Новы нумар

Галоўная » Запісы па тэме 'XX стагоддзе'

Артыкулы па тэме ‘XX стагоддзе’

Томас М. Бон. Савецкая сістэма „закрытых гарадоў”. Прапіска і недахоп жылля як паказчыкі сацыяльнай няроўнасці

Студзеня 1, 2011 |


* Арыгінальная версія: Thomas M. Bohn. „Das sowjetische System der „geschlossenen Städte”. Meldewesen und Wohnungsmangel als Indikatóren sozialer Ungleichheit” // F. Lenger, K. Tenfelde (Hg.). Die europäische Stadt im 20. Jahrhundert. Wahrnehmung — Entwicklung — Erosion. Köln / Weimar / Wien, 2006 (Industrielle Welt 67). S. 373–385.

ХХ з’езд КПСС, які адбыўся ў 1956 г., прыцягнуў увагу сусветнай грамадскасці сакрэтным дакладам Хрушчова „Пра культ асобы і яго наступствы”. Хрушчоў адчыніў дзверы культурна-палітычнай „адлізе”; заслугай яго стала тое, што ён увайшоў у гісторыю як папярэднік галоснасці і перабудовы. На самой справе „дэсталінізацыя па-хрушчоўску” была скіраваная не толькі на рэстаўрацыю ленінізму, але і на стабілізацыю тагачаснага рэжыму[1]. Важнай перадумовай для гэтага было ўтаймаванне савецкага „алювіяльнага грамадства” (quicksand society), як называў яго Машэ Левін[2]. У гэтым дачыненні Хрушчоў у сваім прачытаным ад імя Цэнтральнага Камітэта КПСС справаздачным дакладзе адзначаў: „Пытанне паляпшэння жыллёвых умоў у такіх найбуйнейшых гарадах, як, напрыклад, Масква, Ленінград, Кіеў і іншыя, у высокай ступені звязана з прыростам насельніцтва за кошт тых, што прыязджаюць з іншых раёнаў краіны”. І пад апладысменты дэлегатаў партз’езда працягваў: „У сувязі з гэтым неабходна спыніць практыку прыцягвання рабочай сілы ў гарады з іншых мясцовасцяў, а патрэбу буйных гарадоў у рабочай сіле задавальняць за кошт насельніцтва саміх гарадоў”[3]. Тым самым Хрушчоў закрануў адну з галоўных праблем сацыялістычнага шляху ў сучаснасць: індустрыялізацыя і ўрбанізацыя павінны былі ажыццявіцца ў Савецкім Саюзе ўсяго за некалькі дзесяцігоддзяў. У далейшым выявіліся разнастайныя цяжкасці з забеспячэннем, пераадоленне якіх павінна было стаць паказчыкам дзеяздольнасці дзяржавы. Урэшце з прычыны „суровасці гарадоў” (Аляксандр Мічэрліх), якая мела прамое дачыненне да ўцёкаў з вёскі і недахопу жылля і назіралася ў Савецкім Саюзе асабліва пасля Другой сусветнай вайны, ставіліся пад сумненне стабільнасць сацыяльнага будаўніцтва і эфектыўнасць планавай эканомікі.

Пры такой перадумове даследаванні ў такіх сферах, як гісторыя горада і ўрбанізацыя, павінны — у дачыненні да Савецкага Саюза — канцэнтравацца на трох ключавых тэмах: узорны вобраз „сацыялістычнага горада”, сістэма „закрытых гарадоў” і катэгорыя „сацыяльнага расслаення, абумоўленага месцам жыхарства”. Ніжэй спачатку будуць удакладняцца паняцці, а потым у параўнальнай перспектыве будзе пастаўлена пытанне сацыяльных няроўнасцяў у сталіцы дзяржавы Маскве і сталіцы саюзнай рэспублікі Мінску. Масква дала мадэль, якая стала абавязковай для ўсіх савецкіх гарадоў. Адпаведнасці і адхіленні, якія назіраюцца ў беларускага аб’екта параўнання, пераканальна асвятляюць сацыяльную рэчаіснасць у Савецкім Саюзе ўвогуле. У прынцыпе ў прапанаваным матэрыяле — пра гэта хацелася б нагадаць спачатку — канцэптуальным праблемам аддаецца перавага перад эмпірыкай.

1. Узорны вобраз „сацыялістычнага горада”

Хоць у Савецкім Саюзе планаванне гарадоў і ўрбанізацыя знаходзіліся ў непасрэднай сувязі з індустрыялізацыяй, якую фарсіравана ажыццяўляла дзяржава, само слова „ўрбанізацыя” аж да Другой сусветнай вайны лічылася заганным, словам, якое можа ўжывацца толькі ў дачыненні да „капіталістычнага горада”[4]. Таму ў савецкіх даследаваннях існавалі дзве характарыстыкі „савецкага горада”. Па-першае, „антаганізм паміж горадам і вёскай”, які лічыўся паказальным для феадалізму і капіталізму, неабходна было пераадолець абмежаваннем росту гарадоў і механізацыяй вёскі. Па-другое, лозунг „Сацыяльная гігіена за кошт разрэджвання забудовы” імпліцыяваў адыход ад кардынальнага для старых еўрапейскіх гарадоў прынцыпу „Урбанная атмасфера за кошт шчыльнасці”[5].

Гістарычны характар выраз „сацыялістычны горад” набыў у дзвюх розных галінах: першы комплекс тычыцца дыскусіі паміж „урбаністамі” і „дэзурбаністамі” ў Савецкім Саюзе напрыканцы 20-х — пачатку 30-х г. Прадметам дыскусіі быў распад сям’і і ажыццяўленне калектыўных формаў жыцця праз стварэнне дамоў-камун і рабочых клубаў[6]. Другі комплекс мае непасрэднае дачыненне да выпрацаванага пасля 1945 г. ва Усходняй Еўропе адзінага вобраза горада, устойлівы выгляд якога ствараецца наяўнасцю прадстаўнічага цэнтра і манатонных мікрараёнаў[7].

Нараджэнне горада савецкага кшталту ў аспекце гісторыі архітэктуры можна паказаць у выглядзе наступных крокаў. А) Зародкавую клетку ўтварае „сацыялістычны горад”. Яго заснаваная на канструктывізме канцэпцыя абапіраецца на дзелавітасць і рацыянальнасць. Яе мэта — стварэнне „новага чалавека”. Б) Як эмбрыён паўстае „горад сталінскага часу”, горад „сацыялістычнага рэалізму”. Натхнёны класіцызмам, ён выклікае сімпатыю сваёй сіметрычнасцю і манументальнасцю. Яго сімвалічны змест сведчыць пра падпарадкаванне індывіда вешчаванням уладаў. В) Пад канец з’яўляецца своеасаблівая крэатура „камуністычнага горада”. Новы функцыяналізм дыктуе рух і рытм. Тэхнічны прагрэс служыць векселем шчаслівай будучыні. Пускаецца пыл у вочы наконт роўнасці і гамагенізацыі грамадства[8].

У выніку ў аспекце тыпалогіі горада для разгляданага феномена неабходна мець на ўвазе наступныя характарыстыкі: а) арганізацыя зямельнага фонду без уліку адносін уласнасці; б) структурызацыя прасторы за кошт просталінейных магістральных вуліц і высотных дамоў, што вылучаюцца на агульным фоне; в) стварэнне манументальных адміністрацыйных і ўрадавых кварталаў; г) закладка грамадскіх плошчаў цырыманіяльнага характару; д) адкрыццё паркаў культуры і адпачынку з сацыялістычнымі помнікамі; е) будаўніцтва жылых раёнаў з ідэнтычных аб’ектаў; ё) сегрэгацыя, якая вынікае са стасункаў „патранат — кліентура” ў сферы размеркавання жылля; ж) адсутнасць субурбанізацыі і агламерацыі[9].

З таго факта, што „сацыялістычны горад” адпаведна вызначэнню ўяўляе сабою антыпод „капіталістычнага горада”, можна зрабіць дзве высновы: 1. „Сацыялістычны горад” з’яўляецца тады, калі індустрыялізацыя праходзіць пад знакам адзяржаўлівання рэсурсаў і ўстаноў. Яе нельга лакалізаваць у фенатыпічным аспекце ў планавых гарадах НДР (Сталінштадт / Айзенхютэнштадт), Польшчы (Нова Гута) ці Венгрыі (Сталінвараш / Дунайвараш), а неабходна даследаваць у гістарычнай перспектыве як феномен мадэрнізацыі „наўздагон” ва Усходняй і Паўднёва-Усходняй Еўропе. 2. „Сацыялістычны горад” вызначаецца тым, што ён не дае грамадзянам пачуцця роднага дому і, як вынік, не дае магчымасці цывільнаму грамадству праявіць сябе. Яго крах ва Усходняй Еўропе тлумачыцца тым, што яму не хапала кваліфікаваных рабочых і ён не мог супрацьстаяць націску сялянскіх мас.

2. Сістэма „закрытых гарадоў”

Для рэгулявання ўнутранай міграцыі палітычнае кіраўніцтва ў Савецкім Саюзе мела два механізмы: практыкаванне сістэмы прапіскі (а) і дэцэнтралізацыя месцаў размяшчэння прамысловых аб’ектаў (б).

а) Увядзенне дзяржаўных пашпартоў у гарадах і прыгранічных мясцовасцях Савецкага Саюза ў канцы 1932 — пачатку 1933 г. мела непасрэднае дачыненне да пераследу кулакоў. Мэтай увядзення штэмпеля з прапіскай з 1933 г. была ўсёахопная рэгістрацыя насельніцтва і замацаванне яго за месцам жыхарства. На практыцы ж гэта абмяжоўвала ўцёкі з вёскі, але не спыняла іх. Як эфектыўны інструмент абмежавання росту гарадоў т. зв. пашпартны рэжым пачаў дзейнічаць толькі пасля смерці Сталіна. Дзякуючы Указу ад 31 кастрычніка 1953 г. дазвол на пражыванне ў буйных гарадах для навасёлаў ставіўся ў залежнасць ад пацверджання наяўнасці жылой плошчы, якая адпавядае санітарнай норме. Санітарная норма ў жылых дамах складала 9 м кв. на чалавека, у студэнцкіх інтэрнатах 6 м кв., а ў інтэрнатах для рабочых — 4,5 м кв. [10]. З улікам таго факта, што індывідуальная жылая плошча на чалавека, у якую не ўваходзілі кухня, ванны пакой і калідоры, складала ў 1950-я г. у сярэднім 4–5 м кв., а санітарная норма 9 м кв. на чалавека была забяспечана ў сярэднім па Саюзе толькі пад канец 1980-х г., права свабоднага перасялення ў заходнім разуменні слова рэалізавацца не магло[11].

б) Каб належным чынам адрэагаваць на прыцягальную сі лу гарадоў-агламератаў, дзяржава пасля абвяшчэння ў 1929 г. фарсіраванай індустрыялізацыі паслядоўна забараніла пабудову новых і пашырэнне тагачасных заводаў і фабрык — у Маскве і Ленінградзе (Санкт- Пецярбургу) яшчэ ў 1932 г., у Кіеве, Харкаве, Растове-на-Доне, Горкім (Ніжнім Ноўгарадзе) і Свярдлоўску (Екацярынбургу) — у 1939 г. Патрэба ў новых захадах узнікла пасля Другой сусветнай вайны, калі насельніцтву СССР пры Хрушчове вярнулі ліквідаванае ў 1940 г. права звальняцца з працы і неабходна было прымаць меры для рацыянальнага размеркавання рабочай сілы. У выніку ў 1956 г. адпаведна рашэнню XX з’езда яшчэ на 64 гарады быў распаўсюджаны абавязак стрымліваць свае вытворчыя магчымасці ў межах[12]. З гэтага вынікаў пастаянны латэнтны канфлікт паміж цэнтрам і перыферыяй, з аднаго боку, і паміж гарадскімі саветамі і кіраўніцтвам прадпрыемстваў, з другога.

Спалучэнне абодвух фактараў — увядзення паш-партнага рэжыму і падтрымання індустрыяльнага статуса кво — абумоўлівала ў хрушчоўскую эру сістэму „закрытых гарадоў”. Яна ахоплівала фактычна ўсе гарады з насельніцтвам больш як 200 000 чалавек, і яе трэба адрозніваць ад сістэмы сакрэтных, ці замкнёных, гарадоў ваенна-прамысловага комплексу і атамных даследаванняў. Гэтая сістэма прывяла за таго, што калгаснікі былі асуджаныя на „другое прыгонніцтва”. Да 1974 г. ім не выдаваліся пашпарты. Яны не маглі мяняць месца працы без дазволу старшыні калгаса і таму de jure былі прывязаныя да свайго кавалка зямлі[13].

Тым не менш, у другой палове ХХ ст. Савецкі Саюз перажываў фазу бурнай урбанізацыі, якая суправаджалася моцным ростам насельніцтва. Шлюзамі ў гарады былі, з аднаго боку, універсітэты і спецыяльныя вышэйшыя навучальныя ўстановы, а з другога — спецкантынгенты рабочай сілы, запатрабаваныя прадпрыемствамі, асабліва для будаўнічага сектара. Агульная колькасць насельніцтва павялічылася з 178,5 млн. у 1950 г. да 290,1 млн. у 1991 г. У той час, калі гарад-ское насельніцтва, для якога характэрна нізкая нараджальнасць, за гэты перыяд амаль патроілася (у 1950 г. — 69 млн., у 1991 — 191,7 млн.), колькасць сельскага насельніцтва з больш высокім узроўнем нараджальнасці, па сутнасці, заставалася канстантнай (у 1950 г. — 109,1 млн., у 1991 — 98,4 млн.). На гэтым фоне ўзнікае пытанне: ахапіла ўрбанізацыя ў Савецкім Саюзе грамадства ў цэлым ці, наадварот, насуперак усім механізмам кантролю de facto надышло хутчэй „асяляньванне” гарадоў[14]?

3. „Сацыяльнае расслаенне, абумоўленае месцам жыхарства”

Пастулат бяскласавага грамадства не дапускаў у Савецкім Саюзе публічнага дыскурсу пра сацыяльную няроўнасць. Паводле марксісцка-ленінскай тэрміналогіі грамадства складалася з двух саюзных „класаў” — рабочых і сялян — і роднаснай ім „праслойкі” — інтэлігенцыі. На самай справе пасля Другой сусветнай вайны ў насельніцтва выявіліся градуальныя адрозненні ў межах заснаванага на падзеле працы індустрыяльнага грамадства, якое дыферэнцыюецца ў залежнасці ад функцыі і выніковасці работы[15].

З гістарычнага пункту гледжання Савецкі Саюз у 1920-я і 1930-я г. прайшоў рэвалюцыйную фазу, звязаную з пераломамі і зменай стратыфікацыі. Пасля Другой сусветнай вайны грамадскае развіццё перайшло ў стацыянарную фазу, у якой кансалідуюцца наноў сфармаваныя іерархіі. Спачатку адзяржаўліванне прамысловасці і калектывізацыя сельскай гаспадаркі прыводзілі да нівелявання грамадства. Потым на працягу фарсіраванай індустрыялізацыі і бурнай урбанізацыі сяляне, якія кінуліся ў гарады, станавіліся пралетарыямі, а спецыялісты займалі кіраўнічыя пасады, падымаючыся па іерархічнай лесвіцы. Нарэшце ў гады Вялікага тэ ро ру адбылася змена партыйнай эліты. Пасля Другой сусветнай вайны сацыяльныя змены прадоўжыліся ў сувязі з працягам міграцыі, з аднаго боку, і пачаткам ператварэння калгасаў у саўгасы, з другога, аж да 1960-х г. Праўда, большая частка насельніцтва рэагавала на ўзмацненне сацыяльнай замкнутасці партыйнага апарату ў хрушчоўскую эру „адыходам у прыватную сферу”. У параўнанні з галечай сталінскага часу людзі ўпершыню выйгралі ад „спажывецкай рэвалюцыі”. Кансэнсус, дасягнуты паміж партыяй і насельніцтвам, грунтаваўся на забеспячэнні сталых рабочых месцаў і на гарантыі стабільных цэн. У індывідуальным выпадку ўзровень жыцця вымяраўся спажываннем прадуктаў харчавання і забяспечанасці жыллём[16].

У далейшым савецкія сацыёлагі ўзбагацілі сталінскую схему „два плюс адзін” у тэрміналагічным сэнсе двума новымі падыходамі. Па-першае, яны адрознівалі сярод інтэлігенцыі „спецыялістаў” і „службоўцаў”. Па-другое, яны ўжывалі паняцце „сацыяльная структура”. Спасылаючыся на ленінскае азначэнне класаў, яны карысталіся катэгорыямі „дзяржаўная ўласнасць ці калектыўная ўласнасць”, „горад ці вёска” і „разумовая праца ці фізічная праца”. У аснове іх аналізу сацыяльнай структуры знаходзілася „якасць працы”, і яны праводзілі розніцу паміж класамі як галоўнымі элементамі і слаямі як субэлементамі. У якасці крытэрыяў прыцягваліся прафесія, адукацыйны ўзровень і даход. Але гнасеалагічны інтарэс савецкай сацыялогіі заўсёды скіроўваўся на „збліжэнне” ўсіх сацыяльных груп[17].

Тым не менш, пытанне пра кіраўнікоў і падначаленых, бедных і багатых ставілася толькі крытыкамі сістэмы. Варта нагадаць пра распачатую ў канцы 50-х г. Мілаванам Джыласам і працягнутую ў 70-я і 80-я г. Дзьердзем Конрадам і Івонам Селеньі, а таксама Міхаілам Васленскім дыскусію пра „новы клас”[18]. У заходніх даследаваннях у гэтай сувязі адзначалі, што савецкі рэжым нарадзіў не толькі сацыяльную няроўнасць, але і арыентаванае на статус грамадства. У адпаведнасці з гэтым улічвалася сацыяльная стратыфікацыя па восях „доступ да прывілеяў” і „размеркаванне рэсурсаў”. Недахоп гэтага падыходу — ён занадта факусуецца на эліце, у той час як сацыяльнаму становішчу і асяродку аддаецца занадта мала ўвагі[19].

Больш перспектыўную альтэрнатыву стварае распрацаваная эмігрантам Віктарам Заслаўскім у эсэ 1981 г., але яшчэ не выкарыстаная савецкімі даследчыкамі мадэль „тэрытарыяльнага расслаення”. Адносна даходу, асартыменту тавараў, адукацыйных устаноў, сістэмы аховы здароўя і магчымасцяў арганізацыі вольнага часу ў Савецкім Саюзе існавала адпаведнае зніжэнне па лініі „сталіцы і іншыя буйныя гарады — гарады сярэдняй велічыні” і „невялікія гарады — вёска”[20]. Сегрэгацыя ўнутры адпаведнага населенага пункта вынікала непасрэдна з недахопу жылля. У якасці вызначальных фактараў можна ўлічваць якасць і месцазнаходжанне жылля (напр., цэнтр ці ўскраіна і г. д.) і яго характар (напр., інтэрнат, камунальная ці асобная кватэра і г. д.)[21].

Дыферэнцыяцыя жыллёвых умоў адлюстроўваецца ў будаўнічых якасцях дамоў. Інфармацыю даюць неапублікаваныя вынікі Усесаюзнай інвентарызацыі жыллёвага фонду, што праводзілася ў 1960 г., а таксама часткова апублікаваныя вынікі перапісу насельніцтва 1989 г. Сапраўды, матэрыял сцен — гэта просты, але эфектыўны паказчык адрознення. Ён характарызуе не толькі прыватны драўляны дом ці дзяржаўны шматкватэрны, але і градацыю ад прымітыўнага падворка да камфартабельнай кватэры ў новабудоўлі. Да таго ж гэта і паказальнік сегрэгацыі гарадскога грамадства па прасторы. Простае правіла: „дрэва” азначае збудаваны на гарадскіх пустках сялянскі дом, „цэгла” — сталінскі жылы палац у цэнтры або прыгожы рабочы пасёлак на ўскраіне, „бетонны блок” — занядбаны пяціпавярховы будынак з пляскатым дахам („хрушчоба”) у мікрараёне хрушчоўскай эры, а „панэльная пабудова” — высотны дом у змрочным мікрараёне брэжнеўскага часу[22].

4. Развіццё Масквы і Мінска ў параўнанні

Параўнанне паміж Масквой і Мінскам можна правесці тут толькі ў выглядзе грубага эскіза і на прыкладзе некалькіх выбраных паказчыкаў. У практычных адносінах цяжкасць заключаецца ў тым, што з прычыны савецкай маніі засакрэчвання апублікаваную інфармацыю пра прыток насельніцтва ў гарады і пра сітуацыю ў жыллёвым сектары можна знайсці ў большай ці меншай ступені толькі з часу перабудовы. У прынцыпе нягледзячы на ўсе адрозненні можна, без сумнення, канстатаваць, што развіццё абодвух гарадоў адбывалася ў выглядзе зрушанага па фазе працэсу. Іншымі словамі: тыя з’явы, якія характарызавалі Маскву 30-х г., паўтарыліся ў Мінску 60-х.

Масква ўжо напрыканцы царскай імперыі была горадам з мільённым насельніцтвам. Асаблівасць заключалася ў тым, што яна мела характар цэнтра агламерацыі. Аб’екты прамыслова-рамесніцкай эканомікі і фабрыкі ствараліся не толькі ў цэнтральнай частцы горада, але і, нават найперш, у прамысловым поясе. Пры савецкай уладзе Масква адабрала першынство па эканамічным патэнцыяле і колькасці насельніцтва ў ранейшай сталіцы, Санкт-Пецярбурга. У 30-я г. горад вызначаўся не толькі як месца знаходжання савецкай эліты (наменклатуры), але і як „сялянскі мегаполіс”. З часу Другой сусветнай вайны і да распаду Савецкага Саюза насельніцтва Масквы павялічылася з 4 да 9 млн. Сталічны эфект магніта грунтаваўся пры гэтым не толькі на прамысловасці, але і на функцыі Масквы як цэнтра навукі. Калі колькасць занятых у прамысловасці з 1947 да 1987 г. паменшылася з 43,7 % да 24,6 %, то ў навуковай сферы яна павялічылася за той самы час з 4,8 % да 19,5 %[23].

Мінск знаходзіўся ў занядбаным як царскай імперыяй, так і савецкай уладай — да Другой сусветнай вайны — прыгранічным рэгіёне. У канцы ХІХ — пачатку ХХ ст. больш за палову насельніцтва — агульным лікам 100 000 чалавек — складалі яўрэі. На tabula rasa, што засталася ад Другой сусветнай вайны, быў створаны „сацыялістычны” горад, у якім з’явіліся ключавыя прадпрыемствы савецкай прамысловасці — такія, як трактарны і аўтамабільны заводы. У далейшым колькасць насельніцтва павялічылася з 274 000 у 1950 г. да 1,6 млн у 1990-м. Дасягнуты ў 60-я гадавы тэмп росту 5,5% не здолеў дасягнуць ні адзін з іншых параўнальных савецкіх буйных гарадоў. Гэты паказчык амаль на 70% быў вынікам уцёкаў з вёскі[24].

У той час як у Маскве пасля Другой сусветнай вайны індывідуальнае жыллёвае будаўніцтва не выконвала амаль ніякай ролі, у Мінску яно да 1960 г. павінна было кампенсаваць недахопы дзяржаўнага жыллёвага будаўніцтва. Калі ў Мінску ў канцы 40-х г. прыватныя дамы складалі больш за чвэрць гарадской жыллёвай гаспадаркі, то ў Маскве толькі 2,5%. Улічваючы той факт, што пабудовы гэтыя ўяўлялі сабою зусім не асабнякі ў заходнім сэнсе слова, а прымітыўныя вясковыя хаты, можна сцвярджаць, што ў беларускую сталіцу былі перасаджаны звычайныя вёскі[25].

Пры такой перадумове не здзіўляе, што камуністычны „ўзорны горад” Масква і сацыялістычны „ўзорны горад” Мінск у аспекце галоўнай задачы савецкага планавання гарадоў моцна адрозніваліся паміж сабою — адносна камфорту і інфраструктуры. Калі ў Мінску на пачатак 60-х г. вадаправод мелі толькі 38,4% кватэр, а цэнтральнае ацяпленне 23,5%, то ў Маскве адпаведныя паказчыкі складалі ўжо 96% і 71%[26].

З прычыны проста неабмежаванай патрэбы прадпрыемстваў у рабочай сіле гарадскія саветы былі вымушаны скарачаць абмежаванне росту насельніцтва і дапускаць паслабленне рэжыму прапіскі. Асабліва яскравы выпадак уяўляюць сабою так званыя лімітчыкі, работнікі па кантынгенту. Гэта рабочыя з іншых мясцовасцяў, якія запатрабаваны прадпрыемствамі ў лімітаванай колькасці; яны атрымліваюць у горадзе часовую прапіску. Лімітчыкі стваралі субпралетарыят, які цалкам залежаў ад пры хільнага стаўлення кіраўніка адпаведнага прадпрыемства і мусіў згаджацца на катастрафічныя жыллёвыя ўмовы. Гэтая з’ява мела масавы характар. У 1968 г. у Мінск прыехала 20 000 рабочых па кантынгенту. Адносна Масквы на час з 1971 да 1986 г. называецца лічба 700 000[27]. У такіх умовах у абодвух гарадах кварталы, забудаваныя драўлянымі дамамі, ператвараліся, нягледзячы на нібыта татальны кантроль з боку савецкай улады, у месцы пражывання на мяжы легальнасці. Фактычна права здаваць жыллё ў субарэнду прыводзіла да росквіту ценявой эканомікі ў сферы афіцыйна не існуючага рынку жылля.

5. Рэзюмэ

Спецыфіка сацыялістычнага шляху ў сучаснасць заключалася ў тым, што фарсіраваная індустрыялізацыя абумовіла невядомую ў царскай Расіі канцэнтрацыю эканамічнага патэнцыялу ў гарадах, а часам, калі ўзнікалі новыя прамысловыя цэнтры, ператварэнне пасёлкаў у прыдаткі прадпрыемстваў. Не выпадкова выраз „вялікая будаўнічая пляцоўка” ўжываўся ў прапагандзе як метафара пабудовы камунізму. Гэткім чынам на практыцы па-рознаму ігнаравалася ідэалагічнае патрабаванне супрацьдзейнічаць дамінаванню гарадоў і сціраць межы паміж горадам і вёскай. Нівеляванне зусім іншага кшталту забяспечвалася прынамсі савецкім „алювіяльным грамадствам”. У выніку дзвюх хваляў міграцыі — у 30-я і 60-я г. — гарады „асяляніліся”. З прычыны жыллёвага крызісу, які абвастрыўся ў многіх гарадах у 40-я і 50-я г. у выніку Другой сусветнай вайны, у якасці пераважных формаў гарадскога жыцця выпрацоўвалася культура баракаў і камуналак. І толькі масавае жыллёвае будаўніцтва, пачатае пры Хрушчове, дало шырокім слаям насельніцтва магчымасць забяспечыць прыватную сферу. Паколькі цывілізацыйны перапад паміж горадам і вёскай да 60-х г. значна ўзмацніўся, у выніку сыходу маладога пакалення сельская мясцовасць апынулася пад пагрозай дэмаграфічнага „вымывання”. А з іншага боку назіралася ўшчыльненне насельніцтва вялікіх гарадоў. Нягледзячы на сістэму прапіскі, націск на гарады, выкліканы ўцёкамі з вёскі, быў такі моцны, што лічбы межаў росту, закладзеныя ў генеральных планах, дасягаліся часта ўжо за палову прадугледжанага часу. Таму цэнтральная сацыяльная праблема Савецкага Саюза — жыллёвая — да канца заставалася нявырашанай. Насуперак абяцанням праграмы партыі 1961 г. менавіта маладыя сем’і забяспечваліся жыллём недастаткова. Паколькі перавага адназначна аддавалася індустрыяльнаму развіццю, а рост гарадоў выходзіў з-пад кантролю, савецкія гарады вылучаліся яшчэ і недастатковым развіццём сферы паслуг. Хоць доля гарадскога насельніцтва Савецкага Саюза на час яго распаду складала 60%, на статус урбанізаваных грамадстваў маглі прэтэндаваць хіба што прыбалтыйскія рэспублікі. Аднак сістэма „закрытых гарадоў” здолела не дапусціць утварэння трушчоб і тым самым быў гарантаваны пэўны ўзровень жыцця, які з хрушчоўскай эры можна было параўноўваць з узроўнем жыцця заходняга свету.

Пераклад Галіны Скакун


[1] Параўн.: S. Merl. „Entstalinisierung, Reformen und Wettlauf der Systeme 1953–1964” // S. Plaggenborg (Hg.), Handbuch der Geschichte Russlands. Bd. 5: 1945–1991. Vom Ende des Zweiten Weltkriegs bis zum Zusammenbruch der Sowjetunion. I. Hlbbd., Stuttgart, 2002. S. 175–318; А. Пыжиков. Хрущёв- ская „оттепель”. Москва, 2002; W. Taubmann. Khrushchev, The Man and the Era. New York, 2003. 
[2] Параўн.: M. Lewin. The Making of the Soviet System. Essays in the Social History of Interwar Russia. London, 1985. P. 12–21; яго ж. The Gorbachev Phenomenon. A Historical Interpretation. Expanded Edition, Berkeley / Cal., Los Angeles / Cal., 1991. P. 13–42. 
[3] Отчетный доклад Центрального Комитета КПСС ХХ съезду партии. Доклад товарища Хрущёва Н. С., Первого секретаря ЦК КПСС, прочитанный 14 февраля 1956 г. // ХХ съезд Коммунистической партии Советского Союза. 14–25 февраля 1956 г. Стенографический отчёт. Т. I. Москва, 1956. С. 9–120, тут с. 79. 
[4] Параўн.: Д. Зайцев. Урбанизация // БСЭ. Т. 56. Москва, 1936. С. 248–249. 
[5] Параўн.: Основы советского градостроительства. Т. I–IV. Москва, 1966–1969. 
[6] Параўн.: S. O. Chan-Magomedow. Pioniere der sowjetischen Architektur. Der Weg zur neuen sowjetischen Architektur in den zwanziger und zu Beginn der dreißiger Jahre. Dresden, 1983. Дапоўненае рускае выданне: С. О. Хан-Магомедов. Архитектура советского авангарда. Кн. 1. Проблемы формообразования. Мастера и течения. Кн. 2. Социальные проблемы. Москва, 1996–2001. 
[7] Параўн.: E. Goldzamt. Städtebau sozialistischer Länder. Soziale Probleme. Berlin, 1974; J. Friedrich (Hg.). Stad tent wicklungen in West- und Osteuropa. Berlin / New York, 1985; A. Ǻman. Architecture and Ideology in Eastern Europe during the Stalin Era. An Aspect of Cold War History. New York, Cambridge / Mass., London, 1992. 
[8] Параўн.: J. H. Bater. The Soviet City. Ideal and Reality. London, 1980; A. Karger, F. Werner. „Die sozialistische Stadt” // Geographische Rundschau 34 (1982). S. 519–528; A. Tarchanow, S. Kawtaradse. Stalinistische Architektur. München, 1992; H. Bodenschatz, C. Post (Hg.). Städtebau im Schatten Stalins. Die internationale Suche nach der sozialistischen Stadt in der Sowjetunion 1929–1935. Berlin, 2003. 
[9] Параўн.: R. A. French, F. E. I. Hamilton (eds.). The Socialist City. Spatial Structure and Urban Policy. Chichester et al., 1979; R. A. French. Plans, Pragmatism and People. The Legacy of Soviet Planning for Today’s Cities. London, 1995; H. Häußermann. „Von der Stadt im Sozialismus zur Stadt im Kapitalismus” // ён жа, R. Neef (Hg.). Stadtentwicklung in Ostdeutschland. Soziale und raumliche Tendenzen. Opladen, 1996. S. 5–47, асабліва S. 6–20; J. Stadelbauer. Die Nachfolgestaaten der Sowjetunion. Großraum zwischen Dauer und Wandel. Darmstadt, 1996. S. 217. 
[10] Параўн.: M. Matthews. The Passport Society. Controlling Movement in Russia and the USSR. Boulder / Col., San Francisco / Cal., Oxford, 1993; G. Kessler. „The Passport System and State Control over Population Flows in the Soviet Union, 1932–1940” // Cahiers du Monde russe 42 (2001). P. 477–504. 
[11] Параўн.: Социальное развитие СССР. Статистический сборник. Москва, 1990. С. 210. 
[12] Параўн.: B. Knabe. Bevölkerungsentwicklung und Binnen-wanderung in der UdSSR 1967–1974. Dargestellt an ausgewählten Territorien und unter Berücksichtigung interregionaler Migrationen. Berlin, 1978; P. J. Grandstaff. Interregional Migration in the U. S. S. R. Economic Aspects, 1959–1970. Durham / N. C., 1980; C. Buckley. „The Myth of Managed Migration: Migration and Market in the Soviet Period” // Slavic Review. 54 (1995). P. 896–916. 
[13] Параўн.: Б. С. Хорев. Проблемы городов. (Урбанизация и единая система расселения в СССР). Изд. 2-е, доп. и перераб. Москва, 1975. С. 78–87; V. Zaslavsky. „Closed Cities and the Organized Consensus” // яго ж. The Neo-Stalinist State. Class, Ethnicity and Consensus in Soviet Society. With a New Introduction. Armonk, N. Y., 1994. S. 130–164. 
[14] Параўн.: C. D. Harris. Cities of the Soviet Union. Studies in their Function, Size, Density and Growth. Chicago / Ill., 1970; R. A. Lewis, R. H. Rowland. Population Redistribution in the USSR. It’s Impact on Society, 1897–1977. New York, 1979; G. M. Lappo, F. W. Honsch. Urbanisierung Russlands. Berlin, Stuttgart, 2000; А. С. Сенявский. Урбанизация России в ХХ в. Роль в историческом процессе. Москва, 2003. 
[15] Параўн.: T. M. Bohn. „Bevölkerung und Sozialstruktur” // S. Plaggenborg (Hg.). Handbuch der Geschichte Russlands. Bd. 5: 1945–1991. Vom Ende des Zweiten Weltkriegs bis zum Zusammenbruch der Sowjetunion. II. Hlbbd. Stuttgart, 2003. S. 595–657, тут S. 631–634. 
[16] Параўн.: B. Meissner. Sowjetgesellschaft im Wandel. Russlands Weg zur Industriegesellschaft. Stuttgart et al., 1966; яго ж. Sowjetgesellschaft am Scheideweg. Beiträge zur Sozialstruktur der Sowjetunion. Köln, 1985; M. E. Ruban et al. Wandel der Arbeits- und Lebensbedingungen in der Sowjetunion 1955–1980. Planziele und Ergebnisse im Spiegelbild sozialer Indikatóren. Frankfürt am Main, New York, 1983; M. Teckenberg. Gegenwartsgesellschaften: UdSSR. Stuttgart, 1983; D. Lane. Soviet Economy and Society. Oxford, 1985; яго ж. Soviet Union under Perestroika. Boston / Mass. et al., 1990; K. v. Beyme. Reformpolitik und sozialer Wandel in der Sowjetunion (1970–1988). Baden-Baden, 1988; V. Shlapentokh. Public and Private Life of the Soviet People. Changing Values in Post-Stalin-Russia. New York, 1989; L. J. Cook. The Soviet Social Contact and Why It Failed. Welfare Policy and Worker Politics from Brezhnev to Yeltsin. Cambridge / Mass., London, 1993; I. A. Boutenko, K. E. Razlogov (eds.). Recent Social Trends in Russia, 1960–1995. London, Buffalo / N. Y., 1997; S. A. Resnick, R. D. Wolff. Class Theory and History. Capitalism and Communism in the USSR. New York, London, 2002. 
[17] Параўн.: R. Ahlberg (Hg.). Soziologie in der Sowjetunion. Ausgewählte sowjetische Abhandlungen zu Problemen der sozialistischen Gesellschaft. Freiburg i. Br., 1969; M. Yanowitch. The Social Structure of the USSR. Recent Soviet Studies. Armonk / N. Y., 1986; яго ж. Controversies in Soviet Social Thought. Democratization, Social Justice, and the Erosion of Official Ideology. Armonk / N. Y. etc., 1991. 
[18] Параўн.: M. Djilas. Die neue Klasse. Eine Analyse des kommunistischen Systems. München, 1958; G. Konrád, I. Szelényi. Die Intelligenz auf dem Weg zur Klassenmacht. Frankfürt am Main, 1978; I. Szelényi. „The Prospects and Limits of the East European New Class Project: An Auto-critical Reflection on ‘The Intellectuals on the Road to Class Power’” // Politics & Society. 15 (1986/87). P. 103–144; M. Voslensky. Nomenklatura. Die herrschende Klasse der Sowjetunion in Geschichte und Gegenwart, 3., aktualisierte und erweiterte Ausgabe. München, 1987. 
[19] Параўн.: M. Matthews. Privilege in the Soviet Union. A Study of Elite Life-Styles under Communism. London etc., 1978; D. Lane (ed.). Elites and Political Power in the USSR. Aldershot, 1988. 
[20] Zaslawsky. „Closed Cities”. P. 139–141. 
[21] Параўн.: G. Smith. „Privilege and Place in Soviet Society” // G. Derek, R. Walford (eds.). Horizons in Human Geography. Houndmills, London, 1989. P. 320–340. 
[22] Параўн.: A. Martiny. Bauen und Wohnen in der Sowjetunion nach dem Zweiten Weltkrieg. Bauarbeiterschaft, Architektur und Wohnverhältnisse im sozialen Wandel. Berlin, 1983; G. D. Andrusz. Housing and Urban Development in the USSR. London, Basingstoke, 1984; W. C. Brumfield, B. A. Ruble (eds.). Russian Housing in the Modern Age. Design and Social History. Cambridge / Mass., 1993; Н. Б. Левина, А. Н. Чистиков. Обыватель и реформы. Картины повседневной жизни горожан в годы нэпа и хрущевского десятилетия. С.-Петербург, 2003. 
[23] Параўн.: W. J. Chase. Workers, Society, and the Soviet State. Labor and Life in Moscow, 1918–1929. Urbana / Ill, Chicago / Ill., 1990; D. L. Hoffmann. Peasant Metropolis. Social Identities in Moscow, 1929–1941. Ithaca / N. Y., London, 1994; T. Colton. Moscow. Governing the Socialist Metropolis. Cambridge / Mass., London, 1995; M. Ruthers, C. Scheide (Hg.). Moskau. Menschen, Mythen, Orte. Köln, Weimar, Wien, 2003. 
[24] Параўн.: S. Schybeka. „Das ‚alte’ Minsk — vom zaristischen Gouvernementzentrum zur sowjetischen Hauptstadt” //, D. Beyrau, R. Lindner (Hg.). Handbuch der Geschichte Weißrusslands. Göttingen, 2001. S. 308–318; T. M. Bohn. „Das ‚neue’ Minsk — Aufbau einer sozialistischen Stadt nach dem Zweiten Weltkrieg”, тамсама, S. 319–333; яго ж. Minsk — Musterstadt des Sozialismus. Stadtplanung und Urbanisierung in der Sowjetunion nach 1945. Köln / Weimar / Wien, 2008 (Industrielle Welt 74). 
[25] Colton. Governing the Socialist Metropolis. P. 308, 487; Bohn. Minsk — Musterstadt des Sozialismus. S. 219, 223. 
[26] Colton. Governing the Socialist Metropolis. S. 488; Bohn. Minsk — Musterstadt des Sozialismus. S. 346–347. 
[27] Colton. Governing the Socialist Metropolis. P. 464–465; Bohn. Minsk — Musterstadt des Sozialismus. S. 202–205. 
Наверх

Аляксандр Фрыдман. Кiтайскiя красоўкi для працоўных мiнскага завода халадзiльнiкаў

Студзеня 1, 2011 |

Кiтайскiя красоўкi для працоўных Мiнскага завода халадзiльнiкаў

Савецкая Беларусь вачыма лектара САПН у сакавiку — красавiку 1989 г.

Аляксандр Фрыдман

З 28 сакавiка да 3 красавiка 1989 г. у Мiнскай вобласцi з працоўным вiзiтам знаходзiўся лектар Сацыялiстычнай адзiнай партыi Нямеччыны (САПН) Э. К. У госця з Нямецкай Дэмакратычнай Рэспублiкi (НДР)адбылiся сустрэчы з тагачасным абласным партыйным кiраўнiцтвам (другi сакратар абкама КПБ Анатоль Бычак, сакратар абкама па iдэалогii Уладзiмiр Атрошчанка), ён наведаў Беларускi полiтэхнiчны iнстытут i iншыя навучальныя ўстановы, пазнаёмiўся з працай мiнскiх маторнага i аўтамабiльнага заводаў, завода халадзiльнiкаў, оптыка-механiчнага завода „Зенiт” у Вiлейцы i iншых буйных прадпрыемстваў. У сваiх выступленнях перад навучэнцамi i працоўнымi „нямецкi таварыш” распавёў пра становiшча ў НДР[1]. Беларуская Савецкая Сацыялiстычная Рэспублiка, у прыватнасцi Мiнск i Мiнская вобласць, пакiнулi ў К. досыць станоўчае ўражанне. Пасля вяртання на радзiму лектар 10 красавiка 1989 г. склаў падрабязную справаздачу, копiю якой атрымала таксама i адчыненае ў 1972 г. генеральнае консульства НДР у Мiнску. У сваёй справаздачы К. адзначыў, што размовы, сустрэчы i выступы прайшлi ў „добрай, дзелавой i сяброўскай атмасферы”[2].

Справаздача К. — каштоўная крынiца па гiсторыi Беларусi ў перыяд гарбачоўскай перабудовы. Вялiкую цiкавасць выклiкае знешні погляд аўтара, які з пазiцыi „замежнага сябра” падрабязна спынiўся на развiццi беларускай прамысловасцi, сцiсла акрэслiў стан сельскай гаспадаркi, а таксама паведамiў пра палiтычнае жыццё рэспублiкi, настроi мясцовай партыйнай элiты i насельнiцтва. Пры аналiзе гэтай крынiцы абавязкова неабходна ўлiчваць тагачаснае становiшча ў НДР, якое, безумоўна, паўплывала на характар справаздачы i на высновы аўтара адносна сацыялiстычнай будучынi БССР. У гэтай сувязi трэба адзначыць, што ў красавiку 1989 г. на чале Нямецкай Дэмакратычнай Рэспублiкi па-ранейшаму стаяў сумнавядомы Эрых Хонэкер (Erich Honecker), САПН выконвала цэнтральную ролю ў грамадскiм, палiтычным i эканамiчным жыццi краiны, а дзяржаўнае кiраўніцтва вельмi скептычна ставiлася да пераменаў у СССР. У пачатку 1989 г. узрасла колькасць грамадзян НДР, якія хацелі пакiнуць краiну, а ў траўнi Нямецкую Дэмакратычную Рэспублiку ахапiла хваля пратэстаў супраць камунiстычай дыктатуры, што значна ўзмацнiлася ў вераснi i кастрычнiку i скончылася адстаўкай Хонэкера. Прадбачыць такое хуткае развiццё падзей вясной 1989 г. было фактычна немагчыма.

„Паспяховае развiццё” прамысловасцi i сельскай гаспадаркi

У сваёй справаздачы К. падкрэслiў поспехi мясцовай прамысловасцi i сельскай гаспадаркi, звязаў iх з iнiцыяванымi савецкiм урадам эканамiчнымi рэформамi, а праблемы ўзгадаў толькi мiмаходзь цi ўвогуле абышоў увагай. Так, аўтар, у прыватнасцi, спынiўся на прыросце сельскагаспадарчай вытворчасцi ў БССР, якi пераўзышоў агульнасавецкi ўзровень i быў, паводле меркавання другога сакратара абкама Бычака, увогуле галоўным дасягненнем Савецкай Беларусi за апошнiя тры гады.

„Беларускiм таварышам” заставалася яшчэ, аднак, папрацаваць над пашырэннем асартыменту сельскагаспадарчай прадукцыi. Такiм чынам К. прызнаў, што ў сельскай гаспадарцы Беларусi вырашаны далёка не ўсе надзённыя пытаннi[3].

Лектар САПН прытрымлiваўся меркавання, што ў БССР i ў далейшым захаваюцца буйныя сацыялiстычныя (дзяржаўныя) прадпрыемствы, якiя ўжо падрыхтавалi дакладныя канцэпцыi развiцця прадукцыйнасцi i павелiчэння збыту сваёй прадукцыi, у тым лiку на экспарт. Асаблiва ўразiлi К. планы Мiнскага завода халадзiльнiкаў i вiлейскага завода „Зенiт”, якiя меркавалi да 1995 г. павялiчыць выпуск сваёй прадукцыi на 50 i прыкладна на 70% адпаведна. Нямецкi госць падкрэслiў, што беларускiя прадпрыемствы вельмi хочуць пастаўляць свае вырабы за мяжу i такiм чынам зарабляць валюту. Справа была яшчэ i ў тым, што дзяржава дазволiла прадпрыемствам самастойна распараджацца заробленымi сродкамi i, напрыклад, выкарыстоўваць чвэрць атрыманай валютнай выручкі на набыццё тавараў народнага спажывання за межамi СССР. Менавiта такой магчымасцю i скарыстаўся сталiчны завод халадзiльнiкаў. Выконваючы пажаданнi працоўнага калектыву, ён набыў у Кiтаi красоўкi, а ў Ганконгу побытавыя рэчы, якiя працоўныя потым змаглi купіць за савецкiя рублi. К. адзначыў, што гэты эскперымент павялiчыў зацiкаўленасць працоўных у стварэннi якаснай i канкурэнтаздольнай прадукцыi[4]. Завод халадзiльнiкаў бачыўся яму ўвогуле бадай найсучаснейшым беларускiм прадпрыемствам, якое актыўна i паспяхова ўжывала новыя формы гаспадарання[5].

Э. К. высока ацанiў сацыяльную iнфраструктуру беларускiх прадпрыемстваў, што мелi ўласныя палiклiнiкi, дзiцячыя сады, дамы адпачынку, прафесiйна-тэхнiчныя вучылiшчы i г. д., а акрамя таго, цесна супрацоўнiчалi з калгасамi i саўгасамi, дапамагаючы апошнiм у мадэрнiзацыi сельскай гаспадаркi. Вядомая савецкая практыка накiравання працоўных з горада ў вёску пад час збору ўраджаю знайшла сваё адлюстраванне i ў справаздачы лектара САПН, якi патлумачыў, што прамысловыя прадпрыемствы атрымлiваюць ад калгасаў i саўгасаў сельскагаспадарчую прадукцыю i рэалiзуюць яе сярод працоўных. З дапамогай такiх мерапрыемстваў у БССР вырашалася „харчовая праблема”[6].

У Мiнску К. пачуў пра рацыяналiзацыю працы i сучаснае тэхнiчнае абсталяванне беларускiх прадпрыемстваў. Пабачыць гэтае абсталяванне на ўласныя вочы ў „таварыша з НДР”, аднак, не атрымалася. Камунiстычныя функцыянеры цi кiраўнiцтва прадпрыемстваў палiчылi (вiдаць, зусiм невыпадкова) непатрэбным знаёмiць замежнiка, хай i з „братэрскай” Нямецкай Дэмакратычнай Рэспублiкi, з апошнiмi дасягненнямi савецкай тэхнiчнай думкi. Пад час сустрэч на прадпрыемствах „беларускiя сябры” ахвотна распавядалi госцю пра эканамiчнае супрацоўнiцтва з замежнiкамi i ў тым лiку з заходнiмi фiрмамi. Пад уплывам гэтых размоў К. прыйшоў да высновы, што ўзяты савецкай прамысловасцю курс на супрацоўнiцтва з замежжам набыў незваротны характар, а НДР, з якой у СССР па-ранейшаму хацелi цесна супрацоўнiчаць, павiнна выкарыстаць сiтуацыю i замацаваць свае пазiцыi на савецкiм рынку. У Мiнскім аўтазаводзе лектар САПН убачыў патэнцыйнага партнёра для ўсходненямецкiх прадпрыемстваў. Мiнчане хацелi пастаўляць сваю прадукцыю ў НДР i былi са свайго боку зацiкаўлены ў набыццi сучаснага тэхнiчнага абсталявання ў гэтай краiне[7].

„Беларусь вучыцца дэмакратыi”

Вiзiт Э. К. распачаўся ў панядзелак 28 сакавiка 1989 г. За два днi да таго, 26 сакавiка, адбыўся першы тур выбараў народных дэпутатаў СССР, вынiкi якога моцна расчаравалi мясцовы партыйны апарат i паўплывалi на яго настроi. Камунiстычнае кiраўнiцтва вiдавочна не чакала, што выбарцы ў шэрагу выпадкаў адмовяцца падтрымаць прапанаваных партыяй кандыдатаў, i наракала як на прэсу, якая паспрыяла паразе некаторых сакратароў абкамаў i гаркамаў, так i на выбаршчыкаў, якiя яшчэ „толькi вучацца дэмакратыi”, нiбыта не прызвычаiлiся да новых плюралiстычных умоваў i схiльны абiраць „папулiстаў” i „гарлапанаў”, не заўважаючы кандыдатаў з сур’ёзнай праграмай. Да тэмы выбараў нямецкi госць падышоў вельмi асцярожна, падкрэслiўшы, аднак, што сярод дэпутатаў стала менш сялян, рабочых, жанчын i моладзi[8]. Хутчэй за ўсё К. iзноў прыгадаў гэтае адносна свабоднае волевыяўленне грамадзян СССР ужо ў траўнi 1989 г., калi ў НДР адбылiся мясцовыя выбары, на якiх т. зв. „нацыянальны фронт” на чале з САПН атрымаў 98,85% галасоў, а абуранае нахабнай фальсiфiкацыяй вынiкаў насельнiцтва выйшла на вулiцы[9].

У красавiку 1989 г. Э. К. быў упэўнены, што КПБ зрабiла адпаведныя высновы i будзе ў будучым, напрыклад, пад час выбарчай кампанii ў Вярхоўны Савет БССР i мясцовыя саветы, яшчэ больш актыўна працаваць з насельнiцтвам, рашуча адстойваючы лiнiю партыi[10]. У сваёй справаздачы К., акрамя таго, паспачуваў мясцоваму партыйнаму апарату, што апынуўся пасля скарачэння кадраў у даволi цяжкiм становiшчы: у мiнскiм абкаме, у прыватнасцi, з 109 супрацоўнiкаў на сваiх пасадах засталiся 75, а колькасць аддзелаў скарацiлася з 16 да 7. Скарачэнне прывяло, па меркаванні лектара САПН, да таго, што некаторыя функцыянеры перагружаны працай i не ў стане выконваць свае прафесiйныя абавязкi на адпаведным палiтычна-iдэалагiчным узроўнi[11].

Распавядаючы пра палiтычнае жыццё рэспублiкi, Э. К. уз гадаў i т. зв. „народны фронт”, што вылучае „экстрэмiсцкiя патрабаваннi”[12]. На ўвазе меўся Беларускi народны фронт „Адраджэнне”, устаноўчы з’езд якога прайшоў напрыканцы чэрвеня 1989 г. у Вiльнюсе. У адрозненне ад К., якi не палiчыў патрэбным падрабязна спынiцца на станаўленнi новага грамадскага руху, што кiнуў выклiк КПБ, адыграў гiстарычную ролю ў стварэннi незалежнай беларускай дзяржавы, а ў 1990-я г. заставаўся прыкметнай з’явай на палiтычным небасхiле Рэспублiкi Беларусь, генеральнае консульства НДР у Мiнску ўважлiва сачыла за дзейнасцю БНФ[13].

Вопыт „нямецкiх таварышаў”

У красавiку 1989 г. лектар САПН Э. К. выказваў спадзяванне на ўмацаванне ўсебаковых сувязей памiж БССР i НДР, спасылаючыся пры гэтым на станоўчы вопыт супрацоўнiцтва памiж Мiнскай вобласцю i акругай Патсдам. Аўтар з задавальненнем адзначыў, што „мiнскiя таварышы” ў сваёй кадравай палiтыцы пераймаюць „карысны вопыт” САПН i актыўна працуюць з нiзавымi партыйнымi структурамi[14]. Адметным лiчыў К. таксама той факт, што мясцовыя партыйныя функцыянеры падтрымалi рашэнне ўладаў НДР спынiць распаўсюджванне выдання савецкага Агенцтва друку „Новости” „Спутник” на тэрыторыi Усходняй Нямеччыны. Штомесячны дайджэст савецкага друку „Спутник”, якi выходзiў таксама i на нямецкай мове, рашуча падтрымлiваў палiтыку галоснасцi i дэмакратызацыi i лiчыўся таму ў НДР Эрыха Хонэкера непажаданым[15]. Як i ва Усходнiм Берлiне, у Мiнску меркавалi, што „Спутник” — як, дарэчы, i вядомы штодзённiк „Московские новости” пад рэдакцыяй Ягора Якаўлева, — не даюць чытачам сапраўднага ўяўлення пра Савецкi Саюз[16].

Пытаннi без адказаў: цi iснуе алкагалiзм у НДР?

У дадатку да сваёй справаздачы Э. К. змясцiў вялiкi спiс пытанняў, якiя ўздымалiся грамадзянамi БССР пад час сустрэч з нямецкiм лектарам[17]. Свае адказы на гэтыя, часам досыць непрыемныя, пытаннi ён, аднак, не прывёў. Пытаннi паказваюць, што суразмоўцы iмкнулiся даведацца пра сапраўднае становiшча ў НДР, каб перш за ўсё параўнаць яго з сiтуацыяй у СССР. У К. пыталiся пра эканамiчную палiтыку ўрада НДР, пра дзяржаўную падтрымку сельскай гаспадаркi, пра памер заробкаў, пенсiй i стыпендый i пра выдаткi насельнiцтва НДР на аплату жылля. Лектар мусiў патлумачыць, як грамадзяне Нямецкай Дэмакратычнай Рэспублiкi праводзяць адпачынак, цi iснуе ў краiне беспрацоўе, цi сутыкнулася НДР з праблемай дэфiцыту дзяржаўнага бюджэту. У шэрагу пытанняў закраналiся развiццё адукацыi, культуры i спорту ў НДР, дэмаграфiчныя тэндэнцыi, становiшча ў галiне мацярынства i дзяцiнства, а таксама дзяржаўная падтрымка маладых сем’яў. Чакалася таксама, што К. выкажацца наконт уплыву сталiнiзму i брэжнеўскага застою на НДР i распавядзе пра стаўленне ўсходнiх немцаў да палiтыкi перабудовы ў СССР. Некаторыя грамадзяне хацелi абавязкова даведацца пра экалагiчную сiтуацыю ў НДР i пра распаўсюджанне алкагалiзму i СНIДу ў гэтай краiне. Калi пытанне пра алкагалiзм было выклiкана, верагодна, сумнавядомай антыалкагольнай кампанiяй у СССР (1985–1987), а тэма СНIДу набыла актуальнасць у сувязi з хуткiм ростам захворванняў у Савецкiм Саюзе, дык цiкавасць да экалагiчнай праблематыкi тлумачылася, хутчэй за ўсё, чарнобыльскай трагедыяй i яе страшэннымi наступствамi для БССР, якiя партыйнае кiраўнiцтва старанна замоўчвала. У гэтай сувязi не павiнен здзiўляць той факт, што i лектар САПН абышоў у сваёй справаздачы „непрыемную” чарнобыльскую тэму.

Працэс дэмакратызацыi грамадска-палiтычнага жыцця ў другой палове 1980-х г. паспрыяў актывiзацыi культурнага i нацыянальнага жыцця этнiчных меншасцяў у СССР. Вялiкая колькасць савецкiх грама дзян яўрэйскага i нямецкага паходжання скарысталася магчымасцю пакiнуць Савецкi Саюз. Пад уплывам гэ тых па дзей беларускiя суразмоўцы ўздымалi пытаннi пра нацыянальныя меншасці ў НДР i працу з iмi, пра спро бы ўсходнiх немцаў перасялiцца ў Федэратыўную Рэс пуб лiку Нямеччына (ФРН) i пра магчымую дапамогу, якую НДР магла б аказаць СССР у працы з савецкiмi немцамi.

У К., як у прадстаўнiка САПН, пыталiся пра сучасны стан гэтай партыi, яе ўзроставую структуру, арганiзацыю i фiнансаванне, а таксама ўплыў у розных частках НДР. Адказы на гэтыя пытаннi павiнны былi дапамагчы параўнаць САПН i КПСС (КПБ). Цiкавасць у новых палiтычных умовах выклікала таксама iснаванне „нефармальных груповак” i шматпартыйная сiстэма ў НДР, якую САПН выкарыстоўвала ў якасцi дэмакратычнага фасаду для сваёй дыктатуры.

Шэраг пытанняў тычыўся адносiнаў памiж ФРН i НДР. Лектара САПН, у прыватнасцi, папрасiлi параўнаць жыццёвы ўзровень у абедзвюх Нямеччынах, магчыма, дакладна ведаючы, што параўнанне будзе зусiм не на карысць сацялiстычнай дзяржавы, а акрамя таго, распавесцi пра адносiны памiж САПН i Сацыял-дэмакратычнай партыяй ФРН, спынiцца на праграме гэтай партыi i патлумачыць iдэалагiчную накiраванасць заходненямецкiх зялёных i стаўленне САПН да гэтай новай палiтычнай сiлы. Беларускiя суразмоўцы хацелi пачуць меркаванне К. наконт магчымасцi аб’яднання Нямеччыны, пра стаўленне НДР да савецкай знешняй палiтыкi, аднабаковага скарачэння савецкiх узброеных сiлаў, частковага вываду савецкiх войскаў з Усходняй Нямеччыны i пра верагоднасць павелiчэння армii НДР у гэтай сувязi. Лектару давялося таксама патлумачыць, як насельнiцтва НДР успрымае размешчаны на тэрыторыi краiны савецкi вайсковы кантынгент. Урэшце ў цэнтры ўвагi апынулася i замежная палiтыка Нямецкай Дэмакратычнай Рэспублiкi, яе далейшая дзейнасць у межах Савета эканамiчнай узаемадапамогi, адносiны з Польскай Народнай Рэспублiкай i эканамiчныя сувязi з СССР.

Вынiкi

Разгледжаная ў гэтым артыкуле красавiцкая справаздача Э. К. — цiкавая крынiца, якая, нягледзячы на адпаведную iдэалагiчную афарбоўку, дазваляе скласцi пэўнае ўяўленне пра развiццё прамысловасцi i сельскай гаспадаркi ў БССР, пра грамадска-палiтычнае жыццё рэспублiкi, пра становiшча КПБ i настроi насельнiцтва, якое, дарэчы, прадэманстравала значную цiкавасць да падзей за межамi СССР. Лектар САПН прыйшоў да высновы, што як партыйныя кадры, так i працоўныя не бачаць альтэрнатывы палiтыцы перабудовы i паскарэння сацыяльна-эканамiчнага развiцця краiны i абранаму Мiхаiлам Гарбачовым курсу на палiтычныя пераўтварэннi. Пры гэтым СССР, як адзначыў аўтар, трэба яшчэ вызначыцца з памерам i тэмпам пераўварэнняў[18]. Абавязковае для партыйнага функцыянера з Нямецкай Дэмакратычнай Рэспублiкi ўсхваленне СССР, вера ў паспяховае развiццё „братэрскай краiны”, сiмпатыя да мясцовых „партыйных таварышаў” i адначасовае iмкненне ўстрымацца ад прынцыповай (пазiтыўнай цi негатыўнай) асабiстай ацэнкi перабудовы i перш за ўсё адмоўна ўспрынятых кiраўнiцтвам НДР палiтычных пераўтварэнняў у Савецкiм Саюзе з’яўляюцца адметнымi рысамi справаздачы, што ўзнiкла ў апошнiя месяцы хонэкераўскай дыктатуры. Так, К. палiчыў за лепшае заплюшчыць вочы на яскравыя праявы эканамiчнага крызiсу ў СССР i выказаў спадзяванне на тое, што прамысловасць i сельская гаспадарка БССР i надалей будуць дынамiчна развiвацца на сацыялiстычных рэйках, гаспадарчае супрацоўнiцтва памiж БССР i НДР узмоцнiцца, а КПБ „паспяхова навучыць” насельнiцтва дэмакратыi i шляхам iнтэнсiўнай агiтацыi замацуе сваю кiроўную ролю ў грамадстве.

Надзеi лектара САПН Э. К. не спраўдзiлiся. Сiстэмны крызiс сацыялiстычнага лагера скончыўся знiкненнем НДР у 1990 г. i распадам СССР у 1991 г. Прадчуваннi кансерватыўных колаў КПБ, якiя яшчэ ў 1989 г. вельмi хваравiта ўспрынялi развiццё „некантраляванай дэмакратыi” i з хваляваннем назiралi за ўзмацненнем „нефармальных экстрэмiсцкiх сiлаў”, аказалiся недарэмнымi. У той жа час беларускае грамадства даведалася пра жахлiвыя наступствы Чарнобыля, якiя не знайшлi свайго адлюстравання нi ў савецкай афiцыйнай партыйнай прапагандзе, нi ў справаздачы лектара САПН.


[1] BArch [Bundesarchiv Lichterfelde Ost; Федэральны архiў ФРН, Лiхтэрфельдэ-Ост] DY 30/12403, арк. 152–162, тут: арк. 152, 159.
[2] Тамсама, арк. 152.
[3] Тамсама.
[4] Тамсама, арк. 153.
[5] Тамсама, арк. 155.
[6] Тамсама, арк. 154, 155.
[7] Тамсама, арк. 153, 154.
[8] Тамсама, арк. 156, 157.
[9] Klaus Schroeder, Der SED-Staat. Partei, Staat und Gesellschaft 1949–1990, München 1998. S. 284, 297.
[10] BArch DY 30/12403, арк. 156.
[11] Тамсама, арк. 157.
[12] Тамсама, арк. 155.
[13] Гл. напрыклад: BArch DY 30/12403, арк.144–151, тут: 147, 148; арк. 171, 172; арк. 185–191, тут: 189–191.
[14] BArch DY 30/12403, арк. 157, 158.
[15] Klaus Schroeder, Der SED-Staat. Partei, Staat und Gesellschaft 1949–1990, München 1998. S. 295f.
[16] BArch DY 30/12403, арк. 158.
[17] Тамсама, арк. 160–162.
[18] Тамсама, арк. 152.
Наверх

Нiл Гілевіч. Дзевяноста трэці год. Дзённік

Студзеня 1, 2011 |

У дзённікавых запісах Ніла Сымонавіча Гілевіча, народнага паэта Беларусі, які стаў непасрэдным удзельні кам станаўлення маладой беларускай дзяржаўнасці, рэдакцыя бачыць каштоўную крыніцу па нядаўняй па літычнай гісторыі Беларусі. Занатоўкі старшыні Камісіі Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь па адукацыі, культуры і ахове гістарычнай спадчыны адлюстравалі не толькі стаўленне народных абраннікаў да лёсаносных пытанняў мацавання суверэнітэту Беларусі, але і тагачасныя клопаты беларускага грамадства.

Дзевяноста трэці год. Дзённік*

Ніл Гілевіч

„Занатоўкі для сябе”, зробленыя ў час пасяджэнняў Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь

2. І. 1993

Упершыню за апошні час сустракаў Новы год па-чалавечы — у мілым сямейным коле, і зноў адчуў гэтую непараўнаную радасць. Божа, дапамажы мне — сівому, ды неразумнаму! Я апраўдаю давер Твой!.. Першы дзень новага года прайшоў у трывожных, цяжкіх роздумах. Што будзе? Куды ідзем? Ці бачым, ці разумеем самі? Два тыдні ляжаць накіды да артыкула „Што з намі?”. Не магу ўзяцца, каб сказаць гэтае балючае слова, не хапае сілы духу. 30-га вечарам засядалі ўсім Прэзідыумам Вярхоўнага Савета ў Драздах, у былой рэзідэнцыі Першых асобаў (раней мая нага тут ні разу не ступала). На маё здзіўленне быў поўны кворум — прыйшлі ўсе да аднаго. Пілі мала. Гаварылі шмат. У тым ліку — шмат кампліментаў і клятваў вернасці Станіславу [Шушкевічу[1]], нашаму спі керу, фактычна — галаве дзяржавы. (Але ж: „Пяюн не пра пяяў тры краты”. Не паўторыцца? Далёка ж не ўсе яго аднадумцы! Сёй-той толькі і чакае каманды: „Назад!”) Ш-ў трохі перабраў, відаць, і па-дзіцячы смешна прасіўся ў Шушкевіча і ва ўсіх нас у замежную камандзіроўку. Як усё-такі цягне іх усіх у гэтыя паездкі! Як яны помняць пра сябе! Падсякай, пакуль клёў ёсць! Падсякай ды ў вядзерца! Ці на дно чоўна! Далі слова і мне. Сказаў пра прафесійны рост і старшыняў і ўсіх дэпутатаў, і ўсім пажадаў зрабіць хоць крок да практычнага карыстання беларускай мовай. Дарэчы, да гэтага заклікаў у слове на развітанне і Шушкевіч. А Б. Савіцкі зусім сур’ёзна сказаў мне: „А вы знаеце, што ў справе адраджэння беларускай мовы я зрабіў не менш за вас?” Яшчэ і паўтарыў гэтае самае „не менш”. „Можа быць, — адказаў я спакойна. — У такім разе гісторыя аддасць вам належнае”. Усякае даводзілася чуць ад тых, хто сам і двух слоў па-беларуску сказаць не можа, ну але такое — пачуў упершыню. Нават і накуляўшыся мог бы сёе-тое помніць, шаноўны прафесар. Учора прачытаў у „Правде” прагнозы замежных саветолагаў. Прарочаць: у красавіку Ельцын[2] падасць у адстаўку, да восені прэзідэнтам стане Руцкой[3] і возьме курс на аднаўленне СССР (напачатку — у форме канфедэрацыі). Мяркуючы па ўсім, будзе менавіта так. Нас далучаць без крыві — эканамічнай блакадай і гатоўнасцю народа да страты незалежнасці.

