Ilgiewicz, Henryka. Wileńskie towarzystwa i instytucje naukowe w XIX w. Toruń, 2005; Societas Academicae Vilnenses. Towarzystwo Przyjaciół Nauk w Wilnie (1907–1939) I jego poprzednicy. Warszawa, 2008 (Марцэлі Косман).
ILGIEWICZ, HENRYKA. Wileńskie towarzystwa i instytucje naukowe w XIX wieku. Toruń: Adam Marszałek, 2005. — 480 s.; eadem, Societas Academicae Vilnenses. Towarzystwo Przyjaciół Nauk w Wilnie (1907-1939) i jego poprzednicy. Warszawa: Ministerstwo Kultury i Dziedzictwa Narodowego, 2008. — 668 s.
Першае з названых тут даследаванняў Генрыкі Ільгевіч, прысвечаных віленскім навуковым таварыствам, што існавалі пасля падзелаў і ў міжваенны перыяд (XIX ст. -1939 г.), стала вынікам дзесяцігадовай працы, якая грунтуецца найперш на скрупулёзных пошуках у віленскіх зборах (Бібліятэка Літоўскай АН, Аддзел рукапісаў у былым будынку бібліятэкі Ўрублеўскіх, Біб ліятэка Віленскага універсітэта, Дзяржаўны гістарычны архіў Літвы). На падставе іх матэрыялаў аўтарка пашырыла і неаднакроць верыфікавала ранейшыя веды па тэме, асабліва сягаючы да друкаваных польскіх і расійскіх крыніц, а таксама да часопісаў XIX ст., выдаваных не толькі ў Вільні. Багаты таксама спіс літаратуры прадмета, які апрача даўніх пазіцый утрымлівае мноства найноўшых публікацый; калі першыя звачайна выкарыстоўваюцца як матэрыял, то большасць апошніх у дачыненні да тэмы маюць агульны характар і даводзяць патрэбу яе грунтоўнага даследавання. Уласна гэта і ажыццявіла аўтарка рэцэнзаванай працы.
XIX стагоддзе — асаблівы час для Вільні, якая стала правінцыйнай цвярдыняй польскай культуры на ўсходзе, арэнай сутыкнення паміж ранейшым характарам былой сталіцы Вялікага Княства Літоўскага і аднаго з найслаўнейшых цэнтраў першай Рэчы Паспалітай, ды русіфікатарскімі намерамі захопніка, асабліва відавочнымі пасля абодвух вялікіх паўстанняў — 1831 і 1864 г., лістападаўскага і студзеньскага. У свой час перыяд паміж першым з іх пасля ліквідацыі ў 1832 г. Імператарскага публічнага універсітэта я назваў „Перарыў, але не пустка» (M. Kosman, Uniwersytet Wileński 1579-1979. Kraków 1981, s. 52). Тых, хто прыязджаў сюды з Польшчы, з Кракава ці Познані, пад канец XIX ст. перапаўняла павага да абаронцаў справы даўніх вякоў у горадзе, які ўжо жыў духам Міцкевіча і рамантызму, пра што пісалі ў успамінах пасля вяртання з па-над Вяллі. Да багатай бібліяграфіі тут дадаў бы, між іншага, нататкі падарожжа славутага галіцыйскага гісторыка Станіслава Смолькі, а таксама Aнтонія Карпіньскага з Вялікапольшчы.
Праца пра віленскія таварыствы і навуковыя інстытуты XIX ст. ахоплівае час, які вызначаецца для гэтага стагоддзя ў польскай гісторыі, г. зн. 1795-1915 г., ад канца Рэчы Паспалітай да выгнання расіян з Вільні немцамі на другі год вялікай еўрапейскай вайны, названай потым сусветнай. Гэтыя арганізацыі запаўнялі пустку, што ўзнікла пасля закрыцця універсітэта, якому было два з паловай стагоддзя. Kлімат эпохі з літоўскага пункту гледжання падаюць ковенскія даследчыкі Э. Александравічус і А. Кулакаўскас (аўтарка ўказвае на іх сінтэзу ў літоўскай версіі, апублікаванай у 1996, і ў перакладзе на польскую мову, выдадзеным у Кракаве ў 2003 г.), што вельмі істотна для верыфікацыі замацаваных у Польшчы стэрэатыпаў.
