Новы нумар

Галоўная » Запісы па тэме 'XX стагоддзе'

Артыкулы па тэме ‘XX стагоддзе’

Булгаков, Валер. История белорусского национализма (Ян Левандоўскі)

Снежня 15, 2007 |

БУЛГАКОВ, ВАЛЕР. История белорусского национализма. Вильнюс: Институт белоруссистики, 2006. — 331 с.

Элементарныя пытанні, якія ставіць перад сабою рэцэнзент якога-небудзь тэксту, датычаць, між іншага, яго характару (навуковы, публіцыстычны, літаратурны i г.д.), адпаведнасці тытулу і зместу, храналагічнага і тэрытарыяльнага абсягу, i ўрэшце (a на справе перадусім) самой яго сутнасці. Апрача гэтага чытач хацеў бы ведаць, якую навуковую дысцыпліну (ці дысцыпліны) прэзентуе праца, гэта значыць якімі крытэрыямі карыстаецца аўтар як у апісанні рэчаіснасці (падборы фактаў і з’яў), так і ў ацэнцы ды кваліфікаванні прадстаўляных падзей і працэсаў.

Валер Булгакаў ставіць чытача перад вельмі цяжкай задачай. Пачнем ад тытула. З яго вынікае, што гэта сістэматычнае, навуковае прадстаўленне гісторыі беларускага нацыянальнага руху, але ў рамках якіх часоў? Звычайна, яшчэ пачынаючы даследаванне, a найпазней перад публікацыяй гісторык вызначае храналагічныя межы тэксту. У гэтым жа выпадку чытач пакінуты з уласнымі здагадкамі ці дапытлівасцю, хоць адказ на гэтае пытанне нават пасля стараннага прачытання кнігі зусім не лёгкі.

Зноў жа, тытул працы дае зразумець, што гэта „гісторыя”, а значыць — з дамінаваннем даследчыцкіх метадаў гісторыка, хоць гісторык, асабліва пры даследаванні нацыятворчых прaцэсаў, не можа абмежавацца метадамі, выпрацаванымі ўласнай дысцыплінай, і мусіць карыстацца даробкам гісторыкаў літаратуры, мовазнаўцаў, этнографаў або антраполагаў культуры. Аднак у рэцэнзаванай працы маем справу перадусім з часткай літаратуразнаўчай, прысвечанай творчасці Францішка Багушэвіча (частка II, с. 190-269), ды з лепшай ці горшай навукова-папулярнай публіцыстыкай. Паўбяды, калі ўсё абмяжоўваецца рэфераваннем поглядаў розных навукоўцаў на тэмы, цікавыя аўтару. Горш, калі Булгакаў пераходзіць да ацэнкі даследчыкаў, з якімі не згаджаецца, бо тады ён аперуе вострымі негатыўнымі прысудамі, зусім не клапоцячыся пра іх пацвярджэнне. Каб не быць галаслоўным, прывяду як прыклад фрагмент тэксту са старонкі 44, дзе аўтар так піша пра крызіс беларускага літаратуразнаўства і „часткова альтэрнатыўную афіцыйную гістарыяграфію”: „Iх удзелам ёсць сляпы фактаграфізм, кан’юнктуралізм, папулізм, схематызм, няўлічванне найноўшай тэарэтычнай думкі, засілле спекуляцыі, гіпербалы, рыторыкі i г.д.”. Пасля такой фразы чытач навуковай працы мае права чакаць сажнёвых спасылак з пералікам так бескампрамісна ацэненых аўтараў ды іх прац. Тым часам у абзацы, з якога ўзяты цытаваны фрагмент, ёсць толькі адна спасылка, якая адсылае да артыкула… самога Булгакава, i згадана адно прозвішча аўтара, з якім аўтар „Гісторыі беларускага нацыяналізму” палемізуе. Негатыўна ацэненых прац чытач не знойдзе таксама ў бібліяграфіі, a iх аўтараў — у індэксе прозвішчаў з той простай прычыны, што ні бібліяграфіі, ні згаданага індэкса, ні якога-колечы іншага паказніка ў працы Булгакава няма.

Aўтар прынамсі часткова разумее неаднароднасць сваёй працы (пра гэта піша ва ўступе), aле гэта не аблягчае задачу рэцэнзента. Цяжка было б да асобных частак працы прымяняць розныя меры — даследчыка, літаратурнага крытыка ці каго яшчэ? Таму застанемся пры „варштаце” i метадзе гісторыка.

Сама канструкцыя працы досыць асаблівая, бо ўключае прадмову, уводзіны, тры раздзелы, заканчэнне i пасляслоўе, — усё пяра аўтара кнігі. Так што з сямі частак аж чатыры маюць характар увядзення ці падсумавання. Прадмова з’яўляецца „апраўданнем” працы — утрымлівае кароткую гісторыю кандыдацкай дысертацыі пра Багушэвіча. Тут жа аўтар прыводзіць розныя азначэнні тэрміна „нацыяналізм”, але не інфармуе, якім з іх будзе карыстацца ў сваёй працы. Вяртаецца да гэтага ва ўводзінах (35), калі піша пра даследчыцкі інструментарый Э. Гобсбаўма i заўважае, што яго недастаткова для адказу на пастаўленыя Булгакавым праблемы даследавання.

Пытанні, згрупаваныя ў шэсць блокаў, датычаць, аднак, перадусім сучаснай Беларусі, a не яе мінулага ХІХ ці XX ст. Зразумела, гісторыя дапамагае зразумець цяперашняе, гэта адна з яе істотных спазнавальных функцый, аднак для спазнання сучаснасці непазбежным ёсць найперш аналіз яе самой.

Сумненні выклікае і спосаб пастаноўкі асобных пытанняў, сярод якіх шэсць утрымліваюць такія палажэнні, якія варта б спачатку давесці. Такім ёсць, у прыватнасці, пытанне „Чаму беларусы аказаліся адзінай групай сярод 4 асноўных этнічных супольнасцяў Рэчы Паспалітай, няздольнай стварыць мадэрную нацыю?” Тады кім з’яўляюцца сучасныя беларусы? На якім этапе знаходзіцца беларускі нацыятворчы працэс, які, на думку аўтара, пачаўся толькі пад канец XIX ст. i яшчэ не завяршыўся? Ці можна пра нацыятворчы працэс якога-небудзь народа гаварыць як пра нешта скончанае?

Грунтоўнай аргументацыі вымагала б метадалагічная формула расійскага панавання (дамінавання) на землях Беларусі, акрэсленая з сярэдзіны XIX ст. як каланіялізм. Формула каланіялізму ў працы Булгакава мае далёкасяжныя наступствы — як у фармуляванні даследчыцкіх праблемаў, так і ў правядзенні паралеляў, паміж іншага, з Індыяй, В’етнамам і Верхняй Вольтай, у апераванні такімі паняццямі, як расізм ці апартэід. Перанос такой тэрміналогіі з зусім іншай, ці хоць бы вельмі адрознай рэальнасці вымагае сур’ёзнага абгрунтавання, прынамсі ўдакладнення тэрміна, якім так ахвотна карыстаецца аўтар. Цяжка лічыць такім удакладненнем сціслую згадку ў спасылцы на с. 42. Калі прыняць, што каланіялізм ёсць дамінацыяй гаспадарча больш развітых дзяржаў над эканамічнымі перыферыямі, то ў гэта цяжка ўмясціць формулу расійскага панавання над заходнімі перыферыямі імперыі Раманавых, прынамсі частка якіх (Польскае каралеўства і балтыйскія губерні) была больш развітай, чым этнічна расійская „метраполія”. І ўжо зусім рызыкоўнай бачыцца формула польскага каланіялізму, што відавочна не выключае абмежаванай польскай дамінацыі на этнічна беларускіх землях. Kалонія, якая праводзіць уласную каланіяльную палітыку? Aбсурд ці вышэйшая метадалагічная катэгорыя?

Нават прыняўшы катэгорыю расійскага каланіялізму, належала б шукаць паралелі беларускаму нацыяналізму ў нацыятворчых працэсах іншых этнічных супольнасцяў, што заставаліся „пад скіпетрам Раманавых”, асабліва народаў „сялянскіх”. Тым часам аўтар апелюе да аналогій з Нямеччынай 1870 г. (218), Польшчай, Расіяй і да становішча габрэяў (279). Чаму не да „нацыяналізму” ўкраінскага, літоўскага, латышскага або эстонскага? У XIX ст. там звярталіся да традыцыі палітычнай (казацтва, Вялікае Княства Літоўскае, сярэднявечныя паўстанні супраць нямецкага панавання) i народнай, з якой вытварылі латышскі і эстонскі нацыянальны эпас ды яго герояў. Тое самае з адным з падставовых тэзісаў аўтара (310): «Слабасць беларускай нацыянальнай свядомасці — гэта адваротны бок сілы польскай i „агульнарускай” ідэнтычнасці сярод беларусаў». Aле ж падобная сітуацыя была і сярод украінцаў ды літоўцаў, а свядомасць латышоў і эстонцаў фармавалася ў апазіцыі расійскаму і нямецкаму дамінаванню.

Шматлікасць узнятых у працы В. Булгакава праблемаў i спосаб іх развязвання не дазваляюць тут ацэньваць і палемізаваць, бо гэта перасягнула б памеры звычайнай рэцэнзіі. Кіруючыся абавязкам рэцэнзента, мушу ўказаць на фактаграфічныя памылкі, што сустракаюцца ў працы (прыкладам, Смаленск і Кіеў у 1772 г. не ўваходзілі ў склад Рэчы Паспалітай), ці на некрытычнае прыманне вынікаў расійскага перапісу насельніцтва 1897 г. Але не гэта вызначае ацэнку рэцэнзаванай кнігі. Яна ўпісваецца ў сучасны палітычны дыскурс, датычны мінулага, цяперашняга і будучага беларускага народа, спецыфікі яго тоеснасці і фактараў, якія вызначылі гэтую спецыфіку. Гэта таксама праблема палітычнай ролі сучаснай беларускай гуманістыкі, а перадусім той яе часткі, якая даследуе, але таксама і фармуе стан беларускай нацыянальнай свядомасці. На прыкладзе працы Булгакава нельга не паставіць пытання, якім інструментарыем даследаваць гэтую свядомасць у мінулым („Гісторыя беларускага нацыяналізму”) i сучаснасці, i якое месца ў такіх даследаваннях можа мець літаратуразнаўства. Aўтар ставіць перад сабою неверагодна амбітныя задачы, падымае істотныя даследніцкія праблемы, aле адказы на пастаўленыя пытанні рэдка адпавядаюць элементарным крытэрыям навуковасці.

Чытач не атрымаў зместу, які паабяцаны тытулам. Вартасцю працы ёсць пастаноўка істотных пытанняў, хоць часта сфармуляваных вельмі дыскусійным чынам, а не прапанаваныя адказы на іх. Aле грунтоўныя, адпаведныя навуковым крытэрыям адказы на гэтыя пытанні вымагалі б, па-першае, новага іх прадумвання, а па-другое, — даследаванняў, якія перасягаюць магчымасці аднаго навукоўцы і адной навуковай дысцыпліны. Гэтая задача хутчэй для многіх міждысцыплінарных камандаў, якія дыстанцуюцца ад бягучай палітыкі і будуць апераваць навуковым апаратам, а не захапляцца пяром публіцыста.

Люблін                                                   

Ян Левандоўскі

Михайлюк, Олександр В. Селянство України в перші десятиліття XX ст. (Марыя Бяспалая)

Снежня 4, 2007 |

МИХАЙЛЮК, ОЛЕКСАНДР В. Селянство України в перші десятиліття XX ст.: соціокультурні процеси. Дніпропетровськ: Інновація, 2007. — 456 с

Удалай назвай для рэцэнзіі на манаграфію Аляксандра Міхайлюка магло б стаць лацінскае выслоўе, прыведзенае самім аўтарам: іn historia non datur saltus (гісторыя не ведае скачкоў). Менавіта гэтаму лейтматыву падпарадкаваны ўсе структурныя элементы кнігі. На яго доказ працуе велізарная колькасць літаратуры самых разнастайных кірункаў (агульная лічба — 1288 пазіцый), у тым ліку справы чатырох архіваў Украіны. Абагульніць галоўную думку аўтара можна ў наступным выглядзе: рэальнае жыццё ўяўляе сабою непарыўнае адзінства. Нельга вырываць рэвалюцыйныя падзеі з кантэксту папярэдняга развіцця, бо іх удзельнікі фармаваліся ў межах пэўнай культуры з яе традыцыямі (38). На наш погляд, да сказанага варта было б дадаць, што гэтак жа немагчыма перапыніць сілавымі (так бы мовіць, рэвалюцыйнымі) сродкамі эканамічныя працэсы, якія гэтаксама зарадзіліся і развіваліся па сваіх законах, у адпаведнасці з пэўнай культурай і яе традыцыямі.

Не зусім выразна акрэслена стаўленне аўтара да канцэпцыі храналагічных вытокаў сацыякультурных працэсаў у вёсцы. Так, ён спасылаецца на цікавую думку В. Данілава пра„сялянскуюрэвалюцыю 1902-1922 г.”(38), на фоне якой разгортваліся ўсе іншыя сацыяльныя і палітычныя рэвалюцыі. Сваю ўласную пазіцыю па гэтым пытанні А. Міхайлюк, аднак, не прапісвае — хоць назва і храналагічныя рамкі працы сведчаць пра аўтарскую заангажаванасць у канцэпцыю. А. Міхайлюк тлумачыць свой выбар тым, што «пачатак ХХ ст. гэта перыяд паскоранай мадэрнізацыі краіны, час сутнасных зменаў у жыцці вёскі. Звычайны ўклад і традыцыйныя інстытуты сялянскага міра” трапілі пад моцны знешні ўплыў і перажывалі ўнутраную трансфармацыю» (37). У сувязі з тым, што „сялянства і сялянскасць”, атрыманыя савецкай уладай у спадчыну ад царскай Расіі, выконвалі аб’яднальную ролю ў гісторыі першых дзесяцігоддзяў ХХ ст., аўтар ставіць перад сабою мэту — „прааналізаваць шырэй цэлы шэраг палітычных і сацыяльных працэсаў, не падзяляючы іх на перад- і паслярэвалюцыйныя, на прычыны і наступствы… аб’яднаць дзве эпохі дзеля таго, каб выявіць агульнае і адметнае ў сялянскай культуры ў (вызначанай) часавай прасторы” (37).

За галоўны стрыжань сваёй метадалогіі аўтар абірае сацыякультурны падыход, уласнае разуменне сутнасці якога тлумачыць наступным чынам: «Гэты падыход уключае ў сябе асновы фармацыйнага і цывілізацыйнага падыходаў, ён набліжаецца „да татальнай гісторыі”, якая ахоплівае ўсе сферы жыцця чалавека і супольнасці усё звязана з усім» (30). Сацыякультурны падыход, на думку А. Міхайлюка, дазваляе адлюстраваць праблему суадносінаў культуры (разгляданай, перадусім, у якасці неад’емнага аспекта паводзінаў чалавека ў супольнасці) — і сацыяльнага ладу. Аўтар лічыць, што даследчая праблема сітуацыйных паводзінаў чалавека прадвызначае абавязковае вывучэнне сацыяльнай псіхалогіі, светапоглядных усталяванняў, інтэлектуальнага багажу — г. зн., таго ўспрымання свету, які сфармаваўся ў працэсе сацыяльнай практыкі асобы і, у сваю чаргу, выразна ўплывае на яе. Не бывае чалавека „наагул”, як і культуры „наагул”, сацыякультурны ж падыход дазваляе разглядаць культуру пэўнай супольнасці, у дадзеным выпадку — сялянства.

Абраны аўтарам ракурс даследавання, на наш погляд, дазваляе пагадзіцца з вызначэннем мэты даследавання: эвалюцыя сацыяльных паводзінаў сялянства, што прадугледжвае не толькі аналіз штодзённых паводзінаў, але і вызначальных для іх каштоўнасных арыентацый, установак свядомасці і мадэляў паводзінаў, стэрэатыпаў, уяўленняў. Па магчымасці аўтар імкнецца прааналізаваць змены ў сялянскай культуры, якая ў шырокім плане разумеецца як сродак жыццядзейнасці, у аксіялагічным — як сістэма нормаў і каштоўнасцяў, у семантычным — як сістэма знакаў і сімвалаў, што складаюць свайго роду праграму, патэрны жыццядзейнасці сялянства (с. 39).

Пастаўленыя задачы аўтар вырашае на матэрыяле, выкладзеным у пяці раздзелах: Сялянскае светаўспрыманне; Сялянская эканоміка; „Сялянскі мір” і сялянскі бунт; Аграрная рэвалюцыя; Палітычныя наступствы „сялянскай рэвалюцыі”. Назвы раздзелаў і параграфаў адлюстроўваюць імкненне прааналізаваць эвалюцыю сацыяльных паводзінаў сялянства пад час зменлівых працэсаў у сацыякультурным жыцці першых дзесяцігоддзяў XX ст.

Разважанні аўтара пачынаюцца са спробы вызначэння крытэрыяў паняцця „сялянства”. Што праўда, зразумець аўтарскую пазіцыю ў вызначэнні гэтага тэрміна досыць складана. У ходзе навуковай палемікі А. Міхайлюк спасылаецца на БСЭ: „Сялянстваразумеецца як сукупнасць дробных сельскагаспадарчых работнікаў, якія вядуць індывідуальную гаспадарку асабістымі сродкамі вытворчасці і сіламі сваёй сям’і”(41). Пры гэтым, аднак, ён спрабуе давесці, што „сялянства ў Расійскай імперыі досыць малады і ў значнай ступені штучна створаны стан”, аргументуючы сваё сцвярджэнне прыкладамі розных назваў шматлікіх катэгорый сялянства, якія сведчылі пра яго няроўнае сацыяльна-эканамічнае становішча і недастатковую сфармаванасць у выглядзе асобнай супольнасці.

Паводле А. Міхайлюка, канчаткова сялянства сфармавалася ў канцы ХІХ ст. Найбольш гэтаму паспрыяла рэформа 1861 г. і расійскае станавае заканадаўства, згодна з якім сялянства, па розных прыкметах, адрознівалася ад іншых станаў (43). Безумоўна, у сваіх высновах аўтар мае рацыю. Да яго разважанняў можна дадаць, што паміж сабой селянін Украіны і селянін Беларусі таксама адрозніваліся па шматлікіх характарыстыках, вызначаных, перш за ўсё, сфармаванымі на працягу стагоддзяў умовамі гаспадарання. У той жа час іх аб’ядноўвала галоўная прыкмета — праца на зямлі. Пытанне пра вызначэнне тэрміна „сялянства”, закранутае аўтарам, безумоўна, мае падставу для навуковай дыскусіі.

Манаграфія А. Міхайлюка ўтрымлівае шмат неардынарных назіранняў, параўнанняў, высноваў. На нашу думку, да безумоўных цікавостак можна аднесці палеміку па сялянскім малазямеллі і перанаселенасці вёскі ў паслярэформенны перыяд (78-99); супастаўленне процілеглых пунктаў гледжання па сталыпінскай аграрнай рэформе (але ў гэтым пытанні хацелася б бачыць больш выразную пазіцыю аўтара, гл. с. 109-113). Цікава напісаны раздзел 3 — „Сялянскі мір” і сялянскі бунт, асабліва параграф„Сялянскі мір” і ўлада, у якім разглядаецца стаўленне сялянства да асобы цара, да ўлады наагул і прыватна права. Галоўны матыў апошняй з’явы трэба шукаць у „неадпаведнасці большасці нормаў пісанага права паўсядзённым масавым ўяўленням пра справядлівасць, якія мелі месца ў звычаёвым праве” (174).

Адзін з самых цікавых — параграф, прысвечаны такой з’яве, як мяшочніцтва. Аўтар пачынае тэму з выслоўя А. Купрына „Помнік Мяшочніку, які ў грамадзянскую вайну ўратаваў шмат тысячаў жыццяў гарадскога і сялянскага насельніцтва. Помнік яму Г (278). Здаецца, у беларускай гістарычнай літаратуры няма прац, прысвечаных гэтай складанай праблеме.

Пад арыгінальным ракурсам выкладзены матэрыял пра сялянскі паўстанцкі рух — ён разглядаецца як з’ява, вызначаная рознымі складнікамі: захопам незасеяных земляў, арыштам памешчыкаў і іх адміністрацыі, ліквідацыяй натуральнай арэнднай платы, пагромамі сядзібаў, у якіх найбольш вызначаліся заможныя сяляне і г. д.

Аляксандр Міхайлюк разглядае неабходнасць самаўзбраення і самаабароны сялянства як адзіны сродак супраціву гвалту з боку акупантаў і памешчыкаў, паказвае аб’яднанне ўлетку 1918 г. лакальных ачагоў у паўстанцкі рух па ўсёй Украіне, перараджэнне яго ў бандытызм і г. д.

Пытанне аб адносінах паміж сялянствам і савецкай уладай аўтар таксама ўздымае. Ён звяртае ўвагу на два шляхі развязання гэтай праблемы, аддаючы перавагу таму, які вынікаў з рэалістычнага разумення асаблівасцяў краіны, характару рэвалюцыйных пераўтварэнняў і, адпаведна, з патрэбы заручыцца падтрымкаю сялянства і ўлічыць яго інтарэсы (388). Міхайлюк лічыць, што „патрыярхальнасць i калектывісцкая свядомасць сялянства, яго рэакцыя на спробы паскарэння мадэрнізацыі краіны, імкненне пазбегнуць уплыву чужой ім культуры і інш. вызначылі перамогу бальшавікоў” (392).

У цэлым праца А. Міхайлюка, які абраў сацыякультурны падыход, заслугоўвае высокай ацэнкі, і ці не найперш дзякуючы наватарскай канцэпцыі.

Мінск

Марыя Бяспалая

Наталля Гардзіенка. Беларускія перамешчаныя асобы (DP) у Вялікай Брытаніі

Снежня 24, 2006 |


Беларуская дыяспара ў Вялікай Брытаніі мае істотнае адрозненне ад іншых падобных, паўсталых у свеце пасля Другой сусветнай вайны. Звычайна беларускія пасляваен-ныя дыяспары ўтвараліся найперш былымі перамешчанымі асобамі (Displaced Persons — DP), якія эмігравалі з пасля-ваеннай Нямеччыны i Аўстрыі. У Вялікай Брытаніі ж у стварэнні нацыянальнай грамады бралі ўдзел тры розныя катэгорыі беларусаў, кожная з якіх трапіла ў краіну ўласным шляхам. Найбольш колькасная — былыя жаўнеры польскага войска, што былі пераведзеныя сюды ў 1946 г. Яны паступілі на службу ў створаны пад беспасярэдняй брытанскай камандай Польскі корпус падрыхтоўкі i размяшчэння (Polski Korpus Przysposobienia i Rozmieszczenia — Polish Resettlement Corps), што быў переходным этапам перад дэмабілізацыяй. Большасць былых польскіх жаўнераў ішлі на британскую службу з яе гарантаванымі перавагамі паступовага далучэння да мірнага жыцця, бо ў выпадку нежадання яны мусілі або вяртацца на радзіму, або самастоина шукаць ўладкавання ў перапоўненай уцекачамі пасляваеннай Еўропе. У выніку — жыццё ў Вялікай Брытаніі (для кагосьці на два гады, а для каго i болей) стала вымушаным выбарам каля 10 тысяч беларусаў, што знаходзіліся ў шэрагах польскага войска[1]. Менавіта яны i былі стваральнікамі першых нацыянальных арганізацый на Брытанскіх выспах, што заклалі аснову мясцовай беларускай дыяспары.

Другая, значна менш колькасная катэгорыя беларусаў, прыбыла ў Вялікую Брытанію ў 1947-1948 г. з польскіх цывільных лагераў у Афрыцы (Кеніі, Танзаніі, Угандзе, Паўночнай i Паўднёвай Радэзіі), Ліване i Індыі. Гэта былі сваякі былых польскіх жаўнераў, што пасля стварэння Арміі Андэрса знаходзіліся пад апекай польскага эміграцыйнага ўрада i Вялікай Брытаніі i засталіся ў Іране, адкуль паступова былі перапраўленыя на пасяленні ў розныя краіны, дзе жылі да канца Другой сусветнай вайны. Беларусаў тут было не менш за 2 тысячы чалавек[2]. Збольшага яны былі апалячаныя i пасля пераезду ў Вялікую Брытанію аказаліся найменш актыўнымі ў стварэнні дыяспары.

Трэцяя катэгорыя беларусаў, што ўдзельнічала ў стварэнні дыяспары ў Брытаніі, была найменшай тут паводле колькасці, аднак з найбольшим узроўнем нацыянальнай самасвядомасці — беларускія DP. 3 пасляваеннай Нямеччыны i Аўстрыі яны прыехалі ў новую краіну ў 1947-1950 г. па­водле працоўных кантрактаў. DP сталі неад’емнай часткай беларускага жыцця i ў значнай ступені сфармавалі ягоны змест. Асаблівасці прыезду i ўладкавання гэтай групы беларусаў, a таксама ix уплыў на працэс стварэння дыяспары i з’яўляецца предметам разгляду гэтага артыкула.

Асаблівасці гістарыяграфіі i крыніц

Гісторыя з’яўлення DP у Вялікай Брытаніі не адрознівалася вялікай увагай да сябе з боку даследчыкаў. Адзінаяпраца, прысвечаная менавіта гэтай катэгорыі пасляваенных імігрантаў Refugees or Migrant Workers? European Volunteer Workers in Britain 1946-1951, з’явілася ў 1992 г. Аўтары Даяна Кэй (Гаага) i Робэрт Майлз (Глазга) на падставе шырокай крыніцазнаўчай базы падрабязна даследавалі перадумовы з’яўлення DP у краіне, асаблівасці ix запрашэння, праблемы i поспехі ў асіміляцыі. Іншыя навукоўцы i да i пасля выхаду гэтай працы пераважна даследавалі цалкам іміграцыю ў Вялікую Брытанію i не засяроджваліся на адзначанай катэгорыі прыбылых[3].

Улічваючы, што большасць беларусаў пры ўездзе ў Вялікую Брытанію падавалі сябе як палякі, вялікую цікавасць выклікаюць даследаванні, прысвечаныя гісторыі польскай іміграцыі. Праўда, яны таксама не засяроджвалі ўвагу менавіта на вывучэнні DP, a разглядалі ix побач з былымі вайскоўцамі з ix сем’ямі, адзначаючы асноўныя колькасныя характарыстыкі прыбыцця працоўных мігрантаў[4].

Беларускія ж DP, таксама як i іншыя катэгорыі беларускіх імігрантаў у Вялікай Брытаніі, засталіся па-за ўвагай i брытанскіх, i польскіх даследчыкаў. Прычына — адсутнасць беларусаў як катэгорыі ў афіцыйных статыстычных звестках брытанскай іміграцыі. Не звярталіся да вывучэння беларускіх DP у Вялікай Брытаніі i беларускія даследчыкі як ў эміграцыі, так i ў метраполіі. Няўвага айчынных навукоўцаў тлумачыцца недасягальнасцю i фрагментарнасцю крыніц. Найбольшую каштоўнасць мае архіў Згуртавання беларусаў у Вялікай Брытаніі, дзе ўтрымліваецца шматлікае ліставанне ўдзельнікаў арганізацыі i разнастайныя паперы з часоў прыбыцця DP. Некаторую інфармацыю можна знайсці ў эміграцыйным друку, найперш брытанскіх выданнях „На Шляху” (1946-1951), „Аб’еднанні” (1948-1966), „Беларусе на чужыне” (1947-1950), „Камунікатах ЗБВБ” (1946). Каштоўная крыніца — i ўспаміны былых DP. Выкарыстанне згаданых матэрыялаў дазваляе рэканструяваць гісторыю з’яўлення ў Вялікай Брытаніі гэтай нешматлікай, але ўплывовай катэгорыі беларусаў. Аднак першапачаткова неабходна звярнуцца да агульнай гісторыі DP у пасляваеннай Еўропе.

