Новы нумар

Галоўная » Запісы па тэме 'XX стагоддзе'

Артыкулы па тэме ‘XX стагоддзе’

Łatyszonek, Oleg; Mironowicz, Eugeniusz. Historia Białorusi od połowy XVIII do końca XX wieku (Захар Шыбека)

Снежня 18, 2002 |


Łatyszonek, Oleg; Mironowicz, Eugeniusz. Historia Białorusi
od połowy XVIII do końca XX wieku. Białystok, 2002. 330.

Дапаможнік нашых калегаў з Беластока Алега Латышонка і Яўгена Мірановіча, выдадзены на сродкі Міністэрства нацыянальнай адукацыі Польшчы, адпавядае дзяржаўнай праграме вывучэння беларускай тэматыкі ў сярэдніх і няпоўных сярэдніх школах былога Беластоцкага ваяводства. У ім выклад найноўшай гісторыі пачынаецца ад сярэдзіны ХVIII cт. і даводзіцца да 2002 г. Аўтараў не задавальняе агульнапрынятае ў беларускай і ў польскай гістарыяграфіі правіла пачынаць новы этап у гісторыі абедзвюх краін з 1795 г., даты апошняга падзелу Рэчы Паспалітай. Яны лічаць гэты рубеж неадэкватным для гісторыі Беларусі, спасылаючыся на тое, што паглынанне Расіяй беларускіх земляў пачыналася яшчэ з часоў Елізаветы, якая прэтэндавала на ўсходнюю Беларусь, і доўжылася да 1815 г., а таму 1795 г. не быў у гэтым працяглым працэсе вызначальным. Галоўным у выдзяленні новага этапу было не гэта, а тое, што з сярэдзіны ХVIII ст. пачыналася рашучая мадэрнізацыя Рэчы Паспалітай і Расіі, Беларусь жа апынулася перад выбарам польскага або расійскага ўзору гэтай мадэрнізацыі (10—11). На думку аўтараў, у акрэслены імі перыяд якраз і адбывалася цывілізацыйнае аддаленне Беларусі ад Польшчы і фармаванне сучаснай беларускай нацыі (11). У прыведзеных разважаннях шмат слушнага. Праблематычна толькі звязваць узнікненне сучаснай беларускай нацыі з яе аддаленнем ад Польшчы, бо супадзенне гэтае выключна фармальнае, а не сутнаснае. Без сувязі з Польшчай узнікненне сучаснай беларускай нацыі было б немагчымым. Разам з прыпыненнем сувязяў Беларусі з Польшчай у часы „савецкай жалезнай заслоны“ прыпыняўся і нацыятворчы працэс. Хоць нейкі ўплыў Польшчы заставаўся і тады. Сувязь Беларусі з Польшчай пацвярджаецца ўсім зместам кнігі. Таму гэта, думаю, не пазіцыя аўтараў, а, хутчэй, недакладны выраз.

Урэшце, гісторыю можна пісаць з любога моманту, абы яна была праўдзівай і цікавай. І ў гэтым сэнсе прэтэнзій да аўтараў няма. Выданне вылучаецца арыгінальнасцю і навізной. Прыводзяцца новыя факты. Нават шырокавядомыя падзеі дапаўняюцца цікавымі дэталямі і робяцца прывабнымі. Багаты і разнастайны матэрыял выкладаецца лаканічна і даступна. Нават дастаткова вывучаныя гістарычныя з’явы інтэрпрэтуюцца нетрадыцыйна. Аўтары не абмяжоўваюцца пераказам гістарычных падзей, а імкнуцца вызначыць матывацыю іх удзельнікаў. Істотнае месца адводзіцца гістарычнаму лёсу сучасных беларусаў Польшчы. Гісторыя Беларусі выступае неад’емнай часткай еўрапейскага гістарычнага працэсу.

Праца складаецца з 33 раздзелаў, якія дзеляцца на канкрэтныя сюжэты з уласнымі назвамі. На некаторыя арыгінальныя сюжэты і новыя аўтарскія ацэнкі варта звярнуць асаблівую ўвагу.

На думку гісторыкаў з Беластока, у другой палове ХVIII ст. магдэбургскае права ў гарадскіх паселішчах Беларусі становіцца паўфіктыўным, бо пасля мінулых войнаў мяшчанства не змагло аднавіць былы грамадскі статус. У прыватнаўласніцкіх мястэчках мяшчан выганялі на паншчыну (14). Пецярбург падарваў пасярэдніцкі гандаль Магілёва з Расіяй і ўвогуле стаў сур’ёзным канкурэнтам беларускіх гарадоў у замежным гандлі (15). Адданасць традыцыйнай адукацыі на Смаленшчыне была настолькі моцнай, што яшчэ ў 1728 г. расійскія ўлады спецыяльным загадам забаранялі шляхце пасылаць дзяцей на навучанне ў межы Рэчы Паспалітай (16). З часам усталяваўся звычай называць тэрыторыю першага падзелу краю Беларуссю, а рэшту сучасных беларускіх земляў — Літвой (21). У школьных праграмах, выпрацаваных Адукацыйнай камісіяй у перыяд падзелаў, не фігуравала беларуская мова — у адрозненне ад літоўскай, на якой быў выдадзены буквар (26). Станіслаў Аўгуст Панятоўскі пісаў вершы па–беларуску (35).

Цікавымі дэталямі напоўнена і беларуская гісторыя першай паловы ХIХ ст. На Беласточчыне была самая высокая ўдзельная вага мяшчан, мяшчанскімі правамі з часоў Рэчы Паспалітай карысталіся тут жыхары вёсак, размешчаных вакол каралеўскіх гарадоў (40). У Віленскім універсітэце існаваў гурток беларускай уніяцкай моладзі на чале з Антонам Марціноўскім (52). У 1820–х г., да паўстання 1831 г., колькасць вучняў у Беларусі была большай, чым ва ўсіх вялікарускіх губернях (54). У 1828 г. Мікалай I загадаў выдаць Статут ВКЛ на рускай, польскай і беларускай мовах, прызнаючы тым самым дзяржаўны статус мовы беларускай (69). На думку аўтараў, забарона царом называць Менскую і Гарадзенскую губерні літоўскімі спрыяла прызнанню іх беларускімі землямі (70). Выдадзены ў 1835 г. каталіцкі катэхізіс для дзяцей быў першай беларускай кніжкай (84).

Некаторыя новыя ацэнкі падзей першай паловы ХIХ ст. патрабуюць удакладненняў. Аўтары выяўляюць у Беларусі таго часу працэс фармавання цэлага пласта заможных сялян, за якіх паншчыну адбывалі іх парабкі, а самі яны займаліся гандлем і трымалі млыны (47). Гаворка, відаць, можа ісці толькі пра асобныя выпадкі. На с.69 сцвярджаецца, што ў 1844 г. у выніку інвентарнай рэформы Паўла Кісялёва дзяржаўныя беларускія сяляне атрымалі такое ж права асабістай вольнасці, як раней расійскія (69). Аднак, атрымаўшы грамадзянскія свабоды, казённыя сяляне заставаліся дзяржаўнымі прыгоннымі.

Часам аўтары прыводзяць меркаванні, з якімі цяжка пагадзіцца. Так, імі ставіцца пад сумненне меркаванне пра уніяцтва як беларускае нацыянальнае веравызнанне, бо, маўляў, уніяцкае богаслужэнне ў першай чвэрці ХIХ ст. адбывалася на старацаркоўнаславянскай і польскай мовах (71). Але казані ўсё ж адбываліся і па–беларуску. Аўтары лічаць, што вялікапаляка Ясінскага цяжка падазраваць у літоўскім сепаратызме (32). Крыху далей выказваецца меркаванне, што Паўлюк Багрым быў кавалём, а не паэтам, і верш, прыпісаны яму, стварыў нехта іншы ў 1850–х г. (64). Аўтары звяртаюць увагу на тое, што Францішак Багушэвіч пісаў патрыятычныя вершы толькі па–польску і падзяляў погляды ППС. Таму першым беларускім нацыянальным паэтам, лічаць яны, лепш прызнаць Казіміра Кастравіцкага (118—119). Прыведзеныя выказванні прыніжаюць вартасць знакавых суб’ектаў беларускай гісторыі, хацелі таго стваральнікі кнігі ці не. Яны кіруюцца пры гэтым неабходнасцю развянчання міфаў. Мэта, безумоўна, высакародная, але развянчанне нацыянальных міфаў не ёсць самай актуальнай у беларускай гістарыяграфіі задачай. Тым больш што разбурэнне старых міфаў вядзе да стварэння новых.

Разыходжанні ў поглядах рэцэнзента з аўтарамі выкліканы рознымі адносінамі да праблемы cуадносін матывацый і канкрэтных дзеянняў у гісторыі, ацэнкі фактаў аўтэнтычна мінуламу ці з праекцыяй на сённяшні вопыт гістарычнага развіцця. Важна, як Ясінскі ці Багушэвіч думалі, але не менш важна, як яны дзейнічалі і якія вынікі мела іх дзейнасць у гістарычным лёсе Беларусі. Прынцып аўтэнтычных ацэнак у гісторыі не выклікае сумненняў, але механічнае прытрымліванне яго вядзе да абсурду. Калі да канца ХIХ ст. не было беларусаў, а да пачатку ХХ ст. не існавала БНР і БССР, то адпаведна аўтэнтычнаму прынцыпу не было і іх гісторыі. Выходзіць, нават кіруючыся добрымі намерамі, ролю беларусаў ва ўласнай гісторыі можна звесці да статыстаў і шэрай масы, як гэта робяць нашыя суседзі. І тут свядомая пазіцыя, а не наіўнасць ці недасведчанасць аўтараў.

Падзеі другой паловы ХIХ ст. менш дыскусійныя і больш вывучаныя. Але і тут беларускія гісторыкі з Беластока знаходзяць чым здзівіць нават дасведчанага чытача. Першымі беларусамі, пакаранымі за беларускую нацыянальную дзейнасць, былі студэнты Віленскага настаўніцкага інстытута Мамовіч і Апенчанка, якія выступалі кіраўнікамі беларускага студэнцкага гуртка ў згаданай установе (113). Вытокі „крывіцкага руху“ аўтары бачаць ў працы А.Нарутовіча „Гісторыя польскага народа“, а вытокі „заходнерусізму“ — у працы С.Богуш–Сестранцэвіча „Аб Заходняй Расіі“. Узніклая ж у другой палове ХIХ ст. канцэпцыя трыадзінства расійскага народа (вялікарусы, маларусы, беларусы) была, на думку А.Латышонка і Я.Мірановіча, адказам на ідэю адзінага польскага народа, які складаўся з „абодвух народаў“ — польскага і літоўскага (34).

Большая частка кнігі адведзена гісторыі ХХ ст. Пачынаючы ад падзей 1939 г. яе асвятленне насычана дэталямі побыту, прыкладамі побытавай свядомасці, што сведчыць аб выкарыстанні аўтарамі матэрыялаў успамінаў непасрэдных удзельнікаў тых падзей. Уважліва вывучаны бальшавіцкія пастановы. Ім аддаецца часам больш увагі, чым канкрэтным падзеям.

І ў выкладанні гэтага перыяду гісторыі выяўляецца імкненне да „дэгераізацыі“ мінулага. Наўрад ці ёсць падставы сцвярджаць, што беларускі рух уяўляў сабой маргінез галоўнага струменя падзей 1917 г. (131). Галоўным зместам тых падзей была барацьба за ўладу ў Беларусі. І беларусы ўпершыню выступілі ў гэтай барацьбе самастойнай палітычнай сілай, з якой не маглі не лічыцца ні рускія, ні палякі. Першы Ўсебеларускі з’езд (снежань 1917 г.) — ніяк не другарадная з’ява ў палітычнай гісторыі Беларусі ды і Расіі ў цэлым. Супраціўленне савецкай уладзе пасля заканчэння II сусветнай вайны тлумачыцца не столькі патрыятычнымі матывамі, колькі барацьбой за выжыванне „лясных братоў“, а ў ліку прычын з’яўлення студэнцкага антысавецкага падполля называецца правакацыя КДБ (236). Аўтары сцвярджаюць, што структуры апазіцыйнага руху з’явіліся ў БССР толькі ў гады „перабудовы“ (261). Гэта так, але і ў 1960—1980–х г. антыкамуністычныя настроі і антысавецкі рух усё ж існаваў, і пра іх варта было б успомніць.

Заслугоўвае ўвагі ацэнка савецкіх партызан. Хто яны? Нацыянальныя патрыёты, героі або „пушачнае мяса“ для бальшавікоў? Аўтары адмаўляюць партызанскаму руху ў нацыянальным патрыятызме. Партызанка — гэта адзін з франтоў Чырвонай Арміі, які кіраваўся з Масквы, а не праява ўсенароднай барацьбы з акупантамі. І, відаць, нашы калегі маюць рацыю. „Рабіць“ партызан нацыянальнымі героямі вельмі цяжка. Няўжо беларусы ішлі ў партызаны, каб ратаваць Айчыну, якой у іх не было, ратаваць бальшавіцкія парадкі, ад якіх пакутавалі да вайны? Людзей гнаў у лясы пераважна страх. Іначай чаму партызанскі рух не стаў масавым да перамогі над немцамі пад Сталінградам і Курскам? І тут мы трацім яшчэ адну гераічную старонку сваёй гісторыі. Але якой яе цаной набывалі? Цаной апраўдання пакорлівага падпарадкавання бальшавіцкай Расіі.

Вялікае месца ў кнізе адводзіцца ацэнкам страт жыхароў Беларусі ад нацызму і бальшавізму. Аўтары робяць важную і слушную выснову, што ў часы нацысцкай акупацыі ў беларусаў не было групавых матывацый для супрацоўніцтва з немцамі, бо яны не мелі вопыту працы ў дзяржаўных структурах і адпаведнай адукацыі (208). Гэтая акалічнасць, а таксама жорсткасць нацыстаў і актыўнасць савецкіх партызан абумовілі асабліва вялікую долю загінутага пад акупацыяй цывільнага насельніцтва ў параўнанні з іншымі акупаванымі краінамі Еўропы (227). Беларусь страціла ў мінулай вайне нацыянальную эліту (228). У 1945—1955 г. з Беларусі на падставе барацьбы з калабарантамі і нацыяналістамі і ў рамках „перавыхавання“ вывезены амаль мільён чалавек, пераважна жыхароў гарадскіх паселішчаў. Іх месца заступалі расіяне, якія складалі тут кіроўную эліту (235).

Прыводзяцца шэраг прыкладаў „ідыятызму“ савецкай улады пасляваеннага часу. Не замоўчваюцца і асобныя поспехі. Можна сказаць, заўважаецца нават іх некаторае перабольшванне. Відаць, дзеля таго, каб патлумачыць прыхільнасць сучасных беларусаў да савецкага мінулага. Але не ўсё было так добра, як можа падацца нават прафесійным даследчыкам мінулага. Праўленне А.Лукашэнкі ацэньваецца вельмі крытычна, на падставе фактаў, але не абразліва.

Галоўная ўвага пры асвятленні гісторыі ХХ ст. звяртаецца ўсё ж на беларуска–польскія ўзаемаадносіны. Польская палітыка 1919—1920 г. у Беларусі і пазнейшая палітыка польскіх улад у Заходняй Беларусі ацэньваецца вельмі жорстка — як палітыка каланіяльная, накіраваная на асіміляцыю беларусаў. На думку аўтараў, гэтая палітыка наносіла шкоду не толькі адносінам паміж палякамі і беларусамі, але і інтарэсам польскай дзяржавы.

Кніга змяшчае цікавы раздзел пад назвай „Беларуская нацыянальная меншасць у Польшчы 1944—1955“. Праўда, гаворка ў ім чамусьці ідзе толькі пра Беластоцкае ваяводства. Лёс беларусаў Польшчы да 1949 г. аказаўся не лепшым, чым у пасляваеннай сталінскай Беларусі. У пачатку 1946 г. польскае падполле спаліла жыўцом у замкнутым будынку жыхароў беларускай вёскі Залешаны (245). Крытэрыем беларускасці ў камуністычнай Польшчы было праваслаўе, як і пад царскім прыгнётам (241). Інвеставанне заходнебеларускіх земляў стрымлівалася пасля вайны небяспечнасцю іх захопу патэнцыйным праціўнікам (233). Прыведзены і іншыя прыклады дыскрымінацыі і паланізацыі беларусаў, што стала адной з прычын іх камунізацыі і падтрымкі імі існуючых тады ўладаў.

Узнятая тэма разглядаецца і ў другім раздзеле „Беларускае нацыянальнае жыццё ў Польшчы 1955—1989“. Хрушчоўская „адліга“ і ў Польшчы выклікала адраджэнне беларускага нацыянальнага жыцця (265). Для беларускага насельніцтва гэта быў час і абыякавасці, і гераічнай барацьбы за захаванне сваёй нацыянальнай ідэнтычнасці. Падкрэсліваецца выключны ўклад у захаванні беларускасці Cакрата Яновіча і Юрыя Туронка. Хоць працэс дыскрэдытацыі і асіміляцыі не прыпыняўся. Адсутнасць інвестыцый спрыяла абязлюдзенню Беласточчыны, якая мэтанакіравана засялялася асаднікамі з цэнтральнай Польшчы (270). Уражвае падабенства антыбеларускіх захадаў савецкай Расіі і камуністычнай Польшчы. Нават „Салідарнасць“ прытрымлівалася пастулата „паляк—каталік“ (273).

Тэму завяршае раздзел „Беларусы ў III Рэчы Паспалітай“, які дае дастаткова поўнае ўяўленне аб сучасным становішчы беларусаў у польскай дзяржаве. А яно выглядае лепшым, чым у Рэспубліцы Беларусь. Пасля ўключэння Польшчы ў Еўрапейскі Саюз правы нацыянальных меншасцяў атрымалі там яшчэ большую гарантыю. Заўвагу выклікае толькі тэрмін „III Рэч Паспалітая“. Ён не вельмі прымальны для беларускай гістарыяграфіі. Бясспрэчна прызнаючы III Рэч Паспалітую польскай дзяржавай, ускосна прызнаецца польскай дзяржавай і I Рэч Паспалітая.

У падсумаванні неабходна яшчэ раз падкрэсліць, што праца беларускіх гісторыкаў з Беластока заслугоўвае самай высокай ацэнкі. Абапіраючыся на здабыткі польскай гістарыяграфіі, яны глыбока і па–новаму распрацавалі гісторыю Беларусі, уключылі Беласточчыну ў кантэкст беларускай гісторыі, грунтоўна паказаўшы польскаму чытачу асаблівасці гісторыі Беларусі і ролю ў ёй Польшчы, і наогул зрабілі шмат для сцвярджэння цвярозага погляду на айчынную гісторыю. Хоць рэцэнзент больш прыхільны да рамантычных адносін да мінулага, трэба прызнаць, што прагматызм гістарычных ацэнак — можа самы моцны бок дадзенай кнігі.

У кнізе чамусьці няма ніводнай карты. Як у кожным выданні, у ёй сустракаюцца памылкі: напрыклад, 1761 г., а не 1861 г. (17), XVIII cт., а не XVII cт. (36); у Віцебску ў 1898 г. быў пушчаны электрычны, а не конны трамвай (105).

Дапаможнік такога ўзроўню варты не толькі сярэдняй, але і вышэйшай школы. Ён будзе карысны і выкладчыкам, і даследчыкам. Такога дапаможніка няма ў Беларусі, таму нашы выдаўцы зрабілі б добрую справу, калі б выдалі яго ў перакладзе на беларускую мову. Беластоцкі дапаможнік дае добрую падставу для істотнага дапаўнення і ўдасканальвання беларускай версіі найноўшай гісторыі.
Мінск

Захар Шыбека

Наверх

Протько, Татьяна. Становление советской тоталитарной системы в Беларуси (1917—1941 гг.) (Анатоль Вялікі)

Снежня 4, 2002 |


Протько, Татьяна. Становление советской тоталитарной системы в Беларуси (1917—1941 гг.). Минск, 2002. 688.

Да праблем, якія слаба распрацаваны ў беларускай гістарыяграфіі, належыць зараджэнне і станаўленне таталітарнай сістэмы ў Беларусі і, магчыма, самае галоўнае, механізм яе функцыянавання. Сутнасныя аспекты гэтай праблемы да цяперашняга часу застаюцца па–за межамі гістарычных даследаванняў. Да іх, перш за ўсё, адносяцца: станаўленне і ўмацаванне аднапартыйнай сістэмы, фармаванне рэспубліканскай сістэмы наменклатуры і яе ўзаемаадносіны з Масквой, механізм прыняцця рашэнняў, іх выканання і кантролю за выкананнем, характар узаемаадносін партыйных і савецкіх органаў, роля і месца спецслужбаў у таталітарным грамадстве, знішчэнне правоў і свабод чалавека і шмат іншага. Нельга сказаць, што ў Беларусі не існуе да­следаванняў па згаданай праблематыцы. За апошняе дзесяцігоддзе асобныя аспекты праблемы атрымалі адлюстраванне ў працах беларускіх гісторыкаў. Аднак, як заўважыў акадэмік Міхаіл Касцюк, айчынныя гісторыкі „падыходзяць да праблемы таталітарызму дастаткова асцярожна. Такая абачлівасць не спрыяе актывізацыі работы, не спрыяе яе набліжэнню да таго ўзроўню, на якім ужо прызнаная таталітарная сутнасць бальшавіцкай сістэмы кіраўніцтва грамадствам“. Дадам, што для даследаванняў айчынных гісторыкаў характэрны не толькі „асцярожнасць“, але і „правінцыялізм“, які выяўляецца ў „вузкасці“ тэм даследавання, пераважнай канстатацыі фактаў, без аналізу сутнасных характарыстык таталітарнай сістэмы. Пераадоленнем такой асцярожнасці і правінцыйнасці ў вывучэнні таталітарызму ў Беларусі і вывядзеннем даследаванняў на якасна новы ўзровень стала кніга вядомай грамадскай дзеячкі, старшыні Беларускага Хельсінскага Камітэта, гісторыка і філосафа Таццяны Процькі.

Кніга складаецца з чатырох раздзелаў. У першым „Таталітарызм як гістарычны феномен“ Т. Процька разглядае прыроду таталітарызму з улікам характарыстык, якія дадзены гэтай з’яве перш за ўсё заходнімі даследчыкамі. Аналізуючы вытокі савецкага таталітарызму, аўтарка прыходзіць да высновы, што яго „айцамі–заснавальнікамі“ былі не столькі бальшавіцкія лідэры Ленін, Сталін, Троцкі ды іх бліжэйшыя паплечнікі, колькі рэалі­зацыя таго таталітарнага патэнцыялу, што быў назапашаны ў працэсе гістарычнага развіцця Расіі.

Самыя грунтоўныя па колькасці выкарыстаных крыніц (як, зрэшты, і па аб’ёме) — раздзел другі „Фармаванне таталітарнага палітычнага кіравання“ і трэці „Знішчэнне правоў і свабод асобы“. Яны па змесце ўзаемазвязаныя, таму адзначым агульнае, што ім уласціва.

Даследчык гісторыі дзяржаўнага будаўніцтва любой краіны ў першую чаргу павінен адказаць на пытанне, хто кіруе краінай і як гэтае кіраўніцтва ажыццяўляецца. Аналізуючы ролю партыі ў палітычнай сістэме Беларусі, Т.Процька паказвае не толькі працэс фармавання і станаўлення аднапартыйнай сістэмы, але і „апартыйванне“ дзяржаўнай сістэмы ды пераўтварэнне яе ў складаную, строга ерархічную, нават ваенна–бюракратычную сістэму „партыя–дзяржава“, з жорсткім падпарадкаваннем па схеме „зверху — ўніз“. „Партыя–дзяржава“, захапіўшы ўладу, падпарадкавала сабе грамадства і рэалізоўвала сваю палі­тыку пераважна сілавымі метадамі.

Усталяванне і ўтрыманне панавання своеасаблівага бальшавіцкага дуумвірата „партыя–дзяржава“ стала магчымым як дзякуючы выкарыстанню спецслужбаў, так і эфектыўнасці ідэалагічнага ўздзеяння на грамадства, што і падкрэслівае аўтарка. Найважнейшай задачай ідэалогіі было фармаванне ў масавай свядомасці вобраза „ворага“ — як унутранага, так і знешняга. „Ворагі“ на кожным этапе гістарычнага развіцця былі розныя. Іх вызначалі добра адпрацаваныя і скаардынаваныя дзеянні прапагандысцкай машыны і спецслужбаў. Моцная, масавая ідэалагічная апрацоўка грамадскай свядомасці, дэманстраванне грамадству, хто яго „вораг“, — усё гэта падрыхтоўвала поле дзейнасці для спецслужбаў, якія, парушаючы законы, знішчалі „ворага“. Так наступальная, „агрэсіўная“ бальшавіцкая ідэалогія дасягала мэты — палітыка рэжыму знаходзіла падтрымку сярод розных сацыяльных групаў насельніцтва. Да таго ж, ідэалагічная апрацоўка здымала сацыяльную напругу ў грамадстве, стварала ілюзію палітычнай стабільнасці і еднасці грамадства.

Асаблівасцю кнігі з’яўляецца тое, што Т.Процька, выкарыстаўшы архівы КДБ РБ, ФСБ РФ, НАРБ, паказала ролю спецслужбаў у станаўленні аднапартыйнай сістэмы ў БССР, іх выкарыстанне супраць нацыянальнага руху, палітычных праціўнікаў, іншадумства, святароў, кантролю над грамадскімі арганізацыямі і творчымі саюзамі. Выклікае цікавасць выснова Т.Процькі пра тое, што Беларусь у дзейнасці расійскіх спецслужбаў з’яўлялася своеасаблівым „палігонам“, на якім адпрацоўвалася тэхніка і назапашваўся „вопыт“ дзейнасці па нейтралізацыі і зніш­чэнні па­літычных апанентаў і ўвогуле ўсіх, хто не быў згодны  і не выказваў лаяльнасці да рэжыму. Так, 3 сакавіка 1921 г. Надзвычайная камісія Беларусі падрыхтавала і правяла шырокамаштабную аперацыю па ліквідацыі партыі беларускіх эсэраў. У Маскве публічны працэс над эсэрамі адбыўся толькі ў чэрвені–жніўні 1921 г. Гэтае ж самае адбывалася і з меншавікамі. Калі ў БССР „зачыстка“ меншавікоў пачалася восенню 1922 г., то ў маштабе ўсесаюзным яна праходзіла вясной 1923 г. Гэтыя ды іншыя прыклады, якія прыводзіць Т.Процька, сведчаць і даказваюць, што рэпрэсіі, татальны кантроль над беларускім грамадствам пачаўся не ў сярэдзіне 20–х г., як сцвярджаецца ў шмат­лікіх публікацыях, а значна раней — на пачатку 20–х г. Спецслужбы „адзначыліся“ і ў ліквідацыі беларускага нацыянальнага руху. Справы СВБ, БНЦ і БНГ прывялі да таго, што на пачатку 30–х г. была знішчана нацыянальная інтэлектуальная эліта беларускага грамадства, а гэта можна кваліфікаваць як генацыд супраць беларускага народа.

Адной з галоўных задач створанай сістэмы „партыя–дзяржава“ была барацьба супраць чалавека як асобы. Ці не першым крокам у гэтым кірунку стала абмежаванне свабоды руху, якое ў сярэдзіне 20–х г. набыло форму знакамітай прапіскі, не адмененай да цяперашняга часу. Вясной 1934 г. была праведзена пашпартызацыя ўсяго насельніцтва, галоўнай мэтай якой з’яўлялася ўсталяванне татальнага кантролю над кожным чалавекам. Паралельна з гэтым праходзіла абмежаванне ці знішчэнне такіх фундаментальных правоў і свабод чалавека, як свабода веравы­знання, права на атрыманне інфармацыі, права на свабоду слова. Важная роля ў гэтым належала Галоўліту, які на пачатку 20–х г. поўнасцю кантраляваў выпуск друкаванай прадукцыі. Т.Процька сцвярджае, што ідэалагічны тэрор, які ажыццяўляўся рэспубліканскім Галоўлітам, па эфектыўнасці ўздзеяння на грамадства быў нават больш жорсткім, брутальным і ўсеахопным, чым тэрор фізічны.

Выкарыстанне спецслужбаў як аднаго з найважнейшых элементаў таталітарнай сістэмы неабходна разглядаць у кантэксце іх удзелу ў тэроры дзяржавы супраць грамадства. Таталітарызм у сталінскай інтэрпрэтацыі ўнёс у тэрор сваю спецыфіку — спецслужбы і тэрор сталі найважнейшымі элементамі ў падтрыманні стабільнасці сістэмы. Тэрор быў больш шырокай з’явай, чым рэ­прэсіі. У сістэме татальнага тэрору ніхто не адчуваў сябе ў бяспецы: ні першы сакратар ЦК КП(б)Б, ні просты селянін ці рабочы. Так, з дзесяці першых сакратароў ЦК КП(б)Б сем у 1937—1939 г. былі прысуджаны да вышэйшай меры пакарання — расстрэлу, а яшчэ адзін, Я.Гамарнік, скончыў жыццё самагубствам. Тэрор не пашкадаваў і сялян Рыгора Раманіна, Антона Сташэўскага, як і дзесяткі тысяч беларускіх вяскоўцаў, што сканалі ў шматлікіх лагерах ГУЛАГа.

У чацвёртым раздзеле кнігі „Асаблівасці развіцця таталітарнай эканомікі“ аўтарка паказвае, як тыя метады і сродкі, з дапамогай якіх бальшавікі дасягнулі ўлады, непазбежна пераносіліся і на эканоміку. Эканамічная трансфармацыя грамадства звялася да формулы „індустрыялізацыя—калектывізацыя“. Аднак Т.Процька адыходзіць ад складзеных стэрэатыпаў у даследаванні працэсаў „калектывізацыі—індустрыялізацыі“ і звяртае ўвагу на ўсталяванне жорсткага дзяржаўнага кантролю за развіццём эканомікі, аналізу выкарыстання формаў пазаэканамічнага прымусу, ролі камандна–адміністрацыйнага планавання. Дзяржаўны кантроль над эканомікай, бюракратычным увасабленнем якога стала стварэнне  і дзейнасць Рабоча–сялянскай інспекцыі (РСІ), заканамерна эвалюцыянаваў у бок узмацнення кантролю. Яго лагічным  працягам стала выкарыстанне органаў суда і пракуратуры ў 1923—1934 г., а завяршылася ўсё ўмяшальніцтвам спецслужбаў у эканоміку ў 1934—1941 г.

Дзяржаўнае кіраванне эканомікай было жорстка падпарадкавана выкананню планавых паказнікаў (пяцігодак, дзярж­па­ставак сельскагаспадарчай прадукцыі, нарыхтовак і г.д.). Іх выканання можна было дасягнуць толькі з дапамогай страху і рэ­прэсій. Так, да крымінальнай адказнасці з пазбаўленнем волі тэрмінам да 10 гадоў (арт. 93 і 94 Крымінальнага Кодэксу БССР) людзей прыцягвалі за невыкананне планаў сяўбы, дзярж­паставак, рознага кшталту нарыхтовак і г.д. Толькі за першае паўгоддзе 1933 г. па гэтых артыкулах асудзілі  21 405 чалавек. Не адставалі ад органаў юстыцыі і пракуратуры і органы НКУС, якія на працягу 1930—1935 г. „раскрылі“ 18 „шкодніцкіх“ арганізацый у галіне прамысловасці і сельскай гаспадаркі. У 1937—1938 г. зноў пракацілася хваля рэпрэсій супраць „шкоднікаў і сабатажнікаў“ у прамысловасці і сельскай гаспадарцы, якія быццам завышалі аб’ёмы будаўніцтва і капітальных укладанняў, складалі „ня­правіль­ныя“ планы і г.д. Разам з тым, савецкая эканоміка выкарыстоўвала не толькі страх і рэпрэсіі, яна стварыла сістэму ільгот і заахвочвання для перадавікоў вытворчасці і работнікаў апарату кіравання (прынцып „бізуна і перніка“).

Таццяна Процька адзначае, што планавыя паказчыкі афіцыйнай статыстыкі (падкантрольнай органам АДПУ—НКУС), падагнаныя пад патрэбныя лічбы, дасягнутыя з выкарыстаннем працы зняволеных, вымагаюць даволі асцярожна падыходзіць да сцвярджэнняў аб эфектыўнасці савецкай эканомікі, яе накіраванасці на паляпшэнне ўмоў жыцця людзей. Калі і былі якія „перамогі“, то дасягаліся яны коштам вялізных намаганняў мільёнаў людзей, жабрацкім жыццёвым узроўнем насельніцтва, бясплатнай працай зняволеных.

Бяспрэчнай каштоўнасцю кнігі стаў ілюстрацыйны матэрыял — больш за 100 фотаздымкаў, многія з якіх чытач можа пабачыць упершыню. Сярод іх фота партыйных кіраўнікоў рэспублікі, ведамасць працы зняволеных Мінскага лагера прымусовых работ, мемарандум аб „беларускім шавіністычным руху“, анкета арыштаванага органамі АДПУ мітрапаліта Мелхіседеэка і шмат іншых, якія выявіла аўтарка ў архівах КДБ РБ і ФСБ РФ.

Трэба заўважыць, што кніга Т.Процькі выйшла ў Беларусі ў час, калі, як адзначае аўтарка, яшчэ „ў другой палове 90–х гадоў вызначылася тэндэнцыя аднаўлення элементаў савецкай таталітарнай сістэмы з некаторай мадэрнізацыяй“. Нельга не пагадзіцца з ёй, што гэтая тэндэнцыя знайшла падтрымку сярод значнай часткі насельніцтва, палітычнага істэблішменту і нават навуковай грамадскасці. Праявамі новай тэндэнцыі стала рэзкае скарачэнне публікацый, якія закранаюць падзеі 20—30–х г., згортванне дзейнасці групы па вывучэнні сталінскіх рэпрэсій у Інстытуце гісторы НАН, абмежаванне доступу да архіваў КДБ РБ, публікацыя прац адыёзнага гісторыка–сталініста Адама Залескага, у якіх адкрыта абараняецца таталітарная сістэма і яе лідэры. Поглядам артадоксаў, што абапіраюцца на камуністычную ідэалогію 30—50–х г., Т.Процька супрацьпаставіла вялізны дакументальны матэрыял з архіваў КДБ РБ, ФСБ РФ, НАРБ, які паказвае жудасны твар таталітарызму ў Беларусі. Прачытаўшы кнігу, многія калі не адмовяцца ад камуністычных ідэй, то ў кожным разе задумаюцца пра кошты „перамог і дасягненняў“ савецкай улады ў час будаўніцтва сацыялізму. Задумаюцца і над тым, ці патрэбны былі такія „перамогі“ і „дасягненні“.

Зразумела, у кнізе ёсць і недахопы. Прыкладам, некаторыя тэмы агучаны тэзісна, асобныя параграфы надта дробныя, галоўная ўвага аддаецца аналізу дзейнасці спецслужбаў, але гэта ніякім чынам не змяншае вартасцяў працы. Кніга Таццяны Процькі стала значнай з’явай у беларускай гістарыяграфіі, і гэтая праца не застанецца незаўважанай. Несумненна, яна знойдзе як добразычлівых чытачоў, так і зацятых праціўнікаў, выклі­ча спрэчкі і палеміку, што таксама будзе сведчыць пра вартасць працы гісторыка.

Мінск

Анатоль Вялікі

Наверх

Беларусізацыя ў дакументах (Ігар Клімаў)

Снежня 16, 2001 |


* Беларусізацыя: 1920-я гады: Дакументы і матэрыялы / Пад агульнай рэд. Р. П. Платонава і У. К. Коршука. Мінск: БДУ, 2001. 270 с.

Публікацыя дакументаў, здзейсненая кафедрай сусветнай і айчыннай гісторыі БДУ і Археаграфічнай камісіяй Рэспублікі Беларусь, асвятляе адно з найбольш цікавых і актуальных цяпер пытанняў — пра моўную палітыку савецкай дзяржавы на Беларусі. Падзеі 1920-х г. і дагэтуль займаюць не толькі навукоўцаў, але і шырокую грамадскасць. Сваю кнігу выдаўцы слушна адрасуюць разнастай най аўдыторыі — ад навукоўцаў да «ўсіх, хто цікавіцца гісторыяй Беларусі». На Беларусі пакуль няма грунтоўнай сінтэтычнай працы, прысвечанай беларусізацыі, і таму дадзенае выданне можа на нейкі час закрыць гэтую лакуну.

Зборнік змяшчае дакументы галоўным чынам Нацыяналь нага архіва Рэспублікі Беларусь (з фондаў партыйных ды ўрадавых органаў і адукацыйных устаноў краіны). Публікатары таксама перадрукавалі некаторыя акты, што выйшлі тады ў друку, і асобныя матэрыялы з савецкай перыёдыкі тых часоў.

Падборам дакументаў выдаўцы імкнуліся «паказаць працэсы распрацоўкі палітыкі беларусізацыі, раскрыць яе сутнасць, разуменне ў 1920-я г., асаблівасці і этапы правядзення, тэндэнцыі і супярэчнасці развіцця» (3). Свой матэрыял яны згрупавалі ў тры цыклы, якія адлюстроўваюць: а) мэты і кірункі гэтай палітыкі; б) спосабы і формы яе ажыццяўлення; в) праблемы, што ўзнікалі пры гэтым (маюцца на ўвазе выступы супраць палітыкі беларусізацыі). Публікацыя складаецца з трох частак, кожная з якіх так ці інакш характарызуе «палітыку», «практыку» і «супярэчнасці» беларусізацыі за дзесяцігоддзе. Дакументальны матэрыял атачае працяглая прадмова Р. Платонава, а таксама кароткае заключэнне і іменны паказальнік. Некаторыя персаналіі і рэаліі дакументаў суправаджаюцца сціслымі каментарамі Р. Платонава ў выглядзе пастаронкавых заўваг.

У кожнай частцы дакументы змешчаны ў храналагіч ным парадку. Паводле жанру яны вельмі разнастайныя: гэта рэзалюцыі органаў улады і пратаколы нарад ды паседжанняў; статыстычныя даведкі партыйных канцылярыстаў і імперсанальныя справаздачы партыйных органаў; дырэктывы, пастановы, заклікі і звароты; тэзісы партыйнага кіраўніцтва і артыкулы ці зацемкі з перыёдыкі. Сярод іх як зусім невядомыя дакументы, якія ўпершыню вынесеныя на свет з архіва, так і вядомыя раней — па згадках ці цытатах у працах беларускіх гісторыкаў, але поўнасцю ніколі не публікаваныя ці апублікаваныя ў маладасяжных цяпер крыніцах.

Многія архіўныя матэрыялы ўяўляюць сабой сакрэтныя дакументы (25). У СССР пратаколы і допісы кіруючых органаў партыі і ўраду, а таксама шмат відаў статыстыкі і справаздачнасці гэтых органаў не прызначаліся для публікацыі, а самі іх паседжанні і нарады часта насілі закрыты характар. Такія дакументы больш адкрыта і непрыхавана адлюстроўвалі сапраўдныя матывы ды мэты бальшавіцкага кіраўніцтва; менавіта яны ў першую чаргу прыцягваюць увагу гісторыка. Большасць жа публічных дакументаў, вядомых у тыя часы ці апублікаваных пазней у савецкі час, маюць для гісторыка меншую карысць. Публічная сфера ў краіне саветаў падлягала жорсткай цэнзуры і была арэнай буйнамаштабных прапагандысцкіх акцый і фальсіфікацый. Уся інфармацыя, што трапляла да шырокай публікі праз друк і радыё, была адмыслова прэпараваная і сфальшава ная ў кірунку, патрэбным уладам (не выключаючы і навуковыя публікацыі дакументаў). Таму карыстанне савецкай публічнай інфармацыяй патрабуе валодання эзопавай мовай і пэўнага досведу вычытвання паміж радкоў, што, зразумела, не ўсім дасяжна.

У цяперашні час беларусізацыя 1920-х г. выглядае калі не перыядам імклівага і паспяховага развіцця нацыі, дык, па меншай меры, бяскрыўдным і карысным культурніцкім праектам. Сапраўды, праз крывавыя сталінскія рэпрэсіі і анемічныя гады застою тая эпоха выглядае «залатым векам», перыядам адраджэння і росквіту беларускай мовы і культуры. Цяпер шмат хто ідэалізуе той перыяд, ствараючы новыя міфы пра адносіны паміж беларускай культурай і дзяржавай, перабольшваючы поспехі і дасягненні беларусізацыі. Здзейсненая публікацыя дае магчымасць лепш зразумець прычыны і мэты савецкай палітыкі на Беларусі ў галіне мовы і культуры, дэталёва разгледзець яе чыннікі і механізмы, нанова асэнсаваць яе вынікі і здабыткі.

Савецкая дзяржава мела вельмі грунтоўныя прычыны, каб праводзіць беларусізацыю. Частка гэтых прычын вынікала з бальшавіцкай дактрыны (як яна разумелася і рэалізоўвалася ў тыя часы) аб пабудове сацыялізму ў адной, прычым адсталай краіне, сярод варожага атачэння. Другая частка прычын стваралася бягучым момантам, жывілася запатрабаваннямі бальшавіцкай унутранай і знешняй палітыкі.

Палітыка беларусізацыі, што праводзілася ў 1920-я г., сваёй мэтай мела пабудову беларускага сацыялістычнага грамадства, а зусім не беларускай нацыянальнай дзяржаўнасці, як гэта ўдае камусьці з сучасных назіральнікаў. Таму беларусізацыя не падмяняла і тым больш не адмяняла нацыянальнай палітыкі[1] (4—5, 94), што тады падкрэслівалі бальшавіцкія лідэры. Беларусізацыя была накіравана на беларускі этнас як найбольш адсталы культурна і эканамічна, які, аднак, складаў пераважную большасць насельніцт ва ў ССРБ / БССР (14, 55—56, 60). Беларускае сялянства[2] ў рэспубліцы супрацьстаяла малалікаму расійскамоўнаму гораду (59), што аслабляла пазіцыі горада (і ўлады) на вёсцы (60). Будаваць сацыялізм у гарадах Беларусі без падтрымкі вёскі, якая забяспечвала горад харчаваннем, сыравінай і людскімі рэсурсамі, але «варылася» ў дробнабуржуазнай стыхіі, было немагчыма. Таму савецкае кіраўніцтва разлічвала праз беларусізацыю дзяржаўнага апарату зрабіць сялянства саюзнікам новай улады (43, 55, 56, 99, 147).

