БЕЛАРУСКІ ГІСТАРЫЧНЫ АГЛЯД
НАВУКОВЫ ЧАСОПІС

Harvard Ukrainian Studies.V. XXVI (2002-2003): Ukrainian Church History (Валянціна Яноўская, Марына Сакалова)

Harvard Ukrainian Studies. Vol. XXVI (2002-2003): Ukrainian Church History. 375 p.

Спецыяльны нумар часопіса „Harward Ukrainain Studies» прысвечаны ўкраінскай царкоўнай гісторыі і ўшанаванню творчай дзейнасці Багдана Расціслава Бацюрківа[1], даследчыка праблем дзяржаўна-царкоўных адносінаў у СССР і, у прыватнасці, у Ўкраіне савецкага перыяду. Тэматычнае поле навуковых інтарэсаў гэтага даследчыка прадвызначыла і тэматыку ўступнага артыкула. Дж. Грабовіч (George G. Grabowicz) знаёміць чытача са станам і арганізацыяй вывучэння праблем украінскай царкоўнай гісторыі ў Інстытуце даследаванняў Украіны пры Гарвадскім універсітэце.

Усе артыкулы дадзенага часопіса звязаны паміж сабой тэматычна. Праўда, у храналагічных адносінах і па сваім дыяпазоне яны даволі шырокія, выходзяць далёка за межы тых праблем, якім прысвяціў усё сваё навуковае жыццё Багдан Р. Бацюркіў. Умоўна іх можна падзяліць на дзве часткі. Першая — гэта артыкулы, прысвечаныя непасрэдна аналізу творчасці Багдана Р. Бацюрківа. Другая — абмеркаванне розных праблем украінскай, і не толькі ўкраінскай, царкоўнай гісторыі.

Першы блок распачынае артыкул Тэрэзы Ракоўскай-Хармстан (Rakowska-Harmstone). У ім даецца апісанне творчага шляху гісторыка, які да таго ж быў адным са стваральнікаў Інстытута даследаванняў Савецкага Саюза і Ўсходняй Еўропы. Андрый Краўчук (Krawchuk) прапануе чытачу біябібліяграфічны нарыс работ Багдана Р. Бацюрківа. Нарыс сведчыць, што і пасля смерці даследчыка яго работы працягвалі друкавацца, застаючыся актуальнымі і запатрабаванымі.

Што гэта і на самай справе так, чытач можа пераканацца сам, прачытаўшы артыкулы Багдана Р. Бацюрківа, змешчаныя ў гэтым зборніку — „Некаторыя метадалагічныя праблемы даследавання гісторыі праваслаўнай царквы ў савецкай Украіне ў міжваенны перыяд (1921-1939)» і „Руская артадаксальная царква ў Украіне: артадоксы, наватары і епіскапальная царква, 1920-1939″. Кола праблем — аўтар закранае кантэкстуальныя, канцэптуальныя праблемы, a таксама пытанні паходжання і інтэрпрэтацыі крыніц — робіць гэтыя артыкулы навукова актуальнымі не толькі для даследчыкаў гісторыі Ўкраіны, але і суседняй Беларусі, ды і наогул усіх краін, што раней уваходзілі ў склад Саюза Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік.

Разважаючы над узнятымі праблемамі, А. Краўчук звяртае асаблівую ўвагу на розную рэакцыю маскоўскай патрыярхіі і ўкраінскага экзархата на антырэлігійную палітыку бальшавікоў. Магчыма гэтым, лічыць аўтар, і можна патлумачыць у некаторай ступені „ўкраінафобію» Рускай праваслаўнай царквы.

Сярод матэрыялаў другога блока вылучаецца арты-кул Лары Вульфа (Larry Wolf) „Уніяцкая царква і падзелы Польшчы: рэлігійнае выжыванне ў эпоху асветнага абсалютызму». Першая частка гэтага артыкула прысвечана аналізу царкоўна-дзяржаўных адносінаў на землях былой Рэчы Паспалітай, якія апынуліся пад юрысдыкцыяй розных дзяржаваў і канкрэтна палітыцы ў адносінах да уніяцкай царквы Марыі-Тэрэзы, Кацярыны ІІ, Іосіфа ІІ. Пакінуўшы ў баку спрэчкі факталагічнага і тэрміналагічнага характару, адзначым цікавы метадалагічны падыход, прапанаваны аўтарам: аналізаваць трансфармацыі уніяцкай царквы ў параўнальным ключы, у сувязі са змяненнямі дзяржаўных межаў.