Пасляваенныя ўцекачы ў Нямеччыне, Аўстрыі, Італіі

Другая сусветная вайна нарадзіла вялікі перасяленчы рух у Еўропе, асабліва з яе ўсходняй часткі. У выніку прымусовых i добраахвотных перасяленняў у 1945 г. на тэрыторыі Нямеччыны, Аўстрыі i Італіі знаходзілася каля 6 мільёнаў немясцовага насельніцтва. Пасля сканчэння ваенных дзеянняў абсалютная большасць (каля 5 мільёнаў) вярнулася на радзіму[5]. Аднак у выніку пасляваеннага перадзелу сфераў уплыву паміж краінамі-пераможцамі, а таксама пашырэння тэрыторый, якія падпалі пад уплыў СССР, пэўная колькасць прымусовых i добраахвотных мігрантаў часоў вайны зусім не хацелі вяртацца ў родныя мясціны. Так, на снежань 1946 г. у лагерах DP у Нямеччыне i Аўстрыі жылі 657 154 асобы[6] (але гэтая лічба не ўлічвае некалькі соцень тысяч уцекачоў, што жылі па-за межамі лагераў DP). Цягам наступных чатырох гадоў пад апекай Міжнароднай арганізацыі па справах уцекачоў (International Refugees Organization) на сталае месца жыхарства ў розныя краіны свету былі переселення каля 1 млн. 50 тысяч чалавек. Найбольшую колькасць сярод ix склалі перамешчаныя асобы (DP) з Польшчы (360 тысяч), Балтыйскіх краін (160 тысяч), Украіны (болыы за ПО тысяч) i Югаславіі (больш за 80 тысяч)[7].

Колькасць беларусаў, што был! сярод згаданых DP у Нямеччыне i Аўстрыі, вызначыць складана. Абсалютная ix большасць, каб пазбегнуць прымусовай рэпатрыяцыі, прадугледжанай Ялцінскай дамовай для жыхароў былых савецкіх тэрыторый, падавалі сябе як палякаў. Паводле афіцыйных звестак IRO, цягам 1947-1951 г. з асобаў, што называлі сябе беларусамі, было пераселена на сталае месца жыхар­ства 5147 чалавек[8]. Аднак рэальная колькасць беларускіх DP, разам з запісанымі пад іншымі нацыянальнасцямі (найперш як палякі, бо па краіне нараджэння), можа аказацца ў разы ці нават дзесяткі разоў большая. Вітаўт Кіпель, спасылаючыся на звесткі Беларускага Нацыянальнага Камітэта (у Заходняй Нямеччыне), піша пра 75-100 тысяч беларусаў, што не захацел! пасля вайны вяртацца на радзіму[9]. На гэтыя ж лічбы абапіраюцца i іншыя навукоўцы[10].

Найбольшая колькасць DP знаходзілася ў Брытанскай зоне акупацыі Нямеччыны i Аўстрыі[11]. Тут, як i ў іншых зонах, уцекачы пераважна сяліліся ў лагерах, частка з якіх была арганізаваная паводле нацыянальнай прыкметы. Ся­род такіх лагераў у Брытанскай зоне былі i беларускія: уВатэнштэце, Варбэргу, Госляры[12]. Жылі беларусы i ў іншых лагерах (Бокгорст, Браўншвайг, Гамельн, Гановэр, Зеедорф, Любэк, Плінкэ, Райнэ, Рынгельгайм, Фішбэк, Эккендёрдэ), утвараючы там большыя ці меншыя нацыянальныя групы[13]. Найбуйнейшы з беларускіх асяродкаў Брытанскай зоны знаходзіўся ў Ватэнштэце, праз яго за чатыры пасляваенныя гады прайшлі 1420 беларусаў[14].

У нацыянальных лагерах пасляваеннай Нямеччыны i Аўстрыі ўцекачы стваралі адмысловыя культурныя асяродкі. Тут працавалі пачатковыя i сярэднія школы, дзейнічалі аматарскія спеўныя, танцавальныя, тэатральныя калектывы, выдаваліся кнігі i перыёдыкі[15]. Усё гэта спрыяла ўмацаванню нацыянальнай самасвядомасці насельнікаў, нацыянальнаму ўзгадаванню моладзі. У выніку, ад’язджаючы на сталае жыхарства ў іншыя краіны, DP з беларускіх лагераў атрымоўвалі значны імпульс нацыянальнай грамадскай актыўнасці, які імкнуліся рэалізоўваць ўжо на новых месцах, ствараючы арганізацыі пасляваенных беларускіх дыяспар. Складана ацаніць пасляваенных DP, што чакалі вырашэння свайго далейшага лёсу ў лагерах i па-за імі ў Нямеччыне i Аўстрыі, паводле сацыяльных крытэраў. Праўда, сярод выхадцаў з Усходняй Еўропы пераважалі маладыя мужчыны працоўнага ўзросту. Прычым большасць тых, хто ўжо меў працоўны досвед, былі або сялянамі, або кваліфікаванымі работнікамі прамысловых прадпрыемстваў[16]. Была сярод DP i даволі значная колькасць малых дзяцей, былі i асобы сталага веку. Аднак, паводле згаданых сацыяльных характарыстык, пераважная большасць перамешчаных асобаў стала вельмі прывабнай крыніцай працоўнай сілы для розных краін пасляваеннага свету, у тым ліку i для Вялікай Брытаніі.

Запрашэнне DP у Брытанію

Пасляваенная Вялікая Брытанія, як i іншыя краіны — удзельніцы Другой сусветнай, сутыкнулася з шэрагам праблем сацыяльна-эканамічнага характеру. Неабходна было адбудоўваць разбураную за часы вайны гаспадарку i інфраструктуру, пераарыентаваць прамысловасць на вытворчасць „мірных” тавараў i аднавіць міжнародныя эканамічныя пазіцыі краіны як звышдзяржавы. Аднак для выканання гэтых задач трэба было вырашыць іншую, ці не больш складаную — забяспечыць вытворчасць працоўнай сілай. Дэфіцыт працоўных рук адчуваўся ў такіх важных галінах брытанскай эканомікі, як сельская гаспадарка, вуглездабыча, тэкстыльная вытворчасць, сфера абслугоўвання (найперш дапаможны персанал у шпіталях), будаўніцтва, вытворчасць цэглы.

Лейбарысцкі ўрад Клемента Этлі, які прыйшоў да ўлады ў ліпені 1945 г., імкнуўся знайсці шляхі аздараўлення эканомікі. Супольна з моцнымі прафсаюзамі (трэйд-юніёнамі) урад традыцыйна імкнуўся забяспечваць правы брытанскіх працоўных, абвясціўшы праграму поўнай занятасці (г. зн. ліквідацыі беспрацоўя). Разам з тым лейбарысты стваралі ўмовы для прыцягнення ў найважнейшыя галіны эканомікі нутраных працоўных рэсурсаў: заахвочванне да працы жанчын, дэмабілізаваных вайскоўцаў i інш. 3 часам высветлілася, што брак працоўнай сілы немагчыма забяспечыць выключна за кошт брытанцаў. Апошнія не хацелі выконваць цяжкую фізічную працу ў вугальных капальнях, малаплатную працу ў сельскай гаспадарцы або некваліфікаваную працу ў тэкстыльнай вытворчасці. Ba ўмовах свабоднага рынку занятасці згаданыя галіны вытворчасці, такія неабходныя для краіны, абсалютна не карысталіся папулярнасцю ў мясцовых работнікаў.

Адзіным выйсцем было працягненне замежнікаў[17]. Міністр працы Вялікай Брытаніі Джордж Айзек прапанаваў выкарыстаць для патрэбаў брытанскай эканомікі жыхароў DP-лагераў Брытанскай зоны Нямеччыны i Аўстрыі. Такім чынам урад мог пакрысе зменшыць выдаткі на ўтрыманне на тэрыторыі сваёй апекі ў Еўропе вялікай колькасці беспрацоўных перамешчаных асобаў, а таксама забяспечыць прадпрыемствы таннай i кантраляванай працоўнай сілай.

Праект запрашэння DP у Вялікую Брытанію быў разгледжаны 14 лютага 1947 г. у Парламенце і, нягледзячы на традыцыйна насцярожанае стаўленне прафсаюзаў, атрымаў падтрымку. Праз дзесяць дзён на пасяджэнні камітэта па справах DP было прынятае рашэнне пра тое, што Вялікая Брытанія будзе прымаць да 4000 уцекачоў штотыдзень цягам 6 месяцаў (усяго — больш за 100 тыс.) i накіроўваць ix на працу ў дакладна вызначаныя галіны эканомікі[18].

Так быў пакладзены пачатак найбольш значнай праграме найму DP у Вялікую Брытанію, што атрымала назву „Westword Но!” („Наперад, на Захад!”). У сакавіку 1947 г. прадстаўнікі Міністэрства працы наведалі Британскую зону акупацыі, а таксама ўзгаднілі свае дзеянні з IPO i UNRRA. Неўзабаве пачалося стварэнне спецыяльных офісаў для рэкрутавання DP. У лагерах Брытанскай зоны была абвешчана праграма найму перамешчаных асобаў, ладзіліся сумоўі, медагляды. Адабраныя асобы збіраліся ў транзітны цэнтр i далей праз паўночнанямецкі Куксхафен (Cuxhaven) або галандскі Гук (Hook) вывозіліся ў брытанскія Гуль (Hull), Тылбуры (Tilbury) або Гарвіч (Harwich)[19].

Праграма „Westword Но!” мела працоўны, а не перасяленчы характар. Перавага тут аддавалася аднаасобным працаўнікам: мужчынам 18-50 гадоў або жанчынам 18-40 гадоў. Некаторы час запрашалі таксама сямейных з дзецьмі, аднак узніклыя складанасці з ix транспартаваннем i наступным размяшчэннем у Брытаніі вымусілі ўлады зноў аадаць перавагу запрашэнню „адзінокіх”.

У часопісе „На Шляху” (Вялікая Брытанія; 1947, №4) для чытачоў пераказваліся ўмовы запрашэння DP у краіну. Сярод іншага аўтар звяртаў увагу на тое, што ўсе прыбылыя з Нямеччыны i Аўстрыі мелі атрымоўваць аднолькавую з брытанцамі аплату i ўмовы працы, плаціць тыя самыя падаткі i карыстацца кампенсацыямі ў няшчасных выпадках. Акрамя таго ў зацемцы паведамлялася:

„Агульна беручы, у Вялікай Брытаніі чорнарабочыя атрымоўваюць 4-5 фунтаў у тыдзень, a кваліфікаваныя работнікі 90-120 шылінгаў (4 1/2- 6 фунтаў); чорнарабочыя жанчыны 50-65 шылінгаў. Нормальны час працы трывае 44-48 гадзін у тыдзень, у гошпіталях i mamy подобных сярэдняя оплата для жанчьш выносіць 64 шылінгі ў тыдзень, з якіх адлічаецца 23 шылінгі за харчы, памешканне i мыццё бялізны, так што чыстага заробку застаецца 41 шылінг.

Работнікі, што не атрынаюць памешкання пры мясцох працы, будуць памешчаны ў гэтак званых гостэлях або лагерах. Сем’i ix не заўсёды будуць магчы жыць разам з імі, але кожнаму работніку будзе дадзена магчымасць правясці конец тыдня разам з сям’ёй. Пражываючыя ўгастэлях аплачваюць na 30 шылінгаў (жанчьшы na 45 шылінгаў) у тыдзень за харчы i памешканне. За гэту аплату яны штотыдзень атрымаюцъ ежу два разы, a ў нядзелю тры разы. Абеду можна будзе дастацъ па танней цане ўкантынах пры мясцох працы. Кожны член сям’і, пражываючы ўАнгліі, аплачвае дадаткова невялікую суму за памешканне i харчы. За ўтрыманне сям’i оплата будзе абрахавана так, каб работнік з свайго заработку меў яшчэ пэўную суму на асабістыя выдаткі свае i свае сям’i.

<…> Кожны працаўнік i паўналетні член сям’і атрымоўвае да конца году na 60 купонаў na вопратку, a дзеці (да 18 гадоў) na 70 купонаў. Да прыкладу, мужчынскія кальсоны каштуюць 8-10 шылінгаў i 5-7 купонаў; жаноцкія чаравікі каштуюць ад 1 фунта i даражэй i 7-9 купонаў.

<…> На першы пачатак работнікі ў Вялікай Брытаніі бу­дуць прынятыя на адзін год nag варункам добрых паводзінаў. Яны павінны будуць працаваць у той галіне, якую, паводле ixспецыяльнасці, абярэ для ix Міністэрства Працы, i змогуць змяніць працу толькі са згоды того ж Міністэрства. Дазвол на далейшае пражьшанне ў Вялікай Брытаніі атрымаюць толькі тыя асобы, што будуць прытрымоўвацца вышэй паданых варункаў i акажуцца карыснымі для грамадзянства Вялікай Брытаніі…”[20]

Як бачым, брытанскі ўрад фактычна прывязваў еўрапейскіх добраахвотных работнікаў (European Volunteer Wor­kers — новая ўжо британская назва былых DP) да працы на тых прадпрыемствах, якія найбольш адчувалі недахоп працоўнай сілы. Першапачаткова брытанцы не вызначалі дакладны час сканчэння кантрактнай працы для DP. Агавораны ў дамовах год быў своеасаблівым выпрабавальным тэрмінам для работніка на атрыманне права далейшай пра­цы па кантракце. Гэтая няпэўнасць працягласці кантрактаў стала надалей адной з праблем узаемадачыненняў паміж былымі DP i брытанскімі працадаўцамі.

Першыя работнікі па праграме „Westword Но!” прыбылі ў Вялікую Брытанію з Брытанскай зоны ў красавіку 1947 г. У сярэдзіне 1947 г. набор DP быў пашыраны на Француз­скую, a ў верасні таго ж года — на Американскую зоны акупацыі Нямеччыны i Аўстрыі. У 1948 г. праграма закранула таксама лагеры DP у Дани i цывільныя польскія асяродкі ў Афрыцы i Ліване. Да снежня 1950 г., калі рэкрутацыйная дзейнасць сярод DP была спыненая, у Вялікую Брытанію на працу прыехалі 76.9 тыс. асобаў[21]. Гэга было меней, чым першапачаткова планаваў урад.

Вялікая Брытанія запрасіла да сябе найбольшую колькасць DP сярод іншых еўрапейскіх дзяржаваў, аднак яна не магла быць сур’ ёзным канкурэнтам для такіх буйных краін пасляваеннай іміграцыі DP, як ЗША (каля 329 тыс. асобаў), Аўстралія (каля 182 тыс. асобаў), Ізраіль (каля 132 тыс. асобаў), Канада (каля 123 тыс. асобаў)[22]. У адроз ненне ад гэтых дзяржаваў, Брытанія прапанавала для DP праграму не перасяленчага, a менавіта працоўнага характару, што накладала пэўны ліміт на магчымасці запрашэння цэлых сем’яў. Тут менш клапаціліся пра ўмовы супольнага жыцця сужэнцаў з бацькамі i дзецьмі. Акрамя таго, ад пачатку рэалізацыі праекта лейбарысцкі ўрад не планаваў, каб ўсе прыбылыя добраахвотныя работнікі засталіся ў краіне на сталае жыццё i атрымалі грамадзянства.

У шэрагах прыбылых у Вялікую Брытанію DP найбольш было асобаў, пазначаных як палякі, а таксама як „палякі-ўкраінцы”.

Табліца

Еўрапейскія добраахвотныя работнікі ў Вялікай Брытаніі на 31 снежня 1950 г. паводле паходжання i гендэру[23]

Нацыянальнасць Мужчыны Жанчыны Разам
Палякі 9094 4538 13632
Латышы 9675 3244 12919
Палякі-ўкраінцы 10131 2762 12893
Югаславы 8848 778 9626
Украінцы 6063 1956 8019
Літоўцы 7490 1396 6186
Эстонцы 2919 2235 5154
Вугорцы 2110 429 2539
Фольксдойч 744 634 1378
Судэтцы 1304 1304
Чэхаславакі 1106 157 1263
Грэкі 59 16 75
Бездзяржаўныя 256 133 389
Няпэўныя 535 194 699
Іншыя 774 137 911
Разам прыбылых 57104 19883 76987
Вярнуліся назад у Еўропу 2391 931 3322
Разам 54713 18952 73665

Як бачым, брытанскія службы, што займаліся рэгістрацыяй імігрантаў, мелі вельмі спецыфічныя ўяўленні пра нацыянальную прыналежнасць прыбылых, пазначаючы як асобную нацыянальнасць усіх югаславаў, вылучаючы катэгорыю „палякі-ўкраінцы”, фіксуючы разам чэхаславакаў i асобна судэтцаў. Дадае складанасці падлікам імігрантаў паводле паходжання вылучэнне трох няпэўных катэгорый „бездзяржаўныя”, „няпэўныя” i „іншыя”.

Прыезд беларускіх DP

Беларусы былі ўжо сярод першых DP, што па праграме „Westword Но!” пачалі ўвесну 1947 г. прыязджаць у Вялікую Брытанію. 27 красавіка з беларускага лагера ў Ватэнштэце выехала група з 45 асобаў. На працу за Ла-Манш ix праводзіў увесь лагер, быў наладжаны нават адмысловы малебен. Праз месяц у Вялікую Брытанію выехала яшчэ 15 беларусаў з Ватэнштэта[24]. У гэтай другой групе DP прыехала на брытанскія выспы Лёля Марцінкевіч (потым Міхалюк), сённяшняя кіраўнічка Згуртавання беларусаў у Вялікай Брытаніі.

„Другім транспартам мы прыехалі праз Галандыю ў Англію, у Гуль. Там быў абоз, ён называўся Фулсхафен, гэта каля Ёрку. Там пабылі некалькі тыдняў, а тады фабрыка пачала выклікаць кого хацела. Нас групка тады ехала беларусаў. I на шчасце нас ўсіх пасялілі або ў Ёркшыр, або ў Ланкашыр па фабрыках”[25]. Паказальна, што ў дакументах Лёлі Марцінкевіч i беларусаў, што выязджалі разам з ёй, у якасці краіны паходжання пазначаная Польшча, a ў графе „нацыянальнасць” значылася „няпэўная”, бо брытанцы не ведалі, што ёсць асобная нацыя — беларусы[26].

Ватэнштэцкія беларусы, рэалізуючы закладзенае ў лагеры імкненне да нацыянальнай дзейнасці, адразу сталі шу каць кантактаў з Згуртаваннем беларусаў у Вялікай Брытаніі, а таксама магчымасцяў рэпрэзентацыі сябе ў новым грамадстве. Пра вынікі гэтага паведамлялася ў лісце аднаго з удзельнікаў групы, апублікаваным у часопісе „На Шляху”: „Жывем мы цяпер у переходным лагеры у Малверу. Беларусаў тут ёсць 10 асоб, а рэшта гэта латышы, эстонцы i украінцы. Кожную суботу ладзяцца нацыянальныя высту­пы з танцамі, спевамі i г. д. Мы таксама сваёю маленькою групкаю не засталіся ад другіх. Адна дзяучынка праспявала солё, пасля чатыры пары пратанцавалі Лявоніху i заспявалі дзьве песні. Усё гэта выйшла вельмі добра. Наш выступ вельмі спадабаўся ангельцам i ўсім прысутным”[27].

Беларуси ехалі не толькі з Ватэнштэта, a пазней i не толькі з Брытанскай зоны. Найбольш вядомы прыклад „групавога” прыезду беларускіх DP — так званая „Дванаццатка” — група з 12 хлапцоў, што вырашылі на пачатку 1948 г. паехаць у Вялікую Брытанію, каб зарабіць грошы на атрыманне вышэйшай адукацыі (11 з ix ехалі з беларускага лагера ў Міхельсдорфе, што знаходзіўся ў Амерыканскай зоне акупацыі Нямеччыны). Былыя навучэнцы Беларускай гімназіі імя Янкі Купалы, яны хацелі адначасова i працаваць, i займацца грамадскай дзейнасцю, а найперш выдаваць свой часопіс „Наперад!”. У матэрыялах часопіса, а таксама лістах сябрам яны распавядалі пра свае ўражанні ад падарожжа ў Вялікую Брытанію i тамтэйшага жыцця. Выдатнай ілюстрацыяй уладкавання DP у Вялікай Брытаніі ёсць ліст аднаго з удзельнікаў „Дванаццаткі” Янкі Запрудніка да сваёй будучай жонкі Вольгі Харытончык, напісаны ў лютым 1948 г.

«19-га [студзеня. — Н. Г.] папаўдні ступілі на брытанскую зямлю ў порце Harwich. Адсюль цягніком (ясна, мяккім) прыехалі nag Кембрыдж на аэродром, на якім жылі раней ангельскія лётнікі. Баракі тут, праўда, не баракі, a „бочкі”, як мы ix завем, ня надта важныя, аднак нам сказалі, што тут доўга не затрымаемся. Мы мелі ўладзіць толькі ўсе фармальнасці й ехаць на месца працы. Выйшла аднак ня зусім па-нашаму. Справа, бачыш, такая. УАмбэргу мы ўсе запісаліся на фабрыку й так думалі зрабіць. Ясна, што мы ніколі не дапушчалі думкі, каб нас парассылалі на працу ў розныя месцы. А тут выйшла так, што на фабрыку пісацца можна, аде:

1) усім разам папасьць у адно месца нельга;

2) запісаўшыся, трэба чакаць аж некалькі месяцаў, a ўнас час „золота”.

Да гэтага тут із „шамовкай” хоць i чатыры разы на дзень кармілі, а было зусім скупа. Прыйшлося атрыманы яшчэ на параплаве фунт-стэрлінгаў праесьці на яблыках; нічога іншага нельга было купіць.

Да баўэра (да сельскага гаспадара) пісацца таксама ня было ніякага сэнсу. А бяруць толькі: фабрыка, баўэр, цагельня й шахта.

„Ну i што?” пытаешся.

А вось што: запісаліся на працу ў капальні вугля. Гэта быў адзіны выхад, каб застацца разам, а для нас гэ­та усё, бо ня было б ніякага сэнсу ехаць у Ангельшчыну, каб нас тут параскідалі па ўсіх кутках. А гуртам мы нідзе не прападзём i зможам сёе-тое зрабіць для справы… Першым чынам, мы зможам выдаваць далей наш „Наперад!”, які мы мусім выдаваць за ўсякую цану ў сьвеце. Па-другое, ня мы першыя; людзі вунь працуюць i зусім задаволеныя з гэтага. У концы канцоў, калі не спадабаецца, па нейкім часе зможам заўсёды перайсьці на іншую працу. На сяньняшні ж дзень мы поўнасьцю задаволеныя з нашага выбору…»[28].

Імкненне не спрыяць супольнаму ўладкаванню на пра­цу нацыянальных групаў было прынцыповае для брытанскіх службоўцаў, што размяркоўвалі DP па прадпрыемствах краіны. Так яны меркавалі ствараць умовы для больш эфектыўнай асіміляцыі прыбылых, не дапусціўшы сфармавання групавых нацыянальных інтарэсаў у асяроддзі еўрапейскіх добраахвотных работнікаў[29]. Для тых DP, хто прайшоў праз нацыянальныя лагеры ў пасляваеннай Нямеччыне i Аўсгрыі, у Вялікай Брытаніі пачынаўся час выпрабавання трываласщ нацьшнальнай самасвядомасці. Больш шчасціла тым, хто аказвауся на працы ў цэнтрах канцэнтрацыі англійскай прамысловасці Ланкашыры, Ёркшыры щ Цэнтральнай Англіі. Тут у адмысловых хастэлях (інтэрнатах) для імігрантаў з часам, насуперак імкненням брытанцаў, збіраліся цэлыя нацыянальныя групы, да таго ж падтрымоўваць сувязі паміж рознымі хастэлямі было прасцей з-за адносна невялікай геаграфічнай адлегласці паміж імі.

Больш складанае было становіпгча накіраваных на працу ў сельскую гаспадарку. Акрамя таго, што заробкі тут был! значна меншыя, яшчэ i расцярушанасць DP па фер­мах была вялікая. Так выглядала тыповая сітуацыя для беларускіх работнікаў на гаспадарцы:

„Прыехаў я ў Англію з Нямеччыны ў лютым месяцы [1949 г. — Н.Г.]. Працую на сельской гаспадарцы, атрымоўваю за тыдзень 2 фунты i 18 шылінгаў у сярэднім. Жыву ў лагеры, недалёка городу Reading. У лагеры ёсць 130 чалавек, пераважна украінцы, ёсць югаславы, палякі, чэхі, латышы i рускія, нас беларусаў тут толькі два ca мною. Маю матку ў Англіі, яма працуе ў горадзе Sevenoaks у правінцыі Kent як хатняя работніца. Стараюся злучыцца ў адно месца. Покуль што нічога не выходзіць. Вельмі скучна без сваей роднай мовы, усюды чужынца, няма з кім падзяліцца думкаю…”[30].

Падобныя лісты прыходзілі ў Згуртаванне беларусаў у Вялікай Брытаніі (ЗБВБ) даволі часта. Раздзяленні сваякоў, што прыязджалі кожны паводле свайго кантракту (маюцца на ўвазе працаздольныя сваякі, прыкладам муж i жонка, або нестарыя бацькі ці дарослыя дзеці) сталі адной з першых прычын незадаволенасці ў асяроддзі былых DP. Першапачаткова жонка не мела права пераязджаць да мужа, які таксама працаваў па кантракце, але ў іншай мясцовасці i іншай галіне[31]. 3 часам быў дадзены дазвол сужэнцам злучацца разам, a таксама ўсім DP змяняць месца працы, але толькі ў межах тае галіны, у якой яны дагэтуль працавалі.

Брытанская статыстыка не ведала i не падлічвала беларусаў як асобную нацыянальную катэгорыю. Яны, верагодна, фіксаваліся як у групе „палякаў”, так i ў „бездзяржаўных”, „няпэўных” i „іншых”, таму вызначыць дакладную колькасць беларускіх DP у Вялікай Брытаніі немагчыма.

Згуртаванне беларусаў у Вялікай Брытаніі імкнулася наладзіць сувязь з прыбылымі суайчыннікамі, аднак не ўсе траплялі ў поле ix зроку. Яшчэ ў 1949 г. Вінцэнт Жук-Грышкевіч пісаў у канцылярыю Рады БНР пра „каля 200 ве­домых нам прыехаўшык DP з Нямеччыны i хіба большую колькасць такіх жа беларусаў нам няведамых”[32]. Пра тое, што ў 1947-1948 г. у Вялікую Брытанію прыехала каля 500 беларусаў, паведамляў, верагодна, абапіраючыся на звесткі таго ж Жук-Грышкевіча, у траўні 1949 г. кіраўнік урада БНР Аўген Каханоўскі (Калубовіч)[33]. Аднак прыбыццё перамешчаных асобаў на той час не скончылася i працягвалася яшчэ амаль два гады, таму колькасць беларускіх DP у Вялікай Брытаніі, безумоўна, павялічылася. У лісце з нагоды апублікаванага ў Жэневе ў 1951 г. даклада па праблеме ўцекачоў у пасляваенным свеце тагачасны старшыня Згуртавання беларусаў у Вялікай Брытаніі Аляксандар Надсан пісаў пра больш за тысячу беларусаў, пгго прыехалі ў краіну як еўрапейскія добраахвотныя работнікі[34]. I сёння былыя DP ацэньваюць колькасць беларусаў, прыбылых на кантрактную працу, прыблізна ў тысячу асобаў[35].

Беларускія DP, як i іншыя, працавалі часцей на тэкстыльных фабрыках, а таксама ў вугальных капальнях, на сельскай гаспадарцы, на будоўлях i ў абслузе. Сваё становіпгаа еўрапейскіх добраахвотных работнікаў у Вялікай Брытаніі беларусы ўспрымалі пераважна станоўча. Пасля галоднага i поўнага няпэўнасці жыцця ў лагерах DP наяўнасць уласнай сталай працы i заробку, разам з сякім-такім забеспячэннем i болыы чалавечымі ўмовамі жыцця, надавалі веры ў лепшую будучыню. У згаданым вышэй лісце Янкі Запрудніка выдатна ілюструецца гэты аптымізм з нагоды відавочнага паляпшэння ўмоваў жыцця ў параўнанні з Нямеччынай:

«Жывем тут у бараках, аднак незраўнальна лепшых, чым дасюль. Упакоі па 12 чалавек. Нашых 10 жывуць разам. Я папаў акурат адзін сярод ангельцаў у суседні покой. Гэта аднак ня дрэнна, бо ёсьць з кім „сьпікаць’ па-ангельску… Тут жа радам умывальнік із заўсёды гарачаю вадою й ван­ны, у якіх у кожную хвіліну можна шыкарна выкупацца. У пакоях цэшпральнае аграваньне. Кожны мае сабе шафу й ложак зь беленькай, як сьнег, пасьцельлю. Калі вяртаемся з заняткаў, заўсёды застаем роўненька засланыя ложкі й чыста выцертую подлогу. Зь ежай хоць расьпяразвайся. Хлопцы пачынаюцъ уваччу правіцца.

