным кроку. Гэтаму нямала паспрыялі творы польскіх публіцыстаў. Яны выстаўлялі ліцьвінаў як няўдзячны барбарскі народ, які павінен быць абавязаны Поль­шчы за свой уваход у супольнасць хрысціянскіх краінаў Еўропы. Ліцьвіны, у сваю чаргу, выступалі супраць гэткага погляду, лічылі яго несправядлівым і зняважлівым і, як маглі, змагаліся з ім. Найяскравейшы прыклад падобнай палемікі — творы Станіслава Ажахоўскага і ананімная „Размова Паляка з Ліцьвінам“[41].

Як ужо ўзгадвалася, упершыню супольнае абмеркаванне праблемы уніі адбылося на Варшаўскім сойме 1563/1564 г. Абодва бакі выклалі свае праекты будучага саюзу суседніх дзяржаў. Праект пасольскай ізбы польскага сойму, дзе дамінавалі экзекуцыяністы, заключаўся ў фактычнай інкарпарацыі ВКЛ у склад Польшчы[42]. Польскія сенатары таксама вы­ступалі за інкарпарацыйную унію, але іх пазіцыя была  больш схільная да кампрамісаў з ліцьвінамі[43]. Такі падыход не мог быць станоўча ўспрыняты літоўскім бокам. Паслы з  ВКЛ неаднакроць заяўлялі, што імкнуцца заключыць унію, але на ўмовах захавання „правоў і вольнасцяў“ Княства[44].

Літоўскі праект уніі кардынальна адрозніваўся сваім стаўленнем да характару і ролі супольнага сойму Рэчы Паспалітай. Радныя паны ВКЛ настойвалі на прысутнасці ў дзяржаўна–праўнай сістэме супольнай дзяржавы асобнага вальнага (або „паспалітага“) сойму ВКЛ. Гэты сойм, маючы паўнату заканадаўчай улады на тэрыторыі ВКЛ, быў прамежкавай ін­станцыяй паміж „Вялікім вальным соймам Рэчы Паспалітай“ (такі тэрмін выкарыстоўваецца ў дзённіку Варшаўскага сойму 1563/1564 г.) і літоўскімі соймікамі. Толькі ў выпадку вырашэння агульных для ўсёй дзяржавы пытанняў сойм у ВКЛ не павінен збірацца. Замест гэтага радныя паны павінны былі б вызначаць, хто з іх едзе на вялікі сойм, а хто застаецца[45].

М. Радзівіл Чорны лічыў патрэбным правядзенне ў ВКЛ рэформаў унутранага ладу і, у прыватнасці, утварэння павятовых соймікаў (sic!). Дзякуючы гэтым рэформам у ВКЛ з фармальна–юрыдычнага гледзішча канчаткова ўсталяваліся б прынцыпы „шляхецкай дэмакратыі“. Аднак пры гэтым магнацтва не згубіла б свайго рэальнага ўплыву на развіццё ўнутранай палітыкі дзяржавы. Гэты кантроль забяспечвала б у першую чаргу існаванне ўласна вальнага сойму ВКЛ.

У ВКЛ прытрымліваліся канцэпцыі „дзвюх Рэчаў Паспалітых“. Для функцыянавання ў краіне „шляхецкай дэмакратыі“ патрабавалася ўвядзенне новых урадаў і пасадаў, а таксама наданне прывілеяў „на ўзор польскі“. Аднак аб’яднанне з Каронай не было абсалютна неабходным. На такой пазіцыі стаяла Рада. Мяркуючы па крыніцах, гэтая пазіцыя не сустракала пярэчанняў з боку шляхецкага стану. Нельга разглядаць рэформы 1564—1566 г. як пройгрыш магнатаў і выйгрыш шляхты[46]. У свой час Ю. Бардах выказаў думку, што рэформы 1564—1566 г. уяўлялі сабою саступку з боку магнатэрыі, якая хацела такім чынам адвесці шляхту ад імкнення да уніі[47].

Для характарыстыкі літоўскага праекта дадае інфармацыі адзіны ў сваім родзе (і гэтым унікальны) votum віленскага біскупа В. Пратасевіча, выкладзены на Берасцейскім сойме 1566 г. Аргументацыйнай апорай для В. Пратасевіча быў прывілей Аляксандра 1492 г. Ён лічыў, што любыя унійныя пагадненні павінны абапірацца на гэты дакумент. Пазіцыя віленскага біскупа безумоўна кансерватыўная: „teraz nic my nowego nie potrzebujemy, jedno abyśmy zachowani byli po sta­remu“[48]. У галоўным пытанні — структуры вярхоўнага заканадаўчага органа — радныя паны салідарна выступалі за захаванне сойму ВКЛ. В. Пратасевіч, у прыватнасці, казаў, што калі Княства пазбавіцца ўласных вальных соймаў і Рады, „już przy tym państwie nic takiego osobliwego ani znatnego ku do­stojności jego i wolności naszej nie zostało“[49]. Важна адзначыць, што, абараняючы патрэбу функцыянавання соймаў ВКЛ, біскуп спасылаўся на прускую мадэль, дзе існаваў асобны ад кароннага сойм.

Праграмай–мінімум ліцьвінаў была згода на элекцыю адзі­нага гаспадара і вядзенне супольнай знешняй палітыкі. Гэты праект, мяркуючы па ўсім, быў абмеркаваны на Вілен­скім сойме 1563 г. і зацверджаны Жыгімонтам Аўгустам у канфірмацыі, нададзенай пасольству ВКЛ[50].

Такім чынам, гаспадар пагаджаўся з асноўнымі патрабаваннямі ліцьвінаў. На нашу думку, ён меркаваў з дапамогай такой умеранай уніі вырашыць дынастычныя праблемы і атрымаць ад польскага боку вайсковую і фінансавую дапамогу для вядзення Інфлянцкай вайны. Для гаспадарскай улады гэта было задачай нумар адзін. Падобныя прычыны пастаноўкі унійнага пытання ўказваў у кастрычніку 1563 г. Міхал Дзялыньскі ў сваёй размове з папскім нунцыем Камэндоні[51].

Аднак справа заключэння уніі разбілася аб рознае стаўленне бакоў у пытанні структуры вышэйшага заканадаўчага органа ўлады. З ходам соймавых дыскусій рос недавер да па­мкненняў процілеглага боку. Палякі непакоіліся, што захаванне вальнага сойму ВКЛ адкрые ў далейшым часе шлях да разрыву уніі і выбару асобнага вялікага князя. Ліцьвіны, у сваю чаргу, баяліся, што ў палітычным жыцці Княства пачнуць дамінаваць палякі, займаючы мясцовыя ўрады[52].

