Зміцер Шавялёў. Агляд развіцця яўрэйскіх даследаванняў у Беларусі на мяжы ХХ—ХХI ст.
Збег ХIХ—ХХ ст. супаў з уздымам яўрэйскіх даследаванняў у Расійскай імперыі. На Беларусі пачаткам іудаікі, які стаў адначасова і яе росквітам, была дзейнасць яўрэйскіх навукоўцаў Беларускай акадэміі навук у 1920—1930 г. Новы яе ўздым прыпаў на перыяд пасля распаду СССР. Бачыцца актуальным разгледзець стан развіцця іудаікі на Беларусі на збегу ХХ—ХХI ст., спроба чаго і з’явілася мэтай дадзенага агляду. Задачамі працы сталі: акрэсленне стану развіцця і паказ стаўлення дзяржавы да гэтай галіны навукі. За храналагічныя рамкі даследавання ўзяты 1993 г. — з’яўленне першай працы па іудаіцы (брашура Яўгена Разэнблата „Жизнь и судьба“ брестской еврейской общины ХIV—ХХ вв. Берасце, 1993) — і 2002 г. — сотыя ўгодкі з дня правядзення ў Мінску Другога ўсерасійскага сіянісцкага з’езду (1902 г., 22—28 жніўня па старым стылі).
Вызначым наступныя тэрміны, якімі карыстаюцца адмыслоўцы:
1) „іудаіка“ — паняцце, стылізаванае пад тэрмін лацінскага паходжання: Jūdaicus і Jūdaeicus з лацінскай мовы — іудзейскі, яўрэйскі; тэрмін азначае даследаванні па яўрэйскай гісторыі і культуры; сінонімам можа служыць тэрмін „яўрэйскія даследаванні“ — даслоўны пераклад англійскага словазлучэння „Jewish studies“; у гэтым кантэксце ўжываюць, але рэдка, тэрмін „іудаістыка“;
2) „гебраістыка“ — даследаванні ў галіне яўрэйскіх моў і літаратур, галоўным чынам, старажытнага ці сучаснага іўрыта; англійскі сінонім „Hebrew studies“;
3) „біблеістыка“ — сукупнасць навуковых дысцыплін, што вывучаюць Стары і Новы Запавет; у дачыненні да яўрэйскіх даследаванняў маецца на ўвазе выключна Стары Запавет (Яўрэйская Біблія);
4) „ізраілезнаўства“ — вывучэнне сучаснага грамадства, эканомікі, палітычнай сістэмы і ваеннай справы Дзяржавы Ізраіль (з 1948 г.), альбо яўрэйскай абшчыны Палесціны ў дадзяржаўны перыяд ад пачатку першай сіянісцкай аліі ў Палесціну (з 1880–х г.).
Да 1991 г., да моманту распаду СССР, у Беларусі існавала пэўная традыцыя яўрэйскіх даследаванняў, што было звязана з дзейнасцю адпаведнага сектара Інстытута беларускай культуры і Беларускай Акадэміі навук[1] і асобных вучоных — Мікалая Міхайлавіча Нікольскага[2] і Гілера Маркавіча Ліўшыца[3]. Гэты фактар, а таксама абуджэнне нацыянальнага жыцця ў СССР у перыяд перабудовы, а потым і распад Савецкага Саюза прывялі да неабходнасці вядзення даследчыцкай працы па іудаіцы ў Рэспубліцы Беларусь.
За пачатак яўрэйскіх даследаванняў на Беларусі можна лічыць брашуру Я. С. Разэнблата „«Жизнь и судьба» брестской еврейской общины ХIV—ХХ вв.“, выдадзеную Беларускім фондам культуры ў 1993 г.[4].
Вельмі моцны штуршок развіццю яўрэйскіх даследаванняў на постсавецкай прасторы дало заснаванне ў Маскве Цэнтра навуковых работнікаў і выкладчыкаў іудаікі ў вышэйшых навучальных установах „Сэфэр“ (далей — Цэнтр „Сэфэр“) Расійскай акадэміяй навук у супрацоўніцтве з Міжнародным Цэнтрам выкладання яўрэйскай цывілізацыі ва універсітэтах (The International Center for University Teaching of Jewish Civilization) Яўрэйскага універсітэта ў Ерусаліме і пры падтрымцы Амерыканскага яўрэйскага аб’яднанага размеркавальнага камітэта (American Jewish Joint Distribution Committee). Задачамі Цэнтра сталі падтрымка і каардынацыя выкладчыцкай і даследчыцкай дзейнасці ў галіне яўрэйскіх даследаванняў у краінах СНД і Прыбалтыкі. База дадзеных Цэнтра ўключае больш за 1000 даследчыкаў, вучоных і выкладчыкаў, што працуюць у галінах гебраістыкі ды іудаікі. Такая база ўжо двойчы выдавалася[5].
Дзякуючы Цэнтру „Сэфэр“ стала магчымым выданне артыкулаў і абмеркаванне вынікаў даследаванняў на Штогадовых міжнародных навуковых канферэнцыях па іудаіцы[6]. Цэнтр таксама арганізуе стажыроўкі і прызначае стыпендыі для даследчыцкай працы. У праграмах стажыровак у Ізраілі, што ўключаюць работу ў архівах і бібліятэках краіны альбо археалагічныя раскопкі, бралі ўдзел і маладыя навукоўцы з Беларусі.
Выкладчыкам вышэйшых навучальных устаноў Цэнтр „Сэфэр“, а таксама амерыканскія фундатары — муж і жонка Н’юманы — даюць стыпендыі для месяцовай даследчыцкай працы Stephanie and Herb Neuman Fellowship Program. Сярод стыпендыятаў фонду Н’юманаў — кандыдаты гістарычных навук Яўген Разэнблат і Ірына Яленская, выкладчыкі Берасцейскага дзяржаўнага універсітэта імя А. С. Пушкіна (стыпендыі 2000 г.); кандыдат культуралогіі Вольга Сабалеўская і кандыдат гістарычных навук Сяргей Піваварчык, выкладчыкі Гарадзенскага дзяржаўнага універсітэта імя Янкі Купалы (стыпендыі адпаведна 2001 і 2002 г.)[7].
Другой арганізацыяй, што падтрымлівала на працягу адзначанага перыяду даследчыцкую працу ў галіне іудаікі, быў Амерыканскі яўрэйскі аб’яднаны размеркавальны камітэт (АЯАРК). Пры яго дапамозе ў Мінску адбыліся дзве прадстаўнічыя навуковыя канферэнцыі „Яўрэйская культура Беларусі і яе ўзаемадзеянне з іншымі культурамі“ (у траўні 1994 г.) і „Евреи в меняющемся мире“ (у кастрычніку 1996 г.)[8] з удзелам замежных даследчыкаў.
Вялікай з’явай у развіцці іудаікі на Беларусі стаў выхад у свет зборніка навуковых артыкулаў „Евреи Беларуси. История и культура“. Выданне ўвесь час здзяйснялася пры фінансавай падтрымцы прадстаўніцтва АЯАРК на Беларусі. Першы выпуск зборніка быў падрыхтаваны ў 1997 г. Ізраільскім культурна–інфармацыйным цэнтрам у Рэспубліцы Беларусь і Адкрытым Універсітэтам Ізраіля на Беларусі. Ініцыятаркай і натхняльніцай стварэння беларускага выдання па яўрэйскай гісторыі і беларуска–яўрэйскіх стасунках стала кандыдат гістарычных навук Іна Герасімава. Першыя пяць выданняў падрыхтавалі І. Герасімава, Яўген Кімель[9] і Генрых Рутман. Спачатку выданне планавалася як збор артыкулаў і нататкаў студэнтаў і інструктараў Адкрытага Універсітэта Ізраіля на Беларусі. З другога нумара зборнік пачаў друкаваць артыкулы, нататкі і эсэ навукоўцаў і даследчыкаў з усёй краіны, у тым ліку і тых, хто ніяк не быў звязаны з Адкрытым Універсітэтам Ізраіля[10]. Увесь час зборнік „Евреи Беларуси: История и культура“ выходзіў выключна дзякуючы асабістым намаганням І. Герасімавай.
Беларускіх даследчыкаў цікавяць наступныя накірункі ў галіне беларуска–яўрэйскіх стасункаў: сацыяльна–эканамічнае і культурнае жыццё яўрэйскага насельніцтва на Беларусі ў XVIII — пачатку XX ст., дзейнасць яўрэйскіх партый на Беларусі, пагромы ў Паўночна–Заходнім краі ў пачатку ХХ ст., гісторыя гарадоў і мястэчак, яўрэйская адукацыя на Беларусі, яўрэйскія кнігадрукаванне і перыядычны друк на Беларусі, яўрэйская дабрачыннасць і дзейнасць на тэрыторыі Беларусі Амерыканскага яўрэйскага аб’яднанага размеркавальнага камітэта, гісторыя Халакосту, польска–яўрэйскія стасункі, яўрэі і беларускі нацыянальны рух, рэпрэсіі 1930 г. сярод яўрэйскага насельніцтва Беларусі, гісторыя сіянісцкага руху. Таксама з’яўляюцца працы па біблеістыцы[11]. На жаль, амаль не існуе прац, якія даследуюць мовы іўрыт і ідыш[12].
Адзначым выданні, што, безумоўна, былі знакавымі ў гэтыя гады. Першым і адзіным даследаваннем у галіне яўрэйскага музычнага фальклору Беларусі стала праца дацэнта Беларускай акадэміі музыкі, кандыдата мастацтвазнаўства Аркадзя Дзвілянскага „Музыкальный еврейский фольклор Беларуси“, выдадзеная ў 1996 г. накладам 300 асобнікаў пры падтрымцы АЯАРК. Праца праводзілася на стыпендыю Плана садзейнічання навуковым даследаванням Праграмы падтрымкі вышэйшай адукацыі (Research Support Scheme of the Higher Education Support Programme). Гэта, напэўна, першае ў СНД даследаванне такога кшталту[13].
