Уладзімір Ісаенка. Першы дапаможнік па гісторыі Вялікай Айчыннай вайны
* Великая Отечественная война советского народа (в контексте Второй мировой войны). Учебное пособие для 11 кл. Допущено Министерством образования Республики Беларусь. Под ред. докт. ист. наук, проф. А.А. Ковалени и докт. ист. наук Н.С. Сташкевича. Авторы: А.А. Коваленя, М.А. Краснова, В.И. Лемешонок, С.Е. Новиков, М.Г. Жилинский, Б.Д. Долготович, К.И. Козак. Минск: Издательский центр БГУ, 2004. 231 с.
Рэцэнзентамі дапаможніка выступілі кафедра гісторыі Беларусі новага і найноўшага часу БДУ, праф., канд. гіст. навук Г. Ваўчок і настаўнік гімназіі №56 г. Мінска П. Гламбоцкі.
Кніга выдадзена на рускай і беларускай мовах тыражом больш за 100 тысяч. Выданні, якія маюць невялікія адрозненні, выходзілі таксама ў якасці падручніка для ВНУ, а таксама для шырокага кола чытачоў.
Выхад у свет навучальнага дапаможніка пра велізарную вайну ў гісторыі чалавецтва — першага за 60 гадоў у Беларусі і краінах СНД, ды і сусвету — з’ява буйнога культурна–гістарычнага значэння. І не толькі таму, што ён абуджае ў памяці падзеі той вайны, маштабы ваенных аперацый (і трагедый) Другой сусветнай вайны. Увага да тых далёкіх падзей, якія выпалі на долю некалькіх пакаленняў, сведчыць, што не будуць забытыя палітычны і грамадзянскі вопыт, шматлікія ахвяры вайны, гераічныя подзвігі народаў–вызваліцеляў, сярод якіх пачэснае (і трагічнае) месца займае беларускі народ. Першы, найбольш магутны ўдар ворага абрынуўся менавіта на тэрыторыю і насельніцтва Беларусі, а вызвалена яна была (разам з Літвой) апошняй. Народ Беларусі так і не скарыўся акупантам, рэспубліка ператварылася ў партызанскую, амаль з кожнай сям’і нехта загінуў, многія пазбавіліся здароўя, жылля, маёмасці. Памяць пра родных, якія не вярнуліся з вайны, і пачуццё глыбокай удзячнасці да вызваліцеляў–сыноў іншых брацкіх народаў („савецкага народа“) жыве і будзе жыць у вяках. Нашчадкі тых, хто прайшоў цяжкімі дарогамі вайны, не шкадуючы жыцця, змагаўся ў лясных пушчах, адбудоўваў гарады і сёлы, могуць ганарыцца дзядамі і бацькамі.
Вайна — гэта ахвяры і страты, непамерная праца, галеча і калецтва, спусташэнне гарадоў і вёсак. Адначасова гэта праверка чалавечай годнасці, высокіх патрыятычных пачуццяў, самаахвярнасці, але іншы раз і праявы нізкіх, эгаістычных, пачварных учынкаў. У цяжкіх, экстрэмальных умовах існасць чалавека, народа выяўляецца хутка і яскрава. Беларускі народ прайшоў выпрабаванні вайны, набыў каштоўны вопыт нацыянальнага суіснавання ў Еўропе, у сям’і братніх народаў. Яго сыны ўдзельнічалі ва ўсіх падзеях былой вайны і паказалі высокую чалавечую годнасць, гарачую, неадольную любоў да Айчыны.
Звернемся да прапанаванага навучальнага дапаможніка аб падзеях шасцідзесяцігадовай даўнасці.
У пошуках прычын Другой сусветнай вайны (раздзел I) аўтары разглядаюць міжнароднае становішча, якое склалася пасля падпісання Версальскай мірнай дамовы 1919 г. Асаблівую ўвагу выклікае дзейнасць Лігі Нацый, г. зв. Версальска–Вашынгтонская сістэма. Гэтае паняцце савецкай гістарыяграфіі згадваецца шмат разоў (с. 12, 22), і не толькі ў разгляданым навучальным дапаможніку, але і ў падручніку па сусветнай гісторыі для 11–га класа. Між тым, амерыканскі сенат адхіліў і не ратыфікаваў 19 лістапада 1919 г. Версальскую дамову. У яе ўвайшлі толькі 4 з 23 умоваў, прапанаваных прэзідэнтам Вільсанам. Кангрэс не даў згоды і на ўваходжанне ЗША ў Лігу Нацый. У дачыненні да еўрапейскіх справаў пачала ажыццяўляцца палітыка ізаляцыянізму. У 1921 г. было абвешчана аб спыненні вайны з Нямеччынай і 25 жніўня ЗША падпісалі сепаратную дамову. Так што адзінай сістэмы ў рабаўніцтве Нямеччыны не было і ў перакройцы межаў у пасляваеннай Еўропе ЗША удзелу не бралі. Не было адзінства ўзгодненых дзеянняў нават у Францыі і Вялікай Брытаніі. Ленін назваў Версальскую дамову „дамовай драпежнікаў і рабаўнікоў“. Яе ўмовы, абавязковыя для выканання, прывялі да разбурэння эканомікі і жабрацтва ў Нямеччыне. Нямецкі ўрад адказаў 12 ліпеня 1922 г. спыненнем выплаты рэпарацый, а нямецкі народ у 1923 г. — выбухам нацысцкага путчу ў Мюнхене і камуністычнымі паўстаннямі ў Берліне і Гамбургу (першая спроба перавароту была ў студзені 1919 г. пад кіраўніцтвам К.Лібкнехта і Р.Люксембург.) Пра гэта, як і пра стварэнне і дзейнасць Камінтэрна на савецкія грошы ў дапаможніку — ані слова, паведамляецца толькі пра чамусьці заключаны ў 1936 г. „Антыкамінтэрнаўскі пакт“ (с. 15).
Не знайшлося месца, каб паведаміць аб прыходзе 30 кастрычніка 1922 г. да ўлады ў Італіі фашыста Мусаліні. Не разгледжана і сакрэтнае пагадненне 1922 г. Савецкага ўрада з Нямеччынай аб ваенна–тэхнічным супрацоўніцтве, якое набрала сілу да 1926 г. і дапамагала ўмацоўваць райхсвер.
Тлумачэння, хто такія арыйцы, а таксама паняццяў генацыд, нацызм, расавая палітыка, расізм, фашызм, шавінізм не даецца ні ў асноўным тэксце, ні ў прапанаваным слоўніку гістарычных паняццяў (с. 223—225).
Пры разглядзе міжнародных адносінаў 1930–х г. адзначаюцца галоўныя задачы нацыстаў — ліквідацыя беспрацоўя і ўзняцце дабрабыту ўсіх грамадзян — і мэта — адмена ўсіх абмежаванняў на ўзбраенне Нямеччыны (с. 13, 14). Галоўнае — панаванне ў Еўропе „арыйскай“ (а значыць нямецкай) расы, стварэнне неабходнай прасторы, з якой трэба выціснуць іншыя народы. Для гэтага перш за ўсё трэба аб’яднаць хоць бы нямецкі народ, прыйсці да ўлады. Аб’яднальнай была ідэя ануляваць Версальскую дамову і ліквідаваць Версальскую сістэму, дамагчыся раўнапраўя для Нямеччыны. У Нямеччыне ў лістападзе 1932 г. за нацыстаў аддалі галасы 11,8 млн., а за сацыял–дэмакратаў 8,1 млн., і за камуністаў — 5,8 млн. выбаршчыкаў, разам — большасць! Ды вось толькі апошнія не аб’ядналіся, а варагавалі, чым паспрыялі нацыстам атрымаць уладу і потым разбіць абедзве партыі. Прычыны гэтага — дзеянні Камінтэрна, які ажыццяўляў на практыцы генеральную лінію, акрэсленую Сталіным у 1924 г. на пленуме ЦК РКП(б): „Не кааліцыя з сацыял–дэмакратыяй, а смяротны бой з ёю“. Пра гэты палітычны промах аўтары не паведамляюць, а прыводзяць толькі табліцу росту ўплыву НСДАП у нямецкім грамадстве (с. 14). Не адзначаецца, што становішча ў Нямеччыне асабліва абвастрылася ў сувязі з сусветным эканамічным крызісам 1924—1933 г. 30 студзеня 1933 г. Гітлер легітымна ўзначаліў урад Нямеччыны. У кастрычніку Нямеччына пакінула Лігу Нацый, адмовілася ад удзелу ў Жэнеўскай канферэнцыі па раззбраенні 1932—1934 г. (а не 1935 г.; с. 14). І нямецкі народ гэта ўхваліў! У лістападзе 1933 г. за НСДАП прагаласавала 92% выбаршчыкаў. Насельніцтва ў бальшыні пайшло за Гітлерам.
Аўтары прытрымліваюцца пункту погляду маскоўскіх „аналітыкаў“: нацыстаў падтрымалі дробныя ўласнікі, беспрацоўныя, частка інтэлігенцыі і моладзі. Аднак і камуністы абапіраліся на беспрацоўных, здольных на ўсё, на дэкласаваную частку моладзі. Кадравыя рабочыя, як і прадпрымальнікі, былі зацікаўлены ў стабільнасці, заробках, а моладзь — у набыцці прафесіі і кар’ерным росце. Яна імкнулася пераважна не да вулічных сутычак з паліцыяй і між сабой, займалася турызмам і спортам, прымала блізка да сэрца ідэі адраджэння і велічы Нямеччыны. Гросбаўэры (заможныя сяляне) і дробныя ўласнікі (сярэдняе саслоўе) пайшлі ў нацысты, бо спадзяваліся на іх падтрымку і ўзбагачэнне ў сувязі з „арыiзацыяй“ дробных прадпрыемстваў. Ліквідацыя беспрацоўя і адыход моладзі ад левых радыкалаў, ад камуністаў з іх лозунгам „У пралетарыяў няма бацькаўшчыны“ (Ленін) і абвастрэння класавай барацьбы (Сталін) яшчэ болей паслаблялі камуністычны рух. Кампартыя была разгромлена, а іншыя партыі самараспусціліся. Да 1935 г. ажыццявілася ідэя „адзін народ, адзін райх, адзін фюрэр“, дадамо яшчэ „адна партыя“ — таталітарызм нацысцкага ўзору. Яму быў патрэбны ўнутраны вораг, каб апраўдаць рэпрэсіі, і знешнія праціўнікі, каб распачаць гонку ўзбраенняў.
У дапаможніку прыведзена табліца выпуску самалётаў толькі ў Нямеччыне з 1932 да 1939 г. (с. 15). Але параўнальна–гістарычны падыход патрабуе дапоўніць яе дадзенымі па суседніх краінах. У СССР выпушчана самалётаў: 1936 г. — 860, 1934 г. — 2600, 1936 г. — 3600, 1938 г. — 5500, 1939 г. — 7000, прычым многа новых тыпаў. У гэты час ВПС Англіі мелі 3000, а Францыі — усяго 2000 самалётаў. У 1935—1939 г. вытворчасць танкаў у СССР была ў 2 разы большай, чым у Нямеччыне. Дзяржава мела гармат болей, чым усе астатнія краіны разам узятыя. І ў гэтым — найвялікшы працоўны подзвіг савецкага народа. Так што скардзіцца на недахопы (с. 44) не варта. „Са снежня 1939 да 1941 г. у войскі Чырвонай Арміі было пастаўлена 7 тыс. танкаў, каля 18 тыс. баявых самалётаў“ (с. 41) сцвярджаюць аўтары — і вельмі недакладна. На самай справе гэтая колькасць баявой тэхнікі была пастаўлена з студзеня (!) 1939 да 22 чэрвеня 1941 г.[1].
Кожнай вайне папярэднічае перыяд пэўнай палітычнай падрыхтоўкі. Аўтары вельмі слушна дапаўняюць Дамову аб ненападзе Сакрэтным дадатковым пратаколам, прадметам нядаўніх спрэчак (с. 24, 25). Але гэтага мала. Варта было б спаслацца і на папярэдняе гандлёвае пагадненне, падпісанае 19 жніўня. Паводле яго Нямеччына атрымлівала ад СССР сыравіну, гэтак неабходную для вайны, а СССР — станкі і абсталяванне, вельмі патрэбныя для ВПК некаторыя ўзбраенні.
Вядома, што 28 красавіка 1939 г. Нямеччына скасавала дамову з Польшчай аб ненападзе. Адпаведная дамова СССР з Польшчай фармальна дзейнічала да 1945 г. Дачакаўшыся разгрому польскай арміі, 17 верасня распачала свой заходні паход Чырвоная Армія. Але на прапанаванай карце (с. 27) чамусьці не нанесены адпаведныя чырвоныя стрэлкі ні па „ўсходніх крэсах“ Польшчы, ні па ўсходняй паласе Фінляндыі. Дарэчы, дамоўленая лінія размежавання паміж савецкай і нямецкай зонамі не супадае з „лініяй Керзана“, як сцвярджаецца (с. 29), а праходзіць далёка на захад ад яе, каля польскага горада Ломжа. У савецкай ноце польскаму паслу ў Маскве і 33 паслам іншых краін 17 верасня заяўлялася, што ў сувязі з „распадам“ польскай дзяржавы Чырвоная Армія выконвае загад „перайсці мяжу і ўзяць пад сваю абарону жыццё і маёмасць насельніцтва Заходняй Украіны і Заходняй Беларусі“, г. зн. усталяваць там цывілізаваны парадак. З ліста сакратара ЦК КП(б)Б П. К. Панамарэнкі Сталіну (с. 37) відаць, што гэта быў за парадак: дзялілі зямлю, вешалі, расстрэльвалі, забівалі, здавалі… Нездарма да вайны ахоўвалася старая мяжа і „лінія Сталіна“ — умацаваныя раёны на ёй. У той час як умацаванні на новай мяжы („лінія Молатава“) апісаны (пабудавана 40%), для „лініі Сталіна“ (пабудавана 90%) месца не знайшлося.
Абодва бакі ліхаманкава рыхтаваліся да вырашальнага сутыкнення: Нямеччына — з 1935 (Закон аб абароне дзяржавы), СССР — з 1929 г. (індустрыялізацыя з ваенным ухілам). Разгром Польшчы і паход на Захад былі для нямецкай арміі хоць і прыемнымі, але толькі эпізодамі. У дамову аб ненападзе ніхто не верыў. Нямецкія ўзброеныя сілы панеслі невялікія страты, затое набылі патрэбны вайсковы вопыт і ўпэўненасць у сваёй непераможнасці. Савецкае кіраўніцтва верыла ў класавы характар вайны і падтрымку міжнароднага пралетарыяту.
Аўтары абяцалі паказаць Вялікую Айчынную вайну „ў кантэксце Другой сусветнай вайны“ і ў адносінах да Польшчы стрымалі сваё абяцанне. Але як ішла вайна на Захадзе — засталося амаль невядомым (с. 33, 34). Далучэнне прыбалтыйскіх рэспублік апісана вясёлкавымі фарбамі (с. 35), быццам адбывалася яно не ва ўмовах акупацыі, на асновах нелегітымных выбараў па сталінскім узоры, пасля грандыёзных „зачыстак“. Сцверджанні аб прызнанні гэтага акта законным вельмі спрэчныя (с. 35).
Зразумела, што навучальны дапаможнік — не навуковая манаграфія, якая змяшчае паглыбленыя даследаванні пэўных гістарычных падзей. Для яго дастаткова хоць бы пералічыць самыя істотныя падзеі ў пэўнай храналагічнай паслядоўнасці, падаць вынікі сістэмнага аналізу, пажадана без пропускаў і купюр. Усё сумнеўнае, спрэчнае, а тым больш памылковае на старонках навучальнага дапаможніка недапушчальнае.
Вядома, што „першай ахвярай на вайне робіцца праўда“. Таму крытычны аналіз павінен накіроўвацца ў першую чаргу на першасную інфармацыю, мемуары зацікаўленых удзельнікаў. Даследчык высвятляе ісціну, аўтар падручніка паведамляе пра яе ў форме, даступнай навучэнцу, пазбягае недакладнасцяў і супярэчнасцяў, а тым больш „псеўдафактаў“, домыслаў, міфаў накшталт „купавшихся детей“ (с. 70), панфілаўцаў (с. 77).
Але звернемся да ваеннай рэчаіснасці і яе адлюстравання ў дапаможніку. Дзеля зручнасці размесцім асобныя заўвагі ў паслядоўнасці, прапанаванай аўтарамі дапаможніка — паводле яго старонак.
Спачатку падаецца інфармацыя пра ўзброеныя сілы. Здавалася, яна павінна была б адлюстраваць колькасць асабовага складу, дывізій, танкаў, гармат, самалётаў усёй РККА і асобна будучага Заходняга фронту. Аўтары выбралі іншую форму, напрыклад: „з 1930 да 1939 г. колькасць танкаў павялічылася ў 43 разы“, „на ўзбраенні знаходзілася ўсяго каля 2000 самалётаў новых тыпаў“ (с. 44). Застаецца невядомым, колькі танкаў было ў 1930 г., агульная колькасць самалётаў. Па ЗАВО колькасць баявой тэхнікі ўказваецца канкрэтна і нават колькасць дывізій — 55 (с. 54), або 44 (с. 73). Якой лічбе верыць?
Пры вызначэнні суадносінаў узброеных сілаў аўтары не ўлічваюць, што супастаўляць мотадывізіі нельга. У савецкай мотадывізіі — 275 танкаў, больш, чым у нямецкай танкавай — 147 (с. 54). Сцвярджэнне, што „Нямеччына без абвяшчэння вайны напала на Савецкі Саюз“ (с. 56), не зусім дакладнае. Мемарандум быў зачытаны Молатаву і паслу Дэканозаву, хоць ужо грукатала артылерыйская кананада. Тэкст яго з канкрэтнымі абвінавачваннямі апублікаваны[2]. Паспрабуем дапамагчы аўтарам у ацэнцы сіл Заходняга фронту (на Беларусі і Смаленшчыне), што супрацьстаялі нямецкай групе армій „Цэнтр“, у якой налічвалася 50 дывізій, 2 брыгады (дывізія — злучэнне часцей розных родаў войск, мела каля 15 000 чал.)[3]. Сярод іх было 9 танкавых дывізій, 1800 танкаў.
Заходнюю акругу, потым фронт утваралі стралковыя (пяхотныя) дывізіі — 24, танкавыя і матарызаваныя — 18, кавалерыйскія — 2. Акрамя таго былі 3 брыгады супрацьтанкавай артылерыі (1 разліковая дывізія), паветрана–дэсантны корпус (1 дывізія), 2 брыгады ПВА (1 дывізія), пагранічныя войскі (1 дывізія), чыгуначныя войскі з бронецягнікамі і войскі аховы чыгункі (3 дывізіі), войскі НКВД, мотастралковая дывізія і канвойныя, аператыўныя (2 дывізіі), гарнізоны 9 умацаваных раёнаў, Пінская ваенная рачная флатылія. Разам — каля 55 рэальных і разліковых дывізій. Для ўмелай абароны дастаткова было б удвая менш войскаў.
Па напрамку да Вільні група армій „Цэнтр“ разбіла або адкінула яшчэ 5 дывізій Паўночна–Заходняга фронту, сярод якіх 5–я тд, 29–ы стралковы корпус, у якім былі часці былой літоўскай арміі. Многія літоўскія салдаты чакалі вызвалення… З 15 траўня на тылавы рубеж па Дзвіне і Дняпры сталі прыбываць дывізіі другога стратэгічнага эшалона. Пасля разгрому Заходняга фронту і знішчэння ў акружэнні амаль 80% кадравых дывізій 2 ліпеня 1944 г. Заходняму фронту перадалі прыбылыя войскі — 43 ці то 48 дывізій. Фактычна быў наноў створаны Заходні фронт (другога складу). Ён быў падмацаваны дзесяткамі дывізій з першага складу, што часткова захавалі сваю баяздольнасць і змаглі вырвацца з „катлоў“. Яшчэ 22 дывізіі засталіся ў групе рэзервовых армій. 30 ліпеня вылучаны асобны Рэзервовы фронт[4].
Дырэктыва № 21 аб нападзе, вядомая як „План Барбароса“ (была падпісана фюрэрам 18 снежня 1940 г.), зразумела, змяшчала толькі агульныя рысы будучай вайны. Ніякай „дэтальнасці“ ў ёй не было. У генеральным плане „Ост“ прадугледжвалася эканамічнае выкарыстанне захопленых тэрыторый, іх ачыстка ад непажаданых элементаў, анямечванне і каланізацыя, але далей накідаў і меркаванняў справа, відаць, не пайшла. Таму не варты ён асаблівай увагі (с. 51). Афіцыйна дакумента ніхто не бачыў. І ў гэтым была не выпадковасць, а наўмысная палітыка: схаваць свае сапраўдныя палітычныя намеры ад сусветнай грамадскасці. У сваёй заяве на паседжанні з Розенбергам, Борманам, Герынгам, Кейтэлем 16 ліпеня 1944 г. Гітлер заявіў: „Важна не раскрываць сваіх мэтаў заваёвы перад сусветам. Мы нічога не гаварылі пра свае намеры…“[5]. Генеральны план „Ост“ не быў прадстаўлены і Нюрнбергскаму трыбуналу. У нямецкага ваенна–палітычнага кіраўніцтва (ваеннай, грамадзянскай адміністрацыі, эсэсаўска–палітычных уладаў) не было адзінага погляду на акупацыйную палітыку. Сыходзіліся толькі ў адным: захапіць, кіраваць, эксплуатаваць, не заахвочваць нацыянальных памкненняў, не ствараць мясцовых узброеных сілаў.
Пры апісанні баявых дзеянняў 1944 г. аўтары нярэдка ўжываюць тэрмін бітва. Для іх бітвай быў і бой на Буйніцкім полі пад Магілёвам, дзе нямецкі танкавы батальён атакаваў пазіцыі савецкага палка (с. 72), і Смаленскае „сражение“ (с. 74). Між тым бітва ў ваеннай гістарыяграфіі — гэта грандыёзнае змаганне многіх соцень тысяч байцоў на вялікай тэрыторыі, вынікі якога мелі вялікае, стратэгічнае значэнне, накладалі адбітак на зыход вайны. Было 6 бітваў: Маскоўская, Сталінградская, за Каўказ, Курская, за Днепр, Берлінская. Спрэчкі могуць узнікнуць пры ацэнцы баёў за Магілёў (асобнае змаганне). Яго 24 дні вяла 13–я армія, а не толькі 172–а сд (с. 73). Савецкая гвардыя нарадзілася пад Ельняй у пекле ўпартых баёў Рэзервовага фронту, у якіх прынялі ўдзел і былыя абаронцы Мінска. Але ці ўпісваюцца гэтыя баі ў рамкі Смаленскага „сражения“ („бітвы“; с. 74)?
Двойчы аўтары падсумоўваюць баявыя дзеянні ва „ўсеагульным выглядзе“ — прыём прапагандыстаў з ГалоўПУРа, калі пажадана схаваць рэзкую няроўнасць сілаў. Гэта тычыцца „Лепельскага контрудару“, які быццам бы наносіўся 6 ліпеня 1941 г. (с. 69; на самай справе 6—11 ліпеня). Удакладнім сілы, якія супрацьстаялі. З савецкага боку ўдзельнічалі 1800 танкаў 5–га і 7–га механізаваных карпусоў. З нямецкага — 600 танкаў (7, 12, 17, 18–й тд) пры моцнай падтрымцы пікіроўшчыкаў 8–га авіякорпуса (да 200), якія забяспечылі разгром абодвух карпусоў.
Аўтары ні словам не абмовіліся пра „катлы“ 7—19 кастрычніка 1941 г. пад Вязьмай і Бранскам. У першым было знішчана пяць савецкіх армій, захоплена 660 тысяч палонных, адкрыта дарога на Маскву. Пераблытана інфармацыя пра нямецкія арміі на Маскоўскім напрамку (с. 76). На самай справе пад камандаваннем Г. фон Клюге была 4–я палявая армія. Х. Гудэрыян камандаваў 2–й танкавай, а 3–й танкавай — Г. Рэйнгард, а не Г. фон Гот (дарэчы, па–руску трэба пісаць з адной літарай т, бо von Hoth). 4–я танкавая група (яшчэ не армія) заставалася пад камандай Э. Гёпнера, які потым трапіў у вялікую няміласць да Гітлера. Адзначым яшчэ і 2–ю палявую армію (М. фон Вейхс).
У час Курскай бітвы „з абодвух бакоў было задзейнічана каля 5 тыс. самалётаў“ (с. 149). Адзначана канцэнтрацыя нямецкіх сілаў, а вось пра савецкі бок… забыліся. Таму ліквідуем гэты прабел. Чырвоная Армія супрацьпаставіла Вермахту ў бітве 1,3 млн. салдат і афіцэраў, 3600 танкаў, 2900 самалётаў, 20 000 гармат ды яшчэ падцягнула рэзервы — 500 тыс. салдат, 1500 танкаў, 7400 гармат — і перайшла ў контрнаступленне, вымусіла праціўніка перайсці да стратэгічнай абароны.
Абарона Мінска 25—28 чэрвеня вартая вялікай увагі. У Мінскім УРы трымала абарону 64–я сд (камандзір С. Ёўлеў), якая потым ажыццявіла прарыў з акружэння (Мінск заняты 28 чэрвеня). Нельга абмежавацца толькі 100–й сд (с. 67).
Не варта згадваць пра перавагу ў шмат разоў сілаў ворага каля Брэсцкай крэпасці (с. 71), трэба было б узгадаць пра крэпасць Асавец. Брэст штурмавала нямецкая 45–я пд, захапіла 7000 палонных і страціла 482 чал. забітымі.
Кіеўская абараняльная аперацыя, якая закончылася найвялікшым знішчэннем савецкіх войскаў пяці армій, аказалася найбуйнейшым акружэннем у гісторыі войнаў, а апісана як дзеянні нейкіх воінскіх часцей (с. 75). Кіеўскую групоўку акружалі не часці, а 1–я і 2–я танкавыя групы (фактычна арміі). Бранскі фронт няўдала атакаваў з усходу, каб гэтаму перашкодзіць. Вынік — 655 тыс. палонных, захоп ворагам амаль усёй Украіны. І вінаватыя — І. Сталін, С. Цімашэнка, Г. Жукаў. Зразумела, у дапаможніку гэтага няма. Затое апісаны подзвіг 28 панфілаўцаў на чале з палітруком „Дзіевым“ (с. 77), і ўсе 50 нямецкіх танкаў, якія спыніў 1075 стралковы полк, запісаны на іх рахунак.
На карце (с. 78) не адзначаны ўдар савецкіх войскаў на Растоў з усходу, на Вязьму з поўдня. Не гаворыцца пра абарону горада–героя Тулы 29.10—5.12.1941 г. і тым збядняюцца падзеі Маскоўскай бітвы.
Дапамога, атрыманая Савецкім Саюзам згодна з законам аб ленд–лізе, апісана дастаткова канкрэтна (с. 80). Вось толькі пра сыравіну з СССР — спрэчна.
Сярод прычын „няўдач“ Чырвонай Арміі ў 1941 г. няма самай галоўнай — нізкага ўзроўню, некампетэнтнасці, адсутнасці прафесіяналізму ў асобаў, якія ажыццяўлялі галоўнае камандаванне і прымалі стратэгічныя рашэнні, хоць у акадэміях не навучаліся. З цягам вайны ваенна–палітычнае кіраўніцтва набывала вопыт, удасканальвалася і прывяло ўрэшце да перамогі праз незлічоныя ахвяры. „Мы за цаной не пастаім“. Ініцыятыва, якая падаўлялася і каралася, боязь прымаць самастойныя рашэнні без згоды Масквы, боязь адказнасці, абвінавачання ў здрадзе паралізавалі дзейнасць штабоў вайсковых часцей, злучэнняў. А да таго — дрэнная сувязь, няўменне весці пастаянную разведку, манеўраваць на полі бою, абараняць і абсталёўваць пазіцыі, імкненне ўсюды да „знішчальных“ лабавых удараў, абароны „да апошняга чалавека“ загубілі арміі, якія мелі ўдвая больш сілаў. У 1941 г. загінулі амаль усе кадравыя дывізіі, што былі на Захадзе (да 200). Ім на змену прыйшлі новыя, навучаныя горш.
Жорсткая палітыка ўнутры краіны ў 1930–я г. спараджала ў часткі насельніцтва незадаволенасць палітыкай, калгасамі, а таксама варожасць, абыякавасць да лёсу савецкай улады і дзяржавы. Адсюль 5,7 млн. палонных (прызналі 4,5 млн.), 6 млн. кінутай асабістай зброі. Адсюль вытокі не толькі эканамічнай калабарацыі (с. 93). Не ўспамінаецца нават генерал А. Уласаў, УПА, рознакаляровыя легіёны, „казакі“, „хіві“ ў нямецкіх дывізіях — 1,5 млн. службоўцаў на ворага.
Вялікая Айчынная вайна быццам спалучылася з праявамі грамадзянскай вайны. Гэтым тлумачацца і вялізныя ахвяры сярод мірнага насельніцтва і жорсткія адносіны да ўласных ваеннапалонных. Сталін заяўляў: „У нас няма ваеннапалонных, ёсць здраднікі радзімы“. Тэрыторыя лясістай Беларусі зрабілася арэнай многіх драматычных падзей. Але чытач дапаможніка так і не даведаецца, колькі сапраўды было лагераў для палонных, гета, канцлагераў для насельніцтва (с. 98). Аб „філіялах“ няма размовы. Тут трэба большая дакладнасць. Так, у лагеры каля в. Дразды праверцы падлягалі жыхары Мінска ва ўзросце ад 18 да 45 гадоў[6]. Наконт Трасцянецкага лагера застаецца спрэчнай колькасць ахвяр — 206,5 тыс., бо невядома, адкуль яны дастаўлены, як змяшчаліся ў адным (!) бараку. У частцы тыражу прапушчана слова тысячы, што недапушчальна. Колькасць прывезеных у Беларусь замежных яўрэяў часцей вызначаюць „да 35 тысяч“, а не 25 (с. 100). Сярод іх не было грамадзян Літвы, Польшчы. Іх знішчэнне ажыццяўлялі на месцы. Агульнае становішча на акупаванай тэрыторыі СССР трэба вылучыць асобна, нагадаць і пра Бабін Яр у Кіеве. Войскі гета не ахоўвалі (с. 100). Колькасць загінулых мірных жыхароў не 7 млн. (с. 102), а 17,4 млн.[7] У Нямеччыну на прымусовую працу было вывезена каля 400 тыс. чалавек з Беларусі, вярнулася 120 тыс. (с. 102). Але гэта яшчэ не сведчыць, што астатнія ў большасці загінулі. Нямала эмігравалі, не захацелі вяртацца.
Становішча з ваеннапалоннымі (с. 99). Дапушчальныя і іншыя падлікі. З 3,7 млн. ваеннапалонных 1941 г. да 13 лістапада было распушчана дадому 318 тыс., з іх 277 тыс. украінцаў. У лютым 1942 г. засталося 1,1 млн. працаздольных. Нямеччына страціла рабочыя рэсурсы, пра што потым пашкадавала.
На Ялцінскай канферэнцыі (люты 1945 г.) Сталін настаяў (і заходнія саюзнікі пагадзіліся) на „безумоўнай і ўсеагульнай рэпатрыяцыі ўсіх савецкіх грамадзян, што знаходзіліся ў іх акупацыйных зонах“ па стане межаў на 1 верасня 1939 г., г. зн. акрамя жыхароў Польшчы (а таксама Заходняй Беларусі, Заходняй Украіны) і Прыбалтыкі. Гэтыя вярталіся паводле свайго жадання.
Партызанскі рух набыў асаблівае развіццё на лясіста–балоцістых прасторах Беларусі. Краіна набыла сусветную славу „партызанскай рэспублікі“. На 1944 г. было 374 тыс. савецкіх партызанаў (паводле нямецкіх дадзеных — 143 тыс.). Праўда, медалі „Партизану Отечественной войны“ атрымалі 127 тыс. Існавала развітое, у асноўным камуністычнае падполле, „партызанскія рэзервы“ (с. 114). Але аўтары не ўзгадваюць пра мірнае насельніцтва, якое проста хавалася ў лясах ад карнікаў і знішчэння. Яны перабольшваюць ролю камуністычных органаў, у той час як першымі арганізатарамі партызанскіх атрадаў былі камандзіры–„акружэнцы“. Яскравы трагічны лёс у гэтых адносінах камандзіра 208–й мд палкоўніка В. Нічыпаровіча. Спрэчнае падкрэсліванне ўдзелу падлеткаў у баявых аперацыях. Выкарыстанне дарослымі дзяцей на вайне можна тлумачыць па–рознаму, як і парушэнне агульнапрызнаных правілаў вайны. Некаторыя важныя эпізоды выпалі з тэксту: выбух міны 6 верасня ў сталовай паліцыі бяспекі (дыверсія Юлі Казловай), знішчэнне чыноў мінскай абласной адміністрацыі 28 ліпеня 1943 г.
Партызанскія рэйды, аэрадромы апісаны занадта агульна (с. 128), барацьба польскай Арміі Краёвай — толькі ў адмоўным святле (с. 134).
Тэма антыпартызанскай барацьбы амаль не закранаецца. Між тым, на тэрыторыі Беларусі дзейнічалі не толькі Беларуская Самаахова, батальёны шуцманаў з дапаможнай паліцыі, Беларуская Краёвая Абарона. Ахоўвалі камунікацыі, чыгунку добраахвотныя казацкія эскадроны, нават палкі, і Казацкі Стан. Чыніла расправы разам з паліцыянтамі брыгада Б. Камінскага. На паўночным захадзе рэспублікі дзейнічалі літоўскія батальёны „шумы“. Ахоўную службу неслі славакі, венгры. Пра ўсё гэта нічога не паведамляецца.
„Рэйкавая вайна“ ў час наступлення ўласных войскаў (с. 165) мае дваістую ацэнку. Можа, лепш было дарогі не разбураць, а ахоўваць, як гэта рабілі немцы ў 1941 г.
Ваеннае шчасце пераменлівае. І хоць на „Остфронце“ дзейнічала не менш за 70% сілаў Вермахта, прычым самых лепшых, іх аказалася недастаткова. У 1942—1943 г. адбыўся пералом у ходзе Другой сусветнай вайны. Пасля бітваў Маскоўскай (канец бліцкрыгу), Сталінградскай (знішчэнне лепшай арміі) і Курскай (крах танкавых войскаў і спробы наступаць) пачалося вызваленне ад акупацыі савецкай тэрыторыі. Еўропа паверыла ў перамогу саюзнікаў над Нямеччынай і доўгачаканае вызваленне.
Летам 1944 г. гэта зрабілася рэальнасцю. Выхад Фінляндыі з вайны, барацьба на італьянскім фронце, цяжкія бамбардзіроўкі Нямеччыны папярэднічалі грандыёзнай падзеі — стварэнню Другога фронту ў Францыі. Спробны дэсант 8 жніўня 1942 г. каля г. Д’еп (Dieppe) паблізу Гаўра пацярпеў няўдачу. З 7 тысяч дэсантнікаў страчана 3 тыс., астатнія скінутыя ў мора. Затое 156 тыс. салдат, якіх высадзілі 6 чэрвеня 1944 г., замацаваліся на ўзбярэжжы ў Нармандыі. У дапаможніку чамусьці сцвярджаецца, што ў гэты памятны дзень высадзілася ажно 2,9 млн. (с. 185). Гэта яўная бязглуздзіца. Гэтымі мільёнамі нарошчвалася першая хваля дэсанту на працягу некалькіх месяцаў…
Праз два тыдні пачалася беларуская наступальная аперацыя „Багратыён“ (23 чэрвеня — 29 жніўня), бліскучы ўзор ваеннага майстэрства. Прозвішчы камандуючых франтамі не прыводзяцца. Знайшлося месца толькі для лётчыкаў палка „Нармандыя“(!). Патаемная канцэнтрацыя вялізных сілаў (166 дывізій), знішчальныя ўдары па флангах і ў цэнтры фронту групы армій „Цэнтр“ (мела 38 дывізій), удалае манеўраванне танкавых карпусоў і конна–механізаваных груп прывялі да яе поўнага разгрому і вызвалення Беларусі. Не дапамаглі і спешна перакінутыя ворагам рэзервы (10—15 дывізій). Наяўнасць апошніх, на нашу думку, не дазваляе ўсё ж уключаць у падлікі сілы двух суседніх нямецкіх груп армій, як гэта робяць аўтары (с. 158), параўноўваючы сілы бакоў. Відаць, каб замаскаваць вялікую колькасную перавагу савецкіх войскаў (у 3—4 разы). Але стварэнне такой перавагі на вырашальным напрамку і ёсць сведчанне ваеннага майстэрства. Недарэчна выглядае падсумаванне сілаў абодвух бакоў (с. 157). У небе Беларусі 40 нямецкіх знішчальнікаў выляталі насустрач 2000 савецкіх, 900 танкаў выходзілі супраць 5200! Праз некалькі гадзін пасля Тацынскага ў сталіцу ўвайшлі танкі 1–га гвардзейскага Данскога корпуса 1–га Беларускага фронту з партызанскім дэсантам на брані — з боку Бабруйска. У шэрагу дробных „катлоў“ было захоплена 80 тыс. палонных, з якіх 17 ліпеня правялі па Маскве 57 000. Было разгромлена, цалкам знішчана 38 дывізій, у палоне апынулася да 200 000 чалавек. З дапаможніка пра гэта не даведаешся. Страты чатырох франтоў лепш падлічваць не да канца ліпеня (440 тыс. — с. 165), а да канца аперацыі — 29 жніўня (765 тыс.; 2900 танкаў).
Аўтары пра ўсё гэта не паведамляюць. Яны абышліся і без вельмі яскравага прыкладу ўзаемадзеяння саюзнікаў. Калі немцы з апошніх сілаў нанеслі вельмі небяспечны Ардэнскі ўдар, Чырвоная Армія датэрмінова правяла Вісла–Одэрскую аперацыю — падступіла да Берліна і Одэра ў студзені 1945 г. Вырашальныя перамогі Чырвонай Арміі, стварэнне Другога фронту, разбурэнне ваенна–прамысловага патэнцыялу Нямеччыны зрабіліся магчымымі дзякуючы поспеху ў вытворчасці баявой тэхнікі, якая ў 3—4 разы перасягнула нямецкую, а таксама імкліваму росту ўзброеных сілаў саюзнікаў. Таму табліца на с. 180 падаецца абгрунтавана, хоць і тычыцца толькі СССР і Нямеччыны. Варта пашырыць яе дадзенымі па ЗША і Вялікай Брытаніі.
Выкарыстанне статыстыкі накладае на аўтараў і новую адказнасць. У тэксце (с. 171) паведамляецца, што Савецкі Саюз штомесячна ў 1944 г. выпускаў 5,8 тыс. танкаў і 13,5 тыс. самалётаў. Калі пералічыць паводле табліцы, атрымаюцца адпаведна іншыя лічбы: 2400 і 2800. Чаму верыць? Зразумела, што выпуск 13,5 тыс. самалётаў у месяц — лічба заведама неверагодная. Нават ЗША выпусцілі за 1944 г. да 96 000 самалётаў, СССР — 40 000, Нямеччына — 35 000, Вялікая Брытанія — 26 000.
У частцы тыражу тэхнічныя характарыстыкі танкаў прыведзены з вялікімі памылкамі (с. 173). Дробныя недахопы сустракаюцца па ўсім тэксце і тлумачацца, відаць, паспешнасцю рэдагавання. Вось некаторыя з іх.
Агульныя страты Чырвонай Арміі ў вайне з Фінляндыяй не 140 тыс. (с. 33), а большыя. У Вярхоўным Савеце СССР 26 сакавіка 1940 г. было абвешчана пра 69 тыс. забітых і зніклых, 176 тыс. параненых і абмарожаных, 5650 трапіла ў палон. Сучасныя звесткі аб стратах: 71 тыс. забітых, 39 тыс. зніклых, 16 тыс. памерлі ў шпіталях, 264 тыс. параненых і абмарожаных. Звесткі ўзятыя з кнігі „Гриф секретности снят“, аб якой аўтары ведаюць (с.7), але чамусьці не скарысталі.
Незразумела, што такое „спецслужба СС“ (с. 90), „калабаранцкія органы“. Дарэчы, калабарацыя была не толькі эканамічная, але і ваенная. Пра яе сказана мала. Чамусьці забыліся пра гестапа. Зразумела, у паліцыі — не члены (с. 98), а службоўцы, чыны.
Партызаны былі розныя па сваіх палітычных поглядах (і апазнавальных, абавязковых знаках). Савецкія павінны былі мець на шапцы чырвоную стужку, якая нашывалася і праходзіла зверху ўніз налева (не так, як на с. 123).
Пад час „зачысткі“ ў Мінску „многіх арыштавалі“ (с. 138). Такіх небарак было 39. Ці гэта многа?
Не згаданае Варшаўскае паўстанне (1 жніўня — 2 кастрычніка 1944 г.)
Чамусьці двойчы стваралася БЦР (с. 92).
Не растлумачана, чаму пры наяўнасці ў складзе насельніцтва 8% яўрэяў толькі 3% былі ў партызанах. Наогул Халакост варты большай увагі. Надта смела сцвярджаецца, што ўжо ў 1941 г. „насаджалася нацыянал–сацыялістычная ідэалогія“ (с. 91). І сярод каго — „недачалавекаў“, прызначаных быць рабамі. Міністэрства прапаганды (Гёбельс) разаслала дакумент „Аб прапагандысцкай апрацоўцы еўрапейскіх народаў“. У ім патрабавалася: „Нельга называць усходнія народы, якія чакаюць ад нас вызвалення, скатамі, варварамі і да т.п. і ў гэтым выпадку разлічваць на іх зацікаўленасць у германскай перамозе“ (разуменне 15 лютага 1943 г., пасля Сталінграда). Нацысцкае ваенна–палітычнае кіраўніцтва мяняла сваю „ўсходнюю палітыку“, імкнулася выкарыстаць „усходнікаў“ у барацьбе з Саветамі, а значыць, так–сяк узброіць некаторых, абяцаць нават будучую незалежнасць, дзяржаўнасць пад эгідай Нямеччыны.
Пэўная непавага да фактаў, якая прасочваецца ў працах пра вайну, тлумачыцца недастаткова крытычным падыходам да іх разгляду, адсутнасцю ўсебаковасці, амаль поўным няведаннем дакументаў другога боку і нават савецкіх архіваў. Гэта яскрава выяўляецца пры паведамленні пра вынікі вайны, панесеныя страты. Народы СССР страцілі 27 млн. чалавек, з іх 12 млн. вайскоўцаў (с. 202). Тады 15 млн. страт — мірныя жыхары. Але раней паведамлялася пра 7 млн. (с. 102). Яшчэ нядаўна лічылася, што Беларусь страціла 2,2 млн. (кожнага чацвёртага). У нашы дні — каля 3 млн. (кожнага трэцяга). Абгрунтаванні абедзвюх лічбаў далёка не пераканальныя. Дзяржкамстат сведчыць пра страты мірнага насельніцтва — 1 547 000, даведка Нацыянальнага Архіва — 1 409 000, у мемарыяле „Хатынь“ — 2 230 000, відаць, з улікам вайскоўцаў (іх загінула да 350 000). Але наўпроставыя страты насельніцтва ў 1950 г. былі 9 180 000 — 7 709 000 = 1 471 000 чал. Сюды ўваходзяць не толькі загінулыя, але і сасланыя ў Гулаг (90 000); дэпартаваныя з Заходняй Беларусі (70 000); тыя, што пераехалі ў Польшчу пасля вайны (240 000); рэпрэсаваныя як калабаранты і прыспешнікі (50 000); тыя, што не рэпатрыяваліся з Нямеччыны (270 000); пасланыя па аргнаборы ў Калінінградскую вобласць, Ленінград, на новабудоўлі (70 000); яўрэйская частка насельніцтва, якая не вярнулася з эвакуацыі (не менш за 200 000). Натуральны прырост і перасяленцы з Расіі пакрывалі толькі частку страт. Здаецца, бліжэй за ўсё да ісціны была Надзвычайная Дзяржаўная Камісія, якая па гарачых слядах выяўляла злачынствы акупантаў. Што тычыцца страт Нямеччыны, то беззваротныя склалі 5,5 млн. (трэба было падлічыць асобна, а не разам з саюзнікамі — с. 202). Магчыма, там уключалі і параненых, і тых, што апынуліся на адабраных тэрыторыях.
Статыстыка — слабое месца ў савецкай гістарыяграфіі. У нашы дні „яго вялікасць факт“, як кажуць, павінен быць пераправераны, засведчаны дакументальна, павінен знайсці месца ў створанай даследчыкам сістэме.
Аўтары абгрунтавана змясцілі на палях кнігі ілюстрацыі найбольш вядомых і масавых узораў баявой айчыннай і замежнай тэхнікі. Для паглыблення інфармацыі пра іх карысна было б надпісы да іх пашырыць. Хаця б так:
„Пісталет–кулямёт ППШ–41 узору 1941 г., канструктар Шпагін Г.С. Выпушчана 5 млн.“ (с. 42);
„Іл–2 — лепшы штурмавік вайны, КБ Ілюшына С.В. З 1940 г. выпушчана 36 163“ (с.44);
„Т–34 — лепшы сярэдні танк вайны. КБ Кошкіна М.І. Прыняты на ўзбраенне ў канцы 1940 г. (а не 1939 г., як на с. 44). Выпушчана 61 000“ (с. 148);
„Нямецкі знішчальнік „Месершміт“ Ме–109 ф. Канструктар і ўладальнік фірмы В. Месершміт. З 1935 г. выпушчана 30 000“ (с. 67);
„Амерыканскі сярэдні танк М4А1 „Шэрман“. Па ваенных якасцях падобны да савецкага Т–34. Выпушчана з 1940 г. 48 000, пастаўляўся па ленд–лізу“ (с.80);
„Англійскі знішчальнік „Спітфайр“. З 1939 г. выпушчана 22 500. Мог супрацьстаяць „Месершмітам“;
„Пікіроўшчык і штурмавік Юнкерс–87 „Штука“. Самалёт фірмы Г. Юнкерса, канструктар Х. Польман і інш. З 1935 г. выпушчана 5000“;
„Цяжкія бамбардзіроўшчыкі Боінг, В–17, „Лятучая крэпасць“, ЗША. З 1941 г. выпушчана 9200; В–24 „Ліберэйтар“. Выпушчана 18 475“.
Пры апісанні баявой тэхнікі варта карыстацца яе афіцыйнымі назвамі: рэактыўная сістэма БМ–13, а не проста „Кацюша“ (с. 41).
Прыдатныя для ілюстравання і нямецкія зенітка „Флак–88“, панцэрфауст, рэактыўны знішчальнік Ме–262, балістычная ракета „Фау–2“ V–2 і інш.
З падзеямі велізарнай у гісторыі і лёсе чалавецтва вайны лепш знаёміцца не па мастацкай (с. 230), а па ваенна–мемуарнай і асабліва навукова–папулярнай літаратуры. Карыснымі для паглыбленага пазакласнага чытання былі б і некаторыя артыкулы з беларускага часопіса „Армия“ і расійскага „Родина“. Напрыклад:
Акалович Н.М. Они защищали Минск. Минск, 1987.
Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне: Энцыклапедыя. Мінск, 1990.
Бешанов В. Танковый погром 1941 г. Москва — Минск, 2001.
Бешанов В. Десять сталинских ударов. Минск, 2003.
Бонвеч Бернд. За кулисами „рельсовой войны“ // „Родина“, 7/2003.
Ваупшасов С.А. На тревожных перекрестках. Москва, 1974.
Великая Отечественна война 1941—1945: В 4 т. Москва, 1998.
Еременко А.И. В начале войны. Москва, 1965.
Калинин П. Партизанская республика. Минск, 1968.
Карелл П. Барбаросса от Бреста до Москвы. Смоленск, 2002.
Кларк А. План „Барбаросса“. Москва, 2002.
Темиров Ю., Донец А. Энциклопедия заблуждений: Война. Москва, 2003.
Шомоди В. Операция „Багратион“ // „Армия“, 2/1999.
Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: У 6 т. Мінск, 1993—2003.
Надалей можна прапанаваць і больш новую літаратуру:
Бунич И. Операция „Гроза“: В 2 кн. Москва, 2005.
Вторая мировая война: День за днём. 1939—1945. Москва, 2005.
Лубягов М. Под Ельней в сорок первом. Смоленск, 2005.
Романько О. Советский легион Гитлера. Москва, 2006.
Солонин М. 22 июня… Москва, 2005.
Хаупт В. Сражения группы армий „Центр“. Москва, 2006.
Чуев С. Проклятые солдаты. Москва, 2004.
Перад аўтарскім калектывам, бясспрэчна, стаяла вельмі адказная задача: у параўнальна невялікай навукова–педагагічнай працы паведаміць пра вытокі, падрыхтоўку, асноўныя падзеі, вынікі і наступствы Вялікай Айчыннай вайны. Да таго ж, патрабавалася аддаць асаблівую ўвагу ваенным падзеям і ахвярам Беларусі. І ўсё гэта — на агульным фоне Другой сусветнай вайны, намаганняў саюзнікаў у гэтай грандыёзнай барацьбе. Шмат якія звесткі патрабавалі праверкі, крытычнага падыходу, перагляду ў сувязі з нарэшце адкрытымі дакументамі і новымі даследаваннямі. Непазбежным быў і адбор падзей, фактаў у залежнасці ад іх значэння і дачынення да Беларусі. У бальшыні выпадкаў ваенная гістарыяграфія, асабліва савецкая, мае вялікую запазычанасць перад гістарычнай навукай і грамадскасцю. Перад аўтарскім калектывам узнік шэраг навуковых праблем, у даследаванні якіх папярэднікаў не было. Даводзілася абапірацца на тыя высновы, які меліся. Аўтары валодалі рознай, нярэдка супярэчлівай, інфармацыяй, прыходзілі часам да неадназначных высноваў, вялікіх і малых хібаў у прыведзеных фактах, карысталіся зрэдку і псеўдафактамі. Шматлікасць аўтарскага калектыву, як гэта бывае заўсёды, выклікала няўзгодненасць, спадзяванні аднаго на другога, слабую прапрацоўку тэксту і недастатковую яго ўвязку з ілюстрацыйным матэрыялам.
Разгляданы навучальны дапаможнік патрабуе выпраўлення недакладнасцяў і факталагічных памылак, адзначаных вышэй (на жаль, шматлікіх). Варта перапрацаваць некаторыя раздзелы і дадаць новыя тэксты (і тут не трэба спыняцца перад павелічэннем аб’ёму). Дадатнай ацэнкі дапаможнік заслугоўвае толькі як першая спроба такога роду, як сродак абуджэння навукова–педагагічнай думкі і цікавасці, дапытлівасці моладзі, увагі да гераічнага мінулага сваёй Айчыны, выхавання высокіх патрыятычных пачуццяў. Спадзяемся, наступнае выданне будзе істотна перапрацавана.
Мінск
Уладзімір Ісаенка
[1] Самсонов А.М. Крах фашистской агресии 1939—1944. Москва, 1980. С. 123, 124.
[2] Военно–исторический журнал, 1991, № 6, с. 33—40.
[3] Далей скарачэнні: сд — стралковая, пд — пяхотная, мд — матарызаваная, мотапяхотная, тд — танкавая дывізія.
[4] Лубягов М. Под Ельней в сорок первом. Смоленск, 2005. С. 295. ЦАМО РФ, ф. 96А, оп. 1710, 1711.
[5] Гальдер Ф. Военный дневник. Т. 3. Москва, 1971. С. 151.
[6] Туронак Ю. Беларусь пад нямецкай акупацыяй. Мінск, 1993. С. 63.
[7] „Гриф секретности снят“. Москва, 1993.