БЕЛАРУСКІ ГІСТАРЫЧНЫ АГЛЯД
НАВУКОВЫ ЧАСОПІС

Rocznik Instytutu Europy Środkowo-Wschodniej. Rok 4. (Валянціна Яноўская, Алена Філатава).


ROCZNIK INSTYTUTU EUROPY ŚRODKOWO-WSCHODNIEJ. 2006. Rok (4) 2006. Lublin, 2006. — 179 s.

Дадзены нумар „Rocznika Instytutu Europy Środkowo-Wschodniej» цалкам прысвечаны праблемам гісторыі Беларусі з мэтай, як сцвярджаецца ў прадмове „Ад Рэдакцыі», умацавання страчаных навуковых (і не толькі навуковых) кантактаў. Асноўнай праблемай, зыходзячы з тэматыкі большай часткі артыкулаў, вылучана канфесійная гісторыя, дакладней яе хрысціянскі складнік. Выбар не падаецца нам выпадковым. Пачынаючы з канца 80-х — пачатку 90-х г. ХХ ст. беларуская гістарыяграфія ўсё больш актыўна звяртаецца да праблемы ролі рэлігіі ў фармаванні нацыянальнай (этнічнай) свядомасці беларусаў. Але да гэтага часу ў беларускай гістарыяграфіі назіраюцца досыць вялікія разыходжанні як у вызначэнні канфесіі, што магла прэтэндаваць на ролю кансалідоўнага фактара, так і наогул на прызнанне за рэлігіяй (асобнай канфесіяй) такой функцыі.

Своеасаблівым адбіткам гэтай гістарыяграфічнай сітуацыі з’яўляецца і разгляданы нумар „Rocznika». Ужо ў першым артыкуле сутыкнуліся погляды двух вядомых у Беларусі гісторыкаў: Валянціны Цяпловай і Святланы Марозавай. Валянціна Цяплова, якая прысвяціла свой артыкул гісторыі Тураўска-Пінскай праваслаўнай епархіі ХV-XVI ст. і высвятленню пазіцый яе ерархіі па пытанні заключэння царкоўнай уніі[1], прыйшла да высновы, што „царкоўную унію спарадзілі не іманентна прыналежныя праваслаўнаму свету парокі, як гэта сцвярджаюць сучасныя апалагеты уніяцкай царквы (да якіх яна ў першую чаргу залічыла менавіта спадарыню С. Марозаву), але цалкам прадуманыя дзеянні ўладаў Рэчы Паспалітай».

Паслядоўная прыхільніца іншай канцэпцыі — Святлана Марозава[2]. Яна лічыць, што 12 лютага 1839 г. завяршылася вайна самадзяржаўя з уніяй, або адбыўся „апошні акт уніяцкай трагедыі». На яе думку, гісторыя Беларусі яшчэ не ведала такога маштабнага, адначасовага і радыкальнага перакройвання яе канфесійнай карты. І разглядаць яго трэба не толькі як скасаванне аднаго з рэлігійных інстытутаў, але як „вялікае цывілізацыйнае адступленне», у выніку якога на „беларускім эксперыменце духоўна-рэлігійнай інтэграцыі Ўсходу і Захаду» была пастаўлена кропка. Такая трактоўка падзей дапаўняе, але не адмаўляе ранейшых высноў даследчыцы пра тое, што, запаланіўшы духоўную інфраструктуру беларускага грамадства, маскоўскае праваслаўе прыўносіла ў яго чужы нацыянальна-рэлігійны ідэал, чым наносіла ўдар па яшчэ не сфармаванай беларускай нацыянальнай свядомасці, якая абуджалася ў той час менавіта пад сцягам уніі[3].

Падобныя высновы, на нашу думку, не зусім адпавядаюць рэчаіснасці ў адносінах да ацэнкі ролі уніяцкай царквы як каталізатара абуджэння нацыянальнай свядомасці. Асабліва калі мець на ўвазе тыя працэсы, якія адбывался ў ёй у канцы XVIII — першай трэці XIX ст. Думаецца, што як Берасцейскі сабор 1596 г., так і Полацкі сабор 1839 г. — падзеі параўнальныя, якія з’яўляюцца вынікам палітыкі — у першым выпадку Рэчы Паспалітай, у другім — Расійскай імперыі. Асноўны ўдар гэтай палітыкі наносіўся па духавенстве, пра што сведчаць і даследаванні С. Марозавай. Што ж тычылася народа, то як у першым, так і ў другім выпадку хваляванняў зафіксавана было няшмат, і то адбываліся яны пры падбухторванні прыхаджан з боку духавенства. Для практычна на 100% непісьменнага прыгоннага сялянства ўсе тонкасці адрозненняў паміж асноўнымі канфесіямі тэрыторыі заставаліся малавядомымі або зусім не вядомымі. Для выканання святых таемстваў і абрадаў у іх заставаўся ўсё той жа храм, усё той жа святар і ўсё тыя ж малітвы.

У нейкай ступені сімвалічна, што паміж артыкуламі дзвюх паважаных даследчыц з Беларусі з іх супрацьлеглымі поглядамі на гісторыю уніяцкай царквы (што прасочваецца не толькі па гэтых артыкулах, але і па іншых публікацыях) змешчаны артыкул польскага даследчыка Анджэя Гіля[4]. Ён мае рацыю, адзначаючы, што канфесійная гісторыя Берасця перад падзеламі Рэчы Паспалітай яшчэ не знайшла дастойнага асвятлення ў навуковых даследаваннях. Каштоўнымі, на наш погляд, з’яўляюцца не толькі грунтоўны гістарыяграфічны і крыніцазнаўчы агляд (у якім аўтар закрануў храналагічна шырокі перыяд ад з’яўлення праваслаўных цэркваў у горадзе да дзейнасці даследчыка царкоўнай гісторыі ХІХ — пачатку ХХ ст. святара Льва Паеўскага), але і дадаткі да артыкула, у якіх дадзены апісанні цэркваў Брэста на падставе візітацыі 1726 г.