Літоўскае пасольства імкнулася перанесці заключэнне уніі на наступны сойм, спасылаючыся на адсутнасць дастатковых паўнамоцтваў для падпісання дакументаў, якія сваім зместам адыходзілі ад артыкулаў канфірмацыі. Ліцьвіны заяўлялі, што новыя спрэчныя пытанні павінны быць абмеркаваны на вальным сойме ВКЛ[53]. Упэўненасці ім дадавала атрыманне паведамленняў пра перамогу ў Вульскай бітве 26 студзеня 1564 г. Польскі бок, як і раней, ставіў у залежнасць ад вырашэння уній­нага пытання аказанне вайсковай і фінансавай дапамогі Княству ў вядзенні вайны з Маскоўскай дзяржавай[54].

Літоўскае пасольства ад’ехала з Варшавы ў канцы лютага 1564 г. Апісваючы настроі сярод удзельнікаў сойму, Камэндоні называў некалькі прычын, па якіх унія не была заключана[55]. Варта звярнуць увагу на апошнюю з іх. Верагодна, М. Ра­дзівіл Чорны, убачыўшы немагчымасць заключэння уніі па ўласным праекце, перайшоў да палітыкі зацягвання і адкладання перамоў з польскім бокам па гэтым пытанні. Віленскі ваявода канчаткова разышоўся ў поглядах з гаспадаром, і іх адносіны заўважна астудзіліся пасля гэтага часу.

На соймах 1564—1566 г. гэтая палітыка Рады ВКЛ, дзе верхаводзілі Радзівілы, выявілася з поўнай відавочнасцю. На каронны сойм, скліканы ў Парчове ўлетку 1564 г., з радных паноў ніхто не з’явіўся. Яны даслалі толькі сваіх упаўнаважаных, каб выказацца супраць экзекуцыі. Камэндоні ў гэтай сувязі канстатаваў: „utrudzają więc układy jak mogą, tak, iż ko­niecznym jest zaniechać ję na ten raz i odłożyć do drugiego sejmu“[56]. Аднак і на наступным каронным сойме, які сабраўся ў Пётракаве ў сака­віку 1565 г., сітуацыя паўтарылася. Прычынай непрыезду ліцьвінаў была пільная ваенная небяспека з боку Масквы[57].

У 1566 г. каронны сойм зноў чакаў пасольства з ВКЛ, якое павінна было выкласці пазіцыю літоўскага боку ў дачыненні да далейшых узаемаадносінаў паміж Княствам і Каронай. Аднак пасольства на чале з Мікалаем Нарушэвічам і Юрыем Осцікам, што прыехала на сойм 15 ліпеня 1566 г., не мела паўнамоцтваў для заключэння уніі. Яно паўтарыла тыя ж самыя ўмовы, якія былі вылучаны ліцьвінамі на Варшаўскім сойме 1563/1564 г.[58]

Такім чынам, радныя паны імкнуліся захаваць перадусім аўтаномію сойму ВКЛ у дзяржаўна–праўнай структуры Рэчы Паспалітай, не маючы нічога супраць заключэння уніі на прынцыпах адзінства гаспадарскай улады і вядзення супольнай знешняй палітыкі. Больш за тое, у радных паноў (у тым ліку і ў Радзівілаў) не выклікала пярэчанняў правядзенне рэформ для зацвярджэння ў ВКЛ шляхецка–дэмакратычных прынцыпаў дзяржаўнага ўладкавання. Рада імкнулася перавесці ўвагу на праблемы вайны і абароны, заклікаючы гаспадара да вырашэння гэтых найпільнейшых для Княства задач. Пытанне уніі перасоўвалася ёю па сваёй актуальнасці на другі план.

Асобнага аналізу патрабуе пазіцыя Жыгімонта Аўгуста ў дачыненні да уніі. Пачынаючы з 1562 г. гаспадар паслядоўна імкнуўся да яе заключэння. Але што да характару і шляхоў рэа­лізацыі унійных планаў, то тут дзеянні апошняга Гедымінавіча былі досыць супярэчлівыя. Яго пазіцыя змянялася ў залежнасці ад развіцця палітычных падзей у Польшчы і ВКЛ. Пры характарыстыцы унійнай палітыкі гаспадара нельга абмі­наць і ўплывовыя знешнепалітычныя фактары, у першую чаргу ўдзел Княства ў Інфлянцкай вайне.

Для вядзення актыўнай знешняй палітыкі Жыгімонт Аўгуст першы зразумеў неабходнасць апоры на вайсковы і фі­нансава–матэрыяльны патэнцыял не толькі Літвы, але таксама і Польшчы. Гэтую патрэбу ўвідавочнілі складанасці, якія ўзнік­лі пры падпарадкаванні Інфлянтаў на пачатку 60–х г. XVI ст. Да заключэння уніі Жыгімонта Аўгуста штурхала не што іншае як патрэба знайсці сродкі для рэалізацыі сваіх знешнепалітычных планаў.

Унійную палітыку гаспадара лаканічна і вельмі дакладна апісаў у сваёй рэляцыі ў Рым добра дасведчаны папскі нунцый Ю. Руджэры: „Ma Jego Królewska Miłość inny zamiar, który go niemało zajmuje, to jest zjednoczenie Litwy z Koroną w sposób niżej opisany, a to tym końcem aby połączone siły mogły łatwiej opierać się wspólnym nieprzyjaciołom a mianowicie Moskwie, której, jak się okazało z doświadczenia, Litwini nie są w stanie podołać, a Polacy, nie będąc z nimi złączeni, nie chcieli wojować w tamtych stronach bez żołdu“[59]. Як бачым, папскі нунцый лічыў, што патрэбы абароны служылі галоўнай прычынай праунійнай палітыкі гаспадара. Падобныя матывацыі унійнай палітыкі гаспадара па­цвярджае таксама інструкцыя на соймік Бельскага павету ў кастрычніку 1568 г. У гэтым дакуменце, выдадзеным напярэдадні Люблінскага сойму, няма ніводнага слова пра станавую зацікаўленасць шляхты ў заключэнні уніі, таксама як пра падобныя перадумовы палітыкі гаспадарскай улады[60].

Ужо ў канцы 1562 г. Жыгімонт Аўгуст заклікаў М. Радзівіла Чорнага да хутчэйшага заключэння уніі[61]. Страта Полацка ў лютым 1563 г. яшчэ мацней пераканала Жыгімонта Аўгуста ў патрэбе як мага хутчэйшага атрымання вайсковай дапамогі з боку Польшчы. Вышэйшыя станы ВКЛ таксама выразна ўбачылі патрэбу ў прыцягненні знешніх сродкаў для абароны. Вальны сойм ВКЛ у 1563 г. пагадзіўся выслаць у Польшчу пасольства для абмеркавання умоў, на якіх можа быць заключана унія. Агаворвалася, што гэты крок кіраўніцтва ВКЛ зрабіла з мэтай атрымання вайсковай і фінансавай дапамогі з Поль­шчы[62].

