К’яры, Бернгард. Штодзённасць за лініяй фронту (Захар Шыбека)
К’ЯРЫ, БЕРНГАРД. Штодзённасць за лініяй фронту: Акупацыя, калабарацыя і супраціў у Беларусі (1941—1944 г.) / Пер. з ням. Л.Баршчэўскага; нав. рэд. Г.Сагановіч. Мінск, 2005. 390 с.
Бернгард К’яры здзівіў мяне двойчы. Першы раз, калі пазнаёміў са сваёй дзяўчынай незвычайнай прыгажосці. І вось цяпер, калі выдаў сваю кнігу. Аўтар, якога ведаў з 1994 г. такім маладым, вясёлым і бестурботным, раптам паказаў сябе масцітым, таленавітым і арыгінальным даследчыкам. Пасля прачытання яго кнігі застаецца адчуванне набыцця інтэлектуальнага падарунка. Відавочна, што такое ж уражанне кніга зрабіла і на іншых, бо яе наклад разышоўся ў адзін момант.
Манаграфія прысвечана ўзнаўленню рэальнай гісторыі нацысцкай акупацыі Беларусі ў 1941—1944 г. Пасля кнігі Юрыя Туронка — гэта другое сур’ёзнае даследаванне згаданай праблемы. Яно стала адзіным сапраўды праўдзівым і шчырым сярод іншых, якія выйшлі з друку ў Беларусі з нагоды 60–годдзя з дня перамогі. У параўнанні з папярэднікамі аўтар ідзе наперад, бо карыстаеццца адмысловай методыкай, якая дазваляе прасачыць штодзённае жыццё пад акупацыяй і выкарыстоўвае новыя архіўныя матэрыялы.
У кнізе шырока выкарыстоўваюцца сведчанні ўдзельнікаў вайны. Даследчык разумее, што пад уздзеяннем пасляваеннай гераізацыі ваенных падзей успаміны ветэранаў не могуць быць дастаткова праўдзівымі ў адлюстраванні траўмаў ваеннага часу. Таму ён свядома адмаўляецца ад іх і выкарыстоўвае толькі сведчанні, задакументаваныя ў ходзе вайны. Другая асаблівасць методыкі нямецкага гісторыка палягае ў паказе ваенных падзей з пункту гледжання простых людзей, а не генералаў, партыйных кіраўнікоў ці высокіх чыноўнікаў. І нарэшце пры рэстаўрацыі мінулага Б.К’яры карыстаецца набыткамі сацыялогіі і псіхалогіі. Ён займаецца псіхааналізам людзей вайны, стварае псіхагісторыю. І ў гэтым сэнсе аўтар, — услед за Васілём Быкавам, які мастацкім словам асвятляў цьмяныя і патаемныя бакі ваеннага ліхалецця, — робіць тое ж самае, толькі моваю навукі.
Праца пачынаецца з вялікай прадмовы да беларускага выдання і грунтоўных уводзінаў, якія даюць поўнае ўяўленне пра манаграфію. Навуковец з Нямеччыны не ставіў за мэту ўсебаковае вывучэнне мінулай вайны ў Беларусі. Яго найперш цікавіла разбуральнае ўздзеянне ваеннай акупацыі на грамадства і чалавека. Даследаванне абмяжоўваецца разглядам становішча ў райхскамісарыяце „Беларусь“, што знаходзіўся пад цывільным кіраваннем. Відаць таму, што паўсядзённае жыццё ў гэтай частцы Беларусі было найбольш задакументаваным. Падзеі ў зоне ваеннага тылу закранаюцца мімаходзь.
У другім раздзеле (першы — уводзіны) даецца кароткі агляд развіцця поліэтнічнасці беларускіх земляў пасля 1917 г. Асноўная ўвага скіроўваецца на саветызацыю Заходняй Беларусі пасля яе далучэння ў 1939 г. да БССР. Уз’яднанне Беларусі ацэньваецца толькі як трагедыя польскага народа. (?) У кантэксце даследавання гэта выглядае нібыта лагічна. К’яры ўпершыню звязвае злачынствы гітлераўцаў са злачынствамі сталіністаў на беларускіх землях. Нагнятанне ў грамадстве жорсткасці, нянавісці, нацыянальнай розні пачыналі бальшавікі. Яшчэ да прыходу немцаў беларускае жыхарства пазбаўлялася гуманізму і грамадскай салідарнасці. Таму акупанты, на думку аўтара, змаглі эфектыўна выкарыстоўваць у сваіх планах і антыбальшавізм, і антысемітызм ды іншыя праявы нацыянальнай розні.
У трэцім раздзеле гаворка ідзе пра нямецкую акупацыйную адміністрацыю. Яе дзейнасць вывучаецца не толькі па загадах і распараджэннях. Паказваецца рэальны стан рэчаў. Развенчваецца міф аб нямецкай звышнацыі і знакамітай нямецкай арганізаванасці. Аўтар паказвае, што нямецкая адміністрацыя не мела сапраўдных уяўленняў пра Беларусь, немцам бракавала планаў „новаўпарадкавання“ захопленых земляў. Нямецкі апарат кіравання, яго палітыка і дзейнасць падаецца ўсяго толькі ў якасці агульнага фону, на якім паказваюцца індывідуальныя дачыненні немцаў з мясцовым насельніцтвам. Жыццё пад акупацыяй рэстаўруецца панарамна: з пазіцый і злачынцаў, і ахвяр. Матэрыялы кнігі паказваюць, што мяжу паміж злачынцамі і ахвярамі правесці не заўсёды лёгка. У іх знаходзіліся кропкі судакранання і нават часовае супадзенне інтарэсаў. Ва ўмовах акупацыі простыя людзі мусілі сужывацца. Асабліва каштоўнымі ўяўляюцца спробы псіхааналізу прадстаўнікоў нямецкай адміністрацыі. Аўтар дзеліць іх на дзве групы: перакананых нацыстаў і простых немцаў, якія кіраваліся такімі прагматычнымі рэчамі, як ухіленне ад фронта, магчымасць кар’ернага росту і звычайнае ўзбагачэнне на акупаваных тэрыторыях. Аўтар сцвярджае, што акупанты ў Беларусі ў сваёй бальшыні не паводзілі сябе як фанатычныя нацысты, а кіравалі тэрыторыяй з выключна бюракратычных пазіцый (21). З такімі ацэнкамі акупантаў беларускі чытач знаёміцца ўпершыню. І яны, дарэчы, у шмат чым супадаюць з успамінамі людзей, якія перажылі акупацыю.
Чацвёрты раздзел прысвечаны беларускаму самакіраванню. І тут, што праўда то праўда, аўтар пасля кнігі Юрыя Туронка не можа прэтэндаваць на арыгінальнасць. Затое наступны раздзел пра мясцовую паліцыю — не толькі арыгінальны, але і вельмі актуальны. Слова „паліцай“ у пасляваеннай Беларусі набыло адценне самай вялікай абразы. А што гэта за людзі, паліцаі, і якая была матывацыя іх паводзінаў, якраз і змог праўдзіва паказаць прадстаўнік нямецкай дзяржавы. Ён прывёў нямала фактаў прамога ўдзелу мясцовай паліцыі ў вынішчэнні людзей. Нямецкі даследчык адмаўляецца ад шырокага трактавання калабарацыі — як сродку выжывання на ўсіх грамадскіх узроўнях. Большасць выпадкаў разнастайнага сужыцця акупантаў і мясцовых жыхароў адпавядае, на думку аўтара, паняццю „супрацоўніцтва“. Разглядаюцца матывы такога супрацоўніцтва. Паняццем „калабарацыя“, на думку аўтара, можна карыстацца толькі тады, калі гаворка ідзе пра свядомы выбар падтрымкі злачынных акцыяў эксплуатацыі і тэрору (13). Такую ж пазіцыю ў першай палове 1990–х г. займаў і беларускі гісторык Аляксей Літвін. Цяпер гэтая пазіцыя ў беларускай гістарыяграфіі замоўчваецца. Матэрыялы кнігі сведчаць, што ўсенароднага характару супраціўлення ў Беларусі не было. У асобных раёнах, па перакананні аўтара, партызанскі рух набываў рысы грамадзянскай вайны (15). К’яры — супраць гераізацыі партызан, як і супраць прыхарошвання паліцаяў. Мінулая вайна для жыхароў Беларусі — далёкая ад героікі. Людзі былі заклапочаныя найперш выжываннем. І тут рэцэнзент поўнасцю салідарны з аўтарам.
У шостым раздзеле разглядаецца становішча дзяцей і моладзі. Асабліва арыгінальнымі атрымаліся сюжэты пра дзяцей. Дзіцячыя дамы мала чым адрозніваліся ад канцэнтрацыйных лагераў. У Беларусі гэтай праблемай займаецца хіба што адзін Якаў Басін. У сёмым раздзеле кнігі расказана пра вынішчэнне беларускіх яўрэяў і іх барацьбу з ворагам. А ў апошнім, восьмым, даследуецца роля палякаў. І робіцца гэта пераважна на аснове прац польскіх аўтараў.
Падзеі не заканчваюцца 1944 годам. Аўтар непазбежна мусіў гаварыць пра прыход Чырвонай Арміі. Іначай гісторыя нацысцкай акупацыі Беларусі была б няпоўнай. Сталінскі рэжым папярэднічаў нацысцкай акупацыі і змяніў яе зноў. Прыход Чырвонай Арміі не прынёс міру на беларускія землі. Эпоха войнаў скончылася ў БССР толькі ў пачатку 1950–х. „Акцыі ўціхамірвання“ антысавецкага супраціву ў Заходняй Беларусі былі падобныя да тых, што праводзіліся пад час нямецкай акупацыі (315). Нямецкі даследчык паўтарае меркаванне, што абмен насельніцтвам паміж Польшчай і Беларуссю ў 1944—1945 г. быў этнічнай чысткай (317). Кніга пачынаецца і заканчваецца польскім пытаннем у Беларусі. Не толькі таму, што трагізм і маштабы беларуска–польскага супрацьстаяння ў вайну яшчэ як след не ацэнены. А ў сутыкненнях „акаўцаў“ і савецкіх партызан якраз і праглядалі рысы грамадзянскай вайны. Такі прыём дазваляе паказаць бальшавізм як папярэдніка і паслядоўніка нацыстаў у справе злачынстваў на беларускіх землях.
Каркас манаграфіі ўтвараюць тры фундаментальныя праблемы. Яны не ўкладваюцца ў структурныя рамкі працы. У ёй даследуюцца: 1) праблема ажыццяўлення нямецкай палітыкі вынішчэння, 2) праблема выжывання мясцовага насельніцтва і 3) праблема суадносінаў вынішчэння і выжывання, ці вынікі акупацыі.
Працэс вынішчэння разгледжаны глыбока і панарамна, усебакова і маштабна, з улікам дзяржаўнай палітыкі, рэгіянальных асаблівасцяў, пэўных нацыянальных узаемаадносінаў, індывідуальных трагедый, псіхалогіі катаў і злачынцаў, з выхадам на філасофскія абагульненні (гл. раздзелы 6 і 7). На думку аўтара, працэс гэты часта станавіўся бескантрольным. Акупацыйны рэжым у Беларусі ацэньваецца як больш жорсткі ў параўнанні з Прыбалтыкай і нават з Украінай. Грамадзянская адміністрацыя Вільгельма Кубэ не змякчала цяжкага эканамічнага становішча беларускага жыхарства. Акупацыйныя ўлады праводзілі палітыку самазабеспячэння коштам беларускай вёскі, дэіндустрыялізацыі і змяншэння колькасці гараджан.
Праблема выжывання была галоўнай для мясцовага насельніцтва. Існавалі розныя стратэгіі выжывання, у тым ліку і коштам рабскага падпарадкавання акупантам, і коштам жыццяў іншых. Аднак усё — марна, ілюзорна. Нічога не выратоўвала. Ваеннай штодзённасці ў Беларусі ў большасці выпадкаў, як паказана ў кнізе, бракавала не толькі гераічнасці, але і адданасці нейкай ідэі. Ніхто паводле сваіх перакананняў не падтрымліваў фашысцкіх заваёўнікаў (22). І не ўсе, дададзім ад сябе, хто ішоў у партызаны, былі па сваіх перакананнях камуністамі.
Кнігу чытаць вельмі цяжка. Сабрана, спрасавана столькі жахаў. Апісанне індывідуальных ахвяр успрымаецца асабліва трагічна. Факты, факты, факты… Трэба моцна любіць жыццё, каб так паказваць смерць. Аднак з апорай на гуманістычныя пазіцыі аўтара чытачу становіцца лягчэй адкрываць для сябе новую, жорсткую праўду вайны, якую і цяпер яшчэ можна пачуць ад жывых сведкаў нацысцкай акупацыі.
Наступствы вайны былі нашмат больш жахлівымі, чым іх змаглі паказаць савецкая і постсавецкая гістарыяграфіі. Адбылося масавае вынішчэнне людзей, панесены вялізарныя матэрыяльныя страты. Але аўтара найбольш цікавяць сацыяльныя, псіхалагічныя ды маральныя наступствы акупацыі. Падсумаванне вынікаў вайны набывае філасофскі змест. Вынішчэнне не ўдалося, але якой цаной далося самазахаванне? Разбуралася грамадская супольнасць, разбуралася чалавечая асоба — і гэта велізарная трагедыя беларускага народа, на якую ўпершыню звяртае ўвагу К’яры. Ваеннае грамадства, на думку аўтара, было падобнае да плыта без стырна, які несла праз парогі і вадаспады, і ён памалу разбураўся (22). Канчатковы рахунак вынікам катастрофы ў кнізе не падводзіцца. Пакідаецца прастора для роздуму чытачам. Даецца штуршок, каб сённяшняе патлумачыць мінулым, каб праз мінулае зразумець сённяшняе.
Спачатку падалося, што драматычныя вынікі вайны ў кнізе празмерна перабольшаныя. Мінулая вайна была ж не адзінай трагічнай падзеяй у гісторыі беларускага народа. Усе дэманстравалі адзінадушнасць у жаданні заканчэння вайны. Урэшце, кансалідацыя грамадства адбывалася вакол пераможцаў. Аднак больш уважлівае знаёмства з працай нямецкага калегі дазволіла зразумець, што разбуральнасць мінулай вайны была беспрэцэдэнтнай і сапраўды катастрафічнай, бо і пасля яе завяршэння духоўная дэструкцыя беларускага грамадства не прыпынілася. Вынікі вайны трагічным рэхам адгукаюцца дагэтуль. Кансалідацыя беларускага грамадства ідзе марудна. Можа таму, што за фізічнае ўратаванне ад нацызму беларускі народ заплаціў духоўным рабствам у бальшавіцкай імперыі? Ва ўсякім разе, маштабы разбурэнняў і іх вынікі ў мінулай вайне беларускія гісторыкі яшчэ як след не асэнсавалі. Трагедыя, як правіла, толькі апісваецца, а яе прычыны і вынікі не тлумачацца. Небяспека застаецца, бо незразумелыя і неасэнсаваныя трагедыі маюць уласцівасць паўтарацца.
Нямецкі акупацыйны рэжым упершыню ў нямецкай гістарыяграфіі паказаны з улікам спецыфікі Беларусі і беларускага грамадства. Беларусь выступае ў якасці асобнага аб’екта даследавання. У той жа час закрадваюцца сумненні, што аўтар лічыць Беларусь бясспрэчным суб’ектам еўрапейскай гісторыі. Першы раздзел яго кнігі мае назву „Беларусь як перыферыйны раён Польшчы і Савецкага Саюза“. А ў тэксце Заходняя Беларусь называецца Ўсходняй Польшчай (39). Калі нават такі дасведчаны даследчык трымае Беларусь у цяні Польшчы і Расіі, то што казаць пра іншых.
Бернгард К’яры дэкларуе імкненне да гістарыізацыі Другой сусветнай вайны (7). Іншымі словамі, ён стараецца пазбягаць у сваіх ацэнках такіх крытэраў, як нацыянальныя інтарэсы, а таксама гістарычная справядлівасць. Яго задача — паказаць акупацыю такой, якой яна была гістарычна. Такі падыход з’яўляецца новым не толькі ў беларускай, але і ў нямецкай ды нават сусветнай гістарыяграфіі. Для беларускай грамадскасці неперадузятыя ацэнкі ўяўляюць сабой вельмі вялікую каштоўнасць. Аднак гістарыяграфічнае „раззбраенне“ ў Беларусі застаецца пакуль нерэальным. Гісторыя ператворана ў барыкады, якія дзеляць беларускіх гісторыкаў на дзве школы — нацыянальную і постсавецкую. Не да гістарызму. Мінулае Беларусі яшчэ як след не ацэнена і з нацыянальных пазіцый. Яшчэ не дадзены адпор фальсіфікацыям беларускай гісторыі, яшчэ не знікла сітуацыя, калі расійскія інтарэсы на беларускай зямлі выдаюцца за беларускія. Для зацвярджэння гістарыізацыі ў даследаваннях мінулага Беларусі аднабаковых намаганняў недастаткова. Патрабуецца добрая воля і суседзяў.
А ўвогуле ці варта супрацьстаўляць гістарызм і нацыянальны інтарэс? Думаю, беларускі нацыянальны інтарэс (разумее гэта хто ці не) палягае ў аб’ектыўнай інтэрпрэтацыі ўласнай гісторыі, па сутнасці, ён супадае з гістарыізацыяй, якая цяпер пашыраецца ў еўрапейскіх гістарыяграфіях.
Не ўсё ў аднолькавай меры аўтару, зразумела, удалося. Але галоўнае, што кніга, якую ён напісаў, вельмі паспяхова разбурае „забетанаваны вобраз вайны“, створаны ў савецкай і постсавецкай гістарыяграфіі.
Пасля абвяшчэння незалежнай Беларусі тры навукоўцы з Нямеччыны — Астрыд Зам, Бернгард К’яры і Райнэр Лінднэр — узяліся за вывучэнне вельмі актуальных праблем яе найноўшай гісторыі. Іх праца стала плённай — напісаны манаграфіі, набыты навуковыя ступені. А перакладзеныя на беларускую мову манаграфіі Лінднэра і К’яры сталі падзеямі ў навуковым жыцці Беларусі. Трэба спадзявацца, што ў беларускага чытача ёсць шанец атрымаць у перакладзе на беларускую мову і даследаванне Астрыд Зам.
Мінск
Захар Шыбека