Артыкул польскай даследчыцы Ірэны Вадзяноўскай прысвечаны гісторыі каталіцкай царквы ў Расійскай імперыі ў святле мемарыяла 1904 г. магілёўскага мітрапаліта арцыбіскупа Шэмбека[5]. Аўтар дае кароткі нарыс з’яўлення каталіцтва на расійскіх землях, звяртае ўвагу на асноўныя палажэнні мемарыяла, які ў якасці дадатку прыкладзены да артыкула. І хаця на першы погляд гэты матэрыял не мае дачынення да праблем, што абмяркоўваліся ў папярэдніх артыкулах, яго ўсё ж можна лічыць у нейкай ступені працягам дыскусіі паміж В. Цяпловай і С. Марозавай. Бо ўсе тыя цяжкасці і складанасці, што назапасіліся ў канфесійнай палітыцы ўрада Расійскай імперыі ў канцы ХVІІІ-ХІХ ст., выявіліся на пачатку ХХ ст. Гэта і прадыктавала неабходнасць прыняцця ўказа аб верацярпімасці (1905 г.). А папярэднічала гэтаму акту шырокае абмеркаванне сітуацыі і выпрацоўка сваіх пазіцый з боку не толькі дзяржаўных дзеячаў, але і рымска-каталіцкай царкоўнай ерархіі. Пра гэта сведчыць і мемарыял арцыбіскупа Шэмбека. Можна цалкам пагадзіцца з высновай аўтара артыкула, што, нягледзячы на тое, што мемарыял гэты падсумоўваў усе тыя недахопы i складанасці рымска-каталіцкай канфесіі, быў ён „занадта асцярожны». Гэтая асцярожнасць тычылася ў першую чаргу арганізацыйна-адміністрацыйнай структуры каталіцкага касцёла на тэрыторыі Расійскай імперыі. Царкоўна-адміністрацыйная структура каталіцкай канфесіі складвалася на працягу ХІХ ст. у накірунку уніфікацыі са структурай праваслаўнай царквы. Да пачатку ХХ ст. праца была завершана, што цалкам задавальняла расійскія ўлады. Уносіць змяненні яны больш не збіраліся. Між тым, з боку каталіцкага кліра Расійскай імперыі і Рымскай курыі такое жаданне заставалася. Але праявілася гэта ўжо пасля прыняцця ўказа аб верацярпімасці і знайшло адлюстраванне ў праграме Канстытуцыйна-каталіцкай партыі Літвы і Беларусі (ККП)[6]. Чацвёрты раздзел праграмы быў прысвечаны рэлігійнаму жыццю і патрабаваў: скасавання рымска-каталіцкай духоўнай калегіі; права свабодных зносінаў з папскім прастолам; выбрання епіскапаў згодна з кананічным правам рымска-каталіцкай царквы; стварэння кансісторый без удзелу ў іх свецкіх чыноў; свабоднага распараджэння епіскапаў капіталамі епархіі і г. д.

Храналагічна тэматыку прадоўжыў даследчык Андрэй Лебедзеў, які прааналізаваў узаемаадносіны паміж савецкай уладай у БССР і каталіцтвам у 20-я г. ХХ ст.[7]. Завяршаецца тэматычны блок аналізам сучаснага стану праваслаўнай царквы ў Рэспубліцы Беларусь і яе ўзаемаадносінаў з урадам[8]. У артыкуле падкрэсліваецца неадназначная ацэнка царкоўна-дзяржаўных адносінаў з боку грамадства. Такая сітуацыя, як сведчаць і артыкулы дадзенага нумара „Rocznika», складвалася стагоддзямі і пад уплывам многіх фактараў.

Мінск

Валянціна Яноўская, Алена Філатава


1 Tiepłowa W. Eparchia pińsko-turowska przed unią brzeską (XV—XVI w.). S. 13-23.
2 Marozawa S. Białoruś, jesień 1838 — wiosna 1839: ostatni akt unickiej tragedii. S. 53-69.
3 Марозава С.В. Уніяцкая царква ў этнакультурным развіцці Беларусі (1596-1839 гады). Гродна, 2001. С. 164, 236-237. 259.
4 Gil A. Unickie cerkwie Brześcia w opisie wizytacyjnym z 1726 roku. S. 25-51.
5 Wodzianowska І. Potrzeby Kościoła katolickiego w imperium rosyjskim w świetle memoriaіu z 1904 roku metropolity mohylews-kiego arcybiskupa Jerzego Szembeka. S. 71—95.
6 Устаноўчы сход ККП адбыўся 7.02.1906 г. пад старшынствам Віленскага рымска-каталіцкага епіскапа барона Эдварда фон Ропа. Пазней адбылося некалькі правінцыяльных сходаў — у Гродне і інш. месцах. 2.03.1906 г. дзейнасць партыі распараджэннем генерал-губернатара была забаронена.
7 Lebiediew A. Władza radziecka a katolicyzm w Białoruskiej Socjalistycznej Republice Radzieckiej w latach 20. XX wieku. S. 101-124.
8 Mudrow S. Związek państwa i Cerkwi prawosławnej w Republice Białoruś. S. 125-132.

Наверх

Тэгі: , ,