БЕЛАРУСКІ ГІСТАРЫЧНЫ АГЛЯД
НАВУКОВЫ ЧАСОПІС

Марцэлі Косман. Два юбілеі польскай гістарыяграфіі

(50 гадоў штогодніку „Odrodzenie

i Reformacja w Polsce» і 80-годдзе

прафесара Януша Тазбіра)


Згаданыя ў назве артыкула юбілеі блізка звязаныя паміж сабой. Іх аб’ядноўвае паняцце Рэфармацыя і прозвішча вядучага ў паваеннай Польшчы даследчыка, які ў вачах многіх атаясняецца з прысвечаным ёй часопісам. Няшмат вучоных ва ўзросце 80 гадоў характарызуюцца такой творчай дынамікай і актыўнасцю ў грамадскім жыцці, як у Януша Тазбіра, гэтаксама і мала перыядычных выданняў, якія вытрымалі выпрабаванне паўвекавым часам і заваявалі рэпутацыю не толькі ў краіне, але і за яе межамі.

Пасля 1945 г. вывучэнне гісторыі рэлігіі і каталіцызму ў Польшчы, незалежна ад узаемадачыненняў паміж дзяржавай і царквою, прынесла вельмі значныя вынікі, што звязана з працягам папярэдніх даследаванняў і новымі пошукамі ў іншых арганізацыйных формах. Шмат месца заняў бы пералік назваў манаграфій, фундаментальных выданняў і часопісаў, нават не рэлігійных. Ліквідацыя тэалагічных факультэтаў ва універсітэтах (пасля 1989 г. большасць з іх была вернута ў вышэйшыя школы) гэтай працы не прыпыніла, бо, акрамя заснаваных яшчэ на пачатку 1920-х г. Люблінскага каталіцкага універсітэта, вышэйшых духоўных семінарый і папскіх тэалагічных факультэтаў, у 1954 г. у Варшаве былі адкрыты Акадэмія каталіцкай тэалогіі (на яе базе створаны сучасны Інстытут кардынала Стэфана Вышыньскага) і прадугледжаная для асоб іншых веравызнанняў Хрысціянская тэалагічная акадэмія, звязаная традыцыяй з даваенным факультэтам евангелісцкай тэалогіі Варшаўскага універсітэта. Больш за тое, пасля палітычнага пералому 1956 г. у навуцы стала назірацца паступовае збліжэнне духоўных і свецкіх даследчыкаў, якое з цягам часу перайшло ў пастаяннае супрацоўніцтва[1].

Вывучэнне гісторыі рэфарматарскага руху ў Польшчы пачыналася ў XIX ст., і звязана яно з імёнамі Юзэфа Лукашэвіча[2] i Генрыка Мерчынга[3]. Наступным у гэтым спісе можна назваць Аляксандра Брукнера (памёр у 1939 г.), які на пачатку дваццатых гадоў ва ўступным слове да новага часопіса „Reformacja w Polsce» (па праекце яго стваральнікаў павінен быў стаць прысвечаным гісторыі пратэстантызму ў Першай Рэчы Паспалітай штоквартальнікам) пісаў: „Польскі духоўны рух канчаткова абудзіла толькі Рэфармацыя. Без яе лацінская мова і надалей збірала б людзей, карысталася б поспехам; але яна прымусіла нават тых, хто не хацеў, карыстацца польскім пісьмом»[4].

„Reformacja w Polsce» была друкаваным органам створанага годам раней (12 красавіка 1920 г.) у Варшаве Таварыства па даследаванні гісторыі Рэфармацыі, у склад якога ўвайшлі 150 чалавек. Сярод іх былі навукоўцы, а таксама аматары i папулярызатары гісторыі. У гэты ж час у Вільні на аснове актыўнага Евангелісцкарэфарматарскага аб’яднання ўзнікла Таварыства аматараў гісторыі польскай Рэфармацыі імя Яна Ласкага[5].

У вышэй цытаваным артыкуле Брукнер адзначаў неабходнасць правядзення комплексных даследаванняў, парадкавання ведаў аб гістарычных крыніцах, трактавання старапольскага пратэстантызму ў еўрапейскім кантэксце, і больш за тое — аб’ектыўна, што было асабліва важна ў час нарастання манаполіі на патрыятызм Касцёла, які прэтэндаваў і на мінулае Айчыны, і распаўсюджання лозунга „паляк = каталік»[6].

У міжваенны перыяд выйшла дзесяць тамоў штогодніка „Reformacja w Polsce», якія з прычыны недахопу фінансаў выдаваліся з перапынкамі (нават у 6 гадоў) або як аб’яднаныя нумары, што было двойчы[7]. Нягледзячы на гэта, у часопісе друкаваліся выдатныя працы, якія ў сваёй большасці i сёння захоўваюць актуальнасць. Пасля Другой сусветнай вайны пазітыўнай з’явай стаў патранаж з боку дзяржавы, што давала матэрыяльную базу для працягу выдання (у першыя дзесяць гадоў выйшлі толькі два тамы, але значна большым аб’ёмам)[8]. З іншага боку, над часопісам і яго асноўнымі творцамі згушчаліся хмары, што было звязана з негатыўным уплывам сталінскіх часоў на развіццё навукі. Каб выратаваць выданне, адзін з аўтараў, якія лічылі мэтазгодным прыстасаванне даследаванняў да марксісцкай ідэалогіі, у 11-м томе за 1952 г. крытычна ацаніў тых калег, чые тэксты „часта вісяць нібыта ў паветры, знаходзяцца пад замежным уплывам і адначасова ігнаруюць канкрэтныя польскія ўмовы»[9].

Апошнім тэкстам дванаццатага тома была „Хроніка Таварыства вывучэння гісторыі Рэфармацыі ў Польшчы», якое ў 1947 г., пасля перапынку ў гады вайны, аднавіла сваю дзейнасць і налічвала 95 членаў. Яго старшынёй быў святар евангелісцка-аўгсбургскай царквы прафесар Ян Шэруда. Акрамя выдання часопіса таварыства займалася папулярызацыяй ведаў аб Рэфармацыі шляхам правядзення публічных лекцый. У пераломным 1956 г. выйшаў апошні том, які фактычна стаў першым нумарам новага часопіса пад папярэдняй назвай, але пашыранай за кошт слова „Адраджэнне». Рэдакцыя[10] часопіса»Odrodzenie i Reformacja w Polsce», ацэненага за пазітыўнае мадыфікаванне даследчыцкага варштата, паспяхова збярогшы папярэднія дасягненні, змагла актыўна развіць даследаванні, якія з цягам часу ахапілі і іншыя аспекты інтэлектуальнай культуры I Рэчы Паспалітай, у тым ліку гісторыю каталіцкай царквы і асабліва Контррэфармацыі. На працягу 50 гадоў часопіс выходзіў сістэматычна раз на год, што, без сумнення, было заслугай яго шматгадовага галоўнага рэдактара Януша Тазбіра[11].

Ва ўводзінах да першага тома рэдакцыйны камітэт прапанаваў канцэпцыю новага выдання, падкрэсліў значэнне даследаванняў эпохі Адраджэння і грамадска-ідэйных лозунгаў рэлігійных рухаў XVI ст. Была таксама адзначана сувязь з выдаваным цягам трыццаці гадоў (з 1922 да 1952) часопісам „Reformacja w Polsce», ахарактарызаваным як больш вузкі па сваёй тэматыцы: „Мы ў поўнай меры ацэньваем дасягненні гэтага перыядычнага выдання, але наша серыя не з’яўляецца яго працягам. Мы карыстаемся іншымі метадалагічнымі падыходамі, адрозніваемся ў разуменні Адраджэння і Рэфармацыі, ставім перад сабой іншыя задачы і мэты»[12].

Нягледзячы на такога рода агаворкі, якія ў значнай ступені мелі тактычны характар і адыгрывалі ролю „дымавой заслоны», існавала пэўная пераемнасць, напрыклад, у прозвішчах аўтараў, шматразовым цытаванні папярэдняга выдання, публікацыі поўнага пераліку выдадзеных у ім артыкулаў[13]. Праз тры гады былі нанава акрэслены задачы «Odrodzenie i Reformacja w Polsce», у якіх на першае месца ставілася 1) развіццё шляхоў спазнання прыроды і сацыяльнай рэальнасці, 2) фармаванне прынцыпаў стаўлення да прыроднай і сацыяльнай рэальнасці, 3) вывучэнне разнастайных грамадскіх ідэалогій і рэлігійных вераванняў, 4) звычаёвага і рэлігійнага жыцця, 5) грамадскіх рухаў[14].

Лёгка можна заўважыць, што тут быў выкарыстаны пэўны камуфляж, асабліва ў паслядоўнасці задач, з тым каб задаволіць палітычных куратараў навукі[15]. Ён добра бачны ў вызначэнні праграмных лозунгаў, дзе гаворыцца пра даследаванне з’яў, што паўстаюць „у дыялектычным працэсе барацьбы паміж старымі і новымі элементамі, ці калі браць больш вузка, то паміж дагэтуль актуальнымі старымі сярэднявечнымі традыцыямі і новымі рэнесансавымі элементамі, якія выходзяць з новых умоў існавання». Характэрным з’яўляецца і паказ кантынуацыі традыцый папярэдняга часопіса i канстатацыя, што працяг выдання „Reformacja w Polsce» ў першапачатковым выглядзе мог быць карысным і паспрыяў бы развіццю даследаванняў эпохі Рэнесансу[16].

Да аднаўлення выдання так і не дайшло, але новы часопіс паспяхова пераняў функцыі папярэдняга ў новай сітуацыі гістарычнай навукі ў Польшчы, а рэдакцыйны камітэт праявіў як стратэгічныя, так і тактычныя здольнасці, каб пазбегнуць усялякіх рэвалюцыйных пераменаў, і па-ранейшаму аддаваў перавагу добра вядомым асновам сінкрэтызму. Адначасова друкаваліся матэрыялы як актуальных даследаванняў, так і тых, што на працягу некалькіх гадоў чакалі выдання ў рэдакцыйным партфелі, пры гэтым адзначалася, што „новыя планы рэдакцыі могуць толькі <…> часткова быць рэалізаваны»[17].

У першых тамах дамінавалі артыкулы пра арыянства, што было звязана з трактаваннем уладамі Народнай Польшчы антытрынітарыяў як „сваіх ідэйных родапачынальнікаў»[18]. Паступова склад аўтараў, у якім першапачаткова пераважалі прадстаўнікі Варшавы і Кракава, стаў пашырацца. Гэта было звязана з развіццём гуманітарных асяродкаў па ўсёй краіне. Акрамя даўніх цэнтраў у Познані і Торуні і новых, якія культывавалі добрыя традыцыі (на першым месцы быў Уроцлаў, дзе працавалі старыя кадры з Львова і Гданьска), усё большую ролю сталі адыгрываць новыя акадэмічныя асяродкі, у першую чаргу Аполе, Беласток, Зялёна Гура, Шчэцін, дзе спачатку ўзніклі вышэйшыя педагагічныя ўстановы, ператвораныя потым ва універсітэты. Дасягненні цывілізацыі (прагрэс у развіцці камунікацыі спрыяў развіццю непасрэдных кантактаў і арганізацыі спецыялізаваных канферэнцый, а сапраўдны пералом адбыўся з пашырэннем інтэрнэту) павялічылі кантакты даследчыкаў не толькі ў краіне, але і за яе межамі, асабліва пасля адкрыцця граніц. Гэта прывяло да павелічэння колькасці публікацый замежных навукоўцаў як з Заходняй Еўропы, так і з суседніх славянскіх краін.

Першыя нумары „Odrodzenie i Reformacja w Polsce» змяшчалі пераважна працы праграмнага і агульнага характару і фактычна былі рэінтэрпрэтацыяй пытанняў, вядомых з папярэдніх даследаванняў. Ва ўсіх пяцідзесяці тамах друкавалася шмат крыніцазнаўчых прац пра асоб, падзеі, установы (у т.л. зборнікі артыкулаў). Тэма арыян, што спачатку пераважала, з часам была ўраўнаважана, і ўсё больш месца сталі займаць евангелісцкія канфесіі, што пераважалі сярод вернікаў Рэчы Паспалітай, асабліва рэфармаваныя, a ў тэрытарыяльным плане — Вялікае Княства Літоўскае, дзе пратэстанты пратрымаліся найдаўжэй. У бібліяграфіі з першых 43 тамоў тэрмін „Літва» (разам з Жамойцю) згадваецца 33 разы. Гэта вельмі шмат у параўнанні з іншымі публікацыямі. Так, напрыклад, Любельшчына згадваецца 8 разоў, Малая Польшча — 14, Каралеўская Прусія — 3, Вялікая Польшча — 10. Пачэснае першае месца займае Італія (38 назваў), асабліва ў больш позні перыяд дзейнасці часопіса, у той час як Венгрыі датычыліся 7 публікацый, столькі ж — Швейцарыі, Швецыі — 8, Нямеччыны — 16, Чэхіі—13[19].

Пасля 1945 г. польская гістарыяграфія аддавала перавагу вывучэнню пераследу вераванняў у XVI — XVIII ст., але з цягам часу доследы сталі датычыцца парушэння ці захавання свабоды сумлення. Гэтаму паспрыяла 400-я гадавіна падпісання Варшаўскай канфедэрацыі ў 1573 г. Шмат месца займала вывучэнне адносін паміж польскімі і няпольскімі іншаверцамі, асабліва ў крытычныя для Рэчы Паспалітай моманты, у тым ліку праблемы „здрады» пад час шведскай навалы ў 1655—1660 г., перагляд пазіцыі ў дачыненні да арыян і рэфармаваных евангелікаў ВКЛ, што стала прадметам дыскусіі паміж Генрыкам Віснерам і Тадэвушам Васілеўскім (тамы XV, XXVI і XXVIII). Частка даследчыкаў (Інге Лукшайтэ, Марцэлі Косман, Генрык Віснер) паказала заслугі Рэфармацыі ў развіцці пісьменнасці на нацыянальных мовах у ВКЛ. Тут варта згадаць тэзіс трыццацігадовай даўнасці (1976): „Эвалюцыя польскай гістарыяграфіі ў бок прыняцця асноў гістарычнага матэрыялізму адбывалася ў ходзе дыскусій даследчыкаў з рознымі поглядамі. Яна прывяла да значных вынікаў і ўзвышэння гэтай дысцыпліны ў сучаснай гуманістыцы»[20].

Важнае месца ва ўсіх нумарах часопіса займала хроніка і навуковая крытыка ў выглядзе справаздач і рэцэнзій. Не забываліся і на памерлых даследчыкаў, якім прысвячалі аб’ёмныя ўспаміны. Першым стаў вядомы арыяніст Людвік Хмай (1888—1959). Яго навуковы шлях ва універсітэце Стэфана Баторыя пасля першага курса быў перарваны Другой сусветнай вайной, а пасля акупацыі — некалькімі цяжкімі гадамі ў СССР. Ён вярнуўся ў краіну ў 1955 г. і пасля ўсяго чатырох гадоў працы вучонага ў Інстытуце філасофіі і сацыялогіі ПАН смерць адарвала яго ад навуковых даследаванняў[21]. На ўшанаванне памяці знакамітага гісторыка і арганізатара навуковага жыцця, першага галоўнага рэдактара часопіса, рэктара Ягелонскага універсітэта Казімежа Лепшага (1904-1964), які заўчасна памёр у 600-ю гадавіну універсітэта, былі выдадзены змястоўныя ўспаміны, у тым ліку на старонках раней рэдагаванага ім часопіса[22]. Даследчыкі, з якімі развітваліся, дэбютавалі пераважна ў міжваенны перыяд. Сярод іх Віктар Вейнтрауб (1908-1988), які памёр за мяжой[23], даследчыца старапольскіх кніг Алодзія Кавецка-Грычова (1903-1990)[24], выдавец актаў пратэстанцкіх сінодаў Марыя Сіпайла (1905-1990)[25]. У юбілейным 40-м томе (1996) узгадваўся нестар даследчыкаў Залатога веку Генрык Барыч і яго вучань Лешак Гайдукевіч[26]. Малодшае пакаленне было прадстаўлена і Станіславам Цынарскім[27]. Разам з тым давялося амаль чвэрць стагоддзя чакаць на ўшанаванне памяці памерлага ў эміграцыі даследчыка і палітыка Станіслава Кота (1885-1975), пра якога ў 1999 г. грунтоўны артыкул у рубрыцы „Sylwetki uczonych» напісаў Лех Шчуцкі (у аснове быў даклад, прачытаны годам раней у Фларэнційскім універсітэце)[28]. Напрыканцы ўдумлівай характарыстыкі чытаем: „Шматгадовая адсутнасць Кота ў краіне і доўгая афіцыйная забарона ў дачыненні да яго асобы негатыўна адбіліся на кар’еры яго вучняў, прывялі да таго, што сёння [школы Кота] у Польшчы ўжо не існуе <…>. Аднак, каб не заканчваць <…. > на меланхалічнай ноце пра ўплыў геапалітыкі на лёс чалавека і народа, трэба адзначыць, што кракаўскі гісторык аказаў вялікі, хаця і апасродкаваны ўплыў на пасляваеннае пакаленне польскіх даследчыкаў Рэнесансу і Рэфармацыі. Працы Кота бачыліся імі як блізкая да ідэальнай мадэль эрудыцыі і бездакорнай работы»[29].