У гэтых мэтах і папулярызацыя бальшавізму сярод сялян-беларусаў (гэта называлася «палітыка-асветнай», пазней «ідэалагічнай» працай) мусіла весціся на беларускай мове (98): «Патрэбна навучаць і ўцягваць у комунізм беларускага поўпролетара і пролетара беларускай вёскі на яго роднай, зразумелай яму, штодзённай і бытавой для яго беларускай мове» — заклікала яшчэ ў 1921 г. адна з партыйных рэзалюцый (43). У тым самым годзе «заява 32-х» (беларускіх нацыянал-камуністаў) патрабавала: «Необходимо как можно обильнее снабжать беларусское крестьянство и рабочих коммунистической литературой на белорусском языке (крестьянская газета, орган профессиональных союзов, листки, брошюры, календари и т. п.). Необходимо, чтобы ЦБ Коммунистической партии Белоруссии повело агитацию и пропаганду среди белорусских масс на белорусском языке» (30). «Крестьянину нужна понятная, популярная научная литература на белорусском языке, в которой он находил бы чёткую партийную линию», — патрабаваў у 1923 г. эмісар ЦК РКП(б) (56). «…Рабочий должен подойти к крестьянину с его родным белорусским языком, только так можно полно руководить крестьянством», — згаджаўся ў 1926 г. А. Крыніцкi, першы сакратар ЦК КП(б)Б (98). Яму падтакваў у 1928 г. і его пераемнік В. Кнорын: «Верхавіны павінны вывучыць гэтую мову, каб кіраваць масамі» (120). У тым годзе адзін з беларускіх пісьменні каў-камуністаў лічыў: «Изучение рабочим классом Белоруссии её культуры и языка должно cтать одним из средств влияния этого класса на крестьянство» (249).

У адваротным выпадку вялізная сялянская маса, якой бальшавікі не давяралі з прычыны яе дробнабуржуазнасці, магла застацца без «пралетарскага» ўплыву (42—43) і выйсці з-пад кантролю ўлад. Такім чынам, беларусізацыі вымагаў тагачасны «палітычны момант», задачы «пабудовы сацыялізму» ў эканамічна і культурна адсталым рэгіёне, усталявання кантролю новай гарадской улады над вясковым насельніцтвам Беларусі.

Апрача гэтых ідэалагічных мэтаў, істотных на той час для бальшавікоў, беларусізацыя дазваляла ўладам вырашыць шэраг вельмі важных задач унутранай і знешняй палітыкі:

а) усталяваць кантроль над беларускім нацыянальным рухам, што шырыўся з пачатку XX ст. сярод мясцовых беларускіх інтэлектуалаў. Гэты рух бальшавіцкае кіраўніцтва аніяк не магло пакінуць без увагі (53) і ўплыву камуністыч най ідэалогіі, а таму патрабавала ўсталявання супрацоўніц тва з беларускай інтэлігенцыяй (79), большасць з якой стрымана паставілася да маскоўскіх бальшавікоў, варожых беларускай культуры[3];

б) з’агітаваць беларускае насельніцтва ў Польшчы, дзе беларусы падлягалі пэўным абмежаванням, а іх любыя інстытуцыі не мелі падтрымкі і часта нават сімпатыіі дзяржавы. Таму «прыклад» узорнай Савецкай Беларусі меў «рэвалюцыянізуючы» характар для нацыянальна-вызвольна га руху беларусаў Польшчы і спрыяў дэстабілізацыі становішча ў гэтай краіне[4];

в) выкарыстаць дасягненні нацыянальнай палітыкі ў знешнепалітычнай дзейнасці і ва ўнутранай прапагандзе. Найважнейшай перамогай тут сталася нейтралізацыя і раззбраенне беларускай эміграцыі, якая спыніла антысавец кую барацьбу і прызнала Савецкую Беларусь у якасці «адзінага цэнтра беларускага нацыянальнага руху». Некаторыя эмігранцкія лідэры нават пераехалі ў Менск, дзе занялі высокія, хоць і не адказныя пасады.

Гэтыя мэты і задачы выдатна разумеліся бальшавікамі, аб чым пераканаўча сведчаць матэрыялы публікацыі. Так, ужо ў «заяве 32-х» ад 1921 г. беларускія нацыянал-каму ністы падкрэслівалі перш за ўсё палітычныя выгоды, што прыносіла новай уладзе беларуская дзяржаўнасць (28). Ігнараванне «беларускага пытання», адзначалі яны, вяло да вельмі небяспечных памылак: «незадаволенасць у народных працоўных масах» і «змена настрояў сялянства не на карысць Савецкай улады» (30). Гэтыя перамены былі абумоўленыя хутчэй за ўсё цяжарам эканамічнай ды сацыяльнай палітыкі бальшавікоў, аднак беларускія нацыянал-ка муністы выдавалі іх за пралік цэнтра ў нацыянальным пытанні. У іншым дакуменце, што адлюстроўвае дыскусію на партканферэ нцыі ў 1923 г., партыйныя кіраўнікі падкрэслі валі перш за ўсё знешнепалітычныя дывідэнты ад беларусізацыі (49—51).

Сапраўдныя мэты і сэнс палітыкі беларусізацыі ўжо ў 1920-я г. былі відавочныя і замежным назіральнікам. Тамаш Грыб, адзін з дзячаў БНР і лідэраў партыі беларускіх эсэраў, так бачыў мэты гэтай палітыкі:

«Kab dziaržaŭnyja ŭradoŭcy-biurokraty, viedajuczy biełaruskuju movu, sprytniej i czym chutczej mahli abduryć biełaruskaha sielanina i rabotnika, źbiantežanaha intelihienta, dy macniej zacisnuć biełaruski narod u žaleznyja abcuhi kalonijalnaha vyzysku. Niachaj sabie, maŭlaŭ, i ŭ biełaruskaj movie havorać, piszuć i drukujuć — heta nia važna, aby tolki źmiest byŭ ahulnaruski, vialikadziaržaŭnicki»[5].

У 1926 г. А. Крыніцкi, першы сакратар ЦК КП(б)Б, канстатаваў магчымасць двух шляхоў, па якіх можа пайсці партыя на Беларусі: «либо стать безоговорочно на путь полной ассимиляции, т. е. полного приспособления, обрусения белорусского населения… Либо можно дать поддержку … белорусизации» (97). У 1920-я г. партыя абрала другі шлях, і толькі шмат пазней вярнулася да першага. Зразумела, чаму партыя вырашыла «размаўляць з масамі … на іх роднай мове» (119). У 1920-я г. ступень і інструменты яе ўздзеяння на грамадства былі абмежаваныя і недаскана лыя. Беларусізацыя бачылася партыйным лідэрам дзейсным інструментам, які дазваляў дасягнуць шэрагу важных знешне- і ўнутрыпалітычных мэтаў, спрыяў планам па пабудове сацыялістычнай Беларусі. Сукупнасць палітычных выгод і ідэалагічных прыярытэтаў і падштурхнула ўлады да беларусізацыі.

Шырокамаштабная палітыка беларусізацыі была абвешчаная ліпеньскімі 1924 г. пастановамі ЦК КП(б)Б і ЦВК БССР, а таксама рэзалюцыямі некалькіх наступных пленумаў ЦК КП(б)Б у 1925-26 г.[6] У сваіх кірунках яна цалкам адпавядала праграме нацыянальнага будаўніцтва, шырока разгорнутай з 1924 г. па нацыянальных рэгіёнах СССР[7].

Беларусізацыя стала інтэгральным складнікам бальшавіцкай культурнай рэвалюцыі, мэтай якой была пабудова ў СССР мадэрнізаванага грамадства. Аднак большасць этнасаў Савецкай імперыі ўяўлялі сабой даіндустрыяльныя соцыумы з патрыярхальнымі адносінамі і досыць архаічнай культурай нееўрапейскага кшталту (гл. у партыйнай рэзалюцыі таго часу, 59). Менавіта культурная рэвалюцыя і мусіла вывесці іх з такога стану, далучыць да перадавых тэхналогій і ідэй, давесці да патрэбнага ўладам узроўню мабілізацыі. Таму культура разам з мовай і навукай зрабілася ў краіне саветаў сферай дзяржаўнай палітыкі. Гэтая палітыка ў дачыненні да ўсіх народаў Савецкай імперыі, апрача расійскага, атрымала назву нацыянальна-культур нага будаўніцтва . Яна палягала ў паскораным фармаванні «сацыялістычнай нацыі», іншымі словамі — у фарсаванай мадэрнізацыі адсталых этнасаў (а зусім не ў адраджэнні беларускага народа, як мяркуе Р. Платонаў, 7).

Нацыянальна-культурнае будаўніцтва ў СССР прадугледжвала шэраг культурна-асветніцкіх і адміністрацый ных мераў. Падобныя меры актыўна выкарыстоўваліся на той час па ўсім СССР, былі яны ўжытыя і ў Савецкай Беларусі. Такія меры залучалі:

а) перавод выкладання на родную мову карэннай нацыянальнасці не толькі ў пачатковай, але і ў сярэдняй і прафесійна-тэхнічнай школе, а па магчымасці і вышэйшай (62, 76—77, 132—134);

б) пашырэнне кнігавыдання на нацыянальных мовах, па магчымасці, з давядзеннем долі нацыянальных выданняў прапарцыйна колькасці насельніцтва гэтай нацыяналь насці (61, 85, 135), але ў фокусе выдавецкай палітыкі была пераважна прапагандысцкая літаратура;

в) перавод (у большасці выпадкаў частковы) органаў рэспубліканскага і мясцовага друку на мову карэннай нацыянальнасці (73);

г) перавод зносін і справаводства ў савецкім і (па магчымасці) партыйным апараце, прафсаюзах, службах камунікацыі і ў мясцовых адзінках Чырвонай Арміі на мову карэннай нацыянальнасці (65, 72—73, 85, 87, 130—131), перад усім тых галін апарату, што кантактавалі з мясцовым насельніцтвам (99) і ў тых камунікацыйных жанрах, што мелі масавы, публічны характар (78);

д) пры заняцці пасад аддаваць перавагу кадрам з ліку карэннай нацыянальнасці, а сярод іншанацыянальных кадраў — тым, хто ведае мясцовую мову і мясцовыя ўмовы (67, 81—82); адпаведна гэтаму павялічваўся і працэнт прадстаўнікоў карэннай нацыянальнасці ў складзе выбарных органаў (82—83);

е) вывучэнне супрацоўнікамі апарату мясцовай мовы і культуры (68, 131, 137—138).

Гэтыя меры тычыліся не толькі беларускага этнасу і яго мовы, але і яўрэйскага, чыя прысутнасць была адметнай на Беларусі; звярталася ўвага таксама на польскае і нават літоўскае ды латышскае насельніцтва. З мэтай уцягнуць нацыянальныя меншасці ў сацыялістычнае будаўніцтва на Беларусі ствараліся нацыянальная саветы і нават цэлыя раёны, нацыянальныя школы і асветніцкія ўстановы (123).

Важным кірункам нацыянальнага будаўніцтва было развіццё моў раней прыгнечаных народаў. На думку бальшавіцкіх лідэраў, толькі з распрацаванай ды дасканалай літаратурнай мовай можна дасягнуць эканамічнай ды палітычнай спеласці этнасу (г. зн., яго мадэрнізацыі), ператварыць яго ў сацыялістычную нацыю. Дзеля гэтага мовы, што не мелі літаратурнай формы, атрымлівалі яе; мовы, слаба распрацаваныя ці чыя распрацаванасць не задавальняла бальшавікоў (напрыклад, як адарваная ад жывой гаворкі), набывалі новыя кірункі развіцця. Развіццё літаратурнай мовы штучна прыспешвалася : яна набывала належную апрацоўку ў слоўніках, граматыках і падручніках, дапускалася ў тыя галіны камунікацыі (напрыклад, навука і тэхніка), дзе раней не ўжывалася. Разам з гэтым улады стымулявалі развіццё нацыянальнай школы, тэатра і друку, падтрымлі валі літаратурную творчасць і народную самадзейнасць. А гэта, у сваю чаргу, стварала новыя сферы ўжытку нацыянальнай мовы. Яна пачынала абслугоўваць этнас на ўсёй тэрыторыі яго распаўсюджання — таму важнае значэнне мела межаванне і правільнае вызначэнне этнічнай тэрыторыі . Менавіта такі лёс зазнала ў 1920-х г. і беларуская мова, якая перад тым не мела допуску нават у друк і школу, не кажучы ўжо пра афіцыйныя ўстановы, і доўгі час нават была забаронена (была «вне закона», 95).

Галоўным пытаннем беларусізацыі партыя абвяшчала беларускую мову (60). Тут улады, сапраўды, сутыкнуліся са значнай праблемай. Беларуская літаратурная мова не была падрыхтаваная да функцыянавання ў якасці сродку высокай камунікацыі. Яе рэсурсы былі недастаткова распрацаваныя, а нормы нестабільныя. Да таго часу беларуская мова існавала як дыялект і не мела адметнай практыкі выкарыстання ў пісьмовай галіне (за выключэннем мастацкай літаратуры), тым больш у сферы грамадска значнай камунікацыі (16, 60—61, 102, 232). «…Белорусский язык составляет ся искусственно. <…> …В школах … внедряется искусствен но созданный белорусский язык. <…> …Фактически вся учительская масса не знает белорусского языка» — гэтак трактаваў тагачасную беларускую мову адзін з партыйных актывістаў у 1923 г. (48—49). На гэта У. Ігнатоўскі адказваў:

«Это факт, что у нас … нет единого белорусского языка, и тот язык, который преподаётся, не есть ещё народный. <…> Верно замечено, что тот белорусский язык, о котором идёт речь, во многом искусственный, в нём мало взято из жизни. Но следует отметить, что язык литератур ный приближается к народному по мере пользования им массой. До сих пор белорусский язык создавался интеллигентами. <…> Поэтому вполне естественно различие между искусственным и народным языком, и разрыв будет преодолён тогда, когда мы все будем пользоваться белорусским языком» (51).

Разам з укараненнем беларускай мовы ў прэстыжных сферах мусіла ісці і далейшая распрацоўка яе сродкаў, развіццё спецыяльнай тэрміналогіі, чаму партыя аддавала пільную ўвагу (61, 72). Рэзалюцыя 1925 г. пленума ЦК КП(б)Б нават абавязала «Наркомпрос и Инбелкульт срочно организовать работу по выработке популярного белорусского языка, наиболее близкого к деревне» (61). Рэзалюцыя іншага пленума таго самага года абвяшчала «вопросы развития и разработки языка», асабліва «под тем же углом зрения максимальной понятности для деревни», аб’ектам «ближайшего внимания партии» (72). Партыя заклікала «вести решительную борьбу против не преодолённого ещё до конца шовинистического взгляда на белорусский язык как на якобы выдуманный и „искусственный” » (72).

Удасканаленне беларускага правапісу зрабілася адным з аб’ектаў партыйнай увагі, што аформілася ў Акадэмічную канферэнцыю па правапісу, якая адбылася ў Мінску ўвосень 1926 г. Публікацыя сакрэтнага даклада У. Ігнатоўскага (102—109) сведчыць, што ўлады разглядалі яе перш за ўсё як палітычна-прапагандыскую акцыю, і толькі потым — як навуковае мерапрыемства[8]. Канферэнцыя рыхтавалася (пры ўдзеле органаў ОГПУ) вельмі паспешліва, як процівага да Усебеларускага з’езду, які «варожыя» арганізацыі замежжа меркавалі неўзабаве склікаць (103). З дакладу бачна, што канферэнцыя, на задуму ўладаў, мусіла насіць пераважна рэкламна-прапагадысцкі характар, разлічаны ў асноўным на замежную аўдыторыю (104—109), і, як паказвае ў прадмове Р. Платонаў (10), гэтая мэта была дасягнутая.

Пашыраючы ўжытак беларускай мовы, улады сутыкнуліся яшчэ з адной складанасцю. Пераважная большасць беларускага насельніцтва была слаба знаёмая са сваёй літаратурнай мовай. Набыццё адукацыі раней для беларусаў заўжды адбывалася ў чужой мове і азначала асіміляцыю з чужыннай культурай. Таму яны, маючы нізкі ўзровень свядомасці, выяўлялі піетэт да больш распрацаваных расійскай ці польскай моў і на іх фоне ўспрымалі беларускую мову як штучную ці недасканалую (48—49, 52, 56—57, 95), незразумелую (212, 215), нават «холопскую, не дающую никаких прав» (60, 90—91). Улады добра разбіраліся ў тагачаснай моўнай сітуацыі. Бліскучы сацыялінгвістычны аналіз становішча беларускай мовы ў грамадстве падаў А. Крыніцкi, першы сакратар ЦК КП(б)Б (94—97, 100—101). Партыйнае кіраўніцтва зважала на русіфікаванасць часткі беларускага насельніцтва і меркавала мяккімі мерамі, прыкладамі і праз тлумачальную працу заахвоціць беларусаў да карыстання роднай мовай у прэстыжных сферах камунікацыі (20—21, 98—99, 101). Насельніцтва, пад уплывам шавіністычнай ідэалогіі, напачатку сустрэла ўвядзенне беларускай мовы непрыхільна, так што нават спатрэбілася весці ў масах тлумачальную працу аб мэтах і задачах гэтай палітыкі беларусізацыі (84, 91). Але ўжо ў 1926 г. А. Крыніцкi, першы сакратар ЦК КП(б)Б, адзначаў, што ў беларускіх акругах:

«…Крестьянин уже на практике, на опыте убедился, что белорусский язык это не есть „бесправный язык” и „мужицкий язык”, с которым учиться нельзя, с которым только „детей запутать можно”, а дальше никуда не пойдёшь, там крестьянин видит, что этот язык такой же равноправный, как язык русский, потому предпочитает пользоваться своим белорусским языком» (97).

Нігілізм беларусаў да роднай мовы актыўна скарыстоўвалі праціўнікі беларусізацыі. Паводле Ігнатоўскага, яны ператварылі «белорусский язык в жупел, которым пугают крестьян, говорящих на этом языке» (52, аналагічна 147). У 1926 г. сход сялян адной вёскі Капыльскага раёна нават пастанавіў: «Ликвидировать белорусский язык и потребовать от власти быстрого его уничтожения» (212). Насельніцтва настройвалася супраць беларускай мовы расійскамоўным чынавенствам і настаўніцтвам, у асаблівай меры прасякнутых шавіністычнай ідэалогіяй (210—211); іншы шыхт, апантаны гэтай ідэалогіяй, духавенства, быў выключаны з грамадскага жыцця, хоць і яго ўплыў нельга ігнараваць. Свае погляды шавіністы наважваліся абараняць публічна (214—217, 222—224, 228—230), падаючы іх за меркаванне ўсяго насельніцтва Беларусі ці супрацьпастаўляючы «беларусіфікацыю» марксісцкаму, пралетарскаму інтэрнацыяналізму (48, 230). Непрыхільнае стаўленне да беларускай мовы існавала і сярод яўрэйскіх рабочых (192—193), асабліва ў іх русіфікаванай частцы. Трываласць і пашыранасць шавіністычнай, імперскай ідэалогіі сярод насельніцт ва Беларусі сведчыць пра высокую ступень русіфікацыі краіны за царскім часам. Партыя ставіла задачу пераадолець у насельніцтве пагардлівае стаўленне да беларускай мовы (60, 71, 94), асабліва звяртаючы ўвагу на рэакцыйныя погляды былых расійскіх чыноўнікаў, што знаходзіліся на службе ў савецкай улады (65, 70, 110—111, 218).

Іншым важным кірункам нацыянальна-культурнага будаўніцтва быў тэрытарыяльны аспект. Для буйных ці важных этнасаў[9] СССР ствараліся саюзныя і аўтаномныя рэспублікі, нацыянальныя акругі і раёны, праводзілася вылучэнне нацыянальных адзінак у межах ужо існуючых утварэнняў, іх узбуйненні ці размежаванні. У тагачаснай партыйнай тэрміналогіі гэта называлася нацыянальна-дзяр жаўным будаўніцтвам . Яго мэтай было аб’яднанне пад адной нацыянальнай адміністрацыяй усёй тэрыторыі распаўсюджання дадзенага этнасу, калі яна ўтварала адзіны эканамічны рэгіён. На думку бальшавікоў (далёка небеспадстаўную), гэта паскарала працэс складвання (развіцця) сацыялістычнай нацыі («рэвалюцыянізавала » працоўных) і дазваляла перадухіліць магчымыя злоўжыванні з боку кіраўнічага апарату, што пагражала дэстабілізацыяй становішча ў шматнацыянальнай дзяржаве.

Менавіта з гэтых пазіцый зыходзіла кіраўніцтва Савецкай Беларусі, калі ў 1-й палове 1920-х г. патрабавала далучэння да Савецкай Беларусі ўсходніх абшараў, населеных беларусамі, якія на той момант знаходзіліся ў складзе РСФСР[10]. Такія патрабаванні выстаўлялі яшчэ раней беларускія эсэры і нацыянал-камуністы, аднак тагачаснае маскоўскае кіраўніцтва ігнаравала іх. Толькі пасля ўтварэння СССР і ўсталявання дзейснага кантролю над Беларуссю яно згадзілася вырашыць і пытанне аб павелічэнні тэрыторыі ССРБ на ўсход. Вядома, што мясцовае бальшавіцкае кіраўніцтва гэтых раёнаў адмоўна паставілася да такога далучэння (88, 91—93), паколькі гэта перасякала кантакты мясцовых функцыянераў з маскоўскім кіраўніцтвам і прымушала іх праводзіць беларусізацыю , гэтак ненавісную шавіністам . Аднак беларускае кіраўніцтва высоўвала шэраг аргументаў, якія Маскве цяжка было аспрэчыць: а) эканамічны: аб’яднанне ў межах адной рэспублікі раёнаў з аднолькавым гаспадарчым ладам і з цеснымі ўзаемасувязямі, б) ідэалагічны : узмацненне ў аграрнай Беларусі пралетарскай базы, в) прапагандысцкі : стымуляванне прасавецкага руху сярод беларусаў Польшчы (92).

Дакументы зборніка пераканаўча сведчаць, што беларусізацыя мела рысы чарговай буйнамаштабнай кампаніі , якую ўлады самі ініцыявалі і праводзілі пад сваім кантролем . Ужо з 1921 г. кіраўніцтва патрабавала ўводзіць беларускую мову «ўдарнымі тэмпамі» ў друк, установы асветы і ўлады. «Наркомпрос решил в течении года перевести преподавание во всех школах на белорусский язык, не имея для этого ни достаточного количества педагогов, ни учебных пособий», — выказваўся ў 1923 г. адзін з партыйных кіраўнікоў (55). З 1924 г. да гэтага дадаліся дырэктывы, планы і нават лічбы беларусізацыі (з абавязковымі рапартамі аб іх выкананні). Яны падлягалі праверцы вышэйшымі органамі (прычым правяралася нават асабістае карыстанне службоўцамі беларускай мовай!) і ў выпадку невыканання цягнулі розныя санкцыі (198—205). Праўда, пад пакаранні найчасцей траплялі шараговыя супрацоўнікі (206). З 1925 г. «раздзелы пра беларусізацыю… сталі ўключацца ва ўсе колькі-небудзь значныя рашэнні партыйных і дзяржаўных органаў. Без спасылак на беларусізацыю не абыходзілася амаль ні адна прамова…» — піша Р. Платонаў (16). Але ў 1928—29 г. імпэт партыйнага кіраўніцтва ў правядзенні беларусізацыі значна саслабнуў, хоць па інерцыі кампанія працягвала каціцца далей. Калі ж улетку 1929 г. погляды маскоўскіх уладаў на мэты і змест нацыянальнай палітыкі радыкальна змяніліся, то і беларусізацыя была хутка згорнутая менш чым за адзін год.

Зразумела, і ў партыі, і сярод насельніцтва заўжды знаходзіліся прыхільнікі гэтай кампаніі, якія спрыяльна і зацікаўлена ставіліся да беларускай справы. Р. Платонаў у сваёй прадмове слушна адзначае, што галоўнымі энтузіястамі беларусізацыі сталі беларускія нацыянал-камуністы, якія актыўна ўключыліся ў нацыянальную працу (13). Вядомыя матэрыялы паказваюць, што беларусізацыя ішла імкліва і нефармальна ў тых раёнах і галінах, дзе ёю кіравалі менавіта нацыянальна свядомыя адміністратары. Калі яны з’язджалі, то беларуская справа часта губляла свой імпэт і хутка ператваралася ў казённае мерапрыемства[11].

На гэтай падставе некаторыя сучасныя аўтары мяркуюць, што палітыка беларусізацыі была навязаная бальшавіцкаму кіраўніцтву мясцовымі нацыяналістамі і праводзілася ледзь не выключна іх высілкамі[12]. Сапраўды, публікацыя паказвае, што да 1924 г. выкарыстанне беларускай мовы ў дзяржапараце БССР было абмежаванае ў лепшым выпадку сістэмай адукацыйных устаноў. Але і туды беларуская мова, якая да рэвалюцыі не мела легальнага доступу ў школу, пачала трапляць пад ціскам беларускіх нацыянал-ка муністаў. Іх удзел у правядзенні палітыкі беларусізацыі, безумоўна, значны. Яны адыгрывалі ролю групы ціску і напаўнялі афіцыйнае мерапрыемства жывой працай.

Аднак абсалютна слушна даводзіць у прадмове Р. Платонаў, што беларусізацыя была складнікам тагачаснай партыйнай палітыкі, якая праводзілася на дзяржаўным узроўні (7—8, 259). Матэрыялы публікацыі пераканаўча сведчаць, што ініцыятарам, правадніком, потым душыцелем беларусізацыі была кампартыя[13]. Гэта і зразумела, паколькі ёй належала кіраўнічая роля ў савецкім грамадстве, яна была адзіным арганізатарам усіх перамог (і параз) савецкага народа.

У цэлым беларусізацыя вялася не нацыянальна свядомымі актывістамі, а дзяржаўным апаратам і амаль выключна — дырэктыўным, загадным метадам (гл. розныя матэрыялы ў 2-й частцы, асабліва 139—146, 149—198). Інакш і быць не магло ў таталітарнай краіне; як у любой савецкай кампаніі, у ёй пераважалі казёншчына і фармалізм[14]. Улады і самі прызнавалі памылкі і недахопы ў яе правядзенні, павярхоўнасць і хаатычнасць сваіх мераў, злоўжыванне голымі метадамі адміністравання і камандавання (77, 83). Мноства мераў і справаздач насілі парадны, паказны характар (120). Таму трэба з вялікай насцярогай ставіцца да тагачасных паказчыкаў беларусізацыі (18—19) — савецкая бюрактатыя была вельмі здатная рапартаваць аб выкананні цэнтральных дырэктыў. Так, у 1926 г. А. Крыніцкi, першы сакратар ЦК КП(б)Б, быў вымушаны канстатаваць, што «государственный аппарат говорит до сих пор в [белорусских] округах с крестьянином только по-русски, только по-русски выходит печать» (95). Прымушаныя да выкарыстання беларускай мовы, чыноўнікі нават і ў 1929 г. ведалі яе вельмі павярхоўна і калі і ўжывалі, то альбо недалугую мешаніну з расійскіх і беларускіх словаў, «альбо ўсе словы і пабудаванне мовы» ў іх мелі «расійскі выгляд з некаторым адценнем беларусізацыі» (199). Карыстанне беларускай мовай, недастаткова распрацаванай і нестабільнай у сваіх нормах, спараджала камунікацыйныя цяжкасці і ў расійскамоўных навукоўцаў Беларусі. Выкладчык вну ў Горках так казаў у 1927 г. пра моўныя складанасці:

«Беларуская мова ў галіне нашых ведаў, у галіне нашай навукі недастатачна распрацавана, недастатачна развіта. Праца на беларускай мове прадстаўляе большую складанасць… Наколькі палажэнне навуковых працаўнікоў, працуючых за межамі Беларусі, адрозніваецца ў гэтых адносінах, я нядаўна адчуў на сабе, калі трапіў у Саратаў, дзе павінен быў чытаць лекцыі. Мне, працуючаму ўжо некалькі гадоў у Беларусі, проста здалося незвычайным, што людзі зусім свабодна гавораць, што ў іх няма гэтых труднасцей, няма гэтай сталай думкі аб тым, як быць з мовай» (232).

Без сумневу, большасцю дзяржаўнага апарату беларусізацыя нават у часы яе апагею ўспрымалася як чарговая кампанія, досыць непаслядоўная па метадах і не зусім уцямная паводле сваіх мэт, як і іншыя савецкія акцыі. На думку ўладаў, у дзяржаўным апараце беларусізацыя павінна была праводзіцца прымусова (99—100), паколькі «асноўныя кадры нашых [апаратных] працаўнікоў прайшлі русіфікатарскую царскую школу, праз яе далучыліся да культуры і тым самым адарваліся ад шырокіх беларускіх мас» (119). Даволі рэзкія меры (уласцівыя наогул бальшавіцкай палітыцы), якія выкарыстоўваліся ў дачыненні да апарату (але пераважна шараговых яго працаўнікоў), не спрыялі прыхільным адносінам да беларускай мовы (20, 206, 225—228) і выклікалі патрабаванні аб запавольванні беларусіза цыі (232).

Значная частка бальшавіцкага кіраўніцтва сама была прасякнутая шавіністычнай ідэалогіяй. Але незалежна ад сваіх антыпатый, партыйнае кіраўніцтва разумела небяспеку і нявыгаду прапаганды расійскага шавінізму на нацыянальных ускраінах ў 1920-я г., калі пазіцыі савецкай улады яшчэ не былі трывалыя (220). Аднак пры гэтым бальшавікі не жадалі ўласнымі рукамі ўзрошчваць там і нацыяналізм, які абуджаў сепаратысцкія настроі, што магло разбурыць Савецкую імперыю (як, урэшце, і адбылося).

Таму ад самых пачаткаў беларусізацыі партыя звяртала ўвагу на «небяспекі» расійскага вялікадзяржаўнага ўхілу, пагарды мясцовымі нацыянальнасцямі і мясцовага нацыяналізму (64, 66, 78—79). Партыя заклікала камуністаў змагацца тут на два бакі: з аднаго боку, пераадольваць супраціў нацыянальнай палітыцы партыі, а з другога, даваць рашучы адпор розным «ухілам» і «замахам». Таму партыя адзначала небяспеку не толькі беларускага ды яўрэйскага нацыяналізму, але і расійскага таксама (110—118, 217—221, 231—232); беларускаму нацыяналізму ў гэтай крытыцы аддавалася гэтулькі ж увагі, колькі і іншым нацыяналізмам. Кампанія беларусізацыі абудзіла свядомасць насельніцтва (96—97, 212) і актывізавала спадзяванні беларускай інтэлігенцыі, што «белорусизация это есть уступка этой, мелкобуржуазной по существу, части белорусской интеллиген ции» (115). Зразумела, партыя не магла з гэтым мірыцца і павяла барацьбу з беларускім нацыяналізмам, які ўжо з сярэдзіны 1920-х г. атрымаў у партыйным жаргоне назву нацыянал-дэмакратызму.

Напачатку гэтая барацьба мела мяккія формы і абмяжоўвалася «адзёргіваннем» камуністаў-беларусаў у тых выпадках, дзе пільным цэрберам бальшавізму бачыўся «ўхіл». Але недзе з канца 1928 г. партыйныя колы пачалі пераходзіць ужо да цкавання асобных беларускіх нацыяналістаў з ліку маладых пісьменнікаў (235—239, 255—258). Тады ж і пачынаецца «распрацоўка» беларускага нацыянал-дэмакратызму ў друку (239—242), а тыя, хто трапіў пад яе агонь пачынаюць каяцца (242). З паблажлівасці вышэйшага кіраўніцтва асобныя партыйцы беспакарана ладзяць публічныя абструкцыі беларускай мове (253—254). Улетку 1929 г. з Масквы прыехала партыйная камісія Затонскага, якая рэзка раскрытыкавала кіраўніцтва БССР за спаўзанне на пазіцыі нацыянал-дэмакратызму. «Беларускі шавінізм» і нацыянал-дэмакратызм афіцыйна быў абвешчаны «галоўнай небяспекай» (21—22). Партыя асноўны агонь сваёй крытыкі перанесла на беларускі нацыяналізм, тады як расійскі шавінізм усё больш і больш станавіўся толькі дзяжурнай тэмай. Хоць фармальна палітыка беларусізацыі не была згорнутая[15], аднак, як слушна адзначае ў сваёй прадмове Р. Платонаў, гэта была «ўжо іншая беларусізацыя» (22), якая «стала паскорана перарастаць у сваю процілегласць» (24). З 1930 г. распачынаецца масавая кампанія па барацьбе з нацдэмамі, і ў БССР на працягу пяці гадоў нагнятаецца антынацыяналістычная істэрыя, якая набывае антыбеларускі і шавіністычны характар. У 1930—31 г. шэраг найбольш актыўных і выбітных нацыянал-каму ністаў і культурных дзеячаў Савецкай Беларусі былі абвінавачаны ў нацдэмаўшчыне і рэпрэсаваны. Нарэшце, у 1933 г. беларуская літаратурная мова зазнала радыкальную рэформу, якая гвалтоўна наблізіла яе да расійскай мовы.

Бальшавіцкай уладзе ўжо быў непатрэбны «захоп» сялянскіх мас праз беларусізацыю дзяржаўнага апарату, і яна з лёгкасцю адмовілася ад гэтай палітыкі. Яна знайшла іншыя, больш дзейсныя і радыкальныя сродкі панавання над вёскай — калектывізацыю. А гучнае згортванне беларусізацыі выклікана зменамі ў афіцыйнай ідэалогіі: з перамогай у апараце Сталіна ўмацоўвалася ідэя магутнасці савецкай дзяржавы (і дзяржавы наогул), якая мусіла надалей цэментавацца расійскай культурай і мовай. Улады з жахам убачылі, што палітыка каранізацыі правакуе на нацыяналь ных ускраінах СССР рост нацыяналізму, які пагражаў сепаратызмам і дэцэнтралізацыяй. Ва ўмовах узмацнення камандна-адміністрацыйнай сістэмы, складвання моцна цэнтралізаванай бюракратыі такія тэндэнцыі выглядалі вельмі небяспечна. Таму на іх і абрынулася ў 1929—31 г. хваля жорсткіх рэпрэсій. Падзеi тых гадоў можна разглядаць як барацьбу расiйскага (iмперскага) камунiзму з беларускiм нацыянал-камунiзмам[16], барацьбу цэнтральнай улады супраць сепаратызму нацыянальных ускраін, за цэнтралiзацыю дзяржавы. Менавіта таму беларусізацыя была не проста згорнутая, а згорнутая гучна, і на змену ёй прыйшла новая кампанія — па барацьбе з нацдэмаўшчы най, якая мусіла ўмацаваць на нацыянальных ускраінах гэтыя цэнтралізацыйныя тэндэнцыі.

Але нягледзячы на параўнальна кароткі перыяд, беларусізацыя адыграла выключна важную ролю ў развіцці беларускай мовы і культуры, абуджэнні нацыянальнай свядомасці ў шырокіх колах насельніцтва і сярод кіраўнічай эліты. Упершыню на Беларусі дзяржава актывізавала ўсе сродкі і магчымасці «для приостановки процесса дальнейшего обрусения белорусской национальности» (97). І хоць палітыка беларусізацыі вымагалася задачамі нацыянальна -культурнага будаўніцтва ў СССР і мадэрнізацыі яго нацыянальнай перыферыі, эканамічна і культурна адсталай, аднак аб’ектыўна яна вельмі паспрыяла нацыянальнаму адраджэнню беларусаў.

Нягледзячы на супраціў шавіністычных колаў, беларуская мова ўпершыню здабыла падтрымку дзяржавы, якая прыклала значныя намаганні ў бок распрацоўкі яе рэсурсаў і пашырэння яе ўжытку ў прэстыжных сферах камунікацыі. Дасягненні ў гэтых адносінах за часы беларусізацыі становяцца зусім відавочнымі ў параўнанні з іншымі мовамі, што мелі статус, блізкі да беларускай. Марксісцкі гісторык М. Пакроўскі ў 1928 г. прывёў дзеля прыкладу Нарвегію, якая доўгі час знаходзілася пад дацкім панаваннем. Там у якасці літаратурнай мовы засталася дацкая мова, тады як нарвежская (заснаваная на мясцовых дыялектах) амаль не мела доступу ў вышэйшыя сферы камунікацыі (251—252).

Нават і ў 1930-х г., калі беларусізацыю згарнулі, улады былі вымушаныя падтрымліваць пэўны ўжытак беларускай мовы (праўда, не такі шырокі, як планавалася ў 1920-я г.) у высокіх сферах камунікацыі — ад навукі і мастацтва да публічных выступленняў і справаводства. Фактычна, у 1930 г. спынілася толькі кампанія па беларусізацыі, але яе інтэнцыі і шэраг дасягненняў захаваліся. Пагардлівыя адносіны да беларусаў, беларускай мовы ці культуры ўжо не маглі папулярызавацца, нават у часы барацьбы з нацдэмаўшчы най — інакш гэта патыхала ўжо дыскрэдытацыяй усёй бальшавіцкай нацыянальнай палітыкі і магло наклікаць рэпрэсіі. Упершыню за некалькі стагоддзяў этнічная самастойнасць беларусаў, аўтаномнасць іх мовы і вартасць іх культуры не браліся дзяржавай пад сумнеў і нават атрымлівалі з яе боку пэўную санкцыю на захаванне і развіццё. Пасля рэпрэсій 1930 г. засталіся беларуская школа, беларуская літаратура, друк, тэатр, народная самадзейнасць; захаваліся і беларуская інтэлігенцыя (зразумела, у сервільным стане), і беларускія культурныя ўстановы (якія мусілі гадаваць насельніцтва толькі ў вызначаным уладамі духу).

Захаваліся і тэрытарыяльныя набыткі беларусізацыі. БССР ужо нельга было скасаваць ці зменшыць, яна стала важным складнікам Савецкай імперыі. Беларусь ляжала на мяжы з «варожым буржуазным атачэннем» і ў выпадку замежнай агрэсіі магла прыкрыць сабой раёны цэнтральнай Расіі, дзе разгортвалася індустрыялізацыя. На погляд маскоўскага кіраўніцтва, беларусізацыя разам з узбуйненнем рэспублікі дастаткова ўзняла патэнцыял беларусаў, каб стварыць з іх надзейную заслону на шляху магчымай агрэсіі. Цяпер беларусы мусілі змагацца з агрэсарам не толькі пад прымусам Масквы, але і дзеля абароны сваёй нацыянальнай дзяржаўнасці.

Здзейсненая публікацыя касуе недахоп падставовых дакументальных крыніц па гэтым важным перыядзе і забяспечвае даследчыкаў карысным матэрыялам для далейшай працы. Застаецца спадзявацца, што публікацыя паспрыяе развянчанню некаторых міфаў, што ўсталяваліся ў цяперашняй літаратуры, дасць магчымасць кожнаму чытачу зрабіць уласныя назіранні і высновы.

Хоць аўтары падкрэсліваюць важнасць дакументаль най гісторыі (3), але выкананая імі публікацыя дакументаў выклікае некаторыя заўвагі. Зразумела, што ў адрозненне ад філалагічнай публікацыі, публікацыя для гісторыкаў не патрабуе такой дакладнасці ў перадачы ўсіх пісьмовых і моўных асаблівасцяў тэксту. Але чамусьці толькі адзін дакумент (рэзалюцыя КП(б)Б 1921 г., выдадзеная ў 1926 г.) друкуецца «тарашкевіцай» (40—45), тады як усе астатнія тэксты на беларускай мове падаюцца ў сучаснай арфаграфіі, хоць тады яны пісаліся на «тарашкевіцы». Дарэчы, у тыя часы і напісанне некаторых расійскіх слоў таксама было інакшым. Такая непаслядоўнасць крыху дэзарыентуе чытача, не кажучы ўжо пра тое, што ўнікненне «тарашкеві цы» пазбаўляе яго адчування духу і каларыту той эпохі.

Аўтары не заўжды ўдала скарацілі некаторыя дакументы. Так, у дакладзе У. Ігнатоўскага аб выніках Акадэмічнай канферэнцыі чамусьці апушчаны важны раздзел з пералічэннем недахопаў (у т. л. ідэалагічных) у правядзенні канферэнцыі (гл. 105).

У наборы сустракаюцца памылкі: дружнмым (235), буларус (121) і інш., трапляюцца прагалы ў сярэдзіне слова: рамка ми (49), пра цаўнікоў (225), пра весці (232), не калькі (235), пакі нуць (236) і далей вельмі часта. Відаць, публікатары цалкам паклаліся на кампутарную праграму і не зрабілі апошняй карэктуры гатовага тэксту.

Падобныя недахопы крыху аслабляюць у чытача давер да публікацыі і нараджаюць сумнеў, ці дакладна арыгіналы суадносяцца з публікацыяй? Так, амаль усюды ў дакументах зборніка фігуруе БССР — ці так гэта ў арыгіналах? Вядома, што да сярэдзіны 1920-х г. краіна называлася ўсё ж такі ССРБ (такая назва выступае толькі ў адным дакуменце, 32).

Аднак гэтыя дробныя хібы не зніжаюць значнай вартасці і актуальнасці дадзенай дакументальнай публікацыі.

Ігар Клімаў

Мінск


[1] Нацыянальная палітыка ахоплівала ўвесь дыяпазон нацыянальных адносін у савецкім грамадстве. Яе мэтай было не толькі ўсталяванне бесканфліктнага і кампліментарнага суіснавання розных нацый у межах унітарнай дзяржавы — СССР, але і «мабілізацыя» іх на пабудову сацыялізму: «пралетарскай, нацыянальнай палітыкай прасякнута ўся наша праца па эканамічным і культурным будаўніцтве, па арганізацыі Савецкай улады», — казаў у 1927 г. В. Кнорын, першы сакратар ЦК КП(б)Б (119).
[2] Беларускі народ складаўся пераважна з сялянства — прыгнечанага і пагарджанага класу, які бальшавікі залічалі да сваіх натуральных саюзнікаў. Адпаведна, і беларуская мова сустрэла падтрымку бальшавіцкай улады перш за ўсё таму, што была мовай сялянства і царскім рэжымам трактавалася як мужыцкая і некультурная (41—42, 43, 100).
[3] У беларусаў адсутнічаў адметны шыхт уласнай інтэлігенцыі, і бальшавіцкія ўлады спадзяваліся, што беларусізацыя дазволіць ім выхаваць на Беларусі лаяльную беларускую інтэлігенцыю (4—6), і як паказала далейшыя гісторыя, у гэтым яны не памыліліся.
[4] У міжваенны перыяд Польшча зрабілася для бальшавіцкага кіраўніцтва ці не галоўным ворагам сярод суседніх краін (244—247). Працяглая мяжа з ёю, набліжанасць да найважнейшых цэнтраў СССР, ваяўнічы антысаветызм, які мяшаўся з русафобіяй, ператваралі Польшчу ў зручны плацдарм для магчымай агрэсіі супраць краіны саветаў. Таму адной з найважнейшых мэтаў бальшавіцкай знешняй палітыкі была дэстабілізацыя становішча ў Польшчы. Галоўным чыннікам гэтага ў 1920-х г. стаў «нацыянальна-вызвольны рух», які разгортвала камуністыч ная агентура сярод беларусаў і ўкраінцаў II Рэчы Паспалітай.
[5]Iskry Skaryny. Praha, lipiec 1931. S. 5.
[6] Яны апублікаваныя: Постановления второй сесии Центрального Исполнительного Комитета БССР VI созыва. Менск, 1924; Резолюции Пленума ЦК КП(б)Б: (25—29 января 1925 г.). Менск, 1925; Резолюции Пленума ЦК КП(б)Б: (12—15 октября 1925 г.). Менск, 1925; Резолюции Пленума ЦК КП(б)Б: (октябрь 1926 г.). Менск, 1926. З гэтых крыніц пастановы апублікаваныя і ў рэцэнзаваным зборніку (с. 58—80, 83-87, 129-135). Яшчэ раней, у ліпені 1923 г., ЦБ КП(б)Б распрацавала «платформу па нацыянальным пытанні», якая залучала шэраг мераў па шырокай беларусізацыі ў рэспубліцы (14—15).
[7] У прадмове Р. Платонаў спрабуе давесці, што «да беларусізацыі ў рэспубліцы падыходзілі паступова, па меры ліквідацыі цяжкіх вынікаў грамадзянскай вайны, пазбаўлення ад бандытызму, вывядзення народнай гаспадаркі з крызіснага стану, падвядзення пад гэтую палітыку неабходнай эканамічнай базы, стварэння кадравых перадумоў» (10). Але калі цяжкасці, адсутнасць базы і перадумоў спынялі бальшавікоў, асабліва ў ідэалагічных кампаніях? Старт палітыкі беларусізацыі ў 1924 г. тлумачыцца не гэтым, а загадам Масквы. З 1924 г. у СССР, паводле пастаноў X і XII з’ездаў РКП(б), пачала праводзіцца палітыка каранізацыі, складнікам якой і сталася палітыка беларусіза цыі. Платонаў згадвае пра гэта (13), але неяк мімаходзь.
[8] У беларускай навуцы, як афіцыйнай, так і неафіцыйнай, канферэнцыя падаецца як вялізнае навуковае дасягненне беларускай лінгвістыкі, але гэта рэлятыўна. Шмат прапаноў ці выступленняў на ёй не мелі навуковай вартасці, а некаторыя з іх нават былі чыстай фантастыкай (праўда, большай навуковасцю ў СССР тады не магло пахваліцца ніводнае мерапрыемства падобнага кшталту). Навуковыя задачы, якія ўлады ставілі перад канферэнцыяй, былі ў асноўным практычнага характару: ад канферэнцыі ў галіне правапісу яны патрабавалі «поставить вопрос практически и упростить» (104).
[9] Важнасць таго ці іншага этнасу вызначалася яго стратэгічным значэннем для савецкай дзяржавы: колькасцю і геаграфіяй — размяшчэннем пры мяжы з варожымі краінамі. Таму «іншародцы» ўнутры Расіі нават і з высокім узроўнем нацыянальнага руху да рэвалюцыі (напрыклад, татары) не атрымалі статусу саюзнай рэспублікі, тады як народам, што ляжалі на мяжы з «варожым» атачэннем (напрыклад, туркмены), пашанцавала нашмат больш, хоць патрабаванні іх нацыянальных эліт былі на той час непараўнальна сціплейшымі.
[10] Калі ў 1921 г. была ўтворана ССРБ, то яе абмежавалі адной Мiнскай губерняй (нават без Рэчыцкага павету), а астатнія этнічна беларускiя абшары шчодра аддалі РСФСР, а таксама Лiтве і Польшчы, якія Масква бачыла ў перспектыве савецкімі (ці прасавецкімі) рэспублiкамі.
[11] Гл. напрыкл.: Гесь А. Калінінская акруга: Хроніка беларускага культурнага жыцьця 1920-х гадоў // Спадчына. 2001. № 3. С. 3—49.
[12] Гл.: Касцюк М. Бальшавіцкая сістэма ўлады на Беларусі. Мінск, 2000. С. 62; Вялікі А. Чырвоная беларусізацыя // Спадчына. 2001. № 3. С. 50—51. Нават Р. Платонаў у сваёй прадмове, абапіраючыся на неапублікаваныя дакументы пачатку 1920-х гг., спрабуе давесці, быццам «партыя» ставіла пытанне аб пашырэнні ўжытку беларускай мовы і да 1924 г. (10—12, 13—15). Сапраўды, такое пытанне асобнымі камуністамі-беларусамі ставілася, але ніякія патрабаванні нешматлікіх беларускіх нацыянал-камуністаў не здолелі б прымусіць спрэс русіфікаваную і апантаную шавінізмам КП(б)Б да беларусізацыі, калі б на тое не было дазволу і нават патрабавання маскоўскага кіраўніцтва. Таксама мае рацыю А. Вялікі (цыт. публ. у «Спадчыне», с. 51), калі даводзіць, што нацыянальная праца мала турбавала партыйнае кіраўніцтва на пачатку 1920-х г.
[13] Праўда, Р. Платонаў у сваёй прадмове, здаецца, лічыць ініцыятарам палітыкі беларусізацыі адну толькі кампартыю Беларусі, але з гэтым нельга згадзіцца. Хоць яна была манапольным кiраўнiком Савецкай Беларусi, але самастойнай i незалежнай партыяй не з’яўлялася. У кадравых i iдэалагiчных пытаннях яна цалкам падпарадкоўвалася РКП(б) / ВКП(б), якая разглядала КП(б)Б як сваю рэгiянальную арганiзацыю, няспынна тасавала яе кіраўніцтва і прадвызначала аб’екты ды кірункі асноўных ідэалагічных і палітычных акцый. Таксама і палітыка беларусізацыі распачалася (як і скончылася) з падачы маскоўскага кіраўніцтва.
[14] Памылкова А. Вялікі ў «Спадчыне» (с. 52—61) тлумачыць гэта шавіністычным байкотам на месцах — але пра такі байкот ганебнай бюракратыі казаў яшчэ Ленін. Савецкі кіраўнічы аппарат, асабліва ў 1920-я— 30-я г., вызначаўся няўмельствам і прафесійнай некампетэнтнас цю. У выпадку з беларусізацыяй «цэнтр» ставіў нерэальныя і супярэчлівыя задачы, якія «месцы» проста не ў стане былі выканаць.
[15] А. Вялікі ў сваім артыкуле ў «Спадчыне» (с. 62) указвае, што беларусізацыя праводзілася яшчэ напачатку 1930-х г.
[16] Р. Платонаў разглядае гэтую барацьбу як супрацьстаянне дзвюх сіл: нацыянальна арыентаванай і звышінтэрнацыяналістычнай (12, 22—24), але такая тэрміналогія здаецца не вельмі ўдалай. Барацьба паміж нацыянал-камуністамі і масквафіламі разгарнулася тады ва ўсіх нацыянальных рэспубліках СССР. Негледзячы на беларусізацыю 1920-х г., «фракцыя» Масквы заўжды была моцная ў КП(б)Б, а ў 1930 г. яна канчаткова выціснула нацыянал-камуністаў з улады. З таго часу кампартыя Беларусi да канца XX ст. рэпрадукавала выключна масквафiльскiя кадры. Нават беларусы-камуністы выхоўваліся ў духу зацятай варожасці да «беларускага нацыяналізму» і захаплення «расійшчынай».

Наверх

Рудовіч, Станіслаў. Час выбару: Праблема самавызначэння Беларусі ў 1917 (Валянціна Лебедзева)

Снежня 6, 2001 |


Рудовіч, Станіслаў C. Час выбару: Праблема самавызначэння Беларусі ў 1917 г. Мінск, 2001. 200 c.

Нягледзячы на значную цікавасць сучасных даследчыкаў да праблемы барацьбы за дзяржаўна–нацыянальнае вызначэнне, яе распрацоўка на сёння не прывяла да стварэння грунтоўных абагульняльных прац. У адрозненне, прыкладам, ад Украіны, у нас няма нават нарысаў і біяграфічных даведнікаў пра дзеячаў нацыянальнага руху. Таму выхад працы Станіслава Рудовіча — вельмі заўважная для сучаснай гістарыяграфіі з’ява.

У кнізе ўтрымліваецца ўзважаны гістарыяграфічны аналіз: вызначаны асноўныя этапы і вынікі даследавання праблемы, эвалюцыя канцэпцый і ацэнак. Аўтар слушна заўважае, што, нягледзячы на пераўтварэнне тэмы ў цэнтральную ў вывучэнні гісторыі Беларусі ХХ ст., сённяшнія даследаванні застаюцца на эмпірычным узроўні. Праблема самавызначэння Беларусі разглядалася ў асноўным „знутры“, адарвана ад міжнароднага кантэксту, агульнаеўрапейскага нацыянальнага пытання. Агаворваючы пры гэтым, што прадметам даследавання з’яўляюцца палітычныя аспекты беларускай праблемы і прэтэндуючы на пераадоленне „адзначанай звужанасці“ і падвышэнне тэарэтычнага ўзроўню даследавання, аўтар ставіць на мэце аналіз беларускага пытання „ў яго ўзаемасувязях з агульнарасійскімі і міжнароднымі працэсамі“. Зместам гэтых працэсаў аўтар уважае расійскія рэвалюцыі 1917 г., таму аддае ўвагу метадалагічнай праблеме вызначэння іх сутнасці, але заўважым, што гэтае пытанне займае досыць сціплае месца ва ўводзі­нах да манаграфіі і замест уласна аўтарскіх меркаванняў абмяжоўваецца спасылкамі на апошнія вы­сновы і канстатацыі расійскіх гісторыкаў.

Метадалогію даследавання склаў праблемна–храналагічны падыход, што вызначыла падзел працы на 3 раздзелы паводле галоўных падзей–працэсаў расійскай рэвалюцыі — падзенне самаўладдзя, разгортванне палітычнай барацьбы па нацыянальным пытанні з лютага да кастрычніка 1917 г. і, нарэшце, праблема лёсу Беларусі пасля кастрычніцкага паўстання.

Варта звярнуць увагу на грунтоўную крыніцазнаўчую базу працы, асабліва на выкарыстанне перыёдык — як беларускіх, так і расійскіх. Аўтар не ігнаруе таксама і крыніцазнаўчую ролю савецкіх выданняў, выкарыстоўваючы факты, лічбы, статыстычныя выкладкі і г.д. Хоць, на наш погляд, даставернасць такога кшталту матэрыял па­трабуе праверкі новымі методыкамі. Можна заўважыць таксама, што выкарыстаная аўтарам расійская літаратура належыць у большасці да савецкага часу або перыяду да сярэдзіны 90–х г.

Стартавым пунктам даследавання стала вызначэнне палітычнага становішча Беларусі пасля падзення самаўладдзя. Аўтар прасочвае размежаванне палітычных сілаў і станаўленне грамадска–ўладных інстытуцый на тэрыторыі неакупаванай германскай арміяй часткі Беларусі. Найбольш удалай тут стала спроба вызначыць прычыны замаруджвання працэсу нацыянальна–палітычнага самаўсведамлення беларусаў, якія падзяляюцца на гістарычныя і сітуацыйныя — выкліканыя наступствамі Першай сусветнай вайны і прыфрантавога становішча Беларусі.

Сярод першых аўтар пералічвае зацверджаныя ўжо ў літаратуры адмоўныя фактары, такія, як адсутнасць „нацыянальнай дзяржаўнасці“ (хоць, на наш погляд, ва ўмовах Расійскай імперыі можна ў лепшым выпадку ўважаць толькі пэўную форму нацыянальна–тэрытарыяльнай аўтаноміі накшталт фінскай ці польскай, і становішча беларусаў у гэтым сэнсе зусім не было адметным); рэлігійна–канфесійны падзел насельніцтва; русіфікатарская палітыка царызму; этнакультурная блізкасць да суседніх, больш моцных нацый як фактар асіміляцыі. Разам з тым, звяртаецца ўвага таксама на тэрытарыяльнае становішча Беларусі ў складзе Расіі, адсутнасць непасрэднага „выхаду“ да суседніх дзяржаў, што, на думку аўтара, абцяжарвала ўсведамленне беларусамі сябе як самастойнага этнасу і магчымага суб’екта міжнародных адносін. Большага ана­лізу, на наш погляд, заслугоўвае такая прычына, як недахват нацыянальнай, у першую чаргу эканамічна–інтэлектуальнай эліты, хоць у тэксце канстатуецца адсутнасць вышэйшых навучальных устаноў і дэнацыяналізацыя выпускнікоў расійскіх універсітэтаў.

Можна пагадзіцца з аўтарам, што дзеянне гэтых фактараў, павялічанае ва ўмовах вайны моцнымі іншаэтнічнымі міграцыямі, пераўтварыла пострэвалюцыйнае беларускае грамадства ў стракаты нацыянальна–палітычны кангламерат, пры структураванні якога пад уздзеяннем рэзкай змены палітычнай сітуацыі беларускі элемент заставаўся досыць аморфным.

Зыходзячы са слушнай пасылкі, што пасля падзення царызму галоўным суб’ектам палітычнага жыцця становяцца не новыя ўладныя структуры, а расійскія палітычныя партыі, аўтар прысвячае спецыяльны раздзел аналізу праграм па нацыянальным пытанні найбольш значных агульнарасійскіх партый — ад кансерватыўна–чарнасоценных да ліберальных і сацыялістычных. Нарыс параўнання іх пазіцый прыводзіць да высновы аб адмаўленні ўсім расійскім партыйным спектрам нацыянальнага развіцця як цывілізацыйнай каштоўнасці. Неабходнасць рэагаваць на яго была абумоўлена нарастаннем нацыянальных рухаў, і ў залежнасці ад моцы і размаху апошніх станавілася прадметам стратэгічных або тактычных уступак.

Раздзел, прысвечаны пачатковаму перыяду арганізацыйнага станаўлення беларускага руху, уяўляе сабой ці не першую падрабязную хроніку зараджэння і дзейнасці нацыянальных арганізацый, утрымлівае новыя цікавыя факты і характарыстыкі. У прыватнасці, новую рысу драматызму дадае паказ варожа–нігілістычнай пазіцыі сімвала народніцкай дэмакратыі 70–х г. С.Каваліка. Аўтар паказвае, што ўзнікненне Беларускага нацыянальнага камітэта як кіраўнічага цэнтра нацыянальнага руху на этнічнай тэрыторыі было зусім не тэхнічнай справай, а азначала спалучэнне палітычнага чынніка з сацыяльнай базай руху. Яго дзейнасць дэманстравала значны палітычны і інтэлектуальны патэнцыял нацыянальнай ідэі. Хроніка першых крокаў руху дэманструе імклівае, літаральна на працягу некалькіх тыдняў, выспяванне праграмных падыходаў: ад нацыянальна–культурнага адраджэння да дзяржаўніцка–аўтанамісцкага. На наш погляд, ацэнка аўтарам кампетэнцыі Беларускага нацыянальнага камітэта як краёва–ўладнай з’яўляецца перабольшаннем. Тым больш, што прыве­дзены матэрыял пацвярджае яго ролю найперш як палітычна–інтэлектуальнага цэнтра і каардынатара руху — гэта адпавядала тагачаснай стратэгіі. Аўтар звяртае ўвагу на адсутнасць канфрантацыі розных палітычных сілаў як унутры руху, так і адносна яго, што, пэўна, было не толькі праявай „вясны расійскай дэмакратыі“, а паказвала аб’ектыўную неабходнасць пошуку краёвай мадэлі самаідэнтыфікацыі. Такім чынам, ствараўся шанс для беларускага руху стаць цэнтрам аб’яднання ўсіх зацікаўленых грамадска–палітычных сілаў, як гэта адбылося з нацыянальнымі рухамі суседніх краёў — Польшчы, Літвы, на гэтым этапе і Ўкраіны.

Асобны параграф манаграфіі прысвечаны такой маладаследаванай і складанай з’яве, як заходнерусізм. Яго аўтар уважае не толькі грамадска–палітычнай плынню, але і формай этнічнай самасвядомасці пэўных пластоў мясцовага жыхарства, сродкам сацыяльна–канфесійнай кансалідацыі праваслаўных дробна–ўласніцкіх і інтэлігенцкіх колаў, апазіцыйных да польскага абшарніцтва і яўрэйскага гандлёва–прамысловага капіталу, якія шукалі апякунства Расіі. Асноўны падыход да аналізу заходнерусізма ў рабоце не выходзіць за межы прапанаванай яшчэ А.Цвікевічам тэзы аб яго іманентнай супярэчлівасці. Разгляданыя С.Рудовічам арганізацыі кладуцца на схему: правыя (віцебскі Беларускі народны саюз і праваслаўны клір), цэнтр (гомельскі Саюз беларускай дэмакратыі), левыя — аршанская арганізацыя, Беларуская народная грамада ды інш. Такім чынам ілюструецца заяўленая ў назве параграфа нібыта нявызначаная пазіцыя заходнерусізма: „паміж імперскасцю і беларускай ідэяй“. Аднак сваімі разважаннямі аўтар паказвае, як крушэнне імперскай апоры 1917 г. стала моцным фактарам пераарыентацыі гэтай плыні на ўласнакраёвыя сілы, вынікам чаго становіцца нараджэнне ў яе ўлонні ідэі „абласніцтва“, што аб’ектыўна азначала „найважнейшую перадумову дзяржаўнасці“ і збліжэнне левацэнтрысцкага крыла заходнерусізма з беларускім рухам.

Апошняя частка другога раздзела працы прысвечана пошукам аптымальнай канцэпцыі самавызначэння і кансалідацыі нацыянальных сілаў. Як і ў іншых раздзелах, моцным бокам аўтара тут з’яўляецца хроніка падзей, багатая факталагічная база. З намаляванай аўтарам карціны яскрава вынікае, што ў справе пошуку мадэлі нацыянальнага самавызначэння ў перыяд паміж лютым і кастрычнікам 1917 г. асноўным фактарам з’яўлялася пазіцыя суседніх народаў Беларусі, найперш літоўцаў і расіян. Няспеласць нацыі і слабая нацыянальная свядомасць мелі сваім вынікам недастатковую сацыяльную базу (у раздзеле гэта яскрава праілюстравана акцыямі неўспрыняцця нацыянальных патрабаванняў беларускім сялянствам і настаўніцтвам) і палітычную нерашучасць беларускага руху, яго імкненне да трывалага саюзніцтва з больш моцнымі суседзямі і вельмі павольную эвалюцыю праграмна–дзяржаўных мэтаў: ад абласніцтва да аўтаноміі і федэрацыі. Заўважым, што ня­гледзячы на задэклараваную ў назве параграфа задачу, аўтар не ацэньвае аптымальнасці названых канцэпцый самавызначэння і канстатуе вострую актуальнасць фармавання агульнанацыянальнага фронту „на грунце краёвага патрыятызму“ напярэдадні бальшавіцкага перавароту. На жаль, не прапанаваны і ідэі, якія маглі б увасобіць патрыятычную праграму, здольную аб’яднаць такія розныя сілы, як адраджэнцы і заходнерусы.

Аўтар паказвае, як пасля прыходу да ўлады бальша­вікоў абвастрэнне палітычнай барацьбы ў краіне і актывізацыя працэсаў дзяржаўна–нацыянальнага самавызначэння суседніх народаў, асабліва іх прэтэнзіі на беларускія землі, выклікалі пашырэнне і кансалідацыю свядомых нацыянальных сілаў восенню 1917 г. Пры гэтым працэс ішоў парадаксальна: больш дынамічна ён адбываўся па–за межамі Беларусі, у бежанскіх, франтавых і падобных асяродках. На этнічна беларускіх землях ён здабываў пры­знанне з цяжкасцю. У выніку беларускі рух ні колькасна, ні палітычна не быў дастатковым для пераймання ўлады пасля крушэння Часовага ўраду, што паказалі ў тым ліку і выбары ў агульнарасійскі Ўстаноўчы сход, у якіх беларускія партыі атрымалі менш за 1% галасоў. Аднак не толькі слабасць нацыянальных сілаў стала прычынай умацавання ў краі бальшавікоў. С.Рудовіч здолеў раскрыць прагматычна–цынічны механізм ператварэння ў агульнакраёвую ўладу заходнефрантавых бальшавіцкіх сілаў, прычым ва ўмовах фактычнай ліквідацыі самога фронту. Крытычны аналіз прадстаўніцтва на вядомых лістападаўскіх сялянскіх, армейскіх і рабочых з’ездах, а таксама партыйна–нацыянальнага складу Аблвыканкамзаха прыводзіць да высновы аб свядомай недэмакратычнасці і фармальнасці іх фармавання, што рабілася для забеспячэння абсалютнай перавагі немясцовага элемента, які цураўся інтарэсаў Беларусі.

Асобны радзел у манаграфіі прысвечаны цэнтральнай падзеі ў гісторыі нацыянальнага самавызначэння 1917 г. — снежаньскаму Ўсебеларускаму з’езду. Заслугай аўтара стала ўдалая спроба факталагічнага ўдакладнення і канцэптуальнага аналізу з’езда з улікам уведзеных апошнім часам у навуковае карыстанне новых дакументальных і мемуарных крыніц. Падрабязны разгляд падрыхтоўкі і працы форума, яго фракцыйнага падзелу і палітычных арыентацый прыводзіць да некаторых канцэптуальных высноваў. Даследчык паказаў, што ўзнікненне як унутры беларускага руху так і па–за ім некалькіх цэнтраў, што ініцыявалі правядзенне з’езда, сведчыла аб наспеласці яго ідэі і ў той жа час з непазбежнасцю пераўтварала яго ў поле вострай палітычнай барацьбы. Цікавай, на наш погляд, падаецца думка аўтара, што канкурэнцыя дзвюх галоўных палі­тычных арыентацый — беларуска–радавай і абласніцка–заходнерускай — стала не толькі працягам папярэдняга размежавання, але і адлюстраваннем спрадвечнага цывілізацыйнага разлому паміж захадам і ўсходам, які праходзіў па Беларусі. Як і ў іншых выпадках, аўтару ўдаецца праілюстраваць гэтую тэзу адзінай, але вельмі сімптаматычнай дэталлю — пэўна інтуітыўным, але шчырым прызнаннем аднаго з дэлегатаў–абласнікоў у „захадафобіі“. Абгрунтаваным падаецца таксама меркаванне даследчыка наконт таго, што заслуга з’езда заключалася зусім не ў кансалідацыі нацыянальных сілаў і сцвярджэнні дзяржаўна–незалежніцкай праграмы, як гэта часам падаецца ў навуковай і папулярнай літаратуры. Яго роля палягала ў рэалізацыі першай гістарычнай магчымасці па–рознаму скіраваных палітычна, але арыентаваных на беларушчыну сілаў супольна абмеркаваць лёс радзімы і самастойна зрабіць свой выбар. Рашэнні з’езда па пытанні самавызначэння былі не толькі тактычным кансэнсусам, але і паказчыкам узроўню дзяржаўна–палітычнай спеласці беларускай нацыі ў пачатку ХХ ст., якая была яшчэ не падрыхтаванай для поўнага суверэнітэту і незалежнасці, але ўсвядоміла сябе суб’ектам гістарычнага працэсу.

Валянціна Лебедзева

Гомель

Наверх

Сяргей Хоміч. Асноўныя этапы фармавання тэрыторыі БССР (1918—1926)

Снежня 26, 2000 |


Тэрыторыя — неабходная ўмова і адна з найважнейшых прыкмет існавання незалежнай краіны. Тэрытарыяльнае пытанне ўзнікае разам з самой дзяржавай і носіць на сабе адбітак усіх тых умоваў, што спадарожнічалі яе ўтварэнню. Менавіта таму даследаванне працэсу будаўніцтва беларускай дзяржавы ў ХХ ст., яе статуса, заканамернасцяў і асаблівасцяў развіцця немагчымае без глыбокага вывучэння таго, як адбывалася ўсталяванне межаў БССР.

У канцы 1918 г. арганізацыя Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусі адбывалася з маланкавай хуткасцю. У адпаведнасці з планам ЦК РКП(б) БССР павінна была стаць апошнім звяном у ланцугу незалежных савецкіх рэспублік, якія б аддзялілі Савецкую Расію ад капіталістычных краін. Тое, што БССР утваралася выключна па знешнепалітычных меркаваннях, а этнічныя, эканамічныя і культурныя аспекты да ўвагі не браліся, істотным чынам паўплывала на вызначэнне межаў рэспублікі. Ва ўтварэнні БССР, як вядома, удзельнічалі тры арганізацыі: ЦК РКП(б), Аблвыкамзах і Белнацкам (разам з белсекцыямі РКП(б)), кожная з якіх мела свае ўяўленні пра статус рэспублікі і адпаведна пра яе межы. Што датычыць ЦК РКП(б), то бальшыня сучасных гісторыкаў пагаджаюцца, што ўжо ў канцы 1918 г. у кіраўніцтва кампартыі былі нейкія свае планы ў дачыненні да тэрыторыі БССР, якія не супадалі з рэзалюцыяй I з’езда КП(б)Б (снежань 1918 г.) наконт межаў рэспублікі. Аўтарам і носьбітам гэтых ідэй называюць чамусьці толькі Іосіфа Сталіна, а асноўнай падставай для высноваў служыць запіс яго шырока вядомай размовы з Аляксандрам Мясніковым, калі наркам па справах нацыяналь насцяў пры пераліку беларускіх губерняў забыўся назваць Магілёўскую і Віцебскую. Аднак трэба адзначыць, што запіс гутаркі дае ўсе падставы інтэрпрэтаваць словы наркама не толькі як яго ўласныя погляды, але, і гэта больш верагодна, як агульную пазіцыю ЦК РКП(б). Тым больш, што сам Сталін, паведаміўшы пра будучыя змены ў арганізацыі працы Аблвыкамзаха, папярэдзіў, што гаворыць „па даручэнні ЦВК і партыі”[1]. Нарэшце, студзеньскае рашэнне ЦК РКП(б) пра выключэнне з рэспублікі трох губерняў, калегіяльны характар прыняцця якога ніхто не адмаўляе, можа служыць яшчэ адным доказам таго, што да абвяшчэння Савецкай Беларусі ў ЦК РКП(б) існавала ідэя ўтварэння БССР у абмежаваным тэрытарыяльным складзе. Па пэўных прычынах рэалізацыя гэтага плана затрымалася на месяц — менавіта такі час спатрэбіўся ЦК партыі, каб пераадолець супраціўленне ЦБ КП(б)Б і беларускага ўрада.

Істотны ўплыў на вызначэнне межаў БССР у канцы 1918 г. зрабіў той факт, што рэспубліка ўтваралася на тэрыторыі Заходняй вобласці і была яе пераемніцай. Кіраўніцтва Аблвыкамзаха лічыла, што з абвяшчэннем рэспублікі Заходняя вобласць не знікла, а адбылася толькі змена шыльды. Такім чынам, абласныя ўлады хоць і падзялялі пазіцыю ЦК РКП(б) наконт фармальнага існавання БССР, аднак імкнуліся захаваць у сваім падпарадкаванні ўсю ранейшую абласную тэрыторыю.

За ўтварэнне Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі ў складзе ўсіх этнаграфічных земляў выступалі камуністы белсекцый РКП(б) і Белнацкама. Для іх, як пісала „Звязда” ад 24 верасня 1919 г., „самастойнасць была не толькі пустым гукам. Яны … былі прасякнуты ідэяй нават не тэрытарыяльнай, беларускай нацыянальнай дзяржаўнасці”. І хоць у пытанні наконт Вільні беларускія камуністы былі вымушаны саступіць, белсекцыі РКП(б) і Белнацкам не пагадзіліся б удзельнічаць у абвяшчэнні БССР у моцна абмежаваным тэрытарыяльным складзе. І тут іх пазіцыя супадала з пазіцыяй Аблвыкамзаха. Патрабаванне ЦК РКП(б) таго ці іншага варыянту магло выклікаць супраціўленне як адной, так і другой групы, што і адбылося пазней, і замарудзіць працэс утварэння БССР. Між тым, знешнепалітычная сітуацыя вымагала хутчэйшага абвяшчэння рэспублікі, і ЦК РКП(б) давялося часова саступіць.

У канцы снежня 1918 г. дэлегаты I з’езда КП(б)Б аднагалосна падтрымалі прапановы тэрытарыяльнай камісіі і пастанавілі, што ў склад БССР павінны ўвайсці Мінская, Магілёўская і Гродзенская губерні цалкам, амаль уся Віцебская губерня без асобных частак Дзвінскага, Рэжыцкага і Люцынскага паветаў, а таксама пяць паветаў Смаленскай губерні, чатыры паўночныя паветы Чарнігаўскай губерні і па адным павеце з Віленскай і Сувалкаўскай губерняў[2]. Тэрыторыя БССР у такіх памерах нават па самых прыблізных падліках складала больш за 300 000 кв. км з насельніцтвам блізу 10 млн. чалавек.

На жаль, у межах, вызначаных I з’ездам КП(б)Б, „незалежная” Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка праіснавала нядоўга. Ужо 16 студзеня 1919 г. ЦК РКП(б) прызнаў неабходным вывесці са складу БССР Смаленскую, Віцебскую і Магілёўскую губерні, пакінуўшы толькі Мінскую і Гродзенскую. Такое рашэнне тэрытарыяльнага пытання з боку цэнтральнага партыйнага органа абумоўлівалася некалькімі асноўнымі прычынамі.

У канцы 1918 — пачатку 1919 г. Польшча пачала ўсё больш настойліва выказваць свае прэтэнзіі на беларускія землі. Між тым савецкі ўрад любымі сродкамі імкнуўся пазбегнуць ваеннага канфлікту. Польшчы прапаноўваліся мірныя перамовы і вырашэнне ўсіх спрэчных тэрытарыяльных пытанняў на яе карысць. Кіраўніцтва Літоўскай рэспублікі на адным са сваіх пасяджэнняў адзначала, што „імперыялістычныя апетыты самой Польшчы несумненна могуць быць задаволены Савецкай Расіяй за дыпламатычным сталом і дзеля гэтага ёй не спатрэбяцца перамогі на палях бітваў”[3]. Зразумела, што трымаючы перад сабой магчымасць ахвяравання беларускімі землямі, бальшавікі не хацелі рызыкаваць усімі тэрыторыямі, заўчасна ўключыўшы большую іх частку ў склад РСФСР. Другой прычынай абмежавання памераў БССР геаграфічна неабходнымі межамі стала жаданне ЦК РКП(б) аслабіць у рэспубліцы нацыянальныя тэндэнцыі.

Ідэя абмежавання тэрыторыі рэспублікі не была ўспрынята ні групай Мяснікова, якая разглядала гэты акт як ліквідацыю Заходяй вобласці і абвінавачвала кіраўніцтва партыі ў залішняй цэнтралізацыі і бюракратызацыі, ні групай Змітра Жылуновіча, якая лічыла рашэнне ЦК РКП(б) парушэннем дэкларацый у сферы нацыянальнай палітыкі. Аднак усе спробы беларускіх уладаў дамагчыся ад ЦК РКП(б) перагляду студзеньскай пастановы не мелі вынікаў. Уладзімір Ленін, які прыняў дэлегатаў ЦБ КП(б)Б, яшчэ раз нагадаў ім, што рэспубліка патрэбна пастолькі, паколькі яна мяжуе з іншымі краінамі. Смаленская, Віцебская і Магілёўская губерні не маюць агульных межаў з суседнімі дзяржавамі, то іх са складу БССР можна выключыць. Там, у Маскве, беларускай дэлегацыі паведамілі яшчэ пра адно рашэнне ЦК РКП(б): аб’яднаць Савецкую Літву і Беларусь у адну рэспубліку[4].

Не апошнюю ролю ў тым, што пазіцыя кіраўніцтва БССР была праігнаравана, адыграў той факт, што катэгарычна супраць існавання Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі выступілі губернскія ўлады. Нягледзячы на тое, што I з’езд КП(б)Б прыняў рашэнне пра абвяшчэнне БССР аднагалосна, як толькі дэлегаты раз’ехаліся на месцы, з губерняў у ЦК РКП(б) пайшлі лісты з пратэстамі супраць утварэння БССР і ўключэння ў яе склад. Прычыну супярэчлівых паводзінаў губернскіх уладаў дазваляе зразумець пратакол агульнага сходу Віцебскай партыйнай арганізацыі, які адбыўся 16 студзеня 1919 г. Прысутныя на сходзе якраз абмяркоўвалі вынікі I з’езда КП(б)Б. Адзін з дакладчыкаў па гэтым пытанні паведаміў, што напярэдадні з’езда, вярнуўшыся з Масквы, Мяснікоў правёў нараду з усімі дэлегатамі VI Паўночна-заходняй канферэнцыі РКП(б), якія прыбылі ў Смаленск яшчэ 26 снежня, але па прычыне пераносу даты адкрыцця канферэнцыі былі вымушаны застацца ў горадзе і чакаць прыезду кіраўніцтва. На сходзе, які адбыўся 29 снежня 1918 г., Мяснікоў паведаміў прысутным рашэнне ЦК РКП(б) утварыць самастойную Беларускую Савецкую Сацыялістычную Рэспубліку і ў якасці галоўных прычын назваў складанае знешнепалітычнае становішча Савецкай Расіі і неабходнасць прадэманстраваць імкненне шырокіх мас беларускага народа да самавызначэння на савецкай аснове. Доўгага абмеркавання пытання не было. Дэлегаты падпарадкаваліся пастанове цэнтральнага партыйнага органа і вырашылі на канферэнцыі не спрачацца, што і забяспечыла адзінадушнасць з’езда[5].

Тактыка дзеянняў губернскіх уладаў была звычайнай для таго часу. Рашэнне ЦК РКП(б), нават у выпадку нязгоды з ім партыйных арганізацый, пачынала праводзіцца ў жыццё, і толькі потым мясцовае кіраўніцтва магло звярнуцца з прапановай яго перагляду. 9 студзеня 1919 г. Віцебскі губернскі партыйны камітэт дэлегаваў у Маскву свайго прадстаўніка для пастаноўкі пытання пра выключэнне губерні са складу БССР і пра далучэнне да РСФСР[6]. А 20 студзеня віцебскія ўлады першымі атрымалі дазвол на „выдзяленне Віцебскай губерні з Беларускай рэспублікі…”[7]. У той жа дзень адпаведная пастанова была праведзена на губернскай партыйнай канферэнцыі[8]. У савецкім парадку выхад губерні са складу БССР быў замацаваны IV з’ездам Саветаў Віцебскай губерні. Прычыны такога рашэння знайшлі адлюстраванне ў рэзалюцыі з’езда: губерня эканамічна не звязана з Беларуссю; насельніц тва не ведае беларускай мовы; тут наогул „няма беларускай культуры”[9].

Крыху па-іншаму развіваліся падзеі ў Магілёўскай і Смаленскай губернях. Тут пазіцыя губернскіх уладаў была менш самастойнай і поўнасцю залежала ад загадаў вышэйшых партыйных органаў. У адпаведнасці з пастановай I з’езда КП(б)Б кіраўніцтва губерняў пачало непасрэдную працу па стварэнні беларускай дзяржавы. 15 студзеня 1919 г. ЦБ КП(б)Б падтрымала хадайніцтва Смаленскага губернскага камітэта партыі пра ўключэнне ў БССР разам з беларускай часткай губерні яшчэ трох паветаў — Сычэўскага, Вяземскага і Юхнаўскага, прызнаных тэрытарыяльнай камісіяй спрэчнымі[10]. Магілёўская партыйная арганізацыя спачатку выказалася супраць уваходжання ў БССР, аднак пасля размовы з сакратаром ЦБ КП(б)Б Вільгельмам Кнорыным губернскі камітэт у парадку партыйнай дысцыпліны аднагалосна прызнаў, што „немагчыма існаванне Беларусі без уваходжання ў яе склад Магілёўскай губерні”[11]. Пазней, калі паступіла супрацьлеглая дырэктыва ЦК РКП(б), упэўненасць у неабходнасці далучэння губерні да БССР змянілася разгубленасцю і няведаннем, чые загады выконваць — Мінска ці Масквы[12]. Па тлумачэнні звярнуліся да Якава Свярдлова. Яго тэлеграма ад 29 студзеня паклала канец сумненням. Яна яшчэ раз пацвердзіла лінію ЦК РКП(б) на выключэнне Магілёўскай губерні са складу БССР. Пасля гэтага губернскі з’езд Саветаў, які ў чаканні адказу з Масквы часова прыпыніў працу, замацаваў адрыў Магілёўшчыны ад Беларусі[13].

За той час, пакуль ішло абмеркаванне тэрытарыяльнага пытання, паміж членамі ЦБ і прадстаўніком ЦК РКП(б), які быў накіраваны ў Мінск для правядзення рашэння ЦК, склаліся вельмі нацягнутыя адносіны. Адольф Іофе абвінавачваў беларускае кіраўніцтва ў сепаратызме і сабатажы[14]. У адказ ЦБ КП(б)Б выказала свой недавер прадстаўніку ЦК і назвала гэты „прыватны выпадак” вынікам „духу бюракратызму, які панаваў у партыйных вярхах, і адарванасці ад партыйных мас”[15]. I Мінская губканферэнцыя КП(б)Б у сваёй спецыяльнай рэзалюцыі таксама адзначыла, што „пасылка агентаў ЦК, якія карыстаюцца аўтарытэтам ЦК і партыйнай дысцыплінай для механічнага падаўлення голаса мясцовых арганізацый, не выкараняе адзначанай адарванасці, а садзейнічае толькі паніжэнню самадзейнасці партыйных нізоў, выхоўвае дух сляпога падпарадкавання загадам зверху”[16].

Адмова ЦБ КП(б)Б выканаць загад цэнтральнага органа наконт абмежавання тэрыторыі рэспублікі дорага каштавала кіраўніцтву БССР. Масква ў гэтым канфлікце цалкам падтрымала дзеянні Іофе і нават выказала шкадаванне, што той „праводзіць мяккую палітыку ў дачыненні да ЦБ”[17]. Мяснікоў пад пагрозай партыйнага суда быў адкліканы з Беларусі, а астатнія члены ЦБ атрымалі толькі шараговыя пасады ва ўрадзе Літоўска-Беларускай Рэспублікі.

Праведзенае ў канцы студзеня — пачатку лютага 1919 г. уключэнне значнай часткі беларускіх земляў у склад РСФСР не было апошнім. Ужо ў самым хуткім часе сітуацыя паўтарылася, праўда, у меншым маштабе. Яшчэ ў студзені 1919 г. наркамат замежных справаў РСФСР выступіў з ініцыятывай арганізацыі нарадаў прадстаўнікоў савецкіх рэспублік для вырашэння спрэчных тэрытарыяльных пытанняў. Вынікам пасяджэння ад 25 лютага 1919 г., у якім удзельнічалі ўпаўнаважаныя РСФСР, Украінскай і Літоўска-Беларускай рэспублік, стала аднагалоснае рашэнне наконт перадачы часткі ўкраінскіх і беларускіх тэрыторый у склад новаўтворанай Гомельскай губерні РСФСР. Літоўска-Беларуская ССР перадавала Рэчыцкі павет Мінскай губерні[18].

Заканчэнне савецка-польскай вайны БССР сустрэла ў складзе толькі 6 няпоўных паветаў былой Мінскай губерні (Барысаўскага, Бабруйскага, Ігуменскага, часткі Мазырскага (72%), Мінскага (68%) і Слуцкага (57%))[19]. Плошча БССР была 52,4 тыс. кв. км, на якой жылі блізу 1,5 млн. чалавек. Відавочна, што паўнавартаснае развіццё беларускай нацыі пры такім становішчы было немагчымае. Адрыў цэнтральнай Беларусі ад усходніх губерняў, з якімі традыцыйна склаліся цесныя эканамічныя і культурныя сувязі, адмоўна ўплываў на ўсе бакі грамадскага развіцця: парушалася ўзаемадзеянне паміж рознымі галінамі вытворчасці, замаруджваўся працэс аднаўлення народнай гаспадаркі, узнікалі шматлікія перашкоды на шляху адраджэння нацыянальнай культуры і мовы. Тым не менш, кіраўніцтва РКП(б) не спяшалася вырашаць пытанне пра вяртанне ўсходнебеларускіх губерняў у склад БССР. Восенню 1920 г. ЦБ КП(б)Б само прызнала вяртанне ўсходніх губерняў заўчасным у дадзеных знешнепалітычных абставінах. Зварот групы „камуністаў-беларусаў”, падрыхтаваны імі па ўласнай ініцыятыве і ў пачатку студзеня 1921 г. накіраваны ў ЦК РКП(б), быў увогуле пакінуты без адказу.

