Новы нумар


Унучак, Андрэй. „Наша ніва“ і беларускі нацыянальны рух (1906–1915) (Сяргей Дубавец).

УНУЧАК, АНДРЭЙ. „Наша ніва” і беларускі нацыянальны рух (1906-1915 гг.). Мінск: Беларуская навука, 2008. — 186 с., іл.

Манаграфію Андрэя Ўнучка нельга назваць прарывам або этапам у асэнсаванні абранае тэмы. Яна — яшчэ адзін крок да лепшага разумення ролі „Нашае Нівы” ў беларускай гісторыі.

Тэма „НН”, беларускага руху і станаўлення нацыянальнай ідэі прадстаўленая ў літаратуры нагэтулькі шырока, што ахапіць усе крыніцы ў адной агляднай працы немагчыма. У такіх выпадках даследчык дасягае найбольшага плёну, калі абірае з усяго багацця тэкстаў тое, што дапамагае яму вырашаць канцэптуальныя задачы. Калі ж даследчык спакушаецца ідэяй „ахапіць неахопнае”, ён непазбежна губляецца ў нагрувашчванні матэрыялу, страчвае нітку аналізу й падважвае пераканаўчасць уласных высноваў. На шчасце, Андрэй Унучак збольшага пазбегнуў гэтай спакусы, хоць трэба прызнаць, што падбор крыніц мог быць менш грувасткім і больш сістэмным, тады пэўныя важныя сведчанні не выпалі б з поля зроку аўтара (напрыклад, аўтар амаль не карыстаецца літаратурай апошняга дзесяцігоддзя).

Станоўчы бок працы — тое, што яна напісана ў рэчышчы традыцый беларускае гістарыяграфіі, якія й былі запачаткаваныя ў нашаніўскім асяроддзі. Аўтар выразна ўсведамляе тыя арыенціры, у якіх ён развівае свой пошук і аналіз праблем. Важна, што ён не толькі кампілюе вядомыя й невядомыя факты, а аналізуе іх, і на ягоных развагах адбіваецца ягоны час.

Да прыкладу, у параўнанні з ранейшымі часамі, калі даследчыкі адчувалі на сабе ўплыў вайны ці змагарны ўздым, тут дачыненні нашаніўцаў з іх ідэйнымі праціўнікамі разглядаюцца не як канфрантацыйныя, а як спаборныя, што, верагодна, адпавядае характару гэтых дачыненняў, якімі яны былі ў рэальнасці ў нашаніўскі перыяд.

„Такім чынам, можна сцвярджаць, што выдаўцы тыднёвіка выканалі сваю галоўную задачу: па-першае, наладзілі рэгулярнасць выхаду „Нашай нівы”, а па-другое, падрыхтавалі сабе змену. Гэтага, напрыклад, не здолелі зрабіць „заходнярускія” выданні, якія ідэйна супрацьстаялі тыднёвіку. Прычыны поспеху нам бачацца ў паслядоўнасці ідэйнай лініі газеты і ў вялікай ахвярнасці і мэтанакіраванасці першага складу рэдакцыі. Таксама нельга забывацца на наяўнасць аб’ектыўнай патрэбы ў беларускім друку і на тое, што выдаўцы „Нашай нівы” заўсёды разлічвалі толькі на ўласныя сілы, не спадзеючыся на дапамогу звонку”(43).

У прыведзенай цытаце ўжо відаць як станоўчыя рысы ўсёй манаграфіі (канцэптуальную цэльнасць і вынікласць з прац папярэднікаў), так і яе недахопы. Да недахопаў трэба аднесці асобныя праявы публіцыстычнага стылю, шматслоўнасці й адвольнага цытавання („беларусаў і летувісаў”, с. 69 — у арыгінале: „беларусоў и литвиноў”).

Манаграфія ў цэлым дае дастатковае ўяўленне пра „Нашу Ніву”, беларускі рух і нацыянальную ідэю і можа служыць добрай пляцоўкай для далейшых спробаў зразумець спецыфіку фармавання беларусаў як нацыі і Беларусі як дзяржавы.

У неразгаданасці гэтай спецыфікі хаваецца прыцягальнасць нашаніўства. На маю думку, прычына ў тым, што яе нельга апісаць як катэгорыямі канфрантацыі (чаго А.Унучак удала пазбягае), так і складнікамі выключна знешніх праяваў тагачаснай рэчаіснасці (што А.Унучку пакуль зрабіць не ўдаецца).

Асноўную ўвагу аўтар аддае сацыяльным, палітычным, эканамічным устаноўкам беларускага нацыянальнага руху і ролі гэтых чыннікаў у фармаванні нацыянальнай ідэі. Але па-за ўвагай застаецца этычны чыннік—тое, што ініцыятары паходзілі са шляхецкага стану, збяднелай арыстакратыі краю і разглядалі беларускую ідэю як ідэю лепшага чалавека.

Маральны аспект падаецца аўтарам як адна з многіх тэмаў публікацый на старонках „НН” (112, 113), але не як аснова нацыянальнай ідэалогіі, яе кантэкст. Між тым, этычнай устаноўкай тлумачацца многія з’явы ў асяродку „НН” і пазіцыя газэты, якія без уліку гэтай устаноўкі выглядаюць толькі як „прыемная нечаканасць”. Напрыклад, тое, што „Наша Ніва” ў ідэйным спаборніцтве ніколі „не зрывалася на абразы і хлусню” і „была больш ідэйным выданнем, чым многія з яе апанентаў” (139).

