Новы нумар


Вячаслаў Афанасьеў. Ліст акадэміка М. В. Нечкінай

ДОПІС ЧЫТАЧА

Ліст акадэміка М.В. Нечкінай

Незвычайнае здарэнне адбылося з беларускім пісьменнікам Сямёнам Букчыным на самым пачатку яго літаратурнай дзейнасці. Не паспеўшы выйсці асобным выданнем, яго першая дакументальная аповесць у часопісным варыянце набыла шырокую вядомасць і нават звярнула ўвагу… акадэміка. Зрэшты, вось як апісвае гэты незабыўны выпадак сам Сямён Уладзіміравіч:

«Як жа хутка бяжыць час… Здаецца, не дзесяць гадоў таму, а быццам учора атрымаў я канверт, на якім над адрасам адпраўшчыка было коратка пазначана Ад акадэміка Нечкінай”. Гэта быў водгук на маю дакументальную аповесць „Зимовка гвардии” (надрукаваную ў „Нёмане”) і запрашэнне прыняць удзел ва Ўсесаюзнай навуковай канферэнцыі, прысвечанай 150-годдзю з дня паўстання дзекабрыстаў. Я не лічыў сябе дзекабрыстазнаўцам, гісторыкам, і прапанову прыняў з пэўнай збянтэжанасцю. Даклад, з якім я павінен быў выступіць, называўся «Мікіта Мураўёў у час стварэння „мінскага варыянта” Канстытуцыі». Аснова яго — больш за сорак лістоў кіраўніка Паўночнага таварыства, пасланых з Мінска ў Пецярбург да маці Кацярыны Фёдараўны Мураўёвай з кастрычніка 1821 да траўня 1822 г.»

Гэты фрагмент успамінаў сп. Букчына ўзяты мной з яго артыкула „Дзекабрысты на Беларусі (Пошук і памяць)”, змешчанага ў 2-м нумары штоквартальніка „Помнікі гісторыі i культуры Беларусі” за 1986 г.

На жаль, Сямён Уладзіміравіч не раскрыў зместу водгуку акадэміка М.В. Нечкінай і, напэўна, мы яго ніколі не даведаемся, бо прайшло больш за трыццаць гадоў. Але мяркуючы па тым, што разам з водгукам сп. Букчын атрымаў і запрашэнне на ўдзел ва Ўсесаюзным форуме дзекабрыстазнаўцаў, прычым у якасці не госця-назіральніка, а актыўнага ўдзельніка, з чытаннем даклада на адной з секцый, то можна дапусціць, што дакументальная аповесць „Зимовка гвардии” выклікала асаблівую цікавасць выдатнага гісторыка сваім нейкім прынцыпова новым поглядам на гісторыю дзекабрызму і высокай навуковай аргументацыяй. Каб спраўдзіць сваю здагадку, я вырашыў уважліва пазнаёміцца з аповесцю Сямёна Ўладзіміравіча.

Трэба сказаць, што я быў моцна расчараваны. Аповесць сп. Букчына не толькі не ўнесла ніякіх прынцыпова новых звестак пра дзекабрыстаў, але і ўвабрала ў сябе шэраг грубых памылак і хібаў, якія скажаюць ужо даўно вядомыя ў гістарычнай літаратуры факты і падзеі. Крытычны агляд аповесці „Зимовка гвардии” — тэма для спецыяльнай асобнай размовы. У дадзены ж момант, у якасці прыкладу, прывяду толькі адзін эпізод з яе, у якім, на мой погляд, арганічна перапляліся ўсе неадпаведнасці як літаратурнага, так і гістарычнага характару.

«Сейчас в Минске, — піша сп. Букчын, — Бестужев был обыкновенным драгунским поручиком, известным лишь близким друзьям как начинающий литератор.

Штабс-капитан Генерального штаба Муравьев был главой „нового скрытнейшего тайного общества” — Северного»[1].

