БЕЛАРУСКІ ГІСТАРЫЧНЫ АГЛЯД
НАВУКОВЫ ЧАСОПІС

Генадзь Сагановіч. «Жаласны плач горада Полацка»


Пра тое, што захоп Полацка маскоўскім царом 15 лютага 1563 г. быў і далёка ў Еўропе ўспрыняты як вялікая трагедыя і адлюстраваны ў многіх першых нямецкiх газетах (Zeitungen), або так званых «лятучых лiстках» (Flugblätter, Flugschriften), ужо неаднакроць пісалася і ў беларускіх выданнях[1]. Аднак, хоць цэлая група „лятучых лісткоў» прысвечана непасрэдна фрагменту ўласна беларускай гiсторыi, гэтыя вельмi iнфарматыўныя помнiкi, даўно даследаваныя нямецкiмі i польскiмі спецыялістамі[2], у беларускую гiстарыяграфiю толькі ўводзяцца.

Трагедыi найстарэйшага беларускага горада прысвечана агулам 10 асобных iнфармацыйных лiсткоў, якія пабачылі свет у 1563 г. у асноўным у гарадах Нюрнберг, Аўгсбург i Любек. Гэта восем друкаваных і дзве рукапiсныя «газеты». Цяпер іх арыгiналы захоўваюцца ў Бiблiятэцы герцага Аўгуста ў Вольфэнбютэль, у Цэнтральнай бібліятэцы Цюрыха (фонд Wickiana), у Нацыянальнай бібліятэцы ў Вене, у Расійскай нацыянальнай бiблiятэцы ў Санкт-Пецярбургу. Інфлянцкую вайну Iвана IV у цэлым i тагачасныя падзеi на тэрыторыі ВКЛ кранае, як вызначыў прафесар Андрэас Капэлер, каля 50 нямецкiх «лятучых лiсткоў», што выйшлі ў свет памiж 1561 i 1582 г[3]. Так што месца Полацка ў гэтай інфармацыйнай карціне асаблівае.

„Лятучы лісток» з назвай: «Вельмi страшная навіна пра Маскавiта…» — гэта вершаванае апавяданне пра полацкую трагедыю, напiсанае Ёганам Райнгардусам у Караляўцы непасрэдна пасля захопу Полацка маскоўскім царом. Як і большасць „лісткоў» пра Полацк, яно выйшла ў нюрнбергскай друкарнi Нiкласа Кнора ў 1563 г., а праз год было там жа перавыдадзена.

Галоўная частка паслання — вершаваны «Жаласны плач горада Полацка». У творы апавяданне вядзецца ад персаніфікаванага Полацка, i перажытая ім трагедыя трактуецца як справядлiвая Божая кара за яго грахi. Сярод маральных павучэнняў аўтар згадвае і рэальныя падзеi (такія, як вывад вялікага палону, разрабаванне горада і інш.).

Прапаную чытачам пераклад „Вельмі страшнай навіны пра Маскавіта…» на сучасную беларускую мову. Арыгінал помніка захоўваецца ў Цэнтральнай бібліятэцы Цюрыха. За яго копію шчыра дзякую прафесару Андрэасу Капэлеру (Вена). За дапамогу ў перакладзе са старанямецкай асабліва ўдзячны прафесару Паўлу Копаневу (Мінск), які, на жаль, нядаўна пакінуў гэты свет.

Міласціваму і найвучонаму Давыду,

майму сябру і дарагому брату

Эрфурцкі калегіум манахаў-аўгустынцаў

Божай міласцю і воляю Ісуса Хрыста

Дарагі мой браце,

У імя нашай братняй любові не магу не паведаміць табе пра новую жахлівую вестку, якая некалькі дзён таму прыйшла з Літвы, блізкай да Прусіі, а менавіта як Маскавіт сапраўды з вялікім войскам уварваўся ў згаданую зямлю і за кароткі час заваяваў і падпарадкаваў Полацк — высакародны купецкі горад і цвердзь. Там учыніў ён жахлівыя забойствы і тыранію. Гэткія пакуты Бог міласціва не адвёў ад Полацка. Падобнага нападу на нашую зямлю перад гэтым мы чакалі тут, у Прусіі. Пра пакуты, якія перажыў заваяваны Полацк, я склаў простыя вершы-плачы і перасылаю іх табе, просячы, каб ты і ўсе іншыя набожныя хрысціяне сардэчна памаліліся Богу, нашаму вернаму памочніку, каб Ён надалей быў літасцівы да нас, каб адводзіў заслужаную Божую кару ад нас, нікчэмных грэшнікаў, і як айцец наш духоўны праяўляў да нас міласэрнасць. Амінь. З гэтым усяго добрага табе. І суцеш нашага састарэлага бацьку.

Дадзена ў Караляўцы ў Прусіі ў святы дзень Дзевы Марыі,

у год 1563.

Т[вой]Л[любімы]Б[рат] Ёган Райнгардус

Вельмі страшная навіна пра Маскавіта, які некалькі дзён назад з дзікім тыранствам захапіў і падпарадкаваў Полацк — высакарод ны горад і фартэцыю Літоўскай зямлі ў Польскай Кароне.

Вершы-плачы,

складзеныя

Ёганам Райнгардусам з Гравінгеліума ў годзе 1563.

Жаласны плач горада Полацка

Палюбіў мяне Бог ўсім сэрцам

І быў літасцівы да мяне,

Даўшы цела мне і жыццё,

Мір у сэрцы падараваў.

Разумець адсюль трэба было —

Кожны Бога мусіў бы славіць.

Але я пагрэбаваў гэтым,

Дні іначай мае пацяклі —

У абжорстве і буйным п’янстве.

Ліхвяром я зрабіўся і скнарам,

Што распуснічаў і падманваў

Столькі, колькі сабе жадаў,

Не задумваўся нават ніколі,

Што сказаў бы пра гэта Бог.

З-за таго, што я каяўся мала,

У пакутах цяпер нязносных.

Апынуўся ў такім няшчасці,

Што і выказаць немагчыма.

І усё, што было маім тут,

Жорсткім ворагам адабрана.

Мая жонка у муках і дзеці,

І ўсе, хто ні быў са мною.

Перажыць тут усім давялося

Шмат вялікага гора і жалю!

Адным кроў праліваць прыйшлося,

Ды і іншым не больш шанцавала.

Ў ланцугі закаваных, многіх

Гоняць шляхам далёкім, цяжкім.

Быць сярод Маскавітаў — о не!

Ім нявольніцтва наканавана,

На іх цяжка глядзець, іх чакаюць

Там мучэнні, а потым і смерць.

А ты, фанабэрлівы грэшнік,

Бяссільны цяпер і прыніжаны.

Багацце тваё адабранае,

І ты ўжо яго не вернеш.

Каб Бог лепш наслаў на мяне чуму,

А потым вярнуў у свет гэты, —

Не быў бы я болей такім,

Так засмучаным доляй сваёю.

Бо цяпер столькі гора і смутку

Давялося пазнаць майму сэрцу.

Я ў руінах увесь і паранены,

І ні грошай не стала, ні золата.

Сапраўды, і думаць не думаў,

Што абдзеліць так Бог мяне ўвагай.

О, такі Яго гнеў на мяне спаў,

Што жыцця ручаіна ўсыхае.

Ах, каб я раней эпітым’ю пазнаў,

Не было б мне цяпер так блага.

Абвязаўся б я мехам, каб попелу ўзяць,

Галаву ім пасыпаць сваю.

Горка каяўся б я за грахі мае,

Не ўчыніў бы мне вораг такога,

І лепшай была б мая доля.

О гора мне, гора! Ох і ох!

Калі б зоры усе маглі гаварыць,

А іх мовай дажджынкі сталі,

І яны не змаглі б усё расказаць

Пра пакуты мае цяпер.

І калі б ля мора пясок увесь

Раптам мову сваю набыў,

І лістота змагла гаварыць, і трава —

Ўсё, што Бог на зямлі стварыў,

Нават ім не ўдалося б усё расказаць

Пра няшчасце, што йдзе ў мой дом.

І не дзіўна, што плачу я горка так,

Над бядоццем сваім стаю,

І цяпер яго ясна бачу.

Кнехтаў нямецкіх мне адабраў

Вораг, і гандаль, і права.

На месца маё можа кожны стаць,

Ды прадбачыць ніхто не зможа.

Ад няшчасця майго, у якім цяпер,

Не магу уцячы нікуды.

Адвярнуў Бог аблічча сваё,

І не чуе мяне зусім,

Толькі ўстану я, як хілюсь далоў,

Павярнуся і — адвярнуся зноў.

Ні падтрымкі ў мяне, ні рады няма,

З-за учынкаў маіх дурнотных.

Іх сам у сабе не пабачыў я,

Вось і пакінуты быў.

Кожны рупліва мусіць жыць,

Каб няшчасця такога не ведаць.

Тое, што мне давялося спазнаць,

Ўсяму свету раблю вядомым,

А ў Прускай зямлі асабліва, там

Пра гора маё ўжо начуты.

Трыумфуе вораг вельмі цяпер,

І Нямеччына мусіць баяцца.

Ўсё гучней раздаецца раскаяння плач,

За грахі твае, Полацк, рыданні.

Трэба Божае слова старацца ўчуць,

А пачуўшы — ў душы яго несці,

І у сэрцы верным застацца,

І жыць на зямлі паводле яго,

Тады плённымі стануць справы.

Бо калі хто да Бога звяртаецца,

Міласэрнасць вялікую мае.

Калі ж чыняць наадварот —

Праліваецца кроў людская.

Няхай правяць на добрае ўлады,

Бароняць, што трэ’ бараніць,

За грахі хай людзей караюць,

Толькі веру ў спакоі пакінуць.

Каб набожнасць магла красавацца,

Мір на зямлі панаваць павінен.

Падданыя ж мусяць у згодзе быць

Уладзе сваёй паслухмянымі.

Таму што кіруе імі сам Бог,

Праз мудрасць сваіх запаветаў.

Дзеці павінны старанна

Слухаць бацькоў сваіх,

Бо кажа аб гэтым наш мілы Бог

У запаведзі чацвёртай.

Асабліва бацькам у гісторыі той

Бог пакінуў сваё настаўленне.

Павінны дзіцё сваё бацька і маці

Гадаваць сапраўды паслухмяным

Да Бога і ў спачуванні.

Ці будзеш ты кнехтам, ці нянькай —

Пакліканы несці службу,

Адданым будзь веры і ўладару

Бо сам Бог за табою сочыць,

Які ўзнагародзіць, як прыйдзе час,

За вернасць вялікаю платай.

І гэтак паўсюль, рабі толькі так,

Каб Богу магло падабацца.

Тады Бог адкіне розгі ў агонь,

Адверне кару і ганьбу,

Якія цябе яшчэ знойдуць,

Калі ты яшчэ не з Богам

І з грэхам вялікім жывеш.

О, я сапраўды няшчасны горад,

Памагу табе вернай парадай.

Параўняцца варта са мною

Каб стала карыснай навука.

Паляпшайце стараннем, сумленнем,

Жыццё сваё марнае, грэшнае.

Адкідайце, о добрыя людзі,

Сёння ж сваю цямрэчу,

І з Божым святлом ідзіце,

Вам лепшай парады не будзе!

Хай чыніцца кожным старанна

Жыццё у спагадзе і жалю.

Не піць і не жэрці празмерна,

Як продак рабіў наш Адам.

Пільнуецца кожны заўжды хай

Гаючае добрае меры.

Тады свет жаночае ласкі

Пашле і вам літасць. Амінь.

Надрукавана ў Нюрнбергу Нікласам Кнорам

Тытульная старонка „лятучага лістка“
„Вельмі страшная навіна
пра Маскавіта…“

Пачатак вершаванага „Жаласнага плачу
горада Полацка“

Тытульная старонка „лятучага лістка“
з выявай захопу Полацка маскавітамі


[1] Витебская Старина. Изд. А.Сапунов. Т.IV. Ч.1. Витебск, 1885; Максiмовiч Р. «Навiны грозныя» 1563 году. Да гiсторыi зачаткаў беларускiх газэтных выданьняў // Запiсы Беларускага Інстытуту Навукi i Мастацтва. Кн.4. Мюнхен, 1966. (перадрук: Спадчына, 1994. №3). Белы А. Полацк у нямецкіх „лятучых лістках» ХVI ст. // Спадчына. 1997. №6. С.213—219; Сагановіч Г. Захоп Полацка Iванам IV у нямецкiх «лятучых лiстках» 1563 г. // Матэрыялы III міжнароднай канферэнцыі «Гісторыя і археалогія Полацка і Полацкай зямлі». (Полацк, 21—23 кастрычніка 1997 г.). Полацк, 1998.
[2] Гл.: Kappeler A. Ivan Groznyj im Spiegel der ausländischen Druckschriften seiner Zeit. Ein Beitrag zur Geschichte des westlichen Russlandbildes. Bern, 1972; ён жа, Die deutschen Flugschriften über die Mockowiter und Iwan den Schrecklichen im Rahmen der Russlandliteratur des 16. Jahrhunderts // Russen und Russland aus deutscher Sicht 9.—17. Jh. Hrsg. von M.Keller. 2 Aufl. München, 1988; Auerbach I. Russland in deutschen Zeitungen (16. Jahrhundert) // Russen und Russland aus deutscher Sicht 9.-17. Jh. München, 1988; Pirożyński J. Z dziejów obiegu informacji w Europie XVI wieku. Nowiny z Polski w kolekcji Jana Jakuba Wicka w Zürychu z lat 1560—1587 // Zeszyty naukowe Uniwersytetu Jagiellońskiego, MCLIV. Prace Historyczne, 1995. Z.115; Zawadski K. Gazety ulotne polskie i Polski dotyczące XVI—XVII wieku. Bibliografia. T.1: 1514-1661. Wrocław, 1977; ён жа, Polonica in den neuen Zeitungen des 16.—18. Jahrhunderts in den Herzog August Bibliothek // Zeszyty naukowe Uniwersytetu Jagiellońskiego, MCXXXVIII. Prace Historyczne, 1994. Z.3.
[3] Kappeler A. Ivan Groznyj im Spiegel der ausländischen Druckschriften seiner Zeit. Ein Beitrag zur Geschichte des westlichen Russlandbildes. Bern, 1972. S. 159.

Наверх

Тэгі: ,