Гэты тыдзень займаемся днём. Устаем каля пятай, адзяем атрыманыя бацінкі, камбінзон, мыемся, ямо сьнеданьне й а 6:15 выяжджаем аўтабусам за км 40 на заняткі ў шахту. Там у 7:30 пачынаем. Церазь дзень займаемся nag зямлёй. Падзеленыя на групы па 10 чалавек i з кожнай групай займаецца ангелец-інструктар. Наверсе маем лекцыі (таксама па-ангельску), аглядаем фільмы пра вугаль, займаемся спортом. Вывучаем усе дакладна, бо пачалі аж ад пачатку ўтварэньня вугля. 3 поўгадзінным абедам зай­маемся да 4-й гадзіны, а пасьля ізноў аўтабусам едзем дамоў. 3 намі шмат таксама ангельцау. Тыдзень прыдзецца працаваць днём, а тыдзень ноччу. Сыбота й нядзеля вольныя. Вольны час тут праводзіць вельмі добра. Шмат гульняў, часапісаў, радыё, камін i г. д. Ангельцы адносяцца да нас вельмі ветліва. На школе маем атрымоўваць па пяць фушпаў у тыдзень. 3 гэтага фунтаў ca два разыдзецца на ежу i ўсе іншыя патрэбы, а з рэштай рабі што хачаш. На сталай працы будзем атрымоўваць больш»[36].

Праўда, для DP існавала няпэўнасць наконт тэрмінаў ix кантрактнай працы як еўрапейскіх добраахвотных работнікаў. У першых кантрактах не было дакладна акрэслена часу ix дзеяння, у выніку чаго некаторыя былыя DP праз год (успрымаючы выпрабавальны гадавы тэрмін як вызначаны час кантрактнай працы) сталі імкнуцца змяніць месца сваёй працы на лепшае, больш зручнае i аплатнае. Аднак улады не дазвалялі працаўладкоўвацца па-за межамі прадпрыемстаў тае галіны, куды яны трапілі першапачаткова. Г. зн. тыя, хто быў размеркаваны на малаплатную працу ў сельскую гаспадарку, не мелі магчымасці яе змяніць на лепшую. Такое становішча выклікала незадаволенасць у асяроддзі былых DP, правакавала пратэстны настрой, а таксама часам значнае змяншэнне зацікаўленасці ix у вы­шках сваёй працы.

У захаванні абмежаванняў у змене працы для работнікаў па кантракце былі зацікаўленыя брытанскія ўлады, што не маглі дапусціць адтоку працоўнай сілы з стратэгічна важных галінаў эканомікі. Асабліва ж настойвалі на тым прафсаюзы, якія імкнуліся як мага абараніць брытанскіх працоўных ад канкурэнцыі на рынку працы з былымі DP. Нягледзячы на тое, што прынцыпова ўмовы працы еўрапейскіх добраахвотных работнікаў i карэнных брытанцаў не адрозніваліся (у плане заробкаў i арганізацыі працы), аднак перавагі апошніх існавалі. Акрамя абмежаванняў у выбары працы былі i некаторыя іншыя. Прыкладам, паводле дамовы ўрада з прафсаюзамі пры запрашэнні DP у выпадку неабходнасці правядзення скарачэння працоуных на тым ці іншым прадпрыемстве яно мусіла адбывацца менавіта за кошт новапрыбылых работнікаў, а не брытанцаў. Калі на адно працоўнае месца прэтэндавалі адначасова былы DP i брытанец, менавіта апошні мусіў мець перавагу, нават у выпадку вышэйшай кваліфікаванасці імігранта[37].

Дзеля абароны брытанскіх працоуных улады даволі працяглы час не рашаліся адмовіцца ад абмежаванняў у дачы ненні да магчымасцяў змены працы еўрапейскімі добраахвотнымі работнікамі. Такая палітыка стала нават прадметам абмеркавання на адмысловым пасяджэнні ААН. Цікава, што сярод іншых закіды Вялікай Брытаніі ў тым, што прыкрываючыся гуманітарнымі матывамі дапамогі ўцекачам, яна выкарыстоўвае ix як танную працоўную сілу для забеспячэння ўласных эканамічных інтарэсаў, рабіў у 1949 г. беларускі прадстаўнік у ААН[38].

У выніку працяглых дыскусій як унутры брытанскага грамадства, гэтак i вонкі, было прынятае рашэнне пра тое, што ад 1 студзеня 1951 г. абмежаванні ў выбары працы для былых DP у Вялікай Брытаніі скасоўваюцца. Праўда, дзейныя кантракты не гублялі сілы, i толькі тыя, хто сканчаў трохгадовы тэрмін працы, маглі без абмежаванняў шукаць іншае месца i павінны былі абавязкова станавіцца сябрамі прафсаюзаў. Адпаведную інфармацыю падаваў для сваей беларускай чытацкай аўдыторыі часопіс „На Шляху”:

«У сувязі з рознымі пагалоскамі адносна становішча Еўрапейскіх добраахвотных работнікаў ніжэй падает пераклад прэсавага Камунікату міністэрства працы i Публічнай службы з 26.07.1950 г.

Першымі паміж Еўрапейскіх Добраахвотных Работнікаў, якія будуць магчы згодна з гэтай пастановай уносіць паданні аб звальненні ix ад контракту, ёсць тыя, которым у „азначаным тэрміне” (1 студзеня 1951 г.) міне тры гады іхняга прабывання ў гэтай краіне. Пасля чаго Еўрапейскія Добраахвотныя Работнікі, да якіх гэтая постанова i aдносіцца, будуць магчы ўносіць індывідуальна свае паданні аб звальненні з контракту з днём, калі міне ix термін трохгадовага прабывання ў Задзіночаным Каралеўстве.

Наступнае паведамленме, што выйдзе перад 1 студзе­ня 1951 г., падасцъ да ведана Еўрапейскіх Добраахвотных Работнікаў аб тым, хто з ix зможа скарыстаць з гэтай постановы i будзе павядомлена, у які способ трэба будзе ўносіць індывідуальныя паданні аб звальненні з існуючых абмежаванняў пры затрудненні. Згодна гэтай пастанове i пры ўмове заўсёднага датрымоўвання промысловых дагавораў, якія могуць быць устаноўлены праз абедзьве стараны ў якіх-небудзь індустрыях, Еўрапейскія Добраахвотныя Работнікі стануць па аднольнавых правох з брытанскімі работнікамі ў адносінах вольнага выбору затруднення.

Аднак да maro часу яны забавязаны звяртацца да мясцовага ураду Міністэрства працы ў кожным выпадку змен затруднення»[39].

Заканчэнне кантрактнай працы дало магчымасць еўрапейскім добраахвотным работнікам шукаць лепшыя працоўныя месцы. У выніку пачаўся адток працоўнай сілы з першапачаткова вызначаных для былых DP галінаў вытворчасці (асабліва з сельскай гаспадаркі). Аднак цяпер гэта не было настолый крытычна для брытанскай эканомікі, як нястача працоўнай сілы ў першыя пасляваенныя гады. Ра­зам з тым, матэрыяльнае становішча працоўных імігрантаў значна не палепшылася. Пераважная болыыасць так i засталася надалей занятая на некваліфікаванай ці малакваліфікаванай працы (на лепшыя пасады вельмі часта не давалі прасунуцца небрытанцам прафсаюзы). Толькі трэцяя частка еўрапейскіх добраахвотных работнікаў працавала ў галіне сваей адукацыі. Усё гэта справакавала рээміграцыю амаль 25% былых DP з Вялікай Брытаніі ў іншыя краіны[40].

Акрамя таго, еўрапейскія добраахвотныя работнікі ў выніку прыраўнання ix у статусе з брытанскімі сталі больш актыўна інтэгравацца ў мясцовае грамадства. Інтэнсіфікацыі працэсу асіміляцыі еўрапейскіх імігрантаў спрыяла i паступовая ліквідацыя хастэляў з ix замкнёным імігранцкім светам.

Для беларускіх DP адзначанае паступовае вызваленне ад кантрактаў мела дваістыя вынікі. 3 аднаго боку, шмат для каго з’яўлялася магчымасць перасяліцца бліжэй да „сваіх” у беларускія асяродкі ў Лондан, Манчэстэр, Брадфард, Кем­брыдж, Бірмінгем. 3 другога боку, у пошуках лепшай працы многія беларусы выязджалі з тых асяродкаў у іншыя рэгіёны краіны i нават за яе межы. Можна сказаць, што ў першыя гады пасля сканчэння кантрактаў паступова завяршылася фармаванне беларускай грамады ў Вялікай Брытаніі. Былыя DP або замацоўваліся ў коле прыцягнення нацыянальных арганізацый, або назаўсёды сыходзілі з ix ці з’язджалі ў іншыя краіны.

Роля былых DP у грамадскім жыцці дыяспары

Параўноўваючы былых DP паводле ўзроўню нацыянальнай самасвядомасці з іншымі катэгорыямі беларускіх жыхароў Вялікай Брытаніі, варта заўважыць, што ўдзельная вага свядомых беларусаў тут была большай, чым сярод жаўнераў польскага войска i тым больш сярод цывільных беларусаў з польскіх лагераў у Афрыцы i на Ўсходзе. Прынамсі з агульнапрынятай амаль тысячы беларускіх DP, прыбылых у Вялікую Брытанію, сябрамі Згуртавання беларусаў сталі не менш за чвэрць[41]. Для параўнання, з 10 000 беларусаў польскага войска ў розных беларускіх арганізацыях браў удзел нават паводле самых аптымістычных паддікаў толькі кожны дзесяты[42]. Былыя жыхары польскіх цывільных лагераў i наогул амаль не далучаліся да свецкага нацыянальнага жыцця. У нешматлікіх выпадках яны вядомыя як прыхаджане беларускіх цэркваў.

Найболыы актыўныя ў грамадскім жыцці былі тыя з бы­лых DP, што прайшлі праз адмысловыя беларускія лагеры ў Нямеччыне i Аўстрыі. Яны нават прыязджалі на Брытанскія выспы ўжо маючы адрас Згуртавання беларусаў у Вялікай Брытаніі i імкнуліся як мага хутчэй наладзіць кантакт з суайчыннікамі. Можна сцвярджаць, што прыезд беларускіх DP даў дадатковы імпульс пашырэнню дзейнасці арганізацыі.

Аднак далучэнне да нацыянальнага жыцця беларусаў з лагераў пасляваеннай Нямеччыны i Аўстрыі суправаджа лася падзеямі негатыўнага кшталту. Адначасова з былымі DP у Вялікай Брытаніі з’явіўся падзел сярод беларусаў паводле палітычнай прыкметы, аформлены на мяжы 1947-1948 г. у кантынентальнай Еўропе. Шмат якія жыхары DP-лагераў з часам сталі прыязджаць ужо палітычна заангажаванымі прыхільнікамі Рады Беларускай Народнай Рэспублікі (адноўленай прэзідэнтам Міколам Абрамчыкам) або Беларускай Цэнтральнай Рады (на чале з Радаславам Астроўскім) i прыносілі свае погляды ў дагэтуль маналітнае Згуртаванне беларусаў у Вялікай Брытаніі. Былыя DP, магчыма, i не былі выключнымі ініцыятарамі наступнага перадзелу ў мясцовым грамадзкім жыцці, але сталі ягоным каталізатарам. Айцец Аляксандр Надсан ва ўспамінах згадваў пра пачатак расколу: „У Англіі гэтага не было чуваць, пакуль не пайшлі прыязджаць гэтыя работнікі з Нямеччыны. Было вельмі дзіўна… Сёнмя мы спотыкаемся як сябры, a назаўтра той самы чалавек ўжо не хоча з табой гаварыць. Мы ўсе гэта адчулі вельмі балюча. Напэўна былі ўсе не правыя з аднаго i з другого боку, а некаторыя нічога не разумелі i проста разгубіліся…”

Беларуская грамада ў Вялікай Брытаніі не мела шанцаў застацца па-за расколам эміграцыі, нават калі б не было далучэння да яе шэрагаў DP з пасляваеннай Нямеччыны i Аўстрыі. Занадта выразны i прынцыповы быў падзел i занадта моцныя кантакты мелі брытанскія беларусы з суродзічамі з іншых краін. Сваю ролю адыграў i тагачасны эміграцыйны друк. У выніку пасля афіцыйнага аднаўлення дзейнасці Рады БНР i БЦР пры канцы 1947 г. у Нямеччыне ўзмацніліся супярэчнасці i ў нетрах Згуртавання беларусаў у Вялікай Брытаніі. Старшыня ЗБВБ Вінцук Жук-Грышкевіч увайшоў у склад Рады БНР. Віцэ-старшыня Мікола Буляк падтрымаў Радаслава Астроўскага. 1 лютага 1948 г. у Лондане пад старшынствам Вінцэнта Жук-Грышкевіча прайшоў сход актыву ЗБВБ, які прыняў рэзалюцыю ў падтрымку Рады БНР[43].

Аднак падтрымка не была такой аднагалоснай. У сакавіку 1948 г. група сяброў ЗБВБ заснавала свае Хрысціянскае аб’яднанне беларускіх работнікаў, а на другім з’ездзе ЗБВБ 2 траўня 1948 г. гучна выйшла з шэрагаў Згуртавання i пацягнула за сабой частку ягоных сяброў. Палітычны падзел справакаваў наступим адыход значнай колькасці недасведчаных у палітычных нюансах шараговых удзельнікаў арганізацыі.

У выніку адыходу палітычна незаангажаваных беларусаў з ЗБВБ колькасць яго сяброў скарацілася амаль удвая. У часе афіцыйнай рэгістрацыі арганізацыі i адпаведнай перарэгістрацыі сяброў у 1949 г. толькі палова з былых яе ўдзельнікаў атрымала новыя сяброўскія білеты[44].

Наступны працэс фрагментацыі беларускага грамадскага жыцця ў Вялікай Брытаніі адбываўся таксама пад уплывам згаданага расколу i рэальна не паспрыяў пашырэнню шэрагаў дыяспары.

Нягледзячы на сваю нешматлікасць, былыя DP сталі неад’емнай часткай усіх працэсаў, што адбываліся ў беларускім жыцці Вялікай Брытаніі. Яны, праз наладжаныя раней у Нямеччыне i Аўстрыі кантакты з суайчыннікамі, яшчэ больш шчыльна звязалі беларускую грамаду ў Вялікай Брытаніі з іншымі беларускімі асяродкамі ў свеце, не даючы ёй застацца ўбаку ад асноўных працэсаў, што адбываліся ў беларускай эміграцыі ў другой палове XX ст.


[1] Дакладнай колькасці беларусаў сярод былых польскіх вайскоўцаў, пгто апынуліся ў Вялікай Брытаніі пасля 1946 г., сёння вызначыць немагчыма. Падлікі Юрыя Грыбоўскага (Грыбоўскі Ю. Беларуси ў польскіх рэгулярных вайсковых фармаваннях 1918-1945 гадоў. Мінск, 2006) даюць мінімальны лік каля 5 тыс. асобаў. Аднак паводле тагачасных ацэнак беларускіх дзеячаў (В. Жук-Грышкевіча, А. Надсана), што спасылаліся на звесткі ад польскага вайсковага кіраўніцтва, колькасць былых беларускіх вайскоўцаў у пасляваеннай Вялікай Брытаніі складала 10 000-12 000 асобаў. Гэгыя лічбы больш адпавядаюць рэальнасці. Праўда, свядомых беларусаў было сапраўды няшмат, пра пгго сведчыць удзел у беларускіх арганізацыях: у найболын значнай паводле абсягу дзейнасці i колькасці сяброў у Вялікай Брытаніі лік удзельнікаў hg перавышаў 500 асобаў цягам усяе яе гісторыі.
[2] Грыбоўскі Ю. Беларусы ў польскіх рэгулярных вайсковых фармаваннях 1918-1945 гадоў. С 460.
[3] Напрыклад: Holmes С. John Bull’s island: immigration and British so­ciety, 1871—1971. Basingstoke, Hampshire: Macmillan Education, 1988;European immigrants in Britain 1933-1950 / edited by Johannes-DieterSteinert and Inge Weber-Newth. München: Sдur, 2003; Spencer I. Britishimmigration policy since 1939: the making of multiracial Britain. London;New York: Routledge, 1997; Hansen Г. Citizenship and immigration inpostwar Britain: the institutional origins of a multicultural nation. Oxford;New York: Oxford University Press, 2000.
[4] Stachura P. The Poles in Britain, 1940-2000: from betrayal to assimilation.London, 2004; Zaćmiński A. Emigracja polska w Wielkiej Brytanii wobec możliwości wybuchu III wojny światowej 1945-1954. Bydgoszcz: Wydawn.Akademii Bydgoskiej, 2003; Sword K. The formation of the Polish com­munity in Great Britain 1939-1950 / by Keith Sword with Norman Daviesand Jan Ciechanowski. London: School of Slavonic and East European Studies, University of London, 1989; Zubrzycki J. Polish immigrants inBritain; a study of adjustment. The Hague: M. Nijhoff, 1956; Czajkowski В., Sulik B. Polacy w W. Brytanii. Paryż, 1961, i інш.
[5] Kay D., Miles Г. Refugees or Migrant Workers? European Volunteer Wor­kers in Britain 1946-1951. London-New York, 1992. P. 44.
[6] Kay D., Miles Г. Refugees or Migrant Workers? European VolunteerWorkers in Britain 1946-1951. London-New York, 1992. P. 45.
[7] International Migration 1945-1957. Geneva. 1959. (International LabourOffice Studies and Reports. New series, No.54. P. 50-53.
[8] IRO Press Release No 231/1 of the 22nd of October, 1951.
[9] Кіпель В. Беларуси ў ЗША. Мінск, 1993. С 159.
[10] Белорусские остарбайтеры: ист.-аналит. исслед. / Г. Д. Кнатько,В. И. Адамушко, Н. А. Бондаренко, В. Д. Селеменев; Под ред.Г. Д. Кнагько. Минск: НАРБ, 2001. С. 288; Максімюк Я. АднаўленьнеРады БНР пасьля Другое Сусьветнае вайны // Запісы БІНІМ. № 25.New York -Miensk, 2001. С. 41.
[11] Kay D.r Miles Г. Refugees or Migrant Workers? European Volunteer Wor­kers in Britain 1946-1951. London-New York, 1992. P. 44.
[12] Вініцкі А. Матар’ялы да гісторыі беларускай эміграцыі ў Нямеччынеў 1939-1951 гадох. Менск, 1994. С 159-211.
[13] Коўш С. Беларускі лагер у Ватэнштэг. Альбом-Гістарычная даведка.[ЗША], 1981. С 61.
[14] Коўш С. Беларуси лагер у Ватэнштэг. Альбом-Гістарычная даведка.[ЗША], 1981. С. 101.
[15] Падрабязней пра гэта: Вініцкі А. Матар’ялы да гісторыі беларускайэміграцыі ў Нямеччыне ў 1939-1951 гадох.
[16] International Migration 194-1957. Geneva. 1959. (International Labour Of­fice Studies and Reports. New series, No. 54. P. 45.
[17] Kay D., Miles Г. Refugees or Migrant Workers? E 12-35.
[18] Тамсама. Е 53-55.
[19] Тамсама. Е 53-56.
[20] Umovy dla D.P. u V. Brytanii // Na Šlachu. №4. 1947. S. 13.
[21] Kay D., Miles Г. Refugees or Migrant Workers? E 59-62.
[22] International Migration 1945-1957. Geneva. 1959. (International Labour Office Studies and Reports. New series, No. 54. P. 51.
[23] Паводле: Kay D.r Miles Г. Refugees or Migrant Workers? R 43.
[24] Коўш С. Беларускі лягер ў Ватэнштэг. Альбом – Гістарычная даведка.[ЗША], 1981. С 47-48.
[25] Успаміны Лёлі Мікалюк, запісаныя ў жніўні 2005 г. у Манчэстэры.Захоўваюцца у архіве Н. Гардзіенкі.
[26] Ліст Лёлі Міхалюк да H. Гардзіенкі ад 18.02.2007.
[27] Pryjezd bielarusau z Niamieččyny // Na Šlachu. №4. 1947. S. 19.
[28] Запруднік Я. Дванаццагка: Дакумэнтальная аповесьць пра дванаццацёхбеларускіх хлапцоў у Нямеччыне, Вялікабрытаніі й Бэльгіі (1946-1954 гг.). Нью-Ёрк: БІНІМ, 2002. С. 63-64.
[29] Kay D., Miles Г. Refugees or Migrant Workers? P 121-122.
[30] Ліст Фларыяна Радзюка ад 23.05.1949. Захоўваецца ў архівс ЗБВБ.
[31] Kay D., Miles Г. Refugees or Migrant Workers? European Volunteer Wor­kers in Britain 1946-1951… E 100.
[32] Žuk-Hryszkevicz V. Bielaruskaja emihracyja u V. Brytanii [Інфармацыйныліст у канцэлярыю Рады БНР] з Лондану ад 01.03.1949. Захоўваецца ўБеларускім архіво ў Саўт Рыверы (ЗША).
[33] Каханоўскі А. Фактычныя дадзеныя аб стане беларускае эміграцыі(паводле справаздачы прадстаўнікоў Ураду БНР на 01.05.1949 г.) //Запісы БІНІМ. № 28. New York-Miensk, 2005. С. 278.
[34] Ліст № 123/52 захоўваецца ў архіве ЗБВБ у Лондане.
[35] Сведчанні Я. Запрудніка, Л. Міхалюк, А. Надсана.
[36] Запруднік Я. Дванадцатка. С. 64.
[37] Kay D., Miles Г. Refugees or Migrant Workers? E 77.
[38] Тамсама. P 151.
[39] Sprava byіych D.P. u V. Brytanii // Na Šlachu. №11. 1950. S. 10.
[40] Kay D., Miles Г. Refugees or Migrant Workers? E 156-160.
[41] Паводле падлікаў на падставе картатэкі сяброў ЗБВБ.
[42] Žuk-Hryszkevicz V. Bielaruskaja emihracyja u V. Brytanii [Інфармацыйныліст у канцэлярыю Рады ВНР] з Лондану ад 01.03.1949. Захоўваецца ўБеларускім архіве ў Саўт Рыверы (ЗША).
[43] Беларус на Чужыне. 1948. № 3 (7).
[44] Картатэка сяброў ЗБВБ.

Наверх

Дубовік, Юры. Дзеля Рэчы Паспалітай Беларусі (Алег Гардзіенка)

Снежня 6, 2006 |


ДУБОВІК, ЮРЫ. Дзеля Рэчы Паспалітай Беларусь Вільня: Наша Будучыня, 2006. – 97 с.

Героі кнігі „Дзеля Рэчы Паспалітай Беларусі” жывуць у мястэчку Краснае (сёння — Маладзечанскі раён Мінскай вобласці), у якім у 1920 -1930-я г. жылі беларусы, палякі, яўрэі. Гэты свет заходнебеларускага мястэчка быў знішчаны падзеямі i наступствамі Другой сусветнай вайны. Першыя саветы прынеслі рэпрэсіі супраць польскага насельніцтва i чыноўніцтва. Нацысты вынішчылі яўрэйскую грамаду. Прыход другіх саветаў пацягнуў за сабой знішчэнне недабітай эсэсаўцамі, савецкімі, польскімі партызанамі беларускай інтэлігенцыі. У тым самым Красным — цяпер гэта цэнтр сельсавета — ад былога укладу амаль нічога не засталося.

Юры Дубовік нарадзіўся ў 1924 г. у вёсцы Канчаны; сёння вёску часам уключаюць у склад Краснага, хоць на тапаграфічных картах яны яшчэ вылучаюцца ў асобныя паселішчы. Бацька Пётр Дубовік паходзіў са Сгаробіншчыны. Жаўнер легендарнага войска генерала Булак-Балаховіча ў 1921 г. апынуўся на Маладзечаншчыне, дзе былых балахоўцаў уключылі ў склад рэгулярнай польскай арміі. „… У нас дома, калі мы пераехалі ў Краснае, часта збіраліся вайскоўцы з 3-га батальёна 86-га палку, які тады ўжо кватараваўся ў Красным. У асноўным гэта былі падафіцэры. Час­та бываў адзін афіцэр, паручнік ці капітан, па прозвішчы Іваноўскі ці Іваніцкі, a мо i іначай, але падобна. Звычайна сустрэчы закончваліся бяседай. <…> Яны размаўлялі на бе­ларускай мове i часта ўспаміналі горад Петрыкаў” (9).

У складзе 86-га палка, у якім служыў Пётр Дубовік, у 1930-я г. быў Аляксей Грыцук, які пасля вайны стаў грамадскім дзеячам у Канадзе. Пра сустрэчы з А. Грыцуком на Маладзечаншчыне распавёў ва ўспамінах іншы дзеяч у Канадзе — Мікола Ганько. Яго брат Міхась, у сваю чаргу, быў шэфам Саюзу Беларускай Моладзі (СБМ), якім у Крас­ным кіраваў якраз Ю. Дубовік. (Наколькі ў адным месцы перапляліся лёсы розных людзей). Калі б аўтар кнігі, як дзесяткі тысяч суайчыннікаў, у 1944 г. выехаў на эміграцыю, ён мог бы стаць адным з лідэраў беларускай дыяспары ў Канадзе, ЗША, Аўстраліі, паралельна зрабіў бы навуковую кар’еру. Так, ўраджэнец Краснага Аўген Вярбіцкі (1922 г. н.) стаў у ЗША вядомым біяхімікам. Упэўнены, што i на эміграцыі Юры Дубовік пакінуў бы ўспаміны, толькі гэта былі б успаміны зусім пра іншае…

Успаміны пра 1930-я г. даюць цікавую карціну жыцця праваслаўнага лаяльнага да польскіх уладаў месціча. У сем гадоў Юрыя Дубовіка аддалі ў красненскую народную школу. У 1932 г. бацькі, набыўшы вялікі пляц зямлі, перабраліся ў мястэчка. „У 1933 г. на гэтым пляцы бацька пасадзіў вялікі сад — сто яблыняў i адну ігрушу” (14). У 1933 г. Петра Дубовік набыў радыёпрымач. Радыё — яно было ў навіну — прыходзілі паслухаць не толькі красненцы, але i жыхары суседніх Канчанаў i Мясаты. „Адны хацелі паслу­хаць Вільню, адкуль нейкі Пясэцкі расказваў пра Савецкі Саюз i ўсё, што там адбывалася ў тыя часы. Другім вельмі цікава было пачуць родную мову, родныя песні, музыку з Менска. Пясэцкаму не ўсе верылі…” (14). Савецкая мяжа праходзіла за паўтара дзесятка кіламетраў, за Радашковічамі, але hl пра якую памежную зону тады i гаворкі не было. Красненскія школьнікі не раз спакойна выпраўляліся ў паходы пад самую мяжу, i ніхто не даўмеўся звінаваціць ix у шпіянажы на карысць савецкага Менска. Тым не менш, як бачым, насельніцтва сімпатызавала савецкай Беларусі, што было вынікам добра пастаўленай прапаганды.

Польская старонка жыцця была перагорнута ўвосень 1939-га, калі пачалася Другая сусветная вайна. „Праз пару дзён над Красным зьявіўся нямецкі самалёт i скінуў дзве бомбы, але яны ўпалі далека ад вёскі…” (19). 17 верасня ў мястэчка прыйшлі чырвоныя войскі: „Ніякага супраціву ў Красным не было. Змена ўлады прайшла ціха і спакойна. З’явілася некалькі красненцаў з чырвонымі павязкамі на рукавах i з дубальтоўкамі за плячыма” (19).

Жыццё працягвалася, Ю. Дубовік паступіў у маладзечанскае педвучылішча, адкрытае новымі ўладамі. Скончыць яго не паспеў. Апошні іспыт па педагогіцы быў прызначаны на 25 чэрвеня 1941 г., але трыма днямі раней пачалася вайна. Цікава ўспрыняла яе красненская моладзь — як быццам не здарылася нічога дзіўнага. „Зайшоўшы ў хату, даведаліся, што пачалася вайна. „Мядзведзя” [страва з дранай бульбы; тое самае, што i бабка — А. Г.] усё ж з’елі з апетытам” (23).

Для жыхароў Краснага што саветы, што немцы мала чым адрозніваліся. 3 кожнай новай уладай трэба было мірыцца, выконваць мінімальны набор патрабаванняў ды карыстацца тымі магчымасцямі, што даваў новы акупант. Праз некалькі дзён пасля пачатку акупацыі новыя ўлады сабралі моладзь. Ю. Дубовіку даручылі ахоўваць аптэку i нейкі склад. „Праз тры гады следчы палічыў гэта за маю добраахвотную службу ў паліцыі i барацьбу з партызанамі. A ў тым часе яшчэ ніхто не чуу пра партызанау i пра беларускую паліцыю” (23).

