БЕЛАРУСКІ ГІСТАРЫЧНЫ АГЛЯД
НАВУКОВЫ ЧАСОПІС

Надсан, Аляксандр. Княгіня Радзівіл і справа адраджэньня Уніі ў Беларусі (Святлана Марозава).


НАДСАН, АЛЯКСАНДР. Княгіня Радзівіл і справа адраджэньня Уніі ў Беларусі. — Менск, 2006. — 112 с. (Бібліятэка часопіса „Беларускі Гістарычны Агляд»)

Дзякуючы працам айчынных гісторыкаў, этнолагаў, філолагаў, філосафаў і культуролагаў (У. Конан, Я. Янушкевіч, А. Смалянчук, І. Трацяк і інш.) у апошнія два дзесяцігоддзі навуцы і грамадству стала вядома шмат новых старонак беларускага нацыянальнага адраджэння пачатку ХХ ст. У гістарычную памяць народа вернуты постаці адраджэнцаў, добра вядомых у свой час, але забытых няўдзячнымі нашчадкамі або і свядома выкрасленых савецкай гістарыяграфіяй з народнай памяці. Сярод гэтых адраджэнцаў — прадстаўнікі інтэлігенцыі дробнашляхецкага паходжання, святарства, буйных памешчыкаў (напрыклад, Р. Скірмунт). Невялікая па аб’ёме, але ад гэтага не менш каштоўная праца Аляксандра Надсана знаёміць нас з жыццём і дзейнасцю княгіні Магдалены Радзівіл (1861-1945), якая сярод постацяў беларускага нацыянальнага і рэлігійнага адраджэння пачатку ХХ ст. займае не апошняе месца.

Кніга, складзеная з двух раздзелаў, напісана на крыніцах i літаратуры беларускага і замежнага паходжання, з якіх апошнія цяжкадаступныя, а то і зусім недаступныя даследчыкам з Беларусі. У першай частцы асвятляецца шлях гэтай арыстакраткі да беларускага нацыянальнага руху. Народжаная ў Варшаве, Магдалена Радзівіл (у дзявоцтве Завішанка — з сям’і Завішаў) сваімі каранямі цесна звязана з Беларуссю. Яе дзяцінства збольшага прайшло ў бацькоўскім маёнтку Кухцічы, што ў Ігуменскім павеце Менскай губерні, у пяці вёрстах ад Узды. Бацька, вядомы археолаг Ян Завіша, як адзначае А. Надсан, належаў да тых прадстаўнікоў беларускіх шляхецкіх родаў, якія, нягледзячы на вонкавую паланізацыю, добра ведалі беларускую мову, засталіся патрыётамі сваёй бацькаўшчыны і зрабілі ўнёсак у вывучэнне яе гісторыі і культуры. Такімі былі браты Канстанцін і Яўстафі Тышкевічы, Уладзіслаў Сыракомля, Адам Кіркор і інш. Для аўтара кнігі не падлягае сумневу ўплыў бацькі на тую любоў да Беларусі і беларускага народа, якая зарадзілася ў дзяўчаці, а пасля прывяла да ўсведамлення ёю сваёй нацыянальнай прыналежнасці. Даследчык дапускае, што на рост яе беларускай нацыянальнай свядомасці паўплывалі не вельмі шчаслівыя адносіны з маці-полькай.

У 1881 г., як даведваемся з першага раздзела, Магдалена выйшла замуж за польскага графа Людвіка Красінскага і ў пасаг атрымала маёнтак Жорнаўка ў Ігуменскім павеце з больш як 27 тысячамі дзесяцін зямлі. Застаўшыся ў 1895 г. удавой, яна шмат падарожнічала па Еўропе і ў 1906 г. у Лондане выйшла замуж за князя Мікалая Радзівіла, на 19 гадоў маладзейшага за яе. Гэта быў добра адукаваны няўрымслівы малады чалавек, удзельнік паўднёва-афрыканскай (бурскай) вайны 1899-1902 і руска-японскай 1904-1905 г. Сярод палякаў М. Радзівіл меў рэпутацыю масквафіла, і яго шлюб з багатай удавой польскага арыстакрата, якая магла б быць яго маці, быў сустрэты непрыхільна. А. Надсан дапускае, што гэта і паўплывала на канчатковы разрыў Магдалены Радзівіл і яе мужа з польскім грамадствам. Да таго ж з выхадам у 1906 г. першых легальных беларускіх газет „Наша Доля» і „Наша Ніва» пачаў набіраць сілы беларускі адраджэнскі рух.

