Новы нумар


Весткі з экспедыцый беларускіх археолагаў (сезон 1998)

Каменны і бронзавы век

У сярэдзіне 1980–х краязнаўцы з Баранaвічаў выявілі шматлікія крамянёвыя вырабы і фрагменты арнаментаванай керамікі ля канала, якім было выпрастана і паглыблена рэчышча Шчары пры яе вытоку з Калдычэўскага возера. Абследаванне і раскопкі аўтара паказалі, што тут знаходзяцца рэшткі паселішча з напластаваннямі розных археалагічных культур. Стаянка, названая Войкавічы–1, размешчана праз 0,8 км на захад ад вёскі Старыя Войкавічы Баранавіцкага раёну, 2,5 км на паўднёвы захад ад маёнтка Завоссе, што належаў Міцкевічам. Рэшткі паселішча займаюць выступ карэннага берага тарфяніка, абмежаваны з захаду рэчышчам Шчары. Побач знаходзяцца менш значныя помнікі Войкавічы–2,–3,–4.

Узнікненне паселішча датуецца фінальным палеалітам, пра што, у прыватнасці, сведчыць наканечнік стралы з арэнсбургскімі рысамі. Яно існавала і ў эпоху мезаліту (знаходкі мікралітычнага характару), нэаліту (крамянёвыя вырабы і кераміка ўсіх трох этапаў Нёманскай культуры), а таксама ў бронзавым веку. Сярод пазнейшых матэрыялаў частка належыць да культуры шнуравой керамікі, ёсць абломкі шліфаваных сякер з свідравінамі, пачатая каменная булава. У Сярэднявеччы на гэтым месцы таксама была вёска.

Міхась Чарняўскі

Экспедыцыя Інстытута гісторыі НАН Беларусі праводзіла археалагічнае абследаванне правабярэжжа Нёмана каля вёскі Дакудава Лідскага раёну (міжрэчча Гаўі і Нарвы). Выяўлена шэсць новых помнікаў каменнага і бронзавага веку, якія названы адпаведна Дакудава–2,–3,–4,–5,–6,–7. Культурны пласт стаянак Дакудава–2,–4,–6 моцна развеяны. Культурная прыналежнасць помнікаў пакуль не вызначана.

Дакудава–7 мае культурныя напластаванні магутнасцю да 0,25 м, у якіх выяўлены расшчапаныя крамяні і фрагменты ляпной керамікі ранняга этапу нёманскай нэалітычнай культуры. Культурны пласт стаянкі Дакудава–3 пашкоджаны. Тут знойдзены фрагменты другаснай апрацоўкі крэменю, нуклеусы, разцы, скрабкі, вастрыі яніславіцкага тыпу. Помнік датуецца эпохай мезаліту. Дакудава–5 размешчана за 2,5–3 км на паўднёвы ўсход ад вёскі, на дзюне, над правябярэжным поплавам Нёмана. Магутнасць культурнага пласта да 0,5 м, у ім выяўлены крамянёвыя прылады працы, фрагменты ляпнога посуду з расліннымі, пясчанымі і жарсцвянымі дамешкамі, цэлы ляпны пласкадонны кубак са штрыхаванымі паверхнямі і адбіткам зерня. Матэрыялы дазваляюць датаваць помнік перыядам ад ранняга нэаліту да сярэдняга бронзавага веку. За гэты час на паселішчы пражывала насельніцтва нёманскай нэалітычнай культуры, культуры шнуравой керамікі і тшцінецкай. Апрача таго, у верхніх слаях знойдзены гліняныя рыбалоўныя грузікі жалезнага веку, жалезныя восці X—XII ст., сустракаецца ганчарная кераміка.