Праз некаторы час аўтар паехаў у Маладзечна, дзе спрычыніўся да заснавання беларускай народнай школы. Бракавала падручнікаў, дапаможнай літаратуры, a галоўнае — настаўнікаў. Ю. Дубовік выкладаў батаніку, заалогію, фізіку, анатомію, заалогію. У верасні 1942 г. сям’ю напаткала бяда: забілі бацьку. „Ноччу наляцелі бандыты. Рабавалі, што хацелі. Мой банька, мабыць, супраціўляўся, i яны забралі яго. <…> Пад вечар другога дня пастухі падказалі, што ў лесе за вёскай Сычавічы [дарэчы, у Сычавічах нарадзіўся прэзідэнт Рады БНР Мікола Абрамчык. — А. Г.] ляжыць забіты чалавек…” (27). Ю. Дубовік кінуў Мала­дзечна i вярнуўся ў Краснае, да маці. Настаўнічаў у мясцовай школе. 3 другой паловы 1943 г. узначаліў суполку СБМ, у які ў мястэчку запісаліся 20 хлопцаў i больш за 10 дзяўчат. 25 сакавіка 1944 г. у Красным, як i скрозь па Беларусі, быў адзначаны Дзень Волі: „…На спартыўнай пляцоўцы школы, што за царквою, быў арганізаваны мітынг з нагоды абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі. Узгадніўшы з ортскамендантам, я правёў па Красным сваіх юнакоў з бел-чырвона-белымі сцягамі на мітынг, дзе яны занялі першыя месцы. За некалькі дзён да гэтай падзеі атрымаў тэкст урачыстай прамовы. Пасля майго выступу на памост узнялася нейкая жанчына i праспявала «Мы выйдзем шчыльнымі радамі»” (30).

Увесну 1944 г. Юры Дубовік стаў асветным афіцэрам у Радашковіцкім батальёне Беларускай краёвай абароны. У эвакуацыю ўлетку 1944 г. не выехаў: не бачыў нічога крымінальнага ў сваіх занятках пад час акупацыі, дый побач была маці.

Савецкая ўлада лічыла інакш. Ужо 10 ліпеня 1944 г. Юры Дубовік быў арыштаваны. Першае абвінавачанне … базавалася на трох фотаздымках: на першым аўтар кнігі быў зняты ў форме гімназіста, на другім — у форме польскага харцэра, на трэцім — у форме СБМ. Усё гэта інкрымінавана як „служба ў антысавецкіх фарміраваннях”. Потым хлопца звінавацілі ў тым, што ён служыў у CC: мелася на ўвазе БКА. Як вынік — 10 гадоў лагераў на Поўначы Расіі, у Пячорлагу.

Вярнуўся ў Беларусь роўна праз 10 гадоў. Уладкавацца ў Красным ці Маладзечне не ўдалося — савецкая ўлада „не рэкамендавала” сяліцца там, дзе „занимался преступ­ностью” (45). Выбраў Слуцк, бліжэй да бацькавай радзімы Старобіншчыны. Паспрабаваў уладкавацца настаўнікам, але дырэктар школы быў катэгарычны — маўляў, з такім мінулым на педагагічную працу можна забыцца. (53). Давялося ўспомніць „спецыяльнасць” тынкоўшчыка, атрыманую ў лагеры. Тамсама ў Слуцку Ю. Дубовік ажаніўся. Нарадзіліся дзеці, ён забраў да сябе маці, жыццё пачало пакрысе наладжвацца.

У другой палове 1950-х Юры Дубовік будаваў пасёлак Чысць у Маладзечанскім раёне, потым, калі праца была завершана, вярнуўся на Случчыну-Старобіншчыну. „У Чапялёх [бацькава веска, там жылі i ягоныя сваякі. — А. Г.] да мяне дайшлі чуткі, што ля Чыжэвічаў (гэта бліжэй да Старобіна) плануецца будаўніцтва калійнага камбіната з шахтамі па здабычы калійных соляў, а таксама жылога пасёлка” (65). 3 гэтага пасёлка з часам вырас горад Салігорск, i можна сказаць, што аўтар кнігі Юры Дубовік будаваў яго сваімі рукамі. 1960-1980-я г. не былі такімі ўжобязвоблачнымі. Пастаянна нагадвала пра сябе „преступ­ное” мінулае, a значыць, існавала пагроза ў любы час быць звольненым. „Добрыя людзі” ахвотна пісалі ананімкі ці про­ста „не разумелі” чалавека.

„Увесну [1984 г.] у агародзе каля свайго дому я рабіў помнік па маме. Аднаго дня я даводзіў яго — шліфаваў, паліраваў. Па нашай вуліцы праходзіла дэлегацыя з мясцовай салігорскай партыйнай i выканкамаўскай вярхушкі. <.„> Яны ўбачылі мяне і, паколькі шмат хто мяне ведаў, спыніліся i пацікавіліся, чым я заняты. Я расказаў, што раблю маме помнік. «И надписи делаешь по-белорусски?» — спытаўся адзін зь ix. Астатніх гэта зацікавіла, а нехта дадаў: «Не зря тебе давали десять лет…» (75). Каб адбыўся гэты выпадак дзесяць гадоў таму, маглі б i пасадзіць — канстатуе аўтар кнігі.

У 1989 г. Юры Дубовік арганізаваў у Салігорску праектна-каштарысны кааператыў, удзельнікі якога ездзілі па калгасах i саўгасах ды праектавалі дарогі. Рабілі гэта хутка i якасна, што, улічваючы парадкі i няпісаныя законы працы ў савецкай дзяржаве, многіх шчыра здзіўляла. „Ад лета 1991 г. мы пачалі распрацоўваць праекты на беларускай мове. Мы баяліся, што нашу ініцыятыву прымуць у штыкі. Аднак ні замоўца, ні падрадчыкі, ні нават банк ні сло­вам ні запярэчылі. I навукі асаблівай не спатрэбілася. Усе ўсё зразумелі без перакладнікаў” (77).

3 выхадам на пенсію сп. Дубовік заняўся грамадскай працай, браў удзел у адраджэнскім руху, a ў пачатку ўжо гэтага стагоддзя — у заснаванні грамадскай арганізацыі „Ветэраны Адраджэння”. Хапала i прыкрасцяў. Яго так i не рэабілітавалі. У 1993 г., ва ўжо незалежнай, але яшчэ нелукашэнкаўскай Беларусі, Ю. Дубовік падаў у Вярхоўны суд такую просьбу. Адказ быў жорсткі, але чаканы:

„Жалоба оставлена без удовлетворения по следующим основаниям. Ваша виновность в совершении преступления подтверждена вашими показаниями, показаниями свиде­телей Цвирко, Лебедева, а также другими доказательства­ми, изложенными в приговоре. При таких обстоятельствах оснований для опротестования состоявшихся по делу су дебных решений не имеется” (14-я старонка ўклейкі). Але якая можа быць рэабілітацыя, калі ў незалежнай Беларусі працягваюць шанавацца сталінскія каты.

Да ўласна ўспамінаў заўвагаў ніякіх. Любы аўтар апісвае тое, што лічыць патрэбным. У нашым выпадку Ю. Дубовік палічыў патрэбным пра польскі перыяд i нямецкую акупацыю расказаць больш, чым пра лагернае жыццё, значыць, так яно i павінна быць. Успаміны выпісаны добра (магчыма, тут ёсць i заслуга рэдактара Міхася Чарняўскага) часам з чорным гумарам, які дапамагаў выжыць у нялёгкіх умовах. Вось як, напрыклад, апісваецца сцэна допыту.

„У працяг абвінавачванняў следчы аднойчы заявіў, што я быў афіцэрам CC i дамагаўся ад мяне прызнання. Я адмаўляўся i аднаго разу паспрабаваў давесці следчаму, што гэтага ў прынцыпе быць не магло. Па-першае, я яшчэ вель-мі малады, мне толькі тут, у Гарлянах, споўнілася 20 гадоў, i я нідзе вайсковую справу не вывучаў. Напалеон вучыўся i афіцэрам толькі стаў калі яму споўнілася 24 гады. Я сваёй таленавітсцю Напалеону не раўня. Да таго ж у CC служылі адборныя нямецкія галаварэзы i мяне камандаваць імі ніхто б не дапусціў бы.

Пасля такіх доказаў следчы праявіў усе свае здольнасці i сапраўдную гуманнасць — i мяне без памяці вынеслі ў стадолу. Калі апрытомнеў (не ведаю, колькі праляжаў), я яшчэ сплёўваў крывёю” (35).

Кніга добра ілюстравана, змешчана i складзеная аўтарам адмысловая храналогія параўнальнай гісторыі Беларусі. Ёсць толькі заўвагі да выдаўцоў: хацелася б больш пашыраных каментароў. Кніга будзе найперш цікавая для нараджэнцаў Маладзечаншчыны i Случчыны-Салігоршчыны, a таксама будзе добрым дапаможнікам для тых, хто займаецца вывучэннем сацыяльных адносінаў, гісторыі паўсядзённасці ў Заходняй Беларусі, пад час нямецкай акупацыі i жыцця за саветамі.

Мінск

Алег Гардзіенка

Наверх

Луцкевіч, Антон. Выбраныя творы (Сяргей Дубавец)

Снежня 5, 2006 |

ЛУЦКЕВІЧ, АНТОН. Выбраныя творы: праблемы культуры, літаратуры i мастацтва / Антон Луцкевіч; уклад., прадм., камэнт., індэкс імёнаў, пер. з польск. i ням. А. Сідарэвіча. Мінск: Кнігазбор, 2006. — 460 с.

Анатоль Сідарэвіч выдаў другую з трох запланаваных ім кніг Антона Луцкевіча — „Выбраныя творы: прабле­мы культуры, літаратуры i мастацтва”. Перад тым выйшаў зборнік „Да гісторыі беларускага руху: Выбраныя творы”[1]. Чакае выдання трэцяя кніга — „Пад чырвоным штандарам” („Барацьба за вызваленьне”). Такім чынам спадчына А. Луцкевіча будзе набліжана да сучаснасці. Пра паўнавартасную актуалізацыю гэтых твораў i асобы ix аўтара казаць пакуль яшчэ рана. На тое ёсць прычыны найперш аб’ектыўныя — неспрыяльная для гуманістыкі сітуацыя ў краіне, a таксама суб’ектыўныя — якім чынам трактуюцца сёння постаць i даробак А. Луцкевіча.

Калі ўявіць сабе нейкую ідэальную кнігу, на вокладцы якой будзе стаяць імя аўтара — Антон Луцкевіч, дык у назве такой кнігі павінна быць слова „ключ” — ключ да беларускай ідэі, да дактрыны беларускае дзяржаўнасці і культу­ры, да Беларусі. Беларусь, выведзеная ў тэкстах А. Луцкевіча на ўзровень дзяржавы i нацыі, ніякай іншай дзяржаўнай i кулыурнай дактрыны не мела i не магла мець, а таму будавалася ў розных сваіх іпастасях (БНР, БССР, РБ) альбо паводле А. Луцкевіча, альбо насуперак яму.

Сёння недавершанасць беларускага нацыянальнага дому стварае парадаксальную сітуацыю: у адрозненне ад суседзяў, мы не маем шмат якіх найважнейшых культурных з’яваў у сваім ужытку, але маем магчымасць гэтыя з’явы адкрываць праз дзесяцігоддзі. Многія з нашых галоўных кніг яшчэ толькі трэба будзе выдаць i прачытаць. Укладальнік Анатоль Сідарэвіч у прадмове піша: „Калі б такі збор нік Луцкевіча, як гэты, выйшаў гадоў пяцьдзясят таму… сам факт яго існаваньня ня даў бы беларускім крытыкам i літаратуразнаўцам 1950-1990-х гг. магчымасьці адкрываць амэрыкі i вынаходзіць ровары…” (с. 3). Бо да ix гэта зрабіў А. Луцкевіч.

Для актуалізацыі класікі, зразумела, самае першае — гэта яе перавыданне. Але гэтага недастаткова. Мы веда­ем шмат прыкладаў, калі перавыданне лягала на паліцу, i актуалізацыі пры тым не адбывалася. Цяжка аспрэчыць прыказку „ўсяму свой час”. Патрабуецца пэўная сутворчасць таго, хто публікуе i інтэрпрэтуе забытага аўтара ў новым часе.

Гэтаксама i пасля выдання двух зборнікаў А. Луцкевіча актуалізуюцца не яго творы i постаць, але самі пытанні актуалізацыі.

Напрыклад, ці варта гэтыя кнігі называць „выбранымі творамі”, калі з прадмовы вынікае, што гэта — тое, што ўкладальніку ўдалося дастаць. Нараканні А. Сідарэвіча на тое, што ён не здолеў атрымаць некаторыя тэксты А. Луцкевіча з віленскіх сховішчаў, не выглядаюць пераканаўча. „Зусім зразумела, што дазволіць сабе такую раскошу мы ня можам” (4). Але гэта якраз i незразумела. У віленскіх бібліятэках i архівах стала працуюць навукоўцы i літаратары з Менску, i вінаватая тут не „раскоша”, a адсутнасць карпаратыўнае повязі ў цэху гуманітарыяў. Да таго ж i наведанне Вільні пры ўсіх сумарных выдатках не з’яўляецца раскошай, існуюць стыпендыі, практыкуецца падтрымка такіх паездак з боку літоўскага МЗС.

Другое пытанне — пра пэўную тэндэнцыйнасць, з якой А. Сідарэвіч, вядомы дзяяч сучаснай сацыялдэмакратыі, падкрэслівае, што A. Луцкевіч — марксіст i сацыял-дэмакрат: „Такім чынам, Луцкевіч падыходзіць да літаратуры як сацыял-дэмакрат, бо вядома, што з гледзішча сацыял-дэмакрата агульналюдзкія ідэалы свабоды, роўнасьці i братэрства, вызваленьня працы ў сваей сутнасьці зьяўляюцца выяўленьнем гуманізму” (7).

Наўрад ці акцэнт укладальніка на марксізме паспрыяе актуалізацыі твораў А. Луцкевіча. Пры тым, што самі гэтыя творы каштоўныя й карысныя зусім не сваім сацыялістычным падыходам i поглядам.

Антон Луцкевіч сапраўды лічыў сябе сацыялістам, але ў літаратуразнаўчых тэкстах ніколі не пісаў, што гэты твор добры, бо сацыял-дэмакратычны, а гэты дрэнны, бо не марксісцкі. Што да ідэалаў свабоды, роўнасці i братэрства, дык раней за сацыялістычныя яны сталі ідэаламі масонства, i мы ведаем, што A. Луцкевіч быў масонам[2].

Нарэшце, трэцяе i самае істотнае пытанне актуалізацыі — ці правамерна дзяліць Луцкевіча на палітыка, ідэолага i літаратара? Ці не ў адзінстве гэтых амплуа сам фено­мен беларускай ідэі й літаратуры? Скажам, тэкст Луцкевіча „Два цэнтры” (ён неаднойчы перадрукоўваўся ў наш час) — гэта літаратура ці нешта іншае? Чаго там болей — прагматыкі ці „сілы ілюзіі”? ЦІ гэты тэкст менш культуралагічны, чым, да прыкладу, „Эвалюцыя краёвай культуры”, якая патрапіла ў зборнік? I ці ўвогуле магчыма правесці рысу паміж Луцкевічам-літаратарам i Луцкевічам-палітыкам?

Купалу мы таксама называем ідэолагам беларускага адраджэння, цытуючы пры гэтым не публіцыстычныя вы­ступы паэта, а ягоныя вершы. Гэты сінкрэтызм быў абсалютна ўласцівы для адраджэнцаў першай паловы мінулага стагоддзя. Яго можна лічыць праяваю недаразвітасці, а можна — спецыфікай беларускага шляху. Пазней прагрэсам лічыўся строгі падзел на жанры, тэмы i стылі. Але сёння мы зноў выходзім да сінкрэтызму, калі магчымыя паліталагічныя раманы, дакументальныя фэнтэзі ды іншыя эклектычныя паводле ўчорашніх мерак спалучэнні.

Зразумела, што такія пытанні толькі і маглі паўстаць дзякуючы новай кнізе, дзякуючы працы такога аўтарытэтнага, дасведчанага i ўважлівага да першакрыніц даследчыка, якім ёсць Анатоль Сідарэвіч. Трэба спадзявацца, што новая кніга стане моцным штуршком да актуалізацыі ключавой постаці беларушчыны — Антона Луцкевіча i ягоных твораў.

Вільня

Сяргей Дубавец


[1] Луцкевіч А. Да гісторыі беларускага руху: Выбраныя творы. Мінск: Беларуси кнігазбор, 2003. 288 с.
[2] Вольныя муляры ў беларускай гісторыі. Канец XVIII — пачатак XX ст. / Уклад, i нав. рэд. А. Смалянчук. Вільня, 2005. С.164, 166f.

Вялікі, Анатоль Ф. На раздарожжы. Беларуси і палякі ў час перасялення (Юры Вашкевіч)

Снежня 4, 2006 |


ВЯЛІКІ, АНАТОЛЬ Ф. На раздарожжы. Беларусы i палякі ў час перасялення (1944-1946 г.). Мінск, 2005.-319 с.

Да выхаду манаграфіі Анатоля Вялікага беларуская гістарыяграфія не мела не толькі кніг, але нават сур’ёзных артыкулаў, цалкам прысвечаных „рэпатрыяцыі” польскага i беларускага насельніцтва перыяду Другой сусветнай вайны. Гэтая табуяваная савецкай уладай тэма чамусьці вельмі рэдка ўздымалася на форумах гісторыкаў ужо незалежнай Беларусі, хоць гутарка ідзе пра кардынальныя для абедзвюх краін змены i звязаныя з гэтым лесы сотняў тысяч людзей. (Дарэчы было б таксама паставіць пытанне, ці гэтыя страты папуляцыі ўлічваліся пры падліках ахвяраў вайны, a калі так, дык якім чынам?) Зразумела, існавалі аб’ектыўныя прычыны, што перашкаджалі даследаванню гэтай праблемы. Апроч згаданай палітычнай — забароны, была яшчэ адна — адсутнасць дакументальных дадзеных, недаступнасць архіўных матэрыялаў Менавіта гэты прагал паспрабаваў запоўніць A. Вялікі сваей працай. Яна складаецца з чатырох раздзелаў, тры з якіх прысвечаны перасяленню палякаў з Беларусі i толькі ў адным, апошнім, разглядаецца працэс перамяшчэння беларускага жыхарства Польшчы. Такія прапорцыі цалкам абгрунтаваныя, улічваючы маштабы першай i другой з’явы. Сумнеў могуць выклікаць толькі словы „3 прасавецкай Польшчы…” ў назве апошняга раздзела. Як сведчыць найноўшая гісторыя, Польшча ніколі не была прасавецкай, а тым больш не была яна такой у 1944-1946 г. Люблінскі марыянеткавы ўрад (Польскі камітэт нацыянальнага вызвалення — ПКНВ) прасавецкім быў, але Польшча — не. Таму больш адпаведным было б словазлучэнне „3 падсавецкай Польшчы…”.

У манаграфіі даследуецца вельмі кароткі перыяд найноўшае гісторыі Беларусі, толькі два гады, але гэта быў вельмі бурлівы, трагічны i ў нечым лёсавызначальны час для соцень тысяч, a можа i мільёнаў нашых суайчыннікаў, длябудучага нашай краіны. Зусім лагічна, што кніга пачынаецца з разгляду агульных праблем, датычных савецка-польскай мяжы, міжнародных пагадненняў, тэрытарыяльнага падзелу i высвятлення самога тэрміна, якім акрэслівалася перамяшчэнне насельніцтва, выкліканае вышэйзгаданымі чыннікамі. Аўтар даволі падрабязна разглядае працэс усталявання заходняй мяжы Беларусі, скарыстоўваючы пры гэтым цікавыя архіўныя матэрыялы, што адлюстроўваюць погляды тагачасных кампартыйных функцыянераў. Не выклікае сумневу агульная выснова аўтара наконт таго, што кіраўніцтва рэспублікі не мела права самастойна вызначаць яе межы, што гэтае пытанне вырашалася ў Маскве. Тут нельга не заўважыць некаторай супярэчнасці ў пазіцыі аўтара, які адначасова згадвае пра міжнародную правасуб’ектнасць Беларусь Савецкі Саюз толькі на паперы быў федэратыўнай дзяржавай, у сапраўднасці ж гэта было суперцэнтралізаванае ўтварэнне. Таму трохі наіўна гучаць разважанні пра ігнараванне Масквой думкі органаў дзяржаўнай улады БССР, УССР i ЛітССР, a тым больш ix фармальнай згоды адносна дамовы ад 16 жніўня 1945 г. аб савецка-польскай мяжы. Адзначым таксама, што адсутнасць згадкі пра сутнасць пакта Рыбентропа — Молатава, які паклаў канец існаванню суверэннай польскай дзяржавы i пачатак Другой сусветнай вайне, уяўляецца вельмі рызыкоўным з пункту гледжання добрасумленнасці асвятлення гэтага этапу гісторыі Беларусі i Польшчы.

Пераканальнымі з’яўляюцца высновы аўтара пра сут­насць самой з’явы масавага перамяшчэння насельніцтва ў 1944-1946 г. i яе тэрміналагічнага вызначэння. Даволі часта ў гістарычнай літаратуры i публіцыстыцы скарыстоўваецца не зусім адпаведны тэрмін „рэпатрыяцыя”. А. Вялікі слушна прапануе вызначаць гэты працэс тэрмінам „перасяленне”. Але, на нашу думку, гэтае акрэсленне павінна ўжывацца не таму, што насельніцтва захопленай у 1939 г. Савецкім Саюзам часткі Польскай Рэспублікі было, з гледзішча саветаў, de jure (з пункту гледжання міжнароднага права de facto) уключана ў савецкае грамадзянства. Бацькаўшчынай, „патрыяй”, для беларусаў Польшчы i палякаў Бела русі былі землі, дзе яны спрадвечна жылі. Краіны па абодва берагі Буга, Беларусь для адных i Польшча для другіх, былі духоўнай радзімай, але не Айчынай. Яны не вярталіся на яе, a пакідалі, менавіта таму тэрмін „рэпатрыяцыя” тут не падыходзіць.

Трагізм гэтага масавага перасялення быў не толькі ў тым, што людзі пакідалі сваю малую радзіму, айчыну продкаў. Яны страчвалі даробак свайго жыцця, выязджалі, не ведаючы свайго далейшага лёсу. Ix рашучасці ў гэтым паспрыяла сама савецкая ўлада, якая ўжо ў студзені 1945 г. пастановай ЦК ВКП(б) вызначыла праграму саветызацыі i русіфікацыі беларускіх палякаў. Аўтар слушна акцэнтуе ўвагу на аспекце, звязаным з адміністрацыйнай ліквідацыяй польскіх школ на Беларусі, бо менавіта ў ix кампартыйныя дзеячы бачылі небяспеку правядзенню сваёй „нацыянальнай палітыкі”. Савецкія камуністы заўсёды падазрона ставіліся да польскіх настаўнікаў, ды i саміх палякаў. На жаль, гэтая сумная традыцыя аказалася вельмі трывалай i перакачавала ў постсавецкі час. На недавер палякі адказвалі недаверам. У кнізе дадзена вельмі добрае дакументальнае пацверджанне гэтаму. Перадусім гутарка ідзе пра тое, што большасць палякаў не верылі ў перасяленне, падазраючы падрыхтоўку да высылкі ў Сібір. Калі ў снежні 1944 г. першыя некалькі сем’яў выпраўляліся з Брэста ў Польшчу, на вакзале натоўп палякаў назіраў, у якім напрамку рушыць цягнік — на Захад ці на Ўсход. „Пераканаўшыся, што ў сапраўднасці цягнік накіраваўся ў Польшчу, палякі пачалі масава рэгістравацца на выезд”. Гэты красамоўны прыклад са справаздачы райпрадстаўніцтва дае нам больш уяўлення пра рэальную сітуацыю, чым шматслоўныя разважанні ідэалагізаваных гісторыкаў.

Асобны раздзел манаграфіі прысвечаны „чэкісцкаму” кантролю за перасяленнем. Не толькі ўпаўнаважаная польскага ПКНВ была агенткай НКВД, большасць прадстаўнікоў СНК БССР працавала ў органах НКГБ i НКВД. Як вынікае з цытаваных у кнізе рапартаў „рыцараў рэвалюцыі”, большасць палякаў адмоўна ставіліся да савецкай улады. Таму арышты перасяленцаў былі звычайнай практыкай ра­боты „органаў”.

Натуральна, разглядаючы такую жыццёвую праблему, як масавае перасяленне, аўтар не мог абысці ўвагай пытанне прычын i матывацый, якія схілялі людзей да гэтага. У кнізе змешчаны найбольш значныя, на думку аўтара, чыннікі, якія ён пералічвае ў парадку ix важкасці: сацыяльна-эканамічныя, грамадска-палітычныя, этнічныя, канфесійныя, міжнародныя, сямейныя, адзначаючы, што ўсе яны дзейнічалі як паасобку, так i сукупна. Безумоўна, большая частка палякаў выязджала ў Польшчу, спадзеючыся на лепшыя ўмовы існавання. Яны ведалі жыццё ў міжваеннай Польшчы, спазналі яго пад саветамі ў 1939 – 1941 г. i пасля вайны, таму мелі што i з чым параўноўваць. Параўнанне гэтае выпадала не на карысць СССР, з яго калгаснай галечай, празмерным падаткаабкладаннем i шматлікімі дробязнымі абмежаваннямі. Не менш балючымі былі абмежаванні ў галіне мовы i адукацыі, рэпрэсіўная антьшольская палітыка ўладаў i ix агульнае непрыязнае стаўленне да палякаў. Рзлігійны чыннік таксама адыграў сваю ролю, у некаторых выпадках вырашальную. Агрэсіўна атэістычная савецкая палітыка рэзка кантраставала з набожнасцю каталіцкага насельніцтва Заходняй Беларусі, дзе кансерватыўная „крэсовая” традыцыя была яшчэ вельмі моцнай. Сярод іншых чыннікаў, якія ўздзейнічалі на працэс перасялення палякаў з БССР, аўтар узгадвае Армію Краёву, уважаючы яе дзейнасць за антысавецкую, антыбеларускую i антыпольскую. Калі з першымі двума сцверджаннямі можна пагадзіцца, дык выснова пра антыпольскасць АК не ўяўляецца ўдалай i адпаведнай праўдзе. АК падпарадкоўвалася адзінаму на той час легальнаму польскаму ўраду ў Лондане i адпаведна дзейнічала згодна з вызначанай ім палітыкай, што зыходзіла з інтарэсаў міжваеннай польскай дзяржавы. Натуральна, да вызначанасці ўсходняй мяжы Польшчы АК супрацівілася перасяленню, разглядаючы Заходнюю Беларусь як захопленную Савецкім Саюзам частку міжваеннай Польскай Рэспублікі. Пасля ж усталявання межаў i адыходу ўсходніх зямель да СССР у інтарэсах польскіх уладаў было перася­ленне як мага болынай колькасці палякаў на тэрыторыю ix краіны, чаму i спрыяла АК уласцівымі ёй армейскімі мета дамі. Усё лагічна, калі не падыходзіць да гэтага з пазіцый палітыка- i этнацэнтрызму.

Перасяленню палякаў з Усходу ў Польшчу прысвечана даволі шмат гістарычных публікацый, існуе вялікая мемуарыстыка, што асвятляе гэтыя падзеі вуснамі ix сведкаў. Кніга А. Вялікага паказвае гэты працэс у своеасаблівым ракур­се, з боку савецкіх афіцыйных дакументаў. Гэта, дарэчы, дае магчымасць высветліць некаторыя спрэчныя пытанні, між іншым, такое важнае, як колькасць перасяленцаў. Вельмі характэрнай з’яўляецца канстатацыя эвалюцыі ў стаўленні ўлад на працягу ўсёй кампаніі. Як адзначае аўтар, з восені 1944 г. да вясны 1945 г. ix адносіны да яе былі пасіўнымі i абыякавымі. Аднак масавы „сыход” польскага насельніцтва прымусіў савецкае кіраўніптва прыняць захады, скіраваныя на запаволенне ад’езду з рэспублікі. Усвядоміўшы колькасць ахвотнікаў вырвацца з „бальшавіцкага ярма” i маштаб магчымай міграцыі гаспадарлівага i працаздольнага насельніцтва (а не „нямецкіх памагатых”, „дэзерціраў”, „бандытаў”, „нацыяналістаў” i „святароў”), саветы хутка зразумелі, якія сацыяльна-эканамічныя наступствы гэта выкліча. Таму ўсе паўнамоцтвы па пытаннях, звязаных з рэгістрацыяй, былі перададзены савецкім абласным камісіям па перасяленні, а ўпаўнаважаныя польскай дэлегацыі пазбаўляліся права ўмяшальніцтва ў ix распараджэнні i практычна пераўтвараліся ў тэхнічных работнікаў. Для змяншэння лавінападобнага працэсу рэгістрацыі ахвотных ад’ехаць у Польшчу партыйна-савецкія ўлады скарысталі адміністрацыйны рэсурс. Гэтых ахвотных было блізу паўмільёна, але выехаць змаглі толькі трохі менш за палову. Аўтар прыводзіць дадзеныя, якія грунтуюцца на архіўных матэрыялах, што захоўваюцца ў Нацыянальным архіве Рэспублікі Беларусь. Паводле выніковага пратакола аб заканчэнні перасялення паступілі заявы на выезд у Польшчу 499 648 чалавек (паводле Галоўнага прадстаўніцтва СМ БССР — 535 248). Колькасць тых, што фактычна пераехалі, склала толькі 238 782 чалавекі, ці 45,05% палякаў ад усёй колькасці зарэгістраваных. У кнізе прыводзяцца падрабязныя лічбы як ахвотных перасяліцца, так i тых, што атрымалі дазвол на выезд па асобных райпрадстаўніцтвах, а таксама па катэгорыях насельніцтва.