У 2000 г. (т. XLIV, с. 243-248) сярод пасмяротных успамінаў, дзякуючы Юліушу Даманьскаму, упершыню быў згаданы замежны даследчык Пауль Оскар Крыстэлер (1905-1999) — нямецкі знаўца філасофскай думкі і духоўнай культуры італьянскага Рэнесансу. У наступным годзе (т. XLV, с. 293— 296) чытачы пазнаёміліся з асобай амерыканскага гісторыка рэлігійных канфліктаў XVI ст., тэолага, замежнага члена Польскай Акадэміі навукі і мастацтва Джорджа Хантстана Ўільямса (1914-2000). Сярод венгерскіх, польскіх, харвацкіх і італьянскіх даследчыкаў знаходзіцца аматар і мецэнат навукі Ладзіслаў Ладзлацкі (Ladislao Ládzloczky) — сябар польскіх вучоных, нашчадак старога унітарыянскага роду з Сяміграда[30].

Наступныя некралогі датычыліся знаных польскіх навукоўцаў — Галіны Кавальскай-Касабудскай — адной з галоўных постацяў „Polskiego Słownika Biograficznego», намесніцы галоўнага рэдактара[31]; кола знакамітых даследчыкаў палітычнай культуры (асабліва кіроўнай эліты), якія адышлі ў лепшы свет, у 2003 г. папоўніў Антоні Моньчак[32]. У тым жа годзе ва Ўроцлаве памёр знаўца старапольскай літаратуры Чэслаў Гернас, праз два месяцы — сусветна вядомы знаўца сярэдневяковай і рэнесансавай астраноміі Ежы Дабжыцкі[33]. Гэты cathalogus mortuorum увесь час павялічваўся: чарговы том прынёс некралог арганізатара бібліятэчнай справы і знаўцы еўрапейскай кніжнай культуры XVI ст. Яна Піражыньскага, добра вядомага ў Польшчы вядучага даследчыка Рэнесансу ў Фларэнційскім універсітэце Эўгеніо Гарына і Януша Пельца, які займаўся літаратурай XVI ст.[34].

Добрай традыцыяй стала прысвячэнне асобных тамоў юбілярам і такім чынам аддаванне павагі „старэйшынам» даследаванняў па гісторыі Адраджэння і Рэфармацыі[35]. Так, у 1997 г. было адзначана 70-годдзе даследчыка лацінскай літаратуры перыяду Рэнесансу Юліуша Даманьскага (т. XLI), у 2002 г. — 75-годдзе шматгадовага галоўнага рэдактара Януша Тазбіра (т. XLVI), у 2004 г. — 80-годдзе з дня нараджэння знаўцы філасофіі XVII ст. Збігнева Аганоўскага (т. XLVII). Выключны характар меў юбілейны XL том, дзе спецыяльна былі змешчаны матэрыялы самых актыўных аўтараў папярэдняга перыяду. Ва ўводзінах рэдакцыя згадала шляхі даследавання праблем Адраджэння і Рэфармацыі ў Польшчы, заслугі старэйшых навукоўцаў, дасягненні ў перыяд частковай незалежнасці, сувязі з еўрапейскай навукай да і пасля 1989 г. і сцвердзіла: „Калі мы пачыналі выдаваць гэты штогоднік (у 1956 г. — М.К.), то на выдавецкім рынку фактычна не існавала перыядычных выданняў, якія б займаліся гісторыяй той далёкай Польшчы, і асабліва яе культурай і рэлігійнымі рухамі. Цяпер мы сутыкаемся з моцнай „канкурэнцыяй», што неаднойчы падштурхоўвала нас да паскоранага друку дасланых прац. Акрамя гэтага, мы не можам паскардзіцца на недахоп матэрыялаў. Больш за тое, сярод нашых аўтараў знаходзяцца шматлікія выдатныя прадстаўнікі польскай гуманістыкі, пра што сведчыць i гэты юбілейны том „Odrodzenia i Reformacji w Polsce»[36].

Як раней, так і сёння часопіс па-ранейшаму займае галоўнае месца сярод шматлікіх ужо польскіх перыядычных выданняў па гісторыі, пацверджанае паўвекавым перыядам, i высока цэніцца на міжнародным узроўні[37].

***

Януш Тазбір, адзін з вядучых сёння польскіх гісторыкаў, больш за паўвека вядомы як актыўны аўтар, карыстаецца цяпер неаслабнай папулярнасцю. Пра гэта сведчаць водгукі студэнтаў-негісторыкаў, студэнтаў, якія не цікавяцца інфармацыяй пра мінулае. Прозвішча Тазбір для іх суадносіцца з аўтарам эсе на старонках штотыднёвіка „Polityka», радыёфельетонамі, выступленнямі па тэлебачанні. Яны адзначаюць зразумеласць і сутнасную якасць выказванняў, неміфалагізаванае адлюстраванне актуальных падзей. Сваю амаль паўвекавую дзейнасць і васьмідзесяцігоддзе з дня нараджэння актыўны і знакаміты даследчык адзначыў выданнем чарговай кнігі над знакавай назвай „Długi romans z Muzą Klio» (Варшава, 2007).

Добра аформленая выдавецтвам „Iskry» і дапоўненая каштоўнымі, дбайна падабранымі ілюстрацыямі кніга складаецца з дзвюх частак. Першая (Okruchy wspomnień», 5-52) мае аўтабіяграфічны характар і датычыцца дзяцінства і юнацтва. Зразумела, чытачы хацелі б ведаць і працяг успамінаў, але вядома, як неахвотна даследчыкі, доўгі час захопленыя навуковай дзейнасцю, пішуць пра сваіх сучаснікаў. Тут сустракаемся з вывадам прозвішча, карані якога сягаюць Залатога веку, узнаўленнем міжваеннага Калушына, дзе 5 жніўня 1927 г. Януш Тазбір з’явіўся на свет, уяўленнямі пра той час, які ўжо не вернеш, урэшце рэфлексіямі часоў акупацыі. Будучы гісторык перажыў яго ў Ломжы, куды бацькі пераехалі ў сакавіку 1939 г. з Роўна на Валыні.

„Мае ў цэлым добрыя ўспаміны гісторыя завяршыла трагічным акцэнтам», — так піша гісторык, на той час дванаццацігадовы хлопчык, пра першыя дні верасня 1939 г. У апошняй частцы трыпціха ўспамінаў, пад назвай „Dwie Łomże w mojej pamięci», ён апісвае першую [Ломжу] як спакойную, чыстую, расквітнелую, дзе апошнія тры месяцы да канікул вучыўся ў пятым класе, і згадвае, што, нягледзячы на выдатныя веды па гісторыі, ледзь атрымаў „чацвёрку», бо настаўніца вырашыла знізіць адзнаку да ўзроўню адзнак па іншых прадметах.

Сталенне маладога чалавека адбывалася ва ўмовах дзвюх акупацый, калі ў паскораным тэмпе ён набываў палітычную адукацыю па-за школай. Яго бацька, які працаваў юрыстам у інспекцыі адукацыі, не быў выкрыты бальшавікамі як удзельнік вайны 1920 г., але з прычыны „контррэвалюцыйнай прапаганды» (перадаў настаўнікам календары з партрэтамі Масціцкага і Рыдза[38], на што, відаць, не звярнуў увагі) атрымаў сем гадоў у лагерах, адкуль выйшаў раней дзякуючы дамове Сікорскага са Сталіным[39]. Пасля вайны ён застаўся ў эміграцыі ітолькі ў 1971 г., незадоўга да смерці, вырашыў вярнуцца на Радзіму. Але і ў той час ён баяўся чарговых масавых дэпартацый, якіх у 1940 г., дзякуючы хуткаму выезду з Ломжы, змаглі пазбегнуць маці і сын. Апошні праз працяглы час выдаў успаміны з тых дзён пад назвай „Dzień powszedni w piekle»[40]. Такім чынам, будучы навуковец быў загартаваны і меў пазітывісцкую падрыхтоўку, калі пасля вызвалення пачаў вывучаць гісторыю ў Варшаўскім універсітэце і здабываць навуковыя веды пад кіраўніцтвам Уладзіслава Тамкевіча. Праз амаль паўстагоддзя знакаміты даследчык культуры першай Рэчы Паспалітай прызнаўся чытачам: „Я заўсёды хацеў заняцца гісторыяй нашага (ХХ. — М.К.) стагоддзя; але напісанне праўды было немагчымым з-за існавання цэнзуры. Менавіта таму я звярнуўся да больш ранняга перыяду…»[41]. Але і тут узнікалі падводныя рыфы, калі, напрыклад, пісаў пра моднасць кітайскага ў Рэчы Паспалітай, ці пра ўплыў польскай культуры на культуру расійскую ў XVII ст. Свае ўспаміны пад назвай „Moje cenzuralne doświadczenia», выдадзеныя праз дзесяць гадоў пасля адмены цэнзуры (будынак знаходзіўся на варшаўскай вуліцы Мыся), ён пачаў наступным чынам: „Мае кантакты з цэнзурай пачаліся яшчэ пад час навучання; у той час (1949—1950) я пісаў для радыё тэксты, прысвечаныя галоўным чынам людзям і часам Асветніцтва. Паколькі мая першая выдадзеная праца тычылася польскай моды XVIII ст. на кітайскае[42], то я вырашыў скараціць яе да памераў радыёразмовы. Нейтральная на першы погляд тэма аказалася вельмі палітызаванай. Менавіта ў гэты час Мао Цзэдун падпарадкаваў Кітай і заняў Пекін. Цэнзура цалкам зняла маю перадачу, падаўшы ў тлумачэнні, што яна можа быць успрынята як алюзія, маўляў, камуністычныя перамогі ў далёкім Кітаі — гэта таксама толькі мода, якая пройдзе, як i асветніцкія захапленні chinoiserie«[43].

