Рышард Радзік. Дапаможнік па дзяржаўнай ідэалогіі
Увесну 2004 г. у Мінску ўбачыў свет падручнік для вышэйшых школ пад назваю „Основы идеологии белоруского государства“[1]. У „Прадмове“ да яго напісана: „В идеологии должен быть, во–первых, мировоззренческий стержень. По мнению авторов книги, этим стержнем является белорусская гражданственность, национальное государственное сознание и патриотизм“ (4). Яшчэ не разгарнуўшы працу, можна задацца пытаннем: ці дапушчальна ў дэмакратычным, плюралістычным грамадстве абавязваць студэнцкую моладзь — будучую эліту краіны — засвойваць адзіны ідэалагізаваны малюнак (прыняўшы, што ён падаецца як звязнае цэлае, а не як дыскусія паміж прыхільнікамі розных ідэалагічных выбараў), які ахоплівае усе бакі грамадскага жыцця ў краіне? Калі такі падручнік выступае элементам палітычнай і ідэалагічнай індактрынацыі грамадства, то адказ павінен быць адмоўны.
Спецыфіка беларускага грамадства, якая стварае кантэкст для аналізу разгляданага падручніка, патрабуе, аднак, на маю думку, крыху пільней прыгледзецца да беларускіх рэаліяў. Пераважная бальшыня грамадстваў Еўропы сфармавалася ў апошнія два стагоддзі як навачасныя супольнасці вакол ідэі нацыі. Нацыянальныя каштоўнасці забяспечылі іхнюю цэльнасць, іерархізавалі — прынамсі часткова — мэты індывідуальнай і групавой дзейнасці, надзялілі гэтыя грамадствы сферай эмоцыяў, падштурхнулі да канкурэнцыі з іншымі нацыямі і — у сувязі з гэтым — да гатоўнасці прыносіць ахвяры ў імя рэалізацыі нацыянальных інтарэсаў. Культурныя нацыі (напрыклад — славакі, эстонцы, латышы) сфармаваліся вакол уласнай этнічнай культуры, асабліва мовы. Нацыі палітычныя — вакол існуючых вякамі дзяржаўных структур і традыцыяў лаяльнасці дзяржаве, якая з цягам часу забяспечвае, агулам кажучы, дэмакратычныя і эканамічныя свабоды. Беларусам не далі збудаваць нацыю (расійцы — у царскай імперыі, а потым у СССР, палякі — у міжваеннай Рэчы Паспалітай). Не існуе сярод беларусаў і моцнай традыцыі цалкам незалежнай уласнай дзяржавы. Беларусь (як і ўсходняя, а ў значнай меры і цэнтральная Ўкраіна) узнікла як навачаснае грамадства, якое ў XX ст. згуртавалася вакол каштоўнасцяў савецкага тыпу. Беларускасць будавалася на вясковай базе, насычанай кансерватыўнымі каштоўнасцямі і пазіцыямі, схільнай замыкацца ў свойскіх рамках, і разам з тым — як шматмільённая сукупнасць homo sovieticus. Пачуццё нацыянальнай прыналежнасці ў беларусаў слабое, а як навачасная нацыянальная супольнасць еўрапейскага тыпу беларусы амаль не існуюць. Уласную дзяржаву яны атрымалі амаль выпадкова, не марыўшы пра яе і не змагаўшыся за яе — хоць бы і бяскроўна, — а як бы дзякуючы гістарычным бурам, якія пранесліся па–над іхнімі галовамі на пачатку мінулага дзесяцігоддзя. У адрозненне ад палякаў яны дагэтуль не спрамагліся на масавыя ахвяры і калектыўныя пратэсты ў імя ідэі зверхнасці нацыянальных інтарэсаў.
Тым не менш, праз 13 гадоў фармальнай незалежнасці ў Беларусі ўзніклі асяродкі — палітычныя, гаспадарчыя, часам нацыянальныя, — зацікаўленыя ў існаванні беларускай дзяржавы. Мець уладу ў сваёй дзяржаве — не тое, што кіраваць расійскай губерняй. Таму можна ўявіць сабе сітуацыю, калі ўлады краіны вырашаюць, што грамадству патрабуецца аб’яднальны ідэалагічны фактар. Такі фактар стварае моцныя повязі, якія суб’ектывізуюць грамадства ў дачыненні да сябе і суседзяў, забяспечваюць далейшае існаванне дзяржавы і даюць ёй аўтатэлічны кантэкст. Дзяржаўная ідэалогія не магла б у такім выпадку служыць — на савецкі лад — панаванню над грамадствам. Не магла б яна і капіяваць савецкія мадэлі, як паводле зместу, так і паводле метадаў распаўсюджвання, бо якраз савецкасць стала прычынаю слабасці адносін унутры беларускай супольнасці. Таму, нягледзячы на цалкам савецкае паходжанне самой задумы падручніка, ягоны змест — прынамсі тэарэтычна — сапраўды мог бы прычыніцца да пабудовы навачаснай, моцнай супольнасці беларусаў. Магчыма, нацыі палітычнага тыпу, што напэўна не было б лёгкай справаю. Аднак ужо ў апошнім сказе „Предисловия“ можна прачытаць пра дыялог „власти и населения“ (5). У якой меры „население“ павінна быць суб’ектам, які творыць уладу, а ў якой — інструментам гульні гэтай улады? Наколькі — нацыяй у еўрапейскім разуменні, а наколькі — „населением“, якое трактуецца па–савецку (згодна з расійскай традыцыяй) і над якім пануе власть?
Працу склалі тэксты 23 аўтараў. Яна складаецца з чатырох частак. Першая мае назву „Теория и методология идеологических процессов“, другая — „Динамика идеологических процессов“, трэцяя — „Государственные институты и идеологические процессы“, чацвёртая — „Государственная политика в идеологической сфере“. Кожная частка падзелена на некалькі раздзелаў (агулам 20). Спіс аўтараў — на савецкі ўзор — змяшчае, акрамя прозвішчаў, толькі ініцыялы (імя і імя па бацьку), што часам перашкаджае недасведчанаму чытачу высветліць, якога яны полу. Уступны раздзел (аўтар — С.В. Рашэтнікаў) служыць уводзінамі ў праблематыку падручніка, часткова тут даецца прэзентацыя асноўных паняццяў. Ён выгадна вылучаецца на фоне ўсяе працы. У ім слушна сцвярджаецца, што старая сістэма каштоўнасцяў, якія кансалідавалі савецкае грамадства, распалася. Новыя каштоўнасці вызначаюцца большай палітычнай і ідэалагічнай дыферэнцыяванасцю. „Ценностью, содержащей в себе консолидационный потенциал, может стать независимое белорусское государство“ (19). Яго ідэалогія павінна складацца з цэнтрысцкіх каштоўнасцяў (19), змяшчаць „стандарты прав человека и права как такового“ (21). „Формой существования нашей идеологической доктрины, — піша С.В.Рашэтнікаў, — является национальная идея. Основным содержанием белорусской национальной идеи являются такие фундаментальные понятия, как: общечеловеческие и христианские ценности, национально–государственое сознание, понятие гражданства, патриотизм“ (с. 21). У тэксце выступаюць таксама такія тэрміны, як нацыянальныя інтарэсы і нацыянальная бяспека. Развагі, змешчаныя ў гэтым раздзеле, стварылі надзею на тое, што далей у кнізе названыя тэрміны напоўняцца канкрэтным зместам і будуць суаднесеныя з беларускімі рэаліямі.