Калі тэма пасляваеннага перасялення палякаў з Беларусі была доўгі час закрытай для даследчыкаў, дык пытанне пераезду беларускага насельніцтва з Польшчы бадай што ніколі не ўздымалася ў беларускай гістарычнай літаратуры. Гэта надае асаблівую вартасць чацвёртаму раздзелу манаграфіі, прысвечанаму разгляданым падзеям. Цікава, што паводде пастановы беларускіх дзяржпартыйных органаў меркавалася перасяліць 200 тыс. асоб, пры тым што па падліках упаўнаважаных СНК БССР i польскіх уладаў лічба беларусаў на Беласточчыне вагалася ад 100 да 130 тыс. чалавек. На падставе архіўных дакументаў аўтар робіць выснову, што ініцыятарам гэтага фантастычнага плана быў першы сакратар ЦК КП(б)Б П. Панамарэнка, які, як высветлілася, „абсалютна не валодаў сітуацыяй”. Да таго ж, у адрозненне ад беларускіх палякаў, беларусы Польшчы асабліва не імкнуліся мяняць месца жыхарства. Жаданне пераехаць у БССР выказала меншасць з ix, а частка зусім не хацела рэгістравацца на выезд. Да канца снежня 1946 г. (заканчэння тэрміну перасялення) у Беларусь пераехала каля 28 тыс. чалавек, што складала крыху больш за 11% ад першапачаткова планаванай савецкімі ўладамі колькасці. Беларусы Польшчы з засцярогай ставіліся да савецкага ладу жыцця i ўвогуле да савецкай улады, добра ведаючы, што яна пазбаўляе сялян прыватнай уласнасці на зямлю. Як трапна заўважае A. Вялікі, „для абсалютнай большасці беларусаў Беласточчыны галоўным з’яўлялася… не дзе жыць, а як жыць” (с. 217). Таму большасць беларусаў праігнаравалі перасяленчую акцыю, i толькі нязначная ix частка пераехала ў БССР. Безумоўна, нельга не ўлічваць і палітычныя чыннікі: дзейнасць нацыяналістычнага польскага падполля, ціск з боку некаторых прадстаўнікоў мясцовых уладаў, грамадскія і канфесійныя абставіны. Не выпадкова ж у першую чаргу з’язджалі савецка-кампартыйныя дзеячы, якія адчувалі пагрозу для сябе, i найбольш збяднелыя сяляне, якім не было чаго губляць. На жаль, аўтар падрабязна не раскрывае, чаму пры прыкладна аднолькавых вонкавых чынніках уздзеяння — на польскае насельніцтва ў БССР i беларускае ў Польшчы — колькасць ахвотных пакінуць Беларусь сягала паўмільёна, а перасяленне беларусаў з Беласточчыны практычна правалілася. Падаецца, што адных агульных згадак пра „непрыняцце савецкай улады” ды „сацыяльна-эканамічныя фактары” недастаткова, каб параўнаць i патлумачыць матывацыі паводзінаў людзей.

У цэлым жа трэба адзначыць удумлівы i дапытлівы падыход аўтара да вывучэння прадмета свайго даследавання, дакладную i крытычную ацэнку архіўных дакументаў, суаднясенне ix з логікай падзей i гістарычнымі фактамі. Праўда, пры чытанні кнігі ўзнікае ўражанне, што ён быццам бы пазбягае выказваць ўласнае меркаванне, імкнучыся замяніць яго цытаваннем, часам занадта працяглым. I яшчэ адна агульная рэфлексія. Кожны раз, калі чытаеш публікацыі, што выходзяць у Беларусі, задает сабе пытанне — каго аўтар лічыць сваім? Якую ўладу? Чые інтарэсы для яго — свае? Часцей за ўсё выходзіць, што савецкія, на добры лад — беларускія савецкія, i вельмі рэдка — беларускія нацыянальныя. Пасля прачытання кнігі Анатоля Вялікага адназначнага адказу на гэтыя пытанні мы не знаходзім. Тым не менш, прыгадаем яшчэ раз, што разгледжаная кніга — першае сур’ёзнае даследаванне такога кшталту ў беларускай гістарыяграфіі, сваеасаблівы прарыў у распрацоўцы тэматыкі, якая дагэтуль практычна не вывучалася. Варта спадзявацца, што яна паслужыць стымулам для іншых гісторыкаў, якія займаюцца найноўшай гісторыяй Беларусі, i для самога аўтара ў яго далейшай працы над неразгорнутымі старонкамі беларускай мінуўшчыны.

Мінск

Юры Вашкевіч

Наверх

Нарыс гісторыі Польскай Дзяржавы і Народа. Х—ХХI ст. / Рэдакцыя і ўклад. тэксту Мар’ян Семаковіч (Любоў Козік)

Снежня 19, 2005 |


Нарыс гісторыі Польскай Дзяржавы і Народа. Х—ХХI ст. / Рэдакцыя і ўкладанне тэксту: МАР’ЯН СЕМАКОВІЧ. Пераклад тэксту з польскай: ГАННА ЦІШУК. Варшава: Demart, 2005. 312 c.

Прапанаваная шырокаму колу чытачоў кніга „Нарыс Польскай Дзяржавы і Народа. Х—ХХI ст.“, несумненна, доўгачаканая, яна будзе запатрабаваная ў Беларусі, тым больш што гэта першая гісторыя Польшчы па–беларуску. Шмат агульнага звязвае беларускі народ з польскім, з яго гісторыяй, традыцыямі і культурай, многія дзеячы лічылі сябе сынамі і дочкамі двух, а то і трох — польскага, беларускага і літоўскага — народаў. Але, на жаль, у беларускай гістарыяграфіі дагэтуль так і не была зроблена спроба напісаць абагульняльную працу па гісторыі суседняга народа, а гэта магло б стаць добрым крокам у развіцці не толькі нацыянальнай, але і польскай гістарычнай навукі.

У аснову нарысаў пакладзены храналагічны прынцып, у рамках якога можна вылучыць праблемны падыход. Так, разглядаючы падзеі Х — канца ХVIII ст., аўтар засяроджвае ўвагу на фармаванні дзяржаўных межаў і знешнепалітычнай дзейнасці кіраўнікоў польскай дзяржавы. Пытанні, якія датычацца дзяржаўнага ладу Рэчы Паспалітай, вынесены ў асобны раздзел. Гэта, на наш погляд, выклікае пэўныя нязручнасці пры чытанні тэксту не знаёмым ці мала знаёмым з гісторыяй Польшчы чытачом. Так, напрыклад, на с. 42 апісана знешнепалітычная дзейнасць Аляксандра Ягелончыка, у той час як асноўныя ўнутрыпалітычныя змены пад час яго кіравання (Мельніцкі прывілей, пастановы Пётркаўскага і Радамскага соймаў, канстытуцыя Nihil Novi, Статут Ласкага) прыводзяцца толькі на с. 106. Выдатна выкананыя карты дазваляюць зарыентавацца ў самых розных пытаннях палітычнай, сацыяльнай, эканамічнай гісторыі і культуры.

Характарызуючы развіццё польскіх земляў у канцы XVIII — пачатку XIX ст., аўтар прыходзіць да высновы, што становішча ў складзе Расіі было лепшым у параўнанні з Прусіяй і Аўстрыяй. Пра гэта сведчыць аднаўленне пры Паўлу I шляхецкага самакіравання і вяртанне прававой сілы Статуту ВКЛ, прысутнасць польскіх саветнікаў пры расійскім цары Аляксандры I і г. д. (116—117).

Важным фактарам развіцця нацыянальнага руху стаў удзел польскіх узброеных фармаванняў у напалеонаўскіх паходах і стварэнне Варшаўскага княства (1807––1815). У тэксце адзначаецца, што сам факт існавання княства паўплываў на пазіцыю Расіі, Прусіі і Аўстрыі ў польскім пытанні і „паспрыяў таму, што ў 1815 г. на Венскім кангрэсе трактаты аб падзелах Рэчы Паспалітай былі ануляваныя“ (122). Але на гэтым жа Кангрэсе адбыўся фактычна чацвёрты раздзел польскіх земляў, у выніку якога пад уладай Расіі было створана Каралеўства Польскае, пад Прусіяй — Познаньскае вялікае княства, і пад апекай трох дзяржаваў — Кракаўская Рэч Паспалітая (122).

У кнізе дастаткова падрабязна разглядаецца палітычнае і эканамічнае становішча Каралеўства Польскага ў складзе Расійскай імперыі. Аўтар правільна адзначае, што нягледзячы на развіццё эканомікі і культуры, на польскіх землях расло грамадскае незадавальненне, выкліканае парушэннем законаў, увядзеннем цэнзуры, рэпрэсіямі супраць падпольных арганізацый, навязваннем князем Канстанцінам сваёй волі ўраду. Вынікам такіх настрояў стала паўстанне 1830––1831 г., якое ў кнізе падзяляецца на два перыяды — непасрэдна Лістападаўскае паўстанне (29/30.11.1830 — 25.05.1831) і польска–расійскую вайну (26.05 — 21.10.1831).

Параўноўваючы становішча польскіх земляў у складзе трох імперый у першай палове XIX ст., аўтар адзначае, што найбольш цяжкім яно было ў Аўстрыі, дзе адбывалася паслядоўная германізацыя насельніцтва (136), у той час як найбольш спрыяльныя ўмовы эканамічнага развіцця склаліся ў Познаньскім вялікім княстве (1815––1848), але і тут палітычная сітуацыя пагоршылася пасля паразы паўстання 1830—1831 г.

З сярэдзіны XIX ст. да пачатку Першай сусветнай вайны вылучаецца асобны этап у гісторыі польскага народа. Тут звяртаецца ўвага на важную ролю „севастопальскай адлігі“ (1853—1861) для развіцця Каралеўства Польскага, узнікнення і дзейнасці падпольных арганізацый, аналізуецца праграма „белых“ і „чырвоных“ напярэдадні і пад час паўстання 1863—1864 г., палітыка расійскіх уладаў пасля падаўлення выступленняў і да пачатку Першай сусветнай вайны. Ацэньваючы змены ў становішчы польскіх земляў, аўтар адзначае, што ў апошняй трэці XIX ст. Расія і Прусія пачалі праводзіць адпаведна палітыку русіфікацыі і германізацыі, у той час як аўстрыйскія ўлады пасля 1866 г. пайшлі на шэраг уступак шматнацыянальнаму насельніцтву. Адной з іх стала наданне Галіцыі статусу аўтаноміі, але той факт, што вышэйшыя пасады тут займалі палякі, прывёў да росту польска–ўкраінскага антаганізму, які выкарыстоўвала ў сваіх мэтах Аўстрыя (159—160).

Сярод зменаў, якія адбываліся ў грамадстве ў канцы XIX ст., вылучаецца стварэнне польскіх палітычных партый і аб’яднанняў сацыялістычнай, сялянскай, нацыяналістычнай скіраванасці і адзначаецца, што адны з іх ставілі на мэце ўзброеную барацьбу за незалежнасць, другія пайшлі па шляху перамоваў з кіраўніцтвам дзяржаваў–захопніц. Асноўныя дыскусіі напярэдадні вайны пра шляхі да незалежнасці перанесены ў наступны раздзел, прысвечаны Першай сусветнай вайне і аднаўленню Польскай дзяржавы. На наш погляд, тут было б мэтазгодна вылучыць асобны даваенны перыяд і непасрэдна дыскусіі ў час вайны, якая ўнесла карэктывы ў планы польскіх нацыянальных дзеячаў. Акрамя гэтага аўтар не закранае такіх пытанняў, як дзейнасць „Польскага кола“ ў Дзяржаўнай думе, раскол у Польскай сацыялістычнай партыі і няўдалы рэйд Юзафа Пілсудскага ў Каралеўства Польскае на пачатку жніўня 1914 г.

Значная ўвага аддаецца разгляду польскага пытання ў гады Першай сусветнай вайны і стаўленню да яго Прусіі, Аўстра–Венгрыі, Расіі і краін Антанты. У кнізе характарызуюцца Акт 5 лістапада 1916 г., Маніфест расійскага імператара ад 14 жніўня 1914 г., загад цара Мікалая II ад 25 снежня 1916 г., знакамітыя „чатырнаццаць пунктаў“ В. Вільсана. Цікава, што з’яўленне новых перспектываў у вырашэнні польскага пытання пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 г. звязваецца з ультыматумам, які Расіі выставіла Нямеччына пад час мірных перамоваў у Берасці ў лютым 1918 г. (171), а не з „Дэкларацыяй правоў народаў Расіі“, прынятай на II Усерасійскім з’ездзе саветаў. Можна спрачацца, наколькі бальшавікі імкнуліся здзейсніць заяўленае на практыцы, але фармальна дэкларацыя прызнавала права ўсіх народаў былой Расійскай імперыі на самавызначэнне аж да аддзялення і стварэння незалежнай дзяржавы.

Перадача Рэгенцкім саветам 11 лістапада 1918 г. вярхоўнай улады на польскіх землях Ю. Пілсудскаму стала знакавым днём — Днём незалежнасці — у гісторыі Польшчы. Першае, з чым сутыкнулася маладая дзяржава, была барацьба за будучыя межы. Сюды аўтар адносіць польска–ўкраінскую вайну за Ўсходнюю Галіцыю і Львоў, Велікапольскія 1918—1919 г. і Сілезскія 1919—1921 г. паўстанні, плебісцыт на Павіслі, у Варміі і на Мазурах, польска–чэхаславацкія спрэчкі за Цешынскую Сілезію, Спіш і Араву, польска–савецкую вайну 1919—1920 г., барацьбу з Літвой за Віленшчыну і Сувальшчыну, і адзначае, што ў выніку ваенных дзеянняў большасць тэрыторый, за якія ваявала Польская дзяржава, увайшлі ў яе склад, толькі Верхняя Сілезія атрымала права шырокай аўтаноміі.

Перад кіраўніцтвам маладой польскай дзяржавы стаяў і шэраг іншых складаных задач: умацаванне дзяржаўнага ладу, арганізацыя апарату кіравання, аднаўленне эканомікі і сістэмы адукацыі. Апісваючы першыя гады незалежнасці (з гэтага пачынаецца чарговы раздзел), аўтар адзначае факт стварэння ўрада на чале з Е. Марачэўскім, правядзенне парламенцкіх выбараў (памылкова датуе іх лютым 1919 г., у той час як яны адбыліся ў студзені) і прыняцце Малой Канстытуцыі, але не закранае сацыяльна–эканамічных пераўтварэнняў (увядзенне 8–гадзіннага працоўнага дня, сацыяльнага страхавання на час хваробы, распрацоўка аграрнай рэформы і г.д.).

Эканамічная і палітычная сітуацыя ў Польшчы ў перыяд парламенцкай дэмакратыі 1918—1926 г. была вельмі складанай. Нягледзячы на праведзеныя ўрадам У. Грабскага ў 1924—1925 г. валютную і аграрную рэформы, у краіне захоўвалася нестабільнае становішча, а ўрадавыя кабінеты, якія часта змяняліся, таксама не давалі насельніцтву ўпэўненасці ў будучыні. Менавіта ў гэтым хаваліся карані дзяржаўнага перавароту, арганізаванага Ю. Пілсудскім у траўні 1926 г.

Першыя гады рэжыму санацыі прынеслі ўнутрыпалітычную стабілізацыю і эканамічны рост, але, як правільна адзначае аўтар, гэта, хутчэй, быў вынік складвання на сусветным рынку карыснай для Польшчы кан’юнктуры і праведзеных раней рэформаў. Сусветны эканамічны крызіс моцна ўдарыў па Польшчы і быў выкарыстаны для ўзмацнення асабістай улады Ю. Пілсудскага. Спробы дэмакратычных дзеячаў супрацьстаяць аўтарытарным тэндэнцыям не далі выніку. Рэакцыяй уладаў сталі арышты і стварэнне канцэнтрацыйнага (у тэксце — ізаляцыйнага) лагера ў Бярозе–Картузскай (202). У канчатковым выглядзе рэжым санацыі быў зацверджаны ў Канстытуцыі 1935 г.

Адным з напружаных пытанняў міжваеннай Польшчы было нацыянальнае пытанне. Аўтар падрабязна спыняецца на нацыянальнай і канфесійнай палітыцы польскіх уладаў, паказвае змены ў стаўленні да няпольскага насельніцтва, прыводзіць прыклады парушэння яго правоў (211, 213, 215—216). Характарызуючы стан эканомікі няпольскіх земляў у другой палове 1930–х г., аўтар піша, што адбывалася нівеляванне „адрозненняў у эканамічным развіцці колішніх падзеленых тэрыторый“ (203—204). З гэтым складана пагадзіцца, бо Заходняя Беларусь і Заходняя Ўкраіна па–ранейшаму заставаліся аграрна–сыравінным дадаткам Польскай дзяржавы.

Вялікая ўвага ў кнізе аддаецца падзеям Другой сусветнай вайны, якая фактычна перадвызначыла лёс пасляваеннай Польшчы. Апісваюцца нямецка–польская і савецка–польская ваенныя кампаніі, тэрытарыяльны падзел Другой Рэчы Паспалітай, акупацыйная палітыка Нямеччыны і СССР, стварэнне польскага эміграцыйнага ўрада, савецка–польскія адносіны (1941—1943), польскае пытанне на міжнароднай арэне. Асобная ўвага аддаецца Руху Супраціву, у якім аўтар вылучае нацыянальна–вызваленчы лагер і польскае камуністычнае падполле. Суадносіны ў дзейнасці гэтых дзвюх сілаў былі на карысць першай, прадстаўленай Арміяй Краёвай, якой адведзена большая частка матэрыялу. Аўтар паказвае эвалюцыю польскага ўзброенага руху, розныя палітычныя плыні і іх узаемадзеянне, сувязь з урадам у эміграцыі, характарызуе тактыку і мэты барацьбы, робіць акцэнт на правядзенні аперацыі „Бура“ (у расійскай, беларускай і ўкраінскай гістарыяграфіі замацавалася польская назва — „Бужа“) і яе найбольш важнай падзеі — Варшаўскім паўстанні, не абыходзіць увагай дзейнасць польскіх узброеных сілаў на Захадзе і „працэс шаснаццаці“.

Што тычыцца камуністычнага лагера, то яго роля і дзейнасць у гады Другой сусветнай вайны раскрытыя дастаткова павярхоўна. Аўтар пачынае аповед з рашэння кіраўніцтва Камінтэрна аб аднаўленні камуністычнай партыі ў Польшчы і адразу канстатуе факт стварэння Польскай працоўнай партыі (ППР). Трэба ўдакладніць, што ППР была створана менавіта на польскай тэрыторыі з удзелам тамтэйшых камуністычных груп, якія прызналі кіраўніцтва дзеячаў, што прыбылі з СССР у канцы 1941 г. Акрамя гэтага ў кнізе згадваецца не першая, выдадзеная ў сакавіку 1943 г., а другая праграмная дэкларацыя ППР (лістапад 1943 г.), у якую, зыходзячы са стану савецка–польскіх адносінаў, былі ўнесены карэктывы. Важным момантам у развіцці камуністычнага руху стала стварэнне ў ноч з 31 снежня 1943 на 1 студзеня 1944 г. Краёвай Рады Нарадовай (КРН), але, на жаль, не адзначаецца, што яна прэтэндавала на ролю будучага парламента краіны (250—251). Гэта істотны момант, таму што ўзнікненне КРН падштурхнула кіраўніцтва Палітычнага пагаджальнага камітэта стварыць 9 студзеня 1944 г. Раду нацыянальнага адзінства, якая таксама выступіла ў якасці падпольнага парламента.

Важную ролю ў развіцці камуністычнага руху ў Польшчы выконвала польскае асяроддзе ў СССР. Аўтар згадвае Саюз польскіх патрыётаў на чале з В. Васілеўскай, стварэнне Польскай дывізіі імя Т. Касцюшкі і на яе базе 1–й Польскай арміі, Польскага камітэта нацыянальнага вызвалення (ПКНВ). Аднак, калі гаворка ідзе пра Маніфест ПКНВ, тут не ўсё дакладна. У кнізе адзначана, што ў гэтым дакуменце „змяшчалася праграма рэвалюцыйных грамадска–палітычных пераўтварэнняў“ (243), што не адпавядае рэчаіснасці, бо заяўленыя пераўтварэнні насілі агульнадэмакратычны характар і шмат у чым паўтаралі праграму даваеннай Сялянскай партыі (Стронніцтва Людовага), якую нельга абвінаваціць у радыкалізме.

Прыведзены ў кнізе матэрыял па Другой сусветнай вайне несумненна з’яўляецца цікавым і важным для знаёмства з гісторыяй Польшчы. Аднак, на наш погляд, аўтар не зусім удала яго структураваў, што прывяло да паўтораў і часам храналагічнай непаслядоўнасці ў перадачы падзей. Ніводным словам тут не згадваецца і паўстанне ў Варшаўскім гета ў 1943 г.

Пасля Другой сусветнай вайны ў Польшчы адбыліся істотныя перамены. Па–першае, да ўлады прыйшлі камуністычныя сілы, якія вызначалі палітычнае і сацыяльна–эканамічнае развіццё краіны да 1989 г. Па–другое, адбыліся тэрытарыяльныя змены. Польшча страціла тэрыторыю Заходняй Беларусі і Заходняй Украіны і атрымала заходнія тэрыторыі („вернутыя землі“), дзе пераважалі нямецкія жыхары. Змяненне межаў прывяло да ўзнікнення новай праблемы — неабходнасці перасялення насельніцтва. У выніку падпісаных у верасні 1944 г. дамоўленасцяў з тэрыторыі Польшчы мелі права выехаць беларусы, украінцы і літоўцы, адпаведна з БССР, УССР і ЛітССР — палякі. Усяго ў Польшчу з тэрыторыі СССР пераехала каля 1,5 млн. чалавек. Адначасова з гэтым вярталіся на радзіму вывезеныя на прымусовыя працы палякі, ішло высяленне нямецкага насельніцтва. У кнізе адзначаецца, што з Польшчы „выехала“ ў 1945—1947 г. каля 2,5 млн. немцаў (265). Але тут трэба было згадаць, што большасць з іх выязджала пад прымусам („армейскія“, „дзікія“ высяленні), асабліва ў 1945 г., што дазваляе некаторым гісторыкам гаварыць пра генацыд немцаў у Польшчы ў першыя пасляваенныя гады[1].

Важным пытаннем, якое выклікае найбольшыя спрэчкі даследчыкаў, з’яўляецца легітымнасць пасляваеннай улады ў Польшчы. У сувязі з гэтым у кнізе паказаны лёс польскай эміграцыі, якая не прызнала рашэнняў Ялцінскай канферэнцыі, захавала дзяржаўныя структуры, што існавалі яшчэ ў гады вайны, і „перадала ўладу“ першаму ўсенародна абранаму прэзідэнту Леху Валенсу. На польскіх землях таксама не ўсе прынялі новае кіраванне, таму тут пачалося фармаванне падпольных узброеных структур, якія дзейнічалі да сярэдзіны 50–х г. Акрамя польскага руху супраціўлення існавалі ўзброеныя атрады ўкраінскіх нацыяналістаў — Арганізацыі ўкраінскіх нацыяналістаў і Ўкраінскай паўстанцкай арміі, разгромленыя ў выніку праведзенай летам 1947 г. аперацыі „Вісла“. Тут аўтар слушна заўважае, што яна „набыла характар жорсткай расправы з насельніцтвам цэлых мясцовасцей“ (269) і паглыбіла недавер і прадузятасць паміж палякамі і ўкраінцамі.

Аналізуючы пасляваеннае палітычнае жыццё Польшчы, аўтар адзначае факт стварэння афіцыйнай апазіцыйнай партыі — Польскай сялянскай партыі (ПСЛ) на чале з С. Мікалайчыкам — і паказвае, як жорстка яе атакавала ППР са сваімі саюзнікамі. (На с. 270 пракамуністычная Сялянская партыя — Стронніцтва Людовэ — названа Народнай партыяй.) Вастрыня палітычнай барацьбы разгарнулася вакол правядзення ў чэрвені 1946 г. рэферэндума і ў студзені 1947 г. парламенцкіх выбараў, вынікі якіх былі падтасаваныя. На жаль, у кнізе згадваюцца толькі афіцыйныя дадзеныя і не прыводзяцца больш–менш рэальныя паказчыкі галасавання ў час рэферэндуму, вядомыя дзякуючы працам польскага даследчыка А. Пачкоўскага[2]. З рэальнымі вынікамі парламенцкіх выбараў складаней, таму што ў архівах не захавалася сапраўдных дадзеных, акрамя таго злоўжыванні ўладаў пад час галасавання не маглі паказаць рэальнай карціны настрояў насельніцтва. Такім чынам, афіцыйную перамогу на выбарах атрымаў Дэмакратычны блок, а фактычна ППР, кіраўніцтва якой выбрала савецкую мадэль пабудовы сацыялізму.

Характарызуючы першыя пасляваенныя гады Польшчы, хацелася б унесці важнае, на наш погляд, дапаўненне. Да апісання падзей 1956 г. у Польшчы толькі аднойчы на с. 250 ускосна згадваецца такі дзеяч, як У. Гамулка — чалавек, які з 1943 г. узначальваў ППР, быў віцэ–прэм’ерам ва ўрадзе Э. Асубка–Мараўскага і — самае галоўнае — аўтарам канцэпцыі польскага шляху да сацыялізму, за што ў 1948 г. зазнаў пераслед як прыхільнік „праванацыяналістычнага ўхілу“. Менавіта арэол ахвяры рэпрэсій дапамог яму вярнуцца да ўлады ў 1956 г.

Вяртаючыся да пасляваенных пераменаў у Польшчы, замацаваных спачатку ў Малой Канстытуцыі 1947 г., а потым у Канстытуцыі 1952 г., хацелася б не пагадзіцца з выказваннем аўтара пра вялікі ўплыў Сталіна на рэдакцыю апошняй канстытуцыі (272). Калі меркаваць па англамоўнай публікацыі тэксту[3] канстытуцыі і ўнесеных Сталіным выпраўленняў, можна прыйсці да высновы, што яны насілі, хутчэй, стылістычны характар, не мянялі сутнасці дакумента, а толькі змякчалі некаторыя палажэнні. Іншая справа, што само ўмяшальніцтва кіраўніка адной краіны ў справы іншай дзяржавы, і тым больш стварэнне асноўнага закону, — незвычайны гістарычны факт.

Разважаючы пра пасляваеннае развіццё Польшчы, аўтар правільна ўказвае, што з 1948 г. „у палітычную практыку ўвайшлі савецкія метады пабудовы сацыялізму“ (275), адмова ад якіх адбылася пад час кастрычніцкай „адлігі“ 1956 г. Спробы вярнуцца да старых метадаў кіравання ў 60–я г. сутыкнуліся з моцным супрацівам актыўнай часткі насельніцтва і прывялі да падзей 1968 і 1970 г. Рэфармаванне перыяду кіравання Герэка таксама не дало вынікаў — першапачатковы ўздым скончыўся эканамічным крызісам, ростам апазіцыйных настрояў сярод грамадства і стварэннем асяродкаў нелегальнай, а з 1980 г. легальнай апазіцыі. Вялікую ролю тут адыграла абранне Папам Рымскім паляка Караля Вайтылы і яго паломніцтвы ў Польшчу (280—282). Абвастрэнне сітуацыі ў краіне прывяло да абвяшчэння ў снежні 1981 г. ваеннага становішча, якое, як адзначаецца, „не вырашыла польскіх праблем“ (285). І тут у тэксце ўзнікае пэўны прабел адносна падзей сярэдзіны 80–х г., а менавіта спробаў, хай і няўдалых, рэфармавання эканомікі. Аўтар адразу пераходзіць да перагаворнага працэсу пачатку 1989 г., вядомага як „Круглы стол“, і пераменаў, якія адбыліся ў краіне ў другой палове 1989 г.

