Новы нумар


Weeks, Theodore R. Nation and State in Late Imperial Russia (Андрэй Кiштымаў)


WEEKS, THEODORE R. Nation and State in Late Imperial Russia: Nationalism and Russification on the Western Frontier, 1863-1914, Northern Illinois University Press 1996. 297.

Няма сумненняў, што гэтая манаграфiя, падрыхтаваная прафесарам гiсторыi унiверсiтэту Паўночнага Iлiнойса Тэадорам Ўiксам, яшчэ неаднаразова будзе аналiзавацца гiсторыкамi. Таму, адзначу адразу, дадзеная рэцэнзiя не прэтэндуе на канчатковы дыягназ. Сёння грунтоўная праца Т.Ўiкса гучыць вельмi актуальна. Распад СССР i нацыянальны рух, якi, вызвалiўшыся з-пад прэсу савецкага таталiтарызму, зноў зрабiўся гiстарычным фактарам не менш уплывовым, чым, напрыклад, эканамiчныя праблемы, вiдавочна стымулююць цiкавасць да пытання дзяржаўна-нацыянальных адносiнаў на мяжы сённяшняга i мiнулага стагоддзяў. Тым больш гэта датычыць па-дзей на той геапалiтычнай мяжы, якая ўжо шмат стагоддзяў аддзяляе Расiю ад заходнееўрапейскай цывiлiзацыi.

Гiсторыя шматнацыянальных дзяржаваў – надзвычай складаны аб’ект даследавання. Звычайна гiсторыкi спрашчаюць сабе задачу, iдучы альбо ад асобнага народа да дзяржавы (класiчны прыклад – шматлiкiя працы на тэму “Яўрэi ў Расii”), альбо гледзячы на праблему зверху, па формуле “Палiтыка самадзяржаўя па нацыянальным пытаннi”. Т.Ўiкс у сваёй манаграфii спалучае абодва гэтыя падыходы. Пры гэтым даследчык, не пазбегнуўшы складанасцяў абодвух падыходаў разам, сустракаецца з новымi – комплекс адносiнаў памiж тымi, хто не з’яўляўся “тытульнай нацыяй”. Усе гэтыя праблемы, якiя ўтвараюць шматпланавую дынамiчную сiстэму са сваёй скаданай ерархiяй у кантэксце адпаведных палiтычных, эканамiчных i культурных межаў, i сталi галоўнай тэмай даследавання Т.Ўiкса.

Аўтар паслядоўна разглядае змест паняццяў народ, дзяржава i нацыяналiзм у iмперыi Раманавых, погляды расiйскага грамадства ў яго асноўных палiтычных плынях на нацыянальнае пытанне (сацыялiсты, лiбералы, нацыянал-лiбералы, правыя нацыяналiсты), становiшча i палiтычныя рухi народаў на захадзе Расiйскай iмперыi (палякаў, яўрэяў, лiтоўцаў, украiнцаў, беларусаў, рускiх, i, больш сцiпла – немцаў, чэхаў i татараў), дзяржаўную палiтыку (пытанне аб увядзеннi земстваў у Заходнiх губернях, грамадскiя рэформы ў Царстве Польскiм, пытанне аб Холмскай губернi).

Даследчык даволi грунтоўна працаваў у архiвах Расii – Дзяржаўным архiве Расiйскай Федэрацыi (былым Цэнтральным дзяржаўным архiве Кастрычнiцкай рэвалюцыi) i Расiйскiм дзяржаўным гiстарычным архiве (былым Цэнтральным дзяржаўным гiстарычным архiве СССР). Наконт апошняга трэба адзначыць, што па-за ўвагай Т.Ўiкса чамусьцi засталiся такiя фонды вышэйшых камiтэтаў, як фонд “Заходняга камiтэта” (ф.1267) i фонд “Яўрэйскага камiтэта” (ф.1269). Няма ў спiсе выкарыстаных фондаў i фонда 1334 з матэрыяламi аб рэвiзii 1910 г. сенатара Б.Н.Нэйдгарта ў Прывiслянскiм краi i Варшаўскай вайсковай акрузе, але гэты недахоп кампенсуецца знаёмствам з дзвюма друкаванымi справаздачамi па вынiках гэтай рэвiзii.

Архiвы Беларусi, Лiтвы, Украiны сярод тых, якiмi карыстаўся аўтар, не пазначаны.

Як недарэчнасць, адзначым наяўнасць ажно двух Бела-стокаў на карце, змешчанай на с.155.