Становішча яўрэйскага насельніцтва ў час падзелаў Рэчы Паспалітай даследуе кандыдат гістарычных навук Яўген Анішчанка[14]. Гэта, магчыма, той аўтар, які найбольш плённа ў Беларусі працуе ў галіне іудаікі.
Сярод прац, выдадзеных у 1993—2002 г., толькі дзве выклікалі найбольшыя спрэчкі сярод спецыялістаў: гэта даследаванне выкладчыкаў Берасцейскага дзяржаўнага універсітэта імя А. С. Пушкіна Я. Разэнблата і І. Яленскай „Пинские евреи 1939—1944“ (Берасце, 1997)[15], а таксама кніга Л. Смілавіцкага, ізраільскага аўтара, нараджэнца Беларусі, „Катастрофа евреев в Белоруссии, 1941—1944 г.“ (Тэль–Авіў, 2000)[16].
У 2000 г. у Беларусі выйшла першая з 1993 г. праца па іудаіцы, напісаная на беларускай мове, — кніга В. А. Сабалеўскай „Спрадвечныя іншаземцы: старонкі гісторыі гарадзенскіх яўрэяў“ (Горадня, 2000)[17]. Выданне здзейснена пры дабрачыннай падтрымцы гарадзенскага абласнога грамадскага аб’яднання „Ратуша“ і амерыканскіх фундатараў.
Безумоўным дасягненнем за гэтыя гады стала выданне некалькіх зборнікаў дакументаў — „Бунд в Беларуси. 1897—1921: Документы и материалы“ (Мінск, 1997), „Judenfrei! Свободно от евреев! История минского гетто в документах“ (Мінск, 1999)[18] — і спроба складання бібліяграфічнага паказальніка „История Холокоста на территории Беларуси“ (Віцебск, 2001)[19]
У азначаны перыяд пачала выходзіць „Беларуская энцыклапедыя“ — „першая нацыянальная энцыклапедыя суверэннай дзяржавы“[20]. Мы разгледзелі тлумачэнне беларускімі спецыялістамі некаторых тэрмінаў, вельмі важных для іудаікі — „гебраістыка“, „Ізраіль“, „Іерусалім“, „іўрыт“, „сіянізм“[21].
У выніку намі зроблена выснова, што артыкулы напісаны на нізкім узроўні і складаюцца з шэрагу фактычных памылак, спыняцца на якіх не ёсць задача дадзенай працы. Варта адзначыць, што артыкул „Іўрыт“ у 7 т. „Беларускай энцыклапедыі“ — амаль літаральны выклад такога ж артыкула з „Беларускай савецкай энцыклапедыі“[22], а артыкул „Гебраістыка“ Эмануіла Іофе скарочана, але тымі ж сказамі перадае аднайменны артыкул „Краткой еврейской энциклопедии»[23].
Паказчык развіцця той ці іншай навуковай дысцыпліны — напісанне дысертацыйных даследаванняў. За дзевяць гадоў развіцця іудаікі ў Беларусі было абаронена восем дысертацый. Першай стала праца Ігара Яцкевіча „Агитационная и пропагандистская деятельность Бунда в Беларуси в 1907 — первой половине 1914 года“ (Бел. дзярж. пед. ун–т імя Максіма Танка, 1995). Потым з’явіліся даследаванні І. Герасімавай „Еврейское образование в Белоруссии в ХIХ — начале ХХ вв. и отношение к нему российского самодержавия“ (Бел. дзярж. пед. ун–т імя Максіма Танка, 1996), Іны Соркінай (Гарадзенскі дзярж. ун–т імя Янкі Купалы, 1998), Яўгена Разэнблата (Ін–т гісторыі НАН Беларусі, 1999), Вольгі Сабалеўскай (Гарадзенскі дзярж. ун–т імя Янкі Купалы, 1999), Юліі Функ (Бел. НДІ дакументазнаўства і архіўнай справы, 1999), Змітра Шавялёва (Бел. дзярж. ун–т, 2000) і Дзмітрыя Мазарчука (Бел. дзярж. ун–т, 2001)[24].
Толькі ў дзвюх дысертацыях, якія належаць грамадзянам арабскіх краінаў, зроблена спроба даследавання сучаснага Блізкага Ўсходу[25]. Працы падрыхтаваны на вельмі нізкім ўзроўні: аўтары паказваюць няведанне гістарыяграфіі праблемы, недакладна вызначаны храналагічныя рамкі даследаванняў, апісанне праблем вельмі спрошчана, сустракаюцца памылкі ў напісанні прозвішчаў.
Беларуская дзяржава павінна мець зацікаўленасць у развіцці яўрэйскіх даследаванняў, менавіта ў галінах беларуска–яўрэйскіх стасункаў і ізраілезнаўства. Даследаванні ў першай галіне дазволяць атрымаць вывады па правядзенні неабходнага кірунку ў міжнацыянальнай палітыцы, а даследаванні ў другой — граматна весці блізкаўсходнюю знешнюю палітыку. Нягледзячы на гэта, на жаль, дзяржава не дае аніякай падтрымкі ні першай галіне, ні апошняй. Так, у Міністэрстве замежных спраў Рэспублікі Беларусь з 1997 г. няма ніводнага (! ) спецыяліста, які валодаў бы мовай іўрыт. Усе працы беларускіх даследчыкаў вядуцца пры падтрымцы замежных навуковых установаў і дабрачынных фондаў.
Сістэмы ў выкладанні сучаснага іўрыта на Беларусі не існавала. Выкладанне на курсах іўрыта (ульпанах) падпарадкоўвалася Яўрэйскаму агенцтву Ізраіля і ізраільскай амбасадзе і скіроўвалася на авалоданне пачаткамі размоўнай мовы тымі, хто планаваў пераехаць у Ізраіль на пастаяннае жыхарства. За дзевяць гадоў былі дзве спробы арганізаваць выкладанне іўрыта для патрэб дзяржавы: на факультэце міжнародных адносін БДУ ў 1997—2001 г. і ў Міжнародным гуманітарным інстытуце, што быў заснаваны пры БДУ ў 2000 г. Але ж ніводны з трох выпускнікоў факультэта міжнародных адносін БДУ 2002 г., якія атэставаны па мове іўрыт і маюць узроўні валодання мовай ад „hэй“ да „вав“ універсітэцкага ульпана Ізраіля, не служаць у Міністэрстве замежных спраў, а ў Міжнародным гуманітарным інстытуце мова іўрыт не была вядучай дысцыплінай: на спецыяльнасці „сучасныя замежныя мовы“ іўрыт вывучаўся два гады па чатыры гадзіны ў тыдзень, на спецыяльнасці „культуралогія“ — пяць гадоў па дзве гадзіны ў тыдзень.
Адсутнасць у знешнепалітычным ведамстве спецыялістаў — знаўцаў Ізраіля адбіваецца на якасці інфармацыі (дакладныя запіскі і іншыя службовыя паперы, што накіроўваюцца з амбасадаў у Мінск): апрацоўваецца толькі інфармацыя з рускамоўных альбо англамоўных перыядычных выданняў, з–за чаго шэраг дэталяў, якія былі б даступны на іншых мовах, апускаецца[26].
За дзевяць гадоў, з 1993 да 2002 г., беларускімі даследчыкамі было выдадзена толькі пяць прац па ізраілезнаўстве, дзве з якіх — у першым выпуску зборніка „Евреи Беларуси: История и культура“, а дзве апублікаваны ў Маскве ў зборніку „Ближний Восток и современность“[27].
Такі факт сведчыць, што праца беларускіх даследчыкаў вядома ў блізкім і далёкім замежжы. Грамадскасць знаёміцца з яе вынікамі з 1995 г. са старонак часопіса „Вестник Еврейского университета в Москве“ (потым — „Вестник Еврейского университета: История. Культура. Цивилизация“) — галоўнага навуковага выдання па іудаіцы ў СНД[28].
На 2002 г. прыпалі сотыя ўгодкі Другога усерасійскага сіянісцкага з’езду ў Мінску, што меў вялікае значэнне для развіцця ўсяго сіянісцкага руху[29]. Да гэтай даты ўдалося перакласці і зверыць частку спіса дэлегатаў з’езду. Сп. І. Герасімава таксама падрыхтавала спецыяльны нумар яўрэйскай газеты „Авив“, прысвечаны гэтай даце[30]. Значнай з’явай у іудаіцы таго ж года стала выданне матэрыялаў першай міжнароднай навуковай канферэнцыі ў Расіі „Российский сионизм: история и культура“, што адбылася ў кастрычніку 2001 г., з артыкуламі І. Герасімавай і З. Шавялёва[31].
У 2002 г. у расійскім часопісе „Диаспоры“ быў надрукаваны артыкул сп. Вольфа Рубінчыка „Критические заметки о „еврейской жизни“ в постсоветской Белоруссии“, у якім зроблена спроба даць дэталёвы агляд становішча яўрэйскай абшчыны ў Беларусі ў 1999—2001 г.[32], чаго ні беларускімі, ні замежнымі даследчыкамі яшчэ не рабілася.
Пэўны час у Беларусі вяла працу даследчыца з Францыі Клер Лё Фоль (С. Le Foll), вынікам чаго стала манаграфія „L’ècole artistique de Vitebsk (1897—1923): Èveil et rayonnement autour de Pen, Chagall et Malèvitch“ („Віцебская мастацкая школа (1897—1923 г.): Абуджэнне і бляск Пэна, Шагала і Малевіча“)[33].