Цікавы той факт, што Жыгімонт Аўгуст падпісаў канфірмацыю для пасольства, дзе выкладаўся літоўскі праект уніі. Напэўна, гаспадар пагаджаўся з умовамі ліцьвінаў і лічыў, што такой жа будзе пазіцыя польскага сойму. Варта заўважыць, што пастулаты літоўскага боку не супярэчылі дынастычным інтарэсам апошняга прадстаўніка Гедымінавічаў. У канфірмацыі нідзе не прасочвалася ідэя неабходнасці уні­фікацыі палітычных сістэм Кароны і Княства. Ці можна, у сувязі з гэтым, казаць пра паслядоўнасць планаў гаспадара ў заключэнні цяснейшага саюзу дзвюх дзяржаў?

Жыгімонт Аўгуст умела выкарыстоўваў супярэчнасці паміж сенатам і пасольскай ізбой у каронным сойме дзеля рэалізацыі сваіх палітычных задумаў. Нельга казаць, што пасля 1562 г. кароль лёгка перайшоў на бок экзекуцыяністаў і па­слухмяна выконваў пастулаты іх праграмы[63]. Супярэчлівасць унутранай палітыкі гаспадара ў Кароне заключалася ў лавіраванні паміж сенатам, якому экзекуцыя правоў на зямельныя маёнткі была нявыгадная, і пасольскай ізбой — патрабавальнікам радыкальных экзекуцыйных рэформаў.

Схільны да кампрамісных рашэнняў, Жыгімонт Аўгуст бачыў, што ні інкарпарацыя, ні захаванне соймавай аўтаноміі ВКЛ не надаваліся для абодвух бакоў як шлях да заключэння уніі. Гэта стала выразна відаць пасля дыскусій на Варшаўскім сойме 1563/1564 г.

Жыгімонт Аўгуст рашуча падтрымаў польскі бок, зыходзячы з ідэі „аднаго цела і галавы Рэчы Паспалітай“. Тым самым любое раздзяленне паўнамоцтваў вярхоўных органаў улады адкідвалася як супярэчнае ідэі супольнай дзяржавы. Аднак канкрэтныя пытанні, якія датычыліся „правоў, вольнасцяў, звычаяў“, патрабавалі дакладнага юрыдычнага вырашэння. Найважнейшымі з іх (узгаданых у рэцэсе Варшаўскага сойму 1563/1564 г.) былі вызначэнне месца ліцьвінаў у соймавай ерархіі, вызначэнне месца адбыцця соймаў і стварэнне на тэрыторыі ВКЛ соймікаў. Так што прорва адрозненняў паміж дзяржаўна–палітычным уладкаваннем Кароны і Княства была глыбейшая, чым ўяўлялася.

Перамога ў Вульскай бітве 26 студзеня 1564 г. выявіла, што спыніць наступ маскоўцаў можна было ўласнымі сіламі ліцьвінаў. Задача прыцягнення знешняй дапамогі не здавалася такой актуальнай. Гэтае становішча выкарысталі Радзі­вілы, каб згарнуць перамовы з польскім бокам наконт уніі.

Іх заклікі звярнуцца да ваенных спраў не засталіся па–за ўвагай гаспадара. У 1565 г. ён выступіў за актывізацыю ваенных дзеянняў і нанясенне непрыяцелю вырашальнага ўдару.  Жыгімонт Аўгуст на польскім сойме ў сакавіку 1565 г. выказаўся за хутчэйшае завяршэнне вайны як першачарговую задачу для абедзвюх дзяржаў, „nie trwoniąc czasu, jak w upły­nionym roku, swarami około zjednoczenia Litwy z Koroną“[64]. Гас­падар разам з сенатам прапаноўваў неадкладна ўхваліць падаткі на ваенна–абарончыя мэты. На іх думку, ваеннае становішча перашкаджала спакойна займацца ўнутрыпалітычнымі справамі, у прыватнасці, праводзіць супольныя соймы, дзе магла б быць даведзена да канца справа уніі[65]. У сваю чаргу, пасольская ізба клапацілася пра распачынанне экзекуцыі як першачарговага пытання. Пасля яе рэалізацыі можна было прыступіць да уніі. Навядзенне парадку ў Кароне павінна было станоўча паўплываць, на думку земскіх паслоў, на стаўленне ліцьвінаў да саюзу з Польшчай[66]. Нягледзячы на падобнае разыходжанне пазіцый, падаткі на вайну былі ўхвалены.

У соймікавых інструкцыях, разасланых перад Пётракаў­скім соймам 1566 г., Жыгімонт Аўгуст зноў заклікаў да абмеркавання праблем абароны ад маскоўскага непрыяцеля, заявіў­шы, што гэта — супольная справа і для Княства, і для Кароны. Пад час працы сойму ён супакойваў шляхту тым, што „jest Litwa chętna do unii“[67].

Складана адказаць, чаму Жыгімонт Аўгуст так цвёрда і мэтанакіравана выказваўся за падрыхтоўку вырашальнага ваеннага ўдару па праціўніку і хутчэйшае пераможнае заканчэнне вайны з Масквою ў сярэдзіне 60–х г. XVI ст. Такая пазіцыя дазваляла спадзявацца на атрыманне фінансавых рэсурсаў з Кароны, дзеля чаго была патрэбная згода сойму. Магчыма, жаданне скончыць вайну было шчырым, але рэалізаваць яго не ўдалося па аб’ектыўных прычынах (гаспадарчы кры­зіс, эпідэмія чумы, кепская праца кіраўнічага апарату ў ВКЛ). З іншага боку, магло быць і так, што, абвяшчаючы перамогу ў вайне прыярытэтнай задачай, Жыгімонт Аўгуст тым самым хацеў выбіць апошні козыр з рук радных паноў ВКЛ, для якіх ваенная небяспека была галоўнай падставай для ігнаравання унійнага пытання.

Ідэю заключэння уніі Жыгімонт Аўгуст не пакідаў увесь час. Аднак планы рэалізацыі гэтай ідэі змяняліся ў залежнасці ад складвання палітычных абставінаў. Не трэба забываць, што аб’ектыўная сітуацыя на ваенным фронце прымушала звяртаць пільную ўвагу на праблемы абароны. З сярэдзіны 1566 г. маскоўцы перайшлі да новай палітыкі замацавання на Полаччыне. На захопленых тэрыторыях яны распачалі будаўніцтва замкаў, якія павінны былі адыгрываць ролю фарпостаў маскоўскай улады. Замкі будаваліся ў найважнейшых стратэгічных месцах. Маскоўцы імкнуліся размяшчаць іх у глыбіні тэрыторыі ВКЛ, тым самым пашыраючы зону свайго кантролю.

