БЕЛАРУСКІ ГІСТАРЫЧНЫ АГЛЯД
НАВУКОВЫ ЧАСОПІС

Марына Сакалова. Да мэтадалёгіі аналізу грамадзка-палітычных рухаў / Артыкул


Актуальнасьць гістарычна-мэтадалягічнага аналізу сыстэмы грамадзка-палітычных рухаў абумоўленая шэрагам прычынаў. Сярод ix адной з фундамэнтальных ёсьць крызысны стан сучаснай гістарычнай навукі. Яго часам спрабуюць тлумачыць тым, што гістарыяграфія доўгі час мусіла разьвівацца ў рамках марксысцкай парадыгмы, калi шматлікія галіны мінулага выключаліся з поля зроку дасьледчыкаў, а тое, што вывучалася, цярпела ад скажэньняў. Пэўная рацыя ў такіх развагах ёсьць. Але прычына ня толькі ў гэтым. Пасьля адмаўленьня ад мэтадалёгіі марксызму гісторыкі пачалі падазрона ставіцца да ўсіх формаў тэорыі i апынуліся ў палоне фэтышызацыі першакрыніц. Яны быццам забыліся, што гістарычнае дасьледаваньне ня можа мець каштоўных вынікаў без рэфлексіяў на прадмет структураваньня эмпірычных дадзеных, магчымага толькі ў рамках пэўнай тэорыі. Як ведама, пабудова тэорыі — гэта распрацоўка канцэптуальнага апарату i ўсталяваньне адносінаў паміж паняцьцямі, г. зн. пабудова сыстэмы паняцьцяў. Калі ж дасьледчык ня ўлічвае неабходнасьці такой рэфлексіі, не ўдакладняе сэнсу паняцьцяў, якімі карыстаецца, даходзіць да тэрміналягічнай блытаніны, што можа абумовіць размываньне, нявызначанасьць i нават страту прадмета дасьледаваньня. Менавіта такая сытуацыя, на наш погляд, склалася ў галіне вывучэньня гісторыі грамадзка-палітычны рухаў: адсутнасьць адпаведнага канцэптуальнага апарату шкодзіць карэктнаму навуковаму аналізу i адэкватнай рэканструкцыі гэтых рухаў.

Характэрнае для нашай сытуацыі i тое, што працы па гісторыі грамадзка-палітычных рухаў уяўляюць зь сябе ў асноўным публікацыю й абагульненьне новых эмпірычных дадзеных. Клясычныя эмпірычныя падыходы быццам атрымалі другое дыханьне дзякуючы новым галінам дасьледаваньня (прыкладам, гісторыя лібэральных ці нацыянальных партый i г. д.). Але i ў ix магчымасьці экстэнсіўнага разьвіцьця хутка вычарпальныя (калі не лічыць гістарычным дасьледаваньнем выяўленьне ўсё новых дробных i найдрабнейшых фактаў, што маюць значэньне толькі для гістарычнага краязнаўства), — паўстае ілюзія поўнай вывучанасьці прадмета. Менавіта такая ілюзія прывяла да таго, што гісторыі грамадзка-палітычных рухаў надаецца так мала ўвагі: здаецца, праблематыка тут практычна вычарпана. Але на самой справе вычарпаныя толькі магчымасьці вузка-эмпірычнага i дагматычнага марксысцкага падыходу да фэномэну.

Так што пабудова цэласнай тэорыі грамадзка-палітычных рухаў у гістарычнай навуцы дастаткова актуальная. Яна можа мець эўрыстычнае значэньне. Пэўным набліжэньнем да такой тэорыі можа лічыцца варыянт злучэньня абстрактна-лягічнага аналізу i канкрэтна-гістарычнай рэканструкцыі сыстэмы грамадзка-палітычных рухаў, які й прапануецца да ўвагі. У рамках існуючай тэрміналёгіі такі падыход прынята называць гістарычна-мэтадалягічным аналізам.

Пры дасьледаваньні пэўнага аб’екта (зьявы, падзеі, працэсу) гісторык ня можа аднолькава ахапіць усе яго бакі. Бяруцца некалькі бакоў (элемэнтаў) аб’екта, якія замяняюць, прадстаўляюць увесь шматбаковы фэномэн i фармуюць прадмет дасьледаваньня. Аднаму аб’екту можа адпавядаць некалькі розных прадметаў дасьледаваньня, таму колькі б мы ні рухаліся ў эмпірычнай сфэры, колькі б ні заходзілі з розных бакоў, рэальная структура аб’екта застаецца нявытлумачанай. Каб выявіць яе, патрабуюцца іншыя, не эмпірычныя прыёмы i спосабы аналізу[1].