Такім чынам, існаванне даўніх традыцыяў у галіне яўрэйскіх даследаванняў дало моцны штуршок іх развіццю на Беларусі ў канцы 1990–х г. Актывізацыя навуковай працы па іудаіцы на абшарах былога СССР, у тым ліку і ў Беларусі, звязана ў першую чаргу з дзейнасцю Цэнтра навуковых работнікаў і выкладчыкаў іудаікі ў вышэйшых навучальных установах „Сэфэр“, што з сярэдзіны 1990–х г. падтрымлівае вялікую частку праектаў беларускіх даследчыкаў. Спроба сканцэнтраваць іх сілы ўнутры краіны звязана з заснаваннем навуковага выдання „Евреи Беларуси. История и культура».
Праца беларускіх даследчыкаў вядома як у СНД, так і за межамі былога Савецкага Саюза: з 1995 г. іх работы друкуюцца ў вядучых расійскіх навуковых выданнях, яны з поспехам выступаюць на канферэнцыях і калёквіумах у Маскве, Санкт–Пецярбурзе, Рызе; на іх даследаванні з’явіліся водгукі ў навуковых выданнях далёкага замежжа.
Існаванне ў Берасцейскім дзяржаўным універсітэце імя А. С. Пушкіна базы гістарычных даследаванняў, падтрымка берасцейскіх вучоных замежнымі навуковымі ўстановамі і, у першую чаргу, самаадданая праца саміх даследчыкаў на працягу амаль дзесяці гадоў дазваляюць казаць пра складванне ў Берасці моцнага навуковага кірунку ў галіне іудаікі, асноўныя рысы якога: вывучэнне гісторыі Халакосту, дэталёвая верыфікацыя крыніц і сканцэнтраванасць даследаванняў на тэрыторыі Заходняй Беларусі.
*Аўтар шчыра дзякуе Цэнтру навуковых работнікаў і выкладчыкаў іудаікі ў вышэйшых навучальных установах „Сэфэр“ за магчымасць удзелу ў праграме стажыроўкі Stephanie and Herb Neuman Fellowship 2001 г., у час якой быў пачаты збор матэрыялаў па гэтай тэме.
[1] Пра гэта распавядаецца выключна ў трох працах: Greenbaum A. A. Jewish scholarship and scholarly institutions in Soviet Russia. 1918—1953. Jerusalem, 1978. Рускі пераклад гл. у зборніку „Евреи в России. Историографические очерки: 2–я половина ХIХ века — ХХ век“ (Москва—Иерусалим, 1994). Гл. таксама: Токараў М. Вывучэнне культуры і гісторыі яўрэяў у Беларускай Акадэміі навук // Беларусіка= Albaruthenica: Кн.4. Мінск, 1995. С. 133—136; Герасимова И. К истории еврейского отдела Института белорусской культуры (Инбелкульта) и еврейского сектора Белорусской Академии Наук в 20—30–х годах // Вестник еврейского университета в Москве. Москва—Иерусалим, 1996. № 2 (12). С.144—167. Яўрэйскім сектарам Беларускай Акадэміі навук выдаваўся на мове ідыш навуковы зборнік „Часопіс для дасьледваньня яўрэйскай гісторыі, дэмаграфіі і эканомікі, літаратуры, мовы і этнаграфіі“ („Цайтшрифт фар идишэр гэшихтэ, дэмографіэ, ун экономик, литэратур, форшунг, шпрахвисншафт ун этнографиэ“). Том 1. Менск, 1926; Том 2—3. Менск, 1928; Том 4. Менск, 1930; Том 5. Менск, 1931.
[2] Гл.: Ботвинник М. Н. М. Никольский. Минск, 1967.
[3] Гл.: Ботвинник М. Г. М. Лившиц: Историографический очерк / Под ред. В. А. Федосика. Минск, 1994.
[4] Розенблат Е. С. „Жизнь и судьба“ брестской еврейской общины ХIV—ХХ вв. Брест, 1993.
[5] Гл.: Исследователи истории и культуры евреев Восточной Европы / О–во „Еврейское наследие“. Москва, 1996; Иудаика в странах СНГ и Балтии (справочник) / Центр научных работников и преподавателей иудаики в вузах „Сэфер“; Международный Центр университетского преподавания еврейской цивилизации (Еврейский университет в Иерусалиме). Москва, 1999.
[6] Выходзяць матэрыялы штогадовых міжнародных міждысцыплінарных канферэнцый па іудаіцы, іншых канферэнцый, якія праводзяцца Цэнтрам „Сэфэр“. Гл., напрыклад: Материалы Девятой Ежегодной Международной Междисциплинарной конференции по иудаике / Центр научных работников и преподавателей иудаики в вузах „Сэфер“; Международный Центр университетского преподавания еврейской цивилизации (Еврейский университет, Иерусалим); Институт славяноведения РАН. Москва, 2002. Ч. 1—2 (Академическая серия. Вып.10).
[7] Гл. буклет: „Sefer“ Mentoring Program / The Moscow Center for University Teaching of Jewish Civilization Sefer. [2002?].
