БЕЛАРУСКІ ГІСТАРЫЧНЫ АГЛЯД
НАВУКОВЫ ЧАСОПІС

Грицак, Ярослав. Пророк у своїй вітчизні (Захар Шыбека)

ГРИЦАК, ЯРОСЛАВ. Пророк у своїй вітчизні. Фран­ко та його спільнота (1856-1886). Кив: Критика, 2006. — 631 с.

Вядомы ўкраінскі гісторык, прафесар Яраслаў Грыцак выдаў чарговую кнігу, якая выклікала ва ўкраінскай гістарыяграфіі вялікі рэзананс, бо гэтак пра Івана Франка яшчэ ніхто не пісаў. Да слова сказаць, аўтар умее пісаць так, што ўсе яго кнігі ўспрымаюцца як сенсацыя.

Сваю чарговую працу Яраслаў Грыцак прысвячае бацькам. Адсюль — такая шчырасць, эмацыйнасць, даступнасць. Каб не абцяжарваць чытача, велізарны навуковы апарат (спасылкі з каментарамі, статыстычныя табліцы) вынесены ў канец тэксту. A дзесьці ў думках, мяркую, прафесар Грыцак прысвячае сваю працу i двум сынам, будучай украінскай эліце. Адсюль — такая навуковасць, гульня розуму, умение стварыць інтэлектуальную інтрыгу i выклікаць напружанасць. Франко ў падачы аўтара выступае быццам у ролі форварда, які ca сваей камандай на футбольным полі вядзе змаганне за права ўкраінцаў называцца еўрапейскай нацыяй. Вакол — іншыя гульцы, а вынік далека непрадказальны. У 1886 г. форвард нечакана знікае якраз у той момант, калі вызначаецца пералом у гульні на карысць яго каманды. Біяграфічнае даследаванне прыпыняецца.

Зразумела, што за незвычайнай лёгкасцю падачы матэрыялаў стаіць цяжкая, шматгадовая праца, бяссонныя ночы, пакуты ад незадаволенасці. Публіцыстычная спадчына Франка складаецца прыкладна з чатырох тысяч твораў! Ix можна чытаць усё жыццё. Аўтар гэта робіць не меней за 20 гадоў, бо сваю першую, яшчэ даволі сціплую кнігу пра Франка ён выдаў у 1990 г. А тэма не адпускала. Расло майстэрства. I вось новая сустрэча спелага майстра са сваей даўняй „каханкай». Вяртанне да тэмы аказалася пленным.

Пра гэтую кнігу легка пісаць, бо аўтар вельмі добра яе прэзентуе ва уступе. I ў той жа час пра такую кніжку цяжкапісаць, бо яна вельмі шматгранная. 3 ёй лепей знаёміцца не па рэцэнзіі. Яе карысней чытаць — толькі тады можна зразумець i ацаніць сапраўдны ўзровень навуковай працы.

Фармаванне ўкраінскай нацыі ў кнізе паказана праз лёс выбітнага мастака слова з выкарыстаннем самых разнастайных прыёмаў i методык еўрапейскай гістарыяграфіі (тэорыя палёў французкага сацыёлага П’ера Бурдз’е i інш.). Франко i яго час, Франко i яго супольнасці. Біяграфія i мікрагісторыя. Трансфармацыя i традыцыя. Мадэрнасць у культуры i мадэрнізацыя ў эканоміцы. Усё гэта i шмат іншага прысутнічае ў працы львоўскага прафесара. Драматургія даследавання грунтуецца на супрацьпастаўленні непрадказальнай выпадковасці i дэтэрмінізму, рамантызаванай фантазіі i жорсткай рэчаіснаці: культурнае памежжа, калі нічога не вызначана, нязначная індустрыялізацыя, калі шанцы для нацыяналізму зусім мізэрныя. Што перамагае? Як ні парадаксальна, але неадпаведныя жыццю мары паэта!

Якім жа шляхам? Механізм паўставання ў Галіцыі высокай ступені ўкраінскай нацыянальнай ідэнтычнасці выглядаў, на думку аўтара, наступным чынам. 1) З’яўленне мадэрных заходнееўрапейскіх каштоўнасцяў, запазычаных пераважна праз Расію. 2) Узнікненне мясцовай радыкальнай палітычнай культуры, галоўным творцам якой выступаў Іван Франко. 3) Далейшае пашырэнне ідэй украінства ўжо пад уплывам асобы знакамітага паэта. Біяграфія духоўнага лідэра становіцца ўзорам для самаідэнтыфікацыі яго паплечнікаў. Дзякуючы Франку паміж вэстэрнізаванай радыкальнай элітай i традыцыйным патрыярхальным грамадства не пралягла бездань, як у выпадку з расійскімі народнікамі. Рэалізацыя любога праекта ў даіндустрыяльным грамадстве патрабуе персаніфікацыі. I тут дарэчы аказалася слава „нацыянальнага паэта-генія-прарока».

Хоць яго ўласны шлях да ўкраінскай самаідэнтыфікацыі быў вельмі пакручастым. Франко паспеў пабываць i сацыялістам, i феміністам, i атэістам, i прапаведнікам вольнай любові — пачародна i адначасова. Не ўсё зводзілася да нацыянальнай ідэнтычнасці. Існавалі i іншыя. I ў гэтым сэнее Франко быў ці мог быць лідэрам не толькі нацыянальнага руху. Праблема, як бачым, не спрошчваецца, разглядаецца панарамна, з усімі яе супярэчнасцямі i нечаканамі паваротамі.

Яраслаў Грыцак спрабуе адказаць на зусім лагічнае i непазбежнае пытанне — якія ж былі стаўкі ў гульні за самасцвярджэнне ўкраінцаў, ці, інакш кажучы, дзеля чаго Франко i яго сябры прыкладалі столькі намаганняў для тварэння ўкраінскай культуры? Тэзіс аб уласнай карысці адразу ж адкідваецца, бо Франко ўпэўнена пачуваўся ва ўсіх культурах, якія тады існавалі ў Галіцыі, i мог зрабіць добрую кар’еру. Галоўнай стаўкай было разумение адказнасці перад народам. У эпоху трансфармацый перад грамадскай элітай Галіцыі паўстаў выбар: „Мадэрнізуйся праз далучэнне да прагрэсу або памры».

Эфект дзейнасці Франка паказвае, што i аграрныя наро­ды здатныя да мадэрнізацыі, калі не праз індустрыялізацыю, то праз літаратуру, дакладней, праз сродкі масавай інфармацыі, якія кансалідуюць, твораць сучасныя нацыі i далучаюць ix да сусветнага прагрэсу. Яраслаў Грыцак статыстычна даказаў, што Львоў у выдавецкай дзейнасці ўздымаўся да ўзроўню Вены, Варшавы, Пецярбурга. Асобныя тэксты падзвіжнікаў станавіліся своеасаблівымі Евангеллямі. А найбольшее ўздзеянне мела паэзія.

Існуе інфармацыйная тэорыя фармавання сучасных нацый, якую прапанаваў вядомы чэшскі гісторык Міраслаў Грох, хоць у кнізе Грыцака ён чамусьці не ўпамінаецца. Можа таму, што ўкраінскі даследчык не прыхільнік дэтэрмінізму, асабліва што тычыцца нацыятворчасці.

Выкладзеныя ў кніжцы погляды пра непрадказальнасць гістарычнага працэсу на прыкладзе аднаго чалавека, хоць i геніяльнага, выглядаюць часам не зусім пераканаўча. Тым не менш, яны заслугоўваюць сур’ёзнай увагі. Урэшце, аўтар змог паказаць каласальную ролю паэтычнай асобы — геніяльнай — у паўставанні нацыі.

Біяграфія ўкраінскага генія выступае надзвычай цікавым i арыгінальным сродкам рэканструкцыі генезісу ўкраінскага нацыяналізму. Як мяркуе ўслед за сваім героем аўтар, жыц цяпіс геніяльных пісьменнікаў бывае цікавейшым за ix творы, бо дазваляе спасцігнуць таямніцы духу іхняга часу.

Біяграфічны жанр у гістарычнай навуцы — надзвычай складаны i працаёмкі. Ён патрабуе энцыклапедычных ведаў i інтэрдысцыплінарнасці. Таму зразумела, што кніжка напісана на стыку гісторыі, літаратуразнаўства, сацыялогіі i этнаграфіі. Аўтар мусіў шырока карыстацца навуковымі напрацоўкамі сваіх калег. I якраз гэта дазволіла так глыбока раскрыць тэму. У агульнай ерархіі навуковых каштоўнасцяў Яраслаў Грыцак, дарэчы, ставіць адкрыццё но­вых спосабаў асэнсавання ўжо вядомых фактаў вышэй за збіранне новых.

Ці будзе працяг працы? Цяжка сказаць. Можа, наш украінскі калега i не захоча даводзіць біяграфію свайго героя да смерці. Гэта, відаць, не дужа цікава. Кніга i так успрымаецца завершанай. Аўтарам выбраны самы бліскучы i самы павучальны перыяд у біяграфіі ўкраінскага прарока.

Новая кніга ўкраінскага прафесара пра нацыяналізм валодае вялікім патэнцыялам уздзеяння. Многае спасцігаеш глыбей, многае пачынаеш разумець упершыню. Міжволі становішся ўкраінцам. Складваецца ўражанне, што ў асобе аўтара паўстае яшчэ адзін прарок у свёй бацькаушчыне. Прароцтва становіцца непазбежным вынікам прафесійнай дзейнасці гісторыка. У гэтым, можна сказаць, выяўляецца доля таленавітых гісторыкаў (узгадаем Карамзіна, Грушэўскага, Доўнара-Запольскага). Патрабуецца толькі свабода для творчасці. Яраслаў Грыцак яе мае. Украінская гістарыяграфія, што паўнаводная рака, вырвалася нарэшце з кантынентальных абдымкаў i творыць уласнае ўкраінскае мора, дзе буйным гісторыкам, як марскім караблям, адкрыўся прастор для самых разнастайных i шырокіх манёўраў.

Пасля з’яўлення „Пророку у своій вітчйзні» i напісанне кнігі пра прарокаў Беларусі стала справай заманлівай.

Мінск                                                       

Захар Шыбека

Тэгі: , ,