Die polnische Heimatarmee: Geschichte und Mythos der Armia Krajowa seit dem Zweitem Weltkrieg. Im Auftrag des Militärgeschichtlichen Forschungsamtes herausgegeben von Bernhard Chiari unter Mitarbeit Jerzy Kochanowski (Сяргей Новікаў)
Die polnische Heimatarmee: Geschichte und Mythos der Armia Krajowa seit dem Zweitem Weltkrieg. Im Auftrag des Militärgeschichtlichen Forschungsamtes herausgegeben von Bernhard Chiari unter Mitarbeit Jerzy Kochanowski. R.Oldenbourg Verlang München 2003. 948.
Кніга ўяўляе сабой том навуковых артыкулаў польскіх, нямецкіх, беларускіх, амерыканскіх і англійскіх аўтараў, якія імкнуцца выявіць сутнасць складанага працэсу асэнсавання праблемы польскай Арміі Краёвай і яе гісторыі з часоў II сусветнай вайны. Асновай такога пошуку з’яўляўся прынцып актуальнасці навуковай праблематыкі і яе дыскусійнасці сярод навукоўцаў Польшчы, Нямеччыны і краін былога СССР. Менавіта такі падыход да навуковых матэрыялаў павінен, як адзначана ва ўступным артыкуле адказнага рэдактара, садзейнічаць „нямецкаму разуменню польскай нацыянальнай гісторыі“ (12).
Адкрываюць зборнік словы падзякі адказнага рэдактара, які звяртае ўвагу чытача на важнасць праведзенай работы „як вялікага гістарычнага праекта“ і пры гэтым заўважае, што мэтай было выданне „кнігі, а не зборніка артыкулаў“ (ХI).
Асноўны змест кнігі складаюць чатыры раздзелы, прысвечаныя асобным тэмам. Выданне пачынаецца кароткай прадмовай, у якой кіраўнік Цэнтра ваенна–гістарычных даследаванняў у Патсдаме доктар Йорг Дуплер адзначае, што гэтая кніга ўпершыню робіць даступнымі шырокай нямецкамоўнай аўдыторыі вынікі польска–беларускіх і англійска–амерыканскіх даследаванняў.
Ва ўступным артыкуле „Айчынная армія ў адлюстраванні польскай нацыянальнай ідэнтычнасці“ (1—25) нямецкі даследчык Бернгард К’яры спыняецца на гістарычных і гістарыяграфічных аспектах гісторыі Арміі Краёвай, кіраўніцтва якой у гады II сусветнай вайны ажыццяўляў польскі эміграцыйны ўрад спачатку з Францыі, а потым — з Лондана. Менавіта з гэтай амаль 400 000 арміяй звязана гісторыя польскага ваеннага супраціву. Б. К’яры канстатуе, што АК аб’яднала вакол сябе значную частку палітычна разрозненых падпольных арганізацый і „стала сінонімам ваенных поспехаў польскага падполля“. Калі да 1943 г. формамі барацьбы былі дыверсіі і разведка, дык на заключнай фазе — дзейнасць вялікіх ваенных фармаванняў. З лета 1944 г. Чырвоная Армія і савецкі НКУС пачалі разгром частак Арміі Краёвай. У рамках „чыстак“ быў арыштаваны і ліквідаваны кіроўны корпус, вайсковыя часткі раззброены ці ўключаны ў склад прасавецкіх фармаванняў. Аўтар ставіць перад сабой пытанні: чым у сапраўднасці была Армія Краёва і ў чым яе значэнне для палякаў і польскага грамадства як у ваенным, так і ў палітычна–маральным сэнсе? Нямецкі даследчык добра ўсведамляе, „наколькі складаным застаецца па сённяшні дзень абыходжанне палякаў з цэнтральнай тэмай сваёй ваеннай гісторыі ХХ ст.“ (3, 12). Ён зазначае, што прапанаваныя ў гэтым выданні навуковыя працы ўяўляюць сабой частку складанай дыскусіі, таму навуковыя артыкулы ператвараюць кнігу не столькі ў працу аб нейкім адным аспекце польскай гісторыі, колькі ў сведчанне пра пэўнае „абыходжанне з ёй“. Аўтар адзначае, што ў дачыненні да пасляваеннай гісторыі размова ідзе пра тое, якую ролю адыгралі „міфы аб Арміі Краёвай“ непасрэдна ў Польшчы, у посткамуністычнай Польшчы, а таксама ў нацыянальнай самасвядомасці і ў дзяржаўнай інсцэніроўцы.
Першы раздзел („Польская Армія Краёва і яе ваенна–гістарычнае поле“, 29—299) уключае матэрыялы, якія акрэсліваюць гістарычныя, арганізацыйна–структурныя і ваенныя рамкі праблемы. Пачынаецца раздзел навуковым артыкулам прафесара Фрайбургскага універсітэта Бернда Марціна „Бар’еры — масты — барыкады. Гістарычныя перспектывы нямецка–польскага суседства ў ХIХ—ХХ ст.“. Разглядаючы гісторыю адносін дзвюх краін і народаў, аўтар прыходзіць ад высновы пра неабходнасць „сумесных намаганняў“ пры пераадоленні „нацыянальна абумоўленых і гістарычна замацаваных ментальных бар’ераў“ (49).
Ганс–Юрген Бёмельбург — навуковы супрацоўнік Нямецкага Інстытута ў Варшаве — прапануе аналіз нямецкай палітыкі на акупаванай тэрыторыі Польшчы ў 1939—1945 г., зыходзячы пры гэтым з агляду „неабходнай літаратуры“ і вызначаючы новыя тэндэнцыі ў даследаванні нямецкай акупацыйнай палітыкі на тэрыторыі Польшчы ў гады II сусветнай вайны. Ванда Крысціна Раман прапануе чытачу гістарычны разгляд „палітыкі Савецкага Саюза ў дачыненні да ўсходніх тэрыторый Рэспублікі Польшча“ ці „крэсаў усходніх“, „польскіх усходніх абласцей“ у 1939—1941 г.“ Аўтарка падрабязна паказвае гістарычныя этапы правядзення палітыкі „савецкай акупацыі“ пасля 17 верасня 1939 г. (88), характарызуе яе на прыкладзе „саветызацыі“ анексаваных усходніх ваяводстваў (90), раскрывае сутнасць „грамадскай перабудовы“ (96), паказвае „супраціў і тэрор на анексаваных тэрыторыях“ (100), разглядае асаблівасці „дэпартацыі насельнітцва“ (104), а таксама выяўляе „перспектывы акупаваных і анексаваных польскіх тэрыторый“ (106). Аўтары абодвух артыкулаў звяртаюць увагу на неабходнасць аб’ектыўнага ўліку ўсіх гістарычных фактаў, якія сталі прычынай стварэння Арміі Краёвай, яе рашучай барацьбы супраць акупантаў і захавання ў памяці польскага народа пасля II сусветнай вайны.
Прафесар Ягелонскага універсітэта Гжэгаж Мазур у артыкуле „Саюз узброенай барацьбы — Армія Краёва“ падрабязна спыняецца на гісторыі фармавання вайсковага саюзу, разглядаючы розныя ўзброеныя групы, асновай якіх лічыліся „ўкамплектаваныя часткі“ колькасцю ад 35 да 54 чалавек. У аснове дзейнасці тэрытарыяльнай структуры АК ляжалі акругі, падпарадкаваныя непасрэдна галоўным камендатурам у Варшаве, Кракаве, Познані, Львове. Артыкул Марэка Ной–Крвавіч паказвае „сістэму і храналогію“ мерапрыемстваў польскага эміграцыйнага ўрада па кіраўніцтву Арміяй Краёвай (151—168). Служба інфармацыі і разведкі АК выконвала назвычай важную ролю ў барацьбе яе канспіратыўных структур. У гэтай сувязі выклікаюць цікавасць звесткі пра супрацоўніцтва польскай падпольнай разведкі і службаў брытанскай разведкі, якія атрымлівалі інфармацыю пра падрыхтоўку Нямеччынай найноўшага „ракетнага ўзбраення“ (182).
Пётр Колакоўскі з Памеранскай педагагічнай акадэміі даследуе пытанне аб раскрыцці польскага падполля савецкімі службамі разведкі і бяспекі на працягу 1939—1945 г. Ён разглядае гэта паэтапна: спачатку ва ўмовах „саветызацыі 1939—1941 г.“, потым пасля нападу Нямеччыны на Савецкі Саюз, на прыкладах паказу „барацьбы супраць незалежнага польскага падполля“, выяўлення ролі польскага камуністычнага падполля і, урэшце, пасля разгрому Чырвонай Арміяй „польскай падпольнай дзяржавы“ (205). Даследчык заключае, што савецкім службам бяспекі спатрэбілася каля трох месяцаў, ад студзеня да сакавіка 1945 г., для „амаль поўнай ліквідацыі“ польскага падполля. Увогуле за перыяд з лета 1944 да канца вясны 1945 г. савецкімі службамі бяспекі і „смершам“ было арыштавана 50 000 салдат Арміі Краёвай (216).
Найвышэйшай кропкай „антынямецкага супраціву палякаў у гады Другой сусветнай вайны“ прафесар Варшаўскага універсітэта Владзімеж Барадзей лічыць „Варшаўскае паўстанне“, якое працягвалася з 1 жніўня да 2 кастрычніка 1944 г., але пацярпела жорсткую паразу. Вынікам стала гібель вялікай колькасці паўстанцаў. Правесці дакладныя падлікі агульнай колькасці ахвяр Варшаўскага паўстання, заўважае аўтар, пакуль практычна немагчыма. Часцей за ўсё размова ідзе пра 150—180 тыс. загінулых, сярод якіх колькасць цывільных грамадзян складала амаль 90%. На думку аўтара, прычыны паражэння Варшаўскага паўстання неабходна шукаць „не ў ваеннай, а ў палітычнай галіне“ (217). Да ліку другой цэнтральнай ваеннай аперацыі, праведзенай кіраўніцтвам польскай Арміі Краёвай, аднесена і аперацыя „Бурса“. Пад такой назвай АК правяла важную аперацыю, добра падрыхтаваную і скаардынаваную, але безвыніковую. Аднак у тых умовах, калі ўдзельнікі аперацыі выяўлялі прыклады гераізму, гэта была „вельмі высокая цана“, сцвярджае ў сваім артыкуле аўтар матэрыялу — Гжэгаж Мазур. Хоць абедзве аперацыі і пацярпелі жорсткую паразу, аднак менавіта гэтыя падзеі застаюцца найбольш значнымі для „самавызначэння пакалення ваеннага супраціву“.
На вынікі ваенных аперацый значна ўплывала дзейнасць савецкіх органаў НКУС, — сцвярджае ў заключным артыкуле першага раздзела Гаральд Мольдэнхаўэр (275—299). Разглядаючы падзеі „перыяду люблінскай Польшчы з ліпеня 1944 да чэрвеня 1945 г.“, аўтар спыняеца на асобных пытаннях: пра савецкую палітыку ў дачыненні да Польшчы на заключнай фазе вайны; пра раззбраенні і інтэрнаванні АК; пра формы і маштабы барацьбы НКУС з польскай падпольнай арміяй; пра „чыстку“ новых польскіх органаў улады ад „акаўцаў“ і пра „маскоўскі працэс 16–ці“ супраць кіраўнікоў падпольнай Арміі Краёвай.
Другі раздзел „Ваенная штодзённасць“ пачынаецца артыкулам дактаранта Варшаўскага універсітэта Пятра Маеўскага „Праграма і арганізацыі «цывільнай барацьбы» польскага акупаванага грамадства“. Істотным момантам той барацьбы аўтар лічыць тое, што польскае насельніцтва ва ўмовах жорсткай нямецкай акупацыі „чэрпала сілы для выжывання ў дзейнасці падпольных арганізацый“ і гартавала свой характар у барацьбе, дзякуючы патрыятызму і салідарнасці змагароў, веры ў будучае сваёй краіны (304). Гэта было бачна на шэрагу прыкладаў дзейнасці як органаў польскага падпольнага ўрада, так і многіх ініцыятыў палітычных арганізацый і асобных падпольных груповак. Артыкул кіраўніка аддзела гданьскага Інстытута нацыянальнай памяці Януша Маршалэка прысвечаны раскрыццю „рэальнай штодзённасці акупаванага грамадства“ ва ўмовах тэрору нямецкіх акупантаў. Ён паказвае, што непасрэдна ў гістарычным цэнтры Польшчы, дзе ні нацыянальныя пытанні, ні праблемы межаў не здолелі аслабіць „волю супраціву насельніцтва“, салдаты Арміі Краёвай праходзілі складаныя выпрабаванні ва ўмовах „тэрору нямецкіх акупантаў“ з аднаго боку, а з другога — пастаяннымі канфліктамі з савецкімі партызанскімі фармаваннямі (353).