[8] Матэрыялы першай апублікаваны: Беларусіка=Albaruthenica: Кн.4: [Матэрыялы канферэнцый: „Яўрэйская культура Беларусі і яе ўзаемадзеянне з іншымі культурамі (май 1994 г., Мінск)“; „Вацлаў Ластоўскі — выдатны дзеяч беларускага адраджэння (кастрычнік 1993 г., Наваполацк)“]. Мінск, 1995. Трэба таксама ўзгадаць навуковы калёквіум, прысвечаны 140–годдзю з дня нараджэння Ш. Дубнова, т.зв. Дубноўскія чытанні (кастрычнік 2000 г.), якія павінны былі стаць штогадовымі, але, на жаль, такімі не зрабіліся. Гл.: Дубновские чтения: Материалы 1–й Международной научной конференции „Наследие Семена Дубнова и изучение истории евреев в странах СНГ и Балтии“, посвященной 140–летию со дня рождения ученого (г. Могилев, 17—19 октября 2000 г.): Сб. ст. / Союз белорусских еврейских общественных объединений и общин; Научно–просветительский центр С. Дубнова. Минск, 2001.
[9] Яўген Анатолевіч Кімель, які памёр у 2000 г., стаяў ля вытокаў беларускай іудаікі. На працягу чатырох гадоў сп. Кімель быў членам рэдакцыйнай рады зборніка „Евреи Беларуси. История и культура“. Выдатны філолаг, вучань М. Бахціна. Выпускнік Вышэйшых курсаў іудаікі Інстытута краін Азіі і Афрыкі Маскоўскага дзяржаўнага універсітэта імя М. В. Ламаносава, сваёй працай ён садзейнічаў развіццю акадэмічнай іудаікі на Беларусі, а таксама прымаў удзел у выданні беларускага часопіса татараў–мусульман „Байрам“, вывучаў матэрыялы па гісторыі беларускай мовы і літаратуры. Ніжэй пералічаны асноўныя працы сп. Кімеля: Кімель Я. Яўрэйскае гарадское насельніцтва Беларусі ў 1897—1926 г. // Беларусіка=Albaruthenica. Кн. 4. С.89—92; Ён жа. Становление источниковедения истории евреев Беларуси: Археографическое наследие проф. С. А. Бершадского // Евреи Беларуси. История и культура: Сб.ст.: Вып. 1. Минск, 1997. С.26—32; Ён жа. [Рэц. на:] Анищенко Е. К. Черта оседлости: (Белорусская синагога в царствование Екатерины II). Минск, 1998 // Евреи Беларуси. История и культура: Сб.ст.: Вып. 3—4. Минск, 1998. С.311—317; Ён жа. Программа преподавания курса „Евреи Беларуси“ // Евреи Беларуси. История и культура: Сб.ст.: Вып. 5. Минск, 2000. С.315—318.
[10] У 1997—2002 г. выйшла шэсць выпускаў зборніка. Гл.: Евреи Беларуси. История и культура: Сб.ст. Вып. 1 / Ред. колл.: Герасимова И., Киммель Е., Рутман Г. Минск, 1997; Вып. 2. Минск, 1998; Вып. 3—4. Минск, 1998; Вып. 5. Минск, 2000; Вып. 6. Минск, 2001.
[11] Гл.: Синило Г. В. Древние литературы Ближнего Востока и мир Танаха (Ветхого Завета): Учебное пособие для студентов филологических факультетов вузов. Минск, 1998.
[12] Абрамова Е. Гебраизмы и идишизмы в белорусском языке // Евреи Беларуси. История и культура. Вып. 1. С. 96—102; Цыхун Г., Літвіноўская А. Лёс яўрэйскіх запазычанняў у беларускай мове // Беларусіка=Albaruthenica. Кн.4. С. 212—217.
[13] Двилянский А. Музыкальный еврейский фольклор Беларуси: Науч.–публ. исследование. Могилев, 1996.
[14] Гл.: Анішчанка Я. К. Беларусь у часы Кацярыны II (1772—1796 гады) / Гуманітарна–эканамічны недзярж. ін–т; Пад рэд. У. А. Сосны. Мінск, 1998; Ён жа. Черта оседлости: (Белорусская синагога в царствование Екатерины II). Минск, 1998. Апошняя таксама выдадзена пры падтрымцы АЯАРК.
[15] Розенблат Е. С., Еленская И. Э. Пинские евреи 1939—1944 / Брест. гос. ун–т. Брест, 1997. 308 с.; Рэцэнзіі на гэтую працу гл.: Romanovsky D. The Jews in Pinsk: Sovietization, Then Holocaust: Review // „Jews in Eastern Europe“. Jerusalem, 2001 (fall). No.2 (45). P.73—78; Романовски Д. Йэhудэй Пинск ле–ор тэ’уд архиони ми–hа–шаним 1939—1943 // „Йад Ва–Шэм: ковэтс мекарим 29“. Йерушалайим, 2001. Ам. 117—141; Здановіч У. // БГА. Т.4 (1997). Сш.6—7. С.290—296; Альтман И. Пинские евреи в годы Холокоста: взгляд из Москвы // Евреи Беларуси. История и культура: Вып. 3—4. С. 277—279; Иоффе Э. Книга необычного жанра // Евреи Беларуси. История и культура. Вып. 3—4. С. 284—285; Жумарь С. О книге „Пинские евреи. 1939—1944 г.“ и некоторых проблемах изучения Холокоста в Белоруссии // Евреи Беларуси. История и культура. Вып. 3—4. С. 286—295; Вабишевич А. Судьба пинских евреев времен Холокоста // Евреи Беларуси. История и культура. Вып. 3—4. С. 296—300. Разэнблат і Яленская — найбольш вядомыя аўтары, хто даследуе праблемы Халакосту на Беларусі. Гл., напрыклад: Еленская И. Э. Документы немецко–фашистских оккупационных органов управления и учреждений как исторический источник: (По материалам Госархива Брестской области): Дис. … канд. ист. наук (07.00.09) / НАН Беларуси. Ин–т истории. Минск, 1999; Розенблат Е. С. Нацистская политика геноцида в отношении еврейского населения на территории западных областей Беларуси (1941—1944 г.): Дис. … канд. ист. наук (07.00.02) / НАН Беларуси. Ин–т истории. Минск, 1999.
[16] Смиловицкий Л. Катастрофа евреев в Белоруссии, 1941—1944 г. / Фонд АМОС для поддержки ученых и писателей, Всеобщего попечительского фонда им. Эвы Минскер де Вилар для поддержки ученых, писателей и художников репатриантов из СССР при Министерстве абсорбции, Фонд им. Йорана Шницера по изучению истории еврейского народа при Тель–Авивском университете. Тель–Авив, 2000. Рэцэнзіі на працу гл.: Рубінчык В. Яшчэ пра Галакост // Arche. 2000. №4. С.75—76; Шыбека З. // Кантакты і дыялогі. 2000. №10. С.43—44; Иоффе Э. // Нёман. 2001. №1. С.248—251; Ён жа. // „Авив“. 2001. №3 (март). C.20; Ён жа. // БГА. 2001. Т.8. Сш. 1—2 (14—15). С. 353—356; Розенблат Е., Еленская И. Новая книга о Холокосте // Евреи Беларуси. История и культура: Сб.ст.: Вып.6. С.238—252; Ботвинник М. Отрицательный отзыв — хорошая реклама для книги // „Авив“. 2001. №8 (август). С.10; Кантарович Б. Памятники трагической эпохи // „Мишпоха“. Витебск, 2000. №8. С.140. Параўн. рэцэнзіі сп. Іофе ў часопісах „Нёман“ і „Беларускі Гістарычны Агляд“.
[17] Сабалеўская В. Спрадвечныя іншаземцы: старонкі гісторыі гарадзенскіх яўрэяў. Гародня, 2000.
[18] Бунд в Беларуси. 1897—1921: Документы и материалы / Сост. Э. М. Савицкий; Нац. Арх. Республики Беларусь, БелНИИ документоведения и арх. дела. Минск, 1997; „Нацистское золото“ из Беларуси: Документы и факты / Бел. респ. фонд „Взаимопонимание и примирение“. Минск, 1998; Judenfrei! Свободно от евреев! История минского гетто в документах / Сост. Р. А. Черноглазова. Минск, 1999.
[19] История Холокоста на территории Беларуси: Библиографический указатель / Научно–просветительский центр истории евреев Беларуси и Холокоста им. С. Дубнова; Еврейский общинный центр (г. Минск), Американский еврейский объед. распределит. комитет. Сост.: И. П. Герасимова, С. М. Паперная. Витебск, 2001.
[20] Беларуская энцыклапедыя: у 18 т. Т.1. Мінск, 1996. С.5 (далей БелЭН).
[21] Гл.: Іофэ Э. Р. Гебраістыка // БелЭН. Т. 5. Мінск, 1997. С.129; Афнагель І. Я., Кошалеў У. С., Лянькевіч Р. Ч., Сініла Г. В., Шунейка Я. Ф. Ізраіль // БелЭН. Т.7. Мінск, 1998. С.181—188; Мазоўка Н. К., Шунейка Я. Ф. Іерусалім // БелЭН. Т.7. С. 171—172; Іўрыт // БелЭН. Т. 7. С.368; Боўш В. І. Сіянізм // БелЭН. Т.14. Мінск, 2002. С.429. Крыху адрозніваецца ад усіх толькі артыкул сп. М. Рыбко „Сіянізм“, падрыхтаваны для „Энцыклапедыі гісторыі Беларусі“: Рыбко М. Сіянізм // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: У 6 т. Т.6. Кн.1. Мінск, 2001. С.304—306.
[22] Гл.: Іўрыт // Беларуская савецкая энцыклапедыя. Т.5. Мінск, 1972. С.183.
[23] Параўн.: Гебраистика // Краткая еврейская энциклопедия / Общество по исследованию еврейских общин. Гл.ред.: И. Орен (Надель), М. Занд. Т.2. Иерусалим, 1982. Кол. 46—57.
