БЕЛАРУСКІ ГІСТАРЫЧНЫ АГЛЯД
НАВУКОВЫ ЧАСОПІС

Андрэй Нарбут. Мае сустрэчы з Улашчыкам

Уласна сустрэч было толькі дзве.

Гэта адбылося ў верасні 1984 г. Да таго часу я, пачынаючы гісторык-генеолаг, аматар-самавук, ужо ўцягнуўся ў генеалагічныя пошукі і, напісаўшы артыкул пра гісторыка Тэадора Нарбута (1784-1864), абіваў парогі рэдакцый, спрабуючы яго апублікаваць у сувязі з 200-годдзем з дня нараджэння Т. Нарбута. У Інстытуце славяназнаўства мне параілі звярнуцца да буйнейшага спецыяліста ў галіне крыніцазнаўства Беларусі — доктара гістарычных навук Мікалая Мікалаевіча Улашчыка, і далі яго хатні тэлефон. Я яму патэлефанаваў, і ён запрасіў мяне да сябе, хоць быў нездаровы і адсежваўся дома.

Жыў ён каля Беларускага вакзала. Я прыйшоў да яго ў другой палове дня. Здаецца, нікога, акрамя яго, у кватэры не было. Ён мяне ўважліва выслухаў. Потым мы даволі доўга гутарылі пра гісторыю Вялікага Княства Літоўскага. Зразумела, у асноўным распавядаў ён, а я з задавальненнем слухаў гэтага мудрага, добразычлівага чалавека.

Мікалай Мікалаевіч папрасіў пакінуць яму мой артыкул, а праз два дні патэлефанаваў і запрасіў заехаць да яго па артыкул і заўвагі. Свае заўвагі ён надрукаваў на машынцы. А я, прачытаўшы іх, яшчэ доўга сядзеў у яго, гартаючы тамы «Поўнага збору рускіх летапісаў». Артыкул я дапрацаваў, але яго доўга нідзе не друкавалі, а потым ён выйшаў у розных варыянтах у Літве, Беларусі, Польшчы[1].

Тэкст заўваг М.М.Улашчыка да майго артыкула «Літоўскі гісторык Тэадор Нарбут» падаю ніжэй.

«Глыбокапаважаны Андрэй Мікалаевіч, Ваша праца пра Тэадора Нарбута ў цяперашнім выглядзе ня можа быць надрукаваная, бо ў ёй ня выкананы тыя патрабаванні, якія лічацца абавязковымі. Перад усім, у працы, прысвечанай Т.Нарбуту (і наогул усім у падобных выпадках) неабходна старанна вывучыць усе яго работы. Даследаванне ягоных работ павінна высвятліць, хто пісаў па гісторыі Літвы да яго, і што, такім чынам, новага ўнёс у гэтую вобласць Нарбут. Потым, трэба вывучыць сучасную літаратуру па гісторыі Літвы (мы заўсёды пішам: Вялікага Княства Літоўскага). Нарбут вядомы ў якасці аўтара, які слепа давяраў сярэднявечным крыніцам, нярэдка фантастычным, а прафесар Хадыніцкі нават вызначыў, што так званую «Раўданскую хроніку» Нарбут «прыдумаў». Да гэтага часу ёсць прыхільнікі погляду, што і хроніка Быхаўца, выдадзеная Нарбутам — фальшыўка. Большасць даследчыкаў (а таксама і я) лічым аднак што хроніка сапраўды напісаная ў XVI ст.

Таму магу параіць Вам вывучыць кнігу У.Ц.Пашуты: «Утварэнне Літоўскай дзяржавы», потым XXXII і XXXV тамы Поўнага збору рускіх летапісаў, […] але самае важнае — трэба спраўдзіць тэксты «Хронікі Польскай, Літоўскай, Жамойцкай і ўсёй Русі» Стрыйкоўскага, каб высвятліць, што запазычыў адтуль Нарбут, а што адкінуў. Вельмі важна вывучыць творы Лаўмянскага, самага вялікага спецыяліста па пачатковай гісторыі Літвы.

У Вас вельмі эскізна даецца біяграфія. Трэба высвятліць, якія мовы ён ведаў (ён карыстаўся крыніцамі на лаціне і старанямецкай мове), потым яго маёмаснае становішча: стаўшы ў 28 год адстаўным афіцэрам, ён ня толькі жыў і працаваў, але збіраў (і сабраў) велізарную масу рознага кшталту помнікаў мінулага. Сваю «Гісторыю» ён скончыў 1569 г., г.зн. Люблінскай вуніяй, палічыўшы, што гэтым годам скончылася існаванне Літоўскай дзяржавы. Таму было б істотна прасачыць яго погляды на гісторыю народаў наогул.

Увогуле, пытанняў набярэцца шмат, і Вам не абавязкова ўсе іх вырашаць, але ведаць творы самаго Нарбута і пра іх — гэта абавязкова.

Добра было б высвятліць, што ўяўлялі з сябе Шаўры: колькі зямлі, колькі прыгонных, які даход.

Трэба паглядзець «Слоўнік геаграфічны Каралеўства Польскага і іншых зямель славянскіх».

14 верасьня 1984 г.

З павагай М.Улашчык

Вусныя заўвагі і тлумачэнні Мікалая Мікалаевіча былі канкрэтнымі і далікатнымі. Гутаркі з ім вельмі дапамаглі мне ў далейшых маіх работах. Але, на жаль, гэтага сціплага, добразычлівага чалавека, выдатнага вучонага ўжо няма сярод нас.

Андрэй Нарбут.


[1] Литовский историк Теодор Нарбут. 17 С. — Дэп. у: ИНИОН РАН 14.031989, №37140; таксама ў Літве: Аб Тэадору Нарбуту і яго родных (скарочаны варыянт на літоўскай мове) // Mokslas ir Gyvenimas, 1988, Nr.3; у Беларусі: Жыццё i дзейнасць Тэадора Нарбута // Наш радавод. Кн.1-2. — Гродна, 1990; у Польшчы: Teodor Narbutt — historyk Litwy // Uthuania, 1994, Nr. 2(11)-3(12).