Новы нумар


Томас М. Бон. Савецкая сістэма „закрытых гарадоў”. Прапіска і недахоп жылля як паказчыкі сацыяльнай няроўнасці


* Арыгінальная версія: Thomas M. Bohn. „Das sowjetische System der „geschlossenen Städte”. Meldewesen und Wohnungsmangel als Indikatóren sozialer Ungleichheit” // F. Lenger, K. Tenfelde (Hg.). Die europäische Stadt im 20. Jahrhundert. Wahrnehmung — Entwicklung — Erosion. Köln / Weimar / Wien, 2006 (Industrielle Welt 67). S. 373–385.

ХХ з’езд КПСС, які адбыўся ў 1956 г., прыцягнуў увагу сусветнай грамадскасці сакрэтным дакладам Хрушчова „Пра культ асобы і яго наступствы”. Хрушчоў адчыніў дзверы культурна-палітычнай „адлізе”; заслугай яго стала тое, што ён увайшоў у гісторыю як папярэднік галоснасці і перабудовы. На самой справе „дэсталінізацыя па-хрушчоўску” была скіраваная не толькі на рэстаўрацыю ленінізму, але і на стабілізацыю тагачаснага рэжыму[1]. Важнай перадумовай для гэтага было ўтаймаванне савецкага „алювіяльнага грамадства” (quicksand society), як называў яго Машэ Левін[2]. У гэтым дачыненні Хрушчоў у сваім прачытаным ад імя Цэнтральнага Камітэта КПСС справаздачным дакладзе адзначаў: „Пытанне паляпшэння жыллёвых умоў у такіх найбуйнейшых гарадах, як, напрыклад, Масква, Ленінград, Кіеў і іншыя, у высокай ступені звязана з прыростам насельніцтва за кошт тых, што прыязджаюць з іншых раёнаў краіны”. І пад апладысменты дэлегатаў партз’езда працягваў: „У сувязі з гэтым неабходна спыніць практыку прыцягвання рабочай сілы ў гарады з іншых мясцовасцяў, а патрэбу буйных гарадоў у рабочай сіле задавальняць за кошт насельніцтва саміх гарадоў”[3]. Тым самым Хрушчоў закрануў адну з галоўных праблем сацыялістычнага шляху ў сучаснасць: індустрыялізацыя і ўрбанізацыя павінны былі ажыццявіцца ў Савецкім Саюзе ўсяго за некалькі дзесяцігоддзяў. У далейшым выявіліся разнастайныя цяжкасці з забеспячэннем, пераадоленне якіх павінна было стаць паказчыкам дзеяздольнасці дзяржавы. Урэшце з прычыны „суровасці гарадоў” (Аляксандр Мічэрліх), якая мела прамое дачыненне да ўцёкаў з вёскі і недахопу жылля і назіралася ў Савецкім Саюзе асабліва пасля Другой сусветнай вайны, ставіліся пад сумненне стабільнасць сацыяльнага будаўніцтва і эфектыўнасць планавай эканомікі.

Пры такой перадумове даследаванні ў такіх сферах, як гісторыя горада і ўрбанізацыя, павінны — у дачыненні да Савецкага Саюза — канцэнтравацца на трох ключавых тэмах: узорны вобраз „сацыялістычнага горада”, сістэма „закрытых гарадоў” і катэгорыя „сацыяльнага расслаення, абумоўленага месцам жыхарства”. Ніжэй спачатку будуць удакладняцца паняцці, а потым у параўнальнай перспектыве будзе пастаўлена пытанне сацыяльных няроўнасцяў у сталіцы дзяржавы Маскве і сталіцы саюзнай рэспублікі Мінску. Масква дала мадэль, якая стала абавязковай для ўсіх савецкіх гарадоў. Адпаведнасці і адхіленні, якія назіраюцца ў беларускага аб’екта параўнання, пераканальна асвятляюць сацыяльную рэчаіснасць у Савецкім Саюзе ўвогуле. У прынцыпе ў прапанаваным матэрыяле — пра гэта хацелася б нагадаць спачатку — канцэптуальным праблемам аддаецца перавага перад эмпірыкай.

1. Узорны вобраз „сацыялістычнага горада”

Хоць у Савецкім Саюзе планаванне гарадоў і ўрбанізацыя знаходзіліся ў непасрэднай сувязі з індустрыялізацыяй, якую фарсіравана ажыццяўляла дзяржава, само слова „ўрбанізацыя” аж да Другой сусветнай вайны лічылася заганным, словам, якое можа ўжывацца толькі ў дачыненні да „капіталістычнага горада”[4]. Таму ў савецкіх даследаваннях існавалі дзве характарыстыкі „савецкага горада”. Па-першае, „антаганізм паміж горадам і вёскай”, які лічыўся паказальным для феадалізму і капіталізму, неабходна было пераадолець абмежаваннем росту гарадоў і механізацыяй вёскі. Па-другое, лозунг „Сацыяльная гігіена за кошт разрэджвання забудовы” імпліцыяваў адыход ад кардынальнага для старых еўрапейскіх гарадоў прынцыпу „Урбанная атмасфера за кошт шчыльнасці”[5].