[24] Гл.: Яцкевич И. Г. Агитационная и пропагандистская деятельность Бунда в Беларуси в 1907 — первой половине 1914 года: Автореф. дисс. … канд. ист. наук: 07.00.02 / Бел. гос. пед. ун–т им. Максима Танка. Минск, 1995; Герасимова И. П. Еврейское образование в Белоруссии в ХIХ — начале ХХ вв. и отношение к нему российского самодержавия: Автореф. дисс. … канд. ист. наук: 07.00.02 / Бел. гос. пед. ун–т им. Максима Танка. Минск, 1996; Соркіна І. В. Роля мястэчак у сацыяльна–эканамічным і культурным развіцці Беларусі ў канцы XVIII — першай палове XIX стагоддзяў: Аўтарэф. дыс. … канд. гіст. навук: 07.00.02 / НАН Беларусі. Ін–т гісторыі. Мінск, 1998; Розенблат Е. С. Нацистская политика геноцида в отношении еврейского населения на территории западных областей Беларуси (1941––1944 г.): Автореф. дисс. … канд. ист. наук: 07.00.02 / НАН Беларуси. Ин–т истории. Мінск, 1999; Сабалеўская В. А. Яўрэі Беларусі ў канцы ХVIII — першай палове ХIХ стагоддзя: лад жыцця і культура: Аўтарэф. дыс. … канд. культуралагічных навук: 24.00.02 / Гродзен. дзярж. ун–т ім. Янкі Купалы. Гродна, 1999; Функ Ю. В. Еврейская благотворительность в Беларуси в ХIХ — начале ХХ в. и источники ее исследования: Автореф. дис. … канд. ист. наук: 07.00.09. / Бел. НИИ документоведения и архивного дела. Минск, 1999; Шевелёв Д. Л. Генезис палестинской проблемы, 1882—1917 г.: Дис. …канд. ист. наук: 07.00.05. / Бел. гос. ун–т. Минск, 2000; Мазарчук Д. В. Религиозно–политические движения в Иудее персидского периода: Автореф. дисс. … канд. ист. наук: 07.00.03 / Бел. гос. ун–т. Минск, 2001.
[25] Хиджаз Раухи Мохаммад Абдул Хак. Динамика палестино–израильского конфликта и пути его урегулирования: Автореф. дисс. … канд. социол. наук: 22.00.04 / НАН Беларуси. Ин–т социологии. Минск, 1998; Аль–Катаунех Ахмад Гани. Роль Иордании в становлении и развитии мирного процесса на Ближнем Востоке в 90–е годы: Автореф. дисс. … канд. ист. наук: 07.00.15 / Бел. гос. ун–т. Минск, 2001.
[26] Пра гэты факт сведчыць дакумент, што з’явіўся ў выданні „Вестник Министерства иностранных дел“ у 2001 г. — агляд дзейнасці беларускай амбасады ў Ізраілі, падрыхтаваны яе супрацоўнікамі (Вестник Министерства иностранных дел. Минск, 2001. №2. С.130—135). У аглядзе сустракаецца шэраг фактычных памылак і недакладнасцяў.
[27] Гл.: Евреи Беларуси. История и культура: Сб.ст.: Вып.1. С.83–89; С.90—95; Ближний Восток и современность: Сб.ст.: Вып.14. Москва, 2002. С.275—298; Ближний Восток и современность: Сб.ст.: Вып.15. Москва, 2002. С.229—238. Гл. таксама: Белорусский журнал международного права и международных отношений. 2000. №1. С.82—86.
[28] Гл.: Холокост на территории Пинщины. 1941—1944 г. // Вестник Еврейского университета в Москве. Москва—Иерусалим. 1995. №2 (9). С.114—118.
[29] Пра другі ўсерасійскі з’езд сіяністаў 1902 г. гл.: Штейн И. А. Всероссийский съезд сионистов в Минске: Отчет. Елисаветград, 1902 (Сионистское образование; №6). Гл. таксама: Герасимова И. П. Первая конференция сионистов в России: Минск, 1902 год. Люди. События. Взгляд через 100 лет // Российский сионизм: история и культура: Материалы научной конференции. Москва, 2002. С.87—110.
[30] „Авив“. Минск, 2002. №11 (80).
[31] Российский сионизм: история и культура: Материалы научной конференции / Еврейское агентство в России; Центр научных работников и преподавателей иудаики в вузах „Сэфер“. Москва, 2002.
[32] Рубинчик В. П. Критические заметки о „еврейской жизни“ в постсоветской Белоруссии // Диаспоры. Москва, 2002. №4. С.53–86.
[33] Le Foll C. Lécole artistique de Vitebsk (18971923): Éveil et rayonnement autour de Pen, Chagall et Malévitch / Préfacé par Suzanne Pourchier et Yves Plasseraud. LHarmattan, 2002. 280 p. (Collection Biélorussie).Рэц.: Шишанов В. Пэновский „сват“ сосватал еврейское, русское и белорусское искусство // „Мишпоха“. Витебск, 2002. Вып. 12. С. 141—142.