Новы нумар


Вітаўт Кіпель. Дзядзька Мікола

Нашу сям’ю звязала і жыццё, і ўспаміны з Міколам Улашчыкам у горадзе Налінску.[1] Туды змусілі выехаць маю маці з Мінска ў канцы 1932 — пачатку 1933-га. Праўда, мы з маці ездзілі да бацькі ў Налінск і крыху раней. Зацемка ў «Беларусе»[2] напісаная мною. Вітаўт Зубкоўскі — гэта было маё прозвішча ад 1935 да 1942 г. Гэта дзявочае прозвішча маёй маці, а ўзяла яна яго ў г. Арле, куды мы пераехалі пасля Налінску, бо нам было забаронена вяртацца на Беларусь, маці вырашыла, што, узяўшы сваё прозвішча пасля паўторнага арышту бацькі ў Арле ў снежні 1935 г., яна пазбегне арышту. На яе погляд, гэты крок яе ўратаваў.

Тая скупая інфармацыя, якую я даю ў зацемцы ў «Беларусе», узятая з архіву майго бацькі. Аб Улашчыку ва ўспамінах ня шмат матэрыялу, бо бацька знарок не пісаў, думаючы, што Улашчык жыве (успаміны пісаліся ў пяцідзесятых гадох). Бацька часта пра Улашчыка згадваў, верыў, што жыве, бо хоць і дапамагаў бацька яму з уцёкамі з высылкі (казаў, што планавалі яны, каб Улашчык уцёк на Захад), думаў, што на Захад Улашчык не трапіў, а пісаць нешта — баяўся «лапаў НКВД». Гэты страх быў проста запраграмаваны!

Мае ж успаміны пра дзядзькоў Міколаў (Азбукіна і Улашчыка) невялікія.

Я добра памятаю, як у Налінску, улетку і ўвосень, я з бацькам і маці хадзілі за горад на бераг рачулкі Воя. Туды ж прыходзілі і дзядзькі Міколы ды прыязджалі іншыя дзядзі. Часта ці адзін, ці другі дзядзька Мікола браў мяне за руку, бывала нават садзіў на карак, шпацыраваў уздоўж крутога берагу Воі ды вучыў беларускія песні. Дзядзька Улашчык вучыў мяне тады «Мы выйдзем шчыльнымі радамі», дзядзька Азбукін — песню «Гэй, сябры ўдалыя», а бацька — сваю ўлюбёную «У нядзелю раненька ўзышло сонца ясненька, татка коніка корміць, дужа жаласна плача». Тады значэння гэтых паходаў на бераг Воі я не разумеў, але значна пазней мне маці казала, што гэта было адзінае месца. Дзе сасланыя маглі свабодна пагутарыць, абмяняцца думкамі. У горадзе за імі вельмі сачылі.

Жыццё нашае ў Налінску скончылася ў 1935 г. (ліпень-жнівень) а затым быў Арол, Дом калгасніка (кватэру было знайсці вельмі, вельмі цяжка), паўторны арышт бацькі ды далейшае напружанае жыццё з маці ў Арле аж да 1942 г.

Вітаўт Кіпель


[1] З ліста В.Кіпеля да А.Каўкі ад 27.11.1995.

[2] Маецца на ўвазе артыкул «Памяці Міколы Улашчыка», які змешчаны вышэй.