Гістарычны характар выраз „сацыялістычны горад” набыў у дзвюх розных галінах: першы комплекс тычыцца дыскусіі паміж „урбаністамі” і „дэзурбаністамі” ў Савецкім Саюзе напрыканцы 20-х — пачатку 30-х г. Прадметам дыскусіі быў распад сям’і і ажыццяўленне калектыўных формаў жыцця праз стварэнне дамоў-камун і рабочых клубаў[6]. Другі комплекс мае непасрэднае дачыненне да выпрацаванага пасля 1945 г. ва Усходняй Еўропе адзінага вобраза горада, устойлівы выгляд якога ствараецца наяўнасцю прадстаўнічага цэнтра і манатонных мікрараёнаў[7].

Нараджэнне горада савецкага кшталту ў аспекце гісторыі архітэктуры можна паказаць у выглядзе наступных крокаў. А) Зародкавую клетку ўтварае „сацыялістычны горад”. Яго заснаваная на канструктывізме канцэпцыя абапіраецца на дзелавітасць і рацыянальнасць. Яе мэта — стварэнне „новага чалавека”. Б) Як эмбрыён паўстае „горад сталінскага часу”, горад „сацыялістычнага рэалізму”. Натхнёны класіцызмам, ён выклікае сімпатыю сваёй сіметрычнасцю і манументальнасцю. Яго сімвалічны змест сведчыць пра падпарадкаванне індывіда вешчаванням уладаў. В) Пад канец з’яўляецца своеасаблівая крэатура „камуністычнага горада”. Новы функцыяналізм дыктуе рух і рытм. Тэхнічны прагрэс служыць векселем шчаслівай будучыні. Пускаецца пыл у вочы наконт роўнасці і гамагенізацыі грамадства[8].

У выніку ў аспекце тыпалогіі горада для разгляданага феномена неабходна мець на ўвазе наступныя характарыстыкі: а) арганізацыя зямельнага фонду без уліку адносін уласнасці; б) структурызацыя прасторы за кошт просталінейных магістральных вуліц і высотных дамоў, што вылучаюцца на агульным фоне; в) стварэнне манументальных адміністрацыйных і ўрадавых кварталаў; г) закладка грамадскіх плошчаў цырыманіяльнага характару; д) адкрыццё паркаў культуры і адпачынку з сацыялістычнымі помнікамі; е) будаўніцтва жылых раёнаў з ідэнтычных аб’ектаў; ё) сегрэгацыя, якая вынікае са стасункаў „патранат — кліентура” ў сферы размеркавання жылля; ж) адсутнасць субурбанізацыі і агламерацыі[9].

З таго факта, што „сацыялістычны горад” адпаведна вызначэнню ўяўляе сабою антыпод „капіталістычнага горада”, можна зрабіць дзве высновы: 1. „Сацыялістычны горад” з’яўляецца тады, калі індустрыялізацыя праходзіць пад знакам адзяржаўлівання рэсурсаў і ўстаноў. Яе нельга лакалізаваць у фенатыпічным аспекце ў планавых гарадах НДР (Сталінштадт / Айзенхютэнштадт), Польшчы (Нова Гута) ці Венгрыі (Сталінвараш / Дунайвараш), а неабходна даследаваць у гістарычнай перспектыве як феномен мадэрнізацыі „наўздагон” ва Усходняй і Паўднёва-Усходняй Еўропе. 2. „Сацыялістычны горад” вызначаецца тым, што ён не дае грамадзянам пачуцця роднага дому і, як вынік, не дае магчымасці цывільнаму грамадству праявіць сябе. Яго крах ва Усходняй Еўропе тлумачыцца тым, што яму не хапала кваліфікаваных рабочых і ён не мог супрацьстаяць націску сялянскіх мас.

2. Сістэма „закрытых гарадоў”

Для рэгулявання ўнутранай міграцыі палітычнае кіраўніцтва ў Савецкім Саюзе мела два механізмы: практыкаванне сістэмы прапіскі (а) і дэцэнтралізацыя месцаў размяшчэння прамысловых аб’ектаў (б).

а) Увядзенне дзяржаўных пашпартоў у гарадах і прыгранічных мясцовасцях Савецкага Саюза ў канцы 1932 — пачатку 1933 г. мела непасрэднае дачыненне да пераследу кулакоў. Мэтай увядзення штэмпеля з прапіскай з 1933 г. была ўсёахопная рэгістрацыя насельніцтва і замацаванне яго за месцам жыхарства. На практыцы ж гэта абмяжоўвала ўцёкі з вёскі, але не спыняла іх. Як эфектыўны інструмент абмежавання росту гарадоў т. зв. пашпартны рэжым пачаў дзейнічаць толькі пасля смерці Сталіна. Дзякуючы Указу ад 31 кастрычніка 1953 г. дазвол на пражыванне ў буйных гарадах для навасёлаў ставіўся ў залежнасць ад пацверджання наяўнасці жылой плошчы, якая адпавядае санітарнай норме. Санітарная норма ў жылых дамах складала 9 м кв. на чалавека, у студэнцкіх інтэрнатах 6 м кв., а ў інтэрнатах для рабочых — 4,5 м кв. [10]. З улікам таго факта, што індывідуальная жылая плошча на чалавека, у якую не ўваходзілі кухня, ванны пакой і калідоры, складала ў 1950-я г. у сярэднім 4–5 м кв., а санітарная норма 9 м кв. на чалавека была забяспечана ў сярэднім па Саюзе толькі пад канец 1980-х г., права свабоднага перасялення ў заходнім разуменні слова рэалізавацца не магло[11].