Сапраўды, перад выданнямі, якія праводзілі палітыку русіфікацыі і паланізацыі, не стаяла задачы раскрыць у чалавеку яго найлепшыя якасці. А менавіта ў такой ідэі была выйгрышная перспектыва „Нашай Нівы” перад тымі, што займаліся вырашэннем задач бягучай палітыкі з яе цынічнымі мэтамі і вяршэнствам інтарэсаў дзяржавы, чынавенства ды ідэалогіі над інтарэсамі асобы.

Па-свойму падсумаваў гэтую сутнасць нашаніўства Ігнат Абдзіраловіч (1921), звяртаючыся ад імя носьбітаў беларускай ідэі да ідэйных супернікаў: „Яны ня ўцямлялі, што разам з беларушчынай мы трацім і лепшую частку чалавечнасці”[1].

Андрэй Унучак перачытвае верш Янкі Купалы „Хто ты гэткі?” і бачыць у ім заклік паэта да нацыянальнае самаідэнтыфікацыі, але ўсё ж на першае месца ставіць „базіс” — сацыяльны аспект: „Радок „ня быць скотам” паказвае, што толькі сацыяльная свабода можа прынесці рост нацыянальнай свядомасці” (105). Такое сцверджанне характэрнае для „канфрантацыйнай” гістарыяграфіі або прапаганды. Але досвед усяго мінулага стагоддзя паказаў, што толькі ўсвядомлены чалавек можа захацець сацыяльнае свабоды, бо каб адказаць на пытанне „чаго мне трэба?”, я мушу ведаць найперш „хто я” або, па-купалаўску — „хто ты гэткі?”

Яшчэ ў нашаніўскія часы пачалі з’яўляцца аналітычныя публікацыі, якія сцвярджалі гэткі погляд на сутнасць беларускага адраджэння. Вось як сфармуляваў сваю думку на старонках „Тыгодніка Ілюстраванага” Войцех Бараноўскі[2]:

„Mamy przed sobą zjawisko, jak widzimy, niesłychanie ciekawe: przerodzenie się ruchu rewolucyjno-społecznego w ruch narodowy. I transformacya ta dokonywa się niezależnie prawie od woli jej inicyatorów. Agitator socyalistyczny szedі „w lud” budzić nienawiść do pana i protest przeciwko ustrojowi państwowemu… Siał nienawiść do innych, a wzeszła z niej miłość bardziej ś wiadoma do swoich”[3].

3 маральнага характару нацыянальнай ідэі вынікаюць і пошукі нашаніўцаў у сферы этычных рытуалаў. Андрэй Унучак двойчы згадвае, што браты Луцкевічы былі масонамі, але распрацоўку гэтай тэмы пакідае за рамкамі свае працы. Натуральнае пытанне: навошта ім тое было трэба? Ці толькі для пашырэння беларускай ідэі і беларускай прысутнасці сярод віленскіх краёўцаў? Ці дзеля таго ўсё ж, што галоўная ідэя масонства — удасканаленне свету праз удасканаленне сябе — была сутнасцю нашаніўства?

Тое, што нашаніўцы разам з усёй беларускай нацыяй апынуліся на раздарожжы паміж каталіцтвам і праваслаўем, змушала іх да рэлігійных пошукаў і вяло да канфесійнай разнастайнасці ў іх асяроддзі. На жаль, за рамкамі манаграфіі засталіся пратэстанцкія плыні, дачыненні нашаніўцаў з ісламам, юдаізмам, будызмам, што, зрэшты, можа быць тэмай асобнага даследавання.

Характэрным чынам апісвае рэлігійныя пошукі Антона Луцкевіча Алег Латышонак. Хрышчаны ў каталіцтва „Луцкевіч у той час быў ужо пратэстантам. Праўду кажучы, ён перайшоў у кальвінізм з фармальных прычынаў (развод і другі шлюб) і насамрэч быў атэістам… Расчараваўшыся ў вуніі, Антон Луцкевіч перанёс на пратэстантызм свае спадзяваньні на стварэньне беларускай нацыянальнай царквы”[4].

Падкрэслім, што Андрэй Унучак абраў для манаграфіі шырокую тэму. І спалучыць у адной аўтарскай працы задачы агляднага і канцэптуальнага характару было немагчыма. У нашым кароткім водгуку мы закранулі толькі адзін этычны аспект, які аўтар не разгледзеў у дастатковай ступені. Аднак у цэлым новая манаграфія — гэта станоўчы крок у патрэбным накірунку навуковага даследавання.

Вільня

Сяргей Дубавец


[1] 1 Абдзіраловіч І. Адвечным шляхам: Дасьледзіны беларускага сьветагляду. Мінск: Навука і тэхніка, 1993. С. 16.
[2] 2 Псеўданім W. B. са спасылкай на Яўхіма Карскага раскрыты ў кн.: Саламевіч Я. Слоўнік беларускіх псеўданімаў і крыптанімаў (XVI-XX стст.). Мінск: Мастацкая літаратура, 1983. С. 161.
[3] 3 W. B. Ruch białoruski. Tygodnik Illustrowany. 1912. Nr 37. 14września.
[4] 4 Пратэстанцкая царква і беларускі нацыянальны рух на пачатку XX стагодзьдзя: артыкулы і ўспаміны. Мінск: Кнігазбор, 2006. Цыт. паводле: http://kamunikat.fontel.net/www/knizki/historia/pratestanty/0 1 .htm

Tags: ,