Памежную вобласць інтэракцыі паміж захопнікамі і захопленымі асвятляе вядомы даследчык праблем халакосту Марцін Дзін. На аснове дакументаў і матэрыялаў судовых працэсаў у Польшчы і Савецкім Саюзе супраць „здраднікаў радзімы“ аўтар паказвае ўдзел палякаў у „стварэнні нямецкай добраахвотнай паліцыі“. М.Дзін прыводзць прыклады беспаспяховых намаганняў нямецкіх службаў бяспекі ў стварэнні выключна „этнічна аднародных паліцэйскіх службаў“. На справе рэальнасцю стала „штодзённасць злачынстваў“. На думку аўтара, да міфаў пра Армію Краёву і савецкі партызанскі рух можна аднесці сцвярджэнне, што і першыя, і другія вялі „барацьбу супраць мясцовых паліцэйскіх“. Тэма „непасрэднага“ ўдзелу польскіх паліцэйскіх фармаванняў у забойствах яўрэяў на тэрыторыі ўсходняй Польшчы застаецца пакуль складанай па прычыне недастатковасці яе распрацоўкі на аснове выяўлення новых матэрыялаў. Між тым, аўтар даводзіць, што „не менш за 10% паліцэйскіх у Беларусі з’яўляліся палякамі“ (368). Спецыяльнае даследаванне гэтага пытання Марцін Дзін прапануе знайсці чытачу на старонках сваёй найноўшай англамоўнай працы „Калабарацыя ў часы халакосту. Злачынствы мясцовай паліцыі ў Беларусі і Ўкраіне: 1941—1944“ (Лондан, 2000).
Узаемаадносінам каталіцкага касцёла і АК прысвечана публікацыя прафесара тэалогіі універсітэта ў Катавіцах Ежы Мішора. Ён спыняецца на дзейнасці асобных прадстаўнікоў польскага духавенства, выяўляючы пры гэтым у асноўным факты адэкватнасці ацэнак „узброенай барацьбы“. Пытанне маштабаў удзелу ў падпольнай барацьбе польскіх жанчын раскрываецца ў артыкуле настаўніцы гімназіі з Бадэн–Бадэна Каці Хёгер. Дакладныя прыклады такога ўдзелу яна знаходзіць у гісторыі Варшаўскага паўстання, у якім жанчын можна было пабачыць на „класічна жаночых ролях“ (408). Вальдэмар Беднарскі малюе „твар вайны ў абшчыне Котліцы“, разглядаючы гісторыю абшчыны на прыкладзе „польска–ўкраінскіх супярэчнасцяў“, якія з 1944 г. перараслі ў адкрыты ваенны канфлікт (426).
„Польскі супраціў і Армія Краёва ў прапагандзе і друку „генерал–губернатарства“ разглядае навуковы супрацоўнік універсітэта Бундэсвера ў Гамбургу Ларс Йокхек (431—471). Ён спыняецца на дзейнасці польскага супраціву, інфармацыя пра які ў гады акупацыі на старонках друку знаходзілася пад кантролем нацыянал–сацыялісцкай прапагандысцкай машыны, у выніку чаго ў дачыненні да ўдзельнікаў польскага супраціву ў „генерал–губернатарстве“ распаўсюджвалася інфармацыя як пра „бандытаў“, „тэрарыстаў“ і „агентаў“ (471). Пра ацэнку Варшаўскага паўстання салдатамі германскага вермахта вядзецца ў матэрыяле дактаранткі Базэльскага універсітэта Анкі Стэфан, якая знаходзіць пацверджанні таму, што існавала прынцыповае разыходжанне ў ацэнцы дзейнасці Арміі Краёвай паміж нацысцкай прапагандай і самімі салдатамі вермахта (494). Заключны матэрыял раздзела, аўтарам якога з’яўляецца Бернгард К’яры, прысвечаны лакальным „нямецка–польскім кантактам“, ці асобным фактам „ваеннай кааперацыі паміж АК і вермахтам“ на рубяжы 1943/44 г.