Узяўшы шлюб, Магдалена жыла разам з мужам у Кухцічах або ў Менску. Князь загінуў у Першую сусветную вайну ў Прусіі. Пахавалі яго ў Кухцічах. Да таго часу Мікалай і Магдалена Радзівіл ужо з’яўляліся добра вядомымі беларускімі дзеячамі, лічылі сябе беларусамі, за што іх вельмі не любілі польскія дэмакраты, у якіх, паводле слоў А. Надсана, у галаве не магло памясціцца, „каб шляхціч, пан, а то яшчэ і князь ды мог быць беларусам». Затое беларускія дзеячы добра разумелі, што ў асобе князя яны страцілі абаронцу справы іх адраджэння, які спрычыніўся да ўздыму беларускай мовы. У Менску, праз які цела князя везлі на пахаванне ў Кухцічы, на труну ўсклалі вянок з надпісам: „Князю Мікалаю, сыну зямлі беларускай, беларусы».

Прыведзеныя ў кнізе факты і аўтарскія назіранні наконт падтрымкі князямі Мікалаем і Магдаленай Радзівіл беларускага нацыянальнага руху і іх антаганізму з польскімі коламі цалкам ламаюць ранейшае ўяўленне пра спаланізаванасць і паланізатарскую дзейнасць беларускай заможнай шляхты ў ХІХ — пачатку ХХ ст. і з’яўляюцца моцным аргументам супраць ходкага і сёння сцвярджэння: „Беларуская шляхта? Дзе вы знайшлі на Беларусі беларускую шляхту? Гэта польская шляхта!» Так звычайна думаюць сучасныя, як правіла, паслядоўнікі заходнерусізму, ніяк не дапускаючы, што ідучы ўслед за іхняй логікай, і іх саміх нельга называць беларускімі гісторыкамі.

Стан крыніц не дазволіў А. Надсану вызначыць, калі распачаўся актыўны ўдзел княгіні ў беларускім нацыянальным жыцці. Ён дапускае, што яна вельмі рана пачала дапамагаць беларускай суполцы ў Пецярбурзе „Загляне сонца і ў наша ваконца», што існавала ў 1906-1914 г. пад кіраўніцтвам прафесара Браніслава Эпімаха-Шыпілы. З віленскімі коламі, згуртаванымі вакол „Нашай Нівы», яна, відаць, усталявала сувязі пазней. У 1913 г. „на падтрымку беларускага выдавецтва ў Вільні» княгіня дала 20 тыс. рублёў. Зборнікі „Вянок» Максіма Багдановіча, „Курганная кветка» Канстанцыі Буйло, „Рунь» Максіма Гарэцкага, „Васількі» Ядзвігіна Ш., „Родныя з’явы» Тараса Гушчы (Якуба Коласа) выйшлі са знакам „Лебедзь», які трохі нагадвае вянок, — гербам роду Завішаў, з якога паходзіла Магдалена.

У 1917-1918 г., у пару вялікіх перамен і спадзяванняў, княгіня, як вынікае з кнігі, трымалася ў цэнтры падзей. У яе доме на Захар’еўскай вуліцы ў Менску збіраліся беларускія дзеячы. Акрамя таго, яна мела моцныя сувязі з Вільняй і Пецярбургам. Княгіня адной з першых пачала клапаціцца пра беларускае школьніцтва, засноўваючы ў сваіх маёнтках беларускія школы. У 1917-1918 г. у іх настаўнічалі вядомая Паўліна Мядзёлка, сёстры паэткі Канстанцыі Буйло. У мястэчку Узда Магдалена заснавала рамеснае вучылішча для сялянскіх дзяцей, на якое асігнавала 20 тыс. руб. у год. Справаводства ў маёнтках княгіні было пераведзена на беларускую мову. Сама яна вымагала, каб з ёй гаварылі па-беларуску.

