БЕЛАРУСКІ ГІСТАРЫЧНЫ АГЛЯД
НАВУКОВЫ ЧАСОПІС

Wojny północne w XVI-XVIII wieku. Torun 2007 (Генадзь Прыбытка)

Wojny północne w XVI-XVIII wieku / Redakcja: BOGUSŁAW DYBAŚ. Współpraca: ANNA ZIEMLEWSKA. Toruń: Towarzystwo naukowe w Toruniu, 2007. —306 s.

Сярод мноства праблем беларускай гістарыяграфіі, якія яшчэ чакаюць свайго даследчыка, вывучэнне паўночных войнаў XVI-XVIII ст. займае асаблівае месца. І гэта нядзіўна: у той перыяд яны былі найістотнейшым чыннікам існавання Вялікага Княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай у цэлым і

зрабілі велізарны ўплыў на палітычнае, эканамічнае і культурнае жыццё федэратыўнае дзяржавы. Больш за тое, гэтыя войны ў вялікай ступені спрычыніліся да кшталтавання палітычнае сістэмы дзяржаваў Усходняе Еўропы. Калі барацьба за „dominium Maris Baltici» ўрэшце прывяла Швецыю да страты дамінавання на поўначы кантынента, то яна ж сталася падставаю да імклівага росту ўплыву Расіі і Прусіі, а таксама да заняпаду Рэчы Паспалітай.

Прадстаўнічая міжнародная канферэнцыя „Wojny północne w XVI-XVIII wieku. W czterechsotlecie bitwy pod Kircholmem» (Торунь, 27-29 верасня 2005 г.), прымеркаваная да чатырохсотгоддзя бітвы пад Кірхгольмам, стала істотнай з’явай навуковага жыцця не толькі Польшчы, але і цэлага шэрагу дзяржаваў Цэнтральна-Ўсходняе Еўропы, у тым ліку, безумоўна, і Беларусі. Разгляданае выданне змяшчае матэрыялы канферэнцыі, якія лагічна падзяляюцца на некалькі раздзелаў.

Першы, натуральна, складаюць паведамленні, што тычацца непасрэдна бітвы пад Кірхгольмам. Нягледзячы на тое, што ход гэтай бітвы параўнальна няблага вывучаны, некаторыя яе аспекты выклікаюць пытанні. На праблемах у вывучэнні кірхгольмскіх падзеяў засяроджваецца Генрык Віснер. У дакладах Дарыуса Антанявічуса і Марыюша Савіцкага прадстаўлены дадатковыя крыніцы па вывучэнні гісторыі бітвы. І заканчвае раздзел паведамленне Крысціяна Гернера, прысвечанае гістарычнай памяці цяперашняга насельніцтва тых мясцінаў сучаснае Латвіі пра кірхгольмскі бой. На жаль, паводле сведчання аўтара, узровень гэтае памяці дастаткова нізкі.

Другі раздзел прысвечаны праблемам Інфлянтаў. Алег Дзярновіч даследуе месца, якое адводзілася гэтым землям у свядомасці жыхароў Вялікага Княства Літоўскага ў другой палове XVI-XVII ст. У сваю чаргу, пытанні адносінаў Рыгі да федэратыўнае дзяржавы на мяжы XVI і XVII ст. разглядае Ганна Жэмлеўска. Марыюш Бальцэрэк прысвяціў свой матэрыял захопу шведамі Рыгі ў 1621 г., інтэрпрэтуючы гэтую падзею як своеасаблівы рэванш за паразу пад Кірхгольмам. У гэтым жа раздзеле змешчаны артыкул Аркадыюша Чволэка, у якім уздымаецца пытанне ерархіі і вайсковай дысцыпліны сярод кіраўнікоў войска Вялікага Княства Літоўскага пад час ваенных дзеянняўу Інфлянтах у 1625-1629 г. Як вядома, вастрыня гэтай праблемы на працягу XVII і асабліва ў XVIIІ ст. толькі ўзрастала, што садзейнічала зніжэнню баяздольнасці велікакняскага войска і не ў малой ступені спрычынілася да заняпаду ваеннага патэнцыялу краіны.

Наступны раздзел тычыцца асобных аспектаў вайсковасці часу „патопу». Марытэ Якаўлева разглядае арганізацыю ўзброеных сілаў Курляндыі, леннага княства Рэчы Паспалітай, вялікую ўвагу аддаючы спробам іх рэфармавання князем Якубам Кетлерам. Даследчыкаў магнацтва, несумненна, зацікавіць матэрыял Конрада Бабятыньскага пра вайсковую кар’еру ў Курляндыі і Інфлянтах Міхала Казіміра Паца, прадстаўніка самага ўплывовага на той час з магнацкіх родаў Вялікага Княства Літоўскага. Пытанням арганізацыі наёмных аддзелаў прысвечаны два наступныя тэксты гэтага раздзела. Міраслаў Нагельскі разглядае лёсы адзінак чужаземнага аўтраменту кароннай арміі ў самы трагічны для Рэчы Паспалітай перыяд „патопу» — другую палову 1655 г. Анджэй Рахуба ўздымае надзвычай цікавае пытанне: пераход шведскіх афіцэраў на службу арміі Вялікага Княства Літоўскага і наадварот — велікакняскіх афіцэраў да шведаў.

Чарговы раздзел прысвечаны Вялікай Паўночнай вайне пачатку XVIIІ ст. Вядома, па сваім значэнні і па ўплыве на далейшы лёс федэратыўнае дзяржавы гэта адзін з пераломных і найбольш трагічных перыядаў нашай гісторыі. Адпаведна, кола праблемаў, якія паўстаюць пры вывучэнні гэтай вайны, надзвычай шырокае. Таму было б наіўна чакаць, каб у разгляданым зборніку ахоп дадзеных праблемаў быў колькі-небудзь шырокі. Але аспекты, закранутыя ў прапанаваных артыкулах, вельмі важныя. Так, Томаш Цесельскі даследуе стан войска Вялікага Княства Літоўскага ў перыяд з 1698 да 1709 г. — найбольш важны і багаты на падзеі для краіны. Асаблівую вартасць артыкулу надае той факт, што дэталёвы і карпатлівы аналіз збройных сілаў праводзіцца на тле ўнутраных канфліктаў — фактычна, грамадзянскай вайны ў краі. Інфармацыю пра вайсковыя падзеі, што даходзіла да Рыгі, даследуе Маргарыта Баждэвіча. Гжэгаж Хаміцкі аналізуе дзейнасць брытанскіх рэзідэнтаў у Гданьску пад час Вялікай Паўночнай вайны. У акадэмічным артыкуле Яніса Арайса разглядаецца бітва паміж саксонскім і шведскім войскамі, што адбылася над Дзвіной 9 ліпеня 1701 г. У выніку гэтай бітвы армія Карла ХІІ перайшла мяжу Рэчы Паспалітай, што фактычна значыла ўступленне федэратыўнае дзяржавы ў вайну. Надзвычай цікавым падаецца апісанне вайсковых дзеянняў корпуса раўскага старасты Яна Грудзіньскага ў 1712 г., пададзенае Марэкам Вагнэрам. На шырокім фактычным матэрыяле тут разглядаецца гісторыя адной з найбольш эфектыўных кавалерыйскіх адзінак лагера Станіслава Ляшчынскага.

Наступны раздзел прысвечаны гаспадарчым і грамадскім наступствам паўночных войнаў. Генадзь Сагановіч пераканаўча даказвае, што нярэдка ўласныя войскі прыносілі шкоды мірнаму насельніцтву не менш за непрыяцельскія, і вызначае прычыны гэтай з’явы. У артыкулах Ядвігі Мушчыньскай і Тадэвуша Срогаша разглядаюцца эканамічныя наступствы паўночных войнаў XVII ст.: у першым — для ўсёй Рэчы Паспалітай, а ў другім — на матэрыяле Ленчыцкага і Серадскага ваяводстваў і Вялюньскай зямлі.

I нарэшце, апошні раздзел склалі тэксты, у якіх паўночныя войны разглядаюцца ў больш шырокім кантэксце. Міхал Звежыкоўскі прааналізаваў уплыў Вялікай Паўночнай вайны на палітычны лад і на ўпадак Рэчы Паспалітай. А Мацей Фарыцкі прапануе агляд поглядаў дзеячоў французскага Асветніцтва на ролю паўночных войнаў у гісторыі Еўропы. Апроч таго, у гэтым жа раздзеле размешчаны і матэрыялы, што тычацца прыватных аспектаў тэмы канферэнцыі. Свой погляд на гусарскія крылы падае Вітальд Глэнбовіч, развенчваючы шматлікія міфы, што склаліся вакол гэтай часткі вайсковага рыштунку. На заканчэнне Аляксандр Смаліньскі разглядае эвалюцыю інстытута шэфства ў гісторыі войска і прэзентуе Яна Караля Хадкевіча як тытулярнага шэфа 26-га палка ўланаў ІІ Рэчы Паспалітай.

Такім чынам, зборнік уводзіць у навуковы зварот багаты арыгінальны матэрыял, які тычыцца адной з ключавых праблемаў айчыннай гісторыі XVI-XVIII ст. — паўночных

войнаў, што адыгралі вялізную ролю ў лёсе дзяржавы. Гэтыя дадзеныя ў будучыні дапамогуць стварыць абагульняльнае канцэптуальнае даследаванне згаданай праблемы.

Масква

Генадзь Прыбытка

Тэгі: , , , , ,