Са снежня 1990 г. распачаўся перыяд Трэцяй Рэчы Паспалітай. У кнізе падрабязна разглядаецца план Л. Бальцаровіча, яго рэалізацыя і вынікі ў эканамічнай і сацыяльнай сферах. Характарызуючы змены ва ўнутранай палітыцы, аўтар адзначае, што ў 1989 г. „палякі пачалі авалодваць дэмакратычнымі механізмамі, якія былі цалкам выведзены з грамадскага жыцця на працягу апошніх 50 гадоў“ (294). Складана пагадзіцца з такім выказваннем, бо, як прыведзена ў гэтым жа даследаванні, перыяд парламенцкай дэмакратыі ў Польшчы датуецца толькі 1918—1926 г., а гаварыць пра дэмакратыю санацыйнага рэжыму няма сэнсу, бо гэта быў рэжым „аўтарытарнага праўлення Ю. Пілсудскага“ (202).

Перамены, якія адбыліся ў Польшчы пасля 1989 г., закранулі і знешнюю палітыку краіны. У кнізе адзначана, што Польшча ўвайшла ў склад Савета Еўропы, Арганізацыі па эканамічным супрацоўніцтве і развіцці, Заходнееўрапейскага саюза і НАТО, а галоўнае — з 2004 г. з’яўляецца паўнапраўным членам ЕС. Акрамя гэтага актыўна ўдзельнічае ў рэгіянальных групоўках — Вышэградскай групе, Цэнтральнаеўрапейскай ініцыятыве і Савеце краін рэгіёну Балтыйскага мора.

Асобна варта сказаць пра невялікія „ліхтарыкі“, прысвечаныя развіццю культуры на польскіх землях. Яны дапамагаюць зразумець асаблівасці культурнага развіцця ў Х — XVII ст., у эпоху рамантызму, а потым пазітывізму, культурнага працэсу ХХ ст. Узгадваючы развіццё навукі, асветы і культуры ў міжваенны перыяд, аўтар называе вядомага польскага пісьменніка У. Рэймонта, лаўрэата Нобелеўскай узнагароды за раман „Сяляне“ (217). Трэба было б удакладніць, што для чытачоў былой постсавецкай прасторы гэты твор больш знаёмы як „Мужыкі“.

У цэлым высока ацэньваючы прапанаваную беларускаму чытачу гісторыю Польшчы, нельга не звярнуць увагі на некаторыя хібы і недакладнасці тэксту. Найперш неабходна выправіць факталагічныя памылкі. Напрыклад, Міндоўг атрымаў ад Папы Рымскага каралеўскую карону ў 1253 г., а не ў 1252 г. (29); Літоўска–Беларуская Савецкая Сацыялістычная рэспубліка (ЛітБел) была створана ў лютым 1919 г., а не ў студзені 1920 г. (191); бітва пад Варшавай адбылася 13—15 жніўня 1920 г., а не 13—25 жніўня 1920 г. (194); дамовы аб абмене насельніцтвам былі падпісаныя Польшчай з БССР і УССР 9 верасня 1944 г., а з ЛітССР — 22 верасня 1944 г. (у кнізе на с. 263 усе тры дамовы датуюцца 14 верасня 1944 г.); прафсаюз „Салідарнасць“ быў афіцыйна зарэгістраваны 10 лістапада, а не 10 снежня 1980 г. (283); на карце „Еўрапейскі Саюз і краіны — кандыдаты ў члены ЕС“ на с. 298—299 сярод кандыдатаў на ўваходжанне ў ЕС не пазначана Македонія. На с. 204 знакаміты Фронт Морж (Morges) перакладзены як Фронт Моргэс. Неабходна таксама ўдакладніць абрэвіятуру, якая ў большасці выпадкаў даецца па–польску, але сустракаюцца і скарачэнні з беларускай мовы (напрыклад на с. 227, 236). Падпольныя  псеўданімы польскіх дзеячаў перакладзены на беларускую мову, тым часам у савецкай і постсавецкай гістарыяграфіі замацаваўся польскі варыянт. Так, псеўданім С. Жымерскага „Роля“ перакладзены як „Ралля“, псеўданім Т. Камароўскага „Бур“ — як „Бор“ (253), А. Крыжаноўскага „Вілк“ — як  „Воўк“ (269).

Мінск

Любоў Козік


[1] Гл. падрабязней: Niemcy w Polsce. 1945—1950. Wybór dokumentów. T. 1—4. Warszawa, 2001—2003.
[2] Гл.: Referendum z 30 czerwca 1946 r. Przebieg i wyniki. Dokumenty do dziejów PRL / Opracował A. Paczkowski. Warszawa, 1993.
[3] Гл.: Cold War International History Project Bulletin. 1998. Vol.11. P. 149—154.

Наверх

Робинсон, Михаил А. Судьбы академической элиты: отечественное славяноведение (1917— начало 1930-х г.) (Сяргей Запрудскі)

Снежня 10, 2005 |


РОБИНСОН, МИХАИЛ А. Судьбы академической элиты: отечественное славяноведение (1917 — начало 1930–х годов). Москва: Индрик, 2004. 432 с.

Кніга М.Рабінсона з’яўляецца даволі нетыповай з таго пункту гледжання, што яна заснавана пераважна на дадзеных карэспандэнцыі паміж навукоўцамі, якая захавалася ў розных архівах.

Манаграфія складаецца з прадмовы, 8 раздзелаў, заключэння і двух дадаткаў.

Першы раздзел („Палітыка, навука, ідэалогія“) уяўляе сабой своесаблівы ўвод да праблематыкі ўсёй кнігі. У ім гаворка ідзе пра настроі расійскіх навукоўцаў у міжчасе паміж лютаўскай і кастрычніцкай рэвалюцыямі, пра іх стаўленне да гвалтоўных дзеянняў савецкай улады ў 1917—1918 г., пра арышты, пра зрухі ў інстытуцыянальным развіцці савецкай славістыкі, ідэалагічна–палітычную цэнзуру ў дачыненні да навуковых прац. Структура гэтага раздзела (а таксама другога) акрамя храналагічнага падыходу ўкладзена ў значнай ступені пры дапамозе своеасасаблівага „кантэнт–аналізу“ корпусу даследаванай аўтарам карэспандэнцыі: з лістоў былі вылучаны тыя фрагменты, якія датычыліся тэмаў „гвалт“, „арышты“, „цэнзура“ і г.д., яны і сталі асновай для напісання канкрэтных падраздзелаў. Пры гэтым аўтар называе падраздзелы з выкарыстаннем цытат з аналізаваных лістоў („Мы задыхаемся ад гвалту“ — цытата з ліста П.Лаўрова М.Нікольскаму; „Арышты: «З глыбіняў кіргізскіх стэпаў заклікаю Вас»“ — цытата з ліста К.Харламповіча А.Сабалеўскаму; „Назіраецца цяпер маленькае ажыўленне ў галіне славянскіх даследаванняў“ — выпіска з ліста Г.Ільінскага М.Папружэнку; „Ідэолага–палітычная цэнзура: «перабудоўвацца па–новаму… неяк унутрана агідна»“ — выпіска з ліста С.Жэбелева У.Бузескулу). У раздзеле пададзены шырокі (зрэшты, амаль заўсёды негатыўны) спектр поглядаў расійскіх навукоўцаў–гуманітарыяў на новую ўладу, прыведзены дадзеныя адносна арыштаў славістаў (пры гэтым спецыяльна апісана дбанне старшыні II аддзялення Акадэміі навук А.Шахматава і іншых у справе хадайніцтваў адносна вызвалення арыштаваных), апісаны намаганні савецкай улады фармаваць кадравы склад гуманітарнай навукі на аснове адданасці новаму ладу і вызнаванай ім ідэалогіі. З лістоў вынікае, што на аснове стаўлення да новай улады ў асяроддзі навукоўцаў выразна акрэсліўся падзел паміж апанентамі (пераважна, схаванымі) тагачаснаму рэжыму і яго апалагетамі. Першыя ў сваёй карэспандэнцыі нярэдка давалі вельмі едкія, часам проста знішчальныя характарыстыкі апошнім. Напрыклад, у адным са сваіх лістоў М.Дурнаво паведамляў, што ў Маскоўскім універсітэце на кафедры рускай літаратуры звольнены ўсе прафесары з навуковай ступенню „акрамя напаўбальшавіка Сакуліна“ (46). На аснове ведання ідэалагічнай біяграфіі В.Караблёва (апошні быў сакратаром „ультраманархічнага“ Славянскага дабрачыннага таварыства, намеснікам галоўнага рэдактара „Правительственного вестника“ і інш.) Г.Ільінскі ў 1932 г. выказваў недавер да любых магчымых поспехаў гэтага чалавека ў славістыцы ў савецкі час: „з такім мінулым і з такой псіхалогіяй можна толькі гвалтаваць навуку, а зусім не рухаць яе наперад!!“ (47). У.Ператц у адным са сваіх лістоў характарызаваў стаўленне да аднаго з калег наступных чынам: „…у тых колах, дзе мы бываем — ён нябачны, як і ўвогуле ўся «левая» прафесура“ (47).

Найбольш месца ў кнізе займае другі раздзел „Навукоўцы ва ўмовах выжывання“, у якім падрабязна апісаны побытавыя ўмовы існавання навукоўцаў. Сярод тэмаў гэтага раздзела — „пасылкі“ (падраздзел „Можна пасылаць: сухары, локшыну. Сала, крупы і мукі — нельга“), „хваробы і смерці“ (падраздзел „Мы, старыя, спяшаемся сысці з гэтай горкай юдолі нэндзы і гора“), „паляпшэнне побытавай сітуацыі“ (падраздзел „У сціплых абставінах наладзіўся нейкі дабрабыт“), „новае пагаршэнне побытавай сітуацыі“ (падраздзел „Вяртанне да ранейшага. Нішто не новае пад месяцам“). У гэтым раздзеле аўтара цікавіць як агульная сітуацыя ўсталявання побыту (аўтар сведчыць, што з 1925 г. тэма матэрыяльных цяжкасцяў паступова фізічна скарацілася ў перапісцы, але з канца 1920–х зноў вярнулася), так і яе шматлікія праяўленні–дэталі (забеспячэнне апалам, ацяпленне і асвятленне жылля; харчаванне, цэны на прадукты і тавары першай неабходнасці; пайкі; пакупніцкая здольнасць грошай, інфляцыя; атрыманне замежнай дапамогі; транспарт; паштовыя зносіны; магчымасць, а таксама выгоды і невыгоды працаўладкавання ў навуковых цэнтрах і правінцыйных універсітэтах; аклады і магчымасць дадатковых заробкаў; праблема спалучэння навуковай дзейнасці з выкладчыцкай; купля царкоўных свечак для адпраўлення рэлігійных абрадаў; дапамога адно аднаму ў межах сваёй карпарацыі; падзенне нораваў у грамадстве; сямейныя абставіны і г.д. і да т.п.). Упершыню ў літаратуры падрабязна ўзнаўляецца побытавая частка (дагэтуль малавядомая з літаратуры, прысвечанай гісторыі навукі) жыцця савецкіх навукоўцаў–гуманітарыяў 1920–х г. З раздзела вынікае, што ў працэсе ўсталявання савецкай улады навукоўцы („научное сословие“, як іх нярэдка любоўна называе аўтар) спачатку страцілі ўсе свае прывілеі, звязаныя з прыналежнасцю да пэўнага сацыяльнага класа, і з рознай ступенню інтэнсіўнасці за іх змагаліся. Зрэшты, часта гаворка ішла не пра аднаўленне „прывілеяў“, але пра элементарную барацьбу за фізічнае выжыванне. Да рэвалюцыі не толькі акадэмікі, але і прадстаўнікі менш паспяховага слоя расійскіх навукоўцаў і выкладчыкаў не займаліся асабіста нарыхтоўкай дроў, купляй прадуктаў, не хадзілі пешшу на працу — у новы час усё гэта і многае іншае ім давялося рабіць. У кастрычніку 1918 г. акадэмік А.Шахматаў паведамляў С.Альдэнбургу, што яму даводзіцца актыўна займацца хатняй гаспадаркай, назапашваць для сям’і да зімы хлеб і дровы, пры гэтым „дроў зусім у горад [Аткарск] не прывозяць, трэба схітрацца купіць іх у вёсках, а ў крайнім выпадку назапасіць кізякоў“ (67). Член (фактычна кіраўнік) Камісіі па выданні славянскай Бібліі І.Яўсееў урэшце заняўся земляробствам і толькі на кароткі час урыўкамі прыязджаў у Петраград (68). У адным з лістоў 1919 г. М.Карынскі паведамляў А.Сабалеўскаму, што ўсімі гаспадарчымі клопатамі (нарыхтоўка дроў, ацяпленне, падрыхтоўка ежы) даводзіцца займацца яму самому (70). Голад і холад, звычайныя з’явы ў першыя паслярэвалюцыйныя гады, былі спадарожнікамі жыцця навукоўцаў. У кнізе згадваецца выпадак, які адбыўся ў 1922 г. з Б.Ляпуновым у Адэсе. Пайшоўшы набраць вады, ён спрабаваў гэта зрабіць у нейкім чужым двары, і пад час спрэчкі з дворнікам быў збіты так, што атрымаў пералом нагі (114).

Побытавае бязладдзе і агульная няпэўнасць адмоўна адбіваліся на стане навуковых даследаванняў. Вясной 1918 г. Харламповіч скардзіўся А.Сабалеўскаму: „Навука не ідзе ў галаву, ды й працаваць не хочацца, калі не ўпэўнены не толькі ў тым, што ўдасца надрукаваць напісанае, але і ў захаванні жыцця самога аўтара“ (69). Можна толькі ўявіць, якая колькасць навуковых прац не была напісана з–за неспрыяльных умоў жыцця навукоўцаў…

У трэцім раздзеле „«Новая рэлігія» замест навукі: праціўнікі і прыхільнікі“ асвятляецца працэс пранікнення ў лінгвістычную практыку марызму і адносіны да гэтага палітычна–метадалагічнага напрамку навукоўцаў. Станаўленне „новага вучэння аб мове“ М.Мара цяпер добра апісана ў літаратуры (адной з галоўных крыніц для навукоўцаў нашага рэгіёну можа лічыцца кніга У.Алпатава 1991 г. „История одного мифа“), але трэці раздзел кнігі М.Рабінсона дадае новыя штрыхі да разумення таго, як ставіліся лінгвісты да ўзрослай на іх вачах „марксісцкай“ лінгвістыкі і да яе навязвання ўладай у якасці „пэўнага тыпу лінгвістычнага праваслаўя“ (Г.Ільінскі). М.Трубяцкой, напрыклад, лічыў, што адзін з артыкулаў Мара мог належным чынам рэцэнзаваць „не столькі мовазнавец, колькі псіхіятр“, а той жа Г.Ільінскі характарызаваў „яфетычную тэорыю“ М.Мара як „своеасаблівую сумесь неадукаванасці, святой наіўнасці і самай дзікай фантазіі“. У гэтым кантэксце дарэчы будзе згадаць, што ў беларускай лінгвістыцы (якая зазнала адносна позняе насаджэнне марызму) з нагоды публікацыі нейкіх лінгвістычных артыкулаў у другім томе вялікай савецкай энцыклапедыі Л.Цвяткоў яшчэ ў 1927 г. зазначаў, што пакладацца на М.Мара „можна толькі ў тых пытаннях, якія не маюць адносін да яго тэорыі яфетызму“ (Асвета. 1927. № 1. С. 135).

Чацвёрты раздзел кнігі „Навукоўцы–эмігранты і расійская славістычная эліта“ прысвечаны кантактам паміж навукоўцамі, якія пакінулі Савецкі Саюз, і тымі (пераважнай большасцю), якія засталіся. Зместам раздзела з’яўляюцца намаганні эмігрантаў у аднаўленні асабістых сувязяў; садзеянне ў папаўненні савецкіх бібліятэк новай замежнай літаратурай, а замежных — савецкай; абранне некаторых эмігрантаў членамі Акадэміі; магчымасць выехаць за мяжу і вярнуцца ў СССР з–за мяжы; умовы жыцця і працы эмігрантаў за мяжой; матэрыяльная дапамога эмігрантаў савецкім навукоўцам; пашырэнне інфармацыі аб невяртанцах у сваім асяродку; удзел савецкіх навукоўцаў у замежных славістычных выданнях; святкаванне ў 1925 г. 200–годдзя Акадэміі навук і інш. Сярод іншага ўвагу беларускага чытача ў гэтым раздзеле могуць прыцягнуць старонкі, прысвечаныя перапісцы паміж М.Фасмерам і Я.Карскім, эпізод, звязаны з водгукамі на паездку Я.Карскага ў 1924 г. у Прагу на з’езд славянскіх географаў і этнографаў, а таксама меркаванне Г.Ільінскага пра Мінск як месца працы. На думку Г.Ільінскага, навуковы асяродак у Мінску ў 1928 г. уяўляў сабой „асінае гняздо беларускіх шавіністаў. Чалавек з самастойным характарам [гаворка ішла пра М.Дурнаво. — С.З.] наўрад ці там ужывецца, — адтуль бягуць усе, хто толькі можа“. М.Рабінсон пакінуў гэты пасаж без каментару — і тут (і ў шматлікіх іншых выпадках) паўстае пытанне адносна карэктнасці такога спосабу працы з матэрыялам. Выглядае на тое, што аўтар у дадзеным выпадку некрытычна прымае суб’ектыўнасць канкрэтнага навукоўца, паколькі, згодна з агульным падыходам М.Рабінсона, гэтая суб’ектыўнасць дазваляе нам „паўней і аб’ектыўней“ (14) сфармаваць свае ўяўленні пра аўтара выказвання.

Але ці выказванні розных (часта вельмі аўтарытэтных) навукоўцаў служаць толькі падставай фармавання нашай думкі пра іх, але не ўплываюць на нашы меркаванні адносна ацэньваных імі падзей, сітуацый, людзей? Ці ёсць гарантыя, што сучасны расійскі і беларускі чытач зробіць з падобных эмацыянальных пасажаў адэкватныя ці прыблізна падобныя высновы? Хутчэй, не. На нашу думку, зусім верагодна, што сучасны расійскі чытач можа прыняць словы аўтарытэтнага расійскага лінгвіста за „чыстае золата навукі“, балазе падобнага тыпу выказванні ў кнізе падмацоўваюцца і іншымі выпадкамі. Затое беларускі чытач на аснове прадстаўлення ў кнізе нешматлікіх „беларускіх сюжэтаў“ можа зрабіць іншыя высновы.

Ніхто з расійскіх навукоўцаў (з іх ліку вылучаем, натуральна, Карскага) не разглядаў свой магчымы прыезд на працу ў Мінск як пэўную культурніцкую місію ў дачыненні да беларускага народа. Іх цікавілі адзіна асабістыя ўмовы працы, пайкі, побытавае ўладкаванне, захаванасць расійскага асяроддзя, дачыненні з мясцовымі („нацыяналістычнымі“ і, вядома ж, кепска падрыхтаванымі) навукоўцамі. Беларускі чытач у дадзеным кантэксце можа ўспомніць той факт, што з 49 прафесараў, якія прыехалі (найперш з Расіі) на працу ў БДУ ў 1921 г., 32 не змаглі вытрымаць цяжкіх умоў працы і жыцця ў разбураным Мінску і пакінулі універсітэт[1]. У шэрагу выпадкаў можна канстатаваць выразную непрыхільнасць расійскіх навукоўцаў 1920–х г. да поспехаў у развіцці беларускай нацыянальнай навукі. Так, напрыклад, А.Сабалеўскі выказваў задавальненне (зларадства?) з нагоды таго, што патрыярх беларусістыкі Я.Карскі ў 1926 г. не паехаў на Акадэмічную канферэнцыю ў Мінск, куды быў запрошаны[2]. Занадта сур’ёзнае стаўленне да выказвання Г.Ільінскага прымусіла б беларускага чытача задумацца над пытаннямі тыпу „ці мелі магчымасць М.Шчакаціхін, І.Замоцін, А.Вазнясенскі, П.Бузук і іншыя «ўцячы» з Мінска?“ і калі мелі, то „чаму яны яе не выкарысталі?“. Здаецца, гэта поўнае глупства (народжанае, аднак, апублікаваным, але пакінутым без каментару глупствам жа)… Несумненна, асабістая перапіска — даволі далікатны матэрыял, і разгледжаны выпадак паказвае, што публікацыя любых суб’ектыўных меркаванняў навукоўцаў без належнага каментавання можа даваць не толькі станоўчыя вынікі.

У пятым раздзеле кнігі ў кантэксце гаворкі пра асабістыя адносіны настаўніка з вучнямі і, больш шырока, пра падтрыманне акадэмічных традыцый у цэлым разглядаюцца міжасабовыя дачыненні ў рамках навуковай школы акадэміка У.Ператца. Падрабязна апісваюцца старанні У.Ператца падтрымліваць сваіх вучняў, не толькі садзейнічаць перадачы ім навуковых ведаў, але і дапамагаць матэрыяльна (праз бясплатнае атрыманне кніг, прызначэнне стыпендый), а таксама спрыяць прасоўванню іх навуковай кар’еры. Несумненна, важнай характарыстыкай падтрымання акадэмічных традыцый ва ўсе часы былі асаблівыя адносіны паміж кіраўнікамі і іх вучнямі. Але… Сярод іншага ў раздзеле падрабязна паведамляецца пра мітрэнгі акадэміка У.Ператца з нагоды складанасцяў з надрукаваннем ягонай (хвалебнай) рэцэнзіі на дысертацыю ягонай вучаніцы (пазней жонкі) В.Адрыянавай, яго клопат знайсці ёй (ужо жонцы) вартую працу ў Пецярбурскім універсітэце, дбанне, каб у яе быў добры заробак, спробы У.Ператца ў 1927 г. вылучыць сваю жонку ў члены–карэспандэнты АН СССР. У цэлым М.Рабінсону ўласцівы ўзнёсла–рамантычны тон у дачыненні да большасці сваіх герояў, гэткім ён застаецца і ў рамках дадзенага раздзела. Напрыклад, эпізод з неабраннем В.Адрыянавай–Ператц у члены–карэспандэнты АН СССР (галасаваць сярод іншых меўся і ініцыятар вылучэння, яе муж) аўтар трактуе спачувальна. Адпаведны фрагмент у кнізе заканчваецца спасылкай на тое, што час паказаў адсутнасць рацыі ў калег У.Ператца, якія ў дадзеным выпадку вышэй за інтарэсы навукі паставілі нібыта „сваё жаданне дапячы навукоўцу [У.Ператцу. — С.З.] за яго грамадскую актыўнасць і прынцыповасць у пытанні папаўнення шэрагаў акадэміі ў вельмі цяжкі для яе час. У многім менавіта дзякуючы наступнай дзейнасці члена–карэспандэнта АН СССР Адрыянавай–Ператц [жаданае званне было ёю атрымана ў 1943 г. — С.З.] удалося захаваць і прадоўжыць вывучэнне старажытнарускай літаратуры“ (270). На жаль, падрабязнае апісанне „некананічнага“ боку навуковага жыцця ўвогуле і эпізодаў, звязаных з дачыненнямі У.Ператца і В.Адрыянавай(–Ператц), у прыватнасці, насуперак намерам М.Рабінсона можа сфармаваць у чытача проста процілеглае ўяўленне пра апісаных герояў і сітуацыі, тым больш, што пазіцыі апанентаў у кнізе таксама прадстаўлены. (Так, В.Істрын ацэньваў рэцэнзію Ператца на дысертацыю ягонай вучаніцы, супраць публікацыі якой ён пярэчыў, як „палкае праяўленне гарачага кахання“, а іншыя ўцягнутыя асобы — „рэцэнзіяй, заснаванай на каханні“ („любовной рецензией“). Прадстаўнікі III аддзялення спробу II аддзялення, членам якога быў У.Ператц, абраць В.Адрыянаву–Ператц членам–карэспандэнтам называлі „кумаўством“.) Пра непрынцыповасць паводзінаў пры абранні членаў–карэспандэнтаў і акадэмікаў абазнаная публіка, на жаль, занадта добра ведае — і матэрыялы рэцэнзаванай кнігі даюць нямала пацверджанняў гэтай сумнай тэндэнцыі. У ёй, напрыклад, прыводзяцца ўласныя сведчанні А.Шахматава пра ягонае галасаванне „за“ ў справе выбараў акадэмікам Фларынскага, чалавека, чые навуковыя заслугі ён лічыў „вельмі невялікімі“ (245—246). Шахматаў, вядома, знаходзіў сабе апраўданне… У выпадку з сітуацыяй вакол У.Ператца і В.Адрыянавай–Ператц, на нашу думку, даволі няплённай выявілася тэндэнцыя М.Рабінсона падтрымліваць нейкую канкрэтную партыю, маляваць, з аднаго боку, вобразы „чыстых жрацоў навукі“, а з другога — іх „злых духаў“. Трэба яшчэ раз прызнаць, што ў шэрагу выпадкаў выкарыстаны аўтарам кнігі матэрыял асабістай перапіскі з’яўляецца „выбуханебяспечным“, і аўтар гэтых радкоў не можа адназначна сцвердзіць, што публікацыя падобнага матэрыялу ва ўсіх выпадках была карыснай…

У нейкім сэнсе падобна да папярэдняга раздзела шосты раздзел уяўляе сабой своеасаблівае case study. У ім асэнсоўваецца светапогляд гісторыка навукі К.Грота, які выявіўся ў ягонай запісцы 1930 г. „Мой погляд на эпоху, у якую я жыву“, а таксама змены ацэнак спадчыны настаўніка К. Грота — гісторыка У.Ламанскага, якія адбыліся ў савецкай навуцы цягам 1933—1944 г. Аўтар паказаў, бадай, усё ж не такі і нехарактэрны выпадак прыняцця савецкага ладу адным з прадстаўнікоў старой акадэмічнай школы (К.Грот нарадзіўся ў 1853 г.) на падставе пераемнасці новага рэжыму з — у значнай меры „антызаходнім“ — расійскім славяназнаўствам дарэвалюцыйнай пары. У адрозненне ад трактовак дзесяцігадовай даўнасці, у 1944 г., калі славяназнаўства ў Савецкім Саюзе аказалася запатрабаваным, катэгарычна змяніўся погляд у савецкай навуцы на значэнне ў гісторыі У.Ламанскага: з колішняга служкі самадзяржаўнага рэжыму ён быў перафарбаваны ў „найбуйнейшага прадстаўніка рускай дэмакратычнай грамадскасці“. У дадатках да кнігі надрукаваны два важныя дакументы, якія былі выкарыстаны пры напісанні шостага раздзела: запіска К.Грота і даклад В.Караблёва 1933 г. „Славяназнаўства на службе самадзяржаўя (З дзейнасці акадэміка У.І.Ламанскага)“.

У сёмым раздзеле апісана стаўленне членаў II аддзялення рускай мовы і літаратуры (ОРЯС) да маючага адбыцца яго рэфармавання, інакш зліцця з III гісторыка–філалагічным аддзяленнем. (У III аддзяленні пераважалі спецыялісты–ўсходнікі; рэфармаванне, звязанае з прыняццем першага савецкага статута Акадэміі навук, адбылося ў сярэдзіне 1927 г.) Верагоднасць падобнага зліцця надзвычай негатыўна ацэньвалася акадэмікамі–гуманітарыямі; М.Рабінсон кваліфікуе ліквідацыю самастойнасці ОРЯС як „першы крок на шляху саветызацыі Акадэміі навук“ (341) і разглядае перадгісторыю гэтага рэфармавання на фоне ўнутрыакадэмічнай барацьбы і міжчалавечых сутыкненняў у самым аддзяленні.

Восьмы раздзел прысвечаны апісанню падзей канца 1920–х г., якія былі накіраваны на ўключэнне Акадэміі навук у практыку сацыялістычнга будаўніцтва — важным складнікам гэтага працэсу было прадукаванне „новых“ акадэмікаў, абраных не ў адпаведнасці з іх навуковымі заслугамі, а згодна з іх месцам у ерархіі новай улады.

У заключэнні аўтар сярод іншага звяртае ўвагу на выхаваўча–педагагічны бок сваёй працы: імкненне славістаў 20–х у любых умовах кіравацца „высокімі акадэмічнымі традыцыямі“ складае „павучальны прыклад маральнага служэння навуцы“ (385).

