Новы нумар


Зміцер Дрозд. Кніга дзесяцігоддзя


* Улада і грамадства: БССР у 1929–1939 гады: у дакументах Сакрэтнага аддзела / Асобага сектара ЦК КП(б)Б / cкладальнік, аўтар прадмовы ІРЫНА РАМАНАВА. Вільня: Логвінаў, 2019. 1120 c.

Менавіта такое вызначэнне я даў бы гэтай кнізе. І не толькі таму, што яе храналагічныя рамкі – роўна дзесяцігоддзе. Думаю, што не будзе перабольшаннем сказаць, што за апошнія гадоў дзесяць (а то і больш) у Беларусі не выдавалася нічога падобнага.

Гэта разумееш, як толькі бярэш у рукі зборнік дакументаў “Улада і грамадства: БССР у 1929–1939 гады: у дакументах Сакрэтнага аддзела / Асобага сектара ЦК КП(б)Б”, што выйшаў у 2019 г. Выданне не толькі выглядае салідна (цвёрдая вокладка, фармат 200 × 280 мм, 1120 старонак), але і не расчароўвае сваім зместам. У кнізе апублікавана 803 дакументы з фонду ЦК КП(б)Б, які захоўваецца ў Нацыянальным архіве Рэспублікі Беларусь. Да зняцця грыфа “Совершенно секретно” і адкрыцця доступу да іх у архіве большасць з гэтых дакументаў бачылі некалькі чалавек: высокі чын з міністэрства, які адправіў дакумент, ды сакратар ЦК камуністычнай партыі Беларусі. На большасці стаяць штампы «Совершенно секретно. Серия “К”… Подлежит возврату в Секретный отдел ЦК КП(б)Б», часта дадаецца пазнака “Только лично”.

Яшчэ больш уражвае той факт, што гэтая праца выканана не Інстытутам гісторыі і нават не калектывам аўтараў, а адным чалавекам. І тут мы зноў павінны выкарыстоўваць часавы паказчык “дзесяцігоддзя”. Гісторык, кандыдат гістарычных навук, прафесар Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта Ірына Раманава аддала гэтай капітальнай кнізе два дзесяцігоддзі – праца над ёй пачалася яшчэ ў канцы ХХ ст.

У “Прадмове” І. Раманава дае такую характарыстыку цалкам прагледжанаму ёю фонду: “Дакументы Сакрэтнага аддзела (1923–1933 гг.) і Асобага сектара ЦК КП(б)Б (1934–1941) у Нацыянальным архіве Рэспублікі Беларусь знаходзіліся ў партыйным фондзе (Ф. 4П), але былі выдзелены ў асобны вопіс (вопіс № 21). У дадзеным вопісе НАРБ па міжваенным перыядзе захавалася 2618 спраў, з іх па перыядзе 1929– 1939 – 1754” (3). Гэты вопіс у 2011 г. быў уключаны ў агульны вопіс № 1, з пераменай нумарацыі спраў. Складальніцы пад час працы над зборнікам большасць з гэтых амаль 2000 спраў давялося заказваць, вывучаць, перапісваць нумарацыю спраў і спраўджваць набраны тэкст 2-3 разы. Пры гэтым зборнік не складзены па прынцыпе “ўсё запар”. У яго ўвайшлі толькі найбольш каштоўныя і цікавыя дакументы, што склала невялікую частку з усяго набранага. Аб’ём праведзенай працы ўражвае, бо толькі імянны паказальнік на чатыры паласы займае 20 старонак дробным шрыфтам.

Большасць дакументаў апублікавана цалкам. Усе купюры маюць каментары, якія коратка характарызуюць іхзмест. Гэта (не кажучы пра аб’ём) выгадна адрознівае названую кнігу ад зборніка “НКВД в Западной Беларуси: cентябрь – декабрь 1939 г.” [1], які выйшаў у гэтым жа годзе: у ім купюры ніяк не тлумачацца і, больш за тое, пасля аналізу іх зместу можна прыйсці да высновы, што зроблены яны па ідэалагічных прычынах [2]. Кожны пропуск у дакументах, апублікаваных І. Раманавай, растлумачаны: “Апушчана інфармацыя па Украіне, Ніжняволжскаму краю, Заходняй вобласці”, “Апушчана інфармацыя па Заходняй Сібіры; дадзеныя па арыштах, здзейсненых органамі АДПУ па СССР за крадзеж і незаконны гандаль хлебам” (110).