Сямён Уладзіміравіч павінен быў ведаць, што да нас, на Міншчыну, дзекабрыст А. Бястужаў-Марлінскі прыехаў не як „літаратар-пачатковец”, а як цалкам сфармаваны празаік, перакладчык і літаратурны крытык, які апублікаваў да таго часу ў розных часопісах больш за трыццаць крытычных аглядаў і рэцэнзій, фельетонаў і перакладных урыўкаў, апавяданняў і вершаў. Ён быў членам некалькіх літаратурных таварыстваў, быў блізка знаёмы з Баратынскім і Дэльвігам, Грэчам і Булгарынам, Сомавым і Ваейкавым і многімі іншымі празаікамі і паэтамі. Літаральна напярэдадні яго прыезду ў наш край у Пецярбурзе была здадзена ў набор яго кніга „Поездка в Ревель” (СПб., 1821) — своеасаблівае завяршэнне ранняга этапу яго біяграфіі як пісьменніка[2]>. Паказальная ў гэтых адносінах характарыстыка пачатку творчага шляху А. Бястужава-Марлінскага, дадзеная В. Бялінскім: „Марлінскі звярнуў на сябе ўвагу з першага свайго з’яўлення на літаратурнай ніве. З той пары літаратурная вядомасць яго расла з неверагоднай хуткасцю”[3].

Што да „штабс-капітанцтва” Мураўёва, якое праходзіць „чырвонай ніткай” праз усю другую частку аповесці „Зимовка гвардии”, а таксама і праз згаданы мной артыкул, змешчаны ў штоквартальніку, то і тут сп. Букчын не зусім дакладны. У Мінск Мікіта Мураўёў прыбыў, як і Бястужаў-Марлінскі, паручнікам і прабыў у гэтым званні да канца манёўраў гвардыі, г.зн. да восені 1822 г. Чын штабс-капітана ён атрымаў толькі 22 красавіка 1823 г. і тады ж пачаў выконваць абавязкі кватэрмайстра 2-й гвардзейскай пяхотнай дывізіі, г. зн. начальніка штаба пры вялікім князі Мікалаі Паўлавічы[4].

Асцерагаючыся паспешных высноў і абагульненняў, я звярнуўся да матэрыялаў, прысвечаных 150-годдзю паўстання дзекабрыстаў, якія склалі асобны 96-ы том „Гістарычных запісак”, што выйшлі пад рэдакцыяй акадэміка Нечкінай. Сярод аўтараў (а іх больш за дваццаць), якія сапраўды ўнеслі ўклад у гісторыю дзекабрызму, імя С. Букчына нават не згадваецца, і, вядома ж, адсутнічае ў ім і даклад Сямёна Ўладзіміравіча, быццам бы прачытаны ім на адной з секцый гэтай канферэнцыі[5]. І гэта цалкам вытлумачальна. Яшчэ ў 1955 г. акадэмік Нечкіна выпусціла ў свет сваю капітальную двухтомавую працу „Рух дзекабрыстаў”, у якой спецыяльна прысвяціла дзесяты раздзел працы кіраўнікоў тайнага таварыства над канстытуцыйнымі праектамі 1822—1823 г. Ён так і называўся: «Ранние редакции Конституции Никиты Муравьёва и „Русской Правды” П.И. Пестеля»6. Што мог унесці новага ў гэтае пытанне тады пачатковец белетрыст Сямён Букчын, незразумела.

Дарэчы, Сямён Уладзіміравіч вельмі добра знаёмы з класічнай працай акадэміка Нечкінай, паколькі ў свой час меў задавальненне ўзяць з яе даволі вялікую колькасць эпізодаў для сваёй аповесці „Зимовка гвардии”, змяніўшы асобныя з ix да абсурду. Прывяду толькі адзін прыклад. Сваю аповесць сп. Букчын заканчвае наступнай замалёўкай: «Вечером 26 июля коляска Муравьёва въехала в Петербург. В заботливо уложенной в чемодан шкатулке лежала большая тетрадь, на обложке которой было выведено — „Конституция”»[7].