б) Каб належным чынам адрэагаваць на прыцягальную сі лу гарадоў-агламератаў, дзяржава пасля абвяшчэння ў 1929 г. фарсіраванай індустрыялізацыі паслядоўна забараніла пабудову новых і пашырэнне тагачасных заводаў і фабрык — у Маскве і Ленінградзе (Санкт- Пецярбургу) яшчэ ў 1932 г., у Кіеве, Харкаве, Растове-на-Доне, Горкім (Ніжнім Ноўгарадзе) і Свярдлоўску (Екацярынбургу) — у 1939 г. Патрэба ў новых захадах узнікла пасля Другой сусветнай вайны, калі насельніцтву СССР пры Хрушчове вярнулі ліквідаванае ў 1940 г. права звальняцца з працы і неабходна было прымаць меры для рацыянальнага размеркавання рабочай сілы. У выніку ў 1956 г. адпаведна рашэнню XX з’езда яшчэ на 64 гарады быў распаўсюджаны абавязак стрымліваць свае вытворчыя магчымасці ў межах[12]. З гэтага вынікаў пастаянны латэнтны канфлікт паміж цэнтрам і перыферыяй, з аднаго боку, і паміж гарадскімі саветамі і кіраўніцтвам прадпрыемстваў, з другога.

Спалучэнне абодвух фактараў — увядзення паш-партнага рэжыму і падтрымання індустрыяльнага статуса кво — абумоўлівала ў хрушчоўскую эру сістэму „закрытых гарадоў”. Яна ахоплівала фактычна ўсе гарады з насельніцтвам больш як 200 000 чалавек, і яе трэба адрозніваць ад сістэмы сакрэтных, ці замкнёных, гарадоў ваенна-прамысловага комплексу і атамных даследаванняў. Гэтая сістэма прывяла за таго, што калгаснікі былі асуджаныя на „другое прыгонніцтва”. Да 1974 г. ім не выдаваліся пашпарты. Яны не маглі мяняць месца працы без дазволу старшыні калгаса і таму de jure былі прывязаныя да свайго кавалка зямлі[13].

Тым не менш, у другой палове ХХ ст. Савецкі Саюз перажываў фазу бурнай урбанізацыі, якая суправаджалася моцным ростам насельніцтва. Шлюзамі ў гарады былі, з аднаго боку, універсітэты і спецыяльныя вышэйшыя навучальныя ўстановы, а з другога — спецкантынгенты рабочай сілы, запатрабаваныя прадпрыемствамі, асабліва для будаўнічага сектара. Агульная колькасць насельніцтва павялічылася з 178,5 млн. у 1950 г. да 290,1 млн. у 1991 г. У той час, калі гарад-ское насельніцтва, для якога характэрна нізкая нараджальнасць, за гэты перыяд амаль патроілася (у 1950 г. — 69 млн., у 1991 — 191,7 млн.), колькасць сельскага насельніцтва з больш высокім узроўнем нараджальнасці, па сутнасці, заставалася канстантнай (у 1950 г. — 109,1 млн., у 1991 — 98,4 млн.). На гэтым фоне ўзнікае пытанне: ахапіла ўрбанізацыя ў Савецкім Саюзе грамадства ў цэлым ці, наадварот, насуперак усім механізмам кантролю de facto надышло хутчэй „асяляньванне” гарадоў[14]?

3. „Сацыяльнае расслаенне, абумоўленае месцам жыхарства”

Пастулат бяскласавага грамадства не дапускаў у Савецкім Саюзе публічнага дыскурсу пра сацыяльную няроўнасць. Паводле марксісцка-ленінскай тэрміналогіі грамадства складалася з двух саюзных „класаў” — рабочых і сялян — і роднаснай ім „праслойкі” — інтэлігенцыі. На самай справе пасля Другой сусветнай вайны ў насельніцтва выявіліся градуальныя адрозненні ў межах заснаванага на падзеле працы індустрыяльнага грамадства, якое дыферэнцыюецца ў залежнасці ад функцыі і выніковасці работы[15].

З гістарычнага пункту гледжання Савецкі Саюз у 1920-я і 1930-я г. прайшоў рэвалюцыйную фазу, звязаную з пераломамі і зменай стратыфікацыі. Пасля Другой сусветнай вайны грамадскае развіццё перайшло ў стацыянарную фазу, у якой кансалідуюцца наноў сфармаваныя іерархіі. Спачатку адзяржаўліванне прамысловасці і калектывізацыя сельскай гаспадаркі прыводзілі да нівелявання грамадства. Потым на працягу фарсіраванай індустрыялізацыі і бурнай урбанізацыі сяляне, якія кінуліся ў гарады, станавіліся пралетарыямі, а спецыялісты займалі кіраўнічыя пасады, падымаючыся па іерархічнай лесвіцы. Нарэшце ў гады Вялікага тэ ро ру адбылася змена партыйнай эліты. Пасля Другой сусветнай вайны сацыяльныя змены прадоўжыліся ў сувязі з працягам міграцыі, з аднаго боку, і пачаткам ператварэння калгасаў у саўгасы, з другога, аж да 1960-х г. Праўда, большая частка насельніцтва рэагавала на ўзмацненне сацыяльнай замкнутасці партыйнага апарату ў хрушчоўскую эру „адыходам у прыватную сферу”. У параўнанні з галечай сталінскага часу людзі ўпершыню выйгралі ад „спажывецкай рэвалюцыі”. Кансэнсус, дасягнуты паміж партыяй і насельніцтвам, грунтаваўся на забеспячэнні сталых рабочых месцаў і на гарантыі стабільных цэн. У індывідуальным выпадку ўзровень жыцця вымяраўся спажываннем прадуктаў харчавання і забяспечанасці жыллём[16].

У далейшым савецкія сацыёлагі ўзбагацілі сталінскую схему „два плюс адзін” у тэрміналагічным сэнсе двума новымі падыходамі. Па-першае, яны адрознівалі сярод інтэлігенцыі „спецыялістаў” і „службоўцаў”. Па-другое, яны ўжывалі паняцце „сацыяльная структура”. Спасылаючыся на ленінскае азначэнне класаў, яны карысталіся катэгорыямі „дзяржаўная ўласнасць ці калектыўная ўласнасць”, „горад ці вёска” і „разумовая праца ці фізічная праца”. У аснове іх аналізу сацыяльнай структуры знаходзілася „якасць працы”, і яны праводзілі розніцу паміж класамі як галоўнымі элементамі і слаямі як субэлементамі. У якасці крытэрыяў прыцягваліся прафесія, адукацыйны ўзровень і даход. Але гнасеалагічны інтарэс савецкай сацыялогіі заўсёды скіроўваўся на „збліжэнне” ўсіх сацыяльных груп[17].

Тым не менш, пытанне пра кіраўнікоў і падначаленых, бедных і багатых ставілася толькі крытыкамі сістэмы. Варта нагадаць пра распачатую ў канцы 50-х г. Мілаванам Джыласам і працягнутую ў 70-я і 80-я г. Дзьердзем Конрадам і Івонам Селеньі, а таксама Міхаілам Васленскім дыскусію пра „новы клас”[18]. У заходніх даследаваннях у гэтай сувязі адзначалі, што савецкі рэжым нарадзіў не толькі сацыяльную няроўнасць, але і арыентаванае на статус грамадства. У адпаведнасці з гэтым улічвалася сацыяльная стратыфікацыя па восях „доступ да прывілеяў” і „размеркаванне рэсурсаў”. Недахоп гэтага падыходу — ён занадта факусуецца на эліце, у той час як сацыяльнаму становішчу і асяродку аддаецца занадта мала ўвагі[19].

Больш перспектыўную альтэрнатыву стварае распрацаваная эмігрантам Віктарам Заслаўскім у эсэ 1981 г., але яшчэ не выкарыстаная савецкімі даследчыкамі мадэль „тэрытарыяльнага расслаення”. Адносна даходу, асартыменту тавараў, адукацыйных устаноў, сістэмы аховы здароўя і магчымасцяў арганізацыі вольнага часу ў Савецкім Саюзе існавала адпаведнае зніжэнне па лініі „сталіцы і іншыя буйныя гарады — гарады сярэдняй велічыні” і „невялікія гарады — вёска”[20]. Сегрэгацыя ўнутры адпаведнага населенага пункта вынікала непасрэдна з недахопу жылля. У якасці вызначальных фактараў можна ўлічваць якасць і месцазнаходжанне жылля (напр., цэнтр ці ўскраіна і г. д.) і яго характар (напр., інтэрнат, камунальная ці асобная кватэра і г. д.)[21].

Дыферэнцыяцыя жыллёвых умоў адлюстроўваецца ў будаўнічых якасцях дамоў. Інфармацыю даюць неапублікаваныя вынікі Усесаюзнай інвентарызацыі жыллёвага фонду, што праводзілася ў 1960 г., а таксама часткова апублікаваныя вынікі перапісу насельніцтва 1989 г. Сапраўды, матэрыял сцен — гэта просты, але эфектыўны паказчык адрознення. Ён характарызуе не толькі прыватны драўляны дом ці дзяржаўны шматкватэрны, але і градацыю ад прымітыўнага падворка да камфартабельнай кватэры ў новабудоўлі. Да таго ж гэта і паказальнік сегрэгацыі гарадскога грамадства па прасторы. Простае правіла: „дрэва” азначае збудаваны на гарадскіх пустках сялянскі дом, „цэгла” — сталінскі жылы палац у цэнтры або прыгожы рабочы пасёлак на ўскраіне, „бетонны блок” — занядбаны пяціпавярховы будынак з пляскатым дахам („хрушчоба”) у мікрараёне хрушчоўскай эры, а „панэльная пабудова” — высотны дом у змрочным мікрараёне брэжнеўскага часу[22].

4. Развіццё Масквы і Мінска ў параўнанні

Параўнанне паміж Масквой і Мінскам можна правесці тут толькі ў выглядзе грубага эскіза і на прыкладзе некалькіх выбраных паказчыкаў. У практычных адносінах цяжкасць заключаецца ў тым, што з прычыны савецкай маніі засакрэчвання апублікаваную інфармацыю пра прыток насельніцтва ў гарады і пра сітуацыю ў жыллёвым сектары можна знайсці ў большай ці меншай ступені толькі з часу перабудовы. У прынцыпе нягледзячы на ўсе адрозненні можна, без сумнення, канстатаваць, што развіццё абодвух гарадоў адбывалася ў выглядзе зрушанага па фазе працэсу. Іншымі словамі: тыя з’явы, якія характарызавалі Маскву 30-х г., паўтарыліся ў Мінску 60-х.

Масква ўжо напрыканцы царскай імперыі была горадам з мільённым насельніцтвам. Асаблівасць заключалася ў тым, што яна мела характар цэнтра агламерацыі. Аб’екты прамыслова-рамесніцкай эканомікі і фабрыкі ствараліся не толькі ў цэнтральнай частцы горада, але і, нават найперш, у прамысловым поясе. Пры савецкай уладзе Масква адабрала першынство па эканамічным патэнцыяле і колькасці насельніцтва ў ранейшай сталіцы, Санкт-Пецярбурга. У 30-я г. горад вызначаўся не толькі як месца знаходжання савецкай эліты (наменклатуры), але і як „сялянскі мегаполіс”. З часу Другой сусветнай вайны і да распаду Савецкага Саюза насельніцтва Масквы павялічылася з 4 да 9 млн. Сталічны эфект магніта грунтаваўся пры гэтым не толькі на прамысловасці, але і на функцыі Масквы як цэнтра навукі. Калі колькасць занятых у прамысловасці з 1947 да 1987 г. паменшылася з 43,7 % да 24,6 %, то ў навуковай сферы яна павялічылася за той самы час з 4,8 % да 19,5 %[23].

Мінск знаходзіўся ў занядбаным як царскай імперыяй, так і савецкай уладай — да Другой сусветнай вайны — прыгранічным рэгіёне. У канцы ХІХ — пачатку ХХ ст. больш за палову насельніцтва — агульным лікам 100 000 чалавек — складалі яўрэі. На tabula rasa, што засталася ад Другой сусветнай вайны, быў створаны „сацыялістычны” горад, у якім з’явіліся ключавыя прадпрыемствы савецкай прамысловасці — такія, як трактарны і аўтамабільны заводы. У далейшым колькасць насельніцтва павялічылася з 274 000 у 1950 г. да 1,6 млн у 1990-м. Дасягнуты ў 60-я гадавы тэмп росту 5,5% не здолеў дасягнуць ні адзін з іншых параўнальных савецкіх буйных гарадоў. Гэты паказчык амаль на 70% быў вынікам уцёкаў з вёскі[24].

У той час як у Маскве пасля Другой сусветнай вайны індывідуальнае жыллёвае будаўніцтва не выконвала амаль ніякай ролі, у Мінску яно да 1960 г. павінна было кампенсаваць недахопы дзяржаўнага жыллёвага будаўніцтва. Калі ў Мінску ў канцы 40-х г. прыватныя дамы складалі больш за чвэрць гарадской жыллёвай гаспадаркі, то ў Маскве толькі 2,5%. Улічваючы той факт, што пабудовы гэтыя ўяўлялі сабою зусім не асабнякі ў заходнім сэнсе слова, а прымітыўныя вясковыя хаты, можна сцвярджаць, што ў беларускую сталіцу былі перасаджаны звычайныя вёскі[25].

Пры такой перадумове не здзіўляе, што камуністычны „ўзорны горад” Масква і сацыялістычны „ўзорны горад” Мінск у аспекце галоўнай задачы савецкага планавання гарадоў моцна адрозніваліся паміж сабою — адносна камфорту і інфраструктуры. Калі ў Мінску на пачатак 60-х г. вадаправод мелі толькі 38,4% кватэр, а цэнтральнае ацяпленне 23,5%, то ў Маскве адпаведныя паказчыкі складалі ўжо 96% і 71%[26].

З прычыны проста неабмежаванай патрэбы прадпрыемстваў у рабочай сіле гарадскія саветы былі вымушаны скарачаць абмежаванне росту насельніцтва і дапускаць паслабленне рэжыму прапіскі. Асабліва яскравы выпадак уяўляюць сабою так званыя лімітчыкі, работнікі па кантынгенту. Гэта рабочыя з іншых мясцовасцяў, якія запатрабаваны прадпрыемствамі ў лімітаванай колькасці; яны атрымліваюць у горадзе часовую прапіску. Лімітчыкі стваралі субпралетарыят, які цалкам залежаў ад пры хільнага стаўлення кіраўніка адпаведнага прадпрыемства і мусіў згаджацца на катастрафічныя жыллёвыя ўмовы. Гэтая з’ява мела масавы характар. У 1968 г. у Мінск прыехала 20 000 рабочых па кантынгенту. Адносна Масквы на час з 1971 да 1986 г. называецца лічба 700 000[27]. У такіх умовах у абодвух гарадах кварталы, забудаваныя драўлянымі дамамі, ператвараліся, нягледзячы на нібыта татальны кантроль з боку савецкай улады, у месцы пражывання на мяжы легальнасці. Фактычна права здаваць жыллё ў субарэнду прыводзіла да росквіту ценявой эканомікі ў сферы афіцыйна не існуючага рынку жылля.

5. Рэзюмэ

Спецыфіка сацыялістычнага шляху ў сучаснасць заключалася ў тым, што фарсіраваная індустрыялізацыя абумовіла невядомую ў царскай Расіі канцэнтрацыю эканамічнага патэнцыялу ў гарадах, а часам, калі ўзнікалі новыя прамысловыя цэнтры, ператварэнне пасёлкаў у прыдаткі прадпрыемстваў. Не выпадкова выраз „вялікая будаўнічая пляцоўка” ўжываўся ў прапагандзе як метафара пабудовы камунізму. Гэткім чынам на практыцы па-рознаму ігнаравалася ідэалагічнае патрабаванне супрацьдзейнічаць дамінаванню гарадоў і сціраць межы паміж горадам і вёскай. Нівеляванне зусім іншага кшталту забяспечвалася прынамсі савецкім „алювіяльным грамадствам”. У выніку дзвюх хваляў міграцыі — у 30-я і 60-я г. — гарады „асяляніліся”. З прычыны жыллёвага крызісу, які абвастрыўся ў многіх гарадах у 40-я і 50-я г. у выніку Другой сусветнай вайны, у якасці пераважных формаў гарадскога жыцця выпрацоўвалася культура баракаў і камуналак. І толькі масавае жыллёвае будаўніцтва, пачатае пры Хрушчове, дало шырокім слаям насельніцтва магчымасць забяспечыць прыватную сферу. Паколькі цывілізацыйны перапад паміж горадам і вёскай да 60-х г. значна ўзмацніўся, у выніку сыходу маладога пакалення сельская мясцовасць апынулася пад пагрозай дэмаграфічнага „вымывання”. А з іншага боку назіралася ўшчыльненне насельніцтва вялікіх гарадоў. Нягледзячы на сістэму прапіскі, націск на гарады, выкліканы ўцёкамі з вёскі, быў такі моцны, што лічбы межаў росту, закладзеныя ў генеральных планах, дасягаліся часта ўжо за палову прадугледжанага часу. Таму цэнтральная сацыяльная праблема Савецкага Саюза — жыллёвая — да канца заставалася нявырашанай. Насуперак абяцанням праграмы партыі 1961 г. менавіта маладыя сем’і забяспечваліся жыллём недастаткова. Паколькі перавага адназначна аддавалася індустрыяльнаму развіццю, а рост гарадоў выходзіў з-пад кантролю, савецкія гарады вылучаліся яшчэ і недастатковым развіццём сферы паслуг. Хоць доля гарадскога насельніцтва Савецкага Саюза на час яго распаду складала 60%, на статус урбанізаваных грамадстваў маглі прэтэндаваць хіба што прыбалтыйскія рэспублікі. Аднак сістэма „закрытых гарадоў” здолела не дапусціць утварэння трушчоб і тым самым быў гарантаваны пэўны ўзровень жыцця, які з хрушчоўскай эры можна было параўноўваць з узроўнем жыцця заходняга свету.

Пераклад Галіны Скакун


[1] Параўн.: S. Merl. „Entstalinisierung, Reformen und Wettlauf der Systeme 1953–1964” // S. Plaggenborg (Hg.), Handbuch der Geschichte Russlands. Bd. 5: 1945–1991. Vom Ende des Zweiten Weltkriegs bis zum Zusammenbruch der Sowjetunion. I. Hlbbd., Stuttgart, 2002. S. 175–318; А. Пыжиков. Хрущёв- ская „оттепель”. Москва, 2002; W. Taubmann. Khrushchev, The Man and the Era. New York, 2003. 
[2] Параўн.: M. Lewin. The Making of the Soviet System. Essays in the Social History of Interwar Russia. London, 1985. P. 12–21; яго ж. The Gorbachev Phenomenon. A Historical Interpretation. Expanded Edition, Berkeley / Cal., Los Angeles / Cal., 1991. P. 13–42. 
[3] Отчетный доклад Центрального Комитета КПСС ХХ съезду партии. Доклад товарища Хрущёва Н. С., Первого секретаря ЦК КПСС, прочитанный 14 февраля 1956 г. // ХХ съезд Коммунистической партии Советского Союза. 14–25 февраля 1956 г. Стенографический отчёт. Т. I. Москва, 1956. С. 9–120, тут с. 79. 
[4] Параўн.: Д. Зайцев. Урбанизация // БСЭ. Т. 56. Москва, 1936. С. 248–249. 
[5] Параўн.: Основы советского градостроительства. Т. I–IV. Москва, 1966–1969. 
[6] Параўн.: S. O. Chan-Magomedow. Pioniere der sowjetischen Architektur. Der Weg zur neuen sowjetischen Architektur in den zwanziger und zu Beginn der dreißiger Jahre. Dresden, 1983. Дапоўненае рускае выданне: С. О. Хан-Магомедов. Архитектура советского авангарда. Кн. 1. Проблемы формообразования. Мастера и течения. Кн. 2. Социальные проблемы. Москва, 1996–2001. 
[7] Параўн.: E. Goldzamt. Städtebau sozialistischer Länder. Soziale Probleme. Berlin, 1974; J. Friedrich (Hg.). Stad tent wicklungen in West- und Osteuropa. Berlin / New York, 1985; A. Ǻman. Architecture and Ideology in Eastern Europe during the Stalin Era. An Aspect of Cold War History. New York, Cambridge / Mass., London, 1992. 
[8] Параўн.: J. H. Bater. The Soviet City. Ideal and Reality. London, 1980; A. Karger, F. Werner. „Die sozialistische Stadt” // Geographische Rundschau 34 (1982). S. 519–528; A. Tarchanow, S. Kawtaradse. Stalinistische Architektur. München, 1992; H. Bodenschatz, C. Post (Hg.). Städtebau im Schatten Stalins. Die internationale Suche nach der sozialistischen Stadt in der Sowjetunion 1929–1935. Berlin, 2003. 
[9] Параўн.: R. A. French, F. E. I. Hamilton (eds.). The Socialist City. Spatial Structure and Urban Policy. Chichester et al., 1979; R. A. French. Plans, Pragmatism and People. The Legacy of Soviet Planning for Today’s Cities. London, 1995; H. Häußermann. „Von der Stadt im Sozialismus zur Stadt im Kapitalismus” // ён жа, R. Neef (Hg.). Stadtentwicklung in Ostdeutschland. Soziale und raumliche Tendenzen. Opladen, 1996. S. 5–47, асабліва S. 6–20; J. Stadelbauer. Die Nachfolgestaaten der Sowjetunion. Großraum zwischen Dauer und Wandel. Darmstadt, 1996. S. 217. 
[10] Параўн.: M. Matthews. The Passport Society. Controlling Movement in Russia and the USSR. Boulder / Col., San Francisco / Cal., Oxford, 1993; G. Kessler. „The Passport System and State Control over Population Flows in the Soviet Union, 1932–1940” // Cahiers du Monde russe 42 (2001). P. 477–504. 
[11] Параўн.: Социальное развитие СССР. Статистический сборник. Москва, 1990. С. 210. 
[12] Параўн.: B. Knabe. Bevölkerungsentwicklung und Binnen-wanderung in der UdSSR 1967–1974. Dargestellt an ausgewählten Territorien und unter Berücksichtigung interregionaler Migrationen. Berlin, 1978; P. J. Grandstaff. Interregional Migration in the U. S. S. R. Economic Aspects, 1959–1970. Durham / N. C., 1980; C. Buckley. „The Myth of Managed Migration: Migration and Market in the Soviet Period” // Slavic Review. 54 (1995). P. 896–916. 
[13] Параўн.: Б. С. Хорев. Проблемы городов. (Урбанизация и единая система расселения в СССР). Изд. 2-е, доп. и перераб. Москва, 1975. С. 78–87; V. Zaslavsky. „Closed Cities and the Organized Consensus” // яго ж. The Neo-Stalinist State. Class, Ethnicity and Consensus in Soviet Society. With a New Introduction. Armonk, N. Y., 1994. S. 130–164. 
[14] Параўн.: C. D. Harris. Cities of the Soviet Union. Studies in their Function, Size, Density and Growth. Chicago / Ill., 1970; R. A. Lewis, R. H. Rowland. Population Redistribution in the USSR. It’s Impact on Society, 1897–1977. New York, 1979; G. M. Lappo, F. W. Honsch. Urbanisierung Russlands. Berlin, Stuttgart, 2000; А. С. Сенявский. Урбанизация России в ХХ в. Роль в историческом процессе. Москва, 2003. 