Складальніца адзначае, што праз абмежаваны аб’ём выдання ёй давялося адмовіцца ад падрабязнага каментавання дакументаў. Зробленыя каментары паказваюць толькі выхадныя звесткі і важныя асаблівасці дакумента (копія, падкрэсліванне, выкрэсліванне, асаблівыя адзнакі, колер алоўка, табліца і г. д.). Суправаджальныя не публікуюцца асобна, а ўваходзяць у склад самога дакумента. Несумненна, навуковае каментаванне кожнага з дакументаў сур’ёзна павысіла б навуковую вагу гэтай працы, спрасціла б жыццё чытачоў і ў той жа час значна павялічыла б аб’ём і без таго немаленькага выдання. Да такіх жа нязначных недахопаў папяровай версіі можна аднесці адсутнасць геаграфічнага паказальніка. Але пры запланаваным аўтарам электронным выданні традыцыйныя паказальнікі ўвогуле страчваюць сэнс. Пры гэтым трэба адзначыць, што Ірына Раманава выканала вялікую і карпатлівую працу пры складанні імяннога паказніка. Ён зроблены ў пашыраным варыянце, г.зн. паўсюль дзе магчыма складальніца спрабавала ідэнтыфікаваць згаданых у дакументах людзей, каб пад адным прозвішчам не сустракаліся розныя асобы [3]. Гэта істотна спрашчае пошук канкрэтнага чалавека сярод іншых з такім жа прозвішчам. Праўда, падобная ідэнтыфікацыя не заўсёды магчымая, бо ў большасці дакументаў даецца толькі прозвішча без дадатковай інфармацыі.

У аснову апублікаванага корпуса дакументаў ляглі “пастановы і цыркуляры ЦК УсеКП(б) і ЦК КП(б)Б; рэзалюцыі пленумаў; выпіскі з пратаколаў пасяджэнняў Бюро і сакратарыята ЦК, парткалегіі ЦКК, пасяджэнняў акружкамаў, гаркамаў, райкамаў; дакладныя запіскі раённых, абласных, акружных камітэтаў партыі, а таксама дакладныя запіскі ЦК КП(б)Б у ЦК УсеКП(б), перапіска ЦК КП(б)Б як з Масквой, так і з мясцовымі рэгіянальнымі структурамі; пратаколы пасяджэнняў мабілізацыйнай тройкі пры ЦК КП(б)Б; матэрыялы кантрольнай камісіі ЦК; даклады рознага роду камісій, як прысланых з Масквы для вывучэння абставін на Беларусі, так і пасланых Мінскам на месцы; перапіска па асабістым складзе; матэрыялы ЦВК і СНК, наркаматаў (НКЗ, НКЮ, НКА і інш.) і ведамстваў (у тым ліку суда, пракуратуры, міліцыі); дакументы аб мерапрыемствах па ўмацаванні мяжы і пагранічных раёнаў, аб мабілізацыйна-абароннай працы, па БВА; агляды эканамічнага стану і палітычнага становішча; дакладныя запіскі ДПУ-НКУС, а таксама ЦК КП(б)Б аб працы органаў НКУС, паказанні арыштаваных органамі НКУС; лісты, заявы і скаргі грамадзян у газеты, у ЦК КП(б)Б і дакументы да іх разгляду, а таксама дакументы па сакрэтным справаводстве і акты на знішчэнне сакрэтных дакументаў і інш.” (3–4).

Такі падбор самых разнастайных дакументаў дазваляе атрымаць поўную карціну пра рэальнае становішча ў БССР 1929–1939 г. Гэтая рэальнасць часта не толькі перакрэслівае віртуальную, створаную ў савецкіх СМІ, але і паказвае схаваныя механізмы многіх з’яў, “народных волевыяўленняў”, якія нам вядомыя толькі па сваёй “надводнай частцы”. Напрыклад, як ішоў збор “добраахвотных” подпісаў пад лістом таварышу Сталіну або як правяраліся, зацвярджаліся або адхіляліся кандыдаты ў Саветы. У дакладныхзапісках з НКУС гучаць сотні галасоў нашых суайчыннікаў, сабраных і запісаных сакрэтнымі інфарматарамі і агентамі. І гэта рэальнае стаўленне людзей да савецкай улады: «Работница Орловская при этом заявила: “Вчера одна женщина утопилась. Скоро я тоже утоплюсь, ибо один выход. Зарабатываю 70–80 руб. в месяц. Все дорого. У меня четверо детей, и голодные, и холодные. Я не могу на них смотреть, и чем мне мучиться, на них глядя, я решила лучше покончить с собой. Вот до чего довела Советская власть”.