Не будзем строга судзіць Сямёна Уладзіміравіча за сухі пераказ такога хвалюючага моманту, паколькі гэта залежыць ад таленту і эрудыцыі аўтара. А вось наконт з’яўлення ў ім шкатулкі неабходна ўнесці яснасць. Вядома, што шкатулка — гэта невялікая багата аздобленая скрыначка, неабходная рэч вялікасвецкай жанчыны XVII-XIX ст. Якім чынам яна апынулася ў былога баявога афіцэра Мікіты Мураўёва? Бо ў той перыяд, які разглядаецца, ён не быў жанаты. Можа быць, пазычыў у адной з дачок мінскага губернатара, у доме якога бываў? Гэта малаверагодна. Ніякай нагоды для заляцання М. Мураўёў, мяркуючы па яго лістах, у адрозненне ад А. Бястужава-Марлінскага, не даваў, а яго жаніцьба з графіняй А.Г. Чарнышовай у лютым 1823 г. — яскравае таму пацверджанне. Але яшчэ большае здзіўленне выклікае знаходжанне ў шкатулцы „вялікага сшытка” з тэкстам канстытуцыі. Як мог аб’ёмісты рукапіс у ім змясціцца? Зрэшты, не будзем гадаць. Вось як гэты эпізод апісвае акадэмік Нечкіна: „Осенью 1822 года гвардия вернулась из западных губерний в Петербург. В её составе вернулись и члены тайного общества. В каком-нибудь портфеле, заботливо уложенном в богатой коляске поручика гвардейского генерального штаба Никиты Муравьёва, въехала в Петербург при звуках гвардейского марша и рукопись его конституции для будущей революционной России”[8].

Як бачым, тут усё адпавядае гістарычнай праўдзе, якую ўзнаўляе знаўца сваёй справы. Цяпер супаставім усе выкладзеныя факты. Далучым да іх наўмысную, на цэлых дзесяць гадоў, затрымку паведамлення пра водгук акадэміка Нечкінай, якой, дарэчы, на час публікацыі названага артыкула сп. Букчына ўжо не было сярод жывых — яна памерла ў 1985 г.[9]. Дадамо да іх наўмыснае ўтойванне ад чытача зместу водгуку. Нарэшце, прымем да ведама чыстасардэчнае прызнанне самога Сямёна Ўладзіміравіча: „Я не лічыў сябе дзекабрыстазнаўцам, гісторыкам….”. Усё гэта, разам узятае, не можа не даваць сур’ёзных падставаў для таго, каб засумнявацца ў існаванні водгуку акадэміка М.В. Нечкінай на дакументальны аповед Сямёна Букчына „Зимовка гвардии”, а таксама і ў наяўнасці самога дакладу Сямёна Ўладзіміравіча «Мікіта Мураўёў у час стварэння „мінскага варыянта” Канстытуцыі», з якім ён быццам бы выступаў на Ўсесаюзным форуме дзекабрыстазнаўцаў.

Можна было і не расказваць пра гэты прыкры выпадак. З кім не бывае. Сп. Букчын проста вырашыў выдаць жаданае за сапраўднае. Але выпадак з акадэмікам М.В. Нечкінай, а дакладней спекуляцыя імем цяпер памерлага выдатнага гісторыка ў сваіх карыслівых мэтах, на жаль, не адзіны ў творчай практыцы беларускага пісьменніка Сямёна Букчына. І гэта міжволі насцярожвае чытача, занепакоенага распаўсюджваннем такога сур’ёзнага „захворвання” на маладое пакаленне творцаў нашай краіны.

Мінск

Вячаслаў Афанасьеў


1 Букчин С. «К мечам рванулись наши руки». Минск, 1978. С. 58.
2 Русские писатели (1800-1917): Биографический словарь. Т. 1.Москва, 1989. С. 253-254.
3 Белинский В.Г. Полное собрание сочинений. Т. X. Москва, 1956.С. 360.
4 Декабристы: Биографический справочник. Москва, 1988.С. 120.
5 Исторические записки. №96. К 150-летию восстания декабристов. Москва, 1975.
6 Нечкина М.В. Движение декабристов. Т. 1. Москва, 1955.С. 376.
7 Букчин С. «К мечам рванулись наши руки». С. 101.
8 Нечкина М.В. Движение декабристов. Т. 1. С. 392.
9 Букчын С. Дзекабрысты на Беларусі // Помнікі гісторыі і культуры Беларусі. 1986. № 2.

Наверх

Tags: