Улашчык М. М. Заўвагі на «письмо» А.І.Залескага «От идеологических вывихов к национализму и антисоветчине»
Аўтар назваў свой твор «письмом» (С.22).[1] Такую назву можна прыняць толькі ўмоўна, бо яно мае аб’ём каля 8 друкаваных аркушаў, і да таго ж разбіта на раздзелы, раздзелы на параграфы. Па сутнасці, гэта цэлая манаграфія. Мэта «письма» — выкрыць нацыяналістычныя і антысавецкія элементы ў надрукаваных (а таксама часткова і недрукаваных) працах з тым, каб некаторыя з іх вывесці («изъять») з ужытку, а ў дачыненні да іншых — хоць бы перасцерагчы чытачоў. Паколькі аўтар меў намер перасцерагчы ўсіх чытачоў ад усёй заганнай літаратуры, адсюль вынікае, што ён мусіў вывучаць усю літаратуру, якая выходзіць (выйшла) у Рэспубліцы прыкладна за апошнія 20 гадоў па гісторыі, этнаграфіі, літаратуразнаўстве, а таксама рознага кшталту публіцыстыку.
Аднак, з «письма» бачна, што аўтар гаворыць амаль выключна аб працах і супрацоўніках Акадэміі навук БССР, прычым галоўную ўвагу надае дзейнасці Савецкага аддзела Інстытута гісторыі, далей (але непараўнальна менш) Інстытута літаратуры, потым Інстытута этнаграфіі, а таксама некалькіх супрацоўнікаў Акадэміі з іншых месцаў. Разам з тым, ніводнага слова няма пра працы Інстытутаў філасофіі ці дзяржавы і права, з чаго відавочна вынікае, што там заганных прац ня пішуць. У Рэспубліцы апрача Акадэміі ёсць тры універсітэты, каля дзесятка педагагічных інстытутаў, і дзесяткі інстытутаў іншых профіляў. Ва універсітэтах і педінстытутах выкладаюцца гісторыя СССР і БССР, і палітычныя дысцыпліны, палітычныя ж дысцыпліны выкладаюцца і ва ўсіх астатніх інстытутах. Частка прафесараў і выкладчыкаў палітычных дысцыплін друкуе свае работы, але, трэба думаць, яны ніякіх памылак у сваіх працах не робяць, інакш аўтар «письма» мусіў бы гэта заўважыць. Значыць, заганныя (ці па-просту шкодныя) працы выходзяць галоўным чынам з тых двух Інстытутаў (гісторыі і этнаграфіі), дзе раней працаваў аўтар «письма».
З «письма» вынікае, што адзіным чалавекам у Рэспубліцы, які бесперапынна і.вельмі энэргічна змагаецца са злом, з’яўляецца сам аўтар (у якасці сваіх аднадумцаў Залескі называе толькі Абэцэдарскага і Атрошчанку (С.55,58), але гэта сказана неяк мімаходзь і зразумела, што яны значнай падтрымкі Залескаму не аказвалі). Такім чынам, усе работнікі ідэалагічнага фронту (апрача названых у «письме») ня толькі не пазбягаюць памылак самі, але не заўважаюць гэтага ў іншых.
Адзіны чалавек на дзевяць мільёнаў! Гэтакая расстаноўка сілаў, натуральна, выклікае сумненні.
Хто ж персанальна тыя аўтары заганных (або шкодных) твораў? У «письме» названа больш за сто прозвішчаў, але аўтары сярод іх займаюць адносна невялікае месца. Сярод згаданых ёсць вядомыя антысавецкія дзеячы: Астроўскі, Станкевіч, Іваноўскі, Захарка і інш. Усе яны згадваюцца мімаходзь, і толькі аднаму Забэйду-Суміцкаму надаецца шмат увагі (С.43-50 і інш.). Забэйда — артыст, спявак, што выступаў у Ла Скала, г.зн. артыст вялікі. Залескі паведамляе, што жывучы ў Празе, той быў блізкі «арыстакратычным вярхам беларускай буржуазнай эміграцыі» (С.44). Чаму ў такім выпадку пра самыя «вярхі» нічога не сказана, а «блізкаму» аддадзена гэтак шмат месца? Відавочна, гэта спатрэбілася для таго, каб скампраметаваць паэта і былога дырэктара Інстытута этнаграфіі П.Ф.Глебку, які гасцінна прымаў Забэйду, калі той быў у Мінску (С.48).
Аднак, адкрытыя антысавецкія дзеячы займаюць вельмі мала месца ў «письме». Асноўная ўвага сканцэнтравана на тых, хто жыве і працуе ў Мінску (ніякіх недахопаў у тых, хто жыве па-за яго межамі, не адзначана). Шмат пра каго з іх сказана між іншага. Гэта, напрыклад, тычыцца Глебкі. Мімаходзь згадваецца аўтар працы пра культуру Беларусі Галенчанка (С.20), мастацтвазнаўца Няфёд (С.18). Гэтаксама мімаходзь (вялікі сябра этнографа Грынблата) згадваецца віцэ-прэзідэнт АН БССР Лукашоў (С.17,18). Пісьменнік і віцэ-прэзідэнт Акадэміі навук Крапіва і дырэктар Інстытута мовы Суднік згадваюцца ў сувязі з тым, што яны былі супраць вылучэння Залескага ў члены-карэспандэнты АН БССР (С.12). Паэт Звонак напісаў, на думку Залескага, няправільны верш і даў яму няправільную назву. Залескі павучае Звонка, як трэба было пісаць і называць (С.49). Пісьменнік Васіль Быкаў выступіў з няправільнай прамовай на з’ездзе пісьменнікаў СССР (С.76). Пра яго Залескі ў іранічным тоне сказаў, што той «официальных признаков учености не имеет» (С.76).
Дваццаць пяць старонак «письма» (С.91-115) адведзена шэрагу супрацоўнікаў Акадэміі, якія фальсіфікавалі свае «автобиографии», а разам з тым выдалі заганныя працы (Раманоўскі, Шавела і інш.).
Аднак, галоўная ўвага Залескага сканцэнтравана на трох супрацоўніках Акадэміі: былым дырэктары Інстытута гісторыі І.М.Ігнаценку, цяперашнім дырэктары П.Ц.Петрыкаве, пісьменніку і літаратуразнаўцу А.М.Адамовічу. Асноўным аб’ектам крытыкі Ігнаценкі стала яго праца «Бяднейшае сялянства — саюзнік пралетарыята ў барацьбе за перамогу Кастрычніцкай рэвалюцыі ў Беларусі» (Мінск, 1962). За гэтую працу Ігнаценка атрымаў навуковую ступень доктара, званне прафесара, потым члена-карэспандэнта Акадэміі навук і, нарэшце, акадэміка. На думку Залескага, гэтая манаграфія ёсць «плодом наглого вымысла, сфабрикованного безграмотным и бесчестным автором» (С.91). Пераходзячы да больш канкрэтных паказчыкаў, Залескі сцвярджае, што Ігнаценка з’яўляецца паслядоўнікам нацдэмаў (С.25), і што ён прызнае распаўсюджанне беларускай мовы па-за межамі «нынешней Белоруссии» (С.63). Да ўсяго гэтага дададзена, што Ігнаценка зарабляе (апрача ганарараў) па тысячы рублёў у месяц (С.25).
Кнігу Ігнаценкі рэзка крытыкавалі ў друку. Да таго, што аб ёй сказана, трэба было б дадаць, што ні бяднейшага, ні якога б то ні было іншага сялянства ўвогуле ў яго працы няма. Кідкая назва ня мае ніякага дачынення да зместу. Неабходна адзначыць, што кніга пасярэдняя, што называецца «шэрая», аднак абвінавачанне яго ў беларускім нацыяналізме абсалютна дарэмнае. Ігнаценка ня ўмее ні гаварыць (дакладней, зусім забыўся) па-беларуску, ні пісаць, і ніяк не збіраецца вучыцца.
Заўвагі пра Петрыкава раскіданы па ўсім «письме». Ён абвінавачваецца Залескім у якасці і аўтара, і рэдактара, і адміністрацыйнага дзеяча. У найбольш сканцэнтраваным выглядзе абвінавачванне сфармулявана на С.22, дзе сказана, што «Петриков возглавил пропаганду антимарксистских, националистаческих измышлений, … наносящих большой вред нашей идеологии, нашему строю». Размова ідзе аб тых старонках аднатомнай гісторыі Беларусі на расійскай мове, дзе гаворыцца пра барацьбу за Беларусь паміж маскоўскім урадам і вярхамі ўкраінскага казацтва ў 1654-67 г. Між іншага, у найбольш разгорнутым выглядзе гэтая барацьба выкладзена ў працы «Белоруссия и Россия» (Мінск, 1978) Абэцэдарскага, таго самага, што быў саюзнікам Залескага, і магчыма выказванні Залескага пра яго зроблены ў невыразнай форме менавіта з гэтай прычыны. Найгалоўнейшым момантам абвінавачвання Петрыкава з’яўляюцца яго словы пра В.М.Ігнатоўскага, былога старшыню Інбелкульта і першага прэзідэнта Акадэміі навук БССР. Ігнатоўскі, працы якога выходзілі да 1930 г. і які не з’яўляўся марксістам, быў абвінавачаны ў «национал-уклонизме», але Петрыкаў пісаў і гаварыў пра яго, відавочна, па ўзгадненні з Прэзідыумам АН.
Вельмі шмат увагі ў «письме» адведзена пісьменніку і літаратуразнаўцу А.М.Адамовічу. Залескі ў іранічным тоне адзначае, што Адамовіч з’яўляецца членам-карэспандэнтам Акадэміі навук. З якога часу гэта стала заганай? Залескі сцвярджае, што Адамовіч у сваім рамане «Карнікі» ускладае віну за злачынствы, здзейсненыя ў часе вайны, на ўсіх немцаў. Калі ўлічыць, што тут ужо сказана, як Адамовіч «вопреки нашим общеизвестным принципам борьбы за мир навязывает советским людям идеи толстовства, достоевщины, библейские догмы и каноны христианской морали» (С.130), то паводзіны гэтага навукоўца і пісьменніка зусім незразумелыя. Увогуле, Залескі адным з галоўных хібаў Адамовіча лічыць яго захапленне творчасцю Л.М.Талстога і Ф.М.Дастаеўскага. Адамовіч абвінавачваецца і ў тым, што адзначае беларускае паходжанне Дастаеўскага (яго продкаў) (Дастоева, былая родавая сядзіба Дастаеўскіх, знаходзіцца ў Берасцейскай вобласці). На заканчэнне, працы Адамовіча ахарактарызаваныя як «галиматья» і яму рэкамендавана «хотя бы познакомиться с Библией и некоторыми основами атеизма» (С.129,130). Ацэнка творчасці Талстога і Дастаеўскага дае падставы меркаваць, што Залескі твораў гэтых аўтараў не чытаў.
Аднак жа згадаў Залескі далёка не ўсе працы Адамовіча, — не сказаў пра тую, што напісаная разам з пісьменнікамі
І.А.Брылём і У.А.Калеснікам. Кніга гэтая называецца «Мы з вогненнай вёскі». У ёй сабраныя аповяды ацалелых жыхароў паселішчаў, што былі спаленыя разам з людзьмі. Гэта дакумент выключнай сілы, магчыма адзіны ў сусветнай літаратуры. Якім чынам гэта можна ўвязаць са спавяданнем «талстоўства і дастаеўшчыны» ?
«Письмо» пачынаецца з крытыкі прац этнографа М.Я.Грынблата. Але і ў гэтым выпадку Залескі вядзе спрэчку метадам, які й аддалена не нагадвае навуковы. Выхапляючы паасобныя сказы, ён выстаўляе Грынблату абвінавачванне палітычнага характару, патрабуючы, каб яго кніга («Белорусы. Очерк происхождения и этнической истории», 1968) была выведзена з ужытку. Пасля выхаду ў свет працы Грынблата прайшло 14 гадоў. За гэты час выйшла шмат даследаванняў, дзе разглядаюцца тыя самыя пытанні, якія кранаў Грынблат. Найбольш эфектыўна гэтым займаецца акадэмік Б.А.Рыбакоў, аднак спасылак на яго працы, як і на працы Л.В.Аляксеева, В.В.Сядова, Ф.Д.Гурэвіч няма, Але ж каб ацаніць працы Грынблата на сённяшні дзень, іх неабходна ведаць. Не згаданыя ў «письме» і працы Я.Ф.Карскага, найбольш аўтарытэтнага ў пытаннях беларусазнаўства, не названа такая аўтарытэтная крыніца па дадзенай праблеме, як матэрыялы перапісу 1897 г., і інш.
Некаторыя думкі самога Залескага, датычныя ранняй гісторыі беларусаў, выклікаюць нядобрае здзіўленне. Напрыклад, Залескі супраць назвы альманаха «Радзіміч», што выходзіць у Гомлі (Гомель стаіць на Сажы, на той рацэ, дзе «сядзела» племя радзімічаў). Пры гэтым Залескі грэбліва выказаўся, што, маўляў, «Радзімічы» — назва «дагістарычная» (С.50). Значыць, «дагістарычнымі» павінны быць і ўсе астатнія плямёны славянаў: паляне, крывічы і г.д. Каштоўнейшыя дадзеныя нашых летапісаў Залескі лічыць «дагістарычнымі». I гэта доктар гістарычных навук.
У дэталях разбіраць усё «письмо» немагчыма, ды і наўрад ці ёсць такая неабходнасць. Яго задачай было перад усім праслаўленне самога сябе, а яшчэ больш — ачарненне сваіх сапраўдных і ўяўных праціўнікаў. Што зроблена для ўласнага праслаўлення? Па-першае, гэта сцвярджэнне, быццам ён адзін з дзевяці мільёнаў убачыў тое, што не бачаць астатнія, а астатнія — гэта і партыйны апарат. Тых, хто чытае працы і Залескага, і яго праціўнікаў, аўтар «письма» называе «интеллигентами кое-что знающими» (С.76). Гэта мова звышчалавека.
Сам сябе (і толькі сябе) Залескі называе «прафесарам Залескім» (С. 11,37,57,62,74,123,137 і інш.). Часта гэта не проста згадка, а нешта звязанае з надзвычайнай падзеяй. Напрыклад, на С.79 сказана, што «острую борьбу с Павловым вел профессор Залесский». Далей Залескі адзначыў, што менавіта ён першы зрабіў даклад пра «Новую землю» Л.І.Брэжнева (С.142).
«Доказательства» Залескага ўяўляюць сабой асобныя выказванні, адвольна ўзятыя з тэксту, а яшчэ часцей — проста пераказ. У дачыненні да Грынблата Залескі аперуе дадзенымі з ненадрукаванай працы, што характарызуе самога аўтара «письма» з вельмі незайздроснага боку. Потым высвятляецца, што Залескі ведае і пра размовы некага «в неофициальной обстановке» (С.136). У адным выпадку гэтая «неофициальная обстановка» мае зусім дзіўны характар: паміж Ігнаценкам і Петрыкавым у калідоры Інстытута вялася размова пра выступленне Башко (С.74). Якім чынам і ў якой форме Залескі даведаўся пра гэтую размову? Ці сам падслухоўваў (занятак, які зусім не пасуе прафесару), ці меў для таго інфарматара?
Ёсць і яшчэ дзіўныя абвінавачванні. Паўлаў, якому і без таго прысвечана шмат увагі, як высвятляецца, яшчэ і зяць Ігнаценкі (С.79). Сын галоўнага вучонага сакратара Прэзідыума АН БССР Вінакурава жанаты на дачцэ Раманоўскага (С.109). Сакратар парткама АН Бірыла з’яўляецца па жонцы нейкім сваяком таму ж Раманоўскаму (С.96).
«Письмо» скрайне тэндэнцыйнае. Кожнае яго слова, кожны сказ патрабуе праверкі, але як можна праверыць, калі гэтае слова — «галиматья» ці «кликушество» (С.130,133).
М.Улашчык
30 ліпеня 1982 г.
[1] Ліст меў падназву: «О некоторых факторах, ведущих к формированию неправильных взглядов и морально-политическому разложению наиболее неустойчивых представителей интеллигенции Белоруссии».