Да гэтага часу не хапала агульнай ацэнкі зробленага таварыствамі і навуковымі камісіямі, што дзейнічалі ў Вільні пад расійскім панаваннем, хоць ёсць шэраг публікацый пра асобныя інстытуцыі, пераважна матэрыяльнага характару. Генрыка Ільгевіч падрыхтавала аналітычную сінтэзу, у першым жа сказе нагадваючы пра 200-годдзе заснавання Віленскага лекарскага таварыства, якое выпала на год выхаду яе кнігі. У паасобных раздзелах улічваецца палітычны фон дзейнасці, асабліва стаўленне ўлады да польскіх і расійскіх арганізацый з вылучэннем часоў узрасталага ўціску або пэўнага лібералізму, а таксама сувязі з іншымі асяроддзямі ў краіне (па ўсіх падзелах) і па-за межамі імперыі. Пачатковую дату вызначае заснаванне Навуковага лекарскага таварыства. Aўтарка звярнула ўвагу на генезіс паасобных інстытутаў, асабліва на іх заснавальнікаў, крыніцы фінансавання, навуковыя даследаванні, выдавецкую дзейнасць. Важнае месца займаюць асабовыя справы, а менавіта здзяйсненні паасобных дзеячоў ці арганізатараў культурнага жыцця ў бібліятэках і чытальнях, праз імпрэзы і публікацыі.
Першы з васьмі раздзелаў (Warunki rozwoju wileńskich instytucji naukowych w XIX i na początku XX wieku, s. 13-51) утрымлівае агульную характарыстыку культурнага жыцця з падзелам на тры перыяды: першую трэць XIX ст., калі яно заставалася ў цяні універсітэта, затым часу паміж паўстаннямі і, нарэшце, трэці перыяд да 1915 (калі расійская акупацыя змянілася нямецкай). Як самы творчы аўтарка вызначае першы этап, калі галоўная роля належала універсітэту, які ўплываў, зрэшты, не толькі на амаль 50-тысячны горад, але таксама праз Віленскую навучальную акругу на ўсе заходнія губерні Расійскай імперыі. У ёй функцыянавалі шматлікія кнігарні, друкарні і разнастайныя таварыствы.
Другі этап — пасля падаўлення паўстання — азначаў жорсткую атаку расійскай улады на нацыянальную культуру і яўную вайну з яе шматвяковымі дасягненнямі. Славуты універсітэт знік, яго зборы былі вывезены, але засталіся будынкі і памяць пра іх мінулае. Часова былі створаны сурагаты вышэйшай школы — Медыцынска-хірургічная і Духоўная акадэміі. З іншага боку, пачынанні расійскай улады сутыкнуліся з супрацівам грамадства, які пасля паразы ўзброенай барацьбы меў перадусім пазітывістычны характар, што выявілася найперш у трэцім этапе гісторыі „Паўночна-Заходняга краю».
Раздзел II (Cesarskie Towarzystwo Lekarskie w Wilnie 1805-1915, s. 52-104) утрымлівае першае мінідаследаванне заслужанай установы, якое амаль цалкам грунтуецца на рукапісных і друкаваных крыніцах. Такім чынам, працы канца ХІХ ст. пяра Юзафа Бяліньскага і Ўладыслава Захорскага на гэтую ж тэму, якія функцыянавалі ў навуковым звароце да гэтага часу, цяпер набываюць чыста гістарыяграфічную вартасць.
Музей старажытнасцяў і Археаграфічная камісія ў Вільні, 1855-1865 (разгляданыя ў раздзеле III) завяршылі дзейнасць, не перажыўшы дэкады пасля ўдушэння студзеньскага паўстання. Хоць гэтыя інстытуцыі былі арганізаваны зямянствам, якое захоўвала лаяльнасць да трона, апошняга не хапіла для таго, каб яны захаваліся. Іх дырэктыўна замяніла заснаваная ў 1864 г. Віленская археаграфічная камісія (раздзел IV), якая служыла — як бы цяпер сказалі — ідэі „гістарычнай палітыкі» і характарызавалася тэндэнцыйнасцю, а яе 39 тамоў крыніц не пазбаўлены ўласцівай для эпохі эдытарскіх недахопаў. Тым не менш яны да гэтага часу выкарыстоўваюцца ў даследаваннях, асабліва тады, калі аснова публікацыі потым згубілася. Aўтарка аб’ектыўна паказала мінусы і плюсы гэтай установы, якая раптоўна скончыла сваю паўвекавую дзейнасць пасля захопу Вільні немцамі.
Дзве чарговыя інстытуцыі былі філіяламі агульнарасійскіх таварыстваў, a менавіта Імператарскага Расійскага геаграфічнага таварыства ў 1867-1915 г. (раздзел V) і Таварыства прыхільнікаў рускай гістарычнай асветы (раздзел VI), аддзел якога, арганізаваны ў Вільні ў 1899 г., ахопліваў сваёй дзейнасцю галоўным чынам расійскае насельніцтва. У працы Музея Мураўёва, які меў падобны характар, Г. Ільгевіч вылучае два этапы: 1901-1907 i 1908-1915 г. Высвятляюцца матывы, што кіравалі яго арганізатарамі, якія імкнуліся сабраць помнікі і сведчанні дзейнасці генерал-губернатара.
Апошні VIII раздзел (Centralne Archiwum Wileńskie 1852-1915) — гэта чарговая мініманаграфія ўстановы, створанай паводле імператарскага ўказу з мэтай узяць пад кантроль найперш дакументацыю зямельных уладанняў. У першым дзесяцігоддзі асноўнай задачай архіва быў збор і ўпарадкаванне матэрыялаў, тады як публікатарская дзейнасць распачалася толькі праз 15 гадоў пасля выпуску першага каталога, які з часам дапаўняўся наступнымі — ажно да 10-томнага вопісу дакументаў. Яго зборы ад пачатку сталі варштатам даследчыцкай працы. Mеліся служыць пацвярджэнню права расійскай улады на былое Вялікае Княства Літоўскае, якое называлася „літоўска-рускім». Аднак, як падкрэслівае Г. Ільгевіч у заканчэнні, настойлівая прапаганда выклікала адваротны эфект, асабліва калі ўлада прымалі такія захады, як узвядзенне помніка Мураўёву. Затое стварэнне яго музея дазволіла зрабіць тое, на што не спадзяваліся — захаваць багатыя матэрыялы па гіс торыі антырасійскага паўстання на землях Літвы і Беларусі.
Варта высока ацаніць працу Генрыкі Ільгевіч (амаль 40% выдання, якое налічвае каля 500 старонак, складаюць анексы, табліцы, бібліяграфія ды рэзюмэ на англійскай і літоўскай мовах, а тэкст забяспечаны індэксам, ілюстрацыямі звязаных са зместам архітэктурных помнікаў, некаторых з якіх ужо няма), а таксама публікацыю кнігі торуньскім выдавецтвам, што так шмат зрабіла для польскай літуаністыкі. Гэтая кніга зойме важнае месца ў даследаваннях не толькі гісторыі Польшчы і Рэчы Паспалітай пасля падзелаў, але павінна быць з удзячнасцю прынятая найперш віленскім навуковым асяроддзем і таксама беларускай ды расійскай навукай.
Не прайшло і трох гадоў пасля выхаду рэцэнзаванай кнігі, як з’явілася чарговая праца Генрыкі Ільгевіч — „Societas Academicae Vilnenses». Гэта сапраўдны opus vitae, выдадзены ў прыгожым графічным афармленні пад патранатам Дэпартамента польскай культурнай спадчыны за межамі пры Міністэрстве культуры і нацыянальнай спадчыны ў Варшаве. Разам з папярэдняй пазіцыяй яна ўтварае адно цэлае. Як і вызначана ў назве, паставіўшы за мэту даследаваць зробленае ў міжваенныя гады, калі Вільня ўваходзіла ў склад адроджанай Польскай Рэчы Паспалітай, першыя тры раздзелы (19-221) аўтарка прысвяціла агульным пытанням і найперш падала сінтэтычную характарыстыку гістарычнага кантэксту. Пасля гэтага яна занялася Таварыствам аматараў старажытнасцяў і народаазнаўства (Towarzystwo Miłośników Starożytnictwa i Ludoznawstwa) (1899-1907), a затым Таварыствам Музея навукі і мастацтва ў Вільні (Towarzystwo Muzeum Nauki i Sztuki w Wilnie) (1907-1914).
Чарговыя шэсць раздзелаў (223-454) прысвечаны галоўнай тэме — Таварыству аматараў Вільні (Towarzystwo Miłośników Wilna) (1919-1933) і найперш Таварыства прыяцеляў навук (Towarzystwo Przyjaciół Nauk). Паказаўшы, як гэтая інстытуцыя паўстала, аўтарка падала гісторыю яе кароткай, але вельмі плённай дзейнасці ў 1907-1914 г., пад час І сусветнай вайны і пасля яе заканчэння, а таксама ў 1922-1939 г. У апошнім раздзеле разглядаюцца лёсы сяброў Таварыства прыяцеляў навук у гады ІІ сусветнай вайны, а таксама яго збораў.
Кніга ўражвае як дасягненнямі інстытуцыі, якой прысвечана, так і працай самой Г. Ільгевіч, якая падсумоўвае вынікі даследавання ў заканчэнні (455-468) і дакументуе ў больш чым 50-старонкавай бібліяграфіі (aрхіваліі, друкаваныя крыніцы, літаратура з вылучэннем — што ёсць, зрэшты, справай дыскусійнай — часопісаў і прэсы). Выданне завяршаецца літоўскім і англійскім рэзюмэ, індэксам асобаў і спісам шматлікіх, выдатна надрукаваных ілюстрацый. Абодва тамы — важны ўнёсак у гісторыю культуры Вільні XIX — сярэдзіны XX ст. як інтэлектуальнага цэнтра паўночна-заходніх правінцый Рэчы Паспалітай. Імі несумненна зацікавяцца найперш навука польская, літоўская і беларуская.
Познань
Марцэлі Косман