У гэтых абставінах заклікі радных паноў звярнуцца да ваенных праблем станавіліся вельмі актуальнымі. У ся­рэдзі­не 1566 г. Жыгімонт Аўгуст амаль што страціў на­дзею на заключэнне уніі, убачыўшы нежаданне радных паноў ехаць на польскі сойм для абмеркавання гэтага пытання (яны прыкрываліся патрэбай заставацца ў Княстве для абароны краіны)[68].

Неспадзяваная актывізацыя каланізацыйнай палітыкі маскоўцаў прымусіла ўрад ВКЛ перайсці да хуткіх контрдзеянняў, якія заключаліся ў выкарыстанні наёмнага войска ВКЛ супраць маскоўскіх планаў, а таксама ў актывізацыі будаўніцтва ўласных фарпостаў на Полаччыне. Дзякуючы прынятым мерам у 1567—1568 г. прасоўванне маскоўцаў углыб тэрыторыі ВКЛ было спынена[69].

Актуалізаваліся і намеры нанесці па ворагу вырашальны ўдар. На Гарадзенскім сойме 1566/1567 г. дэкларавалася па­трэба актывізацыі ваенных дзеянняў. Акцэнтуючы ўвагу на першачарговасці гэтай задачы, гаспадарская ўлада запэўнівала, што „…в тых двух годех не маем ни до чого иншого вести ани взывати, одной войне потужъной з неприятелем досыть чинити“[70].  Як вынік, на сойме ўхвалілі збор паспалітага рушання з абавязковым удзелам у ім Жыгімонта Аўгуста. Калі б гаспадар заклікаў да чаго–небудзь іншага (пад гэтым, безумоўна, разумелася унія), а не да вайны, вышэйшыя станы вызваляліся б ад абавязку плаціць земскія падаткі. Падобным чынам палітычныя эліты ВКЛ імкнуліся перастрахавацца ад разгляду унійнага пытання ў бліжэйшай будучыні.

Наўрад ці Жыгімонт Аўгуст верыў у выніковасць перамоў з маскоўскім пасольствам, якое знаходзілася ў ВКЛ улетку 1567 г.[71] Разведкавыя мэты маскоўцаў сталі хутка відавочнымі для кіраўніцтва ВКЛ. Вельмі верагодна, што гаспадар будаваў пераможныя планы ў залежнасці ад поспеху выступлення апазіцыі ў Маскве, не маючы вялікай надзеі на эфектыўнасць дзеянняў сабранага паспалітага рушання.

У любым выпадку шырокамаштабная падрыхтоўка паспалітага рушання ў 1567 г. не прывяла да значных актыўных дзеянняў. Затое ў вайсковым лагеры пад час сходу шляхты ў Лебедзеве былі вырашаны важныя пытанні, звязаныя са зборам падаткаў і арганізацыяй абароны. Шляхта таксама пад­трымала на гэтым сходзе ідэю склікання супольнага сойму з Каронай для канчатковага заключэння уніі[72].

Заўважым, што Жыгімонт Аўгуст звярнуўся да шляхты для атрымання падтрымкі сваіх унійных планаў менавіта ў вайсковым лагеры, дзе голас вялікай шляхецкай масы меў асаблівую сілу[73]. Паспалітае рушанне з вайсковага лагера, улічваючы вялікую прадстаўнічасць шляхты, імгненна магло ператварыцца ў палітычны форум. Тут добра было право­дзіць прапагандысцкія акцыі, а таксама дамагацца згоды шляхецкага грамадства на ўхваленне тых ці іншых палітычных мерапрыемстваў. Дарэчнай будзе аналогія з віцебскім лагерам 1562 г., калі ад імя шляхецкіх масаў, сабраных у паспалітым рушанні, была здзейснена важная палітычная акцыя.

На нашу думку, гаспадар разглядаў паспалітае рушанне 1567 г. як сродак уздзеяння на грамадскую думку і інструмент унутранай палітыкі ў дзяржаве. Цікава, што неўзабаве пасля сканчэння гэтага з’езду ў лістападзе 1567 г. гаспадар ад’ехаў з войска. Можа, таму, што галоўная для яго задача збору паспалітага рушання была ўжо вырашана? Дамогшыся згоды на унію,  гаспадарская ўлада выканала палітычныя задачы, якія ставіла перад паспалітым рушаннем. Можна сказаць, карыстаючыся сучаснай тэрміналогіяй, што ў Лебедзеве ў лістапа­дзе 1567 г. адбыўся своеасаблівы „шляхецкі рэферэндум“.

На такі сцэнар указваюць паводзіны гаспадара пад час збору паспалітага рушання ВКЛ у 1567 г. Жыгімонт Аўгуст не выяўляў шчырага жадання ўзначаліць войска і прывесці яго да перамогі над непрыяцелем. У вайсковы лагер ён прыбыў толькі ў верасні 1567 г., хоць збор шляхты распачаўся яшчэ ў траўні. Аднак і ўвесь восеньскі час шляхта прабыла ў бяздзейнасці. Паспалітае рушанне, безна­дзейна страці­ўшы спрыяльны час, было вымушана раз’ехацца па хатах, так і не атрымаўшы загаду гаспадара рушыць супраць непрыяцеля. Сярод пэўных колаў у ВКЛ існавалі падазрэнні, што Жыгімонт Аўгуст задумаў збор войска дзеля вымотвання апошніх сіл і сродкаў ВКЛ і прапаганды унійных ідэй сярод шляхецкіх масаў, а не для ўласна наступу на Маскву[74].

З гэтага часу заключэнне уніі было справай вырашанай. Адчайная ініцыятыва Я. Хадкевіча па выкарыстанні паспалітага рушання ў няўдалай аблозе Улы, здзейсненая ў лютым—сакавіку 1568 г., толькі яшчэ больш падкрэсліла неэфектыўнасць шляхецкага войска. Нават паспяховы штурм Улы, учынены Раманам Сангушкам у жніўні 1568 г., не мог прынесці такіх палітычных дывідэндаў, як гэта калісьці было пасля перамогі ў Ульскай бітве 1564 г.

Заключэнню уніі, безумоўна, паспрыяла заспакаенне на ваенным фронце і паляпшэнне знешнепалітычнага становішча ВКЛ напрыканцы 60–х г. XVI ст. Сітуацыя на фронце не ўяўляла на той час вялікай небяспекі для Княства. З’явіліся магчымасці шчыльна заняцца ўнутрыпалітычнымі справамі. У параўнанні з 1563 г. сітуацыя кардынальна памянялася: тады патрэбу уніі дыктавала ваенная небяспека, цяпер нават поспехі ў вайне не прымушалі пакінуць разгляд „уній­нага пытання“. За гэты перыяд грамадства ўсвядоміла, што дзяржава не спраўляецца сама з наладжваннем абароны і фінансавымі выдаткамі на вайну. Патрэба знешняй дапамогі і ўласная ня­здольнасць у пытаннях арганізацыі абароны асаблі­ва выразна выявіліся пасля безвыніковага збору паспалі­тага рушання ў 1567 г.