У рэцэнзаванай манаграфii аўтар дае не толькi шырокае гiстарычнае палатно, але i асобныя гiстарычныя партрэты. Такi прыём вельмi дарэчны там, дзе размова iдзе пра вялiкiя гiстарычныя структуры -дзяржаву i народы. Гiстарычны парадокс: нацыянальная палiтыка з’яўляецца самай “масавай” палiтыкай. Яна закранае тысячы i мiльёны людзей незалежна ад iх эканамiчнага, сацыяльнага, культурнага i рэлiгiйнага статуса. У той жа час, гэтая палiтыка i выпрацоўваецца, i мае свае наступствы менавiта на асабовым, iндывiдуальным узроўнi. На наш погляд, несумненны iнтарэс уяўляюць прыведзенныя ў кнiзе палiтычныя характарыстыкi В.I.Гурко i П.Д.Святаполк-Мiрскага.

Вядома, што рэцэнзента ў першую чаргу цiкавiла асвятленне Т.Ўiксам “беларускага пытання”. Трэба адзначыць, што Беларусь i беларусы сустракаюцца на старонках манаграфii не вельмi часта, значна саступаючы падрабязнаму i дэталёваму аналiзу польскага i яўрэйскага пытанняў. Так, тут няма iмёнаў братоў Луцкевiчаў i Iваноўскiх, В.Ластоўскага, наогул не згадваецца нiводнага прозвiшча дзеячоў беларускага руху, як няма i згадкi пра iншых, без каго сёння не прамiне нiводны беларускi гiсторык, рызыкнуўшы ўзяцца за тэму палiтычнай гiсторыi Беларусi на мяжы апошняга i сённяшняга стагоддзяў. Няма “Нашай Нiвы”, як i iншых беларускiх выданняў. Не знойдзем i iмя Калiноўскага – iмя амаль што знакавага для беларускага гiстарычнага мiфа. У прынцыпе, гэта лагiчна, паказальна i зразумела, улiчваючы як геаграфiчныя рамкi, зададзеныя аўтарам, так i той гiстарычны рэзананс, у тым лiку i рэакцыю царызму, якi выклiкала кожнае нацыянальнае пытанне паасобку. Таму беларускае пытанне неяк i згубiлася сярод iншых.

Дададзiм i наступнае. Кожны даследчык, а замежны – асаблiва, якi падступае да тэмы, пачынае з вывучэння ўжо на-друкаванага, з гiстарыяграфii. I калi яна бедная, то наўрад цi можна чакаць ад яго паглыбленага разгляду тэмы лакальнай у дачыненнi да планаванай сiнтэтычнай працы. Вось ён, вынiк аднабаковасцi айчыннай гiстарыяграфii – дарэмна спадзявацца, што нехта iншы будзе лепш ведаць тое, у даследаваннi чаго мы самi робiм першыя крокi. На жаль, у беларускай свядомасцi пакуль што не вельмi добра замацавалася простая выснова – у чужых вачах наша гiсторыя выглядае па-iншаму.

У назве i змесце манаграфii Т.Ўiкса ў якасцi вызначальных прысутнiчаюць словы русiфiкацыя i нацыяналiзм. Менавiта вакол гэтых паняццяў сканцэнтраваны гiстарычныя разважаннi аўтара. Але, калi ў адносiнах да беларусаў i, магчыма, украiнцаў выкарыстанне тэрмiна “русiфiкацыя” i будзе гiстарычна карэктным, то ў дачыненнi да палякаў сiтуацыя была прынцыпова iншай. На наш погляд, тут адбывалася не русiфiкацыя, а сутыкненне двух нацыяналiзмаў – вялiкадзяржаўнага рускага i польскага. Апошнi, у сваю чаргу, не менш напружана ставiўся да яўрэйства. Старонкi, прысвечаныя гэтай праблеме, – адно з найбольш цiкавых месцаў манаграфii Т.Ўiкса.

Менавiта ў аблiччы нацыяналiзму палiтычная сiстэма самаўладдзя атрымала першы гiстарычны выклiк, якi iшоў знутры. Толькi пазней, ды i то не заўсёды, гэты выклiк нацыяналiзму быў дапоўнены выклiкам чыста палiтычным, выклiкам новай сiстэмы еўрапейскай дэмакратыi. Тады крызiс вырашыла першая сусветная вайна, пасля якой на палiтычнай карце Еўропы з’явiлiся новыя нацыянальныя дзяржавы. Т.Ўiкс падкрэслiвае ў “Заключэннi”, што i цяпер “нацыянальнае пытанне” на тэрыторыi былой Расiйскай iмперыi застаецца “адкрытым”. Таму “магчыма, прыклад познеiмперскай Расii засцерагальны” для сучасных палiтыкаў.

Менск

Андрэй Кiштымаў

Наверх

Tags: , ,