3. І. 1993

Ельцын і Буш падпісалі дагавор аб скарачэнні стратэгічных узбраенняў. Ну што ж, хоць трохі больш надзеі, што ачуняем. Па тэле ішоў фільм пра Сталіна („Баляванне Валтасара”). Яшчэ адзін выразны штрых да вялікай трагедыі народа і народаў. Між іншым, нядаўна вычытаў, што ў Сталіна была калекцыя парнаграфічных малюнкаў. Сексуальна-паталагічны тып. Як і многія з яго атачэння, перш за ўсё — Берыя. У чацвер, 31-га, заходзіў міністр Вайтовіч[4] — наконт заснавання ў Беларусі Акадэміі мастацтваў і літаратуры. Ён загарэўся гэтай ідэяй і хоча давесці справу да канца. Ну што ж, хай бы была ў нас і такая Акадэмія. Але мяне гэта больш не хвалюе. Сябры музыкі і мастакі, як сведчыць іх ліст у друку, проста не ведаюць, які ў мяне настрой і якога „акадэмічнага спакою” мне хочацца. Гаварылі з Нінай [Іванаўнай, жонкай] пра Данчыка[5] (ішоў яго канцэрт). Сам Бог яго паслаў нам — цяпер, калі мы Адраджаемся. Часцей бы толькі даваць яму экран і эфір! Праз добры беларускі голас можна зрабіць для Адраджэння вельмі многа. Ды яшчэ пры ягонай артыстычнай і чалавечай прывабнасці.

4. I. 1993

Перабіраючы завалы прэсы за апошнія гады, знайшоў дзве газеты з артыкуламі Б-а і з маімі горкімі паметамі на палях. Незразумела здрадніцкі выпад. Якраз тады, калі мне было так цяжка: „Правда” за 24.XI.89 і „Литературная газета” за 27.6.90. Ах ты мой дарагі брат, мой найблізкі сябра! І што ж гэта здарылася з табой? І хто ж гэта ачмурыў цябе так страшна? Хто і за што купіў душу тваю?.. На першы артыкул я тады ж адказаў вершам „Пра нашу годнасць”[6]. Без прысвячэння. Але рэдактар ЛіМа В. адразу ж разгадаў, каму верш адрасаваны, і не хацеў пускаць яго ў друк. А на другі артыкул я ўжо нічога не адказваў. Які сэнс? Гора маё дый толькі. Гэта Б. не ведаў, хто амаль на працягу года трымаў у 306 пакоі Дома Літаратара штаб БНФ? На чыёй крыві і нервах гэты штаб там дзейнічаў? Якой цаной я амаль штодзённа адбіваўся ад званкоў з ЦК, з ГК, з РК? Ды ведаў ён гэта, ведаў!..

5. I. 1993

Да пытання аб прадчуваннях. Учора, перачытаўшы ў старых газетах прысвечаныя мне пасажы Б-а, расхваляваўся і амаль да раніцы не мог заснуць. Ад горычы і крыўды. Шмат чаго перабіраў у памяці, перадумаў. А сёння раніцай — наце вам! — інтэрв’ю з Б-м у „Звяздзе”. Апрача звыклай злосці на ўсіх і ўсё — нічога новага. Ніякай прасветліны. Ніякай надзеі. Намёкі на асоб часам досыць туманныя, адных я распазнаў, другіх — не. І мінімум уласнага пакаяння: браў узнагароды, прэміі, званні — самыя высокія ў СССР; ведаў, што гэта абавязвае… але браў. Як і ўсе грэшныя. Як Броўка, як Танк, як Шамякін… Адмовіцца пакуль не сабраўся. А можна было б — пры такой нянавісці да той сістэмы, якая іх давала. А то ж неяк непаслядоўна атрымліваецца! Гэта ж ужо ледзь не „віхлярства”, за якое атрымаў у „Правде” Ніл Гілевіч. Тады, пасля „Правды” (а артыкул быў у той жа дзень і ў ЛіМе), я сказаў яму: „Ну, дык запомні, брат: у гэтых адносінах нават ты мне не суддзя. Нават ты! Не кажучы ўжо тваё новае акружэнне…”

7. І. 1993

Каляды. Званіў М. А. Савіцкі[7]. Сказаў, што ўчора міністр Вайтовіч збіраў „рабочую групу” па арганізацыі Акадэміі мастацтваў і літаратуры (спісак яе, той групы, мне Вайтовіч чытаў раніцай 31-га). Прагаласавалі — за Акадэмію, а не за Аддзяленне літаратуры і мастацтва ў складзе АН Беларусі. Адзін Казінец, нібыта, супраць. Але механізм стварэння Акадэміі на мой погляд, сумніўны. Кандыдатаў у акадэмікі будуць вылучаць творчыя саюзы. Уяўляю, якое гэта будзе вылучэнне і хто ў тую акадэмію трапіць.

9. I. 1993

Пісаў артыкул „Не плюйце ў крыніцы, панове!”. Свайго роду водпаведзь „ворагам беларушчыны”, паклёпнікам і чорным злоснікам. Трэба ж нешта гаварыць, не маўчаць!

11. І. 1993

Вечарам перадаў у „Звязду” рэпліку на інтэрв’ю Сл-ва[8], старшыні камісіі В[ярхоўнага] С[авета] па нацыянальных пытаннях. Рэпліка — рэзкая і іранічная, таму будзе, напэўна, і адказ. А трэба было б і яшчэ вастрэй. Якія ж у нас дзяржаўныя „абаронцы” свайго народа!..

12. І. 1993

Цэлы дзень, з раніцы, у Радашкавічах, на адкрыцці новай школы, да завяршэння будаўніцтва якой я меў дачыненне (як дэпутат гэтай акругі). На мяне выпаў гонар перарэзаць стужку. У вачах — першакласнікі (чатыры класы беларускія, два рускія — для прыезджых). Аж расчуліўся, гледзячы на іх. Трэба часцей глядзець малым у вочы. Як шкада, што ў мяне з імі так мала сустрэчаў!..

13. І. 1993

У „Звяздзе” — мая рэпліка Сл-ву: „Прабачце, гэта не апіскі?”. Звышаператыўна надрукаваў Наркевіч[9]. Малайчына. Першыя водгукі (тэлефонныя) вельмі хвалебныя. Днём — лекцыя ў Наргасе (ЭУ), на адкрыцці факультатыўнага Універсітэта беларускай культуры, мовы, гісторыі. Гаварылася мне чамусьці цяжкавата, але людзі — дэканы і загадчыкі кафедраў — здаецца, засталіся задаволенымі. Былі пытанні наконт моўнай сітуацыі ў Беларусі. Яшчэ раз пераканаўся, што трэба сустракацца і гутарыць. Вечар (шчодры!) правёў у Музычнай Акадэміі, з Казінцом[10] і Шаранговічам[11], пасля далучыўся і Дрынеўскі[12]. Гадзіны чатыры „прабалантэсілі” — і амаль толькі пра будучую акадэмію мастацтваў. А сабраў нас мой ліст да іх. К. сказаў: „Ніколі за 50 гадоў не атрымліваў такога ліста, у якім столькі болю, але і столькі неразумення мяне…”. З доўгай размовы вынікала: нам трэба трымацца разам і не аддаваць справу заснавання Акадэміі ў рукі М. С. (пры ўсёй да яго павазе), бо — не туды пакіруе. Прымірэння, а тым больш любові ў гэтых з гэным — не будзе. У чым я пераканаўся канчаткова. Наша нацыянальная трагедыя. Вынікі халуйскага становішча Беларусі ў імперыі.

14. І. 1993

Маленькае свята паэзіі ў Карповічах, у маіх выбаршчыкаў, з ініцыятывы дырэктара саўгаса У. І. Худога. Былі і старэйшыя школьнікі, і дарослыя. Сустрэча прайшла вельмі хораша, — дзякуючы настаўніцы В. І. Цыбулінскай, якая выдатна ўсё арганізавала. Дзеці таксама чыталі свае вершы, і досыць слаўненькія. Асабліва 9-класнік Вадзім Равяка — пра Багдановіча.

15. І. 1993

Прачнуўся ў 4:15 і да 8:00 напісаў водпаведзь тром землякам, акадэмікам РАН, што прабілі ў рэйку: трымайцеся, беларусы, за рускую мову — і ў навуцы, і ў тэхніцы, і ў школах! А ў 10:00 ужо быў у Доме настаўніка — з лекцыяй (гутаркай) аб сучасным становішчы беларускай мовы і культуры — для загадчыкаў кафедраў абласных ІПК Міністэрства адукацыі. Сярод прысутных — яўныя і нават зацятыя ворагі беларусізацыі жыцця ў Беларусі. Але такіх менш.

16. І. 1993

З 10 да 18 быў на сумесным пасяджэнні двух Прэзідыумаў — Вярхоўнага Савета і Савета Міністраў. Уражанне вельмі цяжкае — ніхто нічога не ведае, як не дапусціць канчатковага краху эканомікі і выйсці з крызісу. І ў прыватнасці, як адолець чарнобыльскую бяду. Падобна на тое, што нашыя вучоныя-ядзершчыкі ўсё ж вінаватыя перад народам.

18. I. 1993

А. М. Ганчарэнка[13] прапанаваў мне зрабіць на агульным сходзе АН даклад аб праблемах фальклору. Прапанова з прыцэлам: пакажа, чаго варты. Паглядзім і, можа, выберам членкорам — наўздагон за іншымі. Здаецца, спазніліся, дарагія мае. Быў час, была магчымасць. Не парупіліся. На сёмым дзесятку плешчыцца ў членкоры? Смешнавата. Ну, а рабіць даклад проста так — можна было б, але знайду часу на падрыхтоўку, трэба шмат перачытаць, перадумаць. Адным словам… Званіў А. А. Марачкін[14] з просьбай (ад імя ініцыятыўнай групы) — увайсці ў аргкамітэт па падрыхтоўцы і правядзенню 75-й гадавіны БНР. Згадзіўся з удзячнасцю, што не забыліся пра мяне. Гэту Дату трэба адзначыць хораша! І на дзяржаўным узроўні!..

18.V.1993[15]

Першы дзень працы ХІІ сесіі Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь. Пасля доўгага перапынку. Запісы раблю на пасяджэнні. Пачалося вельмі сумбурна. Зноў у зале, у радах, пануе нейкі лёгкі настрой, гучыць гумарок, жарцікі. Зусім не адчуваецца настроенасці на цяжкую, сур’ёзную працу. Чорт жа знае, што робіцца ў краіне — у эканоміцы, у гаспадарцы. Ды і на свеце. Паўсюль у зале — гэтакае маладзецкае бадзёрства. Ні знаку, што ў рэспубліцы — крайне цяжкая, нават трывожная сітуацыя. У тым ліку і ў маральным стане грамадства. Пачынаецца абмеркаванне Парадку дня. Дэп[утат] У. Новік[16] прапануе ўключыць законапраект аб паліве — бо надта страшная можа быць для нас зіма. Рэпліка З. Ломаця[17]: „Садзіся на свой нейтралітэт і язджай, нашто табе бензін. Хацеў жа нейтралітэту, без саюзу з Расіяй”. Дэпутат З. Пазьняк[18] унёс дзве прапановы. Першая: адмяніць пастанову, якая рэабілітавала Камуністычную партыю Беларусі, каб заставалася ў сіле першая пастанова, паводле якой КПБ — антыдзяржаўная арганізацыя. Другая: паставіць на разгляд пытанне аб адмене пастановы аб Рэферэндуме, бо такі рэферэндум не патрэбен, ён будзе на шкоду Беларусі. У зале — адпаведнае (нядобрае) рэагаванне. Падхапіўся дэп. Качан[19]. Патрабуе: 1. Уключыць у Парадак дня пытанне аб забароне БНФ як арганізацыі антыдзяржаўнай (у піку Пазьняку). 2. Аб аднаўленні свята Кастрычніцкай рэвалюцыі. Спаслаўся на ліст 112 дэпутатаў у Прэзідыум Вярхоўнага Савета. (А з якім пафасам гаварыў! З якой загартоўкай у голасе!) Канфрантацыя пачалася з абмеркавання складу Рэдакцыйнай Камісіі. „Беларусы” зарэзалі ўсіх „дэмакратаў” (Герменчука[20], Герасюка[21], Трусава[22], Навумчыка[23] і інш.). Узначаліў Камісію Б. І. Недарэка, што і засведчыў, выступіўшы (хай Бог даруе, што я даў Б. І. такі псеўданім). Дэп. В. Ганчар[24] пляжыць Прэзідыум ВС і рабочы прэзідыум Сесіі за няўменне арганізаваць працу, парушэнне рэгламенту, — з вялікай непавагай да кіраўніцтва ВС — як заўсёды. І як заўсёды — высакамерна, наставіцельна, павучальна, па-рэзанёрску, катэгарычна… Дэп. Мінько[25] патрабуе ўключыць у Парадак дня справаздачу Шушкевіча аб выкананні ім п. 4-га Пастановы ХІ сесіі. Вядома ж, не толькі ад свайго імя. Даюць адразу ж зразумець Шушкевічу. Дэп. Трафіменка[26]: „Намі ставілася пытанне аб барацьбе са спекуляцыяй — які яго лёс? Ці будзе яно ставіцца нанава?” Дэп. Лукашэнка[27]: напачатку хвошча Прэзідыум ВС і Шушкевіча, затым патрабуе ўключыць у Парадак дня справаздачу кіраўнікоў дзяржавы Шушкевіча і Кебіча[28] аб мерах па паляпшэнні эканамічнага становішча ў краіне. А яшчэ — „Я падтрымліваю дэпутата Качана наконт забароны БНФ і святкавання дня Кастрычніцкай Рэвалюцыі”. Дэп. Гаркун[29] прапануе разгледзець пытанне аб кампенсацыі калгасам і ўсім сельгаспрацаўнікам панесеных імі цяжкіх стратаў ад поўнага адпускання цэнаў на тавары прамысловасці. Вельмі справядлівае патрабаванне. Дэп. Лукашэнка: пытанне аб прыватызацыйных чэках не абмяркоўваць — зняць! Шушкевіч: без прыватызацыі — мы адстанем у рэформах ад Расіі, трэба даганяць рэформы Расіі! (Што даганяць? Гэны дзікі капіталізм?) Дэп. Міцько[30] (пасля правалу пытання аб правах дзіцяці — набрала 123 галасы, не прайшло, не ўключылі): „Не разумею! Супроць будучыні Беларусі прагаласавалі!” (З абурэннем.) Дэп. Савіцкі[31] (пасля правалу пытання аб экалагічнай інспекцыі): „Віншую! Нас з’ядуць тараканы скора, калі мы так рашаем пытанні экалогіі!” Дэп. Катушкін[32] — Шушкевічу: «Станіслаў Станіслававіч, вы, іменна вы расколваеце Сесію. Вы ўжо дзесяць разоў зрабілі выпад супроць дэпутатаў аб’яднання „Беларусь”! Я вам раблю катэгарычную заўвагу!» (Усё — з вялікай злосцю.) Пытанне аб санітарна-эпідэмiялагічнай службе — зарэзалі. Не ўключылі. Ну і ну! Гэта заняло б толькі паўхвіліны часу. І вось — маем!.. Пытанне аб Рэферэндуме (з удакладненнем пытанняў, якія выносяцца на ўсенароднае галасаванне). Дэп. Пазьняк: рашуча супроць. Булахаў[33], Станкевіч[34], Грыбанаў[35]: рашуча за. Булахаў узяў слова яшчэ раз — за! „У 1991-м у нас не было вопыту, рэферэндум быў недасканалы”. Наша Камісія прасіла ўключыць у план Сесіі пытанні „Аб архівах” і „Аб бібліятэках”. Не ўключылі: толькі 88 галасоў „за” (і па адным, і па другім). Было бачна, з якім вялікім энтузіязмам зарэзалі — аж пошчак ішоў па зале, як галасавалі супроць! Выступленне Трусава не памагло. Пытанне „Аб племянной справе” — зарэзалі пад гучны рогат. Настолькі на пошлы лад настроеныя думкі дасціпнікаў. А пытанне вельмі важнае для развіцця жывёлагадоўлі. Дэп. Унучка[36] (эканаміст!) пульнуў дос ціп: „Штучна ці натуральна асемяняць?” (з націскам на „натуральна”). А між тым дэп. Лужынскі[37] з вялікай горыччу сказаў, якая гэта важная эканамічная праблема. Дэп. Герасюк прапанаваў уключыць у Парадак дня пытанні: 1. Аб катэджах наменклатуры; 2. Аб адстаўцы В. Кебіча з пасады Старшыні Савета Міністраў. Абедзве прапановы з трэскам праваліліся. Дэп. Вярцінскі[38] (ад сябе і ад дэп. Гілевіча) унёс прапанову абмеркаваць пытанне „Аб канцэпцыі інфармацыйнай прасторы” — замест праваленага Законапраекта аб СМІ. Прапанова была з вялікім поспехам зарэзана — „за” толькі 75 галасоў. Дэп. Трусаў унёс прапанову абмеркаваць пытанне аб датэрміновых выбарах у Вярхоўны Савет. „За” — усяго 95 галасоў. Дзівак-чалавек! Людзі ашалелі ад шчасця, што сталі „членамі Парламента”, і цяпер самім адмовіцца ад такога гонару? Прагаласавалі прапанову Качана аб забароне БНФ: „за” — 45. (Я думаў, што будзе больш.) Яго ж прапанову аб аднаўленні дня 7 лістапада як Свята Кастрычніцкай рэвалюцыі падтрымалі 131 голасам. Не прайшла. Прапанова Мінько абмеркаваць на Сесіі справаздачу Шушкевіча атрымала 176 галасоў. Прайшла! Рыхтуйся, спікер, да справаздачы! Ой, мала табе не будзе!

19 траўня

Пачалося, як звычайна, з „Рознага”. Дэп. Дзейка[39] звярнуўся з запытам да генеральнага пракурора, чаму быў звольнены з Арміі афіцэр Мікалай Статкевіч[40]. Дэп. Кучынскі[41] прабіў трывогу аб пашырэнні ў Беларусі рэлігійных сектаў „Белыя браты”, „Крышнаіты” і іншых — аб страшным уздзеянні іх на псіхіку нашай моладзі, аб неабходнасці ратаваць яе. Маладыя хлопцы, трапіўшы ў іх сеці, сохнуць, усыхаюць. Многія наогул знікаюць! Дэп. Баршчэўскі[42]. Запыт намесніку прэм’ера М. Дземчуку: чаму ў кнігарнях няма беларускіх кніг? Апратэставаў („у народа выклікаў смех”) выпад дэп. Качана і кампаніі супроць БНФ. (У зале прамаўчалі.) Першае пытанне Парадку дня: Аб зменах у Канстытуцыі. Дакладчык дэп. Леўчык[43]. Доўга затрымаліся на першай жа папраўцы. На кожную заўвагу — у зале рэплікі, як у школьнікаў ці студэнтаў — лёгкія, зубаскальскія, з прэтэнзіяй на дасціпнасць. Ах, гэтыя практыкаванні ў досціпах! Як яны выдаюць узровень культуры, выхаванасці! У зале — вялікая суматоха. Спрэчкі — якіясьці анархічныя, мітынговыя, амбіцыйныя і нават бзікаватыя. Леўчык, пасля правалу першага пытання, што называецца „плюнуў” і сеў на месца. Дэп. Арціменя[44] прысарамаціў усіх — асабліва Лукашэнку: за яго выступленне. Шушкевіч злосна абрэзаў Лукашэнку: „Хопіць дэмагогіі! Вы толькі крычыце, як на мітынгах. А ніводнай за ўвесь час канкрэтнай прапановы! Ніхто так не дэстабілізуе залу, як вы!” Праект новай Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. Дакладчык Шушкевіч. Гаварыў хвілін 15 — максімум, а можа і 10. Для такога даклада — малавата. Я чакаў, што зойме каля гадзіны. Пайшлі пытанні. Першае: Дык што за лад у нас будзе, у Беларусі — сацыялістычны ці капіталістычны? — Адказ: Пачытайце ўважліва тэкст, там сфармулявана. Дэп. Камай[45]: А дзе Закон аб сімвалах у Канстытуцыі? Адказ: Ёсць закон, і добры, добра прыняты грамадскасцю, і няма патрэбы яго мяняць. (Сапраўды, сімвалы ў нас выдатныя. Адно што Гімна няма.) Пытанне: Чаму — платнае навучанне? А было бясплатнае. — Адказ: Было не для ўсіх, было сацыяльнае рэгуляванне. Пытанне: Што ў эканамічнай аснове ладу — якая ўласнасць? — Адказ: Не трэба вызначаць! Будзем будаваць справядлівае грамадства, на прававых асновах. — Пытанне: Ці парламент будзе прафесійны, ці такі, як цяпер? — Адказ: Прафесійны, але… з пэўнымі агаворкамі (рэгламентацыямі). Дэп. Заблоцкі[46]: Нідзе ў свеце няма спалучэння выканаўчых і заканадаўчых улад. Усюды яны размежаваны. Дэп. Качан: Дзе гарантыя на працу, на адукацыю і г. д.? Шушкевіч: Не трэба слоў „гарантыя”. Гэта — нерэальна! Дэп. Камай: Дык якая ж эканамічная аснова РБ? Трэба вызначыць у Канстытуцыі эканамічны базіс РБ! Адказ: Няма патрэбы ў такім вызначэнні, у іншых краінах няма. Дэп. Трафіменка: На здароўе — гарантуецца права, а на ўсё іншае — не, слова „гарантуецца” няма. Дэп. Сінчылін[47]: Чаму адна беларуска мова — дзяржаўная? Шушкевіч адказаў вельмі эмацыйна, але добра, лагічна і доказна. Праўда, спасылка на шведскую мову ў Фінляндыі — няўдалая. Дэп. Лакцюшын[48]. Таксама аб мовах. Паршывую сацыялогію прыцягнулі з „Советской Белоруссии”, фальшывыя лічбы… Ах, сацыёлагі! Шушкевіч рэзка абрэзаў. Дэп. Баршчэўскі пачаў дасведчана гаварыць аб мовах у Фінляндыі. У зале заулююкалі. Асабліва — дэпутат-генерал Гетц[49]. Дэп. Лавіцкі[50] прапанаваў зняць у прэамбуле ўпамінанне аб Статуце Вялікага Княства Літоўскага. Прагаласавалі прапанову. „За” ўпамінанне — толькі 106 галасоў. Знялі! З энтузіязмам! Вось адносіны да гісторыі Бацькаўшчыны. Не было яе і няма — у душах і сэрцах бальшыні.

20 траўня

Арганізацыя працы і дысцыпліна — ніякая. Калі галасавалі пункт аб грамадзянстве — спачатку было ў зале 203 дэпутаты, паўторна — ужо 250, амаль 50 набеглі з калідораў, з кафэ. Не склікаўшы людзей у залу, паставілі на галасаванне. Станкевіч нахіліўся да мяне і прашаптаў: «Шушка (Шушкевіч) перад выбарамі спікера запрасіў на кватэру Лукашэнку, Ганчара, рэзаў і чысціў селядца і прасіў: „Галасуйце за мяне! Я вас не пакрыўджу, буду падтрымліваць…”. А цяпер — такія ворагі Лукашэнка і Шушкевіч!». (Па-мойму, плётка, у якой зацікаўлены непрыяцелі Станіслава, а іх процьма.) Аб дзяржаўнай мове ў Рэспубліцы Беларусь. Зноў вылезлі: Лакцюшын (учора — Сінчылін) і член нашай Камісіі, дзядок П. З. Мінчанка[51] (пасланец ад КПБ) і іншыя. Канешне ж, узяў і я слова. Пры маім выступленні рэпліку „Не пугай!” кінуў дэпутат з Барысава Трусаў[52] (не ўпершыню і менавіта „Не пугай!” — на „ты”, як у сябе на заводзе). Кінуў — пасля маіх слоў: „Для Беларусі стане горш, калі мы адступім назад ад Закона аб мовах”. Выступіў я нялепшым чынам, трэба будзе пры абмеркаванні п. 50 паправіць. І аднак жа за дзве дзяржаўныя мовы прагаласавалі 83 дэпутаты, а за адну беларускую — 204. Ура! Хоць гэта яшчэ толькі абмеркаванне праекта Канстытуцыі.

21 траўня

Пачалі з пытанняў непрадбачаных: выступленне дэп. Сапронава[53] аб злоўжываннях у замежным гандлі агаломшыла. Калі ўсё гэта праўда, то — жахліва! Слухалі з выключнай увагай і пры поўнай цішыні ў зале. Урад распрадае краіну, багацці народа, заганяючы людзей у жабрацтва. Выступіў Міністр хлебапрадуктаў — амбіцыйна — з водпаведдзю Герасюку. А Герасюк тут жа прыпёр яго да сцяны фактамі. Затым паўгадзіны аддалі тэме: як прымусіць дэпутатаў пастаянна быць на сесіях і ўдзельнічаць у пасяджэннях. Ой, што тут пачалося! Як узяліся бэсціць адзін аднаго! Шушкевіч неасцярожна назваў імёны адсутных дэпутатаў. А Станкевіч, бэсцячы яго за нібыта „пошла-кухонны ўзровень”, сам пакарыстаўся менавіта такім стылем: „Вы можаце з маладой сваёй жонкай такое на кухні гаварыць…”. Гэта — пра спікера Вярхоўнага Савета. Крэпенька! Выйшла: усе вы, шаноўныя, адною культурай валодаеце. Шушкевіч узарваўся: „Я не ў міліцыі ў вас, дэпутат Станкевіч, не падследчы на допыце ў вас!..” Затым дэп. Ганчар з гасподніх вышак спляжыў усіх. Асабліва Шушкевіча і Прэзідыум.

25 траўня

Выбары намесніка Старшыні Прэзідыума. Прапанавалі дэпутата Міцько, разумнага, інтэлігентнага чалавека, медыка па адукацыі. Правалілі: толькі 125 „за”. Чаму? Праясніў сваім пытаннем да Міцько ваяўнічы дэпутат-генерал Сарокін[54]: „Вашы адносіны да ўваходу Беларусі ў Калектыўную Бяспеку?”. Добра адказаў Міцько, вельмі добра, але ўжо было ясна, што „зарэжуць”. Якая зацятасць ворагаў нашай дзяржаўнай незалежнасці! Абмеркаванне главы Канстытуцыі „Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь”. За прэзідэнцкую форму кіравання выказаліся толькі 132 дэпутаты. Зарэзалі саму ідэю „прэзідэнцтва”. Ніякага прэзідэнта не трэба: ні „моцнага”, ні „слабага” (як у Германіі). Не трэба! Слова ўзяў Ганчар: патрэбен галава ўлады, дзяржавы без галавы не бывае, такога няма ў свеце! Прагаласавалі паўторна. Набралі 147. Рост! Не разумеюць шаноўныя, не разумеюць, якая можа нас чакаць бяда — пры нашай масавай палітычнай культуры.

26 траўня

У „Розным”: дэп. Бойка[55] зачытаў ліст свайго выбаршчыка супроць „тарашкевіцы” (палічыў вартым увагі). Ліст рэзкі. Дарэмна зачапіў Данчыка. Пытанне ж увогуле правамернае і ў прынцыпе — рэзкасць справядлівая. „А можа, гэта правакацыя?” — сказаў Бойка, як бы звяртаючыся да прысутных дэпутатаў-філолагаў. Не, вядома, не правакацыя, але падумаць так можна — настолькі самаўпэўнена і напорыста ў друку „плянуюць” і „клясуюць”. Дарэмна А. Трусаў, узяўшы слова, „рашуча заявіў пратэст” супроць выступлення Бойкі. Праблема ж ёсць! Абмеркаванне главы „Суд”. Пункт аб увядзенні суда прысяжных не прайшоў… пасля выступлення А. Трусава, які напомніў зале, што суд прысяжных быў ліквідаваны бальшавікамі пасля 1917-га. Знайшоў каму напомніць! Тым, для каго суд прысяжных вельмі непажаданы. Пытанне зусім не звязана з палітыкай, але раз выступіў у падтрымку апазіцыйнік і крытыкнуў бальшавікоў — усё, кранты! Адразу ж многія ўсумніліся і — 20 галасоў не хапіла. Трусаў забыўся, хто ў зале. Пытанне аб Кантрольнай Палаце. Сама назва не прайшла. Дэп. Грынёў[56]: Трэба сістэма кантролю, а Палата пакуль не адпавядае. „Вы протаскиваете то, в чём заинтересованы”. (Гэта — Шушкевічу. Не зусім карэктна.) Дэп. Сапронаў: Не разумею логікі паводзін дэпутатаў, што галасавалі супроць. Патрэбен жа кантроль! Дэп. Макейчанка[57] (у адказ на „шпільку” А. Трусава): І ў ЦК працавалі людзі, якія нешта ведалі ў галінах гаспадаркі. Між іншым, гэта праўда: былі такія людзі — і дасведчаныя, і кампетэнтныя, і культурныя. На жаль, часта ім не хапала мужнасці, стойкасці, упартасці, іх волю ламалі недасведчаныя і некультурныя, амбіцыйныя і фанабэрыстыя „сталаначальнікі”.

27 траўня

У „Розным” дэп. Герасюк гаварыў пра росквіт карупцыі ў Беларусі (набывае ўсё большыя маштабы). Папрасіў даваць яму слова па гэтым пытанні кожны дзень і да канца сесіі. (Брава, Герасюк! Малайчына! Нех та ж павінен пароць у вочы зладзюгам — што яны зладзюгі.) Дэп. Крыжаноўскі[58] спачатку расказаў пра састарэласць тэхнікі ў Беларусі і пра нядбайнасць Урада ў гэтай справе. Затым папракнуў дэпутатаў за нападкі на Шушкевіча — што не падпісаў Дагавор аб Калектыўнай бяспецы, асудзіў і за непрыманне імі Кантрольнай Палаты — бо яна пачала ўскрываць злачынствы мужоў дзяржаўных. Пытанне аб дадатковых паўнамоцтвах Савета Міністраў у Канстытуцыі. Дакладчык дэп. Леўчык. Спрэчкі разгарэліся страшныя. Кебіч (пасля выступлення дэп. Какоўкі[59] і іншых) — ох і ўскіпеў ад злосці! „Ніводнай стрэльбы не прадалі ў Таджыкістан! І не прададзім без рашэння Вярхоўнага Савета! І вы, таварыш гаспадзін Трусаў, перастаньце!.. У газетах поўна хлусні!..”. А пачаў сваю прамову так: „Спыніце балбатню! Іначай не магу сказаць!..” (Ох і разышоўся! Відаць-такі — дапяклі!) Лакцюшын, Лукашэнка, асабліва генерал Гетц — крычаць так, што аж глушаць залу, патрабуюць амаль усенароднага ганьбавання дэмакратаў-апазіцыянераў. (Лакцюшын: „Все эти Каковки, Сасновы, Барщевские…”) Дэп. Заблоцкі абрэзаў крыкуноў, а галоўнае — гакнуў па эканамічнай палітыцы Урада за адсутнасць стратэгіі, за нягоднасць такога эканамічнага курса. Дэпутаты Жукоўскі[60], Мачуленка[61] зноў паднялі крык супроць дэмакратаў, — крык наогул, без канкрэтных прапаноў. Дэп. Сасноў[62] вельмі пераканаўча даў ім водпаведзь.

28 траўня

У „Розным” дэп. Чэпік[63] патрабаваў або — або: або — Урад у адстаўку, калі праўда тое, што казаў Герасюк, або — дэпутата Герасюка пазбавіць на паўгода мандата за яго ўчарашняе выступленне пра міністра хлебапрадуктаў Якушава М. С. Вось такое або — або. Такая інтрыга ў сюжэце. Пытанне Аб дзяржаўнай службе. Дакладчык — дэп. Заблоцкі. Не ўцямлю, чаму Заблоцкі? Ён — намеснік старшыні Камісіі па навуцы і навукова-тэхнічным прагрэсе. Размова ж — пра служачых дзяржаўнага апарату! Дэп. Голубеў[64] зрабіў вельмі слушную прапанову: аб абавязковым веданні беларускай мовы як мовы дзяржаўнай тымі, хто паступае на працу ў дзяржаўную ўстанову. Узнікла спрэчка. Дэп. Цярэшка[65]: „Камісія не прапаноўвала такога”. Голубеў: „Непрыемна казаць, Іван Іванавіч, але Камісія тройчы разглядала і рэкамендавала гэтую прапанову”. (Галасавалі як за прапанову аднаго Голубева. „За” — 42 галасы. Рэпліка з залы дэпутата-генерала Піскарова[66]: „Великое множество!” Здзеклівым тонам, вядома. Чаму ж з дзяржаўнай мовы і не паздзеквацца! У нас, у незалежнай Беларусі гэта можна. Нават пахвальна. Пад воплескі…)

1 чэрвеня

У „Розным”. Дэп. Волкаў[67]: „Нам у Камісію прыйшло звыш 100 пісем пра дзяцей з ракам шчытавіднай залозы. Колькасць расце. Ужо цэлыя сем’і хварэюць. Усіх чакае смерць! Дзяцей запісваюць інвалідамі ад нараджэння! Гэта дзікунства!” Дэп. Качан. Тэма — Другі з’езд камуністаў Беларусі, названы аб’яднаўчым. Чытае Зварот З’езда да Вярхоўнага Савета РБ. Аб недапусцімасці свабодных цэн на прадукцыю першай неабходнасці. Затым кінуў лозунг: „Адрадзіць саюзную дзяржаву! Іначай — пагібель!” Дэп. Судас[68]: пра ільготы пенсіянерам на транспарт у сельскай мясцовасці. Патрабуе вырашыць гэта пытанне ў карысць пакрыўджаных. Шушкевіч дае водпаведзь М. Грыбу[69] за яго выступленне ў „Народнай газеце” наконт падпісання Дагавора аб Калектыўнай бяспецы. Слова ўзяў намеснік прэм’ера С. Лінг. Ад закона будзе залежаць, хто будзе працаваць на дзяржаўных службах. Тыя, што будуць, як жабракі, зазіраць у вочы кожнаму наведніку? (Гэта — у адказ тым, хто лічыць, што ў чыноўнікаў вельмі высокія зарплаты.)

2 чэрвеня

У „Розным”. Дэп. Холад[70] крытыкуе Кебіча, што не скарачае раздзьмутыя чыноўніцкія штаты. Дэп. Лябедзька[71] робіць запыт да сп. Жыльскага (старшыня камітэта па справах Рэлігіі) — у абарону каталіцкай парафіі ў Ашмянскім раёне, у абарону прыезджага святара (здаецца, са Славакіі). Няма ксяндзоў, а патрэба ў іх вялікая і ўсё нарастае. „У Гародні вучацца на ксяндзоў толькі 74 семінарысты. Гэтага зусім мала!” — бядуе Лябедзька. Дэп. Пракаповіч[72]: Спад вытворчасці працягваецца. Заключэнне эканамічнага саюза — працэс доўгі. Патрэбен палітычны Саюз у рамках СНД. Чаму ігнаравалі прапанову VII з’езда народных дэпутатаў Расійскай Федэрацыі аб утварэнні Канфедэрацыі? (Вось яно — куды хіліць! Да Канфедэрацыі! Нашто нам гэтая незалежнасць!) Пытанне аб барацьбе з эканамічным злачынствам і карупцыяй. Дакладчык — дэп. Папоў[73]. Схапіліся спрачацца, што такое карупцыя. Дэп. Булахаў: Суб’ектам карупцыі з’яўляецца ўвесь беларускі народ! Бо эвентуальна кожны так ці іначай у ёй удзельнічае… Дэп. Какоўка: Зняць першы артыкул! Дэп. Аксаміт[74]: Зняць увесь законапраект, дапрацаваць і ў канцы сесіі прыняць! Як добра ў ходзе абмеркавання пытання аб карупцыі бачна, хто не мае ніякага дачынення да злачынстваў, у каго сумленне чыстае!.. Гэта адчуваецца вельмі выразна. Сумленны чалавек (напрыклад, Аксаміт) гаворыць такім асаблівым тонам — і без крыку, і пераканаўча. Або як дэп. Герасюк, які сказаў: „Пры паступленні на дзяржаўную службу кожны павінен прад’явіць дэкларацыю”. Так усюды ў свеце. Але калі вам падабаецца без дэкларацый — хай будзе так! (Прагаласавалі прапанову Герасюка: „за” — 171. Не прайшла. Дзіва што!..) Ну і схватка! Па колькі разоў бяруць слова адны і тыя ж. Большасць схіляецца, што гэта не закон, а пастанова аб узмацненні барацьбы з карупцыяй і злачынствамі ў сферы эканомікі.

3 чэрвеня

У „Розным” першы ўзяў слова дэп. Прывалаў[75]. О, які, аказваецца, гэта ваяўнічы палкоўнік! Ястрабок! Але ж і заслужыў: крыкамі сагналі з трыбуны. Не любяць нашыя людзі празмернай ваяўнічасці. Дэп. Федарчук[76]: Побач з вамі, Станіслаў Станіслававіч, група па згатаванню віцебскіх „блюд”, асабліва з Кантрольнай палаты. Знаю людзей, якія не мяняюць масак. (Нейкія цяжкія закіды, а пра што?) Дэп. Маркевіч[77] у прамове ўжыў слова „шпалеры”. У зале — бачна — не разумеюць, што гэта. Трэба рускім языком гаварыць, шаноўны! Дэп. І. Трусаў. Пытанні Шушкевічу: Ці падпісаў Станіслаў Станіслававіч Дагавор аб Калектыўнай бяспецы? Якую пазіцыю ў гэтым займае Прэзідыум? І нарэшце: калі вы былі шчырым? (Во дзе сапраўдная „вандэя”! Божа, як мы яшчэ далёка да беларускай Беларусі!) Дэп. Казлоў[78]. Выйшаў, каб пахваліць „Фемиду” — як найвыдатную ў Беларусі газету (не важна, што на мове другой краіны). Пафас выступлення: „Далоў Шушкевіча!” Абкладаюць Стася. Але ці толькі яго? Думаю пра выступленні на сесіі дэпутата І. Т. Увесь час адчуваю, што гэты беларус няйначай як вывучанік вядомага „северозападника” І. Саланевіча. Умоўна, бо гэтага прозвішча ён, напэўна, і не чуў, тым больш яго шавіністычных опусаў не чытаў. З першых момантаў знаёмства мая інтуіцыя па адносінах да яго — у напружанні, у насцярожанасці. Цяпер ясна, чаму на плошчы крычаць „Шушкевича в отставку!”. У крыкуноў ёсць натхняльнікі і абаронцы. Вось і рашылі ўзяцца. Ужо ўзяліся. Пытанне аб Камітэце Дзяржаўнай Бяспекі. Дакладчык — дэп. М. Грыб. Па дакладу разгарнуліся цікавыя спрэчкі. Дэп. Станкевіч: Камітэт не павінен быць у веданні Прэзідыума ВС! Яго трэба неадкладна перадаць у веданне Савета Міністраў. І кропка. І ніякіх размоў! (З тым жа апломбам, як і заўсёды.) Дэп. Малашка: Усім ясна, дзеля чаго хочуць пе[79]рападпарадкаваць Камітэт Саўміну. Для таго, каб запалучыць аператыўную сілу ў СМ і пазбавіць Вярхоўны Савет неабходнай інфармацыі… І ўсё ж ра шылі прагаласаваць. Раптам выходзіць Лінг. І катэгарычна патрабуе: Перападпарадкаваць Камітэт Саўміну! Абавязкова! Не драбязіце функцый КДБ. Сачыць за дзейнасцю Савета Міністраў — гэта дробязь! Генерал Піскароў. Рашуча за перападпарадкаванне Саўміну. Нарэшце пачалі галасаваць. За тое, каб пакінуць, як ёсць — г. зн. за рэдакцыю Камісіі — 98 галасоў. Не прайшло. За перападпарадкаванне Саўміну — 147. Таксама не прайшло. Але больш, і на многа, чым за рэдакцыю Камісіі Вярхоўнага Савета. Пытанне аб Грамадскіх аб’яднаннях. Дакладчык — дэп. Вярцінскі. Даклад разумны, пераканаўчы. У Беларусі на сёння 420 грамадскіх аб’яднанняў, зарэгістраваных. (Ніколі не падумаў бы, што іх аж столькі! Во — актыўнасць грамадзян на свабодзе!) Так рэалізуюцца правы грамадзян на аб’яднанні. А ў зале — ніводнага пытання дакладчыку, ніводнай рэплікі, ніводнага выступлення! Значыць, ніякіх праблем няма. Прагаласавалі моўчкі. „За” — 178. Усяго! І ніякіх пярэчанняў не было — і не блаславілі. Дзіўны народ сабраўся ў зале ВС!

4 чэрвеня

У „Розным”. Дэп. Слямнёў — аб дыскусіі па Калектыўнай бяспецы. Тлумачыць талкова — у апраўданне Шушкевіча. Дэп. Жураўлёў[80]: падтрымлівае рашэнне ген. Казлоўскага[81] аб звальненні з арміі афіцэра М. Статкевіча, б’е Шушкевіча за пазіцыю ў гэтым пытанні („Вас втянули!”). Дэп. Гермянчук. Аб дамове наконт стратэгічных сіл. Калі пачаў гаварыць пра неадпаведнасць тэкстаў дамовы на беларускай і рускай мовах — у зале іранічна заа-яй-калі. Не зусім тактоўна зрабіў запыт Кебічу: „Калі не маеце — я вам дам свайго карэктара”. Не зусім тактоўна па форме, а па сутнасці — зусім справядліва: павінны ж быць у Саўміне людзі, якія дасканала валодаюць беларускай мовай — каб змястоўных, сэнсавых разыходжанняў у тэкстах не было. Дэп. Лябедзька: Чым праславіў Беларусь Карл Маркс, што яго імем названа вуліца, на якой знаходзіцца наш Вярхоўны Савет? Мінгарсавет павінен тэрмінова разгледзець гэта пытанне! Пытанне аб справаздачы Нацыянальнага Банка. Дакладчык С. Багданкевіч[82]: Калі мы не спынім інфляцыю — не выйдзем з крызісу. Нашы крэдыты павінны быць дарагімі — іначай тупік, і ніякіх ілюзій. Крэдытная палітыка павінна быць больш жорсткай. У камерцыйных банках рэсурсаў — 40 млрд. рублёў. Нацынальны Банк — не Сабес (Аддзел сацыяльнага забеспячэння). Да якога часу ён будзе іменна такім Сабесам? Не пераменім закон — наперадзе тупік і поўны крах эканомікі! Рост аплаты працы на 60 працэнтаў перавышае прадукцыйнасць працы! А ільготы? На ўсё — ільготы! Гэта ненармальна! Утварылі камісію па кантролю за дзейнасцю камерцыйных структур. Старшынёй Камісіі абралі дэп. Лукашэнку.

8 чэрвеня

У „Розным” дэп. Жук[83] падняў пытанне аб будаўніцтве вакол Мінска і іншых гарадоў на захопленай зямлі катэджаў (дамоў, палацаў). Трэба перагледзець Зямельны кодэкс. Старшыні сельсаветаў робяць, што хочуць. Дэп. Заблоцкі: Рэформа не ідзе. Ёсць ілюзіі, што мы рэфармуемся. Законы не выконваюцца. Развал паглыбляецца. Спрэчкі па ўчарашнім дакладзе Багданкевіча. Дэп. Беленькі[84]: Нацыянальны Банк самастойнай крэдытна-грашовай палітыкі не праводзіць, — як і ў 1991 годзе, аб чым тады адкрыта гаварыў Багданкевіч. Дэп. Лукашэнка крайне рэзка выказаўся пра падрыў эканомікі, пра нейкую незразумелую прыватызацыю. Затым — пра вайну між кіраўніцтвам Вярхоўнага Савета і Урадам. «„Ад Савета Міністраў пахне мерцвячынай”, — кажуць у Вярхоўным Савеце». (Шум у зале, крыкі: „Хто кажа? Назаві!”) Рэпліка Шушкевіча: „Чую першы раз! Першы раз! Як можна так безадказна гаварыць?” Дэп. Цялежнікаў[85]: Мы думалі, нам удасца пераседзець і выйграць. Не ўдалося. Пераступілі рысу. Віна не Нацбанка. Вінавата наша эканамічная палітыка — крайне няўдалая. Трэба кардынальна змяніць падыходы — іначай к восені дамы не будуць ацяпляцца, заводы і фабрыкі масава стануць спыняцца. Трэба стымуляваць экспарт у Расію і гандаль з Расіяй. Трэба называць рэчы сваімі імёнамі. Сельскай гападарцы крэдыты выдаваць не бяздумна і не ўсім. Дэп. Какоўка: У Латвіі рубліс, выпаўшы з рублёвай зоны, пайшоў угору. А ў нас? Чаму мы не зрабілі гэтак? Хацелі жыць за чужы кошт? Трэба сесці за стол перамоў з Расіяй і ўсё чыста выкласці. Мы не бяром ні капейкі за чыгунку, за газапровад і многае іншае. Трэба даць больш прасторы прыватызацыі! — каб кожны паклапаціўся пра сябе, што ён будзе есці. Дэп. Новік: Наш урад напорна імкнеца да дэстабілізацыі! Разам з Нацбанкам. Яны пагоршылі эканамічную сітуацыю ў краіне. Банк не кіруе сітуацыяй. Цэны выраслі на 5000 працэнтаў! Хіба гэта — не гіперінфляцыя? А хто атрымаў ільготны крэдыты? Нямногія. І несправядліва. Расія, маючы друкарскі станок для рублёў, нас душыць. Яна экспартуе інфляцыю ў нашу краіну. Наша багацце — высокакваліфікаваныя кадры. Нас рабуюць — праз фінансавую сістэму. Колькі ўвозіцца грошай з Расіі? Як кантраляваць грашовую масу? Ніяк. І яе ніхто не кантралюе. І апошняе: патрабую ўвесці беларускую грашовую адзінку! (Ну малайчына, Новік! Во каго міністрам паставіць!)…

9 чэрвеня

Закон аб праве ўласнасці на зямлю. Дэп. Гаркун[86] (старшыня Камісіі па аграрных пытаннях): Камісія рэкамендуе замацаваць у Законе дзве формы ўласнасці: дзяржаўная і прыватная. Упершыню, калі мы абмяркоўвалі Праект на Камісіі, не было аднадушнага пагад нення. Пачалося галасаванне (паіменнае, бо над та важнае пытанне). За прапанову Камісіі — 194 галасы. За папраўку дэп. Лакцюшына (толькі дзяржаўная ўласнасць!) — усяго 41 голас. „Дзяды” атрымалі паразу. Дэп. Жук: Вясковыя людзі ўсе супроць прыватнай уласнасці на зямлю! Надта ж лёгка мы тут ставімся да выключна важнай праблемы! Дэпутат-ветэран Коваль[87]: Ні ў якім разе! Ні пядзі прыватнай! Толькі дзяржаўная! Дэп. Какоўка: Усе мае выбаршчыкі — і за прыватную. „Аддалі б нам нашы прысядзібныя кавалачкі!..” Дэп. А. Трусаў: А ўспомніце, як бальшавікі адбіралі ў сялян зямлю! … Дэп. Баршчэўскі: На сёння законапраект ужо састарэлы, але хоць гэткі трэба прыняць. (Састарэлы? Ужо? А які быў бы самы раз на сёння? Бальшавіцкі — з процілеглым знакам? Сацыяльны пераварот?) Дэп. Бамбіза[88]: Давайце ўдасканалім Зямельны Кодэкс, які ёсць! З якой мэтай мы ўводзім прыватнае права на зямлю? Дэп. Дубоўскі: Два гады працавалі над законапраектам у Камісіі. Праз дзесяць гадоў будзе трэба яго карэктаваць. Нічога страшнага для калгасаў у Законе няма. Тры-чатыры соткі зямлі — дайце людзям! Дайце! І ў сацыяльным плане — вялікая карысць! Дэп. Зданевіч[89]: „Вы!.. Вы! Вы!..” — з такім абурэннем і так рэзка крычаў на дэпутатаў — праціўнікаў прыватызацыі зямлі, то ў яго адабралі мікрафон. Як вадой сцюдзёнай абдалі!.. Дэп. Гаркун: Продаж зямлі ўсё адно ідзе! Але — падпольны. Незаконны. Без дазволу дзяржавы, у абыход Закона. Дэп. Лукашэнка: Хто пралічыў, што будзе з эканомікай, калі пачнецца купля і продаж зямлі? Дэп. Марыніч[90]: Увесь свет чакае, калі ён зможа ўкладаць інвестыцыі ў эканоміку Беларусі. Дэп. Малашка: Трэба выдзяляць зоны, дзе могуць у нас купляць зямлю замежнікі, каб — не ўсюды, дзе ім захочацца, не любы ласы кавалак!..

10 чэрвеня

У „Розным”. Дэп. Зарэцкі[91]: Пакуль не вызначылі, якое грамадства мы хочам пабудаваць, — няма сэнсу прымаць закон аб праве ўласнасці на зямлю. І не трэба ставіць сёння пытанне аб прыватнай уласнасці на зямлю. Гэтаксама і наконт прыватызацыі дзяржаўнай маёмасці. (Правільна! Сур’ёзная перасцярога!) Дэп. Сечка[92] праінфармаваў аб стварэнні дэпутацкай групы „Згода”. У групу ўвайшлі: Сапронаў, Карпенка[93], Марыніч, Булахаў, Даўгалёў[94], Драбышэўская[95], Сукач[96], Сярдзюк[97], Кічкайла[98] і інш. — усяго 20 чалавек. Цікава, хто ініцыятар стварэння „Згоды”? І на якой платформе згода? Што агульнага, напрыклад, у Карпенкі з Булахавым? Дэп. Волкаў: Калі Беларусь пакінулі стратэгічныя сілы СССР, засталіся пуставаць 150 ваенных гарадкоў. Гэта — багацце беларускага народа. Размешчаны яны ў экзатычна прыгожых мясцінах: зялёных, чыстых, упарадкаваных. Іх трэба аддаць для чарнобыльскіх дзяцей — для аздараўленчых комплексаў. Іначай гэтыя гарадкі захопяць камерцыйныя структуры. (Правільна, сп. Волкаў! Абавязкова захопяць! І не агледзімся, як захопяць. Вельмі слушна сказалі!) Працяг абмеркавання закона Аб праве ўласнасці на зямлю. Дэп. Грынёў: артыкул аб чарнобыльцах і чарнобыльскіх землях не ўзважаны, з істотнымі заганамі. Дэп. Скарабагацька[99] падтрымлівае Грынёва і патрабуе артыкул зняць і дапрацаваць. Дэп. Смоляр[100] абвяргае Грынёва, яго заўвагі трэба абмеркаваць асобна. Дэп. Лукашэнка: па Смоляру — дык там жывуць не людзі. Гэтага артыкула мала, трэба даць яшчэ адзін артыкул аб абароне чарнобыльцаў! Дэпутат-генерал Гетц: трагедыя ў тым, што ўсё гэта транслюецца па тэле. „Товарищ Лукашенко! Или оставьте этот Верховный Совет, или перестаньте заниматься словоблудством!” Дэп. Станкевіч: Хопіць спекуляваць на чарнобыльскай тэме! Не бяры, не прыватызуй, калі забруджаная — і ўсё! Дэп. Сасноў: Ідзе свядомая блакіроўка Закона — і толькі! Блакіроўка „чарнобылем” — каб не зрабіць хоць маленькі крок наперад да прыватнай уласнасці на зямлю.

11 чэрвеня

„Рознае”. Дэп. Сапронаў выказаў абурэнне, што на яго запыт міністру няма ніякага адказу. „Гэта дзяржава — ці што? Адно прадпрыемства спаганяе з другога плату ў валюце, не маючы ніякага юрыдычнага права! Ідзе нарастанне крытычнай масы! Скора выбухне!..” Дэп. Сумар[101] — аб бясчынствах у сферы рынку збыту, аб бедах вытворцаў гародніннай прадукцыі. Дэп. Зяленін[102]: што за парадак і дысцыпліна? Зарэгістравана 232 дэпутаты, а ў зале — 156. Суседзі рэгіструюць адсутных! Трэба пазбавіць такіх дэпутатаў мандата і правесці ў акругах новыя выбары! Чаму пакрываем мы іх? Пытанне „Аб статусе дзяржаўнай граніцы”. Дэп. Бачароў[103] зрабіў добры аргументаваны даклад. Прагаласавалі: за — 202. Упэўнена прайшло. Цікава, як некаторыя пытанні праходзяць. Здавалася б, у пафасе многіх прамоўцаў: „Ніякіх граніц! Ні з Украінай, ні з Расіяй!” А вось жа прагаласавалі. Значыць, за „адмежаваную” Беларусь?..

15 чэрвеня

У „Розным” — дэп. Піскароў, іранічна кагось цытуе: „Вярхоўны Савет працуе добра?”. Нельга так ацэньваць работу ВС — калі рэзка павышаюцца цэны, ідзе сацыяльнае расслаенне грамадства. „Даць сацыяльна-эканамічную інфармацыю”, — гэта — да Шушкевіча і Кебіча. Дэп. Вярцінскі А. І. даў адпор выдавецтву „Эрыдан” за яго праект Закона аб мовах. Зачытаў зварот гр. Саламонава ў абарону беларускай мовы. Дэп. Лукашэнка: патрабуе неадкладнай справаздачы кіраўнікоў дзяржавы аб сацыяльна-эканамічным становішчы ў краіне. І прафсаюзаў таксама! І нельга спешна згортваць работу Сесіі! (А гэта правільна.) Закон Аб дзяржаўнай службе (працяг абмеркавання). Дэп. Заблоцкі. Зноў: у служачых трэба прымаць прысягу! Паставілі на галасаванне. За — усяго 167. Завязалася спрэчка. За прысягу выступілі дэпутаты Вярцінскі (А. І.), Грыб. А дэп. Савіцкі супроць (іранічна-здзекліва). Дэп. Бабачонак[104]: або здымайце законапраект зусім — або абавязкова з прысягай! Яшчэ раз заклікае галасаваць за прысягу Заблоцкі, спасылаецца на Гарыбальдзі: „Создали идеалы, теперь создадим гражданина” (мудра!). Зноў на галасаванне — і зноў недабор. Не праходзіць! Цікава! Не хочуць нашыя дэпутаты цырыманіялаў!

16 чэрвеня

Рознае. Дэп. Ваўчэцкі[105] (з нашай Камісіі) зачытаў пастанову прафсаюза аб забастоўцы настаўнікаў з 1-га верасня, калі не павялічаць зарплату. (Правільна! Колькі можна цярпець жабрацкае становішча?) Дэп. Какоўка зачытаў Зварот калектыву рабочых завода і гарадскога Савета дэпутатаў (г. Наваполацак). Б’е Кебіча за… мае час наведаць фестываль у Маладзечне, лікёра-гарэлачны завод і пахваліць прадукцыю, а на наш горад часу не мае. Дэп. Баршчэўскі. Услед за Валчэцкім гаворыць пра мізэрную зарплату работнікаў адукацыі. Зарплата служачых у прамысловасці ўсё ж на 50 і нават на 70 працэнтаў большая, чым у настаўнікаў. Дэп. Бойка — аб папярэджанні рабочых прафсаюзаў: патрабуюць адмяніць падаткі на дабавачную вартасць. Ужо на гэтай сесіі трэба разгледзець пытанне аб эканамічна-сацыяльным становішчы ў Рэспубліцы. Аб прыватызацыйных чэках. Дэп. Кудравец[106]. „Прыхватызацыя” ідзе ўжо на мільярды, а не на мільёны. Трэба вярнуць усё да нуля назад — дзяржаве і тады пачаць спачатку — сумленна, па закону. (Гэта тысячу раз правільна! Толькі так!) Дэп. Баршчэўскі і ўслед дэп. Трусаў: ні ў якім разе не прыватызаваць бібліятэкі і музеі! Гэта пярэчыць Закону аб культуры! Паставілі на галасаванне. За іх прапанову — 220. Брава! Хоць гэтыя аб’екты культуры пакінулі дзяржаве.

17 чэрвеня

У „Розным”. Дэп. Лябедзька: 240 дэпутатаў прагаласавалі за агульныя стратэгічныя (ядзерныя) сілы (СНД-1). Гэта не клопат пра нейтральную Беларусь. А дзе гарантыя? Дэп. Пазьняк: без пэўных вызначальных палажэнняў прымаць Канстытуцыю няма сэнсу. БНФ — за парламенцкую рэспубліку! (Правільна! Толькі так! Толькі парламенцкая!) Аб праекце Канстытуцыі РБ. Дэп. Шаладонаў[107]. Пра пануем тры блокі законапраекта — тры варыянты: першы — на чале дзяржавы прэзідэнт, другі — улада прэзідэнта абмежаваная, трэці — дзяржава без прэзідэнта, парламенцкая рэспубліка. Прагаласавалі за кожны. Вынікі засведчылі адсутнасць адзінага погляду на форму вярхоўнага кіравання ў дзяржаве. І аднак жа блок першы (з моцным прэзідэнтам) набраў 213 галасоў, каб яшчэ 17 — і прайшоў бы. І мне страшнавата: на першую ролю вылезе антыбеларус — і Беларусі каюк! А нашай мове — перш за ўсё.

29 чэрвеня

Напачатку — сустрэча з Лехам Валенсам. Натуральна, яму першаму і далі слова. Выказаўся з дыпламатычнай далікатнасцю, але і з яўнымі сімпатыямі да ўсходняй суседкі. Не сказаў бы, што ў зале важную асобу слухалі ўважліва і з дастатковай павагай. Калі ж сказаў, што „Салідарнасць” будзе супрацоўнічаць з Беларускім Народным Фронтам — у радах зашумелі яшчэ больш. Пайшлі галасы, і чуць гэта было непрыемна. Калі скончыў сваю нядоўгую прамову — воплескі былі досыць рэдзенькія. Адным словам — не „герой часу”. Далей пайшло „Рознае”. Дэп. Качан: Што далі рэспублікам суверэнітэты? Патокі крыві? Куды вы, Станіслаў Станіслававіч, нас вядзеце? У 17-ы век? У грамадстве — „растление”! А што робіцца з асвятленнем нашай гісторыі? Нацыянальнымі героямі становяцца здраднікі тыпу Вацлава Іваноўскага! Народ вам не даруе гэтага! Да якога часу вы, Станіслаў Станіслававіч, будзеце разбураць тое, што стварыў народ? Дэп. Трафіменка злосна „пахваліў” Валенсу: той пацвердзіў ленінскі тэзіс, што дзяржавай можа кіраваць „кухарка”. А ў нас з ленінскага тэзіса смяюцца. Дэп. Холад. Аб крымінальных справах у Барысаве. Камісія ВС праверыла, а вынікі праверкі разгледзелі не на Прэзідыуме ВС, а ў Мінскім аблвыканкаме. Б’е Кебіча за патуранне „нягоднікам”. Дэп. Антончык[108]. Мае артыкулы аб канкрэтных злачынствах „Звязда” не друкуе („здымі прозвішча міністра”), „Народная газета” не друкуе (рэдактар Сярэдзіч[109] зрабіў высновы, бо сам хоча стаць кампаньёнам будаўнікоў). Вось такія сур’ёзныя абвінавачванні. З такой высокай трыбуны. Дэп. Грыб: мы, дэпутаты ВС, маем права на непасрэдную інфармацыю аб міжнародных падзеях, справах, а бяром яе з друку, у інтэрпрэтацыі журналістаў. Напрыклад, аб забастоўках у блізкіх суседзяў, аб заяве ўрада Расіі — што мы ведаем з дакладных крыніц? Трэба, каб у нас быў свой інфармацыйны цэнтр. Дэп. Жукоўскі[110]. Заяўляю пратэст супроць зневажання ветэранаў і гераізму народа ў Вялікай Айчыннай вайне. Іваноўскага рабіць героем — ганьба! А верх — апафеоз — гэтага — намер правесці вечар 50-годдзя Саюза Беларускай Моладзі. У савецкай Беларусі, іменна ў савецкай, былі створаны ўмовы для суверэннай дзяржавы! (Усё гэта — з вялікім-вялікім пафасам, нават большым, чым заўсёды.) Пытанне аб Камітэце Дзяржаўнай Бяспекі: каму КДБ павінен належаць — Савету Міністраў ці Вярхоўнаму Савету? Дэп. Грыб за першае — за Савет Міністраў. (Вельмі кепска слухае зала. Старшыня дае званок за званком. Крыкі: „Галасуем!”.) Зноў разгарэліся спрэчкі. Дэп. Грыбанаў: ні ў якім разе нельга ў СМ! Заклікаю не галасаваць! Дэп. Майсееў: чаму Кебіч так цягне КДБ у СМ, пад сваё крыло? Задумаліся? Прашу вас устрымацца ад непрадуманага кроку! Дэп. Баршчэўскі: Хай вырашыць новы Вярхоўны Савет! У вас усё роўна не пройдзе! Гэта пытанне канстытуцыйнае. Толькі пасля прыняцця новай Канстытуцыі вырашыцца. Дэп. Навумчык: у 1991 годзе паводзіны старшыні КДБ Шыркоўскага былі годнымі. Вы ж не захацелі!.. Вы ж не захацелі!.. Вы ж!.. Вы!.. Дэп. Папоў: КДБ павінен быць падпарадкаваны Савету Міністраў! Урад адказвае за бяспеку дзяржавы! Як без КДБ ён забяспечыць? З юрыдычна-прававога пункту гледжання — толькі СМ! (У зале шум, крыкі, поўны хаос!) Кузняцоў[111] яўна не спраўляецца з залай. Трыбуну захапіў дэп. Папкоў[112]. Крычыць: „Мікрафон выключылі за трыбунай! Мікрафон дайце!” Да Кузняцова падляцеў Пазьняк, нешта крычыць яму ў твар, што — не чую. Каля мікрафона на праходзе галяпуе Гермянчук: дайце звесткі! дайце звесткі аб…! Затым махнуў рукой і пайшоў на праводзіны Леха Валенсы, недзе там жа і Шушкевіч. А тым часам прагаласавалі. Трох галасоў для перамогі Саўміна не хапіла. Засталося, як было. Пра падпісанне Шушкевічам Дагавора аб калектыўнай бяспецы. Старшыня ВС Шушкевіч тлумачыць, чаму да гэтага часу Дагавор не падпісаны. (Ой, зараз будзе гвалт! Ой, будзе!) Даказвае, чаму нам ні ў якім разе нельга падпісваць гэты Дагавор. У Таджыкістане ўжо загінула сто тысяч чалавек. Дык што — і мы ўцягнемся туды? (Добра гаворыць, пераканаўча. Вельмі пераканаўча!) Ва Узбекістане насельніцтва ў два разы больш, чым у Беларусі. А армія ў пяць разоў меншая.) Дэп. Ганчар: „Сем пятніц на тыдні. Абвергніце, што гэта не датычыць вас”, „Ці маеце права кіраваць калектыўным органам?”. (О, куды хапіў! Ды як бесцырымонна!) Дэп. Гетц: Дзе карані — чаму пагаршаецца эканамічнае становішча? Шушкевіч: Нельга адной нагой ста яць у чоўне прыватызацыі, а другой — у чоўне планавай эканамічнай сістэмы! Прыклад трэба браць з Польшчы! (Г. зн. усё прыватызаваць.) Дэп. Навумчык: Ці не лічыце вы неабходным зрабіць кадравыя перамены, ка лі ва Урадзе такі развал? Шушкевіч: Не пра асобы га ворка, а пра канцэпцыі! Дэп. Казлоў. Дамагаецца, каб Шушкевіч выказаў свае асабістыя адносіны да Дагавора. Дэп. Новікаў[113] (генерал). Што перашкаджае вам выслухаць ваенных, афіцэраў? Апошняя вашая сустрэча з вайскоўцамi была 2 студзеня 1992 г. Шушкевіч. Армія павінна быць па-за палітыкай. Дэп. Мачуленка. Вы падпісалі ці не падпісалі Дагавор? У вашым лісце ў СНД няма ні слова аб тым, што Вярхоўны Савет РБ — за далучэнне Беларусі да Дагавора аб калектыўнай бяспецы. (Усё гэта — з веданнем працэдуры, юрыдычнага боку справы. О, як зацята, як настырна і як ядавіта!) Дэп. Мінько. Ці ўхваляеце вы ўдар ЗША па Іраку? (У зале рогат.) Дэп. Сарокін (генерал). Чаму тут няма членаў Урада, калі абмяркоўваецца такое важнае пытанне? Дзе Кебіч, міністр Казлоўскі і іншыя? Усе гавораць на расійскай мове, і Шушкевіч таксама — нібыта адпаведна пытанню. Хаця — а чаму? Хай яны пытаюцца па-расійску, а ты — сячы ім на дзяржаўнай беларускай! Дэп. Камай. Можна думаць, што вы перагледзелі сваю пазіцыю, якую займалі ў Віскулях? Так ці не? Шушкевіч. Жыццё ідзе наперад, і трэба ўлічваць новыя рэаліі і рабіць адпаведныя карэктывы. Дэп. Лукашэнка. „Игра!” Ён прымае нас за студэнтаў! „Только двусторонние отношения!” — заяўляў у Віскулях. (Ох, і кусаюць! Ох, і грызуць Старшыню! Пра павагу і гаворкі няма.) Шушкевіч. Калі вы хочаце „на калені” — то я „на калені” не хачу! І каб Беларусь падала на калені — не хачу! Вядома, трэба ісці па шляху двухбаковых згодаў, хаця я не выключаю і іншых пагадненняў. Дэп. Новік (Шушкевічу): Колькі праз Беларусь на захад прайшло зладзейства? Ці лічыце вы, што калі б мы не засцерагліся і дапусцілі, наш Урад пайшоў бы на здачу беларускай Дзяржаўнасці, нашай незалежнасці? Шушкевіч. Не хачу, каб з майго дакладу рабіліся такія высновы… (Рэпліка Станкевіча — напаўголаса, для блізкага акружэння: „Столькі выпіўшы, можна яшчэ і не так гаварыць!” О-о-о, усе ў адну дудку!) Дэп. Скарынін[114]. Здзекліва іранізуе, што Шушкевіч не ведае зместу Дагавора аб калектыўнай бяспецы. О, як прыпірае Станіслава да сцяны! Дэп. Вайцянкоў[115]: Паедзьце з Кебічам у Маскву, і праз два тыдні мы тут збярэмся і абгаворым сітуацыю. Бо сёння ў зале надта многа істэрыкі. Вы досыць паспешліва і нечакана для многіх праінфармавалі, а трэба спакойна, не так, як сёння… З’ездзіце пагаварыце ў Маскве…

30 чэрвеня

У „Розным”. Дэп. Ніканчук[116] — аб школьных падручніках: сітуацыя на сёння катастрафічная, вучыцца няма па чым. Дэп. Звераў[117]. Мільёны даляраў пускаюць на чорт ведае што, а на лекі дзецям няма і цэнта! (Малайчына, Звераў!) Па дакладу С. С. Шушкевіча (працяг). Дэп. Грыб. Вельмі настойліва — у абарону Дагавора аб калектыўнай бяспецы. (З унутраным напорам супраць Шушкевіча.) Дэп. Слямнёў. Спакойна тлумачыць, што праблемы з падпісаннем Дагавора па сутнасці няма. Апраўдвае дзеянні Шушкевіча. Дэп. Піскароў. Рэкамендуе Шушкевічу ехаць у Маскву да Ельцына, а не ў Злучаныя Штаты да Клінтана. Дэп. Грынёў. Гаворыць спакойна, разважліва, — але! Як і Піскароў, рэкамендуе паехаць у Маскву, а не ў Амерыку. Дэп. Скарынін. Патрабуе прагаласаваць за давер Шушкевічу па галоўных пытаннях: Дагавор, КДБ, Рэферэндум і інш. Дэп. Зданевіч. Спакойна, але настойліва гне сваё (прыватызацыю). Дае ў косці і Шушкевічу — за непаслядоўнасць, за непадтрымку ў многіх пытаннях дэмакратаў. Дэп. Сцепаненка (Шушкевічу): Ці ёсць у вас крэда? Лінія? Дзе паслядоўнасць? Што за „изворотливость”? Гэта ж палітычная спекуляцыя! Вы — як прафесійны акцёр! Перастаньце хітраваць! (Бросьте лукавить!) Патрабую: даклад Шушкевіча не прымаць! Паездку ў ЗША адмяніць! На чарговай сесіі паставіць пытанне аб даверы Шушкевічу! (Даўно падазраваў, што гэты былы першы сакратар з Жыткавічаў належыць да ліку крайніх ачмурэлых. Помню, як ён не захацеў сустрэцца са сваім дэпутатам ВС Васілём Быкавым — ухіліўся, схаваўся ад гасцей. Прыехалі — у яго была нарада ў райкаме, і нас папрасілі пачакаць. А потым — няма! Знік! Сакратарка: „Наверное, куда-то срочно позвали…”. Куды? У Мінск? Дык папрасі прабачэння — і госць-дэпутат зразумее…) Дэп. Майсееў: Прэм’ер-міністра — неадкладна ў адстаўку! Наш Савет здольны на разумныя рашэнні. Дэп. Трусаў А. З чаго пачалося ў нас канфліктаванне? З пытання аб уласным войску. „Увесь урад сёння ж у адстаўку!” Дэп. Дзейка (у працяг Трусава): Хто і сёння ў дзяржаўных крэслах? Усе тыя ж чыноўнікі антыбеларускай загартоўкі! (Малайчына, Дзейка!) Дэп. Гілевіч. (Колькі гаварыў — увесь час бачыў, як генерал Піскароў вульгарна паводзіць сябе, ёрнічае, „лыбіцца”, бо — за трыбунай „не той”, і не тое, што ім трэба, кажа. Ды яшчэ і не на той мове.)

1 ліпеня

У „Розным”. Дэп. Даўлюд[118]. Падобна, што дэпутаты Лукашэнка, Станкевіч, Скарынін і інш. страцілі чалавечае сумленне… Дэп. Даўгалёў. (Ад групы „Згода”.) Урад не здольны вырашаць найважныя праблемы, структуры — усе — камуністычных часоў. Змянілі вывескі — і толькі! (У зале шумяць — не падабаецца. А ён — ох і пляжыць. Ох і пляжыць!) Няма канстытуцыйнага ўрада! Ёсць прапановы па новых назначэннях. Абмеркаванне даклада Шушкевіча (працяг). Дэп. Грынёў. Трэба распрацаваць доўгатэрміновую эканамічную палітыку. Для гэтага — Шушкевічу сустрэцца з Ельцыным. Шушкевіч прымае прапанову. Падтрымалі і галасаваннем. Дэп. Трусаў. Адмяніць паездку афіцыйнай дэлегацыі на чале з Шушкевічам у ЗША, а заняцца тут наспелымі праблемамі. Дэпутата Вярцінскага А. І. заглушылі. Заглушаюць і дэп. Заблоцкага крыкуны з фракцыі „Беларусь”. Дэп. Карпенка паездку падтрымаў, але… з агаворкамі. Паездкі фармальныя, гасцявыя, з жонкамі і дзеткамі — навошта? Дайце праграму паездкі! (Даўно бачу, што Карпенку наш спікер нечым не задавальняе.) Шушкевіч дакладвае, што ў праграме, але скомкана. Дэп. Цярэшка. Заклікае: Будзем памяркоўнымі! Гэта не проста візіт старшыні ВС, а візіт кіраўніцтва дзяржавы. Прадугледжана падпісанне многіх пагадненняў. (У зале шумяць, крычаць, адчуваецца агульная непрыязнасць да ЗША.) Дэп. Гетц. Чаму не ў кампетэнцыі ВС задума паездкі? Іменна Вярхоўны Савет павінен рашаць! (Крычыць.) Чаму іменна гэтыя ў дэлегацыі людзі? Дэп. Мачуленка. Не трэба сёння галасаваць прапановы! Дэп. Станкевіч. Уключыць у склад дэлегацыі міністра Краўчанку[119]! Шушкевіч упарціцца, стаіць на сваім. Паставілі пытанне на галасаванне. Супроць паездкі ў ЗША — усяго 44 галасы. Дробны крыкун за спіной у мяне крычыць і крычыць — ну проста як дурнаватая вясковая баба. Мае права! Дык чаму ж не? Дэп. Цумараў[120]. Коратка і ясна — звольніць з пасадаў увесь Прэзідыум ВС — і не менш! Дэп. Булахаў. Горача падтрымаў Цумарава. Дэп. Ганчар. Зноў у атаку на Шушкевіча і Прэзідыум. Дэп. Карпенка. Зноў пра маральны бок у справах дзяржаўных. Спрэчкі скончыліся галасаваннем. За недавер Шушкевічу — 166, за давер — 27, астатнія, больш сотні, не галасавалі ніяк. На перапынку члены прэзідыума сабраліся ў пакойчыку за сцэнай. Апрача Шушкевіча і Кузняцова былі Грыб, Слямнёў, Савіцкі, Кулічкоў, Леўчык, Сасноў, Гілевіч… угаворвалі Шушкевіча па прасіць прабачэння ў ВС за пераход у спрэчках на пярсоны, бо гэта, маўляў, на шкоду яму самому. Вядома, карэктнасць трэба захоўваць. Пасада!

2 ліпеня

У „Розным”. Дэп. Кучынскі робіць „утык” Кебічу, што і ён вінаваты (а не толькі кіраўніцтва ВС) у знішчэн ні зброі, якая патрэбная нашай рэспубліцы. Дэп. Навумчык. Заўвага ў адрас рэдакцыйнай камісіі ВС — крытыка радыё і тэлебачання за тэндэнцыйны характар інфармацыі, за нападкі на тых, „што не хацелі ўдзельнічаць у камуністычным шабашы, у спробе камуністычнага перавароту”. Дэп. Герасюк. Падстаў крыўдзіцца на Шушкевіча шмат… Але — хто раскрадае дзяржаўныя, народныя багацці, хто шыкоўна будуецца? Ке біч, Кенік, Мясніковіч — не хопіць часу, каб назваць усіх. Пытанне аб імянных прыватызацыйных чэках. Дакладчык — старшыня камісіі Козік[121]. Вельмі складанае, цяжкае пытанне. З дакладу мне стала ясна адно: для зладзюганаў тут магчымасці пажывіцца і нажыцца агромністыя. Пачаліся гарачыя, вострыя спрэчкі.

6 ліпеня

У „Розным”. Дэп. Ціхіня[122]. Абвінавачвае ва ўсім Шушкевіча і пагражае: сыходзь! (Нічога не дайшло да шаноўнага?) Дэп. Гілевіч. Дзяржаўныя мужы (Кебіч і іншыя) не пераадолелі псіхалогіі залежнасці, паслухмянасці, падпарадкавання Крамлю — захавалі звыклы стан душы, свядомасці: там, там разумнейшыя, мудрэйшыя, там ведаюць лепш, як павінна быць, як трэба, — там! Яны бяруць на сябе адказнасць — і нам так лепш, лягчэй і прасцей, зручней. Нашыя мужы не падняліся ў душы, у свядомасці, да самастойнасці, да незалежнасці, да самапачування гаспадарамі ў сваім доме, да ўсведамлення: „Мы вырашаем, як і што, мы самі! Мы і толькі мы! Мы бярэм на сябе ўсю адказнасць!”. Дэп. Майсееў. Выказаўся ў падтрымку Шушкевіча. Дэп. Новік. Таксама абараняе пазіцыю Шушкевіча. Дэп. Дзейка. Робіць запыт старшыні КДБ Шыркоўскаму (паўторна, ужо нядаўна рабіў): якімі фактамі валодае КДБ? „Патрабую поўнай інфармацыі!” Дэп. Крыжаноўскі. Абвінавачвае былых партакратаў у ганебнай пазіцыі. Затым пра дэп. Станкевіча, які нібыта яму прыгразіў: „Мы тебя сделаем инвалидом” (У зале шум, незадавальненне. Відаць, Станкевіч гаварыў жартам). Пытанне аб прыватызацыйных чэках. Прэамбулу да размовы зрабіў Шушкевіч. Але дакладчык Козік папрасіў на некалькі гадзінаў адкласці абмеркаванне. А ў гэтага, што ў мяне за спіною, не зачынецца рот — зусім не помніць чалавек, дзе ён знаходзіцца: крычыць па ўсякім повадзе і без поваду. Пытанне аб пакаранні смерцю — уводзіць ці не ўводзіць у Беларусі гэту вышэйшую меру пакарання за цяжкае злачынства. Старшыня Вярхоўнага Суда Каравай прапанаваў адмяніць смяротнае пакаранне за эканамічныя злачынствы (якія б цяжкія яны не былі). Нечакана разгарэлася вялікая спрэчка, здаецца, ёй не будзе канца.

7 ліпеня

У „Розным”. Дэп. Качан. Зноў той жа крык — і гэта ўжо сумна. Адкладзенае пытанне аб прыватызацыйных чэках. Дакладчык — Козік. Пачалася вострая гаворка — і законапраект сёння не прынялі. Пытанне аб Рэферэндуме. Дакладчык — старшыня Камісіі Леўчык. Фактычна даклада не зрабіў, сказаў дзве-тры фразы і — „Законапраект у вас у руках. Чытайце! Рашайце! Галасуйце!”. Дэп. Баршчэўскі. Гаворыць без паперкі. Як прафесійны прамоўца. Ды і голас пастаўлены. Пра рэферэндум — вельмі пераканаўча. Дэп. Навумчык. Б’е Шушкевіча за згодніцтва з партакратамі. Дэп. Прывалаў. О, які баявіты палкоўнік! Цікава, хто яму напісаў гэты лямант? Колькі нецярпімасці, нянавісці, варожасці да… Тон — падкрэслена ваенны, загадны. Патрабуе не выносіць пытанне пра Дагавор аб Калектыўнай бяспецы на рэферэндум. Увогуле — рэзка супроць правядзення рэферэндуму. Калі ж і праводзіць, то: „Что делать с языком, на котором в Беларуси говорят 90 процентов населения?”. О, які гадзюк! Крыві, крыві хочуць, таварышы палкоўнікі!.. Дэп. Сарокін, генерал. У тую ж дудку, што і палкоўнік. Адна нянавісць да Беларусі, да нашай незалежнасці, да нашай мовы. Дэп. Казлоў. Нібыта спакойна і культурна. Спаслаўся на артыкул Н. Г. аб расійскай мове ў Беларусі, аб яе статусе па Канстытуцыі (мова міжнацыянальных зносінаў). „Гэта ўсё мы адрэгулюем! Мы павінны ставіць пытанне на рэферэндуме!” Дэп. Зданевіч. Дае ў косці і Шушкевічу за балансаванне сярод правай большасці. Дэп. Скарынін. Дубасіць Шушкевіча па ўсіх лініях. Пазіцыю спікера характарызуе як „верх цынізму”. Гэта ў Шушкевіча — цынізм? Дзе? Дэп. Пракопаў. Патрэбны неадкладныя выбары прэзідэнта! Дэп. Какоўка. Здзекуецца з партакратычнай большасці ў зале. Дэп. Пазьняк. Як і Какоўка, бязлітасна здзекуецца з пракамуністычнай бальшыні ў зале, але яшчэ больш здзекліва — з Шушкевіча. Вось гэта і ёсць мы, беларусы. Толькі так! Толькі есці адзін аднаго! Іначай мы не можам! Дэп. Жукоўскі. О, які галасок! Толькі на плошчу! Толькі на мітынг! Стары ідэалагічны кадр з тых, што не турбуюцца — слухаюць іх людзі ці не слухаюць, ведае, што перакрычыць усіх. Поўныя вушы, поўная галава крыку, бухання ў мікрафон! І навошта так галяпаваць? Дэп. Ганчар. Ад пачатку да канца — суцэльны здзек з Шушкевіча… Дэп. Даўгалёў. О, як з’еў Ганчара! Аж запляскалі ў зале. Шушкевіч. Заключнае слова. Адбіваецца, як можа. Амаль нічога не прызнае. І зноў сарваўся (у дачыненні да Ганчара). Божа, як сумна, горка і брыдка! Як горка! Нішто не аб’яднае нас, нішто! Тое, што магло нас аб’яднаць — таго ў душах няма. Свяшчэнны доўг перад Беларуссю — г. зн. перад мовай і культурай Беларусі, перад Святым Духам Беларусі, — няма! Думаюць пра іншае — пра свае чыноўніцкія амбіцыі, пра сваю ўласную пыху…

9 лістапада

Просьба нашай Камісіі ўключыць у Парадак дня пытанне аб архівах і бібліятэках адхілена. Абодва законапраекты не прайшлі: двойчы ставілі на галасаванне — і двойчы родненькія дэпутаты правалілі. Ні архівы, ні бібліятэкі іх не хвалююць. Дробязь! Хаця на абмеркаванне гэтых законапраектаў у першым чытанні хапіла б дзесяці хвілін. Так людзі выка залі свае адносіны да культуры наогул. Удалося ўста віць у Парадак дня пытанне аб зарплаце настаўнікам і педагогам. Дэп. Пазьняк: „Першым трэба ставіць пытанне аб адстаўцы Урада!” І вельмі рэзка асудзіў Урад, які давёў краіну да цяперашняга становішча. Дэп. Ізмайлава (ваяўнічая бабулька!): зусім не па тэме Парадку дня пачала крычаць аб пагрозе дзяржаве з боку апазіцыі і БНФ. Гэтую небяспеку ўбачыла яна і ў інтэрв’ю Сярэдзіча з Шушкевічам. (За два рады перада мной сядзіць дэпутат „ад інвалідаў” і ўвесь час паварочвае галаву, каб кінуць кеплівую рэпліку Гермянчуку, а ўхмылка дурненька-дурненькая. Можа, і добры чалавек, і заслужаны ветэран, але… Ён ведае адно, што трэба перш за ўсё ўчыняць абструкцыю „дэмакратам”. Крычы, стукай і грукай нагой аб падлогу, рукамі па стале. Навыбіралі такіх законатворцаў, навыбіралі!.. А для чаго? Недарэчна гэта было зроблена, недарэчна.

11 лістапада

Дэп. Гілевіч: „Дазвольце сказаць пра адно ўражанне, якое мяне вельмі засмучае. Мнагавата гаворыцца тут таго, што не дапамагае адказаць на пытанне: як, якімі шляхамі выйсці з глыбокага крызісу, як не дапусціць, каб здарылася самае горшае — каб абрабаваныя, ашуканыя няшчасныя сумленныя людзі не пачалі паміраць ад голаду і холаду”. „Дарэчы, у вуснах многіх нашых грамадзян словы „суверэнітэт”, „незалежнасць” сталі словамі зняважліва-абразлівымі, гучаць, як лаянка. Няшчасце на галаву звалілася — суверэнітэт! Жылі-жылі — і раптам на табе! Суверэнітэт!..” 16 лістапада. Абмеркаванне дакладаў С. С. Шушкевіча і В. Ф. Кебіча. Дэп. Заблоцкі У. М. Нам патрэбен нейтралітэт па ўзору Швецыі. У любых абставінах — нейтралітэт! Ні ў якім разе не ўтвараць агульную рублёвую зону з Расіяй. Рашуча супроць здачы суверэнітэта і незалежнасці! Прапанаваў выбраць старшынёй Урада… Марыніча. (У зале — шум і посмехі — не прынялі.) Дэп. Новік У. У. „Сёння Расія ў руках ліберальнай буржуазіі, а заўтра?” Трэба было на другі дзень пасля ўвядзення расійскага рубля нам у Беларусі ўводзіць свой, беларускі. Вярхоўны Савет і Савет Міністраў не зрабілі гэтага. Задзейнічалі хапугі. Трэба помніць пра геапалітычныя інтарэсы Расіі ў Беларусі. Паглядзіце: набіраюць сілу дзялкі-кампрадоры! Я заклікаю і ВС і СМ да разумнай згоды. Урад, дай праграму выйсця са становішча! ВС адказвае за дзейнасць Урада, і калі той не так дзейнічае — дык у адстаўку! Дэп. Садоўскі П. В[123]. Колькі будзе цягнуцца пераходны перыяд з агульным рублём, агульнай рублёвай зонай? Павінна быць камісія, якая б выпрацавала праграму выратавання эканомікі. Гэта зробіць абноўлены Урад — толькі абноўлены! Далей П. В. ро біць бліскучы аналіз, куды пайшлі грошыкі і адкуль іх узяць. (Куды ўцяклі капіталы?) Дэп. Сукач М. Д. Уз нік ла патавая сітуацыя — з-за канфрантацыі ВС і СМ. Няма агульнай стратэгіі — вось бяда! Чаму ў нас павінна быць горш, калі маюцца ўсе ўмовы, каб было лепш? Адкажыце, хто вінаваты? Вячаслаў Францавіч, ніколі не хітрыце! Я — за ўласную беларускую валюту! Але — не за ізаляцыю!.. Вячаслаў Францавіч, вы кажаце: мы не дапусцім развалу сельскай гаспадаркі. Ды яна ж ужо развалена! Калгас ужо не корміць, а фермер тым больш не можа карміць, бо не мае падтрымкі. Нам ёсць чым гандляваць з усім светам, а не залежаць ад Расіі! (Ой, як разумна гаворыць!) І яшчэ: трэба пакончыць з хаосам у мясцовых уладах! Скараціць начальнікаў усіх рангаў (скароцяцца шафёры, бензін, сакратаркі!). Дэп. Чакушоў У. М[124]. Нашто нам рабіць самазвалы і столькі трактароў, не маючы сваёй матэрыяльнай базы (вугалю, руды)? Знізілі экспарт, прадаём за бясцэнак. Перавагі клірынга відавочныя, але мы не ўмеем ім карыстацца. Дэп. Турак[125] А. М. Чаша цярпення перапоўнена. Хаваем ад людскіх вачэй бяздзейнасць. (Слухаюць, як і папярэдняга, кепска!) Яўны здзек з вытворцаў! „Беспредел” ва ўзаемаразліках з краінамі СНД. Дэп. Андрэйчанка У. П.[126] У сельскай гаспадарцы мы дайшлі да небяспечнай рысы. Усе калгасы сталі аднолькава беднымі. У жніўні працуем у полі па 6–7 гадзін — удумайцеся! „Не будзе вёскі — не будзе і рэспублікі!” (!!!) Пастаўлялі ў Расію 300 тысяч тон мяса, зараз — 40 тысяч тон. Павярнуць бюджэт на сельскую гаспадарку! Непарытэт цэн — галоўная прычына гібелі сельскай гаспадаркі! Сёння крэдытаванне сяла — ніякае. Трэба даць вёсцы ільготныя крэдыты! Разлік за здадзеную сельскую прадукцыю праводзіцца несвоечасова, а грошы абясцэньваюцца. Дэп. Цялежнікаў У. І. Ні адно рашэнне Вярхоўнага Савета не давялі да канца — за ўсе тры гады. Мы спадзяваліся на палітычны цуд, а ён не адбыўся. Але яшчэ многія ў яго вераць. І эканамічнага цуда не будзе. Адказнасць на нас. Трэба правесці структурныя змены ў Савеце Міністраў. Дэп. Цярэшка І. І. Аб рабоце Нацыянальнага банка: яго палітыка прывяла да вялікіх страт у народнай гаспадарцы, да іншых страт. (Рэпліка з залы: „Усё ў руках Савета Міністраў, а не банка!”) Прапаную падпарадкаваць Нацыянальны банк Прэзідыуму Вярхоўнага Савета. (Ну і прапанова!) Дэп. Навумчык С. І. дае ацэнкі дакладам Шушкевіча і Кебіча. „Вы, Вячаслаў Францавіч, чатыры гады ўзначальваеце Урад — і што зрабілі? Зарплата — 26 адсот каў „спажывецкага кошыка”. Пазыка — ужо каля двух мільярдаў даляраў. Хто разлічыцца? Наступныя пакаленні народа? Савет Міністраў займаецца не эканомікай, а паліты кай і палітыканствам. Прапаную ства рыць пе ра ход ны ка аліцыйны Урад. З гэтым мы, апазіцыя, і выйшлі на Сесію. Дэп. Трусаў А. А. Згодніцкая палітыка Шушкевіча карысці народу не дала. Паглядзіце на харомы сучасных буржуяў вакол Мінска і іншых гарадоў — хто жыве і будзе жыць у іх? Урад даў прастору жулікам, злодзеям. Зняў мытню з аднаго боку. Мае прапановы: першая, трэба стварыць кааліцыйны Урад, другая, скараціць колькасць міністраў (і яшчэ восем прапаноў!). Дэп. Жыдзіляеў І. І. Так і не зразумеў з дакладу Кебіча, ці бачыць Урад крызіс эканомікі. І ў Шушкевіча мала канкрэтных прапаноў. Дэп. Карпенка Г. Дз. У дакладах няма аналізу крызісу ўлады на ўсіх узроўнях. Ідзе працэс палітычнага развалу дзяржавы. Перад намі два шляхі выйсця: дрэнны і зусім дрэнны. (Абмалёўвае гэтыя шляхі.) Галоўная задача — выратаванне насельніцтва ад голаду і холаду. (Малайчына!) Дэп. Какоўка В. Ф. Спасылаецца на сваю нацыянальную валюту ў Казахстане і Узбекістане. Прыводзіць прыклад Германіі пасля вайны: стабільнасць валюты (грошай) і цэн. Гэта галоўнае права чалавека — стабільнасць. Асноўнай задачай сёння бачу змену прэм’ера. Дэп. Жук А. М. Крытыкуй — каб самому дарвацца да ўлады, — і ўсё! Многія так і робяць. Аб справах у Аграпроме скажу так: горш, чым дзе б ні было! Дэп. Лукашэнка А. Р. (Крытыкуе даклад Шушкевіча, але — не пераканаўча, абы прычапіцца. Нічога канструк тыўнага не сказаў. Агульнае ўражанне — дэмагогія і па пулізм.) „А дзе, Станіслаў Станіслававіч, былі вы? З вамі з гэтага крызісу мы не выйдзем! Прапаную вызваліць ад пасад і Шушкевіча, і Кебіча”. (Шушкевіч тут жа даў водпаведзь.) Дэп. Каўбаска М. І[127]. Вельмі ўпэўнена — за сваю беларускую валюту як за сімвал незалежнасці. (Малайчына, Каўбаска, не чакаў!) Дэп. Камай А. С. Корань усіх бед зусім не там, куды паказвае Шушкевіч. А ў Віскулях! У рыначнай стыхіі, якая можа запанаваць у рэспубліцы! У дакладах Шушкевіча і Кебіча няма эканамічных разлікаў. Шушкевіч хай выконвае волю Вярхоўнага Савета! У сельскай гаспадарцы патрэбна мэтавая дзяржаўная праграма па вытворчасці прадукцыі (мяса і малака). Дэп. Грынёў М. Ф. Рэзка крытыкуе Шушкевіча і тых, хто супроць агульнарублёвай зоны. „Давайце гандляваць! Працуем на склад, а трэба везці ў Расію! Я — за незалежнасць, але гэта трэба рабіць паступова, разумна, узважана, а не з ходу!” (??? Што гэта значыць?) Рожкі-ножкі засталіся ад абяцанняў. Помнік паставяць Кебічу і Чарнамырдзіну за падпісанне пагадненняў аб далучэнні… да Расіі. Дэп. Крыжаноўскі М. К. Хваліць даклад Шушкевіча; Кебіч прачытаў той самы даклад, што і шмат разоў раней. Урад не ажыццяўляе законы. (У зале шумяць.) Б’е наменклатуршчыкаў за катэджы: цэмент бяруць па 70 рублёў мяшок, шпалеры — па 3,5 рубля метр. „Гарызонт” праеў крэдыт на 20 млн. марак, а выраб тэлевізараў знізіўся на 140 тысяч. (Сапраўды, дзіўна! Дзе ж плён ад крэдыту?) Жудасныя страты БелАЗа!.. Дэп. Грыб М. І. У дакладах прагучала сур’ёзная крытыка і самакрытыка. Расійскія тавары складуць нашым моцную канкурэнцыю. Не забываць і аспекты палітычныя! Павінен быць рэальны падзел уладаў і паўнамоцтваў. Дэп. Жукоўскі М. Дз. У дакладах бачанне выйсця ёсць, задача ў тым, каб аб’яднаць намаганні. У свеце 170 рыначных дзяржаў, а працвітаюць з іх — 20–30. А чаму? Рыначныя адносіны павінны быць рэгуляваныя! Трэба сыходзіць з тых пазіцый, на якіх былі, калі звалілася на нас незалежнасць Беларусі. Сродкаў аднаго бюджэту не хопіць на сацыяльна незабяспечаных. Гуманітарная дапамога часта паступае абы-каму, а не ў дзяржаўны фонд. Дэп. Спіглазаў А. Ф[128]. Эканоміка не церпіць эксперыментаў. Нам абавязкова патрэбная свая валюта! Трэба мяняць склад Урада, і ёсць кім замяняць у самім Урадзе. Дэп. Баршчэўскі Л. П. З агульнай рублёвай зонай страцім і ўнутраны рынак — канчаткова! Задача Урада — прагназаваць, што будзе. Урад ставіць на палітычную карту, і нас ужо не ўспрымаюць як самастойную, незалежную краіну. Неабходна зрабіць поўныя замены ва Урадзе! Вячаслаў Францавіч, падайце ў адстаўку — і я складу свой дэпутацкі мандат і не буду выбірацца на чарговых выбарах! Дэп. Пазьняк З. С. Віна Кебіча — у разбурэнні эканомікі і многага іншага. Прычына — у палітычных пазіцыях Кебіча. Ён — за адраджэнне СССР, за ліквідацыю незалежнай Рэспублікі Беларусь, за ператварэнне Беларусі ў эканамічнае падмаскоўе. Самая вялікая шкода, нанесенная Урадам, — паліўны голад. У Балтыі — свая валюта, і таму — зусім іншае становішча. (Дае Кебічу і ў хвост і ў грыву!) „Што гэта за скамароства? Адкуль гэта глупства? Апрача дзяржаўнага самазабойства — Кебіч не бачыць выйсця. Ён не бачыць і не ра зумее, як выйсці з крызіснага становішча. Дэп. Данілевіч І. М.[129] Нагадвае пра гучную заяву Урада „легчы пад паравоз” — калі спатрэбіцца. „Буду гаварыць пра сельскую гаспадарку. Кожны дакладчык лічыць, што праўда ў яго. А я не бачу праўды ні ў аднаго, ні ў другога. Усходнія немцы не ліквідавалі сельгаскалектывы. Усякая стратэгія пачынаецца з земляробства. Я, кіраўнік аграфірмы, прадаў усю прадукцыю — і стаў у шэсць разоў бядней. Што ж гэта? Скажыце: калі пяройдзем на сусветныя цэны? Тады вёска выжыве. Ні адна сельская гаспадарка ў свеце не жыве без датацыі. Як дажыць да 1-га студзеня — не знаю. Лічу: тое, што зрабіў Нацыянальны банк, гэта — дыверсія супроць сяла. СМ павінен прадугледзець сродкі на вёску, на сельскую гаспадарку. Лён і бабовыя — наша золата, а не бульба і не мяса. Дэп. Грыбанаў У. М. Чакалі высноў ад Шушкевіча. Але — не было: ні аб рэформах, ні аб адстаўцы. Як ісці да мэты — адказу не пачулі ў дакладах. Трэба хірургічнае ўмяшанне! Са скальпелем!

17 лістапада

Працяг абмеркавання дакладаў Шушкевіча С. С. і Кебіча В. Ф. Дэп. Булахаў Дз. П. Здрада нацыянальным інтарэсам — голы суверэнітэт, што ў галовах у нацыянал-радыкалаў. Трэба наводзіць парадак у структурах улады — у рамках Канстытуцыі. 1. Давайце падпішам пагадненні! 2. Абновім склад Урада! 3. Прымем новую Канстытуцыю! 4. Нам трэба моцная ўлада! („Сильная власть!” Што мае на ўвазе? Дыктатара?) Дэп. Даўгалёў В. Б. Прапановы Шушкевіча і Кебіча, як выйсці з крызісу, — прынцыпова разыходзяцца. Далей прыводзіць жахлівыя лічбы (сапраўды: жах!). Міністэрства абароны стала камерцыйным. 500 тысяч гектараў лясоў, што ў веданні ваенных, — распрадаюцца. (Жах!) У кішэні сабе кладуць мільёны. (Жах!). Глыбокі крызіс праваахоўнай сістэмы. Горш няма куды. Прэм’ер адводзіць кожны раз убок ад галоўнага якой-небудзь прыдумкай. Урад не здольны ўзначаліць работу па выхаду з крызісу — трэба ставіць пытанне аб яго адстаўцы! Дэп. Кучынскі Е. Ф. Крытыкуе Вярхоўны Савет за знешнепалітычную дзейнасць. За неажыццяўленне пагадненняў, падпісанных у Віскулях. „Скажыце: чаму ніводнай пастановы аб паездках у краіны СНД? Вузкі круг людзей дыктуе волю нам — усяму Вярхоўнаму Савету. Прапаную: 1. Зняць Шушкевіча з пасады старшыні ВС. 2. Прагаласаваць давер старшыні Нацбанка. 3. Трэба новая каманда, якая павядзе дзяржаву. (З каго, з якіх сіл каманда?) Дэп. Сечка Л. Н. Сітуацыя з банкавай справай у нас — нікуды не вартая. Патрэбна паэтапная рэарганізацыя кіраўнічых структур. Дэп. Кулакоў У. П.[130] Што ў краіне такое становішча — вінаватыя і Урад і Вярхоўны Савет. Ніхто за нас нашы праблемы не вырашыць. Я — за эканамічны саюз з Расіяй, за рублёвую зону. Але — гэта залежыць не толькі ад РБ. Беларусь — зборачны цэх, залежны ад Расіі і іншых краін. Прапаную: 1. Правесці глыбокую структурную перабудову народнай гаспадаркі! 2. Трэба іншая падатковая сістэма. 3. Рацыянальна выкарыстоўваць рэсурсы! Напрыклад, лес: мы яго гонім за мяжу неапрацаваным, а трэба гнаць мэблю. Навісла небяспека над ільнаводствам. 4. Нельга траціць рынак збыту сельгаспрадукцыі. У нас ідзе няспынны рост цэн. Але ж гэта — не рынак! Рынак — канкурэнцыя тавараў! Дэп. Гаркун У. Г. Што і як рабіць далей? Якія рэальныя шляхі на заўтра? — Ратыфікаваць пагадненне з Расіяй! Розніца ў цэнах прывяла да поўнага банкруцтва многіх-многіх гаспадарак. Выйсце адно — у цэнавай палітыцы. Чым больш калгас вырабляе мяса і малака — тым больш стратна для яго! Што гэта? Бутэлька кефіру — 40 рублёў, бутэлька мінералкі — 330! Што гэта ТАКОЕ? Карэнным чынам змяніць крэдытную палітыку! Няма доўгатэрміновых крэдытаў для сельскай гаспадаркі. Што гэта? Дзе такое ёсць у свеце? (Божа прамілы! Сапраўды: што гэта? Што гэта?) Дэп. Сасноў А. В. Толькі эканамічныя рэформы змогуць выратаваць краіну! Хай і ў саюзе з Расіяй і іншымі дзяржавамі — але рэформы! І рэнтабельныя прадпрыемствы чакае крах, калі не абнаўляць фонды. Даць рэнтабельным прадпрыемствам замацавацца на рынку! Бо — адкуль будзе бюджэт? Урад абяцае… ужо тры гады! А Вярхоўны Савет верыць яму! І зацвярджае кожную новую праграму. Адносіны Урада да недзяржаўнага сектара — абыякавыя, няма падтрымкі. Можа, усё ж адправім Урад у адстаўку? (Які малайчына Сасноў, які малайчына!) Дэп. Беленькі Ю. А. Прычына развалу фінансавага становішча Беларусі — поўная некампетэнтнасць Урада ў фінансава-валютных справах. Ён прымае незаконныя пастановы. Банк іх не выконвае. Ствараецца фіктыўны капітал. (Во! Во малайчына!) Што дасць аб’яднанне грашовых сістэм? Будзе страшны ўдар па сельскай гаспадарцы. Нацыянальны банк не дапаможа ёй. Дэп. Пракаповіч П. П. Што мы сабе думаем? Маем 150 мільярдаў доўгу Расіі за газ — і чакаем, пакуль нас адключаць? Чаму Вярхоўны Савет не кантралюе выкананне Законаў і Пастаноў? Напрыклад, аб прыярытэтах сяла? Паставілі б пытанне — і вызвалілі ад пасады, калі Багданкевіч не слухае! КДБ — у вас! Кантрольная палата — у вас! Дэп. Гермянчук І. І. Лепш сёння адправіць Кебіча пакаваць чамаданы! Бо праз месяц-другі ўсё адно пойдзе! (У зале шумяць, стукаюць, ляпаюць.) Заяўляюць: „Рэспубліка папала ў крызіс!” Як быццам — сама сабой! Ніякага даверу Ураду няма і не будзе! Абяцалі, абяцалі і зноў абяцаюць! І што? У рабочы час член Прэзідыума Вярхоўнага Савета едзе на свой катэдж. Гэта не дробязь, гэта нахабства! Жонку Кебіча злавілі за руку: тры мільёны бюджэтных даляраў! І што? Журналіста — у суд! Дэп. Голубеў В. Ф. Хто будзе несці адказнасць за невыкананне Праграм? Чаму вы, Станіслаў Станіслававіч, не паставілі пытанне аб бяздзейнасці Урада? Не трэба, сп. Кебіч, уводзіць валюту сваю прымусова! Расійскі Урад будуе Расію. Кебіч не разуме гэта, ці не хоча разумець. Наконт структуры Урада скажу: у нас над міністрамі стаяць упраўленні і кіруюць міністэрствамі. Наконт знешняй палітыкі: станцыю Гадуцішкі аддалі Літве. Без рашэння Вярхоўнага Савета! Кебіч аддаў! Сам! (Ох, і зашумелі-закруціліся ў зале.) Дэп. Герасіменка А. М.[131] Заклікаю падтрымаць ідэю стварэння Вышэйшага Савета па эканоміцы. 1. Рэфармаваць банкавую сістэму. Усе банкі передаць Ураду! 2. Падатковая палітыка павінна стымуляваць прадпрыемствы, а не быць фіскальнай. Затым цытуе нейкі зварот аб падтрымцы эканамічнага саюза і рублёвай зоны. Прадпрыемствы вінаваты гораду Мінску 75 мільярдаў рублёў (Жах! Што ж адбываецца?) Рэкамендуе не захапляцца чэкамі, думаць пра сацыяльную абарону грамадзян! І пра бюджэт! Дэп. Сямдзянава Г. Г.[132] Чэргі па хлеб такія, што — у адстаўку ўвесь кабінет Урада! Яго грахі не пералічыць! Дэп. Унучка Р. І. БНФ і ПКБ (Партыя камуністаў) самкнуліся ў сваёй дзейнасці. Мала шукаем крыніцы энергіі. Ядзерную трэба развіваць! Каб не загубіць эканоміку — трэба ўзяць крэдыт на 450–500 мільёнаў даляраў. Вёску заспакойваем, ашукваем — як і раней. Вытворчасць прадукцыі сельскагаспадарчай стала нявыгаднай. Стала нявыгадна ў вёсцы жыць. Дэп. Антончык С. А. Гваздае карпаратыўныя партыйна-дзяржаўныя групы, якія рабуюць народ і краіну. (Ой гваздае!) Гваздае — як прайдзісветаў. (А як доказна!) Урад дазваляе ім займацца прыхватызацыяй! У гэтых умовах — толькі адстаўка Урада! Заклікае народ да забастовак, да бунту, на вуліцу! (Такога з трыбуны ВС яшчэ не гучала!.. Сапраўдны рабоча-пралетарскі лідэр! Брава, Антончык!) Дэп. Качан М. А. Унучка — былы першы сакратар РК КПСС, сёння ён — жоўта-карычневы. Я абвяргаю ўсе яго абвінавачванні. Далей — драпежыць БНФ, прамовы Пазьняка, Гермянчука, Голубева. А галоўнае — у адстаў ку Шушкевіча! У гэтых мэтах патрабуе арганіза ваць ліст выбаршчыкаў. І зноў і зноў — пра Віскулі. Дэп. Алампіеў В. П.[133] Мы ўхіліліся ад рашэння эканамічных праблем. Цытуе Лінга: „Калі паперадзе эканомікі ідзе палітыка — будзе крах!” Не будзе — ужо ёсць. (Робіць доказны аналіз гэтага.) Што ў такім хаосе, як у нас, можна зрабіць? Адны (Заламай, Казлоў) — за СНД, другія — супроць, за дэнансацыю дагавора. Кебіч даўно заслугоўвае адстаўкі! Дэп. Марыніч М. В. Заклікаў падтымаць і Кебіча і Шушкевіча. Даверыцца ім — і няхай працуюць!

18 лістапада

Дэп. Гілевіч Н. С. Тут была заява, што пытанне аб незалежнасці хочуць абмяркоўваць адно дэпутаты з апазіцыі — члены БНФ ды Грамады. Я не належу ні да БНФ, ні да Грамады, ні да якой-небудзь іншай партыі. Не належу і не збіраюся належаць. Але я належу да народа, які тут жыў, жыве і будзе жыць і які заслугоўвае лепшае долі, чым тая, якую меў у стагоддзях, калі з яго воляй ніхто не лічыўся, да народу, які мае права, Богам данае права, быць і пачувацца гаспадаром на гэтай зямлі, на сваёй роднай зямлі — іншай у яго няма. І таму зразумець маю трывогу ў гэтую хвіліну, думаю, няцяжка. Нельга недаацэньваць момант, які мы зараз перажываем — бо ён можа аказацца лёсавызначальным, ён можа стаць пачаткам канца — канца таго, да чаго мы так доўга ішлі — да суверэннасці, да незалежнасці. І што ж прымушае многіх з нас, сыны і дочкі Беларусі, так легкадумна ставіцца да лёсу сваёй Бацькаўшчыны? Рэд.: Верш, згаданы аўтарам у запісе за 4 студзеня 1993 г., друкуецца паводле выдання: Гілевіч Н. Незалежнасць: зб. вершаў. Мінск, 1991.

Пра нашу годнасць

Што праўда,

То праўда –

Даўно гэта стала:

Віхляння — багата,

А годнасці — мала.

Багата юродства,

Блюзнерства,

Крыўляння,

А мова народа –

На грані сканання.

Таму і цямнеем,

Чарнеем ад злосці.

Аж хочацца нават

Ударыць кагосьці.

Каго — зразумела,

Ды чорт яго знае,

Чым кончыцца можа

Адвага такая!

І што ж тады робім

У злосці і скрусе

Мы — існыя родам

Сыны Беларусі?

Што — робім?

А б’ём-дабіваем заўзята

Свайго

Недабітага злыднямі

Брата.

У гэтым — і мужнасць,

І мудрасць,

І годнасць,

І нашага гора-гібення

Нязводнасць.

(27.11.1989)

* Першая версія дзённіка публікавалася ў газеце „Літаратурная Беларусь” (№№ 52–54, 56; снежань 2010 — красавік 2011).


[1] Шушкевіч Станіслаў Станіслававіч (нар. 1934) — беларускі фізік, дзяржаўны дзеяч, у 1991–1994 — старшыня Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь. (Біяграфічныя звес ткі пра згаданых аўтарам асобаў падаюцца па стане на 1993 г. — Рэд.)
[2] Ельцын Барыс Мікалаевіч (1931–2007) — першы прэзідэнт Расійскай Федэрацыі, займаў пасаду прэзідэнта з 1991 да 1999.
[3] Руцкой Аляксандр Уладзіміравіч (нар. 1947) — расійскі дзяржаўны і палітычны дзеяч, з 1991 да 1993 — першы і апошні віцэ-прэзідэнт Расійскай Федэрацыі.
[4] Вайтовіч Яўген Канстанцінавіч — беларускі палітык і дыпламат. З 16 ліпеня 1990 быў міністрам культуры БССР.
[5] Данчык (Багдан Андрусішын, нар. 1958) — беларускі спявак і журналіст. Супрацоўнік, в. а. дырэктара Беларускай службы „Радыё Свабода”.
[6] Гл. верш на с. 270.
[7] Савіцкі Міхаіл Андрэевіч (1922–2010) — беларускі мастак, кіраўнік Творчай акадэмічнай майстэрні Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь.
[8] Слямнёў Міхаіл Аляксандравіч (нар. 1939) — старшыня Камісіі Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь па нацыянальнай палітыцы і міжнацыянальных адносінах.(звесткі пра дэпутатаў узяты з выдання: Народныя дэпутаты Рэспублікі Беларусь. Дванаццатае скліканне. Мінск, 1992).
[9] Наркевіч Уладзімір Браніслававіч (нар. 1952) — галоўны рэдактар газеты „Звязда”.
[10] Казінец Міхаіл Антонавіч (нар. 1938) — беларускі дырыжор, народны артыст Беларусі (1987).
[11] Шаранговіч Васіль Пятровіч (нар. 1939) — народны мастак Беларусі, майстра кніжнай і станковай графікі.
[12] Дрынеўскі Міхаіл Паўлавіч (нар. 1941) — мастацкі кіраўнік (з 1975) і галоўны дырыжор Нацыянальнага акадэмічнага народнага хору Рэспублікі Беларусь імя Г. І. Цітовіча.
[13] Ганчарэнка Андрэй Маркавіч (нар. 1932) — беларускі фізік, акадэмік, галоўны вучоны сакратар НАН Беларусі (да 1997).
[14] Марачкін Аляксей Антонавіч (нар. 1940) — беларускі мастак, загадчык кафедры Беларускай акадэміі мастацтваў, адзін са стваральнікаў і старшыня мастацкага аб’яднання „Пагоня”.
[15] З гэтага дня і да канца публікаванага дзённіка ідуць запісы пра ХІІ сесію Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь.
[16] Новік Уладзімір Уладзіміравіч (нар. 1952) — сакратар Камісіі Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь па пытаннях развіцця прамысловасці, энергетыкі, транспарту, сувязі і інфарматыкі.
[17] Ломаць Зянон Кузьміч (нар. 1944) — беларускі дзяржаўны дзеяч, у 1991–1992 — сакратар Камітэта Савета Рэспублік па аграрных пытаннях Вярхоўнага Савета СССР у Маскве. У 1992–1995 — член планавай і бюджэтна-фінансавай камісіі Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь.
[18] Пазьняк Зянон Станіслававіч (нар. 1944) — беларускі палі тык і грамадскі дзеяч, адзін з заснавальнікаў Беларускага Народнага Фронту „Адраджэнне”, старшыня Кансерватыўна-Хрысціянскай Партыі — БНФ, з 1990 — кіраўнік дэпутацкай Апазіцыі БНФ у Вярхоўным Савеце. Быў членам Канстытуцыйнай камісіі Вярхоўнага Савета БССР і Рэспублікі Беларусь ХІІ склікання.
[19] Качан Міхаіл Арцём’евіч (нар. 1927) — старшыня Гомельскага абласнога савета ветэранаў вайны і працы.
[20] Гермянчук Ігар Іванавіч (1961–2002) — беларускі журналіст і грамадскі дзеяч, дэпутат Вярхоўнага Савета БССР ХІІ склікання, былы рэдактар забароненай газеты „Свабода”, заснавальнік часопіса „Кур’ер”.
[21] Герасюк Іван Мікалаевіч (нар. 1949) — аглядальнік рэдакцыі „Народная газета”.
[22] Трусаў Алег Анатольевіч (нар. 1954) — намеснік старшыні Камісіі Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь па адукацыі, культуры і ахове гістарычнай спадчыны, адзін з заснавальнікаў БНФ, БСДГ (з 1991), намеснік (1991), старшыня Цэнтральнай Рады БСДГ (1992–1995).
[23] Навумчык Сяргей Іосіфавіч (нар. 1961) — каардынатар парламенцкай Апазіцыі БНФ у Вярхоўным Савеце Рэспублікі Беларусь, узначальваў інфармацыйнае агенцтва „Павет”.
[24] Ганчар Віктар Іосіфавіч (1958 — 16 верасня 1999 г. бясслед на знік разам з Анатолем Красоўскім) — першы намеснік старшыні Маладзечанскага гарадскога Савета народных дэпутатаў. Член Партыі народнай згоды (1992–1995).
[25] Мінько Франц Францавіч (нар. 1954) — дырэктар Стаўбцоўскага раённага прадпрыемства па вытворча-тэхнічным забеспячэнні сельскай гаспадаркі.
[26] Трафіменка Васіль Сяргеевіч (нар. 1938) — намеснік старшыні Віцебскага абласнога аб’яднання па вытворчасці свініны.
[27] Лукашэнка Аляксандр Рыгоравіч (нар. 1954) — у 1987–1994 — дырэктар саўгаса „Гарадзец” Шклоўскага раёна Магілёўскай вобласці.
[28] Кебіч Вячаслаў Францавіч (нар. 1936) — Старшыня Савета Міністраў БССР, прэм’ер-міністр Беларусі.
[29] Гаркун Уладзімір Гіляравіч (нар. 1946) — старшыня Камісіі Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь па аграрных пытаннях, харчаванні і сацыяльным развіцці сяла, член Канстытуцыйнай камісіі Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь.
[30] Міцько Пётр Антонавіч (нар. 1944) — старшыня Камісіі Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь па справах жанчын, аховы сям’і, мацярынства і дзяцінства.
[31] Савіцкі Барыс Парфёнавіч (нар. 1933) — старшыня пастаяннай Камісіі Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь па пытаннях экалогіі і рацыянальнага выкарыстання прыродных рэсурсаў.
[32] Катушкін Пётр Міхайлавіч (нар. 1940) — намеснік старшыні выканкама Магілёўскага абласнога Савета народных дэпутатаў.
[33] Булахаў Дзмітрый Пятровіч (1960–2006) — старшыня Камісіі Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь па заканадаўстве, пазней кіраваў ініцыятыўнай групай па вылучэнні кандыдатам у прэзідэнты Беларусі А. Лукашэнкі.
[34] Станкевіч Уладзімір Міхайлавіч (нар. 1950) — намеснік старшыні Камісіі Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь па заканадаўстве.
[35] Грыбанаў Уладзімір Міхайлавіч (нар. 1944) — сакратар Камісіі Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь па нацыянальнай палітыцы і міжнародных адносінах.
[36] Унучка Раман Іосіфавіч (нар. 1944) — старшыня пастаяннай Планавай і бюджэтна-фінансавай камісіі Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь.
[37] Лужынскі Станіслаў Антонавіч (нар. 1949) — старшыня калгаса „Бальшавік” Валожынскага раёна Мінскай вобласці.
[38] Вярцінскі Анатоль Ільіч (нар. 1931) — беларускі паэт, драматург, публіцыст, крытык, перакладчык. У 1986–1990 — галоўны рэдактар газеты „Літаратура і мастацтва”. Член Беларускага ПЭН-цэнтра (з 1989). У 1990–1995 — намеснік старшыні Камісіі Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь па пытаннях галоснасці, сродках масавай інфармацыі і правоў чалавека.
[39] Дзейка Лявон Іванавіч (нар. 1950) — інжынер-электронік, адзін з заснавальнікаў Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада), член парламенцкай апазіцыі БНФ і фракцыі БСДГ .
[40] Статкевіч Мікалай Віктаравіч (нар. 1956) — лідар Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада). Адзін са стваральнікаў грамадскага аб’яднання „Беларускае аб’яднанне вайскоўцаў”.
[41] Кучынскі Віктар Францавіч (нар. 1958) — сакратар Камісіі Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь па справах моладзі.
[42] Баршчэўскі Лявон Пятровіч (нар. 1958) — беларускі філолаг, перакладчык, грамадскі дзеяч і палітык, намеснік дырэктара па навукова-метадычнай рабоце Беларускага гуманітарнага адукацыйна-культурнага цэнтра.
[43] Леўчык Уладзімір Канстанцінавіч (нар. 1935) — старшыня пастаяннай Камісіі Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь па пытаннях працы Саветаў народных дэпутатаў і развіцця самакіравання.
[44] Арціменя Дзмітрый Канстанцінавіч (нар. 1932) — народны дэпутат БССР, старшыня выканкама Гродзенскага абласнога Савета народных дэпутатаў.
[45] Камай Аляксей Сцяпанавіч (нар. 1936) — член Камісіі Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь па міжнародных справах і сувязях з СНГ, былы другі сакратар ЦК КПБ.
[46] Заблоцкі Уладзімір Мікалаевіч (нар. 1939) — намеснік старшыні Камісіі Вярхоўнага Савета па навуцы і навукова-тэхнічным прагрэсе, сябра Камісіі Вярхоўнага Савета па пытаннях развіцця прамысловасці, энергетыкі, транспарту, сувязі і інфарматыкі. Член Канстытуцыйнай Камісіі. Старшыня Часовай камісіі Вярхоўнага Савета па расследаванні фактаў выкарыстання псіхіятрыі ў палітычных і рэпрэсіўных мэтах. Намеснік старшыні Апазіцыі БНФ у Вярхоўным Савеце. Прэм’ер-міністр Ценявога Кабінета (урада) Апазіцыі БНФ.
[47] Сінчылін Васіль Ільіч (нар. 1925) — старшыня Мінскай секцыі Савецкага камітэта ветэранаў вайны.
[48] Лакцюшын Мікалай Іванавіч (нар. 1926) — старшыня Ваўкавыскага раённага савета ветэранаў вайны і працы.
[49] Гетц Барыс Гаўрылавіч (нар. 1925) — Герой СССР, старшыня Барысаўскага гарсавета ветэранаў вайны і працы.
[50] Лавіцкі Генадзь Міхайлавіч (нар. 1942) — намеснік старшыні КДБ Рэспублікі Беларусь.
[51] Мінчанка Пётр Захаравіч (нар. 1922) — старшыня Аршанскага гарадскога савета ветэранаў вайны і працы.
[52] Трусаў Іван Іванавіч (нар. 1944) — дырэктар Барысаўскага завода „Чырвоны металіст”.
[53] Сапронаў Уладзімір Аляксандравіч (нар. 1955) — намеснік начальніка аддзела знешнеэканамічных сувязяў ВА „Беларускалій”, Салігорск.
[54] Сарокін Валянцін Інакенцьевіч (нар. 1929) — старшыня Гродзенскага абласнога аддзялення саюза ветэранаў Афганістана.
[55] Бойка Уладзімір Васільевіч (нар. 1939) — з 1991 да 2001 старшыня Вышэйшага Гаспадарчага Суда Рэспублікі Беларусь.
[56] Грынёў Мікалай Фёдаравіч (нар. 1946) — старшыня Магілёўскага абласнога Савета народных дэпутатаў, член Канстытуцыйнай камісіі Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь.
[57] Макейчанка Барыс Андрэевіч (нар. 1937) — намеснік старшыні Дзяржэканомплана Рэспублікі Беларусь.
[58] Крыжаноўскі Мікалай Кірылавіч (нар. 1937) — член Камісіі Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь па пытаннях развіцця прамысловасці, энергетыкі, транспарту, сувязі і інфарматыкі. Член Часовай камісіі Вярхоўнага Савета па прывілеях. Член Канстытуцыйнай Камісіі. Член Ценявога Кабінета (урада) Апазіцыі БНФ у Вярхоўным Савеце, уваходзіў у камітэт па барацьбе з карупцыяй.
[59] Какоўка Віктар Фёдаравіч (нар. 1949) — інжынер-тэхнолаг завода „Вымяральнік” (Наваполацк), член Камісіі Вярхоўнага Савета па пытаннях развіцця прамысловасці, энергетыкі, транспарту, сувязі і інфарматыкі. Член Камісіі па пытаннях дэпутацкай этыкі.
[60] Жукоўскі Міхаіл Дзмітрыевіч (нар. 1926) — старшыня пастаяннай Камісіі Вярхоўнага Савета Рэспублікі Бела русь па справах ветэранаў вайны, працы і Узброеных Сіл.
[61] Мачуленка Міхаіл Арцёмавіч (нар. 1941) — да дэпутацтва працаваў другім сакратаром Гомельскага абласнога камітэта КПБ.
[62] Сасноў Аляксандр Віктаравіч (нар. 1947) — старшыня пастаяннай Камісіі Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь па пытаннях працы, коштаў, занятасці і сацыяльнай абароне насельніцтва.
[63] Чэпік Васіль Васільевіч (нар. 1948) — старшыня Пастаўскага раённага Савета народных дэпутатаў.
[64] Голубеў Валянцін Фёдаравіч (нар. 1955) — сакратар пастаяннай Камісіі Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь па міжнародных і знешнеэканамічных сувязях. Адзін з аўтараў Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце Беларусі. З’яўляўся членам рабочай групы па падрыхтоўцы праекта Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь 1994 г.
[65] Цярэшка Іван Іванавіч (нар. 1942) — намеснік старшыні Камісіі Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь па міжнародных справах і знешнеэканамічных сувязях.
[66] Піскароў Віктар Аляксеевіч (нар. 1929) — генерал-лейтэнант унутранай службы.
[67] Волкаў Анатоль Ягоравіч (нар. 1931) — кіраўнік радыелагічнага цэнтра, г. Пінск.
[68] Судас Мікалай Міхайлавіч (нар. 1942) — намеснік начальніка ўпраўлення па працы і сацыяльнай абароненасці насельніцтва Гомельскага аблвыканкама.
[69] Грыб Мечыслаў Іванавіч (нар. 1936) — другі старшыня Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь, член Прэзідыума Вярхоўнага Савета, старшыня пастаяннай Камісіі па пытан нях нацыянальнай бяспекі, абароны і барацьбы са злачыннасцю. Генерал-лейтэнант міліцыі (1993).
[70] Холад Павел Ігнатавіч (нар. 1935) — дырэктар Рэспубліканскай вучэбна-спартыўнай базы Добраахвотнага таварыства садзеяння арміі, авіяцыі і флоту (г. п. Плешчаніцы).
[71] Лябедзька Анатоль Уладзіміравіч (нар. 1961) — намеснік старшыні Камісіі Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь па справах сям’і і моладзі. У 1992 стварыў Беларускую асацыяцыю маладых палітыкаў і быў яе прэзідэнтам.
[72] Пракаповіч Пётр Пятровіч (нар. 1942) — галоўны інжынер Брэсцкага аблміжкалгасбуда, генеральны дырэктар Брэсцкага аблсельсбуда, ВА „Брэстаблсельбуд”.
[73] Папоў Юрый Мікалаевіч (нар. 1949) — намеснік старшыні Камісіі Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь па пытаннях нацыянальнай бяспекі, абароны і барацьбы са злачыннасцю.
[74] Аксаміт Мікалай Уладзіміравіч (нар. 1954) — мастак-афармляльнік (Ваўкавыск).
[75] Прывалаў Леанід Пятровіч (нар. 1940) — намеснік старшыні Камісіі Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь па пытаннях нацыянальнай бяспекі, абароны і барацьбы са злачыннасцю.
[76] Федарчук Мікалай Аляксеевіч (нар. 1941) — старшыня Віцебскага гарадскога Савета народных дэпутатаў.
[77] Маркевіч Мікалай Мікалаевіч (нар. 1962) — карэспандэнт абласной газеты „Гродзенская праўда”.
[78] Казлоў Генадзь Іванавіч (нар. 1946) — першы намеснік начальніка Упраўлення па пытаннях правоў грамадзян, грамадскай бяспекі і абароннай работы Кіраўніцтва справамі Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь.
[79] Малашка Віталь Аляксеевіч (нар. 1958) — вядучы інжынер Навукова-даследчага інстытута сродкаў аўтаматызацыі, Мінск.
[80] Жураўлёў Мікалай Іванавіч (нар. 1922) — намеснік старшыні Камісіі Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь па справах ветэранаў вайны, працы і ўзброеных сілаў.
[81] Казлоўскі Павел Паўлавіч (нар. 1942) — міністр абароны Рэспублікі Беларусь.
[82] Багданкевіч Станіслаў Антонавіч (нар. 1937) — беларускі эканаміст, грамадска-палітычны дзеяч, прафесар. Старшыня Нацыянальнага банка Беларусі ў 1991–1995 г.
[83] Жук Анатоль Міхайлавіч (нар. 1938) — першы намеснік старшыні выканкама Мінскага абласнога Савета народных дэпутатаў.
[84] Беленькі Юрый Адамавіч (нар. 1960) — працаваў у складзе Апазіцыі Беларускага Народнага Фронту ў Вярхоўным Савеце, член планавай і бюджэтна-фінансавай Камісіі Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь.
[85] Цялежнікаў Уладзімір Іванавіч (нар. 1954) — дырэктар Полацкага камбіната будаўнічых матэрыялаў.
[86] Гаркун Уладзімір Гіляравіч (нар. 1946) — старшыня Камісіі Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь па аграрных пытаннях, харчаванні і сацыяльным развіцці сяла.
[87] Коваль Мікалай Мікалаевіч (нар. 1928) — старшыня калгаса „ХХІ з’езд КПСС” Рэчыцкага раёна.
[88] Бамбіза Іван Міхайлавіч (нар. 1952) — беларускі дзяржаўны дзеяч, старшыня назіральнай рады ААТ „Белаграпрамбанк”.
[89] Зданевіч Лявонцій Ульянавіч (нар. 1955) — беларускі архітэктар і палітык, член Канстытуцыйнай камісіі Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь з 1990, а таксама Апа зі цыі БНФ і яе „Ценявога кабінета”.
[90] Марыніч Міхаіл Апанасавіч (нар. 1940) — былы старшыня Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта, член Планавай і бюджэтна-фінансавай камісіі і Камісіі па пытаннях архітэктуры, будаўніцтва, вытворчасці будаўнічых матэрыялаў і жыллёва-камунальнай гаспадаркі сяла і горада.
[91] Зарэцкі Сцяпан Рыгоравіч (нар. 1945) — старшыня Чачэрскага раённага Савета народных дэпутатаў.
[92] Сечка Леанід Міканоравіч (нар. 1948) — намеснік старшыні Камісіі Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь па пытаннях экалогіі і рацыянальнага выкарыстання прыродных рэсурсаў.
[93] Карпенка Генадзь Дзмітрыевіч (1949–1999) — беларускі навуковец і палітык. Старшыня камісіі па навуцы і навукова-тэхнічным прагрэсе. У 1992 узначаліў Маладзечанскі гарвыканкам.
[94] Далгалёў Васіль Барысавіч (нар. 1951) — сакратар Камісіі Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь па пытаннях работы Саветаў народных дэпутатаў і развіцця самакіравання.
[95] Драбышэўская Інэса Міхайлаўна (нар. 1947) — галоўны ўрач Гомельскага абласнога анкалагічнага дыспансэра.
[96] Сукач Міхаіл Данілавіч (нар. 1941) — дырэктар міжгаспадарчага прадпрыемства „Стадолічы” Лельчыцкага раёна.
[97] Сярдзюк Валерый Канстанцінавіч (нар. 1952) — сакратар Камісіі Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь па навуцы і навукова-тэхнічным прагрэсе.
[98] Кічкайла Аляксандр Трафімавіч (нар. 1933) — намеснік Мінсітра сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь.
[99] Скарабагацька Пётр Андрэевіч (нар. 1949) — старшыня Лунінецкага раённага Савета народных дэпутатаў.
[100] Смоляр Іван Мікалаевіч (нар. 1938) — былы старшыня пастаяннай Камісіі Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь па праблемах наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС і забеспячэння бяспечнага пражывання насельніцтва рэспублікі.
[101] Сумар Канстанцін Андрэевіч (нар. 1949) — старшыня Брэсцкага раённага Савета народных дэпутатаў.
[102] Зяленін Валерый Іванавіч (нар. 1949) — вайсковец, начальнік лабараторыі вымяральнай тэхнікі.
[103] Бачароў Яўген Міхайлавіч (нар. 1948) — генерал-маёр, камандзір вайсковага злучэння.
[104] Бабачонак Станіслаў Ульянавіч (нар. 1937) — дырэктар прадпрыемства „Маналіт” (Магілёў).
[105] Ваўчэцкі Уладзімір Вячаслававіч (нар. 1935) — настаўнік Суткоўскай СШ Уздзенскага раёна.
[106] Кудравец Віктар Міхайлавіч (нар. 1947) — намеснік старшыні Гродзенскага Савета народных дэпутатаў.
[107] Шаладонаў Васіль Іванавіч (нар. 1948) — намеснік старшыні Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь.
[108] Антончык Сяргей Антонавіч (нар. 1956) — апаратчык Мінскага вытворчага аб’яднання імя У. Леніна, член Апазіцыі БНФ. Быў у складзе антыкарупцыйнай парламенцкай камісіі, якую ўзначаліў А. Лукашэнка.
[109] Сярэдзіч Іосіф Паўлавіч (нар. 1949) — з 1990 да 1995 галоўны рэдактар „Народнай газеты”, органа Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь.
[110] Жукоўскі Міхаіл Дзмітрыевіч (нар. 1926) — старшыня Камісіі Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь па справах ветэранаў вайны, працы і ўзброеных сілаў.
[111] Кузняцоў Вячаслаў Мікалаевіч (нар. 1947) — старшыня Савета народных дэпутатаў г. Мінска, з 24 лютага 1992 г. быў першым намеснікам старшыні Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь.
[112] Папкоў Сяргей Пятровіч (нар. 1940) — дырэктар навукова-вытворчага прадпрыемства „Рыф-М” (Мінск).
[113] Новікаў Анатоль Мікалаевіч (нар. 1941) — генерал-лейтэнант, намеснік камандуючага войскамі Беларускай ваеннай акругі, г. Мінск.
[114] Скарынін Мікалай Паўлавіч (нар. 1947) — галоўны саветнік Старшыні Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь.
[115] Вайцянкоў Мікалай Рыгоравіч (нар. 1947) — старшыня Гомельскага абласнога Савета народных дэпутатаў.
[116] Ніканчук Аляксей Сямёнавіч (нар. 1943) — дырэктар СШ №1 г. Драгічына Брэсцкай вобласці.
[117] Звераў Леанід Аляксандравіч (нар. 1939) — загадчык рэнтгеналагічнага аддзялення Магілёўскай абласной бальніцы.
[118] Даўлюд Аляксей Уладзіміравіч (нар. 1953) — брыгадзір электрыкаў Лідскага завода „Оптык”.
[119] Краўчанка Пятро Кузьміч (нар. 1950) — міністр замежных спраў Рэспублікі Беларусь (да 1994).
[120] Цумараў Яўген Аляксандравіч (нар. 1957) — сакратар Камісіі Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь па адукацыі, культуры і захаванні гістарычнай спадчыны.
[121] Козік Леанід Пятровіч (нар. 1948) — страшыня Камісіі Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь па эканамічнай рэформе, дасягненні эканамічнай самастойнасці і суверэнітэту рэспублікі.
[122] Ціхіня Валерый Гур’евіч (нар. 1940) — загадчык кафедры права Акадэміі кіравання пры Савеце Міністраў Рэспублікі Беларусь.
[123] Садоўскі Пётр Вікенцьевіч (нар. 1941) — старшыня Камісіі Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь па міжнародных справах і знешнеэканамічных сувязях.
[124] Чакушоў Уладзімір Міхайлавіч (нар. 1939) — першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта Рэспублікі Беларусь па матэрыяльна-тэхнічным забеспячэнні.
[125] Турак Анатоль Мікалаевіч (нар. 1950) — дырэктар Рэчыцкага доследна-прамысловага гідролізнага завода.
[126] Андрэйчанка Уладзімір Паўлавіч (нар. 1949) — намеснік старшыні Віцебскага аблвыканкама.
[127] Калбаска Мікалай Ігнатавіч (нар. 1951) — старшыня Цэн тральнага праўлення Беларускага таварыства інвалідаў.
[128] Спіглазаў Аляксандр Фёдаравіч (нар. 1960) — урач Жабінкаўскай раённай бальніцы (Брэсцкая вобласць).
[129] Данілевіч Іван Мікалаевіч (нар. 1951) — старшыня аграфірмы-калгаса „Малеч” Бярозаўскага раёна.
[130] Кулакоў Уладзімір Панцялеевіч (нар. 1936) — старшыня Віцебскага абласнога Савета народных дэпутатаў.
[131] Герасіменка Аляксандр Міхайлавіч (нар. 1946) — беларускі палітык і дыпламат. У 1990–1995 быў старшынёй Мінскага гарадскога савета народных дэпутатаў і старшынёй выканаўчага камітэта г. Мінска. Быў членам Канстытуцыйнай камісіі Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь ХІІ склікання.
[132] Сямдзянава Галіна Георгіеўна (1947–2011) — працавала інспектарам Наваградскага гарадскога камітэта народнага кантролю.
[133] Алампіеў Віктар Пятровіч (нар. 1947) — начальнік інфармацыйна-вылічальнага цэнтра Пінскага вытворчага аб’яднання верхняга трыкатажу.

