БЕЛАРУСКІ ГІСТАРЫЧНЫ АГЛЯД
НАВУКОВЫ ЧАСОПІС

Řezník, Miloš. Bĕlorusko: Stručná historie statů. Praha, 2003 (Наталля Прыступа)

ŘEZNÍK, MILOŠ. Bĕlorusko: Stručná historie států. Sv. 12. Praha: Nakladatelství Libri. 2003. — 110 s.

У 2003 г. у Празе выйшла кніга Мілаша Ржэзніка „Беларусь» (выдавецтва „Лібры», серыя „Кароткі нарыс гісторыі краін свету»). Як сказана ў прадмове, мэтай даследавання з’яўляецца адлюстраванне гісторыі беларускага краю — пагатоў, дагэтуль у чэшскай гістарыяграфіі не было якой-кольвек абагульняльнай працы па дадзенай тэме. У сціслым пераказе прапануецца гісторыя беларускага народа са старажытных часоў да нашых дзён: толькі звяртаючыся да даўніны, сведчыць аўтар, можна растлумачыць працэсы, якія зазнае Беларусь сучасная.

На думку М. Ржэзніка, неабходна падзяляць гісторыю дзяржавы і гісторыю народа. Незалежная краіна пад назвай „Беларусь» узнікла толькі пасля распаду СССР у пачатку 1990-х г. — гісторыя ж беларускага народа налічвае не адно стагоддзе. Увогуле, цяжкасці ў вывучэнні гісторыі беларусаў абумоўлены, сцвярджае М. Ржэзнік, этнічнай і моўнай стракатасцю краіны ды супярэчлівым развіццём самасвядомасці беларусаў. Як высвятляецца, няпроста нават вызначыць дакладную назву рэгіёну ў кантэксце старажытнай гісторыі.

У прадмове адзначана, што беларускія назвы падаюцца ў кнізе згодна з традыцыяй чэшскай гістарыяграфіі — г. зн. у выглядзе польскіх ці рускіх адпаведнікаў. Уласна беларускія варыянты імёнаў М. Ржэзнік ужывае толькі ў дачыненні да найноўшай гісторыі.

Агляд старажытнай беларускай гісторыі М. Ржэзнік распачынае са з’яўлення першых населеных пунктаў на тэрыторыі сучаснай Беларусі (100-40 тыс. да н. э.). Тэзісна разглядаюцца век каменны, бронзавы і жалезны. Што да з’яўлення на Беларусі славянаў, то аўтар канстатуе нявызначанасць дадзенага пытання. Паводле даследчыкаў (перш за ўсё філолагаў), акурат на тэрыторыі Беларусі, ці на ўсходзе ад яе, у I тыс. да н. э. адбыўся распад адзінай групы плямёнаў на славянскую і балцкую галіны. Такім чынам, менавіта Беларусь з’яўляецца месцам стыку і перапляцення абодвух элементаў — аднак аднавіць час, умовы і напрамкі рассялення славянаў на дадзены момант праблематычна ў сувязі з недахопам крыніц.

Неабходнасць прыняцця хрысціянства М. Ржэзнік тлумачыць палітычнымі інтарэсамі. Пасрэдніцтва Кіева і яго вялікадзяржаўная палітыка абумовілі прыналежнасць беларускіх земляў да асяродку ўсходняга хрысціянства. Аўтар, аднак, схіляецца да думкі, што Беларусь — месца, бадай, сутыкнення візантыйскага і лацінскага хрысціянскіх абрадаў.

У якасці знешніх фактараў узнікнення Вялікага Княства Літоўскага XIII ст. М. Ржэзнік называе экспансіянісцкую палітыку Залатой Арды, Масквы і Нямецкага ордэна. З фактараў унутраных у першую чаргу адзначаецца развіццё эканамічных адносінаў. Што да літоўскага перыяду беларускай гісторыі, аўтар спыняецца на пытаннях фармавання шляхецкага стану, паскарэння працэсаў урбанізацыі, узрастання гандлю і вытворчасці, на асаблівасцях прыняцця магдэбургскага права. Прагаворваючы матывы збліжэння ВКЛ з Польшчай, М. Ржэзнік акцэнтуе розніцу пазіцый шляхты і магнатаў у гэтым пункце, нагадвае пра ўзмацненне націску з боку Масквы.