Глыбока пабожная асоба, каталічка М. Радзівіл, як паказана ў кнізе, з разуменнем і павагай ставілася да рэлігійных пачуццяў людзей іншага веравызнання. Яна разумела, як важна мець свядомых святароў і чым шырэй выкарыстоўваць родную мову ў царкоўным жыцці.

Княгіня трымала сувязь з беларускімі святарамі і студэнтамі Пецярбургскай духоўнай акадэміі, дапамагала заснаванаму ў 1912 г. беларускаму студэнцкаму таварыству набыць сваю бібліятэку і вельмі магчыма, дапамагала некаторым студэнтам акадэміі ў аплаце за атрыманне адукацыі. Яна фінансава падтрымлівала выданне навучальнай літаратуры і рэлігійных кніг на беларускай мове. Княгіня сістэматычна пакрывала даўгі тыднёвай каталіцкай газеты „Беларус» (выходзіла ў Вільні ў 1913-1915 г.), якая абуджала нацыянальную свядомасць беларусаў-каталікоў.

Кніга А. Надсана раскрывае шматбаковую дзейнасць княгіні па падтрымцы беларускага руху. Яна заснавала таварыства дапамогі сем’ям прызваных у армію. Імкнулася стварыць беларускі рэлігійны асяродак у Менску. Хацела для яго выкупіць у горада былы дамініканскі касцёл з кляштарам, якія былі скасаваны ў 1865 г., і аддаць іх каталікам, каб размясціць там розныя дабрачынныя прытулкі. Яна вяла перамовы з гарадской радай аб заснаванні ў Менску каталіцкай навучальнай установы, якая б захавала беларусаў-каталікоў ад паланізацыі праз адукацыю. Прапанова княгіні, як паказана ў кнізе, сутыкнулася з супрацівам праваслаўнага духоўнага ведамства, і ў 1915 г. была атрымана адмова з Міністэрства ўнутраных спраў.

Зусім небеспадстаўна А. Надсан прыпісвае М. Радзівіл апублікаванне ў 1914 г. у аўтарытэтным французскім часопісе „Les Annales des Nationalites» (Летапіс нацыянальнасцяў) трох карэспандэнцый з Менска, падпісаных ініцыяламі X. Y.Z. Аўтар тых лістоў піша пра бязглуздыя паводзіны менскага губернатара, які прыкладае ўсе намаганні, каб зрабіць афіцыйную праваслаўную рэлігію ненавіснай. Пераследам каталіцкіх святароў ён надае ім папулярнасці. У другім лісце асуджалася паланізатарская дзейнасць каталіцкага духавенства Беларусі.

Аўтар слушна адзначае, што на пачатку ХХ ст. дзеячы беларускага нацыянальнага адраджэння аддавалі шмат увагі рэлігійнаму пытанню, асабліва ролі рэлігіі ў захаванні і развіцці нацыянальнай свядомасці. Яны бачылі, піша даследчык, як суседзі выкарыстоўвалі ў сваіх палітычных мэтах рэлігійны падзел сярод беларусаў. Таму шмат хто тады сур’ёзна задумваўся пра магчымасць адраджэння Уніі, скасаванай расіянамі ў 1839 г. Пра вяртанне Уніі думалі пісьменнік і мастак Карусь Каганец (А вуніяцкая вера наша, бо яна ў нас вытварылася»), паэтка Цётка (Унія для беларусаў была б крэпкай падпорай, бо лацінскае духавенства ў нас на нішто»), заснавальнікі газеты „Наша Ніва», асабліва Іван Луцкевіч, якія падтрымлівалі шчыльныя сувязі з мітрапалітам Андрэем Шаптыцкім. Пытаннямі Уніі цікавіліся беларускія студэнты Духоўнай акадэміі ў Пецярбурзе. І сярод іх — Антон Неманцэвіч, будучы беларускі грэка-каталіцкі экзарх.

Паводле аўтара кнігі, Магдалена Радзівіл глыбока перанялася думкаю адраджэння Уніі, якую яна называла народнаю вераю. Як хрысціянка яна балюча перажывала царкоўнае раз’яднанне. Адказнасць за заняпад і знішчэнне Уніі яна ўскладала на беларускую магнатэрыю і шляхту, якія, апалячыўшыся і прыняўшы рымскі абрад, пакінулі свой народ. Эпіграфам да першага раздзела кнігі а. Надсан абраў урывак з ліста М. Радзівіл, які яна напісала 18 мая 1828 г. а. Фабіяну Абрантовічу: „Мяне заўсёды мучыць думка, што пакінуўшы ўсходні абрад, мае продкі зрабілі страшэнную крыўду Каталіцтву». І далей: „…праз злучэньне з Царквой моцнай дзеля сьвецкіх меркаваньняў яны тым самым дарэшты аслабілі Унію, якая патрабавала большай апекі і якая, з прычыны адыходу ад яе адукаваных клясаў, дайшла да ўзроўню, калі ня стала ёй сілаў для змаганьня са схізмаю». Як сцвярджаецца ў кнізе, М. Радзівіл мала верыла ў здольнасць рымска-каталіцкай царквы дапамагчы збліжэнню праваслаўных і каталікоў і наогул даволі крытычна глядзела на Каталіцкую царкву ў Польшчы.

Княгіня Радзівіл назаўсёды пакінула Беларусь у 1918 г., напярэдадні, як піша А. Надсан, бальшавіцкай акупацыі. Спачатку жыла ў Польшчы, потым у Літве, пасля пераехала ў Нямеччыну. Большасць яе маёмасці засталася па гэты бок мяжы і апынулася ў руках бальшавікоў. Кантакты з бацькаўшчынай яна падтрымлівала праз пошту. Многія з тых, хто карыстаўся з шчодрасці княгіні, забыліся пра яе. Адным з тых, хто не страчваў з ёю сувязі, быў а. Баляслаў Пачопка, былы рэдактар газеты „Беларус», а потым — уніяцкі святар на Палессі. Ён атрымаў ад Магдалены дапамогу на пабудову уніяцкай царквы ў Бабровічах на Палессі. Гэта дапамога не азначала, што княгіня ўхваляла ўсе яго метады пастырскай дзейнасці. У прыватнасці, ён прыцягваў да сябе праваслаўных тым, што браў за духоўныя паслугі менш за папоў. М. Радзівіл называла гэта „геройскім учынкам» (Б. Пачопка быў бацькам вялікай сям’і), але „такога роду прапаганда мала абяцае: варта папам зьнізіць цэны — і будуць мець назад сваіх былых прыхаджанаў».

Рэшту жыцця М. Радзівіл правяла ў Швейцарыі, у кляштары дамініканак.

Узнікшы ў беларускіх нацыянальных дзеячаў у пачатку ХХ ст., ідэя адраджэння Уніі набыла асаблівую моц у 1920-я г. Сярод святароў яе прыхільнікамі А. Надсан называе Адама Станкевіча, Язэпа Германовіча, Канстанціна Стаповіча, Уладыслава Талочку і інш.

У другой палове 1920-х г. стаўленне да Уніі пагоршылася. Аўтар тлумачыць гэта яе падпарадкаваннем папствам для пераносу уніяцкага руху на тэрыторыю Расіі. Услед за М. Радзівіл даследчык вельмі крытычна ставіцца да дзейнасці езуіцкага кляштару ў Альбярціне каля Слоніма, заснаванага ў 1924 г. каб рыхтаваць місіянераў для Расіі. Беларусы, як сцвярджаецца ў кнізе, з падазрэннем глядзелі на польскіх езуітаў у адзенні расійскіх бацюшкаў. „…Ня маю даверу да фантастычнай падтрымкі Уніі польскімі езуітамі ў маскарадных усходніх строях, — выказалася на гэты конт княгіня. — …Народ наш надта разумны, каб яго маглі ашукаць лацінскія камэдыянты». Праўда, як піша А. Надсан, „альбэртынскія айцы хутка самі зразумелі недарэчнасьць свайго становішча і пачалі весьці пастырскую і выдавецкую працу сярод беларусаў».

Паводле А. Надсана, М. Радзівіл была перакананая, што „для сапраўднага дабра Уніі патрэбны беларускія сьвятары, усім сэрцам адданыя ёй, і з намерам захоўваць яе да сьмерці». Яна марыла пра той час, калі за справу Уніі возьмецца „сапраўдны уніят, пасьвячаны уніяцкім біскупам, пасьля навукі ва уніяцкай сэмінарыі». Каб рыхтаваць такіх святароў, яна яшчэ ў 1917 г. распачала захады па заснаванні беларускай уніяцкай семінарыі ў Рыме. Пра гэта расказвае другі раздзел кнігі, названы „Таямніца брыльянтавага калье». Ён напісаны а. Надсанам на падставе дакументаў, якія трапілі ў яго рукі ў 1983 г. і якія захоўваюцца ў архіве Бібліятэкі Францішка Скарыны ў Лондане.

Пра таямніцу калье княгіні Радзівіл, як мы даведваемся з кнігі, пісаў яшчэ ў 1940 г. ананімны аўтар, у 1957 г. — а. Чэслаў Сіповіч. У 1965 г. Г. Піхура, даўшы волю сваёй фантазіі, сцвярджаў, што маёмасць, якую М. Радзівіл дала а. Ф. Абрантовічу на заснаванне беларускай (уніяцкай) калегіі ў Рыме, трапіла ў рукі бальшавікоў. Звесткі пра калье княгіні, якія пазней прывялі Ю. Туронак, С. Абламейка і іншыя даследчыкі, яшчэ больш заблыталі гэта пытанне. Вакол калье М. Радзівіл стварылася легенда, у якой было немагчыма знайсці праўду.

Таямніца калье, разблытаная А. Надсанам, змусіла яго памяняць свае погляды на некаторыя падзеі ў гісторыі беларускага рэлігійнага адраджэння і ролі асобаў, якія мелі да іх дачыненне. „Не магу сказаць, каб гэта прынесла мне радасць,» — прызнаўся даследчык. Пасля многіх гадоў ваганняў А. Надсан вырашыў апублікаваць раскрытую ім тайну. Яшчэ ў 2000 г. у адказ на згадкі пра „дар княгіні М. Радзівіл марыянам» у Друйску, якія зачасцілі ў беларускай літаратуры ў 1990-я г., ён адрэагаваў артыкулам „Таямніца брыльянтавага калье Магдалены Радзівіл», надрукаваным у „Нашай Ніве» (N 49-50). А. Надсан не палічыў патрэбным далей хаваць у сакрэце справу такой важнасці, кіруючыся прынцыпам: чым даўжэй хаваць прыкрую праўду, тым больш балюча ўспрымуць яе людзі, калі ўрэшце даведаюцца, не кажучы пра тое, што яны страцяць давер да таго, хто хаваў яе. Аўтар-святар перакананы ў асаблівым праве ведаць усю праўду тым, каму не абыякавы лёс Грэка-Каталіцкай Царквы ў Беларусі, што цяпер паволі і з вялікімі цяжкасцямі адраджаецца.

Дзякуючы працы а. Аляксандра Надсана шырокая аўдыторыя чытачоў можа даведацца пра разумную, высакародную ў пачуццях да беларускага народа, бескампрамісную асобу княгіні Магдалены Радзівіл, для якой цяпер павінна знайсціся месца сярод выдатных постацяў нашай гісторыі. Сваім укладам у справу беларускага нацыянальна-рэлігійнага адраджэння, яна заслужыла ўдзячную памяць беларусаў, і не толькі свайго пакалення…

Горадня

Святлана Марозава

Наверх

Тэгі: , , ,