Валянцін Грыцкевіч. Застаўся маяком
Пісаць пра Мікалая Мікалаевіча Улашчыка цяжка, асабліва за тым самым сталом, за якім з ім сядзелі разам, частаваліся, размаўлялі. Зразумела, я больш слухаў яго, бо разумеў, як гэта важна для мяне — адчуваць яго непарыўную сувязь з беларускай інтэлігенцыяй мінулых часоў, з прадстаўніком тых, каму прысвячаецца мая праца здавён. Так, жылі мы ў розных гарадах, але ў падобным становішчы: ён у Маскве, а я ў Санкт-Пецярбургу, і гэта аб’ядноўвала нас цягай да роднага краю, які быў пакінуты намі ў розных абставінах. Мы шмат перапісваліся, ягоныя лісты дапамагалі мне пісаць біяграфічныя нарысы пра Мікалая Мікалаевіча. Першы — да ягонага 70-годдзя — не быў надрукаваны па незалежных ад аўтара прычынах. Другому пашчэнціла ўбачыць свет у газеце «Голас Радзімы» за 6 лютага 1986 г. Трэці быў надрукаваны ў часопісе «Маладосць» (1988.3, С.156-163).
Прашу прабачэння ў чытачоў за нясціпласць, але мяне надта ўжо ўзрадаваў водгук М.М.Улашчыка, які, прачытаўшы машынапіс нарыса, вось што пісаў у лісце ад 26 лістапада 1985 г.: «Вы напісалі так, як не напісаў бы ніхто, закранулі тое, што для мяне дарагое. У артыкуле мала афіцыйнага, стандартнага, што так даўно абрыдла ўсім (хіба, можа, што не самім юбілярам)»[1].
Разумею, што гэтая ацэнка маёй спробы была завысокай: больш поўна акрэсліць творчасць нашага знакамітага гісторыка можна будзе пазней, калі мы выразней адчуем ягоны ўплыў на тую гістарыяграфію Беларусі, якую яшчэ прыйдзецца пачакаць. Але ягоны ўплыў нават на той зрух гістарыяграфічнай думкі, які намеціўся пачынаючы з сярэдзіны 60-х гадоў, сумненняў не выклікае. Прынамсі для тых, хто памятае ягоную наватарскую манаграфію «Предпосылки крестьянской реформы 1861 г. в Литве и Западной Белоруссии», якая выйшла ў 1965 г. Невыпадкова люблінскі гісторык Рычард Гэцэр адзначыў, што па сваіх багатых крыніцах і іх каментаванні гэтая праца «можа лічыцца проста бездакорнай у савецкай гістарыяграфіі апошніх гадоў». Заўважце, не ў беларускай, а ў савецкай! I сапраўды, прачытаўшы ягоныя «Прадпасылкі», кожны сумленны гісторык мог сказаць сабе: «Вось як трэба пісаць пра свой край. А пісаць, як вучылі раней, сорамна!»
Наступная манаграфія Мікалая Улашчыка «Нарысы па археаграфіі і крыніцазнаўству Беларусі феадальнага перыяду» (1973) стала яшчэ большай падтрымкай тых, хто спрабаваў сумленна пісаць пра мінулае Беларусі. Мікалай Улашчык быў тройчы рэпрэсаваны бальшавікамі. Але ён усё вытрываў. I ня толькі вытрываў, а нават стварыў некалькі гістарычных манаграфій і падрыхтаваў да друку і надрукаваў у Маскве два тамы «Беларуска-літоўскіх летапісаў». Усё гэта было зроблена па-за кантролем ЦК КПБ, ды яшчэ на такім высокім узроўні, якога не дасягалі шматлікія калектывы інстытутаў і універсітэтаў рэспублікі. Тут ня месца пералічваць публікацыі вучонага. Яны дачакаюцца глыбокага вывучэння і — хочацца верыць — абавязковага перавыдання на беларускай мове. Маю на ўвазе ў першую чаргу два тамы выдадзеных ім беларуска-літоўскіх летапісаў, надта неабходных для гістарычнай адукацыі і ў беларускіх ВНУ Беларусі, і наогул у краіне.
Пахвала вучонаму, пакутніцкае жыццё і плённая дзейнасць якога сталі жывым дакорам яго менш выніковым калегам у Беларусі, была не да прыняцця ў яго родным краі. Асабліва калі ўлічыць, што на жаданне М.Улашчыка вярнуцца ў Мінск і працягнуць там працу па выданні крыніц па гісторыі сваёй радзімы адказам было катэгарычнае «не» з боку тагачаснага дырэктара Інстытута гісторыі Акадэміі навук БССР, былога гомельскага пракурора і сакратара гаркама КПБ у Мінску. Яно і зразумела, бо дзе гэта бачна, каб лоўчыя птушкі дапускалі да сваіх гнёздаў птушак пеўчых?
М.Улашчык цягнуўся да сваіх землякоў-гісторыкаў, літаратараў, этнографаў, падтрымліваў іх, і, як сапраўдны інтэлігент, — і гісторыкаў Расіі, Літвы, Украіны, Польшчы. Так, у згаданым вышэй лісце ён пісаў: «Добрая частка кандыдатаў і дактароў «феадальнага часу» у Беларусі і Літве «вышла» з маёй дапамогаю (у Літве Лазутка, Ючас, Дундуліс; Мулявічусу і некаму яшчэ чым мог, дапамог — водгук на аўтарэферат ці што іншае). У Беларусі больш.» Памятаю, як ён дапамог мне выступіць з дакладам «Роля выхадцаў з Беларусі ў асваенні Паволжа і Сібіры (сярэдзіна XVI — пачатак XVIII ст.)». Было гэта 21 кастрычніка 1975 г. на пасяджэнні сектара гісторыі СССР перыяду феадалізму Інстытута гісторыі СССР АН СССР у Маскве, у якім ён працаваў.
Дзе карані гэтага імкнення М.Улашчыка дапамагчы сваім калегам? Растлумачыць гэта проста; ім кіравала адна думка: аднавіць нашае занядбанае славутае мінулае. Вось такая самаадданасць гэтай думцы, якой не здолелі перашкодзіць надлюдскія выпрабаванні, што выпалі на долю Мікалая Мікалаевіча, павінна быць прыкладам для кожнага, хто арэ сваю дзялянку на ніве беларускай культуры.
На ўсё жыццё запомніліся мне яго яскравыя — і вусныя, і пісьмовыя — апавяданні пра дзяцінства, пра юнацкія гады, пра пераломныя гады ў жыцці, калі па безпадстаўных абвінавачваннях яго штурхала з аднаго кута краіны ў другі сляпая сіла, пра кароткія прамежкі між пакутамі, калі ён настаўнічаў у Паволжы, у Ленінградзе, напярэдадні вайны, а потым у Маскве ў аспірантуры, і пра тыя светлыя часы, калі ён урэшце атрымаў магчымасць заняцца любімай справай на карысць свайго народа.
Калі мне часам бывае цяжка, я кожны раз успамінаю пра тое, з якою сілаю Мікалай Мікалаевіч пераадольваў цяжкасці прымусовага адлучэння ад роднага краю, як ён апантана наганяў у працы тыя гады, якія ў яго адабралі. Адразу ў самога прыбывае моцы. Так, ён сапраўды быў і застаецца маяком для нас усіх, хто ведаў яго, прыкладам самаахвярнасці і мэтанакіраванасці.
Валянцін Грыцкевіч
[1] Захоўваецца ў асабістым архіве аўтара.