Манаграфія М.Рабінсона ўводзіць у навуковы ўжытак багаты арыгінальны матэрыял, датычны сферы палітычных і іншых поглядаў многіх прадстаўнікоў гуманітарнай навукі 1920–х г. У кнізе на канкрэтных прыкладах паказана пранікненне ў навуку радыкальных палітыка–метадалагічных плыняў і апазіцыя гэтаму працэсу з боку славяназнаўцаў. Падрабязнае асвятленне „адваротнага“ (побытавага, міжчалавечага) боку навуковага жыцця дазваляе больш рэльефна ўявіць умовы, у якіх працавалі славісты першых паслярэвалюцыйных дзесяцігоддзяў. Разам з тым недастаткова крытычнае ў шэрагу выпадкаў выкарыстанне матэрыялу асабістай перапіскі ў сукупнасці з выхаваўча–педагагічным yхілам працы ставяць важныя (і не заўсёды вырашаныя станоўча) пытанні адносна спосабу ўвядзення ў навуковы ўжытак такога матэрыялу.

Мінск

Сяргей Запрудскі


[1] Гл.: А.Яноўскі. „Я аддаваў усе свае сілы будаўніцтву Беларускага Дзяржаўнага Універсітэта“ // Беларускі гістарычны часопіс. 2003. № 6. С. 8.
[2] Гл.: На путях становления украинской и белорусской наций: факторы, механизмы, соотнесения / Отв. ред. Л.Е. Горизонтов. Москва, 2004. С. 246.

Наверх

Frank Grelka. Die ukrainische Nationalbewegung unter deutscher Besatzungsherrschaft 1918 und 1941/42 (Лявон Баршчэўскі)

Снежня 9, 2005 |

GRELKA, FRANK. Die ukrainische Nationalbewegung unter deutscher Besatzungsherrschaft 1918 und 1941/42. Harassowitz Verlag, Wiesbaden, 2005. 507 S.

Праца Франка Грэлькі выконвалася ў Даследчым цэнтры Сярэдняй і Ўсходняй Еўропы пры Дортмундскім універсітэце. Яна ўключае ў сябе, акрамя неабходных уводзінаў, наступныя раздзелы: „Украінскі нацыянальны рух да прыходу немцаў“, „Украінскі нацыяналізм і нацыянал–сацыялізм“, „Украінскае пытанне напярэдадні Другой сусветнай вайны“, „Акупацыя і незалежніцкія памкненні ў 1918 г.“, „Акупацыя і незалежніцкія памкненні ў 1941 г.“, „Нацыянальны рух і забеспячэнне «жыццёвае прасторы» ў 1918 г.“, „Нацыянальны рух і забеспячэнне «жыццёвае прасторы» ў 1941 г.“, а таксама „Падагульненне“. Спіс выкарыстаных крыніц уключае пад тысячу назваў.

У падмурку канцэпцыі Франка Грэлькі ляжыць, як ужо можна здагадацца з пераліку назваў раздзелаў кнігі, метад параўнання і супастаўлення. У цэлым ён зазначае пераемнасць дзеянняў нямецкіх уладаў у 1918 і 1941 г., прынамсі, што датычыць эканамічных мэтаў акупацыі і палітычных мэтаў абмежаванага спрыяння частцы нацыянальнага руху на Ўкраіне.

У раздзеле, прысвечаным украінскаму нацыянальнаму руху да першай нямецкай акупацыі, даследчык разглядае „ўкраінскае пытанне“ ў кантэксце нацыянальнай палітыкі Расійскай імперыі, спыняецца на характарыстыцы ўкраінскай „нацыянальнай рэвалюцыі“ (дзейнасць Цэнтральнае Рады паміж лютым і кастрычнікам 1917 г.), асвятляе тэму абмеркавання мэтаў вайны на Ўкраіне ў кайзераўскай Нямеччыне, апісвае перыяд ад заключэння т.зв. хлебнага міру да ўваходу нямецкіх войскаў, аналізуе дамінаванне ваеннага чынніка ў развязанні нямецкім бокам „украінскага пытання“ ў 1917—18 г., адсоўванне на перыферыю рэвалюцыйных ідэалаў, што ў значнай меры прапаведваліся дзеячамі ўкраінскага нацыянальнага руху.

У наступным раздзеле Франк Грэлька разглядае гэткія пытанні, як: нацысцкая партыя і традыцыя нямецкай палітыкі ў дачыненні да Ўкраіны, правы паварот ва ўкраінскім нацыянальным руху і яго раскол, гегеманісцкія і незалежніцкія памкненні бакоў у перыяд з 1918 да 1941 г. Далей ён разглядае феномен „Карпацкае Ўкраіны“, падзеі верасня 1939 г. на Ўкраіне, дзейнасць украінскай Галоўнай камісіі ў „Генерал–губернатарстве акупаваных польскіх тэрыторыяў“.

Чарговы раздзел манаграфіі прысвечаны вяртанню ў 1918 год: разгляду антыбальшавіцкіх баявых дзеянняў, пачатку нямецкай акупацыі і стварэнню вобраза „габрэйскага бальшавізму“ як з нямецкага, гэтак і з украінскага боку. У сваю чаргу, у наступным раздзеле, ужо прысвечаным падзеям 1941 г., разглядаецца „нацыянальна–ўкраінскі план для нямецка–савецкае вайны“, паказваецца працэс эвалюцыі ад саюзу па зброі ўкраінскіх нацыяналістаў з вермахтам да абвяшчэння аднаўлення ўкраінскай дзяржаўнасці 30 чэрвеня 1941 г. Тут жа Франк Грэлька робіць выснову пра „Піраву перамогу“ ўкраінскага нацыянальнага руху ўлетку 1941 г., а таксама разважае пра „паслядоўны антысемітызм і этнічны нацыяналізм“.

Зноў вяртаючыся да падзеяў 1918 г., гісторык аналізуе працэс пераходу ад стану пратэктарату да ўсталявання нямецкага акупацыйнага рэжыму, фактычнай ліквідацыі Цэнтральнай рады, усталявання ваеннай дыктатуры ў гетманскай рэспубліцы, а з іншага боку, супраціву гетманскай і нямецкай уладзе.

У заключным асноўным раздзеле даследавання аўтар разглядае супярэчнасць ваенных мэтаў вермахта і антысавецкіх украінскіх структур у 1941 г., выяўляе незалежніцкія памкненні ўкраінцаў у ваенным камандаванні і цывільнай адміністрацыі, паказвае спосаб уліку нацыянальных чыннікаў і эканамічнага ціску ў розных рэгіёнах Украіны. Галоўную сваю выснову па выніках выкананага даследавання Ф.Грэлька фармулюе наступным чынам:

„Абедзве спробы дасягнення геапалітычных мэтаў праз вайну скончыліся для немцаў крахам Германскае імперыі як еўрапейскай звышдзяржавы і знішчэннем ваеннага патэнцыялу ажыццяўлення ўлады. Ангажаванне нямецкай вайсковай сілы на Ўкраіне пад час абедзвюх сусветных войнаў утварала заплечча для няўдалых нацыянальна–дзяржаўных памкненняў і падпадання волі ўкраінцаў пад савецкае дамінаванне. Таму тое, што вынікае з аналізу ўкраінска–нямецкіх дачыненняў, можа, бясспрэчна, зрабіцца прадметам будучай дыскусіі датычна параўнальных даследаванняў нямецка–прыбалтыйскіх, нямецка–беларускіх і нямецка–польскіх стасункаў. Калі ж браць пад увагу пастаноўку мэтаў тымі, хто падтрымлівае канкрэтна гэтае даследаванне, дык ключом для разумення паразы як украінскага нацыяналізму, так і нямецкай акупацыйнай палітыкі ў перыяд з 1915 да 1945 г. ёсць узаемная залежнасць гэтых з’яваў“.

Мінск

Лявон Баршчэўскі

„Беларусь у ХХ стагоддзі“ (Ганна Запартыка)

Снежня 1, 2004 |

4—5 лістапада 2004 г. у старажытным польскім горадзе Торунь адбылася Міжнародная навуковая канферэнцыя „Беларусь у ХХ стагоддзі. У звязку культуры і палітыкі“ (Białoruś w XX stuleciu. W kręgu kultury i polityki). Яна ла­дзілася кафедрай міжнародных зносін факультэта гістарычных навук Універсітэта Мікалая Каперніка. Ініцыятарамі і ста­раннымі арганізатарамі канферэнцыі сталі выкладчыкі уні­версітэта доктар Дарота Міхалюк, прафесар Станіслаў Александровіч і прафесар Збігнеў Карпусь. У прывітальным слове ўдзельнікам канферэнцыі прарэктар універсітэта прафесар Анджэй Радзіміньскі адзначыў важнасць узнятай тэмы для навукоўцаў не толькі Беларусі і Польшчы, але і многіх іншых краін Еўропы. Гэтую думку падтрымаў прафесар Збігнеў Карпусь, які ачольваў працу самай першай часткі канферэнцыі. Ранішняе паседжанне было абмежавана двума да­кладамі, але менавіта яны сталі загалоўнымі і вызначылі танальнасць усёй канферэнцыі. Першым прагучаў даклад доктара гістарычных навук Алеся Смаленчука „Ліцвінства, заходнерусізм і беларуская ідэя ХIХ — пачатку ХХ ст.“. Кандыдат гістарычных навук Андрэй Кіштымаў сваю тэму пры­свяціў таксама стасункам рубяжа двух стагоддзяў „Битва двух капиталов? Роль российского и польского капиталов в развитии экономики Беларуси XIX — начала XX века“. На працягу першага дня канферэнцыі адбыліся яшчэ тры паседжанні, якімі кіравалі, змяняючы адзін аднаго, прафесар Войцэх Матэрскі, прафесар Яўген Мірановіч i доктар Юры Туронак. Большая частка дакладаў гэтага дня была прысвечана гісторыі міжваеннай Беларусі. Даследаванні Станіслава Рудовіча „Беларусы ў часе Першай сусветнай вайны: цяжкі старт у ХХ ст.“, Сяргея Токця „Беларуская інтэлігенцыя ў нацыянальным руху ў першай палове ХХ ст.“, Валянціны Лебедзевай „Тэрытарыяльнае пытанне ў беларуска–ўкраінскіх адносінах на этапе станаўлення дзяржаўнасці (1918—1919)“, Дароты Міхалюк „Мяжа паміж Беларускай Народнай Рэспуб­лікай і Украінскай Народнай Рэспублікай у 1918 на мапах сумеснай камісіі па справах размежавання“,  Алега Латышонка „Дзяржаўная сімволіка Беларускай Народнай Рэспублікі“, Рыгора Лазько „Беларуска–савецкія перамовы ў 1920 г.“, Яўгена Мірановіча „Праблема беларускай меншасці ў II Рэчы Паспалітай на форуме Лігі Нацый у 20-х гадах мінулага стагоддзя“, Андрэя Чарнякевіча „Партрэт на фоне інтэр’ера: штодзённае жыццё беларускага дзеяча ў Гродне 1909—1939“ яскрава даказалі актуальнасць абранай тэмы і засведчылі добрыя вынікі працы цэлай плеяды вучоных. Сенсацыйна прагучалі даклады прафесара Дзмітрыя Ліна „Демографические процессы в Беларуси в ХХ веке“ і прафесара Рышарда Радзіка „Фармаванне сучаснай беларускасці ў ХХ ст.“. Узорам крыніцазнаўчай дасведчанасці стаў даклад вядомага ва Ўкраіне архівіста, прафесара Ірыны Мацяш „Дакументы па гісторыі Беларусі ХХ ст. ва ўкраінскіх архівах“. Па выніках дакладаў першага дня адбы­ліся дыскусіі, у якіх вы­ступілі многія з удзельнікаў канферэнцыі, а таксама аспіранты і студэнты Універсітэта Мікалая Каперніка.

Секцыямі другога дня канферэнцыі кіравалі доктар Д. Мі­халюк, прафесар Р. Радзік, доктар А. Смалянчук. Тэма міжваеннай Беларусі мела працяг у ранішняй секцыі 5 лістапада. Прафесар З. Карпусь выступіў з дакладам „Прызыў у вайсковыя атрады, арганізаваны Беларускай вайсковай камісіяй“, маладая вучоная з Украіны В.Ямкова на падставе архіўных крыніц і ўласнага асэнсавання бліскуча выступіла па тэме „Узаемаадносіны і супрацоўніцтва ўкраінскай і беларускай эміграцыі ў Чэхаславакіі ў 1920—1930–х гадах“. З навуковай дакладнасцю і вялікай павагай да беларусаў прагучалі вы­ступленні вучоных з Каўнаса Аўшры Юрэвічутэ („Беларускія вайсковыя часткі ў літоўскай арміі 1918—1923“) і Альгіса Маркунаса („Ваенная і грамадская дзейнасць падпалкоўніка Аляксандра Ружанцова ў Літве і эміграцыі (1919—1966)“). Некалькі дакладаў былі прысвечаны тэме беларускіх стасункаў у часе Другой сусветнай вайны і ў паваенныя гады. Юры Туронак распавёў пра дзейнасць групы Фабіяна Акінчыца ў Берліне ў 1939—1943 г., прафесар Войцэх Матэрскі — пра праблемы Беларусі ў дыпламатычных перамовах Арганізацыі Аб’яднаных Нацый (1944—1945), кандыдат гістарычных навук Анатоль Вялікі — пра станаўленне беларуска-польскай мяжы пасля Другой сусветнай вайны (1944—1945), доктар Міраслаў Голан выступіў з дакладам „Да слова аб польска–савецкіх стасунках“.

На другі дзень прагучала некалькі дакладаў на тэму культуры і адукацыі Беларусі ў ХХ ст., хоць трэба сказаць, што гэтая тэма не стала дамінавальнай на дадзенай канферэнцыі. Алена Глагоўская выступіла з дакладам „Беларуская культура ў міжваенны перыяд“ і ўвяла ў навуковы ўжытак многа новых крыніц і фактаў. Аўтар гэтых нататак зрабіла спробу сістэматызацыі крыніц па гісторыі беларускай літаратуры 20–х — 30–х г. Мар’ян Семаковіч даследаваў малавядомыя старонкі асветнай палітыкі польскіх уладаў у дачыненні да беларускай меншасці ў II Рэчы Паспалітай. Віталь Скалабан, даклад якога быў успрыняты з асаблівай цікавасцю, зрабіў вельмі важкі ўнёсак у даследаванне тэмы „Дзяржава і культура ў паваеннай Беларусі (1945—1953)“. Неабыякавымі засталіся ўдзельнікі канферэнцыі да паведамлення даследчыцы з Барнаула (Расія), якая вывучае гісторыю беларусаў на Алтаі.

Адным з апошніх выступіў на канферэнцыі прафесар Станіслаў Александровіч, хоць у праграме яго даклад быў пазначаны першым. Яго тэма „Як пісалася гісторыя Беларусі ў ХХ ст.“ прагучала як грунтоўнае падсумаванне гістарычных да­следаванняў, як неабходны заключны акорд самой канферэнцыі і як запрашэнне да працягу навуковай гаворкі. Падвядзенне вынікаў было зроблена намаганнямі Збігнева Карпуся і Дароты Міхалюк.

На завяршэнне трэба адзначыць высокі ўзровень арганізацыі ўсіх мерапрыемстваў, якія праходзілі ў рамках Міжнароднай навуковай канферэнцыі, волю яе арганізатараў, адмысловае ўладкаванне побыту ўдзельнікаў. Словы асаблівай удзячнасці ўдзельнікаў канферэнцыі Дароце Міхалюк, Збігневу Карпусю, Станіславу Александровічу і рэктарату Універсітэта Мікалая Каперніка ў Торуні.

Ганна Запартыка

Антон Луцкевіч. Да гісторыі беларускага руху. Выбраныя творы (Аляксей Каўка)

Снежня 3, 2003 |


АНТОН ЛУЦКЕВІЧ. Да гісторыі беларускага руху. Выбраныя творы. Укладанне, прадмова, каментар, анатаваны індэкс імёнаў АНАТОЛЯ СІДАРЭВІЧА. Мінск: Беларускі кнігазбор, 2003. 287 с.

Ідэолаг, палітык–практык, нацыянальны асветнік — гэтая буйная фігура гісторыі Беларусі пасля працяглага забыцця, прапагандысцкага шальмавання як «буржуазнага нацыяналіста», нават «нацыянал–фашыста» (выкрывальных інвектыў не пералічыць) вернута ў грамадзянскае і творчае жыццё Беларусі. Узрастае ўвага да імёнаў Луцкевічаў з боку гісторыкаў, філосафаў, літаратуразнаўцаў, іншых рупліўцаў новага кірунку ў беларускай гуманістыцы — луцкевічазнаўства. Антону Луцкевічу адведзены спецыяльны раздзел у найноўшым 4–тамовым акадэмічным выданні па гісторыі беларускай літаратуры ХХ ст.[1] Несумненным унёскам у гэты кірунак з’яўляецца і ўступны (не ва ўсім бясспрэчны, пра што ніжэй) артыкул укла­дальніка рэцэнзаванага выдання Анатоля Сідарэвіча «Антон Луцкевіч і гісторыя беларускага руху». У ім дэтальна разгледжана і роля Луцкевіча ў беларускім руху, і асвятленне гэтай праблемы ім самім у сваіх працах. Вышэй усялякай пахвалы вывераны каментар і анатаваны паказнік імёнаў, якія істотна дапаўняюць і ўзбагачаюць змест кнігі.

Сам збор твораў А.Луцкевіча пачынаецца артыкулам «Беларусы» («Формы национальных движений в современном мире», С.–Петербург, 1909) — напэўна, першай у легальным расійскім друку спробай канцэптуальнага асэнсавання гістарычна–этніч­най своеасаблівасці народа, характару беларускага руху ў яго палітычнай і культурна–асветніцкай праявах, такіх як дзейнасць БСГ, газет «Наша Доля», «Наша Ніва», выдавецкіх таварыстваў, моладзевых гурткоў; імкненне да змякчэння асі­міляцыйнага ціску на беларусаў казённай школы, царкоўных (праваслаўных і каталіцкіх) інстытуцый, інакш кажучы, двух фактараў, што супрацьдзейнічаюць нацыянальнаму адра­джэнню — «штучнай русіфікацыі і паланізацыі» (40). У тым жа артыкуле падаецца накід «палітычнага ідэалу» вызваленчага руху, які абумоўлены задачай нацыянальнага самавызначэння Беларусі, пачаткова ў форме «мясцовага сойму ў суадносінах з агульнарасійскім парламентам» (37).

Стрыжнёвая ідэя самавызначэння, узбагачаная практыкай наступных гадоў, развітая ў іншых працах, пададзеных у кнізе: «На дарозе да новага жыцця» (1912), «Наш шлях» (1913), «Краёвае становішча» (1914), «Эканамічная эвалюцыя» (1917), нарэшце, «Палітычныя лёзунгі беларускага руху» (1920). У апошняй з пералічаных публікацый прасочана эвалюцыя нацыянальнай палітычный думкі і практыкі ў драматычным супрацьстаянні расійска–самадзяржаўнаму, ліберальнаму (Часоваму ўраду Керанскага), а таксама бальшавіцкаму цэнтралізму, дадзены скончаны выклад незалежніцкага ідэалу, які ўвасобіўся ў абвяшчэнні БНР, што цяпер успрымаецца намі не толькі як найбуйнейшы факт, але дзейсны фактар найноўшай гісторыі Беларусі: «Акт 25 сакавіка 1918 года — гэта найбольш яркае і поўнае ўвасабленне беларускай палі­тычнай думкі, што прайшла за пятнаццаць год усе этапы развіцця. Гэта — апошняе слова беларускай ідэалогіі, штандар, пад якім ідзе беларускі народ да заваявання сапраўднай свабоды. Далейшая палітычная праца беларусаў — гэта ўжо праца па рэалізацыі незалежніцкага ідэалу. Ці здзейсніцца гэты ідэал і ў якой ступені, ці складзе Беларусь цалкам незалежную дзяржаўную адзінку або будзе звязана федэратыўным саюзам з сваімі суседзямі і ў сваёй палітычнай арыентацыі пойдзе на Ўсход або на Захад, да Балтыйскага або Чорнага мора — гэта пытанні, якія могуць быць развязаныя толькі самім жыццём, у залежнасці ад унутранай сілы беларускага народа і агульнай палітычнай кан’юктуры на Ўсходзе Еўропы» (86).

У кнізе дамінуе «ўсходні», а дакладней расійскі, фактар знешняга кантэксту самавызначальных высілкаў Беларусі. Між тым не менш адчувальны і «заходні», польскі фактар, таксама адлюстраваны ў палітычнай спадчыне аўтара. Узгадаем хоць бы яго брашуру (не ўвайшла ў дадзены зборнік), выда­дзеную па гарачых слядах «вызвольнага» паходу начальніка Польшчы Юзафа Пілсудскага на «ўсходнія крэсы» ў 1919—20 г., у якой адлюстраваны жахлівыя факты яго акупацыйнай палітыкі[2].

Закранутыя вышэй пытанні абагульнена пададзены Луцкевічам у нарысе–ўспаміне «За дваццаць гадоў» (1929), які быў напісаны ў час знаходжання за кратамі. У ім паказана панарама палітычнага (падрабязна выкладзены праграмныя ўстаноўкі і практыкі БСГ) і нацыянальна–культурнага руху ў першай чвэрці ХХ ст. (141—164). Ва ўспаміне адлюстраваны многія фігуранты вызваленчага працэсу — В.Іваноўскі, А.Бурбіс, Цётка (Э.Пашкевіч), А.Уласаў, Я.Лёсік, К.Езавітаў, В.Ластоўскі, Б.Тарашкевіч, А.Смоліч і, у прыватнасці, І.Луцкевіч як галоўны інспіратар і арганізатар многіх ключавых пачынанняў дзеячоў адраджэння. Яму, Луцкевічу–старэйшаму, згасламу ад сухотаў у няпоўныя сорак, прысвечана асобная публікацыя «Жыццё і праца Івана Луцкевіча» (1920, 87—101).

Шмат іншых фактаў, падзеяў, асобаў беларускай вызваленчай легенды адлюстравана ў нататках і артыкулах «25 марца 1918 г…» (1921), «Наша Ніва» (1926), «Роля моладзі ў пачатках адраджэнчага руху» (1927) і «Палітычны працэс Якуба Коласа…» (пра ўдзел будучага народнага паэта ў рэвалюцыйным руху беларускіх настаўнікаў у 1905—1906 г.). «Прысутнасць» Якуба Коласа ў зборніку адразу наводзіць на думку пра яшчэ адну, даволі значную і праніклівую працу Луцкевіча, прысвечаную магутнай, вяршыннай асобе беларускага творчага духу — «Янка Купала як прарок нацыянальнага адраджэння» (1932). Можна толькі шкадаваць пра адсутнасць у кнізе дадзенага артыкула. Тым больш, што ён годна замяніў бы ў зборніку асобныя, менш значныя тэксты, ніколькі не парушаючы, а наадворот узмацняючы, праясняючы агульную гістарычную канву беларускага вызваленчага руху.

У дзвюх іншых працах пададзены тэарэтычныя погляды аўтара па нацыянальным пытанні («Дэмакрацыя, пралетарыят і нацыянальнае пытанне» (1923), «Нацыянальнае пытанне і пралетарыят» (1924), у якіх выказана салідарнасць з вядомым выказваннем Ф.Энгельса (ліст да К.Каўцкага ад 7 лютага 1882 г.) пра незаменнае значэнне нацыянальных рухаў для міжнароднай лучнасці пралетарыяту, магчымай «толькі паміж незалежнымі нацыямі» (117).

У кнізе прадстаўлена галоўным чынам палітычная частка творчасці А.Луцкевіча, якая адлюстравала, у той ці іншай ступені, і іншыя гістарычна–культурныя, літаратурныя, школьна–адукацыйныя і рэлігійныя аспекты беларускага руху.

Давяршаюць выданне паказанні Луцкевіча, якія былі за­пісаныя пры яго допытах у вязніцы НКУС (кастрычнік, лістапад 1939). Па сутнасці — гэта суровая, мужная справаздача–споведзь за пройдзены шматгадовы драматычны шлях чалавека, які застаўся паслядоўны ў служэнні ідэі, радзіме і народу. Абвінавачванні ў контррэвалюцыйнасці, у супрацоўніцтве з польскай разведкай падследны, наколькі было ў яго магчымасцях, рашуча і адназначна адхіліў (237—238). Нікога пры гэтым, як адзначана ў прадмове, не абгаварыў і не «заклаў».

Грунтоўнасці ўводнага артыкула і каментарам складальні­ка кнігі належнае ўжо аддадзена. Тым не менш, некаторыя праўкі і ўдакладненні напрошваюцца самі па сабе.

Так, канферэнцыя сацыялістычных рэвалюцыйных пар­тый расійскай дзяржавы з удзелам прадстаўнікоў БСГ (І.Луцкевіча) праходзіла ў Фінляндыі не ў 1907 г. (258, спасылка 34), а на пачатку 1905 г. На ёй, паміж іншага, у сумеснай дэкларацыі Польскай сацыялістычнай партыі і БСГ абвяшчалася неабходнасць «выдзялення тэрыторыі гістарычнай Літвы (Літвы і Беларусі) разам з усімі нацыянальнасцямі, што яе насяляюць, у асобны палітычны арганізм»[3]. Ці не быў гэта першы, зафіксаваны ў друку, сігнал «самавызначэння» Беларусі?

Даволі сумніўна, на наш погляд, «набілітаванне» А.Луцкевіча ў разрад марксістаў, хай і артадаксальных (19, 21). Далёка не ўпэўнены, што з гэтым пагадзіўся б аўтар пададзеных «Твораў», а тым больш стваральнікі «Камуністычнага маніфеста» або «Дзяржавы і рэвалюцыі». Маючы на ўвазе стрыжнёвае ў марксізме рабочае, «пралетарскае» пытанне ў яго сусветна–місійнай пастаноўцы, у якой пытанню нацыянальнаму (для Луцкевіча, Луцкевічаў, іх паплечнікаў — першаснаму, вызначальнаму над усімі іншымі) адводзілася, у лепшым выпадку, роля дапаможная (Маркс, Энгельс), у горшым — вы­ключна інструментальная, тактычная (Ленін, бальшавізм), што абярнулася на практыцы звыклым валюнтарызмам і авантурызмам у нацыянальнай палітыцы. М.Гарэцкі, удумлівы аналітык не толькі літаратурнага, але ў значнай ступені ўсяго гістарычна–сацыяльнага працэсу ў Беларусі, пэўна, не вельмі памыляўся, называючы А.Луцкевіча «нацыянальным рэвалюцыянерам»[4]. Наўрад ці можна пагадзіцца з тым, што рэвалюцыйная сутнасць Луцкевічаў (палітычна–ідэалагічная «злітнасць» абодвух братоў — вядомая аксіёма) абумоўлена карэнным нацыянальна–вызваленчым інтарэсам беларускага народа, задачай аднаўлення (адраджэння) ім уласнай дэма­кратычнай дзяржавы і не мела нічога агульнага з разбуральнай, «барыкаднай» ідэало­гіяй, якая, мімікруючы пад марксізм, доўгія дзесяцігоддзі панавала над лёсам Беларусі і не яе адной. Наступствы вядомыя. Праўда, у іншым месцы (26, падрадкоўнік) і А.Сідарэвіч, нясмела, але справядліва падымае пытанне пра нацыянальную рэвалюцыю ў прымяненні да беларускага руху, нахіляючы сучасных гісторыкаў да асэнсавання дадзенай праблемы. Гэтаму, дадамо ад сябе, немалыя падставы дае найноўшы корпус крыніцазнаўчых  публікацый — «Архівы БНР» (Т. 1. Кн.1—2), тамы «Беларускай думкі», «Беларускі хрысціянскі рух ХХ стагоддзя», «Слуцкі збройны чын 1920», выпускі «Знешняя палітыка Беларусі» і г.д.