Рабочий войлочной фабрики Волчок говорил: “Пустьпридет холера на наших руководителей за такие порядки. Работать уже нет сил, издохнешь у станка”» (498).

«Вечером 2.Х–39 г. единоличник деревни Пастовичи КАЗЯБО Александр среди единоличников говорил: “Все, что говорят докладчики на собраниях –это вранье. Никаких достижений в деревне мы не имеем. Скоро Германия вместе с Италией разобьет Францию и Англию, а потом пойдет войной против Советского Союза и уничтожит Советскую власть, так как наши войска с немцами не способны воевать. Нашим красноармейцам не за что защищать Советский Союз, где разорили их дома, семьи находятся без крова, отобрали землю, даже негде сена для коровы накосить. Я на выборы раньше не ходил и теперь в предстоящих выборах не буду участвовать, так как в Советском Союзе мне не за что голосовать”» (483–84).

Ірына Раманава адзначае: «Дакладныя запіскі, інфармацыйныя зводкі і агляды, тэматычныя даведкі, што прадстаўляліся вузкаму службоваму колу вышэйшага дзяржаўнага і партыйнага кіраўніцтва, рэгулярна збіраліся ў маштабах усёй БССР і шырэй – СССР. Улада была зацікаўлена ў маніторынгу грамадскіх настрояў і сама ініцыявала паток такіх дакументаў. “Маніторынгам” займаліся і органы ДПУ-НКУС, і камітэты партыі, і палітаддзелы МТС, і заезджыя чыноўнікі, і іншыя. Прадстаўленне аднатыптных дакладных у адказ на запыт цэнтра з нагоды канкрэтных падзей дазваляе кваліфікаваць іх як масавую крыніцу, што надае ім асаблівую навуковую каштоўнасць. Перад намі сапраўды ўнікальныя дакументы, якія, нягледзячы на тое што іх стварэнне было ініцыявана, адрозніваюцца вялікай дакладнасцю і прадстаўляюць панараму таго, што адбывалася на лакальным узроўні. Натуральна, у інфармацыі аб падзеях і настроях насельніцтва тлумачэнні і ацэнка насілі аднабаковы, зададзены зверху характар (усё зводзілася да варожай дзейнасці кулакоў, антысавецкіх, контррэвалюцыйных сілаў), але самі зводкі дазваляюць нам пачуць голас “маленькіх людзей” і даюць уяўленне аб іх рэальным становішчы, аб ацэнцы імі таго, што адбывалася» (4).

І гэтыя галасы маленькіх людзей, сабраныя ў разнастайных дакладных запісках, сёння ўражваюць не менш, чым “поліфанічная проза” кніг нобелеўскай лаўрэаткі Святланы Алексіевіч. Яны абвяргаюць штампы пра ўсенародную любоў насельніцтва да бальшавікоў і адсутнасць супраціву, тлумачаць ход многіх гістарычных падзей. Напрыклад, катастрафічнае становішча Чырвонай Арміі ў пачатку Вялікай Айчыннай вайны, калі мільёны грамадзян здаліся ў палон або дэзерціравалі. У апублікаваных дакументахмы неаднаразова чытаем: хутчэй бы вайна, каб японцы, палякі або немцы знішчылі ўладу бальшавікоў. Сотнямі галасоў пацвярджаецца дзяленне грамадства на “мы” (народ) і“яны” (улада). На разгляданае дзесяцігоддзе прыпадае самая крывавая вайна паміж двума гэтымі сіламі. Яна ішла ў кожным доме, вёсцы, цэху, арганізацыі…

Пасля дзесяцігоддзя савецкай улады ў БССР далёка не ўсіх атрымалася абалваніць бальшавіцкай прапагандай. Людзі не верылі ўладзе, не верылі газетам: “Что же ваша лишняя газетная и журнальная брехня о коллективах, если этого нигде нет, чтобы написанное в газетах проводилось в жизнь местными организациями. Вот за это и не любят крестьяне выписывать газеты, что они брешут то, чего не видят сотни и тысячи темных масс. Товарищи, вы найдете из сотни 10 крестьян, которые только будут одобрятьрайонные и окружные руководящие органы, а остальные, как мне известно, относят все даже к худшему, чем при старом времени жилось крестьянам” (17). “Это не народная власть, а банда, которая все делает без всяких законов, берет, дерет, что у кого видит. Так дальше жить нельзя, одно из 2-х: или наша гибель, или перемена власти” (79) і да т. п.