Наверх

Friedman, Alexander. Deutschlandbilder in der weißrussischen sowjetischen Gesellschaft 1919–1941. (Ёганэс Вігерынг)

Студзеня 1, 2011 |

FRIEDMAN, ALEXANDER. Deutschlandbilder in der weißrussischen sowjetischen Gesellschaft 1919–1941. Propaganda und Erfahrungen. Stuttgart: Franz Steiner, 2011. 428 S.

У прадмове да кнігі „Вобразы Нямеччыны ў беларускім савецкім грамадстве 1919–1941 г.” Аляксандр Фрыдман тлумачыць прычыну захаплення тэмай сваёй працы: гэта сямейная гісторыя яго прадзеда Абрама Качаноўскага, яўрэя, ветэрана Першай сусветнай вайны, які дзякуючы атрыманаму на ёй досведу доўгi час меў вельмi пазітыўны вобраз Нямеччыны і да сваёй смерці не мог зразумець, як такія „сяброўскія і сімпатычныя людзі”, якімі ён пазнаў немцаў, праз нейкія два з паловай дзесяцігоддзі маглі праводзіць мэтанакіраванае брутальнае вынішчэнне яўрэяў на яго беларускай радзіме (13). Ключом да такога захаплення быў факт, што як перакананы антыбальшавік Абрам Качаноўскі з прынцыповым недаверам ставіўся да таго вобраза Нямеччыны, які пашыраўся савецкай прапагандай.

Аляксандр Фрыдман даследуе, якім чынам у беларускім грамадстве ў міжваенныя часы, паміж 1919 і 1941 г., праз самыя розныя сродкі масавай інфармацыі, але заўжды ў строгай адпаведнасці з савецкім Агітпропам, пашыраліся вобразы „чужога”. Вобразы Нямеччыны знаходзяцца ў цэнтры яго ўвагі, што і адпавядае назве кнігі, але не выключна — разглядаюцца таксама вобразы Польшчы, заходнееўрапейскіх дзяржаў, а таксама ЗША і нават Японiі. Апошнiя параўноўваюцца з вобразамi Нямеччыны — цэнтральным аб’ектам даследавання. Тое, што праца Фрыдмана сканцэнтравана на ўсходняй палове Беларусі, г. зн. на той частцы, што да 1939 г. была Савецкай Беларуссю, зусім не дае падставы дапускаць, быццам аўтар шукаў тут лёгка акрэсленага поля для сваёй працы. Фактычна ён прыцягвае для свайго выкладу неверагодна шырокі корпус крыніц і матэрыялаў: побач з прэсай, друкаванай па-беларуску, па-польску, на ідыш і па-руску, сярод якой штодзённыя газеты і малатыражкі прадпрыемстваў, дзіцячыя і жаночыя часопісы мясцо вага, рэгіянальнага і агульнасаюзнага рангу, сюды ўвайшлі школьныя падручнікі і праграмы, навуковыя і лі таратурныя выданні, прапагандысцкія брашуры, праграмкі тэатраў і аркестраў разам з праграмамі бе ларускага радыё, а таксама апублікаваныя ўспаміны сведак і тамы актаў розных савецкіх партыйных і дзяржаў ных установаў. Толькі выразна структураваны падзел, які задаў Фрыдман, дазваляе зарыентавацца ў гэтым калейдаскопе вобразаў „чужога”.

У храналагічных межах свайго даследавання аўтар арыентуецца на тры розныя фазы савецка-нямецкіх адносін: 1) збліжэнне і супрацоўніцтва ад І сусветнай вайны да прыходу да ўлады нацыянал-сацыялістаў у 1933 г.; 2) перыяд выкліканага апошнім антаганізму; 3) эпізод удаванага сяброўства, якое ў жніўні 1939 г., пасля падпісання пакта Рыбентропа — Молатава, змяніла антаганізм. Заключнай рамкай храналогіі даследавання з’яўляецца нямецкі напад на Савецкі Саюз. Далей А. Фрыдман вылучае 4 фактары, вызначальныя для ўтварэння вобразаў Нямеччыны сярод беларускага насельніцтва, кожнаму з якіх прысвячаецца адпаведная частка працы. Першы — вопыт І сусветнай вайны ўключна з нямецкай акупацыяй. Другі — той вобраз Нямеччыны, які распаўсюджваўся савецкай прапагандай, і ён займае ў даследаванні несумненна цэнтральнае месца. Абыходжанне з нямецкай мовай, гісторыяй і культурай у Савецкай Беларусі вызначана як трэці фактар, а ў якасці чацвёртага разглядаюцца аўтавобразы (Selbstbilder) беларускага савецкага грамадства, што адначасова выступала і рэцыпіентам апісаных вышэй прапагандысцкiх вобразаў „чужога”. Змены, часам радыкальныя, якія зазналі гэтыя фактары ў розныя фазы перыяду даследавання, з’яўляюцца сутнасным пунктам усяго разгляду і даюць уяўленне аб запраграмаваных і фактычных механізмах функцыявання савецкай прапаганды.

Па сваёй сутнасці праца „Deutschlandbilder in der weißrussischen sowjetischen Gesellschaft 1919–1941” — гэта незвычайна шырокае і грунтоўнае даследаванне вобразаў „чужога”, стваранага медыйна-прапагандысцкімі сродкамі. На 375 старонках — больш за 1800 спасылак! У плане скрупулёзнасці і аб’ёму апрацаваных крыніц кнігу Фрыдмана было б зусім не сорамна параўноўваць з іншымі падобнымі выданнямі апошніх гадоў. Хутчэй наадварот. А. Фрыдман, які сваю навуковую адукацыю распачаў у постсавецкай Беларусі, цяперашняй Рэспубліцы Беларусь, спалучыў традыцыйную для той гістарычнай навукі схільнасць да грунтоўнай апісальнасці з заходнееўрапейскай / нямецкай школай гістарычнага аналізу і дыскурс-аналізу. Апрача ўсебаковай апрацоўкі крыніц i пачатковага жадання зразумець асаблівы вобраз Нямеччыны, што быў у яго прадзеда, выразна заўважаецца і глыбокае захапленне аўтара сутнасцю і механізмам дзеяння савецкай прапаганды.

Аўтар праводзіць чытача ў медыйны космас Савецкай Беларусі, і ўжо ў першай частцы працы, у якой разглядаецца абыходжанне Агітпропа з І сусветнай вайной i ўспамiны пра яе, становіцца ясна, што ў гэтым прапагандысцкім паралельным свеце панавалі свае ўласныя законы прычыннасці. Такі ўступ важны не толькі храналагічна, але і для таго, каб паказаць чытачу, як савецкія прапагандысты разглядалі гістарычныя падзеі быццам пластычны матэрыял, які яны пераінтэрпрэтоўвалі ў новую медыйную рэчаіснасць, нязменна кіруючыся ўстаноўкамi савецкага цэнтра, дапасоўваючы іх толькі раз-пораз да беларускіх асаблівасцяў. Калі адносна І сусветнай вайны і нямецкай акупацыі гаворка iшла пра падзеі, што ў многіх беларусаў былі яшчэ жывымі ў асабістых успамінах, то ўлады, нягледзячы на відавочныя несупадзенні, спрабавалі пры весці свядомасць ды ўспаміны рэцыпіентаў прапаганды ў адпаведнасць з па-новаму фармуляванай імі рэчаіснасцю. І ў гэтым, і ў іншых месцах кнігі выкладкі А. Фрыдмана найбольш пераканальныя, калі ён паказвае падобныя супярэчнасці на асабістых лёсах людзей.

Гэта характэрна і для другой, самай аб’ёмнай часткі, у якой даследуюцца вобразы Нямеччыны ў прапагандысцкім дыскурсе Савецкай Беларусі. З адчуваль ным задавальненнем аўтар праводзіць чытача лабірын тамі маніпуляцый з усёй іх супярэчлівасцю ў малым і вялікім, з памылкамі, непаразуменнямі і проста абразлівымі для чалавека падступніцтвам і вычварэннямi. Часта з дарэчным гумарам і дэманстрацыяй абсурднасці Фрыдман паказвае ўсю несумленнасць тых медыяў, аднак атрутная канцэнтрацыя прапагандысцкага нахабства проста ашаламляльная — асабліва ў выпадку цынічнага асвятлення сталінскіх рэпрэсій i горкай iронii хлуснi пра нацыянал-сацыялiстычную Нямеччыну, сапраўдныя злачынствы якой, аднак, потым на самай справе пераўзыдуць прапагандысцкi вобраз. Парадоксы прапагандысцкіх установак прасочваюцца і кантэкстуалізуюцца ў гэтай частцы са скрупулёзнай дэталізацыяй, а ў трэцяй часты працы гэ тая кантэкстуалізацыя ўзбагачаецца культурнымі і школьна-дыдактычнымі аспектамі прапагандысцкага паказу Нямеччыны з „вялікім рэвалюцыйным мінулым” і „вялікай рэвалюцыйнай будучыняй” (336).

У чацвёртай частцы А. Фрыдман разглядае аўта-вобраз Савецкай Беларусі, што дазваляе ўрэшце ацаніць дзейснасць ніжэй паказанага Агітпропа. Калі ў папярэдніх раздзелах кнігі чытачу час ад часу не хапае такіх сюжэтаў, дык тут яны ўтвараюць метадалагічны вузел, і толькі дзякуючы выразна вызначаным узаемазалежнасцям паміж успрыняццем „свайго” i „чужога” вобразы Нямеччыны становяцца больш чым проста прапагандысцкім канструктам. Пасля значнага ўражання ад паказу механізмаў агітпропаўскіх інтэрпрэтацый чытач можа з палёгкай успрыняць месца, дзе аўтар дае слова вядомаму гісторыку і былому рэктару БДУ Уладзіміру Пічэту, які асабіста добра ведаў Нямеччыну і дакладна ацэньваў фатальнае развіццё нацыянал-сацыялісцкай улады. Але гучна пра пакт Рыбентропа — Молатава акадэмік абачліва не хацеў выказваць крытыкі: «У СССР, гэтай „фашысцкай катоўні”, у якой для прэсы былі ўласцівыя „выхваленне” і „дурасць”, яму хацелася толькі выжыць» (388).

Да вызначанай на пачатку мэты спасцігнуць вобраз Нямеччыны свайго прадзеда ў гэтай аб’ёмнай і вартай працы Фрыдман наблізіўся настолькі, наколькі гэта наогул было магчыма. Пры гэтым ён дае такую магчы масць і чытачам. Яны цяпер таксама могуць уявіць у поўнай ступенi прапагандысцка-медыйную камунікацыйую прастору, у якой жылі грамадзяне Савецкай Беларусі ў між ваенныя часы (і з якой яны не маглі нікуды падзецца). Хоць кніга сканцэнтравана галоўным чынам на вобразах Нямеччыны, абыходжанне Агітпропа з іншымі тэмамі ў ёй таксама паказана. Чытач можа даверыцца пры гэтым ацэнкам і спецыяльным ведам Аляксандра Фрыдмана як правадніка праз гэтую насычаную зместам камунікацыйную прастору, якая пераважна сягала далёка за межы праўдзівасці і добрапрыстойнасці.

Ляйпцыг

Ёганэс Вігерынг

Алена Маркава. Школьная аснова выхавання нацыянальнай самасвядомасці ў БССР

Снежня 15, 2010 |

Пытанне нацыянальнай ідэнтычнасці ў падручніках 20-х г. XX ст.

*The work was supported by the grant SVV-2010-261705 „Patterns of Culture and Minority Social Practice in Modern Central European History”.

Падручнікі як крыніца гістарычнага даследавання часта недаацэньваюцца. Аднак яны з’яўляюцца каштоўным і ўнікальным матэрыялам, які характарызуе свой час. Аналізаваныя падручнікі адлюстроўваюць працэс фармавання новай нацыянальнай ідэнтычнасці, які адбываўся ў 20-я г. XX ст. у адносна нядаўна ўзніклай на палітычнай карце Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспубліцы. Беларусь 20-х г., як адна з сацыялістычных рэспублік Савецкага Саюза, часта звязваецца з уяўленнем засілля паноўнай ідэалагічнай партыйнай цэнзуры, адназначнасцю партыйных установак і палітычных рэпрэсій, немагчымасцю суіснавання розных мадэляў нацыянальнай ідэнтычнасці і альтэрнатыўных уяўленняў пра этнагенэзіс, культуру і гістарычнае мінулае Беларусі. Перыяд беларусізацыі 20-х г. пераконвае нас у адваротным. Як сведчаць матэрыялы, гаворка ідзе пра перыяд несфармаваных грамадскіх структур, няпоўнага сацыяльнага складу насельніцтва з пераважнай доляй сялянства і нешматлікай нацыянальнай інтэлігенцыяй, нестабільнымі палітычнымі межамі з неадпаведнай ім этнічнай тэрыторыяй. На працягу дадзенага перыяду фармавалася сістэма нацыянальнай адукацыі і праходзіла інтэнсіўная ўнутрыпалітычная барацьба за шляхі наступнага культурнага, эканамічнага і палітычнага развіцця дзяржавы. Адначасова гэты перыяд характарызуецца няўстойлівасцю семантычных структур і наяўнасцю альтэрнатыўных падыходаў да разумення нацыянальнай гісторыі і нацыянальнай ідэнтычнасці. Даследаванне падручнікаў як каштоўных крыніц, што адлюстроўваюць тагачасныя тэндэнцыі разумення гістарычнага мінулага, нацыянальнай ідэнтычнасці і беларускасці як такой у яе шырокім разуменні дапаможа нам у гэтым разабрацца.

Галоўная ўвага будзе аддавацца камплекту падручнікаў па праграмах для сярэдніх, сярэдніх спецыяльных і вышэйшых навучальных устаноў на 1927/28 навучальны год. Акрамя архіўных матэрыялаў ф. 42 Наркамасветы БССР і ф. 701 Цэнтральнага выканаўчага камітэта (ЦВК) БССР Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь будуць разглядацца метадычныя дапаможнікі, школьныя планы, праграмы выкладання і непасрэдна самі падручнікі, прызначаныя для сярэдніх школ, педагагічных тэхнікумаў і ВНУ (а менавіта праграма Педагагічнага факультэта БДУ)[1]. У гістарычнай частцы школьнай праграмы наша ўвага будзе засяроджана ў першую чаргу на перыядзе Сярэднявечча і ранняга Новага часу. Для аналізу мы выбралі асноўныя і найбольш характэрныя падручнікі па гісторыі („Кароткі нарыс гісторыі Беларусі”, „Гісторыя Беларусі ў XIX і ў пачатку XX сталецьця” У. Ігнатоўскага; „Гісторыя Беларусі” У. Пічэты; „Белоруссия. Территория, население, экономика. Важнейшие моменты истории” У. Ігнатоўскага, А. Смоліча), геаграфіі („Кароткі курс геаграфіі Беларусі”, „Геаграфія Беларусі” А. Смоліча; „Географія Эўропы” М. Азбукіна) і беларускай літаратуры („Выпісы з беларускае літаратуры XIX і XX ст.” У. Дзяржынскага; „Гісторыя беларускае літаратуры” М. Гарэцкага; „Выпісы з беларускай літэратуры” М. Гарэцкага, У. Дзяржынскага, П. Каравая) як адных з асноўных элементаў, што закладаюць падмурак новай ідэнтычнасці для школьнікаў старэйшых класаў або студэнтаў ВНУ[2]. Менш рэлевантныя падручнікі, такія, як, напрыклад, граматыка беларускай мовы, тэксты для хатняга чытання і да т. п., а таксама падручнікі для малодшых класаў з аналізу былі выключаны[3]. Мы не разглядалі таксама і пад ручнікі па грамадазнаўстве, якія ўтрымліваюць матэрыял па грамадска-эканамічнай праблематыцы ў яе гістарычным кантэксце. Яўная мэта гэтага, здавалася б, рэлевантнага для дадзенага даследавання прадмета і яго падручнікаў — „прылучыць яго [вучня] да ідэалаў пралетарыяту і яго барацьбы за камунізм”[4] у сярэдняй школе або „прывіць студэнтам правільны і марксысцкі-вытрыманы сьветапогляд і прывучаць іх да актыўнай і сьвядомай грамадзкай дзейнасьці”[5] у тэхнікуме або ВНУ, што дае нам права выключыць гэтыя падручнікі з аналізаванага матэрыялу, бо яны не ўтрымліваюць ніякіх элементаў, якія можна было б аднесці да элементаў нацыянальнай ідэнтычнасці.

Фармаванне сістэмы нацыянальнай адукацыі, а таксама адначасовае стварэнне новых падручнікаў, якія павінны былі ідэалагічна сфармаваць і прапанаваць новую ідэнтычнасць грамадзянам нядаўна ўзніклай БССР, было цесна звязана з правядзеннем нацыянальнай палітыкі беларусізацыі. Афіцыйны пачатак яе на дзяржаўным узроўні часцей за ўсё звязваецца з пастановай „Аб практычных мерапрыемствах па правядзеньні нацыянальнай палітыкі”, прынятай 15 ліпеня 1924 г. 2-й сесіяй Цэнтральнага выканаўчага камітэта Саветаў БССР, якая мела юрыдычную сілу закону[6]. Паводле раздзела II „Аб мерапрыемствах у галіне народнай асьветы БССР” пастановы, беларуская мова ўводзілася ва ўсе сферы адукацыйнай сістэмы і адначасова з’яўлялася абавязковым прадметам выкладання. Пачынаючы з 1924/25 навучальнага года прадметы па гісторыі і геаграфіі Беларусі, а таксама па беларускай літаратуры ўводзіліся ў праграму ўсіх рабфакаў ВНУ і тэхнікумаў у якасці абавязковых. Глыбейшае вывучэнне беларускай культуры, гісторыі, эканомікі, мовы, традыцый і побыту насельніцтва планавалася праводзіць на адмыслова створаных з гэтай мэтай кафедрах ВНУ. Уступныя іспыты па беларускай мове з гэтага моманту таксама былі абавязковымі, што значна падвышала сацыяльны статус мовы, якая на той час была амаль цалкам выцеснена з публічнай сферы камунікацыі.

Агульнае станаўленне сістэмы нацыянальнай адукацыі было звязана з шматлікімі цяжкасцямі. Яно праходзіла на фоне гаспадарчай разрухі, голаду і эпідэмій, якія дасталіся ў „спадчыну” ад польскай і нямецкай акупацый, што скончыліся ў ліпені 1920 г., і грамадзянскай вайны. У выніку ваенных дзеянняў былі панесены велізарныя страты, разбурана прамысловасць і сельская гаспадарка. Большасць школьных памяшканняў была знішчана, не хапала падручнікаў, паперы і элементарных школьных пры лад. Фармаванне нацыянальнай сіс тэмы адукацыі пачалося з 1920 г. У 1921 г. Народны камісарыят асветы БССР (НКА БССР), заснаваны 17 ліпеня 1920 г., распрацаваў „Асноўныя прынцыпы ар га-нізацыі працоўнай сямігадовай школы”[7], паводле якіх сямігадовая школа забяспечвала агульную адукацыю. У адпаведнасці з гэтым дакументам выкладанне ўсіх прадметаў павінна было весціся на роднай мове вучняў[8]. 16 лютага 1922 г. прынялі новую адукацыйную сістэму, у асно ве якой была сямігадовая агульнаадукацыйная працоўная і політэхнічная школа, прызначаная для дзя цей ад 8 да 15 гадоў. Школа рыхтавала іх для магчымага наступнага па ступлення ў сярэднюю спецыяль ную навучальную ўстанову (тэхнікум) ці далей у ВНУ[9]. Сямігадовая школа складалася з I канцэнтра (1–4-ы класы, дзеці ад 8 да 12 гадоў) і II канцэнтра (5–7-ы класы, дзеці ад 12 да 15 гадоў). Адначасова існавалі школы I канцэнтра, II канцэнтра або сямігадовыя школы I–II канцэнтра [10].

Складанасць сітуацыі, аднак, не вычэрпвалася недахопам фінансавання і адсутнасцю матэрыяльных сродкаў. Існавала вострая неабходнасць у кваліфікаваных педагагічных кадрах і непасрэдна ў саміх падручніках, па якіх можна было весці навучанне. Згодна з пастановай Савецкага народнага камісарыята РСФСР (Саўнаркам РСФСР) ад 12 траўня 1921 г., усе працаўнікі асветы — выхадцы з Беларусі, адкамандзіроўваліся для працы ў НКА БССР[11]. Аднак толькі частка з іх валодала беларускай мовай. Таму, напрыклад, у адозве да культурных працаўнікоў, настаўнікаў, якія былі ўраджэнцамі Беларусі, але ў выніку грамадзянскай вайны апынуліся за межамі БССР, падкрэслівалася: „Не саромцеся тыя, хто не зусім добра ўладае беларускай мовай. Тут сярод беларускага сялянства вы ўспомніце гэтую мову вашых дзіцячых гадоў і вывучэце яе, калі ў вас будзе да гэтага жаданьне”[12]. Часта школьныя настаўнікі наогул не мелі спецыяльнай педагагічнай адукацыі. Дадзеныя на 1925/26 навуч. год сведчаць, што ў 55% настаўнікаў сямігадовых школ і 66,6% настаўнікаў чатырохгадовых школ не было спецыяльнай педагагічнай адукацыі, а ў 11% настаўнікаў сямігадовых школ і 34,7% настаўнікаў чатырохгадовых школ не было агульнай сярэдняй адукацыі наогул[13]. Для падрыхтоўкі новых настаўнікаў ствараліся падрыхтоўчыя курсы з рознай працягласцю навучання. Аднымі з такіх курсаў былі, напрыклад, двухгадовыя Вышэйшыя курсы беларусазнаўства і іншыя[14]. Падрыхтоўку педагогаў забяспечвала таксама адчыненае ў кастрычніку 1921 г. Грамадска-педагагічнае аддзяленне факультэта грамадскіх навук БДУ і іншыя ўстановы.

Праблема агульнага недахопу падручнікаў і метадычных дапаможнікаў мела некалькі складнікаў. Па-першае, праяўлялася амаль што поўная за малым выключэннем адсутнасць падручнікаў, традыцыю якіх можна было працягнуць, а па-другое, друкарняў было вельмі мала, да таго ж яны былі вельмі дрэнна абсталяваныя і перагружаныя друкам улётак, агітацыйнай літаратуры, газет і г. д. Выпуску беларускіх падручнікаў і іншай беларускай літаратуры спадарожнічаў канфлікт, які разгарэўся паміж Паліграфічным аддзелам Савета народнай гаспадаркі БССР і Беларускім аддзелам Наркамасветы. Канфлікт суправаджаўся шэрагам узаемных скаргаў у вышэйшыя інстанцыі і саркастычнымі заўвагамі, пра што сведчыць шырокая падборка іх заархіваванай карэспандэнцыі[15]. Галоўную ролю ў гэтым канфлікце адыграў дырэктар Паліграфічнага аддзялення нейкі тав. Стронгін, які неаднаразова заяўляў, што „беларускіх кніжак ніхто ня хоча чытаць і дзеля гэтага іх няма ніякой карысьці друкаваць”[16]. Менавіта гэтым Наркамасветы пасля тлумачыў няздольнасць друкарні забяспечыць наяўнасць беларускіх шрыфтоў, своечасова выканаць карэктуры і набор тэксту. Да таго ж друкарня неаднаразова затрымлівала тэрміны выхаду беларускіх кніг і падручнікаў (напрыклад, падручнік па матэматыцы друкаваўся амаль год з часу канца польскай акупацыі і ўсё яшчэ не быў гатовы, выпуск беларускай граматыкі Б. Тарашкевіча і падручніка па беларускай мове Я. Лёсіка быў спынены Паліграфічным аддзелам без тлумачэння прычын і г. д.)[17]. Канфлікт, распачаты ў верасні 1920 г., працягваўся амаль год, і ў ліпені наступнага года быў скончаны загадчыкам Беларускага аддзела Наркамасветы. Ён афіцыйна заявіў: „Далей лічу лішнім весці барацьбу з паліграфаддзелам, які па пытанні беларускіх выданняў не прызнае ніякіх рашэнняў і пастановаў”[18]. У гэтай сувязі Наркамасветы звярнуўся да замежных выдавецтваў, і ўжо ў жніўні 1921 г. прадстаўнік НКА З.Жылуновіч выехаў у Нямеччыну, дзе на вылучаныя Саўнаркамам БССР сродкі ў памеры 20 млн. царскіх рублёў было надрукавана дзесяць найменняў беларускіх кніг і падручнікаў агульнай колькасцю 138 500 асобнікаў, адпраўленых пасля з Берліна ў Менск[19]. Сярод гэтых падручнікаў быў і „Лемантар” С. Некрашэвіча — адзін з першых беларускіх буквароў, надрукаваны ў Берліне ў 1922 г. Адначасова ЦВК БССР была выдзелена сума ў памеры 5 млн. рублёў для прэмій аўтарам самых лепшых падручнікаў на беларускай мове[20]. У 1922 г. было адчынена Беларускае кааператыўна-выдавецкае таварыства „Адраджэньне” (з 1924 г. пераназванае ў „Савецкую Беларусь”), якое таксама забяспечвала школьны сектар падручнікамі[21]. Аднак востры недахоп падручнікаў працягваўся аж да 1926 г., нават тады забеспячэнне падручнікамі II канцэнтра сярэдняй школы складала толькі 40%.

Асабліва вялікім попытам карысталіся падручнікі па грамадазнаўстве [22].

Друк падручнікаў на беларускай мове запускаў своеасаблівую ланцуговую рэакцыю ў асобных школах, якія павінны былі паступова пераходзіць на беларускую мову выкладання. Так, напрыклад, з чарговай справаздачы НКА па правядзенні мерапрыемстваў нацыянальнай палітыкі ў 1924/25 навуч. годзе мы даведваемся, што „вялікую ролю ў гэтым пытанні [пераводзе школ на беларускую мову] адыгралі падручнікі. Былі дасланыя буквары ў колькасці 30 экз. на школу на беларускай мове. Прысланыя буквары адразу вызначылі мову, на якой будзе працаваць школа. Настаўнікі, якія азнаёміліся з беларускай мовай на летніх кароткатэрміновых педагагічных курсах тэарэтычна і якія часткова ведалі гутарковую беларускую мову практычна, адразу прыстасаваліся да новых падручнікаў. Пасля вельмі і вельмі хутка яны зразумелі, што навучыць грамаце на матчынай мове значна лягчэй, чым на рускай. Насельніцтва, якое атрымала бясплатна для сваіх дзяцей буквары і даведалася, што чытанкі напісаны на той мове, на якой яны размаўляюць, ахвотна пасылае сваіх дзяцей у школы”[23].

Да якой ступені палітыка беларусізацыі 20-х г. адлюстроўвалася ў школьных падручніках і якую ідэн тычнасць або нацыянальную самасвядомасць пра па ноў ва ла яна беларускай нацыі, якая толькі фарма валася? Пе рад тым як непасрэдна пачаць аналіз, неаб ходна пры няць да ўвагі некаторыя зыходныя перадумовы даследавання. Варта памятаць, што падручнікі ўяўля юць сабой спрошчаную апрацоўку матэрыялу (геа гра фічнага, гістарычнага або якога-небудзь іншага). Аўтар падручніка павінен скараціць вялікі аб’ём інфармацыі і дастасаваць да выбару фактаў вызначаныя крытэрыі адбору. Адначасова падручнікі — гэта крыніцы нарматыўнага характару, г. зн. яны змяшчаюць той матэрыял, з якім неабходна азнаёміцца тэарэтычна, таму да іх неабходна падыходзіць таксама, як і да іншых крыніц нарматыўнага характару. Варта таксама ўлічыць, што на працягу даследаванага перыяду часу школьныя падручнікі не былі абавязковымі. Спіс падручнікаў у вучэбных праграмах таго часу меў рэкамендацыйны ха рактар. З-за недахопу вучэбнага і метадычнага матэрыялу ў гэтым спісе часта фігуравалі навуковыя даследаванні, кнігі або зборнікі, якія не прызначаліся для выкладання непасрэдна, але ўтрымлівалі фактычную інфармацыю і статыстычныя дадзеныя (напрыклад: „Адноўленая Беларусь” Я. А. Пятровіча [24] або статыстычная справаздача Саўнаркама БССР 1927 г. „Белорусская Советская Социалистическая Республика”[25] і інш.). Яны рэкамендаваліся як для навучання, так і ў якасці дадатковага ілюстрацыйнага матэрыялу. Пры гэтым настаўнік мог пакінуць за сабой права выбару вучэбнага матэрыялу, які залежаў ад шэрагу фактараў: наяўнасці або адсутнасці падручніка на дадзены момант або яго зместу. Такім чынам, выбар фактаў з саміх падручнікаў набываў адносны характар, г. зн. мы не можам паставіць непасрэдны знак роўнасці паміж тым, што пісалася ў падручніках, і тым, што выкладалася на самай справе, або тым, што ведалі вучні (студэнты). Пры разглядзе падручнікаў па гісторыі мы таксама павінны памятаць пра існаванне вызначанага кансэнсусу таго часу ў ацэнцы гістарычнага мінулага. Дадзены кансэнсус быў не выпадковы, а зыходзіў з падборкі фактаў і адзнак мінулага, характэрных для таго перыяду часу (напрыклад, падкрэслівалася значэнне гарадскога самакіравання ранняга Новага часу, Рэфармацыі, негвалтоўнага характару далучэння беларускіх земляў да Вялікага Княства Літоўскага, барацьбы з Масковіяй і інш.). У агульнай карціне нацыянальнай гісторыі, якая паўстае на старонках падручнікаў таго часу, народ разглядаецца як адвечная катэгорыя, уласцівая прымардыялістычнаму падыходу гісторыі XIX ст.

Адзін з самых характэрных прыкладаў падручнікаў перыяду беларусізацыі 20-х г. XX ст. — „Геаграфія Беларусі” A. Смоліча, пра які ў 1926 г. у газеце „Звязда” пісалася як пра „лепшы падручнік, напісаны для вучняў нашай беларускай школы”[26]. Іншы падручнік А. Смоліча „Кароткі курс геаграфіі Беларусі” (1925) — скарочаная і дапрацаваная версія вышэйзгаданага падручніка. У „Геаграфіі” А. Смоліча Беларусь упершыню апісвалася як самастойная дзяржава. Акрамя аб’ектыўнай неабходнасці стварэння падручніка геаграфіі для „нацыянальнага руху, шырокай ракой разьліўшагося па Беларусі”, сам аўтар у прадмове тлумачыць напісанне свайго падручніка наступным чынам: «Масы беларусаў, прайшоўшых расейскія ды іншыя школы, яшчэ і дагэтуль глядзяць на родны край вачамі казённых вучэбнікаў. Беларуская маладзёж даведавалася ў школе толькі аб тым, што яе Бацькаўшчына — гэта нейкае адно балота; самае важнае ў ёй — гэта хвароба „каўтун”, а па-за гэтым больш няма нічога цікаўнага»[27]. „Вось-жа, калі-б тыя беларусы, што прачытаюць гэтую кнігу, зацікавіліся сваёй Бацькаўшчынаю, каб узяліся самі за глыбейшае навуковае пазнаньне яе, ці асобных праяваў яе жыцьця, каб заахвоціліся шукаць і бачыць яе арыгінальнае хараство, дык-бы аўтар лічыў сваю працу дайшоўшай мэты. А калі-б у іх хоць крыху паболь шала замілаваньня да свае роднае шматпакут нае стараны, такой простай і разам цудоўнай, навет у часы заняпаду свайго поўнай велічу і схаваных сілаў, каб яны паверылі ў яе вялікую будучыню і дзеля будучыні гэтай шчыра працаваць і змагацца пачалі, тады-б аўтар быў папраўдзе шчасьлівы”[28], — піша Смоліч. Апісаны ў падручніку матэрыял разглядаецца ў ракурсе створанай аўтарам своеасаблівай канцэпцыі „нацыянальнага прастору”, які чырвонай ніткай злучае ўвесь выкладзены матэрыял і абапіраецца на беларускія этнічныя межы (Брэст — Беласток — Вільня — Смаленск — Бранск — Чарнігаў). Такі падыход, выклад і абмежаванне беларускай тэрыторыі на падставе этнічных, а не палітычных межаў БССР 1920 г., якія ўключаюць толькі пятую частку гэтай этнічнай тэрыторыі, абгрунтоўваецца аўтарам наступным чынам: „Такі палітычны падзел Беларусі не апіраецца ні на якія географічныя асновы. Межы новых дзяржаваў праведзены па жывому целу Беларусі, дзелячы краіны, якія найцясьней зьвязаны між сабою і прыроднымі і экономічнымі і культурна-гістарыч нымі варункамі, ня кажучы ўжо аб тым, што ўсе яны наймацней зьвязаны з боку этнографічнага, бо ўва ўсіх пяцёх кавалках, на якія парэзана Беларуская зямля, жывець адзін і той самы Беларускі Народ”[29]. „Дзеля такое штучнасьці сучаснага палітычнага падзелу Беларусі мы ня будзем браць яго пад увагу ў дальнейшым выкладзе” [30], — падагульняе аўтар.

Карта 1. Этнічныя межы Беларусі. Карта з падручніка геаграфіі А. Смоліча.

Агульны выклад матэрыялу ў „Геаграфіі Беларусі” А. Смоліча засноўваецца на ўнутранай цэласнасці, супольнасці беларускай тэрыторыі і адначасова на яе проціпастаўленні суседнім тэрыторыям, і найперш Маскоўшчыне. Гэтае проціпастаўленне (адасабленне) прысутнічае ў кожным раздзеле. Калі ў геаграфічнай частцы апісання гаворка ідзе аб прыродных, кліматычных, эканамічных і іншых адрозненнях, то ў гістарычнай частцы падручніка аўтар разглядае адрозненні, змешчаныя ў культурна-гістарычнай і этнічнай плоскасцях, якія нас будуць цікавіць у першую чаргу.

Тэма беларусаў як асобнай нацыі, разгляданая ў падручніку Смоліча, таксама засноўваецца на прынцыпе ўнутранай гамагеннасці беларускага насельніцтва і проціпастаўленні яго суседнім землям. У раздзеле, пры свечаным гутарковай мове беларусаў, Смоліч прыводзіць вельмі эмацыйную развагу, якую мы лічым неабходным працытаваць цалкам: „Ня ўсе яшчэ беларусы зразумелі, хто яны, і дзеля гэтага шмат хто, можа, і не прызнаецца, што ён беларус. Неграматны, цёмны чалавек не прызнаецца таму, што ён ня ведае, ніхто яго не навучыў; але ёсць шмат і добра вучаных беларусаў, якія прызнаюць сябе палякамі або маскоўцамі. Гэта таму, што іхнія дзяды і прадзеды, а можа й яны самі, здрадзілі свайму народу, выракліся роднае мовы і самога імя беларускага…. Ведама, гэта толькі з’ява пераходнага часу. Сьведамасьць беларуская гэтак расьце, што за некалькі гадоў вернуцца да народу беларускага ўсе яго збаламучаныя сыны”[31]. Гэты заклік вельмі характэрны для ўсяго перыяду беларусізацыі. Такія развагі знікнуць разам з яе затуханнем у 1929 г. як вельмі непажаданыя ў адносінах да камуністычнага інтэрнацыяналізму і савецкай ідэн тычнасці, якая адлюстроўвае класавую барацьбу і аддае вядучую ролю інтэрнацыянальных зносін рускай мове, у дачыненні да якой Смоліч выразна вызначае сваю пазіцыю.

Падобны падыход да матэрыялу можна знайсці і ў падручніку па геаграфіі М. Азбукіна „Географія Эўропы”, прызначанага для вучняў старэйшых класаў і студэнтаў. У адрозненне ад папярэдняга тэксту тут цалкам адсутнічае элемент эмацыйнасці, так характэрны для Смоліча. Аднак пазіцыі аўтараў падобныя, і ў раздзеле, прысвечаным беларускаму краю, для яго больш падрабязнага апісання Азбукін спасылаецца на „Геаграфію” Смоліча. Нягледзячы на канстатацыю таго факта, што „ў сучасны момант землі, залюдненыя беларусамі, падзелены паміж пяцьма дзяржавамі [далей ідзе пе ралік канкрэтных абласцей, што адносцца да розных дзяржаў. — A. M.]… Незалежнай Беларускай Савецкай Соцыялістычнай Рэспублікай з’яўляецца толькі сярэдняя частка залюдненых беларусамі зямель (113 000 кв. клм. і 4 200 000 насельн.)”[32], — у сваім тэксце аўтар аперуе шырэйшай этнічнай тэрыторыяй, межы якой ужо прыводзіліся ў папярэднім падручніку.

Як уяўлялі сабе Беларусь аўтары кніг па гісторыі, рэкамендаваных для адукацыйных праграм? У. Ігнатоўскі, аўтар „Кароткага нарыса гісторыі Беларусі” і „Гісторыі Беларусі ў XIX і ў пачатку XX сталецьця” — пад-ручнікаў, якія атрымалі ў метадычным дапаможніку для настаўнікаў сярэдняй школы 1927 г. ганаровую зорачку „самых неабходных” падручнікаў[33] — адзначае, што „сучасная Савецкая Беларусь ня ўключае ў свой склад усёй этнографічнай Беларусі”, і праводзіць мяжу беларускай тэрыторыі зыходзячы з шырэйшых этнаграфічных і эканамічных паказчыкаў (нягледзячы на тое, што 4-е выданне „Кароткага нарыса” 1926 г. уключа-ла ў сябе і звесткі пра першае ўзбуйненне БССР)[34]. Аўтар разглядае гістарычныя падзеі, якія адбываліся на этнаграфічнай тэрыторыі Беларусі, памерам амаль 300 тыс. км кв і насельніцтвам 10 млн. жыхароў. Такі падыход Ігнатоўскага ў прынцыпе аналагічны пазіцыі У. Пічэты, аўтара „Гісторыі Беларусі” (1924). Гэтая кніга таксама рэкамендавалася і выкарыстоўвалася ў якасці падручніка для школ, тэхнікумаў і ВНУ ў 20-я г. мінулага стагоддзя. У сваёй „Гісторыі” да беларускіх земляў Пічэта адносіць полацкія, віцебскія, смаленскія і менскія землі. Пад Літвой гісторык разумее сённяшнюю тэрыторыю заходняй Беларусі (Брэстчына, Гродзеншчына) і Віленшчыну, што вынікае з агульнага кантэксту яго даследавання. Такі падыход, дзе Беларусь разглядаецца найперш у яе этнічна-эканамічных межах, што выходзяць за рамкі ўсталяваных на той момант палітычных межаў БССР, характэрны і для рэкамендаванага для навучання гісторыка-эканамічнага даследавання „Белоруссия. Территория, население, экономика. Важнейшие моменты истории” (1926), напісанага Ігнатоўскім у суаўтарстве са Смолічам. Акрамя таго, розніца паміж Беларуссю ў яе этнаграфічных рамках і палітычнай адукацыяй БССР улічваецца і ў школьных планах выкладання геаграфіі БССР, калі ў пагадзінных заданнях вучням або студэнтам прапаноўваецца апісаць склад насельніцтва „этнаграфічнай Беларусі і БССР” і намаляваць у якасці хатняга задання адпаведныя карты[35].

Неад’емная частка геаграфічнага апісання асобных рэгіёнаў у „Геаграфіі” А. Смоліча — апісанне іх гісторыі. Да галоўных беларускіх культурна-гістарычных цэнтраў Смоліч адносіць Полацк і Вільню. У Полацку, які з’яўляецца, па меркаванні аўтара, своеасаблівым сімвалічным цэнтрам усёй беларускай гісторыі, знаходзяцца вытокі працэсу „стварэньня незалежнае вялікае дзяржавы”[36]. Полацк, які ляжыць на старажытным рачным шляху з варагаў у грэкі, перажыў за ўсю сваю гіс то -рыю нямала ліхіх часоў, але самымі цяжкімі былі маскоў скія напады. Аўтар згадвае масавыя пакаранні смер цю яўрэяў Іванам Жахлівым у 1563 г. і забойствы мана хаў-базыльянаў пад час візіту ў Полацк Пятра I. Куль турнаму заняпаду горада ў XIX ст. у значнай ступені спры яла закрыццё рускімі ўладамі езуіцкай Полацкай Акадэміі ў 1820 г., уся маёмасць якой (бібліятэка, рэдкія рукапісы, выдавецтва, фізічны кабінет і г. д.) была вывезена ў Маскву і Пецярбург. „Пасьля разгрому Акадэміі Полацк зрабіўся самым звычайным ціхім і нязначным паветавым местам, якім і застаецца дагэтуль”[37], — канстатуе Смоліч. „Места гордае Рагнеды, якая не хацела разуць ногі кіеўскаму князю, места Усяслава Чарадзея, найслаўнейшага з князёў беларускіх, места вялікае багамоліцы і кніжніцы сьв. Еўфрасіньні ды слаўнага вучонага Францішка Скарыны — заснула на доўгія вякі…. Як заціх і памёр Полацк, так заціхла і памёрла жыцьцё на ўсей Беларусі. Калі-ж яно адродзіцца і Беларусь стане на свае ногі, пэўне, зусім іначай будзе выглядаць і Полацк”[38].

Полацкаму княству перыяду IX–XIII ст. адводзіцца значная ўвага і ў гістарычнай працы Ігнатоўскага. Яго росквіт звязваецца з кіраваннем Усяслава Чарадзея (1044–1101), якому аўтар прысвячае самастойны раздзел. У „Гісторыі Беларусі” Пічэты, акрамя Полацкага (і Турава-Пінскага) княстваў, значная ўвага адначасова аддаецца Смаленскаму княству, якое Пічэта лічыць цэнтрам беларускага культурнага і эканамічнага развіцця XI–XIII ст. Вельмі незвычайны для гістарычных кніг таго часу самастойны раздзел, прысвечаны сярэднявечным інтэлектуалам XI–XIII ст., такім, як, напрыклад, Клімент Смаляціч, Аўраам Смаленскі, Кірыла Тураўскі і інш. Такая глеба для інтэлектуальнага развіцця была падрыхтавана культурнымі і гандлёвымі адносінамі з Захадам, што служыў крыніцай „свежае крытычнае думкі, якая гэтак выразна выступае ў дзейнасці галоўных вучоных прадстаўнікоў беларускае асьветы”[39]. У. Пічэта лічыць, што ў адрозненне ад уплыву Візантыі, які датычыў найперш вярхоў інтэлектуальнай эліты, якая мела доступ да багаслоўскай літаратуры візантыйскага паходжання, адносіны з Захадам „мелі надта выдатны ўплыў на характар і звычаі смальнян, на развіццё культуры навогул”[40]. Пасля прывядзення шматлікіх прыкладаў (параўнанні збораў законаў і г. д.[41]), у заключнай частцы раздзела аўтар выказвае сваё сімвалічнае ўяўленне, звязанае з воссю Усход — Захад, сцвярджаючы, што „для смальнян Захад з’яўляецца сімвалам культуры і асветы. Усход жа — сімвал гвалту і барбарства”[42].

Тэматыка Вялікага Княства Літоўскага бясспрэчна займае адно з галоўных месцаў у гістарычных даследаваннях перыяду беларусізацыі. І аўтары разгляданых падручнікаў таксама аддаюць ВКЛ вялікую ўвагу. Як У. Ігнатоўскі, так і У. Пічэта падкрэсліваюць літоўска-беларускі характар княства. Пічэта лічыць, што працэс аб’яднання беларускіх і літоўскіх земляў не насіў характару заваёвы, паколькі літоўскія вялікія князі абмяжоўваліся „толькі павярховым прызнаннем сваёй улады”, а „ва ўнутраным кіраўніцтве далучаныя землі захоўвалі сваю самастойнасць”[43]. Па меркаванні Пічэты, „Літоўска-Беларуская дзяржава выяўляла сабой федэрацыю краін, звязаных з цэнтрам вельмі нетрывалымі вузламі”[44]. Адначасова гісторык гаворыць пра тое, што этнічныя літоўцы ў княстве былі меншасцю, „распыленай у моры беларускага народа”[45], што дае яму падставу называць гэтае дзяржаўнае фармаванне „Літоўска-Беларускай дзяржавай”. У раздзеле, прысвечаным культуры таго часу, У. Пічэта падкрэслівае, што „Літоўскае Вялікае княства ў культурных адносінах з’яўлялася беларускім”[46]. Аўтар абгрунтоўвае сваё сцверджанне тым, што толькі беларуская мова мела статус дзяржаўнай, паколькі на ёй пісаліся „гаспадарскія лісты, граматы, соймавыя ўхвалы”[47], што беларуская мова „ўжывалася ў гаспадарскай канцылярыі і ў судаўніцтве” і на беларускай жа пісаліся „беларускія летапісы, хронікі, жыцці святых, свецкія белетрыстычныя творы”[48]. Беларуская культура дамінавала ва ўсіх грамадскіх пластах ВКЛ. Ля вытокаў беларускага Рэнесансу XVI ст. знаходзіліся, па меркаванні гісторыка, інтэнсіўныя гандлёвыя кантакты з заходняй Еўропай, якія прывялі да ўзнікнення грамадскага пласта (багатыя гараджане, землеўладальнікі і г. д.), здольнага ўспрымаць новыя культурныя ўплывы. Таксама, як і заходнееўрапейскі Рэнесанс, „беларускі нацыянальна-культурны рух меў індывідуалістычны характар”[49]. Гэтыя індывідуалістычныя тэндэнцыі знайшлі сваё адлюстраванне як у літоўска-беларус кім за-канадаўстве (напр., да галоўных палажэнняў Статута 1529 г. адносілася „абарона правоў шляхетнае асобы і індывідуальная адказнасць за праступленні”[50]), так і ў пашырэнні Рэфармацыі, узнікненні беларускай літаратурнай мовы, літаратуры і „фармаваньні новай беларускай інтэлігенцыі”[51]. Важным паказчыкам узроўню беларускага культурнага развіцця таго часу было таксама кнігадрукаванне, пашырэнне якога зрабіла даступным перакладзенае на нацыянальную мову Святое Пісанне і іншую рэлігійную літаратуру.

Погляд У. Ігнатоўскага на дадзеную праблематыку падобны. Пра ВКЛ аўтар гаворыць як пра дзяржаву Літоўска-Беларускую, „гаспадарства з літоўскаю ўладаю і полацкаю культурна-экономічнаю асноваю”[52].

У новую дзяржаву, створаную „больш шляхам згоды, чымся шляхам уціску і вайны”[53], далучаныя полацкія землі прынеслі свой больш высокі культурны ўзровень, мову і грамадскія структуры. У якасці прыкладу Ігнатоўскі прыводзіць напісанае на беларускай мове заканадаўства, кнігадрукаванне і г. д., прычым дадае, што беларуская мова «была ў той час ня „мужыцкай” мовай нашага часу, а мовай культурнай і дзяржаўнай»[54]. Пры гэтым у агульнай дзяржаве „абедзьве нацыі жылі ў згодзе. У дзяржаве пануе шырокая верацярплівасьць”[55]. Аўтар падкрэслівае, што новае кіраванне літоўскіх князёў не парушала ўсталяванага на далучаных імі беларускіх землях грамадска-прававога парадку, традыцый і законаў, а наадварот, забяспечвала на ўзроўні закону іх недатыкальнасць. „Ня тое мы будзем бачыць на ўсходзе”, — характарызуе Ігнатоўскі падобны працэс узнікнення Маскоўскага княства. „Маскоўскае самаўладзтва сваёй цяжкаю рукою” будзе „паступова і няўхільна” касаваць „асабісты твар, свае старажытныя звычаі і традыцыі” кожнай воласці, вымушанай увайсці ў склад гэтага дзяржаўнага ўтварэння. Тут будуць пастаянна расці „моцнае самаўладзтва маскоўскіх гаспадароў, каторае потым дасьць цьвёрды грунт для бязупыннай сваволі”[56]. Такім чынам, тут зноў паўтараецца пазіцыя Пічэты, але пададзеная ў больш выразнай форме, а менавіта: вялікакняскае дзяржаўнае ўтварэнне, якое мае характар „федэрацыі краін”, супрацьпастаўляецца маскоўскай „цэнтралістычнай дзяржаве з абсалютнаю ўладаю манарха”[57]. Такая ж інтэрпрэтацыя разам з вылучэннем перавагі беларускай культуры адлюстравана і ў кароткім даследаванні „Белоруссия. Территория, население, экономика. Важнейшие моменты истории”[58]. Адначасова з гэтым у падручніках неаднаразова гаво рыцца пра інтэграцыю літоўскага насельніцтва ў беларускае асяроддзе ў новай дзяржаве. Прычым беларускі і літоўскі элементы, нягледзячы на значнае адрозненне, не супрацьпастаўляюцца так выразна, як гэта робіцца аўтарамі падручнікаў у дачыненні да элемента рускага. Тут відавочная прысутнасць больш высокай пагрозы русіфікацыі, а ў гэтай сувязі прысутнічае і большае проціпастаўленне ў дачыненні да Масковіі.

У „Кароткім нарысе” У. Ігнатоўскі неаднаразова падкрэслівае, што характар кіравання літоўска-беларускага дзяржаўнага дзеяча той пары значна адрозніваецца ад кіравання гаспадара Вялікага Княства Маскоўскага, „дзе ў гэты час вырастала і ўзмацнялася тое самаўладзтва, якое ня прымала на сябе аніякіх юрыдычных абавязкаў і ня лічылася з правамі станаў гаспадарства”[59]. Аналізуючы і параўноўваючы законы абедзвюх дзяржаў, аўтар прыходзіць да высновы, што ў літоўска-беларускім зборы законаў старажытныя славянскія традыцыі захаваліся лепш, чым у зборы маскоўскіх законаў. Адначасова беларускі збор законаў старэйшы і не нясе на сабе такога моцнага адбітку мангольскай традыцыі, якая так „значна зацямняе старарускую традыцыю старажытнай Рускай Праўды”[60].

Пэўныя фрагменты з 1-га і 3-га Статутаў ВКЛ прыводзяцца ў якасці тэкстаў для чытання ў „Выпісах з беларускай літэратуры” У. Дзяржынскага (1926), — падручніку беларускай літаратуры для вучняў старэйшых класаў і студэнтаў, як „багацейшая крыніца нашага слоўнага матэрыялу, вельмі каштоўная ў літаратурным значэньні”, а таксама як „паказ вялікай гібкасьці, багацьця й наогул культурнасьці нашае старой літаратурнай мовы”[61]. Адначасова ў падручніку прыводзяцца ўрыўкі прадмовы да Статута падканцлера ВКЛ Льва Сапегі, „тыповага прадстаўніка беларускае інтэлігенцыі з вялікіх паноў Залатой пары беларускае культуры”, а таксама фраг менты беларускай рэлігійнай літаратуры Ф. Скарыны, В. Цяпінскага і інш. У іншым падручніку таго жа прадмета — у „Гісторыі беларускае літаратуры” М. Гарэцкага (1921), які змяшчае гістарычны кантэкст тэкстаў, прыведзеных у „Выпісах”, таксама аддаецца вялікая ўвага перыяду Вялікага Княства, толькі ў літаратурных і моўных адносінах. М. Гарэцкі таксама, як Пічэта і Ігнатоўскі, гаворыць пра негвалтоўны характар зліцця беларускіх і літоўскіх земляў і перавагу ў ВКЛ беларускага культурнага і моўнага элементаў. Кажучы пра паноўнае становішча беларускай мовы, прызнанай афіцыйнай мовай дзяржаўнага справаводства яшчэ пад час кіравання Альгерда Гедымінавіча (1345–1377), аўтар спасылаецца на Статут ВКЛ. На яго думку, гэта „тая несакрушная скаліна, той духоўны памятнік, які найлепей сьведчыць аб славе і магутнасьці нашае мовы”[62].

У адрозненне ад Пічэты, які аналізаваў войны паміж ВКЛ і Маскоўскім княствам коратка і фактаграфічна, Ігнатоўскі ў „Кароткім нарысе” вялікую ўвагу аддае сумніўнай легітымнасці правоў, часта прад’яўляных маскоўскімі князямі на беларускія землі, якія лічылі, што „ўсе землі рускіх славян ёсьць яго [Ігнатоўскі тут прыводзіць прыклад Івана ІІІ. — А. М.] вотчына”[63]. Так аўтар апісвае, напрыклад, уварванне Івана III Маскоўскага, які распачаў у 1492 г. вайну за «сваю беларускую „вотчыну”, якой ніколі ня бачыў ні ён, ні яго бацькі»[64]. Барацьба за неіснуючую „вотчыну” маскоўскіх кня зёў працягваецца амаль 150 гадоў, і „Бацькаўшчына наша руйнуецца, палі зарастаюць лесам, прасякаюць крывёю”. На завяршэнне раздзела Ігнатоўскі піша: «Дорага каштавала беларускаму працоўнаму народу імперыялістычная думка маскоўскіх гаспадароў, што Беларусь ёсьць іх „вотчына”»[65].

Неабходна адзначыць, што, у адрозненне ад сучасных даследчыкаў, аўтары аналізаваных намі падручнікаў звужаюць адносіны з Масквой да адносін Вялікае Княства Літоўскае (г. зн. беларуска-літоўская дзяржава) — Масква, пра Польшчу таго перыяду не згадваюць. Хоць Ігнатоўскі і Пічэта і аддаюць пэўную ўвагу адносінам з Польшчай як з суседняй дзяржавай, тым не менш яны не выходзяць за вузкія ўнутрыпалітычныя рамкі уніі 1385 г. і шэрагу зноў заключаных уній на працягу XV ст. Па меркаванні Ігнатоўскага, першая унія 1385 г. „была зроблена больш на паперы, чым у жыцьці”[66], а наступныя уніі гісторыкі разглядаюць з пункту гледжання ўнутраных палітычных і нацыянальных спрэчак на фоне нявысветленых прэтэнзій і неадназначнага прававога і гаспадарчага ўладкавання двух дзяржаўных утварэнняў. Толькі пасля 1569 г., г. зн. пасля заключэння Люблінскай уніі, у Рэчы Паспалітай Літва і Беларусь, па меркаванні гісторыкаў, страцяць сваю культурную і палітычную незалежнасць, а ў гістарычнай інтэрпрэтацыі мінулага, уключаючы яе адлюстраванне ў падручніках беларускай літаратуры і геаграфіі, Польшча ўжо не будзе выконваць нейтральнай ролі, а разам з Масквой будзе тым другім элементам, па стаўленні да якога будзе праводзіць актыўнае размежаванне беларуская гісторыя. Да гэтага моманту, г. зн. на працягу XV–XIV ст., у знешнепалітычных адносінах з Масквой або з Ордэнам нямецкіх рыцараў ВКЛ фігуруе выключна як літоўска-беларуская дзяржава. Такім чынам, вага беларуска-літоўскага элемента настолькі вялікая, што польскі складнік у гэтых адносінах знікае.

Вялікая ўвага ў гістарычнай інтэрпрэтацыі аналізаванага перыяду аддаецца іншым народам, а менавіта немцам, прадстаўленым Ордэнам нямецкіх рыцараў. Ігнатоўскі і Пічэта разглядаюць барацьбу або перамір’е з Ордэнам пачынаючы з полацкага перыяду. Абодва гісторыкі сыходзяцца ў меркаванні, што барацьба з нямецкімі рыцарамі стала прычынай кансалідацыі літоўскіх плямёнаў і наступнага неаднаразовага далучэння беларускіх земляў да Вялікага Княства, у якіх Гедымін (1316–1341) „бачыў новую сілу дзеля барацьбы з тэўтона-лівонскімі рыцарамі”[67]. Апісваючы бітву пад Грунвальдам у 1410 г., Пічэта гаворыць пра „перамогу літоўска-беларускага войска”, а таксама пра тое, что „беларускія палкі, асабліва смальняне, былі прычынай удачы гэтай бітвы”[68]. Ігнатоўскі згадвае пра ўдзел у бітве „літоўска-беларускага гаспадара Вітаўта, разам з польскім каралём Ягайлам” і „добра вядомага чэскага рыцара Жыжкі, будучага нацыянальнага правадыра і дзеяча часу гусыцкіх войн”, тым не менш пры апісанні самой бітвы прытрымліваецца згаданай рыторыкі беларуска-літоўскай дзяржавы. А пасля гэтай перамогі, як адзначае Ігнатоўскі, „пачынаецца відны пералом у бесьперарыўным змаганьні Літоўска-Беларускага гаспадарства з нямецкімі ордэнамі”[69].

Апісанне Віленшчыны і Вільні — „культурнага і эко-номічнага цэнтра ўсяе Беларусі й Літвы, сталіцы вялікіх князёў літоўска-беларускіх, найбольшага места на ўсім прасторы Беларусі”[70] — пачынаецца ў падручніку Смоліча з этнічнага пытання. Перавагу беларускага насельніцтва на Віленшчыне Смоліч тлумачыць працэсам беларускай каланізацыі, якая ішла з усходніх беларускіх земляў (Смоліч спасылаецца тут на выданне  „Staroźytna Polska” Баліньскага і Ліпіньскага) у часы ВКЛ і асабліва ў XVI–XVII ст. Потым на працягу гэтага перыяду часу этнічныя літоўцы пераймалі беларускую мову і культурныя традыцыі як даміноўныя: „У рэзультаце абодвых успомненых процэсаў беларускае насяленьне акружыла Вільню, зрабіла яе беларускім местам і пашырылася значна далей на захад”[71]. Больш ранні перыяд гісторыі Вільні Смоліч таксама звязвае з беларускім элементам і гаворыць у гэтай сувязі пра тое, што ў 1128 г. жыхары Вільні прынялі за свайго князя аднаго з беларускіх полацкіх князёў Расціслава (унука Усяслава Чарадзея).

Гэта дазваляе нам лічыць, што Вільня ад самага пачатку была беларускім местам. Пасьля, калі вялікія князі літоўскія перанесьлі сюды сваю сталіцу і абкружылі сябе беларускім баярствам, Вільня перахавала свой беларускі характар. Ліцьвіны займалі толькі паўночную частку гораду, каля Замкавай гары, каторая і звалася Літоўская палавіца. Беларуская палавіца займала паўднёвую частку Вільні, пад Вострую Браму”[72], — піша Смоліч і дадае: „…усе культурныя і тэхнічныя сілы йшлі ў Вільню найбольш з Беларусі, і Вільня, дзеля таго, мела характар чыста-беларускага места”[73]. Аб’ём гістарычнай часткі падручніка па геаграфіі не дазваляе падрабязна апісаць працэс гістарычнага развіцця, і таму аўтар спыняецца толькі на найважнейшых яго момантах пачынаючы з Сярэднявечча і заканчваючы цяперашнім часам. У сувязі з беларускім нацыянальным рухам Смоліч згадвае Віленскі ўніверсітэт, дзе „выгадаваліся шырокія кадры краёвае інтэлігенцыі, якая кінула першыя іскры беларускага адраджэньня”. Аднак універсітэцкая традыцыя была ў 1832 г. перапынена рускімі ўладамі. А потым і Каталіцкая духоўная акадэмія — былы тэалагічны факультэт універсітэта — перанесена ў 1849 г. у Пецярбург. Пад час кіравання Мікалая I большасць школ у Беларусі зачынілі, а самыя лепшыя з іх разам з маёмасцю таксама перанеслі ў Масковію. «У будынках універсітэту і іншых школ паадчыняліся расейскія сярэднія школы. У палацах вяльможаў, у каталіцкіх манастырох расейскі урад зрабіў вастрогі, казармы. З эўропэйскага культурнага цэнтру, якому дзіваваліся чужаземцы, маскоўцы стараліся зрабіць звычайны „губэрнскі горад”, поўны казармаў і чыноўнікаў»[74]. Пачынаючы з XVII ст. насельніцтва Вільні да значнай ступені паланізавалася: „Патомкі беларусаў і ліцьвіноў часта ўжо не разумеюць роднае мовы і шчыра лічуць сябе палякамі. Гэткім парадкам з беларускае Вільні сталася Вільня польска- маскоўскаю [вылучана Смолічам. — А. М.]”[75]. Аднак з нарастальнай хваляй нацыянальнага адраджэння літоўцы і беларусы паступова адваёўвалі свае пазіцыі ў палякаў, масквічы ж былі толькі „наносным элемэнтам і з выхадам расейскіх войскаў з Вільні счэзлі”[76]. Цэнтрам гэтага беларускага руху была Вільня — горад, у якім друкаваліся першыя беларускія кнігі і газеты, адчынены першы беларускі тэатр, узніклі навуковыя таварыствы і беларускія школы. Адначасова Смоліч падкрэслівае значэнне Вільні як цэнтра культуры і адукацыі літоўцаў і яўрэяў, што складалі амаль палову яго насельніцтва. У сувязі з Вільняй згадвае аўтар і пра самы знакаміты абраз Вастрабрамскай Божай маці, пакланіцца якому ішлі паломнікі з ўсёй Беларусі.

Трэцім важным беларускім цэнтрам А. Смоліч лічыць Менск, як сталіцу БССР і як вялікі культурны і гандлёва-эканамічны цэнтр рэспублікі. Нягледзячы на спусташальную вайну са шведамі, Менск XVII–XVIII ст. мог пахваліцца актыўнай культурнай дзейнасцю каталіцкіх кляштараў, школ і друкарняў, якія дзейнічалі пры іх, адначасова была развіта „культурная і нацыянальная дзейнасць праваслаўных брацтваў”[77]. Самы вялікі заняпад, перажываны горадам, які карыстаўся калісьці магдэбургскім правам, Смоліч звязвае з далучэннем Менска ў выніку першага падзелу Рэчы Паспалітай 1772–1773 г. да Расіі, пасля чаго „менскі гандаль стаў чэзнуць”. Адначасова прыйшло да заняпаду і культурнае жыццё горада, замест якога запанавала „казённая прасьвета і самадурства губэрнатараў. У гэтым часе было зьнішчана шмат памятак старое архітэктуры; улада расейская старалася зраўнаваць з зямлёю ўсе, што толькі прыпамінала аб мінуўшчыне Менску, аб яго самабытнасьці, не шкадуючы нават і праваслаўных цэркваў”[78].

Разам з такімі сімвалічнымі цэнтрамі беларускай гісторыі, як Полацк, Вільня і іншыя гарады, вялікую ўвагу ў тэксце „Геаграфіі Беларусі” А. Смоліч аддае і ключавым асобам беларускай гісторыі. Гэта згаданы вышэй Усяслаў Чарадзей, св. Еўфрасіння, Францыск Скарына, беларускія роды Радзівілаў, Алелькавічаў і інш. Можна сцвярджаць, што ўсе аўтары аналізаваных намі падручнікаў сыходзяцца ў іх пераліку і ацэнцы.

У „Географіі Эўропы” М. Азбукін пераймае канцэпцыю Беларуска-Літоўскай дзяржавы Пічэты і Ігнатоўскага. Насельніцтва заходнебеларускага рэгіёна (Вільня — Беласток) аўтар лічыць больш культурным і свядомым „дзякуючы блізкасьці да Заходняй Эўропы… Тут раней за ўсё разьвілася беларуская культура, тут-жа распачалося і беларускае адраджэньне”[79]. Азбукін, як і Ігнатоўскі, лічыць Вільню месцам „нацыянальнай і рэлігійнай сьвятыні”, у якім знаходзіцца не толькі згаданы вышэй абраз Вастрабрамскай Божай маці, ушанаваны праваслаўнымі і каталікамі, але і цэнтр беларускага культурнага руху. Важным з’яўляецца яго абгрунтаванне Менска як сталіцы Беларусі: „Лежачы ў асяродку Беларускай зямлі, Менск натуральна зрабіўся галоўным асяродкам беларускага нацыянальнага руху і найважнейшым культурным цэнтрам Беларусі. Вільня магла быць сталіцай толькі аб’яднанай Літоўска-Беларускай дзяржавы; Менск — чыста беларуская сталіца, найболей прасякнёная беларускім духам”[80].

