Moser, Michael. Die polnische, ukrainische und weißrussische Interferenzenschicht im russische Satzbau des 16. und 17. Jahrhunderts (Ігар Клімаў)
Moser, Michael. Die polnische, ukrainische und weißrussische Interferenzenschicht im russische Satzbau des 16. und 17. Jahrhunderts. Frankfurt am Main u. a.: Peter Lang, 1998. 398 (Schriften uber Sprachen und Texte, Bd. 3).
Доктарская дысертацыя аўстрыйскага мовазнаўца Міхаэля Мозара, прысвечаная лінгвістычнай тэматыцы, закранае і шэраг актуальных гістарычных пытанняў. Аўтар даследуе праявы іншамоўнай інтэрферэнцыі ў сінтаксісе пісьмовых помнікаў Масковіі XVI—XVII ст. Гэтая інтэрферэнцыя выявілася перш за ўсё ў творах, перакладзеных з польскай ці старабеларускай/стараўкраінскай моў або напісаных выхадцамі з Беларусі ці Ўкраіны. У сувязі з гэтым аўтар разглядае культурнае жыццё Масковіі таго часу, перш за ўсё ў аспекце кантактаў з Захадам.
Праца складаецца з дзвюх прэлімінарных частак і вялізнай асноўнай часткі. У першых даецца агляд культурных і сацыяльных умоў, у якіх развіваліся кантакты Масковіі з Захадам у XV—XVII ст., апісваецца склад даследаваных помнікаў, раскрываюцца мэты і задачы працы. У асноўнай частцы аўтар падрабязна аналізуе сінтаксічныя канструкцыі, якія ён прызнаў запазычанымі.
У першай частцы аўтар разглядае культурна–гістарычныя ўмовы, што спрыялі заходняму ўплыву, формы і кірункі, якія набываў гэты ўплыў, а таксама спрабуе вызначыць асяроддзе яго носьбітаў. З прычыны важнай ролі, што належала Беларусі і Ўкраіне ў гэтым працэсе, даследчык дае сціслы агляд моўнай і культурнай сітуацыі ў гэтых краінах, адзначаючы яе непадабенства да маскоўскай і нават супрацьлегласць[1] (20). Дзеля больш кароткага наймення тагачаснай літаратурна–пісьмовай мовы Беларусі і Ўкраіны аўтар ужывае назву паўднёвазаходнеруская мова (sьdwestrussisch), але агаворваецца (11, спас. 3), што гэта — толькі ўмоўны тэрмін, і ні гэтая мова, ні беларускія ды ўкраінскія дыялекты, што ляжалі ў яе падмурку, ні ў якім разе не разглядаюцца як залежныя ад рускай мовы.
Аўтар канстатуе, што да Пятроўскай эпохі расійская культура вызначалася моцнай ксенафобіяй і закрытасцю для заходніх уплываў. Тым не менш, Масковія падтрымлівала з Захадам гаспадачыя зносіны, пераважна дзеля імпарту новых тэхналогій у вайсковай галіне. Але яна доўгі час упарта ізалявалася ад яго культурных і рэлігійных уплываў, што маглі паслабіць яе рэлігійнасць і формы самаўладства ды змяніць традыцыйны побыт і грамадскі лад. Пэўныя кантакты з заходнім светам некаторы час існавалі дзякуючы наўгародскаму гандлю з ганзейскімі гарадамі, а потым забяспечваліся гаспадарчымі, культурнымі і палітычнымі зносінамі з ВКЛ (потым з Рэччу Паспалітай), бліжэйшым суседам Масковіі на захадзе, роднасным ёй паводле мовы і культуры[2]. Аднак гэтыя зносіны развіваліся на фоне перманентных вайсковых і рэлігійных кафліктаў паміж абедзвюма дзяржавамі, якія прэтэндавалі на аднолькавыя абшары былой Кіеўскай Русі. Нягледзячы на такую канфрантацыю, менавіта Рэч Паспалітая і стала галоўнай крыніцай культурных і моўных навацый для Масковіі, якія паступова падрыхтоўвалі глебу для правядзення пятроўскіх рэформаў.
Гэтыя кантакты знаходзілі свой адбітак і ў літаратуры[3]. З XVI ст. шмат беларускіх і ўкраінскіх, а таксама польскіх твораў перакладалася ў Масковіі на тагачасную яе літаратурна–пісьмовую мову. Таму даследчык падрабязна спыняецца на моўных кантактах XVII ст., якія ў гэты час набылі больш маштабны характар, чым у папярэдняе стагоддзе (22—38), і сцісла разглядае існуючыя ў славістыцы працы па даследаванні запазычанняў (38—46).
Захапленне Захадам пачынаецца ў асяроддзі маскоўскай арыстакратыі ўжо на пачатку XVII ст.[4]. Моўныя кантакты, як гутарковыя, так і ў пісьмовай галіне, што мелі месца ў час інтэрвенцыі войскаў Рэчы Паспалітай у Маскву (1605—1612 г.), спрычыніліся да паланафільства пэўнай часткі маскоўскага дваранства. Менавіта тады польская мова і культура на доўгі час (аж да пятроўскай эпохі) зрабіліся модай у іх асяроддзі. Нават маскоўскія цары Аляксей Міхайлавіч і яго сын Фёдар Аляксеевіч былі паланафіламі і выяўлялі прыхільнасць да тагачаснай беларуска–ўкраінскай культуры і адукаванасці (28, 29). З гэтай з’явай цікава параўнаць татальную спаланізаванасць эліты беларускай і ўкраінскай шляхты, уніяцкага і нават праваслаўнага духавенства ў Рэчы Паспалітай, што якраз прыпадае на гэты час.
Але асноўная частка рутэнізмаў[5] і паланізмаў пранікла ў маскоўскія літаратурныя помнікі XVII ст. дзякуючы перакладчыцкай дзейнасці службоўцаў пасольскага прыказу, якія разам з дыпламатычнымі тэкстамі перакладалі таксама і спецыяльную ды мастацкую літаратуру. Большасць з іх паходзіла з Беларусі ці Ўкраіны і не заўжды добра валодала пісьмовай мовай, што ўжывалася на Маскве (23, 47, 49). Таму за рэдкім выключэннем іх пераклады ўяўляюць сабой транслітарацыі польскага тэксту (з ладным дамешкам беларускіх або ўкраінскіх элементаў, 39) ці падаюць узор старабеларускай/стараўкраінскай мовы; іх царкоўнаславянскія пераклады цьмяныя без рэдактуры вопытнага маскавіта. Рутэнізмы часта выступаюць і ў перакладах, зробленых духоўнымі асобамі, што паходзілі з Беларусі ці Ўкраіны (23—24).
Пераважная колькасць польскіх перакладаў на Маскве прыпадае на 2–ю палову XVII ст., а ў XVI ст. і 1–й палове XVII ст. яны яшчэ параўнальна рэдкія. У гэты час часцей перакладаюцца творы з Беларусі і Ўкраіны, часта вершаваныя (яны сталі першымі спробамі вершаскладання на расійскай глебе). У 1640–я г. на Маскве выходзяць друкам некалькі беларускіх і ўкраінскіх царкоўных выданняў, прысвечаных дагматычным пытанням, а таксама русіфікаваны варыянт граматыкі Мялета Сматрыцкага.
Затое ў 2–й палове XVII ст. у Маскве перакладаецца з польскай мовы вялізная колькасць твораў, ад спецыяльных (геаграфічныя, гістарычныя і палітычныя трактаты, творы па гаспадарцы і медыцыне) да літаратурных (навелістыка, казкі, анекдоты, рыцарскія аповеды, пераклады антычнай класікі). Яны былі ва ўжытку на працягу ўсяго наступнага XVIII ст. і, на думку розных даследчыкаў, значна паўплывалі на ўзнікненне асобных жанраў рускай літаратуры.
