БЕЛАРУСКІ ГІСТАРЫЧНЫ АГЛЯД
НАВУКОВЫ ЧАСОПІС

Робинсон, Михаил А. Судьбы академической элиты: отечественное славяноведение (1917— начало 1930-х г.) (Сяргей Запрудскі)


РОБИНСОН, МИХАИЛ А. Судьбы академической элиты: отечественное славяноведение (1917 — начало 1930–х годов). Москва: Индрик, 2004. 432 с.

Кніга М.Рабінсона з’яўляецца даволі нетыповай з таго пункту гледжання, што яна заснавана пераважна на дадзеных карэспандэнцыі паміж навукоўцамі, якая захавалася ў розных архівах.

Манаграфія складаецца з прадмовы, 8 раздзелаў, заключэння і двух дадаткаў.

Першы раздзел („Палітыка, навука, ідэалогія“) уяўляе сабой своесаблівы ўвод да праблематыкі ўсёй кнігі. У ім гаворка ідзе пра настроі расійскіх навукоўцаў у міжчасе паміж лютаўскай і кастрычніцкай рэвалюцыямі, пра іх стаўленне да гвалтоўных дзеянняў савецкай улады ў 1917—1918 г., пра арышты, пра зрухі ў інстытуцыянальным развіцці савецкай славістыкі, ідэалагічна–палітычную цэнзуру ў дачыненні да навуковых прац. Структура гэтага раздзела (а таксама другога) акрамя храналагічнага падыходу ўкладзена ў значнай ступені пры дапамозе своеасасаблівага „кантэнт–аналізу“ корпусу даследаванай аўтарам карэспандэнцыі: з лістоў былі вылучаны тыя фрагменты, якія датычыліся тэмаў „гвалт“, „арышты“, „цэнзура“ і г.д., яны і сталі асновай для напісання канкрэтных падраздзелаў. Пры гэтым аўтар называе падраздзелы з выкарыстаннем цытат з аналізаваных лістоў („Мы задыхаемся ад гвалту“ — цытата з ліста П.Лаўрова М.Нікольскаму; „Арышты: «З глыбіняў кіргізскіх стэпаў заклікаю Вас»“ — цытата з ліста К.Харламповіча А.Сабалеўскаму; „Назіраецца цяпер маленькае ажыўленне ў галіне славянскіх даследаванняў“ — выпіска з ліста Г.Ільінскага М.Папружэнку; „Ідэолага–палітычная цэнзура: «перабудоўвацца па–новаму… неяк унутрана агідна»“ — выпіска з ліста С.Жэбелева У.Бузескулу). У раздзеле пададзены шырокі (зрэшты, амаль заўсёды негатыўны) спектр поглядаў расійскіх навукоўцаў–гуманітарыяў на новую ўладу, прыведзены дадзеныя адносна арыштаў славістаў (пры гэтым спецыяльна апісана дбанне старшыні II аддзялення Акадэміі навук А.Шахматава і іншых у справе хадайніцтваў адносна вызвалення арыштаваных), апісаны намаганні савецкай улады фармаваць кадравы склад гуманітарнай навукі на аснове адданасці новаму ладу і вызнаванай ім ідэалогіі. З лістоў вынікае, што на аснове стаўлення да новай улады ў асяроддзі навукоўцаў выразна акрэсліўся падзел паміж апанентамі (пераважна, схаванымі) тагачаснаму рэжыму і яго апалагетамі. Першыя ў сваёй карэспандэнцыі нярэдка давалі вельмі едкія, часам проста знішчальныя характарыстыкі апошнім. Напрыклад, у адным са сваіх лістоў М.Дурнаво паведамляў, што ў Маскоўскім універсітэце на кафедры рускай літаратуры звольнены ўсе прафесары з навуковай ступенню „акрамя напаўбальшавіка Сакуліна“ (46). На аснове ведання ідэалагічнай біяграфіі В.Караблёва (апошні быў сакратаром „ультраманархічнага“ Славянскага дабрачыннага таварыства, намеснікам галоўнага рэдактара „Правительственного вестника“ і інш.) Г.Ільінскі ў 1932 г. выказваў недавер да любых магчымых поспехаў гэтага чалавека ў славістыцы ў савецкі час: „з такім мінулым і з такой псіхалогіяй можна толькі гвалтаваць навуку, а зусім не рухаць яе наперад!!“ (47). У.Ператц у адным са сваіх лістоў характарызаваў стаўленне да аднаго з калег наступных чынам: „…у тых колах, дзе мы бываем — ён нябачны, як і ўвогуле ўся «левая» прафесура“ (47).

Найбольш месца ў кнізе займае другі раздзел „Навукоўцы ва ўмовах выжывання“, у якім падрабязна апісаны побытавыя ўмовы існавання навукоўцаў. Сярод тэмаў гэтага раздзела — „пасылкі“ (падраздзел „Можна пасылаць: сухары, локшыну. Сала, крупы і мукі — нельга“), „хваробы і смерці“ (падраздзел „Мы, старыя, спяшаемся сысці з гэтай горкай юдолі нэндзы і гора“), „паляпшэнне побытавай сітуацыі“ (падраздзел „У сціплых абставінах наладзіўся нейкі дабрабыт“), „новае пагаршэнне побытавай сітуацыі“ (падраздзел „Вяртанне да ранейшага. Нішто не новае пад месяцам“). У гэтым раздзеле аўтара цікавіць як агульная сітуацыя ўсталявання побыту (аўтар сведчыць, што з 1925 г. тэма матэрыяльных цяжкасцяў паступова фізічна скарацілася ў перапісцы, але з канца 1920–х зноў вярнулася), так і яе шматлікія праяўленні–дэталі (забеспячэнне апалам, ацяпленне і асвятленне жылля; харчаванне, цэны на прадукты і тавары першай неабходнасці; пайкі; пакупніцкая здольнасць грошай, інфляцыя; атрыманне замежнай дапамогі; транспарт; паштовыя зносіны; магчымасць, а таксама выгоды і невыгоды працаўладкавання ў навуковых цэнтрах і правінцыйных універсітэтах; аклады і магчымасць дадатковых заробкаў; праблема спалучэння навуковай дзейнасці з выкладчыцкай; купля царкоўных свечак для адпраўлення рэлігійных абрадаў; дапамога адно аднаму ў межах сваёй карпарацыі; падзенне нораваў у грамадстве; сямейныя абставіны і г.д. і да т.п.). Упершыню ў літаратуры падрабязна ўзнаўляецца побытавая частка (дагэтуль малавядомая з літаратуры, прысвечанай гісторыі навукі) жыцця савецкіх навукоўцаў–гуманітарыяў 1920–х г. З раздзела вынікае, што ў працэсе ўсталявання савецкай улады навукоўцы („научное сословие“, як іх нярэдка любоўна называе аўтар) спачатку страцілі ўсе свае прывілеі, звязаныя з прыналежнасцю да пэўнага сацыяльнага класа, і з рознай ступенню інтэнсіўнасці за іх змагаліся. Зрэшты, часта гаворка ішла не пра аднаўленне „прывілеяў“, але пра элементарную барацьбу за фізічнае выжыванне. Да рэвалюцыі не толькі акадэмікі, але і прадстаўнікі менш паспяховага слоя расійскіх навукоўцаў і выкладчыкаў не займаліся асабіста нарыхтоўкай дроў, купляй прадуктаў, не хадзілі пешшу на працу — у новы час усё гэта і многае іншае ім давялося рабіць. У кастрычніку 1918 г. акадэмік А.Шахматаў паведамляў С.Альдэнбургу, што яму даводзіцца актыўна займацца хатняй гаспадаркай, назапашваць для сям’і да зімы хлеб і дровы, пры гэтым „дроў зусім у горад [Аткарск] не прывозяць, трэба схітрацца купіць іх у вёсках, а ў крайнім выпадку назапасіць кізякоў“ (67). Член (фактычна кіраўнік) Камісіі па выданні славянскай Бібліі І.Яўсееў урэшце заняўся земляробствам і толькі на кароткі час урыўкамі прыязджаў у Петраград (68). У адным з лістоў 1919 г. М.Карынскі паведамляў А.Сабалеўскаму, што ўсімі гаспадарчымі клопатамі (нарыхтоўка дроў, ацяпленне, падрыхтоўка ежы) даводзіцца займацца яму самому (70). Голад і холад, звычайныя з’явы ў першыя паслярэвалюцыйныя гады, былі спадарожнікамі жыцця навукоўцаў. У кнізе згадваецца выпадак, які адбыўся ў 1922 г. з Б.Ляпуновым у Адэсе. Пайшоўшы набраць вады, ён спрабаваў гэта зрабіць у нейкім чужым двары, і пад час спрэчкі з дворнікам быў збіты так, што атрымаў пералом нагі (114).

Побытавае бязладдзе і агульная няпэўнасць адмоўна адбіваліся на стане навуковых даследаванняў. Вясной 1918 г. Харламповіч скардзіўся А.Сабалеўскаму: „Навука не ідзе ў галаву, ды й працаваць не хочацца, калі не ўпэўнены не толькі ў тым, што ўдасца надрукаваць напісанае, але і ў захаванні жыцця самога аўтара“ (69). Можна толькі ўявіць, якая колькасць навуковых прац не была напісана з–за неспрыяльных умоў жыцця навукоўцаў…

У трэцім раздзеле „«Новая рэлігія» замест навукі: праціўнікі і прыхільнікі“ асвятляецца працэс пранікнення ў лінгвістычную практыку марызму і адносіны да гэтага палітычна–метадалагічнага напрамку навукоўцаў. Станаўленне „новага вучэння аб мове“ М.Мара цяпер добра апісана ў літаратуры (адной з галоўных крыніц для навукоўцаў нашага рэгіёну можа лічыцца кніга У.Алпатава 1991 г. „История одного мифа“), але трэці раздзел кнігі М.Рабінсона дадае новыя штрыхі да разумення таго, як ставіліся лінгвісты да ўзрослай на іх вачах „марксісцкай“ лінгвістыкі і да яе навязвання ўладай у якасці „пэўнага тыпу лінгвістычнага праваслаўя“ (Г.Ільінскі). М.Трубяцкой, напрыклад, лічыў, што адзін з артыкулаў Мара мог належным чынам рэцэнзаваць „не столькі мовазнавец, колькі псіхіятр“, а той жа Г.Ільінскі характарызаваў „яфетычную тэорыю“ М.Мара як „своеасаблівую сумесь неадукаванасці, святой наіўнасці і самай дзікай фантазіі“. У гэтым кантэксце дарэчы будзе згадаць, што ў беларускай лінгвістыцы (якая зазнала адносна позняе насаджэнне марызму) з нагоды публікацыі нейкіх лінгвістычных артыкулаў у другім томе вялікай савецкай энцыклапедыі Л.Цвяткоў яшчэ ў 1927 г. зазначаў, што пакладацца на М.Мара „можна толькі ў тых пытаннях, якія не маюць адносін да яго тэорыі яфетызму“ (Асвета. 1927. № 1. С. 135).

Чацвёрты раздзел кнігі „Навукоўцы–эмігранты і расійская славістычная эліта“ прысвечаны кантактам паміж навукоўцамі, якія пакінулі Савецкі Саюз, і тымі (пераважнай большасцю), якія засталіся. Зместам раздзела з’яўляюцца намаганні эмігрантаў у аднаўленні асабістых сувязяў; садзеянне ў папаўненні савецкіх бібліятэк новай замежнай літаратурай, а замежных — савецкай; абранне некаторых эмігрантаў членамі Акадэміі; магчымасць выехаць за мяжу і вярнуцца ў СССР з–за мяжы; умовы жыцця і працы эмігрантаў за мяжой; матэрыяльная дапамога эмігрантаў савецкім навукоўцам; пашырэнне інфармацыі аб невяртанцах у сваім асяродку; удзел савецкіх навукоўцаў у замежных славістычных выданнях; святкаванне ў 1925 г. 200–годдзя Акадэміі навук і інш. Сярод іншага ўвагу беларускага чытача ў гэтым раздзеле могуць прыцягнуць старонкі, прысвечаныя перапісцы паміж М.Фасмерам і Я.Карскім, эпізод, звязаны з водгукамі на паездку Я.Карскага ў 1924 г. у Прагу на з’езд славянскіх географаў і этнографаў, а таксама меркаванне Г.Ільінскага пра Мінск як месца працы. На думку Г.Ільінскага, навуковы асяродак у Мінску ў 1928 г. уяўляў сабой „асінае гняздо беларускіх шавіністаў. Чалавек з самастойным характарам [гаворка ішла пра М.Дурнаво. — С.З.] наўрад ці там ужывецца, — адтуль бягуць усе, хто толькі можа“. М.Рабінсон пакінуў гэты пасаж без каментару — і тут (і ў шматлікіх іншых выпадках) паўстае пытанне адносна карэктнасці такога спосабу працы з матэрыялам. Выглядае на тое, што аўтар у дадзеным выпадку некрытычна прымае суб’ектыўнасць канкрэтнага навукоўца, паколькі, згодна з агульным падыходам М.Рабінсона, гэтая суб’ектыўнасць дазваляе нам „паўней і аб’ектыўней“ (14) сфармаваць свае ўяўленні пра аўтара выказвання.

Але ці выказванні розных (часта вельмі аўтарытэтных) навукоўцаў служаць толькі падставай фармавання нашай думкі пра іх, але не ўплываюць на нашы меркаванні адносна ацэньваных імі падзей, сітуацый, людзей? Ці ёсць гарантыя, што сучасны расійскі і беларускі чытач зробіць з падобных эмацыянальных пасажаў адэкватныя ці прыблізна падобныя высновы? Хутчэй, не. На нашу думку, зусім верагодна, што сучасны расійскі чытач можа прыняць словы аўтарытэтнага расійскага лінгвіста за „чыстае золата навукі“, балазе падобнага тыпу выказванні ў кнізе падмацоўваюцца і іншымі выпадкамі. Затое беларускі чытач на аснове прадстаўлення ў кнізе нешматлікіх „беларускіх сюжэтаў“ можа зрабіць іншыя высновы.

Ніхто з расійскіх навукоўцаў (з іх ліку вылучаем, натуральна, Карскага) не разглядаў свой магчымы прыезд на працу ў Мінск як пэўную культурніцкую місію ў дачыненні да беларускага народа. Іх цікавілі адзіна асабістыя ўмовы працы, пайкі, побытавае ўладкаванне, захаванасць расійскага асяроддзя, дачыненні з мясцовымі („нацыяналістычнымі“ і, вядома ж, кепска падрыхтаванымі) навукоўцамі. Беларускі чытач у дадзеным кантэксце можа ўспомніць той факт, што з 49 прафесараў, якія прыехалі (найперш з Расіі) на працу ў БДУ ў 1921 г., 32 не змаглі вытрымаць цяжкіх умоў працы і жыцця ў разбураным Мінску і пакінулі універсітэт[1]. У шэрагу выпадкаў можна канстатаваць выразную непрыхільнасць расійскіх навукоўцаў 1920–х г. да поспехаў у развіцці беларускай нацыянальнай навукі. Так, напрыклад, А.Сабалеўскі выказваў задавальненне (зларадства?) з нагоды таго, што патрыярх беларусістыкі Я.Карскі ў 1926 г. не паехаў на Акадэмічную канферэнцыю ў Мінск, куды быў запрошаны[2]. Занадта сур’ёзнае стаўленне да выказвання Г.Ільінскага прымусіла б беларускага чытача задумацца над пытаннямі тыпу „ці мелі магчымасць М.Шчакаціхін, І.Замоцін, А.Вазнясенскі, П.Бузук і іншыя «ўцячы» з Мінска?“ і калі мелі, то „чаму яны яе не выкарысталі?“. Здаецца, гэта поўнае глупства (народжанае, аднак, апублікаваным, але пакінутым без каментару глупствам жа)… Несумненна, асабістая перапіска — даволі далікатны матэрыял, і разгледжаны выпадак паказвае, што публікацыя любых суб’ектыўных меркаванняў навукоўцаў без належнага каментавання можа даваць не толькі станоўчыя вынікі.

У пятым раздзеле кнігі ў кантэксце гаворкі пра асабістыя адносіны настаўніка з вучнямі і, больш шырока, пра падтрыманне акадэмічных традыцый у цэлым разглядаюцца міжасабовыя дачыненні ў рамках навуковай школы акадэміка У.Ператца. Падрабязна апісваюцца старанні У.Ператца падтрымліваць сваіх вучняў, не толькі садзейнічаць перадачы ім навуковых ведаў, але і дапамагаць матэрыяльна (праз бясплатнае атрыманне кніг, прызначэнне стыпендый), а таксама спрыяць прасоўванню іх навуковай кар’еры. Несумненна, важнай характарыстыкай падтрымання акадэмічных традыцый ва ўсе часы былі асаблівыя адносіны паміж кіраўнікамі і іх вучнямі. Але… Сярод іншага ў раздзеле падрабязна паведамляецца пра мітрэнгі акадэміка У.Ператца з нагоды складанасцяў з надрукаваннем ягонай (хвалебнай) рэцэнзіі на дысертацыю ягонай вучаніцы (пазней жонкі) В.Адрыянавай, яго клопат знайсці ёй (ужо жонцы) вартую працу ў Пецярбурскім універсітэце, дбанне, каб у яе быў добры заробак, спробы У.Ператца ў 1927 г. вылучыць сваю жонку ў члены–карэспандэнты АН СССР. У цэлым М.Рабінсону ўласцівы ўзнёсла–рамантычны тон у дачыненні да большасці сваіх герояў, гэткім ён застаецца і ў рамках дадзенага раздзела. Напрыклад, эпізод з неабраннем В.Адрыянавай–Ператц у члены–карэспандэнты АН СССР (галасаваць сярод іншых меўся і ініцыятар вылучэння, яе муж) аўтар трактуе спачувальна. Адпаведны фрагмент у кнізе заканчваецца спасылкай на тое, што час паказаў адсутнасць рацыі ў калег У.Ператца, якія ў дадзеным выпадку вышэй за інтарэсы навукі паставілі нібыта „сваё жаданне дапячы навукоўцу [У.Ператцу. — С.З.] за яго грамадскую актыўнасць і прынцыповасць у пытанні папаўнення шэрагаў акадэміі ў вельмі цяжкі для яе час. У многім менавіта дзякуючы наступнай дзейнасці члена–карэспандэнта АН СССР Адрыянавай–Ператц [жаданае званне было ёю атрымана ў 1943 г. — С.З.] удалося захаваць і прадоўжыць вывучэнне старажытнарускай літаратуры“ (270). На жаль, падрабязнае апісанне „некананічнага“ боку навуковага жыцця ўвогуле і эпізодаў, звязаных з дачыненнямі У.Ператца і В.Адрыянавай(–Ператц), у прыватнасці, насуперак намерам М.Рабінсона можа сфармаваць у чытача проста процілеглае ўяўленне пра апісаных герояў і сітуацыі, тым больш, што пазіцыі апанентаў у кнізе таксама прадстаўлены. (Так, В.Істрын ацэньваў рэцэнзію Ператца на дысертацыю ягонай вучаніцы, супраць публікацыі якой ён пярэчыў, як „палкае праяўленне гарачага кахання“, а іншыя ўцягнутыя асобы — „рэцэнзіяй, заснаванай на каханні“ („любовной рецензией“). Прадстаўнікі III аддзялення спробу II аддзялення, членам якога быў У.Ператц, абраць В.Адрыянаву–Ператц членам–карэспандэнтам называлі „кумаўством“.) Пра непрынцыповасць паводзінаў пры абранні членаў–карэспандэнтаў і акадэмікаў абазнаная публіка, на жаль, занадта добра ведае — і матэрыялы рэцэнзаванай кнігі даюць нямала пацверджанняў гэтай сумнай тэндэнцыі. У ёй, напрыклад, прыводзяцца ўласныя сведчанні А.Шахматава пра ягонае галасаванне „за“ ў справе выбараў акадэмікам Фларынскага, чалавека, чые навуковыя заслугі ён лічыў „вельмі невялікімі“ (245—246). Шахматаў, вядома, знаходзіў сабе апраўданне… У выпадку з сітуацыяй вакол У.Ператца і В.Адрыянавай–Ператц, на нашу думку, даволі няплённай выявілася тэндэнцыя М.Рабінсона падтрымліваць нейкую канкрэтную партыю, маляваць, з аднаго боку, вобразы „чыстых жрацоў навукі“, а з другога — іх „злых духаў“. Трэба яшчэ раз прызнаць, што ў шэрагу выпадкаў выкарыстаны аўтарам кнігі матэрыял асабістай перапіскі з’яўляецца „выбуханебяспечным“, і аўтар гэтых радкоў не можа адназначна сцвердзіць, што публікацыя падобнага матэрыялу ва ўсіх выпадках была карыснай…

У нейкім сэнсе падобна да папярэдняга раздзела шосты раздзел уяўляе сабой своеасаблівае case study. У ім асэнсоўваецца светапогляд гісторыка навукі К.Грота, які выявіўся ў ягонай запісцы 1930 г. „Мой погляд на эпоху, у якую я жыву“, а таксама змены ацэнак спадчыны настаўніка К. Грота — гісторыка У.Ламанскага, якія адбыліся ў савецкай навуцы цягам 1933—1944 г. Аўтар паказаў, бадай, усё ж не такі і нехарактэрны выпадак прыняцця савецкага ладу адным з прадстаўнікоў старой акадэмічнай школы (К.Грот нарадзіўся ў 1853 г.) на падставе пераемнасці новага рэжыму з — у значнай меры „антызаходнім“ — расійскім славяназнаўствам дарэвалюцыйнай пары. У адрозненне ад трактовак дзесяцігадовай даўнасці, у 1944 г., калі славяназнаўства ў Савецкім Саюзе аказалася запатрабаваным, катэгарычна змяніўся погляд у савецкай навуцы на значэнне ў гісторыі У.Ламанскага: з колішняга служкі самадзяржаўнага рэжыму ён быў перафарбаваны ў „найбуйнейшага прадстаўніка рускай дэмакратычнай грамадскасці“. У дадатках да кнігі надрукаваны два важныя дакументы, якія былі выкарыстаны пры напісанні шостага раздзела: запіска К.Грота і даклад В.Караблёва 1933 г. „Славяназнаўства на службе самадзяржаўя (З дзейнасці акадэміка У.І.Ламанскага)“.

У сёмым раздзеле апісана стаўленне членаў II аддзялення рускай мовы і літаратуры (ОРЯС) да маючага адбыцца яго рэфармавання, інакш зліцця з III гісторыка–філалагічным аддзяленнем. (У III аддзяленні пераважалі спецыялісты–ўсходнікі; рэфармаванне, звязанае з прыняццем першага савецкага статута Акадэміі навук, адбылося ў сярэдзіне 1927 г.) Верагоднасць падобнага зліцця надзвычай негатыўна ацэньвалася акадэмікамі–гуманітарыямі; М.Рабінсон кваліфікуе ліквідацыю самастойнасці ОРЯС як „першы крок на шляху саветызацыі Акадэміі навук“ (341) і разглядае перадгісторыю гэтага рэфармавання на фоне ўнутрыакадэмічнай барацьбы і міжчалавечых сутыкненняў у самым аддзяленні.

Восьмы раздзел прысвечаны апісанню падзей канца 1920–х г., якія былі накіраваны на ўключэнне Акадэміі навук у практыку сацыялістычнга будаўніцтва — важным складнікам гэтага працэсу было прадукаванне „новых“ акадэмікаў, абраных не ў адпаведнасці з іх навуковымі заслугамі, а згодна з іх месцам у ерархіі новай улады.

У заключэнні аўтар сярод іншага звяртае ўвагу на выхаваўча–педагагічны бок сваёй працы: імкненне славістаў 20–х у любых умовах кіравацца „высокімі акадэмічнымі традыцыямі“ складае „павучальны прыклад маральнага служэння навуцы“ (385).

Манаграфія М.Рабінсона ўводзіць у навуковы ўжытак багаты арыгінальны матэрыял, датычны сферы палітычных і іншых поглядаў многіх прадстаўнікоў гуманітарнай навукі 1920–х г. У кнізе на канкрэтных прыкладах паказана пранікненне ў навуку радыкальных палітыка–метадалагічных плыняў і апазіцыя гэтаму працэсу з боку славяназнаўцаў. Падрабязнае асвятленне „адваротнага“ (побытавага, міжчалавечага) боку навуковага жыцця дазваляе больш рэльефна ўявіць умовы, у якіх працавалі славісты першых паслярэвалюцыйных дзесяцігоддзяў. Разам з тым недастаткова крытычнае ў шэрагу выпадкаў выкарыстанне матэрыялу асабістай перапіскі ў сукупнасці з выхаваўча–педагагічным yхілам працы ставяць важныя (і не заўсёды вырашаныя станоўча) пытанні адносна спосабу ўвядзення ў навуковы ўжытак такога матэрыялу.

Мінск

Сяргей Запрудскі


[1] Гл.: А.Яноўскі. „Я аддаваў усе свае сілы будаўніцтву Беларускага Дзяржаўнага Універсітэта“ // Беларускі гістарычны часопіс. 2003. № 6. С. 8.
[2] Гл.: На путях становления украинской и белорусской наций: факторы, механизмы, соотнесения / Отв. ред. Л.Е. Горизонтов. Москва, 2004. С. 246.

Наверх

Тэгі: , , ,