Такі быў час, які сёння для большасці не толькі маладых гісторыкаў з’яўляецца зусім незразумелай экзотыкай. Менавіта таму згаданы навуковы кіраўнік не раіў пісаць не толькі доктарскую (кандыдацкую), але і магістэрскую працу на другую са згаданых тэмаў — у новай літаратуры дазвалялася вывучаць толькі расійскі ўплыў на Ўкраіну ў перыяд панавання дынастыі Вазаў, але барані Божа пісаць пра польскія ўплывы! Нават магістэрская праца, абароненая ў 1950 г. пад крыху закамуфляванай назвай (ксенафобія ў былой Рэчы Паспалітай), змагла ўбачыць свет толькі пасля польскага Кастрычніка 1956 г.[44].

Фактычна ад пачатку прафесійнай дзейнасці Януш Тазбір стаў адным са стаўпоў вядомага з 1952 г. цэнтра ў рамках 1-га Аддзела створанай Польскай Акадэміі навук. Гэтаму папярэднічала трохгадовая дзейнасць у якасці асістэнта на гістарычным факультэце Варшаўскага універсітэта, дзе адбылося знаёмства з фактычным апекуном маладога пакалення Тадэвушам Мантойфелем, які дзяліўся вопытам i майстэрствам кампрамісу ў імя выратавання вышэйшых каштоўнасцяў, што было няпроста ў перыяд сталінізму, і не ўсімі калегамі на цэху, асабліва тымі, хто застаўся ў эміграцыі, было станоўча ацэнена. Узгадваючы пачатак сваёй навуковай працы, Януш Тазбір акцэнтуе ўвагу на неабходнасці пакоры і самакрытыкі, калі гаворыць пра абарону кандыдацкай (доктарскай) дысертацыі[45] і прыгадвае свой шлях да прафесіі гісторыка: „Сёння як на далоні відаць, што для працы характэрна ўпэўненасць у сабе маладога гісторыка, які бесцырымонна трактуе папярэднія дасягненні гістарыяграфіі. Навучаны сумным вопытам, я шмат разоў гаварыў удзельнікам маіх семінараў па гісторыі культуры, што калі я выдаў тую кнігу, ведаў, можа, сем бясспрэчных прычынаў заняпаду Рэфармацыі ў Польшчы. Цяпер падыходжу да адзінаццатай, а ўсе астатнія па-ранейшаму лічу спрэчнымі гіпотэзамі»[46].

Характэрнай рысай юбіляра з’яўляецца адвага, прыкладам якой стаў выступ у 1968 г. у абарону вядомага даследчыка эпохі Вазаў Уладзіслава Чапліньскага, што трапіў пад нападкі ідэалагічнага характару з боку гісторыка філасофіі Анджэя Навіцкага ў сувязі з выдадзенай на два гады раней кнігай „O Polsce siedemnastowiecznej». Разам з двума іншымі гісторыкамі Тазбір адрэагаваў на гэта артыкулам пад красамоўнай назвай „Spór nie tylko o wiek XVII»[47]. Праз некаторы час, ужо ў новых палітычных абставінах, адзін з аўтараў адказу, адданы вучань уроцлаўскага вучонага, Ярэма Мацішэўскі вярнуўся да вышэйзгаданай палемікі. Ён адзначыў незалежныя ад часу якасці манаграфіі свайго настаўніка, які пагрэбаваў вульгарызаванымі меркаваннямі некаторых гісторыкаў сталінскіх часоў, што праз два гады пасля публікацыі кнігі адбіліся ў рэцэнзіі, названай «„бяспрыкладна жорсткай атакай» аднаго варшаўскага (але не універсітэцкага) дацэнта[48]. У свой час мы апублікавалі <…> востра сфармуляванае пярэчанне, дзе адначылі, што „вельмі запозненая рэцэнзія… так далека адыходзіць ад… элементарных патрабаванняў дыскусіі, з’яўляецца вострым дысанансам на фоне сучасных гістарычных даследаванняў, супярэчыць звычаям, якія пануюць у польскай навуцы, што немагчыма яе абысці ў штодзённай справе на будучыню, хоць яна і выступае як грамадскі факт, які не мае ніякага дачынення да сутнасці». Я ўзгадваю той „абмен удараў» хутчэй як выпадковы, не варты ўспаміну, факт гістарыяграфіі»»[49].

У поўныя пастак паваенныя гады жыццёвы вопыт маладога чалавека і яго веды пра мінулае мацавала падтрымка аўтарытэтаў, сярод якіх апрача універсітэцкіх настаўнікаў несумненна першапланавае месца займаў творца акадэмічнага Інстытута гісторыі Тадэвуш Мантойфель, які як даследчык і арганізатар навуковага жыцця вызначыўся ў тыя цяжкія гады не толькі тым, што з годнасцю супрацьстаяў псеўдаідэалагічным націскам, але і ўменнем саступаць там, дзе гэта трэба было з вышэйшых інтарэсаў. Юбіляр згадвае, што не ўсе гэта разумелі, і, спасылаючыся на прызнанае меркаванне Аскара Галецкага, канстатуе, што неабходнасць кампрамісаў з дзяржаўнымі ўладамі добра разумелі „у эміграцыі, значна горш было ў колах айчынных праціўнікаў любога супрацоўніцтва з уладамі»[50].

Януш Тазбір належыць да тых нешматлікіх гісторыкаў, якія з самага пачатку сваіх даследаванняў адначасова з навуковымі працамі публікавалі працы папулярнага характару, адрасаваныя „сярэдняму» чытачу. Ці нават інакш: імкнуўся пісаць і пісаў простай, немудрагелістай мовай, не вымушаў чытачоў да празмернага карыстання слоўнікам замежных слоў. Такая рыса яго пісьменніцкага стылю з цягам часу атрымала больш дасканалую літаратурную форму.

Сярод прычын, якія прывялі да пераходу з універсітэта ў навуковую ўстанову, Тазбір называе адну, якая абсалютна не адпавядае праўдзе: „адсутнасць здольнасцяў і да правядзення заняткаў»[51]. Гэтаму супярэчыць яго талент пісьменніка, публічныя выступы па радыё, тэлебачанні, інтэрвію і галоўнае — эсэістыка. Як вядома, гэта „найвышэйшы пілатаж» у навучанні, які можа стаць узорам для пераймання шматлікімі навукова-дыдактычнымі працаўнікамі. Ва ўспамінах адчуваецца пэўная настальгія, хоць ён падтрымліваў актыўныя адносіны з універсітэтам, які будаваўся на вуліцы Кракаўскае прадмесце і быў не так далёка ад дома князёў Мазавецкіх на Рынку Старога горада, пастаянна сустракаўся з калегамі ў бібліятэках ці ў Галоўным архіве даўніх актаў (AGAD). Тазбір пісаў: „Мы сустракаліся на старонках часопісаў, большасць якіх выдаваў Інстытут ці Камітэт гістарычных навук, на сумесных канферэнцыях, у юбілейных выданнях»[52]. На новым месцы працы на яго зваліліся арганізацыйныя абавязкі — ад сакратара дырэкцыі і вучонага савета да намесніка дырэктара ў 1968-1983 i дырэктара ў 1983-1990 г., адкуль перайшоў у кіраўніцтва ПАН у якасці віцэ-дырэктара. Доўгі час ён удзельнічаў у рабоце Цэнтральнай камісіі па пытаннях вучоных ступеняў і званняў, а потым і ўзначаліў яе. Усё гэта не перашкаджала навуковай і пісьменніцкай дзейнасці, у выніку якой у 1949—1986 г. выйшла больш за семсот публікацый, і гэта без уліку шматлікіх нататак, што рабіліся з польскіх выданняў для чужамоўных чытачоў пераважна на старонках „Archiv für Reformationsgeschichte»[53]. Другі этап прынёс 222 пазіцыі[54], а наступны — да сярэдзіны 2007 г. — быў таксама ўраджайным. У выніку юбіляр мае больш за тысячу публікацый — кніг, навуковых трактатаў і артыкулаў, рэцэнзій, выданняў крыніц, эсэ, якія выходзілі пераважна ў культурных і палітычных часопісах.

У юбілейным выданні да 40-годдзя Інстытута гісторыі ПАН (1993) Януш Тазбір падзяліўся разважаннямі аб прычыне раздражнення маладых вучоных, якія адсутнасць эфекту працы („навошта пісаць, калі так ці інакш вынікі працы давядзецца пакласці ў славутую шуфляду?») тлумачылі немагчымасцю друку: „У гэтай раззлаванасці ёсць шмат рацыянальнага; аднак неабходна згадаць, што ва ўсіх гуманітарных цэнтрах супрацоўнікі, наколькі мяне не падводзіць памяць, падзяляліся на тры катэгорыі. Першую складалі людзі, якія спалучалі арганізацыйныя і рэдактарскія абавязкі з актыўнай уласнай пісьменніцкай дзейнасцю. Да другой належалі тыя, хто абмяжоваўся выкананнем ускладзеных на іх абавязкаў. У трэцюю ўваходзілі тыя, хто па магчымасці ўхіляўся ад любых абавязкаў»[55].

Першую, самую малую, групу складалі людзі, якіх, карыстаючыся модным у нашы дні словам, можна назваць „іконамі». Такіх у Інстытуце гісторыі ПАН на цэнтральным узроўні і на месцах можна за пяцьдзесят гадоў назваць толькі некалькі дзесяткаў чалавек. Сярод іх Януш Тазбір займае адно з першых месцаў. Гэта дае яму права на ацэнку як бездакорных дасягненняў, так і іх адсутнасці, што ў пераломныя моманты з’яўлялася падставай для намераў ліквідацыі, як гэта і здарылася ў пераломным 1956 г., потым напрыканцы праўлення Ўладзіслава Гамулкі, у 1989 г. і пазней, пад час т.зв. трансфармацыі. Ён быў настойлівым абаронцам (як інстытута, так і ўсёй Акадэміі), дэманстраваў выдатныя дасягненні, асабліва ў пытанні абагульняльных прац, выданняў крыніц, дакументацыі, часопісаў.

Януш Тазбір з’яўляецца сапраўдным рэкардыстам на рэдактарскай ніве, бо амаль паўстагоддзя яго прозвішча звязвалася, можна нават без вагання гаварыць — атаяснялася, з вядучым часопісам, прысвечаным пытанням веравызнання і духоўнай культуры Рэчы Паспалітай да яе падзелаў. На месца „Odrodzeniа i Reformacjі w Polsce» ў 1956 г. прыйшла „Reformacjа w Polsce», але яна не страціла папярэдніх дасягненняў часопіса, створанага яшчэ ў міжваенны перыяд, а наадварот, пашырыла тэматыку і з тактычных поглядаў прыняла выгляд, які больш адпавядаў чаканням уладаў. З цягам часу папярэдне дамінавалая тэматыка арыян[56] пашыралася на іншыя рэфарматарскія вучэнні, контррэфармацыю ці каталіцкую рэфармацыю і іншыя еўрапейскія рэлігійныя плыні, хоць гэта і не адпавядала назве часопіса. Ужо з першага тома Януш Тазбір уваходзіў у склад рэдакцыйнага камітэта (усяго яго складала 6 чалавек), з 1958 г. (з тома 3) быў рэдакцыйным сакратаром побач з галоўным рэдактарам Казімежам Лепшым, пасля смерці якога ў 1964 г. пераняў гэтую пасаду, дзелячы яе пэўны перыяд з Лехам Шчуцкім. Абодва пасля выхаду пяцідзесятага тома на ўрачыстым спатканні на пачатку 2007 г. у зале імя Яхіма Лялевеля ў будынку князёў Мазавецкіх заявілі пра сваё рашэнне перадаць кіраванне ў рукі малодшага пакалення. У гэтай сустрэчы прымала ўдзел большасць аўтараў штогодніка, некаторыя з якіх пачалі друкавацца яшчэ ў першае дзесяцігоддзе часопіса. Згаданае спатканне можна лічыць пачаткам святкавання 80-гадовага юбілею галоўнага рэдактара, які фактычна панаваў і сярод аўтараў, бо за гэты час было надрукавана 25 яго артыкулаў, 7 разоў падрыхтаваныя ім крыніцы, 36 рэцэнзій, — агульнай колькасцю каля 70 пазіцый[57].

Працы Тазбіра па праблемах веравызнання ў шляхецкай Рэчы Паспалітай становяць цэлую эпоху, запоўненую дзесяткамі кніг, сотнямі артыкулаў і рэцэнзій, адзін пералік якіх заняў бы шмат месца. Іх аўтар хутка стаў адной з галоўных постацяў у выраслым коле даследчыкаў рэфарматарскіх канфесій, дзе на першы план заўсёды выходзілі антытрынітарыі і паслятрыдзенцкі каталіцызм. У шырокай грамадскай свядомасці Тазбір з’яўляецца перш за ўсё аўтарам твораў „Państwo bez stosów», „Tradycja tolerancji religijnej w Polsce» i „Dzieje tolerancji w Polsce», якія былі перакладзены на іншыя мовы. Нарысы гісторыі каталіцкай царквы і шматлікія зборнікі, як, напрыклад, „Szlachta i teologowie», „Reformacja w Polsce», дзякуючы вобразнаму аповеду, прывабнай форме кшталтавалі веды шырокіх інтэлігенцкіх колаў аб перыядзе да падзелаў Рэчы Паспалітай. Абапіраючыся на крыніцы і ўлічваючы даследаванні як старэйшых, так і маладых навукоўцаў, Я. Тазбір дасканала ўжываўся ў ментальнасць сваіх герояў і „зазямляў» абстрактныя для шматлікіх вучоных веды пра часы дынастыі Ягелонаў ці Вазаў.

Да некаторых тэмаў Я. Тазбір вяртаўся, як да біяграфіі вядомага пісьменніка і езуіцкага прапаведніка Пятра Скаргі, першая інфармацыя пра якога з’явілася ў навукова-папулярнай „Biblioteczcy Światowida» (1962), а другі раз амаль праз дваццаць гадоў у „Bibliotece Wiedzy Historycznej» пад назвай „Piotr Skarga szermierz kontrreformacji» (Варшава, 1978,1983). Крыху раней (у 1972 г.) Тазбір апрацаваў і напісаў вялікі ўступ да яго „Kazań sejmowусh» для першай серыі „Biblioteki Narodowej». Гэта была адна са шматлікіх публікацый крыніц, сярод якіх вылучаюцца — не толькі прывабным аб’ёмам—падрыхтаваная разам з Лехам Шчуцкім „Literatura ariańska w Polsce XVI wieku» і анталогія „Literatura antyjezuicka w Polsce 1578-1625″.

Ha адным подыху можна пералічыць назвы кніг „Rzeczpospolita i świat», „Bracia polscy w Siedmiogrodzie 1660—1784″, „Szlachta i konkwistadorzy», „Arianie i katolicy», „Kultura szlachecka w Polsce. Rozkwit — upadek — relikty» (некалькі выданняў, апошняе з вяртаннем да тэксту, які да 1989 г. неаднойчы быў адцэнзураваны), „Kultura polskiego baroku», „Myśl polska w nowożytnej kulturze europejskiej», „Świat panów Pasków», „Polska sława Krzysztofa Kolumba», „Okrucieństwo w nowożytnej Europie», „Protokoły mędrców Syjonu», гістарычна-літаратурныя нарысы „Od Haura do Izaury» і іншыя. Не трэба забывацца і на каментары да шматлікіх як услаўленых, так і зняслаўленых прац вядомых аўтараў, як, напрыклад, „Тарас Бульба» Мікалая Гогаля[58], ці нацыянальна шанаваных твораў, у чарговых выданнях якіх рука Майстра дадала працаёмкія ўдакладненні ці выпраўленні, якія ніколькі не знізілі гістарычнага ўзроўню арыгінала, што, дарэчы, не часта сустракаецца. Так было з каларытным апавяданнем Уладзіслава Лазіньскага (1843—1913) пра старапольскія традыцыі, якое на працягу стагоддзя 18 разоў выдавалася (першае ў 1907 г.), а ў 2006 г. выйшла са спасылкамі ды індэксам[59]. Падобным чынам сёмы раз выйшаў іншы папулярны твор львоўскага гісторыка і белетрыста аб крывавай гісторыі Чырвонай Русі пад час праўлення Жыгімонта ІII (першае выданне было ў 1903 г.)[60]. З класічных і адначасова рэдка даступных прац, дзе праведзена вялікая падрыхтоўчая да друку работа, неабходна назваць „Dzieje obyczajów…» Яна Станіслава Быстраня, у якой выдавец вярнуў скрэсленае цэнзарамі ў абодвух пасляваенных  (1960 і 1975 г.) выданнях і выправіў відавочныя памылкі[61]. Поўны вобраз творчых дасягненняў Тазбіра дае бібліяграфія, змешчаная ў юбілейных кнігах[62], акрамя якіх з нагоды чарговых юбілеяў яму былі прысвечаны і іншыя работы ў зборніках[63].

Пра тое, як шмат часу праводзілася ў архівах розных краін для напісання некаторых кніг, сведчыць праца, да якой юбіляр быў асабліва прывязаны, — габілітацыя „Stanisław Lubieniecki, przywódcа ariańskiej emigracji» (1961), пра гісторыка і астранома, дыпламата і фінансіста. Амаль праз 40 гадоў яна была перавыдадзеная, а фактычна нанова напісаная пад назвай „Stando lubentius moriar. Biografia Stanisława Lubienieckiego» (2003), вельмі арыстакратычная па змесце i графічным афармленні. Кніга, напісаная з размахам, з апорай на крыніцы, прываблівае чытача сваімі літаратурнымі якасцямі.

Кракаўскае таварыства аўтараў і выдаўцоў навуковых прац „Universitas» у 1999-2002 г. у серыі „Klasycy współczesnej Polskiej Myśli Humanistycznej» пад рэдакцыяй Станіслава Гжыбоўскага апублікавала пяць тамоў выбраных твораў Януша Тазбіра. Яны называліся (па чарзе) „Państwo bez stosów», „Okrucieństwo w nowożytnej Europie», „Sarmaci i świat», „Studia nad kulturą staropolską», „Szkice o literaturze i sztuce». Ва ўводзінах да першага тома выдавец адзначыў, што „творчасць праф. Тазбіра непасрэдна ці апасродкавана датычыцца важных сучасных праблем, бо паказвае іх гістарычныя карані і шляхі вырашэння ў мінулым. З гэтага пункту гледжання навуковыя якасці яго прац дапоўнены выхаваўчымі, прычым у прывабнай форме, а не як надакучлівае павучанне, што вымушае думаць, а часам нават аспрэчваць, i заўсёды адкрывае перад чытачом новыя гістарычныя гарызонты»[64].

Пасля фармальнай адмены цэнзуры Я. Тазбір адчуў сябе свабодным ад неабходнасці пазбягаць некаторых даследчых праблемаў і пісаць эзопавай мовай, намёкамі. Пры тым ён захаваў пэўную дыстанцыю ў дачыненні да сучаснасці, пра гэта сведчаць часам горкія заўвагі, напрыклад, на тэму элітаў, якія растуць што грыбы пасля дажджу і якіх навуковец заўсёды атаясамліваў з паважанымі продкамі. Антычная максіма „historia magistra vitae», відочная ў юбілейным томе, прысвечаным шматгадоваму раману з Кліо, знаходзіць пасля 1990 г. адлюстраванне ў шэрагу выданняў аб гістарычных каранях сучаснасці[65], асабліва ў назве, падобнай на формы старапольскага пісьменства, дае ўрокі грамадзянскага выхавання сучаснай псеўдаарыстакратыі, якая, займаючы высокія пасады, ахвотна выстаўляе свае веды аб мінулым ці іх адсутнасць замест таго, каб вучыцца. Горкі прысмак мае прысвечаны згаданай тэме раздзел аб „Lekcjach w pustej klasie», напісаны прафесіяналам і адрасаваны гэтым….. прафанам[66].

Каб не заканчваць прысвечаны юбіляру нарыс на сумнай ноце, трэба звярнуцца да яго публічных выказванняў, якія маюць адукацыйны характар і з задавальненнем успрымаюцца думаючай часткай грамадства (апошняе было звязана з 80-годдзем і згаданай кнігай аб музе Кліо пад аптымістычнай назвай „Wreszcie trzeźwiejemy»[67]), і шматлікіх праяў прызнання не толькі з боку калег па цэху. Варта згадаць прыгожую ўрачыстасць прысваення прафесару Янушу Тазбіру ганаровага звання доктара honoris causa Апольскага універсітэта (10 сакавіка 2000), калі ў поўнай зале знаходзіліся не толькі выкладчыкі і студэнты універсітэта, але і шматлікія даследчыкі з розных куткоў краіны[68].

У юбілейны год вядомага гісторыка друкавалася шмат інтэрвію з ім на старонках газет і часопісаў. Згадаем некалькі выказванняў 80-гадовага і маладога ў навуковай дынаміцы даследчыка, настаўніка суайчыннікаў у перыяд бурных дыскусій аб цяперашнім часе і фантазіях на тэму нацыянальнай гісторыі, з інтэрвію пад знакавай назвай „Zakompleksieni megalomani», дзе ён выказваецца па пытанні адукацыйнай функцыі гісторыі: „Міфы былі неабходны ў XIX стагоддзі, калі яны служылі абароне польскасці. Школы знаходзіліся ва ўладзе тых, хто прымаў удзел у раздзелах Польшчы, таму гісторыю фактычна вучылі па Сянкевічу (трылогія „Крыжакі»). Падобным чынам вучылі яе i ў Народнай Польшчы — таксама па Сянкевічу, насуперак таму, да чаго прымушала школьная праграма. Затое сёння гісторыя можа быць свабоднай ад усялякіх абавязкаў. Не павінна быць алібі для тых, хто тлумачыць нашую цывілізацыйную затрымку, не павінна быць пропускам для нашага вяртання на палітычную карту Еўропы. Яна можа проста быць крытычным веданнем нашага мінулага».

Далей гісторык супакойвае тых, хто баіцца, што інтэграцыя Еўропы і працэс глабалізацыі пагражаюць нацыянальнай ідэнтычнасці. „Я не вельмі ў гэта веру, — піша ён. Нас увесь час страшаць. Гісторыя польскай мовы была прэзентавана ў катэгорыях дарвінаўскай барацьбы за існаванне. Гаварылі пра барацьбу за польскую мову ў эпоху Адраджэння, калі нібыта пагражала лацінская мова. Пра барацьбу за польскую мову ў эпоху Асветы. Але той факт, што ў перыяд дзеяння Канстытуцыі 3 траўня мы зрабілі гэтую мову абавязковай як для русінаў-сялян, так і для яўрэяў, у нас далікатна замоўчваўся. Такім чынам, сітуацыя выглядае наступным чынам: чым больш разумна мы будзем трактаваць наша мінулае, тым больш мы будзем бачыць наш цывілізацыйны ўкладу агульнаеўрапейскую культуру, тым больш захаваецца наша нацыянальная самасвядомасць. Вось што трэба рабіць замест сталага высоўвання наперад і паўтораў, што палякі былі першымі….. Мы пастаянна знаходзімся паміж Сцылай велічы і Харыбдай комплексу прыніжанасці. Трэба гэтага пазбаўляцца».

Заўвагу журналіста, што ў выніку бесперапыннага „развейвання» гісторыі могуць знікнуць усе нацыянальныя помнікі, вучоны энергічна абверг і заявіў, што ў Польшчы і раней, і цяпер ставяць помнікі асобам, звязаным з узброенай барацьбой, і часцей у сувязі з няўдалымі паўстаннямі. А дзе помнікі тым, хто працаваў над эканамічным уздымам краіны ва ўмовах адсутнасці незалежнасці? Тое самае можна сказаць пра рэфарматарскі рух у царкве, пра яго самакрытыку, прызнанне ранейшых памылак. Ён таксама трактуецца артадоксамі як праява бязбожнасці і пагроза існаванню каталіцтва. І тут цікавы пункт гледжання гісторыка: „Так. Але не трэба паддавацца такім меркаванням. Мы павінны глядзець крытычна, усебакова і аб’ектыўна, бо інакш да чаго прыйдзем? Зноў прыйдзем да агіяграфіі, якой, дарэчы, кіравалі марксісты. Вазьміце (звярнуўся ён да журналіста, які браў інтэрв’ю. — удакл. М.К.) біяграфіі Берута, Сталіна і іншых. Гэта і ёсць стварэнне святасці ў чыстым выглядзе. Марксісцкі святы не верыць у Бога, але праяўляе аскетызм, пазбягае жанчын і г.д. Параўнайце аўтабіяграфічны раман Мікалая Астоўская „Як гартавалася сталь». Гэта заразная хвароба».

У сучаснай Польшчы прафесар Януш Тазбір займае месца сярод знакамітых даследчыкаў мінулага з папярэдніх пакаленняў, якія, займаючыся доўгі час сваёй дысцыплінай, не трактавалі яе адарвана ад рэчаіснасці і засталіся верныя старарымскаму правілу historia est magistra vitae. Рэч у тым, каб і палітыкі прызнавалі яго адукацыйныя якасці, але не падпарадкоўвалі веды сваім мэтам.

Пераклала Любоў Козік


[1] Гл.: Kosman M. Główne kierunki badań nad historią kościoła w Polsce (po 1945 r.) // Euhemer — Przegląd Religioznawczy. 1985. Nr 2(136). S. 59-68; idem. Jezuitów polskich obraz własny.Badania ostatniego stulecia // Odrodzenie i Reformacja w Polsce (далей — ORwP). XLII, 1998. S. 213-227; idem, Kościół – Państwo — Spoіeczeństwo. Materiały pomocnicze. Poznań, 2002. Część pierwsza: Obraz Kościoła w historiografii. S. 11-48.
[2] Гл.: Kosman M. Józef Łukaszewicz 1797-1873 // Wybitni historycy wielkopolscy. Praca zbiorowa pod red. J. Strzelczyka. Poznań,1989. S. 61-73.
[3] Гл. навуковую біяграфію разам са змястоўнай літаратурай:Kubiatowski J., Tazbir J. Merczyng Henryk (1860-1916) // Polski Słownik Biograficzny (далей — PSB). XX. S. 437-439.
[4] Brückner A. O różnowierstwie polskim słów kilka // Reformacjaw Polsce (далей — RwP). R. I. 1921. S. 3.
[5] У 1908 г. аб’яднанне, якое развівала традыцыі польскага кальвінізму, пачало выдаваць у рамках некалькіх серый матэры ялы па сваёй гісторыі XVI-XVII ст. пад назвай «Monumenta Reformationis Polonicae et Lithuanicae». Амбіцыйныя планы былі часткова, калі не цалкам, згорнуты пад уплывам палітычнай сітуацыі — пачатак і наступствы Першай сусветнай вайны. Гл.: Kosman M. Litewska Jednota Ewangelicko-Reformowana od połowy XVII w. do 1939 r. Opole, 1986. S. 67 nn.
[6] Аўтар ужо цытаванага ўступнага артыкула (гл. спасылку 4)на с. 14 з гарачнасцю і, як магло падацца, празмерным аптымізмам пісаў: „Без якога-небудзь папярэджання, без затоенайдумкі мы пачынаем працу і заклікаем кожнага, хто хоча працаваць. Час вылечыў рэлігійныя сваркі — мы ні ў якім разе незбіраемся іх аднаўляць, але мінулае патрабуе адраджэння…».Параўнайце даследаванні на тэму сітуацыі з веравызнанняміi іх адлюстраваннем у польскай міжваеннай навуцы: KosmanM. Reformacja i kontrreformacja // Stosunki polsko-niemieckiew historiografii. Cz. I: Studia z dziejów historiografii polskiej i niemieckiej / Pod redakcją Jerzego Krasuskiego, Gerarda Labudy i Antoniego W. Walczaka. Poznań, 1974. S. 372 n.; idem. Zarys dziejów rodzimego i obcego nurtu w polskim protestantyzmie do roku1939 // Studia Historica Slavo-Germanica. 1977. T. VI. S. 49-88.
[7] RwP I (1921), II (1922), III (1924), IV (1926), V (1928), VI (1934),VII-VIII (1935-1936), IX-X (1937-1939). У той час рэдактарамчасопіса быў Станіслаў Кот.
[8] RwP XI (1948-1952), XII (1953-1955) пад рэдакцыяй ГенрыкаБарыча. З 1939 г., калі пачалася Другая сусветная вайна,Станіслаў Кот знаходзіўся ў эміграцыі, дзе застаўся пасля 1945 г.У склад рэдкалегіі ўваходзілі таксама Аскар Бартэль і ксёндзЯн Шэруда.
[9] Kurdybacha L. Historie reformacji w Polsce. Stan badań i postulaty // RwP. XI. 1948-1952. S. 5.
[10] У першым томе быў прыведзены наступны склад рэдакцыйнага камітэта: Аскар Бартэль, Генрык Барыч (напісаў адмову і недалучыўся да рэдагавання новага часопіса), Вільгельм Білліг, Казімеж Будзык, Казімеж Лепшы (быў галоўным рэдактарам тамоў 2-8, заўчасна памёр) і Януш Тазбір (першапачаткова быў сакратаром рэдакцыі, а потым галоўным рэдактарам IX—L тамоў). З папярэдняга складу рэдакцыі RwP не хапала толькі Я. Шэруды, які далучыўся пры выданні трэцяга тома і фігураваў у значна пашыраным камітэце як намеснік рэдактара.
[11] З цягам часу склад рэдакцыйнага камітэта мяняўся — адыходзілі адны, прыходзілі іншыя. На канчатковым этапе важнуюролю акрамя Януша Тазбіра адыгрываў намеснік галоўнагарэдактара Лех Шчуцкі. Абодва падалі прашэнне аб адстаўцыпасля выдання 50-га тома, пра што паінфармавалі ўдзельнікаўюбілейнай сустрэчы ў зале Лялевеля Інстытута гісторыі ПАН20 лютага 2007 г.
[12] ORwP. I. 1956. S. 7.
[13] Bibliografia roczników „Reformacja w Polsce» 1921-1956 / opracowały M. Bokszczanin i H. Kapełuś. ORwP. III. 1958. S. 217-287.
[14] Ibidem. S. 7 (Wstęp).
[15] Па пытанні адаптацыі марксізму у польскай гістарыяграфіі пасля 1945 г. гл.: Labuda G. Rozwój metod dziejopisarskich od starożytności do współczesności. Część I: Do schyłku XIX wieku. Poznań. 2003. S. 155 nn.
[16] ORwP. III. 1958. S. 8.
[17] Ibidem. Вылучана аўтарам артыкула. — М.К.
[18] Tazbir J. Długi romans z Muzą Klio. S. 62.
[19] Гл. спасылку 13.
[20] Kosman M. Z badań nad Odrodzeniem. S. 63.
[21] Tazbir J. Ludwik Chmaj // ORwP. V. 1960. S. 266.
[22] Wyczański A. Kazimierz Lepszy 1904-1964 // ORwP. X. 1965.S.5.
[23] Pelc J. Wiktora Weintrauba studia staropolskie // ORwP. XXXIV.1989. S. 257-262.
[24] T. XXVI. 1992 (аўтар — Генрык Булгак).
[25] ibidem (аўтар — Лех Шчуцкі).
[26] Szczucki L. Henryk Barycz (1901-1994). S.161-165; Bieńkowski W. Leszek Hajdukiewicz (1924-1995). S. 166-169.
[27] Quirini-Popławska D. Stanisław Cynarski (1923-1996) // ORwP.XLI. 1997. S. 205-207.
[28] Szczucki L. Stanisław Kot // ORwP. XLIII. 1999. S. 195-212.
[29] ibidem, s. 211 n. Згадаем, што яшчэ раней (у 1987 г. у Варшаве) у вядомай серыі «Класікі гістарыяграфіі» быў выдадзены грунтоўны выбар прац С. Кота (Polska Złotego Wieku a Europa. Studia i szkice) у апрацоўцы аднаго з першых яго вучняў Генрыка Барыча. У хуткім часе на старонках штотыднёвіка «Polityka» (№ 17 ад 23 IV 1988 г., с.14) Я. Тазбір апублікаваў артыкул пад знакавай назвай «Stanisława Kota powrót z emigracji».
[30] Urban W. Ladislao Lászloczky (Władysław Łachowski herbu Pilawa) (1912-2003) // ORwP. XLVII. 2003. S. 250-251.
[31] Szczucki L. Halina Kowalska-Kossobudzka (1930-2002) // ORwP.XLVI. 2002. S.237-239.
[32] Manikowski A. Antoni Mączak (1928-2003) // ORwP. XLVII. 2003.S. 252-256.
[33] Ślęk L. Czesław Hernas (1928-2003) // ORwP. XVIII. 2004. S.309-313; Bieńkowski T. Jerzy Dobrzycki (8 kwietnia 1927 — 1 lutego 2004). Ibidem. S. 313-314.
[34] Гл.: ORwP. XLIX, 2005: Bułhak H. Jan Pirożyński (7 III 1936 -8 X 2004). S. 261-264; Szczucki L. Eugenio Garin (9 V 1909-29 XII 2004). S. 264-267; Karpiński A. Janusz Pelc (5 IX 1930 — 9 V 2005). S. 267-270.
[35] Тут пачэснае месца занялі Генрык Барыч і Аскар Бартэль, заслугі якіх былі адзначаны і ў некралогах: Oskar Bartel (24 X 1893-5 XI 1973). T. XIX. S. 5-6; Szczucki L. Henryk Barycz (1901-1994). T. XL. S.161-165.
[36] Od Redakcji na pięćdziesięciolecie // ORwP. L. 2006. S. 9.
[37] Знаёмству замежных даследчыкаў з матэрыялам спрыяе кароткі пераказ артыкулаў на нямецкай, англійскай, французскаймовах. Адзін з тамоў выйшаў цалкам па-італьянску.
[38] Э. Масціцкі — прэзідэнт Польшчы ў 1926—1939 г., Э. Рыдз-Сміглы — генеральны інспектар польскіх узброеных сілаў у1935-1939 г. (заўвага перакл.).
[39] Маецца на ўвазе ліпеньская 1941 г. дамова Сікорскага—Майскага(заўвага перакл.).
[40] Tazbir J. Polska na zakrętach dziejów. Warszawa, 1997, s. 321 n.; idem. Długi romans z Muzą Klio. Warszawa, 2007. S. 28-37.
[41] Polska na zakrętach, цытата з чацвёртай старонкі вокладкі. Далейаўтар дадае, што ранейшая зацікаўленасць усё ж засталася,пра што сведчыць шэраг яго публікацый, якія выйшлі пасляліквідацыі ў 1990 г. цэнзуры. Некаторыя ён прадставіў нанава,звярнуўшыся да сваіх нататак і адзначыўшы змены, якія быліўнесены ў тэкст у выніку ўмяшальніцтва цэнзараў.
[42] Выдадзена ў часопісе „Biuletyn Historii Sztuki i Kultury». R.XI.1949. № 3/4. S. 382-392. Гэта была праца, падрыхтаваная дасемінара.
[43] Cenzura w PRL. Relacje historyków / Opracował Zbigniew Romek.Warszawa, 2000. S. 231. Аўтар сабраў у згаданай кнізе выказ ванні пятай часткі (20%) 150 даследчыкаў, што былі сведкамі эпохі.
[44] Ze studiów nad ksenofobią w Polsce w dobie pуźnego Renesansu //Przegląd Historyczny. Т. XLVIII. 1957. S. 655-682.
[45] Reformacja a problem chіopski w Polsce XVI wieku. Oddziaływanie walki klasowej na wsi polskiej na kształtowanie się ideologii szlachty w okresie reformacji // Studia Staropolskie IBL PAN. Т. II.Wrocław, 1953.
[46] Długi romans, s. 60 n. Другі раздзел займае большую частку кнігі і называецца «Zrozumieć przeszłość».
[47] Гэты тэкст (у суаўтарстве з Станіславам Гэрбстам і Ярэмам Мацішэўскім) выйшаў на старонках варшаўскай «Kulturу» (№ 22 ад 2 чэрвеня 1968 г., с. 4), як і далейшы працяг дыскусіі падназвай «Doc. Nowickiemu w odpowiedzi» (№ 26 ад 30 чэрвеня1968 г., с. 11).
[48] Ён не назваў прозвішча, але для тых, хто арыентаваўся ў справе, яно і так было вядомым.
[49] Maciszewski J. O Polsce siedemnastowiecznej // Czasy nowożytne. Studia poświęcone pamięci prof. Władysława Eugeniusza Czaplińskiego w 100 rocznicę urodzin / Pod redakcją Krystyna Matwijowskiego. Wrocław, 2005. S. 19 n. Неабходна памятаць, што Я. Мацішэўскі быў пад час «сакавіцкіх падзей» [1968] не толькі прафесарам Варшаўскага універсітэта, але, што можа быць больш важным, і дзеячам Польскай аб’яднанай рабочай партыі, знаходзіўся на адказнай пасадзе ў Цэнтральным камітэце ПАРП (аддзел навукі), а Януш Тазбір у гэты час займаў пасаду намесніка дырэктара Інстытута гісторыі ПАН.
[50] Długi romans. S. 58. Трэба заўважыць, што вельмі часта «недалучэнцы» ў крытычных для іх сітуацыях чакалі дапамогі з боку так званых «кар’ерыстаў», ці пазітывістаў, і іх надзеі спраўджваліся.
[51] Ibidem. S. 61.
[52] O Instytucie Historii refleksje osobiste // Instytut Historii Polskiej Akademii Nauk 1953-1993 / Pod redakcją Stefana K. Kuczyńskiego.Warszawa, 1993. S. 62.
[53] Бібліяграфія была прыведзена ў юбілейнай кніжцы «Kultura polska a kultura europejska. Prace ofiarowane Januszowi Tazbirowi w sześćdziesiątą rocznicę urodzin». Warszawa, 1987. S. 5—52.
[54] Бібліяграфія за 1987 — чэрвень 1997 г. пададзена ў кнізе «Kulturastaropolska — kultura europejska. Prace ofiarowane Januszowi Tazbirowi w siedemdziesiątą rocznicę urodzin». Warszawa, 1997. S. 8 — 18.
[55] O Instytucie Historii… S. 64.
[56] З перспектывы 2007 г. Я. Тазбір згадвае: «На доўгія гады галоўнай тэмай маіх даследаванняў стаў рэфарматарскі рух, прычынай чаго ў пэўнай ступені была характэрная для пяцідзесятых гадоў мода на арыянства. Думаю, што цені Марціна Чаховіча, Самуэла Пшыпкоўскага ці Фауста Соцына не раз здзіўляліся таму, што ўлады ПНР бралі гэтых карыфеяў сацыянізму ў якасці сваіх ідэйных родапачынальнікаў» (Długi romans. S. 62).
[57] Гл.: Budniewska A. i Mitura-Karwowska A. Bibliografia zawartości czasopisma „Odrodzenie i Reformacja w Polsce». Т. I-XLIII. S.98—100 і спіс зместу тамоў XLIV—L.
[58] Taras Bulba. Powieść Mikołaja Wasylewicza Gogola / Tłumaczeniez rosyjskiego Jerzy Szota. Krosno, [b.d.]. Гэты твор, які доўгі чассвядома замоўчваўся, быў «прысвоены» ў Польшчы напрыканцы ХХ ст.; Я. Тазбір неаднаразова спасылаўся на яго ў сваіх эсэ.Да шырокага кола чытачоў быў адрасаваны артыкул на старонках варшаўскага часопіса „Polityka» № 22(2352) ад 1 чэрвеня 2002 г. (с. 85—86) пад назвай «Z Bulbą w gardle» (агульны загаловак — «Polsko-rosyjskie wojny literackie»), напісаны ў сувязіз публікацыяй польскага перакладу і прысвечаны прычынам негатыўнага стаўлення да яго ў Польшчы.
[59] Łoziński W. Życie polskie w dawnych wiekach / Wstęp i opracowanie J. Tazbir. Warszawa, Iskry, 2006. Выдавец дадаў 111 спасылак каментароў, якія ў значнай ступені скарэктавалі тэкстЛазіньскага. Для іх патрабаваліся працаёмкія праверкі і ўдакладненні (напрыклад, спасылка 109 на с. 267). Каб не паддаваць тэкст суровай крытыцы ў вачах чытача, спасылкі былізмешчаны асобна ў канцы кнігі.
[60] Łoziński W. Prawem i lewem. Obyczaje na Czerwonej Rusi w pierwszej połowie XVII wieku / W opracowaniu J. Tazbira. Warszawa, Iskry, 2005.
[61] Bystroń J.S. Dzieje obyczajów w dawnej Polsce. Wiek XVI — XVIII /Wstępem poprzedził J. Tazbir. T. I—II. Warszawa, 1994. Гэтае выданне было па-мастацку добра аформлена Дзяржаўным выдавецкім інстытутам. Аўтары бібліяграфіі ў кнізе да 70-годдзя здня нараджэння Я. Тазбіра забыліся згадаць гэтую працу ў навуковай спадчыне юбіляра. Варта адзначыць, што толькі ўступналічвае 15 старонак, і гэта без уліку працаёмкіх выпраўленняў у тэксце Быстр аня.
[62] Гл. спасылкі 15 і 16.
[63] Гл.: „Przegląd Humanistyczny» № 1(334). Rok XL. Warszawa,1996 (нумар прысвечаны праф. Янушу Тазбіру); „Odrodzeniei Reformacja w Polsce». Т. XLVI. 2002 (з наступным прысвячэннем ад імя рэдакцыйнага камітэта: „5 жніўня 2002 г. прафесару Янушу Тазбіру, які на працягу доўгага часу быў галоўнымрэдактарам нашага штогодніка, споўнілася семдзесят пяць гадоў. Выдатнаму вучонаму, які нястомна вандруе па старонкахнацыянальнай гісторыі і аддае перавагу старапольскай гісторыі, мы выказваем шмат сардэчных пажаданняў…»).
[64] Grzybowski S. Janusza Tazbira osobowość i twуrczość // Tazbir J.Prace wybrane. T. 1. Kraków, 2000. S. V.
[65] Асабліва: Polska na zakrętach dziejów (Warszawa, 1997), W pogoni za Europą (Warszawa, 1998), Pożegnanie z XX wiekiem (Warszawa, 1999), Polacy na Kremlu i inne historyje (Warszawa, 2005).
[66] Tazbir J. Silva rerum historicarum. Warszawa, 2002. s. 341 nn.
[67] Напрыклад, гл.: Historia nie zaszkodzi („Trybuna» dodatek edukacyjny, ад 17 IX 2003, s.1); O czym się pisać nie godziło („GazetaWyborcza» 27-28 XII 2003, s.16 n.); Jesteśmy narodem obolałym dziejami („Kurier Czytelniczy» nr 36, październik 1997,s.1 i 7); Weksel potomka Sobieskich („Gazeta Wyborcza» 24IX 2007,s. 28); Rozmowa z prof. Januszem Tazbirem o bohaterach, kolaboracji i spiskowej teorii dziejów („Bunt Młodych Duchem» nr 2(36)s. 5-8 i 3(37) s. 7-8, 2007); Wreszcie trzeźwiejemy („Przegląd» nr48 z 18 XI 2007, s. 16-19).
[68] Гл.: Doctor Honoris Causa. Janusz Tazbir — Człowiek i dzieło.Katalog wystawy, 9 marca 2000 r. Uniwersytet Opolski.

Наверх

Тэгі: , , , , ,