У 1921 г. захады кіраўніцтва БССР наконт вяртання ўсходнебеларускіх тэрыторый былі цесна звязаны з праектам раянавання савецкай краіны і стварэння на базе беларускіх земляў Заходняй вобласці. Аднак паміж кіраўніцтвам БССР і ўладамі Віцебскай, Гомельскай і Смаленскай губерняў існавалі разыходжанні ў дачыненні да памераў вобласці, формаў аб’яднання і яе адміністрацыйнага цэнтра. Эканамічны Савет Смаленскай губерні імкнуўся стварыць вобласць у выглядзе адміністрацыйнай адзінкі РСФСР і з цэнтрам у Смаленску, Віцебская губерня дапускала толькі гаспадарчае аб’яднанне, а ўлады Гомельскай губерні неаднаразова мянялі сваю пазіцыю: часам адмаўлялі неабходнасць існавання вобласці, а часам патрабавалі поўнага аб’яднання са стварэннем агульных абласных савецкіх, партыйных і гаспадарчых органаў.

З утварэннем у 1922 г. СССР захады беларускіх уладаў наконт вяртання ўсходнебеларускіх тэрыторый прыкметна актывізаваліся. Тэрытарыяльнае пытанне абмяркоўвалася на VII з’ездзе КП(б)Б і II сесіі ЦВК БССР IV склікання. Пашырэнне тэрыторыі БССР за кошт усходнебеларускіх губерняў было прызнана неабходнай умовай далейшага развіцця рэспублікі. Зыходзячы з гістарычнай, эканамічнай і этнаграфічнай агульнасці тэрыторый, у склад пашыранай БССР, згодна з планам ЦБ КП(б)Б, павінны былі ўвайсці Віцебская і Гомельская губерні цалкам, а таксама Горацкі і Мсціслаўскі паветы Смаленскай губерні. Пры такім вырашэнні пытання тэрыторыя БССР склала б прыкладна 155 тыс. кв. км з насельніцтвам больш за 5 млн. чалавек[20].

Ініцыятыва беларускага ўрада выклікала рэзка адмоўную рэакцыю з боку кіраўніцтва адзначаных губерняў. Яно крытыкавала беларускі план і імкнулася даказаць яго беспадстаў насць. Ставіўся пад сумненне беларускі характар насельніцт ва ўсходніх губерняў, адзначалася адсутнасць сярод жыхароў цягі да беларускай культуры і мовы. У сваю чаргу ўлады БССР звярталі ўвагу ЦК РКП(б) на шматлікія недахопы ў галіне культурнай працы сярод беларусаў усходніх раёнаў. Для работнікаў партыйных і савецкіх органаў беларуская мова была незразумелай і чужой, або, яшчэ горш, з’яўлялася прыкметай адсталасці і неадукаванасці. Кожны, хто выступаў за развіццё беларускай мовы, у вачах уладаў станавіўся нацыяналістам. Нярэдка прыхільнікаў усяго беларускага абвінавачвалі ў контррэвалюцыйнай прапагандзе. Зразумела, што гаварыць у гэтай сітуацыі пра высокі ўзровень нацыянальнай самасвядо масці не даводзілася. Адсутнасць інфармацыі і неафіцыйная агітацыя супраць далучэння да БССР, якая вялася мясцовымі ўладамі, прыводзіла да скажонага ўяўлення жыхароў пра беларусізацыю. Рабочыя і сяляне таксама хваляваліся, што аб’яднанне са слабой у эканамічным плане БССР пагоршыць іх эканамічнае становішча.

У сітуацыі, калі статыстыка, пададзеная супрацьлеглымі бакамі, была недакладная, няпоўная і часта супярэчлівая, вялікі ўплыў набывалі знешнепалітычныя фактары, на якія ўвесь час звярталася самая сур’ёзная ўвага. Беларускі бок імкнуўся пераканаць ЦК РКП(б), што правільнае вырашэнне тэрытарыяльнага пытання можа значна павысіць міжнародны аўтарытэт БССР і яе ўплыў на падзеі ў Заходняй Беларусі.

29 лістапада 1923 г. Палітбюро ЦК РКП(б) разгледзела пазіцыю ўсіх зацікаўленых бакоў і пастанавіла далучыць да БССР Віцебскую і Гомельскую губерні цалкам за выключэннем чатырох паветаў былой Чарнігаўскай губерні, а таксама Горацкі і Мсціслаўскі паветы Смаленскай губерні[21]. Як бачым, рашэнне Палітбюро ЦК РКП(б) было даволі спрыяльным для БССР. Яно прадугледжвала стварэнне рэспублікі ў памерах, якіх, на самай справе, не ўдалося дасягнуць ні пад час першага (1924 г.), ні нават другога (1926 г.) пашырэння. На жаль, пастанова Палітбюро ЦК РКП(б) не была рэалізавана ў поўнай меры. У момант, калі здавалася, што пытанне ўжо канчаткова вырашана, на шляху да яго практычнага здзяйснення ўзніклі непрадбача ныя перашкоды, звязаныя з дзейнасцю аднаго з лідэраў апазіцыі да ЦК РКП(б) сакратара ЦВК РСФСР і старшыні камісіі па раянаванні РСФСР Сапронава. Ён абвінавачваўся ў тым, што імкнуўся аддзяліць савецкія органы ад партыйнага ўплыву. Са свайго боку Сапронаў даказваў, што партыя „паглынае ініцыятыву і самастойнасць савецкіх органаў”, і як прыклад прыводзіў беларускае пытанне, пра якое ён, сакратар ЦВК РСФСР і старшыня камісіі па раянаванні, нічога не ведаў, а калі і чуў выпадковыя размовы, то лічыў, што гэта толькі жарты наконт „Вялікай Беларусі”[22]. Адначасова ў ЦК РКП(б) паступіў пратэст Віцебскага губкама, які выказваў сваё абурэнне тым, што пазіцыя партыйнай арганізацыі цэлай губерні была праігнараваная[23]. У гэтай сітуацыі Палітбюро ЦК РКП(б) было вымушана пайсці на перагляд свайго рашэння. У складзе РСФСР пакідаліся тры паветы (Веліжскі, Невельскі і Себежскі) Віцебскай губерні, Гомельскі і большая частка Рэчыцкага павета Гомельскай губерні. З Мсціслаўскага павета Смаленскай губерні да БССР адыходзілі толькі чатыры воласці.

У выніку вяртання ўсходніх земляў тэрыторыя рэспублікі павялічылася больш чым у два разы і склала 110 584 кв. км, а колькасць насельніцтва ўзрасла да 4,2 млн. чалавек. Аднак, нягледзячы на заяву старшыні ЦВК БССР Аляксандра Чарвякова на VI Надзвычайным з’ездзе Саветаў БССР наконт таго, што пасля пашырэння тэрыторыю рэспублікі складалі „ўсе тыя паветы, большасць насельніцтва якіх былі беларусы”[24], тэрытарыяльнае пытанне ў 1924 г. не было вырашана канчаткова. У складзе РСФСР па-ранейшаму заставаліся землі, гістарычна, эканамічна і этнаграфічна цесна звязаныя з Беларуссю. Кіраўніцтва БССР добра ўсведамляла гэтую акалічнасць, і яшчэ ў канцы 1923 г. прадстаўнікі БССР на пасяджэнні Палітбюро ЦК УКП(б) выказалі сваю нязгоду з тым, што Гомельскі і Рэчыцкі паветы Гомельскай губерні і Веліжскі, Невельскі і Себежскі паветы Віцебскай губерні пакідаюцца за РСФСР. Пазіцыя беларускай дэлегацыі была выкладзена ў якасці асобнай думкі і зафіксавана ў пратаколе пасяджэння[25]. Такім чынам, у кіраўніцтва БССР мелася фармальная падстава для таго, каб патрабаваць паўторнага разгляду праблемы беларускіх межаў. Разам з тым патрэбны былі вельмі важкія матывы, каб ужо ў хуткім часе пасля пашырэння БССР, названага канчатковым, зноў ставіць пытанне пра беларускія межы.

Аналіз архіўных матэрыялаў дае магчымасць сцвярджаць, што ў 1926 г. мелася цэлае кола фактараў, якія не дазвалялі зняць беларускае тэрытарыяльнае пытанне з парадку дня. Як найбольш важныя трэба адзначыць прычыны знешнепалітыч нага характару. Вяртанне ў 1924 г. у склад БССР шэрагу ўсходнебеларускіх паветаў мела вялікі рэзананс у Польшчы і Заходняй Беларусі. Пераканаўчым сведчаннем гэтага сталі вынікі II Беларускай канферэнцыі нацыянальных арганізацый, якая падтрымала Мінск у якасці кіраўнічага цэнтра беларускага нацыянальнага руху. Аднак нават па-савецку настроеныя ўдзельнікі канферэнцыі не былі цалкам задаволены вынікамі пашырэння тэрыторыі БССР. У рэзалюцыі па агульным палітычным становішчы на Беларусі адзначалася, што „нарада прызнае справядлівым, каб да рэспублікі былі далучаны Гомельшчына і іншыя ўсходнія паветы”[26].

Незавершанасць тэрытарыяльнага будаўніцтва БССР выклікала рэзкую крытыку і ў беларускім замежным друку. Часопіс «Крывіч», які выдаваўся ў Коўна Вацлавам Ластоўскім, абвінавачваў кіраўніцтва кампартыі ў тым, што яно пакінула значныя беларускія землі ў складзе РСФСР для іх канчатковай русіфікацыі. Яшчэ адно перыядычнае выданне — беларуская газета ў Латвіі „Голас беларуса” — 10 траўня 1926 г. пісала: „… і нават самы апошні, здавалася б, дужа прыхільны для беларусаў акт далучэння да Савецкай Беларусі Віцебшчыны, Полаччыны і Магілёўшчыны, добра прыгледзеўшыся і разважыўшы, можна разглядаць як акт пятага падзелу Беларусі”[27].

Прычынам знешнепалітычнага характару спадарожнічалі ўнутрыпалітычныя, эканамічныя, этнаграфічныя і культурна -гістарычныя. Аднак непасрэдным штуршком да актывізацыі намаганняў па вяртанні ўсходніх земляў сталі спробы Арганізацыйнага Бюро Заходняй вобласці ў Смаленску зноў ажыццявіць праект утварэння Заходняй вобласці. Першая спроба перагледзець вынікі пашырэння была зроблена ўжо ў хуткім часе пасля завяршэння працэсу прыёмкі ўсходнебеларускіх паветаў. У жніўні 1924 г. Аргбюро вобласці сумесна з кіраўніцтвам Гомельскай губерні звярнулася ў ЦВК РСФСР з прапановай уключыць у склад вобласці Горы-Горацкі сельскагаспа дарчы інстытут разам з часткай прылеглай да яго тэрыторыі БССР. Паводле гэтага праекта назад да Смаленскай губерні павінны былі адысці шэсць беларускіх паветаў плошчай 909,9 кв. км з насельніцтвам 45 600 чалавек[28]. Спробы перагледзець межы БССР працягваліся і ў 1925 г. Менавіта ў процівагу захадам Аргбюро ўрад БССР быў вымушаны выступіць з контрпрапановай яшчэ раз разгледзець пытанне пра межы рэспублікі з мэтай канчатковага іх вызначэння. 17 сакавіка 1926 г. Бюро ЦК КП(б)Б пастанавіла: выступіць катэгарычна супраць стварэння Заходняй вобласці, патрабаваць далучэння Гомеля і Веліжа і ўстрымацца ад абмеркавання пытання пра Смаленск[29].

18 лістапада 1926 г. Палітбюро ЦК УКП(б), разгледзеў шы высновы камісіі, якая перад гэтым працавала ў Гомельскай губерні, і довады ЦК КП(б)Б, пастанавіла „лічыць даказаным беларускі характар насельніцтва Гомельскага і Рэчыцкага паветаў і прызнаць неабходным далучэнне адзначаных паветаў да БССР”[30]. Як бачым, не ўсе тэрыторыі, якія ЦК КП(б)Б і ўрад БССР лічылі беларускімі, былі далучаны да БССР. І ў 1924, і ў 1926 г., пад час вывучэння тэрытарыяльнага пытання, паміж кіраўніцтвам БССР і ўладамі РСФСР назіраліся істотныя разыходжанні ў вызначэнні беларускай этнічнай тэрыторыі. Урад БССР і ЦК КП(б)Б сцвярджалі, што акрамя далучаных да БССР земляў беларускімі таксама з’яўляюцца: Веліжскі, Невельскі і Себежскі паветы Віцебскай губерні; Мглінскі, Навазыбкаўскі і Суражскі паветы Чарнігаўскай губерні. Пры гэтым беларускі бок спасылаўся на матэрыялы перапісу 1897 г. і этналінгвістычныя даследаванні беларускіх і рускіх вучоных, а кіраўніцтва РСФСР, якое прытрымлівалася супрацьлеглай пазіцыі, аддавала перавагу перапісу 1920 г. і дакладам губернскіх уладаў. Пра «аб’ектыўныя» адносіны кіраўніцтва губерняў ужо гаварылася вышэй. А што датычыць перапісу 1920 г., то трэба адзначыць, што ён праводзіўся на тэрыторыі Віцебскай, Гомельскай і Смаленскай губерняў якраз у той час, калі паміж урадамі Расіі і Польшчы ішлі перамовы, галоўным пытаннем якіх было тэрытарыяльнае. Не выключалася магчымасць далучэння ўсёй этнаграфічнай Беларусі да Польшчы. Таму насельніцтва, напалоханае гэтымі чуткамі, хавала сваю сапраўдную нацыянальнасць і запісвалася рускім. Пазней, пад час вяртання ўсходнебеларускіх тэрыторый, дадзеныя перапісу 1920 г. дазволілі праціўнікам пашырэння БССР сцвярджаць, што спрэчныя паветы Віцебскай і Гомельскай губерняў не з’яўляюцца беларускімі. У лепшым выпадку беларусы складалі там адносную большасць.

У сітуацыі, калі аргументы кожнага з бакоў маглі быць аспрэчаны і пастаўлены пад сумненне, адзіны выхад быў у арганізацыі грунтоўнага этнаграфічнага абследавання спрэчных раёнаў. Але ні ў 1920-х г., ні пазней такое абследаванне праведзена не было. У 1926 г. камісія Палітбюро ЦК УКП(б), у складзе якой, дарэчы, не было ніводнага гісторыка ці этнографа, выязджала толькі ў Гомельскі і Рэчыцкі паветы, бо знаходжанне менавіта гэтых паветаў па-за межамі БССР выклікала найбольш вострую крытыку з боку праціўнікаў і нават прыхільнікаў савецкай улады. Аналіз метадаў і характару дзейнасці камісіі дазваляе зрабіць выснову, што сапраўднай яе задачай было не столькі вызначэнне этнічнага складу насельніцтва спрэчных раёнаў, колькі неабходнасць засведчыць дэмакратызм прыняцця рашэння і праверыць, як далучэнне да БССР будзе ўспрынята на месцах. Такім чынам, прымаючы рашэнне пра вяртанне ў склад БССР Гомельскага і Рэчыцкага паветаў і пакіданне ў РСФСР трох паветаў Віцебскай губерні і паўночных паветаў Чарнігаўскай губерні, Палітбюро ЦК УКП(б) кіравалася выключна палітычнымі матывамі.

Архіўныя матэрыялы сведчаць, што і пасля другога пашырэння кіраўніцтва БССР не лічыла працэс фармавання тэрыторыі рэспублікі завершаным. Аднак змены, якія з другой паловы 1920-х г. пачаліся ў палітычным жыцці СССР, зрабілі немагчымымі і небяспечнымі любыя спробы пастаноўкі пытання пра перагляд усходняй мяжы, якая ў асноўных рысах захавалася да сённяшняга дня. Разам з тым, трэба адзначыць, што вяртанне ў 1924 і 1926 г. усходнебеларускіх тэрыторый, пры ўсёй неадназначнасці ацэнак прынцыпаў правядзення гэтага працэсу і яго вынікаў, мела для БССР вялікае значэнне. Тэрыторыя рэспублікі параўнальна з 1921 г. павялічылася ў два з палавінай разы — з 52 400 кв. км да 125 950 кв. км, з насельніцтвам блізу 5 млн. чалавек, 80% якога складалі беларусы. З уз’яднаннем беларускіх земляў стварыліся спрыяльныя ўмовы для эканамічнага, сацыяльнага і культурнага развіцця беларускага народа. Павысіўся эканамічны патэнцыял рэспублікі, кіраванне народнай гаспадаркай з аднаго цэнтра дазваляла лепш улічваць прыродныя і гістарычныя асаблівасці Беларусі як асобнай вытворчай адзінкі. З’явіліся рэальныя магчымасці для адраджэння беларускай мовы і культуры. Уключэнне ў склад БССР беларускіх раёнаў Віцебскай, Гомельскай і Смаленскай губерняў узмацніла таксама і міжнародны аўтарытэт рэспублікі, паўплывала на палітычную арыентацыю насельніцтва Заходняй Беларусі.


[1] Борьба за Советскую власть в Белоруссии (1918—1920). В 2 т. Т. 1 (февраль 1918 — февраль 1919 г.). Мінск, 1968. С. 414.
[2] Пратакол I з’езда КП(б)Б. Мінск, 1934. С. 33.
[3] НА РБ. Ф. 4, воп. 1, спр. 4, а. 52.
[4] Круталевіч В. Пасля абвяшчэння рэспублікі // Полымя. 1966. № 9. С. 133.
[5] НА РБ. Ф. 60, воп. 3, спр. 443, а. 8.
[6] Тамсама. Спр. 387, а. 5.
[7] Тамсама. Спр. 388, а. 17.
[8] Тамсама. Ф. 4, воп. 1, спр. 19, а. 6.
[9] Круталевіч В. Пасля абвяшчэння рэспублікі… С. 132.
[10] НА РБ. Ф. 4, воп. 1, спр. 2, а. 10.
[11] Тамсама. Ф. 60, воп. 3, спр. 443, а. 16.
[12] Тамсама. Спр. 445, а. 16.
[13] Тамсама. Ф. 4, воп. 1, спр. 22, а. 49.
[14] Октябрь 1917 и судьбы политической оппозиции. В 3 ч. Ч. 2: У истоков политического противостояния. Гомель, 1993. С. 135.
[15] НА РБ. Ф. 60, воп. 3, спр. 431, а. 24.
[16] Тамсама. Спр. 377, а. 125.
[17] Тамсама. Спр. 431, а. 24.
[18] Куличенко М.И. Борьба компартии за решение национального вопроса в 1918—1920 гг. Харьков, 1963. С. 242.
[19] Поляков Ю.А. Советская страна после окончания гражданской войны: территория и население. Москва, 1986. С. 43.
[20] НА РБ. Ф. 4, воп. 21, спр. 1, а. 16.
[21] Тамсама. Спр. 656, а. 51.
[22] Тамсама. Спр. 2549, а. 111.
[23] Тамсама. А. 105.
[24] VI Всебелорусский Чрезвычайный съезд Советов. Стенографический отчет. Минск, 1924. С. 9.
[25] НА РБ. Ф. 4, воп. 21, спр. 102, а. 54.
[26] НА РБ. Ф. 4, воп. 21, спр. 98, а. 36.
[27] Тамсама. Спр. 105, а. 31.
[28] Тамсама. Спр. 11, а. 137.
[29] Тамсама. Спр. 99, а. 129.
[30] Тамсама. Спр. 98, а. 10.

Наверх

Андрэй Партноў. Саветызацыя гістарычнай навукі ў Украіне і Беларусі

Снежня 20, 2000 |

Саветызацыя гістарычнай навукі ў Украіне і Беларусі
(некаторыя канцэптуальныя меркаванні)

Пра складанасць разгляданай тэмы найлепш сведчыць сукупнасць прац, ужо напісаных з гэтай нагоды. Гэтым працам часта бракуе даследчага такту, смеласці. Да таго ж, гістарычная навука агулам засвоіла канцэпцыю савецкага таталітарызму, паводле якога грамадства было не больш чым пасіўным аб’ектам усёмагутнай дзяржавы[1]. Следства такой устаноўкі — звядзенне праблемы да разгляду палітычных рэпрэсій або неапраўдана спрошчанага сцвярджэння пра ненавуковы характар усіх гістарычных прац, што з’явіліся ва Ўкраіне з другой паловы 1940-х да канца 1980 г.[2] Гэткія тэзісы грунтуюцца на разуменні саветызацыі як працэсу, што завяршыўся ў 1930—40 г., пасля чаго быццам існавала уніфікаваная пакораная гістарыяграфія. Насамрэч гэтак званая савецкая гістарыяграфія не была аднастайнаю[3], побач з прапагандысцкімі выходзілі адмысловыя навуковыя працы, часта створаныя ва ўмовах балючага кампрамісу з сістэмаю.

Канцэпцыя гэтага артыкула грунтуецца на прапанаваным С.Eкельчыкам разуменні дзяржаўнай палітыкі СССР як дыялогу з грамадствам, з рэпрэсаваным, прыгнечаным, але не знішчаным апазіцыйным дыскурсам[4], які пры кожнай нагодзе выяўляў сябе — у смелых выступах асобных вучоных, свядомым падыходзе іншых да археаграфіі і медыявістыкі, намаганні сказаць бадай «напаўпраўду» ў падцэнзурных публікацыях. Мяркую, што саветызацыя навукі працягвалася да апошніх дзён савецкай улады (а з-за інерцыі і пазней), але не была дастаткова паспяховаю, татальнаю, хоць і мела велізарны ўплыў на вучоных.

Адсюль вынікаюць дзве тэзы. Па-першае, падаецца дарэчным адрозненне падсавецкіх і савецкіх гісторыкаў, зыходзячы з іх стаўлення да панавальнай сістэмы. Гэткае адрозненне мае, перш за ўсё, навукова-пазнавальны, а не выкрывальніцкі характар, хоць не сакрэт, што тып гісторыка-партый ца, які жадаў партыйнага кіраўніцтва, адчуваў сябе без яго ніякавата, усё-такі быў створаны[5]. Па-другое, увагі даследчыкаў заслугоўваюць такія праблемы, як стыль мыслення гісторыкаў, формы суіснавання вучоных і рэжыму, спосабы адаптацыі да яго патрабаванняў, аналіз стылістыкі іх прац з увагаю да словаўжытку, метафар і стэрэатыпаў, стварэнне «новамовы» савецкай навукі і намаганні вучоных змагацца з стандартызацыяй стылю і г.д.

Гэты тэкст змяшчае толькі папярэднія меркаванні, вынік вывучэння аўтарам гістарыяграфічных працэсаў у Савецкай Украіне з далучэннем для параўнальнага аналізу беларускага матэрыялу. Гіпатэтычнасць і правакацыйнасць асобных сцвярджэнняў свядома разлічаны на крытыку.

***

Некалькі словаў пра зробленае папярэднімі даследчыкамі ў вывучэнні пытання. Першыя публікацыі пра саветызацыю ўкраінскай гістарыяграфіі выходзяць з-пад пяра гісторыкаў -эмігрантаў, якія перажылі гэтыя працэсы, а пад час другой сусветнай вайны выехалі на Захад[6]. Увогуле, яны характары завалі 1920-я г. як час акадэмічнай свабоды, вольнага развіцця навуковай думкі, канец якому быў пакладзены ў 1930-я — час жорсткіх фізічных рэпрэсій. Пры гэтым у часы хрушчоўскай «адлігі» былі пашыраны спадзяванні на аздараўленне падсавецкай навукі, якія згаслі пад час новых уціскаў пары «застою»[7]. Сярод беларускіх гісторыкаў-эмігрантаў гэтае пытанне вывучаў Павал Урбан, які ў працы «Смена тенденций в советской историографии» падаў узважаны аналіз зменаў партыйнай лініі адносна навукі, абгрунтоўваючы тэзіс, што «лібералізацыя заўжды праводзілася па ўказках зверху»[8] . Яму ж належыць беларускамоўная публікацыя з той самай тэмы, што адрозніваецца вострым публіцыстычным стылем[9].

Вартыя ўвагі англамоўныя кніжкі, што датычацца пераважна расійскай гістарычнай навукі і маюць характар дакладнай хронікі[10], сінтэтычных[11], аналітычных[12] даследаванняў, ды публікацыі польскіх гісторыкаў[13]. Украінскія вучоныя з дыяспары ўважліва сачылі за працамі сваіх падсавецкіх калег. Апрача чыста інфармацыйных[14] з’яўляліся крытычна-аглядныя[15] працы, нават існавала спецыяльнае выданне «Recenzja», дзе рэцэнзаваліся выключна працы, выдадзеныя ў Савецкай Украіне.

Што ж да ўкраінскай і беларускай «мацерыковых» гістарыяграфій, то першыя публікацыі з крытычнай рэвізіяй спадчыны савецкай навукі пачалі з’яўляцца на пачатку 1990-х[16]. З гэтай тэмы паступова было знята табу маўчання, але канцэптуальных яе распрацовак з’явілася няшмат (да таго ж, яны пераважна выходзяць з-пад пяра заходніх даследчыкаў — Райнэра Лінднэра[17], Рыгора Грабовіча[18] і інш.). Увогуле ж, тэрміналагічная нявызначанасць, несвядомыя і свядомыя маніпуляцыі фактамі, страх пісаць шчыра і прынцыпова і надалей характарызуюць гістарычныя публікацыі з разгляданай тэмы.

1. Што такое савецкая гістарыяграфія?

1917 год быў сакральнаю датаю для савецкай навукі: гісторыя жорстка падзялілася на «да- і паслярэвалюцыйную». Таму і паняцце «савецкая гістарыяграфія» ахоплівае ўсе гістарычныя працы, што надрукаваны з 1917 да 1991 г. (нягледзячы на тое, што ў першыя паслярэвалюцыйныя дзесяцігоддзі выходзіла шмат даследаванняў, якія былі напісаныя яшчэ да рэвалюцыі — у прыватнасці, працы А.Яфіменкі, А.Праснякова і інш.).

Абгрунтаваным падаецца метадалагічны крытэр, але не трэба спяшацца з акрэсленнем савецкіх гістарычных прац як «марксісцкіх». Ю.Афанасьеў слушна падкрэслівае, што савецкая гістарычнaя навука была навукова-палітычным феноменам, арганічнаю часткаю таталітарнай сістэмы і, адначасова, інструментам дзяржаўнай палітыкі[19]. Яе сацыяльная функцыя палягала ў выхаванні «савецкага чалавека» — будаўніка камунізму, у адпаведнасці з якім гісторыкі павінны былі як выкрываць «фальсіфікацыі» мінулага, так і ўсхваляць дасягненні сацыялізму.

Тэарэтычнаю падставаю савецкай гістарыяграфіі быў так званы марксізм-ленінізм — адно з прачытанняў марксізму, найважнейшыя тэзісы якога: разуменне гістарычнага працэсу як заканамернага і няўхільнага набліжэння камунізму; просталінейнае ўяўленне пра стадыйны (фармацыйны) характар грамадска-гістарычнай эвалюцыі; класавая барацьба як рухальная сіла гістарычнага працэсу; жорсткая залежнасць свядомасці ад сацыяльных фактараў (адсюль магчымасць падзяляць усе філасофскія ідэі, літаратурныя і навуковыя творы на «прагрэсіўныя» і «рэакцыйныя»)[20].

Але для савецкай гістарыяграфіі вызначальнымі былі не гэтыя ідэалагічныя ўстаноўкі, а партыйныя дырэктывы. Ключом да высвятлення прыроды апошніх можа служыць тэзіс А.Івіна пра разуменне бальшавікамі мінулага як абгрунтавання і апраўдання сучаснасці, у адпаведнасці з чым са зменаю партыйнай лініі змянялася і мінулае[21]. Так, «Вялікая савецкая энцыклапедыя», выдадзеная ў 1936 г., адзначала, што Б.Хмяльніцкі ў казацкай рэвалюцыі, якую ён узначальваў, «адыграў ролю здрадніка і лютага ворага паўсталых казацка-сялянскіх мас», бо «спрыяў замацаванню каланіяльнага панавання Расіі над Украінаю»[22], а менш чым праз 10 гадоў гетман ужо выступае «самаадданым барацьбітом за ўз’яднанне». Пры гэтым спроба Міхайлы Брайчэўскага раскрытыкаваць канцэпцыю «ўз’яднання» з чыста марксісцкіх пазіцый[23] была кваліфікавана як дысідэнцтва, а сам вучоны пацярпеў за сваю смеласць.

Савецкая «навука» не спынілася і перад выкрыўленнем гістарычных фактаў. Сцвярджалася, што Петрыка — лідэра антыгетманскага паўстання — забіў агент І.Мазепы (насамрэч Петрык перажыў старога гетмана і памёр сваёй смерцю), што Ўкраінская Акадэмія навук была заснавана бальшавікамі (насамрэч — Паўлам Скарападскім пад час існавання незалежнай Украінскай Дзяржавы), шляхціч Іван Богун-Федаровіч быў пераўтвораны ў сялянскага сына і г.д. У гісторыі Беларусі расійскую экспансію 1654—1667 г. трактавалі як «вызвален не» гэтых земляў, а сацыяльную гісторыю беларусаў звялі да гісторыі сялянства.

У эвалюцыі савецкага «марксізму-ленінізму» можна вылучыць некалькі этапаў:

1920—1930-я г. — час суіснавання «марксісцкай» і «буржуазнай» навукі, калі марксізм яшчэ не быў дагматызаваны і выклікаў шчырую зацікаўленасць вучоных, якія займаліся сацыяльна-эканамічнай гісторыяй[24];

1930—1940-я г. — паступовая дагматызацыя марксізму -ленінізму (звязаная з зацвярджэннем сталінскага таталітар нага рэжыму), арганічна злучаная з расійскім нацыяналізмам у трактаванні мінулага. «Патрыятызацыя» гісторыі была прыродным адлюстраваннем змены партыйнай лініі — калі арыентацыі на сусветную рэвалюцыю адпавядала «інтэрнацыяна лістычная» ўстаноўка на паказ Расійскай імперыі як турмы народаў, то канцэпцыя сацыялізму ў асобна ўзятай і максімальна цэнтралізаванай краіне выклікала карэнныя змены ў бок праслаўлення расійскага мінулага[25] (якія ўсталяваліся пад час і пасля завяршэння другой сусветнай вайны).

1950—1980-я г. — панаванне дагматызаванага марксізму і, адначасова, напаўпрыхаваныя праявы акадэмічнай апазіцыі да яго, выкарыстанне тэзаў класікаў ці для выключна вонкавага аздаблення працы, ці для пацвярджэння ўласных смелых гіпотэз[26]. Тут трэба зазначыць, што межы акадэмічнай свабоды расійскіх гісторыкаў і вучоных нацыянальных рэспублік істотна адрозніваліся не на карысць апошніх. А асобныя дысцыпліны — усходазнаўства, візантыстыка, гістарычна-культуралагічныя даследаванні — былі манапалізаваныя сталічнымі навукоўцамі.

2. Рысы савецкай гістарычнай прадукцыі

1) Цытатна-ілюстрацыйны спосаб выкладання матэрыялу, «гістарыяграфічны прапагандызм» (выраз Н.Якавенкі), заняпад крыніцазнаўчай культуры даследаванняў. Варта прывесці прыклады кампрамісаў, на якія даводзілася ісці, выдаючы нават салідныя зборнікі дакументаў — І.Крып’якевіч ды І.Буціч, рыхтуючы да друку «Документи Богдана Хмельниць кого» (1961), мусілі ўключыць лісты гетмана да турэцкага султана і крымскага хана ў раздзел «Сумнеўныя дакументы»[27], са зборніка «Першодрукар Іван Федоров та його послідовники на Україні» (1975) былі выкраслены 5 актаў з Луцкіх гарадскіх кніг, якія выяўлялі Фёдарава як кіраўніка збройных сутычак паміж варожымі групамі сялянаў, што быццам кампраметава ла першадрукара[28], ва ўсіх дакументах зборніка «Класова боротьба селянства Східної Галичини» (1974) слова «жыд» было заменена на «карчмар»[29].

2) Ваяўнічая тэрміналогія, запазычаная з пісанняў бальшавіцкіх лідэраў. У сумнавядомым лісце да рэдакцыі «Пралетарскай праўды» «О некоторых вопросах истории большевизма» (1931) І.Сталін адзначыў: «Разве не ясно, что Слуцкий просто клевещет на Ленина, на большевиков», бо «никто не смеет отрицать» ісціннасць словаў правадыра. Выраз «разве не ясно» паўтораны ў артыкуле Сталіна яшчэ 4 разы, а аб’ект крытыкі — даследаванні Слуцкага — ахарактарызаваны ім як «галиматья», «жульническое крючкотворство», «троцкистский хлам»[30]. Сталінскі стыль старанна капіяваўся і ўважаўся ўзорам навуковасці, між тым не Сталін яго вынайшаў. Без заглыблення ў гістарычныя экскурсы (працы расійскіх «рэвалюцыянераў-дэмакратаў» ХIХ ст.) адзначу, што Ленін у артыкуле «О значении воинствующего материализма» (1922) ахарактарызаваў вядомых вучоных Р.Віпера і П.Сарокіна як «идейных рабов буржуазии», «современных крепостников, прикрывающихся, конечно, мантией учености»[31]. У 1921 г. лідэр бальшавікоў з нагоды кнігі С.Маслова «Крестьянское хозяйство» выказаўся так: «насквозь буржуазная пакостная книжонка»[32].

3) Росквіт калектыўных даследаванняў, паступовая уніфікацыя навуковага стылю, калі адрозніць аднаго аўтара ад іншага стала амаль немагчыма, а паняцце «творчасці» неяк не пасавала навуковай працы (можа, таму і адрознівалі «навуковую» і «творчую» інтэлігенцыю). Акрамя гэтага, у рэспубліках праводзілася палітыка максімальнага набліжэння нацыянальных моваў да расійскай. У прыватнасці, украінская і беларуская мовы, пазбаўленыя шматлікіх «нацыяналістычных» словаў, збяднелі лексічна і фразеалагічна, былі арыентаваны не на прадукаван не новых, а на трансляцыю ўжо гатовых думак[33]

4) Стварэнне навуковых аўтарытэтаў («вядучых спецыялістаў»), якія фактычна манапалізавалі распрацоўку пэўнай тэмы (для адпаведных перыядаў гісторыі такімі аўтарытэтамі былі Б.Грэкаў, М.Ціхаміраў, Л.Чэрапнін, Н.Дружынін, М.Нечкіна, А.Сідараў, Б.Рыбакоў). Як адзначае Н.Ілерыцкая, «гісторыкам заставалася толькі падзяліцца паводле праблемна-хра налагічнага прынцыпу і згуртавацца вакол найбольш уплывовых фігур…, якія цалкам кантралявалі распрацоўку той або іншай тэмы»[34].

5) Знішчэнне рэцэнзійнага жанру, культуры навуковай дыскусіі.

Хачу яшчэ раз падкрэсліць, што вызначальнаю рысаю савецкай гістарыяграфіі была дзяржаўна-палітычныя дэтэрмінаванасць яе развіцця (адсюль — і планавасць даследаванняў, і таталітарны інстытут ВАКа, і безліч табуяваных тэмаў, імёнаў, дакументаў).

Такім чынам, насаджэнне гістарыяграфічнай практыцы комплексу пералічаных адзнак і ёсць працэс саветызацыі гістарычный навукі. Працэс, што меў на мэце знішчэнне творчасці, самастойнага мыслення. А супрацьдзеянне саветызацыі было заўжды праяваю індывідуальнасці даследчыка, якая супрацьстаяла сістэме, што самаўпэўнена прамаўляла ад імені «мы».

3. Украінскі і беларускі варыянты саветызацыі

Як украінская, так і беларуская гістарыяграфія ў 1920-х г. мелі акадэмічную свабоду і выразны нацыянальны характар, што заахвочвалася палітыкаю «карэнізацыі». Але тая свабода была часовай, бо ўзмацненне савецкай улады суправаджалася ўзмацненнем увагі да гістарычнай навукі. Спачатку — да найноўшай пары, гісторыі рэвалюцыі і бальшавіцкай партыі[35]. У далейшым — прыйшоў час мэтанакіраванага знішчэння нацыянальнай інтэлігенцыі, пачатага працэсамі над «Суполкаю вызвалення Ўкраіны» і «Саюзам вызвалення Беларусі» (1930)[36] і падсумаванага стварэннем падкантрольных партыі Інстытута гісторыі Ўкраіны (1936) і Інстытута гісторыі Беларусі (1936).

Нават у часы, калі ўласная думка і асабістая годнасць маглі каштаваць чалавеку жыцця, паводзіны вучоных у таталітарным грамадстве былі рознымі. Можна вызначыць некалькі формаў:

1) пазіцыя нейтралітэту — адмова ад актыўнай публікацыі сваіх даследаванняў або адыход да ідэалагічна нейтральнай тэматыкі (што ўласціва асобным вучоным старэйшага пакалення, якія здабылі акадэмічнае прызнанне яшчэ ў перадрэвалюцыйны час). Прыклады — Мітрафан Доўнар-Запольскі, Зміцер Яварніцкі;

2) метадалагічная калабарацыя — шчыры або вымушаны (а дзесьці нават штучны) пераход на марксісцкія пазіцыі. Сярод украінскай старой прафесуры першым публічна заявіў аб прыняцці марксісцкага метаду Зміцер Багалій (1920 г.)[37]. У Беларусі — У.Пічэта, хоць яго калабарацыя была наступствам арышту і пераезду ў Маскву;

3) адэпты марксізму-ленінізму, барацьбіты з акадэмічнай традыцыяй, якія самі сталі ахвярамі рэжыму (М.Яворскі, В.Шчарбакоў);

4) захаванне магчымасці навуковай працы (а часта і жыцця) шляхам выезду за межы Ўкраіны і Беларусі. Найчасцей з-за такіх умоваў даводзілася адмаўляцца ад улюбёнай тэматыкі, але не заўсёды. Працуючы з 1948 г. у Маскве, Мікалай Улашчык напісаў працы па крыніцазнаўстве беларускай гісторыі, выхад якіх у Мінску быў немагчымы. Таксама ў Маскве працаваў вучань М.Грушэўскага Аляксей Барановіч, які ў 1959 г. выдаў грунтоўнае даследаванне сацыяльна-эканаміч ных перадумоваў Хмяльніччыны;

5) даследаванне ўкраінскай тэматыкі на Ўкраіне, але цаною шматлікіх рэверансаў у бок панавальнай ідэалогіі. Прыклад — Кастусь Гуслісты, Іван Гуржы.

Асобна трэба ўзгадаць Міхайлу Грушэўскага і Вацлава Ластоўскага — лідэраў нацыянальнай гістарыяграфіі, якія абодва вярнуліся з эміграцыі на Бацькаўшчыну пад час «карэнізацыі». Ужо была звернута ўвага на канцэптуальную аналогію «Ўкраіны-Русі» Грушэўскага і «Беларусі-Крывіі» Ластоўскага — гістарычных схемаў, што даводзілі самабытнасць, самастойнасць украінскага і беларускага гістарычных працэсаў, даўняй традыцыі нацыянальнай дзяржаўнасці[38]. Паказальна, што пад час рэвалюцыі 1917—1920 г. самі гэтыя гісторыкі ўзначалілі, адпаведна, Украінскую і Беларускую Народныя Рэспублікі.

Патрабуючы Ластоўскага і Грушэўскага для часовай легітымізацыі сваёй улады як «нацыянальнай», бальшавіцкая партыя ў далейшым знішчыла абодвух. В.Ластоўскі ў 1930 г. быў пазбаўлены акадэмічных званняў, высланы ў Саратаў, дзе яго расстралялі ў 1938 г. М.Грушэўскі не страціў тытулаў і званняў, але пасля цкаванняў і арышту памёр на лячэнні ў Кіславодску пры не да канца высветленых абставінах.

1930-я г. — час рэпрэсій, інтэнсіўнага адзяржаўлення навукі, якая выявіла сябе ў абмежаванні вучоных не толькі ідэямі і зместам прац, а і формаю твора, стылем[39]. Забароненымі становяцца асобныя тэрміны. Яшчэ ў першыя паслярэвалюцый ныя гады нормаю стала вызначэнне ВКЛ як «літоўска-беларус кай дзяржавы», а напрыканцы 1920-х гэты тэрмін бясследна знікае[40], беларуская гісторыя атаясамліваецца з гісторыяй «прыгнечаных класаў». Аглядаючы «гістарычны фронт Беларусі» ў 1930 г., М.Югаў адзначае адсутнасць на ім марксісцкіх артыкулаў[41]. Леў Акіншэвіч, этнічны беларус, што працаваў ва Ўкраінскай Акадэміі навук[42], на пачатку 1930-х вымушаны быў напісаць шэраг пагромніцкіх артыкулаў. У прыватнасці, ён выкрываў «палітычныя нацыянал-фашысцкія тэндэнцыі, што выяўляюцца ў замазванні класавай барацьбы ў гістарычным працэсе Беларусі»[43]. Агульныя крытыка прац М.Доўнара-Запольс кага, М.Любаўскага, А.Ясінскага стала «добрым тонам» у публікацыях 1930-х г.[44] Вучоных папракалі акадэмізмам, дакументалізмам, адсутнасцю прапаганды ў іх творах і палітычнай «неактуальнасцю» тэматыкі, г.зн. адзнакі якаснай навуковай працы. Што праўда, у далейшым ацэнкі сталі ўзважанымі — у 1942 г. У.Пічэта характарыз аваў М.Любаўскага як «виднейшего историка ВКЛ», М.Доўнара-Запольскага як «крупного историка»[45], хоць і крытыкаваў асобныя іх сцвярджэнні.

Руйнаванне навуковых і этычных пачаткаў рэцэнзійнага жанру ішло двума шляхамі — стварэннем навуковых аўтарытэтаў, працы якіх аналізу не падлягалі, і пошуку «ворагаў», у крытыцы якіх былі недарэчныя якая-небудзь тактоўнасць і гістарыяграфічная культура.

Непажаданы аўтар абвяшчаўся «пятлюраўскім недабіткам», «нахабным ворагам», «клерыкалам, фашыстам і гетманцам»[46], або «дробным буржуа», што «пераносіць на мінулае сваю палітычную праграму жаданага ў будучым ладу»[47].

У 1930-я г. гістарычныя крытыка ператвараецца ў сродак рэпрэсіўнай палітыкі, пераймае стыль і спосаб аргументацыі партыйных лідэраў. Але аб’ектам крытыкі ўсё яшчэ заставаліся «буржуазныя» або «фашысцкія» ўхілы ў высвятленні сацыяльна -эканамічнай гісторыі. Тады як праявы нацыяналізму (перш за ўсё расійскага) далей уважаліся «антымарксісцкімі». Крытыкуючы С.Бахрушына за шавінізм у яго працы пра заваяванне Сібіры, С.Піянткоўскі патэтычна заўважае: «подменить историю народов СССР историeю Великороссии также не удастся, как не удастся заменить диктатуру пролетариата диктатурой буржуазии»[48]. Гэта быў 1930 г. Неўзабаве «замену» правесці ўдалося.

На працягу 1934-1954 г. была створана антымарксісцкая па сутнасці схема тлумачэння мінулага нерасійскіх народаў СССР. Падаю яе ключавыя тэзісы паводле абагульняльнага даследавання С.Вялічанкі[49]:

1) русацэнтрызм, ідэя апякунства Расіі над палітычным і культурным развіццём нерасійскіх народаў;

2) разгляд гісторыі нерасійскіх народаў праз прызму прыгнечання працоўных мас, пастаяным саюзнікам якіх выступаюць расійскі пралетарыят і сялянства;

3) ацэнка палітычных лідэраў паводле іх сімпатый ці антыпатый да Расіі;

4) паказ анексіі Расіяй нерасійскіх земляў як «прагрэсі ўнай» з’явы (з ужыткам дыяметральна супрацьлеглых крытэраў да гісторыі самой Расіі).

Такім чынам, імператывам развіцця нерасійскіх народаў была абвешчана прага да «ўз’яднання» з Масквою, ідэалы ж уласнай дзяржаўнасці сталі «рэакцыйнымі» і «буржуазнымі».

Але нягледзячы на ўвесь комплекс задзейнічаных сістэмаю механізмаў навука не стала аднастайнаю. Найменшае паслабленне ціску (напрыклад, пад час «адлігі») прыводзіла да з’яўлення таленавітых, высокапрафесійных даследаванняў. Крыніцазнаўчыя працы Івана Буціча, Яраслава Дашкевіча, Яраслава Ісаевіча, Міколы Кавальскага, Алены Компан, Алега Купчынскага, Фёдара Шаўчэнкі і іншых, напісаныя звычайна пазітывісцкім метадам, з’яўляюцца гонарам украінскай падсавецкай гістарыяграфіі. Для Беларусі такая постаць — Мікалай Улашчык. Але (і гэта трэба сумленна прызнаць) большасць навукоўцаў і Ўкраіны, і Беларусі засвоілі этыку і стыль савецкай гістарыяграфіі. Яе рудымент працягвае існаваць у прыхаванай і адкрытай, свядомай і падсвядомай, агрэсіўнай і ліберальнай выявах у сучаснай гістарыяграфіі[50]. Напэўна, яны ёсць і ў гэтым артыкуле.

Замест стройных высноваў хачу на завяршэнне падкрэсліць важнасць папярэдняй дасавецкай традыцыі. Нягледзячы на выразнае тыпалагічнае падабенства палітыкі саветызацыі ва Ўкраіне і Беларусі, умоваю яе параўнальна большай паспяховасці ў Беларусі быў недахоп дасавецкай нацыянальнай акадэмічнай традыцыі, якая, хоць і квола, але існавала ва Ўкраіне.


[1] Гл. крытыку гэтай канцэпцыі ў: Yekelchyk S. How The «Iron Minister» Kaganovich Failed to Discipline Ukrainian Historians: a Stalinist Ideological Campaign Reconsidered // Nationalities Papers. Vol. 27. 1999. № 4. Р. 579—604.
[2] Потульницький В. Основні етапи розвитку української історичної думки в європейському контексті /1800—1991 // Схід-Захід. Вип. 2. Харків, 1999. С.42
[3] Гэтая думка выказана ў некаторых сучасных украінскіх публікацыях: Ісаєвіч Я. Наші три відродження — не лише здобутки, але й втрати // Сучасність. 1998. № 12. С. 136; Ковальський М. Деякі теоретичні питання української історіографії // Джерелознавчі та історіографічні проблеми історії України. Дніпропетровськ, 1995. С. 10—11.
[4] Yekelchyk S. How The «Iron Minister» … Р. 598.
[5] Гл.: Афанасьев Ю.Н. Феномен советской историографии // Советская историография. Серия «Россия. ХХ век». Кн. 2. Москва, 1996. С. 24—25.
[6] Крупницький Б. Українська історична наука під совєтами (1920—1950). Мюнхен, 1957; Полонська-Василенко Н. Історична наука в Україні за совєтської доби та доля істориків // Записки Наукового Товариства ім. Шевченка. Т.С ХХIII. Париж-Чікаго, 1962. С. 7—111; Оглоблин О. Думки про сучасну українську совєтську історіографію. Нью-Йорк, 1963.
<[7] Калі ў 1963 г. А. Аглоблін настойваў на тым, што ўкраінская навука на эміграцыі «мусіць быць дадаткам і працягам … навуковай дзейнасці ва Ўкраіне», то ў 1978 г. ён сцвярджаў, што «ўкраінская гістарычная навука на Бацькаўшчыне перастала існаваць»: Оглоблін О. Завдання української історіографії на еміграції / Український Історик. 1978. № 4. С. 59—63.
[8] Урбан П.К. Смена тенденций в советской историографии. Мюнхен, 1959. С.29.
[9] Урбан П. Сучасныя палітычныя тэндэнцыі ў савецкай гістарычнай навуцы // Беларускі Зборнік. Кн. 7. Мюнхэн, 1957. С. 40—63.
[10] Shteppa K.F. Russian Historians and the Soviet State. New Brunswik, 1962.
Таленавіты гісторык К.Штэпа ў 1920—30-я г. працаваў ва Ўкраіне, быў знаным медыявістам, прафесарам Кіеўскага універсітэта і адначасова з 1927 г. — таемным супрацоўнікам HKУС. У час акупацыі Кіева немцамі працаваў ва ўкраінскіх установах і адначасова супрацоўнічаў з СД. На эміграцыі напісаў названую кнігу бясспрэчнай навуковай вартасці, праўда, прамаўчаўшы пра гістарыяграфічны працэс ва Ўкраіне.
[11] Mazour Anatole G. Modern Russian historiography. Princeton-Toronto, 1958.
А.Мазур — гісторык-эмігрант, які ў свой час скончыў Кіеўскую гімназію, браў удзел у першай сусветнай ды грамадзянскай войнах. Прыцягваюць увагу яго антышавіністычныя погляды і ўзважанае стаўленне да ўкраінскай гістарыяграфіі, у прыватнасці, да прац М.Грушэўскага.
[12] Tillett Lowell The Great Friendship: Soviet Historians and the Non-Russian Nationalities. Chapel Hill, 1969.
[13] Lengauer W. Kierunki rozwoju radzieckiej historiografii starożytności w latach 1917—1956 // Przegląd Historyczny. T. LXXXI. 1990. Zes. 1/2. S. 1—25; Grabski A.F. Stalinowski model historiografii // Dzieje Najnowsze. 1992. № 3. S. 23-45.
[14] Korduba M. Littérature Historique Sovetique-Ukrainienne. Compte-rendu 1917—1931. München, 1972 (перадрукоўка выдання 1938 г.)
[15] Сярод шэрагу такіх артыкулаў з навуковага погляду адрозніваецца праца:
Pelenski J. Soviet Ukrainian Historiography after World War II // Jahrbücher für Geschichte Osteuropas. Band 12. 1964. Hebt 3. Н.375-418.
[16] Ва Ўкраіне такім першым смелым выступам стаў артыкул Сяргея Белаконя «Чи маємо ми історичну науку?» //(Літературна Україна. 1991. 3, 10 січня.
[17] Лінднэр Р. Беларускія гісторыкі пад Сталіным // Беларускі Гістарычны Агляд. Т. 5. Сш. 2. Менск, 1998. С. 365-395.
[18] Грабович Г. Совєтизація української гуманістики. 1. Історія та насильство // Критика. 1997. №1. С. 18-22; 2. Ідеологія та культурний стиль // Тамсама. 1997. № 2. С. 12—14.
[19] Афанасьев Ю.Н. Феномен советской историографии… С.10, 19, 37.
[20] Гл.: Зашкільняк Л. Методологія історії від давнини до сучасності. Львів, 1999. С. 152—162; Kołakowski Leszek Główne nurty marksizmu. Londyn, 1988; Topolski J. Marksizm i historia. Warszawa, 1977; Marcuse H. Soviet Marxism: A Critical Analysis. New York, 1958 і інш.
[21] Ивин А.А. Введение в философию истории. Москва, 1997. С. 189.
[22] Цыт. з: Гриневич В. Як гетьман-«зрадник» став героєм, або Дещо про совітські маніпулювання історією // Пам’ятки України. 1991. № 5. С. 4.
[23] М.Брайчэўскі ў працы «Приєднання чи возз’днання?» (1966) пісаў, што канцэпцыя «ўз’яднання» выводзіць расійскі народ за межы тых заканамернасцяў, якія складаюць змест гістарычнага матэрыялізму, паколькі ўсе гістарычныя з’явы разглядаюцца не з пункту погляду іх класавай сутнасці, а з пазіцый у дачыненні да Расіі. Цыт. з: Брайчевський М. Вибрані твори. Київ, 1999. С. 493, 498.
[24] Гл. напр.: 3лотников М.Ф. К вопросу об изучении истории рабочего класса и промышленности / Критика «Русской фабрики» М.И.Туган-Барановского // Каторга и ссылка. 1935. № 1. С. 37-65; Бречкевич М.В. Доба західньо-европейського феодалізму в новітніх працях радянських істориків // Записки Дніпропетровського Ін-ту Haр. Освіти. 1927. T. I. С. 281—296.
[25] Szporluk R. History and Russian Nationalism // Szporluk R. Russia, Ukraine, and the Breakup of the Soviet Union. Stanford, 2000. Р.164.
[26] Пра «мастацтва выкарыстання класікаў марксізму» ў падсавецкіх умовax гл.: Шмидт С.О. Путь историка: Избр. труды по источниковедению и историографии. Москва, 1997. С. 8-9.
[27] Дашкевич Я. Іван Крип’якевич — історик України // Крип’якевич І. Історія України. Львів, 1992. С.14.
[28] Ковальський М. Джерелознавчі аспекти історії культури України ХVI-ХVIII ст. у працях Ярослава Ісаєвича // Україна: культурна спадщина, національна свідомість, державність. Вып. 5. Львів, 1998. С. 324.
[29] Вусная інфармацыя Алега Купчынскага.
[30]Сталин И.В. Вопросы ленинизма. Москва, 1953. С. 384-395.
[31] Ленин В.И. Сочинения. Т. 33. Москва, 1950. С. 205-208.
[32] Владимир Ильич Ленин. Биография. Москва, 1981. С. 589.
[33] Забужко О. Мова і влада // Забужко О. Хроніки від Фортінбраса. Київ, 1999. С. 116.
[34] Иллерицкая Н.В. Становление советской историографической традиции: наука, не обретшая лица // Советская историография… С. 170—171.
[35] У 1925 г. ЦК КП(б)У крытыкавала тагачасную гісторыю ўкраінскай партыйнай арганізаціі як «трацкізм» і даручыла Н.Папову напісаць іншую. Гл. Velychenko S. Shaping identity in Eastern Europe and Russia: Soviet-Russian and Polish Accounts of Ukrainian History 1914-1991. New York, 1993. Р. 90.
[36] Дакл. гл.: Полонська-Василенко Н. Українська Академія Наук: Нарис історії. Київ, 1993.; Касьянов Г. Українська інтелігенція 1920—30-x pp.: соціальний портрет та історична доля. Київ-Едмонтон, 1992; Кандыбовіч С. Разгром нацыянальнага руху ў Беларусі. Мінск, 2000.
[37] Кравченко В.В. Д.И.Багалей: научная и общественно-политическая деятельность. Харьков, 1990. С. 115.
[38] Лабынцев Ю. Польская культура в концепции истории духовной жизни белорусского народа Вацлава Ластовского // Україна: культурна спадщина … С. 367-368.
[39] Оглоблин О. Академічна свобода й Історична наука в СССР // Український Історик. 1997. № 1/4. С. 174.
[40] Пра гэта сведчыць параўнанне двух бібліяграфічных паказальнікаў: Беларускі перыядычны друк. 1917—1927. Менск. 1929 і Летапіс часопісных артыкулаў. 1928—1933. Мінск, 1992.
[41] Югов М. Положение и задачи исторического фронта в Белоруссии // Историк-марксист. 1930. № 17. С. 41. Сам Югаў у далейшым стаў аб’ектам пагромнай крытыкі: Немец Т., Гурэвіч Ц. Кантрабанда неразброіўшагася трацкіста // Бальшавік Беларусі. 1931. № 12. С. 52—59; 1932. № 1/2. С. 60—71.
[42] Гл.: Партноў А. Леў Акіншэвіч — гісторык украінскі і беларускі // Беларускі Гістарычны Агляд. Т. 6. Сш. 1—2. Менск, 1999. С. 248—255.
[43] Окіншевич Л. [Рэц. на] Беларуская Академія Навук. Працы клясы гісторыі. Т. III. Менск, 1929 // Україна. 1932. № 1—2. С. 177—182.
[44] Б.Л. Супраць буржуазнай метадалогіі ў вывучэнні гісторыі Беларусі // Сав. краіна. 1931. № 2. С. 54—57.; Скардзіс В., Бобрык З. Гісторыя Беларусі ў святле поглядаў Любаўскага // Сав. краіна. 1931. № 6. С. 28—4З; Ротман. Афіцыйны гісторык нацдэмаў (Доўнар-Запольскі) // Сав. краіна. 1931. № 7. С. 10—18.
[45] Пичета В. История Белорусии в советской историографии // 25 лет исторической науки в СССР. Москва—Ленинград, 1942. С. 184.
[46] Кравченко I. Фашистські концепції Грушевського і його школи в українській історіографії // Записки Історично-Археографічного Інституту. T.I. Кіїв, 1934. С. 29. Такім эпітэтам І. Краўчанка ўзнагародзіў заходнеўкраінскага гісторыка Івана Крып’якевіча, які пасля акупацыі Савецкім Саюзам Заходняй Украіны стаў акадэмікам АН УРСР.
[47] Окіншевич Л. Шлях до фашизму / Історично-юридичні праці М.ª.Слабченка // Україна. 1932. № З. С. 38. Акіншэвіч злучыў тэзіс Слабчанкi пра «братэрскую» арганізацыю сечавога казацтва з «фашысцкімі канцэпцыямі пра братэрства ў класава-салідарнай нацыянальнай дзяржаве» (С. 35).
[48] Пионтковский С. Великодержавные тенденции в историографии России // Историк-марксист. 1930. № 17. С. 26.
[49] Величенко С. Перебудова та минуле неросійських народів // Український Історичний Журнал. 1992. № 4. С. 93.
[50] Дакл. гл.: Савченко С. Сучасна українська історіографія: спроба характеристики // Сучасність. 1999. № 11. С. 127—131; Lindner R. Besieged Past: National and Court Historians in Lukashenka’s Belarus // Nationalities Papers. Vol. 27. 1999. № 4. P. 631—647; Сагановіч Г. Вяртанне ў «Северо-Западный край»? // Беларускі Гістарычны Агляд. Т. 5. Сш. 2. Менск, 1998. С. 457—488.

Наверх

Siebert, Diana. Bäuerliche Alltagsstrategien in der Belarussischen SSR (Сяргей Новікаў)

Чэрвеня 9, 2000 |

SIEBERT, DIANA. Bäuerliche Alltagsstrategien in der Belarussischen SSR: die Zerstörung patriarchalischer Familienwirtschaft (1921—1941). Stuttgart, 1998. 416.

У будзённым жыцці сям’і беларускага селяніна міжваеннага часу сустракалася шмат выпрабаванняў, асабліва ў яго імкненні захавання ўласнай патрыярхальнай гаспадаркі. Пошук стратэгіі актыўнага і пасіўнага супраціву безгападарчасці — прывабны аб’ект навуковай працы нямецкай даследчыцы Дзіяны Зіберт, якая абараніла дысертацыю ў Кёльнскім універсітэце ў 1997 г. і праз год выдала яе ў серыі „Крыніцы і даследаванні па гісторыі Ўсходняй Еўропы”. Варта асобна адзначыць, што сярод 52 манаграфічных прац, якія былі падрыхтаваны за апошнія трыццаць гадоў у рамках дзейнасці Аб’яднання ўсходнееўрапейскіх гісторыкаў Нямеччыны, толькі кніга Зіберт прысвечана гісторыі Беларусі.

Праца складаецца з уступу, шаснаццаці раздзелаў, заключэння і тэматычнага дадатку. Ва ўступе (s.11—34) аўтарка акцэнтуе ўвагу на вузлавых пытаннях даследавання, вызначае сутнасць асноўных гістарычных паняццяў, разглядае стан распрацаванасці абранай праблемы ў сучаснай нямецкай гістарыяграфіі. Адметна, што аснову навуковай працы складаюць дакументы Нацыянальнага Архіва Рэспублікі Беларусь і навуковыя працы беларускіх аўтараў.

Ва ўступе аўтарка засяроджвае сваю ўвагу на выяўленні тых аб’ектыўных і суб’ектыўных фактараў, якія ў значнай ступені абумовілі тэмпы, характар і асаблівасці развіцця беларускай вёскі на працягу двух перадваенных дзесяцігоддзяў. Да ліку такіх, на погляд Дзіяны Зіберт, трэба аднесці: а) памежны характар тэрыторыі БССР; б) урадлівасць земляў і адсутнасць умоў для экспарту збожжа; в) неаднароднасць сацыяльнага складу вёскі на захадзе і ўсходзе; г) абмежаванасць распаўсюджання абшчынных форм гаспадарання; д) нетрадыцыйнае спалучэнне сацыяльнай і этнічнай ідэнтычнасці і інш. Наогул, сям’я беларускай вёскі 20—30-х і пачатку 40-х г. істотна адрознівалася ад расійскіх і ўкраінскіх сялянскіх сем’яў.

У двух наступных раздзелах разглядаецца палітычная гісторыя („Abriß der politischen Geschichte der BSSR 1917—1939″, s. 35—79) і дэмаграфічная сітуацыя ў БССР („Die demographische Entwicklung in der BSSR”, s. 80—99). Стратэгія штодзённага жыцця сялянства ў значнай меры вызначала і дынаміку дэмаграфічных зменаў. У кнізе адзначаец ца, што самыя адметныя змены сярод сельскага насельніцтва Беларусі адбываліся ў трыццатыя гады, калі, з аднаго боку, колькасць мужчын на вёсцы істотна зменшылася, а з другога боку, яна хутка павялічылася ў вялікіх гарадах, дзе да ўсяго назіралася іх „пралетарызацыя” (95). Адмоўны ўплыў на дэмаграфічную сітуацыю беларускай вёскі мела і прымусовая калектывізацыя, адзначае аўтарка (99).

У чацвёртым, самым вялікім раздзеле („Die Landwirtschaftspolitik der BSSR zwischen staatlichen und bäuerllichen Interessen (1921—1941)”, s.100—161) у цэнтры навуковага доследу Зіберт знаходзяцца дзяржаўныя і сялянскія інтарэсы. У 1920-х г. яны перакрыжоўваюцца з праблемамі нівелявання сялянскіх запатрабаванняў, увядзення розных падаткаў, нормаў зямельнага выкарыстання і г.д., што ўрэшце прывяло да заняпаду сялянскіх гаспадарак, збяднення беларускіх сем’яў і голаду ў асобных раёнах (112). Мяжой сельскагаспадарчай палітыкі, на думку даследчыцы, можна лічыць канец 20-х і пачатак 30-х г., калі для кантролю за сялянствам на вёсцы з’яўляюцца камуністы, праводзіцца ліквідацыя кулакоў і ўсталёўваецца калгасная сістэма.

Стратэгія і тактыка дзейнасці беларускага сялянства выяўлялася на гістарычных прыкладах: кааперацыі 20-х („Kooperativen der zwanziger Jahre: Vorläufer oder Gegenmodell der Kolchosen?”, s.162—175), узброенага супраціву рабаванню сялянства („Die militanten Aktionen der Bauern: Offensivstrategie”, s. 176—183), масавым зыходам з вёскі („Zeitweiliges und endgültiges Verlassen des Dorfes: Ausweichstrategie”, s. 184—191) і інш., што знайшло сваё адлюстраванне ў некалькіх раздзелах гэтай працы.

Раздзел восьмы („Der Alltag in seinen äußeren Erscheinungen”, s.192—207) знаёміць з сялянскімі буднямі. У якасці прыкладу Дзіяна Зіберт разгледзела ўсходнебеларускую гаспадарку, ахарактарызавала ўмовы яе існавання ў сярэдзіне 1920-х г., вызначыла асаблівасці гаспадарання і побыту сялянскай сям’і. Стратэгія прыстасавання сялянскай сям’і да жыцця ва ўмовах арганізацыі калгаснага ладу даследуецца ў дзевятым раздзеле („Soziale Organisation in der Kolchose: Die Anpassungsstrategie”, s. 208—222). Стаўленне сялянства да рынкавых адносін разглядаецца ў раздзеле „Das Verhältnis der Bauern zum Verkaufen, zum Kaufen und zum Geld” (s. 223—233), дзе аўтарка дае агляд сялянскага гандлю, вызначае месца ў ім сялянскіх і калгасных гаспадарак, ролю першых калгасных кірмашоў і робіць высновы пра значэнне грашовых адносін і магчымасц яў сялянства браць удзел у новым жыцці (233).

Новыя гаспадарчыя адносіны на вёсцы, асабліва ўвядзенне прымусовай здачы ўраджаю і рэквізіцыі сельскагаспадарчай прадукцыі, штурхалі сялян да розных формаў супраціву, у тым ліку да ўтойвання ці нязбору ўраджаю (234, 237). Гэтая праблема нямецкай даследчыцай разгледжана ў адзінаццатым раздзеле („Die Strategie des Versteckens und Nicht-Aberntens”, s. 234—239). Затым яна пераходзіць да стаўлення сялянства да сельскагаспадарчай тэхнікі і механізацыі сельскагаспадар чай вытворчасці („Die Einstellung der Bauernfamilien zum Traktor und zu Maschinen”, s. 240—247). Трынаццаты раздзел („Normaufstellungen, Arbeitsorganisation und Verteilung der Produkte: Die Verweigerungsstrategie”, s. 248-274) знаёміць са стратэгіяй адмаўлення ад новых формаў працоўнай арганізацыі. Фактычнае жыццё беларускай вёскі ў 30-я г. сведчыла пра пошук сялянствам свайго асабістага варыянту актыўнага, пасіўнага або нядбайнага ўдзелу ў калектыўнай працы, выкананні планавых паказнікаў, нарматыўных заданняў у сувязі з агульным ураўняльным размеркаваннем прыбыткаў (274).

У чатырнаццатым раздзеле („Die Auswirkungen der Kolchosenwirtschаft auf die landwirtschaftliche Produktion”, s. 275-302) Дзіяна Зіберт разглядае формы ўздзеяння калгаснай гаспадаркі на сельскагаспадарчую вытворчасць. Сярод новых з’яў на вёсцы даследчыца называе агульнае ўтрыманне жывёлы, павелічэнне пасяўных плошчаў, іх меліярацыю і г.д. У той жа час калгасная форма гаспадарання прывяла да парушэння паслядоўнасці севазвароту, спрэчак адносна культывавання асобных тэхнічных культур. Менавіта тут сутыкаліся інтарэсы сялянства і калгаса, „грамадскай гаспадаркі” (298). Тым не менш, аўтарка адзначае, што беларуская вёска ў асноўным забяспечвала краіну асноўнымі прадуктамі харчавання (302).

Перадапошні раздзел („Die Frau in der Familie und in der Kolchose”, s. 303— 323) прысвечаны жанчыне, на прыкладзе якой даследчыца вызначае месца і ролю жанчыны-маці і жанчыны-калгасніцы. Спробы дзяржавы мабілізаваць сялянак на самыя розныя агульнадзяржаў ныя справы былі скіраваны на ўвядзенне рацыянальнага падзелу працы для жанчыны, яе адыходу ад старога патрыярхальнага ладу, звычак, сямейных традыцый. Аднак практыка паказала, што пад час калектывізацыі мужчына займаўся ў таварнай гаспадарцы, а жанчынам заставаўся лёс хатняй гаспадыні і асноўнай працаўніцы на прысядзібных надзелах. Цяжкая доля выпадала беларускай жанчыне практычна паўсюль. Таму невыпадкова істотным вынікам зменаў на вёсцы даследчыца лічыць разбурэнне дзяржавай вясковай салідарнасці ў БССР, але зусім не патрыярхальнай структуры сям’і (319).

У шаснаццатым раздзеле („Siedlungsform und Flurverfassung: Die Nischenstrategie”, s. 324—367) чытач пазнаёміцца з гісторыяй прымусовага перасялення сялян, іх самараскулачвання, стварэння новых пасяленняў і ўзорных сялянскіх гаспадарак. Да гэтага прывяла палітыка бальшавіцкай партыі па ліквідацыі хутароў і аднаасобных гаспадарак. Апрача таго, партыйнае і дзяржаўнае кіраўніцтва БССР у час суцэльнага калгаснага будаўніцтва спачатку абмяжоўвала памеры зямлі сялянскіх двароў, і толькі пасля 1932 г. сітуацыя змянілася на карысць сялян, якія спрабавалі зрабіць зямельны надзел „цэнтрам сваёй гаспадарчай актыўнасці” (358). Праведзены Дзіянай Зіберт аналіз статыстыч ных дадзеных пераканаўча сведчыць, што менавіта прысядзібныя надзелы з’яўляліся больш прадукцыйнымі, чым калгасныя палі.

У заключным раздзеле („Fazit”, s. 368—373) падведзены вынікі навуковага пошуку. Варта адзначыць вельмі змястоўны дадатак да працы („Anhang”, s. 374—414). Тут аўтарка палічыла патрэбным даць шматлікія важныя звесткі пра меры масы і вагі, гадавы каляндар беларусаў, тэрміналагічны гласарый, спіс кіраўнікоў беларускіх органаў улады на працягу 1917—1941 г., асабовы склад кіруючых партыйных органаў БССР, адміністрацыйна-тэрытарыяльныя змены з 1920 да 1939 г., спіс скарачэнняў, пералік 54 табліц, 11 картаў і 4 дыяграмаў, а таксама двух фотамалюнкаў.

Даследаванне Дзіяны Зіберт можна лічыць выдатным узорам нетрадыцыйнага разгляду супярэчлівых пытанняў беларускай гісторыі. Нам падаецца, што без уліку гэтай змястоўнай працы Дзіяны Зіберт сучасная беларуская гістарыяграфія сялянства не зможа абыходзіцца.

Сяргей Новікаў

Менск

Кірыл Маль. Антыбальшавіцкі рух у Беларусі ў 1919—1921 г

Снежня 26, 1999 |


Палiтычная сiтуацыя, у якой апынулася Беларусь пасля 1917 г., была даволi складанай. З аднаго боку канец iснавання Расiйскай iмперыi даваў беларускаму народу шанс утварыць самастойную нацыянальную дзяржаву, але з другога боку шанс гэты быў чыста тэарэтычным. На панаванне над Беларуссю прэтэндавалi дзве дастаткова магутныя сiлы, якiя лiчылi яе натуральнай сферай сваiх iнтарэсаў — Савецкая Расiя i Польшча. Як першая, так i другая, хоць i абвясцiлi сябе вызваляльнiкамi беларускiх земляў, на самай справе iмкнулiся акупаваць iх i ўсталяваць тут адпаведныя палiтычныя рэжымы.

Дзякуючы савецкай гiстарыяграфii добра вядома, як жыхары Беларусi сустрэлi польскiх акупантаў. Шматлiкiя працы былi прысвечаны партызанскаму i падпольнаму руху на занятых палякамi тэрыторыях. Аднак амаль нiчога невядома пра супрацiўленне бальшавiцкаму акупацыйнаму рэжыму, якi быў не менш, калi не больш жоpcткi, чым польскi. Калi савецкiя гiсторыкi i звярталi ўвагу на гэты антыбальшавiцкi рух, то заўсёды малявалi яго ў чорных фарбах, а прычыны бачылi ў «происках польской шляхты и мирового империализма» цi ў «влиянии эсеров и кулаков на несознательную часть крестьянства».

На самай справе далёка не ўсiх прадстаўнiкоў «сялянскай масы» можна было абвiнавацiць у несвядомасцi. Як сведчаць факты, беларускiя сяляне нярэдка дэманстравалi нечакана высокi ўзровень палiтычнай адукаванасцi. Пра гэта пiсаў у студзенi 1919 г. у сваiм дакладзе iнструктар аддзела кiравання камуны Г.Шаўкун, якi перад тым прысутнiчаў на сялянскiм сходзе ў вёсцы Баравое, што ля мястэчка Койданава, i спрабаваў агiтаваць жыхароў за камуну. «Далее некоторые крестьяне, — пicаў Шаўкун, — стали заявлять, что в России все дорого стало от того, что стали вводить коммуну, и что благодаря последней все становятся лентяями и не хотят работать»[1]. Як добры агiтатар, Шаўкун пачаў тлумачыць, што галоўныя прычыны голаду ў Pacii — гэта вайна, контррэвалюцыя, iмперыялiсты, якiя яе падтрымлiваюць, а таксама кулакi i спекулянты. Сяляне аднак зноў з iм не пагадзiлiся. «По окончании разъяснения, — працягвае iнструктар, — вновь посыпались возражения, в коих главным образом указывалось, что мол воевали 4 года и теперь еще приходится воевать, что с Россией другие державы не хотят считаться, потому что в ней нет ответственного лица, которое стояло бы во главе государства, например, президента. А потому надлежало бы созвать Учредительное Собрание». У вынiку iнструктару Шаўкуну так i не ўдалося пераканаць сялян у неабходнасцi камуны i наогул савецкай улады. «Незадолго до закрытия собрания я предложил крестьянам принять резолюцию о поддержании советской власти всеми силами и материальными средствами. Резолюция была выслушана с недоверием, поднялись споры, посыпались протесты, в результате коих резолюция принята не была из боязни, что если, мол, примут, то тогда погонят всех их на войну и заберут весь хлеб, скот, и проч. имущество. Я объяснил, что значит резолюция и т. д., но несмотря ни на что крестьяне упорно отстаивали свои позиции и резолюцию не приняли. Мало того, когда я спросил, желают ли они вообще советскую власть и дать ответ на это поднятием рук, никто не поднял руки». Магчыма, далёка не ўсе беларускiя сяляне былi настолькi палiтычна свядомымi, як жыхары вёскi Баравое, хоць такая з’ява не была i выключнай. Недавер гэтых сялян да савецкай улады нельга растлумачыць i кулацкiм уплывам, бо сярод iх практычна не было кулакоў. «Одновременно с этим должен отметить, — пiсаў Шаўкун, — что д. Боровое сравнительно небогата. Кулаков почти нет. Почти все крестьяне владеют незначительными участками земли, в размере от одной до пяти десятин»[2].

Недавер i варожасць беларускiх сялян да бальшавiкоў былi выклiканы iншымi прычынамi, галоўнымi з якiх сталi дзеяннi самiх бальшавiцкiх уладаў. Антысавецкi рух быў натуральнай рэакцыяй насельнiцтва на акупацыйны характар «дыктатуры пралетарыята» ў Беларусi.

Можна адзначыць тры асноўныя характэрныя рысы ўлады бальшавiкоў, якiя сталi прычынамi варожага настрою да яе значнай часткi беларусаў. Першай, найбольш адметнай з iх быў «чырвоны тэрор», развязаны бальшавiкамi на Беларусi ў часы савецка-польскага канфлiкту. Формы i метады гэтага тэрору таксама былi розныя, ад прымусовай працы да заключэння ў канцэнтрацыйных лагерах i нават расстрэлаў на месцы. Найбольшае абурэнне выклiкала бескантрольная дзейнасць ЧК, органа пазасудовай расправы, якая карала i бязвiнных, i вiнаватых. Гэта былi вымушаны прызнаць нават бальшавiкi, прычым тыя з iх, хто займаў высокiя пасады ва ўрадзе Лiтбела. У сваiм лiсце ад 21 жнiўня 1919 г. да старшынi УЧК Ф.Дзяржынскага члены ЦК Кампартыi Лiтвы i Беларусi Мiцкевiч-Капсукас i Цiхоўскi пiсалi: «На самом деле безсистемными расстрелами направо и налево при той обстановке, какую мы видели, было лишь усиленно враждебное отношение населения к советской власти и не только среди буржуазии, но и среди рабочих. До глубины души были возмущены поведением ЧК даже многие партийные тов. тов. Нам стоило больших усилий, чтобы успокоить Минский рабочий полк, который готов был разнести ЧК»[3].

Iншым, не менш значным фактарам, якi меў уплыў на стаўленне беларусаў да бальшавiкоў, была палiтыка прадразвёрсткi, пры дапамозе якой савецкая ўлада iмкнулася забяспечыць харчам свае войскi. Сяляне, чыя гаспадарка была моцна разбурана яшчэ першай сусветнай вайной, не разумелi i не маглi зразумець, чаму яны павiнны аддаць апошняе i памёрцi ад голаду. А што на справе так i было, сведчаць шматлiкiя дакументы, у тым лiку i апублiкаваныя яшчэ пры савецкай уладзе. Напрыклад, апiсваючы становiшча ў Серакаротнянскай воласцi ў сваiм дакладзе ў лютым 1920 г., прадстаўнiк Вiцебскага рэўкома казаў: «Экономическое положение волости самое критическое. О каких либо излишках хлеба не может быть и речи, но у многих граждан уже нет хлеба на дневное пропитание, в чем удостоверился высланный агент упродкома»[4].

У цеснай сувязi з прадразвёрсткай былi i такiя шырока распаўсюджаныя з’явы, як самачынныя рэквiзiцыi асобных вайсковых частак i звычайнае рабаўнiцтва, якое дазвалялi сябе чырвонаармейцы. Пра тое, што гэта выклiкала, мякка кажучы, абурэнне беларускiх сялян, пiсалi ў свой час яшчэ камандзiры Чырвонай армii. «Ярко ощущавшиеся в Минском районе симпатии населения к красным, — распавядаў камандзiр дывiзii Вiтаўт Путна, — в районах ближе к Бугу начинали тускнеть. Немало этому способствовало и то обстоятельство, что мы, оторванные от баз, не имея подвоза для армии по железным дорогам, использовали несметное количество крестьянских подвод. Крестьянин считал, что проповедуемое нами освобождение от ига помещиков — дело хорошее, но все это — пока вещь гадательная, а вот что он вынужден неделями мотаться с подводами, когда хлеба переспевают в поле, это плохо, это вещь более ощутительная и реальная»[5].

Справа была, аднак, значна больш сур’ёзная, чым проста незадаволенасць сялян неабходнасцю «мотаться с подводами». Сiмпатыi да савецкай улады, пра якiя пiсаў Путна, паспелi «потускнеть» значна раней, чым дывiзiя гэтага камандзiра з’явiлася ў Беларусi. Праходзячы праз беларускiя землi, чырвоныя часткi адбiралi у сялян апошнi харч, якi яны збераглi пасля вiзiтаў прадатрадаў i апрадкамаў, што, вядома ж, не спрыяла ўзаемапаразуменню памiж савецкiмi войскамi i жыхарамi Беларусi. Ужо ў 1919 — пачатку 1920 г. прадстаўнiкi савецкай улады канстатавалi, што «взаимоотношения между частями войск, населением и волревкомами в некоторых местах враждебные ввиду бестактных реквизиций, требований подвод для личных поездок, вымогательства непосильных угощений, грубых обращений красноармейцев»[6].

Трэцiм значным фактарам узаемадачыненняў беларускага насельнiцтва i бальшавiкоў быў сваеасаблiвы «налог крывёй», якi апошнiя прымусiлi плацiць жыхароў нашай краiны. Пасля заключэння ваенна—палiтычнага саюза РСФСР, УССР i Лiтбела ў сакавiку 1919 г., скiраванага на атрыманне матэрыяльных i чалавечых рэсурсаў ад фармальна незалежных савецкiх рэспублiк для перамогi ў грамадзянскай вайне, бальшавiкi неаднаразова праводзiлi мабiлiзацыю беларусаў на вайсковую службу. Гэтыя мабiлiзацыi праходзiлi ў розных раёнах Беларусi ў розныя часы. У войскi прызывалi i прадстаўнiкоў розных сацыяльных слаёў i розных узростаў са збяднелага сялянства i рабочых. Але нават такi класавы падыход не даваў бальшавiкам адпаведных вынiкаў, а некаторыя з прызываў былi наогул беспаспяховыя. Напрыклад, 25 красавiка 1919 г. быў выдадзены дэкрэт «О призыве среднего и беднейшего крестьянства к борьбе с контрреволюцией», згодна з якiм ад кожнай воласцi мабiлiзавалася ад 10 да 20 чалавек. Хутка арганiзатары мабiлiзацыi сутыкнулiся з непераадольнымi цяжкасцямi, пра што сведчыць, у прыватнасцi, справаздача Клiмавiцкага павятовага камiтэта РКП(б) за чэрвень 1919 г.: «Что касается мобилизации 20 человек от волости, то такая проходит туго. Наметить кандидатов сходом не представляется возможным, назначать исполкомом также затруднительно. Население на сходах высказывается за добровольную запись. Заметных результатов мобилизации 20, таким образом, не имеется»[7].

Магчыма, што сяляне ставiлiся б да мабiлiзацыi з большым энтузiязмам, калi б свежае папаўненне з Беларусi накiроўвалася супраць палякаў, на вызваленне сваёй айчыны. Замест гэтага бальшавiцкiя вайсковыя ўлады фармавалi часткi Заходняга фронту з мабiлiзаваных i ахвотнiкаў расiйскага, латышскага, лiтоўскага, эстонскага i нават кiтайскага паходжання, а беларусамi дакамплектоўвалi дзянiкiнскiя i калчакаўскiя франты. Так, паводле дадзеных Алега Латышонка, з 200 тысячаў мабiлiзаваных улетку 1919 г. жыхароў Беларусi толькi 40 тысячаў трапiлi на Заходнi фронт[8].

Натуральнай рэакцыяй беларускiх сялян i рабочых, якiх вымушалi пакiдаць свае дамы i iсцi памiраць кудысьцi за тысячы кiламетраў невядома за што, былi ўхiленне ад прызыва i дэзерцiрства. I першае, i другое былi шырока распаўсюджанымi з’явамi i, па сутнасцi, сталi адной з формаў барацьбы жыхароў Беларусi супраць бальшавiкоў. Ужо ў 1919 г. уцёкi з войскаў i з мабiлiзацыйных пунктаў набылi значным памеры. Барацьбой з дэзерцiрствам займалiся як вайсковыя, так i грамадзянскiя ўлады. Пры кожным рэўкаме (у залежнасцi ад яго статуса: валрэўкам, павятовы рэўкам цi губрэўкам) iснавалi спецыяльныя камiсii па барацьбе з дэзерцiрствам. Стваралiся адпаведныя ўзброеныя атрады, звычайна колькасцю па 300 штыкоў i па 50 шабляў, якiя займалiся «паляваннем» на ўцекачоў[9]. Метады барацьбы былi разнастайнымi: ад забароны прызыўнiкам з’язджаць у iншыя раёны да расстрэлу ўцекачоў i зняволення iх сем’яў у канцлагеры[10]. Найбольш эфектыўнымi (згодна з рэзалюцыяй II Канферэнцыi рэўкамаў прыфрантавой паласы i прадстаўнiкоў дывiзiяў XVI армii Заходняга фронту, якая адбылася 26—27 красавiка 1920 г.) лiчылiся «…применение репрессивных мер путем полной и частичной конфискации как у самого дезертира, так и у его укрывателей и предания последних суду»[11].

Нягледзячы на ўсё гэтае, бальшавiкi так i не здолелi перамагчы ў барацьбе з дэзерцiрствам да самага канца вайны. У 1920 г., калi Заходнi фронт лiчыўся галоўным фронтам РСФСР i папаўненне з працоўных Беларусi накiроўвалася супраць палякаў, мабiлiзаваныя ўсё роўна iмкнулiся ўхiлiцца ад прызыву цi збегчы з вайсковай часткi. Шмат з iх уцякалi яшчэ з мабiлiзацыйных пунктаў. У сувязi з гэтым 1 верасня 1920 г. Камiсарыят па ваенных справах БССР выдаў спецыяльны загад: «Из имеющегося в Следственно -Судебной части материала видно, что некоторые Уездвоенкомы ставят в известность мобилизованных, часто не сознавая о недопустимости такого явления, места назначения того или иного наряда, последствием чего мобилизованные, не желая следовать в то или иное место назначения, дезертируют»[12].

У вынiку дэзерцiрства дасягнула неверагодных маштабаў. Яшчэ ў траўнi 1920 Л. Троцкi пiсаў: «Борьба с дезертирством в Западном округе является сейчас вопросом жизни и смерти для Запфронта»[13]. Аднак перамагчы ў гэтай барацьбе бальшавiкi не здолелi, таму пытанне «жизни и смерти» вырашылася не на карысць Заходняга фронту. Менавiта дэзерцiрства выканала значную ролю ў вынiках Варшаўскай бiтвы, бо ў вырашальны момант у бальшавiкоў папросту на хапiла сiлаў, што i вызначыла лёс вайны.

Пасля разгрому пад Варшавай плынь уцекачоў, натуральна, толькi павялiчылася. У лiстападзе 1920 г. ваенныя ўлады БССР наогул былi вымушаны пайсцi на адчайны крок, абвясцiўшы «неделю явки с повинной» i паабяцалi дараванне ўсiм, хто з’явiцца добраахвотна да 25 лiстапада[14], але асаблiвага поспеху гэтая мера дасягнуць не магла.

Дэзерцiрства, аднак, было не адзiнай формай супрацiўлення мясцовага насельнiцтва бальшавiкам. Iснавалi i iншыя, больш актыўныя, метады барацьбы з савецкай уладай. Да iх лiку належалi падпалы ваенных складоў i пашкоджанне чыгуначных шляхоў. Так, 2 траўня 1920 г. Троцкi пiсаў: «На железных дорогах вспыхивают уже пожары. В отдельных пунктах (запасная армия) констатированы поджоги… Среди железнодорожников много до последней степени ожесточенного элемента»[15].

Каб выправiць становiшча на чыгунцы, бальшавiкi пайшлi на жорсткiя меры. У розныя часы i ў розных месцах яны рабiлi мясцовае насельнiцтва адказным за становiшча чыгуначных шляхоў, а таксама тэлеграфных лiнiяў. Згодна з загадам армiям Заходняга фронту ўсе мясцовыя жыхары, што жылi не больш чым за 15 вёрст ад чыгункi, неслi адказнасць за яе стан[16]. Гэтыя формы адказнасцi за пашкоджанне камунiкацыяў бальшавiкi захавалi i пасля вайны, у час барацьбы з бандытызмам. Прычым пакараннi былi даволi жорсткiя. Напрыклад, у загадзе №2 Бабруйскай палiтычнай камiсii па барацьбе з бандытызмам гаварылася: «…за порчу или недосмотр лица, на участке коих это произойдет, будут привлекаться к строжайшей ответственности (вплоть до расстрела)»[17].

Але нi пагрозы, нi нават чырвоны тэрор не маглi спынiць супрацiўленне беларусаў бальшавiцкай акупацыi. Яно набывала ўсё больш актыўныя формы, i хутка дасягнула сваёй найвышэйшай ступенi — узброенай барацьбы. У часы савецка-польскай вайны для гэтай барацьбы iснавала некалькi магчымасцяў. Першай з iх было паступленне ў польскiя часткi на добраахвотнай аснове, бо ў адрозненне ад бальшавiкоў палякi не праводзiлi мабiлiзацыi на занятых iмi беларускiх землях. Гэта магчымасць не выклiкала, аднак, сярод беларусаў асаблiвага энтузiязму, бо ў значнай ступенi палякi таксама разглядалiся iмi як акупанты. Значна больш прывабным было стаць пад сцягi беларускiх добраахвотнiцкiх узброеных фармаванняў. Гэтыя вайсковыя часткi пачалi стварацца яшчэ у 1918 г. пад час нямецкай акупацыi. Да iх належаў i Беларускi пяхотны полк, сфармаваны у Гораднi. Ён налiчваў 800 чалавек i складаўся з чатырох ротаў. Аднак як баявая сiла полк не ўдзельнiчаў у вайне з бальшавiкамi. Палякi хутка расфармавалi яго, дэмабiлiзавалi праваслаўных i яўрэяў, а каталiкоў накiравалi ў польскiя часткi[18].

Але спробы стварыць нацыянальнае беларускае войска на гэтым не скончылiся. Дзеячы беларускага нацыянальнага руху, якiя вярнулiся ў Менск разам з палякамi, пачалi працэс фармавання беларускай армii. Юзаф Пiлсудскi падтрымаў гэтую iнiцыятыву i 22 кастрычнiка 1919 г. падпiсаў дэкрэт аб фармаваннi беларускiх узброеных сiлаў у складзе двух батальёнаў. Пазней, 20 лiстапада гэтыя сiлы былi паменшаныя да аднаго батальёна. У той жа час у школе падхаружых рэзерву ў Варшаве быў створаны беларускi ўзвод, а ў Слонiме фармавалася беларуская падафiцэрская школа.

Аднак, нягледзячы на падтрымку Пiлсудскага, дзейнасць Беларускай вайсковай камiсii, якая займалася справай беларускiх узброенных сiлаў, не прынесла практычных вынiкаў з-за сабатажу мясцовых польскiх уладаў. Адзiнай больш-менш рэальнай часткай, створанай БКВ у гэты час, была 1-я рота беларускiх стралкоў, складзеная з 150 жаўнераў[19]. Пазней, у 1920 г., яна была пераўтворана ў батальён i нават карысталася польскiмi статутамi, перакладзенымi на беларускую мову, аднак у баях не ўдзельнiчала i ў хуткiм часе пасля вайны была расфармаваная.

Але тое, што спробы ўтварыць беларускае войска былi няўдалыя, не значыць, што беларусы наогул не ўдзельнiчалi ў савецка-польскай вайне. Яны ваявалi ў складзе рэгулярных частак. Напрыклад, вядома, што у 1919 г. добраахвотнiкi -беларусы ўвайшлi ў склад Беларуска -Лiтоўскай дывiзii, фармаванне якой пачалося адначасова з фармаваннем беларускiх нацыянальных частак. Тыя, хто вербаваўся ў гэтую дывiзiю, вырашылi, што гэта i ёсць беларускае войска[20]. Нараджэнцы Беларусi складалi таксама значную частку аддзела знакамiтага Булака-Балаховiча. Гэты аддзел па баявых якасцях быў не горшы за рэгулярныя польскiя часткi i выканаў у савецка-польскай вайне адметную ролю. У канцы кампанii 1920 г. балахоўцы прарвалi лiнiю фронту, разрэзалi на дзве паловы 4-ю Чырвоную армiю i захапiлi Пiнск. У вынiку бальшавiкi мусiлi адвесцi на ўсход усю лiнiю Заходняга фронту. У далейшым, ужо пасля заканчэння вайны, Булак-Балаховiч са сваёй групай, што атрымала назву Беларускай Народнай Армii, дзейнiчаў самастойна i паспрабаваў вызвалiць краiну ад бальшавiкоў. Гэты яго паход добра вядомы, i наўрад цi варта спыняцца на iм падрабязна. Нягледзячы на паразу ў лiстападзе 1920 г., генерал Булак-Балаховiч не спынiў сваёй дзейнасцi i часткi яго армii актыўна ўдзельнiчалi ў партызанскай барацьбе на тэрыторыi БССР у 1921 г.

Але аснову ўзброенай барацьбы насельнiцтва Беларусi супраць бальшавiзму складаў не ўдзел яго прадстаўнiкоў у рэгулярных фармаваннях польскага войска, а партызанскi рух i сялянскiя паўстаннi, якiя ахапiлi тылы Чырвонай армii з самага пачатку канфлiкту. Добра вядомыя такiя буйныя выступленнi, як Старакапытаўскi бунт i Вялiжскае паўстанне. Але яны не былi адзiнымi ўсплёскамi незадаволенасцi, выклiканымi палiтыкай бальшавiкоў. Своеасаблiвым водгукам Старакапытаўскага бунту было паўстанне ў Рэчыцы 25-26 сакавiка 1919 г. Там паўстала каравульная рота, якая хутка захапiла ўладу ў горадзе. Камунiстаў бiлi i садзiлi ў турму, iх кватэры былi разгромленыя. Паўстанцы разнеслi таксама рэўкам, надзвычкам, аддзел юстыцыi[21].

У тым самым сакавiку 1919 г. адбылiся паўстаннi ў Слуцку i ў Барысаве, дзе грамiлi савецкiя ўстановы. Паўстаннi адбывалiся i пазней, як у 1919, так i ў 1920 г. Фактычна не было месяца, каб у якой-небудзь вёсцы, воласцi цi нават горадзе не было ўзброенага выступлення. Напрыклад, у сакавiку 1920 г. у Быхаўскiм павеце адбылася серыя паўстанняў. Сяляне вёсак Куляжы, Урэчча, Запалянная, Прыволь, Лебядзеўка, Рабiнаўка паграмiлi савецкiя ўстановы, знiшчылi дакументы, зрабiлi вобшукi ў кватэрах савецкiх супрацоўнiкаў. 10 сакавiка паўстанцы напалi на Прапойск, раззброiлi там аддзел па барацьбе з дэзерцiрствам, захапiлi тэлеграф[22].

Бальшавiкi абвясцiлi тыя паўстаннi кулацкiмi, а потым гэты тэрмiн аўтаматычна ўвайшоў у працы савецкiх гiсторыкаў. Мiж тым сацыяльны склад паўстанцаў быў даволi разнастай ным, i, як сведчаць крынiцы, супраць бальшавiкоў выступалi як заможныя, так i збяднелыя сяляне. Так, напрыклад, рэагуючы на даклад аб паўстаннi ў Бяларучскай воласцi, народны камiсар унутраных спраў Лiтбел пiсаў: «…делая доклад о „кулацком” восстании в Белоручской волости, Член Исполкома указывает на таких кулаков как сапожник и т. д., что заставляет нас думать о том, что Минскому Уисполкому совершенно непонятны определения слова „кулак” и им подводятся под эту рубрику не только рядовые крестьяне, но и рабочие. Неумелое, нетактичное поведение самого Исполкома зачастую и бывает виновником восстания, которое потом называют кулацким, но которые имеют под собой совершенно иную почву»[23].

Паўстаннi так званых кулакоў выклiкалiся, зразумела, не столькi «нетактичным поведением» кiраўнiкоў рознага ўзроўню, колькi ўвогуле палiтыкай «ваеннага камунiзму» i цяжкасцямi бальшавiцкага рэжыму. Даведзеныя да адчаю прадразвёрсткай i рабаўнiцтвамi сяляне, у якiх адбiралi апошнi харч, падымалiся з вiламi i сякерамi супраць кулямётаў ЧАПаў i прададдзелаў i гiнулi ў гэтай безнадзейнай барацьбе.

Менавiта такiя паўстанцы складалi асноўную базу для стварэння партызанскiх аддзелаў, якiх багата было ў лясах Беларусi ў часы савецка-польскай вайны. Бальшавiкi звычайна называлi iх бандамi, хоць iх дзейнасць мела не крымiнальны, а ваенна-палiтычны характар. Сам камандарм Тухачэўскi, вялiкi спецыялiст па карных аперацыях i барацьбе з бандытызмам, вызначаў тэрмiн «банда» наступным чынам: «Самоорганизующаяся местная крестьянская власть опирается на местные вооруженные крестьянские формирования, обычно называемые у нас бандами»[24].

Менавiта з такiх мясцовых сялянскiх узброеных фармаванняў i складалася большасць «бандаў» на Беларусi ў 1919—1921 г. Дзейнасць гэтых партызанскiх аддзелаў была разнастайнай i яе характар залежаў ад колькасцi байцоў, ад узбраення i ад камандзiраў. Галоўным чынам яны нападалi на прададдзелы, асобныя вайсковыя часткi i аддзелы чэкiстаў. Напрыклад, 24 жнiўня 1919 г. у раёне станцыi Заольша ў Вiцебскай губернi партызаны атакавалi аддзел губернскай ЧК, камандзiр якога загiнуў. На дапамогу чэкiстам быў накiраваны яшчэ адзiн аддзел з 70 чалавек, але партызаны разагналi i гэты аддзел i захапiлi кулямёт[25] . Яшчэ больш рашуча дзейнiчалi партызаны ў Быхаўскiм павеце ў сакавiку 1920 г. Яны атакавалi i захапiлi абоз 8-й стралковай дывiзii, а разам з iм i канцылярыю начальнiка дывiзiённай артылерыi[26]. Часта партызанскiя аддзелы паспяхова дзейнiчалi разам з польскiмi часткамi. Так, пад Барысавам аддзел капiтана Семяннiка, якi складаўся з мясцовых жыхароў, аб’яднаўся з 3-м уланскiм палком i прайшоў рэйдам па тылах чырвоных, што вымусiла бальшавiкоў улетку 1919 г. пакiнуць Барысаў[27].

У вынiку ў тыле чырвоных склалася даволi напружанае становiшча. Яшчэ 19 сакавiка 1919 г. на пасяджэннi Мiнскага губрэўкома канстатавалася: «Внешний фронт для нас не страшен. Необходимо более обращать внимание на внутренний фронт и все меры принимать на борьбу с контрреволюцией, на борьбу с открытием заговора внутри»[28]. Бальшавiкi адказалi на партызанскi рух новай хваляй чырвонага тэрору. Згодна з пастановай савецкай улады рознага ўзроўню асобы, якiя былi замешаныя ў «бандытызме» i падпалах, расстрэльвалiся на месцы, а асобы, якiя не мелi дакументаў, цi дакументы якiх здавалiся падазронымi, затрымлiвалiся i перадавалiся ў мiлiцыю цi ЧК[29].

Але спынiць супрацiўленне тэрорам на той час было немагчыма. Больш за тое, у 1920 г., калi чырвоныя пачалi наступ на Заходнiм фронце, бальшавiкi сутыкнулiся з новымi праблемамi. Афiцыйна было абвешчана, што доблесная рабоча-сялянская Чырвоная армiя вызваляе працоўных Беларусi з-пад ярма буржуазнай Польшчы. Аднак, як нi дзiўна, значная колькасць жыхароў Беларусi не спяшалася сустракаць сваiх «вызваляльнiкаў» з кветкамi. У лепшым выпадку яны ставiлiся да савецкай улады абыякава. Як, у прыватнасцi, казалася ў загадзе, якi 14 лiстапада 1920 г. выдаў Ваенны Камiсар БССР Адамовiч, «… даже рабочие и беднейшее крестьянство в некоторых местностях остались пассивными к советской власти. Запись добровольцев происходила крайне вяло»[30].

Справа, вядома, не абмяжоўвалася «пассивностью к советской власти». Чым далей на Захад рухалiся бальшавiцкiя часткi, тым больш варожым быў настрой насельнiцтва, тым часцей сутыкалiся яны з прыхаваным, а часам i адкрытым супрацiўленнем. У тыле Заходняга фронту нярэдкiмi былi дыверсii, падпалы вайсковых аб’ектаў i напады на чырвоныя часткi. У гэтай сувязi па гарнiзоне Мiнска 22 лiпеня 1920 г. быў нават выдадзены спецыяльны загад, у якiм канстатавала ся: «…Помимо этого, как видно, польская шляхта, бежавшая из Минска после разгрома их белогвардейских банд, оставила в пределах Минской губернии и города шпионов и поджигателей для уничтожения особо важных складов и государственных учреждений, доказательством чего служит поджог лесопильного завода по Борисовскому тракту 18-го июля и ряд других пожаров за время нахождения советской власти в г. Минске»[31]. Дыверсii i падпалы былi, натуральна, не толькi i не столькi заслугай шпiёнаў i дыверсантаў, якiх быццам бы пакiнула на савецкай тэрыторыi польская шляхта. Беларускае насельнiцтва, i асаблiва сяляне, якiя раней моцна пакутвалi ад польскай акупацыi, а цяпер зноў былi вымушаны несцi цяжар ваенных пабораў, рэквiзiцыяў i рабаўнiцтва, мелi дастаткова падставаў, каб выступiць супраць сваiх «вызваляльнiкаў». Сутыкнуўшыся з бальшавiцкiмi парадкамi, яны хутка зразумелi, што савецкi рэжым не лепшы, калi не горшы за польскi, i ставiлiся да яго адпаведным чынам. Нават насельнiцтва тых месцаў, якiя раней не былi закранутыя вайной, хутка зразумела сутнасць вызвалення, якое неслi на сваiх штыках бальшавiцкiя войскi. Так адбылося, напрыклад, у Беластоку. Спачатку жыхары гэтага горада i яго акругi ставiлiся да бальшавiкоў хутчэй лаяльна, чым варожа, асаблiва збяднелая частка насельнiцтва, якой лозунгi пра пазбаўленне ад паноў i капiталiстаў здалiся прывабнымi. Аднак хутка стала вiдавочна, што новыя гаспадары не лепшыя за старых. Савецкая ўлада адразу распаўсюдзiла на занятыя землi свае парадкi, якiя не маглi спадабацца нават «класава наблiжаным» сацыяльным элементам. Так, згодна з §4 Загаду №101 ад 9 жнiўня 1920 г. па Беластоку i яго акрузе «Местному населению разрешается иметь запас продовольствия в количестве не более месячной потребности по следующей норме: муки на едока — 25 фунтов, мяса — 7½ фунта, картофель — 3 пуда, сахару — 2 фунта, соли — 3 фунта, рыбы или консервов — 7½ фунта, жиров — 3 фунта, крупы — 7½ фунта. Излишек запасов против указанной нормы должен быть немедленно зарегистрирован в Райпродкоме. Обнаруженные скрытые, незарегистрирован ные запасы продовольствия будут конфисковываться, а укрыватели предаваться суду Реввоентрибунала»[32].

Не маглi спадабацца жыхарам Беластока i метады, якiмi здабывалi харчаванне чырвоныя часткi, цi часцей, спецыяльныя аддзелы для правядзення прадразвёрсткi ў прыфранта вой паласе — так званыя апрадкамы. А мiж тым, гэтыя метады былi даволi характэрныя як для грамадзянскай, так i для савецка-польскай вайны. Жыхары ўсходнiх раёнаў Беларусi пазнаёмiлiся з iмi значна раней. На пасяджэннi прадстаўнiкоў Пазаха*, аддзела рэўкамаў фронта, Паармаў** i Рэўармаў*** 3 i 15, дзе абмяркоўвалiся прычыны паразы чырвоных у вайне з «белапалякамi», казалася: «… но опродкомы не считались ни с чем, резали двухмесячных телят, оставляли одну корову на три семьи. Имения признавались панскими, даже когда они были фактически разбиты между крестьянами. Особый отдел боролся со спекуляцией „по-московскому”»[33].

У вынiку лаяльны настрой жыхароў Беластока змянiўся на рэзка варожы. Яны чакалi толькi нагоды, каб выступiць супраць бальшавiкоў са зброяй у руках, i хутка яе дачакалiся. Чырвоныя войскi Заходняга фронту, ушчэнт разбiтыя пад Варшавай, адыходзiлi праз тыя раёны, якiя моцна пакутвалi ад iх раней, у тым лiку i праз Беласток, насельнiцтва якога, зразумела, не магло не скарыстаць гэтай магчымасцi. 28 жнiўня член РВС 16-й армii Т. Пятакоў адаслаў у Маскву тэлеграму, у якой ён апiсаў, як у Беластоку сустрэлi адыходзячыя чырвоныя войскi. «В Белостоке, по докладу начдива 27, пробившегося с бригадой через занятый уже город, — пiсаў Пятакоў, — ему пришлось вести бой больше с населением Белостока, чем с польскими войсками, причем во враждебных действиях деятельное участие принимало также еврейское население»[34].

Варшаўская бiтва практычна вызначыла далейшы ход савецка-польскай вайны. Бальшавiкi мусiлi адысцi на ўсход i зноў аддаць палякам занятыя iмi раёны. Аднак да восенi 1920 г. абодва бакi былi ўжо моцна стомленыя i пайшлi на перамiр’е. Баявыя дзеяннi на Заходнiм фронце былi скончаныя, але антыбальшавiцкая барацьба на Беларусi працягвалася, i пасля 12 кастрычнiка 1920 г. здавалася, што ў канцы 1920 — пачатку 1921 г. яна яшчэ больш узмацнiлася.

Гэты час, вядомы як час перамогi бальшавiкоў на асноўных франтах грамадзянская вайны, час, калi пачаўся пераход да Новай эканамiчнай палiтыкi, быў на Беларусi вельмi неспакойны для савецкай улады. Становiшча беларускай вёскi, спустошанай прадразвёрсткай i вайной, было сапраўды жахлiвым. Паводле зводкi Старшынi НК БССР за 1-3 траўня 1921 г.: «… в продовольственном отношении в настоящее время положение крестьянства самое критическое. Во многих местностях они голодают и питаются хлебом, содержащим в себе примеси трав и корней до 70%»[35].

У гэтай сiтуацыi працяг збору прадразвёрсткi выклiкаў абурэнне сялян, якое даходзiла да адкрытых паўстанняў. «В отношении госразвёрстки, — дакладаў старшыня ЧК, — как сообщалось в предыдущих сводках, положение крайне неудовлетворительное. Были случаи выступления граждан, вооруженных кольями и вилами с криком: «Нас все грабят, а нам не дают ни соли, ни железа»[36].

Сяляне не спынялiся, аднак, на эканамiчных патрабаваннях, а як гэта часта здараецца, iшлi далей. Згодна з рапартам Рэўкамаў БССР з месцаў, жыхары некаторых валасцей не хацелi прызнаваць iншай улады, акрамя ўрада «Незалежнай Беларусi», ставiлiся надзвычай варожа да мясцовых рэўкамаў i сцвярджалi, што ўлады трэба выбiраць, а не прызначаць у Маскве[37].

Неспакойна было на той час было i ў гарадах. Пралетарыят, якi камунiсты лiчылi сваёй натуральнай сацыяльнай базай, пачаў глуха наракаць. «В связи с тарифной политикой положение рабочих в Белоруссии становится катастрофичес ким, — дакладаў старшыня ЧК. Заработная плата рабочих от двести пятьдесят до триста шестьдесят тысяч рублей. Отсутствие денежных знаков делает невозможным выплачивать рабочим заработанной суммы, что вызывает недовольство с их стороны, и на этой почве имеют место частичные забастовки»[38].

Нават сярод чырвонаармейцаў адчувалася незадаволе насць. «Настроение красноармейцев за период сводки не улучшилось, — пiсалася ў чарговай ваензводцы Барысаўскага Палiтбюро ад 10 лiпеня 1921 г. — Питание в войсковых частях самое скверное, результатом чего недовольство среди красноармейцев разрастается, открытого роптания еще не замечено. Политработа в частях ведется усиленно, но желательных результатов не приносит, как то красноармейцы пассивно относятся ко всем усилиям политработников поднять настроение среди красноармейских масс. Отовсюду во время проведения лекций, бесед и т. п. слышатся возгласы „не кормят”»[39].

Чырвонаармейцы, аднак, хутка знайшлi вырашэнне сваiх харчовых праблемаў — самачынныя рэквiзiцыi i рабаўнiцтва, чым яны не грэбавалi i ў часы грамадзянскай вайны. У дакладзе спецыяльнай камiсii Рэўваенсавета Мiнраёна ад 23 лiпеня 1921 г. канстатавалася, што асобныя чырвоныя часткi «…позволяли себе устраивать над населением всевозможные эксперименты, вроде врывания в амбары и расхищения продуктов, и даже в некоторых случаях избиения населения. Особенно отличалась в этом отношении 32-я кавалерийская бригада»[40].

Гэтыя «эксперименты» толькi ўскладнялi цяжкае становiшча, i, зразумела, не дадавалi паразумення памiж сялянствам i Чырвонай армiяй. «Взаимоотношения крестьян с красноармейцами обостряется на этой же почве общей голодовки, — канстатавалася ў ваензводцы Барысаўскага Палiтбюро, — так как воровство съестных продуктов красноармейцами у крестьян усиливается»[41].

Такiя ўмовы былi вельмi спрыяльнымi для развiцця партызанскага руху, i дзякуючы цяжкаму становiшчу, у якiм апынулася Савецкая Беларусь у канцы 1920 — першай палове 1921 г., ён дасягнуў неверагодных памераў. Калi раней у 1919-1920 г. гаворка iшла пра банды, якiя налiчвалi ад некалькi дзесяткаў да некалькi сотняў чалавек, то ў 1921 г. на Беларусi дзейнiчалi аддзелы, у якiх было па дзве, цi нават па тры тысячы байцоў. Так, у канцы 1920 г. у Барысаўскiм павеце дзейнiчала «зялёная армiя», якая налiчвала некалькi тысячаў чалавек. На пэўны час яе часткi нават захапiлi мястэчка Плешчанiцы. Барысаўскi гарнiзон марнеў ад дэзерцiрства, а кавалерыйскi аддзел Барысаўскага ваеннага камiсарыята дэзерцiраваў у поўным складзе. За iм накiравалася каля 50% барысаўскiх мiлiцыянтаў[42].

Барысаўскi павет не быў у гэтым сэнсе выключэннем. У Iгуменскiм дзейнiчаў партызанскi аддзел, якi налiчваў 3 тысячы чалавек, меў дзве 6-дзюймовых гарматы i 160 снарадаў[43].

Iснавалi i iншыя, меншыя па колькасцi «банды». У Барысаўскiм павеце дзейнiчаў аддзел капiтана Караткевiча, да 800 чалавек, у Мiнскiм — Коласа — 100 чалавек, у Iгуменскiм павеце Арлова — да 500 чалавек[44].

Партызанскiя аддзелы вызначалiся не толькi па колькасцi. Сярод iх былi ўзброеныя фармаваннi мясцовага паходжання i створаныя на тэрыторыi Заходняй Беларусi пры дапамозе польскiх уладаў, а потым пераведзеныя праз мяжу. Апошнiя фармавалiся знакамiтым «Народным Союзом Защиты Родины и Свободы», якi ўзначальваў Б. Савiнкаў, i вербавалiся ў розных гарадах i мястэчках на занятай палякамi тэрыторыi. Падпольныя пункты вярбоўкi былi таксама i на савецкай тэрыторыi (Койданава i Менск)[45]. Асобнай групай выступалi часткi Балахоўскай армii, якiя таксама ўдзельнiчалi ў партызанскiм руху ў 1921 г. Сфармаваныя ў баявыя часткi i атрымаўшыя зброю, гэтыя аддзелы пераходзiлi мяжу i папаўнялiся добраахвотнiкамi з мясцовага насельнiцтва. Мясцовыя жыхары забяспечвалi партызан таксама харчам i боезапасам (звычайна гэта не рэквiзавалася, а набывалася ў сялян, бо як сведчыць перыядычная разведзводка аб бандытызме ЧК Беларусi за перыяд з 5 да 20 жнiўня 1921 г., «следует отметить, что банды имеют строгое запрещение обижать местное население»)[46].

Сфармаваныя такiм чынам часткi, а таксама аддзелы, складзеныя выключна з мясцовых жыхароў, вызначалiся высокай баяздольнасцю. Як даносiлi бальшавiцкiя агенты, камандзiры аддзелаў, сярод якiх было шмат афiцэраў былой расiйскай армii, звярталi вялiкую ўвагу на баявую падрыхтоў ку сваiх байцоў. У вольны час яны займалi з iмi стральбой i страявымi заняткамi[47]. У вынiку антыбальшавiцкiя партызанскiя аддзелы па сваёй баяздольнасцi былi не горшыя за рэгулярныя часткi Чырвонай армii, што паказалi iх баявыя аперацыi.

Першая палова 1921 г. вызначалася надзвычайнай актыўнасцю партызанаў, якая нават перавышала актыўнасць «бандаў», што дзейнiчалi на Беларусi ў 1919-1920 г. Старшыня ЧК БССР, устрывожаны ростам гэтай актыўнасцi, у кожнай зводцы даносiў пра ўзмацненне «бандытызму». «Несмотря на принимаемые решительные меры по борьбе с бандитизмом, который в Белоруссии сильно развит, таковой с каждым днем все усиливается», — пiсаў ён у сакавiку 1921 г.[48]. «Бандитизм в Белоруссии принял колоссальные размеры», — даносiў ён 26 красавiка[49]. З iм былi згодныя начальнiкi нiжэйшага ўзроўню. «В общем, — дакладаў у сваёй сводцы за красавiк-травень 1921 г. загадчык Бабруйскага Палiтбюро, — бандитизм развит по всему уезду, нет тех волостей, где бы его не было»[50].

У бальшавiкоў былi прычыны, каб спалохацца. Змянiлася не толькi колькасць i арганiзацыя «бандаў», але i iхная тактыка. Калi раней партызаны рабiлi напады на невялiкiя тылавыя часткi i мястэчкi, дзе былi органы савецкай улады, цi абмяжоўвалiся дыверсiямi на чыгунцы i падпаламi складоў i ваенных аб’ектаў, то цяпер яны рашуча атакавалi буйныя чырвоныя аддзелы, нават у тых выпадках, калi апошнiя мелi над партызанамi значную колькасную перавагу. На адным з пасяджэнняў камiсii БССР па барацьбе з бандытызмам канстатавалася: «Был случай, когда отряд, превосходящий численностью шайку бандитов, при встрече с последней после перестрелки разбегался, оставив врагу пулемет»[51].

Гэты выпадак, якi члены Камiсii лiчылi абуральным, на самай справе не быў выключэннем. Не раз i не два значныя чырвоныя часткi рабiлiся ахвярамi партызанаў. Не пашанцавала, напрыклад, 21 лёгкаартылерыйскаму дывiзiёну, якi стаяў у мястэчку Пагарэлае, што ў Iгуменскiм павеце. У ноч з 17 на 18 траўня 1921 г. партызаны зрабiлi на яго напад, раззброiлi i распранулi чырвонаармейцаў[52].

Партызанскiя аддзелы атакавалi таксама буйныя мястэчкi i гарады, скiдалi ў iх бальшавiцкую ўладу i ставiлi сваю. Так адбылося, напрыклад, у Ляскавiцкай воласцi Бабруйскага павета[53]. У Магiлёўскай губернi яны аблажылi з усiх бакоў мястэчка Глуск, так што без iх дазволу нельга было нi з’ехаць з горада, нi заехаць у яго. 8-ы аддзел ЧАПа, якi паслалi супраць iх, быў разбiты, яго камандзiр паранены, а кулямёт трапiў да партызанаў[54].

У значнай ступенi развiццю «бандытызму» спрыяла карумпаванасць прадстаўнiкоў савецкай улады. У партызанаў былi свае людзi ў варожым стане, нават сярод тых, хто займаў даволi значныя пасады. Так, у Iгуменскiм павеце з партызанамi супрацоўнiчалi ваенны камiсар Жылiнскi i ваенны кiраўнiк Канапацкi, якiя нават лiчылiся членамi Саюза Абароны Радзiмы i Свабоды. Сярод дакументаў, якiя яны перадавалi ў штаб аддзела палкоўнiка Паўловiча, былi «…планы работ Комбанда, Политбюро и дислокация войск Белоруссии, пропуска хождения по городу Игумену включительно по 10/VI и еще другие документы»[55].

Але галоўная прычына поспеху партызанаў на Беларусi была не ў гэтым, а таксама не ў тым, што лясы i пушчы перашкаджалi баявым аперацыям бальшавiкоў, як скардзiлiся камандзiры частак асаблiвага прызначэння. Партызанскi рух на Беларусi ў 1921 г. нiколi б не дасягнуў такiх памераў, калi б ён не абапiраўся на падтрымку мясцовага сялянскага насельнiцтва. Гэтая падтрымка не была чыста маральнай цi пасiўнай. Сяляне трымалi з партызанамi сувязь, паведамлялi пра дзейнасць чырвоных частак, хавалi ў сябе байцоў партызанскiх аддзелаў, забяспечвалi iх зброяй i харчам, а таксама самi бралi ўдзел у дыверсiях i баявых аперацыях[56].

Прычынаў, па якiх сяляне падтрымлiвалi партызанаў, было некалькi. Галоўная з iх заключалася ў тым, што даведзеныя да адчайнага становiшча прадразвёрсткай i рабаўнiцтвам мясцовыя жыхары настолькi адмоўна ставiлiся да бальшавiкоў, што ахвотна дапамагалi ўсiм, хто з iмi змагаўся, i асаблiва сваiм жа братам-сялянам з заходнiх цi ўсходнiх раёнаў, якiя складалi аснову ўсiх партызанскiх аддзелаў. «Отношение крестьян к Соввласти в некоторых местностях удовлетворительное, — пiсаў старшыня НК БССР у зводцы за 1-5 траўня 1921 г., — в некоторых пассивное, к компартии враждебное, вызванное недостатком продуктов первой необходимости, отсутствием соли, мануфактуры и других незаменимых в хозяйстве вещей и госразвесткой, которую с таким трудом и неохотой они выполняют. На этой почве каждая контрреволю ция находит себе место. Особенно влияет на настроение крестьян — это бандитизм, принявший колоссальные размеры. Ими, т. е. бандитами, разбрасываются белогвардейские разного рода прокламации, разжигается население на почве антисемитизма, в особенности зажиточное крестьянство и шляхта, чем отличаются даже целые волости, относящиеся очень сочувственно; да и как не относиться, ведь большая часть бандитов — местное население. Они очень близки к крестьянским массам, а белорусские крестьяне издавна отличались недоверием»[57].

Не менш значным было i тое, што сяляне добра бачылi рознiцу памiж чырвонымi часткамi i аддзеламi партызанаў. Калi першыя дазвалялi сабе рабаўнiцтва i гвалт, то другiя, як ужо згадвалася, атрымалi катэгарычную забарону «чапаць» сялянскую гаспадарку. Вiдавочна, што гэтая забарона практычна не парушалася, ды i дзiўна было б, калi б сяляне, з якiх у асноўным складалiся «банды», пачалi б рабаваць сваiх. У вынiку, як пiсаў той самы старшыня ЧК Ротэнберг, «отношение крестьян к бандитам очень хорошее, к красноармейцам — враждебное»[58].

Бальшавiкi хутка зразумелi, у якой ступенi поспехi партызанаў залежаць ад падтрымкi мясцовага насельнiцтва. Усе свае сiлы яны скiравалi на тое, каб пазбавiць «бандытаў» сацыяльнай базы. Але замест таго, каб палепшыць матэрыяльнае становiшча сялянства i змянiць гэтым яго стаўленне да савецкай улады, бальшавiкi зноў звярнулiся да «чырвонага» тэрору. Адным з першых крокаў у гэтым кiрунку было ўтварэнне губернскiх камiсiяў па барацьбе з бандытызмам («губкомбанд»), якiя мелi надзвычай шырокiя паўнамоцтвы. «Приказания и распоряжения губкомбанд, — гаварылася ў спецыяльнай iнструкцыi, — не могут быть приостановлены в действии на местах распоряжением местных органов власти, каковые могут лишь в случае несогласия с таковыми обжаловать их в следующую по инстанции комиссию»[59]. Камiсii па барацьбе з бандытызмам падпарадкоўвалiся толькi УЧК.

Iнструкцыя вызначала таксама i асноўныя метады працы камiсiяў. Яна рэкамендавала «… широкое применение выселения за пределы фронта семей бандитов и прочего населения, скомпрометированного содействием бандитов»[60].

Аднак камбанды не абмяжоўвалiся гэтымi рэкамендацыямi i iшлi далей. Так, Бабруйская палiтычная камiсiя па барацьбе з бандытызмам у першым жа сваiм загадзе выказалася за неабходнасць «оповестить все население уезда, что ко всем пособникам и укрывателям (таковыми являются не только те, кто укрывается и кормит бандитов, но и те, кто их видит, знает их месторасположение и не доносит ближним волисполкомам и командирам частей) будет применяться самая суровая мера наказания вплоть до конфискации имущества, выселения из пределов Белоруссии и расстрела»[61].

Такiм чынам, згодна з загадам Бабруйскага камбанда, растраляць маглi за неданясенне. Даносы наогул былi зробленыя абавязкам усiх лаяльных грамадзян, нават калi даносiць трэба было на свайго суседа цi сябра. «Каждому гражданину, знающему, у кого есть оружие или где оно спрятано, — гаварылася ў загадзе №2 Бабруйскай камбанды, — вменяется в обязанность сообщить об этом военному командованию или органам УК»[62]. А што чакала тых, хто хаваў у сябе зброю i на каго быў абавязаны данесцi сусед па вёсцы? Загад №2 дае недвухсэнсоўны адказ на гэтае пытанне: «Жители по истечение трехдневного срока, не сдавшие оружия, по обнаружению такового у них, будут считаться врагами трудящихся и расстреливаться без суда и следствия, семьи их выселяться за пределы Белорусии, имущество конфисковываться и распределяться советами между честными гражданами»[63]. Звяртаюць на сябе ўвагу апошнiя радкi гэтай вытрымкi. Не трэба асаблiвай пранiклiвасцi, каб здагадацца, што «честными гражданами» лiчылiся перш за ўсё тыя, хто даносiў на «ворагаў працоўнага народа». Бальшавiкi, такiм чынам, запазычылi прыёмы яшчэ старажытнага Рыму, зрабiўшы даносы не толькi абавязкам, але i карыснай справай.

Адначасова з камбандамi дзейнiчалi рэўтрыбуналы, якiя ўтваралiся на кожным баявым участку. Гэтыя органы былi хутчэй карнымi, чым судовымi. Ва ўсялякiм выпадку iнструкцыя, якая была дадзена ваенным аддзелам рэўтрыбунала, падыходзiла больш для карнай, чым для юрыдычнай установы: «При установлении виновности в бандитизме, укрывательстве и пособничестве бандитизму, в дезертирстве и невыполнении продналога, трибунал боеучастка при назначении наказаний: тюремного заключения, заключения в концлагерь, выселения из пределов Белоруссии и расстрела обязательно соединяют эти наказания с конфискацией имущества лиц, признанных виновными и с ограничением прав избирательных»[64].

Па сутнасцi, карныя органы ў сваiх метадах не вынаходзiлi нiчога арыгiнальнага. Усе пералiчаныя пакараннi ўжывалiся бальшавiкамi i раней у розных раёнах былой Расiйскай iмперыi. М. Тухачэўскi, буйны спецыялiст па карных аперацыях, называў гэтыя метады «тамбоўскiмi» i даволi падрабязна пералiчыў iх у сваiх працах: «Из репрессий наиболее действительными, — пiсаў ён, — являются: выселение семей бандитов, укрывающих своих членов, конфискация их имущества и передача советски настроенным крестьянам. Если выселение трудно организовать сразу, то необходимо устройство широких концентрационных лагерей. За укрывательство, за несообщение о местонахождении и действиях бандитов должна быть установлена круговая порука»[65].

Вiдавочна, што ў Беларусi карысталiся «тамбоўскiмi» метадамi Тухачэўскага. Для поўнага падабенства не хапала толькi авiяцыi i хiмiчнай зброi, якiя будучы чырвоны маршал таксама паспяхова ўжываў супраць тамбоўскiх сялян. Тым не менш, карныя аперацыi, якiя спрацавалi супраць «антонаўшчыны», даказалi сваю эфектыўнасць i на Беларусi. Шляхам крывавага, бязлiтаснага тэрору бальшавiкi здолелi пераламiць сiтуацыю на сваю карысць. У другой палове 1921 г. партызанскi рух зменшыўся. Гэта не значыць, аднак, што ён зусім пайшоў на спад. Яшчэ вельмi доўгi час становiшча на Беларусi было для бальшавiкоў неспакойным i яны захоўвалi тут Заходнi фронт да 1924 г. Як пiсалi потым савецкiя гiсторыкi, «командующему фронтом еще не раз приходилось разрабатывать и проводить военные операции по ликвидации в Западной Белоруссии эссеро-кулацких мятежей и уничтожению бесчинствующих белогвардейских банд, подстрекаемых и поддерживаемых белополяками»[66].

Такiм чынам, факты не пакiдаюць нiякiх сумненняў у тым, што на Беларусi iснаваў моцны антыбальшавiцкi рух, i што гэты рух быў сапраўды народным. Бальшавiкi, якiя распачалi ў 1920 г. паход за сусветную рэвалюцыю, сутыкнулiся на Беларусi з адчайным супрацiўленнем, i магчыма, часткова дзякуючы гэтаму супрацiўленню былi разбiтыя пад Варшавай. У кожнай вайне становiшча ў тыле можа адыграць не меншую ролю, чым сiтуацыя на фронце, а як зазначыў у сваiм загадзе Ваенны Камiсар БССР Адамовiч, «прочного тыла, способного в нужный момент оказать должное содействие фронту, армия за собой не чувствовала»[67]. Такiм чынам, хоць антыбальшавiцкая барацьба ў Беларусi i не мела шансу на канчатковую перамогу, бо сiлы былi вельмi няроўныя, яна была важным фактарам, якi вызначыў вынiкi савецка-польскай вайны. Аб гэтым павiнен памятаць кожны даследчык, якi будзе разглядаць гэтую складаную i вельмi важную тэму.

* Пазах (Позап) — Продовольственный отдел Западного фронта.
** Паарм (Поарм) — Продовольственный отдел армии.
*** Рэўарм (Реварм) — Революционный отдел армии.


[1] Нацыянальны Архiў Беларусi (далей: НАБ), ф.4, воп.1, спр.19, а. 38–39.
[2] Тамсама.
[3] Тамсама, спр.34, а.1.
[4] Революционные комитеты БССР, ноябрь 1918 — июль 1920. Минск, 1961 (далей: Революционные комитеты). С.322.
[5] Путна В. К Висле и обратно. Москва, 1927. С.73.
[6] Революционные комитеты. С.305.
[7] Селиванов П.А. Укрепление тыла Красной Армии: Деятельность Советов и ревкомов Белоруссии (1918–1920 гг.). Минск, 1987. С.108.
[8] Łatyszonek O. Białoruskie formacje wojskowe 1917—1923. Białystok, 1995. S.114.
[9] Приказание полевому управлению Запасной армии Западного фронта Западного военного округа. Смоленск, 1920. Приказ по Западному военному округу №957 (далей: Приказание полевому управлению).
[10] Тамсама. Приказ армиям Западного фронта от 13 июля 1920 г. Приказ армиям Западного фронта от 16 ноября 1920 г.
[11] Революционные комитеты. С. 350.
[12] НАБ, ф. 32, воп. 2, спр. 22, а. 92.
[13] Польско–советская война (ранее не опубликованные документы и материалы). Ч.1. Москва, 1994. С. 89 (далей: Польско–советская война).
[14] НАБ, ф. 32, воп. 2, спр. 22, а. 181.
[15] Польско–советская война. С.118.
[16] Приказание полевому управлению. Приказ армиям Западного фронта №1741.
[17] НАБ, ф. 4, воп. 1, спр. 287, а. 53.
[18] Łatyszonek O. Op. cit. S. 91.
[19] Ibid. S.137.
[20] Ibid. S. 125.
[21] Революционные комитеты. С.133.
[22] Селиванов П.А. Указ. соч. С.219.
[23] НАБ, ф.4, воп. 1, спр. 25, а. 12.
[24] Тухачевский М.Н. Борьба с контрреволюционными восстаниями // Война и революция. 1926. №7/8. С.7.
[25] Революционные комитеты. С.193.
[26] Селиванов П.А. Указ. соч. С. 219.
[27] Łatyszonek O. Op. cit. S.123.
[28] Революционные комитеты. С.127.
[29] Селиванов П.А. Указ. соч. С.146.
[30] НАБ, ф. 32, воп.2, спр. 22, а.178.
[31] НАБ, ф.32, воп.2, спр.4А, а.8.
[32] Польско–советская война. Ч.1. С.149.
[33] Польско–советская война. Ч.2. С.35.
[34] Тамсама. С. 24.
[35] НАБ, ф.4, воп.1, спр.282, а.19.
[36] Тамсама, л.11.
[37] Łatyszonek O. Op. cit. S.174.
[38] НАБ, ф.4, воп.1, спр.282, а.10.
[39] НАБ, ф.4, воп.1, спр.287, а.37.
[40] Тамсама, а.50.
[41] Тамсама, а.37.
[42] Łatyszonek O. Op. cit. S.174.
[43] НАБ, ф.4, воп.1, спр.282, а.17.
[44] Тамсама. С.45.
[45] НАБ, ф.4, воп.1, спр.289, а.8.
[46] Тамсама, а.12.
[47] Тамсама.
[48] НАБ, ф.4, воп.1, спр.282, а.2.
[49] НАБ, ф.4, воп.1, спр.282, а.8.
[50] Тамсама, а.740.
[51] НАБ, ф.4, воп.1, спр.119, а.27.
[52] НАБ, ф.4, воп.1, спр.282, а.45.
[53] Тамсама, а.31.
[54] Тамсама, а.40.
[55] НАБ, ф.4, воп.1, спр.288, а.24.
[56] НАБ, ф.4, воп.1, спр.282, а.39, а.58.
[57] Тамсама, а.21.
[58] Тамсама, а.27.
[59] Тамсама, а.20.
[60] Тамсама, а.21.
[61] НАБ, ф.4, воп.1, спр.287, а.52.
[62] Тамсама, а.53.
[63] Тамсама.
[64] Тамсама, а.42.
[65] Тухачевский М.Н. Указ. соч. // Война и революция. 1926. №9. С.16.
[66] Иванов В.М. Маршал М.Н.Тухачевский. Москва, 1990. С. 185.
[67] НАБ, ф.4, воп.2, спр.22, а.17.

Наверх

Юры Вашкевіч. Вобраз Беларусі і беларусаў у польскай мемуарнай літаратуры 1945—1991 г.

Снежня 24, 1999 |


Мемуарная літаратура сама па сабе не з’яўляецца аб’ектыўнаю крыніцай гістарычных доследаў і не можа даць поўнае праўды пра з’яву або краіну, бо ў ёй пераважаюць суб’ектыўныя ацэнкі. Тым не менш, паколькі гэтыя ацэнкі тычацца тэрыторыяў, з якіх паходзяць самі аўтары, і тамтэйшых людзей, — яны бясспрэчна служаць сведчаннем эпохі і адлюстроўваюць рэальныя малюнкі жыцця.

Бальшыня ўспамінаў і твораў мемуарнага характару, пра якія будзе гаворка, узніклі на эміграцыі. У гэтым няма нічога дзіўнага, бо становішча аўтараў у Польшчы і на эміграцыі рознілася прынцыпова. У ПНР тэрыторыі, якія знаходзіліся ў межах Савецкага Саюзу, былі тэмаю забароненай, а паняцце «крэсы» знікла з афіцыйнае мовы. Штопраўды, пасля 1956 г. гэтая тэматыка пачала паступова вяртацца, з’яўляючыся галоўным чынам у літаратурных і публіцыстычных творах, але пазбаўленыя цэнзурнага ўціску варункі для ўздыму звязаных з крэсамі пытанняў узніклі толькі пасля 1989 г. Эмігранцкія аўтары былі ў зусім інакшым становішчы. Не кажучы пра адсутнасць якое-колечы цэнзуры, самыя ўмовы эміграцыі схілялі да падтрымання гістарычнае непарыўнасці, адлюстравання фактаў і праўдзівых падзеяў. Пасля другой сусветнай вайны там узнікла багата ўспамінаў. Сярод іх можна вылучыць корпус твораў, якія звязаныя з тэрыторыямі колішняга Вялікага Княства Літоўскага і ў якіх закранаюцца тамтэйшыя нацыянальныя і палітычныя праблемы (Вацлаў Лядніцкі, Францішак Марыян Віславух, Фларыян Чарнышэвіч, Юзэф Мацкевіч, Чэслаў Мілаш і інш.) Мемуарысты паходзілі пераважна са шляхты, таму не выпадкова тэматыка іхных успамінаў найчасцей зямянская, і ў іх прысутнічаюць развітыя матывы маёнткаў і свецкага жыцця. З жыццём маёнтка непарыўна звязаны народны матыў, які выступае ў выглядзе апісання адносінаў паміж зямянствам і мясцовым сялянствам. У літаратуры, пра якую ідзе гаворка, беларусы — жыхары гэтых земляў — з’яўляюцца толькі як эпізадычныя постаці, складаючы экзатычны фон, на якім адбываюцца падзеі.

Тэматычна можна вылучыць дзве праблемныя плыні. Першую, мемуарна-настальгічную, складаюць успаміны, якія можна залічыць да літаратуры факту. Другая — гэта мемуарная проза, якая адбівае літаратурна пераствораную рэчаіснасць і належыць хутчэй да катэгорыі наратыўнае прозы. Храналагічна гэтая літаратура абдымае перыяды: XIXXX ст. да 1939 г. і 1939—40-я г.

Яніна Жултоўская з Путкамэраў (праўнучка Марыі Путкамэравай з Верашчакаў) дае ў сваіх успамінах абраз звычаёвага і інтэлектуальнага зямянскага жыцця перад першай сусветнай вайной на Віленшчыне, Палессі і ў Наваградчыне. У яе ўспамінах выяўляецца глыбокая прывязанасць да роднае зямлі і ў той жа час дзіўная неабазнанасць што да простых людзей, якія на гэтай зямлі жывуць. Яна, здаецца, не заўважае на гэтых землях іншае нацыянальнасці, апроч польскае: «Дзіўным напэўна падасца, што потым наш уласны польскі ўрад гэтых самых людзей празваў „беларусінамі”[1]», робіць аўтарка выснову на падставе назіраняў над рэлігійным жыццём Віленшчыны.

Патрыятычнае стаўленне да зямлі продкаў, пазбаўленае ўсялякага ўтылітарызму, вызначае ўспаміны Вацлава Лядніцкага. Адна з галоўных тэмаў ягоных згадак — польскае зямянства на Віленшчыне, Віцебшчыне і Смаленшчыне. Аўтару, які з прафесійных меркаванняў большую частку году праводзіў у Маскве, прыезд на правы бераг Дняпра даваў «пачуццё духоўнага камфорту і адпачынку», бо «на Белай Русі мы кожны раз зазнавалі нешта накшталт магічнага ператварэння: там усё было падобна да нашага ўласнага жыцця, усё было польскае»[2]. Пра беларусаў аўтар успамінае толькі ў сувязі з магчымымі інтрыгамі супраць расійцаў і ў адным кароткім апісанні жыхароў заходняй Смаленшчыны, выключна этнаграфічнага характару. Як піша Міхал Крыспін Паўлікоўскі (нараджэнец Меншчыны): «Маёнтак быў, як правіла, прыхільны да беларушчыны. З селянінам размаўлялі па-беларуску. Правільная і беглая беларуская гаворка была як бы своеасаблі вым стылем. Заахвочванне беларускае мовы, фальклору і звычаю і клопат пра іх лічыліся адзіным плённым, і прытым легальным, спосабам змагання з русіфікацыяй»[3]. Якраз змаганне з русіфікацыяй, як вынікае з аўтаравага паведамлення, у вялікай меры вызначала «тутэйшую» ці «краёвую» арыентацыю шляхты, якая хацела згодна суіснаваць з беларусамі[4].

Зусім іншыя настроі пераважаюць ва ўспамінах перыяду другой сусветнай вайны. Стаўленне палякаў да беларусаў выглядае ў іх не так ідылічна, як, здаецца, відаць з аповедаў некаторых мемуарыстаў пра ранейшыя часы. Грандыёзны катаклізм змяніў звычайны парадак рэчаў. Горыч страты «малой айчыны», а разам з ёю і ўсяго зямянскага свету, часта вяла да скрайнасці ў ацэнках і выказваннях. Ва ўспамінах Яніны Кавальскай пра яе родныя мясціны мы знаходзім вельмі характэрныя закіды на адрас беларускага насельніцтва: «А хто спустошыў засаджаны намі перад высяленнем сад і вырваў усе чырвоныя кветкі, каб аздобіць браму для Краснай Арміі? Хто завербаваў нашую служанку Вэрцю, каб даносіла, як бацька вернецца дадому, бо хацелі з ім парахавацца? (…) А цяпер іх хоць да раны прыкладай. (…) Паразмаўляць яны могуць, але пра сардэчнасць няма гаворкі»[5]. Як правіла, не браліся пад увагу ні беларускія нацыянальныя памкненні, ні змены, якія адбыліся ў гэтым грамадстве і былі ў вялікай меры абумоўленыя міжваеннаю палітыкаю польскіх уладаў.

Да гэтае палітыкі звяртаецца ў сваіх мемуарных развагах Чэслаў Мілаш, ацэньваючы яе як «метад цвёрдае рукі» ў стасунку да нацыянальных меншасцяў, непрыхавана «абсурдны» і «вар’яцкі»[6]. «…Польскія ўлады вельмі атуплялі беларусаў. Эмансіпацыя беларускае моладзі сялянскага паходжання аўтаматычна азначала арыентацыю на Менск, дзе экспанавалася паказная беларушчына, і яны адразу рабіліся камуністамі. (…) Адгэтуль тыя няспынныя камуністычныя працэсы ў Вільні, што ладзіліся галоўным чынам супроць беларусаў, і ўся антыбеларуская палітычная кампанія»[7]. Падобную ацэнку мы знаходзім і ва ўспамінах Гражыны Струмілы-Мілаш: «На працягу гэтых дваццаці гадоў у дачыненні да беларусаў з віны нашае дзяржаўнае адміністрацыі напэўна набралася багата несправядлівасцяў»[8].

Антыпатыя, а часам варожасць нацыянальных мяншыняў да міжваеннае польскае дзяржавы, якую распальвала блізкасць мяжы з камуністычным светам, надавала некаторым мемуарам рысы катастрафізму. Гэты матыў выступае не толькі ва ўспамінах пра трагічныя падзеі, якія ўжо адбыліся, але і ў мемуарнай прозе, якая тычыцца папярэдняга перыяду. Катастрафічныя настроі надзвычай яскрава адбіліся ў творчасці Чэслава Мілаша, які казаў пра вельмі выразнае моўнае і рэлігійнае напружанне на беларускіх абшарах II Рэчы Паспалітай[9]. Аўтар успамінае пра амаль фізічна адчувальную варожасць тагачаснае беларускае вёскі, якая атаясамлівала ўсё польскае з «панскім» і «заходнім», што напаўняла нават менш уражлівых «страхам перад цёмнай стыхіяй»[10]. Трагізм сітуацыі ўзмацняецца гіпатэтычным меркаваннем Мілаша пра тое, што скамунізаваная беларуская моладзь імкнулася адарваць ад Польшчы яе ўсходнія ваяводствы[11]. Разважае пісьменнік і над асноўнымі прычынамі нацыянальных канфліктаў: «Уся польская культура — гэта культура спрадвек шляхецкая. (…) Туды, дзе гучыць польская мова, пранікаюць усе шляхецкія паняцці. Інакш кажучы, канфлікт паміж, скажам, палякамі і літоўцамі, альбо палякамі і беларусамі, палягаў не толькі ў мове, не толькі ў нацыянальнасці, а ў ідэале»[12]. Фрагменты ўспамінаў Яніны Жултоўскай з Путкамэраў пра беларусаў-палешукоў малююць абраз людзей, памяркоўных і лаяльных у мірным часе, якія, аднак, у перыяды грамадскіх катаклізмаў выяўляюць спантанную непрыязнасць і нават варожасць да двара і мясцовага зямянства. Пра нібыта натуральныя рэфлексы нянавісці сялян-беларусаў да палякаў — «прыгнятальнікаў» і «крывасмокаў» — піша і Гражына Струміла-Мілаш.

Сярод мемуарыстаў пануе згодная ацэнка стану нацыянальнае свядомасці беларусаў. Яны адзначаюць цяжкасці з самаідэнтыфікацыяй, падкрэсліваюць нястачу нацыянальных цэнтраў крышталізацыі, якая абумоўлівала гатоўнасць прымаць гэтыя повязі звонку, «маючы на выбар паланізацыю або русіфікацыю»[13]. Такі стан яскрава абмалёўвае Чэслаў Мілаш: «Сяляне ў доўгіх кажухах, якія прывозілі на рынак плады свае гаспадаркі, гаварылі на мове, якую найчасцей нялёгка было б вызначыць як польскую ці беларускую. На роспач іх больш свядомых братоў, яны не разумелі (відавочна за выключэннем літоўцаў, рэзка адгароджаных ад славян), што значыць нацыянальнасць, і калі пра яе ў іх пыталіся, яны звычайна адказвалі: „праваслаўны” або „каталік”»[14]. Пытанне нацыяналь нае свядомасці беларусаў закранае і Марыя Чапская ў сваіх успамінах пра Меншчыну. Пра канторшчыкаў і слуг маёнтка ў Станькаве ў сувязі з урокамі, якія даваліся іх дзецям, яна піша: «Бацькі нашых вучняў вельмі дбалі пра польскую мову, хоць між сабою гаварылі па-беларуску і не мелі выразнае нацыянальнае свядомасці: на пытанне, ці палякі яны, адказвалі, што яны „тутэйшыя”, усведамлялі сваю адметнасць, але каталіцтва і польскасць былі „панскія”, і гэта іх вабіла. „Нашае мовы нам вучыцца не трэба — мы ж яе ведаем!” — тлумачылі яны»[15].

Міхал К. Паўлікоўскі бачыць у замаруджанасці развіцця беларускага грамадства парадаксальную проціатруту ад паслядоўных метадаў русіфікацыі, якія ўжываліся царскімі ўладамі: «У вясковых школах вучылі толькі па-расейску. Беларуская мова, у літаратуры на якой тады (канец XIX — пачатак XX ст. — Ю. В.) толькі прарэзваліся зубкі, пераследавалася нароўні з польскаю. (…) Аднак, на шчасце для беларускага фальклору і мовы, працэс русіфікацыі ішоў вельмі павольна. Хлопец, які сканчаў вясковую школу (калі ўвогуле ў яе трапляў) і дзяцюк, які вяртаўся з войска, як правіла, вярталіся да ранейшае непісьменнасці і праз некалькі гадоў зноў паглыналіся беларускім асяроддзем. (…) Гісторыкі маглі б адзначыць цікавы парадокс: пачуццё нацыянальнае адметнасці ў цяперашніх беларусаў шмат чым абавязана цемнаце сялянскіх масаў часоў царскага панавання»[16]. Адзначаюцца і паланізацыйныя працэсы, якія ад вякоў адбываліся ў беларускім грамадстве: «На працягу вякоў польскага лідэрства на Літве і Беларусі, — піша Марыя Чапская, — эліта народа, з вялікай для гэтага народа шкодай, польшчылася і адыходзіла ад сваёй глебы <…> паступова яна ўлучалася ў прыбылы польскі элемент, прымаючы мову, звычай і вызнанне каланізатараў, узбагачаючы сваімі адметнымі вартасцямі, сілай і ваяўнічасцю польскі элемент, замест таго каб тварыць эліту свайго народa»[17].

Энцыклапедыяй зямянскага жыцця на Палессі і Меншчыне на мяжы XIX—XX ст. можна назваць успаміны, змешчаныя ў кніжцы Антоні Кяневіча «Над Прыпяццю даўным-даўно…»[18]. Гэтыя ўспаміны багатыя на падрабязнасці і адступленні, а ўключаныя ў іх апісанні мясцовасцяў, мястэчак і двароў — неацэнная гістарычная крыніца пра тыя часы. А. Кяневіч пісаў пра сваю малую айчыну і землі сваіх продкаў гэтак: «Хто ў тым краі нарадзіўся, той адчуваў сябе там заўжды шчаслівым, а кожны прыезджы заўсёды дзівіўся яму, пакідаў яго са смуткам і з найвялікшай радасцю вяртаўся да яго. <…> Сталы жыхар не можа не любіць Палесся, заўсёды чуецца шчаслівым…»[19].

Асобнае месца сярод разгледжаных намі кніжак займае мемуарны аповeд Францішка Віславуха, грунтаваны на асабістых уражаннях і ўласным досведзе[20]. У ім аўтар звярнуўся да тэмы, якая складае любоў ягонага жыцця — да Палесся. У сваіх аўтабіяграфічных апавяданнях ён апісвае маляўнічыя вобразы гэтага рэгіёну і ягоных жыхароў з міжваеннага перыяду, рысы іх характару, побыт і звычаі. Асноўнымі рысамі палешукоў аўтар называе асцярожнасць, да якое змушае навакольная прырода, звязаны з ёю недавер і нелюбоў да зменаў, а таксама схільнасць замыкацца ў сабе. Шматвекавая барацьба за існаванне сярод пушчаў і дрыгвы выпрацавала ў гэтых людзей такія рысы характару, як кемлівасць, самадастатковасць, адвага. Трапнасцю вызначаюцца назіранні і апісанні Ф. Віславуха, якія тычацца земляробства на Палессі, стаўлення насельніцтва да ўладаў і чужых людзей, адносінаў да прыроды. У кніжцы «На сцежках Палесся» аўтар напісаў словы, якія могуць служыць дэвізам для тых, хто апісвае краіны і народы: «Трэба захапляцца гэтымі людзьмі і шанаваць іх. Трэба старацца і зразумець іх. Гэта не лёгкая рэч»[21].


[1] Żółtowska J. Inni czasy inni ludzie. Londyn 1959. s. 83.
[2] Lednicki W. Pamiętniki. T. 1. Londyn, 1963. S. 24—25.
[3] Pawlikowski M. K. Mińszczyzna, Pamiętnik Wileński, Polska Fundacja Kulturalna. Londyn, 1972. S. 301.
[4] Тамсама, с. 398.
[5] Kowalska J. Moje uniwersytety. Londyn, 1971, S. 230. Перыяду акупацыі тычацца таксама партызанскія дзённікі Фанны Саломян–Лоц (Fanna Solomian–Loc, Getto i gwiazdy. Czytelnik, Warszawa, 1993). Знаходзячыся ў савецкім партызанскім аддзеле на беларускім Палессі, аўтарка назірае поўнае супярэчнасцяў і жорсткасці жыццё ў лесе. Яе бесстаронны аповeд разыходзіцца з ідылічнымі вобразамі справядлівых партызанаў–ідэалістаў, «беларускіх народных мсціўцаў», якія ствараліся савецкаю прапагандай.
[6] Czesława Miłosza autoportret przekorny. (Rozmowy przeprowadził Aleksander Fiut), Kraków, 1988. S. 100; Miłosz Cz., Rodzinna Europa. Warszawa, 1990. S. 61.
[7] Czesława Miłosza autoportret…, op. cit., s. 259, 275. Падобную думку Мілаш выказваў у «Kontynentach» (Paryz, 1958): «…што да беларусаў, пара іх гімназіяў, якія адміністрацыя ўвесь час зачыняла і пераследавала, выпускала змагароў, якія заглядаліся на Менск як на адзіны асяродак, дзе іх мова была прызнаная „мовай культуры“» (с. 262).
[8] Strumiłło–Miłosz G., Znad Switezi w gląb tajgi. Olsztyn, 1990. S. 23. Прычыны і паходжанне гэтае з’явы ілюструе Ежы Кірхмайер, спасылаючыся на ўласны жыццёвы вопыт: «Трэба было шукаць паразумення з літоўцамі, беларусамі, украінцамі (…), аднак пасяленне на Віленшчыне дзякуючы толькі хвіліннай збройнай перавазе я лічыў у найлепшым разе часовым. (…) Мы сутаргава трымаліся за нерэальнае землеўладальніцтва, якое аслабляла нас ад году да году. Доказам гэтага няхай будзе хоць бы варожае стаўленне да нас часткі беларускага насельніцтва ў верасні 1939 году ў супастаўленні з тым фактам, што, маючы сталыя дачыненні з беларускім рэкрутам пад час маёй службы ў Вільні, г. зн. у першае дзесяцігоддзе незалежнае Польшчы, я не заўважыў у яго нават найменшых прыкмет такое варожасці, а адзначаў пераважна толькі пасіўнасць, а ў шмат якіх выпадках вельмі багата добрай волі і зычлівасці». (Kirchmayer J., Pamiętniki. Warszawa, 1962. S. 169).
[9] Czesława Miłosza autoportret…, op. cit., s. 286.
[10] Miłosz Cz., Ziemia Ulro. Paryż, 1980. S. 208. Гэтыя страхі былі тым больш абгрунтаваныя, што не сцерлася яшчэ памяць пра рэвалюцыйныя пагромы 1917—1918 г. Узрушальнае апісанне рабунку і знішчэння сямейнага гнязда Кяневічаў — Дзерашэвіч — прыводзіць у сваіх успамінах Антоні Кяневіч, адначасова дзівячыся і жахаючыся: «разгром учынілі не чужыя стыхіі, не бадзяжная салдатня, а людзі з найбліжэйшае вёскі Галубіцы. Людзі, з якімі мае дзяды, потым бацькі, а потым мы абое жылі ў найвялікшай згодзе. Людзі з вёскі, у якой мы ведалі па імені не толькі кожнага гаспадара, але і яго жонку і дзяцей. (…) І гэтая найбліжэйшая, свая вёска магла ўчыніць такую жахлівую рэч!» (Kieniewicz A., Nad Prypecią dawno temu… Wspomnienia zamierzchłej przeszłości. Przygotował do druku Stefan Kieniewicz. Zakład Narodowy im. Ossolińskich. Wrocław — Warszawa — Kraków i in., 1989).
[11] Miłosz Cz., Rodzinna Europa, op. cit., s. 62.
[12] Czesława Miłosza autoportret…, op. cit., s. 269.
[13] Miłosz Cz., Zniewolony umysł. Paryż, 1953. S. 223.
[14] Miłosz Cz., Rodzinna Europa, op. cit., s. 62. У іншым месцы Мілаш успамінае: «…калі ў сялян з ваколіц Вільні пыталіся пра нацыянальнасць, яны казалі: „Тутэйшыя“». (Czesława Miłosza autoportret…, op. cit., s. 268). Яніна Жултоўская з Путкамэраў, апісваючы Віленшчыну і Наваградчыну канца XIX ст., успамінае: «У тыя часы просты чалавек, у якога пыталіся, хто ён, нясмела адказваў: „я каталік“, і гэта значыла, што ён колькі разоў бываў у касцёле, сяк–так умеў чытаць, маліўся з польскае кніжкі альбо спяваў польскія песні» (J. Żółtowska, op. cit., s. 83).
[15] Czapska M., Europa w rodzinie. Warszawa 1989. S. 157. Гэтая кніжка (першае выданне — Une famille d’Europe centrale. Paris, 1972) — адначасова сямейная хроніка і мемуары, якія апісваюць гісторыю гэтай арыстакратычнае сям’і. Ахоплівае перыяд ад паловы XVIII ст. да першае сусветнае вайны.
[16] Pawlikowski M. K., op. cit., S. 294.
[17] Czapska M., Czas odmieniony. Paryż, 1978. S.42—43. Пра глыбокую спольшчанасць часткі беларускага насельніцтва піша і Вацлаў Лядніцкі (Lednicki W., op. cit., s. 24—25).
[18] Гл. заўв. 10.
[19] Kieniewicz A., op. cit., s. 204.
[20] Wysłouch F., Na ścieżkach Polesia. Londyn 1976; Echa Polesia. Londyn, 1979.
[21] op. cit., s. 47.

Наверх

Андрэй Партноў. Леў Акіншэвіч — гісторык украінскі і беларускі

Снежня 14, 1999 |


Леў Акіншэвіч (1898-1980) — адзін з найзначнейшых даследчыкаў украінскага права, аўтар нізкі публікацый па беларусiстыцы. Але ва ўкраінскай гістарыяграфіі пра яго напісана замала[1], а ў беларускай, здаецца, увогуле нічога. Хоць постаць Акіншэвіча вельмі цікавая як з пункту гледжання на навуковую біяграфію гісторыка, так і з пункту гледжання даследавання феномена падвойнай ідэнтыфікацыі ў кантэксце інтэлектуальнай гісторыі ХХ ст. Асновай для напісання гэтага тэксту сталі апублікаваныя ў Львове ўспаміны Льва Акіншэвіча, якія адкрываюць для чытача ўнутраны свет неардынарнай асобы даследчыка[2].

Нарадзіўся Л.А.Акіншэвіч 7 лютага 1898 г. у Санкт-Пецярбургу ў сям’і юрысконсульта. Бацька Льва быў этнічным беларусам і паходзіў з сям’і святара Гомельскага павета. Маці Акіншэвіча хварэла на сухоты, з-за таго сям’я пераехала ў Кіеў, што, пэўна, і вызначыла ўкраінскія зацікаўленні Льва. У 1912 г. здольны юнак стаў стыпендыятам Калегіі Паўла Галагана — элітнай украінскай сярэдняй навучальнай установы, дзе таленавітыя гімназісты мелі магчымасць вучыцца бясплатна. У 1916 г. Акіншэвіч скончыў калегію і, з прыкладу бацькі, паступіў на юрыдычны факультэт Кіеўскага універсітэта. Ва ўмовах першай сусветнай вайны Леў у студзені 1917 г. паступае ў Кіеўскую школу прапаршчыкаў, пасля заканчэння якой апынуўся на румынскім фронце. У 1918 г. ён вярнуўся ў Кіеў, аднавіў навучанне ва універсітэце, і, як узгадваў сам у сваіх успамінах, удзельнічаў у беларускіх арганізацыях Кіева. Ва ўмовах нацыянальна -вызваленчай і грамадзянскай войнаў, як былога камандзіра расійскай арміі, Акіншэвіча пастаянна мабілізуюць розныя ўрады, апроч урада Украінскай Народнай Рэспублікі, які вызваліў яго ад мабілізацыі пасля просьбы беларускага консульства як падданага Беларускай Народнай Рэспублікі. У 1919—1920 г. Акіншэвіч працаваў сакратаром юрыдычнага аддзела Кіеўскага Саўнаргаса, а ў студзені 1921 г. адбыўся выпадак, які, са слоў навукоўца, «адчыніў мне дзверы да навуковай працы». Выпадкова набыўшы ў букініста кнігу праф. Сергеевіча «Древности русского права», якая тычылася баярскай думы ў Маскоўскай дзяржаве, Акіншэвіч уважліва яе вывучыў, а на адным з іспытаў праф. Мікола Васіленка запытаў яго самога пра баярскую думу. Пачуўшы прыгожы глыбокі адказ, Мікола Пракопавіч, які быў знаным гісторыкам права, акадэмікам Усеўкраінскай Акадэміі Навук (ВУАН), прапанаваў Акіншэвічу навуковую працу ў Акадэміі і тэму даследавання — казацкія рады ХVII-XVIII ст. Як узгадваў Леў Аляксандравіч, Васіленка ўносіў у працу кіраванай ім Камісіі для вывучэння гісторыі заходнерускага і ўкраінскага права атмасферу талерантнасці, што «вяло да сяброўскага супрацоўніцтва яе членаў», і дадаваў: «Я не прыгадваю ніякага суперніцтва, непрыязнасці і непаразуменняў. Як вынік, гісторыя гэтай Камісіі ёсць гісторыя яе прац». У 1922—1929 гг. Акіншэвіч выконваў абавязкі сакратара камісіі, а ў 1925 г. па запрашэнні Міхайлы Грушэўскага паступіў у аспірантуру пры Навукова-даследчай кафедры гісторыі Ўкраіны, якой кіраваў акадэмік. Як заўважаў Акіншэвіч, атмасфера на кафедры Грушэўскага істотна адрознівалася ад атмасферы ў Камісіі Васіленкі, замест сяброўскіх стасункаў адносіны супрацоўнікаў кафедры насілі фармальны характар. З незразумелых для Акіншэвіча прычын, у 1928 г. Грушэўскі паставіў пытанне аб пераводзе яго на кафедру акадэміка Дзмітра Багалія. Не паглыбляючыся ў дадзенае пытанне, адзначу, што гісторыя ВУАН 1920—1930-х г. насычана асабістымі і навуковымі канфліктамі, супрацьстаяннем Міхайлы Грушэўскага (чалавека няпростага аўтарытарнага характару) ды Агатангела Крымскага і Сяргея Яфрэмава. Акіншэвіч, як і мноства іншых супрацоўнікаў, адчуў на сабе наступствы тых канфліктаў. І заслугоўваюць увагі яго словы: «прынцыпова няслушна, недапушчальна ставіць адзнаку навуковай працы ў залежнасць ад стаўлення да яе аўтара», а і Грушэўскі, і Крымскі, і Яфрэмаў былі несумненнымі інтэлектуаламі, выдатнымі вучонымі.

У 1928 г. Акіншэвіч скончыў аспірантуру і абараніў дысертацыю «Генеральна Рада на Гетьманшч ині XVII-XVIII ст.». Як пазначаў у «Нарысе гісторыі Ўкраіны» Дзмітро Дарашэнка, Акіншэвіч упершыню звярнуў увагу на інстытуцыю Рады старшынь (г.зн., сход казацкай эліты, найвышэйшай казацкай адміністрацыі) і параўнаў яе з Радай Паноў ВКЛ, Баярскай Думай Масковіі, Сенатам заходнееўрапейскіх дзяржаваў[3]. Акіншэвіч заўважаў: Генеральна Рада (г.зн. сход усёй казацкай грамады) паступова ператваралася ў «святочнае ўпрыгожванне, якое санкцыянавала рашэнні, што de facto пастанаўляла рада старшынска я», а з XVIII ст. яна ўвогуле робіцца фікцыяй.

Працуючы ў ВУАН, Леў Аляксандравіч меў досыць цесныя кантакты з Беларуссю. Ва ўспамінах ён адзначаў: «Я не забываў пра краіну свайго бацькі і адчуваў абавязак дапамагчы яе нацыянальнаму адраджэнню. Я сістэматычна працаваў над вывучэннем беларускай мовы і ўдасканаленнем свайго ведання яе». З 1925 г. Акіншэвіч супрацоўнічаў з беларускім літаратурна -навуковым часопісам «Полымя», дзе, у прыватнасці, быў надрукаваны яго дослед «Казацтва на Беларусі» (на жаль, недаступны мне пад час напісання гэтага артыкула). У 1920—1930-я г. вучоны неаднаразова наведваў Менск, дзе сустракаўся з Янкам Купалам (у сваіх успамінах Акіншэвіч называе яго «беларускім Шаўчэнкам») і Якубам Коласам. Пад час наведвання этнаграфічнага музея Акіншэвіч бачыў Вацлава Ластоўскага, які быў там навуковым супрацоўнікам. Як піша Акіншэвіч, «у працэсе агляду экспанатаў музея Ластоўскі падышоў да нас і хацеў паразмаўляць, але быў груба адсунуты дырэктарам музея».

Віцэ-прэзідэнт Беларускай АН Сцяпан Некрашэвіч прапанаваў Акіншэвічу пераехаць у Менск і выкладаць гісторыю беларускага права ў мясцовым універсітэце. Пра гэта стала вядома рэктару універсітэта Уладзіміру Пічэту, які запрасіў Акіншэвіча на абед і шчыра сказаў, што з матэрыяльнага боку дужа зацікаўлены ў зберажэнні за сабой курса гісторыі беларускага права. Як зазначае Акіншэвіч, «я запэўніў яго, што не прэтэндую на заняцце месца».

На пачатку 1930-х г. Леў Акіншэвіч збіраўся напісаць манаграфію пра казацтва на Беларусі ў часы Хмяльніцкага з дадаткам вялікай колькасці архіўных матэрыялаў. Але гэтыя планы не былі рэалізаваныя, бо і ў Беларусі, і ў Украіне ўзмацніўся партыйна-ідэалагічны ўціск на навуку.

Пасля інспіраваных ГПУ-НКВД працэсаў «Цэнтру дзій» (1924), «Спілкі Вызвалення Украіны» (1929—1930) у структурах Акадэміі Навук разгортваецца (па ўказцы партыйных органаў) «крытыка» буйных вучоных як «нацыяналістаў». Па патрабаванні сакратара партарганізацыі ВУАН Казубоўскага Акіншэвічу таксама давялося напісаць пра «нацыяналізм» у работах акадэмікаў М.Грушэўскага і М.Слабчанкі. У адным з тых артыкулаў сцвярджалася, што ідэалагічны разгром канцэпцыі Грушэўскага пад час «дыскусій» 1931 г. «ніяк не зняў пытання пра далейшую барацьбу з ёю, але паставіў ва ўсёй паўнаце праблему канчатковага і ўсебаковага разгрому гэтай ідэалогіі ва ўсіх яе праявах і ва ўсіх яе галінах»[4]. Сам Акіншэвіч пра тыя свае артыкулы напісаў наступнае: «Тыя артыкулы — старонка з гісторыі „паняволенай ” савецкай навукі, калі адмова ў іх напісанні няўхільна значыла арышт, катаванні ды высылку ў лагеры».

У 1932 г. Акіншэвіча выклікалі ў НКВД і прапанавалі супрацоўнічаць з «тайнай паліцыяй». Пры гэтым у ролі перніка выступала абяцанне зрабіць гісторыка акадэмікам, а ў ролі бізуна — разбурэнне сямейнага жыцця і канец навуковай працы ў выпадку адмовы. Супрацоўнічаць з НКВД Акіншэвіч адмовіўся і ўжо ў 1933 г. быў вымушаны пакінуць Акадэмію. Як узгадваў навуковец, «ад’ехаць на Беларусь, айчыну майго бацькі, было першай думкай», але ад таго давялося адмовіцца, бо стан акадэмічнай навукі Беларусі на той час быў не лепшым, чым на Украіне.

Акіншэвіч едзе ў Маскву, і Наркампрос РСФСР накіроўвае яго на выкладчыцкую працу ў Волагду. Гэта была рэальная магчымасць фізічнага паратунку, бо практычна ўсе ўкраінскія гісторыкі, што здолелі ў 1920—1930-х г. ад’ехаць у Расію або іншыя рэгіёны СССР, пазбеглі рэпрэсій (Уладзімір Пархоменка, Аляксей Барановіч, Мітрафан Брачкевіч, Мікола Рубінштэйн, Паўла Матвіеўскі ды інш.). Але Акіншэвічу не пашчасціла рэалізаваць свой намер і, фактычна з патрабаван ня НКВД, ён ідзе выкладаць у Нежынскі педагагічны інстытут. Мэта таго прызначэння стала празрыстай досыць хутка — амаль адразу пасля прыезду Акіншэвіч быў звольнены з педінстытута за «нацыяналізм» (да таго ж яго абвінавачвалі ў тым, што быў сувязным між украінскімі і беларускімі нацыяналістамі). Уладкавацца на працу з такім абвінавачаннем было досыць цяжка. Акіншэвічу паўсюль адмаўлялі і, як пазначана ва ўспамінах, у яго нават узнікала думка пра самагубства. Але яму ўдалося-такі ўладкаваца на працу — юрысконсультам на «Прибалхашстрое» (Казахстан). Працуючы ў Казахстане, Акіншэвіч змясціў 4 расійскамоўныя нататкі пра гісторыю меднай прамысловасці Казахстана і будаўніцтва Балхашскага камбіната ў часопісе «За Балхашскую медь». У 1937 г. з-за хваробы сына Глеба Акіншэвіч з сям’ёй пераязджае ў Смаленск, чым, магчыма, уратаваў сваё жыццё, бо хутка на Балхашскім камбінаце пачаліся арышты.

У 1941 г. у сувязі з пачаткам нямецка-савецкай вайны, Акіншэвіч быў мабілізаваны ў савецкую армію. 11 верасня 1941 г. узяты немцамі ў палон, з якога неадкладна вызвалены, як і ўсе палонныя, што не былі ва уніформах[5]. Тое адбылося на Палтаўшчыне, адкуль Акіншэвіч пешшу дайшоў да акупавана га немцамі Кіева, дзе ўладкаваўся на працу юрысконсультам гарадской управы, якой кіраваў іншы вядомы гісторык — Аляксандр Аглоблін (цікава, што ў 1930-х г., рэцэнзуючы даследаванне Акіншэвіча «Значне військове товариство в Укра?ні-Геть манщині XVIII ст.», Аглоблін ахарактарызаваў яе як немарксіс цкую, што ў тых умовах было раўназначна абвінавачванню ў ідэалагіч ным граху). З часам Акіншэвіч быў прызначаны кіруючым справамі вышэйшых школ і навуковых устаноў гарадской управы[6], увайшоў у склад экспертнай камісіі па ўкраінскай эмблематыцы[7], адначасова быў дэканам юрыдычнага факультэта адноўленага Кіеўскага універсітэта.

У 1943 г. Акіншэвіч, як і шэраг іншых украінскіх гісторыкаў (Аляксандр Аглоблін, Наталля Палонска-Вас іленко, Васіль Дуброўскі, Пятро Курынны), выехаў на Захад. Нядоўгі час навуковец працаваў і жыў у Львове, Станіславе (сучасны Івана-Франкоўск), Празе, Рэгенсбур гу. У 1949 г. Акіншэвіч выехаў у ЗША. Там спачатку працаваў прыбіральшчыкам у шпіталі. У 1951-1954 г. быў стыпендыятам фонда Форда па даследчыцкай праграме вывучэння СССР пры Калумбійскім універсітэце, пасля завяршэння праекту працаваў у Бібліятэцы Кангрэсу ў Вашынгтоне, а ў 1969 г. выйшаў на пенсію. Апошнія дзесяць гадоў жыцця Акіншэвіч пакутваў на паркінсанізм. Памёр навуковец 7 лістапада 1980 г. у прадмесці Вашынгтона.

Нягледзячы на складаны жыццёвы шлях, шматлікія перашкоды ў паўнавартаснай навуковай працы, спадчыну Льва Акіншэвіча складаюць больш за 120 публікацый[8], да таго ж, шэраг манаграфій, якія належаць да лепшых здабыткаў украіністыкі ў галіне гісторыі права[9]. Апроч даследаванняў тэмы (прафесійная спецыялізацыя Акіншэвіча — дзяржаўнае права Гетманшчыны XVII-XVIII ст.), пяру гісторыка належаць некалькі публікацый пра цывілізацыйны падыход да гісторыі Усходняй Еўропы[10], адна з якіх спецыяльна тычыцца гісторыі Беларусі[11]. Варта заўважыць, што Акіншэвіч як гісторык пазбягаў псеўдапатрыятычных перабольшванняў і спрашчэнняў, яднаў крыніцазнаўчы падыход і канцэптуальны аналіз пытання.

Беларуская праблематыка і беларускія кантакты адыграюць значную ролю ў творчасці Акіншэвіча і на эміграцыі. Гісторык быў абраны сапраўдным членам Беларускага Інстытута Навукі і Мастацтва (Нью-Ёрк). У лісце да Б.Крупніцкага ад 6 ліпеня 1951 г. Акіншэвіч узгадвае, што яму прапанавалі ўзначаліць гэты інстытут, але ён адмовіўся[12]. Сярод друкаваных прац навукоўца ёсць публікацыі беларускаю мовай (гл. спасылку 11 да гэтага артыкула).

Як згадвае Яраслаў Падох, прафесар Акіншэвіч «быў чалавекам замкнутым у сабе, негаваркі м і не любіў казаць пра сябе і сваё мінулае», за напісанне сваіх успамінаў узяўся «без ахвоты, пад ціскам сяброў»[13]. На тое, пэўна, паўплываў сумны жыццёвы вопыт навукоўца (непасрэднае знаёмства з брутальным ідэалагічным умяшальніцтвам у навуку ў Савецкай Украіне, гібель у блакадным Ленінградзе сына Глеба, у смерць якога Акіншэвіч не верыў). Таксама можна ўзгадаць, што свае публікацыі на Захадзе гісторык падпісваў, зазвычай, крыптонімамі (Л.О., Л. О-ч., Leo A.Yaresh.), што ён прынцыпова адмовіўся ад публічнага адзначэння свайго 80-годдзя і г.д.

Адно з найцікавейшых пытанняў — пытанне пра нацыянальнае самавызначэнне — Леў Акіншэвіч кранае ў сваіх успамінах. Пішучы пра сваю пазыцыю ў 1920-1930-х г. на Савецкай Украіне, гісторык адзначае: «Як беларус я меркаваў, што Ўкраіна мае права на незалежнасць. Але… прылюдна я тую думку не выказваў нават у размовах з сябрамі». Больш падрабязна асвятляючы гэтае пытанне, Акіншэвіч піша пра «вызнанне сябе беларусам у памяць бацькі». Украіна, са слоў Акіншэвіча, «была нібы маёй другой бацькаўшчынай і прадметам маіх даследчых прац. Я шчыра сімпатызаваў барацьбе за ўкраінскае нацыянальнае адраджэнне». Яшчэ адной сваёй «другой бацькаўшчынай» гісторык называў ЗША, дзе ён пражыў 30 гадоў (1949-1980).

Разважаючы над тым, чаму яго ўспаміны не напісаны па беларуску, Акіншэвіч заўважае: «Мне вельмі горка адмаўляцца ад сябе, як аўтара ўспамінаў на беларускай мове. Але мне зразумела, што я не маю права, зрабіўшы так мала для беларускай справы, прэтэндаваць на ўвагу беларускага чытача. Яны (успаміны — А.П.) маглі б хіба паказаць, як справядлі васць той (беларускай) справы выклікала да яе сымпатыі ў паўбеларуса, што нарадзіўся ў Расіі і пражыў маладыя гады ў Украіне. Але тое, зразумела, не ёсць дастатковай падставай для пісання ўспамінаў».

Мяркую, вызначэнне Акіншэвіча як «беларускага і ўкраінскага гісторыка» — абгрунтаванае. Украінскім гісторыкам Акіншэвіча, па вялікім рахунку, зрабіў выпадак — пераезд яго сям’і ў Кіеў з-за хваробы маці. А беларуская нацыяналь ная ідэнтыфікацыя навукоўца была, перад усім, яго свядомым выбарам («у памяць бацькі»), падмацаваным этнічным паходжаннем. Падаючы свае высновы як папярэднія і адкрытыя для крытыкі, хачу прапанаваць таксама шэраг пытанняў, якія ўзніклі ў мяне пад час апрацавання гэтай тэмы: Што ёсць феномен падвойнай ідэнтыфікацыі ў гістарыяграфіі? Што ёсць «нацыянальная гістарыяграфія» і ці ёсць магчымаю безнацыянальная (пазанацыянальная) гістарычная навука? Што ёсць нацыянальная перадузятасць і ці можна быць, як гісторыку — па адзін бок, а як беларусу (украінцу, немцу і г.д.) — па іншы?

З украінскай пераклаў Андрэй Мельнікаў


[1] Падох Я. Лев Окіншевич — видатний історик державного права України–Гетьманщини XVII—XVIII ст. Нью–Йорк, Мюнхен, 1985. 40 с.; Водотика С.Г. Механізм реалізації політичноі влади в Гетьманщині протягом другої половини XVIII ст. в оцінці Л.О. Окіншевича // Українська козацька держава: витоки та шляхи історичного розвитку. Київ, Черкаси,1994. C.158—161.; Ясь О. Лев Окіншевич та його есе «Між Заходом і Сходом» // Розбудова держави. 1997. 7/8. C.102—107.
[2] Окіншевич Л. Моя академічна праця в Україні. Львів,1995. 88 c.
[3] Дорошенко Д. Нарис історії України. Т.1. Kиїв, 1992. C.115.
[4] Окиншевич Л. Національно–демократична концепція історії права України в працях акад. М.С. Грушевського // Україна. 1932. №1/2. C.91—109. Цыт. па: Заруба В. Розгром і знищення київськой школи істориків Михайла Грушевського // Український історик. 1991—1992. Ч. 110—115. C.160.
[5] Падох Я. Лев Окіншевич — видатний історик державного права козацької України // Передмова до кн.: Окіншевич Л. Моя академічна праця в Україні. C.13.
[6] Верба І. Архівна оглобліяна в Київі // Український історик. 1994. Ч.120—123. C.178.
[7] Верба І. Спроби відновлення УАН у Київі (кінець1941 — середина1942 рр.) // Укр. історик. 1995. Ч.124—127. C.97.
[8] Бібліяграфію работ Л. Акіншэвіча склаў Яраслаў Падох. Гл.: Падох Я. Лев Окіншевич — видатний історик державного права України—Гетьманщини XVII—XVIII ст. Нью–Йорк, Мюнхен, 1985 . C.31–38.
[9] Окиншевич Л. Генеральна Рада на Гетьманщині XVII—XVIII ст. Київ, 1929. 178 c.; Окіншевич Л. Лекції з історії українського права. Мюнхен,1947. 223 c.; Яго ж. Огляд історії філософії права. Ч. 1. Мюнхен, 1948. 130 c. Okinshevich L. Ukrainian Society and the Goverment. 1648—1781. Munich, 1978. 145 с.
[10] Окіншевич Л. Між Заходом і Сходом // Україна. Париж.1952. №8 [Перадрукавана: Розбудова держави. Київ. 1997. №7/8 C. 108—113.]; Okinshevich L. History Civilization of Eastern Europe in the Work of Arnold Toynbee // The Annals of the Ukrainian Academy of Arts and Sciences in the U.S., — New York, 1952. Vol.2. №2. p.305—315.
[11] Акіншэвіч Л. Пра «Цывілізацыйныя асновы» беларускага гістарычнага працэсу // Запісы Беларускага Інстытуту Навукі і Мастацтва. Нью–Йорк, 1953. №2. C.70—79.
[12] Падох Я. Лев Окіншевич — видатний історик… // Окіншевич Л. Моя академічна праця в Україні.C.15
[13] Тамсама. C.10,12.

Наверх

Мірановіч, Яўген. Навейшая гiсторыя Беларусi (Захар Шыбека)

Снежня 6, 1999 |

МIРАНОВIЧ, ЯЎГЕН. Навейшая гiсторыя Беларусi. Беласток, 1999. 270.

Кнiга прысвечана гiсторыi Беларусi ад раздзелаў Рэчы Паспалiтай да сённяшнiх дзён. Напiсана яна гiсторыкам–беларусам, якi нарадзіўся і жыве ў Польшчы. Аўтар меў магчымасць выдаць сваю працу коштам польскай дзяржавы, хоць яе колішнюю палiтыку ў дачыненнi да беларусаў паказвае не заўсёды дабрадзейнай (с.42, 79, 158). Другая асаблiвасць кнiгi ў тым, што аўтар падрабязна разглядае становiшча заходнебеларускiх земляў у Польшчы, заходнебеларускую спецыфiку. Гэтую працу можна назваць своеасаблiвым расследаваннем падзелу беларускiх земляў у 1921 г., утрымання Заходняй Беларусi ў складзе мiжваеннай Польшчы i яе iнкарпарацыi ў Савецкі Саюз. Пры гэтым у якасцi «следчага» ўпершыню выступае не савецкi гiсторык, не прадстаўнiк польскай дзяржаўнiцкай iдэалогii, а беларускi даследчык еўрапейскага кругагляду. Аўтар, паміж іншага, лiчыць, што тэзiс аб неiснаваннi беларусаў у 1920—30–х г. быў загубным для польскай дзяржавы (103), а найважнейшым вынiкам iнкарпарацыi Заходняй Беларусi ў СССР стаў канчатковы разрыў з традыцыяй Вялiкага Княства Лiтоўскага (184).

Трэцяя асаблiвасць кнiгi ў яе засяроджанасці на палiтычнай гiсторыі ХХ ст. (на ўсё ХIХ ст. з 270 старонак адведзена 13). I гэта апраўдана, бо дазваляе ажыццявiць першы грунтоўны адбор нацыянальна значных падзей гэтага стагоддзя. Ствараецца iх дастаткова поўны рэестр. Сабраныя разам, яны робяць нашую найноўшую гiсторыю адчувальнай. Часам апiсанне набывае амаль рэпартажны характар (апошнi раздзел). Асабліва цiкава выкладзены перыяд НЭПа (50–63). У аўтарскай падачы патроху знiкае хаос нядаўняй гiсторыi i пачынае праглядацца пэўная логiка гiстарычнага развiцця.

Усё гэта можа ўсцешыць чытачоў з Беларусi, хоць кнiжка, вiдавочна ж, прызначаецца для беларускага насельнiцтва Польшчы. Але далёка не ўсім застанецца задаволены чытач. У кнiзе няма нiводнай карты, нiводнай iлюстрацыi. Адсутнiчае гiстарыяграфiчны агляд, спiс крынiц i лiтаратуры. Спасылка на крынiцу ў тэксце падаецца толькi ў адным месцы (158). Сустракаюцца стылiстычныя хiбы і фактычныя памылкi. Так, НЭП абвешчаны ў 1921, а не ў 1923 г. (54). Iнбелкульт ператвораны ў АН БССР не ў 1926, а ў 1929 г. (61).

Пры той вялiкай увазе, якая аддаецца беларускаму нацыянальнаму руху, часам дапускаецца хутчэй, праўдападобна, ненаўмыснае прынiжэнне яго вартасцяў. Дастаткова прыгадаць толькi два прыклады. БНР падаецца пераважна ў іпастасі iдэi, і выказваецца сумненне, што яна iснавала як рэальная палiтычная з’ява (5,36). Выходзiць, iдэя стварэння суверэннай беларускай дзяржавы засталася на паперы i нiяк не паўплывала на палiтыку нямецкiх i камуна–расiйскiх акупацыйных уладаў? Дасягненне нашай краiнай незалежнасцi ў 1991 г. трактуецца як вынiк перамен у Расii i мiжнароднай кан’юнктуры. Заслуга грамадзян Беларусi не прызнаецца ўвогуле (7). Выходзiць, у Беларусi зусiм не iснавала апазiцыйнага руху i ён зусiм не спрычынiўся да развалу бальшавiцкай iмперыi, да абвяшчэння Рэспублiкi Беларусі, да ўзаконьвання бела–чырвона–белага сцяга i герба Пагонi, да прыняцця закона аб беларускай мове як дзяржаўнай i г.д.? Нiбыта ўвогуле «канец Ялты» ў Еўропе не быў абумоўлены пераменамi ў Расii i мiжнароднай кан’юнктурай?

Апошнiм часам у польскай гiстарыяграфii пераважаюць песiмiстычныя ацэнкi беларускага рэзістансу. Не пазбег iх i аўтар. Але цяперашняя безвынiковасць нашага супрацiўлення не ёсць падставай для празмерна крытычных ацэнак падзей мiнулага. Беларуская нацыянальная элiта нiколi не прыпыняла змагання за незалежнасць Айчыны i заўсёды плацiла за гэта самай дарагой цаной — сваiмi жыццямi. Дарэчы, Яўген Мірановіч да найгалоўнейшых стратаў II сусветнай вайны адносiць страту беларускай нацыянальнай элiты (166).

Кнiга Я. Мiрановiча кладзе пачатак нармальнаму асэнсаванню нашай найблiжэйшай гiсторыi. Яна прымушае шмат пра што задумацца, у тым ліку пра вынiкі стагоддзя, пра выбар далейшага шляху Беларусi i ролю ў гэтым Заходняй Беларусі.

Менск
Захар Шыбека

Беларуская думка XX стагоддзя. Варшава, 1998 (Арсень Ліс)

Снежня 5, 1999 |

Беларуская думка XX стагоддзя. Філасофія, рэлігія, культура. Анталогія. Укладанне, прадмова і апрацаванне Ю. ГарбінскАГА. Варшава, 1998. 741.

Выданне, пра якое пойдзе гаворка, даўно мела грамадскае запатрабаванне. Яго актуальнасць у кантэксце духоўнага жыцця сучаснай Беларусі відавочная.

Рупліва, з пачуццём навуковай і грамадзянскай адказнасці падабраныя ўкладальнікам і каментатарам Анталогіі Юрыем Гарбінскім тэксты разгортваюць шырокую, без мала на стагоддзе, панараму развіцця беларускай грамадскай, філасофскай і культуралагічнай думкі.

Пакладзены ў аснову структуры кнігі храналагічны прынцып кампаноўкі матэрыялу дазваляе выразна бачыць этапы развіцця грамадскай думкі і дэтэрмінацыю іх пэўнымі вехамі гістарычнага шляху беларусаў у XX ст. А шлях гэты быў адметны як сваімі здабыткамі, так і стратамі. Адна з найважнейшых асаблівасцяў экзістэнцыі беларускага этнасу ў XX ст. палягала на тым, што яму амаль увесь час даводзілася жыць пад уладай таталітарных і аўтарытарных рэжымаў, для якіх, па сутнасці, не існавала каштоўнасці жыцця асобнага чалавека, разумення агульналюдскай вартасці кожнай этнічнай супольнасці паасобку. Акрамя таго, беларусам цягам доўгага часу даводзілася вытрымліваць уціск дэнацыяналізацыі, якая з 30–х г. набыла татальны характар. Да таго штучна, адміністрацыйным парадкам, за апошняе стагоддзе скарачаўся этнічны абшар пражывання беларусаў, асабліва ў памежных рэгіёнах.

Ёмісты том выдання ўключае артыкулы, трактаты, эсэ, фрагменты з манаграфій — плён працы каля шасцідзесяці аўтараў, філосафаў, палітыкаў, літаратараў, царкоўных дзеячаў, вучоных.

Тэксту кожнага аўтара ў корпусе кнігі папярэднічаюць сціслыя біяграфічныя даведкі. Накіданыя ўкладальнікам сілуэты мысляроў, грамадска–палітычных дзеячаў, творцаў мастацкага слова, вучоных для чытача, схільнага да рэфлексіі, — спажытак для душы, нагода для роздуму не толькі над лёсам асобных прадстаўнікоў нацыі, але ў цэлым пра шляхі беларусаў у завяршальным стагоддзі найноўшага часу.

Анталогія складаецца з сямі раздзелаў. У першым, названым „Прарокі нацыянальнай ідэі“, аб’яднаны творы адзінаццаці аўтараў. Імёны іх — Янка Купала, Максім Багдановіч, Якуб Колас, Антон Луцкевіч, Максім Гарэцкі, Вацлаў Ластоўскі, Мітрафан Доўнар–Запольскі, Язэп Лёсік, Аляксандр Цвікевіч, Ігнат Канчэўскі, Уладзімір Самойла — гавораць за сябе. Уражанне, што ў гэтым шэрагу не хапае дванаццатага, а менавіта — Алеся Гаруна–публіцыста.

Вызваленчы рух часоў рэвалюцыі і пачарговых зменаў акупацыі даў творчы імпульс „беларускаму актывізму“ (У.Самойла) 20–х г., якія, нягледзячы на драматычны падзел беларускага этнасу дзяржаўнымі межамі суседзяў, сталі гадамі кансалідацыі маладой нацыі, пазначаны высокім плёнам беларускай духоўнасці. Менавіта з 20–і г., і пра гэта добра сведчыць Анталогія, звязаны ці не найбольшыя здабыткі беларускай філасофскай, грамадска–палітычнай і царкоўнай думкі. Яе выдатна рэпрэзентуюць змешчаныя ў Анталогіі працы Ігната Канчэўскага, Аляксандра Цвікевіча, Антона Луцкевіча.

Публіцыстычную спадчыну У.Талочкі, як і творы іншых беларускіх аўтараў, палітыкаў, культурна–грамадскіх дзеячаў, чые творы змешчаны ў наступным разделе, Ю.Гарбінскі здабыў з польскамоўнага штодынёвіка „Przegląd Wileński“, рэдагаванага ад 1911 г. Людвікам Абрамовічам, лідэрам краёвай ідэалогіі і адным з яе творцаў. Асноўны пастулат краёвасці як ідэалагічнай канцэпцыі, паводле Л.Абрамовіча, Т. Урублеўскага, М.Ромера, К.Скірмунта і іншых прадстаўнікоў мясцовай інтэлігенцыі, палягаў на неабходнасці ўсведамлення жыхарамі літоўска–беларускага краю супольнасці гістарычнай, палітычнай, культурнай спадчыны Вялікага Княства Літоўскага дзеля гарманічнага сужыцця ўсіх спрадвеку жыўшых тут народаў.

Перыядычны орган краёўцаў паслядоўна трымаўся дэмакратычных прынцыпаў, што было асабліва важна ў абставінах аўтарытарызацыі палітычнага рэжыму міжваеннай Польшчы. На старонках яго пастаянна друкаваліся аўтары, якія з прычын абсалютна аб’ектыўных не маглі не быць у апазіцыі да паноўнага ў краіне сацыяльна–палітычнага курсу. На старонках „Przeglądu Wileński“ з беларускімі праблемамі ў іх аб’ектыўным, а не афіцыйным асвятленні мог пазнаёміцца польскі чытач. Газета была ўдзячнай трыбунай і для выказу беларускай грамадскай думкі ў асобе такіх яе прадстаўнікоў, як А.Луцкевіч, У.Самойла, У.Талочка, А.Стаповіч і іншыя.

Вельмі самавіты чацвёрты раздзел Анталогіі, у якім пададзена публіцыстычная творчасць Казіміра Сваяка, Вячаслава Багдановіча, Уладыслава Талочкі, Янкі Станкевіча, Альбіна Стаповіча, Тамаша Грыба, Адама Станкевіча, Вінцука Гадлеўскага, Мікалая Шкялёнка. Як творчасць іх папярэднікаў, публіцыстычнае слова названых культурна–грамадскіх дзеячаў, палітыкаў, вучоных прасякнута высокім клопатам пра лёс беларускага этнасу, скіравана на ягоную абарону і сцвярджэнне натуральнага права яго на нармальнае развіццё. Зразумела, што ў іх публіцыстыцы асэнсаваны новыя тэмы, сюжэты ў рамках універсальнай па сваёй сутнасці нацыянальнай ідэі.

Калі філасофскія эсэ У.Самойлы, І.Канчэўскага, царкоўна–гістарычныя нарысы В.Багдановіча, літаратурна–філасофскія эцюды А.Цвікевіча пасля шматгадовага ўвязення ў спецхранах за кароткія гады свабоды сталі даступнымі шырокай грамадскасці, то творчасці такога самавітага публіцыста, як Уладыслаў Талочка, літаральна адкрыта ўкладальнікам Анталогіі. Імя гэтае, на жаль, не знайшло належнага месца ў немалалікіх ужо беларускіх энцыклапедыях, апынулася не ўлічаным у сучасных рэестрах здабыткаў нацыянальнай культуры.

На жаль, у гэты раздзел і наогул у „Анталогію беларускай думкі XX ст.“ не трапілі творы такога самавітага аналітыка і рупліўца на ніве грамадскай беларушчыны, як Станіслаў Грынкевіч. Без уліку творчай спадчыны Станіслава Грынкевіча наўрад ці мажліва канчаткова ідэнтыфікаваць публіцыстыку, створаную літаратарам пад псеўданімам „Дрыгвіч“, хоць гіпотэза Ю.Гарбінскага і выглядае праўдападобнай.

Страцяць чытачы паважанага выдання і ад таго, што ў яго не трапілі хоць бы фрагменты з брашуры Альбіна Стаповіча „Беларусы і дзяржаўная незалежнасць“ (1929).

З аўтараў эміграцыі, чые творы аб’яднаны ў шостым раздзеле Анталогіі, асаблівую цікавасць выклікае глыбокааналітычны тэкст гісторыка Льва Акіншэвіча і плённыя росшукі і абагульненні па гісторыі культуры Беларусі Вітаўта Тумаша.

Храналагічна завяршаюць „Анталогію беларускай думкі XX ст.“ філасофскія і публіцыстычныя развагі пра сённяшні стан беларускай дзяржаўнасці, яе праблемы, духоўны патэнцыял нацыі. Публікацыі Аляксея Каўкі, Уладзіміра Конана, Юрыя Хадыкі, Анатоля Майсені, Васіля Быкава, Ніла Гілевіча, Алеся Адамовіча, Міколы Крукоўскага, Аляксея Рагулі, Сяргея Дубаўца, Леаніда Лыча, Альфрэда Майхровіча, Юрыя Туронка і іншых філосафаў, палітолагаў, гісторыкаў, пісьменнікаў, культуролагаў і дзейных палітыкаў усе разам пераканаўча сведчаць пра новы этап узыходжання беларускай грамадскай думкі, дэтэрмінаваны заваёвай суверэнітэту Беларусі і засцярогай страты яго.

Трэба сказаць, што ўкладальнік Анталогіі вельмі ўважлівы да ўсіх праяваў і формаў беларускай грамадскай думкі, у якіх бы крыніцах яны ні паказваліся свету. Каб прасачыць эвалюцыю нацыянальнай ідэі, няпростыя шляхі беларускага самаўсведамлення, ён патрапляе выбраць адпаведныя тэксты нават з пратаколаў пасяджэння прадстаўнікоў І канферэнцыі беларускіх секцый РКП(б) або з апошняга слова падсуднага старшыні Беларускай сялянска–работніцкай грамады Браніслава Тарашкевіча, з рарытэтаў даўняй перыёдыкі. Менавіта багацце крыніц дазволіла ўкладальніку Анталогіі так шырока і рэпрэзентатыўна паказаць беларускую грамадскую думку ў яе філасофскай і культуралагічнай мадыфікацыях.

Адна думка–канстанта пранізвае, аб’ядноўвае ўсе публікацыі, змешчаныя на сямістах з лішкам старонках Анталогіі: толькі дзяржаўная незалежнасць можа рэальна забяспечыць нацыі этнаахоўны статус і дазволіць ёй рэалізаваць у поўным аб’ёме свае творчыя патэнцыі. Пад канец другога тысячагоддзя беларускі народ апынуўся на крутым павароце свайго гістарычнага шляху, а яго грамадская думка — на новым, інтэнсіўным вітку развіцця.

Арсень Ліс
Менск

Davies, Norman. Orzeł biały, czerwona gwiazda (Алесь Смалянчук)

Лістапада 26, 1999 |


Davies, Norman. Orzeł biały, czerwona gwiazda. Wojna polsko-bolszewicka 1919—1920. Kraków, 1998. 308.

Гістарычная навука не можа быць цалкам свабоднай ад ідэалагічных уплываў. Але заўсёды існуе мяжа, якая аддзяляе навуковую працу ад фальсіфікацыі мінулага ва ўгоду пэўных ідэалагічных мэтаў. На жаль, для бальшыні беларускіх савецкіх гісторыкаў, што займаліся праблематыкай ХХ ст., гэтай мяжы не існавала. Тая гісторыя, якая навязвалася грамадству Беларусі, на самай справе ніколі не перажывалася беларускім народам. Яе асноўныя пастулаты фармуляваліся ў кабінетах партыйных кіраўнікоў. Яскравы прыклад такой «навукі» — афіцыйная канцэпцыя т.зв. «савецка-польскай вайны 1920—1921 г.» і яе наступстваў. (Гл., напр.: Гісторыя Беларускай ССР. Пад рэд. І.Ігнаценкі, Л.Абэцэдарскага і інш. Т.3. Мінск, 1993. Адпаведныя раздзелы напісаныя П.Селіванавым і Н.Каменскай.) Падмуркам гэтай канцэпцыі было поўнае атаясамліван не беларускіх нацыянальных інтарэсаў з інтарэсамі бальшавіцкіх уладаў Савецкай Расіі.

Кніга Нормана Дэвіса дазваляе ўбачыць ключавыя моманты фальсіфікацыі гісторыі гэтай вайны. Гэта вельмі важна для нас, бо ў сучаснай беларускай гістарыяграфіі ўсё больш відавочнай становіцца тэндэнцыя аднаўлення былых ідэалагічных канцэпцый. (Гл., напр.: Гісторыя Беларусі: У 2 ч. Пад рэд. Я.Новіка і Г.Марцуля. Мінск, 1998; И.Ковкель, Э.Ярмусик. История Беларуси с древнейших времён до наших дней. Мінск, 1998[1].)

Першае выданне кнігі адбылося ў Лондане ў 1972 г. У польскамоўным выданні 1998 г. (ужо 4-м) аўтар захаваў сваю канцэпцыю без зменаў. Норман Дэвіс лічыць, што гістарыяграфія апошняй чвэрці стагоддзя (у т.л. і публікацыя раней недаступных матэрыялаў з архіваў СССР) толькі пацвердзіла яе асноўныя пазіцыі.

Поспех навукоўца, магчыма, абумоўлены грунтоўным аналізам шырокага кола крыніц, якія адлюстроўваюць самыя розныя погляды на падзеі вайны. У працы былі выкарыстаны матэрыялы з архіваў СССР, ПНР і Вялікабрытаніі (у т.л. дакументы з асабістых архіваў Уінстана Чэрчыля і Лойд Джорджа), запіскі, карэспандэнцыя, успаміны і аналітычныя працы непасрэдных удзельнікаў падзей: Ю.Пілсудскага, І.Дашыньскага, Ст.Грабскага, У.Леніна, Л.Троцкага, І.Сталіна, М.Тухачэўскага, французскага генерала М.Вейганда і інш. Бібліягра фія толькі надрукаваных крыніц і навуковай літаратуры склала каля 120 пазіцый. Сярод іх прысутнічаюць асноўныя даследаванні савецкай, польскай (як ПНР, так і эмігранцкай) і заходнееўрапейскай гістарыяграфіі 20—60-х г.[2]

Што сабой уяўляюць асноўныя палажэнні канцэпцыі Нормана Дэвіса?

Па-першае, аўтар не лічыць гэтую вайну абарончай для Савецкай Расіі. Ён звяртае ўвагу на тое, што менавіта бальшавіцкія войскі першымі пачалі займаць тэрыторыю «Крэсаў»[3]. Ужо 16 лістапада 1918 г. была створана бальшавіцкая Заходняя армія, якая пасля эвакуацыі нямецкіх войскаў заняла Менск і Вільню.

У канцы 1918 — пачатку 1919 г. Чырвоная aрмія пачала ваенную аперацыю («Мэта Вісла»), галоўнай задачай якой была разведка баявых магчымасцяў Польшчы. Апошняй адпаведна з планамі бальшавікоў адводзілася роля «чырвонага моста», які б злучыў рэвалюцыю ў Расіі з рэвалюцыяй у Германіі. Польскія войскі рушылі на ўсход толькі ў лютым 1919 г. Менавіта бальшавіцкую спробу экспарту рэвалюцыі Н.Дэвіс лічыць галоўнай прычынай вайны паміж Савецкай Расіяй і Польшчай.

На карысць гэтага тэзісу сведчаць і некаторыя факты палітычнай гісторыі, якім даследчык чамусьці не аддаў належнай увагі. Адначасова з пачаткам аперацыі «Мэта Вісла» ўрад Леніна распусціў польска-расійскую Ліквідацыйную камісію па справах Каралеўства Польскага, якая з вясны 1917 г. рыхтавала аддзяленне Польшчы ад Расіі. Старшыня камісіі А.Лядніцкі (з студзеня 1918 г. — паўнамоцны прадстаўнік польскага ўрада) быў арыштаваны. Да таго ж, на пачатку лютага 1919 г. кіраўнікі Савецкай Расіі ўтварылі Літбел ССР, урад якой быў сфармаваны пераважна з бальшавікоў польскага паходжання. Ёсць вялікія падставы разглядаць гэтую «рэспубліку» як плацдарм для распаўсюджвання рэвалюцыі ў Польшчу. Гэтыя падзеі многімі кіраўнікамі польскай дзяржавы былі ўспрыняты як непасрэдная пагроза незалежнасці і суверэнітэту. Аперацыя «Мэта Вісла» паказала, што паход Чырвонай арміі на Варшаву быў толькі справай часу.

Англійскі гісторык улічыў і фактар тэрытарыяльных прэтэнзій абодвух бакоў на тэрыторыю «гістарычнай Літвы». Ён справядліва адзначыў, што ў 1918 г. гэтыя землі не належалі ні Польшчы, ні Расеі: «Калі Крэсы і належалі каму-небудзь, то толькі мясцоваму насельніцтву…» (23). На думку аўтара, пачаткам вайны трэба лічыць 14 лютага 1919 г., калі ў раёне Бярозы Картузскай адбылося першае баявое сутыкненне польскага войска і Чырвонай арміі.

Па-другое, аналіз памераў ваеннай дапамогі Польшчы з боку Антанты і характарыстыка пазіцый урадаў Вялікабры таніі і Францыі дала даследчыку падставы для высновы, што наступленне польскіх войскаў не было часткай адзінага плана інтэрвенцыі Антанты супраць Савецкай Расіі. На Парыжскай мірнай канферэнцыі ўзімку 1919—1920 г. з ініцыятывы Лойд Джорджа было прынята прынцыповае рашэнне: ваеннай дапамогі наступальным дзеянням польскіх войскаў не аказваць. Прэм’ер-міністр Вялікабрытаніі імкнуўся перанесці барацьбу супраць бальшавізму ў сферу эканомікі. Ён прапанаваў развіваць эканамічныя адносіны з расійскім народам з адначасовым байкотам бальшавіцкага ўрада (89).

Ваенная дапамога, якая ўсё ж такі даходзіла да Польшчы адпаведна з ранейшымі дамовамі (у прыватнасці, ваенны крэдыт французскага ўрада), магла быць выкарыстана пераважна на вядзенне абарончай вайны. Н.Дэвіс лічыць, што дапамога для Польшчы была хутчэй накіравана супраць германскага рэваншызму, чым бальшавіцкай рэвалюцыі (90). У крызісны для палякаў час Антанта актыўна дапамагала толькі сваімі генераламі -дарадцамі. Пасля Варшаўскай бітвы (13—25 жніўня 1920 г.) генерала Вейганда і іншых прымалі ў Еўропе як галоўных выратавальнікаў Польшчы і свету ад «бальшавіцкай чумы». На самай справе, як пераканальна паказаў Н.Дэвіс, ваенныя місіі Вялікабрытаніі і Францыі істотнай ролі ў абароне Варшавы не мелі.

Адной з прычын даволі «халоднага» стаўлення Антанты да Польшчы быў недавер да Юзафа Пілсудскага. Еўрапейскія палітыкі насцярожана глядзелі на дзяржаўную дзейнасць гэтага былога сацыяліста, які не збіраўся быць марыянеткаю ні ў чыіх руках. Ю.Пілсудскі разумеў, што ні Дзянікін, ні Ўрангель не прызнаюць незалежнай Польшчы. А вось з савецкім урадам, які знаходзіўся ў коле франтоў, існаваў шанс знайсці паразуменне. Але для гэтага трэба было паказаць сваю ваенную моц.

Канчатковая выснова англійскага даследчыка, што Польшча абараніла сваю незалежнасць самастойна , не выклікае пярэчанняў: «Насуперак меркаванню, якое ўпарта паўтараец ца зноў і зноў, Антанта не адыграла ролю апекуна Польшчы. Яна не падтрымала Польшчу ні палітычна, ні маральна, ні — па вялікім рахунку — матэрыяльна. Да ліпеня 1920 г. палітыка Антанты не была палітыкай нейтралітэту. Гэта быў курс афіцыйнай абыякавасці. Бальшыня французскай ваеннай дапамогі для Польшчы была прыстасавана да абарончых мэтаў. Пасля жніўня 1920 г. Антанта настойліва і паслядоўна выказвала сваё незадавальненне Пілсудскім, палітыкай польскага ўрада і ягонымі планамі. Яна спрабавала адхіліць Начальніка (Ю.Пілсудскага — А.С.) ад улады, аслабіць пазіцыі ўрада і перакрэсліць яго планы. Французская ваенная дапамога была зменшана да восьмай часткі параўнальна з папярэднім перыядам. «Малодшы», «слабейшы» і «залежны» партнёр Антанты здолеў перамагчы ў вайне і заключыць мірны дагавор самастойна» (249).

Адпаведна, становіцца відавочнай уся штучнасць і ненавуковасць такога паняцця савецкай гістарыяграфіі, як «белапалякі». Тое самае можна сказаць і ў дачыненні да паняцця «буржуазна -памешчыцкая Польшча».

Адной з галоўных прычынаў перамогі палякаў у Варшаўскай бітве і паспяховага контрнаступлення ўвосень 1920 г. была кансалідацыя польскага народа вакол свайго кіраўніцтва. Гэтаму спрыяла стварэнне ў ліпені 1920 г. кааліцыйнага ўрада. Яго ўзначаліў селянін з Галіцыі, кіраўнік найбуйнейшай сялянскай партыі «Пяст» Вінцэнт Вітас. Пасаду віцэ-прэм’ера заняў вядомы дзеяч ППС І.Дашыньскі. Н.Дэвіс ахарактарыза ваў гэты ўрад як «урад народа» (163). Улічваючы тыя сацыяльна -эканамічныя пераўтварэнні, якія гэты ўрад праводзіў у Польшчы пасля заканчэння вайны, з ацэнкай Н.Дэвіса можна пагадзіцца. Не буржуазія і памешчыкі, а сяляне і рабочыя Польшчы, якія ўтваралі аснову польскай нацыі, абаранілі незалежнасць краіны.

Даследчык прааналізаваў ход асноўных ваенных аперацый 1919—1920 г. Вынікі ваенных аперацый вызначала хуткасць і манеўранасць войскаў, што прынцыпова адрознівала гэтую вайну ад першай сусветнай. Н.Дэвіс прыйшоў да высновы, што галоўную ролю ў паразе Тухачэўскага пад Варшавай выканала не празмерная хуткасць руху яго армій з усімі наступствамі, а тое, што ён ўсё ж такі не здолеў апярэдзіць праціўніка. Ю.Пілсудскі паспеў правесці перагрупаванне войскаў і нанёс моцныя контрудары па флангах Чырвонай арміі.

Англійскі гісторык звярнуў увагу на дзейнасць створанага ў Маскве т. зв. «Польревкома» на чале з Ю.Мархлеўскім і «ревкомов», якія ствараліся на занятай польскай тэрыторыі. Спробы бальшавікоў праводзіць у Польшчы «сацыялістычныя» пераўтварэнні (між іншым, кіраўнікі «ревкомов» лічылі, што дзяржаўнымі мовамі рэвалюцыйнай Польшчы павінны быць расійская мова і ідыш) таксама спрыялі кансалідацыі польскай нацыі (152—160).

Н.Дэвіс падкрэсліў велізарную ролю Ю.Пілсудскага ў перамозе пад Варшавай, якая, на яго думку, свядома прыніжалася. Менавіта імкненнем прынізіць ролю Ю.Пілсудскага даследчык тлумачыць з’яўленне ў міжваеннай гістарыяграфіі паняцця «цуд на Вісле». І сапраўды, упершыню гэты выраз з’явіўся на старонках друку нацыянальных дэмакратаў. Яго адразу падхапілі брытанскія і французскія газеты. Перамогу палякаў выкарысталі кіраўнікі ўрадаў Вялікабрытаніі і Францыі дзеля ўмацавання сваіх пазіцый: «Лойд Джордж не выратаваў Польшчы ў 1920 г., гэта Польшча выратавала Лойд Джорджа»(228).

Панарама мірных перамоваў паміж Савецкай Расіяй і Польшчай, якія з перапынкамі цягнуліся ад пачатку 1919 г. і да канца вайны, аналіз ходу і вынікаў перамоваў у Рызе знішчаюць яшчэ адзін міф савецкай гістарыяграфіі. Галоўныя прычыны падзелу Беларусі хаваліся не столькі ў імкненні польскіх палітыкаў захапіць як найболей беларускай зямлі, колькі ў палітыцы ўрада Савецкай Расіі. Спроба экспарту рэвалюцыі, фактычна, развязала вайну. Няўдача гэтай спробы прымусіла бальшавікоў дзеля захавання ўлады ў Расіі пайсці на адкрыты гандаль беларускай зямлёй. У пэўны момант перамоваў у Рызе кіраўнік савецкай дэлегацыі А.Іофе адпаведна з дырэктывай У.Леніна аддаваў палякам тэрыторыю Беларусі да лініі Дрыса — Бердзічаў (261)[4] .

Польская дэлегацыя ўзяла менш, чым магла толькі таму, што ў ёй дамінавалі прыхільнікі палітыкі «інкарпарацыі». Колькасць далучанай беларускай зямлі яны прыстасоўвалі да асіміляцыйных магчымасцяў польскай дзяржавы.

Н.Дэвіс лічыць, што аб’ектыўны аналіз вынікаў вайны не дазваляе сцвярджаць, што перамогу атрымаў той або іншы бок: «Бальшавікі не прарвалі варожай блакады, не развязалі рэвалюцыі ў Еўропе, не абаранілі Літбел ССР. Палякі не стварылі ні федэрацыі з Крэсамі, ні польскай дзяржавы „ад мора да мора”. Вынікам польска-бальшавіцкай вайны быў не кампраміс, а тупік» (267). Нельга не заўважыць, што гэтыя высновы пярэчаць аўтарскаму тлумачэнню прычынаў вайны. Калі галоўнай прычынай было імкненне бальшавікоў ператварыць Польшчу ў «чырвоны мост» для экспарту рэвалюцыі далей у Еўропу, то вайна закончылася перамогай Польшчы. Яна абараніла сваю незалежнасць. Што датычыць польскіх геапалітычных памкненняў, то, здаецца, ніхто з палітыкаў Польшчы сур’ёзна не разглядаў планаў стварэння нацыянальнай дзяржавы «ад мора да мора».

Асобна трэба адзначыць той спосаб аповеду, які з поспехам выкарыстоўвае Н.Дэвіс. Гісторык раскрыў глабальную карціну гістарычнай падзеі (рух армій, дыпламатычная барацьба на міжнародных канферэнцыях і г.д.) і ў той самы час засяродзіў увагу на людзях, дзеянні якіх і прывялі ўрэшце да складвання гэтай глабальнай карціны. Даследчык быццам папераменна ўжываў то тэлескоп, то мікраскоп. Гэтае сумяшчэнне дазволіла яму глыбока адчуць, зразумець і данесці да чытача гісторыю вайны. Таленавіта напісаныя партрэты Ю.Пілсудскага, С.Пятлюры, М.Тухачэўскага, Ф.Дзяржынскага і іншых напаўняюць кнігу жыццём. Гэтаму паспрыяла і выкарыстанне аўтарам апавяданняў І.Бабеля. Апошнія ў руках навукоўца ператварыліся ў цікавую гістарычную крыніцу.

Аднак у беларускага чытача не могуць не ўзнікнуць крытычныя заўвагі. У першую чаргу, яны датычаць самой канцэпцыі вайны. Беларусь (разам з Украінай) была галоўнай арэнай ваенных дзеянняў і адной з галоўных яе ахвяраў. Але ў кнізе Н.Дэвіса Беларусі проста няма. Яна не існуе ні як аб’ект гістарычнага даследавання, ні як суб’ект гістарычнага працэсу. Як ужо адзначалася, англійскі даследчык шырока ўжывае тэрмін «крэсы».

Між тым тэзіс пра палітычную пустку, якая ўтварылася на землях гістарычнай Літвы пасля эвакуацыі нямецкага войска (23), не выглядае абгрунтаваным. Аўтар праігнараваў існаванне БНР як пэўнага выразніка палітычнай волі беларусаў, якую, дарэчы, ні савецкі ўрад, ні ўрад Польшчы не збіраліся ўлічваць. У выніку аўтар не здолеў паказаць поўную карціну палітычнага жыцця ў Беларусі.

Перадгісторыя вайны патрабавала ад даследчыка аддаць пэўную ўвагу палітычным наступствам дзеянняў на Беларусі польскага корпуса генерала Ю.Доўбар-Мусніцкага (восень 1917 — вясна 1918 г.). Гэты корпус пакінуў страшную памяць сярод беларусаў. Нават некаторыя польскія даследчыкі міжваеннага часу характарызавалі яго дзеянні ў дачыненні да мясцовага насельніцтва як «ганьбу польскай гісторыі»[5]. Масавыя рэквізіцыі, карныя акцыі, здзек і глумленне выклікалі пратэсты і абурэнне беларусаў. Многія беларускія палітыкі ўспрынялі дзеянні войскаў Доўбар-Мусніцкага як праяву імкнення польскага кіраўніцтва захапіць беларускія землі.

Безумоўна, большай увагі патрабуе лёс беларускага і ўкраінскага насельніцтва, якое стала закладнікам палітычных і геапалітычных амбіцый ваяваўшых бакоў. На жаль, у кнізе не згадваецца тая антыбеларуская палітыка польскага ваеннага кіраўніцтва (смяротныя пакаранні за беларускасць, якую атаясамлівалі з бальшавізмам, раззбраенне беларускіх атрадаў, ліквідацыя беларускіх школ, інтэрнаванне палітыкаў і г.д.), якая выклікала шматлікія акцыі народнага супраціўлення (у т.л. і ўзброенага) польскім уладам. (Гл., напр.: Луцкевіч А. Польская акупацыя ў Беларусі. Вільня, 1920). Нічога не гаворыцца і пра рабаванне Беларусі часткамі Чырвонай арміі, пра фактычна прымусовую мабілізацыю мужчынскага насельніцтва ў войска бальшавікоў. А між тым усё гэта прымусіла частку беларусаў стаць на шлях узброенага супраціўлення «вызваліцелям» з Усходу. (Гл, напр., Маль К. Вайна 1920 г. і Беларусь: вызваленне ці акупацыя? //Беларускі гістарычны агляд. Т.4, сш.1—2. Снежань 1997).

Ацэнка вынікаў вайны таксама падаецца без уліку інтарэсаў Беларусі. А між тым, Рыжскі мір стаўся трагедыяй беларускай зямлі і беларускага руху, якая моцна паўплывала на ўсю гісторыю Беларусі ў ХХ ст.

Прычынамі ігнаравання Беларусі ў кнізе Н.Дэвіса, магчыма, быў стан развіцця беларускай нацыянальнай гістарыяграфіі, адсутнасць апублікаваных беларускіх крыніц і, нарэшце, адсутнасць беларускай дзяржавы на карце Еўропы. Але ў канцы стагоддзя сітуацыя змянілася. І сёння ігнараван не «беларускага фактару» ў гісторыі польска-бальшавіцкай вайны дазваляе казаць пра пэўную састарэласць канцэпцыі Н.Дэвіса. Зрэшты, было б несправядліва вінаваціць у гэтым англійскага гісторыка. На жаль, беларуская нацыянальная гістарыяграфія да гэтага часу не здолела стварыць уласнага даследавання гісторыі вайны. Наогул, па ўзроўні асэнсавання многіх праблемаў сваёй гісторыі ХХ ст. мы недалёка адыйшлі ад 60—70-х г. І наўрад ці да бальшыні беларускіх даследчыкаў можна аднесці аўтарскае прысвячэнне, зробленае ў прадмове да польскага выдання. Норман Дэвіс прысвяціў сваю кнігу памяці тых гісторыкаў, якія ўласным жыццём даказалі, што падтрыманне полымя гістарычнай праўды з’яўляецца самым высакародным прызваннем вучонага.

Алесь Смалянчук
Горадня


[1] Раздзел «Беларусь во время советско–польской войны 1919—1920 г.» у апошнім выданні патрабуе асобнай заўвагі. Аўтары «Истории Беларуси» паспрабавалі ў гэтым раздзеле аднавіць ідэалагічную канцэпцыю 30—50–х г. Нават Рыжскі мір атрымаў у цэлым станоўчую ацэнку І.Коўкеля і Э.Ярмусіка, бо быў выратавальным для бальшавіцкіх уладаў. У пэўны момант знаёмства з тэкстам нараджаецца пачуццё, што яго аўтары — не гісторыкі, а чырвонаармейцы адной з армій Тухачэўскага, якія пішуць «гісторыю» ў перапынках паміж баямі з «белапольскімі акупантамі» і іх «беларускімі пасобнікамі».
[2] Для параўнання П.Селіванаў і Н.Каменская ва ўжо згаданым выданні свае матэрыялы грунтавалі толькі на дакументах савецкіх архіваў, артыкулах У.Леніна, матэрыялах бальшавіцкага друку пачатку 20–х г. і працах савецкіх гісторыкаў.
[3] Н.Дэвіс шырока выкарыстоўвае тэрмін, прыняты польскай публіцыстыкай і гістарыяграфіяй.
[4] Гэтая інфармацыя пацвярджаецца працамі польскіх гісторыкаў. Гл.,напр., Pobog–Malinowski W. Najnowsza historia polityczna Polski. T.2, 1914––1939. Londyn,1967, і інш.
[5] Lipiński N. Walka zbrojna o niepodleglość Polski.1905–1918. Warszawa, 1931. S.254.

Наверх

Галоўная » Запісы па тэме 'XX стагоддзе'