Пагаджаючыся на скліканне супольнага сойму, радныя паны па–ранейшаму імкнуліся атрымаць гарантыі захавання суверэнітэту ВКЛ. Такія гарантыі былі дадзены гаспадаром у прывілеі, падпісаным у Воіню ў снежні 1568 г. Жыгімонт Аўгуст абавязваўся дбаць пра вышэйшыя інтарэсы Княства, ні ў чым не парушаючы яго „правоў і вольнасцяў“[75].

Праводзячы на пачатку Люблінскага сойму 1569 г. перамовы з польскім бокам па сцэнары 1563 г., літоўскае пасольства на чале з М. Радзівілам Рудым не ўлічвала значнай змены акалічнасцяў. Цяпер ВКЛ было падрыхтавана да заключэння уніі праз правядзенне ўнутраных рэформаў у сярэдзіне 60–х г. XVI ст. Самастойнае вядзенне Інфлянцкай вайны не зрабіла вялікіх зрухаў ваенна–стратэгічнага балансу на сваю карысць.

Змяніўся характар палітычнай эліты ў дзяржаве. Значэнне М. Радзівіла Рудога як лідэра радных паноў не было такім моцным, як яго брата на пачатку 60–х г. XVI ст. Да таго ж, за гэтыя гады вырас уплывовы супернік у асобе Я. Хадкевіча, сімпатыі да якога з боку гаспадара былі большыя.

Нежаданне цвяроза ацэньваць рэаліі прымусіла М. Радзі­віла Рудога здзейсніць фатальную памылку — перарваць без выразных тлумачэнняў перамовы з польскім бокам і, што важней, з гаспадаром. Пэўна, такім шляхам меркавалася атры­маць час для далейшага „ўзгаднення пазіцый“. Радзівіл вярнуўся да старой палітыкі зацягвання вырашэння „унійнага пытання“.

Аднак, маючы выразнае ўяўленне аб патрэбах дзяржавы і грамадскіх настроях, Жыгімонт Аўгуст вырашыў пераламаць ход падзей з дапамогай рэзкага і нечаканага кроку — адарвання ад ВКЛ памежных паветаў на захадзе і поўдні краіны. Праяўленая падобным чынам (гвалтоўным па сутнасці) рашучасць Жыгімонта Аўгуста паказала радным панам у хуткім часе адсутнасць іншых варыянтаў вырашэння праблемы і прымусіла шукаць капрамісныя рашэнні.

У варунках 1569 г. рэальнай альтэрнатывы уніі не існавала. Для рэалізацыі іншага праекту радныя паны проста не мелі магчымасцяў. Не было ў іх таксама і грамадскай пад­трымкі. Для грамадства ВКЛ нават цяжка было ўявіць сабе магчымасць зрыву ўсялякіх адносінаў з Польшчай. Суіснаванне з Каронай працягвалася доўгі час, і насельніцтва ВКЛ пры­звычаілася да свайго партнёра па дынастычнай уніі як да неабходнага складніка існавання ВКЛ. Ва ўмовах ваеннага становішча зрыў саюзных адносін з Польшчай здаваўся большай бядой, чым частковая страта суверэнітэту. Узгадаем, што ў Літве не было прынцыповых праціўнікаў уніі з Польшчай, бо разумелі, што супрацьстаянне з Масквой будзе немагчымым, асабліва калі ўлічваць далёкасяжную перспектыву. Змагаліся супраць таго, каб гэты хаўрус прыняў форму інкарпарацыйнай уніі.

Падтрымка уніі з боку шляхты насіла пасіўны характар, прытым з упэўненасцю можна казаць, што падтрымлівалася толькі ідэя ўмеранай уніі[76]. Яе прыхільнікі прызнавалі неабходнасць уніі для эфектыўнай абароны супольных межаў, але адначасова стаялі за захаванне асобнасці Вялікага Княства Літоўскага ў сістэме Рэчы Паспалітай. Радыкальныя прапановы польскіх экзекуцыяністаў аб інкарпарацыі ВКЛ у склад Польскай Кароны не былі ўспрыняты як супярэчныя агульнадзяржаўным інтарэсам. Патрэба заключэння уніі з Поль­шчай канчаткова ўсвядомілася ў ВКЛ у канцы 60–х г. XVI ст. Неабходнасць уніі дыктавалася ў першую чаргу вычарпанасцю ўнутраных рэсурсаў ВКЛ, патрэбных для ўдзелу ў Інфлянцкай вайне і, у сувязі з гэтым, патрэбай знешняй вайсковай і фінансавай падтрымкі.

Палітыка радных паноў на чале з Радзівіламі па зацягванні часу і пастаянным адкладанні унійных перамоў не прынесла ўдалых вынікаў і не займела грамадскай падтрымкі. Ранейшая гістарыяграфія асацыявала пазіцыю Радзівілаў з пазіцыяй усёй магнацкай групы. Аднак гэта вельмі спрошчаны, а галоўнае, няслушны падыход. Нягледзячы на вядучае станові­шча Радзівілаў у Радзе і іх значны ўплыў на ход палітычных падзей у краіне, пазіцыя магнацтва ў дачыненні да уніі не заўсёды салідарызавалася з пазіцыяй Радзівілаў. Гэта найбольш яскрава выявілася на віленскім з’ездзе ў сакавіку 1569 г.[77]

Асаблівую ўвагу трэба звярнуць на тое, што расстаноўка сіл у барацьбе праунійных і антыунійных тэндэнцый не залежала наўпрост ад сацыяльнай стратыфікацыі і, насуперак цверджанням прыхільнікаў канцэпцый М. Любаўскага і О. Галецкага, мела характар чыста палітычнай, а не класавай (станавай) барацьбы. Не выключаючы з–пад увагі самога факта існавання пэўнага напружання палітычных інтарэсаў магнацтва і сярэдняга шляхецтва, трэба адзначыць разуменне з боку ўсяго „палітычнага народа“ ВКЛ агульнадзяржаўных інтарэсаў.