У артыкуле, прысвечаным перыяду Рэчы Паспалітай, М. Ржэзнік аналізуе палітычную сістэму, якая ўсталявалася ў краіне пасля заключэння ў 1569 г. Люблінскай уніі. Ён падкрэслівае, што літоўская частка створанай дзяржавы, нягледзячы на атрыманыя гарантыі раўнапраўнага становішча, паступова трапляла ў цень больш магутнай Польшчы. Самі ж тэрміны „Літва» і „літоўскі» па-ранейшаму распаўсюджваліся на ўсю тэрыторыю ВКЛ, у тым ліку і на беларускія землі, а да 1697 г. дзяржаўнай мовай была старабеларуская. Паланізацыя, на думку аўтара, паскорылася не столькі дзякуючы ўрадавай палітыцы, колькі праз палітычнае, юрыдычные і культурна-ідэалагічнае збліжэнне літоўскіх палітычных элітаў з польскімі.

Заключэнне ў 1596 г. Берасцейскай уніі М. Ржэзнік разглядае як спробу пераадолець канфліктную сітуацыю ў рэлігійным жыцці краіны. Падкрэсліваецца, аднак, што большая частка вышэйшай праваслаўнай ерархіі не прызнала акта стварэння грэка-каталіцкай царквы, а гараджане, сяляне і частка дробнай шляхты ўвогуле палічылі яго за праяву рэлігійнага прыгнёту. Аналізуючы рэфармацыйны рух на Беларусі, аўтар называе яго асноўныя кірункі (у каталікоў — кальвінізм, арыянства, у меншай ступені лютэранства; у праваслаўных — рух монадарантаў) і прыходзіць да высновы, што ва ўмовах пагаршэння геапалітычнага становішча краіны менавіта каталіцтва паступова зрабілася дзяржаўнай і станавай ідэалогіяй польска-літоўскай шляхты.

Шмат увагі аддаецца палітычнай сістэме Рэчы Паспалітай: распавядаецца пра сутнасць liberum veto, прывілеі шляхецкага стану, слабую ролю караля. Падкрэсліваецца няўдзел гараджан у кіраванні краінай, некантраляваная і неабмежаваная ўлада прадстаўнікоў найбагацейшых магнацкіх родаў. Апошні пункт перадусім датычыць менавіта беларускай часткі Рэчы Паспалітай.

Далей вядзецца пра перыяд расійскай улады на Беларусі. Пералічваюцца наступствы ўваходжання Беларусі ў склад Расійскай імперыі: канец палітычнага ўплыву шляхты, вялікая колькасць перасяленцаў, скасаванне магдэбургскага права, прыгнёт грэка-каталіцкай царквы, новы адміністрацыйны падзел. У сціслым выглядзе адлюстраваны напад Напалеона на Расію, дзейнасць грамадскіх суполак філарэтаў і філаматаў, вынікі падаўлення паўстанняў 1830-1831 i 1863-1864 г., развіццё капіталістычных адносінаў другой паловы XIX ст.

Больш падрабязна разгледжана развіццё беларускага нацыянальнага руху ў апошняй трэці XIX ст. Так, аўтар адзначае, што прадстаўнікі беларускага нацыянальнага руху ў большасці паходзілі з вёскі і апелявалі да сельскага люду, але дзейнічалі перадусім у гарадах, у сувязі з чым вёска мала што пра іх ведала. Паходжанне ўдзельнікаў руху абумовіла іх збліжэнне з рабочым, сацыялістычным і, пазней, камуністычным рухам. М. Ржэзнік звяртае ўвагу на пашыраную сярод тагачаснай свядомай інтэлігенцыі ідэю аднаўлення уніяцтва ў якасці нацыянальнай царквы беларусаў. Аднак большасць насельніцтва на той момант ужо далучылася ці да праваслаўя, ці да каталіцтва — таму ідэя не знайшла шырокай падтрымкі. Аўтар праводзіць гістарычную паралель з канцом 1980 — пачаткам 1990-х г., калі ўяўленне пра уніяцтва як пра нацыянальную канфесію зноў зазнала няўдачу.