Важнае месца ва ўсіх аналізаваных намі падручніках займае пытанне этнагенезу беларусаў. У „Кароткім нарысе гісторыі Беларусі” У. Ігнатоўскі, як адзін з першых беларускіх гісторыкаў (першае выданне „Нарыса” датуецца 1919 г.), называе беларускі тып „прадстаўніком самага чыстага этнографічнага тыпу ўсходняславянскага рускага племя”[81]. Гэтае сцверджанне засноўваецца на этна графічных працах А. Кіркора, П. Бяссонова, І.  Насовіча, Е. Раманава і на археалагічных даследаваннях та-го часу[82]. Украінцы і велікарусы не маглі захаваць свой „старажытны этнографічны тып”, бо шмат стагоддзяў пражылі пад „турка-мангольскім панаваньнем” і яго этнаграфічным уплывам, у той час як „турка-мангольская лявіна да іх [беларусаў] не дакацілася” і „этнографічнага ўплыву мангольскай расы на беларуса не было. Калі і прызнаць этнографічны ўплыў літоўскі і польскі, то гэты ўплыў быў невялікі; апроч таго, літвіны — такія-ж арыйцы, як і беларусы, а палякі — славяне, толькі заходняй галіны”[83]. У „Гісторыі Беларусі” У. Пічэта выказваецца па гэтай праблеме не так выразна і разглядае яе ў шырэйшым кантэксце. Ён лічыць, што толькі паўночна-заходняя група славян (крывічы, радзімічы, дрыгавічы) прыняла ўдзел у фармаванні ядра беларускага этнасу. Паўднёвая ж і паўднёва-ўсходняя галіны славян далі пачатак рускаму і ўкраінскаму народам[84]. У працах абодвух гісторыкаў можна бачыць розныя акцэнты, па-рознаму расстаўленыя імі ў адной і той жа праблематыцы, але яднае іх адрозненне беларускага этнасу ад украінскага і рускага. Сёння цікавасць уяўляе той факт, што такая канцэпцыя прысутнічае нават у падручніку „Гісторыя беларускае літаратуры” М. Гарэцкага, дзе аўтар піша, што плямёны — родапачынальнікі беларускага народа не адрозніваліся адзін ад аднаго мовай, рэлігійнымі і прававымі ўяўленнямі, але „але ўсім тым надта розьніліся ад пляменьняў, з якіх утварыліся маскоўскі і ўкраінскі народы”[85].

У „Геаграфіі Беларусі” Смоліч таксама пераймае канцэпцыю пра беларусаў — прадстаўнікаў самага чыстага славянскага тыпу. Усходнія маскоўскія суседзі, або народ велікарускі „вырас на фінскім грунце, паўстаў ад зьмяшаньня… з манголамі-фінамі”[86]. Гісторыя ж беларусаў не ведала такіх шырокіх уварванняў неславянскіх плямёнаў, паколькі непраходныя гушчары лясоў і балоты служылі перашкодай на шляху качэўнікаў і „беларус ня мае ў сабе тюркскае (гэтаксама мангольскае) крыві, якая налажыла гэткі моцны знак на тып украінца”[87]. Частковае змешванне беларускіх плямёнаў з балтамі адбывалася на захадзе беларускіх земляў, аднак балтыйскія плямёны славянам блізкія. Фізіягнамічны і фізічны тып беларуса ў гэтай сувязі супрацьпастаўляецца Смолічам тыпу рускаму (маскоўскаму). Адрозненне выяўляецца як у фізічным абліччы беларуса (больш далікатным), так асабліва ў рысах яго твару, „тонкіх і мяккіх, як у праўдзівага эўропэйца і славяніна”[88]. Такі ж падыход да пытання этнагенезу характэрны і для М. Азбукіна[89].

Як Азбукін, так і Смоліч сыходзяцца на тым меркаванні, што беларускія народныя звычаі і традыцыі захаваліся ў найбольшай чысціні. Беларуская міфалогія надзвычай багатая, а „беларуская народная лірыка не мае роўных сабе сярод славянскіх лірык”[90].

Апісанне беларускага нацыянальнага касцюма Смоліч завяршае канстатаваннем несуцяшальнай сітуацыі: „Беларуская нацыянальная вопратка мае ў сабе шмат прыгожага; няма каму, аднак, у нас на вёсцы яе належна цаніць. Места і салдатчына прышчапляюць вёсцы грубы смак да меставых модаў; да гэтага яшчэ далучаецца дзешавізна фабрычных тканін, раўнуючы іх да самадзелкавых і дзякуючы ўсім гэтым прычынам нацыянальная вопратка шмат дзе пачала гінуць… Інтэлігенцыя вясковая ў нас, на жаль, саўсім нядбае аб нацыянальнай вопратцы і навет, наадварот, паглядае часта на яе звысока, сама стараючыся пераймаць панскія моды і панскія звычаі. Ўсё-ж шмат дзе вопратка гэтая дажыла да нашага часу ў поўнай чыстаце і цяпер, калі настроі беларускага грамадзянства значна зьмяніліся ў нацыянальным кірунку, пэўна, не загіне”[91].

У „Геаграфіі Беларусі” апісваецца і нацыянальны характар беларусаў (гасціннасць, трываласць у працы, талерантнасць, міралюбівасць і інш.), які часта быў, па меркаванні Смоліча, чыннікам залежнага становішча беларусаў у гісторыі. Варта адзначыць, што характар беларуса ізноў жа найлепш выяўляецца на фоне яго супастаўлення з прыведзенымі ў тэксце характарамі суседніх народаў: „Беларус ня мае ў характары тае рызыкі, адкрытае і грубае прастаты, характэрнае для маскоўца; ня мае, йзноў-жа, лёгкадумнасьці, сьвецкасьці і самахвальства, якімі гэтак часта вызначаюцца палякі. І ад украінца, з якім беларус мае наагул шмат супольнага, адзначаецца ўсё-ж ён сваім шчырэйшым сэрцам, ды можа, крыху большаю рухавасьцяю”[92]. У цэлым для гэтага этнаграфічнага раздзела характэрна класічная пазіцыя большасці цэнтральна- і ўсходнееўрапейскіх нацыянальных рухаў, паводле якой самыя выразныя і чыстыя нацыянальныя рысы захаваліся найперш у вясковым асяроддзі. Менавіта таму „характарызуючы беларускую нацыянальнасьць, мы будзем гаварыць перад усім аб сялянстве”[93], — заключае Смоліч. На чале беларускай (г. зн. найперш сельскай) сям’і стаіць гаспадар, аднак яго ўлада абмежаваная і рашэнні прымаюцца калектыўна. У беларускай сям’і „саўсім няма тога дэспотызму, які пануе ў маскоўскай сялянскай сям’і ды наогуле на ўсходзе”[94]. Жанчыны з’яўляюцца раўнапраўнымі членамі сям’і і нават маюць уласныя фінансавыя сродкі, атрыманыя ад продажу сваіх прадуктаў[95]. Для большай нагляднасці параўнання Азбукін дадае: „У сям’і вялікарус адзначаецца дэспотызмам: бацька з’яўляецца поўным гаспадаром сям’і; муж — гаспадаром і ўласьнікам жонкі”[96].

На прыкладзе беларускай сельскай сям’і дэманструюцца і прававыя асаблівасці беларускай традыцыйнай формы землеўладання. Яна аднолькавая амаль на ўсёй тэрыторыі Беларусі акрамя самых усходніх яе абласцей і заключаецца ў падворнай форме землеўладання. Зямля належыць адной сям’і і ёю ж апрацоўваецца, чым прынцыпова адрозніваецца ад рускай абшчыны або калектыўнай формы землеўладання. Гэтае пытанне асабліва шырока разглядаецца ў „Белоруссии” Ігнатоўскага і Смоліча і ў „Гісторыі Беларусі ў XIX і ў пачатку XX сталецьця”. Абшчына, што існавала ў самых усходніх абласцях беларускіх земляў, „навязаная [расійскім] законам, не з’яўляецца выраженнем выпрацаванага вякамі погляду мясцовых сялян на іх зямельна-прававыя адносіны” і таму нават на працягу 40 гадоў яна не змагла ўкараніцца ў прававой свядомасці жыхароў гэтых абласцей. Абшчына разыходзіцца „з паняццямі мясцовых сялян аб правільным землекарыстанні” (якім з’яўляецца падворная форма), ім чужая думка пра гвалтоўнае адыманне зямлі ад аднаго селяніна для перадачы яе іншаму, пра гвалтоўнае раўнаванне зямельных уладанняў, калектыўную ўласнасць і кругавую паруку[97].

Агульны стан сельскай гаспадаркі ў Бе ларусі лепшы і больш прагрэсіўны, чым у Масковіі. Гэта датычыцца як апрацоўкі зямлі (у Расіі ўсё яшчэ можна сустрэць „лядавы спосаб ральніцтва”, у той час як у Беларусі шырокае распаўсюджванне атрымала „трохпалёўка, сістэма плодазьмену” і г. д.) [98], так і канкрэтных прыкладаў з галіны: «Часта на Беларусі сеюць лубін, які можна лічыць найлепшым „зялёным гноем”, і наагул угнойваюць зямлю лепш, як на Маскоўшчыне». Тое ж самае тычыцца і сельскагаспадарчага інвентара[99].

У „Геаграфіі Беларусі” ёсць раздзелы, прысвечаныя этнічным меншасцям (традыцыйна яўрэйскаму насельніцтву) і эміграцыі насельніцтва. Апісваючы эміграцыю ў Амерыку, Смоліч разважае пра тое, што вяртанне беларускіх сялян з Амерыкі з заробленымі там грашыма прынесла б для Беларусі яшчэ больш карысці, калі б адначасова яны прывозілі з сабой і „амерыканскае культурнае і грамадзкае ўзгадаваньне, ды каб іхняя туга па Бацькаўшчыне перарабілася ў нацыянальную сьведамасьць; здаецца, гэтага ўжо чакаць ня доўга засталося”[100].

Мы гаварылі пра элементы нацыянальнай ідэнтычнасці, якія прысутнічаюць у падручніках. Аднак існуе нешта, што ў канструкцыі прапанаванай ідэнтычнасці адсутнічае, а менавіта асацыяванне (або ўвязванне) беларускай ідэнтычнасці з ідэнтычнасцю рэлігійнай ці, іншымі словамі, аб’яднанне беларусаў на аснове канфесіі. Ужо Смоліч заяўляе, што няма неабходнасці падзяляць беларусаў па прыкмеце прыналежнасці да каталіцкай або праваслаўнай веры, таму што „якой-бы веры ні дзяржаўся беларус, ён усё роўна беларусам астаецца”[101]. Прынцыпова такое ж меркаванне выказвае ў „Гісторыі беларускае літаратуры” М. Гарэцкі, гаворачы, што нягледзячы на канфесійны падзел беларусаў, „на варце беларускай адзінасьці стаяла жывая народная мова”[102]. Такая пазіцыя мае сваё абгрунтаванне, паколькі часта на працягу хваляў паланізацыі і русіфікацыі прыналежнасць да каталіцкай канфесіі выклікала ў насельніцтва польскую самаідэнтыфікацыю, гэтак жа, як і на падставе прыналежнасці да каталіцкай царквы польскія ўлады ідэнтыфікавалі беларускае насельніцтва як польскае; тое ж самае ў пэўнай ступені адносіцца і да праваслаўнай царквы і рускай самаідэнтыфікацыі. Але традыцыйна верацярпімасць — адна з самых характэрных рысаў беларуса: „Часта можна заўважыць, што беларускі селянін ходзіць па чарзе і ў царкву і ў касьцёл з аднакавай набожнасьцяю, ня гледзячы на забароны і дакоры духавенства, а найлепшым яго дарадчыкам у справах практычных звычайна ёсьць вясковы крамнік-жыд”[103].

Падручнікі па геаграфіі і гісторыі звязаныя адзін з адным — аўтары дапаўняюць матэрыял узаемнымі спасылкамі. Напрыклад, фрагменты гістарычнага апісання асобных абласцей у падручніках па геаграфіі дапоўнены з даследаванняў Ігнатоўскага і Пічэты, а ў падручніку па беларускай літаратуры У. Дзяржынскага цэлыя раздзелы, якія адносяцца да апісваных перыядаў развіцця літаратуры, перанятыя з „Гісторыі Беларусі ў XIX і ў пачатку XX сталецьця” У. Ігнатоўскага[104].

Які ж лёс быў наканаваны гэтым падручнікам, што так адкрыта супярэчылі ўяўленням пра адвечную садружнасць савецкіх народаў, якія разам крочаць да сацыялістычнага будучыні? Усе разгледжаныя ў дадзеным ар тыкуле падручнікі разам з геаграфічнымі кар тамі з 1930/31 навуч. года будуць зняты з усіх вучэбных праграм, а з 1937 г. у адпаведнасці з загадам № 33 „Спіс літаратуры, якая падлягае канфіскацыі з бібліятэк грамадскага карыстання, навучальных устаноў і кніга гандлю” ад 3 чэрвеня 1937 г. Галоўнага ўпраўлення ў спра вах літаратуры і выдавецтваў БССР Наркамата асветы (Галоўлітбела) будуць падлягаць знішчэнню[105]. Іншыя падручнікі будуць цалкам перапрацаваныя (усяго з выкладання было знята 11 з 54 падручнікаў для сярэдніх школ, 18 падручнікаў было перапісана нанова, а астатнія грунтоўна перапрацаваныя), бо па меркаванні партыйнага кіраўніцтва, якое да таго моманту ўжо выразна кантралявала і вызначала змест адукацыйнага працэсу, матэрыял дадзеных падручнікаў быў занадта насычаны беларускімі нацыянальнымі элементамі і слаба адлюстроўваў прыналежнасць Беларусі да ўсесаюзнага дзяржаўнага ўтварэння — СССР[106]. Той перыяд таксама характарызуецца распачатым з 1929 г. згортваннем палітыкі беларусізацыі і ганеннем на нацдэмаў, да якіх быў прылічаны і шэраг аўтараў разгледжаных намі падручнікаў[107].

Агульны погляд на разгляданы матэрыял дае падставу заключыць, што ў аснове яго выкладу знаходзіцца цэнтральная ідэя аб унутраным адзінстве і яркай культурнай самабытнасці беларускага народа, а таксама яго доўгім самастойным гістарычным развіцці. Усе аўтары разглядаюць полацкі, і найперш беларуска-літоўскі гістарычныя перыяды ў якасці „залатых” перыядаў беларускай гісторыі, якія залучалі ў свой кантэкст грамадска-прававую сістэму, росквіт культуры і г. д. Адначасова яны сыходзяцца ў меркаванні, што перыяд Вялікага Княства меў, па сутнасці, беларускі характар. У пытанні этнагенезу гэтак жа, як і на асобных гістарычных прыкладах, падкрэсліваецца ўнутранае адзінства (агульнага паходжання, мовы, этнаграфічных элементаў і г. д.) беларускага племя або народа і яго набліжанасць да заходнееўрапейскіх тэндэнцый, якія знайшлі сваё адлюстраванне, напрыклад, у існаванні ў гарадах магдэбургскага права, цэхаў, Рэфармацыі, кнігадрукаванні і інш. Гэтыя характэрныя моманты свядома супрацьпастаўляюцца ці параўноўваюцца з іншай, усходняй маскоўскай, традыцыяй. Адначасова падкрэсліваецца доўгае самастойнае і ад Масквы незалежнае гістарычнае развіццё беларускіх земляў і іх адрозненне (культурнае, прававое, моўнае, этнаграфічнае і інш.) ад усходніх абласцей Масковіі.

Як можна заўважыць з аналізаваных падручнікаў, важным складнікам фармавання нацыянальнай ідэнтычнасці 20-х г. з’яўляецца проціпастаўленне іншым, у дадзеным выпадку найперш рускім, персаніфікаваным у выглядзе маскоўцаў. На падставе прыведзенага кантрасту з гэтым блізкім народам беларускі чытач павінен усвядоміць выключнасць і ўнікальнасць беларускай культуры, мовы, традыцый і г. д., г. зн. элементаў, якія скла даюць паняцце беларускі народ, усвядоміць самастойнасць адзінай зямельнай і нацыянальнай прасторы, уласнай мовы, культуры і гістарычнага мінулага. Мэта дадзеных падручнікаў — пашырэнне светапогляду беларускага чытача, паколькі для разумення таго, што значыць быць беларусам, ён павінен бачыць і ўсведамляць сваё адрозненне ад іншых, разумець, як наша культура адрозніваецца ад культуры іншых, г. зн. у аснове ствараемай нацыянальнай ідэнтычнасці знаходзіцца проціпастаўленне тым іншым. Калі ж мы пяройдзем з гэтай антрапалагічнай плоскасці канструявання нацыянальнай ідэнтычнасці ў плоскасць палітычную, то ўбачым, што яна фактычна падрывала асновы савецкага агульнапартыйнага цэнтралізму, які дапускаў культурнае развіццё нацыянальных ускраін толькі пры ўмове сфармуляванай у траўні 1925 г. Сталіным кіраўнічай канцэпцыі развіцця нацыянальных культур, паводле якой „пралетарская па сваім змесце, нацыянальная па форме, — вось тая агульначалавечая культура, да якой ідзе сацыялізм”[108]. Гэты лозунг, ключавы для ўсяго наступнага развіцця, азначаў па сваёй сутнасці ўніфікацыю асобных нацыянальных культур пры захаванні іх уяўнага вонкавага адрознення. Зніжаючы значэнне нацыянальнага аспекта культуры да ўзроўню простай формы (абалонкі), потым яго можна рэдукаваць на ўзровень фікцыі, а ўсталёўваючы прынцып адзінага зместу ўсіх нацыянальных культур, можна падрыхтаваць глебу для іх інтэграцыі і наступнай уніфікацыі на аснове саветызацыі. У гэтым кантэксце форма магла інтэрпрэтавацца ў якасці толькі неістотнай фіктыўнай плоскасці, на фоне якой галоўная ўвага аддаецца пралетарскаму зместу. Пры такім адзіным змесце і пралетарскай начынцы ўсіх нацыянальных культур, адрозных адна ад адной толькі малаважным нацыянальным налётам, адкрываецца магчымасць для іх наступнага аб’яднання на савецкай аснове ў адзіным механізме сацыялістычнай дзяржавы. У БССР такая рыторыка прагучала ўжо ў 1928 г. у выказанай В. Кнорыным крытыцы нацыянальнага падыходу ў навуцы і літаратуры і яго наступным закліку крытыкаваць спробы працягвання „ў нашу навуковую, публіцыстычную і мастацкую літаратуру поглядаў, якія разглядаюць нацыю як адзінае цэлае, якія ня бачаць клясавае барацьбы ў мінулым Беларусі і недаацэньваюць клясавае барацьбы зараз”[109].

Неабходна адзначыць, што партыйная падтрымка палітыкі нацыянальнага развіцця, абвешчаная на XII з’ездзе РКП (б) у 1923 г., была абумоўлена спецыфічным разуменнем характару і сутнасці нацыянальнай культуры. Нацыянальная культура рэдукавалася на форму, малаважны спецыфічны момант адзінага ва ўсіх існуючых культурах зместу, які адлюстроўвае класавую барацьбу і яе пралетарскую сутнасць. Далей гэтая форма была ў значнай ступені абмежавана на моўны фактар, хоць, як мы маглі пераканацца, такая партыйная канцэпцыя магла інтэрпрэтавацца і разумецца інакш, асабліва ў асяроддзі нацыянальнай інтэлігенцыі. Тым не менш важна тое, што партыйнае кіраўніцтва мела ідэалагічны аргумент аб уяўнай, хутчэй ілюзорнай, самабытнасці нацыянальнай культуры, а гэтае ж самае дэклараванне падтрымкі развіцця нацыянальных культур давала напрамак для іх будучай савецкай асіміляцыі і інтэграцыі на савецкай аснове. Формула „пралетарскага зместу” і пазней будзе даваць падставу для замены хвалі „растучай нацыянальнай сьвядомасці”, з якой звязвалі гэтулькі надзей стваральнікі разгледжаных намі падручнікаў, на свядомасць класавую, а адначасова падставу для выключэння непажаданых элементаў, якія адлюстроўвалі нацыянальную самабытнасць і самастойнае гістарычнае развіццё, што так яскрава і выразна выявіліся на працягу 20-х г. XX ст.


[1] Програмы выкладаньня на 1927–28 год. Пэдагогічны факультэт, соцыяльна-гістарычнае аддзяленьне. Менск, 1927; Аб грамадазнаўстве і праграмах грамадазнаўства для другога канцэнтру сямёхгодкі // Асьвета. 1927. № 1. С. 30–43; Аб „Пэдагагічным тэхнікуме ўдому” // Асьвета. 1927. № 1. С. 73–110; Аб парадку здачы залікаў у сувязі з вывучэньнем курсу „Пэдтэхнікуму ўдому” // Асьвета. 1927. № 2. С. 91–105; Дэталізаваныя праграмы I–IV г. г. навучаньня сямёхгадовай працоўнай школы. Другое выданьне, выпраўленае. Менск, 1927; Летнія курсы па перападрыхтоўцы вясковага настаўніцтва // Асьвета. 1927. № 3. С. 90–99; Праект праграм грамадазнаўства для пэдагогічных тэхнікумаў БССР // Асьвета. 1927. № 3. С. 99–121; Праект праграм прыродазнаўчага цыклю для пэдагагічных тэхнікумаў БССР // Асьвета. 1927. № 4. С. 106–138; Праграмы і мэтадычны дапаможнік для настаўніка аднакамплектавай школы. Менск, 1927; Новыя праграмы для II канцэнтру сямёхгадовай працоўнай школы // Асьвета. 1927. № 5–6. С. 21–137.
[2] Ігнатоўскі У. Кароткі нарыс гісторыі Беларусі. Выд. 4-е, пераробленнае. Менск, 1926; Ігнатоўскі У. Гісторыя Беларусі ў XIX і ў пачатку XX сталецьця. Выд. 3-е, стэрэотыпнае. Менск, 1928; Пічэта У. І. Гісторыя Беларусі. Мінск, 2005; Игнатовский В., Смолич А. Белоруссия. Территория, население, экономика. Важнейшие моменты истории. Экономический очерк Советской Белоруссии и ее округов. Минск, 1926; Смоліч А. Кароткі курс геаграфіі Беларусі. Менск, 1925; Смоліч А. А. Геаграфія Беларусі. Мінск, 1993; Азбукін М. Географія Эўропы. Масква — Ленінград, 1924; Дзяржынскі У. Выпісы з беларускае літаратуры XIX і XX ст. Менск, 1926; Гарэцкі М. Гісторыя беларускае літаратуры. Выд. 2-е (папраўленае). Вільня, 1921; Гарэцкі М., Дзяржынскі У., Каравай П. Выпісы з беларускай літэратуры. Ч.1. Вусная народная творчасць. Старадаўняе пісьменства. Менск, 1926.
[3] Некаторыя з названых у артыкуле падручнікаў (у тым ліку і сённяшнія іх перавыданні) датуюцца 1921–1926 г. Падруч-ні кі з праграмы 1927/28 навуч. года маглі быць на друкава-ны раней, але яны выкарыстоўваліся ў працэсе выкладання. Некаторыя падручнікі неаднаразова перавыдаваліся без іх перапрацоўкі аўтарамі (Смоліч, Ігнатоўскі). Таму ў спісе рэкамендаваных на 1927/28 навуч. год падручнікаў можна знайсці падручнікі больш ранняга года выдання, напр.: Гарэцкі М. Гісторыя беларускае літаратуры. 1921, і інш.
[4] Новыя праграмы для II канцэнтру сямёхгадовай працоўнай школы // Асьвета. 1927. № 5–6. С. 30.
[5] Праект праграм грамадазнаўства для пэдагогічных тэхнікумаў БССР // Асьвета. 1927. № 3. С. 99.
[6] Практычнае вырашэньне нацыянальнага пытаньня ў Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспубліцы. Ч. I. Беларусізацыя. Менск, 1928. С. 136–142; Коршук У. К., Платонаў Р. П., Раманоўскі И. Ф., Фалей Я. С. Беларусізацыя. 1920-я гады: Дакументы і матэрыялы. Мінск, 2001. С. 129–135; О практических мероприятиях общего характера по проведению национальной политики по линии Народного Комиссариата просвещения Белоруссии. Минск, 1924; Зборнік чынных законаў БССР за 1921–1924 гады. Менск, 1927. С. 91–93.
[7] Асноўныя прынцыпы арганізацыі працоўнай сямігадовай школы. СРРБ НКА. Менск, 1921. С. 7.
[8] Тамсама. С. 7.
[9] В Народном Комиссариате просвещения // Вестник Народного Комиссариата Просвещения С. С. Р. Б. 1922. № 1. С. 26.
[10] Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь (НАРБ). Ф. 42, воп. 1, спр. 926, арк. 1. Пазней гэтая схема была апублікавана ў першым нумары „Асьветы”, заснаванай у 1923 г. (з 1930 г. — „Камуністычнае выхаваньне”).
[11] НАРБ. Ф. 42, воп. 1, спр. 85, арк. 52; ф. 42, воп. 1, спр. 65, арк. 156.
[12] Адозва ЦВК Беларусі да культурных працаўнікоў, ураджэнцаў Беларусі // Практычнае вырашэньне нацыянальнага пытаньня ў Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспубліцы. Ч. I. Беларусізацыя. Менск, 1928. С. 133–136.
[13] Новик Е. К. Формирование кадров народного образования в Белоруссии (1917–1941 гг.). Минск, 1981. С. 62.
[14] Два гады нацыянальнай работы ў БССР. Збор прамоў, артыкулаў і рэзалюцый па нацыянальным пытаньні. Менск, 1929. С. 18.
[15] НАРБ. Ф. 42, воп. 1, спр. 129, арк. 14; ф. 42, воп. 1, спр. 63, арк. 1, 7–7адв., 14–17адв., 23–28; ф. 42, воп. 1, спр. 65, арк. 15–15адв., 19–20адв.
[16] НАРБ. Ф. 42, воп. 1, спр. 65, арк. 19.
[17] Тамсама. Арк. 19адв.
[18] НАРБ. Ф. 42, воп. 1, спр. 63, арк. 7.
[19] НАРБ. Ф. 42, воп. 1, спр. 318, арк. 112.
[20] Сянькевіч Г. Р., Трухан А. В., Ціток З. М. Народная адукацыя і педагагічная навука ў Беларусі (1917–1941). Мінск, 1993. С. 101.
[21] НАРБ. Ф. 42, воп. 1, спр. 318, арк. 112.
[22] Дадзеныя па НАРБ. Ф. 42, воп. 1, спр. 275, арк. 165.
[23] НАРБ. Ф. 701, воп. 1, спр. 4, арк. 21–22.
[24] Пятровіч Я. А. Адноўленая Беларусь. Менск, 1925.
[25] Белорусская Советская Социалистическая Республика. Минск, 1927.
[26] Звязда. 1926. 8 красавіка.
[27] Смоліч А. А. Геаграфія… С. IV.
[28] Тамсама.
[29] Тамсама. С. 7.
[30] Тамсама.
[31] Тамсама. С. 124.
[32] Азбукін М. Географія… С. 263.
[33] Новыя праграмы для II канцэнтру сямёхгадовай працоўнай школы // Асьвета. 1927. № 5–6. С. 36.
[34] Ігнатоўскі У. М. Кароткі нарыс… С. 7–8.
[35] Новыя праграмы для II канцэнтру сямёхгадовай працоўнай школы // Асьвета. 1927. № 5–6. С. 42–43; Праект праграм прыродазнаўчага цыклю для пэдагагічных тэхнікумаў БССР // Асьвета. 1927. № 4. С. 122; Дэталізаваныя праграмы I–IV г. г. навучаньня сямёхгадовай працоўнай школы. 2-е выд., выпр. Менск, 1927. С. 9–10, 41–42.
[36] Смоліч А. А. Геаграфія… С. 207.
[37] Тамсама. С. 211.
[38] Тамсама. С. 212.
[39] Тамсама. С. 100.
[40] Тамсама. С. 101.
[41]Пічэта згадвае, напрыклад, пра існаванне ў Смаленскім княстве цэркваў неправаслаўных канфесій і релігійную талерантнасць насельніцтва, чужаземцы карысталіся ў Смаленску вялікім аўтарытэтам і г. д.
[42] Пічэта У. І. Гісторыя… С. 101.
[43] Тамсама. С. 113.
[44] Тамсама. С. 114.
[45] Тамсама.
[46] Тамсама. С. 153–154.
[47] Тамсама. С. 153.
[48] Тамсама. С. 154.
[49] Тамсама. С. 169.
[50] Тамсама. С. 152.
[51] Тамсама. С. 169.
[52] Ігнатоўскі У. М. Кароткі нарыс… С. 62.
[53] Тамсама. С. 81.
[54] Тамсама. С. 100.
[55] Тамсама. С. 81.
[56]Тамсама. С. 82.
[57] Тамсама. С. 83.
[58] Игнатовский В., Смолич А. Белоруссия… С. 28.
[59] Ігнатоўскі У. М. Кароткі нарыс… С. 98.
[60] Тамсама. С. 99.
[61] Гарэцкі М., Дзяржынскі У., Каравай П. Выпісы… С. 251, 255–258.
[62] Гарэцкі М. Гісторыя беларускае… С. 38.
[63] Ігнатоўскі У. М. Кароткі нарыс… С. 94.
[64] Тамсама.
[65] Тамсама. С. 95–96.
[66] Тамсама. С. 90.
[67] Пічэта У. І. Гісторыя… С. 109.
[68] Тамсама. С. 121.
[69] Ігнатоўскі У. М. Кароткі нарыс… С. 85–86.
[70] Смоліч А. А. Геаграфія… С. 221.
[71] Тамсама. С. 220.
[72] Тамсама. С. 222.
[73] Тамсама. С. 223.
[74] Тамсама.
[75] Тамсама.
[76] Тамсама. С. 224. Але аўтар не называе канкрэтны час, калі рускія войскі пакінулі Вільню.
[77] Тамсама. С. 240.
[78] Тамсама.
[79] Азбукін М. Географія… С. 279.
[80] Тамсама. С. 283.
[81] Ігнатоўскі У. Кароткі нарыс… С. 10.
[82] Тамсама. С. 9.
[83] Тамсама. С. 10.
[84] Пічэта У. І. Гісторыя… С. 33, 35, 40.
[85] Гарэцкі М. Гісторыя беларускае… С. 3.
[86] Смоліч А. А. Геаграфія… С. 126.
[87] Тамсама. С. 127.
[88] Тамсама.
[89] Азбукін М. Географія… С. 241, 261.
[90] Тамсама. С. 261.
[91] Смоліч А. А. Геаграфія… С. 129.
[92] Тамсама. С. 134–135.
[93] Тамсама. С. 124.
[94] Тамсама. С. 138.
[95] Тамсама.
[96] Азбукін М. Географія… С. 291.
[97] Игнатовский В., Смолич А. Белоруссия… С. 16–17; Ігнатоўскі У. Гісторыя Беларусі… С.112.
[98] Азбукін М. Географія… С. 264–265, 290–291 або: Игнатовский В., Смолич А. Белоруссия… С. 14.
[99] Тамсама. С. 265.
[100] Смоліч А. А. Геаграфія… С. 185.
[101] Тамсама. С. 139.
[102] Гарэцкі М. Гісторыя беларускае… С. 57.
[103] Смоліч А. А. Геаграфія… С. 136.
[104] Дзяржынскі У. Выпісы… С. 30–31, 67–70, 93–98.
[105] Лукашук А. 421˚ паводле Галоўліту // Спадчына. 1996. № 3. С. 71–91.
[106] Адначасова ў падручніках аддавалася недастаткова ўвагі класавай барацьбе і перамозе сацыялізму над капіталізмам, гл.: Платун А. Культстроительство в БССР за 40 лет // Просвещение национальностей. 1931. № 1. С. 18.
[107] Самая поўная „энцыклапедыя” таго часу, якая змяшчае тэарэтычнае абгрунтаванне непрымальнасці навуковай дзейнасці нацдэмаў, — гэта калектыўная праца пад рэд. С. Я. Вальфсона «„Навука” на службе нацдэмаўскай контрарэволюцыі». Менск, 1931.
[108] Сталин И. В. О политических задачах Университета народов Востока. Речь на собрании студентов КУТВ 18 мая 1925 г. // Сталин И. В. Сочинения. Т. 7. Москва, 1952. С. 133–152.
[109] Кнорын В. Аб рашаючых „дробязях” у вялікім пытаньні. Да пытаньня аб палітыцы беларусізацыі // Асьвета. 1927. № 4. С. 3.
Наверх

Аляксандр Гужалоўскі. Замах на сям’ю: сексуальная рэвалюцыя 1920-х г. у БССР на старонках перыядычнага друку

Жніўня 1, 2010 |

Ідэя сексу дазваляе выявіць тое,

што робіць уладу ўладаю.

Мішэль Фуко

Базавыя інстынкты чалавека, у тым ліку сексуальны, ніводная чалавечая цывілізацыя не была здольная забараніць ці адмяніць. Аднак усе цывілізацыі выпрацоўвалі сістэмы рэгулявання сексуальнага інстынкту ў выглядзе маральных і юрыдычных забарон. Таталітарныя дзяржавы, што існавалі ў ХХ ст., пайшлі далей і паспрабавалі выкарыстаць сексуальную энергію насельніцтва – гэты адвечны рухавік – як інструмент сацыяльнага інжынірынгу. У СССР змена сексуальнасці і сексуальных паводзінаў людзей была абумоўлена зменаю правіцеляў і палітычнага курсу краіны.

Сексуальнасць у Савецкім Саюзе прайшла цыкл ад нечуванай свабоды 1920-х г. праз кансерватызм эпохі сталінізму і адносна ліберальныя дзесяцігоддзі “развітога сацыялізму» да сексуальнага буму канца 1980-х – пачатку 1990-х г. Чытаць далей →

Томас Бон. Муляр Дзяніс Булахаў у сацыялістычным Мінску: накід праекта жыцця савецкага чалавека

Снежня 15, 2009 |


* Thomas M. Bohn: „Bau auf…” Der Maurer Denis Bulachow. In: Sozialistische Helden. Eine Kulturgeschichte von Propagandafiguren in Osteuropa und in der DDR. Hrsg. v. Silke Satjukow u. Rainer Gries. Berlin 2002, S. 60-70.

Спадчына Дзяніса Рыгоравіча Булахава захоўваецца ў Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь у Мінску. Гэта некалькі фотаздымкаў, пара пасведчанняў і грамат, а таксама мулярская кельма. Калі паглыбіцца ў беларускую пасляваенную публіцыстыку, то выяўляецца, што Дзяніс Рыгоравіч у 50-60-я г. належаў да найвядомейшых у Мінску асобаў. Але ў крыніцах не знойдзеш ані слова пра прыватнае жыццё гэтага чалавека. Таму ў рэтраспектыве муляр Булахаў паўстае толькі як прапагандысцкая фігура[1]. Мы сутыкаемся са створаным агітацыйным аддзелам камуністычнай партыі ідалам, які з’явіўся на сцэне ў працэсе ініцыяванай Хрушчовым рэактывацыі ды інструменталізацыі міфа гераізму. Сфармаваць грамадства герояў — вось да якой мэты імкнуліся ўлады ў Крамлі. А канчатковым крокам на гэтым шляху ў Беларусі лагічна стала абвяшчэнне Мінска горадам-героем. Так што Дзяніс Булахаў не быў змагаром-адзіночкай. У адрозненне ад Стаханава, чыё імя атрымаў інсцэніраваны ў 30-я г. рух перадавікоў, ён нават не вылучыўся нейкім надзвычайным учынкам. У лакальным кантэксце ім карысталіся проста як асабліва выбітным прыкладам. Якія канкрэтна функцыі мусіла выконваць гэтая фігура? На чым быў заснаваны modus vivendi партыі і жыхароў буйнога савецкага горада пасля Другой сусветнай вайны? Чаму ў Рэспубліцы Беларусь імя Дзяніса Рыгоравіча Булахава забылася гэтак жа, як і тытул горада-героя, нададзены беларускай сталіцы?

І. Біяграфія Дзяніса Булахава


Расповед пра гісторыю жыцця нашага героя шмат часу не зойме. Дзяніс Рыгоравіч Булахаў нарадзіўся 6 снежня 1905 г. у вёсцы Вольгаўка (рус. Ольговка) Омскай вобласці ў Сібіры[2]. Яму не было наканавана скончыць больш за два класы школы. Замест гэтага ён стаў вучыцца на шаўца. Пра тое, як ён перажыў смутны час рэвалюцыі і грамадзянскай вайны, звестак не захавалася. Каб падтрымаць легенду, хапіла, ва ўсялякім выпадку, згадаць для сучаснікаў, што ён належаў да пакалення, якое сфармавалася пад уплывам вясковай гароты ды сацыялістычнага энтузіязму і знайшло літаратурнае ўвасабленне ў героі Паўла Карчагіна з рамана Мікалая Астроўскага „Як гартавалася сталь”. Адпаведна з гэтай інтэрпрэтацыяй Дзяніс Булахаў зрабіў свой унёсак у пабудову сацыялізму, калі ў 1931-34 г. у якасці камсамольскага дэлегата ад роднага калгаса ўдзельнічаўу будаўніцтве металургічнага камбіната ў Кузнецку. Праўда, для яго, у адрозненне ад тагачаснага ідэальнага тыпу „савецкага чалавека”, прыход у горад не спрычыніўся да ўздыму па сацыяльнай лесвіцы. Але гэты этап жыцця пасля стаў падмуркам для стварэння ягонага німба муляра. Што да яго дзеянняў пад час Другой сусветнай вайны, то рэпутацыя Дзяніса Булахава лічыцца бездакорнай: у шэрагах Чырвонай Арміі ён, паводле звестак, удзельнічаў у вызваленні Сталінграда і Мінска, больш за тое, нават дайшоў да Берліна.

Чаму ён пасля дэмабілізацыі вырашыў не вяртацца да сябе на радзіму, у Сібір, а замест таго перасяліўся ў Мінск, няясна. Можа, хацеў пазбегнуць працоўнай павіннасці ў калгасе? Шукаў у горадзе лепшых умоваў працы і жыцця? Ці яму проста падабалася жыццё ў еўрапейскай частцы Савецкага Саюза? Заднім чыслом, зразумела, тут жа спаслаліся на альтруістычны матыў: ён нібыта захацеў папрацаваць на адраджэнні горада, які бачыў салдатам у руінах. Няма сумневу, што Упраўленне па адбудове горада Мінска з радасцю прымала кожнага кваліфікаванага рабочага, хаця з прычыны замацавання рабочых за працоўнымі месцамі, уласна кажучы, трэба было б атрымаць загад на марш, прычым у выпадку вялікай колькасці людзей — з уласным подпісам Сталіна. Як бы там ні было, мінскае ўпраўленне па адбудове горада магло няшмат прапанаваць сваім супрацоўнікам. Прыбыўшы ў 1946 г. на сталае жыхарства ў беларускую сталіцу, Булахаў разам з сям’ёю спачатку мусіў мірыцца з жыццём у часовых прыстанках, у палатках, зямлянках ды сутарэннях[3].

Калі напрыканцы 1947 г. цягам абмену дэлегацыямі будаўнікоў дайшло да абвяшчэння „сацыялістычнага спаборніцтва” паміж Мінскам і Сталінградам, якое доўжылася потым больш за дзесяць гадоў, непрыкметна надышоў час муляра Булахава, на той момант ужо прынятага ў камуністычную партыю Беларусі[4]. Ён стаў вядомы як супернік у індывідуальным спаборніцтве свайго сталінградскага калегі Мікалая Акімавіча Грачова і трапіў на ролю ўзорнага працаўніка, якому з цягам часу прыпісвалі ўсе важныя ініцыятывы ў будаўнічай галіне. З нагоды 30-годдзя БССР ён атрымаў у студзені 1949 г. ордэн Леніна, найвышэйшую ўзнагароду Савецкага Саюза. У 1950-1963 г. ён побач са сваёй прафесійнай дзейнасцю адзначыўся таксама ў якасці дэпутата Мінскага гарадскога савета. У 1950-я г. рэгулярна выступаў з матэрыяламі ў афіцыйнай урадавай штодзённай газеце „Советская Белоруссия”[5]. І вось нарэшце 10 жніўня 1958 г. надышоў ключавы момант: Булахава ўзнагародзілі Залатой Зоркай Героя Сацыялістычнай Працы[6]. Але на гэтым заслугі Дзяніса Рыгоравіча яшчэ далёка не скончаныя. У 1961 г. ён як брыгадзір будтрэста № 4 Галоўмінскбуда перадаў свой досвед шырокай публіцы ў брашуры „Строим город”[7]. У 1965 г. ён урэшце скончыў сваю працоўную дзейнасць. Яго другі раз ушанавалі ордэнам Леніна і надалі прывілеяваны статус персанальнага пенсіянера. Калі горад Мінск у 1967 г. з нагоды 900-годдзя свайго заснавання ды 50-гадовага юбілею Кастрычніцкай рэвалюцыі ўвёў тытул ганаровага грамадзяніна, Дзяніс Булахаў быў у ліку першых яго ўладальнікаў поруч з афіцэрамі Аляксеем Бурдэйным з Масквы ды Мікалаем Колычавым з Куйбышава, якія адзначыліся пры вызваленні беларускай сталіцы ад нямецкіх акупантаў[8]. Але рэшту свайго жыцця Дзяніс Булахаў правёў не ў шыкоўных па савецкіх мерках апартаментах на раскошнай вуліцы ў цэнтры, а ў новай кватэры на вуліцы Сяргея Прытыцкага, каля другога транспартнага кальца ў заходняй частцы горада. Ён памёр дзесьці ў 80-я г. Яго брыгада, паводле звестак, пабудавала жылыя дамы насупраць чыгуначнага вакзала, спраектаваныя як брама горада, Галоўны ўніверсальны магазін і Палац [культуры] прафсаюзаў, а таксама яшчэ 43 будынкі, у тым ліку 7 школ, 3 дзіцячыя садкі і 18 жылых дамоў.

ІІ. Будаўніцтва сацыялістычнага горада

Першая частка біяграфіі, г. зн. непарыўная повязь Булахава як рэальнага чалавека са сталінскай сістэмай, нас цікавіць менш, чым другая, якую назавем стварэннем пад маркай дэсталінізацыі культу асобы будаўніка Дзяніса Рыгоравіча. Дзеля гэтага неабходнаяшчэ раз звярнуццада вырашальных момантаў яго жыцця ды змясціць гэтыя падзеі ў гістарычны кантэкст.

1. Дапамога з Сібіры. Дзяніс Рыгоравіч паўстае перад намі як высокі мужчына, „тыповы” сібірак. Твар заслужанага чалавека на ілюстрацыі 1 з моцнымі скуламі, шырокім носам, кусцістымі бровамі, строгім позіркам, высокім ілбом і вузкімі вуснамі выражае рашучасць і энергію[9]. У кантэксце русіфікацыі, якая пачалася ў Беларусі пасля Другой сусветнай вайны і адбілася ў прызначэнні этнічных рускіх на кіраўнічыя пасады ды манапольным становішчы рускай мовы ў школах, нікога не магло здзівіць, што героем быў абраны менавіта сібірак Булахаў. Яго асоба найлепшым чынам увасабляла дапамогу ў адбудове, якую рускі народ, чыя сіла ўсяляк усхвалялася, аказваў беларускай сталіцы ў матэрыяльным аспекце. Аўтаматычна ўзнікае пытанне: ці ж гэты чалавек у адзіночку нанава будаваў горад Мінск, забяспечваў яго жыхароў кватэрамі? Гэтыя поспехі ні ў якім разе нельга лічыць справай адно толькі жанчын, што працавалі на разборы руін, або набраных у сельскай мясцовасці дапаможных рабочых. Ачышчэнне ад развалін, рамонт манументальных будынкаў і будаўніцтва жылых дамоў, фабрык ды заводаў вялося ў непасрэдна пасляваенны час не столькі сіламі насельніцтва, якое выходзіла на нядзельнікі, колькі за кошт выкарыстання працы ваеннапалонных ды зняволеных. Насамрэч у 1949г., калі культ Сталіна дасягнуў свайго апагею, Булахаў атрымаў ордэн Леніна, а апошнія рэгулярныя ваеннапалонныя пакінулі краіну, цэнтр горада яшчэ быў адноўлены недастаткова, каб на галоўнай плошчы да 70-годдзя савецкага „правадыра” магло адбыцца ўрачыстае адкрыццё помніка.

2. Сацыялістычнае спаборніцтва са Сталінградам. Узвышэнне Булахава да героя было прадвызначана ордэнам Леніна, але не было непазбежным, зважаючы на вялікую колькасць рабочых-будаўнікоў у Мінску: лічба занятых у будаўнічай галіне вырасла з 22 000 у 1950 г. да 33 800 у 1960 і да 63 900 у 1970 г. Булахаў падыходзіў да выканання грамадскай функцыі дзякуючы сваёй прафесіі муляра. Такі персанаж найлепш увасабляў метафару пра „пабудову сацыялізму”. Рэканструкцыю цэнтра і будаўніцтва фабрык, заводаў ды жылых дамоў цяпер можна было прадставіць літаральна працай рук аднаго чалавека. Але Дзяніса Рыгоравіча вылучыў на пярэдні план не адзін пэўны гераічны ўчынак, а, хутчэй, палітыка малых крокаў. Булахава ўзнесла прапагандысцкая хваля, выкліканая сацыялістычным спаборніцтвам са Сталінградам, у якім ён удзельнічаў. Фактычна гарадское планаванне і будаўніцтва ў Мінску ў 40-я г. знаходзіліся ў крызісе з-за недахопу кадраў, дэфіцыту сыравіны і матэрыялаў ды, не ў апошнюю чаргу, з-за карпаратыўнага інтарэсу наменклатуры. Будавалі, асабліва што да жылля, толькі невялікую частку таго, што патрабавалася. У гэтай сітуацыі партыя зноў дала імпульс стаханаўскаму руху і заклікала вучыцца ў горада-героя Сталінграда. На падставе ўзаемных паездак дэлегацый распачаўся абмен досведам. Заключэнне індывідуальных альбо калектыўных дамоваў і прыняцце аднабаковых абавязкаў, якія праз публікацыі ў штодзённых газетах рабіліся грамадскай справай, мусілі прывесці да падвышэння нормаў і, такім чынам, выканання ды перавыканання гаспадарчых планаў. Сапраўднай мэтай было, зразумела, павялічыць эфектыўнасць працы, прымяняючы матэрыяльныя ды ідэалагічныя стымулы, а таксама ўславіць патэнцыял новых тэхналогій. У звязку з гэтым варта згадаць, што метад працы „пяцёркай”, стварэнне якога прыпісваюць маскоўскаму муляру Фядосу Шаўлюгіну, першапачаткова быў уведзены ў Мінску не Булахавым, як тое зноў і зноў сцвярджалі пазней, а — згодна з тагачаснымі публікацыямі — яго калегам Анфілам Кандрацьевічам Філіпавым[10]. У адрозненне ад „тройкі”, калі муляру дапамагалі толькі два чалавекі, у пяцёрцы дапаможныя работы выконвалі адразу чатыры чалавекі, так што гэты метад дазваляў не толькі перавыканаць, паводле звестак, вытворчы план у два з паловай разы, але і больш інтэнсіўна выкарыстоўваць на будаўніцтве працу жанчын. Тэорыя сацыяльнай філасофіі марксізму-ленінізму патрабавала сфармаваць зацікаўлены ва ўсеагульным дабрабыце клас кваліфікаваных рабочых і, адпаведна, распрацаваць этас групы, арыентаваны на пэўныя ўзоры. Але позірк на рэальны стан рэчаў на будоўлі сведчыць: дапаможныя рабочыя якраз мусілі туліцца ў часовых прыстанішчах ды ўбогіх інтэрнатах, чаму яны і карысталіся кожнай магчымасцю змяніць месца працы — да 1956 г. зрабіць так без дазволу працадаўцы значыла парушыць закон. У Савецкім Саюзе будаўнічая галіна да апошняга заставалася трамплінам для маладых вяскоўцаў без кваліфікацыі, які дазваляў тым ці іншым чынам асталявацца ў горадзе, не маючы афіцыйнага дазволу на пражыванне тут.

3. Пералом у будаўніцтве. Падобна іранічнаму жарту гісторыі, у той момант, калі ішло ўзвышэнне муляра Дзяніса Булахава да героя, пад дэвізам „Танней, хутчэй, лепш” ужо абазначыўся вялікі пералом у будаўнічай справе. Пасля таго як з канца 40-х г. усё больш выразнай рабілася неабходнасць эканоміць, Хрушчоў звёў рахункі са сталінскімі архітэктарамі, распачаўшы ў 1954 г. на Усесаюзнай нарадзе будаўнікоў у Маскве кампанію супраць дэкаратыўнай „празмернасці” („архитектурных излишеств”). Адмовіўшы архітэктуры ў прэтэнзіях, ён адначасова зрабіў сумнеўным існаванне прафесійнай групы, якая дагэтуль займала месца на верхніх прыступках савецкай сацыяльнай структуры, карыстаючыся адпаведным прэстыжам ды прывілеямі. А вось працаўнікам на месцах, наадварот, спачатку бадай не было на што скардзіцца: у 1956 г., калі на ХХ з’ездзе партыі распачалася дэсталінізацыя, майстры кшталту Дзяніса Булахава былі яшчэ раз ушанаваныя ўключэннем у каляндар савецкіх святаў„Дня будаўніка” 12 жніўня[11]. Хаця праграма жыллёвага будаўніцтва 1957 г. азначала канчатковую пераарыентацыю будаўнічай галіны на курс, што вёў праз стандартызаваныя тыпавыя праекты ды прамысловы выраб канструктыўных элементаў да панэльных будынкаў, аднак партрэтныя здымкі ўштодзённых газетах гэтага перыядуяшчэ паказвалі будаўнікоў у традыцыйным антуражы: на фоне цаглянай сцяны, што расце ўвышыню, з кельмай у руцэ[12]. Зробленая беларускім мастаком Сямёнам Пятровічам Герусам у 1958 г. літаграфія „Будаўнік Мінска” (іл. 2), наадварот, наглядна адлюстроўвае ідэі прапаганды, хаця з улікам факта, што выкарыстанне новых метадаў не магло пачацца на раніцу наступнага дня, яна яшчэ апераджае свой час[13]. Па рысах твару адназначна відаць, што Булахаў паслужыў прататыпам „стваральніка” беларускай сталіцы — бо слова будаўнік мае і такое значэнне; гэтая здагадка падмацоўваецца, зразумела, яшчэ і тым, што якраз у 1958 г. Дзяніс Рыгоравіч атрымаў званне Героя. Падобны да партызана „Вялікай Айчыннай вайны”, увекавечаны ён на літаграфіі — не баючыся ані ветру, ані непагадзі, у ватоўцы, рукавіцах, шапцы-вушанцы, з шалікам на шыі. У іканаграфічным плане ён паўстае перад гледачом франтальна, у позе чалавека, што пераможна аглядае дзялянку, прычым яго рашучасць дадаткова акцэнтаваная тым, як ён прыціскае страховачны ланцуг. Перспектыва пабудаваная так, што глядач мусіць глядзець на яго знізу ўверх і заўважае над выпнутай грудной клеткай, падкрэсленай страховачным поясам, які нагадвае патронную стужку, брыгаду, што караскаецца па рыштаванні. У гэты момант замацоўваецца аптычнае ўражанне, што і кіраўнік брыгады не можа стаяць на цвёрдай зямлі, хаця — ці якраз таму што — мастак свядома не паказаў, дзе стаіць пратаганіст. Дзякуючы кантрасту чорнага і белага прыродныя фарбы пераходзяць адна ў адну, контуры знікаюць, і ўвесь задні план патыхае сталлю — тым рэчывам, з якога зробленыя героі. Робіцца ясна: „стваральнік Мінска” больш не арудуе кельмай ды цэглай, а мае справу з кранамі ды зборнымі элементамі. Ён як прарок падымаецца над аблокамі і глядзіць у прышласць, што адкрываецца пакуль толькі ягонай сіле прадбачання, — у прышласць, якую суровыя кліматычныя ўмовы здольныя засціць адно блізарукім ды маладушным. Адваротным бокам медаля было тое, што Дзянісам Рыгоравічам Булахавым скарысталіся ў інтарэсах справы, а гэта было несумяшчальна з рамяством, якім ён валодаў.

4. Трагічны герой. На мяжы 50 і 60-х г. даміноўнай ідэяй у савецкім горадабудаўніцтве стаў мікрараён — забяспечаны ўсімі неабходнымі жыллёва-камунальнымі ды сацыяльнымі паслугамі комплекс пяціпавярховых шматкватэрных жылых дамоў з плоскім дахам, першапачаткова разлічаны на 15-20 тыс. чалавек. У Мінску першы мікрараён, рэпрэзентатыўны праект будаўніцтва 60-х г., паўстаў на ўсходняй ускраіне горада. Так зародкавая каморка сацыялістычнага горада перамясцілася з яго цэнтра на перыферыю. Як напамін пра спаборніцтва гарадоў на этапе адбудовы вуліцу, што вяла да мікрараёна, назвалі ў гонар горада-героя Сталінграда (з 1961 г. Валгаград)[14].З гэтагачасу малюнак будаўнічай пляцоўкі, а роўным чынам і рабочага-будаўніка ў СМІ стаў мяняцца ў напрамку, прадвызначаным мастаком Герусам. Цяпер попытам карыстаўся ўжо не муляр, які цагліна за цаглінай выкладвае сцяну дома, а кран, што дастаўляе гатовыя элементы ў патрэбнае месца на дзялянцы новабудоўлі. У гэтым кантэксце апублікаваны ў 1961 г. „тэстамент” Дзяніса Булахава, які з’явіўся адначасова з новай праграмай КПСС, што абвяшчала пераход ад сацыялізму да камунізму, чытаецца як трагедыя[15]. У брашуры „Строим город”, пэўна напісанай за Булахава, малюецца стылізаваны вобраз прасякнутага духам калектывізму і гатоўнасцю працаваць чалавека, які ў інтарэсах усеагульнага дабрабыту прывучае сябе да таго, што сацыялістычнае спаборніцтва ды выкананне планавых заданняў робіцца яго асабістай справай. Гэта „справаздача” напісана мовай простага, „рускага” чалавека. Асноўная тэма — праца брыгады канчатковай прадукцыі мінскага будтрэста № 4, адметная рыса якой у тым, што яна адказвае за будаўніцтва дома ад катлавана і да даху. Падрабязна апісаныя аўра сацыялістычнага горада, калектыў як мікракосм савецкага грамадства і прафесійны этас брыгадзіра.

Па-першае, услаўляецца Мінск як радзіма. Тут трэба сказаць пра адмысловую форму патрыятызму, які жывіцца не традыцыямі, а эстэтыкай „новага жыцця”, бо пасля гібелі гістарычнага „капіталістычнага” горада ў Другой сусветнай вайне, маўляў, вырас новы горад, адметны сваёй прыгажосцю. Ён выступае як адміністратыўны, культурны і прамысловы цэнтр, прапануе сваім жыхарам усе магчымыя даброты, на якіх заснаваны мадэрнісцкія прынцыпы планіроўкі гарадоў (святло, паветра, зеляніна)[16]. Па-другое, працоўныя дасягненні брыгады Булахава з дваццаці двух чалавек тлумачацца імпульсам камуністычнай маралі. Вырашальны для поспеху, маўляў, не выключны стан, г. зн. прывілеяваныя ўмовы для выдатных працаўнікоў, а пачуццё адказнасці ды карпаратыўны дух звычайных людзей. Сюды належыць, паводле брашуры, інтэграцыя ў калектыў яго слабейшых сяброў, уключна з супольным пераадоленнем такіх дрэнных звычак, як курэнне ды п’янства, дзейны прынцып крытыкі ды самакрытыкі, выпрабаванне новых метадаў і ашчаднае стаўленне да матэрыялаў. Вось жа, маўляў, каб здзейсніць пераўтварэнне „старога” чалавека ў „новага”, дастаткова толькі мацаваць самадысцыпліну і бачыць сэнс працы ў карысці калектыву. Па-трэцяе, брыгадыр мусіць вылучацца любоўю да сваёй прафесіі ды ўдасканаленнем свайго майстэрства. Але рэалізавацца ён, маўляў, можа толькі тады, калі ў дадатак сур’ёзна ставіцца да сваёй прасякнутай патрыярхальным духам ролі выхавацеля і настаўніка ды перадае свае здольнасці і перакананні наступнаму пакаленню. Кола абмаляванай сістэмы ўзаемасувязяў замыкаецца, нарэшце, зваротам да жыллёвага пытання: каб зрабіць рэальнасцю яго развязанне, абяцанае ў праграме партыі, неабходныя „подзвігі ў працоўнай галіне”. Сама гэтая фармулёўка ўжо сведчыла, што размова ідзе пра справу, якая вымагае не надчалавека, а шараговага працаўніка. Асабісты трагізм у лёсе Булахава і яго калег мы бачым тут у тым, што былыя героі мусілі ахвяраваць сабою, мяняць ідэнтычнасць, робячыся з муляраў мантажнікамі.

5. Водгулле легенды. Хаця пасля ўкаранення буйнапанэльнага будавання муляры больш не былі патрэбныя ў якасці персанажаў прапаганды, а жыхары мікрараёнаў зноў і зноў скардзіліся на халтуру ў будоўлі, легенда пра героя далёка перажыла выхад Дзяніса Рыгоравіча Булахава на пенсію. Пра яго часам успаміналі, калі трэба было згадаць намаганні насельніцтва Мінска па адбудове горада пасля вайны. Ён быў таксама чаканым прамоўцам на паседжаннях партыйнага актыву будаўнічай галіны і папулярным сведкам падзей на ўроках краязнаўства ў школах свайго горада. Пры гэтым да яго ставіліся не толькі як да ўзору, але таксама — і перадусім — як да заснавальніка новага горада і новай традыцыі[17]. Яго слава пачала блякнуць, толькі калі міф сацыялістычнага горада страціў сваю інтэграцыйную сілу і быў заменены міфам горада-героя.

ІІІ. Чалавек-герой і горад-герой

Каб знайсці адказ на пастаўленыя ў пачатку пытанні пра сэнс міфа гераізму, на апошнім вітку трэба яшчэ раз паглядзець пад іншым вуглом на тую аснову, на якой быў намаляваны вобраз персанажа прапаганды Дзяніса Рыгоравіча Булахава[18]. Адносна таго, як узнікла званне героя, зазначым, што абазначэнне „Герой Працы” было ўведзена ў 1927 г., а ў 1938 г. пашырана да „Герой Сацыялістычнай Працы”. Тытул „Герой Савецкага Саюза” быў адмыслова створаны ў 1934 г. для лётчыкаў, якія ратавалі ўдзельнікаў экспедыцыі затанулага ў Паўночным Ледавітым акіяне „Чалюскіна”. Міф лётчыкаў і стаханаўскі рух прывялі да ўзнікнення культу герояў. Дыскурс, які свядома фармавалі бальшавікі, разгортваўся вакол адданай барацьбы за сацыялізм, якую вядзе „вялікая сям’я” са Сталіным-бацькам і Радзімай-маці. У гэтым комплексе героі адказвалі за здзяйсненне надзвычайных рэчаў і, такім чынам, выконвалі ролю піянераў і прыкладаў. Пры гэтым з назоўнікам герой і прыметнікам гераічны звязвалася ўяўленне пра актыўнасць і гатоўнасць да працоўных здзяйсненняў. Ад герояў-лётчыкаў ды герояў працы 30-х г. было недалёка да герояў вайны 40-х г., большая частка якіх зазнала пашану і павагу толькі пасля смерці. У час вайны культ герояў узбагаціўся двума аспектамі. Па-першае, колькасць герояў імкліва ўзрасла ў дваццаць разоў: з 626 да прыкладна 12 500 чалавек. Па-другое, ідэя гераізму канкрэтызавалася з наданнем Сталінграду ў 1943 г. звання „горад-герой”. Быць героем азначала цяпер самаахвярна служыць радзіме і няўмольна супраціўляцца вонкаваму ворагу. У пасляваенны час флюгер павярнуўся яшчэ раз. Калі пры Хрушчове пачалі прапагандаваць пераадоленне культу асобы ды пабудову камунізму, званне героя страціла сваё значэнне эксклюзіўнасці. Празмерная шчодрасць у раздачы ўзнагарод вяла намінальна да фармавання грамадства герояў. З аднаго боку, значэнне подзвіга асобнага чалавека цягам масавай гераізацыі зніжалася да штодзённай справы. 3 другога — кожны камуніст атрымліваў магчымасць выканаць абавязак героя.

У звязку з гэтым адбылася ідэалагічная метамарфоза Мінска — ад „сацыялістычнага горада” да „горада-героя”. Гэтую з’яву можна зразумець толькі на фоне трохступеньчатага працэсу сацыяльных пераўтварэнняў, які Савецкі Саюз перажыў цягам індустрыялізацыі ды ўрбанізацыі за 74 гады сваёй гісторыі. Калі сталінізм інтэрпрэтаваць як зрух да эканамічнай мадэрнізацыі, то ў канцы 20-х г. савецкае грамадства зазнала мабілізацыю, у канцы 30-х — атамізацыю, a ў канцы 50-х — кансалідацыю. У якасці асобных этапаў вылучаюцца нівеляванне насельніцтва (нацыяналізацыя прамысловасці, калектывізацыя сельскай гаспадаркі, ліквідацыя класавых ворагаў), змена эліт (пралетарызацыя выхадцаў з вёскі, падвышэнне статусу кваліфікаваных работнікаў і спецыялістаў, партыйныя чысткі) і замацаванне новых ерархій (наменклатура, рабочыя дынастыі, інтэлігенцыя як класавая сіла). Узаемазвязана з гэтым працэсам адбывалася імклівая ўрбанізацыя, на якую мусілі рэагаваць распрацоўшчыкі планаў сацыяльнай палітыкі. У канцы 20-х г. дыскурс у горадабудаўніцтве адштурхоўваўся ад утапічных праектаў жыцця, у сярэдзіне 40-х — ад забеспячэння базавых патрэбаў, а з 60-х г. — ад самаразвіцця індывідуальных уласцівасцяў. Арыенцірам у будаўніцтве жылля быў спачатку дом камуны, потым „камуналка” і, нарэшце, мікрараён. У той час як для грамадства ў цэлым Другая сусветная вайна стала каталізатарам, для кожнага асобнага індывіда яна ўяўляла сабою пераломны момант, калі нанава паўстала пытанне пра прыналежнасць чалавека да пэўнага лагера. У 20-30-я г. ідэнтычнасць вызначалася сацыяльным паходжаннем, у 50-60-я — паводзінамі на вайне. Адпаведна ў плоскасці сябар — вораг у 30-я г. супрацьстаялі „стаханавец” і „кулак”, а ў 50-я — „партызан” і „калабарант”. Абапіраючыся на гэтую перадумову, Хрушчоў і Брэжнеў здолелі ў перыяды дэсталінізацыі і ўзнікнення неасталінізму забяспечыць грамадскі кансенсус у шырокіх масах насельніцтва, адказваючы сваёй сацыяльнай палітыкай на імкненне да годнага жылля ды спажывання і абуджаючы ў сваёй прапагандзе антыфашысцкія і пацыфісцкія настроі.

Таму не дзіва, што Мінск у гэты перыяд быў пасля Сталінграда (Валгаграда), Ленінграда, Кіева, Адэсы, Севастопаля, Масквы, Брэсцкай крэпасці, Керчы ды Наварасійска абвешчаны дзясятым горадам — Героем Савецкага Саюза. Праўда, з-за супярэчнасцяў паміж Крамлём і свядомай „партызанскай фракцыяй” узнагароджанне адбылася толькі 26 чэрвеня 1974 г. з нагоды 30-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецкай акупацыі. Высокі гонар быў абгрунатаваны ва ўказе Вярхоўнага Савета СССР тым, што сталіца Беларусі мае „заслугі перад Радзімай” у барацьбе з нацызмам і адыграла адмысловую ролю ў развіцці партызанскага руху, так што можна казаць пра яе мужнасць і гераізм, нягледзячы на тры гады пад акупацыяй. З боку кампартыі БССР паслядоўна рабілася прывязка да савецкага патрыятызму, каб скарыстацца суцэльным канонам каштоўнасцяў гераічнага міфа. У такой інтэрпрэтацыі паміж „подзвігам у баі” і „подзвігам на працоўным фронце” існавала ўзаемная залежнасць. Паводле яе, выкананне і перавыкананне пяцігадовых планаў было тоесным далейшым перамогам у барацьбе за камунізм[19].

IV. Падсумаванне

Гераічны міф і мемарыяльныя рытуалы служылі ў Савецкім Саюзе, каб настройваць насельніцтва на ўспрыманне афіцыйнага канона нормаў і каштоўнасцяў. Камуністычная партыя намагалася здабыць сабе легітымацыю праз фетышызацыю тэхнічнага прагрэсу і давесці эфектыўнасць цэнтралізаванай планавай эканомікі, стымулюючы працоўныя дасягненні. Аднак стабільнасць палітычнай сістэмы ў паслясталінскую эпоху грунтавалася, па сутнасці, на тым, наколькі забяспечваліся рост узроўню жыцця і магчымасці індывідуальнай самарэалізацыі. Гарантыя наяўнасці працоўных месцаў і стабільнасць цэнаў стваралі перадумовы для дасягнення кансэнсусу ў масах. Узнагароды і прывілеі фіксавалі розніцу ў статусе і спрыялі дыферэнцыяцыі ўнутры сацыяльнай структуры. Улады патрабавалі канфармізму, адказам грамадства была арыентацыя на спажыванне. У гэтым кантэксце „герой” увасобіў у той ці іншай форме даступны ўсім „савецкім людзям” праект жыцця, які не толькі служыў падтрымцы сацыялізму, але і дазваляў атрымаць ад гэтага ладу карысць.

