БЕЛАРУСКІ ГІСТАРЫЧНЫ АГЛЯД
НАВУКОВЫ ЧАСОПІС

Cesty k národnímu obrození: Běloruský a český model (Любоў Козік)


Cesty k národnímu obrození: Běloruský a český model: Sborník přispěvků z mezinárodní vědecké konference „Cesty k národnímu obrození: běloruský a český model » konané 4 — 6.7.2006 v Praze / ALENA IVANOVA -JAN TUČEK (eds.). Praha: UK FHS, 2006. — 415 s.

У ліпені 2006 г. у Празе адбылася міжнародная канферэнцыя, прысвечаная праблемам нацыянальнага адраджэння чэшскага i беларускага народаў у параўнанні. 3 матэрыялаў канферэнцыі быў падрыхтаваны i выдадзены зборнік, у які ўвайшлі выступы чэшскіх, беларускіх i польскіх даследчыкаў. Ix храналагічны абсяг i праблематыка вельмі шырокія — ад тэарэтычных i метадалагічных праблем даследавання працэсу фармавання нацый да канкрэтна гістарычных сюжэтаў.

Зборнік адкрываюць уступнае слова рэдактара i прывітальная прамова прафесара Карлавага універсітэта Яна Сокала да ўдзельнікаў канферэнцыі, a яго тэарэтычным падмуркам з’яўляецца артыкул вядомага чэшскага гісторыка Міраслава Гроха „Нацыя як прадукт сацыяльнай камунікацыі? (да пытання праблемы параўнання чэшскай i беларускай „мадэляў» нацыянальнага адраджэння)»1. Аўтар робіць невялікі экскурс у гісторыю даследаванняў па сацыяльнай камунікацыі i прапануе свой пункт гледжання. M. Грох называв дзесяць элементарных формаў камунікацыі i падрабязна спыняецца на характарыстыцы кожнай з ix. Ён адзначае, што асобным фактарам у развіцці нацыянальнай свядомасці выступав агітацыя, таму дэталёва разглядае ўмовы яе пачатку, аналізуе прычыны ўдач ці няўдач i адзначае, што сам факт разгортвання агітацыі не гарантуе поспеху нацыянальнага руху.

Прадстаўлены ў зборніку матэрыял можна ўмоўна падзяліць на некалькі блокаў. Першы складаюць артикулы, прысвечаныя разгляду ролі „нацыянальнай гісторыі» ў фармаванні нацыянальных ідэй i ідэалогіі (Ян Рыхлік, Мілаш Рэзнік). Так, Я. Рыхлік у артыкуле «Фармаванне „нацыя­нальнай гісторыі» як сутнасці нацыянальнай ідэі i нацыя­нальнай ідэалогіі (на прыкладзе чэхаў)»[1] адзначае, што ўсе народы маюць свае гістарычныя міфы, якія адыгрывалі i адыгрываюць важную ролю ў паўставанні сучасных нацый. Пад гістарычным міфам ён разумее шырока распаўсюджаную выдуманую падзею, якая прымае форму квазігістарычнага факта або інтэрпрэтацыі рэальнай гістарычнай падзеі, што відавочна супярэчыць праўдзе на працягу ix пастаяннага ці доўгатэрміновага ўздзеяння на гістарычную i нацыянальную свядомасць адносна большай часткі насельніцтва (29). На чэшскім прыкладзе Я. Рыхлік называе такімі міфамі супрацьстаянне „добрых» чэхаў i „дрэнных» немцаў, гусіцкі pyx, падзеі на Белай Гары i інш. Аўтар лічыць, што нельга гаварыць пра гісторыю чэхаў да XIX ст., бо гэта не быў чэшскі народ у яго сучасным разуменні. Проста ў XIX ст. пэўныя аспекты з гісторыі людзей, якія насялялі сучасную тэрыторыю ЧСР, былі выкарыстаны (міфалагізаваны) для развіцця нацыянальнай самасвядомасці. Трэба адзначыць, што прапанаваная Я.Рыхлікам канцэпцыя не знайшла працягу i адлюстравання ў матэрыялах іншых удзельнікаў канферэнцыі, але яго падыход дазваляе па-іншаму паглядзець на гістарычны працэс i яго асэнсаванне ў навуцы.

Іншыя аспекты нацыянальнай праблематыкі закранае артыкул М. Рэзніка „Гістарычная дзяржаўнасць i нацыянальны рух: чэшска-беларускае параўнанне». Ёнпабудаваны на прынятым у навуцы „класічным» дзяленні нацыянальных рухаў на гістарычныя i негістарычныя. М. Рэзнік, зыходзячы з гістарычнай дзяржаўнай традыцыі абодвух народаў, праводзіць параўнанне на такіх крытэрах як 1) наяўнасць гістарычнай дзяржаўнасці на акрэсленай нацыянальнай тэрыторыі i яе характар у дачыненні да этнічна-нацыянальных рухаў, якія тут узнікаюць, 2) ступень дзяржаўнапраўнай пераемнасці гэтай традыцыі ў часе разгортвання нацыянальнага руху, 3) выкарыстальнасць i выкарыстанне тых традыцый у якасці гістарычных традыцый народа, 4) праблема гістарычнай i нацыяналь­най легітымацыі. Праводзячы супастаўленне беларускай i чэшскай сітуацыі, аўтар прыйшоў да высновы, што беларускі нацыянальны рух нельга аднесці да гістарычнага ці негістарычнага, яго неабходна разглядаць як переходную форму. Галоўным аргументам тут выступае той факт, што на дзяржаўныя традыцыі Вялікага Княства Літоўскага прэтэндуюць не толькі беларусы, але i літоўцы, і палякі.

Другі блок складаюць артыкулы, у якіх параўноўваецца беларускі i чэшскі нацыянальны рух канца XIX — пачатку XX ст. (Рышард Радзік, Аляксандр Смалянчук, Яўген Мірановіч), вызначаецца месца беларусаў у нацыянальна-вызваленчым руху іншых народаў Расійскай імперыі i робіцца спроба знайсці агульныя прычыны адставання беларускага руху на аснове аналізу статыстычных крыніц (Павел Церашковіч). Дапаўненнем да гістарычнага матэрыялу выступаюць мовазнаўчы i літаратуразнаўчы артыкулы, прысвечаныя выяўленню агульнага i спецыфічнага ў беларускім i чэшскім моўным пурызме (Сяргей Запрудскі) i высвятленню адлюстравання ў канцы XIX — пачатку XX ст. у літаратуры абодвух народаў ідэй нацыянальнага Адраджэння (Ірына Багдановіч). Сярод згаданых аўтараў вылучым P. Paдзіка i яго артыкул „Беларускі i чэшскі нацыянальны рух у XIX ст. (да 1914 г.): падабенства i адрозненне». У ім польскі даследчык адзначае, што працэс фармавання грамадства нацыянальнага тыпу ў XIX ст. быў аб’ектыўным, хаця i меў рэгіянальную спецыфіку. Так, у Цэнтральнай i Ўсходняй Еўропе ён насіў культурны характар, у той час як у Заходняй Еўропе — палітычны. Менавіта нацыянальная ідэалогія перамагла ў гады Першай сусветнай вайны ідэалогію класавую, якая, тым не менш, пазней дамінавала ў Беларусі i Ўсходняй Украіне. Праводзячы параўнанне чэшскага i беларускага нацыянальных рухаў, Радзік указвае, што пачатак ix фармавання быў дастаткова аддеглым у часе: у першым выпадку — другая палова XVIII ст., у другім — толькі пачатак XX ст. Тым не менш, існавала і пэўнае супадзенне: дваранскія эліты абодвух народаў зыходзілі з палітычнага ўспрымання нацыі, а не апелявалі да этнічнай культуры большасці насельніцтва. Далейшае параўнанне Р. Радзік праводзіць па такіх параметрах, як моўная сітуацыя (супрацьстаянне чэшскай i нямецкай моў, у той час як беларуская успрымалася як пераходная паміж польскай i рускай), рзлігійны фактар (падтрымка ніжэйшым каталіцкім клерам чэшскага нацыянальнага руку i супраціў праваслаўных святароў узнікненню самастойнага бела­рускага народа, што прыводзіла ў тым ліку i да канфліктаў з каталікамі, якія сталі стваральнікамі беларускамоўнай літаратуры ў XIX ст.), палітычны фактар (паступовая лібералізацыя Габсбургскай імперыі на фоне ўзмацнення ціску ў Расіі). Зыходзячы з вышэй адзначанага, Р. Радзік прыйшоў да высновы, што беларусаў i чэхаў аб’ядноўвае, па-першае, той факт, што дваранства не стала носьбітам нацыянальнага руху, а па-другое, абодва рухі да пачатку Першай сусветнай вайны не імкнуліся да стварэння самастойнай дзяржавы. Адрозненне заключаецца ў тым, што 1) у Чэхіі меў месца чэшска-нямецкі эканамічны канфлікт, у той час як на беларускіх землях падобнага канфлікту не існавала, 2) гістарычная традыцыя ўласнай дзяржавы ў чэхаў была больш моцнай i заявіла пра сябе яшчэ ў дру­гой палове XVIII ст.

Трэці блок складаюць артыкулы, у якіх аналізуюцца ўмовы фармавання нацыянальнай ідэнтычнасці (Сяргей Токць, Андрэй Кіштымаў, Любаш Швец). Так, С.Токць разглядае сацыяльна-культурныя перадумовы развіцця беларуска­га нацыянальнага руху ў XIX — пачатку XX ст., засяроджваючы ўвагу на палітыцы Расійскай імперыі, асаблівасцяхфармавання польскай нацыі, аналізе ролі рымска-каталіцкай царквы. Пэўным дапаўненнем да гэтага з’яўляецца матэрыял чэшскага даследчыка Л. Швеца, які разглядае ўплыў русіфікацыі на нацыянальную свядомасць на землях былога Вялікага Княства Літоўскага ў другой палове XIX ст. Іншы фактар развіцця беларускага нацыянальнага руху — мадэрнізацыя — стаў прадметам вывучэння А. Кіштымава. Да гэтай групы матэрыялаў можна таксама аднесці i паведамленне Міраслава Коўбы, у якім даецца параўнанне адраджэнцкіх працэсаў у Беларусі, Маравіі і Македоніі, а так­сама Яраслава Шымава, які аналізуе ўплыў „моцных суседзяў» на развіццё нацыянальных працэсаў на беларускіх і славацкіх землях. Пагаджаючыся з агульнай ідэяй апошняга матэрыялу, неабходна адзначыць памылковасць некаторых сцвярджэнняў аўтара. Адно з ix — што ў 1918 г. перспектыва набыцця незалежнасці ўзнікла перад актывістамі славацкага нацыянальнага руху нечакана. 3 гэтым палажэннем нельга пагадзіцца, паколькі падзеі Першай сусветнай вайны прывялі да распаўсюджання меркавання аб неабходнасці стварэння адзінай чэхаславацкай дзяржавы, у якой славакі мелі б шырокую аўтаномію. Сведчаннем гэтага з’яўляецца падпісанне Кліўлендскай (кастрычнік 1915) i Пітсбургскай (травень 1918) дамоў. Гэтаксама памылкова Я. Шымаў адносіць да заслуг Г. Гусака пераўтварэнне ў 1969 г. ЧССР у федэрацыю. Закон аб федэратыўным статусе дзяржавы быў прыняты Нацыянальным схо­дам 27 кастрычніка 1969 г., калі кіраўніцтва партыяй па-ранейшаму ажыццяўляў А. Дубчак, а пасаду прэзідэнта займаў Л. Свобада.

Хацелася б асобна спыніцца на публікацыі A. Кіштымава „Уплыў працэсаў мадэрнізацыі на развіццё беларускага нацыянальнага руху ў XIX — пачатку XX ст.». Аўтар вызначае мадэрнізацыю як працэс пераходу ад традыцыинага, аграрнага грамадства да сучаснага, індустрыяльнага (190) i датуе яе пачатак у сусветнай гісторыі XVI ст., а на беларускіх землях — другой паловай XVIII ст. На наш погляд, гэта спрэчны тэзіс, які прынамсі патрабуе аргументацыі. Калі выкарыстоўваць прыведзенае А. Кіштымавым азначэнне мадэрнізацыі, то можна сцвярджаць, што на тэрыторыі Беларусі яна найбольш поўна праявілася толькі пад час індустрыялізацыі 20-30-х г. XX ст. Гаварыць жа пра хуткія тэмпы мадэрнізацыі на беларускіх землях нават у XIX ст. не даводзіцца, бо тут фактычна адсутнічала буржуазія, заможныя сялянскія гаспадаркі былі нешматлікімі, гарадскія прадпрымальнікі ў асноўнай масе не былі беларусамі, памешчыкі выкарыстоўвалі паўфеадальныя метады працы ў маёнтках, адсутнасць жа сыравіннай базы прыводзіла да развіцця лёгкай, харчовай i апрацоўчай, a ніяк не цяжкай прамысловасці. Болын за тое, калі глядзець на гэты працэс шырэй, то трэба закранаць такія сферы, як сацыяльная i палітычная. У першай, як ужо адзначалася, фактычна не было слою буржуазіі, a працоўныя былі прадстаўлены пераважна ў сферы паслуг i на чыгунцы, у другой — адсутнічалі палітычныя партыі i назіралася існаванне нешматлікіх груповак, якія былі малаўплывовымі. Нельга пагадзіцца i ca сцвярджэннем A. Кіштымава аб колькасным i якасным недахопе даследаванняў па эканамічнай гісторыі Беларусь Адсутнасць у яго артыкуле спасылак на работы іншых (акрамя сябе) гісторыкаў па тэме яшчэ не азначае недахопу даследаванняў, хоць i метадалагічна недасканалых ці проста няпоўных. У першую чаргу тут варта згадаць публікацыі Міхася Біча. У артыкуле Кіштымава заўважаецца i спрошчанае бачанне сітуацыі, якое прыводзіць да ўзнікнення супярэчнасцяў у тэксце. Так, на с. 199 аўтар піша аб самадастатковасці эканомікі Беларусі ў пачатку 1910-х г. i ў якасці аргумента называв станоўчы баланс грузаабароту беларускай чыгункі, але не прыводзіць наменклатуру грузу, што падаецца нам недапушчальным. I сапраўды, гэты аргумент не спрацоўвае, бо ўжо на с. 206 Кіштымаў адзначае, што патрэбы ўнутранага беларускага рынку часткова забяспечваліся за кошт імпарту. У цэлым аўтар выстаўляе шмат тэарэтычных палажэнняў, зусім не падмацаваных дакументальнымі крыніцамі, што, на наш погляд, зніжае вартасць яго артыкула.

Наступны блок складаюць публікацыі, прысвечаныя аналізу першакрыніц i гістарыяграфіі. У артыкуле доктара Беластоцкага універсітэта Алега Латышонка падрабязна апісаны працэс дэканструкцыі i наступнай рэканструкцыі гісторыі беларускіх земляў, пачынаючы з „Летапісу 1446 г.» i заканчваючы ананімным выданнем 1863 г. „Разсказы на белорусскомъ наречии». Умоўным працягам азначанай праблемы з’яуляецца матэрыял Генадзя Сагановіча, у якім прасочваецца ўплыў дзяржаўнай улады на гістарыяграфію і інтэрпрзтацыі мінулага Беларусі ад першай паловы XIX ст. да нашага часу.

Асобна можна вылучыць артыкулы Міхася Скоблы, Язэпа Янушкевіча, Міколы Іванова, прысвечаныя лёсу беларускіх палітычных i культурных дзеячаў у Чэхаславакіі (Ларысы Геніюш, Вацлава Ластоўскага, Тамаша Грыба), ix творчасці i поглядам на нацыянальнае развіццё. Да гэтай групы неабходна аднесці i артыкул Міхала Плаўца „Першыя кантакты чэхаславацкага i беларускага ўрадаў (19181925)». Аўтар, абапіраючыся на матэрыялы чэшскіх архіваў, паказвае, што распаўсюджанае меркаванне аб прыхільным стаўленні чэшскага кіраўніцтва да ідэі беларускай незалежнасці з’яуляецца памылковым. Ён адзначае, што станоўча ў гзтым пытанні выказваліся толькі прадстаўнікі сацыялістычных, камуністычнай i судэта-нямецкай партый, якія, аднак, абаранялі ў першую чаргу ўласныя інтарэсы. Разам з тым, М. Плавец зусім не зніжае той пазітыўнай ролі, якую адыграў чэхаславацкі ўрад у падтрымцы беларускага нацыянальнага руху ў ЧСР у міжваенны перыяд.

Шэраг выступленняў быў прысвечаны сітуацыі ў сучаснай Беларусь Так, Алена Тэмпер падрабязна разглядае два праекты беларускай нацыянальнай ідэнтычнасці (генетычны i мадэрнізацыйны), што сталі канкураваць у 1990-я г. — пачатку XXI ст., а Маркус Гігер высвятляе сферу функцыянавання беларускай мовы ў сучасным грамадстве i праводзіць грунтоўныя параўнанні з ужываннем ірландскай мовы.

Выданне завяршаецца артыкулам беларускага даследчыка Захара Шыбекі, у якім зроблена заяўка на асэнсаванне гістарычнага вопыту беларусаў у XX ст. з пункту гледжання фармавання нацыянал-камуністычнай ідэалогіі. На пачатку аўтар робіць заўвагу, што феномен нацыянал-камунізму да гэтага часу спецыяльна не вывучаўся, а таму яго развагі будуць мець у пэўнай ступені гіпатэтычны характар. Тайм чынам, прэтэндуючы на ролю першаадкрывальніка, З. Шыбека пачынае з тэарэтычнага абгрунтавання праблемы. Але ўжо ў самым пачатку становіцца бачнай тэрміналагічная блытаніна i звязаныя з ей дзіўныя высновы. Напрыклад, што „камунізм узнік у першай палове XIX ст. i ўяўляў сабой рэакцыю нізоў на распаўсюджанне нацыяналізму элітамі грамадства зверху», зыходзячы з чаго далей Шыбека ставіць знак роўнасці паміж камунізмам і „плебейскім ці сацыяльным нацыяналізмам» (398-399). У гэтай сувязі незразумела, што аўтар мае на ўвазе, калі гаворыць пра нацыяналізм у цэлым i яго характар ды формы ў прыватнасці. У артыкуле сустракаюцца такія азначэнні, як „плебейскі», „арыстакратычны», „сялянскі», „сацыяльны» нацыяналізм, якія ніколі не ўводзіліся ў навуковы зварот, а таму патрабуюць ад аўтара канкрэтызацыі i дэфініцыі, чаго ў тэксце няма. Пасля тэарэтычных развагаў 3. Шыбе­ка пераходзіць да разгляду этапаў развіцця нацыянал-камунізму, дзе абапіраецца на фактычны матэрыял, i тут яго высновы выглядаюць больш праўдападобна. Разам з тым, з некаторымі выказваннямі нельга адназначна пагадзіцца. Напрыклад, што адной з мэтаў беларусізацыі было „выяўленне беларускіх талентаў з тым, каб потым ix выкасіць i расчысціць глебу для русіфікацыі» (404), ці што „менавіта бальшавізм з’яўляецца галоўнай прычынай празмернай дэнацыяналізацыі беларускага грамадства» (410).

У заключэнні неабходна адзначыць, што зборнік выдадзены на дзвюх мовах — чэшскай i рускай, кожны артыкул мае кароткае рэзюмэ. Большасць апублікаваных артыкулаў дэманструюць высокі навуковы ўзровень, i яны несумненна будуць цікавыя шырокаму колу спецыялістаў — гісторыкаў, этнографаў, літаратуразнаўцаў, мовазнаўцаў.

Мінск

Любоў Козік


[1] Артыкул у перакладзе на беларускую мову змешчаны ў гэтым нумары часопіса, гл. с 260-282. Гл. таксама беларускамоўную публікацыю ў „Пстарычным альманаху», т. 12 (2006), с. 5-21.

Наверх

Тэгі: , , , ,