[1] Артыкул з’яўляецца працягам маёй публікацыі: Да пытання аб характары палітычнага працэсу ў Вялікім Княстве Літоўскім у сярэдзіне XVI ст. // Białoruskie Zeszyty Historyczne. 2003. № 19. S. 32—56.
[2] Любавский М. Литовско–русский сейм: Опыт по истории учреждения в связи с внутренним строем и внешнею жизнью государства. Москва, 1900; Любавский М. Очерк истории Литовско–Русского государства до Люблинской унии включительно. Москва, 1915.
[3] Halecki O. Dzieje Unii Jagiellońskiej. T. I—II. Kraków, 1919—1920.
[4] Гл.: Bardach J. Krewo i Lublin. Z problemów unii polsko–litewskiej // Kwartalnik Historyczny, 1969, R. 76. № 3. S. 607—619. Асноўныя тэзісы гэтага даследавання паўтораны аўтарам у найноўшых працах: Bardach J. O Rzeczpospolitą Obojga Narodów. Dzieje związku Polski z Litwą do schyłku XVIII wieku. Warszawa, 1998. S. 19—21; Bardach J. Od aktu w Krewie do Zaręczenia Wzajemnego Obojga Narodów (1385—1791) // Unia lubelska i tradycje integracyjne w Europie Środkowo–Wschodniej. Lublin, 1999. S. 12—44.
[5] Лаппо И. Великое княжество Литовское за время от заключения Люблинской унии до смерти Стефана Батория (1569—1586). С.–Петербург, 1901; Лаппо И. Великое княжество Литовское во второй половине XVI столетия: Литовско–Русский повет и его сеймик. Юрьев, 1911; Лаппо И. Литовский Статут 1588 г. Т. 1, ч. 1. Каунас, 1934.
[6] Wisner H. Unia: Sceny z przeszłości Polski i Litwy. Warszawa, 1988; Wisner H. Najjaśniejsza Rzeczpospolita. Szkice z dziejów Polski szlacheckiej XVI—XVIII wieku. Warszawa, 1978; 2–e wyd. — Warszawa, 2001; Błaszczyk G. Litwa na przełomie średniowiecza i nowożytności 1492—1569. Poznań, 2002; Lulewicz H. Gniewów o unię ciąg dalszy: Stosunki polsko–litewskie w latach 1569—1586. Warszawa, 2002; Jučas M. Lietuvos ir Lenkijos unija. Vilnius, 2000.
[7] Лойка П. Шляхта беларускіх зямель у грамадска–палітычным жыцці Рэчы Паспалітай другой паловы XVI — першай трэці XVII ст. Мінск, 2002. С. 8—34.
[8] Halecki O. Sejm obozowy szlachty litewskiej pod Witebskiem 1562 r. i jego petycja o unię z Polską (Przyczynek do dziejów parlamentaryzmu litewskiego i genezy unii lubelskiej) // Przegląd Historyczny. 1914. T. 18, z. 3. S. 320—352.
[9] Biblioteka Czartoryjskich w Krakowie (далей — BCzart.). Rkp. 1604. K. 55—74. Тыя ж самыя матэрыялы знаходзяцца ў: BCzart. Rkp. 2208. K. 269—288. Агляд крыніц па праблеме „віцебскай петыцыі 1562 г.“ зроблены ў: Kiaupienė J. Litewskie cechy kultury politycznej szlachty Wielkiego Księstwa Litewskiego w XVI wieku // Kultura Litwy i Polski w dziejach: Tożsamość i współistnienie / Red. J. Wyrozumski. Kraków, 2000. S. 72—73.
[10] Верагодна, гэты тэрмін трэба атаясамліваць з беларускімі „змова“, „пагадненне“.
[11] BCzart. Rkp. 1604. K. 53—55.
[12] BCzart. Rkp. 2208. K. 287.
[13] У пасольскім лісце прама гаворыцца пра разбежнасць пазіцый і інтарэсаў магнатэрыі і шляхты: „…rzadko to bywa, aby się członkowie bol­szego, średniego i mniejszego stanu w czym spolnie a słusznie zgadzać się mieli“ (BCzart. Rkp. 2208. K. 280—281).
[14] Halecki O. Sejm obozowy… S. 327.
[15] Лаппо И. Литовский Статут 1588 г. C. 233.
[16] BCzart. Rkp. 1604. K. 53—54. Заўважым, што ў матэрыялах Метрыкі ВКЛ намеры дзяржаўнай улады ўхваліць збор падаткаў праз удзель­нікаў вайсковага лагера не прасочваюцца.
[17] Lietuvos Metrika = Lithuanian Metrica = Литовская Метрика. Kn. 564: (1553—1567) / Parengė A. Baliulis. Vilnius, 1996. P. 121—122; BCzart. Rkp. 2208. K. 272—273.
[18] У апошні час гэтую думку выказала Юратэ Кяўпене, выдатна аргументуючы сваю пазіцыю: Kiaupienė J. Litewskie cechy kultury… S. 67—78.
[19] У 1559 г. Я. Хадкевіч узначальваў коннае наёмнае войска ВКЛ у Інфлянтах і фактычна быў кіраўніком (разам з Юрым Зено­вічам) кампаніі па размяшчэнні ў інфлянцкіх замках гарнізонаў з ВКЛ: Акты, относящиеся к истории Западной России, собранные и изданные Археографической комиссией. T. III. С.–Петербург, 1848. C. 108—110.
[20] Kempa T. Rywalizacja Radziwiłłów i Chodkiewiczów o pierwsze miejsce w elicie politycznej Wielkiego Księstwa Litewskiego w latach 60. i 70. XVI wieku // History, culture and language of Lithuania. Proceedings of the international Lithuanian conference, Poznań 17—19 September 1998 / Ed. G. Błaszczyk and M. Hasiuk. Poznań, 2000. S. 195—219.
[21] Пра антырадзівілаўскі характар віцебскай акцыі піша: Halecki O. Sejm obozowy… S. 332—333.
[22] Гэта яскрава паказваюць просьбы аб захаванні ўласнага войска і дзяржаўных ўрадаў, якія павінны раздавацца толькі нараджэнцам Княства: BCzart. Rkp. 2208. K. 287—288.
[23] М. Радзівіл Чорны наракаў у лісце да М. Радзівіла Рудога ад 22 лютага 1565 г., што Хадкевічы ў апошні час займелі вялікі ўплыў: „Znać że panowie Chodkiewiczowie na mnie wojne uradzili, bo się ich radzie we wszem dosyć stało coś czynic, jedno musze pati et ferne“ (Archiwum Główne Aktów Dawnych w Warszawie (далей — AGAD). Archiwum Radziwiłłów. Dz. IV. Teka 35. Sygn. 502. K. 39—42. Лукішкі, 22.02.1565). Павелічэнне рэальнага ўплыву Я. Хадкевіча на гаспадарскім двары занатаваў у 1570 г. нават маскоўскі пасол: Сборник императорского Русского исторического общества. T. 71: Памятники дипломатических сношений Московского государства с Польско–Литовским (1560—1571 гг.). С.–Петербург, 1892. C. 804.
[24] „…i my też z nimi zarówne mieć chcemy, i ich (палякаў) do tego sami dobrowolnie pobudziły i przywiedli, Witebskiem, Sejmem Wileńskim, aż potym do Warszawy“ (Votum Waleriana, biskupa wileńskiego, nad unią Korony z Litwą // Dziennik Warszawski. 1826. R. 5. S. 161—162).
[25] У склад пасольства, акрамя жамойцкага старасты Я. Хадкевіча і біржанскага цівуна з Жамойці М. Шэмета, уваходзілі маршалак зямлі Валынскай, кіеўскі ваявода Канстанцін Астрожскі, цівун з Жамойцкай зямлі Рыгор Трызна, луцкі стараста Богуш Карэцкі, анікштанскі дзяржаўца (?), гаспадарскі дваранін Пётр (прозвішча чытаецца невыразна): AGAD. Archiwum Radziwiłłów. Dz. I. Sygn. 7776. Вільня, 12.10.1565.
[26] 11 сакавіка 1566 г. ён атрымаў намінацыю на гэты ўрад: Сборник материалов, относящихся к истории панов–рады Великого Княжества Литовского / Изд. И. Малиновский. Томск, 1901. С. 49–51.
[27] „I ci, którzy z inszych stanów są obrani, tym, którzy z ławicy rady pań­skiej posłani są, we wszystkich rzeczach jako starszym i przełożonym swoim powinni uczciwpść aby czynili i nic okrom ich rady i przyzwolenia w rzeczach ziemskich sprawować nie mają ani będą mogli“ (Źrzódłopisma do dziejów unii Korony Polskiej i W. X. Litewskiego / Wyd. T. Działyński. Cz. II, oddz. I. Poznań, 1856. S. 173)
[28] „Więcej mam do tego powinowactwo z strony szlachectwa swego, aniżeli z urzędu“ (Źrzódłopisma… S. 352).
[29] Commendoni J. F. Pamiętniki o dawnej Polsce z czasów Zygmunta Augusta / Wyd. J. Albertrandi, M. Malinowski. T. I. Wilno, 1847. S. 72. Варшава, 6.03.1564.
[30] Менавіта падляшская шляхта выступіла ў 1566 г. ініцыятарам склі­кання агульнага сойму з палякамі. Аднак яе просьба была адхілена гаспадаром: Акты Литовско–Русского государства / Изд. М. Довнар–Запольский. Т. II. Москва, 1897. С. 185.
[31] Biblioteka Polskiej Akademii Nauk w Kórniku (далей — BKórn.). Rkp. 247. K. 122—122v.
[32] BKórn. Rkp. 247. K. 122v.
[33] Русская историческая библиотека (далей — РИБ). Т. 30: Литовская Метрика. Отделы первый–второй. Ч. 3: Книги публичных дел. Юрьев, 1914. С. 324—325, 745—748.
[34] Тамсамса. С. 373.
[35] Тамсама. С. 838—841, 878—882.
[36] Lietuvos Metrika = Lithuanian Metrica = Литовская Метрика. Kn. 530: (1566—1572) / Parengė D. Baronas, J. Jovajša. Vilnius, 1999. P. 21—22.
[37] Любавский М. Литовско–русский сейм… С. 180—182 (приложения).
[38] РИБ. Т. 30. С. 428—429.
[39] Тамсама. С. 481.
[40] Довнар–Запольский М. Государственное хозяйство Великого Княжества Литовского при Ягеллонах. Т. 1. Киев, 1901. С. 365—366, 560—570, 770—775.
[41] Orzechowski S. Wybór piśm / Oprac. J. Starnawski. Wrocław etc., 1972. S. 304—629; Rozmowa Polaka z Litwinem / Wyd. J. Korzeniowski. Kraków, 1890.
[42] Вылучаліся нават прапановы кшталту перайменавання Літвы ў Новую Польшчу: Źrzódłopisma… S. 271—272.
[43] Аб разыходжаннях у поглядах на унію паміж пасламі і сенатарамі ўказвае ў лісце ад 5 студзеня 1564 г. Камэндоні: „W senacie codzień traktują o polączeniu Litwy; a jeśliby posłowie ziemscy nie sprzeciwiali się, rzecz była by juz skończona“ (Commendoni J. F. Pamiętniki… T. I. S. 37. Варшава, 24.01.1564).
[44] „Nie chcemy tego naprzód, aby nas kto rozumieć miał, iżebyśmy nie chcieli unii, bo my chcemy i potrzebujemy jej z Ich Mościami; a nie rozumiemy, kto by jej nie chciał a nie potrzebował, jedno djabeł, któremu zgody nie potrzeba i jest zgodzie wiecznym nieprzyjacielem“ (Źrzód­łopisma… S. 362)
[45] „Żadną miarą u nas bez Sejmu Walnego być nie moze (…) Tamze i sejmiki powiatowe będą postanowione, bo ich u nas nigdy nie było (…) A z tych to Sejmików główniejszych i powiatowych kiedy będzie potrzeba, będziemy pierwiej swej Sejm Walny mieć, a potem na koronny główniejszy, Wielki walny społeczny sejm jachać. A kiedy też u nas Sejmu walnego nie będzie potrzeba, dla własnych samych Rzeczypospolitej potrzeb, tedy Posłowie nasi prosto z Sejmików przyjadą na Koronny Sejm“ (Źrzódłopisma… S. 351).
[46] На гэты момант звяртае ўвагу літоўскі даследчык Дарыюс Вілімас: Вилимас Д. Михалон Литвин и Федор Евлашевский — два взгляда на реформу судов Великого Княжества Литовского 1564—1566 гг. // Наш радавод. Кн. 7. Гародня, 1998. С. 216—218.
[47] Bardach J. Krewo i Lublin… S. 611.
[48] Votum Waleriana…. S. 176.
[49] Ibid. S. 166.
[50] Źrzódłopisma… S. 172—178.
[51] „O sejmie powiedział mi, że (…) pierwszym przedmiotem będzie połączenie Litwy, Rusi, Żmudzi z Koroną polską (…) Przez tyle wszakże lat połączenie to nie następowało dla usiłowań królewskich, aby te kraje jako dziedzictwo dla potomstwa zachowac (…) Dziś, kedy moskiewski książe stał się panem znacznej części Inflant i innych pogranicznych z Litwą krajów, a nawet część samej Litwy najechał i ujarzmił; polacy nie chcą iść na obronę tych prowincji, jeżeli król przyobiecywanego połączenia nie przywiedzie do skutku. Król nie zdaje się być trudnym w tej mierze, częścią dla wspomnianego niebezpieczeństwa, a częścią dla tego, że jest bezpotomny i nadzei nawet potomstwa niemający; ztąd wnoszą, iz żadnej w tem nie będzie innej trudnosci, chyba tylko w samych warunkach zjednoczenia“ (Commendoni J. F. Pamiętniki… T. I. S. 8. 30.10.1563)
[52] Ibid. T. I. S. 55. Варшава, 7.02.1564.
[53] Цікава, што польскія паслы прапаноўвалі здзейсніць падобнае абмеркаванне на новаствораных сойміках у ВКЛ, абмінаючы такую структуру, як вальны сойм дзяржавы. Відавочна, такім чынам меркавалася пазбегнуць ціску з боку радных паноў, якія былі найменш за­цікаўленай групай у заключэнні уніі (Źrzódłopisma… S. 341—342).