Аналізуючы праблему самавызначэння беларусаў, М. Ржэзнік адзначае, што менавіта абвяшчэнне БНР у сакавіку 1918 г. падштурхнула бальшавікоў да стварэння БССР. Час 1917-1921 г. характарызуецца ім як складаны, імклівы перыяд важных зменаў. Беларускі рух, які не знайшоў масавай падтрымкі з боку насельніцтва, прыйшоў да праграмы аўтаноміі і незалежнасці краіны. Здзяйсняецца падзел земляў, населеных беларусамі, паміж варожымі Польшчай i Савецкай Расіяй. І калі ва ўсходняй частцы ў 1920-я г. пашыраюцца працэсы беларусізацыі, то ў Заходняй Беларусі паўстае працяглы канфлікт паміж мясцовым насельніцтвам і польскай дзяржавай. У 1930-я г. беларусізацыя ў БССР спыняецца, адбываецца паўсюдная ліквідацыя г. зв. „буржуазнага нацыяналізму», калектывізацыя і індустрыялізацыя. У Заходняй Беларусі працягваецца прыгнёт беларускага нацыянальнага жыцця ва ўмовах узмацнення аўтарытарнага рэжыму санацыі ў Польшчы.

Падзеі ваеннага камунізму, НЭПу, калектывізацыі і індустрыялізацыі ў даследаванні амаль не закранаюцца — чытачу прапануецца іх просты, без дэталёвых тлумачэнняў, пералік. Аўтар сцісла спыняецца на гісторыі другой сусветнай вайны — хадзе ваенных дзеянняў, асноўных напрамках супрацоўніцтва з нацыстамі, наступствах вайны для развіцця народнай гаспадаркі. Гісторыя БССР у пасляваенны час таксама разглядаецца вельмі сцісла. Больш падрабязна асвятляецца характар палітычных і эканамічных працэсаў, якія адбываліся пад час знаходжання на чале рэспублікі К. Мазурава і П. Машэрава.

Што да праблемаў стварэння незалежнай краіны — М. Ржэзнік з прыкрасцю адзначае палітычную апатыю і слабую зацікаўленасць беларускіх грамадзян ва ўласнай дзяржаве. З іншага боку, падкрэсліваецца, што такі стан рэчаў дазволіў унікнуць сур’ёзных канфліктаў на нацыянальнай і рэлігійнай глебе.

Палітычны рэжым, усталяваны ў рэспубліцы пасля 1994 г., характарызуецца аўтарам як аўтарытарны. Аналізуючы вышка прэзідэнцкіх выбараў 2001 г., аўтар гаворыць, што яны былі сфальшаваныя, але ў той самы час адпавядалі жаданням большай часткі беларускіх выбарцаў.

У канцы аўтар звяртае ўвагу на праблему недахопу ў Чэшскай Рэспубліцы новай гістарычнай літаратуры пра Беларусь і беларусаў, спыняецца на даступных працах беларускіх, польскіх і нямецкіх гісторыкаў. Акрамя таго, у кніжцы даецца кароткая энцыклапедычная даведка пра Беларусь (афіцыйная назва, дзяржаўная форма кіравання, месцазнаходжанне, пералік найбуйнейшых гарадоў, характарыстыка насельніцтва, рэлігійная сітуацыя, асноўныя напрамкі эканамічнага развіцця, прыродныя ўмовы краіны і г. д.). Змяшчаецца інфармацыя аб знаходжанні Пасольства Чэшскай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь і Беларускага пасольства ў Чэшскай Рэспубліцы, даюцца асноўныя нумары тэлефонаў (у тым ліку — хуткай дапамогі, міліцыі і г. д.).

Можна адзначыць, што ў цэлым М. Ржэзнік здолеў выканаць пастаўленую перад сабой мэту — паказаць гісторыю беларускага народа ад старажытнасці да нашых дзён. З’яўленне даследавання такога характару дазволіць абудзіць цікавасць да Беларусі перш за ўсё сярод чэшскіх чытачоў.

Мінск

Наталля Прыступа

Тэгі: , ,