Трэці раздзел кнігі прысвечаны нацыянальным і тэрытарыяльным аспектам праблемы (529—676). У тэкстах польскіх, беларускіх, нямецкіх і амерыканскіх аўтараў раскрываюцца асаблівасці рэгіянальнай, канфесійнай, моўнай і палітычнай ідэнтычнасці польскага насельніцва ва ўмовах ваеннага супрацьстаяння і нацыянальных эксцэсаў. Гжэгаж Матэйка і Цімаці Шнайдэр спыняюца на „польска–ўкраінскіх супярэчнасцях“ на тэрыторыі Падоліі, Усходняй Галіцыі і Заходняй Украіны ў гады II сусветнай вайны, Пётр Нівінскі — на „нацыянальных пытаннях“ у Віленскай акрузе. Франк Гальчэўскі акцэнтуе ўвагу на адносінах паміж Арміяй Краёвай і яўрэямі, у тым ліку на паўстанні ў Варшаўскім гета.
Асаблівы інтарэс для айчыннага чытача ў трэцім раздзеле маюць тры навуковыя артыкулы, прысвечаныя беларускаму рэгіёну. Першы належыць супрацоўніку Варшаўскай рады па захаванні памяці аб загінулых змагарах Казімежу Краеўскаму. Спачатку аўтар дае агульную характарыстыку ваяводству Наваградак да пачатку вайны: з тэрыторыяй (плошча 22 966 кв.км); складам насельніцтва (усяго 1 055 147 чалавек, у тым ліку ў Баранавічах — 36 000 і Лідзе — 30 000 жыхароў); моўнай сітуацыяй (размаўлялі па–польску — 553 859 чалавек, па–беларуску — 413 466, да яўрэяў адносілася 74 025 чалавек); рэлігійным (рымска–каталіцкая царква ахоплівала 424 549 жыхароў, праваслаўных было 542 333 чалавекі, яўрэйскай веры прытрымлівалася 82 972 чалавекі) і гаспадарчым становішчы (за выключэннем апрацоўкі сельскагаспадарчай прадукцыі і дрэваапрацоўкі адсутнічала прамысловасць, 29% тэрыторыі акругі займалі лясы) (563—564). На фоне гістарычных падзей 1939—1945 г. К.Краеўскі разглядае асобныя пытанні пачатковай фазы вайны 1939—1941 г. (565—567), структуру, арганізацыю і баявыя дзеянні АК у Наваградскай акрузе (567—572), беларускае пытанне ў гэтай акрузе і нямецкую палітыку (572—576), савецкі партызанскі рух на тэрыторыі Наваградскай акругі і яго ўплыў на польскае насельніцтва ды АК (576—579), польска–нямецкія сувязі на гэтай тэрыторыі (579—582) і інш.
„Дзейнасць Арміі Краёвай на тэрыторыі Беларусі“ (585—597) стаіць у цэнтры ўвагі прафесара Гродзенскага універсітэта І.Крэня. Неабходнасць такога разгляду тлумачыцца тым, сцвярджае аўтар, што ў „навуцы (і не толькі)“ дзейнасць Арміі Краёвай на працягу доўгага часу была „белай плямай“ як для беларускіх гісторыкаў, так і для беларускіх чытачоў (с. 585). Для ўсебаковага раскрыцця пастаўленай праблемы І.Крэнь прапануе агляд беларускай гістарыяграфіі ў дачыненні да польскага падполля і заключае, што на сённяшні дзень у гістарычнай навуцы ёсць патрэба ў „пошуку ісціны шляхам шырокай дыскусіі на аснове дакументаў і сведчанняў відавочцаў“ (с. 590). Апрача таго І.Крэнь разглядае пытанні „гістарычнага развіцця беларускай мяжы“ (с.591—596), „афіцыйнага стаўлення да „польскай спадчыны“ ў Беларусі“ (с.595—596).
Другі беларускі гісторык, які браў удзел у стварэнні кнігі „Польская Армія Краёва“ — выкладчык гістарычнага факультэта Мінскага педуніверсітэта Зыгмунт Барадзін, апублікаваў артыкул „Беларуская гістарыяграфія ды публіцыстыка і Армія Краёва ў паўночна–усходніх абласцях Рэчы Паспалітай у 1939—1945 г.“ (599—616). Зыходнымі момантамі для разгляду праблемы аўтар лічыць: па–першае, той факт, што да Патсдамcкай канферэнцыі „польскія паўночна–ўсходнія вобласці“ належалі дэ юрэ да Польшчы і толькі ад жніўня 1945 г. — да БССР (599); па–другое, сярод навуковых прац беларускіх даследчыкаў асаблівае значэнне маюць работы А.Літвіна, Л.Скрабінай, У.Барабаша і А.Хацкевіча (599); па–трэцяе, большасць апублікаваных артыкулаў і кніг характарызуе тое, што ацэнка дзейнасці Арміі Краёвай складвалася пад „моцным уплывам прапаганды і эмоцыяў“ (600). Барадзін аспрэчвае шэраг састарэлых гістарыяграфічных і гістарычных пастулатаў, спыняючыся на юрыдычных аспектах дзейнасці АК на т.зв. „крэсах усходніх“ (600—601), перыядызацыі гісторыі АК у Беларусі (601—602), выкарыстанні беларускімі гісторыкамі архіўных дакументаў (605—607), раззбраенні фармаванняў АК савецкімі партызанамі ў Віленскай і Наваградскай акругах (608—610), маштабе і цане канфлікту паміж савецкімі партызанамі і АК (610—613) і інш. Аўтар завяршае артыкул пытаннем пра тое, ці існуе беларускі погляд на гісторыю польскай АК. Барадзін лічыць, што беларускія гісторыкі часцей за ўсё „атаесамляюць інтарэсы беларускага народа з палітыкай сталінскага кіраўніцтва“ (616). Барацьба супраць польскай падпольнай арміі на тэрыторыі Заходняй Беларусі і Польшчы з’яўлялася „выключна элементам знешняй палітыкі СССР“ (616). Яе мэтай былі „падпарадкаванне і саветызацыя дзяржаў Цэнтральнай і Ўсходняй Еўропы“ (616). На жаль, як заўважае аўтар, да сённяшняга дня ў беларускай гістарыяграфіі немагчыма знайсці новы падыход у даследаванні праблематыкі АК (616), паколькі дагэтуль выкрыстоўваецца „старая версія гісторыі часоў Л.Цанавы“. Барадзін перакананы, што сапраўднае вывучэнне гісторыі Арміі Краёвай у Беларусі „толькі пачалося“ (616).
Заключны раздзел кнігі прысвечаны пасляваеннаму часу. У ім разглядаюцца пытанні стварэння міфа Арміі Краёвай і таго, якую ролю ён адыграў у Польскай Народнай Рэспубліцы, а таксама пасля заканчэння эры камунізму (679—861). Цэнтральнымі тут можна лічыць артыкулы Рафаля Ўнука, Эдмунда Дзмітрова і Барбары Шчакі. Аўтар першага заключае, што менавіта пазітыўная карціна АК як арганізацыі, што змагалася за свабоду і дэмакратычныя каштоўнасці, садзейнічала ўзнікненню супраціву „камуністычнаму рэжыму“ (806). Эдмунд Дзмітроў у суаўтарстве з Юры Кулаком звяртаюцца да „польскай спрэчкі гісторыкаў“ наконт таго, чым была АК і якую ролю яна адыграла ў гісторыі палякаў у 1939—1945 г. Падрабязна разглядаючы асноўныя этапы шматгадовай навуковай, палітычнай і грамадскай дыскусіі, аўтары пагаджаюцца, што гісторыя АК „стала ўзорам і крыніцай духоўных сіл“. У заключным матэрыяле, аўтарам якога з’яўляецца прафесар Варшаўскага універсітэта Барбара Шчака, прапануецца сацыялагічны аналіз гісторыі Арміі Краёвай у польскай калектыўнай памяці.
Завяршаюць кнігу дадаткі — храналогія гісторыі АК з 26/27 верасня 1939 г. да 1 ліпеня 1945 г.; фотаздымкі; карты, у тым ліку Варшаўскага паўстання; спіс скарачэнняў; імянны паказальнік і бібліяграфія польскай „Айчыннай Арміі“ з 1945 да 2002 г.
Мінск
Сяргей Новікаў