Сучасная мэтадалёгія прапануе дзеля такога выпадку дастаткова распрацаваныя мэтады сыстэмнага аналізу. Згодна зь яго патрабаваньнямі, для перадачы складаных зьяў выкарыстоўваецца некалькі тэорый-моў апісаньня сыстэмы. Колькасьць гэтых моў павінна быць мінімальнай, але дастатковай для дасягненьня мэты. Шматбаковасьць i шматслойнасьць сацыяльнай рэальнасьці вымагае выбару некалькіх тэорый-моў — у адпаведнасьці з предметам i мэтамі досьледу[2]. Разам з тым, гэтыя тэорыі вызначаюць аб’ект дасьледаваньня, выяўляюць яго межы i канфігурацыю (адсюль i назва сукупнасьці моў апісаньня сыстэмы — канфігуратар).

Калі мець на ўвазе аднаўленьне структуры i эвалюцыі грамадзка-палітычных рухаў у пэўны час, канфігуратар павінен складацца з моў сацыялёгіі, паліталёгіі i сацыялінгвістыкі. У гэтым выпадку тэорыя эканамічных адносін, на наш погляд, не зьяўляецца неабходнай. Эканоміка — канчатковая, але не непасрэдная дэтэрмінанта грамадзкага быцьця; у рэальнай гісторыі грамадзтва цэнтральнае становішча займаюць сацыяльныя супольнасьці i ix узаемадачыненьні.

Мовы сацыялёгіі i паліталёгіі дазваляюць ажыцьцявіць вельмі важныя мэтадалягічныя працэдуры: 1) распрадмечваньне паняцьця «грамадзка-палітычны рух», яго абстрактна-лягічны аналіз, які дае магчымасьць распазнаць пэўнае мноства элемэнтаў, частак прадмета дасьледаваньня; 2) вызначэньне адносін на выяўленым мностве элемэнтаў, якое прыводзіць да аб’яднаньня частак такім чынам, што паўстае нешта новае, тое, чаго не было й не магло быць без аб’яднаньня, — зьяўляюцца новыя прадметныя паняцьці, якія дазваляюць больш поўна i карэктна апісаць сыстэму грамадзка-палітычных рухаў[3]. Пры гэтым неабходна памятаць, што размова йдзе не пра рэальны аб’ект (у якім, вядома, ня могуць зьявіцца новыя якасьці), а пра навуковы прадмет, інтэлектуальны артэфакт.

Гісторыкі цэлага сьвету да гэтага часу спрачаюцца наконт выкарыстаньня мэтадаў паліталёгіі, сацыялёгіі i іншых сацыяльных навук у мэтах рэканструкцыі i дасьледаваньня мінулага. Многія аспрэчваюць канструктыўнасьць такога падыходу. Мы ж лічым дастаткова абгрунтаваным пункт гледжаньня ангельскага гісторыка Э.Хобсбаўма, які пісаў, што «аналітычныя мадэлі гэтых навук атрыманы ў ix найбольш грунтоўнай i найбольш сыстэматызаванай форме менавіта з дапамогаю абстрагаваньня ад гістарычнай зьменлівасьці… i забясьпечваюць нас добрымі мэтафарамі, паняцьцямі i тэрмінамі, даюць адпаведныя сродкі для ўпарадкаваньня сабранага матэрыялу»[4]. Сапраўды, сучасныя паняцьці сацыялёгіі дапамагаюць гісторыку пабудаваць схему зараджэньня i рэканструяваць мэханізм функцыяваньня сацыяльнага руху як такога, а мова паліталёгіі забясьпечвае нас неабходнымі тэрмінамі для аналізу палітычных рухаў.