Вось жа, паміж культам герояў 30 і 50-х г. была сутнасная розніца, абумоўленая стратай утопіі. Прапаганда прыменшыла „надчалавека” да нармальных памераў. Ад Булахава зусім не вымагалі такіх выбітных дасягненняў, як у свой час ад Стаханава, які яшчэ цалкам адпавядаў тыпу апантанага працаўніка. Дзяніс жа Рыгоравіч быў, дый у 60-я г. заставаўся героем лакальнага маштабу. З аднаго боку, ён рэпрэзентаваў прафесійную групу рабочых-будаўнікоў, і яго, адпаведна, усхвалялі як рацыяналізатара ды механізатара. Ручная праца выйшла з моды ў народнай гаспадарцы. З другога боку, ён выступаў носьбітам надзей масы насельніцтва, якое пакутавала ад нястачы жылля, і ў гэтым плане ён мусіў выпраменьваць энтузіязм і гатоўнасць задаволіцца малым. Адначасова ён увасабляў традыцыі „новага Мінска”. За згасанне зоркі Дзяніса Рыгоравіча ў 70-80-я г. адказныя, перадусім, тры фактары. Па-першае, пераход ад этапу адбудовы да буйнога індустрыяльнага горада быў звязаны са зменай пакаленняў і зменамі ў ідэнтычнасці. Па-другое, у эпоху серыйнай вытворчасці тып муляра больш не быў запатрабаваны. Па-трэцяе, інфляцыя, якая закранула званне героя ў час дэсталінізацыі, і перавод ідэі гераізму ў матэрыяльную плоскасць прывялі да зніжэння аўтарытэту выдатных асобаў. Нарэшце, калі Савецкі Саюз пад ціскам звонку распаўся, пачаўся пошук нацыянальнай ідэалогіі праз зварот да традыцый дарэвалюцыйнага часу і адбылося прыняцце стратэгіі жыцця і выжывання, арыентаванай на заходні дабрабыт. Хаця ў Мінску абышлося без скідання старых ідалаў, камуністычныя сімвалы і помнікі адклаліся ў калектыўнай памяці як рэлікты са старадаўніх часоў і схаваліся пад напластаваннямі іншага досведу. Адзін з гэтых новых міфаў кажа пра высакаякасную працу, пра якую сведчаць дамы, пабудаваныя ваеннапалоннымі, а не тыя будынкі, што ўзводзілі будаўнікі кшталту Дзяніса Булахава.

Пераклад Сяргея Паўлавіцкага


[1] У рускай мове зваротак складаецца з імя ды імя па бацьку, у той час як прозвішча ідэнтыфікуе індывіда нейтральным чынам, таму далей мы будзем казаць „Дзяніс Рыгоравіч”, калі размова ідзе пра персанаж прапаганды, і „Булахаў”, калі маем на ўвазе рэальную асобу.
[2] Гл.: Минск — город-герой. Справочник. Минск, 1976. С. 257; Почетные граждане города Минска. Минск, 1980. С. 5-6.
[3] Thomas M. Bohn: Minsk — Musterstadt des Sozialismus. Stadtplanungund Urbanisierung in der Sowjetunion nach 1945. Köln — Weimar —Wien, 2008.
[4] Гл.: Социалистическое соревнование строителей Сталинграда и Минска / под ред. П. И. Котоводова. Минск, 1950.
[5] Напр., у наступным допісе Дзяніс Булахаў браў абавязак павысіць вытворчасць сваёй працы: Советская Белоруссия. 5.09.1950. № 179. С. 1.Разам з тым ён рабіў прапановы па эканоміі: Булахов Д. Комплексное снижение стоимости строительных работ // Советская Белоруссия. 6.06.1952. № 133. С. 2.
[6] Гл.: Михинов Н. Ветеран стройки // Советская Белоруссия. 16.08.1958. № 191. С. 1.
[7] Гл.: Булахов Д. Г. Строим город. Минск, 1961.
[8] Гл.: Аркадьев Б. Города почетный гражданин // Вечерний Минск.1.11.1967. № 1.С. 2.
[9] Гл. іл. 1. Узята з “Почетные граждане” (Гл. спас. 2.) С. 5.
[10] Параўн. разыходжанне ў гэтым пункце сведчанняў у: Социалистическое соревнование (гл. спас. 4). С. 33-34, 42-43; Астрейко А. И., Павлович В. Ю. Гордое имя — строитель. О делах и людях ордена Ленина стройтреста № 5 города Минска. Минск, 1975. С. 34-35.
[11] Гл.: Праздник советских строителей // Советская Белоруссия. 12.08.1956. № 187. С. 1, 2.
[12] Параўн. здымак Дзяніса Булахава // Советская Белоруссия. 22.10.1957. № 250. С. 1.
[13] Узята з: Беларуская станковая графіка. Мінск, 1978. С. 87.
[14] Гл.: Мы расскажем о Минске. 2-e, перераб. и доп. изд. Минск, 1966.С. 88-96.
[15] Булахов Д. Строим город (гл. спас. 7).
[16] Параўн. у гэтым сэнсе таксама: Булахов Д. Прекрасный родной Минск // Советская Белоруссия. 3.07.1959. № 154. С. 3; ён жа: Утро над Минском // Советская Белоруссия. 26.05.1964. № 121. С. 2.
[17] Параўн.: Харкевич А. Человек и его город // Советская Белоруссия. 11.01.1973. №9. С. 2.
[18] Гл.: Günther H. Der sozialistische Übermensch. M. Gor’kij und dersowjetische Heldenmythos. Stuttgart — Weimar, 1993. S. 155-197;Arnold S. R. Stalingrad im sowjetischen Gedächtnis. Kriegserinnerung und Geschichtsbild im totalitären Staat. Bochum, 1998. S. 7-13; Yurovsky V. Ein Vergleich des Heldenkults in der Sowjetunion der dreißiger und sechziger Jahre // Forum für osteuropäische Ideen- und Zeitgeschichte 5 (2001, 1).S. 155-181.
[19] Гл.: Подвиг народа бессмертен. О праздновании 30-летия освобождения Советской Белоруссии от немецко-фашистских захватчиков. Минск, 1975.

Наверх

East and West. History and Contemporary State of Eastern Studies. Ed. J. Malicki, L. Zasztowt (Александр Ціхаміраў)

Снежня 4, 2009 |

East and West. History and Contemporary State of Eastern Studies. Edited by JAN MALICKI and LESZEK ZASZTOWT. Conference Centre for East European Studies. University of Warsaw, October 26-28, 2008. — Warsaw, 2009. — 335 p.

Распад „сацыялістычнай садружнасці”, а потым і СССР на сумежжы 1980-х і 1990-х г. паклаў пачатак працэсу маштабных трансфармацый ва ўсходнееўрапейскім рэгіёне. Былая сістэма міждзяржаўных адносінаў разбурылася ўшчэнт. Пераважная большасць дзяржаў, што пасля Другой сусветнай вайны знаходзіліся ў сферы ўплыву СССР, стала рухацца ў бок Еўрапейскага Саюза і НАТА пад лозунгамі „вяртання ў Еўропу”. З 1991 г. гэты ж напрамак стаў прыярытэтным для Літвы, Латвіі і Эстоніі, якія аддзяліліся ад Савецкага Саюза. Расія пасля некаторага вагання аддала перавагу ідэі аднаўлення статусу „вялікай дзяржавы”. Што датычыць Беларусі, Украіны і Малдовы, то яны не змаглі выразна вызначыцца са сваімі прыярытэтамі і дагэтуль знаходзяцца ў пошуках аптымальнай мадэлі палітычнага развіцця і пазіцыянавання на міжнароднай арэне.

Пытанні самаідэнтыфікацыі дзяржаў і народаў Усходняй Еўропы, рэалізацыі ідэйных канструкцый у практычнай палітыцы разглядаюцца ў адпаведным зборніку, які стаў вынікам міжнароднай канферэнцыі, што адбылася ў Варшаве ў кастрычніку 2008 г. Актыўную ролю ў правядзенні гэтай канферэнцыі і выданні зборніка адыграў варшаўскі Цэнтр ўсходнееўрапейскіх даследаванняў.

У зборніку прадстаўлены артыкулы аўтараў з розных краін Еўропы (Аўстрыі, Польшчы, Літвы, Вялікабрытаніі, Беларусі, Чэхіі, Нямеччыны, Украіны), Расіі і ЗША. Ён складаецца з чатырох частак. Першая і трэцяя часткі кнігі прысвечаны пытанням гістарыяграфіі. У другой частцы разглядаюцца праблемы ўзаемаадносінаў Расіі з краінамі Ўсходняй Еўропы. Чацвёртая частка змяшчае артыкулы па польскай праблематыцы.

Трэба заўважыць, што аўтарскія артыкулы неаднародныя па сваім змесце. Еўрапейскія і расійскія аўтары імкнуцца да разгляду канкрэтных пытанняў, творы амерыканскіх аўтараў выглядаюць больш паліталагічнымі і публіцыстычнымі па змесце. Але размяшчэнне ўсіх гэтых артыкулаў у адным зборніку апраўданае, бо ўсе аўтары імкнуцца адказаць на пытанне, чаму народы ўсходнееўрапейскага рэгіёна не змаглі дасягнуць ідэйнай і палітычнай гамагеннасці, нягледзячы на тое, што практычна ўсе яны пасля падзення камунізму дэкларавалі прыхільнасць да ідэалаў свабоды, выказвалі павагу да правоў чалавека і палітычнага плюралізму.

Як адзначалася вышэй, вельмі дыскусійнымі выглядаюць творы амерыканскіх аўтараў. У прыватнасці, у артыкуле прафесара Гарвардскага ўніверсітэта Рычарда Пайпса, зробленым на аснове яго публікацыі ў часопісе „Foreign Affairs” (публікацыя адбылася ўвесну 2004 г.), даецца аналіз праблемы палітычнага развіцця Расіі ў кантэксце яе гістарычных традыцый. Даследчык лічыць, што Расія ніколі не была сапраўды свабоднай краінай, таму яе насельніцтва было няздольнае падтрымаць ідэалы свабоды ва ўмовах гарбачоўскай „перабудовы” і ельцынскай адмовы ад камунізму. Страх расіян перад свабодай і звязанай з ёй адказнасцю выкарыстаў Уладзімір Пуцін, які аднавіў асобныя элементы царска-савецкай сістэмы, павялічыўшы ролю дзяржаўнай бюракратыі ў кіраванні краінай (аўтарскі артыкул мае даволі красамоўную назву „Уцёкі ад свабоды”).

Прапанаваная аўтарам схема выглядае трохі спрошчанай. Нягледзячы на тое, што Расія сапраўды ніколі не з’яўлялася эталонам свабоды і дэмакратыі, трэба ўсё ж прызнаць, што ў другой палове ХІХ — пачатку ХХ ст. яна выразна трансфармавалася з абсалютысцкай дзяржавы ў канстытуцыйную манархію з развітымі нормамі публічнага і прыватнага права. Эвалюцыйны працэс перарваўся ва ўмовах Першай сусветнай вайны, што справакавалаглыбокі палітычны крызіс, вынікам якога сталі падзенне манархіі, распад Расійскай імперыі і ўрэшце ўсталяванне бальшавіцкай дыктатуры ў краіне. Але замацаванне ва ўладзе камуністаў суправаджалася няспынным супраціўленнем расійскага грамадства. Па сутнасці гісторыя Савецкай Расіі і СССР у 1917-1952 г. — гэта гісторыя змагання савецка-камуністычнага апарату з народам з прымяненнем метадаў непрыкрытага насілля (тэрору) у дачыненні да нязгодных з камуністычным панаваннем, што зусім не сведчыць аб схільнасці расійскага народа да рабства.

Змякчэнне савецкага палітычнага рэжыму ў другой палове 1950 — пачатку 1980-х г. падрыхтавала глебу для больш маштабных рэформ, якія адбыліся ў другой палове 1980-1990-х г. Аднак дэмакратычныя прынцыпы і стандарты, абвешчаныя ў якасці асновы палітычнай сістэмы СССР і Расійскай Федэрацыі ў гарбачоўска-ельцынскі перыяд, вельмі часта выглядалі як дэкларацыя і адпаведным чынам успрымаліся расійскімі грамадзянамі, нягледзячы на тое, што менавіта выступленні жыхароў Масквы і Санкт-Пецярбурга ў жніўні 1991 г. сарвалі спробу рэстаўрацыі былой партыйна-дзяржаўнай сістэмы ў выглядзе ГКЧП. Рэвалюцыйны энтузіязм пачатку 1990-х г. змяніўся апатыяй і раздражненнем, што ўрэшце паспрыяла прыходу да ўлады Уладзіміра Пуціна і перадвызначыла стыль яго палітычных паводзінаў, які выклікае негатыўную рэакцыю Рычарда Пайпса.

Крызісныя з’явы ў палітычнай і эканамічнай сферах, якія ўзніклі ў 1990-я г. і дагэтуль не пераадолены ў Расіі, сапраўды выклікаюць у расійскім грамадстве рост нацыяналістычных і шавіністычных настрояў, імкненне прытрымлівацца „асаблівага” шляху развіцця дзяржавы, жаданне тлумачыць цяжкасці падкопамі знешніх ворагаў і іх унутрырасійскай „агентуры”. Усё гэта ўскладняе рух расійскай дзяржавы па шляху класічнай дэмакратыі, але дэмакратычны трэнд застаецца прыцягальным для значнай часткі расійскага грамадства.

Як своеасаблівы адказ Пайпсу можна расцаніць артыкул даследчыцы з універсітэта Санта-Клара Джэйн Л. Кары, які прысвечаны „каляровым” рэвалюцыям на постсавецкай прасторы. Прааналізаваўшы адпаведны палітычны феномен, аўтар прыходзіць да высновы, што рэвалюцыі не былі ў поўнай меры народнымі выступленнямі і ажыццяўляліся пры актыўнай падтрымцы звонку. Менавіта гэта, з пункту гледжання Кары, перадвызначыла нетрываласць праведзеных палітычных пераўтварэнняў і цяжкасці пры распаўсюджванні дэмакратычных ідэалаў ва ўсходнееўрапейскім рэгіёне.

Артыкулы аўтараў з краін Еўропы і Расіі змяшчаюць карысныя звесткі па праблемах фармавання нацыянальнай самасвядомасці літоўцаў, палякаў, беларусаў, украінцаў, чэхаў. Важнай часткай працэсаў фармавання нацыянальнай самасвядомасці было вывучэнне гісторыі і культуры суседніх народаў і дзяржаў. У прыватнасці, на падставе матэрыялаў зборніка можна зрабіць выснову, што чэхі і палякі вельмі цікавіліся праблематыкай Расіі і СССР. Часткова гэта было звязана з пэўнай культурнай блізкасцю славянскіх народаў, часткова выклікалася страхам перад магчымасцю захопу больш моцным усходнім суседам і жаданнем паўплываць на яго развіццё. Імкненне асэнсаваць працэсы, што адбываліся на ўсходзе, спалучалася з захаваннем стэрэатыпаў, якія склаліся на больш ранніх стадыях гістарычнага развіцця (напрыклад, для палякаў такім стэрэатыпам стала „чорная легенда” Сібіры). У асобных выпадках даследчыкі знаходзіліся пад моцным ціскам ідэйна-палітычных фактараў. Асабліва гэты ўплыў адчуваўся ў ХХ ст. ва ўмовах супрацьстаяння розных грамадска-палітычных і сацыяльна-эканамічных сістэм і высокай ступені ідэалагізаванасці грамадства.

Вельмі цікавым у сувязі з вышэйсказаным выглядае артыкул прафесара Венскага ўніверсітэта Андрэаса Капэлера. Аўтар разглядае праблемы вывучэння Расіі нямецкамоўнымі вучонымі на працягу ХХ ст. Артыкул мае назву „Паміж навукай і палітыкай” і ў ім выразна адлюстравана спецыфіка падыходаў нямецкамоўных навукоўцаў да аб’екта іх вывучэння. Паводле Капэлера, даследаванні часта праводзіліся з улікам паноўнай ідэалогіі, якая вызначала іх рамкі і метадалагічныя падыходы. Аўтар артыкула лічыць, што найбольш плённым у вывучэнні гісторыі Расіі і СССР стаў перыяд „халоднай” вайны, калі ў нямецкамоўных краінах (ФРГ, ГДР, Аўстрыі, Швейцарыі) з’явіліся цэлыя навуковыя школы вывучэння еўрапейскага Усходу (45). Карысным было і тое, што даследаванні праводзіліся з выкарыстаннем розных метадалогій і ахоплівалі шырокі дыяпазон праблем (гендэрная гісторыя, гісторыя нацыянальнасцяў, гісторыя культуры, біяграфічныя даследаванні і г. д.). Завяршэнне „халоднай” вайны адкрыла перад даследчыкамі новыя магчымасці ў вывучэнні Расіі (стала лягчэй ажыццяўляць паездкі ва ўсходнім напрамку, працаваць у архівах і бібліятэках Расіі і іншых дзяржаў СНД), але завяршэнне блокавага супрацьстаяння ў Еўропе знізіла цікавасць нямецкамоўнага грамадства да постсавецкай прасторы наогул і да Расіі ў прыватнасці.

У адрозненне ад нямецкамоўных краін у краінах, якія раней уваходзілі ў склад „савецкага блока” (Польшча, Чэхія), завяршэнне „халоднай вайны” не толькі не прывяло да зніжэння цікавасці навукоўцаўда праблем еўрапейскага Усходу, але ва ўмовах знікнення СССР павысіла яе, запатрабаваўшы вызначэння палітыкі адносна новых краін на постсавецкай прасторы. Да таго ж даследчыкі з краін Цэнтральнай і Усходняй Еўропы атрымалі магчымасць праводзіць свае даследаванні на аснове новых метадалагічных установак, што было немагчыма ў часы панавання камуністычнай ідэалогіі. Важную ролю ў вывучэнні ўсходнееўрапейскай праблематыкі цяпер адыгрываюць спецыяльныя навукова-даследчыцкія цэнтры. Адзін з іх — варшаўскі Цэнтр усходнееўрапейскіх даследаванняў, які выступае ў якасці правапераемніка навуковых устаноў, што існавалі ў Польшчы паміж дзвюма сусветнымі войнамі (Усходніхінстытутаў у Варшаве і Вільні). З матэрыялаў зборніка відаць, што даследчыкаў з Цэнтральнай і Усходняй Еўропы цікавіць не толькі Расія, але і іншыя дзяржавы на ўсходзе Еўропы. Напрыклад, у Польшчы ў пачатку ХХІ ст. значная ўвага стала аддавацца вывучэнню Грузіі.

Зразумела, для беларускай грамадскасці асаблівую значнасць маюць артыкулы, звязаныя з беларускай праблематыкай (іх у зборніку тры). Першы з іх — артыкул даследчыка з Інстытута філасофіі і сацыялогіі Польскай акадэміі навук Андрэя Ціхамірава, прысвечаны праблемам вывучэння „заходнерусізму”. У другім артыкуле, падрыхтаваным даследчыкам з Польскай акадэміі навук Янам Шумскім, разглядаюцца праблемы правядзення калектывізацыі ў Заходняй Беларусі ў 1947-1952 г. І, нарэшце, у трэцім артыкуле, аўтар якога — даследчык з Люблінскага ўніверсітэта імя Марыі Складоўскай-Кюры Рышард Радзік, разглядаюцца пытанні фармавання самаідэнтыфікацыі беларусаў на мяжы ХХ і ХХІ ст.

Андрэй Ціхаміраў лічыць, што „заходнерусізм” як ідэйная плынь сфармаваўся ў другой палове ХІХ ст., але ўмацаваўся ў пачатку ХХ ст. У перыяд станаўлення ён выступаў у якасці ідэйнай альтэрнатывы „паланістычнай” і „празаходняй” мадэлі адраджэння „Літвы” (былога Вялікага Княства Літоўскагаў складзе Рэчы Паспалітай) і мадэлі стварэння нацыянальнай дзяржавы. Даследчык звяртае ўвагу на тое, што ідэі „заходнерусізму” распаўсюджваліся не толькі на землях Беларусі, але і на землях Украіны, якія калісьці ўваходзілі ў склад Кіеўскай Русі. На яго думку, уплыў „заходнерусаў” знізіўся ў гады Першай сусветнай вайны, калі частка літоўска-беларускіх зямель, у тым ліку буйны культурны цэнтр Вільня, апынулася пад нямецкім кантролем, але ва ўмовах расійскай рэвалюцыі 1917 г. „заходнерускія” ідэі зноў былі ўведзены ў абарот. Паводле Ціхамірава, часткова палажэннямі „заходнерусаў” карысталіся нават стваральнікі БССР (162), хаця, зразумела, у поўным аб’ёме яны выкарыстаць адпаведную ідэйную плынь не маглі (напрыклад, „за дужкі” быў выведзены праваслаўны кампанент, бо савецкія рэспублікі выступалі ўякасці атэістычных утварэнняў).

Стаўленне ўладаў да „заходнерусізму” ў савецкія часы было дваістым. Яго асобныя элементы выкарыстоўваліся афіцыйнымі ідэолагамі (напрыклад, сцвярджэнні аб непарушным адзінстве рускага, беларускага і ўкраінскага народаў, „асаблівай місіі” славянскіх, г. зн. праваслаўных, „незаходніх”, народаў і да т. п.), асабліва ў познія сталінскія і паслясталінскія часы, але афіцыйна на ўзбраенне адпаведная тэорыя не прымалася, бо супярэчыла камуністычнай інтэрнацыянальнай дактрыне. Спробы вывучэння і навуковай крытыкі „заходнерусізму” не віталіся. Кніга Аляксандра Цвікевіча пра „заходнерусізм”, падрыхтаваная ў канцы 1920-х г. на марксісцкіх пазіцыях, адразу ж трапіла ў спецсховішча і была выдадзена толькі ў пачатку 1990-х г., калі Беларусь стала незалежнай дзяржавай.

У Рэспубліцы Беларусь „заходнерусізм” выступае ў якасці альтэрнатывы „празаходнім” тэорыям. Больш выразным у параўнанні з савецкім часам у ім стаў „праваслаўны” кампанент. У другой палове 1990-х г. беларускія ўлады спрабавалі пакласці „заходнерусізм” у падмурак дзяржаўнай ідэалогіі, але сёння іх цікавасць да адпаведнага вучэння знізілася. Аднак у якасці аб’екта вывучэння „заходнерусізм” застанецца прыцягальным для даследчыкаўі надалей.

Ян Шумскі разглядае калектывізацыю ў Заходняй Беларусі як частку палітыкі маскоўскага цэнтра, накіраванай на больш цеснае злучэнне тэрыторый, набытых у 1939 г. і зноў уцягнутых у савецкую сферу уплыву ў 1944-1945 г. Ён прыводзіць доказы таго, што калектывізацыя праводзілася прымусова, з актыўным выкарыстаннем розных сродкаў ціску (як фіскальных, так і адкрытага прымусу аж да масавых дэпартацый мясцовага насельніцтва). Мясцовыя ўлады фактычна адыгрывалі ролю перадатачнага механізма і істотна на працэс калектывізацыі не ўплывалі. Ідэалагічныя сродкі ўздзеяння выкарыстоўваліся, але іх выніковасць была спрэчнай. У прыватнасці, аўтар прыводзіць цікавыя звесткі пра тое, што ў новых калгасах было абмежавана выкарыстанне трактароў, бо яны пастаўляліся ў СССР па лініі ЮНРРА і спараджалі ў сялян „непатрэбныя” пачуцці (175). Найбольш слабым месцам артыкула выглядае сюжэт аб супраціве калектывізацыі. Аўтар сцвярджае, што такі супраціў быў, але не прыводзіць пераканаўчых доказаў гэтага сцвярджэння. Як вынік, складваецца ўражанне, што, у адрозненне ад Прыбалтыкі і Заходняй Украіны, дзе супраціў меў узброены характар, у Заходняй Беларусі справа далей пасіўных пратэстаў не пайшла.

Вельмі цікавы артыкул Рышарда Радзіка. Ён разглядае працэс фармавання беларускай самасвядомасці ў кантэксце геапалітычнага становішча Беларусі і спецыфікі яе гістарычнага развіцця. На думку вучонага, істотны ўплыў на фармаванне беларускай самасвядомасці аказала знаходжанне Беларусі на стыку цывілізацый. Беларусь перыядычна трапляла то пад уплыў Еўропы (рэпрэзентантам якой выступала Польшча), то пад уплыў Расіі. У ХХ ст. расійскі ўплыў стаў даміноўным, хаця на працягу большай часткі стагоддзя русіфікацыя ажыццяўлялася ў савецкім абліччы. Аўтар артыкула лічыць, што русіфікацыю Савецкай Беларусі аблягчала тое, што беларускае грамадства было пераважна сялянскім і не змагло выпрацаваць элітарнай культуры, якая магла б эфектыўна супрацьстаяць расійскаму ўплыву. Да таго ж савецкая сістэма не спрыяла развіццю пачуццяў свабоды, дэмакратыі і палітычнага плюралізму. Як вынік беларусізацыя, якая актыўна праводзілася ў БССР у 1920-я г., набыла павярхоўны характар і да канца 1980-х г. „беларускасць” у Савецкай Беларусі абмежавалася сферай фальклору і этнаграфіі.

Набыццё Беларуссю незалежнасці ў 1991 г., на думку даследчыка, паўплывала на развіццё беларускай самасвядомасці, але беларусы засталіся найбольш „прасавецкім” з народаў Усходняй Еўропы. На падставе апытанняў, зробленых беларускімі незалежнымі сацыялагічнымі службамі, Рышард Радзік робіць выснову, што большасць беларускага насельніцтва не адраклася ад савецкага мінулага, працягвае лічыць Другую сусветную вайну „Вялікай Айчыннай”, выкарыстоўвае рускую мову, станоўча ставіцца да рэінтэграцыйных працэсаў на постсавецкай прасторы, аддаючы перавагу збліжэнню з Расіяй, і не надта падтрымлівае дэмакратычныя пераўтварэнні праеўрапейскага і празаходняга кшталту.

Разважанні даследчыка выглядаюць слушнымі, хаця некаторыя палажэнні артыкула відавочна патрабуюць узмацнення. У першую чаргу гэта датычыць пытання аб месцы ў беларускай самасвядомасці кампанента беларускай дзяржаўнасці, суадносінах афіцыйнай ідэалогіі і альтэрнатыўных канцэптаў у фармаванні пачуцця прыналежнасці да беларускай нацыі (сёння ніхто не зможа адмовіць факт наяўнасці ў Беларусі элітарнай культуры, прапаноў палітычнага развіцця і геапалітычнай арыентацыі, якія адрозніваюцца ад тых, што прапануе беларускі афіцыёз).

Варта сказаць, што рэцэнзаваны зборнік уносіць добры ўклад у справу асэнсавання праблем усходнееўрапейскага рэгіёна. Можна спадзявацца на тое, што далейшыя крокі варшаўскага Цэнтра ўсходнееўрапейскіх даследаванняў будуць не менш плённымі.

Мінск

Аляксандр Ціхаміраў

Репрессивная политика советской власти в Беларуси. Сост. И. Кузнецов, Я. Басин. Т. 1-3 (Минск, 2007) (Вольга Білевіч, Міхась Стралец)

Снежня 3, 2009 |

Репрессивная политика советской власти в Беларуси: сб. науч. работ / Сост. И. КУЗНЕЦОВ, Я. БАСИН; науч. ред. В. П. АНДРЕЕВ. Вып. 1. Минск, 2007. 376 с.; Вып. 2. Минск, 2007. 377 с.; Вып. 3. Минск, 2007. 373 с.

Выйшлі з друку тры выпускі зборніка прац беларускіх і замежных аўтараў, прысвечанага гісторыі станаўлення сталінскага таталітарызму ў Беларусі і яго наступствам у пасляваенны перыяд. Зборнікі асвятляюць шырокі спектр праблем і падзей XX ст. ва ўсёй іх складанасці і супярэчлівасці. У прапанаваных увазе чытачоў артыкулах выразна прасочваецца навуковая навізна, што стала магчымым дзякуючы фармуляванню прынцыпова новых падыходаў на аснове прыцягнення велізарнага масіву крыніц, якія раней не ўводзіліся ў навуковы зварот. Аўтары гэтай рэцэнзіі абмежаваныя загадзя зададзеным аб’ёмам і таму будуць канцэнтраваць сваю ўвагу толькі на найбольш значных працах.

Галоўнае праблемнае поле ў артыкуле Ігара Кузняцова — урокі, якія варта здабыць з палітычных рэпрэсій XX ст. Ён згаджаецца з меркаваннем даследчыкаў пра падабенства нацызму і камунізму, асабліва ў метадах дзейнасці (вып. 1, с. 27). Аўтар сцвярджае, што „вывучэнне злачынстваў сталінізму і камунізму ідзе з велізарным спазненнем у параўнанні з вывучэннем нацысцкіх злачынстваў” (тамсама, с. 29).

На думку Рыгора Пракаповіча, „у 20-я гады XX ст. Беларусь становіцца плацдармам для экспарту рэвалюцыі на Захад.

Для падтрымкі рэвалюцыйнага руху ў Заходняй Беларусі, Латвіі, Літве і Чэхаславакіі СНК БССР аказваў фінансавую дапамогу… СНК БССР на закрытым пасяджэнні 5 мая 1926 года выдаткаваў 25 тысяч рублёў на 1926 год, на 1927 год прадугледжвалася выдзяленне ўжо 30 тысяч рублёў” (вып. 1, с. 35). Аўтар раскрывае «структурныя блокі, з якіх складаўся канкрэтна-гістарычны змест ідэалагічных пастулатаў, — гэта „выхавальнікі”, „выхаванцы”, „ворагі”, „апекуны народнага дабрабыту”, „правадыр”, „вобраз новага чалавека”» (вып. 1, с. 36). Ён дае характарыстыку кожнамуз сацыяльных блокаўтаталітарнай ідэалогіі (тамсама, с. 36-37). Даследчык вінаваціць „КПСС і яе філіял у Беларусі (КПБ(б), КПБ):

- у знішчэнні больш як 1,5 млн беларусаў па прыкмеце іх маёмаснага становішча і антыкамуністычных перакананняў,у рэпрэсіях супраць іншых палітычных партый;

- у ліквідацыі больш як паловы святароў рымска-каталіцкай, праваслаўнай і іншых канфесій;

- у рэпрэсіях і знішчэнні да 90 % інтэлектуальнага патэнцыялу нацыі;

-увыцясненнібеларускаймовыіпрымусовымнавязванні рускай мовы;

- у стварэнні рэпрэсіўнай структуры, якая ў маштабахусёй Беларусі шырока ўжывала жорсткія здзекі і гэтымнаносіла нацыі непапраўную маральную шкоду” (вып. 1,с. 56-57).

Аляксандр Грыцанаў даследуе бальшавізм і фашызм, вылучае характэрныя рысы кожнага з вышэйназваных рухаў. Супастаўляючы бальшавізм і фашызм, вучоны знаходзіць агульныя рысы і адрозненні паміж імі (тамсама, с. 59-77).

Аляксандр Лейзераў на падставе вывучэння матэрыялаў Цэнтральнага архіва Рэспублікі Беларусь вызначае, што „партапарат быў непасрэдным арганізатарам масавых рэпрэсій, а ДПУ і яго пераемнікі былі ўсяго толькі выканаўцамі яго злачыннай волі”. На думку даследчыка, „не існавала ніводнай сферы дзейнасці рэпрэсіўных органаў, якой не крануліся б указанні апарату” (тамсама, с. 78).

Эмануіл Іофе абгрунтавана лічыць, што „асаблівай праблемай для кіруючай эліты была неабходнасць пазбавіцца ад непажаданых сведак — супрацоўнікаў карных органаў, якія рабілі найбольш брудную працу. Пасля прыходу да ўлады ў чэкісцкіх органах Берыі ў лістападзе 1938 г. на працягу 1939 г. было звольнена з органаў дзяржбяспекі 73 725 чалавек (кожны пяты аператыўны супрацоўнік)” (тамсама, с. 87-88). Другім надзвычайным чыннікам, які прадвызначыў знішчэнне чэкісцкай эліты, была барацьба кланаў унутры самой партыі.

Гісторыя жыцця і смерці кіраўнікоў карных органаў у перыяд масавых рэпрэсій у СССР — такіх, як Я. Агранаў, М. Яжоў, Р. Рапапорт, С. Рэдэнс, Л. Ляплеўскі, прафесійная дзейнасць якіх была так ці інакш звязана з нашай рэспублікай, — з’яўляецца, на думку даследчыка, пераканаўчай ілюстрацыяй аналізаванага аспекта палітыкі ВКП(б). Усе вышэйзгаданыя палітычныя дзеячы былі адданымі праваднікамі волі сталінскага рэжыму, якія слепа выконвалі яго ўказанні. Аднак сістэма не пашкадавала і гэтых катаў, пазбавілася ад іх як ад непатрэбных сведак (тамсама, с. 89-120).

На думку Таццяны Процькі, „барацьба з сацыяльна шкоднымі элементамі вялася спецслужбамі з першых дзён усталявання савецкай улады… З другой паловы 1930-х гадоў любыя дзеянні як радавых супрацоўнікоў, так і службовых асоб, калі яны прыводзілі да зрыву ці невыканання планаў па выяўленні гэтых элементаў, разглядаліся як палітычнае процідзеянне існуючаму ў СССР рэжыму на карысць буржуазных дзяржаў, пераважна Нямеччыны, Польшчы, Японіі” (вып. 1, с. 122-123).

„Для абгрунтавання масавых рэпрэсій была абрана мадэль існавання ў БССР нелегальнай антысавецкай арганізацыі, добра арганізаванай і разгалінаванай… Антысавецкае падполле, паводле версіі следчых НКУС, уяўляла сабой аб’яднанне членаў не выкрытых раней контррэвалюцыйных арганізацый, якія выступалі супраць савецкай улады. Распрацоўваў і выкрываў падполле 4-ы аддзел УДБ НКУС БССР” (вып. 1, с. 122-123).

У артыкуле прыведзены статыстычныя дадзеныя аб рэпрэсаваных у розных наркаматах БССР, паказаны сацыяльны склад рэпрэсаваных (тамсама, с. 124-151).

Аляксандр Урублеўскі ахарактарызаваў усе дэкрэты савецкай улады, датычныя царквы, а таксама законы, якія пазбаўлялі царкву права ўдзелу ў вырашэнні пытанняў духоўнага жыцця грамадства. У артыкуле прыведзены факты, якія характарызавалі стаўленне савецкай улады да царквы: забарона здзяйснення рэлігійных абрадаў хрышчэння і шлюбу, рэквізіцыя царкоўных каштоўнасцяў (тамсама, с. 153-173).

Валянцін Мазец паказвае, як у канцы 1920 — пачатку 1930-х г. адбывалася ўсталяванне асноўных прынцыпаў ідэалагічнай работы, якія адпавядалі логіцы таталітарнай сістэмы. У 1930-я г., на думку аўтара, галоўнай ідэалагічнай задачай, якая стаяла перад перыядычным друкам, з’яўлялася барацьба супраць беларускага нацыянальнага руху.

У 1937-1939 г. перыядычныя выданні становяцца сродкам абгрунтавання масавых рэпрэсій, якія разгарнуліся ў краіне. У 1920-1930-я г. адбываецца наладжванне сістэматычнага ўсебаковага кантролю за сродкамі масавай інфармацыі. Аўтар характарызуе развіццё сродкаў масавай інфармацыі ў савецкі перыяд (да канца 80-х г. XX ст.), паказвае іх залежнасць ад дзяржаўнага апарату (тамсама, с. 174-195).

Артур Ліўшыц прасочвае развіццё беларускага заканадаўства, накіраванага супраць антысемітызму, расавай і нацыянальнай варожасці і дыскрымінацыі.

Вядома, што „савецкая ўлада абвясціла антысеміцкі рух і пагромы згубай для справы рэвалюцыі і заклікала „працоўны народ сацыялістычнай Расіі ўсімі сродкамі змагацца з гэтым злом”. Менавіта так і было выкладзена ў Дэкрэце Саўнаркома РСФСР ад 27 ліпеня 1918 г. Гэтым законам быў створаны гістарычны прэцэдэнт, калі закон быў прыняты не супраць расавай ці нацыянальнай дыскрымінацыі, а ў абарону асоб адной пэўнай нацыі. Ужо гэтым улада прызнала за яўрэямі іх спецыфічны шлях нацыянальнага развіцця…

Аднак пазней, за ўсе наступныя гады, аж да цяперашняга часу, ні ў Крымінальным кодэксе, ні ў якім іншым заканадаўстве СССР і БССР ніякіх адмысловых артыкулаў пра пераслед за антысемітызм не было» (вып. 1, с. 197-198). Аўтар прыводзіць прыклады, якія пацвярджаюць той факт, што беларускі ўрад на практыцы нічога не зрабіў для спынення антысемітызму ў рэспубліцы.

Нона Васілеўская прааналізавала стаўленне савецкай улады да інтэлігенцыі ў перыяд з 20-х па 30-я г. ХХ ст. Яна паказвае, як зараджалася рэпрэсіўная палітыка ў дачыненні да інтэлектуальных пластоў грамадства ў 1920-я г., як яна развівалася ў 1930-я г., асабліва ў 1937-1938 г. На думку аўтаркі, „у сваім стаўленні да інтэлігенцыі савецкая ўлада, з аднаго боку, падкрэслівала неабходнасць прыцягнення ўсіх яе прафесійных атрадаў да ўдзелу ў будаўніцтве новага жыцця, з другога — ужывала рэпрэсіўныя меры да тых, хто не згаджаўся з яе палітыкай, меў свае погляды…” Аўтарка прыходзіць да высновы, што „масавы тэрор ва ўсіх сферах жыцця прывёў да згортвання нацыянальна-культурнага будаўніцтва, навуковых даследаванняў, вытворчых распрацовак” (вып. 1, с. 205, 217).

Якаў Басін аналізуе стаўленне кіруючай кампартыі да беларускага яўрэйства: „У першыя гады савецкай улады выпарыліся надзеі яўрэяў на здабыццё ўласнай нацыянальна-культурнай аўтаноміі…

У1919 г. пачалося наступленне на сiянiсцкiя арганiзацыi, большасць з iх былi распушчаны…

Iнструментам барацьбы з бундаўцамi i сiянicтамi ўлады зрабiлi Яўсекцыю [яўрэйскую секцыю РКП(б). — В. Б., М. С]. Асноўным вынiкам гэтага стала перадача вырашэння праблемы яўрэйства з рук урада ў рукi партыйных органаў… Асноўнай формай дзейнасцi Яўсекцыі стала барацьба за лiквiдацыю яўрэйскiх суполак”. Ёю вяліся „агiтацыя за закрыццё сiнагог, дыскрэдытацыя служак культу, прапаганда адмовы ад яўрэйскага ўкладу жыцця. Аднак праз некалькi год высветлiлася, што камунiстычная iдэалогiя ў яўрэйскiя масы не пранiкае, i тады Яўсекцыя была скасавана…”

На думку аўтара, „галоўным злачынствам кампартыi перад яўрэйскiм насельнiцтвам быў ускосны ўдзел у яго генацыдзе ў перыяд гiтлераўскай акупацыi” (вып. 1, с. 220, 221, 222-223, 229).

Iгар Кузняцоў звартаецца да дзейнасцi карных органаў на Беларусi ў 1944-1953 г. Ён адзначае, што „рэпрэсіі пасляваенных гадоў адрозніваліся ад масавых рэпрэсій 1937-1938 г.

У сярэдзiне 30-х г. уся карная палiтыка была накiравана на барацьбу з неiснуючым у краiне антысавецкiм падполлем: рэшткамi зрынутых буржуазных класаў, былымi палiтычнымi партыямi i арганiзацыямi…

Найбольш масавым вiдам савецкiх рэпрэсiй пасляваеннага перыяду стала iнтэрнаванне. Iнтэрнаванне зведалі большасць савецкiх грамадзян, затрыманых у 1944-1945 г. органамi контрразведкi „СМЕРШ” Наркамата абароны СССР… ів канцы вайны ў задачы „СМЕРШа” ўвайшла праверка шматмiльённай „армii” савецкiх грамадзян, якiя вярталiся з палону. Шмат хто з двух мiльёнаў савецкiх грамадзян змянiў гiтлераўскiя канцлагеры на савецкiя.

У 1942-1943 г. былi арганiзаваны першыя праверачна-фiльтрацыйныя лагеры, куды „СМЕРШ” накіроўваў усiх без выключэння савецкiх ваеннаслужачых, якiя ўцяклі з палону, або вызваленых Чырвонай Армiяй. Многiх прысудзiлi да смяротнага пакарання за здраду Радзiме… Праверачна-фiльтрацыйныя лагеры былi закрыты ў 1947 г <…>. Паводле звестак афiцэра „СМЕРШа”, якi ўцёк на Захад i меў доступ да дакументаў гэтай арганiзацыi, усяго з раней акупаваных раёнаў у 1943-1947 г. былi рэпатрыяваны каля пяці з паловай мiльёнаў рускiх» (вып. 1, с. 238, 241, 243, 244).

Сяргей Хомiч прасачыў працэс амнiставання i рэабiлiтацыi ў Беларускай ССР (сакавiк 1953 — люты 1956 г.). Ён адзначае, што „праблема рэпрэсiй i далейшая рэабiлiтацыя ўсё часцей станавiліся важным фактарам у палiтычнай барацьбе памiж рознымi групоўкамi ўнутры партыйнай элiты краiны.

Вядома, што перагляд спраў па контррэвалюцыйных злачынствах адбываўся ў адпаведнасцi з пастановай Прэзiдыума ЦК КПСС «Аб стварэннi Цэнтральнай камiсii i мясцовых камiсiй па пераглядзе спраўасуджаныхза„контррэвалюцыйныя злачынствы”». Агульныя высновы аб дзейнасцi мясцовых камiсiй аўтар зрабiў на аснове справаздачы Гродзенскай абласной камiсii: больш чым у палове выпадкаў Гродзенская абласная камiciя пакiнула без змен папярэдняе рашэнне суда. Можна меркаваць, што i ў iншых камiciях, якiя працавалi на Беларусi, сiтуацыя была даволi падобнай. Так, па стане на 1 красавiка 1955 г. у БССР было разгледжана 19 136 спраў. Адмоўлена ў пераглядзе ў 10 410 выпадках. Скасаваны рашэннi, спынены справы толькi ў дачыненнi да 265 спраў.

Такiм чынам, у адзначаны перыяд (сакавiк 1953 — люты 1956 г.) у большасцi выпадкаў мела месца амнiстыя ў дачыненнi да рэпрэсаваных, а не iх рэабiлiтацыя» (вып. 1, с. 255, 258, 259).

Леанiд Смiлавiцкi на прыкладзе Васiля Лявонцьевiча Штыхава, бацькi знакамiтага беларускага гiсторыка Георгiя Васiлевiча Штыхава, паказаў механiзм сталiнскiх рэпрэсiй супраць уласнага народа. Васiль Лявонцьевiч быў лаяльны да савецкай улады, нёс вялiкую грамадскую нагрузку — быў старшынёй сельсавета, членам райземаддзела. Аднак, нягледзячы на гэта, у 1933 г. ён быў арыштаваны. Яму было прад’яўлена абвiнавачанне ў спробе ўзброенага скідання дзяржаўнага ладу, і Васіль Лявонцьевіч атрымаў 5 гадоў высылкі ў Заходні Казахстан. Потым у 1937 г. ён быў асуджаны па 1-й частцы 58-га артыкула на 10 гадоў лагераў за „антысавецкую агітацыю” і знік у сталінскіх засценках. Толькі ў пачатку 90-х г. XX ст. Георгій Васілевіч Штыхаў змог азнаёміцца са справай бацькі — наскрозь фальшывай і сфабрыкаванай (тамсама, с. 269-287).

Міхась Трэйстэр апісвае, як яго і групу яўрэяў, што чыталі літаратуру, выдадзеную ў Ізраілі і не правераную савецкімі праваахоўнымі органамі, у 1968 г. выклікалі на допыт у КДБ. Гутарка ў КДБ негатыўна адбілася на яго прафесійнай кар’еры. Ён быў паніжаны ў пасадзе, а затым сышоў з яе па „ўласным жаданні”. М. Трэйстэр знайшоў працу — яму дапамаглі прыстойныя людзі, якія дамагліся скасавання ўсіх забарон на дзейнасць М. Трэйстэра, і ён змог рэалізаваць сябе як спецыяліст у галіне энергетыкі (тамсама, с. 311-324).

Якаў Басін паспрабаваў даць непрадузятую ацэнку кнігі Л. Д. Троцкага „Сталінская школа фальсіфікацый”. На яго думку, „гэтая кніга застаецца не толькі першым, але адным з самых сур’ёзных даследаванняў таго перыяду ў жыцці савецкага грамадства, калі ў гістарычнай навуцы быў здзейснены пераварот і праўда саступіла месца палітычнай кан’юнктуры… Ва ўсёй дзяржаве з архіваў былі цэнтралізавана канфіскаваны і перададзены ў архіў ЦК усе матэрыялы, якія мелі хоць якое-небудзь дачыненне да гісторыі партыі… Пачалася цалкам бессаромная фальсіфікацыя нядаўняй мінуўшчыны. Сталі з’яўляцца працы, у якіх (пры наяўнасці жывых сведкаў) без усялякага сораму скажаўся сэнс мінулых падзей, іх храналогія; паўстала і пачала культывавацца тэорыя „двух правадыроў”… Для разумення сапраўднага характару тых працэсаў, якія пазбавілі гістарычную навуку сэнсу, ператварылі яе ў дагодлівую прыслужніцу палітычнай кан’юнктуры „на злобу дня”, кніга Л. Д. Троцкага і сёння носіць вельмі надзённы характар» (вып. 1, с. 327,328,330).

Прадмет даследавання Ігара Кузняцова — рэпрэсіі на Беларусі ў 1920-1940-х г. Ён акцэнтуе ўвагу на такіх момантах.

Па-першае, аўтар піша пра тое, як у першыя гады Савецкай улады ствараліся аб’екты будучага ГУЛАГа. Так, „у дэкрэце СНК ад 14 сакавіка 1919 г. „Аб працоўных дысцыплінарных судах” для парушальнікаў працоўнай дысцыпліны і асоб, якія не выканалі нормаў выпрацоўкі, прадугледжвалася пакаранне да 6 месяцаў зняволення ў лагеры прымусовых работ» (вып. 2, с. 8). Як сцвярджае І. Кузняцоў, „гэта быў вынік палітыкі чырвонага тэрору. Першыя беларусы апынуліся ў сібірскіх лагерах яшчэ на пачатку 1920-х г.”. Другі момант — кампанія раскулачвання 1930-х г., якая мела свае прыярытэты — канфіскацыйна-рэпрэсіўныя. Аўтар адзначае, што „ў 1931 г. тэмпы і маштабы раскулачвання ўжо не ўвязваліся з калектывізацыяй і ў значнай меры вызначаліся заяўкамі гаспадарчых органаў” (тамсама, с. 9). Рэпрэсіўныя акцыі, піша далей аўтар, працягваліся і пасля завяршэння ўласна калектывізацыі. Меркавалася перасяляць за зрыў і сабатаж збожжанарыхтовак і іншых кампаній. Паводле ацэначных дадзеных, «у Беларусі ў 1920-х — 1940-х гадах было „раскулачана” не менш як 350 тыс. чалавек» (тамсама, с. 15). Трэці момант, на якім засяроджвае ўвагу І. Кузняцоў, гэта арышт у 1930-я г. польскіх палітэмігрантаў — былых ваеннапалонных, членаў польскіх камуністычных партый і іншых (тамсама, с. 20). Нарэшце, апошняе: на падставе аналізу ўсёй інфармацыі аўтар прыходзіць да высновы, што „праз НКУС СССР у 1930-я — 1940-я гады прайшло не менш як 600 тысяч выхадцаў Беларусі. У той жа час у перыяд 1953-1989 г. На тэрыторыі рэспублікі было рэабілітавана каля 180 тысяч чалавек, што склала 35 % ад тых, хто паводле афіцыйнай статыстыкі прайшоў праз ГУЛАГ” (тамсама, с. 29).

Абагульняючы, трэба адзначыць, што рэцэнзаванае выданне ўяўляе сабой сур’ёзны ўклад у даследаванне таталiтарызму, рэцыдывы якога, на жаль, яшчэ моцна адчуваюцца на значнай частцы постсавецкай прасторы.

Брэст

Вольга Білевіч, Міхась Стралец

Томас Бон. Доўгае парыванне са Сталіным, або Дзённік Яфіма Садоўскага

Чэрвеня 21, 2009 |


У дзень смерці Сталіна, 5 сакавіка 1953 г., мінская газета „Советская Белоруссия”, орган Цэнтральнага камітэта Камуністычнай партыі Беларусі, Вярхоўнага Савета і Савета міністраў БССР, апублікавала паведамленне маскоўскага ўрада. Цэнтральны камітэт Камуністычнай партыі Савецкага Саюза і Савет міністраў СССР абвяшчалі, што ў ноч з 1 на 2 сакавіка таварыш Сталін перажыў апаплексічны ўдар і ў бліжэйшы час не зможа прымаць удзелу ў бягучых справах дзяржаўнага кіравання[2]. Гэтае эўфемістычнае паведамленне мусіла прыхаваць сур’ёзнасць становішча і адкласці пошук адказу на пытанне, што ж будзе „пасля”. Уяўленне, што смерць не спынілася і перад такім звышчалавекам, як Сталін, выклікала шок не толькі ў прадстаўнікоў сродкаў масавай інфармацыі, але і ў большай часткі савецкага насельніцтва. Калі „Советская Белоруссия” 6 сакавіка змясціла партрэт Сталіна, які днём таму пайшоў з жыцця, у жалобнай рамцы, гэта было ўсвядомлена пакаленнем, якое вырасла на савецкіх каштоўнасцях і нормах, як надлом, што засланіў досвед Другой сусветнай вайны. Каб даць час перажыць страту індывіда, які быў увасабленнем бацькі для масы яшчэ падуладнага традыцыяналісцкім уяўленням насельніцтва, абвясцілі чатырохдзённую жалобу. Пры гэтым можна расцаніць як палітычны сігнал той факт, што на жалобу па Сталіну было адведзена на адзін дзень меней, чым у свой час па Леніну. Цяпер зусім абгрунтавана загучалі запэўніванні ў адзінстве партыі. Яе адну прызнавалі здольнай весці насельніцтва далей у генеральным накірунку фарсіраванай індустрыялізацыі. Да таго ж пэўнага наследнага прынца Сталін загадзя не вызначыў[3]. Так што гэта адпавядала логіцы рэчаў, калі 7 сакавіка, яшчэ да пахавання былога ўладара, „Советская Белоруссия” ўжо абвясціла новую каманду кіраўнікоў у складзе Георгія Малянкова, Мікіты Хрушчова і Клімента Варашылава, якія ўзначалілі, адпаведна, Савет міністраў, Цэнтральны камітэт КПСС і Вярхоўны Савет[4]. Нарэшце 10 сакавіка „Советская Белоруссия” паведаміла пра змяшчэнне бальзамаванага цела Сталіна ў Маўзалей Леніна на Чырвонай Плошчы ў Маскве. Са спіса аратараў грамадскасць магла бачыць, хто на той момант уваходзіў у лік „уладных людзей”: гэта былі Малянкоў, Лаўрэнцій Берыя (Mіністэрства ўнутраных справаў) і Вячаслаў Молатаў (Міністэрства знешніх справаў)[5]. Што да падзей у самой сталіцы Беларусі Мінску, „Советская Белоруссия” згадвала жалобныя сходы на аўтамабільным заводзе (6 сакавіка), а таксама на Цэнтральнай плошчы (8 і 9 сакавіка). Апоўдні 9 сакавіка перад помнікам Сталіну, як паведамлялі, сабралася больш за 200 тыс. чалавек[6].

Перажыванне жалобы ў Мінску

У тыя драматычныя дні сакавіка 1953 г. мінскі журналіст Яфім Садоўскі ляжаў у шпіталі. Сёння наўрад ці можна сказаць, чаму ён насуперак сваёй звычцы не заносіў у нататнік звестак пра асноўныя падзеі дня: ці гэта было абумоўлена станам яго здароўя, ці ён, яўрэй па нацыянальнасці, трымаўся неабходнай палітычнай засцярогі, бо сучаснікі адчувалі ў студзеньскім „выкрыцці змовы” крамлёўскіх урачоў прыкметы новай хвалі чыстак або антысеміцкай кампаніі. Магчыма таксама, што Садоўскі на той момант наогул не меў з сабою дзённіка. Як бы там ні было, паміж 11 лютага і 11 сакавіка запісаў у ім няма[7]. Першае выказванне наконт згаданых падзей запісанае, што варта ўвагі, на датаваным 7 сакавіка 1953 г. аркушы, які быў укладзены ў нататнік пазней. Паводле яго, Садоўскі пачуў пра хваробу Сталіна яшчэ 3 сакавіка па радыё, і гэтая навіна, па яго словах, ударыла як маланкай, нібыта раптам наступіў холад: „Сэрца забалела, дыханне замёрла”. Размова ішла, урэшце, пра лёс Сталіна, да імя якога далучалі „любімы” і называлі проста па-бацьку „Вісарыёнавіч”, а ў адпаведнасці з культам, што пашырала прапаганда, яшчэ тытулавалі „нашым сонцам” і „нашай надзеяй”. Садоўскі лічыў, што ён адчувае і выказвае калектыўную разгубленасць ва ўсёй краіне: „Усе думкі былі ў Маскве, у Крамлі, ля ложка чалавека, які так шмат зрабіў для кожнага”. Насуперак рэпрэсіям і тэрору кожны асобны чалавек, паводле Садоўскага, быў вельмі абавязаны Сталіну. Таму для Садоўскага, як і для многіх яго суайчыннікаў, адбылося нешта недаступнае розуму, калі прагучала абвестка пра смерць: „Памёр той, хто так патрэбны кожнаму з нас. Немагчыма паверыць. Гэтага не можа быць. Гэта сон. Кашмарны сон. Хутчэй прачнуцца!”[8]. Пераадоленне псіхалагічнай траўмы, вяртанне жыццёвых сілаў і перажыванне жалобы цягнуліся ў выпадку Садоўскага таксама шмат даўжэй, чым рэзананс, які гэтая тэма мела ў друку. Усе далейшыя запісы ў нататніку Садоўскага гучаць у сваёй чуллівасці як афіцыйныя дэкларацыі культу Сталіна. Ці гэта насенне прапаганды ўзышло ў свядомасці Садоўскага? Ці ён папраўдзе верыў у „звышбацьку”? 13 сакавіка, калі перыяд дзяржаўнай жалобы ўжо даўно скончыўся, Садоўскі ўсё яшчэ не мог супакоіцца і прымірыцца з думкай, што Сталіна, „найвялікшага з найвялікшых”, больш няма. Маўляў, ад уяўлення гэтага факта яму робіцца балюча[9]. Нібыта рытм часу дае аблягчэнне, і Садоўскі пачаў 14 сакавіка лічыць дні пасля смерці Сталіна. Цяпер ён, паддаўшыся прыступу сентыментальнасці, шукаў суцяшэння ў гуках дзіцячых песень, прысвечаных Сталіну[10]. Але і праз 20 дзён, 25 сакавіка, не было і знаку паляпшэння яго стану. Дый як тое магло адбыцца? Ён жа цвёрда запомніў, што „новы (савецкі) чалавек” мусіць натхняцца імем Сталіна, калі ён, поўны энтузіязму, пачынае свой працоўны дзень і аддае свае сілы за светлую будучыню, за камунізм[11]. Садоўскаму здавалася, што нават указ аб амністыі ад 28 сакавіка трэба тлумачыць пасмяротнай воляй і мудрым рашэннем Сталіна. Ён амаль элегічна заклікаў: „Вечная памяць яму!” Бо небяспека, што нядаўнія рэпрэсіі разгорнуцца ў новую хвалю тэрору, здавалася на першы час адхіленай[12]. Хаця Садоўскі не каментаваў праведзеную 4 сакавіка рэабілітацыю арыштаваных у студзені крамлёўскіх урачоў, можна меркаваць, што ён вызваліўся ад значнай часткі напружанасці і цяжару, што навісаў над ім. Аднак жа ён анідзе не ставіць пад сумнеў асобу Сталіна. Калі 12 красавіка 1953 г. мінула 40 дзён пасля смерці Сталіна — біблейская лічба, Садоўскі зафіксаваў выхад з пустыні, не маючы, праўда, сілы зірнуць наперад: „Сорак дзён!”[13].

Толькі надыход свята Першамая стаў пераломам у гэтым плане. Хаця 30 красавіка Садоўскі занатаваў, што ані сонца, ані музыка і сцягі не змогуць прагнаць яго клопат, цяпер непазбежнае заняло сваё месца ў свядомасці: „Яго больш няма”. Але, піша Садоўскі, жыццё ідзе далей. І праз справы сваіх паплечнікаў Сталін увойдзе ў вечнасць[14]. Такія дыфірамбы міжволі выклікаюць пытанне: запісы ў дзённіку Садоўскага — выражэнне ўнутранага перажывання праўдзівых пачуццяў або гэта прадбачлівыя фармулёўкі, прызначаныя для магчымых чытачоў з колаў дзяржбяспекі? Па ўсім здаецца, што гэтыя разважанні сапраўды адпавядалі тагачаснаму душэўнаму стану Садоўскага. Нездарма ён амаль двума дзесяцігоддзямі пазней, 11 сакавіка 1972 г., перачытваючы свае нататкі., палічыў слушным дадаць яшчэ адзін радок: „Зразумела, усе сталінскія запісы былі зроблены ў духу 1953 года. Няхай даруе мне Бог”[15]. Гэта чытаецца як позняе ўразуменне чалавекам таго, што ён служыў куміру.

Жыццёвы шлях Яфіма Садоўскага

Кім быў журналіст Садоўскі? Яфім Ільіч Садоўскі нарадзіўся 22 снежня 1907 г. (4 студзеня 1908 г. па новым стылі) у Мінску ў сям’і служачага, які навучаўся хіміі ў Швейцарыі, але мусіў зарабляць на жыццё працаю ў дрэваапрацоўчай прамысловасці. Сваё дзяцінства Яфім правёў ва ўкраінскім горадзе Нікапалі. У 1922 г. сям’я вярнулася ў Мінск. Тут Садоўскі ў 1924-25 г. вучыўся ў сталярнай майстэрні і ў 1926 г. скончыў прафесійна-тэхнічную школу. Пасля наведвання агульнаадукацыйных курсаў ён з 1927 г. цалкам прысвяціў сябе журналістыцы. У 1923-25 г. працаваў для тады яшчэ беларускамоўнай „Савецкай Беларусі”, у 1925-37 г. — для „Рабочего”, а ў 1937-41 г. — зноў для „Советской Белоруссии”, якая стала рускамоўнай. Не атрымаўшы вышэйшай адукацыі, ён дзякуючы савецкай культурнай рэвалюцыі патрапіў у прывілеяваныя шэрагі мінскай інтэлігенцыі. Пры гэтым ён, без сумнення, паводзіў сябе, як таго патрабавала сістэма. Рэпрэсіі ў канцы 1930-х г. не закранулі Садоўскага, верагодна, таму, што ён яшчэ не займаў на той час кіроўных пасадаў. У 1939 г. яго прынялі ў Беларускі саюз пісьменнікаў. У Другую сусветную вайну Садоўскі служыў франтавым карэспандэнтам далёка ад роднага горада, занятага немцамі. У гэты час яго бацькі загінулі ў мінскім гета. Адразу пасля заканчэння вайны Садоўскі вярнуўся ў сталіцу Беларусі. У 1946 г. ён стаў членам Камуністычнай партыі БССР. Садоўскага прызначылі кіраўніком аддзела інфармацыі „Советской Белоруссии”. З 1963 г. ён выконваў толькі абавязкі літаратурнага супрацоўніка. Увогуле пасля Другой сусветнай вайны ён займаў аўтарытэтную пазіцыю ў сферы беларускіх масмедыя, ніколі не трапляючы ў цэнтр улады. Як кавалер ордэнаў Айчыннай вайны, Чырвонай Зоркі і ўзнагароджаны Ганаровай граматай Вярхоўнага Савета БССР ён атрымаў персанальную пенсію, калі ў 1970 г. пайшоў на адпачынак.

Побач са сваёй журналісцкай працай Садоўскі ніколі не кідаў і актыўнай літаратурнай дзейнасці. Пры гэтым ён пісаў ці не выключна на рускай мове. У 1927 г. убачыў свет зборнік вершаў „Полустанок”. Потым выходзілі зборнікі апавяданняў „Скрыпка і ордэн” (1935), „Я вижу” (1939), „Ясные дали” (1951), „Жизни и судьбы” (1962). У 1957 г. ён выдаў зборнік „Маякоўскі ў Беларусі”. Побач з гэтым былі апублікаваны нарысы на краязнаўчыя тэмы: „Гістарычныя помнікі Беларусі” (1958), „Их именами названы улицы Минска” (1965), „Люди и подвиг” (1965), „Герои не умирают” (1967) і „По историко-революционным местам Минска” (1981). У апошнія гады жыцця з’явіліся яшчэ зборнік вершаў „Ожерелье” (1991) і зборнік апавяданняў „Отвергнутая любовь” (1991). 13 верасня 1993 г. Яфім Садоўскі памёр ва ўзросце 85 гадоў[16].

Дзённік Яфіма Садоўскага

Садоўскі пастаянна вёў свой дзённік пад назвамі „Запісная кніжка журналіста”, „Крокі майго часу” і „Думкі ўслых” на працягу 1947-76 г. Хаця поўны аб’ём дзённіка каля 100 сшыткаў, вартасць яго як дакумента эпохі нязначная. Чаканага адлюстравання часу тут не знаходзім. Гэта хутчэй нататкі мімаходзь, чым сістэматычныя дзённікавыя запісы. Чытач мала даведаецца пра жыццё ў пасляваенным Мінску ці пра ўспрыманне ў Беларусі палітычнага курсу, вызначанага ў Маскве. Найбольш інфармацыйныя выпадковыя разважанні Садоўскага пра сваё юнацтва і прастаўленне да рана памерлага бацькі. Астатняе — хроніка афіцыйных падзей кшталту згадак дзяржаўных святаў і фіксацыі сустрэч у Доме пісьменнікаў. Захапляльнымі аказваюцца каментары да юбілеяў асобаў, якія мелі вызначальны ўплыў на Садоўскага. Тут трэба назваць, па-першае, паэта Маякоўскага, які імкнуўся сілаю свайго слова стварыць свядомасць, здольную да ўспрымання новага свету, і сумна скончыў сваё жыццё, а па-другое, палітычнага ўладара Сталіна, які наважваўся напружаннем сваёй волі радыкальна перайначыць усю сацыяльна-эканамічную сістэму. Як бы там ні было, Садоўскі лічыў свае паперы настолькі важнымі, што пасля заканчэння актыўнай прафесійнай дзейнасці ён асабіста перадаў іх цягам 1975 і 1976 г. Беларускаму дзяржаўнаму архіву літаратуры і мастацтва[17].

Дэсталінізацыя ў адлюстраванні „Советской Белоруссии”

Што ж кажуць дзённікі далей адносна Сталіна? Як Садоўскі рэагаваў на пачатую пры Хрушчове дэсталінізацыю? Калі і якім чынам ён нарэшце пазбавіўся залежнасці ад свайго „звышбацькі”? Каб адказаць на гэтыя пытанні, трэба спачатку прыгадаць, як разгортваліся падзеі. Дакладна вядома, што афіцыйна дыскусія адносна Сталіна распачалася толькі пасля ХХ з’езда партыі ў 1956 г., нават калі Хрушчоў яшчэ ў ліпені 1953 г. на пленуме Цэнтральнага камітэта КПСС адмежаваўся ад так званага „культу асобы” і, пазбавіўшы паўнамоцтваў міністра ўнутраных справаў і першага намесніка старшыні Савета міністраў Лаўрэнція Берыю, выставіў яго ахвярным казлом, адказным за масавыя злачынствы сталінскай эпохі[18]. На гэтым фоне „Советская Белоруссия” ў першую гадавіну смерці Сталіна (5 сакавіка 1954 г.) яшчэ раз змясціла партрэт апошняга і тут жа пад буйным загалоўкам „Партыя вядзе нас наперад” аддала даніну памяці „вернаму вучню і паплечніку геніяльнага Леніна, вялікаму прадаўжальніку яго справы”. Зважаючы на дасягненні Сталіна ў індустрыялізацыі, калектывізацыі сельскай гаспадаркі, культурнай рэвалюцыі і ў пераможным заканчэнні вайны, яму прыпісваліся „кіпучая энергія”, „магутны геній”, „нязломная воля” і „каласальны вопыт”. У звязку з артыкулам згадваліся памятныя мерапрыемствы на розных прадпрыемствах Мінска[19]. Рытуал паўтарыўся ў другую гадавіну смерці Сталіна (5 сакавіка 1955 г.), калі „Советская Белоруссия” апошні раз ушанавала яго памяць. У перадавым артыкуле з шматзначнай назвай „Камуністычная партыя — Вялікі Рулявы Савецкага народа” шляхам свядомага адмаўлення ідэі дыктатарскіх паўнамоцтваў адзінай асобы „мудрым правадыром” згуртаванага ў вайне „гераічнага савецкага народа” прызнавалася Камуністычная партыя, прадстаўленая сваім Цэнтральным камітэтам. Аднак жа яшчэ раз было аддадзена належнае „вялікаму Сталіну” — „вучню і прадаўжальніку справы” Леніна. Яго заслугай, як пісалася ў артыкуле, быў разгром „трацкістаў, бухарынцаў, буржуазных нацыяналістаў і ўсіх ворагаў народа”. Вось жа, адхіленні ад генеральнай лініі партыі па-ранейшаму не дапускаліся. Такі ж зарад несла і абвешчаная праграма культурных мерапрыемстваў, прысвечаных Сталіну: агітатараў заклікалі весці размовы на прадпрыемствах, прапагандуючы пры гэтым пабудову камунізму і ўздым народнай гаспадаркі. Апрача таго, трэба было яшчэ раз даць людзям усвядоміць значэнне Сталіна, выставіўшы ў музеях адмысловыя экспанаты і ў Дзяржаўнай бібліятэцы — поўны збор яго твораў[20].

