Новы нумар


Volksaufstände in Ruβland: Von der Zeit der Wirren bis zur „Grünen Revolution” (Уладзімір Снапкоўскі)

Volksaufstände in Ruβland: Von der Zeit der Wirren bis zur „Grünen Revolution” gegen der Sowjetherrschaft. Hrsg. von HEINZ-DIETRICH LÖWE. Wiesbaden, Harrassowitz Verlag 2006. – 563 S.

Гэтая кніга пад назвай «Народныя паўстанні ў Расіі: ад смутнага часу да „зялёнай рэвалюцыі” супраць савецкай улады» з’яўляецца вынікам працы семінара па ўсходнееўрапейскай гісторыі Гайдэльбергскага універсітэта пад кіраўніцтвам прафесара Хайнца-Дытрыха Лёве. Яна выйшла ў серыі „Даследаванні па ўсходнееўрапейскай гісторыі” (том 65), якая выдаецца Ўсходнееўрапейскім інстытутам Свабоднага універсітэта ў Берліне. У зборніку асобныя артыкулы прысвечаны паўстанню Івана Балотнікава 1606-1607 г., гарадскім паўстанням 1648 i 1662 г., стралецкім паўстанням 1682 i 1698 г., казацкім паўстанням пад кіраўніцтвам Сцяпана Разіна 1667-1671 г., Кандрація Булавіна 1707-1708 г. i Емяльяна Пугачова 1773-1775 г., паўстанням здабытчыкаў руды, Уральскаму паўстанню 1754-1766 г., казацкаму паўстанню 1768 г. (Каліўшчына), чумнаму паўстанню ў Маскве 1771 г., хваляванням у сувязі з халерай у Санкт-Пецярбургу летам 1831 г., бульбяным бунтам дзяржаўных i казённых сялян у 1830 i 1840-х г., сялянскім хваляван­ням у Варонежы, сялянскім прашэнням пад час першай расійскай рэвалюцыі 1905-1907 г. i паўстанню Антонава супраць бальшавікоў у Тамбове ў 1920-1921 г.

Галоўны рэдактар выдання прафесар Гайдэльбергскага універсітэта Хайнц-Дытрых Лёве ва ўводным артикуле пад назвай „Паўстанні ў Расійскай імперыі ад познемаскоўскіх часоў да пачаткаў Савецкай Расіі: аспекты параўнальнай інтэрпрэтацыі” адзначае, што паўстанні ў Расіі ніколі не был! рэдкай з’явай. Аднак заходняя гістарыяграфія не аддавала ix вывучэнню належнай увагі. Сучасныя заходнія гісторыкі амаль ніколі не задаваліся пытаннем, якімі — за межамi размытых дадзеных аб „агульнай непрыязнасці” — былі сапраўдныя матывы паўстанняў. Узор тлумачэння гарадскога паўстання зводзіўся ў большасці выпадкаў да слоў пра народную сілу, якая прыгняталася завышанымі падаткамі, занадта цяжкай працай i карупцыяй з боку функцыянераў. Казакі, на думку заходніх аўтараў, падлягалі па-галоўнаму асуджэнню, ix паўстанні з’яўляліся анархічнай праявай ix патрэбы ў старых вольнасцях, жадання свабодна перамяшчацца па „дзікім полі” i ў стане ўсеагульнага беззаконня рабіць традыцыйныя набегі. Таксама заходнія аўтары лічылі галоўнай прычынай паўстанняў, па меншай меры да XX ст., звычайны шлях непалітычных пратэстаў неадукаваных народных масаў.

Паўстанні, якія разглядаюцца ў кнізе, ахопліваюць перыяд больш чым 300 гадоў, i ix наўрад ці можна змясціць пад адзінае дакладнае азначэнне. Па меншай меры да пачатку XX ст. нямецкія даследчыкі паказваюць паўстанні як шэраг падзей з агульнымі рысамі: перш за ўсё гэта выкарыстанне насілля з удзелам самых разнастайных груп людзей. Заўважана таксама, што большасць казацкіх паўстанняў не магла знайсці сваіх лідэраў. У гарадскіх паўстаннях у адрозненне ад казацкіх адсутнічалі дзейсная, мэтанакіраваная падрыхтоўка i планаванне; асноўная рыса гарадскіх паўстанняў — гэта ix спантаннасць. Аўтары падкрэсліваюць стыхійны ход паўстанняў, ix простую народную сілу, адзначаючы адначасова, што паўстанцы часта пераследавалі палітычныя i сацыяльныя мэты i патрабавалі справядлівасці. Аднак сацыяльная рэвалюцыя, за выключэннем, магчыма, паўстання Балотнікава, ніколі не стаяла на парад­ку дня.

Агляд найбольш значных паўстанняў ХІХ ст. у Маскве, Пецярбургу i ў савецкай Расіі ўяўляецца люстэркам палітычнага i сацыяльнага развіцця краіны. Справа даходзіла да паўстання ў першую чаргу тады, калі ix удзельнікі імкнуліся да дасягнення доўгатэрміновых мэтаў i абараняліся ад прамога парушэння канстытуцыі, калі існавала пагроза пагаршэння ix уласнага становішча. Паказана, як людзі імкліва i гвалтоўна абараняліся ад парушэння няпісаных парадкаў, у той час як аднабаковае змяненне царом канстытуцыі ў 1907 г. не стала пачаткам усеагульнага мяцежнага руху.

Завяршаецца кніга матэрыялам пра тамбоўскае антыбальшавіцкае паўстанне 1920-1921 г. Яго аўтар Марцін Крыспін (Martin Krispin) прыходзіць да высновы, што тут на паўстанне ўзняліся не тыя сяляне, якія вечна спрачаліся са знешнім светам i якія хацелі б ізалявацца ад шкодных уплываў капіталізму i рынкавых адносінаў. Наадварот, галоўным патрабаваннем тамбоўскіх паўстанцаў было аднаўленне свабоднага рынку. Аўтар паказаў, што да гэтага часу сяляне ўжо страцілі свае ўласныя грамадска-палітычныя структуры i камунікацыйныя магчымасці. Цікава, што, як i ў паўстаннях часоў першай расійскай рэвалюцыі, сацыяльнай базай i касцяком тамбоўскага паўстання была сялянская абшчына.

Мінск

Уладзімір Снапкоўскі

Tags: , ,