Vulpius, Ricarda. Nationalisierung der Religion. Russifizierungspolitik und ukrainische Nationsbildung 1860—1920 (Лявон Баршчэўскі)
VULPIUS, RICARDA. Nationalisierung der Religion. Russifizierungspolitik und ukrainische Nationsbildung 1860—1920. Harassowitz Verlag, Wiesbaden, 2005. 476 S.
Праца Рыкарды Вульпіюс выконвалася ў Інстытуце Ўсходняй Еўропы пры Вольным універсітэце ў Берліне. Яна складаецца з уводзінаў і наступных раздзелаў: „Украінскія епархіі Рускай праваслаўнай царквы“, „Моўная спрэчка і Біблія“, „Канцэпцыі і формы выразу калектыўнае ідэнтычнасці“, „Ад схаванай барацьбы да адкрытага змагання (1917—1920 г.)“, „Заключэння“ і грунтоўнага спісу выкарыстаных першасных і другасных крыніц (агулам больш за 600).
Аўтар працы шляхам грунтоўнага супастаўлення наяўных фактаў і аналізу вышэйзгаданых крыніц абвяргае як расійска–імперскую канцэпцыю пра цалкам „рускі“ характар праваслаўнага духавенства ва Ўкраіне ХIХ — пачатку ХХ ст., так і больш вытанчаную версію тае самае канцэпцыі, згодна з якою ў гэтую эпоху на ўкраінскіх землях вялося выключна „польска–расійскае змаганне за валоданне ўкраінскімі душамі“. У працы паказваецца, што, прынамсі, пасля студзеньскага паўстання 1863 г. у прадстаўнікоў праваслаўнага духавенства ва Ўкраіне адбываўся складаны ўнутраны працэс выбару ідэнтычнасці — і частка іх зрабіла гэты выбар на карысць украінскай культурнай і палітычнай ідэнтычнасці. Пры гэтым яны мусілі сутыкацца з зацятым супрацівам каланіяльнага дзяржаўнага апарату і вярхоў царкоўнага кіраўніцтва.
Другая частка клеру зрабіла выбар на карысць расійскай самаідэнтыфікацыі і ўключылася ў больш альбо менш актыўнае змаганне з „украінафіламі“. Трэцяя частка заняла нявызначаную пазіцыю і змірылася са сваёй наогул маргінальнай роляй.
Пасля Лютаўскай рэвалюцыі 1917 г. суадносіны сілаў змяніліся: прарасійскі клер страціў магутную падтрымку з боку дзяржаўных сілавых структураў, пачаўся працэс дэмакратызацыі, па–першае, узаемадачыненняў розных груп духавенства, па–другое, кантактаў паміж духавенствам і пастваю. Рэлігійны рух атрымліваў усё больш трывалае нацыянальнае апірышча.
Адваротны працэс, на думку Рыкарды Вульпіюс, меў месца з грэка–каталіцкай уніяцкай царквою, перадусім на Галіччыне. Па меры дэстабілізацыі царскай імперыі актыўнасць гэтай царквы ў нацыянальным пытанні рабілася не такой выразнай, як гэта адбывалася з праваслаўнай царквою, паколькі уніяцкі клер у былой Аўстра–Венгерскай імперыі меў прывілеяванае становішча і таму лаяльна ставіўся да цэнтральных уладаў у Вене. У сваю чаргу, украінскае рыма–каталіцкае духавенства не спяшалася выразна фармуляваць сваю нацыянальную пазіцыю, бо мела за спінаю моцную структуру касцёла, да таго ж, здамінаваную ксяндзамі польскага паходжання.
Украінская самаідэнтыфікацыя прадстаўнікоў духавенства грунтавалася на традыцыях „маларасійскага“ жыцця, укаранёных у святарскіх дынастыях. У другой палове ХIХ — пачатку ХХ ст. нацыянальныя памкненні пачалі падсілкоўвацца таксама прапагандаванымі праз адукаваную інтэлігенцыю ліберальна–мадэрнізацыйнымі ідэямі. Гэтыя працэсы прывялі, урэшце, у 1917 г. да стварэння праваслаўнай украінскай „нацыянальнай царквы“.
Рыкарда Вульпіюс спыняецца на пытанні, чаму прарасійскай плыні праваслаўнага духавенства так і не ўдалося ў эфектыўны спосаб перашкодзіць вышэйназванаму працэсу. Дастатковая пасіўнасць апошняй тлумачыцца яе звычкай разлічваць на падтрымку ўсёмагутнай дзяржавы, на звычайнае даносніцтва, а таксама бояззю падтрымліваць публічныя дыскусіі.
Разам з тым аўтарка працы даводзіць, што поспехі нацыянальнага крыла ўкраінскага духавенства мелі абмежаваны характар — і не толькі з прычыны дамінавання выхадцаў з імперскага цэнтра сярод ерархаў альбо моцнага ўплыву русафільскага дыскурсу ў прэсе. Значную ролю тут адыгрываў папулярны ў шырокіх слаях насельніцтва міф пра „моц Расіі“ і распаўсюджванне варожых настрояў супраць г. зв. самасційнікаў.
Рыкарда Вульпіюс спрабуе дайсці да вытокаў украінскай нацыянальнай ідэнтычнасці, шукаючы яе карані ў часах прыналежнасці Ўкраіны да Рэчы Паспалітай. Антыкаталіцкі ў сваёй сутнасці рух у абарону гэтай ідэнтычнасці меў свае далёкасяжныя наступствы: у часы Расійскай імперыі шмат хто з украінцаў разглядаў менавіта яе, імперыю, як гаранта трываласці праваслаўнай веры. Палітыка русіфікацыі, што праводзілася афіцыйнай расійскай уладай, імкнулася замацаваць гэты міф. Пэўны вынятак у гэтым сэнсе ўтварала Падолле. Расійскія стратэгі разглядалі памежны з Габсбургскай манархіяй рэгіён як фарпост праваслаўя і давалі магчымасць больш вольна развівацца менавіта праваслаўнаму нацыянальнаму руху, а калі гэты рух выйшаў з–пад кантролю пецярбургскіх уладаў, радыкальна павярнуць справу назад ужо было запозна…
Аўтарка кнігі таксама вызначае прычыны адсутнасці якога–кольвечы сур’ёзнага ўзаемадзеяння паміж нацыянальна арыентаваным украінскім праваслаўным духавенствам і уніяцкім клерам: гэтаму замінаў перадусім выразны „антыкаталіцызм“ першага. Увогуле, паказ вонкавага ворага актыўна выкарыстоўваўся (а, відаць, і сёння выкарыстоўваецца) нядобразычліўцамі ўкраінскай самастойнасці, праціўнікамі выразнай нацыянальнай ідэнтыфікацыі.
Частку сваёй працы Рыкарда Вульпіюс прысвячае аналізу сацыяльнага значэння рэлігіі ў Еўропе ХIХ — пачатку ХХ ст., справядліва зазначаючы, што гэтае значэнне, з прычыны поступу секулярызацыі свядомасці людзей, няўхільна змяншалася. Даследчыца паказвае, у які спосаб ваяўнічыя расійскія шавіністы („саюз рускага народа“ і да т. п.) імкнуліся надаць свайму нацыяналізму рэлігійны характар. „Наданне нацыянальнага кшталту рэлігіі і сакралізацыя нацыі ішлі поруч“. Акрамя таго, у кнізе вядзецца гаворка пра працэс утварэння на рэштках былых імперыяў нацыянальных і рэлігійных супольнасцяў („канфесійных нацыяў“).
Рыкарда Вульпіюс прысвячае таксама нямала ўвагі аналізу актуальнай рэлігійнай сітуацыі ва Ўкраіне. Адзначаючы, што ў цэлым украінцы выяўляюць большую схільнасць да рэлігіі, чым, напрыклад, расійцы, яна падрабязна разбірае ўзаемадачыненні паасобных цэркваў, сцвярджаючы, што ў розных абласцях краіны дамінуюць розныя канфесіі (праваслаўе, Украінская каталіцкая царква, або уніяцтва), прычым у дачыненні да праваслаўя гэта могуць быць альбо Ўкраінская праваслаўная царква Кіеўскага патрыярхату, альбо Ўкраінская аўтакефальная царква, альбо Руская праваслаўная царква Маскоўскага патрыярхату.
Акрамя таго, у кнізе аўтарка робіць спробу даць характарыстыку асаблівасцяў праваслаўнай тэалогіі і праваслаўнага царкоўнага будаўніцтва, падкрэсліваючы, сярод іншага, традыцыйную палітызаванасць дзеянняў праваслаўных ерархаў. Даследчыца сцвярджае, што развязанне расійска–ўкраінскіх міжнацыянальных і міжрэлігійных спрэчак у значнай меры мажлівае толькі на палітычным узроўні.
Мінск
Лявон Баршчэўскі