[54] Commendoni J. F. Pamiętniki… T. I. S. 55. Варшава, 7.02.1564.
[55] „Powszechne jest mniemanie, że skuteczności układów cztery rzeczy były na wstręcie: obustronna niepowsciągliwość w mowach i odwieczne na­rodowe zawiści; podejrzenie litwinów, iz posiłkowe wojsko polskie umyś­lnie tak późno nadciągneło dla złączenia się z nimi i że wielkich krzywd dopuściło się na granicy; zwycięstwo przez samych tylko litwinów od­nie­sione (…); wojewoda wileński, który, będąc głowa poselstwa, nie życzył przyprowadzić go do skutku“ (Ibid. T. I. S. 72. Варшава, 6.03.1564).
[56] Ibid. T. I. S. 173—174. Ціхостаў, 5.08.1564.
[57] Dyaryusz sejmu Piotrkowskiego 1565 / Wyd. W. Chomętowski. War­szawa, 1868. S. 225—226.
[58] Ibid., s. 27.
[59] Relacje nuncjuszów apostolskich i innych osób o Polsce od roku 1548 do 1690. T. I. Berlin—Poznań, 1864. S. 189.
[60] Змест інструкцыі настолькі цікавы для нашай тэмы, што дазволім сабе працытаваць яе як мага паўней: „Иж, ач кольвек его кролевская милость бачыти и ласкаве прыймовати рачить от вашое милости панов рад и ото всих станов рыцерства своего, же и податками немалыми прыкладаетеся и нелитованьем крови и здоровья своего против тому непрыятелю, великому князю Московскому, и над повинность свою чыните досыть, але, иж оный непрыятель посягненьем панства его кролевской милости и зневоленьем братьи вашое, верных подданых его кролевской милости не помалу змоцняеть, прото, хотячы его кролевская милость способом большым против тому непрыятелю войну вести, якобы с помочю Божью слушный отпор взял и не шырился и не владал властного его милости господарского, рад бы то видел, абы большый посилок и з меньшим накладом вашим быти мог, што лацно быти можеть за злученьем в унею з станы Короны Польское, одностайною а сполною рукою чынечы отпор оному непрыятелю, а то не только против тому непрыятелю, але и против каждому у многих речах немало пожытку Речы Посполитое приняти можеть, кгдыж згода а милость межы каждыми панствы особливого добра прымноженье чынить“ (Любавский М. Литовско–русский сейм… С. 209—211 (приложения)).
[61] Listy Zygmunta Augusta do Radziwiłłów / Oprac. I. Kaniewska. Kraków, 1999. S. 409—410. Пётркаў, 6.12.1562.
[62] РИБ. T. 30. C. 324—325.
[63] Pałucki W. Drogi i bezdroża skarbowości polskiej XVI i pierwszej połowy XVII wieku. Wrocław, 1974. S. 84—96; Sucheni–Grabowska A. Badania nad elitą władzy w latach 1551—1562 // Społeczeństwo staropolskie. T. I. Warszawa, 1976. S. 80—81.
[64] Commendoni J. F. Pamiętniki… T. II. Wilno, 1851. S. 114—115. Piotr­ków, 23.03.1565.
[65] Dyaryusz sejmu… S. 232.
[66] Ibid. S. 309—311.
[67] Diariusz sejmu lubelskiego 1566 roku / Oprac. I. Kaniewska. Wrocław etc., 1980. S. 13.
[68] Гэтае меркаванне грунтуецца на падставе інфармацыі О. Галецкага, які спасылаўся на знішчаныя пад час Другой сусветнай вайны дакументы з Бібліятэкі ардынацыі Красінскіх (сігнатура 4001): Halecki O. Dzieje Unii Jagiellońskiej. T. II. S. 216.
[69] Гл. падрабязней: Янушкевіч А. Ваенныя дзеянні паміж Вялікім Княствам Літоўскім і Маскоўскай дзяржавай у 60–я гады XVI стагоддзя // Białoruskie Zeszyty Historyczne. 2000. № 14. S. 33—56.
[70] РИБ. T. 30. C. 415—416.
[71] Гэта прасочваецца ў гаспадарскай інструкцыі на павятовыя соймікі перад каронным соймам 1566 г.: Diariusz sejmu lubelskiego. S. 57.
[72] „Якож на он час в Лебедеве вси станы тамошнего панства нашого великого княства Литовского, около того з собою намовивши и сполне и згодливе на то зволивши, нам, господару, донесли и оповедили, же ни с которое иное причины и якого мушенья, одно з доброе воли своее а с таковое ж хути и милости, з якою ся обыватели корунные, братья и суседы ваши, через послов своих ку вам оповедають, ест есте прихильни до принятья и постановенья з ними сполку братьского, то ест унии в таковом взвязку, милости, згоды братское, который бы был однако и заровно во всем пожиточный обеюм тым панствам“ (Любавский М. Литовско–русский сейм… С. 208 (приложения); РИБ. Т. 30. С. 481). Гл. таксама цікавую інфармацыю каралеўскага лажнічага Лукаша Ленцкага: Bodniak S. Z wyprawy radoszkowickiej na Moskwę w roku 1567—1568 // Ateneum Wileńskie. 1930. R. 7, z. 3—4. S. 807—808.
[73] Рост палітычнага значэння паспалітага рушання ў другой палове XVI — XVIII ст. падкрэсліваюць у сваіх апошніх даследаваннях Лешэк Кеневіч і Анджэй Закшэўскі: Kieniewicz L. Senat za Stefana Batorego. Warszawa, 2000. S. 289; Zakrzewski A. Sejmiki Wielkiego Księstwa Litewskiego XVI—XVIII w.: Ustrój i funkcjonowanie: sejmik trocki. Warszawa, 2000. S. 188—189.
[74] Piwarski K. Niedoszła wyprawa t. zw. Radoszkowicka Zygmunta Augusta na Moskwę (rok 1567—68) // Ateneum Wileńskie. 1928. R. V, z. 14. S. 101.
[75] Akta unii Polski z Litwą 1385—1791 / Wyd. S. Kutrzeba i W. Semkowicz. Kraków, 1932. S. 189—192.
[76] На нашу думку, менавіта падобныя погляды занатаваў назіральнік з Гданьска: Kolankowski L. Jagiellonowie i Unia // Pamiętnik VI powszechnego zjazdu historyków polskich w Wilnie 17—20 września 1935 r. T. II. Lwów, 1936. S. 288—289.
[77] Halecki O. Przyłączenie Podlasia, Wołynia i Kijowszczyzny do Korony w roku 1569. Kraków, 1915. S. 82—122.

Наверх

Галоўная » Запісы па тэме 'Вялікае Княства Літоўскае'