Нельга, вядома, ператвараць гістарычнае дасьледаваньне ў спраектаваныя ў мінулае паліталёгію ці сацыялёгію. Пазьбягаць гэтага на ўзроўні мэтадалягічнай рэфлексіі дазваляюць, па-першае, пэўныя працэдуры сацыялінгвістыкі, па-другое, гермэнэўтычны прынцып дасьледаваньня гісторыі сацыяльных зьяў. Лінгвістычны аналіз патрэбны гісторыку пры распрадмечваньні паняцьцяў, ідэальных канструктаў, якія ён выкарыстоўвае пры вывучэньні мінулага. За гэтымі паняцьцямі ўжо, як правіла, цягнецца шлейф асацыяцыяў з пабытовага ўжытку. Гісторыкі мусяць карыстацца тымі словамі, якімі карысталіся суб’екты гісторыі. Сацыялінгвістычныя працэдуры дазваляюць узнавіць гісторыю фармаваньня такіх ідэалягем, як рэвалюцыя, лібэралізм, сацыялізм i інш., дзякуючы чаму адкрываецца магчымасьць вытрымаць гермэнэўтычны прынцып дасьледаваньня: паняцьці, якімі карыстаецца гісторык, мусяць мець рэальную сувязь з тэорыямі дзейных суб’ектаў, ix сыстэмай каштоўнасьцяў, а тлумачэньне павінна ажыцьцяўляцца праз асэнсаваньне культурнага багацьця, засвоенага суб’ектамі, дзейнасьць якіх дасьледуецца.

Такім чынам, да таго, як пачаць апісаньне сыстэмы грамадзка-палітычных рухаў пэўнага пэрыяду, гісторыку належыць вырашыць траякую задачу: аднавіць значэньне паняцьцяў у акрэсьлены час, выявіць ix сучасны зьмест у тэорыях, якія складаюць канфігуратар сыстэмы, i зьвесьці дадзеныя аналізу. Гэта робіць магчымым канструяваньне тэрмінаў, якія, нягледзячы на тэндэнцыю да «расплываньня»[5], будуць усё ж захоўваць межы прадмета i таму мець эўрыстычную каштоўнасьць. Зьмест ідэалягем, якімі карыстаецца гісторык грамадзкіх i палітычных рухаў, зьмяняўся i па-рознаму інтэрпрэтаваўся суб’ектамі гістарычнага працэсу. Таму дасьледаваньне будзе карэктнае толькі ў тым выпадку, калі разам з сучаснымі дэфініцыямі гісторык улічыць i іхныя ўяўленьні, а ня будзе абмяжоўвацца самаінтэрпрэтацыяй.

Мы засяродзімся тут пакуль у асноўным на першым кроку мэтадалягічнага аналізу — на распрадмечваньні паняцьця «грамадзка-палітычны рух».

Пад грамадзкім рухам у сучаснай навуцы разумеюць супольнае імкненьне людзей да рэалізацыі агульнай мэты; гэтае агульнае імкненьне выяўляецца ў дзейнасьці прадстаўнікоў якой-небудзь адной ці некалькіх сацыяльных групаў, скіраванай на забесьпячэньне групавых грамадзкіх інтарэсаў i зьмяненьне сацыяльнага становішча ўдзельнікаў руху[6]. Паколькі сацыяльны рух так ці йнакш выстаўляе свае патрабаваньні дзяржаве, ён заўсёды ў большай ці меншай ступені палітызаваны. Апрача палітычнай арыентацыі ў такіх рухах заўсёды неабходна вылучаць уласны зьмест. У прыватнасьці, здараецца, што сацыяльны зьмест руху мае прагрэсіўны характар (напрыклад, сацыяльная справядлівасьць ці паляпшэньне ўмоў жыцьця), a палітычная арыентацыя набывае рэакцыйны характар. Як прыклад можна разглядаць рамантычны нацыяналізм. Для большасьці людзей удзел у грамадзкім руху абмяжоўваецца выяўленьнем сымпатый ці падтрымкай руху без непасрэднага ўдзелу ў дзейнасьці фармальных арганізацый, што яго рэпрэзэнтуюць.

Ад грамадзкага руху трэба адрозьніваць масавыя зьявы, калі члены якой-небудзь супольнасьці (клясы ці сацыяльнай праслойкі) уласнымі сіламі шукаюць сродкі для задавальненьня сваіх патрэбаў i вырашэньня сытуацыі, якая выклікала ix непакой. Іншымі словамі, у адрозненьне ад грамадзкага руху масавая зьява — гэта проста сума падобных учынкаў, а ня дзейнасьць, накіраваная на рэалізацыю супольнай мэты. Такое вызначэньне грамадзкага руху зьмяняе звычайныя ўяўленьні пра сацыяльную прастору. Напрыклад, масавыя сялянскія ці рабочыя выступленьні перастаюць быць галоўным прадметам дасьледаваньня (хоць яны, вядома ж, уплывалі на сацыяльныя адносіны, арганізацыі й структуры, г.зн. зьяўляліся адным з фактараў грамадзкага разьвіцьця), а дзейнасьць розных грамадзкіх арганізацый, літаратурных гурткоў, таварыстваў пісьменнасьці i г.д. патрабуе падрабязнага вывучэньня i аналізу.

Грамадзкія рухі — галоўная лінія дэтэрмінацыі палітычнага быцьця. Таму можна пагадзіцца з вызначэньнем палітычных рухаў у шырокім сэнсе як палітычных працэсаў, зьвязаных з сацыяльнай дзейнасьцю масавых групаў насельніцтва, актывізаваных па той ці іншай прычыне. Мэтаю гэтай дзейнасьці есьць зьмена існуючых умоў або ix замацаваньне праз уплывы на ўрад (дзяржаўныя інстытуты). Палітычныя рухі, як i грамадзкія, характарызуюцца масавасьцю i спантаннасьцю. Гэтым яны адрозьніваюцца ад інтэлектуальна-ідэалягічных, якія ахапляюць параўнальна невялікія, хоць часта i вельмі ўплывовыя элітарныя групы. Інтэлектуальна-ідэалягічныя рухі могуць прадвызначаць, прадказваць палітычныя, але першыя ніколі не бываюць тоесныя з апошнімі. Таму, напрыклад, пры аналізе лібэральнага ці сацыялістычнага руху неабходна адрозьніваць лібэральны i сацыялістычны ідэалы як такія, тэорыі й ідэалёгіі, у аснове якіх ляжаць гэтыя ідэалы, а таксама сацыяльныя псыхалягічныя настроі i лад думак, адлюстраваныя ў саманазве тых ці іншых удзельнікаў руху. Самаінтэрпрэтацыя пэўнай супольнасьці як лібэральнай, кансэрватыўнай ці сацыялістычнай можа мець дачыненьне да розных стадыяў разьвіцьця ды формаў грамадзкага i палітычнага руху. Кожная палітычная традыцыя ў стане існаваць у форме як масавага настрою, так i ідэйнага руху, як палітыкі кіраўнічай эліты, так i палітычнага руху. Гэта скрайне важна ўлічваць, каб пры карэктным аналізе грамадзка-палітычнага руху ўнікнуць тэрміналягічнай блытаніны. Дасягненьне ж гэтага магчыма толькі на аснове ўзнаўленьня мэханізмаў нараджэньня грамадзкага i фармаваньня палітычнага руху.

У самай агульнай форме мэханізм паўставаньня грамадзкага руху можна рэпрэзэнтаваць наступным чынам. Пэўная частка людзей у грамадзтве ня мае магчымасьці задаволіць свае патрэбы (эканамічныя, культурныя, палітычныя), што выклікае незадавальненьне, фрустрацыі. Энэргія пераключаецца на барацьбу супраць існуючых (ці ўяўных) перашкодаў; зьяўляецца стан эмацыйна-псыхічнага дыскамфорту. Дзякуючы кантактам, асэнсаваньню агульнасьці свайго стану большасьцю людзей, эмацыйна-псыхічнае хваляваньне перарастае ў сацыяльнае. Апошняе выяўляецца ў дыскусіях у розных нефармальных колах (такімі нефармальнымі коламі могуць лічыцца i сьвецкія салёны, i нелегальныя гурткі навучэнцаў). Стан эмацыйнага хваляваньня — зыходны момант грамадзкага руху. Затым спантанна зьяўляюцца розныя формы агітацыі, дыскусіі i прапаганды, празь якія вынаходзяцца спосабы вырашэньня праблемаў, што выклікалі сацыяльнае хваляваньне. Усе гэтыя формы дзейнасьці ажыцьцяўляюць людзі, якія найвастрэй адчуваюць незадавальненьне ці валодаюць пэўнымі канцэпцыямі i ўяўленьнямі пра тое, што трэба зьмяніць, каб палепшыць сытуацыю. У выніку стыхійнай дзейнасьці паўстае асэнсаваньне агульнасьці мэтаў, фармуюцца гурткі i нефармальныя групы людзей, аб’яднаных гэтым асэнсаваньнем, адбываецца своеасаблівая самаарганізацыя грамадзкіх сілаў. Менавіта ў такіх трупах выдзяляюцца лідэры-ідэолягі. Аднак сацыяльнае кола застаецца яшчэ свабодным саюзам, заснаваным на кантактах вельмі слабой інстытуцыйнай сувязі, пазбаўленых устойлівых адносінаў паміж яго членамі. Гэтыя колы маюць свой цэнтар аб’яднаньня i пэўную дамінуючую індывідуальнасьць, пад уплывам якой фармуюцца погляды i ўстаноўкі. Функцыя такіх колаў — абмен меркаваньнямі; яны ня дзейнічаюць, не прымаюць рашэньняў, ня маюць выканаўчага апарату. Ix грамадзкае значэньне ў фармуляваньні i прадстаўленьні на абмеркаваньне індывідам пытаньняў для выпрацоўкі поглядаў.