Вадзім Лакіза, Віталь Сідаровіч

Экспедыцыя Інстытута гісторыі НАН Беларусі разам з Гарадзенскім дзяржаўным універсітэтам імя Янкі Купалы праводзіла археалагічныя даследаванні ў ваколіцах Начы Воранаўскага раёна з мэтай дакладнай лакалізацыі вядомых помнікаў бронзавага і жалезнага веку ва ўрочышчах Ланкішкі і Плітніца, капаных яшчэ Вандалінам Шукевічам на пачатку ХХ ст. Асноўныя працы праводзіліся на хутары Ланкішкі, дзе былі знойдзены тры каменныя свідраваныя сякеры. У раскопе на невялікім узвышшы выяўлены тры пахаванні па абрадзе трупаспалення, але ў іх не было керамікі, якая дала б магчымасць вызначыць культурную прыналежнасць могільніка. Лакалізаваны помнік і ва ўрочышчы Плітніца, матэрыял якога датуецца бронзавым векам.

Вадзім Лакіза, Генадзь Семянчук

Ранні жалезны век

З ініцыятывы Мінскага абласнога краязнаўчага музея ў Маладэчне праведзены раскопкі замчышча ў вёсцы Гарадок Маладэчанскага раёна. Пляцоўка даследаванага помніка была заселена ў апошнія стагоддзі да н. э. — першыя стагоддзі н.э. Культурныя адкладанні таго часу добра захаваліся па ўсёй плошчы гарадзішча. Па мацерыковых ямах прасочаны фрагменты трох комплексаў таго перыяду. Выяўлена вытворчая пляцоўка, выбрукаваная невялікімі камянямі з вялікай колькасцю кавалкаў спечанай гліны, шлакаў, вугольчыкаў, з фрагментамі ляпных гаршкоў (шурпатых, гладкасценных і штрыхаваных), жалезныя праколкі, серп і сякера. Вакол пляцоўкі па крузе размешчаны слупавыя ямы — сляды навеса ці пабудовы. Два астатнія комплексы вызначаны па мацерыковых ямах і канцэнтрацыі знаходак керамікі. Даследаваны іх фрагменты.

Па выніках раскопак 1989 і 1998 г. можна канстатаваць, што ў эпоху ранняга жалеза пляцоўка гарадзішча прымыкала непасрэдна да валоў. Уваход найверагодней размяшчаўся з паўднёва–заходняга боку (сцежка праз вал існуе тут і сёння). Такім чынам, усе выяўленыя комплексы знаходзіліся ў цэнтральнай частцы пляцоўкі, абнесенай высокімі валамі. Пад час узвядзення тут замка ў XVI ст. з унутранага боку валоў быў выкапаны вадзяны роў, і помнік набыў цяпераші выгляд. Мацерыковы грунт, які вымалі пры капанні рова, ссыпаўся на пляцоўку, плошча якой, у выніку, значна скарацілася, а ўзровень павысіўся на 1,5–2 м. З поўдня пры валах засталася тэраса. З боку мястэчка (паўднёвы захад) праз вал быў зроблены галоўны ўезд. Завяршае стратыграфічную карціну помніка слой XVI–XVII ст.

Ірэна Ганецкая

У 1998 г. працягваліся раскопкі на раннеславянскім селішчы ва ўрочышчы Цямшава Поле ў в.Сіманавічы Глускага раёна. Раскоп быў разбіты на краі тэрасы правага берага Пцічы. Магутнасць культурнага пласту 0,6–0,8 м. Знойдзены фрагменты ляпнога і кругавога керамічнага посуду, гліняныя праселкі, шлакі, косткі жывёлы, фрагмент шкляной пацеркі, жалезная посахападобная булаўка I–II ст., бронзавая пранізка, жалезыя нажы і інш. Самая позняя знаходка — манета часоў ВКЛ. Атрыманы археалагічны матэрыял пацвярджае дадзеныя раскопак папярэдніх гадоў і сведчыць пра бесперапыннае функцыянаванне паселішча. Заснаванае насельніцтвам верхнедняпроўскага варыянту кіеўскай археалагічнай культуры ў II ст.н.э., паселішча працягвала функцыяваць і ў другой палове I тысячагоддзя. У XI ст. яно было перанесена на поўнач (цяпер урочышча Селішча), дзе існавала да XVII ст.

Наталля Дубіцкая

Сярэднявечча

У 1998 г. даследаваліся курганы ў Бабруйскім, Клічаўскім і Лагойскім раёнах. У Бабруйскім раскапана 5 курганоў каля вёскі Обча і 3 курганы ля вёскі Маяк. У Обчы выяўлены пахаванні па абрадзе трупапакладання на мацерыку галавой на захад ці на паўночны захад. Побач са шкілетамі знойдзены гліняны посуд. Каля вёскі Маяк у двух курганах раскапаны пахаванні па абрадзе трупапакладання ў яме галавой на захад (у адным ля шкілета былі фрагменты глінянага гаршка) і ў адным — па абрадзе трупапакладання на гарызонце галавой на паўднёвы захад. У апошнім на вяршыні насыпу зафіксаваныя сляды вогнішча з раструшчаным познесярэднявечным гаршчком. З правага боку каля чэрапа ляжалі ахвярапрынашэнні — спаленыя косткі жывёлін, з якіх вызначаны сабака. Разам з косткамі былі фрагменты жалезнай дужкі ад драўлянага вядзерца.

У Клічаўскім раёне каля вёскі Патока раскапана 4 курганы па абрадзе трупапакладання на падэшве (1) і ў яме (3). У трох курганах былі жаночыя пахаванні з упрыгожаннямі, сярод якіх шкляныя пацеркі, бронзавыя крыжык, манетападобная падвеска, зярнёная пацерка, гузік, пярсцёнкі і алавяныя скроневыя колцы. У адным з насыпаў знойдзена пахаванне хлопчыка. Каля яго чэрапа ляжала палова сківіцы каня. Курганы на тэрыторыі Бабруйскага і Клічаўскага раёнаў пакінулі летапісныя дрыгавічы.

У Лагойскім раёне працягвалася вывучэнне каменных курганоў каля вёскі Сухая Гара. Раскапана 5 насыпаў, выяўлены сляды пахаванняў у ямах. Знойдзены два бронзавыя бранзалеты (віты і гладкі) і два пярсцёнкі (віты і гладкі). Этнічная прыналежнасць пахаваных у каменных курганах яшчэ канчаткова не вызначана.

Людміла Дучыц

Летам 1998 г. праведзены раскопкі ля вёскі Лучна Полацкага раёна на месцы магчымага знаходжання манастыра св.Міколы на Лучне. Зафіксавана некалькі пабудоў, знішчаных пажарам. Выяўлены знаходкі XI–XII ст., звязаныя з паселішчам, што існавала тут да манастыра, а таксама рэчы манастырскага побыту, якія датуюцца XIII–XVI ст. Гэта будаўнічыя матэрыялы, ключы, замкі і інш. У выніку даследавання сельскага паселішча XI–XII ст. ля вёскі Астроўшчына Полацкага раёна выяўлены рэшткі двух пабудоў — жытла і вытворчага комплексу па апрацоўцы жалеза.

Марат Клімаў

У 1998 г. працягвалася вывучэнне Глускага замка — помніка абарончага дойлідства Беларусі XVI–XVIII ст. Асаблівая ўвага надавалася даследаванню вежы–брамы, якая захавалася да ўзроўню 1,5 м першага паверха. Скончана расчыстка сутарэнняў, зроблены архітэктурныя абмеры ацалелых канструкцый, на 10 м прасочаны падземны ход, што выводзіў за замкавы вал і прымыкаў да паўднёвай сцяны вежы. За тры сезоны працы на помніку высветлены характар стратыграфіі культурнага пласту, дакладна прадатаваны асноўныя этапы жыцця замка, выяўлены масавыя пахаванні сярэдзіны XVII ст., якія ўдалося звязаць з канкрэтнай гістарычнай падзеяй, атрыманы матэрыялы для вывучэння матэрыяльнай культуры замка, адкрыта і даследавана вежа–брама і падземны ход.

Ірэна Ганецкая

Tags: