Яўген Анішчанка . Ваеннае забеспячэнне Расіяй другога падзелу Рэчы Паспалітай
Другому падзелу Рэчы Паспалітай, ухваленаму гарадзенскім соймам 1793 г., папярэднічала інтэрвенцыя расійскіх войскаў на абшары Вялікага Kняства Літоўскага.
Гэтая інтэрвенцыя і вайна 1792 г. больш-менш грунтоўна разгледжаны ў працы А. Валанскага[1]. Праз адсутнасць надзейных расійскіх крыніц гісторык падае не зусім дакладныя факты пра абставіны нашэсця, у тым ліку і пра колькасць уведзеных варожых войскаў (33 700 чал.), а названая акалічнасць безумоўна паўплывала на суадносіны сілаў бакоў і вынікі іх сутычак. У дадзеным артыкуле прыводзяцца першакрыніцы, якія дазваляюць вызначыцца наконт узнятых пытанняў, а таксама асвятліць умовы харчовага ўтрымання інтэрвентаў на акупаваным абшары.
Непасрэднай падрыхтоўкай інтэрвенцыі кіраўніцтва Расійскай імперыі занялося з канца лютага 1792 г. У той час ваенная калегія начале з М. Салтыковым запланавалаўвесці войскі з Украіны праз беларускія землі ВКЛ дзвюма калонамі на чале з былым магілёўскім губернатарам М. Кахоўскім і былым пскоўска-полацкім губернатарам М. Крачэтнікавым. Апошняму прызначылі пасаду галоўнакамандуючага, якую той прыняў з ваганнямі. Пра свае сумненні ён пісаў М. Салтыкову 29 сакавіка 1792 г. наступнае. „На письмо вашего сиятельства о принятии начальства над войсками, приуготовливающимися в Литву, и соединенных с Михаилом Васильевичем (Кахоўскім. — Я.А.), колебался я между сохранением своего имени и пользою общих дел. Наконец последнее одержало верх. Решил я просить вас, не помыслите милостивый государь, чтоб уклонялся быть под его начальством по случаю, как вам самим известно, по службе прусской войны он был тогда обер-офицер, когда я и сотоварищи мои были подполковники. Сие никак не завело меня ни в какие расчеты. Принявши безмолвно всему повиноватца, но и в откровенности вашему сиятельству скажу: во время бытности моей с ним губернатором в Белоруссии, имел от графа Захара Григорьевича (Чарнышова. —Я.А.) приказание съезжаяся соделать мероположение по тогдашним обеим нам препоручениям. Я столько в сем был неугоден, что никогда не могли соглосоватца не одинаковыя предметы соображаяся с должностию предлежащего дела, опасаясь, чтоб иногда от разномыслия ек подвергнуть дела замешательству и при конце своей службы не подпасть нечаянно или невинно монаршему гневу, что могло б меня довесть униженным до гроба»[2].
Крачэтнікаў, не жадаючы многім рызыкаваць, калі яму зноў давядзецца падарожнічаць разам з Кахоўскім, стаў паміж чысцінёй уласнага імя і воляй імператрыцы, якую ён прасіў паставіць над імі абодвума іншага начальніка. Аднак 2 красавіка Кацярына II зацвердзіла М. Крачэтнікава камандуючым інтэрвенцыяй „в Белоруссии» з агульнымі паўнамоцтвамі на двух франтах ці напрамках. У гэтай якасці і ўжо без далейшага сумневу ён 13 красавіка праклаў на карце маршруты для 4 вайсковых карпусоў. 24 красавіка ён прыбыў у Полацк (тады цэнтр намесніцтва ў складзе імперыі) з распісаным складам тых карпусоў (гл. табліцу 2). Праўда, ён тут жа згаджаўся выступіць толькі трыма калонамі, сапраўды падрыхтаванымі да бесперапыннай хады. Насамрэч не хапала крамянёў да ружжаў, медыкаментаў, пантонаў для пераправы цераз раку Дзвіну, 5 данскіх казацкіх палкоў былі недаўкамплектаваныя больш чым 400 чал., зафіксавана няяўка карпусных генералаў, марудна падыходзілі з Рыгі артылерыя і коні. 28 красавіка Крачэтнікаўабяцаўвыступіць да 10 траўня „в Польшу с одною полковою артилериею, предполагая в таком случае расположа войски в областях польских выгодными лагерями, послать отряды для снятия польской пограничной воинской стражи, ежели она от границ не уклонится, а тем временем дожидаться лошадей с артилериею»[3].
Хоць Крачэтнікава вельмі прыспешвалі выступіць да гадавіны Канстытуцыі 3 траўня, ён тлумачыў, што згодзен „безостановочно итти, не взирая на ветхость повозок и починя их сколько можно», але, як пісаў ён 29 красавіка, „не хочется мне, вступя в Польшу, остановитца, дабы ветреным головам не возмечталось, что я тихие шаги делаю. Лучше уже несколько позже выступить, но делать верныя шаги». Другі матыў яго прамаруджвання заключаўся ў тым, што „когда войски российския войдут в Польшу, то они (памежная ахова ВКЛ. — Я.А.), не имея довольных сил к супротивлению, пропустя оные, намерены прорватца в пределы России и делать разорения. Правда, что они часто пустословят, но со всем тем сие может подать мысль в празнеживущим в Польше людям и подвергнут опастности пограничные селении, а особливо по суходолу от Буцилова и простирающей от оных к Толочину». Меркавалася таксама прадухіліць верагодныя „побеги из Белоруссии крестьян» стварэннем надзейнай памежнай аховы. Такую конную ахову крыху пазней Крачэтнікаў паставіць у Бобрыку, Бродах, Барысаве, Браславе, Дзісне, Лепелі і Ўшачах, падпарадкаваўшы яе пакінутаму ў Полацку падпалкоўніку графу Сіверсу[4].
Пакінуўшы ў тыле Арэнбургскі казачы полк, М. Крачэтнікаў 11 траўня 1792 г. выправіўу паход усе 4 калоны. І адразу ж на наступны дзень ён паведаміў у ваеную калегію, што яго „первой шаг поставлен без наималейшего вида неприятельскаго. Все ополчение их было один человек, который хотел стрелять, но от страха на выстрел уронил ружье. Много мне способствует то доброе, каковое здешние жители ко мне имели во время бытности моей пред сим в Полоцке» губернатарам[5]. У сваім паведамленні граф меў рацыю, бо пярэдняя варта войска ВКЛ літаральна за некалькі дзён збегла са сваіх аванпастоў на мяжы княства[6]. Таму пазней паход інтэрвентаў набыў характар параднага шэсця. Дастаткова адзначыць, што да часу поўнага захопу тэрыторый ВКЛ — 23 ліпеня 1792 г. — у 9 вялікіх і малых сутычках з усіх уведзеных у Рэч Паспалітую 73 тыс. чал. расійскія войскі страцілі забітымі 2 афіцэраў, 23 радавых, а параненымі 7 афіцэраў і 106 радавых[7].
У студзені 1793 г. гэтая сіла налічвала ўжо 117 202 чал. па спісе, або 101 379 чал. пад ружжом (здаровых без хворых, уцекачоў, адпушчаных у адпачынак і г. д.)[8]. За ўсю кароткачасовую вайну ў ВКЛ колькасць расійскіх войскаў змянялася наступным чынам.
Табліца 1
Колькасць расійскіх войскаў у ВКЛ у 1792 — 1793 г.
Як вынікае з табліцы 1, амаль два гады склад расійскіх войскаў у ВКЛ быў фактычна стабільным — 42 тыс. чал. па штатным раскладзе (37 тыс. пад ружжом), або 35% з усіх уведзеных у Рэч Паспалітую сілаў.
Ix дыслакацыя і стан харчовага забеспячэння адлюстраваны ў табліцы 3. Праз адсутнасць належнай статыстыкі ўраджаю[9] вельмі цяжка ўявіць ролю размешчаных войскаў у спажыванні сельскагаспадарчых прадуктаў і іх уплыву на гандлёвыя цэны. Справаздачы Крачэтнікава маюць на гэты конт ускосныя паказчыкі.
Яшчэ на стадыі падрыхтоўкі нашэсця пазначаныя 36 тыс. чал. з 15 тыс. коней забяспечваліся з 15 запасных ваенных складоў (магазінаў) магілёўскай правіянцкай камісіі (размяшчаліся ў Магілёве, Рагачове, Талачыне, Чавусах, Быхаве, Сянне, Чэрыкаве, Оршы, Копысі, Любавічах, Мсціславе, Чачэрску, Крычаве, Беліцы і Гомелі) і 12 магазінаў полацкай камісіі (у Полацку, Віцебску, Дынабургу, Дрысе, Веліжы, Невелі, Себежы, Гарадку, Рэжыцы, Краславе, Асвеі і Прыхабах). Магілёўскія магазіны на пачатак чэрвеня 1792 г. захоўвалі 10 393 чвэрцяў мукі, 659 чв. круп, 3688 чв. аўса, а полацкія — 20 491 чв. мукі, 2451 чв. круп і 6471 чв. аўса — усяго 54 153 чв. хлеба[10]. 23 снежня 1792 г. толькі на 2 кірасірскія, драгунскі, 6 мушкецёрскіх і 3 данскія палкі (22 295 чал. з 9132 коньмі) Крачэтнікаў прадугледжваў 46 436 чв. хлеба (16 271 чв. мукі, 109 круп і 29 606 аўса) і яшчэ 390 532 пудоў сена. Правіянцкія запасы беларускіх магазінаў не маглі забяспечыць нават штатнай паловы войскаў. Да ўсяго, у жніўні 1792 г. запасы беларускіх правіянцкіх складоў скараціліся да 36 448 чв.
У выніку харчаванне раскватараваных войскаў трапіла ў залежнасць ад тагачасных хлебных цэнаў і пазіцыі мясцовых землеўладальнікаў ВКЛ, вытворцаў і пастаўшчыкоў прадуктаў. Гэтыя акалічнасці, нават нягледзячы на даволі раўнамерную дыслакацыю войскаў,аказаліся стратнымідля царскай казны. Так, яшчэ 19 траўня 1792 г. галоўнакамандуючы не хаваў сваёй трывогі ад перспектывы драблення вайсковых калон з мэтай іх здавальняльнага харчавання, бо адзначаў, што „снабжение охотниками неприметно». 23 чэрвеня галоўная правіянцкая камісія Расіі пацвердзіла гэтае назіранне паведамленнем, што ад розных палякаў па падрадах паступіла толькі 40 333 чв. мукі і 4925 чв. круп, у тым ліку ад беларускага купца Е. Файбішовіча — 1759 і 213 чв. адпаведна, ад Ш. Касакоўскага — 6300 і 906 чв. Акрамя таго, мясцовым падрадчыкам яшчэ за 1789 г. належала сплаціць 78 881 руб., а на ўкраінскую армію М. Кахоўскага патрабаваўся 1 млн. руб.[11].
На момант свайго выступлення Крачэтнікаў атрымаў на розныя выдаткі 264 516 руб., у тым ліку 17 тыс. золатам і 246 тыс. срэбрам. Большую частку гэтай звонкай манеты ён пусціў на подкуп пры стварэнні лаяльных канфедэрацый. Потым казна прысылала папяровыя асігнацыі. Аднак пры абмене іх на звонкую манету страты дасягалі 30%, так што камандуючы паведамляў „о неописуемой бедности офицеров, с коих сочтено идущих пешком во все время похода 38 чел.»[12]. 25 лістапада 1792 г. ён адпісаў, што з-за недахопу правіянту і фуражу яго войскі пачалі самі купляць звыш штатных цэнаў муку па 3 руб. 50 кап. за чвэрць, авёс — ад 150 да 180 кап., сена — па 20 кап. за пуд. Пры гэтым вельмі выразна праявіўся дыктат мясцовых вытворцаў. Так, калі штатныя каштарысы ў снежні 1792 г. прадугледжвалі 135 287 руб. асігнаванняў пад харчовыя нарыхтоўкі, то ўладальнікі-пастаўшчыкі запатрабавалі 305 027 руб., або ўдвая больш[13]. Гадавая патрэба на харчовыя закупкі складала 1 926 875 руб. пры тым, што ўнаяўнасці было толькі 1 914 281 руб. Галоўная правіянцкая камісія ў канцы лістапада 1792 г. адпусціла ў распараджэнне Крачэтнікава ўсяго 118 тыс. руб. Раскватараваныя войскі апынуліся перад пагрозай голаду, і Крачэтнікаў быў вымушаны размясціць іх, а дакладней распыліць, па сялянскіх хатах. У сваім рапарце ад 23 снежня 1792 г. ён вылучаў тры моманты на гэтым непазбежным шляху.
Па-першае, каб стварыць на месцах правіянцкія склады, патрабаваўся час. Па-другое, Крачэтнікаў гаварыў пра палітычную нелаяльнасць знаці, з якой „по недоброжелательству многие к нам первые в Литве начали отказываться от продовольствия». Гэты супраціў ён вырашыў скарыць прымусовым ваенным пастоем. Аднак прымус мог даць поспех толькі пры пэўных саступках. Крачэтнікаў пісаў, што ўся фронда землеўладальнікаў зводзіцца да жадання як мага даражэй узяць за правіянт і фураж[14]. Каб задаволіць гэты галоўны гаспадарчы апетыт незадаволеных, ён распарадзіўся аплачваць нарыхтоўкі па гандлёвых цэнах, а не па штатных, па якіх яму вызначаліся трывалыя выдаткі.
3 гэтага моманту ў перапісцы расійскіх военачальнікаў знікаюць іх хваляванні адносна палітычнай добранадзейнасці мясцовага панства. Адно гэта сведчыць пра тое, што мясцовыя землеўладальнікі пагадзіліся цярпець і ўтрымліваць уведзеныя расійскія войскі. Гэта таксама азначае, што згаданы меркантыльны хаўрус паміж пераможцамі і ахвярамі акупацыі датрываў да гарадзенскага сoйму і што ганебныя ўхвалы апошняга былі, так бы мовіць, куплены за выгадныя харчовыя нарыхтоўкі ў расійскія войскі.
Табліца 2
Інтэрвенцкі корпус М. Крачэтнікава 1 траўня 1792 г.
[1] Wolanski A. Wojna polsko-rosyjska 1792 r. Warszawa, 1996. S. 25-28, 353 і інш.
[2] Расійскі дзяржаўны ваенна-гістарычны архіў (РДВГА), ф. 41, воп. 1, спр. 174, арк. 9-10 адв.
[3] Тамсама, арк. 18,21,28, 36, 46 адв.
[4] Тамсама, арк. 42 адв., 44 адв. 68,80 (усяго 500 чал.).
[5] Тамсама, арк. 137.
[6] Wolanski A. Wojna polsko-rosyjska… S. 420,427.
[7] РДВГА, ф. 41, спр. 173, арк. 20 (13 траўня пры Обчы, 30 траўня пры Стоўбцах і Міры, 16 чэрвеня пад Васілішкамі, 24 чэрвеня пад Зэльвай, 25 чэрвеня пад Воўкавічамі, 29 чэрвеня пад Мсцібавам, 3 ліпеня пад Наравам, 12 ліпеня пад Берасцем, 13 ліпеня — на р. Буг).
[8] Тамсама, спр. 204, арк. 6.
[9] Упершыню вартасці ўраджайнай статыстыкі канца XVIII ст. пададзены ў дэпаніраваным артыкуле аўтара: Условия и уровень развития земледельческого производства на территории Восточной Белоруссии в последней четверти XVIII в. // Весці АН БССР. Сер. грамад. навук. № 5.1990. С. 122.
[10] РДВГА, ф. 41, спр. 190, арк. 66 адв. 67 адв., 238-239,249.
[11] Тамсама, арк. 141, спр. 200, арк. 520, спр. 190, арк. 226.
[12] Тамсама, арк. 226-226 адв., 273.
[13] Тамсама, спр. 200, арк. 169,243 адв., 247.
[14] Тамсама, арк. 279.