Артыкул Тэрэзы Хынчэўска-Хеннэль (Chynсzewska-Hennel) „Палітычныя, сацыяльныя і нацыянальныя ідэі вышэйшага духавенства Ўкраіны ў 1569-1700 гг.», хаця і прысвечаны храналагічна іншаму перыяду, ды і тэматычна разыходзіцца з папярэднім артыкулам, але таксама закранае падобныя тэарэтычныя праблемы. Грунтуючыся на аналізе твораў такіх знакамітых дзеячаў, як мітрапаліт Магіла, Мялецій Сматрыцкі, аўтарка паказвае, што ідэі аднаўлення адзінага народа Русі ва ўмовах раздзялення дзяржаўнымі і канфесійнымі бар’ерамі не мелі ніякіх магчымасцяўдля рэалізацыі.

Тры артыкулы прысвечаны аналізу дзейнасці грэка-каталіцкай царквы ў Галіцыі ў другой палове ХІХ — першай палове ХХ ст. У артыкуле „Грэка-каталіцкая царква ў Галіцыі (1848-1914)» Джон-Пол Хімка (J°hn-Paul Himka) разглядае ролю гэтай царквы ў рэвалюцыйных падзеях 1848 г., аналізуе адносіны грэка-каталіцкіх ерархаў да „русафілаў» і ўкраінскіх народнікаў, апісвае напружаныя адносіны з Ватыканам, барацьбу трох хрысціянскіх канфесій за вернікаў.

Эндру Саракоўскі (Andrew Sorokowski) артыкулам „Свецкая і духоўная інтэлігенцыя ў Грэка-каталіцкай Галіцыі (1900-1939): суперніцтва, канфлікт, супрацоўніцтва» імкнецца даказаць, што было б некарэктна разглядаць узаемаадносіны гэтых груп як працэс пераходу ад супрацоўніцтва да канфлікту. Бо, на яго думку, канфлікт паміж імі насіў перманентны характар, прымаючы розныя формы ў розныя перыяды. Аўтар сцвярджае, што ў гэтым рэгіёне дзеячы грэка-каталіцкай царквы часта ўзначальвалі нацыянальны рух. Але іншы раз кіраўніцтва пераходзіла і да свецкай інтэлігенцыі. Што тычыцца 1930-х г., то нягледзячы на пастаяннае суперніцтва лідэры гэтых груп пачалі супрацоўнічаць. Абмеркаванне праблем гісторыі грэка-каталіцкай царквы Галіцыі працягваецца ў артыкуле Багдана Будуровіча (Bohdan Budurowicz) „Грэка-каталіцкая царква ў Галіцыі (1914-1944)».

Гэтыя артыкулы, на нашу думку, можна разглядаць як свайго роду эмпірычны матэрыял для рэалізацыі метадалагічнага падыходу Лары Вульфа, пра які згадвалася вышэй. Для беларускіх гісторыкаў яны могуць быць цікавыя тым, што даюць падставы для разважанняў, параўнання гістарычнага шляху і ролі уніяцкай царквы ў гісторыі абодвух народаў.

Мінск

Марына Сакалова, Валянціна Яноўская


[1] Багдан Расціслаў Бацюркіў (1925-1998), палітолаг, адзін з найбольш аўтарытэтных даследчыкаў гісторыі Ўкраінскай грэка-каталіцкай царквы ў перыяд пасля Другой сусветнай вайны. Ён вядомы змагар за рэлігійныя правы ў Савецкім Саюзе, аўтар шматлікіх артыкулаў па пытаннях рэлігійнага дысідэнцтва, узаемаадносінаў царквы і дзяржавы, канадскай культурнай палітыкі.

Тэгі: , ,