Не бачым падстаў падазраваць А.Луцкевіча ў магчымым антысемітызме з–за выкарыстання слова «жыд» у артыкулах «Аб жыдох». «Жыдоўскае пытанне ў нашым пісьменстве» і інш. (21, падрадкоўнік). Дадзены сінонім здаўна замацаваўся ў беларускай пісьмовай (гл. Гістарычны слоўнік беларускай мовы. Т.10. С.28—29) і гутарковай лексіцы, як і ў іншых славянскіх мовах. Ён не нясе негатыўна–ацэначнага сэнсу. Да таго ж фактычны змест названых і іншых артыкулаў аўтара (які карыстаўся дасавецкімі граматычнымі нормамі беларускай мовы) паслядоўна вытрыманы ў духу ўзаемнай сімпатыі і салідарнасці беларускага і яўрэйскага народаў у агульным вызваленчым працэсе. Варта ўзяць пад увагу і асабісты момант у біяграфіі А.Луцкевіча, які пабраўся шлюбам ў 1919 г. з яўрэйскай дзяўчынай Соф’яй Абрамовіч, выхаванкай Сарбоны, доктарам–педыятрам, якая трагічна загінула праз дзесяць гадоў. У сужэнцаў было два сыны — Юры і Лявон. Лявон Луцкевіч (памёр у 1997 г.) з годнасцю працягваў справу бацькі ў якасці аднаго з лідэраў беларускай дыяспары ў Літве. Ён быў аўтарам гістарычна–краязнаўчых нарысаў пра памятныя беларускія месціны ў Вільні[5] — гэтага старажытнага балта–славянскага горада. У ваколіцах «беларускіх Афін», на мемарыяльных могілках Росы, у пачатку 90–х гадоў ХХ ст. быў усталяваны сімвалічны помнік Антону і Івану Луцкевічам.

Увогуле творчы фармат Антона Луцкевіча даволі абсяжны, і партыйна–палітычныя крытэрыі асэнсавання даюць толькі частковае, далёка не поўнае ўяўленне пра гэтую неардынарную постаць. Як і пра нашаніўскую, вырашальную для нацыянальнага абуджэння эпоху, у якой яму давялося тварыць, адказаўшы на выклік Гісторыі да тутэйшага люду забранай краіны («А хто там ідзе?…») ясна, неабвержна: «Беларусы». Іншая справа, што хада беларуская Адвечным Шляхам пакуль не набыла патрэбнага паскарэння, хоць яе імклівае скіраванасці ўжо нікому не спыніць. У гэтай выснове і тоіцца, мабыць, асноўны аптымістычны ўрок трагічнага лёсу выбітнага Беларуса.

Вяртаючыся да кнігі, падкрэслім галоўнае — нацыянальная канцэпцыя гісторыі Беларусі ўзбагацілася відавочным гістарыяграфічным набыткам, з чым яе прыхільнікаў застаецца толькі павіншаваць.
Масква

Аляксей Каўка


[1] Гісторыя беларускай літаратуры ХХ стагоддзя: У 4 т. Т.1. 1901—1927. Мінск, 1999. С.447—462.
[2] Луцкевіч А. Польская акупацыя Беларусі. Вільня, 1920 (рэпрынт, Менск, 1992).
[3] Przedświt. 1905. № 4—5. S. 176.
[4] Клейнборт Л.М. Молодая Белоруссия. Очерк современной белорусской литературы 1905—1928. Минск, 1928. С.354.
[5] Луцкевіч Л. Вандроўкі па Вільні. Вільня, 1998.

Наверх

Пушкін, Ігар А. Узброены супраціў ва Ўсходняй Беларусі (Захар Шыбека)

Снежня 2, 2003 |

ПУШКІН, ІГАР А. Узброены супраціў ва Ўсходняй Беларусі (20—30–я гады ХХ ст.): дакументы і матэрыялы. Магілёў, 2003. 140 с.

Мой калега гісторык і музейны працаўнік Ігар Пушкін выдаў вельмі важную для беларускай гістарычнай навукі кнігу. Ён упершыню выключна на архіўных дакументах пераканаўча  пацвердзіў наяўнасць масавага руху супраць савецкай улады ў 1920—1930–я г. ва Ўсходняй Беларусі. Гэта робіць гонар аўтару, бо антысавецкі супраціў у афіцыйнай гістарычнай навуцы Беларусі дагэтуль традыцыйна замоўчваецца. Першым з да­следчыкаў на паўстанцкі рух ва Ўсходняй Беларусі звярнуў увагу беларускі гісторык у эміграцыі Юрка Віцьбіч[1]. Замежны статус даследчыка, неда­статковая дакументальная абгрунтаванасць фактаў давалі падставы для недаверу.

Але цяпер мы маем 112 апублікаваных І.Пушкіным архіўных дакументаў, якія яскрава сведчаць — антысавецкі рух у памежных з Расіяй беларускіх землях сапраўды быў і працягваўся амаль да пачатку II сусветнай вайны. Давер да такой важнай інфармацыі, якую пацвердзіў не толькі замежны, але і айчынны гісторык, істотна ўзрос. Публікацыя дакументаў зроблена прафесійна, з выкананнем усіх неабходных да яе патрабаванняў. Ва ўступным аўтарскім раздзеле даецца ўяўленне аб гістарычным перыядзе, адлюстраваным у дакументах, сутнасці ўзброенага супраціву, яго гістарыяграфіі. Тут жа апісваюцца архіўныя фонды, адкуль быў узяты дакументальны матэрыял, а таксама прыводзіцца кароткі аналіз дакументаў. Цяжка ўявіць, але ў канцы 1919 — пачатку 1920 г., калі вялася савецка–польская вайна, толькі ў Гомельскай губерні „вылоўліванню“ падлягалі больш за 170 тыс. дэзерціраў, якія адмаўляліся ад мабілізацыі ў Чырвоную Армію.

Існуе меркаванне, што крыніцы аб антысавецкіх выступленнях вельмі засакрэчаныя і з’яўляюцца недаступнымі для гісторыкаў. Як жа аўтару ўдалося здабыць такія рэдкія дакументы? Дзіўна, але  яму не давялося абіваць парогі чыноўнікаў КДБ, каб прарвацца ў іх ведамасны архіў. Такія дакументы, аказваецца, можна знайсці і ў звычайных дзяржаўных абласных архівах. У дадзеным выпадку амаль ўсе апублікаваныя ў кнізе крыніцы былі выяўлены ў дзяржаўных архівах Віцеб­скай, Магілёўскай і Гомельскай абласцей. Так што дапытлівасць даследчыка з Магілёва можа служыць добрым прыкладам для іншых.

Другое пытанне, якое ўзнікае, калі прачытваеш тытул кнігі, — чаму Ўсходняя Беларусь?  На гэтае пытанне ў значнай ступені дае адказ сам аўтар ва ўступным раздзеле. Усходнія беларускія землі да сярэдзіны 1920–х г. знаходзіліся ў складзе РСФСР. Яны не трапілі пад нямецкую і польскую акупацыю. Усходнія беларусы добра зведалі, што такое савецкая ўлада з яе „харчразвёрсткай“, прымусовай мабілізацыяй, свавольствам „камісараў“. Вось чаму беларуская вёска гэтага рэгіёну прыкладала максімум намаганняў, каб пазбавіцца ад такой улады. І барацьба тут была не толькі жорсткай і працяглай, але  і мела, дадам ад сябе, больш яскрава выяўлены народны характар, чым у цэнтры і на захадзе Беларусі. Жыхароў цэнтральна–заходніх рэгіёнаў мінула савецкае ліха часоў „ваеннага камунізму“, бо якраз тады яны знаходзіліся пад нямецкай і польскай акупацыяй. І гэтая акупацыя, відаць, была больш цярпімай для беларускіх сялян, чым савецкая. Калі на заходніх межах БССР антысавецкі рух перыядычна падсілкоў­ваўся з Польшчы, то на беларуска–расійскім памежжы ён ўзрастаў на народным пратэсце, гэта значыць, уяўляў сабой зусім натуральную з’яву. Вось гэтую зусім натуральную і адметную ў найноўшай беларускай гісторыі з’яву, якая набыла агульнанацыянальнае значэнне, і адлюстраваў у сваёй кнізе І.Пушкін.

І нарэшце, што хацелі бачыць жыхары Ўсходняй Беларусі замест савецкай улады? Абапіраючыся на дакументы, аўтар паказвае неаднароднасць антысавецкага руху. Адны змагаліся за рэстаўрацыю царскай Расіі, іншыя — за дэмакратычную Расію, што ўзнікла пасля Лютаўскай рэвалюцыі 1917 г., многія імкнуліся да таго, каб Беларусь была незалежнай, нацыянальнай дзяржавай,  шмат хто ваяваў па прынцыпе — лепей любая ўлада, толькі не савецкая. Таму антысавецкі рух не быў тоесным нацыянальна–вызваленчаму руху, як часам можа падацца, калі вывучаеш кнігу Юркі Віцьбіча. Хочацца яшчэ раз звярнуць увагу на існаванне на беларускіх землях агульнарасійскай плыні антысавецкай барацьбы. Насельніцтва Беларусі выяўляла салідарнасць са сваімі ўсходнімі суседзямі ў змаганні за Расію без бальшавікоў. І ў гэтым была яшчэ адна адметная рыса антысавецкага супраціву на ўсходзе Беларусі ў параўнанні з яе захадам.

Усё сказанае дае падставу сцвярджаць, што кніга І.Пушкіна з’яўляецца не лакальным, а тым больш не краязнаўчым творам, а сур’ёзным даследаваннем агульнабеларускага маштабу. Шкада, што яе наклад толькі 30 асобнікаў. Хочацца спадзявацца, што надыдзе час, калі яна будзе перавыдадзена належным тыражом.

Мінск

Захар Шыбека


[1] Юрка Віцьбіч (Юрый Стукаліч). Антыбальшавіцкія паўстаньні і пар­тызан­ская барацьба на Беларусі. Нью–Ёрк: БІНіМ, 1996. 396 с.

Łatyszonek, Oleg; Mironowicz, Eugeniusz. Historia Białorusi od połowy XVIII do końca XX wieku (Захар Шыбека)

Снежня 18, 2002 |


Łatyszonek, Oleg; Mironowicz, Eugeniusz. Historia Białorusi
od połowy XVIII do końca XX wieku. Białystok, 2002. 330.

Дапаможнік нашых калегаў з Беластока Алега Латышонка і Яўгена Мірановіча, выдадзены на сродкі Міністэрства нацыянальнай адукацыі Польшчы, адпавядае дзяржаўнай праграме вывучэння беларускай тэматыкі ў сярэдніх і няпоўных сярэдніх школах былога Беластоцкага ваяводства. У ім выклад найноўшай гісторыі пачынаецца ад сярэдзіны ХVIII cт. і даводзіцца да 2002 г. Аўтараў не задавальняе агульнапрынятае ў беларускай і ў польскай гістарыяграфіі правіла пачынаць новы этап у гісторыі абедзвюх краін з 1795 г., даты апошняга падзелу Рэчы Паспалітай. Яны лічаць гэты рубеж неадэкватным для гісторыі Беларусі, спасылаючыся на тое, што паглынанне Расіяй беларускіх земляў пачыналася яшчэ з часоў Елізаветы, якая прэтэндавала на ўсходнюю Беларусь, і доўжылася да 1815 г., а таму 1795 г. не быў у гэтым працяглым працэсе вызначальным. Галоўным у выдзяленні новага этапу было не гэта, а тое, што з сярэдзіны ХVIII ст. пачыналася рашучая мадэрнізацыя Рэчы Паспалітай і Расіі, Беларусь жа апынулася перад выбарам польскага або расійскага ўзору гэтай мадэрнізацыі (10—11). На думку аўтараў, у акрэслены імі перыяд якраз і адбывалася цывілізацыйнае аддаленне Беларусі ад Польшчы і фармаванне сучаснай беларускай нацыі (11). У прыведзеных разважаннях шмат слушнага. Праблематычна толькі звязваць узнікненне сучаснай беларускай нацыі з яе аддаленнем ад Польшчы, бо супадзенне гэтае выключна фармальнае, а не сутнаснае. Без сувязі з Польшчай узнікненне сучаснай беларускай нацыі было б немагчымым. Разам з прыпыненнем сувязяў Беларусі з Польшчай у часы „савецкай жалезнай заслоны“ прыпыняўся і нацыятворчы працэс. Хоць нейкі ўплыў Польшчы заставаўся і тады. Сувязь Беларусі з Польшчай пацвярджаецца ўсім зместам кнігі. Таму гэта, думаю, не пазіцыя аўтараў, а, хутчэй, недакладны выраз.

Урэшце, гісторыю можна пісаць з любога моманту, абы яна была праўдзівай і цікавай. І ў гэтым сэнсе прэтэнзій да аўтараў няма. Выданне вылучаецца арыгінальнасцю і навізной. Прыводзяцца новыя факты. Нават шырокавядомыя падзеі дапаўняюцца цікавымі дэталямі і робяцца прывабнымі. Багаты і разнастайны матэрыял выкладаецца лаканічна і даступна. Нават дастаткова вывучаныя гістарычныя з’явы інтэрпрэтуюцца нетрадыцыйна. Аўтары не абмяжоўваюцца пераказам гістарычных падзей, а імкнуцца вызначыць матывацыю іх удзельнікаў. Істотнае месца адводзіцца гістарычнаму лёсу сучасных беларусаў Польшчы. Гісторыя Беларусі выступае неад’емнай часткай еўрапейскага гістарычнага працэсу.

Праца складаецца з 33 раздзелаў, якія дзеляцца на канкрэтныя сюжэты з уласнымі назвамі. На некаторыя арыгінальныя сюжэты і новыя аўтарскія ацэнкі варта звярнуць асаблівую ўвагу.

На думку гісторыкаў з Беластока, у другой палове ХVIII ст. магдэбургскае права ў гарадскіх паселішчах Беларусі становіцца паўфіктыўным, бо пасля мінулых войнаў мяшчанства не змагло аднавіць былы грамадскі статус. У прыватнаўласніцкіх мястэчках мяшчан выганялі на паншчыну (14). Пецярбург падарваў пасярэдніцкі гандаль Магілёва з Расіяй і ўвогуле стаў сур’ёзным канкурэнтам беларускіх гарадоў у замежным гандлі (15). Адданасць традыцыйнай адукацыі на Смаленшчыне была настолькі моцнай, што яшчэ ў 1728 г. расійскія ўлады спецыяльным загадам забаранялі шляхце пасылаць дзяцей на навучанне ў межы Рэчы Паспалітай (16). З часам усталяваўся звычай называць тэрыторыю першага падзелу краю Беларуссю, а рэшту сучасных беларускіх земляў — Літвой (21). У школьных праграмах, выпрацаваных Адукацыйнай камісіяй у перыяд падзелаў, не фігуравала беларуская мова — у адрозненне ад літоўскай, на якой быў выдадзены буквар (26). Станіслаў Аўгуст Панятоўскі пісаў вершы па–беларуску (35).

Цікавымі дэталямі напоўнена і беларуская гісторыя першай паловы ХIХ ст. На Беласточчыне была самая высокая ўдзельная вага мяшчан, мяшчанскімі правамі з часоў Рэчы Паспалітай карысталіся тут жыхары вёсак, размешчаных вакол каралеўскіх гарадоў (40). У Віленскім універсітэце існаваў гурток беларускай уніяцкай моладзі на чале з Антонам Марціноўскім (52). У 1820–х г., да паўстання 1831 г., колькасць вучняў у Беларусі была большай, чым ва ўсіх вялікарускіх губернях (54). У 1828 г. Мікалай I загадаў выдаць Статут ВКЛ на рускай, польскай і беларускай мовах, прызнаючы тым самым дзяржаўны статус мовы беларускай (69). На думку аўтараў, забарона царом называць Менскую і Гарадзенскую губерні літоўскімі спрыяла прызнанню іх беларускімі землямі (70). Выдадзены ў 1835 г. каталіцкі катэхізіс для дзяцей быў першай беларускай кніжкай (84).

Некаторыя новыя ацэнкі падзей першай паловы ХIХ ст. патрабуюць удакладненняў. Аўтары выяўляюць у Беларусі таго часу працэс фармавання цэлага пласта заможных сялян, за якіх паншчыну адбывалі іх парабкі, а самі яны займаліся гандлем і трымалі млыны (47). Гаворка, відаць, можа ісці толькі пра асобныя выпадкі. На с.69 сцвярджаецца, што ў 1844 г. у выніку інвентарнай рэформы Паўла Кісялёва дзяржаўныя беларускія сяляне атрымалі такое ж права асабістай вольнасці, як раней расійскія (69). Аднак, атрымаўшы грамадзянскія свабоды, казённыя сяляне заставаліся дзяржаўнымі прыгоннымі.

Часам аўтары прыводзяць меркаванні, з якімі цяжка пагадзіцца. Так, імі ставіцца пад сумненне меркаванне пра уніяцтва як беларускае нацыянальнае веравызнанне, бо, маўляў, уніяцкае богаслужэнне ў першай чвэрці ХIХ ст. адбывалася на старацаркоўнаславянскай і польскай мовах (71). Але казані ўсё ж адбываліся і па–беларуску. Аўтары лічаць, што вялікапаляка Ясінскага цяжка падазраваць у літоўскім сепаратызме (32). Крыху далей выказваецца меркаванне, што Паўлюк Багрым быў кавалём, а не паэтам, і верш, прыпісаны яму, стварыў нехта іншы ў 1850–х г. (64). Аўтары звяртаюць увагу на тое, што Францішак Багушэвіч пісаў патрыятычныя вершы толькі па–польску і падзяляў погляды ППС. Таму першым беларускім нацыянальным паэтам, лічаць яны, лепш прызнаць Казіміра Кастравіцкага (118—119). Прыведзеныя выказванні прыніжаюць вартасць знакавых суб’ектаў беларускай гісторыі, хацелі таго стваральнікі кнігі ці не. Яны кіруюцца пры гэтым неабходнасцю развянчання міфаў. Мэта, безумоўна, высакародная, але развянчанне нацыянальных міфаў не ёсць самай актуальнай у беларускай гістарыяграфіі задачай. Тым больш што разбурэнне старых міфаў вядзе да стварэння новых.

Разыходжанні ў поглядах рэцэнзента з аўтарамі выкліканы рознымі адносінамі да праблемы cуадносін матывацый і канкрэтных дзеянняў у гісторыі, ацэнкі фактаў аўтэнтычна мінуламу ці з праекцыяй на сённяшні вопыт гістарычнага развіцця. Важна, як Ясінскі ці Багушэвіч думалі, але не менш важна, як яны дзейнічалі і якія вынікі мела іх дзейнасць у гістарычным лёсе Беларусі. Прынцып аўтэнтычных ацэнак у гісторыі не выклікае сумненняў, але механічнае прытрымліванне яго вядзе да абсурду. Калі да канца ХIХ ст. не было беларусаў, а да пачатку ХХ ст. не існавала БНР і БССР, то адпаведна аўтэнтычнаму прынцыпу не было і іх гісторыі. Выходзіць, нават кіруючыся добрымі намерамі, ролю беларусаў ва ўласнай гісторыі можна звесці да статыстаў і шэрай масы, як гэта робяць нашыя суседзі. І тут свядомая пазіцыя, а не наіўнасць ці недасведчанасць аўтараў.

Падзеі другой паловы ХIХ ст. менш дыскусійныя і больш вывучаныя. Але і тут беларускія гісторыкі з Беластока знаходзяць чым здзівіць нават дасведчанага чытача. Першымі беларусамі, пакаранымі за беларускую нацыянальную дзейнасць, былі студэнты Віленскага настаўніцкага інстытута Мамовіч і Апенчанка, якія выступалі кіраўнікамі беларускага студэнцкага гуртка ў згаданай установе (113). Вытокі „крывіцкага руху“ аўтары бачаць ў працы А.Нарутовіча „Гісторыя польскага народа“, а вытокі „заходнерусізму“ — у працы С.Богуш–Сестранцэвіча „Аб Заходняй Расіі“. Узніклая ж у другой палове ХIХ ст. канцэпцыя трыадзінства расійскага народа (вялікарусы, маларусы, беларусы) была, на думку А.Латышонка і Я.Мірановіча, адказам на ідэю адзінага польскага народа, які складаўся з „абодвух народаў“ — польскага і літоўскага (34).

Большая частка кнігі адведзена гісторыі ХХ ст. Пачынаючы ад падзей 1939 г. яе асвятленне насычана дэталямі побыту, прыкладамі побытавай свядомасці, што сведчыць аб выкарыстанні аўтарамі матэрыялаў успамінаў непасрэдных удзельнікаў тых падзей. Уважліва вывучаны бальшавіцкія пастановы. Ім аддаецца часам больш увагі, чым канкрэтным падзеям.

І ў выкладанні гэтага перыяду гісторыі выяўляецца імкненне да „дэгераізацыі“ мінулага. Наўрад ці ёсць падставы сцвярджаць, што беларускі рух уяўляў сабой маргінез галоўнага струменя падзей 1917 г. (131). Галоўным зместам тых падзей была барацьба за ўладу ў Беларусі. І беларусы ўпершыню выступілі ў гэтай барацьбе самастойнай палітычнай сілай, з якой не маглі не лічыцца ні рускія, ні палякі. Першы Ўсебеларускі з’езд (снежань 1917 г.) — ніяк не другарадная з’ява ў палітычнай гісторыі Беларусі ды і Расіі ў цэлым. Супраціўленне савецкай уладзе пасля заканчэння II сусветнай вайны тлумачыцца не столькі патрыятычнымі матывамі, колькі барацьбой за выжыванне „лясных братоў“, а ў ліку прычын з’яўлення студэнцкага антысавецкага падполля называецца правакацыя КДБ (236). Аўтары сцвярджаюць, што структуры апазіцыйнага руху з’явіліся ў БССР толькі ў гады „перабудовы“ (261). Гэта так, але і ў 1960—1980–х г. антыкамуністычныя настроі і антысавецкі рух усё ж існаваў, і пра іх варта было б успомніць.

Заслугоўвае ўвагі ацэнка савецкіх партызан. Хто яны? Нацыянальныя патрыёты, героі або „пушачнае мяса“ для бальшавікоў? Аўтары адмаўляюць партызанскаму руху ў нацыянальным патрыятызме. Партызанка — гэта адзін з франтоў Чырвонай Арміі, які кіраваўся з Масквы, а не праява ўсенароднай барацьбы з акупантамі. І, відаць, нашы калегі маюць рацыю. „Рабіць“ партызан нацыянальнымі героямі вельмі цяжка. Няўжо беларусы ішлі ў партызаны, каб ратаваць Айчыну, якой у іх не было, ратаваць бальшавіцкія парадкі, ад якіх пакутавалі да вайны? Людзей гнаў у лясы пераважна страх. Іначай чаму партызанскі рух не стаў масавым да перамогі над немцамі пад Сталінградам і Курскам? І тут мы трацім яшчэ адну гераічную старонку сваёй гісторыі. Але якой яе цаной набывалі? Цаной апраўдання пакорлівага падпарадкавання бальшавіцкай Расіі.

Вялікае месца ў кнізе адводзіцца ацэнкам страт жыхароў Беларусі ад нацызму і бальшавізму. Аўтары робяць важную і слушную выснову, што ў часы нацысцкай акупацыі ў беларусаў не было групавых матывацый для супрацоўніцтва з немцамі, бо яны не мелі вопыту працы ў дзяржаўных структурах і адпаведнай адукацыі (208). Гэтая акалічнасць, а таксама жорсткасць нацыстаў і актыўнасць савецкіх партызан абумовілі асабліва вялікую долю загінутага пад акупацыяй цывільнага насельніцтва ў параўнанні з іншымі акупаванымі краінамі Еўропы (227). Беларусь страціла ў мінулай вайне нацыянальную эліту (228). У 1945—1955 г. з Беларусі на падставе барацьбы з калабарантамі і нацыяналістамі і ў рамках „перавыхавання“ вывезены амаль мільён чалавек, пераважна жыхароў гарадскіх паселішчаў. Іх месца заступалі расіяне, якія складалі тут кіроўную эліту (235).

Прыводзяцца шэраг прыкладаў „ідыятызму“ савецкай улады пасляваеннага часу. Не замоўчваюцца і асобныя поспехі. Можна сказаць, заўважаецца нават іх некаторае перабольшванне. Відаць, дзеля таго, каб патлумачыць прыхільнасць сучасных беларусаў да савецкага мінулага. Але не ўсё было так добра, як можа падацца нават прафесійным даследчыкам мінулага. Праўленне А.Лукашэнкі ацэньваецца вельмі крытычна, на падставе фактаў, але не абразліва.

Галоўная ўвага пры асвятленні гісторыі ХХ ст. звяртаецца ўсё ж на беларуска–польскія ўзаемаадносіны. Польская палітыка 1919—1920 г. у Беларусі і пазнейшая палітыка польскіх улад у Заходняй Беларусі ацэньваецца вельмі жорстка — як палітыка каланіяльная, накіраваная на асіміляцыю беларусаў. На думку аўтараў, гэтая палітыка наносіла шкоду не толькі адносінам паміж палякамі і беларусамі, але і інтарэсам польскай дзяржавы.

Кніга змяшчае цікавы раздзел пад назвай „Беларуская нацыянальная меншасць у Польшчы 1944—1955“. Праўда, гаворка ў ім чамусьці ідзе толькі пра Беластоцкае ваяводства. Лёс беларусаў Польшчы да 1949 г. аказаўся не лепшым, чым у пасляваеннай сталінскай Беларусі. У пачатку 1946 г. польскае падполле спаліла жыўцом у замкнутым будынку жыхароў беларускай вёскі Залешаны (245). Крытэрыем беларускасці ў камуністычнай Польшчы было праваслаўе, як і пад царскім прыгнётам (241). Інвеставанне заходнебеларускіх земляў стрымлівалася пасля вайны небяспечнасцю іх захопу патэнцыйным праціўнікам (233). Прыведзены і іншыя прыклады дыскрымінацыі і паланізацыі беларусаў, што стала адной з прычын іх камунізацыі і падтрымкі імі існуючых тады ўладаў.

Узнятая тэма разглядаецца і ў другім раздзеле „Беларускае нацыянальнае жыццё ў Польшчы 1955—1989“. Хрушчоўская „адліга“ і ў Польшчы выклікала адраджэнне беларускага нацыянальнага жыцця (265). Для беларускага насельніцтва гэта быў час і абыякавасці, і гераічнай барацьбы за захаванне сваёй нацыянальнай ідэнтычнасці. Падкрэсліваецца выключны ўклад у захаванні беларускасці Cакрата Яновіча і Юрыя Туронка. Хоць працэс дыскрэдытацыі і асіміляцыі не прыпыняўся. Адсутнасць інвестыцый спрыяла абязлюдзенню Беласточчыны, якая мэтанакіравана засялялася асаднікамі з цэнтральнай Польшчы (270). Уражвае падабенства антыбеларускіх захадаў савецкай Расіі і камуністычнай Польшчы. Нават „Салідарнасць“ прытрымлівалася пастулата „паляк—каталік“ (273).

Тэму завяршае раздзел „Беларусы ў III Рэчы Паспалітай“, які дае дастаткова поўнае ўяўленне аб сучасным становішчы беларусаў у польскай дзяржаве. А яно выглядае лепшым, чым у Рэспубліцы Беларусь. Пасля ўключэння Польшчы ў Еўрапейскі Саюз правы нацыянальных меншасцяў атрымалі там яшчэ большую гарантыю. Заўвагу выклікае толькі тэрмін „III Рэч Паспалітая“. Ён не вельмі прымальны для беларускай гістарыяграфіі. Бясспрэчна прызнаючы III Рэч Паспалітую польскай дзяржавай, ускосна прызнаецца польскай дзяржавай і I Рэч Паспалітая.

У падсумаванні неабходна яшчэ раз падкрэсліць, што праца беларускіх гісторыкаў з Беластока заслугоўвае самай высокай ацэнкі. Абапіраючыся на здабыткі польскай гістарыяграфіі, яны глыбока і па–новаму распрацавалі гісторыю Беларусі, уключылі Беласточчыну ў кантэкст беларускай гісторыі, грунтоўна паказаўшы польскаму чытачу асаблівасці гісторыі Беларусі і ролю ў ёй Польшчы, і наогул зрабілі шмат для сцвярджэння цвярозага погляду на айчынную гісторыю. Хоць рэцэнзент больш прыхільны да рамантычных адносін да мінулага, трэба прызнаць, што прагматызм гістарычных ацэнак — можа самы моцны бок дадзенай кнігі.

У кнізе чамусьці няма ніводнай карты. Як у кожным выданні, у ёй сустракаюцца памылкі: напрыклад, 1761 г., а не 1861 г. (17), XVIII cт., а не XVII cт. (36); у Віцебску ў 1898 г. быў пушчаны электрычны, а не конны трамвай (105).

Дапаможнік такога ўзроўню варты не толькі сярэдняй, але і вышэйшай школы. Ён будзе карысны і выкладчыкам, і даследчыкам. Такога дапаможніка няма ў Беларусі, таму нашы выдаўцы зрабілі б добрую справу, калі б выдалі яго ў перакладзе на беларускую мову. Беластоцкі дапаможнік дае добрую падставу для істотнага дапаўнення і ўдасканальвання беларускай версіі найноўшай гісторыі.
Мінск

Захар Шыбека

Наверх

Галоўная » Запісы па тэме 'XX стагоддзе'