Улада хлусіла, не бачыла рэальнага становішча народа. Мы ведаем, да чаго ўрэшце гэта прывяло, калі вялікія масы адмовіліся абараняць уладу і сустракалі акупантаў як вызваліцеляў. Такім чынам, названы зборнік дакументаў будзе карысны палітыкам і прадстаўнікам улады як захаваны вопыт цэлага дзесяцігоддзя гвалту над народам.

Складальніца не толькі публікуе асобныя дакументы, але часта звязвае іх у асобныя блокі або мінідаследаванні ў рамках усяго корпуса дакументаў. Мы можам прасачыцьход пэўнай кампаніі, убачыць статыстыку ў яе пачатку і ў канцы, рэакцыю на яе народных мас. Усе дакументы адсартаваныя па шасці тэматычных раздзелах, у якіх вытрымліваецца храналагічны парадак:

I. Вёска: супрацьстаянне ўлады і сялянства (321 дакумент); II. Горад: структурызацыя і рэгламентацыя жыцця гараджан (68 дакументаў); III. Нацыянальныя меншасці і ўлада (40 дакументаў); IV. Рэлігія: вернікі і ўлада (36 дакументаў); V. Улада і культура (143 дакументы); VI. Рэпрэсіі: ад адрасных да масавых (196 дакументаў).

Тут назіраецца некаторая нераўнамернасць раздзелаў, і адна тэма вёскі складае больш за трэць зборніка (470 старонак). Выкажу здагадку, што гэта выклікана асабістай цікавасцю даследчыцы да пэўнай тэматыкі. Магчыма, мела сэнс стварыць асобны раздзел, які ілюстраваў бы ініцыяванне, правядзенне і кантроль дзяржавай розных кампаній (выбары, перапіс насельніцтва, абмеркаванні ліста Сталіну або падрыхтоўка Канстытуцыі), агульных як для вёскі, так і для горада. Тым больш што І. Раманава згадвае пра такія кампаніі: «Дадзены зборнік утрымлівае цэлы шэраг дакладных такога роду з месцаў з нагоды правядзення розных кампаній, напрыклад, пры прапрацоўцы закрытага ліста “Урокі падзей, звязаных са зладзейскім забойствам Кірава” (дак. І: 168, 174; ІІ: 31, 33), пры зборы подпісаў пад “Лістом т. Сталіну ад беларускага народа” (дак. І: 202–204). Значную колькасць такога роду дакументаў даў насычаны на падзеі 1937 г.: дакладныя аб настроях вакол правядзення Усесаюзнага перапісу насельніцтва (дак. І: 218–220, 226, 227, 252; ІV: 11–12), вялікай колькасці сходаў і мітынгаў з нагоды паказальных судоў у Маскве над паралельным трацкісцкім цэнтрам (дак. VI: 37, 42), над Тухачэўскім, Якірам, Убарэвічам (дак. VI: 53, 54), прыняцце новай Канстытуцыі БССР (дак. I: 201, 205, 206), падрыхтоўка да выбараў у Вярхоўны Савет (дак. I: 270–274), самі выбары (дак. I: 275–277), правядзенне падпіскі на заём (дак. I: 208, 210, 211) і інш.» (4).

Унікальнасць апублікаваных дакументаў у тым, што многія арыгіналы, якія знаходзяцца ў архівах арганізацый-адрасантаў, якія іх стварылі (КДБ, МУС, МА і г. д.), да гэтага часу недаступныя даследчыкам. У сувязі з гэтым адзначу раздзел “Рэпрэсіі: ад адрасных ды масавых”, дзе ўпершыню апублікаваны дакументы, якія істотна ўзбагацяць нашы веды пра сталінскі тэрор.