[15] Параўн.: T. M. Bohn. „Bevölkerung und Sozialstruktur” // S. Plaggenborg (Hg.). Handbuch der Geschichte Russlands. Bd. 5: 1945–1991. Vom Ende des Zweiten Weltkriegs bis zum Zusammenbruch der Sowjetunion. II. Hlbbd. Stuttgart, 2003. S. 595–657, тут S. 631–634. 
[16] Параўн.: B. Meissner. Sowjetgesellschaft im Wandel. Russlands Weg zur Industriegesellschaft. Stuttgart et al., 1966; яго ж. Sowjetgesellschaft am Scheideweg. Beiträge zur Sozialstruktur der Sowjetunion. Köln, 1985; M. E. Ruban et al. Wandel der Arbeits- und Lebensbedingungen in der Sowjetunion 1955–1980. Planziele und Ergebnisse im Spiegelbild sozialer Indikatóren. Frankfürt am Main, New York, 1983; M. Teckenberg. Gegenwartsgesellschaften: UdSSR. Stuttgart, 1983; D. Lane. Soviet Economy and Society. Oxford, 1985; яго ж. Soviet Union under Perestroika. Boston / Mass. et al., 1990; K. v. Beyme. Reformpolitik und sozialer Wandel in der Sowjetunion (1970–1988). Baden-Baden, 1988; V. Shlapentokh. Public and Private Life of the Soviet People. Changing Values in Post-Stalin-Russia. New York, 1989; L. J. Cook. The Soviet Social Contact and Why It Failed. Welfare Policy and Worker Politics from Brezhnev to Yeltsin. Cambridge / Mass., London, 1993; I. A. Boutenko, K. E. Razlogov (eds.). Recent Social Trends in Russia, 1960–1995. London, Buffalo / N. Y., 1997; S. A. Resnick, R. D. Wolff. Class Theory and History. Capitalism and Communism in the USSR. New York, London, 2002. 
[17] Параўн.: R. Ahlberg (Hg.). Soziologie in der Sowjetunion. Ausgewählte sowjetische Abhandlungen zu Problemen der sozialistischen Gesellschaft. Freiburg i. Br., 1969; M. Yanowitch. The Social Structure of the USSR. Recent Soviet Studies. Armonk / N. Y., 1986; яго ж. Controversies in Soviet Social Thought. Democratization, Social Justice, and the Erosion of Official Ideology. Armonk / N. Y. etc., 1991. 
[18] Параўн.: M. Djilas. Die neue Klasse. Eine Analyse des kommunistischen Systems. München, 1958; G. Konrád, I. Szelényi. Die Intelligenz auf dem Weg zur Klassenmacht. Frankfürt am Main, 1978; I. Szelényi. „The Prospects and Limits of the East European New Class Project: An Auto-critical Reflection on ‘The Intellectuals on the Road to Class Power’” // Politics & Society. 15 (1986/87). P. 103–144; M. Voslensky. Nomenklatura. Die herrschende Klasse der Sowjetunion in Geschichte und Gegenwart, 3., aktualisierte und erweiterte Ausgabe. München, 1987. 
[19] Параўн.: M. Matthews. Privilege in the Soviet Union. A Study of Elite Life-Styles under Communism. London etc., 1978; D. Lane (ed.). Elites and Political Power in the USSR. Aldershot, 1988. 
[20] Zaslawsky. „Closed Cities”. P. 139–141. 
[21] Параўн.: G. Smith. „Privilege and Place in Soviet Society” // G. Derek, R. Walford (eds.). Horizons in Human Geography. Houndmills, London, 1989. P. 320–340. 
[22] Параўн.: A. Martiny. Bauen und Wohnen in der Sowjetunion nach dem Zweiten Weltkrieg. Bauarbeiterschaft, Architektur und Wohnverhältnisse im sozialen Wandel. Berlin, 1983; G. D. Andrusz. Housing and Urban Development in the USSR. London, Basingstoke, 1984; W. C. Brumfield, B. A. Ruble (eds.). Russian Housing in the Modern Age. Design and Social History. Cambridge / Mass., 1993; Н. Б. Левина, А. Н. Чистиков. Обыватель и реформы. Картины повседневной жизни горожан в годы нэпа и хрущевского десятилетия. С.-Петербург, 2003. 
[23] Параўн.: W. J. Chase. Workers, Society, and the Soviet State. Labor and Life in Moscow, 1918–1929. Urbana / Ill, Chicago / Ill., 1990; D. L. Hoffmann. Peasant Metropolis. Social Identities in Moscow, 1929–1941. Ithaca / N. Y., London, 1994; T. Colton. Moscow. Governing the Socialist Metropolis. Cambridge / Mass., London, 1995; M. Ruthers, C. Scheide (Hg.). Moskau. Menschen, Mythen, Orte. Köln, Weimar, Wien, 2003. 
[24] Параўн.: S. Schybeka. „Das ‚alte’ Minsk — vom zaristischen Gouvernementzentrum zur sowjetischen Hauptstadt” //, D. Beyrau, R. Lindner (Hg.). Handbuch der Geschichte Weißrusslands. Göttingen, 2001. S. 308–318; T. M. Bohn. „Das ‚neue’ Minsk — Aufbau einer sozialistischen Stadt nach dem Zweiten Weltkrieg”, тамсама, S. 319–333; яго ж. Minsk — Musterstadt des Sozialismus. Stadtplanung und Urbanisierung in der Sowjetunion nach 1945. Köln / Weimar / Wien, 2008 (Industrielle Welt 74). 
[25] Colton. Governing the Socialist Metropolis. P. 308, 487; Bohn. Minsk — Musterstadt des Sozialismus. S. 219, 223. 
[26] Colton. Governing the Socialist Metropolis. S. 488; Bohn. Minsk — Musterstadt des Sozialismus. S. 346–347. 
[27] Colton. Governing the Socialist Metropolis. P. 464–465; Bohn. Minsk — Musterstadt des Sozialismus. S. 202–205. 
Наверх

Tags: ,