Надзея, аднак, не спраўдзілася ўжо ў раздзеле II (аўтар — М.С.Сташкевіч), прысвечаным крыніцам ідэалогіі беларускай дзяржаўнасці. Гэта аказалася тыповая (пост)савецкая агітка, напісаная на выразны палітычны заказ, з досыць адвольнай трактоўкай гісторыі. Паводле сваёй вядучай ідэі яна напэўна не прадстаўляе ні дзяржаўнага, ні нацыянальнага беларускага інтарэсу. У нашых развагах гэтаму тэксту будзе аддадзена асобная ўвага — бо ён закранае важную праблематыку і нясе на сабе характэрныя — для часткі сучасных палітычных элітаў Беларусі, што паходзяць з савецкіх часоў — ідэйныя рысы. У значнай меры тэкст мае гістарычны характар. Немалая частка яго прысвечана адносінам Беларусі, з аднаго боку, да Польшчы (Захаду), з другога — і тут развагі робяцца шырэйшымі — да Расіі. Коратка кажучы, аўтар праводзіць думку, што з Польшчы на Беларусь ішло адно зло, а з Расіі — амаль выключна дабро. Пра Люблінскую унію ён піша: „трагическая страница истории нашего народа“ (27). Тагачасная Рэч Паспалітая разглядаецца „как государство, которое менее всего было заинтересовано в развитии белорусов как самостоятельного народа“. Больш за тое, яна рабіла ўсё, каб вынішчыць з памяці беларусаў іхнюю этнічную прыналежнасць. „Именно в это время большинство белорусов осознало, что для того, чтобы сохраниться как этнос, для своего дальнейшего исторического развития, они должны вернуться к своим общерусским корням, к истокам своей государственности“ (27). Экспансіянізм палякаў у дачыненні да беларусаў у перыяд падзелаў М.С.Сташкевіч абгрунтоўвае спасылкамі на Людвіка Гурскага і Генрыка Сянкевіча (25). Агістарызм і прэзентызм — яскравыя рысы разгляданага тэксту.
Асабліва гэта робіцца відавочным, калі параўнаць гэткае стаўленне да Польшчы з пададзеным у тэксце малюнкам Расіі і СССР. На думку аўтара, уваход Беларусі ў склад расійскай дзяржавы мае адназначна пазітыўнае гістарычнае значэнне. „Оказавшись в границах российского государства, белорусы возродили свои национальные традиции, культуру, литературный язык“ (27). Далей гаворыцца, што Люблінская унія была трагедыяй беларускага народа, — не заўважаючы, што яе заключэнне мела добраахвотны характар, а беларускае баярства было зацікаўлена ў юрыдычных і палітычных свабодах, якімі валодала польская шляхта. Захопніцкія намеры ў дачыненні да беларусаў прыпісваюцца палякам у той час, калі Рэч Паспалітая знаходзілася пад расійскай акупацыяй, польскія школы некалькі дзесяцігоддзяў (ад разгрому паўстання 1863 г. да 1904 г.) не маглі існаваць, было забаронена нават публічна прамаўляць па–польску. Разам з тым пра сілавое далучэнне беларускіх земляў да царскай імперыі пішацца: „оказавшись в границах российского государства“. Няма нават згадкі пра паўстанні Касцюшкі, 1831 і 1863 г. (хоць нават у афіцыйнай беларускай гістарыяграфіі гэтае апошняе, прынамсі часткова, разглядаецца як беларускае). Думка, што дзякуючы паглынанню беларускіх земляў Расіяй беларусы адрадзілі сваю літаратурную мову і культуру — у сітуацыі, калі расійцы не дазвалялі стварыць беларускую школу, зачынялі школкі, якія ў 60–я г. XIX ст. стваралі польскія памешчыкі для дзяцей беларускіх сялян, а друк літаратуры на беларускай мове быў практычна забаронены (перад паўстаннем 1863 г. — лацінкай, а пасля паўстання — і кірыліцай), — гэта глыбока тэндэнцыйная трактоўка сваёй роднай (?) гісторыі. Больш за тое, творцамі беларускай літаратуры ў XIX ст. былі выключна людзі польскай культуры (каталікі), г.зв. Gente Lithuani, natione Poloni; яны ж гралі галоўную ролю ў беларускім нацыянальным адраджэнні „нашаніўскага перыяду“. Уклад г.зв. западноруссов (г.зн. людзей расійскай арыентацыі) у фармаванне літаратурнай беларускасці XIX ст. і беларускае нацыянальнае адраджэнне быў мінімальны.
Палякі — на думку беларускага гісторыка — у 1919 г. акупавалі беларускія землі (30), а праз год Чырвоная Армія іх вызваляла (31). Спасылаючыся на В.А.Круталевіча, аўтар сцвярджае, што абвешчаная 25 сакавіка 1918 г. Беларуская Народная Рэспубліка не была дзяржаваю нават „в марионеточной форме“, яе не прызнавалі ні акупацыйныя нямецкія ўлады, ні шмат іншых дзяржаваў Захаду, яна характарызавалася ізаляцыяй яе дзеячаў ад народных масаў, быццам „захваченных идеей советской государственности“ (29). Разабраўшыся такім чынам з нацыянальным сімвалам беларускай дзяржаўнасці найноўшых часоў — зрэшты, пададзенае тут апісанне БНР не мае істотных разыходжанняў з праўдай — ён цвердзіць, што БССР, якая ўзнікла 1 студзеня 1919 г., „стала первым реальным национальным белорусским государством“ (32). Відавочна, усё тое, што служыць сімвалам беларускай нацыянальнай незалежнасці, асабліва аддзялення Беларусі ад Расіі, суаўтару разгляданага падручніка чужое. Разам з тым ён вызнае тэзіс пра адну старажытнарускую народнасць у межах супольнай старажытнарускай дзяржавы — Кіеўскай Русі (26). Ён рытарычна пытаецца, ці „идея белорусской государственности имеет общероссийские (не „общерусские“ — Р.Р.) корни“, г. зн. ці ўваходзілі беларускія землі ў склад старажытнарускай дзяржавы? (25, 37). Іншае рытарычнае пытанне гучыць так: „Имеет ли позитивное историческое значение факт вхождения Беларуси в состав русского государства, вследствие чего повлияло ли это вхождение в состав России, а затем (sic!) и Советского Союза, на возникновение и развитие государственности белорусского народа?“ (26, 37). Абодва пытанні паўтараюцца ў канцы раздзела ў рубрыцы „Контрольные вопросы“.
Існаванне БССР падаецца як збор адназначна пазітыўных фактаў (хоць і робiцца кароткая заўвага, што, згодна са сталінскай формулай, агульная дзяржава абмежавала з часам суверэннасць рэспублік на карысць цэнтральнай адміністрацыі, нацыя разглядалася як перажытак, а паняцце нацыянальных інтарэсаў было выключана — с. 31—32). Нават далучэнне да Расіі ў 1919 г. трох беларускіх губерняў (у тым ліку смаленскай — назусім) не сутыкаецца хоць бы з ценем крытыкі. На поўным сур’ёзе трактуюцца лозунгі, напрыклад, пра раўнапраўную аснову стасункаў паміж Беларуссю і Расіяй і пра „независимость и суверенность «каждой из договаривающихся сторон»“ згодна з дамовай, заключанай 21 студзеня 1921 г. (31). Нідзе нават не згадваецца практычна поўная русіфікацыя беларускіх гарадоў; спыненне на пераломе 20—30–х г. XX ст. — а потым і адкат — працэсаў нацыянальнай беларусізацыі грамадства (а значыць, набыцця апошнім нацыянальнай свядомасці); звядзенне беларускасці да ўзроўню этнаграфічнага музея; не менш як сотні тысяч беларусаў, забітых паводле загадаў са сталіцы імперыі; масавае разбурэнне помнікаў архітэктуры; такія сляды маскоўскага панавання, як Курапаты; слабасць беларускіх элітаў, якія не мелі права ствараць нацыянальную канкурэнцыю савецкаму дзяржаўнаму цэнтру. Наступствы ўсяго гэтага сёння відавочныя на Беларусі паўсюль, у тым ліку ў ментальнасці аўтара разгляданага тэксту і ў навуковым узроўні ягоных развагаў.
Разглядаючы перыяд незалежнасці краіны, М.С.Сташкевіч зусім прамінае яе першыя тры гады, пераходзячы адразу да прэзідэнцтва Лукашэнкі. Ён вылучае тры магчымыя шляхі развіцця Беларусі. Першы — гэта „совершенствование существующей независимой государственности белорусов в границах воссозданного в новой форме союзного государственного образования, в котором Беларусь должна исполнять важную историческую миссию на нынешнем этапе славянской истории <…>“ (33). Кажучы прасцей, аўтар мае на думцы — як вынікае з ягоных далейшых развагаў — аб’яднанне Беларусі з Расіяй. Ён лічыць, што ў цяперашнім свеце, які глабалізуецца, па–сапраўднаму незалежным можа быць толькі блок дзяржаваў, якія маюць супольны „цивилизационный знаменатель“ — рэлігію, этнічныя каштоўнасці, культуру, сакральныя цэнтры, блізкае разуменне шляхоў гістарычнага развіцця. „Именно такой основой стабильного существования и динамичного, непрерывного развития Беларуси в системе современных международных отношений является союз с Россией. <…> В рамках такого союза Республика Беларусь несомненно сохранит свою суверенность и может безболезненно интегрироваться в мирное сообщество“ (34). Пададзены тут спосаб мыслення вынесены з савецкіх рэаліяў, калі Беларусь мела атрыбуты дзяржаўнай незалежнасці (урад, парламент, сталіцу і межы), хоць і пазбаўленыя ў значнай меры палітычнага значэння, — і беларусы прывыклі да іх, бо не ведалі іншых. Такое разуменне ўласнай суверэннасці спарадзіла вынікі сацыялагічных даследаванняў 90–х г., у якіх больш за 60% беларусаў выказвалася за незалежную Беларусь і адначасова за аб’яднанне з Расіяй — не бачачы ў гэтым, згодна са сваім гістарычным досведам, істотнай супярэчнасці[2].
Другім з трох магчымых шляхоў развіцця аўтар называе „национал–радикальный“, звязваючы яго з „возрожденческой“ тэндэнцыяй, якая выяўляецца ў працэсе пабудовы нацыянальнай дзяржаўнасці. Яго прыхільнікі трактуюць грамадства і дзяржаву ў нацыянальных катэгорыях, характэрных для Заходняй і Цэнтральнай Еўропы апошніх двух стагоддзяў. Беларускі гісторык яе рашуча адрынае і рэзка асуджае. Ён папракае беларускіх нацыяналістаў — у значнай ступені беспадстаўна — у жаданні збудаваць „монаэтнічную дзяржаву“, у імкненні выключыць з грамадскага жыцця прадстаўнікоў іншых нацыянальнасцяў, абмежаваць іхнія палітычныя правы. Тоеснасць Беларусі як „государства–нации“ павінна была б — на ягоную думку — будавацца на этнічным эгаізме, пошуку ворагаў, на расколванні еднасці гістарычных шляхоў развіцця ўсходніх славянаў. Сінонімамі паняцця „Беларусь“ — згодна з М.С.Сташкевічам — тады зрабіліся б словы „окраина“ і „буфер“. Ён лічыць, што ідэалогія нацыянал–радыкалаў мае утапічны характар і што ў ёй закладзена магчымасць ператварэння нацыянальнай дзяржавы ў таталітарную. Прыхільнікі гэтай ідэалогіі імкнуцца да пабудовы „этнократического белорусского“ государства“ (34—35). Такі погляд на нацыю еўрапейскага тыпу вынікае з таго, што беларусы не сталі нацыяй, што яны ўзніклі як навачаснае грамадства, абапіраючыся на савецкія каштоўнасці, супярэчныя нацыянальным, а найбольш — з таго, што ім дзесяцігоддзямі прышчэплівалі варожасць да любых нацыянальных тэндэнцыяў — якія атаясамліваліся з нацыяналістычнымі, з нецярпімасцю, з арыентацыяй на фашызм, гітлерызм у часы II сусветнай вайны. Выразамі „беларуская нацыя“, „беларускі народ“ беларусы ў цэлым карыстаюцца безрэфлексійна, як тэрмінам, пазбаўленым глыбокай сувязі з паняццем нацыі еўрапейскага тыпу.
М.С.Сташкевіч прамінае той факт, што нацыі збудавалі навачасную Еўропу, багатую і дэмакратычную. Грамадская актыўнасць, якая вынікала з мыслення ў катэгорыях нацыянальных поспехаў і ахвяраў, скіравала краіны Прыбалтыкі на шлях свабоды і заможнасці. Нават расійцы, спрабуючы выбавіцца з крызісу, усё часцей робяць гэта ў імя нацыянальных, нават нацыяналістычных каштоўнасцяў. Нацыя, як можна выснаваць з развагаў аўтара разгляданага тэксту, нясе з сабою зло, яна чужая роднай савецкасці, а найвялікшы — як можна меркаваць — супраціў будзіць у ім тое, што пабудова моцнай беларускай тоеснасці адасобіць беларусаў ад расійцаў. Ён паказвае спосаб мыслення, характэрны для сучаснага савецкага заходнерусізму. Праўда, ён ужо не лічыць беларусаў расійцамі — як да I сусветнай вайны, — але малюнак выразна сфармаванай беларускай нацыянальнай свядомасці (як у чэхаў, літоўцаў, палякаў ці французаў), сапраўднай дзяржаўнай незалежнасці і грунтаванага на ёй нацыянальнага інтарэсу — калі прамінуць лозунгі на гэтую тэму — яму цалкам чужы. Затое блізкая яму ідэя ўсходнеславянскай супольнасці — карані якой сягаюць Кіеўскай Русі — на чале з Расіяй.
Трэці магчымы шлях развіцця Беларусі вызначаецца як „либерально–радикальный“. Яго прыхільнікі лічаць, што Беларусь — складовая частка Заходняй Еўропы. Тым часам аўтар тэксту зыходзіць з пасылкі, што „Беларусь никогда в этнокультурном отношении не принадлежала к Западной Европе; она сформировалась как этнокультурная общность и страна в лоне восточнохристианской православной цивилизации, в евразийском геополитическом пространстве. И ничьи субъективные устремления не могут изменить этих реалий“ (35). Гэты погляд выразна разыходзіцца з фактамі. Беларусь як складнік Рэчы Паспалітай Абодвух Народаў належала да еўрапейскай цывілізацыі, зразуметай нават як лацінская: грамадства на ўзроўні сваіх элітаў з цягам часу сталася пратэстанцкім, а пазней каталіцкім, а на ўзроўні простага народа — уніяцкім, то бок лацінскім. Інстытуты, якія дзейнічалі тады ў Вялікім Княстве Літоўскім, адносіны да права, тыя вольнасці, якімі карысталася шляхта (сяляне тады нідзе ў Еўропе не валодалі імі напоўніцу), — усё гэта было нашмат бліжэйшым да таго, што існавала ў Лондане і Парыжы (а часам і больш развітым), чым у Маскве, якая доўгі час заставалася ўсходняй краінаю. Уніяцкую царкву ў Беларусі скасавалі толькі ў 1839 г.
На думку М.С.Сташкевіча, ідэя выкарыстання заходнееўрапейскага досведу ў працэсе пабудовы палітычнай сістэмы Беларусі носіць утапічны характар. Ён лічыць, што прадстаўнікі як ліберальна–дэмакратычнага, так і ліберальна–радыкальнага кірунку ігнаруюць гістарычны досвед беларускага народа. Яны імкнуцца да таго, каб беларусы парвалі са сваім мінулым (35). Аўтар мае рацыю ў тым сэнсе, што на ўзроўні сваёй свядомасці (за выключэннем вельмі вузкіх элітаў краіны), а таксама ў сферы глыбінных каштоўнасцяў, якія рэалізуюцца ў грамадскім жыцці, беларусы парвалі з традыцыяй былой Рэчы Паспалітай, а значыць, і з прыналежнасцю да лацінскай Еўропы (не столькі ў яе рэлігійным разуменні, колькі ў сэнсе тамтэйшай сістэмы палітычных і эканамічных каштоўнасцяў). Паводле сваёй культуры яны цяпер бліжэйшыя да Расіі, чым да Еўропы. Таму ажыццяўленне нацыянал–радыкальнай, а асабліва ліберал–радыкальнай канцэпцыі сапраўды прывяло б да разрыву з савецка–ўсходнеславянскім, трохі арыентальным шляхам развіцця. Значная частка беларусаў — як паказвае шматвяковая гісторыя краю — не прымае гэтага напрамку развіцця, асабліва разрыву з Расіяй. Тут, аднак, можна задаць пытанне: якая з дзвюх арыентацыяў будзе больш карыснаю для рэалізацыі беларускіх нацыянальна–дзяржаўных (маецца на ўвазе развіццё моцнай і суверэннай дзяржаўнасці і нацыянальнай супольнасці) і эканамічных (багацце грамадства) інтарэсаў — праеўрапейская ці прарасійская? Хоць гэтае пытанне мае характар хутчэй рытарычны, беларускі гісторык лічыць, што якраз прыхільнікі другога і трэцяга напрамкаў развіцця краіны разглядаюць Беларусь у аб’ектных, а не суб’ектных катэгорыях (34). Тэзіс, што яднанне з Расіяй забяспечвае нацыі большую ступень суб’ектнасці, чым уваход у структуры Еўрапейскага Звязу, — надзвычай смелы, асабліва калі яго выказвае прафесійны гісторык, знаёмы з гісторыяй царскай імперыі, а пазней — яе прадаўжальніка (як ён сам лічыць) — СССР.
Лагічны вынік гэтага стылю мыслення — прыняцце першай альтэрнатывы (рэканструкцыя саюзу дзяржаваў вакол Расіі на новых прынцыпах) як „наиболее эффективн[ой] и в результате приемлем[ой] для белорусского общества“. З працэсу фармавання нацыянальнай дзяржаўнасці беларусаў нельга, на думку аўтара тэксту, „выбросить БССР, которая является непосредственной основой для дальнейшего прогресса в сфере построения государственности. С опорой на БССР возникла суверенная Республика Беларусь“ (36). Разам з тым у шмат якіх месцах працы падкрэсліваецца, што Беларусь — сацыяльна арыентаваная дзяржава. Гэта сведчыць, што грамадзяне трактуюць яе хутчэй інструментальна, а не як нацыянальную каштоўнасць саму па сабе. Мова гэтага раздзелу працы нясе на сабе адзнакі шматгадовай практыкі артыкулявання думак у савецкіх рэаліях.
Сказ „Укрепление приоритета прав человека перед правами общества, нации и государства является одной из самых характерных черт Конституции Республики Беларусь“ (36) сведчыць не толькі пра незнаёмства з канстытуцыяй сваёй краіны, але і пра спосаб мыслення аўтара тэксту, які дапускае магчымасць таго, што ў канстытуцыі можа апынуцца гэткі кур’ёзны запіс. Пытанні ў канцы раздзела ўражваюць сваёй тэндэнцыйнасцю, як і рэкамендаваная літаратура, якая не змяшчае салідных працаў сур’ёзных гісторыкаў, што вылучаюцца на агульным фоне беларускай гістарыяграфіі.
Тэкст М.С.Сташкевіча мае несумненныя рысы ідэйна–палітычнага маніфеста. Цяжка даць веры, што прафесійны гісторык пісаў яго на пачатку XXI ст., а не дзесяцігоддзі таму. Аўтар падбірае факты да наперад прынятых тэзаў, фальсіфікуючы такім чынам гістарычную праўду. Гэты раздзел падручніка — відавочны прыклад навуковай нядобрасумленнасці. Ідэалогія можа апеляваць да гісторыі, не канечне яе фальсіфікуючы. Беларускі гісторык прадстаўляе ўжо нават не анацыянальны, а беларускі анацыянальны пункт гледжання. Калі ён меў на мэце фармаваць у беларусаў пачуццё нацыянальнай еднасці, абапертай на эмацыйна ўспрынятай ідэі ўласнай дзяржавы, то напісаны ім тэкст не мае шанцаў спрычыніцца да гэтага. Аўтар апелюе — змяняючы толькі лозунгі — да традыцыйнага набору каштоўнасцяў, які прысутнічае ў савецкай Беларусі ўжо шмат дзесяцігоддзяў. Яны не спарадзілі ні беларускай нацыі еўрапейскага тыпу, ні моцна закарэненай, трактаванай як самакаштоўная мэта ідэі беларускай дзяржавы, — рэчаў, у імя якіх беларусы маглі б, як людзі еўрапейскіх нацыяў, „масава ісці на барыкады“ (гэта не значыць, што такая патрэба павінна ўзнікнуць). Зусім невядома, чаму гэты механізм мае цяпер зазнаць нейкія змены. Калі ёсць жаданне ісці шляхам пабудовы моцнай беларускай супольнасці і ўмацавання беларускай дзяржавы, то нельга распаўсюджваць каштоўнасці, супярэчныя гэтаму малюнку. Таму або да пастаўленай мэты падабраныя неадпаведныя сродкі, або гэтая мэта — звычайная індактрынацыя ў (пост)савецкім стылі, якая паказвае беларусам адзіна слушную лінію — лінію ўлады.
Тэкст гэты, як і значная частка працы, выяўляе слабасць беларускай палітычнай думкі, яе няздольнасць, як часта бывае, да „халоднага“, сумленнага аналізу беларускай рэчаіснасці. Калі дыягназ фальсіфікуецца — праз ідэалагізацыю і палітызацыю працэсу яго пастаноўкі — то дасягнуць пастаўленых мэтаў няма шанцаў, бо падбор сродкаў для іхняй рэалізацыі зыходзіць з памылковых прадпасылак. Шмат якія фундаментальныя тэрміны, скарыстаныя ў разгляданай працы, выкарыстоўваюцца тут без напаўнення іх канкрэтным зместам, безрэфлексійна — як аздоба для ідэалагічна і палітычна абумоўленых поглядаў аўтараў падручніка. Асабліва гэта тычыцца такіх паняццяў, як „нация“ і „национальные интересы“: маючы выразнае акрэсленне і пэўнае тэарэтычнае абгрунтаванне, яны павінны былі б служыць аналізу беларускіх рэаліяў, аднак гэтага не адбываецца. Сур’ёзнай спробе пабудовы беларускай дзяржаўнай ідэалогіі, здатнай згуртаваць грамадства, павінен папярэднічаць глыбокі аналіз повязяў, якія лучаць людзей у гэтым грамадстве на макраўзроўні, вывучэнне сістэмы каштоўнасцяў, якая спараджае гэтыя повязі, і ацэнка таго, наколькі моцна гэтая сістэма закарэнена. Нішто не сведчыць, што беларусы ўжо прарабілі гэтую працу. Асабліва ў першы перыяд пасля здабыцця незалежнасці відавочнаю была няздольнасць беларускіх інтэлектуальных асяродкаў, у тым ліку нацыянальных, да сумленнай дыягностыкі новай сітуацыі, у якой апынулася грамадства. Казаць, што ў наступныя гады стан рэчаў прынцыпова змяніўся, было б відавочнай няпраўдаю.
Будаваць дзяржаву — як часта кажуць, „сацыяльна арыентаваную“, — значыць тварыць структуры, якім у сітуацыі вострага эканамічнага крызісу пагражае крах. Не грошы забяспечваюць трываласць грамадстваў, народаў, краінаў. Сённяшняе жаданне аб’яднацца з Расіяй мае перадусім эканамічныя, уласна сацыяльныя прычыны (хоць схільнасць да яднання грунтуецца на культурных сувязях абодвух грамадстваў). Можна дапусціць, што ў Беларусі лягчэй (гэта не значыць — лёгка) будзе сфармаваць палітычны тып нацыі, чым культурны. Поспех такога прадпрыемства азначаў бы радыкальнае павелічэнне шанцаў на далейшае існаванне беларускай дзяржавы. У яго аснове ляжалі б эканамічныя поспехі (хоць яны не канечне павінны быць сутнасцю новай супольнасці). Трэба, аднак, усведамляць, што такога грамадскага ўтварэння, якое можна было б вызначыць як савецкая палітычная нацыя, у поўнай меры не існуе — бо савецкасць і нацыя нясуць каштоўнасці, прынамсі часткова супярэчныя між сабой. Беларусы павінны перадусім адказаць сабе на пытанне, якая ідэалогія і — як вынік — пачуццё якой еднасці дае ім шанцы годна жыць далей, ці можа грамадства прыняць гэтую ідэалогію і праз якія механізмы. М.С.Сташкевіч загадзя ведае, якая ідэалогія патрабуецца беларусам.
* * *
Астатняя частка падручніка, паводле аб’ёму — яго пераважная бальшыня, складаецца з васемнаццаці раздзелаў. Іхняя тэматыка ахоплівае — поруч з ідэалагічнымі ў дакладным сэнсе фактарамі, якія абумоўліваюць беларускую дзяржаўнасць, — характарыстыку канстытуцыі РБ, беларускіх сродкаў масавай інфармацыі, прафесійных саюзаў і прававых прынцыпаў, якія дзейнічаюць пад час выбараў у прадстаўнічыя органы Беларусі. Трэцяя частка прысвечана апісанню такіх інстытутаў улады ў Беларусі — і іхняй ролі ў фармаванні беларускай ідэалогіі, — як прэзідэнт, парламент, Савет Міністраў і органы самакіравання. У чацвёртай характарызуецца, між іншым, беларуская эканамічная сістэма, сацыяльная сфера, існуючыя ў грамадстве рэлігіі, моладзь як асобная сацыяльная група і замежная палітыка РБ — усё ў кантэксце значэння гэтых рэчаў для працэсу фармавання ідэалогіі. Беларускія інстытуты ў цэлым апісваюцца ідэалізавана, выглядаюць узорна збудаванымі і дзейнічаюць, грунтуючыся на законе. Шмат у якіх выпадках гэта не столькі рэальны, колькі жаданы, бесканфліктны, часткова ўяўны вобраз. Несумненна, аднак, — нягледзячы на выразную тэндэнцыйнасць, — праца забяспечвае чытача асноўнымі звесткамі пра юрыдычна–інстытуцыянальныя перадумовы функцыянавання беларускай дзяржавы.
Можна сцвердзіць, што ў „Основах идеологии белорусского государства“ зроблена спроба ўсебаковага апісання грамадскага жыцця Беларусі. Таму падручнік атрымаў максімальна шырокі зместавы абсяг. Калі б ягоныя аўтары зыходзілі з таго, што будаваць ідэалогію беларускай дзяржавы магчыма па–над існуючымі палітычнымі і ідэйнымі падзеламі, засяроджваючыся толькі на максімальна супольных для грамадства каштоўнасцях, якія апелююць да нацыянальных і дзяржаўных інтарэсаў беларусаў, ягоны змест быў бы напэўна іншы, вузейшы. Але так не зрабілі. Замест гэтага былі скарыстаныя правераныя савецкія мадэлі, якія патрабуюць ідэалагізаваць максімальна шырокую сферу грамадскага жыцця, індактрынуючы грамадства і падпарадкоўваючы яго гэткім чынам уладзе, — а не засяроджвацца на каштоўнасцях, якія ўмацоўваюць пачуццё еднасці, суб’ектывуючы гэтае пачуццё і пашыраючы сферу свабоды. Кніжка рэпрадукуе савецкія ўзоры, нясе на сабе адзнакі таго часу, калі яна пісалася. Яе аўтары апелююць да Лукашэнкі, ягоных дзеянняў, выказванняў, друкаваных тэкстаў. Што стане з такім падручнікам пасля Лукашэнкі, асабліва калі да ўлады ў дзяржаве прыйдуць прыхільнікі іншай палітычнай арыентацыі? Мысленне такога тыпу не закарэнена ў палітычнай традыцыі ўсходняй Славяншчыны, а дакладней — яе праваслаўнай бальшыні. Улада як самакаштоўнасць ва Ўсходняй Еўропе нашмат важнейшая, чым у лацінскай частцы кантыненту, менавіта яна структурызуе тамтэйшыя грамадствы; грошы — толькі яе вытворная, культура падпарадкоўваецца ёй як на ніжэйшым, так і на вышэйшым (элітарным, інтэлігенцкім) узроўні. У Беларусі, з яе адназначна сялянскімі каранямі, праявы гэтага назіраюцца штодзённа.
Аўтары падручніка цалкам безрэфлексійна і шматразова, ва ўсіх яго частках, на ўсе лады скланяюць — у беларускім кантэксце — слова „нацыя“, асабліва пішучы пра нацыянальныя інтарэсы. Нідзе — за выключэннем аднаго сказа, дзе гаворыцца пра нізкі ўзровень беларускай нацыянальнай свядомасці, — не рэфлексуецца пытанне надзвычай слабога нацыянальнага характару беларускага грамадства. Як можна ставіць сэнсоўны дыягназ, зыходзячы з памылковых або прынамсі істотна фальсіфікаваных прадпасылак? На фоне ўсяе працы можна зноўку вылучыць раздзел аўтарства С.В.Рашэтнікава, гэтым разам прысвечаны беларускай палітычнай сістэме ў кантэксце ідэалогіі беларускай дзяржавы. Ён не толькі коратка характарызуе паняцце нацыі, але і прысвячае багата месца тлумачэнню таго, што такое нацыянальныя інтарэсы. Аўтар стараецца, каб ягоныя адказы падштурхнулі чытача да самастойнага мыслення. Між іншым, ён піша: „Наши соседи — страны Прибалтики и Польша — сделали свой выбор в пользу западных ценностей через вступление в ЕС. В Украине конституционно закреплена стратегическая долгосрочная цель вхождения в ЕС. Беларусь избрала путь строительства союзного государства с Россией, при признании необходимости многовекторной внешней политики“ (330). На яго думку, да нацыянальна–дзяржаўных інтарэсаў Беларусі адносяцца, сярод іншага, наступныя: сохранение и укрепление независимости и суверенитета страны, идентичности белорусов и соблюдение их интересов в отношениях с другими нациями (330). Адначасова той жа аўтар прамаўляе словы, якія цяжка прыняць у дачыненні да заходніх грамадстваў, хоць яны і адлюстроўваюць пэўныя рэаліі на ўсходнеславянскім абшары: „На практике оказалось, — піша Рашэтнікаў, — что плюрализация элит и параллельный рост уровня массового политического участия ведет к хаосу, дезорганизации“ (344).
На жаль, прычыны нізкага ўзроўню палітычнай культуры беларусаў у працы не тлумачацца. Больш за тое, пра іхнюю палітычную культуру пішацца наогул у пазітыўным сэнсе, сама больш — звяртаючы ўвагу на спецыфіку ўсходнеславянскага праваслаўнага абшару, ягоную адрознасць ад Захаду, які прагне накідаць іншым свае рашэнні, непрыдатныя для шмат якіх грамадстваў і культурных сфераў (цывілізацыяў). У раздзеле, прысвечаным гэтай праблематыцы, сцвярджаецца, што, у адрозненне ад 80–х г., сучасную беларускую палітычную культуру вызначаюць такія дэмакратычныя каштоўнасці, як: публічнасць (галоснасць), свабода слова, друку, правы чалавека і грамадзяніна (113).
Тое, што ў падручніку знайшлося месца для больш ці менш разважных меркаванняў — гэта тычыцца, напрыклад, раздзелаў, напісаных Рашэтнікавым, — зусім не значыць, што магчыма было непасрэдна крытыкаваць сучасныя беларускія рэаліі, асабліва ў іхнім палітычным вымярэнні. У працы шмат відавочна непраўдзівых, індактрынуючых выказванняў, звычайнага бяздумнага пустаслоўя, прымання жаданага за рэальнае. Адна з аўтарак аптымістычна піша: „В белорусской национальной идее воплощается историческое стремление белорусской нации к свободе, самостоятельности и благосостоянию, сохранению и развитию белорусской науки, белорусского языка и белорусского государства, гуманистических перспектив и гражданской ответственности за будущее страны“ (356). Калі б беларусы выразна выяўлялі такія імкненні, Беларусь была б цяпер зусім іншай дзяржавай і грамадствам. Яна б пераадольвала цяжкасці хутчэй так, як краіны Прыбалтыкі, і стаяла б на іншай ступені развіцця, чым цяпер. Надзвычай важнае — і не толькі для нацыянальна свядомых беларусаў — пытанне паступовага выцяснення беларускае мовы расійскаю і ў савецкія часы, і пасля прыходу да ўлады прэзідэнта Лукашэнкі, не сцверджана і не адрэфлексавана ў падручніку. Шмат хто з аўтараў працы слаба адчувае адказнасць за свае словы. Або нестае адпаведных ведаў, або ім мала рупіць дабро ўласнай краіны і паперадзе яе інтарэсаў яны ставяць свае ўласныя — зразуметыя эгаістычна і кароткатэрмінова. Гэтая праява ў перыяд сацыялізму была характэрная і для польскіх, прынамсі некаторых, аўтараў падручнікаў.
Праца насычаная такімі тэрмінамі, як демократия, свобода (свободы), парламентаризм, гражданское общество. На думку аўтараў падручніка, яны павінны характарызаваць беларускія рэаліі. Найчасцей яны трактуюцца лозунгава, павярхоўна, як аздоба выкладанага зместу, а не як паняцці, дакладна сканструяваныя для аналізу беларускай сацыяльнай рэчаіснасці. Палітычная сітуацыя на Беларусі разглядаецца як „стабильная“, у дзяржаве „не существует конфронтации между гражданами и властью“. „Время от времени, — піша Т.І.Адула, — активизирует свою деструктивную деятельность оппозиция“ (117). У 90–я г. у грамадстве лавінаю нарастаў „хаос и самоуправство“. Як палітыкі, так і звычайныя людзі пераканаліся, — лічыць той жа аўтар, — што адсутнасць ідэалогіі, якая падтрымліваецца дзяржаваю, не прынесла грамадзянам чаканай свабоды (122). „Государство, — напісана ў апошнім раздзеле падручніка, — не может существовать и развиваться без идеологии, не может противостоять ни внутренним, ни внешним угрозам“ (438).
У далейшай частцы працы выказваецца адназначны погляд, што ментальнасць беларусаў арыентаваная на моцную асобу, а паколькі кіраўніком беларускай дзяржавы мог бы быць толькі манарх або прэзідэнт, у рэспубліканскай Беларусі ім стаў, ясная рэч, прэзідэнт. Раней — дадаецца — першай асобай у дзяржаве быў Першы Сакратар ЦК КПБ, а пазней — Старшыня Вярхоўнага Савета. Гэты крыху ўсходні па сваім характары погляд на ўладу суправаджаецца цверджаннем, што парламенцкая форма рэспублікі аказалася ў Беларусі вельмі малаэфектыўнай, а партыйная сістэма знаходзіцца на пачатковым этапе свайго развіцця (214). Цікава, што гісторыя беларускага парламентарызму пачынае разглядацца — у іншым раздзеле — толькі з 1919 г., то бок з савецкага перыяду.
Прынамсі частка гэтых развагаў мае на мэце абгрунтаваць моцную ўладу ў Беларусі ўвогуле, а канкрэтна — уладу прэзідэнта Лукашэнкі. Некаторыя цверджанні трэба несумненна прызнаць трапнымі — напрыклад, пошук крыніц падтрымкі прэзідэнта ў „патерналистических ожиданиях“ грамадства (50). На жаль, звесткі, якія наглядна паказваюць падтрымку прэзідэнта значнай часткаю грамадства ў першыя гады ягонага кіравання, не суправаджаюцца выразна ніжэйшымі лічбамі, якія сведчаць пра спад гэтай падтрымкі ў апошнія гады. У раздзеле, прысвечаным эканоміцы Беларусі, паказаны спад нацыянальнага даходу ў першай палове 90–х г., рост у другой палове (г.зн. пасля прыходу Лукашэнкі да ўлады) і аптымістычная карціна першых пяці гадоў XXI ст. (318 і наст.). Пачатак 90–х асацыюецца ў падручніку з заняпадам маральнасці, непавагай да ўлады, адным словам, з хаосам (штопраўды, у той перыяд некаторыя беларусы гэтак і разумелі дэмакратыю). Гэты характэрны, прынамсі для некаторых раздзелаў падручніка, спосаб мыслення можна звесці да наступнага: было кепска, стала добра, а будзе яшчэ лепш. Не робіцца ніякай спробы патлумачыць той факт, што перыяд спаду ВУП наступіў на некалькі гадоў ва ўсіх краінах, якія перажываюць трансфармацыю пасля развалу сацыялізму. Там, дзе правялі рэформы і трансфармацыя ўдалася — напрыклад, у краінах Прыбалтыкі, Польшчы, Венгрыі — следам за развалам эканомікі пачаўся яе выразны ўздым; сярод ягоных праяваў — значны рост заробкаў у даляравым вымярэнні і пакупной здольнасці мясцовых валютаў, мадэрнізацыя эканомікі, рост прадукцыйнасці, інвестыцыяў і экспарту. У Беларусі ж мадэрнізацыйныя працэсы выступілі ў следавых колькасцях; дыстанцыя паміж Беларуссю, з аднаго боку, і суседнімі краінамі Прыбалтыкі і Польшчаю, — з другога, радыкальна павялічылася, пра што беларускім чытачам падручніка ўвогуле не паведамляецца. Для іх пунктам адліку павінна быць Расія (якая папраўдзе на заходнім фоне заўсёды адзначаецца беднасцю і абмежаваннем свабодаў), а не Еўропа (заможная і дэмакратычная). Як правіла, статыстычныя звесткі, якія наглядна ілюструюць узровень жыцця — у розных яго аспектах — у Беларусі, супастаўляюцца ў кнізе не з іхнімі адпаведнікамі ў Еўропе (хоць бы ў Польшчы, Чэхіі або Венгрыі), а толькі са звесткамі пра краіны СНД, і то, як правіла, тады, калі яны сведчаць на карысць Беларусі.
Зразумела, што праца гэтулькіх аўтараў не заўсёды змяшчае цалкам паслядоўныя погляды. На жаль, рэдкія цікавыя думкі — якія тычацца беларускіх рэаліяў — найчасцей не знаходзяць развіцця. „В цивилизованных странах, — піша І.Г.Катляроў, — постоянно растет роль политических партий как важнейших субъектов гражданского общества“ (245). Банальнае цверджанне, што прычыну слабасці беларускага парламентарызму — калі прамінуць мінуўшчыну — сёння трэба шукаць і ў недэмакратычнай, аўтарытарнай палітыцы прэзідэнта Лукашэнкі, у працы адсутнічае. Іншы аўтар заўважае, што „Современная Беларусь строит гражданское общество, правовое государство в условиях резких противоречий, в том числе в духовной сфере“ (402). Няпраўда, што ў Беларусі будуецца — асабліва ўладамі — „гражданское общество“, і ўжо напэўна не „правовое государство“, але ў гэтым грамадстве сапраўды існуюць яўныя і схаваныя канфлікты, сутыкненне розных сістэмаў каштоўнасцяў, палітычнай і культурнай арыентацыі на Ўсход (мацнейшая) і на Захад (значна слабейшая). Цікава было б сур’ёзна падысці да гэтага пытання і пастарацца як мае быць яго высветліць. Гэтага, аднак, аўтары працы не робяць, бо цяжка сур’ёзна ставіцца да развагаў у стылі М.С.Сташкевіча.
У эканамічнай частцы падручніка прапагандуецца „социально ориентированная модель рыночного хозяйства“, якая — на думку аўтараў — характэрная для Беларусі. Падкрэсліваецца, што без моцнай грамадзянскай супольнасці не можа існаваць ні дзеяздольная дзяржава, ні эфектыўная эканоміка. На жаль, за гэтымі агульнымі фразамі ў працы не ідзе сумленны аналіз беларускіх грамадска–эканамічных рэаліяў. Такі стыль пісьма характэрны для ўсяго падручніка. Ягоныя аўтары ахвотна апелююць да заходніх катэгорыяў палітычнага мыслення і — у адрозненне ад савецкіх часоў — спасылаюцца не толькі на расійскіх даследчыкаў, але часта і на заходнееўрапейскіх ці амерыканскіх, нібыта спрабуючы гэткім чынам надаць сваім развагам навуковы характар, аб’ектыўнае вымярэнне (поруч з гэтым прысутнічае багата спасылак на Лукашэнку). Часам гэткі стыль апавядання прыводзіць да даволі дзіўных заяваў. Аўтар раздзела „Современные концепции и идеологические доктрины“ прыходзіць, абмеркаваўшы шэраг дактрынаў, да эклектычнай па сваім змесце высновы, што „идеология белорусской нации органично сочетает в себе элементы коммунистической, консервативной, либеральной и социал–демократической идеологий“ (с. 78). Праз старонкі шмат якіх раздзелаў працы чырвонай ніткай праходзіць думка: мы не горшыя, чым Захад, у будаўніцтве сваёй дзяржавы, а можа і лепшыя, бо маем сваю спецыфіку і адкідаем тое, што на Захадзе кепска. Але ж ужо ясна відаць, што савецкія часы мінуліся, людзі маюць большы доступ да літаратуры і ездзяць за мяжу, а таму адкідаць Захад ва ўсіх яго праявах нельга.
Можна было б чакаць, што ў падручніку дзяржаўнай ідэалогіі, які рэгулярна апелюе да катэгорыяў нацыянальнага мыслення, у тым ліку да такіх тэрмінаў, як нацыянальныя інтарэсы і патрыятызм, часта будуць сустракацца звароты да гісторыі Беларусі, яе датаў, герояў, міфаў. Гэтага, аднак, не адбываецца. Гісторыя Беларусі абмалёўваецца слаба, падзел паміж ёю і гісторыяй Расіі не заўсёды выразны, перыяд паміж „Кіеўскай Руссю“ і савецкай Беларуссю найчасцей ледзьве пазначаны або проста прамінаецца (відавочна, што аўтарам, якія атрымалі адукацыю ў СССР, цяжка ўпісаць Вялікае Княства Літоўскае — якое ніколі не належала да Расіі — у гісторыю Беларусі). Найбольш увагі прысвячае Вялікаму Княству Літоўскаму М.С.Сташкевіч, але і тут яно апынаецца на ўскрайку ягоных развагаў. Таго, што гэта частка супольнай з палякамі гісторыі ў рамках Рэчы Паспалітай, у якой гістарычная Літва (а значыць, і цяперашняя Беларусь) мела адносна Варшавы (Кароны) вельмі вялікі абсяг незалежнасці, незраўнана большы, чым у царскай імперыі і ў СССР, ніводзін з аўтараў працы не заўважыў. Бальшыня іх, калі ўвогуле звяртаецца да гісторыі ўласнай Радзімы, то павярхоўна, штампавана (па–савецку) і нібыта пад прымусам, без пераканання ў яе значнасці для лёсаў сённяшняй Беларусі. Выключэнне, вядома, — часы Беларусі савецкай. Пра іх у асноўным і пішацца, прычым найчасцей пазітыўна.
Як правіла, падкрэсліваецца, што Беларусь — частка ўсходнеславянскай супольнасці. Адрозненне паміж беларусамі і расійцамі, вядома, праводзіцца, нягледзячы на падкрэсліванне аб’яднаўчых тэндэнцыяў у рамках усходняга славянства (а часам і славянскага свету ў цэлым). Гэты абшар бачыцца як выразна адрозны ад Заходняй Еўропы. Звяртаецца ўвага на дамінацыйныя схільнасці Захаду, якія служаць прадметам крытыкі. Падкрэсліваюцца супольныя элементы гісторыі беларусаў, расійцаў і ўкраінцаў. Зрэдку адзначаюцца заходнія (польскія) уплывы, напрыклад, на ментальнасць беларусаў у заходняй частцы краіны (364). Відавочна, што для беларусаў іхняя славянскасць значна важнейшая, чым для палякаў.
Беларусь успрымаецца як краіна, якая мае моцныя культурныя і гістарычныя сувязі з Расіяй, але адначасова падкрэсліваецца — як у Я.С.Яскевіч — яе становішча паміж Усходам і Захадам, на сутыку дзвюх культураў, дзвюх цывілізацыяў: праваслаўна–візантыйскай і рымска–каталіцкай. Таму названы аўтар цвердзіць, што беларуская культура мае пагранічны характар і як такая можа адыграць значную аб’яднаўчую ролю (358, 369). Адзначаецца ментальная адрознасць беларусаў ад расійцаў (якраз тут у асноўным і адзначаецца заходні ўплыў на беларусаў). Пачуццё расійскай нацыянальнай еднасці, на думку аўтара, узнікла ад спалучэння славянскіх, візантыйска–праваслаўных і татара–мангольскіх рысаў (363). Затое ментальнасць беларусаў — згодна з Я.С.Яскевіч — пераняла уніяцкую схільнасць да кампрамісаў і каталіцкі гераізм, выразную стрыманасць і пратэстанцкі індывідуалізм. Беларусы — мірны народ, які не ўзвышае сябе над іншымі, талерантны, здольны да кампрамісаў, памяркоўны. Адначасова падкрэсліваецца калектывізм, які яднае беларусаў з расіянамі і ўкраінцамі, імкненне да справядлівасці. „Характерные черты белорусов — исключительная любовь к родной земле, привязанность к родным местам, бережливость, трудолюбие, преданность семье и семейно–родовая солидарность“ (364). У межах Беларусі назіраюцца рэгіянальныя адрозненні; падкрэсліваецца, што „для Гродненщины и других регионов Западной Беларуси, которые развиваются под влиянием католической Польши, Литвы и протестантской этики Западной Европы, характерна индивидуализация жизни; в Полесье же преобладает культ сельской общины; в белорусском Поозерье, граничащем с Россией, проявляется православная соборность“ (364). Гэтыя развагі, месцамі не пазбаўленыя пэўнай слушнасці, змяшчаюць выразныя элементы аўтастэрэатыпізацыі. Яны ні ў чым прынцыпова не разыходзяцца з агульнапрынятым аўтастэрэатыпам беларуса, у якім спалучаюцца і тыя рысы, што выразна яднаюць яго з расійцам, і тыя, што адрозніваюць яго ад апошняга (як выглядае, менш працавітага, мірнага і талерантнага, але больш здатнага на скрайнасці ў паводзінах).
Два пытанні ў падручніку знаходзяцца па–за крытыкай і падаюцца як ісціна ў апошняй інстанцыі, якая не падлягае ніякаму сэнсоўнаму аналізу. Першае — ацэнка постаці прэзідэнта Лукашэнкі і ягонай палітыкі ў апошнія дзесяць гадоў. Другое — аб’яднанне з Расіяй. Лукашэнка, згодна з падручнікам, прадбачыў, што распад СССР — якога беларусы не хацелі і не былі да яго падрыхтаваныя — пацягне за сабою адмоўныя наступствы, хаос; таму зразумела, што ён імкнецца ўз’яднаць Беларусь з Расіяй. Характар будучага саюзу абедзвюх дзяржаваў у працы выразна не акрэсліваецца. Увесь час пішацца і пра еднасць — у кантэксце будучага саюзу — і пра суверэннасць Беларусі. Колькі–небудзь глыбокая інтэлектуальная рэфлексія над гэтай — магчыма, толькі ўяўнай — супярэчнасцю адсутнічае. Абвешчаная неабходнасць яднання з Расіяй не вынікае ні з якага грунтоўнага аналізу яго выгадаў для Беларусі з пункту гледжання яе нацыянальных інтарэсаў, — такога аналізу ў працы няма. За ёю крыюцца або нявыказаныя прадпасылкі эмацыйнага характару, або выказаныя наўпрост — культурнага. Адзін з аўтараў падручніка піша, спасылаючыся на Лукашэнку: „Россия была, есть и будет великой державой. Раньше или позже экономический кризис будет преодолен, и Россия вновь станет сильной, цветущей страной“ (57). Гэта не адзіны ў кнізе прыклад, калі беларускія нацыянальныя інтарэсы грунтуюцца на жаданым, якое выдаецца за рэальнае. Іншая рэч, што і амбіцыі беларусаў ніколі не былі надта высокімі. Яны хутчэй сягалі больш рэальнай — хоць для еўрапейцаў не надта заможнай — Масквы, чым Парыжа ці Лондана. Адзін з аўтараў цвердзіць, што савецкая Беларусь за кароткі перыяд здзейсніла гіганцкі крок і робіцца адною з самых развітых краін свету (78). Мары пра колішні „дабрабыт“ дагэтуль жывуць у сённяшняй Беларусі, дзе пануе беднасць. Павелічэнне разрыву (найперш у эканоміцы, хоць не толькі) паміж ёю і Цэнтральнай Еўропай (не кажучы ўжо пра Заходнюю) не становіцца ў цэлай кнізе прадметам нават найдрабнейшай рэфлексіі.
Непрыязь да Захаду, асабліва да ЗША, якія ўмешваюцца — як лічыцца — ва ўнутраныя справы Беларусі, на старонках працы відавочная. Пасля краху сацыялізму Беларусь, дзякуючы Лукашэнку, „взяла курс на теснейшую“ інтэграцыю з Расіяй, тым часам як — піша не без зласлівасці, а магчыма і зайздрасці, Л.П.Козік, — „Лидеры новых государств кинулись на Запад в надежде на получение кредитов и политической поддержки“ (56). Тут у падтэксце, відавочна, — постсавецкае расійскае бачанне гісторыі постсацыялістычнай Цэнтральнай Еўропы, краіны якой — колішнія „саюзнікі“ СССР — здрадзілі Расіі (колішняму СССР), пайшоўшы на Захад і падпарадкаваўшыся яму гэтаксама, як некалі Маскве. Трэба ўсведамляць, што такі спосаб мыслення блізкі значнай частцы беларускага грамадства. Гэта, праўда, тычыцца шмат якіх падставовых пытанняў, закранутых у працы.
Можна меркаваць, што аўтары падручніка павінны аддаць шмат месца такім пытанням: наколькі моцнае пачуццё нацыянальнай еднасці беларусаў (і ў якой ступені яно сфармавалася ў СССР)? Ці адбываецца рост заможнасці грамадства (у параўнанні з 1991 г. і ў параўнанні з іншымі постсацыялістычнымі краінамі)? Ці ўмацоўваецца палітычная незалежнасць дзяржавы і яе пазіцыі на міжнароднай арэне? На жаль, на гэтыя пытанні адказу або няма, або даюцца адказы несумленныя ці толькі частковыя. Ідэі, выкладзеныя ў падручніку, не дапамогуць будаваць нацыянальную Беларусь, бо такая Беларусь дыстанцыявалася б ад Расіі, а пры чытанні працы ствараецца ўражанне, што шмат хто з яе аўтараў, пішучы свае тэксты, часцей меў на ўвазе расійскія нацыянальныя інтарэсы, чым беларускія.
Падсумоўваючы гэтыя развагі, можна сцвердзіць, што ў падручніку, які мы разглядаем, зроблена спроба збудаваць ідэалогію, якая замяніла б сабою даўнейшую — марксісцка–ленінскую. У ім прадстаўлены малюнак, які павінен даць інтэрпрэтацыю ўсяго грамадскага жыцця беларусаў у цэлым. Гэтая задума мае адназначна савецкую канатацыю. Яна азначае імкненне накінуць грамадству зверху ідэалогію (сістэму каштоўнасцяў і пазіцыяў), якой людзі павінны будуць падпарадкоўвацца. Яна азначае пабудову грамадскага ладу зверху, а не знізу, падначальванне людзей уладзе, іх аб’ектывацыю. Тое, што пададзена ў працы, цяжка назваць цэльнай ідэалогіяй. Мы тут хутчэй маем дачыненне з шэрагам ідэяў і ацэначных — нярэдка тэндэнцыйных — інтэрпрэтацыяў паасобных фрагментаў сацыяльнай рэчаіснасці. Гэта не столькі падручнік ідэалогіі беларускай дзяржавы, колькі ідэйна эклектычны малюнак, які спрабуе накінуць грамадству збор канфармісцкіх пазіцыяў у дачыненні да ўлады. Хоць фрагментамі праца нясе пэўны багаж тэарэтычных і фактаграфічных ведаў, як цэлае яна паказвае анахранічны малюнак грамадства, якое няздатнае адназначна выйсці з савецкасці, з тагачаснай сістэмы каштоўнасцяў. Гэтае грамадства ўсцяж звяртаецца да светапогляду, які не ўдалося ўвасобіць у жыццё, а дзяржава, што грунтавалася на гэтым светапоглядзе, пацярпела крах, бо не вытрымала канкурэнцыі. Нават расійцы спрабуюць зрабіць з гэтага факта — прынамсі часткова — пэўныя высновы, адбудоўваючы пачуццё сваёй нацыянальнай еднасці (часам нават у скрайніх формах).
Важна і тое, што малюнак, паказаны ў кнізе, не мае настолькі моцнага эмацыйнага зараду, каб тварыць рэальныя повязі і фармаваць пачуццё беларускай нацыянальнай еднасці. У краінах Цэнтральнай і Заходняй Еўропы гэтае пачуццё грунтуецца на нацыянальнай тоеснасці; яна трактуецца як глеба, на якой пры дэмакратычным ладзе магчыма будаваць грамадзянскія супольнасці. Ва ўмовах ідэйнага плюралізму там няма ні патрэбы, ні магчымасці выбудоўваць аднастайную дзяржаўную ідэалогію, якая накідаецца зверху ўсяму грамадству. Гэты тып ідэалогіі затое характэрны для таталітарных грамадстваў, хоць магчымы ён і ў аўтарытарных. Іншае пытанне, наколькі маштабна структурныя і ідэйныя задумы (прынамсі некаторыя), якія ўжо гадамі рэалізоўваюцца ў Беларусі, будуць тыражавацца ў Расіі — там, дзе знаходзяцца іхнія культурныя крыніцы.
Пераклад Міколы Раманоўскага
[1] Основы идеологии белорусского государства. Учебное пособие для вузов. Под общ. ред. С.Н. Князева, С.В. Решетникова. Минск: Академия управления при президенте Республики Беларусь, 2004. 491 с.
[2] Гл.: Radzik R. Kim są Białorusini. Toruń, 2002. С. 96—97.