Калі ж урэшце 14 лютага 1956 г. распачаўся ХХ з’езд партыі, вялікае сімвалічнае ўздзеянне мела ўжо тое, што ў пленарнай зале не было выявы Сталіна. Але ў сваім справаздачным дакладзе старшыня Цэнтральнага камітэта КПСС Хрушчоў адно коратка згадаў адыход ад „культу асобы”, створанага вакол Сталіна[21]. І толькі на закрытым пасяджэнні 25 лютага ён звязаў самавольства, з якім мноства сяброў партыі патраплялі пад рэпрэсіі, з дзеяннямі Сталіна, не ставячы, зрэшты, пад сумнеў сам рэжым[22]. Афіцыйнага абвяшчэння папраўкі курсу, зробленай Цэнтральным камітэтам, яшчэ не прагучала, таму рэдактарам „Советской Белоруссии”, бадай, вельмі пашанцавала, што трэцяя гадавіна смерці Сталіна 5 сакавіка 1956 г. выпала на панядзелак — дзень, калі іх газета не выходзіла. Так удалося практычна абысціся без таго, каб згадваць Сталіна[23]. Толькі рэзалюцыя Цэнтральнага камітэта ад 30 чэрвеня 1956 г. „Аб пераадоленні культу асобы і яго наступстваў” вызначыла лінію, якой трэба было прытрымлівацца. Ад гэтага моманту паратункам мусіла стаць вяртанне да запаветаў Леніна ды захаванне прынцыпу „калектыўнага кіраўніцтва”[24]. Адпаведна праз год, 5 сакавіка 1957 г., „Советская Белоруссия” ані слоўца больш не кінула пра гадавіну смерці Сталіна[25]. З таго часу Сталін стаў „нікім”, пра якога больш не згадвалі ў публіцыстыцы. Толькі пасля XXII з’езда партыі (17-31 кастрычніка 1961 г.), у выніку якога бальзамаванае цела Сталіна вынеслі з маўзалея Леніна і пахавалі каля Крамлёўскай сцяны, у „Советской Белоруссии” зноў з’явіліся навіны. 3 лістапада 1961 г. было надрукавана кароткае і трохі сарамліва змешчанае пад рубрыкай „Хроніка” паведамленне беларускага агенцтва навін БЕЛТА. Паводле яго, 2 лістапада прэзідыум Вярхоўнага Савета БССР на падставе шматлікіх прапановаў працоўных і заяваў грамадскіх арганізацый пастанавіў перайменаваць Сталінскі раён горада Мінска ў Завадскі раён. Адначасова, напісана далей, выканаўчы камітэт Мінскага гарадскога савета вырашыў перайменаваць Сталінскі праспект у Ленінскі праспект. У той жа час так і не быў апублікаваны эскіз помніка Сталіну, які планавалі пабудаваць на Цэнтральнай плошчы Мінска. Партыя не выказвала зацікаўленасці ў аналізе свайго мінулага. Замест гэтага напрыканцы падзей дня змяшчаўся прагноз надвор’я[26].

Яфім Садоўскі: вызваленне ад Сталіна

У перыяд дэсталінізацыі Садоўскі не казаў ніводнага слова пра свайго куміра. Толькі калі хвалі абурэння ўлягліся і палітычная „адліга” (Ілья Эрэнбург) пачала саступаць новым маразам, яго кароткія развагі пра Сталіна ўзнавіліся. Мажліва, у час адбудовы сталіцы да канца 1950-х г. ён быў дужа загружаны сваёй журналісцкай работай. Прынамсі, павелічэнне актыўнасці яго літаратурных праяваў у 1960-я г. сведчыць, што ён толькі патрохі пачаў зноў знаходзіць час для іншых рэчаў. У адпаведнасці з магіяй лічбаў якраз 10-я гадавіна смерці Сталіна натхніла Садоўскага зрабіць наступны запіс 5 сакавіка 1963 г. Гэта было нешта накшталт асабістага рэзюме палітыкі Хрушчова, якое, урэшце, зноў звялося да вызнання вернасці Сталіну. Абмяжоўваючы грэхападзенне Сталіна 1937 годам, Садоўскі трымаўся афіцыйнай версіі, паводле якой рэпрэсіі ды тэрор былі звязаныя выключна з унутрыпартыйнымі „чысткамі”. Нават не маючы мажлівасці прызнаць Сталіна невінаватым, Садоўскі, аднак жа, як і раней, патэтычна пярэчыў: „Усё ж ён вялікі. Вялікі!”[27]. Відавочна, што за дзесяць гадоў Садоўскі не здолеў пазбавіцца залежнасці ад „культу асобы”. Таму і ставіць пад сумнеў сталінізм як сістэму яму нават у галаву не прыходзіла.

Пазней, з 1968 да 1975 г., Садоўскі ў гадавіны смерці Сталіна зноў рэгулярна выказваўся ў сваім дзённіку на гэтую тэму. То былі гады эпохі Брэжнева, калі неасталінізм паступова ўбіраўся ў сілу ў сферах унутранай і культурнай палітыкі, перш чым у другой палове 1970-х г. „застой” зрабіўся відавочным таксама ў эканамічнай і сацыяльнай палітыцы. Пасля таго, як ідэя сацыялізму страціла здольнасць выклікаць энтузіязм, дзеля стварэння новай інтэграцыйнай ідэалогіі запатрабаванымі сталі грамадская згода адносна непрыняцця фашызму і міф Другой сусветнай вайны. У гэтым кантэксце не дзіўна, што 4 сакавіка 1968 г. Садоўскі зноў прыгадаў Сталіна. Паводле Садоўскага, жывучай аказалася толькі частка міфа Сталіна: „Кажучы ўвогуле, яго прызнаюць геніяльным палкаводцам”. Не зважаючы на той факт, што Хрушчоў яшчэ ў сваёй сакрэтнай прамове ўнёс яснасць у гэтым аспекце, мінскія згуртаванні ветэранаў і партызанаў, па ўсім відаць, усё яшчэ адчувалі сябе абавязанымі свайму колішняму генералісімусу. Садоўскі зазначае: „Пра яго мала пішуць, толькі ў мемуарах вайскоўцаў”[28]. У гэтым выказванні праяўляецца змена ў вобразе Сталіна, што склаўся ў Садоўскага. Замест асабістай пашаны ён перадаў толькі павагу, адчуваную іншымі. Пасля ў дзённіку Садоўскага сустракаюцца адно рэмінісцэнцыі, што сведчаць пра расплывісты досвед, які, здаецца, мае ўжо няшмат дачынення да штодзённай рэальнасці.

Традыцыйным зачынам Даўным-даўно!” Садоўскі пачаў 28 чэрвеня 1969 г. казачны аповед: „Калісьці, да 1953 года, не было аніводнага дня, каб па радыё не прагучала імені Сталіна, каб па тэлебачанні не паказвалі яго партрэта”. Зусім пакінуўшы ўбаку тое, што за праекцыяй уяўных акалічнасцяў у мінулае — тэлевізары распаўсюдзіліся ў БССР толькі пасля 1956 г. — хаваецца, хутчэй, канстатацыя недахопаў у сучаснасці; у гэтым адлюстроўваецца ўразуменне Садоўскім сваёй прыналежнасці да пакалення, не здольнага больш даць жыццю ніякіх новых імпульсаў, бо яго досвед незапатрабаваны. Паводле Садоўскага, не адны дзеці, але і маладыя дарослыя рэагуюць на рэдкую магчымасць пабачыць выяву Сталіна нязграбным пытаннем: „Хто гэты вусаты!”. Паставіўшы пасля гэтага пытання клічнік, Садоўскі падкрэсліў незразумеласць для сябе сітуацыі. Але той факт, што ён наогул браў пад увагу метанімічнае азначэнне „вусаты” для звышчалавека Сталіна, дае, прынамсі, адчуць, што ён намагаўся стаць на месца маладога пакалення, не выказваючы абурэння[29].

3 5 сакавіка 1971 г. у дзённіку Садоўскага ў дні смерці Сталіна можна знайсці толькі каляндарныя паметы, якія пазначаюць колькасць прамінулых гадоў, але, гледзячы ў цэлым, сведчаць таксама і пра ўсё большае адасабленне. Праз „18 гадоў” пасля смерці Сталіна Садоўскі яшчэ раз прыгадаў вясновыя дні 1953 г. У памяці той надлом, што ўтварыла ў яго свядомасці перажыванне шоку, быў такі глыбокі, што ён толькі намякнуў на спрыяльныя ўмовы прыроднага клімату, не згадваючы, аднак, станоўчых уплываў „адлігі” ў галіне ўнутранай палітыкі і культуры. Замест гэтага Садоўскі адно рэтраспектыўна зафіксаваў пачатак „ледавіковага” перыяду, звязанага з уласным здранцвеннем. Па ўсім відаць, досвед эпохі Хрушчова не змог засланіць у галаве Садоўскага перажытага за Сталіным. Выключна ў галашэннях Садоўскага наконт дня сённяшняга адбылася дзіўная перамена, бо Сталін паўстае ў ролі звычайнага смяротнага: „Жыццё брала і бярэ сваё. Віват жыццю!”. На гэтым месцы Садоўскі зрабіў важны крок, пачаўшы разлічваць на будучыню, якой стваральнік кшталту Сталіна больш не патрэбны[30].

У выніку праз „19 гадоў” пасля смерці Сталіна ён проста і сціпла канстатаваў той факт, што апошні знік з грамадскай свядомасці і, такім чынам, больш не існуе[31]. Праз „20 гадоў” Садоўскі паспрабаваў з дапамогай біблейскай сентэнцыі выказацца па сутнасці дыскусіі, якая да таго моманту так і не набыла адкрытага характару: „Аддайце кесару кесарава”. Паводле яго меркавання, тое „добрае”, што зрабіў Сталін, было гэтаксама належным чынам ацэнена, як і тое „благое”, што ён зрабіў. І ўсё-такі Садоўскі хацеў устрымацца ад канчатковага рашэння. Лічачы часавую дыстанцыю яшчэ занадта кароткай, ён пакідаў гэтую задачу наступным пакаленням: „Але гісторыя сама яшчэ скажа пра яго сваё слова”[32]. Праз „21 год” пас ля смерці Сталіна Садоўскі без ілюзій патлумачыў тое, што моладзь не мае ведаў пра Сталіна і не адбываецца гістарычнага даследавання яго эпохі: „Вось дык лёс славы”. У гэтым гучыць не толькі тэма адзіноты „вялікага чалавека” ў гісторыі, але, відавочна, і патрэба Садоўскага зарыентавацца ў сучаснасці[33]. А праз „22 гады” пасля смерці Сталіна Садоўскі нарэшце змог паглядзець зверху на фігуру свайго „звышбацькі”, сцвярджаючы: „Ён баяўся, што без яго мы акажамся сляпымі кацянятамі. І дарма, бо жыццё абвергла гэта”[34]. Іншымі словамі, Садоўскі прыйшоў да разумення таго, што ён быў „павязаны” інтэлектуальнымі і псіхічнымі структурамі, якія доўгі час заміналі яму ісці далей сваім шляхам як самастойнаму чалавеку.

Спатрэбілася ў цэлым два дзесяцігоддзі, каб Садоўскі вызваліўся ад залежнасці ад „культу асобы” сталінскіх часоў. Зрабіўшы гэты крок, ён насмеліўся перадаць свае запісныя кніжкі ў архіў. Далейшы аналіз сваёй мінуўшчыны здаваўся яму больш непатрэбным. Цяпер ён разглядаў свае паперы выключна як дакумент эпохі, што можа паслужыць крыніцай будучым даследчыкам. Дзённік Садоўскага канчаецца 1976 г. Як відаць, ён не хацеў нічога больш раскрываць грамадскасці. Ды і што яму было яшчэ расказваць? Запіс у дзённіку ад 5 сакавіка 1976 г. нібыта пазначыў завяршэнне цыкла яго жыцця: пад уражаннем сустрэчы ў Саюзе пісьменнікаў напярэдадні ён спачатку зафіксаваў, па сутнасці, нязначны факт, што пісьменнік Максім Танк намысліў падарожжа ў Японію. Тут яму раптам успомнілася сустрэча з яго ўнучкай Юляй, якая заспела яго знянацку і адначасова пацешыла наіўным дзіцячым пытаннем: Дзед, а ці руская царыца таксама святкавала Восьмага сакавіка… [35].

Ці ведаў Садоўскі, як апошняя царыца з роду Раманавых праводзіла сацыялістычны Дзень жанчын, застаецца невядомым, бо замест таго, каб перадаць свой адказ, ён звёў увесь каментар да трох шматзначных кропачак. Яму стала ясна, што пакаленне яго ўнукаў задае гісторыі зусім іншыя пытанні, чым ён сам. Сталін не быў згаданы ніводным словам.

Яфім Садоўскі „гома саветыкус”

У другой палове 1990-х г. „дзённікі са сталінскіх часоў” прыцягнулі агульную цікавасць спецыялістаў-даследчыкаў[36]. З аднаго боку, фантазію чытачоў распальвае чаканне шчаслівага выпадку змерыць сябе надзеямі і расчараваннямі людзей, якія жылі ў іншы час і ў іншым атачэнні ў экстрэмальных умовах. З другога боку, навуковая інтэрпрэтацыя скіраваная на высвятленне нормаў паводзінаў ды ўзораў ідэнтыфікацыі пакалення, якое сфармавалася пад уплывам сталінізму. З дапамогай пісьмовых сведчанняў надта цяжка рабіць сцвярджэнні пра структуру асобы або пра суадносіны індывідуальна-псіхалагічнага планавання жыцця і сітуацый сацыяльнага прымусу. Ва ўсякім выпадку, можна прыцягнуць шаблоны для праверкі, ці ўкладваецца наяўнае ў пэўную схему і ці можна атрымаць на падставе гэтага тлумачэнне гістарычнае, якое выходзіць за межы адзінкавага выпадку.

Што ж за чалавек паўстае перад намі са старонак дзённіка Яфіма Садоўскага? Погляд назад на яго біяграфію паказвае, што ён уступіў у прафесійнае жыццё ў сярэдзіне 1920-х г., у перыяд „новай эканамічнай палітыкі”, што ўмоўна арыентавалася на рынкавыя механізмы, і дзякуючы савецкай кампаніі па пашырэнні адукаванасці заняў пазіцыю, якая дазволіла яму ў канцы 20-х – пачатку 30-х г. адсочваць прымусовую калектывізацыю сельскай гаспадаркі і фарсіраваную індустрыялізацыю краіны з пункту гледжання журналісцкай браціі. Насуперак свайму непралетарскаму паходжанню яму пашчасціла ў 1937 г., годзе тэрору, дасягнуць адной з пасад, што вызвалілася ў афіцыйна-ўрадавай „Советской Белоруссии”. І насуперак сваёй яўрэйскай нацыянальнасці ён і ў пасляваенны час працягваў рухацца ўверх па кар’ернай лесвіцы. Вось жа, нам варта разглядаць яго як прадстаўніка таго пакалення, для якога, прынамсі, на пэўны час спраўдзілася мара пра „новага чалавека”. Гэтае пакаленне было роўным чынам прасякнутае патэрналізмам і эгалітарызмам. Равеснікі Садоўскага адмаўляліся ад прыватнай сферы, якой іх пазбавіў недахоп жыллёвай плошчы ды калектыўная арганізацыя працы, мірыліся з дэфіцытам усіх рэчаў штодзённага ўжытку, абумоўленым занядбанасцю прамысловасці спажывецкіх тавараў, і ўладкоўваліся ў мілітарызаваным грамадстве з яго каманднай сістэмай. Для гэтага пакалення, што прайшло праз усе віры жыцця, Сталін увасабляў захаванне доўгачаканага „спакою ды парадку” і забеспячэнне якой бы там ні было „камуністычнай маралі”. З прычыны таго, што Сталіну ўсміхнулася ваеннае шчасце, ён быў для тых, каму давялося перажыць нацыянальную трагедыю, найсвяцейшай, недатыкальнай асобай. Хрушчоў жа, хоць і намагаўся аднавіць ленінізм, але ў духоўным плане не мог даць гэтым людзям ніякага апірышча. Наадварот: равеснікі Садоўскага мусілі сузіраць, як паступовае ўзрастанне ўзроўню жыцця пасляваеннага пакалення да зноснага становішча суправаджалася стратай веры ва утопію і як у грамадскім дагаворы шансам індывіда на самарэалізацыю надавалася ўсё большае значэнне. Таму рахункі са Сталіным былі для пакалення Садоўскага балючым працэсам, тым больш што размова ішла, у першую чаргу, пра выцясненне і ў меншай ступені пра разбор калектыўнай віны. Яны мусілі б пачаць сваю споведзь за грахі ўсяго жыцця з замоўчвання масавых злачынстваў ды згадаць пра сваю ўлучанасць у сістэму тэрору і гвалту. На фоне сказанага не так важна, ці быў журналіст Садоўскі эстэтам-канфармістам або лаяльным саўдзельнікам. У працэсе культуралістычнага пералому задачай гісторыкаў павінна быць, хутчэй, даследаванне сутнасці феномена „гома саветыкуса” ў цэлым, наглядная дэманстрацыя яго абмежаванай здольнасці да крытычнай ацэнкі, а таксама даступнае тлумачэнне адсутнасці ў яго індывідуалізму. „Савецкіх людзей” яшчэ можна сустрэць, выправіўшыся ў палявыя даследаванні.

Пераклад Сяргея Паўлавіцкага


* Feierte die russische Zarin den sozialistischen Frauentag? Efm Sadovskijs lange Abnabelung von Stalin // Kollektivität und Individualität. Der Mensch im östlichen Europa. Festschrift für Prof. Dr. Norbert Angermann zum 65. Geburtstag. Hrsg. v. Karsten Brüggemann, Thomas M. Bohn, Konrad Maier. Hamburg, 2001. S. 341-354.
[2] Советская Белоруссия. 5.03.1953. № 54. С. 1.
[3] Советская Белоруссия. 6.03.1953. № 55. С. 1.
[4] Советская Белоруссия. 7.03.1953. № 56. С. 1.
[5] Советская Белоруссия. 10.03.1953. № 59. С. 1.
[6] Советская Белоруссия. 7.03.1953. № 56. С. 3/3; 9.03.1953. № 58.С. 2; 10.03.1953. № 59. С. 3.
[7] Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва (далей БДАМЛіМ). Мінск. Ф. 92: Ефим Ильич Садовский, воп. 1, спр. 251, арк. 97, арк. 97адв.
[8] Тамсама. Арк. 99.
[9] Тамсама. Арк. 97 адв.
[10] Тамсама. Арк. 101.
[11] Тамсама. Арк. 101 адв.
[12] Тамсама. Арк. 102.
[13] Тамсама. Арк. 103.
[14] Тамсама. Спр. 252, арк. 1 адв.
[15] Тамсама. Спр. 251, арк. 98.
[16] Гарэлік Л.М., Смольская В.У. Яфім Садоўскі // Беларускія пісьменнікі. Бібліяграфічны слоўнік / пад рэд. А.В. Мальдзіса. Т. 5. Мінск, 1995. С. 220-229.
[17] БДАМЛіМ. Ф. 92, воп. 1, спр. 249-292.
[18] Der Fall Berija. Protokoll einer Abrechnung. Das Plenum des ZKder KPdSU Juli 1953. Stenographischer Bericht, hrsg. v. ViktorKnoll u. Lothar Kölm. 2. Aufl. Berlin, 1999. S. 327-341.
[19] Советская Белоруссия. 5.03.1954. № 54. С. 1.
[20] Советская Белоруссия. 5.03.1955. № 54. С. 1.
[21] Rechenschaftsbericht des Zentralkomitees der KPdSU an denXX. Parteitag. Referat vom Genossen N.S. Chruschtschow, demErsten Sekretär des ZK der KPdSU, gehalten am 14. Februar1956. Berlin, 1956. S. 133.
[22] Über den Personenkult und seine Folgen. Rede N.S. Chruschtschowsin der internationalen Sitzung des XX. Parteitages der KPdSU,25. Februar 1956 // SED und Stalinismus. Dokumente aus demJahre 1956. Berlin, 1990. S.8-68, асабліва S. 21-22.
[23] Параўн.: Советская Белоруссия. 4.03.1956. № 54; 6.03.1956.№55.
[24] Über die Überwindung des Personenkults und seine Folgen. Beschluß des Zentralkomitees der KPdSU vom 30. Juni 1956 //SED und Stalinismus. S. 69-90.
[25] Параўн.: Советская Белоруссия. 5.03.1957. № 54.
[26] Советская Белоруссия. 3.11.1961. № 260. С. 4.
[27] БДАМЛіМ. Ф. 92, воп. 1, спр. 256, арк. 256.
[28] Тамсама. Спр. 276, арк. 66-67.
[29] Тамсама. Спр. 282, арк. 22.
[30] Тамсама. Спр. 286, арк. 30адв.
[31] Тамсама. Спр. 288, арк. 55.
[32] Тамсама. Спр. 289, арк. 99.
[33] Тамсама. Спр. 290, арк. 86.
[34] Тамсама. Спр. 291, арк. 67.
[35] Тамсама. Спр. 292, арк. 37.
[36] Напр., Tagebuch aus Moskau 1931—1939. Aus dem Russischen übersetzt und hrsg. v. Jochen Hellbeck. München, 1996; Das wahre Leben. Tagebücher aus der Stalin-Zeit. Hrsg. v. Véronique Garros, Natalija Korenewskaja, Thomas Lahusen. Berlin, 1998.

Наверх

Никандров, Нил. Иван Солоневич: народный монархист. Москва, 2007; Soloniewicz, Iwan. Rosja w lagrze. Warszawa, 2007 (Андрэй Ціхаміраў)

Снежня 3, 2008 |


НИКАНДРОВ, НИЛ. Иван Солоневич: народный монархист. — Москва: Алгоритм, 2007. — 672 с.

SOŁONIEWICZ, IWAN. Rosja w łagrze / przekład z języka rosyjskiego STANISŁAW DĘBICKI, weryfikacja i uzupełnienie tłumaczenia, redakcja AGNIESZKA KNYT. — Warszawa: Ośrodek KARTA, 2007. — 526 s.

Цікавасць да „заходнерускай” праблематыкі сярод сучасных даследчыкаў гісторыі Беларусі XIX-XX ст. абмяжоўваецца ў асноўным агульнай характарыстыкай гэтай плыні[1] ці біяграфіямі асобных дзеячаў (дагэтуль можна прыгадаць толькі біяграфію Міхаіла Каяловіча аўтарства Валерыя Чарапіцы[2]).

Нягледзячы на тое, што першыя гады жыцця і прафесійнай актыўнасці Івана Саланевіча прайшлі на Беларусі, жыццё і творчая спадчына гэтага ідэолага расійскага неаманархізму ў кантэксце „заходнерускай” плыні практычна не даследуецца беларускімі аўтарамі. Ёсць толькі некалькі невялікіх артыкулаў у даведачных, энцыклапедычных выданнях[3], адным зборніку гістарычных эсэ[4], а таксама перавыдадзеная ў Мінску ў 1998 г. адна з галоўных прац Саланевіча „Народная монархия”[5]. На расійскі кніжны рынак імя Саланевіча вярнулася пасля 1991 г. і да сёння ягоныя кнігі застаю цца запатрабаванымі і даволі папулярнымі, асабліва ў манархічных і нацыяналістычных колах. Практычна ўсе яго значныя працы перавыдадзены ў Расіі, знайшлі сваіх даследчыкаў (як сярод прыхільнікаў ідэй, блізкіх Саланевічу[6], так і сярод больш крытычных філосафаў і сацыёлагаў[7]), а спадчына Саланевіча вяртаецца ў навуковы ўжытак.

У 2007 г. расійскі журналіст з Каракаса (Венесуэла) Ніл Нікандраў выдаў у Маскве першую падрабязную біяграфію Івана Саланевіча. На пачатку трэба зазначыць, што нельга лічыць працу Нікандрава навуковым выданнем у сціслым сэнсе. Яна больш набліжаецца да жанру белетрызаванай біяграфіі, напісанай на дакументальных сведчаннях. У кнізе ёсць спасылкі (але не заўсёды), аднак няма даведачнага апарату, а толькі невялікая бібліяграфія. Аўтар таксама шырока выкарыстоўваў рэсурсы Інтэрнэту, але практычна нельга знайсці дакладных адрасоў вэб-рэсурсаў, на якія ён спасылаецца. У даследаванні выкарыстаны друкаваныя працы Саланевіча, матэрыялы прыватнай карэспандэнцыі Н. Нікандрава з роднымі Саланевіча, а таксама матэрыялы, сабраныя ў розных архівах (НКУС, Сакратарыяце ЦК КПСС) Юрыем Маркавым (папка з гэтымі дакументамі апынулася ў Нікандрава, і ён іх даволі часта цытуе, аднак зразумела, вельмі цяжка казаць пра магчымасць верыфікацыі гэтых дадзеных іншымі даследчыкамі). Кніга напісана даступнай мовай, месцамі стыль нагадвае дэтэктыўны, але гэта можна зразумець, улічваючы ўсе абставіны жыцця Івана Саланевіча і ягоныя авантурныя і небяспечныя прыгоды. Аўтар вельмі сімпатызуе поглядам Саланевіча, дэкларуе патрэбу аб’ектыўнага даследавання ягонага лёсу (15), спрабуе разбурыць даволі распаўсюджаныя погляды пра Саланевіча (асабліва важны сюжэт пра адносіны галоўнага героя кнігі з нацыстамі і нямецкі перыяд жыцця). Пры ўсіх азначаных хібах кніга Нікандрава з’яўляецца важнай крыніцай інфармацыі пра Саланевіча, паказвае вельмі шмат маладаследаваных момантаў ягонай біяграфіі і займае значнае месца сярод прац па гісторыі „заходнерускай” думкі ў ХХ ст.

Адносіны Нікандрава да беларускага руху крытычныя, ён тут практычна салідарны з Саланевічам, але ўласна беларускі сюжэт раскрыты аўтарам недакладна і даволі слаба. Відавочна, што Нікандраў не меў магчымасці пазнаёміцца з даследаваннямі на беларускай мове на гэтую тэму (у сувязі з іх адсутнасцю), у ад ной спасылцы ён піша пра „нынешних ультра-патриотов в Беларуссии” (21), пры гэтым спасылаецца на бліжэй неакрэслены сайт у Сеціве.

Іван Саланевіч перш за ўсё вядомы на Захадзе як адзін з першых уцекачоў з сталінскага Савецкага Саюза, які выжыў у сістэме ГУЛАГу і напісаў аповесць „Россия в концлагере” (1935-1936 у газетным варыянце, 1936 г. — асобнай кніжкай па-руску) пра лагерны побыт і сутнасць камуністычнай сістэмы. Праца Саланевіча была адной з першых кніг, якія выйшлі на Захадзе на гэтую тэму (і была перакладзена на некалькі еўрапейскіх моў і на японскую), значна раней, чым больш вядомае сведчанне Аляксандра Салжаніцына. Тут варта прыгадаць таксама яшчэ аднаго беларуса — драматурга Францішка Аляхновіча, які выдаў сваё сведчанне „У кіпцюрох ГПУ” ў 1937 г. Паралелі з Аляхновічам выяўляюцца таксама ў кантэксце выразнага антыкамунізму Саланевіча, але калі казаць пра іншыя погляды гэтых аўтараў, то яны выразна разыходзяцца.

Біяграфія Саланевіча застаецца малавядомай і спрэчнай не толькі для шырокага кола гісторыкаў, але нават для даследчыкаў, якія займаюцца перш за ўсё ім. Спрэчкі пачынаюцца з пытання пра месца нараджэння. Шмат аўтараў проста кажа пра Гродзенскую губерню, іншыя згадваюць вёску Руднікі Пружанскага павета (цяпер Пружанскі раён)[8], Ніл Нікандраўлічыць, што месцам нараджэння публіцыста было мястэчка Цеханавец Гарадзенскай губерні (цяпер Падляскае ваяводства Польшчы) (19). Гэтае сведчанне лепш за ўсё пацверджана дакументальна, у прыватнасці архіўным дакументам — фармулярным спісам бацькі Івана — Лук’яна Міхайлавіча, які менавіта ў год нараджэння сына (1891) працаваў настаўнікам у Цеханаўцы[9]. Іншае сведчанне прыводзіць даследчыца з Пецярбурга Т. Ісмагулава, якая па матэрыялах студэнцкай справы І. Саланевіча з пецярбургскага архіва пацвяджае Цеханавец у якасці месца нараджэння[10]. Адзінай памылкай Ісмагулавай было тое, што яна пераблытала Цеханавец з Цеханавам, які знаходзіцца значна на поўнач ад Цеханаўца і быў да 1999 г. ваяводскім цэнтрам. Гэтая ж памылка перайшла і ў кнігу Нікандрава (19).

Першыя гады жыцця Івана Саланевіча апісаны ў кнізе ў асноўным на аўтабіяграфічных успамінах і часткова на публікацыях. Цікавым момантам, пра які амаль ніхто з беларускіх даследчыкаў не ўзгадваў, былі адносіны паміж бацькамі публіцыста, іх развод і „падвойнае жыццё” Лук’яна Саланевіча, які некалькі гадоў запар меў фактычна дзве сям’і (26). Гісторыя газеты „Белорусская жизнь” (з 1911 г. — „Северо-Западная жизнь”) Лук’яна Саланевіча і ўдзел Саланевіча-малодшага ў яе рэдагаванні ўзгадваецца Нікандравым даволі коратка (23-33), практычна беларускі перыяд жыцця займае ў кнізе 13 старонак.

Наступны вялікі сюжэт—гэта біяграфія Саланевічаўчасы Першай сусветнай вайны, падзей 1917 г. і грамадзянскай вайны. Асабліва цікавым момантам была ягоная журналісцкая дзейнасць у „Новом времени”[11] і іншых выданнях Пецярбурга і асабістыя адносіны да падзей рэвалюцый 1917 г. Жыццё Саланевіча ў Кіеве і Адэсе, поўнае актыўнай дзейнасці на карысць „белых”, арышт ужо ў савецкай Адэсе апісаны даволі падрабязна, але, як і ў большасці выпадкаў, на падставе ўласна ўспамінаў Саланевіча і яго жонкі. З 1921 да 1933 г. Саланевіч спрабаваў прыстасавацца да савецкай сістэмы, працуючы ў якасці журналіста і спартыўнага чыноўніка ў прафсаюзах у Адэсе і Маскве. Адначасова ён разам з сям’ёй і братам Барысам рыхтаваў уцёкі з Савецкага Саюза. Першая спроба скончылася няўдала, але група Саланевіча не была арыштаваная. Другая спроба скончылася арыштам і васьмігадовым тэрмінам зняволення ў лагеры ў 1933 г. У 1934 г. Саланевічы дзякуючы сваёй прафесійнай спартыўнай падрыхтоўцы збеглі з лагера Медгара ў Фінляндыю. Іх уцёкі зрабілі даволі вялікі рэзананс на Захадзе і ў самім НКУС (у савецкай прэсе, зразумела, праўцёкі нічога не пісалі).

Ніл Нікандраў значную частку сваёй працы прысвяціў лёсу Саланевіча на эміграцыі. Даволі падрабязна паказаны кантакты Саланевічаў з дзеячамі расійскай эміграцыі, канфлікты з імі, публікацыя „России в концлагере” і выданне газет у Балгарыі. Падрабязна аўтар спыняецца на асабістым жыцці публіцыста і асабліва на адносінах з расійскімі эміграцыйнымі коламі, напружаных і поўных канфліктаў. У 1938 г. у Сафіі на Саланевічаў быў арганізаваны замах, у якім загінулі ягоная жонка Тамара і сакратар Міхайлаў. Пасля замаху публіцыст вымушаны быў пераехаць у Нямеччыну.

Нямецкі перыяд жыцця Івана Саланевіча найбольш цяжкі для аналізу і багаты на супрацьлеглыя ацэнкі. З паловы 1930-х г. Саланевіч моцна наблізіўся да правых і фашысцкіх арганізацый расійскай эміграцыі, якія, аднак, не былі моцным рухам. Пад ягоным кіраўніцтвам быў створаны так званы „штабс-капітанскі рух”, які ў філасофіі „народнага манархізму” павінен быў быць кіраўнічым слоем у новай Расіі, вольнай ад камунізму. Паступова ўзмацняліся сімпатыі Саланевіча да нацызму як да антыкамуністычнай сістэмы і да Нямеччыны. Адносіны да апошняй былі даволі супярэчлівымі: да 1941 г. Саланевіч меў магчымасць выступаць на розных мерапрыемствах, пісаць тэксты, рэдагаваць свае выданні, якія працягвалі існаваць у Балгарыі, адначасова ён адкрыта падтрымліваў Гітлера. Даволі хутка пазіцыя Саланевіча змянілася, перш за ўсё ў пытанні вайны з СССР. Канцэпцыя вядзення татальнай вайны і масавай экстэрмінацыі насельніцтва (а дадаткова падзелу акупаванай тэрыторыі) выклікала пратэст Саланевіча. Канчаткова публіцыста выдалілі з Берліна і пасялілі ў Памеранію ў мястэчка Тэмпельбург (сёння Чаплінэк у Польшчы) пад нагляд гестапа. Вельмі важным элементам біяграфіі філосафа з’яўляецца ягоная праца ў якасці дарадчыка фінскага ўрада пад час савецка-фінскай вайны ў 1939 г. і прапанова стаць міністрам прапаганды Беларусі ў 1941 г., якую яму зрабіў Фабіян Акінчыц (509-511). Саланевіч адказаў адмовай у даволі рэзкай форме: маўляў, ён лепш быў бы швейцарам у расійскага міністра прапаганды, чым беларускім міністрам (509). Практычна да 1945 г. Саланевіч з сям’ёй сына знаходзіўся ў Тэмпельбурзе. З набліжэннем фронту яны ўцяклі ў брытанскую зону акупацыі Нямеччыны і вельмі баяліся, што іх могуць выдаць савецкім уладам. Нікандраў даволі падрабязна піша пра нямецкі перыяд жыцця Саланевіча (для параўнання, пра гэта амаль нічога няма ў беларускіх гісторыкаў[12]) і спрабуе зразумець сітуацыю свайго героя ў той час і ягоныя магчымасці[13]. Сапраўды, Саланевіч уцёк з аднаго таталітарызму і трапіў (часткова з уласнай волі, часткова ў сувязі з абставінамі) у іншы. Ягоныя сімпатыі да фашысцкага руху на той час не былі нейкім выключэннем, нават можна сказаць, што ў пэўных колах і пэўных абставінах гэта была інтэлектуальная норма. Але даволі хутка ён расчараваўся ў фашызме і нацызме і пачаў набліжацца да больш ліберальных поглядаў. Саланевіча найбольш прыцягвала сіла, і пад канец Другой сусветнай вайны гэтую сілу ён убачыў у ЗША і ліберальным капіталізме, які падтрымліваў пазней у сваіх тэкстах у Паўднёвай Амерыцы. Аднак нельга адмаўляць факт супрацоўніцтва Саланевіча з нацыстамі і з фінскім урадам і спробы аб’яднаць расійскія прафашысцкія арганізацыі пад уласным кіраўніцтвам у 1938-1939 г. (якія скончыліся забаронай гэтай арганізацыі немцамі). Рабіць выгляд, што гэтага не было (як робяць некаторыя сучасныя адэпты „заходнерусізму”) — проста недарэчна. Падрабязнае вывучэнне і аналіз дзейнасці філосафа ў нямецкі перыяд неабходныя, таксама і для беларускіх гісторыкаў. Вышэйзгаданы адказ Саланевіча Акінчыцу добра ілюструе адносіны аўтара „народнай манархіі” да беларускага руху, аднак ён прызнае сабе беларусам (зразумела, у „агульнарускім” кантэксце) і духоўным нашчадкам „заходнерусізму”. Лёс Саланевіча пад час Другой сусветнай вайны вельмі цікавы і ў нечым нават паказальны, ён упісваецца ў даволі разнастайную палітру адносінаў чалавека да вайны як феномена.

У 1948 г. сям’я Саланевіча (у Тэмпельбурзе Іван Саланевіч пазнаёміўся з Рут Бэтнэр, якая стала ягонай другой жонкай) пераехала ў Буэнас-Айрэс у Аргенціне. Нягледзячы на шматлікія цяжкасці Іван Саланевіч у аргенцінскай сталіцы пачаў выдаваць сваю апошнюю газету „Наша страна” (якая існуе да сённяшняга дня і мае версію ў Сеціве). У 1950 г. урад Хуана Перона выслаў Саланевіча ўУругвай у сувязі з крытыкай дыктатуры (622). Саланевіч памёр у 1953 г. у Монтэвідэа пасля складанай аперацыі, перажыўшы на некалькі дзён Сталіна. Нікандраў даволі падрабязна спыняецца на жыцці свайго героя ў Паўднёвай Амерыцы, згадвае пра версіі смерці і абараняе тэзіс пра негвалтоўны яе характар (Саланевіч меў хваробу ўнутраных органаўу сувязі са злоўжываннем алкаголем).

У 1952 г. выйшла другая па значнасці праца Саланевіча, квінтэсенцыя ягонай філасофіі гісторыі Расіі і яе будучыні — „Народная монархия”. Цікава, што менавіта гэтая праца была перавыдадзена ў 1998 г. у Беларусі, а не антыкамуністычная і антысталінская „Россия в концлагере”, больш вядомая на Захадзе. Беларуссю Саланевіч цікавіўся даволі мала, можа, толькі ва ўспамінах пра дзяцінства і маладосць, для яго яна была толькі малой часткай вялікай Расіі, якой ён сябе прысвяціў[14]. У асобе Саланевіча паказальная эвалюцыя „заходнерусізму”: ад цікавасці да Беларусі і Ўкраіны да поўнага інтэлектуальнага растварэння ў ідэі „вялікай Расіі”.

Варшаўскі цэнтр „Карта”, вядомы як асяродак зберагання дакументаў штодзённага жыцця ХХ ст., выдавецтва і цэнтр папулярызацыі гісторыі ў грамадстве, у 2007 г. выдаў першы поўны польскі пераклад „России в концлагере”. Першы польскі пераклад кнігі выйшаўяшчэ ў 1938 г. у Львове, але быў даволі недасканалы і скарочаны. Кніга 1938 г. была перавыдадзена польскімсамвыдатаму 1987 і 1988 г.,аўжоў1990 г. легальным шляхам у вольнай Польшчы. Значны пазітыўны момант новага выдання — наяўнасць спасылак і тлумачальнага апарату да тэксту Саланевіча і вялікага пасляслоўя з падрабязнай біяграфіяй аўтара. Аўтарка дадатковага перакладу, рэдакцыі і пасляслоўя — Агнешка Кныт. Нягледзячы на даволі вялікую колькасць выданняў кніжкі (чатыры цягам каля 50 гадоў), Саланевіч у Польшчы практычна невядомы, даследчыкі з „Карты” намагаюцца вярнуць ягонае сведчанне пра камунізм у польскія навуковыя і больш шырокія грамадскія колы, пры гэтым падкрэсліваючы, што ён нарадзіўся на тэрыторыі сучаснай Польшчы. У пасляслоўі таксама гаворыцца пра беларускія карані Саланевіча, даецца даволі падрабязная біяграфія аўтара „России в концлагере” і значэнне гэтай кнігі. Даследчыкі з „Карты” паказваюць Саланевіча перш за ўсё як сведку камунізму і нацызму, а не як ідэолага „народнага манархізму”.

Біяграфія аўтарства Ніла Нікандрава, выдадзеная ў Маскве, і найноўшае варшаўскае выданне „России в концлагере” вяртаюць імя Саланевіча чытачу і даследчыку. Магчыма, яны стануць штуршком да даследавання ў Беларусі жыцця і дзейнасці Саланевіча, і не толькі сучаснымі прыхільнікамі „заходнерускай” ідэі.

Варшава

Андрэй Ціхаміраў


[1] Литвинский А., Карев Д. Западнорусизм в российской историографии второй половины XIX — начала ХХ веков // Стэфан Баторый у гістарычнай памяцінародаў Усходняй Еўропы. Гродна, 2004. С. 195-324; Карев Д. Белорусская и украинская историография конца XVIII — начала 20-х гг. XX в. в процессе генезиса и развития национального исторического сознания белорусов и украинцев.Вильнюс, 2007.
[2] Черепица В. Н. Михаил Осипович Коялович. История жизни и творчества. Гродно, 1998.
[3] Арлоў У. Імёны Свабоды. Б. м. в., 2007. С. 172-173; Чарапіца В. Саланевіч І. Л. / / Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. Т. 6. Кн. 1. Мінск, 2001. С. 210-211.
[4] Черепица В. Н. Преодоление времени. Исторические очерки и миниатюры. Минск, 1996. С. 37-73.
[5] Солоневич И. Л. Народная монархия. Минск, 1998.
[6] У Пецярбурзе адбываюцца канферэнцыі, прысвечаныя творчасці Івана Саланевіча (у 2008 г. адбылася ўжо шостая канферэнцыя), выдадзена некалькі зборнікаў артыкулаў, шмат матэрыялаў можна знайсці ў расійскім Інтэрнэце.
[7] Волкогонова О. Д. Образ России в философии Русского Зарубежья. Москва, 1998. С. 249-268; Болотоков В. Х., Кумыков А. М. Феномен наций и национально-психологические проблемы в социологии русского зарубежья. Москва, 1998. С. 172-184.
[8] Черепица В. Н. Преодоление времени. Исторические очерки и миниатюры.С. 219; Арлоў У. Імёны Свабоды. С. 173.
[9] Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі ў Гродне, ф. 2, воп. 37, спр. 1455, арк. 1.
[10] Исмагулова Т. Д. И. Л. Солоневич в Санкт-Петербурге (по материалам студенческого дела) // Иван Солоневич — идеолог Народной Монархии: МатериалыII научно-практ. конференции: СПб. 25 апреля 2004 года. СПб, 2005. С. 24-25, Інтэрнэт-версія: http://solonevich.narod.ru/ismagulova.html
[11] Гл.: Воронин И. П. Иван Солоневич — сотрудник „Нового времени” // Иван Солоневич — идеолог Народной Монархии. Материалы IV научно-практ. конференции, 9 апреля 2006 г. СПб, 2007. С. 8-19.
[12] В. Чарапіца нават піша, што ўжо на пачатку Другой сусветнай вайны сям’я Саланевічаў пераехала ў Аргенціну, гл.: Черепица В. Н. Преодоление времени. Исторические очерки и миниатюры. С. 54-55.
[13] Першапачаткова Н. Нікандраў апублікаваў асобны артыкул на гэтую тэму: Никандров Н. Иван Солоневич в годы нацистской ссылки // Иван Солоневич —идеолог Народной Монархии. Материалы IV научно-практ. конференции.С. 62-76.
[14] Паказальная наступная вытрымка з артыкула Саланевіча „О сепаратных виселицах” з „Нашей страны” (2 красавіка 1949 г.): „Я — стопроцентный белорус… Наших собственных белорусских самостийников я знаю как облупленных. Вся эта самостийность не есть ни убеждения, ни любовь к родному краю — это есть несколько особый комплекс неполноценности: довольно большие вожделения и весьма малая потенция: на рубль амбиции и на грош амуниции” (с. 604).

Наверх

Наталля Юсава. „У святле Сталінскага вучэння пра мову і нацыю“

Снежня 22, 2007 |


Ва ўмовах адзяржаўлення гуманітарнай навукі пры таталітарным ладзе любыя яе тэорыі і канцэпцыі абавязкова былі знітаваны з пануючай ідэалогіяй, а часам нават уплывалі на развіццё і ўкараненне істотных канцэптаў апошняй. Пры фармаванні некаторых навуковых канструкцый вырашальнае слова для гуманітарыстыкі мелі пастулаты Іосіфа Сталіна, што было звязана са значэннем і месцам правадыра ў таталітарнай сістэме савецкага ўзору. Культ яго асобы складаўся ў СССР на працягу доўгага часу і падымаўся на новы ўзровень з кожнай новай „перамогай” савецкіх людзей на розных „франтах”. Разнастайныя здзяйсненні і дасягненні народаў савецкай імперыі з кожным разам усё больш і больш выдаваліся за вынік „мудрага” кіраўніцтва „стырнавога савецкага народа”. Культ Сталіна дасягнуў апагея, як вядома, у пасляваенны перыяд, паколькі ўсе вырашальныя перамогі над вермахтам былі прыпісаны генералісімусу і ў свядомасці савецкіх людзей вікторыя ў гэтай страшнай вайне звязвалася перш за ўсё з асобай правадыра. Адзін з вядучых чыноўнікаў аддзела агітацыі і прапаганды ЦК ВКП(б) Д. Шапілаў абвяшчаў у вялікім прапагандысцкім артыкуле, які быў апублікаваны ў газеце „Правда” (11 жніўня 1947 г.) і адпавядаў інструкцыям, складзеным у агітпропе, што «„імя вялікага Сталіна” — гэта сімвал „волатаўскай магутнасці народа, яго перамог, яго славы, яго новых творчых планаў”»[1].

Зыходзячы з меркаванняў далейшага замацавання свайго іміджа — рэнамэ нібыта ўсёведнага і ўсюды прысутнага „звышчалавека”, І. Сталін намагаўся максімальна ахапіць розныя бакі жыццядзейнасці, у прыватнасці сказаць „апошняе слова” тэарэтыка марксізму ў розных галінах навукі. Любыя меркаванні „жывога бога” (як вусныя, так і пісьмовыя) набывалі сакральны статус, а новыя яго тэарэтычныя працы папаўнялі „залаты фонд” марксізму (няхай i вульгарызаванага), які, у сваю чаргу, быў „свяшчэннай каровай” бальшавікоў. Працы І. Сталіна, такім чынам, набывалі дактрынальнае значэнне, а іх галоўныя палажэнні дырэктыўна ўкараняліся, як метадалагічныя ўказанні, у гуманітарныя галіны навукі.

Яшчэ ў даваенныя часы пачаў замацоўвацца статус правадыра як галоўнага марксісцкага аўтарытэта ў сферы тэорыі „нацыі”, а ў канцы 1940-х г. гэты статус набыў канчатковае афармленне. З нацыянальнымі пытаннямі былі звязаны і новыя меркаванні Сталіна, выказаныя ім у час так званай лінгвістычнай дыскусіі лета 1950 г. з нагоды тэорыі М. Мара. Гэтыя меркаванні датычыліся адначасова і пытанняў утварэння народаў ды народнасцей, гэта значыць пытанняў этнагенезу, а не нацыягенезу[2]. А таму пастулаты правадыра надалі штуршок новай актуалізацыі этнагенетычных[3] даследаванняў і вызначылі шляхі тэарэтычнай перабудовы этнагенетыкі, што праводзілася ў сувязі з выкараненнем з гэтай дысцыпліны марысцкіх канструкцый. Варта заўважыць: на нашу думку, сталінская нацыялагічная тэорыя была на мяжы „тэрыторый” навукі і ідэалогіі, паколькі гэтую тэорыю трэба разглядаць і як навукова абгрунтаваныя тэзісы, і як ідэалагічныя пастулаты (якімі яны непазбежна рабіліся ў сітуацыі культу асобы І. Сталіна).

У сталінскі перыяд савецкай гісторыі этнагенетычная праблематыка некалькі разоў актуалізавалася (уласна кажучы, этнагенетычныя даследаванні не сыходзілі з парадку дня вучоных-гуманітарыяў на працягу 15 год, г. зн. з канца 1930-х да першай палавіны 1950-х г.), але пры гэтым кожны раз тое ці іншае вырашэнне метадалагічных і агульнатэа-рэтычных пытанняў не мела поўнага і лагічнага завяршэння, а таксама афіцыйнай санкцыі на атрыманне навукова i палітычна прызнанага легітымнага статусу марксісцкай тэорыі этнагенезу. Папярэднія даследаванні гэтага пытання паказваюць на неабходнасць больш паглыбленага вывучэння і раскрыцця ўплыву І. Сталіна на развіццё савецкай этнагенетыкі ў пачатку 1950-х г. і, у прыватнасці, на працэс легітымацыі канцэпцыі старажытнарускай народнасці. Прадметам нашага даследавання з’яўляецца высвятленне значэння пастулатаў І. Сталіна ў галіне нацыязнаўства для апошняй спробы савецкіх вучоных сталінскай эпохі стварыць агульнапрынятую афіцыйную тэорыю этнагенезу. Зрэшты, гэтае значэнне і ўсе асноўныя праблемы перабудовы этнагенетыкі дастаткова рэпрэзентатыўна праявіліся на першым этапе гэтай ідэалагічнай кампаніі (храналагічна гэта лета 1950 г. – зіма 1950-1951 г.). Аднак наша даследаванне абмяжуецца толькі этапам падрыхтоўкі міжінстытуцкай акадэмічнай нарады-дыспуту па метадалогіі этнагенетычных даследаванняў, што храналагічна адпавядае лютаму — лістападу 1951 г. У цэлым жа храналагічны дыяпазон зімы 1950 — восені 1951 г. звязаны з правядзеннем шэрагу навуковых канферэнцый і нарад, якія падвялі першыя вынікі тэарэтычнай перабудовы этнагенетыкі ў сувязі з укараненнем сталінскіх пастулатаў і разам з тым акрэслілі далейшыя перспектывы развіцця названай галіны.

Такім чынам, як ужо мімаходам адзначалася вышэй, адной з найважнейшых акцый падчас апошняга „ўсплёску” актуалізацыі стала падрыхтоўка і правядзенне ў час аб’яднанай нарады акадэмічных інстытутаў гуманітарнага профілю дыскусіі па метадалогіі этнагенетычных даследаванняў „у святле Сталінскага вучэння аб мове і нацыі” (фігуруе менавіта такая поўная назва[4]), якая адбылася 29 жніўня — 3 лістапада 1951 г. Падрыхтоўка гэтай нарады акадэмічным кіраўніцтвам праявілася, у прыватнасці, у арганізацыі і правядзенні серыі пасяджэнняў, у якіх бралі ўдзел прадстаўнікі розных гуманітарных дысцыплін, датычных да распрацоўкі этнагенетычных пытанняў. У гэтым артыкуле мы разгледзім сутнасць дыскусій на гэтых падрыхтоўчых пасяджэннях. У навуковай літаратуры гэтае пытанне яшчэ не асветлена, таму асноўнай крыніцай для рэканструкцыі падзей з’яўляюцца архіўныя матэрыялы. На жаль, пакуль што знойдзена толькі адна справа, якая ўтрымлівае пратаколы гэтых падрыхтоўчых пасяджэнняў (а менавіта чатырох першых), праведзеных на працягу 8 лютага — 19 сакавіка 1951 г.[5]

У агульнай гадавой справаздачы Адзялення гісторыі і філасофіі (далей АІФ) сказана, што працэс падрыхтоўкі аб’яднанай нарады па метадалогіі этнагенетычных даследаванняў трываў паўгода (на самай справе, як можна лёгка падлічыць, дзевяць месяцаў). За гэты перыяд было праведзена, у прыватнасці, 14 спецыяльных падрыхтоўчых пасяджэнняў, „на якіх у абстаноўцы творчых дыспутаў былі падвергнуты абмеркаванню тэзісы ўсіх дакладаў”[6]. Асноўная работа па падрыхтоўцы дыскусіі была ўскладзена на Інстытут этнаграфіі[7]. Першае пасяджэнне з серыі падрыхтоўчых нарад адбылося 8 лютага 1951 г.[8], і ў яго рабоце, згодна з пералікам прысутных, бралі ўдзел 17 вучоных[9]. Гэта прадстаўнікі акадэмічных інстытутаў — мовы, усходазнаўства, этнаграфіі, гісторыі і гісторыі матэрыяльнай культуры. Сярод іх варта назваць такіх вядомых і аўтарытэтных спецыялістаў у сваіх галінах, як мовазнаўцы і гісторыкі мовы Б. Горнунг, В. Левін, Г. Санжэеў; этнолагі М. Левін, С. Токараў, С. Талстоў; гісторыкі і археолагі Б. Грэкаў, А. Насонаў, П. Траццякоў, А. Удальцоў і інш.

Старшынствуючы на гэтым першым сходзе вучоных дырэктар Інстытута этнаграфіі С. Талстоў ва ўступнай прамове акрэсліў кола праблем, якія патрабуюць высвятлення ў дакладах, — гэта археалагічныя, этнаграфічныя, лінгвістычныя, антрапалагічныя крыніцы і іх узаемасувязь з праблемамі этнагенезу. Акцэнтавалася, што абапірацца пра вывучэнні кожнай з праблем трэба перш за ўсё на крыніцы. На думку вучонага, належала б ужо ў сакавіку правесці дыскусію, пачаўшы яе з агульных праблем, а толькі пасля навукоўцам варта разгарнуць цэлую серыю асобных дыспутаў, грунтуючыся на загадзя падрыхтаваных дакладах і прыцягнуўшы да гэтага па магчымасці таксама вучоных з „перыферыі”[10].

Пасля выступлення С. Талстова Г. Санжэеў і Б. Горнунг прапанавалі запрасіць да ўдзелу ў рабоце афіцыйных прадстаўнікоў АІФ і Аддзялення літаратуры і мовы Презідыума АН СССР[11] (адсюль можна зразумець, што Б. Грэкава яны разглядалі як прадстаўніка ад Інстытута гісторыі, а не ад АІФ). А. Насонаў паставіў слушнае пытанне наконт таго, чаго чакаюць ад дыскусіі самі вучоныя: „ці павінна гэтая дыскусія вырашыць усе праблемы, звязаныя з праблемай этнагенезу”[12]. На што С. Талстоў справядліва адказаў: хоць i цяжка сказаць, якія менавіта пытанні атрымаюць сваё вырашэнне, аднак будзе зроблена іх пастаноўка. Да размовы далучыўся П. Траццякоў, зрабіўшы акцэнт на вострай патрэбе дыспуту, і давёў да ведама ўсіх, што Прэзідыумам датэрмінова зацверджана публікацыя магчымых вынікаў у выглядзе запланаванага зборніка дакладаў[13]. Дыскусіі па этнагенезе, на думку археолага, „справа… вельмі балючая і вельмі сур’ёзная”[14]. Гэты дыспут павінен абавязкова мець адкрыты, шырокі фармат, з прыцягненнем спецыялістаў з іншых гарадоў. П. Траццякоў падкрэсліў, што нават у АН, як правіла, вучоныя не ведаюць меркаванняў адзін аднаго. (Цікава, што тое самае адзначыў яшчэ А. Удальцоў на самай першай нарадзе па пытаннях этнагенезу ў верасні 1938 г.[15]).

Спыніўшыся на методыцы вядзення дыскусіі, П. Траццякоў прапанаваў іншы механізм у параўнанні з С. Талстовым. Археолаг лічыў (на нашу думку, цалкам слушна) больш мэтазгодным той шлях, калі вучоныя прадставяць грунтоўныя даклады якраз па асобных невялікіх пытаннях са сферы этнагенезу, а ўжо пасля правядзення абмену думкамі можна было б падысці да вырашэння абагульняльных праблемных пытанняў (калі ўжо карыстацца сучаснымі паняційнымі фармулёўкамі, якімі аперыруе гістарычная навука, то гэта прагучыць так: праз распрацоўку мікрагістарычных праблем падыходзіць да фундаментальных макрагістарычных пабудоў). У гэтым П. Траццякоў быў падтрыманы Г. Санжэевым, які таксама падкрэсліў неабходнасць пастаяннага цеснага ўзаемаабмену думкамі паміж прадстаўнікамі акадэмічных інстытутаў. А зважаючы на сітуацыю ў сферы этнагенетыкі, калі супольная работа толькі-толькі пачынаецца, планаваць правядзенне намечанай комплекснай нарады на канец сакавіка (як прапанаваў С. Талстоў) — гэта занадта рана[16]. (Адметным выглядае пасаж адносна таго, што „супольная работа толькі-толькі пачынаецца”. Аднак у такім выпадку паўстае слушнае пытанне: а што ж рабілі этнагенетыкі з верасня 1938 г., калі адбылася першая нарада па пытаннях этнагенезу, у ходзе якой і была засведчана неабходнасць стварэння міждысцыплінарнай спецыяльнай камісіі якраз для каардынацыі сумеснай работы прадстаўнікоў розных галін гуманітарных навук у сферы этнагенезу?)[17].

Наступны выступоўца, мовазнавец Б. Горнунг, які браў удзел яшчэ ў сесіях (памянёнай вышэй) міждысцыплінарнай спецыяльнай камісіі па пытаннях этнагенезу ў час Вялікай Айчыннай вайны[18] (ён жа і згадаў у сваім выступленні аб працы гэтай камісіі), таксама падкрэсліў, што гэтая „наша сесія — толькі пачатак работы” і не варта разлічваць на намечаную дыскусію як на нейкае падвядзенне вынікаў (аб чым прагаварыўся П. Траццякоў), а таму „мы не павінны згладжваць вострыя вуглы”[19]. Трохі пазней (у ходзе абмеркавання) Б. Горнунг указаў на непаразуменне паміж лінгвістамі і археолагамі адносна этнічнай трактоўкі некаторых археалагічных культур. У сувязі з гэтым ён адзначыў, што „калі мы не дамо рады такім няяснасцям, гэта не будзе спрыяць поспеху дыскусіі”[20].

У сваім выступленні гісторык А. Насонаў падтрымаў i П. Траццякова, і Г. Санжэева, і Б. Горнунга ў тым, што толькі праз пастаноўку асобных пытанняў даследчыцкага характару можна дасягнуць станоўчых рэзультатаў, а таму маючы адбыцца дыспут — не падвядзенне вынікаў, а толькі пачатак работы, і пасяджэнні, што папярэднічаюць гэтай дыскусіі, патрэбны не дзеля таго, каб cяк-так аб нечым дамовіцца, а менавіта для кансультацый. Бадай ці не самым яскравым сведчаннем блытаніны ў этнагенетычнай сферы могуць служыць словы прадстаўніка мовазнаўцаў Б. Сярэбранікава: „Калі мы так (без падрыхтоўкі) збяромся, будзе мардабой, таму што мы дрэнна праінфармаваныя ў элементарных пытаннях розных спецыяльнасцей”[21]. Сітуацыя яшчэ больш ускладняецца тым, што, як адзначае вучоны, пасля выступлення І. Сталіна на старонках газеты „Правда” і выхаду яго кнігі „Марксізм і пытанні мовазнаўства” так і не з’явілася канкрэтных даследаванняў па этнагенезе, якія б праілюстравалі палажэнні правадыра на фактычным матэрыяле.

Ужо з выступленняў згаданых вучоных зразумела, што ўдзельнікі нарады рэальна ўсведамлялі складанасць раскрыцця тэарэтычных пытанняў у галіне этнагенетыкі і разумелі, што сапраўднае навуковае вырашэнне пастаўленых задач запатрабуе руплівай працы, а не „кампанейскага” падыходу, калі, дзеля хуткага дасягнення рэзультатаў, пра якія можна было б фармальна адрапартаваць (пакуль ёсць палітычная актуалізацыя), вучоныя „дамаўляюцца” ці „згладжваюць вострыя вуглы”. Відавочна, што ў апошнім выпадку гэта быў бы не навуковы кампраміс, а кан’юнктурны і палітычна „бяспечны” кансэнсус (паколькі прыкрыццё калектыўным аўтарытэтам засцерагала б ад адказнасці), пабудаваны на аснове выключна схаластычнай інтэрпрэтацыі адпаведных сталінскіх тэарэтычных палажэнняў. Зрэшты, не трэба думаць, што ўдзельнікі нарады дапускалі магчымасць прымянення нейкай іншай метадалогіі, чым тая, што была выкладзена ў працах І. Сталіна па нацыянальным пытанні. На гэты момант звярнуў увагу Б. Сярэбранікаў, адзначыўшы, што гаворка ніяк не можа ісці пра сутыкненне двух светапоглядаў, паколькі магістральная лінія ў аспекце вывучэння этнагенетычных праблем ужо закладзена працамі І. Сталіна. Аднак, нягледзячы на гэта, мовазнавец прагназіраваў жорсткую палеміку, адначасова выказваючы апасенні: „Не тое страшна, што будуць розначытанні, а тое, што асноўныя праблемы могуць выпасці”[22]. Каб пазбегнуць апошняга, іншы прадстаўнік Інстытута мовазнаўства В. Левін (таксама, дарэчы, у мінулым удзельнік сесій камісіі па этнагенезе[23]) прапанаваў папярэдне публічна разглядаць даклады ў сценах інстытутаў[24].

Да абмеркавання працэсу падрыхтоўкі запланаванай дыскусіі далучыўся і А. Удальцоў. Найперш вучоны падкрэсліў (у каторы раз!), што толькі аб’яднанымі намаганнямі прадстаўнікоў розных спецыяльнасцей можна дасягнуць поспеху. Вырашыць жа праблему сіламі адной асобнай дысцыпліны, скажам археалогіі, ён не лічыў магчымым. Разам з тым, на яго думку, паколькі ёсць агульная метадалогія (у археолагаў, этнографаў, гісторыкаў і г. д.) для этнагенетыкі, то патрэбен адзін асноўны метадалагічны даклад. Вучоны таксама не лічыў, што дыскусія будзе падсумавальнай, але яе задача заключаецца ў тым, каб намеціць вырашэнне шэрагу пытанняў „у духу ўказанняў таварыша Сталіна”. А. Удальцоў зрабіў асаблівы акцэнт на тым, што зыходнай пазіцыяй служаць працы І. Сталіна, і нават з гэтага пункту гледжання патрэбен адзін агульны метадалагічны даклад, a ўжо потым можна выступаць з тэзісамі па асобных пытаннях (для прыкладу вучоны прывёў неабходнасць разгляду праблем славянскага этнагенезу і індаеўрапеістыкі). Гісторык прызнаў рацыянальнай прапанову А. Насонава аб тым, што варта праводзіць узаемныя кансультацыі спецыялістаў для падрыхтоўкі дакладаў[25].

Пад уплывам рэплік і публічных выказванняў вучоных старшынствуючы на пасяджэнні трохі змяніў уласную думку. Так, жадаючы падвесці пэўныя вынікі першага падрыхтоўчага пасяджэння, С. Талстоў пагадзіўся з тым, што ідуць пошукі, а таму такая сітуацыя, калі канстатуецца безліч прабелаў, — цалкам натуральная рэч. Ён звярнуў увагу на тое, што, хоць „І. Сталін падказаў (курсіў наш. — Н. Ю.) рашэнні, але яны яшчэ не дадзены”[26] (інакш кажучы, агульнатэарэтычныя і частка канкрэтных задач этнагенетыкі яшчэ не вырашаны). На думку этнолага, дыспуты павінны прывесці да „агульнай для савецкай навукі лініі”[27]. А вось для гэтага i патрэбна шырокае абмеркаванне, паколькі, як ён слушна заўважыў, ні ў якім разе нельга „заганяць у падполле” рознагалоссі. Аднак пры гэтым варта сфармуляваць сапраўды канцэптуальныя супярэчнасці, а таксама тыя, што выкліканы элементарнай недасведчанасцю ці проста спецыфічным успрыманнем той або іншай праблемы.

Для наладжвання прадукцыйнай работы вучоных з мэтай як мага хутчэйшай падрыхтоўкі дыскусіі С. Талстоў прапанаваў арганізаваць спецыяльную камісію; членамі гэтай структуры павінны былі стаць прадстаўнікі акадэмічных устаноў гуманітарнага цыкла[28]. Асноўны шлях падрыхтоўкі комплекснага дыспуту меў аформіцца ў выглядзе паэтапнага абмеркавання тэзісаў дакладаў. Аднак на бягучы момант дырэктар Інстытута этнаграфіі не бачыў такога чалавека, які здолеў бы дастойна прадставіць асноўны метадалагічны даклад па праблемах этнагенезу, паколькі дагэтуль такая праблема ўвогуле яшчэ не ставілася як адно цэлае для ўсёй гуманітарыстыкі. Толькі пасля правядзення намечанай сесіі можна будзе зрабіць такі даклад. Затое на дыскусію неабходна вынесці акрэсленыя вышэй пытанні. С. Талстоў выказаў рэальную занепакоенасць з нагоды таго, што „калі мы дамовімся… пра славянскі этнагенез”, то застанецца нямала пытанняў наконт паходжання іншых этналінгвістычных груп. Рэзюміруючы, этнолаг падкрэсліў, што тэрмін правядзення дыспуту нельга пераносіць на няпэўны час, і хутчэй за ўсё мэтазгодна яго правесці ў красавіку (на самай справе дыскусія адбылася толькі ўвосень). Стрыжнёвае пытанне, якое патрабуе тэрміновага вырашэння, ён бачыў у раскрыцці паходжання лінгвістычных груп народаў; ужо вакол гэтай праблемы можна групаваць і ўсю сукупнасць этнагенетычных задач[29].

Далей паміж вучонымі ўзніклі дэбаты наконт этнагенезу ўсходніх славян. Ініцыяваў іх А. Насонаў, які выказаўся так: „У распрацоўцы праблемы паходжання рускага народа [меўся на ўвазе менавіта народ — продак усходніх славян. — Н. Ю.] шмат спрэчнага”[30]. Таму вучоны выказаў пажаданнне, каб гэтыя пытанні атрымалі належнае высвятленне, пры гэтым варта асаблівую ўвагу надаць больш старажытным перыядам, дзе цяжкасці ў інтэрпрэтацыі тых ці іншых фактаў, як і ў іх фіксацыі, павялічваюцца. С. Талстоў падтрымаў гісторыка, настойваючы на тым, каб цэнтральным звяном усіх дакладаў праходзіла праблема груп народаў, аб’яднаных агульнасцю мовы, а гэтым выпадку і славяне таксама не застануцца абдзеленыя ўвагай. З прапановай А. Насонава салідарызаваўся і Г. Санжэеў. П. Траццякоў, які ўжо прыклаў нямала намаганняў для высвятлення пытанняў славянскага этнагенезу, у сціслай рэпліцы канстатаваў, што праблема славянскай супольнасці не распрацоўваецца ва ўзаемасувязі на розных стадыях этнагенезу: этап роду — этап племені — этап народа[31]. Заўважым, што ў гэтай рэпліцы фактычна была прапанавана пастаноўка досыць змястоўнага і цікавага пытання (у плане, напрыклад, вырашэння праблемы адзінства старажытнарускай народнасці, якая тады набывала вострую актуальнасць): спецыялістам варта адсачыць працягласць этапу адзінства кожнага са славянскіх народаў.

Калі ж весці гаворку пра першачарговую актуальнасць тых ці іншых праблем этнагенезу, дык па-за канкурэнцыяй у пачатку 1950-х г. была праблема старажытнарускай народнасці[32]. (Украінскі археолаг В. Даўжанок адзначаў у 1952 г., што навуковая пастаноўка пытання пра старажытнарускую народнасць зрабілася магчымай толькі пасля выхаду прац І. Сталіна па мовазнаўстве[33].) На пасяджэнні, якое мы разглядаем, калі С. Талстоў запытаў, ці могуць прадстаўнікі інстытутаў зараз жа заявіць тэмы сваіх будучых дакладаў, першай і на той час адзінай заяўленай тэмай была тэма, якую назваў А. Насонаў: „Да пытання ўтварэння рускай [г. зн. старажытнарускай. — Н. Ю.] народнасці”[34].

Лічым, што было мэтазгодна надаць столькі ўвагі менавіта першаму падрыхтоўчаму пасяджэнню, паколькі яго пратакол цалкам дазваляе рэканструяваць крытычную сітуацыю, што склалася ў этнагенетычнай сферы, калі спецыялісты фактычна знаходзіліся на раздарожжы і паасобку, кожны ў сваёй галіне, не наважваліся прапанаваць выразныя азначэнні ці зрабіць пэўныя абагульненні адносна вузлавых момантаў этнагенетыкі.

Другое падрыхтоўчае пасяджэнне было праведзена, згодна з планам, 15 лютага 1951 г.[35] Прадстаўнікамі інстытутаў абвяшчаліся тэмы выступленняў і іх выканаўцы. Галоўныя тэмы, прапанаваныя вучонымі, закраналі пытанні славянскага этнагенезу, перш за ўсё праблему старажытнарускай народнасці (адразу тры тэмы!). Так, мовазнавец Б. Сярэбранікаў паведаміў, што па пытанні паходжання „старажытна-рускай” народнасці падрыхтуе тэзісы старшы навуковы супрацоўнік У. Сідараў[36]. А. Насонаў абвясціў, што ад яго сектара (феадалізму. — Н. Ю.) для ўдзелу ў дыскусіі вылучаны толькі ён, прычым з тэмай „Да пытання аб утварэнні старажытнарускай народнасці”[37] (у дадзеным выпадку прагучаў менавіта такі варыянт словазлучэння). Тады С. Талстоў прапанаваў дадаць да гэтай групы дакладчыкаў яшчэ i Б. Рыбакова, які таксама рыхтаваў тэзісы аб утварэнні старажытнарускай народнасці[38] (на археалагічным матэрыяле). Гэтая праблематыка, будучы найбольш значнай, да таго ж ужо абапіралася на папярэднія распрацоўкі савецкіх вучоных, у якіх цэнтральнае месца займалі агульнатэарэтычныя канструкцыі адносна ўтварэння народнасцей. Аднак А. Насонаў, сумленна падыходзячы да магчымасці вырашэння галоўных задач дыскусіі, выказаў сумненне наконт адпаведнасці свайго будучага даклада, які меў грунтавацца на гістарычным матэрыяле старажытнарускай эпохі (XI—XIII ст.), агульнатэарэтычным падыходам, заяўленым у якасці тэмы дыскусіі. Але С. Талстоў ізноў падкрэсліў, што такія тэмы якраз прымальныя.

На гэтым жа пасяджэнні акрэсліўся і блок дакладаў па праблематыцы славянскага этнагенезу наогул. Так, П. Траццякоў узяўся падрыхтаваць тэзісы „Аб паходжанні славян паводле найноўшых археалагічных даных”, а антраполаг Т. Трафімава (Інстытут этнаграфіі) — „Паходжанне славян у святле даных антрапалогіі”. Ад мовазнаўцаў па гэтай праблематыцы даклад меўся падрыхтаваць С. Бернштэйн. Адначасова А. Удальцоў сказаў, што плануюць далучыцца да дыспуту і археолагі С. Кісялёў ды А. Арцыхоўскі, а ён сам паведаміць аб магчымасцях, якія даюць матэрыялы археалагічных даследаванняў для вырашэння праблем этнагенезу[39]. Агульнатэарэтычную прамову, падобна да А. Удальцова, павінны былі падрыхтаваць і ў Інстытуце мовазнаўства, але калектыўную. Найбольш адэкватна, адпаведна задачам дыскусіі, падышлі да справы этнолагі М. Чэбаксараў і С. Токараў, назваўшы сваё будучае выступленне „Метадалогія этнагенетычных даследаванняў на этнаграфічным матэрыяле ў святле Сталінскага вучэння аб нацыіі і мове”[40].

Павольны ход падрыхтоўкі да дыскусіі, што выявіўся на другім пасяджэнні, прымусіў С. Талстова (нагадаем, што дырэктар Інстытута этнаграфіі настойваў на правядзенні дыспуту ўжо ў красавіку 1951 г.) прасіць прысутных падрыхтаваць для абмеркавання тэзісы дакладаў на наступнае пасяджэнне[41], як ён прапаноўваў яшчэ на першай нарадзе. Неабходна таксама адзначыць, што з гэтага пратакола вынікае, што прапанову мовазнаўца В. Левіна аб тым, каб папярэдне даклады заслухоўваліся ў інстытутах, ужо часткова пачалі выконваць у Інстытуце этнаграфіі[42].

Трэцяе пасяджэнне ў рамках падрыхтоўчага цыкла адносна дыскусіі наконт метадалогіі этнагенетычных даследаванняў „у святле сталінскага вучэння аб нацыі і мове” адбылося 14 сакавіка 1951 г.[43]; у ім узялі ўдзел 14 вучоных, сярод якіх былі А. Насонаў, С. Талстоў, М. Чэбаксараў (Інстытут этнаграфіі), Г. Санжэеў, а вось А. Удальцоў гэтым разам не быў адзначаны ў кантрольным лістку[44]. Былі заслуханы і абмеркаваны тэзісы тэарэтычнага даклада антраполага М. Левіна (Інстытут этнаграфіі) пад назвай „Антрапалагічны матэрыял як крыніца вывучэння пытанняў этнагенезу”. У цэлым гэтыя тэзісы не выклікалі ў прысутных навукоўцаў пярэчанняў.

Неўзабаве была склікана і чацвёртая нарада (19 сакавіка 1951 г.); колькасць прысутных на ёй трохі павялічылася — да 19 чалавек[45]. Гэтае пасяджэнне цікавае тым, што на ім пасля прачытання А. Удальцовым тэзісаў будучага даклада —„Археалагічныя крыніцы для вырашэння праблем этнагенезу” — адбылося досыць жвавае іх абмеркаванне. Найбольш спрэчным аказалася пытанне наконт суаднясення археалагічных культур і народнасцей. Так, С. Токараў выказаў сумненне з нагоды тэзіса „адна культура — адзін народ”, паколькі бывае і так: розныя культуры могуць адпавядаць аднаму народу[46]. З другога боку, як зазначыў вучоны А. Брусаў, археалагічная культура можа адпавядаць некалькім плямёнам, і нават роднасныя плямёны могуць браць свой пачатак ад розных культур. У гэтую справу, на яго думку, унеслі блытаніну М. Мар і яго паслядоўнікі[47]. (Нагадаем, што, згодна з вучэннем М. Мара, старажытныя археалагічныя культуры не варта атаясамліваць з лінгвістычнымі супольнасцямі. Наогул, на думку гэтага акадэміка-лінгвіста, не варта атаясамліваць этнас ці моўную супольнасць з якой-небудзь этнічнай культурай[48].) Прадстаўнікі ІГМК у сувязі з гэтым паспрабавалі даць абагульненае азначэнне археалагічнай культуры, уключыўшы ў яго такія прыметы: археалагічныя культуры з этнічнымі групамі не супадаюць; шэраг розных плямён могуць мець зусім аднолькавую культуру; навуцы вядомы вялікія культуры, што ахопліваюць няроднасныя плямёны, і адначасова роднасныя плямёны, на якія накладаюцца адрозныя культуры[49]. Аднак А. Удальцоў перасцярог даследчыкаў ад наступнага: калі не прызнаваць, скажам, у скіфскія часы пэўных супадзенняў паміж археалагічнымі культурамі і этнічнымі супольнасцямі, дык давядзецца ўводзіць новыя паняцці — археалагічнага племені і археалагічнай народнасці[50].

Старшынствуючы на пасяджэнні, дырэктар Інстытута этнаграфіі С. Талстоў, нагадаў прысутным, што І. Сталін перасцерагаў супраць пераносу спецыфічных з’яў мовы на народнасць. У сувязі з гэтым, на думку этнолага, паўстае дылема: як трэба разумець асіміляцыю мовай роду другой такой мовы, а пасля перарастанне яе ў мову племені і далей — народнасці. Дырэктар Інстытута этнаграфіі ў тэзісах даклада А. Удальцова заўважыў досыць вольны парафраз гэтага сталінскага пастулату. Адзначым, што і адказ археолага прагучаў не выразна, а надта ж блытана, і, падводзячы вынікі, А. Удальцоў прызнаў факт: ён не ведае, як правільна прыкладаць сталінскую аксіёму пры інтэрпрэтацыі канкрэтнага матэрыялу[51]. Канчатковы вердыкт вучонага сходу адносна тэзісаў А. Удальцова заключаўся ў тым, што яны павінны прайсці ўсебаковы разгляд у сценах Інстытута гісторыі матэрыяльнай культуры[52].

А. Брусаў звярнуў увагу прысутных на тое, што не толькі ў А. Удальцова, але і ў іншых вучоных, з тэзісамі якіх ён пазнаёміўся, добра адчуваецца адна агульная загана — недастатковая іх выразнасць[53]. А. Брусаў, мабыць, меў на ўвазе тое, што вучоныя імкнуліся ўхіліцца ад адназначных і дакладных фармулёвак пры апісанні тых ці іншых этнагенетычных механізмаў, а тым больш ад стварэння пэўных дэфініцый. Асноўнай прычынай такога стану рэчаў, як мы дапускаем, была боязь узяць на сябе адказнасць за гэтую справу, паколькі фармулёўкі маглі быць прызнаны неадпаведнымі сутнасці сталінскіх пастулатаў. Заўважым, што апошнія былі выкладзены досыць агульна і ў прымяненні да канкрэтных выпадкаў этнагенезу іх можна было разумець накшталт прароцтваў старажытнагрэчаскага дэльфійскага аракула, гэта значыць інтэрпрэтаваць па-рознаму.

Вышэй ужо было сказана, што ў гадавой справаздачы АІФ ідзе гаворка пра 14 падрыхтоўчых пасяджэнняў да галоўнай метадалагічнай сесіі прадстаўнікоў акадэмічных інстытутаў „у святле сталінскага вучэння аб мове і нацыі”. Відавочна, што калі б знайшліся ў архівах пратаколы яшчэ дзесяці пасяджэнняў, то можна было б скласці больш паўнацэннае і рэпрэзентатыўнае ўяўленне пра ход падрыхтоўкі да заключнай нарады-дыскусіі. У прыватнасці, як адзначалася, папярэдняму разгляду былі падвергнуты ўсе тэзісы дакладаў, а таму матэрыялы іх абмеркавання на падрыхтоўчых пасяджэннях, магчыма, выявілі б пэўныя цікавыя нюансы. Разам з тым, як думаем, і знойдзены матэрыял дае пэўнае ўяўленне пра тагачасныя абставіны і перыпетыі арганізацыі дыскусійнай сесіі па метадалогіі этнагенетычных даследаванняў.

Пераклад Сяргея Петрыкевіча


[1] Гл.: Шепилов Д. Советский патриотизм // Правда. 1947. 11 августа. С. 2—3. (Падрабязна пра гэты артыкул глядзі ў манаграфіі бранскага даследчыка гісторыі гістарычнай навукі сталінскай эпохі А. Дуброўскага: Дубровский А.М. Историк и власть: историческая наука в СССР и концепция истории феодальной России в контексте политики и идеологии (1930—1950-е г.). Брянск, 2005. С.501-503).
[2] Зрэшты, у савецкай навуцы сталінскай эпохі паняцце «этнагенез» ужывалі ў вузкім і шырокім значэнні. У першым выпадкумеўся на ўвазе гістарычны працэс зараджэння і фарміраванняэтнасу, пачынаючы ад роду і канчаючы ўзнікненнем народнасці, а ў другім этнагенез уключаў у сябе і працэсы нацыягенезу.
[3] Тэрмін, вытворны ад паняцця «этнагенетыка», інакш кажучы —навуковая дысцыпліна, што вывучае працэсы этнагенезу.
[4] Гл., напр.: Архіў РАН. Ф. 457. Воп. 1. Адз. зах. 180. А. 19.
[5] А РАН. Ф. 142. Воп. 1. Адз. зах. 363. Протоколы подготовительного совещания по методологии этногенетических исследований. 8 февраля – 19 марта 1951 г. (33 арк.)
[6] Тамсама. А. 19.
[7] Греков Б. Д. За осуществление задач, поставленных И. В. Сталиным в его работе «Марксизм и вопросы языкознания».С. 320.
[8] А РАН. Ф. 142. Воп. 1. Адз. зах. 363. А. 1-11.
[9] Тамсама. А. 11.
[10] Тамсама. А. 1.
[11] Тамсама.
[12] Тамсама.
[13] Так, здача матэрыялаў нарады па метадалогіі этнагенетычныхдаследаванняў у рэдакцыйна-выдавецкі аддзел планаваласяяк рэальная на чацвёрты квартал 1951 г. Гл.: А РАН. Ф. 457.Воп. 1. 1945-1957 г. Адз. зах. 200. А. 163.
[14] Тамсама. Ф. 142. Воп. 1. Адз. зах. 363. А. 2.
[15] Тамсама. Ф. 1577. Воп. 5. Управленческая документация за 1934—1947 г. Адз. зах. 143. Протокол и стенограмма совещанияв Институте по образованию Комиссии и организации работыпо вопросам этногенеза. 10 сентября 1938 г. А. 10. У гэтым выпадку свядома зроблена ўдакладненая спасылка і на саму назву вопісу, дзе захоўваецца архіўная справа, матэрыялы якойадыгрываюць істотную ролю пры рэканструкцыі падзей, звязаных з функцыянаваннем камісіі па этнагенезе пры АН СССР.На жаль, папка з дакументамі была знойдзена толькі ў канцылістапада 2006 г., калі ўжо было змакетавана аўтарскае манаграфічнае даследаванне «”Старажытнаруская народнасць”:зараджэнне і станаўленне канцэпцыі ў гістарычнай навуцыСССР (1930-я – першая палова 1940-х г.)» — гл.: Юсова Н. «”Давньоруська народність”: зародження та становлення концепціїв історичнй науці СРСР (1930-ті – перша половина 1940-х рр.).Київ, 2006. Наконт актуальнасці матэрыялу ўказанай архіўнай справы гл. таксама: Юсова Н. Первое совещание по вопросам этногенеза и создание специальной комиссии по проблематике происхождения народов в контексте актуализации этногенетических исследований в СССР (конец 1930-х г.) // Проблемы славяноведения. Брянск, 2007. Вып. 9. С. 95-113.
[16] А РАН. Ф. 142. Воп. 1. Адз. зах. 363. А. 2.
[17] Тамсама. Ф. 1577. Воп. 5. Адз. зах. 143. А. 1.
[18] Юсова Н. Генезис концепції давньоруської народності в історичній науці СРСР (1930-ті – перша половина 1940-х рр.).С. 311-312.
[19] А РАН. Ф. 142. Воп. 1. Адз. зах. 363. А. 3.
[20] Тамсама. А. 6.
[21] Тамсама. А. 5.
[22] Тамсама. А. 5.
[23] Юсова Н. Генезис концепції давньоруської народності в історичній науці СРСР (1930-ті — перша половина 1940-х рр.).С. 311.
[24] А РАН. Ф. 142. Воп. 1. Адз. зах. 363. А. 5.
[25] Тамсама. А. 6.
[26] Тамсама. А. 7.
[27] Тамсама. А. 7.
[28] З выступлення С. Талстова на пасяджэнні вучонага савета Інстытута этнаграфіі 23 чэрвеня 1951 г. можна дазнацца, штотакі калектыў «будучых дакладчыкаў і выступоўцаў» распачаўпрацу ў першым квартале бягучага года. Асноўнымі яго задачамі было высвятленне «існуючых разыходжанняў» паміж археолагамі, этнографамі, гісторыкамі і лінгвістамі. Гл.: Толстов С. П. Итоги перестройки Института этнографии АН СССР. С. 11.
[29] А РАН. Ф. 142. Воп. 1. Адз. зах. 363. А. 8.
[30] Тамсама. А. 9.
[31] Тамсама.
[32] Гл., напр.: Юсова Н. М. Ідейна й термінологічна генеалогія поняття «давньоруська народність». — С. 117—118.
[33] Довженок В. И. К вопросу о сложении древнерусской народности // Доклады VI научной конференции Ин-та археологии.Киев, 1953. С. 40. Канферэнцыя адбывалася 3—7 червеня 1952 г. — гл.: Тамсама. С. 3.
[34] А РАН. Ф. 142. Воп. 1. Адз. зах. 363. А. 9.
[35] Тамсама. А. 10, 12-20.
[36] Тамсама. А. 12.
[37] Тамсама. А. 17.
[38] Тамсама. А. 18.
[39] Тамсама. А. 12, 14, 15, 16.
[40] Тамсама. А. 16.
[41] Тамсама. А. 18.
[42] Тамсама. А. 18.
[43] Тамсама. А. 21-24.
[44] Тамсама. А. 21.
[45] Тамсама. А. 25-32.
[46] Тамсама. А. 25.
[47] Тамсама. А. 28.
[48] Гл.: Шнирельман В. А. Злоключения одной науки: этногенетические исследования и сталинская национальная политика.С. 53; Юсова Н. Генезис концепції давньоруської народністі вісторичній науці СРСР (1930-ті — перша половина 1940-х рр.).С. 196-197, 201-202; Яе ж. Становлення радянської етногенетики (в світлі глотогонічної теорії М. Марра). С. 169, 171—172.
[49] А РАН. Ф. 142. Воп. 1. Адз. зах. 363. А. 28.
[50] Тамсама. А. 30.
[51] Тамсама. А. 26.
[52] Тамсама. А. 29.
[53] Тамсама. А. 27.

Наверх

Станіслаў Рудовіч. Кім быў Вацлаў Іваноўскі

Снежня 18, 2007 |


Туронак Юры. Вацлаў Іваноўскі і адраджэнне Беларусі. Мінск: Медысонт, 2006. — 180 с., [16] с. іл.

Працы па гісторыі Беларусі польскага даследчыка беларускага паходжання Юрыя Туронка набылі вядомасць на радзіме яго бацькоў у канцы 1980-х — пачатку 90-х г. Апрача шэрагу артыкулаў, у 1993 г. у Мінску ў перакладзе на беларускую мову была выдадзена доктарская манаграфія Ю. Туронка „Беларусь пад нямецкай акупацыяй”. Вядома, не ўсе пагаджаліся з падыходамі і высновамі даследчыка. Але бясспрэчна, што на фоне тагачаснай айчыннай гістарыяграфіі, якая толькі пачынала выкарасквацца з-пад савецкага ідэалагічнага кантролю, публікацыі д-ра Туронка выгодна вылучаліся і смелым выбарам тэматыкі, і выкарыстаннем масы недаступных для савецкіх гісторыкаў крыніц, i дасканалай методыкай іх аналізу, якая дазваляла аўтару нават пры абмежаванасці дакументальнай базы атрымліваць максімум цікавай інфармацыі. Кідалася ў вочы і яшчэ адна ўласцівасць творчай манеры гісторыка: не ўтойваючы сваіх сімпатый да беларускай ідэі і яе рупліўцаў, даследчык тым не менш не парушаў прынцыпу навуковай аб’ектыўнасці, непрадузята і часам даволі крытычна ацэньваў многія знакавыя падзеі і постаці беларускай гісторыі, разбураючы тым самым шэраг устаялых стэрэатыпаў не толькі падсавецкай, але і альтэрнатыўнай ёй эмігранцкай гістарыяграфіі.

У цэнтры навуковых зацікаўленняў Ю. Туронка — палітычная і культурная гісторыя Беларусі першай паловы XX ст. А свайго роду стрыжнёвай постаццю гэтага перыяду, вакол якой так ці інакш абарачаюцца многія даследаваныя аўтарам сюжэты, выступае адзін з пачынальнікаў беларускага нацыянальнага руху, кнігавыдавец, навуковец і педагог Вацлаў Іваноўскі (1880-1943 г.). Паводле сведчання самога даследчыка, вывучэннем гэтага деяча ён заняўся з сярэдзіны 1970-х г. На працягу наступнага дзесяцігоддзя ў польскім друку з’явіліся некалькі прысвечаных яму артыкулаў, якія ўрэшце склаліся ў асобную манаграфію „Вацлаў Іваноўскі і адраджэнне Беларусі”. Упершыню яна выйшла па-польску ў Варшаве ў 1992 г. У Беларусі ў 90-я г. былі перакладзены i надрукаваны ў часопісах толькі асобныя фрагменты гэтай кнігі. І вось нарэшце ў 2006 г. беларускі чытач атрымаў магчымасць на роднай мове азнаёміцца з кнігай цалкам, прычым адразу ў двух варыянтах: у выглядзе асобнага выдання, выпушчанага мінскім выдавецтвам „Медысонт”, а таксама ў складзе капітальнага зборніка твораў Ю. Туронка „Мадэрная гісторыя Беларусі”, падрыхтаванага ў Вільні Інстытутам беларусістыкі[1]. Пераклад у мінскім выданні ажыццёўлены Яўгеніяй Ждановіч, у віленскім жа зборніку прозвішча перакладчыка гэтай працы (як і ўсіх астатніх) не пазначана. Не маючы намеру параўноўваць абодва пераклады, заўважым толькі, што ў многіх момантах яны досыць істотна адрозніваюцца адзін ад аднаго. Нашы развагі будуць грунтавацца галоўным чынам на выданні „Медысонта”.

На пачатку рэцэнзаванага даследавання робіцца спроба выявіць вытокі нацыянальнай самаідэнтыфікацыі маладога Вацлава Іваноўскага як беларуса — нетыповай для прадстаўніка паланізаванай шляхецкай эліты Літоўска-Беларускага краю. Сенсацыйнасць такога рашэння Вацлава яшчэ больш падкрэслівалася тым, што яго старэйшы брат Юры, a потым і самы малодшы Станіслаў вызначыліся як палякі, а яшчэ адзін з братоў Іваноўскіх Тадэвуш стаў літоўцам. Гэты фенаменальны факт — дэклараванне роднымі братамі сваёй прыналежнасці да розных нацыянальных супольнасцяў — па сутнасці стаў своеасаблівай мікрамадэллю, якая нібы ў кроплі вады адлюстравала гістарычна абумоўлены працэс распаду колішняй палітычнай і культурнай цэласнасці, што існавала ў межах былога Вялікага Княства Літоўскага. Пры гэтым выбар Юрыя, як піша аўтар кнігі, не вымагаў інтэлектуальнага напружання, бо быў лагічным працягам культурнай паланізацыі сям’і. Тадэвуш, хоць і праявіў волю адысці ад традыцыйнага паланафільства, меў магчымасць абаперціся на дваццацігадовы шлях літоўскага нацыянальнага руху і выпрацаваную ў яго рамках першапачатковую праграмную канцэпцыю. Вацлаў жа, вызначаючы сябе беларусам, не меў такога апірышча, бо беларускі рух на мяжы ХІХ-ХХ ст. заставаўся яшчэ „з’явай эфемернай i амаль незаўважнай” (29). На думку Ю. Туронка (праўда, не падмацаваную дакументальна), выбіраючы беларускасць, Вацлаў Іваноўскі якраз і ставіў перад сабой надзвычай амбіцыйную для ў той час яшчэ гімназіста мэту: стварыць гэты рух праз абуджэнне гістарычнай памяці, фармаванне ідэйнай канцэпцыі і актыўную арганізацыйную працу. Зрэшты, у літаратуры выказана і менш узнёслае тлумачэнне тагачаснай пазіцыі В. Іваноўскага. Яна звязваецца з яго захопленасцю ідэяй паяднання інтэлігенцыі з сялянскімі масамі дзеля ўздыму іх агульнай і палітычнай культуры (паводле ўзору расійскага народніцтва або ўкраінскага „хлопаманства”). А паколькі на радзіме Іваноўскіх — у Лідскім павеце — большасць насельніцтва складалі сяляне-каталікі, якія размаўлялі па-беларуску, выбар Вацлава на карысць беларускасці выглядаў даволі лагічным[2].

Энергічная арганізацыйная дзейнасць Вацлава Іваноўскага на беларускай ніве пачалася пасля паступлення яго ў 1899 г. у Пецярбургскі тэхналагічны інстытут, дзе ўжо вучыўся старэйшы брат Юры. Дзякуючы Юрыю, які на гэты час стаў прыкметнай асобай у Польскай партыі сацыялістычнай (ППС), з польскімі сацыялістамі завязаў кантакт i Вацлаў. Ахвотна выкарыстоўваючы арганізацыйныя і выдавецкія магчымасці ППС, зацікаўленай у абуджэнні антыцарскіх настрояў сярод народаў былой Рэчы Паспалітай, В. Іваноўскі ўсё ж не пагадзіўся на ролю паслушнай крэатуры гэтай польскай партыі, а стаў на шлях стварэння ўласна беларускай палітычнай арганізацыі. Праведзенае Ю. Туронкам надзвычай скрупулёзнае даследаванне наяўных (вельмі нешматлікіх) крыніц дазволіла аўтару ўнесці яснасць у даволі заблытанае пытанне аб вытоках першай нацыянальнай беларускай партыі. У кнізе паказана, што адлік яе гісторыі пачынаецца прыблізна на пачатку 1902 г. стварэннем намаганнямі В. Іваноўскага нелегальнай арганізацыі пад назвай Беларуская рэвалюцыйная партыя (БРП). Праўда, як прызнае даследчык, БРП не з’яўлялася партыяй у поўным сэнсе гэтага слова. Яна была хутчэй студэнцкім гуртком, дыскусійным клубам, у якім распрацоўвалася канцэпцыя беларускага нацыянальнага адраджэння, выкладзеная ў дзвюх вядомых публікацыях БРП: адозве „Да інтэлігенцыі” (апрацаванай В. Іваноўскім сумесна з іншым студэнтам тэхналагічнага інстытута Лявонам Малецкім) і газеце „Свабода” (якую Іваноўскі рыхтаваў разам з некалькімі паплечнікамі, у тым ліку Іванам Луцкевічам і Алаізай Пашкевіч — Цёткай, што з’явіліся ў Пецярбургу ў 1902 г.; праўда, адзіны набраны нумар газеты не ўдалося распаўсюдзіць, а давялося знішчыць). Паводле Ю. Туронка, у гэтых дакументах былі сфармуляваны „пастулаты нацыянальнай рэвалюцыі”: гадаванне беларускай народнай інтэлігенцыі і антыцарысцкая барацьба, але не на шляху сепаратысцкіх тэндэнцый, пракламаваных ППС, а ў саюзе з расійскімі рэвалюцыйнымі коламі ў напрамку здзяйснення рэвалюцыі ў Расіі і дэмакратызацыі грамадскага жыцця гэтай дзяржавы (42).

Так ці інакш, стварэннем Беларускай рэвалюцыйнай партыі быў пакладзены пачатак арганізаванаму змаганню за нацыянальную эмансіпацыю беларусаў, якое ўжо нікому не ўдалося спыніць нават самымі жорсткімі мерамі на працягу ўсяго ХХ ст. Аднак БРП праіснавала нядоўга. Іван Луцкевіч з братам Антонам, якія да прыезду ў Пецярбург ужо мелі досвед беларускай нацыянальнай дзейнасці ў Менску, выявілі больш радыкальныя, бунтарскія настроі і пачалі дыстанцыявацца ад схільнага да паступовай, „арганічнай” культурніцкай працы Іваноўскага. Вынікам рознагалоссяў, як устанавіў Ю. Туронак, стаў раскол у канцы 1903 г. БРП на дзве новыя нелегальныя арганізацыі: Беларускую рэвалюцыйную грамаду (БРГ) на чале з Луцкевічамі і Круг беларускай народнай прасветы і культуры пад кіраўніцтвам Іваноўскага.

3 гэтага моманту Вацлаў засяроджваецца на выданні беларускіх кніг і дэманструе ў гэтай справе нязвыклую энергію, вынаходлівасць, камерцыйныя і, урэшце, канспіратыўныя здольнасці. У канцы 1903 і на пачатку 1904 г. пад маркай Круга выходзяць два нелегальныя зборнікі беларускіх мастацкіх тэкстаў: „Калядная пісанка” і „Велікодная пісанка”. Амаль адначасова з дазволу ўладаў былі выдадзены зборнік вершаў Янкі Лучыны „Вязанка” (цэнзуры яе прадставілі як кнігу на балгарскай мове) і перадрук некаторых фальклорных твораў, сабраных этнографам П.В. Шэйнам, пад назвай „Казкі”. Але планы Іваноўскага па выданні беларускай літаратуры сягалі далёка за межы Пецярбурга і нават Расійскай імперыі. Аўтар рэцэнзаванай кнігі ўстанавіў выключна цікавы факт, з акалічнасцямі якога беларускія даследчыкі не маглі разабрацца цэлых восемдзесят гадоў. Аказваецца, прыцягнуўшы да справы студэнта Політэхнічнага інстытута ў Варшаве Мар’яна Фальскага і студэнта Ягелонскага універсітэта ў Кракаве Сцяпана Багушэўскага, Іваноўскі здолеў арганізаваць выпуск чатырох беларускіх кніжак у адной з кракаўскіх друкарняў, г. зн. на тэрыторыі Аўстра-Венгерскай імперыі. «І потым, — як выказаўся Ю. Туронак у адным інтэрв’ю, — праз „зялёную граніцу” — нелегальна — яны шмуглявалі ўсе гэтыя кніжкі ў Беларусь»[3]. У выніку з ініцыятывы Іваноўскага на працягу толькі двух гадоў (1903-1904) у Пецярбургу і Кракаве выйшла ў свет восем друкаваных беларускіх выданняў, г. зн. амаль столькі, кольта было выпушчана ў Расійскай імперыі за чатыры дзесяцігоддзі пасля паўстання 1863-1864 г.

Тым часам на фоне расійска-японскай вайны ў грамадстве нарастала незадаволенасць, што прывяло ў студзені 1905 г. да выбуху Першай расійскай рэвалюцыі. Ва ўмовах грамадскага ўздыму, паводле сведчання А. Луцкевіча, абедзве плыні беларускага руху — культурніцкая і рэвалюцыйная — зліліся ў адно рэчышча[4]. Ю. Туронак разумее пад гэтым чарговае збліжэнне паміж В. Іваноўскім і Луцкевічамі і звязвае з дадзеным фактам з’яўленне на палітычнай арэне новай беларускай арганізацыі — Беларускай сацыялістычнай грамады (БСГ). Хоць большасць сучасных гісторыкаў услед за А. Луцкевічам лічаць, што БСГ прыйшла на змену БРГ у канцы 1903 г., Ю. Туронак шляхам супастаўлення аўтэнтычных дакументаў прыходзіць да высновы, што найверагодней адбылося гэта пазней — у кастрычніку 1904 г. (65).

Рэвалюцыя адкрывала перад партыямі новыя магчымасці для палітычнай дзейнасці: арганізацыі масавых акцый (мітынгаў, забастовак і г. д.), вуснай і друкаванай прапаганды, публіцыстыкі, нарэшце, выбарчай барацьбы ў сувязі са стварэннем у Расійскай імперыі першага парламента — Дзяржаўнай думы. Значнай актыўнасцю ў гэтых накірунках вызначалася і БСГ. Вялікай асабістай заслугай В. Іваноўскага, на думку аўтара кнігі, быў яго ўдзел у наладжванні друкаванай партыйнай прапаганды. Толькі за 1905 г. БСГ выдала больш за 20 адозваў на беларускай мове, але пакуль што ў друкарнях ідэйна блізкіх ёй іншых партый (ППС, літоўскіх і расійскіх сацыял-дэмакратаў). У1906 г. БСГ запусціла ў Менску ўласную друкарню, а ў Пецярбургу—сваё нелегальнае выдавецтва „Грамада”. Паводле сцвярджэння А. Луцкевіча, на якое абапіраецца д-р Туронак, агульны наклад адозваў і брашур БСГ у гэты перыяд даходзіў да соцень тысяч асобнікаў. Што датычыць іншых напрамкаў партыйнай працы ў час рэвалюцыі 1905-1907 г., то ўдзел у гэтых справах В. Іваноўскага не выглядае са старонак кнігі настолькі прыкметным, як гэтага можна было б чакаць ад аднаго са стваральнікаў і лідэраў беларускага адраджэнцкага руху. Не ўдзельнічаў ён у менскім з’ездзе БСГ у канцы 1905 г. (бо ў ЦК быў выбраны завочна), як, напэўна, і ў віленскай канферэнцыі партыі ўлетку 1906 г. Значыць, наўрад ці можна залічыць яго ў аўтары праграмных i тактычных установак БСГ. Мы не бачым яго сярод арганізатараў забастовак і прамоўцаў на мітынгах. Відавочна, не было ў яго амбіцый да барацьбы за дэпутацкі мандат у Дзяржаўнай думе і г. д. Як сведчаць матэрыялы кнігі, найбольш блізкай сферай для яго заставалася асветніцтва, імкненне ўзняць культурны ўзровень народа.

Разгортванню беларускай культурна-асветніцкай дзейнасці паспрыяў тактычны крок у палітыцы царызму на заходніх ускраінах імперыі — зняцце ў снежні 1904 г. абмежаванняў на выкарыстанне ў друку мясцовых моваў, у т. л. беларускай. Якімі б разлікамі ўлады пры тым ні кіраваліся, гэта дазволіла пачаць выданне ў Вільні легальных беларускіх газет („Нашай Долі”, „Нашай Нівы”, пазней — каталіцкай газеты „Bielarus”), першых часопісаў па-беларуску. У Пецярбургу ж у 1906-1914 г. з непрадбачаным поспехам ажыццяўляла на першы погляд, здавалася б, безнадзейную справу беларуская кнігавыдавецкая суполка „Загляне сонца i ў наша ваконца”. У савецкай гістарыяграфіі і літаратуразнаўстве па прычыне ідэалагічнага табу на імя В. Іваноўскага прыярытэт у заснаванні і кіраўніцтве суполкай прыпісваўся вядомаму ў Пецярбургу дзеячу бібліятэчнай справы, педагогу і беларускаму культурніку Б. Эпімаху-Шыпілу. Юры Туронак на падставе грунтоўнага аналізу наяўных дакументаў пераканаўча даказаў, што арганізатарам і нязменным старшынёй суполкі да 1913 г. быў менавіта В. Іваноўскі, а Эпімах-Шыпіла ў якасці сябра праўлення (прычым з перапынкам) больш уплываў на выпрацоўку тэматычнай праграмы выдавецтва[5]. Адкрыла гэтую праграму выданне ў 1906 г. „Беларускага лемантара” (у лацінскім і кірылічным варыянце), што само па сабе было ўспрынята тагачаснай грамадскай думкай як бяспрыкладная падзея — з’яўленне беларускага нацыянальнага фактару на арэне, дзе да таго часу „дамінавалі і сутыкаліся польскія і расейскія культурныя ўплывы” (68). Усяго за гады існавання суполка „Загляне сонца…” выдала 38 навучальных, мастацкіх, навукова-папулярных і сцэнічных твораў, прычым накладам некаторых з іх (3000, 4000 і нават 6000 асобнікаў) могуць пазайздросціць і многія сучасныя беларускамоўныя выданні. Сярод іншых пецярбургская суполка выдала чатыры з сямі кніжак Янкі Купалы, што выйшлі да Першае сусветнае вайны. Пад уражаннем ад гэтага факта Ю. Туронак ставіць у заслугу Вацлаву Іваноўскаму, што той „адкрыў свету найвялікшага прарока беларускага адраджэння — Янку Купалу” (9), хоць не будзем забываць, што ўсё ж такі першаму выступленню паэта ў друку паспрыяў яшчэ ў 1905 г. Уладзімір Самойла. Але не выклікае пярэчання выснова аўтара, што Іваноўскі „ўзняў на нечуваны ўзровень” беларускае кнігавыданне і тым самым даў моцны імпульс гадаванню нацыянальных кадраў — навукоўцаў, культурніцкіх, а ў перспектыве — і палітычных дзеячаў (77).

У 1913 г. па не вельмі зразумелых прычынах перспектыўны вучоны ў галіне хімічнай тэхналогіі (да гэтага часу В. Іваноўскі стаў доктарам тэхнічных навук, дацэнтам Пецярбургскага тэхналагічнага інстытута) і ўдачлівы беларускі кнігавыдавец нечакана пакідае сталіцу імперыі і пераязджае ў правінцыйную на той час у параўнанні з Пецярбургам Вільню. Тут яго і заспявае Першая сусветная вайна — падзея, якая апроч іншых каласальных наступстваў мела кардынальна перайначыць гістарычны лёс Беларусі і беларусаў. Імкнучыся захаваць лаяльнасць падданых на заходніх ускраінах імперыі ва ўмовах хуткага набліжэння нямецкіх войскаў, царызм пайшоў на некаторую змену акцэнтаў у сваёй нацыянальнай палітыцы ў бок далейшай лібералізацыі. Адной з праяваў „новага курсу” ў беларускім пытанні, на думку Ю. Туронка, быў дазвол на стварэнне Беларускага таварыства дапамогі пацярпелым ад вайны — нароўні з такімі ж арганізаванымі структурамі іншых нацыянальнасцяў (палякаў, габрэяў, літоўцаў і інш.). Паводле статута, таварыства мела права весці дабрачынную працу ва ўсіх беларускіх губернях, а старшынёй праўлення гэтай фактычна першай легальнай агульнабеларускай арганізацыі стаў В. Іваноўскі. Аднак аўтар яўна перабольшвае ступень афіцыйнай падтрымкі беларускай арганізацыі, бо яе фінансаванне з боку ўладаў было ў сотні i тысячы (!) разоў меншым, чым фінансаванне аналагічных таварыстваў іншых нацыянальнасцяў, і на гэтым фоне выглядала проста мізэрным[6]. Як і раней, расійскія ўлады працягвалі ў гады вайны максімальна стрымліваць нацыятворчую тэндэнцыю ў асяроддзі беларусаў. Варта нагадаць хаця б перапыненую спробу З. Жылуновіча і Э. Будзькі наладзіць у канцы 1916 г. выданне ў Петраградзе беларускіх газет „Дзянніца” і „Swietač”, якія з-за фінансавых цяжкасцяў і цэнзурных ганенняў зачыніліся на сёмых нумарах. Таму калі В. Іваноўскі і сапраўды рабіў стаўку на супрацоўніцтва з Расіяй у будаванні самастойнай Беларусі, як сцвярджае (без спасылкі на крыніцу) аўтар кнігі (87), то наўрад ці гэты разлік быў абгрунтаваным. Але менавіта такой пазіцыяй Іваноўскага тлумачыцца ў кнізе яго выезд у 1915 г. — з набліжэннем да Вільні кайзераўскіх войскаў — на ўсход: спачатку ў Арол, а потым у Петраград. В. Іваноўскі быў не адзіным з беларускіх дзеячаў, хто эвакуяваўся ў Расію: у Арле кампанію яму складалі Я. Купала і Л. Дубейкаўскі, у Петраградзе ж з пачатку 1916 г. дзейнічала Беларускае таварыства па аказанні дапамогі пацярпелым ад вайны, актывістамі якога былі Ф. Абрантовіч, З. Жылуновіч, Ф. Будзька, Б. Эпімах-Шыпіла, Ч. Родзевіч, Б. Тарашкевіч і многія іншыя выбітныя асобы. Але Беларускае таварыства ў Петраградзе было самастойнай арганізацыяй, а не аддзяленнем віленскага, як лічыць д-р Туронак (87). Старшынёй яго камітэта быў Лявон Сеўрук, і В. Іваноўскаму яно ні фармальна, ні фактычна не падпарадкоўвалася. Больш за тое, дакументы петраградскага таварыства не фіксуюць хоць бы нейкага дачынення Іваноўскага да яго дзейнасці.

Невыразнай выглядае заангажаванасць героя кнігі ў беларускіх справах і пасля Лютаўскай рэвалюцыі 1917 г. У Беларускі нацыянальны камітэт, арганізаваны ў Менску ў сакавіку 1917 г., ён быў выбраны завочна, у працы Беларускай сацыялістычнай грамады адзін з яе колішніх заснавальнікаў, падобна, удзелу тады не прымаў наогул. Ю. Туронак тлумачыць такую пасіўнасць вельмі нечакана: быццам Іваноўскі пераканаўся ў адмоўным стаўленні Часовага ўрада да ідэі самастойнасці Беларусі і таму палічыў любыя намаганні ў гэтым кірунку бессэнсоўнымі. Натуральна, расійскія ўрады князя Г. Львова, а потым А. Керанскага не збіраліся расчляняць імперыю на асобныя дзяржавы і тым больш даваць незалежнасць Беларусі. Аднак сама палітычная сітуацыя, небывала дэмакратычная атмасфера, якая склалася ў краіне пасля падзення царызму, як ніколі спрыяла разгортванню „знізу” розных палітычных, грамадскіх, культурніцкіх ініцыятыў — у тым ліку накіраваных на пашырэнне і ўмацаванне нацыянальнай самасвядомасці шматлікіх народаў Расіі. Гэтай унікальнай сітуацыяй паспяшаліся максімальна скарыстацца актывісты нацыянальных рухаў, сярод іх — і беларускія дзеячы. Тым часам В. Іваноўскі, як прызнае аўтар кнігі, у „гэтай гульні” ўдзелу не прымаў, ён толькі „чакаў” і „назіраў за агоніяй Часовага ўрада” (89-90).

Як высвятляецца (праўда, зноў без дакументальнага пацвярджэння), свае надзеі на вырашэнне беларускага пытання В. Іваноўскі звязваў… з праграмай бальшавіцкай партыі (90). Таму яго палітычная дзейнасць, паводле назірання аўтара, пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі актывізавалася. Іваноўскі адыграў пэўную ролю ў падрыхтоўцы адной з вехавых падзей беларускага нацыянальнага руху — Усебеларускага з’езда ў снежні 1917 г. Яго прозвішча фігуруе ў парадку дня з’езда ў якасці аднаго з дакладчыкаў (разам з А. Уласавым) па пытанні „Эканамічная разруха і аднаўлен не гаспадарчага і эканамічнага жыцця краю”[7]. Аднак з-за разгону з’езда на загад Савета народных камісараў Заходняй вобласці і фронту гэты даклад так і не прагучаў.

Паводле вызначэння Ю. Туронка, у сувязі з разгонам Усебеларускага з’езда бальшавікамі ўзнік першы сур’ёзны крызіс даверу сярод беларускіх дзеячаў, зарыентаваных на Савецкую Расію. Другі крызіс быў выкліканы падпісаннем Брэсцкай мірнай дамовы, у якой праблема самавызначэння Беларусі ігнаравалася. Імкненне прадухіліць прадугледжаны дамовай падзел Беларусі з’явілася адным са стымулаў абвяшчэння ў сакавіку 1918 г. у Менску Беларускай Народнай Рэспублікі. Аднак В. Іваноўскі не ўдзельнічаў у гэтым гістарычным акце, паколькі ўсё яшчэ знаходзіўся ў Петраградзе, г. зн. быў аддзелены ад Беларусі расійска-нямецкай дэмаркацыйнай лініяй. Толькі пад канец красавіка ён здолеў прабрацца праз гэтую мяжу і атрымаць інфармацыю пра палітычнае становішча ў акупаванай немцамі Беларусі. Тым не менш нават і тады, пасля абвяшчэння незалежнасці БНР, паводзіны Іваноўскага не вызначаліся палітычнай актыўнасцю. Аўтар тлумачыць гэта тым, што той не пазбыўся яшчэ цалкам прарасійскай арыентацыі і лічыў памылковымі разлікі дзеячаў БНР на падтрымку з боку Германіі, чыя параза ў вайне станавілася ўсё больш відавочнай. Толькі пасля таго, як у кастрычніку 1918 г. быў сфармаваны кабінет міністраў БНР з прадстаўнікоў левых партый на чале з сацыял-дэмакратам А. Луцкевічам, Іваноўскі ўвайшоў у склад урада ў якасці міністра асветы. Адзін з вынікаў яго дзейнасці на гэтай пасадзе — арганізацыя Менскага Беларускага педагагічнага інстытута (фактычна першай вышэйшай навучальнай установы ў гісторыі Менска ўвогуле і ў гісторыі Беларусі ў ХХ ст.).

Фармаванне дзеячамі БНР сацыялістычнага ўрада д-р Туронак ацэньвае як спробу падрыхтаваць умовы для ўтварэння пасля паражэння Нямеччыны ў вайне і адыходу з Беларусі нямецкіх войскаў урадавай кааліцыі з прадстаўнікамі бальшавіцкай партыі з тым, каб захаваць беларускую дзяржаўнасць — калі не ў форме незалежнай, то хоць бы савецкай рэспублікі. У гэтым кантэксце ў рэцэнзаванай кнізе паўтараецца версія (запушчаная калісьці эмігранцкім гісторыкам А. Адамовічам і ўзноўленая беларускім савецкім акадэмікам І. Ігнаценкам) аб паездцы ў лістападзе 1918 г. А. Луцкевіча ў Маскву і яго адпаведных перамовах з Леніным. Але гэтая версія заўсёды выклікала сумненні ў асяроддзі навукоўцаў. Сёння, грунтоўна прааналізаваўшы крыніцы і агульнапалітычную сітуацыю апошніх месяцаў 1918 г., прафесар Р. Лазько паказаў, што такога візіту А. Луцкевіча ў Маскву не было, а паездка дэлегацыі Рады БНР на чале з Т. Грыбам і яе перамовы з Я. Свярдловым аб прызнанні незалежнасці Беларусі не прынеслі поспеху, паколькі да канца снежня нават ідэя ўтварэння савецкай рэспублікі ў беларускіх этнічных межах не ўпісвалася ў бальшавіцкі курс на сусветную пралетарскую рэвалюцыю[8].

Па сутнасці, такой жа непрымальнай гэтая ідэя заставалася для бальшавікоў і пазней. Дык навошта тады ленінскі ўрад усё ж такі пайшоў на рубяжы 1918-1919 г. на абвяшчэнне БССР, каб літаральна праз паўмесяца пачаць крокі па яе ліквідацыі? На гэтае пытанне, што даўно хвалюе даследчыкаў, Ю. Туронак знаходзіць, магчыма, найбольш дасціпны і даволі праўдападобны адказ. Ён піша: „Справа ў тым, што гэтыя захады (стварэнне і амаль адначасовае скасаванне БССР. — С. Р.) дазвалялі не толькі справіцца з вырашэннем знешнепалітычных задач, але і давалі савецкім уладам немалую ўнутраную карысць. Цяпер, калі БCCР ужо „існавала”, можна было ажыццявіць ленінскі план яе ліквідацыі рукамі „суверэнных” рэспубліканскіх органаў, ад імя вольнага беларускага народа. Ад імя гэтага народа замыкаліся беларускія школы, ліквідаваліся ўсе беларускія газеты і часопісы, выцяснялася з грамадскага ўжытку беларуская мова” (96-97).

У такой атмасферы ў траўні 1919 г., калі з захаду па тэрыторыі Беларусі ўжо рухаліся польскія войскі, В. Іваноўскі быў арыштаваны савецкімі органамі і перавезены ў смаленскую турму. На жаль, у кнізе не сказана, у чым абвінавачвалі яго бальшавікі. Але вызвалены ён быў у верасні таго ж года ў рамках дамовы па абмену палітычнымі зняволенымі з польскім урадам. А тым часам польскія войскі 8 жніўня занялі Менск і праз месяц прыпынілі сваё прасоўванне на лініі рэк Дзвіна — Бярэзіна — Пціч. Пабываўшы ў Варшаве, Іваноўскі ў канцы 1919 г. вярнуўся ў Менск і засяродзіўся на культурна-асветніцкай („канкрэтнай”, паводле вызначэння аўтара) працы: з сакавіка 1920 г. стаў рэктарам педагагічнага інстытута, спрыяў адкрыццю беларускіх гімназій і пачатковых школ, вышукваў у польскіх уладаў субсідыі на выдавецкую і тэатральную дзейнасць. Што датычыць яго палітычнай пазіцыі, то ў адпаведнасці з аўтарскай канцэпцыяй можна казаць пра крызіс яго ранейшага светапогляду, зарыентаванага на падтрымку Расіі ў будаванні Беларусі. Канчатковы ўдар па такіх надзеях быў нанесены гатоўнасцю ленінскага ўрада, выказанай у перамовах з палякамі, адмовіцца на карысць Польшчы ад занятых Пілсудскім беларускіх зямель і тым самым пазбыцца беларускай праблемы. Для Беларусі гэта азначала б падзел яе тэрыторыі і перакрэслівала б перспектыву пабудовы дзяржавы на ўсім этнічным абшары. Тым не менш, В. Іваноўскі фактычна застаўся ўбаку ад дзейнасці арганізацыі, для якой захаванне цэласнасці Беларусі з’яўлялася найважнейшым пастулатам — Рады Беларускай Народнай Рэспублікі. Пасля яе расколу ў снежні 1919 г. Іваноўскі аказаўся блізкім да Найвышэйшай Рады БНР, якая імкнулася рэалізаваць ідэю беларуска-польскай федэрацыі, аднак афіцыйна ў гэтую структуру не ўвайшоў. Такое становішча дазваляла яму пазіцыянаваць сябе як самастойнага палітычнага дзеяча, што знаходзіцца па-над спрэчкамі, але ацэнка яго аўтарам кнігі як “галоўнай асобы” ў беларускім руху, „для якой немагчымых рэчаў не існавала” (102), выглядае ўсё ж перабольшаннем. І таму выбар яго Пілсудскім у якасці асноўнага партнёра для перамоваў аб урэгуляванні польска-беларускіх адносінаў быў абумоўлены хутчэй не столькі яго палітычнай „цяжкавагавасцю”, колькі даўнімі кантактамі з ППС ды рэпутацыяй памяркоўнага і дастаткова лаяльнага да палякаў дзеяча. Можна меркаваць, што на перамовах у Менску ў сакавіку 1920 г. з польскай дэлегацыяй (яе ўзначальваў віцэ-міністр замежных спраў Л. Васілеўскі) В. Іваноўскі як кіраўнік беларускай дэлегацыі не выяўляў асаблівай напорыстасці. Ва ўсякім разе, падпісаны дэлегацыямі выніковы дакумент не ўтрымліваў ніякіх абавязанняў Польшчы адносна беларускай дзяржаўнасці, a змяшчаў толькі абяцанне выдаткаваць пэўныя субсідыі (траціну запрошанай сумы) на беларускія сацыяльна-культурныя патрэбы, прычым іх выкарыстанне павінна было абмяжоўвацца тэрыторыяй Меншчыны. Са свайго боку, беларускія прадстаўнікі згадзіліся падтрымаць Польшчу ў яе патрабаванні да Расіі аб неўмяшанні ў справы зямель на захад ад мяжы 1772 г. У інтэрпрэтацыі д-ра Туронка разлік Іваноўскага і яго паплечнікаў пры гэтым быў на тое, што рэалізацыя гэтага патрабавання адновіць цэласнасць Беларусі і дазволіць у перспектыве паставіць пытанне аб раўнапраўнай польска-беларускай федэрацыі.

Аднак ваенныя падзеі лета — восені 1920 г. (выцясненне Чырвонай арміяй польскіх войскаў з Беларусі, а потым новае наступленне палякаў і заняцце імі толькі заходняй часткі краю) перакрэслілі такую перспектыву. Надзеі на ажыццяўленне федэралісцкай канцэпцыі (ва ўрэзаным выглядзе) некалькі ажывіліся пасля абвяшчэння генералам Л. Жалігоўскім т. зв. Сярэдняй Літвы, якая бачылася федэралістам у складзе трох нацыянальных кантонаў — Віленскага (польскага), Менскага (беларускага) і Ковенскага (літоўскага) — злучанай у перспектыве з Польшчай на прынцыпе федэрацыі. Не выключана, што менавіта падобныя надзеі прывялі В. Іваноўскага ў кастрычніку 1920 г. у склад урада Сярэдняй Літвы ў якасці дырэктара дэпартамента сацыяльнага забеспячэння. Аўтар кнігі дапускае, што В. Іваноўскі разлічваў перш за ўсё на далучэнне Меншчыны да Сярэдняй Літвы ў якасці аднага з запланаваных кантонаў. Аднак паводле польска-савецкіх пагадненняў у Рызе большая частка Меншчыны засталася на савецкім баку (а інспіраванае Пілсудскім выступленне генерала С. Булак-Балаховіча, закліканае скарэктаваць гэтыя пагадненні, закончылася няўдачай), і такім чынам „ідэя беларускага кантона была пахаваная” (с. 106). З іншага боку, упартае супраціўленне літоўскага войска не дазволіла генералу Жалігоўскаму далучыць да сваёй „камічнай дзяржавы” (106) і Ковенскую Літву. Федэратыўная праграма аказалася цалкам перакрэсленай, і В. Іваноўскі напрыканцы снежня 1920 г. падаў у адстаўку.

Баланс яго дзейнасці ў ваенныя гады ацэньваецца аўтарам кнігі як няўдалы. Нацыянальны патэнцыял беларусаў для стварэння самастойнай дзяржавы аказаўся занадта слабы, а надзеі на федэрацыю Беларусі з Расіяй ці з Польшчай былі развеяны падзелам беларускіх земляў паводле Рыжскага міру 1921 г. У выніку В. Іваноўскі ўпаў у „нацыянальную апатыю” і амаль на два дзесяцігоддзі адышоў практычна ад усіх грамадскіх спраў, якія мелі хоць нейкі выхад на палітыку.

Восенню 1922 г. ён пачаў працаваць у Варшаўскай політэхніцы як загадчык кафедры тэхналогіі ферментацыі харчовых прадуктаў. Зацікаўлены чытач знойдзе ў адпаведным раздзеле кнігі д-ра Туронка падрабязныя звесткі пра тэматыку навуковых даследаванняў прафесара В. Іваноўскага, характарыстыку яго як таленавітага і клапатлівага педагога, інфармацыю пра арганізатарскую дзейнасць на прафесійнай ніве, а таксама пра вядзенне ўласнай гаспадаркі. У асабістым жыцці, як сведчаць прыведзеныя ў кнізе факты, прафесар не адчуваў сябе шчаслівым: першы шлюб, узяты з Сабінай Ячыноўскай у 1905 г., распаўся ў гады Першай сусветнай вайны, але і новая сям’я, створаная ў 1920 г. з Лігіяй Федаровіч, таксама аказалася нетрывалай. Як сведчыць аўтар, сямейнікі яго не разумелі і з іроніяй ставіліся да яго беларускай самаідэнтыфікацыі і дзейнасці: маўляў, на самай справе Вацлаў — паляк, і толькі выдумляе, што ён беларус (117). Відавочна, такая сямейная атмасфера таксама не спрыяла грамадскаму энтузіязму і спрычынілася да палітычнай пасіўнасці Іваноўскага ў міжваенныя гады. Інакш кажучы, яго бяздзейнасць на беларускай грамадска-палітычнай ніве ў гэты час магла быць выклікана асабістымі і псіхалагічнымі прычынамі, а не толькі рацыянальнай ацэнкай ім сітуацыі як безнадзейнай для беларускай справы, на чым настойвае аўтар рэцэнзаванай кнігі.

Нечаканае „абуджэнне” В. Іваноўскага ад палітычнай апатыі адбылося з пачаткам Другой сусветнай вайны. Апошні перыяд яго жыцця і пошукі ім свайго месца ў новай сітуацыі — бадай, найбольш складаныя для разумення і не паддаюцца адназначным характарыстыкам. У верасні 1939 г. у разгар бітвы за Варшаву Вацлаў пакінуў сталіцу Польшчы і накіраваўся на ўсход — на Вільню (у адрозненне ад брата Юрыя, які з асноўным патокам польскай палітычнай эміграцыі выехаў у Заходнюю Еўропу). Як і многія папярэднія яго ўчынкі, гэты крок можна каментаваць па-рознаму. Д-р Туронак выбірае прычыну найбольш высакародную і адпаведную агульнай канцэпцыі даследавання. Аўтар прыводзіць аповед (атрыманы, між іншым, праз другія рукі) аднаго былога студэнта Іваноўскага, які ўвосень 1939 г. выпадкова сустрэў прафесара ў Вільні і на пытанне „Што вы тут робіце, прафесар?” пачуў адказ: „Чакаю выезду ў Менск, каб будаваць Беларусь, бо вы ж ведаеце, што я беларус. Хачу быць у цэнтры падзеяў” (127).

У Вільні В. Іваноўскі зблізіўся з вядомым беларускім палітыкам, мовазнаўцам і гісторыкам Янкам Станкевічам на глебе агульнай ацэнкі сітуацыі і прагнозу далейшай хады ваенна-стратэгічных падзей. Абодва дзеячы лічылі непазбежным напад гітлераўскай Нямеччыны на СССР, а значыць — акупацыю немцамі Беларусі. Аднак Нямеччына не зможа адолець Савецкі Саюз. Урэшце абедзве таталітарныя імперыі знясіляць адна адну, і арганізатарамі пасляваеннага ўладкавання ў Еўропе стануць заходнія саюзнікі. Паколькі іх зацікаўленасць у стварэнні беларускай дзяржавы стаяла пад пытаннем, вынесці беларускую праблему на міжнародную арэну было магчыма толькі ў пары з праблемай аднаўлення Польшчы. Для гэтага абодва дзеячы спадзяваліся праз супрацоўніцтва з польскім патрыятычным падполлем устанавіць кантакт з польскім эміграцыйным урадам і дамагчыся пагаднення з ім аб будучай федэрацыі Польшчы і Беларусі як дзвюх незалежных дзяржаў. Адной з умоваў згоды палякаў на такі саюз аб’ектыўна з’яўлялася дастатковая моц і ўплывовасць беларускага нацыяналізму. Для росту яго сілы і меркавалася выкарыстаць будучую акупацыю Беларусі немцамі і іх верагодны курс на расчляненне Савецкага Саюза па нацыянальных межах з утварэннем у тым ліку і падкантрольнай гітлераўцам беларускай адміністрацыйна-палітычнай адзінкі. (Некаторыя выказванні Гітлера ў 1940-1941 г., праўда, наўрад ці вядомыя беларускім дзеячам, маглі даваць падставу для такіх спадзяванняў.)

Кіруючыся такімі разлікамі, у лістападзе 1941 г. В. Іваноўскі пераехаў у акупаваны Менск і заняў пасаду намесніка бургамістра, а з чэрвеня 1942 г. — бургамістра. Афіцыйна ў кола яго абавязкаў уваходзіла вырашэнне гаспадарчых і побытавых праблем, задавальненне элементарных культурных патрэб насельніцтва. Паводле ўспамінаў Язэпа Найдзюка, які на працягу года жыў разам з Іваноўскім на адной кватэры, „яго найвялікшым імкненнем была арганізацыя якога-колечы жыцця ў горадзе, каб людзі не галадалі” (137). Пад кіраўніцтвам гарадской управы на чале з Іваноўскім у Менску працавалі 16 пачатковых школ, гарадскі тэатр, этнаграфічны музей. Менскі бургамістр здолеў наладзіць добры кантакт з генеральным камісарам Беларусі В. Кубэ, які дзеля ўмацавання акупацыйнага рэжыму і ў мэтах барацьбы з камуністычным падполлем і савецкім партызанскім рухам гатовы быў даволі далёка пайсці ў саступках беларускаму нацыяналізму. З яго санкцыі быў створаны шэраг беларускіх грамадскіх арганізацый, а таксама ўзначалены В. Іваноўскім Камітэт даверу як дарадчы орган пры генеральным камісары. Ю. Туронак лічыць, што актывізацыя беларускага нацыяналізму ў канчатковым выніку супярэчыла інтарэсам гітлераўскай вярхушкі, але ўмацоўвала нацыянальную самасвядомасць беларусаў.

Апошняя акалічнасць павінна была спрыяць рэалізацыі ідэі В. Іваноўскага і Я. Станкевіча аб польска-беларускім супрацоўніцтве. Аўтар кнігі сабраў і прааналізаваў унікальны матэрыял аб канспіратыўных кантактах Іваноўскага са структурамі польскай Арміі Краёвай (АК) і прадстаўнікамі лонданскага эміграцыйнага ўрада. Гэтыя кантакты падтрымліваліся як непасрэдна (ён уладкаваў на працу ў Менскай гарадской управе агентаў польскага падполля В. Будкевіча і Г. Ліпінскую; адначасова ва ўправе працаваў і будучы прэзідэнт Польскай Народнай Рэспублікі Б. Берут), так і праз створаную Я. Станкевічам канспіратыўную Партыю беларускіх нацыяналістаў (ПБН), якая ў студзені 1943 г. правяла ў Варшаве перамовы з прадстаўнікамі Галоўнага камандавання АК і дэлегатуры лонданскага ўрада. Аднак поспеху на перамовах дасягнуць не ўдалося. Каменем сутыкнення паміж беларусамі і палякамі стала тэрытарыяльнае пытанне: беларускія дэлегаты імкнуліся да захавання цэласнасці Беларусі ў этнічных межах, польскія ж прадстаўнікі ўпарта адстойвалі межы Польшчы паводле Рыжскага міру 1921 г. Такой была і афіцыйная пазіцыя эмігранцкага ўрада, выказаная прэзідэнтам Рачкевічам у навагоднім выступленні. Для В. Іваноўскага гэта азначала правал яго разлікаў на падтрымку Польшчай справы беларускай дзяржаўнасці.

Неўзабаве ўдар па гэтых разліках быў нанесены і з другога боку. У верасні 1943 г. менскія падпольшчыкі забілі генеральнага камісара Беларусі В. Кубэ, з якім, на думку Іваноўскага, мела сэнс супрацоўнічаць у інтарэсах беларускай справы. Пераемнік Кубэ — камандзір СС і паліцыі К. фон Готберг „глядзеў на беларускае пытанне як на выдумку салонных палітыкаў” (с. 157). Апрача таго, пасля смерці Кубэ ў Менск вярнуўся спрытны палітычны інтрыган Р. Астроўскі, які ў 1941 г. не змог увайсці ў давер да тагачаснага генеральнага камісара, але здолеў паразумецца з Готбергам і стаў прэтэндаваць на першае месца ў калабаранцкіх структурах. Але фармальна гэтае месца як старшыня Камітэта даверу займаў В. Іваноўскі. Каб пазбавіцца ад яго, агенты Астроўскага з ведама і згоды нямецкай паліцыі арганізавалі ўзброены замах, у выніку якога 7 снежня 1943 г. В. Іваноўскі памёр. Падставай для такой інтэрпрэтацыі служыць аўтару кнігі выступленне К. Готберга ў Берліне ў Міністэрстве акупаваных усходніх абшараў, дзе ён яшчэ за два тыдні да гэтай трагічнай падзеі паведаміў пра яе і падкрэсліў, што замах выканаюць самі беларусы.

Дык кім жа быў для гісторыі Беларусі Вацлаў Іваноўскі? На жаль, у кнізе д-ра Туронка адсутнічае падсумаванне, у якім аўтар сам сфармуляваў бы адказ на гэтае пытанне. Ва ўсякім разе, здаецца, што Іваноўскі „не цягне” на ролю постаці нумар адзін у беларускім руху, як гэта часам спрабуе сцвердзіць аўтар на старонках кнігі. Для лідэрскай ролі Іваноўскаму часта бракавала паслядоўнасці, палітычнай прадбачлівасці і актыўнасці. Больш за тое, як прызнае сам аўтар даследавання (праўда, не ў кнізе, а ў адным з інтэрвію), „Іваноўскі не быў палітыкам”[9]. Ён быў таленавітым вучоным, а таксама энергічным арганізатарам практычных спраў, сярод якіх найважнейшай лічыў пашырэнне беларускай асветы як сродку фармавання нацыянальнай самасвядомасці — адзінага трывалага фундамента будучай дзяржаўнай незалежнасці.

Мінск

Станіслаў Рудовіч


1 Туронак Ю. Мадэрная гісторыя Беларусі. Вільня: Інстытут беларусістыкі, 2006. — 877 с.
2 Донских С. В. Проблема национальной идентификации братьев Ивановских в контексте этнических процессов в Западной Беларуси на рубеже ХІХ— ХХ вв. // Этносоциальные и конфессиональные процессы в современном обществе. Гродно, 2000. С. 190-195.
3 Туронак Ю. Мадэрная гісторыя Беларусі. С. 258.
4 Луцкевіч А. Да гісторыі беларускага руху: Выбраныя творы. Мінск, 2003. С. 38.
5 Як ні парадаксальна, „Энцыклапедыя гісторыі Беларусі” ў апошнім томе (Т. 6. Кн. 2. Мінск, 2003. С. 267) і цяпер паўтарае старую савецкую версію, не зважаючы нават на тое, што яна супярэчыць інфармацыі, пададзенай раней у гэтым жа выданні (Т. 3. С. 394, 466).
6 Гл.: Рудовіч С. Рух бежанцаў у гады Першай сусветнай вайны праз Беларусь: этнанацыянальныя аспекты //Актуальныя праблемы гісторыі Беларусі: стан, здабыткі і супярэчнасці, перспектывы развіцця. Ч. 2. Гродна, 2003. С. 136-138.
7 НА РБ, ф. 325, воп. 1, спр. 2, арк. 118.
8 Лазько Р. “Перагаворы” Антона Луцкевіча ў Маскве як міф беларускай гістарыяграфіі // Беларускі гістарычны часопіс. 2007. № 4. С. 9-14.
9 Туронак Ю. Мадэрная гісторыя Беларусі. С. 263.

Наверх

Галоўная » Запісы па тэме 'XX стагоддзе'