Напрыклад, тут ёсць інфармацыя пра асаблівы корпус, створаны ўнутры турмы НКУС у Менску, дзе ўтрымліваліся арыштанты, ужо прысуджаныя да расстрэлу. Ад іх чэкісты дамагаліся паказанняў на сотні ні ў чым не вінаватых грамадзян: «По договоренности с НАСЕДКИНЫМ бывш. нач. 3 отдела НКВД БССР ГЕПШТЕЙН на лиц, осужденныхпо 1-й категории составлял особый список для оставления на неизвестное время, после чего лица, приговоренные по вышеуказанной категории, переводились в специальный корпус тюрьмы НКВД БССР, где подвергались систематическому избиению, истязанию и другим пыткам. В связи с тем к моменту получения приказа Наркома ВнутреннихДел СССР тов. БЕРИЯ, запрещающий приводить в исполнение решения Двойки и Тройки, остались невыполненными решения на 109 человек» (1005). Або: «Вследствие вышеизложенных физических и садистских мер воздействия на арестованных, из акта от 10.V–939 года обследования показаний, полученных в Особом Корпусе от арестованныхуже приговоренных к ВМН и оставленных ГЕПШТЕЙНОМ, видно, что ГЕПШТЕЙН этим преследовал цель, чтобы от каждого арестованного получить показаний как можно больше, на большое количество людей, что и делалось. К примеру, из проверенных допрошенных арестованных в Особом корпусе –38 человек (которые дали показания уже после приговора к ВМН), дали показания на 3489 человек, из них –ЮЗЕФОВИЧ С. И. дал показания на 183 человека, ШНЕЙДЕР Я. А. –на 193 человека, ТАРАШКЕВИЧ Б. А. – на 249 человека, СПОРИХИН –на 241 человека, ЖИЛИНскИЙ Ф. Ф. –на 244 человека и т. д.» (1066).

Пра расстрэл вязняўужо пасля загаду з Масквы наконт забароны прывядзення ўвыкананне прысудаўда ВМП: «Начальник Витебского Областного Управления НКВД, капитан гос. безопасности РЯДНОВ 2 декабря 1938 г. привел в исполнение приговора Тройки к ВМН на 25 человек, причем акты о приведении приговоров в исполнение оформил задним числом, т. е. 22 ноября 1938 г., чем РЯДНОВ совершил подлог» (995). «В январе м-це 1939 г. была арестована и предана суду ВТ группа работников НКВД БССР: пом. наркома Внутренних дел БССР СТОЯНОВСКИЙ, нач-к 1-го Спецотдела НКВД БССР РОЗКИН, нач-к Могилевского Облотдела НКВД ЯГОДКИН, нач-к Полесского Облотдела КАУФМАН, нач. Витебского Облотдела НКВД РЯДНОВ, его заместитель ВЛАСОВ и нач. 3-го отд. Витебского Обл. отдела НКВД ЛЕВИН. Указанные лица после получения решения ЦК ВКП(б) и СНК СССР от 17.Х1–38 и приказа НКВД СССР за №00762 от 26.Х1–38 г. расстреляли 371 чел., решения в отношении которых были отменены и дела подлежали доследованию» (1055).

Аб прымяненні масавых катаванняў, напрыклад “парилок”: «По распоряжению ТАРАКАНОВА в камере, рассчитанной на содержание 7–8 человек, содержалось до 70 человек (так называемая “парилка”), где арестованные могли только стоять, многие впадали в обморочное состояние, но приводились в чувство и вновь помещались в эту же камеру, пока не давали следствию требуемых показаний с вымышленными признаниями своей контрреволюционной деятельности. В 1938 г. в результате такого содержания умерло 23 человека следственных заключенных» (1043) і г. д.

Увядзенне ў навуковы зварот сотняў апублікаваных упершыню дакументаў, якія цыркулявалі ў самых высокіх колах савецкай улады ў БССР толькі для сваіх і былі доўгі час зусім недаступнымі для гісторыкаў, безумоўна, стане салідным падмуркам для дзясяткаў тэматычных даследаванняў. Тое, што тэмы рэпрэсій, калектывізацыі, індустрыялізацыі, увогуле эфектыўнасці таварыша Сталіна “як менеджара” і да т. п. сёння знаходзяцца ў цэнтры ўвагі не толькі навукоўцаў, але і грамадскасці, робіць зборнік “Улада і грамадства: БССР у 1929–1939 гады” неабходным і для сотняў аўтараў, што пішуць на гэтыя тэмы. Аб’ектыўная рэальнасць, адлюстраваная ў гэтых дакументах, здольная разбурыць многія камуністычныя штампы. Напрыклад, што “пры Сталіне быў парадак”. Развязаная ім грамадзянская вайна выклікала рост злачыннасці, які выліўся ў сапраўдны разгул бандытызму. Супрацьстаянне ў вёсцы суправаджалася ўзброенай барацьбой з савецкай уладай, якую ўвасаблялі сельскія актывісты, старшыні і работнікі калгасаў і сельсаветаў, зборшчыкі падаткаў, селькоры, што заканчвалася шматлікімі забойствамі і раненнямі. Сёння, калі сталіністы і камуністы прагнуць рэваншу, вядуць псеўданавуковую прапагандысцкую працу, у тым ліку накіраваную супраць прызнання месцаў масавых расстрэлаў і пахаванняў ахвяр НКУС Курапатаў і Катыні, зборнік дакументаў гэтага перыяду мае высокае грамадска-палітычнае значэнне.