Сацыяльныя колы i нефармальныя гурты, што паўсталі спантанна, ствараюць мэтавыя групы для рэалізацыі агульных мэтаў i здабываюць сродкі для арганізацыі пэўнай дзейнасьці. Так даходзіць да аб’яднаньняў, якія маюць сваё кіраўніцтва, свае статуты i правілы, што рэгулююць ix дзейнасьць. На гэтым этапе канчаткова зацьвярджаецца прызнаны большасьцю лідэр руху, зьяўляюцца i разрастаюцца інстытуцыялізаваныя формы руху. Такім чынам, гісторыя разьвіцьця грамадзкага руху (якім бы ні быў яго зьмест) — гэта перш за ўсё працэс зьмены розных формаў аб’яднаньня індывідаў: сацыяльнае кола, нефармальная група, мэтавая трупа, арганізацыя[7].

Як ужо адзначалася вышэй, зьмест сацыяльнага руху часта зьвязаны з пэўнымі палітычнымі традыцыямі, канкрэтным увасабленьнем якіх зьяўляюцца палітычныя плыні. Палітычныя плыні фармуюцца ў працэсе ідэалягізацыі пэўных сацыяльных i палітычных праблемаў (якія імкнуцца вырашыць i грамадзкія рухі), ix суаднясеньня з канчатковымі каштоўнасьцямі, адлюстраванымі ў мове дадзенай палітычнай культуры.

Палітычныя плыні больш устойлівыя, чым сацыяльная база, на якой яны паўстаюць; яны здольныя перажыць яе распад i аднаўленьне. Прыкладам, у другой палове XIX ст. у аснове грамадзка-палітычных рухаў ляжалі лібэральны, сацыялістычны й кансэрватыўны ідэалы. Прынцыпы лібэральнага ідэалу — сэкулярызм, свабода i захаваньне асноўных непарушных правоў чалавека, зьвядзеньне да мінімуму ролі дзяржавы ва ўсіх сфэрах грамадзкага, палітычнага й эканамічнага жыцьця. Сутнасьць сацыялістычнага ідэалу — бясклясавае грамадзтва, заснаванае на грамадзкай уласнасьці на асноўныя сродкі вытворчасьці. Кансэрватыўны ідэал грунтуецца на прынцыпах натуральнага права, непарыўнасьці традыдый, што сягаюць да продкаў, імкненьні да захаваньня «арганічных» асноў грамадзкага жыцьця.

Лібэральная палітычная традыцыя склалася як масавая (хоць i ня выявілася ў адзіным руху) рэакцыя на спробы адрадзіць духовыя (хрысьціянскі клерыкалізм) i сацыяльныя (прынцып станавай іерархіі) асновы «старога парадку» пасьля буржуазных рэвалюцый. Кансэрватыўная i сацыялістычная палітычныя традыцыі фармаваліся як рэакцыя на грамадзкія зрухі, выкліканыя ўсталяваньнем буржуазнай лібэральнай эканомікі i вынікамі прамысловых рэвалюцый. Тэрміны «кансэрватызм» i «сацыялізм» зьявіліся ў дваццатых гадох XIX ст. Слова «сацыялізм» пачало ўжывацца ў блізкім да сучаснага сэнсе пасьля 1825 г. (раней яно ўжывалася як антытэза да слова «індывідуалізм»). У 1826 г. у Англіі ўпершыню быў выкарыстаны тэрмін «сацыялісты» для азначэньня прыхільнікаў Оўэна, у 1832 г. у Францыі сацыялістамі сталі называць прыхільнікаў Сэн-Сімона, Фур’е i тых, хто крытыкаваў існуючую сыстэму камэрцыйнага спаборніцтва ды выступаў зь ідэямі новага жыцьця, заснаванага на калектыўным кантролі. Тэрмін «камунізм» як ідэнтычны тэрміну «сацыялізм» упершыню выкарысталі К.Маркс i Ф.Энгельс (раней камунізмам называлі pyx дзеля заснаваньня камунаў з агульнай уласнасьцю i роўным разьмеркаваньнем). Тэрмін «кансэрватызм» быў першы раз ужыты дзеля апісаньня палітычных поглядаў i практычных мераў, прынятых у Францыі пасьля зьвяржэньня Напалеона. Адтуль ён у 20-х — 30-х гадох XIX ст. распаўсюдзіўся па Эўропе, a ў 40-х — i ў ЗША[8].

Такім чынам, працэдура распрадмечваньня дазволіла вызначыць наступныя элемэнты сыстэмы: грамадзкія рухі, масавыя зьявы, сацыяльнае кола, нефармальная група, мэтавая група, арганізацыя, інтэлектуальна-ідэалягічны pyx, палітычны pyx, палітычная плынь, палітычная традыцыя, а таксама гэтак званыя ідэалягемы: сацыялізм, камунізм, лібэралізм. Гэта калі гаворка йдзе пра грамадзка-палітычныя рухі XVII-XIX ст. У XX ст. гістарычна, сацыяльна й палітычна фармуецца радыкальная «чацьвертая ідэалёгія» ў розных варыянтах: фашызм, шавінізм, «новыя правыя», папулісцка-нацыяналістычныя тыраніі, на Ўсходзе — ідэалёгія «тэрарыстычнай альтэрнатывы» лібэральным каштоўнасьцям[9].

Аднак задачай гісторыка ёсьць дасьледаваньне гісторыі аб’екта. У тэрмінах сыстэмнага аналізу гісторыя аб’екта — гэта працэс пераходу ад аднаго стану да другога, зьмест якога ўвасабляе ўсталяваньне новай (у параўнаньні з папярэдняй) узаемасувязі кампанэнтаў. Тады наступным этапам зьяўляецца пабудова генэтычнай пары. Гэты крок па-сутнасьці ёсьць пераходам ад абстрактна-лягічнай схемы да пачатку канкрэтна-гістарычнага дасьледаваньня. Кал i пры гэтым дасьледчыку патрэбна ўзнавіць працэс нараджэньня аб’екта (зададзены вынік працэсу), то ён, натуральна, павінен знайсьці той стан, які можа быць зыходным пунктам працэсу. Наадварот, калі задача ў тым, каб узнавіць працэс разьвіцьця аб’екта (зададзены зыходны пункт працэсу), дасьледчык мусіць у першую чаргу адшукаць той стан, які можна разглядаць у якасьці выніку працэсу. Наколькі правільна да аднаго (зададзенага) стану сыстэмы падбіраецца другі, неабходны для атрыманьня «генэтычнай пары» разьвіцьця, паказвае далейшае дасьледаваньне: як ведама, працэс разьвіцьця можна ўзнавіць толькі ў выпадку праўдзівасьці такога выбару[10].

На сучасным этапе разьвіцьця нашай гістарычнай навукі аналіз грамадзка-палітычных рухаў у Беларусі XIX ст. варта пачаць са спробы ўзнавіць працэс нараджэньня аб’екта, г. зн. зыходзіць з пэўнага выніку разьвіцьця сыстэмы. Тады асновай пабудовы «генэтычнай пары» можа стаць рэвалюцыя 1905-1907 г., бо сапраўднае палітычнае самавызначэньне розных клясаў пачалося толькі з канца 1904 г., a асноўныя палітычныя партыі Расейскай імпэрыі аформіліся ў гэты пэрыяд. I менавіта пасьля рэвалюцыі месца латэнтных інэртных групаў занялі высокасьведамыя i моцна палітызаваныя супольнасьці. Сыстэма грамадзкіх рухаў Беларусі ў гэты час была ўпісана ў сыстэму рухаў імпэрыі.

Аднак, кал i паўстае пытаньне вызначэньня зыходнага моманту разьвіцьця грамадзка-палітычных рухаў Беларусі, мэтазгодна было б унесьці карэктывы ў звыклую пэрыядызацыю. Для Расеі зыходным момантам можа лічыцца стан грамадзтва пасьля паразы ў Крымскай вайне. Найважнейшай асаблівасьцю сацыяльнай эвалюцыі гэтага пэрыяду зьяўлялася палітызацыя грамадзкага руху i ізаляцыя ўраду ад яго. У Беларусі ў гэты час сытуацыя была зусім іншая: паўстаньне 1830-1831 г., затым паўстаньне 1863-1864 г. i палітыка расейскага ўраду прывялі да таго, што грамадзкае i палітычнае жыцьцё тут доўгі час заставалася ў рамках супрацьстаяньня «польскага» i «расейскага» элемэнтаў, што безумоўна перашкаджала вызначэньню інтарэсаў розных сацыяльных групаў. Самаарганізацыя грамадзкіх суполак у «Северо-Западном крае» пачалася значна пазьней з прычыны ўведзенага ваеннага становішча (да 1880-х г.). Разам з тым, вытокі ідэалягічных i палітычных плыняў у беларускім грамадзтве трэба шукаць яшчэ ў канцы XVIII — пачатку XIX ст., у суплёце расейскіх i польскіх ідэйных уплываў.

Пералічаныя фактары надаюць працэсу эвалюцыі грамадзка-палітычных рухаў Беларусі такую спэцыфіку, што яго дасьледаваньне ў рамках i ў адпаведнасьці з пэрыядамі разьвіцьця аналягічных працэсаў у Расеі прыводзіць да істотных скажэньняў. Таму ўяўляецца патрэбным спачатку вызначыць агульныя рамкі: пачатак XIX ст. (канец напалеонаўскіх войнаў) — пачатак XX ст. (рэвалюцыя 1905-1907 г.). Калі пабудаваць такую «генэтычную пару» i прасачыць асноўныя тэндэнцыі разьвіцьця грамадзка-палітычных рухаў у Беларусі, зьявяцца магчымасьці выявіць пэрыяды, спэцыфічныя для гісторыі Беларусь i ўжо ў рамках гэтых пэрыядаў будзе працягвацца вывучэньне прадмета.

Вядома, канчатковыя веды па гісторыі сыстэмы грамадзка-палітычных рухаў могуць дасягацца толькі ў выніку канкрэтна-гістрычнага дасьледаваньня. Але фармуляваньне першапачатковай гіпотэзы — гэта важны этап рэканструкцыі ўсяго працэсу разьвіцьця аб’екта: яно надае дасьледаваньню неабходную мэтанакіраванасьць i структурнасьць.

TO METHODOLOGY OF ANALYSIS OF SOCIAL AND POLITICAL MOVEMENTS

The article deals with the problem of methodological analysis of the history of social movements in general and in Belarus in the XIXth century in particular. Before the investigation and reconstruction of the past one should distinguish the subject of investigation and the means of its description. The languages of sociology, politology and sociolinguistics give adequate concepts and metaphors to study such phenomena as social movement, political movement, mechanism of emergence of social movement, liberalism, socialism, democratism and etc. This background gives the possibility to distinguish chronological framework necessary to reconstruct the process of development of the Belarusan society from latent groups* to a civil society with numerous political and social strata.


[1] Щедровицкий Г. Проблемы методологии системного исследования. — Москва, 1964. С. 14, 28.

[2] Перегудов Ф., Тарасенко Ф. Введение в системный анализ. — Москва, 1989. С.291-294.

[3] Розин В. Методология и философия в современной интеллектуальной культуре // Вопросы методологии. — 1991. 2. С.16.

[4] Хобсбаум Э. От социальной истории к истории общества // Философия и методология истории. — Москва, 1977. С.285.

[5] Бибихин В. Язык философии. — Москва, 1993. С.46.

[6] Щепаньский С. Основные понятия социологии. — Москва, 1968. С.21; Социология. — Москва, 1992. Т.2. С. 166.

[7] Щепаньский С. Цыт. пр. С.211, 214; Вятр Е. Социология политических отношений. — Москва, 1979.

[8] Rugeerio G. The history of European Liberalism. — London, 1927; Shapiro S. Liberalism. — London, 1958; Conservatism // Encyclopedia Britanica. V.6. — London, 1969. P. 372-376; Cole G. History of Socialist Thought. — London, 1954.

[9] Чаликовэ В. Либерализм // Опыт словаря нового мышления. — Москва, 1991. С.274.

[10] Грушин Б. Очерки логики исторического исследования. — Москва, 1968. С.98-99.

Наверх

Тэгі: