БЕЛАРУСКІ ГІСТАРЫЧНЫ АГЛЯД
НАВУКОВЫ ЧАСОПІС

Кавалёў, Сяргей. Станаўленне польскамоўнай паэзіі ў полілінгвістычнай літаратуры Беларусі эпохі Рэнесансу (Альбіна Семянчук)


Кавалёў, Сяргей В. Станаўленне польскамоўнай паэзіі ў полі­лінгвістычнай літаратуры Беларусі эпохі Рэнесансу. Мінск, 2002. 218.

Гiстарычнае літаратуразнаўства ўзбагацілася яшчэ адной працай, прысвечанай мала даследаванай тэматыцы польскамоўнай паэзіі Беларусі эпохі Рэнесансу — манаграфіяй доктара філалагічных навук Сяргея Кавалёва. Аўтар даўно і плённа займаецца вывучэннем полілінгвістычнага кантэксту беларускай літаратуры эпохі Рэнесансу і Барока. Яго папярэдняя кніга была пры­свечана героіка–эпічнай паэзіі канца ХVI ст.[1], а менавіта даследаванню твораў Францішка Градоўскага, Андрэя Рымшы, Яна Радвана і тым канкрэтным гістарычна–культурным умовам, у якіх яны паўставалі. Ужо ў першай кнізе было бачна імкненне аўтара змясціць дадзеныя творы ў канкрэтную часава–прасторавую сітуацыю, паказаць рэаліі грамадска–палітычнага жыцця, у якіх яны ўзнікалі, наблізіць да нас постаці аўтараў і герояў іх твораў.

У новай кнізе відавочна пашыраныя інтэлектуальна–эрудыцыйныя далягляды аўтара. Застаючыся ў той самай эпосе Рэнесансу, ён значна паглыбляе і пашырае кола сваіх даследаванняў; распрацоўвае новыя культурныя пласты, у якіх знаходзіць россыпы бліскучых імёнаў і твораў напаўзабытых сёння пісь­меннікаў.

Для ХVI ст. вельмі адметнай з’явай было мецэнацтва. Які б помнік культуры ці твор мастацтва, літаратуры і гісторыі таго часу мы не ўзялі, побач з імем яго аўтара стаіць імя фундатара, апекуна або хлебадаўцы, які часам не толькі матэрыяльна забяспечваў аўтара, але натхняў яго духоўна, даваў сюжэты для твораў. Дзякуючы мецэнацтву магутнага роду Радзівілаў мы маем сёння цэлую плеяду паэтаў, гісторыкаў, друкароў, мастакоў, архітэктараў і іншых творцаў. З Нясвіжам былі звязаны Сымон Будны, Цыпрыян Базылік  і інш. З Біржамі (а пачаткова Любчай — ранейшай рэзідэнцыяй другой лініі Радзівілаў) — Беняш Будны, Альбрыхт Карманоўскі, Пётра Кахлеўскі, Збігнеў Морштын, Даніэль Набароўскі, Саламон Рысінскі, Францішак Градоўскі, Андрэй Рымша, Ян Радван.

Мецэнацтва Радзівілаў не было выклікана іх вялікадушшам, а мела цалкам прагматычны характар, часта было звязана з палі­тычнымі перспектывамі або іх рэлігійнымі прэферэнцыямі. Спачатку пры двары пратэктара кальвінізму ў Вялікім Княстве Літоўскім Мікалая Радзівіла Чорнага, а потым Крыштафа Радзіві­ла Пeруна і яго сына, таксама Крыштафа, знайшлі сабе прытулак шматлікія прыхільнікі Рэфармацыі.

Зразумела цяпер, чаму першы раздзел манаграфіі „На хвалі рэфармацыйнага руху: польскамоўная паэзія ў берасцейскіх і нясвіжскіх выданнях 50—60–х г. ХVI ст.“ С.Кавалёў пачынае з аналізу прадукцыі друкарняў, заснаваных Мікалаем Радзівілам Чорным. Аўтар кнігі адзначае, што на сённяшні дзень вядома больш за сорак берасцейскіх старадрукаў ХVI ст., сярод якіх ёсць некалькі паэтычных кніжак, напрыклад, каль­вінскі канцыянал Яна Зарэмбы, выдадзены ў 1558 г. Аўтар аналізуе толькі некаторыя, на яго думку, найбольш цікавыя вершы з гэтага зборніка, а таксама верш Андрэя Воляна „Да Палякаў і да Літвы“ з трактата Аўгустына Ратундуса „Размова Паляка з Ліцвінам“ (1564/1565), ананімную паэму „Пратэй, або Пярэварацень“ (1564), паэму „Апі­санне смерці і пахавання княгіні Альжбеты Радзівіл“ (1562) Цыпрыяна Базыліка.

Аналізуючы ўступныя словы канцыянала Яна Зарэмбы, Кавалёў заўважае, што „ў першым паэтычна–музычным збор­ніку, выдадзеным на тэрыторыі Беларусі, мы сустракаем нараканні на засілле любоўных песняў пры дварах беларуска–літоўскіх магнатаў“ (с.17), з чым актыўна змагаўся Я.Зарэмба, друкуючы духоўныя спевы. Гэтая заўвага датычыцца не толькі літаратурнага працэсу, але дадае штрых да характарыстыкі маральна–этычнай сітуацыі ў грамадстве ў сярэдзіне ХVI ст.

Вельмі важнай акалічнасцю, на наш погляд, з’яўляецца і тое, што ў берасцейскі канцыянал увайшлі каля 140 песняў на словы ледзь не самых выдатных польскіх паэтаў ХVI ст. — Мікалая Рэя, Анджэя Тшэцескага, Сымона Зацыюса і іншых, а музыку напісалі Вацлаў з Шаматул і Цыпрыян Базылік. Гэта значыць, што Мікалай Радзівіл Чорны актыўна прапагандаваў польскую культуру на беларускіх землях, хоць С.Кавалёў адзначае, што віленскі ваявода і берасцейскі стараста „наўрад ці сам… быў ініцыятарам выдання канцыянала: кніга прысвечана не Радзі­вілу, а яго пад­скарбію Пякарскаму“ (18—19), але далей пага­джаецца, што віленскі ваявода паспрыяў „актыўнаму пранікненню ў Княства польскай культуры“ (66).

Аўтар манаграфіі аналізуе таксама і нясвіжскі канцыянал 1563 г., што захоўваецца ў бібліятэцы Упсальскага універсітэта, а таксама знаходзіць у дададзеным спеўніку да яго 1564 г. вершаваны тэкст пад назвай „Pieśń nowa w ktorej się zamyka prośba ludzi wiernych, aby ich Pan od Moskwicina uchować raczył“, які, на яго думку, можна лічыць правобразам свецкай палітычнай паэзіі (21).

Развівае гэтую тэму С.Кавалёў у раздзеле, прысвечаным першаму ўзору палітычнай паэзіі ў Беларусі — вершу Андрэя Воляна „Да Палякаў і да Літвы“, які быў змешчаны ў „Размове Паляка з Ліцвінам“, аўтарства якой прыпісваецца Аўгустыну Ратундусу. Палеміка, што разгарнулася ў Вялікім Княстве Літоў­скім пасля выхаду ў свет трактата С.Ажахоўскага „Quincunx, гэта значыць узор Кароны Польскай“, на жаль, яшчэ не знайшла належнага адлюстравання ў беларускай гістарыяграфіі і літаратуразнаўстве, да яе рэдка звяртаюцца даследчыкі грамадска–палітычнай думкі[2]. Але ж яна мела шырокі розгалас па ўсім Княстве і напярэдадні Люблінскай уніі набыла яскрава выражаны палітычны характар. Супраць Ажахоўскага выступілі і каталік Аўгустын Ратундус, і кальвініст Андрэй Волян. Закрануўшы ў сваім творы патрыятычныя пачуцці жыхароў Вялікага Княства Літоўскага, скандальна вядомы ксёндз С.Ажахоўскі свядома справакаваў бурлівую палеміку ў тагачасным грамадстве, прымусіў спажыўцоў інтэлектуальнай прадукцыі акрэсліць свае палітычныя погляды. На нашу думку, пад уплывам гэтай палемікі знаходзіліся ўсе тагачасныя творцы. Яна прымусіла Мацея Стрыйкоўскага ў „Польскай Хроні­цы“ аформіць у пэўную канцэпцыю погляды прыхільнікаў палітычнай уніі Літвы і Кароны. Падобныя ідэі выказваў і Андрэй Волян: каб „адна галава кіравала ўсімі членамі“ (25). Аднак аўтар манаграфіі падкрэс­лівае дыпламатычную пазіцыю Воляна ў спрэчцы паміж ліцві­намі і палякамі і адначасова яго прынцыповы ліцвінскі патрыятызм (26—27).

На жаль, С.Кавалёў не аналізуе іншых узораў палітычнай паэзіі ХVI ст., абмяжоўваючыся пералікам назваў некаторых з іх. Таму выбраны для аналізу верш А.Воляна як бы „павісае ў паветры“. Аўтар манаграфіі падкрэслівае, што верш „цікавы перадусім сваім актуальным зместам, а не мастацкай формай. Гэта не толькі першы ўзор польскамоўнай палітычнай паэзіі Беларусі эпохі Рэнесансу, але ўвогуле першы палітычны верш у гісторыі беларускай літаратуры“ (28). Варта было б даць яшчэ хоць бы некалькі прыкладаў твораў гэтага жанру, каб мець магчымаць гаварыць пра пэўны літаратурна–гістарычны дыскурс. Тут, на жаль, С.Кавалёў працягвае заганную традыцыю айчынных літаратуразнаўцаў — выхопліваць з літаратурнага і гістарычнага кантэксту асобны твор і брацца за яго крытычны аналіз з дапамогай чыста літаратуразнаўчага інструментарыя, не ўлічваючы (або толькі фармальна ўлічваючы) гістарычныя рэаліі. Хоць С.Кавалёў у пэўнай ступені пераадольвае гэтую традыцыю сваёй спробай ахапіць новыя пласты гістарычнага пісьменства і прасачыць генезіс твораў, аднак ён робіць гэта яшчэ непаслядоўна, як бы навобмацак. Тут яму прыдаліся б сумежныя гістарычныя, крыніцазнаўчыя і нават археаграфічныя метады даследавання.

Далей аўтар манаграфіі пераходзіць да сатырычных твораў, што існавалі ў Вялікім Княстве Літоўскім у ХVI ст., і аналізуе ананімную паэму „Пратэй, або Пярэварацень“, якая была наследаваннем „Сатыра, або дзікага мужа“ Яна Каханоўскага (Кракаў, 1564). Наш „Пратэй…“ быў выдадзены ў Берасці, у тым жа 1564 г. Аўтар манаграфіі робіць смелую спробу вярнуць аўтарства ананімнаму дагэтуль твору. Ён лічыць, што аўтарам яго быў французскі эмігрант Пётр Статорыус (Стаенскі) разам з Цыпрыянам Базылікам, які выпраўляў мову і стыль сатыры (32). У гэтым меркаванні ён ідзе ўслед за польскімі даследчыкамі Т.Грабоўскім і Т.Вітчакам.

Цыпрыяну Базыліку (каля 1535 — пасля 1591) спрыяў Мікалай Радзівіл Чорны. Гэтая постаць яшчэ таксама не даследавана айчыннымі гісторыкамі. Акрамя вершапісання ён займаўся музыкай, перакладамі гістарычных твораў на польскую мову. У прыватнасці, здзейсніў польскі пераклад выдатнага лацінамоўнага твора А.Фрыча Маджэўскага „Аб направе Рэчы Па­спалітай“, які выдаў у Лоску у 1577 г.

Сяргей Кавалёў падрабязна аналізуе змест паэмы „Пратэй, або Пярэварацень“, яе сатырычную накіраванасць супраць магнацкага і шляхецкага свавольства, іншых заган і хвароб грамадства. Падобныя палітычныя памфлеты, у якіх сурова асуджаліся некаторыя сацыяльна–палітычныя з’явы ў Вялікім Княстве Літоўскім і маральныя недахопы суграмадзянаў, былі вельмі папулярныя у ХVI ст. Да падобных твораў з пэўнымі агаворкамі можна аднесці і знакаміты трактат „Пра норавы татар, літвінаў і маскавітаў“ Міхалона Літвіна, у якім аўтар так бязлітасна крытыкуе сваіх суайчыннікаў, што побач з імі нават адвечныя непрыяцелі татары і маскавіты падаюцца ўзорам для пераймання. Аўтар манаграфіі адзначае, што Пярэварацень таксама выступае з прамовай, „нібы пасол на сойме“, „паказваючы невясёлы малюнак грамадска–палітычнага жыцця ў Польшчы і Вялікім княстве Літоўскім…, звяртае ўвагу на няўдачы ў вайне з Масковіяй (з–за нежадання шляхты выконваць свае вайсковыя абавязкі перад Айчынай), асуджае рэлігійные міжусобіцы і праявы неталеранцыі ў краіне“ і да т.п. (с.39).

На жаль, зноў жа С.Кавалёў не супастаўляе ананімны твор „Пратэй“ з трактатам Міхалона Літвіна або іншымі падобнымі, а толькі ўзгадвае, што „такія самыя або блізкія ідэі сустракаюцца ў публіцыстычных трактатах А.Фрыча Маджэўскага, С.Буднага, у паэтычных творах М.Рэя, М.Бельскага і ў „Сатыры…“ Я.Каханоўскага“ (39). Аўтар манаграфіі пайшоў шляхам падрабязнага, амаль парадковага аналізу тэксту паэмы, падкрэсліваючы яго літаратурныя вартасці або недахопы. Хоць сучаснага чытача, безумоўна, больш хвалююць не яго літаратурныя вартасці, а пуб­ліцыстычная завостранасць супраць канкрэтных грамадскіх і палітычных з’яў, якія ўжо сталі фактамі нашай гісторыі. Таму гістарычны і крыніцазнаўчы аспект усіх твораў, разгледжаных С.Кавалёвым у манаграфіі, значна больш важны, чым проста літаратурны аналіз. Аднак трэба сказаць „дзякуй“ калегам–літаратуразнаўцам за тое, што яны знаходзяць і звяртаюць увагу на старажытныя творы пісьменства. Так было ў нас у выпадку з беларуска–літоўскімі летапісамі, пра якія спачатку напісаў літаратуразнаўца В.А.Чамярыцкі[3], а ўжо потым гісторыкі прысвяцілі ім спецыяльныя даследаванні (зрэшты, гэты корпус айчынных крыніц застаецца не даследаваным да канца).

Пасля ананімнай паэмы „Пратэй“ Кавалёў пераходзіць да іншага жанру вершаў, які называецца ars bene moriendi. Тут ён таксама падрабязна аналізуе толькі адзін верш названага жанру — „Krótkie wypisanie sprawy przy śmierci i pogrzebie Oświeconej Księźny Paniej Halźbiety z Szydłowca Radziwiłłowej, wojewodzinej wileńskiej. Roku 1562“, што налічвае 654 радкі. Гэтая паэма, як адзначае С.Кавалёў, — „першы вядомы нам фунеральны твор у польскамоўнай паэзіі Беларусі эпохі Рэнесансу“ (48).

Дастаткова шмат месца даследчык прысвячае постаці аўтара твора Цыпрыяну Базыліку. Гэты культурны і рэлігійны дзеяч ХVI ст. мала вядомы ў Беларусі, хоць, будучы палякам, амаль усё жыццё аддаў нашай краіне. „Перакладныя творы Ц.Базыліка карысталіся вялікай папулярнасцю ў Вялікім Княстве Літоў­скім, некаторыя з іх былі перакладзены пазней на старабеларускую мову („Аповесць пра Скандэрбега“, „Гісторыя Атылы“) (47). „Апі­санне смерці і пахавання княгіні Альжбеты Радзівіл“, жонкі Мікалая Радзівіла Чорнага, было напісана Цыпрыянам Базілікам яшчэ і таму, што першы быў мецэнатам апошняга. Некалькі вершаў былі прысвечаны гэтай княгіні, памерлай ва ўзросце 29 гадоў (паэма Я.Каханоўскага „Зузана“, эпітафія Пятра Ройзіўша), менавіта таму, што віленскі ваявода быў вядомым прыхільнікам творцаў.

Верш на смерць Альжбеты Радзівіл можна па–рознаму ацэньваць з літаратурнага пункту гледжання, але ён нікога не пакідае абыякавым як адбітак глыбокай чалавечай трагедыі і шляхетных пачуццяў, як дакумент сваёй эпохі, калі людзі жылі са штохвілінным адчуваннем „memento mori“. Аўтару мана­графіі ўдалося ўсё гэта вельмі дакладна перадаць у дадзеным раздзеле, ледзь не самым удалым ва ўсёй манаграфіі. Тут жа мы знаходзім і іншыя ўзоры фунеральнай паэзіі, прыкладам, „Napis na grobie zacnego szlachcica Pawіa Secygniowskiego“ (1570) таго ж Цыпрыяна Базыліка. Трэба адзначыць, што менавіта С.Кавалёў першым уводзіць у гісторыю беларускай культуры напаўзабытае імя Цыпрыяна Базыліка і дае аналіз яго арыгінальных літаратурных твораў.

Да фунеральнай паэзіі належыць і твор С.Кулакоўскага, які аналізуецца С.Кавалёвым у адпаведным раздзеле, прысвечаным творчасці гэтага выдатнага паэта. Ягоны „Cathamerinon Księstwa Słuckiego z żałobliwym lamentem na pośpieszną śmierć sławnej pamięci książąt słuckich: Jerzego, Jana Siemiona y Aleksandra, ostatnich dziedziców“ (Вільня, 1593) — „самы грандыёзны па задуме фунеральны твор у шматмоўнай паэзіі Вялікага Княства Літоўскага ХVI ст“ (121), які таксама можа служыць гістарычнай і генеалагічнай крыніцай.

Усе вышэйзгаданыя літаратары былі палякамі і „ў сваіх творах рэпрэзентавалі польскую самасвядомасць, хоць пісалі і выдавалі іх на тэрыторыі Беларусі“ (64). Аднак у аўтара мана­графіі не ўзнікае сумнення,  што аб’ектыўна яны спрычыніліся да развіцця шматнацыянальнай культуры і полілінгвістычнай літаратуры Вялікага Княства Літоўскага, „таксама як крыху раней гуманісты з Італіі і Нямеччыны ўзбагацілі сваёй творчасцю рэнесансавую культуру Польшчы“ (64).

Далейшым зместам сваёй кнігі аўтар манаграфіі пераконвае нас, што польскамоўная (як, зрэшты, і новалацінская) паэзія лоскіх і віленскіх выданняў 70—80–х г. ХVI ст. таксама ёсць фактам беларускай культуры. Мы ўжо звыкліся залічваць да беларускай культуры Сымона Буднага і яго брата Беняша, палякаў з паходжання. Ёсць меркаванні, што палякам з Падляшша быў і Мікола Гусоўскі, Андрэй Волян, кола прыдворных паэтаў біржанскіх (любчанскіх) Радзівілаў, якія спрэс пісалі па–польску, але выказвалі ідэі ліцвінскага патрыятызму і, магчыма, пачувалі­ся як Саламон Рысінскі „леўкарусамі“ (leucorussus), г.зн. беларусамі. Ёсць пераканаўчыя падставы меркаваць, што да нашай гістарыяграфіі належыць і творчасць Мацея Стрыйкоўскага, якому С.Кавалёў прысвяціў даволі вялікі раздзел, дзе разглядае феномен гэтага творцы ў сукупнасці яго жыцця, літаратурнай і гістарычнай спадчыны.

Для гісторыкаў, бадай, найбольшую цікавасць уяўляе аналіз ліра–эпічнай паэмы С.Лаўрэнція „Лямант няшчаснага Рыгора Осціка“, „прысвечанай не подзвігам герояў у славу Айчыны, а гісторыі здрады радавітага беларускага шляхціча Рыгора Осціка на карысць Маскоўскай дзяржавы“ (89). Гэта адна з найбольш цьмяных і мала даследаваных старонак гісторыі Беларусі. У задачу літаратуразнаўцы не ўваходзіла вырашаць за­блытаныя палітычныя калізіі гэтай справы, але аналіз літаратурнага твора, які насіў маральна–палітычны характар, можа праліць пэўнае святло на гісторыю падзеі і звязаных з ёю ака­лічнасцяў. Да гонару даследчыка трэба сказаць, што ён спрабуе высветліць сапраўдныя матывы напісання паэмы С.Лаўрэнціем і ўчынкаў Рыгора Осціка, звяртаючыся да прац польскіх гісторыкаў, у выніку чаго ён сцвярджае, што „трэба прызнаць слушнай выснову М.Лаўмяньскай: „Сюжэту «Ляманту…» можна ўвогуле верыць“ (99).

Далейшы разгляд рэлігійна–палемічнай паэзіі Вялікага Княства Літоўскага яшчэ больш прымушае аўтара засяродзіцца на драматычных грамадска–палітычных і рэлігійных рэаліях тагачаснага беларуска–літоўскага грамадства. Ім прысвечаны ананімны твор „Апалагетык, гэта ёсць Абарона канфедэрацыі“ (Вільня, 1582). Калі гаварыць больш канкрэтна, то штуршком да напісання гэтага рэлігійна–палемічнага твора паслужыла першае спаленне пратэстанцкіх кніг у Вільні ў 1581 г. па зага­дзе біскупа Юрыя Радзівіла (101) і „мініварфаламееўская ноч“, якую Вільня перажыла ў жніўні таго ж года. Як і „Лямант няшчаснага Рыгора Осціка“, „Апалагетык“ можна лічыць гістарычнай крыніцай. Нявысветленая асоба аўтара, які, па словах С.Кавалёва, дэманструе „зайздросную эрудыцыю і глыбокае веданне Бібліі“ (103), патрабуе ад гісторыкаў больш грунтоўна заняцца тагачаснымі культурнымі і духоўнымі элітамі ВКЛ. Сам факт ананімнасці многіх паэтычных твораў, якія зыходзілі з лагера пратэстантаў, прымушае задумацца над рэлігійнай сітуацыяй у краіне. Ці існавала талеранцыя ў дадзены момант? У той жа час адкрыта падпісваліся сваімі імёнамі паэты, якія мелі моцную падтрымку ў асобе ўплывовага пратэктара.

З Радзівіламі біржанскімі былі звязаны шматлікія паэты, як вельмі таленавітыя, так і шараговыя. Kрыштаф II Радзівіл быў самаадданым апекуном евангелістаў у Вялікім Княстве, фундаваў стыпендыі для студэнтаў, якія выязджалі на вучобу ў пратэстанцкія вучэльні за мяжой. Ён фундаваў пратэстанцкія гімназіі ў Kейданах (1625) i Слуцку (1632). Адначасова падтрымліваў добрыя кантакты з прадстаўнікамі іншых канфесій, у тым ліку з езуітамі. Крыштаф II быў мецэнатам шматлікіх пісьменнікаў пры яго двары: Беняша Буднага, Альбрыхта Карманоўскага, Пятра Кахлеўскага, Збігнева Морштына, Даніэля Набароўскага, Саламона Рысінскага ды iншых, сярод якіх асобнае месца займае паэт–панегірыст і аматар гісторыі Самуэль Доўгірд, які ў 1626 г. у Любчы выдаў „Genealogia, albo krótkie opisanie Wielkich Książąt Litewskich y ich wielkich a mężnych spraw wojennych. Uczynione Niegdy przez Matysa Stryjkowskiego, a teraz odnowione, y znowu na świat wydane: Przez Samuela Dowgirda z Pogowia“.

Асобнай галіной культурнай дзейнасці біржанскіх Радзівілаў было калекцыянерства. У любчанскіх і біржанскіх інвентарах, некаторыя з якіх захоўваюцца ў Варшаве, можна знайсці звесткі пра мастацкія калекцыі Радзівілаў (а ім належала каля 700—900 твораў), дзе фігуруюць імёны Лукаса Кранаха, Альбрэхта Дзюрэра, Клода Кало, Паола Веранэзэ.

Радзівілы–мецэнаты былі і вялікімі военачальнікамі, чые бліскучыя перамогі апяваліся ў шматлікіх панегірычных і эпічных творах. У манаграфіі С.Кавалёў звяртаецца да славутай паэмы Андрэя Рымшы „Дзесяцігадовая аповесць ваенных спраў князя Крыштофа Радзівіла“ (1585). Для нас гэтая надзвычай цікавая праца важная, у першую чаргу, як крыніца па гісторыі апошняга дзесяцігоддзя (1572—1582) Інфлянцкай вайны, калі „непасрэдна праявіў свае военачальніцкія здольнасці палявы гетман літоўскі Крыштоф Радзівіл Пярун“ (127), а сведкам усіх ягоных перамог быў непасрэдны ўдзельнік паходу Андрэй Рымша. Паводле твора А.Рымшы аўтар працы дае цудоўную характарыстыку галоўнаму герою паэмы гетману К.Радзівілу. На жаль, у паэме не так падрабязна акрэслены постаці ягоных па­плечнікаў — Міхала Гарабурды, Гальяша Пельгрымоўскага, Кашпара Бекеша, Філона Кміты–Чарнабыльскага. Кавалёў адзначае, што А.Рымша — „майстар дэталі, і гэта ў першую чаргу абумоўлена яго чалавечай назіральнасцю і глыбокім веданнем жаўнерскага рамяства“ (129). „Дзесяцігадовая аповесць…“ — рыцарская, жаўнерская паэма, якая па дакладнасці апісанняў і гістарычнасці пераўзыходзіць усе іншыя гераічна–эпічныя творы паэтаў Беларусі і Літвы ХVI ст.“ — сцвярджае аўтар (127).

Напрыканцы раздзела С.Кавалёў адзначае, што ў 70—80–я г. ХVI ст. у Лоску і Вільні выдавалася няшмат польскамоўнай паэзіі: яму вядомыя імёны „пяці аўтараў, чатыры асобна выда­дзеныя паэмы і каля трох дзесяткаў вершаў“ (132). Аднак ён справядліва падкрэслівае, што „дасягненні польскамоўнай паэзіі гэтага перыяду заключаюцца не ў колькасці выдадзеных твораў, засвоеных жанраў і новых аўтараў, а ў адметным адлюстраванні важнейшых падзей тагачаснага жыцця, у ідэйна–мастацкай значнасці такіх паэм, як „Чалавечы век, „Лямант няшчаснага Рыгора Осціка“, „Дзесяцігадовая аповесць ваенных спраў князя Крыштофа Радзівіла“, у станаўленні творчай індывідуальнасці такіх паэтаў, як М.Стрыйкоўскі, С.Кулакоўскі, А.Рымша“ (133). З эпохай Рэнесансу мы звязваем звычайна імёны выдатных творцаў, пакідаючы па–за ўвагай шматлікія творы менш вядомых ці ананімных аўтараў, якімі поўняцца зборнікі таго часу, т.зв. „silva rerum“. Аднак без іх няпоўнай была б карціна рэнесансавай культуры. Не выключана, што сярод іх знойдуцца яшчэ згубленыя або забытыя шэдэўры.

У апошнім, трэцім, раздзеле манаграфіі, названым „На сутыку эпох: польскамоўная паэзія канца ХVI— пачатку ХVII ст.“, С.Кавалёў пераходзіць да характарыстыкі наступнай эпохі і мастацкага стылю — барока. Мяжа паміж Рэнесансам і Барока, як падкрэслівае аўтар манаграфіі, — паняцце вельмі эфемернае. Аднак ён спрабуе акрэсліць верхнюю мяжу Адраджэння ў ВКЛ: „калі Е.Зёмак умоўна пазначыў канец эпохі Рэнесансу ў Поль­шчы 1629 г., годам смерці Шымона Шымановіча, то для Вялікага княс­тва Літоўскага такой умоўнай датай можа быць 1611 г. — год смерці Яна Карцана“ (144). Ён, праўда, падрабязна не аб­грун­тоўвае свайго меркавання, але з прыкладнай датай, думаю, па­годзяц­ца многія даследчыкі рэнесансавай літаратуры і культуры.

На нашу думку, графаманства і эпігонства, якія развіліся пасля адкрыцця Віленскай езуіцкай акадэміі і шырокіх поспехаў адукацыі ды асветы ў Вялікім Княстве Літоўскім, гэта ўжо з’ява чыста барочная. Невыпадкова С.Кавалёў пачынае свой агляд пераходнай эпохі з творчасці „пасрэднага вершапісца“ Я.Казаковіча. „Верш у кнізе А.Рымшы і чатыры вершы ў кнізе Я.Радвана — такі сціплы творчы даробак Я.Казаковіча ў 80–я г. ХVI ст.“ (147). „На працягу 90–х г. Я.Казаковіч апублікаваў каля пятнаццаці вершаў у сямі кнігах іншых аўтараў. Але найбольшую вядомасць прынёс яму выдадзены Я.Карцанам пераклад на поль­скую мову кнігі Іосіфа Флавія „Woyna żydowska“ (Вільня, 1595)“ (150). Гэта значыць, што пасрэдны паэт усё ж такі зрабіў важкі ўнёсак у развіццё культуры ВКЛ і ўсёй Рэчы Паспалітай. Падобнае можна сказаць і пра іншых творцаў той эпохі. Напрыклад, Ян Пратасовіч — аўтар шасці кніг, якія дайшлі да нас, — развіваў маральна–дыдактычны і рэлігійна–філасофскі жанры.

Зусім нельга назваць графаманам Гальяша Пельгрымоўскага, творчасць якога С.Кавалёў разглядае ў апошнім раздзеле, але галоўныя творы якога храналагічна належаць да перыяду Інфлянцкай вайны. Аўтар у папярэдняй кнізе ўжо звяртаўся да постаці гэтага выдатнага пісьменніка. У гэтай жа працы ён вы­праўляе шматлікія памылкі і недакладнасці, якімі абраслі бія­графія і творчасць Пельгрымоўскага ў беларускім і літоўскім літаратуразнаўстве, а таксама разглядае надзвычай важны з пункту гледжання гісторыка твор „Дыялог літоўскага шляхціча праўдзівы пра Інфлянцкую вайну караля Стэфана з князем маскоўскім“ і інш. Каралеўскі сакратар, дыпламат, Г.Пельгрымоўскі сам у „1583 г. па даручэнні Стэфана Баторыя ездзіў да князя маскоўскага з лістом і падарункамі“ (160), таму ў сваім творы ён выступае як жывы сведка гістарычных падзей. „Водгукі па­дзей Інфлянцкай вайны чуваць і ў ананімна выдадзеным збор­ніку вершаў на лацінскай і польскай мовах „Патрыёт Айчыны да сената і дзяржавы Літоўскай (1597)“ (161), які аўтар манаграфіі называе „уні­кальнай гістарычнай геаграфіяй Вялікага Княства Літоўскага, створанай у паэтычнай форме“ (164).

У кнізе С.Кавалёва пададзены творы амаль усіх жанраў і плыняў літаратуры Рэнесансу ў Беларусі, якія даюць магчымасць меркаваць аб сапраўдным культурным кантэксце гэтай эпохі. Аўтар упершыню выканаў глыбокі аналіз творчасці малавядомых пісьменнікаў, такіх як Ц.Базылік, С.Кулакоўскі, С.Лаўрэнцій, ці ананімных твораў, такіх як „Апалагетык“ або „Румяны для аздобы дзявочага твару“, паказаўшы іх розны мастацкі ўзровень і жанравую разнастайнасць.

Бясспрэчнай заслугай аўтара манаграфіі з’яўляецца спалучэнне цудоўнай літаратурнай формы і жывой манеры апавядання са зграбнай кампазіцыйнай структурай і абгрунтаванай навуковай аргументацыяй.
Горадня

Альбіна Семянчук


[1] Кавалёў С.В. Героіка–эпічная паэзія Беларусі і Літвы канца ХVI ст. Мінск, 1993.
[2] Найбольш поўна з пункту гледжання зместу нядаўна разгледзеў „Размову Паляка з Ліцвінам“ пецярбургскі даследчык А.С.Мыльнікаў у сваёй кнізе „Картина славянского мира“ (С.–Петербург, 1999).
[3] Чамярыцкі В.А. Беларускія летапісы як помнікі літаратуры. Мінск, 1969.

Наверх

Тэгі: , , , ,