Праведзеная прафесарам І. Раманавай праца мае вялікае значэнне не толькі ў навуковым і грамадска-палітычным сэнсе, але і ў адукацыйна-папулярызацыйным. За апошнія дзесяцігоддзі ў Беларусі стала амаль аксіёмай фраза: “Архівы закрытыя!”. Гэта тычыцца толькі ведамасных архіваў КДБ, МУС, Міністэрства абароны і інш. Але названыя міністэрствы і ведамствы рэгулярна давалі справаздачы аб сваёй працы сакратару ЦК КП(б) Беларусі. Да гэтага часу ўсе гэтыя дакументы былі мала вядомыя даследчыкам. Пра гэта казаў на прысвечаным тэме сталінскіх рэпрэсій і Курапатаў “круглым стале” былы дырэктар Дэпартамента па архівах і справаводстве Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь, кандыдат гістарычных навук Уладзімір Адамушка: «Збіраючыся на гэты “круглы стол”, я правёў маніторынг у Нацыянальным архіве і паглядзеў, хто працаваў па гэтай тэме. Акрамя нябожчыка прафесара Платонава, вашага пакорлівага слугі і яшчэ двух-трохчалавек, там ніхто ў апошнія гады не быў. А матэрыялы ў гэтым архіве, паверце, не менш цікавыя, чым у архівахспецслужбаў. Ідзіце, вывучайце. Але перш чым крытыкаваць гэтыя крыніцы, з імі трэба пазнаёміцца” [4]. Сярод тых“ двух-трох чалавек” у большасці спраў на аркушах выкарыстання, без сумневу, ёсць подпіс Ірыны Раманавай. А кніга “Улада і грамадства: БССР у 1929–1939 гады: у дакументахСакрэтнага аддзела / Асобага сектара ЦК КП(б)Б” выступае доказам, як шмат можа зрабіць нават адзін чалавек, калі ён будзе дзесяцігоддзі мэтанакіравана працаваць і рухацца да вызначанай мэты. Колькі часу цяпер спатрэбіцца нам, гісторыкам, каб вывучыць, асэнсаваць і ўвасобіць гэтыя веды ў сваіх навуковых і публіцыстычных артыкулах?


[1] НКВД в Западной Беларуси: сентябрь – декабрь 1939 г.: документы и материалы / сост.: В. Д. Селеменев, А. Р. Дюков (руководители), А. Ф. Великий, Л. Д. Жуковская, Ю. В. Зверев, Н. В. Кириллова, Т. И. Лин, Ю. В. Матусевич, М. Н. Скоморощенко; ред. колл.: Д. Г. Воропаев, А. К. Демянюк, А. Р. Дюков, В. И. Кураш, В. Д. Селеменев, М. Н. Скоморощенко; рец. доктор ист. наук О. Б. Мозохин. Минск – Москва: Фонд “Историческая память”, 2019. 384 с.
[2] Дрозд Д. Рецензия на сборник документов “НКВД в Западной Беларуси. Сентябрь – декабрь 1939 г.” // Осведомительной сетью выявлены. 2-я танковая бригада в Западной Беларуси по спецсообщениям особого отдела НКВД: сб. документов и материалов. Серия: Архивы КГБ / авт.-сост., ред., коммент., доп. матер. – Д. Дрозд. Вильнюс: Белорусский документационный центр, 2020. 204 с. С. 127–134.
[3] Напрыклад на с. 1085: Казлоў 415, 462, 467, 557, 561, 628, 836, 969; Казлоў А. 265; Казлоў Георгій Кірылавіч 1057, 1058; Казлоў Дзмітрый 449; Казлоў Іван 433, 434, 909; Казлоў Мікалай Сямёнавіч 810; Казлоў П. 1058; Казлоў Савасцян 956; Казлоў Сямён 140; Казлоў Фама 660; Казлоў Якаў 956.
[4] История должна нас объединять [Электронный ресурс] //СБ Беларусь сегодня. 28 февраля 2017. Режим доступа: https://www.sb.by/articles/istoriya-dolzhna-nas-obedinyat.html. Дата доступа: 13.04.2020.

Наверх

Tags: ,