З 2–й паловы XVII ст. у Маскву мігруе (добраахвотна ці прымусова) вялікая колькасць беларусаў і ўкраінцаў, якія займаюць адказныя пасады ў пасольскім прыказе, у адукацыйных і выдавецкіх установах, а таксама ў бліжэйшым атачэнні цара[6]. Пад іх уплывам, а потым і кіраўніцтвам на Маскве з’яўляюцца вучэльні, пабудаваныя на ўзор адукацыйных устаноў Рэчы Паспалітай. З імі прыходзіць у Масковію выкладанне лацінскай мовы, школьная драма, сілабічная паэзія і панегірычныя вершы. Змяняецца выгляд друкаваных кніг, у рукапісы пранікаюць украінскія рысы, навацыі зазнаюць іканапіс і царкоўныя спевы, у царкоўную практыку (пакуль толькі для ерархаў) уводзіцца казанне, якога Масковія не ведала з XV ст. Вядомая рэформа патрыярха Нікана таксама была інспіраваная гэтымі заходнімі ўплывамі. Сэнс яго рэформы палягаў у набліжэнні маскоўскага рытуалу да рытуалу канстанцінопальскага патрыярхата, у юрысдыкцыі якога знаходзіліся Беларусь і Ўкраіна. Напачатку рэформы ўзорам Ніканавым рэдактарам служылі беларускія і ўкраінскія літургічныя тэксты, і толькі пазней — непасрэдна грэцкія. Хоць напрыканцы XVII ст. сярод царкоўных колаў Масковіі абуджаецца адмоўная рэакцыя на беларускія і ўкраінскія ўплывы, аднак дзейнасць Пятра Вялікага, які абапіраўся на падтрымку выхадцаў з Беларусі і Ўкраіны, надала ім новыя імпульсы[7].
Рутэнізацыя культурнага жыцця Масковіі ў XVII— пачатку XVIII ст. уяўляла сабой форму еўрапеізацыі краіны. Аднак пры ўсёй буйнамаштабнасці змен навацыі закранулі толькі вузкае кола сталічнай эліты і выявіліся ў асноўным у кніжнай культуры і рэлігійным жыцці. У шырокія колы насельніцтва нават толькі Масквы, не кажучы ўжо пра жыхарства іншых гарадоў краіны, яны ў XVII ст. амаль не трапілі. Спатрэбіліся пятроўскія рэформы, каб зрабіць вестэрнізацыю краіны больш адчувальнай.
Вынікам інтэнсіўных кантактаў з суседзямі на Захадзе сталі лексічныя, фразелагічныя і сінтаксічныя запазычанні, а таксама семантычныя навацыі ў літаратурнай мове Масковіі, перш за ўсё ў яе актавым пісьменстве і свецкай літаратуры. Тут памер запазычанняў, напрыклад, у галіне сінтаксісу, быў нагэтулькі моцным, што Мозар кажа пра шырокую інтэрферэнцыю. Такая інтэрферэнцыя выявілася не толькі ў перакладных, але таксама і ў некаторых арыгінальных творах, якія, аднак, як падкрэслівае даследчык, былі напісаныя двух– ці шматмоўнымі аўтарамі. Разам з гэтымі інтэрфераванымі творамі на Маскве адначасова існавалі ды ствараліся іншыя помнікі, якія абсалютна не мелі такіх чужынных рысаў (47). Многія з інтэрферэнцыйных асаблівасцяў, што з’явіліся ў сінтаксісе маскоўскіх помнікаў той пары, ніколі не былі засвоеныя рускай мовай, што сведчыць пра абмежаванасць заходняга ўплыву ў XVII ст. і яго пераважна кніжны характар.
Запазычанні ў рускую мову рабіліся з польскай і старабеларускай/стараўкраінскай моў, якія часта ў такім выпадку выступалі і пасярэднікамі ў перадачы заходнееўрапейскіх элементаў. Памер і характар лексічных запазычанняў у рускую мову той эпохі ўжо добра даследаваны ў навуцы (40), тады як прац па сінтаксічным ўздзеянні няма, што і абумовіла ўвагу даследчыка менавіта да сінтаксісу (43).
Падкрэсліваючы апрацаванасць гістарычнага сінтаксісу польскай і рускай мовы, Мозар канстатуе нераспрацаванасць гэтай тэматыкі ў беларускім і ўкраінскім мовазнаўстве. Ён адзначае агульнасць ды фактаграфічнасць сінтаксічных прац беларускіх і ўкраінскіх даследчыкаў, якія часам хібяць на змяшэнне розных храналагічных шыхтоў і застаюцца беднымі ў прывядзенні адпаведных прыкладаў (42). Да таго ж у гэтых працах не рэдкасць адметная адкрыта рускацэнтрычныя перспектыва, што часам вядзе да поўнага ўнікнення старабеларускіх і стараўкраінскіх асаблівасцяў, а факты іншаславянскіх уплываў, як і наогул улік моўных кантактаў у ВКЛ ці Рэчы Паспалітай, набываюць у такіх працах недастатковае асвятленне (42—43). З гэтай прычыны, на думку М. Мозара, том Карскага, прысвечаны сінтаксісу (1912), у складзе серыі „Беларусы“, застаецца каштоўнай крыніцай і дагэтуль. Разам з тым, аўтар адзначае (46) таксама і тэндэнцыю расійскіх навукоўцаў разглядаць усе тэксты, створаныя беларусамі або ўкраінцамі на Маскве або маскавітамі ў Рэчы Паспалітай, як аўтахтонна рускія, ігнаруючы іх відавочную гетэрагенную, полілінгвальную прыроду[8]. На погляд даследчыка, такія помнікі трэба адасабляць ад уласна рускіх тэкстаў (50—51).
Даследаванне сінтаксічных запазычанняў палягчаецца тым, што сінтаксічныя з’явы пранікаюць пад уплывам тэксту–арыгінала. Лексічныя запазычанні ў гэтых адносінах менш прывязаныя да тэксту, яны маглі трапіць у твор і не з літаратурнага твора, ва ўсялякім выпадку, гэта часта цяжка даказаць. Затое даследаванне сінтаксічных запазычанняў патрабуе дэталёвага адбору крыніц і ўважлівых адносін да храналогіі і пашырэння прыкладаў.
Мозар дае сціслы агляд інтэрфераваных помнікаў, што паслужылі матэрыялам для яго працы. Для XVI— 1–й паловы XVII ст. ён налічвае больш за 20 перакладаў літаратурных твораў розных жанраў (51—56) і больш за два дзесяткі арыгінальных твораў. Сярод апошніх — тэксты Івана Перасветава, беларуса на царскай службе, цара Івана Жахлівага, кн. Андрэя Курбскага, кн. Хварасцініна, Каташыхіна, Аўрама Фірсава і іншых аўтараў XVI—XVII ст. (56—60). Пазней, у 2–й палове XVII ст. — пачатку XVIII ст. у Масковіі паўстала больш за дзесятак розных твораў пад пяром выхадцаў з Беларусі, Украіны ці Малдовы: Сімяона Полацкага, Феафана Пракаповіча, Зміцера Растоўскага, Стафана Яворскага, Міколы Спафарыя і інш. (60—61). Разам з тым даследчык пералічвае (64—69) каля сотні невялікіх маскоўскіх пісьмовых помнікаў (пачынаючы з XIII ст., але пераважна XVI—XVII ст.), узятых з самых розных жанраў і сфер ужытку. Гэтыя помнікі цалкам пазбаўленыя праяваў сінтаксічнай інтэрферэнцыі (аўтар падае ў каментарах да гэтых тэкстаў цікавыя назіранні адносна выкарыстання імі тых ці іншых сінтаксічных навацый).
Такі вялікі абсяг маскоўскіх помнікаў спатрэбіўся даследчыку ў якасці фону, на якім можна вызначыць спрадвечнасць ці запазычанасць той ці іншай сінтаксічнай канструкцыі (69—70). Вучоны зыходзіць з таго, што лічыць пэўную канструкцыю аўтахтоннай, пакуль не будзе несумненна засведчана першая навацыя; амаль заўжды такія сведчанні пачынаюцца з інтэрфераваных тэкстаў (71). Таму вялікая ўвага ў працы аддадзена разгляду сінтаксічных асаблівасцяў у ранніх царкоўнаславянскіх і ўсходнеславянскіх помніках (74—76), а таксама ў старабеларускіх крыніцах. Менавіта апошнім даследаванне Мозара карыснае для беларускіх вучоных.
Вядзенне даследавання і разгляд матэрыялу ў працы Мозара вытрыманы ў лепшых традыцыях нямецкамоўнай філалагічнай навукі і вызначаецца падрабязнасцю і яснасцю. Даследчык адзначае прысутнасць сінтаксічнай канструкцыі ў стараславянскай/царкоўнаславянскай мове, у польскім і старабеларускім пісьменстве, а потым паслядоўна разглядае кожны з маскоўскіх інтэрфераваных помнікаў на прадмет наяўнасці ў ім гэтай рысы. Гэта дазваляе аўтару не толькі добра абгрунтаваць свае высновы, але і абвергнуць некаторыя далёкасяжныя заключэнні гістарычнага сінтаксісу наконт храналогіі і пашыранасці той ці іншай навацыі, зробленых на недастатковым ці памылковым матэрыяле (366). У гэтым плане паказальныя два выпадкі з ужываннем у рускай мове формы будучага часу як буду + інфінітыў і злучніка если.
Для апісальнага выражэння будучага часу ў рускай мове першапачаткова ўжывалася форма имамь / начну / хочу + інфінітыў, а канструкцыя буду + інфінітыў з’явілася пазней. Шэраг заходніх даследчыкаў лічыць, што гэтая канструкцыя была перанятая рускай мовай са старабеларускай і польскай моў. Але некаторыя расійскія аўтары працягваюць бачыць у ёй самастойную навацыю рускай мовы і прыводзяць розныя прыклады ўжывання гэтай канструкцыі ў ранніх усходнеславянскіх помніках. Мозар падрабязна разбірае (308—310, 312—319) такія прыклады і адхіляе іх як памылковыя (асабліва для ранніх помнікаў эпохі Кіеўскай Русі) ці некарэктныя (для ўзятых з беларускіх ці ўкраінскіх помнікаў) або непаказальныя (паходзяць з пскоўскіх крыніц канца XV ст., у мове якіх нярэдка трапляюцца рутэнізмы). Ён канстатуе, што надзейныя выпадкі выкарыстання гэтай канструкцыі ў маскоўскіх помніках адзначаны толькі ў тэкстах беларуса Івана Перасветава і ў перакладных творах сярэдзіны XVI ст.[9]. Яшчэ для пачатку XVII ст. гэтая мадэль застаецца рэдкай для рускай гутаркі і інтэгруецца ў рускую мову толькі напрыканцы XVII ст. (320—322, гл. таксама с. 65, зн. 70, і с. 67, зн. 76, 77, 78).
Гэтаксама злучнік ес(ть)ли добра вядомы ў заходнеславянскіх мовах ужо ў XV і XVI ст., тады як у рускіх помніках ён з’яўляецца толькі з XVI ст. і выключна ў інтэрфераваных тэкстах. Тым не менш некаторыя даследчыкі, як заходнія, так і расійскія, сцвярджаюць, што гэты злучнік самастойна развіўся ў рускай мове, незалежна ад заходнеславянскіх уплываў. Мозар падрабязна разбірае (345—346) такія прыклады і адхіляе іх як памылковыя (асабліва для ранніх помнікаў эпохі Кіеўскай Русі) ці некарэктныя (для ўзятых з беларускіх ці ўкраінскіх помнікаў або з маскоўскіх інтэрфераваных крыніц, часам аж XVIII ст.!). Хоць гэтая мадэль злучніка, сапраўды, патэнцыйна магчымая для ўсіх славянскіх моў, аднак Мозар прыходзіць да цвёрдай высновы, што гэты злучнік у рускай мове ўяўляе сабой паланізм або рутэнізм (347), і хутчэй паланізм, паколькі ў сучасных беларускіх і ўкраінскіх дыялектах гэты злучнік вельмі рэдкі (349). А для рускай гутаркі яшчэ ў другой палове XVII ст. гэты злучнік застаецца рэдкі (344).
Інтэрфераваныя помнікі, разгледжаныя ў працы Мозара, былі ўласцівыя рускай мове толькі ў пэўны перыяд, калі Масковія паступова адкрывалася перад Захадам і назапашвала крытычную масу ведаў і ідэй, неабходных для ўспрыняцця заходняй культуры. З Пятроўскай эпохі пачынаецца фармаванне расійскай мовы ў новых умовах. Яна звяртаецца да непасрэдных кантактаў з заходнімі мовамі і бярэ з іх запазычанні напрасткі. З 1720–х г. уплыў старабеларускай/стараўкраінскай мовы, а пазней і польскай паступова занікае, таксама як і веданне польскай мовы ў расійскім грамадстве (37—38). Тым не менш, шмат якія навацыі, прынесеныя інтэрфераванымі тэкстамі, замацоўваюцца ў рускай мове і з пятроўскіх часоў становяцца яе інтэгральнай часткай (366, 368) ды нават выцясняюць некаторыя ранейшыя сродкі выражэння. Гэта яшчэ раз падкрэслівае важнасць запазычання для развіцця любой мовы і ролю беларускай ды ўкраінскай моў у развіцці суседняй рускай мовы.
Мінск
Ігар Клімаў
[1] Аўтар абапіраецца (15, 19—20) на вядомую канцэпцыю маскоўскага вучонага Б. Успенскага аб дыгласіі на Русі, якая, на думку Успенскага, існавала ў кіеўскі перыяд і ўтрымалася ў Масковіі аж да сярэдзіны XVII ст. Ва ўмовах дыгласіі ў Масковіі пісьмовы тэкст, асабліва звязаны з „высокай“, літаратурнай ці канфесійнай сферай, мусіў стварацца на царкоўнаславянскай мове, тады як для „нізкіх“ утылітарных мэтаў (акты дзяржаўнага кіравання і суда) выкарыстоўвалася маскоўская актавая мова (г. зв. „прыказная“). Новай тэндэнцыяй з канца XVI ст. у складзе гэтай царкоўнаславянскай мовы Масковіі стала стварэнне (за кошт стылістычнай дыферэнцыяцыі элементаў) „простай кніжнай мовы“ — больш спрошчанага варыянта царкоўнаславянскай (20). Як мяркуе Успенскі (32, 33), у Маскве другой паловы XVII ст. дыгласія замяняецца дзвюхмоўем менавіта на ўзор моўнай сітуацыі Беларусі і Ўкраіны, а маскоўская „простая кніжная мова“ ўспрымаецца эмігрантамі з Кіева як аналаг старабеларускай/стараўкраінскай мовы.
[2] Крыху пазней, з 2–й паловы XVII ст., да гэтага фактару дадаліся і непасрэдныя кантакты беларусаў і ўкраінцаў з маскавітамі, у выніку эміграцыі праваслаўных дысідэнтаў з Рэчы Паспалітай і часткова гвалтоўнай дэпатрыяцыі беларускага мяшчанства пад час маскоўскай агрэсіі на Беларусь у 1654—67 г.
[3] На жаль, у спецыяльнай працы (Нарысы па гісторыі беларуска–рускіх літаратурных сувязей: У 4–х кн. Кн. 1: Старажытны перыяд — XIX ст. Мінск, 1993) гэтаму пытанню аддадзена мала ўвагі. Для перыяду XVI—XVII ст. яе аўтары абмежаваліся апісаннем падзей і плыняў у грамадскім і культурным жыцці Беларусі, якія так ці інакш атрымалі ўвагу ў Масковіі, разгледзелі старабеларускія творы, тэматычна звязаныя з Масковіяй, і адзначылі асобныя маскоўскія помнікі, прысвечаныя ВКЛ. Але сапраўдны ўнёсак Беларусі ў маскоўскую літаратуру XVII ст. застаўся ў гэтай кнізе, па сутнасці, неацэнены, хіба што за выключэннем творчасці Сімяона Полацкага.
[4] Яшчэ раней маскоўскі цар Іван IV Жахлівы таксама валодаў польскай мовай, а ў мове яго лістоў прысутнічае адметная колькасць паланізмаў, украінізмаў і беларусізмаў. Гэта тлумачыцца ўплывам на цара яго маці Алены Глінскай і яго дзядзькі ды выхавацеля Міхаіла Глінскага, якія паходзілі з ВКЛ (21).
[5] Так далей у рэцэнзіі называюцца тыя запазычанні са старабеларускай/стараўкраінскай мовы, у дачыненні да якіх нельга вызначыць, на якой моўнай ці дыялектнай базе (беларускай ці ўкраінскай) яны ўзніклі ці праніклі ў іншую мову. У тым жа выпадку, калі фанетычная абалонка запазычанняў выразна сведчыць пра іх беларускае або ўкраінскае паходжанне, іх можна называць, адпаведна, беларусізмамі ці ўкраінізмамі.
[6] Абапіраючыся на працы ўкраінскіх вучоных, Мозар (29—30, 31—33) паўтарае вядомую думку пра ўкраінізацыю культурнага і царкоўнага жыцця Масквы ў 2–й палове XVII ст. Сапраўды, пад уплывам эмігрантаў з Кіева ў царкоўным вымаўленні Масковіі XVII — пачатку XVIII ст. нават з’яўляюцца рысы ўкраінскай гутаркі (36). Тым не менш, больш карэктна было б казаць пра „рутэнізацыю“ некаторых галін маскоўскай культуры таго часу, паколькі яе асаблівасці вызначалі выхадцы не толькі з Украіны, але і з Беларусі. У гэтых адносінах каштоўнай застаецца праца Абэцэдарскага (Абецедарский Л. С. Белорусы в Москве XVII в. Минск, 1957), дзе, напэўна, упершыню ў савецкі час падкрэсліваўся ўнёсак беларусаў у культуру Масковіі XVII ст.
[7] Аўтар, услед за дасяжнай яму літаратурай, называе сярод іх пераважна ўкраінцаў (Ст. Яворскі, Ф. Пракаповіч, Дз. Растоўскі (Туптала) і інш.), але тут можна згадаць таксама беларусаў, напрыклад, пратэстанта І. Капіевіча (ці Капіеўскага), які ў Галандыі друкаваў на замову цара Пятра кнігі для Масковіі, а пазней некаторы час служыў перакладчыкам у Пасольскім прыказе. Як мяркуюць, менавіта ён спрычыніўся да распрацоўкі новага кірылічнага шрыфту свецкіх выданняў Масковіі, які атрымаў назву „грамадзянкі“. Яна была створана на падставе галандскай антыквы, але з улікам некаторых рашэнняў Скарынавага шрыфту.
[8] У якасці прыкладу даследчык прыводзіць тэксты Андрэя Курбскага (маскоўскага эмігранта ў ВКЛ) і Івана Перасветава (выхадца з ВКЛ, які каля 1538 г. перайшоў на царскую службу), што лічацца ўзорамі рускай мовы, хоць яны насычаныя паланізмамі і рутэнізмамі (21—22, 50). На думку даследчыкаў, вядомы пераклад Цыцэрона, які прыпісваецца Курбскаму, на самай справе быў выкананы нейкім беларусам, які вучыўся ў Польшчы (50, 57). Мозар указвае, што некаторыя лісты Курбскага, якія таксама лічацца ўзорамі рускай мовы, у сапраўднасці напісаны на старабеларускай мове з дамешкам царкоўнаславянскіх элементаў (57).
[9] Першыя рэлевантныя натацыі апісальнага будучага з буду з’яўляюцца ў асобных маскоўскіх актах канца XV ст., што ствараліся для дыпламатычных зносін з нямецкай імперыяй. Аднак гэтая форма выступае там толькі ў складзе этыкетнай формулы, а ў мове гэтых актаў прысутнічаюць паланізмы і рутэнізмы. Таму Мозар акрэслівае мову гэтых актаў як інтэрфераваную і лічыць з’яўленне ў іх формаў апісальнага будучага вынікам запазычання, а не самастойнага развіцця (317—318). Складальнікі гэтых актаў або былі добра знаёмыя са старабеларускай мовай, або былі беларусамі паводле паходжання.